КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Белы Бім Чорнае вуха [Гаўрыіл Траяпольскі] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Гаўрыіл Траяпольскі Белы Бім Чорнае вуха

Аляксандру Трыфанавічу Твардоўскаму

Раздзел 1. Двое ў адным пакоі


Жаласна і, здавалася, безнадзейна ён пачынаў раптам скуголіць, нязграбна перакочвацца з боку на бок, — шукаў маці. Тады гаспадар браў яго да сябе на калені і ўсоўваў у роцік соску з малаком.

А што ж заставалася рабіць месячнаму шчанюку, калі ён нізвання не ведаў яшчэ ў жыцці, а маці ўсё няма і няма, як ты ні жалься. Таму ён і спрабаваў першыя дні наладжваць сумныя канцэрты. Хаця ўрэшце засынаў на руках у гаспадара ў абдымкі з бутэлечкаю малака.

Але на чацвёрты дзень малы пачаў ужо прывыкаць да цеплыні чалавечых рук. Шчанюкі вельмі скора адзываюцца на ласкавасць.

Імя свайго ён яшчэ не ведаў, але праз тыдзень дакладна вызначыў, што ён — Бім.

У два месяцы ён здзіўлена ўбачыў рэчы: высокі — для шчанюка — пісьмовы стол, а на сцяне — стрэльба, паляўнічая сумка і твар чалавека з доўгімі валасамі. Да ўсяго гэтага ён хутка прывык. Не дзіва было і тое, што чалавек на сцяне не рухаецца: калі не варўшыцца — мала цікавага. Праўда, крыху пазней, пасля, ён не-не ды і паглядзіць: што гэта абазначае — твар вызірае з рамкі, быццам з акенца?

Другая сцяна была цікавейшая. Уся з розных брусочкаў, кожны з якіх гаспадар мог выняць і ўставіць назад. У чатыры месяцы Бім, стаўшы на заднія лапкі, сам дастаў да сцяны, выцягнуў зубамі брусочак і паспрабаваў яго даследаваць. Але той чамусьці зашамацеў і пакінуў у зубах у Біма аркушык. Так цікава было драць на невялічкія шматкі той аркушык.

— Гэта яшчэ што?! — прыкрыкнуў гаспадар. — Нельга! — І тыцкаў Біма носам у кнігу. — Бім, нельга. Нельга!

Пасля такога павучання нават чалавек не захоча чытаць, але Бім — не: ён доўга і ўважліва глядзеў на кнігі, нахіляючы галаву то ў адзін бок, то ў другі. І, мабыць, усё ж вырашыў: калі нельга гэту, вазьму другую. Ён ціхенька ўцяў за пераплёт і пацягнуў здабычу пад канапу; там аджаваў спачатку адзін вугал пераплёту, потым другі, загуляўшыся, вывалак няшчасную кнігу на сярэдзіну пакоя і пачаў ірваць лапамі, весела падскакваючы.

Тут ён і даведаўся ўпершыню, што такое «балюча» і што такое «нельга». Гаспадар устаў з-за стала і строга сказаў:

— Нельга! — І тузануў за вуха. — Ты ж мне, дурная твая галава, «Біблію для веруючых і няверуючых» парваў.

І зноў:

— Нельга! Кнігі — нельга! — ён яшчэ раз тузануў за вуха.

Бім віскнуў і падняў угору ўсе чатыры лапы. Лежачы на спіне, ён глядзеў на гаспадара і не мог зразумець, што ж гэта робіцца.

— Нельга! Нельга! — уталкоўваў знарок гаспадар, зноў і зноў тыцкаў кнігаю пад нос, але больш не біў. Пасля ўзяў шчанюка на рукі, гладзіў і гаварыў адно і тое ж самае: — Нельга, хлопчык, нельга, дурненькі. — І сеў. І пасадзіў сабе на калені.

Такім чынам, у маленстве Бім атрымаў ад гаспадара павучанне з-за «Бібліі для веруючых і няверуючых». Бім лізнуў яму руку і пільна паглядзеў у твар.

Ён ужо любіў, калі гаспадар гаварыў з ім, але разумеў пакуль што толькі два словы: «Бім» і «нельга». І ўсё ж вельмі, вельмі цікава было глядзець, як звісаюць на лоб белыя валасы, варушацца добрыя вусны і як кранаюць шарсцінкі цёплыя, ласкавыя пальцы. Затое Бім ужо зусім-зусім дакладна ведаў: вясёлы цяпер гаспадар ці сумны, сварыцца ці хваліць, кліча да сябе або праганяе.

А гаспадар быў часам і сумны. Тады ён гаварыў сам з сабою і да Біма.

— Гэтак вось і жывём, дурненькі. Ты чаго глядзіш на яе? — паказваў ён на партрэт. — Яна, браце, памерла. Няма яе. Няма… — Ён гладзіў Біма і зусім упэўнена гаварыў: — Дурненькі ты, мой Бімка. Нічога ты яшчэ не ведаеш.

Але не ўсё гэта было праўда, таму што Бім разумеў, што гуляць цяпер з ім не будуць, ды і словы «дурненькі» і «хлопчык», ведаў, гаварыліся да яго. Таму, калі яго вялікі сябар называў яго дурненькім ці хлопчыкам, Бім ішоў адразу ж, як на клічку. А калі ён пачаў разумець інтанацыю голасу, то меўся вырасці ў разумнага сабаку.

Але ці толькі розум вызначае становішча сабакі сярод сваіх братоў? На жаль, не. Акрамя розуму ў Біма не ўсё было так добра.

Праўда, нарадзіўся ён у пародзістых бацькоў, сетэраў, якія мелі вялікую радаслоўную. У кожнага яго прародзіча быў асабісты лісцік, пасведчанне. Па гэтай анкеце гаспадар мог бы дабрацца не толькі да прадзеда і прабабкі Біма, але і ведаць, захацеўшы, прадзедаў прадзеда і прабабчыну прабабку. Гэта ўсё, вядома, добра. Але справа такая, што Бім пры ўсіх сваіх вартасцях меў і вялікі недахоп, які потым даў знаць і ў многім вызначыў яго далейшы лёс: хоць ён быў з шатландскіх сетэраў (сетэр-гардон), але акрас аказаўся зусім нетыповы — вось у чым загваздка. Па стандарту паляўнічых сабак сетэр-гардон абавязкова павінен быць «чорны, з бліскучым сіняватым адсветам — колеру воранавага крыла — і абавязкова з вялікімі яркімі рыжавата-чырвонымі падпалінамі»; нават белыя значкі на нявызначаных стандартам мясцінах лічацца за вялікі недахоп у гардонаў. Бім жа вырадзіўся такі: тулава белае, але з рыжаватымі падпалінкамі і нават з ледзь прыкметным рыжым крапам, толькі адно вуха і адна нага чорныя, сапраўды, як воранава крыло; другое вуха мякенькага жаўтавата-рыжанькага колеру. Сама па сабе дзіўная з'ява: па ўсяму — сетэр-гардон, а акрас — ніякага падабенства. Нейкі далёкі продак напомніў пра сябе Бімам: бацькі — гардоны, а ён — альбінос пароды.

А наогул, з такою рознакаляровасцю вушэй і з падпалінкамі пад вялікімі разумнымі цёмна-карымі вачыма пыса Біма здавалася сімпатычней, адметней, магчыма, нават разумней, чым у звычайных сабак. І, паверце, усё гэта нават нельга было назваць пысаю, а лепей — тварам сабакі. Але па законах кіналогіі белы акрас у такім выпадку прыкмета, што выраджаецца парода. Як ні глянь — прыгажун, а па стандарту гарнітура зусім-зусім чужы, нават шкодны. Вось такая бяда была ў Біма.

Вядома, Бім не адчуваў ніякае віны, таму што прырода нікому не дазваляе выбіраць сабе бацькоў. Біму нават і думаць пра гэта не дадзена. Ён сабе жыў і пакуль што радаваўся.

Але гаспадар турбаваўся: выдадуць ці не на Біма радаслоўнае пасведчанне, якое зацвердзіць яго паўнапраўнасць між паляўнічых сабак, ці на ўсё жыццё ён застанецца чужаком. Вядома гэта будзе толькі ў шэсць месяцаў (зноў жа па законах кіналогіі), калі шчанюк стане падобны да таго, што называецца пародзістым сабакам.

Гаспадар Бімавай маці вырашыў быў выбракаваць белага з памёту, утапіць, але трапіўся дзівак, які пашкадаваў такога прыгажуна. Дзівак той і быў Бімаў гаспадар: ці бачыце, упадабаліся яму вочы, разумныя. Трэба ж! А зараз і думай: дадуць ці не дадуць радаслоўную?

Тым часам гаспадар спрабаваў разгадаць, адкуль такая анамалія ў Біма. Ён перабраў усе кнігі пра паляванне і сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду і потым даказаць, што Бім не вінаваты. Менавіта таму ён пачаў выпісваць у тоўсты сшытак з розных кніг усё, што магло пасведчыць за Біма як за раўнапраўнага прадстаўніка пароды сетэраў. Бім стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзіць Біму пераможцам на выстаўках, не звінець золатам медалёў на грудзях: які ты ні будзь залаты сабака на паляванні, з пародзістых ён будзе выключаны.

Якая ўсё ж несправядлівасць на белым свеце!


Запіскі гаспадара
За апошнія месяцы Бім непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё і трывала заняў у ім сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам і ласкавасцю — пачуццямі, якія заўсёды прывабліваюць, калі за імі не стаіць падхалімства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае — і дабрату, і давер, і ласку. Жудасна гэта — падхалімства. Не давядзі госпадзі! Але Бім пакуль што толькі малышаня і мілы сабачка. І ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара.

Дзіўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калі бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калі ўбачу карціну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас і на пародзістасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць ці не дадуць пасведчанне?

Дзён колькі таму быў у музеі на мастацкай выстаўцы, і адразу ж кінулася ў вочы карціна Д.Бассано (XVI век) «Майсей здабывае ваду са скалы». Там на першым плане сабака — дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, задні кастрэц таксама чорны. Змучаны і худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай міскі.

Другі сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымі вушамі. Знясілены ад смагі, ён паклаў гаспадару на калені голаў і пакорліва чакае вады.

Побач — трус, певень, злева — два ягняці.

Што хацеў сказаць мастак, калі выставіў сабаку на пярэдні план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзі любілі сабак яшчэ спрадвеку, ніколі іх не пакідалі, нават у бядзе, нават на грані пагібелі народа, а сабакі заставаліся верныя і адданыя, гатовыя загінуць разам з чалавекам.

А за хвіліну да гэтага ва ўсіх быў адчай, ні ў кога не было ні кроплі надзеі. І яны гаварылі ў вочы Майсею, які выратаваў іх ад рабства:

«О, каб памерлі мы ад рукі госпада ў зямлі эгіпецкай, калі мы сядзелі ля катлоў з мясам, калі нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усіх, хто сабраўся, замарыць голадам».

Майсей з вялікаю горыччу зразумеў, як моцна авалодаў людзьмі дух рабства: уволю хлеба і катлы з мясам даражэй за волю. І вось ён здабыў ваду са скалы. І было на той час добра ўсім, хто ішоў за ім, і гэта адчуваецца ў карціне Бассано.

А магчыма, мастак і намаляваў сабак у цэнтры, як дакор людзям за іх маладушша на пару няшчасця, як сімвал вернасці, надзеі і адданасці? Усё магчыма. Гэта было даўно.

Карціне Д. Бассано больш за трыста год. Няўжо чорнае з белым у Біма ідзе з тае пары? Гэтага не можа быць. Але як сказаць, прырода яна прырода.

Аднак наўрад ці гэта паможа чым-небудзь адвесці ад Біма абвінавачванне ў анамаліях расфарбоўкі цела і вушэй. Таму што, чым старадаўней будуць прыклады, тым больш абвінавацяць яго ў атавізме і непаўнавартасці.

Не, трэба шукаць нешта іншае. Калі нехта з кінолагаў напомніць мне пра карціну Д. Бассано, то можна, у крайнім выпадку, сказаць проста: а якія адносіны да яго маюць чорныя вушы ў Бассано?

Пашукаем звестак, якія бліжэй да Біма ў часе.


Выпіска са стандарту паляўнічых сабак: «Сетэры-гардоны выведзены ў Шатландыі… Парода аформілася да пачатку другое палавіны XIX стагоддзя… Цяперашнія шатландскія сетэры, захаваўшы сваю моц і масіўнасць касцяка, набылі хутчэйшы ход. Сабакі спакойнага, мяккага характару, паслухмяныя і незласлівыя, яны рана і лёгка бяруцца за работу, вельмі спраўныя на балоце і ў лесе… Характэрна добра прыкметная, спакойная, высокая стойка з галавою, не апушчанай ніжэй за загрывак…»

З двухтомніка «Сабакі» Л.П.Сабанеева, аўтара цудоўных кніг — «Паляўнічы каляндар» і «Рыбы Расеі»:

«Калі мы прымем да ведама, што ў аснове сетэра ляжыць самая старажытная раса паляўнічых сабак, якая на працягу многіх стагоддзяў атрымоўвала, калі можна сказаць, дамашняе выхаванне, то не будзем дзівіцца таму, што сетэры ці не самая культурная і інтэлігентная парода».

Так! Бім, значыцца, сабака інтэлігентнай пароды. Гэта можа спатрэбіцца.


З тае самае кнігі Л.П.Сабанеева:

«У 1847 годзе Пэрлендам з Ангельшчыны былі прывезены, у падарунак Вялікаму Князю Міхаілу Паўлавічу, два цудоўныя прыгожыя сетэры вельмі рэдкае пароды. Сабакі нават не прадаваліся і былі выменены за каня, які каштаваў 2000 рублёў…»

Вось табе і на! Вёз падарунак, а садраў кошт дваццаці прыгонных. Але ж ці вінаваты сабакі? І пры чым тут Бім? Гэта не гадзіцца.

З ліста вядомага ў свой час прыродалюба і сабакавода С.В.Пенскага да Л.П.Сабанеева:

«У часе Крымскае кампаніі бачыў я вельмі прыгожага сетэра ў Сухава-Кабыліна, аўтара «Вяселля Крэчынскага», і жоўта-пярэстых у Разані ў мастака Пятра Сокалава».

Ага, гэта бліжэй да сутнасці. Цікава: нават сатырык у тыя часы меў сетэра. А ў мастака — жоўта-пярэсты. Ці не адтуль твая кроў, Бім? Вось бы! Але пры чым тады… чорнае вуха? Незразумела.


З таго ж ліста:

«Пароду чырвоных сетэраў трымаў таксама маскоўскі прыдворны доктар Берс. Адну чырвоную сучку ён злучыў з чорным сетэрам нябожчыка Імператара Аляксандра Мікалаевіча. Якія нарадзіліся шчанюкі і куды яны падзеліся — не ведаю; ведаю толькі, што аднаго з іх выгадаваў сабе ў вёсцы граф Леў Мікалаевіч Талстой».

Стой! Ці не тут? Калі твая нага і вуха чорныя ад сабакі Льва Мікалаевіча Талстога, ты шчаслівы сабака, Бім, нават без асабістага лісціка пароды, самы шчаслівы сабака на свеце. Вялікі пісьменнік любіў сабак.


Яшчэ з таго самага ліста:

«Імператарскага чорнага сабаку бачыў я ў Ільінскім пасля абеду, на які Гасудар запрасіў членаў праўлення Маскоўскага таварыства паляўнічых. Гэта быў вялікі і вельмі прыгожы пакаёвы сабака, з цудоўнаю галавою, добра апрануты, але ад сетэрскага тыпу ў ім было мала; да таго ж ногі меў занадта доўгія, а адна зіх зусім белая. Гавораць, гэты сетэр быў падараваны Імператару нейкім польскім панам, і хадзілі чуткі, што сабака быў не зусім чыстакроўны».

Выходзіць, польскі пан абдурыў імператара? Магчыма. Магчыма гэта і на сабачым фронце. От жа мне гэты чорны імператарскі сабака! Між іншым, тут побач ідзе кроў жоўтае сучкі Берса, якая мела «чуццё незвычайнае і цудоўную кемлівасць». Значыць, калі нават нага твая, Бім, ад чорнага сабакі імператара, то ўвесь ты можаш быць далёкім сваяком сабакі найвялікшага пісьменніка… Але не, Бімка, дудкі! Пра імператарскага ні слова. Не было — і ўсё на гэтым. Яшчэ гэтага не хапала.


Што ж застаецца на выпадак магчымай спрэчкі ў абарону Біма?

Майсей адпадае зразумела чаму. Сухаў-Кабылін адпадае і з-за часу і па акрасу. Застаецца Леў Мікалаевіч Талстой: а) час не такі далёкі; б) бацька яго сабакі быў чорны, а маці чырвоная. Усё падыходзіць. Але бацька, чорны той, — імператарскі, во дзе загваздка.

З якога боку ні зірні, пра пошукі пародзістасці Біма даводзіцца маўчаць. Адпаведна, кінолагі будуць вызначаць толькі па радаслоўнай бацькі і маці Біма, як у іх заведзена: няма белага ў радаслоўнай — і амін. А Талстой тут ні пры чым. І яны правы. Ды і сапраўды, так кожны можа паходжанне свайго сабакі давесці да сабакі пісьменніка, а потым і самому не далёка да Л.М.Талстога! І праўда: колькі іх у нас, Талстых? Жах, так многа аб'явілася, аж галава кругам ідзе.

Як бы ні было крыўдна, але розум мой гатовы ўжо змірыцца з тым, што Біму быць чужаком сярод пародзістых сабак. Дрэнна. Застаецца толькі адно: Бім — сабака інтэлігентнай пароды. Але і гэта — не доказ (на тое і стандарты).


— Дрэнна, Бім, дрэнна, — уздыхнуў гаспадар, адклаў асадку і ўсунуў у шуфляду агульны сшытак.

Бім, пачуўшы сваю клічку, устаў з лежака, сеў, нахіліў галаву ў бок чорнага вуха, быццам чуў толькі жоўта-чырвоным.

І гэта было сімпатычна. Увесь яго выгляд гаварыў: «Ты добры, мой сябар. Я слухаю. Што ж ты хочаш?»

Гаспадар адразу стаў весялейшы ад такога Бімавага пытання, сказаў:

— Маладзец ты, Бім! Будзем жыць разам, хоць ты і без радаслоўнае. Ты харошы сабака. Харошых сабак усе любяць. — Ён узяў Біма на калені і пагладзіў па шэрсці, прыказваючы: — Добра. Усё роўна добра, хлопчык.

Біму было цёпла і ўтульна. І ён цяпер, тут, на ўсё жыццё зразумеў: «Добра» — гэта ласка, удзячнасць і сяброўства.

І Бім заснуў. Што яму было да таго, хто ён, яго гаспадар? Галоўнае, ён добры і блізкі.

— Ах ты, чорнае вуха, імператарская нага, — ціха сказаў той і перанёс Біма на ляжак.

Ён доўга стаяў перад акном, углядаўся ў цёмна-бэзавую ноч. Потым зірнуў на партрэт жанчыны і сказаў:

— Бачыш, мне стала крышку лягчэй. Я ўжо не адзін. — Ён не прыкмячаў, што ад адзіноты незаўважна прывык гаварыць услых да «яе» ці да самога сябе, а цяпер — да Біма. — Вось я і не адзін, — паўтарыў ён да партрэта.

А Бім спаў.


Так яны і жылі ўдвух у адным пакоі. Бім рос мацаком. Вельмі скора ён даведаўся, што гаспадара завуць Іван Іванавіч. Разумны шчанюк, хітры. Пакрысе ён зразумеў, што нічога нельга чапаць, можна толькі глядзець на рэчы і на людзей. І наогул, нічога нельга, пакуль не дазволіць ці не загадае гаспадар. Так слова «нельга» стала галоўным законам у Бімавым жыцці. А вочы Івана Іванавіча, інтанацыя, рухі, выразныя словы-загады і словы ласкі кіравалі яго сабачым жыццём. Больш таго, самастойныя рашэнні рабіць што-небудзь ніяк не павінны былі супярэчыць жаданням гаспадара. Затое Бім пакрысе пачаў здагадвацца пра некаторыя намеры сябра. Вось, напрыклад, стаіць ён ля акна і глядзіць, глядзіць удалячынь, думае. Тады Бім сам сядае побач і таксама думае. Чалавек не ведае, пра што думае сабака, а ўвесь сабачы выгляд гаворыць: «Зараз мой добры сябар сядзе да стала, абавязкова сядзе. Паходзіць крыху з кута ў кут і сядзе, і будзе вадзіць па белым аркушы палачкаю, а тая ледзь-ледзь шаптаць. Гэта будзе доўга, таму пасяджу я з ім побач». Потым утуліцца носам у вялікую і цёплую далоню. А гаспадар скажа:

— Ну што, Бімка, будзем рабіць? — І сапраўды сядае.

А Бім абараначкам скручваецца ля ног ці, калі будзе сказана «На месца», пойдзе на свой ляжак у куток і там будзе чакаць. Будзе чакаць позірку, руху, слова. Дарэчы, праз колькі часу можна і самому сысці з месца, узяцца за круглую костку, угрызці якую немагчыма, а зубы вастрыць — калі ласка, толькі не перашкаджай.

Але Іван Іванавіч закрые твар рукамі, абапрэцца на стол, тады Бім ідзе да яго і кладзе разнавухую пысачку на калені. І стаіць. Ведае, што пагладзіць. Ведае, што сябру цяжка. А Іван Іванавіч падзякуе:

— Дзякуй, мілы мой, дзякуй, Бімка. — І зноў будзе шаптаць палачкаю па белай паперы.

Так было дома.

Але не так на лузе, дзе абодва забывалі пра ўсё. Тут можна бегаць, весяліцца, ганяцца за матылькамі, качацца ў траве — усё дазвалялася. Аднак і тут пасля васьмі месяцаў жыцця Біма ўсё пайшло па камандзе гаспадара: «Пайшоў-пайшоў!» — можаш гуляць. «Назад!» — вельмі зразумела. «Ляжаць!» — таксама зразумела. «Ап!» — пераскаквай. «Шукай!» — найдзі кавалачак сыра. «Побач!» — ідзі побач, але толькі злева. «Да мяне!» — бягом да гаспадара — будзе кавалачак цукру. І многа іншых слоў уведаў Бім да года. Сябры ўсё болей і болей разумелі адзін аднаго, любілі і жылі, як роўныя, — чалавек і сабака.

Але здарылася аднойчы такое, ад чаго ў Біма перайначылася жыццё, і ён пасталеў за некалькі дзён. Здарылася гэта таму, што Бім раптоўна выявіў у гаспадара вялікі, здзіўляючы недахоп.

А было гэта так. Дбайна і старанна ішоў Бім па лузе чаўнаком, шукаў кінуты сыр, і раптоўна між пахаў травы, кветак, самое зямлі і рэчкі ўварваўся струмень паветра, незвычайны, хвалюючы, пахла нейкай птушкай, ніяк не падобнаю да тых, якіх ведаў Бім, — усякіх там вераб'ёў, вясёлых сініц, плісак і ўсякае драбязы, дагнаць якую нечага і брацца (спрабавалі). Пахла чымсьці невядомым, што хвалявала кроў. Бім прыпыніўся і паглядзеў на Івана Іванавіча. А той збочыў, нічога не заўважыў. Бім быў здзіўлены: сябар жа не чуе. Дык ён жа калека! І тады Бім вырашыў сам: паволі пераступаючы ў пацяжцы, пачаў падыходзіць да невядомага, ужо не гледзячы на Івана Іванавіча. Крокі запаволіліся, ён быццам выбіраў, куды паставіць кожную лапу, каб не зашамацець, не зачапіць за былінку.

Нарэшце пах стаў такі моцны, што ісці далей было немагчыма. І Бім так і не апусціў на зямлю правую пярэднюю лапу, прыкіпеў на месцы, нібыта ўкамянеў. Гэта была быццам скульптура сабакі, зробленая ўмелым скульптарам. Вось яна, першая стойка! Першае абуджэнне паляўнічага азарту, які забірае да самазабыцця.

Ды не, гаспадар ціха падыходзіць, ледзь-ледзь пагладжвае Біма, які лёгенька трымціць усім целам.

— Добра, добра, хлопчык. Добра, — і бярэцца за аброжак. — Пайшоў… Пайшоў…

А Бім не можа — нестае сілы.

— Пайшоў… Пайшоў… — цягне яго Іван Іванавіч.

І Бім пайшоў. Ціхенька-ціхенька. Застаецца адно крыху. Але тут рэзка загад:

— Наперад!!!

Бім скочыў. Шумна выпырхнула перапёлка. Бім кінуўся за ёю і-і-і… пагнаў, азартна, колькі ставала сілы.

— Наза-ад! — крыкнуў гаспадар.

Але Бім нічога не чуў, быццам не меў вушэй.

— Наза-ад! — І свісток. — Наза-ад! — І свісток.

Бім бег да таго часу, пакуль не згубіў з воч перапёлку, а потым, вясёлы і радасны, вярнуўся. Але што гэта такое? Гаспадар хмуры, глядзіць сурова, не лашчыць. Усё было зразумела: нічога не чуе яго сябар! Няшчасны сябар… Бім неяк асцярожненька лізнуў яго ў руку, душэўна спачуваючы і шкадуючы за гэту непапраўную спадчынную непаўнацэннасць самае блізкае істоты. Гаспадар сказаў:

— Ды зусім ты пра іншае, дурненькі. — І весялей: — Ну, дык пачнём, Бім, па-сапраўднаму. — Ён зняў аброжак, адзеў другі (нязручны) і прышпіліў да яго доўгую папругу. — Шукай.

Цяпер Бім шукаў пах перапёлкі — болей нічога. А Іван Іванавіч накіроўваў яго туды, куды пераляцела птушка. Біму было няўцям, што яго сябар бачыў, куды прыкладна села птушка пасля ганебнае пагоні (чуць то не чуў, а бачыць — бачыў).

І вось той жа самы пах! Бім не зважае на папругу, звужае чаўнок, вядзе, вядзе, падняў галаву і вядзе паверсе… Зноў стойка! На фоне вечаровага сонца ён дзівосна цудоўны сваёю незвычайнаю прыгажосцю, ведаць пра якую суджана мала каму. З лёгкім трымценнем ад хвалявання, Іван Іванавіч узяў за канец повада, накруціў на руку і ціха загадаў:

— Наперад… Наперад…

Бім пайшоў на падводку. І яшчэ раз прыпыніўся.

— Наперад!!!

Бім кінуўся гэтаксама, як і першы раз. Перапёлка цяпер выпырхнула з гучным стракатаннем крылля. Бім зноў быў кінуўся бязглузда даганяць птушку, але… рывок за павадок вымусіў яго адскочыць назад.

— Назад!!! — крыкнуў гаспадар. — Нельга!!!

Бім адкінуўся, упаў. Ён не разумеў — завошта гэтак. І напінаў павадок, куды паляцела перапёлка.

— Ляжаць!

Бім лёг.

І яшчэ раз усё паўтарылася, толькі па новай перапёлцы. Але цяпер Бім адчуў рывок за повад раней, чым у мінулы раз, а пасля загаду лёг і толькі дрыжаў ад хвалявання, азарту і разам з тым панылы, сумны і маркотны: усё гэта было ў ягоным выглядзе ад носа да самага кончыка хваста. Так жа балюча! І не толькі ад жорсткае спрацівелае папругі, а яшчэ і ад калючак з сярэдзіны аброжка.

— Вось гэтак, Бімка. Нічога не зробіш — трэба так. — Іван Іванавіч лашчыў, пагладжваў Біма.

З гэтага дня і пачаўся сапраўдны паляўнічы сабака. З гэтага ж дня Бім зразумеў, што толькі ён, ён адзін можа ўведаць, дзе птушка, і што гаспадар-то бездапаможны, а нос у яго прыроблены толькі для блізіру. Пачалася сапраўдная служба, грунтавалася яна на словах: «Нельга», «Назад», «Добра».

А потым — ой! — потым стрэльба! Стрэл. Перапёлка падала, быццам ашпараная.

І даганяць яе, выходзіць, зусім не патрэбна, толькі знайсці, падняць на крыло і легчы, а ўсё астатняе зробіць сябар. Абое роўныя ў гэтай гульні: гаспадар без нюху, сабака без стрэльбы.

Такім чынам цёплае сяброўства і адданасць пакрысе рабіліся шчасцем, таму што кожны разумеў і не патрабаваў ад другога больш, чым той можа даць. Гэта аснова, соль сяброўства.


Да двух год Бім стаў сапраўдным паляўнічым сабакам, даверлівым і чэсным. Ён ведаў недзе каля сотні слоў, што датычыліся дамоўкі і палявання: хай скажа Іван Іванавіч «Падай» — зробіць; скажа ён «Падай пантофлі» — падасць, «Нясі міску» — прынясе, «На крэсла!» — сядзе на крэсла. Ды гэта што! У вачах чытаў: добра глядзіць гаспадар на чалавека, і Біму ён — знаёмы з гэтага часу; непрыязна зірне — і Бім, бывае, загырчыць; нават ліслівасць (ласкавую ліслівасць) ён лавіў у голасе чужога. Але нікога і ніколі Бім не ўкусіў — хоць ты на хвост наступі. Забрахаць мог ноччу, папярэдзіць, што да вогнішча ідзе чужы, — гэта, калі ласка, але кусацца — ніколі. Такая ўжо інтэлігентная парода.

Што датычыцца інтэлігенцыі, то Бім нават умеў такое: сам навучыўся, дайшоў сваім розумам, падрапаць за дзверы, каб адчынілі. Здараецца, захварэе Іван Іванавіч і не ідзе з ім гуляць, а выпускае аднаго. Бім крыху пабегае, управіцца, як і належыць, і спяшае дадому. Падрапае за дзверы, стаўшы на заднія лапы, крышку паскуголіць, просячыся, і дзверы адчыняцца, гаспадар, цяжка шлёпаючы па прыхожай, сустрэне, палашчыць і зноў кладзецца ў ложак. Гэта калі ён, пажылы чалавек, пахворвае (дарэчы, пахворвае ён усё часцей і часцей, такога Бім не мог не заўважыць). Бім моцна засвоіў: падрапай за дзверы, і табе адчыняць абавязкова; дзверы для таго і ёсць, каб кожны мог зайсці: папрасіся — і цябе ўпусцяць. На яго сабачы розум гэта было ўжо цвёрдае перакананне.

Толькі не ведаў Бім і не мог ведаць, колькі потым будзе расчаравання і бяды ад такое наіўнае даверлівасці, не ведаў і не мог ведаць, што ёсць дзверы, якія не адчыняюцца, колькі за іх не драпайся.

Што яно там будзе надалей, невядома, а пакуль што застаецца сказаць адно: Бім, сабака з выдатным чуццём, так і застаўся сумніцельным — пасведчанне на радаслоўную яму не выдалі. Двойчы Іван Іванавіч выводзіў яго на выстаўку: здымалі з рынга без адзнакі. Выходзіць, чужак.

І ўсё ж Бім не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмі месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня.


Раздзел 2. Вясновы лес


У другі сезон, гэта значыць на трэці год ад нараджэння Біма, Іван Іванавіч пазнаёміў яго з лесам. Гэта было надта цікава і сабаку, і гаспадару.

У лузе і на полі — там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навідавоку, снуй чаўнаком у шырокім пошуку, шукай, знайдзі, рабі стойку і чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусім-зусім не тое.

Была ранняя вясна.

Калі яны прыйшлі першы раз, змярканне толькі пачыналася, а між дрэў быў прыцемак, хаця лісця яшчэ не было. Знізу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лістота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубінавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зіму, здаваліся зярняткамі кавы.

Галінкі лёгенька шумелі пад слабым ветрыкам, рэдзенькія, голыя; яны быццам абмацвалі адна адну, то краналіся кончыкамі, то ледзь датыкаліся сярэдзінаю: ці жывыя? Вяршаліны слабенька пагойдваліся — дрэвы здаваліся жывымі нават і без лісця. Усё было таямніча-шапаткое і густа-пахучае: і дрэвы, і лісце пад нагамі, мяккае, з вясновым пахам лясное зямлі, і крокі Івана Іванавіча, асцярожныя і ціхія. Яго чаравікі таксама шоргалі, а сляды пахлі куды мацней, чым у полі. За кожным дрэвам штосьці незнаёмае, таямнічае. Таму Бім і не адыходзіў ад Івана Іванавіча болей, чым крокаў на дваццаць: прабяжыць уперад — налева, направа — і коціцца назад і глядзіць у твар, быццам пытаецца: «Чаго мы сюды трапілі?»

— Не разбярэшся што да чаго? — здагадаўся Іван Іванавіч. — Разбярэшся, Бімка, зразумееш. Пачакай крышку.

Так і ішлі, паглядваючы адзін на аднаго.

Але вось яны спыніліся на шырокай паляне, на перакрыжаванні двух прасек: дарогі ва ўсе чатыры бакі. Іван Іванавіч стаў за арэхавы куст, тварам да захаду, і глядзеў угору. Бім пазіраў туды, з усяе сілы стараўся здагадацца, што гэта там трэба выглядзець.

Уверсе было светла, а тут, унізе, рабілася ўсё цямней і цямней. Нехта прашамаў у лесе і сціх. Яшчэ пашамаў і сціх. Бім прытуліўся да нагі Івана Іванавіча — гэта так ён пытаўся: «Што там? Хто там? Можа, пойдзем паглядзім?»

— Заяц, — ледзь чутна сказаў гаспадар. — Усё добра, Бім. Добра. Заяц. Хай яго…

Ну, калі «добра», значыць, усё ў парадку. «Заяц» — таксама зразумела: неаднойчы, калі Бім натыкаўся на след звярка, яму паўтаралі гэтае слова. А раз бачыў і самога зайца, паспрабаваў быў дагнаць яго, але меў суровае папярэджанне і быў пакараны. Нельга!

Такім чынам, недалёка прашамацеў заяц. А што далей?

Раптам уверсе нехта нябачны і незнаёмы захоркаў: «Хор-хор!.. Хор-хор… Хор-хор!..» Бім пачуў гэта першы і здрыгануўся. Гаспадар таксама. Абодва глядзелі ўгору, толькі ўгору…

Нечакана на фоне барвова-сіняватага неба ўздоўж прасекі паказалася птушка. Яна ляцела проста на іх, толькі зрэдку пакрыквала так, быццам гэта не птушка, а звярок ляціць і хоркае. Але то ўсё ж была птушка. Яна здавалася вялікай, крылле яе было бясшумнае (не тое, што ў перапёлкі, курапаткі ці ў качкі). Адным словам, незнаёмае ляцела ўгары.

Іван Іванавіч падняў стрэльбу. Бім, быццам па загаду, лёг і не адводзіў вачэй ад птушкі… У лесе стрэл быў такі моцны і рэзкі, якога Бім раней ніколі не чуў. Рэха пракацілася па лесе і заціхла далёка-далёка.

Птушка ўпала ў кусты, але сябры яе скоранька адшукалі. Іван Іванавіч паклаў яе перад Бімам і сказаў:

— Знаёмся, браток, — слонка. — І яшчэ раз паўтарыў: — Слонка.

Бім абнюхваў, чапаў лапаю за доўгую дзюбу, потым сеў, уздрыгваючы і перабіраючы пярэднімі лапамі ад здзіўлення. Вядома ж, ён гэтым самым і гаварыў сам сабе: «Такіх насоў не бачыў. Вось гэта сапраўдны но-ос!»

А лес слабенька шумеў, усё цішэй і цішэй. Потым зусім раптам прыціх, адразу неяк, быццам хтосьці нябачны лёгенька махнуў шырокім крылом над дрэвамі апошні раз: хопіць шамацення. Галіны знерухомелі, дрэвы, здавалася, засыналі, хіба толькі зрэдку ўздрыгвалі ў прыцемках.

Праляцелі яшчэ тры слонкі, але Іван Іванавіч не страляў. Хаця апошняй яны ўжо не бачылі ў цемнаце, а толькі чулі яе голас, але Бім быў здзіўлены: чаму сябар не страляў нават у тых, якія добра былі відаць. Ад гэтага Бім хваляваўся. А Іван Іванавіч ці проста глядзеў угору, ці, панурыўшыся, слухаў цішыню. Абодва маўчалі.

Вось калі ўжо не патрэбны словы — ні чалавеку, ні тым болей сабаку!

Толькі напаследак, перад адыходам, Іван Іванавіч прамовіў:

— Добра, Бім! Зноў пачынаецца жыццё. Вясна.

Па інтанацыі Бім зразумеў, што гаспадару прыемна. І ён таркануў носам у яго калена, павіляў хвастом: добра, маўляў, што і сказаць.

…Другі раз яны прыходзілі сюды позняю раніцаю, але ўжо без стрэльбы.

Духмяныя, тоненькія струменьчыкі ад храсткоў травы — усё гэта было наўздзіў новае і захапляючае. Сонца прасвечвала ў лесе ўсё наскрозь, акрамя сасонніку, ды і той мясцінамі быў спаласованы золатам праменняў. І была цішыня. Галоўнае — была цішыня. Якая ж яна прыгожая — вясновая ранішняя цішыня ў лесе!

Гэты раз Бім быў смялейшы: далёка было відаць (не тое, што тады ў прыцемкі). І ён лятаў па лесе ўволю, не спускаў, аднак, з вачэй гаспадара. Усё было цудоўна.

Нарэшце Бім набег на нітачку слончынага паху. І павёў. І зрабіў класічную стойку. Іван Іванавіч паслаў наперад, хоць страляць і не было з чаго. Ды яшчэ загадаў ляжаць як і трэба, калі ўзлятае птушка. Абсалютна незразумела, бачыць ці не гаспадар? Бім скоса паглядзеў на яго, пакуль не ўпэўніўся: бачыць.

Па другой слонцы ўсё было гэтаксама. Нешта накшталт крыўды паказваў Бім: насцярожаны позірк, прабежкі поруч, нават спробы не слухацца — адным словам — незадаволенасць расла і трэба было даць ёй выйсце. Менавіта таму Бім і пагнаўся за трэцяю слонкаю, як звычайны дварняга. Але за слонкаю далёка не пабяжыш: мільганула сярод галін — і няма яе. Бім вярнуўся незадаволены, ды яшчэ і зарабіў. Што ж, ён лёг збоч і ўздыхнуў (сабакі здорава ўмеюць рабіць гэта).

Усё гэта можна было стрываць, каб не яшчэ адна крыўда: Бім у гэты раз уведаў пра новы недахоп у гаспадара — сапсаванае чуццё: і без таго бясчутны, ды яшчэ… А было гэта так.

Спыніўся Іван Іванавіч, і глядзіць вакол, і нюхае (куды там!). Потым ступіў да дрэва, прысеў і ціхенька, адным пальцам, пагладзіў кветачку, малюсенькую такую (Івану Іванавічу яна амаль не пахне, а Біму такая смярдзючая). І навошта яму тая кветачка? Але гаспадар сядзеў, усміхаўся. Бім, вядома, зрабіў выгляд, што яму таксама быццам бы добра, але гэта толькі з-за павагі да гаспадара, а сам ён быў моцна здзіўлены.

— Ты паглядзі, паглядзі ж, Бім! — усклікнуў Іван Іванавіч і нахіліў сабаку носам да кветкі.

Такога Бім не мог стрываць, ён адвярнуўся. Потым незадаволена адышоў і лёг на палянцы, быццам хацеў сказаць: «Ну і нюхай сваю кветачку!» Рознагалоссі патрабавалі высвятлення адносін неадкладна, але гаспадар смяяўся ў вочы Біму шчаслівым смехам. І гэта было крыўдна. «Яшчэ мне і рагоча!»

А той зноў да кветкі:

— Дзень добры, першанькая!

Бім зразумеў, што «дзень добры» сказана не яму.

Рэўнасць пракралася ў сабачую душу, калі можна так сказаць, вось што здарылася таго дня. Толькі дома адносіны быццам наладзіліся. Але дзень у Біма выйшаў няўдалы: была дзічына — не стралялі, пабег сам па птушку — пакаралі, ды яшчэ і кветка тая. Не, усё ж і ў сабакі бывае сабачае жыццё, бо жыве ён загіпнатызаваны трыма словамі-«кітамі»: «Нельга», «Назад», «Добра».

Толькі не ведалі яны — ні Бім, ні Іван Іванавіч, — што некалі гэты дзень, калі б яны ўспомнілі яго, здаўся б ім вялікім шчасцем.


Запіскі гаспадара
У стомленым ад зімовага палону лесе, калі яшчэ не распусціліся пупышкі, але ўжо прачнуліся, калі горкія пні зімовае высечкі яшчэ не пусцілі пасынкаў, але заплакалі ўжо, калі мёртвы шэры ліст ляжыць навокал пластом, калі голае галлё яшчэ не шуміць, а толькі ціхенька кранаецца адно аднаго, неспадзявана адчуецца пралескавы пах! Ледзь-ледзь улоўны, але гэта пах жыцця, якое ачнулася, і таму ён чулліва-радасны, хоць амаль і нячутны. Гляджу навокал — аказалася, яна побач. Стаіць на зямлі кветка, малюсенькая кропелька блакітнага неба, такая простая і шчырая вястуння радасці і шчасця, каму яно суджана і наканавана. Але для кожнага — і шчаслівага, і няшчаснага — зараз яна жыццёвая прыгажосць.

Вось так і сярод нас, чалавекаў: ёсць людзі сціплыя, з чыстым сэрцам, «непрыкметныя» і «маленькія», але з вялікай душою. Яны ж і ўпрыгожваюць жыццё, нясуць у сабе ўсё лепшае, што толькі мае чалавецтва, — дабрату, прастату, даверлівасць. Так і пралеска здаецца кропелькаю неба на зямлі…

А праз некалькі дзён (учора) мы былі з Бімам на тым самым месцы. Неба пакрапіла лес ужо тысячамі блакітных кропелек. Шукаю, вызіраю: дзе ж яна, тая самая першая, самая смелая? Здаецца, вось яна. Яна ці не? Не ведаю. Іх так многа, што тае ўжо не заўважыць, не адшукаць: згубілася між астатніх, зраўнялася з імі. А яна ж такая маленькая, але геройская, такая ціхая, але настырная, што пачынае здавацца, быццам гэта яе спалохаліся апошнія замаразкі, здаліся, вывесілі перад досвіткам белы сцяг апошняе шэрані на ўзлеску. Ідзе жыццё.

…А Біму нічога гэтага не зразумець. Нават пакрыўдзіўся першы раз, прыраўнаваў. Дарэчы, як было ўжо і многа кветак, ён і тады не зважаў на іх. Калі пачаў настаўляць яго, паводзіў сябе не вельмі: пакрыўдзіўся без стрэльбы. З ім мы на розным узроўні развіцця, але вельмі і вельмі блізкія. Прырода стварае па ўстойліваму закону: неабходнасці аднаго другому, пачынаючы ад самых прымітыўных і канчаючы самым высокаразвітым жыццём, усюды гэты закон… Хіба мог бы я перажыць такую жудасную адзіноту, каб не было Біма?

…Як яна была патрэбна мне! Яна таксама любіла пралескі. Мінулае, нібыта сон…

А ці не сон і цяперашняе? Ці не сон гэта, учарашні лес з блакітам на зямлі? Што ж: блакітныя сны — незямное гаючае лякарства, хоць і часовае. Вядома, часовае. Бо каб нават і пісьменнікі прапаведавалі толькі блакітныя сны, забываючы пра шэры колер, то чалавецтва перастала б клапаціцца пра будучыню, прыняло б цяперашняе за вечнае і ў будучым. Асуджанасць у часе і складаецца з таго, што цяперашняе павінна стаць толькі мінулым. Няма ў чалавека ўлады, каб загадаць: «Спыніся, сонца!» Час несупынны, нястрыманы і няўмольны. Усё — гэта час і рух. А той, хто шукае толькі вечна нязменнага блакітнага спакою, той ужо — мінулае, ці гэта малады і клапатлівы пра сябе ці састарэлы — гады не маюць значэння. Блакітнае мае свой голас, яно гучыць, як супакоенасць, забыццё, але толькі на часіну, каб толькі адпачыць; такія хвіліны нельга марнаваць.

Каб быў я пісьменнік, то я абавязкова сказаў бы так:

«О неспакойны Чалавек! За тое, што думаеш, пакутуеш дзеля будучыні, слава табе! Калі захочацца табе даць адпачынак душы, ідзі напрадвесні ў лес да пралесак, і ты ўбачыш цудоўны сон-яву. Ідзі хутчэй: праз некалькі дзён пралесак можа і не стаць, а ты не зможаш запомніць чароўнага відовішча, падараванага прыродаю. Ідзі, адпачні. Пралескі — на шчасце, гавораць людзі».

…А Бім храпе. І сніць: перабірае нагамі — бяжыць спрасонку. Яму пралескі як пятая нага: што блакітнае, тое бачыцца яму шэрым (такі ўжо бясколерны ў сабакі зрок). Прырода стварыла быццам ачарніцеля рэчаіснасці. Паспрабуй угавары яго, мілага сябра, каб ён паглядзеў вачыма чалавека. Хоць голаў яму адкруці, а будзе бачыць ён па-свойму. Зусім самастойны сабака.


Раздзел 3. Першы вораг Біма


Мінула лета, вясёлае Біму, радаснае, поўнае сяброўства з Іванам Іванавічам. Выхады на лугі і балоты (без стрэльбы), сонечныя дні, купанне, ціхія вечары на беразе рэчкі — што яшчэ патрэбна кожнаму сабаку? Нічога не трэба — гэта вядома.

На трэніроўках і настаўленні яны сустракаліся з паляўнічымі. З гэтымі знаёмства адбывалася адразу ж, таму што з кожным такім чалавекам быў сабака. Яшчэ да таго, як сыходзіліся гаспадары, сабакі беглі адзін да аднаго і коратка перагаворваліся сабачаю моваю рухаў і позіркаў:

«Ты хто: ён ці яна?» — пытаўся Бім, абнюхваў адпаведныя месцы (толькі для блізіру, вядома).

«Сам бачыш, чаго пытаешся», — адказвала яна.

«Як жывецца?» — весела пытаўся Бім.

«Працуем!» — віскнуўшы, адказвала субяседніца, гулліва падскочыўшы на ўсіх чатырох нагах.

Пасля гэтага яны курэлі да гаспадароў і то аднаму, то другому дакладвалі пра знаёмства. Калі абодва паляўнічыя садзіліся ў цень пад кусты ці дрэва, каб пагаварыць, сабакі нагульваліся так, што язык не ўлазіў у рот. Тады яны клаліся каля гаспадароў і слухалі ціхую шчырую гаворку.

Астатнія людзі, акрамя паляўнічых, мала цікавілі Біма: людзі, і ўсё там. Усе яны добрыя. Але ж не паляўнічыя!

А вось сабакі, гэтыя — розныя.

Аднойчы на лузе спаткаўся ён з кудлаценькім сабачкам, удвая меншым за яго, чорненькім такім. Павіталіся халаднавата, без гуллівасці. Ды якія там смешачкі, калі новенькі на звычайны ў такіх выпадках кодэкс пытанняў адказваў, ляніва махаючы хвастом.

«Я есці хачу».

Пахла ў яго з рота мышанём. І Бім спытаўся здзіўлена, абнюхаўшы яго губы:

«Ты з'еў мыш?»

«З'еў мыш, — адказаў той. — Я хачу есці». — І ўзяўся грызці белы вузлаваты корань чароту.

Бім хацеў таксама паспытаць чаротавага кораня, але Кудлатка запратэставаў, сказаў усё тое ж:

«Я есці хачу».

Бім пасядзеў, пачакаў, пакуль ён дагрыз усё, і запрасіў яго з сабою. Той пайшоў без пярэчанняў, патрухваючыся ўслед, ускудлачаны, але чысты: відаць, любіў купацца, як і большасць сабак, таму летам яны і не бываюць гразныя, нават валацугі. Бім прывёў яго да гаспадара, які здалёку сачыў за знаёмствам свайго сябра. Але Кудлатка не паверыў адразу чужому чалавеку, сеў наводдаль, не гледзячы на тое, што Бім увесь час бегаў ад гаспадара да яго і назад, клікаў, пераконваў. Іван Іванавіч зняў рукзак, дастаў адтуль каўбасу, адрэзаў маленькі кавалачак і кінуў Кудлатку:

— Ідзі ка мне, Кудлатка. Ідзі.

Кавалачак упаў за тры метры ад яго. Ён, асцярожна пераступаючы, дастаў да яго, з'еў адразу. Па другі кавалачак падышоў бліжэй. А пасля сеў ля самых ног чалавека, нават даўся пагладзіць сябе, хоць і з аглядкаю. Бім і Іван Іванавіч аддалі яму ўсё кольца каўбасы: гаспадар кідаў кавалачкі, а Бім не замінаў Кудлатку есці. Усё не новае: кінь кавалачак — падыдзе бліжэй, кінь другі — яшчэ бліжэй, разам з трэцім, чацвёртым — будзе ля самых ног і стане служыць вераю і праўдаю. Так думаў Іван Іванавіч. Ён абмацаў Кудлатку, паляпаў па загрыўку і сказаў:

— Нос халодны — здаровы. Гэта добра. — І загадаў абодвум: — Пайшлі, пайшлі!

Кудлатка не разумеў такіх слоў, але калі ўбачыў, як Бім заснаваў чаўнаком па траве, скеміў: трэба бегаць. І, вядома, яны загулялі зусім па-сабачы, так, што Бім нават забыўся, чаго ён тут. Іван Іванавіч не пярэчыў, а ішоў сабе, пасвістваў.

Да горада Кудлатка правёў без усяго, але на ўскраіне нечакана сеў збоч дарогі — і ні з месца. Клікалі, запрашалі — не ідзе. Так і застаўся сядзець, праводзіў іх вачыма. Памыліўся Іван Іванавіч — не кожнага сабаку можна купіць за хлеб.

Бім не ведаў і не мог ведаць, што ў Кудлаткі таксама былі гаспадары, што жылі яны ў сваім маленькім доміку, што тую вуліцу, дзе быў дамок, знеслі, а гаспадарам Кудлаткі далі кватэру на пятым паверсе, з выгодамі.

Адным словам, кінулі Кудлатку на волю бога. Але ён знайшоў і новы дом, і дзверы гаспадара, а там яго набілі і прагналі. Вось і жыве ён адзін. Ходзіць па горадзе толькі ноччу, як і многія бяздомныя сабакі. Іван Іванавіч дагадаўся пра ўсё, але расказаць Біму немагчыма. Бім проста не хацеў пакідаць яго: азіраўся, прыпыняўся і пазіраў на Івана Іванавіча. А той ішоў сабе.

Каб толькі ведаў ён, які горкі лёс звядзе Біма і Кудлатку, каб ведаў, дзе і калі сустрэнуцца яны, не ішоў бы цяпер так спакойна. Але будучыня невядома і чалавеку.

…Мінула трэцяе лета. Добрае Біму лета, нядрэннае і Івану Іванавічу. Аднае ночы гаспадар зачыніў акно і сказаў:

— Марозік, Бімка, першы марозік.

Бім не зразумеў. Ён устаў і тыцнуўся носам у калена Івану Іванавічу, быццам сказаў: «Не разумею».

Іван Іванавіч ведаў сабачую мову добра — мову вачэй і рухаў. Ён запаліў святло і спытаў:

— Не разумееш, дурненькі? — Потым растлумачыў дакладна: — На слонак заўтра. Слонка.

Во, гэта слова Бім ведаў! Ён падскочыў і ўсё-такі лізнуў свайго гаспадара ў падбародак.

— На паляванне заўтра, на паляванне, Бім!

Куды там! Бім закруціўся, як юла, ловячы свой хвост, віскнуў, потым сеў і ўпіўся вачыма ў твар Івана Іванавіча, уздрыгваючы ачосамі пярэдніх лап. Гэта чаруючае слова «паляванне» вядома Біму як сігнал на шчасце.

Але гаспадар загадаў:

— А пакуль што спаць. — Выключыў святло і лёг.

Да канца ночы Бім пралежаў ля ложка сябра. Які там сон! Ён і сам, Іван Іванавіч, то драмаў, то прачынаўся ў чаканні світання.

Раніцаю яны разам склалі рукзак, выцерлі ад масла ствалы стрэльбы, крыху пад'елі (на паляванне ісці нельга наеўшыся), праверылі патранташ, перакладваючы набоі з гнязда ў гняздо. Работы было многа на гэты кароткі час збораў: гаспадар на кухню — Бім на кухню, гаспадар у кладоўку — Бім туды, гаспадар вымае кансерву з рукзака (нядобра легла) — Бім бярэ яе і пхае назад, гаспадар правярае патроны — Бім сочыць (каб не памыліўся); і ў футарал ад стрэльбы трэба не раз тыцнуцца носам (ці тут?); а тут якраз свярбіць за вухам ад хвалявання — толькі і ведай, што падымай лапу і чухай, прападзі яно пропадам, калі без таго клопату — не прадыхнуць.

Ну, сабраліся. Бім быў у захапленні. Як жа! На гаспадару паляўнічая куртка, закінута за плечы паляўнічая сумка, знята стрэльба.

— На паляванне, Бім! На паляванне, — паўтарыў ён.

«На паляванне, на паляванне!» — гаварылі Бімавы вочы ад захаплення. Ён нават павіскваў, перапоўнены ўдзячнасцю і любоўю да свайго адзінага на свеце сябра.

У гэты момант і ўвайшоў чалавек. Бім ведаў яго — сустракаў на дварэ, — але лічыў нецікавым, які не заслугоўвае асаблівае ўвагі. Каратканогі, тоўсты, шыракаплечы, шыракатвары, ён сказаў чуць скрыпучым баском:

— Значыцца, прывітанне! — Ісеў на крэсла, выціраючы твар хусцінкаю. — Та-ак… На паляванне, значыцца?

— На паляванне, — незадаволена буркнуў Іван Іванавіч, — на слонак. Ды вы заходзьце — будзеце госцем.

— Вось та-ак… на паляванне… Давядзецца адкласці, значыцца.

Бім перавёў позірк з гаспадара на госця, здзіўлена і ўважліва. Іван Іванавіч сказаў амаль сярдзіта:

— Я не разумею. Растлумачце.

