КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Рубаі [Амар Хаям] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Амар Хаям Рубаі

Пераклаў з фарсі-кабулі Рыгор Барадулін

Мінск, «Мастацкая літаратура», 1989.



* * *
Каб ганчарам, што смела месяць гліну,
Вярнуць здаровы клёк хоць на хвіліну,—
Не білі б, не давалі б аплявух,
Бо гэта прах бацькоў з зямлі ўспаміну.
* * *
Гэй, светам недасведчаны нябога,
Ты з ветру сам і ўся твая трывога.
Мяжа твайго жыцця — цэнтр двух нябытаў,
Тлен у табе, вакол цябе нічога.
* * *
Калі я п’ю віно да рання — я такі,
Нявольнік п’янства і кахання — я такі,
Сваю выказваць думку кожны мусіць,
Сам ведаю сябе дазвання — я такі.
* * *
Не цешыў чыстага віна арык,
Пакуль да горкай чары я не звык,
На хлеб бяды не сыпаў соль адчаю
І з сэрца са свайго не еў шашлык.
* * *
Усіх, хто хоць міг быў у гэтым жыцці,
Чакае жывая чарга ў небыцці,
У царстве зямным вечна жыць немагчыма,
За намі наступныя прыйдуць пайсці.
* * *
Паўз краму ганчароў я ўчора йшоў,
Штукарылі яны з зямлёю зноў.
Сам бачыў, ім не ўбачыць, бо сляпыя,—
У даланях трымаюць прах бацькоў.
* * *
Болып чым у ружы прыгажосці ў вас.
І вы страйней за кіпарыс якраз.
Не ўцямлю я, нашто тварэц зрабіў вас
У кветніку акрасаю акрас.
* * *
Юнацтва кніга пройдзена без гора,
І свежасць весніх дзён была учора,
І птушка радасці, ёй маладосць імя,
Ці сядзе зноў хоць на плячо дакора?
* * *
О неба, што з табой, ты бачыш скнар,
Ім лазню, млын, павець даеш як дар,
А ў шчодрага бярэш кусок апошні
Ў заклад, каб мог ён плюнуць небу ў твар.
* * *
Цюльпаны і трава вітаюць ранне,
Здагадваюцца, хутка іх не стане.
Мы будзем піць віно і кветкі браць,
Пакуль наўкол квітненне, красаванне.
* * *
Стары заезны двор, што светам нараклі,
Магільня рання і змяркання на зямлі,
Стол, што знясіліў 800 Джамшыдаў,
Злы дол, дзе 100 Бахрамаў свой спачын знайшлі.
* * *
Прыйшоў — багацця небу не прынёс,
Знік — хараства не прыбыло ў нябёс.
Нашто былі прыход мой і знікненне,
Ніхто не змог мне растлумачыць лёс.
* * *
Сяброў увагай не здзіўляй знарок,
З сучаснікамі размаўляй здалёк.
Той чалавек, каму ты цалкам верыў,
Ён вораг — розуму давер свой зрок.
* * *
Віно збівае пыху недарэку
І расслабляе кайданы спрадвеку,
Ібліс віна як вып’е, адаб’е
Дзве тысячы паклонаў чалавеку.
* * *
За царства Джама даражэй чарапок ад збана,
За страву Мар’ям даражэй мне паспытак віна,
І ранішні выдых з грудзей п’янюгі
Мне ўцешней за стогны Абу Саіда здаўна.
* * *
Бутон раскрыецца, абуджаны світаннем,
Зірне на ружу салавей з замілаваннем,
Дык сядзьма ў засень руж, бо ружы зноў і зноў
Усыплюць дол, а мы ўжо тленам станем.
* * *
Каханая, што засвяціла зоры
Маіх пакут, сама ў няўцешным горы,
Ці ж маю права лекі здабываць
Я сам сабе, калі мой лекар хворы?
* * *
Віном і ружамі з краямі кубак поўню
З той, што абліччам паўтарыла поўню,
І піў, і п’ю, і буду піць віно,
Пакуль жыву, пакуль сябе я помню.
* * *
Гэй ты, што дзень і ноч у мітусні,
Не думаеш ані аб Судным дні,
Прыйдзі ў сябе, нарэшце, хоць на момант,
Як час гаворыць з іншымі, зірні.
* * *
Пакуль наш лёс на клопат малады,
Віна сягоння вып’ем без бяды,
Бо неба гэтае ў сваім вярчэнні
Не дасць нам потым і глытка вады.
* * *
А мэта усяго тварэння — мы,
Вачэй спазнання азарэнне — мы,
Круг свету гэтага, нібы пярсцёнак,
Дзе лепшы камень без сумнення — мы.
* * *
Я хворы, дух мой змучаны да дна,
Калі не п’ю віна, мне смерць відна,
І дзіва, чым я толькі ні лячыўся,
Усё мне шкодзіць, апрача віна.
* * *
Ідзі і сып на голаў прах нябёс,
Віно смакуй сярод абранніц кроз,
Час не марнуй на клопат, на дакоры,
Той не ўваскрэс, хто перажыў свой лёс.
* * *
Яны, што ў бездань мудрасці зірнулі,
Святлом для іншых сталі ў тлумным гуле,
Не выбіліся з гэтае начы,
Панаказалі казак і заснулі.
