КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Кніга другая. Сякера пры дрэве [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Караткевіч Каласы пад сярпом тваім

Кніга другая Сякера пры дрэве

Ужо і сякера пры корані дрэва ляжыць:

кожнае дрэва, што не прыносіць добрага плода,

ссякаюць і кідаюць у агонь.

…Лукі, 3, 9.

I

Прыйшлi каляды. Куцця. Напярэдаднi падвалiла мокрага сняжку, але за ноч падмарозiла, а ранiцай нападаў другi снег: глыбкi, пульхны i сухi. З акон загоршчынскага дома падалi на гурбы аранжавыя плямы святла. Ялiны стаялi ў сувеях усе цёплыя i густа, амаль без прасветаў засыпаныя мяккiм белым снегам: нагадвалi начных вартаўнiкоў.

Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Ён быў вышэйшы за чалавека, і ў яго была самая смешная з усіх балваноў на зямлі пыхатая пыса.

Мсцілаў вылепіў балвану і грудзі, але прыйшоў гер Фельдбаўх, няўхвальна паглядзеў на гэтую вольнасць, паківаў галавою і ўласнаручна адрэдагаваў балвана.

Снег. Яліны. Снежны балван. Агеньчыкі ў вокнах. Гэта нагадвала б калядную карцінку, каб не існавала ў натуры.

Не ведаў балван, што з часам ледзяное неба стане сіняе і па ім паплывуць другія балваны, вылепленыя невядома кім. Яны будуць такія сляпуча-белыя, аж гарачыя. І яму раптам нясцерпна, упершыню за ўсё доўгае снегавое жыццё, захочацца не стаяць на месцы, а ўзняцца да іх і быць такім самым гарачым і белым. І плаваць і грувасціцца разам з імі.

Ён зробіць гэта. Але нішто не зменіцца, і людзі, падымаючы галовы ад сярпа, будуць казаць:

— Балваны якія сёння. Каб толькі не пайшоў дождж.

Ён пацягнецца да братоў у небе і адчуе боль і слабасць. А потым ад яго застанецца толькі купка бруднага снегу, дубец і два вугалькі, былыя вочы, што, напэўна, прасочаць яшчэ яго палёт угору.

Алесь стаяў ля балвана без футра і шапкі і глядзеў на яго. Балван пазіраў на Алеся з адценнем пагарды, і Алесь засмяяўся такое гэта было шчасце: снягі, аранжавыя вокны, яліны і балван. І, вядома, агеньчыкі яліны ў акне залы. І тое, што Майка тут.

Ён стаяў так доўга і ўжо трохі змёрз, калі пачуў рып снегу.

— Імя? — спытаў голас.

— Алесь.

— Я жартую, — падыходзячы, сказала Майка. — Варажыць рана.

Яна нічога нават не накінула. Так і была ў туфліках, з голымі рукамі і шыяй.

— Дурніца, — войкнуў ён. — Застудзішся.

— Нічога не зробіцца, — засмяялася яна

Не ведаючы, што рабіць, ён абняў яе і паспрабаваў прыкрыць яе голыя рукі сваімі.

— У дом, — сказаў ён. — Хутчэй у дом.

— Пачакай, — сказала яна. — Пачакай. Тут хораша.

Бліжэй прыціснулася да яго.

— Баламутнае дзяўчо, — сказаў ён.

Трымаў яе далонямі за плечы. А яна сагнула рукі, і цяпер яны былі між ёю і ім.

— У дом.

— Не, — усміхнулася яна. — Яму ж не халодна.

— Ён — снегавы балван. Вясною ён пойдзе да нябесных балваноў. А ўзімку зноў выпадзе снегам, і з яго зноў скачаюць балвана. Так ён і будзе век хадзіць у балванах… А ты чалавек. Мой чалавек.

Майка ўздыхнула і схіліла галаву яму на плячо. Алесь глядзеў на яе аблічча, бледнае ў сінім святле зор, і яму нічога не хацелася бачыць, акрамя яго, халоднага ад марозу, але цёплага такой глыбокай унутранай цеплынёй.

Ён адчуў гэта, прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў.

Не бачыў ён ні дома, ні таго, што дзверы на тэрасу адчыніліся і нехта падышоў да парэнчаў, пастаяў так хвіліну, а потым паспешліва вярнуўся ў дом. Яму не было да гэтага клопату.

Калі ён на імгненне адрываў вусны ад яе вуснаў, ён бачыў толькі адно: рэзкую іскру нізка над зямлёй, амаль адразу за яе плячом.

Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус.

…Калі яны зайшлі ў пярэднюю юнакі і дзяўчаты ўжо апраналі футры, шапкі і капары, а тыя з хлопцаў, якія павінны былі ехаць за фурманоў, высокія белыя вайлакі ці унты з ваўчынай шкуры.

Алесь абвёў вачыма вясёлую кампанію і раптам заўважыў, што дзве пары вачэй глядзяць на яго вельмі суха. Ля дзвярэй у гардэробную стаялі, апранутыя ўжо, Франс Раўбіч і Ілля Хаданскі.

Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.

І тады Алесь, нібы праз сон, успомніў, як адчыніліся дзверы на балюстраду, калі ён і Міхаліна стаялі ля балвана. Стала ясна, хто выходзіў.

Ядвіння, значыцца, злавала на яго. А гэтыя двое таксама. Ілля за Майку, Франс за Ядвіню.

…Сыпанулі на веранду, а потым уніз, сходамі, да санак, якія стаялі ўжо на крузе гонару доўгім паўколам. Мсціслаў з Анэляй і Янкам напярэймы з іншымі кінуліся да першай тройкі. Беглі як апантаныя.

— Хапай хто што можа! — крычаў Маеўскі.

Ён кінуўся на козлы проста жыватом, і праз хвіліну рэзкі ўсплёск званочкаў разарваў цішыню. Аддаляючыся, яны спявалі ўсё больш утрапёна. Першая тройка знікла ў алеі.

Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца побач з ёй: збіраўся ехаць без вазніцы. І тут, здалёк, ён убачыў, што ў Ядвінькі і Франса адбылося нешта непрыемнае. Франс падышоў да яе санак, дзе сядзеў на козлах далёкі госць Усяслаў Грыма, асабліва нязграбны ў ваўчыным футры, і сказаў нешта. Вусны лялечнага наіўнага роціка Ядвіні сціснуліся. Яна адмоўна паківала галавой.

Франс рэзка крутнуўся і пайшоў уздоўж ланцуга саней.

— Братка, да нас, — сказаў яму Алесь.

Франс не адказаў, нават не зірнуў на іх невідушчымі вачыма. Прайшоў, топчучы снег, да санак у хвасце. І хоць ён трымаўся годна і роўна, як заўсёды, яго матавае аблічча яшчэ больш збялела.

Зазвінелі званочкі. Майка сядзела пад апонаю, адчуваючы плячом Алесева плячо. Заплюшчыла вочы. Напярэдадні яна з Тэкляю варажыла ў начной лазні. Тэкля глядзела ў місу з вадой, шаптала нешта. Дзве свечкі адбіваліся ў вадзе і цьмяным люстэрку. Пахла венікамі і прывялай мятай.

…А зараз побач сядзіць ён, пра якога яна думала ўчора.

Зірнула праз прыплюшчаныя павекі. Сядзіць. Моцна трымае лейцы. Пасма пушыстых каштанавых валасоў выбілася з-пад шапкі і паспела ўжо заінець, нібы юнак пасівеў. Шэрыя строгія вочы глядзяць на дарогу. Вось павярнуў галаву, глядзіць на яе. Трэба заплюшчыцца яшчэ больш, але не зусім, а толькі каб не бачыць яго.

Паплылі, спляліся ў вачах вясёлкавыя ніці. А з ніцей яго голас:

— Ну не прыкідвайся, калі ласка. Унь, веі трапечуць. Не смей заплюшчваць вачэй. Глядзі на мяне.

Засмяялася. І, нібы ў адказ, смех званочкаў, бо коні рванулі.

А ўчора Тэкля шаптала такое дзівоснае і, здаецца, нібы забароненае. Ліўся, застываў у вадзе перакручаны, перавіты воск. Нібы ў місе ўставалі гарады і дзівосныя звяры.

А ў люстэрку, між двух агнёў, яна бачыла бясконца паўтораныя, нібы ў доўгім, загнутым налева калідоры, сваё бледнае аблічча і ўзбуджаныя трывожныя вочы.

— Толькі ён такі, той, аб кім думаеш, — шаптала Тэкля. — Толькі з ім. Не адмаўляйся, усё адно не атрымаецца. А век до-оўгі…

— Гадамі доўгі? — шэптам пытала яна.

— Не ведаю. Але на сто жыццяў, ясачка, хопіць. Усё тут, і гора са шчасцейкам поўны мех, і лапцявая пошта ды звады, і ўсё-ўсё.

— А хто раней памрэ?

— Хто? — голас Тэклі трохі сеў. — Гэта ўсё адно. Усё адно адзін без другога не здолее.

Спявалі бомы. Плыла перад напаўзаплюшчанымі вачыма раўніна.

Мсцілаў гнаў пярэднюю тройку і ўспамінаў, як напярэдадні ездзілі да Кагутоў у Азярышча, як у прасторнай новай хаце "жанілі Цярэшку" і Янька надзела на яго, насуперак усім звычаям, бацькаву шапку. Заўважыла, чарцяня, што ён не мае намеру надзець ёй на галаву сваю. І выбрала яго сама.

А перад хатай, на вуліцы, зырка палаў смалісты бадняк, корч вялізнай сасны, абкладзены дрывамі. І карагоды звіваліся каля агню, які шугаў у чорнае неба. У барвяным зарыве здаваліся ружовымі белыя світкі, вайлакі і магеркі хлопцаў. Наміткі жанчын, калі карагод звужаўся, раптам наліваліся трапяткой чырванню.

У кожных вачах дрыжала полымя, і гэта было незвычайна і страшнавата.

За колам стаялі хлопцы. Вясёлы Кандрат падышоў да Алеся, памарудзіў, а потым, зразумеўшы, што Мсціслаў не збіраецца кідаць сябра, відаць, наважыўся і ціха сказаў Загорскаму:

— Навіну чуў?

— Не.

— Кроер рашыў учыніць згон. Змалаціць усе сцірты леташнія.

— Падумаеш, навіна… Грошай, відаць, на банкетаванне не хапіла…

— От яму і ўчынілі банкетаванне, — сказаў Кандрат.

— Што такое?

— Вы ж ведаеце, хлопцы, — сказаў Кандрат, — мужыкі на Кроера яшчэ з часоў півошчынскай вайнішкі зацяліся. Ну вось. З'явіліся яны на згон, чалавек каля сотні. Працуюць як мокрае гарыць. Аж раптам з лесу шусь чалавек. У кажусе касмылямі наверх, сам зарослы. У руцэ мядзведжая фузія. "Працуеце?" пытае. "Працуем". "Памагаеце?" "Але". "Каб людажэр вас зноў татарамі пачаставаў?" Мужыкі маўчаць… Аж тут да купкі прыганяты шыбуе: "Чаго кешкаецеся, мямлі?! Ану за цапы, патаўпешкі!" Убачыў чалавека і аж збялеў. Чалавек да яго: "Аюц, свіння нясмаленая!" Прыганяты задкаваць. А той яму: "Не дрыжы, забіваць, пакуль тое, не буду. Мне твая душа не трэба, сваю маю. Толькі каб эч-эч! нагі тваёй тут не было". Прыганяты ўцякаць. А чалавек да мужыкоў: "Што, мужыкі? Ворагу памагаеце? А ваш хлеб дзе? А слёзы сірочыя вам на сэрца не пaлі? Улезлі ў сваю квэку дый седзіцё, баязліўцы паршывыя". Тыя маўчаць. Потым дзед Груша асмеліўся: "Ды здохне ж ён скора. Пра волю чуткі ходзяць. Каму гэта ахвота на бойку натыкацца? Каб зноў жалезным бобам пачаставалі? Лухта, тым часам. Сабе дзешавей. Не ўсёй жа хатай тры дні паншчыну адрабляць. Адной душою". Гэх, як узвіўся чалавек. "Якой, пытае, душою? Тваёй? А ці яна ў цябе, парахня старая, ёсць, ці на паншчыне згніла?!" Мужыкі ў вочы яму не глядзяць. А ён тады: "Баіцёся? Валі ўсё на мяне. Мне траціць няма чаго". Ды з крэсівам пад сцірты. І тады хлопцы за ім. Каб ужо адным разам усю паншчыну скончыць.

Кандрат усміхнуўся.

— Так за гадзіну якую і пашабашылі.

Алесь маўчаў. Глядзеў на стракаты ланцуг.

— Табе што, нецікава? — спытаў Кандрат.

— Чаму, цікава.

— А хто чалавек — нават і не пытаеш.

— Я ведаю, — спакойна сказаў Алесь. — Нашто мне пытаць? Корчак уцёк з катаргі. Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? спытаў Алесь. Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. От тады і чуў.

— І нікому не сказаў? — здзівіўся Мсціслаў. — Такога страху нацярпеўшыся?

Па Алесевым твары скакала чырвонае зарыва ад бадняку. Загорскі падумаў, уздыхнуў і расказаў хлопцам пра пачутую размову.

— Потым, ужо едучы, я і здагадаўся, якога Будзіміра яны па чыёйсьці страсе пускаць хацелі. Гэты дуб мяне і навёў на думку. Будзімір той, хто мір, свет будзіць. Певень.

— А Варган? — спытаў Мсцілсаў.

— Кот Варган. Дым. У кожную шчыліну пралезе. Мяккі такі, ласкавы. Агонь яго выпусціць вось ён і папаўзе да божых авечак, да аблокаў… Я падумаў, хто з наваколля яшчэ ў Сібіры шышкі еў з бясхлебіцы? Адзін Корчак. Значыцца, ён і ўцёк.

Загорскі сумна ўсміхнуўся.

— Я мужык, — ціха сказаў ён. — Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася.

Кола цякло паўз іх, чорнае з аднаго боку, бліжэйшага, барвянае за бадняком.

Нехта падкінуў пад бадняк вялікі ахапах галля. Полымя пацьмянела.

— Дзівішся майму ўчынку з Корчакам, — сказаў Алесь. — Ты не бачыў, а я на свае вочы бачыў, як Кроер яго забіваў. Але не Кроер яго дабіў, нават не кат на сухадольскай плошчы. Дабіла яго ваша, мужыкі, няпраўда.

— Вярзі яшчэ…

— А то не? Што, не звалілі півошчынцы на Корчака ўсяе правіны? Звалілі. Ну добра, здарылася так. Дык майце ж сумленне. Забяспечце жонку з малымі дзецьмі. А півошчынская сходня, замест таго каб зрабіць такое, нібы ўзрадавалася, што ўдава адна не здолее зямлю абрабіць, дый абрэзала ёй той загон няшчасны напалову. Кавалка той зямлі вашым скупіракам, шэрым князям, не хапіла. Не нажэрліся. Што, няпраўду я кажу?

Кандрат апусціў вочы.

— Я ведаю, ад галечы такая прагнасць. Але за кошт братняй крыві ды слёз не збагацееш. Ягонай зямлёй мізэрнай не наліжашся. Значыць, ёсць і на вашай вялікай праўдзе свой бруд. І потым Кроер…

Раўлівы агонь узвіўся вышэй стрэх. Скуру сцягвала ад гарачыні. Алесь закасаў рукаў і моцна пацёр запясце. На ім выступіў ледзь прыкметны шнар.

— Першы раз у жыцці мяне ўдарылі. Я такіх рэчаў не забываю. Хай сабе Корчак ходзіць. Яго пакрыўдзілі, не ён. Сапраўдным людзям гэта толькі на руку. Хай ведаюць: не ва ўсіх яшчэ душа згніла.

Размову спыніў віск дзяўчат. У кола ўвайшоў басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім белым кажусе бог холаду, Зюзя. Ільняныя вусы закінуты за плечы, ільняная грыва валасоў падае аж ніжэй лапатак. Зюзя пагрозна рыкаў, сварыўся на людзей пальцам, пляваў на агонь, босымі нагамі ўзвейваў у паветры снег, нібы хацеў зрабіць завіруху. Зюзевы вочы смяяліся. Гэта быў пераапрануты азярышчанскі пастух Данька. Каб ногі не адчувалі холаду хапіў тры кручкі гарэлкі. Граць ужо, дык граць. Усім жа вядома, што Зюзя босы. Ад гарэлкі Даньку было весела.

— Замарожу, — рыкаў ён. — Як мядзведзь, навалюся.

За ім валасатая варта несла саламянае чучала Каляды. Каляда павярнулася спіною да бадняка, глядзела ў змрок плоскімі намаляванымі вачыма. Хлопцы і дзеўкі кідаліся на варту, каб павярнуць Каляду тварам да агню, і ляцелі ў снег, адкінутыя ёю. Роў над сумятнёй і калатэчай збор вясковых музыкаў. Гулі дзве скрыпкі, пявуча вохкаў бас, мядзведзем раўла дуда, пяшчотна сапла жалейка, звонка ўдаралі цымбалы, і, вышэй за ўсё іншае, узлятаў, заліваўся і ўздыхаў бубен. У Азярышчы быў найлепшы збор музыкаў. І музыка ўзлятала вышэй за хаты, проста аж, здавалася, пад самыя цёплыя зоры.

Данька прытупваў нагамі па снезе, хапаў вісклівых дзяўчат, цалаваў і запіхаў за каўнер кожнай жменю снегу.

— Падыходзь, з кожнага снежнага балвана зраблю. З кожнай хаты — ваўкаўню.

Але тут моладзь сыпанула на варту, вырвала Каляду з рук і павярнула-такі яе тварам да полымя. А дзеўкі кінуліся да Данькі і павалілі яго ў снег, пачалі казытаць.

— А дзевачкі, а таечкі, — мядзведжым голасам роў Данька, здзіраючы чырвоныя пяты. — Дальбог, не буду. Хай ужо вясна, хай…

Хлопцы адбілі яго, панеслі разам з Калядою ў хату. Даньку паіць гарэлкай, Каляду схаваць, каб потым, на масленіцы, калі зіма не толькі павернецца да сонца, але і адступіць, спаліць яе на тым самым месцы.

…Мсціслаў усміхаўся ўспаміну, думаў. Не звяртаў увагі на тое, аб чым гамоняць Мнішкава Анэля і Янка.

— Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны як бот, і ну хоць ты плач.

— Вядома, — мяккім галаском казала Анэля. — На радзіме табе лягчэй было б, там усе такія. Але што ж зробіш, калі ўжо сюды трапіў? Ты ж нават сам не ведаеш, дзе твая радзіма.

— Тут, — сказаў арап. — Мне ўжо там усё было б чужое. Я і мовы сваёй не помню. Некалькі слоў, можа. Тут мая і мова і зямля.

— А ты ані-ні не пабялеў з таго часу? — пацікавілася яна.

— Не. Гэта ўжо назаўсёды. Такая ўедлівая штука.

— Ну і кінь, — суцяшала Анэля. — Ну і што, што чорны? Ты ж добры. Ты цяпер дваранін. І дзеці такія будуць.

Яна ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Узвысіць простым і няпростым прызнаннем ягоных вартасцей.

— Ты харошы… Вунь Хаданскі. Белы, а вочы б на яго не глядзелі.

— А дзявочае кола?

— Ды ты ж прыгожы. Па-адумаеш! Бескаляровыя, па-мойму, горш. Пра рыжых я ўжо і не кажу. А яны вясёлыя, і ў вус не дзьмуць. І ты будзь вясёлы.

Імчаліся коні. Нізка над зямлёю свяціў Сірыус.

…У санях ціха гаварылі Грыма і Ядвінька Клейна.

— І Янку будзе шчасце, — разгублена казала дзяўчына. — Адна я, нібы сапраўды клейнай мечаная. Нават прозвішча прароцкае. Дзе ўжо тут добрага чакаць.

Грыма, з вялікай шкадобы, соп.

— Кінь. Не пабівайся так. Падумаеш, свет сышоўся. Радасцей шмат.

— Якія?

— Навука. Кнігі. Каб усё на свеце помніць і быць мудрым.

— Гэта для мужчын.

— Што ты жанчын ганьбіш, — прыглушана выбухаў Усяслаў Грыма. — Для ўсіх, думаеш, мужчын мудрасць?

Жаласна, па-бабску, уздыхаў, касавурыўся на сумную, сінявокую і такую ўжо вялікую ляльку.

— А ты Франса нашто пакрыўдзіла? Ён харошы.

— Ведаю. Але не магу я пакуль што… не магу я Франса бачыць. Можа, месяц-два-тры пройдзе, тады.

— Нацкуеш ты іх адзін на аднаго, — бурчаў Грыма. — Франс праз цябе на Алеся крыўдуе. Ілля праз Майку на яго ваўком глядзіць. Нацкуеш.

— Дурнік ты, — сумна казала яна. — Алесь жа ні ў чым не вінаваты. Франс не можа гэтага не бачыць. А Ілля наогул… Нікога ён, акрамя сябе, не любіць. Гонар. Ён жа старэйшы, ён добраахвотна ў Севастопалі быў. У яго салдацкі крыж. А тут аддаюць перавагу амаль хлопчыку.

Коні зачапілі край сумёта. Мяккім пылком асеў на твары снег.

…У трэціх санях дурэў Загорскі junior[1]. Валтузіўся са Стасем і Наталяй. Фельдбаўх на козлах ужо некалькі разоў пагражаў пакінуць іх у снезе.

Вацлаў са Стасем спусцілі ногі з санак і скародзілі імі снег. Пылок ляцеў проста ў вочы коням задняй тройкі. Наталля, смеючыся і закочваючы вочы, пляскала далонькамі і спявала:

…Памарозіў лапкі,
Улез на палаткі.
Сталi лапкi грэцца
Недзе катку дзецца!
Пры апошніх словах хлопцы падымалі ногі, і снег з іхніх валёнак сыпаўся проста ў сані, пад апону.

…Франс і Ілля ехалі моўчкі. Вытрыманае, нібы ветліва-абыякавае да ўсяго, аблічча малодшага Раўбіча скамянела. Ілля, скінуўшы шапку, падстаўляў рудаватую галаву пырскам снегу.

Недзе далёка наперадзе заліваліся дзіцячыя галасы:

Люлі, люлі, люлі,
Пайшоў кот па дулі.
— Радуюцца, — змрачнавата сказаў Іллля. — Пайшоў кот па дулі. Ёсць чаму радавацца… Не трэба было нам з табою, брат, сюды ехаць.

Франс незалежна маўчаў. Толькі ражок вуснаў таргануўся на матава-бледным абліччы.

— Я яго не цярплю, — сказаў Iлля. — Падумаеш, улюбёнец багоў. Не ведаю, цi балiць яму хаця

што-небудзь не свеце.

Малодшы Раўбіч варухнуў вуснамі, але нічога не сказаў. Ведаў, што сусед кажа несправядліва, але не мог запярэчыць. Ён маўчаў доўга і раптам, адчуўшы дзіўны, калючы халадок у каранях валасоў, са здзіўленнем падумаў, што ён, здаецца, пачынае ненавідзець маладога Загорскага. І, каб не даць пачуццю прарвацца, Франс спытаў з выхаванай ветлівасцю маладога прыдворнага:

— Што вы думаеце пра імператара? Я маю на ўвазе яго словы аб тым, што цяперашні парадак уладання душамі не можа астацца нязменны.

— Вы памятаеце, калі ён выступіў? — спытаў Хаданскі. — Прайшло дванаццаць дзён пасля падпісання Парыжскага міру. Ён сказаў гэтую прамову на касцях ветэранаў. На салдацкай крыві.

Яму здавалася, што ён сам ветэран, што гэта на ягонай, Іллі Хаданскага, крыві цар упершыню падумаў аб сялянскай рэформе. Яму здавалася таксама, што ён гаворыць свае думкі, у той час як гэта былі думкі Міхала Якубовіча і старога графа Мікіты…

— Вы разумееце… я любiў яго, з пачуццем прагаварыў Iлля. Вельмi любiў… Гатовы быў аддаць за яго жыццё. Ды я i аддаваў. Няхай яго не было побач. Усё адно… За iмперыю… На бастыёнах, пад ядрамi… Варта было змагацца… Побач са мной Мельгунову адарвала ногi… Ядро, другi раз, прабiла страху нашай мазанкi i трапiла ў ломберны стол…

Ён збялеў, зноў успомніўшы здарэнне.

— Проста ў стол… паміж мною і паручнікам Ветэрнам. Вось як між вамі, Франс, і мною.

Ядро, вядома, не магло трапіць, "як між Франсам і ім", таму што яны сядзелі плячом да пляча, але Хаданскі не падумаў пра гэта.

— Як між вамі і мной… Каб мы толькі ведалі, які падарунак ён нам рыхтуе! Варта было ваяваць за такое?.. На крыві ветэранаў — такая здрада. Я яго любіў. Я ненавіджу яго цяпер. Калі ён толькі ўздумае рабіць гэта справай, а не словам — хай не спадзяецца ні на што, акрамя мяцяжу і бунту. І я сам, першы, пайду на бунт. Мне да крыві не звыкаць.

Франс безуважна, нібы гэта не ён гаварыў з Іллёю, глядзеў убок.

Коні імчаліся раўнінай. Ілля не ведаў, як яму ставіцца да халоднага тону суседа.

— І, аднак, ён ліберал, — у які ўжо раз сказаў Франс.

— Лухта, — сказаў Ілля.

— А маніфест 26 жніўня? — спытаў Франс.

— Што? Вяртанне дзекабрыстаў? Звар'яцелыя старыя шаптуны. Іх там і варта было пакінуць. Нічога не ўмелі, нават ударыць.

Франс маўчаў. Прыгаломшаны гэтым, Ілля таксама змоўк.

Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус.

І толькі пад'язджаючы ўжо да Загоршчыны, Франс сказаў, нібы ўголас падумаў:

— Я, здаецца, пачну яго ненавідзець.

— Правільна, — горача сказаў Ілля і асекся, бо неяк не звязаў у галаве, чаму Франс, які ўвесь час бараніў цара, цяпер збіраецца яго ненавідзець. Ён не ведаў, што Франс увесь вечар думаў аб іншым.

…Яны беглі заснежанай алейкай. Майка, у лёгкім футрачку, накінутым на аголеныя плечы, і Алесь. Кашлатыя, сінія стаялі вакол дрэвы. Маўчалі. Парк і ўвесь свет вакол былі нерухомыя. І ў гэтым непарушным, нібы адвечным, спакоі дзіўна было бачыць над шатамі дрэў мігатлівыя, жывыя іскрынкі зор.

Майка спрытна штурхала ў ствалы нестарых ялінак, выслізгвала з-пад іх і імкнулася далей. А за ёй з шолахам асыпаўся з галін іскрыста-сіні і сухі, як порах, снежны пыл. Асыпаўся проста на Алеся, на галаву, на плечы, на ўскінуты твар.

Змярцвела-сіні, абыякавы да жыцця і цеплыні стаяў вакол парк. А гэтыя двое, не зважаючы ні на што, парушалі гэты сон. Молада, дзёрзка і нахабна разбівалі гэты спакой. Зрывалі саваны са змярцвелых дрэў.

Сыпаўся і сыпаўся іскрысты пыл. І Алесь бег і бег за ёю са снегам у валасах, з трывожным захапленнем у сэрцы.

Ён амаль дагнаў яе, але яна кінулася ўбок, на бакавую сцежку, да белай зімовай альтанкі-павільёна. Пакуль ён павярнуў за ёю, яна ўзбегла па прыступках і, пацягнуўшы на сябе дзверы, знікла за імі.

І ён адчуў нясмеласць перад гэтымі снежнымі сценамі і снежнай веліччу дрэў, міжвольна прыцішыў крокі.

У альтанцы было халаднавата і цёмна. Бледнаватыя, невыразнага колеру плямы ад шыбінак ляжалі на сценах і на падлозе. Чырвонае здавалася ледзь ружовым, сіняе — шэрым.

Алесь стаў пасярод павільёна. Азірнуўся вакол. Майка, відаць, нікуды не адыходзіла, бо апынулася за ягонай спіною і цяпер стаяла ў дзвярах, гатовая выскачыць з альтанкі і зноў бегчы. Ён зрабіў да яе крок, другі, трэці.

Яна вагалася.

Яшчэ, яшчэ адзін. Майка нібы варухнулася, але асталася на месцы. Алесь падышоў зусім блізка і ўзяў яе руку ў свае. Паспрабавала вызваліць.

— Ціха, — шапнуў ён. — Ціха.

Здалёк, з цiшы заснежаных дрэў, з сiняй цiшынi, пачалi далятаць цiхiя галасы. Вiдаць, з вёскi прыйшлi славiльшчыкi:

Святой ноччу,
Святой ноччу ціхай,
На мурожным сене,
У божым Бетлеме,
Ціхай ноччу…
Снег ляжаў густымі белымі шатамі. Спявалі здалёк, ад палаца, і здавалася, што гэта звіняць снежныя чмялі.

— Што гэта? — аднымі вуснамі спытала Майка. — Адкуль?

Алесь зрабіў яшчэ крок і паклаў далоні на яе плечы, прыцягнуў яе да сябе, прыціснуўся шчакою, схаваў усё аблічча ў яе цёплых валасах.

Прыпаўшы галавою да яго пляча, яна маўчала. І яго рукі абнялі пад футрачкам яе вузкія плечы, адчулі іх цеплыню, іх пакорліва-мяккае супраціўленне, а потым бездапаможнасць.

Сінія дрэвы, сумёты, пранізліва-сінія іскры зор. Няпэўныя колеры на падлозе і белых сценах. Са снягоў, з ацяжэлых, як белыя мядзведзі, дрэў даляталі і звінелі галасы:

Лабыры-ягняткі,
Белы казляняткі
Сянца не елі,
На хлапца глядзелі.
Нехта павольна наблізіў да яго вачэй яе вочы. Вусны ласкава і жаласна варухнуліся пад яго вуснамі, прыціхлі.

— Мама, ціха, жаласна і нібы разгублена сказала яна.

Зноў наблізіліся вочы. А праз снягі, праз сінія косы ўзвіваліся ў вышыню галасы, і ледзяны Сірыус гарэў у снягах.

Запалала зорка,
Запалала,
Трох цароў да немаўляці
Праваджала.
У шапках персіцкіх,
Світках бурміцкіх,
Срэбным табіне,
Залатым сап'яне.
Яе вусны дрыжалі. А ў снягах пад сінім Сірыусам лікавалі галасы:

З сакам[2] мёду,
Свепетам[3] пчолак.
Мёд — гэта праўда,
Пчолкі — то людзі.
Ён гладзіў бязважкімі рукамі яе плечы.

Зоры ў рознакаляровых вокнах раптам закруціліся і паплылі. Хутчэй і хутчэй. Каб не ўпасці, ён моцна прыціскаў яе да сябе. Цалаваў яе вочы, бровы, скроні.

— Мілы, дарагі мой, — шаптала яна. — Што ты? Што?

Яе голас прымусіў зоркі застыць на сваіх ранейшых месцах.

І раптам рынулі, узляцелі яркія, як ёлачныя цацкі, малінавыя, зялёныя, сінія, жоўтыя агні. Гэта пускалі ракеты, але здавалася, што самі зоры, звар'яцеўшы ад шчасця і жаданай пяшчоты, пусціліся ў скокі над галінамі дрэў.

Дрэвы і цені ад іх кідаліся ў розныя бакі. Аблічча Майкі мяняла колеры і адценні. Блакітнае, залатое, ружовае, срэбнае.

Над рознакаляровымі снягамі ў шаленстве і буянстве агню пацьмянелі сапраўдныя зоркі.

Але зоркі былі вечныя.

Ракеты згасалі. Рассыпаючы залатыя іскры, памкнулася ўніз апошняя.

Усё стала на сваё месца. Блакітныя снягі, сінія цені, чорнае неба і на ім вострыя сінія зоркі. І цень у вачніцах і мілы рот, з якога ён не слыхам, а хутчэй пяшчотным дотыкам дыхання да яго вуснаў лавіў словы:

— Мілы мой, мілы, што ты?

Яна хавалася ў яго руках, і ён з невыказнай радасцю адчуваў, якая яна: бязважкая, слабая, моцная. Уся як сама свежасць і моц. Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік.

І, хутчэй не па сабе, а па тым, як ён глядзеў на яе, як дрыжалі яго рукі, яна здагадалася, што яна кахае гэтага хлопчыка.

Яна не ведала, яна ніколі не паверыла б, што пасля гэтага дня прыйдуць іншыя, калі яна не будзе верыць у гэты дзень і захоча забыць яго.

II

Пачалося з павятовых дваранскіх збораў у Сухадоле.

Дваране з'ехаліся пагаварыць аб зменах, якія хутка павінны былі адбыцца ў валоданні душамі. У немінучасці гэтых змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць, а таксама аб тым, як усім паводзіцца. Усе ведалі, што з трэцяга студзеня ў Пецярбургу, пад старшынствам самога імператара, засядае новы сакрэтны камітэт па сялянскай справе і што гэты камітэт рыхтуе "паступовае, без крутых і рэзкіх паваротаў вызваленне сялян".

Усё было яшчэ наперадзе, але сама чутка нібы надламала нешта.

Стары Мікіта Хаданскі з аднадумцамі заклікаў, калі ўжо нічога не зробіш і давядзецца вызваліць, дабівацца вызвалення душ без зямлі. Хоць сёння. Зараз.

Алесь упершыню прыехаў з бацькам на зборы і затлумліваўся, слухаючы спрэчкі. А бацька прыходзіў кожны вечар у гасцініцу злосны як чорт, бледны. Сінія вясёлыя вочы нібы пацямнелі і глядзелі суха. Князь лаяўся.

— Ах, пяюць! Ах, пяюць пеюны! Старцамі задумалі народ пусціць. У жабракоў кій адабраць. Ну, я ім у гэтай брыдкай справе не памагаты…

Маленькі чысценькі гарадок аж кіпеў. У будынку тэатра, у камяніцы дваранскай зборні, у гарадскім садзе, дзе стаяла рэстарацыя, на цвінтарах трох цэркваў і кляштара і проста на драўляных тратуарах віравалі страсці. Пілі і елі як не ў сябе, спрачаліся, нібы справа ішла пра іхнія ўласныя душы.

У замку Боны Сфорцы, двухпавярховай каменнай будыніне з магутнымі кантрфорсамі і вузкімі, як байніцы, вокнамі, у сутарэнні, дзе быў цір, збіраліся найбольшыя крыкуны.

Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу.

І наогул усё пайшло вірам: спакой, сяброўства, звыклыя чалавечыя адносіны. Ціхае Паддняпроўе ад Сухадола да Дошчыцы нібы раптам ашалела. Прахам ішлі прыхільнасці і сімпатыі, узнікала варожасць. Нібы хварблівы мікроб раздражнення ўразіў людзей. Трывога вісела ў паветры.

Гэта і Алеся прывяло да найбольшага ўзрушэння ў ягоным жыцці. Прывяло невядома з якой прычыны, прывяло недарэчна, слепа.

Пачалося з агіднага здарэння, якому нават падобнае цяжкавата было знайсці за апошнія пяцьдзесят год. Прыдняпроўе заўсёды вызначалася адносна мякчэйшым характарам прыгону. Прычына гэтаму была ў тым, што тутэйшае звычаёвае права казала толькі аб уладанні зямлёй і праз яе чалавекам, а не так, як у цэнтральных губернях, целам і душой падданых, якія ўладаюць зямлёй. Прынцып, які арлоўскі селянін выказваў словамі "мы вашы, а зямля наша", тут не існаваў. З польскім раздзелам людзі нібы маўкліва ўмовіліся пакінуць у звычаёвым праве ўсё як было, не ломячы старога звычаю. Прыбылых паноў хутка перавучвала самое жыццё: небяспечна было выглядаць не такім, як суседзі, белай варонай і першым кандыдатам на нечаканы падпал, пасля якога і канцоў не знойдзеш.

І вось графіня Альжбета Хаданская вычварыла такое, што ў людзей валасы на галаве заварушыліся. Дзеўка-пакаёўка прыбірала пані і, прышпільваючы ёй ток, выпадкова ўкалола. Вечна раздражнёныя нервы злоснай румзы не вытрымалі, і яна ўстраміла дзеўцы вялізую шпільку ў грудзі. Дзеўка страшна закрычала, выбегла з пакоя, а праз якую гадзіну аб гэтым ведаў ужо ўвесь горад.

Пан Юры, даведаўшыся, кінуўся шукаць Хаданскага. Граф гуляў у ломбернай зале з сябрамі ў віст.

— Пан граф гуляе ў віст?

— А чаму мне не гуляць у віст?

— Ты звар'яцеў, — сказаў князь. — Калі ў цябе няма жалю, успомні, што цяпер трэба сядзець цішэй вады і ніжэй травы. Пугачоўшчыны хочаш? Васька Вашчыла па тваёй хаце не хадзіў?

— Князь…

— Што, цірам абыходзіцца абрыдла? Н-ну добра… Дык вось, калі не хочаш, каб тваю жонку — віламі, скажы ёй, каб маўчала… У апеку вазьму!

— Гэта не ад адных вас залежыць, — сказаў Ілля Хаданскі.

— Я з табою што, парсюкоў хрысціў, што ты ў размову дарослых лезеш?

З моладдзю ніхто так не гаварыў, але князь ужо не мог іначай.

— Вось што, — сказаў Загорскі. — Вось што, граф. Можа, я тую падзею і замну. Але дзеўцы зараз жа волю з зямлёй, дый то ці даруе яшчэ. Зараз жа! Іначай каб вы не пашкадавалі.

— Лухта, — сказаў стары граф.

— Вы пашкадуеце таму, што гэтым займуся асабіста я. Вы разумееце? Асабіста я.

Хаданскі спужаўся. Усё было зроблена па загаду пана Юрыя.

На тым бы, здаецца, усё магло і скончыцца. Але тут нібы чорт уткнуў у справу малодшага Загорскага.

Алесь прыйшоў у зборню. Хацеў знайсці Мсціслава. Перад дзвярыма курыльні пачуў галасы і сярод іх голас Іллі Хаданскага. Ён павярнуўся быў да дзвярэй, але прыслухаўся і спыніўся. За дзвярыма весела брахаў нешта нахабны голас Мішкі Якубовіча.

— Не можа быць? — з удаванай наіўнасцю спытаў Ілля.

— Я табе кажу. I вось нiбыта стаў наш князь перад Мiхалiнай на каленi дый прызнаўся ў каханнi. А тая глядзiць на яго непаразумела i нiц не ўтаропае. Ён да яе: "Люблю". А яна яму: "Што ты, Алесiк, я не магу цябе любiць. Я Наташу люблю… i Ядзечку".

Кампанія зарагатала. Тон гэтых нібыта Майчыных слоў быў такі наіўны, што рабілася ясна: дурніца дурніцай.

Загорскі штурхануў дзверы і зайшоў. Кампанія сціхнула.

— Пан Якубовіч, — сказазў Алесь, — хто вам дазволіў разносіць лапцявую пошту? Хто вам дазволіў бузаваць па брудных корчмах дзявочае імя? Маніць?

Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.

— Гэта што ж, наша высакародная зборня — карчма, ды яшчэ і брудная? — спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.

— Чакай, — уладна перапыніў Міхал, — тут мая справа.

Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы.

— Хто патрабуе ў мяне адказу? Васемнаццацігадовы шчанюк, ты малако смактаў, калі я насіў зброю. Зеляпан, ты ў пялюшкі рабіў, калі я на бастыёне пад кулямі стаяў.

Алесь размахнуўся і ўляпіў яму поўху, Міхал схапіўся за шаблю.

— Заб'ю! Штафірка, шпак дохлы!

Хаўрус выкаціўся на вуліцу. Сябры трымалі Якубовіча за рукі. У таго з вуснаў валіла пена. Крычаў нешта яраснае высокім тонкім голасам.

— Калі вы так трымалі сябе на бастыёне — гэта было ва ўсіх адносінах годнае відовішча, — сказаў Алесь.

Канец мог быць адзін: дуэль. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але, дачуўшыся аб дуэлі, шматлікія крэдыторы падалі да неадкладнага спагнання свае вексалі на суму нешта каля пяцідзесяці тысяч. Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. У тым жа выпадку, калі не будзе рызыкаваць жыццём, будуць чакаць, колькі трэба, да атрымання Міхалам спадчыны ад бяздзетнай цёткі. І нават надалей даваць крэдыт.

Веткінскі мяняла Скітаў і магілёўскія банкіры-яўрэі зрабілі тое, што Якубовіч вымушан быў пайсці на міравую.

Вежа лічыў, што ў адкладзеным, у нязбытым двабоі ёсць нешта падазронае для гонару. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па ягоных вексалях, каб дуэль усё ж адбылася. Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават выглядаў прысаромленым і сказаў, што шкадуе аб здарэнні. Асабліва пасля прапановы.

Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.

Злосць Хаданскiх прымусiла iх пайсцi на ўчынак, якi не мог не парушыць адносiн мiж Майкай i Алесем.

Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з'ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар'ера, чым пускаць такое.

Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.

— Малады, а такі ўжо распусны, — шапацела чутка. — Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага…

— Дык божа мой… Яна… Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?

— І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.

Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.

— А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу… А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць… То ж бо… Дарэмна не зробяць…

Чутка гэтая дайшла да сям'і Раўбічаў, паслужліва паднесеная пані Эвеліне. Пан Яраш не паверыў і шкадаваў толькі, што жонка не казала, ад каго чула: трымала слова.

— Ну, бабы, — гарачыўся Яраш. — Каб мужыка, дык на бар'ер…

Ад Майкі гэта вырашылі хаваць. І, можа, так бы яно ўсё і абышлося, каб аднойчы ля царквы не пачула яна за спіною шэпт:

— Заручоная таго… Распусніка… А акторка тая цяжарная…

Магчыма, яна і не звярнула б увагі, каб вечарам таго самага дня старая Хаданская "выключна з-за любові да яе" не паўтарыла Міхаліне таго самага:

— Вы павінны глядзець, мілая. У наш час пайшлі зусім іншыя маладыя людзі… Як бы не давялося ведаць, што ў вашых дзяцей будуць браты…

Абарвала яе. Сказала, што не хоча чуць.

— Я не разумею вас, мілая. Я ж не са злосці. Наш святы доўг папярэджваць нявопытных. Заўважылі, як тая, Карыцкая, на яго глядзіць?

Майка змоўкла. Яна "заўважыла" гэта пару разоў за кулісамі тэатра ў Вежы.

— Паверце, мілая, з дзяўчатамі аб такім не гавораць, але яна вось ужо чатыры месяцы не іграе і нікуды не ездзіць.

Заўважыла, што Майчыны бровы здрыгануліся.

— Толькі для вас я дастала ў купца гэты рахунак. Бачыце?

"Даставіць пані… Ну і вось. Карункі, аксаміт, шоўк… кулон… завушніцы".

Майка не ведала, як дбаюць пра Гелену стары Вежа і Алесь, не ведала, як яны лічаць за патрэбнае, каб у актрысы былі, як у сталічных актрыс, свае ўборы і каштоўнасці. Яна проста ўбачыла пад рахункам подпіс Алеся і раптам успомніла, як нядаўна заўважыла ў галерэі Вежы адсутнасць адной карціны, "Хаты" Адама Шэмеша, як спытала ў Алеся, дзе яна, і як той быццам сумеўся, а пасля адказаў:

— Падарыў… Гелене. А што, яна і табе падабаецца?

— Гэта глупства, пані, — спакойна сказала яна.

І ўсё ж яна паверыла.

А потым папаўзла па людзях зусім ужо гнюсь. Нібыта малады Загорскі, не дабіўшыся ўзаемнасці (а Майка, нібы ў пацвярджэнне гэтага, трымала сябе з ім разлічана-халодна і суха), намерваецца ўзяць Міхаліну Раўбіч сілаю. І ўжо нібыта пахваляўся аб гэтым у рэстарацыі п'янай кампаніі.

Алесь нічога не мог зразумець. Што здарылася? Ён паспрабаваў пагаварыць з Майкай, але сустрэў амаль варожы позірк.

— Вы зробіце мне вялікую ласку, калі не падыдзеце да мяне больш, — сказала яна. — Ніколі!

І пайшла. А ў прыбіральні збораў разрыдалася перад люстрам ад гаротнага непаразумення і крыўды. Так яе і заспела старая Клейна, якая таксама "чула пра ўсё".

— Што такое?

— Ён. Не ведаю, нашто яму…

— Дык і да цябе дайшло?

Міхаліна зразумела гэта так, што старая ўсё ведае і ва ўсё верыць.

А Клейна між тым, ведаючы натуру чалавечую, верыла толькі ў тое, што Алесь, можа, і ляпнуў нешта такое, бачачы, як зажывае над ім нарачоная.

— Дагулялася, — сказала Клейна. — Хлопец цябе, па ўсім відаць, кахаў, а ты, гульвіса, зажывала над ім, нібы ў яго не сэрца, а каменьчык.

— Але ж я яго таксама…

— Што "таксама"? Што? Відаць, ужо зусім сіл не ставала, калі на такое рашыўся.

У добрай Клейны сэрца балела і за дачку, і за Майку, і за Алеся. Сапсавала жыццё тром маладзёнам, ды і сама нічога не дабілася, брыдкае дзяўчо. Вось яно да чаго зажывошчы ды капрызы вядуць.

Клейна маўчала, копячы міжвольнае раздражненне супраць дурасці маладых. І таму, калі нехта завёў у яе прысутнасці размову аб брыдкім здарэнні і зноў ужыў словы "ўзяць сілай", старая не вытрымала.

— Ну і ўзяў бы, — іранічна сказала яна. — Падумаеш, бяда вялікая.

Майка пасля сустрэчы з Клейнай паверыла ва ўсё да канца. Наступнага дня яна папрасіла бацьку, каб Загорскім адмовілі ад дому. Пан Яраш аслупянеў і сказаў ніякава:

— І ты чула? Ты пачакай, доню, можа, мана?

— Гэта праўда, — адрэзала тая. — Я прашу цябе, татка, ніколі… нагі яго тут…

Яраш шанаваў дачку, ведаў, што яна — Чалавек і яе нельга мучыць допытамі. Калі яна гаворыць — яна, пэўна, ведае і ўсё абдумала.

— Як хочаш, — сказаў ён.

І таму, калі Алесь пайшоў вечарам у гарадскі дом, заняты Раўбічамі, там з ім проста адмовіліся гаварыць. Пан Яраш глядзеў убок, і, відаць, яму было шкада і балюча, але гонар прымушаў трымацца менавіта так, а не іначай. Ён сказаў, быццам вельмі шкадуе аб тым, што малады чалавек так забыўся, і, нягледзячы на запэўненні Алеся, дадаў, што справа з плёткай зайшла далёка і ён вымушан бараніць гонар роду. Таму il faut que vous, Загорскі, recuiez la maison de wotre présense[4].

А калі Алесь пайшоў з дома, — Майка не выйшла да яго, — убачыў Франса, які гуляў з Наталяй па садовых алейках, і памкнуўся да яго.

— Франс, даю табе слова… Клянуся…

— Я, здаецца, нічога не патрабую ад вас, нават тлумачэнняў, суха сказаў Франс. У яго заўсёды быў выгляд маладога прыдворанага. Я мяркую, гэта не найлепшы спосаб сябраваць з домам: ганьбіць у гэтым доме адну з дачок.

Алесь збялеў:

— Франс… Брат… І ты таксама?

І тут Франс даў волю застарэламу свайму раздражненню, неасэнсаванай нянавісці да гэтага чалавека, якога пасля адчужанасці Ядзечкі Клейны пачаў пазбягаць. Франс гневаўся на яго за гэта, але Франсу здавалася, што ён, Франс, гневаецца за Майку. Малады Раўбіч сам бы здзівіўся і перастаў паважаць сябе, каб яму сказалі, што галоўная прычына Ядвіся.

Хто хоча забіць сабаку — вінаваціць яго ў шалу. І таму Франс не адчуваў сваёй несправядлівасці. Наадварот, яму здавалася, што яго ўчынак ёсць самы годны, справядлівы і шчыры.

— Я не брат вам, — сказаў Франс. — Нават калі б вы былі мне родным братам, я б пасля гэткага ўчынку хацеў бы, каб такога брата ў мяне не было, каб ён памёр.

Наталя са здзiўленнем пераводзiла вочы з любага ёй Алеся на не менш любага брата, бледнага ад гневу.

— Франс, — з дакорам сказаў Алесь, — я люблю вас усіх. Я не магу без вас. Без цябе. Без Наталі. Без Майкі.

Раўбіч-малодшы не хацеў нічога слухаць. У яго трапяталі ноздры.

— Хто вам дазволіў вымаўляць сямейнае імя маёй сястры?! Я забараняю вам гэта! Я забараняю вам сустракацца з ёю. Забараняю падыходзіць да яе.

Ён сарваўся і рабіў немагчымай усякую спробу прымірэння.

— Не смейце, князь. Нават адной сваёй прысутнасцю вы пэцкаеце чыстых і нявінных дзяўчат.

Гэта было ўжо занадта.

— Вы забыліся, васпан, — сказаў Алесь. — Не пераступайце мяжы, не прымушайце мяне забыць пра сваю любоў.

Франс змераў яго пагардлівым позіркам, узяў Наталю за руку і павёў дадому.

А ў доме Наталя закаціла Майцы і Франсу скандал. Тупатала нагамі, плакала і крычала.

— Брыдкая, злая! — плакала Наталя. — І ты брыдкі, злы, нядобры!

Яе пакаралi, адправiўшы спаць. Але дзяўчынка не прасiла даравання, а тупала нагамi i пранiзлiва лямантавала:

— Ён харошы, харошы! Я ведаю, што ён харошы!

І гэты ўмольны крык быў апошняй спробай абараніць Алеся ў доме Раўбічаў.

Пан Юры перастаў вітацца з Ярашам. Учарашнія суседзі, сябры, амаль сваякі, сталі ворагамі.

…На Алеся найшло. У адзін з сакавіцкіх дзён яго прымалі ў дваранскі клуб, а значыць, ён меўся выступіць з традыцыйнай уступнай прамовай. Тэма прамовы была вольная, і ён выбраў: "Значэнне клуба для членаў грамадства, і як я мяркую сябе ў ім". І гэта здзівіла, але супраць тэмы не спрачаюцца.

Прамова была амаль падрыхтавана, калі здарылася гісторыя з Майкай. І Алесь зламаў ужо гатовую прамову, такой яна здалася прэснай для бязмернага гневу, які душыў яго. Ён вырашыў не рыхтавацца нанава, а сказаць проста тое, што думае.

…Зала была поўная. Панства сядзела за сталамі, якія аж ламаліся ад віна і страў (стары Вежа ніколі не скупіўся). Алесь абводзіў вачыма зборню: у канцы вялізнай залы цяжка было пазнаць людзей у твар, але ён бачыў Хаданскіх, Біскуповічаў, Раткевіча, бацьку, дзеда, Браніборскага, Мнішка увесь гэты свет, які ён ведаў і якому зараз павінен быў гаварыць.

У чорным фраку, з келіхам у руцэ, Алесь чакаў, пакуль сціхне шум, народжаны словамі старшыні і яго імем. Урэшце стала ціха.

— З некаторай неразважлівасцю я выбраў сваёй тэме назву "Значэнне клуба для грамадства". Але чым больш я думаў на гэтую тэму, рыхтуючы свой speech[5], тым большае было маё непразуменне. Справа ў тым, што ў нас няма клубаў у агульнапрынятым, заходнім, англійскім сэнсе гэтага слова. У іх клуб гэта зборня мужчын, аб'яднаных агульным паходжаннем, агульнымі поглядамі на палітыку. Гэта, урэшце, і зборня мужчын, аб'яднаных патрыятызмам, цвёрдым разуменнем таго, хто яны такія. Магчыма, я ідэалізую, нават напэўна так, бо людзі паўсюль людзі, але мэта існавання клубаў там менавіта такая.

Ён бачыў насцярожаныя ізацікаўленыя абліччы. Таму што само гучанне гэтых слоў было незвычайнае для ўступнай прамовы. Гэта не былі французскія, польскія ці якія іншыя словы. Гэта была тая мова, на якой усе гэтыя людзі гаварылі са слугамі ў доме, з дробнай шляхтай пры сустрэчы, з сялянамі на полі і якую, аднак, ніхто, акрамя адзінак, што лічыліся дзівакамі, не ўжываў пры спічах.

Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая

адначасова, лаканічная мова. Гучала ўпершыню за шмат год.

Гэтай мовай і над гэтым сталом гаварылі зараз жорсткія словы.

— Клубы існуюць у нас не для палітыкі, не для мараў аб шчасці, бо дзве гэтыя дaмы рэдкія госці пад нашымі дахамі. Яны існуюць у нас для картачнай гульні, для размоў аб паляванні, аб тым, чый рысак больш машысты, чый выжал больш чуйны. І яшчэ для п'янак, дзе спрачаюцца аб танцорках, віне і аб тых жа сабаках.

Вежа па-звычайнаму прыкрыў далонямі твар. Між расстаўленых пальцаў блішчала хітрае вока. Наіўны і задзірысты твар бацькі нібы запрашаў: "Дай ім, дай". Вежа вельмі пакутаваў за ўнука. Ён таксама чуў усё і настолькі заеўся на Раўбічаў за нежаданне разабрацца, за тое, што адвярнуліся, а на ўсё панства за ману, што цяпер першы адмовіўся б мірыцца.

— Я ведаю, большасць з нас глыбока смуткуе, пазіраючы на такое падзенне. Але што з таго, калі мы не процідзейнічаем яму?!

Алесь убачыў іранічную ўсмешку старога Хаданскага, вочы Іллі і зразумеў, што не даруе сабе, калі сапраўды не "дасць".

— Ёсць, відаць, і такія, каму ўсё гэта даспадобы. Іх беспрынцыпнасць блізкая да ўсяеднасці, іх маўчанне да подласці. Прыкладам таму могуць быць плёткі. Крыўдаваць на іх нельга. Проста таму, што на дробных людзей не крыўдуюць, імі пагарджаюць. Але астаецца пачуццё глыбокага непаразумення, як такія слімакі могуць існаваць у грамадстве, як яно іх церпіць і як яны самі могуць жыць такія. Дык вось для чаго ім клубы. І калі клуб зборня мужчын, то ці мужчыны яны?

Ілля сціснуў рот. І па няўлоўным руху гэтых вуснвў, па тым, што страла, відаць, трапіла ў цэль, Алесь амаль упэўніўся: ён.

— Дык вось, клуб — зборня мужчын, амаль аднолькавых па паходжанню, аб'яднаных агульнымі поглядамі на палітыку, на шчасце ўсіх людзей, на тое, якімі метадамі трэба дабівацца гэтага шчасця. Паходжанне ў нас адно: прыдняпроўскае. Але адны з нас прыстасаваліся, другія маўчаць. Што ж тады ў агульным паходжанні?

Мнішак у кутку ўсміхнуўся і падумаў, што Раўбіч — ёлуп.

— Палітыка, — сказаў Алесь, — ці ёсць яна ў нас? Мы назнарок адвярнуліся ад яе, карыстаючыся гордым выслоўем: "Бруд не па нас". Але хіба веліч і высакароднасць у тым, каб мірыцца з брудам, даючы яму пэцкаць меншых братоў? Ці не нагадваем мы Касьяна з легенды? Таго, які лічыў, што, каб прыйсці на неба, трэба чыстае мець адзенне.

У Раткевічавых вачах была горыч. Біскуповіч заплюшчыў вочы.

— І якімі сродкамі мы карыстаемся, каб дасягнуць мэты, таго, што мы разумеем пад шчасцем? Падспудныя чуткі, дуэлі і ярасць, бойкі на губернскіх зборах, барацьба перад выбарамі. Дыфармацыя даходзіць да таго, што я здзіўляюся, як да нас у часе выбараў прыязджаюць акторы і гандляры. Напэўна, да іх не даходзяць нашы словы, іначай яны ведалі б, што трапілі ў разбойніцкі вертэп. Сраціўшыя ўсё на свеце, аж да чалавечага аблічча! Гэтыя паны… валацугі без радзімы, мужчыны без мужнасці, людзі без сумлення! Я не магу глядзець на іх. Калі я думаю, што мы адной крыві мне хочацца выпусціць з сябе гэтую кроў. Ces messeurs sont un tas de gredins et le seul sentiment lu'ils m'inspirent est la haine de leur cause et le mépris pour mon pays[6].

Біскуповіч Януш усміхаўся аксамітна-цёмнымі вачыма. Запал маладога Загорскага падабаўся яму. Факты дыфармацыі сапраўды мелі месца дванаццаць год назад, калі Кроер вырашыў выставіць сваю кандыдатуру ў павятовыя маршалкі. Хацеў, відаць, пасля і ў губернскія падацца, але дваране і павета не далі. Досыць было з іх. З самага семсот восемдзесят першага года была на гэтай пасадзе дынастыя Галынскіх. І вось з саракавога года, семнаццаць ужо год, маршалкам пан Юры. Тады яму дваццаць дзевяць было, цяпер сорак шэсць. Нікога другога ім не трэба. Справядлівасць і мяккасць не на кожным дрэве растуць. Год адзінаццаць яшчэ паслужыць. А там, калі меркаваць па сённяшняй прамове, сынка давядзецца выбраць. Недалёка яблычка ўпала, ды, відаць, старую яблыню перарасце. Гэты не стаў бы і Мішку Мураўёву даваць спуску. А ўжо як перад ім на задніх лапках хадзілі маршалкі Крушэўскі ды Абданк у тыя тры страшныя леты[7]. А пан Юры не даў крыўдзіць людзей. Тром губернатарам не даў. Сярожку Энгельгардту не даў, Мікалашку Гамалею не даў, Міколку Скалону не даў. І чацвёртаму не дасць, бо, чутна, Скалон хутка загрыміць паспеў-такі нашкодзіць за тры гады. І ходзіць пагалоска будзе на ягоным месцы Аляксашка Беклемішаў, чалавек роду старога, але сварлівы і цяжкі.

І што яно будзе — адному богу вядома. Ды яшчэ старому Вежу. Той васемнаццаць губернатараў перажыў, а тых, каго не хацеў, ані разу не пусціў на парог. Тыя потым самыя горшыя былі. Нібы ён іх загадзя наскрозь бачыў. А ўнук ягоны унь гаворыць. Малайчына! А Раўбіч дурань.

— І ў чым мы бачым шчасце, якое трэба нам, як паветра? Ці мы чакаем яго для сябе, ці дабіваемся для ўсіх? На жаль, часцей за ўсё для сябе. "Шчасця" экіпажаў, рабоў, велічы, грошай, багатых каскадаў на мармуровых вілах. І, каб дасягнуць гэтага, забіваем у сабе Чалавека. А Чалавек той, хто змагаецца за роўнае права на шчасце для ўсіх людзей. І я сумую, тужу па такім Чалавеку. Раней мне здавалася, я знайшоў такіх людзей. Але цяпер бачу, што я адзін.

Біскуповіч схіліў галаву і падумаў яшчэ раз, што Раўбіч паддаўся дурному, вузкаму, каставаму разуменню гонару. А Браніборскі, як ні дзіўна, меў рацыю. Не манархам, вядома, бо ўсё гэта дрэнь і маразм, а "сцягам паўстання" хлопец мог бы зрабіцца. Ты, каго падчас ракавання[8] пытаюць апошнім, а пасля перамогі садзяць за стол вышэй усіх.

— Тады, можа, нашы зборы — гэта зборы патрыётаў? — сказаў Алесь. — Людзей, аб'яднаных служэннем айчыне? Не думаю. Князь Віцень мог за радзіму ўзысці на вогнішча. Міхал Крычаўскі мог разбіць за яе сваю галаву. Дубіна сесці на кол, а Мурашка на распалены трон. Агнём і жалезам яны давялі сваю любоў. Я пытаюся ў вас: ці здолее нехта з нас пакласці за яе руку… хоць бы на язычок свечкі? Вы кажаце: мяккасць нораваў. А па-мойму, адсутнасць разумення таго, хто мы такія.

Вежа ўскінуў галаву.

— У нас адно паходжанне, але выхаванне рознае. Мы маглі б жыць у розных канцах зямлі… Галаманы, паланафілы, англаманы і іншыя. Я пытаюся ў англамана, чаму ён есць на снеданне аўсяную кашу і лічыць гэта англійскім звычаем і ўхваляе яго? Чаму ён не заўважаў гэтага звычаю, калі нашы мужыкі елі і ядуць аўсянку сотні год? Я думаю, таму, што пакуль гэты звычай быў сваім да яго нікому не было справы, ім пагарджалі. Як жа, мы ж не коні, каб есці авёс! Але прыйшла англаманія і такі можа есці нават аўсяную салому. "Ах, як гэта арыгінальна! Яе ядуць коні лорда Норфалька…" Ён не заўважае, што яго край, накшталт няшчаснай Ірландыі, жыве сярод балотных туманоў, харчуецца бульбай і паданнямі і нясе залатыя яйкі тыранам. Мала бульбы і замнога фантазіі… І так ва ўсім. Наш край, мая зямля. Багатая, прыгожая, мяккая душамі людзей яна чужая нам… Спытаюць: чым? Я скажу: мовай.

Алесь ужо не заўважаў амаль нічога. Голас звінеў ад хвалявання, вясёлкавымі колерамі расплываліся агні свечак.

— Мова ў нас якая хочаце, толькі не свая. Свая яна — у сярэдняй часткі шляхты ды яшчэ ў нешматлікіх прадстаўнікоў буйной, перад якімі я нізка схіляю галаву. Бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай. І таму нам або непатрэбны зборні, або іх трэба зрабіць іншымі. Сапраўдным вечам, сапраўднай капою[9]. Месцам, дзе кожны аддаваў бы душу і здольнасці — народу.

Алесь узняў келіх:

— Я п'ю, каб рыцары сталі рыцарамі і мужы мужамі.

Ён выпіў. Хвіліну стаяла ціша. Потым — спачатку нясмела, з месцаў Біскуповіча і Мнішка, а потым мацней і мацней загучалі воплескі.

…Прамова спадабалася. Трохі па-маладому гарачая, але гэта нічога. Малады ёсць малады. Алеся прынялі аднагалосна, хаця некаторыя доўга раздумвалі. І ўсё ж аддалі шары і яны. Збаяліся агульнай думкі. Прамова была крамольная, і таму, калі б чуткі аб ёй дайшлі да старонніх, да адміністрацыі перш за ўсё западозрылі б тых, хто не кінуў шара. А гэта было небяспечна.

Агульнае асуджэнне было бязмернае, і таму нават самы подлы, самы разгневаны не рызыкаваў ісці на данос. Толькі гэтым і можна было растлумачыць, што за дзесяць год, што былі перад паўстаннем, з многіх тысяч удзельнікаў змовы не быў арыштаваны ніхто.

У размовах пасля прыёму шмат хто не хаваў свайго раздражнення на маладога Загорскага. Былі спрэчкі. Была і лаянка.

Сярод найбольш правых цвёрда ўгняздзілася думка:

— А Загорскага сынок… Чулі? Якабі-інец.

"Якабінец" тым часам менш за ўсё думаў аб сваёй прамове. Адразу пасля прыёму (прысутнічаць у той вечар на пасяджэнні новапрынятаму не дазвалялася, каб не чуў спрэчак пра сябе) два браты Таркайлы перахапілі яго і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Ён бы куды з большай ахвотай паехаў да кагосьці з сяброў, але ніхто не наважыўся парушыць "права першага". Алесь успомніў пра Майку і з адчаем махнуў рукою.

— Давайце!

Браты пачалi ляпаць яго па плячах, раўцi мядзведжымi галасамi, што смелы быў, як леў, што так i трэба.

Захуталі ў футры, пацягнулі раба божага да вялізных санак, што былі падобныя на іканастас: па металічных частках траўленыя "пад мароз", па драўляных размаляваныя крылатымі галоўкамі амураў.

— Васпана напаіць трэба, ракатаў пышнавусы круглы Іван. — Нашай кмяноўкі, нашага крупнічку… А палыновая!

— Я не п'ю… Амаль не п'ю.

— Амаль — гэта вобмаль, — павучаў худы, згорблены нейкай невядомай сілай Тодар.

…Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя, і маёнтак, відаць, заможны. Велізарны, з дубовых бярвенняў дом, укрыты шчапяным дахам. А за ім, адразу за садам, ледзь не на палову вярсты, гаспадарчыя пабудовы, сцірты збожжа, млын над рачулкай, вятрак, кастры бярвенняў пад павеццю.

— Сохнуць, — сказаў Тодар. — Некаторыя па шэсць-восем год. Хоць ты скрыпкі рабі… Канкурэнцыя толькі псуе справу, княжыч.

— Кінь, грукатаў Іван. Няма чаго гнявіць бога.

Сані спыніліся. Лёкай Пятро расхутаў паноў, павесіў футры ля ляжанкі ў вялікай пярэдняй, адчыніў дзверы ў гасцёўню.

Падлога заслана саламянымі тонкімі цыноўкамі, нацёртымі воскам. Мэбля ля сцен падобная на зборню мядзведзяў.

Наступны пакой сталовая. Акрамя звычайных шыбаў, устаўлены яшчэ і другія, з рознакаляровага шкла. Напаўзмрок. І толькі праз адно акно нечакана радасна і чыста глядзіць снежны дзень.

Селі за стол.

— Паспрабуй, княжа, калганнай ды часнычком закусі. Вось ён, раб божы, марынаваны. Паху ніякага, а смак утрая лепшы. А як наконт яшчэ торну, цярновачкі… Ты яе грыбкамі, подлую, грыбкамі… Рыжычкамі… Бач якія, з капеечку кожны. І не больш…

Алесю цікава было слухаць і думаць аб тым, нашто ўсё ж яго запрасілі.

Урэшце ўсе наеліся.

— Я мяркую, зараз будзе галоўная размова, — сказаў Алесь.

І ўбачыў насцярожаны позірк чатырох шэрых вачэй. У іх не было дабрадушнасці. І наогул у сваіх дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру браты нагадвалі натапыраных шэрых чапель, што на водмелі пільна сочаць за маляўкай.

— Я мяркую, — сказаў Алесь, — вам трэба параіцца са мною аб нечым. Папярэджваю: размова начыстую. Толькі тады я перадам усё бацьку. І растлумачыў: Я толькі малодшы гаспадар, панове.

Жорсткі прыкус Іванавага рота змяніўся ўсмешкай: на адным краёчку вуснаў.

— Добра, — сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. — Карты на стол.

Тодар кіславата ўсміхнуўся і дастаў з пузатага бюро аркуш паперы.

— У нас ёсць пляменніца, — густа сказаў Іван. — Сірата. Круглая. Мы апекуны. У гэтым годзе яна дасягнула паўналецця.

Алесь убачыў разгорнуты ліст натарыяльна засведчанай копіі запавету, прачытаў прозвішча паўналетняй: "Сабіна, дачка Антона з роду Марычаў, дваранка, васемнаццаці год". Убачыў суму: нешта каля ста тысяч без працэнтаў.

— Ясна, — сказаў ён. — Што залежыць ад мяне?

— Мы хочам арандаваць у пана Юрыя тую вялікую пустку, каля нас. Грошы гатоўкаю, хай не турбуецца, грэх крыўдзіць бедную сірату.

— Але?…

— Але і нам ужо досыць абрыдла апекавацца. Ёй час гаспадарыць самой. Мы купілі тыя кліны, што ля пусткі. У Браніборскага. Улічыце, за свае грошы.

— Ведаю, — сказаў Алесь. — Зямля благая. Танная.

Браты пераглянуліся. Арэшак быў больш цвёрды, чым спадзяваліся.

— Мяркую, пустка патрэбна вам пад нейкую забудову.

— Бровар, — сказаў кіслы Тодар.

— І зямля вам патрэбна як гарантыйны фонд! Пад жыты і бульбу. Пакуль бровар не прыдбае сталых, заўсёдных пастаўшчыкоў сыравіны?

— Але, — трохі збянтэжана сказаў Тодар.

Алесь думаў. Браты з некаторай ніякавасцю глядзелі на яго.

— Зямля тая пустуе, — сказаў урэшце юнак. — Я думаю, што прывязу бацьку выгадную здзелку. Аб суме арэнды і тэрміне яе зложыце пагадненне з панам Юрыем. Браты ўздыхнулі з плёгкаю.

Але радавацца было ранавата. Алесь раптам сказаў:

— Як будучы гаспадар, я са свайго боку даб'юся ў бацькі, каб ва ўмову ўнеслі толькі адзін пункт.

— Які? — спытаў насцярожаны Тодар.

— Скажам, уся пустка ў арэнду на дзесяць год.

— Досыць, — сказаў Іван.

— Але дзве дзесяціны, ля самых кліноў Браніборскага, ідуць у арэнду без тэрміну і за самую мізэрную плату. Затое на гэтай плошчы размяшчаюцца ўсе сховішчы сыравіны для бровара.

Браты паглядзелі адзін на аднаго: а ці няма пасткі.

— А нашто такое? — спытаў Іван. — Гэта што, каб кожны момант скасаваць арэнду?

— Не, — сказаў Алесь. — Арэнда скасоўваецца толькі ў адным, загадзя абмеркаваным пункце… прабачце, пры парушэнні яго.

— Якая ўмова? — змрочна спытаў Іван.

— Прадукцыя бровара не ідзе на патрэбу наваколля.

— Ды мы ж і думалі… — прабасіў Іван.

Але Тодар перапыніў яго:

— Чакай, Іване. Чаму?

Па Алесевым твары ні аб чым нельга было здагадацца.

— Па-першае, таму, што спірытусавы гандаль, скажам з Рыгай, значна больш выгадны для вас, — сказаў ён. Адразу ёсць магчымасць паставіць справу на шырокую нагу… Вы забяспечыце вашу сваячку значна лепей.

— А калі мы не згодзімся? — спытаў Іван.

— Пашукайце ў другім месцы, — непарушна сказаў Алесь. — Толькі ад Магілёва і ледзь не да Гомеля самая ўрадлівая на ўсё Прыдняпроўе зямля. І адпаведна самая дарагая. Я ж, са свайго боку, абяцаю вам, што даб'юся таннай арэнды.

Таркайла Іван глядзеў на яго дапытліва:

— Няхай Рыга. Мы і самі так думалі. Выгадней. Але…

— Ды нашто гэта табе? — спытаў Іван. Ля хлопцавага рота падсохлі жарсткаватыя мускулы.

— Я не хачу, каб ваш бровар нішчыў набытак нашых людзей, — урэшце сказаў ён. — Не хачу, каб ён узбагачаў адных карчмароў.

— Ну, — сказаў Іван.

— Самі ведаеце, як нават дробны чыноўнік пасля працы ідзе за пяць вёрст ад горада, каб выпіць у карчме ля прыватнага бровара чарку ды вярнуцца абедаць. Бо гарэлка таннейшая. То што казаць пра селяніна.

Здзіўленыя ходам ягонай думкі, яны глядзелі на яго ўсё яшчэ непаразумела і насцярожана.

— Слухай, князь, — урэшце сказаў Іван. — Я табе ўсё яшчэ не веру. Не магу паверыць. І ведаеш чаму?

— Ну?

— Мне ўсё здаецца: пастку ты нам нейкую ладзіш. Бо якая ж табе тады выгада зямлю нам даваць у арэнду?

— Выгада? — спытаў Алесь. — А вось і выгада. Каму на гэты бровар бліжэй за ўсіх будзе ісці? Маім. Гэта прамысловасць. Занятак для рук і хлеб. І яшчэ… купленыя лішкі хлеба… І потым, жом[10] вы, пэўна, у Рыгу не павезяце, на чужое лукамор'е. Да мяне ж прыйдзеце, да нашых жа мужыкоў… Значыць гэта сытае быдла. Значыць, гэта гной і мужыцкі ўраджай сам-шэсць… Мяркую, досыць?

— Ты, князь, часам у шахматы не гуляеш? — спытаў Іван.

— Нават не люблю.

— А дарэмна.

Іван доўга думаў. Потым ляснуў далонню па стале.

— Згода! — сказаў ён. — Перадавай пану Юрыю… Адно не ведаю, да якога часу ты такі будзеш.

Маўчалі.

— Ану крупнічку! — сказаў Іван. — Піце, княжа. Продкі пілі — сто год жылі. Востры, салодкі без саладжавасці гэтай, празрысты. Слёзы божыя!

Выпілі.

— Тады паглядзі, князь. Паглядзі на сірату, якую ашчаслівіш, цвёрды хлеб дасі.

Ён выйшаў, гукнуў нешта Пятру, вярнуўся, сеў і наліў чаркі.

Крупнік сапраўды быў дзівосны. Алесь піў вельмі мала, але адчуваў, які ён духавіты і сапраўды мяккі.

— А вось і яна, — сказаў Іван. — Дачка траюраднага брата.

Перад Алесем стаяла дзяўчына. І адразу ўсе ягоныя ўяўленні разбурыліся. Тонкая і гнуткая ў таліі, шырокая ў клубах, высокая ў невялікіх грудзях. Ногі нібы непарушна неслі тулава, і ганарыста была закінута невялічкая галоўка.

Алесь ўзняў вочы і ўбачыў даўгаватую шыю, востры грэбень залацістых валасоў, а пад імі, пад невысокім лобам, доўгія вочы зеленаватага колеру. Халаднаватыя, занадта спакойныя і празрыстыя вочы. А носік быў трохі прыўзняты і востранькі.

— Вы клікалі мяне? — голас таксама халаднаваты, як струменьчык.

— Але. Пазнаёмцеся, — буркнуў Іван.

Зрабіла рэверанс, і малахітавая сукенка нібы заструменілася.

— Сабіна, — сказаў Тодар, — князь паабяцаў, што мы атрымаем у арэнду тую пустэчу.

— Я вам удзячна, князь. Мне прыемна, што вы тут.

Таркайлы глядзелi на яе з гонарам. Алесь — з нейкiм невыразным, змяшаным пачуццём захаплення i холаду.

— Я рад, што здолею зрабіць дзеля вас гэтую дробязь.

Саступаючы ёй дарогу за крэсла, ён трапіў у пляму снежнага святла з адзінага некаляровага акна. Загарэліся іскрыстыя каштанавыя валасы. Сабіна села ў крэсла і ўзняла на Алеся вочы. Усё такія самыя, халодныя і занадта спакойныя вочы. Вейкі раптам, зусім непрыкметна, здрыгануліся: убачыла. Пухлаватыя вусны варухнуліся трохі наперад.

— Я хацеў бы яшчэ сягоння вечарам пагаварыць з бацькам, — сказаў Алесь.

— Але я сапраўды рада, што вы тут, — з дзіцячай, трохі капрызнай ноткай у голасе сказала яна.

Алесь убачыў вочы. Цяпер у іх жыла цікаўнасць. Дзяўчына вывучала яго ці не занадта пільна.

— Я таксама. І цешуся тым, што цяпер, стаўшы зусім блізкімі суседзямі, мы будзем бачыцца.

Яна глядзела на яго, нібы запамінаючы. У гэтых вачах разам з холадам жыла нейкая дзіўная ўсмешка, нібы дзяўчына сама ведала, якое дваістае ўражанне яна робіць на людзей. І Алесь зразумеў гэта і адразу дараваў ёй унутраны холад; за розум. А яна зразумела, што ён разумее і даруе.

— Дзякуй вам, — усміхнулася яна. — Да сустрэчы, князь.

…Ён скакаў у Загоршчыну і ўсё абдумваў гэтае дзіўнае здарэнне.

Сабіне не трэба было глядзець так. Майка ніколі не глядзела так. Эх, ды ці не ўсё адно, як глядзела на яго Майка. Гэтага больш ніколі не будзе. Няма нават Майкі. Ёсць Міхаліна, дачка Яраслава Раўбіча, сястра Франса Раўбіча, дачка і сястра ворагаў.

Ён пусціў каня наўскач. Вакол сінелі перадвячэрнім святлом снягі. На раздарожжы, на шляху, які вёў у Раўбічы, ля вялізнага драўлянага распяцця Алесь яшчэ здалёк убачыў сілуэт маленькага конніка.

Сумненняў быць не магло. Юны Вацлаў Загорскі выязджаў на гасцінец з раўбіцкай павароткі.

— Хто вы такі, рыцар? — жартаўліва крыкнуў Алесь.

— Я не ведаю, хто вы, — выгукнуў Вацлаў. — Але бараніцеся.

Коні пайшлі побач.

— Ты адкуль гэта? — спытаў Алесь.

— Выганяў каня.

— Адзін?

— Бацька дазволіў.

— Так далёка?

Вацлаў зніякавеў.

— Я унь да той павароткі.

— Не трэба табе нават глядзець у той бок, — з горыччу сказаў Алесь. — Ведаеш, сталі ворагі. Ты не сумуй, мілы.

Яны моўчкі ехалі дадому. Стрэмя да стрэмя. Абодва думалі аб нечым сваім.

Алесь у думках развітваўся з Майкай, успамінаў ракеты за шклом альтанкі, дрэвы, адрыну, што палыхала сінімі і чорнымі палосамі.

Ён не ведаў, што брат зрабіў больш разумную справу, чым ён. Не ведаў, што ўсяго гадзіну назад Вацлаў, напрасткі прабіўшыся лесам да Раўбічаў, стаў ля агарожы і дачакаўся штодзённай прагулянкі Стася і Наталі. Не ведаў, што яны гадзіну прастаялі, раздзеленыя агарожай, і паціскалі адно аднаму рукі. Наталя плакала, а хлопцы моўчкі ўздыхалі.

— Як пашалелі, — сказаў Вацлаў.

— Дарослыя.

Зноў маўчанне.

— Не веру я, што Алесь дрэнны, — сказаў Стах.

— А Майка, думаеш, дрэнная?

Вавёрка страсае на іх цэлы блакітны снегапад, і Наталя забываецца на слёзы.

— Гэта проста іхняя дарослая дурасць, — кажа Вацлаў.

— Пра нас дык і не падумалі.

Калі надыходзіць час развітання, Наталя зноў пачынае плакаць.

— Ну вось што, — сурова кажа Вацак. — Слязьмі гору не дапаможаш.

— Вядома, так.

— Яны там сабе б'юцца, а ў нас чубы трашчаць.

— Вось што, — кажа Наталі Вацлаў, — ты не плач… Я лічу, нам трэба сустракацца вось так. Скажам, кожны чацвер. Яны там як сабе хочуць, а я іхнім зажывошчам патураць не збіраюся.

— І я, — прыхліпае Наталя.

— Яны там няхай сварацца — гэта яшчэ не прычына, каб нам сварыцца, — кажа Стась, і ў яго трасуцца вусны.

Рукі дзяцей прасоўваюцца праз стылую бронзу агарожы, кладуцца адна на адну. Тры цёплыя камячкі ў стылых вялізных дрэвах…

III

Апошняй зімовай дарогай Таркайлы завезлі на арандаваную зямлю дрэва, цэглу і дзікі камень. Пачалі будаваць сховішчы, а насупраць, на былых клінах Браніборскага — бровар, баракі і домікі для вінакура і механіка.

Алесь цяпер часта ездзіў туды: спачатку санна, потым, калі сапсавалася дарога, — верхам. Амаль кожны дзень прыязджала туды і Сабіна.

Загорскі назіраў за выкананнем усіх правіл, прадугледжаных у кантракце, пікіраваўся з дасціпным чэхам-механікам, а яна з сядла слухала іх. Алесь не ведаў, як абвастраецца знаходлівасць, калі два мужчыны вастрасловяць не на жывот, а на смерць у прысутнасці дзяўчыны. Ён толькі пачаў рабіцца мужчынам, і гэта быў першы ягоны прадвесень.

Таму ён не ведаў, чаму халодныя Сабініны вочы цяплеюць, калі яна глядзіць на яго, і ў такія хвіліны адчуваў сябе няёмка.

Усё было скончана, і ён дзёўб сам сабе, што не хоча ранейшага, што яно непатрэбна яму, што ён больш не кахае. Хлусіў сам сабе, але прымушаў сябе забыць.

І ўсё адно ў такія імгненні ён, нават праводзячы Сабіну да дома Таркайлаў, раптам змаўкаў і глядеў на бязмежныя наздраватыя снягі — і праз іх — невідушчым шырокім позіркам.

Ёй хацелася спытаць: "Дзе ты?" — але яна толькі ўнутрана згіналася, з болем разумеючы, што ён побач і не побач, і побач ніколі не будзе.

I тады, думаючы, што разлука лепш за ўсё паможа, яна адпрасiлася ў дзядзькоў — пакуль не скончаць у новым пасёлку дом для яе — паехаць адсюль. У Пецярбург. Тыя вымушаны былi дазволiць. I Сабiна на некаторы час знiкла з Алесевых вачэй. Нечакана, так, як з'явiлася. Абое не думалi, што жыццё сутыкне iх, ды i як яшчэ сутыкне.

За дзень да ад'езду Сабіны з'явіўся ў Загоршчыну Мсціслаў Маеўскі, знерваваны да апошняга: дайшлі чуткі аб Алесевых прагулянках.

Пастрыжныя браты сядзелі на доўгай тахце. Белавалосы Мсціслаў з ледзь прыхаванай грымасай страшэннай агіды курыў бацькаву цыгару. Голас, звычайна такі прыемны, загучаў груба, калі ён урэшце кінуў першае слова:

— Суцешыўся?

— Чаму не, — халодна адказаў Алесь.

— Віншую, — сказаў Мсціслаў. — Памяць каціная… Калі ты і з сябрамі так…

— З сябрамі не так.

Алесева сэрца падала ад жалю. Але зрабіць нічога было нельга.

— Звязаўся з Таркайламі, — сказаў Мсціслаў. — А ты ведаеш, што пра іх кажуць? Ты ведаеш, хто яны? Гэтыя старасветчыкі, гэтыя святыя ды божыя старазаветныя шляхцюкі — яны горла за свае грошы перарваць гатовы. У іх замест сэрца — каліта, замест мозгу — каліта. Яны з тых страшненькіх, што добрыя-добрыя да чалавека, проста хоць ты іх да скулы кладзі… аж да таго часу, пакуль справа не дойдзе да іхніх інтарэсаў. І тут яны — заб'юць учарашняга сябра.

— Калі "звязаўся" азначае "адзін раз пабыў у доме", я сапраўды "звязаўся".

— Угу, — сказаў Мсцiслаў, — i кожны раз вас конных бачаць. Удвух. Ад Бранiборскiх былых клiноў да Таркайлавай павароткi. Чорт палову свету аббегаў, пакуль вас не знайшоў ды адзiн да адного не штурхнуў.

Алесь усміхнуўся:

— Трэба ж і чорта ўважыць, калі яму столькі бегаць давялося.

— Што ж, — сказаў Мсціслаў, — як сабе хочаш. Проста яшчэ і гэтыя чуткі дайшлі да Раўбічаў.

— Ну і што? Хіба там яшчэ нехта цікавіцца мною?

— Я думаю, да гэтага вас яшчэ можна было памірыць. Раўбіч таксама адышоў трохі. Зразумеў, што ўсё гэта не больш як брыдкія плёткі.

— Адкуль гэта ён раптам такі разумны стаў?

— З ім Біскуповіч гаварыў. Сур'ёзна. Пасля твае прамовы. А тут ты з Сабінаю. Трымаў ты сябе проста як хлапчынка. Чуткі дайшлі да Міхаліны. Усё, відаць, з той самай крыніцы ведаюць…

— Што?

— …што ты нібыта аддаў пустку па такой таннай цане, бо спадзяешся ў хуткім часе парадніцца з Таркайламі… І нібыта з панам Юрыем даўно дамоўлена і ягоная згода ёсць, бо ён слова не сказаў наконт арэнднай платы, прапанаванай табе.

Алесь збялеў:

— Як?

— "На вечныя часы", — сказаў Мсціслаў. — "З умовай пабудовы сховішчаў…" Цяпер нават тыя, што верылі наконт таго, што ты з Геленаю невінаватыя, — маўчаць.

У Загорскага перахапiла дыханне. Удар быў разлiчаны i страшны. Ён ускочыў з месца.

— Я ж нічога!.. Яна заўтра…

I асекся. Усё адно нiчога нельга было растлумачыць людзям, якiя не верылi яму, а верылi абрыдлiваму паклёпу.

— Няхай, — цяпер гнеў біў і яго. — Чорт з ёю, калі так. Медальён вярнуць?

— Не, — здзівіўся Мсціслаў.

— І добра. Я ўсё адно не аддаў бы. Плёткам пра мяне паверыла. Не хачу я такіх… Не хачу!.. Не было ў мяне нічога з Сабінаю… Але ўжо калі яны так — я з самай беднай дзяўчынай ва ўсім Прыдняпроўі ажанюся… Простай, добрай…

Мсціслаў сядзеў сур'ёзны: паверыў Алесю.

— Ты пачакай, — глухім голасам сказаў ён. — Ты спачатку дачакайся Майчынага вяселля.

Алесь ляснуў зубамі і сеў.

— З кім?

— З Іллём Хаданскім…

— Як з Хаданскім?

— Так, — Мсціслаў казаў гэта, нібы яго душыў нейкі клубок. — Пасля весткі аб гэтай пустцы… яна як драўляная хадзіла з тыдзень… Пазаўчора гэты… з'явіўся… Прызнаўся ў каханні.

— І што?

— Дала згоду. Праз месяц заручыны.

Алесь глядзеў у кут. Потым барва кiнулася яму ў твар. Ён адчуў млосную гарачыню ва ўсiм целе. На хвiлiну здалося, што ён вар'яцее.

— Ну, — сказаў ён. — Ну… ну… ну гэтага я і чакаў. Несправядлівасці… Самай абрыдлівай… У іх гэта заўсёды так…

— Не смей яе!..

Алесь убачыў, як пастрыжны брат шаруе адной рукой па кісці другой, нібы сцягваючы пальчатку.

— То што?

— Што… хочаш… Каго хочаш… Заўтра ж… Але яе… не смей! Заб'ю!

Мсціслаў раптам асекся. Угледзеў аблічча Алеся. Ён яшчэ ніколі не бачыў, як людзі плачуць без слёз.

— Мсціслаў, братка! То ты так кахаў яе?!

З хвіліну вісела маўчанне. Потым Алесь паклаў рукі на плечы Мсціславу.

— Даруй. Ты ідзі да яе. Ідзі. Разбуры ім усё. Адбі ад Хаданскага. Ідзі.

— Ніколі, — сказаў Мсціслаў.


Назаўтра Мсціслаў паспрабаваў расказаць Міхаліне Раўбіч аб сапраўдным жыцці Алеся, аб разлічанай знявазе, якую чыніў яму невядомы вораг, аб тым, што лепей бы прымірыцца, разарваўшы непатрэбныя заручыны, але сустрэў крыўду, схаваную за вонкавай абыякавасцю. Заручыны разрываць было нібыта "позна". Размова скончылася нічым.

Суцяшаў дзед. Калі ўнук вяртаўся вечарам у Вежу (не мог больш у Загоршчыне), стомлены, пасінелы ад дзённай скачкі па нівах і пушчах, галодны, часам мокры вышэй калена (шукаў дарогі каню), пан Даніла сядаў ля яго ў бібліятэцы і, паглядаючы ў агонь, казаў:

— Я ведаю, табе зараз здаецца, што ўсё мінула, усё скончана.

Алесь ніколі не дазволіў бы такой размовы з бацькам. А дзеда не трэба было саромецца. Ад яго нічога не трэба было хаваць. Дзед ведаў: тут нічым не паможаш, і кожны павінен сам прайсці гэта, стаць мужчынам, сам знайсці выхад. Ён толькі чакаў, каб якраз у гэты момант — не раней і не пазней — даць параду. Крызіс — ён разумеў гэта — яшчэ не прыйшоў.

— А тым часам нічога не скончана.

— Яны хутка заручацца.

— Хутка, — стомленыя вочы дзеда глядзелі ў вочы хлопцу. — Заручыны — гэта не вяселле. І нават вяселле яшчэ не канец. Разумееш, на зямлі існуе адзіная непапраўнасць, адзіная незваротнасць. Гэта смерць. Пакуль яна не прыйшла — усё можа змяніцца тваёй воляй або капрызам лёсу.

— Але ж нашто так мучыцца тады?

У глыбокiх вачах нараджалiся хiтрыя iскры.

— А ты што — зручнасцi хацеў? Яна ж зненавiдная сапраўднаму каханню, лёгкасць гэтая, зручнасць.

Усмешка, нiбы не вытрымаўшы, з'яўлялася на вуснах.

— Авідзій не дурань быў, калі даваў параду.

— Якую?

— Заходзіць праз акно, нават калі нішто не перашкаджае заходзіць праз дзверы. Quod datum ex, — скандаваў ён, — facili longum male nutrit amorem — тое каханне, што лёгка дораць, не цягнецца доўга.

І, станісты, ганарыста-моцны, схіляўся да агню.

— Вось агонь. Часам ён бывае далёка. Але ўсё адно, ідучы па гурбах, радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далёка. З часам дойдзеш… І я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі.

— А калі зусім замерзнеш?

— Глупства! Ідзі! Мужныя не гінуць…

Дзед ўсё разумеў. І рабілася лягчэй.


…Хмары, якiя дзень i ноч цягнулiся над раўнiнамi i ярамi, паступова з'ядалi снягi. На самых высокiх курганах з сонечнага боку сышоў снег, i ў праталiнах звiсалi пасмы сухой травы ды курэла вiльготная зямля.

Чарнелі бакі курганоў. Бацькі дыхнулі цяплом з магіл.

Ад паўдня і да першай зоркі звінелі над зямлёй галасы: ля сціртаў і на курганах дзеўкі і хлопцы гукалі вясну. Стаялі тварамі на поўдзень і кідалі ў празрысты абшар страсныя воклічы.

У душу закрадалася дзiўная знямога i мука.

Алесь нiбы ашалеў за гэтыя днi. З самай ранiцы шукаючы палёгкi, часта не снедаючы, сядаў на каня i аб'язджаў многiя i многiя абшары. Ахрыплы ад ветру, з цяжкай ад сонца галавой, ён гайсаў ад пушчы да пушчы, пазбягаючы вёсак i вялiкiх дарог, нiбы ачмурэлы ад першай сапраўднай вясны ваўчок-пераярак, сам не ведаючы, куды яго цягне i што яму трэба.

Вакол было сонца, раставалі пад ім шэрыя наздраватыя сумёты, бялелі далечы. Дарогі нібы падымаліся вышэй палёў. І ў гэтым вялікім свеце толькі яму не было месца.

Першы жаўрук захлынаўся над снягамі, і яму было добра, бо гэта ён толькі што прынёс і падарыў нівам сонца.

Трывожна крычаць гракi, быццам дражняць чымсьцi невядомым.

Вось на вітахмоўскай стайні гігоча жарабец. Дзікім, не такім, як заўсёды, гікам. Такое ржанне, што нездарма, відаць, паверыла дурная баба з казкі словам мужыка: "А гэта, любая, нашага пана чэрці дзяруць, то вось ён і раве дурным голасам".

Коцікі вярбы. Коцікі, коцікі, коцікі вярбы. Зялёная на злом галінка вішні, якую, едучы верхам, можна трымаць у роце, заплюшчыўшы вочы, адчуваючы вільготны водар, свежую горыч і яшчэ штосьці невядомае.

І раптам амаль спуджана ўскінуць вейкі ад трубнага, гарластага клічу:

А ўжо, дзеў-кі, вя-асна ідзе!!!
Здалёк, з вёскі, нібы ў тон воклічу, адказвае хрыплы, дрымотны крык пеўня.

…Першая зорка ў вышыні. Празрыста-сіняе неба над густа-сіняй зямлёй. Але мяккая свежасць паветра не прыносіць спакою. Далячынь трывожыць, хвалюе, кліча. І, куды б ты ні павярнуў каня, насустрач табе з курганоў лятуць і лятуць трывожныя галасы:

Дай, Ма-рышка, клю-у-чы!
Зноў лёт каня. Але здалёк, з другога кургана адклікаецца другі голас:

Дай, Ула-дак, клю-у-чы!
Баліць галава, і не знікае знямога, і чаканне поўніць грудзі, і вецер свішча ў вушах, але скакаць няма куды.

Вось, з трэцяга кургана:

Ада-мкнуць зямлі-і-цу!
І яшчэ аднекуль, зусім здалёк:

Вы-пусціць траві-і-цу!
Куды ўцякаць, калі веснавымі вечарамі, прагнучы нязнанага, лямантуе з курганоў аб вялікім сонцы ўся родная зямля?

IV

Я пачаў гэтую кнігу два гады назад. За спіною былі дванаццаць год жыцця ёю, думак аб ёй, ненапісанай. Былі ўспаміны людзей, кнігі зачытаныя і кнігі, да якіх на працягу амаль стагоддзя не дакраналася нічыя рука, акрамя маёй. Я трымаў у руках халодную сталь інсургенцкіх кордаў і канфірмацыі расстрэлаў, якія, здавалася, сачыліся крывёй…

Чаму магла навучыць кніга, якой было сто год і адзіны экземпляр якой так і астаўся з неразрэзанымі старонкамі? Не ведаю. Але гэта была нібы замураваная частка памяці цэлай эпохі. І мне здавалася, што на кожнай вокладцы — варта толькі ўгледзецца — напісана: "Хто згубіў сваю памяць — згубіў усё…"

Нечапаны аркуш паперы ляжаў на стале. За вокнамi вялiзнага пакоя стаяў цёплы i цёмны вечар канца сакавiка. Познi вечар быў у садзе за двума вокнамi; познi вечар быў i на цiхай вулiцы, за iншымi вокнамi.

І раптам за вокнамі з'явіліся агні. Спачатку адзін, потым два, потым маленькае, як стажары, сузор'е, потым два сузор'і, тры, пяць, дзесяць.

Яны рухаліся вуліцай, здалёк і паўз мяне. Я не ведаў, што гэта такое, я проста бачыў, што гэта ўначы людзі нясуць агонь. Так, як вынес яго калісьці на сходы чалавек у белай сарочцы, з мужным і горкім тварам.

Людзі ішлі, ішлі, прыкрываючы далонямі цёплыя агеньчыкі свечак, якія мог згасіць нават слабы подых ночы. І ўсё ж яны ішлі за першымі, і далоні ў іх былі ружовыя, таму што іх наскрозь прасвечваў агонь. І кожны агеньчык быў слабы, але разам яны стваралі зарыва, якое пераможна плыло ў ноч.

І ніколі потым, як бы цяжка ні было, я не сказаў слоў старадаўняга пісца, запісаных ім на палях нейкага там "Апостала": "Кніга-кніга, ужо мі ад табя моташна". Заўсёды яна заставалася для мяне ўлюбёным дзіцем, бо кожны раз я ўспамінаў ноч, у якой спачатку з'явіліся першыя, а потым усё людское мора, залітае агнём.

І я помню іх, людзей, што ішлі ў ноч, прыкрываючы жывымі, цёплымі далонямі агонь. Помню.

Над бярозамі, што абступалі царкву, віселі халаднаватыя і празрыстыя зоры. З вокнаў і шырока адчыненых дзвярэй лілося на цвінтар і натоўп аранжавае святло. Зрэдку, калі галасы пеўчых узляталі асабліва высока, — у шатах бяроз, у гнёздах сонна ўскрыквалі і хрыпелі гракі.

У царкве вёскі Мокрая Дуброва, самай блізкай да Раўбічаў і Азярышча, ішла паўночніца па вялікай субоце. Вялікі натоўп тых, што не праціснуліся ў храм, стаяў на цвінтары, слухаў спевы. Сёй-той часам уставаў на пальчыкі і, выцягнуўшы шыю, заглядаў у агністую пячору. Бачыў адчыненую царскую браму, светлыя рызы папоў і зноў апускаўся, пагойдваючы галавой і ўсім выглядам паказваючы, што ўсё як мае быць, як заведзена: ведаем, бачылі, а значыць, можна пастаяць і на цвінтары, і няма асаблівай прычыны, каб дужа шчаміцца ў храм.

Сям-там гаманiлi: аб вясне, аб тым, як ачуняла азiмiна, i аб тым, у чым благалепiе лiтургii вялiкай суботы i ў чым яе адрозненне ад благалепiя лiтургii велiкоднай.

Алесь прывязаў каня да агарожы і павольна пайшоў праз натоўп па галоўнай алеі.

Ідучы праз натоўп, ён усміхаўся. Выхаваны старым Вежам, Алесь ніколі не задумваўся аб сутнасці абрадаў. У гімназіі даводзілася выконваць. Можна з імі, а можна і без іх. І цяпер яго кранала хутчэй не тое, дзеля чаго людзі сабраліся тут, а самі людзі і тое, што яны сабраліся.

Вось адзін ціха цягне "ліцы ангельсціі", выцягваючы шыю і найсаладзейшым чынам заводзячы пад лоб вочы. Астатнія стаяць і глядзяць яму ў рот… Вось скрыўлены рот бабулі… Белагаловы мужык стаіць на каленях, нібы перад плахай, безнадзейна звесіўшы галаву…

Плача, горкімі слязьмі заліваецца баба ў намітцы.

— Чаго ты?

— Ды я-як не плакаць… Пла-ашчаніцу зараз у алтар панясуць. Сорак дзён ён, бацюхна, па зямлі хадзіць будзе… Бачыць будзе ўсіх, усё наша… бачыць.

Чародка дзяўчат і хлопцы вакол яе. Відавочна чакаюць хрыстосавання.

А вось дзяўчына ў сіняй з золатам старадаўняй хустцы. Стаіць, скрыжаваўшы рукі. Тварык закінуты ўгору, рот прыадкрыты. Слухае, а ў вялізных вачах — слёзы… Б'ецца, пабіваецца галавой аб зямлю нейкі шляхціц. Укленчыў, і такое, відаць, нясцерпнае гора, што калоцяцца плечы.

— Не пабівайся так. Не трэба.

Алесь ішоў — і нібы ўсе людзі праплывалі, уставалі перад ім. І ад раптоўнай любві да іх, замілавання і вялікага жалю ў яго нешта дрыжала ў горле.

Бледны, са змарнелым абліччам і бяскроўнымі вуснамі, ён ішоў бліжэй і бліжэй да адчыненых дзвярэй, да скляпенчатай аранжавай плямы, адкуль даляталі спевы.

Нехта асцярожна ўзяў яго за плячо. Азірнуўся — Кандрат Кагут. Светла-сінія, з добрай хітрасцю вочы.

— Юж по вшысткем, — іранічна сказаў Кандрат, — по мшы і по казаню[11].

— Здароў, братка, — узрадаваўся Алесь.

— Здароў. Хадзем са мною. Нашы там.

Кагуты-малодшыя прымасціліся трохі ў баку ад алеі, не сталі праціскацца за бацькамі і дзедам Данілам у царкву. Але яшчэ да таго, як Алесь і Кандрат дайшлі да іх, з-за дрэў выступіла танклявая зграбная постаць Андрэя Кагута.

— Ты з кім, Кандраце? — сказаў, бы праспяваў.

— Вось, — сказаў Кандрат. — Загорскі. Градзе, як жаніх у палунашчы.

— Што я, страшны суд? — адказаў жартам Алесь.

Нечаканыя словы Кандрата зачапiлi яго. Ён сапраўды прыйшоў, як жанiх у палуначы, хацеў убачыць Майку.

— Ну, не зусім страшны, — сказаў Андрэй. — А трохі ёсць. — Нясмела ўсміхнуўся, сціпла прыкрыў доўгімі веямі вочы. Алесь не спадабаўся яму.

І амаль адразу Алесь трапіў у абдымкі. Адусюль у вочы лезла адно і тое: залацістыя патлатыя валасы, дзікаватыя сінія вочы, простыя насы, белазубыя ўсмешкі. Ага, вось нехта іншы: Марта, Стафанава жонка. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі — ціхі, вады не скаламуціць, Стафан.

— З велікоднай ночкаю вас.

Адзін Стафан з усіх Кагутоў перайшоў на "вы", калі Алесь скончыў гімназію.

— Ты што, пазней не мог?

Бацюхны, Паўлюк, гарачы часам, але такі часцей за ўсё салідны Паўлюк! Павёлка, равеснік, вясковы сябра! І гэта за які месяц стаў такі, што не пазнаеш, перайшоў мяжу да дарослага хлопца: кучаравяцца маленькія залацістыя вусікі. Світка на адно плячо, быццам рыхтуецца біцца на кулаках; магерка зухавата заламана назад.

— Гэй, а мяне? — разважлівы голас ззаду.

Нехта торгае за рукаў, Юрась.

— Юраська-Юраська, — смяецца Алесь. — А хто быў галыш мужаска полу?

— Ды ну цябе, — з паважным дакорам кажа пятнаццацігадовы, ладны хлапец.

— Што "ну цябе"? — смяецца Кандрат. — А каму яшчэ ўчора… што?.. Ну што, Алесь?

— Каму яшчэ ўчора бондачку[12] давалі? — падкусвае Алесь.

Рогат.

— Цiха вы, — паважна кажа Марта. — До ўжо. Во, грэх якi. Пахрыстосуемся загадзя, Алесь Юр'евiч.

Вочы маладзіцы смяюцца. Яна выцірае хусцінкай рот.

— А хрыстосавацца загадзя — не грэх? — пытае Стафан.

Алесь стаіць сярод іх і адчувае, што горла нібы сціснула. Яму было так дрэнна ўсе апошнія дні, што ён, трапіўшы раптоўна ў сваё, у роднае кола, трымаецца з апошніх сіл.

— Кагосьці яшчэ няма, — глухім голасам сказаў Алесь.

— Мяне, — і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку.

Алесь жартам узняў яе, — ого!

Янька глядеза на яго сур'ёзна і строга. Удалася яна не зусім у Кагутоў. Рот маленькі, а вочы ўдвая большыя, чым у іх. Ужо цяпер у яе была тоўстая каса, ледзь не з руку таўшчынёй.

На сцежцы пачуліся крокі.

— Хто гэта тут маю нявесту чапае? — прагучаў юначы прыемны голас.

— Мсціслаў, — віскнула Янька і кінулася да яго.

Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут.

Мсціслаў ускінуў вейкі, і на вуснах ягоных з'явілася ўсмешка:

— Вялікая ноч?

— Вялікая ноч, дружа.

І гэта гучала, як: "Па-ранейшаму?" — "Давай па-ранейшаму, дружа".

І адразу, нібы пакарыстаўшыся гэтай магчымасцю і хочучы замацаваць яе, Мсціслаў сказаў з іроніяй:

— То чаго гэта пан Загорскі прыехаў у царкву Мокрай Дубровы?

— Бо тут Кагуты, — сказаў Алесь.

— Во шчасце якое, — наiўна сказала Янька. — А мы якараз хацелi ў Мiлае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська.

Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.

Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.

Мсціслаў стаяў і смяяўся.

— Я гэта чаму, — з удаванай наіўнасцю сказаў ён. — Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну — няма. Я ў Мілае — няма. Куды, думаю, цяпер?

У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.

— Пачынаецца, — сказаў Андрэй.

Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.

— Ты малайчына, — сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. — Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым… Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.

І тут Алесь адчуў, што ён сапраўды больш за ўсё на свеце жадае міру і злагады.

— Зараз званы ўдзярбаняць, — сказаў Кандрат. — Асцярожна, хлопцы. Кажуць, часам ад такой прычыны з цвінтарных дрэў чэрці падаюць.

— Лухта якая! — скзаў Мсціслаў.

— Я і не кажу, што праўда.

— Людзі вераць, — сказаў Андрэй. — Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон — валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.

— Ты глядзі, — сказаў Мсціслаў, — за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.

Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:

— І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.

— А ў яго хаданская мыза, — сказаў Мсцiслаў.

У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.

— Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькi ў хмызы з Мсцiславам завалачы… каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукi не пэцкаць, асвенцiм.

Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:

— "Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелi пяюць на небясех: i нас на зямлi спадобi чыстым сэрцам цябе славiцi".

Пад зоркамi мiж снежных бяроз, якiя сталi цяпер аранжавыя знiзу, плыло, агiнаючы царкву, шэсце: нiбы нехта павольна рассыпаў чырвоны мiгатлiвы жар.

Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сiняй ззолатам хусце. Яна нiбы iмкнулася да агнёў, як сiнi i залаты сумны махаон. I раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нiчога дрэннага, пакуль на зямлi iснавала надзея.

— Раўбічы, — голас Мсціслава ўпаў.

І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.

…Пан Яраш з Эвелiнай, Франсам, Стасем i Юллянам Раткевiчам iшлi паперадзе. Моцная Ярашава рука сцiскала свечку, змрочныя вочы глядзелi паўзверх галоў: ён, вiдавочна, думаў пра iншае. I такi ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, i так клалiся на яго аблiчча i аблiччы суседзяў, на блiскучы жалезны бранзалет мяккае святло i змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замiлавання да яго i да ўсёй гэтай сям'i.

Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена — аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.

Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.

"Майка. Майка. Майка".

Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.

— Шэсце жон-міраносіц, — сказаў ціха Кандрат.

І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:

— Лідуша надзела парфірную сукню і пайшла ў царкву… Меланхолія!

І, сустрэўшы вочы Алеся, раптам зніякавеў:

— О… даруй, мілы!

Андрэй моцна схапіў Кандрата за плячо і павёў трохі далей.

— Патаўпешка, — сінія Андрэевы вочы звузіліся. — Дурное сяло. Ты што, не бачыш?

Яны спыніліся наводдаль. Кандрат пад позіркам брата апусціў галаву.

— Бачу, — нечакана сур'ёзна, з горыччу сказаў ён. — Не падабаецца мне гэта. Улюбіўся як чорт у сухую грушу.

— Не твая справа, — ціха сказаў Андрэй.

І раптам Кандрат ударыў нагою бярозавы ствол:

— Чорт. Ну, будзе яна яшчэ здзекавацца — спалю Раўбічы… Корчака знайду, і разам спалім.

— Тфу, — сказаў Андрэй, — дурны ты.

— А што?

— Каб усе хаты дзяўчатам палілі, калі тыя здзекуюцца… Гэта ж страшна падумаць, што было б… Па ўсёй зямлі попел з ветрам гуляў бы.

…Шэсце тым часам трэці раз абыходзіла царкву. Жаўцелі бясконцыя агеньчыкі, ліліся парча і буркацель, звінелі галасы.

Вось ідзе пан Яраш. Ідуць іншыя. Але нашто глядзець на іх, калі вось плыве за імі… Трохі адстала ад усіх. Ідзе. Попельныя, з няўлоўным залацістым адценнем валасы. Пад матавай скурай на шчоках глыбінны празрысты румянец. Добры рот і вочы, якія глядзяць на бярозы, на шапкі граковых гнёздаў, на цёплыя льдзінкі зор.

Мсціслаў прымусіў Алеся адступіць са сцежкі, а сам зрабіў крок наперад.

— Міхаліна, хадзіце сюды.

Рука ў руцэ, некалькі непаразумелых крокаў па сцежцы… І вось яна ўжо тут, а Мсціслаў знік у натоўпе.

Яны стаялi i глядзелi адно на аднаго. Вычварна зламаныя бровы Майкi на хвiлiну вiнавата апусцiлiся.

І яшчэ — ён мог бы паклясціся — у гэтых вялізных вачах на хвіліну прамільгнула радасць, тая, якую не схаваеш, якой не падробіш.

— Майка, — сказаў ён, — Майка. — І дадаў, амаль уладна: — Калі можаш, вер мне.

Яна глядзела на яго змярцвелае аблічча і глыбокія вочы… Гэтыя вочы глядзелі так, што ў душы з'явілася падазрэнне, якое адразу перарасло ва ўпэўненасць: не вінаваты. Няўжо не вінаваты? Пэўна ж не вінаваты. Мсціслаў меў рацыю. Як яна магла нават падумаць, што ён мог быць вінаваты?! Найлепшы, чысты, сапраўдны, той, якога хацелася вечна бачыць, якому заўсёды хацелася пакласці на грудзі сваю галаву, забыцца, адчуць сябе слабай.

У гэты час ад бабінца даляцеў вокліч:

— Хрыстос васкрэсе із мертвых!..

І яшчэ. І яшчэ.

Яны не чулі. І толькі калі ўзляцелі ўгору галасы спевакоў — пад шаты голых бяроз, пад зоры, — яна зрабіла крок да яго.

Звінелі галасы.

Крок, крок. Яшчэ крок.

І ён ціха сказаў:

— Хрыстос васкрос, Майка.

І працягнуў да яе рукі.

Крок.

Iхнiя аблiччы раптам залiлiся вiнна-чырвоным. Гэта вакол царквы i вакол цвiнтара адначасова запалiлi паходнi i бочкi са смалой, i недзе наводдаль ад царквы пачалi страляць са стрэльбаў: стары, паганскi яшчэ звычай.

Зарыва трапятала на іхніх абліччах.

Ён стаяў перад ёю, нібы юнак з вогненнай печы, і працягваў рукі.

У яе ўпала сэрца. Каб гневаўся, каб нават груба, па-мужыцку ўдарыў яе — было б лягчэй.

Значыць, вінавата была яна. Без апраўдання.

Яна была не з тых, што даруюць сабе. Такога ўдарыць. Што толькі зрабіла?!

І раптам яе нібы азарыла страшным сполахам.

"Ну добра, былі першыя чуткі. Іх трэба было праверыць. Але тая, апошняя… Што ж было ў той плётцы? Чаму я разгневалася на яе, калі я сама ўвесь час, і ўдзень і ўначы, сама жадала гэтага і марыла аб гэтым.

Дрэнь. І з-за гэтага ледзь не штурхнула на дуэль, забараніла сустрэчы, аддала яго абразам, зрабіла ворагамі яму брата і бацьку. Хлусіла сама сабе і спалохалася, калі… І потым яшчэ смела патрабаваць ад яго чагосьці.

І ўзрадавалася, калі новая хлусня нібыта апраўдвала мяне такую, якая я ёсць… "Здаў у арэнду…", "Ездзіў з другой…" Але тая паехала адсюль… Але я хіба не разарвала яго душу згодай на ганебныя заручыны?

Забіць сябе мала было за ўсё гэта. Але хіба заб'еш? Значыць, пакараць так, каб потым мучыцца і пабівацца ўсё астатняе жыццё".

Яна не думала, што гэта замучыць і яго. Жорсткая, паглыбленая ў сябе маладосць, якая толькі сабе не даруе нічога, кіравала ёю.

"Забіць. Страціць. Як? Аддаць сябе самаму нялюбаму, раджаць яму нялюбых дзяцей. Таму, кім пагарджаеш. Таму, хто, — а напэўна, напэўна ён, яна цяпер прадчувала гэта, — з варожасці да пана Юрася, да яго, Алеся, і склеіў тую брыду. Што ж гэта я нарабіла?!"

Усе гэтыя думкі прабеглі ў яе галаве за якую хвіліну. Ён усё яшчэ падымаў рукі, дагаворваючы свой сказ:

— …Майка.

Яна глядзела ў яго вочы і адчувала, што ў яе падгінаюцца калені ад цеплыні і жалю. Зрабіць яшчэ крок, і…

Гэта быў бы пацалунак. Простае "хрыстосаванне" для іншых. Але яна ведала, што гэта будзе для яе.

"Палон. Астацца вечна. Навекі прызнаць для сябе (бо ён не будзе ведаць) сваю подласць. Ведаць, што за скурай шчаслівай пані сядзіць распусная (так, распусная, бо такой аддаць сябе за такога — гэта распуста), разважлівая гaдзіна".

Яна магла жорстка асуджаць. Ён уздымаў рукі… Яна не магла… Яна ведала — не вытрымае.

— Не, — сказала яна. — Не. — І скончыла амаль бязгучна: — Гэтага не будзе.

І кінулася ў натоўп.

Ён апусціў рукі і павольна пайшоў да выхада. Свайго аблічча ён не бачыў і здзівіўся б, што Мсціслаў, праходзячы паўз братоў, якія гаварылі з Галінкай Кахно, паклаў руку на Кандратава плячо:

— Кандрат… Ану… Хутчэй.

Яны свідравалі натоўп за Алесем.

