КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Фаўст [Ёган Вольфганг Гётэ] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Ёган Вольфганг Гётэ Фаўст

Трагедыя

Прысвячэнне{1}

Вы зноў са мною, дарагія здані,
Зноў вабіце ў мінулае мой зрок,
Яно мне мроіцца, нібы ў тумане,—
Але ці здольны я на дзёрзкі крок?
Ці мне даступны вашыя ўладанні?
Смялей плывіце да мяне здалёк —
Сустрэча з вамі абуджае штосьці
З былых надзей, з парываў маладосці.
Юнацкіх дзён вы асвяжылі краскі,
І вось я ўгледзеў колішняе зноў,
Перада мной цяпер, нібыта з казкі,
Паўстала дружба, першая любоў,
Успомніў скруху зноў я, слодыч ласкі
І тых з маіх няўдачлівых сяброў,
Хто, шчасце ловячы, растраціў сілы
І ўжо не вернецца назад з магілы.
Майго не ўчуюць голасу ніколі
Сябры, якіх калісь мой лашчыў спеў,—
Распаўся цесны наш гурток паволі,
Які мяне так добра разумеў.
Сярод чужых я — птушачка ў няволі,
Іх воплескі страшнейшыя за гнеў —
А тых, каго я часта цешыў лірай,
Няма са мной, даўно зляцелі ў вырай.
І зноў душа мая нястрымна рвецца,
У край маўклівых вобразаў імкне,
І ціхі шэпт няяснай песняй льецца,
Уторачы эолавай струне;
Хоць душаць слёзы, страх сціскае сэрца,
Але пяшчота грэе грудзі мне.
Што маю — мроіцца нібы здалёку,
Што страціў — тое зноў навідавоку.

Пралог у тэатры{2}

Дырэктар. Паэт. Камічны акцёр.


Дырэктар

Абодва вы, што ў часе сумятні
Са мной дзялілі скруху і нягоду,—
Скажыце, што павінен даць народу
Тэатр нямецкі ў нашы дні?
Хачу людзей пацешыць: жывучы,
Яны і мне, і вам даюць дарогу.
Пара! Гатова сцэна, дзякуй богу,—
Збіраюцца на свята гледачы.
Садзяцца моўчкі і, падняўшы бровы,
Дзівосы нашы спажываць гатовы.
Каб дагадзіць іх густу, сродак ёсць —
І ўсё ж баюся іхніх лаўраў, кветак:
Хоць не распесціла іх прыгажосць,
Аднак начытаны — дай, божа, мне так!
Што ж нам прыдумаць, каб гучала
І кожнаму да густу каб прыпала?
Душа і сэрца цешацца не ў меру,
Калі я ўгледжу, як людскія хвалі,
Што двор аблогай шчыльнаю абклалі,
Да нас прарвацца хочуць на прэм’еру,
Або калі на золку ў самы холад
Натоўп аматараў чакае каля кас,
Як жабракі каля пякарні ў голад,
Каб толькі той білет купіць да нас.
Ствары мне цуд! Так абуджаць імпэт
Умееш толькі ты, мой друг, паэт!
Паэт

Маўчы пра тлум; калі прызнацца шчыра,
Ён мне натхненне тушыць у душы,
Ён мне здаецца небяспечным вірам —
Схавай мяне, укрый і зберажы,
Таемны свет, дзе быў бы я кумірам,
Дзе радасна паэту — пакажы,
Дзе дружба і любоў чаруюць сэрца,
Дзе шчасце прыгажосцю адгукнецца.
Што ў глыбіні сардэчнай прарастае
І што на вусны просіцца з нутра —
Усё ў будзённай марнасці растане,
Як толькі-толькі выйдзе з-пад пяра.
Хай лепш гадамі думка выспявае —
На ўсё павінна быць свая пара,
Наносны бляск нашчадак можа сцерці,
А прыгажосць не падуладна смерці.
Камічны акцёр

Мне, смертнаму, ахвоты больш няма
Перад нашчадкамі выслужвацца дарма —
Сучасніку саступім месца! —
Яму не трэба вечнасці і славы:
Няхай павесяліцца, пасмяецца,
Бо ён не ў меру ласы на забавы!
Хто смеху, жарту ведае сакрэт,
Таму не страшны чэрні перасуды,
Ён мае поспех у натоўпу і як след
Паспее дагадзіць усім і ўсюды.
Няхай жа смеласць добры прыклад дасць,
Няхай фантазія нас не пакіне,
Хай розум з адчуваннямі, і страсць,
І пал юнацкі ў сэрцы не астыне.
Дырэктар

Давайце болей дзеяння, падзей,
Бо толькі гэтым мы збяром людзей.
Калі, разявіўшы ў здзіўленні рот,
Натоўп усмак нагледзіцца, дасыта
І прывітае ўголас фаварыта,
Дык п’есу, значыцца, прызнаў народ.
Патрэбы масы задаволіце вы масай,
З яе хай кожны свой кавалак рве.
Што ж тут мудрыць разумнай галаве —
Падшпорвай толькі рэзвага Пегаса!
Крышыце п’есы! Рэжце без разліку!
Навошта цэласць тая гледачу?
Я збыць тавар, пардон, ваш твор хачу —
З разумным лёгка збіцца з панталыку.
Бо ўжо ўвайшло ў характар чалавечы
Усё вымерваць па сабе:
Глядач не разумее цэльнай рэчы —
Яе на шмоцце паскубе.
Паэт

Дык гэта ж, пане, рамяство й падман,
Яны мастацтву добраму на шкоду!
У вас, відаць, партач і графаман
Пашану заслужыў, стаў выбівацца ў моду.
Дырэктар

Не крыўджуся, хоць думаю не так,
Бо толькі той сапраўдны майстар і мастак,
Хто дагаджае публіцы заўжды.
Адзін да нас прыходзіць ад нуды,
Другі, укормлены, паважны пан,
Ідзе шукаць духоўнага наедку,
А трэці — крытык-шарлатан —
З гатовай думкай прыхапіў газетку;
Збіраюцца да нас, як на пацеху,
Цікаўныя да плётак, шуму, смеху.
Спектакль у зале, дзе радамі
Сядзяць адзетыя па модзе дамы
І, пышныя паказваючы ўборы,
Бясплатна йграюць лепей, чым акцёры.
Вам эмпірэі толькі ў галаве? —
Вам ложы перапоўненыя любы?
Хто вашыя мудроты спажыве?
Той абыякавы, а гэты — грубы.
Адзін пасля ідзе на прэферанс,
Другі шукае ласнае спакусы.
Навошта ж дзеля гэтага у транс
Уводзіць светлыя, святыя музы?
Скажу: пішыце многа, складна, важка —
Тады і дойдзеце хутчэй да мэты,
Смялей ашуквайце людзей, паэты,
Бо задаволіць іх заўсёды цяжка!
Ды што такое з вамі? Зноў надрыў?
Ці ў сэрцы свежы боль загаварыў?
Паэт

Ідзі шукай сабе другіх рабоў!
Не на паэта ваша паняверка,
Паэту бо вышэйшае з правоў —
З народам быць — не голая паперка.
Скажы, чым сэрцы ён кранае?
Стыхіі чым перамагае?
Гармонію бароніць хто ад бед?
Чыя душа змяшчае цэлы свет?
Калі прырода круціць часу калаўрот
І раўнадушна нітку вечнасці прадзе,
Калі бязладны гурт жывых істот
Рознагалоса навакол гудзе,
Хто ж у хаосе, у стыхійным моры
Парадак стройны навядзе,
Каб загучалі ў маналітным хоры
Усе адзінкі сілаю з’яднанай?
Хто буру выявіць у страсці апантанай?
А зладнасць дум — у сполахах зары?
Хто кветкі пакладзе да ног каханай?
Хто за каханне згіне без пары?
Хто сімвалам геройскіх перамог
Зрабіў нязначных лаўраў вецце?
Хто аб’яднаць багоў Алімпа змог? —
Паэт — пясняр вялікіх спраў у свеце!
Камічны акцёр

Няхай тады ўсіх чарадзеяў сілы
Натхняць твае, паэце, крылы.
Мой прынцып вось: любоўны хмель,
Залёты смелыя, дуэль,
Сардэчны боль, пажадлівы падман,
Пакуты рэўнасці — і ёсць раман.
Спектакль павінен быць такім,
Каб бушавалі вірам страсці ў ім,
Бо ў п’есе важна толькі тое,
Што слухачоў хапае за жывое.
Дык прыгатуем жа, сябры, піццё,
Якое б нам падкрасіла жыццё!
Хай дзеянне пануе ў п’есе,
А праўда ў выдумцы й мане
Імгненнай іскаркай мільгне —
І гэта лепш людзям у сэрца ўлезе.
Тады спектакль прывабны наш
Рассуне моладзі у свет шырокі межы,
Папоўніць вопытам яе багаж,
Пяшчоткам дасць меланхалічнай ежы,
Яшчэ і вочы кожнаму адкрые
На той інтым, што ціха ў сэрцы ные.
Яны прымаюць мішуру на «брава»,
Іх вабяць подзвігі, любоў і слава.
Хто вопытны — таму не дагадзіць,
Падзякуе — хто пачынае жыць.
Паэт

Вярні ж, вярні мне тыя леты,
Калі я быў зусім другі,
Спяваў вясёлыя куплеты
І ад любоўнай млеў тугі,
Калі я жыў у свеце казкі,
Калі ў бутоне бачыў цуд,
Калі збіраў на лузе краскі
І верыў толькі ў божы суд,
Калі ў грудзях я сэрца меў,
Да праўды прагаю кіпеў;
Вярні, вярні мне парыванні,
І жар нянавісці ў крыві,
І моц юнацкую ў каханні,
І шчасцем зноў мяне спаві;
І летуценніцкія дні,
І пэўнасць у сябе вярні.
Камічны акцёр

Калі, здараецца, прыцісне
У лютай бойцы супастат
Альбо на шыі дзеўка вісне,
Тады юнацтва ў акурат,—
І для парываў на прыволле,
І для застолляў у шынку,
Для танцаў, славы і сваволля,
Для славы гордай у вянку.
А струны ціхія гітары
Перабіраць і лашчыць слых,
Аплакваць страчаныя мары —
Хай будзе доляю старых,
Пачэсным абавязкам вашым,
А мы заўсёды вас уважым;
Не верце, ў старасці наш розум не здае,
Нас толькі старасць дзецьмі застае.
Дырэктар

Але, панове, ад дыскусій
Да справы перайсці пара,
Бо ў кампліментнай пацярусе
Няма ні каліўца дабра.
Чаго спрачацца пра натхненне! —
Калі вагаешся — прапаў!
А ты, паэце, у імкненне
Укладвай свой святы запал
І, маючы нядрэнны вопыт,
Згатуй нам моцнага пітва,
Не адкладаючы свой клопат,—
Бо ясна ўсё як двойчы два!
Не прапускай ні дня дарэмна,
Хапай магчымасць за каўнер,
І тое, што табе прыемна,
Бяры не потым, а цяпер.
Вы можаце на нашай сцэне
Тварыць без лішніх дай прычын,
Не шкадаваць на прадстаўленне
Ні дэкарацый, ні машын.
Хай будзе ўсё, нібы жывое:
Аблокі, зоркі, небакрай,
Святло вялікае, малое{3},
Вада і скалы, пекла, рай.
У цесныя ўмясціце рамы
Жывёльны свет і свет людскі
І праз дзівосы напрасткі
Ідзіце да пякельнай брамы.

Пралог на небе{4}

Гасподзь, нябеснае воінства{5}. Пасля Мефістофель.

Наперад выходзяць тры архангелы.


Рафаіл

Гучыць грымотнай песняй сонца
У дружным хоры братніх сфер,{6}
Спрадвеку кружыцца бясконца
На свой прадпісаны манер.
Магутнасць творчага гарэння
Нам прыбаўляе свежых сіл,
І, нібы ў першы дзень тварэння,
Уражвае палёт свяціл.
Гаўрыіл

З шалёнай хуткасцю ў прасторы
Адвечна кружыць шар зямны,
І ўсё змяняецца ў пакоры:
І светлы дзень, і змрок начны.
Бушуе мора, мкне на бераг,
Б’е ў скалы пеністы прыбой.
Зямля і мора, хваляў шэраг
Праходзяць тут перада мной.
Міхаіл

На сушу рвуцца хваль чароды,
Ныраюць скалы ў бездань вод.
Ўзаемадзеяння прыроды —
Загадкавы кругаварот!
Хай пекла страшыць спусташэннем,
Зямлю бічуе грозны гром —
Паслы твае тваім натхненнем,
Тваім, гасподзь, жывуць дабром.
Усе ўтрох

Святло гасподняга гарэння
Апору, веру нам дае.
І, нібы ў першы дзень тварэння,
Магутныя дары твае.
Мефістофель

О божа, зноў падаўся ты ў візіты,
Свае ўладанні аглядаеш зноў.
І я прымазаўся да світы,
Бо ацаніў тваю любоў.
Я не анёл, не дурань блазнаваты,
Каб кампліментамі вастрыць язык.
Ты б з пафасу смяяўся, як наняты,
Калі б даўно смяяцца не адвык.
Я памаўчу пра сонца, пра сусветы —
Мне рупіць пра насельнікаў планеты:
Зямны бажок нязменны, тая ж плоць,
Якою ты стварыў яе, гасподзь.
Адна бяда — не задзіраў бы носа,
Калі б не ведаў ён святла нябёсаў.
Ён розумам святло тваё заве
І з ім усё-такі жывёлінай жыве,
Ён, як цыбаты конік той,
З дазволу кажучы, — цвіркоча
І скача ўверх з травы густой
І ў шыр нябесную падняцца хоча.
А жыў бы добра, калі б з проса,
Як той казаў, не соваў носа.
Гасподзь

І гэта ўсё? І больш нічога?
Ты ўсё з даносамі ідзеш да бога.
Чаго ты так злуешся на зямлю?
Мефістофель

Зямной гароты не люблю:
Там столькі слёз, што беднага народа
І чорту нават стала шкода.
Гасподзь

Ты знаеш Фаўста?
Мефістофель

                          Доктара?
Гасподзь

Майго слугу!
Мефістофель

О, гэта асаблівы служка бога —
Не любіць харчу ён падножнага, зямнога;
Ці то яго апанаваў які паморак,
Ці думкі ў нетры завялі —
Ён патрабуе з неба лепшых зорак
І асалод найлепшых на зямлі,
Ды ні зямля, ні далечы сусвету
Ніяк душу не задаволяць гэту.
Гасподзь

Хай мой слуга цяпер упоцемках блукае,—
Я з часам выбаўлю яго ад дробязных турбот:
Садоўнік загадзя, па кветках знае,
Які на дрэве выспеліцца плод.
Мефістофель

Іду ў заклад — не скажа «дзякуй богу»!
Я толькі ў вас дазволу папрашу
Павесці Фаўста на маю дарогу.
Гасподзь

Пакуль жыве ён, за яго душу
І без майго дазволу можаш ты змагацца:
Пакуль імкнецца, можа памыляцца!
Мефістофель

Я дзякую! Абрыдла мёртвымі займацца —
Здаровыя, разумныя мне любы.
Чым варушыць у пекле трупы,
Лепш пашукаць другіх выгод,
З жывым гуляць, як з мышкай кот.
Гасподзь

Калі да грэху ад святой крыніцы
За чортам кінецца стары,
Дык пашырай тады свае граніцы
І ўладу поўную над ім бяры.
Але на кару сам гатовы будзь,
Калі свайго ты не стрымаеш слова
І не патрапіш Фаўста павярнуць.
Мефістофель

Я згодзен. Не пужае ўмова.
Калі жаданая у рукі дасца мэта,
Узнагародай будзе мне за гэта
Бязмежны мой трыумф і твой давер —
І ўжо тады яго прымушу я,
Каб ён зямлю сырую жэр,
Каб поўзаў ён, як цётухна змяя.{7}
Гасподзь

Люблю такіх, як ты, аблуда-чорт.
Калі знагодзіцца, заўжды заходзь
І ведай — ад сваіх шчадрот
Цябе адорыць ласкаю гасподзь.
А Фаўст слабы, бо цішыню шануе,
Пакорліва жыве самотніцкі ізгой.
Каб раздражніць, узбунтаваць спакой,
Я сябра дам яму, што ўсё руйнуе.
(Да архангелаў.)

А вас, сыноў сапраўдных рая,
Няхай уцешыць прыгажосць святая,
І вечна творчы дух нябёс
Любоўнай лучнасцю няхай павяжа,
А ўсё няпэўнае, няяснае, як лёс,
Няхай ахопіць думка ваша.
Неба зачыняецца. Архангелы разыходзяцца.


Мефістофель (адзін)

А мне ў дзядка штораз мілей!
Чаго сварыцца з ім! — Стары
І чорту шчодры на дары,
Аж з вуснаў капае ялей!

Першая частка трагедыі

Ноч{8}

Цесны гатычны пакой з высокім скляпеннем. На крэсле за сталом устрывожаны Фаўст.


Фаўст

Я філасофію вучыў, і права,
І тэалогію, і медыцыну.
Здаецца, бачу ўсё яскрава,
А ў галаве калі прыкіну,
Дык хоць чытаў я процьму кніг,
А глузду не набраўся з іх.
Магістр я, доктар — а між тым
Гібею ў склепе пыльным і пустым
І дзесяць год наўпрост-наўскос
Ваджу людзей даверлівых за нос,
Хоць і падказвае мне сэрца,
Што нельга да ўсяго даўмецца.
Прафанаў я ў навуках абышоў:
Магістраў розных, дактароў, папоў,
Не ведаю сумненняў я, адчаю
І перад пеклам боязі не маю,
А ўсё ж без радасці жыву — не знаю,
Ці ключ да ісціны трымаю,
Ці ў тайны вучням адчыняю дзверы,
Ці далучаю іх да шчырай веры.
Не маю ні набыткаў я, ні грошай,
І славы гэтак жа няма харошай —
Сабака так не мог бы жыць!
І вось пачаў я варажыць,
Спадзеючыся, што адвечны дух
Мне разамкне таемнасці ланцуг,
Каб ведаў я, што гавару,—
Ці злу служу я, ці дабру,—
Каб сувязь рэчаў разгадаць
І тлумачэнне думцы даць,
Каб дзеянняў спазнаць асновы,
І перакласці іх дакладна ў словы.
О, на пакуты з вышыні,
Мой месячык, хоць раз зірні:
Як я над кнігамі ўсю ноч
Нядрэмных не заплюшчыў воч.
Зірні і сумны свой прывет
Пашлі ў абрыдлы кабінет!
О, каб узняцца мне да гор,
Лунаць, як дух, каля пячор,
Турбот няпэўнасці пазбыцца,
Расой гаючаю абмыцца
І вызваліць душу і рукі
Ад марнасці пустой навукі!
Няўжо да гэтае пары
Не вырвуся з глухой нары,
Дзе і нябеснае святло
Ледзь-ледзь прасочваецца ў шкло,
Дзе стосы кніг маіх пад столь —
Вучоных доследаў клады —
Чарвяк стачыў, паела моль
За ўсе бясплённыя гады.
Сядзіць, як здань, убогі дзед,
А на стале прабірак строй,
Прылады складзены гарой.
Такі твой свет! І гэта свет?!
Пытаешся, чаму туга
І роспач у душы расце,
Чаму няпэўнасці смуга
Бадзёрасць гасіць, дух гняце? —
Твая стыхія не цяпло,
Якім гасподзь сагрэў людзей,
А павуціна, пыл і тло
І холад нежывых касцей.
Бяжы на волю! Кінь бярлог!
Ці ж таямнічы Нострадам{9}
Табе парадай не памог?
Не стаў апораю? Ты там
Спазнаеш без усіх свяціл
І выверыш прыроды рух,
Духоўных набярэшся сіл
І будзеш з духамі, як дух.
Наш чэрствы розум тых радкоў
Святых не растлумачыць, не!
Вы, духі, тут, з усіх бакоў! —
Прашу вас, адкажыце мне!
(Разгортвае кнігу і бачыць знак Макракосму{10}.)

Га! Знак чароўны раптам зноў
Усімі думкамі і сэрцам авалодаў,
І кроў застылая, старая кроў
Юнацкіх прагне асалодаў.
Той, пэўна — бог, хто склаў радкі,
Што бунт унутраны таймуюць,
Уцехай сэрца беднае чаруюць;
Мне знакі геніяльнае рукі
Па-свойму сэнс жыцця трактуюць!
Ці сам я бог? Мне ж ясны да канца
Аб дзейнасці прыроднай сілы словы,
Я разумею праўду мудраца
І споведзі ягонай сэнс суровы:
«Для нас свет духаў не замкнуты,
Але на розуме ў нас путы;
Стань, вучань, і пунсом зары
Зямныя грудзі абатры!»{11}
(Разглядвае знак.)

Нішто адвольна цэласці не рве,
Усё ўзаемнай еднасцю жыве!
Нябеснай сілай свецяцца паўсюды
Быцця крыштальныя сасуды.
І сіле той няма запруды —
На крылах у гармоніі чароўнай
Усе часцінкі і сасуды роўны.
Які спектакль! У шклянцы бура!
Дзе ж я схаплю цябе, бясконцая натура?
Дзе ж я знайду цябе, жыцця крыніца,
Што моц дае і небу, і зямлі?
Калі ж таму, хто п’е з цябе, прыпаўшы ніцма,
Астудзіш вусны смяглыя, калі?
(Нецярпліва перагортвае старонкі, бачыць знак Духа Зямлі.)

Другая ў знаку моц відна!
О Дух Зямлі! Ты мне бліжэйшы!
Здаецца — сам я стаў дужэйшы,
Палаю, нібы ад віна,
І мужнасць маю ў свет ісці,
Дзяліць і сум, і радасці,
Цяпер мне стала ўсё адно —
Перамагчы
Ці з караблём — на дно!
Гусцеюць хмары…
Закрылі месяца святло…
Мігае лямпа… чад…
Праменні скачуць
Над галавой… і дзьме
Са столі жудасць на мяне,
Агортвае, хапае!
Я чую — Дух жаданы тут!
Адкрыйся мне!
А сэрца рвецца, рвецца з пут!
Да адчуванняў новых
Душой і сэрцам я гатовы!
Я прагну адкрыцця! —
З’явіся, Дух! З’явіся, Дух!
Мне не шкада ні сэрца, ні жыцця!
(Бярэ кнігу і вымаўляе таямнічае заклінанне Духа.)


Успыхвае барвовае полымя.

У полымі з’яўляецца Дух Зямлі.


Дух Зямлі

Хто зваў мяне?
Фаўст (адварочваецца)

                      Жахлівы твар!
Дух Зямлі

Маіх ты прагнуў сфер, з маіх піў чар!
Нашто ж благаў, нашто прасіў,
Калі цяпер…
Фаўст

                   О боль! Глядзець нясіл!
Дух Зямлі

Здзівіўся я: хто так упарта кліча?
Хто хоча глянуць мне ў аблічча?
Дай, думаю, прыму яго капрыз.
І вось я тут, а Фаўст — раскіс!
Цябе, звышчалавек, скруціў мізэрны страх.
Дзе кліч душы? Няўжо зачах
Той свет, які за доўгія гады
У сэрцы выпеставаў ты,
Каб потым цешыцца заўзята,
Што з духамі ты стаў запанібрата!
Дзе Фаўст наш горды, чый язык
Данёс душы збалелай крык?
Як разумець, што раптам ты
Майго агню спалохаўся і твару
І ўжо не хочаш стаць са мною ў пару,
А толькі, знішчаны, трасешся ад жуды,
Нібы чарвяк! О гэты вечны страх!
Фаўст

Не страшна мне! Агонь мой не патух!
Я — Фаўст! З табою роўны, Дух!
Дух Зямлі

У бурах падзей, у жыццёвых вірах
То — упаду, то — узлячу,
То — назад, то — наперад імчу!
Імкнуся я ўдаль!
І жыццё, і смерць,
І мора, і цвердзь —
Як зменлівасць хваль!
Так тчэцца на кроснах прыродных кругоў
Жывое адзенне багоў.
Фаўст

Ты маеш свет і тчэш адзенне бога,
Які ж, Дух дзейны, блізкі я табе!
Дух Зямлі

Ты блізкі Духу, свет якога
Уразумеў! Не мне!..
(Знікае.)

Фаўст (узрушана, з адчаем)

                                Табе не блізкі я?..
Каму ж тады?..
Богападобны вобраз я!{12}
Табе не блізкі, не?..
Стук у дзверы.

О ліха!.. Лабарант мой — фамулюс{13},
Прыйшоў, каб галаву мне затлуміць
І ў жылы зноў атруты ўліць —
Сухі праныра і падступны хлус!
Уваходзіць Вагнер у начным каўпаку і ў шлафроку з лямпай у руцэ. Фаўст з прыкрасцю паварочваецца да яго.


Вагнер

Прабачце, вы дэкламавалі нешта
З трагедый грэчаскіх, відаць!
І я не супраць у мастацтве, зрэшты,
Каронаю трыумфу заўладаць.
Камедыянт, хай грае вельмі ўдала,
Не пераплюне кардынала.{14}
Фаўст

Калі, канечне, поп ваш не са сцэны —
Такія ў нас здараюцца падмены.
Вагнер

Ах, ці не лепш утульны кабінет!
З яго ў акенца мы глядзім у свет.
Нібы ў падзорную трубу на неба.
Дык як жа нам вучыць людзей як трэба?
Фаўст

Мастацтва без душы — не адмыслова.
Калі ў яго я ўкладваю душу,
То шчырым і сардэчным словам
Людзям я сэрцы ўзварушу.
А вы! Сядзіце, выбірайце з місак
Чужыя недаедкі на булён
І дзьмухайце ў даўно астылы прысак —
А мо жарынкай выблісне вам ён.
Не дзіва, што не адрыгнецца
Такая страва смачная, ані —
І вы не злучыце ніколі з сэрцам сэрца
Сваёй няшчырасцю і поліўкай з хлусні.
Вагнер

Ах, толькі казань шчасце нам дае,
Ды жаль, мне красамоўства не стае.
Фаўст

А ты адразу хочаш стаць кумірам!
Навошта пераймаць табе аслоў?
Будзь простым, будзь заўсёды шчырым,
Зрачыся звышразумных слоў.
Сур’ёзнае паслухаць кожны рады,
Калі яно без трэску, без бравады.
А вашых фраз бліскучых — ані блізка!
Ад іх аскома і настрой ліхі,
Шумяць, бы ўвосень з поўначы вятрыска,
Калі па лузе гоніць ліст сухі.
Вагнер

Мой бог! Мастацтва без мяжы, без краю —
Жыццё ж кароткае занадта ў нас.
Вось мне, калі крытычна разважаю,
Аж неяк страшна робіцца падчас.
Шлях да вытокаў ісцін не кароткі —
Змардуешся, пакуль сам знойдзеш сродкі,
Глядзіш, прайшоў не больш як паўдарогі,
Ды тут пара прыйшла выцягваць ногі.
Фаўст

Няўжо твае пергаменты — крыніца,
З якое можна мудрасці напіцца?
Патолі не здабудзеш анідзе,
Калі яна сама з душы не йдзе.
Вагнер

А як прыемна часам у самоце
Абмераць духам даўняе стагоддзе,
Здаволена скептычным кінуць вокам
На ўяўны розум колішніх прарокаў?
Фаўст

О так! Удаль! Вышэй! Да зор!
Мой друг, часоў былых прастор —
Ёсць кніга пры сямі пячацях.
А што вы духам часу завяцё,—
Ёсць сам ваш дух, які жыццё
Перадае ў людскіх паняццях.
Як не заплакаць ад сумоты нуднай,
Як не зняверыцца ў сваёй душы! —
Пакажуць п’есу модную на кірмашы
Сярод галечы, нэндзы
                                і старызны бруднай —
Фарс на дзяржаву, пошлыя маралькі,—
Нібыта цешацца на сцэне лялькі!
Вагнер

А дух, а сэрца, а вялікі свет —
Цікава ж вывучыць такі прадмет!
Фаўст

Ах, у пазнанні чалавек няўтольны,
А сам імя дзіцяці даць няздольны.
Нямногіх тых, што нешта зналі,
Дарогу думкам смелым адкрывалі,—
Палілі, білі іх і крыжавалі.
Але, шаноўны, цёмна стала,
Пара наш дыспут перарваць.
Вагнер

Каб па-вучонаму дыспутаваць,
Мне й да світання часу мала.
А на вялікдзень, заўтра, ўранні
Да вас прыйду, — ў мяне пытанні.
Усё ў навуках знаю дасканала —
Ды я такі, усё мне вечна мала.
(Выходзіць.)

Фаўст (адзін)

Жыве няшчасны, верыць цуду!
Каб запаветны скарб прыдбаць сабе,
Рукамі прагнымі ён хлам грабе
І рады, чарвяка здабыўшы з бруду.
Як вусны грэшныя адважыцца маглі
Блюзнерыць тут, дзе Дух лунаў у позні час?
Але, няшчасны сын зямлі,
Я дзякую табе на гэты раз.
Я тут стаяў, амаль зусім бязрадны,—
І вось цяпер мне стала ўсё відней.
Дух быў такі магутны і ўсеўладны,
А я быў побач з ім, нібы пігмей.
Аслеплены лятункамі пазнання,
Я, падабенства божае, сябе прыўзнёс,
Узняў сябе амаль што да нябёс
І не хацеў зямнога існавання.
Як херувім святы я быў у марах,
Хацеў, як бог, трымаць стырно улады
І сілай творчай даць прыродзе рады.
І вось цяпер прыняць павінен кару:
Зазнаць магутнасць грамавога ўдару.
Мне, Дух, з табою не зраўняцца,
Бо я слабы; я мог цябе дазвацца,
А затрымаць ужо й не мару.
Вялікім і малым быў я адначасова.
Ты адштурхнуў мяне сурова
У чалавечы быт недасканалы
І веру падарваў у ідэалы.
Ці ж аддавацца марам варта?
І хто падкажа, дзе шукаць уцех,
Калі мы самі слепа, ўпарта
Свайго жыцця затрымліваем бег?
Высокіх парыванняў подых свежы
Не замяняе рэчавых выгод —
Дамогшыся будзённых асалод,
Не надта прагнем мы духоўнай ежы.
Надзеі, мары, шчырасць пачуцця
Гібеюць, чэзнуць у віры жыцця.
Фантазію, што кіравала ўгору лёт,
Што нашы далягляды пашырала,
Прыб’е, задушыць марнасці прыгнёт,
Утопіць вечнасці навала.
Турбота сэрца точыць і грызе,
А мы без сораму і без апаскі,
Як твар, хаваем подласць нашу ў маскі
І губім непасрэднасць пакрысе.
Нас нож палохае, пажар і краты,
Дрыжым за жонку, за дзяцей, ачаг
І з ціхім сумам у пустых вачах
Аплакваем прыдуманыя страты.
Не, з богам не зраўняцца мне ніяк! —
Гаротнае стварэнне я, чарвяк,
Што брудам корміцца і пад абцасам,
Прыціснуты, здыхае часам.
Я не ўтаймую свой нікчэмны боль.
Хіба не сушыць думку склеп мой цесны?
Ці ж не мадзею ў пыле я і ў плесні
І мудрасцю тупой ці не пладжу я моль?
Хіба павінен я, да ведаў прагны,
Карпець над процьмай нудных кніг,
Каб ісціну старую вычытаць у іх,
Што чалавеку доўга трэба лезці з багны,
Што на зямлі няма шчаслівых,
Што і цяпер паўсюль, як і спрадвеку,
Усе мы пад уладай хцівых
Законаў невуцтва, галечы, здзеку?..
…Што з’едліва так, чэрап, шчэрыш зубы?
Блукаў упоцемках, як здань, як цень,
Як я, шукаючы свой светлы дзень,
Твой мудры валадар да дня загубы.
І вы, рэторты, колбы, стойкі, рамы,
Не насміхайцеся, пакіньце кпіць.
Ключы шукаў я да пазнання брамы,
Аднак не здолеў браму адчыніць.
Калі ўначы пад непраглядным змрокам
Схаваных таямніц не выкраў ты
Ні розумам сваім, ні сэрцам і ні зрокам, —
Навошта тыя рычагі, вінты,
Якія бацьку прывялі ў труну,
І фаліянтаў закурэлых кучы,
Якіх даўно ўжо цвілі дух крануў.
Чаму ж не кінуў я абрыдлы свой катух?
Не прамантачыў, кінуўшыся ў вір кіпучы,
Маёмасці, што ў спадчыну даецца,
Каб выпасвіць на старасці трыбух
І грэць ва ўцехах бестурботных сэрца? —
У крук сагне ашчаджаная тхліна —
Жыві лепш тым, што дасць табе хвіліна.
Але чаму, нібы магніт, у змроку ночы
Флакон так вабіць мае вочы,
І светлым робіцца начны абшар,
Нібыта месяц выглянуў з-за хмар.
Вітаю я цябе, адзіны мой фіял,
Здымаючы з паліцы трапяткой рукою!
Цябе, увасабленне міру і спакою,
Чый змест глыбокі многім — ідэал,
Цябе, плён розуму людскога свету,
Крыніцу творчага, смяротнага імпэту —
Цябе прашу, не адмаўляйся другу
Зрабіць апошнюю паслугу.
Цябе пабачыўшы, пакуты забываю,
Таймую буру я, калі цябе трымаю.
На моры, што ў душы, мне ўжо адліў відзён.
Прасторы чыстых сініх вод
Мяне завуць, імкнуць і вабяць у паход
Да новых берагоў, да новых дзён.
Злятае агнявая калясніца
Да ног маіх. І ад зямной хімеры
Гатовы я ў эфір на ёй узвіцца
У новыя нязведаныя сферы.
Высокае жыццё, нябёсаў дух лагодны!
Але, чарвяк, ці варт яго, ці годны?
Так, варты! Дык рашуча, смела
Ад сонца адвярніся, што зямлю прыгрэла,
І браму адамкні, адолеўшы свой страх,
Якога ўнікнуць кожны быў бы рад,
І дакажы, што ты не сцерты ў прах,
Што дзейнасць чалавека з божай стане ў рад,
Што ты скарыць фантазію нарэшце змог,
Што ні агонь пякельны, ні ўяўленні
Не скаланулі вусцішна твае калені
І ты пераступіў таемнасці парог,
Што весела, спакойна робіш гэты крок
Перад пагрозай адысці ў адвечны змрок!
Пакінь свой футарал, святы сасуд,—
Хай спраўдзіцца апошні мой прысуд!
Забыў я пра цябе ў сваіх мурах.
А некалі ж ты быў лякарствам ад дакукі
І ззяў раскошаю на дзедаўскіх пірах,
Калі цябе перадавалі з рук у рукі,
Дзівосны ўзор мастацкае разьбы —
(Па звычаю, хто п’е, павінен на пацеху
Тлумачыць так, каб клаліся ад смеху)
Напомніў дні юнацкае гульбы.
Цяпер цябе не перадам суседу,
Дасціпнасцю сваёй не ажыўлю бяседу.
Прыму ж пітво смяротнае, якое
Абраў я спрагненай душою,
І ў полымі яго згару.
Апошні раз я п’ю. Вітаю новую зару.
(Падносіць чашу да вуснаў.)


Званы і харальнае песнапенне.


Хор анёлаў{15}

Уваскрэс Хрыстос!
Мір вам, самотныя,
Целам смяротныя,
Духам гаротныя,
З неба прынёс!
Фаўст

Але чаму, якая раптам сіла
Фіял, да губ паднесены, спыніла
І адвяла мяне ад чорнае труны?
Ці не ўваскрэсення імгненне
Вяшчаюць медныя званы
І пра маё другое нараджэнне
Над плашчаніцаю гудуць яны?{16}
Хор жанчын

Пахкім бальзамам
Масцілі і палівалі,
Цела ягонае самі
Саванам мы спавівалі.
Мы клалі святыню
У дамавіну.
Як, сыне мілы,
Ты ўзнёсся з магілы?
Хор анёлаў

Уваскрэс Хрыстос!
Богаславёны
Той, хто ягоны
Богам цалёны
Ушаноўвае лёс!
Фаўст

О гукі божыя магутнасці, лагоды,
Навошта прыляцелі вы ў закутак шэры?
Лунайце там, дзе ёсць пачуцці згоды —
Я чую вестуноў, але не маю веры.
Усякі цуд — ёсць веры любае дзіця.
Я не магу ўзляцець у тыя сферы,
Адкуль гучыць прызыўны кліч жыцця,
З маленства мне знаёмы гэты звон,
І сёння зноў мяне чаруе ён!
Хацеў я ўпіцца пацалункамі нябёс,
Суцішыць плоць у засені суботы,
І вось парушаны мае турботы:
Званы мне прадказалі іншы лёс —
Сум непазбыўны па гарачым леце,
Лугах у россыпе крыштальных рос,
І праз смугу нявыплаканых слёз
Угледзеў я сябе ў інакшым свеце.
У мне раптоўна песня абудзіла
Юнацкай радасці паток,
І неадольных успамінаў сіла
Цяпер загубны стрымлівае крок.
Я плачу! Дык гучы, хвала харала!
Зноў да зямлі мяне ты прыкавала!
Хор вучняў

Дух яго й цела
Узнёс гасподзь.
У неба ўзляцела
Крылатая плоць.
Цудам нябёсы
Ты акрылі!
Горка нам слёзы
Ліць на зямлі.
Мы астаёмся
Тут у журбе.
Божа, імкнёмся
Мы да цябе!
Хор анёлаў

Тлен пераможаны!
Слаўце Хрыста!
Краты астрожныя
Скіньце з Хрыста!
Вам, знемагаючым,
Бога благаючым,
Міру жадаючым,
Блізкі Хрыстос
З чыстых нябёс!

Каля брамы{17}

Шпацыр. Людзі выходзяць з брамы.