* * *
Сёння ўлады не маеш над заўтрашнім ты,
Роздум твой пра яго — гук надзеі пусты,
Гэты міг не згубі, калі сэрцам разумны,
Бо не вечная рэштка тваёй тлумнаты.
* * *
Агідны я ў сваіх грахах, пра гэта знаю сам,
Ды ідалам я не ўздымлю ў кумірнях фіміям
І раніцай, канаючы з пахмелля,
Віно шукаю і красунь, а не мячэць і храм.
* * *
Хоць ісціна ля нас праходзіць міма,
Ды жыць адным сумненнем немагчыма.
Лепш чару з рук не будзем выпускаць,
На свет глядзець вясёлымі вачыма.
* * *
Хто быў стары і хто быў малады,
Усіх з сабою забяруць гады.
Зямное царства — ў ім ніхто не вечны,
Мы выйдзем, прыйдуць іншыя сюды.
* * *
Яны, нізаўшы мудрасці каралі,
Хіба што словы Бога паўтаралі,
Для ўсіх замкнёны ісціны сакрэт,
Адзін балбоча, іншы сніць скрыжалі.
* * *
У моры крапліна растала, як пена,
З зямлёю змяшалася пястачка тлену,
Ну, што твой для свету прыход, адыход?
З’явілася муха і знікла імгненна.
* * *
Па схілах і па далінах я паблукаў нямала,
Ды ад майго блукання на свеце лепей не стала,
Хапіла ўсяго спаўна, ды рад, што маё жыццё
Няхай сабе хоць зрэдчас прыемна мяне здзіўляла.
* * *
Таму, хто таемнасці свету спазнаў цераз край,
Аднолькавы гора, і радасць, і пекла, і рай.
Паколькі і зло і дабро ў гэтым свеце праходзяць,
Ты будзеш хваробай ці лекамі — сам выбірай.


* * *
Наступны дзень не ад тваіх турбот,
Дык скарыстай наяўны міг для згод,
А заўтра мы далучымся таксама
Да тых, што пражылі сем тысяч год.
* * *
Віна — вячыстасці пітва — выпі,
З крыніцы светлай хараства — выпі,
Хоць апячэ агнём, ды гора
Сплыве, нібы з вадой жарства, — выпі.
* * *
Баюся я, што ў свет трывог зямных
Не трапім зноў вітаць сяброў сваіх,
Дык скарыстайма міг, дзе мы жывыя,
Апошнім можа стаць наступны ўздых.
* * *
З каханаю ружашчокай ніхто не з’яднаўся ніколі,
Пакуль яго сэрца не зведала болю калючак долі,
Пакуль не пачасціўся на сто зубоў грабянец,
Да локанаў прыгажуні дакрануцца не меў ён волі.
* * *
Мы выйшлі чыстыя з нябыту, і свет нас апаганіў,
Прыйшлі да радасці іспыту, і свет нас апаганіў,
І апалілі слёзы сэрцы нашыя агнём,
І за жыццё зямную мыту сплацілі без ваганняў.
* * *
Сто дамоў бы крывавы паток майго сэрца знёс,
Толькі болей дамоў ад маіх можа згінуць слёз.
Вейка — жолаб жальбы, па якім мая кроў сцякае,
Толькі вейкі звяду я — патопам нізрынецца лёс.
* * *
Шкада, з далані выцякае жыццё трапяткое,
Смерць многія сэрцы спыняе крывавай рукою,
Яшчэ з таго свету вясцін аніхто не прынёс,
Дык дзе ён, вандроўнік, здароўе яго якое?
* * *
Як дзіўна гэты караван жыцця праходзіць,
Шчаслівы міг у тлуме забыцця праходзіць,
Навошта сум па новых днях, вінар,—
Нясі віна, бо ценем ноч быцця праходзіць.
* * *
Хто дол стварыў, спадобіў неба даху,
Трымае смутак сэрца ў вечным страху,
Шмат поўняў твараў і рубінаў губ
Схаваў ён пад зямлёй і ў скрыні праху.
* * *
Сонца вечнага рання — гэта каханне,
Птушка лугу світання — гэта каханне,
Слодыч — не толькі адчай салаўя,
Смерць сустрэць без вагання — гэта каханне.
* * *
Дакуль жа будуць у жыцці фалынывасць і мана?
Дакуль вінар жыцця віно мне будзе чэрпаць з дк
Віною хітрасць і падступнасць, што жадаю
Я рэшту дзён лінуць на дол, нібы глыток віна.
* * *
Разбіў мой збан з віном без дай нагоды, о Божа!
Ты зачыніў мне браму асалоды, о Божа!
Віно пунсовае ты выліў на зямлю,
Праклён мне, ці не п’яны ты заўсёды, Божа!
* * *
Глык віна лепш ад царства Кавуса,
За кароны Кубада і Туса,
Ранні ўздых закаханага лепш
За малітву двурушнага хлуса.
* * *
Каханая, збан з піялой узнось, нібы хвалу,
Кружыся каля ручая, ўся ўдзячная святлу,
Бо гэты небасхіл красунь — саперніц поўні
Ператвараў па сто разоў то ў збан, то ў піялу.