Загорскі, выбраўшыся на больш-менш вольнае месца, спыніўся і кінуў апошні позірк на гурт людзей перад бабінцам.

Унь яны стаяць. Яраш са скобкай валасоў і жалезным бранзалетам, Юллян Раткевіч глядзіць на Майку і, здаецца, здагадваецца, што нешта адбылося, Франс. І яе аблічча, такое, што на хвіліну робіцца шкада.

Яму прыйшла ў галаву дурная думка.

Перад імі — між імі і Алесем — палалі паходні і бочкі са смалой. У Раўбіча былі шчыльна сціснутыя вусны. Рука з жалезным бранзалетам сціскала свячу. І ад зарыва падаў крывавы адбітак на цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думкай, змардаваны воблік.

Усе астатнія стаялі вакол яго цесна. Дурная думка… Стаяць… Скача зарыва… Як тыя паны, што пасля змовы Глінскага ішлі на плаху разам з сем'ямі, каб не засталося і роду.

…Франс азірнуўся на сястру і спалохаўся.

— Што з табою?

Ён абвёў вачыма натоўп, і яму здалося, што недзе за паходнямі мільгануў твар Алеся Загорскага. А можа, здалося?

І раптам ён са здзіўленнем падумаў, што побач з нянавісцю ў ім увесь час жыло нейкае цёплае пачуццё да Алеся. Адкуль?

…Алесь, сустрэўшыся на імгненне з вачыма Франса, уздыхнуў і апусціў вочы. Трэба было ісці. У адрозненне ад Франса ён зараз адчуваў только пагарду.

Ён папраставаў ад святла проста ў цемру алеі.

Адмовіць у прымірэнні. Няхай, калі не верыць. З гэтым можна прымірыцца. Хоць і цяжка, але можна. Не кахае — няхай. Няхай нават тое, што ўся сям'я пакрыўдзіла і крыўдзіць далей. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу.

Адмовіць у пацалунку ў вялікую ноч — такога не бывала. І ён вырашыў маўчаць. Яна, вядома, была ў бяспецы. І менавіта таму плаціць давялося б двум: Раўбічу і Франсу.

Канечне, ім. Бо Загоршчына амаль нічым не рызыкуе. На ўсё сухадольнае наваколле ён, Алесь, найлепшы стралок сярод маладых.

Нават калі б няўдача. Дакончыў бы пан Юры, таксама лепшы.

Вядома, помста. Але нашто? Нашто, калі ўсе яны — рабы кодэкса гонару. Дурасць. І ён таксама дужа разумны, ледзь не зрабіў так, як нейкі там дурны дзедзіц.

…Яго дагналі суровыя Мсціслаў і Кандрат. Пайшлі побач.

Кандрат радаваўся, што ён адзін стаяў тварам да Міхаліны і Алеся, што Галінка і Андрэй не бачылі нічога. Мсціслаў радаваўся, што бачыў усю брыдкую і незразумелую сцэну адзін ён. І кожны з іх імкнуўся трымаць сябе натуральна.

Алесь скоса зірнуў на бесклапотныя абліччы сяброў.

— Ану іх, абрыдла, — сказаў Кандрат.

— Папоўская дзікасць, — азваўся Мсціслаў. — Толькі і добрага, што паскі. Давайце, хлопцы, паспрабуем напіцца.

— Чаму не, — сказаў Алесь.

Здаецца, не бачылі. І гэта добра.

Ён ішоў і бачыў людзей. Мужыка, што стаяў як перад плахай, дзяўчыну ў сіняй з золатам хустцы, бабу ў намітцы, якая па дурасці і цямноце падпявае пеўчым замест "І сушчым ва грабех жывот дараваў" — "і сухі верабей заплот паламаў", — усё гэтае мора, якое звалася яго народам.

…Сябры селі на коней. Мсціслаў кінуў Кандрату павады заводнага каня.

Кандрат узвіўся ў сядло апошні, і, калі паглядзеў на занадта простую постаць дзядзькавага брата, рукі ў яго самі сціснуліся на павадах: "Д-добра".

З месца ўзялі ўгалоп. Проста ў ноч, пад зоры…

…Яны не бачылі сумятні, якая раптам пачалася сярод натоўпу, калі людзі сталі заходзіць у царкву.

Міхаліна Раўбіч упала непрытомная.

Палала смала. І проста пад высокія зоры ўзляталі галасы. Пяялі канон Дамаскіна "Уваскрэсення дзень".

…Коні ляцелі ў ноч.

У гэту ноч сябры вельмі моцна выпілі ў самай захудалай, самай беднай прыдарожнай карчме… А раніцай пан Яраш, давёўшы, урэшце, дачку да памяці распытаўшы яе, якая была прычына млосці, пахаладзеў ад думкі, што на родзе цяпер можна ставіць крыж.

— Ты разумееш, што ты нарабіла? Нават ворагу… Гэта толькі абрад, дзяўчо ты!

Яна не сказала больш ніводнага слова. Два дні Раўбічы чакалі. Пасыльны з Загоршчыны так і не з'явіўся. Выкліку на дуэль не было.

І тады пан Яраш і Франс расцанілі гэта як "помсту пагардай" з боку Загорскіх і тое, што Алесь сапраўды быў вінаваты. Правіна не напалохала іх. Помста пагардай — вельмі. Ім трэба было маўчаць аб гэтым. Толькі ім двом, якія ведалі.

Прымірэнне было ўжо немагчымае. На землях, якія ляжалі побач, на водах, якія плылі побач, сядзелі цяпер смяротныя, непрымірымыя ворагі.


На радаўніцу ўсе ў наваколлі даведаліся, што Міхаліна Раўбіч заручылася з графам Іллёй Хаданскім.

V

Нiхто не ведаў, што, вырашыўшы да канца зняважыць сябе, Мiхалiна назнарок дазваляе сабе не вельмi — а лепей сказаць — зусiм невысакародныя выхадкi, знаходзячы нават у гэтым нейкую помслiвую асалоду. Таму бадай што ўсе здзiўлялiся з яе дзiўных учынкаў, якiх нельга было нi зразумець, нi растлумачыць.

Яна напрыклад, запрасiла Мсцiслава на заручыны:

— Будзеце трымаць корд жаніха, — ласкава схіліла галаву. — Або мой шлейф. І ў тым і ў другім выпадку — сябра дому… Назаўсёды… І потым, я ведаю, што лепшага сведкі такой важнай для мяне падзеі не будзе. Ён паўсюль будзе расказваць пра яе праўдзіва… поўна… цікава.

Мсцiслаў глядзеў на прыўзняты ражок прыгожых вуснаў, на нявiнныя вочы, на ўвесь воблiк гэтай дзяўчыны, i яму рабiлася страшна, што ён мог быць закаханы ў такую.

Ён, аднак, не даў зразумець сваіх пачуццяў. Схіліўся залацістай галавою і ветліва сказаў:

— Я ў такіх справах вам не сябра, Міхаліна Яраслаўна.

Назваў па бацьку, чаго Прыдняпроўе бадай не ведала. І ў голасе было такое прыхаванае глыбокае асуджэнне, што Майка апусціла вейкі. А таксама быў закаханы…

— Прыемна хаця, што ў вас засталіся сякія-такія рэшткі сораму за зробленае, — сказаў Мсціслаў. — Мяркую, яны вам яшчэ спатрэбяцца. Як і рэшткі пакут сумлення.

Яна ўскінула бровы. Спалохана.

— Хаця ад душы спадзяюся, што справа не зойдзе так далёка. Няма з-за чаго.

Пасля гэтай размовы Міхаліна раптам, упершыню за ўсе тыдні, падумала пра Алеся. Да гэтага яна карала і мучыла сябе, не думаючы пра іншых.

І толькі тут яна ўпершыню падумала, як жыць яму.


Алесь жыў. Іншым здавалася, нават спакойна. Ва ўсякім разе, замест прадчування страшнага прыйшоў спакой.

Спакойна распараджаўся ў дзедавых збожжавых магазiнах, рыхтаваў коней на буславiцкi "бяссенны" кiрмаш[13]. Даводзiлася шмат выбракоўваць, бо аконамы намагалiся сапхнуць розную здыхляцiну.

Унук працаваў да знясiлення, i пан Данiла радаваўся: менш дрэнных думак палезе ў галаву, i калi ўжо будзе тужыць, то ад сапраўднай тугi. I ўсё ж спакой Алеся палохаў яго.

Прыязджаў чырвоны ад ранняга загару, такі брудны, што ў каменнай ванне тройчы даводзілася мяняць ваду, еў што трапіцца і потым увесь вечар сядзеў ля агню, перакідваючыся з дзедам нязначнымі сказамі.

Еўфрасiння Глебавiчна бачыла крывую ўсмешку, якая з'яўлялася на ягоных вуснах, калi глядзеў на жанчын. Больш маўчала, але крадком вызвалiла ад усякай работы двух хлопцаў, каб начамi дзяжурылi ля Алесевай спальнi: "А раптам нешта зробiць з сабою, галубчык".

Уставаў ён у тры гадзіны ночы, сядаў у ледзяную ванну, еў з людзьмі густа пасоленую бульбу з кіслым малаком і, не чакаючы кашы з баранінай, выязджаў на Касюньцы з двара.

Вежу падабаўся шчэпiсты, гаспадарскi i ўсё ж ва ўсiм добры ўнукаў розум. А каб i не падабаўся, ён згадзiўся б з усiм, што б той нi прапанаваў, з усякiм, нават самым бязглуздым учынкам, з усякай, нават самай недарэчнай прапановай.

Усё б раздаў, абы стаў ён здаровы i спакойны.

Пан Даніла здзіўляўся з самога сябе. Трыццаць восем год жыў у самоце, нічога не патрабуючы ад жыцця. Так, паблажлівы ад разумення людзей і велічы стары цынік і іраніст. Валтузяцца недзе наводдаль мурашкі — хай сабе валтузяцца. Мурашнік робяць, гліцу цягаюць — вельмі цікава.

I раптам з'явiўся камячок плоцi, уладна ўзяў, запаланiў, прымусiў любiць нявестку, цiкавiцца сынам, сустракацца з гэтымi самымi мурашкамi, лезцi ў шумлiвае, утомнае жыццё, пакутаваць i радавацца.

"Хто ён? Што мне ў ім, калі мне вось-вось ляж ды здохні, а за чорнай рысай — яма?

Але вось вырас, стаў гожы і моцны, і няўдала пакахаў. І так баліць за яго сэрца, як ніколі не балела за сябе.

Ды гэтага мала. Ну вырас, ну, вядома, зусім іншы, чым людзі майго пакалення. Ну і пакінь ты мяне ў спакоі такога, які я ёсць. Не, вучыць. З зямлёю не так, з людзьмі не так, з радзімай не так.

Мала яму, што я па прыроджанай ляноце гавару па-мужыцку. Не, падавай яму самасвядомасць таго, хто я такі і хто ён такі, якая прычына агульнай абыякавасці, і чаму нам у Крыме морду набілі, і чаму таго хахла, што вершы пісаў, загналі туды, дзе бабы бялізну на вясёлку сушыцца вешаюць.

Ну што мне было б раней у тым хахле? Пашкадаваў бы трохi — i ўсё. Не, вучыць. Маўляў, свой чалавек, без кампрамiсаў".

Цяпер Вежа дрыжаў за ўнука. Здаецца, гаспадарыць, гойсае, сварыцца, а вочы пустыя.

— Ды ў чым справа, пане?

— Ён што вам падсунуў? І дзе вашы вочы былі? Яны тоўстыя, але ж гэта сяменнікі, пераспелыя. Яны як вата. Набрыняе вадой, падгніе. Ён каго падмануць надумаў? Якія бярвенні патрэбны, ану?

Аконам муляецца. Мужыкі з прыхаванымі ўсмешачкамі назіраюць за галавамыйкай.

— З зімы…

— Што з зімы?

— З вясны, то бок…

— Што?

— Перацягваюць жывое дрэва тростам туга, каб за лета яно… мацнейшае…

— Чаму?

— Смалой набрыняе… А ўзімку секчы.

— Вось. Смалой набрыняе. Жоўтае, аж звініць. Не гніе… Вось якія бярвенні падай. А ў Мухі спытай, колькі ён на гэтых сяменніках куртажу ў кішэнь паклаў? Не спытаеш — сам спытаю.

Голас як нежывы. Аконаму ад гэтага нават страшней. А Вежы страшней за аконама.

I ўсё ж Вежа нiкому не выдаў бы сваёй боязнi i сваiх думак. Глебавiчна паспрабавала была папiкнуць "за чэрствасць" — абарваў.

Не ведаў аб тым i сам Алесь, не ведалi сын з нявесткай, не ведалi суседзi. Вежа баранiў сваю таямнiцу, маўчаў аб ёй, як маўчаць аб ганебнай хваробе.

Калi хто-небудзь добразычлiвы пытаў, як з унукам, пан Данiла адказваў са звычанай iранiчнай усмешкай, ад якой некаторых аж вадун вадзiў:

— Думаў ажаніцца, ды агойтаўся.

Часам і пры ўнуку.

Толькi аднойчы яны пасварылiся.

Быў май. Дрэвы апрануліся ўжо ў маладую клейкую лістоту, і стогадовы каштан ля тэрасы выкінуў да неба тысячы белых конусаў-свечак. Нібыта кадзіў і дзякаваў небу за цёплыя дні. Ночы былі яшчэ, аднак, халаднаватыя, а вада ў Вежавых ставах зусім ледзяная. Ставы амаль не зарасталі: моцныя крыніцы білі з дна.

Дзед і ўнук сядзелі на тэрасе. З нетраў веяла бальзамічным водарам маладой лістоты, вільгаццю ад ставоў і з Дняпра, чыстатой прыбранай, затравелай ужо зямлі.

Салаўі барабанілі, звінелі і цмокалі так, што здавалася, на зямлі існуюць толькі яны.

— Ягайла, — раптам сказаў дзед.

Унук страпянуўся.

— Што Ягайла?

— Ягайла любіў слухаць салаўёў. Ажаніўся ён з Ядвігаю, прадаў Беларусь з Літвою, права першарод-ства — за бабу. Тыя, пры жончыным двары, былі шмат танчэйшыя, цывілізаваныя. Пасмейваліся з яго цішком: варвар, мядзведзяў яму душыць, на кані гойсаць ды мядзведжую шынку рукамі есці. А гэты варвар, што каня спыняў на поўным скаку, пойдзе ў сад ды саловак слухае, а ў самога слёзы на вачах… То хто, я пытаюся, тут варвар?

Звінелі салаўі.

— І што такое наогул жанчына, шлюб без роўнасці, сяброўства? Так, баба.

С саксонским герцогом в карете золотой
Промчалась Помпадур, блистая красотой.
Фелон сказал, чету окинув взглядом:
"Вот королевский меч, а вот ножны с ним рядом".
Ці варта дзеля такога нешта траціць з жыцця? Нават самую крыху? Нічога.

— Вершамі загаварылі, дзеду, — сказаў Алесь. — Гэта што, намёк?

Вежа здзівіўся. І сапраўды атрымаўся намёк.

— Я не хацеў. Але, калі ўжо так выйшла… Не выношу я ў мужчынах бабства… Калі ў іх вяселле?

— Не цікавіўся. Хіба я даў нейкую падставу шкадаваць мяне? Прасіў спачування?

— Не, — сказаў дзед. — Але выгляд у цябе часам такі.

— За выгляд не адказваюць, дзеду.

— А мне ўспамінаецца Халімон Кірдун. Яму б жонцы даць добра ў косці, каб хвастом перад чужымі не круціла. А ён усё шкадуе. А тая яго за гэта святым ды добрым лічыць, а павагі ані на шэлег. "Бяжыць гайня — пабягу і я". А назаўтра ідзе карову даіць, а Кірдун за ёю, трымаць каровін хвост, каб часам не сцябнула…

— Што мне загадеце зрабіць? — пачаў злавацца Алесь.

— Ажаніўся б з Ядвінькай Клейнай. Кахае цябе. Гожая. І роду добрага.

— Я пайду, — сказаў Алесь.

Пайшоў у сад.

Ад салаўінага бою прабіраў аж да самага сэрца мяккі халадок захаплення. Мокрая ляшчына цягнула шырокія лапы на сцежку. Дрэвы стаялі не варушачыся, раскашаваліся.

З патаемных нетраў — нібы пяшчотны востры струменьчык — далятаў часам гаркаваты пах ландышаў.

І, схаваўшыся яшчэ лепей за ландышы, крычыў аднекуль з яроў і хмызавых нетраў ніколі нікім не бачаны таямнічы, як хохлік, ляляк. Крычаў гартанна, страсна, захлынаючыся:

— Ма-уа, ма-уа, люа-ля, люа-ля!

Часам ён з незразумелых слоў збіваўся на зусім чалавечыя:

— Лiу-блю-лiу-блю!

Але ўсё заглушаў, поўніў, пранікаў салаўіны гром. Салаўі былі і тут, ля ставоў. І нават з-за Дняпра, не менш як за дзве вярсты адсюль.

Ён выбраўся да става мокры, аглушаны. Яго ледзь не хістала ад магутнага, спеўнага, пераможнага трыумфавання жыцця, якое царавала над усім, што дыхала і жыло вакол.

Стаў цьмяна зіхацеў, як луска. Над ім звісала адным бокам вялізная блізкая хмара — запаветны, не менш як шасцісотгадовы, дуб.

Хлопец прыхіліўся да шурпатага ствала і задумаўся. Вакол было добра. Вакол было так добра, што ніякі чараўнік не прыдумаў бы лепей. І яшчэ нават самы злосны вядзьмак не прыдумаў бы нічога горшага за гэта. Такі ва ўсім гэтым быў нялюдскі здзек.

Не было яе. Каб яна была — здзеку не было б. Была б тады зямля, і ставы, і салаўіны гром.

Якая ж гэта дробная лухта разбурыла ўсё гэта? Як можна было хлусіць, калі на свеце ёсць салаўі?! Як можна было хлусіць і, галоўнае, верыць хлусні, калі яны тут, побач?!

Ён пачаў успамінаць яе аблічча. Яна ўзрадавалася спачатку там, ля царквы, у гэтым не магло быць сумнення. Але чаго яна потым спалохалася? Так спалохалася, што нават аблічча стала шэрае? І нашто яна так зрабіла, што вось ён зараз адчувае ўсю гэтую дзівосную прыгажосць як здзек.

Аднекуль з глыбiнi iстоты наплыла, затапiла ўсё ярасць. Ён ненавiдзеў цяпер самi ўспамiны.

Дарэмна ён дараваў абразу.

Месца сустрэчы можна было б прызначыць на азярышчанскіх паплавах, трохі далей таго месца, дзе яны на начлезе стрэліся з Войнам. Пісталетны стрэл быў бы чуцен… Раніца… Раса. Не больш за пятнаццаць крокаў…

Раўбіч стаіць на бар'еры… Секунданты… У руцэ з бранзалетам апушчаны пісталет… Трэба ўзняць свой… Ага, ён прыкрыўся рукой… Цудоўна! Меціць трэба трохі ніжэй бранзалета. Калі аддача будзе меншая, чым звычайна, — рана ў сонечнае спляценне…

А потым Франс. Гэты з-за фатаўства закрывацца не будзе. Тут прасцей. Проста ў гэты высокі бледны лоб. Проста туды. І тады ўжо, калі ўпадзе і будзеш ведаць, што яго павязуць, а праз вадамоіны панясуць на руках — тады пісталет сабе да сэрца і адным разам, з поціскам, з асалодаю…

Алесь апрытомнеў і спалохаўся. Што гэта было? Вар'яцтва пачыналася? У васемнаццаць? Няма чаго казаць, добра… Ён паспешліва скінуў куртку, чаравікі, нагавіцы, сарочку, падскочыў і, ухапіўшыся за сук, ускінуў на яго цела.

Таўшчэразны сук цягнуўся над самай вадою. Дуб нібы выцягнуў адну руку, каб вечна лавіць ёю месячнае і сонечнае святло.

Алесь ішоў, моцна ставячы ногі. Сук неўзабаве патанчэў і пачаў спружыніць пад нагамі, даводзілася балансаваць. Ён пайшоў, пакуль было магчыма, і стаў ледзь не на самым канцы галіны, астываючы пад ветрыкам.

Яму здаўся шолах i нейкi прыглушаны гук на беразе. Азiрнуўся — цемра. Нiкога.

І тады ён застыў, прыціснуўшы рукі да цела і ўскінуўшы аблічча ўгору. Пад нагамі пагойдваўся сук. Проста ў вочы свяцілі зоры.

Ён апусціў вочы — пад нагамі таксама не было нічога, акрамя зор. Глыбокая сіняя чаша, поўная зор.

Нiбы вiсiш у цэнтры бясконцага сiняга шара. Зоры пад нагамi. Зоры над галавой.

Закiнуўшы за галаву рукi, ён доўга стаяў так, пагойдваючыся ў зорнай бяздонi.

Галiна пагойдвалася. А ён быў мiж небам i зямлёй. I зоры былi вакол.

Потым ён разбіў сінюю чашу пад нагамі. І спалоханыя зоры пабеглі да берагоў.

I ён плыў у сцюдзёнай вадзе, пакуль хапала паветра. Бачыў у глыбокiм паўзмроку карчы, пасмы маладых водарасляў i яшчэ штосьцi, што стаяла нерухома ў прадоннi, нiбы бярвенца, якое затанула, але так i не дайшло да дна.

Адно… А унь другое… А там далей трэцяе.

Гэта спалі, таксама між сваімі "небам і зямлёй", шчупакі.

…Апрануўшыся, ён лёг на спiну i стаў глядзець на цёмную хмару дуба i яшчэ на зоры. Было вельмi холадна, але ён не адчуваў холаду.

Нечыя рука лягла на яго плячо. Яму не хацелася паварочваць галавы, і тады тая самая рука, дзівосна прахалодная, але цёплая ўнутранай цеплынёй, узяла яго за падбароддзе і адхіліла яго вочы ад зор.

Ён убачыў цёмную сукню, карункавую мантылью, накінутую на галаву.

У цемры невыразна бялела аблiчча. Яно схiлiлася да яго.

— Што з вамі?

Бадай што толькі па голасу Алесь пазнаў у гэтым цені Гелену Карыцкую.

— Вы?

— Але, — усміхнулася яна. — А вы як тут?

Замест адказу ён пацiснуў плячыма.

— "А ноч ідзе, і коцяцца сузор'і", — ціха сказаў ён.

Яна глядзела на яго ўважліва, занадта ўважліва. У цемры бялела аблічча. Як туман.

— Устаньце.

— Iдзiце, — амаль папрасiў ён. — Я яшчэ трохi астануся.

— Калі ласка, — сказала яна. — І мне і вам будзе не так самотна ісці да палаца.

Ён уздыхнуў і ўстаў.

Яны пайшлi па алеi. На няроўным адхоне яна пахiснулася, вiдаць, ступiўшы на камень.

— Я магу прапанаваць вам руку?

Яны мала гаварылі за апошні час. Неяк спачатку гімназія, а потым гаспадарчыя клопаты аддалілі Алеся. Дый яна трымалася наводдаль, нават калі Алесь наладжваў для актораў гулянкі. Амаль не прыходзіла. Вежа прыбавіў ёй пенсіі, плаціў цяпер сто рублёў, абы не перавабілі ў губернскі тэатр.

Вось хіба што сумнавата было. Праўда, цяпер з'язджаліся на спектаклі з усёй губерні, але самі спектаклі былі цяпер радзей. Дзед наняў па Алесевай просьбе балетмайстра, настаўніка спеваў і яшчэ пастаноўшчыка, ён жа — настаўнік французскай і італьянскай. Яна аднойчы спытала ў Алеся пры сустрэчы:

— Як вы гэтага дабiлiся?

— Гм, — сказаў Алесь, — проста сказаў, што нікога не здзівіць тэатр-катарга, як у Юсупава. І што калі ўжо тэатр, то трэба зрабіць лепшы, чым у Шарамецева.

Часам яны сустракаліся на рэпетыцыях або на разборах пастановак. Не вельмі часта. Алесь быў не тым заняты.

…Яны ішлі алеяй і маўчалі. Калі б нехта зірнуў на іх збоку, ён бы падумаў, што гэта дзівосна добрая пара.

— Вам яшчэ не стала сумна тут? — урэшце спытаў ён.

— Чаму ж сумна, — схіліла яна галаву. — Няма часу. Вы ведаеце, я ўжо нядрэнна гавару па-французку і па-італьянску…

— Мне здавалася, вы заўсёды ведалi iх.

— Дзіўна, нешта нібы трымае мяне тут, не дае пайсці. Нешта няскончанае.

Вакол булькалі галасамі хмызы. Кожны па-свойму. Дальнія і блізкія спевы зліваліся ў адну магутную і высокую, аж да неба, мелодыю.

— Чаму вы падышлі да мяне?

— Хіба можна пакінуць другога ў такім халодным свеце?

Мокрыя лапы ляшчыны. Гаркаваты пах ландышаў.

— Ведаеце, аб чым я падумаў на гэтай галіне? Я падумаў, што няма на свеце больш самотнай істоты, чым чалавек.

— Як рана гэта прыйшло вам у галаву…

Маўчала цяпер яна. Таму што ўсё ведала.

З самага пачатку яна з трывогай сачыла ад алеі, як ён ішоў па разгаліне, злёгку пагойдваючыся над вадой.

Ноч пакінула замест яго постаці толькі цень, узнесены ў неба. І ва ўсім гэтым была такая адзінота, такая бязмерная адчужанасць дасканалага, што яна зразумела ўсё. І дробныя былі перад гэтым усе правілы.

Гелена сапраўды не падышла б, каб ён не лёг на траву. Але гэты звычайны, чалавечы рух напомніў ёй, што гэта юнак, маладзейшы за яе на сем год.

…Калі яны падышлі да палаца, было позна. Нідзе ані агеньчыка. Каскады выключаны, акрамя "Пераможанага Левіяфана", і поўную цішыню парушаў толькі яго шолах ды яшчэ салаўіны харал.

— Бывайце, — сказаў ён, як другу, па-англійску працягнуўшы руку, і асекся. Ён быў бадай спалоханы сваёй вольнасцю… Нібы той, іншай, падаў руку.

Але яна спакойна працягнула яму сваю, і ён адчуў дотык яе пальцаў.

— Бог мой, — сказала яна, — якiя халодныя рукi!

Яна глядзела на яго ўважліва. Вельмі ўважліва.

— Свет як здзек? — спытала яна.

— Падобна на тое.

— А хто казаў мне, што дзівы павінны заўсёды збывацца?

— Ну, — нявесела засмяяўся ён. — Не я. Нехта іншы. Нейкі адзінаццацігадовы хлапчук.

— Вы памятаеце, калі гэта было?

— Памятаю, — раптам успомніў ён.

— Ну вось…

Маўчанне.

— Ведаеце што, — голас яе сеў. — Не ідзіце нікуды. Калі вам не будзе сумна са мною — зайдзіце. Я запалю агонь… Нельга аднаму блукаць у такі холад.

Кiнуўшы гэтыя словы, яна сама спалохалася iх. Але ён сказаў "добра" так натуральна, нi аб чым не думаючы, акрамя згоды, што яна змоўкла. У яго было такое аблiчча! Цёмнае, змарнелае, падобнае на жывую трагiчную маску.

I з пачуццём, падобным на падзенне ў ледзяную ваду, зразумела, што прыйшоў яе час. Той, адзiны.

Яна працягнула яму руку, бо за дзвярыма, на сходах, было цёмна.

— Хадзем.

…Загарэлася свечка.

Ён не быў у гэтым пакоі доўга. Мінула сем год. Але за гэты час, здавалася, тут не змянілася нічога.

Просценькі туалетны столік. Большы стол, ля якога глыбокае крэсла і казетка. Камін, у якім загадзя падрыхтаваны дровы і бяроста. Паліца кніг. За паўкруглым акном — ноч.

Змянiлася толькi адно: дзверы ў суседнi пакой былi адчынены, бо ён цяпер таксама належаў ёй. Ды яшчэ на сцяне вiсела карцiна. Ягоны, Алесеў, падарунак пасля пастаноўкi "Медэi" — "Хата" Адама Шэмеша. Звычайная беларуская хата пад каравай у цвеце грушай i старыя, вельмi старыя дзядок i баба ў белым, якiя сядзяць на прызбе i з чаканнем глядзяць на дарогу. А на ўсiм гэтым — апошнi водствет захаду. Тысячу год iм чакаць i не дачакацца.

— Сядайце ў крэсла, — ціха сказала яна.

Ён сеў.

— I скiньце чаравiкi. Раса… Вось вам пантофлi. Адтапчыце заднiк — iначай не ўзлезуць.

Яна стала на калені і свечкай падпаліла бяросту ў каміне. Папоўз угору дымок, потым жаўтаваты агеньчык. Зыркі, сіне-чырвоны агонь вырваўся з палону і ахапіў дровы. Полымя заскакала па яе абліччы. Ад гэтага, а можа, ад чагосьці іншага, вочы ў яе былі сумныя.

Па сценах бегалі чырвоныя блікі. Яна села насупраць яго.

— Ну вось, давайце будзем глядзець у агонь.

Ён раптам убачыў, што яе туфлікі таксама цёмныя ад расы. Працягнуў руку — гэта здавалася яму натуральным — і дакрануўся пальцамі да ступні.

— І вы яшчэ смееце даваць мне парады? Ану вазьміце назад свае пантофлі.

— Я да агню.

Алесь пашукаў вычыма і ўбачыў на кіліме чорна-чырвоны плед.

— Прыпадыміце ногі… Вось так… І так…

Ён узняў вочы, і яны сустрэліся з яе вачыма. Большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі, яны ўважліва, нібы ўпершыню бачылі, глядзелі на яго.

Чырвань плесканулася па ягоных шчоках. Ён зразумеў, што зрабiў нешта такое, пасля чаго нi яму, нi ёй нельга будзе нават здалёк зiрнуць адно на аднаго, а не тое што гаварыць, як усе астатнiя людзi.

Яна ўзяла яго руку.

— Што з вамі здарылася? Што?

Ёй дорага каштавалі гэтыя словы і гэты рух. Сэрца падала. Але яна бачыла гэтую пакутную чырвань і тое, як ён потым збялеў.

— Не ведаю, — сказаў ён.

Яго сапраўды калаціла.

Прыклала нерухомыя вусны да яго лоба.

— Нічога. Гэта проста ад цеплыні выходзіць холад.

Рука хлопца ляжала ў руцэ жанчыны. Ён асмеліўся і, працягнуўшы другую руку, узяў далоньку і схаваў яе ў сваіх далонях.

— Глупства, — сказаў ён. — У мяне ў вёсцы была вавёрка. Калі, бывала, зробіш з далоняў "хатку" з круглым уваходам, то яна адразу залезе туды, накрыецца хвастом і спіць. Вось так і зараз.

Яна паварушыла вялікім пальцам схаванай далонькі.

— Вось і хвост… Сапраўды, глупства.

— Вядома, глупства.

Скакаў агонь. Чырвоныя водбліскі бегалі па яе абліччы. Яно было бледнае, з пяшчотнай і дзівосна гожай скурай.

— Добра? — спытала яна.

— Добра, — сказаў ён.

— То навошта было ісці ў ноч? Чалавеку нельга быць аднаму.

— Чалавеку, які ненавідзіць, нельга быць з людзьмі. Яго трэба цурацца, як заразнага. І я не маю права на паблажлівасць людзей.

— Чаму?

— Я сёння забіў двух чалавек… Ці то я не забіў… Але я ўявіў сабе, як гэта буду рабіць.

— Такое злачынства ёсць у кожнага.

— Хіба? І ў вас?

— Вядома. Памятаеце, як мы на масленай зрабілі гулянку ў "дзікай зале"? Акторы і вы. Памятаеце, крылы былі вакол, і лікі, і жэсты пакоры і гневу?

— Памятаю, — сказаў Алесь.

— І песні памятаеце?

Гукі "Каханага" ўзніклі ў вушах Алеся. Клікалі і як быццам абяцалі нешта галасы. І ён зноў плакаў ля ног гранітнай фіванскай малпы: "Божа, аддалі ад мяне".

— Памятаю, — збялеў ён.

— Ну вось. Я разумела тады. Яны таксама зрабілі нешта накшталт забойства.

— Вы не спявалі, — сказаў ён.

— Я не спявала.

— Я не магу ненавідзець, — сказаў ён. — Не магу забіваць. Не магу, каб свет быў як здзек. Не магу, каб холад. Я хачу, каб між людзьмі заўсёды было… вось так.

— Так будзе, — сказала яна.

— Калі?

— Хіба я знаю калі? Напэўна тады, калі вось гэтыя старыя дачакаюцца дзяцей. Усіх. Тых, што забылі і што здрадзілі, і тых, што ў кайданах, і забітых. І, галоўнае, тых, што кожны дзень рабілі для другога хоць маленькае дзіва. Калі чалавек, кожны чалавек, вельмі захоча зрабіць другому хоць маленькае дзіва — свет зробіцца светам дзіваў.

Ён схіліўся і прынік галавою да яе рук.

Яна ціха ўстала, падышла да акна і расчыніла яго. У пакой уварваўся салаўіны пошчак.

Потым яна села зноў на сваё месца. З птушынай песняй нібы ўладна ўвайшло сюды, у ціхі пакой, тое, што ён пакінуў на беразе сажалкі: гартанны крык леляка, ап'яненне хмызоў і прыгажось, падобная на здзек.

Ён узняў на яе вочы i ўсё зразумеў.

— Не ідзі, — сказала яна глуха. — Застанься… Калі ласка, хутчэй, хутчэй пацалуй мяне.

Несцерпна калацілася сэрца. Яго ўдары былі, як грозныя ўдары молата. Распасцёрты на спіне, як зрынуты нечым магутным і пагрозлівым, ён бачыў праз адчыненыя дзверы зыркае полымя каміна — і гэта было як быццам яго збіраюцца катаваць агнём.

Полымя. Полымя. Жарынкі ў каміне нібы хутка мяняюцца месцамі. З акна плыве сіняя халаднаватая ноч. У ёй водар лістоты і вільготны пах ставоў, вада якіх настоена на вярбовай кары, карчах і водарасцях.

Але ўсё гэта пакрывае, глушыць утрапёны салаўіны гром. Нібы толькі адна, апошняя ноч засталася ім для песняў і жыцця.

Расплываецца, адыходзіць некуды сляпая нянавісь. З кожным ударам сэрца расце і запаланяе істоту холад, замілаванне, чысціня і боль. І яшчэ вялікі, да самага краю зямлі, і злітны, нібы з аднаго сэрца, посвіст маленькіх птушак у вільготных хмызах.

Залатая галавешка ўпала ў каміне, узняўшы полымя і рассыпаўшы іскры. У яе святле ён убачыў доўгія іскрыстыя валасы і вочы, якія зараз былі толькі чорныя і глядзелі на яго, нібы просячы літасці і адначасова адмаўляючыся ад яе.

Яны ляжалi побач, ён — на спiне, яна — прыцiснуўшыся да яго, на баку, i глядзелi ў ноч.

— Чуеш, гэта вярбовая кара, — сказаў ён. — А вось ландышы… А там, відаць, з самага глыбокага яра, дзе сплывае адзіны лапічак снегу… бо ледзяныя крыніцы… чуеш?

— Не. Кару чую, ландышы чую… А што?

— Апошняя анемона… А вось пабегі вампір-травы.

— Чаго?

— Ну, яшчэ завуць вужова зелле. Зноў ландышы… І вось "лясны мёд".

Маўчанне.

— Не чую. Нічога больш не чую.

Салаўі грымелі, як перад загібеллю. І ад гэтай песні і ад дотыку рукі пашыраліся грудзі і цямнела ў вачах…

…Ля сваіх вачэй ён бачыў яе вочы.

Яны былі большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі.

…Пагрозлiва схiленае аблiчча блiжэй i блiжэй.

…Зaграва на ім.

…Вусны шукаюць яе вуснаў.

Салаўіны гром.

Вочы большыя, чым ва ўсіх, хто ёсць на зямлі.

…І ў палоне шчыльных, невыносна злітых абдымкаў ён са здзіўленнем, трапятаннем і болем, не верачы сабе, усёй істотай сваёй, ад бронзавага замка рук да вачэй, што глядзелі ў яе вочы, і да пахаладзелых ад здагадкі пальцаў ног, адчуў, як спалохана трапеча яе сэрца, адданае непазбежнаму, і небу, і салаўінаму грому, і яму, сэрца цнатлівай.

У гэтай здагадцы раптам злiлiся пошчак салаўёў, гаркавата-халодны пах ландышаў, крык леляка, зоры над галавой i пад нагамi.

А потым усё знікла. Быў свет і ў ім чалавек.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Галава жанчыны ляжала на грудзях мужчыны. Абое мўчалі, нібы баяліся расплюхаць тое, што неслі сабе.

Алесь асцярожна трымаў яе ля сябе, сам не разумеючы, што з ім. Іншай стала ноч. Іншымі сталі салаўі і пах вярбовай кары. Знікла некуды ўтрапёная страшная ярасць. Разбураны свет, што яшчэ гадзіну назад ляжаў у руінах, пачаў збірацца ў адно і, нібы сам сабою, выстройвацца ў нешта зладжанае. І самае пачуццё гэтай гармоніі пасля развалу і дымных руін было шчаснае і вялікае.

Ён нікога не ненавідзеў. Для гэтага новага, для сораму і гонару, для велічы і бязмернай глыбіні новага былі добразычліва-абыякавыя ўсе ворагі на зямлі.

Яна таксама ляжала нерухома. І ў яе сэрцы зліваліся гонар і адначасова цвёрдае разуменне таго, што яна зрабіла.

Усё пачалося з удзячнасці. У тую хвіліну, калі адзінаццацігадовы хлапчук у дарэмным — хіба дарэмным? — пратэсце, які нічога не мог змяніць, крыкнуў Шчуру гнеўныя словы. Гэта было кранаюча і смешна. Яна ўжо ведала: дзіваў не бывае на зямлі.

І раптам гэтыя рукі зламалі шыю лёсу. Такія яшчэ тады слабыя, а цяпер такія моцныя рукі.

Пачалося з гэтага. I ён, малодшы, раптам стаў усемагутны i нiбы старэйшы за яе i даражэйшы за бацькоў, бо яны далi толькi жыццё, а разам з iм рабства, а гэты — свабоду.

А потым прыйшло iншае. Гады тры як прыйшло. Пачалося з гэтай вось карцiны. Гралi "Медэю". Пасля першага ж спектакля прыезджая трупа адмовiлася граць з ёю. "Прабачце, гэта проста ўнiзiцельна для нас", — сказаў дырэктар… Яна ўзрадавалася. Усе гэтыя рымляне, грэкi, iспанцы даўнiм-даўно абрыдлi ёй. Чаму ў п'есах няма звычайных людзей, якiя вакол? Мужыкоў у хаце, вячорак на пакроў, вяселляў, сварак, сконаў? Чаму няма мяшчан, паноў, корчмаў? Чаму на сцэне рухаюцца quasi-iспанцы i на кожным кроку грымiць гром? Хiба такi бедны на трагiзм i на смешнае гэты край? У чым прычына?

Ён, той, што пабач, сустрэў яе ля каскада: відаць, чакаў.

— Вось. Гэта вам.

У пакоі яна разгарнула грубую паперу і ўбачыла хату з каравай белай грушай і чырвань захаду на тварах старых. Старыя чакалі. Як тысячы такіх на яе замлі. Як яе старыя, да якіх яна не вернецца, бо яны памерлі. А тыя, якія яшчэ чакаюць, не ведаюць, што ніхто яшчэ не вяртаўся да роднага дыму і роднай песні…

Раўла ўсю ноч, гледдзячы на квецень, прызбу і чаканне ў вачах старых. А потым зразумела, што кахае. Таму што ніхто так не разумеў яе… Яна ведала розніцу ў гадах, у паходжанні, ва ўсім… Але яна не магла глядзець ні на кога, апрача гэтага хлопца, хаця і ведала ўсю ненатуральнасць таго, што яна беражэ сябе для чалавека, які ніколі да яе не прыйдзе… Трэба было ўцякаць, але яна не ішла адсюль, чакаючы нейкай невядомай адплаты, нейкага служэння яму.

Сэрца балела за тое, што з ім зрабілі. А можа, гэта зноў быў лёс? Іначай яна не магла…

А ён ляжаў і думаў, што яму цяпер няма іншага выхаду, як ажаніцца з ёю, бо дзяўчына даверылася яму.

Няхай лямантуе наваколле — ён iм хутка замажа пашчы.

На хвіліну ў яго сэрцы варухнуўся амаль фізічны боль і нясцерпная шкадоба, але ён здушыў іх. Разуменне між ім і той, што была пабач, удзячнасць за зладжаны свет, дзе ўсё было ў ім і ён быў усё, удзячнасць за ахвяру як быццам змялі былое. Яны былі мацнейшыя.

У яго будзе самая лепшая і самая прыгожая на свеце жонка.

Сакавіты, добры пошчак салаўёў, здаецца, прымушаў дрыжаць зямлю. Ён быў такі свежы і халодны, гэты пошчак.

— Я, напэўна, вельмі дрэнная…

— Чаму? — спытаў ён.

— Так не робяць, так нельга… я ведаю. Але ты ўсё ж абдымі мяне.

— Я хацеў сказаць табе тое самае… Але я таксама думаў, што так нельга.

Іхнія ўсмешкі былі побач.

Абапершыся на локаць, яна глядзела на яго.

Не па ўзросту магутныя плечы, шырокія, як на грэчаскіх статуях, гладкія грудзі. Дасканалая закінутая галава.

Ён таксама глядзеў. Рукі пяшчотныя і тонкія. Валасы іскарцца. Вочы ў цемры вялікія-вялікія.

Гелена перакладвала хвалістыя пасмы яго валасоў:

— "Ў барвянапёрым шлеме і крылатым…"

— Ты памятаеш? — спытаў ён.

— Вядома.

— І я. Ты была такая… Раптам выйшла, рэючы плашчом, — аж валасы на галаве заварушыліся. Мне тады здавалася, што ты была ўдвая вышэйшая за іншых. Гэта не так, але вочы ў цябе і зараз большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі.

— А цябе я спачатку і не бачыла. Сядзіць нехта пабач са старым панам. І раптам крык. Бог ты мой, які! Аж сорамна стала, што нехта так верыць. Я забылася і глянула… Вежа чамусьці потым нічога мне не сказаў.

— Дзіва што, — усміхнуўся Алесь. — Я нават не заўважаў тады, што гэты семінарыст — аўтар — падвёў да Магілёва… мора.

— Не, не тое. Я глянула i ўбачыла хлапчука — я i сама была дзiця. А потым ты прыйшоў увечары i сказаў, што дзiвы павiнны заўсёды спраўджвацца. I я ўсмiхалася, а потым пакiнула ўсмiхацца.

Ён пацалаваў яе рукi.

— Я вельмі шкадаваў цябе. І гэта шкадаванне было, як любоў. І яшчэ было нешта вышэйшае. Я ад яго і зараз не магу пазбавіцца… Не веру, што ты тут, што мая… Гэта як самае вялікае дзіва.

— Дурнік, я вельмі звычайная.

— Не веру. Мне i зараз здаецца, нiбы ты прыйшла да мяне, а потым запалае заранка — i ты падымешся туды.

— Так i будзе. Толькi не туды, а ў нетры. Дзе нават апоўднi — цень.

— Што такое? — непаразумела спытаў ён.

— Потым… І вось ты прыйшоў… Я зразумела гэта як наканаванне.

Усміхнулася:

— Для іншых досыць банальная гісторыя: былы пан і яго былая актрыса. Але ты ніколі не быў панам. Аніводнай хвіліны.

— Аддзiн вечар. I не панам, а рабом таго, што ты рабiла са мной.

…Салоўка спяваў. Адказвалі яму іншыя.

— Слухай, — сказала яна, і ён не заўважыў за яе вонкава спакойным тонам чагосьці глыбока прыхаванага. — Ты дзівосна чытаеш. Памятаеш, ты чытаў нам аднойчы, калі мы папрасілі, англійскія вершы? Лепшае, што я калі-небудзь чула.

— А, памятаю… "Энабел Лі" Эдгара По.

І паўночны вецер дыхнуў і адняў
У мяне Энабел Лі.
Але неба анёлы і духі зямлі
Да канца не маглi, не маглi
Адарваць душу маю і разлучыць
З душою Энабел Лі.
Ён абдымаў яе, а недзе за акном цягнулася да зор вампір-трава.

У магіле, дзе край зямлі.
Там, ля мора, дзе край зямлі.
— Дзякуй табе, — дзіўным голасам сказала яна.

Яна амаль супакоілася. Яна ўсё ж пачула ад яго словы кахання, хоць і звернутыя да другой.

…У гэтым голасе быў лёгкі акцэнт, з якім гавораць у Дрэгавічах. Трохі дзіцячы акцэнт, які нараджаў мяккае шкадаванне, імкненне абараніць яе.

…Алесь ляжаў на спiне, адчуваючы, што нейкая невядомая сiла вось-вось, вось зараз падыме яго, i ён без адзiнага руху так i паплыве над шатамi дрэў, над кручамi Дняпра. I раптам нешта штурхнула яго, нiбы абарваўшы палёт.

— Чаму ты казала аб нетрах, дзе нават апоўдні — цень?

Яна адчула: прыйшоў час. Больш маўчаць было нельга. З кожнай хвiлiнай яны больш i больш прывязвалiся адно да аднаго. Асаблiва ён. Бо ў яго не было яе думак i яе цвёрдага рашэння.

— Ты не павiнен, — сказала яна. — Не павiнен.

— Я хачу, я кахаю цябе.

— Не мяне, — сказала яна. Табе патрэбна другая. Ты кахаеш яе. Ты яшчэ не разумееш гэтага, але ты кахаеш яе.

— Не, — сказаў ён. — Не.

— Так, — сказала яна. — Гэтая нянавісць — гэта проста ваша маладосць. Неўраўнаважанасць.

— То як жа тады?!.

— Ты хочаш спытаць "нашто"? — яна горка засмяялася. — Табе былi патрэбны вера i сiла…Вялiкая мужнасць i ўпэўненасць. Цвёрдасць. Хлопчык мой, дарагi, — яна лашчыла яго валасы. — Ты дай мне слова… Табе не трэба больш нiколi быць са мной.

— Калі? — урэшце, пад страшнае падзенне сэрца, паверыў ён.

У ягоным голасе жыла халодная роспач.

— Скора, — злітавалася яна. — Я скажу табе.

— І ты магла?..

— Бог мой. Гэта так мала.

— А знявечанае жыццё?

— Я не збіраюся яго прапаноўваць каму-небудзь яшчэ… І потым, хто мне яго даў?

Ён паверыў: пераканаць яе нельга.

— Будзь мужчынам, — ціха сказала яна. — Побач ці далёка — я заўсёды буду помніць цябе і сачыць за табой. Ледзь толькі табе будзе вось так і нікога не будзе побач — я прыйду. Я даю табе слова, першы мой і апошні.

Ён сеў, абапіраючыся на адну руку, і пачаў глядзець у ноч за акном. Ён маўчаў, хаця яму было дрэнна. Але ён стаў іншы за гэтыя некалькі гадзін. Ён не ведаў, што гэта якасці сапраўднага мужчыны. Але ён цяпер нізавошта не згадзіўся б пакутаваць на вачах у іншых. Ён ведеў, што ён ніколі ў жыцці не заплача, акрамя як па незваротнай страце, якая ёсць — смерць. Проста нібыта развучыўся. Ведаў, што ніколі не страціць сябе, пераконваючы цвёрдую рашучасць. Нізавошта не згадзіўся б упрошваць, бо гэта прыніжае.

Пад ягоным болем жыла павага да слоў такой жанчыны. Яна не хлусіць.

Алесь глядзеў у начны парк, дзе заміралі ў пошчаку апошнія салаўі.

Быў боль і было мужнае прымірэнне. Усё адно, усё адно зоры сталі зорамі, свет светам, а чалавек чалавекам.

VI

На Дняпры стаяла магутная палавень. Вышэй Сухадола вялікая рака разлілася на дванаццаць вёрст. Сонца гуляла ў ёй, і побач з гэтым магутным ззяннем мізэрнымі здаваліся бліскаўкі манастырскіх купалоў на тым беразе.

На ўзараных гародах зямля была чорная, ільсняная на адвалах, і сляпуча-белыя яблыні стаялі на чорным, як нявесты. Вось-вось павінен быў зацвісці бэз.

Залатымі падкрыллямі траплялі на вільчыках і ля шпакоўняў леташнія шпакі. Гэта была іх першая сапраўдная вясна.

І гарадок, і вёскі вакол, калі ўзлезці на вільчык высокага даху, бліжэй да шпакоў, здаваліся букетамі снежных кветак. І толькі спрактыкаванае вока бачыла шэры колер у гэтым белым разліве. Бо гэта была квецень.

Бруднавата-белая ад тычынак квецень яблыневых садоў.

На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. На верхавіне аднаго з зялёных волатаў варушыўся маленькі адсюль чалавечак, галавасты Лявон Кахно.

Ягоныя старэйшыя браты — шыракатвары дабрадушны Пятрок, белы, аж сівы Іван, тонкі і спрытны, нібы ўюн, Цыпрук і буркатлівы целяпень Макар — сядзелі ў адным з чаўноў. Розныя і падобныя. З вялікімі вачыма. Вусны ружовыя, насы з лёгкай гарбінкай.

Другі човен — другія і людзі. На стырне сядзеў Цыпрук Лапата з Азярышча, галава вялікага роду з сыноў, дачок і здольнікаў[14]. Вялізны, як мядзведзь, пахмуры, вочкі маленькія, сонныя. Разглядаў вясло, нібы нічога цікавейшага не магло быць. У ягонай байдзе, між мокрых сецяў, рыбы і сцяблаў[15], на атрутна-зялёным ад вады сене сядзелі тры сыны — глядзелі на бацьку, каб ведаць, што рабіць.

Старэйшы, Юллян, трымаў на каленях — як бацька вясло — крамянёвую стрэльбу з гранчастым ствалом і цёмным пудовым прыкладам. Па прыкладзе віўся ўрэзаны ў драўніну і расплясканы малатком медны дрот. Для прыгажосці… Шыракакоснае аблічча Юлляна з вельмі шырокім, але прыгожым ротам і моцнымі сківіцамі было бледнае.

Перад ім сядзеў другі сын, Аўтух. Чысцюткая белая кашуля. На ёй — кажух без рукавоў, аўчынай наверх. Белыя доўгія валасы зблыталіся, падаюць касмылямі ледзь не да плячэй і прыкрываюць лоб. Ад гэтага за вярсту патыхала бязладнай павольнай сілай. Пукатыя, як бачулкі, грудзі, тоўстыя рукі. А твар худы, хоць і шыракакосны, і ўвесь у мускулах ля сківіц, рота і шчок.

У носе байды ляжаў, успёршыся локцямі на вільготнае сцябла, малодшы з прысутных Лапатаў — Янук. Валасы таксама зблытаныя, рот таксама вялікі і жорсткі. А вочы — большыя, чым ва ўсіх братоў, задумлівыя, трохі жорсткія.

Андрэй і Кандрат Кагуты з трэцяга чаўна глядзелі на Янука насцярожана і трохі іранічна. Памяталі, што гэта праз яго Галінка Кахнова вымушана была калісьці прасіцца ў Андрэеў човен. І яшчэ ведалі, што рана ці позна, а ім з Януком давядзецца сутыкнуцца.

У чацвёртым чаўне, што прыткнуўся да самага дуба, сядзелі млынар Грынь Паківач і, узмажнелы за гэтыя гады, увесь нібы біты сіверам і сонцам, Корчак. Бялявыя валасы выцвілі, дрымучыя чорныя вочы глядзелі пранізліва. Пад бруднаватай белай світкай, за чырвоным паясом, былі два пісталеты і доўгі, дзюймы на чатыры даўжэйшы, чым ва ўсіх, корд.

Паківач у карме трымаў вясло, не зводзячы вачэй з хлопца на верхавіне дуба. Пранізлівых, жоўта-бурштынавых, бы ў спайманага коршака, вачэй. Сухі, амаль безбароды твар з рэдкімі вусамі нібы яшчэ больш падсох ад насцярогі і чакання. Ля яго ног ляжалі дзве стрэльбы, прыкрытыя світкай.

— Той, хто ад вас ад'ехаў, гэта хто? — спытаў Корчак.

— Загорскі малады, — адказаў Андрэй.

— Гм, — Корчак прыжмурыў вочы. — А з ім?

— Кірдун Халява.

— Шкада, — сказаў Корчак. — Чаго яны тут?

— А што, Дняпро для цябе толькi? — спытаў Кандрат. — Ён ужо трэцi дзень у нас. Нельга было не ўзяць. Вось мы ўчора назнарок стаўную сетку ля трох вербаў паставiлi, а сёння пагналi яго здымаць. Час ёсць… Ты не зыгуй, Корчак, ён чалавек харошы.

— Значыць, паспяшаемя, — сказаў Корчак. — А ты, Кандрат, глядзі. Як на скрут галавы робіш. Каб не пашкадаваў.

Кандрат усміхнуўся аднымі зубамі:

— Ты яшчэ не пануй. Ты мужыкоў не ведаеш. Калі нехта і пойдзе да цябе — ты не задавайся, атаман. Ты з імі — як з братамі. Яны нацярпеліся. Ім новага пана, ды яшчэ з хамаў — не трэба.

— Што вярзеш? — спытаў ваўкаваты Юллян.

— А тое, што твая спіна, відаць, па новым сядле плача, Юллян. Не дай бог з хама — пан, а дзярма — пірог.

Паківач нечакана згадзіўся:

— Я табе гэта, Корчак, сем год назад казаў.

Корчак стрымаўся.

— Добра. Пагарачыўся я.

— I я кажу, — сказаў Кандрат. — А станеш гарачыцца — справы не будзе. Непамысна табе — нiхто не трымае. Адварочвай ды вяслуй ваду. А хочаш застацца — нас паважай. Мы табе сябры, а не парабкi. Прыгон — ён на ўсiх ляжыць. Таму i наважылiся бунтаваць.

Корчак засмяяўся.

— Ну, до, до. Сам разумею. Мужыкі-і. Адна мы кроў. На адной вадзе замешаныя. — І ён паказаў на бязмежную палавень: — На ягонай вось.

— Расказвай, — кінуў Кандрат.

— Я некаторым панкам пад Дошчыцай учыніў-такі, — сказаў Корчак. — Ноч на чыстую пятніцу. Два маёнткі спалілі хлопцы…

— Замест божых свечак ды паходняў, — са змрочнай весялосцю сказаў Цыпрук Лапата. — Ды што з таго? Гэта сто вёрст Дняпром. Да нас і дымком не патыхнула.

— Цяпер вас тут чакаюць, — буркнуў ваўкаваты Юллян Лапата. — Чаго вас туды панесла, калi ворагi — тут. Кроер — тут. Мусатаў — тут. Патаўпешкi гэтыя, Таркайлы — тут.

Бацька іранічна глядзеў на сына:

— Не думаў я, што ты такі. Ведаў, што дурань, але што такі-і…

— Бацька кажа праўду, Юллян, — сказаў Корчак. — Адсюль пачынаць — канцы былi б. Кроер дачуўся. Ён з восенi сотню чаркесаў у маёнтку трымае. Без крывi не абышлося б… Ды яшчэ ў наваколле блакiтных нагналi, салдат, жандармаў. Атрымлiваецца, ты мяне на смерць запрашаеш, а морда такая — нiбы на чарку.

— Асёл, — сказаў Янук.

І асекся. Аўтух паклаў яму на плячо далонь, сціснуў.

— Не вякай… наша справа… малая. Слухай… вось.

Непрыемныя людзі былі Лапаты. Андрэй і Кандрат, пераглянуўшыся, зразумелі, што падумалі адно і тое ж.

— Яны нас тут чакаюць, — сказаў Корчак. — А я іду ў другое месца. Куды — пачуеце. Вы астаяцеся. Перадавайце мне весткі. Людзей рыхтуйце, хто захоча. Ты, Аўтух, адразу, як толькі даведаешся, што салдатні паменела, — да мяне. Я тады скора прыйду! Ну, хто з вас тады са мной пойдзе?.. Лапаты — гэта ясна. А хто з Кахноў?

— Я, — нечакана адказаў з верхавіны дуба галавасты Лявон. — Вы там цішэй. Па вадзе далёка чуваць.

— Добра, — сцішыўся Корчак. — Яшчэ. Смялей, хлопцы. Памагаць-то вы тут усе памагалі. І жэрці збіралі… і порах… і хавалі, калі трэба. А вось пайсці разам, калі прыйду? Калі сыраядцаў гэтых трэсці будзем?

— Бадай, я, — сказаў Іван.

Кандрат і Андрэй пераглянуліся. Іван быў любімы Галінчын брат.

— І я, — сказаў Пятрок Кахно. — Я — з Лявонам.

— А вы?

— Мы — не, — адказаў за сябе і Цыпрука Макар. — Не выпадае. Зямлю тады каму араць?

— Як хочаце, — сказаў Корчак. — Праспіцё толькі царства нябеснае.

Чорныя пранізлівыя вочы сустрэліся з вачыма Кагутоў:

— А вы?

Кандрат зірнуў на Івана, і той зухавата падміргнуў яму.

— Што ж, — уздыхнуў Кандрат, — бадай што, і мы. Чаго тут. Бунт дык бунт. Кожны год бунты.

Прыдняпроўе сапраўды бунтавала часта.

— Добра, — сказаў Корчак.

— Ты не злуй, — сказаў Цыпрук Кахно. — Мы не даносчыкі. Дапамагацьмем.

— І на тым дзякуй, — схіліўся Паківач. — Вольнаму воля.

— Ты абяцаў Даньку-пастуха прывесці, — сказаў Кандрату Корчак. — Што там?

— Не спакушаецца, кажа: лухта ўсё. Што мне, кажа, дзевак мала ці ежы? Кормяць, кажа, людзі і ў торбу кладуць, і на зіму даюць.

Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі.

— До, — раптам сказаў Корчак. — Цяпер, хлопцы-казакi, кажыце, каго тут перш за ўсё палiць будзем, калi прыйду.

Усе трохі прымоўклі. Адно — бунтаваць "недзе там", а зусім іншае — у наваколлі, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Адна справа — пускаць чырвонага будзіміра недзе пад Дошчыцай, а другая — выракаць на "агонь і паток" людзей, якіх ведалі.

— Землi Загорскiх нам не па зубах, — падштурхнуў людзей Корчак. — Гэтыя хоць i цiхмяныя, але адчайныя. Так будуць баранiцца — пыл ад нас паляцiць.

Дабрадушны Пятрок Кахно раптам узлаваўся:

— На такіх нападаць — мы табе, Корчак, не сябры, вось што.

— Што, цяляты?

— Цяляты не цяляты, а супроць такіх ісці — душу загубіць. На злых так пойдзем, што нас яшчэ на шворцы трымаць будзе трэба. А добрых — не руш.

— А прыгон?

— Не яны яго завялі

— Прыгон…

— Тфу! Ты ідзі глянь, як у Магілёве лупалаўскія кажамякі жывуць?! Як грабянечнікі ў Падуспенні?! Крывёй харкаюць, а вольныя людзі.

Лагодны Андрэй змяніўся з твару. Пяшчотны глыбінны румянец заліў твар.

— І тое праўда, — сказаў раптам Аўтух. — З добрых пачнем, а як за злых возьмемся — то бараніць іх салдат нагоняць.

Бацька здзівіўся. Глянуў на сына нават з нейкай павагаю. І словы Аўтуха прымусілі задумацца нават Корчака.

— Чаго спрачаемся? — упарта сказаў Корчак. — Я не згодзен. Але я і кажу: не па зубах. То з каго?

— З Кроера, — сказаў з дуба Лявон Кахно.

— З яго, — сказаў Пятрок. — з яго, сабакі.

— I тое, — сказаў Корчак. — Я сам казаць не хацеў. Падумалi б: з-за сябе. Згода, Кроер. Яшчэ хто?

— Браніборскі, — сказаў Юллян Лапата.

Аўтух запыхкаў, як вожык.

— Нашто? Ён, кажуць, волю даць хацеў.

— А ты спытаў мужыкоў? — вочы Паківача бліснулі. — Не хочуць яны такой паганай волі, без зямлі.

— Нам, хлопцы, наогул цяжка будзе, — раптам сказаў Іван. — Час трохі не той, — ён сарамяжліва ўсміхнуўся. — Я не баюся, але проста… чуткі гэтыя, што вось-вось волю дадуць. З зямлёю. Каму ахвота, чакаючы на такое, галаву скручваць? Кожная грамада — як крушня каменная. Не зрушыш. Ляжыць на сваім лапіку поля і маўчыць.

Iван нiбы выказаў думку кожнага. Бо ўсе тут баялiся i падсвядома ведалi: вялiкай грамады цяпер не ўзняць. Але i чакаць было горш за смерць.

А Корчак ведаў усё лепш за iншых. Не ўзняць грамаду. Усе чакаюць. Не ўзняць. Хiба што потым, калi воля выйдзе нейкая не такая, якую чакалi.

Але яму было няўсцерп чакаць. Яшчэ i яшчэ чакаць. Як сем год ужо чакаў. Маўчаць. Хавацца i перахоўвацца. Мгчыма, зноў тры-чатыры-сем год.

Не трэба было выказваць ім сваіх думак. І ён з трохі ненатуральнай рашучасцю сказаў:

— Уздымем, не ўздымем. Гэта тады ясна будзе. Не ўздымем, то пачакаем. Пад намі не гарыць. А паспрабаваць трэба. Быдла ўжо мы, а не людзі — вось да чаго давялі. Кроер рабуе. Мусатаў страляе ў людзей… Абароны цёмнаму чалавеку няма. Прыйдзеш у суд — што давядзеш, калі гаворкі іхняй не разумееш?.. Ваўкі. А з ваўкамі — па-воўчы. — І перапыніў самога сябе: — Значыць, вырашылі: Браніборскага… Яшчэ каго?

Запанавала маўчанне.

— Раўбіча, — сказаў раптам Кандрат.

— Ты што? — паспрабаваў быў спыніць брата Андрэй. Але Кандрат павярнуўся да яго і аднымі вуснамі кінуў:

— Маўчы!

Аблічча было такое рэзкае і гнеўнае, што Андрэй змоўк.

— Раўбіча, — паўтарыў Кандрат.

— Нашто? — спытаў нехта.

Над чаўнамі павісла няёмкая маўчанка. Ніхто, акрамя Андрэя, не разумеў, чаму Кандрат Кагут аддае грамадзе, будучаму разгрому і агню, суровага звонку, але памяркоўнага пана Яраша.

Андрэй сядзеў і толькі маліўся сам сабе, каб ніхто не здагадаўся аб прычыне, аб ганьбе Загорскіх. Але ніхто, відаць, нічога не ведаў.

— У Раўбіча можна разжыцца на зброю, — сказаў Кандрат. — Можна і ў іншых багатых радоў, але тыя сцерагуцца.

— Несумленна, — сказаў Пятрок.

— То і памры на сваім сумленні, як страляць пачнуць, — сказаў Кандрат.

— А праўда, — сказаў Аўтух Лапата. — Я не чуў, каб Раўбiч… нешта такое… Але, пэўна, пад добрай скурай — дрэнь.

— Гэта чаму? — спытаў Пятрок.

— Куды дачку… аддае? — сказаў сонны Аўтух. — З кім… парадніцца хоча?

Андрэй пакутліва пачырванеў. Размова ўвесь час скакала вакол небяспечнага: Хаданскі — Раўбічы — прапановы дзядзькаванага брата… Вось-вось…

— Ваўка да ваўка цягне, — змрочна сказаў Корчак. — Згода, пускаем агонь.

Аблічча Кандрата ззяла гнеўнай радасцю.

— Раўбiча, — нiбы не мог адарвацца ад гэтага прозвiшча, паўтарыў ён. — Вужак ганяць сабралiся, а пра гадзюку нiхто не ўспомнiў. Хаданскiх палiць трэба.

— Хіба толькі паліць? — гэта сказаў усмешлівы Лявон з верхавіны дуба.

— Вынішчыць, — сказаў стары Лапата.

— Значыць так, — сказаў Корчак. — Як толькі тут супакояцца — хай нават праз год, — збіраемся і ідзём. Спачатку дзелімся на дзве гурмы. Адна — на Кроера. Другая — на Хаданскіх, адтуль…

— На Раўбіча, — сказаў Кандрат.

— …на Раўбіча, а потым, Браніборскага попелам пусціўшы, на дапамогу тым, што ў Кроераўшчыне.

— Чаму так няроўна? — спытаў Янук.

— Вельмі проста, хлопча, — сказаў Корчак. — Ты там не быў, а я меў шчасце. У яго гэтых сабутэльнікаў, загонавых прапойцаў, сотня, дый чаркесаў ён наўрад ці адпусціць. Ведае. Малой крывёю не абыдзецца. Так што адны абложаць, каб сарока не праляцела, падмогу не паклікала. А другія справы свае зробяць дый прыйдуць.

Сіняе мора повені ляжала вакол. Скакала па ім залатое рабацінне. З верхавіны дуба пачуўся раптам голас Лявона:

— Човен з гэтымі двума.

Людзі пачалі збірацца, адвязваць чаўны. Лявон спрытна, як куніца, спускаўся з дрэва.

— Пагаварылі, — сказаў Корчак. — А шкада, нельга… Мужык побач. Падплысці б ды адправіць гэтага гарлачыкі расціць.

I тут Андрэй са здiўленнем убачыў, як страшна — нiколi ў жыццi такога не бачыў — змянiўся з аблiчча брат.

Кандрат Кагут спрытна, як кошка, не абапіраючыся рукамі, устаў на ногі: душагубка амаль не загайдалася.

— Ты пашкадуеш, калі зачэпіш яго ці кагосьці з Загорскіх.

Корчак пачырванеў. І адразу на гэтым загарэлым абліччы выступілі два, крыж-накрыж, шнары: сляды Кроеравага карбача. Яны былі ледзь прыкметны, але здагадацца — хто ведаў — можна было.

— Ого, — сказаў Корчак. — Ану.

Пад свiткай, ля ног Пакiвача, варухнулася руля стрэльбы. Андрэй узяў у рукi свае восцi.

Корчак абвёў натапыраных праціўнікаў вачыма і стрымаўся:

— Тлумач.

— Ён мой брат. І гэтага досыць.

— Яно і відаць, што панскія лізунчыкі, — сказаў Янук. — Панскую зямлю панскімі коньмі араце. На панскія грошы Паўлюк з Юрасём школку скончылі…

Ён змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй.

— Лiзунчыкi… — сказаў Кандрат. — Мы, Янучок, не лiзунчыкi, а дурнi, калi з такой навалаччу, як ты, разам галовы складаць збiраемся. Не варта было б. А ты ж, пэўна, чуў, чыёй воляй тая дзеўка Хаданскiх зямлю ды свабоду атрымала? Не тваёй. I чыёй воляй паншчыны на гэтым лапiку амаль няма, таксама чуў. I што сам ты нi гвалту, нi згону не ведаеш… I на каго па гэтай прычыне суседзi зубы гостраць.

Размахнуўся восцямі. Андрэй, ведаючы брата, толькі ўздыхнуў: пранесла.

— Ды табе гэтага, губа нясытная, мала. Ты не аб усіх дбаеш. Ты сам бы толькі ўсё, што вакол, пад зад згроб дый сядзеў бы, пакуль… аж да сэрца не згніў бы. Шэры князь, морда твая паскудная. — Задыхнуўся. — А той — просты. З намі, з усімі світачнікамі, як роўны. Каб табе ягоную сілу — мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі.

Павярнуўся да Корчака.

— Гінуць з табою згодны. Але гэтаму роду калі будзе нешта — Азярышча табе будзе вораг, Вітахмо — вораг, Загоршчына — вораг, Татарская Грэбля — вораг, Сцюдзёны Яр — вораг.

Андрэй таксама ўстаў.

— Святое — вораг, — сказаў ён, нібы прабачэння прасіў. — І Ведрычы — вораг… І іншыя, лікам сорак вёсак — ворагі.

Кандрат крыва ўсміхнуўся.

— Хапаць ды выдаваць мы не будзем, — сказаў ён, — крый божа. Проста не будзе табе ні хлеба, ні страхі. Праз тыдзень сам да Мусатава прыпаўзеш, калі не возьмуць. Таму што імі, простымі, трымаецца кожны лясны брат… Імі, Корчак.

Корчак узняў руку:

— Хопіць, Кандрат. — Зірнуў на Янука і на хаду сарваў злосць: — Праз твой язык, лайнік ты, звяга, справу маглі б заваліць. Больш ты мне языка не высалоплівай. — І зноў да Кандрата: — Кінь. З-за лухты мала не перасабачыліся, як гайня.

— Гэта не лухта.

— Добра. Ты супакойся. Веры ўва мне няма. Але, шануючы цябе, спрачацца не буду. Што б ні было — гэтыя людзі, і, вядома, твой брат, астануцца жывыя. Нават у цёмным лесе. Нават калі на наш табар з лесу вылезуць… Ну? Цяпер згода?

— Згода, — астыў Кандрат.

— Сябры?

— Сябры.

— То тады бывайце. Пакінем іх, хлопцы, дый самі развітаемся.

Зацурчала пад вёсламі вада. Тры чаўны пачалі паспешліва аддаляцца. Спачатку іх закрылі бліжэйшыя рэдкія хмызы, потым дальнія. Часцей і часцей.

Праз некалькі хвілін усе яны зніклі за шапкай вялікага дуба… Кагуты засталіся адны.

— Ты, брат, бачу я, гара-ачы, — сказаў Андрэй.

— Бывае.

— А ты чаму не сказаў, што гэта Алесь карбач з Кроеравых рук выдраў?

— Пашкодзіла б. Корчак ганарысты. Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. І раптам — нa табе, панская ласка.

Кандрат зясмяяўся:

— І так слова выдралі… Паплывем насустрач, ці што?

Замест адказу Андрэй моцна павярнуў човен. Кандрат пахіснуўся, але спрамогся сесці:

— Здурэў, сяло дурное! Чаго ты?!

— Проста хацеў паглядзець, як ты, такі доўгі, як конскі шчавук, пляснешся.

— Сам такі, — сказаў Кандрат.

— І тое праўда.

Човен павольна плыў між рэдкіх дубоў. Сляпучае сонца з вышыні глядзела ў ваду. Браты маўчалі.

— Кандратка, — ціха сказаў Андрэй, — навошта ты гэта зрабіў… з Раўбічамі?

— Ты ля царквы на Галінку глядзеў, — падкусіў Кандрат, — і Алесевага твару потым, у карчме, не бачыў… Ненавіжу я гэтае подлае племя, што яны з ім зрабілі… Не мае права ніхто такое рабіць ды на літасць спадзявацца. Аплявалі, а потым… тая… на вялікдзень.

— Яна мне здавалася добрай дзеўкай.

— Мне таксама… здавалася.

— Ён дараваў.

Кандрат успыхнуў:

— Ну, ведаеш!.. Маўчыць пан бог, ды не маўчаць людзi.

— Цс-с, — сказаў Андрэй.

Наводдаль паказаўся човен з Алесем і Кірдуном.

— Гэй! — гукнуў Алесь. — Бачыце?

I прыўзняў з чаўна вялiкага лiлаватага сома. Трымаў з напругай, бо галава рыбiны была на ўзроўнi грудзей хлопца, а хвост згiнаўся на дне чаўна.

— Атаман, — сказаў Алесь.

— Тванню будзе пахнуць, — сказаў Андрэй.

— Вымачым, — сказаў Алесь. — Во атаман дык атаман.

— Нешта ты, Кірдун, увесь час з хаты ўцякаеш, — прычапіўся да першай тэмы Кандрат. — Што, жонка не грэе?

Кірдун з добрай мяккай усмешкай паціснуў плячыма.

— Ды што… Тут жывеш, як вольны казак. Плывеш сабе, сонца вакол. А дома… Бабы гэтыя. Шкада ж іх біць, слабыя… Лаяцца — сабе даражэй. Дый хваліць няма за што.

І па дурасці ляпнуў:

— Жанчыны гэтыя — ну іх да д'ябла! Вось і паніч Алесь са мной згодзен.

Андрэй лыпнуў вачыма.

Кандрат, нібы толькі тут заўважыў сома, паспешліва сказаў:

— Праўда твая, Алесь, — атаман… Колькі яму год можа быць?

— А чорт яго ведае. Многа.

Чаўны ляцелі зусім побач па плыні, між зялёных дрэў.

— З рыбамі гэтымі бяда, — заліваўся Кандрат. — З вялікімі. Дзеда Бельскага ведаеш, Алесь?

— Ну. Заіка?

— Ага. І ў портках калашыны рознакаляровыя. Еду аднойчы, а ён вялізную шчупачыху спаймаў. І нанізвае, хоча пад лазу прывязаць, каб жыла. І так пяшчотненька кажа: "Р-р-ра-буша м-мая, р-раб-буша. Заўтра яўрэям цябе прад-дам". Аж тая раптам — боўць! І пайшла. То Бельскі як завёўся: "А туды т-т-т-т…". І так да самага Сухадола.

Чаўны выплылі на сіні абшар. Роўны на многія вёрсты, імклівы і спакойны, ён імчаў да далёкага мора і ўвесь зіхацеў пад залатым сонцам.


Жыццё было спакойнае, але нічога не абяцала. І таму Алесь амаль узрадаваўся, атрымаўшы "з вернай аказіяй" ліст ад Кастуся. Ліст абяцаў трывогу і працу вышэй сіл.

Кастусь пісаў:

"Усё ў свеце плыве хутка. Мне здавалася, нядаўна пісаў табе. А мінула амаль сем месяцаў. Не апраўдваюся. Закруціўся я тут. Ды і ты, відаць, бо адказаў на адной старонцы… Што ў цябе? Паненка Міхаліна?.. І, напэўна, ўжо і вяселле скора?

У кастрычнiку я стаў студэнт iмператарскага Санкт-Пецярбургскага унiверсiтэта, а праз адзiнаццаць дзён мяне вызвалiлi ад платы за навучанне. Бачыў ты? Дзiвосы! Ва ўсякiм разе, дзякуй iм. Магу жыць… Я наогул "шчасця балавень бязродны". Атрымаў урок, якi дае каля трохсот рублёў ў год. Гэтага досыць.

Можна было б жыць. І ўсё ж я, відаць, аддам перавагу голаду, бо не хачу бываць у гэтым доме… Уяві сабе істоту накшталт вашага пана Мусатава, толькі забагацелага і з сякімі-такімі тытуламі. Гэта страшна — чалавек без перакананняў, ці то з тымі "перакананнямі", якіх сёння трымаецца Дзяржаўны савет. І сына, нядрэннага хлопчыка, паспеў сапсаваць і разбэсціць. Часам гаспадар прыходзіць, сядае ў рэкрэацыйнай і гадзінамі даводзіць, што наш край — праваслаўны і што я, напрыклад, каталік памылкова. Няхай нават так. Я ведаю, што і продкі Міцкевіча былі праваслаўныя, але ва ўсіх гэтых разважаннях столькі сытага свінства, яны выклікаюць такую гідоту, што я ў сектанты пайшоў бы, шамана слухаў бы — толькі не яго. Бо тых гоняць, а за гэтым — тупая сіла, якая спрачаецца толькі для добрай работы страўніка, а ўвогуле ўважае за лепшае душыць.

Татаршчына!

Алесь, я ведаю, гэта глупства — адмаўляцца ад магчымасці не жыць у нэндзы. Скажуць: "Дзяцініцца, дурань. Ну, паслухай якую гадзіну. Затое астатні час жыві як хочаш". Але гэта не лухта. Я не магу саступаць нават у дробязях. Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, — я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі.

І потым, мы і так занадта церпім, і так ідзём на кампрамісы, да яшчэ кожны з іх тлумачым необходнасцю. Я не хачу.

Сапраўдным людзям улада жыць не дае. Дае толькі такім, як мой генерал, тым, што "ўвайшлі ў розум", то бо жаруць, п'юць, спяць з законнай жонкай ці з рабынямі, калі жонка не ведае, і не думаюць ні аб чым, акрамя прасоўвання па службе да ўласнай кішэні.

І яны жывуць, вернападданыя: плодзяць вырадкаў, падлюжаць, крадуць і ліжуць зад начальству і моляцца за "царствующую фамилию".

Гэтым, і толькі гэтым, даюць жыць.

Сядзіць, павіч, і лае сучасную літаратуру: "Якое гэта прыгожае пісьменства? Дзе ж тут вытанчанасць? Чаму гэта ўсё вучыць народ?"

Словам, можаш красці і забіваць, абы толькі прапаведаваў пры гэтым высокую мараль. Можаш кожны дзень хадзіць да Фрын на Лігаўку, абы прапаведаваў законную любоў да бога, імператара і жонкі.

Нiхто не хоча праўды. Нiхто нават не падумае, што ўсё гэта — калос на глiняных нагах, якi вось-вось звалiцца.

І такая поскудзь кіруе намі ды яшчэ і крычыць усюды, што будучыня за праваслаўем (братняя любоў з пугаю ў руцэ), народнасцю (права смаркацца ў руку, лаяць іншаверцаў і атрымліваць поўхі) і самадзяржаўем (роўнасць усіх сумленных і чыстых перад плахай). Інквізітары!

І такая поскудзь лае маладых хлопцаў, што ідуць за Чарнышэўскім. Яны нібыта заходнікі, сацыялісты, распусныя зеляпаны, валасатыя бамбісты. У ніх не шлюб, а палавая распуста. Іхнія стрыжаныя дзеўкі трыбушаць мерцвякоў замест таго, каб сумленна гандляваць сабою ў шлюбным ложку. Іхняя літаратура, замест таго каб паказваць сумленных дваран ды клопаты імператара аб народным дабрабыце, малюе рызманы ды галоту перакатную, ды такіх самых якабінцаў, як яны… А што ім маляваць?.. Высакароднасць даносчыка Фадзея Булгарына? Фадзеяў хапае і не ў кнігах… Маральнасць імператара, які перабірае пепіньерак са Смольнага, а потым дае ім пасаг ды спіхае замуж за сваіх халуёў? Сапраўды маральна: мог бы потым проста выгнаць на вуліцу… Або захапляцца высокай адукацыяй грамадства, якое ўсё яшчэ не можа расхлябаць спадчыны Мікалая-душыцеля ды Сергія-зацямніцеля прозвішчам Уварава?

Не, тыя хлопцы чыстыя. Яны ведаюць сэрцам, што лепей хай не будзе ніякай дзяржавы, чым такая імперыя. Лепей — ніякай велічы, чым веліч на касцях народаў.

Але ім цяжка. Ім амаль немагчыма дыхаць.

Нядаўна ў сувязi з агульным ажыўленнем надзей, у сувязi з чуткамi пра вызваленне (не вельмi яснымi) i чуткамi пра судовую рэформу (яшчэ больш цьмянымi), а галоўным чынам у сувязi з дзейнасцю "Современника" правыя ўзнялi нясцерпны вiск i брэх. Ажыўленне лiтаратуры iм ненавiснае. Яны б увесь век пiсьменнiкаў у рэкрэацыйнай трымалi ды частавалi за даносы цукеркамi. Раннi Тургенеў — скандал, дыскрэдытацыя панства ў вачах народа! Някрасаў — жах, небяспечнасць, парахавы зарад пад магутныя бастыёны дзяржавы.

Малады Талстой, якога ты, напэўна, чытаў, — і той ім не даспадобы. А ён, пакуль тое, нічым асаблівым іх не дапёк. Нічога, дапячэ, па почырку відаць. Не быў ворагам, дык будзе. Зробяць.

І, галоўнае, па ўласнай дурасці яны не могуць нават давесці, чым для іх варожы той ці іншы. Бачаць чысціню, празрыстасць, сумленне, дабрыню да людзей — значыць, гатова. Патэнцыяльны вораг.

Гэта як ведаеш што? Памятаеш, калі я быў у вас, Кагуты недзе знайшлі позняе ваўчаня і прынеслі табе. І мы вырашылі, каб сучка яго выгадавала разам са шчанюкамі. Сучку замкнулі, а ваўчаня паклалі між смактуноў, каб прапахнула іхнім пахам. Памятаеш, як яны? Сляпыя, дурныя, як клёцкі, а як яны пачалі вішчаць ды падскакваць.

Так і гэтыя. Нічога не разумеюць, а чуюць.

А паколькі ўсе яны накшталт майго генерала і думаюць гатовымі катэгорыямі, то галоўны іхні довад у спрэчцы з сапраўднымі пісьменнікамі ёсць той, што іхняя творчасць ганьбіць радзіму (нібы мы не абавязаны радзіме перш за ўсё ісцінай), што яны падрываюць устоі радзімы, што яны не любяць яе, бо, пішучы свае сатыры і пакутныя элегіі, дыскрэдытуюць бацькаўшчыну ў вачах іншаземцаў.

І хочацца адказаць ім словамі Гогаля:

"Спокойно сидят себе по углам и занимаются совершенно посторонними делами, накопляют себе капитальцы, устраивая судьбу свою за счет других; как только случится что-нибудь, по мнению их, оскорбительное для отечества, появится какая-нибудь книга, в которой скажется иногда горькая правда, — они выбегут из всех углов, как пауки, увидевшие, что запуталась в паутине муха, и подымут вдруг крики: "Да хорошо ли выводить это на свет, провозглашая об этом? Ведь это все, что ни описано здесь, это все наше — хорошо ли это? А что скажут иностранцы? Разве весело слышать дурное мнение о себе?"

Тактыка злодзеяў. Крычаць на іншых: "Трымай яго!", каб менш звярталі ўвагі на іхнія брудныя справункі, на тое, што першыя ворагі Айчыны — яны.

…Я больш не магу сярод іх. Нават хвіліны. Няхай голад. Няхай бурчыць у жываце. Нехта сказаў, што лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.

Ніякіх кампрамісаў!

Мой тутэйшы прыяцель, адзін з самых разумных людзей, якога мне даводзілася бачыць, аднойчы сказаў, што мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца.

Меў рацыю. Нешта такое ёсць. Але калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа — мы самі павінны зрабіцца "храбрымі дзядзямі", а не ціха радавацца з-за чужой спіны… Кроў — з кропляў. І, каб не загніць ад суседства з нячыстымі, здаровыя кроплі павінны рухацца і нападаць на заразу, выкідваць яе з арганізма, нават рызыкуючы ўласным жыццём. Іначай — гангрэна і смерць.

Дружа! Ліст гэты перадасць табе надзейны чалавек. Правезці, перадаць, знішчыць на выпадак вобыску — гэтага лепей за яго не зробіць ніхто. Таму я і даверыўся. Але гэта будзе апошні такі ліст. Па-першае, восенню мы сустрэнемся. Па-другое, канспірацыя ёсць канспірацыя, а ў нас, здаецца, канчаецца дзіцячая гульня ў цыркі і пачынаецца сур'ёзнае. Таму гэты ліст — па прачытанні — адразу спалі. Спадзяюся на тваё сумленне. Надалей будзем спадзявацца толькі на памяць.

Пішу табе з тым, каб ты аднавіў сувязь з хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны", праверыў, хто з гэтых рамантыкаў не атлусцеў, і збіў з іх ядро, якое потым магло б абрасці новымі людзьмі. Можаш сказаць найбольш надзейным, што гэта не гульня і не дарэмная рызыка, што нас шмат і колькасць сваіх людзей няўхільна расце.

Спадзяюся, што за гэты час ты не змяніўся. Калі гэта так — напішы мне звычайны ліст, хаця б пра сваё здароўе, пра Мсціслава і добрую Майку і запячатай яго не радавой, а сваёй пячаткай. Я буду ведаць, што ты згодзен са мной і пачаў рыхтаваць сяброў. Пастарайся таксама ўспомніць, хто з хлопцаў, якія падчас славутай гімназічнай баталіі сталі на ваш бок, жыве ў Прыдняпроўі непадалёк ад Сухадола. З імі таксама трэба пагаварыць, хоць і больш асцярожна, бо іхні ўчынак, магчыма, ідзе не ад шырокага дэмакратызму, а толькі ад пачуцця абражанага нацыянальнага гонару, ад афекту, выкліканага ім.

Дзейнічай, дружа. Дзейнічай, сябра мой.

P. S. Ад генерала пайшоў. Буду бегаць па грашовых уроках у сумленных людзей. Віктар знайшоў работу ў Публічнай бібліятэцы. Неяк пражывем. Дзякуючы сваёй рабоце і сувязям ён пазнаёміўся са шмат якімі прыстойнымі людзьмі. Ну, а праз яго і я. Адзін з іх — фігура самая дзівосная, якую можна ўявіць. Гэта паляк, нашага поля ягада. Шмат адседзеў і адмаршыраваў у тых краях, дзе замест прыгарадаў усё "фарштаты" і дзе над зямлёю лунае нябачны дух Ямелькі Пугача. Там ён, між іншым, блізка пасябраваў з тваім улюбёным Тарасам, які ўсё яшчэ, бедалага, пакутуе сярод бурбонаў, п'янюг ды Іванаў Няпомнячых. Прозвішча паляка — Зыгмунт (а па-нашаму Цыкмун) Серакоўскі. Уяві сабе тонкую моцную постаць, разумны твар, стрымана-цвёрдую хаду. Белы бландзін. І на абліччы ззяюць сінія, найсвяцейшай чысціні і цвёрдасці вочы. Пазнаёміўся я з ім нядаўна, але ўжо зачараваны і логікай ягонай, і патрыятызмам, і воляй, і мужнасцю, і той вышэйшай душэўнай прыгажосцю, якая заўсёды спадарожнічае сціплай велічы сапраўднага чалавека. Вы павінны былі б спадабацца адзін аднаму… Кідай ты хутчэй усё. Едзь сюды. І мне будзе весялей, і табе не так будзе лезці ў галаву твая прыдняпроўская дурасць".

Ліст быў спалены. Быў пасланы адказ, з асабістай пячаткай.

…У сваім спакоі, у плыні жыцця, якое нічога, здаецца, не абяцала, ён узрадаваўся лісту Каліноўскага.

Добра было ведаць, што трэба дацярпець толькі да восені, а там гары яно ўсё гарам. Увосень ён паедзе ў Пецярбург, звяжацца з Кастусём і сябрамі. Будзе віраванне спрэчак, учынкаў — усяго, што завецца жыццём.

І, калі спатрэбіцца, ён аддасць гэтае жыццё братам.

Усё добра. Хоць нехта ёсць на свеце, каму яно патрэбна.

Радзіма.

Родная зямля.

Беларусь.

…Майскімі раніцамі, да ўсходу сонца, скакалі ў жытах дзяўчаты.

Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.

— А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.

І дзяўчаты слухаліся іх.

Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.

Набліжаўся час, калі русалкі асабліва шкодзяць людзям, і трэба знайсці хоць які дзень-два, каб утаймаваць іх, а заадно пасмяяцца, паспяваць ля вогнішчаў і ўдосталь нацалавацца дзе-небудзь у сініх ад празмернай зелені жытах.

Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.

Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.

У белым рубку[16] да лытак, з доўгімі, ледзь не да каленяў, распушчанымі валасамі, яна пагойдвалася ў сінім небе, вышэй за ўсіх. І свежы, пяшчотны тварык дзяўчыны ўсміхнуўся сонцу, нівам і зялёным гаям.

А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа.

…Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.

Не абышлося i без бойкi. Сутыкнулiся за Галiнку Янук Лапата i Кагутовы блiзнюкi. Медзведзяваты Аўтух заступiўся за брата i пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь i, на агульнае здзiўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кiнуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў.

Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком… Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.

І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку — усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.

Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.

Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.

Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.

І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.

Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.

Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.

Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.

Родная зямля — гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.

Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.

— Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? — спытаў Алесь.

— Я не ўнікаю.

Вочы глядзлi ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбiваўся з зямлi.

У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.

— Сядзь, — ён пасадзіў яе на каменную лаву. — Ты… не трэба так… Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.

Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.

— У мяне будзе дзіця, Алесь.

Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён — і дзіця.

— Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.

Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць — гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.

— Праўда?

Зусім неспадзявана нарадзілася недзе глыбока пад сэрцам, пачала расці, расці, узрастаць, затапіла ўрэшце ўсё на свеце, усю існасць і ўсё, што вакол, несамавітая, дурная, шалёная радасць.

У яго перахапіла дыханне. Адчуванне шчасця і ўласнай значнасці было такое вялікае, што ён тросся, захлынаючыся паветрам.

— Не можа быць… Гелена, праўда? Гелена, мілая… мілая…

Голасам, што быў поўны бязмернай пяшчоты, яна спатала:

— Ты праўда ўзрадаваны?

— Я не ведаю. Гэта — падобна… Не, гэта не радасць, — ён вінавата ўсміхнуўся. — Я ж яшчэ не ведаю, як… І яшчэ, я кахаю цябе… Як ваду і неба… Як жыццё.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калі яны выходзілі з парку, Алесь, трохі ўжо супакоены, але па-ранейшаму нібы прасвятлелы тварам, з той самай дурной усмешкай на вуснах, раптам затрос галавою.

— Не веру.

— Тумаш няверны.

Ён вёў яе так асцярожна, нібы да радзін заставаліся лічаныя дні.

— Вось і ўсё, — сказаў ён. — Зараз пойдзем да дзеда, скажам аб усім. Потым да бацькоў. Вяселле ў першы дазволены дзень. І паедзем. Кудысьці далёка-далёка. Каб мора. Вельмі буду шкадаваць цябе.

— Алесь, — раптам сказала яна, — а ты задумаўся на хвіліну аб тым, што ты не сказаў "кахаю" мне, а сказаў яму.

Загорскі, пратэстуючы, узняў рукі. Але яна спыніла гатовыя вырвацца словы. Сказала з пяшчотай:

— І добра. Вельмі добра. Значыць, тут ты бацька, абаронца. Так і трэба.

Адчуўшы раптам, што да жаданага канца, які адсек бы мінулае, яшчэ далёка, ён сказаў:

— Вянчаемся ў Загоршчыне.

І ўбачыў, як яна, нібы з сілаю адрываючы нешта ад сябе, паківала галавою.

— Не, Алесь, на гэта я ніколі не пайду!

— Чаму? — упарта спытаў ён.

— Ды зразумейце ж вы, — нібы чужому, сказала яна, — усё добра як ёсць.

— Каму добра? — голас гучаў жорстка.

— Вам.

— Мне дрэнна. Без цябе і без яго. Удвая.

Яна спляснула далонямі.

— Мілы, мілы вы мой! Паверце мне, вы сабе хлусіце. Вы не бачыце, а я добра бачу, як вы загналі сваё пачуццё ў каменны мяшок, замкнулі. Вы не адчуваеце гэтага, вам здаецца, што вы спакойны, але вы ўвесь час слухаеце, як яно рвецца на волю, калоціцца ў дзверы.

— Не!

— Так, — сказала яна. — І ў гэтым для мяне няма крыўды. Вы думаеце, я не ведала з самага пачатку? Ведала.

Ніколі яшчэ ён не бачыў яе такой прыгожай. І чужой. Ліхаманкавыя, пяшчотныя вочы, на вуснах горкая і цёплая ўсмешка.

— Толькі вы не забывайце часам убачыць яго. Добра?

— Ты страшны чалавек, — сказаў ён. — Пазбаўляеш яго — бацькі, мяне — радасці. Мне ніхто не патрэбен, — ён змагаўся, і голас ягоны быў глухі.

— Мана, — сказала жанчына.

Ён падумаў аб тым, што сам ён, і ўсе, хто вакол, і Майка, усе яны — нявартая дробязь у параўнанні з гэтай жанчынай. Было ў ёй нешта вышэйшае за іх, звычайных. І Алесь падумаў, што яна адчувае гэтую несумяшчальнасць самой сябе і яго, Алеся.

Яна глядзела на яго і разумела, аб чым ён думае.

— Алесь, — сказала яна, — гэта хлусня, што ты думаеш. Няўжо, ты думаеш, я зрабіла б такое, каб не кахала цябе? Я таму і раблю, што кахаю.

Ён ускінуў яе ў паветра і з сілай паставіў на ногі.

— Хлусіш.

Але ён глядзеў на яе аблічча і верыў. Верыў усё больш і больш.

— Вельмі. Таму і ўцякаю.

— А дзіця? — амаль умольна сказаў ён. — Яго імя?

— Няхай. Ён будзе сумленны чалавек.

— Але нашто?

У яе вачах былі слёзы. І вочы праз слёзы аж ззялі, як сонца праз дождж. Той дождж, пра які навакольныя сяляне казалі: "Царэўна плача".

— Атрымалася б, што я нічым не ахвяравала, — сказала яна. — Наадварот, прыдбала. І таннай цаной. Ты не думай аб ім. Проста бог не хоча маёй ахвяры. Ён будзе. Гэта такое шчасце. Думала адплаціць, і вось зноў у даўгу. І, значыць, магу, калі спатрэбіцца, плаціць і плаціць.

— Гэта ўсё? — спытаў ён.

— Усё. Ты не гавары са мной больш, — яна выцерла слёзы і ўсміхнулася. — Гэта дарэмна, мілы. Праз два дні я еду ў Сухадол, а адтуль у губерню. Мне прапаноўвалі.

— Гэта канчаткова?

— Але. Бацькоўскімі капцамі клянуся

Гэтым не кідаліся, і ў Алеся ўпала сэрца.

Ён глядзеў і глядзеў на яе. І жорсткія вочы паступава мякчэлі.

— Аставайцеся тут, — сказаў ён. — Вам не трэба ў Сухадол… Я клянуся вам не ўспамінаць нічога, не напамінаць ні аб чым, пакуль ён не народзіцца. А потым… потым вы самі ўбачыце, як я стану любіць яго.

— Я ведаю. Усё ведаю. І таму іду.

На хвіліну ён пашкадаваў, што яна вольная, што ў той далёкі вечар ён сам прынёс ёй… І адразу падумаў, што, каб не той вечар, нічога не было б… А потым пякучы сорам на самога сябе прымусіў пачырванець аблічча і нібы пазбавіў права чагосьці патрабаваць. Вось яна, панская косць, панская кроў, панскі дух. Кастусёў сябра, рыдалец над меншым братам, заўзяты патрыёт, з мужыкамі кумаецца. Навалач! Дробная дрэнь! Кроер!

— Добра, — глуха сказаў ён. — Будзе так, як захочаш.

У пакой праз сітняговыя плеценыя цыноўкі ледзь прабіваліся палоскі сонечнага святла. Рэдкія пылінкі плылі ў іх.

— Выйдзі, кажу табе, — сказала Тэкля. — Выйдзі, дурная ты.

Нянька, сама трохі дурнаватая, лічыла, аднак, што мазгі ўсіх астатніх людзей і ў параўнанне не могуць ісці з яе, Тэклінымі, мазгамі.

— Я нікога не прымаю, — сказала Майка.

— То ты б лепей узяла ды Іллюка не прыняла, — падперла рукі ў бокі Тэкля. — Так бы яму, даліктуну, і сказала: "Не выганем, але проша вон".

Тэкля сцвярджала сябе, між іншым, і тым, што ведала дзесяткі два польскіх і рускіх выразаў і часам падводзіла размову, каб выкарыстаць сёе-тое з гэтага запасу.

Бледнае аблічча Майкі перакрывілася.

— Я не сказала, што не прымаю нікога. Але я нікога не прымаю з Вежы і Загоршчыны.

— Ы-ы, ы-ы, — сказала Тэкля. — Вось што: чаго гэта ты, дзеўка, круціш? Думаеш, адну такую цацу бог стварыў?

— Тэкля!

— Ну, вядома. Як гадавала Тэкля, то добрая была. Тады мамка была міла, як ззаду мыла.

— Не трэба, няню…

— І чаго ты з сабою такое робіш? Ссохла ўся. Трэці месяц толькі як да таго крактуна выходзіш — сонца бачыш. У цемры сядзіш. Што тут табе, манастыр? Жнівень на дварэ стаіць, дурніца. Дзеўкі ў полі так песні крычаць — сама б зноў дзеўкай стала, прасціце, канечне, в натуры…

— Я прашу, прашу вас…

— Якія грахі замольваеш? Адзін грэх маеш. Паніча суседскага з домам пасварыла. Чым ён табе не здаўся?

— Я і без вас ведаю…

— То таму і сядзіш? — спалохалася Тэкля.

— Таму i сяджу, — упершыню за ўвесь час прызналася Мiхалiна.

— Ду-урніца! — Тэклін твар перакрывіўся ад неўразумення і жалю. — То нашто ж?!

— Я вельмі дрэнна зрабіла яму. Я сама ведаю, што няварта яго.

У Тэклі з'явіліся на вачах слёзы.

— І так сябемучыць? Ах-х ты! Грэблу, што коней чысцяць, узяць бы ды скуру са спіны тваёй, каб не села.

— Тэкля, — папрасіла Майка. — Мне вельмі дрэнна…

— Га-аротніца ты мая! Ды як жа ты?

— Ніяк. Выйду за Хаданскага.

Нянька схапіла Міхаліну за плечы.

— За яго? Ды плюнь ты, хай ён утопіцца! Нашто табе ў тую квэку лезці? За Выбіцкага — і тое лепей, хай сабе ён і парцяныя[17] шкарпэткі носіць.

І раптам пацалавала дзяўчыну:

— Дзеўка, кінь! Дзеўка, хай ён пэнкне! Хай ён, жорсткі чалавек, на трыбусе поўзае ды зад валочыць. Ой, паплачаш! Хлопца якога на каго мяняеш. Ото б я з ім аджыла. Маечка, дзетухна, не ідзі ты за таго! Людзі Хрыстом богам моляць, каб за табою ды яму не дастацца! Падумай пра іх…

Майка здзівілася. Тэкля гаварыла зараз, як сталага розуму жанчына. Магчыма, не свае словы.

— Такі ўжо воўк — толькі ім вёдры са студні даставаць. Калі нават пойдзеш — пакінь, дзетачкі, людзей у сваім майне. Хай асобная ад мужа даброта ў цябе будзе.

Тэкля заплакала.

— А лепей у-ця-кай ты ад яго. Iдзi да загоршчынскага панiча, павiнiся. На каленях прыпаўзi да павiнiся. Пэўна, не з'есць. Ну, дасць, можа у вуха раз-другi, як, не раўнуючы, мне за дурасць нябожчык Мiхал. Ну, па спiне разок перацягне, дый даруе. Я табе кажу, даруе. Затое век гора ведаць не будзеш. А добра як з iм будзе! Што ў царкве, што ў ложку. Ды я б, маладою, на край свету за iм пабегла, каб хвiлiну на мяне паглядзеў. Ён, цi ведаеш, бы ў песнi: "Як ён мяне пацалуе — тры днi ў губе цукар чую".

Старая гладзіла Майчыны плечы і адчувала, як яны дрыжаць пад яе рукой.

— Папрасi даравання. Ты не думай. Гэта не страшна. Наадварот, салодка i лёгка, ясачка ты мая. Нiчога ж не зробiш, доля наша такая. Я i то часам Мiхалку прасiла: "Набi ж ты мяне, даражэнькi, можа, я ўжо тады менш цябе, змея, кахаць буду".

І пад гэтыя цьмяныя пакорлівыя словы Майка заплакала. Упершыню за восем месяцаў.

— Нічога… Нічога не зробіш, Тэкля. Позна.

— З труны толькі позна… Ты проста аддай сябе на ягоную літасць… на ягоную абарону.

Нібы малой, Тэкля выцірала Майцы аблічча памочаным ручніком.

— Ты ідзі. Прымі, калі прыйшоў чалавек. Пагавары, нічога не зробіцца.


Занадта проста трымаючыся, яна выйшла на тэрасу і ўбачыла ля балюстрады высокую жанчыну ў залацістай сукні.

Вочы міжвольна адзначылі зграбнасць постаці, простую элегантнасць убору, капялюшык з танюткай залацістай саломкі.

Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм.

— Пробачце, я прымусіла вас чакаць, — па-французску сказала Майка.

Госця адказала таксама па-французску. І хоць памылак у вымаўленні не было — празмерная правільнасць мовы лепей за памылкі казала аб скутасці чалавека, які гаварыў.

— Што вы, — сказала госця. — Я проста не звярнула ўвагі. Заглядзелася на гэтую раскошу.

Тэраса вісела над крутой стромай. Унізе быў адхон з дрэвамі і возера. Злева дзве снежныя званіцы. Яшчэ далей — стужка Дняпра, а за ёю жоўтыя ад жыта ўзгоркі. Далёка-далёка.

— Сядайце, калі ласка, — упарта трымаючыся французскай, сказала Міхаліна.

Нейкую трывогу выклікала ў ёй гэтая жанчына. Яна не бачыла пакуль яе аблічча, але трывога ўзрастала.

— Дзякуй вам.

Яны сядзелі адна насупраць другой і маўчалі. Доўга. Госця, здавалася, слухала. І не проста слухала, а заслухалася. Галоўка схілілася набок. З-за цёмнага вэлюму, яшчэ цямнейшыя за яго, вільготна глядзяць, не міргаюць вочы.

З-за шатаў дрэў, з-за Дняпра тонка-тонка, высока-высока гучала жніво. Нібы па шкле лёгкім срэбным малаточкам, нібы ў тонкі шкляны посуд, на мяжы слыху, звінелі галасы. А можа, гэта звінела дрыготкая шкляная смуга гарачага паветра над нівамі?

Закурыўся дробненькі дожджык
Па чысценькім полі, закурыўся.
Зажурыўся мой татулька ў доме
Па мне, маладзенькай, зажурыўся.
З адвечнай спеўнай тугой, з перападамі і ўзлётамі, калі здаецца, што вось зараз чалавек увесь, да апошняга, выльецца ў песню, звінелі галасы.

Гэта не была скарга. Гэта спявала сама зямля.

Не курыся, дробнеькі дожджык,
Па чысценькім полі, не курыся.
Не журыся, мой татулька, ў доме
Па мне, маладзенькай, не журыся.
Майка раптам убачыла, што вочы невядомай, вялізныя, як азёры, глядзяць ужо на яе і праз яе, не разглядаюць, а проста бачаць: наскрозь

А ў шкляных далях, як з неба, спявалі, звінелі галасы:

Не ты мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, не ты мне даў.
Бог жа мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, бог жа мне даў.
— Чуеце? — спытала раптам жанчына.

Майка здрыганулася. Таму што невядомая сказала гэта па-мужыцку. Натуральна, нібы іначай і быць не магло, спеўнай прыдняпроўскай гаворкай, якую яшчэ больш адцянёўваў нейкі дзіўны, трохі дзіцячы акцэнт.

"Алесь гаварыў заўсёды па-мужыцку. З жанчынамі і мужчынамі, на полі і ў зборні. І таму ўсе тыя, хто ўжываў мужыцкую мову, там, дзе яе не прынята было ўжываць, мелі дачыненне да яго".

— Чуеце? Жаночы лёс. Аднолькавы і ў пані, і ў прыгоннай.

Майка адказала таксама па-мужыцку — прыняла выклік:

— Згадаеце расцаніць гэта як размову пра ўсіх жанчын ці пра мяне?

Жанчына ўсміхнулася:

— Усё адно, — разлічаным, пластычным жэстам жанчына прыўзняла і замацавала на капялюшыку вэлюм. — Я былая прыгонная акторка пана Вежы. Гелена, а па новым прозвішчы — Карыцкая.

Міхаліна пазнала яе… Тая… Што ж здарылася?

Майчыны вочы прабеглi па ўсёй постацi актрысы, з галавы да ног. "Хлусня, — мiжволi падумала Мiхалiна. — Тое, што казалi пра iх, таксама была хлусня. Нехта сказаў подласць, зрабiў подласць, а я пайшла ў яго на шворцы".

Нібы зразумеўшы яе, Гелена ўсміхнулася. Усмешка была такая, што Майка зразумела: толькі ласкай і паблажлівасцю гэтай жанчыны можна растлумачыць сам факт размовы. Яна рабіла ласку, і ніхто не асмеліўся б зрабіць ласку ёй. Міхаліна глядзела на поўныя вочы.

Сонца на твары. Хохлікавыя каўпачкі "панічоў" кідаюць на сукенку і твар бэзавыя і ружовыя адбіткі. Вочы вялізныя.

А плечы тонкія, але, адразу відаць, вытрымаюць усё.

Незвычайная, пагрозлівая прыгажосць. Захоча — адбярэ.

І, нібы толькі ў жаданні гэтай жанчыны была справа, дзяўчына ўся натапырылася, як перапёлка, што бароніць гняздо. Яна не ведала, што Гелена прыблізна на гэта і разлічвала, едучы сюды, і таму здзівілася, убачыўшы на яе вуснах тую самую ўсмешку.

Карыцкая таксама ацэньвала субяседніцу, ад попельных валасоў да насцярожанай усмешкі, да вострага носа туфліка, які высунуўся з-пад сукенкі. І ацаніла. "Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, — будзе жанчына… Значыцца, вось каго… Што ж, хіба яна лепшая за мяне?…"

Не. Не лепшая. Проста другая. І вось такую, другую, ён яе і кахаў.

На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася.

Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе.

Ад вераб'я нічога не залежала, і таму з ім трэба было быць добразычлівай.

Гелена ўсміхнулася.

Міхаліна глядзела на яе строга і насцярожана:

— Вы ведаеце, што я парушыла ўсе сувязі з гэтымі дамамі? Нашто вы прыйшлі?

— Даведацца, ці канчатковае гэта рашэнне? — спакойна сказала Гелена.

— Выбачайце, калі ласка, але я не ведаю, якую цікавасць гэта можа мець для вас?

З ніў зноў ляцела далёкае:

Бог жа мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, бог жа мне даў.
— Хіба для мяне? — спакойна скзала Гелена.

Майка не разумела яе. Але спакой актрысы, яе упэўненасць нараджалі неспакой, боязь і трывогу.

"Адбярэ. Захоча і адбярэ. Гэтая здолее".

Майка памятала яе на сцэне.

"Усё. Канец. Дагулялася. За каго сябе лічыла, варты жалю вераб'ішка? Хаданская хлусіла. Але хлусня можа зрабіцца праўдаю".

Карыцкая глядзела на паненку і разумела ўсё.

— Хочаце, каб я сказала, аб чым думаеце?

— Вы можаце? — іранічна спытала Міхаліна.

— Магу.

— Не трэба.

— Але не трэба і вам так думаць. Не непакойцеся. Я прыйшла сюды не дзеля таго.

І, нібы ратавалася ад чагосьці, трохі паспешліва сказала:

— Вы ведаеце, што па намаганню гэтага чалавека, тады яшчэ зусім дзіцяці, я атрымала волю і некаторыя незалежныя сродкі, якія мне здаюцца багаццем.

Тон гэты быў брыдкі, але Гелена ведала: толькі дзелавітасцю і вонкавай сухасцю можна не сапсаваць справы, не насцярожыць, пераканаць у тым, у чым хочаш…І яшчэ — трошкі — упэўненасцю ў сабе. Каб адчувала, што ніхто яго не адбіраў і не адбірае, але ёсць такі чалавек, які… можа адабраць у кожную хвіліну.

— Віншую вас.

— Як вы думаеце, што магу я адчуваць да чалавека, які бескарысліва даў мне ўсё гэта?

Майчыны зрэнкі здрыгануліся.

— Мяркую… удзячнасць.

— Вядома, удзячнасць. І самую глыбокую павагу. І… любоў, бо чалавека такой маральнай чысціні мне яшчэ не даводзілася бачыць.

Сэрца Міхаліны сціскалася ад думкі, што субяседніца таксама можа кахаць яго. Таксама? А хто яшчэ? Хіба яна? Хіба ёй не ўсё адно? І яна сказала назнарок суха:

— Яму яшчэ не было дзе страціць мараль.

— Мы не судзiм людзей за будучае, — сказала Гелена, нiбы не заўважаючы, што чырвань кiнулася Майцы ў твар ад гэтых слоў. — Як вы думаеце, павiнна я, у сваю чаргу, у меру маiх сiл памагчы яму?

— Пэўна.

— Не ведаю, магчыма, я перашкоджу, але іначай не магу. Некалькі апошніх месяцаў я заўважала, што ён пакутуе. Я не ведала прычыны, але ўрэшце здагадалася, што гэтая прычына — вы.

— Прабачце, але аб гэтым я не хачу гаварыць.

Тон быў рэзкi, але Гелена бачыла прасвятлелыя вочы дзяўчыны i разумела, што тая раптам перайшла ад безнадзейнасцi i адчаю да самай высокай трапяткой радасцi. Гелена ведала, што Мiхалiна цяпер даруе ёй нават словы, якiя яна мелася вымавiць, адмовiцца ад дзявочай грэблiвасцi перад яе словамi, вызвалiцца ад рэўнасцi i, магчыма, будзе нават любiць яе, Гелену, за тое, што яна прынесла ёй гэтую iскрынку святла. Гелена ведала, што лепшы сродак узвысiць чалавека, якi знаходзiцца ў такiм стане, — гэта прышчапiць усведамленне таго, што, нягледзячы нi на што, нехта ўсё ж кахае яго.

— У мяне будзе дзіця, — сказала Гелена. — Ад каго, спадзяюся, не важна. Гэты чалавек звязаны з другою, і рассекчы гэты вузел можа толькі бог.

Майка і сапраўды не адчувала грэблівасці. Наадварот, шчымячы жаль.

— Смерць? — спытала яна.

— Бог. Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што я кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго.

— Гэта было б ханжаства… Што ж рабіць, калі зямныя законы супраць?

— Божыя.

— І няхай… няхай… Усё адно. Гэта ўсё адно шчасце.

— Што ж тады сказаць аб тых, хто сваім капрызам разбураюць шчасце?.. І калі быць з каханым не грэх, то што тады грэх?

Майка апусціла веі.

— Нейкім чынам балбатня чэлядзі аб гэтай акалічнасці дайшла да пана Алеся. Ён заўсёды ставіўся да мяне добра. Я думаю, яму стала не пад сілу жыць. Вы ведаеце, гэтыя абрыдлівыя плёткі… Адна з іх, самая хлуслівая, пару тыдняў таму дайшла да яго. Толькі гэтым ды яго дабрынёю я магу растлумачыць тое, што ён мне прапанаваў, — Гелена зрабіла паўзу.

Звінела за ракою жніво.

— А прапанаваў ён мне ні больш ні менш як прыкрыць мой "грэх". Я дарую яму, ён жа нічога не ведаў, а пасля яму было ці не ўсё адно… І вось таму я і прыйшла да вас. Мне здаецца, тое, што здарылася, гэта ўжо занадта.

Гелена прыціснула далонь да грудзей:

— Сёння ён зрабіў гэта. Заўтра падставіць галаву пад кулю. І вось я пытаюся ў вас, — у голасе была відавочная пагроза, — ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй?

— Я… не ведаю.

— Вырашайце.

Майка сапраўды не ведала, што ёй рабіць.

— Ён памрэ, Міхаліна Яраслаўна, — нібы адчужана да яе, сказала Гелена. — Нельга так жорстка.

І гэты амаль умольны тон вярнуў Міхаліне ўпэўненасць:

— Я ўсё ж не да канца разумею вас. Мне здаецца, жанчына здольна на высакародныя ўчынкі толькі ў імя асабістай прыхільнасці.

Карыцкая зразумела: дзяўчо заганарылася. Трэба было адразу ж пасадзіць яе ў лужыну.

— Вы лічыце, што ў імя асабістай прыхільнасці жанчына можа пайсці і на такі высакародны ўчынак? Мне здаецца, да такой ступені жаночае каханне не даходзіць.

Майка не глядзела на яе. Яна ледзь не калацілася ад супярэчлівых пачуццяў: крыўды на гэтую жанчыну і захаплення ёю. І яшчэ яна падумала аб тым, што яна патрэбна яму і добрая, і благая, усякая. Іначай бы гэта не было каханне.

Гелена ўстала і апусціла на твар цёмны з мушкамі вэлюм:

— Вось і ўсё, што я хацела сказаць. Ва ўсякім разе, раю паспяшацца, калі вы не хочаце назаўсёды страціць яго.