Некалькі рамеснікаў

Куды сабраліся такім гуртом?
Другія

А вы куды? Мы ў Паляўнічы дом!
Першыя

Ды вось надумалі пайсці да млына.
Адзін рамеснік

Хадземце, хлопцы, да ракі.
Другі рамеснік

Дарога кепская, раскісла гліна.
Другая група рамеснікаў

А ты?
Трэці рамеснік

Мне ўсё адно — на ўсе бакі.
Чацвёрты рамеснік

У Бургдорф лепей рушым, дзецюкі,
Там дзеўкі — во! Там вараць піва густа,
І там пачэшам кулакі!
Пяты рамеснік

Свярбіць кулак? Наўме — распуста!
І вечна вабіць да крыві! —
Я не пайду з табою, не заві!
Служанка

Давай лепш вернемся дамоў.
Другая

Ай, не! — ён нас чакае пад таполяй.
Першая

Што мне за ўцеха? — будзе зноў
Ён ля цябе круціцца болей:
То ціхім крокам, то падскокам,
А мне ваш флірт вылазіць бокам!
Другая

Не бойся, будзеш не адна ты —
З ім прыйдзе той другі, чубаты.
Студэнт

Глядзі! Эх, чорт — вось дык дзяўчаткі!
Дагонім іх! Наступім ім на пяткі!
Мне што падай? — Табакі нюх ды куфаль піва
І — цёхкай з дзеўчынай юрліва!
Дзяўчына-мяшчанка

Аслеплі хлопцы! Ганьбяць шпацыр!
Аж сорамна глядзець на іх, калі
Так да кухарак ліпнуць, а маглі
З дастойнымі, з больш вартымі кахацца.
Другі студэнт (першаму)

Чакай, там ззаду дзве паненкі,
Надзеўшы новыя сукенкі,
Перабіраюць ножкамі; адна —
Мая суседачка, яна —
Тугі маёй прадмет, майго запалу —
Прыстроімся да іх памалу?
Першы

Памалу? Не! Давай хутчэй!
Бяжым! Бо красачка ўцячэ.
Рука, якая ў працы агрубела,
І лашчыць лепш, і горне больш умела.
Мешчанін

Я бургамістру нашаму не рады.
Як толькі ён дарваўся да пасады,
Парадкі новыя, свае, завёў,
Падаткі новыя прыдумаў. Людзі,
Палёгкі не было вам і не будзе:
Маўчы, плаці, бо ўкінуць бізуноў.
Жабрак (спявае)

Шаноўныя паны і пані,
Ніхто ў галечы з вас не рос.
Хай вас крануць мае рыданні,
Хай вас кране мой горкі лёс!
Хай чэрствасць сэрца не астудзіць,
Хто дасць — здабудзе болей той.
Дзень свята гэтага абудзіць
Шчадроты ўсе душы людской.
Другі мешчанін

На свята ці ў нядзелю мне прыемна
Паслухаць гутарку аб сварках, войнах,
Што ў Турцыі тамтэйшай неспакойна,
Што людзі недзе рэжуцца ўзаемна.
Сядзіш сабе з тым куфлем пад акном,
Глядзіш — па рэчцы праплываюць баржы,
А ўвечары ідзеш да жонкі ў дом,
Спакойны, мірны і спаважны.
Трэці мешчанін

Якраз і я так думаю, суседзе:
Хай б’юцца, душацца, наліха,
Хай дагары нагамі ўсё паедзе,
Абы — у нас было ўсё гладка, ціха.
Старая (дзяўчатам-мяшчанкам)

Ай, расфуфыры, ай, чапуры,—
Ад кавалераў горда вернуць пысу,
А самі ледзь не вылезуць са скуры:
Не поп — не прыбірайся ў рызу.
Дзяўчына-мяшчанка

Бяжым адсюль! Баюся я, Агата,
Каб не ўракла вядзьмарка спадціха,
Хоць мне яна яшчэ да свята
Наваражыла жаніха.
Другая

І мне майго паказвала ў крышталь —
Не хто-які ён — станісты ваенны!
Я ўсё яго шукала, ды, на жаль,
Увесь мой клопат марны і дарэмны.
Салдаты

Вежы высокія,
Вымураваныя.
Чуйныя, зоркія
Мы — чараваныя.
Крэпасці цвёрдыя
Войскам узяты!
Хочуць салдаты
Славай упіцца!
Гучнымі трубамі
У бітвы зазваныя.
Цяжкімі згубамі
Мы гартаваныя.
Ласкі жаноцкія,
Бітвы і страты,
Радасці плоцкія —
Знаюць салдаты.
Хочуць салдаты
Славай упіцца,
Замкі, дзяўчаты
Мусяць скарыцца!
Фаўст. Вагнер.


Фаўст

Сплылі па рацэ крыгі шумнай паводкі
Пад ветразем добрай красуні-вясны —
Даліны рунеюць, п’яніць пах лясны.
Сівая зіма баль спраўляе кароткі
Між горных уцёсаў і змрочных цяснін.
Адтуль яна, лютая, злосна яшчэ
Вятрыскамі, колкаю снежнай парошай
Па ніве ўзрунелай і пашы сячэ,
Ды сонца ўжо лашчыць праменнай раскошай.
Бягуць ручаіны, гамоняць заўзята,
Прыродзе і людзям аднолькава — свята.
І хоць не цвітуць ні лугі, ні палі,
Дык людзі затое паўсюль расцвілі.
Глянеш з гэтае гары
На вароты, на муры —
Як са змрочных тых варот
Валам валіцца народ!
Сагрэцца пара, разгавецца з паста,
Ўваскрэсенне адсвяткаваўшы Хрыста.
І самі ўсе людзі ўваскрэслі нібыта.
З хацінак закураных, нізкіх, гнілых,
З майстэрань і крам, ад катла і карыта,
З гарышчаў, скляпоў, ад памрочышчаў злых,
Ад працы натужнай, халоднай галечы,
Ад нудных, уедлівых хатніх турбот,
Ад змрочна-ўрачыстай царкоўнай пустэчы
Спяшае на ўлонне прыроды народ!
Ты бачыш, як люд па раздольнай даліне
Расплыўся — гуляюць, танцуюць, пяюць
І як на рачной на паводкавай плыні
Вясёлыя лодкі гарэзна снуюць.
Апошняй лодка адплывае,
Нагружаная цераз верх.
І на сцяжынках гор лунае
Залівісты, свавольны смех.
Бруіцца гоман на паляне,
І залівае радасць луг;
Я ведаю, — там, дзе сяляне,
Жыве мой чалавечы дух.
Вагнер

Мне, пане доктар, не на шкоду
Вандроўкі нашыя пяшком;
Але, на вашым месцы, зроду
Не знаўся б з грубым мужыком.
Варожыя іх песні, танцы,
Іх скрыпкі, кеглі, карагод;
Як чэрці ў пекле галадранцы,
А вы мне кажаце — народ!
Сяляне (пад ліпаю; песні, гулянка)

На фэст прыбраўся раз пастух:
Надзеў каптан і капялюх —
Апошні шык, дый годзе!
Пад ліпаю людзей-людзей!..
Музыкі, смех — аж дол гудзе!
А смык той чортам ходзе!
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І га-га-га!
Хлапчына ў гурт бачком-бачком —
І дзеўку злёгку плечуком
Штурхель! — а сам не лысы.
Яна зірнула строга: «Ах!
А каб ты скіс, а каб ты спрах!
Не адварочвай пысы!»
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І ого-го!
Адразу спетрыў спрытны зух,
Пад пахі дзеўку, скок — у круг!
І — дайце ж рады пары!
Гараць іх шчокі, нібы мак,
Рука ў руцэ — агонь юнак!
…Сукенкі, локці, твары…
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І гы-гы-гы!
«Вам толькі б грэцца ля спадніц,
Я знаю вас — шукай дурніц!
Чаго тут заляцацца!»
Ён ціха ўбок! — пад струнны зык —
Ад ліпы, смеху і музык!
А ўподручкі з ім… цаца!
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І хі-хі-хі!
Стары селянін

Пан доктар, вы вучоны муж,—
Тым болей радуемся мы,
Што не пагрэбавалі зноў
Прыйсці да нашае гурмы.
Найлепшы кубак падаём:
І асвяжальны наш напой
Няхай патоліць смагу вам,
Няхай у сэрца лье спакой,—
І кропель колькі ў гэтым шкле,
Хай столькі дзён вам бог пашле!
Фаўст

За гонар дзякую. Я п’ю
За вашу дружную сям’ю.
Людзі збіраюцца навокал яго.


Стары селянін

Дальбог, мы рады ад душы,
Што вы прыйшлі ў святочны час,
Хоць, праўда, і ў благія дні
Наведвалі вы часта нас!
Нямала тут стаіць людзей,
Якім калісь жыццё збярог
Нябожчык бацька ваш, калі
Прагнаць паморак дапамог;
Яшчэ тады, бывала, з ім
Хадзіў да хворых і юнак!
Ах, колькі згінула ў той час,—
Вас бараніў гасподзь, аднак.
З нягод ліхіх, цяжкіх вы цэлы выйшлі,
Збярог збавіцеля збавіцель вышні.
Усе

Няхай здароўе ваша, пане,
Зарукай дапамогі стане!
Фаўст

Маліцеся Таму, які ўгары! —
За веды, розум і дары!
(Ідзе з Вагнерам далей.)

Вагнер

Што адчуваеце вы, муж вялікі,
Калі вітаюць вас натоўпу крыкі?
Шчаслівы, хто пасля ліхіх турбацый
Дажыў да гэтакіх авацый!
Усе бягуць, нібыта ў ліхаманцы,
Таўкуцца, з любасцю на вас глядзяць,
Угору шапкі скрозь ляцяць,
Змаўкае скрыпка, ціхнуць танцы.
Народ на шпацыры, на пагулянцы
Каб трохі — у святым маленні
Прад вамі стаў бы на калені.
Фаўст

Давайце, дружа мой, з дарогі
Мы адпачнём на тым каменні,
Дзе ў пост галодны, пост убогі
Я кленчыў чыста ў задуменні,
З надзеяй верачы яму,
Маліўся, слёзна ўзносіў рукі,
Благаў, каб вызнаў нашы мукі
І адагнаў ад нас чуму.
Хвала натоўпу мне — дакор!
Бо сэрца кажа: тая слава,
Якою цешуся да гэтых пор,
Мне так дасталася без права.
Мой добры бацька праблукаў
Каля таемнасці натуры,
Свядома нішчыў дух пануры
І думак строй па-свойму ткаў;
Ён у кампаніі адэптаў
На чорнай кухні мудраваў
І ўедліва шукаў рэцэптаў,
Як спрэчнае з’яднаць у сплаў.
Лілея і залётнік — леў чырвоны,
Вянчаныя ў купелі тут,
Загнаныя ў агонь шалёны,
Для шлюбнай тайнасці шукалі кут.
І вось у фарбах дзіўных з’яў
З рэторты юная царыца
На пошасць выйшла падзівіцца.{18}
Тым часам люд сабе канаў.
І эліксірам тым пякельным мы
Сярод лугоў, сярод тутэйшых гор
Людзей лячылі ад чумы —
Але атрутай не спынілі мор.
І вось мяне, забойцу, славіць хор!
Вагнер

Нашто ўдавацца ў смутак і змартвенне?
Няўжо, выдатны муж, таго вам мала,
Што вы ў свой спрыт, які жыццё паслала,
Уклалі добрае сумленне?
Вы ў маладосці бацьку шанавалі —
Навошта ж катаваць сябе за гэта.
Цяпер, калі вы сутнасць распазналі,
Няхай вас іншая турбуе мэта.
Фаўст

Шчаслівы, хто не выракся надзеі
З балот маны зірнуць на свет!
Ад вечных бед шукаем панацэі,
Хоць дасягнуць не ўмеем блізкіх мэт.
Аднак гадзіну шчасця і дабра
Хай не азмрочыць недарэчны смутак!
Глядзі, ужо вячэрняя зара
Пазалаціла дахі хат і будак.
Дзень згас. Скаціўся з неба сонца скрыль,
Каб недзе там свяціць жыццёвым сілам.
Чаму, чаму не даў, гасподзь, мне крыл,
Каб мог ляцець я следам за свяцілам!
У вечных промнях радасных хвілін
Пабачыў бы ля ног я свет шырокі,
І ззянне гор, і ціхі змрок далін,
І ў срэбры й золаце аблокі.
І не спынілі б мой бунтарскі чын
Ні горы дзікія, ні змрок, ні скалы —
І вось ужо блакіт ласкавы
Марскую песціць далячынь…
Сышоў магутны бог з нябёс у край імглісты.
Мая мацнее прага, знішчыўшы жуду,—
Спяшаюся, каб піць прамень вячысты,
Пакінуў ноч і ў новы дзень іду,
У ззянні зор пад гоман хваль чароўных.
Як мара, мой прыгожы сон!
                                         Але, на жаль,
На крылах плоцкіх чалавеку ўдаль
Плыць нельга з духамі на роўных.
Такі ўжо род наш чалавечы,
Што мы імкнёмся ўгору без прынук,
Калі над намі, знікнуўшы ў сінечы,
Рулады звонкія вядзе жаўрук,
Калі над стромымі гарамі
Арлы лунаюць і калі
Па-над палямі і марамі
Ляцяць у вырай жураўлі.
Вагнер

І я, бывае, ў роспач упадаю —
Але такіх дзівосных думак не прымаю.
Абрыдне лес і луг, мне з імі цяжка ўжыцца,
І не зайздросны мне ў палёце птах,
Затое ж як чаруе кніжная паліца —
Гартаць старонкі, корпацца ў тамах!
Зімовай ночы мала мне, калі шукаю,
І млосць такая ў целе, галаве;
А то стары пергамент раскапаю —
І літарка да літаркі плыве.
Фаўст

Адным парывам ты жывеш заўжды.
О, каб мне толькі той бяды!
Ах, дзве душы ў грудзях зацяты бой
Вядуць і варагуюць між сабой.
Адна ўсё млее ад пажады,
Трымаецца за свет зямны,
Другая больш імкнецца да прынады
З тых сфер, куды ідуць з труны.
Калі, о духі, ёсць вы, — ёсць і лад,
Калі між небам і зямлёй ляціце,
Прыйдзіце з залатых сваіх палат
І прэч мяне ў стракаты свет нясіце!
О, каб мой плашч быў падуладны чарам
І каб памчаў мяне ў нязнаны край,
Другой адзежыны не ўзяў бы дарам —
Не трэба мне і царскі гарнастай.
Вагнер

Не выклікай знаёмай чарады,
Што над зямлёй лунае ў пасмах чаду.
Са злымі духамі{19} не знойдзеш зладу —
Не знаеш сам, адкуль чакадь бяды:
Ці з поўначы — вятры сцюдзёнымі зубамі
Кусаюць нас, халодзяць нетры душ;
Ці то з усходу — ліжуць языкамі,
Нясуць людзям сухоты, смагу, суш;
Ці з поўдня — з перасмажаных пустынь
Дыхнуць спякотай, жарам і духотай;
Ці з захаду — нясуць імжу яны і стынь
І захінаюць неба шэрай слотай.
Такія духі гэтыя: на зовы,
На шкоду тут жа з’явяцца яны.
Хоць склад анёльскі іхняй мовы,
Аднак усе — адроддзе сатаны.
Але хадзем! Бо лёгкі змрок і мгла
Заткалі далячынь, і стома падпаўзла.
У берлагу нам толькі ноччу міла.
Чаго пасталі, што вас так здзівіла,
Чым вас уразіў морак надвячорны?
Фаўст

Бяжыць па руні цюцька чорны!
Вагнер

Няхай сабе. А што ж у тым такога?
Фаўст

І не сабака, не! Прыгледзься да яго!
Вагнер

Звычайны пудлік, больш, бадай, нічога —
Згубіў, відаць, гаспадара свайго.
Фаўст

Ды не — пятляючы, да нас бяжыць.
Я нават бачу хіжы выскал,
І з поўсці сыплюцца пад ногі іскры,
І ўвесь ад хцівасці дрыжыць.
Вагнер

Вас змрок падманвае заўчасна —
Сабака чорны — бачу ясна.
Фаўст

Здаецца мне, вядзьмарскі круг
Ён робіць, бегучы па полі.
Вагнер

Блазнуе, скачучы ў сваволі —
Гаспадароў угледзеў двух.
Фаўст

А можа, праўда — бачу я сабаку?
Вагнер

Дальбог! Тут прывідаў — ні знаку!
Усё звычайна, як вядзецца —
Хвастом віляе, лашчыцца, кладзецца!
Фаўст

Ну што ж! Цю-цю! Хадзі да нас!
Вагнер

Пацешны цюцік, толькі чый?
Стаіш спакойна, ён цікуе,
А загаворыш — добра чуе,
Згубі што, адшукае ўраз,
З вады табе дастане кій!
Фаўст

І праўда ж — плоцкая натура,
Ні звання духу тут, усё — дрэсура.
Вагнер

Калі прайшоў сабачыя навукі,
Мужам вучоным дасца ў рукі;
Відаць адразу: гадунец шкалярскі,
Бадай што, варты нашай ласкі.
Ідуць пад гарадскую браму.

Кабінет{20}

Уваходзіць Фаўст з пудзелем.


Фаўст

Пакінуў нівы я, паляны
У цемрыве глухой начы,
Каб, жудасным адчаем гнаны,
Самому ад сябе ўцячы.
Усе спакусы і ўсе звады
З сваёй я вытруціў крыві,
Любві нябеснай зноў я рады
І рады зноў зямной любві.
Пакінь скуголіць, пудзель, супакойся!
Чаго ты ўздыбіў хіб, грызеш парог?
Ідзі за печ прыляж, не бойся,
Пазбудзься й ты сваіх трывог.
Калі за горадам дарэчы дужа
Твая была мне весялосць,
Дык тут, няўрымслівы мой дружа,
Будзь як жаданы і спакойны госць.
Калі ў пакоі цесным гэтым
Праменьчык цемру разграбе,
Узняты ў высі духам светлым,
Ты быццам спазнаеш сябе,—
Выходзіць розум з укрыцця.
І я тады, цяплом сагрэты,
Няўтольна п’ю з крыніц жыцця!
Дык не скуголь, прашу! Святыя гукі,
Якія сэрца грэюць, не павінны
Заглухнуць у выцці звярыным.
Мы ведаем, што людзі ад дакукі
З вялікіх ісцін строяць кпіны
І вельмі часта могуць самі
На іх накідвацца ліхімі псамі.
Ой гора мне! Хоць маю сілу волі,
Але ці ж гэтага даволі?
Чаму павінна высахнуць крыніца?
Чаму, сасмяглы, мушу адступіцца?
Не! я дасведчаны няблага:
Каб недастачу ў шчасці замяніць,
Мы звышзямное вучымся цаніць;
Наканавана ж нам да чыстай праўды прага,
Што выяўляецца на гэтым свеце —
І толькі ў Новым Запавеце.
Дык разгарну ж той кнігі першароднай
Святы арыгінал
І, ўклаўшы ў працу ўвесь запал,
Яго ўключу ў здабытак мовы роднай.
(Разгортвае фаліянт і пачынае перакладаць.)

Напісана: «Было спачатку Слова{21}
Ці так? Ці ясна? Ці не памылкова?
Лічу, для Слова гонару зашмат,—
Перакладу я лепш на іншы лад,
Натхнёны згадкаю магічнай.
«Была спачатку Думка!» — Так лагічней.
Але без спеху толькі, з першых фраз
Каб я ў бяссэнсіцы не ўграз,—
Бо хіба ж Думка што-небудзь тварыла?
Скажу ясней: «Была спачатку Сіла
Пішу, а сэрца кроіць пачуццё,
Што не, не Сілай творыцца быццё.
Чакай, — мо Воля, Розум,
Дзеянне, Парыў?
Так, «Дзеяннем сусвет пачаты быў!»
Пудзель, калі застаешся са мною,
Не скавычы, дай спакою;
Не пераношу сабачай скуглы —
Вельмі настырны ты, хоць і малы.
Ты дакучаеш мне ў часе работы.
Я, хоць і без асаблівай ахвоты,—
Мушу сказаць — не хавайся за печ,
Дзверы адчынены — прэч!
Што раптам бачу тут?
Нібыта здань залезла ў кут.
ЦІ праўда гэта? Сон?
Расце мой пудзель, страшны ён!
Ён пухне ўгору, у бакі.
Ён велізарны стаў такі,
Што бегемота перарос!
Паслаў мне ваўкалака лёс!
У зрэнках — вогненная злосць.
О! Я пазнаў цябе, мой госць!
Пабачым, спадабаецца ці не
Ключ Саламона{22} напаўсатане!
Духі (на калідоры)

З нашай хеўры чорт
У пастку ўлез, як хорт!
Мы ж каля дзвярэй стаім:
Нельга нам ісці за ім.
Пільна сочым мы!
Тут снуём і там,
Каб хітругу нам
Выбавіць з турмы,
Каб дапамагчы
Сябруку ўцячы;
Ён таксама нас
Вызваляў не раз!
Фаўст

Скручу я злыдня ў рог
Замовай Чатырох{23}!
Саламандра — палай!
Ундзіна — віруй!
Сільфіда — лунай!
Гном — працуй!
Той, хто ліхія
Чатыры стыхіі
Не заклінае,
Той і не знае
Ні ў духаў пакоры,
Ні ў свеце апоры.
Агнём згары,
Саламандра!
Круціся ў віры,
Ундзіна!
Зоркай ляці,
Сільфіда!
У дом свяці,
Incubus! Incubus!
Выходзьце, — змацуем саюз!
Ніводная не выйшла
З праклятага выжла.
Ляжыць ён, ашчэрыўшы іклы,
Здаровы, жывы, непаніклы.
Усцішу ўсё роўна
Я сілай чароўнай.
А ці не з пекла,
Пачвара, ты збегла?
Што ж, тады, можа,
Знак гэты паможа{24},—
Біч вашай хеўры!
Шчэцце тапырыцца, вырачыў зеўры!
Пахіба, страшыдла,
Пякельнае быдла!
Той знак — Хрыстовы,
Той знак — суровы,
Знак божае ўлады,
Святое спагады!
Думаў, што пудзель, аж ён
Вырас, раздаўся, як слон,
Кут засланіўшы і печ,
Хоча туманам расплыцца,
Сіліцца вырвацца прэч.
Не, я прымушу пачвару скарыцца!
Гнеў мой — магутны, пагрозы — не жарты!
Полымем знішчу, шаленец упарты!
Не чакай —
Агню, небам тройчы ўладарна ўславёнага!{25}
Не чакай —
Пакуль буду вымушан я да сабакі шалёнага
Найлепшы з усіх маіх сродкаў ужыць!
Туман рассейваецца, і з запечка выходзіць Мефістофель, апрануты вандроўным шкаляром.


Мефістофель

Навошта гвалт? Я рады вам служыць!
Фаўст

Дык вось дзе сутнасць пса! Шкаляр
Вандроўны! Казус смеху варты!
Мефістофель

Салют, васпане! Проста ў жар
Мяне кідаюць вашы жарты.
Фаўст

Скажы імя сваё.
Мефістофель

                        Як можа той,
Хто пагарджае думкай, словам,
Хто зазірае ў сутнасць, верачы замовам,
Цікавіцца такой лухтой?
Фаўст

Імя звычайна добра кажа,
Дзе крыецца ўся сутнасць ваша:
І вельзевул, і загубіцель душ, мой пане,
І проста шарлатан з яго прагляне.
Дык хто ж ты?
Мефістофель

                  Частка сілы той ліхой,
Дабро ўтвараецца з якой.
Фаўст

А сэнс які! Утойваць недарэчна!
Мефістофель

Я — дух, што адмаўляе вечна!
І маю рацыю, бо ўсё жывое ў свеце
Ператвараецца ж у смецце,
То лепш няхай яго б і не было.
А што для вас — грахі ліхія,
Знішчэнне, страта, проста зло —
Ёсць родная мая стыхія.
Фаўст

Назваўся часткай, а стаіш тут цэлы.
Мефістофель

Сказаў вам праўду я;
                              ваш свет здурнелы,
Ваш недарэчны чалавечы род
Вы лічыце за цэласць і аплот.
Я частка часткі, што калісь Усім была,
Я частка цемрадзі — прычыннасці святла,
Святла пыхлівага, што з самага пачатку
Перамагчы імкнецца цемру-матку,
Ды ўсё ж не знае, колькі б ні хацела,
Адмежавацца як ад цела;
Яму заўсёды цела стрэміць шлях,
Паверхня цел і іх адбітак —
Яго аснова і здабытак,
А цела смерць — ягоны крах.
Фаўст

Цяпер мне прынцып твой даволі ясны:
Скрывавіўшы дарма на цэлым дзясны,
Пачаў кусаць кавалкамі яго.
Мефістофель

І праўда, ў цэлым не здабыў свайго.
Дурное Нешта — свет і людзі ў ім,—
Спрадвек ваюючы з Нічым,
Зважаць не хоча на ліхоты, жахі,
Пад корань рэжа ўсе мае замахі.
Пажары, буры, перуны грымяць,
А мора і зямля стаялі і стаяць!
Праклятаму людскому зброду
Усе мае наскокі не на шкоду.
Здаецца, столькі я ў магілу звёў,
Ды новыя народжваюцца зноў.
Жыццё цячэ! (А я дрыжу ад шалу!)
І парасткі жыцця растуць памалу
З зямлі, з паветра і з вады,
Ім на карысць і холад, і цяпло.
Калі б агню ў мяне і пекла не было,
Прапаў бы я зусім тады.
Фаўст

На свет гармоніі, які
Кіруе ўсім жывым здаўна,
Дарэмна, чэрствы сатана,
Узносіш грозна кулакі!
Шукаў бы іншае задачы,
Хаосу выпладак лядачы!
Мефістофель

Падумаю над вашым сказам,
Але пра тое іншым разам!
Цяпер дазвольце кінуць вас.
Фаўст

Нашто пытацца, ў добры час!
Знаёмства я не пазбягаю.
Наведвай, маючы патрэбу,
Акон, дзвярэй не замыкаю —
А не — і комінам не грэбуй!
Мефістофель

Прызнацца мушу — не пускае
Мяне з пакоя вашага ніяк
Чароўны на парозе знак.
Фаўст

А, пентаграма сыну тла{26}
Балюча кіпці апякла?
Тады скажы мне, калі ласка,
Як сатану ўшчаміла пастка?
Мефістофель

Прыгледзься сам, накрэслен тут
Няроўна ў пентаграме кут.
Прадзерціся — не трэба спрыту многа.
Фаўст

То ж бач! — нянаджаная ўдача!
Злавіў я раптам духа злога —
І ў пастцы хітры д’ябал скача!
Мефістофель

Не ўбачыў пудзель анічога;
Лічы, так склаліся ўжо рэчы,
Што д’яблу з дома нельга збегчы.
Фаўст

Чаму ж тады не скарыстаць акон?
Мефістофель

У зданяў і чарцей такі закон:
Як увайшоў, так выйсці абавязан.
У першым вольны, у другім я скуты.
Фаўст

Ты бач!
            І ў пекле ёсць свае статуты!
Дык мо, дарэчы, змацаваць указам
Мне з вамі пакт, шаноўны пане?
Мефістофель

Трымацца пакта д’ябал абавязан,
Умоў ніколі парушаць не стане;
І з вамі я параіцца гатоў,
Сустрэйшыся асобна дзеля справы.
Цяпер жа я хачу, мой пан ласкавы,
Сказаць: «Дабранач, будзь здароў!»
Фаўст

Пастой, спяшацца, чорт, няма куды —
Хачу спытаць што-колечы сам-насам.
Мефістофель

Пусці, вярнуся зноў я лепшым часам,
Распытвай — колькі хоч тады!
Фаўст

Цябе не клікаў я, ты сам наўпрост,
Самохаць трапіў здуру ў сець.
Злавіўшы сатану, трымай за хвост —
Другога выпадку не будзеш мець.
Мефістофель

Ну што ж, калі запал яшчэ не згас,
Кампанію прымаю вашу,
З умовай, што прыемна час
Дасціпамі сваімі скрашу.
Фаўст

Калі на штукі здатны, чорт, смяшы,
Абы — каб радасць на душы!
Мефістофель

За час кароценькай прыгоды
Мець будзеш болей асалоды,
Чым за гады, што тут пражыў;
Павер, пяшчотных духаў песні,
І хараство, і водар весні —
То не чароўная гульня.
Душа тут радасці нап’ецца,
Лагодай сэрца абальецца,
Агорне цела цеплыня.
Залішнія падрыхтаванні —
Гатова ўсё. Спявайце, здані!
Духі

Знікні, сыдзі ты,
Морак скляпення!
Неба блакіты,
Клічце ў эфір!
Прэч пранясуцца
Хмары, завеі,
Зоры ўсміхнуцца.
Хай нас сагрэе
Сонца і мір!
Духаў чароды,
Снуйце заўсёды,
Песні спявайце,
Лётайце, грайце,
Чмур навявайце!
Воблакаў шаты
Долу спускайце.
Мірныя хаты
Ўтулку людскога,
Нават альтанкі
З песняй каханкі
Скрыйце ад бога!
Вінныя гронкі
Кіньце ў сасуды!
Хай сок салодкі
Пырскае ўсюды —
Поўняцца плыні
Сокамі тымі;
Льецца струменне
Цераз каменне,
Мыючы тыя
Кручы святыя.
Рэкі кідаюць
Стромкія горы,
Рэкі ўпадаюць
Дзесьці ў азёры.
Там ля падножжа
Краскі прыгожа
Завадзі ўкрылі.
Птушкі ў іх крылы
Гояць ад зморы,
Потым у горы,
К сонцу, пад зоры,
К выспам у моры
Хутка ляцяць.
Бурныя хвалі
Там зіхацяць,
Быццам каралі.
Там нашы чары —
Ў песнях гуллівых,
Там нашы пары —
Ў танцах чуллівых,
Там нашы мары,
Нашы натхненні,
Там нашы крозы
І летуценні.
Мчым у нябёсы,
Там вып’ем з рога
Кахання святога.
Мефістофель

Заснуў! Удзячны вам, сыны эфіру,
Настроілі сваю цудоўна ліру! —
Вам у хвалу скажу пасля я тост.
Не па табе, мой Фаўсце, чортаў хвост!
Навейце мар салодкіх, хай у сне
Стары глыбей у вір нырне.
А мне, каб выйсці з-пад замка,
Патрэбны зубы пацука.
Адзін прыбег ужо і, бачу,
Гатоў рашыць маю задачу.
Я — цар мышэй і пацукоў,
Мух, вошай, жаб і павукоў,{27}
Загадваю — падлезь ці падпаўзі
І пентаграму абгрызі.
Грызі хутчэй, грызі смялей
Там, дзе накапаны алей.
Ражок, што выйсце замыкае,
З таго вунь краю выпірае.
Яшчэ грызні! Даволі, каб мне збегчы.
Дабранач, Фаўсце! Да сустрэчы!
Фаўст (прачнуўшыся)

Няўжо ўсё гэта зман і смех?
Аж неяк сам сабе не веру,
Што я сасніў усю хімеру.
Зноў я адзін, і пудзель збег.

Кабінет{28}

Фаўст. Мефістофель.


Фаўст

Хто там? Каго там носіць супраць ночы?
Мефістофель

Зноў я!
Фаўст

Заходзьце!
Мефістофель

Чорта просяць тройчы.
Фаўст

Тады заходзь!
Мефістофель

                     Цяпер зайду.
Не бойся, я не падвяду.
Твой скептыцызм, тваю хандру
Умомант з твару я сатру.
Глядзі: ядвабны плашч, штыблеты,
Чырвоны ў золаце каптан,
Плюмаж і белыя манжэты,
І шпага ёсць — чым я не пан,
Чым не шыкоўны кавалер?
Цікуй і пераймай. Павер —
Чым мардавацца ў кабінеце,
Шукай уцех на гэтым свеце.
Вальней жыві і смела шпар
Без летуценняў розных там і мар.
Фаўст

О не, зямную злыбяду забыць
Ніякае не дасць убранне.
Я ўжо стары занадта, каб франціць,
І юны, каб не мець жадання!
Што мне шукаць у гэтым свеце!
«Не патрабуйце многа! Верце!»
Вось наша песня, наш закон.
Аж вушы рве ад нудных нот.
Гучыць заўсёды гэты звон,
І дзень, і ноч, і круглы год.
Адчай даўно грызе мяне,
І горка плачу я — не праз грахі,
Але таму, што й гэты дзень міне,
Глухі да просьб маіх, глухі,
Што нават хараства шчадроты
Тупая крытыка звядзе,
Натхнення творчага палёты
Ў жыццёвай зглумядца брыдзе.
А прыйдзе ноч — туга адна:
Уцехі не прыносяць мары;
Калі ж засну, аж да відна
Душу вымаюць мне кашмары.
І нават бог душы мае
Мой свет унутраны бунтуе,
Ад паняверкі не ратуе
І волі сэрцу не дае.
Абрыдла ўсё: жыццё і праца —
Пара ўжо ў вырай мне збірацца.
Мефістофель

Я ў справах смерці вам не радца.
Фаўст

Шчаслівы той, каму ў зіхценні славы
Акрые скроні лаўр крывавы,
Хто з перамогаю закончыць бой
Альбо ў любові скон прымае свой!
Чаму ж, чаму, як дух з’явіўся,
Я не памёр і не спыніў пакуты.
Мефістофель

Але, здаецца ж, нехта не рашыўся
Прыняць смяротнае атруты.
Фаўст

А ты шпіён, чужыя любіш тайны.
Мефістофель

Хоць не ўсёведны я, але цікаўны.
Фаўст

Калі жуду ліхой хвіліны
Царкоўны звон з душы адвёў,
Мае пачуцці і ўспаміны
Міраж падсунулі мне зноў.
Кляну я ўсё, што спакушае,
Душой кіруючы пахілай,
Што светлы розум заглушае
Прывабнаю, падманнай сілай;
Кляну сляпую нашу пыху,
Якой сябе дарэмна губім,
Амбіцыю, якую любім,
З якой жывём без зроку й слыху.
Праклён таму, што цешыць снамі,
Што песціць мару аб узлёце,
Праклён таму, што разам з намі,—
Сям’і, маёмасці, рабоце!
Пракляты будзь і ты, Мамон{29},
Што сэрцы нам забрудзіў сажай,
За тое, што распусце нашай
Падушкі падкладаў спакон!
Праклён гаючым сокам гронаў,
Праклён любоўнаму ўтрапенню,
Надзеі, веры — сто праклёнаў
І больш за ўсё — майму цярпенню!
Хор духаў (нябачна)

О гора! О гора!
Ты знішчыў яго,
Разбурыў яго —
Прыгожы, прыемны,
Свой свет патаемны.
Паўбог, ты яго
Праклёнам паверг.
Мы хочам
Узнесці руіны наверх!
Мы плачам.
Наймагутнейшы
З мужных сыноў,
Найцудоўнейшы, —
Зладзь яго зноў!
Новы свет узвядзі
У сэрцы сваім!
Ідзі
Новым шляхам па ім!
Уваскрэсні
У лепшым жыцці,
Мы новаю песняй
Паможам ісці.
Мефістофель

Малая малеча,
А клёку паўнеча! —
Чуеш, завуць да прыгоды,
Радасці і асалоды.
З гэтай нары,
Дзе чэзнуць сокі,
Выйдзі, стары,
У свет шырокі.
Даволі няньчыцца з сваёй журбою,
Што каршуном твае вантробы рве;
Адкрыта ўсё перад табою,
Цябе Наступнае заве,
Табе цяпер з быдлячым збродам,
Што называецца народам,
Дзяліць няма чаго зусім!
Я не герой, не стану ім,
Але ж, калі на тое будзе згода
І выйдзеш ты з каморы шэрай,
Служыць пачну я праўдай, верай,
Парадай добрай пасабляць,
Варожы націск паслабляць,
Плаціць табе за згоду поўнай мерай.
Фаўст

А чым жа я сплачу табе?
Мефістофель

Дарэмны клопат, пачакаю.
Фаўст

Карыслівасць чарцей я добра знаю —
Не зробіць ласкі мне ваш брат.
Якая ўмова? Балазе,
Даверыцца гатовы я слузе,
Які нікому не наробіць страт.
Мефістофель

Хачу быць тут табе слугою,
Тваіх загадаў слухацца заўжды,
Калі ж мы там спаткаемся з табою —
Дык там паслужыш мне ўжо ты.
Фаўст

Што будзе там, мне клопаты малыя.
Калі жыццё зруйнуецца, тады я
Перасялюся ў новы свет.
Тым часам мне зямля падорыць радасць,
А сонца абагрэе старасць;
Калі ж Яна на мой натрапіць след,
Ёй і ўручу сябе і запавет.
Навошта ведаць, кім я стану,
Ці ёсць каханне там, ці залячу там рану,
Нашто мне знаць, цікаўны госць,
Ці ёсць там верх і ніз ці ёсць.
Мефістофель

Калі ты з рызыкай такой,
Дык дай распіску — і за мной!
Я пакажу табе такія рэчы,
Якіх не ўявіць розум чалавечы.
Фаўст

Чым можаш, чорт, мне быць карысны?
Хіба ж такім, як ты, памысны
Узлёт і веліч нашых спраў?
Ты можаш даць пітва і страў
Ці золата мяшок вялізны,
Якое з рук плыве, бы ртуць,
Гульню, ў якой не выйграюць,
І дзеўку, што цалуе ўсмак,
Вачыма даючы суседу знак,
Мішурнай славы па шынках,
Імгненнай, нібы метэор,
Ці плод, які згніе ў руках,
Ці дрэва, што мяняе ўбор
На дзень па дзесяць раз.
Мефістофель

Не страшны мне такі заказ,
Дзе толькі мой патрэбен спрыт,
Але, мой прыяцель, надыдзе час —
І разгарыцца апетыт.
Фаўст

Калі мяне знясіліць гэта ноша,
Хай будзе смерць — апошняя раскоша.
Калі ты зможаш, — дагаджай
І падмані спакусай прагную вантробу:
Тады ў хвіліну шчасця поўнага няхай
Апошні раз дыхну, спатоліўшы жадобу.
Іду ў заклад.
Мефістофель

               Давай!
Фаўст

                         Прашу!
Калі імгненню я скажу:
«Цудоўнае, спыніся! — панясу
З сабой у вечнасць я тваю красу!»
Хай гэта будзе мой апошні кліч!
Тады я твой! Закуй у кайданы!
І пад хаўтурныя званы
Пі сатанінскі магарыч,
Са службы звольнены ў мяне.
Апошні раз гадзіннік мой праб’е
І спыніць пошукі мае.
Мефістофель

Падумай лепш, бо чорт не абміне
Умовы нагадаць твае.
Фаўст

Рабі сваё, а мне ўжо не да жарту,
Бо вераломствам я не ўмею жыць.
Калі на рост не выстарчыць мне гарту,—
Тады і чорту я гатоў служыць.
Мефістофель

Ад сёння я, мой любы эскулап,
На ўсіх тваіх гулянках верны раб.
Але для пэўнасці слугі
Скрамзоль пісульку, дарагі.
Фаўст

Педант! Яму кляніся на паперы,
А слову гонару — ніякай веры!
Між тым цыдулкі мне — не ўказ,
Калі я сам ахвотна лезу ў нерат.
Жыццё цячэ сабе наперад,
Дык, можа, сплыў даўно распісак час?
І, можа, слова — дурасці прыкмета?
Фармальнасцю здаецца мне ўсё гэта.
Шчаслівы той, хто мае ў вернасці апору,
Каму не боязна з ахвяр пачаць:
Людзей палохае не вынік дагавору,—
Палохаюць пергамент і пячаць.
З пяра зляцеўшы, слова памірае,
Яно — як плоць бяздушная, нямая,
А сілу толькі воск ці скура мае.
Кажы, злы дух, што ты хацеў бы мець? —
Паперу, мармур, скуру, медзь?
Я грыфелем і долатам пісаць умею
І права выбару табе даю.
Мефістофель

Як можаш ты такую ахінею
У балбатню ўплятаць сваю?
Любы шматок паперы адарві
І падпішыся кропелькай крыві.
Фаўст

Ну, добра, пане чорт, уважу
Цялячую датклівасць вашу.
Мефістофель

Кроў — гэта ж адмысловы сок.
Фаўст

За пакт не бойся, ім я даражу,
Майго жыцця ён вынік, слушны крок,
І я не каюся, што прадаю душу.
Дарма паказваў нораў я амбітны,
Бо ўсё адно з жыцця нічога я не ўзяў.
Абразіў Дух мяне, не выслухаў малітвы
І не адкрыў сакрэт прыродных з’яў.
Разладжаны строй думак і разбіты,
І я навукамі па горла сыты.
Цяпер абраў я іншы шлях жыццёвы:
Я свой запал суцішваць буду,
Да чараў сквапны і гатовы
Таемнаму аддацца цуду.
Дык рынуся ж у вір падзей, прыгод,
У вір жыцця, ва ўспененыя часу воды,
Няхай і боль, і радасці турбот,
Няхай удачы і нягоды
Плывуць бурліваю ракою!
Шукальніку — няма спакою!
Мефістофель

Не буду абмяжоўваць вашых мэт,
Ласуйцеся чым хочаце ў ахвоту,
Лавіце момант асалоды з лёту,
Бярыце ўсё, што пасылае свет,—
Не трэба толькі быць разявай.
Фаўст

Не мне здавольвацца імгненнай славай,
Я не жадаю танных асалод.
Нянавісці хачу, пакутлівых згрызот.
Я не замкну сваіх грудзей для болю,
Што гадавалі прагу да пазнання,
І перажыць сабе дазволю
Ўсе нечаканасці наканавання,
І чалавецтва змеру ўласным духам,
Аддаўшыся і радасцям яго і скрухам,
Зліюся з ім, спазнаю сутнасць ладу
І разам з ім пайду да заняпаду.
Мефістофель

Я гэты харч ем, чалавеча мілы,
Тысячагоддзямі — дай веры мне:
Ніхто яшчэ з калыскі да магілы
Той хлеб ацеслівы не пракаўтне.
Суцэльнасць тая, што цябе чаруе,—
Уласнасць бога аднаго.
У вечным бляску ён адзін кіруе,
Нам — вечны змрок дастаўся ад яго,
А вам — без вечнасці дзень з ноччу.
Фаўст

І ўсё ж ад мэты я сваёй не збочу!
Мефістофель

А што ж, я вам ахвотна веру,
Хоць страх турбуе ўсё адно:
Жыццё кароткае не ў меру,
Мастацтву ж краю не відно —
Пара вам гэта знаць даўно.
Такія мары толькі для паэтаў.
Няхай пясняр лунае як найвышай
І значнасць слынных запаветаў
На вашым гордым чэрапе запіша:
Адвагу львоў,
Імпэт і грацыю аленя,
Іспанца агнявую кроў
І скандынаўскую настойлівасць імкнення.
Няхай дабро з падступніцтвам ён звяжа,
Хай таямніцы вам пакажа,
Як згодна з планам трэба жыць —
Каго кахаць, а з кім дружыць.
Каб я такога рызыканта знаў,
Яго б я Мікракосмам зваў.
Фаўст

Тады хто ж я, калі карона
Маіх жаданняў і надзей
На галаву маю ўпадзе
Па ласцы спрытнага патрона?
Мефістофель

Ты быў і будзеш сам сабою.
Хай ты вясёлы, хай ты хмурны,
Надзень парык, абуй катурны —
Усё адно ты будзеш сам сабою.
Фаўст

Людскога духу скарбы я збіраў дарма,
Стараўся марна імі ўсцешыць сэрца —
Імпэту новага ў душы няма,
І сіла свежая ў грудзях не б’ецца:
Не ўзнёсся розумам вышэй,
Ні да бясконцасці бліжэй.
Мефістофель

Але ж не бачыце вы ўрэчы
Сапраўднай вартасці яе.
А трэба розумам далегчы —
І ўжо яна карысць дае.
Ты маеш ногі, рукі, зад,
Жыві, паплёўваючы ўгору,
І карыстайся ўсім падрад,
Сабе не робячы дакору.
Тры пары жарабцоў запрог —
Іх сілай ці ж не я ўладаю?
Два тузіны здаровых ног
Замест сваіх уласных маю.
Глядзі на рэчы весялей!
Развагі прэч! За мной смялей!
Скажу табе: разумнікі ўсе вашы —
Як тое быдла; ўлева-ўправа
Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы,
Хоць навакола свежая атава.
Фаўст

З чаго ж пачаць мне?
Мефістофель

                                Свет багаты.
Хадзем, пакінь свае пенаты:
Не бачу сэнсу ў тым, каб ты
Капаўся ў сметніку лухты.
Сусед пузаты ў вашым кабінеце
Няхай вучонае зграбае смецце
Ў парожнія галовы блазнюкоў.
Адзін такі ў размовах споры —
Таўчэцца, чую, тут у калідоры.
Фаўст

Я да сустрэчы гэтай не гатоў.
Мефістофель

Чакаў так доўга ён. Хлапца
Шкада пакінуць без слаўца.
Ану, давай сваю мне шапку і хламіду,
Адзенуся — і за цябе я выйду.
(Пераапранаецца.)