І тут Бім, наш ласкавы Бім, спачатку чуць загырчаў і неспадзеўкі гаўкнуў. Зроду такога не здаралася, каб дома — і на госця. Госць не спалохаўся, яму, здавалася, было ўсё роўна.

— На месца! — гэтак жа сярдзіта загадаў Іван Іванавіч.

Бім пакарыўся: лёг на ляжак, паклаўшы галаву на лапы, і глядзеў на госця.

— Бач ты! Слухае, значыцца. Та-ак… Значыцца, ён і на жыхароў у пад'ездзе брэша, напрыклад, як на лісу?

— Ніколі. Ніколі і ні на кога. Гэта першы раз. Слова гонару! — хваляваўся Іван Іванавіч і сердаваў: — Дарэчы, да лісіц ён нічога не мае.

— Та-ак, — зноў завёў госць. — Давайце па парадку.

Іван Іванавіч скінуў куртку і сумку.

— Я слухаю вас.

— У вас, значыцца, сабака, — пачаў госць. — А ў мяне, — ён выняў з кішэні паперку, — скарга на яго. — І падаў гаспадару.

Іван Іванавіч чытаў і хваляваўся. Бім прыкмеціў гэта, самохаць сышоў са свайго месца і сеў ля ног сябра, быццам баронячы яго, але на госця больш не глядзеў, хоць і быў напагатове.

— Глупства ўсё, — сказаў Іван Іванавіч спакайней. — Глупства. Бім — ласкавы сабака, нікога не кусаў і не ўкусіць, нікога не пакрыўдзіць. Сабака інтэлігентны.

— Хэ-хэ-хэ! — пакалыхаў жыватом госць. І недарэчна чыхнуў. — О-о, скаціна! — бяскрыўдна сказаў ён да Біма.

Бім яшчэ больш адвярнуўся ўбок, але зразумеў, што гавораць пра яго. І ўздыхнуў.

— Як гэта вы разбіраеце скаргі? — спытаў Іван Іванавіч ужо спакойна, усмешліва. — На каго скарга, таму даяце яе чытаць. Я і так паверыў бы вам, каб пераказалі.

Бім заўважыў у вачах у госця смяшынку. А той прама сказаў:

— Перш-наперш, так і патрабуецца. Па-другое, скарга не на вас, а на сабаку. А сабаку мы чытаць не дадзім… — І засмяяўся.

Гаспадар таксама слаба ўсміхнуўся. Бім нават і не падумаў: ведаў, што гаворка пра яго, а што да чаго, не мог уцяміць — вельмі ж незразумелы госць. Той тыцнуў пальцам на Біма і сказаў:

— Сабаку звальняць трэба. — І махнуў рукою да дзвярэй.

Бім зразумеў, што патрэбна ад яго: пайсці. Але ад гаспадара не адступіў і на сантыметр.

— А вы паклічце тую, што скардзіцца, — пагаворым, уладзім усё, магчыма, — папрасіў Іван Іванавіч.

Госць, зусім нечакана, пайшоў і скора вярнуўся з жанчынаю:

— Вось прывёў да цябе цётку, значыцца.

Бім яе таксама ведаў: невялічкая, крыклівенькая і тлустая, яна, аднак, цэлыя дні сядзела на лаўцы на двары з іншымі вольнымі жанчынамі. Аднойчы Бім нават лізнуў яе ў руку (не ад залішняе павагі да яе, а да чалавецтва наогул), ад чаго яна завішчала і пачала крычаць нешта на ўвесь двор, да адчыненых акон. Што яна там крычала, Бім не зразумеў, але напалохаўся, даў дзёру і задрапаў дома ў дзверы. Больш ён ні ў чым віны перад цёткаю не меў. І вось яна ўвайшла. Што з ім зрабілася! Ён пачаў туліцца да ног гаспадара, а калі той пагладзіў яго, то падціснуў хвост, пайшоў на ляжак і спадылба глядзеў на яе. Ён нічога не разумеў, што гаварыла цётка, а яна трашчала як сарока і ўсё паказвала на сваю руку. Але па яе рухах, па сярдзітых позірках, Бім зразумеў: гэта за тое, што лізнуў не таму, каму трэба. Малады-малады быў Бім, таму і не ўсё мог дакумекаць. Магчыма, ён думаў і так: «Вінаваты, вядома, але што цяпер зробіш». Ва ўсякім выпадку нешта накшталт гэтага было ў яго вачах.

Толькі няўцям было Біму, што вінавацяць яго несправядліва.

— Укусіць хацеў! Укусі-іць! Амаль што ўкусі-іў!

Іван Іванавіч, перабіўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Біма:

— Бім! А прынясі мне пантофлі.

Бім споўніў гэта з ахвотаю і лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнічыя чаравікі і ўсунуў ногі ў пантофлі.

— Цяпер занясі пастаў чаравікі.

Бім зрабіў і гэта: па аднаму занёс іх пад вешалку.

Цётка прымоўкла, вылупіла вочы. Госць сказаў з пахвалою:

— Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца. — Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку. — А яшчэ ўмее што-небудзь?

— Ды вы сядайце, сядайце, — запрасіў Іван Іванавіч цётку.

Яна села, схавала рукі пад фартух. Гаспадар паставіў Біму крэсла і загадаў:

— Бім! На крэсла!

Паўтараць Біму не трэба было. Цяпер усе сядзелі на крэслах. Цётка прыкусіла язык. Госць задаволена паківаў нагою, прыказваў:

— Добра выходзіць, добра, добра.

Гаспадар хітравата прыплюшчыў вочы да Біма:

— А ну дай лапу. — І падаў руку.

Прывіталіся.

— Цяпер, дурненькі, павітайся з госцем, — і паказаў на таго пальцам.

Госць падаў руку:

— Здароў, браток, здароў, значыцца.

Бім зрабіў усё далікатна, як і патрэбна было.

— А не ўкусіць? — асцярожна запыталася цётка.

— Ну што вы! — здзівіўся Іван Іванавіч. — Падайце руку і скажыце: «Лапку!»

Тая і сапраўды выцягнула руку з-пад фартуха і падала Біму:

— Толькі не ўкусі, — папярэдзіла яна.

Ну, а тут няма як і расказаць, што зрабілася. Бім шарахнуўся на ляжак, падрыхтаваўся бараніцца, прыціснуўшыся задам у куток, глядзеў у вочы гаспадару. Іван Іванавіч падышоў да яго, узяў за аброжак і падвёў да пакрыўджанае:

— Дай лапку, дай…

Не, не падаў лапу Бім. Адвярнуўся і глядзеў на падлогу. Першы раз не паслухаў. І панура паплёўся ў свой куток, паволі, вінавата і засмучана.

Вой, што тут зрабілася! Цётка затараторыла, як сухая трашчотка:

— Ты ж мяне збэсціў! — крычала яна на Івана Іванавіча. — Нейкі задрыпаны сабака на мяне, савецкую жанчыну, увагі не мае! — І тыцкала пальцам на Біма. — Ды я… ды я… Пачака-ай!

— Даволі! — неспадзявана раўнуў на яе госць. — Брэшаш ты, значыцца. Не кусаў ён цябе і не збіраўся. Ён жа цябе баіцца, як чорт кадзіла.

— Ты не крычы, — прабавала яна абараніцца.

Тады госць сказаў коратка:

— Кыш! — І загаварыў да гаспадара: — З такімі іначай нельга. — І зноў цётцы: — Бач ты! «Савецкая жанчына» яшчэ мне… Ідзі адсюль! — рыкнуў ён. — Яшчэ раз накаламуць — асмяю! Ідзі! — Скаргу ён парваў перад ёю.

Апошні сказ госця Бім зразумеў выдатна. А цётка пайшла маўчком, ганарліва задраўшы голаў і ні на кога не гледзячы, хоць Бім цяпер не зводзіў з яе вачэй і нават глядзеў яшчэ на дзверы пасля таго, як яна выйшла, а крокі яе заціхлі.

— Вельмі ж вы з ёю… грубавата, — сказаў Іван Іванавіч.

— Інакш няма як, кажу вам: увесь двор скаламуціць — ведаю. Калі гавару, то ведаю. Во дзе яны ў мяне, гэтыя сплетніцы і буяны, — ён паляпаў сябе па зашыйку. — Рабіць ёй няма чаго, яна і цаляе, каб куснуць каго. Дай такім волю, увесь дом пойдзе цераз пень-калоду.

Бім увесь час сачыў за тварам, за рухамі, інтанацыяй і зразумеў выдатна: госць і гаспадар ніяк не ворагі, а нават, як здаецца, паважаюць адзін аднаго. Назіраў ён доўга яшчэ, пакуль яны пра нешта гаварылі. Але калі даведаўся пра асноўнае, то астатняе яго мала цікавіла. Ён падышоў да ног госця і ўлёгся, быццам хацеў гэтым сказаць: «Прабачце».


Запіскі гаспадара
Сёння быў старшыня дамавога камітэта, разбіраўся са скаргаю на сабаку. Выйграў Бім. Між іншым, госць мой судзіў, як Саламон. Самародак!

Чаму ж Бім загырчаў на яго спачатку? А, зразумеў! Я ж не падаў руку, сустрэў прышэльца сурова (давялося ж адкласці паляванне), а Бім рабіў усё па сабачай сваёй натуры: вораг гаспадара — і мой вораг. І тут павінна быць сорамна мне, а не Біму. Дзіва, якое тонкае ў яго адчуванне інтанацыі, выразу твару, рухаў! Пра гэта абавязкова трэба памятаць.

Пасля была ў нас цікавая гаворка са старшынёй дамавога камітэта. Ён канчаткова перайшоў на «ты».

— Ты, — кажа, — толькі падумай: сто пяцьдзесят кватэр у мяне ў доме. А чатыры-пяць баламутак-гультаек могуць такога нарабіць, што жыць людзям не будзе як. І ўсіх я іх ведаю, і ўсе баяцца, а цішком клянуць. На дурнога ж жыхара нават і ўнітаз бурчыць. Дальбо!.. Самы мой страшны вораг хто? Ды той, хто не працуе. У нас можна і так, брат: не працаваць, а есці, што аж жывот трэскаецца. Тут нешта не тое, скажу я табе шчыра. Нешта не так, значыцца… Можна, можна не працаваць. Бач ты! Вось ты, напрыклад, што робіш?

— Пішу, — спакойна адказваю яму, хоць не зразумеў жартуе ён ці сур'ёзна гаворыць (вясёлыя людзі часта так могуць).

— Ды ці ж гэта работа! Сядзіш — нічога не робіш, а грошы, нябось, плацяць?

— Плацяць, — адказваю. — Але ж я мала палучаю — стараваты стаў, за пенсію жыву.

— А да пенсіі — хто?

— Журналіст я. У газетах рабіў. А цяпер патроху пішу пра тое-сёе дома.

— Пішаш? — паблажліва перапытаў ён.

— Пішу.

— Ну давай, калі на тое пайшло… Вядома, ты чалавек, відаць, нядрэнны, а тут бачыш… Вось яно то і ёсць. Я таксама на пенсіі, сто рублёў, а працую старшынёй дамкама. Я прывык працаваць, усё жыццё кірую, і з наменклатуры не выціснулі, і на другі захад не ішоў… Пад канец ужо зацерлі: ніжэй, ніжэй. Апошняе месца — маленькі заводзік. Там і пенсію далі: замінка крыху выйшла… Працаваць павінен кожны. Я так думаю.

— Але ж у мяне работа таксама цяжкая, — спрабаваў я апраўдвацца.

— Гэта пісаць? Глупства. Каб быў ты малады — дабраўся б я і да цябе. Ну, а калі пенсія… А так, калі маладыя ды не робяць, выкурваю з дома: ідзі на работу, а не — каціся абаранкам.

Ён і сапраўды насланнё на гультаёў у доме. Здаецца, галоўнае цяпер у яго ў жыцці — даканаць гультаёў, сплетнікаў і дармаедаў, але затое — і павучаць усіх па парадку, што ён і робіць ахвотна. Даказаць яму, што пісаць — таксама работа, аказалася немагчыма: тут ён ці хітрыў з падводным гумарком, ці быў проста паблажлівы (няхай, як гаворыцца, пішуць пакуль што — гультаі ёсць і не такія).

Пайшоў ён добры, без хітрыкаў, пагладзіў Біма і сказаў:

— А ты жыві, значыцца. Але з Цёткаю не займайся. — І да мяне: — Ну, бывай. Пішы, відаць, што зробіш, калі такая справа.

Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Бім правёў яго да дзвярэй, віляў хвастом і зазіраў у твар. У Біма з'явіўся новы знаёмы: Павел Цітавіч Рыдаеў, у абыходзе: «Палцітыч».

Затое ў Біма з'явіўся і вораг: Цётка, адзіны чалавек з усіх людзей, якія яму не вераць. Сабака спазнаў паклёпніка. Але паляванне прапала. Бывае так: чакае чалавек добрага дня, а мае адны непрыемнасці. Бывае.


Раздзел 4. Жоўты лес


У адзін з наступных дзён досвета яны ўдвух выйшлі з дому. Спачатку ехалі на трамваі, стоячы на пляцоўцы. Вагонаважатая аказалася знаёмая Івану Іванавічу і Біму. Вядома ж, Бім прывітаў яе, калі яна выходзіла перакінуць стрэлку. Важатая пацерабіла яго за вуха, але Бім не лізнуў у руку, а проста патупаў лапамі, седзячы, і адстукаў хвастом адпаведнае прывітанне.

Потым, ужо за горадам, ехалі на аўтобусе, у якім было толькі пяць-шэсць чалавек у такую рань. Калі садзіліся, шафёр нешта прабурчаў, паўтараючы «сабака» і «няма дазволу». Бім лёгка ва ўсім разабраўся: шафёр не хоча іх везці, і гэта дрэнна, — гледзячы на твары зразумеў. Адзін пасажыр заступіўся за іх, другі, наадварот, паддакнуў шафёру. Бім зацікаўлена глядзеў на спрэчку. Нарэшце шафёр выйшаў з аўтобуса. На парозе гаспадар даў яму жоўценькую паперку, узышоў па прыступках разам з Бімам, сеў на сядзенне і журботна ўздыхнуў: «Эх-хэ-хэ!»

Бім даўно прыкмеціў, што людзі мяняюцца нейкімі паперкамі, якія пахнуць бог ведае чым. Аднаго разу ён пачуў, што адна з тых, што ляжалі на стале, пахне крывёю, патыкаў у яе носам, каб заўважыў гаспадар, але той і ў вус не дзьмуў — бясчутны! — а толькі паўтараў сваё «нельга». Ды яшчэ і замкнуў паперкі ў шуфлядзе. Некаторыя, пакуль чыстыя, пахнуць хлебам, каўбасою, наогул, магазінам, але амаль усе — безліччу рук. Людзі любяць іх, гэтыя паперкі, хаваюць у кішэні, у шуфляды, як гаспадар. Хоць у гэтым Бім мала петрыў, аднак сцяміў: як толькі гаспадар даў шафёру паперку, яны пасябравалі. Але чаму ўздыхнуў Іван Іванавіч, Бім не разумеў, і было гэта прыкметна па яго пільнаму позірку ў вочы свайму сябру. Наогул, пра магічную сілу паперак ён і прыблізна не здагадваўся — недаступна гэта сабачаму розуму, не ведаў ён, што яму яны некалі саслужаць пагібельную службу.

Ад шашы да лесу ішлі пяшком.

Іван Іванавіч спыніўся на ўзлеску адпачыць, а Бім паблізу аблазіў мясцовасць. Такога лесу ён яшчэ не бачыў ніколі. Лес-то, прынамсі, той самы — яны былі тут вясною, прыходзілі і летам (так, пагуляць), але цяпер усё тут навокал было жоўтае і барвовае, здавалася, што ўсё гарыць і свеціць разам з сонцам.

Дрэвы толькі-толькі пачалі распранацца, і лісце падала, пагойдвалася ў паветры, нячутна і павольна. Было халаднавата і лёгка, а таму і весела. Пах восеньскага лесу — незвычайны, непаўторны, моцны і чысты такі, што за дзесяткі метраў Бім чуў, дзе гаспадар. Лясную мыш ён «прыхапіў» здалёку, але не пайшоў за ёю (яна вядомая драбяза), а вось нешта жывое так шыбанула ў нос, што Бім прыпыніўся. А як падышоў, забрахаў на калючы мячык.

Іван Іванавіч устаў з пянька і падышоў да Біма.

— Нельга, Бім! Нельга, дурненькі! Вожык гэта. Назад! — і павёў Біма за сабою.

Выходзіць, вожык — добры звярок, а чапаць яго нельга…

Цяпер Іван Іванавіч зноў сеў на пянёк, загадаў Біму таксама сядзець, а сам зняў шапку, паклаў яе побач на зямлю і глядзеў на лісце. І слухаў лясную цішыню. І, вядома ж, усміхаўся! Ён быў цяпер як і заўсёды перад паляваннем.

Бім таксама слухаў.

Прыляцела сарока, патрашчала нахабна і паляцела. Пераскокваючы з галінкі на галінку, наблізілася сойка, пакрычала з кашэчым надрывам і таксама паскакала прэч, па галінках. А вось і каралёк-матылёк-малютка, гэты зусім-зусім побач: «Свіць, свіць! Свіць, свіць!» Ну што ты яму зробіш? Сам з жучка, а і ён табе: «Свісць, свісць!» Быццам вітаецца.

А ўсё астатняе — цішыня.

І вось гаспадар устаў, дастаў з футарала стрэльбу, заклаў у ствалы набоі. Бім затрымцеў ад хвалявання. Іван Іванавіч ласкава пакудлаціў яму загрывак, і Бім яшчэ больш захваляваўся.

— Ну, хлопчык, шукай!

Бім пайшоў! Малым чаўнаком пайшоў, лавіруючы між дрэў, прысеўшы, прыгнуўшыся, напружыўшыся і амаль нячутна. Іван Іванавіч пакрысе рушыў услед, любуючыся на работу сябра. Цяпер лес з усёю прыгажосцю астаўся на другім плане: галоўнае — Бім, зграбны, азартны, лёгкі на нагу. Зрэдку Іван Іванавіч клікаў яго да сябе, загадваў ляжаць, каб даць супакоіцца, прызвычаіцца. А скора Бім пайшоў ужо роўна, па-гаспадарску. Вялікае майстэрства — работа сетэра! Вось ідзе ён лёгкім галопам, падняўшы галаву, яму не трэба апускаць яе і шукаць панізе, ён чуе пах зверху, і шаўкавістая шэрсць аблягае яго быццам вытачаную шыю; таму такі і прыгожы ён, што нясе галаву высока, з гонарам, упэўненасцю і азартам.

Гэтыя часіны Івану Іванавічу былі часінамі забыцця. Ён забываўся пра вайну, забываўся пра нягоды мінулага жыцця і пра сваю адзіноту. Нават сын Коля, яго роднае дзіця, якога забрала бязлітасная вайна, быццам быў побач, быццам ён, бацька, прыносіў радасць яму, нават мёртваму. Ён жа таксама быў паляўнічы! Мёртвыя не выходзяць з жыцця тых, хто любіў іх, мёртвыя толькі не старэюць, застаюцца ў сэрцах жывых навек маладымі. Так і ў Івана Іванавіча: рана зацягнулася шрамам на душы, але неадступна баліць. На паляванні ж усякі боль душы робіцца хоць крышку слабейшы, лягчэйшы. Шчасце таму, хто нарадзіўся паляўнічым!

І вось Бім пайшоў павальней, звузіў чаўнок, прыпыніўся на секунду і пайшоў ціха, крадком. Нешта кашачае было цяпер ва ўсіх яго рухах, мяккіх, асцярожных, плаўных. Цяпер ён ужо выцягнуў галаву на ўзроўні з тулавам. Кожнаю часцінкаю цела, і нават выцягнутым хвастом, апераным доўгаю шэрсцю, ён быў засяроджаны на струмені паху. Крок… І паднімаецца толькі адна лапа. Крок — і другая лапа гэтак жа на долю секунды застыне ў паветры і нячутна апускаецца. Нарэшце пярэдняя правая, як амаль і заўсёды, застыла, не дакранулася да зямлі.

Ззаду, узяўшы напагатове стрэльбу, ціха падышоў Іван Іванавіч. Цяпер дзве статуі: чалавек і сабака.

Лес маўчыць. Толькі ледзь-ледзь хвалюецца залатое лісце бяроз, купаецца ў сонечным бляску. Заціхлі маладыя дубкі побач з велічным асілкам дубам, бацькам і прародзічам. Бязгучна трапяталіся на асіне срабрыста-шэранькія лісцікі.

А на апалым жоўтым лісці стаяў сабака — адно з лепшых тварэнняў прыроды і чалавечага цярпення. Не варухнецца ні адзін мускул! У такія хвіліны Бім здаецца паўмёртвым, быццам у трансе ад захаплення і азарту. Вось што такое класічная стойка ў жоўтым лесе.

— Наперад, хлопчык…

Бім падняў слонку на крыло.

Стрэл!

Лес здрыгануўся, адгукнуўся незадаволеным, пакрыўджаным рэхам. Здалося, што бярозка, якая зайшла да мяжы дубняку і асінніку, спалохалася, здрыганулася. Дубы вухнулі, як віцязі. Асіна, што побач, паспешна пасыпала лісце.

Слонка ўпала, як камячок. Бім падаў яе як належыць. Але гаспадар, пагладзіўшы Біма і падзякаваўшы за прыгожую работу, патрымаў птушку на далоні, паглядзеў на яе і задумёна сказаў:

— Эх, не трэба было б…

Бім не зразумеў, паглядзеў у твар Івану Іванавічу, а той гаварыў:

— Толькі з-за цябе, Бім, толькі з-за цябе, дурненькі. А так — не варта.

І зноў Бім не зразумеў — не дазволена яму такое зразумець. Але ўсё паляванне гаспадар «пудлаваў», быццам сляпы. Зусім засердаваў сабака, калі гаспадар у адну слонку зусім не стрэліў. Затое апошнюю зрэзаў чыста.

Дадому яны вярталіся ўжо прыцемкамі, абодва стомленыя і абодва добрыя, ласкавыя адзін да аднаго. Бім, напрыклад, не захацеў начаваць на сваім лежаку, а прыцягнуў з яго падсцілку да ложка Івана Іванавіча і ўклаўся побач з ім, на падлозе. Гэта было неспраста: яго нельга было прагнаць на месца, таму што «месца» ён прынёс з сабою. Іван Іванавіч пакратаў яго за вуха, пагладзіў па хібу. Сяброўства, здавалася, будзе навек.

Тае ночы Іван Іванавіч чамусьці ціхенька стагнаў, уставаў, каўтаў таблеткі і зноў лажыўся. Бім спачатку насцярожана прыслухоўваўся, прыглядаўся да сябра, потым устаў і лізнуў працягнутую з ложка руку.

— Асколак… Асколак, Бімка… паўзе. Дрэнна, хлопчык, — сказаў Іван Іванавіч і трымаў руку ля сэрца.

Слова «дрэнна» Бім ведаў выдатна і ўжо даўно. І вось ужо некалькі разоў ён чуў слова «асколак», ён не разумеў яго, але сабачым нутром здагадваўся, што яно трывожнае, нядобрае слова, жудаснае.

Але ўсё абышлося добра: раніцаю, пасля праходкі, Іван Іванавіч сеў за стол, як і заўсёды, паклаў перад сабою белы аркуш і зашаптаў па ім палачкаю.


Запіскі гаспадара
Учора быў шчаслівы дзень. Усё як мае быць: восень, сонца, жоўты лес, артыстычная работа Біма. Чаго ж яшчэ?

У аўтобусе Бім, быць не можа інакш, заўважыў, як я ўздыхнуў, і, відавочна, не зразумеў пра ўсё. Адкуль дадумацца сабаку, што я магу даць хабар шафёру. Сабаку начхаць на гэта. А мне? Якая там розніца — даў рубель я за «малое», ці дваццаць за «большае», ці тысячу за «вялікае»? А ўсё роўна брыдка. Быццам прадаеш сумленне па кавалачках. Вядома ж, Бім стаіць непараўнальна ніжэй за чалавека, таму і ніколі не здагадваецца пра гэта.

Не зразумець гэтага Біму, што сумленне і паперкі гэтыя, як нітка з іголкаю. Але што я за дзівак! Ці можна ж хацець ад сабакі больш, чым ён можа: ачалавечыць сабаку нельга.

І яшчэ: мне шкада стала забіваць дзічыну. Гэта, бадай, старасць. Так добра было вакол, і раптам мёртвая птушка… Я не вегетарыянец і не ханжа, які расказвае пра мукі забітае жывёліны і ўмінае за абедзве мяса, але да апошніх дзён раблю сам сабе наказ: адну-дзве слонкі за паляванне, не болей. Каб ніводнае — яшчэ лепей бы, але Бім зачахне як паляўнічы сабака, а я мушу буду купляць птушку, якую мне застрэліць хтосьці. Не ўжо, збаўце мяне ад гэтага… А да каго я гавару, уласна? Мусіць, самому сабе: раздвоіўся за доўгую адзіноту, і гэта непазбежна. Спрадвеку ад гэтага ратаваў сабака.

Чаму ж такі асадак пасля ўчарашняга дня? Ці толькі пасля ўчарашняга? Ці не прамаргаў я нейкую думку? Такім чынам, учарашні дзень: імкненне да шчасця — і жоўты рубель; жоўты лес — і забітая птушка. Гэта што? Ці не здрада сумленню?

Стой! Вось тая думка, што ўчора выслізнула: не здрада, а дакор сумлення і боль за ўсіх, хто забівае абы забіваць, што ў чалавеку нестае чалавечнасці. З мінулага, з успамінаў пра мінулае прыходзіць і расце ўва мне жаль да птушак і жывёлін.

Я ўспамінаю.

Была дырэктыва кіраўніцтва Таварыства паляўнічых, каб знішчаць сарок за іх шкоднасць, і гэта грунтавалася, нібыта, на назіраннях біёлагаў. І ўсе паляўнічыя білі сарок са спакойным сэрцам. Была такая ўстаноўка і пра каршуковых. Іх таксама забівалі. І пра воўка. Гэтага выбілі амаль падчыстую. За воўка давалі прэмію (трыста рублёў) у старых грашах, а за лапкі сарокі ці коршака, якія паказвалі ў паляўнічым таварыстве, — ці то пяць капеек, ці то пяцьдзесят — не памятаецца.

Але тут, у новай устаноўцы, коршакі і сарокі аб'яўлены карыснымі, не ворагамі птушак: знішчаць іх забаронена. Найстражэйшы загад знішчаць замяніўся на стражэйшы наказ забароны.

Цяпер засталася адна толькі птушка, якую законам дазваляецца знішчаць, якая па-за законам, — сівая варона. Яна быццам разбурае птушыныя гнёзды (за гэта безапеляцыйна вінавацілі і сароку). Затое няма вінаватага за атручаных ядахімікатамі птушак у стэпавых і лесастэпавых раёнах. Ратуючы лес і поле, мы нішчылі птушак, а знішчаючы іх… глумілі лясы. Няўжо аказалася вінаватаю сівая варона, спрадвечны санітар і спадарожнік чалавечага грамадства?

Спіхай усё на сівую варону! — самае пэўнае, элементарнае апраўданне тым, хто вінаваты за смерць птушак.

Доўгія эксперыменты са смерцю — жахліва. Паўстаюць ужо супроць гэтага справядлівыя вучоныя-біёлагі і паляўнічыя, ужо барацьба за ахову лесу і птушак ідзе ў міжнародным маштабе.

Ці падняў я ў свой час голас супроць эксперыментаў са смерцю? Не. І гэта дакор і майму сумленню. Як блекла і немачна прагучаў бы мой голас зараз, каб сказаў я, адумаўшыся, такое:

«Ратуйце шэрую варону — выдатнага санітара людскога месцажыхарства, ратуйце яе ад вынішчэння, бо яна дапамагае ачышчаць мясцовасць вакол нас так, як сатырык ачышчае грамадства ад духоўнае нечыстаты, ратуйце шэрую варону за гэта самае; хай яна крышку і зладзейка птушыных яек, але на тое яна і шэрая варона, каб птушкі ўмелі будаваць свае гнёзды; ратуйце гэту насмешніцу, адзіную птушку, якая мае наіўнае нахабства, што нават у вочы чалавеку можа ляпнуць з дрэва: «Ка-ар-р!» (Пайшоў вон, дурань!) А вось адышліся вы, зляціць долу, насмешліва каркаючы, возьмецца зноў аплятаць смярдзючы кавалак мяса, які ніводзін сабака не возьме ў рот; ратуйце шэрую варону — сатырыка ў птушыным свеце! Не бойцеся яе. Паглядзіце, як маленькія ластавачкі дружна клююць яе і гоняць адтуль, дзе чыста, а яна ляціць ад іх, здзекліва пакаркваючы, туды, дзе пахне прытухлым. Ратуйце шэрую варону!»

Сапраўды, выйшла б і немачна і бяздоказна. Тады няхай і застаецца ў гэтым сшытку пра Біма. Зараз вось так проста і напішу на вокладцы: «Бім». Тут усё будзе толькі самому сабе. І запіскі ж гэтыя я пачаў, каб выратаваць гонар Біма, вінаватага сваім нараджэннем, але яны ўсё разрастаюцца, і ўжо пра ўсё тое, што звязана не толькі з Бімам, але і са мною. Ніхто, відаць, іх не надрукуе, ды і каму ахвота чытаць пра сабаку і пра сябе? Нікому. Так і хочацца напісаць словы Кальцова:


Пишу не для мгновенной славы:
Для развлеченья, для забавы,
Для милых искренних друзей,
Для памяти минувших дней.

…А Бім ляжыць і ўдзень — нарабіўся, прыяцель, нахапаўся гаючых пахаў жоўтага лесу.

Ах, жоўты лес, жоўты лес! Вось вам і асколачак шчасця, вось табе і месца, дзе падумаць. У асеннім сонечным лесе чалавек робіцца лепшы.


Раздзел 5. На аблаве ў воўчым яры


Аднаго асенняга дня да Івана Іванавіча зайшоў чалавек, ад якога пахла стрэльбаю і сабакам. Хоць ён і не быў у паляўнічых рэгаліях і апрануты быў звычайна, як усе малацікавыя людзі, але Бім адчуў ад яго і тонкі пах лесу, і след ад стрэльбы на далонях, і духмяны дух асенняга лісту ад чаравік. Вядома ж, пра ўсё гэта Бім сказаў, абнюхваючы госця, пазіраючы на гаспадара і энергічна пакручваючы хвастом. Бачыў ён яго першы раз, але ж адразу прызнаў за сябра без усякіх сумненняў і нерашучасці.

Госць ведаў сабачую мову, таму і сказаў ласкава:

— Прызнаў, прызнаў. Маладзец, добра, добра. — Пагладзіў па галаве і сказаў упэўнена і ясна: — Сядзець!

Бім выканаў загад — сеў і нецярпліва перабіраў лапамі. І слухаў, і глядзеў не спускаючы вачэй.

Госць і гаспадар паціснулі адзін аднаму рукі, сустрэліся добрымі-добрымі вачыма.

«Выдатна!» — сказаў Бім, віскнуў.

— Разумны сабака, — сказаў госць, кінуўшы вокам на Біма.

— Добры Бім, лепшага не трэба! — пацвердзіў Іван Іванавіч.

Вось так яны крыху пагаварылі ўтрох, і госць-паляўнічы дастаў з кішэні паперку, паклаў яе на стол, пачаў вадзіць па ёй пальцам і гаварыў:

— Вось тут… тут, у самай гушчэчы Воўчага яра. Сам падвываў. Пяцёра адгукнулася: трое прыбылых, два мацёрыя. Аднаго пабачыў. Ну і ваўчыла!

Бім ведаў словы гаспадара, калі шукаў: «Тут-тут, тут-тут». І насцеражыўся. Але калі было сказана слова «ваўчыла!», вочы яго расшырыліся: гэта быў жудасны пах ляснога сабакі, пах, якога напалохаўся Бім, пах, пра які гаспадар тады, пужаючы, сказаў, паказваючы на след: «Воўк! Гэта воўк, Бім». Вось цяпер і паляўнічы сказаў гэтаксама: «Ну і во-оўк!»

Госць пайшоў, развітаўшыся з Бімам.

Іван Іванавіч сеў набіваць набоі, закладваючы буйныя гарошыны свінцу і перасыпаючы іх бульбянаю мукою.

Ноччу Бім спаў неспакойна.

А задоўга да світання яны выйшлі са стрэльбаю на вуліцу і сталі ля вугла. Скора пад'ехаў вялікі аўтамабіль з паляўнічымі. Яны сядзелі і ў накрытым кузаве на лаўках, сядзелі ціха і ўрачыста. Іван Іванавіч спачатку пасадзіў Біма, потым і сам улез у кузаў. Учарашні паляўнічы сказаў Івану Іванавічу:

— Э-э, не! Нашто ж Бім з табою!

— Сабак не павінна быць на аблаве. Зняць! — строга сказаў хтосьці. — Падасць голас — прапала аблава.

— Бім не падасць голасу, — быццам апраўдваўся Іван Іванавіч. — Не ганчак жа ён.

Яму пярэчылі адразу ў некалькі галасоў, але кончылася на тым, што ўчарашні госць сказаў:

— Дарма. З Бімам пастаўлю на запасную! Ёсць месца, Іван Іванавіч: было так, што воўк вырываўся там са сцяжкоў, па пратоцы.

Бім здагадаўся, што яго не хочуць браць. Ён таксама ўгаворваў суседзяў, але ў цемнаце яго ніхто не зразумеў. І ўсё ж аўтамабіль рушыў.

Ужо сонца ўзышло, калі спыніліся ля леснічоўкі знаёмага лесніка. Выйшлі ўсе ціха, без адзінага слова, як і Бім. Потым доўга ішлі ланцужком паўз узлесак. Ніхто не курыў, не кашляў, не стукнуў нават ботам аб бот, ступаючы па-сабачы: тут кожны ведаў — куды, хто і нашто. Не ведаў толькі Бім, але ён таксама ценем ішоў услед за гаспадаром. Той на хаду крануў Біма за вуха: добра, маўляў, маладзец Бім.

Паперадзе, за галоўнага, ішоў учарашні госць-паляўнічы. І вось ён падняў руку — усе спыніліся. Трое пярэдніх пайшлі ў лес яшчэ асцярожней, па-кашачы, і скора вярнуліся. Цяпер Галоўны падняў над галавою фуражку, махнуў ёю ўперад. Па гэтым знаку палавіна паляўнічых пайшла за ім, сярод іх апошні і Іван Іванавіч з Бімам. Так што Бім ішоў апошні: цішэй за яго ніхто не мог ісці, але, нягледзячы на гэта, Іван Іванавіч узяў яго на павадок.

Па маўклівай камандзе Галоўнага першы, хто ішоў за ім, стаў за куст і замёр. Скора гэтаксама заціх ля дубняку і другі, потым трэці, і так па аднаму ўсе сталі на свае нумары. Засталіся ля Галоўнага толькі Іван Іванавіч і Бім. Яны ішлі асцярожней, чым раней. Цяпер Бім бачыў, што паўз іхнюю дарогу нацягнуты шнур, а на ім нерухома віселі кавалкі мацеры, падобнае на агонь. Але нарэшце Галоўны паставіў іх і сам пайшоў назад.

Бім чуйным вухам чуў усё-такі яго крокі, хаця людзям і здавалася, што ніхто іх не чуе. Бім учуў яшчэ, што Галоўны правёў і астатніх паляўнічых, але так далёка, што нават і Бім ужо не чуў шамацення.

І настала цішыня. Насцярожаная, трывожная лесавая цішыня. Бім адчуваў гэта і па тым, як заціх гаспадар, як здрыганулася яго нага ў калене, як нячутна адчыніў ён стрэльбу і паклаў у ствалы набоі, зачыніў і зноў насцярожана застыў.

Яны стаялі, захінутыя кустом арэшніку, збоч прамыіны, якая зарасла густым цярноўнікам. А вакол быў магутны дубовы лес, суровы ў гэтую пару, маўклівы. Кожнае дрэва — волат! А пад ім густы падлесак яшчэ мацней адцяняў незвычайную сілу адвечнага лесу.

Бім ператварыўся ў камячок з самое пільнасці; сядзеў нерухома і лавіў пахі, але пакуль што нічога адметнага не прыкмячаў, бо паветра было нерухомае, і ад гэтага Біму было неспакойна. Калі ёсць хоць маленькі ветрык, ён заўсёды ведаў, што там наперадзе, ён чытаў струменьчыкі паветра, як радкі, а без ветру, ды яшчэ ў такім лесе, — паспрабуй быць спакойны, калі да ўсяго гэтага і яго добры сябар стаіць побач і таксама хвалюецца.

І раптам пачалося.

Сігнальны стрэл распароў цішыню на вялікія кавалкі: рэха прагрымела то там, то тут, то дзесьці ўдалечыні. А следам, быццам у тон лясному грому, далёка-далёка голас Галоўнага:

— Пайшо-о-оў! Ого-го-го-го-го-о-о!

Іван Іванавіч нахіліўся да Біма і ледзь чутна прашаптаў:

— Ляжаць!

Бім лёг. І калаціўся.

— Ого-го-го-о-о! — раўлі там паляўнічыя-загоншчыкі.

Цішыня цяпер рассыпалася на галасы, незнаёмыя, нястомныя, дзікія. Застукалі палкамі па дрэвах, затрашчала трашчотка, як сарока на пагібель. Ланцуг загоншчыкаў набліжаўся з крыкам, гоманам і стрэламі ў паветра.

І вось… Бім пачуў знаёмы з юнацтва пах: воўк! Ён прытуліўся да нагі гаспадара, ледзь-ледзь — зусім толькі-толькі! — прыўстаў на лапах і выцягнуў хвост. Іван Іванавіч усё зразумеў.

Яны ўбачылі абодва: уздоўж сцяжкоў, не пад стрэламі, паказаўся воўк. Ішоў ён шырокім махам, галаву апусціў, хвост вісеў, як палена. І адразу ж звер прапаў. У той жа час пачуўся стрэл у ланцугу стралкоў, потым другі.

Лес грымеў. Лес амаль што злосна растрывожыўся.

Яшчэ стрэл на нумары. Гэта ўжо зусім побач. А крыкі ўсё бліжэй, бліжэй і бліжэй.

Воўк, вялізны стары воўк, паказаўся нечакана. Ён прыйшоў па прамыіне, схаваны цярноўнікам, а пабачыўшы сцяжкі, раптоўна спыніўся, быццам на нешта напароўся. Але тут, над прамыінаю, сцяжкі віселі вышэй, чым на ўсёй лініі, утрая вышэй, чым рост самога звера. А гоман людзей насядаў. Воўк неяк нерашуча, нават вяла, прайшоў пад сцяжкамі і апынуўся метраў за пятнаццаць ад Івана Іванавіча і Біма. Вось ён зрабіў колькі махаў, але тым часам і сабака і чалавек успелі ўбачыць, што ён быў паранены: крывавая пляма расплылася на баку, рот аблямаваны пенаю з чырванаватым адценнем.

Іван Іванавіч стрэліў.

Воўк, падскочыўшы на ўсіх чатырох нагах адразу, раптоўна, усім тулавам, не паварочваючы шыю, павярнуўся на стрэл і… спыніўся. Шырокі, магутны лоб, набеглыя крывёю вочы, выскаленыя зубы, чырванаватая пена… І ўсё ж ён не быў нікчэмны. Ён быў прыгожы, гэты вольны дзікун. О, не, ён не палахлівец, ён не хацеў апускацца і цяпер, горды звер, але… абрынуўся-такі пластом, паволі перабіраючы лапамі. Потым заціх, супакоіўся. Бім не мог стрываць усяго гэтага. Ён усхапіўся і стаў на стойку. Але што то была за стойка! Шэрсць на спіне стала дыбком, на загрыўку стаяла тырчма, а хвост заціснуўся між ног: зласнавата-палахлівая, праціўная стойка на свайго брата, на гордага цара сабак, ужо мёртвага і таму бяспечнага, але страшнага нават духам сваім і крывёю страшнага. Бім ненавідзеў свайго брата. Бім верыў чалавеку, воўк не верыў. Бім баяўся брата, брат не баяўся яго, нават смяротна паранены.

…А крыкі наблізіліся ўжо ўшчыльную. Яшчэ раз стрэлілі. І яшчэ здуплявалі. Мабыць, яшчэ нейкі вопытны воўк ішоў уздоўж ланцуга і, магчыма, вырваўся з яго ў самы апошні момант, калі людзі перасталі пільнавацца і пачалі падыходзіць адзін да аднаго. Нарэшце паказаўся ад падлеску Галоўны, падышоў да Івана Іванавіча і сказаў, гледзячы на Біма:

— Глядзі ты! На сабаку не падобны: звер зверам. А два выскачылі-такі, уцяклі. Адзін паранены.

Іван Іванавіч лашчыў Біма, угаворваў, але той хоць і паклаў шэрсць на спіне, аднак усё круціўся на адным месцы, часта-часта дыхаў, высунуўшы язык, і адварочваўся ад людзей. Калі ж абодва паляўнічыя пакіравалі да забітага воўка, Бім не пайшоў следам, а, наадварот, насуперак усім правілам, цягнучы за сабою павадок, адышоў метраў за трыццаць убок, лёг, паклаў галаву на жоўтае лісце і ўсё ліхаманкава калаціўся. Вярнуўшыся да яго, Іван Іванавіч заўважыў, што вочы Біма набеглі крывёю, крывава-чырвоныя. Звер!

— А, Бімка, Бімка. Цяжка табе? Вядома, цяжка. Трэба так, хлопчык. Трэба.

— Памятай, Іван Іванавіч, — сказаў Галоўны, — лягавага сабаку можна і загубіць воўкам — будзе баяцца лесу. Сабака — раб, воўк — звер вольны.

— Так-то яно так, але Біму чатыры гады — дарослы сабака, лесам не напужаеш. Затое ў лесе, дзе ваўкі, ён ужо не адыдзе ад цябе: наткнецца на след і скажа: «Ваўкі!»

— І то праўда: ваўкі ж легашоў грызуць, як куранят. А гэтага цяпер наўрад ці ўбяруць: не адыдзе ад нагі, калі пачуе.

— Вось бачыш! Толькі да года не трэба палохаць воўкам. А так — нічога не зробіш! — хай трывае.

Іван Іванавіч павёў Біма, а Галоўны застаўся ля воўка, чакаць загоншчыкаў.

Калі сабраліся ля леснічоўкі ўсе паляўнічыя, выпілі па чарцы і загаманілі, вясёлыя, усхваляваныя, Бім чужы і адзінокі, ляжаў пад плотам, скруціўшыся ў абаранак, суровы, чырванавокі, уражаны і пераможаны ваўчыным духам. Ах, калі б ведаў ён, што лёс яшчэ раз закіне яго ў гэты ж самы лес!

Да яго падышоў ляснік, гаспадар леснічоўкі, прысеў на кукішкі, пагладзіў па спіне:

— Добры сабака, добры. Разумны сабака. За ўсю аблаву ні цяўкнуў,ні завыў.

Тут усе любілі сабак.

Але калі паляўнічыя паселі ў машыну і Іван Іванавіч падсадзіў туды Біма, той, як кошка, скочыў назад: ён не хацеў быць разам з трыма мёртвымі ваўкамі.

— Ого! — сказаў Галоўны. — Гэты цяпер не прападзе.

Незнаёмы тоўсты паляўнічы незадаволена вылез з кабіны і цяжка палез у кузаў, а Іван Іванавіч з Бімам селі ў кабіну.


Пасля паляванні на слонку былі не так і часта, але Бім рабіў работу цудоўна, як раней. Аднак варта было толькі ўчуць воўчы след — ён канчаў паляванне: туліўся да нагі гаспадара — і ні кроку. Так ён ясна гаварыў слова «воўк». І гэта было добра. А пасля аблавы ён яшчэ мацней стаў любіць Івана Іванавіча і верыць ягонай сіле. Верыў Бім у чалавечую дабрату. Вялікае шчасце — верыць. І любіць. Сабака без такое веры — ужо не сабака, а вольны воўк, або (яшчэ горш) брадзячы сабака. З гэтых дзвюх магчымасцей выбірае кожны сабака, калі ён перастае верыць гаспадару і ідзе ад яго, або калі выгналі. Але гора таму сабаку, які страціць любімага сябра-чалавека, будзе шукаць яго, чакаць. Тады не быць яму ні вольным воўкам, ні брадзячым сабакам, а заставацца ўсё тым жа самым верным і адданым страчанаму сябру, але адзінокім да канца сваіх дзён.

Не буду я, дарагі чытач, расказваць ніводнае з усіх многіх праўдзівых гісторый пра такую адданасць за ўсе гады і да канца сабачага жыцця. Я раскажу толькі пра аднаго Біма з чорным вухам.


Раздзел 6. Развітанне з сябрам


Неяк пасля палявання Іван Іванавіч прыйшоў дадому і лёг на ложак, не вячэраючы і не выключыўшы святла. Гэтага дня Бім добра нарабіўся, таму заснуў скора і нічога не чуў. Але наступнымі днямі Бім пачаў заўважаць, што гаспадар усё часцей і часцей кладзецца ўдзень, сумуе нечага і часам нечакана вохкае ад болю. Больш чым тыдзень Бім гуляў адзін, пакрысе — толькі па патрэбе. Потым Іван Іванавіч злёг, ён ледзь даходзіў да дзвярэй, каб выпусціць або ўпусціць Біма. Аднойчы ён прастагнаў на ложку нязвыкла цяжка і балюча. Бім падышоў, сеў ля ложка, уважліва паглядзеў на твар сябра, затым паклаў галаву на выцягнутую руку. Ён убачыў, які стаў у гаспадара твар: бледны-бледны, пад вачыма цёмныя плямы, завастрылася непаголеная барада. Іван Іванавіч павярнуў галаву да Біма і ціха, аслабелым голасам сказаў:

— Ну? Што ж будзем рабіць, хлопчык?.. Дрэнна мне, Бім, дрэнна. Асколак… дапоўз да самага сэрца. Цяжка, Бім.

Голас у яго быў такі нязвыклы, што Бім захваляваўся. Ён затупаў па пакоі, час ад часу драпаючы ў дзверы, быццам клікаў: «Уставай, што там, пойдзем, пойдзем». А Іван Іванавіч баяўся паварушыцца. Бім зноў сеў ля яго і ціхенька заскуголіў.

— Што ж, Бімка, давай паспрабуем, — амаль нячутна сказаў Іван Іванавіч і асцярожна прыўстаў з пасцелі.

Ён крыху пасядзеў на ложку, потым стаў на ногі, трымаючыся адною рукою за сцяну, другою прытрымліваючы на грудзях ля сэрца, ціха пераступаў да дзвярэй. Бім ішоў побач, не спускаючы вачэй з сябра, і ні разу, ні разу не вільнуў хвастом. Быццам хацеў сказаць: «Ну вось і добра. Пайшлі, памаленьку, пайшлі».

На лесвічнай пляцоўцы Іван Іванавіч пазваніў у суседнія дзверы, а калі паказалася дзяўчынка Люся, ён нешта сказаў ёй. Тая пабегла ў кватэру і вярнулася з бабулькаю, Сцяпанаўнай. Як толькі Іван Іванавіч сказаў ёй тое ж самае слова «асколак», яна замітусілася, узяла яго пад руку і павяла назад:

— Вам ляжаць трэба, Іван Іванавіч. Ляжаць. Вось гэтак, — наказвала яна, калі той зноў лёг на спіну: — Ляжаць. Толькі ляжаць. — Яна ўзяла са стала ключы і скоранька пайшла, амаль пабегла, затупацеўшы па-старэчаму.

Вядома, Бім зразумеў слова «ляжаць», якое паўтаралася тройчы, быццам яно было да яго. Ён лёг ля ложка, не спускаючы вачэй з дзвярэй: цяжкае становішча гаспадара, трывога Сцяпанаўны і тое, што яна забрала са стала ключы, усё гэта перадалося і Біму, і ён быў у трывожным чаканні.

Скора ён пачуў: ключ уставілі ў замок, ён пстрыкнуў, дзверы адчыніліся, у прыхожым пакоі загаварылі, потым зайшла Сцяпанаўна, а за ёю трое чужых у белых халатах — дзве жанчыны і адзін мужчына. Ад іх пахла не так, як ад усіх людзей, а мацней, чым тою скрыначкаю, што вісіць на сцяне, якую гаспадар адчыняў толькі тады, калі гаварыў: «Блага мне, Бім, блага, дрэнна».

Мужчына рашуча ступіў да ложка, але…

Бім кінуўся на яго, як звер, упёрся лапамі ў грудзі і два разы гаўкнуў на ўсю сілу.

«Вон! Вон!» — закрычаў Бім.

Мужчына адхіснуўся, адапхнуў Біма, жанчыны выскачылі ў прыхожы пакой, а Бім сеў ля ложка, увесь дрыжаў і, відаць, гатовы быў аддаць жыццё, але не даць падступіцца незнаёмым людзям да гаспадара ў такую цяжкую для яго часіну.

Доктар, стоячы ў дзвярах, сказаў:

— Ну і сабака! Што ж рабіць?

Тады Іван Іванавіч кіўком паклікаў Біма да сябе, пагладзіў па галаве, чуць павярнуўся да яго. А Бім прытуліўся да сябра плечуком і лізаў яго ў твар, у шыю, у рукі…

— Ідзіце сюды, — ціха прамовіў Іван Іванавіч, гледзячы на доктара.

Той падышоў.

— Дайце мне руку.

Той падаў.

— Дзень добры.

— Дзень добры, — сказаў доктар.

Бім ткнуўся носам у руку доктара, што абазначала на яго сабачай мове: «Што тут зробіш! Хай так і будзе: сябар майго таварыша — і мне сябар».

Прынеслі насілкі. Паклалі на іх Івана Іванавіча. Ён ціха сказаў:

— Сцяпанаўна… паглядзіце Біма, дарагая. Раніцаю выпускайце. Ён сам прыходзіць скора… Бім будзе чакаць мяне. — І да Біма: — Чакаць… Чакаць.

Бім ведаў слова «чакаць»: ля магазіна — «Сядзець, чакаць», ля рукзака на паляванні — «Сядзець, чакаць». Цяпер ён віскнуў, павіляў хвастом, што азначала: «О, мой верны сябар вернецца да мяне! Ён ідзе, але скора вернецца».

Зразумеў яго толькі адзін Іван Іванавіч, астатнія не зразумелі — гэта ён убачыў па іхніх вачах. Бім сеў ля насілак і паклаў на іх лапу. Іван Іванавіч паціснуў яе.

— Чакаць, хлопчык. Чакаць.

Вось такога Бім ніколі не бачыў у свайго сябра, каб вось так, як гарошыны, пакацілася з вачэй вада.

Калі насілкі вынеслі і пстрыкнуў замок, ён лёг ля дзвярэй, выцягнуў пярэднія лапы, а галаву паклаў на падлогу, вывернуўшы яе набок: так кладуцца сабакі, калі ім баліць або сумна; яны і паміраюць часцей за ўсё ў такой позе.

Але Бім не памёр ад суму, як той сабака-павадыр, які пражыў са сляпым многа-многа год. Той лёг ля магілы гаспадара, не ўзяў есці, хоць і прыносілі добрыя людзі, а на пяты дзень, калі ўзышло сонца, ён памёр. І гэта была не выдумка. Ведаючы пра незвычайную сабачую любоў і адданасць, рэдка які паляўнічы скажа пра сабаку: «здох», ён заўсёды скажа: «памёр».

Не, Бім не памёр, Біму сказана ясна: «Чакаць». Ён верыць — прыйдзе сябар. Да гэтага ж колькі разоў было: скажа «чакаць» — і абавязкова прыйдзе.

Чакаць! Вось цяпер сутнасць Бімавага жыцця.

Але так цяжка было аднаму тае ночы, так балюча! Нешта робіцца не так, як звычайна… Ад халатаў пахне бядою. І Бім занудзіў.

Апоўначы, калі ўзышоў месяц, стала нясцерпна. І пры гаспадары ён заўсёды турбаваў Біма, гэты месяц: у яго ёсць вочы, ён глядзіць гэтымі мёртвымі вачыма, свеціць мёртвым, халодным святлом, і Бім уцякаў ад яго ў цёмны куток. А цяпер аж дрыжыкі бяруць ад яго позірку, а гаспадара няма. І вось позняе ночы ён завыў, з падвывам, завыў, як перад нашэсцем бяды. Ён верыў, што нехта пачуе, а можа, і сам гаспадар пачуе.

Прыйшла Сцяпанаўна.

— Ну што ты, Бім? Што? Івана Іванавіча няма… Ой-ой-ой, дрэнна.

Бім не адказаў ні позіркам, ні хвастом. Ён толькі глядзеў на дзверы. Сцяпанаўна запаліла святло і пайшла. Са святлом стала лягчэй — месяц адплыў далей і стаў меншы. Бім прымасціўся пад самаю лямпачкаю, плячыма да месяца, але скора зноў лёг ля дзвярэй — чакаць.

Раніцою Сцяпанаўна прынесла кашу, паклала яе Біму ў місачку, але ён нават і не ўстаў. Так рабіў і сабака-павадыр — ён не падымаўся і тады, калі прыносілі ежу.

— Ты бачыш, які міласэрны, га? Гэта ж у голаў не ўзяць. Ну, ідзі пагуляй, Бім. — Яна адчыніла дзверы. — Ідзі пагуляй.

Бім падняў галаву, уважліва паглядзеў на старую. Слова «гуляць» яму знаёма, яно тое, што і воля, а «ідзі гуляць, ідзі» — поўная воля. О, Бім ведаў, што такое воля: рабі ўсё, што дазволіць гаспадар. Ну вось, яго няма, а гавораць: «Ідзі пагуляй». Дзе ж тая воля?

Сцяпанаўна не ўмела ладзіць з сабакамі, не ведала, што такія, як Бім, разумеюць чалавека і без слоў, а тыя словы, якія ім вядомы, абазначаюць многае і адпаведны кожнаму выпадку. Ад дабраты свае яна сказала:

— Не хочаш кашы, пайдзі пашукай чаго-небудзь. Ты ж і траўку любіш. На сметніку, мабыць, нешта выбераш (не ведала яна, што Бім пра памыйкі і не ведаў). Ідзі пашукай.