Майка глядзела на яе, і, нібы адказваючы на яе думкі, жанчына сказала:

— Адкуль я ведаю? Можа здарыцца ўсё. І потым, заўтра рана ён едзе ў Пецярбург. Магчыма, на некалькі год… Што яму тут?

Схіліла галаву.

— Бывайце.

Майка глядзела, як госця спускаецца са сходаў на круг гонару, і невядомая трывога расла ў яе душы.

"Як ідзе… Якая прыгожая… У сто разоў прыгажэйшая за мяне".

Яна не ведала, што рабіць.

— Чаго яна прыходзіла? — спытала Тэкля.

— Так. Загадай, каб запрэглі коней.

Калі Тэкля вярнулася, Майка сядзела ля балюстрады і сціская пальцамі галаву.

— Прычоску папсуеш, — паддала жару Тэкля. — Едзь ужо.

— Добра.

— А Ілля?

— Скажы яму, што я не прыму яго сёння. Нi заўтра, нi паслязаўтра.

…Коні, запрэжаныя ў лёгкую брычку, імчалі да гасцінца. Налева — будзе Загоршчына. І заўтра ён едзе. На гады…

Яна сядзела, трохі падаўшыся наперад. Тонкі твар быў трохі бледны.

На ростанях яна памарудзіла трохі. Боль рос, але расло і пачуццё ўніжэння. І, аднак, трэба ехаць.

Яна раптам сцёбнула коней і нечакана моцным рыўцом лейцаў звярнула направа.

— Но! Но! — голас яе зрываўся.

І каб ужо ні аб чым не думаць, ні на што не звяртаць увагі, забыцца, яна пагнала коней па гасцінцы. Прэч ад Загоршчыны! Далей! Далей!


Усё было скончана і ў Загоршчыне, і ў Вежы. Чакала дарога. Чакаў Пецярбург, Кастусь, універсітэт. Апошні вечар, уласна кажучы, Алесю не было чаго рабіць. Хіба што развітацца з наваколлем.

Пан Даніла, які прыехаў разам з унукам у Загоршчыну, увесь дзень хадзіў злосны, чапляўся да ўсіх і ледзь не лаяўся, а потым раззлаваўся на Алеся за спачувальныя вочы і прагнаў прэч.

Алесь зайшоў да пана Юрыя і нагадаў, каб той Паўлюка і Юрася ўладкаваў у Горацкую акадэмію. Абодва любілі зямлю і мелі добрыя галовы.

Вочы пана Юрыя былі сумныя і зараз зусім не нагадвалі вачэй маладога чорта. Ён нявесела ўсміхаўся і падтакваў сыну:

— Але. Вядома. Не збяднеем. Затое агаворым, каб вярнуліся сюды. Два свае аграномы. Адзін у Вежу, другі — да нас. І суседзям памогуць. Я ведаю… Агрыкультура!

…Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі.

Ён мінуў курганы — іх было тут дзесяткі тры, розных — відаць, нейкі старажытны племянны могільнік, — і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць.

Уявіў сабе, як заўтра раніцай маці будзе трымацца з усіх сіл, бацька — нявесела жартаваць, а дзед з заўсёднай іранічнай усмешкай скажа, перадражніваючы семінарскі лаціна-рускі жаргон:

— Ідзі, рытар, ужо там па цябе sub aqua[18] прыехала.

Сто год так дражнілі самаўпэўненых боўдураў, што вучацца невядома нашто, не маючы і напарстка мазгоў.

Сцiснула горла. Не хацелася кiдаць усяго гэтага.

I ўсё ж абшар, i велiчная плынь, i бярозавы гай, у якi ён зайшоў, дзiўна супакоiлi яго. На свеце яшчэ магло быць шчасце.

Гай быў белы-белы. Зялёная трава, зялёныя шаты, а ўсё астатняе, як кінуць вокам, белае як мармур, як цукар, як снег.

Матавыя ствалы бяроз былі ўкрыты чорнай вяззю. Мядовы свіст невядомай птушкі — для гівала было позна — ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты.

Сонца схілялася і мякка заглядала пад лістоту. Нібы хацела праверыць, што там магло здарыцца за дзень.

Было ціха. Быў мір.

…Ён ішоў дадому, а над ім, у вышыні, плылі зялёныя, пурпурна-чырвоныя і сінія аблокі, якія свяціліся сваім святлом.

На двары, ля ўпакаваных павозак, Халімон Кірдун лаяўся з Фельдбаўхам. Кірдун з жонкай павінны былі ехаць разам з Алесем. І таму Халява быў поўны самым невыносным для ўсіх гонарам.

— Але ж плед такі паніч ацаніць, — казаў Фельдбаўх. — Плед гэты ёсць практычны. Не пэцкаецца ён. Nuch?

— Панюхай ты, ведаеш што… — злаваўся Халімон. — Гэтай анучай набожчыкаў укрываць. — Халімон смела валіў цераз пень-калоду, бо ведаў, што немец дрэнна разумее хуткую гаворку. — А яму трэба яркі, вясёлы. Да нас з панічом, магчыма, кабеты хадзіць будуць. Зірне якая на гэткую посцілу ды яшчэ, крый божа, пасівее… До ўжо тваёй улады над хлопцам!

— Хам-Халімон, — сумна сказаў Фельдбаўх. — Драўляная галава Халімон. Хвалько-Халімон.

І адвярнуўся.

— Няма ўжо ні твая, ні мая ўлада, — сказаў ён пасля паўзы. — Гарэлка нам з табой толькі ўлада хлябтаць. Пі адзін… Наг-бом… Вайсрусішэ свін-нья!

Кірдун раптам з сілаю ляснуў шапкай аб зямлю.

— Ды што ты да мяне прывязаўся, перачніца нямецкая?! Мала мы з табою, ты, нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі? — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць.

— Я таксама ёсць басурман.

— Ты свой басурман, — гарачыўся Халява. — Наш. Беларускі. Ай, ды ідзі ты!..

Схапіў немца за плечы і патрос. А той яго. З хвіліну яны торгалі адзін аднаго. Усё больш і больш павольна. І ўрэшце кінулі.

— Сумна, — сказаў Кірдун.

— Сумна.

— Кладзі гэтую анучу. Спатрэбіцца. Хадзем лепей вып'ем.

Алесь усміхнуўся і падумаў, што яму, канечне, трэба зрабіць яшчэ нешта. Ага, трэба развітацца з самім сабою, маладым. Бо калі ён вернецца, магчыма няхутка, ён будзе ўжо зусім другі, непадобны, а Урга можа састарэць ці нават здохнуць.

Ён абмінуў дом, прайшоў пад срэбнымі фантанамі італьянскіх таполяў і папраставаў да карціннага павільёна, купал якога цямнеў пад шатамі дрэў.

…Моўчкі, нібы запамінаючы, ён сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме.

Зноў, нібы ў маленстве, яна ззяла сваім святлом. І пад галінамі яблыні, цёмная зеляніна якой хавала далягляд, юнак вёў за аброць белага каня. Нібы сотні залатых сонцаў, ззялі ў лістоце плады. І белы конь, трапяткі і спакойны, бы ў казцы, быў Урга. А юнак у круглай шапачцы — ён, Алесь.

У павільёне было цёмна. Гарэла толькі адна свечка перад карцінай. Ён так задумаўся, што не адразу пачуў, як яго нехта заве.

Алесь убачыў цемру, а ў ёй, як на карцінах Рэмбранта, аранжавае аблічча і кісці рук. Распаўнелая і добрая Анежка стаяла перад ім, жонка суровага Карпа.

— Паніч, — сказала Анежка. — А божа ж мой. І не даклічашся.

— Што, Анежачка? Трэба ісці, ці што?

— Не, — сказала Анежка. — Вось.

Ён не заўважыў, як яна знікла. Цяпер у цемры, на тым месцы, дзе была яна, стаяла другая.

Доўгі шаль зліваў яе з цямноццем. Відаць было толькі адну руку і трохі ўскінутае аблічча.

— Ты? — спытаў ён.

Лёгкі звон, нібы вада лілася ў вузкагорлы збан, напоўніў Алесевы вушы. Намаганнем волі ён здолеў стрымацца. Але ў тое самае імгненне ён зразумеў, што Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. Нішто не забыта. Самагіпнозам была нянавісць, дурасцю была пагарда, хлуснёю — абыякавасць. І ўсе крыўды, і ўсё, што было, і чуткі аб Хаданскім, і абраза Франса, і сустрэча ля царквы — усё было лухта.

І спакой, і пакланенне перад Геленай, і глыбокая, да апошняга каменя, удзячнасць ёй нібы збляклі перад простай праявай яе з'яўлення. Гелена была мудрэйшая. Яна ведала і бачыла ўсё.

— Чаму ты тут? — спытаў ён.

Ён адчуваў, што кахае яе да немага замiлавання, але ён ужо не мог, як раней, зрабiць выгляд, што нiчога не было.

— Сёння да мяне прыходзіла Гелена.

Збіваючыся, захлынаючыся словамі, яна расказала аб іхняй размове, і Алесь зразумеў, што Гелена дабілася свайго, зрабіла немагчымым усякі яго крок да яе. Усё было скончана, нават калі б ён вырашыў ахвяраваць здрадлівым каханнем у імя сумлення і высакароднасці, як ён думаў.

Нельга было, каб Гелену, маці яго будучага дзіцяці, лічылі хлуслівай. Ды і яна сама дабівалася аднаго — яго маўчання.

Здарылася.

Гэтага ўжо нельга было выправіць.

Зразумеў раптам усю прорву між апошняй высакароднасцю адной і зажывошчамі другой, ён глядзеў у Майчын твар.

— Можа, ты растлумачыш мне, як гэта здарылася?

Яна пачала расказваць. І аб плётцы, і аб тым, як яна ўпэўнілася ў яе хлуслівасці, і як зразумела ля царквы, што будзе пагарджаць сабою, калі яна, такая, стане побач з ім, і як вырашыла сама сябе стаптаць за сваю памылку. І як не падумала тады аб ім, і як назнарок рабіла самыя дзікія ўчынкі, каб нават самой не сумнявацца ў сваёй подласці.

Ён маўчаў.

— Я ведаю… ведаю, як я вінавата. З самага пачатку ведала, таму і не ішла. І заблытвалася ўсё больш… больш… Я ведаю, мне нельга дараваць, і мы не можам быць ранейшыя адзін да аднаго… Я прыйшла толькі сказаць і пайсці. Але мне будзе цяжка… цяжка кінуць цябе, не ведаючы, што ты хоць трошкі зразумеў і трошачкі дараваў мне.

І раптам яна ўпала перад ім, нібы прысела бокам на сагнутыя ногі, і схавала твар у яго каленях.

Ён мякка пагладзіў яе па галаве:

— Як жа ты змардавала сябе, дурное дзяўчо!

Сеў побач на падлогу.

— Ану, кінь равець. Падумаем, што рабіць, калі ўжо так заблыталіся.

Яна разрыдалася яшчэ больш гаротна і няўцешна.

— Ну вось, — сказаў ён. — Многа салонай вады. А ўсё праз тых мярзотнікаў. Мне чамусьці вельмі хочацца, каб фаміліі Хаданскіх падалі сёння на вячэру сабачы памёт.

— Алесь… Алесь… — калацілася яна.

— Я кахаю цябе, — сказаў ён. — Я не ведаю за што, але я кахаю цябе. Але я не ведаю яшчэ, як нам разарваць сетку гэтых старых, дурных забабонаў… Ну, то што будзем рабіць, пасварыўшы два роды? Новы Шэкспір? Рамэа і Юлія для бедных?

— Я ведаю… што… Я… пай-ду… Толькі ты даруй. Калі я падумаю, як я…. цяб-бе… мне не-маг-чы-ма. Калі гэта можа… калі гэта толькі можа цябе супакоіць і прымусіць трошкі дараваць мне — я магу сказаць, што я заўсёды, заўсёды… любіла цябе… што нікога са мною не было б… Што нікога…. ніколі са мной не будзе — вось так я пакараю сябе за твае пакуты.

— Так кахаеш мяне?

Яна моўчкі, праз плач, затрэсла галавой.

— Пойдзеш са мной?

Хліпаючы, яна адмоўна паківала галавой.

— Чаму?

— Я такая… такая!.. Алесь, Алесь, даруй мне. Я так кахала цябе. І кахаю. Аднаго. Калі ты даруеш — я ніколі больш не буду рабіць так. Я даю табе слова. Я заўсёды буду добрая.

— Лічы, што пачала, — сказаў ён і пагладзіў яе па галаве. — Будзеш мяне чакаць?

— На… нават калі скажуць, што ты мёртвы. Нават калі сама ўбачу, што ты мёртвы. Не паверу.

— Ну, вось і ўсё.

— Праўда? Праўда? — нават у паўцемры было відаць, якія прамяністыя сталі яе вочы.

— Праўда, — сурова сказаў ён. — Кінь плакаць. Ужо няма прычыны.

Але яна плакала. Толькі слёзы былі іншыя.

VII

Дарога… Дарога…

Звіняць званочкі. Спявае на козлах фурман. Ехаць яшчэ доўга-доўга. Нават не на перакладных, а на сваіх. Коні будуць адпачываць уначы, а ўдзень людзі будуць спыняць іх на трохгадзінны адпачынак, паіць і задаваць аброк. Вязуць прыпасы на ўсю зіму, кілімы, кнігі. Абоз прыедзе ў сталіцу, а потым, размясціўшы ўсё, рушыць назад.

Можна было б, вядома, даехаць іначай і хутчэй. Ну, хаця б да Дынабурга коньмі, а потым — цягніком. Але ён не хоча сам. Што ўбачыш з акна вагона? Нават з фурманкі бачыш мала, і лепей бы ісці пехатою.

Яму вельмі, яму прагна хочацца жыцця. Бачыць, слухаць, піць паветра, усміхацца на ямскіх станцыях прыгожым дзяўчатам.

Ах, як жа хочацца жыць!

Лухта ўсё. Поўніць сэрца любоў і ўпэўненасць. Ён дараваў усім, нават Хаданскаму. Бедны дурань! Што ён ведае аб шырокай плыні жыцця?

…Вось Паўлюк на кані праваджаў яго… А потым ён звярнуў з дарогі, заехаў у гай і вярнуўся адтуль з Міхалінай.

…Майка нiбы баялася дакрануцца да яго i толькi развiтваючыся, вiдаць, не вытрымала. Заплюшчыла вочы.

— Embrassez moi, — глуха сказала яна. — Еt nе doutez jаmаіs de mоі[19].

Ён абняў і ўбачыў, што яна зусім нерухомая, а з апушчаных веек падаюць слёзы.

I ён пацалаваў яе ў вочы. Ён разумеў, што ёй проста было сорамна сказаць гэта па-свойму. Па-французску лягчэй.

Ён схіліўся і пацалаваў яе ў нерухомы цёплы рот.

— Алесь, — на гэты раз па-свойму сказала яна. — Ты мне вер. Я цябе не падману.

…Развіталіся. Паўлюк глядзеў змрочна:

— Ну вось. I на некалькі год.

— Не, — сказаў Алесь. — Я павінен быць тут. Прыблізна ў лютым.

— Я тады буду ў Горках, — засмучана сказаў Кагут.

I раптам праз заўсёдную — не па ўзросту — паважнасць нечакана, як заўсёды ў яго, вырвалася:

? Чорт ведае што! Навука! Едзеш немаведама куды, мучышся. За кавалак пeку сем вёрст квэкай. Сваёй мудрасці няма, ці што?

Толькі тут Алесь балюча адчуў страту… "Пек" гэта было азярышчанскае. Дзіцячае. Падгарэлая скарынка бохана… Там, куды ён едзе, так ніхто не скажа. Дома куды ні пойдзеш — паўсюль чуеш: "Дзень добры, гаспадар". I Кагуту гэта кажуць, і Халімону, і яму. А там хто скажа?

— Нічога, — сказаў ён. — Вярнуся. — Пацалаваліся. Паўлюк сядзеў на кані пахмурны. — Цалуй там усіх.

— Д-добра. I падумаць толькі: як скончыш, Янька ўжо нявестай будзе. А можа, і жонкай.

— Кінь, — сказаў Алесь. — Дзіця гэтае дурное? Ты ёй перадай ведаеш што?

— Ну.

— "Шуба кажара: у лес пабяжара, ваўкоў напужара".

Паўлюк сумна ўсміхнуўся.

…Алесь успамінае гэта і заплюшчвае вочы.

Час, калі малады Загорскі збіраўся і ехаў у Пецярбург, а потым уладжваўся на новым месцы, быў складаны і цяжкі.

Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы.

Гэта быў чалавек няпэўны, і тымі самымі якасцямі вызначалася і яго запіска. Уласна кажучы, сам ён пра вызваленне не думаў ніяк. Як большасці такіх, яму хацелася лішні раз звярнуць на сябе ўвагу гасудара, і ён узяўся за справу, на выкананне якой у яго ўжо не было ні мазгоў, ні сілы. Нават памяркоўна да яго настроеныя людзі казалі, што ён хацеў "исполнения государевой мысли", але "был не в силах ее осуществить". Заўсёдная трагедыя халуёў без волі, без уласнай думкі, без гордасці.

Праз недахоп мазгоў ён занадта абапіраўся на падначаленых і адкрыў другарадным дзеячам шляхі да ўплыву на рух і напрамак справы. У тых, аднак, былі мазгі, непераборлівасць у сродках і цвёрдае разуменне сваёй — саслоўнай і асабістай — выгады. Зямля была дарагая. Рабочыя рукі без зямлі — танныя. А грашовая прывязка трымала нават мацней, чым ланцужная, і яны, самі будучы ўтрыманцамі кожнага, хто меў сілу і грошы, добра гэта разумелі.

Ланской прапанаваў — яны адрэдагавалі.

Галоўным у запісцы было дараванне мужыку асабістай волі, пры ўмове, калі ён выкупіць сядзібу (у растэрміноўку на дзесяць — пятнаццаць год). Пры гэтым улічвалася і ўзнагарода памешчыку за страту ўлады над асобай.

Улада над асобай! Ніхто не думаў, ці варта чагосьці асоба, якая дазваляе, каб нехта над ёю ўладарыў, і ці вялікая гэта страта — страта ўлады над такою асобай.

Цікавіла не асоба, а рукі.

Менавіта праз тыя легенды, якія распаўсюджвалі пра яго і правыя і левыя, пра Ланскога трэба пагаварыць больш-менш падрабязна. Адны называлі яго добрым геніем вялікай рэформы і чалавекам, які хацеў прымірыць паноў і мужыкоў, бессаромна нахабную сатрапію Раманавых і інтарэсы заходаіх ускраін. Другія лаялі яго на ўсе чатыры вятры і інтрыгавалі супраць яго.

А ён не быў варты ні таго, ні другога. Гэта быў проста кар'ерыст, што на старасці год выжыў з розуму. I інтрыгаваць супраць яго таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Толькі верны да нізкапаклонства слуга.

Ён ніколі не быў анёлам міру. Згодніцтва было ўласціва яму нават менш, чым яго спадчынніку на пасадзе Валуеву. I не ад розуму, як у таго, а ад мазгавой невыстарчальнасці і вернападданасці.

Гэты чалавек заўсёды быў прыхільнікам ужывання самых крайніх захадаў да Польшчы, ужо столькі год распятай на крыжы пакуты, абылганай, залітай крывёю сыноў.

Становішча Польшчы, Літвы, Беларусі было такое нясцярпнае, што нават у вышэйшых колах падумвалі пра нейкія льготы, нават у гуртку вялікай княгіні Елены Паўлаўны разважалі пра нейкія болыш лагодныя меры, пра неабходнасць змяніць хоць сістэму кіравання.

Ланской "усепаддана" асмельваўся пярэчыць ёй, патрабуючы жорсткасці і жорсткасці. Адзін з нямногіх. Ашалелы манархіст, ён змагаўся за абсалют улады больш утрапёна, чым самі ўладары.

Гэта быў чалавек, які мог разгубіцца ад самых нечаканых прычын. На вядомым пасяджэнні савета міністраў 1З сакавіка 1861 года, на якім ставілася пытанне аб варшаўскіх маніфестацыях і праекце Веляпольскага наконт частковай аўтаноміі Польшчы, ён маўчаў і асмеліўся выступіць толькі пасля барона Меендорфа, які казаў аб небяспечнасці існавання польскага вярхоўнага савета і наогул нацыянальнага прадстаўніцтва.

Толькі тады ён адчапіўся ад астатніх некалькімі monosyllabes d'adhesions — аднаскладовымі выклічнікамі, што выяўлялі згоду, афарбаваную лёгкім ценем сумнення.

I такому далі сфармуляваць асновы будучага вызвалення!

Няма чаго здзіўляцца, што з гэтага не атрымалася нічога людскага. Ён проста не мог разважаць па-новаму. Усё, што ён мог выседзець, — гэта некалькі няпэўных ісцін, падобных на трызненне мозгу, размякчанага старэчай фліксенай. Яго самога трэба было калыхаць на старасці год у калысцы, а ён замест таго закалыхваў у ёй Расійскую імперыю, каб не прасіла малака і кашы.

"Запіска" была горш, чым проста рабунак. Гэта быў нават не разбой.

Гэта быў старэчы маразм.

I, аднак, гэты чалавек служыў свайму "прынцыпу", які ён дрэнна зразумеў і яшчэ горш прыстасаваў, аддана і да канца. Трэба аддаць яму належнае: там, дзе ён бачыў частковае і часовае супадзенне інтарэсаў мужыка і дзяржавы, — ён служыў гэтаму выпадковаму яднанню, нават калі інтарэсы дваранства цярпелі страту.

Урад! Урад! Урад! Яго сіла. Усё, што супраць гэтага, — ад д'ябла.

За гэта яму аддзячылі. Сам не жадаючы таго, ён сваёй запіскай наклікаў нездавальненне крайніх абскурантыстаў і кансерватараў. Інтрыгі асабліва расцвілі пасля 19 лютага. Цар, як заўсёды, трымаўся за "исполнителя его мысли" да таго часу, пакуль асоба выканаўцы была неабходна для давядзення сялянскай справы да куртатага канца, а потым выдаў яго галавою. Цар сам сказаў яму, qu'il desirait que Lanskoi se retirat, што ён хоча, каб Ланской пайшоў у адстаўку. I гэта ў той час, калі міністр не прасіў звальнення.

Так скончылася праца на палітычнай ніве чалавека, што выпусціў "першую ластаўку вызвалення".

З0 студзеня 1862 года "добрага генія вялікай рэформы" хавалі. Але гэтая сумная і звычайная падзея адбылася значна пазней. А пакуль што ўсе ламалі мазгі над сакрэтнай запіскай Ланскога. Вырашыўшы, відаць, што ўсё адно дарогі назад няма, першы бабухнуў у звон віленскі губернатар, генерал-ад'ютант Назімаў. Чалавек бязвольны, які болыш за ўсё на свеце прагнуў спакою (і чыноў), ён першы прыпячатаў сваё прозвішча пад гісторыяй вызвалення, падаўшы цару адрас аб неабходнасці адмены прыгону. Гэтаму здзіўляліся ўсе, хто яго ведаў. Ніхто не чакаў ад яго такога спрыту. Зваліўся ў "вялікую рэформу", як п'яны ў стаў, выскачыў раптоўна як Піліп з канапель.

У канцы лістапада імператар адказаў Назімаву рэскрыптам, і гэта было пачаткам публічнага прыступу да рэформы.

Пасля гэтага астатнія губернатары таксама наўзахапы пачалі "праяўляць ініцыятыву". Рэскрыпт прапаноўваў стварыць усюды губернскія камітэты пад старшынствам дваранскага маршалка губерні і членаў па адным ад кожнага павета. Да іх, у якасці даважкі, меліся далучыцца два "абазнаныя" дзедзіцы, якіх прызначаў губернатар[20]. Іхняй задачай было выпрацаваць праект вызвалення на наступных асновах.

Пану аставалася зямля, а мужыку — сядзіба, якую ён павінен быў выкупіць, і мінімум зямлі, неабходны для таго, каб жыць. За гэты кавалак ён па-ранейшаму плаціў аброк або адбываў паншчыну.

Мужыкі размяркоўваліся па сельскіх абшчынах, і вотчынная паліцыя, непасрэдна падпарадкаваная пану, сачыла за парадкам у кожнай вёсцы.

Члены камітэтаў забяспечвалі на час упарадкоўвання будучых адносін аплату дзяржаўных і земскіх падаткаў, а таксама грашовых збораў.

Тры кіты рэскрыпту: нахабны рабунак, тыранія, выкачванне грошай — як найлепш адпавядалі той вялікай ідэі, што ўсталявалася на іх. Ідэі вызвалення сялян.

Рэскрыпт, уласна кажучы, не даваў права ні на якую самадзейнасць, акрамя большых ці меншых памераў рабунку. I праз гэтыя памеры амаль адразу пачалася грызня камітэтаў між сабой.

Ліберальнічалі, галоўным чынам, нечарназёмныя губерні. Зямля каштавала мала, а рукі былі дарагія. Беззямелле, а значыць — звязанае з ім адыходніцтва, магло абязлюдзіць землі, згаліць і вёску і маёнтак, укрыць палі буянай повенню пустазелля.

Найбольшай сярод усіх левізной вызначаліся Цвярская губерня і Прыдняпроўе.

Праект цвярскога прадвадзіцеля Ункоўскага, а галоўным чынам настрой цвярскіх дваран, прывёў пазней да таго, што рэформу 19 лютага яны абвясцілі "варожнай для грамадства". Абодва члены губернскага камітэта, прызначаныя ўрадам, Мікалай Бакунін і Аляксей Талстой, падалі ў адстаўку. Трынаццаць асоб, у тым ліку два павятовыя прадвадзіцелі, Аляксей Бакунін і Сяргей Балкашын, ды іх сябра, вышэйпамянёны Мікалай Бакунін, некалькі пасрэднікаў і кандыдатаў сабраліся разам і вырашылі дзейнічаць. Яны падалі губернскай установе і разаслалі па паветах аб'явы, што "Палажэнне" 19 лютага ёсць для грамадства падман і што яны надалей будуць кіравацца ў сваіх дзеяннях толькі перакананнямі грамадства аж да склікання агульнай земскай зборні, аб якой прасіла цара дваранства.

Галоўных зачыншчыкаў вырашылі арыштаваць, пасадзіць у пецярбургскую цытадэль і аддаць пад суд сената. Схапілі і прывезлі двух: Мікалая Бакуніна і Максіма Лазарава. Губерня насцярожана маўчала. Лаяў арыштаваных толькі вышневалоцкі дваранскі з'езд, але ад гэтых зуброў, ад гэтага гнязда цемрашальства ніхто нічога іншага і не чакаў…

Пецярбург пачаў цкаваць цвярскіх. Як жа, яны патрабавалі абавязковага выкупу сялянамі зямлі, патрабавалі рэформы.

Міравыя пасрэднікі пасля пяці месяцаў Петрапаўлаўкі былі асуджаны на заключэнне ва ўціхамірвальным доме (і прынізіць хацелі як найпадлей!). Ім далі ад двух год да двух год і чатырох месяцаў "уціхаміркі" і, акрамя таго, пазбавілі правоў і прывілеяў.

Генерал-губернатар Пецярбурга, Аляксандр Аркадзевіч Сувораў, унук палкаводца і чалавек добры і мяккі, схапіўся за галаву, дачуўшыся аб нечуванай абразе. Уціхамірвальны дом! Як для злодзеяў! Бязмерная подласць гэтага прысуду так уразіла яго, што ён стрымгалоў кінуўся да імператара: заступацца. Упарты — дзе не трэба — гасудар быў да таго, што зламаць ягоную ўпэўненасць практычна было немагчыма.

Сувораў зрабіў немагчымае: дабіўся адмены ганебнага прысуду. Пакаштаваць "уціхаміркі" пасрэднікам не давялося. Але многія з іх так і не былі адноўлены ў правах да канца жыцця.

…Дзейнасць цвярскога камітэта скончылася разгонам і расправай. Дзейнасць прыдняпроўскіх камітэтаў, праз шэсць год пасля іх арганізацыі, выбухнула магутным пажарам спачатку шляхецкага, а потым сялянска-шляхецкага паўстання. Адны пайшлі ў ссылку, другія — на эшафот і пад карцеч. Адны не дабіліся нічога, акрамя славы высакародных пакутнікаў, другія ўласнай крывёй купілі свайму народу неадкладную адмену грабежніцкіх часовых абавязкаў, выкуп зямлі і павелічэнне надзелаў.

Але пакуль што да гэтага было далёка.

Пакуль што губернскі камітэт, якім кіраваў пан Юры і ў складзе якога быў дэлегатам ад Сухадольскага павета стары Вежа (упершыню за пяцьдзесят з лішнім год пайшоў на грамадскую пасаду), лаяўся, ваяваў і штурхаў дваранскую масу на ўсё больш і больш левы шлях. Гэта ўдавалася рабіць таму, што пан Даніла з сынам асабіста раскатурхвалі дробную шляхту, якая мела права голасу, але ніколі дагэтуль ім не карысталася, не мела прыгонных і таму магла галасаваць за як мага больш ільготнае вызваленне чужых мужыкоў.

Падтрымлівалі Загорскіх і буйныя землеўладцы.

Сярэдзіна чартыхалася, але, сціснутая з двух бакоў, нічога не магла зрабіць. Пан Юры атрымаў нечаканую падмогу жонкі. Пані Антаніда была абурана царскім рэскрыптам.

…На абшарах імперыі сапраўды ішла бойка.

Сярэднія і дробныя ўладары душ разлютавана крычалі супраць адмены. Звязаныя з рынкам багацеі патрабавалі неадкладнага скасавання рабства.

Цалкам у духу рэскрыпта выступіў пецярбургскі камітэт. Праект Пятра Шувалава ўзнялі на шчыт самыя абрыдліва-правыя элементы. Пакінуць мужыку толькі прысядзібны ўчастак, прымусіць яго арандаваць зямлю на тых умовах, якія прадыктуе гаспадар. Пакінуць за сабою ўсю паўнату эканамічнай улады і значную частку юрыдычнай.

Праекту Шувалава ў пэўнай ступені падтаквалі гаспадары Украіны і чарназёмнага поўдня. Палтаўскі праект патрабаваў, каб уся зямля па сканчэнню пераходнага перыяду падпала пад адчужэнне ад сялян і зноў была аддадзена ў рукі памешчыкаў. Калі ж мужык захоча купіць зямлю ў свайго былога пана, у другога пана ці ў казны — хай сам урад дае яму крэдыт. Ведалі, што пры ўбостве казны, спустошанай пенсіямі і марнатраўнай раскошай вярхоў, пры шматлікасці абяздоленых, якія будуць прасіць крэдыту, сума пазыкі можа быць толькі мізэрная.

Значыць, сялянская сям'я з купленай зямлі не пражыве. Да былога ж гаспадара прыйдзе прасіць працы і хлеба. Нэндза прымусіць пірагі есці.

Супраць гэтага ўсеагульнага, з поўначы і з поўдня, віску прыціснутых і таму раз'юшаных уласнікаў, супраць гэтага ўзбаламучанага мора трэба было змагацца.

Пан Юры разумеў: паддацца гэтаму — і канец, крах.

I ён вырашыў змагацца за зямлю для сялян, пакуль будзе жывы. Узнімаць на гэта людзей, катурхаць іх, лаяцца, ціснуць на непакорлівых грашыма і ўладай.

Праект Ункоўскага быў для яго таксама занадта правы.

Ункоўскаму не трэба было біцца за грамадства, якое дыхае на ладан. Ён мог сабе дазволіць даць му-жыку зямлю за выкуп, які паможа яму, Ункоўскаму, і тысячам такіх сабраць капітал на новую гаспадарку. Ен мог крычаць аб тым, што за зямлю няхай мужыкі плацяць самі, а за мужыцкую волю памешчыкаў павінна ўзнагародзіць дзяржава.

Параіўшыся, Вежа і пан Юры вырашылі паступова, але цвёрда, не падымаючы залішняга шуму, не грэбуючы нічым, нават грашовым прэсам, дабівацца ад як мага большай часткі прыдняпроўскага панства ажыццяўлення іхняга праекту.

Дзве трэці зямлі, якой уладаў да вызвалення мужык, пераходзяць да яго без выкупу. Мала, але пражывуць. Адрэзаная трэць забяспечыць прыплыў рабочай сілы ў буйныя гаспадаркі. Выкуп за асобу намінальны, толькі каб не вякалі Шувалавы ды Позены, каб на пераходны перыяд трохі прытрымаць людзей і даць ім магчымасць асталявацца.

Гэта была адзіная ўступка ўсёй гэтай хаданскай навалачы, якую яны вымушаны былі зрабіць.

Энергічна рыхтаваліся свае людзі на ўсе пасады ў камітэтах. Праз Ісленьева ўдалося абалваніць губернатара Беклемішава да таго, што ён прызначыў "сваімі" членамі ў камітэт Юлляна Раткевіча і Януша Біскуповіча.

Тыя адразу паставілі перад губернатарам яшчэ прапанову: выкуп мужыкамі астатняй, адрэзанай трэці зямлі. Губернатар засумняваўся. "Прызначаныя" паднялі галас, што ён хоча пазбавіць цукраварні і гуты рабочых рук. Беклемішаў падумаў хвілінку і падпісаў.

Калі пасля гэтага "двойца" выступіла на зборні "ад імя губернатара" з гэтай прапановай — прыдня-проўскае "балота" аж вадун завадзіў. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але прывезеная панам Данілам дробная шляхта (гісторыя з прапановай Раткевіча трохі-такі навучыла Загорскіх метадам палітычнай барацьбы) пачала шумна гарлаць, ухваляючы прапанову.

Усе магчымыя пазіцыі былі замацаваны. Што залежала ад мясцовай самадзейнасці — насыпана аж з коптурам. Цяпер калі нават "Палажэнне", адрэдагаванае імператарам, адкіне ўсіх, хто зарваўся, назад, Прыдняпроўе яно адкіне не так далёка, як іншых. Людзям будзе лягчэй.

Пан Юры памятаў, што яму дажываць, а дзецям жыць, і таму не мог не спытацца і іхняй думкі. Вацлаў, літаральна ўлюбёны ў Алеся, сказаў: "Я — як брат".

Вежа з сынам напісалі ў Пецярбург і атрымалі адказ. Алесь прасіў не заводзіць сваркі з Раўбічамі далей, як мага лепей даглядаць Гелену і дагаджаць ёй.

Ён пісаў, што ў канцы студзеня тыдні на тры-чатыры прыедзе дадому і тады яны пра ўсё пагавораць.


Пецярбург сустрэў нечаканай цеплынёй і сінім, празрыста-ясным купалам неба. Імкнулася да недалёкага мора Нява, свежы вецер дыхаў вялікімі абшарамі вады, чысцінёй, поўнымі ветразямі.

У празрыстым паветры мякка ззяла золата купалоў і шпіляў. Плыў у небе карабельчык над адміралцействам. Фіванскія сфінксы, звыклыя да хамсінаў і спякотных пяскоў, глядзелі на імпэтную плынь.

Свежыя ад вечнай вільгаці таполі над Мойкай, усе ў вясёлкавых кроплях ад нядаўняга дожджыку, нагадвалі ледзь распушчаныя павіныя хвасты.

У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада-цмока, горада-драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры — зямлі. Наадварот, нельга было не паддацца яго зачараванню.

Кватэра, якую знялі для Алеся, была на Екацярынінскім канале. Кабінет, спальня і гасціная для паніча, пакой для Кірдуна з жонкай, дзве вялізныя кладоўкі, кухня. Усё гэта было ў бельэтажы, з балконам. Акрамя гэтага, гаспадар, збяднелы і ад год злёгку крануты ціхім розумам халасцяк старога роду, здаў яшчэ і сутарэнне: для хатняга дабра і прыпасаў.

Алесю было цяжка гэта. Ён саромеўся раскошы, саромеўся таго, што ў яго будзе ўсё, а ў большасці студэнтаў амаль нічога (ён ведаў з лістоў, як жывецца, скажам, Кастусю, і ведаў, што яго, Алесева, багацце можа аддаліць яго ад сябра). Лепей за ўсё было б адмовіцца ад усяго, што ў яго было, зняць мансарду і есці ў кухмістарскіх.

Але ён ведаў і тое, што кожны трэці студэнт канчае універсітэт з язвай страўніка, што сухотных сярод іх больш, як дзе. Ён не мог дазволіць, каб такое было з сябрамі і калегамі, тымі, якіх ён яшчэ не бачыў, але загадзялюбіў.

Давядзецца цярпець сорам, каб яны маглі часам есці ў яго, Алеся, атрымліваць сяды-тады безымянную дапамогу, жыць, зберагчы сілы, якія так ім спатрэбяцца праз некалькі год. Ён будзе вельмі роўны і таварыскі з імі, яны не будуць адчуваць розніцы ў становішчы. А свой сорам Алесь схавае ў кішэнь.

Пачалі размяшчацца. Халімонава жонка, пісаная прыгажуня Аглая, лябёдкаю плыла па пустых пакоях, паказвала, якія дываны пасцілаць, дзе ставіць гадзіннік, як размясціць кнігі. Здаецца, адкуль бы ўзяцца, а ў яе на гэта быў такі прыродны талент.

Лёгкая і падцягнутая, як струнка, з высокімі грудзьмі і высокай шыяй, яна паказвала людзям, куды што несці.

…Аглая ўбачыла, што Алесь глядзіць на яе, заўсміхалася і выгнала з дому.

— Iдзіце-ідзіце. Уздзяўбурце што лепшае ды ў горад, у горад. Раней чым праз чатыры гадзіны — ані-ні. Нам прыбіраць, нам расстаўляць, мне — вячэру гатаваць, Кірдуну — ванную паліць…

Нагрувашчання рэчаў, здаецца, нельга было разабраць і за тыдзень.

— За чатыры гадзі-іны?

— Можа, і за тры, — легкаважна сказала Аглая. — Хлопцы, столік-бобік унь сюды, ён за туалетны… Куды-куды?! На гэтым пісаць! Унь у той скрыні прыбор для пісання. Пятрок, распакаваць! Дзед Яначка, гэта сюды, паперы ў шуфляды. Крэсла дайце.

Выгналі. Алесь стаў на мосціку з крылатымі львамі, паглядзеў у імклівую ваду і падумаў, што месца, дзе ён будзе жыць, і канал, і гэты мосцік ён паспеў палюбіць.

Потым пайшоў у напрамку да Нявы, дарогаю спаймаў ліхача і загадаў яму павольна ехаць на Васільеўскі востраў.

На растральныя калоны клаўся прыцемак.

Цішыня і яснасць былі на душы. I дзіўна, яму не хацелася, каб ліхач ехаў хутка, хацелася трохі адцягнуць сустрэчу з Кастусём. Ён ведаў, што набліжаецца да парога, за якім не будзе ні яснасці духу, ні гэтага вышэйшага спакою, ні нават дарогі назад.

…На стук не адказаў ніхто. Алесь штурхнуў дзверы, і яны нечакана падаліся. Пакойчык быў невялікі. Сцяна насупраць дзвярэй нібы падала на таго, хто заходзіў. У нішы гэтай сцяны свяцілася апошнім святлом дня паўкруглае мансарднае акно. Вялізнае падвоканне замяняла стол. На ім стаяў кафейнік у карычневых пацёках і амаль пусты пачак нямецкай цыкорнай кавы. На адзінай талерцы, сярод позніх чорных вішань, ляжала луста хлеба.

Крэсла было толькі адно. Іншыя, відаць, замянялі пачкі кніг, крыж-накрыж перавязаныя аборкамі.

На ложку, накрыўшыся з галавою саматканай, у шашачкі, посцілкай, спаў Кастусь: толькі цёмна-русыя валасы ляжалі на падушцы.

— Кастусь!

Спіць. Нібы пшаніцу прадаў.

— Кастусь!

Дрыхне.

Алесь зняў кнігі з крэсла на падлогу, сеў… Спіць. Самога можна вынесці. П'яны, ці што? Ды непадобна на яго.

Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Успомніў, як ішоў у гэты пад'езд праз двор, поўны дзяцей, бялізны на вяроўках, гарачага туману, што валіў з акон сутарэння, як лез па страшэнна стромых сходах сюды, пад дах. Напэўна, у такім месцы жыў герой "Бедных людзей". На цёмных сходах пахне мышамі, пялюшкамі, падгарэлай цыбуляй.

Не, так жыць Кастусю ён не дазволіць. "Ну, адмовіўся ад урокаў — твая справа. За такую прынцыповасць цябе нават паважаць можна. Але чаму ж ты, чорт, не хацеў год папрацаваць у Вежы? I не мучыўся б цяпер.

I цяпер жа не возьмеш. Не возьмеш, ведаю. Пазыкі будзеш прасіць ва універсітэцкага начальства, а не возьмеш у друга".

Унь пакой. Хіба так можна? Свечка ў свечніку стаіць на падлозе. Паласатая, як арыштанцкая калашына. Цёмная частка — светлая частка, цёмная — светлая. Верная адзнака, што ў гаспадара няма гадзінніка. Удзень жыве па стрэле гарматы ды па бою гарадскіх курантаў. Уночы — па такой вось свечцы. Палоска аднаго колеру згарае за гадзіну. "Студэнцкая" свечка. Немцы прыдумалі.

А на сцяне адзінае ўпрыгожанне: выдзертая аднекуль пажаўцелая гравюра: "Сутычка Ракуты са Зверына і хана Койдана пад Крутагор'ем".

Алесь чарпнуў трохі вішань з талеркі. Пераспелых, чорных, кранутых нават птушкамі і таму вельмі салодкіх. Паклаў адну ў рот, старанна абсмактаў костачку і, надзьмуўшы шчокі, рэзка дзьмухнуў. Костачка папала вышэй валасоў на падушцы. Чалавек сеў.

…Алесь, аслупянеўшы, глядзеў на незнаёмы твар, ружовы са сну. Цёмна-русыя валасы, рот з надзьмутай ніжняй губой, маленькая зграбная рука растапыранымі пальцамі прычосвае кудлы.

— Крыху нечакана, — сказаў чалавек.

Загорскі не ведаў, што казаць. Невядомы апусціў вочы і ўбачыў вішні ў Алесевай руцэ.

— Прыемнага апетыту.

Тфу ты, чорт! Добра, што хоць гаворыць па-мужыцку. Зямляк.

— Давайце адрэкамендуемся.

— Ахвотна… Алесь Загорскі.

— Князь? — у чалавека заўсміхаліся вусны.

— Але.

— Адразу відаць выхаванне, — паважліва, нават з некаторым здзіўленнем, сказаў чалавек. — Віктар Каліноўскі.

— Вы?! Кастусь мне столькі расказваў.

— Уявіце, мне ён расказваў пра вас таксама.

Толькі тут Алесь убачыў няўлоўнае падабенства Віктара і брата. Адзін колер валасоў, толькі ў Віктара яны мякчэйшыя і не такія бліскучыя. I ніжняя губа. I вочы з залацістымі іскрынкамі. Толькі Віктар болыы худы і пластычны. На прыгожых запалых шчоках — няроўны румянец.

— Кастусь прачакаўся. Даўно тут?

— Некалькі гадзін. А дзе ён?

— Пайшоў здабываць штосьці на вячэру. Давялося амаль усю маю месячную пенсію забіць на кнігі. Калі нічога не дастане — раздзеліце з намі вось гэта.

Алесь паглядзеў на вішні ў далоні.

— Чорт, — сказаў ён. — Як няёмка.

— Нічога. Мы людзі свае. Скажыце, як там у вас справы? Як з Кастусёвай просьбай?

— Якой просьбай? — удаў здзiўленне Алесь.

Віктар глядзеў на яго ўважліва.

— Добра, — сказаў ён. — Гэта добра.

Усмешка была дабрадушная.

"Свой", — яшчэ раз падумаў Алесь і спытаў:

— Як з вашай работай?

— Ідзе. Сяджу над рукапісамі, як пацук, ды ад пылу чхаю.

— Вы ў Публічнай бібліятэцы?

— Я ў непублічнай бібліятэцы. Сяк-так плацяць.

— Цікава.

— Каб не было цікава, я не кінуў бы медыцыны для заняткаў гісторыяй.

Віктар дастаў аднекуль з-за ложка скураную труб-ку, падобную на круглы пенал.

— Вось адсыпаўся, каб уначы працаваць. Цішэй. А то на маёй кватэры ўдзень нельга. А мне трэба зрабіць апісанне.

Ён разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак.

— Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Глядзіце.

Жаўтаватая дарожка ляжала на яго каленях. Чорныя маленькія літары і кармінавыя вялікія.

— Сапегаў ліст, — пяшчотна сказаў Віктар. — Бачыце, пячатка?

Пячаць ляжала ў круглай срэбнай пушачцы, прымацаванай на шнурку да граматы. Кольца чырвонага воску з адбіткам.

— Андрэеўскі папрасіў. Яму трэба па гісторыі філасофіі права. А ён нашай старой мовы — ані-ні.

— Наша хіба мова?

— Нягож, — Віктар надзьмуў губы. — Ды яшчэ і якая. Слухайце: "Пашто вам, чадзь русінская, за непраўдзівымі, але фальшывымі ганіці. Чаго таго хочаце, каб слова дзедзіч зберагчы або маетнасць сваю?.. Слова хоцечы зберагчы — мецьмеце вечнасць. Маетнасць адну хоцечы собе прыўлашчыці — морд душы атрымаеце".

Зграбныя доўгія пальцы трапяталі над дакументам. I гэта быў рух такой пяшчоты, што рабілася не па сабе. Так пальцы сляпога часам трапечуць над абліччам самага роднага чалавека, не дакранаючыся да скуры, а проста адчуваючы яе цеплыню.

— Бач, словы якія?! "Каразн" — гэта азначае страта, пакаранне смерцю. Забылі слова! — ён нібы ўзважваў словы на невідочных шалях. — Каразн — пакаранне смерцю. Тфу!.. Або восы "пляснівы конь" — гэта шэры, мышасты. Плесняю пахне слова, прыцемкам, склепам.

Алесь глядзеў на аблічча гэтага дзівака і адчуваў, што палюбіць яго.

— Або "плюта" — гэта нягода. А вось "сок", ад слова "сачыць". А мы ўзялі дурное "розыск"… А от глядзі-глядзі: "талкавіска" — месца, вытаптанае коньмі падчас бітвы. Або "клявец" — востры молат, каб насякаць жорны. Забылі!

— Чаму? — сказаў Алесь. — У нас і цяпер клявец. Падчас паўстання мужыкі і імі валяць.

— Не можа быць? — Віктар запісваў.

— Але.

— Або вось "лезіва" — вяроўка, каб лезці па борць… Забылі. Усё забылі… Вось так і жывём. Вывуджваем па слоўцу з каламутнага мора.

"Дзівак, — зноў падумаў Алесь. — Бяскрыўдны запылены дзівак. Корпаецца ў рукапісах, ведае, відаць, усё да дробязі пра Беларусь і Літву, жыве старажытнасцю і пляваць хоча на сучаснасць. Архіўны юнак".

— Скажыце, — спытаў ён, — вы сапраўды думаеце, што гэта патрэбна сённяшняму дню?

Віктар суха кашлянуў. I раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Ясна было, адкуль гэта пакусванне ў Кастуся.

— Што ж вы маўчыце? — спытаў Алесь.

— А што гаварыць? Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы… Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ.

Віктар нечакана ўсміхнуўся. Відаць, прыйшлі ў галаву новыя думкі, і ён адразу забыў пра сваё раздражненне.

— Вы не заўважалi, што найбольш хлусяць у гiсторыi? I якраз тыя, што найбольш крычаць аб сённяшнiм днi i рэкамендуюць былое як альбом з цiкавенькiмi малюнкамi. Ну, хаця б мой непасрэдны начальнiк барон Мадэст Корф[21], нямецкая каўбаса на iмперскай рускай службе. Нашто iм хлусiць, калi гiсторыя — было i быллём парасло?

Ён усміхнуўся і прылёг на локаць:

— Старонка гісторыі… Ведаеце, з кім Модзінька вучыўся? З Пушкіным. Ворагі былі. Сварыліся. Афрыканец наш яго, здаралася, і пабіваў. I атрымалася так, што перакрыжоўваліся іхнія шляхі. Адзін за кнігу — і другі за кнігу. Адзін гісторыю пісаць — і другі пісаць. Мяркую, у Модзінькі, хоць ён і нахапаў чыноў, увесь час аставалася пачуццё ўшчэрбнасці, абдзеленасці, падсвядомае жаданне саперніцтва. Ну і пісалі. Адзін свае смярдзючыя кніжачкі, абяцадла для бедных, а другі — "Гісторыю пугачоўскага бунту". Гісторыя — лухта, гісторыя — парахня! То скажыце мне, князь Загорскі, скажыце мне, чаму за гэтую парахню аднаго ўсё жыццё ганялі, застрэлілі ўрэшце і нават пасля смерці баяцца?! I чаму другога за парахню гэтую, за непатрэбшчыну, узвысілі, ступеняў надавалі?

Закурыў і закашляўся:

— Чаму б гэта? Калі паны лямантуюць, што ўсё гэта лухта… А, ды што там!.. А вы не думалі,можа, гэта таму, што адзін рабіў усё, каб людзі ад "былой непатрэбшчыны" морды адвярнулі, знайшлі там доказы вечнага свайго рабства, бездапаможнасці, залежнасці ад старэйшых, няздатнасці самім уладкоўваць свой лёс, беднасці мозгам і талентам, слабасці і вечнага глядзення чужымі вачыма. А другі ўсё рабіў, каб паказаць людзям іхнюю сілу, гордую самастойнасць, права на веліч сваёй уласнай думкі, без чаго чалавек не мае права звацца чалавекам. Урэшце гордае права на сваю ўласную дарогу, па якой ты ідзеш, не чакаючы ўзнагароды, а проста так, таму што ты чалавек і таму адчуваеш патрэбу і неабходнасць думаць самому і ісці самому. Бо табе сорамна рабіць іначай. Бо ты проста не ўяўляеш, як гэта так — "іначай"? Бо ты не быдла, каб ісці туды, куды вядуць, а цар прыроды. Не "цар польскі, вялікі князь фінляндскі", а цар сусвету… I таму маеш права сам глядзець на ўсё, сам мацаць, сам узважваць… Вось гак… Паэты, калі яны сапраўдныя паэты, таксама гісторыкі. I не могуць быць іншымі. Гісторыкі думкі, гісторыкі праўды. I таму ў гісторыкаў страляюць часцей, чым, скажам, у членаў сената.

Віктар раптам перарваў сам сябе і задумаўся. Потым хітравата ўсміхнуўся:

— Гісторыя… Мне здаецца, супраць яе больш за ўсё лямантуюць тыя, каму нявыгадна, каб людзі разабраліся ў сённяшнім дні.

Абаяльнасць гэтага чалавека была такая вялікая, што Алесь раптам падумаў, ці не варта яму ва універсітэце акрамя філалогіі заняцца яшчэ і гісторыяй. Бадай, так і трэба будзе зрабіць.

Ён думаў аб сваёй будучыні шмат. Юрыдычны факультэт яго не вабіў: якому праву могуць навучыць у краіне бяспраўя? Добра, на факультэце выкладаюць такія велічыні, як Уцін, будуць выкладаць, з гэтага года, людзі, пра якіх шмат гавораць за апошні час, — Кавелін і Спасовіч. Кавелін будзе гаварыць пра грамадзянскае права ў той час, калі ў дзяржаве няма грамадзян, а ёсць абываталі. Уцін будзе параўноўваць заканадаўства імперыі з заканадаўствам іншых краін, у той час, калі ўсім вядома, што законаў "ад Пермі да Таўрыды" няма, а ёсць замест іх паліцэйскае самавольства.

Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі.

Статыстыка і палітэканомія былі надзвычай цікавай штукай. Але хто дазволіць сумленна падлічваць галодных і раздзетых?

— Дзе вы? — спытаў Віктар.

— Думаю аб сваёй дарозе. Разумееце, люблю пісьменства, люблю філалогію. З ахвотаю пайшоў бы туды. Але ж я таксама сучасны чалавек. Ведаю, людзям зараз патрэбна фізіялогія, батаніка, хімія, медыцына. Патрэбна практычная дзейнасць…

— Лухта, — сказаў Віктар. — Добры філолаг лепшы за дрэннага медыка. Нашто ж вам перці супраць схільнасці? Чалавек павінен сваёй справай займацца з асалодай.

— Але карысць…

— А што карысць? Што, можа, у нас ёсць лішнія філолагі? Вы якія мовы ведаеце?

— Беларускую, рускую, польскую (апошнія дзве не так добра). Ну і яшчэ французскую, амаль як сваю, нямецкую, амаль як сваю, англійскую значна горш… I яшчэ італьянскую, каб чытаць.

— Ён яшчэ думае. Жаб ён будзе трыбушыць з такім багажом. Дурны смех! Ды вы разумееце, якую карысць вы можаце прынесці для нашай мовы?

— Я і сам думаў, — сказаў Алесь. — У нас няма ні слоўніка, ні мовазнаўчых прац, ні нататак аб старажытнай і сучаснай літаратуры. Але ў мяне, відаць, не будзе часу, каб скончыць усё гэта.

— Ва ўсіх не будзе часу, — сказаў Віктар. — I ўсё ж пачынаць трэба. Паміраць збірайся, а жыта сей… — I раптам перайшоў на "ты", нібы адзначыў: "Свой". — Я табе свой слоўнік архаізмаў аддам. Усё, што выпісаў з грамат. Дзевяць тысяч слоў ужо ёсць… Універсітэт табе дасць — благую ўжо ці добрую, не ведаю — сістэму. Пастарайся стаць бліжэй да Ізмаіла Сразнеўскага, прафесара. Выключны філолаг, вер мне. Ды ён і сам ад цябе не адчэпіцца. Шмат, думаеш, адукаваных людзей, што так па-беларуску шпараць? Адзінкі. А ты унь проста як салавей на ёй спяваеш, натуральна. Аж зайздрасць бярэ… Ну, а Ізмаіл Іванавіч наконт новых ведаў проста цмок.

Ускінуўся:

— Адразу ж і сядай. Вялікую справу зробіш. А то хто наша слова ад пляўкоў адмые, хто давядзе, што яно павінна жыць, хто слоўнікам нехлуслівым фарпосты яго замацуе, каб не забылі ўнукі? Хто скарбы збярэ? Літаратура ім, бачыце, лухта! Паэзія ім, бачыце, дрындушкі!

— Маеш рацыю, Віктар, — таксама перайшоў на "ты" Алесь. — Сэрцам мяне і, скажам, іспанца можа яднаць толькі пісьменства… Значыць, мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка, усё такое, гэта не дрындушкі, а сродак сувязі між душамі людзей. Вышэйшы сродак сувязі.

— I вось яшчэ што, — сказаў Віктар. — Ты чалавек начытаны, ведаеш шмат. Табе лёгка будзе. Ты паспрабуй запісацца адразу на два факультэты і за два гады іх скончыць. Скажам, на філалагічны і, калі так ужо хочаш, на нейкае натуралісцкае аддзяленне. А потым займіся, ну хоць бы…

— Я думаю, лепей будзе так, — сказаў Алесь. — Два-тры гады я займуся больш сумежнымі прадметамі. Скажам, філалогіяй і гісторыяй… А потым можна заняцца і прыродазнаўствам.

— А што? I праўда. А здужаеш?

— Здужаю. Трэба.

— Ой, братка, як трэба! Як нам патрэбны адукаваныя людзі! Куды ні зірні — усюды дзірка. А па гісторыі ў нас тут зусім нядрэнныя сілы. Благавешчанскі — па Рыму. Паўлаў — па агульнай гісторыі. Кажуць, па рускай гісторыі будзе Кастамараў. Стасюлевіч — па гісторыі сярэдніх вякоў. Нічога, што самы крывавы час. Затое не такі свінскі, як наш. Дый Міхал Мацвеевіч ліберал. Беларуссю цікавіцца, бо паходжанне абавязвае.

Загарэўся:

— Ты чалавек не бедны. Ездзіць можаш. Гэта табе не ў часы Радзішчава. Дарогі да Масквы — лухта. Можаш ездзіць туды Салаўёва слухаць. Не на кожнай жа лекцыі тут табе сядзець. Прозвішчы ўсіх, да каго на лекцыі хадзіць не варта, прачытаеш у "Северной пчеле". Каго яны хваляць — той, значыць, і ёсць самае дзярмо.

I раптам устаў:

— Значыць, вырашылі. Жаб няхай іншыя прэпаруюць. Твая справа — пачаць змаганне за слова. Слоўнік. Пісьменства. Мова. Для ўсіх гэтых, што кінулі. I для ўсіх, што ў хатах без святла. Пры лучніку.

— Страшнавата.

— Нічога не страшнавата.

На сходах загучалі крокі. Твар гісторыка расплыўся ў хітраватай усмешцы. I гэтая ўсмешка была такая дзіцячая, што чалавек, відавочна год на пяць старэйшы за Алеся, здаўся яму юнаком, якому толькі дурэць і сваволіць.

— Ідуць, — сказаў Віктар. — Хавайся.

Алесь стаў ля дзвярэй, каб, адчыненыя, яны засланілі яго.

Тупат набліжаўся. Алесь бачыў удавана абыякавы твар Віктара. Потым дзверы закрылі яго. Зайшло некалькі чалавек. Высунуўшы галаву з-за дзвярэй, Алесь убачыў Кастусёву патыліцу.

— Так, — сказаў Кастусь. — Дастаў, што праўда, пяцьдзесят капеек, дык вось хлопцы галодныя.

— Ясна, — Вiктар пачухаў патылiцу. — Добра, зараз падумаем, што на ўсё гэта зрабiць.

I раптам нібы ўспомніў:

— Дарэчы, Кастусь. Тут да цябе нейкі чалавек заходзіў. Даліктун такі — фу-ты ну-ты! Чакаў. Паспрачаліся мы тут з ім. Дык ён замест адказу выкарыстаў апошні ў палеміцы доказ: плюнуў мне ў галаву вішнёвымі костачкамі дый дзвярыма ляснуў.

— Вечна ты так з людзьмі, — сказаў Кастусь. — Што, праўда — плюнуў?

— Каб мне бацькаўшчыны не ўбачыць!

— Ч-чорт. Ты хоць прозвішча запомніў?

— Ды гэты… Як яго?.. Ну-у… Заборскі?.. Заморскі?.. Загорскі, вось як! Сказаў, што нагі больш ягонай тут не будзе.

Кастусь сеў на кніжны стаўбунок.

— Віктар… Ты што ж гэта нарабіў, Віктар?

— А што? — сказаў Вiктар. — Падумаеш!

Алесь выйшаў з-за дзвярэй і стаў сярод неўразумелых хлопцаў.

— Ды ідзі ты да д'ябла! — выбухнуў Кастусь.

— Зараз, — сказаў Загорскі.

Кастусь павярнуўся і лыпнуў вачыма. Хлопцы зарагаталі. Каліноўскага нібы падкінула.

— Алеська! Не пайшоў! Алеська!

Яны малацілі адзін аднаго па плячах і спіне так гучна, што рэха ляцела.

Хлопцы вакол глядзелі на іх і таксама ўсміхаліся шырока і шчыра. Толькі ў аднаго, высакаватага і тонкага шатэна, усмешка была паблажлівая. Усміхаўся, нібы ласку рабіў.

— Вой, хлопцы, — спахапіўся Кастусь. — Як жа гэта?! Знаёмцеся. Гэта па-старому князь, а па-новаму грамадзянін Загорскі. Зваць яго — Алесь. Добры і свой хлопец. Таму ўсе вы да яго павінны звяртацца на "ты". I ты, Алесь, пра "вы" забудзь. Французяціну гэтую — прэч. Мы тут усе — браты.

Першы, працягваючы руку, сказаў па-мужыцку:

— Хвелька Зянковіч. З універсітэта. Дражняць абрыкосам, — вінавата ўсміхнуўся ён. — Вядома, не ў вочы.

— Не буду, — сказаў Алесь.

— I не раю, — сказаў Віктар. — Ён у нас у гарачай вадзе купаны.

Другі хлопец яшчэ тады, калі моўчкі глядзеў на сустрэчу сяброў, прыцягнуў увагу Алеся. Чыстае строгае аблічча, суровае і змрачнаватае на выгляд.

— Я з ляснога інстытута, — усміхнуўся хлопец.

Па-руску ён гаварыў з даволі прыкметным польскім акцэнтам. Асабліва прыемна гучала ў некаторых словах "л", па-дзіцячы падобнае на "в".

— Прозвішча маё Валеры Урублеўскі.

— Палясоўшчык будзе, — іранічна ўставіў непапраўны Віктар. — I знаеш чаму?

— Ну? — мякка спытаў Валеры.

— Ён, праз абмежаванасць разумовых здольнасцей, з усяго "Пана Тадэвуша" сяк-так зразумеў толькі адзін слупок:

Помнiкi наше! Iле ж цо рок вас пожэра
Купецка люб жондова москевска секера![22]
Дый вырашыў, што найлепшы шлях для змагання з урадавым уціскам — ахова лясоў.

— Маеш рацыю, — падтрымаў гульню Валеры. — Сякуць лясы, здзіраюць шкуру з зямлі. А Польшча, дый твая Беларусь, да таго часу і жывуць, пакуль ёсць пушчы. Не будзе дрэў — і іх не будзе. — Алесь раптам заўважыў амаль сур'ёзныя ноткі ў хлопцавым тоне. — Так што дазваляйце, хлопчыкі, секчы, дазваляйце.

Урублеўскі ўсміхнуўся.

— I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне — куды я заўсёды бягу? "До лясу". Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?

— Ты можаш з ім і па-польску гаварыць, калі табе зручней, — сказаў Віктар. — Ён трохі ведае.

— Чаму? — сказаў Валеры. — Я па-беларуску таксама ведаю.

I скончыў па-беларуску:

— Гаварыць будзем, як выпадзе. Як будзе зручней. Праўда?

— Праўда, — сказаў Алесь.

Поціск рукі Валерыя быў прыемны і моцны.

— Ану я, — сказаў наступны, моцны хлопец са строгімі вачыма. — Дайце я гэтага дружбістага сябрука-земляка за бакі патрымаю… Здароў, малец!

Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на "а", вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між "а" і "о" — "гэто-го". I, аднак, ён не быў падобны на "грака". Можа, з віцебскай глушыні?

"Урэшце, чорт з ім. Сімпатычны хлопец".

— Во, малец, зваліўся ты ў гэты мярлог. — Голас у хлопца быў спеўны. — Нічога, тут хлопцы добрыя. Буршаваць[23] будзем… Зваць мяне Эдмунд, як, ты скажы, нейкага там рыцара Этэльрэда. Віктар лічыць, што я памылкова з такім імем нарадзіўся ў дзевятнаццатым, што трэба было мне семсот год назад нарадзіцца. I правільна: прынамсі, не бачыў бы яго… а прозвішча маё — Вярыга…

Апошні з хлопцаў, той самы высакаваты шатэн, што паблажліва ўсміхаўся, падаў Алесю цвёрдую, але безжыццёвую руку.

— Юзаф Ямант, — сказаў ён па-польску. — Вельмі мне прыемна.

— Таксама мне прыемна, — адказаў па-польску Алесь. — Ты з дняпроўскіх Ямантаў, таварыш?

— Не.

— А адкуль? Дзе зямля таварыша?

Юзаф трохі сумеўся:

— Мой бацька павераны і аконам князя Вітгенштэйна. Маёнтак Самуэлава.

Алесь трохі здзівіўся. Выгляд у Юзафа быў такі, нібы ён сам князь Вітгенштэйн. I, аднак, Загорскі не паказаў свайго здзіўлення.

— Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?

— Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.

— Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.

— Чаму так? Вы ж князь?

— Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш-менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя — усяго гэтага і так замнога сярод дваран.

Валеры выставіў ніжнюю губу. Эдмунд Вярыга падміргнуў Алесю.

Загорскі ўбачыў, як прыпухлыя павекі хворых вачэй Яманта часта заморгалі. Юзаф змяніў тэму гаворкі.

— Пан цалкам прыстойна гаворыць па-польску. Нават з тым акцэнтам, што ўласцівы…

— Выкладчык быў з наваколля Радама, — сказаў падкрэслена Алесь. — З маёнтка Пёнкі.

— Мне вельмі прыемна, што пан вывучыў мову, на якой гаварылі яго продкі.

— Ямант-мамант, — буркнуў Вiктар Калiноўскi.

Алесь паціснуў плячыма. I тут умяшаўся ў размову Валеры.

— Зноў? — спытаў ён у Яманта. — Ану кінь! Мала табе непаразуменняў?

— Што ж мы, хлопцы, будзем з усім гэтым рабіць? — выпраўляў становішча Віктар. — Хіба Эдмунда паслаць, каб купіў у кілбаснай абрэзкаў. Там немачка маладая аж дужа яго вокам адзначыла. А як жа! У паўночным духу мужчына. Вікінг! Апалон, злеплены з тварагу!

Эдмунд смяяўся:

— А што? Хіба дрэнны?

— Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: "О, гер Вя-ры-га! Жартаўніч-ка! Што вы?!" Вось ажэнішся — мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол — плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: "Morgenstunde hat Gold im Munde" — у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.

— А ён усё роўна да паўдня дрыхне, — падтрымаў Віктара Валеры.

— Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.

Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.

— Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазiя. I гумар такi самы. Iмпатэнцкi. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпiць, жарэ. Не з вашымi мазгамi вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды i паважна так кажу: "Фунт кiлбасных абрэзкаў для майго сабакi". А яна мне: "Вам загарнуць цi тут будзеце есцi?.." Во як! А вы лезеце з посным рылам…

Хлопцы зарагаталі.

— Вось што, хлопцы, — сказаў Алесь. — Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.

— У мяне прынцып, — сказаў Вярыга. — Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.

— Не, сур'ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.

— Нязручна, — сказаў Кастусь. — Толькі прыехалі — нa табе хеўра.

— А не жэрці зручна?

— Усе збянтэжыліся.

— Ну, кіньце вы, сапраўды. — Алесь пачырванеў: пачыналася. — На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. "Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба… і клюшня вон тырчыць".

Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.

— Ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, — сказаў Віктар. — Зойдзе і па-руску: "Есть есть?" А ты яму: "Есть нет".

— Калі ласка, — перасек жарт Алесь. — Заўсёды буду чакаць.

Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.

— Дык, кажаш, і ракі? — спытаў Вярыга.

— I ракі.

— А да ракаў?

— Як належыць. Белае віно.

— Белае?

— Белае.

— Хлопцы, — прастагнаў Вярыга. — Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы-тры-ма-ю.

— Вось і добра, — сказаў Алесь. — Хадзем хутчэй.

Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.

— Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, — скончыў Алесь. — Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць "у арэнду". Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: "Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай…" А бацьку: "Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі". Дзед на такіх сяк-так цісне, але цяжка.

— Нічога, — сказаў Кастусь. — Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.

Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла-сіняя, амаль празрыстая ноч.

— У Мсціслава маці памерла, — сказаў Алесь. — Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.

— А што ён павінен зрабіць?

— Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.

— Думаеш, дадуць?

— Могуць не даць. Тут ужо — зрабіў дый стрэлу чакай.

— Вось так яно і ёсць.

Яны ішлі, абняўшыся за плечы.

— Як з маёй просьбай? — спытаў Кастусь.

— Я пагаварыў з усімі хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны". Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па-ранейшаму. "Братэрства" не распалася.

— Як добра!

— Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма… ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.

— Што, мяркуеш, прычынаю?

— Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае… Нехта рыхтуе вялікі закалат… Нехта бунт рыхтуе.

Памаўчаў.

— Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.

— Пагаварыў бы.

— Нельга, Кастусь… Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.

— Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?

— Але…

— Ды ты што? Ды ты як? А Майка?

— Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.

Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:

— I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! — Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.

— До аб гэтым, — сказаў Алесь. — Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы… Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: "Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма".

Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.

— Колькi ў вас людзей? — спытаў Калiноўскi.

Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.

— На… Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.

— Надзейныя?

— Да канца, — вельмі ціха сказаў Алесь. — На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.

— Я веру, што ты — да канца, — пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі. — Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе… У нас ёсць свая арганізацыя, "накшталт зямляцтва". Гэта — для іншых. Назва "Агул". Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія — за нацыянальны рух, трэція — за аўтаномію… Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I "Дылетантызм", і "Лісты", і амаль усе зборнікі "Полярной звезды", а з гэтага лета і "Колокола". Ну, а потым — Фур'е, немцы, іншыя… Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, — ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў "Агула", якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у "Агул" чалавека, за якога могуць паручыцца… Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў "Агула", якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень "Агула", увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя… Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.

— Дазвольце спытаць, чым абавязаны?

— Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.

— Ну, што ты…

— Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі…

— Гэта хто?

— Я… А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх "Агула", ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.

— Гэта Віктар, — сказаў Алесь.

— Чаму так думаеш?

— Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?

— Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму… Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, "Літаратурныя вечары".

— I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.

— Тфу ты, чорт, — сказаў Кастусь. — Ішоў бы ты на месца Пуціліна[24], кучу грошай зарабіў бы.

— Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што "Вечары"?

— Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.

— Палякі?

— Розныя.

— Што думаюць пра нас?

— Частка думае вось так. Паўставаць — разам. Лёс Беларусі і Літвы — плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты — вось і ўсё.

— Чаму ты кажаш "частка"? — спытаў Алесь. — Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?

Каліноўскі спахмурнеў.

— У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку ад

згоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі — вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым — верным і чыстым — ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.

— Па-мойму, верна.

— Зыгмунт пратэстуе, — са скрухай сказаў Кастусь. — Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.

— Хто б вінаваціў, — сказаў Алесь. — І ты не лепшы.

— Што? Праўда хіба? — спалохаўся Кастусь.

— На жаль, праўда.

— Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх — астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.

— А потым што — здрада?

— Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі[25] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!

— Хто яны?

— Белыя. Так мы іх называем. "Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!" Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.

— Досыць паскудна.

— Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.

— Песня знаёмая, — сказаў Алесь. — Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.

— Дзе?

— Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.

— Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.

— Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.

— Будзеш разам са мною біцца?

— А што я — сюды маліцца прыехаў?

— Добра, — сказаў Кастусь. — Руку.

— А яшчэ хто ёсць?

— Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.

— Гэтых трэба пераконваць.

— Але… Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.

— Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.

Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.

— Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы — галота. Яны лібералы, мы — якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы…

— До, — сказаў Алесь. — Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе — значыць, я з вамі. А тое, што я князь, — справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх… Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.

…Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.

Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:

— Хлопцы якія! Ну, Кастусёк — гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты… Трымайцеся за іх, паніч!

— Збіраюся.

— Вой, хлопцы!

— Што, пацалавала б?

— А што, грэх?

Аглая раптам пасур'ёзнела.

— Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?

— Абавязкова.

— Паніч… Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.

— Што, спадабаўся?

Жанчына адмоўна паківала галавою:

— Сухоты ў яго. I подаўна ўжо…

— Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.

— Значыцца, сам не ведае… Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.

— Не вярзі. У яго, у такога хлопца?..

— Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу… Думаю я, ці не позна ўжо.

Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.

Са сталовай даляцеў залівіста-вясёлы смех Віктара.


Снег. Снег. Тое надвор'е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.

Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.

Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.

Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з "Агула", аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся-такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з "Агула" аддалі Віктару.

I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.

З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму — што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш — ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, — хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы — так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. "Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі".

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: "Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь".

Серакоўскі ўсміхаўся ў вусы, відочна, згаджаўся з Алесем.

— Кажаце, не дадуць, — сказаў Алесь. — А вам што, дадуць так вось проста паўстаць і перамагчы? Нехта крэкнуў.

— Значыць, гэта з'явы аднаго парадку. Ну, будуць не даваць. Што ж, так і сядзець склаўшы рукі? Баішся супраціўлення — не ўставай. А не баішся — кожную хвіліну змагайся, каб наблізіць час.

Серакоўскі схіліў галаву.


…У ляманце завірухі глух і часам знікаў ірваны голас званочкаў. Фурман спяваў песню, далёкую і даўнюю, як сама бяздольная прыдняпроўская зямля, што зараз так страшна дранцвела ў снягах:

Ой, косю мой, косю,
Чаму ж ты нявесел,
Чаму ж ты, мой косю,
Галовачку звесіў?
Голас верыў у сваё сэрца, у сваю прыгажосць і таленавітасць і таму радаваўся нават плачучы, ганарыўся нават у тузе:

Цi я табе цяжак,
Цi тугi папругi?
"Ой, ты мне не цяжак,
Не тугі папругі".
Алесь слухаў і шчыльней хутаўся ў мядзведжае футра.

Вучыцца ва універсітэце было лёгка. Куды лягчэй, чым у гімназіі. Там было шмат лухты, шмат нямілых дысцыплін. Там не было, урэшце, нават адноснай свабоды.

Тут было ўсё цікава, важна, міла. Тут чалавек мог займацца тым, чым хацеў. I хоць таксама былі цемрашалы і дурні — на іхнія лекцыі можна было проста не хадзіць. Можна было шмат чытаць і пісаць, займацца справамі "Агула", збіраць матэрыялы на слоўнік, вывучаць пад кіраўніцтвам Віктара старыя граматы, ды яшчэ заставалася трохі часу на карціны, музыку, тэатр і ўласныя, не вельмі ўдалыя, спробы корпаць вершы.

Алесь падумаў, што стаў на правільны шлях. Лічыў сябе дагэтуль бяздарнасцю і дылетантам — і раптам, усяго за пяць месяцаў, прыдбаў прыхільнасць Сразнеўскага.

Загорскі ўспомніў, як пацяплелі вочы Ізмаіла Іванавіча, калі разбіраў першы Алесеў рэферат: "Моўныя асаблівасці, што датычацца паўночна-заходняй мовы, у "Слове аб палку Ігаравым".

— Малайчына… Што думаеце рабіць?

— Мяркую за паўтара гады падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты.

— Ну, а потым?

— Потым, мяркую, філасофія, натуральныя навукі.

— Не баіцёся раскідацца?

— Наадварот. Хачу ўсё патрэбнае паспрабаваць прывесці ў сістэму.

— Памагай бог, — сказаў Сразнеўскі.

Алесь працаваў утрапёна.

Наступныя дзве невялікія работы высунулі Алеся ў лік тых нямногіх, з якімі Ізмаіл Іванавіч гаварыў як з роўнымі, бо сапраўды паважаў у іх роўны інтэлект і роўна правільны і якасны, хоць і адметны, погляд на рэчы і з'явы.

Гэта былі "Мова панцырных баяр[26] з-пад Зверына. Матэрыялы на слоўнік прыдняпроўскай гаворкі" і "Асаблівасці дрыгавічанска-крывіцкай гаворкі ў "Слове на першым тыдні па вялікадні" Кірылы Тураўскага як першыя сляды ўзнікнення беларускай мовы".

Пасля гэтых работ Сразнеўскі глядзеў на Алеся толькі з пяшчотай.

— Мой Веніямін, — казаў настаўнік калегам. — Самы малады і самы таленавіты. Божа мой, як падумаеш, колькі ён паспее зрабіць!

— Ён можа нічога не паспець, — змрочна сказаў Благавешчанскі, знаўца рымскай літаратуры і гісторыі. — Глядзіце за Веніямінам, Ізмаіл Іванавіч. Каб гэты Веніямін палітыкай не зацікавіўся. А гэта ў нас ведаеце чым канчаецца?

— Адкуль такія весткі, Мікалай Міхайлавіч?

— Выпадкова чуў, як ваш Веніямін расказваў такую гісторыю… Будачнік пачуў, як на вуліцы чалавек сказаў: "Дурак". Падбег, схапіў яго за каршэнь і пацягнуў ва ўчастак. Той супроціўляецца, крычыць: " За что?!" А будачнік яму: "Знаем мы, кто у нас дурак".

— Ну, што вы. Ён жа малады. У таленавітых ды маладых — гэта ўжо заўсёды! — язык. Супраць гэтага і вальтэр'янцы нічога не гавораць.

— Вальтэр'янцы, можа, i не гавораць, а вось з… абавязкова скажуць.

Сразнеўскі здзівіўся грубаму слову. Мікалая Міхайлавіча за далікатнасць і вытанчаныя манеры ўсе называлі маркізам дэ Благавешчанскім.

Мабыць, дапякло i яму.

Сразнеўскіадмахнуўся ад гэтых думак. Чалавек ліберальны і, ад дабрыні, памяркоўна набожны, схільны верыць у маральны кодэкс усіх "добрых рэлігій", чалавек, улюбёны ў сваю святую справу, ён не дапускаў, што такі бязмерна таленавіты, цікавы і ўчэпісты даследчык так вось возьме і схопіцца за тую палітыку.

І ён па-ранейшаму вылучаў Алеся. А калі той даў яму наступную, ужо даволі вялікую работу: "Прыдняпроўскія песні, паданні і легенды аб вайне, мяцяжу, рэлігійнай і грамадскай справядлівасці. Вопыт даследавання мэты[27], сродкаў і мовы", гэты саракашасцігадовы чалавек запрасіў Алеся да сябе і доўга глядзеў на яго разумнымі стомленымі вачыма. Вочы былі трохі вільготныя.

— Вы, спаядзяюся, дазволіце мне пазбегнуць у адносінах да вас звароту "милостивый государь", — са старамоднай галантнасцю сказаў прафесар.

— Я спадзяваўся на гэта даўно.

Сразнеўскі гартаў лісты работы.

— Хлопчык мой, — сказаў ён. — Я не люблю празмерных пахвал. Але вы зрабілі незвычайнае. Вы адкрылі "вялікае Чыпанга", як Марка Пола. Адкрылі новы, нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ. Няўжо яны былі такія?

— Якія, пан прафесар?

— Усе ж кажуць аб крайняй забітасці, затурканасці, выраджэнні нашага краю.

— Гэта ёсць. Але ў гэтых выказваннях больш палітыкі, чым праўды.

— Як?

— Трэба было давесці, што народ вынішчалі, што толькі под эгідай Мікалая Раманава, Уварава і Аракчэева ён атрымаў магчамысць дыхаць.

Прафесар трохі спалохаўся. Благавешчанскі ў чымсьці меў рацыю.

— Лінгвістыка не ведае палітыкі, мой друг.

— Лінгвістыка — гэта значна больш палітыка, чым усё натуразаўства. Не, народ не забілі. Ён жыве і чакае шчасця. І будзе жыць, як бы цяжка яму ні было… А наконт забітасці мяркуйце самі. Ладымер[28] едзе ламаць хрыбты крымчакам, восковая дзека розумам пабівае князя Ганю, мужык Ваўкалака піша на лубе лісты да каханай, таксама мужычкі, Любка з Копанога Рова, што пад Крычавам, звычайная дзяўчына з месца, грае ў шахматы з "царом чорных і рагатых" Рабедзяй і выйграе ў яго палонных. Або легенда аб лебядзінай келлі, ці аб явары і белай бярозе. Памятаеце, на магілах юнака і дзўчыны, раздзеленых царковой:

Дзесьці мае дзеці ў любові жылі.
Раслi, раслi, пахiлiлiся,
Цераз цэркву сушчапіліся.
Чаму "Трыстан і Ізольда" — адзнака вялікіх сіл, а гэта — прыкмета забітасці?

Памаўчаў:

— Так, быў і прыгнёт. Але прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых — магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў.

— Сразнеўскі задумаўся. Відаць, хацеў быў паўшчуваць за небяспечныя думкі, але раздумаў. Схаваў твар у далонях. Потым апусціў далоні.

— Якія гордыя, моцныя і страшныя людзі! Якая страсная прага справядлівасці! Як гэта там, у вас?

А вайна была, вайна была,
А ніўка зялезнай карой парасла,
Зялезнаю, крываваю,
Сталёваю, іржаваю.
І гэта — як дуды раўлі! І як тройчы стрэліў і на трэцім стрэле "сэрца стрэльбы разарвалася"! Што ж гэта, хлопчык?! Ці во гэта… Не, гэта:

А ўжо ж бяроза завіваецца,
Кароль на вайну збіраецца.
А ў каго сыны ёсць, дык высылайця,
А ў каго няма, дык хоць наймайця.
І як за волю сцяг трымалі. А Ляўшун граў у рог. А Грышко Пакубяціна падскакаў і ўдарыў па медным горле, што спявала, кулаком. І воля

…Зубамі падавілася,
Крывёю захлынулася.
А потым рог павезлі ў перакідных хустах, а ён сам граў. А? Як гэта?

Памаўчаў.

— Гэта — схавай. Маеш рацыю: надрукаваць гэта нідзе не надрукуюць, а людзей насцярожыш.

— Я гэтага i хачу.

— А я хачу, каб наступнай зімою, калі датэрмінова здасі экзамены за універсітэцкі курс — гэта стала тваёй дысертацыяй на кандыдата. З налёту іх возьмем. Каб не апамяталіся.

І Алесь убачыў малады, свавольны агеньчык у вачах прафесара. Не, проста ў вачах ціхмянага і добрага, але сумленнага чалавека.

Сразнеўскі раптам сказаў:

— Я не хачу, каб табе было цяжка.

— Чаму мне павінна быць цяжка?

— Ну вось гэтыя погляды. Непазбежнасць вайны за іх.

— Для мяне гэта не цяжар.

— І крайняя незалежнасць думкі, і рэзкасць, і тое, што ты адзін.

Паўза была доўгая і цяжкая. Потым прафесар ціха спытаў:

— Ты не верыш у бога, хлопчык?

— Чаму вы так думаеце?

— Ну вось гэтыя твае думкі. Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубіны, Сымона-аршанца[29]. Дзіды, стрэльбы, бунчукі, страшныя, страсныя, жывыя людзі. І толькі потым рэлігійны рух, рэлігійныя паўстанні. Мяцеж віцяблян, Юр'ева ноч і "мост на крыві"[30] ў Воршы. Дый тое ты даводзіш, што біліся не за бога і рэлігійную справядлівасць, а за чалавека і справядлівасць грамадскую… І потым, гэтыя твае словы, што "рэлігія — справа дзесятая".

Алесь некаторы час маўчаў, пакусваючы суглоб указальнага пальца.

— Вы маеце рацыю, — урэшце сказаў ён. — Я не веру. Як сказаў нехта, не адчуваў дагэтуль патрэбы ў такой гіпотэзе. То бок, не кажу, што зусім пакідаю замест усяго гэтага пустое месца. Я хутчэй уяўляю яго сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку.

— Гэта і ёсць бог. Шначай ты не быў бы чалавекам. Памятаеш, як Іакаў усю ноч змагаўся з кімсьці, у каго не было аблічча?

— Калі я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзем, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна і які таксама частка чагосьці большага, і што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, — я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, і веру ў тое, што ён ёсць. Гэта ад слабасці і няведання. Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе. Магчама, гэта сэрца таго, нязнанага. Мы так мала ведаем! Але, ва ўсякім разе, гэты вялікі ўладар сэрца не "всеблагий", калі дазваляе тое, што адбываецца вакол… А можа, гэта ад яго і не залежыць. "Сусвет-сэрца…" Калі я гляджу на курчы і пакуты гэтага свету, на тое, як трапеча і задыхаецца кожная жывая плоць, — мне здаецца, што ў гэтага "сэрца" вось-вось будзе разрыў.

Усміхнуўся.

— Ну, гэта ўсё трызненне на крайняй мяжы пазнання… Я не веру.

Сразнеўскі задумаўся:

— Вось бачыце. Я гэта заўважыў яшчэ па вашай рабоце аб Кірыле Тураўскім. Там, у яго "слове", кожны сказ аб прыродзе мае працяг. Сонца, якое сагравае зямлю, параўноўваецца з Хрыстом, што сышоў на зямлю. Зіма адышла — вечна жывы бог папіхнуў нагою смерць і бязвер'е. Гэта ж дванаццатае стагоддзе, самы пачатак вашай літаратуры. А вы адсеклі канцы сказаў, і атрымаўся паганскі гімн зямлі і сонцу.

Алесь маўчаў.

— Нашто? Ці добра гэта? І нашто ўскладняць і без таго складанае жыццё?

Малады, відаць, дадумаўся да чагосьці. Упарта сказаў:

— Каб ён існаваў — ён не дозволіў бы такога здзеку з нас.

— …І, можа, таму, што ён ёсць, вы і вытрымалі дзевяцісотгадовую вайну супраць у тысячу разоў мацнейшых ворагаў?.. І склалі гэтыя дзівосныя балады. Магчыма, усё ад яго. Нават ваш богам дадзены талент, які можа натхняць і ратаваць.

— Не трэба так.

— І, магчыма, ён назнарок робіць такое з людзьмі, каб спадзяваліся толькі на свае сілы. Таму што бог, лёс — як хочаце яго называйце — любіць моцных і трывалых людзей.

— То значыць, яны самі робяць сябе трывалымі? Самі?

— Хлопча, без бога, няхай нават безнадейнага, чалавек не мае падтрымкі ў сабе. Гэта падобна на ерась, ведаю: бог, на якога нельга спадзявацца, якога трэба бараніць. Але людзі трымаюць бога ў сабе, каб быць моцнымі… І найлепшы доказ — гэта тое, што вы выжылі, што гэта — дзіва, што не можа быць такой велічы без бога ў душы, — паклаў руку на плячук Алеся. — Найлепшы доказ — бог у вашым сэрцы.

…Алесь страпянуўся. Што гэта, задрамаў? Iрваны гук званочкаў. Нетры i снег. I ў гэтай безнадзейнасцi чалавек ганарыцца сабою, маленькая мушка ў снягах. I вось конь, мудры конь песнi, адказвае седаку:

Ой, цяжкі мне, цяжкі
Частыя дорожкі,
Частыя дарожкі,
Густыя карчомкі.
Жывая песня ў мёртвых снягах. Маленькае сэрца не звяртае ўвагі, што вялікае вось-вось разарвецца. Не звяртаючы ўвагі на сусвет, на тое, што будзе заўтра, на мяжу пазнання, на зорныя астравы, мудра і мужна льецца песня…

Ты ж мяне паставіш
Сыру зямлю біці,
А сам, молад, пойдзеш
Гарэлачку піці.
І ў гэтым вышэйшая мудрасць, але таксама і штосьці прынізлівае.

Ён думаў аб гэтым вялікім уніжэнні. І ў душы нарастала пагарда да сваёй слабасці, злосць на сваю слепату і тамленне.

А ў снягах бязлітаснай зімы мужна змагалася з марозам малюсенькая жывая крынічка песні:

Ты ж мяне паставіш
У снезе па вушкі,
А сам, молад, пойдзеш
К шыкарцы ў падушкі.
І пад гэтую песню ён непрыкметна задрамаў… Пагойдваючыся, ляцеў пад гукі ўрывістай дзіўнай музыкі некуда ў бездані вялікага сэрца. Насустрач таму, што чакала.

…Ён сніў сон, у якім бачыў бога. Ён быў дзівосны, таму што яго нельга было бачыць, і ніхто ў свеце не бачыў яго, і толькі пачуццё таго, што ён побач, давала ўпэўненасць у тым, што ты бачыш яго… Не было пустаты ў душы, было разуменне ўсяго на зямлі на адно кароткае імгненне, і жах, што аддалішся і зноў страціш усё.

Бог быў не чалавек, і не жывёла, і не пульсуючае сэрца зорных астравоў, і не трава, і не каласы на нівах, і не слуп святла, а ўсё святло, і белы мокры конь, і чырвоная квецень дзічкі, і адначасова — нішто.

…З глыбінь, куды ляцела, падаючы, душа, нарастоў нізкі, на мяжа слыху, гук, які запаланяў усё. Сусвет крычаў.

Калі Алесь прачнуўся, кібітка стаяла ля сходаў вежынскага палаца. Ён адкінуў вільчуру, выскачыў на снег і цераз тры прыступкі пабег да ўвахода, поўны трывогі і чакання.

…Дзед сядзеў ля каміна. На століку, як заўсёды, бутэлька віна і келіх. На каленях папка з гравюрамі.

Узняў на ўнука вочы. Сінія, трохі пабляклыя. І… не здзівіўся, убачыўшы румяныя шчокі, усмешку, кропелькі вады ў валасах. Толькі трохі здрыгануліся чорныя бровы.

— Ты? — сказаў Вежа. — Чаго гэта ўзімку? Такая завіруха. Суму не хапае?

І падставіў для пацалунка пергаментна-смуглую голеную шчаку.

Нібы нічога не было. Нібы з Загоршчыны прыехаў.

— А казаў… некалькі год.

— Абставіны змяніліся. Буду ездзіць часта.

— Я ж казаў. Леціцё з гнязда, я навекі. А ў свеце — вецер.

— Загадайце дастаць з кібіткі. Я там падарункі прывёз.

— Глупства, — разгублена сказаў дзед. — І не трэба было зусім. Вялікі горад. А маладосць гэта тое самае, што мантацтва. Лепей бы ўзяў Кастуся да дзяўчат… гэтых вашых… Ну, як іх?.. Новае слова.

Вусны дзеда іранічна крывіліся.

— Ага… нігілістак. Стрыжаных ды ў акулярах, крый нас ад такой бяды, божа.

— І што?

— І паезаў бы з імі да Барэля[31].

— Дзядунь, вы адкуль ведаеце?

— Ты што — лічыш, мы тут сякерай голімся? — І забурчаў: — У наш час жанчыны — гэта ж царыцы былі, каралевы. Ідзе — сляпыя за ёй галовы паварочваюць, так ззяе. Са смяротнага ложа чалавек устае, каб хоць крок за такой зрабіць… А цяпер!.. Нігісісткі, трыбушысткі, матэрыялісткі. Жывёльны магнетызм, рэфлексы, палавое пытанне.

Алесь сумеўся.

— То што хоць прывёз?

— Вам пару карцін. Вось паглядзіцё. Я там добрае знаёмства з букіністамі ды антыкварамі завёў. Дапамаглі яны мне дастаць для вас першае выданне Бакачча. Ведаеце, гэтае ў белай скуры, вялікае…

— Дзякуй. Асабліва за "белага Бакачча". Рэдкая штука. У мяне не было. Гэта кніга чыстая, чалавечая. Пляваць яна хацела на ўсе абмежаванні, на ўсякую скутасць… Дзякуй, сынок… Ну, давай абдымемся.

Алесь не ведаў, як спытаць пра тое, што яго цікавіла. Моўчкі сядзеў ля агню.

— Як тут у вас? Як бацькі? — нарэшце спытаў ён.

— Б'ёмся памалу. Бацька павінен зараз прыехаць.

— А Глебавічна?

— Бегае ўсё.

— Што з Раўбічамі?

— Яраш у гордай самоце. Не вітаемся.

— А што Гелена?

— Тут, сыне, справы больш складаныя. Раджае яна. Першыя схваткі былі ўчора. Мы яе перавялі былі праз арку, непасрэдна ў будынак. Адмовілася. "Там жыла, там і раджаць буду".

Дзед глядзеў у агонь і не бачыў вачэй унука.

— Доктар некалькі месяцаў прыязджаў з "губернскага града". А цяпер тут сядзіць.

Вочы дзеда былі журботныя.

— Глебавічна паспрабавала пагаварыць, хто такі. Не кажа. "Кахаю, — кажа, — ні аб чым не шкадую. Але з ім ніколі не буду". А роды цяжкія. Еўфрасіння людзей пагнала, каб у Мілым ды ў Загоршчыне па царквах царскія брамы расчынілі. І я… змоўчаў. Так з учарашняга дня расчыненыя і стаяць… Шкада страшэнна… Як нябожчыцу маю святую… Ксені.

Упершыню за ўвесь час, што Алесь помніў дзеда, той вымавіў імя бабкі. Праз сорак сем год маўчання з'явілася ў пакой, да гэтага агню і гэтых кніг, ціха паварушыла полымем і застыла ў цішыні здань, якой адзін быў абавязаны жыццём, а другі — усім болем жыцця.

— Дзеду, — ціха сказаў Алесь. — Я гэта толькі вам. Нават не бацьку… Гэта маё дзіця, дзеду.

Твар Дзеда стаў смугла-аліўкавы. Нешта нібы варухнулася і ссунулася ў вачах… Дзед схіліўся да агню і качаргою пачаў варушыць жар. І, можа, ад жару шчокі пана Данілы трохі паружавелі.

— Т-так. Віншую. Жаніцца трэба.

І, нібы абдумваючы нешта, спытаў:

— Калі?

— Дзеду, — сказаў Алесь. — Вам яшчэ трэба пагаварыць аб гэтым з ёю. Яна не хоча.

— Як гэта — "не хоча"? — раззлаваўся дзед.

Ён сказаў гэта такім рэзкім голасам, што брынкнула, адгукнулася рэхам струна ў гітары на сцяне.

— Не гневайцеся, дзеду. Гэта, на жаль, так. Яна проста помніла аб тым вечары, калі я прынёс ёй волю.

— Расказвай, — кінуў дзед.

…Калі ўнук скончыў, пан Даніла глядзеў у агонь бліскучымі вачыма.

— І Майку назнарок памірыла?

Алесь нахіліў галаву.

— Мне няма чаго гаварыць з ёю, — урэшце сказаў дзед. — Гэта трэба зрабіць табе…

Дзед з сілай кінуў канцом у агонь качаргу. Абодва маўчалі, гледзячы, як у пырсках жоўтага полымя наліваецца чырванню, нібы крывёй набракае, метал. Жалеза стала вішнёвым.

Потым пляснуў рукамі па каленях:

— Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца — добра. Не згодзіцца — праз шлюб кагосьці за нашчадкаў — звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы… Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.

І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:

— Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву…

— Дзеду, — пачырванеў Алесь. — Няма нічыёй віны… Віна жыцця.

— Віна? — вочы старога Вежы ззялі. — Ду-рань! Гэта слава жыцця!.. Бяжы туды!.. Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў — да парадзіхі. Квіты!..

Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй… І — мяжа. Нельга далей.

Ён то сядзеў на падвоканнi i глядзеў на яе дзверы, то хадзiў узад i ўперад.

Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.

— Як жа гэта вы надумаліся?

— Так, — сказаў ён. — Што там?

— Цяжка, князюхна, — сказала яна. — Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. "Дурніца… Радасць у свет нясеш". Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.

— Не ведаю.

Жанчына знікла.

Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.

Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.

Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.

— Сыне, мілы, — сказаў бацька. — Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.

Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.

Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.

— То як? — спытаў бацька. — Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць — на выкуп?

Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.

— Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? — спытаў бацька.

— Здарожыўся, — сказаў Вежа. — Ану, патрымайся трохі, Алесь.

Але ён мог бы не казаць гэтага.

"Калі толькі ўсё будзе добра — трэба ўсё аддаць", — успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.

— Па-мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.

— Пойдзем, сыне, — сказаў дзед. — Потым.

— Не. Хай скажа, — вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. — Як?

— Не трэба землеўласніцтва, — сказаў Алесь. — Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы… Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.

Пан Юры ліхаманкава падлічваў.

— Па столькі валок! — сказаў ён. — Па… У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям'ю. А дзе і болей. Запусцяць!

— Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.

— У старцы нашчадкаў? — ускінуўся пан Юры. — З розуму выжыў, сту-дэнт.

— Чакай, — насцярожана сказаў дзед. — Хай даводзіць…

— Хай фермерствуюць, — сказаў Алесь. — Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае — мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.

— У старцы нашчадкаў пусціць? — зноў гнеўна спытаў пан Юры.

— У старцы, бацька, пойдзем, калі так не зробім. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі? Маёнткам усё адно галеча з такой сістэмай, і пытанне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца.

— Буды… гуты… У купцоў ператварыцца?

— У купцоў — не ў старцоў. Толькі надзел не падушны, а пасямейны. Тады вялікія сем'і вымушаны будуць частку людзей пасылаць на цукроўні… па вольным найме. Можа, так. А можа, і гэтага не трэба. Расце патрэба ў грашах. Узрасце цесната на надзелах. Ды яшчэ — машыны. Тады трэба ўвесці заахвочвальныя цэны на бурак, лён, каноплі, бульбу… Фабрыкі будуць расці, а багацце будзе ва ўсіх.

А сам думаў: "Лухта! Якая лухта! Перад гэтым, што насоўваецца, такая лухта. Бурак, каноплі, торба мукі".

— Я б на таваім месцы падумаў, — сказаў сына Вежа. — Нешта ва ўсім гэтым ёсць. — І, паглядзеўшы на ўнука, злітаваўся, сказаў пану Юрыю: — Ідзі адпачывай. Я вось яму пару слоў скажу і таксама паганю спаць. А галовы ў нас дзеці, га, Юрась?

— Галовы, — наіўная і хітрыя вочы пана Юрыя смяяліся. Ён торгаў хвалісты вус, прыкрываючы ўсмешку.

Пайшоў. Дзед і ўнук сядзелі моўчкі.

— Пачакай ты тут. Не пакутуй — не паможаш… Сам прыдумаў?

— Сам. Я пайду.

Дзед зразумеў: трэба супакоіць. Хоць на хвіліну адцягнуць думкі.

— Як думаеш Гелену забяспечыць?

— Хіба ўсё будзе добра?

Стала цішыня.

— Мнямля, — сказаў дзед. — Першынцу!.. Зямлю тых двух маёнткаў, што за Сухадолам. Дом у Ведрычах.

Алесь ускiнуў вочы:

— Дзядуля.

— Што "дзядуля"? Дам, нічога не зробіш.

Схіліўся да Алеся:

— Хадзем, вып'ем з табою.


Гадзінай пазней Алесь зноў хадзіў туды і сюды па калідоры. Вакол была тая самая нясцерпная цішыня.

Здалося? Не, не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Яшчэ стогн… Яшчэ… Стогны былі ціхія, стрыманыя, але кожны працінаў сэрца.

Не ведаючы, куды схавацца, Алесь адчыніў дзверы. Нявялікая, амаль пустая камора. Акенца ў дзве далоні.

Ён стаў між пустых бляшанак і торб з мукою і гарохам і чакаў. Стогны… стогны… Ці гэта ў вушах?

Вітахмоўцы, кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты, ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэвы. І жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе.

Потым, як заўсёды, ад гэтага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў "браць на сябе", але ў пушчу ўсё адно ішлі… Гэта звалася кувада… Няўяўнай старадаўнасці звычай…


Ён не ведаў, як пакінуў камору, як арынуўся зноў ля дзвярэй. Была цішыня, і ён зразумеў, што стогны яму толькі здаваліся і, магчыма, даўно ўжо адбылося горшае.

Адчынiлiся дзеры. Не заўважыўшы яго, выскачыла i пабегла некуды сядзелка. Праз шчылiну ён на iмгненне ўбачыў лекара. Лекар стаяў i трымаў у руках нешта чырвонае.

І раптам пралунаў калідорам крык. Слабенькі, але на ўсесь палац, на ўвесь свет — крык.

З дзвярэй выйшла павітуха, прыкрываючы ручніком балейку.

Голас у пакоі нібы дзіўна перабіваўся, распадаўся і зноў злучаўся:

— А-а! А-а-а! А! Э-э-э! Гэ! Гэ! А-а-а!

Еўфрасіння выкацілася з дзвярэй. У яе трэсліся вусны.

— Двайняты! Князюхна, мілы! Хлопчык і дзяўчынка.

Спляснула рукамі, пабегла некуды. Дзве сядзелкі пабеглі назад у пакой. Пачалася мітусня. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, і ён сеў на нізкае падвоканне.

Густа сцямнела за акном, як заўсёды перад золкам.

…Зноў Глебавічна. Аж захлынаецца:

— А божа ж мой! Вырастуць дзеткі! Прывядзе яна іх пад грушку. Будзе для іх сяпяжаначкі рваць. А тыя будуць есці ды смяяцца на сонейка.

З усмешкай праз слёзы зірнула на Алеся і раптам шырока расплюшчыла вочы:

— Паніч! — і пацалавала ў лоб…

Зноў заплакала:

— Такая ўжо мне радасць! Не было ж у мяне дзетачак. Ні ад мужа-нябожчыка, ні потым…

Выцірала кулакамі вочы. Так, як ніколі не рабіла пры пану Данілу.


Два скруткі ў руках Глебавічны. У верхняй частцы кожнага скрутка было нібы акенца.

У кожным акенцы было нешта чырвонае i непрыгожае. Кожнае непрыгожае муляла нечым, зусiм непадобным на рот.

— Патрымайце, гэта трэба.

Ён трымаў гэтае, цёплае, праз тканіну, а жанчына падтрымлівала. І ён баяўся, што заламае гэта ці возьме неяк не так.

І раптам гэтыя, як па камендзе, расплюшчылі вачы. Вочы былі шэрыя і ўжо доўгія. Ці, можа, гэта так здавалася? Шэрыя і доўгія. Ягоныя.

— Глебавічна, мне здаецца, я іх люблю.

Жанчына недаверліва глянула на яго:

— Ідзі-ідзі. Не хлусі.

…Перад сабою, на высокіх падушках, ён бачыў пацямнелае маленькае аблічча за пакусанымі вуснамі.

— Прыехаў? — хутчэй загадаўся, чым пачуў, ён.

Ён проста стаў на калені і асцярожна прынік галавою да яе рукі:

— Даруй мне.

Ён не чуў яе слоў. Толькі бачыў няўлоўныя рухі вуснаў:

— Я цярпела… Суткі… А потым не вытрымала і застагнала. Не магла ўжо, — вочы яе заззялі. — І раптам мне стала лягчэй. Я зразумела: з'явіўся ты. І чамусьці мне стала зусім лёгка.

Ён глядзеў на яе з нямым пытаннем.

І атрымаў нямы адказ: нічога не змянілася. І не зменіцца.

У бібліятэцы гарэла святло. Дзед не спаў. Яму забылі паведаміць. І ён чакаў.

Ускінуў падбароддзе насустрач унуку. І той зразумеў, на што дзед перш за ўсё чакае адказу.

— Адмовілася.

— Я ведаў, — сказаў дзед. — Хто?

— Двайняты.

— Што-о? — Вежа выпрастаўся.

— Хлопчык і дзяўчынка, — Алесь сеў да каміна і наліў сабе віна.

Было маўчанне.

Ад віна, ці, можа, яшчэ ад чагосьці, нібы матляла.

— Бацька будзе кумам, — сказаў дзед. — Клейна — кумою. Каб не было падазрэння на імёны.

— Якія імёны?

— Юры і Антаніда. Якія ж яшчэ?

— Дзядуля, — сказаў Алесь. — Я думаю, ёсць бог на свеце.

Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон.

— Так часам у нас бывае. Разумееш, як ад нечага забытага кліч. Калі-небудзь я пастараюся расказаць табе пра другія патаемныя нашы веды, выпадкі, дзівы. Гэтага ніхто не разумее, але гэта ёсць. Пры чым жа тут бог? Гэта твая трывога, жаденне, еднасць душ на адну хвіліну. Часам, у бойцы, шалёныя прыступы ярасці ў нашых людзей. Калі сілы нібы ў дзесяць разоў узрастаюць. У нарвегаў — "берсеркерства", у нашых — "пaна". Бачыш, нават словы асобныя ёсць. Рознасць нерваў ці яшчэ нешта? Або, кажуць, індусы могуць часам болю не адчуваць. Або наш інстынкт да дрыгвы. Восем з дзесяці дзяцей, нават упершыню трапіўшы, не праваляцца. Як, ты скажы, вядзе іх нешта. І што ўжо там бог? Мы самі багі. Сёння вось — багі. Бываем свінні, а сёння — багі.

— Але сон…

— У матулю ты пайшоў, — няўхвальна сказаў Вежа і наліў келіхі. — Пі. Хто п'яны — з тым бог… Не як свіння, вядома, п'яны.

І нечакана трохі ўскіпеў:

— Сон! Забабоны гэта. Не чакаў ад цябе. Ракавіна забабонаў: схавайся і сядзі. А ўсе людзі торкаюцца туды-ы-сюды-ы, не разумеючы, што прыкутыя да жыцця, у якім усё сказана. Баяцца — таму і бог. Помніш словы з радавой клятвы… "няма нічога, акрамя магіл"…Адны вераць у магілу Хрыста і дзеля яе здзекуюцца з жывых. Бо мярцвяк кажа, і яны не могуць адмовіцца, паляць на агні… Другія вераць у доктара Гільятэна і над яго магілай ляскаюць ягоным вынаходніцтвам. Ці не дурасць, калі трэба верыць у жывых, у тое, што сёння здарылася?

— Але ўсё гэта…

— Першае, што сведчыць супраць рэлігіі, гэта тое, што ў людзей розныя багі.

— Не тое, дзед, не тое. Не аб верах. Аб тым, што ўва мне, аб маёй мэце, аб тым, уто ўратавала нас усіх.

— Самі мы сябе ўратавалі, — сказаў стары. — А калі загінем — дык таксама самі. Ніхто ў гэтым не будзе вінаваты, акрамя нас саміх… Зямлёй і людзьмі рухае дух змагання. Я не ведаю, ці ёсць у гэтага змагання нейкая надзея. Але з веку ў век людзі змагаюцца. І таму яны — людзі, а не быдла.

Чырвонае полымя трапятала на твары дзеда.

— Сёння — праўда, заўтра — хлусня. Сёння — Брут, заўтра — ён жа, Нерон. Сёння бог — заўтра плесня, а потым другі бог. Вучэнні, усе вучэнні — лухта. Ёсць адно вучэнне, пакуль над чалавекам праўда думак, пачуццяў, любві.


Наступнай восенню студэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Аляксандр, Георгіеў сын, Загорскі, не даслухаўшы курса навук па пісьменству і гісторыі, здаў, аднак, пры добрых паводзінах, усе належныя іспыты па гэтых дысцыплінах і, падаўшы ўстаноўленыя дысертацыі на ступень кандыдата, быў заслужана зацверджаны ў гэтай ступені панамі прафесарамі і папячыцелем Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі.

Студэнт, аднак, не пакарыстаўся ніводным з правоў і прывілеяў, дадзеных імператарам ступені кандыдата, а застаўся пры прафесары Сразнеўскім для ўдасканалення ў навуках, адначасова запісаўшыся на слуханне лекцый па медыцыне і філасофіі з правам наведваць, як раней, лекцыі славеснасці, гісторыі і прыгожых мастацтваў.

Аборона гістарычнай дысертацыі ("Сялянская вайна ХVII стагоддзя на тэрыторыі беларускага Прыдняпроўя. Па матэрыялах радавых архіваў тамтэйшых дваран і прыдняпроўскіх "Кронік"), дзеля якой ён усё лета прасядзеў у архівах Вежы, Сухадольскага замка, Раткевічаўшчыны, Кісцянёў і фондаў былога Збароўскага кастальянства, прайшла без перашкод.

Затое на абароне "Прыдняпроўскіх песень, паданняў і легенд" ледзь не было скандалу. Сабралася зашмат народу, з "Агула" і проста так землякоў. Усе, найбольш, дрэнна апранутыя, у чаравіках, што прасілі кашы, у сурдутах, ледзь толькі не перашытых з хатніх чугаў і світак. Некаторыя ў акулярах з "аконнымі" шкельцамі. Большасць, праз адсутносць паліто, у зацяганых пледах, зробленых з самай таннай шатландкі ці нават з даматканых, у шашачкі, посцілак. Усё з тых людзей, што апладзіравалі Чарнышэўскаму і аб якіх хадзіў жарт:

— Што гэта ты, хлопча, з хадніка сабе плед зрабіў?

— З рызаў пакуль што не дазваляюць.

— Чаго гэта ў цябе ручнік замест гальштука?

— Добра, што пакуль не вяроўка.

Гумар быў змрочны. Сапраўды, гумар шыбеніка. Але самі хлопцы былі вясёлыя, хоць і вечна галодныя. Адкуль прасачыліся да іх чуткі аб дысертацыі — невядома. Магчыма, праз Кастуся, бо Алесь, слухаючыся парады Сразнеўскага, пра змест яе, пакуль тое, памоўчваў.

Гэтая аўдыторыя сустракала кожнае "небяспчнае" месца ўхвальным гулам. Апаненты, магчыма, пабойваючыся непрыемнасцей, спрабавалі былі аспрэчваць занадта "левыя" палажэнні працы. Асабліва стараўся прафесар Платон Рунін, найбольш заядлы са славянафілаў універсітэта. Крычаў нешта аб "славянскай душы", якой чужы мяцеж і ўласцівая, з самых першых часоў, рахманасць і пошукі бога ў сваёй душы і душы таго, хто кіруе. Дагаварыўся, урэшце, да таго, што толькі пад эгідай моцнага славянін адчувае раскошу і замілаванне, што духу славянскіх народаў не ўласцівыя ўсе формы парламентарызму і дэмакратыі, прыдуманай бязбожнымі французамі, што заўсёды яны будуць адчуваць духоўную патрэбу ў манархіі.

Алесь, успамінаючы свае нядаўнія разважанні, чырванеў ад слоў Руніна, нібы яго білі па шчоках. А студэнцтва гуло:

— Веча! Разін! Копныя суды! Вашчыла!

Сразнеўскі ўрэшце быў вымушаны спыніць іх.

А Рунін бубніў далей. Усё нешта аб тым, што абаронца, тэндэнцыйна падбіраючы песні, выстоўляе самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў бандай мяцежнікаў, рабаўнікоў і гуляк, неўтаймаванай вольніцай, бязбожнікамі, якія прагнуць вечнага бунту.

Параўноўваў работу Алеся з "Песнямі шатландскай мяжы" Вальтэра Скота і нагадваў усім аб шматлікіх непрыемнасцях і абвастрэннях, якія нарадзіў гэты безадказны эксперымент, гэтая гальванізацыя трупа неўтаймаванай і д'ябальскай ідэі свабоды, што даўно скампраметавала сябе.

Студэнты распачалі абструкцыю. Ізмаіл Іванавіч заклікаў да парадку і Руніна і студэнтаў і пачаў навальвацца на ўсе доказы апанентаў, крышыць і ламаць іх, аж пакуль не раскідаў усяго, не пакінуўшы каменя на камені.

А потым, калі дысертацыю прынялі, расцалаваў "падвойнага кандыдата" і згадзіўся пайсці разам з сябрамі, якіх набралася чалавек пяцьдзесят, адсвяткаваць у Барэля нараджэнне новага "мужа навукі".

За вокнамі курыльні хвастаў чорны лістападаўскі дождж. У доме Сашальскіх на Ліцейным праспекце, чакаючы, пакуль сыдуцца госці, сядзелі людзі, што сабраліся раней, каб паспець пагутарыць. У кутку, ля чэзлага — адна назва, што агонь! — пецярбургскага каміна сядзелі Зыгмунт Серакоўскі, Ямант, Валеры Урублеўскі і Хвэлька Зянковіч, усе курцы. Іх усеагульным плебісцытам пагналі да агню, каб адцягвала дым. Кастусь дамогся. Па-першае, "спявак" Эдмунд Вярыга цярпець не мог шкоднага дыму. Па-другое, Віктара нядаўна прымусілі кінуць курыць. Ён ужо ведаў аб сваёй хваробе. Алесь увесь час клікаў яго да сябе, знайшоў братам кватэру ў Пецярбургскай часці, у доме нумар шаснаццаць па Вялікай Пасадскай (два цёплыя і сухія пакоі), і маліў, каб браў грошы, бо тут, пры сур'ёзнасці справы, зусім ужо не да гонару.

Віктар згадзіўся і часам браў дапамогу. Затое Кастусь з самай гэтай хвіліны не згаджаўся браць ані капейкі. Аднойчы праз гэта сябры пасварыліся і нават месяц не размаўлялі ні аб чым, акрамя справы.

Алесь з тым самым велічэзным сорамам за сваё багацце прапанаваў Віктару грошы, каб той паехаў куды-небудзь лячыцца. Той адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновую работу для віленскай археаграфічнай камісіі (ён сапраўды працаваў для Кіркора і Маліноўскага і не лічыў магчымым кінуць без дапамогі, і нібы без вачэй, сляпога гісторыка). Алесь сказаў, што Віктар падарве-такі свае сілы. Віктар адказаў, уто гэтая работа дасць яму грошы, каб паехаць, а не, дык проста каб жыць. Браць жа ў сябра, не спадзеючыся аддаць, ён не можа сабе дазволіць. Алесь крычаў на яго, што ён ёлуп, што ніхто яму не прапануе дарагой Італіі, што паездка звычайным парусным суднам у Егіпет або на Мадэйру каштуе, як усякі водны шлях, не дорага і гэта можна сабе дазволіць.