Цяпер майму даверся спрыту!
Спектакль наладзіць — мне не праца!
Займу яго, а ты ідзі збірацца.
Фаўст выходзіць.

(Мефістофель у адзенні Фаўста.)

Глумі навукі, веды — толькі ў іх
Праклятыя вытокі сіл людскіх.
Дух адмаўлення, тлену і хлусні,
З дарогі розуму ахвяру адкасні
Прынадамі зласлівасці і здрады.
Сюды да Фаўста лёсам я пасланы;
Малым уцехам ён не рады,
Удалячынь імкне, як апантаны.
Што ж, пагружу цябе ў жыцця глыбіні,
У свет мізэрны, пошлы, ніклы,
Каб, ненажэрны, пазбіваў ты іклы,
Каб плыў, ныраў і захлынаўся ў плыні,
Каб ты, дзівак несамавіты,
Уяўнай ежаю быў сыты;
Каб, як апошняй літасці, благаў
Збавіцельніцу-смерць і не канаў.
Ты, Фаўсце, чалавек зусім прапашчы —
Ці тут канец табе, ці ў чорта ў пашчы.
Уваходзіць вучань.


Вучань

Прабачце, што прыходжу рана
З павагай шчыраю да пана,
Турбуючы для кансультацый
Асобу, вартую авацый.
Мефістофель

Я вашай ветлівасці рад,
Такіх, як вы, у нас няшмат.
Ці выпадала вам вучыцца?
Вучань

О, я хачу да вас прасіцца.
З сабою я прынёс здалёк
Натхненне, розум, кашалёк;
Бацькі мне дома не давалі волі —
Хачу вучыцца ў вашай школе.
Мефістофель

Тады візіт як нельга больш дарэчы.
Вучань

Сказаўшы праўду, хочацца мне збегчы
З муроў глухіх і з гэтае каморкі,
З двара, што без травы, без дрэў,
Дзе праклінаў бы лёс я горкі
Альбо праз дзень-другі здурэў.
Пустыя сцены, цвіль і змрок
Мне думкі душаць, гасяць зрок.
Мефістофель

Нішто, прывыклі б пакрысе.
Ці ж бо не гэтак цяжка і дзіцяці
Прывыкнуць з першых дзён да маці?
Пасля, глядзіш, са смакам, прагна ссе.—
Так ад грудзей навукі, прыйдзе час,
Ніхто не адарве і гвалтам вас.
Вучань

Прыпаў бы я да мудрасці грудзей,
Але парайце мне, шукаць іх дзе?
Мефістофель

Кіруючыся ў навуковы свет,
Які ж сабе абралі факультэт?
Вучань

Мне імпануе тып універсала
І прыдалася б ваша дапамога:
Хачу, каб думка меж не знала,—
Навукі знаць хачу, прыроду, бога.
Мефістофель

Тады знайшлі вы ўсё на вашы густы.
Аднак прашу — без гуляў, без распусты.
Вучань

Вучобе я аддам і дух і плоць,
Сябе трымаць гатовы ў чорным целе.
Вы ж, думаю, не будзеце супроць
Вакацый летніх, свята і нядзелі?
Мефістофель

Цаніце час найболей з усяго!
Карысць бярыце поўніцай з яго.
Таму ваш першы крок у людзі
Collegium logicum{30} хай будзе.
Там духу вашаму дадуць работы:
Душу ў гішпанскія абуюць боты{31},
Каб вы пасля абачліва маглі
Ступаць па сцежках думкі і зямлі,
Навучаць вас, што і такі працэс,
Як есці, піць, усякі траціць сэнс,
Калі камандай «раз-два-тры» здавён
Не вымуштроўваецца ён,
Не кажучы пра думак цёмны лес,
Бо фабрыкуюць іх усё адно,
Як ткач на кроснах палатно,
Калі сюды-туды чаўнок пускае
І ніткі бердам падціскае.
Так і філосаф вам дакажа,
Як знітавана думка наша:
Як першая спрычыніла другую,
Другая — трэцюю, а тую
Як у чацвёртай адшукаць,
Каб вывады лагічна ткаць,
І што без першай і другой
Не мае сэнсу ўвесь навой.
Так вучні ўсе на кроснах ткалі,
Але не ўсе ткачамі сталі,
Бо іншы рэч жывую спазнае —
І выганяе дух жывы з яе,
Усе канцы ў руках сваіх трымае,
А як у вузел іх звязаць —
                                 не знае.
У хіміі encheiresis naturae{32} то завецца —
Так хімія сама з сябе смяецца.
Вучань

Не ўсё мне ў думках вашых ясна.
Мефістофель

О, не бянтэжцеся заўчасна:
Навучаць вас рэдукаваць,
Па нормах класіфікаваць.{33}
Вучань

Вам гэта ўсё як «раз-два-тры»,
А мне — спрабуй перавары.
Мефістофель

Каб мела добры вынік ваша праца,
За метафізіку патрэбна ўзяцца,
Навукай гэтай мудрай, дарагі,
Вы найвастрэй адточыце мазгі.
Бязглуздзіцу ці сэнс яна адразу
Адзець умее ў слова альбо фразу.
Але хацеў бы я, каб вы спачатку
Прыладзіліся да майго парадку:
Пяць лекцый кожны дзень у нас,
І па званку з’яўляцца трэба ў клас,
І ўвесь зададзены дамоў урок
Павінны знаць вы назубок,
Настаўніку глядзіце ў рот, не ўбок,
І ўсё, што ў кнізе, слова ў слова,
Уголас паўтарайце адмыслова
І перапісвайце з яе лісты,
Нібы дыктуе бог ці дух святы.
Вучань

Лічу ўсё гэта зразумелым
І бачу ўжо карысць умоў:
Усё, што чорным запішу на белым,
Спакойна панясу дамоў.
Мефістофель

Дык выбірайце ж факультэт!
Вучань

Юрыспрудэнцыя мяне не вабіць.
Мефістофель

Я дастаткова ведаю прадмет,
Каб у віну вам гэтага не ставіць.
Законы прававой маралі
Мы ад эпох мінулых атрымалі
У спадчыну, нібы хваробу,
Што з роду ў род усім грызе вантробу.
І мы чужыя сплачваем падаткі,
Грахоў бацькоўскіх кволыя нашчадкі.
Дурнота мудрай стала, зло — з дабра,
А што прыродным правам жыць пара,
Забылі мы пра гэта, ані згадкі.
Вучань

Умацавалі вы мяне ў агідзе.
Шчаслівы той, хто ў школу вашу прыйдзе!
За тэалогію, магчыма, лепш узяцца?
Мефістофель

Баюся, тут я вам не лепшы радца.
Прадмет складаны і славуты,
Дзе заблудзіць за ўсё прасцей —
Адрозніць лекі ад атруты
Ніхто не ўмее між людзей.
Вы слухайце настаўніка свайго
І прысягайце словамі яго,
Бо толькі слову адамкнецца брама
Таго загадкавага храма,
Дзе ёсць і пэўнасць і аплот.
Вучань

Аднак ва ўсякага жывога слова
Павінна быць рэальная аснова!
Мефістофель

Магчыма! Толькі — што шукаць турбот!
Бо, зрэшты, там, дзе сэнсу мала,
Мы круцім словам дасканала;
Са слоў складаюцца ідэі, тэмы,
Са слоў будуюцца сістэмы,
Нам слова трэба паважаць,
Ні ў якім разе не скажаць.
Вучань

Даруйце, што настырна прыстаю,
Але прасіць асмельваюся вас
Мне думку выказаць сваю
Пра медыцыну — пару фраз.
За тры гады збярэш няшмат —
Не абысціся, знаю, без парад,
Тут без падказкі не ўладкуеш справы,
Наперад ні на крок не рушыш.
Мефістофель (сам сабе)

Ну, годзе, у мараль залезлі мы па вушы ж,
Вярнуся да будзённае забавы.
(Уголас.)

Дух медыцыны просты, ясны:
Вялікі і малы спазнайце свет,
І хай усё ідзе на лад уласны,
На богам вызначаны ступіць след.
Свой арганізм навукаю глуміць
Няма чаго, дапытлівы мой друг,
Хто ўмее момант ухапіць —
Той і мастак і зух!
У вас пастава ёсць, манеры,
Вы храбры, спрытны, далікатны,
А хто ў сябе паверыць здатны,
Той стане ідалам чужое веры.
Адметны такт патрэбен да кабет —
Жанчынам трэба ж кавалеры!
На ўсе іх «вохі», «ахі», енкі
Заўсёды медык знойдзе лекі:
Ім дапаможа тытул ваш, дыплом,
Хоць будзьце вы асёл аслом.
А ў вас ёсць нейкі ўсё ж запас.
Тут нават дурню карты ў рукі:
Вы возьмеце сваё за раз
І з пацыенткі і з навукі —
Праверце пульсік у паненкі,
Пасля абстукайце каленкі,
А там, прыветлівы, паслужлівы, прывабны,
Абвіце спрытна станік зграбны:
«Ах, ясачка, анёл нябесны,
На вас гарсэцік ці не цесны?»
Вучань

Якраз, што трэба мне. Наш брат умее…
Мефістофель

Тэорыя — сухая, дружа мой, а дрэва
Жыцця заўсёды пышна зелянее.
Вучань

Я нібы ў сне! То ж гэта трэба!
А ці не можа пан згадзіцца,
Каб я прыйшоў яшчэ раз павучыцца?
Мефістофель

Усім, што маю, рады падзяліцца.
Вучань

Я не магу пакінуць гэты дом,
Не папрасіўшы, мне ў альбом,
Каб лепш адзначыць першую сустрэчу,
Што-колечы ўпісаць.
Мефістофель

                               Я не пярэчу.
(Піша і аддае.)

Вучань (чытае)

Eritis sicut Deus, scientes bonum et malum.{34}
(Пачціва складвае альбом і развітваецца.)

Мефістофель

Парадай цётухны-змяі кіруючыся, ты
Адкінеш цырымоніі і німб святы.
Уваходзіць Фаўст.


Фаўст

Куды ж ісці?
Мефістофель

                А гэта не сакрэт.
У свет малы, пасля ў вялікі свет.{35}
Скажу — набытак будзеш мець вялізны,
Са мной прайшоўшы курс карысны.
Фаўст

Куды ўжо мне з сівою барадой
У гэтым мерацца з табой,
Тут спроба пойдзе надарма.
Адзін бы я не вытрымаў ярма,
Бо я губляюся, людзей баюся
І сам сабе нікчэмнасцю здаюся.
Мефістофель

Адвага прыйдзе з вопыту жывога,
Абы меў веру ты ў сябе самога.
Фаўст

А як жа нам мае пакінуць нетры
Без слуг, без коней, без карэты?
Мефістофель

Нічога! Толькі плашч раскіну гэты —
І мы, васпане, у паветры!
Адно прашу: пакінь ты на зямлі
Куфэркі, клункі, хатулі.
Агнём дыхну на развітанне —
І паляцім у неба тым хутчэй,
Чым будзе на плячах лягчэй!
Ну, з новым вас жыццём! Маё вітанне!

Піўніца Аўэрбаха ў Лейпцыгу{36}

Гуляе вясёлая кампанія.


Фрош

Што з вамі, хлопцы? Ўцяміць не магу!
Ні ў скач, ні ў плач, гарэлка вас не грэе;
Бывала, кожны чортам ходзіць і дурэе,
І раптам — на! Што куры ў катуху!
Брандэр

Ты сам спаганіў гумар свой,
Быў зух, а стаў свіння свіннёй.
Фрош (вылівае яму на галаву шклянку віна)

Дык вось табе!
Брандэр

                      Дурны свінтух!
Фрош

А каб табе язык апух!
Зібель

Зноў гвалт? Няма на вас халеры!
Заткніцеся, бо выпру ў дзверы!
Чым так, за дзякуй горла драць,
Давайце песеньку спяваць! —
Маэстра! Гоп-ля-гоп!
Альтмаер

                     А хай ты трэсні,—
Аж вушы рвуць твае мне песні!
Зібель

Ха-ха! Каб тут я ўзяў на поўны бас,
Скляпенне рухнула б на вас.
Фрош

Каму не ў лад, таго ганіце ў карак!
А-тара-лара-там!
Альтмаер

                         А-тара-лара-там!
Фрош

Цяпер пачну без лішніх сварак!
(Спявае.)

Свяшчэнны Рым{37}, чаму ты
Не заняпаў ад смуты!
Брандэр

Цьфу! — дрэнь.
                      Палітыка не для карчмы!
Далоў яе! Каму якая справа,
На чым трымаецца дзяржава.
Падзякуемце лепей мы,
Што па ласкавай волі бога
Не нас датычыцца трывога
За канцлерскі, за папскі трон.
З нас кожны папа, кожны ўдалы:
Давайце ж выберам, адно каб ён
Меў пры сабе святыя прычындалы!{38}
Фрош (спявае)

Узвіся, салавейка, ранкам рана,
Сто тысяч прывітанняў занясі каханай.{39}
Зібель

Вітаць каханак? К чорту! К богу ў рай!
Фрош

І пацалунак! — Не перашкаджай!
(Спявае.)

Замкі далоў! Прыйду я ноччу.
Замкі далоў! Вазьму красу дзявочу.
Замкні пад ранак на пацямочкі,
Бывай, каханка! Бывай да ночкі!
Зібель

Ну-ну! Спявай, хвалі, грымі ў званы —
Яшчэ ад рогату парву бакі я!
Каханкі нашы — ўсе яны такія:
Не могуць жыць без здрады і маны.
Хай бабай цешыцца лясун,
Няхай казёл — да коз ласун —
На скрыжаванні для яе
«Дабранач, бубачка!» — бляе.
Бо дзеўцы хлопец бравы, шустры
Кавалак ці не надта тлусты?
Ёй лепш з вітаннем заадно
Шалёхнуць камень у акно.
Брандэр (грукаючы кулаком па стале)

Фу! як вульгарна! Мілы збродзе,
Крыху пагрызліся — і годзе!
З каханкай вам не навіна
Тырчаць пад плотам давідна.
Паслухайце, я вам сваю
Таксама песеньку спяю,
На модны крой яна. А вы як след
За мной падцягвайце куплет.
(Спявае.)

Улез пацук аднойчы ў клець,
Жывіўся салам, здорам,
Распасвіў чэрава, што мець
І Лютэру не сорам.
Яму атруты да нары —
Кладзі хоць лапкі дагары,
Як бабніку якому.
Хор (натхнёна)

Як бабніку якому!
Брандэр

Забегаў ён угору, ўніз,
Ваду піў з кожнай лужы,
Падлогу скроб і сцены грыз,
Звярэў, як чорт за душы,
Шалеў, пішчаў ён, як вар’ят,—
Жыццё яму — ну, акурат
Як бабніку якому.
Хор

Як бабніку якому.
Брандэр

Адчуў — прыходзіць здыхата,
І шусь! — на кухню шпарка,
Ляціць кулём, а тут пліта.
І крыкнула кухарка:
«Ага, ласунчык дарагі,
Такі табе канец благі,
Як бабніку якому!»
Хор

Як бабніку якому!
Зібель

Не баіцеся кары лютай!
Хіба няма вам іншых штук,
Як пацукоў марыць атрутай!
Брандэр

За кума стаў табе пацук?
Альтмаер

Што возьмеш з лысіны дурнога!
Яму, бач, песня не ў руку,
Бо ўбачыў сам сябе самога
У гэтым здохлым пацуку.
Уваходзяць Фаўст і Мефістофель.


Мефістофель

Найперш, каб звыкнуцца памалу,
Прыгледзься лепей да кагалу:
Жывуць без лішніцы заўзята,
Народу гэтаму што дзень — то свята,
Да жартаў толькі ім ахвота.
І круцяцца яны гуртом,
Бы кацяняты за хвастом,
У скоках гойсае галота.
Далі па чарцы напавер,
Дык на зямлі ім рай цяпер.
Брандэр

Тулягам, думаю, наўме
З дарогі доўгай адпачыць
За кубкам піва добрага ў карчме?
Фрош

І праўда! Як наш Лейпцыг не любіць,
Парыж малы — на ўсіх людзях тут свой
                                      адбітак.
Зібель

А хто яны? Чаго ім трэба ў нас?
Фрош

Дазвольце толькі мне! Я пуншу папрашу.
Па шкляначцы і ўраз
Ім хітра выверну душу.
Відаць, блакітнае крыві паны,
Бо надта ж фанабэрацца яны.
Брандэр

Ат, пустабрэхі, трапачы!
Альтмаер

Магчыма!
Фрош

              Зараз ім расклею рот!
Мефістофель (Фаўсту)

Не чуе чорта гэты зброд,
Хоць іх рагамі казычы.
Фаўст

Салют, панове!
Зібель

                      Наш паклон!
(Аглядаючы Мефістофеля, ціха.)

Здаецца мне, кульгавы ён.{40}
Мефістофель

Падсесці нам кампанія дазволіць?
Віна тут добрага не вып’еш век,
Але нам смагу гумар ваш натоліць.
Альтмаер

Вы спешчаны, мяркую, чалавек.
Фрош

Вас ці не з Рыпаха да нас паслалі,
Вы з панам Гансам там не выпівалі?{41}
Мефістофель

Ах, не было калі. А вось мінулы раз
Адведалі, пілі. Ён так нам вас,
Братоў сваіх, расхвальваў. І, дарэчы,
Прывет вам шле і марыць аб сустрэчы.
(Кланяецца Фрошу.)

Альтмаер (ціха)

Што з’еў? Здагадлівы, аднак!
Фрош

Яшчэ наскачацца ў мяне лайдак.
Мефістофель

Здалёк пачуў я песнапенні —
Выдатны хор, выдатны гук.
Вядома, у пустым скляпенні
Магутна аддаецца грук!
Фрош

А вы, няйначай, віртуоз?
Мефістофель

Я б не сказаў, што ўжо дарос!
Альтмаер

Дык заспявайце нам!
Мефістофель

               З ахвотай, з усім сэрцам.
Зібель

Але каб новую, каб з перцам!
Мефістофель

Мы тут з Гішпаніі. Яна —
Чароўны край гітары і віна.
(Спявае.)

Жыў раз кароль на свеце,
Была блыха ў яго.
Фрош

Бач ты! Блыха! У кожнага свая!
Блыху ахвотна прытуліў бы я!
Мефістофель (спявае)

Жыў раз кароль на свеце,
Была блыха ў яго.
Любіў яе і песціў
Больш, як сынка свайго.
Краўцоў сазваў. Спяшылі
З усіх канцоў краўцы —
Памералі, пашылі
Каптанік і штанцы.
Брандэр

Краўцам хай скажуць, напрамілы бог,
Каб абмяралі з галавы да ног,
Бо то ж за штонікі за тыя
Пасля адказваць будзе шыя.
Мефістофель

Убраў яе ў каралі —
Зіхціць, як той брыльянт.
Манарх любімай кралі
Павесіў крыж на бант.
Блыха міністрам стала —
На ўсё глядзіць згары,
Сваіх сясцёр ці мала
Прыстроіла ў двары.
Няма ў палацы спасу
Ад фаварытак-блох;
Але паводле ўказу
Ніхто іх біць не мог.
Скрабуцца не ў самохаць —
Ад свербу пухнуць аж!
А мы іх пад пазногаць —
Прыціснем і — шабаш!
Хор (натхнёна)

А мы іх пад пазногаць —
Прыціснем і — шабаш!
Фрош

Ай брава! Брава! Гэтак спець!
Зібель

Блысе — блышыная і смерць!
Брандэр

Пара іх вынішчыць даўно!
Альтмаер

Няхай жывуць свабода і віно!
Мефістофель

Ушанаваць свабоду мы віном павінны,
Але, на жаль, нясмачныя ў вас віны.
Зібель

Які разборлівы! Яму не ўсё адно!
Мефістофель

Каб гаспадар не крыўдаваў, баюся,—
А то б шаноўных грамадзян тым часам
Пачаставалі б мы сваім запасам.
Зібель

Давай! Гаспадаром я сам займуся.
Фрош

Налі, цікава, як на смак.
Я, брат, цаніць — ого! мастак!
І вырак мой тады грунтоўны,
Калі жывот, бы кухаль, поўны.
Альтмаер (ціха)

Няйначай з Рэйна гэтыя дзядзькі.
Мефістофель

Падайце свердзел мне.
Брандэр

           Пра свердзел нам вярзе,—
А бочкі дзе твае, а бурдзюкі?
Альтмаер

Усё карчмар, што трэба, прынясе.
Мефістофель (бярэ свердзел; да Фроша)

Чым вас пачаставаць, якой вам маркі?
Фрош

На выбар? Я не разумею вас.
Мефістофель

Прыму ўсялякі ваш заказ.
Альтмаер (Фрошу)

Ага! Ужо аблізвацца пачаў без чаркі.
Фрош

Налі рэйнвейну мне! Бо як на Фроша —
Яму айчыннае — раскоша!
Мефістофель (свідруе дзірку ў стале перад Фрошам)

Дастаньце воску і заткніце дзірку!
Альтмаер

Тут нейкі фокус. Як у цырку!
Мефістофель (Брандэру)

А вам?
Брандэр

А мне з-пад каранца
Шампанскага, іскрыстага вінца.
Мефістофель свідруе; Фрош тым часам зрабіў з воску корак і заткнуў дзірку ў стале перад сабою.

Чужынца ў нас не вельмі просяць,
Чужынец з нас вяроўкі ўе.
Французаў добры немец не выносіць,
А іх віно ў тры горлы п’е.
Зібель (да Мефістофеля, які набліжаецца да яго)

А я, папраўдзе, не аматар квасу,
Салодкага прыгублю, так і быць.
Мефістофель (свідруе)

Такайскага?
Альтмаер

           Панове, ён з нас кпіць! —
Дасціпны ўсякі жарт да часу!
Мефістофель

Ай-яй! Ну што вы, што вы, без падману!
Як можна нас судзіць так строга?
Але прашу — што смачна пану?
Альтмаер

Без лішніх выбараў — любога.
Мефістофель (пасля таго як усе дзіркі прасвідраваны і заткнуты, з дзіўнымі рухамі)

Вінаград на лазе!
Рогі на казе!
Лазу прырода нам дала!
Віно хай пырсне са стала!
Глыбей глядзі ў прыроду!
З’явіся, цуд, народу!
Вымай затычкі — піць пара!
Усе (вымаюць каранцы; заказанае кожным віно льецца ў чаркі)

Цудоўная крыніца! Рай! Ура!
Мефістофель

Прашу не разліваць майго дабра!
Сабутэльнікі п’юць зноў.


Усе (спяваюць)

Тут нам, як свінням, рай! —
Што хочаш выбірай!
Мефістофель (Фаўсту)

Як цешыцца, як бавіцца свабодны люд!
Фаўст

Хадзем, хай банкетуюць самі.
Мефістофель

Чакай, іх скоцтва перад вамі
Ва ўсёй красе хай выявіцца тут.
Зібель (п’е неасцярожна; віно праліваецца на падлогу і ўспыхвае)

Агонь! Гару ўжо ў пекле за грахі я!
Мефістофель (загаворваючы полымя)

Скарыся, родная стыхія!
(Да сабутэльнікаў.)

То вам чысцец быў дзеля пробы.
Зібель

Чакайце ж! Выб’ю вам вантробы —
Падайце, дзецюкі, мне кія!
Фрош

Мне ты заплаціш за абразу.
Альтмаер

Пара канчаць, пара прагнаць заразу.
Зібель

Не, дзядзька! З лыткамі тваімі
У крапіву не варта лезці!
Мефістофель

Маўчы, мяшок!
Зібель

              Прэч, гад! Не з тымі
Намерыўся інтрыгу сплесці!
Брандэр

Гані яго!
Альтмаер (выцягвае корак, у твар шугае полымя)

                              Гару! Гару!
Зібель

       Ён чарадзей!
Хапайце злыдня, ворага людзей!
Усе дастаюць нажы і кідаюцца да Мефістофеля.


Мефістофель (сур’ёзна і строга)

Розум, зблытай словы,
Дай ім відзеж новы,
Рух вярні ў аковы!
Усе спыняюцца здзіўленыя і глядзяць адзін на аднога.


Альтмаер

Дзе гэта я? Цудоўны край!
Фрош

Лаза! Што бачу!
Зібель

                        Ягад — хоць збірай!
Брандэр

Які цудоўны вінаград!
Аж вабіць вока райскі сад!
(Хапае Зібеля за нос.)


Усе хапаюць адзін аднаго за насы і падымаюць нажы.


Мефістофель

Кладу канец замовам, чарам! —
Хай вам урок не пройдзе дарам!
Мефістофель з Фаўстам знікаюць, сабутэльнікі адпускаюць адзін аднаго.


Зібель

Што?
Альтмаер

        Як?
Фрош

Дык гэта быў твой нос?
Брандэр (Зібелю)

А я тваю насіну трос?
Альтмаер

Вось гэта ўдар; душа ў штаны залезла!
Трымайце, падаю — падайце крэсла!
Фрош

Што з вамі, хлопцы, што за страхі!
Зібель

А дзе той шэльма? Я яго пратуру!
Злуплю з жывога гіцля скуру!
Альтмаер

У дзверы бачыў я — пад пахі лахі,
На бочку сеў — і прэч з бярлогі!
Але ж — не слухаюцца ногі.
А, зрэшты, дайце мне яшчэ віна!
Зібель

Тут ашуканства чыстае, мана.
Фрош

А мне здавалася — віно. О богі!
Брандэр

Адкуль тады ўзяліся сад і лозы?
Альтмаер

Цяпер паверу ў цуды і цвярозы!

Кухня ведзьмы{42}

На нізкім ачагу — кацёл. У пары, што высока падымаецца над катлом, узнікаюць розныя вобразы. Малпа-самка сядзіць ля катла, збірае шум і сочыць, каб варыва не пабегла. Малпа-самец з дзецьмі сядзіць побач і грэецца. Сцены і столь увешаны рознымі дзіўнымі вядзьмачымі прыладамі.


Фаўст. Мефістофель.


Фаўст

Нашто прывёў мяне ты ў гэту яму,
Дзе столькі дзікасці і столькі хламу?
Няўжо твая клыбатая вядзьмарка
Паможа скінуць лішнія гады,
І зноў я стану малады,
І зноў каханне ў сэрцы ўспыхне ярка?
Калі ў табе юнацкі пал патух,
З нямогласці не выберашся сам,
Бо ані злы, ані святы прачысты дух
Не дасць патрэбны мне бальзам.
Мефістофель

Мой дружа, зноў разумна кажаш ты!
Я сродак ведаю — каб толькі згода,—
А ён запісаны у кандуіт святы —
Яго падказвае сама прырода.
Фаўст

Хутчэй кажы.
Мефістофель

                 Я даць рэцэпт гатоў —
Памаладзееш так, што будзь здароў.
Спяшайся ў поле ці на луг,
У рукі серп вазьмі ці плуг,
Практычны розум свой
Не замыкай у цесны круг,
Карміся сам, паруш душы спакой,
Сабе за ганьбу не лічы ніколі
Рабіць як вол і брудны гной
Вывозіць на сабе на поле.
Калі ты зробіш гэта ўсё, тады —
І ў восемдзесят будзеш малады.
Фаўст

Я не прывык, з рыдлёўкаю тым болей,
На досвітку хадзіць у поле,
За ўшчэрбным я жыццём не паганюся.
Мефістофель

Вось тут якраз паможа нам бабуся.
Фаўст

Няўжо ты сам, без гэтага страшыдла,
Не падасі, што трэба, мне на стол?
Мефістофель

Разменьвацца на дробязі абрыдла.
Я лепш збудую тысячу мастоў{43}:
У нашай справе мала ўмення,
Патрэбна тут і бабскае цярпенне.
А чорту гэта дробязь, не работа,
Таму гадамі корпацца ля печы
Не дазваляе мне мая істота —
Мне дай размах, дай разгарнуць мне плечы.
Я знаю тонкасці вядзьмарскай кухні —
Не пералічыш іх, язык апухне;
Ды сам не ўпраўлюся, вядома.
(Убачыў звяроў.)

Якія малпачкі — уга!
Вось вам служанка, вось — слуга!
(Да звяроў.)

Дзе ж гаспадынька, што ж не дома?
Звяры

Пад’ела,
Пасядзела
І ў комін паляцела.
Мефістофель

І доўга там яна лунае?
Звяры

Мы лапкі грэем тут. Хто знае?
Мефістофель (Фаўсту)

А праўда? Сімпатычныя звяры?
Фаўст

Глядзець агідна на брыдоту.
Мефістофель

А я б, здаецца, у ахвоту
Час бавіў да зары.
(Да звяроў.)

Ну, лялькі чортавы, чаго
Нагатавала сёння кодла ваша?
Звяры

Жабрачая пацеха — каша!
Мефістофель

Збярэцца публіка — ого!
Самец (падпаўзае і лашчыцца да Мефістофеля)

Са мной пагуляй,
Мне грошыкаў дай —
Дай выйграць. Гулец
Без грошай — дурны,
З грашмі ўсе — паны,
З грашмі я — мудрэц.
Мефістофель

Ад шчасця б малпачка самлела,
Каб у лато гуляць умела.
Тым часам малпяняты, гуляючы з вялізным шарам, выкацілі яго наперад.


Самец

Такі ўжо свет!
Пусты эфект,
Звініць, як шкло,
Бо ў ім дупло.
Ва ўсёй нутрыне
Блішчыць, мігціць,
Звініць, трымціць.
Мой мілы сыне,
Гуляй адзін!
Кранеш і — дзын! —
Асколкі шара
Апараць парай.
Мефістофель

Навошта гэта сіта?
Самец (здымае сіта)

Каб знаць бандыта.
Будзь злодзей — ты,
Пазналі б мы за тры вярсты.
(Бяжыць да самкі і дае ёй глянуць у сіта.)

Зірні ж у сіта,
Пазнай бандыта,
Скажы, хто гэта.
Мефістофель (набліжаецца да агню)

Нашто ж чыгун?
Самец і самка

Прайдоха, лгун,
Пазнай чыгун,
Кацёл пазнай!
Мефістофель

Нахабнікаў ганю!
Самец

Сядай к агню
І паддзімай!
(Прымушае Мефістофеля сесці.)

Фаўст (які тым часам глядзеў у люстэрка, то набліжаючыся да яго, то аддаляючыся)

Што бачу я! Ў чароўным шкле
Лунае цьмяна вобраз мілы!{44}
Каханне, дай хутчэй мне крылы
Дагнаць чароўную ў імгле!
Хачу пакінуць гэты кут,
Убачыць дзіва не ў тумане!
Няхай жа яўным дзіва стане —
Жанчынай шчасця і пакут!
Няўжо красу ўскарміла наша глеба?
Няўжо мне ў гэтым целе цуд
Зямны й нябесны бачыць трэба?
Няўжо зямля старая здатна на такое?
Мефістофель

Калі сам бог па шэсць пацее дзён,
І, кончыўшы работу, брава! кажа ён,
Дык пэўна ж, выйдзе нешта неблагое.
Красой любуйся аж да слёз,—
Дастаць яе не цяжка чорту-хвату.
Шчаслівы той, на чый прыпала лёс
За жонку золатка прывесці ў хату.
Фаўст усё глядзіць у люстра.


Мефістофель (седзячы на крэсле і пакручваючы венікам)

Я маю скіпетр, я на троне,—
Чым не кароль, хоць не ў кароне!
Звяры (якія да гэтага рабілі розныя дзіўныя рухі, з шумам і крыкам падносяць Мефістофелю карону)

Работай, а потым —
Крывёю і потам
Карону змацуем.
(Яны неасцярожна разламалі карону на дзве часткі і скачуць з імі.)

А мы пагуляем,
І панаглядаем,
І складна зрыфмуем!
Фаўст (перад люстэркам)

Ой не, мой пане, — мне замнога!
Мефістофель

Ужо й мяне грызе трывога.
Звяры

Калі ж пашанцуе —
Ніхто не працуе,
Не робіць нічога!
Фаўст (як вышэй)

Мне проста грудзі распірае,—
Пакінем зброд смярдзючы гэты.
Мефістофель

Але хай кожны з нас прызнае,
Што малпы — добрыя паэты.
З катла, які малпа пакінула без дагляду, пабегла варыва. Падымаецца вялікае полымя і шугае ў комін. З полымя з дзікім лямантам вылятае ведзьма.


Ведзьма

Ай-яй! Праклятае звяр’ё!
Праклятае звяр’ё!
Апарылі мяне!
Праклятая звяр’ё!
(Убачыўшы Фаўста і Мефістофеля.)

Што гэта тут?
Хто гэта тут
Калоціць нам
Святы куток?
Вось зараз дам
Вам трасцу ў бок!
(Чэрпае лыжкаю з катла і пырскае полымем на Фаўста, Мефістофеля і на звяроў.)


Звяры скуголяць.


Мефістофель (падымае венік, які трымаў у руцэ, б’е шклянкі і гаршкі)

Шарах! Шарах! —
Па ўсіх гаршках,
Каб загуло
Тваё кубло!
Пасля, карга,
Твая чарга!
Ведзьма ў злосці з жахам адступае.

Ну што, старое пудзіла, пазнала
Свайго вялікага гаспадара?
Паб’ю, патрушчу, каб прапала
Хлам’ё тваё і ўся нара!
Забыла мой убор, крывая морда?
На капялюш з пяром зірнула б хоць!
Гляджу, задрала нос завельмі горда,
Што без візіткі ўжо і не заходзь!
Ведзьма

Даруй, васпане, старасць улічы,
Дала я маху, спудлавала ў злосці.
Дзе ж капыты твае, дзе хвост у ягамосці?
І дзе абодва крумкачы?
Мефістофель

Дарую, добра! Сапраўды,
Сплыло ці мала ўжо вады,
Як не прыходзіў да цябе на госці.
Цяпер культура на зямлі, прагрэс —
Не дзіва, што і чорт туды пралез.
Забыты ён, паўночны наш фантом;
Не мода ўжо з рагамі і хвастом.
А капыты, — пардон, мадам, не вінават,
Бо з імі я на людзях надта брыдкі,
Таму красуюся, як свецкі фат,
Фальшывыя прывязваючы лыткі.
Ведзьма (скача)

Дай абдыму і пацалую ў губы!
Мой кавалер, ах,сатана мой любы!
Мефістофель

Не кліч мяне, старая, сатаною!
Ведзьма

Чаму? Не ў свеце ж ты, — са мною?
Мефістофель

Спаганена імя няславай і лухтою.
Нутро людское брудам зарасло:
Бягуць ад ліха, а квітнее зло.
Лепш называй мяне ты — пан барон.
Дарамі я надзелены звыш меры —
І кроў блакітная, і маладзён,
Вось герб мой…
                      Глянь і дай мне веры.
(Робіць непрыстойныя рухі.)

Ведзьма (рагоча на ўсё горла)

Га-га! Усё ў вас на стары манер.
Раней быў шэльма, шэльма і цяпер.
Мефістофель (Фаўсту)

Вучыся, сябар мой, разяві рот! —
Такія штучкі любіць ведзьмін род.
Ведзьма

Чым паслужыць? Хацелі б мо чаго?
Мефістофель

Пітва чароўнага твайго.
Але прашу старога, каб штогод
Ставала больш жыццёвага імпэту.
Ведзьма

Ахвотна. Вось бяры бутэльку гэту.
Сама пітво я жлукціла не раз.
Смурод прапаў за доўгі час,
Дык шкляначку чаму ж і не ўдружыць.
(Ціха.)