* * *
Віначэрп, калі вокала мора жуды,
Уцякаць ад сябе з гіблым сэрцам куды?
А мудрэц, быццам посуд няведання поўны,
Толькі вып’е глыток — і стае на гады.
* * *
Сябры, як разам нас збярэцца многа,
Давайце цешыцца красой адзін з другога,
Мяне, як магаў, абнясуць віном,
Згадайце добрым словам: быў нябога.
* * *
У пыл і прах насельнікаў магіл
Ператварыў няшчадны небасхіл.
Што за віно: аж покуль Судны дзень той,
Хоць нешта зразумець не маюць сіл.
* * *
Хаям, таго саромеецца лёс,
Хто прамяняў на смутак радасць кроз,
Смакуй віно пад гукі лютні з чары,
Пакуль на чару камень не падрос.
* * *
Спачатку ружам небасхіл дасць на зямлі святло,
Каб потым іх сарваць і зноў ператварыць у тло,
Каб неба прах, нібы ваду, ўбірала,
Да дня ўваскрэсення б кроў прыгажунь ліло.
* * *
Як бразнуў учора аб камень я збан паліваны,
Быў п’яны, таму разгуляўся мой гнеў расцугляны.
А збан мне і кажа на мове патайнай сваёй:
«Ты стаў, як і я, мы абодва не варты пашаны».
* * *
Сказаў: «Не буду піць пунсовага віна,
Віно ёсць кроў лазы, піць кроў — адна віна».
А старац розуму спытаў: «Ці ты сур’ёзна кажаш?»
Я зноў: «Мне піць як жыць. І мой зарок — мана».
* * *
Бяздомнік, ты, як мяч гаўчана долі,
Нідзе сябе не выкажаш ніколі.
Той, хто на пошук кідае цябе,
Сакрэт трымае, ўсё ў ягонай волі.
* * *
Сонца пакінула рання аркан у блакіце,
Кай-Хусроў поўдня ў чару кінуў шарык у спрыце.
Пі віно, бо кахання світанкавы крык
Паўтарыўся ў сусвеце рэхам радасці: «Піце!»
* * *
Ці ёсць куток той, дзе знайсці спакой,
Ці ўсё ісці дарогаю цяжкой?
Хоць праз сто тысяч год бы мець надзею
З зямлі травою прарасці жывой.
* * *
Калі тварэц таго не захацеў, што я хацеў,
Не загучыць тварцу, як хваласпеў, што я хацеў,
Як тое ісціна, што ён хацеў, дык значыць —
Грэх тое і ў тварца абудзіць гнеў, што я хацеў.
* * *
А ганчар такі вылепіў чары галоў
І ганчарства ў майстэрства высокае ўзвёў,
Чару дном дагары над сурвэткай жыцця ён паставіў
І напоўніў гаркотай яе да краёў.
* * *
Той, хто стварыў мяне, ніяк я не згадаю,
Стварыў для пекла ён мяне, а ці для раю.
Кумір, барбіт і чара з краю нівы —
Бяру гатоўкай, а яму — рай пазычаю.
* * *
Дзе б ружы і цюльпаны ні раслі,
Яны ўзышлі з крыві паноў зямлі.
Фіялка вырасце — радзімка гэта
На твары тых красунь, што адцвілі.
* * *
У міг, як ранне засінеецца нявінна,
Рука трымацьме шал віна, як плод галіна.
Раз людзі кажуць, што гарчыць віно,
Таму якраз віно быць ісцінай павінна.
* * *
Не варта сэрца даць памеціць сумнай меце,
Іслам спаведваць — трэба мець адно на мэце,
Жаданням сэрца патураць і піць віно,
Бо невядома, колькі пражывеш на свеце.
* * *
Будзь асцярожны, бо падступны лёс спакон,
Не будзь бяспечны — востры меч трымае кон,
Як лёс у рот табе кладзе халву — пабойся
Глытаць прысмакі, іх прыправіў ядам ён.
* * *
У прыстанку двухдзверным даецца замала —
Кроў у сэрцы і ростань з душою трывала.
Той шчаслівы, хто ў гэта жыццё не прыйшоў,
Той спакойны, каго маці й не нараджала.
* * *
Я прагну чыстага віна здаўна,
Рубаб і флейту чуць хачу звідна,
Як прах мой зробіцца збаном — жадаю,
Хай збан не прасыхае ад віна.
* * *
Як толку з розуму няма ў наш час,
Плён лёсу неразумны жне якраз,
Тады налі, што адбірае розум,
Няйнакш спагадна лёс зірне на нас.
* * *
Сказала ружа: «Я — Юсуф, вякі ў расчуле
Мне вусны ў золата і ў яхант агарнулі».
Кажу: «Што ты Юсуф з Егіпта, доказ дзе?»
І адказала: «Ты зірні — ў крыві мая кашуля».
* * *
Мы з віном і каханай прыйшлі ў голы кут,
Вольныя ад надзей і ад страху пакут,
За віно мы заклалі і целы і душы,
Спалі з нас кайданы злога побыту тут.
* * *
У застоллі разваг розум довад прывёў —
Паўтараюць адно столькі розных галоў.
І калі нехта скажа, віно не дазволена,
Не паверу — «Налі!» — бог сказаў і пайшоў.