Бім устаў, нават страпянуўся. Што такое «шукай»? Чаго шукаць? «Шукаць» абазначае: шукай схаваны кавалачак сыру, шукай дзічыну, шукай згубленую або схаваную рэч. «Шукай» — гэта загад, што шукаць — Бім здагадваецца ў кожным выпадку. Што ж шукаць цяпер?

Усё гэта ён сказаў Сцяпанаўне вачыма, хвастом, пераборам лап па падлозе, але яна нічагусенькі не зразумела, а паўтарыла:

— Ідзі гуляць. Шукай!

І Бім кінуўся ў дзверы. Як маланка пранёсся па прыступках з другога паверха, выскачыў на двор. Шукаць, шукаць гаспадара! Вось што шукаць — больш няма чаго: так ён зразумеў. Вось тут стаялі насілкі. Так, стаялі. Тут ужо ледзь-ледзь пахнуць сляды людзей у белых халатах. След аўтамабіля. Бім зрабіў круг, увайшоў у яго (так зрабіў бы самы бесталковы сабака), але зноў той самы след. Ён павёў па ім, выйшаў на вуліцу і адразу ж згубіў яго каля вугла: там уся дарога пахла гэтакаюж самаю гумаю. Чалавечых слядоў ёсць многа і розных, а машынныя зліліся ў адзін і ўсе аднолькавыя. Але той, патрэбны яму след, пайшоў з двара туды, за вугал, значыць, і трэба — туды.

Бім прабег па адной вуліцы, па другой, вярнуўся да дома, аббегаў мясціны, дзе яны гулялі з гаспадаром, — няма і знаку нідзе і ніякага… Аднаго разу ён убачыў шапку ў клеткі, дагнаў таго чалавека — не, не ён. Прыгледзеўшыся ўважлівей, прыкмеціў, што ў клетчатых шапках ідзе многа людзей. Адкуль было ведаць, што тае восені прадавалі шапкі толькі ў клетачку і яны падабаліся ўсім. Дагэтуль ён такога не прыкмячаў, таму што сабакі заўсёды глядзяць і запамінаюць ніз чалавечага адзення. Гэта ў іх яшчэ воўчае, ад прыроды, ад многіх стагоддзяў. Вось так і ліса, калі паляўнічы стаў за густы куст, які закрывае яго толькі да пояса, не заўважае чалавека, калі той не паварушыцца або вецер не нанясе паху. Так што Бім зразумеў гэта як нейкую ісціну: паверсе няма чаго шукаць, бо галовы могуць быць аднолькавыя, падабраныя колерам адна да аднае, падобныя.

Дзень выпаў ясны. На некаторых вуліцах лісце ляжала суцэльным покрывам, на некаторых — мясцінамі, так што, каб трапіўся хоць знак гаспадаровага следу, Бім улавіў бы яго. Але — нідзе нічога.

Апаўдня Бім адчаіўся. І раптам на адным двары ён наткнуўся на след насілак: тут яны стаялі. А потым струмень гэтакага ж самага паху пацёк збоку. Бім пайшоў на яго, як па ўтоптанай сцяжынцы. Парогі пахлі людзьмі ў белых халатах. Бім падрапаў у дзверы. Адчыніла яму дзяўчына ў белым халаце і спужана адступілася. Але Бім прывітаў яе як толькі мог, пытаўся: «Ці няма тут гаспадара?»

— Ідзі, ідзі! — закрычала яна і зачыніла дзверы. Потым прыадчыніла і крыкнула: — Пятроў, прагані сабаку, а то мне шэф намыліць шыю, пачне распінацца: «Сабакарня, а не «хуткая дапамога»! Гані!

Ад гаража падышоў чалавек у чорным халаце, затупаў на Біма нагамі і зусім нязлосна закрычаў, быццам пад прымусам, ленавата:

— Ат я табе, стварэнне! Пайшоў! Пайшоў!

Нічога з гэтых слоў «шэф», «сабакарня», «гані», «мыліць шыю», «распінацца», а тым больш «хуткая дапамога», Бім не разумеў і нават ніколі чуць не чуў, але словы «ідзі» і «пайшоў» адпаведна інтанацыі і настрою ён зразумеў цудоўна. Тут Біма не падманеш. Ён крыху адбегся, сеў і глядзеў на дзверы. Каб людзі ведалі, чаго шукае Бім, яны дапамаглі б яму, хоць гаспадара сюды і не прывозілі, а адразу ў бальніцу. Але што рабіць, калі сабакі разумеюць людзей, а людзі не заўсёды разумеюць сабак і нават адзін аднаго. Дарэчы, Біму і такія глыбокія думкі былі недасяжны; незразумела было і тое, па якому такому праву яго не пускаюць у дзверы, за якія ён чэсна драпаў і за якімі, інакш і быць не магло, яго сябар.

Бім сядзеў ля бэзавага куста з паблеклым ужо лісцем да самага вечара. Прыязджалі машыны, з іх вылазілі людзі ў белых халатах і вялі каго-небудзь пад рукі або ішлі следам; зрэдку выносілі чалавека на насілках, тады Бім падыходзіў бліжэй, нюхаў, — не, не ён. Пад вечар сабаку заўважылі і другія. Нехта прынёс кавалачак каўбасы, — Бім не крануў! — нехта паспрабаваў узяцца за аброжак — Бім адбег; нават той самы дзядзька ў чорным халаце некалькі разоў праходзіў паўз яго, спыняўся і глядзеў на Біма са спачуваннем і не тупаў нагамі. Бім сядзеў, як статуэтка, і нікому нічога не гаварыў. Ён чакаў.

Прыцемкам ён спахапіўся: а раптам гаспадар дома? І пабег спехам, лёгкім галопам.

Бег па горадзе прыгожы, з бліскучаю шэрсцю, дагледжаны сабака — белы, з чорным вухам. Любы добры чалавек скажа: «Ах, які мілы паляўнічы сабака!»

Бім падрапаў за родныя дзверы, але яны не адчыніліся. Тады ён лёг ля парога, скруціўшыся абараначкам. Не хацелася ні есці ні піць — нічога не хацелася. Сум.

На пляцоўку выйшла Сцяпанаўна:

— Прыйшоў, гаротны?

Бім вільнуў хвастом толькі адзін раз («Прыйшоў»).

— Ну вось, а цяпер і павячэрай. — Яна падсунула да яго міску з ранішняю кашаю.

Бім не ўзяўся.

— Я і ведала: сам накарміўся. Разумны. Спі. — І зачыніла за сабою дзверы.

Гэтае ночы Бім ужо не выў. Але і не адыходзіў ад дзвярэй: чакаць!

А раніцою зноў захваляваўся. Шукаць, шукаць сябра! Гэта і ёсць сэнс жыцця. І калі Сцяпанаўна выпусціла яго, ён, перш-наперш, збегаў да людзей у белых халатах. Гэтым разам нейкі тоўсты чалавек крычаў на ўсіх і часта паўтараў слова «сабака». У Біма папускалі каменнем, хаця і знарок міма, махалі на яго палкамі і, у канцы канцоў, сербанулі балюча дубцом. Бім адбегся, сеў, пасядзеў чуць і, мабыць, вырашыў, што тут гаспадара не можа быць, а інакш не праганялі б так нядобра. І пайшоў Бім, злёгку апусціўшы галаву.

Па горадзе ішоў адзінокі, сумны, занівошта пакрыўджаны сабака.

Выйшаў ён на бурлівую вуліцу. Людзей была цьма-цьмушчая, і ўсе спяшаліся, толькі зрэдку перакідаліся словамі, цяклі кудысь і цяклі бясконца. Быць не магло, каб не прыйшла Біму ў галаву такая думка: «А ці не пройдзе ён тут?» І без усякае логікі сеў у цяні, непадалёку ад веснічак, і пачаў пільнаваць, не прапускаючы ні аднаго чалавека. Па-першае, Бім заўважыў, што ўсе людзі, аказваецца, пахнуць аўтамабільным дымам, а ўжо цераз яго даходзяць другія пахі рознае сілы.

Вось ідзе чалавек, худы, высокі, у вялікіх стаптаных чаравіках, і нясе ў сетцы бульбу, гэтакую ж, як прыносіў дадому і гаспадар. Худы нясе бульбу і пахне тытунём. Крочыць скоранька, спяшае, быццам яго хтосьці даганяе. Але гэта толькі здалося — даганяюць некага ўсе. І ўсе нешта шукаюць, як на палявых спаборніцтвах, а інакш навошта бегчы па вуліцы, забягаць у дзверы, выбягаць і зноў бегчы?

— Прывітанне, Чорнае вуха! — кінуў худы на хаду.

«Прывітанне», — панура адказаў Бім, варухнуўшы па зямлі хвастом і не губляючы засяроджанасці, з якою пазіраў на людзей.

А вось за ім ідзе чалавек у камбінезоне, пахне гэтаксама, як і сцяна, калі яе лізнуць (мокрая сцяна). Ён амаль увесь шэра-белы. Нясе доўгую белую палку з бародкаю на канцы і цяжкую сумку.

— А ты чаго тут? — папытаўся ён у Біма, спыніўся. — Усеўся чакаць гаспадара ці згубіўся?

«Ага, чакаць», — адказаў Бім, патупаўшы пярэднімі лапамі.

— Тады на вось табе. — Ён выняў з сумкі кулёк, паклаў перад Бімам цукерку і пацерабіў за вуха. — Еш, еш. (Бім і не дакрануўся.) Дрэсірованы. Інтэлігент. З чужое талеркі есці не будзеш. — І пайшоў далей паволі, спакойненька, не так, як усе.

Як каму, а Біму гэты чалавек добры: ён ведае, што такое «чакаць», ён зразумеў Біма.

Таўсцерны-тоўсты, з тоўстаю палкаю ў руцэ, з тоўстымі чорнымі акулярамі на носе, нясе тоўстую папку: усё ў яго тоўстае. Пахне ён паперамі, па якіх гаспадар шаптаў палачкаю, і яшчэ, здаецца, тымі жоўтымі паперкамі, якія гаспадар клаў у кішэню. Ён спыніўся каля Біма і сказаў:

— Фух! Ну і ну! Дажыліся: сабакі на праспекце.

З варот паказаўся дворнік з мятлою і стаў ля Тоўстага. А той гаварыў да дворніка, паказваючы пальцам на Біма:

— Бачыш? На тваёй тэрыторыі нябось?

— Факт, бачу. — І абапёрся на мяцёлку, паставіўшы яе ўверх барадою.

— Бачыш… Нічога ты не бачыш, — сказаў злосна. — Нават цукерку не есь, заеўся. Як жа далей жыць?! — Ён злаваўся ваўсю.

— А ты не жыві, — сказаў дворнік і раўнадушна дадаў:— Бач ты, выхудаў, бедалага.

— Зневажаеш! — гыркнуў Тоўсты.

Спыніліся тры маладыя хлопцы і чамусьці ўсміхаліся, гледзячы на Тоўстага і на Біма.

— А вам чаго смешна? Чаго смешна? Я кажу яму… сабака! Тысячы сабак, па два-тры кіло мяса кожнаму — дзве-тры тоны ў дзень. Кумекаеце, колькі выходзіць?

Адзін з хлопцаў запярэчыў:

— Тры кіло і вярблюд не з'есць.

Дворнік спакойна ўдакладніў:

— Вярблюды не ядуць мяса. — Нечакана ён ухапіўся за мятлу і замахаў ёю па асфальце перад нагамі ў Тоўстага: — Сыдзі, грамадзянін! Ну? Я што сказаў!

Тоўсты пайшоў, адплёўваючыся. Тыя ўтрох таксама пайшлі сваёй дарогаю, пасмейваючыся. Дворнік тут жа перастаў месці. Ён пагладзіў Біма па спіне, пастаяў крыху і сказаў:

— Сядзі чакай. Прыйдзе. — І пайшоў у варотцы.

З усяе гэтае сваркі Бім не толькі зразумеў — «мяса», «сабака», «магчыма», «псіна», але чуў інтанацыю галасоў і, галоўнае, усё бачыў: а гэтага ўжо хопіць, каб разумнаму сабаку здагадацца: Тоўстаму дрэнна жыць, дворніку — добра; адзін злосны, другі — добры. Каму ўжо ведаць, калі не Біму, што ні свет ні зара на вуліцах ёсць толькі дворнікі і што яны паважаюць сабак. Тое, што дворнік прагнаў Тоўстага, Біму нават спадабалася. А ўвогуле ўся гэтая пуставатая гісторыя толькі забавіла Біма, хаця, можа, і была ад яе карысць, таму што Бім пачаў здагадвацца: людзі ўсе розныя, яны могуць быць і добрыя і дрэнныя. І тое карысць, скажам мы збоку. Але пакуль што Біму гэта было ўсё роўна: ён глядзеў і глядзеў на прахожых.

Некаторыя жанчыны пахлі востра, што аж не вытрываць, ландышамі, пахлі тымі беленькімі кветачкамі, што забіваюць нюх, і ля якіх Бім рабіўся бясчутным; у такім выпадку Бім адварочваўся і некалькі секунд не дыхаў — яму не падабалася. У большасці жанчын вусны былі гэткага самага колеру, як сцяжкі на воўчай аблаве; Біму такі колер таксама не падабаўся, як і ўсім жывёлам, а сабакам і быкам асабліва. Амаль усе жанчыны нешта неслі ў руках. Бім прыкмеціў, што мужчыны з паноскаю трапляюцца радзей, а жанчыны — часта.

…А Івана Іванавіча ўсё няма і няма. Сябар ты мой! Дзе ж ты?..

Людзі цяклі і цяклі. Журба Бімава крышку аслабела, рассеялася сярод людзей, і ён яшчэ ўважлівей пазіраў уперад — ці не ідзе ён. Сёння Бім будзе чакаць тут. Чакаць!

Каля яго спыніўся чалавек з мясістымі абвіслымі губамі, глыбока-маршчыністы, кірпаты, з вачыма навыкаце і закрычаў:

— Чортведама што! (Людзі сталі прыпыняцца.) Навокал грып, эпідэміі, рак страўніка, а тут што? — тыкаў ён усёю далоняю ў Біма. — Тут, у масе народу, у гушчыні працаўнікоў, сядзіць жывая зараза!

— Не ўсякі сабака — зараза. Глядзіце, які мілы сабака, — запярэчыла дзяўчына.

Кірпаты паглядзеў на яе зверху ўніз і знізу ўверх і адвярнуўся, абураючыся:

— Якое дзікунства! Якое дзікунства ў вас, грамадзяначка…

І вось… Эх, калі б Бім быў чалавек! Вось падышла тая самая цётка, «савецкая жанчына» — тая сплетніца. Бім спачатку спалохаўся, але потым натапырыў шэрсць на загрыўку і прыняў абарончую пазіцыю. А цётка затараторыла да ўсіх, хто стаяў паўкругам крыху воддаль:

— Дзікасць і ёсць дзікасць! Ён жа мяне ўкусіў. У-ку-сі-ў! — І паказвала ўсім руку.

— Дзе ўкусіў? — спытаў юнак з партфелем. — Пакажыце.

— Ты мне яшчэ, шчанюк! — Ды і схавала руку.

Усе, акрамя кірпатага, засмяяліся.

— Выхоўвалі цябе ў інстытуце, чорта, вось ужо выхавалі, гадзёныша, — накінулася яна на студэнта. — Ты мне, савецкай жанчыне, і не верыш? Ды што ж потым будзе? Да чаго ж мы ідзём, дарагія грамадзяне? Ці ў нас ужо Савецкае ўлады няма?

Юнак пачырванеў і зазлаваўся:

— Каб вы ведалі, як на вас глядзець людзям збоку, то пазайздросцілі б гэтаму сабаку. — Ён ступіў да цёткі і крыкнуў: — Хто вам даў права зневажаць?

Хаця Бім і не зразумеў слоў, але больш не вытрымаў: ён скочыў да цёткі, гаўкнуў на ўсю моц і ўпёрся ўсімі чатырма лапамі, каб стрымацца (за тое, што потым можа быць, ён не ручаўся). Інтэлігент. Ды ўсё-такі сабака.

Цётка закрычала не сваім голасам:

— Міліцыя! Мілі-і-цыя!

Дзесьці засвістаў свісток, нехта, падыходзячы, крыкнуў:

— Праходзьце, грамадзяне! Праходзьце каму куды трэба! — Гэта быў міліцыянер. (Бім нават чуць павіляў хвастом, хоць і быў устрывожаны.) — Хто крычаў?! Вы? — загаварыў міліцыянер да цёткі.

— Яна, — пацвердзіў студэнт.

Умяшаўся Кірпаты:

— І куды вы гледзіце! Што робіце? — запсіхаваў ён на міліцыянера. — Сабакі, сабакі на праспекце ў абласным горадзе!

— Сабакі! — крычала цётка.

— І гэтакія вось яшчэ піцекантропусы! — крычаў і студэнт.

— Ён мяне збэсціў! — чуць не плакала цётка.

— Грамадзяне, р-разыдзіцеся! А вы, вы ды і вы, пройдзем да міліцыі, — сказаў ён да цёткі, юнака і Кірпатага.

— А сабака? — аж запішчала цётка. — Чэснага чалавека ў міліцыю, а сабаку…

— Не пайду, — адрэзаў юнак.

Падышоў другі міліцыянер:

— Што тут?

Чалавек пры гальштуку, пры капелюшы з гонарам і памяркоўна растлумачыў:

— Ды вось, гэты студэнцік не хоча ў міліцыю, не слухаецца. Гэныя вунь, абое, хочуць, а гэны не хочаць. Неслухства? А гэта не дазволена. Вядуць — трэба іціць. Ці мала што… — І ён адвярнуўся ад усіх, закруціў у сваім вуху вялікім пальцам, быццам каб большая дзірка стала і лепш чуць было. Гэта быў самы што ні на ёсць жэст уласнай перакананасці, упэўненасці ў трываласці сваіх думак і несумненнай перавагі свае асобы над усімі, хто тут быў, — нават над міліцыянерам.

Абодва міліцыянеры зірнулі адзін на аднаго, але студэнта ўсё ж павялі з сабою. Следам за імі патупацеў Кірпаты і Цётка. Людзі разышліся і ўжо не зважалі на сабаку, акрамя тае мілае дзяўчыны. Яна падышла да Біма і пагладзіла яго, але таксама пайшла за міліцыянерамі. Сама пайшла, як бачыў Бім. Ён паглядзеў ёй услед, патаптаўся на месцы і пабег, дагнаў яе і пайшоў поруч.

Чалавек і сабака ішлі ў міліцыю.

— Каго ж ты чакаў, Чорнае вуха? — запытала яна, прыпыняючыся.

Бім сумна прысеў, апусціў галаву.

— Падцягло табе жываты, мілы. Я накармлю цябе, пачакай, накармлю, Чорнае вуха.

Ужо некалькі разоў называлі Біма «Чорнае вуха». І гаспадар некалі гаварыў: «Эх ты, Чорнае вуха!» Даўно-даўно ён так сказаў, яшчэ ў дзяцінстве. «Дзе ж ты, мой сябар?» — думаў Бім. І ўсё ж зноў пайшоў з дзяўчынаю, сумны і журботны.

У міліцыю яны прыйшлі ўсе разам. Там крычала цётка, рыкаў кірпаты дзядзька, угнуўшы голаў, маўчаў студэнт, а за сталом сядзеў міліцыянер, незнаёмы, і непрыязна глядзеў на ўсіх траіх.

Дзяўчына сказала:

— Прывяла віноўніка. — І паказала на Біма. — Сімпатычнейшае стварэнне. Я ўсё чула і бачыла там з самага пачатку. Гэты хлопец, — яна кіўнула на студэнта, — ні ў чым не павінен.

Расказвала яна спакойна, то паказваючы на Біма, то на каго-небудзь з траіх. Ёй спрабавалі перабіць гаворку, але міліцыянер строга спыняў і Цётку, і Кірпатага. Ён, было відаць, давяраў дзяўчыне. Пад канец яна жартам спыталася:

— Правільна я гавару, Чорнае вуха? — І да міліцыянера яшчэ дадала: — Я Даша. — Потым да Біма: — Я Даша. Зразумеў?

Уся Бімава істота паказвала, што ён яе паважае.

— А ну, ідзі да мяне, Чорнае вуха. Да мяне! — паклікаў міліцыянер. О, Бім ведаў гэты загад «да мяне». Добра ведаў. І падышоў. Той ласкава палапаў па шыі, узяўся за аброжак, паглядзеў нумарок і нешта запісаў. А Біму загадаў:

— Ляжаць!

Бім лёг так, як і трэба: заднія ногі пад сябе, пярэднія выцягнуты ўперад, галава — вочы ў вочы з субяседнікам і чуць набачок.

Цяпер міліцыянер пытаўся ў тэлефонную трубку:

— Таварыства паляўнічых?

«Паляванне!» — здрыгануўся Бім. «Паляванне!» Што гэта абазначае тут?

— Таварыства паляўнічых? З міліцыі. Нумар дваццаць чатыры паглядзіце. Сетэр… Як гэта няма? Быць не можа. Сабака харошы, вывучаны… У гарсавет? Добра. — Паклаў трубку і яшчэ раз узяў, нешта пытаўся і пачаў запісваць, паўтараючы ўслых: — Сетэр, са знешнімі дэфектамі, пасведчання на радаслоўную няма, гаспадар Іван Іванавіч Іваноў, вуліца Праезджая, сорак адзін. Дзякую. — Цяпер ён загаварыў да дзяўчыны: — Вы, Даша, маладзец. Найшоўся гаспадар.

Бім затанцаваў, ткнуў носам у калена міліцыянеру, лізнуў руку Дашы і глядзеў у вочы, проста ў вочы, так, як умеюць глядзець толькі разумныя і ласкавыя, даверлівыя сабакі. Ён жа ўсё зразумеў, што гаварылі пра Івана Іванавіча, пра яго сябра, пра яго брата, пра яго бога, як на гэта сказаў бы чалавек. І аж уздрыгваў ад хвалявання.

Міліцыянер строга буркнуў да Цёткі і Кірпатага:

— Ідзіце. Усяго добрага.

Дзядзька ўзяўся пілаваць дзяжурнага:

— І гэта — усё? Які ж у нас пасля ўсяго будзе парадак? Распусцілі!

— Ідзіце, ідзіце, дзед. Усяго добрага. Да пабачэння. Адпачывайце.

— Знайшоў мне «дзеда»! Я табе бацька, баця. Нават як ветліва гаварыць забыліся, с-сукіны сыны. А хочаце вось такіх, — кіўнуў на студэнта, — выхоўваць, па галоўцы гладзіць, па галоўцы. А ён вас — пачакайце! — гаў! І з'есць. — Гаўкнуў і сапраўды, якраз як сабака.

Бім, вядома, таксама гаўкнуў.

Дзяжурны засмяяўся:

— Глядзіце, папаша, а сабака ж вас разумее, спачувае.

А Цётка, здрыгануўшыся ад падвойнага брэху — чалавечага і сабачага, — плішчылася ад Біма да дзвярэй і крычала:

— Гэта ён на мяне, на мяне! І ў міліцыі ніякае абароны савецкай жанчыне!

Яны пайшлі ўсё-такі.

— А мяне што — затрымаеце? — насуплена спытаў студэнт.

— Слухацца трэба, мілы. Запрашаюць — павінен ісці. Так трэба.

— Трэба? Адкуль такое, каб цвярозага чалавека весці ў міліцыю, як злодзея? Цётцы гэтай трэба было пятнаццаць сутак, а вы… Эх, вы! — І пайшоў, пацерабіўшы Біма за вуха.

Цяпер Бім ужо зусім нічога не разумеў: дрэнныя людзі лаюцца на добрых людзей, добрыя таксама лаюцца, а міліцыянер трывае ды яшчэ і пасміхаецца; тут, відаць, і разумнаму сабаку не разабрацца.

— Самі даведзяце? — запытаўся дзяжурны ў Дашы.

— Сама. Дадому, Чорнае вуха, дадому.

Бім цяпер ішоў паперадзе, азіраўся на Дашу і чакаў яе: ён выдатна ведаў слова «дадому» і вёў яе менавіта дадому. Людзі і не дакумекалі, што ён і сам знайшоў бы кватэру, ім здавалася, што ён неразумны сабака; толькі Даша ўсё зразумела, адна Даша, гэтая бялявая дзяўчына з вялікімі задумёнымі і цёплымі вачыма, якім Бім паверыў з першага позірку. І ён прывёў яе да самых сваіх дзвярэй. Яна пазваніла — адказу не было. Пазваніла яшчэ раз, цяпер да суседзяў. Выйшла Сцяпанаўна. Бім прывітаў яе: ён быў прыкметна весялейшы, чым учора, ён гаварыў: «Прыйшла Даша. Я прывёў Дашу». (Не было другіх слоў, каб растлумачыць позіркі Біма на Сцяпанаўну, на Дашу.)

Жанчыны гаварылі ціха і вымаўлялі «Іван Іванавіч» і «асколак», потым Сцяпанаўна адамкнула дзверы. Бім запрашаў Дашу: не спускаў з яе вачэй. Яна перш-наперш узяла міску, панюхала кашу і сказала:

— Скісла. — Выкінула кашу ў вядро на смецце, вымыла міску і паставіла зноў на падлогу. — Я зараз прыйду. Чакай, Чорнае вуха.

— Яго Бімам клічуць, — паправіла Сцяпанаўна.

— Чакай, Бім. — І Даша пайшла.

Сцяпанаўна села на крэсла, Бім сеў насупраць яе, аднак пазіраў увесь час на дзверы.

— А ты змысны сабака, — загаварыла Сцяпанаўна. — Застаўся адзін, а разбіраешся, хто да цябе з душою. Я вось, Бімка, таксама… на старасці год з унучкаю жыву. Бацькі-то нарадзілі ды і падаліся ў Сібір, а я выгадавала. І яна, унучка, добрая, мяне любіць, усім сэрцам да мяне.

Сцяпанаўна адводзіла душу сама з сабою, гаворачы да Біма. Так часам людзі, калі няма да каго абазвацца, гавораць да сабакі, да любімага каня ці карміцелькі-каровы. Сабакі ж, у якіх выдатны розум, вельмі добра адрозніваюць няшчаснага чалавека і спачуваюць яму. А тут у абаіх: Сцяпанаўна жаліцца Біму, а Бім гаруе, мучыцца ад таго, што людзі ў белых халатах забралі яго сябра; бо ўсе непрыемнасці, што здарыліся за дзень, толькі крыху забавілі Біма ад болю, які цяпер зноў узяўся з новаю сілаю. Ён разабраў з гаворкі Сцяпанаўны два знаёмыя словы «добра» і «да мяне», сказаныя з сумнай цеплынёю. Вядома ж, Бім падышоў да самае яе і паклаў галаву на калені, а Сцяпанаўна прытуліла да вачэй хусцінку.

Даша вярнулася з пакуначкам. Бім ціха падышоў, лёг жыватом на падлогу, паклаў адну лапу на яе туфельку, а галаву на другую лапу. Так ён сказаў «Дзякуй табе».

Даша дастала з паперы дзве катлеты, дзве бульбіны і паклала іх у міску.

— Бяры.

Бім не ўзяўся есці, хаця трэція суткі ў яго не было ў роце і пылінкі. Даша далікатна пацерабіла за загрывак і ласкава гаварыла:

— Вазьмі, Бім, вазьмі.

Голас у Дашы мяккі, душэўны, ціхі і, здавалася, спакойны; рукі цёплыя і пяшчотныя, ласкавыя. Але Бім адвярнуўся ад катлет. Даша адкрыла Біму рот і ўвапхнула туды катлету. Бім трымаў, трымаў яе ў роце, здзіўлена глядзеў на Дашу, а катлета тым часам пракаўтнулася сама. Тое здарылася і з другою. З бульбінамі — таксама.

— Яго сілком карміць трэба, — сказала Даша Сцяпанаўне. — Ён занудзіў без гаспадара, таму і не есць.

— Ды што ты! — здзівілася Сцяпанаўна. — Сабака сам сабе знойдзе. Колькі іх ходзіць, а ядуць жа.

— Што ж рабіць? — спытала Даша ў Біма. — Ты ж так прападзеш.

— Не прападзе, — упэўнена сказала Сцяпанаўна. — Такі разумны сабака не прападзе. Буду раз у дзень варыць яму кашу. Што ж рабіць? Жывое ж.

Даша нечаму задумалася, потым зняла аброжак.

— Пакуль я не прынясу аброжак, не выпускайце Біма. Заўтра гадзін да дзесяці я прыйду… А дзе ж цяпер Іван Іванавіч? — спытала яна ў Сцяпанаўны.

Бім страпянуўся: пра яго!

— Павезлі на самалёце ў Маскву. Аперацыя на сэрца, цяжкая. Асколак жа побач.

Бім — увесь адзін слых: «асколак», зноў «асколак». У гэтым слове чуваць гора. Але, калі яны гавораць пра Івана Іванавіча, значыць, ён павінен недзе быць. Трэба шукаць. Шукаць!

Даша пайшла. Сцяпанаўна — таксама. Бім зноў застаўся адзін бавіць ноч. Цяпер ён не-не і задрэмле, але толькі на некалькі хвілін. І кожны раз ён сніў Івана Іванавіча — дома ці на паляванні. І тады ён прахопліваўся, азіраўся, хадзіў па пакоі, нюхаў закуткі, прыслухоўваўся да цішыні і зноў клаўся ля дзвярэй. Вельмі моцна балеў рубец ад дубца, але гэта было нішто, калі раўняць з большым горам і невядомасцю.

Чакаць. Чакаць. Сціснуць зубы і чакаць.


Раздзел 7. Пошукі працягваюцца


Гэтае раніцы Бім ледзь не плакаў. Сонца ўжо вышэй за акно, а ніхто не ідзе. Ён прыслухоўваўся да крокаў жыхароў у пад'ездзе, якія праходзілі паўз яго дзверы з верхніх паверхаў або падымаліся ўгору. Усе крокі знаёмыя, а яго няма і няма. Нарэшце выразна пачуў туфелькі Дашы. Яна! Бім уголас даў пачуць пра сябе. Яго крык, калі сказаць па-чалавечаму, абазначаў: «Я цябе чую, Даша!»

— Зараз, зараз, — абазвалася яна і пазваніла да Сцяпанаўны.

Яны абедзве ўвайшлі да Біма. З кожнаю ён павітаўся, потым кінуўся да дзвярэй, спыніўся там, павярнуў галаву да жанчын і патрабаваў, прасіў, павільваючы хвастом: «Адчыняйце! Шукаць трэба».

Даша адзела на яго аброжак, на якім цяпер была на ўсю шырыню трывала прымацавана латунная пласцінка-жэтон з выгравіраваным надпісам: «Яго завуць Бім. Ён чакае гаспадара. Добра ведае, дзе дом. Жыве адзін у кватэры. Не крыўдзіце яго, людзі». Даша прачытала надпіс Сцяпанаўне.

— Якая ж ты добрая душа! — успляснула рукамі Сцяпанаўна. — Любіш, выходзіць, сабак?

Даша паглядзела на Біма і адказала незвычайна:

— Муж мяне пакінуў, хлопчык памёр… А мне трыццаць год. Жыла на кватэры. Паеду…

— Адзінокая. Мая ж ты дарагая! — запрыказвала Сцяпанаўна. — Ды гэта ж…

Але Даша абарвала:

— Пайду. — А ад дзвярэй дадала: — Пакуль што не выпускайце Біма, каб не пабег за мною.

Бім паспрабаваў праціснуцца ў дзверы разам з Дашаю, але яна адапхнула яго і выйшла разам са Сцяпанаўнай.

Не болей чым праз гадзіну Бім заскуголіў, потым і завыў ад суму ўголас, так завыў, як пра гэта гавораць людзі: «Хочацца завыць, як сабаку».

Сцяпанаўна выпусціла яго (Даша цяпер далёка):

— Ну, ідзі, ідзі. Вечарам кашы навару.

Бім нават і вухам не павёў на сказанае, не зірнуў у вочы, а кулём зляцеў уніз і — на двор. Чаўнаком паснаваўся па двары, выйшаў на вуліцу, чуць пастаяў, быццам падумаў, а потым пачаў чытаць пахі, радок за радком, нават не звяртаючы ўвагі на тыя дрэвы, дзе стаялі роспісы братоў і чытаць якія павінен кожны сабака, калі хоць крыху паважае самога сябе.

За ўвесь дзень Бім не знайшоў ніякіх прыкмет Івана Іванавіча. А надвячоркам на ўсякі выпадак заблудзіў у малады парк новага гарадскога раёна. Там чацвёра хлапчукоў ганялі мячык.

Ён пасядзеў крыху, праверыў наваколле, на колькі хапала яго носа, і хацеў ужо ісці. Але хлопчык год дванаццаці адышоў ад тых, што гулялі, падышоў да Біма і з цікавасцю глядзеў на яго.

— Ты чый? — спытаўся ён, быццам Бім мог адказаць на пытанне.

Бім перш-наперш павітаўся: павіляў хвастом, але нявесела, нахіліўшы галаву спачатку ў адзін, а потым у другі бок. Гэта, акрамя ўсяго, абазначала пытанне: «А ты што за чалавек?»

Хлопчык здагадаўся, што сабака пакуль што не зусім давярае яму, смела падышоў і падаў руку:

— Прывітанне, Чорнае вуха.

Калі Бім падаў лапу, хлопчык крыкнуў:

— Хлопцы! Сюды, сюды!

Тыя падбеглі, але спыніліся ўсё ж наводдаль.

— Глядзіце, якія разумныя вочы! — дзівіўся першы хлопчык.

— А можа, ён вучаны? — запытаўся слушна тоўсценькі карапуз. — Толя, Толік, ты скажы яму што-небудзь — зразумее ці не?

Трэці, старэйшы за ўсіх, аўтарытэтна заявіў:

— Вучаны. Бачыш, таблічка на шыі.

— І ніякі не вучаны, — запярэчыў худзенькі хлопчык. — Ён не быў бы такі худы і невясёлы.

Бім і праўда страшна схудаў без гаспадара, і выгляд у яго змарнелы: падвяло жывот, нерасчэсаная шэрсць скудлачылася на баках і пашарэла на некалі бліскучай спіне. Сум і голад не робяць прыгожым і сабаку.

Толік дакрануўся Біму да лба, і той паглядзеў на ўсіх з даверам. Пасля гэтага ўсе па чарзе гладзілі Біма, і ён не пярэчыў. Адносіны адразу ж наладзіліся добрыя, а ў атмасферы поўнага ўзаемаразумення заўсёды не так далёка і да шчырага сяброўства. Толік услых прачытаў напісанае на латуннай таблічцы і ўсклікнуў:

— Ён — Бім! Адзін жыве ў кватэры! Хлопцы, ён есці хоча. А ну па дамах — і — сюды: нясі хто што можа.

Бім застаўся з Толікам, а хлопцы разбегліся. Цяпер Толік сеў на лаўку, а Бім лёг у яго ля ног і глыбока ўздыхнуў.

— Дрэнна, відаць, табе, Бім? — спытаўся Толік, пагладжваючы сабаку па галаве. — А дзе ж твой гаспадар?

Бім уткнуўся носам у чаравік і так ляжаў. Скора паказаліся адно за адным дзеці. Тоўсценькі прынёс булачку, Дарослы — кавалак каўбасы, Худзенькі — два блінчыкі. Усё гэта яны паклалі перад Бімам, але ён нават і не панюхаў.

— Ён хворы, — сказаў Худзенькі, — можа, нават і заразны. — І падаўся ад Біма.

Тоўсценькі таксама нечаму выцер руку аб штаны і таксама адышоў. Дарослы пацёр каўбасою нос Біму і ўпэўнена сказаў:

— Не будзе. Не хоча.

— Мама казала — усе сабакі заразныя, — усё баяўся Тоўсценькі, — а гэты і саўсім хворы.

— Ну і ідзі, — сярдзіта буркнуў Толік. — Каб я цябе тут і не бачыў… «Заразны»… Заразных ловяць жывадзёры, а гэты — вунь з якою таблічкаю.

Памяркоўны доказ падзейнічаў: дзеці зноў акружылі Біма. Толік пацягнуў за аброжак угару. Бім сеў. Толік адхіліў у яго мяккую губу і ўбачыў шчыліну ў шчэлепах, дзе канчаюцца зубы; адламаў кавалачак каўбасы і ўвапхнуў у гэту шчыліну — Бім пракаўтнуў. Яшчэ кавалачак — і яшчэ пракаўтнуў. Так і кончылі каўбасу са згоды і адабрэння прысутных. Усе засяроджана назіралі, а Тоўсценькі з кожным глытком таксама каўтаў, хаця ў роце ў яго нічога і не было: ён быццам дапамагаў Біму. Кавалачкі булкі ніяк нельга было ўвапхнуць — яна крышылася, тады Бім урэшце ўзяў булачку сам, лёг на жывот, паклаў булачку на лапы, паглядзеў-паглядзеў на яе і з'еў. Зрабіў ён гэта толькі з павагі да Толіка. У яго такія ласкавыя рукі і такі мяккі, нават чуць і сумны позірк, і так ён шкадуе Біма, што той не вытрываў гэтае душэўнае шчырасці. Бім і раней ставіўся да дзяцей інакш, а цяпер ён зусім пераканаўся, што маленькія людзі ўсе добрыя, а вялікія бываюць усялякія, бываюць і дрэнныя. Ён, вядома, не мог ведаць, што маленькія людзі потым становяцца вялікімі і таксама рознымі, але не сабачая гэта работа — разважаць, як і чаму з маленькіх добрых растуць вялікія нядобрыя людзі, такія, як Цётка або Кірпаты. Ён усяго-наўсяго з'еў булачку з-за Толіка, і ўсё. А ад гэтага яму не стала лягчэй, таму ён не адмовіўся і ад блінчыкаў. Ды і за цэлы тыдзень Бім еў толькі другі раз. Першы пасля загаварыў Толік:

— Паспрабуем уведаць, што ён умее рабіць.

Худзенькі сказаў:

— У цырку, каб скакалі, крычаць «Ап!».

Бім прыўстаў і ўважліва паглядзеў на хлопчыка, быццам пытаўся: «Цераз што — ап?!»

Дваіх узяліся за канцы папругі, а Толік скамандаваў:

— Бім, ап!

Бім лёгенька пераскочыў цераз наіўны бар'ер. Усе былі ў захапленні. Тоўсценькі загадаў выразна:

— Ляжаць!

Бім лёг (калі ласка, дзеля вас — з задавальненнем!).

— Сядзець, — папрасіў Толік. (Бім сеў.) — Падай! — І кінуў шапку.

Бім прынёс і шапку. Толік абняў яго ад захаплення, а Бім у сваю чаргу не застаўся вінен і лізнуў яго проста ў твар, у самую шчаку.

Вядома ж, Біму зрабілася куды лягчэй з гэтымі маленькімі чалавечкамі. Але вось тут-то і падышоў дзядзька, пакручваючы ў руках палачку, падышоў так ціха, што дзеці і не заўважылі яго, пакуль не запытаўся:

— Чый сабака?

На выгляд ён быў важны, пры шэрым вузкаполым капелюшы, пры шэрым банціку замест гальштука, у шэрым пінжаку, шэра-белых штанах, з кароткаю шэраю бародкаю, у акулярах. Ён, не зводзячы з Біма воч, паўтарыў:

— Дык чый жа сабачка, дзеці?

У два галасы адказалі Дарослы хлопчык і Толік.

— Нічый, — сказаў наіўна адзін.

— Мой, — насцярожана адказаў Толік. — На гэтую часіну мой.

Толік не раз бачыў Шэрага дзядзьку: ён паважна выгульваўся вакол парку ў адзіночку. Неяк раз вёў з сабою сабаку, які ўпіраўся і не хацеў ісці. А аднойчы падышоў да дзяцей і нудзіў ім, што і гуляць яны не ўмеюць так, як некалі, і ветлівасці тае няма, і выхоўваюць іх не так, як трэба, не так, як раней, і што за іх людзі ваявалі нават у грамадзянскую вайну, за вось гэтых, такіх, а яны нічога не паважаюць і нічога не ўмеюць, і што за ўсё гэта сорамна.

У той далёкі дзень, калі Шэры навучаў іх, Толіку было дзевяць год. Цяпер ужо дванаццаць. Але дзядзька не памятаў пра тое. Цяпер Толік сядзеў, абняўшы Біма, і сказаў: «Мой».

— Ну дык як жа: нічый ці яго? — запытаўся дзядзька да ўсіх, паказваючы на Толіка.

— На ёй вунь і таблічка ёсць, — умяшаўся не ў пару тоўсценькі.

Шэры падышоў да Біма, палашчыў за вуха і стаў чытаць на аброжку.

Бім выразна пачуў, зусім дакладна: Шэры пахне сабакамі, пахне неяк далёка, мнагадзённа, але пахне. Ён паглядзеў яму ў вочы і адразу ж не паверыў — ні голасу, ні позірку, нават і паху. Не можа тое быць, каб чалавек проста так увабраў у сябе далёкі пах розных сабак. Бім прыціснуўся да Толіка, спрабуючы адкаснуцца ад Шэрага, але той не пускаў.

— Нельга хлусіць, хлопчык, — прысарамаціў ён Толіка. — Па таблічцы — не твой сабака. Сорамна, хлопчык. Што, цябе бацькі так прывучылі, гаварыць няпраўду? Што ж з цябе будзе, як вырасцеш? Эх-хэ-хэ! — Ён выцягнуў з кішэні павадок і прышпіліў да аброжка.

Толік схапіўся за павадок і крыкнуў:

— Не чапайце! Не аддам!

Шэры адхіліў яго руку:

— Я абавязан даставіць яго на месца. А можа, давядзецца і протакал скласці. (Ён так і сказаў «протакал».) Магчыма, гаспадара яго алкагаль заеў. (Ён так і вымавіў — «алкагаль».) Калі так, то трэба сабаку адабраць. Пасада ў мяне такая — рабіць усё чэсна, па-чалавечы. Вось так-то. Знайду яго кватэру, праверу, ці правільна.

— А таблічцы не давяраеце? — з дакорам і амаль скрозь слёзы сказаў Толік.

— Давяраю, хлопчык, давяраю цалкам. Але… — Ён падняў палец угору і павучальна вымавіў, амаль урачыста: — Давярай, але правярай! — і павёў Біма.

Бім упіраўся, азіраўся на Толіка, бачыў, як той пакрыўджана заплакаў, але — што тут зробіш! — потым пайшоў-такі за Шэрым, падціснуўшы хвост і гледзячы пад ногі, не і падобны сам на сябе. Усім сваім выглядам быццам гаварыў ён: «Такое ўжо наша сабачае жыццё, калі нідзе няма гаспадара». Тут-то толькі і работы — цімануць за сцягняк і даць лататы, але Бім — сабака інтэлігентны: вядзі куды вядзеш.

Ішлі яны па вуліцы, на якой стаялі новыя дамы. Усе новыя. Усе шэрыя і такія аднолькавыя, што нават Бім мог бы сярод іх заблудзіць. У адным з дамоў-блізнят узышлі на трэці паверх, пры гэтым Бім заўважыў, што і дзверы ўсе аднолькавыя.

Адчыніла ім жанчына ў шэрай сукенцы:

— Зноў прывёў? А госпадзі ты мой!

— Не гундзі! — строга абарваў Шэры. Ён зняў з Біма аброжак і паказаў: — На, глядзі. — Жанчына чытала, надзеўшы акуляры, а ён працягваў: — Ніякага паняцця. На ўсю рэспубліку — толькі я адзін калекцыянер сабачых знакаў. А гэта таблічка — рэч! Пяцісоты знак!

Нічога Біму не было зразумела, нічога-нічога, ніякіх знаёмых слоў, ніякіх зразумелых жэстаў — нічога. Вось Шэры пайшоў з аброжкам з прыхожай у пакой. Адтуль і паклікаў:

— Бім, да мяне!

Бім падумаў-падумаў і асцярожна пайшоў. У пакоі агледзеўся, не падыходзячы да Шэрага, а так — седзячы ля дзвярэй. На чыстай сцяне віселі дошкі, абабітыя аксамітам, а на іх радамі віселі сабачыя знакі: нумаркі, жэтоны, медалі шэрыя і медалі жоўтыя, некалькі прыгожых павадкоў і аброжкаў, некалькі ўдасканаленых напыснікаў і іншыя сабачыя рэгаліі, нават капронавая пятля, каб душыць, нашто яна, Бім не разумеў; дзе здабыў яе ўладар калекцыі — нельга зразумець нават і чалавеку, а Біму яна здалася звычайнаю вяроўкаю, не болей.

Бім уважліва глядзеў, як Шэры пакруціў у руках аброжак, пласкагубчыкамі зняў таблічку і прымацаваў яе на адну з дошак на аксаміце; тое самае зрабіў і з нумарком, а потым адзеў на Біма аброжак і сказаў:

— Ты — добры сабака.

Гэтак жа сама некалі гаварыў гаспадар, але цяпер Бім не паверыў. Ён выйшаў у прыхожую ля дзвярэй, гаворачы: «Выпускай! Мне няма тут чаго рабіць».

— Ужо выпусці, — сказала жанчына. — Чаго толькі сюды прыпёр яго? Зняў бы на вуліцы.

— Нельга было — падшыванцы прычапіліся. І цяпер нельга: убачаць яны яго — без таблічкі, — могуць давесці да ведама… Так што хай начуе да світання. Ляжаць! — загадаў ён Біму.

Бім лёг ля дзвярэй: нічога не зробіш! І зноў жа: трэба было яму завыць уголас, кідацца па кватэры, накінуцца на Шэрага, і ўсё! Выпусціў бы. Але Бім умее чакаць. Ды і стаміўся ён, знясілеў так, што нават ля чужых дзвярэй задрамаў на хвіліну, хоць і трывожным сном.

То была першая ноч, калі Бім не прыйшоў дадому, у сваю кватэру. Ён гэта адчуў, калі ачнуўся ад дрымоты, і не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. А калі змікіціў, засумаваў. Ён жа зноў сніў Івана Іванавіча; кожны раз, калі толькі засынаў, сніў яго, а прачынаўся і адчуваў цеплыню яго рук, знаёмых са шчанячага ўзросту. Дзе ён, мой харошы і добры сябар? Дзе? Нудота нязносная. Такая цяжкая адзінота, і нікуды не дзецца ад яе. А тут яшчэ Шэры чалавек храпе, як заяц пад хортам. І пахне ад усіх гэтых дошак мёртвымі сабакамі. Нудота. І Бім заскуголіў. Потым і забрахаў двойчы, таксама з лёгкім падвывам, так, як ганчак, калі дабірае заячы след па ўчарашняй жыроўцы. І нарэшце не вытрымаў — завыў працяжна.

«Ох-хо-хо-й! Ой-ой, лю-удзі-і, — плакаў ён. — Цяжка мне, ой цяжка без сябра. Адпусціце вы мяне, адпусціце шукаць яго. Ой-ой-ой, л-юдзі-і-і, ой!»

Шэры падхапіўся, уключыў святло і пачаў малаціць Біма палкаю і шыпець:

— Маўчы, маўчы, вырадак! Суседзі чуюць! На табе! На табе!

Бім адхіляўся ад удараў, інстынктыўна хаваючы галаву, і стагнаў, як чалавек: «Ох… Ах-х… Ах-хр-р… Ох…»

Але ліхі чалавек злаўчыўся і лупянуў-такі па галаве. Бім на некалькі секунд страціў прытомнасць, задрыгаў лапамі, але скора апамятаўся, адскочыў да дзвярэй, упёрся азадкам у куток і выскаліў зубы. Упершыню аскаліўся.

Шэры паплішчыўся ад Біма:

— Бач ты! Укусіць яшчэ, чорт… — І расчыніў дзверы.

Але Бім не верыў нават і таму, што дзверы сапраўды адчынены, не верыў і тады, калі Шэры загаварыў:

— Ідзі, ідзі, ідзі, Бім, гуляй! Ідзі, сабачка, ідзі.

Не верыў ён гэтаму лісліваму ласкаваму голасу, таму падлізванню пасля таго, як біў. О, падлізванне пасля таго, як б'юць, — новае Бімава адкрыццё ў жыцці. Цётка і Кірпаты — проста нядобрыя людзі. А вось гэты… гэтага Бім ужо ненавідзеў. Ненавідзеў! Бім пачынаў пераставаць верыць людзям. Менавіта так.

Бім выцягнуў шыю, выскаліў зубы і… пайшоў на Шэрага, ціха, але рашуча, паволі, але ўпэўнена. Шэры прыціснуўся да сцяны.

— Ты што? Ты што?

Жанчына ў начной сарочцы крычала на Шэрага:

— Далазіўся! Укусі-іць!

Бім убачыў, што страшны дзядзька перапужаўся, што ён яго панічна баіцца. Ад гэтага Бім упэўніўся ў сваёй рашучасці: скочыў, цімануў ворага, які хацеў вылузацца, за мяккае месца і выскачыў у расчыненыя дзверы. Бім бег і адчуваў у роце смак чалавечага мяса з азадка, які ён зненавідзеў усёю сваёй істотаю. Не, Бім не лічыў сябе няшчасным і вартым жалю, наадварот, зараз ён быў храбры, а храбрасць заўсёды заадно з гонарам і пачуццём сваёй вартасці — нават у тхара.

У ранішніх прыцемках бег Бім па вуліцы, хоць і з аброжкам, але ўжо без нумарка «24». Спачатку ён згарача пакіраваў не туды, не ў горад, а з горада (далей дамоў не было). Ён вярнуўся назад і патрапіў у той жа самы лабірынт аднолькавых дамоў. Кружыў, кружыў, пятляў, пятляў ды і трапіў да таго самага дома, з якога выскачыў. І тут аж заспяшаўся куды патрэбна, а дапамагло яму тое, што людзям амаль не вядома: учора, калі яго вялі тут, ён улавіў на адным вугле роспіс сабрата, на другім — другога, цяпер жа, прабегшы ад знаёмага па гэтай прыкмеце вугла да наступнага, узяў патрэбны арыенцір. Сапраўды, трэба выдатнае чуццё, каб не толькі знайсці тут дом, але і выбрацца адсюль. У Біма было выдатнае чуццё і цудоўная кемлівасць.

Ужо завідна ён дабег да свайго дома, узбег да родных дзвярэй, падрапаўся. Адказу не было. Яшчэ падрапаўся — тое самае: цішыня. Галоўнае, ля дзвярэй не было слядоў Івана Іванавіча. І яшчэ рана, вельмі рана, каб Сцяпанаўна пачула скрозь ранішні сон пазыўныя Біма. Ён задумёна пасядзеў ля дзвярэй.

Пасля таго, як білі, стукала ў галаве і было млосна, не вытрымаць. Але ён усё ж пайшоў. Пайшоў шукаць свайго сябра. Ды і хто ж, акрамя Біма, будзе шукаць яго?

Па горадзе бег на выгляд невясёлы засмучаны сабака, але адданы, верны і смелы.


Раздзел 8. Выпадак на стрэлцы


Ішлі дні за днямі. Бім не заўважаў іх ужо. Ён рэгулярна аглядаў горад і ўведваў самыя драбніцы яго. Цяпер ён хадзіў па зараней намечаным маршруце: каб людзі маглі здагадацца, яны правяралі б па Біму гадзіннікі. Паказваўся ля парку ён — пяць гадзін раніцы, ля вакзала — шэсць, ля завода — палавіна восьмае, на праспекце — дванаццаць, на левым беразе — чатыры гадзіны апоўдні і гэтак далей.

Завяліся і новыя знаёмыя між людзей. Бім вызначыў, што большасць з іх добрыя, але такія ішлі па вуліцы моўчкі, а нядобрыя заўсёды многа балбаталі. Знайшоў людзей, якія пахлі маслам і жалезам (раней ён сустракаў іх па аднаму). Яны штодня, недзе пад восем гадзін раніцы, цяклі несупыннаю плынню да варот, потым да дзвярэй будкі.

Тут яны былі гаманлівыя, як гракі, так што і пачуць, мабыць, нічога было нельга, ды гэта, між іншым, і не цікавіла Біма. Ён садзіўся збоч і глядзеў, чакаў.

— Гэй, Чорнае вуха! Прывітанне! — вітаўся кожнае раніцы хлопец у сінім камбінезоне і клаў перад Бімам загадзя прыгатаваны пакуначак з ежаю. — Жыві, курылка. Мацуйся. — І падаваў Біму добрую чалавечую лапу, грубаватую, але цёплую.

Другія моўчкі працягвалі яму руку, віталіся і спяшалі сабе. Ніхто тут ні разу не пакрыўдзіў Біма.

Цяпер Бім сяк-так навучыўся пазнаваць людзей. Вось, напрыклад, часта сустракаецца ў яго на дарозе мажная жанчына, ногі — як бутэлькі, заўсёды такая задаволеная, бадзёрая, твар свеціцца ад шчасця; але сустракаючыся з Бімам, яна фыркала, быццам кошка, плявалася, падымала сумку з прадуктамі да раскошных грудзей і кожны раз спавядала адно і тое ж самае:

— Вуй, якая гадасць! Няўжо нельга падушыць усіх сабак, каб нервы не трапалі? Вось вам, калі ласка: «Мая міліцыя мяне сцеражэ». Як жа! Усцеражэ… А тут кожны сабака можа сярод бела дня спусціць з цябе спадніцу. А што міліцыі! Міліцыі мы — як сабаку пятая нага.

З-за таго, што яна часта паўтарала адно і тое ж, Бім, па сабачай сваёй бясхітраснасці, палічыў, што жанчыну так і завуць — Пятая нага. Але адно ён добра ведаў: да гэтае нельга падыходзіць. Дарма што ён не разумеў яе слоў, акрамя яе мянушкі, але ж ён чуў і бачыў, а таму ўзяў за правіла: да такіх — ні кроку, не звязвайся лепш. Потым ён пачаў неяк (нюхам, ці што?) вызначаць — каго трэба абысці, стараніцца. Добрых было вялікае мноства, злосных — лічаныя, але ўсе добрыя баяліся злосных. Бім — не, не баяўся, але яму было не да іх. Веданне пра людзей шырылася і паглыблялася, а на сабачы погляд, ён не быў ужо нейкі там выкаханы дылетант і ідэаліст, які гатоў павіляць кожнаму прахожаму. Бім за кароткі час стаў худэрбіна-худэрбінаю, але ўсё роўна ён быў сур'ёзны сабака, і ў яго была мэта ў жыцці — шукаць і чакаць.