Але калі твой друг яшчэ не ўмее піць,
То праз гадзіну ўжо не будзе жыць.
Мефістофель

За сябра не ў адказе ты — давай!
Налівак самых лепшых не шкадуй,
Шапчы свае закляцці, круг малюй,
Да берагоў у шклянку налівай.
Ведзьма з дзіўнымі рухамі малюе чароўнае кола і ставіць у яго розныя прадметы. Тым часам пачынаюць звінець шклянкі, загуў кацёл — гукі пераходзяць у музыку. Нарэшце ведзьма прыносіць вялізную кнігу, расстаўляе малпаў так, што спіны іх служаць ёй пультам. Малпы трымаюць паходні. Ведзьма дае Фаўсту знак падысці.


Фаўст (Мефістофелю)

Навошта гэта прыкрая хлусня?
Навошта кніга, выдумка пустая?
Старой вядзьмачкі балбатня
У горле мне ўжо косткай стала.
Мефістофель

Для большай важнасці. Мы памаўчым,
Шануючы амбіцыю жанчын.
Пітву прыбавіць моцы хоча,
Дык хай сабе паскача, пабалбоча.
(Прымушае Фаўста ўвайсці ў кола.)

Ведзьма (напышліва і важна дэкламуе па кнізе)

Пачну чаўпці
Да дзесяці.
Адзін — паставім,
А два — прыбавім,
А тры — сатры,
Чацвёрку — ўторкну,
А пяць — прыладзь,
А шэсць — прымець,
А сем — знясем,
А восем — зносім,
А дзевяць — дзеляць,
Дзесяткі соль —
Адзінка й ноль.
І вось у вас
Вядзьмачы раз на раз!{45}
Фаўст

Яна лухту ці не з гарачкі пора!
Мефістофель

Цярпі, цярпі, убачыш скора,—
Лухты ў свяшчэннай кнізе — мора:
Там супярэчлівыя сказы
Разумнаму і дурню скруцяць вязы.
Сядзі над імі, галаву дуры.
Прыёмчык гэты — новы і стары:
На свеце нам даўно не прывыкаць
Праз тры й адзін, адзін і тры{46}
Хлусню за праўду выдаваць.—
Так і было, і гэтак будзе,
Абдурваюць, бадай што, ўсіх,
Бо, словы ўчуўшы, вераць людзі,
Што нейкі сэнс начуе ў іх.
Ведзьма (чытае далей)

Адным было
Навук святло
Бясконцай таямніцай.
А хто дурны,
Таму яны
Гатовы ўраз адкрыцца.
Фаўст

Вярзе пустое так заўзята,
Аж галава трашчыць, гудзе,
Як быццам бы язык вар’ята
Пляце, што ў галаву ўзбрыдзе!
Мефістофель

Ну, годзе, мудрая Сівіла{47}!
Налі пітва, каб кроў жывіла —
Яно не ў шкоду. Мой таварыш
Прайшоў агонь, ваду і трубы
І вып’е, не скрывіўшы губы,
Усё, што ты яму заварыш.
Ведзьма з рознымі цырымоніямі налівае ў кубак пітво; калі Фаўст падносіць яго да вуснаў, успыхвае полымя.

Да дна! Каб кубак стаў пусты! —
Жадаю радасці набрацца.
Калі ўжо з чортам ты на «ты»,
Няма чаго агню баяцца.
Ведзьма размыкае кола. Фаўст выходзіць.


Мефістофель

Цяпер хадзем. Дарога нас чакае.
Ведзьма

Хай эліксір вам шчысціць дні!
Мефістофель (ведзьме)

Калі патрэба выпадзе якая,
Ты мне на шабасе шапні!
Ведзьма

А вось замова. Паўтарай яе —
Яна напітку моцы дадае.
Мефістофель (Фаўсту)

Хадзем хутчэй, каб цела
Сагрэлася і прапацела,
Тады падымецца жыццёвы тон,
Адчуеш млосць і шал кахання,
Табе параніць сэрца Купідон,
Я ж здзейсню кожнае тваё жаданне.
Фаўст

Дай люстра, гляну ёй у вочы,
О, дзе яна, душы царыца?
Мефістофель

На пекны твар, на твар жаночы
Ты скора зможаш надзівіцца.
(Ціха, убок.)

Чакай, праз сілу нашага пітва
У бабе ўбачыш ты багіню хараства.

Вуліца{48}

Фаўст малады. Праходзіць Маргарыта.


Фаўст

Хачу красуню папрасіць
Паненцы праважатым быць.{49}
Маргарыта

Красунь, паненак тут няма —
Дайду дадому і сама.
(Вырываецца і выходзіць.)

Фаўст

Дальбог, такая прыгажосць,
Наўрад ці дзе на свеце ёсць!
З прывабнай строгасцю — хаця
Дзяўчо, амаль яшчэ дзіця.
О, як мне вобраз гэты люб!
Румянец шчочак, чырвань губ,
Бляск гэтых вочак з-пад павек
Мне не забыць ужо навек!
Адно ўжо тое вельмі міла,
Як лёгка мой наскок адбіла.
Уваходзіць Мефістофель.

Глядзі, каб дзеўку мне дастаў!
Мефістофель

Якую?
Фаўст

    Ёй я дарогу заступаў.
Мефістофель

Ах вось! У пробашча яна была
І ачышчалася ад зла,
Грахі яму нявінная насіла.
Падгледзеў я — ля спавядальнай будкі
Стаяла, як анёл чысцюткі —
А гэтакіх мая не пераможа сіла,
Фаўст

За чатырнаццаць ёй пераваліла.
Мефістофель

Ты — як распуснік пошлы, гадкі,
Што хціва кветачкі кахання рве,
Якому толькі ў галаве —
Залёты і нявінныя дзяўчаткі.
Ці не завельмі ты, мой пане, спрытны?
Фаўст

Дарма! Пакінь, магістр амбітны,
Свае маралі, трапныя здагадкі —
Абрыдлі мне яны. Без лішніх слоў:
Калі я гэтай ноччу зноў
Дзяўчыну мілую не ўбачу,
Лічы — ў табе партнёра трачу!
Мефістофель

Не ўсё ж наскокам, дарагі! —
Патрэбен тыдзень мне, другі,
Каб я аказію мець мог.
Фаўст

Мне б толькі вольных сем гадзін,
Дык і без чорта, сам, адзін
Я б спакусіў і перамог.
Мефістофель

Ого! Цяпер я слухаю француза!
Прашу, не гневайся, ну годзе, годзе!
Але ж які той смак у асалодзе,
Калі табе падорана спакуса!
Круці, фліртуй, шукай зацішак,
А там, як дойдзе да пары,
Ты, як герой замежных кніжак,
Сам на цугундар лялечку бяры.
Фаўст

Мой апетыт здаволіцца малым.
Мефістофель

Ты рызыкант, мой пане, а між тым,
Скажу без смеху, да дзяўчыны
Пад’ехаць хітра мы павінны,
Бо штурмаваць паненку ў лоб
Пустою дурасцю было б.
Фаўст

Вядзі мяне ў яе святліцу
Або дастань на памяць паясок,
Хусцінку, стужку, завушніцу,
Падвязку з ножкі, матузок.
Мефістофель

Каб даказаць, як спачуваю
Твайму вялікаму адчаю,
Гатовы сёння ж я з табой
Прабрацца да яе ў пакой.
Фаўст

Убачу? Авалодаю?
Мефістофель

                          Не, не! Ў адведкі
Красуня пойдзе да суседкі,
А ты чакай пакуль, сядзі рахмана
І мар пра ўцехі вашага рамана.
Фаўст

Дык пойдзем!
Мефістофель

                Не, пакуль што рана!
Фаўст

Рыхтуй дарунак з лёгкае рукі.
(Выходзіць.)

Мефістофель

Ужо дарыць? Ай маладзён!
Але — ці не пара наведаць тайнікі,
Ці не пара дастаць і скарб які,
Каб поспех быў адразу нам відзён.
(Выходзіць.)

Вечар{50}

Невялікі ўтульны пакой.

Маргарыта заплятае і падвязвае косы.


Маргарыта

Як бы хацелася мне знаць,
Хто ён такі, той дзіўны пан?
Рухавы, статны і, відаць,
Не з простых родам, а з дваран.
Я ўмомант гэта зразумела,—
Трымаўся так дастойна, смела.
(Выходзіць.)


Мефістофель. Фаўст.


Мефістофель

Заходзьце ціха, асцярожна.
Фаўст (памаўчаўшы)

Мне аднаму пабыць тут можна?
Мефістофель (агледзеўшы пакой)

Такі парадачак не ў кожнай!
(Выходзіць.)

Фаўст (азіраючыся)

Вячэрні морак, змрок салодкі,
Акрый, акрый святыню гэту!
Закуй мне розум у калодкі.
Пазбаў усіх уцехаў свету —
Пакінь мне толькі крылы волі,
Дай мне спазнаць пакуты й болі!
Які спакой, якая ціша,—
Ва ўсім парадак і дагляд!
Дастаткам тут і ўбогасць дыша —
Утульнасць у каморцы, лад.
(Смела садзіцца ў скураное крэсла каля ложка.)

Прымі ж мяне! Як і другіх прымала
На трон бацькоўскі з радасцю, з журбой!
Як часта дзетвары гарэзны рой
Сваволіў колісь тут, бывала!
Дзядулю тут каляднаю парой
За шчодрыя дары дзяўчына цалавала.
Я знаю, мілая, душой спрыяла
Ты гэтаму парадку; не дакор
Матулін тут кіруе, не прымусам
Ты засцілаеш стол абрусам,
Ты прыцярушваеш пясочкам жоўты двор
З руплівасцю сапраўднай гаспадыні!
О мілая рука! Рука багіні!
Ты здольная у хатцы цеснай
Зрабіць сапраўдны рай нябесны!
А тут?
(Падымае палог ложка.)

        Святы мяне сцінае страх!
Як тут спакойна, як тут міла!
Прырода! У чароўных лёгкіх снах
Анёлка ты ўскарміла!
Яна! Яна — мая дзяўчына
На гэтым ложку спала тут; —
У гэтай хатцы дабрачынна
Саткаўся чысты божы цуд!
(Сам сабе.)

Што ж ты прынёс, нязваны госць,
Сюды? Любоў, пашану, злосць?
Чаго тут прагнеш? Што ў душы пануе?
Цябе, о Фаўст, ужо не пазнаю я!
Мо проста выпадак занёс
Цябе на шлях такой прыгоды,
Калі аж млееш ты ад асалоды? —
Няўжо так лёгка намі правіць лёс?
Каб раптам увайшла, дык што было б?
Чым апраўдаў бы дзёрзкі свой учынак? —
Ты, як нікчэмны асталоп,
Укленчыў бы перад дзяўчынай!
Мефістофель (уваходзячы)

Яна ідзе! Бяжым адгэтуль прэч!
Фаўст

Далей з чароўнага прытулку!
Мефістофель

Вазьміце гэтую шкатулку —
Патрэбная, скажу вам, рэч.
Пастаўце ў першую шуфляду.
Даю вам голаў без закладу,
Што, ўбачыўшы такую лусту,
Любая дзеўка з’едзе з глузду,—
Расчуляць цацачкі да слёз.
Фаўст

Ці зручна мне?
Мефістофель

                      Вы што, ўсур’ёз?
Мо самі возьмеце? А дзеўцы — чары?
Пры вашым вытанчаным спрыце
Лепш розумам сваім жывіце
І не рабіце мне турбот,
Каб я праз прыхамаці скнары
Не надрываў сабе жывот…
(Ставіць шкатулку ў куфар і замыкае.)

Цяпер мы лататы дамо!
Дзіцятка ж хай сабе само
Тут спакушаецца для вас.
Ды нешта ў пана кіслы выгляд,
Нібы на лекцыю вам час
Рабіць метафізічны выклад
Перад дзесяткамі вачэй.
Аднак бяжым адсюль хутчэй.
Выходзяць.


Маргарыта (уваходзячы з лямпай)

Тут горача і душна так…
(Адчыняе акно.)

А на дварэ — не тое, што ўжо ў хаце.
Мне неяк так… не знаю як…
Чаму няма так доўга маці,
Глядзі, і немарасць прысніцца.
Якая ж я, аднак, дурніца…
(Раздзеючыся, спявае.)

Уладца Фулы слаўнай{51}
Меў кубак для бясед,
Каханай дар, што рана
Сышла у лепшы свет.
З яго гаючы трунак
Піў на пірах кароль,
Глядзеў на падарунак,—
Стаіўшы ў сэрцы боль.
Усім зычліўцам трона
Раздаў ён гарады,
А пры сабе да скону
Меў кубак залаты.
Сазваў на пір наказам
Ён рыцараў зямлі
І ў зале продкаў разам
Апошні раз пілі.
І прывітаў гасціну
Сардэчна валадар,
І выпіў і ў пучыну
Ён кінуў мілы дар.
Прыбой у золкім змроччы
Той кубак падхапіў.
Кароль заплюшчыў вочы
І больш ужо не піў.
(Адчыняе куфар, каб пакласці адзежу, бачыць шкатулку.)

Адкуль шкатулка тут?
Я ж зачыніла куфар на замок.
Якія рэчы ў ёй? Ды гэта ж цуд!
І хто яе паставіць мог?
Нашто тут доўга варажыць —
Прынеслі, пэўна, залажыць,
А мама — ў скрыню даччыну!
Ах! Вось і ключык! Адчыню?
А божа, колькі тут аздоб!
А божа, колькі тут акрас!
А ўсё-такі чый гэта скарб?
Любой дваранцы ў самы раз
Не сорамна насіць было б!
(Прыбіраецца і глядзіцца ў люстэрка.)

А вось і пара завушніц
Іграе пералівам фарб,
Як срэбра чыстае крыніц,
Надзела і — не тая Грэта!
Прыгожа, здатна, ў акурат!
Яно, бач, добра, ды ці шмат
Цяпер такіх, што цэняць гэта?
Што хараство? Тут кожны скажа:
Без залатоўкі
Няма сяброўкі!
Ах, бедны свет! Ах, доля наша!

На шпацыры{52}

Задуменны Фаўст. Падыходзіць Мефістофель.


Мефістофель

Каб я з кахання сох!
                       Каб я ў смале кіпеў! —
Залаяўся б мацней, калі б умеў!
Фаўст

Чаго ты так гарыш? Чаго такі шалёны?
Упершыню я чую ад цябе праклёны!
Мефістофель

Пайшоў бы зараз жа да чорта,
Калі б я чортам сам не быў.
Фаўст

Заўсёды ходзіш прама, горда,
А сёння сам сябе забыў.
Мефістофель

Падумай сам, плюгавы нейкі поп
Ужо бразготкі Грэтхен згроб.
Старая, ўнюхаўшы, па звычцы
Адразу скеміла: злы дух!
Пасецца, як аўца, ў кантычцы,
Вось і прыдбала тонкі нюх.
Глядзіць, каб свецкага, крый бог,
Не прапусціць цераз парог.
«Дзіця, — сказала, — цёмны дар
Бязгрэшным душам у цяжар,
Лепш багародзіцы святой
З малітвай скарб прысвецім твой».
Скрывіла губкі Маргарытка:
Глядзець ёй, бачыш, вельмі брыдка
Каню дарованаму ў зубы.
Бо хто дае, той богу любы.
Тут мамачка папа гукнула.
Той лезе ў хату, нібы скула,
Угледзеў: «Утаймуйце плоць! —
Хто не шкадуе, з тым гасподзь!»
Маўляў, ахвотна падарункі
Царква прымае з ласкі божай,
Яна не скардзіцца на шлункі,
Лыкнула, дзякаваць, паўсвету,
А колькі, колькі яшчэ можа!{53}
Нястраўнасці ж пакуль не мае.
Царква адна — ці чыста гэта,
Мае вы чады? — не спытае.
Фаўст

Закон няпісаны: прымае дар
Кароль, царква, яўрэй-ліхвяр.
Мефістофель

Пярсцёнкі, пацеркі, шнурочкі
Ён потым хап! — і з хаты ўпрочкі.
І нават «дзякуй» не сказаў,
Нібы арэхаў кош панёс,
Ён рай старой паабяцаў,
А баба — радая да слёз.
Фаўст

А Грэтхен як?
Мефістофель

                   Адна ў тузе.
Не знае, што рабіць у горы:
Ёй скруха сэрцайка грызе
Па рыцары і страчаным уборы.
Фаўст

Шкада, пакутуе праз нас.
Дастань лепш новых дзе акрас!
Бо першыя — яе не варты!
Мефістофель

А вам усё гульня, мой пане, жарты.
Фаўст

Што я загадваю, рабі!
Спярша суседачку падбі,
А там, ты ж д’ябал спрытны, лоўкі,
Здабудзеш ключ і да сяброўкі.
Мефістофель

Служыць гатовы, пан ласкавы.
Фаўст выходзіць.

Каханак — ён дурны як бот:
Павесіць сонейка на плот
Сваёй каханцы на забавы.
(Выходзіць.)

Дом суседкі{54}

Марта (адна)

Мой любы муж, — гасподзь няхай
Яму адчыніць дзверы ў рай,—
Пакінуў нашу старану
І тут мяне адным адну;
Бог сведка — я яго кахала,
Нічым яго не засмучала.
(Плача.)

Відаць, загінуў дзесь у чыстым полі,
А я без сведак не здабуду волі.
Уваходзіць Маргарыта.


Маргарыта

Ах, пані Марта!
Марта

            Грэтхен, што з табою?
Маргарыта

Ніяк сябе не супакою:
Такога не было ніколі ў нас —
Знайшла я зноў шкатулку ўчора
У скрыні. Колькі ў ёй акрас,
Аздоб усякіх, пацерак да ўбору —
Аж расказаць я не магу!
Марта

Пра гэта матцы ні гу-гу,
Бо зноў папу якому ўпора.
Маргарыта

Ах, як прыгожа! Як удала!
Марта (убіраючы яе)

Табе, дзяўчо, пашанцавала.
Маргарыта

А што з таго, нічога ж не надзену
На шпацыр, у царкву ў нядзелю.
Марта

Ну, і няхай, суседачка, няхай —
Ты да мяне і ў будні забягай:
Надзенеш тут — нам радасць будзе.
Пасля пакажашся на людзі
Пры выпадку — на фэсце ці на балі
За рэччу рэч пакажаш па чарзе:
То бранзалетку, то каралі,
А матка хай сабе грызе,
Бо нам бліжэй свае рахубы,
А ёй мы неяк загаворым зубы.
Маргарыта

Але адно мне ўсё ж — загадка:
Хто шчодры так на дабрыню?
Стук у дзверы.

Прапала! Божа! Гэта ж матка!
Марта (глядзіць пад фіранку)

Там незнаёмы — адчыню!
Уваходзіць Мефістофель.


Мефістофель

Прашу пакорна дараваць,
Што вас пасмеў патурбаваць.
(З павагай адступае перад Маргарытай.)

Паклон прыміце, пані Швертлейн, і пашану.
Марта

Я гаспадыня тут! Што трэба пану?
Мефістофель (ціха да яе)

Прабачце мне, што я не ў час:
З візітам дама ў вас якраз.
З дазволу пані я гатоў
Зайсці пасля абеду зноў.
Марта (уголас Маргарыце)

Пан далучыў цябе да знаці —
А гэта гонар беднаму дзіцяці!
Маргарыта

О, я не знатная асоба,
Пан вельмі добры ці ў гуморы —
На мне не ўласная аздоба.
Мефістофель

Ах, я мяркую не па ўборы —
Манеры вашы і пагляд…
Дык мне застацца? Вельмі рад.
Марта

А з чым прыйшлі вы ў хату нашу?
Мефістофель

Благая вестка, і к таму ж
Баюся я, што вас уражу:
Сканаў ваш небарака муж.
Марта

Памёр? Каханенькі! Мой мілы!
Няма яго! О божа, дай мне сілы!
Маргарыта

Уцешцеся, гасподзь не кіне вас.
Мефістофель

Дазвольце ж, я пачну мой сумны сказ.
Маргарыта

Я б не жыла і не любіла,
Мяне б няшчасце загубіла.
Мефістофель

Ай кіньце, гояцца любыя раны.
Марта

Расказвайце ж, дзе мілы пахаваны.
Мефістофель

У Падуі паклаў ён голаў
На крылы лёгкія анёлаў
І з храма ўгодніка Антона{55}
Узнёсся да святога трона.
Марта

І гэта ўсё? Усё дачыста?
Мефістофель

Навошта, кажа, енкі, плач,
Закажаце малебнаў трыста —
І больш ніякіх перадач!
Марта

Не можа быць! Такі даход!
Жабрак які і той пад спод
У торбу лепшае кладзе,
Ці мала з кіем вёрст ідзе,
І недапіць ён рады і пасціцца,
А ў дом не прыйдзе без гасцінца!
Мефістофель

Мадам, я спачуваю шчыра.
Ваш муж ашчадны быў мужчына,
Пра жонку ўспамінаў сваю
І наракаў ён на няўдачу.
Маргарыта

Ах, людзі бедныя, я плачу!
Я рэквіем яму спяю,
Маліцца буду кожны ранак.
Мефістофель

У вас, дзіця, не кроў, а пунш…
Хай вам дастанецца прыгожы муж…
Маргарыта

Ах, што вы!
Мефістофель

                   …рыцар верны і каханак.
Хто не сп’янее ў млосным дыме,
Калі такую ясачку абдыме!
Маргарыта

Парушыць звычай нам — не можна.
Мефістофель

Так, гэта робяць асцярожна…
Марта

Расказвайце ж!
Мефістофель

                       Вясёлага тут мала:
Не на радзіме і не ў родным доме —
Сярод чужых людзей ды на гнілой саломе
З малітвай смерць сустрэў. Жыў як папала,
А паміраў у шчырай веры.
«Як ненавіджу, — скардзіўся, — хімеры
Свайго мінулага і подлую душонку,
Што занядбаў ганебна дом і жонку;
Не перажыць мне гэтага ўспаміну —
Даруй, даруй, што я цябе пакіну».
Марта

Мой добры муж, я даравала!
Мефістофель

Казаў: «Бог сведка! Грэшніца яна!»
Марта

І гэта ў смертны час казаць! Мана!
Мефістофель

Напэўна ж, смерць апанавала,
Дык сам не ведаў, што пляце,
Казаў: «Падумаць пра дзяцей,
Пра чорны хлеб падумаць трэба,
А там яшчэ ім даць да хлеба,—
Самому — што перападзе».
Марта

Змяняў любоў маю, душы ад’яда,
І ўрэшце — пакарана здрада.
Мефістофель

О не — набожны быў абраннік ваш,
Кахаў вас шчыра і аддана,
Казаў: «Як з Мальты адплылі,
Я памаліўся за сям’ю.
Малітву бог пачуў маю,
Бо мы ўзялі на абардаж
Фрэгат турэцкага султана,
Што скарбы вёз з чужой зямлі.
І я за храбрасць атрымаў…»
Марта

Ага! Дык, можа, недзе закапаў?
Мефістофель

Развеяў вецер; ля прычала
Яго ў Неапалі страчала
Паненка здатная. Любоўнай ласкі
Яму хапіла па завязкі.
Шкада, вядома, што расплата
Прыйшла, бадай што, ранавата.{56}
Марта

Ах, шэльма! Злодзей! Хітры хлус!
Мяне тут гне галеча, гора,
А ён не можа без спакус.
Мефістофель

Таму, як бачыце, загінуў скора.
А я дык не тужыў бы дужа,
Ў жалобе пахадзіў бы год,
А там — прыгледзеў бы другога мужа.
Марта

Не ўлічыш загадзя выгод!
Яно б няблага, толькі, дружа,
Мужчын свабодных не відно.
А мой па свеце швэндаўся чагосьці,
Любіў чужое піць віно,
Чужых жанок і гульні ў косці.
Мефістофель

А вы адно ў адно, што клін да кліна!
Калі не заступаў дарогі вам
Да ўцех, якімі ласаваўся сам,
Вам не жыццё было — маліна.
З такой умовай, маладзіца,
І мы патрапілі б згадзіцца.
Марта

А пан, па-мойму, з добрым перцам.
Мефістофель (сам сабе)

Пара ўцякаць. А бабка — ліха фунт:
Гатова чорта — у хамут!
(Маргарыце.)

А што ў паненкі? Як там з сэрцам?
Маргарыта

Пра што вы?
Мефістофель (сам сабе)

                  О, дзіця, дзіця!
(Уголас.)

Бывайце ж!
Маргарыта

З богам, пан!
Марта

                    Хаця —
Я б мець пасведчанне хацела,
Калі і як мой муж пакінуў свет
І дзе ўпакоілася цела,
Усё, каб як належыць, каб як след,
Каб некралогі, выразкі з газет…{57}
Мефістофель

Ды што прасцей! Бо праўда — гэта ж тое,
За што выказваюцца двое.{58}
Дарэчы, прыяцель мой тут,
Я разам з ім прыйду на суд
У сведкі.
Марта

             Я ўжо вам аддзячу!
Мефістофель

А ці паненку тут убачу?..
Ён хлопец бравы, а з манер
Галантны рыцар, кавалер.
Маргарыта

Пачырванею. Ах, ну што вы!
Мефістофель

Трымайце нораў! І нахмурце бровы!
Марта

Сягоння мы, як сонца сядзе,
Чакаць вас будзем тут у садзе.

Вуліца{59}

Фаўст. Мефістофель.


Фаўст

Ну што? Якія ў вас навіны?
Мефістофель

Во! як палае наш герой!
Лічыце Грэтхен загадзя сваёй.
Мы ў садзе ў Марты сёння быць павінны.
А Марта — зводніца і скнара,
Сказаць па праўдзе — чорту пара.
Фаўст

Выдатна!
Мефістофель

Патрабуе платы Марта.
Фаўст

Яна любой падзякі варта.
Мефістофель

Мы прысягнуць павінны, я і вы,
Што муж няшчаснай — нежывы
І пахаваны ў Падуі ў саборы.
Фаўст

У Падую? Дарога зноў, турботы, зборы?
Мефістофель

Sancta simplicitas{60}! Дзівак!
Мы можам сведчыць проста так!
Фаўст

Я вам не хлус!
Мефістофель

                  Змагар за праўду! Мо ніколі
Вы людзям глупства не малолі?
Хіба пра бога, рух свяціл, планет,
Пра чалавека і яго духоўны свет
Не гаварылі смела і глыбока
З апломбам знаўцы і прарока?
Але ж сабе прызнайцеся хаця,
Што тайны сэнс і змест жыцця
Вядомы вам, мой друг упарты,
Не больш, чым доля мужа Марты.
Фаўст

Не бачыў век такога я сафіста.
Мефістофель

І ў чорта інтэлект узрос.
Магу быць пэўны, што за нос
Паводзіш Грэтхен, урачыста
Ёй будзеш клясціся ў каханні,
Спяваць ёй будзеш на світанні.
Фаўст

Ад сэрца, шчыра.
Мефістофель

                      Не смяшы!
Пачнеш трубіць пра вобраз мілы,
Пра вернасць сэрцаў да магілы —
І гэта шчыра, ад душы?
Фаўст

Пакінь! Скажу адно я — вер не вер:
Калі ўсяму, што ў сэрцы маю,
Я назвы правільнай не знаю,
Калі дапытліва цяпер
У белы свет іду блукаць,
Каб словы ісціны шукаць,
Калі агонь, якім палаю,
Бясконцым, вечным называю,—
Дык хіба ж гэта — прыдур, бзік?
Мефістофель

Па-мойму — так!
Фаўст

                  Нашто надсаджваць грудзі!
Той, у каго даўгі язык
І хто дурыць лаўчэй прывык,—
Той — слушны будзе.
Хадзем! Здаюся моўчкі сатане,
Бо так выгоды болей мне!

Сад{61}

Маргарыта пад руку з Фаўстам, Марта з Мефістофелем — прагульваюцца.


Маргарыта

Пан з далікатнасці гатовы
Да буднай знізіцца размовы.
Павандравалі вы па свеце шмат,
І ў вас жыццёвы вопыт за плячыма,—
Ці ж можа простая дзяўчына
Патрапіць вам у акурат?
Фаўст

Ад мудрасці зямной мне горка —
Чаруе толькі позірк твой, гаворка…
(Цалуе ёй у руку.)

Маргарыта

Як можна цалаваць руку,
Шурпатую ад хатняй працы,
Бо я ж гатую, мыю, тку —
Усё раблю, што скажа маці.
Праходзяць.


Марта

Дык пан заўсёды на калёсах?
Мефістофель

Што зробіш, лёсу я не ўладца!
З тугой бярэш у рукі посах,
А так хацелася б застацца.
Марта

Калі ты малады, то добра ўсяк:
І пасядзець, і ў свеце пабадзяцца.
А пераспелы халасцяк,
Самотнік горкі без апоры —
Ён і памрэ ў галечы й горы!
Мефістофель

Пра гэта й думаць цяжка, млосна!
Марта

А вы падумайце, пакуль не позна.
Праходзяць.


Маргарыта

Як той казаў: пайшоў — забыў імя.
А вы пачцівы пан, лагодны,
Разумны і высакародны —
Навошта вам спатрэбілася я?
Фаўст

Павер мне, мілая, што ўся асвета —
То пустата адна і слепата.
Маргарыта

Ну, што вы?
Фаўст

                 Ах, нявіннасць, прастата —
Сама сабе не ведае цаны,
Бо, можа, лепшае на свеце — гэта
Цнатлівая пакорнасць, без маны…
Маргарыта

Ці ўспомніце мяне сяды-тады?
А я запомню пана назаўжды.
Фаўст

Вы, пэўна, часта на самоце?
Маргарыта

Пра гаспадарку трэба дбаць
І думаць толькі аб рабоце.
Сама ўсё мушу гатаваць,
І шыць і мыць — і ўсё адна,
Штодзень кручуся да цямна.
Хай не харомы, не палаты,
Пакінуў тата нам гарод,
Садок каля старэнькай хаты.
Жыць можна сціпла, мець даход,
Калі парадак весці строга.
Падаўся брат мой у салдаты,
Сястрычка адышла да бога.
Хоць з ёю клопатаў было,
Ды перанесла б я іх зноў спачатку:
Так спагадала я дзіцятку —
Як тая красачка расло.
Фаўст

Калі, як ты, — анёл!
Маргарыта

                         Я гадавала
Дзіця без мамы і без брата.
А тут якраз памёр мой тата,
А маму немач прыкавала —
Не дай бог іншым — да пасцелі.
Як той казаў, паўнютка хата
Турбот з нядзелі да нядзелі;
І давялося мне адной
Карміць малое малаком з вадой —
Так я сястры сваёй за маму стала,
Так у мяне дачушка падрастала.
Фаўст

Якое чыстае ты шчасце адчувала!
Маргарыта

Ах, не зусім! Пастаўлю я паблізку
На ноч дзіцячую калыску:
Паварухнецца, я ўстаю,
Кладу дзіця ў пасцель сваю,
Кармлю і ціха калышу
Або ад вечара да ранку,
Калі не спіць яно, нашу,
І ўсё спяваю калыханку,
І кожны рух бяру на вочы.
А раніцою — зноў за ночвы,
Пасля на рынак і да печы —
Дзень цэлы не разгорбіш плечы.
Нялёгкая, мой пане, гэта справа —
Затое спіш усмак, усмак і страва.
Праходзяць.


Марта

Халасцяка старога выправіць магіла —
Жаночая яго не возьме сіла.
Мефістофель

Ну, каб такая вось, як вы,
Ды, закасаўшы рукавы,
Мяне да сэрца прыгарнула,
Ураз бы смак жыцця вярнула.
Марта

Ці ёсць у вас хто на прыкмеце?
Прытулак маеце на свеце?
Мефістофель

Як той казаў, агмень ды жонка верна
Нам даражэй смарагда й перла.
Марта

Ды не — я пра каханку, даму сэрца.
Мефістофель

О, сэрца ўсюды прадаецца.
Марта

А, божа, я ў тым сэнсе, што жанчыны…
Мефістофель

На жарты з дамаю свае прычыны.
Марта

Не, вамі я не зразумета!
Мефістофель

Вы проста ягадка, а не кабета!
Праходзяць.


Фаўст

А ці мяне адразу ты пазнала,
Калі ўвайшоў я сёння ў сад?
Маргарыта

Я так збянтэжана стаяла
І апусціла вочы.
Фаўст

                        Я сабе дазволіў шмат
Тады, сустрэўшыся каля сабора.
Прашу мне вольнасць дараваць.
Маргарыта

Узрушанасць сваю няскора
Змагла я ў сэрцы ўтаймаваць.
Не чула я яшчэ дакораў,
Што я лядашчая, благая.
Ах, думала, няўжо твой нораў
Такі, што ўжо няма і спасу,
Ці не падумаў ён, што я такая…
Што можна ўзяць мяне адразу?
Прызнаюся: чаму, не знаю,
Прыхільнасць я да вас у сэрцы маю.
Але сябе тым часам дакарала,
Што крыху вас пашкадавала.
Фаўст

Каханая!
Маргарыта

Хвіліначку!
(Зрывае рамонак, ірве пялёсткі.)

Фаўст

               Не рвіце.
Маргарыта

Гульня!
Фаўст

           Ды ну?
Маргарыта

             Прашу, з мяне не кпіце!
(Абрывае пялёсткі і шэпча.)

Фаўст

Што шэпчаш ты?
Маргарыта (напаўголаса)

                         Кахае — не!
Фаўст

Анёлак мой!
Маргарыта (шэпча)

                  Кахае — не! Кахае — не!
(Зрываючы апошні пялёстак, радасна.)

Кахае!
Фаўст

          Так, дзіця, няхай рамонка мова
Прысудам божым будзе: ён кахае!
(Бярэ за абедзве рукі.)

Маргарыта

Я так усхвалявана!
Фаўст

О, не дрыжы! Хай позірк мой,
Хай поціск рук табе раскажа,
Што словамі сказаць не ўмею!
Аддацца б цалкам! Асалодай
Упіцца я бясконцай прагну!
Бясконцай! Бо канец — адчаем быў бы!
Бясконцай! Не хачу канца!
Маргарыта паціскае яму рукі, вырываецца і ўцякае. Фаўст стаіць хвіліну задуменны, пасля ідзе за ёю.


Марта (уваходзячы)

Сцямнела, ноч!
Мефістофель

                    Ісці пара!
Марта

Вас не пусціла б я з двара,
Ды наш завулак — зборышча ўсялякіх бед:
Нібы ва ўсіх адна турбота —
Дацікаваць паціхеньку з-за плота,
Што з’еў, чым закусіў сусед,
Што ні зрабі — адразу плёткі.
Дзе ж пара наша?
Мефістофель

                       П’юць нектар салодкі,
Як пчолкі.
Марта

              Блізіцца да згоды.
Мефістофель

Каханне скрозь!
                       Такі закон прыроды!

Альтанка{62}

Убягае Маргарыта, хаваецца за дзвярыма, прыкладае палец да вуснаў і глядзіць у шчыліну.


Маргарыта

Ідзе!
Фаўст (уваходзячы)

       Ах, дражнішся! Чакай, злаўлю!
(Цалуе яе.)

Маргарыта (абдымае яго і вяртае пацалунак)

Каханы мой! Люблю! Люблю!
Стукае Мефістофель.


Фаўст (тупае нагой)

Хто там?
Мефістофель

            Твой друг!
Фаўст

                     Скаціна!
Мефістофель

                         Развітацца час!
Марта (уваходзячы)

Так, позна ўжо!
Фаўст

               Дазвольце мне правесці вас?
Маргарыта

А маці? Не, не трэба!
Фаўст

                    Цяжкі час расстання!
Бывайце ўсе!
Марта

                   Ад’ё!{63} Бывайце!
Маргарыта

                                  Да спаткання!
Фаўст і Мефістофель выходзяць.

О, як натхнёна, мілы божа,
Мужчына гэты мысліць можа!
Я ж перад ім стаю, дурніца,
Стаю, гатова праваліцца.
Ах, Грэтхен бедная, чаму
Ты спадабалася яму?
(Выходзіць.)

Лес і пячора{64}

Фаўст (адзін)

Магутны, ўзнёслы Дух, ты даў мне ўсё,{65}
Чаго ў цябе прасіў. Ты нездарма,
Аблічча ў полымі сваё явіўшы,
Усю прыроду мне пад ногі кінуў
І сілу даў, каб здолеў я жыццё
Не толькі подзівам халодным мераць,
Але й заглядваць у яго глыбіні,
Нібыта ў сэрца сябра дарагога,
Ты паўз мяне правёў жывых чароды,
Ты навучыў мяне шукаць братоў
У ціхім лесе, у вадзе й паветры!
Калі раве, лютуе ў пушчы бура,
І хвоя-волат, падаючы долу,
Сасоннік трушчыць малады, і глуха
Падзенне рэхам горы абуджае,—
Тады вядзеш мяне ты ў ціхую пячору,
Каб я, сябе пазнаючы, ўсе цуды
Таемнага нутра свайго пабачыў!
Калі ўстае пяшчотна чысты месяц
На небе, — о, тады насустрач мне
Плывуць са скал крутых і з гушчару,
Як здані, постаці часоў мінулых,
Лагодзячы натхнёную душу.
Я ведаю, нішто не дасканаласць!
Аднак ты шчодра шчасцем надзяліў,
Якое зблізіла мяне з багамі,
Даў спадарожніка, які ужо стаў
Патрэбны мне, хоць холадна і дзёрзка
Мяне ў маіх вачах шальмуе, бэсціць
І з дзікім рогатам на глум і здзек
Дары твае і шчодрасць выстаўляе,
Распальвае ў душы маёй агонь,
Агонь кахання абуджае зноў.
Ад прагі рвуся я да асалоды,
А ў асалодзе мару ўпіцца прагай.
Уваходзіць Мефістофель.


Мефістофель

Ці не абрыдла вам яшчэ?
Ці, можа, досыць той забавы?
Нядрэнна скаштаваць любоўнай стравы,
Ды нам далей пара, жыццё ж цячэ.
Фаўст

Няма ў цябе другой турботы, бачу,
Як ліпнуць да мяне ўвесь час смалою?
Мефістофель

Ну-ну! Пайду сабе — і не заплачу! —
Я так не раю жартаваць са мною.
Калі ты гэткі грубіян, дзікун,
То, кінуўшы цябе, не шмат я страчу.
Ты дзень у дзень служы яму, цікуй,
Насі, вазі, шукай яму дзяўчат,—
А ўсё не так табе, не ў акурат.
Фаўст

Ты што? Чакаеш ад мяне падзякі
За кожны выбрык свой, фартэль усякі?
Мефістофель

А як жа ты, зямлі гаротнай сын,
Прабавіў бы жыццё сваё адзін?
Хіба не я, хіба не чорт
Цябе пазбавіў ад згрызот?
Каб не стараўся я і не штукарыў,
Даўно б ты, пане мой, зямельку парыў;
Чаго ж бо ты, нібы сава ў дупле,
Не на дажджы сядзіш, але ў цяпле,
Сядзіш, як жаба сярод багны,
І смокчаш гразь, да ежы прагны,—
А планаў маеш колькі ў галаве! —
Не, доктар у табе яшчэ жыве.
Фаўст

Каб ведаў ты — як ачуняў я скора
І колькі сіл дала мне гэтая пячора,
Вярнуўшы дар шчаслівай маладосці!
Каб ведаў ты, дык пазайздросціў!
Мефістофель

Прыемнасці, відаць, нямала —
Вылежвацца ў траве, нагульваць сала,
І заадно ў нябёсы ад зямнога
Ляцець на крылах мар, ляцець да бога,
І думкай працінаць зямлю і цвердзь,
І божыя тварэнні ўразумець,
І асалодай незямной упіцца,
Ў любові зноў расчулена забыцца,
Турботы будныя забыць
І свой парыў…
(Робіць непрыстойны жэст.)