Ад злосці на легкаважнасць Віктара ледзь не паліліся з вачэй слёзы. Віктар паглядзеў на Алеся, раптам пасур'ёзнеў і сказаў, што калі бліжэйшыя некалькі месяцаў не прынясуць палёгкі — ён паспрабуе скарыстаць Алесеву прапанову.

Але лягчэй відавочна не рабілася, і Алесь злаваўся на Віктара і на сябе, што не здолеў адразу зламаць супраціўленне гісторыка.

Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у "Агул". Колькасць людзей узрастала, і нават на месцах, у Літве і Беларусі, не кажучы пра Польшчу, узнікла сетка залежных арганізацый. Нядаўна на пасяджэнні вырашылі, што пасля універсітэта і інстытутаў большая частка моладзі, у мэтах агітацыі, раз'едзецца на пасады настаўнікаў, пасрэднікаў, пісараў, выхавацеляў у дваранскіх дамах. Нельга ўжо было абмяжоўвацца работай сярод інтэлігенцыі.

— Што ў цябе? — пытаў Кастусь.

— Дваццаць пяць новых, — казаў Вярыга. — Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Усе чырвоныя.

— Бяда пафарбавала, — кашлянуў Віктар. — Як, ты скажы, ракаў. Дык я запісваю, Эдмунд… А ў цябе, Кастусь?

— Малавата. Дзесяць чалавек.

— Хто? — пісаў Віктар. — Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?

— Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро — студэнт, Янус Ахілес — студэнт, Дыміна Ціхон — семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан — студэнты. Здановіч Ігнацы — студэнт…

— Вільнянін?

— Ага.

— Сям'я неблагая… але спалоханая. А сын нішто хлопец… Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар'яты, Рабесп'еры, карбанарыі…

— Нічога, — сказаў Віктар. — Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.

— І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.

— Згода. Будзем.

За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі "літаратурных вечароў" — Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі[32].

Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.

А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.

— Ідэя паўстання і ўскраіны, — часам далятала да Алеся. — Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут… Трэба спытаць у хлопцаў… Хоць бы ў яго ці ў Віктара.

З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на "ногі", бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы — ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.

— Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, — сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. — Будзем гуляць ці не?

— Відаць, не, — змяшаў фігуркі служачы. — Зараз зноў пачнецца размова. І зноў ты будзеш бараніць ідэю шляхецтва, велічы Польшчы. Ізноў мы з табою будзем лаяцца, Людвік. І Загорскі унь пакліча на дапамогу філалогію, а Віктор — гісторыю, а Кастусь — сацыялізм. І накладзе табе гэтая беларуская тройца па самае дзесятае, а я памагу.

Алесь усміхнуўся. Ільдэфонс Мілевіч і Людвік Звяждоўскі сябравалі, але заўсёды лаяліся між сабою. Звяждоўскі шмат у чым, нават у беларускім і ўкраінскім пытанні, кідаўся да белых, і Алесь толькі таму верыў гэтаму афіцэру ў бліскучым мундзіры, што бычыў яго чысціню і поўную адданасць справе. Была ў Людвіку шчырасць памылковай думкі. Была прага ў кожную хвіліну аддаць жыццё.

— Уладзю, — сказаў Людвік. — Барані.

Адзін з гледачоў быў бадай страшны абліччам. Як Марат. Жоўты, як у хворых на печань, колер скуры, чорныя і жорсткія, як конская грыва, валасы. Шырокі і вельмі грубы плоскі твар, вузенькія шчыліны калючых вачэй.

Чалавек гэты быў інжынер-пуцявік Уладзіслаў Малахоўскі.

— Не буду, — сказаў ён Людвіку. — Вас трэба хутчэй выхоўваць. Бо каб не давялося вас вешаць.

Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды.

Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём.

Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў нібыта, нічога яго не датычылася, але чуў усё.

Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў.

У невялікім пакойчыку сядзела амаль ў поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.

— Што ж, — сказаў Дамброўскі. — Адпачылі ад крыку — бадай, час пачынаць… У гаспадара вось-вось госці збяруцца. Пачынай, грамадзянін Зыгмунт.

— Падсумуем, — сказаў Серакоўскі. — Сённяшняе пасяджэнне "левіцы" і "цэнтра" нашай арганізацыі аднагалосна згадзілася з тым, што дасягнуць нашай мэты, гэта значыць волі і дэмакратыі, нельга іначай, чым праз паўстанне.

Загорскі ўбачыў, як Кастусь схіліў галаву.

— …Таму што дабіцца чаго-небудзь лаяльнымі шляхамі ў паліцэйскай дзяржаве немагчыма. І, акрамя таго, нездавальненне народаў Польшчы, Літвы і Беларусі гнюснай палітыкай імператара і ягонай камарыллі пераходзіць у ярасць. Цярпець далей ярмо мы не можам. Кожная лішняя гадзіна рабства разбэшчвае слабых і ганьбіць моцных… Таму з сённяшняга дня мы павінны зяпэўняць усіх, што без паўстання…

— Без рэвалюцыі, — сказаў Віктар.

— …справа не абыдзецца… Акрамя таго, "левіца", якую падтрымлівае частка "цэнтра", прапануе, каб сацыяльная перабудова грамадства ішла побач з вызваленчым паўстаннем. Асноўныя іх тэзы: поўная раўнапраўнасць усіх грамадзян, уся зямля — сялянам, мова — народам. Прапанову ўнесла беларуская група рады ў складзе грамадзян братоў Каліноўскіх, грамадзян Вярыгі, Зянкевіча, Малахоўскага, ад імя якіх абвясціў прапанову складальнік яе, сакратар групы, грамадзянін Загорскі… Прапанову падтрымалі большасцю галасоў, хоць, улічваючы думку "правіцы" ў Пецярбургу, Вільні і Варшаве, трэба думаць, што яе праваляць.

Добрае, трохi разгубленае аблiчча Вiктара перасмыкнулася. Алесь перавёў вочы на змрачнаваты цёмны твар Кастуся. Кастусь знiзаў плячыма, нiбы сказаў: "Ну i што? А трымацца гэтага ўсё адно трэба".

— Пачынаем апошнюю сённяшнюю праблему. Праблему аб нацыях так званых ускраін. Пытанне гэтае можна сфармуляваць так: "Воля ўскраінам. Самавызначэнне іхнім народам". Яно абмяркоўваецца строга сакрэтна, і таму члены рады не павінны дыскутаваць яго сярод іншых, каб заўчасна не заводзіць звад. Уласна кажучы, увод нашага рашэння ў дзеянне адбудзецца толькі ў час паўстання і пасля яго перамогі.

— То нашто абмяркоўваць? — спытаў Звяждоўскі.

— Пытанне ставяць таварышы з украін, — растлумачыў Зыгмунт. — Каб ведаць загадзя, на якіх умовах яны будуць змагацца поплеч з намі.

— На фарпосце паўстання, — удакладніў Вярыга. — Бо калі хто першы і атрымае свінцу, то гэта мы.

— Якія ўмовы? — спытаў Ямант.

— Поўная воля беларусам і літоўцам самім вырашаць свой лёс, — сказаў Алесь.

— Федэрацыя? — спытаў Дамброўскі.

— Магчыма.

— Незалежнасць? — спытаў Падлеўскі.

— Народы вырашаць гэта самі.

— Якія народы? — быццам непаразумела спытаў Авейдэ.

— Грамадзянін глухі? — спытаў Хвэлька. — Беларусы і літоўцы. Дзе нацыі, якія жывуць на землях…

— Якая беларуская нацыя? — спытаў Ямант, удаючы недасведчанасць.

— Ніколі не чуў? — спытаў Алесь.

— Чаму. Я чуў і аб беларусах і аб літоўцах, але заўсёды лічыў іх галінамі польскага племені. Мова — дыялект польскай.

— Ты б паспрачаўся аб гэтым з шаноўным панам нябожчыкам Уваравым, — іранічна сказаў Віктар. — А мы тым часам займаліся б сваёй справай. Нам вашу лухту слухаць няма часу.

Зграбныя, доўгія Віктаравы пальцы трымалі невялічкую няяркую кніжку ў папяровай вокладцы.

— Я заўсёды лічыў, што гэта дыялект непісьменных, — сказаў Ямант.

У той жа момант кніжка пляснулася яму на калені.

— Дыялект непісменных, — сказаў Віктар. — На, панюхай, гэта "Дудар беларускі" Дуніна-Марцінкевіча.

— Не бачу ў гэтым асаблівай небяспекі.

— А Кукальнік[33] бачыць. Вясной забараніў яго паэму "Халімон на каранацыі".

— Гэта яшчэ не доказ, — Ямант адкінуў кнігу на сафу. — Адзін паэт — гэта не нацыя.

— Ва ўсякім разе, рана яшчэ гаварыць аб нейкай асобнасці, — сказаў Звяждоўскі. — Нічога не зроблена вамі, хлопцы. І, я мяркую, паколькі пачатак вашага племені вядзецца здаўна — ёсць у вашым характары нейкая хіба. Нічога не зрабіць за семсот год — гэта трэба ўмець. А калі няздатныя — падпарадкоўвайцеся.

Алесь спалохаўся, убачыўшы твар Віктара. На запалых шчоках, плямамі, нездаровая чырвань, дрыжаць вусны, гараць з-пад чорных брывоў сінія, з залатымі іскрамі вочы.

…У наступную хвіліну старэйшы Каліноўскі накінуўся на апанентаў. Ён сек, хвастаў, не пакідаў каменя на камені, не даваў дыхнуць.

Трэсліся вусны, падступаў аднекуль да горла кашаль, мяккія вочы ўтрапёна палалі. Нельга было не загледзецца на яго ў гэтую хвіліну.

— А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная "Біблія" з'явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што законы Статута літоўскага склалі мы? А тое, што Польшча сто год судзілася законамі, напісанымі на нашай мове, а калі пераклала іх, то пакінула ўсе нашы тэрміны і адсылала тых, хто не разумее іх, да арыгінала? А тое, што рукапіс меж паміж Польшчай і Літвой, які даследчыкі лічаць польскім, напісаны беларускай гаворкай? А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова?..

— У Статуце сказана не так…

— Ведаю. Чацвёрты раздзел, першы артыкул Статута. А якія, вы лічыце, гэта словы: "пісар маець", "літарамі", "позвы", "не іншым языком і словы"?

— Рускія словы, — рэкнуў Ямант.

— Віншую, — з'іранізаваў Валеры.

— З чым?

— З добранабытай дурасцю, — сказаў Дамброўскі.

— А гэта што? — усміхнуўся Віктар. — "Заказала яму пад горлам, абы таго не казаць", "беглі есмо да двара на конех", "на ўрадзе кгродскім пінскім жалаваў, адпавядаў і пратэставаў се земляны паветуПінскага…". Тры сказы — тры стагоддзі. Тры сказы — тры мясцовасці. А мова адна. Чаго яшчэ трэба? А Будны? А старажытны іканапіс?! Алесь, Юзаф тваёй дысертацыі не слухаў. Торкні яго носам… Продкі думалі не так.

— Адкуль вы ведаеце, як яны думалі? — спытаў Людвік.

— Вам ніколі не даводзілася перамалёўваць факсіміле? — спытаў Віктар. — Але што я, вы афіцэр, ваша рамяство — вайна. А шкада… Часам у старым рукапісе трапляецца неразборлівае месца. Для выдання яго трэба дакладна скапіраваць. І вось водзіш рукою, паўтараючы лініі, і раптам ловіш сябе на думцы, што ўсё, ўсё разумееш. Таму што твая рука паўтарае рухі рукі чалавека, які жыў за трыста год да цябе. Так і з падспуднай думкай продка, за якой сочыш, чытаючы стары рукапіс.

— Цікава, — з нечаканай сур'ёзнасцю сказаў Баброўскі.

— І нават каб нічога такога не было — адно адчуванне намі сваёй радзімы дае нам права на адпор афіцыйным патрыётам, — румянец плямамі ўспыхваў і згасаў на шчоках Віктара. — Што ж гэта за думка ў іх?! Хто яны?! Шляхта ў самым горшым сэнсе гэтага слова!.. Але вось яны, — Віктар абвёў вачыма сяброў, — і сотні іншых пацвердзяць, што мы супраць Польшчы магнатаў і за Польшчу простых людзей. Чые думкі выказваеш, Ямант? Думкі Веляпольскага?.. Выказвай, змыкайся з "правіцай" белых! Але ведай: мы для Веляпольскага і К° — не вотчына і не хлопы. Досыць з нас рабства… Братэрства, так, але не падначаленне! Роўнасць, і ні на волас ніжэй!

— Гэта сепаратызм, — успыхнуў Ямант. — Гэта заўчасны гандаль, гэта нож у спіну.

Віктар трымаў руку на грудзях:

— Наш Савіч дзейнічаў поплеч з Канарскім, і ніхто не кінуў яму папроку ў нявернасці і здрадзе. Мы — верныя людзі.

Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з'явяцца чырвоныя плямы.

— Ямант, кінь, — сказаў Стэфан Баброўскі. — Ты што, не бачыш?

— Толькі не шкадаваць, — праз кашаль гнеўна пракрычаў Віктар. — Толькі не шкадаваць!

— Хто за адмаўленне ад правоў на ўскраіны? — спытаў Зыгмунт.

Акрамя крайняй "левіцы" беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.

— Супраць — адзін.

— Два, — з клёкатам сказаў Віктар.

— Хто яшчэ?

— Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.

Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:

— За што ж стаіш ты, Зыгмунт?

Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.

— Не за калонію.

— А аб'ектыўна?

Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.

— За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы… Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.

— А ўсё ж робіце гэта.

— Чым?

— Словам "непадзельная", — цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. — Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?

— Ну, ведаеш…

— Што "ведаеш"? — Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. — Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. — І, нібы страшэнную поўху, кінуў: — Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?

Зыгмунт сцепануўся.

— Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй "адзінай і непадзельнай"? Чым ты адрозніваешся ад…

— Кастусь…

— Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах "непарушны", "непадзельны", "адзіны", калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.

Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.

— Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча — гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.

— Я не пратэставаў, — сказаў Серакоўскі, — я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так, але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. — Госас Зыгмунта гучаў суха: — Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.

— Сорам! — выгукнуў Ямант. — Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.

— Узаемадапамога! — сказаў Мілевіч.

— Сепаратызм! — сказаў Звяждоўскі.

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:

— Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг — гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш — вось найлепшы грунт для братэрства.

— Чую, чым тут пахне, — сказаў Ямант пасля паўзы. — Рабесп'ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім… Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.

— Якога? — спытаў Баброўскі.

— Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.

Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:

— Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які… усё жыццё… Чалавек, які… напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?

І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае маўчанне.

— Прашу слова, — сказаў у цішыні Алесь.

Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.

— Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і "Агула", — кінуў Алесь. — Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый…

— Ты што? — усміхнуў Кастусь.

— Раю не ўмашвацца.

— Я вас удару, Загорскi, — сказаў Юзаф.

— Не раю. Прапаную выключэнне.

— Падстава? — спытаў Звяждоўскі.

— Яднанне.

— Ясней.

— Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы… — Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. — І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай — пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла… Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?

— Стаўлю…

Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.

— Хлопцы… — сказаў ён, — хлопцы, як вы можаце? — Голас яго дрыжаў. — Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!

Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.

— Хлопцы, я ніколі не думаў…

— Думай, — сказаў Валеры.

— Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму… Я хачу гэтага… Я не магу без вас… Хлопцы, што я, Юда?.. Хлопцы, даруйце мне!!!

Цяпер усе глядзелі на Алеся.

— Выключэнне, — кінуў Алесь.

— Алесь, ты нялітасцівы, — азваўся Віктар.

— Як ты можаш? — спытаў Вярыга.

Маўчанне.

— Ты што, не бачыш? — сказаў Кастусь. — Ён малады, ён дурань.

У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.

— Я не буду страляцца, хлопцы, — сказаў Ямант. — Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць… Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь… Даруй мне, чуеш?

Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.

— Добра, — глуха буркнуў ён. — Я не буду ставіць гэтага пытання. — Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што…

— Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, — сказаў Валеры.

— Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, — Алесь паказаў на крайніх "левых". — Няхай будзе так.

— Добра, — сказаў Серакоўскі. — Значыць, так і запішам: "Аўтаномія, федэрацыя ці поўная самастойнасць — вырашаць пасля перамогі самі народы, у прыватнасці беларускі народ". — І раптам дадаў: — А гулянне ў Пецергофе было сёлета дрэнь.

Алесь азірнуўся і ўбачыў: у дзвярах стаяў гаспадар.

— Час канчаць. Праз палову гадзіны будзе повен дом людзей.

— Згода, — сказаў Зыгмунт.

Дзверы зачыніліся.

…Загорскі і Кастусь выйшлі з курыльні ў вялікую гасцёўню. Там было поўна, але яны не ведалі ў твар амаль нікога. Алесь глядзеў на сябра няўхвальна: усё аблічча Кастуся пайшло дробнымі чырвонымі плямамі, бы ад крапіўніцы.

— Нервы ў цябе, Кастусь.

— Ведаеш, месяц назад са мной здарылася страшнае: абвастрэнне хваробы.

— Якой? Ты мне нічога…

— Ды я думаў, усё прайшло. У мяне некалькі год назад былі прыступы.

— Эпілепсія?

— Не. Проста раптам нібы скуру дзерлі. Кожны нерв у целе аголены. Баліць.

Кастусь гаварыў глуха і хаваў вочы.

— Баліць. Разумееш, ад самай нязначнай прычыны баліць. Ад хлусні — баліць, ад двудушнасці — баліць.

— Што, непрыемна?

— Не. Фізічна баліць. Разумееш, ад самай нязначнай крыўды каму-небудзь. Ад дробязей. Некалькі дзён назад стаю ля Нявы. Бачу, бяздомны сабака выдзер у дзяўчынкі з рук піражок. Дзяўчо бедненькае, галоднае, відаць. Стаіць і плача. І так мне сатла — ты толькі не кажы нікому — і дзяўчынку шкада, і сабаку шкада. Проста — ну, аж сэрца кроіцца! Галоўнае, сабака не адбегся далёка, так і глынуў у падваротні. А дзяўчо плакаць не можа голасна, як здаровыя дзеці. Разумееш, стаіць і, як у нас кажуць, квіліць… Ну, лухта ж гэта, тым больш — я купіў ёй піражок… Дык нa табе — другі купіў і кінуў сабаку, а ён завішчаў і бегчы, нібы я ў яго… каменем.

Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.

— І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка… Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй… Як успомню — нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся… У мяне… з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака… Усе, каго ў жыцці бачыў… І глядзяць… Кожную ноч так.

Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.

— Даруй, мілы, — сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: — Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля… калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.

— Шкада, што ты не ў мяне, — назнарок груба сказаў Алесь. — Я б табе за твае фантазіі… Пойдзеш сёння да мяне.

— Нашто?

— Буду даглядаць. Па-першае, кожны вечар перад сном дзве гадзіны хадзіць. Па-другое, піць адвар. Аглая дасць. Па-трэцяе, "тройчы дзевяць", настой траваў на гарэлцы. Па-чацвёртае — халодныя ванны два разы на дзень.

Грубаваты і ўпэўнены тон зрабіў, здаецца, патрэбнае ўражанне.

— Медык, — сказаў Кастусь.

— А што? І медык. Чытаць толькі вясёлае. Есці біфштэксы. Спыць класціся з курамі… Сур'ёзна, сур'ёзна, Кастусь… І яшчэ: закахацца табе трэба… Ну, гэта, урэшце, як хочаш. Але які месяц я цябе не адпушчу.

Да іх падышоў Віктар, і Алесь змоўк, Алесева сэрца аблівалася крывёй за братоў.

— Слухай, Алесь, — сказаў Віктар. — Кастусь казаў, што ты заместа поўнага вызвалення прапанаваў свайму бацьку нейкія ліберальныя ваніты. Нейкую канкурэнцыю з мужыком, цукроўні, гуты, трасцу… Ты што, ад нас адмяжоўваешся? — вочы ў Віктара былі бліскучыя, відаць, ад лёгкай гарачкі.

— Кінь, — сказаў Алесь. — Трэба мне даць бацьку нешта, за што можна было б змагацца афіцыйным шляхам? Ці ён павінен быў нашу праграму высунуць: зямлю — сялянам, цара з чыноўнікамі ды злоснымі прыгоннікамі — на асіну, мову — у школы, папоў — са школ. Ты гэтага хацеў?

— Ну… як… Н-не тое, вядома…

— А потым, нічога не зрабіўшы, юкнуць, як у палонку? За меншае людзей у Сібір заганялі… Я, Віктар, не думаў так, як прапаноўваў. Але пакуль народ на паўстанне не пайшоў — трэба рабіць хоць што.

— Адкасніся ад яго, — раптам рэзка сказаў брату Кастусь. — Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. "Како веруеш?" Ён не горшы за цябе патрыёт.

Віктар разгубіўся ад нападу.

— Гэта хто?? рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.

— Сляпцоў. Венгерскі герой.

— Ну і дурань,? рэзка сказаў Кастусь.? А той?

— Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.

— Гэты нашто?

— Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў — шырма. Каб не было блакітных "сяброў" з адпаведнага дома.

— Нядрэнна прыдумана. А той?

— Іваноў трыццаты.

— Ты што, жартуеш? — абурыўся Алесь.

— На самай справе. Ад'ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары.

— Што, таксама маска?

— Ды не. Чамусьці прасякся павагаю да Людвіка. Цягаецца ўсюды разумныя размовы слухаць… А там унь Шчарбіна, паэт. Бачыце, якое аблічча… А той, у акулярах, з бакенбардамі, стары, — былы сябра Пушкіна. А цяпер таварыш, здаецца, міністра народнай асветы. Вяземскі Пётр Андрэевіч. Паэт. Шкада, хлопцы, старасці.

— А той хто, на вераб'я падобны? На вялізнага вераб'я.

— Талстой. Феафіл. Музычны крытык… А той — раганосец Феактыстаў, пёс ланцужны, намеснік Фадзея Булгарына. З маладых, ды ранні. І, скажы ты, не паспее стары падлец здохнуць, як ужо на ягонае месца новага рыхтуюць.

Адзiн з гасцей асаблiва прыцягнуў увагу Алеся. Не вонкавым выглядам — урэшце, бадай звычайным, — а нейкай падкрэсленай незалежнасцю рухаў.

Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзесят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.

Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.

Вось што маладзіла чалавека: вочы! Залаціста-карыя і, дальбог, пякуча-сінія, як паўдзёнае неба.

У вачах нейкая пакутлівая вечная думка, якая катавала і нават у хвіліну весялосці не давала палёгкі. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.

— А таго ты не ведаеш? — спытаў Алесь, збіраючыся ўжо ісці назад у курыльню.

— Ведаю.

— Хто?

— Шаўчэнка.

Алесь міжвольна зрабіў два крокі назад. Раней чым мозг паспеў дадумаць, што гэта непрыстойна. Але ўсё адно было позна: густа-сіняга сурдута нідзе не было відаць.

…З курыльні большасць народу ўжо разышлася. Сядзелі ля агню толькі хлопцы, з якімі ў першы вечар пазнаёміўся Алесь, ды Малахоўскі, Мілевіч і Зыгмунт. Але затое набралася іншай моладзі. Некаторых Алесь ведаў. Унь тыя таксама землякі, з акадэміі мастацтваў. А той — сябра Урублеўскага па лясным інстытуце, цельпукаваты Яневіч, беларус з-пад Мядзеля. А той таксама свой, Антось Іваноўскі, сябра Віктара па працы і ідэях… Некаторых Алесь бачыў на пасяджэннях "Агула".

— Што ты мне, чалавеча, звягаеш аб музыцы, — злаваўся Эдмунд Вярыга.

Яго апанент, па ўсім відаць, студэнт-белападшэўнік, сядзеў, незалежна закінуўшы нагу за нагу.

Пыхаты твар, пагардлівыя вусны, залатыя брэлокі на ланцужку гадзінніка.

Цадзіў словы, нібы з судзейскага крэсла, цвёрда ведаючы: добра ўсё, аб чым бы ён ні сказаў. Што ён "левы", сведчыў хіба што адзін з брэлокаў: залатое сэрца з рубінавай кропляй крыві. "Сэрца Айчыны".

— Кажу, што аднастайная музыка, сумная. Як мова, — адказаў той.

І тут Алесь зразумеў, што брэлок з "Сэрцам Айчыны" — хлусня.

— А ты ведаеш аб дыяпазоне мужчынскіх галасоў у беларускіх хорах? — спытаў Вярыга. — Напэўна чуў, што так званы "падводка" ёсць толькі ў беларускіх хорах? З усіх славян толькі ў беларусаў ды яшчэ ў данскіх казакаў.

— Гэта яшчэ што?

— Прыемна спрачацца са знаўцам музыкі. Гэта самы найвышэйшы, які толькі магчымы, саліруючы мужчынскі голас. Спявае, а табе здаецца, што на небе б'юць срэбныя званы. Ад іх і да самай нізкай актавы — вось табе і аднастайнасць… Што, сумна?.. А вось гэта што?

Эдмунд праспяваў музычны сказ, мяккі голас пяшчотна закалаціўся ў сцены пакоя і сціх.

— Ну, гэта адзін дурань не ведае. Пачатак славутай арыі "Галькі".

— Гэта, хлопча, песня: "Стала б ты калінай, абняў бы цябе я…" А гэта?

— Арыя Антаніды.

— Гэта "Выйду я на бо… на болані гуляць". Спяваюць яе на Полаччыне, Віцебшчыне… А гэта?

Гукі загулі бадай што страшна. Голас Эдмунда ўдаваў бас.

— Н-не ведаю… Арганам гучыць. Што, нехта са старых немцаў?

— Ды не, — сказаў Вярыга. — Гэта "пан бог, цвярдыня мая". Стары харал. Маеш рацыю, аднастайнасць. Манюшка, Глінка і… каго ты яшчэ там выбраў?.. Баха?

Людзі пырскалі па кутох.

— Ну што, яшчэ будзеш ці, можа, ужо досыць, зробім перадых? — Вярыга так і сказаў. — Думаю, досыць. Нецікава мне нешта з табою спрачацца.

— Я нядаўна сустрэўся з адным "італьянцам", — як заўсёды, хаваючы ў шчыліны павек вочы, загаварыў страшны Малахоўскі. — То ён казаў, што на польскія і беларускія словы нельга пісаць музыку. Маўляў толькі паўнагалосныя мовы даюць добры тэкст для песні. Ён кампазітар. Свіння, — успыхнуў раптам Малохоўскі. — Я ніколі яму гэтага не дарую. Жарэ наш хлеб ды нас жа і лае. Прапанаваў яму верш Дуніна, верш Славацкага ды беларускі верш Сыракомлі. "Толькі папрасіце каго-небудзь перакласці. Да гэтых моў музыку пісаць нельга. Адна занадта шыпіць, другая занадта звініць". Прапанаваў мне падшукаць яму паэта, каб той напісаў яму словы для харала падзякі гасудару імператару…

— А ты што? — спытаў Кастусь.

— Я спачатку хацеў быў… А потым падумаў, што яшчэ да суддзі трапіш… Не стаў звязвацца. Але праз месяў прынёс яму вершы… Гляджу, вылазяць вочы, вылязяць… "Ты што ж гэта прынёс? Мужыцкія вершы?"

— Чые вершы? — спытаў змрочны Валеры.

— Нашага "грамадзяніна князюхны", — пырснуў Малахоўскі.

Алесь збялеў.

— Ты што… Ты якое меў права? Ды я і вершаў не пішу.

— А хто ў Кастуся аднойчы сшытак забыў і толькі на другую раніцу прыбег?

— Ды не пішу я, хлопцы, — Алесь вачыма маліў сяброў, каб падтрымалі. — Маніць ён.

— Увага! — сказаў Малахоўскі. — Князь Загорскі пры ўсіх кажа, што я — манюка. А я заяўляю, што ён — нізкі эгаіст і сябелюбца. Бо трымаць патрэбныя ўсім вершы ў сшытку і не чытаць іх…

— Змоўкні! — крыкнуў Алесь.

— То што, мне прачытаць ці папросім яго?

Валеры і Каліноўскія запратэставалі былі, але іх галасы заглушыў агульны крык:

— Просім! Просім!

— Я не паэт!

І тут ціхі голас з мяккім акцэнтам сказаў у раптоўнай цішыні:

— Што ж гэта ты саромеешся вершаў, хлопча?

Алесь крутнуў галавою ў той бок.

На парозе стаяў чалавек у сінім сурдуце і спадылба, з пахмурым, няўлоўным смяшком глядзеў на Алеся.

— Так нельга, — сказаў Шаўчэнка. — Спачатку гэта, праўда, як каханне. Страшана, што нехта даведаецца. Але нашто ж саромецца кахання? Дадзена яно — значыць, шчаслівы чалавек на зямлі.

Зыгмунт памкнуўся быў устаць яму насустрач, але пасівелы чалавек зрабіў яму няўлоўны жэст далонню, і той астаўся сядзець, толькі вочы засмяяліся.

— Калі ласка. І мне цікава, — з вельмі хатняй інтанацыяй сказаў паэт. — Паляк?

— Беларус.

— Тады тым больш… Вы адкуль?

І гэтая амаль вясковая інтанацыя ў словах мучанага-перамучанага чалавека раптам прыгадала Алесю белага-белага дзеда Кагута пад дзічкай у цвеце, захад і Дняпро.

— З Дняпра, — сказаў Алесь.

У зморшынках ля вачэй паэта раптам заззяла невыказная пяшчота.

— Тым больш, — сказаў Шаўчэнка. — Чытай, хлопча. Я цябе прашу.

— Не, — у Алеся перасохла ў глотцы. — Я чытаў сёе-тое з вашага, і…

Паэт зразумеў. Заварушыліся вусы.

Гарачыя, сінія цяпер, глядзелі на Алеся вочы. І Алесь раптам адчуў, што яму будзе не сорамна чытаць гэтаму чалавеку нават слабыя радкі, што ён нават хоча чытаць, што падсвядома, яшчэ палову гадзіны назад, марыў аб гэтым.

Ён стаў у нязграбнай паставе, нiбы перад апаратам дагератыпiста.

— "Мова", — сказаў ён.

У курыльні стаяла цішыня. Алесь адчуў, як б'ецца сэрца.

Вочы глядзелі на яго.

Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую вежу Адам…
І няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, народную нам.
Ён пачаў глуха: сэрца перашкаджала. Але плынь радкоў, як заўсёды, супакоіла яго, а тое, аб чым ён хацеў гаварыць, споўніла душу нязнанай пяшчотай, болем і любоўю.

А праз нейкую хвіліну голас ягоны ўзмацнеў, і ён пачаў адчуваць сэрцам кожнае слова. Чырвань кінулася ў шчокі.

І мая безвыходна пойдзе ў змрок,
У атрутны, як вечнасць, цень,
Трапяткая i сiняя, як васiлёк,
Гарачая, як прамень.
Я ні шчасця, ні доўгіх год не жадзён.
Хай пятля, хай памерцi ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
Сiрата па з'едлiвай волi багоў,
Гiнучы мой карабель,
Хай не будзе світання ў народа майго,
Калі досвіткам здрадзіць табе!
І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Шчасце, песня, каханне, спакой, —
Ўсё адно не змяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы ж анёл на мове маёй
Мне не скажа: "Братка, здароў!"
Той, хто схоча хоць слова тваё разбурыць,
Хай раней у апошнім баю
Возьме смерцю і полымем тры муры:
Цела, сэрца, песню маю.
Ты мой жытнi хлеб i каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі.
Без цябе, не з табой — не патрэбен мне рай
На душы,
Ў небясi,
На зямлі.
Хлопцы маўчалi. А ён глядзеў i нiчога не бачыў. Потым, ускiнуўшы вейкi, ён заўважыў, што паэт стаiць перад iм i сурова глядзiць яму проста ў вочы.

Разумеючы, што ў яго вось-вось падагнуцца каленi, Алесь апусцiў веi, каб не глядзець. Дзве рукi сцiснулi Алесевы плечы. Ён адчуў, як лёг на ягоны лоб, над левым вокам, пацалунак, што пахнуў цыгарай, здаецца, нейкiмi сухiмi травамi i трохi вiном.


Пецярбург спаў. Пад дугою мосцiка драмалi гулкае цемрыва i чорная вада. Яны iшлi ўтрох i маўчалi. Гарэлi далёка-далёка адзiн ад аднаго лiхтары.

Падымаўся вецер: вiдаць, зноў на дождж.

Паэт крочыў мiж сябрамi маўклiвы i трохi змрочны:

— У вас на Дняпры сады?

— У нас сады, — адказаў Алесь.

— І ў нас сады.

— Я ведаю. Мой дзед расказваў…

— Адкуль ведаў?

— Некалькі год назад мне трапіў у рукі рукапіс нашага "Великого льоха". Ты, Кастусь, можа, не чытаў, там адна душа вымушана вечна лётаць.

— Якую маеш на ўвазе? — спытаў паэт.

— Душу дзяўчынкі. Што ўбачыла на Дняпры залатую галеру царыцы і ўсміхнулася ёй. І вось мучыцца, пакуль не раскапаюць вялікі склеп.

Шаўчэнка глядзеў на яго насцярожана.

— На гэтай галеры ехаў мой дзед.

— Чаму?

— Царыцу звязваюць з імем майго прадзеда. Калі першы раз ехала ў Магілёў… І потым у Крым.

— Досыць непрыемна.

— Я не апраўдваюся, — ускінуў галаву Алесь. — Прадзед адмовіўся кінуць Дняпро, хоць яна яго і клікала.

— Ты не звяртай на гэта ўвагі, хлопча, — нібы нават прысаромлена сказаў Шаўчэнка. — І на "льох" не звяртай. Я тады быў малады. Жорсткі.

— Вы і цяпер такі, — упарта сказаў Кастусь. — Іншаму вас не навучылі, бацька. І добра.

— Ты князь? — спытаў паэт у Алеся.

— Так.

— Ну вось. А я былы прыгонны. І што з таго, калі мы побач ідзём тут, і ты сябра Зыгмунта і пішаш такія вершы. Мяркую, нашы разлікі за залатую галеру скончаны. Га?

— Яны даўно скончаны. Мой дзед варагаваў з усім гэтым яшчэ да майго нараджэння. Мяркую, і да вашага. Ён, дарэчы, ведае вашы вершы.

— І што ён кажа? — усміхнуўся Шаўчэнка.

— Сказаў: "Я б гэтага хахла не ў салдаты, а міністрам асветы замест дурня Уварава".

Усе засмяяліся.

— Ну, мы б прасвяцілі, — усміхаўся паэт у сівыя вусы. — Ты, праўда, не пакутуй, хлопча, за тую галеру. Ідзеш той жа дарогай, што і людзі праўды, любіш няшчасны свой край, служыш яму, а астатняе — справа дзесятая.

Пачаўся дождж. Тарас ішоў, скоса паглядаючы на хлопцаў. Выйшлі да Нявы.

— Хлопцы, — сказаў раптам паэт. — Вы бачыце, што там?

— На тым беразе, пад аркай самага страшнага будынка ў імперыі, нібы вочы, ззялі два чырвоныя ліхтары. Глядзелі, адбіваючыся ў вадзе.

— Вось, — сказаў Шаўчэнка. — Вочы пад архангельскай аркай… Я вас да баязлівасці не заклікаю. Але вы ўсё ж як мага сцеражыцеся. Каб больш паспець. У вас жа нават горш, чым у нас. І таму рабіце, каб даўжэй не трапляць у іхнія рукі. Я вось трапіў і загубіў жыццё. Мне сорак чатыры, а жыць асталося мала. Лічаныя гады быў на волі. Дый то — хіба гэта воля? Жыццю канец, а не зрабіў нічога.

— Бацька, — сказаў Кастусь з дакорам.

— Гэта праўда, сынок. На жаль, праўда.

— Мы не збіраемся вас суцяшаць, — панізіў голас Кастусь. — А толькі… гіне народ, калі на пачатку ягонай дарогі не з'явіцца такі, як вы, без кампрамісаў. Словам, вы ведаеце, нам няма прычыны казаць вам няпраўду. Вы зрабілі шмат, хоць, магчама, менш, чым маглі б… Але ж тая клятая салдатчына, яна ж вартая лішніх вершаў! Яна ж кожнага, хто не пайшоў дзеля радзімы на ўсё, прымусіць захлынуцца ад сораму.

— Вы думаеце, вы канец? — спытаў Алесь. — Вы — пачатак. З часам мірыяды людзей сальюцца ў любові да вас, таму што вы нідзе не саступалі, таму што справа ваша — высакародная, таму што такой любові, як ваша, яшчэ пашукаць на зямлі. Такой любові, калі адзін чалавек ратуе цэлы народ.

Дождж ішоў вуліцамі і плошчамі вялікага горада.

— Вам шкада нас, — сказаў Алесь. — Вы паказваеце нам на тую браму. А самі вы думаеце пра тое, што і раней… Ды як вам магло здацца, што мы хочам другой дарогі?! Ды мы толькі і марым усё жыццё, каб пражыць, як вы, каб нават не толькі адмучыцца за сваю любоў, а пайсці яшчэ далей… загінуць за яе. Вы думаеце, яны нас палохаюць сваімі ланцугамі? Лухта! Мы глядзім на вас. Бо што зробіш, калі воля і радзіма жывуць толькі крывёю, талентам, мозгам, барацьбою, смерцю сыноў?

Паэт глядзеў на iх, схiлiўшы галаву, вялiкiмi, цёмнымi ад паўзмроку вачыма.

VIII

Вялікая аўдыторыя універсітэта выбухнула смехам. Трохі падслепаваты, яшчэ ў вельмі сярэднім веку, Платон Рунін палічыў, што гэта вынік яго чарговага жарту, і з асалодай паўтарыў яго:

— Так яны і сказалі, келар Арсен, скарбнік Снетагорскага манастыра Іона і ігумен Марцірый. Ворагі здольваюць, лезуць, а яны: "Не бойсь, праваслаўныя. Маці божая ідзе на дапамогу!". Хіба вы не бачыце ў гэтым кранальнай прастадушнасці, нязломнай веры і баганоснасці, якой вызначаюцца славяне? Адзіная душа ў свеце асталася неразбэшчанай ідэямі гнілой дэмакратыі і пачварнымі поглядамі на аднолькавасць людзей — не перад богам, не, а тут, на зямлі! Гэта душа славяніна! Скажыце, хіба ёсць на свеце яшчэ нешта, акрамя гэтай душы, хіба ёсць яшчэ нешта, здатнае супрацьстаяць брудным патопам, што разліваюцца па зямлі?.. Каламутным хвалям мусульманскага, гальскага, аўстрыяцкага, польскага, жыдоўскага мора?! Няма!.. "Не бойсь, праваслаўныя. Маці божая ідзе на дапамогу!".

Аўдыторыя зноў ухвальна зашумела і выбухнула смехам. Рунін зразумеў гэта так, што знайшоў ключ да душы большасці студэнтаў. Звычайна напаўпустая аўдыторыя сёння не мела ніводнага вольнага месца. Прафесар глядзеў на бясконцы амфітэатр і бачыў, як праз вэлюм, ружовыя плямы абліччаў.

…Рогат каціўся пакуль што яшчэ нясмелымі хвалямі. Студэнты ўрэшце пачыналі разумець, чаму сёння па бясконцых калідорах універсітэта хадзілі тры хлопцы з падазрона спакойнымі тварамі і шапталі: "На лекцыю Руніна… на лекцыю Руніна…" Ля дзвярэй у маленькі пакой, што вышэй лавак, на антрэсолях стаяў студэнт, прыкрываючы дзверы спіной. Чацвёрка нешта задумала і здолела, відаць, захаваць таямніцу, бо наглядчыкі нават не заходзілі ў нязвыкла набітую аўдыторыю.

З цікаўнасці прыйшлі людзі і з другіх факультэтаў. Чакалі — і не памыліліся ў сваім чаканні.

Нядаўна праз Руніна з воўчым білетам выгналі з універсітэта трох студэнтаў: рускага і двух палякаў. Выгналі за глупства, за звычайнае і нават не вельмі разумнае свавольства. Павярнулі справу так, нібы хлопцы блюзнерылі.

Студэнты — хто з лаянкай, а хто і смеючыся — прапаноўвалі самыя розныя планы помсты: пачаставаць англійскай соллю перад лекцыямі; прымусова на працягу трох тыдняў карміць абедамі са студэнцкай кухмісцерскай; наставіць яму рогі з маладзенькай і дурной жонкай…

Пасмяяліся і забылі. Выключаных не вернеш. І каму ахвота звязвацца на сваю галаву?

— Традыцыйнасць і высакародны кансерватызм вераванняў, звычаяў, вопраткі, псіхікі, спосабаў весці гаспадарку… нават такіх, здавалася, дробязей, як кухня і побыт, — вось па чым пазнаюць славяніна. І таму славяне ад Лабы да Чарнагорыі, ад Баўцэна да Камчаткі павінны зліцца ў адзін народ пад уладай сіяцельнага дому Раманавых.

Аўдыторыя ашаломлена сціхла. Рунін вырашыў, што яе ўразіла навіна гэтай даўно спарахнелай ідэі.

— Дык вось… Славянскі кансерватызм ёсць самая высакародная, замілавальная і прыемная з'ява на зямлі…

Такога маўчання, якое запанавала пасля гэтых слоў, напэўна не бывала ў будынку "дванаццаці калегій"[34] з самага дня яго пабудовы. Усе рады амфітэатра глядзелі ў бок дзвярэй.

Уражана разяўленыя раты, круглыя вочы.

З дзвярэй з'явіліся "кансерватыўныя славяне". Іх было два, і кансерватыўныя яны былі да замілавання і глыбокай прыемнасці.

У вышываных зрэбных кашулях, падпяразаных паясамі, у шарачковых портачках і новых бялюткіх анучках, светлыя тварам і валасамі, яны спускаліся сходамі на сярэдзіну амфітэатра да пяці вольных месцаў, якія чамусьці ніхто не заняў, і на іхніх нагах пераможна рыпелі пахучыя і навенечкія лубяныя лапці.

На лакцявых сугібах віселі зялёныя вярбовыя кашы з накрыўкамі, на паясах — грабянцы, крэсівы і дошчачкі, якія ўжываюць у глухіх мазурскіх вёсках, калі чэшуць галаву.

Шэравокія, светлавалосыя, іканапісныя, з вішнёвымі вуснамі і ненатуральна ружовымі шчокамі, яны вельмі нагадвалі аперэтачных пастушкоў.

— …Нараджэнне панславісцкай ідэі наспела, — кідаў палымяныя словы падслепаваты Рунін. — Дальнабачнасць гэтай ідэі і пашырэнне яе сведчаць аб тым, што славянам даўно час заняць першае сярод усіх месца, належнае месца…

"Славяне" ўрэшце занялі "належнае месца", шырока рассеўшыся на вольнай лаве.

Усе вакол сядзелі, як аглушаныя, не ведаючы, што рабіць.

Алесь і Грыма, як па камандзе, адчынілі вечкі кашоў, збіраючыся, відаць, "усмоктваць мудрасць".

— …разальецца, замест усяго гэтага, паток нашай традыцыйнасці, стойкага манархізму і праваслаўнай веры. Аб'яднаныя славяне возьмуць у свае рукі спадчыну дзядоў, Малую Азію, Цараград і пралівы. На святой Сафіі зноў пастануць крыжы, на браме заззяе Алегаў шчыт. Патрыярхі Антыёхіі і… іншых гарадоў павядуць далей справу хрысціянства ў сваіх землях, Палестына ўрэшце атрымае законнага гаспадара. Хіба не дурасць, сапраўды, што труна бога знаходзіцца ў руках язычнікаў?! Манастыры, з мудрымі Нестарамі і Піменамі, замест капішчаў…

— Глядзі, — шапнуў нехта.

"Славяне" дасталі з кашоў "скруткі пергаменту", склееныя, відаць, з папяровых аркушаў, скураныя чарніліцы і птушыныя пер'і, узвялі вочы ўгору і, памармытаўшы, пачалі пакрываць паперу вычварнай вяззю, не забываючы чырвонай фарбы для загалоўных літар. У Алеся было ў руцэ лебядзінае пяро, выкрадзенае ў заалагічным музеі універсіта. Грыма пісаў даўжэзным павіным пяром, здабытым, відаць, у нейкага фурмана.

Хартыі з ціхім шолахам спаўзалі на падлогу.

Людзі, нарэшце, пачалі разумець, што тут адбываецца. Помста такі прыйшла. Нечаканая, парадыйная, злая. Дык вось што яны задумалі! Малайцы! Не вытрымала, значыць, у людзей сэрца. Ёсць сапраўдныя хлопцы, што не дадуць нават малой подласці сысці без пакарання.

Сям-там у радах пачалі пырскаць.

Меўся адбыцца грандыёзны скандал, і толькі адчуванне гэтага стрымлівала пакуль што аўдыторыю ад гамерычнага рогату.

— І што ж? — тэатральна ўзняў рукі прафесар. — На шляху высакароднай ідэі, адчуваючы яе небяспечнасць, сталі ворагамі. Туркі, сардынцы, французы, англічане… Але не толькі яны. Супраць ідэй перш за ўсё паўстала здрада! Здрада, якую патаемна неслі ў сэрцы найбольш утрапёныя элементы грамадства. Усіх іх яднала забыццё прынцыпаў народнай маралі і забыццё народных традыцый, гнілое заходніцтва, якое завялі ў нас Бялінскі, Гэрцэн і К°, пагоня за няпэўнымі і падазронымі навінкамі…

Два кансерватыўныя славяніны дасталі надмерана вялікія маноклі і спрытна паднеслі іх да вачэй.

Нехта ў апошніх радах зарагатаў, і гэта прагучала ў поўнай цішыні, дзе толькі душыліся ад прытоенага смеху людзі, дзіка, як смех фальклорнага героя на хаўтурах. Рагатуну, відаць, заціснулі рот…

— …пагоня за моднымі плынямі чужой філасофіі, пагоня за сацыялістычнымі трызненнямі… Здраднікі выступілі супраць неабарачальнага і заканамернага вышэйшай заканамернасцю гістарычнага працэсу: працэсу ўтварэння аднаго панславянскага народа…

Відаць, кансерватыўныя славяне вырашылі падсілкавацца. З кашоў з'явіліся патрэсканыя і тугія, як гума, калёныя яйкі, скрылёчкі сала, дзве бутэлькі з журавінавым квасам і, нарэшце, гаршчочак з кашай.

"Славяне" лупілі яйкі і запівалі іх квасам, які пакідаў пад носам чырвоныя вусы. Елі сала, выціраючы рукі аб падстрыжаныя "страхою", на купецкі манер, валасы.

Цяпер смяяліся, заціскаючы раты, дзесяткі людзей.

— Украінафільства, якое падаграваюць аўстрыйскія агенты… Гэтая справа з Шаўчэнкам і нейкай Наталкай-Палтаўкай на чале… Абмежаваная колькасць фантазёраў, якія лічаць, што Маларосія, маларосы з'яўляюцца чымсьці асаблівым са сваёй нераспрацаванай гаворкай і сваімі чумакамі і могуць існаваць, не адчуваючы патрэбы ў агульнай славянскай айчыне, імператары і ўсходнім праваслаўі…

Грыма глядзеў на гаршчочак кашы з непамерным здзіўленнем. Выгляд у яго быў такі, што бліжэйшыя рады грымнулі смехам. Грыма неўразумела паглядзеў на іх. Рогат выбухнуў мацней.

Палічыўшы гэта рэакцыяй на свой неадольны гумар, прафесар перайшоў на пафас.

— Як у немцаў Германія вышэй за ўсё, так у нас наш гасудар вышэй за ўсё. І мы маем поўнае права крыкнуць: рукі прэч, і няхай будзе наш народ з яго гасударам вырашальнікам лёсу народаў!

Усяслаў урэшце здагадаўся, як быць з кашай. Выняў з вачніцы манокль і пачаў чэрпаць ім кашу.

І тут рады не стрымаліся: пакаціўся па лавах вышэй і ніжэй, захапляючы ўсё новыя сектары, неадольны, магутны, гамерычны рогат.

Калі Рунін зразумеў, што смяюцца зусім не з ягоных жартаў, было позна: смех апанаваў усіх да апошняга. Ён паспешна кінуў на пераноссе пенснэ і ўбачыў усё.

Ад рогату, ад магутных, як прыбой, перакатаў ходырна трэсліся рады.

Рунін пачаў падымацца па прыступках. І тады Алесь стаў, каб закрыць Грыму спіной. Адсунуў яго плечуком.

Чацвёрка памагатых разам з суседзямі схапіла Грыму стаў і пацягнула далей ад прахода. Ён супраціўляўся і крычаў, але рогат заглушыў яго крыкі… Хлопцы зацягнулі Усяслава далёка за спіны.

— Вы? — спытаў Рунін. — Вы, князь?

Некаторыя ўжо не маглі смяяцца і толькі пазяхалі, як рыба на пяску.

— Я з самага пачатку бачыў гэта, — сказай бледны Рунін. — Чаму вы зрабілі…

— Патрыёт стайні! — крыкнуў з-за спін Грым і здушана замыкаў.

— Хто яшчэ там? — спытаў Рунін.

— Хіба вам мала мяне аднаго? — спытаў Алесь.

— Я хачу ведаць, хто яшчэ?

— Як бачыце, усе.

Рогат рабіўся нясцерпны.

— Прычыны?

— Нежаданне бачыць вас тут. Нежаданне, каб нас вучыў розуму, — а праўдзівей — розуму— маразму, — такі, як вы… даносчык… цемрашал… згубіцель юных і чыстых…

— Без асабістых абраз!

І тады Алесь узняў руку.

— Жарты прэч… Нам абрыдзеў ваш панславіцкі смярдзёж… Абрыдла гэта маска драпежнасці… Нам абрыдлі вы. Вы пэцкаеце самае імя нашай радзімы, наша імя, наш незаплямлены гонар.

— Вы не патрыёты!

— Мы патрыёты больш на вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі — браты. І ўсе яны падобныя адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў… А калі ёсць, то іх робяць такія, як вы.

— Відаць, я яшчэ не скончыў ачысткі універсітэта.

— І не скончыце, — спакойна сказаў Алесь. — Я пайду адсюль, але пойдзеце і вы разам з вашымі ванітамі. Іначай вам на кожнай лекцыі будуць чыніць абструкцыю.

— Пасмешышча! — крычалі з радоў. — Квасны Платон!

Зноў успыхнуў рогат. Хлопцы з мясцовага зямляцтва зацягнулі па-руску забаронены пасля паўстання "Марш Кошута". Амаль без слоў, якія ведалі нямногія, але грозна ляцела мелодыя. У адказ ёй плесканулася недзе пад столлю марсельеза.

Амфітэатр віраваў. Кожны цяпер не разумеў, як маглі яны цярпець гэтую брыду і гніль хоць яшчэ адну хвіліну, як маглі забыць аб выключаных, як маглі мірыцца з прынізлівымі разважаннямі гэтай макрыцы.

Аўдыторыя выбухнула крыкамі.

— Ганьба! Мазгі лыкавыя! Вон! Вон!

Свіст, здаецца, ірваў муры і прымушаў дрыжаць шыбы.


Яны стаялі на пероне і, як заўсёды ў апошнія хвіліны, не ведалі, аб чым гаварыць.

— І ўсё ж гэта блазнаванне, — сказаў Кастусь. — Мужыкі з голаду ядуць траву, а ты дзеля няпэўнай асалоды звесці рахункі з гэтай старой малпай вылецеў.

— Хай яны мне з двума дыпломамі солі на хвост насыплюць, — сказаў Алесь. — Што ж, па-твойму, дазволіць яму атручваць мазгі і даносіць далей? А так яго прыбралі. Ды і з хлопцаў цяпер ніхто такому трызненню не паверыць.

— Добра, што Грыму не выдалі. Вось гэта была легкаважнасць, памятаючы нашу размову.

— Папусціцца Руніну было нельга. Стрывалі б гэта — сцярпелі б і большае.

Кастусь па чарзе пакусваў губы. Спачатку верхнюю — ніжнімі зубамі, потым ніжнюю — верхнімі. І раптам зарагатаў.

— Дурні вы… Дурні вы, але малайцы… Кашу — маноклем.

Другі ўдар звона разрэзаў халоднае паветра.

— І сапраўды, нічога не адбылося, — гаварыў далей Кастусь. — Выперлі гэтую сволач, пасмяяліся. Дыпломы — у цябе… Я гэта, уласна, таму, што сумна мне будзе. Але нічога… Можа, гэта і на лепшае. Патрэбна работа на месцах. Многія хлопцы нават кінулі універсітэт, у валасныя пісары ідуць… Працуй і ты, браце. Спадзяёмся.

— Буду, — проста адказаў Алесь.

З вагона вылез змрочны Кірдун.

— Час развітвацца, паніч?

— Як, Халімон, едзеш, значыцца?

— Еду, — буркнуў Кірдун. — Хто вас цяпер карміць будзе? Мне-то нічога, а ён вось трэцяга ніверсітэту не скончыў. Казаў яму, не звязвайся. З арэх таго дабра — на тры дні паху. А ўсё вы. Вы паніча збіваеце.

— Кінь, — сказаў Кастусь. — Абдымемся, ці што?

Кірдун выцер вочы.

— Ды што мне, самому вас не шкада? Маладыя такія, а без жыцця жывяце… Трэці звон.

— Убачымся, — сказаў Алесь.

— Убачымся. На справе.

Цягнік дыхаў парай на нізкае сонца, і яно, трапляючы ў сівыя клубы, мяняла колер. Рабілася атрутна-зялёнае.


Стары Вежа сустрэў унука, як заўсёды, знешне халаднавата:

— Адвучыўся? Ясна. Як кажуць, з прэндкім поврутэм.

— Выгналі, — сказаў унук. — Ну і сволачы!

Дзед прыкінуўся здзіўленым. Нават галавою пакруціў, шкадуючы наіўнасць і неабазнанасць унука. Пачаў цярпліва тлумачыць:

— Мы — нацыя вялікая, і дробныя сволачы нам у дзяржаве зусім без патрэбы.

Кірдун, які разам з Алесем атрымліваў маральную лазню — "нашто дапусціў", — раптам пачаў бурчаць. Пасмялеў у Пецярбургу, слухаючы размовы Алесевай кампаніі.

— До ўжо яму вучыцца. І так разумнейшы за ўсіх.

— І за мяне?

— Анягож, — сказаў Кірдун і асекся. — Не так мовіў, прабачце.

— Не, ты кажы. Кажы, калі пачаў.

Кірдун, як большасць простых людзей, не мог трываць натацый і катавання словамі.

— Вучыў многа… Многа пісаў… Шмат чытаў…

— Цік-кава, — сказаў дзед. — І што, хацелася б ведаць, вычытаў? Га, Халімон?

Раней Кірдун, напэўна, пачаў бы прасіцца, каб адпусцілі душу на пакаянне. А тут не вытрымаў:

— Вычытаў пра народы і пра роўнасць людзей.

— Ну-у? Не мож-жа гэтага быць!

— "Кішкай апошняга папа — апошняга цара… задушым", — раптам успомніў Кірдун. — Я яму, княжа, казаў: "Не варта, паніч, так уголас. Думайце сабе паціху, пакуль да кішак не дайшло".

— Яшчэ?

— "Айчыну, веру вярні нам, просім", — спадзеючыся толькі на заступніцтва Алеся, бубніў Халява.

— Бачыце вы. Яшчэ?

Цяпер Кірдун лупіў урывак з Ганкавага Краледворскага рукапісу. Лупіў на скажонай да апошняга чэшскай мове. У дзеда палезлі на лоб вочы.

— Ясна, — сказаў. — Ясна, чаму вы там вучыліся.

Алесь паспрабаваў быў заступіцца.

— Я не з табой гавару, — сказаў дзед. — Ну, Халімон, а мэта… мэта вашага з панічом навучання якая?

— Народ, — сказаў Кірдун. — "Спявайце гімн народу…", "Гэй, не сумуй, плынь шчасця цячэ. Народ твой ніць залатую тчэ…", "Звівайце вяроўку, гора-бяда. Для ворагаў пятлі нам не шкада".

— Ого, — сказаў з iранiчнай павагаю дзед. — Ты, Кiрдун, чэшскае, чэшскае нешта яшчэ нам такое. Надта ўжо добра ў цябе атрымлiваецца. Палiглот!

Кірдун дзёрзка і смела глядзеў у вочы пану Данілу:

— Не глытаў я ніяках палёў. Я чалавек бедны.

— Пачытай, Кірдун, — з раптоўнай злосцю сказаў Алесь. — Па-чэшску. Давай "Прароцтва".

Кірдун выпрастаўся:

— "Бачу я зарыва, цені сражэнняў, востры клінок скрывавіць твой рот. Спазнаеш ты беды і змрок запусценняў, але не тужы, мой вялікі народ".

— До, — сказаў Алесь. — Дзеду, вы ніколі не пакрыўдзілі простага чалавека. Але тое, што вы робіце, гэта панства.

І тут Халімон нечакана напаў на Алеся.

— Маўчалі б, паніч. Лаянку не ў торбе насіць… Дый якое тут панства? Каб гэта пан-дзед на мяне аднаго. А ён што, з вамі іначай размаўляе? З губернатарам? Дзеду восем дзесяткаў ды сем гадкоў, вам — дваццаць…

Алесь развёў рукамі.

Вежа схаваў рот у далонь.

— Кінь спяваць, — усё яшчэ іранічна сказаў ён. — Ведаем мы, што гэта такое.

Адступіць ён не мог. Але і Халімон і Алесь разумелі, што гэтае бурчаннеёсць адступленне.

— На-род, — сказаў Вежа. — Восенню ля разарыя заворваў зямлю дзед Тхор. Паварочваў рала, ды і ўваліўся з разоры проста ў ружы. Глебавічна на яго: "Што ж ты робіш, перачніца старая, гэта ж кветкі". А ён: "Кветкі развялі. Кве-еткі! Г… гэта, а не кветкі". Усю с… пакалоў!" Вось табе і твой народ. Вось табе і тэма для чарговага дыфірамба: "Ружы і Тхор".

Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі — дзед чытаў Фур'е. Маладых дражнілі гегельянцамі — дзед чытаў Гегеля, хоць яго і нудзіла ад падступнай папоўшчыны. Шмат чаго ён па распанеласці не падбаў зразумець, але адно яму спадабалася. Немец адказвае на тое, што было натуральным перакананнем дзеда, нормай ягонай думкі ледзь не з таго часу, як Вежа сябе памятаў, а асабліва з дня смерці жонкі.

Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Першае гніе і робіцца балотам, другая — з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі.

І ён ведаў, што свет ідзе наперад, пакутліва спасцігаючы нешта вялікае. Назіраючы за людзьмі, ён разумеў, што тое, да чаго яны ідуць, — лепшае.

Новае пакаленне аніяк не магло быць горшае за папярэдняе. Дзеці зберагалі вопыт бацькоў, аналізавалі іх памылкі, і трэба было быць самаўлюбёнай свіннёй, каб не заўважаць гэтага.

Два радкі паэта балюча ўдарылі па нервах Вежы поўным супадзеннем думак з ягонымі.

И наши внуки, в добрый час,
Из жизни вытеснят и нас.
Трэба было не ганарыцца. Трэба было проста растлумачыць ім, што не мінуць гэтай апошняй чашы і яны, што такі закон жыцця — "дыялектыка". І трэба было зразумець, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным — змяняцца да смерці і да смерці разумець новае, а калі не разумееш, няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай.

І ўсё ж дзеду было сумна. Нелітасцівы і жорсткі быў — у вышэйшай сваёй справядлівасці — закон жыцця.

— Валіся дрэва на дрэва, — кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку.

Кірдун сеў: спрачацца са старым панам не выпадала.

— Запiсваю на тваё iмя чатыры валокi зямлi з усiм, што да таго належыць. Адмаўляцца — не смей. Не твая справа. Прадаваць яе — забараняю: зямля — незалежнасць, карэннi. Атрымаеш з жонкай вольную. З такiмi думкамi — у прыгоне не ходзяць.

Халімон паспрабаваў паваліцца ў ногі.

— Вось яно. Думкі — думкамі, а з халопства не вырас. — Наліў чарку. — Паніча не кідаць… І як памру — не кідаць… Ён цябе шанаваць будзе.

— Нашто ж крыўдзіць, пане. Я ж ля яго амаль дзесяць год. Я яго во гэтанькага памятаю.

— Ну, кінь, кінь!

…Алесь нібы наноў знаёміўся з наваколлем, але асаблівых змен не адчуваў.

Гелена жыла ў новым доме, у Ведрычах, чакала, пакуль малыя Юрась і Тонька падрастуць, і лічыла за неабходнае ўдзельнічаць у кожнай п'есе, што ставіў тэатр у Вежы. Акруга хваліла яе і Вежу. Лічыла, што ён правільна зрабіў, аддаўшы ёй зямлю. Трэба было любой цаною ўтрымаць актрысу, якая рабілася гонарам Прыдняпроўя, калі ўжо яна была вольна. Чуткі аб ён пайшлі далёка. Зімой у Вежу прыйшоў ліст ад славутага Шчэпкіна: прасіў прыехаць на агледзіны, загадзя дамовіўшыся аб суме кантракту. Прыязджала таксама m-me Lagrange ад імя французскай трупы, што выступала ў Міхайлаўскім тэатры, тая самая Lagrange, што пазней здабыла лаўры аднолькава трагічнай і камічнай актрысы ў "Дурнях" і драме "Le fils de Giboyer"[35]. Слухала і глядзела "Антыгону" і, па-французску, ролю ў "Федры". Маўчала, нібы нават прыгнечаная, не знайшла хібаў у мове, акрамя лёгкага паўднёвага акцэнту (дзіцячае вымаўленне роднай вёскі лягло тонкай афарбоўкай на чужую мову), і скончыла тым, што запрасіла з сабою. Калі Гелена адмовілася, сказала, што разумее яе становішча, але як толькі, гм… прычыны стануць больш-менш самастойныя, яна можа смела ехаць: выпадак небывалы, але яе чакацьмуць.

Наваколле ўхваляла: малайчына, Вежа, нацягнуў нос французам!

Дзецям споўнілася па году, і дзеці былі чароўныя: усё аблічча матчына, а вочы — ягоныя, Алесевы вочы.

Найлепшым доказам таго, што яны ўсе адно — ад яго і да апошняга мужыка, было тое, што на гэтай зямлі не існавала іншых калыханак, акрамя мужычых. Хоць адны гулялі ў серсо, другія — у цыркі, а калыханкі былі аднолькавыя, і ён не ведаў іншых, хоць у дачыненні да панскіх дзяцей тое, што спявалі над іхняй зыбуляй, было, можа, і смешнае.

Калыханкі былі адны. Тыя, што мармытаў зараз ён:

Люлі, люлі, люлі,
Пойдзем да бабулi,
Дасць бабулька млечка
І ў руку яечка.
А як будзе мала,
Дасць кусочак сала.
Дзеці вырастуць, і тыя самыя песні прагучаць над калыскамі іхніх дзяцей.

У параўнанні з гэтым усё астатняе здавалася лухтой. А Гелена глядзела на Алеся з усмешкаю і гаварыла, што вось, вядома, з Раўбічамі ранейшая варожасць, але гэта нічога, прымірацца. Таму што Міхаліна пазбягае Іллю, і бацька Яраш нездаволены гэтым, і Хаданскія ледзь не кіпяць. А Франсу няма да гэтага аніякай справы, бо ён па-ранейшаму прыхавана кахае Ядвіньку Клейну, а тая ўсё нібы пераконвае сябе, што малодшы Раўбіч харошы, і трымаецца ад яго на адлегласці.

Гэта было не тое. І ён, помнячы яе "ніколі", сказаў ёй пра гэта.

— Мы, здаецца, дамовіліся аб гэтым, Алесь? — ціха спытала яна. — І не трэба далей. Бо шчасце павінна быць і ў мяне, і ў вас.

…З Раўбічамі, сапраўды, было па-ранейшаму. Не віталіся нават у зборні. Калі на баль прыязджала адна сям'я, другой амаль ніколі не было. Пан Яраш рашуча забараніў дачцэ сустрэчы. Алесь бачыў Міхаліну вельмі рэдка, дый то з дапамогай Мсціслава.

Мсціслаў за год змяніўмя. Самастойнае жыццё наклала адбітак. Узмужнеў, вочы сталі суровыя і светлыя. Перавёў мужыкоў на аброк і падрыхтоўваў вызваленне. Патроху гаварыў з вернымі хлопцамі. А сам бавіў час амаль толькі за паляваннем. Гойсаў на кані з сабакам і стрэльбай па навакольных пушчах і паплавах, часта чамусьці заязджаючы ў Азярышча.

Нічога, здаецца, не змянілася ў загорскім наваколлі. Толькі змяніўся — і ў трывожны бок — пан Юры. Невядома, што здарылася, але хутчэй за ўсё — глыбокае нездавальненне жыццём і сабою. І яно так мяняла яго, што, каб гэта было са старым Вежам, людзі маглі б падумаць пра дрэннае.

Але бацьку споўнілася толькі сорак восем, і яшчэ два гады назад яму давалі дзесяткам менш. У ім заўсёды было шмат хлапечага. Бацька любіў жартаваць, быў здатны на самыя нечаканыя выбрыкі. Гэта ён, у маладыя гады, ледзь толькі зляцеў з магілёўскага губернатарства Міхаіл Мураўёў, прыехаў да яго наступніка, маладога Ягора Бажанава, у накладных вусах, барадзе і кучме валасоў — пад выглядам віцебскага архірэя і, не даўшы нікому падставы ўсумніцца ў сваёй прыналежнасці да царквы, спрачаўся па багаслоўскіх пытаннях. Потым яны з Бажанавым сталі сябрамі.

І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні выдомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: "За што?!"

У наваколлі Копыся вадзіліся надзвычай рэдкія чорныя зайцы. І гэта бацька ў змове з кушняром Вежы, славутым майстрам, запэўніў аднаго з Вітахмовічаў, Сымона, што бываюць і зайцы паласатыя, і ў доказ гэтага паказаў шкурку і сказаў, што за другі экземпляр не пашкадуе і тысячы рублёў. Сымон цэлы год днямі і начамі цягаўся па вапняковых пустках ля Рамінавічаў, спаў у халупах пастухоў або проста пад чыстым небам, піў казінае малако, і вядома ж, нічога не забіў. Затое вылечыўся ад сухотаў.

Цяпер на пана Юрыя балюча было глядзець.

У вачах часта з'яўлялася абыякавасць і пустата.

Ажываў ён толькі на паляванні. Але і там аднойчы, калі начавалі ля вогнішча, каб раніцай ісці "сцяжыць" ваўкоў, не вытрымаў. Слухаў-слухаў сына, а потым ціха сказаў:

— Скончана, брат, жыццё. Не так пражылі. Яшчэ год дваццаць сумоты, а там і да пані Пясэцкай у ложак.

— Бацька, ты што?

— Непатрэбна ўсё гэта нiкому. Нi гэтыя рэформы, калi ўся гэтая механiка патрабуе молата, нi мая гэтая мiтусянiна. Нiч-чога!

…Настрой гэты пачаў мінацца ў пана Юрыя з першымі адзнакамі "вясны вады", з прадчуваннем клічу паплавоў і балот, з першым жывым ўяўленнем таго, як хутка ўжо стане "капаць" і "скрогаць" у пушчы глушэц.

Нібы кожная сіняя кропля з ледзюка падбаўляла сіні ў бацькавы вочы. Затое цяпер, прадчуваючы страляніну, пачала загадзя пакутаваць маці.

Паўтаралася звыклая гісторыя кожнай вясны.

Бацька ўжо крадком рыхтаваўся. Лілі шрот, выбівалі прабойнікамі з лямцу клакі, выпрабоўвалі порах. Як ціскі для катавання, ляскаў у руках Карпа барклай.

— Што, брат, зробіш? Страсць! Прашліхтуе нам з табою маці вантробы.

Як чорт, блішчаў сінімі вачыма:

Уцымбаліў дождж па вяршыначках,
Па ядлоўнічку, па бярэзнічку…
Шэрым конікам сухенька стаяць,
Нам, стралкам-малайцам, мокранька сядзець.
Шэры конiкi пад свiткамi ўграваюцца,
Мы ўкрываемся, стралочкі, босаю спіной…
Спяваў патаемна і так, што аж страшнавата рабілася.

І раптам пляваў:

— Чорт ведае што… Разбойніцкая!.. Во паслухалі б людзі. Ды яшчэ каб раптам кісцень на руку: ведаеш, такі шар з шыпамі ды рамень вакол запясця. Ды ў людскую, ды ў тры пальцы — свісь! "А-дзі, каму шкура дарагая!" Або лепей да Фельдбаўха.

Пан Юры ўдаў разгублены нямецкі твар пана Людвіка. Потым на гэтым твары з'явілася недаверлівая ўсмешка:

— Ша-лун-ка! Das ist mir nicht Wurst! Да пані-мутэрхен Антаніда я зараз прабяжалься! Разам гэтых разбойнік ганяць! Nuch?!

Алесь быў здаволены, што да пана Юрыя вярнуўся ранейшы настрой. Бог з ім, няхай нават паляванне — грэшны і сорамны занятак, няхай панервуецца пару дзён маці — усё адно добра, што яно ёсць, паляванне, бо праз яго стомленыя людзі пачынаюць любіць жыццё.

…Бацька з маці пасварыліся ў гэты год нязвыкла рана, задоўга да пачатку вясенняга палявання, і Алесь амаль узрадаваўся гэтаму: хутчэй пройдзе матчына туга, і ён, Алесь, на качак паедзе разам з бацькам, а дома будзе ўжо цішыня і мір. Не мог ён бачыць дакору ў вачах маці. І не мог, як і пан Юры, адмовіцца ад стрэльбы, вогнішча і ветру.

У сярэдзіне сакавіка здарылася непрыемная гісторыя ў Татарскай Грэблі.

Вёска ляжала ў той самай пушчы, куды дзеці калісьці хадзілі глядзець выйсце крыніц, на паўночны ўсход ад Паківачовага млына і таму трохі бліжэй да Вежы. Гэта была самая глухая з вёсак пана Юрыя: на поўнач, поўночны захад і захад ад яе пушча цягнулася на некалькі дзён дарогі.

Пушча спала яшчэ. Не было нават праталін. Вялікія гарады мурашынага народу драмалі пад снегам. Толькі крумкач, каб не плаціць мурашкам за прайграны калісьці заклад уласнымі дзецьмі[36], спяшаўся паставіць крумкачанят на крыло, пакуль гарады ворага былі проста мёртвай ігліцай.

У гэтыя дні з'явіўся ў Татарскую Грэблю нежаданы госць: вялізны і схуднелы самец-мядзведзь.

Без пары ўстаўшы з мярла, зусім яшчэ нават не вылінялы, галодны, за адну ноч разваляў вуллі ў імшаніку мужыка Шпіркі Брыжуна і тыдзень не з'яўляўся, а потым, уначы, залез у стайню Нічыпара Шчэрбы, паваліў там кабылу з жарабяткам, адзіным набыткам сям'і, і напіўся цёплай конскай крыві.

Яго гнаў голад. Наступнай ночу ён з'явіўся на загуменнях вёскі, раскідаў аўчарню і задзёр яшчэ аднаго каня, а раніцай адабраў кошык з яйкамі ў Веркі Падапры-Комін. Баба несла кошык у Сухадол, на рынак.

Адзіны паляўнічы вёскі Шчупак Лабудовіч (у Грэблі акрамя хрышчоных імён былі і свае) зрабіў быў засаду, але мядзведзь нечакана зайшоў амаль яму ў спіну і раўнуў так, што Шчупак кінуў фузію і бег аж да вёскі. Мядзведзь разбіў стрэльбу ў трэскі і той жа ноччу зрабіў спробу ўдзерціся ў хлеў Шчупака, па ягонага каня. Нібы помсціў.

Тэрарызаваная вёска забіралася з захадам сонца ў хаты і сядзела так да раніцы. Мядзведзь ніколі не чапае людзей — да першай крыві, усё адно — мядзведжай або чалавечай. Мядзведзь не чапае і вялікай жывёлы. Гэтага прымусіла да разбою мёртвая пушча. І ў разбоі ён быў неўтаймаваны і разумны. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі — гэта людзі, толькі што аброслыя. Ды больш разумныя, бо ўцяклі ў лес, каб іх не прымусілі працаваць.

Мужыкі скардзіліся. Пан Юры пачаў рыхтавацца. Матуля пакутліва моршчыла бровы.

— Ну нашто?

— Коней вaліць, любая. Людзей абяздольвае.

— Спалохайце ды праганіце. Снег, а ў яго, адзінага са звяроў, голыя пяткі.

— Нехта яму вінаваты, — пасмейваўся пан Юры. — Ты ведаеш, чаму мядзведзь устае? Ён улетку загуляецца з мядзведзіхамі даўжэй за астатніх ды не паспее тлушчу назапасіць… Мядзведзь — дон-жуан, як сказала адна дурная гарадская паненка.

— Юрась! — кідала маці апошні козыр.

— Ну што ты? Ну, пяткі голыя? То сам вінаваты… "Мядзведзі ў пушчы чарніцы збіралі, мядзведзі чарніцы на ток рассыпалі. Мядзведзі ўвесь дзень па чарніцах хадзілі, ляпёшкі з чарніцаў на пятках сушылі. Чатыры нагі аж пад сонца ўздымалі, усю зімку чарнічныя лапы смакталі… Сма-аш-ненька!.."

З Грэблі данеслі, што мядзведзь пасля кожнага разбою вяртаецца ў сваё мярло і робіць спробу заснуць зноў. Відаць, таму, што прачнуўся так рана. І засынае часам. На дзень ці на два.

…У дзень палявання Алесь вырашыў быў не ўставаць, каб лішне не псаваць настрою чужымі зборамі, але ў чатыры гадзіны, у цемры, пан Юры заспяваў, ідучы ў збройную, і толькі ля дзвярэй сына змоўк: успомніў, што той не едзе і гэты радасны спеў можа на цэлы дзень засмуціць сына.

Алесь са злосцю захутаўся ў коўдру, збіраючыся заснуць, але не мог. Усё адно трэба было ўставаць і ісці на цукроўню. Дый не мог ён прапусціць збораў: відовішча, магчыма, яшчэ больш хвалюючае, чым само паляванне.

…На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Біскуповіч і Юллян Раткевіч распараджаліся. У плямах святла вымалёўваліся сухарлявыя сілуэты сабак.

Псяры трымалі іх на шворках. Сабак сёння чакала цяжкая работа: хапаць звера ззаду "за нагавіцы", адцягваць яго ад паляўнічых.

Шляхта з малодшых радоў — сем чалавек — раз-пораз ставіла стрэльбы і рацішчы ля ганка і ішла ў пакой паляўнічых, куды яшчэ звечара паставілі сталы: закусваць. Вярталіся адтуль чырвоныя, тугія на раннім марозіку, як памідоры. Пахла ад іх віном, свежым марозам, скурай і конскім потам.

Пераступалі з нагі на нагу, рыпелі белымі высокімі вайлакамі, ходнямі і ботамі.

Ліхтары згасілі, і снег стаў ліловы, калі ўрэшце з'явіўся бацька. Сінявокі, смуглявы, белазубы. Убачыў Алеся і вінавата пшыкнуў румянымі вуснамі.

— Такі ўжо наш лёс, — смяяўся васільковымі вачыма пан Юры. — Салаўя не кормяць байкамі, а жанчын — мудрасцю.

Ён быў вельмі засмучаны за сына.

— Ну нічога, ну кінь. Слова табе даю, заўсёды цяпер будзеш са мною.

Бацька ляпнуў сына па плячы і, пружынячы, страсянуўся, як звер: не, нічога не брынчэла, усё было падагнана як след.

Пан Юры быў ва ўсім белым. Белыя кабці, белыя скураныя нагавіцы, белая футра, падбітая гарнастаем, белая, таксама гарнастаевая, шапка з заломленым вастраватым верхам.

— А бадай з вас дух, — сказаў ён раптам. — Так вось сам не прасачы… П'яўкі дацкія дзе?

— Унь зграя, — сказаў Карп.

— Яшчэ адну, — сказаў пан Юры.

Зняў шапку. Рассыпаліся бліскучыя белакурыя валасы.

— Горача.

— Выпіў, ці што? — спытаў Раткевіч.

— Што я, такі дурны, як твайго бацькі дзеці? Проста горача. Вось-вось вясна.

— Угледзеў, — сказаў Януш.

Хлапечая постаць пана Юрыя зноў скаланулася. І не трэба было, бо правяраў ужо, але ён проста не мог стаяць спакойна.

— Хлопцы, досыць жэрці! — сказаў пан Юры. — А то як бы потым Андрэева стаянія не было. Давайце збірацца.

Павялі на налыгачах сабак. Звонка загігатаў у свежым паветры конь.

— Хутчэй, хлопцы, не церпіцца. Ану, як да дзевак, як да іхняга казінага племя… Зміцёр! О, хітрая бестыя, Зміцёр! Но-но, Змей. Давай сапраўднага каня.

— Ды я… яно… думаў… каб гэта Змей… Хай бы ён.

Сінія хітрыя вочы бацькі смяяліся. Ён удаў Змітра:

— Хай бо ж бо ён… гэна…

Вакол зарагаталі.

— О то ж бо яны табе й е, — паважна скончыў бацька.

Ад яго так і патыхала здароўем, сілай і радасцю. Раўнюткія зубы смяяліся. Рухі зрабіліся дакладныя і спрытныя, як раней.

Падвялі белага жарабца. Пан Юры лёгка ўскінуўся ў высокае сядло. Пашукаў нагою пятлю і ўставіў у яе дзяржальна рацішча. Цяпер, са стрэльбаю за плячыма, з рацішчам, падобным на старадаўнюю дзіду, загоршчынскі пан вельмі нагадваў сярэдневяковага воіна. Падабраны, спрытны, лёгкі ў сядле — залюбавацца можна было.

— А хто гэта там тэльбухамі трасе? Вядома хто, Раткевіч. Сваячок малодшанькага роду, каб ужо гізунты з цябе, каб…

Падскакаў да санак, у якіх сямёра з малодшых сядзелі спінамі адзін да аднаго.

— Што вы, на суд едзеце?

І паляцеў да брамы, вытаргнуў на скаку з рога марозную серабрыстую трэль.

…Паўз яго праязджалі коннікі, і конь гарачыўся пад ім. І халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі.

Убачыўшы Алеся на ганку, пан Юры ўсміхнуўся:

— Заставайся шчасліва! Наступны — твой!

Пошчак капытоў. Ясныя гукі рога. Снежны пыл.

Галявіна ляжала на спадзістым схіле, уся ўкрытая веснім ужо, але ўсё яшчэ глыбокія, па грудзі, снегам. Вакол стаялі заснежаныя дрэвы пушчы, марылі, узносячы галовы ў няяркае неба. У начы яшчэ падваліў снег, засыпаў усе сляды і мурашнікі, але сокі[37] казалі, што мядзведзь не пакідаў пратаптанага іхнімі лыжамі кола. Кола было нешта сажняў трыста ў радыусе.

Звер, зваліўшы чарговага каня, спаў ужо другія суткі.

Проста перад сабою ў далёкім канцы галявіны пан Юры бачыў выварацень вялізнай яліны.

Яліну зваліла даўно: пад ёю паспеў вырасці кусцік крушыны. І якраз пад гэтым кусцікам быў лаз у мярло і, збоку, невялікая адтуліна для дыхання: на вяршыньцы кусціка махрова цвіла намаразь.

Паляна не была роўная і чыстая. Раслі на ёй тры ці чатыры сяменнікі, а пад імі былі ці то гурбы, ці заснежаныя мурашнікі. Здзіўляцца, што мярло на такім амаль чыстым месцы, не даводзілася: глушыня і нетры тут былі страшэнныя — вока выкалеш, дый балаты летам не давалі змогі прайсці.

Загонныя з бубнамi i ляскоткамi, абмiнаючы лесам паляну, даўно прайшлi ў пушчу, па той бок ад берлагу. Сок на верхавiне магутнага дуба павiнен быў свiстам даць iм сiгнал, калi звер пабяжыць на iх. Аб гэтым можна было меркаваць напэўна: логвiшча было ў парасцi ля самага таго краю паляны. Але стаць там было нельга: не было належнай адлегласцi ад нетраў да мярла. Паляўнiчыя не паспелi б стрэлiць, маглi ў гушчары паранiць адзiн аднаго.

Трэба было пакінуць між мядзведзем і стралкамі прыблізна тую адлегласць, на якой знаходзіўся цяпер ад берлагу пан Юры: сажняў трыццаць.

План быў такі: звер пабяжыць на загоншчыкаў, і тады, па сігналу сока на дубе, ланцуг загонных падыме згэлк і грукат, будзе біць у бубны, крычаць, ляскаць ляскоткамі і страляць у паветра. І тады зверу нічога не астанецца, як бегчы проста на пасты.

Паляўнічыя кінулі жэрабя і разышліся па нумарах.

Пан Юры, як гаспадар палявання, мог выбраць тое месца, якое хацеў. І ён узяў гэтае. Трохі схітраваў.

Ён быў амаль упэўнены, што звер пабяжыць на яго, таму што якраз за ягоным нумарам да галявіны падыходзіў вялікі яр, так густа зарослы дрэвамі і хмызамі, што і зараз цяжка было нешта ўгледзець у ім. Звер ратавацца пабяжыць, вядома, толькі сюды.

Справа, сажнях у дваццаці, стаяў на пятым нумары Януш Біскуповіч, злева, на такой жа адлегласці, сёмы нумар займаў Юллян Раткевіч. Праз рэдкія хмызы відаць было яго даўжэзную, як калядная свяча, постаць.

Юллян нібы "рос у зямлю": прытоптваў снег вакол сябе і заглыбляўся ў яго. Урэшце на паверхні асталіся толькі тулава ды галава. Юллян зірнуў на Загорскага, і той падумаў, што Раткевіч нервуецца.

Пану Юрыю чамусьці стала шкада Юлляна. Усё да сэрца бярэ, дзівак.

Сок "пугакнуў" з дуба: відаць, падалі сігнал, што першы і дзесяты, крайнія нумары, убачылі краі загоннага ланцуга, і той вось-вось самкнецца, і тады ў коле астанецца амаль уся лыжня.

Карп, сівавусы і пахмуры, ішоў да пана Юрыя на шырокіх лыжах: правяраў усіх. Слізгаў лёгка, калматы, як лясны дух.

— Троль, — ціха сказаў пан Юры і засмяяўся дню, Карпу, заснежаным дрэвам і лёгкасці ў сабе.

— Пане, — сіплым і адначасова звонкім голасам сказаў Карп, — я стану між вамі і Юллянам. І туды і сюды здолею падскочыць.

Ён ведаў, што пан Юры не любіць памагатых, і маскаваў магчымую дапамогу. А што яна спатрэбіцца, ведаў па месцы, на якім стаялі шосты і сёмы нумары.

— Як хочаш. Толькі трымайся бліжэй да Юлляна.

Карп адышоў трохі бліжэй да Раткевіча і прысеў на кукішкі.

Пан Юры паспеў падумаць: "Квактуха", — і зноў ціха засмяяўся. Снягі, родная пушча, цені людзей, махровы квецень намаразі на крушыне, свежы халадок.

Кроў ад усяго гэтага была, як шампанскае. Здавалася, што ў ёй віруюць, кіпяць і з ціхім звонам знікаюць серабрыстыя, маленькія бурбалкі радасці.

…Пачалося. Два аўчары на лыжах сталi паводдаль ад вываратня. Прашчы ў руках, каменнi ў сумках. Круцяць… Раз… Два… Дакладна, чэрцi… Ну вядома, з дваццацёх сажняў могуць трапiць у скронь. Б'юць па вываратню, каб каменнi падалi ў мярло.

Махрова цвіце намаразь на галінках крушыны.

Так і ёсць. Выскачыў. Не дужа вялікі. Хоць адсюль дрэнна відаць. Пакідаючы ў снезе разору, імчыць на людзей. Чорта з два дагоніш на лыжах. Так сыпанулі ад яго — відаць, толькі вецер свішча.

Мядзведзь пабег у пушчу, на загоншчыкаў. І амаль адразу пасля свісту сока між дрэў узняўся вэрхал і згэлк. Цакаталі ляскоткі, дробна і гулка выбухалі бубны. Пачулася некалькі стрэлаў. Ішлі хвіліны, і людзям на нумарах здавалася ўжо, што звер прарваўся. Але гамарня набліжалася — значыць, гналі.

Мядзведзь выскачыў з пушчы лявей, чым знік, таптануў разы тры на месцы снег…

Гэх, каб сюды. Стрэліць. Звер, убачыўшы, абавязкова стане на заднія лапы і пойдзе так. І тады лязо рацішча пад левую верхнюю, дзе жаўцейшая поўсць.

…Мядзведзь, урэшце, кінуўся, але значна лявей, на сёмы нумар, на Юлляна Раткевіча.

Чорт… Чорт… От шанцуе!

Трухаючы задам і перавальваючыся, звер бег усё хутчэй проста на Юлляна. Вось ён пакінуў убаку даязджачага, і Карп, выпрастаўшыся, кінуўся на лыжах у бок сёмага нумара, на дапамогу… Ах, чорт-чорт!

Пан Юры адставiў стрэльбу. I тут не пашанцавала.

Такі звер! Бадзяга. Праўда, меншы, чым можна было меркаваць па расказах, але ў страха вялікія вочы. Калі так лёгка валіў коней — значыць, спрытнюга.

Буры, ён здаваўся на снезе амаль чорным. І таму, што ён бег на суседа, расчараванне ахапіла пана Юрыя. Сапраўды, той, відаць, меў рацыю, калі казаў:

— Вось бы двухногага Мiшку гэтак.

Злева прагучаў стрэл. Другі. Звер устаў на заднія лапы, зрабіў некалькі крокаў і зноў, відаць, без змогі ўжо, зваліўся на ўсе чатыры. Чорт, як жа яны яго? Ага, яшчэ стрэл. Відаць, Карп.

Гэты стрэл нібы зноў ускінуў мядзведзя старчма. Дзве фігуркі кінуліся ледзь не пад яго. Тонкая рысачка рацішча стала наўскос і нібы злучыла чорную тушу з зямлёй. Цяпер стрэлы з восьмага і з дзевятага нумароў. Страляюць з радасці, угору. Сыплецца снег з галін.

На ўсіх нумарах людзі ўзнялі крык: з радасці. Крычаў нават сок на вяршыні дуба. Ну, вось і канец. Крычаць, чэрці, як рэзаныя. Чаго і х разабрала?

Нешта мільганула ў баку ад яго. Пан Юры зурнуў у той бок. За нейкіх дзесяць сажняў ад яго…

І толькі тады ён зразумеў, што людзі крычалі яму. Забіты быў не той. Два берлагі былі на адной галявіне. Адзін пад вываратнем, і ў ім, відаць, спала мядзведзіца, і нездарма так доўга не маглі абудзіць яе аўчары. А другі быў тут, побач, яны заўважылі б яго, каб не начны снег. І ў ім, менавіта ў ім, ляжаў, пакутуючы ад бяссонніцы і голаду, той, каго шукалі яны.

Мядзведзь вылез з-пад высокай, сажня на паўтара, занесенай снегам гурбы, якую ўсе яны, і пан Юры ў тым ліку, палічылі за мурашнік. І гэта быў, безумоўна, той: тут памыліцца не мог ніхто. Вялізны, ледзь не з дробнага кіргізскага коніка, буры і лямцаваты, з трохкутнай, цяжкай, як валун, галавою, ён бясшумна з'явіўся з мярла і глядзеў на пана Юрыя.

У вузкіх дрымучых вачах звера было нешта пячорнае. Стары, але яшчэ ў поўнай сіле волат. Дзесяць сажняў… Не паспееш перазарадзіць.

Нож… Рацішча… Няма на свеце мядзведзя, які перад нападам не стаў бы на заднія лапы. Добра… Але як блізка і які вялікі! Які пачварна вялікі!.. Пан Юры на імгненне адчуў, як ледзянымі іголкамі асыпалася ўсё ў целе… А потым гэта знікла, і ён узняў стрэльбу. І твар стаў драпежны і строгі, ён сам адчуваў гэта. І ў сэрцы спакойна ўзнікла вялікае, спакойнае захапленне барацьбы.

Усё гэта адбылося за якую долю секунды. Яшчэ раней, чым пан Юры ўзняў стрэльбу, звер кінуўся на яго. Узараная бурым целам снежная баразна плыла за ім.

Мядзведзь бег з нечаканай хуткасцю, нiбы кацiўся. Калыхаўся ў паветры горб, куцапыя лапы выкiдалiся наперад — спачатку абедзве левыя, потым абедзве правыя — i мякка пляскалi ў снег. Лабастая галава, як трохкутны шчыт, была пагрозлiва апушчана.

Вочы глядзелі ў вочы.

Галодны, у роспачы, не разумеючы, што гэта такое робіцца, пакутуючы ад болю ў застуджаных, падмарожаных босых пятках, злосны ад усяго гэтага, ён імчаўся, як страшны крапасны таран, без усякай надзеі на паратунак — бо ён хацеў жыць.

І сіні агонь у вачах звера звязаў яго з вачыма чалавека разуменнем еднасці ўсяго жывога. Каб мядзведзь збочыў у гэты момант — пан Юры не стрэліў бы… Жывое, жывое сапло і задыхалася ў снезе, жывое, адным болем звязанае з усім жывым.

Але звер імчаўся, плылі долі імгнення, і прагучаў стрэл.

Звер скалануўся, але не збавіў хуткасці.

Другі стрэл. Снежная разора ўзмятнулася зусім блізка.

Пан Юры адкінуў стрэльбу і ўпёр у снег рацішча. Звер вось-вось павінен быў устаць, і тады… у жоўтую поўсць пад левай лапай.

…Мядзведзь не ўстаў.

— Гэй-гэй-гэй! Гэй-гэй-гэй! — крычалі адусюль страшнымі галасамі людзі.

Яны беглі сюды разам з сабакамі і крычалі, каб адцягнуць увагу мядзведзя. Але снег быў глыбокі, сабакі, яшчэ раней спушчаныя на першага звера, танулі ў глыбокіх гурбах і не маглі так хутка дабегчы.

І са страшным гарлавым крыкам, кленучы сябе, што пабег да Раткевіча і кінуў князя, кленучы мядзведзя, пушчы, душу і бога, ляцеў ад сёмага нумара на шырокіх лыжах даязджачы Карп…

Мядзведзь не звяртаў увагі на крыкі. Яму трэба было дабрацца толькі да аднаго, што так балюча кусаўся на адлегласці. Боль, непаразуменне і ярасць былі ў дрымучых вочках. Ён адчуваў, што сэрца ў яго разрываецца, што ідзе нешта непапраўнае, чаго ўжо ніяк, ніколі на свеце не выправіш.

Пан Юры сунуў рацішча ў звера, проста так, як дзіду, і паставіў, ускінуў-такі яго старчма, але ад страшнага цяжару дрэўка зламалася. Як камяк жывога болю, рыку, крыві, ярасці насунулася цёмнае.

Чалавек схаваў галаву і з кордам кінуўся проста пад звера. Уцэліў сталь туды, куды і хацеў, у жаўтаватую, мякчэйшую навобмацак поўсць пад левай лапай. Націснуў.

І тут нага яго паслізнулася. Падаюсы пад строшным цяжарам на спіну, ён убачыў, зусім блізка, Карпа з сякераю ў руках, пачварную, як уцёс, махіну, што знізу насунулася на яго, адчуў ля самага аблічча гарачае смуроднае дыханне.

І гэта было апошняе, што ён бачыў і чуў…

Юры Загорскі сканаў, так і не прыйшоўшы да прытомнасці, па дарозе ў Загоршчыну, ля яра, дзе выйсце крыніц.

Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. А за імі цягнуліся другія сані, з тушай мядзведзя-пярэваратня.

Сябры бачылі ярасць сутычкі і тое, як дакладна і мужна змагаўся князь. Каб не снег, каб не другое мярло, каб не загледзеўся, каб лежня бадзягі была трохі далей, каб не паслізнулася нага — ехаў бы жывы-здаровы.

Але сябры не ведалі князевай думкі аб "двухногім Мішку", не адчувалі, як павольна — ад грудзей да ног — асыпаліся ў целе ледзяныя іголкі, які пачварна-вялікі быў мядзіведзь і як у сэрцы чалавека не было боязі.

І яны не бачылі ў вачах звера смяротнага жаху і гневу і жадання жыць, яны не ведалі, як пан Юры раптам адчуў повязь усяго жывога з усім жывым, повязь болю, адзінага для ўсіх істот на зямлі.

Яны не ведалі, што пан Юры праз позірк гэтых дрымучых вачэй зразумеў страшнае пачуццё непапраўнасці, якое валодала зверам.

Ніхто ўжо ніколі не мог даведацца аб гэтым.

Павольна поўз да Загоршчыны санны паязд. Уладар сямi тысяч сем'яў, што так i не стаў уладаром кожнай трэцяй душы губернi, ехаў у апошнюю дарогу. Вочы, пакуль iх не прыкрыў Юллян Раткевiч, глядзелi ў неба, якога пан Юры сёння не ўсцярог.

Скакалі па мокрым снезе ганцы. Раптоўная адліга, першая вясенняя адліга, насоўвалася на зямлю, таму што аднекуль нацягнула нізкімі цёплымі хмарамі.

— Морд! Морд! Морд! — надтрэснута крычалі ў вёсках званы.

Калі паязд пад'ехаў да ганка загоршчынскага палаца, на сходах ужо стаялі Алесь, пані Антаніда і яшчэ некалькі чалавек.

Маці спусцілася да санак і стаяла моўчкі. Алесь баяўся глядзець у яе вочы, бо калі яна ўпершыню зірнула на труп, у гэтых вачах не было гора, а было нейкае прасветлена-здзіўленае неўразуменне.

Кірдун за спіною паніча ледзь чутна сказаў:

— Каб мяне ўзялі — не даў бы.

І Алесь падумаў, што Кірдун гэта сказаў замест яго.

Мядзведзь ляжаў на ўсе вялікія сані і даўжэй за іх, страшэнна пляскаты, ляжаў, раскінуўшы лапы.

— Як здарылася? — шэптам спытаў Алесь у Раткевіча.

Нервовае аблічча Юлляна перакрывілася.

— Што казаць. Няма ўжо нашага пана Юрыя. Паслізнуўся.

Аблічча пана Юрыя было чыстае. Вусны, як ні дзіўна, усміхаліся, нібы хацеў сказаць нешта вясёлае.

Камяк стаяў у глотцы ў Алеся.

Маці стаяла на прыступках, над санямі, і непаразумела глядзела на іх.

— Пакрыўдзіўся, любы, — сказала яна. — Я не буду больш. Ездзі сабе…

Потым нешта нібы плесканулася па яе абліччы. Яна пашукала вачыма і ўрэшце ўбачыла Юлляна Раткевіча, што стаяў ля санак з мядзведзем.

Павольна пайшла да яго.

— Гэты?

Юллян моўчкі схіліў галаву.

Пляскаты, як калматая чарапаха, мядзведзь знізу глядзеў на жанчыну, нібы падпаўзаў.

— У крыўдзе на мяне адышоў, — сказала пані Антаніда.

Вусны маці задрыжалі былі і раптам, упершыню для ўсіх людзей, сталі жорсткія.

IX

Пасля пахавання пана Юрыя Алесь хадзіў, як у тумане. Дні і ночы, вечары і раніцы нібы слізгаліся па прытомнасці, не пакідаюсы на ёй аніякіх слядоў.

Ён не ведаў чаму, але не плакаў. Проста часам успамінаў, як бацька сядзеў ля каменя з сярпом і каласамі, як казаў разам з Алесем клятву, як у той сіні дзень, калі запалявалі ваўка, срабрыста трубіў бацькаў рог.

Досыць неба і досыць травы,
Сёння — цябе.
Заўтра — мяне.
І тады раптам сціскала сэрца, і Алесь хутчэй сядаў, каб не ўпасці на поўны рост. Так гэта моцна было.

Пан Юры не любіў камянёў, цемры, сцен, і таму яго пахавалі проста над Дняпром, у дубовым гаі.

Маці так і не выходзіла са сваіх пакояў, у якіх замкнулася за некалькі дзён перад паляваннем. Вацлаў зноў паехаў у Вільню, а астатніх яна не хацела бачыць.

Ні з кім не размаўляла. Алеся ўвесь час ганяла па гаспадарскіх справах: відаць, не хацела, каб думаў і ўспамінаў. Калі яго не было дома, часам прыходзіла на глеістую магілу, моўчкі сядзела там некалькі хвілін і зноў зачынялася ў пакоях. Два-тры словы часам казала толькі Алесю ды пакаёўцы, і на твары яе, у тыя рэдкія імгненні, калі сын бачыў, была ўсё тая самая нязвыклая жарсткаватая непаразумеласць. Вечарам слухала даклад сына аб справах, але на другім жа сказе губляла цікавасць.

— Ідзі. Усё добра.

Гэта, аднак, цягнулася нядоўга, тыдні два. Пералом да лепшага Алесь заўважыў у тым, што матуля раптам загадала змяніць фіранкі ў сваіх пакоях, купіць у Магілёве хваёвай вады, перанесці з гардэробнай некаторыя, найбольш улюбёныя, туалеты. Сказала Алесю, каб пачаў хутчэй ставіць на цукроўні англійскае новае абсталяванне, прывезенае яшчэ панам Юрыем.

— Мне трэба быць з табою. З гэтай цукроўняй і дома начаваць не будзеш.

— Дурнік, ты ж заўсёды са мною. Мне цяпер лягчэй. Я ўжо амаль спакойная. Буду скора зусім спакойная.

Алесь узяўся за справы на цукроўні і за падрыхтоўку да вясенніх работ. Ён працаваў да знясілення. За гэтыя тыдні, пакуль маці не стала лягчэй, ён афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках. Маці загадзя згадзілася на ўсё, што ён знойдзе патрэбным зрабіць.

З гэтага часу сем тысяч сем'яў, якія належалі асабіста яму і маці (Вацлаву, як малодшаму, належала толькі некаторая нерухомасць, частка лясоў, дом у Сцюдзёным Яры, дом у Магілёве і адпаведны капітал, роўны прыблізна палове кошту зямлі без вышэйпамянёных дамоў і іншага), замест паншчыны павінны былі плаціць аброк.

На Хаданскіх і іншых гэта зрабіла ўражанне выбуху. Частка магнатаў і дробная шляхта ўхваляла адмену. Але — гэта адбылося пазней — адмяніў за Алесем паншчыну толькі Яраш Раўбіч, дый то, відаць, каб давесці нешта новаму загоршчынскаму гаспадару. Астатнія так касіліся, што пан Адам Выбіцкі і найбольш давераныя з упраўляючых малілі Алеся імем Хрыста не спяшацца.

— Спрачацца з вамі будуць, сварку завядуць. Баючыся бунтаў у сваіх вёсках. А тыя паўставаць будуць, бо вашым пазайздросцяць.

— І правільна. Яны не горшыя.

Наіўны і ўсё яшчэ маладжавы твар пана Адама чырванеў:

— Дык гаспадары ж аб'яднаюцца супраць вас. Ці мала ў іх спосабаў?! Прычэпяцца да нейкай лухты, дуэль — і ўсё… Глотку перарвуць.

— Хай паспрабуюць, — суха сказаў Алесь. — І вось што я вам скажу. Прашу вас не лічыць гэтую маю меру канчатковай. Не забывайце аб гэтым ніколі. Я пайшоў на гэтую паступавасць са зразумелай чалавечай боязі: каб перадчасна не адсеклі магчымасці весці справу далей.

— Як? — спытаў нехта.

— А вось як. Цалуйце евангелле і стаўце подпіс пад дакументам. У ім умова між мной і вамі, што вы ручаецеся сваёй маёмасцю і гонарам за маўчанне аб тым, што вы тут пачуеце.

— Княжа… — сказаў з дакорам нехта.

— Я ведаю. І ведаю, што нашы мужчыны ўмеюць маўчаць. Але, магчыма, нехта… маладой жонцы… І тады будзе перадчасны бунт мужыкоў у іншых вёсках, прыйдуць салдаты, будуць страляць і нічога не дадуць давесці да канца. Так што прашу разглядаць евангелле не як крыўду, а як знак вышэйшага майго даверу да вас. Бо ў вашы рукі я аддаю сваё жыццё і гонар…

Людзі паставілі подпісы.

— За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова надзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Большага мы пакуль зрабіць не можам, але і на гэта прыйдзе час.

У Выбіцкага былі ў вачах слёзы.

— Княжа, — сказаў ён, — гэтага мы вам ніколі на забудзем. Не трэба было евангелля, княжа.

— Ну, а маладой жонцы? — усміхнуўся Алесь.

Усе зарагаталі, зразумеўшы, што малады князь мае рацыю.

— Праўда, — сказаў Адам. — Калі нешта прасочыцца — мы ўсе адмаўляемся. І я кажу вам усім: таго, хто звякне, я заб'ю самачынна. Хто пойдзе са мной?

Людзі схілілі галовы на знак згоды.


Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга.

Алесь вырашыў перабудаваць пры першай магчымасці цукроўні, каб былі каменныя. Ён, урэшце, зрабіў тое, на што ніяк не мог адважыцца пан Юры: застрахаваць усе будынкі. І няхай навакольныя святошы лямантуюць, што гэта нібы змаганне з воляю пана бога.

Ля Азярышча заклалі на стапелях восем барлін: на кіеўскім кантрактовым кірмашы заўсёды вялікім попытам карысталася паўночная бульба для бровараў.

"Паклалі рад" з аршанскімі вапеннымі капальнямі і залажылі вышэй Оршы яшчэ шэсць лайбаў: паўднёвым заводам трэба была вапна.

Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку.

Усё адразу. Усё на гэтым тыдні, сёння, зараз. Здохнем, калі не зробім. Рызыка? Без рызыкі жыццё не жыццё. Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія.

У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету-карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла. Жонкам былі дадзены грошы, і пад гэтыя грошы да самага ворыва мужчыны пацягнуліся на аршанскія стапелі: валіць лес і ламаць вапну.

Губернатар Аляксандр Беклемішаў выклікаў быў яго да сябе і паспрабаваў крычаць, што яго дзеянні пахнуць разбоем: пагнаў людзей, збіў карчмара і сядзельцаў.

Не на таго напаў.

— Пане Аляксандр… Вось вам вартасць карчмы, а вось падманныя распіскі карчмара на ўпяцёра большую суму. Я не патрабую яе ад казны. І дазвольце мне самому ведаць, што я магу і чаго не магу рабіць у сваіх уладаннях. Спойваць народ я не дам. Раю таксама ўспомніць, што губернская казна дагэтуль вінна нашаму роду за пабудову школ і шлюзаванне Друці. Я не думаю, што мне было б прыемна спагнаць гэтыя грошы сёлета, усяго праз год пасля сканчэння тэрміну…

— Супакойцеся, — сумеўся губернатар. — Чорт з ім, з карчмаром.

— Гэта прайдзісвет. Капейку ў скарб і рубель сабе. Ціхенька прапоўз па наваколлю, а там — як Мамай прайшоў! Вы далі яму месца ў Доўску?

— Скарбу патрэбны грошы, — сказаў губернатар. — Скарб — справа святая.

— І вы казалі мне пра разбой, — з дакорам сказаў Алесь. — Я не раіў бы вам трымаць такіх людзей…

— Я падумаю, — губернатар сапраўды вырашыў не сварыцца, бо помніў, чым усё гэта скончылася для Жэгуліна, фон Берга і яшчэ некаторых, што заеліся з Вежам і таму не праседзелі на пасадзе і года. І губернатар сказаў: — У беднасці вінавата пасіўнасць тутэйшых людзей, а не мы. Аддалі гандаль у рукі стараверам ды жыдам.

Алесь засмяяўся, але так, што губернатару стала ніякава.

— Пры чым тут яны? — сказаў Загорскі. — У гэтым вінаваты мы з вамі, пан губернатар, наша нецярпімасць, наша гнілая прадажнасць… І тых і другіх гоняць за веру… У нас яны калісьць знайшлі прытулак. І мы жылі з імі добра. Нам было дзікавата, што моляцца не так, што адны трымаюць для нас асобныя кубкі, а другія чамусьці раз на год будуюць буданы і ядуць там… Ну і чорт з імі, кожны вар'яцее па-свойму… Але іх знайшлі. За тое, што ксцяцца двума пальцамі, тройчы рабілі з Веткі пустыню, забівалі, палілі жыўцом. За адзін палец здымалі галаву, а яна ў чалавека — адна. А раскольнікі — харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй — мову, звычаі — збераглі, не растрэслі… То іх у падзяку, забываючы словы Пятра, што абы падаткі плаціў, а маліся, як хочаш, мёртвых кастрамі складалі ды дзяўчат гвалціла салдатня… І іншыя дасталі… Полацкіх усіх жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі… Апрычнік у расе, пёс шалёны — Грозны, кацюга. Зрабілі ім зямлю гэтую — чужой. То чаго здзіўляцца?! З чужога — грабі!

— Князь… князь… Супакойцеся.

— Вось так, — саромеючыся прыпадку гневу, сказаў Алесь. — Гэта маё вам, пан губернатар, слова. І не вінавацьце нашых людзей у пасіўнасці. Яны проста грэбуюць гандлем, таму што гандаль таксама зрабілі разбоем. І яшчэ імя гэтай пасіўнасці — няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежала ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Ну іх да д'ябла.

Калі малады Загорскі пайшоў — губернатара доўга яшчэ нібы вадзіла. Чорт! Манеры ледзь не версальскія, мова мужыцкая, вопратка разбойніцкая, думкі — якабінскія…

Але не якабінскімі былі думкі Алеся. Балела душа, бо ўсюду было адно банкруцтва. Палі, зарослыя пырнікам, бо не было капеек на жалезную барану, варварская падсочка дрэў, знішчаная адкідамі ватнай фабрыкі рыба ў Пуцейне, бярозавыя прысады і абсады якраз на вапенніках і пясчаных землях, дзе так патрэбна вада, бязглузда асушаныя балоты — ад рэзкага зніжэння вадзянога слою пасохлі навакольныя лясы.

Страты, страты, страты… Грошы, пушчаныя на вецер.

— Лепей бы вы iмi печы палiлi, галовы яловыя!

Вёска галадуе, жыве ў цемры, зямля знясілена. Прамысловасць — саматужная, гандлю няма. І спяць, спяць усе, як учадзелыя, не ведаючы, што сон учадзеламу — смерць. І злуюцца, калі будзяць.

То цягні, цягні іх гвалтам з чаднай хаты. Няхай кусаюцца — цягні!

Вясна пазнілася. На пачатку красавіка яшчэ ляжаў снег, і было золка і дрыготка, а ноччу марозіла. У адзін з вечароў Алесь абыходзіў конскі завод. Коней трэба бало перавесці ў запасныя стайні, каб зрабіць генеральную прыборку, пабелку, чыстку. Гэта збіраліся рабіць сёння ж.

Пераводзіць было даволі лёгка. Звыклыя да вольнага выпасу ўлетку, коні і за зіму не адвыклі слухацца табуннага важака і верхавода, вогненнага жарабца Дуба. Куды ён — туды і табун. Дуб раптам здурэе і пагоніць напрасткі — і астатнія за ім.

Алесь адпусціў людзей вячэраць, а сам апошні раз аглядаў новыя стайні, а потым пайшоў па старых, каб пасля Зміцёр, Логвін і іншыя ўпраўляліся ўжо без яго. Ён хацеў памыцца, пагаварыць з маці і потым ехаць у сухадольскую зборню. Майка паведаміла, што браты і Наталя сёння гасцююць у Клейнаў, бацька астаўся дома, і яна будзе ў зборні толькі з маці, а магчыма — і адна.

Алесь сумаваў без яе. І таму спяшаўся, хацеў сёння рашуча пагаварыць з Міхалінай і неяк рассекчы нерат, у якім яны так даўно блыталіся.

Дуб быў ацяжэлы ўжо, але ўсё яшчэ магутны і грузлаваты дзікун. Касіў крывавым вокам і палохаў, задзіраў верхнюю губу, паказваючы зубы.

Алесь якраз частаваў Дуба падсоленым жытнім сухаром, калі за сцяной, на праварыне, прагучаў і рэзка абарваўся шалёны пошчак капытоў.

Дуб сваволіў і не хацеў браць. Устрывожаны Алесь кінуў яго і пайшоў быў да выхада, але ў гэты момант у стайню ўварваўся чырвоны ад ветру і хвалявання Паўлюк Кагут.

Сэрца Алеся ўпала.

— Што? — спытаў ён.

Паўлюк хапаў ротам паветра, нібы бег ён, а не конь. Нарэшце вымавіў:

— Раўбіча пайшлі граміць!..

— Хто?!

— Людзі Корчака.

— Ты што, здурэў?

— Але… Але… Забіваць будуць.

— Ды няма яго за што!

Паўлюк не мог ведаць аб размове ў чаўнах, калі Кандрат, пакутуючы за дзядзькаванага брата, навёў людзей людзей Корчака на Раўбічаў маёнтак. Ён ні аб чым не здагадваўся. Нават аб вялікім плане нападу, што песціў у душы былы півошчынскі мужык. Але ён, пястун Янькі і адзіны, з якім яна была даканца шчырая, дазнаўся ад яе, што ў "нашага Алеські з Раўбічавай паненкай зноў, здаецца, ладзіцца справа…"

Ні Кандрат, ні Андрэй нічога аб патаемным міры між Алесем і Міхалінай не ведалі.

А здарылася так. Корчаку вельмі была патрэбна зброя. І яму, як і прадбачыў бялявы Іван Лапата, ніяк не ўдавалася ўзняць вялікую колькасць людзей. Чуткі аб блізкай волі прымушалі кожнага чакаць як мыш пад венікам. Не варта было ламаць шыю, калі ўсё адно вось-вось зваліцца прыгон.

Корчак здавольваўся ўсе гэтыя гады рабункам паштовых карэт, пагрозлівымі знакамі (чалавек у масцы, стрэльба і труна) на бяросце, якія клалі на ганак арандатарам-пасрэднікам, ды зрэдку стрэлам у падатковага чыноўніка (аднаго падранілі, астатнія абышліся лёгкім перапудам).

Большасць мужыкоў ад яго пайшла ў двары, былі дома, хоць і памагалі — "на ўсякі выпадак, а можа, спатрэбіцца". З чатырма дзесяткамі верных людзей ён адседжваўся ў пушчах.

Пра яго пачалі казаць: нястрашны. Яму конча была патрэбна зброя.

Бо Чорны Багдан Война, сустрэўшы аднойчы на лясной сцежцы ўсю гурму, здзекліва паехаў проста на яе, толькі паклаўшы руку на пісталет і свідруючы людзей падазронымі вачыма. Багдана баяліся: "Як сам чорт яму памагае. Няйначай, пярэварацень", — і саступілі з дарогі.

А Багдан з'едліва ўсміхнуўся, выцягнуў пісталет і кінуў:

— На, атаман. Вазьмі. На беднасць.

Такога Корчак стрываць не мог. Гэты адзін ходзіць столькі год. І месяца не пройдзе, каб погаласка не пайшла: "Напаў адзін на паліцэйскі пост… Застрэліў… Коней адбіў і раздаў…"

І Корчак, памятаючы словы Кандрата, вырашыў: "Раўбіч — будучы сваяк Хаданскіх… Не сцеражэцца… Будзе зброя… Ухвала і падтрымка з боку Кагутоў, а значыць — і азярышчанцаў".

На Кроера ісці — было не па зубах: у таго ўсё яшчэ сядзелі чаркесы, ці што… Вялікага паходу распачаць таксама нельга: войска паўсюль. А Раўбіч не сцярогся.