І вось аднойчы раненька, правяраючы пахі на адным з тратуараў, ён атарапеў ад радасці. Ён прыпыніўся, фыркнуў і пабег, як ашалелы сабака, нічога не разбіраючы і не бачачы наперадзе. Але гэта магло здацца толькі збоку, а сапраўды ён бег па свежым следзе: тут толькі што прайшла Даша! Яна толькі-толькі была тут.

След прывёў яго да вакзала. Увайсці ў памяшканне было неяк нельга: людзі, людзі і людзі бясконца; нават на вуліцы, ля нейкага акенца, яны ціснуліся, штурхаліся, крычалі і нават раўлі, быццам ганчакі, дагнаўшы зайца і рвучы яго на кавалкі, не слухаючыся ні арапніка, ні рога. У такой сітуацыі аказвалася немагчыма ўлавіць Дашын след — след прапаў. Тады Бім зрабіў круг вакол вакзала і выйшаў да перона. Тут людзі стаялі кучкамі каля дзвярэй доўгіх домікаў на колах, не крычалі, не папіхаліся, а, наадварот, абнімаліся, цалаваліся і нават танцавалі ля дзвярэй аднаго доміка. Нікому не было да Біма ніякага клопату, таму ён вольна снаваў чаўнаком пад нагамі і засяроджана ўчытваўся ў перон.

І раптам з адных дзвярэй дыхнула Дашаю. Бім павёў да парога, але жанчына з вялікім жэтонам на грудзях прагнала яго. Аднак Бім не скарыўся: ён пачаў прынюхвацца да акон і глядзець на іх. Потым заўважыў, што апошнія ўвайшлі ў вагон дзве жанчыны ў белых халатах. Ён кінуўся было да іх, але домікі паволі паехалі. Бім кінуўся да акон. У яго сабачым розуме склалася, здавалася, зусім правільнае заключэнне: Даша там, людзі ў белых халатах там, значыцца, Іван Іванавіч, магчыма, там. Магчыма! Ці не павезлі яго людзі ў белых халатах?

І Бім, бедны Бім, цяпер ужо няшчасны Бім, спачатку лёгка бег упоравень за домікам, пазіраў на вокны. Тут яго і ўгледзела Даша.

— Бім! Бі-ім!!! — закрычала яна. — Мілы Бім! Прыйшоў правесці! Мой добры Бім! Бі-ім! Бі-і…

Голас яе рабіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы. Домік уцякаў. А Бім, як ні стараўся, як ні сіліўся, усё адставаў і адставаў.

Потым ён бег за апошнім домікам да таго часу, пакуль той не прапаў з вачэй, бег і далей, па той самай дарозе, бо яна нікуды не скіроўвала. Бег доўга. І нарэшце, ледзьве перавёўшы дух, упаў між рэек, выцягнуў усе чатыры лапы, задыхаючыся і ціхенька скуголячы. Надзеі ніякае не засталося. Не хацелася нікуды ісці, ды ён і не змог бы, нічога не хацелася, нават жыць не хацелася.

Калі сабакі ўжо ні на што не спадзяюцца, яны паміраюць сваёй смерцю — ціха, без крыўды, з мукамі, якіх свет не ведаў. Але не Бімаў гэты клопат і не яму суджана зразумець, што каб не было надзеі зусім, ніводнае кроплі на зямлі, то ўсе людзі таксама памерлі б ад адчаю. Біму ўсё было куды прасцей: вельмі балела ўсярэдзіне, а сябра няма, і ўсё на гэтым. Гэтак як і лебедзь памірае пасля смерці каханае, узлятаючы высока і падаючы адтуль каменем; як журавель, страціўшы родную і адзіную жураўліху, лунае, выцягнуўшыся, распластаўшы крылы, і крычыць, крычыць, просіць у месяца смерці; гэтак тады і Бім: ляжаў, бачыў у трызненні адзінага і нязменнагасябра і гатовы быў на ўсё, нават і не разумеючы гэтае гатоўнасці. Але ён цяпер маўчаў. Няма на зямлі ні аднаго чалавека, які б чуў, што памірае сабака.

Сабакі паміраюць моўчкі.

Ах, каб зараз Біму некалькі глыткоў вады! А так, мабыць, не падняўся б ён ніколі, калі б…

Падышла жанчына. Яна была ў пінжаку на ваце і ў ватніках, на галаве хустка. Моцная, вялікая жанчына. Відаць, яна спачатку падумала, што Бім нежывы, — нахілілася, стала на калена і прыслухалася: Бім яшчэ дыхаў. Ён гэтак саслабеў з таго часу, як развітаўся з сябрам, што яму, вядома, нельга было рабіць такі прабег, які зрабіў ён следам за цягніком, — гэта бяздумна. Але хіба мае ў такім выпадку значэнне розум, нават у чалавека! Жанчына ўзяла ў далоні галаву Біма і прыпадняла:

— Што з табою, сабачка? Што ты, Чорнае вуха? За кім жа ты гэтак бег, гаротнік?

У гэтае грубаватае з выгляду жанчыны быў цёплы і ласкавы голас. Яна сышла пад адхон, прынесла ў брызентавай рукавіцы вады, зноў прыпадняла Бімаву галаву і паднесла рукавіцу, намачыла нос. Бім лізнуў яшчэ раз. І стаў хлябтаць. Жанчына гладзіла яго па спіне. Яна зразумела пра ўсё: нехта любімы паехаў назаўсёды, а гэта страшна, да жудаснага цяжка — праводзіць назаўсёды, гэта ўсё адно, што пахаваць зажыва.

Яна каялася перад Бімам:

— Я вось — таксама… І бацьку, і мужа правяла на вайну… Бачыш, Чорнае вуха, старая стала… а ўсё не забываю… Я таксама бегла ўслед цягніку… і таксама ўпала… і прасіла смерці сабе… Пі, мой харошанькі, пі, гаротнік…

Бім выпіў з рукавіцы амаль усю ваду. Цяпер ён паглядзеў жанчыне ў вочы і адразу ж паверыў: добры чалавек. І лізаў, лізаў яе грубыя, патрэсканыя рукі, злізваючы кропелькі, якія падалі з вачэй. Так Бім другі раз у жыцці спазнаў смак чалавечых слёз: першы раз — гарошынкі гаспадара, цяпер вось — гэтыя, празрыстыя, бліскучыя на сонцы, густа прасоленыя незагойным чалавечым горам.

Жанчына ўзяла яго на рукі і знесла з дарожнага палатна пад адхон:

— Ляжы, Чорнае вуха, ляжы. Я прыйду. — І пайшла туды, дзе некалькі жанчын корпалася на пуцях.

Бім глядзеў ёй услед мутнымі вачыма. Але потым, намогшыся з усяе сілы, прыўстаў і паволі, хістаючыся, пайшоў за ёю. Тая азірнулася, пачакала яго. Ён прыплёўся і лёг перад ёю.

— Гаспадар кінуў? — запыталася яна. — Паехаў?

Бім уздыхнуў. І яна зразумела.

Падышлі яны да тых, што працавалі. Усе тут былі жанчыны, апранутыя гэтаксама, як і Добры чалавек, а збоч стаяў мужчына ў аблавушцы на патыліцы і з люлькаю ў зубах. Ён запытаў сярдзіта:

— Да сабакі прывязалася, Матрэна? А хто рабіць будзе? Эх ты, Матрэна, Матрэна… Як ні скажы — Матрэна. — І тыцкаў пальцам да яе.

Бім скеміў: харошы чалавек — гэта Матрэна. Яна загадала яму ляжаць ля абочыны, а сама ўзяла нейкія вялізныя абцугі і ўхапілася імі за шпалу разам з астатнімі жанкамі.

— Раз-два, ўзялі! — раўнуў мужчына. — Яшчэ разік! Яшчэ раз! — крычаў ён нават з гонарам, узяўшы рукі ў бокі.

На кожны яго крык жанчыны цягнулі дружнымі рыўкамі так, што бервяно паслухмяна паўзло за імі, сціснутае абцугамі. Кожны раз, як цягнулі, твары ў жанчын аж чырванелі ад натугі, а ў аднае з іх, худасочнае і кволае, твар, наадварот, бляднеў і нават сінеў. Гэту жанчыну Матрэна адапхнула рукою і сказала гэтак сама, як некалі гаварыў гаспадар Біму, праганяючы яго:

— Адыдзі! Адпачні, а то богу душу аддасі. — І да мужчыны: — Ну крычы, ці што, анцыхрыст!

— Раз-два, ўзялі! — раўнуў той і паправіў аблавушку, стаў выводзіць, быццам яму было неўмагату цяжка: — Ой, бабкі, яшчэ раз! Муж паехаў на Каўказ! Не даехаў да Каўказа! Ажаніўся там, зараза! Стоп! Кладзі струмант!

Слова «зараза» Бім ужо чуў ад Кірпатага дзядзькі: нядобрае слова. Астатніх слоў ён не зразумеў.

А жанчыны паклалі абцугі, узялі жалезныя кастылі і пачалі ўбіваць іх цяжкімі доўгімі малаткамі, быццам бы забаўляючыся, убівалі кастыль за тры ўзмахі, а Кволая ад кожнага ўдару стагнала, вохкала:

— Ах-ха! Ох-ха!

— Давай, давай! — пакрыкваў Зараза, напіхаючы люльку. — Давай, давай, Аніся! — Ён падышоў да жанчыны: — З адцяжкаю бі, на сябе пацягвай — лягчэй пойдзе.

Аніся — гэта Кволая. Яна больш за другіх марудзіла з кожным кастылём і ўрэшце засталася наводшыбе. Дзіўнае жанчынам і незразумелае здарылася ў гэты час: Бім падышоў да Аніссі расслабленаю паходкаю і таксама, як і Матрэне, палізаў горкія брызентавыя рукавіцы. Усе прыпыніліся і здзіўлена глядзелі на Біма.

Потым яны па загаду Заразы селі ўсе пад кустамі і палуднавалі, кожная са свайго клуначка. І накармілі Біма. Ён еў. Цяпер ён ужо браў ежу з рук добрых людзей. Гэта ратавала яго.

Пад вечар ён затурбаваўся: падыходзіў да Матрэны, садзіўся, вяла пераступаў пярэднімі лапамі, зазіраў у твар, зноў адыходзіў, клаўся, але скора зноў вяртаўся і зноў адыходзіў.

— Пайсці хочаш, Чорнае вуха, — дагадалася Матрэна. — Ну, ідзі, пайшоў, Чорнае вуха. Куды ж я цябе дзену? Няма куды. Ідзі.

Бім развітаўся і пайшоў, паволі, не па-сабачы. Пайшоў уздоўж чыгункі назад. Дарога — яна і ёсць дарога, яна паказвае, куды ісці, — ніколі не зблудзіш, калі правільна пайшоў. Толькі вось усё цела балюча ныла, а пасля ўчарашніх пабояў Шэрага цяжка было дыхаць, асабліва на хаду, але — што рабіць! — трэба ісці, дзякуй богу, ён пакарміўся ў добрых жанчын, ды і сцяжынка паўз шпалы была гладкая і роўная. Пакрысе ўцягнуўся, нават ціхенька-ціхенька затрухаўся подбегам. Якія жывучыя сабакі і як скора адыходзяць!

Калі глянуць збоку, нічога незвычайнага тут не было: па чыгуначнаму палатну трухаўся хворы сабака. І ўсяго.

Бліжэй да горада з аднае чыгункі стала дзве: яшчэ пара суцэльных жалезных палосак выцягнулася побач. Потым іх стала тры. Непадалёку ад будачкі неспадзявана заміргалі ўперамежку два чырвоныя вокі: левае, правае, левае, правае — кідаліся збоку ўбок. Чырвонае ўсім звярам непрыемна: ваўку, напрыклад, нестае сілы пераскочыць цераз лінію чырвоных сцяжкоў, ліса, абкладзеная імі, застаецца ў акружэнні па двое-трое сутак, а то і болей. Таму і Бім вырашыў абмінуць вялізныя чырвоныя жывыя вочы. Ён сышоў на трэцюю каляю, прыпыніўся, узіраючыся ў чырвонае морганне, яшчэ не адважыўся ісці далей. І тут пад нагамі нешта скрыгітнула…

Бім завыў ад страшнага болю, але ніяк не мог адарваць лапу ад рэйкі: на стрэлцы лапа трапіла ў магутныя ціскі. З Бімавага выцця можна было распазнаць толькі адно: «Ой, баліць! Памажэ-эце-е!»

Людзей паблізу не было. Адгрызці сваю лапу, як гэта часам робіць воўк у пастцы, сабака не можа, ён чакае дапамогі, ён спадзяецца на чалавечую дапамогу.

Але што гэта? Два вялізныя яркія белыя вокі асвятлілі пуці і самога Біма, яны асляпілі яго, набліжаліся паволі і няўмольна. Бім сцяўся ад болю і страху. І сціх ад прадчування навалы. Але грымучая істота з гэткімі вачыма спынілася крокаў за трыццаць, у паласу святла выскачыў з цемры чалавек і падбег да Біма. Потым адразу паказаўся і другі.

— Як жа ты ўшчаміўся, бядняга? — запытаўся першы.

— Што ж рабіць? — запытаўся ў першага другі.

Яны пахлі амаль што гэтаксама, як і шафёры, абодва былі ў фуражках з вялікімі медалямі.

— За прыпынак нам перападзе, хоць мы і побач са станцыяй, — сказаў першы.

— Цяпер усё роўна, — адказаў першы і пайшоў да будачкі.

Наш бедны Бім здагадаўся па інтанацыі (не па словах): гэта яго збавіцелі. Ён чуў, як звонка зазваніў у будачцы званок, а праз хвіліну ціскі выпусцілі лапу. Але Бім не рухаўся, ён здранцвеў. Тады чалавек узяў яго і занёс за лінію дарогі. Там Бім закруціўся на месцы, як юла, залізваючы раздушаныя пальцы. І аднак (якія сабакі назіральныя!) ён чуў гаворку з акон і дзвярэй цягніка; цяпер, не аслеплены святлом, ён бачыў цягнік з цемры збоку; розныя галасы паўтаралі словы «сабака» і «паляўнічы», словы вельмі зразумелыя.

Бім быў удзячны добрым людзям. Вось так. Дзесьці нехта перавёў стрэлку на той дарозе, па якой ішоў Бім. І таму «нехта» цяпер ніякага клопату ад таго, што нейкаму сабаку прышчаміла нагу і ён стаў калекам. Што б яно ні было, але цяпер ён ужо ніколі не пойдзе па чыгунцы: гэта ён зразумеў гэтак жа, як і змалку, што там, дзе бегаюць машыны, нельга хадзіць.

Бім паскакаў на трох нагах, змучаны, скалечаны. Ён часта прыпыняўся і лізаў анямелыя і ўжо прыпухлыя пальцы хворае лапы, кроў пакрысе ўнялася, а ён усё лізаў і лізаў да таго часу, пакуль кожны падушаны палец не стаў ідэальна чысты. Гэта было вельмі балюча, але іншая рада не служыць: кожны сабака ведае, што баліць, але цярпі, баліць, а ты ліжы, баліць, а ты маўчы.

Да родных дзвярэй ён прыкульгаў запоўнач. Няма! Зноў няма слядоў Івана Іванавіча. Бім хацеў падрапаць за дзверы, як і звычайна, але аказалася, што нельга: з хвораю нагою немагчыма не толькі стаць на заднія лапы, але нават і сесці, — толькі стой на трох нагах або ляжы лежма. Тады ён прыткнуўся носам да кутка дзвярэй і праверыў пах у сярэдзіне ў кватэры: гаспадара не было. Значыцца, паехаў назусім. Так ён стаяў доўга, быццам падтрымліваў галавою саслабелае цела. Потым падышоў да дзвярэй Сцяпанаўны і моцна, коратка, роспачна сказаў: «Гаў!» (Я тут.)

Сцяпанаўна ахнула:

— А божа ты мой! Дзе ж гэта цябе так? — Адчыніла дзверы ў кватэру і ўвайшла разам з ім у пакой. — От сабака ты, сабака, няшчасны сабака, што ж мне цяпер рабіць табе? І што скажа Іван Іванавіч?

Бім толькі быў лёг пасярод пакоя, выцягнуўшы ногі, але… Як жа так? «Іван Іванавіч»? Бім падняў галаву, павярнуў яе да Сцяпанаўны і з намаганнем глядзеў, глядзеў на яе, не спускаючы вачэй, ён пытаўся: «Іван Іванавіч? Дзе?»

Сцяпанаўна не ўмела ладзіць з сабакамі, не ведала, як карміць і даглядаць, аднак умела пашкадаваць. Магчыма, жаласлівасць і дапамагла ёй зараз зразумець Біма, здагадацца, што словы «Іван Іванавіч» абудзілі ў хворага сабакі пробліск надзеі.

— Ага, ага, Іван Іванавіч, — пацвердзіла яна. — Пачакай жа: я зараз прыйду. — Спяшаючыся, пайшла і зараз жа вярнулася з лістом у руках, паднесла яго Біму да носа: — Вось бачыш? Ліст прыслаў Іван Іванавіч.

Бім, бедны Бім, які паміраў і ўваскрэс, якога задушылі і выратавалі, хворы і без крупінкі спадзявання, Бім задрыжаў. Ён уткнуў нос у ліст, потым прайшоўся ноздрамі па краях: ага, ага, ага… вось ён моцна правёў пальцам па канверце туды-сюды… Калі Сцяпанаўна падняла з падлогі канверт і вытрасла з яго ліст, Бім з намаганнем устаў і падаўся да яе; цяпер яна дастала з таго ж самага канверта зусім чысты аркуш паперы і паклала яго перад Бімам. Ён завіляў хвастом: тут знарок напісаны пах пальцаў Івана Іванавіча, ага, гэта ён знарок цёр пальцамі.

— Табе ж і прыслаў, ага, — сказала Сцяпанаўна. — Так і піша: — Дайце Біму гэтую чыстую паперку. — Яна блізка паказвала на паперку, прыгаворваючы: — Іван Іванавіч… Іван Іванавіч…

Бім раптам расслаблена апусціўся на падлогу і выцягнуўся, паклаўшы галаву на ліст. З вачэй яго пакаціліся слёзы. Бім плакаў першы раз у жыцці. Гэта былі слёзы надзеі, шчаслівыя слёзы, скажу я вам, лепшыя ў свеце слёзы, не горшыя за слёзы радасці ад сустрэчы і шчасця.

…Дай жа божа, дарагі чытач! Але павер мне: сетэр умее смяяцца і плакаць.

…Сцяпанаўна пачынала разумець сабаку, але яна зразумела і тое, што ёй адной не саўладаць, не справіцца. Доўга яна сядзела пры Біму і думала пра сваё жыццё. І так ёй захацелася ў вёску, дзе яна нарадзілася і вырасла, так стала сумна ад гэтых каменных клетак, дзе людзі цэлыя гады не ведаюць нічога адзін пра аднаго, жывучы ў адным доме, нават у адным пад'ездзе. А ўсё ж здагадалася даць Біму вады.

Ой, як яму трэба была вада! Ён, чуць прыпадняўшыся, піў прагна, капаючы на падлогу, а потым зноў лёг так, як і ляжаў. Бім заплюшчыў вочы, здавалася, задрамаў.

Ужо досвіткам Сцяпанаўна выйшла так ціха, быццам баялася патрывожыць цяжка хворага чалавека.

А пасярод пакоя ляжаў усяго толькі адзінокі сабака.

Колькі Бім спаў, ён не ведае: магчыма, некалькі гадзін, магчыма, і суткі і ачнуўся ад пякучага болю ў назе. Быў дзень, таму што свяціла сонца. Нягледзячы на боль, ён панюхаў аркушык. Пах гаспадара быў слабейшы і быццам далёкі, але гэта не мела цяпер значэння. Галоўнае, самае важнае тое, што ён ёсць, недзе ёсць і яго трэба шукаць. Бім устаў, напіўся з міскі і захадзіў па кватэры на трох нагах; балела, але ён хадзіў, хадзіў, хадзіў з пакоя ў пакой, у прыхожую і назад, кружыў па пакоі. Інстынкт яму падказваў: калі адлежаў адзін бок, калі баліць, то трэба хадзіць. Скора прылаўчыўся хадзіць, каб не балела раздушаная лапа: яе трэба чуць падымаць угору, а не цягаць па падлозе, тады менш баліць. Калі ж Сцяпанаўна прынесла яму есці, ён павіляў ужо ёй хвастом, парадаваў, а потым і пад'еў. І чаму, уласна, не есці, калі ёсць надзея і ўзніклі ў сабачай галаве два магічныя словы — «шукаць» і «чакаць».

Але колькі ён ні прасіўся, колькі ні патрабаваў, Сцяпанаўна не выпускала яго (сядзі дома, ты хворы). Але нарэшце і яна здагадалася, што Бім істота жывая, што яму таксама ёсць патрэба выйсці. Яна, бясспрэчна, не ведала, што здараліся выпадкі, калі сабакі паміралі ад таго, што лопаліся кішкі ці задыхаліся ад запораў, калі тых сабак не выпускалі больш чым тры дні. А такія выпадкі былі не адзін раз.

Вялікая чалавечая спагада і дабрата душы вялі Сцяпанаўну па жыцці. Толькі і ўсяго. Яна зачапіла павадок за ашыйнік і пайшла. А Бім закульгаў побач.

У двары, у самым далёкім кутку, стаялі двое: старая сівая жанчына і кульгавы худы сабака — вось што выходзіла за карціна.

Дзеці выбягалі з пад'ездаў, спяшалі да школы, але многія з іх падбягалі і пыталіся:

— Бабулька, бабулька, чаму Бім на трох нагах?

Або так:

— Бімка, баліць табе?

Але ў школу бегчы трэба: гэта вялікая адказнасць — хадзіць да школы, самая першая адказнасць у жыцці — перад сям'ёю, перад настаўнікам, перад сябрамі. Таму яны і не затрымліваліся, беглі. Гэта здавалася вельмі важным і Сцяпанаўне і Біму, хоць яны нічога і не падазравалі, а проста пайшлі дадому, калі прыйшла пара.

Ля пад'езда іх спаткаў Палцітыч (Павел Цітыч Рыдаеў) і сказаў да Сцяпанаўны:

— Такое дзела, значыць. Псіна гэты — сабака варты, і яго трэба берагчы. Калі ўжо гаспадар даручыў табе, то вось табе парада: вазьмі на ланцуг. Абавязкова. Інакш уцячэ. Не ўпільнуеш. Выскачыць у дзверы — і каюк.

— Ды як жа можна такога разумнага сабаку — на прывязь? — няўпэўнена запярэчыла Сцяпанаўна.

— Што: і цябе вучыць трэба? Запомні: без гаспадара і без ланцуга сабака пачуе волю. І — каюк.

— Ды ён жа спаганіцца, як на прывязі стане.

— Зразумей ты, цёмны ты чалавек! Паганы стане — затое жывы будзе. На прывязь, на прывязь — вось табе і ўся мая інструкцыя. Дабра хочучы, кажу: на прывязь!

Не паслухацца старшыні Сцяпанаўна не магла, таму яна купіла ланцужок за рубель дзесяць і на ім выводзіла Біма на двор. Але дома адчэплівала ад аброжка і кідала ў куток. Хітрая бабулька Сцяпанаўна — і ваўкі сыты, і авечкі цэлы. Між іншым, самой ёй давялося выходзіць з Бімам усяго толькі два-тры разы, а прычынай таму былі незвычайныя падзеі, якія пачаліся вакол Бімкавага імя.


Раздзел 9. Маленькі сябар, хлуслівыя чуткі, данос спадцішка на Біма і аўтарскае адступленне


У школе, хвалячыся навінамі, дзеці на першым жа перапынку пусцілі чутку: у іхнім двары ёсць сабака — хадзіў на трох нагах, а зараз на чатырох, і худэрбіна-худэрбіна, а быў не худэрбіна, быў сыты, а цяпер ускудлачаны, быў вясёлы, а цяпер сумны, і завуць яго Бім; гаспадара павезлі ў Маскву на аперацыю, а водзіць яго зараз бабулька Сцяпанаўна.

Чутка дайшла да аднаго настаўніка-метадыста, той на чарговай раённай нарадзе на наступны дзень у сваім цікавым выступленні расказаў недзе гэтак: расце маладое пакаленне, выдатнае, яно «далучаецца да ідэі дабраты, якая ўключае ў сябе спачуванне да ўсяго жывога на зямлі». Усё гэта ён падмацаваў тым вялікім інтарэсам аднае школы нават да нейкага невядомага сабакі з чорным вухам, гаспадара якога надоўга паклалі на аперацыю.

Тры дні запар ва ўсіх школах гарадскога раёна настаўнікі расказвалі дзецям пра спачуванне і спагаду да жывёлін, расказвалі, як добра і прыязна аднесліся ў адной школе да адзінокага сабакі. Але найбольш асцярожныя папярэдзілі, што сабака ў такім выпадку не павінен быць шалёны, гэтага трэба сцерагчыся. У школе, дзе вучыўся Толік, настаўніца расказвала пра гэта ж самае, толькі проста і з душою.

— Ну, падумайце, дзеці, вы толькі падумайце! — гаварыла яна. — Нейкі жорсткі чалавек адарваў сабаку нагу. (Крыху так перамянілася чутка сярод настаўнікаў: чутка і ёсць — чутка!) Гэта не варта савецкага чалавека. А няшчасны сабака з чорным вухам навек калека. — Яна адгарнула сшытак на патрэбную староначку і працягвала: — Цяпер, дзеці, напішам сачыненне, маленькае і цёплае, на вольную тэму «Я люблю жывёлін». Каб лягчэй пісалася, каб нічога не наблыталі, вось вам план-пытанні.

І яна напісала мелам на дошцы, гледзячы ў сшытак:

1. Як завуць вашага сабаку?

2. Белы ён, чорны ці які?

3. Вострыя ў яго вушы ці абвіслыя?

4. З хвастом ён ці з кароценькай куксаю?

5. Якое ён пароды, калі гэта вядома дома?

6. Ласкавы ён ці злосны?

7. Ці гуляеш ты з ім, а калі гуляеш, то як?

8. Кусаецца ён ці не? Калі кусае, то каго?

9. Ці любяць яго тата і мама?

10. За што ты любіш сабаку?

11. Якія ў цябе адносіны да іншае жыўнасці (куры, гусі, авечкі, алені, мышы і астатнія)?

12. Ці бачыў ты калі-небудзь лася?

13. Чаму кароў дояць, а лася не дояць (свойская жывёла і дзікая)?

14. Ці трэба любіць жывёлін?

Толік сядзеў быццам на іголках, ён не мог нічога пісаць. У агульнай цішыні ён запытаўся, не вытрываў:

— Анпална, а як завуць сабаку з чорным вухам?

Настаўніца паглядзела ў блакнот і сказала:

— Бем.

— Бім! — крыкнуў Толік, узбунтаваўшы крыкам увесь клас.

— Адпусціце мяне, Анпална. Калі ласка! Я пайду шукаць Біма, я яго ведаю — ён вельмі добры. Калі ласка! — прасіў ён жаласна, гатовы ад удзячнасці цалаваць рукі Анпалне.

— Толя! — строга сказала да яго Анна Паўлаўна. — Ты перашкаджаеш працаваць іншым. Думай і пішы сачыненне.

Толік сеў. Ён глядзеў на чыстую староначку сшытка, а бачыў Біма. Здавалася, ён засяродзіўся на вольнай тэме гэтак, як і астатнія, але ён напісаў толькі загаловак: «Я люблю жывёлін». Толькі незадоўга перад званком ён пачаў скоранька-скоранька прыдумляць адказы. Нават і пасля званка ён крыху затрымаўся, а Анна Паўлаўна, як і звычайна ў такіх выпадках, сядзела за сталом і цярпліва чакала. Нарэшце Толік, насуплены, невядома чым незадаволены, паклаў перад Аннай Паўлаўнай сваё сачыненне. І пайшоў.

Работа яго, такім чынам, была зроблена апошняй, таму, як і заўсёды, Анна Паўлаўна прачытала яе першую (зверху ляжыць).

Толік дакладна, нават залішне, адказаў на ўсе пытанні вольнае тэмы, яго твор уключаў нават і паэтычныя спробы, хоць і з яўным плагіяцтвам з моднае песенькі, якую ведае кожны малы.

А цалкам усё гэта было вось так: «Я ЛЮБЛЮ ЖЫВЁЛІН»

Яго завуць Бім. Ён белы з чорным вухам. Вушы абвіслыя. Хвост сапраўдны. Парода паляўнічая, не аўчарка. Ласкавы. Гуляў толькі раз, але нейкі дзядзька-зануда адабраў, такі стары дурань, што і не расказаць. Не кусаецца. Тата і мама яго любіць не могуць, таму што ён чужы, з таблічкаю на шыі. За што люблю, не ведаю, проста так. Курэй, гусей, авечак, аленяў, мышэй люблю, але мышэй баюся. Лася пакуль што не бачыў, яны не жывуць у горадзе. Кароў дояць, каб было малако ў магазінах і каб выконваць план. («А ён жа з дэфектам!» — падумала Анна Паўлаўна.) Лася не дояць таму, што ў магазінах не бывае ласінага малака, і яно нікому не патрэбна. Жывёлін любіць трэба, а сабака — лепшы сябар чалавека. Я склаў зараз песеньку:


І лось добра,
І алень добра,
І мыш добра,
А сабака лепш.

Яшчэ я спрабаваў гадаваць марскіх свінак, але мама сказала, што ад іх у кватэры пахне, хоць нос затыкай, і аддала чужой дзяўчынцы. А Біма я ўсё роўна знайду, хоць мяне нават і не пусцілі. Усё адно знайду, сказаў знайду — і знайду. Хоць вы і Анна Паўлаўна, мне ўсё роўна».

У Аняы Паўлаўны вочы пад лоб пайшлі: «Ён жа з рамак выскачыў! Ён жа чортведама пра што думае. У ціхім балоце…» Апошняе яна не дадумала да канца, бо была педагог, а проста адчуваючы сваю правату ад таго, што выконвае абавязак, паставіла двойку.

Вось так яно і атрымліваецца. Анна Паўлаўна была ў ліку лепшых, дзеці яе, здаецца, любілі і слухалі, за выключэннем некаторых, без якіх, між іншым, не бывае ніводнага класа. Выхаванне — рэч складаная, складанейшая, мушу сказаць, відаць, таму Толік і напісаў так адно з першых сваіх сачыненняў: перш-наперш, ад незразумелае крыўды і несвядома, калі мець на ўвазе, што пра марскіх свінак у Анны Паўлаўны ніякіх пытанняў не было ў тэме. Магчыма, падросшы, ён і зразумее сваю памылку, але пакуль што яму гэтага не змысліць. Ён нават не вярнуўся ў клас пасля перапынка. А гэта ўжо — ЧП!

Толік паехаў са свайго новага раёна ў другі, стары, у тую школу №… і распытаўся-такі ў дзяцей пра ўсё: калі яны бачылі Біма і дзе ён жыве. Сабе на радасць, ён даведаўся яшчэ, што нага не адарвана, а толькі вісіць. І пайшоў з дзецьмі да таго дома, да Біма.

Ён націснуў на кнопку званка. Бім адказаў пытаннем: «Гаў!» (Хто там?)

— Гэта я — Толік! — крыкнуў госць. Потым пачуў, як Бім, прытуліўшы да шчыліны нос, фыркнуў і нюхаў паветра. — Бім, гэта я, — Толік.

Бім віскнуў, забрахаў. Так ён крычаў: «Добры дзень, Толік!»

І хлопчык яго зразумеў, упершыню зразумеў цэлы сказ па-сабачы.

Сцяпанаўна, пачуўшы брэх і гаворку чалавека з сабакам, выйшла:

— Што табе, хлопчык?

— Я — да Біма.

Высветлілася ўсё лёгка. Яны зайшлі ўдваіх.

Толік не пазнаў Біма: паджары, без жывата, скудлачаная шэрсць, рабрыны тырчаць — не, гэта не Бім. Але вочы разумныя і ласкавыя сказалі: «Я — Бім». Толік прысеў на кукішкі і даў сабаку волю. Бім, абнюхваючы яго, лізаў пінжачок, падбародак, рукі і, урэшце, паклаў пысу на насок Толікавага чаравіка. Здавалася, ён супакоіўся.

Усё расказала Сцяпанаўна Толіку, незнаёмаму хлопчыку, усё, што толькі ведала пра Біма і пра Івана Іванавіча, але так і не магла растлумачыць, дзе і хто расціснуў лапу.

— Доля, — вызначыла яна. — І ў кожнага сабакі — свая доля.

Гаварыла яна з хлопчыкам спакойна, хоць і з горыччу, не выстаўляючыся сваёй старасцю і жыццёвым вопытам, як роўны з роўным.

— А дзе таблічка? — запытаўся Толік. — Была ж. Я чытаў.

— Была. Цябе ж як завуць?

— Толік.

— Толік — добра… Была. Нехта зняў, выходзіць… — Толік падумаў: «Ён зняў, Шэры дзядзька». Але ўсё-такі ўслых нічога не сказаў, таму што не быў упэўнены, што гэта так… — І што я з ім рабіць буду, госпадзі? — запыталася Сцяпанаўна, гледзячы на Біма. — І шкода неяк, і што рабіць — не ведаю. Вецінара б яму.

— Ветэрынара, — паправіў Толік таксама без усякае ганарлівасці і адказаў на пытанне «што рабіць?»: — Я буду прыходзіць кожны дзень пасля школы, буду яго вадзіць. Можна?

Так знайшоўся Біму новы маленькі сябар. Ён штодня, пасля абеду, ехаў цераз увесь горад да Біма, хадзіў з ім па двары, па вуліцах, па парку і, на радасць усім дзецям, гаварыў з гонарам:

— Сабака — лепшы сябар чалавека.

Сэнс гэтых слоў быў зусім іншы, чым у сачыненні, напісаным з крыўды.

Але цвёрда намеркаваў Толік: знайсці таго Шэрага дзядзьку і пагаварыць з ім. У сваім новым раёне ён пачаў яго падпільноўваць. І ўсё-такі стрэў твар у твар.

— Дзядзечка, — запытаўся ён, прыпадняўшы брылёк шапкі і ўзяўшы рукі за спіну, — нашто вы знялі з Біма таблічку?

— Ты што — ачумеў, хлопчык? — адказаў той пытаннем на пытанне.

— Вы ж яго забралі з таблічкаю. Я бачыў не адзін.

— І адпусціў з таблічкаю. Ён жа мяне ўкусіў! Нябось пусціш, калі кусаецца, як воўк.

— Хлусіце вы, дзядзечка. Бім ласкавы сабака.

— Я? Я хлушу, шчаня?.. Дзе твае бацькі? Дзе твае бацькі? Гавары! — прысукаўся ён.

Крыху Шэры меў рацыю. Толькі менавіта крыху: ён не хлусіў, што Бім яго ўкусіў, і таму меў на тое падставы, каб абурацца, але ён хлусіў, што быццам не здымаў з Біма таблічку. Першапрычынаю ўсяго ён лічыў Бімаў укус, але не тое, што зняў таблічку, а перамена месцамі прычыны і вынікаў — заўсёды вельмі выгадна, каб апраўдацца. І ён быў глыбока перакананы, што гаворыць праўду, але тое, што ён гаварыў не ўсю праўду, — гэта ўжо яго не датычыла. А хто тут ведае, дзе тая прычына, а дзе той вынік: сабака ўкусіў спачатку ці спачатку была знята таблічка? Гэта так і будзе патаемна ад усіх. Але Толік быў глыбока перакананы, што Бім укусіць Шэрага не мог, таму што той чалавек, а не нейкі там заяц ці ліса. Таму ён і паўтарыў яшчэ раз:

— Вы хлусіце мне, дзядзечка. А гэта — брыдка.

— Бр-рысь! — гаўкнуў дзядзька і пайшоў, накульгваючы і адстаўляючы азадак (відаць, добра такі цімануў яго Бім).

Дзіўна, як бываюць правы і тыя і другія, калі адзін напалову гаворыць праўду, а другі не ведае другое палавіны праўды.

Шэры ж ішоў і думаў: «Пойдзе з тымі смаркачамі ў міліцыю, даложыць, тыя прыйдуць, убачаць калекцыю… Не, юбілейны пяцісоты не аддам. За яго можна даць дваццаць любых знакаў…» І ён вырашыў: «Лепшы від абароны — нападзенне».

Дома ён напісаў заяву, а потым занёс на ветэрынарны пункт. Там прачыталі.

«…Бег сабака (беспародны сетэр з чорным вухам), з налёту ўкусіў, вырваў з адпаведнага месца ў маім арганізме кавалак мяса і пабег далей… Бег ён, быццам шалёны, апусціўшы хвост і галаву да зямлі, вочы набеглі крывёю… Або яго трэба злавіць і знішчыць, наконт чаго і даць загад брыгадзе, якая ловіць брадзячых сабак, або я буду скардзіцца далей на ваш бюракратызм і бяздушша ў дзейнасці…» і г.д.

Ветдоктар захваляваўся:

— Куды ўкусіў? Калі? Дзе? Як гэта было?

Шэры хлусіў, як запраўскі хлус, толькі без усякае там фантазіі. Доктару ж было ўсё ясна з асабістага дакумента ўкушанага: пакусаў брадзячы сабака на вуліцы! Ён зняў трубку тэлефона і выклікаў дзяжурнага па пастэраўскім пункце.

Скора, літаральна праз некалькі хвілін, прыехала на машыне жанчына-доктар, спусціла ў Шэрага штаны, зірнула, запыталася:

— Колькі дзён прайшло?

— Дзесяць дзён, — мусіў адказаць пацыент.

— Праз чатыры дні ашалееце, — катэгарычна сказала доктар. Але бачачы, што пацыента гэта не надта затурбавала, яна, мабыць, крыху засумнявалася, ці што, і таму запыталася:

— А колькі месяцаў вы не мыліся?

— З трэцяе суботы перад тым, як быў пакусаны. Баяўся, каб не загразніць, як бы антонаў агонь не падкінуўся. Месца-то сур'ёзнае.

Умяшаўся ветдоктар:

— Месца ў вас сапраўды сур'ёзнае. Як тэлевізар. (Штукар быў гэты сімпатычны ветдоктар.)

— Што ж вы нарабілі! — закрычала жанчына-доктар, яшчэ раз паглядзеўшы на рану. — На пункт, на пункт, на пункт! Неадкладна ўколы ад шаленства… у жывот… шэсць месяцаў.

— Вы што, пасатанелі! — зароў Шэры дзядзька.

— Мы не пасатанелі, — спакойна ўняў яго ветдоктар. — Не паслухаеце — сілаю прымусім, цераз міліцыю, калі вы такі цёмны чалавек.

— Я? Цёмны чалавек?! — зароў Шэры. — Ды вы ведаеце, дзе я ў свой час рабіў?

— Мяне гэта не датычыць, — адказала доктар. — На пункт! — дадала яна яшчэ стражэй, чым дагэтуль.

Цяпер даносчык рэгулярна павінен быў хадзіць на ўколы ў вызначаныя дні і гадзіны. Мала прыемнага, уліп як муха ў мёд: сабака — за азадак, а дактары — у жывот.

А далей было так.

Як іх звяло з Цёткаю тою — невядома, але звяло. Магчыма, яны былі знаёмыя даўно (мабыць, так яно і было), але таго дня яны спаткаліся на вуліцы. Такія чуюць адно аднаго, як рыбак рыбака, дурань дурнога, а сплетнік сплетніка. Сышліся, значыцца, разгаварыліся. Высветлілася, што ходзіць ён рубам пасля ўкусу сабакі з чорным вухам.

— Дык я ж яго ведаю! Дальбог, ведаю! — усхрапянула Цётка. — І мяне пакусаў.

Шэры ж ведаў, што хлусіць яна, аднак сказаў так:

— Я асабіста напісаў заяву, каб яго ўлавілі і знішчылі. Так мне сумленне падказвае.

— І правільна падказвае, — акрыяла Цётка.

— А вы таксама напішыце… калі, вядома, вы чэсны чалавек.

— Я? Я не адступлюся!

І яна таго ж дня занесла заяву на той самы ветэрынарны пункт. Сам сабе Шэры думаў (моўчкі думаў): «Калі нахлусіла, то хай і табе дактары — у жывоцік». Ён не любіў, калі яму казалі няпраўду, і ганарыўся гэтым. Ну, Цётка таксама ўліпла як муха ў мёд: крычала, лаялася, хлусіла, колькі магла, у прыватнасці, што ранка была маленькая і ўжо загаілася, тыцкала пальцам у стары шрамік на руцэ і яшчэ крычала, што яна, як чэсная савецкая жанчына, напісала, каб была карысць, а яе за гэта караюць у жывот.

Дзіўна, але яе чамусьці адпусцілі, запісаўшы адрас, і сказалі, маўляў, заедзем заўтра дадому, высветлім. Як бы там ні было, але Цётка ўзненавідзела Біма лютаю нянавісцю. Шэрага — таксама, але крышку менш, хоць ён і падвёў яе пад дурнога хату.

У сувязі з дзвюма такімі заявамі праз два дні ў абласной газеце з'явілася аб'ява:

«Ёсць прычына думаць: сабака, беспародны сетэр, вуха чорнае, кусае прахожых. Хто ведае месцазнаходжанне таго, а таксама ўкушаных просім паведаміць на адрас… для таго, каб злавіць на аналіз і ліквідаваць магчымыя непрыемнасці. Грамадзяне! Беражыце сваё здароўе і здароўе другіх — не маўчыце…» і г.д.

За некалькі дзён пасыпаліся лісты ад чытачоў. У адным з іх паведамлялася:

«…(пэўнага чысла і месяца гэтага года)… бег сабака да вакзала (беспародны сетэр, вуха чорнае), ён не разбіраў нічога і пёр напрасцякі; так здаровыя сабакі не бегаюць — напрамкі ці наўскасяк цераз плошчу, а абмінаюць тое, што сустракаецца з перашкод на іх дарозе. Хвост быў апушчаны ўніз. Названы сабака (беспародны сабака, сетэр, чорнае вуха) рэальна небяспечны, можа ўкусіць любога грамадзяніна Савецкага Саюза і нават замежнага турыста, якія бываюць, а таму патрэбна лавіць і знішчаць сабак без усякага там даследавання, пра якое ўпамінаецца ў аб'яве вашае паважанае газеты».

Пад пасланнем стаяла дванаццаць подпісаў.

Былі і яшчэ лісты (усіх не пералічыць). Ну, напрыклад, такое: «…Гэтакі ж самы сабака, толькі без чорнага вуха, таксама бег напрасткі…» Або: «У горадзе поўна сабак, а які з іх шалёны, ніяк не разбярэшся». Або: «І зусім той сабака не шалёны, самі вы шалёныя віцінары». Або: «Калі аблвыканком не можа паставіць на шырокую нагу арганізацыю планамернага, разлічанага на гады, знішчэння сабак, то да чаго мы ідзём, таварыш рэдактар? Дзе план? Дзе карысная крытыка і чаму вы да яе не прыслухоўваецеся? Хлеб жа пячы мы ўмеем, а вось ахоўваць здароўе працоўнага грамадзяніна — кішка тонкая. Я — чэсны чалавек і гавару заўсёды праўду-матку ў вочы. І не баюся я нікога, дарэчы. А вы падумайце пра тое, што я вам напісаў. У мяне ўжо сілы нестае цярпець: пішаш, пішаш, а толку мала».

Наогул, пісем было так многа, што разгарнулася дыскусія, у выніку якое з'явіўся рэдакцыйны артыкул «Том у кватэры», дзе прыводзіліся вытрымкі з ліста дацэнта педінстытута. Той дацэнт быў відавочны сабаканенавіснік. Чаму гэта так, цяжка здагадацца, але выхаваўчае значэнне для дзяцей і юнакоў яго выступленне мела гіганцкае: калі яны яго зразумеюць правільна, то з маленства будуць душыць сабак, клапоцячыся пра здароўе працоўных, а на чалавека, які трымае сабаку дома, будуць калектыўна і дружна крычаць на вуліцы: «Гультай!» (так дацэнт аблаяў людзей, якія трымаюць сабак), «Гразнуля!» (таксама творчасць таго ж самага дацэнта).

Ужо гаварылася, што ўсіх пісем нельга пералічыць, але адно прачытаем усё ж, апошняе. У ім было толькі два радкі. Чытач проста пытаўся: «А калі на абодвух вухах чорнае — біць?» То чытач быў практычны, далёкі ад таго, каб абстрактна глядзець на свет. Але, тым не меней, ліст гэты ні ў артыкул, ні наогул на старонкі друку не трапіла і нават засталося без адказу. Падумаць толькі! Якая непавага да чалавечых запатрабаванняў!

Ёсць яшчэ, ёсць чытач актыўны, не звёўся-такі, дзякуй богу. Такі чытач не праміне, каб не выказацца і не закляйміць. Так вось і ў нашай гісторыі: Біма ўжо шукалі па ўсім горадзе, зганьбілі добрага сабаку. А за што: хай ён укусіў, скажам, — гэта праўда, а тое, як ён укусіў і тое, што шалёны, — гэта чыстае вады хлусня. Клапатлівы чытач перамяшаў усё гэта па сваёй ахвоце: ён і не думаў пра нагавор, а ў сплетні хоць і кароткія, але моцныя ногі.

Але рэдактар у час заўважыў, што дыскусія гэтая стыхійная, якую пачаў, мабыць, чалавек укушаны, дыскусія ніяк не арганізаваная, самацёчная. І ён зрабіў разумна — даў аб'яву нонпарэллю (тым шрыфтам, які не праміне пастаянны чытач): «Сабака Чорнае вуха злоўлены. Рэдакцыя спыняе дыскусію на гэту тэму. Рукапісы не вяртаюцца».

Рэдактар быў гумарыст, чаго «чытач-змагар» не можа цярпець.

Але то была няпраўда: Біма ніхто не ўлавіў. Проста-напраста Толік, даведаўшыся ў школе пра аб'яву, зайшоў адвячоркам да ветдоктара, пазваніў, а калі адчынілі, сказаў:

— Я ад Чорнага вуха, ад Біма.

Пытанне вырашылася тут жа: на наступны дзень Толік паехаў да Біма і завёў яго, трохногага, на ветпункт, да доктара. Той агледзеў яго і сказаў:

— Хлусня — уся гэтая дыскусія. Сабака не шалёны, а хворы. Збіты і скалечаны. Эх, людзі! — неяк неканкрэтна ўздыхнуў ён.

Затым агледзеў скалечаную лапу, паслухаў, што ўсярэдзіне, выпісаў мазь на лапу, лякарства піць і, праводзячы сяброў, хлопчыка і сабаку, спытаў на развітанне:

— Як жа завуць цябе, герой?

— Толік.

— Добры ты мужчына, Толік. Маладзец.

Бім, адыходзячы, таксама падзякаваў доктару на развітанне. Ён пах лякарствам, але ён ніякі не хворы, а, наадварот, высокі, мужны чалавек з добрымі вачыма.

«Добры чалавек, — сказаў яму Бім хвастом і позіркам. — Вельмі добры вы чалавек!»


…Сябар-чытач! Не той чытач, што думае, быццам без яго пісем, якія «кляймяць», сабакі паядуць усіх грамадзян і грамадзянак, не, не той. Другі — мой чытач, да цябе гавару. Прабач, што ў лірычна-аптымістычнай аповесці пра сабаку я часам напішу адну-дзве сатырычныя староначкі. Не вінаваць за тое, што парушаю законы творчасці, бо ў кожнага пісьменніка свае «законы». Не вінаваць, дарагі, і ў тым, што змешваю жанры, бо само жыццё — змяшэнне: дабро і ліха, шчасце — няшчасце, смех і гора, праўда і хлусня жывуць побач, і так блізка, што часам цяжка адрозніць адно ад другога. Горш было б, каб ты прыкмеціў у мяне напалову праўду. Яна падобна да напалову поўнае бочкі. А даказваць, што не адно і тое ж паўпустая і паўпоўная бочка, не мае сэнсу.

Галоўнае, я за тое, каб пісаць пра ўсё, а не пра адно і тое ж. Апошняе шкодна. Ты падумай! Калі пісаць толькі пра дабро, то для недабра гэта шчасце; калі пісаць толькі пра шчасце, то людзі перастануць бачыць няшчасных і ў рэшце рэшт не будуць іх заўважаць, але калі пісаць толькі пра сур'ёзна-прыгожае, то людзі перастануць смяяцца з пачварнага.


Раздзел 10. За грошы


Дзякуючы клопату Толіка і Сцяпанаўны, Бім папраўляўся. А праз тыдні два лапа пачала гаіцца, хоць і засталася кляшнятая, нязграбная супраць астатніх; Бім ужо спрабаваў на яе ступаць, але пакуль што яшчэ так, крышку, — толькі спрабаваў. Расчасаная Толікам шэрсць надавала Біму зусім прыстойны выгляд. А вось галава пачала балець не перастаючы: пасля ўдараў Шэрага нешта там змянілася. Часам галава пачынала кружыцца, тады ён спыняўся і здзіўлена чакаў, што ж з ім будзе далей, але потым, дзякуй богу, усё праходзіла, да наступнага прыступу. Так і ў чалавека, які панёс траўму ці якога ашаламілі несправядлівасцю, нечакана, не адразу, а праз некаторы час раптам зашуміць увушшу, закружыцца галава, упадзе некуды сэрца, і ён, хістаючыся, спыняецца і чакае, што ж з ім будзе; потым сапраўды праходзіць, а часам нават і не паўтараецца. Усё бывае і ўсё мінае. Чалавек таксама жывёліна — толькі больш адчувальная.

Толькі позняю восенню, па ўжо цвёрдаму марозіку, Бім пайшоў на чатырох лапах, але такі накульгваў — чамусьці стала карацейшая нага. Так, Бім застаўся калека, хаця галава быццам і наладзілася. Сапраўды: усё бывае і ўсё мінае.

Гэта б яшчэ нічога, але гаспадара няма і няма. І аркуш ліста нічым не пахне, а ляжыць у кутку як звычайная паперка, нікому не патрэбная. Бім ужо б мог шукаць сябра, але Толік не пускаў яго з павадка, калі выводзіў гуляць. Толік усё яшчэ баяўся з-за тае аб'явы ў газеце і Шэрага дзядзьку, ды і прахожыя часам пыталіся: «А гэта ці не той шалёны сабака з чорным вухам?» Толік нічога не адказваў і скоранька ішоў, не азіраючыся, прэч. Ён мог бы сказаць: «Не, не той сабака», — і на гэтым канцы ў воду. Але ён не ўмеў хлусіць і таіць свае пачуцці — страх, насцярожанасць, сумненне і ўсё астатняе; нават наадварот: на хлусню ён казаў, што гэта хлусня, на праўду — праўда. І не толькі гэта, у яго пачынала развівацца адчуванне гумару, як адна з магчымасцей выражаць справядлівасць, сапраўднага гумару, калі пра смешнае гаворыцца без адзінае ўсмешкі, хоць чалавеку з гэтым пачуццём, можа, хочацца і плакаць. Першаю праяваю гэтага было тое самае сачыненне, сутнасці якога ён і сам яшчэ не разумеў як след, а толькі цьмяна пачаў здагадвацца пра тое-сёе.

Такім чынам, хлопчык у спартыўных асенніх штоніках і жоўтых чаравіках, у светла карычневым пінжачку і асенняй з ворсам шапачцы кожны дзень, адвячоркам, ішоў з кульгавым сабакам па аднаму і таму ж маршруту. Ён заўсёды быў такі чысценькі і акуратны, што кожны сустрэчны думаў: «Адразу бачыш — з культурнае сям'і хлопчык». Да Толіка пачалі ўжо прывыкаць бліжэйшыя да яго маршруту жыхары, а некаторыя нават пыталіся адно ў аднаго: «Чый жа гэта такі харошы і спакойны хлопчык?»

З унучкаю Сцяпанаўны, Люсяю, беленькаю равесніцаю, ціхаю і сціплаю, Толік моцна пасябраваў, хоць чамусьці і саромеўся браць яе на прагулкі. Затое ў кватэры ў Івана Іванавіча яны, здаралася, забаўляліся з Бімам, а той плаціў ім адданаю любоўю і неадступнаю ўвагаю. Сцяпанаўна сядзела тут жа з вязаннем і радавалася дзецям.

Аднойчы яны раўнялі Біму ачосы на нагах і падвесак на хвасце, і Люся запыталася:

— Твой тата тут, у горадзе?

— Тут. Толькі яго раніцаю забіраюць, а вечарам прывозяць на машыне, ужо зусім позна. Стамляецца страшэнна! Гаворыць: «Нервы ўзвінчаны да адказу».

— А мама?

— Маме заўсёды няма часу. Заўсёды. То прачка прыходзіць, то падлогу націраць, то швачка, то тэлефон звоніць бясконца — ніколі няма ёй спакою. Нават на бацькоўскі сход не можа вырвацца.

— Цяжка, — уздыхнуўшы, пацвердзіла Люся ад чыстага сэрца, з сумам у вачах. Яна ж і папыталася ў Толіка толькі таму, што ўвесь час думала пра свайго тату і маму. Таму і сказала: — А мае тата-мама далёка. На самалёце паляцелі. А мы з бабулькаю ўдзвюх… — І зусім весела дадала: — У нас два рублі на дзень, во колькі!

— Хапае, слава богу, — падтрымала Сцяпанаўна. — Дзесяць булак белага хлеба можна купіць. Куды та-ам! А бывала ж, даўно — успамінаеш… Чаго та-ам! Аж млосна: боты гаспадаровы, твайго дзядулі, Люся, аддала за булку…

— А калі гэта было? — спытаўся Толік, здзіўлена ўскінуўшы бровы.

— У грамадзянскую вайну. Даўно. Вас і на свеце яшчэ не было. Не давядзі госпадзь вам такога.