               маўчу… вось гэтым завяршыць.
Фаўст

Цьфу на цябе!
Мефістофель

                     Ай-ай! Не даспадобы! —
Яму варочае вантробы!
Ханжам заўсёды вянуць вушы
Ад рэчаў, да якіх імкнуцца душы.
Я ж толькі даў магчымасць вольна жыць.
Сябе самога часам пачмурыць,
А ты адразу — на дыбкі.
Калі характарам такі,
Дык можаш розумам звіхнуцца,
Зноў у віры шалёным апынуцца.
Пра тое годзе! Грэтхен там — адна.
Вядро наплакала з тугі,
І мроіцца ёй вобраз дарагі —
Па вушы закахалася яна.
Твая любоў нядаўна бушавала,
Нібы вясною горная рака,
І да грудзей яе дапала,—
Ды з той ракі цяпер не вып’еш і глытка.
Па мне, чым тут бадзяцца па балоце,
То лепш было б вярнуцца зноў,
Каб у салодкай, радаснай пяшчоце
Аддзякаваць красуні за любоў.
Гадзіна днём, дзень тыднем ёй стае,
Сядзіць, глядзіць, як за акном
Заткалі неба хмары шэрым палатном,
«Чаму не птушка я?» — пяе.
Туга дзяўчыне сэрца разрывае.
То падбадзёрыцца, то зноў на твар
Кладзецца роспачы цяжар,
То моўчкі пацеркі перабірае,
Імя тваё з журботай паўтарае,
То зноў у слёзы, зноў у плач —
А ты тырчыш тут, як таўкач.
Фаўст

Змяя! Змяя!
Мефістофель (сам сабе)

             Ну вось, падсек цябе ўжо я!
Фаўст

Не спакушай жа, дух паганы,
Не развярэджвай, д’ябал, раны,
Не трэба мне падступныя парады,—
Яны распальваюць агонь пажады.
Мефістофель

Дзяўчына думае цяпер,
Што ўцёк падступны кавалер…
Фаўст

Дзе б я ні быў, куды б я ні прыстаў,
Забыць яе, пакінуць — не змагу я.
Зайздрошчу целу госпада Хрыста,—
Яго ж на споведзі яна цалуе.
Мефістофель

І я зайздросціў, гледзячы на вас,
Калі між ружаў ты блізнятак пас.{66}
Фаўст

Прэч, зводнік!
Мефістофель

                     Смех з такога гневу!
Сам бог, ствараючы Адама й Еву,
Чыніў святую справу першы,
Хвілінку вольную займеўшы!
Хадзем! Чаго разводзіць нам нуду,
Я ж у пакой да Грэтхен павяду,
Не на пагібель, не на кару.
Фаўст

У палкіх пацалунках — рай!
О, на грудзях яе памерці дай!
Я не забыў пакут яе, сустрэцца мару.
Ці ж не пачвара я, дурны, няўдалы,
Ці не ўцякач, які пакінуў дом
І горнай рэчкай падае на скалы
Ды мчыць далей да прорвы, напралом?
А там унізе, недзе, у даліне,
У хатцы, мілае дзіця — яна
Ў турботах хатніх не спачыне,
У свет малы замкнутая, адна.
Няўжо таго было мне мала,
Што, божы нелюб, я хапаў
Рукамі скалы як папала,
І іх крышыў, і разбіваў?
Я на спакой яе наклікаў хмары,
Ты ж, пекла, прагнула ахвяры!
Але, што нам наканавана, — не міне!
Дык скараці мне, д’ябал, час жуды,
Хай лёс яе спасцігне і мяне,
Каб разам знікнуць назаўжды.
Мефістофель

Ён зноў гарыць, ён зноў палае!
Ідзі, ідзі ж суцеш яе, дурны.
Дзе недарэка выйсця добрага не мае,
Там горнецца адразу да труны.
Смялей! Адкінь адчай і горды гнеў —
Ля чорта сам ты трохі ссатанеў.
Бяда, калі ўжо чорт пачне тужыць,
Тады няма чаго і жыць.

Пакой Грэтхен{67}

Грэтхен (адна, за калаўроткам)

У сэрцы боль,
Запал пагас,
Не вернецца
Шчаслівы час.
Спакой мінуў —
І мне труна,
Агоркнуў свет —
І я адна.
Душу маю
Азмрочыў сум,
Завяла я
Ад горкіх дум.
У сэрцы боль,
Запал пагас,
Не вернецца
Шчаслівы час.
Каб да мяне
Прыйсці ён мог,
Як выбегла б
Я на парог,
Яго хада
І моц плячэй,
Яго ўладарны
Бляск вачэй.
Яго — і голас,
І далонь,
І вуснаў — ах!
Святы агонь!
У сэрцы боль,
Запал пагас,
Не вернецца
Шчаслівы час.
Жаль грудзі рве —
Больш не ўтрываць:
О, каб магла
Яго ўтрымаць.
І цалаваць
Усё жыццё,
З любоўю — ў смерць,
У небыццё!

Сад Марты{68}

Маргарыта. Фаўст.


Маргарыта

Скажы мне, Генрых мой!
Фаўст

                                     Скажу!
Маргарыта

Скажы, як ставішся да бога?
За добрую тваю душу
Мяне ўвесь час грызе трывога.
Фаўст

Пакінь, дзіця, маё ты знаеш пачуццё,
Я за яго гатоў аддаць жыццё,
Не ганячы царквы і неба.
Маргарыта

Нядобра так, нам верыць трэба!
Фаўст

   Чаму?
Маргарыта

            Ну, як цябе пераканаць!
Дары святыя трэба шанаваць.
Фаўст

Дары шаную.
Маргарыта

                    Трэба іх прымаць.
Не молішся, не ходзіш ты да мшы —
Ці маеш веру ты ў душы?
Фаўст

Каханая, не сустракаў такога,
Каб хто сказаў: «Я веру ў бога».
Спытайся ў мудраца
Ці ў дабрачыннага айца —
Адказам будзе смех.
Маргарыта

                           Дык, значыць, не?
Фаўст

Анёлак, зразумей мяне!
Хто назаве яго,
Хто прызаве яго,
Хто скажа: «У яго я веру»?
Або адкрыта,
Зусім адкрыта
Прызнае: «Не, не веру»?
Усемагутны,
Усеўладны
Ці ж не акрые ласкай
Цябе, мяне, сябе?
Над намі ці ж не купал неба?
Ці ж пад нагамі не зямля?
Ці ж зоркі мякка і лагодна
Не мчаць у высі, высі, высі?
Ці ж не гляджу ў аблічча я табе,
Ці ж гэта ўсё не пранікае
У галаву, ў душу табе,
Ці не лунае ў вечнай таямніцы
Нябачна, бачна навакол цябе?
Напоўні шчодра гэтым сэрца!
Як адчуванне шчасцем адзавецца,
То называй яго, як хочаш!
Каханнем! Шчасцем! Сэрцам! Богам!
А я не маю назвы!
Я пачуццём жыву;
Бо назва — гук і дым,
Што спавівае полымя ў нябеснай мгле.
Маргарыта

Не суцяшай нічым.
Казаў і пробашч гэта мне,
Адно — зусім другія словы.
Фаўст

У кожнага лад роднай мовы
Сугучны думкам і настрою —
Чаму ж тады і мне сваёю
Не гаварыць, чаму?
Маргарыта

Гатова верыць я ўсяму,
Але адно мяне гняце —
Што вы — не ва Хрысце.
Фаўст

Дзіця!
Маргарыта

         І вельмі моцна прыгнятае,
Што ў вас кампанія не тая.
Фаўст

Чаму?
Маргарыта

         Мне сябар ваш харошы
Да глыбіні душы варожы.
Скажу, за ўсе свае гады
Другой такой не бачыла брыды,—
Ягоны твар такі страшэнны.
Фаўст

Твой страх, каханая, дарэмны.
Маргарыта

Яго прысутнасць мне бунтуе кроў.
Я ўсіх шаную, ўсім мая любоў; —
І як цябе пабачыць прагна мару,
Так ад ягонага дрыжу я твару.
Здаецца мне, ён шэльма, пустабрэх,
Калі не так — даруй мне, божа, грэх!
Фаўст

Хіба на свеце блазнам нельга быць?
Маргарыта

З такім я не хацела б побач жыць!
Як толькі ўвойдзе ён у дзверы,
Яго падступныя намеры,
І здзеклівасць, і злосць відны;
Напэўна, мерцвякі адны
Яму на свеце гэтым любы.
Пагардліва ён крывіць губы,
І я чытаю з твару злога —
Не можа ён любіць жывога.
З табой так добра, так лагодна,
З табой я дыхаю свабодна,
А ён агідны, ён зласлівы.
Фаўст

О, мой анёлак баязлівы.
Маргарыта

Падыдзе толькі да цябе,—
Я ўся ад страху калачуся,
Здаецца, не люблю цябе.
Пры ім я стыну, не малюся,
Трывожна, цяжка мне тады.
Ах, Генрых мой, каб не было бяды.
Фаўст

Ну, непрыгожы ён, ну, брыдкі з твару…
Маргарыта

Пара мне ўжо.
Фаўст

                    Ах, мілая, як мару
Я хоць гадзінку лішнюю пабыць,
Душу з душой і сэрца з сэрцам зліць.
Маргарыта

Калі б адна я ў хаце спала,
Дык я б дзвярэй не замыкала,
Ды мама чуйная мая;
Каб нас яна ўдваіх застала,
Ад сораму памерла б я.
Фаўст

Анёлак мой, вазьмі флакон,
Падай тры кропелькі з вадой,
І прыйдзе сон, здаровы сон
І матцы прынясе спакой.
Маргарыта

Дзеля цябе на ўсё я згодна!
Скажы, а гэта ёй не шкодна?
Фаўст

Навошта мне шукаць падману?
Маргарыта

Як толькі на цябе я гляну,
Слабею ўраз і трачу волю,
Нічым душы не задаволю.
Зрабіла столькі я табе. Здаецца,
Нічога больш рабіць не застаецца.
(Выходзіць.)

Мефістофель (уваходзячы)

Як малпачка? Пайшла?
Фаўст

        Шпіёніў зноў?
Мефістофель

Урок закону божага і мілаты? —
Я чуў ваш дыспут да апошніх слоў —
Маралізатар недалужны ты,
А дзеўчанё дарма не траціць часу.
Калі ты ў бога верыш, — будзь гатоў,
Што прыбярэ цябе да рук адразу
Фаўст

Пачвара, ці не бачыш ты, — яна
Баіцца пакахаць
І чыстай вераю святой
Сама, адна
Душу ад зла спрабуе ўратаваць,
І за мяне убольвае душой.
Мефістофель

О кавалер звышпачуццёвы,
Паддацца ты дзяўчу гатовы.
Фаўст

Паскробак полымя і гною!
Мефістофель

Яна здаецца недурною:
Дзе недабачыць, носам чуе
І грэбуе прысутнасцю маёй,
Мая ўжо морда, бач, не імпануе.
Адчула, бач, што перад ёй
Не чалавек, а геній, сіла,
Відаць, і чорта раскусіла.
Дык ноччу?..
Фаўст

                  Што табе да гэтай справы?
Мефістофель

Ва ўсім ёсць частачка маёй забавы.

Каля студні{69}

Грэтхен і Лізхен са збанамі.


Лізхен

Ты чула, што Барбару напаткала!
Грэтхен

Не, я з людзьмі бываю мала.
Лізхен

Сівілачка шапнула мне на вушка,
Што ўжо ў круцёлкі нашай пухне брушка,—
Так ёй і трэба!
Грэтхен

                    Не!
Лізхен

                        Яно ж бо тое —
Ужо і есць і п’е на двое!
Грэтхен

Ах! Ах!
Лізхен

           Якая ж гэта навіна?
Што заслужыла, тое — на!
Штоноч спраўляла пагулянку,
Любошчы з вечара да ранку,
Усюды першай лезла смела,
Віно піла, лагодкі ела,
Каб дагадзіць свайму каханку.
Дзе сорам? Страх? Наўме адно:
Гулянкі, хлопцы і віно!
Лізалася ў распуснай млосці
І вось… чакае бусла ў госці.
Грэтхен

Няшчасная.
Лізхен

                Твая спагада — не для шлюхі!
Вось мы з табою, папрадухі,
Сядзім, прадзём, на вуліцу — каб крок,
Яна ж каханку горнецца пад бок,
На прызбу цягне, ў сенцы і за плот —
Шукае ўцех любоўных і прыгод.
Дык хай жа гадаўка пакіне гулі,
Паўзе да кірхі ў грэшніцкай кашулі.{70}
Грэтхен

Ён, пэўна, з ёй ажэніцца цяпер?
Лізхен

Трымай кішэнь напагатоў —
Да лепшае зашле сватоў;
Дарэчы, ўцёк і кавалер.
Грэтхен

Які падман жахлівы, бо-жухны!
Лізхен

А нават каб пабраліся яны,
Вянок сарвалі б ёй мужчыны,
А мы пад весніцы насыпалі б мякіны.
(Выходзіць.)

Грэтхен (ідучы дахаты)

І я калісьці кпіла ў горкай злосці
З дурных памылак іншага кагосьці,
Сукала плётак брудныя вяроўкі
З грахоў няшчаснае сяброўкі!
І прававала, і кляла,
Счарніла б спрэс, калі б змагла —
І вось цяпер якраз мне пара
Дурная грэшніца Барбара!
Ды ўсё, што ў грэх мяне ўвяло,
Мне столькі-столькі радасці дало.

Гарадскі мур{71}

У нішы вобраз Mater Dolorosa{72}, перад ім вазы з кветкамі.


Грэтхен (ставіць свежыя кветкі)

Заступніца,
Пакутніца,
Нясі мой боль да бога.
У сэрцы рана.
Ты так аддана
Аплакваеш сына свайго.
Пакуты зносіш
І слёзна просіш,
Каб бог не пакінуў яго.
Душа палае.
Хто гэта знае?
Хто мне ў бядзе паспагадае?
Як збалела сэрца,
Як дрыжыць, з грудзей ірвецца —
О маці святая.
Не маю патолі,
Не маю шчасця-долі,
Жыву, як у турме!
Сама сябе не бачу
І плачу, плачу, плачу,
Ах, боль мне грудзі рве!
Калі сягоння кветкі
Табе збірала я,—
Гарачая лілася
На дол сляза мая.
Калі ў маю камору
Ў акно прамень зірнуў,
Мяне застаў у горы,
Мяне застаў адну.
Ратуй ад ганьбы, лёсу злога,
Заступніца,
Пакутніца,
Нясі мой боль да бога.

Ноч{73}

Вуліца перад домам Грэтхен.

Салдат Валянцін, брат Грэтхен


Валянцін

Акружаны з усіх бакоў
Ардою п’яных дружбакоў,
Сяджу, бывала, у карчме,
Дзе кожнаму адно наўме —
Каханку выхваліць сваю,
Я слухаю і моўчкі п’ю,
Кручу, падбочыўшыся, вус,—
Бо не хвалько я і не хлус.
Укіну чарку за сяброў,
Скажу: «У кожнага свой густ,
Кахай, гуляй і будзь здароў!
Але знайдзіце мне дзяўчат
Такіх, каб з Грэтхен сталі ў рад!»
Тут шум, тут вэрхал, стукат, грук:
«Ён праўду кажа, наш сябрук!
Такой нідзе няма красы,
Такая ўсім утрэ насы!»
Хвалькам адразу як затне,
Як ні круці — што не, то не!
…А тут — насмешкі, жарты, кпіны,
Атрута плётак, пырскі сліны;
Калі на плечы ўзлезе гора,
Лайдак апошні ў вочы пора.
Сяджу ўвесь час напагатове,
Лаўлю намёк у кожным слове.
Тут нават хоць касцямі ляжаш,
Хлусам нічога не дакажаш.
Але!.. Каго нясе там ліха?
Аж двое нават… Ціха! Ціха! —
Калі панадзіліся ў госці,
Пераламаю гіцлям косці.
Фаўст і Мефістофель.


Фаўст

Як там, святло лампадкі праз акно
Цячэ ў густую цемру ночы,
Чым ён жыве, яе спакой дзявочы,
Праз шыбу з цемры не відно.
Душа мая ў зачараванай багне.
Мефістофель

Ну, а ў мяне настрой, нібы ў ката,
Калі на дах яго пацягне
Чароўнай кошачкі цната,
А ў думках толькі дабрата:
Душа гульбы марцовай прагне,
Аж загадзя каўтаю сліну.
Праз дзень пазбаўлюся ярма —
І вуды ўжо на шабасе закіну:{74}
Там недаспіш — дык недарма!
Фаўст

Ці бачыш, скарб свіціцца з лёха?
Дастань яго — чарцям так лёгка.
Мефістофель

Дастану, добра. Скарбаў тых
Я знаю безліч; асабліва
Адзін каштоўны, з дзіваў дзіва —
Паўнюткі горшчык залатых.
Фаўст

Каб то пярсцёначак які,
Дык падарыць я быў бы рады.
Мефістофель

О, там на выпадак такі
Каралькі — чыстыя смарагды.
Фаўст

А то ж! Я не магу згадзіцца
Ісці да мілай без гасцінца.
Мефістофель

Чаго саромецца быць скнарам!
Абы далі — бяры задарам!
Пры бляску месяца я кралі
Спяю начную серэнаду
Ці песню, поўную маралі,
Каб лепей брала на прынаду.
(Спявае пад цытру.)

       Скажы, чаго{75}
       Чакаць яго,
       Хлапца свайго,
Ля дома з ночкі ў ночку?
       На ноч, на дзве
       Гукне цябе,
       Вянок сарве —
Не выйдзеш у вяночку.
       Твой мілы друг
       Хлапчына — зух,
       Ён мае нюх,
Умее заляцацца.
       Спявай, кахай,
       Цалуй, гуляй —
       Цябе ж ён, знай,
Не павядзе вянчацца.
Валянцін (выходзячы)

Каго ты надзіш, госць нязваны,
Сабачы хвост, пацукалоў!{76}
Зламаю інструмент паганы!
Шпурну да д’ябла спевакоў!
Мефістофель

Разбіў нягоднік цытру нашу.
Валянцін

Ды я вам чарапы распляжу!
Мефістофель (Фаўсту)

Ну, пане доктар, вам уважу —
За вас у бойцы пастаю!
Вымай жалезіну сваю,
Калі смялей — я адаб’ю!
Валянцін

Дык адбівай!
Мефістофель

                   Чаму ж бы не!
Валянцін

Яшчэ!
Мефістофель

          Адбіў.
Валянцін

    Тут спрыт па сатане!
Ды што такое? Слабне ўжо рука.
Мефістофель (Фаўсту)

Калі!
Валянцін (падае)

       Канец!
Мефістофель

       Утаймавалі блазнюка!
Цяпер бяжым, пакуль не позна, прэч —
Падымуць шум. Хутчэй! Ты не пярэч —
З паліцыяй управіўся б я тут,
Але нам пагражае суд.{77}
Марта (з акна)

Сюды! Сюды!
Грэтхен (з акна)

                    Агню! Авой!
Марта (з акна)

Ратуйце! Тут разня! Разбой!
Людзі

Адзін забіты! Людзі — гвалт!
Марта (выходзячы)

Лавіце іх, зладзеяў, ды вяжыце!
Грэтхен (выходзячы)

Няўжо забіты хто?
Людзі

                          Твой брат!..
Грэтхен

О божа! Людзі! Памажыце!
Валянцін

Канаю ўжо! Сказаў — аж бач,
З касою смерць адразу тут.
Пакіньце, бабы, енк і плач —
Скажу я слова, добры люд.
Усе абступаюць яго.

Сястрыца, розум твой дзіцячы,—
Ты, ўцех шукаючы і ўдачы,
Ліхія выбрала шляхі.
Скажу адно, а ты паслухай:
Калі зрабілася ўжо шлюхай,
Дык адкрывай свае грахі.
Грэтхен

Браточак! Што ты! Божа мой!
Валянцін

Маўчы, хоць богу дай спакой.
Ты добра ведаеш сама:
Што страчана, таго няма.
З адным круціла ты залёты,
Дайшлі другія да ахвоты,
А як за тузін запаўзе,
Ўвесь горад будзе на чарзе.
Складаныя шляхі аблуды:
Употай крадзецца яна,
Хаваючы свой твар усюды,
Заўжды, з відна і да цямна.
Спярша яшчэ ў ёй сілы мала;
Пасля ж расце і, як назло,
Выходзіць голай на святло,
Хоць прыгажэйшаю не стала.
І чым страшнейшая з аблічча,
Тым бессаромней яна кліча.
І прыйдзе, прыйдзе час той хутка,
Калі табе сумленны люд
За твой падман і брудны блуд
У вочы плюне, прастытутка!
Пашэрхне сэрца, як кара,
Калі хто гляне, і адмовяць
Насіць каралькі, і на споведзь
Не пойдзеш больш да алтара,
Не пакрасуешся сукенкай,
Не будзеш мілаю паненкай —
Юродкаю паміж калек
Ганебна дажывеш свой век;
Хай богам ты і не праклята,
Але прымі пракляцце брата!
Марта

Не праклінай, пабойся бога,
Твая ўжо смерць каля парога.
Валянцін

Каб растаптаць я толькі мог
Цябе, распусная гадзюка,
Была б то лепшая зарука,
Што мне грахі даруе бог.
Грэтхен

Якая мука! Братка мой!
Валянцін

Паплач, паплач за сорам свой!
Яго ты ўжо даўно згубіла
І брата ганьбаю забіла.
Салдацкі гонар я збярог,
І мне суддзёй — хай будзе бог.
(Памірае.)

Сабор{78}

Набажэнства, арган, спевы.

Грэтхен сярод парафіян. За ёю Злы Дух.


Злы Дух

Зусім інакш, ты Грэтхен,
Да алтара
Нявіннаю хадзіла.
З зачытанае кніжкі
Малітвы ты шаптала.
Гульня дзіцячая
І бог у сэрцы!
Грэтхен!
Дзе галава твая?
Якая скруха
Ляжыць на сэрцы?
Ці молішся за матчыну душу,
Што па віне тваёй асуджана на мукі?
А на тваім парозе кроў. Чыя яна?
…Што пад трывожным сэрцам
Варушыцца, жыве?..
Ці не палохае цябе яно
Грахоўнаю прысутнасцю сваёю?
Грэтхен

О, гора мне!
О, як пазбыцца цяжкіх дум,
Што пранікаюць у душу
І сэрца мне вярэдзяць!
Хор

Dies irae, dies illa
Solvet saeclum in favilla.{79}
Акорды аргана.


Злы Дух

Гучыць труба!
Дрыжаць магілы!
Душа твая
З агню і тлену
Да мук пякельных
Са страхам паўстае.
Грэтхен

Навошта я прыйшла?
Здаецца, сам арган
Дыханне мне сціскае.
А спеў глыбока
У сэрца западае.
Хор

Judex ergo cum sedebit,
Quidguid latet adpfrebit,
Nil inultum remanebit.{80}
Грэтхен

Як страшна мне!
Муры вакол
Гнятуць, гнятуць;
Скляпенні душаць,
Душна мне. — Паветра!
Злы Дух

Туляешся! А грэх і ганьбу
Куды схаваеш?
Святла? Паветра хочаш?
Гора табе!
Хор

Quid sum miser tunc dicturus?
Quem patronum rogaturus,
Cum vis justus sit securus?{81}
Злы Дух

Адварочваюць твары
Святыя ад цябе
I рукі працягнуць
Баяцца чыстыя!
О гора!
Хор

Quid sum miser tunc dicturus?
Грэтхен

Суседка! Дайце ваш флакон!
(Падае непрытомная.)

Ноч Вальпургіі{82}

Гарц. Ваколіцы Шырке і Эленда.{83}

Фаўст. Мефістофель.


Мефістофель

Каб вам мятла ці ступа хоць якая!
Я ж сеў бы на смярдзючага казла! —
Бо нас дарога доўгая чакае.
Фаўст

Пакуль мяне яшчэ трымаюць ногі,
He бачу ў тым я ні бяды, ні зла —
Пяшэчкам вымяраць дарогі;
Казёл нам тут не дапаможа.
Блукаць па лабірынце ў бездарожжа,
Узлазіць на вяршыню па скале,
З якой ручай струмені лье —
У гэтым бачу слодыч падарожжа!
Вясна ідзе, бярозка сок пускае,
Цяпло адчула і сасна;
He дзіва, што і наша кроў іграе.
Мефістофель

Няхай сабе ідзе вясна —
Больш даспадобы мне зіма з вятрыскам.
Я сцюжу і глыбокі снег люблю!
Глядзі, чырвоны месяц бляклым дыскам
Падсвечвае, самотнік, нам зямлю,—
Аднак усё ж на кожным кроку
Расквасіць лоб тут можна ў цемнаце.
Пастой, каб нам не заблудзіцца ў змроку,
Хай светлячок нас правядзе!{84}
Эй, прыяцель, свяці ў дарозе нам!
Блакітны светлячок

З ахвотаю! Сваім панам
Гатоў служыць, змяню сваю прыроду:
У траўцы поўзаць — звычай наш.
Мефістофель

Ты пераняў сабе людскую моду?
Хай людзі поўзаюць, а ты — наперад марш!
Бо ўраз жыцця агеньчык патушу.
Блакітны светлячок

Вы гаспадар, і вам я паслужу,
Што загадалі, давяду да ладу.
Але тут сёння шабас, аж зямля гудзе,
Дык і святляк, магчыма, дрэнна правядзе,
І вы ўжо майце да яго спагаду.
Фаўст, Мефістофель, Блакітны светлячок (спяваюць па чарзе)

Вось у сферу сноў і чараў
Мы ўвайшлі, як мне здаецца:
Дык праводзь нас між абшараў.
Кожны з нас даўно імкнецца
Зведаць край пусты і дзікі.
Глянь, як гэты лес вялікі
Міма нас назад сплывае,
І гара свой горб схіляе,
Скал грувасткія насы
Чмышуць сонна на лясы.{85}
І гарамі і лясамі
Ручаіна ўслед віецца.
Ці то спеў, ці хто смяецца,
Можа, радасць, можа, скруха
Ці ўспаміны душаць глуха,
Можа, цьмяны вобраз духа
Мчыцца ўдалеч лёгкім ценем
За каханнем-летуценнем?
Шалясціць трывожна хвойка…
Сыч, і кнігаўка, і сойка
Правяць у начы маленні:
У карчах сядзяць рапухі —
Даўгалыгі-таўстабрухі —
Лезе змеямі карэнне
Праз пясок і праз каменне
Пад калені і пад локаць,
Каб сурочыць, каб спалохаць,
Смокчуць сокі з дрэваў чагі,
На дарогу пруць карчагі,
Ад стагноты пухнуць нетры,
Гул праносіцца ў паветры.
Баль спраўляюць пацукі.
Замільгалі светлякі
Прад вачмі хімерным роем,
Заступаюць шлях героям.
Ці мы збіліся з дарогі,
Ці сумеліся з трывогі?
Стогне ўсё, шалее, вые:
Дрэвы, горы, кручы, скалы.
Як пачвары-зубаскалы,
Здані, прывіды начныя.
Мефістофель

Дык ідзі ж за мной пакорна.
Мы ў гарах, дзе бляск і звон,
Дзе навокал змрочна, чорна,
Дзе пануе цар Мамон.
Фаўст

Як дзіўна льсніцца праз даліны
Унізе цьмяная зара,
Зганяе морак у цясніны,
Як прывід кожная гара.
Тут вецер чадны хмары пеніць,
Там промень вырваўся з імглы,
То тоненькім цурком струменіць,
То б’е крыніцай са скалы,
То мноствам жылачак барвяных
Лагчыну краскамі затчэ,
То зноў у прорве гор крамяных
Ракой магутнаю цячэ,
Тут пырскі іскраў пад нябёсы
Пясочкам сыпле залатым,
А там узносяцца уцёсы,
Румяняцца рабром крутым.
Мефістофель

Напэўна, к святу ягамосьці
Раззалаціў Мамон палац?
Шчаслівы той, хто зведаў Гарц!
Але я чую — блізка госці.
Фаўст

А вецер, вецер так і б’е,
Лупцуе ў плечы бізунамі.
Мефістофель

За рэбры скал дзвюма рукамі
Трымайся, бо змяце цябе.
Вакол клубіцца ўжо туман,
Дубровы трушчыць ураган,
Лапоча сыч, як утрапёны.
Ты чуеш? — Крышацца калоны
Палацаў, гай гудзе зялёны,
Скрыгоча сучча і галлё.
І стогны волатаў-камлёў,
І енкі дзікія карэння.
І лямант-гвалт жывых стварэнняў,
І векавечныя кражы
Трашчаць, бы ссохлыя лаўжы;
І валіцца каменне ўпокат,
Пад сковыт дзікі і пад ёкат,
І ў прорвах заягліў, завіскаў
Шалёны продзімень вятрыскаў.
Чуеш крык — далей, бліжэй?
Чуеш енк — вышэй, ніжэй?
Там на схілах дзікіх гор
Заспяваў вядзьмарскі хор.
Хор ведзьмаў

На Брокен, ведзьмы, на папас!
Там рунь ужо чакае нас!
Там Урыян{86} у карагод
Сабраў увесь нячысты зброд.
Хутчэй туды на мётлах едзьма! —
Казёл смярдзіць, смярдзіць і ведзьма!
Голас

Старая Баўба з храпай грознай{87}
Імчыцца на свінні пароснай.
Хор

Хвала таму, каму хвала!
Няхай бы Баўба нас вяла!
Вядзі, старая Баўба, рэй —
На Брокен заляцім хутчэй!
Голас

А ты адкуль?
Голас

                 Праз Ільзенштэйн{88}, жыве там
Саве знаёмая з прыветам —
Сядзіць лупатая…
Голас

                         Каб ты згарэла;
Бяжыш, ад спешкі ашалела?
Голас

Сава мне здуру
Злупіла скуру.
Хор ведзьмаў

Шырокі шлях, усім праход,
А мы стаўкліся на скале!
Хто з віламі, хто на мятле —
Цяжарнай раздушылі плод.
Чарадзеі (палавіна хору)

Паўзуць мужчыны, як смаўжы,
За бабамі брыдуць мужы.
Як што да чорта ці да зла,
Жанчына б ракам дапаўзла.
Чарадзеі (другая палавіна хору)

Ды не зусім дакладна гэта,
Хай зробіцькрокаў сто кабета,
Мужчына ж можа ў адзін скок
Паабганяць усіх жанок.
Голас (згары)

Хадзем за намі вы, з азёр!
Галасы (знізу)

Мы б рады вырвацца да гор —
Тут мыемся мы круглы год,
Ды не завязваецца плод.
Абодва хоры

Віхуры сціхлі, змоўклі ледзь,
Завылі дзесь ваўкі ў гарах,
Імчыцца гурт распусных ведзьм,
А следам іскры, серкі пах…
Голас (знізу)

Чакайце! Стойце! Не бягом!
Голас (знізу)

Хто гэта енчыць наўздагон?
Голас (знізу)

Прашу, вазьміце ў карагод!
Сяджу я ў прорве трыста год
І не магу ўслужыцца чорту
І ўбіцца ў вашую кагорту.
Абодва хоры

На вілах едзь, на памяле,
Ці на ражне, ці на казле.
Хто не дагодзіць сатане,
Таго балота праглыне.
Паўведзьма (знізу)

Трушком бягу, трушком бягу,
Але дагнаць вас не магу.
Я выйшла першая, аднак —
Не паспяваю аніяк.
Хор ведзьмаў

Нам мазь дае запал кіпучы,
Стварае ветразі з анучы,
З балеі робіць карабель —
Прапаў, хто сёння сеў на мель.
Абодва хоры

Каб абляцець гару ўначы,
Нам трэба сілы зберагчы.
Тады натоўпы нашых зграй
Збяруцца ў чарадзейскі гай.
(Апускаюцца.)

Мефістофель

Глядзі, якая калатня,
І енк, і піск, і балбатня!
Таўкуцца, крэкчуць, пхаюць, пруць,
Рагочуць, харкаюць, плююць,
Ляціць рыззё, вядзьмацкі пух! —
Пануе скрозь чартоўскі дух!
Сачы, каб нас не разлучылі!
Ды дзе ж ты?
Фаўст (здалёк)

                    Тут!
Мефістофель

                          Цябе не задушылі?
Бяруся за правы гаспадара!
Дарогі Фоланду!{89} Дарогі, смерды!
Сюды, мой доктар, бо не толькі смертны,
Але і я ўжо бачу, што пара
Занудам гэтым даць дарогу.
Там збоку ў зарасніку глогу
Агеньчык дзіўны скача праз кусты —
Хадземце лепей, дружа мой, туды.
Фаўст

Дух адмаўлення! Ці ж не ты
Цягнуў мяне на чортаву гару?
Я ўвесь дрыжу, я ўвесь гару,
А ты мне кажаш лезці пад кусты?
Мефістофель

Глядзі, ля вогнішча на траўцы
Таўкуцца спрытна марнатраўцы.
Між іх нам будзе весялей.
Фаўст

А можа, пойдзем лепш далей:
Там жар гарыць, там дым руды,
Натоўпы пруць да сатаны,
Бо ўсе разгадкі там. Туды!
Мефістофель

Там больш загадак і маны.
Хай свет вялікі весяліцца,
Нам лепей збоку прымасціцца.
Заўжды адно: цяпер і ў час былы
Вялікі свет стварае свет малы.
Там бачу голенькіх дзяўчат,
Старыя ж захінаюць цела;
Будзь ветлівы, трымайся смела —
Турбот не вельмі, толку шмат.
Я чую інструмента голас зычны —
Пракляты скрып! Назойлівы, нязвычны.
Хадзем са мной у грамаду.
І я ў хаўрус цябе ўвяду —
Ты будзеш свой на шабаснай гары!
Глядзі і радуйся: паўсюль кастры,
Абдымкі, скокі, выпіўка, жратва —
Павер, што лепш бывае чорта з два!
Фаўст

Чыё аблічча прымеш ты ў іх коле —
Ці чарнакніжніка, ці сатаны?
Мефістофель

Інкогніта з’яўляцца звыкся болей,
Аднак жа ў свята носяць ордэны.
«Падвязка» з моды выйшла, не нашу,
Дык я капыццем конскім пафаршу.
Ты бачыш слімака? Прыпоўз, наставіў рогі,
Глядзіць, аж зрэнкі вылупіў слімак,
Мае ўжо паабнюхваў ногі —
Пад маскай не схаваешся ніяк.
Хадзем са мной! Трымайся хватам!
Ты будзеш маладым, а я, вядома, сватам.
(Падыходзячы да групы старых, якія сядзяць каля вогнішча.)

Чаго тут панства бавіцца ў нудзе,
Чаму яно ў хаўрус да ўсіх не йдзе?
Генерал

Любіў я нацыі, народы,
Дарыў усім дабра плады!
Натоўп — жанчына, бо заўсёды
Яго абраннік — малады.
Міністр

Забыў жа праўду чалавек,
Дабро ўжо стала забывацца,
Той час, калі я быў дарадца,
Быў залаты, шчаслівы век.
Выскачка

І мы былі ў свой час майстры,
Шчаслівы міг лавіць умелі,
Пайшло нагамі дагары,
Прапала ўсё, што колісь мелі.
Аўтар

У нашы дні хіба вар’ят
Глыбакадумнае чытае.
І моладзі ж усё не ў лад —
Маіх тварэнняў не прымае.
Мефістофель (раптам робіцца вельмі стары)

Народ чакае! Скора суд у сатаны,
На Брокен я іду апошні раз;
Уломак я стары, агонь крыві пагас,—
Да заняпаду блізкі свет зямны.
Ведзьма-старызніца

Панове, годзе крыку, свар!
На выбар вам прынесла транты!
Хоць вокам кіньце на тавар —
Гэй, налятайце, рызыканты!
Не бойцеся па-чалавечы
Старога хламу, барахла —
Няма такой у торбе рэчы,
Каб не рабіла людзям зла:
Кап’я — каб кроў не пралівала,
І чаш, з якіх прыняўшы яд,
Ахвяра здрады не канала,
Няма ніводнае з прынад,
Каб маладых не спакушала,
Мяча, які б не сек галоў
Ці ў плечы сябра не калоў.
Мефістофель

Неразуменне духу часу ў цёткі.
Няхай старызна спрахне ўся ў казне.
Не пры на торжышча старыя шмоткі,
Давай дарогу навізне!
Фаўст

Кіпіць, бушуе Брокен ваш —
Вось гэта гандаль, вось кірмаш!
Мефістофель

Дзе ж тут прапхнуцца, дзе праткнуцца,
Калі ўсе толькі ўгору пруцца.
Фаўст

Хто гэта там?
Мефістофель

                   Прыгледзься, гэта дама —
Ліліт!{90}
Фаўст

         Хто? Хто?
Мефістофель

                       Ну — жонка першая Адама.
Прыгожых бойся валасоў —
Яны чароўныя ў яе,
Кранеш — умомант прыкуе
І волю дасць няскора зноў.
Фаўст

А тыя дзве: малодка і бабуся?
Натанцаваліся і адышліся ўбок.
Мефістофель

А нешта сёння я не разбяруся:
Самога пацягнула ў скок!
Фаўст (скача з маладою)

Дзівосы змучылі мяне:
Угледзеў яблыньку я ў сне —
На ёй два яблычкі гараць,
І я палез, каб іх сарваць.
Прыгажуня

Вы перабралі цераз край,
Таму не трапіць вам у рай,
Я рада за даспелы сад,
За яблычкі маіх прынад.
Мефістофель (скача са старою)

Дзівосы змучылі мяне:
Я дрэва бачыў сёння ў сне —
А ў дрэве чорнае дупло,
Што даспадобы мне было!
Старая

З паклонам бусяю ў руку
Дуплістых дрэваў знатаку.
Мяркую, рыцар капытоў
Заткнуць дупло заўжды гатоў!
Проктафантасміст{91}

Як смелі вы наладзіць баль такі!
Ці ж не даказваюць мае трактаты —
Цялесных ног не мае дух пракляты!
А вы тут скачаце, як мужыкі!
Прыгажуня (у танцы)

А гэта хто, чаго прыйшоў сюды?
Фаўст (у танцы)

Ён там, дзе шкода, круціцца заўжды.
Калі хто скача, ён цаніць бярэцца,
Наш кожны крок, наш кожны скок
Яму стаіць у горле папярок.
Калі наперад пойдзеце — злуецца,
Калі ж на месцы будзеце таптацца,
Як гэта вечна робіць ён,
Калі яшчэ адвесіце паклон,—
Тады віватаў можна дачакацца.
Проктафантасміст

Вы тут яшчэ? Не, сіл маіх няма!
Прэч! Прэч! Тлумачыў вам, а ўсё дарма,
Нячысцікі, трымайцеся свайго напрамку,—
А вы прыматкабожыліся ў замку!{92}
Ах, столькі чорта ганьбіў я, а ўсё дарма!
Балюе чорт! Не, сілы больш няма!
Прыгажуня

Ты нам абрыд, назола, кінь бурчаць.
Проктафантасміст

А я скажу, няма чаго маўчаць —
Мне духаў дэспатызм не даспадобы,
Ён мне, як немач у вантробы.
Скокі не спыняюцца.