Корчак сяк і так картаваў карты. Выпадала адно: ісці на Раўбіча.

…Нічога гэтага не ведалі Алесь і Паўлюк. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне.

— Адкуль ведаеш?

Паўлюк, відаць не падумаўшы, ляпнуў:

— Стаю з Кахновай Галінкай ля плота… Подаўна ўжо…

— Што? З Кахновай?

Паўлюк заліўся чырванню.

— Як жа гэта ты так?.. Ва ўласных братоў?.. Ты як ім цяпер у вочы глядзець будзеш?

І тут Паўлюк раззлаваўся:

— А што?! Самі вінаваты. Адзін аднаму дарогу саступаюць. Яна мне сказала: "Абрыдлі мне яны, Павёлка…" І потым, любая яна мне…

І тут гумар сітуацыі дайшоў да Алеся. Загорскі зарагатаў.

— "І ўстаў брат на братоў, а племя на племя…" Нічога, горшага б не было.

Сурова кунуў:

— Далей. Стаіш ты, значыць, з Кахновай Галінкай…

— Кінь… Дык вось, стаю я, значыцца… Тфу!.. І чую, ідуць людзі. А насустрач ім чалавек стаў на грэблі…

Паўлюк змоўчаў, што стаў насустрач людзям Пятрок, улюблёны Галінчын брат.

— "Прасачылі, — кажа. — Раўбіч большасць людзей на фэст адпусціў. З ім у маёнтку чалавек восем". — "Добра, — кажа адзін з тых. — Рушым". — "Хлопцы, — кажа гэты, што ўстаў, — вы хаця душ жывых не губіце. Самі душы маеце". — "Змоўч, не зацінайся". Дый рушылі.

— Даўно пайшлі? — бледны, спытаў Алесь.

— Подаўна. Больш за гадзіну.

Майка магла яшчэ быць там. Майка магла не паспець ад'ехаць… І яшчэ ён успомніў вочы Яраша, цёмныя вочы без райка, якія выпрабоўвалі… Гэта бацька Майкі. Гэта проста — Чалавек, жывы, і слабы, і моцны. Адно неўтаймаванае жаданне расло зараз у душы. Хутчэй, хутчэй ратаваць.

— Што ж рабіць? — мармытаў ён. — Што ж рабіць?

І раптам зразумеў, што рабіць. Зняў са сцяны вартаўнікову дубальтоўку, патранташ.

— Зараз ты дапаможаш мне, а потым … клікнеш людзей тут і паскачаш на Чакан. Раткевіч цяпер на хутары. Падымай усіх. Скажы — Раўбічы гінуць.

Стаў выводзіць, брытаючы на хаду, вогненнага Дуба.

— Адвальвай дзверы. Усе адвальвай.

— Ты што задумаў?

— Потым будзеш пытаць. Адвальвай.

Дзверы рыпелі, адлятаючы ад вушакоў, ляскалі ў сцены. Са стайні ляцела гігатанне.

Алесь кінуўся да рыжага інаходца.

— Як толькі крыкну — гані коней.

— На глум? Паб'юцца ж!

— Мой клопат.

Праз некалькі хвілін у загарожу пачала, як павольны паток лавы, выцякаць цёмная конская маса.

Здзіўленыя раптоўнай, у цемры, воляй, узбуджаныя коні пачалі ціха, а потым мацней і мацней іржаць, пакуль іржанне не ператварылася ў хаос гукаў. Гарачыя двухгодкі лёталі вакол табуна, узбрыквалі і хапалі храпамі адзін аднаго.

І Дуб, нібы зразумеўшы, што чыніцца непарадак, загігатаў таксама, гнеўна.

Алесь бачыў, як коні ўзнялі галовы на тонкіх шыях і замерлі. Слабае святло нованароджанага месяца мігцела ў насцярожаных дзікаватых вачах.

Час! Загорскі павольна зрушыў Дуба, а за ім, таксама павольна, стаў плысці з двара табун — сто восемдзесят галоў.

Нельга было гнаць, як ні хацелася. Коні маглі кінуцца і разбіцца аб бярвенні агарожы вакол праварыны.

Азірнуўся: апошнія з табуна міналі браму. І толькі тут падумаў, што паспяшаўся і зрабіў дрэнна, не асядлаўшы Дуба. Давядзецца ехаць ахлюпкай, як у начлег.

— Гані па людзей! — крыкнуў ён Паўлюку. І, паддаўшы пятамі ў бакі Дубу, з месца пусціў яго галопам.

За спіною нібы абурылася зямля. Рознагалосы грукат разарваў ноч.

Крычаць. Увесь час крычаць, каб хто не трапіў пад капыты.

— Гэй! Гэ-эй!..

Чорта з два пачуюць. Страляць зрэдку трэба, вось што.

Слуп агню. Грукат. Дуб збіўся з нагі, але зноў кінуўся наперад яшчэ з большым імпэтам.

— Гэй! Гэй! — язык агню. — Гэй! Табун!

Табун імчаўся за ім шалёна. Нарастаючы грукат капытоў быў неўтаймавана грозны.

Прыціснуўшыся да спіны каня, Алесь гнаў і гнаў яго. Праз ноч. Прысады. Пад шкляны звон у замерзлых лужынах.

Кінуўся нехта ўбок, за дрэва, пачуўшы тупат. Чалавек? Звер? А, усё адно! Стрэл. Крык. Пошчак капытоў.

Та-та-та, та-та-та, — рытмічна расколваў зямлю тупат.

Коні ляцелі ў ноч…

…Яраш Раўбіч стаяў, звязаны, перад чорным ганкам дома, трохі ў баку ад вялікаі галерэі. Адбіткі чырвонага агню скакалі па ягоным твары. Чуга была раздзёртая на грудзях, валасы зліпліся ад поту, на шчацэ наліваўся сіняк.

Перад ім стаяла некалькі Корчакавых людзей. Яны мала чаго знайшлі са зброі, хоць абшукалі ўжо ўвесь дом. Дзве ці тры стрэльбы, шабля. Адзін з мужыкоў ледзь варочаў абедзвюма рукамі радавую святыню — двухручны меч.

— Што напісана? — спытаў, разглядаючы вязь.

Раўбіч усміхнуўся.

— "Помні: цяжка вымаецца. Выняў — напой".

— Дзякуй, — сказаў Корчак. — Мы вынялі… Напоім, дзякуй.

Чорныя дрымуючыя вочы Корчака глядзелі з-пад белай кучмы проста ў вочы Раўбічу. Але ён не ведаў, што такое позірк Раўбіча, які вытрымлівалі адзінкі, і, прынізліва адчуваючы, што вось-вось, зараз, апусціць вочы, сказаў:

— Павярніце яго, хай пакажа, дзе…

— Баішся мяне, бандыт, — са спакойным здзекам сказаў Раўбіч.

Нехта штурхнуў яго.

— Труну сваю штурхаеш, сабачая косць.

Людзі адкаснуліся. Раўбіч стаяў і глядзеў на свой дом, на шыбах якога скакала вінна-чырвонае зарыва. Здавалася, што дом гарыць усярэдзіне. Дом, у якім ён пражыў жыццё і для якога зараз загіне.

Страху ён не адчуваў. Канец дык канец. З таго дня, як пачаў самастойна думаць, знясільвала і прыгнечвала думка аб лёсе родная зямлі, аб тым, што шчаслівыя на ёй толькі мёртвыя. То няхай ужо. Добра, што нікога няма дома.

На хвіліну ён успомніў Алеся. Дрэнна абышліся з хлопцам. Зганьбілі, аплявалі. А хлопец быў нішто. Любіў яго калісь. І вельмі, вельмі любіў Міхаліну. Дрэнна зрабілі, дрэнна.

Лютасць душыла яго. Так трапіць! Так па-дурному трапіць! Людзі знянацку, знялі, як соннага пеўня з куросадні. Людзі ўцяклі ад неспадзеўкі. Як па-дурному канчаецца жыццё. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання. І раптам нічога не ўбачыць, загінуць. Ад рук нейкай наброднай банды, якая рушыла сюды, бо ён не сцярогся. Сюды, а не на сапраўдных цмокаў.

Запясце Корчака абвіваў рамень кісцяня. Кісцень пагойдваўся. Калючы сталёвы шар, падобны на шышку дурнап'яну.

— Зброя? — спытаў Корчак.

— Не для вас назапасіў. Знайшлі тры стрэльбы — хопіць ад зайцоў адстрэльвацца.

— У цябе колькі галоў? — спытаў адзін з лесавікоў, нізкалобы хлопец.

— На адну больш, чым у цябе, — усміхнуўся Раўбіч.

— Зраўняем, — сказаў Корчак. — Дзе зброя?

Раўбіч маўчаў.

— Ану, трасяні яго. Падцягні да вогнішча, — сказаў Корчак. І нібы, апраўдваючыся, дадаў: — Будзе ведаць, як у крыжы страляць. Здзярыце з яго чугу.

Чуга лягла на скручаныя рукі, як крылы.

— Дзе?

Яраш маўчаў. Безвалосая гладкая скура паступава чырванела ад блізкага агню.

Нізкалобы раптам засычэў. Ён трымаў Раўбіча за плячо, і валасы на суглобах ягоных пальцаў пачалі скручвацца і спякацца:

— Ч-чорт!

Мужык, які толькі што адкінуў убок непатрэбны стары меч, раптам крыкнуў:

— Корчак! Пабойся бога. Што ж ты робіш, кацюга? Чаго Юстына падбіваеш? Ты ж ведаеш, ён галавою скрушны…

Нізкалобы Юстын непаразумела глядзеў на іх, трасучы рукою ў паветры.

— Змоўч! — сказаў Корчак. — Змоўч, Брона.

— Я пайду ад цябе, — спакойна сказаў Брона. — Я не кат. І ўсе мы, з Кроераўшчыны, не каты. Адна ў нас душа. А ты — як вурдалак прагны. Дачакаешся срэбнай кулі ды асінавага кала.

Белыя вейкі мужыка дрыжалі, але казаў ён з запалам, смела.

— Не будзе табе такое поспеху. Таксама і ў яго — гонар.

Корчак трохі засмуціўся:

— То што, можа, ужо васпан прапануе што?

— Забі, а не здзекуйся… Ды ён сам скажа… Скажы, пане, не губі душы.

Раўбіч глядзеў ў яго светлыя вочы:

— Ідзі, хлопча Брона, у мой пакой, трэці ад залы. Яны не знайшлі…

— Ну во, — узрадаваўся Брона. — А вы, сыраядцы…

— …а там, за шторай, вісіць мой штуцэр. Для цябе ўжо адну стрэльбу знайду. Трымай на памяць…

— А ім не скажаш? — спытаў Брона.

— Ім не скажу, — проста кінуў Раўбіч. — Яны расамахі. Падлай харчуюцца. Кроў не па іх. — І, памаўчаўшы, сказаў: — Дабівайце, ці што.

Брона глядзеў на Яраша са спакойнай варожасцю і павагай.

— Т-так, — сказаў Корчак. — І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш?

— Але.

— Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду.

— Не трэба яму тваёй падзякі, — спакойна сказаў Брона. — Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго.

Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю.

— Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна.

— Я не баюся.

Брона пабег па штуцэр і прынёс яго.

— Ух-х, які, — усміхаўся ён. — Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер…

Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку.

— Ну, дзякуй… Ты — нічога!.. Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, — спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: — Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там?

— Я разумею, — проста сказаў Раўбіч.

— Вядзіце коней, хлопцы, — сказаў Корчак. — Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. — І усміхнуўся: — Мо і для мяне нешта знойдзеш?

Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой.

— Ды я жартую, — сказаў Корчак.

Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства.

Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма.

— Маліся, — сказаў Корчак.

Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў-латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць.

Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню.

— " Воіны бога прыйшлі па мяне", — спакойна чытаў Раўбіч.

Корчак адышоў да коней.

— "Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі — і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі — і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў…

…Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны".

Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка-далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога…

— "Як чорны агонь былi вочы iх: Як сухая трава ў агнi былi валасы iх: Як вежы ў пажар былi крылы iх: Як расплаўненая сталь былi мячы iх.

…І разверзлася неба — і пажар быў за спінамі іх.

Але не трапятала душа мая".

Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два.

— Што такое? — спытаў Корчак.

— Вялікі атрад, — сказаў нехта.

— Войска, — мармытнуў Юстын. — Наўцёкі, хлопцы!

— Ці-ха! — сказаў Корчак.

Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была.

— І праўда до, — сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. — Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй.

Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу.

Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча.

— "Бо не баяўся я смерці дзяцей — ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…"

Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.

Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.

…Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома — у іх білі сякерамі, — зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека.

Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла.

І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер — коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню.

Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам.

— Пан Яраш! Пан Яраш!

…Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці.

— Нічога, — рэзка сказаў ён. — Дзе салдаты?

— Якія салдаты? Я адзін.


У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў.

— Няўдача, — сказаў Корчак. — Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў.

Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў:

— Нічога. Аднаго такі каюкнулі.

Брона паціснуў плячыма.

— Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы.

— Ты што?

— Часу не было. Калі я ўдарыў яго — мне здалося… корд напаткаў жалеза.

— Бран-за-лет, — пахаладзеў Корчак.

Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым.

"Воіны бога прыйшлі па мяне".

Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.


Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы.

— А салдаты?

— Ды адзін я, адзін. Уставайце. Яны паўцякалі.

Раўбіч убачыў успенены табун, што ціснуўся далей ад агню. Перад табуном стаяў, прыціснуўшы вушы, вялізны жарабец і глядзеў на полымя.

"Конь нябожчыка Юрыя. На ім ён быў, калі папярэдзіў… Тады, ля кургана. Не, ніколі не пайшоў бы пан Юры ў закалат".

І гэты… Сапраўдны, адзін. Прыскакаў і садзьмуў іх, як віхурай. І ўбачыў яго на зямлі, ачмурэлага. Яшчэ, можа, падумаў, што самлеў, як баба.

Яраш адчуў страшнае прыніжэнне. Ён, мужчына, а васьмю слугамі, са зброяй у доме, трапіў у рукі гэтым свінням і цэлую гадзіну цярпеў здзек, нібы чакаючы, што гэты шчанюк з'явіцца на дапамогу. Адзін, з бескарысным, як лёсачка, драбавіком у руках. Прыскакаў на дапамогу таму, каму "помсціў пагардай". Вядома, такім трэба скакаць на дапамогу, хіба яны самі абароняцца?

— Уставайце. Яны не паранілі вас?

Яраш нечакана лёгка ўзняўся, пачаў быў абабіваць бруд з жывата і каленяў і ледзь не застагнаў. Прыніжэнне шматавала яго. "Адзін… Адзін… Божа мой, ратуй мяне ад ганьбы… Ратуй мяне ад гэтага ўратавання".

Каб Алесь сказаў тое, што хацеў сказаць: "Хутчэй, пан Яраш, могуць вярнуцца, а нас двое", — усё, магчыма, абышлося б. Раўбіч убачыў бы ў ягоным учынку простую смеласць, жаданне памагчы бацьку дзяўчыны, якую кахаў.

Але ён не сказаў гэтага. Проста ўбачыў Ярашавы вочы і страшэнна здзівіўся. У вачах было нешта бязмернае і страшнае.

— Маеш маё жыццё, — глуха сказаў Раўбіч. — Трэба будзе — аддам.

— Нашто так?

— Я яго не хацеў. То хіба не ўсё адно, каму аддаць?

— Пане Раўбіч…

— Я дорага даў бы, каб гэтай дапамогі не было.

— Грэбуеце браць з рук? — абражаны, спытаў Загорскі.

— Не бяру падачак.

— Бацька… — зрабіў апошні крок Алесь.

Можа, Раўбіч і зразумеў бы, каб глядзеў у вочы. Але ён глядзеў убок.

— Я ні аб чым не прасіў. Ні наогул людзей, ні асабіста вас.

Коннік круціўся ў моры агню. І, адчуваючы, што і сам ён такі, Алесь сказаў:

— Прабачце… Каб я ведаў, што гэта так, — я прыслаў бы замест сябе слугу… Я меў нахабства падумаць, што я зраблю гэта лепей за яго… Відаць, дарэмна.

Голас быў сумны і строгі.

— Вы сёння маеце права казаць мне ўсё. Але таму я і не хацеў жыцця з вашых рук… І таму я ўзяў жыццё з рук хлопа, што разрэзаў мае вяроўкі… — Раўбіч хацеў хоць чым-небудзь уразіць гэтага чалавека, пасеяць у ім хоць цень сумнення ў тым, што ўратаваў ён. — Хлопы лепшыя за вас, — скончыў ён.

— Вы ўжо лічыце гэтыя вяроўкі сваімі? — сумна спытаў Алесь. — Хутка прывыклі. А хлопы сапраўды лепшыя… Лепшыя за нас… Больш высакародныя і ўдзячныя… Бывайце, Раўбіч. — І пайшоў да свайго жарабца.

Пару разоў ён спрабаваў сесці і зноў ставіў нагу на зямлю. І толькі потым, сабраўшыся з сіламі, ускінуў цела на спіну Дуба. Моўчкі крануў з двара.

Табун павольна пацягнуўся за ім, пакідаючы дом, у вокнах якога скакалі зарыва, полымя і постаць пасярэдзіне паплаўца.

Самотны коннік круціўся ў моры агню…


Жыццё сабе ішло і ішло, нібы нічога не здарылася, і дзед па-ранейшаму, але ўжо за сябе і за нябожчыка сына змагаўся за як найбольшую справядлівасць у вызваленні людзей.

Яшчэ раней імператар даручыў генерал-ад'ютанту Якаву Растоўцаву, што падаў калісьці сваю прапанову[38] адмены, кіраваць падрыхтоўкай рэформы, тым самым ухваліўшы яго думку і даўшы зразумець, што праекты губернскіх камітэтаў састарэлі. Для рэдагавання іх у сакавіку былі арганізаваны дапаможныя ўстановы пры галоўным камітэце — рэдакцыйныя камісіі, што тады ж селі за працу пад кіраўніцтвам Мікалая Мілюціна[39].

Людзі Мілюціна і ён сам былі ўсё ж лепшыя за многіх. Не лібералізмам, а тым, што гэта былі звычайныя людзі. Цікава, што магло б здарыцца, каб вызваленне, няхай намінальна, даручылі былому шэфу жандараў, а ў той час старшыні Дзяржаўнага савета і камітэта міністраў, Аляксею Арлову? Ад мінулага ў яго асталіся пэўныя схільнасці. У сучасным было поўнае фізічнае і маральнае падзенне, аж да таго, што ён маўчаў, поўзаў па падлозе і еў з пастаўленай на ёй місы, як сабака[40]. Невядома, што магло апраўдаць знаходжанне такога чалавека на высокай дзяржаўнай пасадзе. Тут не магло быць нават пытання аб дэкоруме, але гэта факт. Поўны вар'ят, жывёла з замашкамі жандара, больш за год займаў гэты пост. Не першы і не апошні выпадак. І пасля гэтага нехта мог казаць, што "Гісторыя горада Глупава" — пасквіль.

Так званыя "вяршкі грамадства", разбэшчаныя наскрозь, звар'яцелыя ад выраджэння, тупыя, кіравалі людзьмі, якія ва ўсіх адносінах былі вышэйшыя і лепшыя за іх. Унутранымі справамі Расіі тры гады кіраваў Бібікаў, адзін з найбольшых містыкаў таго часу; ён рэгулярна па начах выклікаў дух нябожчыка сына, які памёр у Дрэздэне, і нібы гутарыў з ім. І такія людзі маглі казаць бязвольнаму цару словы падзякі за тое, што ён вызваліў "20 millions de pauvres petites shevilles"[41]. Нават дэмагогу Валуеву гэта не спадабалася.

"Бедныя болцікі" рабілі найвышэйшую справу на зямлі, прымушалі зямлю раджаць. А тыя, хто сядзеў над імі — арганчыкі, спірыты, вернападданыя балваны, эратаманы і педэрасты, жывёлы, што елі з падлогі, — якую справу рабілі на зямлі яны?! Ніякай, акрамя арганізаванага рабунку, марнатраўлення жыцця і смактання апошніх сокаў з гэтай няшчаснай зямлі. Нездарма самыя цынічныя і разумныя — а магчыма, і легкаважныя — з іх казалі пра puces qui vont chercher leur ptyre jusque des régdions interdites[42].

Растоўцаў таксама быў спірыт і містык. Аднак гэта не перашкаджала яму змагацца за зямныя даброты. Я не ведаю, ці лічыў ён, што цень чалавека на тым свеце атрымлівае ў аднаасобнае карыстанне цені тых рэчаў, якімі валодаў на зямлі. Але было падобна на тое. А можа, ён проста лічыў, што іншыя людзі як сабе хочуць, а ён, Якаў Растоўцаў, ніколі не памрэ. І сапраўды, яму было ў той час толькі пяцьдзесят шэсць год, і мінула ўсяго трыццаць тры гады, як у казцы, з таго часу, калі ён здрадзіў дзекабрыстам. Ён паспеў стаць мярзотнікам у дваццаць два гады, калі большасць не паспявае яшчэ зрабіцца нават проста людзьмі, а не тое што страціць гонар і прыстойнасць. І ён ведаў, што здраджаныя ім загінулі, як і тысячы іншых (сумленныя, часцей за ўсё, мала жывуць), а ён існуе.

Ва ўсякім разе, ён трымаў сябе так, быццам быў бессмяротны, і імкнуўся як мага хутчэй здзерці сабе і тысячам такіх, як сам, усё, што магчыма — і больш за гэта — з народа, які "высочайше доверили" яму.

Вежа бурчаў:

— Старая шлюха! Як ён у вочы здраджаным глядзіць? Яны ж, некаторыя, вярнуліся з астрогаў, часам даводзіцца глядзець у вочы. Баіцца. Каб тыя, на Сенацкай, не стаялі, а ўзялі іх усіх у рукі — Яшку б першаму на слупе вісець.

Але "старой шлюсе" не было аніякай справы да таго, што аб ім думаюць. Ён спяшаўся хапаць. Хапаць як мага, колькі стане сілы. Хапаць, нават пакідаючы пасля сябе голую зямлю. Яму аставалася жыць, калі пачаліся пасяджэнні рэдакцыйных камісій, дзесяць месяцаў і дваццаць сем дзён, але ён гроб і дзёр, вельмі нагадваючы таго чалавека, з якога смяяўся пераапрануты анёл казкі, бо той выбіраў сабе на рынку як наймацнейшыя, прынамсі на год, пантофлі, не ведаючы, што заўтра раніцай яго абуюць у іх, кладучы ў труну. Памёр ён 6 лютага 1860 года, нарабіўшы перад гэтым колькі мог злога.

На гэтым, уласна кажучы, ён мог бы і скончыць, як усе людзі на гэтай зямлі, але ваяўнічы "старец" не ўгаманіўся і пасля смерці, спрабуючы, насуперак усім законам натуры, і з таго боку магільнай пліты ўплываць на справы асірацелай без яго зямлі.

Гэтая не зусім звычайная і пад корань падсякаючая злашкодны матэрыялізм гісторыя адбылася нешта на пачатку студзеня 1861 года. Маніфест аб вызваленні яшчэ не было, і, зразумела, нябожчык яшчэ блукаў па сваёй кватэры, занепакоены, як жа гэта ўсё абыдзецца без яго.

У пакоях былой кватэры Растоўцава жыў генерал-ад'ютант Пуцята, таксама спірыт, чалавек, які выклікаў д'ябла і пагражаў яму, што ў выпадку ідэйных рознагалоссяў ён паскардзіцца на яго обер-пракурору сінода і камітэту міністраў.

Па сумяшчальніцтву з містыкай гэты чалавек займаўся яшчэ выхаваннем юнацтва ў духу адданасці радзіме і прастолу, таму што займаў пасаду начальніка штаба ваенна-навучальных устаноў, і такім чынам, ваенная моц імперыі часткова залежала ад прывідаў, а здані, што насялялі пакоі генерала, — ад яго служэння ваеннай магутнасці дзяржавы, а за гэта служэнне Пуцята атрымліваў цалкам матэрыяльную пенсію і сімвалічныя чыны і ордэны. Такім чынам Пуцята на практыцы вырашыў адзінства матэрыяльнага і ідэальнага ў прыродзе.

На пачатку студзеня ў пакоях Пуцяты чутны былі дзівосныя гукі. На пытанне: "Ці не Якаў Іванавіч?" — пачуўся трохкратны стук у дзверы, і па пакоях павеяла магільным холадам.

Потым магічны аловак даў на зададзеныя пытанні наступныя адказы:

— Што табе патрэбна тут?

— Агонь, — адказаў аптымістычна настроены мярцвяк.

— Для чаго?

Схільны да рашучых дзеянняў, ваяўнічы нябожчык адказаў:

— Ваяваць!!!

— Каму ваяваць?

— Міністрам.

Пэўна, здань даведалася ў нематэрыяльным свеце аб нечым ганебным для яе гонару, чаго яна не ведала на зямлі.

— З кім?

— З падступным князем Канстанцінам.

— Які канец?

— Уседзяржыцель! Магіла!

Устрывожаны і ўражаны да глыбіні душы, Пуцята зрабіў даклад аб гэтым Мураўёву-вешальніку, у той час міністру дзяржаўных маёмасцяў, а той — графу Адлербергу, міністру імператарскага двара і ўдзелаў, пасля чаго яны ўтрох падзяліліся гэтай астральнай размовай, вядома ж, з шэфам жандараў і начальнікам трэцяга аддзялення Далгарукавым, тым больш што ён быў не абы-якім знаўцам тагасветнага яшчэ з часоў справы Сялецкага[43]. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды — рэч ідэальная, і пасадзіць іх нікуды нельга. Таму раздумалі.

А паколькі сігналы былі трывожныя — усе чацвёра ўпалі ў паніку і доўгі час знаходзіліся ў разгубленасці, што ж цяпер рабіць?

…Але да скону Растоўцава яшчэ аставаўся час, а рэдакцыйныя камісіі не згаджаліся з ім да канца. Без зямлі вызваляць было нельга, бо "мужык" — гэта не толькі яго ўласнае, нікому не патрэбнае жыццё, не толькі яго "побыт", але яшчэ і плацёж дзяржаўных павіннасцяў. Акрамя таго, улічвалі, што вольнаму бездамоўніку не трэба шукаць сякеры ў сенцах, а касы — на другім канцы сваёй сенажаці, дзе ўчора забыўся на яе. І тое і другое было заўсёды пры ім.

Вырашана было зямлі даць больш, а павіннасці зменшыць, хоць і не настолькі, як аб тым лямантавалі Магілёўская, Цвярская і яшчэ адна-дзве губерні. Нельга было дапусціць, каб беззямельны замнога аддаў былому пану, — скарбніца дзяржавы была спустошана. Замест вотчыннай улады было дэмакратычна прапанавана сялянскае ўпраўленне… пад наглядам паліцэйскіх органаў.

Камісіі працавалі пяць месяцаў і скончылі чарнавы праект, але адразу пасля гэтага пачалася валтузня і віск "пакрыўджаных". У Пецярбург ляцелі заўвагі ад тамбоўскіх, тульскіх, маскоўскіх паноў. Цара заклікалі не даваць веры "лібералішкам". Дэпутаты ад губернскіх камітэтаў паехалі ў сталіцу рабіць змены ў праекце.

— Я туды не паеду, — сказаў дзед. — Загадзя скажу, што будзе. Мяккацелыя пачнуць дабівацца неадкладнага выкупу, няцяжкага для іх, суда і публічнасці, а гасудар, у невымоўнай сваёй літасці і ўвазе да тых, хто любіць прастол, пакажа ім хвігу.

Як у ваду глядзеў. Сапраўды, на ліберальным цвярскім "адрасе пяцёх", "ни с чем не сообразном и дерзком до крайности", было накрэслена гасударам "замечание авторам" за "неправильные и неуместные свои домогательства".

Лібералы Масквы прасілі аб маленечкім прадстаўніцтве і атрымалі ў адказ толькі тры словы:

— Ишь, чего захотели.

Заўвагі камісіі — нават гэтыя заўвагі! — палічылі занадта левымі і выправілі.

Але на практыцы не было дадзена і гэтага. Адразу пасля таго, як Растоўцаў накіраваўся ў сваё, такое неспакойнае для ўсіх, замагільнае падарожжа, на яго месцы сеў міністр юстыцыі граф Панін, таксама спірыт, і падтрымаў крайніх "правых". Нормы зямельных надзелаў былі зменшаны, павіннасці — узраслі.

Алесь лазіў па сходах, мастках і кацельных памяшканнях цукроўні. У гэты час — пачатак красавіка — яна амаль не працавала. Толькі ў адным з цэхаў ішла апрацоўка яшчэ з восені нарыхтаванага паўфабрыкату. Зрабілі запас, каб не было вялікіх прастояў.

Ішла крышталізацыя і прабелка цукру. Алесь ішоў уздоўж рада, аглядаючы бляшаныя і гліняныя прабелачныя формы.

— Колькі людзей працуе падчас таркавання буракоў?

— У дзвюх зменах мужчын-чорнарабочых — дваццаць пяць, жанчын — каля двухсот, — адказаў чырвоны, як памідор, сівавусы цукравар — механік з Гамбурга.

— Ну вось, а цяпер пяцьдзесят, — сказаў Алесь. — Амаль на чвэрць знішчана сезоннасць, пан Ліхтман. А вы пратэставалі супроць паўфабрыкатаў.

— Я і цяпер пратэстую. Цукар горшай якасці.

— А колькі бурака гіне падчас завальнай працы? Нагамі па ім ходзяць, гніе ён, у малясе павышаны працэнт цукру. І потым… няхай горшая якасць. Вы маеце пенсію круглы год, і вам трэба хоць раз падумаць, што адчувае сезоннік. Пяцьдзесят чалавек атрымліваюць свае грошы на пачатку красавіка, як быццам гэта дзесятае кастрычніка, пачатак поўнай загрузкі цукроўні.

Ён амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе чырвоныя, як гномы, качагары махалі шуфлямі. У кацельных свістала пара, дробна дрыжалі льсняныя ад масла цыліндры. Працавала паравая машына высокага ціску на дзесяць конскіх сіл, што прыводзіла ў рух цэнтрыфугі.

…Усё, здаецца, ладзілася. Скончаць адбелку — трэба пачынаць рамонт гэтай цукроўні. Вялікі рамонт: мураваны будынак на тры паверхні, два будынкі драўляныя. Пашырэнне другой цукроўні, устароўка на ёй машын і посуду, купленых у Англіі і Берліне. Пабудова асобнага будынка яшчэ на два паравыя катлы.

Выбіцкі, немец і майстры ледзь паспявалі за ім. Майстроў на гэтай цукроўні было пяць, усе беларусы: майстра — механік, каваль, слесар, меднік і сталяр.

— Тры гідраўлічныя прэсы, — казаў Алесь. — Тры, што патрабавалі рамонту. Механік!

Механік быў падобны на корч: тупы з выгляду, страшны мужык. Так усе і лічылі. Але Загорскі аднойчы бачыў, як ён, правяраючы каласнікі, адзін у кацельнай, стаяў, абапершыся на шуфель, і, заліты чырвоным ззяннем, заплюшчыўшы вочы і пяшчотна пагойдваючыся, спяваў: "Не для мяне яна, вясна, не для мяне Дняпрова повень". Спяваў прыгожым душэўным тэнарам.

— Маленькі, з шасцідзюймовым пістонам, адрамантавалі, — сказаў механік. — Два вялікія, дванаццацідзюймовыя, — вось-вось…

Алесь здзіўляўся, чаму гэта большасць людзей нібы саромеецца гаварыць пра грошы і свае да іх адносіны. Гаспадарка — калі ласка, палітыка, мастацтва, трасца, халера, хоць зараз. А як грошы — стоп!

Вядома, грошы былі "агідным металам", "нікчэмным металам", але пакуль што ўсім даводзілася жыць у свеце, дзе без іх не абыдзешся. І не маглі ў гэтым свеце існаваць ні гаспадарка, ні палітыка, ні мастацтва — не пацершыся аб той метал, без яго. А між тым усе маўчалі аб ім, робячы выгляд, як бы яго і не было.

Героі кніг жылі, нібы ў іх быў неабмежаваны крэдыт. Героі не ведалі, колькі каштуюць боты, цялячая нага або фунт вось гэтага цукру. А гэта ж было цікава, бадай як паэзія, хоць і далёка не высакародна.

Грошы часам знішчалі існае. Але што ні кажы, гэта яны ж рухалі шматлікімі сіламі на зямлі, гэта яны прымушалі многіх выдзірацца з балота адсталасці, напружваць розум і мускулы, змагацца.

Галоўнае, самае першае ў кожным народзе, было тое, як ён урабляе палі, будуе дарогі, наводзіць масты, якія машыны стаяць на яго фабрыках і, урэшце, як ён зарабляе і як выдаткоўвае гэты самы "агідны метал".

Алеся здзіўляла, чаму, напрыклад, любімы Пушкін зусім нідзе не казаў аб тэхніцы, а аб эканоміцы абмовіўся ў двух-трох нязначных урыўках, у той час як маёнтак Ганчаровых зваўся "Палатняны завод", а самому паэту даводзілася часта і пакутліва думаць пра грошы.

Гэта было, вядома, таму, што паэты, калі яны сапраўды паэты, хочуць аддаваць сябе ўсім часам і не старэць ніколі. Вернасць была і астанецца вернасцю, каханне каханнем і смерць смерцю, а вось гэтыя два чыгунныя беспаветраныя апараты (адзін для выпарвання, другі для канчатковага згушчэння сіропу) давядзецца сёння ж выкінуць на сметнік, а замест іх паставіць другія, новыя, якія таксама з часам састарэюць.

І Алесь думаў аб тым, што калі-небудзь, калі нейкі боўдур зацікавіцца ім, Алесем Загорскім, і яго суседзямі, ён проста не здолее прайсці паўз гэтыя апараты, якія Алесь сёння выкіне, паўз паравую машыну — у дваццаць конскіх сіл, магчыма, вартую жалю для яго! — для прыводу ў дзеянне таркі і насосаў, паўз другую, у пятнаццаць конскіх сіл, што выцягвае паветра з апаратаў і пампуе ваду для ўсяго завода.

Галоўнае, вядома, будзе для гэтага чалавека не тое. Галоўнае будуць яны, жывыя, іх каханне, ярасць, свары, пакуты, змаганне са зброяю ў руках, прывычкі, карціны на сценах. Але ён не здолее абысціся без гэтай, смешнай яму, цукроўні, бо гэта аніяк не другараднае, бо на гэтым узрасло ўсё ў ягоным жыцці, бо без гэтых катлоў і тарак не было б і Мантэньі ў загоршчынскай галерэі.

Нельга было прайсці і паўз гэтую апаратуру для варкі соку. Нельга было не адзначыць, што ў кожны дыфікацыйны кацёл уваходзіць гэтага соку сто дваццаць вёдраў… Гэта ўсё быў "божа-цукар", без якога не можа жыць і мысліць ніводны мозг: ні ягоны, ні таго, хто зацікавіцца ім, ні мозг тых, каму ён будзе расказваць.

Можна спытаць, а што ім да з'едзенага сто год назад цукру? Лухта?

Цукар і хлеб былі адзінымі вечнымі багамі, якія сапраўды кожны год уваскрасалі не так містычна, як Азірыс і Хрыстос, Адоніс і Тамуз усевялікі; яны ніколі не знікалі, ператвараючыся ў нервы, плоць і кроў. І каб чалавецтва аднойчы перарвала гэтую вечную эстафету, нават каб адзін ён, Алесь, перарваў яе, не было б каму слухаць.

Калі б у яго быў талент і ён, Алесь, пісаў кнігу аб сярэднявеччы, ён не мог бы пакінуць без увагі ні варштатаў, на якіх ткаліся слуцкія паясы, ні тагачасных маслабойняў, ні таго, як і па якіх рэцэптах варылі тады піва. Бо гэтага не бачыў ніхто, бо, як бы і што ні казалі, галоўнае у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек, які адліваў сталь для дзіды, ткаў аксаміт, вырабляў паперу, на якой пісаліся загады.

Улады рабілі з чалавекам, што хацелі. Працаўніка яны прыдушвалі працай і рабілі рабом праз яе. Інтэлігента яны разбэшчвалі ідыёцкімі кнігамі, атрутай навязанага гультайства, лянотай і зноў-такі ператваралі ў раба.

А справа ў тым, што кожны чалавек больш за ўсё, нават не адчуваючы гэтага, прагне справы, дзейнасці, віруючага функцыяніравання сярод падобных сабе.

Капаць, біцца, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць масты, бубнець пад нос нованароджаныя вершы, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, — іначай не варта і жыць.

А замест гэтага Гедымін бубніць аб словах "вучыся паміраць" і "простым салдацкім плашчы", замест гэтага боўдур Рунін змагаецца за маральную чысціню студэнцтва (даносамі) і вякае аб "кансерватыўных славянах", замест гэтага чысцейшы Раўбіч кажа аб "кодэксе гонару".

"Чорта табе, а не кодэкс гонару! Я вось зараз палезу пад кацёл і пагляджу, што там з папельніком… Хлусня! Рабства ў ілжы!.. Хочаце забіць мяне, а я не дамся! Ды я здох бы даўно, каб не працаваў! Стаў бы трупам, амёбай, смаўжом.

Я шукаю жывога, а не торкаеце мне і ўсім крыж на Сафіі і сусветнае панаванне. Але вы забылі адно, панове, што вы пакінулі мне працу і менавіта таму ў вас нічога не атрымаецца са мною і з тысячамі іншых.

Менавіта таму вы і пралічыліся. Менавіта таму, што вы не можаце забараніць працу — мозг чалавека ніколі не ўспрыме велічы ў курэнні ладану.

Бо калі вы спыніце кола — вы спыніце жыццё. Наогул жыццё. І перш за ўсё сваё.

І пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца. Адзіная з усімі на зямлі…"


Нехта бег, грукочучы, па жалезных сходах.

— Паніч! Паніч! Княжа Алесю!

Кiрдун. Распатланы, бледны, без шапкi i чугi.

Выціраючы рукі прамасленай анучай, Алесь нездаволена адарваўся і ад разабранага гідраўлічнага прэса і ад сваіх думак:

— Што здарылася?

— Пані Антаніда!

— Што?!

— У непрытомнасці.


У пакоі маці цьмяна мігцела адзіная свечка. Цёмныя шторы былі апушчаныя. Ледзь вымалёўваліся срэбныя і хрустальныя грані флаконаў на начным століку, маціцай блішчала італьянская маёліка пад шклом.

Вельмі не гарманіраваў гаркаваты пах парфумы з візантыйскай яшчэ, на кіпарысавай тоўстай дошцы, "Траеручыцай". Трэцяя рука вырасла, каб утрымаць сына, што падаў у студню, бо дзве другія былі занятыя. Ікона была па сутнасці ерэтычная, але добрая чалавечай дабрынёй, не ў прыклад другім візантыйскім іконам.

Такую дабрыню ў вачах Алесь бачыў яшчэ толькі на адной — таксама візантыйскай — іконе, на іконе "Уладзімірскай маці божай".

Пані Антаніда ляжала на канапе чамусьці пераапранутая ў самы свой улюбёны святочны строй: белую з золатам, аблямаваную валансьенскімі карункамі сукню і белыя з золатам, да смешнага маленькія туфлікі.

Твар у святле свечкі быў слаба-ружовы, гаротныя вейкі апушчаны.

Алесь нахіліўся над ёю:

— Што з табой, мамцю?

— Не ведаю. Пераапранулася… Раптам закруцілася ў галаве.

— Відаць, рэзка ўстала. Ты клікала мяне? То я пасяджу.

— Так, цяпер пасядзі.

Цёмна-шэрыя і шырокія вочы глядзелі на Алеся пільна.

— Які ты! Працаўнік. Гаспадар.

Алесь убачыў сябе ў туалетным люстры. Пыльны, з сяк-так выцертымі рукамі, непрычасаны.

— Пайду памыюся і пераапрануся.

— Не. Не трэба. Ты харошы вось такі. Табе ніколі не казалі дзяўчаты, што ты прыгожы?

Алесь сумеўся.

— Прыгажэйшы, чым прадзед Акім. Усё лепшае, што было ва ўсіх нашых, ты ўзяў сабе.

— Ма-аці, — з ціхім дакорам сказаў Алесь.

— Не буду, — сказала яна. — Гэта я адзін раз у жыцці.

Усмешка яе была сумная і слабая. І чамусьці ў Алеся ад гэтага нешта як павярнулася ў сэрцы.

На хвіліну ён заплюшчыў вочы, а калі ўзняў векі — убачыў, што маці глядзіць на яго, нібы шукае суцяшэння.

— Загінуў бацька, Алесь. Што ж рабіць?

Што ён мог адказаць на гэта…

— Вясна? — спытала.

— Вясна.

— Лебедзі лятуць?

— Але. Хоць яшчэ сям-там снягі.

Апусціліся веі. Алесь бачыў, што шчокі ў матулі трохі ружавеюць, нібы яна збіраецца з сіламі.

Прадчуванне нейкай няяснай трывогі закралася ў Алесева сэрца.

А шчокі маці ўсё ружавелі. І ўсё больш напружваліся плечы пад карункамі.

— Я казала яму: не ідзі, не забівай мядзведзя. У яго босыя ногі. Ён быў галодны і ратаваў сваё жыццё. Як мы… Усё ратуе сваё жыццё… Усё было балюча. Жыць — балюча, жывіцца — балюча, дыхаць — балюча.

Голас у яе быў жаласныы і танюткі.

— Ма-аці!

— Слухай. Слухай мяне. А рыбы як дыхаюць, бязмоўна крычаць на дне чаўна. У адчаі. Многа рыб.

— Яны халодныя, — недарэчна сказаў Алесь.

Яна працягнула да яго руку. Нейкую незвычайную сёння, чамусьці зусім кволую і малую, як і ўся яе постаць, руку.

— Мама, мы разумныя істоты.

— Можа, ёсць і больш разумныя…

Твар маці гарэў бы ў ліхаманцы; цёплыя звычайна, вочы блішчэлі, неспакойны рот крывіўся. І напружана, высока ляжалі на падушцы плечы.

— Лічым усіх ніжэйшымі за сябе. Гардыня, подлая самаўпэўненасць! Яны, маўляў, нямыя, гэтыя звяры. А мы можам сказаць, хто мы і нашто? То хто мы перад жыццём — не нямыя?

Нібы адганяючы нешта, яна пакруціла галавой.

— Яны не гавораць.

— А можа, мы не чуем? Можа, калі красуе жыта, яно адчувае тое, што і мы, кахаючы, і ў радасці хістаецца з канца ў канец і мяняе колер на лілаваты, бо ўбіраецца, і шуміць-шуміць само сабе. Ты ведаеш, што адчуваюць каласы пад сярпом? Толькі яны не могуць ні ўцячы, ні крычаць. Не дадзена ім. Ну і што? Нам паляцець таксама не дадзена. А мы, глушцы, кажам: мо-ожна, бо яны нямыя. І каласы нямыя, і звяры. А адсюль не так ужо далёка і да дзікіх людзей. Яны таксама нямыя, мармычуць невядома што. І мы іх, моцныя, бяром, як трусяня, ды — далонню за вушамі.

Жаль раздзіраў глотку Алеся.

— Прыгон, — сказала маці. — Адмяні яго, Алесь, адпусці, калі ласка, людзей. Забі яго, Алесь, бо гэта таксама людаедства…

— Я зразумеў, маці. Я ведаю…

Маці, відаць, не хацела, каб Алесь заўважыў яе слабасць. Алесь сабраўся з думкамі:

— Я ведаю галоўнае. Тое, што чалавек павінен жыць толькі для разнявольвання людзей. Ён нікога не павінен хваліць, нікому не павінен спяваць оды. Бо оды — гэта толькі сцвярджэнне таго, што існуе, замацаванне яго на мёртвай кропцы, здрада руху чалавецтва. Ніякай пахвалы, толькі вечнае разнявольванне людзей. І няхай на гэтым шляху нават шыбеніца. Іншага выйсця няма.

Радзімка-мушка над верхняй губой матулі варухнулася ад слабой усмешкі. Зноў напружыліся плечы.

— Так… Так… А потым вайна, турмы, шыбеніцы, забойствы. Слабы малодшы народ. Нямы слабейшы сусед. Вінаваты таму, што слабы. І таму — забівай! Нічога, бог даруе.

Маўчанне.

— А не даруе бог! Ох, як ён не даруе калісь! Забіваць сябе будзеце, толькі каб не глядзець у вочы апошняму.

Зноў паўза.

— Свет, у якім нікому не было б страшна жыць.

Яна сказала гэтыя словы, нібы ўзважваючы. І раптам зноў пачала адганяць нешта.

— Ох, які жорсткі, жорсткі чалавек… Крывёю, плоццю, дыханнем іншых… Забіваць, каб жыць, якая лухта! Якое кола безвыходнае. Клічам да дабрыні. Як можам вырасці да сонца, калі прыкутыя забойствам да зямлі?

Шырокія шэрыя вочы ліхаманкава гарэлі:

— Нават не дзеля тых, каго забіваем. Дзеля сябе. Бо не можа быць чалавекам той, хто забіў… Таму, каго забілі, лёгка. А вось той, хто забіў… У-у.

Заплюшчыла вочы:

— А потым прыходзіць расплата і для нас. Прыходзіць і вяжа па руках, кідае на спіну, — голас стаў раптам цвёрды. — Не, я пайду адсюль не так… Перамагчы…

Нешта такое мяцежнае было ў голасе мацi, што ён раптам кiнуўся да шторы i са звонам рассунуў яе.

Аблічча было жывое толькі пры ружовым святле свечкі. Акрамя вачэй ды дзвюх ліхаманкавых плям на шчоках — жывога ў ім не было нічога.

— Што?! — амаль крыкнуў ён.

— Нічога. Проста я пятнаццаць дзён нічога не ела.

Халадзеючы, ён раптам зразумеў, чаму шторы… чаму свечка… чаму яна тады павесялела і стала роўная да ўсіх і ўсяго.

— М-ма-а!.. — кінуўся ён да дзвярэй.

— Стой, — ціха сказала яна. — Дзеля мяне пачакай, ну! — Вочы былі такія пагрозлівыя, што ён спыніўся. — Я павінна сказаць… Праз пяць хвілін пойдзеш… Ну… Хадзі сюды… Дзеля памяці бацькі.

Ён сеў ля яе. Яна ўзяла яго за руку.

— Слухай, няхай нават позна… Ведаеш, як я пакінула есці — мне стала лёгка… Упершыню ў жыцці… Я нікому не вінная.

— Але гэта смерць! Мама!

— Так. Гэта зачараванае кола. Дарогі, каб вырвацца, чалавеку не дадзена. Або знікай, або забівай. Вар'яцкая прыдумка. І таму мы асуджаныя. Няма выйсця.

— Мама…

Яна трымала яго руку, але нагою ён непрыкметна націскаў на пласцінку начной санеткі ля яе ложка. Націскаў… Націскаў… Націскаў…

— Сэрца амаль не білася. Я ляжала без рухаў, каб даўжэй думаць. Доўга думала. І вось…

Ён ціснуў пласцінку санеткі… Ціснуў… Ціснуў… Ніхто не ішоў. І ў адчаі ад гэтага ён спытаў:

— Нашто, нашто ты гэта зрабіла?

— Ты даруеш мне. Ты астанешся моцны, бо ў цябе вялікая, высакародная мэта. А я заўсёды была непрыдатная. Цень — і ўсё.

Алесь фізічна адчуваў, як павіненкалаціцца званок у пакоі Анежкі… Божа, толькі б хутчэй прыйшлі!

— Нашто? Нашто?

— Я была прыдатная толькі на гэта. Узбунтавацца. Пакараць сябе за ўсіх, — вочы яе лавілі ягоныя вочы. — Можа, хоць па кроплі маёй крыві бог пакладзе на астатніх і даруе ім, не ведаюць бо, што робяць.

Голас раптам стаў амаль пагрозлівы:

— І ён… таксама. Прыкуць такі дух да быдлячай абалонкі! Як ён мог! Жэрці, як жывёлы, адкідаць, як жывёлы, раджаць дзяцей, як жывёлы… І любіць іх за тое, што забіваюць… У, дрэнь!.. Хіба вінаваты людзі? Калі ў помыслах сваіх ім бы жывіцца святлом!.. І ўсё ж я выпрасіла… дараванне.

Ён націскаў і націскаў пласцінку… Ды што яны, аглухлі там усе, ці што!

— Нашто ты так? На-што!

— На маем права… І мне страшэнна шкада вас: бацькі, Вацака і асабліва цябе. Ты ўразлівы, тонкі. Ведаю, не маем права — шкада. Можа, гэтымі днямі я выкуплю права на вас, і вы атрымаеце за агульную неяк жыць на зямлі. Не несці адказнасць за агульную віну.

Варухнулася:

— Трэба было давесці. І за тое, што я — сваячка Кроера. І за ўсіх чыста людзей. І за яго, беднага, і за сябе. Трэба было давесці, што мы не забойцы, што мы ад адчаю жывём жыццём другіх… Хоць некаму ўзбунтавацца… Каб ведалі, што гэта нам крайняя пакута, што людзі думаюць… думаюць… над гэтым.

Здаецца, пачыналася трызненне. Вочы гляделі вышэй яго.

— Я яго страшэнна кахала. Дай бог, каб цябе… так…

Дрыжучы, ён схіліўся да яе. Яна дакранулася вуснамі да яго вачэй:

— Ты панясеш мае вочы далей.

З вялікім, з апошнім высілкам дакранулася да яго рукі:

— Абяцай мне. Абяцай, што ніколі без крайняй, без смяротнай патрэбы не адбярэш жыцця ў жывога.

Ён кіўнуў галавой.

І тады яна, нібы вычарпаўшы ўсе сілы, апусціла плечы. Толькі тады. Апусціліся і веі, цяпер спакойныя. На павеках ляжаў блакітны цень.

…Не памятаючы сябе, ён кінуўся ўніз:

— Людзі! Лекара! Людзі! Людзі!

Але яшчэ раней, чым прыбеглі людзі і лекар, у пані Антаніды пачалася агонія. Дзіўная, спакойная агонія, падобная на згасанне лампады, у якой усё выгарала датла…

Яны сядзелі ўдвух у пакоі дзеда. Ён заўсёды спыняўся ў ім, калі прыязджаў у Загоршчыну. Алесь трохі адышоў, так і не выплакаўшыся; дзед, ва ўсякім разе, больш не баяўся за яго.

Так яны і сядзелі пад адным агульным горам, вельмі стары ды малады. А паміж імі стаяла пляшка кмяноўкі ды запыленая, бы ў фуфайцы, бутэлька віна.

— Ведаю, і для цябе занадта. Так вось, за некалькі тыдняў. Але ты — чалавек. Стой. Зачапіся і стой… Дый мяне, старога эгаціста, пашкадуй… Я, Алесь, сапраўды стары. Перад табой будучыня, свае дзеці. А перад мной — магіла. І дзяцей маіх няма…

Адны, самонтныя, у вялікім доме.

— Ты яшчэ пусціш карэнне. А я, як старая таполя, што выпусціла парасткі, а іх пасціналі. А на новыя — сілы няма. Адзін астаўся, дый той… Адзін ты ў мяне… Сохну я, як дрэва, абсечанае ды абгарэлае… Ты мяне пашкадуй.

— Я не буду, дзеду… Але не дарую я сабе… Як мог так паглыбіцца ў сваё, не заўважыць!.. Кожную вясну і восень, заўсёды гэта так было, што яна зачынялася, ніхто не мог бачыць… Але ўсё адно — як я мог дапусціць?

— Не памагло б, — наліваў дзед яму віна, а сабе кмяноўкі. — Яна ўсё адно зрабіла б гэта… Параненае сумленне, сыне…

Дзед маўчаў. Што ён мог сказаць? Ён картаваў думкі.

Нейкае зусім цёмнае, нібы асенняе, было неба над паркам. За акном месяц шалёна імчаўся над нерухомымі гмахамі аблокаў.

— Лягчэй за ўсё скончыць так. Але людзям трэба ісці. Каб жыць. Жыццё — даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, негледзячы на ўвесь боль.

Дзед не заўважыў, што супярэчыць сам сабе. Ён проста казаў простыя думкі, як усе людзі. Можа, якая і суцешыць.

— Каб жыць… Асабліва тым, што самі і кідаюць зерне, што даюць яму расці, што змагаюцца за каласы — іначай нівы заглушыла б пустазелле… Што зробіш, трава лепей адрастае, калі яе косяць…

Дзед зноў наліў і задумаўся.

— Выпі, сыне. Я доўга жыў. Мяне назвалі б вар'ятам, калі б я сказаў, ну хоць бы пра катлы на цукроўні… Прэс круцілі рукамі… А, лухта!..

Думка дзеда кідалася ў прыцемках:

— Вось парастак бульбы ў склепе. Жоўты, бледны… Ці цыбуля, таксама жоўты, без смаку. А пакладзі цыбуліну без зямлі, без вады на акно. Парасткі стануць зялёныя, з'явіцца аднекуль горыч… Значыць, ёсць жа нешта ў святле. То няўжо мы дурней за цыбуліну? І сапраўды навучымся з часам рабіць хлеб з сонца. І людзі стануць жывіцца святлом.

— З часам, — горка сказаў Алесь.

— Затое назаўсёды. І стане добра. Спачатку людзям… Потым жывёлам… Потым раслінам… Хадзіце сабе, смейцеся… Бегайце сабе, скачыце, лётайце, слаўце жыццё… Каласіцеся сабе, зелянейце…

Вочы Вежы мякка свяціліся з-пад суровых павек.

— А ты, чалавек, стой. Стой, не падай. За ўсіх стой. Спачатку за людзей, потым за ўсіх, хто дыхае і шуміць. Доўга яшчэ стаяць. Крывава. А ты стой. Нават пры сваёй прынізлівай жывёльнасці — стой. Жывёла, а стаіш. За гэта з цябе — усе грахі ды на святасць вялікую.

Месяц імчаўся між непарушных змар.

— Сосны на Доўгай Кручы бачыў? — спытаў дзед.

Алесь успомніў.

…Імкліва, дрыготкі, як страла ў палёце, Дняпро… Доўгае, з вярсту, і высокае, сажняў у пяцьдзесят, урвішча… Крывава-чырвоная гліна… І на строме, карэннямі ўгору і свежымі шатамі ўніз — сосны… Вісяць… Бітыя, страшна скарлючаныя… Перавітыя, непрыступныя, самотныя… Няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.

— Але.

— Дык гэта мы. Слабая абарвецца. Усякая іншая абарвалася б… акрамя нас… І ўсё. Да апошняга каменя запомні…


Праз некалькі дзён побач з магілай пана Юрыя паявіўся другі курган, які месяцам пазней аброс зялёнай травой.

Басак-Яроцкі адразу з пахавання ўзяў Алеся да сябе, не даўшы нават вярнуцца ў апусцелы дом:

— Няма чаго табе там рабіць.

— Я, можа, да дзеда, дзядзька Пятро?

Пастрыжны яшчэ больш пачырванеў:

— Вы там мудрагеліць будзеце. А табе зараз тая мудраць… кгм, — і дзядзька выразна кашлянуў, адным выглядам лепш за ўсякія словы паказаўшы, як менавіта зараз патрэбна Алесю тая мудрасць.

Ехалі конна па раскіслай зямлі. Вясна пазнілася, і толькі зрэдку між хмар праглядаў гарачы, малады, сіні шматок неба.

— Сорам, — кароткія вусы дзядзькі варушыліся. — З самага пастрыжэння запрашаў да сябе… Хай сабе гэтых, розных там… "поутру проснувшись" няма. Я табе не імператрыца Анна. Я — салдат.

"Поутру проснувшись" была ўлюбёная страва імператрыцы Анны. Рабілася яна з бычыных вачэй, і дзядзька заўсёды ўжываў гэтую назву, калі казаў аб разнасолах і прысмаках сапсаванага густу.

Дзядзькава бурка, на якую на ўсе вочы глядзелі хлапчукі наваколля, пахнула тытунём, як і парадны мундзір. Гэта была вопратка толькі на самыя важныя выпадкі жыцця.

Ладны і сівы, ён ехаў на сваім коніку проста, як ездзіў, напэўна, і пад кулямі. Алесь быў удзячны пастрыжному, які не дазволіў яму зайсці ў апусцелы палац. Усё разумеў стары. Сказаць часам не мог, але разумеў усё.

Дзіцячыя сінія вочы без прыжмуру проста глядзяць на неба.

— Бачыш, жаўрук… Як на нітцы. Ты не ведаеш, Алесь, дзе яны начамі хаваюцца? Марозіць жа начамі. Я ляжанку кожны вечар палю на старыя косці. Люблю агонь… Здаецца, чым утапіцца, то лепей бы ў агні… То не ведаеш дзе?

Дастаў куртатую трубачку, капшук — і запіпчыў.

Тромб адварочваў храпу ад тытунёвага дыму і касіўся на Басак-Яроцкага разумным вокам: гаспадар не курыў.

— Што за тытунь такі прыемны, дзядзька.

— Ты што, лічыш, толькі багатыру прыемны тытунь курыць? — усміхнуўся дзядзька. — Выкручваемся і мы, ды яшчэ як. Дарагое жыццё, яно — у дурняў бывае.

— Не, сапраўды.

— Кгм… Тытунь харошы, гэта праўда, турэцкі… Але нават самы танны тытунь, які мы, бывала, курылі там, калі армянін не прыедзе, можна зрабіць — ого! — на твары ў Пятра была раскоша. — Да мяне, бывала, усе бягуць: "У Яроцкага запасы старога. Яроцкі зберажэ, хоць не скнара". І не ведаюць, што я нават з карэньчыкаў магу табе такую "Кабу-Гавану" (ён так і сказаў) звярнуць, што тамтэйшыя індусы сем вёрст будуць за канём бегчы ды нюхаць.

— Індзейцы, дзядзька.

— Ну, індзейцы… А ўжо з сапраўдным тытунцом, то, я табе скажу, і Вежа такога не нюхаў, што я магу зрабіць.

— Як?

— А звычайна. Хатні тытунь, вядома, даглядзі як след. Гэта… кгм… грунт! А потым рыхтуйся "Кабу-Гавану" рабіць.

Яроцкі піпчыў, быццам ладан і смірну курыў невядомаму богу:

— Чакай, пакуль зацвіце белы баркун. Не тая жоўтая падла, што ў засуш палі катуе, а ягоны белы брат. Сачы, каб пчолы палёталі сама больш дзень. Каб лішне не выпілі мёду… Збяры кветкі асцярожненька, ачысці і сушы не на сонцы — пад ветрыкам, але хутка. А высушаныя мяшай з тытунём… Спачатку нямнога, бо звыкнуць трэба, бо гэта курыць — як у кветках заснуць: і сон, і лёгкасць, і думкі прыходзяць адчайныя, нібы кожную хвіліну ты з персідскай царэўнай можаш ажаніцца ды пляваць на ўвесь свет.

— Дурман?

— Не. Проста бясшкодны мёд.

— Так проста?

— Хе-хе, — сказаў Яроцкі. — Бачыш, што ў капшуку на дне?

— Ну, камяк нейкі.

— Гэта вераснёвы жоўты антон, парэзаны ды ў сітаватую тканіну загорнуты. Панюхай.

З капшука павеяла харошым тытунём, мядовым летнім полем, асеннімі садамі і яшчэ чымсьці.

— А гэта? — спытаў Алесь. — Якое прыемнае! Як запушчаны сад у чэрвені!

— А гэта другое, аб чым хацеў сказаць. Ружы не ў кожнага ёсць, то шыпшыны ў поўнай квецені набяры, падсушы ды мяшэчак у скрынку з тытунцом і пакладзі.

— Вы маг, дзядзька.

— Я шмат такога ведаю… Дарэмна ты не прыязджаў. Простасць табе патрэбна чалавечая, хлопец… Звычайнае, шэрае, сваё… Хай неразумнае, парэпанае, але сваё… Як продкі жылі. Былі багатыя, а на мулкім спалі… Дый не чужы ты мне. Дзяцей у мяне няма… Усё вайнішча гэта. А нажніцы твае, пастыжныя, срэбныя, і дагэтуль на сценцы вісяць. Побач з лістом, з асабістай мне падзякай Ярмолава Аляксея Пятровіча. Мы тады, каптэнармус выпадковы, чатыры салдаты ды я, пяць дзён перавал супраць лезгінцаў трымалі. І назву ўжо таго перавалу забыў, а дагэтуль, як успомню — вішчаць ды галёкаюць, ну — сэрца падае, няма куды дзецца.

— Вам колькі ж год, дзядзька!

— Не так ужо і многа. Нарадзіўся я цераз тры гады пасля смерці імператара Паўла. Значыцца-а… Вось, пяцьдзесят пяць мне… А туды я трапіў маладзён шаснаццаці год. Афіцэры, бывала, піць ды ў карты. А мне матуля многа прыслаць не магла, ды прагуляўся б я, а з салдацкай казны пазычаць — гэта бога забыць трэба. Дый нецікава гэта мне. То я ў перса куплю… па-нашаму не ведаю, як табе і растлумачыць, але вязкая такая, дрыжыць, як наша студзіна, але не з мяса, а з дыннага, здаецца, соку ды цукрам абсыпаныя… словам, "рахат-лукум"… ды сяджу, ды зубы ў мяне, бы ў смале, вязнуць, а сам гляджу на горы… І здаецца мне, нібы зусім яны не з каменя, а з блакітнага вэлюму і лёгкія, аж пустыя знутры, як шатры… Вось-вось палятуць.

Пасуровеў злёгку.

— Толькі спачатку яны такія і былі.

— Ну і як вы там?

— Сем год быў у асобным каўказскім корпусе пры Аляксею Пятровічу, доўгія яму гады. Жывы яшчэ. Пакрыўдзілі яго, а мужык які быў! Леў! Баяліся яго вярхі. Чуткі сярод салдат хадзілі — "абы закалат, а мы ўжо яго на штыках данясем да трона".

— Як на штыках?

— А так. Штыкi ў парусiну ды на плечы. А на парусiне генерал, каб вышэй. А вакол салдаты ды сцяганосец… Мяне ён помнiў, хоць i не дужа адзначаў. Не цярпеў ён гэтых дрындушак нi на сабе, нi на iншых. I правiльна. Ганарыцца тут няма чым. Прысяга, вядома, iначай кожнаму салдату праз дваццаць пяць год не чыстую, а галаву сячы б трэба… То Аляксей Пятровiч гэта разумеў. Не тое што Паскевiч. Той за Эрывань ды Арзурум мне таксама лiст ды зброю, кiнжал ды асабiстую шаблю, ды крыж. А я гэта ўсё ў скрынi трымаю.

Выбіў люльку, крэкнуў, нібы глынуўшы чарку.

— Пасля праваяваў я год лішнім з Паскевічам Іванам Фёдаравічам. Восем год было ўжо маёй службы. Адзначыў ён мяне, пасля таго як мы крэпасць бралі… Як бо яна?.. І гэта забыў! Але пакрыўдзіў ён мяне там моцна. "Шпуры, — кажа, — трэба весці ды ўзрываць". А я яму: "Дазвольце сказаць, не трэба гэтага. Прыдатная крэпасць. Нам спатрэбіцца. Войска многа, пакіньце яе ў абцугах ды — зморам яе. Шкада крыві". А ён: "Вы баіцёся, здаецца?" Графства дурное! За такія словы дурніла салдат, дзе і не трэба, на смерць ідзе.

Яроцкі казаў глуха і спакойна, нібы аб тым, як яны ўчора паабедалі.

— Я пайшоў ды, пакуль яны там валтузіліся з падкопам, самавольна тую крэпасць узяў. Давялося яму на свечку папляваць, а порах здаць у цэйхгауз, на рабунок… Зразумеў, што пакрыўдзіў мяне. Як наведвае наш полк, то не абміне, каб не спытаць: "Як жывеш, зямляк?" Ды і па імю, па бацьку.

Усміхнуўся:

— І вось хоць што кажы, хоць і наш, беларус, а не любіў я яго, нябожчыка. І тады, і цяпер. І не за палякаў, што ён з імі ўчыніў. Гэта — прысяга, і хто богу не вінаваты? А так проста. Слізкі быў чалавек. Царадворац. Душа, здаецца, наросхрыст, а сам хітры, як лін.

Коні ступалі па падсыхаючай зямлі. Жаўрук, як на гумцы, торгаўся між небам і зямлёй.

— Тут матуля памерла. З'ездзіў сюды, абсадзіў магілку. Пуста, тужліва. І паловы водпуску не адбыў — назад… Тут трапіў я на лінію, па крэпасцях. Чачня. Дзевяць год на лініі. Быў я ўжо капітан… Трыццаць год мне было, і чатырнаццаць год я служыў, калі стаў над Дагестанам і Чачнёю Шаміль. Па-нашаму ці то цар, ці то мітрапаліт, па-іхняму — імам. "Імаць" нашых, значыцца, пастаўлены… Ну і тут пачалося… Бож-жа мой! Б'юцца людзі, паляць, рэжуць.

Сінія вочы Яроцкага пацямнелі. Хрыплаваты бас прыглухнуў.

— З генералам Галафеевым у Чачню хадзіў. Лік сутычкам згубіў. Крывішча лілася… У сорак дзевятым годзе было мне сорак пяць, а праслужыў я дваццаць дзевяць год; зранены ўвесь, як стары воўк — пайшоў я ўчыстую, з пенсіяй ды з чынам маёра. Хутка жылі людзі, хутка зношваліся. Дый я вырашыў: хопіць, трэба і пажыць… Выслужыць многа я больш не мог. Служылі з нашых адзінкі, сувязяў няма. Ведаў асаблівых таксама няма. Далей служыць не было сэнсу. А такіх армейцаў было там трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак.

— А смеласць?

— Не быў я смелы. Ніколі не быў. А нават каб і быў, то сярод нас, кіслай шэрсці, смялейшых за мяне было б — як да Тыфліса з Эрывані ракам ставіць… Ды я і ўзрадаваўся чыстай. Шчыра кажучы, непамысна мне на душы стала.

Дзядзька зноў закурыў.

— Залілі мы гэтыя сінія горы чалавечай крывёй… Горш за іх дзікуны ды свалота беспардонная. Воінаў што, джыгітаў што паклалі за гэтыя дваццаць дзевяць год! Дык яшчэ ж пасля мяне дзесяць год мінула, а ўсё ваюем, маленькіх не можам адолець. А шкада людзей. Дзікія яны і галаварэзы, але справядлівыя. І сябры верныя. Гляджу, лепей мне з імі ляпёшкі есці, чым… А, ды што там!

Піпчыў.

— Сорамна-с. "Азарство адно", як мой дзяншчык казаў. Мала таго што спаляць гэтыя іхнія саклі, дык яшчэ неадменна знойдзецца задніца ды ў вадаём іхні… А яны людзі грэблівыя, чыстыя людзі. Яны нават там абыходзяцца са збанам вады. Рукі і твар мыюць пяць разоў на дзень, не раўнуючы як мы. А я табе скажу, такіх чыстаплотных, як мы, — гэта яшчэ пашукаць. Немец не такі. Ангелец не такі… Ну вось і гэтыя такія. Я з імі мірыўся, яны мяне нават паважалі, мірныя. Кажу ім: "Баранаў адганіце, войска пойдзе". Ведаю, з імі па-добраму, каб не галелі, то і яны нямірным не скажуць. А ў мяне і сярод іх былі сябры. Ды якія! Сам граза Мехмет-хаджа. Чачэнец быў. Мамакай — абрэк… Муса — інгуш. Ахмед-бек.

Дзядзька ціхутка зацягнуў гартанную песню.

— Гэта па-іхняму… Азначае: "Мы нарадзіліся ў ноч, калі ваўчыха прывяла шчанюкоў. Мы атрымалі імя, калі рыкаў на ўсходзе сонца барс. А смелыя мы сталі ў гарах, дзе лавіны вісяць над галавою, як смерць… Праклён гэтым князям, яны калматыя і бурыя сабакі… Як дажывем да вясны — крывёю іх прымусім…"

Развёў рукамі:

— Ну вось… І скажы ты, нашто?! Скалы гэтыя бедныя спатрэбіліся. Сваёй зямлі мала?


У гэтых чысценькіх белых пакоях разам з Алесем жылі спакой і мір. Жылі ўжо восьмы дзень.

Абкружаныя садам дзесяць пакояў пад зялёнай ад моху гонтавай страхой. Нізенькія вокны, абведзеныя сінім, вясёлкавыя ад старасці кафлі напаленых грубак, печка на кухні, размаляваная паяском: дзяўчаты з каромысламі і коннікі. Дзверы не толькі прамавугольныя, але сям-там, для прыгажосці і разнастайнасці, з паўкруглым верхнім вушаком: не паленаваліся парыць і гнуць тоўстую дубровую плаху.

Дваровыя будыніны трохі наводдаль. Сад шуміць уначы. Кніг амаль няма, акрамя ўсюдыіснага "Завальні", пары паляўнічых кніг, "Дудара беларускага" ды яшчэ календароў з восемсот сорак дзевятага года.

На падлозе, вылізанай да жаўцізны, дзе — густа — ваўчыныя шкуры, а дзе і самаробныя хаднікі. На сценках — прывезеныя дываны. Адзінае багацце вісела на іх — зброя. Дзіўнай прыгажосці каўказскія шашкі, пісталеты, фіцільныя і крамянёвыя, аздобленыя срэбрам стрэльбы.

Дзядзька пасяліў яго ва ўласнай вялікай "халасцяцкай". Тыя ж дываны, тая ж зброя. Ніякіх ложкаў, толькі дзве ляжанкі ля сцен, а на іх кілімы. Накрывацца футрам, каб было цяплей.

Вялізны медны рукамыйнік, арап на гадзінніку варочае маціцовымі вачыма. Ды яшчэ столік, ды на ім віно і закуска, калі ўначы зойдзецца жывот з голаду.

І дзіўна, нягледзячы на тое што ў Загоршчыне і Вежы такога не было, што елі ў дзядзькі — пад завязку, ён і сапраўды цяпер адчуваў кожную ноч голад.

— Кожны вечар лазня, брат. А лазня ў мяне адмысловая.

Лазня была сапраўды адмысловая. Адзіны новы будынак фальварка — наводдаль, за плотам. Старая згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Прыйшлі раніцай, а лазні няма.

— І я па суседству з табою. Ты, калі хочаш, дзвярэй на ноч не зачыняй. Унь табе з ляжанкі печка з калідора відаць. На світанні яе запаляць. Не ведаю, як ты, а я люблю раніцай, яшчэ ў цемры, прачнуцца ды пакачацца пад футрам. Гледзячы на агонь ды слухаючы, як гудзе.

Алесь прачынаўся ў цемры пад гул і ззянне полымя. Ляжаў. Думаў.

Снедалі. Дзядзька ішоў па справах, Алесь — у пушчу, дзе ўжо сінелі пралескі, або да Дняпра, што спачатку з гарматным гулам крышыў лёд, потым імчаў яго, грувасцячы і зноў бурачы зaмкі з крыг, а потым шырока разліваўся, нібы хацеў захапіць у сваё ўлонне як найбольш неба.

У пушчы, па котлішчах, асцярожна, каб, крый божа, не набраць пяску, зразаў у кошык смарчкі. Гэта было ціхмянае, добрае паляванне.

Вяртаўся позна, у прыцемак. Прытомлены сабака бег наперадзе, і, калі азіраўся, вочы яго, за пятнаццаць сажняў, свяціліся чырванаватым святлом.

Дзядзька ўжо чакаў. Дастаў з гарлачоў яблыкі, не салёныя і не мочаныя, а — сакрэт кухаркі — як быццам свежыя і толькі залітыя адной халоднай вадой і таму асабліва сакавітыя ад яе. Аднак гэта была не проста вада і не расол, а нешта зусім іншае. Нібы ў ваду налілі яблычнага соку: кіславата-саладкаватая, з пахам свежага яблыка. На пахмелле — за вушы не адцягнеш.

Перад сном, калі Алесь ужо ляжаў, людзі прыносілі тры-чатыры велізарныя ахапкі саломы і клалі на падлогу пры ляжанцы. Прыходзіў дзядзька пагаманіць з гадзіну перад сном. Набіваў ляжанку саломай, пакідаючы доўгую павесму, што злучала салому ў печцы з саломай на падлозе.

Закурваў куртатую люлечку, падпальваў салому ў ляжанцы і, седзячы на зэдліку перад агнём, здаецца, павольна, але спрытна, нідзе не абрываючы, цягнуў і цягнуў салому са стажка ў агонь. Нібы нітку з кужалю на ручной прасніцы. Толькі замест вярацяна круціўся ля ягонай правай рукі неўтаймаваны жоўты агонь.

— Не па-нашаму, вядома, — казаў дзядзька. — Людзі аж дзівяцца. Але прывык на поўдні. Ды і праца рукам.

Водсветы рабілі яго твар медным, а вусы — рыжаватымі. Цягнулася і цягнулася ў агонь, дрымотна шалахцела, не абрываючыся, залацістая саламяная пасма.

— Ваявалі, — казаў дзядзька. — І вайна ж тады падлючая была. Выходзім палком, адрэжам кавалак лесу, расставім пасты, каб не стралялі па воінах, дый выпляжым увесь лес. Усё чыста, акрамя ажыны. А потым, у суш, прыйдзем ды спалім. Дзікі ўцякаюць. Фазаны, бедныя, лятуць, ды, глядзіш, нейкі гарыць на ляту… Так, спалім на гэты раз і з ажынай. Прасекі вядзём, заложнікаў бяром.

Цягнулася салома ў агонь. Сухое цела колішніх каласоў.

— Агульго яшчэ раней узялі, — каторы раз успамінаў дзядзька каўказскія прыгоды. — Шаміль тады ў Даргу ўцёк. І пачалася вось такая вайна. Цяпер ёй толькі канец надыходзіць. Кажуць, акружылі нібыта імама ў Гунібе… А тады і канца гэтаму не прадбачылася. Пайшлі мы з галафееўскай экспедыцыяй на Чачню… Жыхары ўцякаюць, быдла крычыць. Словам, калі прыходзіць набег у аул — пуста там. Адны старыя ды куры. А то і старых няма, адны куры. Тут ужо казакаў за рукі трымай. А калі аул блізка і там у кагосьці з казакаў кунак ёсць — казакі салдат трымаюць. Вайна, вядома! Назавем для прыкладу тры аулы: Вялікі, Малы, Сярэдні Хунзах. Гэта я назвы зараз прыдумаў, для прыкладу. То вайна прыблізна такая будзе, па данясеннях: "Узялі аул Малы Хунзах. Жыхароў перабілі, курэй злавілі і з'елі, саклі спалілі, мячэць загадзілі"; "Узялі Сярэдні Хунзах. Мячэць запаскудзілі, саклі спалілі, пералавілі і з'елі курэй"; "Узялі аул Вялікі Хунзах. Курэй пералавілі і з'елі, мячэць загадзілі, саклі спалілі". Паўсюль, як бачыш, аднолькава. Усёй розніцы, што спачатку, а што потым. Ды яшчэ Малому Хунзаху разам з жыхарамі дасталася, бо ніжэй па гары ляжаў… Старыя салдаты і афіцэры гэтым грэбавалі. Ну, а шчанюкам, вядома, прывабна. "Начальства загадвае. Ягоны адказ. Круш-шы, хлопцы!" Дый гонар. То яго на стайні дзерлі або, скажам, да скарбніка на абед не запрашалі, а тут перам ім зямля гарыць… З той прычыны, што вайна не вайна была — звярэлі людзі, і ўжо як дойдзе да кінжалаў і куль, то трымай іх толькі. Але рэдка сапраўдная справа была. Аднойчы пайшлі лес сячы, і раптам — напад. Дзень біліся. Рэчка там такая ёсць… Назвы не нашы, то забыў… Ва… Валерка?.. Валетка?

— Валерык.

— Глядзі, правільна. Адкуль ведаеш?

— Вершы такія ёсць. Лермантаў напісаў.

Дзядзька на хвіліну адарваўся ад сваёй "пражы", каб паскрэбці падбародззе. Агеньчык, нібы толькі таго чакаючы, папоўз з печы да стажка.

— Куд-ды? — дзядзька, спаймаўшы яго, запхнуў назад. — Ану, хадзі да сваіх!.. Ведаў аднаго. І якраз у гэты час. На Валерцы і пры экспедыцыі.

— То гэта ж вялікі чалавек, дзядзька… Паэт?

— Ці паэт — не ведаю. А што паручнік — добра помню. Афіцэр быў неблагі. Толькі свавольны і непаслухмяны. Не хацеў у экспедыцыі ваяваць. Сэрца, значыцца, яму не дазваляла, каб загадвалі.

— Можа, гэта не той… Міхал?

— Міхал Юр'евіч, правільна.

— Ах, чорт, — дзядзька нібы адразу вырас у вачах Загорскага: трэба ж думаць, каго бачыў! — І гаварылі вы з ім?

— Чаму ж не гаварыць, калі трапіцца. Што ён, турак? Мы з ім і паляваць хадзілі. І чаёк з ім ганялі. Я там ад кавы нашай адвык. Усё чаёк ды чаёк. Выключна мы з ім чай умелі рабіць… Сакрыты былі розныя… Ён свой у аднаго сябра выпытаў — забілі яго потым пад грознай крэпасцю. Па-дурному зусім. А мне мой сакрэт дарам дастаўся: хочаш, каб кава або чай добрыя былі — кладзі як мага больш і таго і другога.

— Раскажыце, дзядзька, які ён быў?

— Які… Звычайны… Вочы ды нос, ды дзве рукі. Несамавіты такі… Ногі крываватыя, нібы дзіцём на рахіт хварэў. Звычайны армейскі афіцэр… Толькі што багаты.

— Аб чым гаварылі хаця?

— Помню я, думаеш, пра што з кожным афіцэрам гаварыў?

"Гэх, дзядзька-дзядзька, — падумаў сам сабе Алесь. — Пашанцавала табе, а ты…"

Ледзь не плюнуў з прыкрасці, але потым падумаў, што віны Басак-Яроцкага тут няма. Звёў лёс са звычайным армейскім афіцэрам, якіх Пятро, сапраўды, бачыў сотні. Хто адрозніць пад шэрым сукном адно сэрца ад другога. Гэх, людзі! І сапраўды, "сорамна-с".

— Помню толькі, што незвычайнай храбрасці быў чалавек. На што ўжо тыя басурманы, а ён і іх перабасурманіў. Набраў сабе добраахвотнікаў — такія ж адарві-галовы, як ён, — дый пайшоў гуляць. Сам у чырвонай сарочцы, у бешмеце, конь пад ім белы… Што ты думаеш, на такое паглядзеўшы, ды жыццём не рызыкаваць — гэта нельга. Вельмі проста і з розуму з'ехаць або запіць да апошняга салдацкага крыжа ды забыцца, хто ты ёсць, чалавек.

Засмяяўся:

— Мы з ім і ў крэпасцях на лініі стаялі. Гэта толькі кажуць, што "вайна, у, вайна!", а на самай справе вайна — гэта нудота. Асабліва ў крэпасці. Рэдка вясёлае здарыцца. Быў я некаторы час камендантам крэпасці Шатой. Адна назва, што крэпасць. Вал ды заплот, ды сям-там глінабітны мур. Ну, аднак, у мяне салдаты ды некалькі гармат. Вось аднойчы стаю на муры, аж бачу — пыл на дарозе. Ляціць коннік. Абадраны такі джыгіт. Буркаю нешта прыкрыў. Падлятае пад браму: "Іван! Адчыняй!" — "Чаго табе трэба?" — "Адчыняй! Прапаў зусім, калі не адчыніш!"

Зноў засмяяўся.

— "Ды што табе тут конча трэба?" — пытаю. Той як узаўецца. Вочы бандыцкія, жаласныя, у горле аж клякоча: "Адчыні, шайтан. Марушка карапчыў". А гэта ў яго, значыць, грошай не было, то ён сабе дзеўку, жонку, узяў ды ўкраў. Добра. Пусціў я яго. Ён дзякаваў. І дзеўка кланяецца. А зброю я ў яго ўсё ж забраў. Ведаю, чым гэта канчаецца. Даў яму з дзеўкай пустую халупу. Думаю: "Паспрабуйце знайсці. А калі і знойдзеце — позна будзе". Сам пайшоў чай піць. І двух кубкаў не выпіў — кліча салдат: "Ідзіце на муры, ваша высакароддзе". Іду. Бачу, перад брамай чалавек пяцьдзесят на конях. Усе са стрэльбамі. Ну, думаю, купіў сабе клопату з-за чужога вяселля… Наперадзе коннікаў чачэн. Нос бы ў ястраба, барада рыжая, як, ты скажы, ён яе назнарок пафарбаваў. Вочы бандыцкія. І папаха белым абкружана… Хаджа! "Іван, адчыняй, злодзей у цябе. Карапчыў маю дачку. Мы яго зараз рэзаць будзем". А я яму: "Ты ў сваім доме дасі кагосьці рэзаць? Вось. А тут — мой дом". — "Я ў сваім доме зладзеяў не прымаю". — "То што, — кажу, — ніводны з тваіх гасцей па баранту за Церак не хадзіў?" Некалькі чалавек засмяяліся. Потым рыжы кажа: "Пусці мяне аднаго". "Ну, адзін, — падумаў я, — нічога не зробіць. Дый позна". "Ідзі, — кажу. — Толькі астатнія хай ад'едуць, а ты зброю пакладзі". Рыжы кажа: "Кінжал адзін пакінь, Іван".

Ну вось, не стаў я Рыжага абражаць. Пусціў. Ідзе той, вачыма толькі па баках зыркае. І як яго хто вядзе, проста да той мазанкі. Ну, думаю, пачнецца зараз.

Вочы Яроцкага смяяліся:

— Узяў кінжал ды як кінуў у дзверы, зубы ашчэрыўшы, — аж той дзюймы на чатыры ўпяўся. Толькі і сказаў: "Гых-х…" Зразумеў, што позна, але злосць сарваў. Ды яшчэ нібы сказаў гэтым ударам: "Узяў ты маю дачку, то на і кінжал, падавіся…" А праз некалькі дзён памірыліся. Такая гулянка перад крэпасцю была — любата! І мяне частавалі, як пасаджонага бацьку.

Памаўчаў:

— Гэта прыемна ўспомніць. А астатняе — хлусня. Народ, галоўнае, харошы. Нельга мне было таго джыгіта не пусціць. Ну што, ну зарэзалі б. Мала зарэзалі людзей? Мала іх і так рэзалі, каб яшчэ за каханне… Ведаеш, як па-іхняму "каханая" будзе? Х'ёме… чуеш? Як падыхаў… О!..

Дзядзька iшоў спаць. А Алесь ляжаў без святла i глядзеў, як у калiдоры кiдаецца ў печцы агонь.

Домік у садзе. Простыя людзі. Простыя словы і ўспаміны. Простыя спевы жанчын у людской.

Часаў ён сошкі
З маiх белых плеч,
Віў ён вяроўкі
З маіх русых кос,
Пускаў ручаінкі
З маіх дробных слёз.
І ён яшчэ больш разумеў пасля гэтых дзён: усё ў прастаце, усё ў блізкасці да гэтых. Ім цяжка, трэба быць з імі.

Печка. Водсветы агню.

І ўвогуле, каму было добра жыць на гэтай зямлі? Усё, здавалася, ёсць, а баліць душа.

Твары плылі перад ім… Пан Юры… Маці… Раўбіч…

Чаму такія няшчасныя людзі?!

…Дзядзька… Лермантаў… Чаркесы… Шаўчэнка… Кастусь… Малахоўскі… Віктар… Чорны Война…

Чаму такая няшчасная зямля?! І вакол няшчаная, і асабліва тут няшчасная.

Скакаў у цемры агонь.

І, гледзячы на яго, Алесь думаў:

"Бунт ідзе… Ідзе паўстанне… Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Няўмольны пажар ад Гродні да Дняпра. Яго не можа не быць, такое зрабілі з людзьмі… Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў…"

Агонь палаў у цемры.

Яна ідзе. Толькі сляпыя не бачаць, толькі глухія не чуюць. "Крывадушныя! Аблічча неба распазнаць умееце, а знаменняў часу не можаце?" Яна немінуча будзе ў тым паганым, паскудным свеце, які вы пабудавалі. Свеце найпадлейшай хлусні, бізуна, турмаў, уціску малых народаў, забароны мовы, заціскання рота… Але галоўнае — у свеце хлусні.

Бо вы не проста забіваеце людзей і народы — вы хлусіце, што вы іхнія дабрадзеі, і прымушаеце таго, каго забіваеце, каб ён крычаў: "Дзякуй!"

Наблiжаецца час. Капае вада з рукамыйнiка.

Кожная кропля — гэта на кроплю бліжэй да вашай пагібелі, як бы вы ні вішчалі і як бы вы ні трымаліся за жыццё.

Як бы вы ні хлусілі, якіх бы катаў і хлусаў ні куплялі і ні ставілі на сваю абарону.

Кроплi падаюць у цемры, i точаць, i наблiжаюць…

Кап…

Кап…

Кап-п…

X

Таямнiца Паўлюка Кагута ўсё ж выплыла наверх. Ды яшчэ зусiм па-дурному. Даверылася Галiнка Кахнова малому брату, Iларыю, паслала да Паўлюка, каб паклiкаў. Малы прыбег дахаты да Кагутоў, даведаўся, што Паўлюк у гумне мяняе з братамi нiжнi вянец бярвенняў, ускочыў туды ды ляпнуў:

— Паўлюцо-ок… Сястла пласіла, каб не затлымаўся, як учола.

Кандрат з Андрэем так і селі на бервяно.

Яшчэ праз імгненне Ілары ўжо ўцякаў, разумеючы, што зрабіў нешта не так, а Кандрат гнаўся за ім, каб распытаць падрабязна. Хлапчук быў, аднак, разумнейшы, чым можна было меркаваць, шмыгнуў ад дарослага боўдзілы ў лёх, у нару пад магазінам, ды там і астаўся.

Кандрат прапаноўваў яму здацца. Абяцаў розныя даброты салодкiм, аж самому брыдка было — такi ўжо Цукар Мядовiч! — голасам. Малы толькi соп.

Кагут са злосці нарваў крапівы і туга запхнуў лаз, а сам, паціраючы далоні, пайшоў у гумно, думаючы, што б гэта ўсё азначала.

А калі прыйшоў — браты біліся.

— Братам… на дарозе… стаў? — выдыхаў Андрэй.

— Не чакаць жа… пакуль вы яе… удвох… сівую… у манастыр паведзяцё, — соп Паўлюк.

Кандрат кінуўся разбараняць і атрымаў ад Паўлюка ў вуха, а ад Андрэя ў сківіцу. Раззлаваўся, насунуў Андрэю, бо той даў першы. І яшчэ ад яго атрымаў. Натхнёны гэтым, Паўлюк нападдаў і пачаў націскаць на Андрэя, пакуль той, адступаючы, не ўпаў за бервяно і не накрыўся нагамі.

І толькі тады Кандрат зразумеў, што пакрыўдзілі і яго. І зусім не Андрэй. Схапіў брата загрудкі, кінуў цераз нагу на салому.

— Ты? З ёю?

Прыціснуў у кут.

— З ёю, — адважна адказаў Паўлюк.

— Будзеш?

— Буду.

— Вочы твае дзе былі? Два гады яна нам дарагая.

— Я спачатку і чакаў. Да не чакала яна. Неахвотна ёй дваццаць год чакаць.

— Не зыгуй. Не нясі. Адступіся.

— Не. — Паўлюк навесіў Кандрату.

І ў гэты час на малодшага наваліўся Андрэй.

Бiткi бiлiся моўчкi, сцяўшы зубы. Браты-блiзнюкi адчувалi: насмяялiся з самага дарогога, што ў iх было. Паўлюк быў у ярасцi: два на аднаго. Дык чорта iм дзеўка. Спыталi б, халеры, у яе.

Паўлюка прыцiснулi да сцяны. Разважлiвы i спакойны, ён мог часам выбухаць шалёнай ярасцю. I цяпер, ведаючы, што яго адольваюць i могуць так налупцаваць, што тыдзень да плота не пойдзеш, ён адчуў у вачах чырвоны туман.

Рвануўся між братоў і зняў са сцяны цэп: дубовы біч на адпаліраваным рукамі арэхавым цапільне.

— Гэн! — рыкнуў так, што браты адляцелі. — Сунецеся да яе — заб'ю… Саромеўся вас, а вы з кулакамі… Заб'ю!

I рынуўся на iх. Кандрат быў зарагатаў, але адразу адскочыў. Цэп урэзаўся ў ток ля самых ягоных ног.

— Дур-рыла! Ты што?!

Але Андрэй з белымi вачыма схапiў ужо другi цэп i бег на Паўлюка.

— Гэх-х! — цапы стрэліся ў паветры, закруціліся адзін за адзін.

Паўлюк вырваў свой. Кандрат непаразумела глядзеў, як браты лезлi адзiн на аднаго. Гэта быў ужо не жарт. I тады ён таксама схапiў цэп.

Паўлюк ляцеў на Андрэя, i Кандрат падставiў цапiльна, iрвануў цэп з рук у брата i адкiнуў у кут… Андрэй, нiбы не разумеючы, наляцеў на iх, падняў цапiльна: бiч звыкла круцiўся ў паветры.

Кандрат ведаў: адзiн удар — i смерць. Скокнуў, схапiў Андрэя за рукi. Тым часам Паўлюк зноў схапiў свой, а заадно i Кандратаў цэп. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, i спiною прыцiснуў Паўлюка ў кут. Не маючы змогi размахнуцца, яны гупалi аднымi бiчамi то па сваiх руках, то па чужых спiнах. Бiчы боўталiся, як язык у звоне, i ляскалi мякка, але адчувальна.

Кандрат атрымаў ад кагосьці па галаве, вышэй падковы. Захістаўся. І ў гэты момант уварваўся ў гумно азярышчанскі пастух Данька. Гнаў каровы, хацеў папрасіць крэсіва і ўбачыў.

— Скачаце? — з лютым гумарком спытаў Данька. — Танцы?

— Аг-га, — нічога не разумеючы, — сказаў Кандрат.

— Ну, то я вам апошні зараз сыграю, — усміхнуўся Данька.

I шлiхтануў, са стрэлам, цыганскай пугаю. Ды па ўсiх трох. Ды яшчэ. Яшчэ.

— Аюц, кноразы! Ашкір вам, бараны!

Урэшце да ўсiх трох дайшло, дый жыгала пуга, як гарачым жалезам.

Браты адпусцiлi адзiн аднаго. Кiнулi цапы.

Няладна было ў гумне.

Не глядзелі адзін аднаму ў вочы.

— Вы што ж гэта? — спытаў белы як смерць Данька. — Ах, ёлупы, ах вы, дрэнь навалачная.

Кагуты маўчалі.

— I, пэўна, праз бабу. Я i то бачу: на вёсцы адзiн смаляны плот ды тры балваны ля яго…Ды ёсць такая

баба, каб вартая была?!

Кандрат урэшце апамятаўся.

— До ўжо. Не чапай бабы.

— Я яе зачаплю, — пагрозліва сказаў Данька. — Не ўсё мне па жаўнерках ды ўдовах. Падумаю вось, падумаю, ды ў вас, казлы, і ў цябе, пісклюк, так яе смыкну з-пад носа…

Гожы Данькаў твар быў рэзкі. Нешта ястрабінае было ў вачах. Задрыжалі бровы:

— Браты. Ды вы, як пырнік, з адной сувалкі ўсе… Ану мірыцеся!

Маўчанне было доўгае. Потым Паўлюк цяжка ўздыхнуў.

— Я вінаваты, Кандрат… Вінаваты, Андрэйка.

— Чорта нам з таго! — сказаў Андрэй.

— Я сказаць хацеў — духу не хапіла.

— З табою яна хоча? — глуха спытаў Андрэй.

— Але… Не хацеў, браце.

Андрэй махнуў рукою:

— А, ды што там… Спаў ты, як сумленне раздавалі… Хадзем, Кандрат!

…Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Парушыў маўчанне Андрэй:

— Ну?

— Вось табе і ну. Праспалі.

— Ды што ж зробіш? Другому б бакі намялі. А тут… Брат усё ж…

І Андрэй разгублена ўсміхнуўся:

— Дурні мы с табою, дурні. Адразу б спыталі. Вось і дачакаліся.

— Свіння брат, — сказаў "на пяць хвілін малодшы". — Пад'ехаў-такі.

Кінь, — сказаў Андрэй, — ён добры хлопец.

— Добры хлопец. — Кандрат паліваў вадою гуз. — Як даў, то я аж сем касцёлаў убачыў… Ганьба цяпер! Бож-жа ж мой!

— Праляпалі мы с табой, браце, — сумна ўсміхнуўся Андрэй. — Адно нам з табою суцяшэнне. Быць нам старымі кавалерамі ды чужых дзяцей глядзець… Добра, што хоць не міне нашай хаты тая нявестка. І дзеці будуць — Кагуты.

Ён усмiхнуўся, але Кандрат разумеў, як брату дрэнна. I хоць Кандрату таксама было так, што аж сэрца

сціскала, ён пажартаваў:

— Ну не. У адной хаце я з ёй не змагу. Тут, братка, нам з табою або дзяліцца з бацькам, або па бязмену

ў рукі ды да Корчака.

Твар у Андрэя быў спакойны. Толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык.

— Нездарма, брат, Адам яблыкам падавiўся, — казаў Кандрат, з усёй сiлы хочучы развесялiць брата. —

Урэште, чорт яго ведае. Можа, мы яшчэ з табою радавацца будзем, скакаць кожны вечар, што яе не ўзялі. Вось пачакай, трапіць ён у гэтыя жорны ды да нас і скардзіцца прыйдзе. А мы яму, вольныя казакі, чарку, ды другую, ды ў вуха.

— Што ж, — сказаў Андрэй. — Да Корчака дык да Корчака.

Сабіна Марыч шукала сустрэчы з Алесем. Пецярбург, а потым Вільня не памаглі ёй. У Вільні яна кідалася-кідалася, а потым адшкукала Вацлава Загорскага і наведвала яго ледзь не кожны тыдзень. Прыносіла яму цукеркі і садавіну, пытала, як жыве, як вучыцца, што піша брат.

Адзінаццацігадовы Вацлаў успрымаў усё як належны знак павагі і любові асабіста да яго. Яго, шчасліўца, сапраўды любілі ўсе. Так было ў Загоршчыне, так было і ў Вільні. І таму ён і яго кампанія сустракалі маладую вясёлую цётку радасна, загадвалі дзядзьку ставіць самавар, даставаць прыпасы. А потым ішлі разам з ёю гуляць на гару ці ў парк.

І Сабіна дадала сваёй дабрыні ў чалавечаю пяшчоту, якая ледзь не з нараджэння абмывала маладога Загорскага.

І Вацлаў пакрысе прымірыўся з смерцю маці. Яго, як і Алеся, заўсёды абкружалі сябры, якія рыхтавалі ў яго ўрокі, разам з ім сваволілі і падхарчоўваліся.

Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці.

Малодшы Загорскі паехаў у Вільню па пратэкцыі, у шэсць год. Паколькі яму належала толькі палова капіталу — Вежа вырашыў хутчэй вывучыць яго, а потым паслаць вучыцца ў Германію на інжынера-дарожніка. Там чалавек канчаў вучобу не са ступенню магістра або бакалаўра, а са ступенню доктара. З гэтай ступенню ахвотна прымала для падрыхоўкі Англія. Вацлаў павінен быў скончыць падрыхтоўчы курс у кагосьці з кембрыджскіх прафесароў, прайсці практыку на англійскіх чыгунках і вярнуцца ў імперыю адным з майстроў сваёй справы, пасля чаго ўсё жыццё ён будзе чалавекам. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага.

Цяпер Вацлаў быў у шостым класе, але здаваўся замаладым для яго. Быў, праўда, танейшы за равеснікаў, але такі спрытны і моцны, што ў крыўду не даваўся. А чытаў так шмат і меў, галоўнае, столькі кніг, што ў ім сябравалі і сямікласнікі.

Вясёлы, рухавы, як жывое срэбра, дзіўна дасціпны для такога ўзросту, заўсёды гатовы нацягнуць нос начальству і пры гэтым сяброў выгарадзіць і самому не папасціся — ён быў агульны ўлюбёнец. Жанчыны здзіўлена глядзелі на яго на вуліцы, думаючы, які ж ён будзе, як вырасце.

Вацак сапраўды быў прыгожы. Валасы хвалямі, як у Алеся, вочы шэрыя, але ў блакіт, рот з прыемнай, трохі хітраватай складкай, толькі і грызці яму арэхі і жарты. Бровы ганарыстыя і добрыя.

Увесь ён быў ад Загорскіх і адначасова ўвесь свой.

Калі Сабіна ішла з хлапчукамі па вуліцы з ганарыста закінутай галавой — не было, напэўна, ніводнага чалавека, які не звярнуў бы ўвагі на гэтую кампанію.

Грэбень залацістых валасоў, вільготныя, як зялёныя каменьчыкі ў расе, вочы, уся — няўлоўная яшчарка, струменчык вадкага малахіту, якога не бывае на зямлі.

…Вакол Вацлава сабралася акрамя іншых ядро чалавек у сем. Тры сямікласнікі, тры хлопцы з шостага класа, адзін пяцікласнік.

Сямікласнікаў звалі Алесь Міладоўскі, Юллян Чарноўскі і Цітус Далеўскі. Апошні быў з небяспечнай сям'і, але ледзь не самы сціплы і добры з усіх. Глядзеў на Сабіну з адданасцю, танюткі, гарачы, як агеньчык, юнак, вельмі падобны на Вацлава.

Гэтыя шмат ведалі пра Алеся, чулі трохі пра Віктара з Кастусём. Але ці не найбольш звяртаў на сябе ўвагу аднакласнік Вацлава, невялічкі расточкам, трохі цельпукаваты шляхцюк. Аб ім па сакрэту Вацлаў сказаў Сабіне:

— Ведаеце, ён у пятым быў другі год. Ён вельмі разумны, але хваравіты і бедны і часта думае там, дзе думаць забаронена: у касцёле, у класе. Яму ёсць аб чым думаць. А яго падловяць і злуюцца. І смяюцца часам. Я над ім апякуюся. І заўсёды яго выстаўляю з лепшага боку. І хлопцы пачалі паважаць. А я з ім яшчэ гімнастыкай займаюся — і ён стаў зграбнейшы.

Трохi смешны, лабасты, але худы ў шчоках i востры ў падбароддзi, гэты хлопец наiўна цiкаваў на свет вузкiмi, як шчылiнкi, глядзелкамi, якiя нiбыта толькi што прарэзалiся. Смешнае, сiмпатычнае барсучаня. Звалi яго Франц Багушэвiч.

Быў ён значна старэйшы за Вацлава, але Сабіна не сумнявалася, што словы аб "апякунстве" не хлусня.

Адзін не ведаў добра моваў, акрамя сваёй, ды яшчэ, як гэта часта бывала ў беларускіх фальварках, падпсутых рускай і польскай. Другі, як помніў сябе, аднолькава валодаў шасцю.

Адзiн чуў размовы аб выгодным у гэтым годзе ячменi (бровары павялiчылi закупкi) i аб горшых, чым у папярэдняга, казанях новага ксяндза. Другi з дзяцiнства ведаў, у чым непрыдатная для ўмоў Беларусi аграномiя

Лібіха і як менавіта развівалася красамоўства з часоў Цыцэрона і да нашых дзён.

І яны былі аднакласнікі. Не было ніякага дзіва ў тым, што адзін, які цягнуўся да ведаў, прывязаўся да таго, хто ведаў больш, хай сабе ён і быў малодшы. Не было ніякага дзіва, што малодшы цягнуўся да старэйшага, які валодаў адным несумненным веданнем, якога не набудзеш з кнігі: як менавіта даводзіцца на кожным кроку змагацца за сям'ю, за фальварак, за зямлю, за сваю годнасць і як выкручвацца з лап мацнейшага. Веданне Франца было таксама безумоўнае і вартае: веданне жыцця і бяды знізу.

Акрамя таго, Сабіна бачыла яшчэ адно. Франц дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты.

Гімназія рабіла з рамантычна-ўзнёслых, летуценных і справядлівых падлеткаў будучых тайных саветнікаў, пшутаў, снобаў і барычаў, і Франц разумеў, што ён павінен трымацца таго фарпосту чалавечнасці, які хаця і па-юначаму, але змагаўся з гэтым, і перш за ўсё Вацлава.

А душа ў яго была, і не абы-якая. Яна толькі пачынала развівацца, але ў глыбінях сваіх даўно ўсё разумела і абяцала далёка пакінуць за сабою многія і многія душы.

Сабiна аднойчы злавiла на сабе яго позiрк. Хлапец глядзеў сваiмi вузкiмi вочкамi, i былi ў гэтым позiрку цяжкаватая дапытлiвасць, розум i адвечная — амаль не ад чалавека — прага праўды. Успамiнаючы дабрадушныя вочы юнака, Сабiна кожны раз уздрыгвала. Ёй здавалася, што гэты чалавечак раптам спасцiг усю яе.

Гэтым пакуль што не мог пахваліцца ніхто. І толькі яна сама ведала, хто яна. Ведала, што яе іранічнасць і яе розум — толькі сродак для таго, каб прыкрыць просты факт уласнай абыякавасці да жыцця.

Яна не жыла. Яшчэ з інстытуцкіх часоў. Пенсіённая сістэма забівала дваяка і не магла, дзякуючы сваёй пачварнай і ветліва-халоднай бесчалавечнасці, не забіваць. Можна было зберагчы нешта адно: цела або душу. Пазбягалі гэтага адзінкі.

Адных яна забівала фізічна. "Божа, якія жахлівыя ледзяныя калоны, які холад у дартуарах!.. Я не магу, я хачу на Дняпро… у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор'е, дзе заўсёды спыняецца маці і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Я хачу на мелавыя данскія горы, дзе вясною жар цюльпанаў… Як холадна!.. Чаму я не магу гаварыць, як гаварыла?.. Чаму я не магу дазволіць сабе маленькі водгук "з", амаль нячутны, у слове "день"? Я не магу іначай, мой рот не так створаны, і я ж не буду актрысай, каб вымаўляць чыста…"

Такія плакалі па начах, пачыналі кашляць або прагна лавіць пах каменнавугальнага дыму і нафты. Наступала бязлітасная зялёная немач, хлароз.

Другія, мацнейшыя, сціскалі душу ў далонь, каб выжыць. "Гэтыя клоны — мармур? Дзякуй, мадам, спаць у холадзе здаравей… Імператар — душка, мы бачылі яго на акце… Я выпраўлю сваё вымаўленне, дзякуй вам… Мужчыны — гэта брутальна… Толькі тут я зразумела сапраўдную вартасць добрых манер… Гэтане нахабства ў маіх вачах, мадам, гэта пачцівасць, не злуйцеся…"

Такія выходзілі з інстытута здаровыя і ўсмешлівыя і дабіваліся поспеху, таму што ненавідзелі свет, і людзей, і адна адну.

Выходзілі са знявечанай, зламанай душой, з разважліва-халодным сэрцам, з той абрыдлівай бабскай подласцю, якая ў сто разоў горшая за подласць мужчынскую.

Выходзілі, гатовыя ісці цераз трупы. Бедныя душы!

Свет быў варожы і халодны, але ўсё ж яна, як кожная жывая істота, не хацела ледзянець і шукала паратунку. І паратунак з'явіўся.

А гэта быў ягоны брат.

Яна вырашыла ехаць. Хлопцы раптоўна сталі ёй чужыя. Апошнія дні яна таксама сустракалася з імі, але ў душы адчувала — хутчэй адсюль.

А яны жартавалі пры ёй, спаборнічалі ў дасціпнасці і рыцарстве, смяяліся, кідаліся думкамі.

Цёмнымі вачыма глядзеў на яе Цітус Далеўскі, трымалі паядынак Юллян і Алесь. Вацлаў перадражніваў Гедыміна, ідыёта Салаўёва і ханжу Баршчэўскага, як яны гавораць вясною аб выніках іспытаў і неабходнасці трымаць гімназістаў у ёжавых рукавіцах і як кожную хвіліну адхіляюцца, пачынаючы абгаворваць паненак, што праходзяць пад вокнамі.

І дабрадушна глядзела на іх толькі што прарэзанымі вачыма барсучаня, што прагнула праўды: Франц Багушэвіч.

Падрастала другая змена паўстання…

Яна сама не ведала, што з ёю. Ледзь прыехаўшы, пачала пытаць у дзядзькоў аб Алесю. Іван хваліў маладога князя за гаспадарлівасць. Але Тодар раптам накінуўся на Загорскага за залішняе патуранне мужыкам і ўвогуле за мужыкалюбства.

— Выдумаў сабе цацку дый важдаецца з ёю. Торкае сваёй беларускасцю ўсім у вочы. Гаворыць, бы гнойнымі граблямі нешта растрасае.

— Не звятрай увагі, — сказаў Іван.

Сабіна шукала сустрэчы. Паехала да Мсціслава, мяркуючы, што, можа, сустрэне яго там. Мсціслаў ні аб чым не здагадаўся, сказаў ёй, што Алеся ў яго другі тыдзень не было, і калі яна сустрэне яго, хай кіне яму ў вочы вось гэтую пальчатку, што ён тут забыў, маўляў, калі не заедзе днямі, то дуэль.

— Чаму ягоную пальчатку, а не вашу?

— А чаго я сваімі пальчаткамі раскідацца буду?

Пальчатку гэтую Алесь Загорскі не атрымаў.

Паехала яна і да Хаданскіх, не ведаючы, што яны ў сварцы з Загоршчынай. Але і з гэтай паездкі не атрымала нічога. Хіба толькі зрабіла ўражанне на Іллю, які ўжо быў у роспачы, чакаючы канца сваёй раўбічаўскай эпапеі.

Жыла яна ў сваім доме пры бровары, а да дзядзькоў заязджала рэдка, ды прытым была паглыблена толькі ў свае думкі і не заўважыла і другога: частых наездаў гасцей да Івана і Тодара. Ці то яна бачыла іх, але не звятрала ўвагі. А госці былі даволі падазроныя. Прыязджалі хаваючыся. Ад'язджалі ўначы. Вялі доўгія патаемныя размовы з гаспадарамі.

Былі гэта найбольш тыя людзі са шляхты, якія вялі гандаль і шалёна супраціўляліся дзейнасці пана Юрыя, а потым старога Вежы. Ім надыходзіла зараз апошняе разарэнне: выкупу не хопіць і на пашырэнне маленькіх гут і пільняў, душ у кожнага пяцьдзесят — шэсцьдзесят. Зямлю так ці іначай не зберажэш, а грошай не будзе і на тое, каб наняць былых прыгонных.

А тут яшчэ багатыры канкурыруюць. А тут яшчэ чырвоныя Загорскія рвуць зямлю з-пад ног, падлы, журботнікі над малодшым братам. Ім лёгка тужыць, а паспрабуй патужы ты.

Сярод гэтых узлаваных, даведзеных да крайнасці людзей з'явіўся раптам багаты Кроер. Гэтаму не было прычыны хвалявацца: жыў бы і без прыгону. Але ён ненавідзеў самую думку аб волі і аб тым, што ён не будзе мець фізічнай улады над людзьмі.

Акрамя таго, ён баяўся. Баяўся Войны і Корчака, якія гойсалі па пушчах і з якімі нічога не мог зрабіць Мусатаў, баяўся нападу, баяўся таго, што хлопы сталі "нахабныя", што яны ўсё больш і больш адчуваюць свой гонар.

Гэтага баяліся і іншыя. З двух бакоў насоўвалася страшная небяспека: з боку багатых Клейнаў, Загорскіх, Раўбічаў і іхніх заможных шасцісотгадовых збраяносцаў, усіх гэтых Раткевічаў, Кальчуг, Юдэнічаў, з боку Турскіх, Івіцкіх-Лаўраў, з боку адроддзя магутнага старога дрэва — Ракутовічаў, з боку ўсяго гэтага пераплеценага сваяцтвам, традыцыямі і паданнямі клана, які зараз "чырванеў" на вачах, і яшчэ з боку мужычча, якое адчула сваю сілу і значнасць.

З двух бакоў чакала смерць, пагібель, галеча. І таму трэба было бараніцца аж да зубоў. І тут ужо нікому не было клопату, што Кроер і Таркайлы — беларусы, Панафідзін і Іваноў — рускія, Аўгуст Дзержак — паляк, а Сабаньскія-Юнашы і Стахоўскія-Агеньчыкі лічаць сябе палякамі. Наадварот, людзі, падобныя да апошніх пяці, галасней за беларусаў лямантавалі аб "gente albarutenus"[44], аб тым, што яны зжыліся і цяпер больш беларусы, чым "гнілыя заходнікі і сацыялісты" Загорскія; лямантавалі аб традыцыях і патрэбе "скуць мячы на абарону правоў спрадвеку чыстага шляхецтва, якое надае высакароднасці і ім". І таму ўсе яны былі кранальна аднадушныя ў патрэбе "ўзняць меч".

На вачах складалася арганізацыя, якая сваёй падступнасцю за нейкія тры гады запаскудзіла ўсю гісторыю Прыдняпроўя і нават потым мела два кароткія рэцыдывы: пасля забойства Аляксандра і ў 1904 годзе. Складалася самая абрыдлівая за ўсю гісторыю Беларусі грамада, якая каштавала жыцця ледзь не дзвюм сотням чалавек.

Складалася "Ку-гa", прыдняпроўская мафія.

"Ку-га" існавала вельмі нядоўга і паспела забраць параўнаўча мала ахвяр толькі дзякуючы агідзе мясцовых жыхароў да забойства ў спіну.

Начальства заплюшчвала вочы і на дзейнасць грамады, і на яе знішчэнне. А вынішчалі грунтоўна, не падкапаешся. І той, хто пацікавіцца гэтым пытаннем, павінен будзе толькі прагледзець статыстычныя лічбы. За два гады на тэрыторыі Магілёўшчыны загінула "ад ваўкоў" больш людзей, чым за мінулыя трыста год. Прычым чамусьці сярод тых, што загінулі, не было сялян, а ўсё больш шляхта (да сотні душ), гаспадары дзвюх-трох будаў ці гут і іншыя такія самыя людзі. Якой мераю дасі, такой і аддадуць. Супраць "Ку-гі" выступілі "воўчыя братэрствы", аб якіх даволі многа і даволі негрунтоўна пісаў Доўнар-Запольскі.


…Сабіна Марыч не звяртала ўвагі на гэта. Яна шукала Алеся. А скончылася ўсё нечакана проста, і тон іхняй апошняй размовы не пакідаў ніякіх надзей на тое, што для Сабіны можа нешта змяніццца ў лепшы бок.

Яны сустрэліся і шмат гаварылі, і яна сказала яму, што свет робіцца лепшы, калі ў ім сустракаеш такіх людзей, як ён. І тады Алесь, нібы раптам зрабіўшыся відушчым, сказаў:

— Не трэба гэтага, Сабіна. Для вас я сусед і друг, як Раткевіч, як іншыя добрыя людзі. Зробіцца дрэнна — паможам. Ваш вораг — наш вораг. Ваш сябра — наш сябра. Вось і ўсё.

Яна бласлаўляла бога, што не паспела далёка зайсці, што не дайшла да апошняга прыніжэння.

— Я гэта і мела на ўвазе, князь. Я стаўлюся да вас, як да пана Юлляна.

— Вось і добра.

— І мне хацелася б ніколі зрабіцца для вас тым, што Хаданскія і Раўбічы.

Ён разумеў, што гэта ўдар, магчыма, нават лёгкая пагроза. Алесь ведаў — яна не паспела далёка зайсці, і радаваўся, што адсек адным ударам усе размовы. Але ён таксама ведаў, што ў думках яна зайшла далёка і цяпер нізавошта гэтага яму не даруе.

— Так, — сказаў ён. — Гэта сапраўды было б непрыемна. Асабліва для мяне.