Толік са здзіўленнем глядзеў на Сцяпанаўну і на Люсю: яму было зусім незразумела, як гэта так, каб таты і мамы не жылі з дзецьмі і каб некалі хлеб куплялі за боты.

Сцяпанаўна ўгадала пра яго думкі па позірку:

— Ды і паехаць жа нам нельга: кватэру трэба пільнаваць, а то адбяруць… Цяпер вось і гэту таксама трэба пільнаваць, пакуль прыедзе Іван Іванавіч. А як жа! Само сабою: мы ж суседы з Іванам Іванавічам.

Бім прыгледзеўся да Сцяпанаўны і здагадаўся: Іван Іванавіч ёсць! Але дзе ён? Шукаць, трэба шукаць. І ён пачаў прасіцца, каб яго выпусцілі. Жаданне аказалася нездзяйсняльнае. Ён лёг ля дзвярэй і пачаў чакаць. Здавалася, ніхто з прысутных яму не патрэбен. Чакаць! — вось мэта яго існавання. Шукаць і чакаць.

Толік заўважыў, што бабулька Сцяпанаўна сказала няправільна — «суседы», але зараз, не так, як пры першай сустрэчы, прамаўчаў, таму што паважаў бабульку, хоць і не мог бы сказаць за што, каб у яго пра гэта папыталіся. Так проста — Люсіна добрая бабулька. Вось Бім, любіць жа ён Сцяпанаўну. Толік так і запытаўся:

— Бімка, ты любіш Сцяпанаўну?

Бімка не толькі ведаў усіх прозвішчы, не толькі ведаў, што безымяннае няма ні аднае істоты, нават самага задрыпанага сабакі, але ён абавязкова выконваў, калі дзеці загадвалі, чые трэба прынесці пантофлі. Ён і зараз, па Толікавых і Сцяпанаўны позірках, па тым, як яна ўсміхалася, зразумеў, пра каго менавіта гавораць, таму падышоў і паклаў ёй галаву на калені.

Сцяпанаўна раней была абыякавая да сабак (сабака і сабака, што тут!), а Бім яе прымусіў любіць, прымусіў сваёю дабратою, даверлівасцю і адданасцю свайму сябру-чалавеку.

Добрыя і мілыя чатыры гэтыя істоты ў чужой кватэры — тры чалавекі і адзін сабака.

У Сцяпанаўны на душы было таксама цёпла і спакойна. Што яшчэ трэба пад старасць!

Потым, пасля, праз многа год, Толік будзе ўспамінаць гэты надвячоркавы час са светла-бэзавым акном. Будзе. Вядома, будзе, калі яго сэрца застанецца шчырым да людзей і калі п'яўка недаверу не прыссецца да ягонага сэрца… Але таго разу ён спахапіўся:

— Да дзевяці мне трэба дадому. У дзевяць — спаць. Заўтра я табе, Люся, прынясу альбом для малявання і чэшскія каляровыя алоўкі — ні ў адным магазіне такіх не купіш, не бывае нават. Замежныя!

— Праўда? — узрадавалася Люся.

— А ты тату хоць сказаў, куды ходзіш? — запытала Сцяпанаўна.

— Не-е. А што?

— Трэба сказаць. А як жа, Толік? Абавязкова.

— Ён жа не пытаецца і мама не пытаецца. У дзевяць гадзін каб дома…

Калі Толік адыходзіў, Бім вельмі, вельмі прасіўся, каб выпусціў, але марная была яго просьба. Яго бераглі і шкадавалі, не зважаючы на тое, што ён мучыўся і сумаваў па сябры, хаця і любіў іх.

На наступны дзень Толік не прыйшоў. А Люся так чакала яго з альбомам і алоўкамі, такімі, якіх не бывае ў магазінах і якія нельга купіць і за грошы. Так чакала! Яна і Біму паўтарала некалькі разоў:

— А Толіка няма. Не ідзе Толік.

Бім, вядома ж, зразумеў яе неспакой, ды і час, калі павінен быў прыйсці Толік, мінуў, таму ён разам з Люсяй пазіраў праз акно на вуліцу і нецярпліва чакаў яго. Але Толік не прыйшоў.

«Сказаў бацьку», — падумала Сцяпанаўна, а ўслых сказала:

— Вось табе і сабака… Дрэнна будзе нам без Толіка. Хто ж будзе вадзіць Біма?

У Люсі сцялася сэрца ад прадчування чагосьці нядобрага.

— Дрэнна, — сказала яна дрыготкім голасам.

Бім падышоў да яе, глядзеў на далоні, якія закрылі тварык, і чуць заскуголіў (не трэба, маўляў, Люся, не трэба). Ён памятаў, як некалі Іван Іванавіч, седзячы за сталом і абапёршыся локцямі, гэтаксама часам закрываў твар далонямі. Гэта было дрэнна — Бім ведаў. Бім заўсёды ў такім выпадку падыходзіў да гаспадара, а гаспадар гладзіў яго па галаве і гаварыў: «Дзякуй, Бім, дзякуй». Вось і Люся таксама, адняла далонь ад твару і пагладзіла Біма па галаве.

— Ну, вось і ўсё, Люська, вось і ўсё. Нашто плакаць? Прыйдзе Толік. Прыйдзе-е, не турбуйся, дзіцятка. Толік прыйдзе, — суцяшала бабулька.

Бім пакульгаў да дзвярэй, быццам хацеў сказаць: «Толік прыйдзе. Пайшлі пашукаем яго».

— Просіцціа, — сказала Сцяпанаўна. — Мне ўжо надакучыла яго слухаць. І не выводзіць нельга — жывое…

Люся чуць падняла галаву і неяк незнаёма цвёрда сказала:

— Я павяду сама.

Сцяпанаўна раптам заўважыла:сталее дзяўчынка не па днях, а па гадзінах. І ёй таксама стала горка ад таго, што не прыйшоў Толік.

…Дзяўчынка з сабакам ішлі па вуліцы. Насустрач — тры хлопчыкі.

— Дзяўчынка, дзяўчынка, — застракатаў адзін з іх, рыжы і ў рабацінні, — твой сабачка мужычок ці бабка?

— Дурань! — коратка адказала Люся.

Усе ўтрох акружылі Люсю з Бімам, а яна была гатова заплакаць ад першага ў жыцці хамства. Але, убачыўшы, што шэрсць у Біма на загрыўку ўздыбілася і ён нагнуў галаву, раптам асмелілася і крыкнула рэзка:

— Пайшлі вон!

Бім так гаўкнуў, так ірвануўся, што ўсе ўтрох пасыпаліся ў розныя бакі. А Рабенькі, адбегшыся і пакрыўдзіўшыся за свой спалох, закрычаў, як кнігаўка:

— Э! Э! Дзяўчынка з сабакам! Э! Бясстыжая! Э!

Люся пабегла як магла дадому, Бім, вядома, пабег следам. Упершыню ў жыцці ён сустрэў дрэннага маленькага чалавека — Рабенькага.

Пасля такога выпадку зноў пачалі выпускаць Біма аднаго, як і раней. Спачатку Люся выходзіла ўслед і стаяла за вуглом, пасвіствала, як хлопчык, каб не адыходзіў далёка. Потым Сцяпанаўна выпусціла досвіткам яго аднаго. Ад гэтага разу ён і заўсёды гуляў адзін, а вечарам вяртаўся і з ахвотаю еў.

І трэба ж такому здарыцца! Неяк на перакрыжаванні, на пераходзе цераз трамвайныя пуці, яго паклікалі:

— Бім!

Ён азірнуўся. З дзвярэй вагона паказалася знаёмая вагонаважатая.

— Добры дзень, Бім!

Бім падбег і падаў лапу. Гэта ж тая самая добрая жанчына, што вазіла Біма з гаспадаром на паляванне да аўтобуснага прыпынку. Яна!

— Нешта даўно не відаць гаспадара? Ці захварэў Іван Іванавіч?

Бім здрыгануўся: яна ведае, яна, магчыма, едзе да яго!

Калі ж вагон рушыў, ён ускочыў у яго цераз прыступкі. Жанчына-пасажырка дзіка крыкнула, мужчына закрычаў («Пайшо-оў!»), некаторыя смяяліся, спачуваючы Біму. Вагонаважатая спыніла трамвай, выйшла з кабіны, супакоіла пасажыраў (Бім дакладна гэта заўважыў) і сказала Біму:

— Ідзі, Бім, ідзі. Нельга. — Лёгенька падштурхнула яго і дадала: — Без гаспадара нельга. Без Івана Іванавіча нельга.

Што ж зробіш, калі нельга то нельга. Бім сеў, пасядзеў і затрухаўся туды, куды паехаў трамвай. Тут яны ездзілі з гаспадаром, тут — гэта дакладна: вось паварот ля вежы, вось паставы міліцыянер, — тут!

Бім бег па трамвайных пуцях, не перасякаючы іх нават на паваротах. Міліцыянер свіснуў. Бім на хаду азірнуўся і пабег сваёй дарогаю. Ён паважаў міліцыянераў: гэтыя людзі ні разу яго не крыўдзілі, ніколі; ён памятаў свой першы прывод у міліцыю, усё памятаў, разумны сабака, адтуль яны пайшлі з Дашаю дадому, і ўсё было добра. Больш таго, ён не раз бачыў міліцыянера з сабакам — чорны такі, вельмі сур'ёзны, на першы погляд; з ім ён нават пазнаёміўся на тратуары: Іван Іванавіч і міліцыянер падпусцілі іх адзін да аднаго і далі магчымасць нагаварыцца ўволю.

«Ад яго пахне лесам», — сказаў чорны сабака, гледзячы на міліцыянера.

— Былі ўчора на паляванні, — пацвердзіў Іван Іванавіч.

«Які ты чысцюля», — сказаў Бім чорнаму, канчаючы законны абрад абнюхвання.

«А як жа інакш! Работа такая», — віляў кароткім хвастом чорны.

У знак сяброўства, якое намячалася, яны нават распісаліся на адным і тым жа дрэве, знізу.

Не, міліцыянер чалавек добры, ён сабак любіць, тут Біма не абхітрыш і не абманеш.

І ён сабе бег і бег ціхенька ўздоўж трамвайнага пуці, але збоку, бо памятаў, што наступаць на жалезныя палосы нельга — прышчэмяць нагу.

На канцавым кальцы ён даў кругаля па ходу трамвая і затрымаўся ля прыпынку. Пасядзеў, паглядзеў: людзі навокал усе добрыя. Так. Гэта ўжо добра. Адсюль яны пераходзілі з Іванам Іванавічам вуліцу — вунь да таго месца з дошчачкаю на слупе. Бім пайшоў туды не спяшаючыся і сеў побач з чаргою, якая чакала аўтобуса. Прыгледзеўся: зноў дрэнных людзей не відаць.

Калі падышоў аўтобус, чарга папаўзла ў дзверы, а Бім патупаў апошні, як і трэба кожнаму сціпламу сабаку.

— Ты куды? — закрычаў шафёр. Раптам ён азірнуўся яшчэ раз на Біма і праспяваў: — Пачакай, пачакай. Ды я ж цябе ведаю.

Бім таксама зразумеў, што гэта той сябар, які ўзяў з рук гаспадара паперку. І завіляў хвастом.

— Памятае, сабачая душа! — усклікнуў шафёр. Потым падумаў і паклікаў Біма ў кабінку: — Да мяне!

Бім умасціўся там, прыціснуўшыся да сценкі, каб не перашкаджаць, умасціўся хвалюючыся: менавіта ж гэты шафёр вёз некалі іх з Іванам Іванавічам на паляванне, у лес.

Аўтобус гырчаў і гырчаў, ехаў і ехаў. Сціх ён на тым прыпынку, дзе Бім заўсёды выходзіў з Іванам Іванавічам у лес. Вось тут-то Бім і захадзіўся. Ён драпаў за дзверы, скуголіў, прасіўся са слязамі: «Выпусці. Мне сюды і трэба».

— Сядзець! — строга прыкрыкнуў шафёр. Бім паслухаўся. Аўтобус зноў загырчаў. Адзін пасажыр падышоў да шафёра і спытаўся, паказваючы на Біма:

— Твой сабака?

— Мой, — адказаў той.

— Вучаны?

— Не вельмі… Але разумны. Бачыш? Глядзі: ляжаць!

Бім лёг.

— Можа, прадасі сабачку? Мой памёр, а я чараду авечак пасу.

— Прадам.

— Колькі?

— Чацвярцінку.

— Ого! — вымавіў пасажыр і адышоў, палашчыўшы Біма за вуха, праказваючы: — Харошы сабачка, харошы.

Добра вядомы Біму гэтыя ласкавыя словы, словы гаспадара. І ён вільнуў хвастом чужому.

Бім цяпер зусім не ведаў, куды едзе. Але зараз, гледзячы ў ветравое шкло, ён запамінаў дарогу, як запамінае кожны сабака, калі ўпершыню едзе па новым месцы: так ужо ў сабак вядзецца — ніколі не забываць дарогу назад. У людзей гэты інстынкт з вякамі знікаў і знік амаль. А дарэмна. Вельмі патрэбна ведаць дарогу назад.

На адным з прыпынкаў той добры чалавек, ад якога пахла травою, выйшаў з аўтобуса. Шафёр таксама выйшаў, пакінуўшы Біма ў кабіне. Бім сачыў за ім, не адрываючы позірку. Вось шафёр паказаў на Біма, вось ён узяў за плячо Добрага чалавека, а той, усміхнуўшыся, дастаў паперкі і аддаў іх, потым закінуў за плечы рукзак, зайшоў у кабіну, зняў з сябе папругу, прычапіў за Бімаў аброжак і сказаў:

— Ну, пайшлі. — А за некалькі крокаў ад аўтобуса азірнуўся і запытаўся: — Зваць яго як?

Шафёр запытальна паглядзеў на Біма, потым на пакупніка і ўпэўнена адказаў:

— Чорнае вуха.

— А не твой жа сабака? Прызнавайся.

— Мой, мой. Чорнае вуха, праўда. — І паехаў.

Такім чынам, Біма прадалі за грошы.

Ён разумеў, што робіцца нешта не так. Але чалавек, які пах травою, быў відавочна добры, і Бім пайшоў побач з ім, засмучаны і журботны.

Ішлі, ішлі яны моўчкі, а тут раптам чалавек загаварыў да самога Біма:

— Не, ты не Чорнае вуха: так сабак не клічуць. А знойдзецца твой гаспадар — аддасць мае пятнаццаць рублёў? Чаго пытацца?

Бім паглядзеў на яго, нахіліўшы галаву набок, быццам хацеў сказаць: не разумею цябе, чалавек.

— А ты, брат, відаць, сабака разумны, добры. Вось і яшчэ ён сказаў словы, якія так часта паўтараў гаспадар. Цяпер Бім завіляў хвастом у аддзяку за спагаду і ласку.

— Ну, калі так, жыві са мною, — скончыў чалавек.

І пайшлі яны далей. Разы са два за дарогу Бім усё ж спрабаваў упірацца, нацягваў павадок і паказваў вачыма назад. (Адпусці, маўляў, мне — не туды).

Чалавек прыпыняўся, гладзіў сабаку, гаварыў:

— Мала ці што… Мала ці што.

Тут бы і клопату мала: хватануць за папружку раз-другі — і напал. Але Бім ведаў: павадок на тое, каб за яго вадзілі, каб сабака не ішоў далей і бліжэй, чым патрэбна. І перастаў прасіцца.

Ішлі яны спачатку па лесе. Дрэвы былі задумёныя і маўклівыя — голыя, халодныя, заспакоеныя марозікам; трава ў лесе пажухла, слабенькая і зблытаная, сумная. Нудота Біму — і ўсё.

Потым пацягнулася рунь, дываном закрыўшая зямлю, мяккая і вясёлая. Зрабілася тут Біму крышку лягчэй: прастора, неймаверна многа неба, вясёлае пасвістванне чалавека побач — усё гэта добра было з Іванам Іванавічам. Але, калі дарога пайшла па ворыве — зноў вясёлага мала: зямля чарнавата-шэрая з кропелькамі ад мелу, а камячкоў на ёй ніякіх; здавалася, яна нежывая, месцамі напаўжывая — распыленая, спустошаная зямля.

Чалавек сышоў з дарогі, памацаў абцасам ворыва і ўздыхнуў.

— Дрэнна, брат, — сказаў ён Біму. — Чорная бура. Дрэнна, брат… Яшчэ адна-дзве чорныя буры — і канец зямельцы. Дрэнна, браце…

Словы «дрэнна, брат» Біму вельмі знаёмыя ад гаспадара, і ён ведаў, што гэта абазначае смутак, нуду або «нешта не так», а словы «чорная бура» ён зразумеў як «чорнае вуха» у невядомай яму інтэрпрэтацыі. Аднак тое, што сказанае датычылася зямлі, Біму не зразумець. Чалавек здагадаўся пра гэта:

— Вядома, ты — сабака, і ты нічога не кеміш. А каму сказаць? Вось я табе, чарнавух, і скарджуся… Пачакай жа!.. — Ён паглядзеў на Біма і дадаў: — А і будзь ты Чарнавухам. Гэта па-сабачаму — Чарнавух. Само вырвалася, то так таму і быць.

Ну і што? Не даходзячы яшчэ за вёскі, Бім ужо ведаў, што цяпер ён Чарнавух: чалавек жа многа разоў ласкава паўтараў:

— Чарнавух — гэта добра. — Альбо так: — Маладзец, Чарнавух, добра ідзеш. — Або яшчэ нешта такое, але абавязкова «Чарнавух».

Так за грошы людзі прадалі добрае імя Біма. Добра, што хоць гэтага не ведаў Бім, як і таго, што за паперкі некаторыя людзі могуць прадаць і гонар, адданасць і сэрца. Добра сабаку, які не можа пра гэта ведаць!

Але Бім цяпер павінен забыць сваё імя. Што ж рабіць — так, выходзіць, і павінна быць. Толькі не забудзе ён свайго сябра Івана Іванавіча. Хоць жыццё пачалося зусім інакшае, ніяк не падобнае да таго, што было некалі, але тое забыць ён не мог.


Раздзел 11. Чарнавух у вёсцы


Вёска, куды прывялі Біма, зусім-такі здзівіла яго. Тут таксама жылі людзі, але ўсё было не так, як там, дзе ён нарадзіўся і выгадаваўся. Домікі маленькія — проста на зямлі, без усякіх там лесвічных пляцовак, без шматлікіх парогаў, дзверы не пстрыкаюць замкамі. На ноч, праўда, дзверы зачыняюць на засаўку. Усе домікі накрыты рабрыстымі шэравата-белымі лістамі. Раніцаю, у адзін і той жа час, з кожнага доміка ідзе ўгору дым, але домікі ўсё ж не едуць і не ляцяць некуды, а стаяць сабе роўненька радочкамі і дымяць ціха і мірна, без усякага там скрыгатання. Але больш за ўсё ўразіла Біма (зараз ужо Чарнавуха) тое, што разам з людзьмі тут жывуць і розныя жывёліны і птушкі: каровы, куры, гусі, авечкі, свінні, знаёмства з якімі адбылося не адразу. У жывёлін за кожным чалавечым домікам былі свае хаткі, накрытыя часам саломаю, а мясцінамі і чаротам, і адгароджаныя невысокім рэдкаватым тынам. І ніхто нікога не чапае — ні людзі жывелін і птушак, ні жывёліны людзей, і ніхто ні па кім не страляе са стрэльбы.

Першы дзень Біму паслалі сена ў кутку ў сенцах. Чалавек прывязаў яго за вяроўку, добра накарміў і некуды пайшоў, апрануўшы плашч. Астатак дня Бім правёў адзінока, у цішыні і маўклівасці. Адвячоркам ён пачуў, як зашорхалі капытцамі авечкі, як яны зайшлі на двор, як прамыкала карова ў хляве (нечага прасіла). А скора прыйшоў і той чалавек, але з хлопчыкам у плашчы, у ботах, на галаве шапка, а ў руках доўгая палка. Твар у яго быў гэтакі ж карычневы, як у добрага чалавека, а пах хлопчык авечкамі.

— Ну, Алёшка, глядзі новага сябра, — сказаў дарослы хлопчыку.

Яны падышлі да самага Біма.

— Тата, а не ўкусіць?

— Не, Алёшка, такія не кусаюцца… Ух ты, Чарнавух… Чарнавух — харошы сабака. — І чуць паляпаў яго па баку.

Бім ляжаў і насцярожана глядзеў на хлопчыка. Той таксама пагладзіў:

— Чарнавух… Чарнаву-ух… — І сказаў да дарослага: — Тата, а калі адвяжам — не ўцячэ?

— Трохі пачакаем. — Ён пайшоў у дом.

Бім устаў, прысеў, падаў хлопчыку лапу, гэта значыць сказаў: «Добры дзень. Ты харошы».

— Тата! — крыкнуў хлопчык. — Тата, хадзі!

Той вярнуўся.

— Добры дзень, Чарнавух! — падаў хлопчык руку.

Бім яшчэ раз павітаўся. Абодва чалавекі відавочна ўпадобалі ягоную ветлівасць. Гэтыя першыя хвіліны знаёмства былі вельмі важныя Біму: ён даведаўся, што таго, хто прывёў яго сюды, завуць Тата, а хлопчыка Алёша. Нават звычайныя, нічым не адметныя дварняжкі скора даведваюцца пра імёны людзей, а Бім… Ды што там казаць! Мы ўжо ведаем, які гэта сабака.

Потым, ужо прыцемкамі, прыйшла і жанчына. Апранута яна была дзіўна: галава закручана ў дзве хусткі, куфайка на ёй нацягнута, як барабан, штаны гэтакія ж самыя, як у тае добрае жанчыны, якая заганяла кастылі. Але гэтая пахла зямлёю і буракамі (салодкі такі корань, якога некалі Бім не мінаў). Яна зайшла ў хату, пра нешта гаварыла з мужчынамі, адразу ж патупала з сянец на двор з вядром у руках. Цяпер Бім вызначыў, не сыходзячы з месца, што адны дзверы з сянец — на вуліцу, другія — да жывёлін, а трэція — у хату. Але да іх не дастаць — не пускае вяроўка. Вось пакуль што і ўсё, пра што даведаўся Бім.

Ён зноў лёг.

Пахне авечкамі, моцна пахне з двара. Што такое авечкі, Бім ведаў даўно. Яны жывуць, думалася некалі, чарадою, ходзяць па полі і нічога не робяць, толькі ядуць і крычаць. А каля іх заўсёды чалавек у брызентавым плашчы і з доўгаю палкаю з кручком на канцы; адзін такі падыходзіў да Біма і Івана Іванавіча, калі яны адпачывалі пад стогам сена, ціснуў гаспадару руку; яшчэ з ім быў вялікі кудлаты сабака. З ім пазнаёміўся Бім незвычайна. Спачатку Кудлаты пёр на яго з налёту і жудасна брахаў, але Бім тады лёг на спіну, падняў угору лапы і сказаў: «Што такое? Хіба я з-за чаго вінаваты?»

Далікатнасць узяла верх над нахабствам, а Кудлаты сабака, абнюхаўшы Біма, палізаў жывот, крыху адышоў і распісаўся на камені. Бім зрабіў тое ж самае. А наогул, гэта абазначала: міру — мір. А пакуль гаспадар Біма гаварыў з гаспадаром Кудлатага, яны пагулялі ў даганялкі, і, аказалася, Бім і быстрэйшы і вёрткі, што нават заслужыў павагу новага знаёмага. Калі яны развітваліся (трэба ж ісці за гаспадарамі!), то панюхалі камень і пераглянуліся так: «Ты прыходзь калі-небудзь сюды», — сказаў Бім і паскакаў далей.

«Эх, работа…» — сказаў Кудлаты і паплёўся да чарады, угнуўшы галаву.

Так было. Вось і цяпер пахне авечкамі. Бім не мог не ўспомніць пра Івана Іванавіча ад гэтага паху, які трывожыў памяць: у чужых сенцах, у чужым доме, у сутонні вечара, без людзей яму стала сумна-сумна.

Потым ён чуў, як па жалезе роўна гудзелі нейкія струменьчыкі: жжых-жжых! жжых-жжых! Бім не ведаў, што гэта такое — жжых! жжых-жжых! Незнаёмыя гукі сціхлі, і адразу ж з двара з тым вядром увайшла жанчына. А з вядра пахла малако. Цудоўна пахла! У горадзе каб так пахла малако, Бім ні разу не чуў, ні разу, а гэта — іншае, але ўсё роўна малако — гэта так. У горадзе малако не пахне чалавечымі рукамі, рознымі прыемнымі травамі і зусім не пахне кароваю — вось што дзіўна. А тут усё гэта перамяшалася ў чароўны водар, які дзівіў сваёй абаяльнаю, нейкаю ружаваю пахучасцю. Не будзем спрачацца: калі ўжо чалавек ніколі не адрозніць малако ад малака, то як гэтага не заўважыць нашаму Біму, які мае надзвычайны нюх, як не дзівіцца паху, у якім чалавечыя рукі змяшаліся з кветкамі і травою. Таму ён і падхапіўся хуценька, і павіляў жанчыне хвастом. Але наўрад ці яна магла зразумець Бімава захапленне.

За доўгія чатыры гады свайго жыцця ён, на жаль, так ні разу і не бачыў, як дояць кароў. А малако пахне ўсё-такі кароваю. Нейкая няяснасць так і засталася ў Біма: ён сяго-таго не ведаў. Паміж іншым, ці мала чаго не ведае кожны сабака? У гэтым нічога брыдкага няма. А калі які-небудзь сабака і скажа, дапусцім, што ён усё ведае і ўпэўнены ў тым, што можа вучыць, што і як рабіць і куды бегчы, то нават і курыца яму не паверыць; мала што ён здароўшы за курыцу — не паверыць. А такія сабакі бываюць, мушу сказаць вам. Напрыклад, скоч-тэр'ер, возьмем яго: ён прытвараецца, што яго галава-цагліна напхана рознымі ідэямі (барада, доўгія вусы і бровы — філосаф!), а сапраўды бяспутны, камандуе, лаецца на гаспадара штодня, як нервовы, круціцца бесперастанна. А толку? Ніякага! Адзін выгляд. А ўсярэдзіне пух або зусім пуста.

Бім — іншая справа: ён шчыры і прамадушны. Калі чаго не ведае, то так і з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калі не любіць каго, то так і скажа: «Нядобры ты чалавек. Ідзі адсюль! Гаў!» І забрэша часам так, што дай бог!

Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў і глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.

Але нехта падышоў з вуліцы і рашуча расчыніў дзверы.

«Хто? — адным словам запытаўся Бім. — Гаў!»

Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло і запытаўся:

— Хто тут?

— Я, брыгадзір, — адказаў незнаёмы.

Потым ён зайшоў у сенцы, яны паціснулі адзін аднаму рукі (значыцца, сябры — брахаць нельга) і падышлі да Біма. Тата прысеў на кукішкі, гладзіў Біма і гаварыў:

— А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец — службу ведаеш. Харошы сабака. — Адвязаў яго і ўпусціў у пакой.

Саміае галоўнае — у хаце была і кульгавая курыца. Бім прыцэліўся на яе, зрабіў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: «Што гэта за птушка? Нешта не даводзілася…»

— Глядзі, брыгадзір! — крыкнуў Тата. — Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, — на ўсе рукі!

Але паколькі курыца не звярнула на Біма ўвагі, то ён сеў, усё ж скоса пазіраючы на яе, што па-сабачы абазначала: «От мне… Знайшлася!.. Яшчэ і ты!» І зірнуў на прысутных.

— І курэй не зачэпіць! — захапляўся Алёшка.

Бім уважліва глядзеў на яго.

— А вочы! Мама, а вочы! Як у чалавека, — радаваўся Алёшка. — Чарнавух, ідзі да мяне… да мяне!

Хіба Бім маўчаў у адказ на шчырую радасць? Ён падышоў да Алёшы і сеў побач.

За сталом пайшла гаворка. Тата адкаркаваў бутэльку, Мама падала ежу. Брыгадзір выпіў усё са шклянкі, Тата таксама. Мама — таксама. Алёша чамусьці не піў, а еў вяндліну і хлеб. Ён кінуў кавалачак пасярод падлогі, але Бім не скрануўся з месца (трэба ж было сказаць: «Вазьмі!»).

— Інтэлігент, мабыць, — заўважыў брыгадзір, — хлеба не есць.

Курыца прыкульгала і забрала той кавалачак, які належаў Біму. Усе смяяліся, а Бім уважліва-ўважліва глядзеў на Алёшку: смеху мала, калі не разумееш адзін аднаго, хоць і сябруеш.

— Пачакай, Алёша, — сказаў Тата. Ён паклаў кавалачак хлеба на падлогу, адагнаў куру і сказаў Біму: — Вазьмі, Чарнавух, вазьмі!

Бім з задавальненнем пракаўтнуў смачны кавалачак хлеба, хаця і быў пад'еўшы.

Брыгадзір таксама паклаў на падлогу кавалачак вяндліны.

— Нельга! — папярэдзіў ён.

Бім сядзеў. Кура бачком-бачком пакульгала да вяндліны, але толькі-толькі сабралася клюнуць, Бім фыркнуў, чуць не штурхануў яе носам. Адным словам, цырк, дый годзе.

— Чарнавух, вазьмі! — дазволіў брыгадзір.

Бім акуратна з'еў і гэты кавалачак.

— Усё! — крычаў Тата. Ён і так гаварыў моцна, а пачырванеўшы, стаў яшчэ дабрэй. — Чарнавух — цуд цудам што ні на ёсць! — І нават абняў яго.

«Харошыя людзі», — падумаў Бім. Яшчэ яму спадабаліся вусы ў Таты, мяккія, далікатныя, гэта ён адчуў, калі той абдымаў.

А потым пачалася такая размова, з якое Бім зразумеў толькі адно слова — «авечкі», але затое дакладна вызначыў, што абодва мужчыны спачатку пачалі спрачацца.

— Ну, Хрысан Андрэевіч, давай пра справу. — Брыгадзір паклаў руку на плячо Таты. — Авечкі есці хочуць ці не хочуць?

— Хочуць, — адказаў Тата. — Толькі мой тэрмін кончыўся, мне — да пакроў, а пакровы прайшлі.

— Авечкі людскія, асабістыя, а не калгасныя, і яны таксама хочуць карміцца. Мне калгаснікі вушы пратрубілі: снегу няма, паша пад нагамі, авечкі да снегу павінны быць на падножным. І праўду кажуць.

— «Авечкі — да снегу…» А я жалезны? А Алёшка табе — жалезны?

— Пакуль снег, Хрысан Андрэевіч — угаворваў брыгадзір, — удвая плаціць будзем. Зразумеў?

— Не буду, — спакойна, але настойліва паўтараў Тата. — Баба мая на бураках закісла — трэба дапамагаць, а ты — «пакуль снег».

Але ўсё-такі яны паляпалі адзін аднаго па руках са згодаю і перасталі далдоніць «авечкі да снегу». Потым брыгадзіра правялі на ганак усе ўтраіх, забыўшыся пра Біма.

Ну і што ж, ён таксама выйшаў на ганак, абабег навокал двара, пастаяў за тынам, пастаяў, удыхнуў пах авечак, з якімі звязан адзін з успамінаў пра любімага адзінага чалавека, і нерашуча прысеў.

Ноч. Восеньская чорная ноч у вёсцы, ціхая, затоеная ад зімы, хоць і гатовая сустрэць яе. Усё ў гэтай ночы невядома Біму. Сабакі наогул не любяць падарожнічаць уночы (хіба толькі бяздомныя, якія не вераць людзям і абмінаюць іх), а Бім… Што тут казаць! Бім пакуль што сумняваўся. Ды і Алёша — такі харошы маленькі чалавек.

Сумненні перапыніў Алёшкаў голас. Ён трывожна, на ўсю моц закрычаў:

— Чарнаву-ух!

Бім падбег і ўвайшоў следам за ім у сенцы. Алёша паклаў яго на месца, падаткнуў з бакоў сена, палашчыў і пайшоў спаць.

Усё заціхла. Не чуваць ні трамвая, ні тралейбуса, ні гудкоў — нічога звыклага.

Новае жыццё пачалося.

Сягоння Бім даведаўся, што Тата — яшчэ і Хрысан Андрэевіч, а Мама — яшчэ і Пятроўна, Алёша ж — так Алёша і ёсць. Акрамя таго, да курыцы ён не меў пагарды, але і не паважаў: на яго сабачы розум, птушка павінна лятаць, а гэтая толькі ходзіць, а таму і не варта, каб яе, бяскрылую, паважалі. Але вось авечкі — яны напамінаюць пра Івана Іванавіча; Алёша таксама пахне авечкамі… Пятроўна — зямлёй і буракамі… А такі земляны пах заўсёды турбаваў Біма. Магчыма, і Іван Іванавіч сюды прыйдзе…

Бім заснуў, сагрэўшыся ў цёплым сене. У такім сене, ад водару якога міжволі хочацца ўсміхнуцца, нават чалавек засынае адразу, і ад гэтага паху свежага сена ў яго ўзнікае ўваччу блакітны колер перад сном. Біму ж намнога лепш было чуваць усе самыя тонкія адценні гэтага водару, які заспакойваў, унімаў яго сум.

Пабудзіў Біма пеўнеў крык. Некалі ён яго чуў неаднойчы, але не так блізка, а гэты — проста за сцяною, гучна, працяжна і з гонарам: «Кука-рэ-ку-у-у!» Яму адгукнуліся ўсе вясковыя пеўні. (Крыху пазней Бім даведаўся, што гэты певень — запявала і што такія пеўні сярдзітыя.) Бім сядзеў і слухаў дзіўную музыку; далей яна кацілася па вёсцы хвалямі — то бліжэй, то далей, у залежнасці ад таго, чыя была чарга, а апошні, адзін пракукарэкаў нейкі немагушчы пеўнік, хрыпла, коратка і непадобна да пеўня, вартага павагі. Потым, праз некаторы час, Бім разабраўся, што такія пеўні — баязліўцы, уцякаюць ад чужога пеўня, які ўрываецца на іх двор, хоць па ўсіх правілах курынага жыцця гэты баязлівец павінен абараняць спакой падпарадкаваных яму курэй. А ён, ідал, уцякае. Затое менавіта такі певень бязлітасны да чужых куранят — клюе, такая падла, а між іншым ні адзін певень, калі ён паважае сам сябе, ніколі не клюне кураня, якое прыбілася невядома адкуль. Такі вось і заспяваў апошні, і толькі тады, калі, відаць, пераканаўся, што не памыліўся наконт часу. Людзі б назвалі такога пеўня кан'юнктуршчыкам, але Біму ўсяго-наўсяго было толькі смешна. Дарэчы, Бім зусім не ўяўляў, што па такім здохлым пеўню ніхто ніколі не правярае час.

Бім прылёг і задрамаў. Раптам зноў з канца ў канец пракаціўся па вёсцы спеў. І Бім зноў сеў і зноў слухаў з вялікім задавальненнем. Потым трэці раз, яшчэ мацней, галасіста, нават урачыста! Ах, цудоўна спяваюць! Во дзе сіла! А што яны вытваралі недзе далёка — і ўявіць нельга! Бім пакуль што не ведаў, што гэта раскашавалі хорам на калгаснай птушкаферме, па няпісаных нотах, белыя, як кіпень, самаўпэўненыя пеўні-прыгажуны, і таго разу, каб не быў ён запёрты ў сенцах, ён абавязкова збегаў бы і паглядзеў і паслухаў такое дзіва. Але сенцы былі яму за клетку.

Праз шчыліну ў дзвярах і ў сенцы пакрысе запаўзаў шэранькі восеньскі досвітак. Бім устаў, агледзеў сенцы: стаіць дзежка са збажыною, у адным кутку — засек з кукурузнымі пачаткамі, у другім — качаны капусты. Вось і ўсё.

Выйшла з вядром Пятроўна. Бім прывітаў яе. Яна — на двор, і Бім — на двор, следам. Яна села пад карову. Бім — непадалёку. Струменьчыкі зазвінелі аб вядро, а Бім затупацеў пярэднімі лапамі ад здзіўлення: малако! Карова стаяла спакойна і жавала сабе, без нічога ў роце, — быццам шаптала і булькала сімпатычная жывая цыстэрна з адкрытымі кранікамі.

Пятроўна скончыла даіць, паклікала Біма («Чарнавух»), наліла яму ў міску малака, сказала: «Нельга», чуць пастаяла, сказала: «Вазьмі», добра засмяялася і заспяшала ў хату.

Ах, божа мой, якое гэта было малако! Цёпленькае, духмянас, тут табе і травою пахне, і кветкамі, полем — усім разам, а яшчэ (гэта цяпер дакладна), яшчэ — рукамі Пятроўны, а не проста чалавечымі рукамі наогул, як здалося гэта Біму ўчора здалёку. Бім выхлебтаў усё, вылізаў, справіў ранішнія патрэбы і скоранька агледзеў двор. Карова сустрэла яго зусім даверліва, нават лізнула ў галаву, за што Бім дакрануўся языком да яе шурпатае, малочна-пахучае пысы; авечкі з-за перагародкі патупалі на яго капытцамі, быццам бы пагражалі, і тут жа супакоіліся, бо ўбачылі, што Бім не ўсчынае ніякае агрэсіі; свіння і двое парасят на першы раз і не паглядзелі на Біма, а проста пахрукалі між сабою і нават не варухнуліся, хаця і ляжалі галовамі да Біма, ля плоціка. Так сустрэлі яго чатырохногія, але куры — гэта та-абе! Уласна, не самі куры, а чырвоны певень. Ён, як толькі зляцеў з седала, залопаў крыллем і злосна забурчаў: «Ко-ко-ко-ко-ко!» Ды і кінуўся на Біма, як коршак. Чырвоны певень з чырвоным грэбенем ударыў сабаку грудзьмі і кіпцямі. (Вось якія пеўні бываюць!) Бім гыркануў на яго ў адказ і ўдарыў лапаю. І адразу ж, у тое самае імгненне, певень звесіў крылле і прыгнуўся, пабег у куток двара да курэй, што сабраліся чародкаю, як зацікаўленыя гледачы; уцякаў ад Біма зусім перапалоханы, а падбег да іх ужо як герой. Ды яшчэ і закрычаў: «Вось як я яму! Вось як, вось як!» Куры дружна хвалілі пеўня на ўсю сваю курыную моц. І што вы думаеце? Бім пільна паглядзеў на пеўня з павагаю. Што ні кажы, а Бім ні разу не бачыў, каб птушка кідалася на сабаку. А гэта ўсё-такі месца мае.

— Што тут за вэрхал? — спытаў Хрысан Андрэевіч, выходзячы з сянец на двор. І на курэй: — Кыш, вы! Сабакі напужаліся, дурныя. — Узяў Біма за аброжак і падвёў да курэй, пастаяў так з ім і адпусціў.

Бім адышоў і адвярнуўся: ну іх! З тае пары певень і куры не падыходзілі да сабакі, але не надта і баяліся, а так — пасакоча каторая — і з дарогі. А яму што? Ходзяць куры— не лятаюць, не плаваюць; зноў жа, ніхто ў іх не страляе — значыцца, не птушка, а так сабе — самаходная істота. Певень, гэты, вядома, не тое: і на страху ўзляціць, і папярэдзіць пра чужога не пазней, чым Бім, ды і кіруе салідна — сам чарвяка не есць, а падначаленых кліча і, здараецца нават падзеліць. Так што певень заслугоўвае павагі.

З-за таго, што Біма пакуль што не выпускалі з двара на вуліцу яшчэ з тыдзень, ён неяк сам па сабе стаў тут галоўны: ляжаў пасярод двара і сачыў. Курэй ён ужо на чацвёрты дзень ведаў усіх у твар, а калі залятала цераз тын чужая, то ён яе так наганяў, так наганяў, што яна яшчэ доўга тараторыла, то некуды ўцякаючы, то вяртаючыся назад і топчучыся на адным месцы. Смех, дый годзе!

Парася, тое, напрыклад, само прапанавала пазнаёміцца бліжэй: падышло да Біма, хрукнула, чуць-чуць штурханула яго вільготным пятачком у шыю і глядзела дурненькімі бялявымі вачанятамі. Бім лізнуў яго ў пятак. Таму бог як спадабалася: яно аж падскочыла ад задавальнення — і пачало рыцца каля Біма. Бім паблажліва перайшоў на другое месца, а парася зноў да яго: пабурчала нешта на сваёй незразумелай мове (свінні і сабакі не разумеюць адзін аднаго гэтаксама, як і людзі з розных краін) ды і ўклалася побач з Бімам, прытуліўшыся да цёплае Бімавай спіны. Таму калі аднаго халоднага асенняга дня Біму зрабілася не па сабе (дзверы ў сенцы зачынены на ўвесь дзень), то ніхто на двары не дзівіўся з таго, што Бім спаў на мяккай падсцілцы, сагрэты парасятамі з двух бакоў. Супроць гэтага сяброўства і парасяткава маці нічога не мела супраць, нават наадварот, кожны раз, як Бім заходзіў да іх у жыллё, яна энергічна стагнала ад наплыву прыязнасці, а зусім не ад болю. Між іншым, гэту адметнасць свіное гаворкі Бім заўважыў адразу, хоць болей у гэтым мовазнаўстве нічога не зразумеў. Мабыць, гэта не так і важна — ведаць мову. Сабака і свіння — розныя ва ўсім, але гэта не перашкаджае ім жыць мірна і згодна.

Кармілі Біма вельмі добра, а акрамя таго, і парасяты — ужо рослыя, Біму напаўросту — не пярэчылі, калі ён здымаў пробу ў іхнім карыце. Кожнай раніцай ён меў амаль літр малака, якое тут не лічылі дарагім. Здавалася, што б яшчэ трэба сабаку? Але двор гэта двор — клетка, лагер, адгароджаны тынам і заўсёды зачыненымі варотамі і веснічкамі. Не паляўнічага гэта сабакі занятак — ляжаць, пільнаваць курэй, гадаваць парасят, — не і не, ды яшчэ з такім выдатным нюхам, які — мы ўжо ведаем — меў наш Бім.

Ён ужо прывык да свайго двара, да яго жыхароў, не дзівіўся сытаму жыццю. Але калі з лугу цягнула вецярком, Бім неспакойна хадзіў ад плота да плота ці станавіўся на заднія лапы перад тынам, быццам хацеў хоць крышку бліжэй быць да вышыні, і глядзеў угару, у неба, дзе ляталі галубы — лёгкія, вольныя. Нешта смактала ўсярэдзіне, і ён невыразна адчуваў, што і пры такім сытым жыцці і добрым доглядзе не хапае нечага самага галоўнага.

…Ах, галубы вы, галубы, нічога вы не ведаеце пра сытага сабаку ў няволі!

Бім адчуў яшчэ і тое, што не цалкам яму давяраюць, калі не выпускаюць. Кожнай раніцай Хрысан Андрэевіч і Алёшка выганялі сваіх авечак з двара і ішлі за імі на ўвесь дзень, у плашчах, з палкамі. А Біма, як ён ні прасіўся, пакідалі на двары.

І вось аднойчы Бім ляжаў, уткнуўшыся носам у тын, а вецер прыносіў весткі: луг ёсць, дзесьці непадалёку ёсць лес. Воля побач! Убачыў у шчыліну — прабег сабака. Тады яму і стала неўмагату. Ён грабянуў лапаю зямлю пад тынам раз, другі, грабянуў яшчэ раз і давай працаваць на ўсю сілу: пярэднімі гроб зямлю пад сябе, а заднімі адпіхаў далей; нават і разлапістаю можна працаваць, хоць і не на ўсю сілу.

Невядома, што было б пасля таго, але калі Бім ужо канчаў падкоп, увайшлі на двор авечкі. Яны ўбачылі, як ляціць зямля з-пад тыну, і шарахнуліся назад у веснічкі, дзе стаяў Алёшка. Авечкі павалілі Алёшу і шуганулі па вуліцы, як дурныя. Алёша пабег за імі, а Бім не звяртаў увагі ні на каго: гроб і гроб!

Але падышоў Хрысан Андрэевіч, узяў яго за хвост. Бім затаіўся ў сваёй нары, быццам нежывы.

— Занудзіўся, Чарнавух? — спытаў Хрысан Андрэевіч, чуць пашморгваючы за хвост, запрашаючы Біма назад.

Бім вылез. Што зробіш, калі цябе цягнуць за хвост!

— Што з табою, Чарнавух?! — здзівіўся Хрысан Андрэевіч і адступіўся, утрапёны: — Ты хоць не ўскруціўся?

Вочы ў Біма набеглі крывёю, ён нервова перасмыкаўся, вадзіў носам у бакі, часта-часта дыхаў, быццам толькі што кончыў цяжкае паляванне. Ён неспакойна забегаў па двары і нарэшце пачаў драпаць за варотцы, азіраючыся на Хрысана Андрэевіча.

Той стаяў пасярод двара і моцна задумаўся. Бім падышоў да яго, сеў і гаварыў позіркам зусім зразумела: «Мне трэба туды, на прыволле. Пусці мяне, пусці!» Ён, просячы, выпрастаўся на жываце і заскуголіў так ціха і жаласна, што Хрысан Андрэевіч нагнуўся і пачаў яго лашчыць.

— Эх, Чарнавух, Чарнавух… І сабаку хочацца волі. Ку-ды-ы там! — Затым паклікаў Біма ў сенцы, паклаў на сена, прывязаў за вяроўку і прынёс міску з мясам.

Вось і ўсё. Сумна. Сытае жыццё без волі апрацівела Біму.

Мяса ён не зачапіў.


Раздзел 12. На палявым прыволлі. Незвычайнае паляванне. Уцёкі


Раніцою, як і кожнага дня, у доме Хрысана Андрэевіча ўсё паўтаралася па заведзенаму парадку: спружына працоўнага дня пачала раскручвацца пасля апошніх, трэціх пеўняў, потым абазвалася карова, Пятроўна падаіла яе і запаліла ў печы; Алёша выйшаў палашчыць свайго, цяпер ужо любімага, Чарнавуха, Тата пакарміў карову і свіней, пасыпаў курам, потым усе селі да стала снедаць. Бім тае раніцы не ўзяў нават пахучага малака, хоць Алёша прасіў і ўгаворваў. Потым, пакуль бацькі ўходжваліся на двары, Алёша схадзіў па ваду, і вычысціў каровін катух, і яшчэ раз прасіў Біма, каб пад'еў, соваў нос у міску, але, маеш, Чарнавух нечакана амаль счужэў. Пад канец збораў на работу Хрысан Андрэевіч натачыў вялікі нож і запхнуў яго ў шчыліну над дзвярыма.

Зацемна Пятроўна ўшушкалася ў сваё тоўстае адзенне і хусткі, узяла сумку і той вялікі нож, што тачыў Тата, і пайшла. Следам, апрануўшы плашчы, выйшлі на двор Алёша з бацькам і, чуваць, выпусцілі авечак на вуліцу.

Няўжо пакінулі Біма аднаго, ды яшчэ на прывязі ў цёмных сенцах? Бім не вытрымаў — завыў горка і безнадзейна.

І тут адчыніліся дзверы, увайшоў Хрысан Андрэевіч, адвязаў Біма і вывеў на ганак, потым замкнуў дзверы, пакіраваў да чародкі авечак, ля якіх стаяў Алёша, перадаў яму з рук у рукі Біма на вяроўцы, а сам зайшоў спераду авечкам і крыкнуў:

— Пайшлі, пайшлі-і!

Авечкі рушылі за ім па вуліцы. З кожнага двара да іх далучалася то пяць, то дзесяць, так што ў канец вёскі сабралася добрая чарада. Папераду ўсё гэтак жа ішоў Хрысан Андрэевіч, ззаду Алёша з сабакам.

Дзень выпаў марозны, сухі, зямля пад нагамі цвёрдая, амаль гэтакая ж, як асфальт у горадзе, толькі не такая роўная; нават заляталі густа сняжынкі, закрыўшы на некаторы час і без таго халоднае сонца, але зараз жа і скончыліся. Гэта была ўжо не восень, але яшчэ і не зіма, а проста-напраста пазначассе, ні то ні сё, калі вось-вось акажацца зіма, жаданая, але заўсёды нечаканая.

Авечкі бадзёра пастуквалі капыцікамі і бляялі, перагаворваліся на сваёй напеўнай авечай мове, зразумець якую няма ніякага розуму. Прыгледзеўшыся, Бім заўважаў, што паперадзе чарады, нага ў нагу з Хрысанам Андрэевічам, ішоў баран з закручанымі рагамі, а ззаду за ўсімі, проста перад Алёшам, кульгавенькая авечка. Алёша зрэдку памаленьку падпіхаў яе кручком палкі, каб не адставала, і тады крычаў:

— Тата, цішэй крыху! Кульгавенькая не можа!

Той ішоў цішэй, не аглядваўся, а разам з ім цішэй ішла і ўся чарада.

Бім ішоў на вяроўцы. Ён бачыў, як спаважна тупаў Тата перад авечкамі, як яны падпарадкаваліся кожнаму яго руху, як Алёша дзелавіта, засяроджана пільнаваў авечак ззаду і з бакоў. Вось адна з іх адбілася і, пашчыпваючы жаўтаватыя травінкі, пакіравала ў бок ад чарады. Алёша пабег з Бімам і крыкнуў:

— Куды пайшла-а?! — і кінуў паперад яе сваю палку.

Авечка вярнулася. Злева адразу тры захацелі адасобіцца і пасунуліся сабе да зеленаватае плямы, але Алёша зноў пабег і гэтаксама паказаў ім сваё месца. Бім скора скеміў, што ні адна авечка не мае права адбівацца ад чарады, а калі зноў пабег разам з Алёшам, гаўкнуў на тую авечку, якая парушыла парадак і дысцыпліну: «Гаў-гаў-гаў!» — гэтак жа нязлосна, як і Алёша, папярэдзіў ён самавольніцу: — «Куды пайшла-а?!»

— Тата! Чуеш? — крыкнуў Алёша.

Хрысан Андрэевіч аглянуўся і крыкнуў з адабрэннем:

— Маладзец, Чарнавух!

На схіле яра ён падняў над галавою палку і яшчэ закрычаў гэтак жа моцна:

— Распуска-ай! — А сам запаволіў крок, ішоў поперак ходу чарады.

Алёша пачаў рабіць тое ж самае, але тут, ззаду, ён крочыў хутка, нават падбягаў, наганяў авечак на Хрысана Андрэевіча. І тады чарада пакрысе разыходзілася ўсё шырэй і шырэй, і нарэшце, не перастаючы шчыпаць траву, выстраілася ў шнурок, па тры-чатыры авечкі. Цяпер Хрысан Андрэевіч спыніўся, акінуў позіркам строй, а побач з ім спыніўся і баран-важак. Пастух дастаў з сумкі буханку хлеба, адрэзаў акрайчык — чамусьці аддаў яго барану. Бім не мог ведаць, што баран-важак абавязкова павінен не толькі не баяцца пастуха, а нават любіць яго, а таму, ад свайго няведання, ён бачыў проста пацвярджэнне таго, што Тата — добры чалавек, — і толькі. А Тата, калі начыстату, быў яшчэ чалавек і хітры — баран хадзіў за ім, як сабака, і заўсёды адзываўся на кліч. Не, Біму, вядома, нельга было спасцігнуць усю пастухову мудрасць. А Хрысан Андрэевіч ведаў, што дурны баран, які адбіўся ад чарады, ды яшчэ калі няма сабакі, завядзе чараду чортведама куды — толькі прамаргай, засні ад стомы і разморанасці на сонечным прыгрэве. Не, тут баран-важак быў незвычайны, вучаны баран, таму і Біма ён прыняў з адкрытаю душою.

Хрысан Андрэевіч закурыў люльку і сказаў Алёшу:

— Ты не табунуй, не табунуй — тут ёсць чым пажывіцца.

А што ты думаеш, дарагі мой чытач? Накарміць авечку позняй восенню — работа не такая і простая: калі не ўмееш, то праз тыдзень палавіна чарады здохне, і там, дзе добрая кармёжка, стопчуць яе, і ўся тут марока, а калі разумна будзеш пасвіць, то і на беднаватай пашы авечка будзе і сытая, і накормленая. Ухітраецца Хрысан Андрэевіч накарміць чараду на пустках ды на ўскрайках, перад самымі трактарамі, калі яны аруць на восень, а для гэтага патрэбен талент, і прызванне, і любоў да жывёлы. Вялікая работа — пасвіць авечак, а наогул-то, і прыгожая, таму што чалавек-пастух, часам і не задумваючыся пра тое, адчувае сябе неадлучнаю частачкаю прыроды і яе гаспадаром і дабрадзеем. Вось у чым цымус. Чытач даруе, што я да часу забыўся пра нашага Біма і загаварыў пра чалавека на прыволлі позняй восені.

Такім чынам, авечкі з дружным патрэскваннем шчыпалі кароткую траву і хрумсталі так дружна, што ўсё гэта сплывалася ў адзін суцэльны гук, спакойны і роўны, заспакойваючы. Цяпер Тата і Алёша былі блізка адзін ад аднаго і гаварылі ўжо ціха, не крычалі, як раней, здалёку.

Алёша запытаў:

— Тата, спусціць Чарнавуха?

— Давай паспрабуем. Не павінен ён уцячы зараз: ад волі на волю не ўцякаюць. Спушчай, але спачатку адстань з ім, пагуляй, не табунуй авечак.

Алёша пачакаў, пакуль чарада адышла далей, адвязаў вяроўку і весела крыкнуў:

— Чарнавух! Пабеглі! — Тут ён кінуўся бегчы з узгорка ў яр, топчучы ботамі траву і падскокваючы.

Бім узрадаваўся немаведама як. Ён таксама падскокваў, стараўся лізнуць Алёшу ў шчаку, адбягаўся ўбок і стралою імчаў назад у захапленні ад поўнае волі; потым схапіў нейкую палку і памчаў да Алёшы, сеў перад ім. Алёша ўзяў тую палку, кінуў і загадаў:

— Падай, Чарнавух!

Бім прынёс яе і аддаў. Алёша яшчэ раз кінуў, але цяпер не ўзяў з рота ў Біма, а пайшоў з яра да чарады і загадаў:

— Чарнавух, трымай! Нясі!