Вас, пэўна, не схілю служыць дабру,
Але я веру ў поспех гэтай справы,
Я веру — прыйдзе час трыумфу, славы,
Калі паэтаў і чарцей угавару.
Мефістофель

Вось у калюгу зараз сядзе зноў —
Так ён усе свае хваробы лечыць;
Пасмокчуць п’яўкі тоўстае гузно,
І выйдзе дух з яго, і выйдзе нечысць.
(Фаўсту, які выйшаў з кола.)

У дзеўкі на любоў ахвота —
Чаго ж упрочкі ты бяжыш?
Фаўст

Калі яна спявала, з рота
Чырвоная пабегла мыш.{93}
Мефістофель

І толькі той бяды і зла?
Абы каб мыш не шэрая была,—
На драбязу ў любові не глядзіш!
Фаўст

Пасля ж убачыў…
Мефістофель

                         Што?
Фаўст

Ты толькі глянь:
Дзіця прыгожае ў няяснай далі
Павольна праплывае, нібы здань,
Нібы яго ў калодкі закавалі.
Паведаю тугу сваю:
Я ў здані Грэтхен пазнаю.
Мефістофель

Забудзь — не Грэтхен гэтае дзіця;
Там прывід, цень — у ім няма жыцця.
Хто з ім сустрэнецца, адразу згіне:
Зірне — у жылах кроў застыне,
Акамянее чалавек уміг —
Напэўна, чуў ты пра Медузу міф.{94}
Фаўст

Нібы шкляныя вочы, нежывыя,
Рука каханага іх не закрыла ёй,
Усё яе — пастава, грудзі, шыя
І цела Грэтхен, што была маёй…
Мефістофель

Не вер, не вер! Бо гэта ўсё мана —
Здаецца кожнаму каханкаю яна.
Фаўст

О, слодыч мукі, слодыч болю!
О, дай нагледзецца на вобраз мілы ўволю.
Дзівосна шыйку абвівае
Шнурок чырвоны, ззяе, грае
Танюсенькі, нібы лязо нажа.
Мефістофель

Усім здаецца так спярша.
Але яна падчас пад пахаю нясе
І галаву, што ёй адсек Персей.
Аднак ад зданяў нам няма карысці —
Пара ўжо на лужок зялёны выйсці:
Кіпіць разгулам, радасцю наш Пратэр.{95}
Ды, зрэшты, тут, здаецца, пад аншлаг
Спектаклі публіцы дае тэатр.
Што сёння?
Servibilis{96}

                 П’еса шэсць разоў прайшла,
Якую напісаў паэт-аматар.
Звычайна сем разоў дае тэатр.
Хоць граюць там аматары-акторы,
Аднак жа грэх паскардзіцца на зборы.
Панове, мне пара, прашу пардону:
Аматар тут і я — ўздымаць заслону.
Мефістофель

Ну што ж, калі знайшлі на Блоксберг лаз,—
Вам гэтая мясціна сама раз.

Сон у ноч Вальпургіі, альбо Залатое вяселле Аберона і Тытаніі{97}

Інтэрмедыя


Дырэктар тэатра

Сёння вы свабодны дзень,
Сыны Мідынга{98}, майце.
На лугі, пад скалы ў цень
Ідзіце, там іграйце.
Герольд

Пяцьдзесят гадоў чакай
Вяселля зататога,
Ды лепей згода будзе хай
І да любові змога.
Аберон

Духам прыклад падаём:
Любоў — сям’і аснова.
Каралева з каралём
Пабраліся нанова.
Пук

Пук у звычаі сваім:
Ідзе ўпадскок, спявае.
І бяжыць услед за ім
Вясёлых духаў зграя.
Арыель

Арыель — паэт-пясняр —
Чыстай песняй радзіць;
Вабіць спевамі пачвар
І прыгожых надзіць.
Аберон

Хто не знае, як любіць,
Хай прыйдзе павучыцца.
Каб у згодзе век пражыць,
Перш трэба разлучыцца.
Тытанія

Ён бурчыць, яна злуе —
Развод у справе помач:
Поўдзень — месца для яе,
Яго ж астудзіць поўнач.
Аркестр тutti (fortissimo){99}

Мухі, блохі і жукі
І ўвесь іх род шматлікі,
Цвыркуны і слімакі —
Выдатныя музыкі.
Сола

Зноў катрынкі чуцен зык —
Пузыр катрынкі з мыла:
Слухай жа «трумзык-трумзык»,
Кірпатае дурыла.
Дух, які толькі фармуецца{100}

Жабін рот, павучы зад,
І шчэлепы, і крылы:
Як не выйдзе звер ці гад,
Выйдзе вершык мілы.
Парачка{101}

Дробны бег, павольны крок —
Нагамі топчам росы,
Але, ходзячы ўпадскок,
Не ўзнімемся ў нябёсы.
Цікаўны падарожнік{102}

Хто б вачам паверыць мог,
Што тут не маскарады,
Аберон, чароўны бог,
Наладжвае парады.
Артадокс{103}

Аберон хоць без рагоў,
А ходзіць чартавата.
З ім і грэчаскіх багоў
Лічыць чарцямі варта.
Паўночны мастак{104}

Натуры вартае шукай,
Хай будзе сэрца рада.
Найболей вабяць мастака
Італія, Элада.
Пурыст{105}

Няшчасце прывяло сюды,
Дзе брудныя лахудры.
Толькі дзве з усёй арды
Тут дараслі да пудры.
Маладая ведзьма

Старым і пудра ў акурат,—
Я ж на казлішча села
І еду голая да пят,
Глядзі — якое цела!
Матрона

Нам старасць мудрасці дае —
Спрачацца я не буду.
Усе прынаднасці твае
Згніюць у яме бруду.
Капельмайстар

Мухі, блохі і жукі,
На голых не зважайце!
Цвыркуны і слімакі,
У такт і ў лад іграйце!
Флюгер{106} (у адзін бок)

Які, аднак, цудоўны з’езд
І каскад манераў! —
Як ззяе зала ад нявест
І ад кавалераў.
Флюгер (у другі бок)

Няхай зямля іх праглыне,
Хай дзень ім стане ноччу —
Каб не паганілі мяне,
Я сам у пекла ўскочу.
Ксеніі

Роем мы ляцім на пір,
Нясём з сабой нажніцы —
Каб сам д’ябал, наш кумір,
Мог намі ганарыцца.
Генінгс{107}

Глядзі, падцкоўваюцца там
Наіўна і зласліва,
А ўрэшце раптам скажуць нам,
Што любяць нас чулліва.
Музагет{108}

З вядзьмачай арміяй хаўрус
Прыемна мне завесці.
Між ведзьмаў лепш, чым паміж муз,
Сябе да славы ўзнесці,
Ci-devant геній часу{109} (Музагету)

Праславіцца на доўгі час,
Хто знае нораў немца.
Наш Брокен — гэта не Парнас,
Усім не хопіць месца.
Цікаўны падарожнік

Скажы, чый там схіліўся стан?
Як ён сюды прыблытаў?
Вынюхвае, шукае пан
Між намі — езуітаў.
Журавель{110}

У чыстай я лаўлю вадзе,
Лавіць і ў бруднай рады;
Падчас і сам святы ідзе
Туды, дзе чэрці й гады.
Дзіця свету{111}

Ханжам — і сродкі на падбор,
Сваёй паслужаць мэце.
На Брокене святы сабор
Яны ўзвядуць, паверце.
Танцор

Ах, новы хор! Ах, спеў які!
Як гучна бубен грае!
Ды гэта, пэўна, шулякі —
Бубніць, буркоча зграя.
Танцмайстар

Нахрапам лезуць, пруцца ў скок,
Каб спадабацца даме:
Глюгасты ўверх, клыбаты ўбок,
Віхляючы задамі.
Скрыпач

Гуляе зброд — і віск, і роў.
Ну ж гадаўё ўцінае!
Як ліраю Арфей звяроў,
Катрынка ўсіх яднае.
Дагматык{112}

Не дасць мне крытыка пажыць,
Не дасць спакойнай смерці —
Павінен чорт жа чортам быць,
Інакш навошта чэрці?
Ідэаліст{113}

Заўжды фантазія мая
Не ведае граніцы.
Аднак калі ўсё гэта — я,
Дык дурань я дурніца.
Рэаліст{114}

Рэальнасць гэтая падчас
Даводзіць да знямогі.
Дальбог, не чую першы раз
Я пад сабой падлогі.
Супернатураліст{115}

Гуляю тут між весялух,
Свае забыўшы скрухі;
Калі на свеце ёсць злы дух,—
То й добрыя ёсць духі.
Скептык{116}

Агеньчык вабіць — ды ражна
Усім вам, а не скарбаў,
Бо рыфма «сатана-мана»
Не мае іншых фарбаў.
Капельмайстар

Цвыркуны і слімакі —
Проста дылетанты.
Мухі, блохі і жукі —
Гэта музыканты!
Спрытныя

Мы без турбот, мы sanssousi,
Нікому не нашкодзім,
На ножках дыбаць не прасі —
Бо на галовах ходзім!
Няўвішныя{117}

Мы раявалі без турбот,
Дык пашкадуй нас, неба,
Апошні ў скоках збілі бот,
Басотай бегаць трэба.
Вандроўныя агеньчыкі{118}

А мы прыйшлі сюды з балот —
Мы шляхціцы, мы пані,
У параўнанні з вамі, зброд,
Мы чыстыя і ў твані.
Знічка{119}

Я з нябёс у гэты свет
Зляцела разгарацца,
А ляжу вось у траве —
Дазвольце мне падняцца.
Масіўныя{120}

Гэй, з дарогі прэч, назад —
Саштурхнём са смехам.
Мець вялікі тоўсты зад
Мы не лічым грэхам.
Пук

Шум і тупат, гвалт і грук,—
Слановая манера,
Тут і сам няўклюда Пук,
Як сонная цяцера.
Арыель

Духі крылле вам далі,
Мудрая прырода —
Мчыце разам на палі,
Ружы там, свабода.
Аркестр (pianissimo)

Хмары ў небе, мгла між дрэў —
І раптам ясна стала.
Дзьмухнуў ветрыку павёў,
І ўраз усё прапала.

Пахмурны дзень. Поле{121}

Фаўст. Мефістофель.


Фаўст

У галечы! У роспачы! Няшчасная на зямлі, яна доўга пакутавала — і вось у цямніцы! Нібы злачынец, замкнута ў турме, яна, мілае, пяшчотнае стварэнне! Вось да чаго дайшло! Вось да чаго! Здрадлівы, нікчэмны дух, — ты ўтойваў гэта ад мяне! Стой цяпер, стой! Д’ябальскімі вачыма варочай! Стой і дражні мяне сваёю прысутнасцю! У цямніцы! У беспрасветнай галечы! Ва ўладзе духаў і нячулых, бязлітасных людзей! А мяне ты ўлешчваеш пошлымі асалодамі, утойваеш ад мяне яе бязмернае гора, каб яна загінула без дапамогі.

Мефістофель

Яна не першая.

Фаўст

Сабака! Пачвара агідная! Ператвары яго зноў, о дух бясконца ўсеўладны, ператвары чарвяка ў вобраз сабачы, які ён звычайна прымае начамі, трушком бегучы перада мною, бяскрыўдным падарожнікам, і кідаючыся на таго, хто ўпаў. Надай яму зноў яго любімае аблічча, каб поўзаў на чэраве перада мной па зямлі, каб яго, подлага, я штурхаў нагамі.

Не першая!.. Гора мне! Гора мне! Ні ўявіць, ні прыдумаць! Не адно стварэнне загінула ў прорве глыбокай пакуты, не першая не акупіла яна віны ўсіх астатніх перад абліччам усёдаравальнага ў гадзіну свайго смяротнага гора! Мозг мой і цела маё жахаюцца перад пакутамі гэтай самотнай, пакінутай, а ты выскаляешся, раўнадушна кпіш з цяжкага лёсу тысяч ёй падобных.

Мефістофель

Цяпер мы зноў на мяжы тых жартаў, дзе вы, людзі, траціце цвярозы розум. Навошта шукаеш ты са мной хаўрусу, калі жадання няма на гэта? Лётаць хочаш і баішся, каб галава не закружылася? Хто ж каму навязваўся? Мы табе ці ты нам — успомні?

Фаўст

Не шчэр на мяне свае пражорлівыя іклы! Мне агідна і брыдка!.. О вялікі, уладарны дух, што зняў перада мною заслону з свайго аблічча, ты, хто ведае маё сэрца і маю душу, навошта мяне прыкаваў да ганебнага спадарожніка, які асалоду чэрпае ў зле, а ў разбурэнні — забаву.

Мефістофель

Ці скора скончыш ты?

Фаўст

Уратуй яе, інакш — гора табе! Найстрашнейшыя перуны на тваю галаву на тысячы гадоў!

Мефістофель

Не магу паслабіць ланцугоў помсты, не магу зняць завалы. Ратуй яе сам! Хто зрынуў яе на пагібель? — я ці ты?


Фаўст дзіка азіраецца.


Да перуноў звяртаешся? Шчасце, што яны не вам, убогім смяротным, дадзены! Знішчыць нязгоднага — звычай тыранаў адказаць на неаспрэчныя аргументы.

Фаўст

Перанясі мяне туды! Яна павінна быць на волі!

Мефістофель

А небяспека, якая цябе падпільноўвае? Ведай, гараджане яшчэ не забыліся крывавага злачынства тваіх рук. Над месцам забойства лунаюць помслівыя духі, чакаючы твайго прыходу.

Фаўст

Яшчэ і гэтым дакараеш! Забойства і смерць — твая справа, страшыдла! Вядзі мяне туды, загадваю табе — вызвалі яе!

Мефістофель

Я правяду цябе. Але што я зрабіць магу? Хіба я маю поўную ўладу на небе і на зямлі? Я магу затуманіць розум турэмшчыку, а ты завалодай ключамі і выведзі яе чалавечай рукою! Я ж буду стаяць на варце. Толькі гэта я магу.

Фаўст

Вядзі! Вядзі! Хутчэй!

Ноч. Адкрытае поле{122}

Фаўст і Мефістофель імчацца на вараных конях.


Фаўст

Чаго яны гэтак снуюць каля плахі?
Мефістофель

Не ведаю; нешта гатуюць, рыхтуюць.
Фаўст

Лунаюць, сядаюць, ізноў узлятаюць.
Мефістофель

Там чортава котлішча.
Фаўст

Варожаць, вядзьмараць.
Мефістофель

Наперад! Хутчэй!

Цямніца{123}

Фаўст (са звязкай ключоў і лямпай перад дзвярыма)

Зрабіўся я зняверлівым, панурым,
Боль чалавецтва ува мне,
Вось тут яна, за гэтым мокрым мурам,
Адна ў бядзе, хоць не злачынка, не!
Баішся ты акоў?
Баішся ты яе пабачыць зноў?
Смялей! Бо смерць ёй дзверы адамкне!
(Бярэцца за замок.)


З сярэдзіны чуецца спеў.

Шлюха маці мая,{124}
Мардавала мяне!
А мой бацька — лайдак,
З’еў жывую мяне!
За чужую віну
Маё цела сястра
Палажыла ў труну.
А я ў свет палячу,
Я на волю хачу!
Фаўст (адмыкаючы)

Каханага не бачыць. А тым часам ён
Саломы шолах чуе і ланцужны звон.
(Уваходзіць.)

Маргарыта (хаваючыся ў салому)

О гора! Ўжо ідуць. Там смерць ідзе.
Фаўст (ціха)

Цішэй! Цішэй! Я вызвалю з турмы.
Маргарыта (кідаючыся яму да ног)

Калі ты чалавек, паспачувай бядзе!
Фаўст

Цішэй! Прачнецца варта, згінем мы!
(Бярэ кайданы, каб адамкнуць іх.)

Маргарыта (на каленях)

Хто ўладу даў табе, злы кат,
Над беднай сіратою?
Чаму спраўляеш ноччу свой абрад?
Няўжо ты раніцою
Не можаш па мяне прыйсці?
Не падыходзь! Я жыць хачу! Пусці!
(Устае.)

Я маладая, нібы квет,
Пакінуць мушу гэты свет?
Была прыгожая — і ў тым мая віна,
Са мной быў мілы друг, цяпер адна.
Вянок сарваны, кветка адцвіла.
Што цягнеш гвалтам ты, кацюга люты.
Будзь літасцівы,
Я ніколі зла
Нікому не рабіла. За мае пакуты
Мне стала выракам пракляцце.
Фаўст

Бяды такой не выцерпіць душа!
Маргарыта

Цяпер я ўся ў тваёй уладзе.
Дазволь дзіцятка накарміць спярша.
Яго ўсю ноч да сэрца я туліла.
Дзіця ўзялі. Мяне за краты.
І кажуць, я дзіця забіла.
Ах, больш не дам сабе я рады.
Не засмяюся ўжо шчаслівым смехам.
«Паехаў мілы ў свет за рэхам» —
Спяваюць пра дзяўчыну людзі!
А хто тлумачыць песню будзе?
Фаўст (кідаецца на калені)

Ён тут, ля ног тваіх, каханы.
Прыйшоў, каб разарваць твае кайданы.
Маргарыта (падае побач з ім на калені)

Папросім заступніцтва ў бога!
Вось тут ля парога —
Чортава логва,
Пекла віруе,
Злыдзень кіруе,
Лютуе звяруга.
Фаўст (уголас)

Грэтхен! Грэтхен!
Маргарыта (прыслухоўваеца)

                           Гэта голас друга!
(Ускоквае.)


Кайданы спадаюць.

Так ён заве! Я чую голас мілы!
Я вольная! Няма турмы, няма магілы!
Я палячу да мілага на волю,
Я адпачну, забуду злую долю.
Зваў «Грэтхен» мяне ён з-за гэтай сцяны.
Праз лямант геены, выццё сатаны,
Праз рогат і пошчак, праз вусцішны грук
Пачула салодкі і мілы мне гук.
Фаўст

Я тут!
Маргарыта

Ты тут! Яшчэ скажы мне раз.
(Абдымае яго.)

Ён тут! Ён тут! Агонь пякельны згас!
Дзе страх перад турмой! Дзе ланцугі!
Прыйшоў забраць мяне, мой дарагі!
Вярнуўся зноў шчаслівы час!
Вось той сабор каля завулка,
І наша першая прагулка,
І сад, дзе я, адрокшыся ўсяго,
Чакала з Мартай любага свайго.
Фаўст (хоча яе вывесці)

Хадзем! Хадзем!
Маргарыта

                         Хвілінку хоць!
Мне добра там, дзе ты!
(Туліцца да яго.)

Фаўст

                                   Выходзь!
       Калі цямніцу не пакінем,
Абое разам тут загінем.
Маргарыта

Няўжо не ўмееш цалаваць, мой любы?
Жылі ў разлуцы мы, здаецца, мала,
А ўжо твае зусім не тыя губы.
Чаму з табой мне сёння страшна стала?
Раней пяшчотаў прагнула тваіх,
Здавалася, як быццам я ў раі,
І на грудзях тваіх адпачывала.
Дык пацалуй мяне.
Не, я цябе.
(Абдымае яго.)

О божа! Халодныя губы —
Чаго?
Былога кахання
Нізвання…
Хто выкраў яго?..
(Адварочваецца.)

Фаўст

Хадзем, каханая! Хадзем з няволі!
Люблю цябе, як не любіў ніколі.
Прашу адно — ідзі за мной.
Маргарыта (павярнуўшыся да яго)

Дык гэта ты! О… ты… каханы мой?..
Фаўст

Я, я! Хадзем!
Маргарыта

                    Там на свабодзе
Жыць будзем у любові мы і ў згодзе,
Няўжо табе не страшна быць пры мне,
Няўжо не бачыш ты, што я ў турме?
Фаўст

Хадзем! Зарою неба запалала!
Маргарыта

Сваю я маму змардавала,
Сваё ўтапіла я дзіця,
Маё дзіця, тваё дзіця.
Тваё! Ах, божа, гэта ж ён!..
Падай руку!.. Не сон, не сон…
Вільготная рука твая…
Здаецца мне, што бачу я
Густую кроў…
Каго ты закалоў?
Чыю ты загубіў душу?
Схавай свой страшны нож, прашу!
Фаўст

Мінулае ў мінулым застанецца!
Не муч мяне, не крой мне сэрца.
Маргарыта

Застанься, мілы.
Я раскажу пра тры магілы,
Што заўтра будзеш ты капаць.
Матуля ў першай будзе спаць,
А побач ляжа родны брат,
А я наўзбоч ад іх, не ў рад,
Але не надта каб далёка,
Каб не было мне адзінока,
І на грудзях я прыгарну
Маё дзіця і з ім засну,
Бо дзе ж яшчэ яму ляжаць?
О, як хачу я зноў абняць
Цябе, мой любы, як бывала,
Ды ўсё мінула, ўсё прапала:
Сілком тулюся, ты ж не рад,
Чамусьці хілішся назад.—
Як рада я, што разам мы.
Фаўст

Тады пайшлі хутчэй з турмы.
Маргарыта

Куды?
Фаўст

         На волю!
Маргарыта

                       Ў дамавіну!
На смерць пайду, турму пакіну,
На адпачынак вечны, на спакой
Пайду хоць зараз я з табой.
Далей ні кроку, мілы мой.
Фаўст

Ты можаш! Адчыніў я дзверы!
Маргарыта

О не! Няма ўжо больш надзеі, веры.
Чаго ўцякаць? За сутарэннем
Чакае варта — мне не збегчы.
Павесіць торбачку за плечы,
Ісці з нячыстым, злым сумленнем
Нядобра, брыдка мне, і ўрэшце,
Чаго блукаць, бадзяцца ў свеце,
Калі ўсё роўна не ўцячы?
Фаўст

Я застаюся!
Маргарыта

Ах, маўчы!
Мяне пашкадуй —
Дзіцятка ратуй.
Там, дзе ручай бяжыць
У бары…
У сажалцы ляжыць,
У віры…
Пад кладкай…
Галоўкай дагары…
Яно жывенькае яшчэ.
Бяры яго хутчэй!
Ратуй маё дзіцятка!
Фаўст

Адумайся, няўжо не хочаш волі?
Маргарыта

Каб толькі нам мінуць гару на полі!
Сядзіць на камені матуля.
Ах, як страшна мне з табою…
Сядзіць на камені матуля…
І мне ківае галавою…
Панікла ўся…
Васковае аблічча…
І не заве яна мяне… не кліча…
Каб добра нам было, яна заснула…
Але мінула шчасце… ўсё мінула…
Фаўст

Ніякай просьбаю не ўзрушу,
Цябе я сілай весці мушу.
Маргарыта

Я не люблю ні гвалту, ні падману.
Пусці мяне, пусці, забойца,
Не развярэджвай рану.
Фаўст

Каханая, ўзыходзіць сонца.
Маргарыта

Узыдзе сонца!
Дзень настане… дзень маіх пакут —
Ён днём вяселля будзе…
Ты ж не кажы нікому, што пабачыў тут
Сваю каханую ў цямніцы й брудзе…
Сарвалі мой вянец!
Ах, што рабіць? Канец…
Нам суджана сустрэцца
Не ў танцы…
Не ў альтанцы…
Народ таўчэцца,
Ужо няма на плошчы месца…
І рынак поўны… ён…
Змясціць усіх не можа…
Зламаў свой кій суддзя, ударыў звон,
Натоўп знямеў ад жаху…
Мяне хапаюць… вяжуць… божа…
І ўжо вядуць на плаху…
Ўсе дотык вострага ляза
Нібы адчулі самі.{125}
Пацякла… з вачэй спагадлівых сляза…
І свет нямее… цішыня ў труне…
Фаўст

Ах, лепш бы не радзіцца мне.
Мефістофель (з’яўляецца ў дзвярах)

Ідзем. Альбо дваім турма!
Вы не вагайцеся дарма!
Чакаюць коні на двары,
Прачнецца варта на зары.
Маргарыта

Хто гэта вылез з цемнаты?
Ён! Ён! Гані яго!..
Што хоча ён у міг святы?
Жыцця майго?..
Фаўст

Жыць павінна ты!
Маргарыта

Я аддаюся божаму суду!
Мефістофель (Фаўсту)

За мной, інакш адзін пайду!
Маргарыта

Іду, гасподзь, іду! Ратуй мяне!
Анёлы, вы пры божым троне
Не адмаўляйце ў абароне!
Ты, Генрых, страшны мне.
Мефістофель

Яна асуджана!
Голас зверху

                     Уратавана!
Мефістофель (Фаўсту)

За мною!
(Знікае з Фаўстам.)

Голас з цямніцы (заціхаючы)

              Генрых! Генрых!

Другая частка трагедыі{126}

Акт першы{127}

Прыгожая мясціна

Фаўст ляжыць на лузе сярод кветак, стомлены, неспакойны; хоча заснуць. Досвітак. Навокал кружацца грацыёзныя духі-эльфы.


Арыель (спявае пад эолаву арфу)

Па зіме, як толькі кветкі
Амалодзяць стылы свет,
Нашы пашы і палеткі
Зноў адзенуцца як след,—
Зноўку лёткія малыя
Эльфы роем наляцяць,
Людзі добрыя і злыя
Могуць ласку іх прыняць.
Вы, што лунаеце над Фаўстам сонным
Чароўна-эльфаўскім надземным сонмам,
Суцішце боль агорклае нуды,
Развейце ў сэрцы роспач ад дакору,
Злагодзьце дух яго, здыміце змору,
Каб ён забыў былое назаўжды.
Закалышыце ласкай і пяшчотай,
Скрапіце забыццёваю вадой,
Каб сіл набраўся ён душой, істотай
Да новай рызыкі, да маладой.
Зрабіце дзіва з чараў і дзівос,
Каб Фаўст нарэшце сон атрос.
Эльфы (паасобку, па двое, хорам)

Цёплы ветрык ціха вее,
Дзень згасае, вечарэе,
Лёг на поле волкі змрок.
Накалышам сон на вочы,
Каб турбота адплыла,
І зачынім браму ночы
Ад праменнага святла.
На бязмежжы, на прасторы
Чорнай поўначы пячаць.
У бяздонным небе зоры
Запаліліся, зіхцяць
І на луг, на гай чароўны
Сыплюць іскры, прамяні.
І плыве ўрачыста поўны
Месяц горды ў вышыні.
Адышлі ў нябыт суровы
Шчасце, боль і пачуццё.
Будзь бадзёры і здаровы,
Вер у новае жыццё.
На прыгорках, у далінах —
Квецень, свежасць, пышны май:
І калышацца на нівах,
Даспявае ўраджай.
Каб убачыць лёс жаданы,
Глянь у ясную вясну,
Прэч шпурні свае кайданы
І адкінь лушпінне сну.
Уставай жа, неўтаймоўны,
Будзь нядрэмны між людзей
І ваюй, натхнення поўны,
За трыумф сваіх надзей!
Гучны грукат абвяшчае ўзыход сонца.


Арыель

Чуйце, як спяваюць Оры{128}!
Абвяшчаюць духаў хоры
Узыход свяціла скоры.
Ўжо грукоча брама неба,
Ўжо туркочуць колы Феба,
Сонца нам яны вязуць!
Граюць трубы, барабаны
Гімн узнёслы, нечуваны —
Хоць не ўсім яго пачуць.
Шпарка, шпарка, эльфы-дзеткі,
Пахавайцеся за кветкі,
Хто ў траве, хто пад скалой! —
Хто змарудзіць, згіне той!
Фаўст

Ты зноў, жыццё, мне сілы ўзварушыла,
Мяне лагодная вітае ціша!
Зямля! Ты боль мой горкі патушыла,
І ўжо душа мая вальготна дыша,
І я адчуў прыліў натхнення свежы:
Яно мае імкненні раскалыша
І пазаве ў жыццёвыя бязмежы.
Прачнуўся свет, адолеў морак цесны,
Акрыў туманам гор наўкольных вежы,
Развесіў мглы срабрыстыя павесмы
На шумны бор, на вольныя даліны;
Праменіцца ў святле ўвесь край нябесны,—
Вось п’юць жыццё лісточкі і галіны,
І ўжо блішчаць наўкол расы каралі,
І досвітак яснее штохвіліны,
Прадметы ўсе з імглы павыплывалі…
Дзівосная карціна! Рай! Світае!
Угору глянь! — Вяршыні горда ўсталі,
На схілах іх святло іскрыста грае.
Вы, кручы і заснежаныя пікі,
Вы першыя, хто сонцасустракае
І адбівае радасныя блікі
Адвечнага нябеснага свяціла
На край нізін, прыцішаны, вялікі.
Яно ўзышло! Мне вочы асляпіла!
Я не магу глядзець на зыркасць гэту!
Вось так і ў нас не раз палала сіла
І асвятляла велічную мэту.
Ды раптам, адчыніўшы мараў дзверы,
Ты спынішся, бо іскарка імпэту,
Разгубленасці, страху, марнай веры
Не можа распаліць агонь жыццёвы,
Калі наўкол агністыя хімеры!
Любоў? Нянавісць гэта? Гнеў суровы? —
Баліць ад шчасця нам і ад пакуты
У моры вогненным, і мы гатовы
Зноў на сябе надзець зямныя путы,—
І мара новая нас прывітае.
Зірну навокал я: жыццё усюды!
Вось вадаспад, грукочучы, спадае.
Я радасна гляджу, як ён з разгону
Распырскваецца, скалы залівае
І рве каменныя муры палону,
Грымучы, люты, пеністы, шыпучы,
У ярасці нястрыманага звону!
У пырсках перагнулася на кручы
Вясёлка яркая: то загарыцца,
То зноў рассеецца, як пыл бліскучы,
То фарбамі празрыстымі зальсніцца,
Рассыпле каляровыя асколкі.
Угледзься лепш: вось так жыццё іскрыцца,
Як гэты водбліск радасны вясёлкі.

Імператарскі палац

Тронная зала

Дзяржаўная рада чакае імператара. Трубы. Уваходзіць імператар, за ім світа з прыдворных. Імператар садзіцца на трон; справа ад яго — астролаг.


Імператар

Вітаю вас, паны-дарадцы,
На асамблеях у палацы.
Мудрэц-астролаг тут, а дзе
Хітруга блазен, што не йдзе?
Прыдворны кавалер

Ён плёўся недзе ззаду світы
І раптам неяк з ганка ўпаў.
Відаць, гарэлкі перабраў,
Падаўся ў рай рабіць візіты.
Другі кавалер

Не будзе месца доўга не занята,
Была б пасада — знойдзем кандыдата.
Тут пан адзін вынюхвае, як хорт:
Такі дасціпнік ён упарты —
Прад ім крыж-накрыж алебарды,
А ён пралез-такі ў эскорт!
Мефістофель (укленчыўшы перад тронам)

Што ўсім агідна і жадана?
Каго завуць, каго клянуць?
Што людзі клічуць на васпана?
І да каго, ўзлаваўшы, шлюць?
Хто недарэчны ля прастола?
Хто чэлядзі і слугам друг?
Хто твой учэпісты назола?
Хто сам набіўся да паслуг?{129}
Імператар

Цяпер замоўкні і не кленчы!
Твае выслоўі недарэчы!
Няхай загадваюць паны,
А ты разгадвай, ты ж — дурны.
Пайшоў служыць мой блазен сатане —
Займай пасаду ты пры мне.
Мефістофель займае месца злева.


Гоман натоўпу

Якім нам ветрам замяло
Так хутка новае трапло?
Нябожчык тлусты быў, як кот.
А гэты — высах, нібы кнот.
Імператар

Дык я вітаю вас, мае дарадцы!
Сабраў вас тут я, у палацы,
Пад зоркаю спрыяльнаю з’яднаных,
Вялікасці маёй вернападданых!
Аднак нашто, з якой вальготы,
Калі найлепш бы ў гэтай зале
Гуляць на пышным карнавале,
Павінны мы шукаць турботы
І мардавацца з нейкай радай?
Вы кажаце, вас точыць млосць?
Ну што ж, давай тады выкладвай,
Што ў кожнага на сэрцы ёсць.
Канцлер{130}

Як зоры над тваім чалом,
Нябесным ззяюць нам святлом
Твае шчадроты; тут яліна
Дабра і розуму свяціла
Нам справядлівы абсалют…
Але глухі да ласк няўдзячны люд!
Пагразнуў ён у багнішчы аблуд,
У ерэтычным глумішчы й дрыгве,
Яму душэўны шчыр — не ў галаве!
Краіна б’ецца ў ліхаманцы,—
Якія ж думкі тут пра танцы?
Зірні, вялікі, з гэтай троннай залы
На родны край, што ўвесь у мглістым чадзе,
Дзе ўсё дабро тваё са злом звязалі
І дзе няпісаны закон — бязладдзе.
Той у суседа коні крадзе,
Той цягне чашы з алтара,
Той дзевак гвалціць і жанок,
А той апошні цвік з двара
Занесці мерыцца ў шынок;
А нашы праўдалюбцы суддзі
Распустай бавяцца. У блудзе
Жарсцвеюць норавы; усюды смуты,
Галодны край, раздзеты і разуты,
Рай для грабежнікаў, зладзюг,
А над сумленнымі вісіць абух;
Бо там, дзе кат бароніць ката,
Адна нявіннасць вінавата.
Вось так і бавіцца дзяржава,
Налева нішчыць і направа.
Якая ж будзе тут управа,
Калі і самавіты муж
На хабар ласы і на куш,
Калі суддзі і пракурору
Пара паслухаць прыгавору.
Згушчаю фарбы, скажаце? Няма чаго,
Калі карціна чорная і без таго.
Паўза.