* * *
І заплакала хмара ў зялёным куце,
Без віна жыць не варта ў зямной цеснаце.
Вось травінка, якую мы бачым сягоння.
Хто ж убачыць травінку, што з нас прарасце?
* * *
Хай будзе шлях яе, як мой адчай, даўгі,
Украла сэрца, а сягоння без тугі
Прайшла і толькі позіркам сказала:
«Кінь у ваду дабро, глянь, ці ідуць кругі».
* * *
Дух у госці прыйшоў, не спаганены прахам,
З пракавечнага дома пад праведным дахам,
Падмацуй яго ранішняй чарай віна,
Каб гукнуў: «Будзь твой дзень блаславёны Алахам!»
* * *
Пра наступнасць не дбай, чалавеча, ў журбе,
Марнасць думак душу тваю хай не скрабе.
Дык жыві ў гэтым свеце вясёлы і рады —
Не пыталі парады спачатку ў цябе.
* * *
Рана ўстаўшы, старэча, ўбачыш з-за далягляда,
Як рука хлапчукова пыл пусціць з ветрам рада.
Ты малечы парай: «Рассыпай з асцярогай,
Гэта — прах воч Парвіза, галавы Кай-Кубада».
* * *
Я п’ю віно, ды не вар’ююся ў гульбе,
Сціскаю чару я ў мальбе, не ў пахвальбе.
Я пакланяюся віну і маю мэту —
Не пакланяцца так віну, як мы сабе.
* * *
Як ведаеш адгадкі таямніц усіх,
Чаго бядуеш з марнаты бядот сваіх?
Калі ўсё вершыцца па ўладнай нейчай волі,
Усцешны будзь з жыцця хоць на кароткі міг.
* * *
«Без гурый рай не рай», — даюць адзін зарок,
А я кажу: «Чароўны вінаградны сок».
Вазьмі наяўнае і ўяўнага зрачыся,
Бо лепей пошчак барабанны чуць здалёк.
* * *
Ты ведаеш, чаму так певень на світанні
Жалобна ў неба штохвіліны шле літанні?
Люстэрка рання паказала: ноч яшчэ адна
Пайшла з жыцця, а ты не быў пры развітанні.
* * *
Збан гэты, як і я, пабачыў шчасця мала,
Палонам локанаў яго краса трымала,
А гэта ручка, што на горле бачыш ты, —
Рука, якая шыю любай абдымала.
* * *
Мой пал ляцеў да роўных ружам птахам,
Рука імкнулася да чары з хмельным пахам.
Вазьму я дзель сваю ад кожнага, пакуль
Гасцінцы цела грэшнага не сталі прахам.
* * *
Хаям! Як быў з віном ты шчырым — сцешся,
Як ты хоць міг сядзіш з кумірам — сцешся,
Канец усім праявам свету — небыццё,
Як тут яшчэ не стаўся жвірам — сцешся.
* * *
Покуль можна, не рупся ў гэтым свеце журбой,
Хай наступнасць і прошласць пачакаюць з цяжбой,
Скарбы — прах, пі, гасці ў гэтым зніклівым коле,
Бо не возьмеш ячменнага зерня з сабой.


* * *
І сніў я сон — мудрэц мне сон мой ставіў у віну:
«Нікому ружа радасці не расцвіла ад сну.
Чаму такое робіш ты, што смерці роўна,
Устань жа, спаць ты мусіш вечнасць не адну!»
* * *
Ці доўга будзеш ты тужыць па ўсіх, ці не?
Ці ў радасці ты будзеш жыць свой міг, ці не?
Віном напоўні кубак, бо не ведаеш,
Ці выдыхнеш ты гэты ўздых, ці не?
* * *
Дзверы хлеба надзённага, госпадзе, мне адчыні,
Дай што маеш і гнеў адгані гэтай лютай гайні,
І трымай мяне п’янага так, каб не меў я
У бяспамяцці злым а ні клопату, ні мітусні.
* * *
Што ўсё, што існўе, — выявы і ўявы,
Ніводзін не ведае розум рухавы.
Сядзь, выпі віна і вясёлы пабудзь,
Разваг сваіх выкінь пустыя забавы.
* * *
Цяпер пазбаў, калі ты можаш, ад усіх
Душу каханай ад пакут і нош цяжкіх,
Не будзе вечна гэта царства прыгажосці:
Яно імгненна выслізне і з рук тваіх.
* * *
Раз небасхіл не зрушыць воляй мудраца,
Нябёсам — як ты ні лічы — няма канца.
Раз мусіш ты сканаць, — табе ўсё роўна
Ці ў доле з’есць мураш, ці ў стэпе воўк сляпца.
* * *
Сатлеў я сэрцам болей чым нябожчык, о сакі,
А пад зямлёю спакайней яму такі,
І колькі б я ні каяўся, і колькі слёз ні ліў бы,
Я застаюся грэшнікам на ўсе свае вякі.
* * *
Адрынь абрады веры, будзь рашучы, — ўсё мана,
Дзялі скарынку, хоць апошняя яна,
Не квапся на жыццё людское, на маёмасць,
А за той свет ручаюся, нясі віна!
* * *
Няма начэй, каб розум мой не ныў у гудзе,
Каб чысты жэмчуг слёз не асыпаў мне грудзі.