Бім пайшоў за ім з ношкаю. Калі ўзышлі, Алёша замест палкі даў яму сваю шапку. Бім з задавальненнем панёс яе. Алёша ж бег падскакваючы і паўтараў:

— Нясі, Чарнавух. Нясі, мой маладзец. Вось добра! Вось добра! — Але да чарады яны падыходзілі ціха («не ганяй авечак»). Алёша загадаў:

— Аддай Тату.

Хрысан Андрэевіч выставіў руку. Бім аддаў. Новая яго вартасць стала вядома пастухам нечакана. Усе ўтрох былі ў захапленні.

А не болей чым праз тыдзень Бім сваім розумам дайшоў, што ў яго ёсць абавязак: закіроўваць самавольных авечак да чарады, пільнаваць іх, калі яны распушчаны шнурком, але не пярэчыць, калі, зайшоўшы вечарам у вёску, яны разыходзяцца дадому.

Бім пазнаёміўся з двума сабакамі, якія пільнавалі калгасную чараду, дзе было трое пастухоў, усе дарослыя, і ўсе таксама ў плашчах. Хоць чароды калгасныя і калгаснікаў ніколі не падпускаліся блізка адна да аднае і не мяшаліся, але ў час кароткіх асенніх прыпынкаў на тырлішчах Алёша бегаў да калгасных пастухоў, а Бім разам з ім да калгасных сабак. Добрыя сабакі, паджарыя, шарсцістыя, вялікія, але спакойныя, паслухмяныя; яны нават гулялі з Бімам спакойна і паблажліва, а вакол чарады хадзілі паволі, пяшком, а не так, як Бім, падскокам альбо галопам: з адчуваннем сваёй вартасці сабакі. Падабаліся яны Біму. І авечкі таксама харошыя.

Пачалося вольнае працоўнае жыццё і ў Біма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталіся стомленыя і таму прыціхлыя, але то была воля і давер адзін да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае.

Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруціўся вецер, захадзіў, замяцеліў. Хрысан Андрэевіч, Алёша і Бім збілі авечак у чараду, пастаялі крыху ды і павялі ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлі таксама снег. Усюды белы снег, толькі снег у полі — больш нічога. Завітала зіма, упала з неба.

Ці то Хрысан Андрэевіч вырашыў, што такому сабаку, як Бім, нельга спаць з падсвінкамі або сядзець на прывязі, ці з-за чаго іншага, але Бім перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збітую ў кутку ў тых самых сенцах і напханую мяккім сенам.

А вечарам ён хадзіў у хату як раўнапраўны сем'янін і быў там, пакуль не павячэраюць.

— Не можа таго быць, каб зіма. Рана, — сказаў неяк Хрысан Андрэевіч Пятроўне.

Слова «зіма» паўтаралі яны пры размове часта, пра нешта турбаваліся; паміж іншым, Бім ведаў: зіма — гэта белы халодны снег.

У той вечар Пятроўна прыйшла ўся запарушаная снегам, мокрая, з абветраным і падпухлым тварам. Бім бачыў, як яна, распрануўшыся, трэсла рукамі і стагнала. Рукі яе былі ў чырванаватых трэшчынах і зямлістых плямах, быццам бы з падушачкамі, такімі, як на падэшвах у Біма. Потым яна апускала рукі ў цёплую ваду, адмывала іх, доўга-доўга расцірала маззю і вохкала. А Хрысан Андрэевіч глядзеў на Пятроўну і быццам гараваў (гэтага Бім не мог не заўважыць па яго твары).

А наступным ранкам ён натачыў нажы і ўсе ўчатырох пайшлі з дому: Пятроўна, Хрысан Андрэевіч, Алёша і Бім. Спачатку ішлі па роўным белым полі, накрытым неглыбокім сняжком — на палавіну лапы, не глыбей, так што ісці было лёгка. Вакол ціха, не холадна. Потым яны аказаліся на полі, дзе побач раскіданы кучы — копчыкі буракоў, складзеных лістамі вонкі і прыкрытыя зверху націннем. Ля кожнае кучы сядзелі жанчыны, апранутыя гэтак жа, як і Пятроўна, і нешта рабілі моўчкі і засяроджана.

Усе ўчатырох падышлі да аднае такое кучкі, селі вакол яе, і Бім пачаў уважліва глядзець, што ж тут робіцца. Пятроўна ўзялася за націнне, выцягнула бурак з кучы, спрытна перакруціла яго коранем да сябе і — чык! — нажом: лісты адпалі. Яшчэ чык-чык — па галоўцы бураку: галоўка чыстая. І адкінула ўбок. Алёша — таксама, нават спрытней за Тату. І пайшло! Чык-чык! — і прэч націнне. Чык-чык! — чыстая галава. Трах! — бурак ляжыць збоку.

Непадалёку, ля такое ж самае кучкі сядзела жанчына, адна, і рабіла тое ж самае. Ля наступнае — таксама, але ўжо два-тры чалавекі разам. І так па ўсім полі: буракі, як шалашыкі, захутаныя жанчыны з патрэсканымі далонямі і прыпухлымі ад холаду тварамі. Усе працавалі або ў рукавіцах або голымі рукамі. Чык-чык! — няма націння. Чык-чык! — няма націння. Чык-чык! — чалавек кідае нож і хукае на рукі, трэ іх і зноў: чык-чык! — чыстая галоўка. Як часы!

І холадна. Сочачы за нажамі, Бім пачаў мерзнуць, а таму страсянуўся і стаў даследаваць мясцовасць паблізу, не адбіваючыся далёка.

Сагрэўся і вярнуўся назад да сваіх, хоць яго запрашалі і астатнія жанчыны (усе на вёсцы ўжо ведалі, што такое Чарнавух!)

Потым да іх падышла тая жанчына, што сядзела і працавала адна-адзінокая, — маладая, але худая. Яна на нешта крыўдзілася, смаркалася на зямлю, потым села побач з Пятроўнаю і паказала ёй рукі. Пятроўна таксама працягнула ёй свае далоні. Жанчына прыгнулася, закашлялася, прыціскаючы брызентаваю рукавіцаю грудзі і змоўкла. А звалі яе Наталля.

Пятроўна — чык-чык! Хрысан Андрэевіч — чык-чык! Алёша — чык-чык! І хукаюць на рукі, труць шчокі. Пятроўна — чык-чык!.. І раптам — блюмк!.. У тае жанчыны-гаротніцы ўпала на ліст кропля. Яна захілілася рукавом і пайшла назад, да сваіх буракоў.

— Упасі госпадзі, яшчэ і ты прастудзішся, — сказала Пятроўна Алёшу, падышла, паправіла яму цёплую хустку пад шапкаю, зняла з сябе палатняны ручнік і падперазала Алёшаў кажушок.

Бім таксама тыкаўся носам у Алёшаў кажушок, дапамагаў Пятроўне. Але Алёша,як вызначыў Бім, не зусім і змёрз, як здавалася; наадварот, яму было намнога цяплей, чым Тату і Пятроўне (Бім жа адчуваў гэта лепей за людзей).

— Чуеш, Алёша, — сказаў Хрысан Андрэевіч, увіхаючыся нажом за дваіх. (Бім навастрыў вушы.) — Схадзі пабегай з Чарнавухам, пагрэйся крышку.

І Бім пабег побач з хлопчыкам па бурачным полі, закамянелым ад марозу. Перасеклі яны поле ўпоперак, Алёшу стала горача, і ён зняў шапку, развязаў хустку, сунуў яе за пазуху, шапку надзеў, прыпадняўшы вушы. Побач з лясною паласою, у густой жоўтай траве Бім прыпыніўся, нюхнуўшы паветра, заснаваў чаўнаком і нечакана для Алёшы стаў як статуя.

Алёша падбег да яго.

— Што тут, Чарнавух? — Бім стаяў нерухома і чакаў загаду. Алёша здагадаўся, у чым справа: — Пужай! Пужай!

Бім чакаў магічнага слова «Наперад!» Але Алёша крыкнуў яшчэ мацней:

— Пужай!

Бім пайшоў паводкаю і падняў на крыло чародку курапатак.

Нядоўга думаючы, Алёша пабег назад разам з Бімам. Бім адчуў, што зноў яны не разумеюць адзін аднаго (Алёша не ведае слоў Івана Іванавіча), але ўсё ж бег побач з Алёшам. А той, засопшыся, зачырванелы, расказаў бацькам, як Чарнавух знайшоў курапатак і «пужнуў» іх.

— Паляўніцкі сабака Чарнавух, вучаны, — адобрыў Хрысан Андрэевіч. — Каб стрэльбу нам, Алёша! І на паляванне. Га?

Стрэльба? Паляванне? Якія знаёмыя і дарагія Біму словы! Ён ведае, што гэта абазначае.

Бім завіляў хвастом, залашчыўся да Алёшы, да Хрысана Андрэевіча, да Пятроўны, ён гаварыў на сваёй мове разборліва і дакладна. Але тут яго ніхто не зразумеў, не пайшоў па стрэльбу, ніхто не пайшоў на паляванне і без стрэльбы. Бім сеў за плячыма ў Алёшы, прытуліўся да кажуха і задумаўся, прынамсі, такі быў у яго выгляд.

Ужо прыцемкамі яны вярталіся дадому, стомленыя і схаладнелыя. А праз некалькі дзён і зусім перасталі хадзіць на буракі — скончылі сваю норму.

Цяпер Пятроўна нікуды не хадзіла і была рада гэтаму. Цэлыя дні яна што-небудзь гаспадарыла: чысціла карову, мыла бялізну, падлогу, шынкавала капусту, біла масла, паліла ў печы, варыла, шыла на машыне, латала адзенне, выносіла карове цэбар — усяго і не пералічыць. Бім назіраў за яе работай.

Па Алёшу прыходзіла чыста адзетая жанчына з кніжкамі, ушчувала Пятроўну (але не сярдзіта, як прыкмеціў Бім), абедзве яны паўтаралі словы: «Алёша», «авечкі», «буракі». На наступны дзень Алёша пайшоў раніцаю з кніжкамі, так і знікаў на кожны дзень. Хрысан Андрэевіч таксама хадзіў кудысьці ў свой час з сахаром, а калі вяртаўся, то ад яго пахла гноем.

Аднаго звычайнага вечара, калі сабраліся ўсе і снедалі, увайшоў чалавек — высокі, шырокі, касцісты, велікатвары, але з маленькімі лісінымі вочкамі і ў лісінай шапцы. Бім прыкмеціў, што Хрысан Андрэевіч зірнуў на чалавека хмура і з-за стала не ўстаў, як звычайна, не падаў рукі.

— Здаровы былі, — абыякава сказаў госць і не зняў шапку.

— Добры вечар, Клім. Сядай, — адказаў Хрысан Андрэевіч.

Той сеў на лаву, закруціў вялікую цыгарку, прыгледзеўся да Біма і спытаў:

— Гэта і ёсць той самы Чарнавух? — (Бім навастрыў вушы.) — Прападзе сабака без палявання. Або ўцячэ. Прадай: дам дваццацьпятку.

— Не прадаецца, — адказаў Хрысан Андрэевіч і цяпер устаў з-за стала — скончыў вячэру.

Бім нават і за тры крокі скора адчуў, што госць пахне зайцам. Ён падышоў, абнюхаў, вільнуў хвастом і зірнуў у твар лісінай шапцы, што абазначала на мове Біма: «Разумею — паляўнічы».

— Бачыш? — сказаў Клім. — Чуе Чарнавух, хто прыйшоў. Прадай, кажу.

— Не прадам, Клім, не прадам. Ужо збылося — нават Алёша не ведаў спачатку, — паслаў я тры рублі ў рэдакцыю рэспубліканскае газеты і аб'яву: «Прыбіўся паляўнічы сабака, белы, з чорным вухам». Прыслалі ў адказ: «Не аб'яўляйце, калі ласка. Хай пакуль што пажыве». Што тут такое — не ведаю, але адчуваю — сабака гэты важнецкі, трэба шанаваць.

— А ты і зглуміш. Прадай, — наставаў Клім, пачынаючы злаваць.

— Торгу не будзе, — адрэзаў Хрысан Андрэевіч. — Так — на паляванне — бяры, а ў той жа дзень прыводзь назад. Хай Чарнавух пароду беражэ, так як і паложана.

— Таму што не прадаецца, — умяшаўся Алёшка.

— Ну, так дык так, — незадаволена скончыў Клім, паляпаў Біма па загрыўку і пайшоў.

Пасля вячэры, пры ліхтары, Хрысан Андрэевіч зарэзаў баранчыка і, падчапіўшы за заднія ногі, зняў з яго футра, выпатрашыў, абмыў тушку і пакінуў яе ў хляве да раніцы.

Пятроўна ўвесь вечар то пакавала яйкі ў карзіну, то накладала ў слоікі масла або перапушчанага сала. Потым яна акуратна састаўляла іх у базарныя, з белых дубцоў карзіны.

Цяпер-то Бім адчуў, што ад усяго гэтага (баранчык без аўчынкі, яйкі, масла, карзіны) пахне горадам, гарадскім базарам. Ці ж яму не ведаць! Увесь горад з канца ў канец ён вывучыў, шукаючы Івана Іванавіча. І Бім захваляваўся: базар, горад, карзіны, свая ўласная кватэра — усё сплялося ў адно: Іван Іванавіч там. За ноч ён не звёў вачэй.

Раніцаю, раненька-раненька, Хрысан Андрэевіч завярнуў ужо цвёрдую тушку ў чыстую мешкавіну, звязаў шпагатам і ўскінуў на плячо. Пятроўна пачапіла на каромысла дзве карзіны, падняла і паклала яго на абодва плечукі. Як Бім прасіўся разам з імі! Ён ясна гаварыў, уталкоўваў ім настойліва: «Мне трэба разам з вамі. Я — туды. Вазьміце».

Ніхто не здагадаўся пра яго хваляванні. Нават больш таго, Хрысан Андрэевіч сказаў, папраўляючы, каб ямчэй ляжала тушка.

— Патрымай яго, Алёша, Чарнавуха, — каб хоць не пабег за намі.

Алёша ўзяў яго за аброжак і патрымаў на ганку. А Тата і Мама, абое з ношамі, паволі пайшлі да шашы, да аўтобуснага прыпынку. Бім праводзіў іх вачыма і не звяртаў увагі на Алёшавы пачастункі і на ягоную ласку, праводзіў, пакуль яны не схаваліся з вачэй.

Скора прыйшоў Клім з рукзаком і стрэльбаю. Паляўнічае сумкі і патранташа на ім не было (тое, што не ўся экіпіроўка была, Бім прыкмеціў адразу ж). Але ўсё-такі стрэльба! — вось дзе соль! Бім даверліва падаўся да паляўнічага і адразу ж уведаў, што набоі пакладзены ў кішэні. Таксама вялікі непарадак. Але ж галоўнае — стрэльба. За чалавекам са стрэльбаю ён пойдзе куды хочаш, хоць у свет. Надоўга ці ненадоўга, а пойдзе. Такая ўжо натура ў лягавага сабакі, і Бім быў не выключэнне: у яго на нейкі час аціхла нудота, якая ўзнікла ў апошні дзень, — нават так. Калі датычылася адносін да стрэльбы, то Бім быў як звычайны паляўнічы сабака. Не скажаш, што няма ў яго логікі, бо ісціну ён спасцігае практыкай, хоць і быў надзвычай разумны сабака. Яму яшчэ многа трэба будзе перажыць толькі таму, што ён сабака. Не будзем асуджаць.

— Пайшлі ж, Чарнавух, на паляванне, — сказаў Клім.

Бім заскакаў перад ім: «На паляванне, на паляванне!»

Клім узяў яго за скураны павадок. Алёша папярэдзіў:

— Дзядзька Клім, калі Чарнавух спыніцца, выцягнецца, замрэ, то тут і курапаткі. Яму так трэба крыкнуць: «Пужай!» Бо не рушыць з месца.

— Няўжо праўда?

— Ну дык! Ведаю ж, — спаважна адказаў Алёша. — Мне вось урокі вучыць, а то б сам паказаў.

— Мы таксама што-нішто кемім. Не першына, — запэўніў Клім.

Такім чынам, пасля вялікага перапынку і многіх хваляванняў Бім пайшоў на паляванне. Спачатку ім нічога не траплялася, акрамя смярдзючага тхара.

— Грабі, — загадаў Клім.

Бім гэтага не разумеў, адышоўся, сеў збоку недаўменна.

Пад паўдня моцна пацяплела. Сонечна, тоненькі снег раскіс, пад лапамі ўжо хлюпала гразь, ачосы на Бімавых нагах выквацаліся, ён стаў падсмалены і непрыгожы, як і кожны мокры лягаш. Але Бім шукаў па ўсіх правілах — чаўнаком перад Клімам, упоперак і з праверачным заходам. На ўзлеску кусцістага калка Бім стаў на курапатак. Клім крыкнуў:

— Пужай!

Бім нават сцепануўся ад басавітага рыку і падняў курапатак рыўком, без падводкі (ай, якая памылка!), але стрэлу не пачулася. Бім азірнуўся. Паляўнічы ўпіхаў патрон у аднастволку, — а той — ніяк. Потым пачаў яго выцягваць, таксама — ніяк. Бім сеў, не сыходзячы з месца, адкуль узляцелі курапаткі, і, не падыходзячы, аднак, да паляўнічага, сачыў за ім. А Клім пачаў лаяцца так, як лаюцца вечарам на тратуары п'яныя: хістаюцца і лаюцца адзін на аднаго або проста на цёмную ноч. Гэты не хістаўся, але таксама лаяўся.

Хоць Клім у рэшце рэшт дастаў патрон, уставіў другі і зачыніў стрэльбу, але быў злосны і нечым нагадваў Шэрага.

— Ну, шукай! — загадаў ён Біму. — Чарнавух, шукай!

Адвярнуўшыся і выходзячы насупраць ветру на чаўнок, Бім зрабіў выгляд: «Ну што ж, буду шукаць».

Але нешта апатычнае з'явілася ў яго кульгавай прабежцы, не той спрыт, як да таго, пакуль узляцелі курапаткі. Клім зразумеў гэта так, што сабака саслабеў, бо не мог зразумець таго, што гэта абазначала, што Бім засумняваўся ў чалавеку: вось так, скоса азіраецца на яго, не спыняецца, але і не падыходзіць, трымаецца далекавата. Ён быццам і не шукаў, а цікаваў за паляўнічым, але гэта толькі здавалася. Азарт неадольны, азарт вечны, пакуль існуюць паляўнічыя сабакі, узяў верх. Па сутнасці, Бім ішоў за стрэльбаю, а зусім не за Клімам.

Нечакана ён улавіў пах заячае лапы. На гэтых звяркоў Іван Іванавіч не паляваў з Бімам, хоць разы два-тры Бім і рабіў на іх стойку. Яны ж, гэтыя зайцы, не вытрымліваюць стойкі ніяк: толькі прыпыніся, а ён драла. Ганяцца за імі — нельга — гаспадар не дазваляў. Летам, праўда, яны яшчэ крыху ляжаць і пад стойкаю, але Іван Іванавіч заўсёды клікаў Біма; а адно зайчанё, з кулачок, нават адабраў з-пад лапы і выпусціў на волю. Так што заяц не птушка. Аднак Бім павярнуў нос на струмень паветра, які плыў ад зайца, пайшоў дакладна і стаў на стойку — мокры, чуць скасабочаны — на скалечаную лапу. Не, ужо не тая стойка ў калекі. Не тая мастацкая артыстычная пастава.

— Пужа-а-ай! — зароў Клім.

Скажам, у мяккае надвор'е ды яшчэ па раскіслай гразі, заяц ляжыць моцна, а Бім пакуль што яшчэ не скрануўся з месца, быццам хацеў сказаць: няправільна крычыш жа.

— Пужай, чорт кульгавы! — раўнуў Клім.

Падняў зайца Бім і прылёг, як і трэба перад стрэлам.

Клім бабахнуў, як з пушкі. Заяц бег усё павальней і павальней. Потым сеў, а потым схаваўся ў разору і знік з вачэй.

Клім крычаў дзікім голасам:

— Кусі, кусі яго! Ала-ала-ла-ла! Кусі! — і бег туды, дзе схаваўся заяц.

Бім хоць і заскакаў побач з Клімам, ведаў дакладна, што ўсё гэта робіцца не па правілах: паляўнічы не павінен бегчы, як сабака, Бім і сам знойдзе, калі трэба, — нават і зайца, калі загадаў бы Іван Іванавіч.

Клім спыніўся, засопшыся, і не сваім голасам крычаў:

— Шукай, балда! Калека чортаў!

Рушыў Бім неяк пакрыўджана. І так заячы пах быў мала цікавы яму і дагэтуль, а тут — тупаціць ззаду нагамі Балда. Але ўсё ж па следзе, па следзе — Бім давёў і спыніўся, зрабіў стойку, чакаў пакуль пачуе апрацівелае «Пужай!» і нарыхтаваўся падымаць зайца. Але той ледзьве выпаўз з разоры і закульгаў, быццам хворы. Клім стрэліў, а заяц бег. Яшчэ раз стрэліў, а заяц пакрысе кумільгаўся, прыпыняючыся. Бім ляжаў, як і павінна быць, хоць і на гразі, чакаў загаду.

А Клім рыкаў:

— Кусі, гад! Кусі яго, балда! — І паказваў на зайца.

Бім зноў знайшоў падранка, які прытаіўся, і зноў зрабіў стойку. Трэцюю! І зноў Балда прамазаў. І зноў заяц пабег.

Клім ад злосці так і не змог зразумець, што Чарнавух не навучаны душыць падранкаў, што гэта не адпавядае вартасці інтэлігентнага сетэра, што сетэр не можа трываць такіх паляўнічых, як Клім. Калі апошні раз заяц прапаў з вачэй (ён пайшоў крыху жывей — відаць, рана была адкрытая), Клім зноў азвярэў: ён падышоў да Біма і, часта паўтараючы слова «маць», злосна, з нянавісцю кляў яго.

Бім адвярнуўся седзячы, сабраўся ісці прэч ад стрэльбы. І тут Клім з размаху ўдарыў колькі ставала сілы наском вялізнага бота ў грудзі знізу…

Бім ахнуў. Як чалавек ахнуў.

«А-а-х! — ускрыкнуў працягла Бім і ўпаў. — Ой, ой… — гаварыў Бім па-чалавечы. — Ой… За што?!» — І глядзеў вачыма пакутніка на чалавека, нічога не разумеючы і жахаючыся.

Потым ён ледзьве падняўся на чатыры лапы, пахістаўся крышку і ўпаў зноў, варушачы лапамі.

— Што ж я нарабіў! — схапіўся за галаву Клім. — Цяпер давядзецца дваццацьпятку аддаваць. Прапалі грошы! — І затрухаўся скоранька-скоранька, быццам уцякаў ад Бімавага позірку.

Таго дня Клім не паказаўся ў вёсцы, недзе працягаўся да ночы. Апоўначы, крадучыся, запоўз у сваю хату, што на краі вёскі.

А як жа Бім? Дзе ён?

Ён застаўся адзін на сырой і халоднай зямлі, адзін-адзінокі на ўсім белым свеце. Усярэдзіне нешта абарвалася пасля ўдару, і гэтае «нешта» стала цёплае, яно забіла дыханне, сціснула грудзі, таму ён і страціў прытомнасць. Але вось ён кашлянуў, яго вырвала, уздыхнуў — дыхаць балюча. Яшчэ раз схапіў паветра адкрытым ротам і адкашляўся. І ледзьве падняў галаву: поле гойдалася, быццам Бім плыў на хвалях у паводку. Ён паднатужыўся і сеў: поле гойдалася, сонца гойдалася, быццам падвешанае на вяроўцы.

Сёння ад Біма хацелі больш, чым ён можа; ад яго патрабавалі: ты павінны, абавязаны зрабіць тое, чаго не можаш зрабіць, калі хочаш, каб было чыстае тваё сабачае сумленне і імя. За тое, што не выканаў, жорстка збілі. Ён, Бім, не можа душыць падранка, не можа.

«За што-о-о… За што-о-о… — скуголіў ціхенька Бім. — Дзе ты, мой добры сябар… Дзе-е? Дзе?..» — усё цішэй і цішэй жаліўся Бім і заціх нарэшце.

Збоку здалося б, што ляжыць у чыстым гразкім полі мёртвы сабака, але гэта было не так.

Вось ён падняў азадак, абмацаваўся на нагах — не ўпаў. Ступіў раз — не ўпаў. Пастаяў. Ступіў другі раз. І пагробся па вораным полі, цягнучы лапы, закрэсліваючы свой след.

…О вялікая сабачая мужнасць і цярпенне! Якая сіла зрабіла вас такімі магутнымі і незнішчальнымі, што нават у перадсмяротную часіну вы несяце цела ўперад? Хоць памаленьку, але наперад. Наперад, туды, дзе, магчыма, будзе давер і спагада да няшчаснага, адзінокага, забытага ўсімі сабакі з чыстаю душою.

І Бім ішоў. Ледзьве ішоў, але ішоў усё-такі. На губах запенілася кроў, а ён усё-такі ішоў. Кашляў крывёю, але ішоў. Лажыўся знясілена на халодную зямлю, уставаў і зноў ішоў наперад.

Ля ручая прагна напіўся вады — стала крышку лягчэй. Нешта падказвала яму — нельга адыходзіць ад вады. Ён і сапраўды дабраўся да бліжняе сцірты, цераз сілу праціснуўся пад навіслую аж да зямлі салому і заціх. Так сабакі адлежваюцца ў час хваробы, хаваючыся ад людскога вока і звяроў; гэтаму навучыла іх сама прырода. Хвала яе законнаму парадку і разумнай мэтазгоднасці!

Колькі Бім пралежаў без памяці, ён не ведаў, але, ачнуўшыся, адчуў, як востра баліць у грудзях; галава пайшла кругам, і ён адчуў усім нутром, што зараз нешта здарыцца з ім, выпаўз з саломы. Паляжаў на паветры, адчуў, што шэрсць стала сухая. Сеў. Асенняя трава цяпер не гойдалася, сцірта — таксама, сонца — таксама, і яно цёплае, нават чуць грэе. Бім даплёўся да ручая і зноў піў, піў, піў. Адпачыў крыху і зноў піў патрошку. Ён заўважыў непадалёку ад ручая стэпавую асаку, дробненькую і яшчэ зялёную, падобную да пырніку (мароз не скора яе бярэ). Бім пачаў есці асаку. Што яму падказала на гэту непрыкметную траву, людзі так ніколі і не даведаюцца, але ён-то ведаў: трэба абавязкова есці яе. І еў. Потым трапіўся і рамонак, прысохлы, позні, а на ім прыціснутыя восенню напаўсухія кветкі. Ён еў і рамонак. Яшчэ раз вярнуўся да ручая, напіўся і пайшоў да вёскі. Ішоў уперад і ўперад.

І такі дабраўся, калі змерклася ўжо. Не, Бім не пайшоў у вёску. Як жа! Туды пабег Клім… Не, за ім ён не пойдзе. Клім можа зноў узяць за аброжак і тады… Не, не быць таму.

Бім умасціўся на астатках ад капы, вылежаўся крыху. Пачуў побач сцябло дзядоўніка, паспрабаваў яго — сухое, адгрыз паўз зямлю і пачаў шчыпаць корань, угрызаючыся глыбей. Гэта ён таксама ведаў, што дзядоўнік трэба есці абавязкова.

Вялікія і шматбаковыя веды сабакі пра лекі. Пусціце сабаку, калі ён толькі пачынае шалець, у лес: праз два-тры тыдні ён вернецца схудалы і знясілены ўшчэнт, але здаровы. Стаў балець у сабакі страўнік — вядзіце яго ў лес або ў стэп і пажывіце з ім два-тры дні: ён вылечыцца сам травою. Менавіта ў сабакі і трэба вучыцца, як яго лячыць. Прырода замацавала так багатыя «веды» ў сабакі, што дзіву гэтаму чалавек ніколі не перастане дзівіцца.

…Ноч прайшла. Вялікая, асенняя нудная ноч, ад якое ныла ўсярэдзіне.

Пракукарэкаў першы певень. Бім не захацеў чакаць другіх і трэціх, апошніх, світальных. Ён сіліўся, але ніяк не мог падняцца з месца ад болю ў грудзях. Але ўсё ж, хоць цераз сілу, разварушыўся, два разы ўстаючы і кладучыся, ды і патупаў памаленьку.

Ён прыцягнуўся да Хрысана Андрэевіча, узабраўся цераз дзве прыступкі на ганак і прылёг. У доме было ціха.

Хто ведае, можа, і не пайшоў бы ён адсюль сёння, але побач, зусім побач, прайшоў Клім, ціха крадучыся, як злодзей. Бім задрыжаў. Бім гатовы быў бараніцца да апошняга ўздыху. У ім прачнуўся гонар асуджанага, калі таму больш няма чаго страчваць. Але Клім перагнуўся цераз балясіну і сказаў паўшэптам:

— Прыйшоў, Чарнавух. — І спехам, торапка патупаў назад, быццам павесялеў.

У Біма не было сілы, каб даганяць і адпомсціць за здрадніцкі ўдар ботам, брахаць ён не мог, таму што, акрамя хрыпу, нічога не выходзіла са скалечаных грудзей. Але Бім не хацеў і таго, каб Клім зноў прыйшоў і ўзяў яго. І вось ён устаў, ціха абышоў па двары, прынюхаўся да падсвінкаў, да каровы, да авечак, крыху пасядзеў і пайшоў прэч ад вёскі. А як хацелася прылегчы ля сяброў-парасят!

…Праспявалі трэція пеўні. Днела.

Да шашы ішоў сабака. Галава апушчана, хвост вісеў, як нежывы, быццам у шалёнага. Збоку ён і здаўся б шалёным на самай апошняй стадыі: вось-вось упадзе, наткнуўшыся на тое, што перш трапіцца на дарозе, і памрэ тут жа. Гэта быў наш Бім, добры і адданы Бім. Ён ішоў шукаць свайго гаспадара, Івана Іванавіча. Ішоў дакладна тою самаю дарогаю, па якой яго вялі сюды.

Ад вёскі да аўтобуснага прыпынку было кіламетраў пяць-шэсць, але недзе на паўдарозе ў Біма зноў не стала сілы, ён ледзьве давалокся да стога сена. Нехта, крадучы начамі, выскуб у стозе дзірку — туды Бім і забраўся. Ляжаў там доўга, амаль цэлы дзень, а на захадзе сонца выбраўся са сваёй схованкі. Хацеў піць, але вады не было. Боль пёк грудзі, хоць дыхаць стала лягчэй, а галава не закружылася, калі ён рушыў у дарогу. Зараз яму трапілася вяршалінка цмену, ён з'еў і гэтыя кветачкі — жоўценькія, сухія, якія не мяняюць свой колер ад пачатку цвіцення да таго, пакуль саспеюць, і на ўсю зіму, да вясны. Абшчыпаў і куст рамонку, але галоўкі яго, аказалася, саспелі, рассыпаліся ў роце і казыталі ў горле. Таму яшчэ мацней захацелася піць. Калі ён пераходзіў адну дарогу ў полі, трапілася лужынка расталага снегу ў калюжыне. Так дарога падарыла Біму вадзіцы. Ён напіўся і пайшоў ціхенька далей.

Зацемна ён дайшоў нарэшце да шашы. Пасядзеў крышку, правёў вачыма некалькі машын з асляпляльна белым святлом і ўжо ведаў: трэба ісці туды. Але ж не ноччу! А раптам — Клім? Або — Шэры? Або — воўк?

Бім вырашыў не адыходзіць ад аўтамабільнае дарогі і схавацца на ноч дзе-небудзь непадалёку. Ён прыцягся да аўтобуснага прыпынку, дзе быў маленькі домік без аднае сцяны, але з шырокімі лаўкамі ў сярэдзіне; там залез пад лаўку, у куток, і пачаў чакаць.

За ноч ён не звёў вачэй, нягледзячы на страшэнную слабасць. То адна, то другая праляталі збоч машыны — дарога жыла і ноччу. Аўтобус ехаў цішэй ля прыпынку, але таму што не было пасажыраў, не спыняўся.

Ноч была хаця і насцярожаная і хворая, але цёплая, слава богу, — восень яшчэ раз прагнала зіму.


…Што ж было ў вёсцы за гэтыя суткі, пакуль адсутнічаў Бім?

Хрысан Андрэевіч з Пятроўнаю вярнуліся з рынка прыцемкамі. Алёшы не было — дом на замку. Яны ўвайшлі, палічылі выручку, схавалі грошы пакуль што ў куфэрак, каб заўтра занесці ў ашчадную касу. Тут і з'явіўся Алёша.

— Ты куды гэта прапаў? — спытаўся бацька.

— Хадзіў да Кліма.

— Ці ж ён не прывёў Чарнавуха?

— Яшчэ не вярнуўся з палявання.

— Вернецца. Прывядзе — нікуды не дзенецца, — супакоіла Пятроўна, мераючы Алёшу новы світарок.

— Так-то яно так, — няўпэўнена адказаў Хрысан Андрэевіч, — ды толькі Клім жа зладзюга… Каб хоць браў адно калгаснае, яно там нічыё, а то і ў калгаснікаў валачэ. О, з гэтым звяжыся — не будзеш рады. Усякі яго баіцца. Хай лепш бярэ на паляванне Чарнавуха, чорт яго бяры.

— Як гэта — «нічыё»? — спытаў Алёша. — Наша ж?

— Яно, вядома, так… Агаварыўся… Гэта ты правільна — нашае… Але як бы табе панятлівей сказаць? Там — наша, а тут — сваё. Ну, скажам, напрыклад, так: школа, напрыклад, наша і дзеці ўсе нашы, а ты — мой. Ці так: палі — нашыя, а сядзіба — мая… Выходзіць, і жывёла ёсць нашая, а ёсць і свая. Зразумеў?

— Ну дык! Чаму ж не зразумець… А ты — «нічыё»!

— Тут ты праўду: зусім нічыё — не можа такога быць.

Бацька заўсёды гаварыў з Алёшам, як з дарослым. Алёша адказваў тым жа:

— Выходзіць, і Клім бы браў з нашага, але не з майго.

— Факцічаскі так, — падвёў вынік бацька. — Мы ж з табою бяром… сена там ці бурачкоў карове? Бяром. Тайком ад старшыні і ад брыгадзіра, а бяром чуць. Ды і ён, старшыня, ведае, і брыгадзір ведае, усе ведаюць. І ад гэтага нікуды не дзенешся: з нашага бяром. І бяром сумленна, з леташніх стагоў або дабіраем астаткі буракоў. А як жа? Скаціну карміць трэба.

— Факцічаскі так, — пацвердзіў трынаццацігадовы мужычок, які ўжо можа і чараду пасвіць, і даглядаць «сваю» скаціну, і біць масла, дапамагаючы маці, калі не заняты, вядома, і скрэбці на марозе «нашы» буракі, і капаць «сваю» бульбу.

А Хрысан Андрэевіч тлумачыў далей:

— Як павінна быць па статуту, так і робім: там — наша, а тут — маё. Я вось занёс баранчыка ў горад. А як жа? Карміць-паіць людзей трэба — мы на тое і жывём. І маці занесла яек. І масла. Усё па статуту, усё планава. Жызня, Алёшка, добра наладзілася, абуты, апранутыя не горш, чым старшыня ці настаўнік, тэлевізары ёсць і ўсё такое, грошы на патрэбу. А хто многа працуе, дык таму толькі работа моцы дадае. Толькі вось гарэлку піць не трэба, — павучаў Хрысан Андрэевіч.

— А сам п'еш, — справядліва заўважыў Алёша. — Калі не трэба — не трэба. Што толку!

— Гэта ты праўда, — згадзіўся бацька. — Калі ты на брыгадзіра павагу маеш, дык гэта ж не мы завялі… А Клім — што? Клім — зладзюга. Як гэта пайсці да суседа і ўкрасці куру? Гэта ж трэба на людзей вочы засляпіць. Куды-ы там! Прапаў чалавек.

Чакаючы Чарнавуха, Алёша і Хрысан Андрэевіч прагаварылі так да адзінаццаці гадзін вечара. Потым хадзілі вакол дома, зазіралі да парасят, пад ганак (магчыма, уцёк ад Кліма і схаваўся). Нарэшце Хрысан Андрэевіч пайшоў сам.

Наталля, жонка Клімава, жанчына затурканая і ціхая, тая самая, што заплакала на бурачным полі, сказала горка:

— Не прыйшоў яшчэ, валацуга. Заначаваў дзе-небудзь, ідал. Або запіўся, пракляты. Ох, гора маё! Лічы, толькі заўтра прывалачэцца, шатун. А сабаку ён нідзе не дзене, ведаю яго. Прывядзе…

Хрысан Андрэевіч вярнуўся дадому, расказаў, што чуў, і яны з Алёшкам леглі адпачываць, перагаворваючыся шэптам, каб не пабудзіць маці. Яны не чулі, як прыходзіў Чарнавух на ганак, як падкраўся і ўцёк Клім, як пайшоў іх новы добры сябар ад ліхога чалавека.

Раніцою бацька пабудзіў Алёшку:

— Уставай. На ганку свежыя сляды: прыйшоў Чарнавух.

Удвух яны пачалі шукаць, зваць, свістаць, але Чарнавух ужо не мог іх чуць. Хрысан Андрэевіч бягом затрухаўся да Кліма, пабудзіў таго.

— Прывёў жа, прывёў, — басіў той хрыпла і незадаволена. — Апоўначы прывёў і не захацеў цябе будзіць… Хочаш, сляды свае пакажу. А ты вось мяне пабудзіў, растрывожыў. Як думаеш: па-чалавечы гэта ці не? Ды і сабака твой нягодны на паляванне. На чорта ён мне — не буду браць ніколі.

Хрысан Андрэевіч не спрачаўся: з гэтым толькі звяжыся.

Абышлі яны з Алёшам усю вёску, усе агароды, былі на калгасным двары (ці не ў сабак гасцюе Чарнавух?). Не, ніхто нідзе не бачыў Чарнавуха. Прапаў Чарнавух.

— Выходзіць, Клім збіў яго, — здагадаўся Хрысан Андрэевіч. — Збег Чарнавух.

У Алёшы пякло ад жалю сэрца. Ён пачаў прыглядацца да падлогі на ганку: сляды ўжо высахлі, але месца, дзе ляжаў Чарнавух, было адметна. Алёша прыгнуўся і нечакана крыкнуў на ўвесь двор:

— Тата! Кроў!

Той выбег з хаты, прыгледзеўся: там, дзе ляжала галава Чарнавуха, засталіся высахшыя плямкі сліны, перамешанай з крывёю.

— Звер! — сказаў Хрысан Андрэевіч. Падумаў і папярэдзіў Алёшу: — Глядзі, не звязвайся з гэтым чалавекам — бяды нажывеш. Вось што: пайшлі па Чарнавухавай дарозе — больш няма яму куды ісці.

Яны дабраліся да аўтобуснага прыпынку, па дарозе клічучы і шукаючы Чарнавуха, доўга там чакалі і пайшлі дадому. Думалася, што калі ішоў сюды, то цяпер недзе далёка-далёка. Таго дня яны ішлі непадалёку ад стога, дзе адлежваўся Бім, іхні Чарнавух.

Вечарам Алёша некалькі разоў выходзіў на ганак, чакаў, клікаў. А потым вярнуўся ў сенцы, сеў ля сабачае будкі, напханае сенам, і заплакаў, адкрыта, па-дзіцячы, усхліпваючы і размазваючы рукавом непаслухмяныя слёзы.

Хрысан Андрэевіч пачуў, выйшаў у сенцы, запаліў святло.

— Э, ды ты таго? — здзівіўся ён.

— Таго, — адказаў Алёша, уздрыгваючы.

Бацька правёў шурпатаю, драўлянаю далонню па сынавых валасах і прамовіў:

— Гэта добра, Алёша… Душа ў цябе ёсць, хлопчык…

Выйшла Пятроўна.

— Шкадуеш Чарнавуха? — спытала яна.

— Шкада, мама!.. Шкада…

— Гора ж якое, бацька! — усхліпнула яна. — Але што ж цяпер зробіш, Алёшка… Так таму і быць… Шкада…

…А ў гэты самы час Бім ужо ляжаў пад лаўкаю ў павільёнчыку аўтобуснага прыпынку.

Ляжаў і чакаў. Чакаў ён толькі аднаго — світання.


Раздзел 13. Лясная бальніца. Тата і мама. Навальніца ў лесе


Як толькі засвятлелася на досвітку, Бім паспрабаваў устаць, але гэта было нялёгка, амаль немагчыма. Галоўнае, цяжка выпрастацца з абаранка: нешта застыла ўсярэдзіне і быццам склеіла там. Сяк-так, не па-сабачаму, ён спачатку выпрастаў адну заднюю нагу, быццам курыца з-пад крыла, потым другую, упёрся імі ў сценку і выпаўз з-пад лаўкі. Чуць паляжаў і папоўз з павільёна. Сеў. Здранцвелыя ногі пачалі ажываць. Перамагаючы боль і суцяшаючы сябе ціхім паскугольваннем, ён пайшоў — спачатку ледзьве-ледзьве, чыркаючы лапамі па зямлі, потым усё цвярдзей і цвярдзей.

Паспрабаваў крыху трушком — не так баліць у грудзях. І ён павольна-павольна патрухаўся і патрухаўся наперад. З боку здалося б, што сабака і не бяжыць. І не ідзе, а красае нагамі, каб не трэслася толькі тулава. Так Біму лягчэй. Ён адчуў, што яму і наогул стала здаравей ад травы і ад таго, што пачаў варушыцца. І ён драбніў, драбніў па шашы.

Ішоў па левай абочыне дарогі, насупраць сустрэчных машын. Ён, вядома ж, не ведаў «Правіл вулічнага руху на дарогах СССР», і ніякае логікі, спрактыкаванасці ў яго законным руху не было — проста падказваў інстынкт; па гэтым баку мяне везлі сюды, пайду і назад тою ж дарогаю. Людзі, што мільгалі ў акенцах машын, няйначай, думалі: «…Разумны сабака — выконвае правілы руху. Але хворы». На самай жа справе тут ніякага вялікага розуму не трэба было, каб пацвердзіць, што адпаведны артыкул задавальняе патрабаванні бяспекі.

Доўга трухаўся Бім — магчыма, тры, магчыма, чатыры гадзіны (спыняючыся і адлежваючыся — больш, вядома). Рухаўся не скарэй за пешага, магчыма, чуць-чуць і хутчэй. І то ўжо добра!

Але вось ён нечакана нават і для самога сябе, пазнаў той аўтобусны прыпынак, дзе звычайна выходзіў з Іванам Іванавічам на пачатку палявання. Пазнаў!

Каля павільёна стаялі людзі і чакалі аўтобуса. Бім прыпыніўся, не даходзячы да іх, і скіраваў улева, на тую дарогу, па якой хадзіў калісьці на паляванне. Нехта засвістаў яму ўслед, нехта загалёкаў, нехта крыкнуў: «Шалёны!» Бім не звяртаў увагі. Ён нават прыбавіў ходу, спрабуючы перайсці ў галоп, але гэтага не ўдалося, хутчэй не пабег, толькі стала яшчэ цяжэй.

Галоўнае — туды. Туды, дзе, магчыма, быў нядаўна ці скора будзе Іван Іванавіч. Туды, наперад.

Бім трухаўся да лесу. На ўзлеску ён прыпыніўся, агледзеўся і пайшоў у лес. Непадалёку адразу ж знайшоў знаёмую палянку і стаў ля пянька, быццам укопаны. Пастаяў, пакруціў наўкола носам, не знаходзячы месца, абышоў пянёк, прынюхаўся да самое зямлі. І раптам неяк рашуча лёг ля пянька на апалае лісце: тут, вось тут заўсёды сядзеў перад паляваннем Іван Іванавіч. Бім выцягнуў галаву і цёрся, цёрся аб жоўтае лісце на тым месцы, дзе стаялі некалі ногі яго сябра, хоць увесь пах даўно выветрыўся.

А дзень жа быў цёплы-цёплы!..


Бывае ў познюю восень, нават і пасля зазімкаў, вернецца лета і патурбуе на адыходзе восень вогненным хвосцікам. І восень прыгрэецца, запесціцца і прыціхне, быццам ласкавы сабака, якога гладзіць жанчына. І тады запахне ў лесе развітальным водарам апалага лісця, рубінавымі ягадамі шыпшыны і бурштынам барбарысу, церпкім і вострым, як перац, падалешнікам, баравіком, якога ніхто не зачапіў і які ўжо рассыпаўся, прамоклы ад вільгаці, але яшчэ пахучы, які напамінае пра мінулае надвор'е, і пацячэ па лесе ўсмешлівы добры дух ад сасны да бярозы, ад бярозы да дуба, а той адкажа магутным пахам сілы, лясное моцы і вечнасці. Ёсць у лясным паху нешта вечнае і невынішчальнае, асабліва адчувальнае ў цёплыя, мяккія і ласкавыя развітальныя, апошнія дні восені; яна ўжо вольная ад нуднага дажджу, злосных зазімкавых налётаў і настырных, да ўсяго ліпучых іголак інею: усё прайшло, усё мінулася. І быццам восень, засынаючы, бачыць сон пра лета, а нам паказвае ўсё, што прыснілася, ва ўсёй велічнасці адухоўленае прыгажосці і ў жыватворных водарах зямлі. Шчаслівы той, хто сумеў узяць сабе ўсё гэта з дзяцінства і пранёс па ўсім жыцці, не выліваючы ні кроплі з падараванага прыродаю сасуда для ратунку душы!

У такія дні сэрца можа дараваць усё, але і яшчэ больш патрабаваць ад сябе самога. Заспакоены, ты зліваешся ў адно з прыродаю. Гэтымі ўрачыстымі хвілінамі асенніх сноў так хочацца, каб не было няпраўды і бяды на зямлі. І ў цішыні адыходзячай восені, агорнуты яе пяшчотнаю дрымотаю, у дні нядоўгага забыцця пра тое, што будзе зіма, ты пачынаеш разумець: толькі праўда, толькі чалавечая вартасць, толькі чыстае сумленне, і пра ўсё гэта — слова. Слова да малых людзей, якія потым будуць дарослымі, слова да дарослых, якія не забыліся, што былі калісьці дзецьмі.

Магчыма, таму і пішу я пра лёс сабакі, пра яе вернасць, пра яе сабачую вартасць і адданасць. Пра таго самага сабаку, што ляжаў цёплага-цёплага асенняга дня ў лесе ля пянька. І сумаваў.

Дык вось, у адзін са шчаслівых дзён прыроды ў лесе ляжаў няшчасны сабака Бім. А дзень стаяў — бог ты мой! — цёплы-цёплы!

Але зямля ж была халодная. Таму Бім скруціўся ля пянька, быццам ля ног у гаспадара, адпачыў крышку ды і пайшоў павольненька лесам, нешта шукаючы. Ля толькі што зрэзанага ясакара ён пачаў грызці сакавітую кару, смачную, любімую ласіную ежу. Ці здагадваўся Бім, што і гэтая кара — гаючая. Людзям, між іншым, і неўздагад, што востры сабачы нюх, мабыць, пазнае па паху, што шкоднае, што не. Не стаў жа Бім есці атрутны падалешнік, а ля кораня валер'яны спыніўся. Чаму сабакі і каты любяць яго пах?

Таксама невядома. Але Бім сяк-так капнуў раз-другі мяккую пухова-лістоўную зямлю, адгрыз карэньчык і з'еў. І яшчэ з'еў. Валяр'янавы корань амаль зверху, даставаць яго лёгка. Але з'еў ён роўна столькі, колькі яму трэба, і ні кроплі не болей, пакруціўся на адным месцы, быццам вытоптваў, дзе легчы, але месца чамусьці яму не спадабалася (таксама невядома чаму). Зрабіў невялікі круг, потым звузіў яго, натрапіў на стары франтавы акопчык, закіданы даверху лісцем, увайшоў у яго і закруціўся на месцы, але, відаць, не хацеў класціся, быццам бы перамагаў сон: аднак раптоўна ўпаў на пасцель і адразу ж заснуў моцным сном. Валяр'ян узяў сваё. Купыр завуць яго ў Тамбоўскай вобласці. Але ні ў адной вобласці здаровыя сабакі не елі і не ядуць корань купыра, хіба толькі патрэцца каторы аб яго носам, а хворыя вось ядуць. Бім у адносінах да гэтага быў не горшы за астатніх сабак, дарма што інтэлігент. Вось ён і з'еў. Так што вельмі прашу вас, цішэй. Цішэй. У той ямцы спіць наш добры Бім.

Ужо трэція суткі нічога не еў Бім, акрамя травы, не спаў ад болю і асцярогі, відаць, і даўно не спаў так моцна. У ямцы было цёпла і ціха. Лес, прыціхлы па-восеньску, сцярог спакой хворага Біма, лячыў яго травою і гаючым паветрам. Дзякуй табе, лес!

Прачнуўся Бім ужо надвячоркам, вылез з ямы. Ісці хоць і было цяжка, аднак лягчэй, намнога лягчэй, чым раніцою. Усярэдзіне адпусціла. Толькі вось сілы не было яшчэ ранейшае. Ён схадзіў да роднага пянька, пасядзеў крыху і вярнуўся да свайго логаўца. Зноў пасядзеў. І зноў панюхаў навокал, агледзеўся: усё было спакойна. І зноў лёг у цёмную, утульную глыбокую яму. Відаць, Бім сніў прыемны сон. Сапраўды бачыў, таму што злёгку павільваў хвастом.

Так ён праспаў усю ноч і не змёрз.

На світанні яго пабудзіў ціхі шоргат, ён прыпадняў голаў, прыслухаўся: нехта гробся ў лісці. Вылез Бім, прачытаў носам ледзь адчувальныя без ветру, мікраскапічныя струменьчыкі паветра і даведаўся: слонка!

Неадольны паляўнічы азарт напрудзіў слабае цела і прыглушыў боль, які ціснуў усярэдзіне. Слонка была крокаў за пяць, не далей. Яна разграбала лісце, усоўвала нос у мяккую зямлю, дакладна цаляючы ў норку чарвяка-расавіка, выцягвала таго і ахвотна з'ядала. Птушынае крыло цягнулася па зямлі (так застаюцца падранкі пасля гора-паляўнічых, жывуць да зімы, а потым або становяцца лісінаю здабычаю, або гінуць, калі ўхітраюцца ацалець да вялікіх марозаў).

Бім пераступіў — слонка не пачула, захапіўшыся работаю. Пераступіў яшчэ раз — не чуе. Слонцы таксама нельга марнаваць час: у цяпло чарвяк падыходзіць наверх або залягае нават пад шчыльным лісцем. Бім падкраўся вось так, з-за дрэва, і замёр стойкаю. Ніхто не загадаў яму: «Наперад!», хацеў скочыць на птушку і прыціснуць яе лапамі, але скочыць не ўдалося: ён проста ўпаў на зямлю і схапіў слонку зубамі. Патрымаў, лежачы на баку, лёг на жывот і… з'еў дзічыну. Усю. Засталіся толькі пёрцы. Нават дзюбу, зусім мяккую, як вызначыў Бім, таксама з'еў усю.

Як жа гэта атрымалася, што вучаны сабака, настаўлены вопытным паляўнічым, Бім паступіўся сваім гонарам — з'еў дзічыну? Вось у гэтым і справа, і я сам пра гэта думаю. Выйшла так таму, што нават і сабака хоча жыць. Другое меркаванне наўрад ці можа быць.

Сілы прыбыло, вось што галоўнае. Захацелася піць. Бім знайшоў лужынку, якіх у гасцінным лесе колькі хочаш, сагнаў смагу. Па дарозе назад абнюхаў мыш: з'еў у прыдачу да першае порцыі. І стаў шукаць траву. Перш сарваў сухія сцябліны дзікага часнаку, выплюнуў іх, затое дастаў яго галоўку. З'еў, зморшчыўся: як ні як, а часнок. Ішоў па лесе і знаходзіў, што яму патрэбна. Бог яго ведае, адкуль стала яму вядома, што ў часнаку — дзве або тры дзесятых працэнта ёду? Ніхто не адкажа на гэтае пытанне. Можна толькі здагадвацца, што ў цяжкія, амаль перадсмяротныя часіны, два дні таму назад, яму як адкрыццё прыйшоў вопыт яго далёкіх прародзічаў, вопыт, запраграміраваны з многіх мінулых стагоддзяў, яшчэ з часу Майсея. І гэта таксама быў цуд прыроды!

Лячыўся Бім яшчэ пяць дзён. Карміўся чым бог пашле, але лячыўся настойліва. Спаў у абжытай яме, стаўшай часова ягоным домам. Аднойчы нават натрапіў на соннага зайчыка, але паспрабаваць яго не давялося: той падхапіўся і даў дзёру. Бім і не спрабаваў яго даганяць. Не дагоніць і здаровы сетэр, а хвораму нечага і думаць. Правёў вачыма, аблізаўся, ды і ўсяго. Аднак лес не крыўдзіў Біма, ён сяк-так карміўся — дрэнна, вядома, але пракарміўся. Хоць ён схудаў, выпятраў ад хваробы і недаядання, ды зёлкі зрабілі сваё — Бім не толькі застаўся жыць, але знайшоў магчымасць ісці далей сваёй дарогаю, шукаць чалавека-сябра. І зноў жа гэта прыйшло без асаблівага розуму, а толькі ад сэрца, адданасці і вернасці.

Калі зноў наведаўся да палянкі з пяньком, прылёг Бім, устаў, і яшчэ прылёг, і яшчэ ўстаў. Відаць, вырашыў ён, што Івана Іванавіча тут не дачакаецца. Вярнуўся да ямы, ад яе зноў да пянька; там і тут затрымліваўся толькі на хвілінку і зноў вяртаўся. Вельмі моцны непакой адчуваўся ва ўсёй гэтай бегатні туды-сюды; непакой мацнеў. Нарэшце ён прабег усё-такі паўз пянёк, не прыпыніўся, а ціхенькаю рыссю пакіраваў да шашы. Гэта было надвячоркам, калі сонца толькі збіралася на адпачынак.