Яна здагадвалася і раней, чаму яму непрыемна варожасць з Раўбічамі, а цяпер даведалася пра ўсё.

Святло пацьмянела.

Ёй нельга было жыць без яго. Раней — і ў марах — як без каханага. Цяпер — як без недасяжнай і адзіна патрэбнай істоты. У недалёкім будучым — як без ворага.


Міхаліна праз няньку Тэклю паведаміла Алесю, што яна зноў, трэці раз за гэтыя месяцы, выбіраючы час найлепшага яго настрою, зрабіла спробу пагаварыць з бацькам аб варожасці да Загорскіх.

Яна пісала, што гэта цяпер было больш чым цяжка. Наваколле не ведала, чаму пасля нападу Корчака на маёнтак Раўбіч асабліва змяніў свае адносіны да маладога князя. Алесь нікому нічога не расказваў. Раўбіч таксама маўчаў. Ведалі, што Алесь з табуном прыскакаў яму на дапамогу, а наконт далейшага хадзілі розныя чуткі. То казалі, што Загорскі спазніўся і бандыты ўжо зніклі, падпаліўшы дворныя пабудовы і не забіўшы пана, бо не хацелі залішніх ахвяр і вялікай аблавы. То гаварылі аб тым, што Загорскі ледзь не сапсаваў справы, яшчэ здалёк распачаўшы страляніну, бо трохі баяўся, што было цалкам натуральна. Гаварылі і аб нейкай вялізнай страшнай спрэчцы (выводзілі яе лагічнымі збудаваннямі), у якой нібыта абодва бакі асыпалі адзін аднаго ўзаемнымі абразамі. А хто казаў, што Алесь наогул не даехаў. Але ніхто нічога не ведаў.

Майка паведаміла, што паспрабавала растлумачыць бацьку ўсё.

Размовы, аднак, не атрымалася. Пан Яраш, каторы ўжо раз, спыніў яе і заявіў, што, калі яна кіне яшчэ хоць слова пра Загорскіх, ён — хоць ніколі не сказаў ёй нават грубага слова — ні з чым не палічыцца і завязе яе ў манастыр, да цёткі-ігуменні, на дадатковае выхаванне. Гады на чатыры.

Алесь, дачуўшыся аб гэтым, паскакаў да Раўбічаў і дзень гойсаў па гаях вакол маёнтка, пакуль Тэклін пляменнік не адшукаў яго там і не папярэдзіў, што з'яўляцца тут небяспечна, бо пан Яраш перахапіў запіску паненкі Міхаліны, падазрае, што перадавала іх Тэкля.

І Тэкля просіць, каб паніч не з'яўляўся, бо яго могуць падпільнаваць, бо Міхаліна амаль у турме, і Алесь можа толькі папсаваць усё і паненцы і ёй, Тэклі. І яна, Тэкля, абяцае: калі гнеў пана пройдзе — паведаміць Алесю.

Загорскі задыхаўся.

— Хлопчык, мілы, скажы ёй: калі ёй дадуць вольную — я яе да сябе вазьму. Хай перадасць адно слова — дзе можна сустрэцца.

Хлапчук чухаў адной босай нагой другую:

— Яна, дзядзька князь, казала, што есці ёй і так хопіць. Грошы, дзякуй богу, ёсць. Яна казала, што паненку кінуць не можа, бо той адной зусім дрэнна будзе. Едзьце вы, казала, калі ласка.

Загорскі зразумеў: пакуль што нічога не зробіш. Пакуль за Міхалінай і ўсімі, хто верны ёй, сочаць — трэба не насцярожваць Яраша і Франса. І ён паехаў да дзеда.

… Дзед, здаецца, ведаў усё і не ўсё з таго, што рабілася, ухваляў. Падумаеш, маўляў, рыцар бедны. Трыстан — трубадур і менестрэль, капуста а ля правансаль. І, нібы жадаючы паказаць Алесю, што ёсць і іншы погляд на рэчы і таму няхай асабліва не ідэалізуе, літаральна дапякаў яго з'едлівымі, несправядлівымі, але з гэтай прычыны яшчэ больш дасціпнымі разважаннямі аб жанчынах, іхніх адносінах да жыцця, мастацтва, мужчын і поспеху ў жыцці. Бачыў, што ўнук нібыта перастае быць мужчынам, і таму свядома прышчапляў атруту.

"Рыцар бедны" і злаваўся і адчуваў, што яго лечаць, і не мог не рагатаць, з такой смешнай злосцю і так падобна на праўду гэта гаварылася…

Ён не ведаў, што дзед ніколі не дазволіў бы сабе гаварыць так, каб яму не верылі. Асабліва ў такой вялікай справе, як надаванне гарту душы ўнука.

І Алесь сапраўды адчуваў, што яму лягчэй.

Яны гулялі над возерам. Дзед ішоў надзіва вальяжны і прыгожы, хіба што толькі трохі больш павольна, чым дзевяць год назад. Гумарыстычныя зморшчынкі ляжалі ля цвёрдых вуснаў старога вальтэр'янца.

— Ты думаў над тым, чаму яны так любяць займацца мастацтвам? Таму, што ў глыбіні душы пякуча адчуваюць сваю абдзеленасць у гэтым сэнсе. Разумеюць, што тут нічога не зробіш, але хочуць пераканаць мужчын, што гэта не так.

— Супярэчыце сабе, дзеду. Адкуль жа ў іх тады думкі?

— Вельмі проста. Ад першага мужчыны, які вучыў іх мастацтву. Ну і трохі, наколькі дазваляў мозг, развінутыя і дэфармаваныя. Так усё жыццё і таўчэ. У жыцці ёй станоўчая маральнасць чужая. Ведае яна толькі адмоўную — сорам. Ну, а ў мастацтве ў яе і адмоўнай няма.

Алесь успомніў Гелену.

— Гэта няпраўда, дзеду… Я кажу пра жыццё.

— Яны, браце, неэстэтычны пол. Грэкі былі несамыя вялікія дурні, калі не пускалі іх у тэатр. — Усміхнуўся: — Прынамсі, можна было хаця нешта чуць.

— Нават калі так — яны бласлаўляюць нас на подзвігі. Уся паэзія — ад кахання.

— Скажы: уся пагібель паэзіі ад кахання. Мільтан правільна сказаў сваёй жонцы: "Любая мая, табе і іншым — вам хочацца ездзіць у карэтах, а я жадаю аставацца сумленным чалавекам". На жаль, пераважная большасць людзей аддае перавагу карэтам перад перакананнямі. А жанчына — яна заўсёды скажа: "Праменні — гэта галоўнае ў сонцы"; рэдка скажа: "Сонца кідае свае праменні" (гэта толькі адна Яраслаўна дадумалася, дый то са слоў паэта), і ніколі не скажа, як Дантэ: "Змоўк сонечны прамень…" Э, браце, нават лепшыя ў іх — дзяцінныя і каротказорыя.

І спытаў раптам:

— Ты чытаў добрых паэтаў-жанчын?

— Сафо.

— То я і заўважаю, што ёй усё жыццё была ў цяжар яе жаноцкасць.

— Але ж паэтэса.

— Гэта яе такой Фет у перакладах зрабіў, — без вагання сказаў дзед.

— Дык, можа, яшчэ з'явіцца.

— За тры тысячы год не з'явіліся, а тут з'явяцца. Натура не робіць скачкоў.

Немагчыма было з ім спрачацца, заўсёды ён меў рацыю.

— Ты, дзеду, зусiм як магiлёўскi Чурыла-Барановiч, — не вельмi выхавана сказаў раззлаваны Алесь. —

Магілёўскі Дыяген. З усяго здзекуецца, кпіць ды смяецца.

Дзед зрабіў выгляд, што не чуў:

— Хто такі?

— Я ж кажу: губернскі Дыяген. З дзівацтвамі. У доме вар'ятаў быў.

— Добрыя дзівацтвы, — сказаў дзед. — За іх і ўзялі?

— Не, сапраўды. Ідзе вуліцай і рагоча.

— Ну-у, каб гэта ўсіх браць, хто ў нас у краіне на вуліцах рагоча…

Алесь толькі рукамі развёў. А дзед ужо казаў далей:

— Ты не прымай усяго блізка да сэрца… Быў такі ў дванаццатым стагоддзі разумны-разумны папа Інакенці трэці. Напісаў ён трактат: "Аб пагардзе да свету". Трэба табе пачытаць ды над сім-тым задумацца… Урэшце, нашто чытаць? Вось паслухай, што ён аб жыцці кажа… Ра-азумны быў! "Чалавек створан на няшчасце, не з агню, падобна як свяцілы нябесныя, не з вады, як расліны, а з аднаго рэчыва з жывёламі, таму і церпіць роўную з імі долю. Крыніца зла — ягонае цела, што заняволіла сабою дух і стала для яго турмою. Добрыя пакутуюць не менш за злых, — "калі не больш", — дадаў дзед. — Жыццё ёсць барацьба. Чалавек вядзе яе з падобнымі сабе, з натураю, са сваім целам і з д'яблам. Не мінае дня, каб да асалоды не прымешваліся гнеў, зайздрасць, страх або нянавісць. Жыццё не што іншае, як жывая смерць, таму што мы паміраем, пакуль жывём, і лепей памерці зажыва, чым жыць мёртвым". — Падумаў-падумаў: — Зрэшты… дурань ён быў, гэты папа. За што і абралі.

…Шмат займаліся справамі.

Прыбылі, урэшце, выпісаныя з Англіі малатарні і насенне. Многія прыязджалі глядзець на іх. Прыехаў і Іван Таркайла. Бегаў вачыма, разглядаючы:

— Што, толькі сваё малаціць будзеце?

І сялянскае. За невялікую плату. Выпішу яшчэ — можа, больш заможныя купяць, а менш заможныя хай бяруць, скажам, удзесяцёх.

— А бабы што ўзімку будуць рабіць?

— Глупства. Хай ткуць палатніну на продаж. Хай вучацца рабіць сарпінкі, міткаль. Промысел будзе. Скора будуць свае два аграномы.

Таркайла не вытрымаў:

— А не баіцеся?

— Чаго?

— З'явіліся нейкія людзі. Нядаўна за гэтыя рэформы Арсена Стрыбаговіча спалілі… Сына ягонага падстрэлілі. Усё чыста дымам пайшло: і будынкі, і сцірты, і завод… Сын ледзь ачуняў.

— Гэта вы пра тую "Ку-гу"? — сказаў Алесь. — Куга — яна і ёсць куга балотная. Куды вецер, туды і яна гнецца. А паспрабуюць на мяне вякнуць — вылаўлю ўсіх.

— Ды я хіба што кажу, — адступіў Таркайла. — Я і сам гэтых вырадкаў ненавіджу. Сам бы ўсё гэта завёў, ды пабойваюся. — Я — не вы. Спаляць. Нядаўна сустрэлі на дарозе лёкая майго Пятра ды запіску перадалі.

І Таркайла падаў Алесю шматок паперы. У левым верхнім кутку было груба намаляванае вока пугача з пяром-брывом. Ніжэй ішлі літары, ірваныя ад дрэннай паперы і вадкага атраманту.

"Бачым! Пойдзеш за Стрыбаговічам, возьмеш на пільню па вольным найме людзей — труна… Сёння зроблена — заўтра атрымаеш вяроўку, паслязаўтра не павесішся — праз дзень палім тваё пудзіла на Чырвонай гары ці на іншай высокай. Убачыш, не знікнеш — чакай савы. І іншым перадай, будзе ім тое ж…"

Ніжэй быў намаляваны крыж. Алесь усміхнуўся:

— Дайце мне.

— Што вы, — ціха сказаў Іван. — Ніколі!

Дрыжачымі пальцамі схаваў паперку:

— Заб'юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце…

— Ну глядзіце. А атрымаць-то я павінен быў першы. У мяне паўсюль па вольным найме людзі. Нават з маіх прыгонных.

— Я і кажу: сцеражыцеся… І маўчыце… Маўчыце… Хрыстом прашу.

Падышоў Вежа. Іван нібы надумаў новае:

— Усё гэта добра, навіны гэтыя. А капітал абаротны скуль?

— Я дам, — сказаў Вежа

— Яму дасцё. А ўсiм iншым хто дасць? На якiя такiя шэлегi яны вучыцца будуць? — I дадаў: — Алесю Юр'евiчу з вамi пашанцавала. Са срэбнай лыжкай у роце нарадзiўся.

Паехаў. Алесь здзіўлена раздумваў. Нашто гэта яму было? Дапамогі на ўсякі выпадак шукаў? То паможам, як спатрэбіцца.

І Алесь махнуў рукою на здарэнне з Таркайлам. "Ку-га", "шму-га" — лухта якая!

…У жніўні невядомыя людзі конна вылецелі з пушчы на вітахмоўскую бурачную плантацыю. Трыццаць чалавек са стрэльбамі. Ніжняя частка аблічча ў кожнага завешана белым муслінам, каб дыхаць.

На гэтай дзесяціне першы год рос гонар і крывавы пот Алеся: з вялікімі цяжкасцямі, ледзь не зладзействам і хабарам здабыты з поўдня гатунак бурака "Залаты", з колькасцю цукру да дваццаці васьмі працэнтаў супраць звычайных шаснаццаці — дваццаці. Гаспадарка, дзе рос "Залаты", належала барону Мухвіцу, генеральнаму дырэктару суполкі "Мінерва", і была пад Вінніцай. Насенне Герман Мухвіц дастаў недзе ў Аўстрыі (ён быў яшчэ і член адміністрацыйнай рады Варшаўска-Венскай чыгункі), таксама ледзь не ўкраў і сцярог, трымаючы зубамі. Чалавека, які здабыў Алесю насенне, выгналі са службы, і давялося ўзяць яго на свё ўтрыманне.

Іншыя служачыя наадрэз адмовіліся гаварыць з Выбіцкім.

Вакол "Залатога" хадзілі ледзь не на пальчыках. Плацілі мужыкам і бабам удвая за апрацоўку кожнага рада. Алесь спадзяваўся, што праз год трэць плантацый будзе засеяна сваім "залатым" насеннем.

І тут здарылася.

Пад шалёнае "ку-га" невядомыя стрэламі адагналі працуючых і пачалі гайсаць па дзесяціне, выбіваючы яе капытамі, як ток. З лесу вылецелі каля дваццаці фурманак, распаўзліся па плантацыі і пачалі паліваць з бочак сакавітыя зялёныя рады густа-салёнай ропай.

Людзі пабеглі ў Вітахмо па дапамогу. А пакуль на плантацыю кінуўся Андрэй Пахвіст, аконам Сцюдзёнага Яра, што выпадкова апынуўся ў Вітахмо. Кінуўся адзін: ратаваць.

Прыбег і ўбачыў шабаш знішчэння: струмені ропы, цені коннікаў, што лёталі па полі. Выгукі, сакавітае храбусценне гічкі, стрэлы ў паветра.

Аконама набілі і прагналі з плантацыі.

— Перадай: будзе навіны заводзіць — прырэжам.

Праз гадзiну, убачыўшы, як з боку Вiтахмо бягуць са стрэльбамi людзi, невядомыя абсеклi пастронкi i,

кінуўшы новыя бочкі разам з калёсамі ў разорах, прыпусціліся ў пушчу.

Людзі рынулі за імі, але адтуль ірвануў залп, і гнацца далей збаяліся.

Поле было — змешанае з гразёю тулкавіска[45]. Алесь ужо назаўтра ўбачыў, што ропа зрабіла сваю справу: гічаны, там, дзе яны ўцалелі, былі як зморшчаны сухі тытунь.

Ён загадаў выкапаць найбольш ацалелыя карані, перанесці пад аранжарэю і даглядаць, як ружы, загадаў шчодра паліваць поле вадой — а можа? — але сродку змагацца з гэтым у аграномаў не было: ніхто не сее бурак на саланчаку, з неба не ідуць салоныя дажджы. Уратаваць удалося не больш як дзесяткі тры каранёў.

"Залаты" загінуў.

Пахвіст дзёр на сабе валасы.

— За што?

— За тое, што кадлуб длугі, а ногі крутке, — змрочна казаў дзед. — Уцячы не паспеў… Ну до, до, мецьмеш за крыўду.

— Сволачы, — сцяўшы зубы, сказаў Алесь.

Дзед сумна ўсміхнуўся:

— А што такое мера добрага ці дрэннага? Шмат у каго — кішэнь. Дзеля яе іншы не тое што бурак — чалавека стопча.

— Скардзіцца будзем? — спытаў Пахвіст.

— Не, — сказаў Алесь. — Скінь з вітахмоўскіх мужыкоў палову нядоімкі. Прыбаў на цукроўнях вольнанаёмным шэсць грошаў на гадзіну. Вартаўнікам — стрэльбы, і, калі ўбачаць такога, завешанага, — вусны Алеся жорстка скрывіліся, — хай страляюць яго ў маю галаву. І мужыкі, калі заўважаць, хай страляюць.

— Правільна, — сказаў дзед. — То, кажаш, шляхта?

— Канечне, шляхта, — сказаў Пахвіст. — Гаворка выдае. Дый нашто мужыкам на добрыя для іх навіны скадзіцца.

— Ясна, — сказаў дзед. — Вось мы iм мiну i падвядзем. Паглядзяць мужыкi, як Загорскiм шанцуе, дык, глядзiш, кагосьцi са сваiх i цокнуць абухом у лоб.

А праз тыдзень здарылася яшчэ горшае.

Стафан Кагут, старэйшы і пакуль адзіны жанаты з братоў, Юллян Лапата ехалі на адным возе з Сухадола. Вазілі сёе-тое прадаць. Прадаўшы, купілі чвэрць гарэлкі, узялі з яе па чарцы, пад хатняе сала, ды па другой, астатняе закаркавалі і паклалі пад посцілку: у Кагутовых пачыналі капаць студню два майстры, то хоць пры пачатку і не належыць, а напаіць трэба, няхай не кажуць, што Кагут скупірака.

Стафан купіў яшчэ поршнікі для малой. Надта ўжо добрыя былі поршні, як крамныя: ніз суцэльны, вяршок, як андарак, клятчасты, з жоўтых і сіненькіх скураных лычак, а раменьчык, якім зашморгваюць, чырвоны, як мак-відук.

Стафан увесь час даставаў і разглядаў іх, усміхаючыся ў маладыя, густаватыя ўжо вусы, прыемна-залацістыя, як у бацькі. Самы бяскрыўдны з усіх Кагутоў, вады не замуціць, ёнбыў добры муж і добры бацька.

Усе прыезджыя ва ўсіх кнігах хвалілі тутэйшых людзей за тое, што добрыя бацькі і мужы. Але тыя кніг не чыталі, дый здзівіліся б, прачытаўшы: "А як іначай? Малады — дурэй колькі хочаш, хоць у лазу з чаканам ідзі, а ажаніўся — тут ужо не-е!"

Ехалі дадому трохі вясёлыя. У Стафана таксама быў голас, хоць і горшы, чым Андрэеў. Ён спяваў, а Юллян падцягваў яму густым басам:

Былі ў маці тры сыны на раду,
Загадалі ўсім тром на вайну.
Ой, старэйшаму не хочацца,
Малодшаму не прыходзіцца,
А сярэдні меч бярэ, збіраецца,
З бацькам, з матухнай прашчаецца.
"Не кусай вусы, мой татка, пры мне,
Не плач, мая родная матка, пры мне,
Не плач, не плач, мая матухна, пры мне.
Наплачашся, мая мамка, без мяне.
Нагалосішся, наплачашся,
З сіротамі накугачашся".
— Чакай, сказаў Юллян Лапата. — Гэта што?

З ляснога вострава, злева ад дарогі, вылецелі на апошніх конскіх жылах два чалавекі. Па белых світках ясна было: мужыкі. Не асцерагаючыся нават таго, што конь можа трапіць нагою ў хамячыну, гналі каней, як ад смерці.

Юллян пазнаў у адным з коннікаў Корчака. Другі быў невядомы.

— Як на скрут галавы, — сказаў Стафан. — Хто б гэта?

Юллян прамаўчаў.

Коннікі перасеклі біты шлях сажняў за пяцьдзесят перад возам. Стафан глядзеў на іх з цікавасцю. Людзі замарузділі, відаць раздумваючы, куды кінуцца. Лявей ад іх было канаплянае поле, а за ім схіл, зарослы меднымі соснамі. Правей — хмызы, за якімі ляжаў нізкі, на вільготным месцы, лес. Там, на ўзлессі, як волат, стаяла магутная сухая сасна.

Коннікі, відаць, наважыліся: паскакалі левым шляхам, сцежкаю праз каноплі. Калі воз пад'язджаў да месца, дзе яны перабеглі дарогу, Стафан убачыў, што коні, асядаючы і часам знясілена ссоўваючыся ўніз, ужо нясуць людзей па стромым схіле, што зарос хвоямі… Зніклі…

На шляху ляжалі два хлапякі пены.

— Н-ну, — сказаў Стафан. — Загоняць коней.

— Змоўч, — сказаў Лапата. — Не твая справа.

З вострава, адкуль выскачылі коннікі, пачуўся пошчак капытоў.

— Вось чаму, — сказаў Стафан, убачыўшы дзесятак верхавых.

На свежых, амаль не змораных конях коннікі глыталі дарогу ўдвая хутчэй, чым папярэднія, і хутка вылецелі на шлях. Сталі, азіраючыся.

Абліччы былі завешаны белым.

— Гэй! — сказаў адзін. — Не бачылі людзей?

Стафан глядзеў на яго і думаў, казаць ці не. Бадай, не варта было хлусіць: невядома ж, што то былі за людзі, дый звязвацца з гэтымі страшна. Але завешаных было многа, а звычай казаў: бачыш, што шмат людзей гоняцца за адным — не памагай. Ён вагаўся.

— Бачылі, — сказаў Стафан.

Лапата аж сціснуўся. Коннікі пад'ехалі бліжэй. Вочы змрочна блішчалі пад павязкамі.

— Куды памчалі? — спытаў коннік у сінім.

— Два? — спытаў Стафан, марудзячы.

— Але.

— Конна?

— Я вось табе як жыгну, — сказаў другі, з шалёнымі вачыма, уздымаючы карбач.

— Чакай, — сказаў сіні.

— Гэна… як яно… — сказаў Стафан. — Коннікі, значыць, два?

— От варона, — засмяяўся сіні.

— Два коннікі прабягалі вярхом, — сказаў Стафан. — Унечкі туды… Ды не, не туды, а унь туды, бачыце дзе мокры лес.

— А не туды? — шалёны паказаў карбачом на схіл з мядзянымі соснамі.

— Кінь, — сказаў сіні. — Што ім на схіле? Правільна кажа мужык. Там мокры лес, там, відаць, яр.

Яны рванулі ў правы бок, але амаль адразу трапілі ў балаціну і сталі яе аб'язджаць.

— Ты бачыў? — спытаў Лапата.

— Нічога я не бачыў, не бачу і не буду бачыць, — злосна сказаў Стафан.

Шырокае аблічча Юлляна было бледнае. Ён махнуў рукой:

— Гані.

У гэты момант з пушчы, якраз між сухой хвояй і тым схілам, дзе зніклі Корчак з сябрам, вылецеў коннік. Намётам пагнаў да пагоні, махнуў рукою ў бок мядзянага бору.

І Стафан здзівіўся, такое незнаёмае аблічча стала ў Лапаты. Шчокі абцягнуліся, рот нібы праваліўся, моцныя сківіцы дрыжалі.

Маленькі атрад, відаць, спрачаўся. Людзі махалі карбачамі ў розныя бакі.

— Дарма! — тонка крычаў той, што пад'ехаў. — Кажу, часовыя кладкі цераз яр за сабою пабурылі. Скулля вам цяпер, разявакі!

Кагутоў воз імчаўся, хеўра коннікаў рабілася ўсё меншая і меншая. Лапата пашкадаваў, што з ім няма стрэльбы. Той самай, надзейнай, крамянёвай, якая ляжала ў яго на каленях, калі яны раіліся ў чаўнах, а вакол была повень.

Таму што коннікі пачалі павялічвацца. Вельмі хутка.

На хвіліну Юллян адчуў на каленях знаёмы цяжар, адчуў, як левая рука ляжыць на гранчастым ствале, а правая абмацвае звыклы пудовы прыклад, абплецены ўрэзаным у драўніну і расплясканым — для прыгажосці — медным дротам. Ён сам распляскаў яго малатком калісьці на прыгуменні. Быў, помніцца, ясны травеньскі вечар.

Юллян скалануў галавою. Вельмі шырокі, але прыгожы рот сціснуўся. Чаго было шкадаваць, калі стрэльбы няма.

Коннiкi дагналi воз.

— Ты што ж гэта, хлоп? — люта спытаў шалёны.

Той, што прыскакаў пазней, спыніў Стафанавых коней, некалькі чалавек саскочылі на зямлю і выцягнулі Стафана з воза.

— Нашто казаў? — спытаў сіні.

— Закон, пане, — проста сказаў Стафан.

— А я вось табе пакажу закон… Законнікі… Праўды пільна захацелася.

Стафана пачалі збіваць. Спачатку кулакамі і карбачамі. Потым, зваліўшы, ботамі. Пыл стаяў над дарогай. Хэкалі, таўклі, цалялі выспяткамі ў галаву, якую Стафан закрыў рукамі, у грудзі, у жывот, да якога ён падцягваў і не мог падцягнуць калені.

Стафан не крычаў. Рахманы твар, калі ўдарам перакідвалі з боку на спіну, глядзеў праз струмені крыві непаразумелымі, але годнымі вачыма.

Моцныя сківіцы Юлляна хадзілі. Ён спачатку думаў, што абыдзецца двума-трыма штурхялямі, але хвіліны ішлі, і ён раптам зразумеў, што Стафана забіваюць.

— Давай, хлопцы, давай, — крычаў шалёны. — Яшчэ пакуль "гуп". Канчай, калі "чвяк" будзе!

Юлляна трымалі два чалавекі. Ён пачаў круціцца на возе.

— Як б'яце? — крычаў шалёны. — Ану на аглабіцу яго, ды па нырках яго… Па нырках.

Два завешаныя ўскінулі Стафана на аглабіцу воза.

Шалёныя вочы паўзверх павязкі глядзелі весела. Шалёны ўскінуў шаблю разам з похвамі і — плазам — ударыў… Юллян вырваўся. Навярнуў аднаму пад ніжнюю сківіцу, і той як юкнуў з воза. Спалоханыя коні рванулі, і задняе кола з храбусценнем пераехала скінутаму руку. Той заскавытаў, заенчыў. Шалёная радасць заліла сэрца Лапаты. Ён ударыў нагою другога. У пахвіну. Ляснуўся на дарогу і той.

На крык сіні ўскінуў медзведзяватыя вочы. Юллян рыўцом напалову аддзёр з лёстак аглабіцу.

Вочы Юлляна і сіняга сустрэліся. І ў гэты момант ветрык адхіліў з аблічча сіняга муслінавае пакрывала. Юллян на нейкае імгненне ўбачыў жорсткія вусны Тодара Таркайлы і зразумеў: гэта канец.

Тодар дастаў з-за пояса пісталеты.

— Тарка… — сказаў Юллян.

Два стрэлы амаль зліліся ў адзін. Юллян Лапата, стоячы на возе, пахіснуўся і, дзіўна заграбаючы паветра рукамі, нібы ішоў купацца па няроўным дне, упаў на Стафана.

— …ла, — дакончыў ён.

Ён быў забіты напавал.

Конi памчалiся дарогай. Шалёны наўздагон стрэлiў у Стафана… Потым коннiкi паскакалi полем у бок

ляснога вострава.

Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе.

Коні ляцелі як на злом галавы. Потым, стаміўшыся, пайшлі ступою. Крыві нідзе, акрамя саломы, не было відаць, і кожнаму, хто сустракаўся з возам, здавалася, што гэта едуць з кірмаша смяротна п'яныя.

Пад колы капала гарэлка з прабітай пляшкі.

…Алесь прывёз лекара, калі Стафан быў яшчэ непрытомны (апрытомнеў ён толькі на трэці дзень), і толькі раз, на імгненне расплюшчыўшы асавелыя вочы, сказаў не сваім голасам:

— "Ку-га".

Лекар аглядаў збітага. Алесь сядзеў у двары, на бярвеннях, і слухаў галошанне Марты.

— Закурыць у цябе няма? — сказаў ён.

Марту трэба было неяк адарваць ад гэтага страшнага ляманту, і ён, некурашчы, не знайшоў нічога лепшага. Пакуль Марта пайшла па тытунь, пакуль нацерла яго, пакуль прынесла і пачысціла забытую, на другі дзень пасля вяселля кінутую бацькам Кагутом люльку, яна сапраўды супакоілася.

Сплёўваючы абрыдлівую сліну, Алесь слухаў, як яна, Марта, убачыла коней, што самі спыніліся ля брамы, як падумала была, што муж і Юллян напіліся, як з месца кінулася лаяць і як толькі потым убачыла кроў.

— Поршнікі ж купіў, — пабівалася Марта. — А што гожанькія, што ладненькія!

Малая Рагнеда, на якую ніхто не звяртаў увагі, самавольна абула іх і цяпер тупала перад Алесем, чакаючы, відаць, што заўважыць і пахваліць.

— Кроў, — сказаў Алесь.

— Ав-вой, што той крывішчы было! Вой-вой!

— Кроў, — сказаў Алесь. — Кроў яны прынеслі сюды. Ніколі ў нас так, завешаныя, не забівалі… Ну што ж, будуць мець кроў.

Калі выйшаў лекар, Алесь адвёў яго ўбок.

— Баюся, ён не жылец, княжа. Зламалі тры рабрыны, прабілі галаву. Лёгкае зрушэнне мазгоў. Некалькі кровазліццяў унутр. Але не гэта самае галоўнае… Баюся, што яму адбілі адну нырку. Так што гэта пытанне часу.

— Ён мне брат, пане лекар.

— Я чуў. Але вы памыляецеся, калi лiчыце, што я раблю рознiцу мiж князем i мужыком. Я — лекар.

— Якія-небудзь добрыя лекі?

— Адцягнуць час… А ўрэшце — хто ведае? Можа і ачуняць. Ён здаровы. Другі памёр бы, не даехаўшы і да дому.

Алесь прывёз з губерні яшчэ двух лекараў. Зроблена было ўсё, але ніхто не абяцаў вылячэння.

Загорскі, калі Стафан апрытомнеў, пытаў у яго, ці не пазнаў ён каго-небудзь з тых, хто напалі.

— Што вы, — сказаў Стафан. — Я і зразумець не паспеў, што здарылася…

Алесь пакутліва думаў, як жа адшукаць, як адпомсціць. І раптам пачуў дзіўнае:

— Ты не турбуйся, браце, — сказаў Стафан. — Што ўжо табе. Кінь. Усе хрысціяне.

Гэта было так нечакана, што Алесь зразумеў: Стафан ні на хвіліну не сумняваецца ў тым, што яго чакае.

Алесь не ведаў толькі аднаго. Якраз калі ён ездзіў у Магілёў, па лекара, Стафан глядзеў на Рагнеду, якая тупала па падлозе ўсё ў тых самых поршніках. І раптам паклікаў Кандрата.

— Зачыні дзверы, — сказаў ён.

Стафан ляжаў у чыстым пакоі, на тым ложку, дзе слалі гасцям. Звычайна да госця, які пасля вячэры ўжо засыпаў, прыходзіла спачатку Марта, а потым Яня і прыносілі апошнюю чарку крупніку:

— Выпі, госцейка, апошнюю дый спі! Пакрыўдзь сябе, каб дому не крыўдзіць.

Госць усміхаўся, выпіваў, цалаваў пані дому ў шчаку і засынаў з думкай, што дом трымаецца звычаю, што гэта харошы дом.

Цяпер нехта павінен быў паднесці чарку і яму. Стафан адчуваў набліжэнне гэтай пані. Ці стане сілы ў адказ на яе пацалунак усміхнуцца? Трэба, каб хапіла.

— Што ты, браце? — спытаў Кандрат.

— Абяцай, што ёй заўсёды будуць і поршні і чаравікі. Што іншым дзецям, тое і ёй.

— Крыўдзіш, Стафан, — сказаў Кандрат. — На тым стаім… Ды ты кінь. Ачуняеш.

— То ты, Кандратка, слухай. Пабажыся, што ўсё забудзеш, калі ачуняю.

— У імя бога, — неахвотна сказаў Кандрат.

— Калі ачуняю — я дарую ім, — сказаў Стафан. — Бацька ў яе будзе, а гэта галоўнае. Мы — хрысціяне.

Малая тупала па падлозе. Поршні на ножках былі як вясёлка.

— Але як памру — няма ім майго даравання.

Рахманыя вочы Стафана сталі раптам такія, што Кандрат спалохаўся.

— Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. І атрымалася так, што для мяне адзін звычай, а для іх — другі. І яны забілі мяне, хоць я нікуды не лез і ведаў, што мы людзі маленькія і павінны араць зямлю, і ў нас дзеці… Дык вось, калі памру — забі.

— Хто? — спакойна спытаў Кандрат.

— Таркайла Тодар, — сказаў Стафан.

— Скуль ведаеш?

— Голас быў падобны. І Юллян сказаў: "Тарка…ла". А потым стрэлы.

— Добра, — буркнуў Кандрат. — Зраблю. Яшчэ хто?

— Мне здалося, што я пазнаў вочы другога. Але гэта проста каб ведаў і сцярогся. Абяцай, што не будзеш забіваць, пакуль не ўпэўнішся.

— У імя бога… Хто?

— Здаецца, Кроер Канстанцін…

— Чаму Алесю не сказаў?

— Кінь, браце. І так у яго ворагаў многа.

— Я ўсё зраблю, браце, — сказаў Кандрат.

— А цяпер забудзь, — Стафан заплюшчыў вочы.


Няшчасці пачалі сыпацца як з мяха. За некалькі месяцаў бацька, маці, сварка з Ярашам, ліст ад Кастуся, што ў Віктара рэзка пагоршылася здароўе, дзейнасць "Ку-гі", смерць Юлляна Лапаты і зверскае збіццё Стафана.

І, урэшце, як апошняе — новае здарэнне ў Раўбічах: папрок Іллі Хаданскага, што пан Яраш не трымае слова.

Разгневаны Раўбіч паклікаў дачку. Міхаліна сказала, што хоча вярнуць Хаданскаму слова.

— Не будзе гэтага, — сказаў пан Яраш. — Ніколі. Нізашто.

— Я кахаю Загорскага, — сказала Майка.

— Ён вораг.

— Вам — магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы — мне, брат — Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы… вы… вы — дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова…

Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.

— Убачым, — ціха сказаў ён. — Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова…

— Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам "хвароба". Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён "не зрабіў граху", а вы "не паддаліся, не паступіліся гонарам". І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.

Голас яе зазвінеў:

— Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзілі

і з гэтай прычыны цяпер забіваеце… Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб'ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб'ю сябе…

— Як хочаш, — сказаў пан Яраш.

Адразу пасля размовы ён загадаў прыставiць да пакояў Мiхалiны верных людзей i сказаў Iллi Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычнiка, каб асталося тыднi тры да пiлiпаўкi. Да таго часу ён просiць графа Хаданскага не з'яўляцца.

Пан Яраш усё ж шкадаваў дачку, хоць яна сама была вінавата, даўшы слова. Ён спадзяваўся, што за два месяцы яе возьме одум, і разумеў, што прысутнасць Іллі прымусіць Міхаліну ўпарціцца. Дый новы член сям'і раздражняў Раўбіча сваёй самаўпэўненай мордай.

…Запіску аб усім гэтым перадаў Алесю пляменнік нянькі Тэклі. Яны часам сустракаліся ў тым самым бярозавым гаі.

Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.

Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў — там, відаць, начавалі жнеі — гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.

За рэчанькай за быстраю ў цымбалы б'юць,
А там маю каханую за ручкі вядуць,
Адзін вядзе за ручачку, другі за рукаў,
Трэці стаіць — сэрца баліць: кахаў ды не ўзяў.
І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.

Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.

Нашто ж мы кахаліся, нашто сады цвілі,
Нашто ж нашы пуціначкі травой зараслі?
Другі з табой вянчаецца ў царкве залатой,
А мне адно вянчанейка — з сырою зямлёй…
Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.

Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна… Франса: усё роўна… Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта — усё роўна.

Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.

Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.

… Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў — як золата і сонца.

Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.

Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.

А ён, Алесь, — а можа, і не ён, а нехта іншы, — драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.

Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.

Ён бачыў чалавека з разбітай галавой. Чалавек ляжаў наперадзе, сажні за чатыры перад імі.

— Патрусіце іхнія нівы сваім ячменем! — крычаў нехта.

— Смерць-смерць-смерць! — роў натоўп.

"Ды гэта ж Юр'ева ноч, — падумаў ён. — Як я там апынуўся? Чаму ўспамінаю нейкую невядомую мне дзяўчыну?

Які ён цьмяны, гэты сон, што я сасніў! Нейкая Загоршчына, якой не павінна яшчэ быць, нейкі чалавек супраць мядзведзя, нейкая дзяўчына!

І вось яшчэ нехта схіляецца ў сне нада мною, — страшэнна баліць галава! — высокі, стары, з хваляй карункаў на грудзях.

— Унуча. Любы, што з табою?

Які яшчэ ўнуча, калі ён мой прапраўнук?! Якое права мае на мяне гэты стары?!"

Зноў яркiя колеры. Больш жыццёвыя, чым жыццё. Невялiкi строй людзей, сярод якiх ён. Клiнам стаяць перад iмi людзi ў беласнежных плашчах з крыжамi. Iх многа. Трохi меней, чым людзей на ягоным баку, але на самай справе куды болей. Адзiн з крыжастых варты пяцi на ягоным баку. Так было i так будзе. Таму што на ягоных людзях раменныя шаломы, а на тых — сталь, за якую нельга нават учапiцца. Воiны з ягонага боку спяваюць, i ён заўважае, як святлеюць iхнiя вочы i дрыжаць ноздры.

— Га-ай! — крычыць нехта, нібы спявае, і яго падтрымлівае хор.

І вось ён, невядомы сабе, але больш блізкі, чым ён сам, ляціць на кані насустрач кліну. А за ім са згэлкам, лямантам, рыканнем ляціць конная лава.

Чырвоны туман у вачах. Галава працуе ясна і разлічана. Удар знізу, злева, справа. Зваліць канём таго… Стралу ў бабку беламу каню — хай падае. Гаспадар не ўстане.

Удзерліся ў строй. Сэрца захлынаецца ад халоднай ярасці. Сячы. Нават прыемна, калі кроў свішча са шматлікіх ран на целе: робіцца прыемна і прахалодна, як у дождж. Гэтаму, і таму, і яшчэ вунь таму. Але чаму ў варожых вачах пад забралам — жах?

— Пaна! Пaна! — лямантуе клін.

Яны варочаюць коней. Яны ўцякаюць.

— Алесь, хлопчык! Ну што? Што?

— Мроя, — кажа нехта. — Ява.

Невядомая жанчына, якую ён ніколі не бачыў, але якую кахае, белая, з залацістымі валасамі, кажа:

— Пакуль яны ходзяць па гэтай зямлі — я сплю з адным каханым. У той дзень, калі разаб'еш ты — з табою. У той дзень, калі яны — з крыгай лёду.

І ўначы над шчапянымі стрэхамі вісіць ірваная камета. На хвіліну ён успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай… Бацька, маці, Віктар, Стафан, людзі "Ку-гі". "Які подлы свет! Я не хачу рабіць на яго. Я не хачу нават жыць для яго. Не хачу. Не хачу".

— Алесь! Алесь! Хлопчык!

Ён ляжаў, нічога не разумеючы, акрамя жывых сноў. Не ў змозе паварушыць рукою ці нагою, не ў змозе не аддавацца гэтым снам, дзе, як жывыя, хадзілі крыжакі і вялізныя мядзведзі з кордамі-зубамі, дзе людзі жылі ў сырых васьмігранных пакоях з вялікімі равучымі камінамі і ржавымі пожагамі, дзе на частаколах, як на лазні ў кагосьці, каго ён непрыемна сасніў, стырчалі конскія чарапы, — ён ляжаў і сніў і хацеў толькі аднаго: заснуць так, каб не бачыць гэтых акон і заслоны і старэчага аблічча, што схілялася часам над ім. Праз два месяцы ў гэтым сне павінна было здарыцца нешта нясцерпна цяжкае. Алесь хацеў заснуць да таго часу так, каб ужо ніколі не ведаць, не даведацца, што гэта будзе.

У дзікай зале, дзе на сценах бязгучна шалахцелі крылы і рукі ўздымаліся ў жэстах бласлаўлення і пагрозы, сядзела за вялізным дубовым сталом групка людзей. У галаве стала сядзеў, паклаўшы перад сабою шастапёр, стары Вежа. Насупраць драмаў сівы Вінцук Рамінскі, старэйшы брат таго Рамінскага, што пры Напалеоне кіраваў народнай вартай.

Ля яго змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч-Кальчуга і Лук'ян Сіпайла. Пахмура піпчыў люльку Янка Камар, брат павятовага маршалка ў тым самым дванаццатым годзе і сябра Вежы па славутаму "сядзенню ў камяніцы над порахам", адзін з тых нямногіх, што асталіся. Далей крэсліў нешта на паперы, трос белай галавою прадзед маладога Яноўскага з-пад Радугі, які, на пасяджэнні ў Раўбічах, хацеў памерці, баронячы скрыжаванне шляхоў на Гуту, Чарнігаў і Рэчыцу. Думаў, ашчаперыўшы галавупальцамі, стары Вітахмовіч, самы стары з усіх прысутных, стодваццацігадовы чалавек тысяча семсот трыццаць дзевятага года нараджэння.

I, урэшце, мiж iм i Вежам сядзеў самы малады член зборнi, супраць усiх правiл i па намаганню Вежы ўзяты ў гэта кола сакратаром i архiвiстам Юллян Раткевiч. Вежа патрабаваў i дабiўся свайго. Патрэбен быў малодшы, бо ў большасцi не хапала ўжо фiзiчных сiл, а Раткевiч быў бадай што адзiн з найлепшых знаўцаў традыцый.

Ішло пасяджэнне падспуднай рады старэйшых, славутай "сівой рады" Прыдняпроўя. Тых, што хавалі патрэбныя веды, таямніцы, зберагалі ў памяці звычаі і сачылі за генеалогіяй мясцовых людзей. Вежа здаўна быў галавою "сівой рады", хоць і строіў з яе кепікі.

— Шчаўкунчыкі замшэлыя… Своеасаблівы "гоцкі альманах"[46] Дэбрэ з Дзебраў. Рыцары маннай кашы і таркаванай морквы.

Гэта былі яшчэ самыя мяккія з ягоных эпітэтаў. Але сёння Вежа, страшэнна схуднелы, глядзеў на "рыцараў маннай кашы" з трывогай.

Маўчанне рабілася цяжкім.

— Мроя[47], — глуха сказаў Янка Камар.

Маўчанне.

— Ява, — сказаў сівы аж да прозелені стары Вітахмовіч. — Памяць продкаў. Ён памрэ.

Жоўчнае аблічча Юлляна Раткевіча было непарушнае.

— Бадай, сапраўды, усё, — сказаў Раткевіч Юллян. — Ён не хоча жыць… Колькі часу яе ў нас не было?

Вінцук Рамінскі думаў:

— Нешта не памятаю. Ці не ў польскі раздзел, пане Вітахмовіч?

— Тады, — сказаў той. — Я чаму памятаю, мне тады было трыццаць чатыры, і я збіраўся другі раз ажаніцца. Розных нявест прапанавалі. Адна была сястра пана Юрася Жукоўскага. Пан Юрась захварэў у семдзесят трэцім. Пры Кацярыне. Пачаў сніць нанава жыццё. Але не кавалкамі з розных часоў, а нібы… адной… плынню. Сніў, як рабілі запасы ў пушчы, як білі аленяў і зуброў, як салілі. Як потым ішла раць на Крутыя горы біць татар. Дасніў да сярэдзіны бою — і памёр… Нічога нельга было зрабіць…

Падумаў.

— Яшчэ раней, гады за чатыры— пяць, захварэлі Аляхновіч-Спіса і Янук Корста, стрыечны брат прапрадзеда гэтага шчанюка Юлляна.

Вітахмовіч помніў спрэчку аб тым, ці прымаць Раткевіча, але начыста забыў, — а можа, зрабіў выгляд? — што "гэты шчанюк" сяздіць зараз між іх.

Юллян усміхнуўся сам сабе.

— Спіса памёр, — сказаў Вітахмовіч. — А Корста выжыў. Хоць, па прозвішчу мяркуючы, памерці б Корсце…[48] Але тут ужо як хто, так што ты, Данііл, не думай занадта.

Забубнеў:

— Хвароба… хвароба… хвароба… Такая ўжо хвароба.

Нешта не чуў я, каб гэтай хваробай нехта, акрамя нас, хварэў.

Лук'ян Сіпайла сказаў:

— Рада, памятаеце, меркавала, што і ў Акіма, вашага бацькі, былі зачаткі.

— Рада адмовілася ад гэтай думкі, — сказаў Барысевіч-Кальчуга.

Вежа сплёў пальцы.

— Чорт, — сказаў ён. — Уражлівасць дурная. Ідыёцкая дурная ўражлівасць. І такія страшныя для маладога падзеі.

— Сілы саслабелі, — сказаў Камар. — Абыякавасць.

— Несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету, — сказаў Раткевіч Юллян.

— Што ж рабіць? — спытаў дзед. — Я ведаю: калісьці пры першых адзнаках у манастыр ішлі. Спакой. Праца. Але тады манастыр быў крэпасцю… Манахі межы баранілі, подступы да гарадоў. А цяпер?.. Загорскі ды ў манастыр! Да божых пацукоў!.. Што ж рабіць, сівая рада?

— Царкву кінь, — сказаў Юллян. — Хіба яна справілася хоць з адной справаю, што ёй даручылі: з дабром, любоўю, мараллю?..

— Ды, можа, абыдзецца, — сказаў Вінцук Рамінскі.

— Не, — сказаў Сіпайла. — Стома — смерць. Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга. Трэба, каб ён ніколі больш не стамляўся. Супакоіць яго трэба… Спакой.

Усе маўчалі. Потым Вежа нясмела сказаў:

— То што? Неба?

— Відаць, — сказаў Барысевіч-Кальчуга. — Больш нічога не зробіш.

— Дзе? — спытаў Сіпайла.

Вежа кашлянуў:

— Храм сонца!

Юллян падумаў.

— Бадай, праўда. Самае высокае, самае блізкае да неба месца. Даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Музыка, трубы гэтыя, не пашкодзяць?

— А што яны пашкодзяць, — сказаў Вежа. — На ўсходзе сонца радасны спеў, на захадзе — сумны. Урэшце, як Камар скажа.

Усе глядзелі на змрочнага Янку Камара, галоўнага чалавека ў той справе, што яны збіраліся рабіць.

— Узгорак стромы, — сказаў Камар. — Макуша — голая. Неба будзе колькі хочаш. Мала чалавек яго бачыць, як, не раўнуючы, свіння, а тут за лічаныя дні — на ўсё жыццё. Хай будзе так. Толькі ў парк не пускайце нікога, нават самых блізкіх. Яму цяпер нельга бачыць людзей.


Ён ляжаў перад імі голы і не саромеўся гэтага. Яму было ўсё адно. Толькі крыху непрыемна, што ўсе вокны адчынены, заслоны зняты і свежы ветрык вее на голае цела. Халаднавата было, і гэта перашкаджала прачнуцца ад сну, у якім былі дзед, Міхаліна і іншыя, зноў пачаць жыць, бачыць пажары, патокі крыві ў вежных рыштоках, чуць гукі сечы, стогны сталі і выгукі.

Толькі што яго з гадзіну парылі ў самай гарачай пары, хасталі венікамі і аблівалі мятнай вадою. Потым

Яшчэ з гадзіну мылі ў прахалодным басейне. Ён страшэнна замёрз. І вось цяпер, не адчуваючы нічога, акрамя холаду, ён ляжаў на мяккай посцілцы.

Янка Камар сядзеў ля яго і дзіўна, нейкімі дробнымі рухамі трох пальцаў гладзіў ягоную галаву. Ад гэтых дотыкаў хіліла ў дзівосную свежую дрымоту, злёгку паколвала ў каранях валасоў.

Славуты майстра Камар распачынаў сваю справу. Рэдкую, невытлумачальную справу. Тую, якой не ведаў ніхто ў загорскім наваколлі. Толькі ён ды два ягоныя вучні. Вучні і слугі стаялі побач, а Камар гладзіў і гладзіў галаву, глядзеў у Алесевы вочы. І ад гэтага рабілася трохі лягчэй.

І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам.

— Глядзі, глядзі на свет. Глядзі, любы хлопча, на свет. Глядзі. Глядзі. Неба над табою. Шмат. Шмат неба. Сіняга-сіняга неба. Аблокі плывуць, як караблі. Нясуць, нясуць душу над зямлёю. Нясуць. Зямля ўнізе вялікая. Зямля ўнізе цёплая. Зямля ўнізе добрая. І неба над зямлёй вялікае. І неба над зямлёй цёплае. І неба над зямлёй добрае. І аблокі між небам і зямлёй. Ты — у аблоках, аблокі — у табе. Сіняе-сіняе неба, белыя-белыя аблокі, чыстая-чыстая зямля. Нельга не быць шчаслівым. Нельга. Нельга. Паглядзі, пераканайся, што ты шчаслівы.

Алесь нібы праз песню адчуваў дотыкі ўпэўненых моцных і клапатліва-асцярожных рук да свайго цела. Двое слуг займаліся нагамі. Два вучні — грудной клеткай, рукамі і плячыма. Яны перабіралі кожны мускул цела.

— Ты здаровы. Ты свабодны. Вецер абвейвае ўсё цела. Неба глядзіць у вокны. Неба. Неба.

Голас спяваў так з гадзiну. Упэўненыя рукi за гэты час перабралi не толькi кожны мускул, а, здавалася,

кожную сувязку, кожны сасуд і нерв, кожную жылку. І разам з гэтымі рухамі наліваліся аднекуль у цела дзіўнае заспакаенне, раўнавага і мірная сіла.

Яго зноў аблілі вадою. І зноў рукі. І зноў рэчытатыў Камара і вочы, якія бачаць цябе да дна.

Заспявалі над ім галасы. Ён не разумеў слоў, але мелодыя, простая, прывабная і чаруючая, з перападамі ад высокіх гукаў да нізкіх, нібы ўладна адрывала яго ад звыклага і звычайнага, ад свету, дзе ўладарыла салдатня, дзе чужыя людзі, так не падобныя да людзей, рабілі з людзьмі, што хацелі, дзе на гасцінцах гучаў крык "ку-га", дзе чужынцы духу шматавалі ўсё маладое, здаровае, чыстае.

— Ляжы. Ляжы. Ляжы нагі пад нагім небам. Халодна — укрыйся. Горача — расхініся. Не ўставай. Не ўставай. Над табою неба, неба, неба. Ачысціся. Засяродзься на простым… простым… простым. Яны не падмануць… не падмануць… не падмануць.

Ён страціў на хвіліну прытомнасць, а калі ачуняў ад ачышчальнага сну — адчуў, што яго нясуць, відаць, на насілках і над галавою, бо ён не бачыў тых, што неслі. Ён проста нібы плыў між небам і зямлёй, твар і твар з сонцам і небам. І недзе за ім срэбна і звонка, нібы з жарала крыніцы, нібы з жураўлінага горла, спявала труба.

Ён ляжаў.

Мяккая посцілка была пад ім. Халодная прасціна ляжала ў нагах. Ложа стаяла пасярэдзіне альтанкі. Людзі прынеслі яго сюды і пакінулі аднаго, нагога, сам-насам з небам. Вакол былі ружова-аранжавыя калоны, узнесеныя ў неба. Ён нічога не бачыў, акрамя іх і неба.

Так ён і ляжаў.

Ён толькі піў ваду і часам браў лёд і прыкладаў да галавы і вадзіў ім па грудзях і руках.

Ва ўсім гэтым, што вакол, была вялікая чысціня і адлучанасць. І ён нібы плыў на сваім ложы насустрач аблокам. Між небам і зямлёй, як на паветраным караблі.

Сядала макавая кветка сонца. Халаднела. Срэбныя трубы пачыналі звінець. Ціха-ціха, нібы ў іх лілася крыштальная і звонкая вада. І сумна-сумна, нібы сама зямля развітвалася з сонцам.

Ён амаль не ўставаў. Толькі ў гарачыню абліваўся вадой. Ніхто не прыходізў да яго. Людзей не было. Ён не ўспамінаў і не думаў.

Уначы, прыемна халаднеючы пад прасціной, ён чуў праз дрымаоту крыкі соў. Глядзеў у неба, бачыў, як каціліся з яго зоры.

Прыходзіў дзень. Трубы пачыналі награвацца і звінець радасна. І яму, які саграваўся разам з імі, пачало прааз некалькі дзён здавацца, што гэта ў ім самім звініць цеплыня і вецер, і тое, што вярталася аднекуль, поўнячы свежае цела.

І зноў крычалі совы. І зноў радасна ляцеў сіні зімародак да далёкай ракі. Купаўся ў сонцы. І ўсё гэта было не даўжэй за хвіліну: чаргаванне начных жахаў і цёплага дня, зор і блакітнага неба. Усяго, з чым ён быў сам-насам.

А калі ён уставаў — бачыў злева Дняпро і парк, у якім як не было будынкаў, а справа — дзікі парк і яр, дзе тады Гелена… Не, ён не думаў пра яе і наогул пра людзей. Людзей не было зусім. Былі там проста вытокі Жараліцы, выйсце вод, выйсце крыніц.

Так ішлі дні. Уначы падалі зоркі. Дзве з іх яны калісьці назвалі сваімі імёнамі. Якія? Ці не ўсё адно?

Не трэба было думаць пра гэта, калі кожны дзень ён уздымаўся пад лятучыя аблокі, прасякнутыя блакітам і гарачым святлом.

Так мінула два тыдні. Ява адступала. Яна з'яўлялася ўсё радзей. Таму што былі неба, аблокі і сонца. І яшчэ вецер і, адзін раз, уначы, навальніца з маланкамі. Свет расколваўся навокал, і Алесь ляжаў нібы ў шатры са сляпучых бліскавіц, схаладнелы ад незразумелага захаплення.

Потым пачало часам прыходзіць узбуджэнне. І яшчэ, нібы праявы, думкі аб жыцці. Спачатку яны былі непрыемныя, а потым сталі нават саграваць. Бо вакол былі зоры і аблокі.

І, галоўнае, неба.

Ён ужо еў. Ён ляжаў і думаў пра ўсё на свеце.

Прыйшла раптам у адзін з дзён пяшчотная туга па кімсьці. І з вострым пранікненнем у праўду ён зразумеў, што няма шчасця ў тым, калі толькі цябе кахаюць.

Кахаць — вось што было шчасце.

І гэта не толькі з жанчынамі. Гэта і ў любові да людзей. Шчасце было — аддаваць. Усё аддаваць жанчыне-сонцу і ўсім незлічоным чалавечым сусветам, якія жылі і рухаліся вакол.

Праявы жыцця наплывалі аднекуль усё часцей. Чырвоная ад промняў захаду дзічка… Туман, што збягае з зямлі, і паўсюль белыя… белыя коні… Бацька прыкладае да вуснаў рог… Сіняе павуцінне ў паветры… Тромб на сляпучым пяску арэны… Вочы маці, што ўсміхаюцца яму… Кастусь і ён на кані над стромай… Каласы пад сярпом на камені… Кроер, што ўзносіць карбач… Чорныя вішні на падвоканні мансарды… Крынічка варушыць пясок… Твары Кагутоў… Аблічча Стафана… Галіна дуба, працягнутая між зор… Салаўіны пошчак… І зноў Кастусь… І Майчына рука, што паказвае на зоры…

Зямля… Зямля… Зямля…

Аднойчы ў начы ўсё гэта лінула на яго з такой сілай, што ён закалаціўся ад жалю па страчаным часе і ад прагі дзейнасці.

Ён не мог больш ляжаць вось так. Досыць! Мінула тры тыдні. Тры тыдні нібы выкінуты з жыцця.

Была ноч. Ён паспрабаваў устаць, але не здолеў — праваліўся ў кароткі і моцны сон.

… Была ўсё тая самая ноч. Але з цёмнай зямлі — вакол узнесенай у неба альтанкі і наколькі магло ахапіць вока — цягнуліся ўздзетыя ў маленні рукі. Яны цягнуліся бліжэй і бліжэй. І вышэй, нібы на кожную расціснутую далонь павінна была легчы свая, толькі ёй адной прызначаная зорка.

Глухі гул далятаў адусюль, нібы нябачныя людзі наракалі і задыхаліся пад зямлёй.

Рукі цягнуліся вышэй і вышэй. Крычала зямля.

… Ён прачнуўся і ўбачыў край узыходзячага сонца. Сонца пералівалася і гуляла над шатамі дрэў.

Але голас бязмежнага гора яшчэ ляцеў ад зямлі.

І тады ён зрабіў намаганне і ўстаў. Устаў насустрач сонцу і, захінуўшыся ў прасціну, пайшоў з альтанкі.

Спявалі птушкі. Ён ішоў, і крокі рабіліся мацнейшыя і мацнейшыя.

…Ля алеі насустрач Алесю бег Кірдун.

— Паніч Алеська! Паніч Алеська!

І кінуўся яму на грудзі.

— Бож-жа ж мой! А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць? Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Нават ад Міхалінкі чапавека не пусцілі.

Алесь абняў гэтага першага чалавека са зноў здабытага свету.

— Ну кінь, Халімоне. Бачыш, усё добра. Жывы.

Прагна спытаў:

— Што там новага?

Кірдун зразумеў па гэтым пытанні, што з хваробай усё скончана.

— Трэба, трэба было, каб устаў. Прыбягаў хлапец ад Міхаліны. Вяселле скора. Падганяе пан Яраш.

Алесь адчуў, як сабралася пад скурай пасвяжэлае цела. Вочы звузіліся жорстка.

— Я сказаў, што хворыя. Яе не пушчаюць. Бегчы хацела, — захлынаўся Халява.

— Яшчэ што? — сурова спытаў Алесь.

— Лухта, паніч. За гэты час некаторыя нават не паслалі спытаць, як з вамі… Стары пан пасмейваецца. Кажа: "Б-бай-кот", вось як. Увесь заходні попуст наваколля — Таркайлы, ды Браніборскі, ды іншыя… Хаданскі крычаў, стары Мікіта: "Выдыхае старое кубло! Чаго чакаеце, малодшыя?! Хутка і Вежу здыхаць! Ганіце яго, пакуль тая справа, з камітэта ды адусюль. Чырвань з гэтых "чырвоных" пусціць трэба!" Добра, што на зборні большасць малодшых паўсталі на іх. Пана Кастуся Кроера Юллян Раткевіч за дзверы выкінуў. Дуэля была… да першай крыві.

— Забілі некага? — спытаў Алесь.

— Падрапіны ў абаіх.

— Ну, байкот — гэта лухта, — спяшаўся Алесь. — Яшчэ што?

— "Ку-га" зрабіла аблаву на Чорнага Войну.

— Забілі?

— Выслізнуў… А потым прыйшоў ліст з пагрозаю ад "Ку-гі" Юлляну Раткевічу.

— За што?

— А д'ябал яго ведае, — Кірдун раптам стаў. — Панічыку, сакрэт.

Нешта такое было ў ягоным голасе, што Алесь таксама спыніўся.

— Думаю, Кроер са злосці прыслаў… Са злосці на Юлляна… Толькі маўчыце…

— Не жартуй, — сурова сказаў Алесь. — Чаму думаеш?

— А каму Юллян калі зашкодзіў… І потым… Памятаеце, Таркайла казаў, што людзі "Ку-гі" перапынілі лёкая ягонага, Пятра, і далі папярэджане…

— Ну?

— Пятро нічога не ведае, — шэптам сказаў Кірдун. — Я нібы выпадкова загаварыў з ім. Ніхто яго не перапыняў. Нічога ён, Пятро, не перадаваў.

Алесь аслупянеў.

— Таркайлы?

— Яны, пане Алесь, — проста сказаў Кірдун.

Алесь пайшоў, амаль пабег газонам. Белая прасціна лунала ў паветры.

— Наконт Кроера — кінь і думаць. Доказу няма, хоць і падобна на яго. А Таркайлы — маеш рацыю.

Чырвань кінулася яму ў шчокі, вочы блішчэлі.

— Рыхтуйся, Халімон. Мы ім тут зараз дубоў наломім.

Стары Вежа яшчэ здалёк пачуў гоман і зразумеў: абышлося.

І ўсё ж ён звыкла стрымаўся і не выявіў сваіх пачуццяў. Паглыбіўся ў кнігу, а потым кінуў на Алеся такі позірк, нібы нічога і не здарылася, нібы толькі гадзіну назад яны разышліся.

— Чаго гэта крык і шум вялік, і рэчы многія ва ўсіх баярэх?

Алесь расказаў.

— Ну і што думаеш рабіць?

— Украду.

— Ты, братачка, раней чым красці, хоць апраніся. Як ты жаніхацца паедзеш такім Хрыстом. Тут табе не Палясціна і не Эмаус. — І ўсміхнуўся: — Дальбог, ачуняў. Бач ты, як адразу да дзейнасці яго павяло. Ідзеш на шлюб як на злом галавы… Ну, гэта ўсюды так. А яшчэ што?

— Таркайлу трэба правучыць.

— Як? — іранічна спытаў дзед.

— Двабой.

— З ім? Па-першае, гэта ўжо не двабой, а трыбой. Іх жа двое. А па-другое, не пойдзе ён з табою біцца. Ён гандляр, хоць і дваранін.

— Трэба, каб Ісленьеў ведаў.

— Нашто? І так яму з намі клопату. Рускія людзі блізка бяруць да сэрца чужыя беды. А яму іх хапала і сваіх, яшчэ з часоў мяцяжу… У справу з Таркайлам старога не цягні. — Падумаў. Затым сказаў: — На Таркайлу нельга глядзець як на роўнага. Загадай, каб запрэглі коней.

…Упершыню за ўвесь час дзед пераапрануўся ў парадную вопратку. Сядзеў побач з унукам велічны і строгі. Маўчаў усю дарогу да дома Таркайлаў. Калі фурманка спынілася, сказаў Алесю:

— Чакай мяне тут.

Пайшоў у дом. На парозе паспрабавала была ўтрымаць Сабіна.

— Брата няма дома. Толькі панскі брат.

— Ён мне і патрэбен.

І прайшоў паўз яе.

Тодар Таркайла ўбачыў Вежу і разгубіўся.

Па сполаху ў вачах Вежа ўпэўніўся: ён.

— То як панавы справы?

— Якія? — спытаў Таркайла.

— Пан ведае якія. Не мне іх яму нагадваць.

— Я, прабачце, не разумею…

— Дарма. А манастыр пан Тодар помніць?

— Дальбог жа, не…

— До, — кінуў Вежа. — Не будзем траціць часу. І ты ведаеш усё, і я. Не мне гэта ўсё ўдакладняць. І не мне, вядома, на цябе даносіць. Але папярэджваю, Тодар, каб ведаў, на што ўздымаеш руку. Хлопчык мой Алесь… Крыўдзіць яго і цару не дам, а табе і пагатоў.

— Вы забываецеся…

— Я — не. А вось ты забыўся. Ты ніколі не думаў, чаму твае вэксалі Платон Рылаў з Веткі на спагнанне не падае?.. А дарма. Падумай. Вэксалі тыя ў мяне. Не хацеў я ганьбы чалавеку адной зямлі, двараніну. Трэба табе прыйсці — да каго ўжо сам ведаеш — і прасіць дазволу tirer mon épingle du jeu[49].

— Я не разумею…

— Кінь. Кінь, кажу. Усё разумееш. З тваім розумам не ў палітыку лезці. Толькі ў гароху сядзець. І іншым скажы, Вежа іх таксама ведае. І не злітуецца. А таму, калі яшчэ нехта ў загорскім наваколлі хоць раз кугакне — я цябе жабраваць пушчу.

Памаўчаў.

— І гэта яшчэ не ўсё. На месцы манастыра — попел. Будзе ён і на месцы вашых дамоў — колькі іх ні ёсць. Цярпеў я. Дарма трываў. Больш не буду. На тым — бывай.

…Коні беглі мерна. Стары маўчаў. І толькі ля павароткі на Вежу раптам пачаў гаварыць, нібы сам сабе:

— Лесінг казаў, што трэба заўсёды выбіраць левую руку або імкненні, а не правую або даброты… Вось ты і кіраваўся б гэтым… Ды хіба вас пераканаеш хоць якой мудрасцю.

І нелагічна раззлаваўся.

— А ты — лабідуда. Хіба ў нас такія былі? Я б зараз на разведку паехаў — pour préparer et sonder le terrain, et pour que cette visite ne présent pas le pas le caractére peu satisfaisant de la premiére[50].

Сціснуў кій.

— Я б Раўбічаву дачку жывою звёз. Павянчаўся. Царква мая. У Мілым. Гэтага смярдзючага племя, папоў, бліжэй чым на сем вёрст не цярплю, але на такі выпадак — нічога…

XI

Сіні мяккі дзень ляжаў над паплавамі. Сонца ўжо хілілася на захад. Невялічкі лясны астравок над спакойнай і па-асенняму густа-сіняй Равекай здалёк здаваўся бязлюдным і ціхім. Пажоўклыя бярозы стаялі над плынню, гарэлі добрым і негарачым агнём, асыпалі часам на траву рэдкія жарынкі лісцяў.

Праз Равеку, ірвучы конскімі грудзьмі гарлачыкі, ехаў унаброд коннік. Праставаў да ляснога астраўка. На ўзлессі азірнуўся і знік між дрэў.

…Астравок быў поўны людзьмі. Прывязаўшы да хмызоў коней, яны чакалі.

— Што чуваць, Кандарт?

Кагут наблізіўся да Алеся, скочыў з каня.

— Пан Яраш гамоніць са старым Хаданскім. Зачыніліся з гадзіну таму, і не відаць, каб хутка скончылі. Тэкля, карыстаючыся выпадкам, збірае сякія-такія рэчы паненкі.

— Што загадала перадаць?

— Каб на захадзе сонца чакалі ля пралому ў агарожы.

Кандрат раптам усміхнуўся.

— Бачыш, дзе мы?

— Нягож, — сказаў Алесь. — Апошні наш начлег. Калі Война на нас наехаў. Вунь яно.

Андрэй Кагут усміхнуўся.

— А там далей мы чулі, як Раўбіч з гармат страляў, калі малодшая нарадзілася.

Маўчалі. Алесь успамінаў словы з апошняй Майчынай запіскі: "Дзед меў рацыю калісь. Цяжкасці зрабілі сваё. Вазьмі, забяры мяне адсюль, родны, любы".

Ён паклаў руку на кішэнь, ля сэрца, намацаў там запіску, і яму стала цёпла.

— Што ж, хлопцы, трэба, відаць, выбірацца. Мсціслаў, ты тут?

— Але?

— Значыць, колькі нас… Ты, я, блізнюкі… Мацей Біскуповіч, Янка Клейна, Кірдун, Паўлюк… Восем чалавек. І яшчэ Кандраці з шасцю палясоўшчыкамі. Т-так. Ну, гэтых адразу кіруй у Мілае. Хай трымаюць царкву. Каб ніякага выпадку не магло быць.

— Не будзе, — сказаў Кандрацi. — Людзi верныя, з тых… Памятаеш, што пан схаваў, калi банду Прайдзiсвета пабiлi. Дзецi ды ўнукi iхнiя. Жыццём абавязаныя людзi.

Старшы пад'ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага.

— Ну вось, — сказаў Алесь. — Кранулі. Ля агарожы бяром яе і скачам чуйдух. Коней не шкадаваць: за кубкі заплачана — біце. На выпадак калі трывога — ты яе, Мсціслаў, бярэш і скачаш, а мы…

— Хто з ёю вянчацца збіраецца? — спытаў Мсціслаў. — Ты ці я? Гэта, брат, не вайна. Тут хочаш не хочаш — будзеш уцякаць першы. Кагуты з табою… Не… Паўлюк з табою і Янка…

— А я? — спытаў Андрэй.

— Ты з Кандратам і я прыкрываем, — сказаў Маеўскі. — Будуць даганяць — біце па конях.

Засмяяўся:

— Калі ў каго з вас коней падаб'юць, астанецца Ян Клейна. Яго ў цемры не спаймаюць.

— Зайздросціш? — весела спытаў арап.

— Нешта ты мяне забыў, — сказаў малодшы Біскуповіч.

— Ну, ты, вядома, са мною. Разам шкодзілі — разам і адказ… То давайце, хлопцы, па стрымянной дый да Раўбічаў.

Выпілі з пляшак. Крэбс падвёў коней:

— Пістолі ў саквах.

Змужнелы рашучы Паўлюк першы ўскочыў у сядло.

— Спяшаецца наш акадэмік, — сказаў Кандрат. — Нібы гэта яму жаніцца.

— Два курсы адолеў, — сумна ўсміхнуўся Андрэй. І не ўбаяўся "бездны премудрости".

Тромб заскакаў пад Алесем.

Загорскі ўзяў павады Касюнькі. Янка Клейна са стрэльбаю ўскінуўся на Ургу.

— Коні немаладыя, — сказаў ён.

— Нічога, — сказаў Крэбс. — Коні верныя. Калі ўжо налажыць галавою, то з коньмі, з якімі жыццё пражыў.

Картэж рушыў. Крэбс сцепануўся — прыпякла гарэлка — і шчасна засмяяўся:

— Вось гэта жыццё! Не жыццё, а балада.

Асветленыя, залітыя сумнай барвай захаду, конікі рушылі.

Ступою, каб перадчасна не стаміць коней, хаваючыся, дзе можна, у ярах, мінулі паплавы. Узбуджэнне ўзрастала. Калі пад'язджалі да паркавай агарожы — Андрэй забыўся да таго, што знянацку для самога сябе зацягнуў:

Вой жа вы коні,
Коні,
Коні,
Ночка цёмная…
Кандрат даў яму ў каршэль.

Алесь адчуваў, што баіцца ў гэтай кампаніі, відаць, толькі адзін ён. І не за сябе, а за тое, што можа сарвацца. А ўсе астатнія — нібы п'яныя. Ім лёгка. Сарвецца справа, і ўсё. У горшым выпадку шыю скруцяць, упаўшы з каня. А як быць яму, Алесю?

Ён згаджаўся, аднак, што яны маюць рацыю. На іхнім месцы і ён ехаў бы як п'яны.

— Алесь!

Ён зірнуў праз краты ў парк і ўбачыў яе. Яна бегла ля агарожы, дакранаючыся да яе рукою. Шукала і не знаходзіла месца, дзе быў выламаны пруток.

Кандрат памчаўся наперад:

— Сюды! Сюды! Майка, сюды!

Яна бегла да пралому, які ён паказваў. Дзіўна, ёй яшчэ зарана было з'яўляцца. І рэчаў не было ў руках.

Ён зразумеў чаму, пачуўшы нейкі вэрхал у глыбіні парку. Нешта перашкодзіла.

— Сюды, Міхаліна, сюды!

Рукі Кандрата падхапілі яе. Потым Кагут нібы вырваў яе з-за кратаў, панёс дарогаю да коней.

Алесь схіліўся, падхапіў на рукі, узняў з адчуваннем, што мог бы падкінуць і да неба, пасадзіў у Касюньчына сядло. І толькі тут здагадаўся, што магло насцярожыць раўбіцкіх.

На Міхаліне былі нагавіцы і дзве паласы з шатландкі, што ўтваралі нібы сукенку, разрэзаную па баках. Нічога падобнага на звычайную польскую ці рускую амазонку. Не для жартаў, не для паездачак, як тая. Сапраўдны строй для скачкі не на жыццё, а на смерць, на злом галавы. Наважылася, наважылася на ўсё. Насцеражыла ўсіх.

— Дурнічка, дурнічка мая!

Паркам беглі да агарожы нейкія людзі. Ён не бачыў у паўцемры, якая ўжо стаяла між дрэў, — хто?

— Ходу! Ходу, хлопцы! — хрыпла сказаў ён.

Коні рванулі з месца. Закурэў пыл, пацягнуўся ўсё даўжэйшым і даўжэйшым хвастом. Пошчак падкоў пралунаў у халаднаватым вячэрнім паветры.

Сядала за даляглядам, злева, вялізнае халоднае сонца. Амаль стоячы ў страмёнах, схіліўшыся, адарваўшы цела ад высокай лукі сядла, яны імчалі ў сутонне шалёным намётам, калі не звяртаюць увагі, што на дарозе, што вакол.


Царква ў Мілым была храмам-крэпасцю. Іншых тут бадай што і не будавалі чатырыста — пяцьсот год назад. Вязіны прастакутнік з мурамі ў два сажні таўшчынёй, з круглымі вежамі на кожным рагу. Вокны-байніцы толькі на вышыні чацвёртага паверха, у тры ярусы: для ніжняга, сярэдняга і верхняга бою. Крутыя стрэхі са свінцовай чарапіцы. Нізкія дзверы, акутыя жалезам, з кратамі, што падаюць са скляпення на каменную падлогу. Вакол — роў.

Царква ўзвышалася над усім наваколлем, і, калі кавалькада ўзляцела да муроў, людзі ўбачылі недзе далёка-далёка, вёрст за дзесяць, і ля Раўбічаў дробныя бліскаўкі паходняў.

Алесь зняў Міхаліну з каня.

— Крэбс, бярыце коней і ганіце з імі ў Вежу.

Мсціслаў паказаў на бліскаўкі.

— Не губляйце часу. Давайце, Крэбс, хутчэй. Калі возьмуцца страляць — хай Вежа ведве: здавацца не будзем, хоць бы яны сюды полк прывялі.

— Давайце ў царкву, — сказаў Мсціслаў.

Завалілі за сабою дзверы.

У царкве ўсё было прыгатавана. Поп, вядома, не мог ухваляць гэтых богаабрыдных уцёкаў, але звязвацца са старым панам баяўся яшчэ больш. Выганіць і адсюль. Ды і ў Мілым сядзець не так ужо і дрэнна. Толькі што пашаны менш, але бог ужо з ёю, з пашанай, калі грошай — хоць мятлою мяці. А пашана што ж? Пашана — даброта часовая.

Алесь не мог нават уявіць, што ўсё гэта адбываецца з ім, што гэта для яго гучаць галасы пеўчых, што гэта для яго ляжаць на аналоі крыж і евангелле, што сябры сышліся тут таксама для яго і на гулянку і на смерць, якая вось-вось можа прыскакаць да гэтых муроў.

І ён не мог і падумаць, што гэтая дзяўчына, злева, звязваецца з ім усім гэтым у нешта апошняе і неразрыўнае.

Ён скоса глядзеў на Міхаліну і здзіўляўся нават таму, што яна тут. Такая нейкая чужая і не свая. Вялікае шчасце, што Мсціслаў паклапаціўся аб уборы: ведаў, што магла нічога не паспець узяць.

Дзіўна, якая чужая яна стаяла побач з ім. І гэты водбліск свечкі, што дае ёй у руку поп.

Адразу за гэтай думкай ён адчуў пякучы сорам. Здрадай гэта можна было назваць, вось чым.

І ўсё ж гэты пярсцёнак, што зараз знялі з прастола… Трэба што, абмяняцца ім? Тройчы? Што гэта азначае? Што ўзаемна будуць палягчаць жыццёвы цяжар? Адкуль ён ведае, які ён, гэты цяжар, каму трэба рабіць палёгку? Ён жа не ведае нават яе, той, з якой назаўсёды хоча звязаць жыццё! Гэта назаўсёды можа быць і доўгае, а можа і скончыцца праз гадзіну ад залпа, які рване па галерэі, знадворку. І, аднак, ён ведаў, чым рызыкаваў, ідучы сюды.

Голас папа замілаваны. Ён уздымае вочы ўгору.

Алесь зноў пакасіўся на яе. На вуснах блукае ўсмешка. Агеньчыкі свечак адбіваюцца ў шырокіх і сініх,

як марская вада, вачах.

Халоднае золата старога вянца лягло на лоб. Старая рэліквія загоршчынскай царквы. Не менш як трыццаць пакаленняў адчувалі яго вось так, лобам.

Суровыя твары сяброў былі каля сцен і вакол. І між іх, побач з ім, стаяла яна, гатовая на ўсё.

— Пане божа наш, славаю і гонарам вянчай я, — пралунала.

Чаша з віном ля вуснаў. І вось яе рука ў ягонай руцэ. Невядома адкуль з'явілася раптам радасць. Толькі

адзін дотык рукі вярнуў яе, і цяпер ужо назаўсёды… назаўсёды… назаўсёды… Ён паўтараў гэтае слова, як клятву.

Абкружылі сябры. Пайшлі ў іх атачэнні да прыступак на хоры. Узняліся амаль на палову вінтавых сходаў, калі знізу, ад дзвярэй, даляцеў поўны і гулкі, бы ў бочку, гук: ударылі чымьсці цяжкім.

…З вышыні галерэі яны ўбачылі паплямаваны паходнямі поплаў і коннікаў. Чалавек пяцьдзесят.

Ля самых дзвярэй у царкву стаяў дзіўна кароткі — з вышыні — Франс Раўбіч. Трохі далей, ля коней, стаялі малады і стары Хаданскія. Яшчэ далей — Раўбічава шляхта, Браніборскі, яшчэ і яшчэ людзі, Мнішак.

Апошні сустрэўся вачыма з вачыма Янкі Клейны, крэкнуў і, махнуўшы рукою, павёў каня з паплаўца. Астатнія стаялі.

— Адчыні, — сказаў бляднейшы, чым заўсёды, Франс.

— Што табе трэба, Франс? — спытаў Алесь.

— Злодзей, — сціснутым голасам сказаў Франс.

Магчыма, ён і не сказаў бы гэтага, каб не пёк сорам перад Хаданскімі.

— Злодзей цяпер ты, — спакойна сказаў Алесь. — Тут няма цяпер Майкі Раўбіч. Тут ёсць мая жонка перад богам і людзьмі — Міхаліна Загорская… Я раю табе лепей ехаць дадому, Франс. Мы можам сустрэцца потым, калі хочаш.

Франс развёў рукамі.

— Відаць, досыць, — сказаў ён. — Давайце бярвенні, людзі.

— Не рабі гэтага, — сказаў Алесь. — Не рабі таго, аб чым пашкадуеш. Я люблю цябе, браце. Ты сапраўды цяпер мой брат. Не я завёў тую свару. Я заўсёды хацеў, каб быў мір. Нам абрыдла, што з-за дурной спрэчкі гінуць лепшыя нашы гады. І таму я вымушаны быў пайсці на гэта, хоць я вельмі шкадую, Франс. І я прашу твайго даравання.

Раўбіч, здаецца, не ведаў, што яму казаць.

— Бач, запяяў, — сказаў, — сказаў Ілля Хаданскі.

— Я не баязлiвец, Франс, ты ведаеш. Я проста хачу мiру. Не крыўдзь сваёй сястры, а маёй жонкi.

— Досыць, Франс, — сказаў стары Хаданскі. — Ты можаш ісці. За крыўды адплацім мы.

— Як? — спытаў Франс.

— Яна зробіцца ўдавой Загорскага, не паспеўшы зрабіцца жонкай.

Алесь змрочна кінуў:

— Я не хачу і тваёй крыві. А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі не стану страляць у цябе. Мне дарагая мая жонка.

— А калі стрэлю я? — спытаў Франс.

Алесь паціснуў плячыма.

— Не прыніжайся, — раўнуў раптам Мсціслаў.

— Я не прыніжаюся, ты бачыш.

— Мы яму не дамо расстрэльваць цябе, — пачырванеў Паўлюк. — Я буду страляць. Чуеш, я?!

— Чуеш, Франс? — сказаў Алесь. — Магчыма, яны. Але не я.

— Адчыні, — сказаў Раўбіч, — не заўдавай сабе ганьбы.

— Я не магу гэтага зрабіць, — спакойна сказаў Алесь. — Я не веру вунь тым. Я схіліў на гэтую справу сяброў і адказваю за іхняе жыццё і бяспеку.

Франс адышоў прэч ад царквы. Нешта горача казаў яму Ілля Хаданскі. Раўбіч ашчаперыў рукамі галаву. Хаданскі казаў далей. Франс ківаў галавою. Потым глыбока ўздыхнуў і агледзеў вежы і гульбішча царквы.

— Франс, — сказаў Алесь, — адумайся, пакуль не позна.

Замест адказу пралунаў стрэл з купкі дваран ля старога Хаданскага. Паляцела грубая жоўтая атынкоўка

ля галавы Алеся.

У адказ галерэя залапатала нягучнымі стрэламі.

— Людзі! Людзі! Адумайцеся! — гарлаў Алесь. — Што вы робіце? Людзі!

Замалаціла свінцовым бобам па свінцовых чарапіцах над галавой.

Мсціслаў сунуў у Алесевы рукі стрэльбу.

— Бі! Бі і не крычы! Яны гэта не так зразумеюць!

І тады Загорскі, захлынаючыся гневам і роспаччу, прыпаў да прыклада.

Стрэльба была новая, пістонная. Яна нечакана зручна лягла да пляча. Алесь убачыў на канцы рулі галаву Іллюка Хаданскага і націснуў курок.

Ілля схапіўся за галаву і павольна заваліўся назад, на рукі сябрам.

— Няўжо забіў?

— Ну і чорт з ім, хоць і забіў, — прахрыпеў з правага боку мурын.

— Не забіў! — раптам амаль з радасцю крыкнуў Андрэй Кагут. — Не! Бач, устае. Аглушыў, відаць, толькі.

Ра-та-та, — сыпанула па чарапіцах. — Ра-та-та.

— Бач ты, — сыпануў Кандрат. — Гэтак вельмі проста і забіць могуць.

Стрэлы з галерэі нібы паступова апаясвалі царкву.

Янка Клейна, першы з закранутых, сядзеў на каменных плітах падлогі і, лаючыся, накладаў корпію на прастрэлены мускул прадплечча.

— Глядзі, — сказаў Кандрат. — Чырвоная.

— Яна, браце, ва ўсіх чырвоная ды аднолькавая, — сказаў Андрэй. — Ва ўсіх людцаў, колькі іх чыста ёсць на зямлі… Сволачы… Навалач, прама сказаць… Што, Янка, кусь?

— Кусь, — усміхнуўся той. — Нічога, неяк зажыве.

Мсціслаў прыглядаўся, што робіцца ўнізе.

— Глядзі, — сказаў ён. — Вось нягоднікі.

Людзі ўсталёўвалі наводдаль дзве гарматы. Парадныя. З Раўбічавага ганка.

Алесь адчуў холад у пазваночніку. Холад пракаціўся некуды ўніз і знік у нагах.

— Гэта, калі і не пацэліўшы, у галаву патрапіць, — сказаў Кірдун. — То пэўна дзірка будзе з палац пана

Вежы.

Запанавала маўчанне. Потым стары Кандраці павольна перажагнаўся.

— Гарматы, — сказаў адзін з палясоўшчыкаў.

Кандрат Кагут абвёў усіх вачыма.

— Мы народ сур'ёзны, — сказаў ён. — Жартаваць не любім.

Са свістам хвастанула па балюстрадзе і даху карцеч.

— До жартаў, хлопцы, — сказаў Мсціслаў. — Біце па гарматах, іначай жывыя не выйдзем.

Алесь высунуў галаву. Ілля Хаданскі падносіў шматок зыркага пакулля да запальніка. На галаве ў Іллі

бялела павязка.

І раптам нешта здарылася. Чыясьці рука выхапіла кнот з рукі ў графа. Той паспрабаваў быў перахапіць яго назад. І тады тая самая рука гучна прыпячаталася да шчакі маладога чалавека.

— Чакайце, хлопцы, — непаразумела сказаў Мсціслаў. — Не страляць. Баба.

Сапраўды, між людзей, што трымалі абдогу, рухаліся дзве жаночыя постаці.

— Дамоў, — сказала жанчына голасам Надзеі Клейны.

— Я раіў бы ісці дамоў вам, пані Надзея.

— Ідзі дамоў, Франс, — паўтарыла Клейна. — Там зараз адна Ядвінька. Яна баіцца. Нават лекара яшчэ няма. Паслалі ў Вежу.

— Гэта нашто?

— Маўчы. Хадзем, Эвеліна.

Клейна ўзяла руку Раўбічаву пад руку і рушыла з ёю да царквы.

— Гэй, — сказала яна, — кідай зброю! Янка, гэта ты там, паршывец? Кідай зброю, кажу.

Янка крэкнуў.

— Мужыкі-і, — сказала Клейна. — Вайны ім пільна не хапала. Жонкам ды маткам варта было б за вас узяцца. Ды каб кожная па галаве знянацку дала, каб аж Маскву ўбачылі… Ану, кідай зброю! Хто там галоўны? Загорскі малады? Ану ўставай, яны страляць не будуць. Ды Міхаліну сюды, скура б на ёй так гарэла.

Паўлюк і Андрэй пабеглі па Майку. Прывялі.

— Ты што ж гэта нарабіла, га? — спытала ваяўніца. — Бачыш, маці ледзь на нагах трымаецца. Канчай вайну. Міхаліна!..

— Што? — сказала ледзь жывая ад сораму Майка.

— Дрэнныя справы, доня. З тваім бацькам удар.

Склала рукі.

— Міхаліна, сыдзі. Богам клянуся, ніхто не зачэпіць. Іначай Франсу давядзецца ў маці страляць, і іншым — у жанчыну. Сыдзі, дзетухна. Зробім выгляд, што памылковая трывога… Можа, яму і жыць нядоўга.

Майка глядзела на Алеся.

— Не ведаю, Міхаліна.

— Алесь, — сказала Клейна, — не ўпірайся. З'едзеш адсюль месяцы на два далей ад улад, пакуль мы будзем кругавую паруку трымаць. Вернешся — пан Яраш ачуняе. А тады — слова табе даю — тут сама яе прывяду.

Алесь глядзеў у зямлю.

— Алесь, — сказала Майка.

— Ідзі, — сказаў ён. — Я пачакаю. Я цябе заўсёды буду чакаць.

— Я таксама буду чакаць, Алесь.

Яна рушыла па прыступках уніз. Зніклі ногі, грудзі, плечы. Галава ўскінула на яго вялікія вочы і сумна схілілася.

Ляснулі ўнізе завалы. Потым Майка з'явілася побач з Клейнай, і тая паклала ёй на плячо руку. Франс зрабіў крок да іх.

— Адкасніся, — сказала Клейна. — Яна — мая, пакуль мужу ў рукі не перадам.

XII

Алесь ішоў вуліцамі Масквы. Сакавіцкі набрынялы снег мякка паддаваўся пад нагамі. Ззялі непадалёк купалы крамлёўскіх сабораў. Праляталі часам з Замаскварэчча, Краснай плошчай і на Манежную купецкія тройкі: пачыналася масленіца.

Загорскі скінуў шапку, праходзячы паўз Іверскую, а потым спыніўся і пачаў глядзець на плошчу. Другі месяц ён жыў у Маскве, і кожны раз пагрозлівай і гордай прыгажосцю ўражаў яго гэты куток зямлі.

Вярнуцца да берагоў Дняпра ўсё не выпадала. Праўда, гісторыя з Майкай амаль забылася. Адразу пасля штурму царквы ў Мілым Клейна завезла Міхаліну ў Раўбічы, супакоіла пана Яраша і вырашыла, разам з Майкай і Ядвіняй, знікнуць на пару месяцаў з наваколля.

Адразу пачала дзейнічаць кругавая парука. Пад ціскам грамадскай думкі нават Хаданскія, што не хацелі хлусіць, вымушаны былі сказаць, што ніякай аблогі не было.

Пан Яраш ужо трохі хадзіў. Адпусціла. Але пра Алеся з ім баяліся і гаварыць, тым больш што Франс сказаў аднойчы: "Яна яго жонка і не можа быць больш нічыёй. Але і ягонай яна не будзе".

Але гэта было не самае страшнае. Значна горш было другое. Алесь не хацеў чакаць, пакуль выйдзе падрыхтаваны маніфест аб адмене прыгону. I Кастусь з гэтым згаджаўся — калі ўжо яны хацелі мець падтрымку сярод сялян наваколля. Адпусціць людзей трэба было хутчэй, каб мужыкі сарака з лішнім вёсак атрымалі волю раней за іншых, адчувалі, ад каго атрымалі, і ў будучым верылі б ва ўсім гэтаму чалавеку.

Загорскі так і зрабіў. Ішла перапіска з Выбіцкім і Вежам. Яшчэ восенню пачалося масавае засведчанне дакументаў аб вызваленні.

Мужыкоў вызвалялі з самым мінімальным выкупам (толькі каб не лямантавалі суседзі) і з перадачай у поўную іхнюю ўласнасць той зямлі, якой яны валодалі яшчэ ў прыгоне. У адпускных было таксама агаворана, што, калі справы былога пана з цукроўнямі і іншым пойдуць добра — мужыцкі надзел можа быць павялічаны за кошт панскай зямлі.

I вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. Што сычэла навакольная шляхта — гэта было зразумела. Сычэла, але баялася, прыціснутая старым Вежам, які, дарэчы, сваіх пераводзіў толькі на лёгкі аброк, даючы магчымасць Алесю гаспадарыць у сваіх вёсках толькі пасля ягонай, Вежавай, смерці.

Што раiла адмовiцца ад даравання волi начальства — таксама нiкога не здзiвiла. Пабойвалiся бунту ў наваколлi. I нiчога, аднак, не маглi зрабiць. Пан быў гаспадаром, i ў дзеяннях ягоных не было вар'яцтва. Падпалi ён свой уласны палац — справа iншая, тады i апеку можна было б накласцi. А так яны толькi раiлi ды ўгаворвалi, нацiскаючы на тое, што вызваленне ўсё адно хутка прыйдзе i пры гэтым чаканнi вольныя вёскi сярод прыгонных будуць як фiцiль, забыты ў бочцы з порахам.

Здзіўляла іншае: бурчанне мужыкоў. Паўсюль яшчэ было прыхаванае, але ў Татарскай Грэблі і Сцюдзеным Яры вылілася ледзь не ў мяцеж. Сяляне адмовіліся браць волю.

Доўга ніхто нічога не разумеў. I толькі потым па наваколлі, невядома кім пушчаная, папаўзла цёмная чутка:

— Не бярыце, хлопцы, ашукаюць. Царская воля выгаднейшая. Ніякага выкупу, зямля — уся. Падман задумалі. I на цукроўні не ідзіце. Зноў заняволяць…

Алесь напісаў Кастусю і атрымаў параду: абумовіць у водпусках, што, калі надзел і выкуп у "царскай волі" будуць больш выгадныя для мужыка — ён, Загорскі, адпаведна павялічвае надзел і адмяняе выкуп.

…I тут, у ясны лютаўскі дзень, запалала нядаўна застрахаваная цукроўня. Тая самая, з двума верхнімі драўлянымі паверхамі, якія Алесь усё збіраўся перабудаваць на мураваныя. Падпалілі невядомыя людзі. Наўрад ці "Ку-га". Пра яе з дня размовы Вежы з Таркайлам ніхто не чуў. Хутчэй за ўсё нехта з Грэблі.

Згарэла ўшчэнт. Успомнілі аб страхоўцы. Пагражаў суд. Уратавала толькі тое, што ў "водпусках" было агаворана аб цукроўнях. Хіба вар'ят будзе, адпускаючы людзей, нішчыць свой жа набытак.

Алесь валасы на сабе рваў. Людзі не хацелі даброт. Людзі помсцілі невядома за што, аддавалі жорава ў руках на сініцу ў небе. Трэба ехаць на радзіму.

Вось толькі трэці дзень, як у Маскве Кастусь. I сёння нарада аб далейшай арганізацыі. Адседзець і паехаць. Бліжэй да спраў.

…Да "Вярбы"[51] было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Кнігі ляжалі на подсціле з лапніку і на сталах.

Тут і павінны былі сустрэцца Загорскі і Кастусь. Алесь стаў ля аднаго з гандляроў, няголенага чалавечка з абыякавымі вачыма, і пачаў так, ад няма чаго рабіць, перакладаць кнігі. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі "Северной пчелы".

А вось гэта што?

"И что собрала посохомъ вымлатила и знашла ячменю… три меры".

Што такое? Пальцы гарталі старонкі.

"Ту справа всякого собрани людского и всякого града еже верою соединеннемъ ласки и згодою посполитое доброе помножено бываець".

Алесь гартаў яшчэ.

" Предъсловие доктора Франъциска Скорины з Полоцька во всю бивлию…"

Алесь прымусіў твар быць спакойным.

— Прадаяце?

— Бярыце, гаспадзін.

— Ну, і, скажам, колькі? — абыякава спытаў ён.

— Калі тры рублі дасцё…

Алесь пакруціў кнігу ў руках.

— Добра ўжо… Наце…

Алесь адышоў ад гандляра, не адчуваючы пад сабою ног. Усё, здаецца, было вакол як раней. Тыя ж муры, плошча, аблокі над ёй. Тое і не тое.

Вызваленая ад селядцовага лёсу, ляжала ў яго на далонях кнiга. Ляжала i маўчала.

Ён адчуваў, што задыхаецца.

Гандлявалі Скарынай. Гандлявалі даўнінай. Гандлявалі ўсім: розумам, праўдай, сумленнем.

— Здароў, Алесь, — сказаў за спіною Кастусёў голас.

— Здароў. Хадзем? Нам далёка?

— Больш за гадзіну добрай хады, — сказаў Каліноўскі. — Ля Дзмітраўскага гасцінца. Сажалкі хутарскія.

— То, можа, рамізніка?

— Возьмем на Цвярской. Ля Страснога манастыра. Пройдземся давай крыху.

Спусціліся да Ахотнага рада.

— Ведаеш, што ў мяне ёсць? — спытаў Кастусь.

Трохі асіметрычныя вочы Каліноўскага смяяліся. Ён засунуў руку за пазуху і трохі выцягнуў адтуль нумар газеты, якую па адным выглядзе Алесь адрозніў бы ад тысячы іншых.

— "Колокол" за васемнаццатага лютага. Свежанькі, лічы. I ў ім — першы такі за ўвесь час заклік да паўстання.

— Хто?

— Невядомы. Подпіс "Рускі чалавек".

— 3 Лондана?

— Не, адсюль. Ліст з рускай правінцыі. Магчыма, нейкі хлопец накшталт Волгіна.

— Як піша?

— "Наша становішча жахлівае, нясцерпнае, — сурова і ціха, на памяць, шапацеў Кастусь, — і толькі сякера можа нас уратаваць, і нішто, акрамя сякеры, не дапаможа! Да сякеры клічце Русь!.." Во так, грамадзянін нігіліст Загорскі. Зразумела?

— Становішча сапраўды нясцерпнае, — сказаў Алесь. — Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам?

— Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: "Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский". Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія?

— Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя.

Ішлі моўчкі.

— А ў цябе што? — заўважыў Кастусь.

Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны.

— Першая наша ластаўка, — сказаў Алесь. — Бедная.

— Не, — сказаў Каліноўскі. — Не бедная.

Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў.

— Хай ляжыць. Тут ёй і месца.

— А што, — сказаў Алесь. — Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях!

— Пэўна, яшчэ не канец яму, — Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. — Пэўна ж, не канец.

Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тутАлесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго.

— Давай, братка, на хвiлiну сюды.

Кастусь ускінуў вочы.

— Невядома, калi сустрэнемся.

Над дзвярыма была шыльда:

Дагератыпная майстэрня
М. М. ГРЫНЧЫКА
…У вялікім пакоі іх пасадзілі ў крэслы на фоне ўяўнага туманнага пейзажу. Заціскачкамі прымацавалі рукі да падлакотнікаў, нябачным клямрам паставілі галовы так, што імі нельга было варухнуць.

— Вось так нас катаваць будуць, — сказаў шэптам Кастусь.

— Цьфу на цябе… Цьфу, — засмяяўся Загорскi.

Грынчык, вельмі падобны на сумнага жорава, пасварыўся пальцам:

— Маладыя людзі, гэта не ёсць жарт. Не ва ўсіх хапае духу, нават не смеючыся, праседзець перад камерай абскурай пяць хвілін. Вам адзін здымак?

— Два.

— То дзесяць хвiлiн, — з выглядам абыякавага iнквiзiтара сказаў сумны жораў. — I не варушыцца, калi не хочаце атрымаць замест аблiччаў фату-маргану.

— А калi не будзем — яна не атрымаецца? — спытаў Алесь.

— Я маю парыжскi медаль. Я прывёз дзiвосную навiну сюды. Крыўд на мяне няма. Я раблю выключна на срэбры. Не тое што некаторыя "наватары" — на медных пласцiнках. Яны б яшчэ паперу прыдумалi цi палатнiну, як мастакi. Гэта ж дзiка! Чалавек робiць добры дагератып раз, многа — два ў жыццi. Ён павiнен быць вечны, дагератып. I для ўнукаў, якiх у вас, вiдаць, пакуль няма.

Іх замацавалі так, што варухнуцца было нельга. Грынчык паклаў Біблію на Алесевы калені.

— Вось так. Вы цікавіцеся старой кнігай, паны студэнты. Вы нібы задумаліся на хвіліну. Меланхоліі ў вочы. Уявіце сабе: вы задумаліся над лёсам гэтай кнігі. Вас ён цікавіць.

— Уявiце сабе — ён нас сапраўды цiкавiць, — сказаў Кастусь.

— Тым лепш. Не мiргайце.

Засычэў калiльны лiхтар. Срэбная сетачка пачала лiць проста ў вочы нясцерпнае святло.

…Калі яны, урэшце, выйшлі на вуліцу, рэзала ў вачах. Расціраючы здранцвелыя мускулы шыі, Кастусь зарагатаў.

— Як, ты скажы, з шыбеніцы знялі. Вось, пэўна, боўдзілы атрымаюцца? Жах! Вочы спыніліся, твары ненатуральныя.

— Нічога, "для ўнукаў" сойдзе. Мяркую, аднак, нічога атрымаецца. Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць.

Клікнулі рамізніка. "Ванька" паспрачаўся за цану і павёз.

— Як Віктар? — спытаў Алесь.

— Зноў пагоршала. Вельмі хоча ўбачыцца з табою.

— Хай бярэ ў мяне грошы і едзе, — злосна ад няёмкасці сказаў Алесь. — Ці на Мадэйру, ці ў Італію.

— Бадай, твая праўда.

— Грошы заўтра ж пашлем.

Алесь засмуціўся і не хацеў, каб гэта заўважылі. Перавёў размову на другое.

— Людвік Звяждоўскі дзе?

— У Вільні. Распачаў работу там.

— Трэба яму звязацца з маім Вацлавам. У яго шмат сяброў сярод моладзі.

"Ванька" цікнуў быў на іх, пачуўшы незнаёмую мову, і зноў звяў, нібы заснуў на козлах.

— А Валеры?

— Інспектар егерскага вучылішча ў Саколцы.

— Гэта што, назнарок Гродзеншчына?

— Трэба і там камусьці быць.

— Дамброўскі як?

— Па-ранейшаму, у Акадэміі. Ён жа малодшы.

…Праз акно былі відаць голыя дрэвы, рэдкія домікі далёкай ускраіны, люстра двух невялікіх авальных ставоў. За сталамі сядзелі хлопцы з маскоўскага зямляцтва. Чацвёра. Ні з кім з іх Каліноўскі Алеся не пазнаёміў, і па адным гэтым было відаць, якая сур'ёзная пачыналася справа…

Нехта сціснуў далонямі Алесевы скроні, не даючы павярнуць галавы. Загорскі ўсё ж выкруціўся:

— Сашка, Сашка, дружа!

Сашка Волгін стаяў за ягоным крэслам і ўсміхаўся на поўны рот.

— Ну, брат, суцешыў!

— Даўно гэта пачалося? — шэптам спытаў Сашка.

— Даўно. Цяпер мяркуюць аб метадах.

— Метады звычайныя, — сказаў Сашка. — Узяць гэтых vieilles ganaches[52] за гардзёлку ды аб брук галавой. Дакіраваліся. Горшыя ўладары, чым паўcюль на свеце. Паскудзяць рускае імя.

Алесь ціха засмяяўся:

— Гэ, брат, наконт нас з вамі ў майго дзеда добрая прыказка-байка.

Яны гаварылі шэптам, баяліся перашкодзіць іншым.

— Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім — тое. Прыйшлі беларусы… Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: "Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А трaвы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя. На дойлідства — таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як…" Тут яго Мікола ў бок штурхае: "Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо-жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам за вамі". Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. "Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб'е. Гэта вам для раўнавагі". Вось яно як!

Сашка Волгін нявесела засмяяўся:

— Горш за ўсё, што гэта праўда, Алесь.

— Вось так і жывём.

— Нічога, брат, нядоўга.

— Ты што робіш?

— У мяне, браце, рускі сектар. Найболей афіцэры. Ёсць і студэнты.

— Многа?

— Пакуль што нямнога. Пяцьдзесят два чалавекі[53]. Будзе больш.

— Гэта, брат, яшчэ большая радасць… Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды, суцешыў, брат. Гэта ж хаўрусам і ў пекле добра.

— Стаіць адно пытанне, — сказаў Кастусь. — Што будзем рабіць далей? Колькі можна чакаць! Вось вы, з Магілёўшчыны, якое ў вас становішча з сялянскай справай?

Алесь не адразу зразумеў, што гэта да яго. Устаў.

— Становішча дрэннае. Па губерні дзвесце восемдзесят сем тысяч сялян у закладзе… Дазвольце запытаць астатніх.

— Пытай, — сказаў Кастусь.

Яны трымаліся, як незнаёмыя.

— Вы, здаецца, віцяблянін? — спытаў Алесь у высокага бялявага хлопца. — Мяркуючы па гаворцы…

— Віцяблянін.

— Колькі закладзеных на Віцебшчыне?

— У нас дзвесце дзесяць тысяч.

— Я з Міншчыны, — сказаў хударлявы белавалосы юнак. — У нас закладзеных дзвесце восемдаесят восем тысяч.

Чарнявы, падобны да іспанца малады чалавек рэзка бліснуў вугальнымі зрэнкамі.

— Я з Гародні. У нас сто дзевяноста сем тысяч душ у закладзе.

Алесь абвёў вачыма ўсіх.

— Вільняніна ў нас няма, але і там не лепей. I вы яшчэ пытаеце, што нам рабіць?

Кастусь ухвальна схіліў галаву.

— Каля мільёна сялян здраджана сваімі так званымі гаспадарамі, якія павінны клапаціцца аб іх. Гаспадары самі паднялі рукі, самі ўзялі ад дзяржавы грошы за гэтых людзей. Цаною іхняй крыві і іхніх пакут прыдбалі сабе магчымасць раскашавацца. I тым самым страцілі права на чалавечыя да сябе адносіны. I калі яны самі аддаюць народ ва ўладу катаў, не могуць быць гаспадарамі — мы павінны адабраць у іх гэтае права. — Вочы Алеся былі змрочныя і рашучыя. — Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы маёмаслі, а цмокаў — расстрэльваць. — Сеў.

— Правільна, — сказаў Кастусь. — Хай прадстаўнікі маскоўскага зямляцтва выкажуць свае меркаванні аб тэрмінах і метадах паўстання. Аб ходзе паўстання. Потым мы звядзем іх у адно з думкамі іншых зямляцтваў і арганізацый.

Людзі думалі.

Пасля звароту на Прыдняпроўе Алесь усутыч узяўся за вярбоўку людзей. Справа пайшла нечакана лёгка. Дрэнна паддаваліся агітацыі, бадай, адны сяляне. Дый сярод іх, з дапамогаю Кагутоў, удалося навербаваць нешта каля трох соцень людзей цвёрдай згоды. Маладыя дваране з небагатых лёгка і ахвотна ішлі на агітацыю. Ужо цяпер, калі б трэба было паўставаць неадкладна, Прыдняпроўе, у зоне дзеяння Алеся, магло б выставіць каля трохсот кос і шасці соцень багнетаў. А яшчэ ў паўночнай частцы губерні павінен быў дзейнічаць Людвік Звяждоўскі ("белыя" прабілі на пасаду свайго, не ведаючы, што гэты свой за апошні час вельмі моцна "пачырванеў").

Словам, баяцца тут не было чаго. Хіба што здрады. Але і яна дзякуючы сістэме "дзесятак" не магла зачапіць шырока.

Алесь ведаў: да прызначанага імі тэрміну паўстання аставалася яшчэ тры гады. Лета шэсцьдзесят трэцяга. За гэты час можна было шмат чаго зрабіць. А калі рэформа расчаруе людзей — тыя, якім ён даў зямлю ўжо цяпер, таксама возьмуцца за косы. Да чэрвеня перавод сялян у вольны стан быў амаль скончаны. Тысячы былых яго мужыкоў былі вольныя: дадатковы парахавы зарад.

Гэты год быў светлы год. Здавалася, што пачынаецца зноў "вясна народаў". Свежы вецер лунаў над светам. У Амерыцы паўночныя фермеры са стрэльбамі ішлі на рабаўласнікаў, і хоць даводзілася ім цяжка, людзі спадзяваліся на іх і верылі іхняй мужнасці.

У канцы красавіка Гарыбальдзі з тысячай адчайных і смелых людзей высадзіўся ў Сіцыліі, бо там зырка шугала паўстанне супраць неапалітанскіх Бурбонаў. Абрастаючы людзьмі, бесперапынна перамагаючы, тысяча рухалася, рабілася многімі тысячамі, выкідала ворагаў з гарадоў і вёсак. У тым жа самым годзе змагар вызваліў каралеўства абедзвюх Сіцылій. Чакаў паход на Рым. Падзеленая яшчэ з Юстыніянавых часоў, расшматаваная на часці, залітая крывёю Італія ўставала адзінай, падымаючыся на ўвесь свой вялізны рост. Напалеон казаў калісьці, што італьянцы любяць балбатаць аб волі радзімы… у ложках у сваіх палюбоўніц. Цяпер ад гэтых аматараў пагаварыць змазвалі пяткі аўстрыйцы і Бурбоны. Таму што аматары гаварылі цяпер моваю зброі і так, як належыць мужчынам.

3 шостага стагоддзя, са дня злашчаснай пагібелі Цейі, караля остготаў, была рэстаўрацыя Юстыніянам рабства, пажары, прыгон, тыранія царквы, рабунак кандацьераў, інквізіцыя або ўлада гандляроў. Ласкутная, пашматаваная краіна, вечныя захопнікі — ад візантыйцаў і іспанцаў да аўстрыйцаў.

I так на працягу тысячы трохсот год. Досыць моцны зарад аптымізму для ўсіх, хто не хоча і не ўмее чакаць. Досыць вялікая школа вытрымкі. I калі ўсім здавалася, што ўжо ўсё — волат устаў, даводзячы гэтым, што ніколі не позна.

Ніколі, калі справа ідзе аб свабодзе, аб святле заўтрашняга дня.

У юнакоў гарэлі вочы, калі яны глядзелі на захад. У іх трапяталі ноздры, што лавілі вецер свабоды.

— Жыць! Жыць! Ваяваць за волю! Знішчаць прыгон! Ваяваць за права, за шчасце, за бацькаўшчыну!

Мсціслаў Маеўскі ехаў верхам у Азярышча. Трэба было ўбачыць Кагутоў, пагаварыць аб сім-тым, а галоўным чынам, сустрэцца з Яняй.

Хлопец сам здзіўляўся, чаму яго так цягне да гэтай дзяўчынкі, а калі зразумеў, было позна. Паспрабаваў сам сябе ўгаварыць, што гэта — звычайная рамантычная гісторыя ў духу "здравствуй, добрая дева, не откажи запечатлеть на твоем невинном челе братский поцелуй, ибо и крестьянки любить умеют, под сению дерев пляша", — нічога не дапамагала.

— Ну і чорт з вамі. Ну і злуйцеся. А я ўсё адно буду там бываць. Мне прыемна.

Цёплыя вочы хлопца аглядалі з-пад белай чупрыны Дняпро, маладую зеляніну на яго берагах, само Азярышча, якое прыгожа раскінулася над ракой. Не ведаў, што рабіць. Збіраўся быў разам з Кастусём паступаць у нейкую ваенную ўстанову. Скарыстаць ільготы для студэнтаў, што скончылі універсітэт, і дваран. Нешта і ў Кастуся не ладзіцца. Дысертацыі яшчэ не падаў, у кандыдаты, значыцца, залічаны ўмоўна. Са штаба ўстаноў адказу няма. Дый сапраўды. Недавер да мясцовых людзей вялікі, а тут чалавек, які ведае права, фінансы, статыстыку, палітычную эканоміку, гаспадарку вясковую, тэхналогію і іншае, хоча яшчэ набыць і ваенныя веды. Не ўжо, досыць. Чорт ведае што з такіх людзей можа атрымацца пры разбэшчанасці цяперашняй моладзі. Магчыма, якабінскія міністры.

Мсціслаў засмяяўся. Кастусю не шанцавала, а яму, Мсціславу, і пагатоў. Генералаў з іх не выйдзе. Што ж, адзін будзе ўладкоўваць агульную сістэму мяцяжу, а другі зробіцца неблагім паручнікам. Паручнікі паўстанню таксама спатрэбяцца. А кім, цікава, будзе Алесь?

3 прыдарожнай карчмы, за якую сядала сонца, ляцела жаласная песня:

I чарка мала, і гарэлкі няма,
Міла, міла не цячэ, каля сэрца пячэ.
Сядзіць, відаць, нейкі закаханы бедалага ды плачацца на горкі лёс, ашчаперыўшы рукамі калматую галаву.

Мсціслаў зноў задумаўся ад гэтай песні. Пойдзе ў бунт, магчыма, галаву складзе, або схопяць ды расстраляюць, ці інвалідам зробяць. Што тады рабіць дзеўцы? Ах, божа ты, божа. Як бы добра, каб усё ўжо мінулася, каб перамога. А тут ворагаў — гурт. Брэшуць на сумленных людзей. Ды не дадуць так адразу цераз кроў пераскочыць…

Ён папраставаў па задворках да курганнай магільні за Азярышчам.

Янька была ўжо там. Мсціслаў саскочыў з каня.

— Вечар добры!

— Стафану кепска, — свежы тварык Янькі зморшчыўся, задрыжалі гаротна бровы.

Стафану сапраўды не памагалі ні лекары, ні лекі. I зразумела рабілася, што тут хіба ўжо натура возьме сваё, і ўсё ж усе спадзяваліся, рабілі для яго ўсё, назнарок пакідалі з ім кагосьці з братоў ці Марту з Рагнедай, каб не быў самотны.

— Пасядзім трохі, дый я пайду да яго, — сказаў Мсціслаў.

— Сядзець не трэба. Паходзім.

Яны ішлі берагам. Яня ішла побач, апусціўшы вочы, абшморгвала маладую галінку вярбы.

— Мне маладой лістоты шкада. Глядзі, якая зялёная.

— I праўда. Я не буду больш.

Падышла да ўрвішча, кінула галінку ў плынь.

— Ты не думай, — Яньчыны вочы глядзелі трохі нават спалохана. — Яна ў вадзе аджыве, выплыве недзе ў бераг ды ўкараніцца. Вярба жывучая.

— Вядома, укаранiцца.

I раптам Янька хліпнула.

— Вярбе можна. Чалавеку вось нельга. Як зрэжуць яго — гэта ўжо ўсё.

Мсціслаў разгубіўся.

— Нічога. Абыдзецца ўсё.

— Не… Не ўжо, відаць… Не скардзіцца Стафан, не… Памятаеш, як на вяселлі ягоным добра было?

— Заспявай тую, што тады для Марты спявала, — папрасіў ён. — Заспявай. Вось убачыш, я веру, адразу яму лягчэй стане.

— Праўда?

Янька з даверам зірнула на яго, глыбока ўздыхнула і завяла ціхенькім дрыготкім галаском:

Прыданачкі[54] — няўданачкі
Шапчыце,
Вы яе паціхенечку
Наўчыце.
Мсціслаў ішоў і ўспамінаў радасць тых дзён: і як ездзілі па рыбу перад вяселлем, і як жартавалі з Галінкай Кахно, і як было весела. Не, нічога не магло здарыцца са Стафанам.