І нам нявыкрутка без карных мер.
Бо чалавек разбэсціўся, як звер,
І ўсё дваранства па краіне
Ад псоты і распусты гіне.
Военачальнік

Перажываем дні зусім ліхія:
Куды ні глянь — кішаць, лютуюць банды,
Куды ні глянь — анархія, стыхія,
Салдат не слухае каманды,
За прывілею нас прадасць сеньёр,
Хаваецца філістэр за сцяну,
Ражном не выпраш на вайну
Адважных рыцараў з іх нор —
Ісці не хочуць ад гнязда;
Найміту ж трэба толькі мзда
І ласкі сквапнай куртызанкі.
За грошы ён штурмуе замкі,
За грошы дасць найміт прысягу
І нам, і вам — любому сцягу
Змагацца і служыць аддана.
Спустошана і растаптана
Імперыя іх службай, як халерай:
Двары пустыя — вецер свішча.
Спрабуй, ушчуй крутою мерай,
Дык разварушыш вос гняздзішча.
Саюзніка альбо ж васала
Трывожыць наша гора мала.
Скарбнік

Саюзнік сёння з галавою:
Наабяцае мех пазык
На свой інтэрас і разлік,
А ты сядзі з пустой казною.
Не дачакацца нам субсідый,
На чынш, аброк благія віды,
Бо ўладу новыя паны ўзялі,
Якім ты сам нараздаваў зямлі.
А партыі, а блокі, а групоўкі
Грызуцца, як у лесе воўкі,
Бо гібелін не любіць гвэльфа,{131}
І памагчы нічым тут нельга!
Сядзяць, адседжваюцца ціха,
А выручкі ўзаемнай — ані следу;
Хто ж спагадае ў цяжкі час суседу,
Калі паўсюль усіх заела ліха.
А кожны ж дбае пра сябе.
Сабе і цягне і грабе —
Да скарбніцы ўсялякі лезе,
Нібыта ў борць мядзведзь у лесе.
Кашталян

Гаркота ўжо і мне праела душу:
На медзяках я эканоміць мушу,
Бо він салодкіх, смачных страў
Разбіся — а на стол пастаў…
А кухар што! Ён не заплача,
Яму пляваць, што ў нас нястача.
Хоць куры, гусі, індыкі,
Ягняткі, сарны, вепрукі —
Той натуральны наш падатак —
Яшчэ ідуць з сялянскіх хатак,
Затое віны ўсе папіты.
Бывала, бочкамі быў склеп набіты,
І мы на тысячу персон
Спраўлялі пышныя банкеты.
Усё прайшло, як дзіўны сон,
Усе ўтрубілі мы бюджэты.
І ратуша ў падвал адкрыла дзверы,—
Ды што запас, калі мы п’ём без меры.
Ліхвяр жа ўмее ставіць нерат,
Яму за ўсё плаці наперад.
Хлявы пусцеюць і адрыны,
Ужо ў ламбардах коўдры і пярыны,
На стол — хоць перамый аб’едкі.
Імператар (пасля роздуму, Мефістофелю)

Што скажаш ты? Ідзі у сведкі.
Мефістофель

Што я скажу? Аслеп ад бляску,
Прымаючы тваю, манарша, ласку.
Не веру я, што гэтакую ўладу
Давесці можаш ты да заняпаду,
А розум твой і войска ў акурат
Заўсёды падтрымаюць добры лад.
О не, як можа пахіснуцца сіла,
Калі рулюе божае свяціла!
Гоман натоўпу

Вось дык трапло, знайшоўся зух!
Ён блазен спрытны, не лапух!
Ён ашуканец, хітры ліс —
Падсуне нам рэформаў спіс.
Мефістофель

Усім сваё баліць на белым свеце!
І вас, напэўна, грошы падвялі?
Хай не валяюцца яны, як смецце,
Разумны іх дастане з-пад зямлі.
У тайніках, у рудах залатых
Багацця хопіць вам на ўсіх.
Ды толькі хто яго ў казну паложыць?
Мудрэц, што сілу духам і прыродай множыць.
Канцлер

Прырода, дух — пад’юджвае нячысты!
Заплацяць нам за гэта атэісты! —
Занадта распладзіліся яны.
Прырода — грэх, а дух — ад сатаны!
І ў плод яднання іх уліта
Сумненняў зло, бы кроў гермафрадыта.
А ў нас ёсць, дзякуй богу, свой закон.
Ёсць дзве апоры пад дзяржаўны трон —
Царква і рыцарства; ад шкоды
Яны ўбароняць нас заўсёды;
Не дзіва, што законы нашы і правы
Шануюць гонар ордэна й царквы.
А мудрацы, як чэрнь, ім волю дай —
Ідэямі ўзбунтуюць цэлы край.
Яны — адступнікі і ведзьмары,
Уладу ганяць, бэсцяць алтары;
Ты — блазен толькі, не раўня нам,
Жартуй сабе, ды будзь рахманы,
Ты блізкі і душой і сэрцам
Схізматыкам, плебеям, іншаверцам.
Мефістофель

Фантанам плешча ваша мудрасць, пан!
Чаго не ведаеце — тое зман,
Чаго не мацалі — без ліку тое,
Чаго не схопіце — усё пустое,
Чаго не ўзважылі — усё мана,
А хто без грошай — грош таму цана.
Імператар

Нам казань і велікапосны плач
Не кампенсуюць стратаў і нястач.
Абрыдла мне спрадвечнае пытанне —
Не радца той, хто грошай не дастане!
Мефістофель

Зраблю, што ўмею: гэтай ношай
Я не намуляю плячэй —
Такую штуку ўрэзаць найлягчэй,
Але без працы не дастанеш грошай.
Вось уявіце: ў час вайны, бывала,
Калі чужынец сеяў смерць і жах,
Усе, каго навала ўпрочкі гнала,
Сваё дабро хавалі ў тайніках.
Не кожны змог да лепшых дзён дажыць.
А скарб сабе цалюсенькі ляжыць
З часоў старога, спаленага Рыма —
Належыць Вашаці зямля з грашыма.{132}
Скарбнік

Хоць дурань, а сказаць разумна ўмее! —
І сапраўды ж — царова прывілея!
Канцлер

Намовы сатаны амаль у кожным слове!
Нядобра, брыдка думаць так, панове.
Кашталян

Мне ўсё адно, ў каго браць грошы —
Ці то ў нячыстага, ці то ў святошы.
Военачальнік

Разумны дурань бачыць сутнасць свету:
Салдату горш за ўсіх — гані манету!
Мефістофель

Вы мне не верыце? Ну што ж, тады —
Спытайцеся ў вучонай барады:
Астролаг тут жа вычытае з зорак
Багацце вам, галечу і паморак.
Гоман натоўпу

І той, і гэты — звадыяш.
Як бобам сыпле дурань наш!
Адзін у песенькі канец —
Ля трона дурань і мудрэц.
Астролаг (гаворыць з падказкі Мефістофеля)

Найбольшы скарб — то Сонца залатое;{133}
Вястун Меркурый — прагны; ды затое
Венера не жадае людзям злога,
Уцешыць і старога, й маладога;
Цнатлівы Месяц спакушае нас;
Ваеннай сілай пагражае Марс;
Юпітэр прыгажосцю цешыць вока;
Сатурн халодны ад душы далёка:
Ён як метал, не надта дарагі —
Хоць вельмі цяжкае вагі.
Найлепш, як Сонца з Месяцам да пары!
Тады хутчэй збліжаемся да мары,
Бо двор, сады, жанчын, палац з дабром
Аплаціш золатам і серабром
І гэтым ключыкам адчыніш дзверы
Ва ўсе замкнёныя кругі і сферы.
Імператар

Падвойны голас! Толькі ж — не,
Не пераконвае мяне!
Голас з натоўпу

Што нам з таго? З пустой яго
І траскатні, і балбатні?
Не першы раз дурылі нас
І звездачот, і абармот,
Мефістофель

Стаяць, бы дурні,— як давесці
Ім шчырасць добрых прапаноў?
Адразу пра альруны плесці,{134}
Пра цэрбера, пра груганоў
Бяруцца ўсе. Што тут рабіць,
Калі за ўсё — чарцям пагана:
ЦІ пятка раптам засвярбіць,
Ці хто спаткнецца нечакана.
А гэта ж пульс жыцця прыроды,
Яе ўладарныя штуршкі,
Яны ідуць наверх заўсёды
З глыбінь зямлі. Калі такі
Яна вам знак сама дае,
Капайце смела і рашуча,
Вы словы ўспомніце мае —
Вас там чакае грошай куча.
Гоман натоўпу

Заныла цела, коле ў бок,
Да горла падступіў клубок,
Свярбіць пазногаць на назе,
І холад па спіне паўзе,—
Няўжо прырода намякае,
Што скарбы тут яна трымае.
Імператар

Навошта нам пустая казань —
Хутчэй паказвай месца, хітры блазан!
Вядзі да скарбаў, мудры мой дарадца!
Я за рыдлёўкі ўсіх прымушу ўзяцца.
Калі ж зманіў, дурны няздара,
Цябе чакае ў пекле кара.
Мефістофель

Дарогу ў пекла знае кожны.
Аднак не варта біць у лоб,
Бо губіць крок неасцярожны.
Вось доказ: баразну халоп
Вядзе і раптам з чорных нетраў
Сахою выверне гаршчок. Загляне,
Спачатку думае — з салетрай,
Пасля памацае — а мой ты пане! —
Ды гэта ж золата, манеты!
А ў той зямлі гаршчок ці ж толькі гэты?
А колькі, колькі ёсць скляпоў,
Пячор, праходаў, паграбоў,
Дзе многа скарбу залатога,—
Туды ж таксама ёсць дарога.
У глыбіні падземных нор
Стаяць дагэтуль з даўніх пор
Талеркі, з чашамі паліца
Алмазамі, рубінамі іскрыцца,
У камянях каштоўных збруя, зброя,
А ў бочках ля сцяны віно старое.
Даўно ўжо клёпкі пагнілі,
Ды камень вінны лепш трывае.
Ці мала золата і перлаў у зямлі
Ашчадны час дасюль яшчэ хавае.
Чакаюць скарбы нас, каб мы ўзялі.
Мы кпім удзень з таго, што ўночы
Чаруе нас і лашчыць вочы.
Імператар

Пакінь містэрыі. У змроку
І рэч каштоўная без толку,
Бо не адрозніш скарбаў ад хімеры,—
І белы кот уночы — шэры.
Ты ж мне падай на божы свет
Алмазаў бляск і звон манет.
Мефістофель

Э не! Ты сам бярыся за лапату! —
Бо іншага не знаю сродку.
І ўмомант будзеш ты багаты,
Як залатых цяльцоў чародку
Здабудзеш. Справіш сам сабе абноўку.
Аздобіш з галавы да ног сяброўку.
Метал каштоўны ж уласцівасць мае:
Ён і высокіх узвышае.
Імператар

Хутчэй! Канчай свае пустыя ўрокі!
Астролаг (як раней)

Таймуй, манарх, паспешлівыя крокі!
Навошта нам карысць уцех і страсці
У маскараднае забавы красці?
Здабудзь спярша богаславанне бога
На атрыманне золата зямнога:
Дабра ты хочаш — добры будзь,
Уцехі хочаш — гнеў забудзь,
Віна — умей вырошчваць лозы,
Чакаеш цудаў — вер і будзь цвярозы.
Імператар

Каб не наклікаць нам бяды,
Лепш пачакаць да серады,{135}
А каб не страціўся запал,
Наладзім пышны карнавал.
Трубы. Exeunt{136}.


Мефістофель

Калі ўжо ўдаўся асталоп,
Яму і доўбняй не ўваб’еш,
Хоць на кавалачкі парэж,
Хоць камень мудрасці — у лоб.

Шырокая зала з прыбудовамі, убраная да маскараду

Герольд

Не думайце, што мы, германцы,
Шануем толькі д’ябальскія танцы,—
Мы любім смех, забавы, карнавалы.
Калісь руплівец наш за перавалы
Альпійскіх гор паходамі хадзіў,
Там на карысць сабе, — і нам з ім рай —
Ён добра папе дагадзіў,{137}
Здабыў карону і вясёлы край,
А нам жа блазенскі каўпак прыпас.
І мы пасля такой узнагароды
Вяльможы ўсе, як дурні напаказ,
Фарсім у каўпаках апошняй моды.
Калі ж па шчырасці, дык, можа,
Не гэтакі ён дурань, наш вяльможа.
Ужо збіраюцца ў палац памалу —
Хто парамі, хто так адзін ідзе,
Альбо плывуць гуртамі ў залу,
І зала ўжо хвалюецца, гудзе —
Снуюць, таўкуцца, гоман, смех…
Ну што ж, палац — заўжды палац
І свет з мільёнамі пацех —
Як той пакеплівы паяц!
Садоўніцы (спяваюць пад мандаліны)

Лепшая акраса свята —
Фларэнцінак юных хор.
Упрыгожыць ён багата
Велічны германскі двор.
Перавіты чорны локан
Кветкамі палёў, лясоў,
Зіхацім каштоўным шоўкам,
Кутасамі паясоў.
Толькі з нашай дбайнай працай
Выспявае штучны плод.
Тут у барвах красавацца
Кветкі могуць цэлы год.
Кветкі ззяюць на абновах,
Кожны лісцік трапяткі,
Са шматочкаў каляровых
І пялёсткі і лісткі.
Шык і моду не адкіне
Маладая прыгажосць;
І ў мастацтве, і ў жанчыне
Артыстызм прыродны ёсць.
Герольд

Ну, паказвайце кашы,—
Што захочуць, купяць госці
На ўзвясельванне душы
Бляскам штучнай прыгажосці.
Зала ўся і пераходы
Зацвілі, як райскі сад,
Кветкі — тут не дар прыроды,
Тут квятняркам кожны рад.
Садоўніцы

Што прыцэньвацца дарэмна,
Тут вам баль, а не базар;
А каб выбралі нядрэнна,
Назавём сябе й тавар.
Галінка з алівамі

Не зайздрошчу пышнай флоры,
Ненавіджу я раздоры —
Мір люблю, люблю спакой.
Сімвал спеласці ў прыродзе,
Я служу дабру і згодзе —
Шчырасць я нясу з сабой.
Можа, й сёння ў гэта свята
Я ўвянчаю лаўрэата.
Залаты вянок з каласкоў

Дар Цэрэры лепшы кветак{138}
Вам дадасць яшчэ акрас.
З каласкоў людзям наедак
І аздоба сама раз.
Фантастычны вянок

Я на выгляд фантастычны,
А прыгледзься — мох сухі;
У прыродзе — сціплы, звычны,
Але ў модзе — дарагі.
Фантастычны букет

Нават і навука ваша
Нашай назвы вам не скажа.
Хай не ўсе, сёй-той эстэт
Купіць дзіўны наш букет
Ці дзяўчо дзеля красы
Возьме ўплесці ў валасы,
А яшчэ прыгожа будзе
Прышпіліць мяне на грудзі.
Група ружовых пупышкаў

Хай буяе пышным цветам
Мода і зімой, і летам,
Хай прыроду абражае,
Хай густоўных зневажае,
Хай з-пад кудзерак званочкі
Лашчаць мяккай фарбай вочкі.
Зеляніна…
Другая група (з выклікам)

                нас хавае,
Хто нас знойдзе, шчасце мае.
Радасным, вясёлым летам
Расхінецца ружа кветам.
Лета — час кахання, мар,
Час прызнанняў і ахвяр.
Час, калі жывуць у лад
Сэрца, розум і пагляд.
У зялёных алеях садоўніцы з густам развешваюць свой тавар.


Садоўнікі (пад акампанемент тэорбаў)

Нашы кветкі — радасць воку,
Хваляць іх таму заўжды.
А пахваліце плады,
Як скаштуеце з іх соку.
Вішню, персік, яблык спелы
Выбірайце не на вока,
Бо яно ж і схібіць лёгка,
Тут язык — дарадца ўмелы.
Кветкі могуць быць апеты,
Можна з іх вяночкі плесці,—
А румяны плод паэты
Пераважна любяць есці.
Аб’яднаемся, кабеткі,
Будзе шмат прыгожых пар!
Прадамо плады і кветкі —
Разам збудзем наш тавар.
У зацішачку ў альтанцы,
Адышоўшы трошкі ўбок,
Кожны можа ўзяць каханцы
Кветку, плод або вянок.
Пад гукі гітар і тэорбаў абедзве групы з песнямі раскладваюць і развешваюць тавар.

Маці і дачка.


Маці

Ты прыйшла на белы свет
І чапец надзела;
Хараство ў табе, імпэт,
Пешчанае цела.
Як цябе я спавіла,
Так у думках аддала
За каго хацела!
Дні цяклі, цяклі гады,
Добрыя, благія;
Разбрыліся хто куды
Жаніхі былыя.
З тым у танец, з тым у скок,
Таму локцікам пад бок —
Клопаты пустыя.
І залёты, і лато
Марнай тратай выйшлі,
Не прыбіўся аніхто,
Нават трэці лішні.
Сёння дурняў хоць касі,
Ты ўжо шчасця не ўпусці,
Міг удачы ўвішны.
Да маці і дачці падыходзяць сяброўкі, маладыя і прыгожыя; гучная задушэўная гутарка. Уваходзяць рыбакі і птушкаловы з нератамі, сіламі, вудамі і галінкамі, памазанымі завабным клеем на птушак, і ўліваюцца ў натоўп жанчын. Пачынаецца гульня ў даганялкі; вясёлы смех, жарты, намёкі.


Дрывасекі (уваходзяць груба і развязна)

Ану, з дарогі,
Малодкі, дзевы!
Мы валім дрэвы —
Дубы, яліны,
Трашчаць галіны! —
Адтопчам ногі!
Павагу майце
Да працы чорнай
І нас не лайце.
Паўсюль падзелы:
Той круціць жорны,
Той хлебец белы
Жарэ ў тры горлы.
І мы пацеем:
Сячом вам дровы —
А вы здаровы,
Бо мы вас грэем.
Полішынелі{139} (блазнавата, амаль прыдуркавата)

Дурному праца
Якраз прыдасца,
А мы мазгуем
І не працуем.
Мы — рызыканты:
Пантофлі, транты
Спакойна носім,
Выгод не просім —
Нам каб крыўляцца
І выскаляцца.
Усе навіны
Мы знаць павінны.
Наробім крыку
На вашым рынку;
У нас разлікі —
Жыць у прытыкі.
На вашы светы,
На этыкеты,
На ўсе маралі
Панасядзелі
І паначхалі
Полішынелі!
Дармаеды (лісліва і карысліва)

Ах, лесарубы,
Як вы нам любы,
І вуглякопы,
І вы, халопы,
Бо выдыганні
І спачуванні
Не грэюць цела.
Калі б сягоння
У нас дрывотня
Ўраз апусцела,
Дык нам і з неба
Агню не трэба:
Ён недарэчы,
Бо ў вашай печы
Ужо і смажаць,
Пякуць і пражаць
На густ усякі
Гасцям прысмакі.
І блюдалізы
Рыхтуюць місы,
Ядуць вяндліну
На дармаўшчыну
І п’юць у пост
За тостам тост.
П’яніца (мармыча)

З глузду я яшчэ не з’ехаў —
Сам сабе і цар і бог;
Розных песень, розных смехаў
Вам ці мала прыбярог.
П’ю гарэліцу з падсёрбам
І назло і насупор вам —
Гэй, падсусед, падыходзь!
Вып’ем! Што нам! — хоць бы хоць!
Баба ў румзы, баба ные,
Аж заходзіцца ад слёз,
Ушчувае, просіць, вые —
Каб яе пярун разнёс!
А я п’ю сабе з падхлістам,
Не сцялюся гладкім лістам,
Весялю душу і плоць —
Што мне, зрэшты? — хоць бы хоць!
П’ю, каб поўнілася чарка!
Каб пілося, як цяпер!
Не раздобрыцца карчмарка,
Дасць служанка напавер!
І я вып’ю зноў з падсмоктам
З карчмаром і з лысым чортам
Вашым пацерам супроць —
Мне ж бо, хлопцы, — хоць бы хоць!
Нешта млосна, млява нешта,
І язык стаіць калом,—
Вам з таго якая рэшта,
Што ляжу я пад сталом?
Хор

За здароўечка, за ваша
Кіньма чарку ў горла наша!
З п’яным спрэчкі не заводзь! —
П’яным свары — хоць бы хоць!
Герольд абвяшчае прыход паэтаў розных напрамкаў: пеюноў прыроды, прыдворных начотчыкаў і мінезінгераў, пяшчотных лірыкаў і одапісцаў. У штурхатні і валтузні ніхто не дае другому вымавіць слова. Толькі адзін праціскаецца наперад.


Сатырык

Адно мне грэе сонца —
Што маю нюх і хватку,
Дзе толькі давядзецца,
Я рэжу праўду-матку.
Пеюны могілак і ночы просяць прабачэння, бо яны якраз заняты цікавай гутаркай з модным вампірам — можа, у будучым з яе ўзнікне новы напрамак паэзіі. Герольд адыходзіць ад іх і выклікае грэчаскую міфалогію, якая і ў сучасных масках захоўвае адметную самабытнасць.

Грацыі{140}
Аглая

З ласкай у жыццё ідзіце
І пяшчотна дар дарыце.
Гегемона

З ласкаю прымаць прыемна
І адорваць узаемна.
Еўфрасіна

А найлепш ад ласкі ўсякай
Адарыць усіх падзякай.
Паркі{141}
Атропа

Я старэйшая, мне спрасці
Трэба нітку долі вашай,
Шмат умельства трэба ўкласці,
Каб хваліцца добрай пражай.
Каб вілася нітка роўна,
Трэба добра лён прыладзіць,
Каб ён мяккі быў, як воўна,
Трэба пальцамі прыгладзіць.
Куралесьце ў буры танца —
Ні на што ніякай скідкі:
Толькі помніце, — парвацца
Могуць тоненькія ніткі.
Клота

Мне давераны нажніцы,
Каб падрэзаць дзе-нідзе,
Памагчы старой сястрыцы,
Дзе яна не так спрадзе.
Бо яна ў мяне — майстрыха
З валакон гнілых сукаць,
Бо яна ж умее ціха
Крылы марам падсякаць.
Ды і я не раз псавала
Маладым любоўны пал,
І таму цяпер схавала
Я нажніцы ў футарал.
Сёння хай ляжыць кудзеля —
Абыдуся без сясцёр.
Колькі радасных падзеяў!
Як бушуе шумны двор!
Лахезіс

Я, мудрэйшая, павінна
Ў нітках бачыць палатно.
Хай жа круціцца няспынна
У сястры верацяно.
Чашку ў чашку я паволі
Навіваю на клубок,
Пераблытаць іх ніколі
Не павінен мой юрок.
А спынюся ў час рабочы,
Смерцю ўласнай заплачу;
Наматаўшы дні на ночы,
Аддаю клубок ткачу.
Герольд

А гэтых трох не распазнаць натуры,
Хоць вы антычныя чыталі скрыпты,
Пад маскай ветлівасці ўяўнаў скрыты
Вядзьмаркі нораў і пагляд пануры,
Заўжды іх выгляд чысты і нявінны.
То фурыі{142} — я сам не даў бы веры,
Што пад такою маскаю — пантэры
І кобры ўлезлі ў вобраз галубіны.
А зрэшты, сёння тут, калі наўкола
Усе распустай хваляцца, дурнотай,
Навошта лютасцю ўпівацца ўпотай,
Удаючы пры ўсіх з сябе анёла?
Фурыi
Алекта

Даверлівасць мы шчыра вашу любім;
Нам, фурыям ліслівым, вельмі проста
Ашальмаваць каханка, як прахвоста,—
Нашэпчам, наплявузгаем, загубім.
Мы толькі скажам хлопцу, што нявеста
З другімі бавіцца, другім міргае;
Ды каб хоць людская была — худая,
Як той казаў — ні рошчына, ні цеста.
А ёй нашэпчам: «Твой каханы хлопец
Перад другой дзяўчынай чапурыцца,
Яшчэ й пакепвае з цябе, дурніца».—
І будзе свара, і ўсяго там хопіць.
Мегера

Калі ж яны асмеляцца пабрацца,
Дык столькі я ў іх шлюб улью атруты,
Пякучай жоўці і сямейнай смуты,
Што праз жыццё ім будзе адрыгацца.
Што знаю я ў людскім метамарфозе?
Няма граніцы чалавечым марам:
Здабыты скарб аддаць вам могуць дарам,
Пагрэўшыся, сумуюць па марозе.
Найбольш за ўсё люблю губіць людзей я,
Калі яны адно другому ў пару,
Бо тут не цяжка напусціць кашмару
Ад дэманічнай страсці Асмадзея{143}.
Тысіфона

Што атрута? Злыя пашчы?
Здрады напушчу заразу!
Хто кахае дзвюх адразу,
Той ужо зусім прапашчы.
За пацехі і забавы
Прыйдзе, прыйдзе час расплаты —
Будзе гонар твой распяты
Горкай славаю няславы.
Хто даруе зло, падманы
Або выкажа спагаду?
Нават рэха ганіць здраду:
Паўтарае: «Згінь, паганы!»
Герольд

Рассуньцеся! Яшчэ адной грамадзе
Дарогу высцелем на маскарадзе,
Вунь слон ідзе — сапраўдная гара.
Якія вушы, біўні, ногі-ступы!
Я дам вам ключ разгадкі гэтай групы:
На спіне пасярэдзіне шатра
Сядзіць жанчына, незалежна, ўладна,
І тоненькім кіёчкам далікатна
Дарогу ўказвае; між тым другая
Рукою ўсіх гасцей вітае.
А па баках, закутыя ў кайданах,
Дзве паланянкі крочаць на арканах;
Адна, як пліска, спуджана трасецца,
Другая страху не бярэ да сэрца.
Дык, можа, самі пані зробяць ласку
І ўрэшце здымуць з твару маску?
Апаска

Лямпы, свечкі і паходні
Мігацяць ужо з смугі.
Уцякла б я з гэтай сходні,—
Не пускаюць ланцугі.
Блазны, дурні, скіньце маску!
Прэч адгэтуль! Я дрыжу!
Рупіць вам забіць Апаску,
Загубіць маю душу.
Тут злачынцаў цэлы табар; —
Глянеш — проста зубаскал,
Нават твой, здаецца, сябар,
А пад маскаю фіскал.
Як пабегла б я з палаца,
Ды трымаюць кайданы,—
І нідзе не ўратавацца
Ад пагроз і ад труны!
Надзея

А як скончыцца гулянне,
Як уранні сонца ўстане,
Я і сёстры здымем маску,
Каб паўстаць у поўным бляску.
Мы тады па добрай волі
Пагуляем на прыволлі,
Будзем цешыцца, смяяцца,
Красавацца, мілавацца,
Будзем песціцца, кахацца
Без турбот за маскарады —
Будуць людзі ўсе нам рады,
Будуць мары ўсе збывацца.
Верыцца заўсёды мне —
Шчасце нас не абміне.
Мудрасць

Ад Надзеі і Апаскі
Ўсе няшчасці і заганы,
Бо і ў масцы і без маскі
Нам яны касуюць планы.
З-за слана-калоса з ношай
Непакоюся я мала,
А сясцёр з душой варожай
Кайданамі я скавала.
У шатры ў слана на спіне
Едзе, горда ўзняўшы крылы,
Найсвятлейшая багіня,
Ў німбе смеласці і сілы.
Бляск — яе вянчае справы,
Хто яна — спытай любога:
Барацьбы багіня, славы,
А імя ёй — Перамога.
Заіла-Тэрсіт{144}

О, як дарэчы! Зараз вам
Брыдотнай лаянкі паддам.
Той Перамозе на слане
Паддам я нават удвайне.
Заганарылася, задрала нос:
Я ж бо Вікторыя, калос! —
Жадаючы, каб люд усіх дзяржаў
Прад ёю кленчыў і дрыжаў!
Ахвотніц славы, перамог —
У воз саміх бы я запрог.
Адно мне толькі па нутры:
Карціць — нагамі дагары
Перавярнуць усё падрад:
І лоск, і пыху, і парад —
Вось гэта быў бы маскарад!
Герольд

Я на цябе, пракляты сметнік зла,
Не пашкадую і свайго жазла!
Дзе ж гэты гад? Ён сціснуўся ў камяк.
Стуліўся, ссунуўся, абмяк —
Няма… вось толькі яйка…
Яйка тое Расце і пухне, як жывое…
І на вачах збялелых дам
Са шкарлупы палезлі блізнюкі:
Кажан і змей. І нацянькі —
Кажан на крылах, змей уплаз —
Хутчэй пакінулі палац,
Каб зліцца зноў і разам жыць.
Я б не хацеў там трэцім быць!
Гоман натоўпу

Зала ходырам… Шум, гром…
Прэч бяжым, ану яго з дваром…
Разгуляліся ў двары
Нечысці, нетапыры…
Нейкі свіст над галавой…
Храбусценне пад нагой…
Кажаны ляцяць з акна…
Страшна… Ціхне гамана…
Не да ўцех цяпер гасцям…
Што тут робіцца?.. Няўцям…
Герольд

Тут на святах год у год
Я вартую уваход,
Каб ніякі госць нязваны
Не пранёс якой заганы,
Каб нячысцік без білета
Не пралез на свята гэта.
Сёння ж раптам, як на грэх,
Іх налезла поўны мех.
З тым Заілам шмат марокі!
А ўжо зноў я чую крокі,
Дзіва новае зноў бачу!
Як яго я растлумачу?
У герольда абавязкі —
Прадстаўляць на бале маскі,
Быць разгадчыкам задач!
А вось сёння хоць ты плач —
Не магу! Вось калясніца
Праз натоўп у залу мчыцца,
Едзе плаўна, едзе смела.
Жарабцоў кіруе ўмела,
Спрытна, стоячы, вазніца.
Збруя ззяе, серабрыцца,
Ліхтары мігцяць магічна —
Ўсё так дзіўна, непрывычна.
Сціх гармідар карнавала,
Вочы вырачыла зала.
Не, не быць ужо дабру…
Страшна мне… Дарогі…
Хлопчык-каляснічы{145}

                               Тпру!
Стойце, коні, не шалейце.
Папускае цуглі, лейцы
І загадвае вазніца
Вам у зале прыпыніцца.
Бачыце, якая ўхвала
Нам на долю тут прыпала.
Тут не дзіва дзіву дацца.
Дай, герольдзе-распарадца,
Як таму і след спачатку,
Алегорыям разгадку.
Герольд

Ну й задаў ты мне задачу!
Апішу табе, што бачу.
Хлопчык-каляснічы

Апішы!
Герольд

           Скажу тады:
Ты прыгожы, малады,
Свежы, ўдалы і, аднак,
Не зусім яшчэ юнак.
Ды праз колькі зім і лет
Пры тваім запасе чараў —
Станеш мараю кабет,
Лепшай кветкай будуараў.
Хлопчык-каляснічы

Ну-ну, давай! Малюнак гладкі.
Цяпер — да сутнасці загадкі.
Герольд

Па бляску і гуллівасці вачэй,
Па схільнасці да яркіх стужак, нітак,
Па тозе, што цячэ з тваіх плячэй,
Аздобленай узорамі ля лытак,
Ты — як дзяўчо, ты — як дзіця,
Хоць у каханні экзерсісы
Прайшоў, спазнаў азы жыцця
І ўжо ў навуцы гэтай лысы.
Хлопчык-каляснічы

А гэта хто? У пышнай рызе
Ўрачыста едзе на квадрызе?
Герольд

Здаецца ён царом дабра,
Багатым, шчодрым і рахманым.
Якое шчасце быць падданым
Такога добрага цара!
Ён з большай радасцю дае,
Чым тоіць скарбішчы свае.
Хлопчык-каляснічы

Не шчыра адказаў, не ад душы —
Ты больш дакладна апішы.
Герольд

А хто вам гожасць лепш апіша!
Як месяц — твар, здароўем пыша,
Румянец шчок, прыпухласць губ,
Густы смаліста-чорны чуб,
Што выглядае з-пад цюрбана,
Пастава, стан і рухі пана.
Адразу ясна — ён вядомы!
Хлопчык-каляснічы

Так, ён — Плутон{146}, багаццяў бог!
Чацвёрку лепшую запрог —
Да імператара ў харомы!
Герольд

Але ж і ты нам незнаёмы.
Хлопчык-каляснічы

Паэт я, творца хараства!
Высокі сэнс такога рамяства —
Каб жыць, раздаючы свае ідэі.
Што той Плутон? Паэты — багацеі.
Чаго Плутон не мае пры двары,
Ёсць у мяне; уладары
Паэтамі ўпрыгожваюць піры.
Герольд

Хваліцца — майстар на ўсе рукі,
Лепш пакажы свае нам штукі.
Хлопчык-каляснічы

Вось пстрыкну пальцамі, адразу
Усім вам будзе па алмазу.
(Пстрыкае.)

Бач, спражкі, брошкі, перлаў ніткі,
Карона залатая, срэбра зліткі,
Пярсцёнкі, шпількі, бранзалеты.
І феерверкам на бакі
Я рассыпаю светлякі,—
Вось так агонь распальваюць паэты.
Герольд

Як прагна рынулася зала
І да каштоўнасцяў дапала!
А каляснічы ў цэнтры маскараду
Кідае жменямі прынаду,
Як рыбам кашу на падкорм.
Гармідар, валтузня! — Садом!
Але я знаю фокусы паэтаў,
Цану іх штучных бранзалетаў.
Той, думае, што мае кашалёк,
А гэта проста матылёк,
Другі хапае медальён,
Глядзіць — вачам не верыць ён:
Варушыцца ў далоні жук
І раптам — пырх! угору з рук!
Без лішняй рызыкі і слоў
Усіх на смех падняў хлапчук —
Дарослых дурняў і аслоў.
Хлопчык-каляснічы

Тлумачыў маскі добра ты, аднак
Заглянуць у нутро не змог ніяк,
Бо сутнасць рэчаў, з’яў, падзей —
Не для герольдавых вачэй.
Але даволі гэтага! Пара
Звярнуцца нам да ўладара!
(Да Плутона.)

Скажы, чаму, з якой прычыны
Ласкава ты даверыў мне ляйчыны
Фурманкі гэтай і хіба
Ты недзе знойдзеш лепшага раба,
Які хутчэй бы коні ўпрог
І мчаў цябе да перамог?
Хіба не я адважна зброю браў,
І бараніў цябе, і славу здабываў?
І ці не здольнасцю паэта-хлапчука
Дамогся ты лаўровага вянка?
Плутон

Калі ты хочаш сведчання, — скажу:
Майго ты духу дух, і я табой
І ганаруся, й шчыра даражу.
Мой скарб — нішто! Багацце — розум твой!
Найдаражэйшая карона — твой вянок!
Перад усімі сёння прызнаю,
Што ўсю любоў бацькоўскую сваю
Табе адпісваю, сынок.
Хлопчык-каляснічы (да натоўпу)

Як шчодра я вам раздаю
Прыязнасць і любоў сваю.
Агонь свяшчэнны тых дароў
То ззяе навакол галоў,
То ўгору раптам шугане,
То іскрай чэзлай мільгане,
Тут загараецца, там не;
Не знаю сам, ці варта мне
На гэты тлум дурны, прасмердлы
Растрачваць прыгажосці перлы.
Бабская балбатня

Яшчэ адзін рассеўся пан.
О, ён, напэўна, шарлатан!
Такая ссохлая машчына —
Адно і званне, што мужчына,
Шкілет і скура! Ушчыкні —
Не забаліць яму ані!
Скнара

Вы, бабы, ліпкая кароста!
Вам дагадзіць зусім няпроста.
Пакуль таўкліся каля печы,
Быў я Скупы; яшчэ галечы
Тады не знала гаспадарка,—
Наедак быў, звінела чарка,
І поўны быў сундук жаночы —
Цяпер за гэта колюць вочы.
Цяпер з двара нясуць жанкі
Набытак наш у дзве рукі.
Нібы ў банкрута, у кабеты
Цяпер больш пыхі, чым манеты.
А муж сачы, вядзі разлікі,
Куды ні кінься — скрозь пазыкі:
Угоніць баба ў сем патоў
Праз тых каханкаў і сватоў.
Візіты, моды, шуры-муры,
Парфума, транты, крэм на скуру…
А мне і грош не дасца дарам —
Быў я Скупы, а стаўся Скнарам.
Завадатарка

Шукай з драконам барышоў,
А мы тут, зрэшты, ні пры чым.
Ён падбухторвае мужоў,
Каб нас не слухалі, жанчын.
Жанчыны гуртам

Па мордзе дайце і за дзверы!
Ганіце пудзіла чарцям!
Скрывіўся — ах, як страшна нам!
Драконы гэтыя — з паперы.
Паддайце выспятка такім гасцям!
Герольд

Спакойна! Не ў маёй натуры
Цярпець скандалы, авантуры.
Не… позна ўжо… двайныя крылы
Дракон узняў, і з вогненнае зяпы
Пачварныя палезлі рылы,
Заварушыліся драпежна лапы…
Адразу вымелася зала,
Збязлюдзела і ціха стала.
Плутон сыходзіць з калясніцы.

А вось і ён! Сапраўдны бог!
І знаць загадвае драконам
Вялікі куфар з царскіх дрог,
Набіты золатам чырвонным,
І гэты скарб паднесці Скнары.
Дальбог, тут дзейнічаюць чары!
Плутон (да каляснічага)

Цяпер ты цалкам вольны; твой намер
Узняцца да вышэйшых сфер
Павінен сёння спраўдзіцца; твой свет
Не тут сярод маіх вазоў, карэт;
Там, толькі там, свабодна зможаш ты
Зірнуць у яснасць пекнаты.
Там на самоце ты сабе стварай
Дабра і прыгажосці светлы край.
Хлопчык-каляснічы

І там тваім паслом надзейным буду,
Твайго дабра ніколі не забуду,
Бо добра ведаю, — дзе ты, там ёсць
Дастатак, сытасць, здавальненне,
Дзе я — там праца цяжкая, натхненне,
Але і шчасце, радасць, прыгажосць.
З табою жыць — не мець нястач, бядоты,
Са мной — бясконцыя турботы,
Але я з радасцю прымаю гэту долю.
Бывай! Цяпер ужо я мецьму волю,
Аднак, на першы почут позвы
Я буду рады сесці зноў на козлы.
(Знікае так, як і з’явіўся.)

Плутон

Цяпер пара са скарбаў зняць замкі,
Жазлом герольд адчыніць сундукі,
Каштоўнасцяў тут розных проста горы!
Каралі рдзеюць, ззяюць, нібы зоры,
Як перлы, нанізаныя на ніткі.
Усё гарыць і ззяе ўвачавідкі.
Бязладныя крыкі натоўпу

Глядзіце! Залаты пясок
Праз край ужо на дол пацёк!
Здаецца, плавяцца сасуды,
Манетны звон чуваць усюды —
Чаканкі новенькай дукаты
Пад колер ранішняй зары.
Падлога ўсыпана. Бяры
Нагніся і — ужо багаты.
А лепш, бадай, прыбраць да рук
Не дробязь гэту, а сундук.
Герольд

Ах, ёлупы! Які сундук!
Не бачаць маскарадных штук.
Усё блізір! Дукат ламаны
Цана вам, сквапныя галганы.
І хто, за клопаты якія,
Вам даў бы горы залатыя?
Вам толькі б з поўнай прагнай жмені
У торбы пхаць, пхаць у кішэні.
На словах кожны тут прыхільнік ісцін,
А паглядзіш: галоўнае — карысць ім!
О зграя псоў! О крумкачы!
Гані, Плутоне, іх, таўчы!
Плутон

Работы дам твайму жазлу —
Пазыч на час які; ў смалу
Канец ягоны я ўмачу
І рэбры ўсім пералічу;
Блішчыць, трашчыць! Жазло ў агні —
Вам не ўцячы ад калатні.
Жазлом гарачым апяку,
Хто першы трапіць пад руку!
Лямант і вэрхал

Гарым! Ратуйцеся з бяды!..
Агонь! Бяжымце хто куды!..
Назад! Там іскры, там пажар!..
Дыхнула полымя ўжо ў твар!
Мяне заціснулі ў куток!..
Назад!.. Бурліць людскі паток!..
О, дайце крылы — палячу!
Згарэць у пекле не хачу.
Плутон

Усе адціснуты назад;
Хаця няма ахвяр і страт,—
Арда дрыжыць,
Арда бяжыць.
А каб не трапіць у бяду,
Я круг нябачны абвяду.
Герольд

Плутоне, дзякую за раду!
Ты мудрасць паказаў і ўладу!
Плутон

Цярпенне, друг, сюрпрызы ўсе
Яшчэ пакуль што на чарзе.
Скнара

Цяпер агледзімся памалу:
Збягуцца зараз дамы ў залу,—
Бо дзе разжыцца можна, там
Няма адбою ад настырных дам.
А я між тым пастаўлю нос па ветры.
Пакуль яшчэ не парахно
І ў бабах нештачка ж я петру,
Шчыкнуць патраплю за сцягно.
Але баюся я, — ў штурхнечы
Мае залёты будуць недарэчы,
І кампліменты пройдуць міма,
Тут больш патрэбна пантаміма.
Калі ж задарміцца і мова жэстаў,
Тады я з золата, нібыта з цеста,
Зляплю прывабы і прынады,—
Жанчынкі, пэўна, будуць рады.
Герольд

Худы наш дурань з жартаў-смехаў
Да пошлых выбрыкаў даехаў:
Бярэ ён золата і гне,
Ламае, крышыць, месіць, мне,
І, нібы ў дзежачцы з рашчыны,
Ён спрытна лепіць камякі
І брыд паказвае такі,
Што пухнуць з сораму мужчыны.
У дам гарыць румянец шчок —
Хутчэй выводзяць прэч дачок…
А дурань рады, ён рагоча,
Пагнюсіць нас распустай хоча.
Не, ўсё-такі я блазнюку
Жазлом у карак натаўку.
Плутон

Бяды не прадчувае, не баіцца,
Але няхай штукарыць баламут.
Не будзе ён выдурнівацца тут,
Як час настане ўгаманіцца.
Гармідар і спевы

З далін і з гор яшчэ
Арда, віруючы, цячэ.
Выходзіць велічна на круг
Вялікі Пан{147} у гурце слуг,
Яны на чары не зважаюць,
Чароўны круг пераступаюць.
Плутон

Я ведаю, хто ў масцы Пана.
Прыйшлі і смела вы і нечакана,
Я знаю вашу тайну, й не адну,—
Ахвотна круг чароўны разамкну.
Няхай вам радасць усміхнецца,
Хай ваша дзіва цешыць люд.
А часам вам ці не здаецца,
Што не патрэбен гэты цуд?
Спевы дзікуноў

Смяюцца, скачуць дзікуны —
Як утрапёныя яны,
Зямля пад імі хадыром,
Бо кожны йдзе багатыром.
Фаўны{148}

Ану ж, браткі,
Спляцём вянкі —
У скоках фаўны
Заўсёды спраўны.
Дык разбірайцеся ж на пары!
Хай вушы з кудзеркаў тарчма,
Хай і кірпаты нос на твары —
Нам, фаўнам, гэта ўсё дарма! —
Працягне фаўн капыт абранцы
І ўжо трасецца ў дзікім танцы.
Сатыр

А следам скача зух Сатыр,
Казёл пажадлівы, бабздыр,
Як скнара, спрытны ён, імклівы,
Паджары, жылісты, смяшлівы,
Упіты водарам свабоды,
Ён дзікі, вольны сын прыроды,
Глядзіць з пагардай на пыхлівы,
Хімерны люд, пусты народ —
Ад іх жыцця адзін смурод.
А ён, Сатыр, — прыроды цар,
Палян і пушчаў уладар.
Гномы{149}

За ўсімі борздзенька, бягом,
Трушком, трушком шыбуе гном.
Замест адзежы — мох, сучкі,
Пад імі лямпы-светлячкі.
Сярод бясклопатнай гурмы
Снуём, нібы мурашкі, мы.
Адным мы — духі дамавыя,
Другім мы — слугі дармавыя,
Бо з нетраў і багатых скал
Руду бяром, з руды — метал.
Заўжды вітаюць людзі нас:
«У добры час! У добры час!»
Хоць выдаём мы на-гара
Багата рознага дабра,
Ды йдуць металы з той руды
У рукі рознае брыды:
Купцам, зладзеям, махлярам,
Яшчэ й — заплечных спраў майстрам,
Усім, хто божы запавет
Знядбаў за прыгаршчы манет.
Віны ў тым нашае няма,—
Як мы, цярпіце ціск ярма!
Волаты

І ў Гарцы ёсць свае паны,
І мы для іх — як дзікуны.
Прыйшлі к вам голыя мы ўсе —
Ў найпершароднейшай красе,—
Галінкі-лапачкі ў руках,
Вяночкі з красак на баках,
З лістоў, з галінак фартушкі —
Ці ў папы ёсць эскорт такі!
Хор німфаў{150} (абступіўшы вялікага Пана)

Вось бог палян,
Лясоў, імшар,
Вялікі Пан —
Прыроды цар!
Мы танцам радасным сваім
Уладара развесялім.
Не шле спакою, свежых сіл
Яму блакітны небасхіл,
Хоць добры ён, за нас гарой.
І толькі плёскат вод парой
Навеяць можа моцны сон.
Калі засне на траўцы ён,
Рака суцішвае свой плыў,
І зеляніна паш і ніў
Ляніва цэдзіць гойны пах;
І не сваволіць вертапрах —
Гарэзны вольны вецярок,
Каб не ўстрывожыць незнарок.
Дрымота і санлівы чад
Атуляць вочы німф, наяд.
У час, калі з лясных харом
Пакоціцца, нібыта гром,
Кліч Пана па гарах, палях,—
Агорне ўсіх панічны страх,—
І дрогнуць воіны ў баях.
Дык слаўся ж, пасланец вясны,
Вялікі Пан, кумір лясны!
Дэпутацыя гномаў (з дарамі вялікаму Пану)

Нібы нітка ў лабірынце,
Нас вядзе праз поўны змрок
Ў жылы золата ў граніце
Наш чароўны пасашок.
Мы шукаем пад зямлёю
Скарбы ў цемры, як краты,
Каб іх шчодраю рукою
Раздаваў падданым ты.
Нам адкрылася крыніца
Золата і серабра,
Да канца нам не прабіцца,
Ўсё не выдаць на-гара.
Толькі ты, вялікі Пане,
Можаш золата здабыць,
І тады багацце стане
Ўсім аднолькава служыць.
Плутон (герольду)

Без патурання лішнім перашкодам
Падзеі пусцім натуральным ходам
Турбацый колькі будзе навакол!
Усе тут клясціся пачнуць зацята,
Што, бачыце, іх з краю хата,—
А ты усё натуй у пратакол.
Герольд (дакрануўшыся да жазла, якое Плутон не выпускае з рук)

У коле гномаў крочыць Пан
Туды, дзе вогненны фантан.
Шугаюць, рвуцца з глыбіні
Агністай лавы струмяні.
А Пан, нагнуўшыся, стаіць,
Глядзіць, як зеўра зіхаціць,
І злева, й справа вадаспад
З агню віруе; Пан пагляд,
Схіліўшыся, кіруе ўніз…
О, гэты ўладароў капрыз!
Як часта ад цябе бяда!
Упала ў жэрла барада.
А ён, наставіўшы далонь,
Усё ўзіраецца ў агонь.
Аж тут назад віхор узнёс
Клубок распаленых валос —
І ў Пана ўжо на галаве
Другі клубок агню раве.
Гармідар, вэрхал, дым і чад,
Хто лезе ўперад, хто назад,
У шале маскі ў дзверы пруць,
Адзенне Пана топчуць, рвуць.
А ў віхры гэтым, у жудзе
Кудзеля полымем гудзе.
О ноч няшчасцяў, бед і скрух!
Якіх жа новых заварух,
Выпрабаванняў, слёз і зла
Ты нам яшчэ прызапасла?
О, што я чую! Жах, кашмар! —
«Пад маскай Пана — валадар!»
Прапала ўсё, агнём пайшло —
І цар, і царскае жытло!
Пагібель нам! А мой ты бог! —
Бадай, таму язык адсох,
Хто апрануцца ў ліст і мох
Яму параіў і памог,
Хто падштурхоўваў да агню,
І ўзняў гармідар, калатню!
Калі ж ты, маладосць, калі
З’яднаеш пал з нутром цвярозым?!
Калі ж, уладнасць, ты калі
З’яднаеш разам моц і розум?
Заняўся парк, палае сад.
Шалёны агнявы каскад,
Як бура, ўсё змятае прэч,
Бушуе, круціцца, як смерч.
Не знаю, хто ў такой начы
Нам змог бы тут дапамагчы;
За ноч багаты, пышны гмах
У друз рассыплецца і ў прах!
Плутон

Годзе страху і агню,
Зараз я пажар спыню.
Грымні, ўладнае жазло,
Каб харомы затрасло!
Вецер, вільгаццю дыхні,
Полымя далоў змахні;
Туманы і хвалі пары,
Супакойце ўсе пажары;
Прахалода хмар, акрый
Месца нашых феерый
І суціш разгул стыхій.
У маланку абярні
Апантаныя агні.
Там, дзе духі вельмі шкодзяць,
Чараваннем іх лагодзяць.