Віно разваг не поўніць чару галавы,
Бо перакуленая поўнаю не будзе.
* * *
Усё ў гэтым свеце, што бачу,
Не варта ні смутку, ні плачу.
Ды, слава Алаху, куды ні зірну —
Сваю ўсюды бачу няўдачу.
* * *
Пакуль мы рукі не сплялі свае ў хаўрусе,
Не наступіць нагою нам на голаў скрусе.
Да золку будзем пахмяляцца, будзе днець
Без нас, а мы ўздыхнуць не зможам у спакусе.
* * *
Хто гэты свет прайшоў кружма і нацянькі,
Каб распазнаць яго абодвыя бакі,
Не ведаю, ці ведае дапытнік,
Пра справы свету што мы ведаем-такі?
* * *
Свяцільнікі мячэці і кумірні дым,
Зло пекла, радасць раю — пра адно гудзім.
Глянь на скрыжалі лёсу: там накрэсліў
Даўно ўжо Майстра ўсё, што здарыцца з усім.
* * *
Дней, сэрца, рукой разбудзіўшы гук лютні ласкавы,
Згубіўшы імя сваё, піць будзем водар гаркавы.
Кілім малітоўны за келіх віна прадамо
І гахнем аб камень бутэльку і ганьбы і славы.
* * *
Кахаю цябе, ды папрокам не дам сябе грызці,
І з невукам я не спрачаюся, як і калісьці,
Напітак кахання спакон — ацаленне мужчын,
А для немужчын гэты кубак не мае карысці.
* * *
Што цмокаць дарэмна, калі атухаюць жароўні!
Што мудрасць вякоў! Ты віном шчыра чару напоўні.
Пі, пройдзе жыццё, і хадзіць будзе Месяц без нас
Ад поўні да веташка, ад веташка да поўні.
* * *
Дзе блізкі сябра той, чый слых бы ўраз спасціг
Мой сказ, кім чалавек быў з першых дзён сваіх?
Народжаны ў бядзе, на гліне гора замяшаны,
Ён паблукаў крыху па свеце — і заціх.
* * *
І да нас тут было цемрачы і святла,
І нябёсы вярталіся з вечнага тла,
Сцеражыся, ступай па зямлі ненахабна,
Бо зямля зрэнкаю прыгажуні была.
* * *
Выпі сам няшкоднага віна,
Кубак мой напоўні са збана,
Покуль з нас лёс ганчару закажа
Збан зрабіць, давайма піць да дна!
* * *
Высакароднасць кіпарыса і ліяны,
Адкуль яны, з якой такой пашаны?
У гэтай — дзесяць языкоў, і ўсе маўчаць,
Той мае дзвесце — ўсе лянотаю звязаны.
* * *
Нашто бедаваць па багацці зямным?
Ці ты сустракаўся хоць з вечным адным?
Як некалькі ўздыхаў пазычылі целу,
Пазычанае не палічыш сваім.
* * *
На чары рука і рука на Каране,
Душа то ў святосці, то ў нечысці вяне,
Пад мармуровым скляпеннем колеру бірузы
Мы і не кафіры і не мусульмане.
* * *
Што крыўдзіцца на невуцтва, як свет ліхі.
Ад немачы сціскае сэрца боль глухі.
Падперажуся зунаром, бо маю сорам
За мусульманства за сваё і за грахі.
* * *
У горадзе ў славе — мішэнь азлаблення людскога,
У келлі ў самоце — мішэнь падазрэння сляпога,
Найлепш, каб ты быў хоць як Хідр ці Ільяс,
Ні цябе каб ніхто, ні каб ты сам не ведаў нікога.
* * *
Убачыў птушку на сцяне дрымотнай Туса,
А перад птушкай голы чэрап Нак-Кавуса.
Казала птушка чэрапу: «Аднак! Аднак!
Дзе голас звону, гром літаўраў? Дзе спакуса?»
* * *
І чым так няміл я табе, небасхіл?
Дзярэш майго шчасця сарочку штосіл,
І вецер, што дзьме ў мяне, полымем робіш,
І сушыш ваду ў мяне ў роце на пыл.
* * *
З віном у руцэ, з локанам у другой
Шчаслівы сядзіць незнаёмы з тугой,
Ён п’е і не дбае пра небазваротнасць,
Пакуль хмель не вытне салодкай нагой.
* * *
Нябёсы дарэмна не робяць нічога:
Даюць аднаго, каб украсці другога.
Каб ведаў, што зробіць з ім лёс, чалавек —
На свет бы ён не нараджаўся, нябога.
* * *
Мы — лялькі, а неба — той лялечнік спрыту,
Што глуха завесіў заслону з блакіту,
Патузаюць нас на кіліме жыцця,
І зноўку патрапім у куфар нябыту.
* * *
Цвярозаму мне не адчуць асалоды,
А ў п’янага розум слабее ад згоды.
Прамежак між хмелем і яснасцю ёсць —
Завецца жыццём, там я раб назаўсёды.
* * *
Я горла наблізіў да горла збана,
Каб сродак здабыць даўгажыцьбы са дна.
Да губ маіх губы прыклаўшы, сказаў ён:
«Як ты, быў і я, наша доля адна».