У горад Бім прыйшоў позна ўвечары. У горадзе было светла, не так, як у лесе ноччу, але менавіта гэтае святло і турбавала Біма. Такога з ім ніколі не было раней. І ён пайшоў асцярожна і адначасова паспешна, колькі дазваляла здароўе, кіруючыся, вядома, дадому, да — гаспадара, да Сцяпанаўны, да Люсі, да Толіка: усе яны, відаць, там. Але нечакана для самога сябе, яшчэ ва ўскраінным новым раёне, сярод тых дамоў-блізнят, Бім вырашыў абысці небяспечнае месца, каб не сутыкнуцца з Шэрым. Пайшоў укруга, скіраваў на бакавую вуліцу і ўпёрся ў плот. Пачаў быў яго абыходзіць і нечакана замёр ля варотцаў: Толікаў след. Хлопчык, якога так палюбіў Бім, прайшоў тут. Вось толькі-толькі прайшоў. Варотцы былі зачынены, але Бім не задумваючыся палез падніз і пайшоў па слядах маленькага сябра. Ну, вось толькі, вось толькі прайшоў! Гэта быў малюсенькі парк-сад, а пасярод яго стаяў невялічкі двухпавярховы дом. Туды і павёў след.

Бім падышоў да дзвярэй, у якія толькі нядаўна зайшоў Толік. Прывучаны са шчанячага ўзросту кожным дзвярам давяраць, ён падрапаўся і ў гэтыя. Адказу не было. Біму ж не здагадацца, што такія яго паводзіны ля гэтых дзвярэй можна было назваць нахабствам наіўнага. Але ён яшчэ раз падрапаў, яшчэ мацней.

За дзвярыма пачуўся жаночы голас:

— Хто тут?

«Я — адказаў Бім. — Гаў!»

— Гэта яшчэ што такое? Толік! Нехта да цябе з сабакам. Гэтага толькі не хапала!

«Я, я, — сказаў Бім. — Гаў, гаў!»

— Бім, Бім! — закрычаў Толік і адчыніў дзверы. — Бім, мілы Бім, Бімка! — І абняў яго.

Бім лізаў рукі хлопчыку, куртачку, пантофлі і бесперастанку глядзеў яму ў вочы. Столькі было надзеі, веры і любові ў позірку сабакі, які гэтулькі вытрываў!

— Мама, мама, ты паглядзі, якія ў яго вочы! Чалавечыя! Бімка, разумны Бімка, знайшоў сам. Мама, сам знайшоў мяне…

Ды мама не вымавіла ні слова, пакуль сябры радаваліся сустрэчы. Але калі захапленне аціхла, яна запытала:

— Гэта той самы?

— Ага, — адказаў Толік. — Гэта Бім. Ён добры.

— Зараз жа прагані.

— Мама!

— Зараз жа!

Толік прытуліў Біма да сябе.

— Не трэба, мама, калі ласка! — І заплакаў.

Музычна празвінеў званок. Увайшоў чалавек. Ён добрым, але стомленым голасам спытаў:

— Што тут у вас за крык? Ты плачаш, Толік? — Ён зняў паліто, разуўся, уссунуў пантофлі і, падышоўшы да хлопчыка з сабакам, сказаў: — Ну чаго ты, дурненькі? — І пагладзіў Толіка па галаве, палашчыў за вушка і Біма. — Бач ты! Сабачка. Глядзі, які сабачка. Бач, які сабачка… худы.

— Тата, тата, ён добры, Бім. Не трэба.

Мама цяпер ужо закрычала:

— Вось так заўсёды! Я гавару адно, а ты другое. Выхаванне называецца. Скалечыш дзіця! — Яна загаварыла на «вы»: — Будзеце локці кусаць, Сямён Пятровіч, але позна.

— Пачакай, пачакай, не крычы. Спакойна. — І павёў яе ў далёкі пакой, дзе яна крычала яшчэ мацней, а ён яе супакойваў.

З усяго гэтага Бім зразумеў, што Мама не хоча Біма, а Тата — за яго, і што ён пакуль што застанецца ў Толіка. Слоў не трэба было разумець нават чалавеку, але ён усё зразумеў бы і тады, калі б яму заткнулі вушы. А тут усё ж сабака з адаткнутымі вушамі і разумнымі вачыма. Як не зразумець! І праўда, Толік павёў Біма ў свой асобны пакойчык (там пахла толькі Толікам).

Ні Бім, ні Толік не чулі, што далей гаварылі Мама і Тата.

А там было вось што:

— Нашто ты крычыш пры Толіку такія словы: «Скалечыш дзіця» і ўсякае такое? Гэта ж згуба яму.

— А гэта не згуба: відавочна хворы сабака, бадзяга — і ў нашую ўзорную чыстату? Ты з глузду з'ехаў! Ды ён жа заўтра захварэе ад яго чортведама чым. Не дам. Зараз жа выгані сабаку!

— Эх, маці, маці! — уздыхнуў Сямён Пятровіч. — Ні грама ты не знаеш, што такое тактыка.

— Прападзі ты пропадам, Сямён Пятровіч, са сваёю тактыкаю!

— Ну вось, зноў за сваё… Трэба ж з галавою рабіць: і Толіка не траўміраваць, і сабаку прыбраць. — Потым нешта пашаптаў ёй на вуха і кончыў: — Так і зробім: прыбяром.

— Так бы і сказаў адразу, — супакоілася Мама.

— Не мог жа я гэта сказаць пры Толіку… А ты, дурненькая, завялася: «Прападзі з тактыкаю». — Ён пагладзіў яе па шчацэ (гэта значыць, памірыліся).

Яны зайшлі да Толіка. Мама сказала:

— Ну, хай жыве, што ж…

— Вядома, хай жыве, — падтрымаў Тата.

Толік зарадаваўся. Ён удзячна глядзеў на Маму і Тату, ён расказваў пра Біма і паказваў усё, што той умее.

Гэта была шчаслівая сям'я, дзе ўсе цяпер былі задаволены жыццём.

— Але адна ўмова, Толік: Бім будзе спаць у прыхожай і ні ў якім выпадку не з табою, — скончыў Тата.

— Вядома, хай, — згадзіўся Толік. — Ён жа вельмі акуратны, Бім. Я добра ведаю.

Бім прыкмеціў, вядома, што Тата — добры, спакойны, упэўнены чалавек. А калі, крышку пазней, Толік правёў Біма па пакоі, знаёмячы з кватэраю, то тады Бім прыкмеціў, што Тата еў адзін, з газетаю ў руках, і таксама спакойна і ўпэўнена. Добры чалавек — Тата, ён жа Сямён Пятровіч.

Дапознага прагуляў Толік з Бімам, расчасаў яго, крыху накарміў (больш не дазволіў Тата: «Галоднаму сабаку многа нельга, можна загубіць»), выпрасіў у Мамы матрасік (зусім новы!), паслаў у кутку прыхожае і сказаў:

— Вось тваё месца, Бім. На месца!

Бім паслухмяна падпарадкаваўся. Ён усё зразумеў: тут ён будзе пакуль што жыць. Усярэдзіне ў яго ўсё пацяплела ад ласкі і спагады маленькага чалавека.

— Пара спаць, Толік. Пара. Палова адзінаццатае. Ідзі кладзіся, — угаворваў Тата.

Толік лёг у ложак. Засынаючы, ён думаў: «Заўтра пайду да Сцяпанаўны і скажу, хай у мяне жыве Бім, пакуль вернецца Іван Іванавіч…» І яшчэ ўспомнілася такое: калі ён расказаў дома, што ходзіць да Сцяпанаўны і там ёсць Люся, а ён водзіць Біма, то мама пачала крычаць, а тата сказаў Толіку: «Болей туды ты не пойдзеш»; калі ж Толік плакаў, то тата напаслед сказаў маме: «Мы забыліся з табою, што такое тактыка?» І гладзіў Толіка па галаве, гаворачы: «Што ж цяпер зробіш? Трэба табе вырасці, вялікім чалавекам стаць, але не сабачнікам і не да бабак розных там хадзіць. Нічога не зробіш!» А цяпер вось Бім будзе жыць у яго і да «бабак» хадзіць не трэба… Ён толькі разочак сходзіць да Сцяпанаўны, каб сказаць ёй пра ўсё… і да Люсі… Яна харошая дзяўчынка, Люся… А Бім спіць. Добры Бім».

Ад гэтых думак Толік заснуў радасным сном.

…Глыбокаю ноччу Бім пачуў крокі. Ён расплюшчыў вочы, не падымаючы галавы, і глядзеў. Тата ціха падышоў да тэлефона, пастаяў, прыслухаўся, потым узяў трубку і паўшэптам сказаў толькі два словы:

— Машыну… Зараз жа.

Значэння гэтых слоў Бім, вядома, не зразумеў. Але заўважыў, што Тата трывожна глядзіць на дзверы, дзе спаў Толік, неспакойна зірнуў на Біма, пайшоў на кухню, вярнуўся адтуль з вяровачкаю і нейкім клуначкам. Бім здагадаўся: нешта не тое, неяк перамяніўся Тата — ён быў не падобны да самога сябе. Нешта падказвала Біму, што трэба забрахаць, бегчы да Толіка! Бім не сумняваўся, абавязкова б зрабіў так, але Тата падышоў і пачаў гладзіць Біма (значыць, усё добра), потым прывязаў вяроўку да аброжка, апрануў паліто, ціхенька-ціхенька адчыніў дзверы і вывеўБіма.

Ля пад'езда мармытаў матор аўтамабіля.

І вось едзе Бім на заднім сядзенні. Уперадзе чалавек за рулём, побач з ім Сямён Пятровіч. З клуначка, што пакладзены побач з Бімам, пахне мясам. На аброжку вяроўка. Людзі маўчаць. Бім таксама. Ноч. Цёмная, цёмная ноч. Неба завалакло хмарамі — яно чорнае, як чыгун у доме ў Хрысана Андрэевіча. У такую ноч нельга сабаку назіраць з машыны і запомніць дарогу назад. І куды вязуць, Бім таксама не ведаў. Сабачы клопат — што? Вязуць — і ўсё. Толькі вось вяроўка навошта? Трывога зусім завалодала Бімам, калі пад'ехалі да лесу і спыніліся.

Сямён Пятровіч павёў Біма на вяроўцы ў глыб лесу, узяўшы стрэльбу. Ішлі ўніз у яр, свецячы на прасеку ліхтарыкам. Сцяжынка ўперлася ў невялічкую паляну, акружаную вялізнымі дубамі. Тут Сямён Пятровіч прывязаў Біма да дрэва тою вяровачкаю, развязаў клуначак, выняў з яго міску з мясам і паставіў перад Бімам, але не прамовіў ніводнага слова. І пайшоў назад. Ды, адышоўшы за некалькі крокаў, азірнуўся, асляпіў Біма ліхтарыкам і сказаў:

— Ну, будзь. Вось так.

Бім правёў вачыма святло, якое аддалялася, і маўчаў — здзіўлены, нічога не ведаючы, горка пакрыўджаны. Ён нічога, зусім нічога не зразумеў. І калаціўся ад хвалявання, хоць было цёпла, нават душна, нязвыкла для восені.

Машына паехала. «Туды» паехала, вызначыў Бім па гуку, які аддаляўся і рабіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы, а потым і зусім заціх: гук той быццам даў Біму кірунак — куды ісці на ўсякі выпадак.

Лес маўчаў.

Цёмнаю-цёмнаю ноччу сядзеў у лесе сабака пад магутнымі дрэвамі, прывязаны за вяроўку.

І трэба ж здарыцца менавіта такому і ў гэту ноч! Рэдка, вельмі рэдка так бывае: пад канец лістапада, пры такой нязвыклай цеплыні, дзесьці далёка-далёка прагрымеў гром.

Спачатку Бім сядзеў і слухаў лес, правяраў навокал, колькі браў нюх. Сабаку лёгка вызначыць, які гэта лес, калі ён хоць раз пабыў у ім. Бім скора зразумеў, што ён знаходзіцца там, дзе некалі быў з гаспадаром на аблаве. Той самы лес. Але воўкам паблізу нідзе не пахла. Бім прыціснуўся бокам да дрэва, прапаў у непрагляднай цемені, адзінокі і безабаронны, пакінуты чалавекам, якому не зрабіў нічога ліхога.

Падсвядома, недзе ў глыбіні свае істоты, інстынктам Бім зразумеў, што ісці болей да Толіка нельга, што цяпер ён пойдзе да сваіх родных дзвярэй, і болей нікуды. І так яму захацелася туды, што ён, забыўшы пра вяроўку, ірвануўся ад дрэва на ўсю сілу і ўпаў: боль у грудзях аддаўся ва ўсім целе і падкасіў яго. Цяпер ён ляжаў нерухома, выцягнуўшы ўсе чатыры лапы. Але гэта было нядоўга, ён зноў устаў і сеў да дрэва, здавалася, змірыўшыся са сваім лёсам.

У чарнаце ночы яшчэ раз правуркатаў гром, цяпер ужо блізка, і пракаціўся па бязлістаму лесе шырока і цяжка. Падзьмуў вецер, галіны на дрэвах занылі, быццам ад прадчування бяды; ствалы, якія слабейшыя, захісталіся; і нарэшце ўсё злілося ў адзін суцэльны трывожны чорны шум, у якім выразна чуўся стогн сухое асіны: яна раўнамерна рыпела і рыпела дзесьці ля кораня, ужо надломленая і слабая; яе глухі нудны стогн пужаў Біма больш, чым увесь лясны шум.

А лес шумеў, шумеў і шумеў. А вецер усё гуляў і гуляў як адзіны ўсяпраўны ўладыка ў непрагляднай цемені, разгуляўся так, што застагналі дубы. Біму здавалася, што нехта чорны-чорны, вялізны распластаўся над магутнымі дубамі, над безнадзейнаю асінаю, якая памірае над ім, згубленым у гэтай суровасці, сабакам; і гэты чорны біў поламі чорнага плашча па лясных вяршалінах, аблапліваў дрэвы і гойдаў іх у дзікім танцы, шаманіў, падскакваючы і выгінаючыся, крычаў і завываў, як стогалосы дзікун.

Біму стала так жудасна, што пра боль у целе на часіну забыўся.

Ён прыціснуўся да каменя, прыліп. Вецер пачаў кідаць на лес холад, таму ўнізе ў яры пацёк зябкі струмень і адразу ж працяў Біма. Так заўсёды позняе цяпло раптоўна мяняецца холадам. Бім перайшоў на другі бок за ствол, каб затуліцца ад ветру і супраць ветру сачыць нюхам, — па ветры вачыма. Але наперадзе была непраглядная цемень. Бім калаціўся.

Раптоўна, быццам вогненным вузкім нажом, маланка рассекла цемень, на імгненне асвятліўшы лес, які стагнаў і выў, а следам за ёю так вухнула ўверсе, стукнула, забрыньчала нечым пабітым, абрынулася ўніз і пакацілася па лесе ў розныя бакі. Маланка і гром быццам напалохалі шамана, і ён пусціўся ўцякаць, уцякаць, а потым і зусім заціх, і тады зверху застукалі кроплі. Дождж быў кароткі, моцны, халодны. Потым і ён перастаў.

Лес цяпер ціхенька бурчаў, атрасаючыся і прыхарошваючыся, быццам пасля бою. Але раптам асіна зарыпела, затрашчала, чапляючыся за суседнія дрэвы, развітваючыся з суседзямі, адчайна зашумела і ўпала на зямлю, ломячы свае галіны, у горкай, перадсмяротнай безнадзейнасці: вытрымала апошні бой і ўпала. Асіна стаяла непадалёку ад Біма, яму было трывожна чуць смерць дрэва і страшна таму, што яно падала, як спачатку яму здалося, проста на яго; ён тады паплішчыўся ад свайго ракавога дуба, напяў вяроўку, але… вяроўка ёсць вяроўка.

Бім сядзеў да світання, прасківелы, хворы, змучаны. Перад ім стаяла міска з мясам — да яго ён так і не дакрануўся.

Перад світаннем далёка завыў воўк. Адзін завыў: больш нікога на перазовах у лесе не аказалася. То быў самы хітры, ацалелы пасля тае аблавы воўк. Бім уздыбіў шэрсць на загрыўку, застукаў зубамі і слухаў, хапаў носам паветра, глыбока ўцягваў. Ён падрыхтаваўся да сустрэчы, ніколі не падазраючы, што ў ім столькі адвагі на самаахову, якую можна назваць гераізмам адчаю (укусіў жа ён тады Шэрага дзядзьку, чуць не збіў яго з ног!). Але воўк гэтага разу не прыйшоў. Ветру ўжо не было, так што здалёку звер не мог пачуць Біма, а час абыходзіць свой участак, відаць, яшчэ не прыйшоў. Але Бім у напружаным чаканні напяў вяроўку, таму аброжак стаў душыць яго да хрыпаты. Тады Бім падаўся на дрэва, прыціснуўся задам да ствала, перахапіў вяроўку на карэнныя зубы і… перакусіў. Як нажом шахнуў!

Збылося!

Бім вольны, хоць і адзінокі ў дрымучым лесе.

Так і кожны сабака робіць у рэшце рэшт, хоць у розных парод гэта бывае па-рознаму: вартаўнічыя, прывязныя — тыя перагрызаюць вяроўку адразу, таму што яны любяць толькі моцныя ланцугі; моська, хоць і не перагрызе, але калі прывязаны на вяровачку, то будзе кідацца, круціцца, крычаць і можа нават задушыцца; ганчакі доўга думаюць, але перагрызаюць; інтэлігентны сабака, які прывык да работы па краснай дзічыне, праседзіць многа дзён, чакаючы гаспадара, але вяроўку перагрызе толькі ў хвіліны адчаю ці небяспекі, калі стане ясна, што ніхто ўжо не прыйдзе на дапамогу. Вось так і Бім: прыйшоў час, і ён зрабіў тое, што павінен быў зрабіць.

Бім адышоў ад дрэва асцярожна, азіраючыся, прыслухоўваючыся да лесу. Нечакана непадалёку застракатала сарока: «Тут ёсць нехта, нехта, нехта ёсць! Нехта ёсць, нех-та, нех-та, нех-та ёсць!» Бім адразу ж, ад першага папярэджання сарокі, спыніўся ў гушчары дубняку, які шчыльна акружыў дуба-велікана. Болю ён амаль што не адчуваў, ён прайшоў недзе ўглыбіню. Ён прылёг на лісце, выцягнуў шыю і прытуліў галаву да зямлі. Сарока закрычала блізка — Бім убачыў яе на высокім дрэве. Ён, вядома, пайшоў бы, але сарока крычала пра небяспеку з таго боку, куды трэба было ісці Біму. Чакаў ён, калоцячыся, але ў той жа час рашуча і з удзячнасцю да сарокі за тое, што ў час папярэдзіла пра ворага. Дзякуй табе, сарока! Толькі драпежнікі лаюць гэтую птушку, цудоўную вястуню, народжаную з тэлеграфам на хвасце, добраахвотную служку мірных лясных жыхароў. Каб не было сарокі, насельніцтва, і тое, што бегае, і тое, што лётае, было б назусім пазбаўлена інфармацыі пра лясное жыццё.

Ваўчыца выйшла на ўскраек паляны і спынілася. Пярэдняя нага крывая (значыць, яна некалі была паранена чалавекам). Накульгваючы, яна ступіла яшчэ некалькі крокаў, павярнула галаву проста да Біма і з налёту… кінулася да яго. Але не патрапіла — перашкодзіла неўваротная нага. Бім вылузаўся ад яе ў самы апошні момант, скочыў убок. Звер павярнуўся і быццам падскочыў на трох нагах, зноў кінуўся на Біма. Аднак той, як юла, адскочыў за дуб і адчуў спіною дзірку ў дубе, дупло. І тут жа, калі ваўчыца прамахнулася другі раз, у адно імгненне ўціснуўся ў дупло, выставіў зубы, загыркаў раз'юшана і пачаў брахаць так, як ніколі ў жыцці не брахаў, — як ганчак на следзе, як лайка ля бярлогі, без перадыху. Голас Біма зазвінеў па лесе адным адзіным словам, якое зразумела кожнаму: «Бяда-а! Бяда-а!» А лес падхапіў, і рэха дапамагала: «Бяда-а! Бяда-а!!!»

Дзякуй табе, лес!

І панеслася ад сарокі да сарокі, імклівей чым па тэлеграфе, трывожная вестка: «Нех-та нека-га есь, нех-та некага есь, нех-та нека-га, нех-та нека-га…» Ляснік у леснічоўцы вызначыў, што і сабачы брэх, і дружны сарочы перапалох не ад дабра. Ён узяў стрэльбу, зарадзіў карцеччу і пайшоў у глыб лесу. Чалавек ішоў смела, таму што лес быў яму амаль што як родны дом, а лясныя жыхары ведалі яго ў твар. Ды і ён ведаў многіх іх, ведаў у твар і ваўчыцу, але чамусьці не забіваў яе. «Ці не зацёрся хто з маладых паляўнічых на тэрыторыю ваўчыцы, ці не напужаўся яе, узлез на дрэва і пакінуў сабаку, каб разарвала?» — падумаў ён, спяшаючыся. Брэх чуўся далёка, у самым канцы Воўчага яра, але раптам абарваўся. «Гатова!» — вырашыў ён і пайшоў павальней, хоць і ў той жа бок. Эх, а трэба было спяшацца. Спяшацца б!

Што ж здарылася там, ля векавога дуба?

Ваўчыца была «цёртая»: яна адышла ад дупла, каб Бім замоўк, ведала, што калі пачынае брахаць сабака, то аказваецца і чалавек са стрэльбаю. Бім таму і прымоўк, што ваўчыца не кідалася да яго. Праз колькі часу яна падышла бліжэй і села, не зводзячы вачэй з Біма. Так два сабакі глядзелі адзін на аднаго вока ў вока: дзікі сабака, далёкі прародзіч Біма і вораг чалавека, і сабака інтэлігентны, які не можа жыць без чалавечае дабраты; воўк ненавідзіць усіх людзей, а Бім любіў бы іх, каб яны ўсе былі добрыя да яго: сабака — сябар чалавека і сабака — вораг чалавека глядзелі адзін аднаму ў вочы.

Ваўчыца разумела, што ў дупло ёй не ўлезці, але яна падышла да яго, пацягнулася пысаю. Бім падаўся назад, аскаліўшы зубы, але ўжо не брахаў, ён быў недасяжны ў сваёй крэпасці.

Колькі часу цягнулася б гэта, невядома. Але ваўчыца павяла носам вакол, крута павярнулася ад дупла і прыгнулася, як перад небяспекай, крок за крокам падалася да тае палянкі, да таго дуба, за якім быў прывязаны Бім. Ішла яна з нейкім жахам у сэрцы, апусціўшы хвост-палена.

У паляўнічым азарце на Біма яна прапусціла гэтае месца, таму што начны дождж моцна змыў пахі, а цяпер, як толькі крыху абветрала, яна і пачула: вяроўка на дрэве, міска з мясам. О, яна ведала, што гэта абазначае: тут быў чалавек! Чалавекам пахне вяроўка, жалезам пахне круглая місачка, а сляды таксама яго; мяса ж — падман, здрада, пастка. Яна крышку прыпынілася, скочыла ўбок і пабегла, як ад вялікае напасці. Так воўк уцякае ад пасткі, якая няўмела пастаўлена — незамаскавана і пахне чалавекам.

Уцякла ад Біма апошняя ў лесе, адважная і ганарлівая ваўчыца.

…Адзіная істота на зямлі, якую ненавідзіць воўк — гэта ты, чалавек. Ходзяць па зямлі апошнія ваўкі, але ты іх застрэліш, гэтых вольналюбівых лясных санітараў лесу і поля, якія ачышчаюць зямлю ад нечысці, падлы, хваробы і рэгулююць жыццё так, каб заставалася толькі здаровае патомства. Ходзяць апошнія ваўкі… Ходзяць таму, каб знішчаць карослівых лісіц, зберагчы ад заразы астатніх, ходзяць таму, каб аслабелыя ад эхінакока зайцы не разносілі хваробу па лесе і па полі і не раджалі дзіцянят хворых і слабенькіх; ходзяць таму, каб у гады, калі многа мышэй, якія разносяць тулерамію, нішчыць іх многа-многа. Ходзяць апошнія ваўкі па зямлі.

Калі яны сумна, з надрывам спяваюць уначы, твая душа, чалавеча, чамусьці здрыганецца ад гэтага адкрытага і яснага вяшчання на ўсё наваколле: «Я-а-а ё-ёсць! Я ёсць!» І ты ж ведаеш, чалавек, што ваўчыца не кране маленькае шчаня-сысуна, а прыме яго, як роднае дзіця; не зачэпіць і малога дзіцяці, а перацягне яго ў логава і будзе падпіхаць да саскоў. Колькі іх, такіх выпадкаў, калі ваўкі з чалавека-дзіцяці выгадоўвалі чалавека-воўка! Шакалы так не ўмеюць. Нават сабакі не ўмеюць. А ці зачэпіць воўк авечку ў сваім раёне, там, дзе жыве? Ніколі. Але ты ўсё роўна баішся воўка, чалавек. Так нянавісць засланяе розум (чаго няма ў жывёлін!) і можа так авалодаць табою, што карыснае палічыш шкодным, а шкоднае — карысным.

Але апошнія ваўкі пакуль што ходзяць па зямлі.

Адзін з іх уцёк ад ненавіснага і небяспечнага чалавечага паху, але не ад Біма. Мы не ведаем, чым бы кончылася іх сустрэча і колькі б праседзела ваўчыца ля дупла. Магчыма, яны і знюхаліся б (яна ж усё-такі была адзінокая ваўчыца, а Бім — самец). Не будзем гаварыць пра тое, чаго не было, толькі напомнім, што людзі бачылі сабаку ў воўчай чарадзе неаднойчы. Але Біма такая доля абмінула.

Калі ўцякла ваўчыца, узнік сам сабою моцны боль у хворых грудзях. Бім стаў задыхацца, таму і выпаўз з дупла ды так і ўпаў на месцы — што будзе тое будзе! І ўсё-такі ён не ўзяўся есці мяса нават пасля таго як зноў вылежаўся і змог устаць. Заставалася толькі адно: ісці наперад, столькі, колькі хопіць сілы.

І Бім пайшоў. Доўга і цяжка ўзбіраўся ён на круты, вялізны, на кіламетр, пад'ём. Дзесьці на паўдарозе ён наткнуўся на след ваўчыцы, перайсці яго не адважыўся (яна ж адсюль і ішла!), потым скіраваў у густы непралазны зараснік і ўбачыў воўка. Убачыў проста перад сабою, мёртвага. Гэта быў той, што ўцёк у сярэдзіну аблавы смяротна паранены, каля якога ўсё яшчэ кружылася і кружылася ваўчыца, час ад часу апавяшчаючы наваколле сваёю страшнаю чалавеку тугою. Мёртвы воўк. Шэрсць на ім аблезла лапінамі. Засталася толькі частка сатлелага звера. Толькі кіпці сталі доўгія, злавесна чыстыя і страшныя. Бім убачыў: нават у мёртвага, сатлелага воўка кіпцюры застаюцца. І ад іх страшна.

Бім заспяшаў паўкругам, на колькі было ў яго сілы, назад, на тую сцяжынку, абходзячы след, які напалохаў яго.

Нарэшце ён узышоў наверх, спыніўся на тым месцы, дзе ўчора была машына, агледзеўся і пайшоў зусім дакладна туды, куды трэба было, — дадому. І зноў у яго неставала сілы, зноў ён адлежваўся ў сцірце, а то і ў сасновай ігліцы, зноў па дарозе шукаў зёлкі і еў іх.

Па шашы бег худы, кульгавы сабака. Бег наперад, толькі наперад, паволі, цяжка, але наперад, да тых дзвярэй, ля якіх ёсць спагада, ля якіх Біму хацелася легчы і чакаць, чакаць гаспадара, чакаць даверу і самае звычайнае, простае чалавечае ласкі.

…А як жа Толік? А як жа ён пасля таго, як прачнуўся раніцаю?

Ён, яшчэ не адзеўшыся, у споднім, пабег да Біма і раптам закрычаў:

— Мама! Дзе-е Бі-ім? Дзе!!!

Мама супакоіла:

— Бім захацеў папысаць, тата выпусціў яго, а ён не вярнуўся. Уцёк. Тата яго клікаў, клікаў, а ён уцёк.

— Тата! — заплакаў Толік. — Няпраўда, няпраўда, няпраўда! — Ён упаў на ложак, хлопчык у споднім, і крычаў з дакорам, з мальбою, у спадзяванні, што гэта няпраўда: — Няпраўда, няпраўда, няпраўда!

Цяпер яго ўзяўся суцяшаць бацька:

— Вернецца ён, вернецца… А не вернецца, то самі знойдзем і возьмем яго да сябе. Абавязкова возьмем. Знойдзем — сабака не іголка.

Толік перастаў плакаць і глядзеў толькі ў адно месца. Потым зірнуў на бацькоў, выціраючы слёзы, і сказаў цвёрда:

— Усё роўна знайду!

Ён так упэўнена сказаў гэта, што бацька і маці апасліва паглядзелі адно на аднаго: «У хлопчыка свая думка».

Ад таго дня Толік стаў маўклівы ў школе і дома, нелюдзімы, насцярожаны да родных.

Ён шукаў Біма. Часам можна было бачыць у горадзе, як чысценькі хлопчык са шчаслівае культурнае сям'і, спыняў прахожых, выбраўшы каго толькі з выгляду, і пытаўся:

— Дзядзечка, а вы не бачылі белага сабаку з чорным вухам?


Раздзел 14. Дарога да родных дзвярэй. Тры хітрасці


Калі Бім падыходзіў да горада, ногі амаль не слухаліся. Бо ён жа зноў быў галодны. Ды і чым можна было пажывіцца каля шашы? Нічым. Хіба што кінутаю кім-небудзь лупінкаю ад кавуна, але гэта не харч, а толькі так. Такому сабаку трэба мяса, добрая куцця, капуста з хлебам (калі застаецца пасля абеду), адным словам, усё, што звычайна есць чалавек. Бім карміўся два тыдні ўпрогалад. З яго хворымі грудзьмі, пабітымі ботам, такая галадоўка — павольная згуба. Калі ж да ўсяго дадаць, што, змагаючыся з ваўчыцаю, ён моцна стукнуў расціснутую стрэлкаю заднюю лапу і штыльгаў на трох нагах, то можна ўявіць, які быў у Біма выгляд, калі ён уваходзіў у свой родны горад.

Але свет не без добрых людзей. На самай ускраіне ён спыніўся ля малюсенькага доміка з аднымі дзвярыма і адзіным акенцам. Вакол доміка ляжалі горы цэглы, каменняў, бетонных пліт, дошак, бярвення, жалеза і ўсяго іншага, а побач, з другога боку, стаяла палавіна новага вялізнага дома, але без акон, без дзвярэй і без даху. Вецер круціўся ў пустых дзірках акон, шыпеў над кучамі камення і цэглы, спяваў у штабелях дошак і завываў у верхатуры будаўнічага крана — і ўсюды на розныя галасы. Нічога дзіўнага ва ўсім гэтым не было Біму (усюды будавалі і будавалі бясконца), а па праўдзе кажучы, ён не раз прасіў у будаўнікоў: «Дайце, хлопцы, пад'есці». Тыя разумелі яго — падкормлівалі. Аднойчы нават жартаўнік з іхняе кампаніі на полуднім перапынку наліў у кансервавую бляшанку ложку гарэлкі і прапанаваў Біму:

— А ну, сабачка, дзюбні за здароўе тых, хто тут не крадзе.

Бім пакрыўдзіўся і адвярнуўся.

— Правільна! — усклікнуў жартаўнік. — Няма табе за каго выпіць, разумніца. Гэта я ведаю дакладненька.

Усе навокал засмяяліся і называлі штукара Шурыкам. Затое той жа самы Шурык адваліў нажом кавалак каўбасы — сапраўдная, з магазіна, а не тое, што са сметніцы! — і паклаў перад Бімам:

— За справядлівасць табе, Чорнае вуха. Вазьмі, мудрэц.

І зноў смяяліся людзі ў выквацаных камбінезонах. А Шурык дадаў, відаць, самае смешнае:

— А то, брат, за гэтую ноч дошкі зноў усохлі на трэць.

І яшчэ смяяліся, хаця хлопец той і не ўсміхнуўся.

Бім зразумеў Шурыкаву гаворку па-свойму: па-першае, гарэлкі сабаку — нельга, а калі ты яе не п'еш, то табе дадуць яшчэ каўбасы; па-другое, што ўсе гэтыя хлопцы, ад якіх пахне цэглаю, дошкамі, цэментам, — добрыя. Біму так і здалося, што Шурык гаварыў увесь час толькі пра гэта.

Успомніўшы такое, кіруючыся раней знаёмымі пахамі, па праву памяці, Бім, знясілены ўшчэнт, прылёг ля дзвярэй маленькага доміка, ля старажоўкі.

Быў досвітак. Акрамя ветру, вакол нікога не было. Праз колькі часу ў старажоўцы нехта кашлянуў і загаварыў сам да сябе. Бім прыпадняўся і зноў жа па праву памяці падрапаў за дзверы. Яны адчыніліся, вядома, як і заўсёды. На парозе паказаўся чалавек з барадою: адно вуха ў шапцы апушчана ўніз, другое тырчыць угору; плашч моцна нацягнуты на кажух: асоба, якой поўнасцю можа давяраць Бім.

— О, ды тут, ніяк, госці? Бач як табе падцяла, бяздомнік няшчасны, больш нічога не скажаш. Ну, заходзь, ці што?

Бім зайшоў у вартаўніцкую, амаль упаў ля парога. Вартаўнік адрэзаў кавалак хлеба, размачыў у вадзе і паставіў Біму. Той з удзячнасцю з'еў, пасля паклаў галаву на лапы і глядзеў на дзядулю.

І пачалася ў іх гаворка пра жыццё.

Сумна вартаўніку, дзе б ты ні вартаваў, а тут — жывое стварэнне глядзіць на яго здзіўленым, чалавечым, няшчасным і, адразу відаць, мучаніцкім позіркам, які, магчыма, таму так і ўражвае.

— Дрэннае ў цябе жыццё, Чорнае вуха, відаць адразу… Чаму ж яно? — спытаўся ён перш-наперш. — Хіба табе яшчэ чарга на ордэр не падышла? Ці так што?.. Я, брат, таксама, вось: чарга падыходзіць і адыходзіць, Міхей застаецца. Колькі іх, гэтых дамоў, панастаўлялі, а я ўсё вось з гэтаю будкаю пераязджаю з месца на месца. Ты вось збяжыш, напрыклад, і паспрабуй напісаць мне ліст: няма куды. Без адраса пяты год: «БМУ-12, Міхею». І ўсё табе пісанне. Не пакет, а ганьба адна. Піць-есці — хоць задушыся, хоць гальштук начапі і капялюш — на лоб; а вось жыць няма дзе, разумееш. Дзе падзецца? Дачасна так цяжка… А зваць мяне Міхей, Міхей я, — тыкаў ён сам сабе пальцам у грудзі і адпіваў пакрысе з бутэлькі (рабіў ён гэта кожны раз, як толькі выпальваў зарад свае гаворкі).

Бім добра зразумеў Міхееў маналог, па-сабачы, гэта значыцца, па знешнім выглядзе, па інтанацыі, па дабраце і прастаце: добры чалавек — Міхей. Паміж іншым, не так і важна разумець усе словы (яно сабаку нават і не патрэбна), а галоўнае — зразумець чалавека. Бім зразумеў яго і адразу ж задрамаў, прапускаючы міма вушэй далейшую гаворку. Але ўсё ж з-за павагі да субяседніка ён то заплюшчваў, то расплюшчваў вочы, адганяючы сон.

А Міхей вёў далей тым жа тонам:

— Ты вось заснуў, і ўся марока. А мне нельга. Нарвецца кантроль: «Дзе Міхей? Няма. Звольніць Міхея. Абавязкова». Вось яно што. Не акажыся на пасту або засні — адразу табе пад нос: «Дзе Міхей? Няма. Звольніць Міхея!» І ўся марока.

З-за дрымоты Бім толькі і адрозніваў словы: «Міхей… Міхей… Міхей… І ўся марока».

А Міхей адпіў яшчэ разы са два, выцер вусы, пасаліў хлеб, панюхаў і пачаў есці, гаворачы да Біма:

— А я так і скажу, Чарнавушка, перад сабакам і то нават лепш паспавядацца: нікому не скажа і спрачацца нечага, а самому палягчае… Вось я, Міхей, — ахова. Са стрэльбаю. Цяпер пытаюся: калі крадзе не адзін? Што Міхей зробіць? Нічога ён не зробіць. І ўся марока… Кажуць, закон. Добра — закон: злавіў — пяць год яму, с-сучаму сыну! А-а! Ды вось толькі яго злавіць трэба, вось дзе загваздка. Як улавіць? Вось яно і ёсць. Ты вось — сабака. Насаджаю я табе кораб зайцаў, выпушчу ўсіх разам, а табе лавіць загадаю. Яны разляцяцца ва ўсе бакі — і ўся марока. Ну, зловіш ты аднаго. А астатнія? Уця-яку-уць, — Міхей так весела засмяяўся, што Бім прыпадняў галаву — хоць ты і яму ўсміхайся.

Але Біму было не да таго.

Дзверы адчыніліся. Увайшоў чалавек, таксама вартаўнік, і сказаў:

— Перазменка. Кладзіся, Міхей, спаць.

Той дабраўся да лежака і адразу ж заснуў. А Змена сеў за стол на Міхеева месца, крышку пасядзеў і прыкмеціў Біма.

— А гэта тут яшчэ што за пугач? — спытаўся ён у Біма, бо, мабыць, кінуліся вялікія вочы.

Бім сеў, як і патрэбна ветліваму, стомлена вільнуў хвастом («Хворы я, маўляў. Гаспадара шукаю»). Змена нічога не зразумеў, як і многія людзі не разумеюць сабак, а замест адказу адчыніў дзверы і падапхнуў Біма нагою:

— Правальвай, пачвара.

Бім пайшоў перакананы: Змена — гадкі чалавек. Але ісці далей ён не мог: калі пад'еў цюры, ён чамусьці яшчэ больш знясілеў, а сон валіў яго з ног. Перамагаючы сон, Бім зайшоў у дом, які будуецца, зашыўся ў жмак габлюжак, якія пахлі хвояй, і заснуў моцна-моцна.

За дзень яго ніхто не патрывожыў. Так ён і праляжаў да вечара. Прыцемкамі абышоў ніжні паверх, знайшоў на акне амаль паўбулкі хлеба, большую частку з'еў (наеўся), меншую вынес з дома і загроб у мяккую зямлю ля траншэі; усё гэта ён зрабіў сумленна, як і павінна рабіцца, хоць і неставала сілы, але сабачае правіла «хавай кавалак на чорны дзень» трэба не забываць. Цяпер ён адчуў, што можа ісці далей. І пайшоў да сваіх родных дзвярэй.

Да родных дзвярэй, да тых самых, знаёмых з першых дзён жыцця, да дзвярэй, за якімі давер, наіўная святая праўда, спачуванне, сяброўства і спагада былі такія натуральныя, такія простыя, што самі гэтыя паняцці называць не мела ніякага сэнсу. Ды і нашто ўсё гэта Біму асэнсоўваць? Ён, па-першае, не змог бы гэта зрабіць, бо ўсё-такі ён сабака, а па-другое, калі б ён і паспрабаваў падняцца на недасяжную яму вышыню розуму чалавека, ён загінуў бы ўжо ад таго, што яго наіўнасць людзі палічылі б дзёрзасцю незвычайнаю і нават злачыннаю. На самай справе, Бім тады кусаў бы падлюгу абавязкова, палахліўца — таксама, хлуса — не задумваючыся, бюракрата ён еў бы па кавалках і г.д., і кусаў бы свядома, выконваючы свой абавязак, а не так, як ён укусіў Шэрага, пасля ўжо таго, як той жорстка біў яго па галаве. Не, тыя дзверы, да якіх ішоў Бім, былі часткаю яго самога, яны былі яго жыццё. І ўсё. Так, ніводзін сабака на свеце не лічыць звычайную адданасць чымсьці незвычайным. Але людзі прыдумалі гаварыць пра гэтае пачуццё сабакі як пра подзвіг толькі таму, што яны ўсе не часта могуць быць адданы сябру і верныя свайму абавязку так, каб гэта было сутнасцю іх жыцця, арганічнаю натуральнаю асноваю самога існавання, калі высакароднасць душы — тое, што само сабою разумеецца.

Дзверы, да якіх ішоў Бім, — гэта дзверы яго сябра, а адпаведна, і яго, Бімавы, дзверы. Ён ішоў да дзвярэй даверу і жыцця. Бім хацеў дайсці да іх, або дачакацца сябра, або памерці: шукаць яго па горадзе ўжо неставала сілы. Мог ён толькі чакаць. Толькі чакаць.

Але што мы можам зрабіць, калі і гэтаю ноччу Бім так-такі і не дайшоў да свайго дома?

Трэба было перш за ўсё абмінуць раён Шэрага, а таму абавязкова прайсці паўз дом Толіка. Так яно і было. Бім апынуўся ля веснічак маленькага сябра і не мог прамінуць іх, быццам чужыя. Ён прылёг ля высокае цаглянае агароджы, скруціўшыся ўпаўабаранка і адкінуўшы голаў убок: ці то ранены сабака, ці то памірае, ці то зусім нежывы — мог так падумаць кожны прахожы.

Няма і няма. Бім не пойдзе ўжо да дзвярэй гэтага дома. Ён толькі адпачывае ад болю і суму ля плота, а потым пойдзе дадому. А магчыма… магчыма, акажацца сюды сам Толік… Ці нам вінаваціць Біма за тое, што няма ў яго логікі, што яна яму недаступна? І ён ляжаў у такой сумнай сабачай позе без усякае логікі.

Быў цёмны вечар.

Пад'ехала машына. Яна выхапіла з цемені частку агароджы, абмацала ўсю яе і вылупіла проста на Біма асляпляльныя вочы. Бім падняў галаву і глядзеў, амаль стуліўшы павекі. Машына пабурчала, пабурчала ціхенька і адчыніла дзверцы… З-за дымнага паху нельга было вызначыць чалавека, які ішоў да Біма, але калі ён апынуўся ў святле фар, Бім сеў: да яго ішоў Сямён Пятровіч. Ён падышоў і пазнаў, што гэта сапраўды Бім, і сказаў:

— Выбраўся! Ну і ну…

Выйшаў і другі чалавек (той, што вёз Біма перад навальніцаю да ваўчыцы), паглядзеў на сабаку і спагадна сказаў:

— Разумны сабачына. Такі не прападзе.

Сямён Пятровіч пайшоў да Біма, расшпільваючы папругу.

— Бімка, Бімка… Ты харошы, Бімка… Да мяне, да мяне…

Э, не-е! Бім не верыў, Бім не меў больш даверу, і ён не падыдзе да гэтага чалавека, каб ён хацеў яго ўзяць і дабро думаючы. Магчыма, Сямён Пятровіч і думаў аддаць Біма Толіку, зразумеўшы сына, але не тут-то было: Бім уцёк. Ён не пайшоў, а пабег ад Сямёна Пятровіча ўздоўж агароджы па асветленай дарозе. І адкуль сіла ўзялася?!

Сямён Пятровіч — за ім, другі чалавек — напярэсцікі. Бім выслізгнуў са святла ў цемень, спусціўся паўзком у траншэю і тут пайшоў ужо спакойна, ледзьве перастаўляючы лапы. Але пакіраваў Бім не ў той бок, куды бег у святле фар да траншэі, а назад.

І зноў у хвіліну небяспекі найшло на Біма прасвятленне ад прародзічаў: блытай сляды! Так робяць зайцы, лісіцы, ваўкі і астатнія звяры — звычайная хітрасць № 1, калі за табою гоняцца. Лісіца і воўк могуць ісці след у след так, што толькі вопытны паляўнічы, ды і то пасля, здагадаецца па кіпцюрах, што яго абвялі; хітрасць № 2 — гэта пятля (пайшоў налева, выйшаў — направа) або скідка (са свайго следу назад — саскочыць убок); хітрасць № 3 — адлежацца, заблытаўшы след, адлежацца ў глухой мясціне і слухаць (калі прамінулі — ляжаць, калі ідуць напрасткі, то ўсё пачаць спачатку, — заблытваць). Усе гэтыя звярыныя хітрыкі добра знаюць сапраўдныя паляўнічыя, але Сямён Пятровіч ніколі не быў паляўнічы, хоць стрэльбу браў і нават штогод выязджаў на адкрыццё сезона.

А наогул было так: Сямён Пятровіч пабег у адзін бок, свецячы сабе ліхтарыкам, а Бім — у другі, ды яшчэ ў схове выратавальнай траншэі.

Але вось траншэя скончылася — Бім упёрся ў тарцавую сценку, з боку ад якое вісеў экскаватарны коўш. Аказалася, што ён не мог і вылезці з пасткі: улезці змог, а вылезці назад неставала сілы: з бакоў сценкі, спераду — сценка. Каб быў ён здаровы, на чатырох нагах, тады іншая справа, а цяпер ён можа толькі выйсці — не выскачыць, а толькі выйсці.

Пасядзеў, пасядзеў наш Бім, паглядзеў угару на коўш, сяк-так прыпадняўся на заднюю лапу, абапіраючыся на сценку пярэднімі, агледзеў адхон і сеў. Здавалася, што ён думае, але ён проста слухаў: ці няма пагоні. Потым ён прыўстаў на супрацьлеглую сценку, без насыпу, і заўважыў, што ліхтарык шморгаецца на адным месцы, павіхляўся з боку на бок і зусім патух. Убачыў ён і тое, што машына паехала назад і стала набліжацца да яго, толькі збоч. Бім прыціснуўся ў канаве ў кутку і слухаў, дрыжучы. Машына праехала міма, дзесьці зусім побач.

Паблізу ўсё супакоілася. А потым чуваць: не вельмі моцна пакракваюць машыны, скрабе трамвай — усе гукі знаёмыя, няшкодныя.

У цёмную халодную асеннюю ноч сядзеў у канаве сабака. І нікому на свеце не дапамагчы яму цяпер. А яму трэба, так трэба ісці да сваіх дзвярэй. Бім паспрабаваў падскочыць, але ўпаў. Куды там! І пайшоў назад па сваім следзе, ціха, асцярожна, прыслухоўваючыся і ў той жа час не-не ды і абмацваючы сцены. У адным месцы ён знайшоў невялічкі абвал, стаў на яго, прыпадняўся на заднюю лапу — цяпер пярэднія даставалі да насыпу. І Бім пачаў грэбці зямлю зверху ўніз, пад сябе, чым больш ён працаваў, тым вышэйшы рабіўся абвал. Бім адпачываў і браўся зноў. Нарэшце ён змог абаперціся грудзьмі на край канавы, але затое дастаць зямлі з насыпу ўжо не мог. Тады ён сышоў уніз па сваёй горцы, паляжаў. Так хацелася завыць, паклікаць гаспадара або Толіка, завыць дзіка, на ўвесь горад! Але Бім павінен маўчаць: ён жа заблытаў сляды і прытаіўся. І раптам ён рашуча падняўся, адышоўся ад нагрэбенага гурбанка, забыўся пра боль, махнуўся ўсім целам, быццам анучаю, падскочыў на гурбанку на абедзве заднія лапы і ўпаў на самы край канавы, у тую ямачку, што выграб сам, спускаючы зямлю ўніз.

Як ён змог пераадолець неймаверны боль і немагату? Хто яго ведае… Як, напрыклад, воўк адгрызае сам сабе лапу, захопленую ў пастку? Ніхто не скажа, як гэта можна сваімі зубамі перагрызці сваю ж нагу. Можна ж толькі здагадвацца, што воўк робіць гэта з-за свайго інстынктыўнага імкнення на волю, а Бім забыўся пра ўсё з-за неадольнага імкнення да дзвярэй дабраты і даверу.

Як бы там ні было, а Бім вырваўся з пасткі і ляжаў у той ямачцы наверсе.

Ноч была халодная. Горад спаў, каменна-жалезны, ціхенька скрыгочучы жалезам нават і ноччу, спрасонку. Бім слухаў яго доўга-доўга. Калі змёрз, усё ж пайшоў.

Па дарозе ён зайшоў у адчынены пад'езд аднаго з дамоў, і толькі таму, што трэба было абавязкова прылегчы, хоць бы крыху: так ён саслабеў. Класціся проста на вуліцы нельга, загінеш (ён бачыў не раз раздушаных машынамі сабак). Ды і холадна на асфальце. А там, у пад'ездзе, ён прытуліўся да цёплае батарэі і заснуў.

У чужым пад'ездзе глыбокаю ноччу спаў чужы сабака.

Здараецца.

Не крыўдзіце такога сабаку.


Раздзел 15. Ля апошніх дзвярэй. Таямніца жалезнага фургона


Прачнуўся Бім яшчэ досвіткам. Не хацелася пакідаць такое цёплае, гасціннае месца, дзе ніхто не патрывожыў яго сон. Яму здалося, што ў яго ўжо стала болей сілы, — паспрабаваў устаць на ногі, але адразу не выйшла. Тады ён сеў. Гэта ўдалося, але закружылася ў галаве (гэтак, як і пасля ўдару ў грудзі): сцены пахіснуліся ў адзін бок, лесвічныя балясы загойдаліся, задрыжалі, а прыступкі зліліся ў суцэльны ўзгорак і загойдаліся гармонікам, лямпачка захісталася разам са столлю. Бім сядзеў і чакаў, што ж з ім будзе далей, сядзеў цяпер, апусціўшы галаву.

Галавакружэнне кончылася гэтак жа нечакана, як і пачалося. І Бім папоўз на жываце па прыступках уніз. Дзверы пад'езда былі адчыненыя, паляжаў крышку на асвяжальным холадзе і ўсё-такі ўстаў на ногі. Амаль падаючы ў вобмарак і таму не адчуваючы болю, ён слухаючы невядомую людзям сабачую волю, пайшоў з двара, хістаючыся, быццам ачумелы.

Наўрад ці ён дайшоў бы да свайго дома, калі б не наткнуўся на памыйку, дзе гробся маленькі сабачка. Бім падышоў і сеў. Сабачка, шарсцісты і гразны, абнюхаў яго і павіляў хвосцікам.

«Ты куды?» — спытаў такім чынам Кудлатка.

Бім адразу пазнаў Кудлатку — з ім ён некалі пазнаёміўся на лузе таго самага дня, калі той грыз карэньчык чароту. Таму адказаў даверліва і сумна, аднымі вачыма: «Дрэнна мне, дружок».

Сабачка вярнуўся да памыйкі, быццам бы запрашаў госця, там павярнуў да Біма галаву і завіляў хвастом, што абазначала: «Тут тое-сёе ёсць. Ідзі ж».

І што вы думаеце? Таго-сяго па кавалачку, па скарыначцы, па галоўцы ад селядца — Бім наеўся-такі. Сіла памаленьку вярнулася, а скора, аблізаўшыся і падзякаваўшы Кудлатку, пайшоў далей, пайшоў крыху мацней.

Не, памыйка ў ліхую часіну ў жыцці — вялікая рэч! З гэтага часу Бім стаў бы адносіцца з павагаю да такіх мясцін, калі б…

Цяжка расказваць пра такое.

Шэрым досвіткам, калі астаткі ўчарашняга смогу аселі да зямлі лёгкаю празрыстаю сінечаю, Бім нарэшце дабраўся да свайго дома… Вось ён! Вунь і акно, з якога разам з Іванам Іванавічам, бывала, яны глядзелі на ранішняе сонца. Ці не выйдзе ён да акна і зараз? Бім сеў з другога боку на вуліцы і глядзеў, глядзеў, глядзеў з радасцю і спадзяваннем. Яму стала добра. Пайшоў цераз вуліцу, хоць і не спяшаючыся, але падняўшы ўжо галаву, быццам усміхаючыся, быццам вось-вось спаткае незабыўнага сябра. Гэта была хвіліна ў чаканні шчасця. Ды і хто з жывых не быў шчаслівейшы ў тыя хвіліны, калі чакае шчасця, чым у хвіліны самога шчасця.

Так, пасярод вуліцы, перад родным домам, ужо недалёка ад тых самых дзвярэй, Бім быў шчаслівы ад надзеі, якая зноў узнікла.

Але раптам ён убачыў страшнае: з аркі дома выйшла Цётка! Бім сеў, вылупіўшы ад жаху вочы і дрыжучы ўсім целам. Цётка папусціла ў яго цаглінаю. Бім паспешна адышоў на супрацьлеглы тратуар.

Людзей на вуліцы ў такую рань не было, нават дворнікі яшчэ не выходзілі з мяцёлкамі. Адна толькі Цётка ды Бім глядзелі адно на аднаго. Яна яўна рашыла стаяць і не пускаць, яна нават паставіла ногі шырэй, абмацавалася, як помнік, упёршыся рукамі ў бакі; на Біма яна глядзела звысоку, пагардліва і знішчальна, з гонарам, з усведамленнем свае вартасці, перавагі і праваты. Бім жа быў бездапаможны, але ў яго заставаліся цалкам надзейныя толькі адны зубы, таксама страшныя ў перадсмяротнай хватцы. Ён гэта ведаў, ён пра гэта не забыўся, таму нават чуць прыгнуўся і прыпадняў верхнюю губу, паказаўшы пярэднія зубы. Чалавек і сабака глядзелі адно на аднаго не адводзячы вачэй. Хвіліны здаваліся Біму доўгія.

…Пакуль чалавек і жывёліна, не адводзячы вачэй, цікавалі за кожным рухам адно аднаго, вернемся да Цёткі, хоць крыху мы яе і ведаем з папярэдніх гісторый пра Біма. Цётка была зусім вольная жанчына: вольная ад эксплуатацыі капіталіста, ад якіх-небудзь самых аддаленых паняццяў пра свой абавязак перад сацыялізмам, вольная ад працы. Але яна ўсё-такі заставалася рабою страўніка, не адчуваючы гэтага ярма. Яна ўставала, напрыклад, раней за ўсіх жыхароў мнагалюднага дома, яшчэ досвіткам. Сваім першым абавязкам яна лічыла наступнае: прасачыць, хто чужы выйшаў світаннем з таго ці іншага пад'езда; у каго гарыць у вокнах святло, калі ўсе спяць моцным здаровым сном; хто паехаў на рыбалку ці на паляванне і з кім; хто першы, яшчэ прыцемкам, панёс нешта на памыйку. Потым яна паглядзіць і вызначыць, што здарылася, мяркуючы па памыйцы: бутэлькі калі — значыць, ад жонкі хаваў; старое непатрэбнае паліто — значыць, скнара, хаваў непатрэбную анучу, прытухлае мяса выкінута — значыць, гаспадыня размазня, і гэтак далей. Калі ж дзяўчына прыйдзе дадому досвіткам, то Цётцы гэта было — цераз верх радасці. Сабак і іх гаспадароў яна ненавідзела, таму назіранне за імі было адно з самых важных Цётчыных мерапрыемстваў, пры гэтым яна кідала ім услед непатрэбныя словы, запас якіх у яе быў бясконцы, а гэта гаварыла і пра вялікую памяць і эрудыцыю.