Няхай яна ранюсенька ўстаець,
Няхай яна хатку, сенькi падмяцець,
Няхай яна на вулку шумку не нясець,
Няхай яна на шуметнiчку пасыпе,
Няхай яна i ножкамi прытопча,
Няхай яна і слёзкамі прымоча.
Яны ішлі насустрач барвянаму вялізнаму сонцу, што напалову села ў затоку Дняпра. Мякка ступаў за імі стомлены конь.

Нашы курачкi трапятлiвыя разграбуць,
Нашы жоначкі лепятлівыя разнясуць.
— Няхай вашых курэй каршун дзярэ,
Няхай вашых жонак смерць пабярэ.
Янька раптоўна ўсхліпнула і села ў траву, нібыта ў яе падсекліся ногі. Ён сеў ля яе, нясмела пагладзіў па залатых валасах.

— Ну што ты, што?

Ён узяў яе за плечы і сілком адвёў далоні ад вачэй. У вачах былі слёзы. Мсціслаў адчуў — апусцілася некуды сэрца.

— Як жа гэта нехта мог, — праз слёзы сказала яна. — Як узнялася рука на такога. Ціхі ж, рахманы. Дзіця астанецца. Ну, нічога. "Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць. Пападуць на белы камень — камень прабіваюць".

Мсціслаў паставіў яе на ногі. Павагаўся хвіліну і раптам асцярожна пацалаваў у распухлы, салёны ад слёз раток.

— Не трэба, — глуха сказаў ён. — Калi нават нешта i здарыцца — я цябе не кiну. Бацькам буду. Братам буду. Мужам, калi хочаш, буду.

"Не", — моўчкi кiўнула яна галавой.

"Так", — моўчкi схiлiў ён галаву.


Стафан сядзеў на прызбе, зябка хутаўся ў чугу і праваленымі вачыма глядзеў на заліты барваю сад і на сонца, што сядала за ім. Падышоў Кандрат, але старэйшы яго нібы не заўважыў. Твар жоўты і ў плямах, позірк адсутны.

Кандрат асцярожна паклаў яму на тую руку, што ляжала на каленях (другая сціскала на грудзях адвароты чугі), двух забітых дупеляў.

Стафан памацаў рукою ржавае мяккае пер'е і скрывіў вусны ўсмешкаю.

— Шкада-а.

— Табе сёння зварым. Нічога. Ежа, браце, панская.

— Усё адно шкада.

Кандрат прысеў да старэйшага.

— Дай стрэльбу, — сказаў Стафан.

Узяў дубальтоўку сухімі, як курыныя лапы, пальцамі.

— Цяжка. Пры жыцці і страляць не любіў. Вось і сам дзічынаю зрабіўся.

I зноў Кандрата, другі ўжо раз, уразіў гнеўны выраз у вачах Стафана. Сонца ўжо ледзь круцілася, пералівалася сваім краёчкам над вадой.

— Кандратка, — сказаў Стафан, — я сёння памру.

Брат зрабіў рух пратэсту.

— Не, — сказаў Стафан. — Я ведаю. Ты не забыў?

— Не.

— Споўні. I Кроера таксама. Мне праява была — ён.

— А калі не?

— Калі нават не, то гэткую дрэнь сцерці трэба з зямлі.

— Споўню.

— Забі за сорак дзён, пакуль душа тут… Таркайлу… Каб супакоілася. А з тым не спяшайся. Усё добра зрабі. А можа, і я з таго свету прыйду, скажу, ён ці не. Каб жывую душу ўратаваць ад дарэмшчыны — адпусцяць.

— Споўню.

— Правядзі мяне, братка, да ракі. Бачыш, чырвоная…

Гнеў знік з вачэй хворага. I нават усмешка была ранейшая, як да хваробы. Успершыся на плячо Кандрату, ён устаў.

— Ну вось, блаславi вас усiх. Мне…

Нібы страціў думку.

— Ну вось… Каб вышэй… Трошачкі вышэй.

Пацягнуўся, нібы хацеў яшчэ раз убачыць раку. А потым стаў падаць так раптоўна, што Кандрат ледзь паспеў падтрымаць яго.

Везлі яго на могілкі па вадзе. Яшчэ стаяла спозненая палавень, і да царквы на востраве іначай дабрацца было нельга.

Ішлі чатыры чаўны. На пярэднім стаяла корста з нябожчыкам. Стырнаваў Алесь: выпраўляў нябожчыка брата ў апошнюю дарогу. Змрочны Кандрат Кагут пеніў ваду вяслом. На астатніх трох чаўнах сядзелі Кагуты, Кахновы і сваякі Марты.

Зялёнымі хмарамі стаялі ў вадзе гаі. Звінеў над невялічкім лапікам сушы жаўрук. Вельмі цёпла, зусім па-летняму прыпякала сонца.

Не ўзляталі з астраўкоў кулікі-турухтаны. Як ведалі, што людзі на чаўнах страляць не будуць. А можа, — і гэта хутчэй за ўсё — адураныя повенню вясенняй крыві ў жылах, нікога не баяліся. Такавалі, натапырыўшы пер'е, хадзілі адзін перад адным, яркія ў шлюбных уборах.

Самачкі, прымайстраваўшыся на крайніх канцах выспачкі, глядзелі на самцоў.

Ні ў кога з мясцовых людзей не ўзнялася б рука страляць па іх у такі час. I турухтаны ведалі аб гэтым. Неба, вада і астравец — усё было для іх.

Марта на другім чаўне пабівалася. Быў гэта яе абавязак. Але астатнія ўжо трохі перацерпелі гора. Мінуў год, і ўвесь гэты час яны чакалі немінучага, а калі яно прыйшло, мала асталося слёз.

Хіба толькі ў маці.

Стары Кагут Даніла думаў аб тым, што і яго хутка павязуць той самай дарогай, і не шкадаваў аб гэтым, а шкадаваў хіба толькі аб тым, што гэта не яго вязуць зараз замест Стафана. Добра было б адпачываць у такі дзень, пад жаўруком, між небам і вадою. I каб ля чаўна такавалі турухтаны.

Янька выплакалася яшчэ ля курганоў, а потым у хаце. Алесь думаў, як цяпер адшукаць вінаватага ва ўсім гэтым. Мсціслаў паглядаў зрэдку на Яньку і налягаў на вясло.

Толькі адзін Кандрат глядзеў на свет змрочна, праз прыпухлыя павекі. I чым больш Алесь глядзеў на яго, тым больш здагадваўся: гэты ўсё ведае.

Над вадою між зялёных хмурынак затопленых дрэў ляцела галошанне:

А я ж за табою на край свету хадзіла,
А я ж за табою ў вагонь лётала,
Сакол ты мой міленькі, каханенькі!
А ўстану ж, бывала, я раненечка,
А мой жа саколік па палетачках ходзіць.
I хоць усе ведалі, што заўсёды Марта ўставала раней за "саколіка", усе ўяўлялі сабе раннія зарошаныя паплавы, Стафана з аброццю на плячы, гулкі па-ранішняму ўдар далёкага балабона — і ўсім рабілася горка.

А кветачкі ж ад яго красуюць,
А небачка ж ад яго ззяе.
Зірнеш — мятлушкі ад яго ў вачах лётаюць,
Зірнеш — нібы ігруша белая зацвіла.
Зірнеш — як лісцічак кляновы ён прытульненькі,
Зірнеш — сэрца молатам у грудзіну валіць.
Караван смерці плыў паўз астравы жыцця.
Хай бы ж той халера лепей мяне забiў,
Хай бы ў мяне з сэрца кроў высмактаў,
Як жа мне цяпер цяжанька без любага дружачкі…
Кандрат не глядзеў ні на неба, ні на бязмежную, як неба, повень. Яшчэ тры дні таму ён схаваў стрэльбу ў дупле дрэва ля моста цераз Азяранку, на поўдзень ад вёскі і па дарозе на Сухадол. Таркайлаў фальварак быў паўночней, і дарога з яго ў Сухадол пралягала каля Азярышча. I кожную раніцу Кандрат Кагут выходзіў на курганы і сачыў.

Пазаўчора Тодар вярнуўся з сальнікам Брунонам Дарымядовічам, у адной таратайцы.

Сёння раніцай ён павёз сальніка зноў у Сухадол, і Кандрат спадзяваўся, што, можа, увечары ён будзе вяртацца адзін. Нават калі вернецца ўдвух — Кандрат гэта сцерпіць. Ён будзе трываць хоць сорак дзён, а дачакаецца яго аднаго.

Магчыма, сёння яны пахаваюць Стафана да вечара, і Кандрат паспее вярнуцца на Азяранку, калі Таркайла паедзе назад.

Шкада будзе, калі не заб'е за сорак дзён. Душа братава не так узрадуецца. Але нават калі не паспее — няхай. Ён звык цярпець. Ён мужык, і ён даў слова. Ён будзе хадзіць месяц, два, год, але ён перастрэне Тодара аднаго. Нельга сказаць, што яму будзе лёгка яго забіць: ён яшчэ ніколі не забіваў. Але ён ведаў: іначай нельга. "Церпім, церпім, церпім, а яны ўважаюць нас за дурных зайцоў. Судзяць нас, распраўляюцца як хочуць і ўпэўнены ў тым, што няма ім пакарання. Таму і робяць, што душа іхняя жадае.

На катаргу зашлюць у Сіберыю — і ходзяць сабе спакойна. Ведаюць, нават калі вернецца — збаіцца зноў туды трапіць. А дзяржава помсціць не будзе — ёй абы ціха было.

I заб'юць калі, то не чакаюць кары. Каб гэта чакалі — ого-го! Тройчы падумалі б, перад тым як паскудства нейкае зрабіць. Ну то калі не карае бог, не карае начальства, хай пакарае сам пакрыўджаны. Другія тады азірацца будуць, перш чым данесці, забіць, дзяцей пасіраціць, маёмасць пусціць дымам".

Падкова на лобе Кандратавым аж пачырванела, так ён думаў. Заб'е. Зімою ці вясною, улетку ці ўвосень — заб'е. У слату ці ў ясны дзень — заб'е. Уначы ці ўранні — заб'е. Ого-го, як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары.

Вой, як павалюся я на тваю магілачку,
Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай.
Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне… пакідаеш?
А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі… не маеш?
Як жа ж нам цяпер… пражыць?
Як нам жыццё без цябе… прабыць?
Як мы цябе забываць… будзем?
Адкуль мы цябе дажыдаць… будзем?
Кандрат сціснуў кулакі на вясле і рыўком папаслаў човен з корстай нябожчыка да недалёкай ужо царквы на выспе.

Да каго ж мне ўначы цяпер цмокам прысмактацца?
Адкуль жа мне парады цяпер дажыдацца?
Адляцеў ты ад мяне цяпер, саколiк-голуб шызы — укулечка!
Згас ты цяпер для мяне, васілёк ты мой — сонейка — Пралесачка!
Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звона.

…Назад Кандрат і Алесь ехалі ў чаўне адны. Далёка перагналі ўсю чараду чаўноў.

— Слухай, Кандрат, вазьмі мяне з сабою.

— Куды?

— Ты ведаеш…

— Не, — сказаў Кандрат. — Нiчога я не ведаю.

Яны плылi, а вакол быў блакiт i гарачае паветра.

— Глядзі, што гэта? — сказаў Алесь.

Кандрат азірнуўся, і на хвіліну абодва яны замерлі, уражаныя тым, што адбывалася над ракой.

На беразе, наводдаль, уставаў у паветры вялізны чорны слуп — ад зямлі да неба. Ён здаваўся б нерухомы, каб не круціліся ў ім з шалёнай хуткасцю жмуты сухой травы.

Нехта ўсмоктваў іх у неба, і яны ўзляталі ў яго вышэй і вышэй. Магутны тромб ішоў да берага, набліжаўся. Чорны, як дым, ён клубіўся і пераліваўся тым, што было ўнутры, як змяя, што скідае скуру. Тлустая, уся хвалямі, яна, павольна звужаючыся, паўзла некуды: не разбярэш, ці ўгору, ці ўніз.

Віхур тромба спусціўся на ваду і пайшоў проста на іхні човен. Як зачараваныя, яны не рухаліся. А смерч наліваўся яшчэ больш, чарнеў.

Бліснула недзе, на вышыні добрай званіцы, доўгае срэбнае цела рыбы.

У наступнае імгненне волат ірвануўся паўз іх і перасунуўся трохі далей, як папярэджанне. 3 чорнага нутра яго дзьмухнула магільным холадам.

Усё хутчэй і хутчэй рушыў ад іх тромб, перайшоў раку, пачарнеў, узляцеўшы на бераг.

Яны ніколі не бачылі такога.

Волат блукаў у палях, ішоў у палі, меншаў. Знікаў.

…Калі ён знік — яны зірнулі адзін на аднаго.

— Бяда будзе, — шапянуў Кандрат.

— Кінь лухту вярзці!

— Х-фу-у, — заплюшчыў вочы Кандрат. — Добра. Вязі мяне на бераг. Высадзі.

— Вазьмі, кажу, з сабою.

— Не!!! — рэзка і злосна кінуў Кагут. — Не дый не. Чорт з імі, з тромбамі… Трэба і іх — грудзінай…

Калі постаць ягоная знікла, ускараскаўшыся на крутаяр, Алесь чамусьці ўспомніў Майку і спалохаўся, што ледзь не загінулі. Цераз дзень яны павінны былі сустрэцца і канчаткова вырашыць, як быць.

Кандрат ужо цэлую чвэрць сонечнай дугі чакаў, седзячы ў зарасцях ля мосціка. Сонечнае святло пахла шкіпінарам, гарачай мятай, ядучым пахам вампірніку. Ад хваёвага гуду — недзе над верхавінамі хадзіў вецер — шумела ў галаве і хацелася задрамаць.

Ён сядзеў у зарасцях за вялікім, як хата, каменем непадалёку ад рачулкі. Над каменем, на адхоне, васьмісотгадовы дуб цягнуў да сонца свае ледзь апераныя галіны. Поўзалі па ягонай, глыбока — на дзве далоні — зрэзанай зморшчынамі, кары чырвоныя кузуркі з чорнымі мордачкамі на спінах. Яны былі падобныя, гэтыя мордачкі-рыскі, на маскі, якія носяць вадохрышчам. Поўзалі яны самотна, спараныя, і кара дуба, відаць, здавалася ім ярамі амаль без дна і высокімі градамі ўзгоркаў.

Проста перад Кандратам звінела Азяранка, несла хвалі ў Дняпро. А над ёю цягнуўся лядашты мост. Кандрат тройчы ўжо ссоўваў з яго дзве плахі. Пасля кожнага праезду. Дзядзькі лаяліся, клалі іх на месца і рушылі далей. А ён зноў выходзіў, зноў ссоваў плахі і зноў сядаў на месца, сціскаючы цёплы ад рук прыклад дубальтоўкі.

Пушча хадзіла і хадзіла над галавой. I Кагут пад яе шум думаў ні аб чым і аб усім, але толькі не аб тым, што хацеў зрабіць. Усё, што датычылася гэтага, ён абдумаў даўно.

…Таркайла з'явіўся нечакана. Адзін. Мільгануў на ўзгорку і знік, з'язджаючы да мосціка. I тады Кандрат выйшаў з-за каменя, як сто разоў гэта ўяўляў сабе, перабег да пераезду яшчэ бліжэй і прысеў у хмызах, зусім блізка ад ссунутых плах.

Ён паспеў яшчэ цікнуць вышэй па дарожцы абодва бакі. Там нікога не было. Нават калі з'явяцца, то адтуль яны яго, Кагута, не пазнаюць. Каня і фурманку яшчэ можна пазнаць, і то калі ведаеш, каго чакаеш, а чалавека — не.

Перш чым трапіць адтуль да мосціка, трэба з'ехаць пракапаным з'ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Значыць, на самы горшы выпадак, хопіць часу для двух стрэлаў. Стрэлы будуць верныя: з чатырох крокаў.

Але ён спадзяваўся, што пабочныя людзі не з'явяцца. Яму не хацелася, каб Таркайла адбыў толькі адну хвіліну жаху перад тым, як памрэ. Ён вельмі моцна маліў аб гэтым — бога не бога, а сам не ведаў каго. Таго, хто паможа.

Таркайла вылаяўся і злез з таратайкі. Падышоў да правалу, плюнуў, агледзеўся, як пасунуць плахі. Потым у вачах ягоных нешта мільганула: заўважыў.

— Не рухайся, — сказаў Кандрат, наводзячы ствалы. — Стань ля воза.

— Чаго табе? — збялеў той.

— Сёння пахавалі Стафана Кагута. Маё імя — Кандрат Кагут.

Таркайла шарануў быў рукою па возе да сакваў.

— Ну, — сказаў Кандрат.

— То што, я вінен у тым?

— Вінен. I вінен, што забілі яшчэ аднаго. Ты сам таго не варты.

Таркайла раптам крыкнуў. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі з маху ўскочылі ў правал.

— Меркаваў, што пераскочаць, а ты на калёсы дый ходу? — вочы Кагута глядзелі спакойна, усмешка крывіла вусны.

— Адкажаш, Кагут, адкажаш.

— Не, — сказаў Кандрат. — I кiнуў: — Малiся.

Тодар шныраў вачыма вакол.

— Адкажаш, Кагут… Мяса тваё пад пугай паляціць… Павесяць.

— Ну! — сказаў Кандрат.

"Пане божа, у рукі твае аддаю дух мой…"

— Досыць, — сказаў Кандрат. — Лапату і таго не даў.

Стрэл пракаціўся верхавінамі пушчы.

Таркайла зрабіў запознены крок убок, толькі цяпер скеміўшы, што можна скочыць з мосціка, хай сабе і ў мелкае месца. Усё адно гэта выйгрыш хвіліны.

Але ён ужо не мог гэтага зрабіць. Прыціснуў далонь да грудзей, хістануўся і ўпаў на калені.

— Забiў, — сказаў ён. — Забiў ты мяне.

Кандратава стрэльба хадзіла перад ягоным тварам.

— Нічога, — сказаў ён, хілячыся наперад. — I цябе так… I цябе… I ўсіх вас так.

Другі стрэл нібы штурхнуў увесь свет у ягоны лоб.

…Кандрат прадзьмуў ствалы. Звыкла, як кожны селянін, што беражэ сваю зброю. Сіні дымок двума струменьчыкамі — слабейшым і моцным — вылецеў з іх.

Потым Кагут схіліўся над забітым і здзёр з ягоных грудзей запэцканы ў крыві вацок. У ім зазвінела і зашалахцела.

— Хадзі, памыйся перад страшным судом.

Таркайлава цела перавесілася з насцілу, упала з невялікай вышыні ў мелкую, на каменьчыках, плынь.

З хвіліну Кандрат глядзеў, як каламутна-шэра пацьмянела празрыстая вада, як потым сплыла каламуць і на яе месца з'явілася ружовае. Дурныя печкуры кідаліся да гэтага ружовага, нібы дзяўблі, сплывалі разам з ім па плыні.

Хутка вада была ўжо зноў празрыстая. Плынь прыўзняла ногі забітага, і яны слаба варушыліся на перападзе.

Кандрат павярнуўся да коней.

— А вы чаго будзеце торгацца, бедныя? Ану, давай! Ану!

Ён падсунуў плячук пад таратайку і падаў яе ўгору. Колы выскачылі. Коні хвіліну стаялі, а потым павольна пайшлі: без гаспадара туды, куды і з ім.

Кандрат злез з адхону і пайшоў па вадзе. Не туды, куды сплывала тое і дзе мітусіліся печкуры, а ў другі бок.

Прайшоўшы крокаў сто, ён вымыў вацок і рукі ў сцюдзёнай вадзе і зноў рушыў плынню. Потым пайшоў ярам. Пасля натрапіў на лагчынку з чорнымі люстэркамі вады. Размахнуўся і кінуў вацок разам з тым, што звінела і шалахцела, у чорнае "пушчанскае вока".

Зноў рушыў адхонам. Азірнуўся.

На паверхні чорнай вады знікалі кругі…

За тыдзень паліцыя і нават Мусатаў са сваіл падначаленым, Буланцовым, ператрэслі ўсё наваколле. Аблавы хадзілі па пушчах, людзі з цяжкасцямі, часам рызыкуючы жыццём, забрыдалі нават на некаторыя выспы сярод дрыгвы.

Война, як заўсёды, адседзеўся ў нейкай са сваіх шматлікіх схованак. Людзі Корчака даўно не з'яўляліся ў наваколлі.

Злавілі двух-трох выпадковых валацуг, але забойцаў не знайшлі. Іван Таркайла цяпер нікуды не ездзіў адзін, а ўначы сядзеў у фальварку, зачыніўшы ўсе аканіцы.

Адзіны чалавек, якога здарэнне прывяло ў лютасць, быў Кроер. Ясна, хто зрабіў. Мужычкі каханенькія. Ніхто іншы — яны! Невядома толькі хто. 3 Таркайлавых нехта, ці з ягоных Кроеравых, ці мо адгукнулася праз сваякоў адна з ахвяр "Ку-гі". У росшуках самы страшны і заўзяты быў ён са сваімі чаркесамі. Трос палясоўшчыкаў, шукаў і лупцаваў людзей з лясных буд, смалакураў, бортнікаў.

А калі гэта нічога не дало і наваколле сціхла, зачыніўся ў Кроераўшчыне і пачаў лютаваць над сваімі. Проста так, абы спагнаць злосць. Дайшло да суседзяў. Усе разумелі: трэба сядзець ціха. А гэты, як назнарок, баламуціў лютасцю ўсё наваколле. Усё мацнеў і мацнеў і, урэшце, дакаціўся да губерні агульны лямант:

— У апеку яго!

Віцэ-губернатар Ісленьеў выехаў у Сухадол, каб даследаваць справу на месцы.

Дарогаю ён спыніўся ў Загоршчыне і тут даведаўся, што Кроер зноў запіў. А наступнай раніцай прыляцеў у Загоршчыну да Алеся ганец з Кроераўшчыны і апавясціў зноў, як тады, што пан Канстанцін памірае і паслаў дзесятак слуг паўсюль, каб апавясцілі аб гэтым. I нібыта паслаў нават па доктара і папа.

— Прыкідваецца, — сказаў Вежа.

— Вы думаеце? — Ісленьеў і сам верыў і не верыў.

— Стары жарт, — працадзіў Алесь. — Ягоныя выдумкі трохі аднастайныя. Гэта ўжо трэці раз.

— I ўсё ж, думаю, трэба паехаць, — сказаў Ісленьеў.

Алесь глядзеў на яго з жалем. Стары не мяняўся. Усё той самы румяны, сівы, добразычлівы. Харошы рускі чалавек. Алесь помніў ягоныя словы аб "цемры" пасля расстрэлу ў Півошчах. I шкадаваў. Скруціла, беднага, жыццё.

— Ну, паедзеце, — сказаў Алесь. — Убачыце п'яных гасцей. Свяшчэннік і лекар не маюць права адмовіцца, убачыце п'янага лекара і п'янага папа.

— Я б вам не раіў, — сказаў Вежа.

— Вы не паедзеце?

— Бачыце, я не патрабаваў бы гэтага ад яго, каб, скажам, памёр я, — сказаў стары.

— Ну а вы? — спытаў Ісленьеў у Алеся.

— Я аднойчы з'ездзіў. — Алесь пацёр запясце.

— Па-хрысціянску, — сказаў віцэ-губернатар.

— Па-хрысціянску варта было б усіх нас павесіць, — сказаў Алесь. — За тое, што цярпелі сярод нас такога монстра. Даць вам ахову?

Стары спакойна ўзняў на яго вочы. Яблычны румянец на ягоным свежым абліччы стаў мацнейшы.

— Дзякую, — сказаў віцэ-губернатар. — Але няўжо вы думаеце, што я ў жыцці каго-небудзь баяўся?

— Я не хацеў, каб вы зразумелі мяне так, — сказаў Алесь.

Ісленьеў узяў таго самага мужыка — ганца і паехаў у Кроераўшчыну. Дарогай па ўсіх пагостах бразгалі хаўтурна званы. Нават інваліды па каплічках калаціліся драўлянымі нагамі ў петлях вяровак, што вялі да званоў.

Дзень быў шэры і зусім не летні. Званілі званы, бо памёр вялікі пан, але людзі не ехалі.

— Гэта праўда, што вашага пана "двойчы адпетым" клічуць?

Мужык хаваў вочы. Той самы Борка, што прыязджаў у Загоршчыну і тады.

— Кажы, не бойся.

— Адпявалі яго тройчы, — сказаў мужык. — Усё наваколле.

— Ну і як ён?

Борка ехаў на сваім коніку збоку і трохі ззаду, хоць павінен быў весці. Ён маўчаў.

— То як? — паўтарыў пытанне губернатар.

— Нічога, — бязгучна сказаў мужык.

Ісленьеў ехаў і думаў.

"Нічога". Усё "нічога". Бог ты мой, як можна зацюкаць народ. А мы памагалі гэтаму сваёй слепатой, немагчымасцю нешта зрабіць, бо гэта — сістэма. Паспрабавалі былі трыццаць пяць год назад — леглі пад карцеччу. I з таго часу толькі і думаем, як бы не зачапіла нас па нашай каштоўнай шкуры. Толькі і ходзім на задніх лапках.

Ісленьеў унутрана застагнаў.

Ён шчыра цікавіўся справамі краю. У яго былі знаёмцы ў цэнзуры, і яны дасылалі яму "для азнаямлення і прыняцця да ведама" матэрыялы сталічных часопісаў, што датычыліся гэтай зямлі, нават калі яны і не праходзілі праз цэнзуру.

Адзін артыкул ляжаў у матэрыялах "Современника" і ў цэнзуры, пэўна, год. Не праходзіў. Напэўна і не пройдзе. Ісленьеў успамінаў. У яго была добрая памяць, зусім як у таго чалавека, што калісьці рассеяў іх карцеччу. Што ўжо што, а ў памяці Мікалаю нельга было адмовіць. Кожнага, хто гаварыў з ім, помніў усё жыццё: імя, імя па бацьку, дзе служыў, калі перайшоў з палка ў полк, як завуць жонку і дзяцей, калі гаварылі пра гэта. Здзіўляў гэтым апошняга адстаўнога штабс-капітана, пасяляючы ў ім пачуццё, падобнае на прымхлівы жах: "Праз дваццаць пяць год успомніў!"

Ён, Ісленьеў, таксама памятаў шмат. Памятаў, напрыклад, як той у следчай камісіі тупатаў на яго нагамі:

— Чаму вы не гаворыце пра сваё знаёмства з Якушкіным і Пестэлем? Мая добразычлівасць да людзей мае межы! Пакуль што я не хачу, каб графіня Еўдакія насіла жалобу і звалася ўдавой.

Ён яшчэ помніў яе імя, расперазаны хам.

Ісленьеў таксама памятаў шмат. Вось і цяпер ён выцягваў словы таго артыкула з нетраў памяці. Так, здаецца: "Цэлы край узялі ды вось так забілі — трымай кішэнь! Італьянцаў таксама… забілі, пазбавілі любові да волі і радзімы!.. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы!"

Імя аўтара ён забыў. Забыў і дакладныя словы. Але сэнс помніў. I не мог не згаджацца з гэтым чалавекам.

Бо ўвесь час, што ён жыў тут, ён ні хвіліны не адчуваў спакою. Увесь час нешта глуха клекатала і варочалася пад зямлёй. Пераважная большасць людзей трымала спіну і глядзела ў вочы проста. Высокую іхнюю годнасць нішто не магло зламаць, і хлусілі тыя, што казалі аб "зацкаваных парыях", аб людзях з "вузкім чэрапам, што адвыклі ад мовы", аб людзях "звярынага выгляду", якія "пайшлі назад ад чалавека да жывёл". Хлусня гэта была! Дэмагогія або палітыка чыстай вады. Варшаўскім магнатам трэба было скампраметаваць чыноўніцтва і ўлады (і не без падстаў), шавіністам — палякаў, чыноўнікам і жандарам — мясцовых паноў, каб зжэрці іх. І ўсе крычалі аб "народзе, даведзеным тымі, іншымі, да жывёльнага стану".

А жывёл, якія звар'яцелі ад жаху, галечы і цяжкай працы, амаль не было вакол, і нельга было так паплюжыць гэтых людзей.

Быў просты рахманы і вельмі мужны народ. Добры, верны сябрам і страшны ворагам, вольналюбівы, чысты і горды.

Ісленьеў успамінаў. Півошчынская вайнішка і многія дзесяткі другіх бунтаў… Звычаі… Песні… Абліччы людзей з загорскага наваколля і твар самога Загорскага, бацькі ягонага і дзеда… Раўбічы… Клейны… Корчакаўскія напады… Чорны Война і ягоны аднаасобны, дзесяцігоддзямі, бунт… Апошняе забойства…

Быў пашматаваны, закуты, але вялікі народ. I Ісленьеў не мог не бачыць ягоных пакут і ягонай велічы.

— I ўсё ж? — спытаў Iсленьеў.

Хлоп маўчаў. I раптам віцэ-губернатар пачуў стогн, нібы ў таго раздзіралася нешта ў грудзях.

— Пане… Пане літасцівы, — сказаў мужык. — Забярыце вы яго ад нас. Забярыце, не дайце грэх на душу ўзяць.

— Чаго ты?

Барыс раптам узняў на губернатара светлыя вочы:

— Дзеля яго забярыце. Вытанчаецца ўжо цярпенне наша. Хочаце — на каразн пасылайце, хочаце — літуйце мяне, а як бы ён гарэлкі не глынуў ці гарачым пяском не пагрэўся.

— Аб чым ты? — сурова спытаў Ісленьеў.

— Пагаворваюць ужо… Увальюць спірытусу ў глотку, а нос ды рот заціснуць… торбай з гарачым пяском пузыр мачавы раздушаць — і гамон!.. I слядоў не знойдуць… Не дазвольце грэх узяць!

3 Ісленьевым ехаў на гэты раз новы яго асабісты сакратар, Паноў.

— А я вось за цябе вазьмуся, — сказаў Паноў, вельмі паважны ад усведамлення свайго новага становішча, — дзе гэта ты такое чуў?

— Кінь, — грэбліва сказаў Ісленьеў.

— Рэжце мяне на кавалкі, не баюся, — захлынаўся мужык. — Няма пекла, акрамя таго, што ад нараджэння да смерці.

…Палац нібы вымер. Нікога не было на верасовай пустцы вакол. Нікога не было ля канавязяў і пабудоў. Ніхто не стаяў на ганку.

Вялізная камяніца са сляпымі вокнамі. Цішыня. Мокры верас вакол. Хмары над дахам.

Аднекуль здалёк, можа, з Гарыпяціцкай ці Браніборскай бажніцы, даляталі рэдкія, разарваныя яшчэ і вялікай адлегласцю, удары хаўтурных званоў.

Ісленьеў і Паноў падымаліся па сходах.

Нікога. На тэрасе з застаялымі лужынамі ад дажджу — таксама нікога. Ніхто не выйшаў насустрач.

Штурхнулі дзверы, пайшлі пакоямі. Запыленыя люстры і вокны. У зале, дзе калісьці стаяла труна, — ані жывога духу.

— Гэй! — крыкнуў Паноў. — Ёсць хто?

У непаразуменні, куды маглі разбегчыся слугі, дзве постаці ішлі абрыдліва запушчанымі пакоямі.

У адным пакоі стаяў сабраны стол персон на дваццаць, і ля яго таксама нікога.

Рыпнулі недзе дзверы, і людзі заспяшалі туды, але гэта была пройма. Яна расчыніла дзверы, і яны штурхнулі бутэльку, што ляжала на падлозе. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе.

Стала жудасна.

Яны знайшлі таго, каго шукалі, толькі ў наступным пакоі. Тут усё стаяла на сваіх месцах, было нават сяк-так прыбрана.

Кроер ляжаў на падлозе, закінуўшы аблічча, з мёртвай рукою, усё яшчэ працягнутай да санеткі.

Магчыма, і званіў. Але не прыйшоў ніхто. Ці баяліся зайсці? Ці проста разбегліся? Хто мог сказаць, што тут было і што ён адчуваў у апошнія хвіліны.

— Nemesis divina[55], — сказаў Паноў.

Ён быў малады чалавек і любіў ужыць лацінскае слова.

Ісленьеў пакасіўся на яго і нічога не сказаў.


Тры чалавекі стаялі ў вільготным пасля лёгкага дажджу бярозавым гаі.

— Вось што, — сказаў Франс Раўбіч. — Я ўжо сказаў, што мой бацька дрыжыць ад злосці, калі нехта толькі ўспомніць ваша імя, князь. Я не хачу, каб ён памёр, нават калі гэтай бессаромніцы ўсё адно.

Алесь пакасіўся на Міхаліну. Усё было б лепей за гэтае раптоўна перарванае, нібы патаемнае, спатканне. Сустрэліся, і вось на іх выпадкова натрапіў Франс.

— Жонка, якая хоча ўбачыць мужа, бессаромніца? — мякка спытаў Алесь. — Не трэба табе гэтага, Раўбіч.

— Я ўжо сказаў, я не дазволю ёй заганяць у магілу бацьку.

Франс гарачыўся.

— Пану Раўбічу лепей.

— Усё адно… Я даў слова: нават калі з бацькам нешта здарыцца — ты хутчэй будзеш ягонай удавою, чым жонкай. Вось і ўсё.

Майка аж калацілася:

— Слухай, Франс. Што гэта за глупства? Што за злоснасць? Гатовыя жэрці адзін аднаго. Злітуйся ты, урэшце, з мяне, з яго, з сябе, нізкі ты чалавек.

— Майка… — сказаў ён.

Вочы дзяўчыны пашырыліся:

— Я злітавалася з цябе, я пашкадавала бацьку. Але цяпер я шкадую, што я выйшла тады з царквы, паверыла вам.

Алесь узяў яе за плечы і адвёў. Усміхнуўся:

— Сапраўды, Франс. Я тады пайшоў вам насустрач. Але цяпер, калі я разумею, як вы хочаце падманам скарыстацца з маёй дабрыні, я думаю, што я дарэмна пайшоў на гэта. Я заўсёды пачуваў да вас і да пана Яраша толькі самае добрае, хоць часам мне вельмі хацелася добра надаваць асабіста вам па тым месцы, па якім аднойчы, дзіцем, я надаваў вось ёй.

Франса калаціла.

— Выслухайце мяне, — сказаў Алесь. — Я ніколі не думаў "помсціць пагардай", я для гэтага занадта любіў вас і таму не хацеў крыві. Я прыскакаў на дапамогу пану Ярашу і з удзячнасцю ўзяў бы такую самую дапамогу і ад вас. Вось вам мае тлумачэнні. Vous n'étes pas content[56]?

Міхаліна ўзяла Алеся за плячо і прыхілілася тварам да ягонай рукі.

— Мы вырашылі. Я вырашыла…

— Майка, — сказаў Алесь, — я сам растлумачу гэта Франсу. Ідзі. Помні, аб чым дамаўляліся.

Яна пайшла ў бок раўбічаўскага парку. Мужчыны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.

— То што? — сціснуўшы зубы, спытаў Франс.

Алесь уздыхнуў. Такі ляжаў вакол свет! Так ён іскрыўся і палаў ад дажджу! Што яшчэ было тлу-мачыць?!

— Мы вырашылі, што пачакаем, пакуль пан Яраш не ачуняе канчаткова.

— Вы вырашылі?

— Ну згадзіся, брат, не табе ж гэта вырашаць, — на Алеся напаў гумар. — Самаебольшае, што дазваляе наша з табою сваяцтва, гэта напіцца разам да зялёнага змія…

— Мы далі слова, — Франс бялеў. — Яна сама дала слова Хаданскім.

— Раней за ўсё яна дала слова мне.

— Хто агалосіў яго?

— То ты лічыш, што слова, дадзенае перад богам, — лухта, а перад людзьмі — усё?

— Мы жывём не сярод багоў.

Чорт пацягнуў Алеся за язык:

— На жаль, i я за апошнi час усё часцей пераконваюся ў гэтым.

Франс закусіў губу.

— Ну вось, — сказаў Алесь. — Дальбог, Франс, падумай ты, урэшце, хоць раз не аб сваім дурным гонары, а аб яе шчасці.

— Ты — гэта шчасце?

— Для яе, — сказаў Алесь. — Прынамсі, яна лічыць так. I я пастараюся, каб яна не расчаравалася ў ім як мага даўжэй. Таму што і яна — маё шчасце. Мяркую — да канца.

— Калі будзе гэты канец?

— Ты збiраешся стаць на маёй дарозе? — Алесь сумна ўсмiхаўся. — Дарэмна, я ж не стаяў на тваёй.

I ўбачыў, што сказаў страшнае. Франс таргануў галавою.

— Так, — глуха сказаў Франс. — I таму я яшчэ раз кажу табе… — у яго цакаталі зубы. — Не спадзявайся атрымаць за ўсё, што ты зрабіў, нічога, акрамя зла.

— Ты пагражаеш мне?

Франс звыкла перайшоў на "вы".

— Vous verrez les conséquences et vous en jugerez[57]. Я невыпадкова сустрэў вас. Я ўсё ведаў. Аб усім дамоўлена. Яе сёння ж… завязуць. У крайнім выпадку заўтра раніцай! Чуеш? Чуеш, ты?!

Алесь зрабіў быў крок да яго і спыніўся:

— I ты мог крычаць аб гонары? Дурань жа я, што паверыў вам.

Толькі тут Франс зразумеў, што Алесь сапраўды ні ў чым не вінаваты, што ва ўсім вінаватая крайняя датклівасць пана Яраша і яго, Франса, абражаны гонар і дробязная злоснасць. Алесь цяпер сапраўды мае права пагарджаць ім.

— Я ведаю, — працягваў Алесь, — цяпер вы яе не выпусціце да смерці. I я яшчэ мог нечага чакаць ад цябе, акрамя подласці?

Франс ведаў, што Алесь цяпер мае права сказаць яму ўсё, і не здзівіўся. Але рука прывыкла адказваць на слова "подласць" толькі адным чынам.

…Алесь трымаўся за шчаку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя. Потым ён непаразумела ўзняў вейкі.

Франс глядзеў на гэтае аблічча, на якім адно брыво было вышэй за другое ад нявер'я ў тое, што адбылося, і гатовы быў упасці да ног Алеся.

Пацягнуўшы ротам паветра, Алесь адштурхнуў Франса.

— Я ведаю, чаго каштуе чалавеку, калі яго б'юць па твары. Я нікога не біў першы. Ніколі. Таму я не ўдару цябе. Я проста цябе… заб'ю, — і пайшоў.

Франс стаяў і глядзеў яму ўслед.

Мсціслаў, пачуўшы аб усім, толькі ляснуў сябе па шчацэ.

— Быдла, — сказаў ён. — I на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур'ёзным лічылі?! Якраз тады, калі вось-вось трэба будзе ліць кроў па-сапраўднаму!

— Гэта дарэмна, — сказаў Алесь. — Калі ты не хочаш, я знайду другога.

— Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!.. Калі Беларусь…

— Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай, — сказаў Алесь.

Гэтым жа вечарам Мсціслаў і пан Адам Выбіцкі павезлі да Раўбічаў патрабаванне сатысфакцыі.

Вярнуліся яны позна, і прымірэння ім дабіцца не ўдалося. Майку сапраўды сілком замкнулі ў пакоі. Раўбіч загадаў нікога не прымаць. Але Наталя нейкім дзівам збегла да Вежы і расказала яму аб усім.

Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.

I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.

Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.

На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:

"Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l'on puisse faire"[58].

— Гэта ён мне? А кодэкс? — спытаў Загорскі.

— Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, — сказаў Мсціслаў.

— Усё адно гэта нiкуды не варта, — пацiснуў плячыма Алесь. — Зносiны, няхай i цераз секундантаў, з другiм бокам.

Пан Адам крэкнуў:

— А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.

— Хто яго секунданты? — спытаў Алесь.

— Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч, — сказаў Выбіцкі.

Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.

— Ну, — сказаў урэшце Алесь.

— Без лекара, — сказаў жорстка Мсціслаў. — Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар'ерам — дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі — да смерці аднаго.

— Міла, — сказаў Алесь.

— Ты не пратэстуеш? — спытаў пан Адам.

— Нашто, — паціснуў плячыма Алесь.

— Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, — сказаў Маеўскі. — Жэрабя — гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.

Адам з'едліва і сумна ўсміхнуўся:

— Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.

Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.

Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну… Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер — дваццаць адзін.

Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так…

Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.

Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці — панам Маеўскаму і Каліноўскаму "на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі". Адну шостую ўсяго — брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую — Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы — на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе — Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця… Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму, — на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.

Вось і ўсё. Душапрыказчыкі — Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.

Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.

Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.

Галуа[59], якога так любіў "матэматычны Грыма". Галуа ледзь паспеў на кавалку паперы ў апошнюю ноч запісаць асноўныя прынцыпы сваёй тэорыі.

Хто яшчэ? Ну, вядома, Пушкін. Чалавек дваццаць першага стагоддзя — і ўсё ж не палічыў за магчымае адмовіцца.

I многія яшчэ будуць так гінуць, не менш годныя, чым Лермантаў. Ёсць, аднак, у гэтым забабоне і другі бок, схаваны пакуль што для ўсіх.

Прыйдзе час, і не будзе тады ўжо кодэкса гонару, не будзе дваран і мужыкоў, не будуць даносіць і кідаць у турмы за вальналюбства і светлыя думкі. Не будзе нават слова "воля", не будзе нават слова "праўда", таму што і тое і другое зробіцца звыклым і іншага проста не будзе.

I вось тады асабісты гонар будзе стаяць так высока, што ніхто не асмеліцца абразіць яго словам або дзеяй. Таму што грамадства не можа быць быдлячай чарадой. Не можа яно быць і зборышчам нулёў пры некалькіх адзінках, іначай будзе тое, што цяпер: народы будуць сапці і з налітымі крывёй вачыма лезці адзін на аднаго, каб стаптаць, падпарадкоўваючыся волі адзінкі ці некалькіх адзінак, або, што яшчэ горш, знішчаць свае ж нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль — хай ён будзе з яблыка, кола ці нават з цэлую планету — усё ж нуль.

Алесь уздыхнуў. Не можа быць, каб Каліноўскі не зразумеў гэтага.

Тым больш што і Пушкін і Галуа былі вялікія людзі, і іхняя справа заступалася за іх. А ён, Загорскі, сярэдні чалавек, якіх на Беларусі тысячы.

I калі ён, сярэдні чалавек, не абароніць свайго гонару, хто тады зробіць гэта за яго?

Ён устаў ад папер. Усё было зроблена. Засталося чакаць.

Можна было зрабіць многае ў гэтыя часы. Заснуць — але нашто?

Калі жэрабя дасць першы стрэл Франсу — ён, Алесь, засне надоўга. Калі жэрабя дасць стрэл яму — Алесь паспее выспацца. Ён не будзе літаваць Франса. Сам Франс патрабаваў смерці аднаго, і, хоць шчасця не будзе, у Алеся астанецца вайна за справядлівасць. Да канца. Вайна, у якой няма чаго шкадаваць свайго жыцця.

Можна было з'ездзіць да Вежы. Але стары не паказвае і ніколі не пакажа сваіх пачуццяў. Будзе сухавата-прыязная размова.

Алесь падышоў да краю тэрасы. Дзень і вечар былі нязвыкла гарачыя, ноч таксама дыхала сухасцю. Таму ён яшчэ ўдзень загадаў, каб ягоны ложак вынеслі на гэты вялізны, як зала без сцен і столі, балкон. Ложак астанецца непамяты.

Ён стаў і глядзеў на свет. Дрэвы замерлі. Блішчэла шырокае ўлонне Дняпра. Срэбныя выбухі італьянскіх таполяў пераліваліся. Белыя аркады спускаліся ў парк. Неба высыпала, нечакана для пачатку лета, тысячы зор.

Сямікаляровы агеньчык Капэлы. Лебедзь, распластаўшыся, ляціць у вышыні. Вунь Міцар і Алькор. А далей — туманныя струмені Шляху Продкаў. Кажуць, яны, продкі, спусціліся адтуль і туды ж ідуць пасля смерці.

Пад гэтымі зорамі сэрца раптам не вытрымала. Яно пачало стукаць мацней і мацней.

"Майка… Майка… Майка", — утрапёна клікала яно.

Было ціха і цёпла. Толькі сэрца калацілася пасярэдзіне гэтага бясконцага і спакойнага абшару. I ён раптам адчуў, што гэта сэрца стала вялікае, як тое, бязмежнае сэрца, і разумее ўсё. Усё на зямлі.

3 глыбінь вялікага сэрца — сусвету ляцеў, усё нарастаючы, пяшчотны і ўсёабдымны кліч-звон:

— Алесь… Алесь… Але-е-есь…

Гэта было ўсюды і ва ўсім. Сусвет сціскаўся.

…Нібы сніў з расплюшчанымі вачыма. Нібы два крылы — а можа, два срэбныя сувеі Шляху Продкаў — леглі на плечы.

— Алесь.

Ён страпянуўся. Рукі былі на ягоных плячах. За ім, абдымаючы яго, стаяла Майка.

— Ты? Як ты…

Задыхаючыся, яна сказала:

— Вылезла праз акно i спусцiлася па плюшчы. Яны не ведаюць… Я ўжо больш не магла.

Загорскі ўбачыў драпіну на яе запясці.

— Плюшч не вытрымаў, — сказала яна.

Ён прыпаў вуснамі да гэтай драпіны і правёў імі на ўсю даўжыню:

— Бачыш, прыйшоў і мой час. Тады вярба, цяпер плюшч. Тады я, цяпер ты.

Абняў яе.

"Што ты нарабіла?" — хацеў сказаць ён, але змоўчаў.

Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер ён не мог паводзіцца, як раней. Заўтра ён не будзе страляць, не зможа. Цяпер гэта будзе немагчыма.

Але яна не магла больш. I хіба ён сам не хацеў гэтага? I хіба гэта малая плата: купіць такою цаной усё на зямлі?

I вось яе вочы, і валасы, і рукі, і гнуткія плечы пад ягонымі рукамі. Усё астатняе не мае ні значэння, ні цаны.

Ён узняў яе нечакана лёгка і трымаў на руках, баючыся адпусціць, бо ў яе пагрозліва-блізкіх вачах былі два маленькія адбіткі Шляху Продкаў. Магчыма, і сапраўды Шлях — толькі адбітак у нечых вачах. I няхай. Бо яны — роўныя.

Яна заплакала.

— Дальбог, я не магла. Я ўсё разумею, але я не магу, каб ты забіў, і не магу, каб цябе забілі…

Яна варухнула рукой і пацягнула аднекуль з-за карсажа ланцужок. На канцы яго быў збаночак з каменя. Памерам з ракавінку слімака-балацяніка.

— Здурэла? — спытаў ён.

— Не. Я і тады, калі пасварыліся. Вырашыла: пайду. Калі не адаб'е, хоць у царкве, — я тады ля аналоя вып'ю.

— Дурнічка. Дурнічка. Не смей.

I тады ён абарваў збаночак i закiнуў яго ў парк.

Прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў, ён маўчаў.

Прыціскаючы яе да сябе, адчуваючы ротам выгіб шыі, плячом — дрыготкія ад подыхаў грудзі, адною рукою — стан, а другой — ногі пад складкамі клятчастай сукенкі, ён, баючыся, што страціць прытомнасць, бо ў яго падгіналіся ногі, зрабіў некалькі крокаў і ўпаў.

Пад ёю было сіняе, як неба, пакрывала. У яе вачах былі зоры, толькі цяпер іншыя. I ён гасіў і гасіў гэтыя сусветы вуснамі, а яны зноў узнікалі, і ён не мог з імі нічога зрабіць, бо яны жылі.

Уся яна была тут, на ўсю даўжыню, і нікога больш не было нават у мінулым, бо гэта было тое і не тое, гэта было неймавернае шчасце, якога не бывае на зямлі.

Увесь сусвет — з зорамі і дрэвамі, з Шляхам і Дняпром — запаўняў яго сэрца. Сусвет з болем і лікаваннем сціскаўся да памераў сэрца, а сэрца раптам пашырылася да памераў сусвету.

I ўзышло ззянне! Ззянне, падобнае на мірыяды далёкіх і блізкіх сонцаў, якія потым сталі чорныя.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Кацілася ноч. Пашыранымі ў цемры вачыма ён бачыў яе непрыкрытае цела — ногі адна на адной, закінутае аблічча і складзеныя ўздоўж тулава рукі, нібы яна ляцела да зор. А далей бачыў шаты і бясконцыя палі пад урачыстым зорным святлом.

I ўсё адно ўвесь гэты абшар быў лухтой перад гэтым чалавекам, перад бясконцым духам бязмежнасці і любові, увасобленым у ім.

…Заглыбіўшыся ў адзіную на ўсю ноч хвіліну дрымоты, ён раптам убачыў побач з усім гэтым яшчэ і іншае.

…Туман стаяў над зямлёй. Бачныя былі над ім конскія галовы на доўгіх шыях. Коні выходзілі да напаўзгаслага вогнішча, ля якога ляжаў ён.

I туман, як вада, сплываў з зямлі, і паўсюль былі белыя, белыя коні.

Коні схіляліся над ім і дыхалі цёплым. А між іх са смешным тоўстым хвастом, з вільготнымі вачыма стаяла ўчарашняе жарабятка. Стаяў над ім і плакаў малады белы конь.

Сёння ўначы яна з'явілася да мяне, быццам жывая, быццам зусім не памерла. Ды так яно і было.

Яна была ў сваёй мантыльі… Цёмна-блакітныя ў зелень, як марская вада, вочы глядзелі на мяне горка. I ледзь бачны быў ля скроні маленькі белы шнар, а ля ключыцы — другі. Дзіўна было, што яны зажылі.

За ёю былі тысячы зор, але яна глядзела на мяне. Варухнуліся горкія вусны.

— Нашто ты зрабіў гэта? — сказала яна ціха, і голас яе ляцеў нібы з глыбінь сусвету.

— Што? — спытаў я, хоць ведаў усё.

— Нашто выставіў мяне перад усімі? Ты не ведаеш, мне балюча пазнаваць сябе, бачыць на сабе позіркі людзей, бо тое, што аддаюць толькі каханаму, стала цяпер набыткам усіх. Як ты мог? Мне так страшна і так балюча.

— I мне таксама, — сказаў я. — Але хіба невядомы мне жорсткі мастак не выставіў сваёй каханай у вобліку мілоскай Венеры… Яна таксама была жывая, і ёй страшна і балюча было бачыць сябе ў статуі… I скульптару было горш за яе, але іначай ён не мог. Ён ішоў праз знішчэнне яе маленькага асабістага гонару — да ўслаўлення яе вялікага гонару ў вяках. I ўжо не яна стаяла перад людзьмі, а сімвал Жанчыны.

Яна маўчала, і зоры мігцелі за яе распушчанымі валасамі і ў іх.

— Потым, каму да гэтага справа цяпер? — нечакана ўсміхнуўся я. — Каму справа да яе жывых пакут? I каму будзе справа да цябе праз тысячу год, жанчына?

Увесь свет здаваўся адной суцэльнай птушынай песняй. Мокрыя дрэвы з цёмнымі стваламі і дымнай лістотай курэлі, абтрасаліся. Уся зямля пад імі была мокрая.

Алесь ехаў на белым кані, падставіўшы кроплям і ранішняй свежасці непакрытую галаву і грудзі, у расхінутай белай сарочцы. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Былі ў чорным, як належыць секундантам.

Алесь вырашыў, што ён спазніцца на двабой як толькі будзе магчыма. Па звычаю, калі адзін бок пазніўся на палову гадзіны — другі мог ехаць з месца, а таго, хто спазніўся, лічылі за чалавека, які ўхіляецца. Ён даў сабе гэтую апошнюю магчымасць, каб не пакласці між сабою і Франсам, сабою і Майкай непапраўнага.

Ён устаў уначы і перавёў стрэлкі на ўсіх гадзінніках у доме на сорак пяць хвілін назад.

— Прасплю, — з вясёлым адчаем сказаў ён сам сабе. — Што я, на самай справе буду яго забіваць?

Раніцай Майка ляжала, гледзячы ў попельнае неба, і раптам пачала ўставаць.

— Чаго ты? — спытаў ён.

Яна ўсміхнулася, абуваючы туфелькі:

— Зараз чатыры гадзіны. Ваша сустрэча ў шэсць. Ён не выедзе раней пяці, а дарогі мне — сорак пяць хвілін. Загадай, каб нейкага каня асядлалі жаночым сядлом.

I, сыходзячы ўніз, пацалавала яго:

— Не думай ні аб чым. Усё адно яны цяпер будуць у дурнях. Хто возьме збэшчаную нявесту?.. Не думай, ён не прыйдзе на месца двабою.

Алесь змоўчаў, хоць ведаў, што Франс ужо выехаў. Шчыра кажучы, ён баяўся яе слёз пры развітанні і спадзяваўся, вядома, не на яе, а на свой фортэль з гадзіннікамі. Хай едзе.

Падсаджваючы яе ў сядло і моцна цалуючы, ён сказаў:

— Вось і добра. Бывай.

— Бывай.

Ён правёў яе позіркам, а потым пайшоў на паркавы двор, распрануўся і з асалодаю падставіў налітае маладой сілай цела пад струмені каскада. Яны свісталі ў твар, секлі ў грудзі, сплывалі па спіне. Ён толькі пырхаў.

Там яго і знайшлі Выбіцкі і Мсціслаў.

— Познімся, — сказаў апошні.

— Паглядзі там на мой гадзіннік, — сказаў Алесь.

Мсціслаў здзівіўся і спалохаўся. Ён звяраў час з секундантамі Раўбіча. Спытаў у Адама, але той забыў свой гадзіннік дома. Маеўскі пайшоў звяраць з хатнімі — тфу ты, д'ябал!

— Аддасі ў наладу, — сказаў Алесь, расціраючыся. — Добра, што хоць твой не адстаў.

— Ал-ле, — сказаў Адам. — Што ж рабіць?

— Паездзім па палях, — сказаў Алесь. — Бач, раніца якая!

…I вось яны ехалі. Туманныя дрэвы волатамі стаялі вакол, і ў кожным зіхацела сонечная вясёлка.

Алесь ехаў і думаў, што ён нікога не будзе забіваць, ды яшчэ ў такую цудоўную раніцу.

Гонар, вядома, ёсць гонар, але з тымі, хто сапраўды хоча прынізіць. Між ім і Франсам было непаразуменне. То што ж, забіваць яго за гэта?

Франс не ведаў ягоных думак. Але Франс не ведаў і таго, што ён цяпер брат яму, Алесю, брат да смерці. Найлепшы з усіх братоў, таму што брат каханай. I іх цяпер пяцёра: Франс, Кастусь, Мсціслаў, Майка і ён.

Вясёлкі стаялі ў верхавінах дрэў. Дрозд узляцеў з аднаго дрэва, абурыўшы ўніз цэлую залеву залатой вады. Заспеты гэтым патопам, заяц даў лататы з усёй моцы сваіх задніх ног.

Алесь засмяяўся. Наўскач пагнаў каня па мокрай, ільсняна-чорнай лясной дарозе, праскочыў пад дрэвам і з сілаю пусціў у яго карбач. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі, а буланага каня — сплова-вогненным.

Ён ад'ехаў ад іх і пачаў трэсці адно дрэва на сябе. Зноў пацягнулася золата. Ён стаяў, бы пад макаўкай шатра з бліскучых ніцяў.

Забіваць? Лухта! Мокрая белая сарочка халодзіць цела. Лес пахне бальзамам. Алень уцякае, бо людзі занадта шумяць.

— Што ты робіш, вар'ят? — крычыць Мсціслаў.

— Гэта каб Франс не заўважыў, што ў мяне цыганскі пот ад жаху.

Ні ў кога не будзе цыганскага поту. Ні ў кога. Што, можа, у самага блізкага пасля Майкі чалавека, у брата? Смешачкі!

Шэрыя доўгія Алесевы вочы смяяліся, увесь твар смяяўся.

— Браткі, паездзім яшчэ трохі, — узмаліўся ён.

— Глядзі, — сказаў пан Адам. — Занадта хочаш жыць.

— Не крумкай, — сказаў Мсціслаў Маеўскі. — Лухта гэта. Вядома, паездзім.

…Франс яшчэ здалёк убачыў трох коннікаў, якія вырваліся з лесу.

— Урэшце, — сказаў бледны Iлля.

Коннік раптам спыніўся, потым усе трое пачалі набліжацца ступою.

Нахабныя вочы Якубовіча сталі злосныя:

— Чорт ведае што. Спазніцца на сорак пяць хвілін.

— Я ж казаў: пачакаем, — абыякава сказаў Франс. — Магчыма, гадзiннiк.

Якубовіч засмяяўся:

— Па-мойму, яны выгандлёўвалі лішнія хвіліны жыцця. — Ляснуў Франса па плячы: — Ану, куражу, хлопчык.

— Правільна, што я цябе падтрымаў наконт чакання, — сказаў Ілля Франсу.

Прывіталіся.

— Так нельга, панове, — сказаў, выскаляючыся, Ілля.

Мсціслаў паказаў гадзіннік.

— А ваш, пане Загорскі?

— Забыў,— паціснуў плячыма Алесь.

— Што ж, панове, — сказаў гусар, — вам астаецца толькі папрасіць адзін у аднаго даравання.

Франс, бледны, але спакойны, глядзеў убок і маўчаў. Горкая зморшчынка ляжала ў яго між брывамі. Загорскі адчуваў, што любіць у ім усё… I вось грымне стрэл.

"Ах, як усё атрымалася! Трэба было пераводзіць стрэлкі на гадзіну".

— Панове, я яшчэ раз запрашаю вас памірыцца, — сказаў Выбіцкі.

— Я гатовы, — сказаў Алесь.

Франс маўчаў. У яго толькі злёгку дрыжаў краёчак рота. I тады Алесь сам зрабіў спробу прымірэння. Яго зараз нішто не магло прынізіць.

— Франс, — сказаў ён, усміхаючыся, — ты ведаеш, я не баюся. Але нашто ліць кроў? Ты не ведаеш, але…

Ілля перапыніў яго:

— Панове, ды што ж гэта? Гэта супраць правіл, самім… Калі абодва бакі баяцца, хай так і скажуць. Тады мы зоймемся чым-небудзь больш вартым… Плесці вяночкі будзем, ці што?

Франс не ведаў таго, што ведаў Алесь і што рабіла лухтою ўсе словы і ўсе ўмовы на зямлі. Ён спалохаўся.

— Ілля мае рацыю, — сказаў ён.

Алесь паківаў галавою. Ах, якая гэта ўсё лухта!

Не, ён не будзе чыніць зла гэтаму чалавеку, які не ведае, што робіць. Хай, калі першы стрэл выпадзе яму, забівае. Калі пашэнціць яму, Алесю, ён стрэліць у паветра і, нягледзячы ні на што, папросіць у яго даравання. Тады ніхто не падумае, што ён спалохаўся.

Секунданты пачалі мераць убаку крокі. Нізкае сонца асвятляла шэры ад расы поплаў.

"Дурань, дурань, Франс. Нашто гэта табе? Ну і страляй, калі дурань. Ты не бачыў, як цэлы сусвет быў меншы за адну тваю сястру. Ты яшчэ ні ў чыіх вачах не бачыў зор. Я зраблю так, што ты ўбачыш. Бо ў цябе, у брата яе, я страляць не буду. Ты мой брат. Усе людзі — браты. Калі заб'еш — гэта лепей, чым заб'ю я. Бо калі я заб'ю — шчасце ўсё адно скончана. Бо тады я ўсё адно не змагу гасіць па чарзе зорныя светы: адзін за другім".

На адлегласці ў дваццаць крокаў адзін ад аднаго ляжалі кінутыя чорныя плашчы, нібы гэта двое з тых чорных ужо ляжалі забітыя, адмячаючы бар'ер смерці. Сапраўды, як два трупы ў чорным. I якраз на тых самых месцах. Ля аднаго з іх праз некалькі хвілін ляжа таварыш.

Секунданты падышлі.

— Чые пісталеты? — нахабна ўсміхнуўся Мішка.

— Мяркую, жэрабя, — раптам раззлаваўся Мсціслаў.

Ён падумаў, што калі людзі вяжуцца да ўсякага выпадку, дык усё адно знойдуць магчымасць прычапіцца. Прапануеш свае — "ага, даражэйшыя, нашымі грэбуеце". Прапануеш іхнія — "за свае, парыжскія, баіцёся". Ён ведаў, што ён несправядлівы, і злаваў на гэта.

— Чаму ж, давайце мае, — проста сказаў Алесь.

— Згода, — паспешліва сказаў Франс.

— Пойдзем да бар'ераў,— з уздыхам сказаў Адам Выбіцкі.

Усе сталі блізка ля Алеся.

— Жэрабя? — з нецярплівасцю кінуў Ілля.

— Давайце, — сказаў, скалячы зубы, Якубовіч. — Каб не было спрэчак, хто арол…

— Кінь паяснічаць, — сказаў, сцяўшы вусны, Франс. — На вось табе.

Ён выцягнуў з кішэні жаўтаваты кубік.

— Выбірайце, хто ніжэй трох.

Алесь адчуваў, як усё ў ім звініць.

"Божа, зрабі так, каб першы стрэл быў мой. Я не хачу ў яго страляць. I як дрэнна будзе яму, калі ён, дурны, цёмны чалавек, заб'е мяне, а потым даведаецца".

Ён адразу ж зразумеў, што просіць не аб тым, і каб хто прачытаў ягоныя думкі, пагарда таго чалавека да яго была б невычэрпная. I Алесь змоўк, то бок перастаў думаць.

Мсціслаў знайшоў у двух кроках вымачынку з голым, як бубен, дном. Усе паселі туды, звесіўшы ногі. Здалёк здавалася, што людзі выпіваюць.

Кубік пакаціўся з Якубовічавай рукі. Усе схіліліся.

— Тры, — сказаў Мішка.

— Дай я, — нецярпліва ўзяў косць Мсціслаў.

Ён паматляў рукою і рэзка кінуў. Алесь глядзеў не на косць, а на яго і ўбачыў, як друг збялеў.

— Пяць, — сказаў Хаданскі.

Цяпер збялеў Франс. Хацеў быў нешта сказаць і змоўк.

Яны спыніліся ля Алесевага бар'ера.

— Ідзі, — сказаў Ілля Франсу.

Франс пайшоў на свой бар'ер. Гусар і Хаданскі дамаўляліся яшчэ аб нечым з Выбіцкім. Мсціслаў стаў ля Алеся.

— Даруй, братка, — сказаў ён. — О, чорт, даруй!

— Нічога, — усміхнуўся Алесь.

Алесь не глядзеў у бок Франса. Ён глядзеў вакол.

Перад ім ляжаў дымна-шэры поплаў, а за ім вясёлкавыя радасныя дрэвы. Нізкае сонца стаяла з боку за Алесевай спіной. Ад секундантаў і ад яго, Алеся, ляжалі доўгія цені на роснай траве.

— Падрыхтавацца, — сказаў Мішка. — Смялей, князь.

Загорскі стаў глядзець на Франса. Раўбіч у дзіўным павароце стаяў супраць яго.

Вясёлкавыя дрэвы ззялі за ім. Загорскі ўзняў галаву і стаў глядзець угору, але не вытрымаў і зноў апусціў вочы: "Ну, хутчэй страляй!"

У руцэ ў Якубовіча плесканулася белае… Ударыў пярун.

Алесь пахіснуўся. Потым убачыў, што на левым плячы злёгку дымее сарочка: маленькі карычневы след, бы прыпалілі.

I тады, разумеючы, што Франс прамахнуўся, Алесь уздыхнуў.

Ён убачыў, што твар Хаданскага скрывіўся, нібы Ілля кляў Франса. У выніку яны цяпер не сумняваліся.

Нехта сунуў Алесю ў руку пісталет. Той непаразумела зірнуў на яго, потым на Раўбіча, які стаяў вельмі проста, усімі грудзьмі да яго, і вельмі бледны.

— Глядзі цяпер, — сказаў Выбіцкі.

Мсціслаў глядзеў на Алеся з трывогай, нібы разумеў.

— Нічога, брат, — сказаў Франсу Якубовіч. — Ты… смялей. Гэта нястрашна.

Яны адышлі. Франс скасіў быў вочы, не разумеючы, чаму гэта яны пакідаюць яго на самоце. Потым уздыхнуў і стаў глядзець на Алеся.

Нясцерпна было доўжыць яго страшнае чаканне. I Алесь, не чакаючы ўзмаху хусткі, узняў угору цяжкі пісталет, дачакаўся, пакуль хлапячок дыму паплыве над яго галавой, і адкінуў зброю ўбок. I ўбачыў аблічча Франса. Божа мой, гэтаму абліччу, здавалася, падарылі сонца!

Гусар і Хаданскі, якія не чакалі стрэлу і глядзелі на Мсціслава, кінулі вачыма на Франса і падумалі, што Загорскі ў сваю чаргу прамахнуўся.

— Наш! — закрычаў Ілля. — Наш стрэл!

Кінуўся да Раўбіча з другім пісталетам.

Франс, яшчэ не разумеючы, стаў уздымаць руку.

Мсціслаў крэкнуў з прыкрасці. Выбіцкі з жахам глянуў на Алеся. Усё гэта Загорскі заўважыў у долю секунды… Франс цэліў яму проста ў лоб.

"Ну, вось і ўсё, — падумаў Алесь. — Ён не здаволіўся".

I раптам нешта здарылася. Твар Франса здрыгануўся і ўвесь нібы закалаціўся.

Франс… кінуў пісталет вобзем.

"Пэўна, курок зломіць", — яшчэ нічога не разумеючы, падумаў Алесь.

Раўбіч зрабіў некалькі крокаў ад месца сутычкі — цень ягоны загайдаўся на роснай шэрай траве, — а потым кінуўся да Алеся, яшчэ на бягу працягваючы рукі.

— Алесь… Даруй мне… Даруй…

Якубовіч паглядзеў на дзве постаці, што зліліся ля аднаго з плашчоў, і суха сказаў Іллі:

— Мяркую, наша прысутнасць тут больш непатрэбна. Дзіцячыя гульні.

Яны пайшлі да коней. Ніхто не звярнуў увагі, як яны рушылі краем дубовага гаю.

…Калі праз некалькі хвілін з боку сцежкі на Раўбічы даляцеў шалёны пошчак капытоў, Франс адарваўся ад Алеся. Вусны ягоныя трэсліся. Шчокі былі заліты слязымі.

— Братка, — сказаў ён, — адпусці яе са мною. Я клянуся табе, я ўгавару бацьку… Да канца, да самага канца можаш разлічваць на мяне.

XIII

Пецярбург прачынаўся. У лютаўскім гнілым тумане куранты хрыпата, нібы з прастуды, нібы праз піўны кашаль, зайгралі "Коль славен наш господь в Сионе".

Абрыдліва, увесь у слаце і мокрым снезе, уставаў над зямлёй світанак. Аблупленыя будынкі, шэрыя ад вільгаці палацы, цьмяныя агні ў вокнах, мокры, але моцны яшчэ лёд на Няве.

Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад'езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.

Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.

— Добрай раніцы, Варфаламей, — з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.

— Раніцы добрай, Пётра Аляксандравіч, свет вы наш. Ножкі прыкрыйце. Дзьме. Ніякая не добрая тая раніца. Здароўечка каштоўнае страціце.

Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі запонай і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца.

Вуліцай ляцеў ці то жоўты дым, ці туман. Даносіла пахам золі, снегу і гною. Аблічча таго, што ехаў, скрывілася. Зноў цэлы дзень трэба ездзіць. Спачатку да міністра дзяржаўных маёмасцяў, якому ён абавязаны кар'ерай і ў якім, відаць, вось-вось перастане мець патрэбу. Потым, з ім, на пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Праўдзівей ён пакуль што не член савета, чакаць у пакоях камісіі, пакуль не спатрэбіцца. Потым справы ў трэцім дэпартаменце міністэрства. Перад гэтым ён ледзь паспее паабедаць. А пасля дэпартамента вечар у вялікай княгіні Гелены Паўлаўны, адзінае больш-менш прыемнае здарэнне за ўвесь дзень.

Добра толькі тое, што знік з дому. У жонкі мігрэнь. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны, Нікс. Не ўзяў у спадчыну ягонай цвёрдасці і ягонага розуму.

Што ў яго самога ёсть розум, чалавек ані хвіліны не сумняваўся. Ды так яно, бадай, і было.

Чалавеку было сорак пяць год, але ён здаваўся трохі старэйшым ад даўно звыклай карэктнасці і стрыманасці. Высокі лоб, плоска прылізаныя над ім валасы, у дзіўным спалучэнні з імі кучаравыя бакенбарды, мясістыя вялікія вушы.

Твар звужаўся да падбароддзя, але яно было цяжкае. Відаць, чалавек ведаў, чаго ён хоча. Шкодзіла гэтаму ўражанню толькі іронія ў складцы рота і стомлены сум у вачах. Бровы навісалі над вачыма, высока ля пераносся, нізка ля скроняў. І нос навісаў на рот; калісьці просты, а цяпер абвіслы і таўставаты на канцы нос.

Словам, твар паважнага бюракрата. Трывожылі толькі вочы. Іронія, сум, стома, розум, чэрствасць і няўлоўная весялосць арганічна спалучаліся ў іх. Гэта маглі быць вочы іроніка, стомленага бюракрата, дзяржаўнага мужа. Гэта былі адначасова вочы вернападданага і вочы знаўцы свету пісьменніка. І самае дзіўнае, што так яно ўсё і было.

Чалавек, што ехаў у карэце, быў Пётр Аляксандравіч Валуеў, без двух месяцаў упраўляючы міністэрствам унутраных спраў, без дзевяці месяцаў міністр і роўна без дзевятнаццаці год граф. Былы нястойкі ліберал, былы ўлюбёнец Мікалая Першага, а цяперашні "асвечаны кансерватар" і дырэктар двух (а ўсяго было чатыры) дэпартаментаў міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, правая рука міністра Мураўёва, былога магілёўскага губернатара, у будучым ката Беларусі і Літвы.

Варфаламей успомніў, што забыў спытаць, куды ехаць. З касцяной трубкі пачуўся пачцівы голас:

— Куды везці, вашамосць?

— Да міністра дзяржаўных маёмасцяў.

Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам.

Пад'язджалі да дома, які саноўнік не любіў, хоць бываў у ім у гады маладосці, з нявестай, будучай першай жонкай, дачкой паэта князя Вяземскага. Ён не мог не думаць, што зрабіў добры выбар. З усёй маскоўскай моладзі Мікалай найбольш любіў яго, Валуева, і Скараціна, загадаў нават паступіць у першае аддзяленне ўласнай канцылярыі. Трэба было замацаваць прыхільнасць.

А Вяземскі быў адзін з найбольшых улюбёнцаў цара. Невядома за што, бо ў доме князя бывалі Сталыпін і Жэрве, і ледзь не самы блізкі друг гаспадара быў Пушкін. Дзіўны часам звязваецца ланцуг!

Ён, Валуеў, тады быў франдзёр, як цяперашні шэф калісь. Уваходзіў у "гурток шаснаццаці", дзе былі той самы Жэрве, "Монга" Сталыпін, нябожчык Лермантаў, цяперашні эмігрант князь Браніцкі. І яшчэ таксама эмігрант і супрацоўнік "Колокола" П. В. Далгарукі. Ды яшчэ Шувалаў Андрэй, што цяпер таксама лезе ў вернападданыя. Адзінае суцяшэнне на шляху.

…Заплюшчыць вочы, праязджаючы паўз дом, дзе памёр Пушкін… Пушкін чамусьці меў да яго сімпатыю.


"Шаснаццаць" збіраліся пасля балю, вячэралі, курылі і размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі. Трэцяга аддзялення і ягоных падвалаў быццам не было… Лермантаў крычаў аб тым, што ўладарам трэба разбіць галовы кайданамі, як раіў ілімскі вязень… Бедалага Лермантаў! Вось і з гэтым, пасля Пушкіна, звязаў лёс.

Валуеў, як заўсёды, расплюшчыў вочы зарана. Якраз ля яго была арка пад'езда, у які прывезлі паэта. Потым ля гэтага пад'езда плыў натоўп.

Пушкін любіў яго, Валуева, узяў прататыпам для Грынёва з "Капітанскай дачкі"… Цяпер гэта было Валуеву непрыемна, хоць трохі і казытала недзе, калі трэба было апраўдацца перад сабой… Мішэль Лермантаў плакаў, калі таго забілі.

Цяпер абодва мёртвыя. Не паспелі своечасова адысці ад памылковых поглядаў маладосці. А ён жыве. Ён быў чыноўнікам асобых даручэнняў пры курляндскім генерал-губернатары, курляндскім грамадзянскім губернатарам, і…

…У глыбіні душы ён ведаў, што вартасць ягонага "служэння айчыне" нічога не варта перад "служэннем" забітых, хоць яны пратэставалі і разбуралі. Каму трэба ведаць, хто быў у Курляндыі грамадзянскі губернатар у час Гогаля? І ён глыбінямі душы здагадваўся, што таму губернатары і помсцяць паэтам: адчуваюць сваю мізэрнасць і непаўнацэннасць. Маўляў, нажыліся, нашкодзілі, лізалі пяты, а ён у гэты час "Мёртвыя душы" пісаў.

Але яму трэба было выбіраць: ці паміраць з голаду на пісьменніцкім хлебе ў прадчуванні славы, ці бясслаўна служыць. Ён вырашыў служыць, але славалюбна, аддана, уедліва. Людзей, якія робяць палітыку краіны, таксама часам памятаюць.

…Валуеў адарваўся ад думак. Урэшце "Северная пчела" абвясціла, што ў "сёмае цараванне Аляксандра" ("Што за дурасць! Якое сёмае цараванне?") у дні посту адбудзецца вядомая ўсім падзея.

Хай бы хоць лета. Яміны на вуліцах. Бруд, бруд, бруд.

Ён раптам прыпаў да акенца. Манумент Мікалая ("дурань даганяе разумнага") упрыгожаны ля п'едэстала вянкамі. Таксама маўклівая маніфестацыя крайніх прыгоннікаў: "Глянь, маўляў, вось табе ў лютым жывыя кветкі. Гэты жорстка цараваў, аб рэформах і не думаў, трымаў усё стальной рукой затое і моцная была Расія. Праўда, набілі пад канец, але лепей ужо з бітай мордай ды на рабах, чым так, як ты, гасудар".

На кветкі ляцела брудная слата.

Была дэманстрацыя прыгоннікаў і на паніхідзе па Мікалаю ў Петрапаўлаўцы. Таксама з кветкамі. Ён усміхнуўся, прыдумваючы, што скажа на суарэ ў вялікай княгіні.

"Цветы, впрочем, искусственные; такова же и демонстрация".

І зноў зморшчыўся. Генерал-губернатор абвясціў ва ўсіх газетах, што ніякіх пастаноў па сялянскай справе не будзе. Так нельга. Сухое адмаўленне, сухое слова "ніякіх" магло толькі раздражніць народ.

Настрой быў благі. Паціраючы вузкія ледзяныя рукі, дырэктар дэпартаментаў, каб палепшыць гумор, думаў аб тым, што заўсёды радавала: аб уласным узвышэнні.

У глыбіні душы ён не верыў у моц сістэмы. І менавіта таму з усіх сіл хацеў палепшыць і ўмацаваць яе. Ён ведаў, што новай сістэмы яму не дачакацца, і таму хацеў спакойна пражыць свой век пры старой. Таму часам быў вернападданы да таго, што аж самога нудзіла. Таму і прапаноўваў аддаць лёс вызваленых, "на першы час", у рукі ранейшых гаспадароў, а не ў рукі чыноўнікаў. "Конечно, первые не будут часто беспристрастны, но зато последние большей частью будут неблагонадежны". Ён сам адчуваў, што гэта лухта, але іначай не мог. І менавіта таму, што ён адчуваў хлусню і здзерства, якія чыніліся вакол, ён выбраў сабе, на ўзыходзе сваёй кар'еры, зусім іншы сродак для яе.

Ён заўважыў, што разумная крытыка — не вышэй дапушчальнай нормы — выклікае прыхільнасць начальніка, калі ён не дурань, да таго, хто крытыкуе. Крытыка, калі яна толькі казыча, прымушае начальніка верыць у добрыя намеры падначаленага, у адсутнасць ліслівасці ў ягоным сэрцы. Лухта, што імператар любіў пякучую крытыку і нават сам патрабаваў яе! Пастка для дурняў.

Валуеў з усмешкай успомніў, як ён падаў запіску "Дума рускага ў другой палове 1855 года". Гэта была міна, да якой ніхто не дадумаўся б.

"Благоприятствует ли развитию духовных и вещественных сил России нынешнее устройство разных отраслей нашего государственного управления?"

Цяпер трэба было толькі не сарвацца, не перагнуць у адказе. Ён не вельмі баяўся. Адказнасць за недахопы нёс нябожчык Мікалай. Цараванне Аляксандра аставалася яшчэ чыстай старонкай, і маладому цару патрэбна было рэнамэ свабодалюбца і дэмакрата. І таму Валуеў адказаў:

"Отличительные черты его заключаются в повсеместном недостатке истины, в недоверии правительства к своим собственным орудиям и пренебрежении ко всему другому. Многочисленность форм составляет у нас сущность административной деятельности и обеспечивает всеобщую официальную ложь. Взгляните на годовые отчеты: везде сделано все возможное, везде приобретены успехи, везде водворяется если не вдруг, то, по крайней мере, постепенно, должный порядок. Взгляните на дело, всмотритесь в него, отделите сущность от бумажной оболочки, то, что есть, от того, что кажется, и редко где окажется прочная плодотворная почва. Сверху блеск, а внизу гниль… Везде пренебрежение и нелюбовь к мысли, движущейся без особого на то приказания. Везде опека над малолетними"[60].

Ён усё ж баяўся. На ўсякі выпадак трэба было знайсці моцнага заступніка і абаронцу. І ён падвёў другую міну.

"Лишь Морское министерство… не обнаруживает, подобно другим ведомствам… беспредельного равнодушия ко всему, что думает, чувствует или знает Россия!!!"

Генерал-адміралам Марскога міністэрства быў вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, брат цара. І адзін бог ведае, як потым ён і вялікая княгіня Гелена Паўлаўна, да якой ён сёння пойдзе, падтрымалі яго. Доступ у салон вялікай княгіні, здзіўленне цара, падтрымка вялікага князя аж да загаду па ведамству, каб начальства не хлусіла, як заўсёды, нібы ўсё ў яго цудоўна.

І дарма. Бо скончыў ён запіску — Валуеў усміхаецца — так:

"В России так легко сеять добром! Русский ум так восприимчив, русское сердце так благородно! Россия гладкое поле, где воля правительства не встречает преград. Не скажет ли оно народу: да будет истина меж нами, и не вспомнит ли красноречивых слов, сопровождавших герб одного из древних русских дворянских родов: уму нужен простор!.. Россия взывает к венценосному вождю своему с безмолвною мольбою. Сердце царево в руце божьей".

Ён ведаў, усё гэта будзе голасам, які лямантуе ў пустыні, і, як раней, будзе штамп, і бюракратызм, і мярцвячына, і зноў забароняць выезд за мяжу, які накладае "домашний арест на свыше 60 миллионов верноподданных его императорского величества".

Праз два гады яго прызначылі дырэктарам другога дэпартамента. Яшчэ праз год — трэцяга. І яшчэ ён — старшыня вучонага камітэта міністэрства. І яшчэ правая рука Мураўёва. І яшчэ статс-сакратар. І двойчы! павялічаная пенсія. І штогод, да канца жыцця, пяць тысяч срэбрам, і ўзнагароды, і пакеты з "благоволениями".

У час, у час усё было зроблена. У час змагаліся разам з Мураўёвым супраць праектаў рэдакцыйных камісій аб рэформе. Але ўвесь час ён гуляў у бесстароннасць і быў "трохі-трохі не з урадам", напрыклад, у справах польскіх, бо патрабаваў "маленечкіх" уступак палякам.

Цару не спадабаліся крайнія прыгоннікі. Валуеў ледзь не памыліўся, але хутка спахапіўся. Пачаў крытыкаваць іх, пачаў хваліць меншасць, заўважаць у іх "зрелость и образование, беспристрастие и правильность взглядов". І зноў паварот.

Ён дапускаў, што яго могуць зваць "флюгерам". Што ж, флюгера не ломіць ніякі вецер. І ён гаварыў пра неабходнасць свабоды друку, але не разумеў пад гэтым "поўнага прастору для развіцця матэрыялізму і дэмакратычнай прапаганды". Гаварыў пра неабходнасць уступак палякам, але казаў, што польскае пытанне можна вырашыць не ў Варшаве, а толькі ў Маскве і ў Пецярбургу.

Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў мог яшчэ дапамагчы Валуеву і лічыў выхаванага і адданага чалавека, які ўсім, многім, быў яму абавязаны, сваёй крэатурай.

Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.

І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва "агульным збавіцелем"?

Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі.

…Конi мясiлi брудны снег на Лiцейным. Дворнiкi ледзь паспявалi зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Iшлi мадысткi, хаваючы кардонкi пад плашчамi. Стаяў сокры, вiдаць сухотны, iтальянец, прадаваў з латка гiпсавых напалеонаў i бiсквiтных голых жанчын. Па статуэтках кроплямi сцякала вада. Дырэктар успомнiў, што на Беласточчыне ўзнiкла дзiўная секта пад назвай "напалеонаўшчына". Людзi патаемна збiралiся i малiлiся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакiнулася i на Пскоўшчыну. Iдыёцкая краiна! У што б нi верыць, абы не ў добрыя намеры iмператара. Сектантаў Валуеў ненавiдзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнiкаў. Уся гэтая публiка хай сабе i руская паходжаннем не была рускай. Назву "рускi" маглi з поўным правам насiць толькi тыя людзi, што моляцца ў Iсакii (хаця ён i змрочны, як склеп), у дварцовай i Канюшаннай царквах. Трохi падазроныя былi нават людзi, што малiлiся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магiльня iмператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкiх штучак вялiкага Пятра.

Рускімі ён таксама трохі пагарджаў. І асабліва не любіў славянафілаў, накшталт Пагодзіна, з іхнім "родным квасам". Гэта называецца краіна! Ні Таквіляў, ні Гізо, ні Бокляў нічога. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое, што ён нібыта сказаў, што калі аб'явяць волю, то ён закрычыць "ура". Так вось мы і ў еўрапейцаў ператвараемся.

Жорсткія вусны саноўніка сціснуліся. Праязджалі паўз адзін з самых ненавісных у Пецярбургу дамоў. Тут розныя Някрасавы і Дабралюбавы, дваране не з лепшых ды семінарысты, практыкуюцца ў нігілізме і "падкопах пад карэнне".

Някрасава ён трохі ведаў. Досыць непрыемная асоба, але асабіста ён не змоўшчык. У яго ёсць грошы. І ўсё адно ён чужы.

Восьнядаўна яны шумелі аб "Заходнім краі". Услед за Герцэнам. Філія рэдакцыі "Колокола". Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ асобную, беларускую нацыянальнасць. Мала ім цяганіны з украінафіламі. Ніякай асаблівай маларасійскай, ніякай беларускай мовы не было, няма і быць не можа.

Ён насілу прызнаваў нават права палякаў на мову. Ва ўсякім разе, яму не хацелася гэтага. Існаванне Польшчы, Літвы, Беларусі азначала, што так ці іначай давядзецца ступіць на шлях рэформ, шлях абрыдлівы, шлях, магчыма, гібельны, але неабходны. Бо, вядома, Расіі трэба толькі існаваць, каб ніколі не было незалежнай Польшчы[61] і іншага такога; але для таго, каб Польшча канчаткова ўлілася ў Расію і з ёю зраднілася, неабходна, каб імператар дараваў рускаму народу палітычнае жыццё. Народ, палітычныя правы якога абмяжоўваюцца правам плаціць падаткі, правам ставіць у армію рэкрутаў і крычаць "ура", яшчэ не мае асіміляцыйных сіл.

Паціраючы халодныя вузкія рукі, вельмі зграбныя, хоць і кастлявыя, ён думаў пра карысць Расіі. Ён любіў падумаць пра карысць Расіі. Ён любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва калі слухаюць санавітыя людзі. Ён, урэшце, быў упэўнены, што ён дбае пра карысць Расіі.

Карысць Расіі, на яго думку, была ў тым, каб інародцы не смелі і падумаць, што яны не рускія, каб яны паступова і сапраўды пераставалі думаць пра гэта. Паны Някрасавы, Чарнышэўскія і Герцэны, нягледзячы на тое, што яны рускія, думаюць іначай і крычаць аб фікцыі братэрства народаў тым горш для іх.

Пакуль яны яшчэ не павешаныя, яны думаюць. Якая лухта! Нібы справа тут у самадзяржаўі! Дарослыя людзі займаюцца тым, што гуляюць у цацкі!

Яму дастаўляла асалоду думаць, што яны з іхнім сацыялізмам не больш як сляпыя шчанюкі, што сутнасць няўхільнага гістарычнага працэсу зразумеў толькі ён, Валуеў. Гэта ўзвышала яго ў сваіх вачах амаль да ўсяведнага бога, а іх рабіла цацачнай справы людцамі, якім пакуль што дазваляюць чыніць сёе-тое з таго, што яны хочуць.

Ён здзівіўся б, калі б яму сказалі, што на самай справе любяць Расію яны. Так, ён пагарджаў ёю, але ж ён узвышаў яе і намерваўся ўзвышаць усю астачу свайго жыцця.

Узвышэнне, на яго думку, заключалася ў тым, каб усе баяліся. Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што сапраўднае ўзвышэнне любові, што сувязь любові мацнейшая за сувязь ланцуга, што неад'емныя правы нацый, іх вольнасць і свабоднае развіццё іхняй культуры і мовы ёсць найлепшы сродак для братэрства. Ён ніколі не думаў, што боязь, уціск мовы і культуры і вечнае выстаўленне перад усімі свайго аўтарытэту і сілы можа прывесці толькі да нянавісці і, значыцца, рана ці позна — да паўстання і адкрытай разні. Калі ён двума гадамі пазней пачаў разумець гэта, было позна.

Не разумеў ён і таго, што максімальная свабода кожнай асобы не развальвае грамадства, а вядзе да яго ўзмацнення, што гэта прымушае кожную асобу не шукаць сродкаў для таго, каб узарваць дзяржаву, а, наадварот, прыкладаць усе сілы, каб узмацніць сваю грамаду, сваю айчыну. Ён, Валуеў, знішчаў нават некаторыя дакументы, якія "падлягалі забыццю ў інтарэсах Расіі".

Якую такую Расiю ён меў на ўвазе, вядома было аднаму толькi богу.

Калі гонар краіны не залежыць ад дзеянняў асобных людзей, то што можа яго знішчыць? А калі залежыць, то вінавата ў гэтым не краіна, а людзі.

…Будучы міністр праязджаў паўз нігілістычнае кубло, жарсткавата звузіўшы вочы. Яны не любілі Расіі, не "споспешествовали" яе велічы. Расію любіў ён.

…Карэта спынілася ля пад'езда міністра дзяржаўных маёмасцяў. На прыступках ганка чыста. Добра, што не прамочыць ногі. І яшчэ лепей было б, каб не давялося сустрэць міністрэсу, Пелагею Васільеўну. Рэдка даводзіцца сустракаць больш з'едлівых і злосных жанчын. Валуеў быў амаль упэўнены, што гэта шматгадовае жыццё з ёю сапсавала міністру характар, які і без таго быў не цукар. І яшчэ міністрэса была кар'ерысткай, больш нават, чым муж.

Ён падымаўся па сходах той асаблівай, выхаванай хадою царадворца і саноўніка, злёгку спружынячы на кожным кроку. Той хадою, калі здаецца, што на нагах цывільнага ўздрыгваюць, пазвоньваюць нябачныя шпоры. Ітут яму стала зноў непрыемна. Ішоў яго двайнік па становішчу, таварыш міністра, генерал-ад'ютант Зеляной. Спускаўся па сходах, відаць, з ранняга прыёму.

"Людзі валуеўскага складу не любяць падобных на іх, як адзін еўнух не любіць другога", успомніў Валуеў словы кагосьці з гуртка Замятніна. Замятнін мог бы сказаць тое самая і пра сябе, але ўнутрана Валуеў не мог не згадзіцца са справядлівасцю ягоных слоў. Насцярожанасць супраць Зелянога трывала яшчэ і таму, што той часам кідаў з вока на вока надта ліберальныя думкі, нібы запісваў да сябе ў аўгуры: мы, маўляў, людзі свае і можам пагаварыць пра ўсё "не чинясь". Няхай сабе іншыя гавораць што хочуць мы занадта добра ведаем сапраўдную вартасць гэтых слоў.

Пратэставаць Валуеву не выпадала. Зеляной быў пакуль што занадта моцны, і таму іх звязвала падабенства сяброўства. Таго сяброўства царадворцаў, калі людзі вельмі добра ведаюць, чаго чакаць адзін ад аднаго.

— Добрай ранiцы, Пётр Аляксандравiч, — Зеляной ветла патрос вельмi гарачай рукою руку Валуева.

— Добрай раніцы, мілейшы Аляксандр Аляксеевіч, — завучаная ўсмешка блукала на вуснах Валуева.

У душы ён пасылаў Зелянога ў апраметную. Толькi адзiн ён ведаў, якую маленькую помсту ён дазваляе сабе, калi ўпарта пiша ў сваiў дзённiках яго прозвiшча проста "Зялёны", i гэта, забаўляючы, трохi мiрыла яго з таварышам мiнiстра. I ўсё ж, стаяць на сходах у такое надвор'е, гаварыць на вачах ва ўсiх!

— Даволі дзіўныя меры, — канфідэнцыяльна сказаў Зеляной. — Войска кансігнавалі ў казармах. У кожную паліцэйскую частку камандзіравалі па палове ўзвода.

— Я чуў, — з прыемнай з'едлівасцю ўсміхнуўся Валуеў. — Ва ўсіх баявыя патроны, і артылерыю трымаюць напагатове. І, кажуць, трымалі гатовых коней для імператара.

— Як думаеце, чаму?

— Гм, барацьба за вызваленне ў Расіі небяспечная на вынікі. Самі ведаеце, удзячны народ.

Зеляной рагатнуў:

— Прыслуга кажа, ён не начаваў у сваіх апартаментах, а перайшоў на палову вялікай княгіні Вольгі Мікалаеўны. Спадобіліся!

Зноў пачыналася "размова аўгураў". Яна была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Зеляной не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. І ён пакуль што моцны.

Твар Зелянога быў рэзкі:

— Я вам скажу чаму. Ва ўсіх іх — дынастычны недавер да рускіх людзей. Людзі нямецкай крыві.

Гэта ўсім было вядома, але Валуеў сказаў з іранічнай усмешкай, якая не пратэставала, а нібы згаджалася:

— Злітуйцеся. Раманавы?

— Што зробіш. Нават калі лічыць, што Павел быў сын Салтыкова, і то ў жылах гасудара адна восьмая рускай крыві. А іначай ані кроплі.

— Мы з вамі ведаем, кроў лічыцца не працэнтамі, як у іншых. Радавы дух, вось што галоўнае. Нават калі з пакалення ў пакаленне яны жаніліся б на камчадалках усё адно, корань жа аднекуль ідзе? І гэта корань Раманавых. Вы ж не перастаеце быць Зеляным, хоць вашы продкі з пакалення ў пакаленне жаніліся на жанчынах іншых прозвішчаў.

Сказана было ўдала. Зеляной прыжмурыўся ад асалоды. З Валуевым можна было мець справу: il a de l'esprit вастраслоў, дасціпнік.

Валуеў вырашыў усё ж і сам сказаць вольнасць. Няма чаго занадта стрымлівацца. Вольнасць у людзей, так звязаных адзін з адным, у людзей, небяспечных адзін для аднаго, узмацняе давер:

— Хоць, вядома, я дорага даў бы, каб усё гэта мела выгляд большай смеласці… Што міністр?

Ён ведаў, адчуваў, што Зеляной непрыкметна падкопваецца пад шэфа, і не зазнаваў з гэтай прычыны ні абурэння, ні ўхвалення. Усё было вельмі звычайна і так, як мае быць. Ён занадта добра ведаў, што за гэтымі ўсмешкамі, даверам, агульным сваяцтвам, балямі і запэўненнямі ў сяброўстве увесь час другім фонам ідзе патаемная вайна: самае сапраўднае капанне траншэй, падводка мін, папяровыя стрэлы з-за вугла.

— Ён мне не падабаецца, — сказаў Зеляной. — Скажу вам па сакрэту, яго песенька спета. Хоць, паверце, мне шкада. Мне вельмі шкада. Вы ведаеце, я столькі абавязаны Міхаілу Мікалаевічу.

— Усе мы абавязаны яму, — з прыстойнай журбой сказаў Валуеў. — Усім шкада.

Яны зірнулі адзін аднаму ў вочы і лішні раз упэўніліся, што ўсё разумеюць і што можна гаварыць далей.

— Ведаеце, пры апошнім дакладзе гасудар амаль сказаў Мураўёву, што не жадае мець яго міністрам, сумна сказаў Зеляной. Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў нібыта можа абысціся без яго.

Без года міністр дзяржаўных маёмасцяў зірнуў на без дзевяці месяцаў міністра ўнутраных спраў і ўбачыў, што Валуеў разумее яго і не здзіўляецца.

— Вось як? — сказаў Валуеў.

— Так, — сказаў Зеляной. — Ён з гневам і ўдарыўшы па стале сказаў, што не дазволіць міністрам процідзейнічаць выкананню зацверджаных ім пастаноў па сялянскай справе і што ўпраўляючыя палатамі дзяржаўных маёмасцей павінны дапамагаць, а не працівіцца выкананню гэтых пастаноў.

— Бедны Міхаіл Мікалаевіч, спачувальна сказаў Валуеў. Вось і май пасля гэтага ўласную думку…

Вочы іхнія адначасова сказалі: "Мы-то з вамі не зрабілі б гэтага. Стары выжыў з розуму. Яму здаецца часам, што гэта ён цар, а з імператарам, няхай і бязвольным, але капрызным, так не жартуюць".

Уголас Зеляной сказаў з выглядам душы-хлопца, які ўсім рэжа праўду-матку (яму гэтая маска пасавала, як Валуеву маска крытыкана і ліберала, рупліўца аб Расіі, і ён трымаўся за яе так, што яна прырасла да аблічча):

— І нас з вамі тое самае чакае, Пётр Аляксандравіч. Самастойныя мы занадта, на павадку хадзіць не любім.

Абодва ведалі: калі іх што і зваліць, то чарговы падкоп сяброў, але думаць аб самастойнасці абодвум было прыемна.

— Відаць, вялікі князь Канстанцін абудзіў у гасудару гэтую думку аб процідзеянні міністра дзяржаўных маёмасцяў і яго падначаленых, задумліва сказаў Валуеў. Мураўёў сябе трымае з большай годнасцю і спакоем, чым звычайна.

— О, ён дзівосны! Ён сказаў, што воля яго вялікасці будзе свята спаўняцца і што, калі ён, міністр, знойдзе, што прыняцце нейкіх там мер пярэчыць яго сумленню і перакананням, ён будзе прасіць звольніць яго ад абавязку выконваць такія загады. Гасудар на гэта не сказаў ні-чо-га. Толькі "бывайце".

— Што Мураўёў? — спытаў Валуеў.

— Ён дома напісаў ліст да гасудара з просьбаю аб звальненні.

Зеляной уздыхнуў i са скрухай развёў рукамi:

Мне яго шкада. Я даў яму параду не пасылаць ліста да наступнага даклада, каб спаўна пераканацца, што выяўлены гасударам настрой розуму не быў хвіліннай успышкай, якую выклікалі нагаворы.

— Я заўсёды ведаў, што вы чалавек зычлівы, сказаў Валуеў.

— А вы — справядлівы, — пранікнёна сказаў Зеляной. — І добра думаеце аб людзях.

З цеплынёй заглядаючы адзін аднаму ў вочы, яны горача патрэслі рукі і разышліся, увогуле задаволеныя сабой. Размова была на вышэйшым узроўні, тая размова, вытанчаная і з соллю, у якой словы не азначаюць нічога і ўсё азначае падспуднае веданне намераў і сіл субяседніка.

…Вокны кабінета былі завешаны лілаватымі шторамі. Скупа палаў камін. Бюракратычныя, дробна пікіраваныя скураныя крэслы і дзверы, строгі стол з абцягнутай зялёным сукном верхняй дошкай, цяжкія кандэлябры, падобны на стаячую труну англійскі гадзіннік у куце.

Шэф устаў з крэсла. І Валуеў, як заўсёды, спалохаўся, як бы не выдаць яму непрыемнага пачуцця, чымсьці падобнага на жах.

У начным святле гэтага каміна, у ліловых водсветах штор шэф быў страшны, і тым больш ветліва, з перабольшанай прыхільнасцю ўсміхнуўся яму Валуеў.

Кароткапалая рука шэфа рыўцом працягнулася, сціснула, нібы злавіла, руку падначаленага. І тым больш дзіўны быў пасля гэтага голас шэфа, голас ветлівага гаспадара, хлебасола, трохі правінцыяльнага аматара пасядзець ля агню з піпкай ды чарачкай кменнай ("Каньяк ну яго! Заморская штучка!"), у расшпіленым мундзіры:

— Сядайце, Пётр Аляксандравіч. Вып'еце па надвор'ю?

І хоць піць з раніцы было дрэнным тонам, Валуеў не палічыў за магчымае адмовіцца. Шэф цярпець не мог правіл і парушаў іх як мог, ён увогуле выкрасліў слова "шокінг" са свайго лексікону.

— Апошнія дні дажываем, — сказаў Мураўёў. — Вось-вось адмена. А што там?

І падначалены падумаў, што той гаворыць пра сябе, а не пра прыгон.

Яны маўчалі. Ні ў кога Валуеў не бачыў такіх разумных, непрыемна разумных вачэй. А можа, гэта здавалася па кантрасту з абліччам міністра. Гэта было нібы выпаўзла з зямлі, з апраметнай, абрыдлівая і страшная пачвара, уся яшчэ слізкая ад свайго ходу пад зямлёй. І раптам узняла цяжкія, бы ў Вія, павекі і зірнула, нечакана да жаху, неверагодна чалавечымі вачыма.

Твар гэты здаваўся яшчэ больш страшны, бо выступаў, як на карцінах Рэмбранта, жаўтавата-аранжавай плямай з цемрыва. І блікі агню скакалі па ім. Як сякерай высечаны, тлусты і па-старэчы ўжо друзлы, шырокі, з цяжкім падбароддзем, тупым носам і грубым вялікім ротам твар. Жорсткія бачкі, металічна-шэрая скура, нізкі лоб з жорсткімі, як конскае грэбла, валасамі над ім.

Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было.

Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінлядскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:

— Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.

Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней.

— Чулі? — дабрадушна спытаў шэф.

— Чуў, — не палічыў за магчымае хавацца падначалены.

— Вось яно як, Пётр Аляксандравіч. Вось і падзяка. Воля гасудара адмяняць законы, але, пакуль не адмяніў, павінен ён ім падпарадкоўвацца? Вось жа! Нічога. Зазнаеце гэта і вы, і вам прыйдзе час ехаць да вашага Нікса, як я вось зараз паеду да свайго сына Мікалая ў Разань. "Хто такі?" спытаюць. "Цс-с, бацька губернатара, былы міністр, былы губернатар, муж Пелагеі Шарамецевай. А цяпер саджае капусту ды шампіньёны разводзіць".

— Што вы, Міхаіл Мікалаевіч, вы ж іх цярпець не можаце.

— Мала чаго я цяр-пець не ма-гу. Не пытаюць. Не пытаюць пра гэта-с. Верныя слугі імперыі цяпер у Парыжы грошыкі прафукваюць. Як княгіня Баграціён. Чулі, што Пален сказаў? Qu'une colonne ennemie I'avait coupée a la bataille d'Austerlitz at que depuis elle n'avait pas réussi a se dégager[62]. Дык гэта жанчына! А мужчыны?

— На вашым месцы я пачакаў бы адкрыцця новага камітэта вясковых абываталяў.

Апусціліся і потым ускінуліся цяжкія павекі. Рот, падобны на трэшчыну, заварушыўся:

— Mais vous concevez qu'il m'est plus avantageux de m'en aller plutôt. Il faut mieux être dehors avant la bagarre[63].

На хвіліну ў душы Валуева варухнулася думка: "А сапраўды, ці варта рабіць кар'еру, калі непазбежны такі канец?" Але ён ад гэтай думкі адмахнуўся і забыў. Раз і назаўсёды.

Узыходзячая зорка сціпла апусціла веі перад няшчасцем заходзячай. І раптам Валуева ўразіў дзіўны гук.

Міністр смяяўся:

— Лухта ўсё, лухта. Без пары гэта яны са мной задумалі. Прыходзіць час, калі кожныя верныя рукі на вагу золата. А гэтыя асабліва. Што яны могуць ніхто не можа. Не вар'ят жа Арлоў, не сонны ж Блудаў, не лібералішка Мілюцін? Лухта ўсё!

Голас быў такі незвычайны, нібы нават трыумфуючы; так гарэлі вочы, што Валуеў падумаў: "Гэты чалавек ведае нешта такое, чаго не ведаем мы".

— Я на вашым месцы не спяшаўся б ісці.

— Нашто? Няхай паклічуць. Галава не адваліцца… Дні страшныя ідуць, Пётр Аляксандравіч. У-у, якая ідзе навальніца!..

Шараватае, аранжавае ад агню і друзлае аблічча ўсміхалася. Вочы глядзелі паўз субяседніка, некуды ўдалячынь.

— Даскакаліся. Даліберальнічаліся.

— Вы нешта ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч?

— А вы не чулі? Беспарадкі ў Варшаве, — вусны Мураўёва склаліся ў сарданічную ўсмешку. — Палячышкі хацелі адслужыць, а мо і адслужылі, трызну па забітых у Грахоўскай бітве. Вось так. Вымушаны былі страляць. І страляюць дагэтуль. Мы цяпер не лібералы. Пляваць Еўропе на тое, што мы мужычкоў вызваляем. Нас, прабачце, у непрыгляднай галізне па свету пусцілі. Мы цяпер прыгнятальнікі народаў, як скінуты сіцылійскі Бурбон, як аўстрыйскі кароль, што здзекуецца з венграў. Даскакаліся, мілы Пётр Аляксандравіч… Каменні ў войска кідалі. Войска дало залп. Ёсць параненыя і шасцёра забітых.

Зноў заварушыўся ва ўсмешцы рот. Як трэшчына ў шэрай скале.

— Пачалі, галубочкі. Ці не занадта толькі рана.

— Як жа яно там было? — задумліва сказаў Валуеў.

У Варшаве між тым было страшна.

Даўно прыдушаны народ не мог больш цярпець палітыкі нязначных ільгот. Ён хацеў зямлі яму давалі дазвол на арганізацыю Зямельнага таварыства (займайцеся, панове, аграноміяй!). Ён патрабаваў свабоды урад дазваляў вярнуцца сасланым у Сібір. Ён жадаў незалежнасці сваёй радзімы давалі амністыю для эмігрантаў.

Дэманстрацыя 27 лютага 1861 года была стыхійная. Кіраўнікоў у яе не было і не магло быць. Адзінымі кіраўнікамі былі крыўда, абражаная нацыянальная годнасць і гнеў. Партыі, якія ўсплывалі над закалатам, былі выштурхнуты на паверхню неўтаймаванай плынню. Што, сапраўды, меў да народа да ўсіх гэтых рамеснікаў, дробных гандляроў, рабочых правадыр шляхты Андрэй Замойскі?

У гэтым сэнсе лютаўская дэманстрацыя была самым дэмакратычным, але і самым дрэнна арганізаваным рухам ледзь не за ўсю гісторыю паўстання. У яго шэрагах амаль не было змоўшчыкаў-прафесіяналаў.

І паўставаў, і кіраваў, і гінуў адзін і той самы тытан — варшаўскі плебс. Ён шчыра казаў усяму свету, што ў яго няма іншых сродкаў на тое, каб яго пачулі, акрамя жывых ахвяр, і што ён будзе прыносіць гэтыя ахвяры адну за адной, сотню за сотняй, тысячу за тысячай пакуль яго не пачуюць.

Ён давёў гэта. І пазней, вядома, не здрадніцкая палітыка і высокія словы Веляпольскага і не шавінізм белага жонду штурхнуў у паўстанне шматтысячныя беларускія масы, а гераізм простых людзей на варшаўскім бруку, агульная з імі доля, аднолькавы прыгнёт, і яшчэ такія людзі, што разумелі ўсё гэта, такія, як Каліноўскі.

Плебс лямантаваў аб вясковых справах і хацеў падаць цару адрас аб патрэбах краю — шляхта адмовілася падаць яго. Цар адказаў плебсу на мове свінцу і агню.

— Людзі хацелі ўпарадкавання мясцовага заканадаўства, новых цэхавых уставаў, прасілі аб роўнасці яўрэяў у правах у адказ на гэта ўсіх іх зрабілі рэвалюцыянерамі.

Страляць па дэманстрантах пачаў батальён пяхоты, што абараняў палац намесніка і быў аддзелены ад натоўпу кратамі агарожы. Годная смеласць! Між тым страляць не было патрэбы, гэта маглі зразумець нават чыгунныя мазгі ваенных, таму што люд ужо ўцякаў, рассеяны казацкай лавай. Генерал Забалоцкі, які камандаваў войскам, бачыў гэта, бачыў тлум і ўцёкі людзей на Кракаўскім Прадмесці. Нават ён мог бы зразумець, што гэты залп рэч непатрэбная. І, аднак, ён аддаў загад. За гэта яго двума гадамі пазней прызначылі мінскім губернатарам.

Невядома, чаму Забалоцкі гэта зрабіў. Магчыма, адчуваў глухі пецярбургскі настрой. Усім у сталіцы абрыдла тактыка чакання, насцярожанасці, уступак і высочвання ў адносінах да Варшавы. Гнайнік прасцей было рассекчы ўдарам ланцэта. І ніхто не думаў, што гэты гнайнік шматтысячны горад з палацамі і халупамі, мяшчанамі і панамі, студэнтамі і рамеснікамі.

Пасля залпа Кракаўскае Прадмесце і Замкавы Пляц уяўлялі жахлівае відовішча. Паплямаваная кулямі калона сярод плошчы і рабыя муры дамоў, разбітыя вокны, шкло на мёрзлым бруку (брук якраз падмошчвалі), галёшы, кінутыя кантычкі, сям-там плямы крыві і распырсканыя мазгі.

Вось і ўсё.

Не, не ўсё.

Жыў сабе быў у горадзе Варшаве маленькі, як блыха, зацёрты чыноўнічак з "саплівых". Звалі яго Ксаверы Шыманоўскі. Не меў ён грошай жыць дзе-небудзь, акрамя поўнай зладзеямі Крухмальнай ці Рыбакоў. Ходзячы дадому, відаць, баяўся, што абрабуюць, асабліва калі затрымлівала праца ў неслужбовы час…

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

… Малады чалавек, вы што, пераказваеце нам гогалеўскі "Шынель"? Нам гэтых варшаўскіх варыяцый на пецярбургскія тэмы не трэба. Вы лепей раскажыце пра яго нешта цікавае. Ці не закахаўся ён часам?..

Я ківаю галавой:

— Вядома, закахаўся. Раптам закахаўся. У самую гожую, у адзіна верную даму на зямлі…

І гэты варшаўскі "Шынель" меў зусім іншы канец. Ён скончыўся не так, як пецярбургскі. Знялі з плеч не капот, знялі веру ў сэрца чалавечае, у права, у шчасце.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад'ездаў людзей.

Казакі, чаркесы і ўланы вярталіся. Ад замка рухаўся яшчэ адзін атрад. Сумятня і жах павіслі над горадам.

І тады ў сэрцы Шыманоўскага ўспыхнула раптам шалёнае каханне да самай гожай дамы, той, якая так рэдка з'яўляецца ў гарадах і вёсках зямлі.

Яе трэба было бараніць. І Шыманоўскі кінуўся да нагрувашчаных у кучы камянёў і сыпануў на коннікаў каменны град. Яшчэ нехта стаў побач з ім… Яшчэ… Яшчэ нечыя рукі схапілі камень.

Рыцары гэтай дамы насілі калісьці меч Мюнцара, цэп Вашчылы і аркебуз гёзаў. Цяпер яны кідалі камяні. У іх не было зброі.

І яны адбілі атаку коннікаў. І тыя кінуліся ўцякаць.

Зброі сапраўды не было. Людзі прадмесцяў хапаліся за доўбні і білы ад ложкаў, кухонныя нажы і сякеры, пісталеты, непрыдатныя нават на тое, каб забіць з іх курыцу ў клетцы, за пожагі і разакі, за таўкачы. А за спіною ў плебса ўжо вязалі выкруты і адрасы, плялі, урэшце, пятлю на ягоную шыю.

Намеснік Гарчакоў сустрэў Замойскага з біскупам Фіялкоўскім, і між імі ішла гжэчная бяседа. Ён згадзіўся прыняць ад паноў польскі адрас, які і быў 2 сакавіка надрукаваны ў "Journal de St Petersbourg", выкруціўся сяк-так ад адказнасці. І пачаўся гандаль. Цягнулі час, нібыта чакаючы адказу на адрас ад цара. Паліцыя і войска пакінулі вуліцы, бо гасудар вырашыў не дзейнічаць выключна сілай. Дзевятнаццатага лютага Варшава была нават ілюмінаваная, парадак на вуліцы трымалі мяшчане і студэнты.

Той самы Валуеў пазней кпіў з Гарчакова і іншых, што яны даюць прыклад d'un petit gouvernement provisoire á I'ombre de la bonne petite citadelle de Varsovie[64].

Гарчакоў згадзіўся вызваліць ад спраў обер-паліцмайстра Трэпава, чалавека, які больш за ўсё крычаў аб рускім гонары, таму што быў Трэпгоф звычайны Фёдар Фёдаравіч з немцаў.

Між тым у Расіі пачаліся перадрэформенныя і паслярэформенныя хваляванні, а паколькі маніфест аб вызваленні не меў на ўвазе царства Польскага (гэта здарылася трохі пазней), то заварушыўся і польскі хлоп. Цар зразумеў, што "рассекание гнойника" цяпер справа несвоечасовая, і вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі.

За спіною ў народа збіраліся групы і фракцыі, якія меркавалі, колькі прасіць за кроў, пралітую варшаўскім людам.

Група негацыянтаў, якую простыя варшавяне сваімі пакутамі і смерцю ўпершыню пусцілі ў палітыку, нібы з суконнымі рыламі ў калачны рад, складалася з банкіра Леапольда Краненберга, самай багатай кішэні па гэты бок Буга, а таксама з Якуба Натансона, Юзэфа Крашэўскага, мільянераў Юргенса і Рупрэхта і лекара Ігнацыя Бараноўскага. Стопрацэнтава годнае мінулае было хіба ў Караля Рупрэхта, які некалі, накшталт рускіх Петрашэўскага і Дурава, пастаяў-такі на эшафоце пад пятлёй.

Гэтыя абмеркавалі пахаванне забітых, некаторыя правы для трэцяга саслоўя (якое надзвычайнае падабенства з "залай для гульні ў мяч" падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, падумаць толькі!!!) і яшчэ як утрымаць люд ад далейшых дэманстрацый і выступленняў, як адабраць у яго з рук нажы і пожагі.

У гэтым была пільная патрэба. На вуліцах багата апранутых людзей суправаджалі ўжо кашэчым мяўканнем і канцэртамі, а часам і гнілой гароднінай.