* * *
Калі нагою смерці буду растаптаны,
Рукою смерці, быццам птушка, абскубаны,
Май літасць, каб мой прах збанамі толькі стаў,
Мо ажыву я, ўчуўшы пах віна жаданы.
* * *
Калі сканаю, абмыйце мяне чыстым віном,
Багаславіце ў людской гамане чыстым віном,
Знайсці захочаце ў дзень уваскрэсення,
Дык прах шукайце мой у чайхане з чыстым віном.
* * *
Тварэц сваю літасць выказвае сам.
Ёсць лік і правінам тваім і грахам.
Як п’яны ты сёння да смерці, дык заўтра
Даруе тваім засмылелым касцям.
* * *
Напэўна, травінка, што шэпча з пяском,
У небападобнай была валаском.
Не люта ступай на траву маладую,
Бо вырасла з праху цюльпана крадком.
* * *
Хто чуе голас розуму спрасоння,
Быка ён доіць у тугі ў палоне.
Лепш апранаху блазена надзень,
За розум толькі пырнік купіш сёння.
* * *
Устань, скунежаны, настала ранне!
На лютні грай, смакуй віно кахання.
Бо доўга тут яшчэ не быў ніхто,
А тым, што адышлі, няма вяртання.
* * *
Як прыйдзе па вясне кумір адтуль, дзе гурый грай,
І мне падасць віна туды, дзе нівы самы край,
Як бы ні лаялі пасля за гэты словы людзі,—
Сабака лепшы за мяне, калі я ўспомню рай!
* * *
Кажуць, п’яніц у пекле зглынае агонь,
Гэта жылка маны б’ецца постраху ў скронь,
Як каханкі і п’яныя пекла заселяць,
Заўтра ж рай будзе голы, як тая далонь.
* * *
Прыгожую чару, аздобу сталоў,
Разбілі і кінулі моўчкі далоў.
Шануйся, не стань на чарэп’е без жалю,
Бо чара рабілася з чараў галоў.


* * *
Нам віно і каханка, вам — кумірня і храм,
Пекла мы абжываем, рай гатовенькі — вам.
Дык віна наша вечная ў чым? Адкажы мне! —
Так Мастак на скрыжалях лёс павызначыў сам.
* * *
Іх шмат, хто па дарогах дзён пайшоў за небаспад,
Хто з іх вярнуўся, каб сказаў пра ўсё яго пагляд?
На скрыжаванні прагнасці і немачы шануйся,
Не пакідай нічога, бо не вернешся назад.
* * *
О небасхіл! Хто ў злосці за цябе люцей?
Несправядлівасць цэніш ты, як ліхадзей.
Калі б, Зямля, твае рассекчы грудзі, ў іх бы
Знайшлося шмат каштоўных камянёў — людзей.
* * *
Хаям! Нашто так бедаваць з-за грэху?
Малы, вялікі — гэта варта смеху!
Як грэху не было б, навошта дараванне?
Выходзіць, дараванню грэх на ўцеху.
* * *
Перш чым цябе глыне няшчадны вір,
Скажы віна прынесці, о кумір.
Не золата ты, дурань бесклапотны,
Навошта з-за цябе трывожыць жвір.
* * *
Будзь вясёлы, прывыкай да страт,
Зор яшчэ на небе ўзыдзе шмат.
І цагліны з праху твайго рупна
Пакладуць у сцены іншых хат.
* * *
Небасхіл — толькі пояс на знясіленым целе,
А Джэй хун — толькі след нашых слёз, што цяплелі,
Пекла — толькі іскрынка ўздыхаў нашае марнаты,
Рай — імгненне адно нашай мулкай пасцелі.
* * *
І я ў ганчарню завітаў, як на базар.
Маўклівы ўбачыў там і гаваркі тавар,
Дзве тысячы збаноў, і закрычаў адзін з іх:
«Дзе пакупнік? Дзе прадавец? І дзе ганчар?»
* * *
Кароны і вянцы з іх гулам я прадаю,
Чалму за флейту з гукам чулым я прадаю,
Ружанец — войска пасланцоў нябёсаў
За піялу віна агулам я прадаю.
* * *
О кон! Ты гвалт узносіш над усім,
Там, дзе прыгнёт і здзек, жывеш ты ў доме тым.
Сумленным дорыш боль, нягоднікам — раскошу.
Няздатны, ты аслеп ці звар’яцеў зусім?
* * *
І ад усіх людзей ахоўвай тайну храма,
І ад усіх зладзюг, іх дух не ўпусціць брама,
Што творыш з боскімі стварэннямі, зірні,
І ад усіх людзей чакай таго ж таксама.
* * *
Зайшоў сп’яна ў вінарню ўчора я ўначы,
Там збан трымаў схмялелы старац на плячы.
Спытаў я: «Ці табе, Тварэц, не сорам?»
А ён: «Бог літасцівы, пі віно й маўчы!»
* * *
Лазы дзявоцкую цнатлівасць не крані,
Лі кроў, сячы пакайных сэрцаў карані.
Залі зямлю крывёй дзвюх тысяч крывадушных,
Ды ні глытка віна на дол а ні ліні.
* * *
Як душы скінуць цела апранаху,
Прах іншых пойдзе на магілы ў страху.
А потым цэглу іншым для магіл
Таксама з нашага сфармуюць праху.