Усё гэта было істотна неабходнае для штодзённае інфармацыі, калі яна разам з некалькімі, таксама вольнымі жанчынамі, будзе доўга сядзець на клапатліва пафарбаваных лавачках і даносіць, хто ёсць хто; і тут ужо ніхто не будзе забыты і нішто не будзе забыта. Талент! Падобны недрукаваны бюлетэнь яна выпускала штодня рэгулярна. І гэта, яна лічыла, яе другі абавязак перад грамадствам. Такая дасведчанасць датычылася і міжнародных падзей (сама чула: вайна вось-вось, крупамі трэба запасціся, соллю); чутка ішла далей пры судзеянні суседзяў, падобных на яе, але ўжо са спасылкаю на «такога-то», а ён дацэнт і хлусіць не будзе, сам «слухаў».

Пры ўсім гэтым Цётка, як ужо вядома, называла сябе не інакш як «савецкая жанчына», ганарылася гэтым, цалкам перакананая, што гэта так, што яе цёмная сумленнасць не што іншае, а прыклад для пераймання. Каб было ў яе дзіця, які б выйшаў чалавечышча!

Але два дні ў тыдзень былі ў яе выхадныя: у нядзелю яна нешта купляла на базары ў калгаснікаў, а ў панядзелак прадавала тое ж самае. Таму, не маючы агарода, курэй, рыбалоўных сетак, яна прадавала яйкі, саміх курэй, памідоры, свежую рыбу і ўсё, што патрэбна чалавеку, каб жыць. Дзякуючы такому, трэцяму абавязку (у выхадныя дні!) Цётка мела ашчадную кніжку і жыла нябедна, таму ніколі і нідзе не працавала. Існавала ж яна ў кватэры з выгодамі, якія адпавядалі яе высокай культуры (дзве шафы на адзенне, тры люстры, карціна з базара «Дзяўчына і лебедзь», вялікі гліняны арол і кветкі з габлюжак, халадзільнік, тэлевізар). Усё ў яе было, што трэба, і нічога непатрэбнага…

Такім чынам, Цётка стаяла пасярод аркі, і абысці яе Бім не мог. Трэба было яму пайсці прэч, але ён не мог адысці ад роднага дома. Ён вырашыў чакаць з выскаленымі зуамі, чакаць, пакуль не пойдзе вораг, чакаць, колькі б на гэта ні трэба было часу. Хто — каго?

Але тут у шэраватай халоднай імгле паказаўся аўтафургон і неспадзявана спыніўся паміж Цёткаю і Бімам. Фургон быў цёмна-шэры, абабіты бляхаю, без вокан. З яго выйшлі двое і пакіраваліся да Цёткі. Бім уважліва назіраў за імі, не кранаючыся з месца.

— Чый сабака? — спытаўся вусаты, паказваючы на Біма.

— Мой, — надменна адказала Цётка, не задумваючыся.

— А чаго не забіраеш? — спытаўся другі, малады хлопец.

— Паспрабуй забяры. Бачыш, канец вяроўкі на шыі — перагрыз і кусае кожнага. Ускруціўся, сволач. Сапраўды ўскруціўся.

— Прывяжы, — сказаў вусаты, — а то ж забяром.

— Я сама пісала заяву. І хадзіла, і прасіла — забярыце. Дзе там! Бюракрат на бюракраце! — Яна ўжо закрычала: — Душу дасталі, бюракраты.

— Давай, — сказаў вусаты да бязвусага.

Той узяў з аўтамабіля малакаліберку, а вусаты дастаў замацаваную збоку на фургоне доўгую жэрдку з абручом на канцы і сеткаю, быццам сачок лавіць матылькоў, ростам з авечку. Першы падышоў той, з вінтоўкаю, за ім другі, падрыхтаваўшы сачок.

Бім убачыў стрэльбу, завіляў хвастом: «Стрэльба! Стрэльба! Ведаю стрэльбу!»

— Лашчыцца, — сказаў хлопец. — Ніякі ён не кручаны. Заходзь.

Вусаты выйшаў наперад. Бім пачуў, што ад яго пахне сабакамі.

«Ну, вядома ж, вы добрыя людзі!» — гаварыў ён усім выглядам.

Але тут раптам у фургоне праскуголіў сабака, безнадзейна, і горка. Бім усё зразумеў: падман! Нават стрэльба — падман. Усё — падман! Ён шарахнуўся было ўбок, але… позна: сачок накрыў яго. Бім скочыў угору і апынуўся ў сетцы, цяпер перкінутай ім самім цераз край абруча…

Бім грыз вяроўкі, скрыгатаў зубамі, неўтаймавана хрыпеў і кідаўся, кідаўся сутаргава, быццам прыпадачны. Ён скора патраціў на гэта апошнюю сілу і заціх. Сабакаловы ўсунулі сачок у дзверы аўтафургона і вытраслі Біма на падлогу.

Дзверы зачыніліся.

Вусаты сказаў нечакана павесялеўшай Цётцы:

— Чаго выскалілася? Не ўмееш сабаку трымаць, дык і не мучыла б. Сама нажрала жабіну пысу, а сабаку давяла, што жудасна глядзець: на сабаку не падобны. (Ён быў назіральны: апушчаныя куткі вялікіх губ, пляскаты нос і вылупленыя вочы Цёткі нагадвалі і сапраўды «жабіна рыла».)

— Мяне, савецкую жанчыну, ты, смярдзючы сабачнік, гад! — і пайшла, пайшла, не саромеючыся выбіраць, як і заўсёды. Словы, якія нельга пісаць на паперы, выскаквалі з яе лёгка і проста, неяк нават плаўна і вольна, бо яны, відаць, былі запраграміраваны: націснуў на кнопку, і вось яны, тут як тут.

— Ты не хулігань! — крыкнуў ёй хлопец. — А то накрыю падсакам і ў жалезную скрыню. Такіх, як ты, трэба было б хоць на тыдзень у год садзіць у такі вось фургон. — Ён і сапраўды схапіў жэрдку з абручом і ступіў да яе.

Цётка пабегла пісаць скаргу за тое, што зняважылі. І напісала яе да старшыні гарсавета, пры гэтым вінаваціла яго не меней, чым сабакаловаў. Яна ні за што не несла адказнасці, ні за што не адказвала перад грамадствам, але затое ад усіх патрабавала адказнасці. Апошняе таксама было часткаю яе абавязкаў, як і ў кожнага паразіта грамадства.

…Сонца ўзыходзіла тае раніцы вялікае і жоўтае, па-перадзімняму халоднае і невясёлае. Яно адмахнулася ад ранішняе смугі так нехаця і так вяла, што мясцінамі шызаваты туманок так і застаўся над горадам: на адной вуліцы светла, на другой — шэра і каламутна.

Цёмна-шэры, абабіты бляхаю аўтафургон выехаў за горад і закіраваў на двор адзінокага дома, абгароджанага высокім плотам. Над варотамі вісела шыльда: «Пабочным уваход забаронены — небяспечна здароўю». То быў каранцін, куды прывозілі шалёных сабак і спальвалі датла, сюды ж траплялі і злоўленыя бадзяжныя сабакі, як магчымыя разносчыкі эпідэміі, — такіх не спальвалі, а адпраўлялі навуцы або здзіралі шкуры, астатніх жывёлін тут жа лячылі, калі яны варты былі таго, коні, напрыклад; давалі лякарства, давалі да апошніх часін ягонага жыцця, а знішчалі толькі пры адной-адзінай умове — калі хварэў на сап. Вельмі рэдкая цяпер хвароба, таму што коней засталося мала і хварэць няма каму.

Тыя два чалавекі, што злавілі Біма, былі проста два рознарабочыя з гэтага двара. І зусім яны нядрэнныя людзі. Нават больш, яны заўсёды маглі быць укушаныя шалёным сабакам або захварэць цяжкаю хваробаю. Яны ж час ад часу ачышчалі горад ад бадзяжных сабак або забіралі іх па заяве гаспадара. Гэты свой абавязак быў ім непрыемны і цяжкі, хоць за кожнага злоўленага сабаку яны атрымоўвалі акрамя асноўнага заробку яшчэ дадатковую плату.

Бім не чуў, як прыехаў жалезны фургон на двор, як тыя ўдвух выйшлі з кабіны і кудысьці пайшлі: ён быў без памяці.

Ачнуўся Бім праз дзве-тры гадзіны. Каля яго сядзеў той самы даўно знаёмы Кудлатка, з якім ён спаткаўся на світанні ля памыйкі. Зараз ён лізаў Біму нос і вушы…

Дзіўная істота — сабака! Вось памірае ў маці адзін шчанюк, а яна ліжа яму носік, ліжа вушкі, ліжа, ліжа бясконца, — доўга масіруе жывоцік. Бывае, шчанюк вяртаецца да жыцця. А масаж і наогул у сабак лічыцца абавязковым пры доглядзе навароджанага. Незвычайна ўсё гэта і дзіўна.

Кудлатка аблізваў Біма таксама па невядомаму нам інстынкту ад прыроды. Відаць, ён меў вопыт за час свайго блукання, а магчыма, не першы раз трапляў і сюды. Невядома.

Тоненькі-тоненькі праменьчык прарваўся ў шчыліну ад дзвярэй і ўпаў на Біма. Ён прыўзняў галаву. У жалезнай турме іх было толькі двое: ён і Кудлатка. Перамагаючы боль у грудзях, Бім паспрабаваў лепш легчы, але з першага разу гэта не ўдалося. Аднак у другі раз ён падвярнуў пад сябе чатыры лапы, вызваліў бок ад халоднага жалеза, на якім ляжаў. Кудлатка, таксама акалелы, прыстроіўся ўшчыльную да яго і скруціўся абараначкам. Удвух стала чуць цяплей.

Два сабакі ляжалі ў жалезной турме, чакалі свайго канца.

Бім увесь час глядзеў і глядзеў на дзверы, на тоненькі праменьчыксонца, адзіны вястун светлага. Але вось недзе непадалёку пачуўся рэзкі стрэл. Бім устрапянуўся. О, як знаёмы яму гэты гук! Ён напомніў пра Івана Іванавіча, гэта паляванне, гэта лес, гэта воля, гэта заклік, калі сабака заблудзіўся ці залішне захапіўся слядамі птушкі або зайца. Адкуль узялася ў Біма сіла пасля стрэлу? Ён устаў, і, хістаючыся, падышоў да дзвярэй, і ўдыхнуў паветра з волі. Здавалася, ён уваскрэс. І пачаў паволі хадзіць, як маятнік, па фургоне з кутка ў куток. Потым спыніўся ля дзвярэй, зноў панюхаў праз шчылінку і нарэшце, па паху, вызначыў, што на дварэ нешта трывожнае. І зноў хадзіў, хадзіў, чыркаючы кіпцюрамі па блясе, саграваючыся і быццам рыхтуючыся да нечага, размінаючыся.

Колькі так прайшло часу, цяжка гаварыць. Але Бім… пачаў драпаць за дзверы.

Гэтыя дзверы зусім былі не падобныя на іншыя, тыя, якія ведаў Бім: абабітыя бляхаю з вострымі рванымі петнякамі. Але гэта былі дзверы, цяпер адзіныя дзверы, праз якія можна было прасіць дапамогі і спачування.

Прыйшла ноч, Халодная, марозная.

Кудлатка завыў.

А Бім драпаўся. Ён грыз зубамі кавалкі бляхі і зноў драпаўся, ужо лежачы. Зваў. Прасіў.

Пад раніцу ў фургоне стала ціха: Кудлатка не выў, Бім таксама прыціх, хіба толькі зрэдку скрабяне лапаю па жалезе. Знямогся ён да поўнага бяссілля ці змірыўся, страціў надзею і чакаў свайго лёсу пакорліва, мы не ведаем. Пакуль што гэта была таямніца жалезнага фургона.


Раздзел 16. Сустрэча ў пошуках. Сляды Біма на зямлі. Чатыры стрэлы


Нядзельным днём у горадзе, аказваецца, больш людзей, чым у звычайныя дні: ідуць, едуць, бягуць, купляюць, прадаюць, лезуць у цягнікі, аўтобусы, тралейбусы, трамваі, быццам селядцы ў бочку, спяшаюць з горада, як учадзеўшы. Апоўдні таўкатня пакрысе аціхае, а вечарам зноў: адны вяртаюцца з вёсак і лясоў у горад дадому, другія едуць з горада да сябе, у вёскі і лясы.

Таму не дзіўна, што аднаго нядзельнага дня і Хрысан Андрэевіч прыехаў у горад разам з Алёшам. Абодва дамовіліся, што Алёша паспрабуе знайсці Чарнавуха, пакуль бацька будзе на базары прадаваць прадукты. Хрысан Андрэевіч і раней браў з сабою сына і пускаў пагуляць па горадзе без усякага апасення (нумар трамвая ведае, «свой» аўтобусны прыпынак ведае, а каб натварыць чаго — ніколі ў жыцці). У такіх выпадках атрымоўваў Алёша на рукі тры рублі і мог купіць сабе што толькі захочацца, і паехаць куды хоча ў горадзе — хоць у кіно, хоць у цырк. На гэты раз Хрысан Андрэевіч увапхнуў сам у патайную кішэню Алёшу пятнаццаць рублёў і сказаў:

— Калі выпадкова трапіцца Чарнавух, а аддаваць не будуць, давай чырвонец. Не дадуць — давай дванаццаць. Не аддадуць — кладзі ўсе пятнаццаць. А калі і тады не захочуць, пішы адрас — і да мяне: сам паеду. Доўга не хадзі, к чатыром гадзінам да аўтобуса, дзень стаў кароткі, зацемна паедзем. Ды пытайся пра Чарнавуха культурна: «Папытацца можна, таварыш?» А потым і дакладвай, так маўляў і так — з вёскі мы, пастухі, і без сабакі нам нельга, а прапаў. Уцёк, маўляў, у горад. Добрых людзей многа: ты толькі пытайся.

…Па горадзе спаважна ішоў хлопчык-мацак і зрэдку пытаўся ў сустрэчных, у тых, хто, на яго думку, заслугоўваў давер:

Папытацца можна, таварыш? Мы, выходзіць, пастухі…

Тлустых сустракаў чортведама як многа, асабліва жанчын, але такіх прапускаў (мабыць, не працуюць, таму і тоўстыя не ў меру). Але менавіта тлусты таварыш, пачуўшы, пра што пытаецца хлопчык — не ў яго, у другога, — спыніўся і параіў пайсці на вакзал (там, маўляў, за дзень уся моладзь пройдзе праз вароты — хто ж небудзь ды ведае). Хлапчукоў жа Алёшка не абмінаў ніводнага.

У той жа самы час і Толік выйшаў шукаць Біма. Ён настойліва шукаў ужо тры дні, але пасля ўрокаў, а сёння вырашыў пачаць зранку: нядзеля, не трэба ў школу.

Ішоў па горадзе чысценькі хлопчык з культурнае сям'і, ішоў, прыглядаўся да прахожых і спытаў, выбраўшы:

— Дзядзечка, скажыце, калі ласка, ці не бачылі вы сабаку з чорным вухам?.. Белы, з жоўтымі крапінкамі?.. Не, не бачылі, шкада. Прабачце.

Толік ужо двойчы быў у Сцяпанаўны, нягледзячы на забарону бацькоў, ужо аддаў Люсі чэшскія алоўкі, якіх не бывае ні ў адным магазіне, і альбом для малявання, ужо расказаў, што Бім быў у яго, начаваў, а потым прапаў; даведаўся ён у Сцяпанаўны, што Іван Іванавіч, якога ён ніколі не бачыў у жыцці, даслаў ліст — скора прыедзе. Сёння Толік адвячоркам збіраўся да Сцяпанаўны, абавязкова зойдзе яшчэ раз — ці няма чаго новага пра Біма, ды і Люся абяцала падарыць сваю карціну «Наш Бім».

На адной з вуліц, непадалёку ад вакзала, да Толіка падышоў хлопчык гадоў трынаццаці, загарэлы, моцны, у новым касцюмчыку, пашытым як даросламу, і спытаўся:

— Папытацца можна, таварыш?

Такое запытанне, як у вялікага, Толіку спадабалася, і ён ахвотна адказаў:

— Можна. — У сваю чаргу, спытаў: — А што ты хацеў?

— Пастухі мы. А сабака прапаў — у горад пайшоў. Выпадкам не бачыў? Белы, з жоўтымі крапінкамі, а вуха чорнае-чорнае. І нага…

— Як клічуць сабаку? — ускрыкнуў Толік.

— Чарнавух, — адказаў Алёша.

— Бім! — сказаў Толік. — Ён.

Няцяжка зразумець, што хлопчыкі дамовіліся адзін з адным: Толік даведаўся, калі і дзе куплены Бім, калі ён пайшоў з вёскі; Алёша зразумеў, што прыходзіў да Толіка менавіта Чарнавух, а не хто іншы. Усё супадала: Бім быў недзе ў горадзе. Абодва яны нават і не падумалі, каму з іх будзе Бім, калі знойдуць. Галоўнае — шукаць, скарэй шукаць.

— Спярша станем ля вакзала, — прапанаваў Алёша. — Чалавек адзін мне параіў.

— Народу тут цьма, абавязкова нехта бачыў Біма, — згадзіўся Толік.

Наіўнасць такіх пошукаў была бачна, але не Алёшу і Толіку. Яны проста адчулі дух таварыскасці, з'ядналіся адным жаданнем, адною любоўю да Біма, яны верылі — вось у чым сутнасць іх паводзін. А ўяўленне малявала, што Бім і сам можа трапіцца на вочы.

— А потым зойдзем да тваёй Сцяпанаўны, — ужо на хаду вырашыў Алёша. — Яе не абміне. Фактычна, ён туды і ідзе, абавязкова туды. Выходзіць, нельга яму інакш: дом.

— Зойдзем, — згадзіўся Толік.

Яму сапраўды падабаўся Алёша са сваёю спаважнаю гаворкаю і ў той жа час наіўнасцю і прастатою. Такія знаёмствы застаюцца на ўсё жыццё. І добра таму хлопчыку, якому вуліца падорыць сапраўднага таварыша, а не жуліка.

Хлопчыкі ўжо распыталіся не меней, чым у сотні чалавек, і ўсё працягвалі выбіраць тых, у каго можна папытацца.

Тае самае раніцы ў агульную вакзальную таўхатню, абапіраючыся на кіёк, выйшаў з вагона скорага цягніка сівы чалавек у карычневым паліто. Мінуўшы вакзал, ён прыпыніўся і агледзеўся навокал. Так чалавек, які быў разлучаны з роднымі мясцінамі і які вярнуўся назад, глядзіць, ці ўсё на месцы, ці не перамянілася што. У гэты момант да яго і падышлі два незнаёмыя хлопчыкі. Адзін з іх, відаць адразу, вясковы, сказаў:

— Папытацца можна, таварыш?

Сівы, чуць нахіліўшы галаву набок і хаваючы ўсмешку, адказаў:

— Вядома, можна, таварыш.

Другі, адразу відаць, гарадскі, пытаўся далей:

— Скажыце, калі ласка, вы не бачылі сабаку з чорным вухам, белы, у кра…

Сівы сціснуў хлопчыка за плячо і, хвалюючыся, усклікнуў:

— Бім?!

— Ага, Бім. Бачылі? Дзе?

Усе ўтрох селі на лавачку ў прывакзальным скверыку. І ўсе ўтрох давяралі адзін аднаму без усякіх сумненняў, хоць хлопчыкі зусім не ведалі гэтага старога чалавека, не ведалі, што гэта быў Іван Іванавіч, гаспадар Біма, нават не адразу б і здагадаліся, каб ён сам не сказаў пра сябе.

Мабыць, і знаёмыя не адразу б пазналі яго. Ён стаў яшчэ больш сутулы, твар худы, маршчын стала больш (аперацыя ля сэрца — не курорт), але вочы засталіся такія ж — уважлівыя, засяроджаныя, якія глядзяць быццам усярэдзіну чалавеку. Толькі па гэтых вачах і можна было вызначыць, што калісьці іх гаспадар быў брунет. Цяпер ён стаў зусім белы, як снег.

Толік расказаў усё, што ведаў пра Біма, нават і тое, што ён кульгавы і хворы. Алёша коратка і талкова расказаў пра жыццё Чарнавуха на вёсцы. Хлопцам усё спадабалася ў Іване Іванавічы: размаўляе ён з імі, як з дарослымі, часам паклаўшы далонь на плячо субяседніку, спадабалася і тое, як ён слухае, не перабівае, і тое, што ён белы-белы, і імя і імя па бацьку ў яго добрае, а галоўнае, ён любіць іх, незнаёмых хлопчыкаў, — гэта ўжо ясна як божы дзень. Інакш нашто б яму было гаварыць пад канец:

— Добрыя вы хлопцы. Будзем сябраваць па-сапраўднаму… А цяпер да мяне. Мяркуючы па ўсім, Бім ужо дома.

Па дарозе ён асцярожна распытваўся ў хлопчыкаў і лёгка даведаўся, хто яны, адкуль, з якіх сем'яў, хто што робіць і што каму падабаецца.

— Авечак пасеш — гэта добра, Алёша. І вучышся ў школе? Цяжка, мабыць?

— Авечку, яе накарміць трэба ўмець, — адказаў, як і бацька, Алёша. — Работа цяжкая. Распусціш чараду па фронце, не таптаць харч нагамі — гэта не раз плюнуць, набегаешся так, што ногі гудуць. І зноў жа падымайся ні свет ні зара. Клопатна. З сабакам добра — памагае лепей за чалавека, які ні чорта не разбіраецца. А без сабакі нам ніяк нельга. Пастухі мы. Дзе ж дзецца?

— А ты, Толік, што робіш? — спытаўся Іван Іванавіч.

— Я? — здзівіўся Толік. — Я вучуся ў школе.

— Жывёла ў вас ёсць якая-небудзь дома хоць? — спытаўся Алёша ў Толіка.

— Жывёлы ніякае няма, — адказаў той. — Марскія свінкі былі — мама забараніла… Смярдзяць.

— Ты прыязджай да мяне, пакажу: Мілка ў нас — залатая карова, пад пуза лезь — і нагою не варухне. Шапку ліжа таксама і далоні. Певень у нас — над усімі пеўнямі певень, завадзілам завуць, першы крычыць раніцаю, а астатнія ўжо за ім. Такі певень — рэдкасць… А вось сабакі няма. Быў — памёр. Чарнавух быў — уцёк. — Алёша ўздыхнуў. — Шкада, такі ласкавы…

Іван Іванавіч пазваніў да Сцяпанаўны. Яна выйшла разам з Люсяю і запрыказвала:

— Ой, Іван Іванавіч! Што ж я цяпер казаць буду? Няма Біма. Вось быў у Толіка тры дні таму, а дадому не прыйшоў.

— Не прыйшоў, — задумёна паўтарыў Іван Іванавіч, але падбадзёрыў хлопчыкаў, дадаў: — Знойдзем, абавязкова знойдзем.

Сцяпанаўна аддала ключы гаспадару і ўсе ўпяцёх зайшлі да яго. У пакоі было ўсё так, як і пакінуў Іван Іванавіч: тая ж сценка з кнігамі, якая здзівіла цяпер Алёшу, той жа пісьмовы стол, нават стала чысцей (Сцяпанаўны работа), але пуста-пуста — неставала Біма. На яго лежаку — чысты аркуш паперы, ліст ад Івана Іванавіча; Сцяпанаўна захавала нават гэта. Іван Іванавіч стаў плячыма да гасцей і панурыўшыся глядзеў у акно. Сцяпанаўне здалося, што ён ціхенька застагнаў:

— Прылёг бы, Іван Іванавіч, пасля дарогі, — параіла яна.

Той прылёг на ложак, паляжаў пры агульным маўчанні, гледзячы ў столь, а Сцяпанаўна спрабавала загаварыць яму боль:

— Выходзіць, добра аперацыя прайшла? Калі ўжо самі прыехалі, то ўсё павінна быць добра.

— Усё добра, усё добра, Сцяпанаўна. Дзякуй вам, мілая, за ўсё. Дай бог, каб родныя так адносіліся да сваіх, як вы да чужых.

— Унё! Пра што пачаў! Глупства адно гаварыш. Ці ж цяжка дапамагчы суседу. Каб толькі ўсё было па-добраму. (Сцяпанаўна неяк саромелася крыху, калі яе хвалілі.)

Праз тры хвіліны Іван Іванавіч устаў, паглядзеў на хлопчыкаў і сказаў:

— Такі план, хлопчыкі: вы шукайце тут, у нашым раёне, смялей пытайцеся: Бім павінен быць недзе непадалёку. А я… — Ён крышку падумаў. — Я паеду ў адно месца… ці не прыбіўся ён да вартаўнічых сабак дзе-небудзь.

На выхадзе Люся перадала Толіку карціну «Наш Бім».

Толік паказаў яе Алёшу, а той здзівіўся:

— Сама?

— Сама, — адказала Люся.

— Ты мастачка?

— Не, — засмяялася Люся. — Я ў пяты перайшла.

На карціне быў Бім вельмі падобны: чорнае вуха, чорная нага, жаўтаватыя крапінкі на белым і вялікія вочы; толькі адно вуха, мабыць, даўжэйшае за другое, але гэта не так важна.

Такім чынам, Алёша і Толік адправіліся зноў на пошукі. Яны гэтаксама выбіралі прахожага, гледзячы ў твар (цяпер ужо раіліся грунтоўна), гэтаксама пыталіся толькі пра адно і расказвалі Бімавы прыкметы.

А Іван Іванавіч яшчэ на ложку вырашыў: скарэй у каранцінны ўчастак! Папярэдзіць сабакаловаў, расказаць прыкметы, даць грошай, каб паведамілі яму, калі ўбачаць. А магчыма, Бім ужо там. Пайшоў ён ад Толіка ў ноч на чацвер… тры дні. Хутчэй, хутчэй!

Ён узяў таксі і скора быў ля варот каранціннага ўчастка. Акрамя вартаўніка, нікога не аказалася (выхадны). Але ён на пытанні Івана Іванавіча ахвотна і мнагаслоўна адказваў:

— У чацвер і ў пятніцу сабак не лавілі, а ўчарашнія ёсць, сядзяць у фургоне. Сколькі іх, нячысцік іх ведае, але ведаю, што ёсць. Заўтра прыйдзе доктар і скажа: якога — у навуку, якому — укол мярцвяцкі і на шкуру, а бывае, закопваюць і са шкураю. На тое і дактары. А як жа! Бывае і паляць падчыстую.

— А паляўнічыя трапляюцца? — спытаў Іван Іванавіч.

— Рэдка. Такіх не расходуюць і ў навуку не аддаюць на расцярзанне, а спачатку пачакаюць гаспадара ці звоняць у Таварыства паляўнічых — так і так, маўляў, разбярыцеся. А як жа! На тое і дактары. Адзін ёсць там такі паляўнічы, Іван гаварыў, белы, паршывы, безгаспадарны, гаворыць, сама гаспадыня аддала. А як жа! Можа, у яе мужык памёр.

«Ён ці не ён?» — думаў Іван Іванавіч.

— Пусціце да фургона, калі ласка. Шукаю свайго сабаку, выдатнага. Магчыма, ён сядзіць там. Прапусціце.

Вартаўнік быў няўмольны:

— Выдатных не саджаюць. Садзяць шкодных, каб не заражалі, — безапеляцыйна сцвярджаў ён пераконана. І тут жа твар яго перамяніўся: ён падняў падбародак і адмахнуўся рукою, як бы адхіліў таго, хто прасіў, ад варот, з другога боку якіх той стаяў, засмучаны і бяссільны што-небудзь зрабіць. Нават вартаўнік не мог не ўтрымацца, каб не спакусіцца і не пацешыцца сваёю ўладаю, таму ён і сказаў строга: — Бачыш? «Уваход забаронены». Чытай і разумей, — паказаў ён на рамку пад шклом, дзе залатымі літарамі было напісана: «Уваход забаронены — небяспечна здароўю».

Іван Іванавіч ужо страціў надзею трапіць на двор, але ўсё ж сказаў:

— Эх ты! Чалавек, чалавек!.. Аперацыя была. Ад вайны асколак насіў вось тут. Прыехаў, а Бім прапаў.

— Як гэта? Больш за дваццаць год насіў асколак? — Вартаўнік нечакана стаў сам сабою, такім як быў у пачатку сустрэчы. — Ты глядзі! Раскажы каму — не паверыць. То-та ты… — Ён не дагаварыў да канца і мірна запрасіў, адкідваючы завалу: — Заходзь. Ды толькі нікому не кажы.

Іван Іванавіч адпусціў таксі, спадзеючыся, што павядзе Біма на павадку, і пайшоў да фургона. Ішоў ён сапраўды з вялікім спадзяваннем: калі Бім тут, то ён зараз яго ўгледзіць, прылашчыць, калі ж Біма няма, то, значыць, ён жывы, знойдзецца.

— Бім, мой мілы Бімка… Хлопчык… Дурненькі мой Бімка, — шаптаў ён, ідучы па двары.

І вось вартаўнік расчыніў дзверы фургона.

Іван Іванавіч адхіснуўся і акамянеў…

Бім ляжаў носам да дзвярэй. Губы і дзясны параздзіраны аб вострыя бляшаныя краі. Пярэднія лапы ў крыві.

Ён драпаўся ў апошнія свае дзверы доўга. Драпаўся, пакуль мог дыхаць. І так мала ён прасіў! Волі і даверу — больш нічога.

Кудлатка, прытуліўшыся ў кутку, заскуголіў.

Іван Іванавіч паклаў руку на галаву Біма — адданага, вернага сябра, які любіў.

Закружыліся рэдкія сняжынкі. Дзве ўпалі на нос Біму і… не расталі.

…А тым часам Алёша і Толік, яшчэ мацней пасябраваўшы, ішлі па горадзе. Пыталіся яны, пыталіся ды і трапілі на той ветэрынарны ўчастак, куды Толік калісьці вадзіў Біма. Там яны даведаліся ў дзяжурнага, што ніякіх сабак тут няма і што калі сабака прапаў, то яго перш за ўсё трэба шукаць на каранцінным участку, таму што там сабакаловы.

Нашы два хлопчыкі былі зусім не тыя, што могуць напісаць адрас «дзядулю ў вёску». Таму праз гадзіну, не болей, спяшаліся ад аўтобуснага прыпынку па пустцы на каранцінны двор.

Насустрач ім выйшаў з варот Іван Іванавіч. Убачыўшы хлопчыкаў, ён заспяшаўся, а калі падышоў, сказаў:

— І вы сюды?

— Накіравалі нас, — сказаў Алёша.

— Няма тут Біма? — спытаўся Алёша.

— Не было яго тут? — перапытаў Алёша.

— Не, хлопчыкі… Біма тут няма… і не было. — Іван Іванавіч стараўся схаваць цяжар на душы і боль у сэрцы; яму гэта было вельмі цяжка.

І тады Толік, прыпадняўшы густыя чорныя бровы і сабраўшы на лбе маршчынкі, сказаў:

— Іван Іванавіч… не абманвайце нас… калі ласка.

— Біма няма тут, хлопчыкі, — паўтарыў Іван Іванавіч цвярдзей і ўпэўнена. — Шукаць яго трэба. Шукаць.

Снег церусіўся.

Ціхі снег.

Белы снег.

Халодны снег, які штогод прыкрывае зямлю да наступнага, штогодна паўтараючагася пачатку жыцця, да вясны.

Сівы, як снег, чалавек ішоў па белай пустцы. Побач з ім, узяўшыся за рукі, два хлопчыкі ішлі шукаць свайго агульнага сябра. І ў іх было спадзяванне.

І абман бывае святы, як і праўда. Так чалавек, які памірае, гаворыць любімым: «Мне стала зусім добра». Так маці спявае безнадзейна хвораму дзіцяці вясёлую песеньку і ўсміхаецца.

А жыццё працягваецца.

Працягваецца таму, што ёсць надзея, без якое адчай знішчыў бы жыццё.

Увесь дзень хлопчыкі працягвалі шукаць Біма. А вечарам, ужо прыцемкамі, Толік правёў Алёшу да трамвая і да «нашага» аўтобуснага прыпынку.

— А гэта — мой тата, — пазнаёміў Толіка Алёша.

Хрысан Андрэевіч падаў Толіку руку:

— Зразумела: сябра, значыцца, знайшоў. Ты што ж, да Алёшы ў госці? Калі ласка!

За Толіка адказаў Алёша:

— Ён пасля прыедзе. І я прыеду да Івана Іванавіча. Мы яшчэ будзем шукаць.

— Ну, ладна. Добра. Дома раскажаш усё чын-чынам, а зараз — вунь ён! — ідзе наш аўтобус.

Перад пасадкаю Алёша аддаў тату пятнаццаць рублёў.

— Усе цэлыя. Не спатрэбіліся.

— Таксама зразумела, — сумнавата сказаў бацька.

Толік памахаў услед аўтобусу. Было і сумна развітвацца з новым сябрам і радасна таму, што ён ёсць. Цяпер Толік будзе яшчэ жыць і ў чаканні сустрэчы з Алёшам. А гэта ж Бім пакінуў такі выразны след на зямлі.

Дома Толік сказаў упэўнена:

— Бім жа недзе ў горадзе. Абавязкова знойдзем. Мы знойдзем.

— Хто гэта «мы»?

— Алёша, Іван Іванавіч і я… Знойдзем, вось паглядзіш.

— Хто Алёша, хто Іван Іванавіч? — спыталася мама.

— Алёша — хлопчык з вёскі, бацька яго — дзядзька Хрысан, а Іван Іванавіч не знаю хто… добры ён… гаспадар Біма.

— А нашто ж табе Бім, калі знайшоўся гаспадар? — спытаўся тата.

Толік не мог адказаць, ён не разумеў пытання з-за таго, што яно было зусім незвычайнае, катэгарычнае і складанае.

— Не ведаю, — ціха адказаў ён.

А позна вечарам, калі Толік спаў і сніў, як Алёшава карова лізала яго шапку, тата і мама спрачаліся ў дальнім пакоі.

— Безнадзорны расце ў цябе сын, — строга гаварыў тата.

— А ты дзе? — адбілася мама.

— Я на службе.

— А я горш, чым на службе. Ты пайшоў з дому, і ўсё… А мне… мне адна чысціня ўсю душу з'ела.

— Хто б дзе ні служыў, ён мае абавязкі, якія павінен выконваць чэсна. Я гавару пра другое: хто ж будзе выхоўваць Толіка? Ты ці я? Ці абое? Тады нам трэба прыйсці да аднаго.

— Мабыць, не ты і не я.

— Хто ж? — націскаў тата.

— Усе спадзяванні на школу, — адказала мама ўжо больш мірна.

— А вуліца? — не адступаўся тата.

— Хоць бы і вуліца. Што там? Усе дзеці на вуліцы.

— А чэснасць, я пытаюся, чэснасць хто будзе выхоўваць? — павысіў цяпер голас тата.

— На вось, чытай. Дарэчы, я сама. Слухай. — Мама чытала, выхопліваючы асобныя сказы з газеты: — «Арганізаванасць, пільны нагляд, строгі ўлік, патрабавальнасць — вось чым выхоўваецца ў людзях чэснасць…» «Чэснага чалавека трэба падымаць на шчыт…» Чуеш, на шчыт! Ды ну вас к чорту! — Мама ўпала на кушэтку тварам уніз.

Тата зусім не хацеў паглыбляць спрэчку, ён любіў маму, а яна любіла яго, і мірыўся ён заўсёды першы. Ды і доўгага гневу ў іх не здаралася. І гэты раз ён памяркоўна і мірна сказаў:

— Што ж, трэба будзе разабрацца. Паспрабую я знайсці Біма. Паспрабую. Гаспадар знайшоўся, сюды Толік ужо не прывалачэ сабаку, а калі мы з табою знойдзем яго, то наш аўтарытэт у вачах Толіка стане большы.

Не, не тыя словы сказаў ён, што прыкіпелі на языку, не тыя. У той вечар Сямён Пятровіч ужо не быў спакойны і ўпэўнены: сын падрастаў і абмінаў бацьку, а ён, родны бацька, не заўважаў гэтага з-за цякучкі. Сямён Пятровіч думаў. Сямён Пятровіч успамінаў, як ён аднойчы бачыў у піўной на беразе рэчкі юнака, яшчэ бязвусага: той стаяў ля сцяны, хістаючыся і заплятаючыся нагамі, і крычаў, і плакаў з надрывам… Жудасна стала ад такога ўспаміну. Сямён Пятровіч з жахам уявіў ля піўное свайго Толіка гадоў праз пяць, і ад гэтага схлупіла ў грудзях. Ён падышоў да жонкі, сеў каля яе і спытаўся ціха, мірна і нечакана:

— А можа, купім мы Толіку харошага сабаку?.. Ці выпрасім Біма ў гаспадара, га? Добра заплоцім. Як ты думаеш?

— Ох, не ведаю, Сямён, не ведаю. Давай купім, ці што?

Вядома, Сямён Пятровіч не ўлічыў аднае драбніцы, што сяброўства і давер не купляюцца і не прадаюцца. Не ведаў ён і таго, што Біма ўжо не знайсці, каб ён і захацеў. Але Бім, наш добры Бім пакінуў след і ў душы Толікавага таты. Магчыма, гэта дакор сумлення. Ад яго ніколі і нікому не схавацца, калі яно не падобна на ідэальна просты дубец: такое можна сагнуць дугою і, адпусціўшы, калі зажадаецца, выпрастаць — як сабе хочаце. Але Бім трывожыў Сямёна Пятровіча і ноччу.

А тае ночы Бім усё яшчэ ляжаў там, у фургоне, абабітым бляхаю. Заўтра ж Толікаў тата арганізуе пошукі Біма. Ці знойдзе ён, ці спасцігне таямніцу жалезнага фургона, зразумее ці не ўсю сілу і непераможнасць Бімавага імкнення да святла, волі, сяброўства і даверу?

Не, гэтага не здарылася з-за самае простае прычыны. Раніцаю наступнага дня, у панядзелак, Іван Іванавіч узяў стрэльбу ў чахле і паехаў на каранцінны ўчастак. Там сустрэўся з тымі двума сабакаловамі, з горыччу і болем даведаўся, што злавілі яны Біма каля дома. Абодва яны абураліся на тую Цётку і лаяліся на яе няшчадна, абзывалі ўсякімі словамі. Цяжка было Івану Іванавічу таму, што Бім загінуў як ахвяра здрады і нагавораў. І ён не вінаваціў гэтых двух работнікаў, якія выконвалі свае абавязкі, хоць малады хлопец, відаць, адчуваў сябе віноўнікам нават ужо таму, што паверыў Цётцы.

— Ды каб я ведаў… — Ён не дагаварыў і стукнуў кулаком па капоце аўтафургона. — Вось і павер такой гадзіне.

Іван Іванавіч папрасіў іх завезці Біма ў лес і прапанаваў за гэта пяць рублёў. Абодва ахвотна згадзіліся. Паехалі ўтрох у кабіне таго ж фургона.

На палянцы, дзе перад кожным паляваннем сядзеў Іван Іванавіч на пянёчку і слухаў лес, на палянцы, дзе ў сумным чаканні Бім цёрся пысаю аб апалае лісце, у некалькі метрах ад пянька, закапалі Біма. А зверху пасыпалі чуць, тоненька, жоўценькага лісця, перамешанага са сняжком.

Лес шумеў роўна і нямоцна. Іван Іванавіч расчахліў стрэльбу, уклаў патроны і, быццам задумаўшыся крышку, выстраліў угору.

Лес з-за шуму глуха, пакорліва, па-восеньску адазваўся журботным рэхам. Удалечыні яно заціхла кароткім, абарваўшымся стогнам.

І яшчэ раз выстраліў гаспадар, і чакаў, калі прастогне лес.

Абодва яго спадарожнікі недаўменна глядзелі на Івана Іванавіча. Але ён, не сыходзячы з месца, уклаў яшчэ два набоі і гэтак жа размерана, з зусім роўнымі прамежкамі, якія вызначаў па тым, як заціхае ўдалечыні гук, выстраліў яшчэ два разы. Потым зачахліў стрэльбу і пайшоў да пянька.

Старэйшы спытаў:

— Гэта ж навошта, чатыры разы?

— Так трэба, — адказаў Іван Іванавіч. — Колькі год было сабаку, столькі разоў і страляць. Біму было… чатыры гады. Кожны паляўнічы ў такую хвіліну здыме шапку і пастаіць моўчкі.

— Ты глядзі! — ціха здзівіўся малады. — Як пры напасці… як у бядзе… — Ён падышоў да фургона, сеў у кабіну і зачыніў за сабою дзверцы.

Лес шумеў, шуме-еў, шуме-еў аднатонна, амаль па-зімоваму, шумеў холадна, гола і няўтульна. Снегу было толькі крышку. Даўно пара б быць яму, а спазніўся намнога. Можа, таму і шум стаў цяпер нудна-незадаволены, санлівы, здавалася, такі безнадзейны, што быццам бы і зімы не будзе, і вясны не будзе.

Але раптам Іван Іванавіч адчуў у сабе, у душэўнай той пустэчы, што засталася пасля апошняга сябра, цеплыню. Ён не адразу здагадаўся, што гэта такое. А гэта былі два хлопчыкі, іх прывёў да яго, сам таго не ведаючы, Бім. І яны зноў прыйдуць, прыйдуць яшчэ не раз.

Дзіваком, вялікім дзіваком здаўся Іван Іванавіч двум прасцецкім сабакаловам, калі, сядаючы ў кабіну, ён сказаў, быццам бы да самога сябе:

— Няпраўда. І снег будзе. І вясна абавязкова будзе. І будуць падснежнікі… У Расеі бываюць зімы і вёсны. Вось якая яна, наша Расея, — і зімы і вёсны абавязкова.

Па дарозе назад малады хлопец нечакана спыніў машыну насупраць невялікае вёскі, непадалёку ад шашы, адчыніў дзверы фургона і выпусціў Кудлатку.

— Не жадаю! Не хачу — усклікнуў ён. — Бяжы, сабака, у вёску, ратуйся — там будзеш цэлы.

— Што ты? Што ты? Ведаюць жа, было два сабакі! — крыкнуў з кабіны старэйшы.

— Адзін сам сябе кончыў, другі ўцёк — і ўся гаворка. Не хачу. Нічога не хачу. Не жадаю! І ўся гаворка!

Кудлатка адбег ад шашы, сеў і здзіўлена праводзіў позіркам фургон, потым агледзеўся і пабег сам па сабе, пабег у вёску, да людзей. Здагадлівы сабака.

Яшчэ ў лесе Іван Іванавіч даведаўся, што маладога хлопца зваць Іван, а старэйшага — таксама Іван. Усе ўтрох Іваны, рэдкае супадзенне. Гэта зблізіла іх яшчэ больш, і развітваліся яны як добрыя знаёмыя. А ўсяго і было між імі адно: утрох закапалі сабаку, які не вытрываў у сабачай турме. Бывае, людзі падружацца на вялікай справе і разыходзяцца, а бывае, пасябруюць з-за малое справы, і назаўсёды, на ўсё жыццё.

Калі Іван Іванавіч выйшаў з кабіны і падаў пяць рублёў, якія абяцаў маладому Івану, той адхіліў руку і сказаў тыя самыя словы:

— Не жадаю! Не хачу. І ўся гаворка!

Стала зусім ясна, што ён лічыць сябе віноўнікам гібелі Біма; відаць, ён адчуў дакор мёртвага. Што ж, дакор мёртвых — самы страшны дакор, таму што ад іх не дачакацца ні даравання, ні спачування, ні спагады да таго, хто зрабіў зло. Але малады Іван блізка да сэрца прыняў сваю маленькую памылку. І гэта робіць яму гонар. Вось і яшчэ адзін след на зямлі добрага, адданага і вернага сабакі. Дарэчы, старэйшы Іван не адчуваў такое ўжо душэўнае няёмкасці — ён узяў пяцёрку з рук у Івана Іванавіча і паклаў у бакавую кішэню з удзячнасцю. Вінаваціць яго зусім няма за што: ён атрымаў абзадачаную плату за работу, а ловячы Біма, толькі ўсяго выконваў свой абавязак.

…Таго ж дня Сямён Пятровіч арганізаваў пошукі. Па-першае, у газеце з'явілася аб'ява: «Прапаў сабака — сетэр, белы з чорным вухам, клічка Бім, выдатнага розуму, вучаны сабака. Дзе знаходзіцца, просім паведаміць за добрую ўзнагароду на адрас…»

Вялікі горад загаварыў пра Біма. Трашчалі тэлефонныя званкі, ішлі спачувальныя лісты ад чытачоў, снавалі ў пошуку ганцы.

Так Бім праславіўся двойчы: адзін раз, калі быў жывы, — як шалёны; другі раз пасля смерці — як «выдатнага розуму сабака». У апошняй славе Біма заслуга Сямёна Пятровіча несумненная.

Але слядоў Біма ўсё ж не знайшлі ні ў тую зіму, ні пасля. Ды і хто мог ведаць? Малады Іван кінуў работу на каранцінным двары, і зразумела чаму маўчаў; Івана-старэйшага папярэдзіў Іван Іванавіч — каб ні гугу! А больш ніводзін чалавек не бачыў, не ведаў, што Бім ляжыць у лесе, у свежай прамёрзлай зямлі, зацярушаны снегам, і што яго ўжо ніхто ніколі не ўбачыць.

Зіма таго года была суровая, з двума чорнымі буранамі. Пасля іх белы снег у палях стаў чорны-чорны. Але на той, знаёмай нам палянцы ў лесе ён заставаўся чысты і белы. Яе засланіў лес.


Раздзел 17. Лес уздыхнуў (замест пасляслоўя)


І зноў прыйшла вясна. Сонца выпіхала зіму вон. Яна ўцякала на амаль растаўшых немагушчых нагах, а следам за ёю, памаленьку, але не адстаючы прыбывалі цёплыя дні, падпальвалі старую плямамі, ірвалі на гразна-белыя кавалкі. Вясна заўсёды бязлітасная да паміраючае зімы.

І вось ручаі ўжо супакоіліся, не спяшаюцца, робяцца ўсё меншыя і меншыя, усё танчэйшыя і танчэйшыя, а ноччу амаль зусім заміраюць. Вясна прыйшла позняя, роўная.

— Такая вясна — на ўраджай, — сказаў Хрысан Андрэевіч на днях, калі начаваў з Алёшам у Івана Іванавіча.

Скора яны выганяць авечак на пашу, але Алёша цяпер да самых вакацый будзе толькі «выправаджваць» з бацькам чараду раніцаю і «сустракаць» за вёскаю вечарам.

Алёша і адзін прыязджаў некалькі разоў. У такія дні яны з Толікам не разлучаліся і пачыналі зноў шукаць Біма, мілыя хлапчукі. Але аднойчы, калі ўсе разам пілі гарбату ў Івана Іванавіча, Хрысан Андрэевіч памеркаваў так:

— Калі ўжо ў газетах надрукавалі ды не аб'явіўся, то, выходзіць, яго нехта звёз далёка. Расея вялікая, матухна, паспрабуй знайдзі. Калі б ён загінуў, то абавязкова нехта б заявіў па аб'яве: так, маўляў, і так — памёр ваш сабачка, бачыў яго там-та. Галоўнае тут — жывы, вось што. Не кожны знаходзіць свайго сабаку. І тут фактычна нічога не зробіш.

З таго дня пошук спыніўся. Засталася толькі памяць, і засталася яна хлопчыкам на ўсё жыццё, да сканчэння дзён. Магчыма, праз многа год, яны, нашы хлопчыкі, раскажуць сваім дзецям пра Біма. Таму што кожны тата ці дзядуля, калі ў яго быў сябар сабака, не праміне, каб не расказаць пра забаўныя ці сумныя гісторыі, якія здараліся з ім. І тады падлетку захочацца мець свайго сабаку. Адыходзячы, Хрысан Андрэевіч паклаў за пазуху месячнага шчанюка аўчаркі — падарунак Івана Іванавіча. Алёшка быў у захапленні.

…У кватэры забаўляўся са старым чаравікам новы шчанюк, таксама Бім, пародзісты, тыповага акрасу ангельскі сетэр. Гэтага Іван Іванавіч дастаў на дваіх — сабе і Толіку.

Але старога сябра ён ужо ніколі не забудзе. Не забыць яму паляўнічых досвіткаў, падараваных Бімам, не забыць яго дабраты і ўсёдаруючага сяброўства. Памяць пра вернага сябра, пра яго невясёлы лёс трывожыла старога чалавека. Менавіта таму ён і апынуўся на той самай палянцы і сеў на той жа пянёк. Агледзеўся. Ён прыйшоў паслухаць лес.

Быў неймаверна ціхі вясновы дзень.

Неба густа апырскала палянку пралескамі (кропелькі неба на зямлі!). Многа разоў у жыцці Івана Іванавіча паўтараўся гэты цуд. І вось ён прыйшоў зноў, ціхі, але магутны сваёю шчыраю прастатою і кожны раз дзіўны і непаўторны ад навізны нараджэння жыцця — вясна.

Лес маўчаў, толькі-толькі ачынаючыся ад сну, пакрэплены небам і патрывожаны ўжо цёплымі сонечнымі зайчыкамі на бліскучых і такіх млява пяшчотных язычках яшчэ нявыгарнуўшагася лісця. Івану Іванавічу здалося, што сядзіць ён у велічным палацы з блакітнаю падлогаю, блакітным купалам, з калонамі з жывых дубоў. Гэта было падобна на сон.

Але раптам… Што б гэта магло абазначаць? Па лесе пракаціўся глухі кароткі шум — глыбокі ўздых. Было вельмі падобна на ўздых палёгкі ад таго, што пасля доўгага чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамі раскрыўшыхся пупышак. Інакш чаму ж варухнуліся галінкі і ўслед за гэтым засвісталі сініцы, а дзяцел бадзёра застрачыў музычным барабанным россыпам, клічучы сяброўку, апавяшчаючы лес пра пачатак кахання? Ён жа адзін з першых, як і слонка, падае сігнал да ўрачыстае вясновае сімфоніі, але толькі слонка кліча ціха, у прыцемках, асцярожна, кліча зверху: «Хор-хор! Хор-хор!» — гэта значыць, добра-добра! А дзяцел, знайшоўшы сваё дупельца на запаветным суку, неўтаймавана, смела, рашуча абвяшчае на спрадвечным інструменце радасці: «Пр-р-р-р-р-р-р-р-р-рыгажосць!»

Таму і ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся і прыйшоў час здзяйснення надзеі. І птушкі адгукнуліся яму, магутнаму велікану і выратавальніку. Іван Іванавіч чуў гэта выразна. Ён жа і прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.

І ён быў бы шчаслівы, як і кожны год, у такія часіны, калі б на краю палянкі не адрозніваўся пятняк, абазначаны толькі свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мінулагоднім лісцем. Сумна глядзець на такі пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасці ў прыродзе.

Але затое знізу ўгору добрымі, наіўнымі, ласкавымі і невіноўнымі вачаняткамі глядзеў на Івана Іванавіча новы маленькі Бім. Ён паспеў пакарыць ужо Толіка, ён так і пачаў жыць з дабраты, маленькі Бімка.

«Які ж будзе ў яго лёс? — падумаў Іван Іванавіч. — Не трэба, не, не трэба, каб у новага Біма, які пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба».

Іван Іванавіч устаў, выпрастаўся і амаль што ўскрыкнуў:

— Не трэба!

Лес кароткім рэхам паўтарыў некалькі разоў: «Не трэба… не трэба… не трэба…» І заціх.

А была вясна. І кропелькі неба на зямлі. І было ціха-ціха.

Так ціха, быццам і няма нідзе ніякае бяды.

Але ўсё-такі ў лесе нехта… стрэліў! Тройчы стрэліў!

Хто? Нашто? У каго?

Магчыма, нядобры чалавек параніў таго прыгажуна дзятла і двума набоямі дабіваў яго… А магчыма, нехта з паляўнічых закапаў сабаку, і было яму тры гады…

«Не, не спакойна ў гэтым блакітным палацы з калонамі з жывых дубоў», — так падумаў Іван Іванавіч, стоячы з непакрытаю белаю галавою і гледзячы ў неба. І гэта было падобна да вясновае малітвы.

Лес маўчаў.



Оглавление

  • Раздзел 1. Двое ў адным пакоі
  • Раздзел 2. Вясновы лес
  • Раздзел 3. Першы вораг Біма
  • Раздзел 4. Жоўты лес
  • Раздзел 5. На аблаве ў воўчым яры
  • Раздзел 6. Развітанне з сябрам
  • Раздзел 7. Пошукі працягваюцца
  • Раздзел 8. Выпадак на стрэлцы
  • Раздзел 9. Маленькі сябар, хлуслівыя чуткі, данос спадцішка на Біма і аўтарскае адступленне
  • Раздзел 10. За грошы
  • Раздзел 11. Чарнавух у вёсцы
  • Раздзел 12. На палявым прыволлі. Незвычайнае паляванне. Уцёкі
  • Раздзел 13. Лясная бальніца. Тата і мама. Навальніца ў лесе
  • Раздзел 14. Дарога да родных дзвярэй. Тры хітрасці
  • Раздзел 15. Ля апошніх дзвярэй. Таямніца жалезнага фургона
  • Раздзел 16. Сустрэча ў пошуках. Сляды Біма на зямлі. Чатыры стрэлы
  • Раздзел 17. Лес уздыхнуў (замест пасляслоўя)