Нахабныя палякі спявалі:

Na Starym Mieście,
Przy wodotrysku,
Pułkownik Trepow
Dostał po pysku[65].
Цярпець такое было нельга. Людзі гэтыя баяліся таго, што пачыналася на вёсцы і выбухнула ўжо ў сталіцы. Але ім вельмі хацелася нешта выгандляваць сабе на чужой крыві. Дагэтуль усеўладная шляхта лічыла іх людзьмі толькі тады, калі трэба было пазычаць (прабачце, аддаваць!) грошы. А на іх працавала больш паловы людзей двухсоттысячнага горада.

І таму, перш за ўсё рупячыся аб парадку, яны арганізавалі грамадзянскую варту, якой пачаў кіраваць Рупрэхт, як чалавек, бліжэй за ўсё знаёмы са смерцю.

Варта навяла парадак. Суровыя санкюлоты са студэнтаў (порткі іхнія, сапраўды, прымушалі чакаць лепшага), засунуўшы за стужкі капелюшоў пасведчанні, хапалі на вуліцах людзей пасля каменданцкага часу і цягнулі іх у купецкую зборню (do Resursy), не шкадуючы па дарозе кухталёў і іншых "дабротаў". Асабліва даставалі п'яныя, якія крычалі, што ў цытадэлі мала войска, або цвярозыя, якія казалі, што цяпер якраз час узяць царызм за глотку. Іх звалі правакатарамі, якія хочуць крыві ў час, калі вось-вось будуць рэформы, і "агентамі Масквы", хоць Масква аб гэтым, дальбог, нічога не ведала.

Грамадзянская варта раззбройвала рабочыя ўскраіны, адбірала ўсё, чым можна калоць або рэзаць.

Рэвалюцыя на вачах рабілася буржуазнай. І самае дзіўнае, што хлопцы з варты дзейнічалі так з самых чыстых намераў.

Зборня адпускала затрыманых. Але часам "агентаў Масквы" разам са зброяй выдавалі жандарам, і тады "агентаў" (пэўна, за няспрытнасць) судзілі і высылалі не бліжэй Арэнбурга і не далей Нарыльска. Імперыя жартаваць не звыкла.

Забітых на дэманстрацыі пахавалі, як магнатаў. Уладары хоць якой-кольвечы маёмасці атрымалі некаторыя прывілеі на абарону яе. Рэфармаваны быў гандлёвы трыбунал, у які цяпер увайшлі і яўрэі (выключна гуманная мера, асабліва калі ўлічыць, што тысячы іх местачковых братоў шаўцоў, лудзільшчыкаў і іншых па-ранейшаму жывацелі ў самай гаротнай беднасці). Рамеснікам-яўрэям з горада хоць дазволілі запісвацца ў цэхі (якія і так задыхаліся ад недахопу працы). Яўрэі-местачкоўцы не атрымалі нічога, урэшце, так, як і хрысціяне. Банкіры заклалі першую цагліну ў падмурак братэрства народаў і роўнасці іх перад нэндзай і галечай.

Былі некаторыя палёгкі ў сэнсе права, было імгненне палёгкі палітычнай кароценькае, з заечы хвост.

На вачах простага люду банкіры ягонай крывёй купілі багацце, пашану і грошы сабе. Не першы і не апошні раз.

Гандлявалі, аднак, не толькі фінансісты. Свой кавалак хацела выдзерці з зубоў цара і магнацтва. Яно не магло выступіць супраць рэформы, якая была яму выгадна. Значыцца, трэба было патрабаваць нацыянальных ільгот, каб хоць не шчаміліся ў іхнія рахункі з мужыкамі беларусы, кацапы ды немцы. У імя таго, каб скінуць з вагаў беларускую буржуазію, якая толькі нараджалася, але была жвавая і ўчэпістая, магнаты нават адмовіліся ад "Заходняга краю", усталяваўшы мяжу каралеўства[66] па Бугу.

Потым, калі пачаў плысці парахавы дым і з агульнай колькасці паўстанцаў у шэсцьдзесят тысяч было не менш як дваццаць пяць тысяч беларусаў, магнаты ўжо ніколі не казалі гэтага.

Праект Веляпольскага, аднак, адкінулі самі магнаты. Ён быў занадта канкрэтны: патрабаваў свайго сената, сейма, сваёй арміі. Яны ведалі: гэтага не дазволяць. Ды яны і пабойваліся рэвалюцыйнай сітуацыі.

Магнаты ўхвалілі другі праект, праект Эдмунда Ставіскага, які вызначаўся поўнай бездапаможнасцю і не меў нічога канкрэтнага: так, некалькі аркушаў паперы, спісаных прыгожымі словамі. Хвалілі Польшчу і адначасова дыгалі ножкай перад царызмам.

Цар прыняў і надрукаваў адрас. Ён не мог рызыкаваць, не мог згадзіцца, каб у такі навальнічны час узбунтаваліся яшчэ і палякі. Тым больш што праект Ставіскага не патрабаваў ніякай рэвалюцыі. Проста самаўладцу гаварылі такія словы, якіх ён дагэтуль не чуў.

Перамога варшаўскага руху была, такім чынам, хутчэй маральная. Буржуазія, мяшчанства, гарадскі плебс упершыню адчулі, што не адной шляхце абпальваць палітычныя гаршкі, што яны таксама сіла. І менавіта таму, што яны былі сіла, намеснік Гарчакоў і магнаты кішэні так лёгка дамовіліся між сабою.

Плебсу не хапала правадыра. Не хапала Траўгута, не хапала Каліноўскага, не хапала тых, што двума гадамі пазней узялі ў свае маладыя непрымірымыя рукі стырно паўстання. І таму люд варшаўскі быў надзіва памяркоўны, хоць у душы, вядома, хацеў большага.

Проста не было каму сказаць за яго. А імператар ахвотна падпісаў 26 сакавіка рэскрыпт аб рэформах у Польшчы, і на гэтым і ён і паны супакоіліся. Адзінае, што тут было добра, невялікая колькасць ахвяр, якімі давялося заплаціць за гэтыя рэформы.

Рэвалюцыя так і не стала рэвалюцыяй.

Быў потым, праўда, яшчэ адзін "эксцэс", але ён ужо нічога не мог змяніць. Гарчакоў баяўся, што агалошанне новых правоў выкліча непарадкі. Загадалі біць у барабаны, каб людзі не збіраліся ў натоўпы і сядзелі па дамах. І сапраўды, на ўсіх падаўленнях менавіта так, громам барабанаў, прымушалі дрыжаць чалавечыя сэрцы: пошчак так нагадваў залпы. Варшавяне, аднак, не ведалі гэтага. Наадварот, яны палічылі грукат за запрашэнне да збораў. І людзі даверліва ішлі да намесніцкага палаца і ратушы, каб паслухаць, што там агалосяць, на людзей паглядзець і сябе паказаць. Гэта было падобна на непаслухмянства, але яны аб гэтым не думалі. І не думаў аб тым генерал Сцяпан Хрулёў, былы ўдзельнік севастопальскай абароны, а цяпер камандзір другога армейскага корпуса. Ён і сваю мову ведаў хіба што толькі каб гаварыць аб статутах і тактыцы, а польскую і пагатоў. Слова obebnić[67] азначала для яго толькі "ударыць у барабан", і ён занадта добра помніў, што барабан ужываюць перад пакараннем смерцю або атакай.

Тысячы вачэй, нічога не чакаючы, глядзелі на салдат і рыхтаваліся слухаць.

Ударылі перуны. Вуліцамі пацягнуўся дым. Было некалькі соцень параненых. Сёй-той сканаў у шпіталі.

Атрымалася маленькая памылачка.

Далейшага бунту не адбылося. У раззброеных людзей не было правадыра. Вялікія паны здрадзілі ім, і дзень восьмага сакавіка назаўсёды пасяліў у простых людзях гнеў і недавер.

Так здарылася ў Варшаве. Але ўсё гэта здарылася пазней.

— Як жа яно там было? — задуменна паўтарыў Валуеў.

— Даведаемся, — сказаў Мураўёў.

Яны маўчалі. Ліловае святло з-за штор рабіла твар шэфа трупным.

— Бунт, — сказаў Мураўёў. — І глядзіце, каб ён не зачапіў Беларусь. Я гэтую публіку ведаю. Сам калісьці падчас апошняга паўстання магілёўцам магілаю пагразіў і суняў. Шчасце, што тады не ўсталі магутныя беларускія рады ды мужыкі. Быў там такі "чырвоны князь-карбанарый", Загорскі-Вежа. Глядзеў на нашу калатэчу звысака, як сам пан-бог: "Ну-ну, маўляў, варушыцеся". А я аб адным маліў: хоць бы ўсе гэтыя Загорскія, Ракутовічы ды іншыя не паўсталі.

Не паўсталі тады. Але з таго часу шмат змянілася. Усе гэтыя паны Чарнышэўскія, Страхавы, Дабралюбавы спяць і сняць сімпатычненькіх братоў-беларусаў. Філія герцэнаўскай канторы. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ і асобную беларускую нацыянальнасць… На пустым месцы такі намер не ўзрасце. Літаратура ў іх, у беларусаў, свая з'явілася, гурткі, вучоныя свае. Хутка з'явіцца і свае камуністы-дэматраты. А значыць давядзецца страляць. І таму я за сябе спакойны, нават пры цяперашняй падзяцы за верную маю службу.

— Я разумею вас, — сказаў Валуеў.

Гэта навалач раней пастаўляла нам арыстакратаў, цяпер будзе пастаўляць мяцежнікаў.

Валуеў не даў зразумець, што смяротна пакрыўджаны, і вырашыў, што ён гэта Мураўёву папомніць. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Ён не мог не ведаць аб паходжанні самога імператара і яго, Валуева. Раманавы паходзілі ад беларускага роду Кабылаў. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад кулікоўскай бітвай: пакрыўдзілі, не мог па худароднасці разлічваць на поспех.

Валуеў успомніў ананімны жарт (ён меркаваў, што сказаў гэта Храптовіч з міністэрства замежных спраў): "Вось выслужыцца ён, чакайце. Будуць Вол і Кабыла ў адной запражцы".

Не варта было так жартаваць. Жартаўнік быў упэўнены ў сваёй бяспецы: ведаў, што такога ніхто не асмеліцца данесці цару.

Валуеў ведаў: слова — страшная зброя. Ён сам не задумаўся знішчыць рэпутацыю міністра замежных спраў Несельродэ адным словам: "Нарадзіўся ад германскіх бацькоў у Лісабонскім порце на англійскім караблі, хрышчаны па англіканскаму абраду". Канцлер сапраўды быў няўдзячнае быдла: трыццаць дзевяць год запраўляў замежнымі справамі імперыі, ды так і не ўдасужыўся вывучыць хоць слова па-руску.

І ўсё ж Мураўёву не варта было так жартаваць.

Падначалены яшчэ не звык да таго, што ніхто больш не ненавідзіць адзін аднаго, чым калегі па служэнню адной імперыі, адной ідэі, адной асобе.

Аб паходжанні сваім дырэктар ніколі не забываў. І таму, што паходзіў адтуль, не любіў старога гнязда, як часам выскачка не любіць хаты, дзе нарадзіўся. І адчуваў, што і гасудар не любіць Беларусі за тое самае. Тамтэйшая арыстакратыя занадта сведчыла супраць ягонай худароднасці. Ён не любіў і падсвядома помсціў за гэта зямлі, адкуль выйшаў, хоць і не прызнаўся б у гэтым нават сабе. Таму Валуеў таксама хацеў для гэтай зямлі далейшага зла. А далейшае зло маглі спыніць толькі ўступкі. І Валуеў пазней чыніў усялякае зло з нянавісцю і запалам рэнегата.

Ён з радасцю падумаў, што Мураўёву, хоць часова, ляцець потырч галавою. Ён ведаў, як не ўхваліў гасудар на дзяржаўным пасяджэнні 9 лютага дзеянняў Мураўёва, што разам з графам Строганавым прагаласаваў, каб "вольныя" сяляне, уступаючы ў шлюб, прасілі на тое дазволу памешчыкаў: "Не так грошы, як гонар". І ясна, што гасудар ледзь не накрычаў на іх. У шлюбным пытанні саступіць лягчэй, чым у зямельным. Не хапала яшчэ чапляцца за такую лухту! І без таго абрэзалі рэформу да непазнавальнасці.

Ах і добра будзе, калі ён паляціць. І ён з усмешкай успомніў, як князь Арлоў (станістая постаць, суровае аблічча, але рухаюцца толькі рукі і галава, а тулава як каменнае torso ў крэслах, а позірк часам разумны, а часам блукае, бы ў вар'ята) сказаў пра Мураўёва:

Ён разумнейшы за ўсіх іх, але глядзіць то наперад, то назад, то па баках, абы толькі сабе не пашкодзіць.

Мураўёў між тым бурчаў словы, якія нічога не азначалі, акрамя раздражнення:

— Міністры. Плуцягі… Чэўкін хаця б… Il n'est pas considéré; il a de lésprit; il est bossu. Cette araignée a une constitution dans sa dosse[68].

І хоць лічыць міністраў канстытуцыяналістамі было несправядліва ў вышэйшай ступені Валуеў засмяяўся.

— А Рыбап'ер? — бурчаў Мураўёў. — Не Рыбап'еры яны, а Рабесп'еры.

"Гэ, падумаў Валуеў, ды ты ніжэй усякай крытыкі".

А сам сабе вырашыў, што на рауце ў вялікай княгіні скажа аб ім (а магчыма, і ў дзённік запіша, каб ведалі ягоную памяркоўнасць) прыблізна так:

— Бедны Міхаіл Мікалаевіч. Жудасна яму даводзіцца. Дзе ранейшы апломб і ранейшая ўпэўненасць у поспеху ўсепадданых дакладаў?

Гэта ўзвысіць яго, Валуева, і запэўніць усіх у ягонай бесстароннасці.

Было тым часам адзінаццаць, а ў дванаццаць пачыналася пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Яны рушылі да выхада. Валуеў перадаў звычайныя свецкія плёткі, каб шэф не заўважыў заклапочанасці.

— Сёння да мяне заязджаў ваенны міністр[69]. Ён ледзь не больш чырвоны за брата. Ва ўсякім разе, больш жоўчны. Я яму сказаў, што нельга аб'яўляць вызвалення на масленіцу, калі ўсе п'яныя. Ведаеце, які адказ?

— Але?

— "Дык што ж, скарбу і адкупшчыкам будзе больш даходу".

…Цяпер яны ехалі ў адной карэце. Карэта падначаленага кацілася пустая за карэтай шэфа.

Валуеў глядзеў у акно. На скрыжаванні вуліц давялося на хвіліну спыніцца. Паўз карэты ішлі прахожыя. Два з іх прыцягнулі да сябе ягоную ўвагу. Адзін мужнай і ўзнёслай прыгажосцю. Другі, ніжэйшы, асіметрычнымі вачыма на цяжкаватым абліччы.

Вочы сустрэліся. І прахожыя не адвялі іх, пакуль карэта не кранулася.

"Зусім юныя, — з нечаканым неспакоем падумаў Валуеў. — Але якія вочы. Якая мужная і неспакойная прыгажосць у аднаго. І які страшны ў сваёй суцэльнасці, здатны на ўсё твар у другога".

Ён быў фізіягнаміст і часта раздумваў над абліччамі сустрэчных:

— У-у, якія вочы!

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

— Хто такі? — спытаў у Кастуся Загорскі.

— Не ведаю. Нейкая брыда. А вось у спадарожніка ягонага — вось гэта аблічча. Як гіена. Хацеў бы я ведаць, хто гэта такі.

— Хадзем, браце. Нас чакаюць.

Яны паскорылі крокі.

Валуеў хадзіў па перадпакоі, чакаючы, пакуль яго выклічуць даваць звесткі па сельскай гаспадарцы. Ён ведаў, што гасудар зараз пачынае пасяджэнне кароткай прамовай, у якой нагадвае аб папярэдніх фазах сялянскай справы і паўтарае патрабаванні, каб справу разгледзелі без зацяжак.

I хоць ён ведаў, што потым прачытае чарнавiк прамовы, яму было непрыемна i суцяшала яго толькi тое, што хутка i ён, Валуеў, будзе сядзець сярод членаў савета, а для некаторых гэтая магчымасць днямi скончыцца, i таму яму, Валуеву, лепей, бо для яго яшчэ ўсё наперадзе.

Валуеў ведаў: чакаць доўга, не менш як да пяці-шасці гадзін, і нудзіўся. Часам, праходзячы паўз дзверы, чуў галасы.

Ага, Гарчакоў паўстае супраць парушэння дваранскіх правоў. Строганаў і Гагарын падтрымліваюць яго. Паважаныя старыя ў сівізне. Пляшывыя малпы.

Мураўёў трымаецца за сваё. Не навучыўся нічому. Як, напэўна, халодна глядзіць на яго імператар. Валуеў усміхнуўся.

…Вось бледны фантан слоў Аненкава. Нібы скардзіцца. Расказвае нешта аб саратаўскім памешчыку з севастопальскіх герояў.

Севастопальскі герой, ваша вялікасць. Яму належыць выдаць дачку, а праект рэдакцыйных камісій зробіць з яго жабрака.

Каму цяпер справа да саратаўскіх памешчыкаў. Ёлуп! А сорак пяць чалавек, акрамя гасудара, у тым ліку тры вялікія князі і прынц Альдэнбургскі слухаюць.

Вось зараз выступае граф Блудаў. Дзіўна, як ён не заснуў. На дакладах заўсёды спіць. Старшыня савета, прэзідэнт акадэміі, былы член "Арзамаса".

А propos de[70] вотчыннай паліцыі, ваша вялікасць, гэта дваранства падносіць вам бізун і пугу для хвастання мужыкоў. Глядзіце самі…

Абмяркоўваюць, абмяркоўваюць, абмяркоўваюць. Вось пытанне аб норме надзелаў і аб тым, што трэба іх прызначыць заканадаўча. Гавораць, гавораць, божа, якая нудота! Урэшце асілілі: трыццаць галасоў pro, пятнаццаць contra.

І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. За ім, дзвюма секундамі пазней, яшчэ. Трэск быў такі, нібы нехта клінамі расколваў дрэва. Скаланулася столь. Устрывожаны Валуеў пайшоў да сходаў і пачаў падымацца ўгору. Знізу, абганяючы, спяшаліся дзяжурны афіцэр, прыгажун з белымі валасамі, і два каравульныя.

Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.

— Што такое? спытаў Валуеў.

Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.

Але дзяжурны глядзеў не на герб. Валуеў прасачыў, куды глядзяць ягоныя вочы, і адчуў, як і ў яго пабеглі па спіне мурашкі.

Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.

Упала карона з дзяржаўнага герба.

Афіцэр умольна склаў рукі:

— Калі ласка… Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.

— І я вам так раю, — з усмешкай сказаў Валуеў.

Яны глядзелі не пашчапаны паркет.

— А сёння яшчэ i гадавiна з дня смерцi Пятра Вялiкага, — сказаў афiцэр. — Божа мой, божа!

XIV

— Так, — сказаў Кастусь. — Розныя плёткі ходзяць аб гэтым падзенні. Вось яно, хлопчыкі, якая справа. А паколькі вызваленне, як кажуць, на носе, то нам трэба быць на месцах. Усім, акрамя мяне.

Хлопцы, чалавек пятнаццаць, і сярод іх Алесь, Мсціслаў, Ямант, Звяждоўскі, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. За вокнамі была цёплая зіма, ішоў дождж са снегам.

— Кажуць, вось-вось накіруюцца па Маскоўскім гасцінцы да сарака генералаў світы і флігель-ад'ютантаў, — спакойна сказаў Звяждоўскі. Для назірання за ходам сялянскай справы. Буткоў надзяліў кожнага афіцыйным чамаданам з афіцыйным ключом і за пячацямі. У чамаданах павязуць новыя сялянскія палажэнні і здадуць губернатарам.

Звяждоўскі выглядаў у бліскучым штабным мундзіры вельмі эфектна.

— Што мы павінны рабіць? — спытаў Мсціслаў.

— З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, — змрочна сказаў Кастусь. Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Вось калі ўжо зальюць мужыкам сала за шкуру, як пачуюць на сваёй спіне, што яно такое, царская воля, тады будзем біць у набат.

— І ўсё ж шкада, што не пачалі раней рыхтавацца, — сказаў Алесь. — Зручны момант. І ў Варшаве закалат.

— Змялі яны варшаўскі закалат, — сказаў Ямант, — падманулі… Ну што ж, паедзем. Кіну універсітэт. Спашлюся на хворыя вочы.

— І ўсё ж пацерпім, хлопцы, — сказаў Кастусь. — А то атрымаецца няшчасце, як у бедных хлопцаў з гуртка Віткоўскага. Разагналі, арыштавалі. А праз гэта правалілася арганізацыя Віленскай гімназіі. Першы правал. Пяць месяцаў мінула, а ўспомню сэрца баліць. Хоць там астаўся, Алесь?

— Мала. Далеўскі Цітус, Багушэвіч Францішак, яшчэ некалькі чалавек ды мой брат. У глыбокае падполле пайшлі хлопцы. Бачыў я старэйшага Цітусавага брата, Францішка. Бядуе страшэнна. Ёсць і ў іх нелегальная арганізацыя, узначальваюць яе ён ды Гейштар Якуб, то Францішак кажа: як асірацелі яны без маладых.

— Ану іх да д'ябла! — сказаў Мсціслаў. — Смаркулі панскія, белая костка.

— Правільна, нечакана сказаў Звяждоўскі.

— Но-но, — сказаў Мсціслаў, — сам ці даўно белы быў.

— Ты ж мяне перавыхаваў, — засмяяўся Людвік.

— Ды ўжо, — буркнуў нехлямяжы Грыма, — ты, Людвік, раскажы, што чуў у палацы.

— Што ж, — Звяждоўскі думаў. — Прыемнага мала. Пойдуць на некаторыя ўступкі палякам і замажуць ім рот. Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Ланской, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Уражанне: трохі спалоханыя людзі. Дый сапраўды, як не спалохацца. Не кажучы аб Польшчы, уся Літва і Беларусь служаць паніхіды па забітых. А ва ўладароў ніякага пачуцця маральнай сілы. Валуеў сказаў Карніцкаму, што тут адно войска не паможа. Далгарукаў кажа Валуеву: "On prend la chose trop légèrement chez nous”. Той яму: “Je tiens pour certain que la chose est trés grave". Князь толькі азірнуўся: “Chut! il n’en faut pas parler"[71]. А той: "Але чаму?"… Карніцкі прывёз ад намесніка ліст аб тым, што бараніцьдалей такі рэжым немагчыма і што трэба або зрабіць уступкі, або правіць царствам з дня ў дзень багнетамі і карцеччу.

— Цікава, — сказаў Кастусь.

— Але. Карніцкі кажа, што калі патрабаванні не будуць выкананы…

— Патрабаванні… — сказаў Біскуповіч. — Толькі агульная просьба звярнуць увагу на злашчасны стан Польшы.

— Не перапыняй, — буркнуў Грыма.

— …то ніхто не астанецца працаваць у Польшчы, бо струну нацягнулі да немагчымага, і яна парвалася. Gouverner c’est prévoir[72]. Потым Валуеў гаварыў з вялікай княгіняй. Яна запытала ў яго: "Que faut il faire en Pologne?" Ён кажа: "Changer de systéme, Madame”. Тая самая ўсміхаецца, паказвае на Ланскога: “Je le pense aussi; mais voici le ministre de l'intérieur qui est flamboyant et parle des mesures de sévérité”. Валуеў паціскае плячыма: “Mais on a été trente ans sévères, Madame, et où en est — on arrivé"[73].

Кастусь засмяяўся. Звяждоўскі ўсміхнуўся яму ў адказ:

— Тады нехта невядомы мне кажа: "On ne tombe que du côté où l'on penche. Si nous tombons en Pologne, c’est donc du côté de mesures de police substituèes, á des idéeś de gouvernement"[74]. Словам, нават яны бачаць: без уступак не абыдзешся.

— Гуляюць намі, — сказаў велікавокі Ясюкевіч. — Ах, лухта ўсё. Сваю рэвалюцыю нам трэба, чырвоную, вось што. Зямля, воля, паўстанне ўсюдых, братэрства ўсім народам.

— Гм, — сказаў Ямант, — і маскалям? Чаму я павінен паміраць за маскаля?

— Кінь, Юзя, — з дакорам сказаў Алесь. — Гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад у іх толькі дрэнны, вось што. Зменім усё будзе хораша.

— Я ведаю, — сказаў Кастусь. — Каб людзі жылі, працавалі і елі хлеб усё гэтае наша богам праклятае саслоўе на шыбеніцу. І вялікадзяржаўных бюракратаў да д'ябла.

— Не ведаю, — змрочна сказаў Грыма. — Калі адзін чалавек не вычарпае ўсёй глыбіні натуры другога, які б ён ні быў геніяльны, калі ён не здолее замяніць яго, то і адзін народ не можа замяніць сабою другога, няхай нават больш слабага… Нашто ж тады кожнай нацыі крычаць аб сваёй перавазе? Гэта ж тое самае, што патрабаваць, заклікаць сцерці з зямлі суседні народ… Я так не магу… Я… не магу быць таму сябрам ні такім людзям, як Валуеў, ні табе, Ямант. І я пайду на бітву, каб ніколі, ніколі такога не было. Каб усе браты, і кожны вольны як птушка.

Кастусь устаў:

— Што ж, паны новапрызначаныя камісары будучага паўстання і камандзіры атрадаў, час разыходзіцца?

— Час, — сказаў Біскуповіч.

— Тады — па адным.


…Каліноўскі і Загорскі ішлі берагам Мойкі.

— Віктара я разарваць гатоў, — сказаў Кастусь. — Ты ведаеш, як ён "лекаваўся" ў Італіі? Далучыўся да гарыбальдзійцаў. А вярнуўся яму горш і горш.

— Што ж, пэўна, яму якраз было патрэбна паветра свабоды. Можа, таму ён і задыхаўся. Нічога. Дачакаецца перамогі. А там вылечым… Ты не хацеў бы схадзіць да Шаўчэнкі?

— Сорамна неяк.

— А ўсё ж сходзім. Заўтра, якраз перад ад'ездам.

— Давай.

Мойка пад парывамі ветру рабацінілася і моршчылася ля таго берага, адкуль ён прылятаў, і была спакойная ля другога.

— Ну вось, — сказаў Кастусь, — кінулі жэрабя. Ты не пакрыўдзіўся, што кіраваць сіламі Магілёўшчыны будзе Людвік?

— Звяждоўскі варты чалавек, — проста сказаў Алесь. — І ён вайсковы. Ды яшчэ з таленавітых. Я рэвалюцыянер, Кастусь. Хай будзе так, як лепей для справы. І потым, камісар атрадаў ніжняга Прыдняпроўя таксама мне работы хопіць. І ў сваім куце.

— Я гэта таму, што цябе мала ведаюць у цэнтры, і ты застрахаваны ад правалу.

— Не верыш "белым"?

— Не, — прызнаўся Кастусь.

— І я не веру.

— І потым, ты ездзіш па справах — табе лягчэй арганізаваць людзей.

Яны ішлі. У прыцемку асабліва пяшчотныя і прыгожыя былі абліччы жанчын, асабліва гордыя — твары мужчын. Але яны не думалі цяпер аб жанчынах. Ім было не да таго.

— Едзь, — сказаў Кастусь. — Стрымлівай, не давай, каб перадчасна расплюхалі гнеў.

Маўчалі. І раптам Калінаўскі спытаў:

— Ты не чуў, што Ясюкевіч вершы піша?

— Не.

— Піша, але хавае. Як кожны другі. Як ты і я.

Усміхнуўся:

— Як пошасць сярод нашых гэтыя вершы.

— Што ж зробіш? Малады народ, ірвецца наперад.

— Як думаеш, які шлях нашага верша? Сілабіка польская або тоніка? Або гекзаметр, які можа быць і тым і іншым?

— Нешта асобнае.

Алесь задумаўся.

— Ты аб чым?

— Я вось думаю, якімі вачыма глядзелі егіпцяне на першыя крокі грэкаў? Таксама з пагардай. І грэкам, сапраўды, яшчэ пяцьсот год трэба было ісці, каб зарабіць права на Фідыя і Эсхіла.

Яны падняліся па сходах у Кастусёў пакой. Каліноўскі запаліў свечку.

Але яны не паспелі нават скінуць паліто. Пачуўся грукат ног па сходах, і ў пакой уварваўся распатланы і страшны Віктар.

— Хлопцы! — крыкнуў ён. — Хлопцы, Шаўчэнка памёр!

— Ты што? — збялеў Кастусь. — Такі малады яшчэ?

— Памёр, хлопцы, памёр, — ашалела паўтарыў Віктар.

Твар ягоны быў белы. І раптам старэйшы Каліноўскі зайшоўся ў нясцерпным кашлі. Алесь кінуўся па ваду. Калі Віктара адпусціла і ён адняў хустку ад рота на хустцы была кроў. Хворы вінавата зірнуў на Алеся.

— Не дачакаўся, — разгублена сказаў Кастусь.

— Многія не дачакаюцца, — сказаў Віктар. — Многія не дачакаюцца волі.

XV

У Мілым чыталі маніфест аб скасаванні прыгону.

Царква была поўная як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя намёткі жанчын.

Заднім цягнула ў спіны холадам з адчыненых дзвярэй. Нельга было не адчыніць, так надыхалі.

Стаялі змрочна і слухалі, мала разумеючы: напісана было блытана. З удаванай, але добра сыгранай радасцю чытаў поп. За спінамі вясна пахмуры сакавік.

Алесь глядзеў на народ, які густа набіў царкву, на скляпенні столі, на старажытныя, друзлыя твары анёлаў і святых на фрэсках. Пантакратар у купале пазіраў на зборышча сурова і гнеўна: старажытны, нелітасцівы бог.

— "В силу означенных новых положений, — чытаў поп, — крепостные люди получат в свое время полные права свободных сельских обывателей".

— У які гэта "свой час"? — ціха спытаў Кандрат Кагут.

На яго шыкнулі, каб не перашкаджаў слухаць, але ўсё ж многія з тых, хто чуў, усміхнуліся.

— Бач ты, — ледзь не да аднаго Алеся далятала, як бурчаў Кандрат. — Не на масленіцу, а на вялікі пост агалошваюць. Замест гулянкі падцягвайце дзягу, добрыя людзі.

Поп "спяваў", закочваючы вочы:

— "Помещики, сохраняя право собственности на все принадлежащие им земли, предоставляют крестьянам за установленные повинности в постоянное пользование усадебную их оседлость и сверх того, для обеспечения быта их и использования обязанностей их перед правительством, определенное в "Положениях" количество полевой земли и других угодий".

Поп ухмыляўся, нібы паведамляў чорт ведае якія прыемныя рэчы. А Алесь думаў, што ягоных, вызваленых ужо ім, людзей гэта не датычыцца. Але сюды яны з'явіліся ўсе. Хочуць паслухаць "царскую" волю і ўпэўніцца, ці не паддурыў іх былы пан.

— "Пользуясь сим поземельным наделом, крестьяне за сие обязаны исполнять в пользу помещиков определенные в "Положениях" повинности. В сем состоянии, которое есть переходное, крестьяне именуются временнообязанными".

Твары ва ўсіх былі, аднак, занадта сур'ёзныя. Зразумеюць. І сапраўды, каб не давялося ўтрымліваць людзей, як прасіў Кастусь. Магчыма, будзе бунт. І не адзін.

— "Вместе с тем им дается право выкупать усадебную их оседлость, а с согласия помещиков они могут приобретать в собственность полевые земли и другие угодья, отведенные им в постоянное пользование. С таковым приобретением в собственность определенного количества земли крестьяне освобождаются от обязанностей к помещикам по выкупленной земле и вступят в решительное состояние свободных крестьян-собственников".

Алесь убачыў твар Ісленьева. Стары глядзеў на яго. Потым паківаў галавою. Графу відочна было сорамна.

— Не хочам мы такой волі, — нехта ціха сказаў, відаць, з браніборскіх мужыкоў.

На большасці твараў было расчараванне. Стары Даніла Кагут моршчыўся. Усе сваякі нявесткі Марылі належалі Хаданскім. Марылю некалі выкупіў стары Вежа, калі яго папрасіў аб гэтым Кагут. Людзі разумелі: самае малое яшчэ два гады трэба было пакутаваць.

— "Когда мысль правительства об упразднении крепостного права распространилась между не приготовленными к ней крестьянами, возникали было частные недоразумения. Некоторые думали о свободе и забывали об обязанностях.

Но общий здравый смысл не поколебался в том убеждении, что и по естественному рассуждению, свободно пользующийся благами общества взаимно должен служить благу общества исполнением некоторых обязанностей; и по закону христианскому, всякая душа должна повиноваться властям предержащим (Римлянам, XIII, I[75]), воздавать всем должное и в особенности кому должно, урок, дань, страх, честь; что законно приобретенные помещиками права не могут быть взяты от них без приличного вознаграждения или добровольной уступки; что было бы противно всякой справедливости пользоваться от помещиков землею и не нести за сие соответственной повинности".

"І яны яшчэ гавораць аб хрысціянстве, — думаў Алесь, — спасылаюцца на пасланне Паўлы. Ці не сказаў той самы Паўла, што брань нашая не супраць крыві і цела, а супраць начальстваў, супраць духаў злосці паднябеснай. Абдзерлі як ліпку і крычаць аб хрысціянстве".

Ён бачыў твары людзей, асабліва з іншых вёсак, бачыў усё гэтае беднае чалавечае мора, на якое глядзеў з купала пантакратар. Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая "неабходнасць" не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця тым лепей. Тады па сваёй "неабходнасці" яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць.

Цікава, што робіць цяпер Кастусь? Дыплом ён атрымаў яшчэ тады. Цяпер, відаць, выехаў у Вільню, а адтуль у Якушоўку. Збіраўся падаваць генерал-губернатару Назімаву прашэнне аб службе. Ці дадуць? Што ж, калі не дадуць, ён возьмецца проста за справу.

— "И теперь с надеждою ожидаем, что крепостные люди при открывающейся для них новой будущности поймут и с благодарностью примут важное пожертвование, сделанное благородным дворянством для улучшения их быта".

Які змрочны твар у млынара Паківача. Як глядзяць на папа ягоныя ястрабіныя вочы. Стаіць Звончыкава старая з Азярышча, тая самая, што "пхалася ад хмызоў" у разліў. Гэтая здаволена, нібы загоршчынскія сваім перадчасным вызваленнем падманулі не толькі суседскіх, а і свайго пана… Андрэй Кагут глядзіць на людзей, на плямы святла і ценю.

— "Осени себя крестным знамением, провославный русский народ…"

"А як быць католікам?"

— "…и призови с нами божие благословение на твой свободный труд, залог своего домашнего благополучия и блага общественного".

Поп скончыў. Людзі пачалі рухацца, кашляць.

— Яшчэ "Палажэнні", міране, — сказаў поп.

"Можа, у "Палажэннях" нешта?" — спытаў сябе, відаць, кожны. Людзі зноў замерлі.

Загорскі ведаў: нічога не будзе і ў "Палажэннях", хай не спадзяюцца.

Поп чытаў ужо трохі асіплым ад стомы і хвалявання голасам. Алесь амаль не слухаў яго.

Поп чытаў аб тым, што памешчыкі не абавязаны надзяляць сялян зямлёю вышэй належнага.

— Калі не абавязаны, значыць і не будуць, — сказаў нехта.

Алесь не зірнуў у той бок. Яму было так, нібы гэта яго, невінаватага, злавілі на крадзяжы.

— "Снимается с помещиков обязанность по продовольствованию крестьян, ответственность за взносы податей, ответственных в казенных взысканиях".

Дакумент гэты быў, акрамя ўсяго, напісаны дрэннай рускай моваю. Нібы бараною карэнні рве на лясной сцежцы. Хто гэта казаў, Спяранскі, здаецца? што законы знарок трэба пісаць незразумела, каб народ звяртаўся па тлумачэнні да начальства.

"М-м-м, як-кі сорам. Багатыя людзі. Абрабавалі, абдзерлі, кінулі. У старца кій адабралі".

Поп кажа аб паншчыне ў Магілёўскай губерні.

Сорак мужчынскіх і трыццаць жаночых рабочых дзён у год. Калі ўлічыць, што раней адзін чалавек з двара адрабляў тры дні ў тыдзень нават у Кроера, то палёгка, значыцца, толькі крышку больш, як у два разы.

Якія ў людзей вочы! Пэўна, цяпер і яны зрарумелі. А вось і нормы надзелаў. Для іхняга наваколля шэсць дзесяцін (нічога, ёсць месцы па тры дзесяціны без чвэрці), а астатняе можна адрэзаць у карысць пана. Як жа так? Да рэформы надзел быў пятнаццаць-дваццаць дзесяцін.

І пакуль не выкупіш, зямля не мужычая, а юрыдычна панская, і за яе трэба несці павіннасць. Але ж на выкуп тэрміну няма, значыцца, і павіннасць не мае тэрміну.

І яшчэ мала таго. Калі будзе нядоімка пану або грамадзе — можна пусціць з малатка ўсё, аж да мужычай сялібы.

Пад скляпеннямі царквы гучалі словы аб капіталізацыі аброку, аб выкупных сумах, аб шасці працэнтах выплаты ў год. У храме божым гандлявалі чалавечым целам. І не знайшлося чалавека з вервіем, які выгнаў бы гандляроў з храма. Чалавека гэтага даўно і намёртва прымацавалі фарбай да купала няправеднага храма.

Немагчыма было.

…Калі народ пачаў пакідаць царкву, Алесь павітаўся з Ісленьевым.

— Да мяне?

— Не, трэба яшчэ на чытанне ў Сухадол, — сказаў стары.

— У Раўбіча чыталі?

— Чытаў. Гэх, Аляксандр Георгіевіч, дачакаліся мы канца святой масленіцы.

Граф быў ашаломлены, і Алесь падтрымаў яго жартам:

— Нічога, будзе яшчэ і вялікдзень. Невядома толькі, хто каму чырвонае яечка паднясе.

— Пэўна, мужыкі нам, — сумна сказаў Ісленьеў. — І варта.

Граф, згорбіўшыся, сеў у вазок.

Коні рушылі.

Алесь з вышыні ўзгорка бачыў, як брылі па шэрым снезе белыя сялянскія постаці. Нехта крануў яго за руку. Ага, бацька Кагут.

— Дзякуй табе, сынок, ад загоршчынскіх.

— За што?

— Праз цябе не нацярпеліся былыя вашы мужыкі сораму. Вось табе і воля.

Пайшоў і Кагут. Алесь пачаў быў спускацца з узгорка да сваіх коней, калі пачуў раптам пошчак капытоў. Распырскваючы хлапякамі мокры снег, ляцелі да царквы Вацлаў і Стась Раўбіч. Алесь здзівіўся, убачыўшы іх разам. Ён не ведаў, што ўсе гэтыя гады хлопцы ўпотай сустракаліся.

Але яму было прыемна.

— Вы што гэта, — удавана напусціўся ён на іх. — Галовы скруціць хочаце?

І асекся, убачыўшы твар Стася і светлае аблічча Вацлава. Дзіўна было ў такі дзень бачыць радасць на нечых абліччах.

— Алеська, братка… — захлынаўся Вацлаў.

— Што?! Хіба вы памірыліся?

— Мы і не сварыліся, — пачырванеўшы, сказаў Стах. — Ніколі-ніколі. Праўда, Вацлаў?

— Што такое? — спытаў Алесь.

— Раўбіч пасварыўся з Хаданскімі, — выпаліў брат. — Назаўсёды.

Вочы ў Раўбіча наймалодшага былі вільготныя. Вось-вось заплача з радасці.

— Праўда, — сказаў ён. — Праз цябе.

— Як?

— Прачыталі маніфест. Хаданскія крыўдавалі на цара страшэнна. І тады бацька раптам разгневаўся і сказаў: "А Загорскі меў рацыю, што вызваліў сваіх, не чакаючы вынікаў гэтага рабунку. Малайчына хлопец. Малайчына". Тыя патрабавалі тлумачэнняў. А бацька ім сказаў: "Франс увесь час казаў мне праўду аб ім. Прасвяціў, відаць, яго бог. А я моцна вінаваты перад маладым князем".

Алесь пацалаваў іхнія свежыя ад язды і ветру, яшчэ дзіцячыя абліччы.

— Я страшэнна ўзрадаваны, Алесь, — сказаў Стах. — І Майка, і Франс. А Наталя аж скача і ў далонькі б'е.

— І я ўзрадаваны, — сказаў Алесь. — Калі можаш, скажы бацьку, што я прыйду пагаварыць.

— Паскакалі, — сказаў Вацлаў Стаху. — Да вас.

І яны з месца, кінуўшы з-пад капытоў цэлыя фантаны мокрага снегу, узялі наўскач. Алесь паглядзеў і ўсміхнуўся. Франс не падвёў. Мілы Франс. Значыцца, як толькі скончыцца пост, ён і Майка будуць жыць разам.

На хвіліну ён падумаў, што вось-вось настане сеча, і засмяяўся. Яго не маглі забіць у бітве. Для гэтага ён занадта быў поўны жыццём. Паўстанне было радасцю. Яны перамогуць, і тады ўсе людзі зробяцца шчаслівыя. Хоць бы толькі хутчэй. Хоць бы хутчэй Майка, бунт, перамога, свабода, вольная бацькаўшчына на вольнай зямлі.

Ён з асалодаю ўдыхнуў гаркаваты сакавіцкі вецер.

Усё ж такі ішла вясна.

XVI

Праз колькі дзён пасля чытання маніфеста ў Мілым памёр стары Даніла Кагут. Ніяк не мог апамятацца і пакінуць думаць аб сваяках Марылі. Паўтараў: "Два гады паншчыны для мужыкоў. Яшчэ два. А плаціць усё жыццё".

І вось у першы сонечны дзень узяў Юрася і, абапіраючыся на яго (а раней і кіем не карыстаўся), пайшоў з унукам пад запаветны дуб на канцы пасады.

Ішоў высокі, увесь белы як снег, ад валасоў і вусоў да світкі, да белых скураных поршняў.

— Памятаеш? — паказваў не прызбу Юрась. — Тут ты Алесю песню тады спяваў.

— Але… Даўно было.

— Дзеду, — спытаў Юрась. — А дзе тое белае жарабятка?

Вочы ў старога былі светлыя і пустыя:

— Хто ж яго ведае. Расце недзе, пэўна.

— Доўга нешта для каня.

— Гэта не просты конь.

Ішоў моўчкі і толькі потым дадаў:

— Вырасце, вырасце жарабя. Ты-то дачакаешся, а я — не. Не дачакаюся я, унук. Не дачакаюся светлага дня.

Ён ішоў дваром і аглядаў хату і дворныя будовы, ішоў садам і аглядаў дрэвы вялікага ўжо саду, які сам пасадзіў.

— Шкада, зямля яшчэ мёртвая. Пачуць бы, як мяккай зямлёй запахне.

— Пачуеш.

— Не. Адхадзіў сваё.

Адламаў танюткую галінку вішні. Яна была ўжо зялёная на зломе і пахла гаркаватым.

— Пахне як, Юрась. Жыццём пахне.

Потым стары аглядаў лазню і ўспамінаў старую, якая сплыла, і мацаў рукою сена ў адрыне. Добрае было сена, зялёнае, ні разу не трапіла пад дождж.

— Скажаш, каб авёс не мантачылі. Ворыва хутка. І калоды ўсе хай Кандрат пакладзе на латы, каб не гнілі.

— Добра, дзеду.

Юрась быў узрадаваны, што прыехаў з акадэміі і затрымаўся, але сэрца ў яго балела за дзеда.

Стары ішоў сцежкай да дуба. Тут ляжаў маленькі сумёт саломы: блізнюкі пільнавалі тут зайцоў, якія панадзіліся ў сад.

Кагут старэйшы гладзіў далонню шурпатую кару дрэва. Дубу было не менш як чатырыста год. Высока ў сіняе неба ўскідваў ён свае галіны.

Потым ён стаў глядзець на пасінелы лёд Дняпра, на паплавы і далёкія лясы. Шмат паветра было над вялікай ракой. Сіняга, халоднага, сляпучага. І ўжо трохі нібыта і цёплага. Лёду нядоўга асталося пужаць зямлю, і Дняпро напружыў пад ім усе свае магутныя мускулы.

Ветрык варушыў белыя дзедавы валасы. Суровыя вочы глядзелі ў абшар.

— Ухіляюся табе, рэчачка, — сказаў Кагут. — Бяжы сабе ды бяжы.

— Дзеду, — сказаў Юрась.

— Маўчы, — сказаў стары. — Не замінай. Што ўжо тут. Корсту Дняпровай вадой апырскайце. Я пачую.

Юрасю здалося, што дзед гаворыць не тыя словы. Але ён зірнуў у яго вочы і суняўся. У вачах не было ўжо нічога ад зямлі. Яны ведалі нешта такое, чаго не ведаў ніхто.

— Рэчка ты мая, рэчанька. Залаценькая ты мая. Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі.

Ён звяртаўся цяпер да ракі, як роўны да роўнага. Цяпер перад абодвума была вечнасць.

Косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, а рака ім. І нават самы мудры, нават бог, іх не адрозніць.

Стары стаў на калені ў салому і пакланіўся рацэ, як тыя, старажытныя, што абагаўлялі Дняпро і таксама сталі зямлёю і ім.

А потым, нібы страціўшы цікавасць да ўсяго на зямлі, лёг на салому.

— Ну вось. Паміраць буду. Не крычы. Дай цішыні.

— Дзеду!

— Мне не балюча, то чаго крычаць? Не бойся, гэта нядоўга, — сонна мармытаў дзед.

Юрась, баючыся пабегчы за сваімі і пакінуць дзеда аднаго, сеў трохі ўбаку, вырашыўшы счакаць. А там ён завядзе старога ў хату.

Дзедавы вочы глядзелі ў сіняе неба, у якім магутна распасціраўся безліччу галін волат-дуб. Галіны пагойдваліся, нібы сам купал неба велічна гойдаўся на іх.

Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было — не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню… Стане моцным канём жарабятка… Справядлівасці ездзіць належыць на мужыцкіх пузатых конях.

Млявасць нарадзілася ў целе. Цёплая-цёплая. Цягнуўся ў неба дуб. Пачуліся гукі лірных струн. А можа, гэта зазвінелі, гойдаючыся, самі галіны дуба?

Дуб раптам вырас так, што зацямніў сонца. І толькі неба яшчэ трошкі свяціла праз звонкія галіны.

Потым неба згасла…

Мінула два дні з таго моманту, калі корсту з Кагутом апусцілі ў магілу.

Алесь усе гэтыя дні сядзеў дома, бавячы час з Вацлавам і кнігамі. Нікуды не хацелася ісці, а ў душы было пуста.

Алесь успамінаў гукі ліры, і песню пра белага каня, і белага-балага дзеда ў белым садку, і чырвань залітай зарывам грушы.

Нібы адляцела з гэтай смерцю юнацтва. І ніхто больш не заспявае пра белае жарабя.

У шэры і золкі дзень прыехаў па мокрым снезе Адам Выбіцкі. Кінуў лейцы на рукі Змітру, скочыў на снег, амаль пабег па сходах у палац. Быў, відаць, устрывожаны.

Алесь якраз расшыфроўваў тайнапісны ліст ад Кастуся. Пад гарачым прасам літары сталі зеленаватыя. Пісалі, відаць, лімонам.

"Звяждоўскі ў Вільні складае арганізацыю па кіраўніцтву групамі ўсёй Беларусі і Літвы. Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу. Аб'ездзіў частку Слонімшчыны, быў у Зэльве і Лідзе, у Гродні, у Саколцы. Стварылі цэнтр па кіраўніцтву Гродзенскай губерняй. У ім Валеры, каморнік Ільдэфонс Мілевіч, Стах Сангін, і Эразм Заблоцкі, ды яшчэ Хвэлька Ражанскі, хлопец трохі з кашай у галаве, але рашучы. Піша вершы. І па-беларуску. Але гэта справа дзесятая. Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце".

Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.

— Паедзеш у Магілёў, — сказаў ён Выбіцкаму. — Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.

Выбіцкі муляўся.

— Княжа…

— Здарылася нешта?

Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:

— Бунт, пане княжа.

— Які я табе пане княжа?

— Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, — ледзь варушыў вуснамі паляк. — Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.

Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:

— Далучымся?

— Іх колькі?

— Пакуль пяць вёсак.

— А наваколле?

— А наваколле — вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, — прызнаўся Выбіцкі.

— Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д'ябал! Хто там у іх ядро? — кінуў Алесь.

— Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі — натоўп.

— Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, — раззлаваўся Алесь. — Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.

— З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.

— Разумнейшы, значыцца.

Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.

— У Магілёў паедзеш, — сказаў Алесь. — Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.

Ён хутка напісаў некалькі слоў.

— "Граф, — прачытаў Выбіцкі. — Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб'ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё".

Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.

— Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.

— Я не пасылаю даносаў, пан Адам, — жорстка сказаў Алесь. — Адпраўляю гэты ліст менавіта таму, што прыйдзе войска.

Н-не разумею.

— Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам — Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?

— Ну?

— Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.

— І гэта вас клікалі чырвоным?

— Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.

Выбіцкі пачырванеў.

— Я завязу ліст, — сказаў ён. — Даруйце мне.

— Вельмі буду абавязаны, — сказаў Алесь. — Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.

Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:

— А можа, не рызыкаваць?

— Не, — сказаў Алесь. — Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.

Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.

Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.

— Можа, трэба па дапамогу? — спытаў Халімон Кірдун.

— Не трэба. Бывай, Кірдун.

Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.

"Ах, коннічак ты мой на белым кані, — іранізаваў ён з сябе. — Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель".

Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.

XVII

Людзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы — чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень — нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.

Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней — горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.

Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі — не асіліць.

Браніборцы падумалі крыху і самі сабе сказалі: канец. Лепей паншчына, лепей нясцерпнае рабства.

Здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх больш выгадна. Спачатку думалі — падман, і вось табе на. Атрымалі! Алесь і пан Яраш адразу выйгралі ў вачах людзей.

А потым нехта пусціў чутку, што Раўбіч і Загорскі проста ведалі аб сапраўдным маніфесце і не палічылі за магчымае ісці супраць царскай волі. Нездарма князь у Мілым падчас чытання вачэй не мог узняць з сораму. Але супраць астатніх ісці, відаць, не рызыкнуў. Толькі што сам вырашыў не браць граху на душу, вызваліць "па-царску".

Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Аконам Браніборскага пачаў пагражаць. Людзі крычалі і стукалі кулакамі ў грудзі.

I тут з'явіўся Корчак з людзьмі. Глядзеў у натоўп шалёнымі чорнымі вачыма, гаварыў незразумелае:

— Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць — узрадуецца ягоная душа.

Марта з Паківачовага млына (многія ведалі яе па патаемных маленнях) глядзела вялізнымі вачыма. Вочы напалову твару, і ў іх — апантанасць і ўтрапенне:

— Праўду гаворыць Корчак! Сама ад лёзных[76] людзей чула! Расце белабожы конь! Як не падтрымаеце яго — у пекле вам быць! Божае жарабя прадасцё — не бачыць вам шчасця!

Плач баб рэзаў па сэрцы. Усё адно было прападаць з такім выкупам. I таму людзі слухалі. А Марта крычала:

— Маці божая з былой Алейнай брамы плача. Валасы ў яе пасівелі і дыбарам усталі. Мёртвых дзетачак бачыць. Прадалі іх бацькі.

Зрэнкі Марты пашырыліся на ўвесь раёк і трапяталі:

— Бог, бог сказаў! Выдавацьме брат брата і бацька сына на смерць; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх; і будуць вас ненавідзець за імя маё, але хто выцерпіць да канца, спасён будзе.

Мужыкі, урэшце, паверылі. Справа была не ў ляманце Марты. Проста жыць стала нельга, а лямант надаваў становішчу неабходнае адценне жуды і велічы. Хай галосіць.

— Крывёю рака паплыве, калі не заступіцеся!!!

— Глядзіце, хлопцы, — сказаў Корчак. — Не пойдзеце з намі — адзін пайду. Вам потым сорамна будзе.

У гэты час прыйшлі вязыніцкія. Іх прывёу той самы Брона, што калісьці разрэзаў вяроўкі на руках Раўбіча. Вялізны, з англійскім штуцэрам у руках, ён прыйшоў пад абшчынны дуб і кінуў толькі некалькі слоў:

— Вандроўнік дарогаю казаў: паны папоў падкупілі. Папы сапраўдную царскую волю ў царквах схавалі. На прастоле пад сукном.

Натоўп маўчаў. Падобна было на тое. Папы чыталі волю, але папоў на Прыдняпроўі, якіх вера (то адна, то другая) біла і трэсла столькі стагоддзяў, ніколі не любілі.

— Схавалі, — сказаў Брона. — І ці не памацаць нам цэрквы?

Вырашылі: мацаць.

Бліжэй за ўсё было да гарыпяціцкай бажніцы. Людзі пайшлі туды і дарогаю ўзнялі яшчэ вёску Крутое. Гледзячы, як многа мужыкоў ужо ідзе, люд уздымаўся лёгка.

Потым прысталі сяляне дзвюх хаданскіх вёсак. Гэтыя прыйшлі з мяламі, граблямі, сякерамі і косамі.

Абрастаючы, як снежны камяк, натоўп рухаўся да Гарыпяцічаў. Палілі дарогаю панскія дворныя пабудовы. У чырвоным зарыве, вялікія ад яго, рухаліся праз ноч людзі, і страшна, востра блішчалі над іхнімі галовамі адпаліраваныя штодзённай працай вілы і карычневыя бічы на арэхавых цапільнах.

Ужо некалькі сотняў ног тапталі падмёрзлы нанач снег. Ішлі плеценыя скураныя поршні, вайлакі, лап-ці. Пазіраючы на іхнія сляды, пасуравелы пасля забойства Кандрат Кагут жартаваў:

— Глядзі, рашоты сваёй хадой гналі. Ай, мужыкі, ай, галовы!

Рогат каціўся над галовамі бліжэйшых. Гігатаў, як конь, Брона, абкружаны падлеткамі. У хлопцаў былі ў руках сякеры на доўгіх дрэўках, і нават па гэтым можна было пазнаць: з Вязынічаў. Толькі ў вязыніцкіх, прыроджаных лесарубаў, сякеры былі на такіх, удвая даўжэйшых за звычайныя, тапарышчах.

Корчак ішоў перад сваімі, як на свята, п'яны ад думкі, што вось, урэшце, настаў час. Ён не ведаў, што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правал, што большасць думае пра толькі што атрыманую, няхай нават куртатую, свабоду, што ніхто, акрамя ягоных хлопцаў, не назапасіў злосці, што людзі ішлі, як на вясёлую гулянку, і маглі разысціся пры першай перашкодзе.

Не ведаў, што сапраўдны час гэтых людзей прыйдзе не зараз і нават не праз год, але як прыйдзе — пажар будзе палаць зырка.

Корчак не ведаў, што і Кагуты ідуць з ім не ад усяго сэрца. Пайшоў Кандрат, адзіны, хто ведаў праўду пра смерць Стафана і яшчэ гневаўся на ўсіх. Андрэй рушыў за ім: нельга ж было кінуць блізнюка. Але гэты выправіуся без ахвоты і разы са два стрымліваў брата. Пакуль што гэта не ўдавалася, але на трэці раз магло мець поспех.

Ды і што было Кагутам? Яны былі людзі вольныя і, як большасць такіх, хацелі, ды і то не вельмі пільна, паглядзець: а ці не задумалі вялікія людзі падмены маніфеста.

Павінна было мінуць шмат часу. Беларусь павінна была зазнаць яшчэ шмат крыўды, рабунку, галечы і пагарды, каб нарадзіць навальніцу. I таму меў рацыю ў сваіх учынках Загорскі, а не Корчак.

Але Корчак не ведаў, баяўся самому сабе прызнацца ў гэтым, і таму ішоў, нібы яго чакала галоўная справа жыцця. Ён занадта доўга чакаў і зашмат пакутаваў, каб адмовіцца ад "паходу на Гарыпяцічы" (як гэта потым назвалі), выходкі гераічнай, але бессэнсоўнай і таму трагічнай.

У карчме, дзе быў сядзельцам стары Ушар, разбілі дзверы пуні і выкацілі на снег дзве бочкі са смалой. Усе, хто хацеў, рабілі сабе паходні. Гарэлкі дый іншай маёмасці не кранулі: нашто чалавеку потым адказваць перад гаспадаром? Дый ішлі ж не рабаваць, ішлі мацаць царкву, каб самім упэўніцца ў нізкім падмане.

Натоўп ішоў да бочак і адыходзіў з паходнямі. Нібы чорная рака падпаўзала да нейкага месца, тут успыхвала і далей паўзла ўжо вогненная.

Падышлі да Гарыпяцічаў. Сяло маўчала. Ні агеньчыка, ні гуку. Толькі сабакі брахалі ў дварах. Белая, з дзвюма званіцамі, царква на ўзгорку драмала сярод мокрых голых ліп. I вышэй за іх узносіўся васемсотгадовы, чорны і каржакаваты царкоўны дуб, равеснік першай царквы, закладзенай на гэтым месцы.

Людзі здзіўляліся, чаму сяло маўчыць. Яны не ведалі, што, пакуль яны ішлі, затрымліваючыся падоўгу ля кожнай вёскі, і не хавалі мэты паходу, аконам з Вязынічаў паспеў папярэдзіць Сухадол. Палкоўнік Яраслаўскага палка, раскватараванага там, быў хворы, і на Гарыпяцічы з дзвюма ротамі выйшаў Апалон Мусатаў. Яны рэквізавалі ў адным з сёл мужыцкія сані і прыбылі на месца значна раней, чым мужыкі.

I яшчэ ніхто не ведаў, што сюды фарсіраваным маршам падыходзяць яшчэ дзве роты і будуць не пазней поўдня.

Мужыкі валілі вуліцай, гародамі і садамі. Усім хацелася хутчэй дайсці да мэты. Лілася зыркая вогненная рака.

Потым пярэднія пачалі суцішваць крок.

Ля царквы цямнеў салдацкі ланцуг. Спадзістым частаколам ружавелі ўздзетыя ўгору багнеты, і ў іх адбіваўся агонь шматлікіх паходняў.

Натоўп глуха загуў і стаў. Людзі баяліся пераступіць нябачную мяжу, якая аддзяляла іх ад салдат у канцы вулачкі.

Але маўчалі і салдаты. Нават Мусатава прабіралі непрыемныя мурашкі, так многа было перад ім лю-дзей і агнёў.

Рысіныя вочы капітана мацалі натоўп і ўрэшце сустрэліся спачатку з ястрабінымі вачыма Паківача, а потым з чорнымі і дрымучымі вачыма Корчака.

I тут Мусатаў упершыню адчуў няўпэўненасць і жах. Ён не ведаў людзей з гэтай белай масы, але аблічча Корчака ён ведаў. I Мусатаў падумаў, што тут, відаць, не проста мужыкі, а лясныя браты, а паколькі гэта так, справа будзе гарачая. Ён памыляўся, але не мог ведаць, што памыляецца.

— Разыдзiцеся, — сказаў Мусатаў.

Гэта было нечакана, але наперад выйшаў не Корчак.

— Мы не хочам крыві, — сказаў Паківач.

— Чаго вы хочаце?

— Мы хочам бачыць сапраўдны маніфест, схаваны ў царкве.

— Які маніфест?

— Сапраўдны… царскі.

— Ёсць адзін маніфест.

Паківач з дакорам пахітаў галавою.

— Нашто брахаць, пане?.. Служывы, а сам з гэтымі падманшчыкамі. Ці пахваліць цябе бацька-імператар?.. Прапусці нас у царкву, і мы пойдзем адсюль.

Мусатаў падумаў, што гэта дае магчымасць выйграць час і ўзяць завадатараў.

— Ідзіце, — сказаў ён.

Мужыкі пачалі раіцца. Урэшце першы пайшоў да царкоўнай брамы Паківач.

— Чый? — мераючы яго вачыма, спытаў Мусатаў.

— Лясны.

— Стой тут. Яшчэ хто?

Другою выйшла з натоўпу Марта.

— Ты чыя?

— Божая.

Мусатаў падумаў, што ўсё гэта дрэнна і сапраўды тут не мужыцкі бунт, а паход "лясных братоў". Іх развялося шмат, каму, як не яму, было ведаць пра гэта.

Два цені, чорны і белы, стаялі асобна ад натоўпу і сачылі, хто выйдзе яшчэ. Кандрат паспрабаваў быў зрабіць крок, але яго раптам моцна сціснулі з бакоў. Ён пакасіўся: цяжка сапучы ад бегу, стаялі побач з ім бацька і Юрась.

— Галава яловая, — сказаў змрочны бацька.

Кандрат ірвануўся быў — сціснулі. Андрэй раптам пачаў пхаць яго назад, у натоўп.

— До, — сказаў ён. — Ты што, не бачыш? Пастка.

Строгія сінія вочы Андрэя сустрэліся з ягонымі вачыма.

— Хадзем адсюль, — сказаў Андрэй шэптам. — Падвесці хочаш загорскае наваколле? Кінь, браце. Не час. Зразумей, галава ты дурная. Чакай. Выспімся мы яшчэ на іхняй шкуры. Дарэмна загінуць хочаш.

Падкова пачырванела на Кандратавым ілбе. Але сваякі моцна прыціснулі яго да глухой сценкі нейкай пуні.

Мусатаў стаяў трохі вышэй за мора агню. Рукі ягоныя, учэпістыя рукі ў рабацінні, нервова абмацвалі паяс.

Мусатаў не адчуваў ранейшай упэўненасці. I менавіта дзеля таго, каб яна вярнулася, спытаў:

— Яшчэ хто?

— Я, — рушыў з натоўпу Брона.

Ён аддаў штуцэр суседу і пайшоў, топчучы поршнямі снег.

— Хто такі? Адкуль?

— А ты не ведаеш? Дарэмна. Давялося-такі табе памучыцца з намі пад Глінішчамі.

У Мусатава перасмыкнулася шчака. I гэты лясны.

— Т-так, — працягнуў ён i, паколькi ўпэўненасць не прыходзiла, загадаў: — Салдаты, бярыце iх.

Траіх людзей схапілі за рукі.

— Гэта што ж? — спытаў Паківач. — А абяцанне?

— Лясным бандзюкам не абяцаюць.

— Людзі! — крыкнуў Брона. — Бачыце?!

— Ты што ж гэта робіш?! — закрычаў нехта з натоўпу.

Мусатаў узняў руку:

— Народ! Гэтыя людзі ўпэўняцца, што ніякага маніфеста ў царкве няма, і там жа будуць чакаць, пакуль прыйдзе расплата.

Кандрат Кагут адбіваўся ля сценкі. Яго трымалі.

— Пусцiце! Бачыце, як яны! Пусццiе!

Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці.

— Цягнiце яго, хлопцы, цягнiце адсюль.

За Кандратавымі нагамі цягнуліся два снегавыя разоры. Ён напінаўся і роў.

— Раю вам разысціся, — шчэцістыя бакенбарды капітана дрыжалі. — Сюды ідзе яшчэ дзве роты. Па-шкадуйце сваё жыццё.

Натоўп завагаўся. Корчак з адчаем бачыў, як трох чалавек цягнуць да брамы. Веска маўчала, глядзела цёмнымі вокнамі. Напэўна, за некаторымі з іх былі вочы, але нават не каля саміх каламутных шкельцаў, а ў глыбіні хаты.

— Хлопцы! — крыкнуў Корчак. — Ды што ж гэта яны, ірады? Выганяйце іх з хат. Паходню ў страху, калі не выйдуць.

Мужыкі пачалі біць у вокны і дзверы, выганяючы гарыпяціцкіх на вуліцу. Іх цягнулі з хат. Натоўп быў у ярасці: хаваліся за цёмнымі вокнамі, і ў кожнага, хто стаяў з паходняй, было таму страшна і сіратліва на сэрцы. А хіба тыя, што з паходнямі, зладзеі? Яны хацелі толькі ўпэўніцца ў хлусні.

— Корчак! — крыкнуў Мусатаў. — Не здзекуйся з людзей!

— Адпусці ўзятых, доўбня! — крычаў Корчак. — Бач, літасцівы воўк! Успомні Півошчы!

Валтузня вакол Броны, Марты і Паківача на хвіліну прыпынілася.

— Людзі! — крыкнуў Мусатаў.

— Мы табе не людзi, а быдла, — адказаў Корчак. — А i вы нам не людзi, а ваўкi.

Навісла маўчанне.

…На загуменні бацька, Андрэй і Юрась трымалі, сапучы, Кандрата.

— Здраднiка з мяне робiце, — сiпеў той.

Вуліцай, прыгуменнямі, садкамі павольна, па адным, па тры адлучаліся ад натоўпу людзі.

— Бачыш? — сказаў Юрась, і раптам голас ягоны перасекся. — Бачыш? Вось табе гэты бунт. То ты што, у гульні хацеў галаву скласці?

Кандрат круціў галавою, як загнаны конь.

— Сорам, перад братамі сорам, — ён зноў пачаў вырывацца.

Андрэй схапіў яго за валасы і моцна, так, што Кандрат крыкнуў, павярнуў ягоную галаву да садкоў.

— Глянь! Ану, глянь! Унь яны, браты!

Ад вогненнага возера адрывалiся i плылi садкамi агеньчыкi. То адзiн, то другi з iх рабiў у цемры зыркае паўкола — зверху унiз, — i потым адтуль далятала сычэнне згасаючай паходнi, якую совалi ў сакавiцкi, нямоцны нават уначы, снег.

У Юрася нешта клекатала ў горле.

— Братка… — захлынаючыся, сказаў ён. — Братка, ты не думай. Мы пачнем не так. Калі мы пачнем — зямля пад імі ўсімі закурэе. Пачакай да таго часу, братка.

— Калі пачнецца сапраўднае — першы пайду з табою, — сказаў Андрэй.

— Мы з-пад іх зямлю рванем, — усё паўтараў Юрась. — Гэта ўжо скора. Вер мне, я людзей ведаю. Кандрат зноў ірвануўся з-пад іх.

Ён глядзеў, як сычэлі і сычэлі ў снезе згасаючыя паходні, як меншала і меншала — на вачах, агнёў. Сутарга раптам прабегла па Кандратавым целе, і ён, ірвучыся, закрычаў нема і страшна.

— Панеслі, — сказаў Юрась.

Андрэй ускінуў на плячо братава цела, і Кагуты рушылі зарасцямі вішняку, а потым узлобкам далей ад Гарыпяцічаў. Кандрат пагойдваўся на плячах, нерухома-цяжкі, як мёртвы.

На ўзгорку, перад тым як спусціцца ў яр, Юрась і Андрэй спыніліся. Агні ўсё яшчэ згасалі ў лагчыне, але сычэння не было чуваць: далёка.

— Нічога, мы ім гэта ўспомнім, — сказаў Андрэй.

Брат не сказаў нічога, але Андрэю стала страшна, калі ён убачыў сціснутыя Юрасёвы кулакі.

"Давялі, — падумаў ён. — Ваўкоў з людзей парабілі. I дзіва што…"

Натоўп радзеў. Засталіся толькі Корчакавы людзі і ўзброеныя мужыкі з вёсак Хаданскага, ды яшчэ гарыпяціцкія, якім не было куды ўцякаць.

Але Мусатаў усё адно адчуваў дзіўную слабасць.

…Натоўп тым часам усё яшчэ стаяў у нерашучасці. I салдаты стаялі перад ім таксама нерухома. I на тварах салдат, якія трымалі Брону, Марту і Паківача, была нерашучасць.

Часам у натоўпе выбухаў крык:

— Пусціце іх!

— Сыраядцы! Супраць царовай волі! Вось ён вам…

— Апускаліся багнеты, і нібы разам з імі на натоўп апускалася цішыня.

Брона глядзеў-глядзеў на гэта, ды і плюнуў:

— Мужыкі-і…

Корчак спрабаваў узняць сваіх — дарэмна.

…Яшчэ не пачынала днець, але на ўсходзе загарэлася ўжо янтарна-жоўтая, халодная стужка заранкі. Людзі пераступалі з нагі на нагу, рыпеў пад поршнямі снег.

Мужыкі ведалі: пакуль на іхнім баку ноч і паходні, іхні табар робіць уражанне больш страшнага і вя-лікага, чым на самай справе. Дзень, які вось-вось павінен быў разгарэцца над вёскай, нібы распране іх, пакажа салдатам звычайных змерзлых людзей, вельмі стомленых і галодных.

…I раптам над натоўпам, над салдатамі прагучаў шалёны, дрыготкі ад захаплення крык Марты. Яна білася ў руках у салдат, выгіналася, паказвала рукою некуды на крутаяр. Вочы жанчыны гарэлі раз'юшанасцю і ўтрапеннем.

— Глядзіце! Гля-дзі-і-це!

На крутаяры, на верхнім ягоным зрэзе, на жоўтым фоне заранкі рухаўся сілуэт.

— Коннік! Коннік! Коннік!

Конь нібы рассцілаўся ў паветры, з усходу набліжаючыся да вёскі. Салдаты не бачылі яго за сцяною ліп. Але ўсім, хто ў нерашучасці стаяў на вясковай вуліцы, ён быў відзён добра.

I кожны, нават той, хто не верыў у казкі, з радасцю падумаў: вось яно. Вось яна, тая адзіная прычына, якая можа прагнаць здранцвенне. I трэба скарыстаць яе, іначай дзень — і яшчэ дзве роты, якія ідуць недзе дарогаю, і расправа, і катарга. Толькі адагнаць іх, хоць бы на хвіліну, каб потым здабыць сапраўдную волю, і ведаць, ці праўда гэта, і разысціся, каб расказаць усім і каб потым паўсталі ўсе, а не толькі дзве вёскі.

Крык Марты нібы разбіў маўчанне. Жанчына вырвалася з салдацкіх рук, зрабіла некалькі крокаў і павалілася на калені ў снег, цягнучы рукі да светлай праявы.

Бязладны шалёны крык нібы ўскінуў кожнага. Гэта было ўратаванне, магчыма, сапраўдная воля.

I, наліваючыся крывёй, Корчак крыкнуў:

— Ён з намі, хлопцы! Хлопцы, ён з'явіуся! Рушай!

Крык п'яніў. Узняліся ўгору доўбні і вілы, косы і доўгія сякеры вязыніцкіх. Поршні пачалі таптаць снег.

Коннік ужо знікаў, правальваючыся ў яр, але цяпермужыкам у ім не было патрэбы.

Разяўленыя рыкам раты, вусы, расхінутыя на грудзях сарочкі, белыя світкі, бляск сталі, агонь паходняў, крык — усё злілося ў адно, у лаву, якая кацілася на салдат.

Паківач вырваўся ад салдат, кінуўся да Марты, падымаючы яе. Потым узняў угору рукі:

— Хлопцы! Бі іх!

Лава набліжалася да схопленых і салдат з неверагоднай імклівай хуткасцю.

Якраз у гэты момант ірвануў паветра бязладны рэдкі залп. Паківач хіснуўся і, нібы пераламаўшыся, упаў дагары ў снег. Упаў яшчэ нехта, яшчэ, яшчэ.

Але было позна. Раты, доўбні, вострыя джалы кос, рэдкія хлапякі мужычых стрэлаў, світкі, сталь, хадакі, жоўтыя, як мёд і лён, распатланыя валасы — уся страшная лава насунулася, змяла, пагнала салдацкі ланцуг.

Яна была жахлівая. I не хапала ўжо часу перазарадзіць стрэльбы, і аставалася толькі адно: ратавацца, скакаць цераз агарожу, бегчы цвінтаром, хаваючыся за царкоўныя муры, адчуваць спіною гарачае дыханне натоўпу і храбусценне кос, калі яны улазілі ў жывую плоць, кідаць стрэльбы, бегчы да рачулкі, правальвацца на сінім лёдзе, плысці, знікаць у пушчы.

Алесь стаяў на апусцелым полі бою. Ён азіраўся: ага… унь чалавечы твар у дзвярах… і яшчэ… і яшчэ адзін.

— Хадзiце сюды, — уладна сказаў ён.

Божкаючы, наблізіўся стары:

— Божа! Божа! Што гэта цяпер будзе?

— Нічога не будзе. Кліч людзей. Якая тут самая чыстая хата?

— Не ведаю, — схітрыў дзед.

— Баішся? — сумна сказаў Алесь. — Нічога. Ану, хадзіце сюды.

Падышло яшчэ некалькі чалавек гарыпяціцкіх.

— Вось што, — сказаў Алесь. — Нікому нічога не будзе. Толькі дапамажыце мне. Падбярыце ўсіх па-раненых: і салдат на могілках, і мужыкоў на вуліцы. Нясіце іх у тую хату… Не хітруй, дзед, твая хата.

Толькі тут ён зразумеў, якім глупствам было скакаць сюды. Ён так нічога і не прыдумаў за дарогу. Спадзяваўся, што на месцы ўсё вырашыцца.

Вырашылася, на жаль, без яго. Разумней за ўсё было б яму кінуць гэтую вёску і непазнаным паехаць назад. Людзі не затрымаюцца тут, ён ведаў. Але Загорскі напісаў Ісленьеву. Ён ведаў, што недзе тут Кагуты, што зараз ён, Алесь, астаецца адзінай абаронай гэтых людзей ад раз'юшанай салдатні, бо пры ім пасаромеюцца катаваць і не пакінуць усяго без судовага разбору. I яшчэ: параненыя стагналі вакол на снезе, і гэта было жахліва, і тут ніхто, акрамя знахарак, не мог ім дапамагчы.

— Зносьце, зносьце, — падганяў Алесь.

Трэба было спяшацца. Раз'юшаныя пагоняй людзі маглі вярнуцца і — хто ведае — маглі паспрабаваць сарваць свой гнеў на недабітых. Сумна, калі заб'юць і цябе, але хто дапаможа параненым. А ён усё ж слухаў лекцыі і на медыцынскім факультэце.

— Завядзі каня куды ў гумно, — сказаў старому Алесь. — Калі выйду жывы — я табе за яго адплачу.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калі ўзброеныя людзі, усхваляваныя і пачырванелыя, зноў затапілі вуліцы, параненых там ужо не было.

Корчак, дрыжучы ноздрамі ад узрушэння, хадзіў усюды і пытаў толькі адно: "Дзе Паківач?" Нехта паказаў яму на хату, у якую знеслі людзей.

У вялізнай пяцісценнай хаце параненыя ляжалі на лавах, на стале, проста на доле.

Загорскі з закасанымі рукавамі і акрываўленымі вышэй запясцяў рукамі накладаў гіпакратаву шапку на галаву аднаго з гарыпяціцкіх. Той жаласна стагнаў, і яму з усіх кутоў адказвалі па-дзіцячы слабыя ці басавітыя стогны.

— Хлопцы, дабіце, хлопцы, дабіце мяне, — амаль плакаў з перапуду і болю малады бялявы салдацік у куце.

— Маўчы, — са злосцю кінуў яму Алесь. — Рана ў руку, то рассіропіўся, ваяка. Праз тыдзень жэрці той рукою сам будзеш.

Грубасць зрабіла сваё. Салдацік перастаў маліць і толькі калаціўся.

— А ты цярпі, цярпі, — казаў Алесь гарыпяціцкаму. — Прынамсі, цяпер ведаеш, як порах пахне.

Ён адчуў на сабе нечы позірк, узняў галаву і сустрэўся з дрымучымі вачыма Корчака.

— Гэта ты скакаў? — сказаў Корчак.

— Я. А што, не ў часе? — Алесевы вочы глядзелі спакойна.

— Навошта?

— Хацеў неяк спыніць усё гэта.

— Навошта?

Алесь усміхнуўся.

— Час не той. Маніфеста ў царквах няма. Можаш паверыць мне. Таму я і вызваліў сваіх не так, як ён. Корчакавы вочы сачылі за Алесем пільна і гнеўна.

— 3 часам ты гэта зразумееш, Корчак, — сказаў Алесь.

Лютая іронія была ў складцы Корчакавых вуснаў:

— I не баішся, што заб'ём?

Алесь паказаў белыя зубы і не адвёў вачэй:

— Нават апошнія забойцы не забіваюць папа з дарамі і лекара.

— А калі ўсё ж?

— Ну і рабіся ніжэй за апошняга бандзюгу, — і Алесь перайшоў да наступнага параненага.

Корчак не ведаў, якое напружанне валодае зараз гэтым маладым чалавекам. Корчака душыў гнеў. Гэ-ты, з прыгожымі шэрымі вачыма, не звяртаў увагі на смерць, што стаяла перад ім. Корчак раз'юшана зрабіў крок і стаў між Алесем і акном, зацяніўшы Загорскаму.

— Ану, адступiся! — рыкнуў Алесь.

Корчак міжвольна адступіў, а калі потым спахапіўся, было позна.

— Паперкі захацелася? — жорстка сказаў Алесь. — Ведаеш, дзе б ты апынуўся са сваёй папяровай воляй? Глядзі, — ягоная рука павяла па ляжачых. — Унь… унь… унь… Траіх забітых мужыкоў, шэсць забітых салдат, дванаццаць параненых праз г… паперку… Ідзі, ідзі, шукай сваю паперку, бутэлька цёмная.

Корчак абвёў вачыма тых, што стагналі. Забітыя — вунь, ля дзвярэй. Трое гарыпяціцкіх, бо не бачыў іх сярод сваіх. А ото салдаты. Параненыя таксама салдаты. Але вунь адзін лёгка паранены з вёскі Хаданскага. Моршчыцца, устае на ногі. А там трое параненых з яго лясных хлопцаў.

— Дзе Паківач? — спытаў Корчак.

— Шукай.

Корчак пайшоў, схіляючыся над тымі, што ляжалі. Паківач прыткнуўся ля сценкі, на баку. Жоўтыя ястрабіныя вочы глядзелі непрытомна.

— Давай раней за ўсё гэтага, — сказаў Алесю Корчак.

— Не трэба, — сказаў Алесь.

— Як гэта не трэба?

— Не трэба яму нічога больш.

— Мой чалавек.

— Нават тваім людзям, нават табе з часам нічога не трэба будзе.

I тут Корчак зразумеў. Зрабіў крок да Алеся:

— Ты што, дзве галавы маеш? Ты хто такi?

Але Корчак стрымаўся. Ён успомніў словы Кандрата Кагута аб ворагах.

— Га-а, — сказаў ён. — Той князь, што за волю.

— За волю, — проста сказаў Алесь. — Толькі за сапраўдную. Не за папяровую.

Цяжка дыхаючы, Корчак спытаў:

— Ты што ж гэта яго, Паківача, не збярог, га?

— Гэта ты яго не збярог. Яму ўжо ніхто не мог памагчы.

Загаварыў раптам амаль умольна:

— Слухай, Корчак. Ідзі ты пашукай у царкве сваю паперку ды потым знікай адсюль. Нарабіў свайго — досыць. Ды яшчэ я б табе раіў усіх сваіх забітых ды параненых з сабою ўзяць: салдаты зараз прыйдуць. Часоваабавязаныя Хаданскіх — на шчасце, лёгка параненыя — пойдуць дахаты. А гарыпяціцкіх ужо неяк я сам засцерагу. Пайшоў бы, га?

Корчак пайшоў да дзвярэй, спыніўся:

— Не веру я табе, — сказаў ён. — Усёй пародзе вашай праклятай не веру.

— Добра, — сказаў Алесь. — Зачыні дзверы ў сенцы.

Дзверы ляснулі. Корчак, сцяўшы сківіцы, бег да царквы, ля якой мужыкі цяжкім бервяном канчалі выбіваць дзверы. Урэшце дзверы абваліліся.

Гулка тупаталі па плітах боты, мякка пляскалі поршні.

Корчак нагою адчынiў царскую браму.

Рука ягоная слізганула пад аксаміт, што ўкрываў прастол. Потым ён выпрастаўся, бледны.

— Няма, — сказаў ён.

— Няма… Няма… Няма, — пачало перадавацца па ланцугу да выбітых дзвярэй.

…Першыя рушылі з месца людзі Хаданскіх. Некаторыя зайшлі ў хату, дзе корпаўся Алесь, узялі сваіх параненых, пайшлі. Корчак глядзеў, як адставалі ад натоўпу людзі.

— Хлопцы… — сказаў ён, і голас ягоны здрыгануўся. — Хлопцы, перахавалі яны яе. Не можа быць, каб цар…

Усе маўчалі. Толькі нехта ўзняў на яго вочы.

— Няхай так. Але цяперака што ўжо? Каб адшукалі — паклалі б косткі, а так…

Корчак сеў на ганак. Меншаў і меншаў натоўп. Белагаловы чалавек сядзеў на ганку, і валасы звісалі на схілены твар.

Потым ён узняў галаву, і ўсе здзіўлена ўбачылі, што Корчакавы вочы засцілае нешта празрыстае і яснае. Яно паступова, дарожкамі, сплывала па шчоках.

— Волю нашу… — Корчака нешта душыла. — Дарагую нашу… Прадалі, псы… Прадалі… Прадалі.

Меншалі і меншалі белыя постаці на белым снезе. I сонца вясёлкава драбілася ў вачніцах чалавека на ганку.

Потым ён устаў і ўздыхнуў.

— Што там… Будзем чакаць… Мы — цярплiвыя.

Маленькая купка людзей стаяла перад ім, і ён сказаў:

— Забярыце параненых. Адыходзiм, хлопцы.

…Астатнія цягнуліся па снезе, несучы на самаробных насілках параненых і забітых, а Корчак усё яшчэ стаяў у дзвярах.

— Маеш смеласць, князь, — урэшце сказаў ён. — Але ненавіджу я цябе. Не за тое, што ты гэта ты. За іншых я цябе ненавіджу. За Кроера. За ўсіх братоў тваіх. За ўсё.

— Я ведаю, — сказаў Алесь.

— Так і астанешся з салдатамі ды гэтымі гарыпяціцкімі мямлямі?

— Так і астануся.

— Смелы, але ўсё адно ненавіджу, — жылы ўзбухалі на Корчакавым ілбе. — Не магу я цябе крануць, але… Хай бы цябе забілі салдаты, князь.

Алесь збялеў.

— Па-мужыцку ты цвэнькаеш — хай бы цябе забілі, сваіх адпусціў — хай бы цябе забілі, наваколле за цябе гарою — хай бы цябе забілі, пад салдацкімі кулямі астанешся — хай-бы-ця-бе-за-бі-лі.

— Бачыш, — сказаў Алесь. — А я хачу, каб ты жыў.

— Дэеля чаго?

— Дзеля сапраўднай волі.

— Не будзе яе!

— Яна будзе, — у Алеся дрыжалі бровы. — Падумай, Корчак. Мы іншыя, Корчак.

— Дзеці такіх бацькоў, гэ!

— Маіх бацькоў не чапай.

— Сваякі такіх, як Кроер.

Алесь ускінуў галаву:

— Я падставіў руку, калі цябе збівалі, выдраў цябе з ягоных рук.

— Не веру, — нібы чапляючыся за самае дарагое ў жыццці, сказаў Корчак.

— Вось шнар ад карбача.

— Не веру!

— 3 часам паверыш.

Дзверы зноў ляснулі. Алесь паківаў галавою.

Апоўдні ў Гарыпяцічы зноў увайшлі салдаты: рэшткі дзвюх рассеяных рот і дзве свежыя роты пры адной лёгкай гармаце.

Нехта паказаў Мусатаву хату, дзе ляжалі параненыя.

Ён торгнуў дзверы і спыніўся, уражаны. Седзячы на ўслоне, спусціўшы сашчэпленыя рукі між каленяў, спадылба глядзеў на яго стары знаёмы. Радасць варухнулася ў капітанавым сэрцы, але ён стрымаўся. Ён толькі клікнуў Буланцова, падручнага, з якім некалі разам лавіў Войну.

— Вось, Буланцоў, — сказаў жандар. — Рэкамендую, князь Аляксандр Загорскі. Якім чынам тут? — спытаў Мусатаў.

Алесь паціснуў плячыма:

— А можа, каму-небудзь памагу.

— Каму "каму-небудзь"? Мяцежнікам або нам?

— Не крычыце, — сказаў Алесь. — Добрыя манеры не зашкодзяць і людзям вашай прафесіі… Бачыце, вось салдаты…

— Яны не дабілі іх?

— Я не даў… А там мужыкi.

Буланцоў рушыў туды.

— Гэтых я забяру.

— Не раю, — сказаў Алесь. — Гэта гарыпяціцкія.

— То што? — паводзячы даўгаватым носам, спытаў сышчык.

— А тое, пан лазутчык. Нават пан Мусатаў чуў, што іх сілком, пад пагрозай падпалу, выгналі з хат. Салдаты ж стралялі ў каго хочаш, абы не ў лясных братоў.

Ён амаль весела ўсміхаўся, і Мусатаў ненавідзеў яго ў гэты момант. Ненавідзеў за жэсты, словы, вопратку, за гэтыя вочы, за спрыт у размове. Ён не мог не адчуваць, што побач з ім ён, Мусатаў, заўсёды будзе выглядаць, як п'яны капрал.

— "Лясныя" пайшлі яшчэ раніцай. На світанні, — сказаў Алесь. — А гэта нявінныя людзі: салдаты пацвердзяць. Як і тое, што я не ваяваў.

— Бачылі бандытаў? — спытаў Буланцоў.

— Як вас.

— I гаварылі з імі?

— Як з вамі.

— Што яны казалі? — спытаў Мусатаў.

— Што ідуць у пушчу і што шчасце маё — лекарскае. Іначай забілі б.

— Колькі ў іх ахвяр?

— Трое забітых, з дзесятак параненых. — Алесь знарок прылічыў да лясных людзей мужыкоў з вёсак Хаданскага.

— Колькі іх было? — спытаў Буланцоў.

— Гэта што, допыт?

— А вы што ж думалі, шаноўны Аляксандр Георгіевіч, — амаль ласкава сказаў Мусатаў.

— У такім выпадку я не буду адказваць.

— Будзеце, будзеце, — ветлiва сказаў жандар.

I ён паціснуў плячыма:

— Яны, відаць, сапраўды пайшлі ў пушчу яшчэ на світанні. Нічога. Ідзіце вазьміце з хат мужыкоў — хто пападзе ў рукі.

— Не хадзіце, Буланцоў, — сказаў Алесь. — Не аддавайце такіх загадаў, капітан.

— Гэта чаму ж? — спытаў Мусатаў.

— Тут ёсць сведка.

— А гэты сведка скампраметаваны, — сказаў капітан.

— Дарэмна. Ёсць мой аконам, які прывёз мне вестку пра бунт. Ён засведчыць: да таго я нічога не ведаў. Ёсць мужыкі, што скажуць: мяне не было ў час бунту. Ёсць салдаты, якіх я лячыў, бо гэта абавязак кожнага, хто ведае, як зрабіць перавязку.

— Не было яго ў бунце, паночак, — застагнаў бялявы салдацік ля печкі.

— Маўчы! — сказаў Мусатаў і, звярнуўшыся да Алеся, пільна гледзячы яму ў вочы і чаканячы словы, пачаў гаварыць: — З'явіліся вы — і ў мяцежнага натоўпу змяніўся настрой. Чорт ведае за каго яны вас палічылі…

— 3 тым самым поспехам яны маглі б палічыць варону за архангела Гаўрыіла, што злятае з нябёс, — іранічна ўсміхнууся Алесь.

— Чаго вас панесла сюды?

— Я ж казаў: лекаваць. Я не хацеў крыві. I вы не зачэпіце нявінных, Мусатаў, толькі таму, што гэтага вымагае ваша кар'ера. Я, урэшце, прыскакаў таму, што павінен быць бесстаронні сведка, якому павераць больш, чым хлопу, і больш, чым вам. Я — сведка.

Мусатаў азірнуўся і перайшоў на французскую мову:

— А вы… падумалі… што гэты сведка мог быць забіты… падчас бунту… Выпадковым залпам…

— Ваша вымаўленне прымушае жадаць лепшага, — сказаў Алесь. — А салдаты, капітан?

Мусатаў дрыжаў. Настаў, здавалася, час. Цяпер і гэтага можна было пужануць арыштам ці смерцю. Ён адчуваў, што ўсё ў ім звініць.

— Ніхто не ведае матываў вашага прыезду сюды, — на той самай дрэннай французскай сказаў ён. — Вы ўмяшаліся ў бунт, вы сваім з'яўленнем настроілі гэтых людзей на атаку. I я зараз жа пашлю данясенне аб гэтым віцэ-губернатару, бо Беклемішаў хворы… Пашлю таму самаму вашаму Іс-леньеву, які крычаў на мяне за справу ў Півошчах.

Рысіныя вочы звузіліся, вусны трапяталі.

— Дарэмна будзеце старацца, — сказаў Алесь. — Данясенне ўжо адаслана. Я адправіў яго перад ад'ездам сюды і растлумачыў, чаму еду. Мяркую, хутка будзе адказ.

Мусатаў міжвольна хапануў ротам паветра.

— Вось так, — нявінна глядзеў на яго Алесь. — Кожны чалавек, кожны дваранін павінен усімі сіламі старацца спыніць мяцеж. I я растлумачыў гэта віцэ-губернатару на выпадак… гм… на ўсякі выпадак.

Буланцоў нiчога не разумеў з размовы, але сышчыцкай здагадлiвасцю ўцямiў адно: шэф атрымаў страшны ўдар. I яшчэ адзначыў сабе: шэф цяпер нiколi не даруе гэтаму чалавеку.

Алесь устаў.

— Ну вось, — сказаў ён. — А цяпер…

— Вядома, — сказаў Мусатаў. — Я спадзяюся, вы зразумелі, што гэта быў жарт?..

— Я і не сумняваўся ў гэтым. Хіба такія рэчы гаворацца не ў жарт паміж цывілізаванымі людзьмі? Вядома, жарт.

Капітан сядзеў бледны.

Алесевы вочы смяяліся.

— До, капітан. Я спадзяюся, вы адменіце гэты загад і знойдзеце сапраўдных злачынцаў? Бо калі кожны залп — гэта прыступка вашай кар'еры, я пакладу гэтаму мяжу.

I ўпершыню за ўсю размову ўзвысіў голас:

— I калі вы кранеце яшчэ аднаго з іх — вас павязуць адсюль пад рагожай у Магілёў ці пад лямцам у астрог. Зразумелі гэта вы, пан штуцэр, пан куля, пан свінец?!

Мусатаў сядзеў, гледзячы на дошкі стала.

— Добра, — сказаў ён урэшце. — Я адмяняю загад, Буланцоў… Пагоню за Корчакам.

Праз тры гадзіны прыбыў ад Ісленьева ледзь жывы ганец. Ён прывёз загад: "Тэрмінова адпусціць невінаватых, шукаць Корчака з бандай, на час разгляду справы князя Загорскага — пад хатні арышт".

Алесь усміхнуўся: Ісленьеў думаў, каб яму, Загорскаму, не зрабілі пад гарачую руку шкоды. Стары клапаціўся аб ім. Вось дык стары! I гэта нічога, што загад віцэ-губернатара нібы ўзвысіў трошкі ва ўласных вачах жандарскага капітана, ворага, ад якога з часам нельга будзе чакаць літасці, калі яго толькі не заб'юць Корчак ці Чорны Война.

Хай сабе ўзвышаецца, хай думае, што калі хатні арышт, то апошняе слова астаецца за ім. Алесь ведае, для чаго так зрабіў Ісленьеў, і, значыцца, ён дасягнуў мэты, не даў праліцца крыві і ўратаваў невінаватых.

Лекар Яраслаўскага палка Зайцаў падышоў нават падзякаваць яго за перавязкі, сказаў, што зроблена гэта досыць добра. Алесь пакасіўся на капітана, сказаў, што яму прыемна пахвала адукаванага і спрактыкаванага чалавека, і запрасіў Зайцава бываць у сябе.

Стары пачырванеў. Пачырванеў і Мусатаў, толькі з другой прычыны. I не вытрымаў. Суправаджаючы Алеся да санак пад цікаўнымі і добразычлівымі позіркамі салдат, пачаў з удаванай спагадай ушчуваць яго.

— Тут чорт ведае што робіцца. Папячэнне патрэбна, а то ўсе вакол нясытымі вачыма глядзяць. Іудзеяў адных на краіну колькі — і ўсе яны нямецкія шпіёны. А тут яшчэ свае нігілісты, папоўскае ды мужыцкае насенне. Народ нацкоўваюць! Эх, пане Загорскі, такое становішча, а вы ў гэтыя глупствы па маладосці год лезеце. — I лагодна заглядае яму ў вочы: — Вам што выпадае? Вы ў першых расійскіх памешчыках па багаццю, — гудзеў жандар. — Хіба ў вас не воля? Ды вам у сто разоў лепшая воля, чым у іхніх халуйскіх фаланстэрах[77].

"Нічога ў мяне няма, — думаў Алесь. — Нічога з таго, што мне трэба. А трэба мне ўсё. I перш за ўсё воля ўсім народам і маёй радзіме. Што ты ведаеш аб гэтым, брудная свіння? I разважанні твае толькі і можна назваць, што le delire du despotisme[78], як сказаў бы стары Ісленьеў. I сам ты быдла, лёкай душою".

Ён сеў у сані і заплюшчыў вочы, каб не глядзець на вартавога салдата. 3 уздыхам і палёгкаю заплюшчыў вочы і выцягнуў ногі. Два салдаты паскакалі за ім, каб правесці за сяло.

За санямі бег на доўгім повадзе Урга. Ён не звык да такога — пырхаў і матляў галавою.

Расталы сакавіцкі снег, вароны, прыціснутая чаканнем вёска, рэзкія галасы салдат.

На хвіліну яму стала балюча. Ён успомніў словы Корчака і падумаў, што за пагарду продкаў да народа, за пагарду адукаваных да народа — каб не давялося плаціць дзецям, якія любяць гэты народ. Але тут жа падумаў, што пастараецца, каб Корчак, калі звядзе іх лёс, змяніў аб ім думку. Ён бачыў у гэтым мужыку вялікую чысціню нянавісці. Як патрэбныя ім людзі, якія ўмеюць ненавідзець! Харошы мужык! I як шкада, што нельга ўсяго раздаць, каб паверылі табе. Грошы патрэбны справе. Нічога, з Корчакам яны яшчэ сустрэнуцца. Ён, Алесь, зробіць ўсё, каб той быў таварышам яму. У іх адна справа.

Нічога. Нічога. Усё яшчэ будзе добра, чыста, смела. I людзі на зямлі будуць людзьмі.

Сядала пурпуровае сонца, і цені на снезе зрабіліся ізумрудна-зялёныя, чысцейшыя за мароскі зялёны прамень, убачыўшы які, кажуць, нельга памыліцца ні ў каханні, ні ў любові, ні ў нянавісці.

I ён цяпер цвёрда ведаў, што ён любіць і што ненавідзіць, і адкуль у яго такі боль, і чаму ён ніяк не можа супакоіць сябе.

…Ён расплюшчыў вочы. Ехалі азярышчанскім берагам, ледзь не над самым урвішчам. I ён успомніў, як даўно-даўно, адзінаццаць год назад, тут сядзелі пад гарачым сонцам маленькія дзеці.

Што тут было яшчэ? Ага, груша.

Яна стаяла той год толькі сілаю ўласных карэнняў, умацаваўшы імі для сябе паўкруглы фарпост. Ва ўласных руках трымала жыццё.

I за ёю была зямля, а перад ёю плынь, і наступная паводка павінна была кінуць грушу ў хвалі, і ёй варта было б падрыхтавацца да смерці. Але яна не ведала гэтага, яна цвіла.

I пялёсткі падалі на быстрыню ракі.

Дзе яна цяпер? Алесь глядзеў пад адхон і ўрэшце ўбачыў тое месца. Пад стромай растаў снег, і ў пра-таліне чарнела нешта доўгае.

Мёртвы ствол занесенай пяском грушы.

Сані завярнулі і спыніліся перад ганкам загоршчынскага дома. Алма, падстаркаватая ўжо, тоўстая, як туга напхнуты шырокі мяшэчак, заматляла хвастом, пабегла да санак, потым убачыла чужога са зброяй і забрахала на яго так, што, здавалася, разарвецца ўсё яе цельца.

Зміцёр ўзяў Ургу і пайшоў з ім. Ад'ехаў і салдат. Алесь павольна пачаў падымацца ў дом.

…Ён блукаў па пакоях, сам не ведаючы, што яму трэба, да чаго яго цягне. I ўрэшце, сам не ведаючы як, прыйшоў туды, дзе яны з Майкай яшчэ дзецьмі глядзелі праз каляровыя шкельцы. Усё было як раней. Вось на гэтай канапе калісьці сядзела Майка, калі ён адвёў потым вочы на сценку і заўважыў яе, чорную з ліловымі валасамі.

А вось і скрыначка са шкельцамі. Забылі. Калі глядзець праз чырвонае шкло — якое страшнае, дымна-барвянае полымя раве над светам. Такое страшнае, нібы вось-вось заравуць трубы архангелаў і неба ўпадзе на зямлю.

А гэта што?

Бог ты мой, чарапок кітайскай вазы, што разбілі тады. Дзед яшчэ казаў:

— Біце, так ёй і трэба.

Ён раздаў чарапкі. Цікава, ці зберагла Майка? А Франс?

Колькі сяброў, равеснікаў. Можна склеіць усе гэтыя чарапкі, і зноў будзе ваза. А вазу паставіць у агульным, у сонечным доме, у якім жывуць усе.

Ваза-ваза. Белая ваза з сінімі рыбамі.

Ён пайшоў па напаўцёмных пакоях.

Чорныя ялiны. Змрокам напоўнены дом. За вокнамi гасцiнай халодная зорка гарыць мiж дрэў. Што гэта, пачатак канца цi канец пачатку?

Хоць бы хутчэй, хоць бы хутчэй паўстанне. Няхай нават смерць! Бо немагчыма болей цярпець гэта гнілое, душнае ліхалецце, хлусню, разважанні кроераў, мусатавых, корвідаў, дэмбавецкіх — усёй гэтай навалачы. I немагчыма больш сядзець у гэтым доме, бачыць у цёмных вокнах конусы ялін і вострую, як салдацта багнет, нацэлены ў тваё сэрца, зорку. Немагчыма бачыць рабоў і паноў, немагчыма напрактыкоўвацца ў цярпенні, бачыць, як другія ўдасканальваюцца ў ліслівасці. Немагчыма бачыць царкву, кароны, расшытыя мундзіры. Немагчыма бачыць на кожным раздарожжы, над усёй краінай узлёт прабітых цвікамі рук.

Лепей бы ўжо яму, Алесю Загорскаму, выкупіць грахі ўсіх, сваёй крывёю здабыць вызваленне для ўсіх, загінуць за ўсіх.

Ён раптам зразумеў, чаго яму не хапае, пакуль няма бітвы. Няхай сабе сябры і ён сам пагарджаюць вершамі. Сёння ён не можа.

Пяро бегала, пакідаючы радкі:

Чым угнявiла ты бога? I чым раззлавала,
Што над табою, яшчэ не апетай i сотняю строф,
Маятнiк часу упаў, i касцельная цемра настала,
Цемра прабiтых далоняў i тысяч няправых галгоф?
Што ты зрабіла зямлі — ад фіёрдаў да Рыма,
Што залівалі пажары цябе, распраналі вятры,
Што паміралі ў сібірах твае маладыя багрымы,
Што дастаеўскія кідалі нівы твае і бары?
Хто адабраў тваю памяць, мая дарагая,
Што, на працягу вякоў, забываючы мукі свае,
Лепшых паэтаў сваіх забыццём ты смяротным караеш,
Лепшых прарокаў каменнем няведання б'еш?
Веру ў адно. Калі злосць векавечную звяжуць
I над крыніцамі зорка-Палын узыдзе,
Ты на судзе — пад архангелаў трубы — Марыі адкажаш.
Скажаш адзінае слова за ўсіх на планеце людзей:
"Ў бiтвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла,
Каб на палетках ягоных воля i мова ўзраслi.
Мацi сыноў чалавечых. Я столькi пакут перанесла.
Можна зямлi дараваць,
Калі я існую на зямлі".
Ён не верыў, а вобразы атрымаліся міфалагічныя.

Ды і хіба ў гэтым справа, калі сапраўды гіне ўсё добрае, калі праўду кажуць булгарыны, а за волю ваююць мураўёвы, калі сапраўды над зямлёю ўзлёт прабітых рук?

Ён глядзеў у акно, на зорку. I раптам убачыў…

…У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонта да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы.

Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне.

Примечания

1

Малодшы (лац.)

(обратно)

2

Лубок.

(обратно)

3

Пчаліны бортны рой.

(обратно)

4

Трэба, каб вы, Загорскі, вызвалілі дом ад вашай прысутнасці.

(обратно)

5

Кароткая прамова (англ.)

(обратно)

6

Гэтыя паны — мярзотнікі, і адзінае пачуццё, якое яны ва мне абуджаюць, — гэта нянавісць да таго, што яны робяць, і пагарда да маёй радзімы (франц.)

(обратно)

7

Граф М. Мураўёў быў губернатарам магілёўскім у 1823/31 гг. Ён агранізаваў хуткае падаўленне паўстання ў 1831 г…

(обратно)

8

Вайсковая або паўстанчая патаемная нарада, дзе апошні голас належаў найбольш маладому, бо ён павінен быў "трымаць сцяг" з самымі адчайнымі, першым уразацца ў чужыя рады і быць, такім чынам, "вастрыём вайсковай стралы".

(обратно)

9

Капа — сярэдневяковая грамадская зборня на Беларусі. Разбірала ўнутраныя пытанні абшчыны.

(обратно)

10

Выжымкі бульбы або бурака.

(обратно)

11

Ужо ўсё… Скончылася набажэнства і казані (польск.)

(обратно)

12

Бондачка — хвосцік каўбасы з завязкай. Даюць маленькім дзецям, каб не грашылі пад сябе.

(обратно)

13

"Бяссеннымі" зваліся кірмашы канца красавіка — пачатку мая. Туды ішлі тыя, у каго конь здох узімку, або тыя, у каго не было насення.

(обратно)

14

Прымак або прыёмыш, наконт якіх загадзя абумоўлена, што яны, як і родныя дзеці, маюць права на частку той гаспадарскай зямлі, якую абрабляюць.

(обратно)

15

Доўблены гладкі латок з ліпы, на які ўкладаюць сець, каб не блыталася.

(обратно)

16

Рубок — тонкае жаночае адзенне накшталт доўгай сарочкі.

(обратно)

17

Самаробныя.

(обратно)

18

Адвольны пераклад на лацінскую мову разрэзанага на часткі рускага слова "подвода": sub — под, aqua — вода.

(обратно)

19

Абдыміце мяне. I ніколі ўва мне не сумнявайцеся (франц.).

(обратно)

20

Губернскія камітэты ў канцы 1858 года былі ўжо ва ўсіх губернях еўрапейскай часткі Расіі. На пачатку 1858 года, у лютым, з сакрэтных камітэтаў у Пецярбургу быў створаны Галоўны камітэт па сялянскай справе, які і павінен быў падрыхтаваць рэформу.

(обратно)

21

Корф Мадэст — рэакцыйны гісторык, у 1849–1861 гг. — дырэктар Публічнай бібліятэкі. У 1864–1872 гг. — старшыня дэпартамента законаў Дзяржаўнага савета.

(обратно)

22

Дрэвы, помнікі нашы, колькі кожны год вас жарэ купецкая або ўрадавая маскоўская сякера (польск.)

(обратно)

23

Старажытны, яшчэ з XVI стагоддзя, беларускі шкалярскі выраз барбарыстычнага паходжання: сябраваць, бавіць разам час, не вельмі звяртаць увагу на вучобу, але швэндацца заўсёды разам, не даючы сябра ў крыўду.

(обратно)

24

Пуцілін Іван — наглядчык маскоўскай паліцыі, пазней начальнік вышукной паліцыі ў Пецярбургу. "Рускі Шэрлок Холмс".

(обратно)

25

Глава кракаўскай рэвалюцыі 1846 года.

(обратно)

26

Саслоўе вольных земляробаў і воінаў, былой памежнай варты ў княстве Літоўскім. Вызваленыя ад усіх павіннасцей, непадсудныя ніякаму суду, акрамя свайго, адзначаныя некаторымі прывілеямі, і перш за ўсё асабістай незалежнасцю і зямлёй, яны мелі толькі адзін абавязак: бараніць мяжу. У іхніх пасёлках і вёсках, што ланцужком цягнуліся па паўночнай частцы Дзвіны і па Дняпры, збярогся ў найбольшай чысціні — бо ўлады пазбягалі іх чапаць — своеасаблівы патрыярхальны побыт, збераглася ў першапачатковай чысціні трохі архаічная беларуская мова, зберагліся не папсаваныя царкоўнасцю і пазнейшым нацыянальным уціскам абшчынныя звычаі, праявы звычаёвага права, песні і г.д.

(обратно)

27

Пад словам "мэта" ў той час разумелі тое, дзеля чаго напісана кніга ці карціна, праспявана балада ці песня, — гэта значыць ідэю.

(обратно)

28

Тут і далей размова ідзе аб героях беларускага фальклору.

(обратно)

29

Легендарныя і гістарычныя беларускія героі-паўстанцы.

(обратно)

30

Месца сутычак бедных і багатых у Оршы.

(обратно)

31

Гаспадар аднаго з лепшых рэстаранаў у Пецярбургу.

(обратно)

32

Будучыя дзеячы паўстання ў Польшчы ў 186З г.

(обратно)

33

Царскі цэнзар.

(обратно)

34

Будынак Пецярбургскага універсітэта быў спачатку пабудаваны як памяшканне "дваццаці калегій".

(обратно)

35

"Сын Жыбуае".

(обратно)

36

Па легендзе, крумкач і мурашкі аб нечым паспрачаліся і заклаліся на дзяцей. Крумкач прайграў і цяпер выводзіць дзяцей у мароз, каб не плаціць пройгрышу.

(обратно)

37

Сок — чалавек, які сочыць, каб звер не ўцёк.

(обратно)

38

Ліквідацыя абавязковых адносін, добраахвотны і бестэрміновы, не абмежаваны часам, выкуп, фінансавае садзейнічанне ўрада выкупным аперацыям, а адсюль вотчынная ўлада — да заключнай выкупной здзелкі.

Пры крэдытах такі метад быў значна больш выгадны для землеўласнікаў, чым абавязковыя адносіны.

(обратно)

39

М. А. Мілюцін у той час быў таварышам міністра ўнутраных спраў.

(обратно)

40

Такім бачыў яго барон Веліё, які перадаў гэтыя падрабязнасці міністру Валуеву.

(обратно)

41

Дваццаць мільёнаў бедных болцікаў (франц.)

(обратно)

42

Блох, якія шукаюць сабе ежу аж да забароненых месцаў (франц.).

(обратно)

43

Сялецкі абвінавачваўся ў гіпнатызме і чараўніцтве.

(обратно)

44

Беларускім паходжанні (лац.)

(обратно)

45

Выбітае (часцей коньмі ў час бойкі) месца.

(обратно)

46

Дыпламатычны штогоднік (пачатак выдання — 1763 г.), які сачыў за генеалагіяй вышэйшай еўрапейскай арыстакратыі. Акрамя друкавання звестак аб ёй займаўся генеалагічнымі даследаваннямі, пошукамі і геральдыкай, раней разбойніцкае ўрочышча.

Дзебры — мяшчанскі раён пад Магілёвам, раней разбойніцкае ўрочышча.

Дэбрэ — кніга англійскага пэрства.

(обратно)

47

Ява, або мроя, апісана ў "Здароўя шляху верным" (1715). Але няпрўда тое, што выпадкі яе былі толькі на Прыдняпроўі. Як каўтун разы два быў зафіксаваны ў Ламбардыі, так выпадкі хваробы, падобнай на яву, апісаны, кажуць, у Тыбеце.

(обратно)

48

Корста — труна з суцэльнай калоды.

(обратно)

49

Выйсці з гульні (франц.)

(обратно)

50

Для падрыхтоўкі і зандавання глебы і дзеля таго, каб гэны візіт не быў такі самы малаздавальняючы, як першы (франц.)

(обратно)

51

У пятніцу і суботу вярбовага тыдня, шостага тыдня вялікага посту, на ўсю даўжыню крамлёўскіх муроў — ад Спаскай і да Нікольскай вежы — і на палову плошчы пачынаў гаманіць рынак "Вярба". Палаткі, крамкі. Ювелірныя вырабы, звяры, птушкі, кнігі. Па краях, ля Васіля Блажэннага і Нікольскай вежы — гандляры вярбою, свісцёлкамі, цацкамі, паветранымі шарыкамі.

(обратно)

52

Старых тупіц (франц.).

(обратно)

53

Восенню наступнага года з разрозненых груп і асоб у Пецярбургу ўзнікла арганізацыя "Зямля і воля", якая дзейнічала ў паўстанні побач з беларусамі, літоўцамі і палякамі. Хоць яна была нешматлікая, але мела вялікае значэнне як пачатак дэмакратычнага руху.

(обратно)

54

Старыя, што прыязджаюць па маладую.

(обратно)

55

Боская адплата (лац.)

(обратно)

56

Вы нездаволены? (франц.)

(обратно)

57

Вы ўбачыце вынікі і здолееце іх ацаніць (франц.).

(обратно)

58

Князь, мой настрой носіць адбітак журбы, але неахвотна зробленыя ўступкі — найгоршыя з усіх, якія можна было б зрабіць (франц.)

(обратно)

59

Геніяльны французскі матэматык, забіты ў маладым узросце.

(обратно)

60

Запіска, надрукаваная ў "Русской старине" за 1893 г., кн.9, стар. 508–509.

(обратно)

61

П. А. Валуеў. "Отрывки из дневника".

(обратно)

62

Варожая калона адрэзала яе падчас аўстэрліцкай баталіі, і з тых часоў яна не здолела вырвацца адтуль (франц.)

(обратно)

63

Вы разумееце, што мне больш выгадна пайсці раней. Лепей пайсці перад бойкай (франц.)

(обратно)

64

Маленькага часовага ўрада пад засцярогай добрай маленькай цытадэлі Варшаўскай (франц.)

(обратно)

65

На старым Месцы,
пры фантане,
палкоўнік Трэпаў
схапіў па пысе (польск.).
(обратно)

66

Праект адраса, высунуты Веляпольскім.

(обратно)

67

Агаласіць. Літаральна — абараніць (польск.)

(обратно)

68

Ён не карыстаецца павагаю; ён дасціпны; ён гарбаты. Гэты павук носіць канстытуцыю ў свім горбе (франц.)

(обратно)

69

Дзмітрый Мілюцін. Брат ягоны, Мікалай Мілюцін, быў сенатарам, а пазней — статс-сакратар па справах Царства Польскага.

(обратно)

70

Наконт (франц.).

(обратно)

71

"У нас занадта лёгка глядзяць на гэтую справу". — "Я знаю напэўна, што становішча вельмі цяжкае". — "Т-с-с! Не трэба аб гэтым казаць" (франц.)

(обратно)

72

Кіраваць — гэта прадбачыць (франц.)

(обратно)

73

"Што трэба зрабіць у Польшчы?" — "Змяніць сістэму, васпані". — "Я таксама гэтак думаю, але вось міністр унутраных спраў вельмі палкі і кажа аб строгіх мерах". — "Але мы на працягу трыццаці год былі строгія, васпані, а да чаго мы прыйшлі?" (франц.)

(обратно)

74

"Падаюць толькі ў той бок, куды нахіляюцца. Калі мы ўпадзем у Польшчы, дык толькі ад паліцэйскіх мер, якімі замянілі ідэі ўрада" (франц.)

(обратно)

75

"Пасланне Паўлы да рымлянаў", ХІІІ, І.

(обратно)

76

Вандроўных.

(обратно)

77

Фаланстэры — своеасаблівы камуны, апісаныя ва ўтапічных творах Фур'е.

(обратно)

78

Трызненем дэспатызму (франц.)

(обратно)

Оглавление

  • Кніга другая Сякера пры дрэве
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII
  •   VIII
  •   IX
  •   X
  •   XI
  •   XII
  •   XIII
  •   XIV
  •   XV
  •   XVI
  •   XVII
  • *** Примечания ***