* * *
Кажуць: «Людзі — паборнікі строгай маралі,
Уваскрэснуць такімі, якімі сканалі».
І таму мы з віном і з каханкай заўжды,
Каб такімі ўваскрэснуць, сканаўшы без жалю.
* * *
Мне вядомы жыцця і нябыту спадман,
Мне вядомы вяршынь і далінаў туман.
Хай за веды пры гэтым мне сорамна стане,
Як апроч хмельнаты іншы ведаю стан.
* * *
Гэта чара — ёй розум пашану дае,
Лоб з любоўю святою цалуе яе.
А ганчар лёсу гожую чару такую,
Сам стварыўшы, аб дол на кавалачкі б’е.
* * *
Раз, кажуць, будуць гурыі, і рай,
І мёд, і чыстага віна праз край.
Не грэх цяпер віну і любым пакланяцца,
Бо ўрэшце мы ў той самы прыйдзем край.
* * *
А мне б купіць праснак пшанічны на таргу,
Віна два маны, барановую нагу
І сесці з любай у руінах, — гэткай асалодай
Султан не можа цешыцца, а я магу.
* * *
Ганебна імем слынным высіцца над светам,
Саромецца бяды пад небасхілам гэтым.
Ад соку вінаграднага п’янюткім быць
Лепш, чым праславіцца зняможаным аскетам.
* * *
Мне раяць: «Меней пі, бо ты — мужчына!
Прычына ў чым, што п’еш віно няспынна?»
«Прычына — любы твар і раніцы віно.
Разваж, ці ёсць больш важкая прычына?»
* * *
І сэрца кожнае, палоненае ёй, — шчаслівае,
І голаў, стаўшьі пылам вуліцы тваёй, — шчаслівая,
Не злуйся на яе за крыўдаў драбнату,
Бо ўсё, чаму ўсміхаецца яе настрой, — шчаслівае.
* * *
Заслоны таямніц не ўзняць, адужаўшы знямогу,
Не ведаем, калі душа рыхтуецца ў дарогу.
У сэрцы цёмнае зямлі прыстанак наш адзін.
Дык пі віно — такія казкі даспадобы богу.
* * *
Віно вар’яту, мне — каханая адна,
П’ю, не баюся быць зняслаўленым сп’яна.
Я вып’ю гэтулькі, што кожны запытае:
«Гэй, ты адкуль ідзеш, гарлач віна?»
* * *
Віно — рубін празрысты, а гарлач — крыніца,
У целе піялы душа віна таіцца,
І чара з крышталю іскрыцца ад віна
Слязьмі, дзе кроў лазы, што дол акрыла ніца.
* * *
Тайны свету, што ў сшытак у слоў спарышы
Я схаваў, не развяжаш, як ні варушы.
Як няма між вучоных мужоў верных слову,
Нельга ўсё расказаць, што ў мяне на душы.
* * *
Я тайну, выпешчаную ў салодкай скрусе,
Табе паведамлю ў святым прымусе:
З мілосцю да цябе сыду ў зямлю,
З мілосцю да цябе з зямлі ўздымуся.
* * *
Хоць для цябе гэты свет беспрытульны стваралі,
Мудрыя раяць у ім не давярацца жалю.
Шмат да цябе падобных прыйшло, адышло.
Крадзь сваю долю, пакуль і самога не ўкралі.
* * *
Ранне ўжо на нагах, прачынайся, юнак!
Поўні кубак віном, гаркаватым на смак,
Гэты міг, што пазычылі ў тленным закутку,
Будзеш доўта шукаць, ды не знойдзеш ніяк.
* * *
Дзень такі, што ў неба дно відно,
Кветкі хмарай змылі пыл даўно.
Салавей крычыць на мове тайны
Жоўтай ружы: «Трэба піць віно!»
* * *
Ты — тварэц, і мяне ты такога стварыў,
Сэрца хмеляць віно і мілосны парыў.
Як стварыў ты мяне ў дзень свой першы такога,
Што ж у пекла штурхаеш цяпер пад абрыў?
* * *
Не сумуй, што задуманы свет нетрывала,
Весяліся, твой міг пратрымаецца мала.
Каб з натурай рашучай быў лёс, дык тады
Нарадзіцца б ніколі табе не прыпала.
* * *
Гасподзь! Велікадушны, значыць — міласэрны,
Чаму ж з садоў Ірэма выгнаны няверны?
Пакорнаму даруеш мне — не міласэрнасць гэта,
Мне, бунтару, — ты ў міласэрнасці празмерны.
* * *
Хто з крывадушнасцю ідзе ў жыцця гасподу,
Паміж душой і целам ставіць перашкоду,
А я на галаву пастаўлю збан з віном,
Хоць галаву мне адсякуць, як пеўню, з ходу.
* * *
Не быў цвярозы, бо не здраджваю абранніцы,
І Ноч прароцтва нецвярозая у п’яніцы.
Збан на грудзях і чары на губах,
Рука на шыі гарлача да раніцы.
* * *
Як сам не п’еш віна, дык іншых не віні,
Пазбаўся лепш ад хітрасці і ад хлусні.
Хоць ганарышся тым, што чыстага віна не п’еш ты,
Сто іншых спраў тваіх не лепшыя ані.
* * *
Лахмоннем заторкнулі горла збанкоў,
Трушчобы амылі зямлёю вякоў,
А можа, мы ў пыле шынка адшукаем
Жыццё, што згубілі ў разгуле шынкоў.
* * *
Не надтачыць, не ўкараціць ні лёс, ні дні,
Не варта ныць па драбязе, па мітусні.
Бо справы нашыя і ўласнымі рукамі
Пераляпіць, як воск, ты нават і не сні.
* * *
Дабро і зло, бяда, святло і скон —
Усё, што вырак чалавеку кон,
На небасхіл не звальвай, кажа розум,
Бо ў тысячу разоў няшчасней ён.
* * *
Зірні на неба перакуленае зноў,
Дзе гвалт спадае на галовы мудрацоў,
Зірні на дружбу поўнай пляшкі з кубкам,
Зліліся губы, а між імі льецца кроў.


* * *
Збяры, о сэрца, ўсе свае жаданні,
Сад асалоды хай вартуюць здані,
І ў садзе на ласкавую траву
Садзіся ўночы, а ўставай уранні.
* * *
У жыцці быць разважлівым трэба ва ўсім,
І пра справы Сусвету не ведаць зусім,
І пакуль у цябе ёсць язык, вочы, вушы,
Трэба быць і нямым, і сляпым, і глухім.
* * *
Піць ды з гожай бавіць час прыгожа
Лепш, чым крывадушнічаць варожа,
Як у пекла п’яных упякуць,
Дык скажы, хто рай убачыць можа?
* * *
Ты ў палоне духмянаў не будзеш калі?
Што табе прыгажосць і нягожасць далі?
Як ты нават Замзам ці жывая крыніца,
Усё роўна схаваешся ў сэрцы зямлі.
* * *
Цюльпан шторання ахінаецца расой,
Фіялка хіліцца ў лагодзе лугавой.
Клянуся, мне бутоны тыя даспадобы,
Што падбіраюць крыссе вопраткі сваёй.
* * *
Старасць — дрэва са слабымі каранямі,
Шчок маіх гранаты пасінелі самі,
Дзверы, дах, сцен чатырох падпоры
Заняпалі — і чакай, што рухнуць днямі.
* * *
Дзень мінуў — забудзь яго намер,
Дню, які не надышоў, не вер,
Не глядзі ні ў прошласць, ні ў наступнасць,
Не марнуй жыцця, жыві цяпер.
* * *
Прыйшоў ці выйшаў я — такой бяды.
І мой уток сцячэ, ўцячэ куды?
Ці ад агню нябеснага сумленна
На дым згараюць людзі, як гады?
* * *
Знайсці б гэта месца спакою ў жыцці.
Ці доўга дарогай бясконцай брысці?
Хоць мець бы за тысячы год спадзяванне
Травінкаю з сэрца зямлі прарасці.
* * *
Той чалавек, хто вуснам смех пачуты даў,
Гаротнікам адчай самоты люты даў,
Як шчасця нам не даў — маркоціцца не будзем,
Парадуемся — тысячам пакуты даў.
* * *
Законы вечнасці не разумеем ні ты, ні я,
Пісьмёны неба прачытаць не ўмеем ні ты, ні я,
Заслонай змрок сэнс таямніцы засланіў,
Калі ўпадзе заслона, не ўцалеем ні ты, ні я.
* * *
Шабан абразіш, кажуць, хмелем чаш,
Не пі ў Раджаб ты — месяц бога ўваж,
Шабан, Раджаб — цвярозасцю святыя,
Нап’ёмся ў Рамадан — ён месяц наш.
* * *
Вінар, мы п’ём, не прапіваем клёк,
Мы мокнем у віне, чаго ж ты ўзмок?
П’ём кроў лазы, ты смокчаш кроў людскую,
Разваж цвяроза, хто ж з нас крывасмок?
* * *
Дзе кумірні, як гурыі,— шлях мой туды,
Хай не ведае кубак абразы вады.
Кажуць: хай табе небапашле пакаянне,
Як пашле, адашлю, каб не ведаць нуды.
* * *
Нягодаў, што ў часе цякуць хуткацечна, не бойся,
І лёсу, які пратрывае нявечна, не бойся,
Аддай весялосці адзіны свой міг
І дня, што прайшоў, што ідзе, недарэчна не бойся.
* * *
Раса застыла ў ружы на далоні — гожа,
Твар заравокай засвітаў на ўлонні — гожа,
Пра зніклы дзень што б ні казаў — нягожа,
Вясёлы будзь, забудзь той дзень, бо сёння — гожа.
* * *
А майстра той, які стварыў людзей, старанны
Навошта даў ім недахопы і заганы?
Як формы добрыя, нашто іх разбіваць,
Благія, дык чые правіны пакараны?
* * *
Як шчокі цюльпану абмые вясна,
З пашанай схіліся над чарай віна.
Зірні на траву і запомні сягоння,
Што з праху твайго заўтра ўзыдзе яна.
* * *
У кола нашай радасці, бяды
Пачатку і канца знайдзі сляды.
Ніхто дакладна не сказаў пра тое,
Адкуль прыйсці нам і пайсці куды.


Оглавление

  • Амар Хаям Рубаі