Парк

Сонечны ранак.

Імператар, прыдворныя. Фаўст, Мефістофель, убраныя сціпла, як тутэйшыя, кленчаць перад тронам.


Фаўст

Даруйце нам бяскрыўдны феерверк.
Імператар (загадвае ўстаць)

Глядзеў бы вашы прадстаўленні век.
Агнішна, полымя вакол шугала,
Нібы ў Аідзе, царстве цемрашала,
Зямля цякла, як вадкая смала,
Стагнала нетрышчам, гула,
Ашчэрваючы вогненныя іклы,
Якія ў дыме непраглядным ніклі,—
Нібыта велічны ствараўся храм,
То вырастаў, то разбураўся ў хлам.
І праз агніска той хімерны
Угледзеў я свой люд, манарху верны,
І кожны лез наперад напралом,
Каб быць у цяжкі час з уладаром —
Здавалася, што нават саламандры
Выконваюць усе мае каманды!
Мефістофель

Не дзіва — ты ж стыхіяў цар,
Таму агонь пайшоў пад твой штандар,
Таму тваёй уладзе стаў падданы —
Перанясі яе на моры, акіяны:
У хвалі пеністыя кінься і смялей
Ступай на дно, ступай на мяккі глей.
Цябе атуляць тоўшчы вод празрыстых,
Карона ў перлах зазіхціць іскрыстых.
Палац крыштальны пад вадой
Заўсёды будзе рухацца з табой;
І нават сцены гэтага палаца,
Нібы жывыя, будуць калыхацца.
Але ў празрысты твой чартог
Не уварвецца страшны асьміног,
У пашчы спрута, хцівага дракона
З усмешкаю глядзець ты будзеш з трона.
Сярод зямных прыгод не ўгледзіш ты
Нязвыкласці такой і дзіўнаты,
Не будзеш мець такой цудоўнай світы:
Сплывуцца прыгажуні-нерэіды,
Як рыбкі, рэзвыя каханкі.
Старэйшых возьмеш у служанкі.
Сама Фетыда гонарам палічыць
Табе, нібы Пелею, шчасця ўзычыць{151}
І на Алімп цябе ўзвядзе круты.
Імператар

Царуй у водных сферах ты —
Не ўседжу я на зыбкім троне.
Мефістофель

Зямля і так твая, усё ў законе.
Імператар

Як добра мець такога фаварыта,
Што з «Тысячы адной начы» нібыта —
Ты, як сапраўдная Шэхеразада;
Служы, табе я шчодра заплачу,
Ад галавы да ног азалачу,—
Мне трэба знаўца, трэба мне парада.
Кашталян (паспешліва ўваходзячы)

Мой уладар вялікі, колькі ні служу,
Не думаў, што такое далажу:
Якая вестка радасная, божа мой,
Ці сню, ці, можа, нешта з галавой?
Звялі рахункі мы і ўсе разлікі,
З ліхвярскіх вырваліся лап, усе пазыкі
Мы заплацілі разам — быццам лёс
Спрыяў нам стаць абранцамі нябёс.
Военачальнік (таксама спяшаючыся)

У войску дух высока ўзняты,
Прысягу зноў даюць салдаты.
Перамяніў нібыта нехта
І маркітанку, і ландскнехта!
Імператар

Гасцінец добры вы прынеслі.
Ад радасці памаладзелі
І акрыялі, бы ўваскрэслі.
Скарбнік (уваходзячы і паказваючы на Фаўста і Мефістофеля)

Падзяка ім, — яны без працы не сядзелі.
Фаўст

Хай канцлер вам усё раскажа.
Канцлер (важна выступае наперад)

Я маю гонар далажыць, манарша!
Дзівуйцеся — вось гэтая цыдула
Нягоду на карысць нам абярнула.
(Чытае.)

«Наступным абвяшчаецца закон:
Адна папера — тысяча карон;
Забеспячэнне — скарбы, што былі
Ў свой час схаваныя ў зямлі.
Мяняць дазволена паперу гэту
Па цвёрдым курсе на манету».
Імператар

Тут пахне хітрай навізной —
Хто рызыкнуў сфальшывіць подпіс мой?
Злачынства будзе пакарана!
Скарбнік

Які ж падман? Калі ты быў у масцы Пана
На карнавале паміж нас,
Табе прыносіў канцлер гэты ўказ:
«Адзнач, — сказаў,— наш фэрст дабром,
Для шчасця слуг тваіх чыркні пяром».
Ты падпісаў: мы ж подпіс гасудараў
Размножылі — сто тысяч экземпляраў.
А каб нікому не было турботы,
Надрукавалі розныя банкноты:
Па дзесяць, трыццаць, пяцьдзесят —
І кожны сёння мае, кожны рад.
Зірні на горад: людзі там галелі,
Цяпер ад шчасця нібы пашалелі;
Тваё імя і так вядома ўсім даўно,
Цяпер на цэлы свет грыміць яно.
Твой подпіс — новы ўклад у алфавіт,
Сімвалізуе шчасце ён і дабрабыт.
Імператар

І за ашмотак гэты папяровы
Даюць вам золата? Ці вы здаровы?
Не бачыў свет такіх дзівос!
Кашталян

Нібы віхор паперачкі разнёс
Па ўсёй краіне; за паперку мець
Ты можаш срэбра, золата ці медзь.
Мяняй цяпер у банках свой барыш:
Мяняй туды-сюды — не прагарыш.
Дае багацця ўсім закон такі:
Звіхнулася паўцарства на адзежы,
Паўцарства сытае ад конскай ежы,
І працвітаюць крамы і шынкі,
Брынчаць у корчмах лыжкі, міскі.
«Ура манарху!» — Тупат, рогат, віскі…
Мефістофель

Самотна ходзячы паміж тэрас,
Красуню напаткаеш ты не раз,
Што вочкамі з-пад веера стрыжэ
І ўсё наровіць вам у пратэжэ.
Рахунак просты: бо за грошы
Ты і каханы, і прыгожы.
За пазухай з пісулькамі дружкоў
Надзейны грошам будзе схоў.
Айцы-царкоўнікі па даўняй звычцы
Насіць пачнуць банкноцікі ў кантычцы,
Салдату ўвогуле яшчэ лаўчэй:
Папера не намуляе плячэй.
Прабач, калі наш акт магутны,
Магчыма, у дэталях трошкі будны.
Фаўст

Ці мала грошай, што ў зямлі
Ад доўгага няўжытку пацвілі!
Няма такое думкі, каб магла
Абняць усё, што тайна зберагла,
Няма фантазіі такое, каб
Хоць бы прыблізна змерыла твой скарб.
А мудрасці вялікай празарліўца
Адкрыецца любая таямніца.
Мефістофель

Папера нам зручней: усё, што маеш,
На ёй адразу прачытаеш,
Ні фальшу тут табе, ніякай пробы —
Плаці і еж на поўныя вантробы,
Захочаш золата — ідзі к мяняйлу,
А ён не дасць, тады з зямлі металу
Якога хочаш можна накапаць,
Алмазы нават можаш абмяняць.
Забудзецца сумленне й паняверка,
Калі ў цане ўмацуецца паперка,
І ты пабачыш сам, як неўзабаве
Багата будзе грошай у дзяржаве.
Імператар

За шчасце, што далі краіне і народу,
Вы ад мяне прыміце ўзнагароду:
З хвіліны гэтай прызначаю вас
Ахоўваць нетраў залаты запас,
Кантраляваць усякія знаходкі,
Бо вы і месцы знаеце і сродкі.
З’яднайце сілы вашыя ў адну —
І золатам напоўніце казну,
Каб нам вялікая карысць была
Ад царстваў цемры і святла.
Скарбнік (Фаўсту)

Я абяцаю тут пры ўсім народзе
З калегам чарадзеем жыць у згодзе.
(Выходзіць з Фаўстам.)

Імператар

Я дам усім, — адно хачу я знаць,
Як будзеце вы грошы спажываць.
Паж (прымаючы)

Пачну гуляць, і піць, і есці.
Другі (прымаючы)

Я накуплю дабра нявесце.
Каморнік (бярэ)

Віно піць буду з поўнай кварты.
Другі (бярэ)

Найграюся і ў косці я і ў карты.
Васал (падумаўшы)

Я замак выкуплю, пазыкі аплачу.
Другі (падумаўшы)

Я гэты скарб да ўласных далучу.
Імператар

Пара і чэлядзі за розум брацца,
А вам бы піць, гуляць і аб’ядацца,
Каб прамантачыць скарбы ўсёй зямлі —
Дурному разумнець няма калі.
Блазен

То дай і мне, усім жа раздаеш.
Імператар

Ах, ты жывы яшчэ? Ты ўсё прап’еш.
Блазен

Што тут такое? Нейкія паперкі?
Імператар

На вецер пусціш — на цукеркі.
Блазен

Чорт ведае! Падман ці не!
Імператар

Даюць — бяры і дзякуй мне.
(Выходзіць.)

Блазен

Якое дзіва! Мне пяць тысяч крон?
Мефістофель

Ужо ўваскрэс, прыдворны пустазвон?
Блазен

Мне ўваскрасаць не навіна.
Мефістофель

Сп’янеў, не выпіўшы віна!
Блазен

І гэта грошы? Смецце гэта? Цьфу!
Мефістофель

Купляй і еш да стогну ў трыбуху!
Блазен

Няўжо куплю я быдла, хату, хлеў?
Мефістофель

А ўжо ж! Абы ты ўдосталь грошай меў!
Блазен

І лес, і ворыва, і ўлоў рачны?
Мефістофель

Глядзі, а мне казалі — ён дурны!
Блазен

Куплю маёнтак — і пайду з двара!
(Выходзіць.)

Мефістофель (адзін)

Ого! Яго ж на трон садзіць пара!

Цёмная галерэя

Фаўст. Мефістофель.


Мефістофель

Чаго вядзеш у змрочныя праходы?
Няўжо ў прыдворнай мітусні
Не можаш ты знайсці нагоды
Для трапных жартаў і хлусні?
Фаўст

Пакінь малоць. Раней, бывала,
Што ні скажу — табе ўсё мала;
Цяпер жа ты хаваешся за фразу
І не даеш мне яснага адказу.
Між тым не трэба ўводзіць двор у зман.
Мне ўжо і так нагадваў кашталян
Пра імператарскі капрыз:
Ён хоча, каб Алена і Парыс
Красы антычнай яркі цуд
Яму явілі сёння тут.
Рабі! Я слова даў! Чарга твая!
Мефістофель

На словах ты заўсёды — што-та я!
Фаўст

Дык гэта ж я з табою, кампаньён,
Да выбрыкаў такіх даехаў.
Спярша азалацілі трон —
Цяпер жывых шукаем смехаў.
Мефістофель

Дарма спрашчаеш мой намер:
Прад намі высачэзныя драбіны —
Мы, ідучы да новых сфер,
Лічыцца з цяжкасцю павінны:
Алену выклікаць, мой пан харошы,
Цяжэй, чым штампаваць пустыя грошы.
І ты шышыг, кікімар, чараўніц,
Маіх вядзьмачак і блудніц
Забудзь, ты іх раўняць пакінь
Да старажытных гераінь.
Фаўст

Пайшла катрынка зноў дуднець!
З табой ніяк не вылезеш з нягод,
Навыдумляў уяўных перашкод,
Каб за парады плату мець.
Не скавычы. Дастань. Ты ж, балазе,
Спраўляцца ўмееш на адной назе.
Мефістофель

Паганцам я не ўказ, прыход не мой —
Свае там Зеўсы ў іх, Люцыпар свой.
А выйсце ёсць.
Фаўст

                       Хутчэй кажы!
Мефістофель

Адкрыю тайну, хоць не ад душы:
У адзіноце недзе царствуюць багіні.
Няма ні часу, ні прасторы ў іхняй сферы.
Сказаць баюся, слова ў горле стыне —
То — Мацеры{152}.
Фаўст (уражаны)

                       Як? Мацеры?
Мефістофель

                                          Дай веры!
Фаўст

О Мацеры! — Дзівосныя хімеры!
Мефістофель

Так, так! Дзівосна! Мацеры! Смяротна
Зямная плоць, таму і неахвотна
Табе таемнасць адкрываю.
Смяротным не спасцігнуць іх глыбіні,
Ды хочаш ты — і мы зрабіць павінны.
Фаўст

А як прайсці туды, калі спытаю?
Мефістофель

Да іх няма дарогі!
                           Недаступны
Іх свет для сутных!
                            Непадсудны
Іх свет для судных!
У той прасторы
Няма канкрэтных катэгорый.
Якая ж можа быць дарога
Туды, дзе ёсць адно Нічога.
Там, зразумей, суцэльны вакуум.
Фаўст

Зноў кухняй пахне, мілы кум,
А мы ж не ў ведзьмы ля пліты,
Няма чаго малоць лухты!
Я сам у штуках добра налаўчыўся:
Вучыў пустому, пустаце вучыўся,
І чым глыбей я свой прадмет тлумачыў,
Тым болей супярэчнага ў ім бачыў.
Ці не мяркуеш часам ты, што мушу
Пра тое толькі я і дбаць,
Каб чорту найхутчэй аддаць
Сваю цалюсенькую душу?
Мефістофель

Той, хто памёр і акіян пустэчы
Пераплывае, — бачыць рэчы,
Як ёсць яны ў жыцці: у ціхім моры
Дэльфінаў рэзвыя падскокі,
У небе — сонца, месяц, зоры
І ўсцяж чародкамі аблокі.
А ў той пустой, парожняй зеўры
Не ўбачыш яснасці, не ўбачыш цемры.
На цвердзь нагой не ступіш ты
У свеце вечнай пустаты.
Фаўст

Як містагог гаворыш ты, нібыта
Табе дурыць патрэбна неафіта!{153}
Я — Фаўст, а не прыслужнік паслухмяны,
Не буду з полымя цягаць каштаны.
Што б ні было, ў пустэчу я тваю пайду
І, страху плюнуўшы бясстрашна ў твар,
Сваю памножу сілу там і гарт.
Наперад! У Нічым я Ўсё знайду!
Мефістофель

Хвалю за рызыку! Ідзі адважна, горда,
Бо добра ўцяміў ты навуку чорта.
Вось ключ.
Фаўст

               Навошта рэч у вечнасць несці?
Мефістофель

А ты бяры, яна не просіць есці!
Фаўст

Расце ў руцэ! Блішчыць, як сонца ззяе.
Мефістофель

Пасля пабачыш, што ён адчыняе
І да якіх прызначаны дзвярэй!
Ідзі! Ён завядзе да Мацярэй!
Фаўст (жахаецца)

О Мацеры! Ад грамавога слова
Усё ў маёй душы застыць гатова.
Мефістофель

Баішся новых слоў і з’яў? Навошта?
Перажаваную ты любіш казань,
З якое сокі павысмоктваў блазан? —
Пара цаніць дзівосы поўным коштам.
Фаўст

Здранцвеласцю — сябе не задаволю,
Жаханне — вось што трэба мне на долю!
Нам свет пачуцці даў, мы сэрца маем;
Жахаючыся, вечнасць адчуваем.
Мефістофель

Ляці ж уніз! Сказаў бы лепш — угору!
Пакінь наш свет, дзе з тлену ўсё
                                                паўстала.
І там сярод спрадвечнага прастору
Суцешся тым, чаго ўжо тут не стала.
Узвысся й небыццёвае пабач!
Ідзі і ключ бяры! Жадаю ўдач!
Фаўст (натхнёна)

Трымаю ключ! І новых сіл парыў
Напоўніў грудзі мне і новы шлях адкрыў.
Мефістофель

Распаленая скажа там трывога,
Што скончылася ўжо твая дарога.
Каля агню ахвярнага, дарэчы,
Ты ўбачыш Мацярэй, багінь пустэчы.
Сядзяць, стаяць і ходзяць, як жывыя,
Стварэнне і пераўтварэнне — іх стыхія,
І ў пустаце, ў маўклівасці натуры
Лунаюць цені нейкія і крэатуры.
Там бачаць толькі схемы сутнасці. І ты
Не бойся там ніякае бяды.
Ідзі рашуча, боязь адгані,
Ключом ахвярнік той — крані.
Фаўст робіць энергічны рух ключом.

Так, правільна! Далей здабыча —
Цябе сама на роўны шлях пакліча.
Пакуль яны спахопяцца, дык ты, вядома,
Павінен быць з трыногай гэтай дома.
А тут пасля, разбіўшы чары тлену,
Ты выклічаш Парыса і Алену —
У фіміяльным дыме і тумане
Любы герой антычнасці паўстане.
Пішу на твой рахунак гэты чын —
Ты першы подзвіг зробіш. Ты — адзін.
Фаўст

А што цяпер?
Мефістофель

Нагою тупні. Там унізе
Таксама тупні і назад вярніся.
Фаўст тупае нагою і апускаецца.

Каб хоць з ключом усё пайшло на лад —
Цікава мне, ці вернецца назад?

Ярка асветленыя залы

Імператар і васалы.

Двор у хваляванні.


Скарбнік

Спяшайцеся, прыйшла пара
Пацешыць духамі гаспадара!
Кашталян

Паслаў спытацца ён, чаго вы
Яшчэ дагэтуль не гатовы?..
Мефістофель

Вось-вось вярнуцца мàе кампаньён:
Калі, і што, і як — на гэта ён,
Супольнік мой, вам дасць адказ;
Бо ён рыхтуе духаў на паказ —
Каб адрадзіць красу антычнай гераіні,
Заглянуць трэба ў чарнакніжныя глыбіні.
Кашталян

Я вам наказваю, не кнігам,—
Выконвайце загады мігам.
Бялявая (Мефістофелю)

Адно слаўцо! Прашу я вашых чар —
Глядзіце, чысценькі мой твар,
А як вясна настане — канапаты,
Што мне рабіць з ім? Дайце рады!
Мефістофель

Ай-яй! Канфузная хімера —
У плямах, ясачка, нібы пантэра.
Найлепшы вынік дасць ужытак
Гаючай выцяжкі з жабіных лытак.
Патрыце маззю моднаю па скуры,
І чыста будзе з першай працэдуры.
Чарнявая

Дапамажыце і ў маёй бядзе:
Мне курч скруціў і высушыў нагу,
І я цяпер нязграбная ў хадзе,
І выдыгацца нават не магу.
Мефістофель

Дазвольце наступіць на ножку, пані.
Чарнявая

Ой, што вы, знак такі ў каханні…
Мефістофель

Мой дотык мае большае значэнне,
На ўсякую хваробу ёсць лячэнне:
Клін клінам б’юць, мы ж ножку ножкай лечым,
Як у каханні нешта нечым.
Чарнявая (ускрыкнуўшы)

Авой! Авой! Як жарабец!
Баліць!
Мефістофель

      Ну, вось і той бядзе канец!
Гарцуй, красунечка, ляці ў танок
І не шкадуй цяпер ні рук, ні ног.
Дама (прыціскаючыся)

Пусціце! Што мне вашы ногі.
Дарогі дайце мне хутчэй, дарогі!
Люблю яго, душа палае,
А ён сабе і не шманае.
Мефістофель

Ну што ж, лічыце — ўсё ў парадку;
Вось вугалёк вам; у віхуры танца
Вы абніміце вашага абранца
І чырканіце спрытна па азадку —
А гэты вугалёк тады
Лыкніце, толькі без вады —
Каханак будзе ноч у ноч запар,
Як цюцька, вартаваць ваш будуар.
Дама

А не атрута?
Мефістофель (абурана)

        Што вы, пані!
Вялікая ёсць моц у вугалька —
Ён з вогнішча ерэтыка!
Хто ж вам яшчэ такі дастане?
Паж

Не вераць мне, што я даўно кахаю.
Мефістофель (убок)

Каго тут слухаць першага, не знаю.
(Пажу.)

Не лезь у рунь, пачні любоў
З кабет дасведчаных, з удоў.
Праціскаюцца іншыя.

Вой, колькі вас! Прыняць усю грамаду?
Сказаць ім праўду? Даць параду?
Але ж куды заедзеш ты на праўдзе?
О Мацеры! Вы Фаўста мне адпраўце!
(Азіраючыся.)

Ліхтарыкі гараць; у дзверы
Манерным цугам, як на рэй,
З пакрытых змрокам галерэй
Плывуць паненкі, кавалеры,
Займаюць цырымонна лавы
Каля штандараў воінскае славы.
Па ўсім відаць, што рыцарская зала
Дагэтуль бляскам гэтакім не ззяла.
Навошта, Фаўсце, марныя старанні —
І без таго ўжо ўсе сабраны здані!

Рыцарская зала

Цьмянае святло.

Імператар і прыдворныя рассаджваюцца.


Герольд

Стары мой сціплы абавязак —
Сцэнічныя падзеі абвяшчаць
Мне сёння цяжка: здані з казак
Навокал лётаюць і верашчаць.
Зусім дарма, з вядомых вам прычын,
Шукаў бы я разгадак прыгажосці.
Усе гатовы крэслы; гледачы
У зале ўжо сабраліся і госці,
Сам імператар сеў каля сцяны —
Разглядвае рэгаліі вайны.
А ззаду ўсіх, ахутаныя змрокам,
Паны міністры з панямі пад бокам,
Сядзяць, цікуючы на сцэну.
Гатова ўсё! Давай хутчэй Алену!
Трубы.


Астролаг

Пачніся, драма, — гэта мой загад!
Адсуньцеся, муры, далей назад,
Каб даць прасторы магіі і чарам!
І вось кілім, як скручаны пажарам,
Узвіўся, мур рассунуўся,памост
Перад вачамі ўзнік у глыбіні,
І я займаю свой пачэсны пост
На авансцэне.
Мефістофель (з суфлёрскай будкі)

             З інтарэсу
І я пачну падбрэхваць п’есу!
(Астролагу.)

Звяздар! Ты чуеш голас зор,—
Пачуй жа, што падказвае суфлёр.
Астролаг

Па чарадзейнай волі на вачах
Палац узнік. Як неба на плячах
Трымаў Атлас, так тут калонаў рад
Падпёр надзейна велічны фасад.
Яны б стрымаць маглі, прынамсі, горы,
Бо храму й дзвюх даволі для апоры.
Архітэктар

І гэта мне антычнасць? Грубасць гэта
Як эталон красы апета?
Мне больш да густу гонкасць нашых вежаў,
Дзе кожны шпіль, здаецца, мкне ў бязмежы,
Спічастыя скляпенні, базілікі —
Які тут стыль, які размах вялікі!
Астролаг

Адзначце ўвагай цуды ў гэты час!
Таймуйце свой запал крытычны —
Хай лёт фантазіі, хай дух антычны
Чаруе дзёрзка і ўладарна вас!
Вы ўсё гатовы вашай мерай мерыць,—
А трэба ў немагчымае паверыць.
Фаўст падымаецца на сцэну з другога боку.

А вось і маг у вопратцы жраца;
Ён давядзе падзеі да канца
І выкліча багіню вам і бога,—
Глядзіце, з ім ахвярная трынога,
Цішком замовы жрэц мармыча,
Да нас на сцэну духаў кліча.
Фаўст (узнёсла)

О Мацеры з бязмежнасці, якія
Пануюць там, дзе вечнасці стыхія!
Паможа мне цяпер ваш свет самотны.
Я ж ведаю, — жыццепадобны
Свет духаў, казачных істот.
Лунаюць летуценна цені тыя —
Прайшлі яны свае шляхі зямныя
І ўжо да вас вядуць апошні лёт,
Каб каля вас аж да сканчэння веку
Прымаць бяссмерце, ласку і апеку —
Даў ім прытулак цемры гмах.
Цяпер іх мужны выклікае маг.
Каб кожны ў мроіве бясцелых ценяў
Убачыць тое мог, аб чым ён летуценіў.
Астролаг

Ключом агністым Фаўст крануўся шалі —
І сцэну пасмы дымныя заслалі,
Сплятаючыся ў дзіўныя аблокі,
Ствараючы адзінае сугучча хору,
Якое ўзносіцца ўрачыста ўгору.
Гучыць, звініць увесь палац высокі,
Трымцяць, пяюць калоны і трыгліф —
Сімфонія, жывы антычны міф…
Туман рассеяўся… Антракт…
І вось прыгожы станісты юнак
Нячутным крокам выйшаў з-за куліс…
Тут змоўкну я, бо ўсе ў прыціхлай зале
Без каментарыяў маіх пазналі:
То прынц траянскі, прыгажун Парыс.
Уваходзіць Парыс.


Дама

О яркі бляск юначай бурнай сілы!
Другая

Румяны персік, спелы, свежы, мілы.
Трэцяя

Прыпухлая, нібыта банцік, губка.
Чацвёртая

Ты, мусіць, выпіла б з такога кубка?
Пятая

Які прыгожы ён і далікатны!
Шостая

З усіх мужчын на свеце самы здатны!
Рыцар

Пастух і ёсць пастух — не з нашай сферы,—
Ці ж гэта вам прыдворныя манеры?
Другі

Прыгожы ён, бо голы і кудлаты,—
Ці будзе ён такі, калі надзене латы?
Дама

Садзіцца — божухна, я ў захапленні!
Рыцар

І вам карціць Парысу на калені?
Другая

О грацыёзны, мяккі, плаўны рух!
Камергер

Разлёгся, бачыце, дзікун-пастух!
Дама

Наўме вам толькі здзекі, кпіны, свары.
Камергер

Так нельга вольнічаць пры гасудары!
Дама

Дык гэта ж толькі ў п’есе, хто ж не знае.
Камергер

Нідзе прыстойнасць лішняй не бывае.
Дама

Заснуў. Пяшчотна так усё, кранальна.
Камергер

Так, ён храпе на сцэне натуральна.
Паненка (замілавана)

Не чараўнічы дым і фіміям,
А іншы пах лагодзіць сэрца нам.
Маладзіца

Нібы цячэ амброзія з памосту,
Душу вярэдзіць нават.
Старая пані

               Кветкі ўзросту,
Нектар і мёд у гожым юнаку,
І я такому аддала б руку.
Уваходзіць Алена.


Мефістофель (сам сабе)

Царыца прыгажосці! —
Аднак спакойны я, — не вабіць штосьці.
Астролаг

Якое хараство, не выбраць слова —
Усё ў ёй дасканала, адмыслова!
Няма, не будзе ўжо красы, як гэта,
Што лепшымі паэтамі апета!
І шчасця большага не прыгадаць,
Як шчасце гэтым цудам уладаць.
Фаўст

Ці бачу я, ці, можа, толькі сніцца
Красы адвечнай чыстая крыніца?
Чым быў мне свет? Убогі і нікчэмны!
Цяпер, калі я стаў красы жрацом,
Які ён радасны, які прыемны!
Хай расплывуся дымам, хай жыўцом
Мяне ў зямлю кладуць, у дамавіну,
Не адракуся ад цябе, не кіну.
Той вобраз хараства, што ў лёгкай мгле
Калісьці бачыў я ў чароўным шкле,
Пабляк цяпер. О чысты ідэал!
Імпэт душы і весняй страсці шал,
Трывогі, радасці і болі,
Замілаванне і пяшчотны жар
Узношу я на твой алтар.
Мефістофель (з будкі)

Адумайся, вярніся ў рамкі ролі.
Маладзіца

Нішто, няблага скроена. Аднак
Занадта дробная галоўка.
Паненка

Не-не, на ногі гляньце толькі,— як
Ідзе нязграбна і нялоўка.
Дыпламат

Не бачыў я, блукаючы па свеце,
Такога хараства ў кабеце.
Прыдворны

Павольненька да соннага ідзе.
Дама

Як не пасуе ён такой брыдзе!
Паэт

У прамянях яе красуе ён!
Дама

Селена і Эндыміён!{154}
Паэт

Багіня! Нахілілася… крананне…
А вось і п’е яго дыханне…
Цалуе!.. Шчасце! О, як мне зайздросна!
Дуэнья

Публічны сорам! Ганьба! Бачыць млосна!
Фаўст

Які вялікі, чысты дар!
Мефістофель

                                Ну годзе,
Хай цешацца любоўю на свабодзе.
Прыдворны

Прачнуўся ён… Яна паводдаль стала…
Дама

І азірнулася… я так і знала…
Прыдворны

Уражаны! Як гэта дзіўна юнаку!
Дама

Каму-каму, а ёй — не навіна.
Прыдворны

І далікатна падае руку.
Дама

Яго навучыць нечаму яна!
А ваш наіўны брат жыве да плешы,
А ўсё ж упэўнены, што першы…
Рыцар

Які ў ёй такт! А вытанчанасць руху!
Дама

На погляд мой, мы бачым шлюху!
Паж

Каб гэта я быў тым Парысам!
Прыдворны

Я праз такую і змарнеў бы й высах!
Дама

Не штука, што сатрэцца пазалота,
Бо лапалі яе, каму ахвота!
Другая

Яно, канечне, так — няма тут дзіва,
Алена змалку па руках хадзіла.
Рыцар

Хай нават многім перапала нешта,
Мяне здаволіла б і рэшта.
Вучоны

А я не ведаю, ці тут Алена,
Ці, можа, гэта іншая царыца.
На сцэне ўсё — уяўнае, падмена;
А праўду скажа нам першакрыніца.
Я веру толькі сведчанню Гамера:
«Была яна да сэрца старцам Троі».
Аналагічна ўсё: краса, манеры.
Дык вось за што змагаліся героі!
Уломак я сівы, аднак і мне
Душу яна сагрэе й скалыхне.
Астролаг

Ён не хлапчук. Уладнаю рукою
Падняў яе. Працівіцца герою
Яна не можа. І герой
Выкрадвае красуню.
Фаўст

                              Злодзей, стой!
Я не дазволю, не аддам ніколі!
Мефістофель

Зусім заблытаўся няшчасны ў ролі.
Астролаг

Як можна добра бачыць з гэтай сцэны,
То быў фрагмент з «Выкрадвання Алены».
Фаўст

Выкрадванне? А я? Ці ж я не варты
Ключом абараніць царыцу Спарты?
Ён вёў мяне праз жудасць і туман,
Праз пустату ў адвечны акіян.
Вярнуўся я, каб з духамі змагацца —
Бо на зямлі над імі я — уладца!
Цяпер, калі зазнаў прыгод я многа,—
Яна тым больш мая! О ключ, трынога,—
О Мацеры, мне без яе не жыць! —
Дапамажыце ідэал здабыць.
Астролаг

Апамятайся, Фаўст! Ты ж не малы!
Схапіў… Наплыў густы клубок імглы…
Махнуў ключом… Парыс туманам тае…
Бяда! Якое ліха нас чакае!
Грымоты.

Фаўст падае. Духі расплываюцца.


Мефістофель (несучы Фаўста)

Нішто спектакль! За дурня паручыўся,
Дык сам у дурні і пашыўся.
Цемра. Замяшанне.

Акт другі{155}

Цесны гатычны пакой з высокім скляпеннем

Былы кабінет Фаўста, такі, якім яго пакінулі.


Мефістофель (выходзіць з-за шырмы)


Калі ён падымае яе і азіраецца, відзён Фаўст, распасцёрты на старадаўнім дзедаўскім ложку.

Ляжы, гаротны Фаўст! Любві страла
Пацэліла якраз у сэрца.
Каго ў палон Алена узяла,
Не скора той на розум узаб’ецца.
(Азіраецца.)

Гляджу навокал я — без перамены:
Падлога, столь, куты і сцены,
Усё на месцы, як было,
Хоць пацямнела ў вокнах шкло,
Хоць павуціння й пылу болей стала.
Ляжаць паперы як папала.
Атрамант высах. Вось пяро, якім
Пісаў распіску мне. На ім
Засохла кроў маёй ахвяры —
Пабіліся б за рэч такую антыквары!
А вось на вешалцы старое футра,—
У ім я колісь вучня мудра,
Яшчэ наіўнага наўздзіў,
Як прастачка за нос вадзіў.
Нябось і сёння ён грызе маю навуку!
Адпалім жа яшчэ раз нашу штуку!
Надзену зноў сатлелую хітону —
І вось я ўжо — дацэнт, крыніца ведаў.
Пара задаць ілбам вучоным тону
І павучыць прамудрых караедаў.
Ім што! Яны руцінай зараслі,
А чорту бавіцца няма калі.
(Здымае футра са сцяны і трасе яго.)


З футра ляцяць цвыркуны, жукі і моль.


Хор казурак

Дзень добры, дзень добры,
Шаноўны патрон!
Цябе мы пазналі,
Табе наш паклон!
Ты некалькі штучак
Пусціў мімаходзь,
А сёння нас процьма —
Варушыцца поўсць.
Гняздзіцца хітрына
Глыбока ў грудзях,
А вошка адкрыта
Жыве на людзях.
Мефістофель

Уцешылі старога сатану! —
Ну што ж, пасеяў добра, добра жну!
Яшчэ разок хламіду страсяну —
Паўзіце, мілыя казуркі,
У скрынкі, шчыліны, мензуркі,
Ва ўсе адтуліны і дзюркі,
У кнігі, манускрыпты на паліцы,
У чэрап гэты праз вачніцы —
Бо дзе ж, як не ў гніллі і брудзе,
Чарвяк і моль пладзіцца будзе!
(Апранае футра.)

Акрый жа зноў мне стан і плечы —
І вось я ўжо настаўнік, прынцыпал.
Але нашто мне званне без сустрэчы —
Дзе слухачы мае? Дзе хор пахвал?
(Звоніць у званок, які гучыць рэзка і пранозліва — ад гэтага звону ў будынку дрыжаць сцены і адчыняюцца дзверы.)

Фамулюс (ідзе, хістаючыся, па доўгім цёмным калідоры)

Колькі грукату і жаху!
Ад падмурку аж да даху
Ўсё дрыжыць, як з ліхаманкі —
Зырка бліскаюць маланкі,
Гнуцца дошкі, і ў будынку
Пыл ад скрышанага тынку,
Невядомая мне сіла
Раптам дзверы адчыніла.
Нешта страшнае такое
Пасярэдзіне пакоя
У футры Фаўста… Мне ківае…
Страх калені падгінае…
Што рабіць мне? Уцячы?..
Божа моцны, навучы!..
Мефістофель (ківаючы яму)

Заходзьце, дружа Нікадэмус!
Фамулюс

Шаноўны пане мой! Oremus!{156}
Мефістофель

Пакінем гэта!
Фамулюс

          Рады я, мой пане,
Што вам знаёмы.
Мефістофель

Ну, маё вітанне!
Вы ўсё яшчэ студэнт, хоць і сівы,
Замшэлы пан! Вось так, як вы,
Вучоны муж і гнецца крукам,
Аддаючы сябе навукам,
Штудзіруе за томам том
І картачны будуе дом.
Ды/хай ён лобам будзе на тры пядзі,
А дзе стаіць, там, братачка, і сядзе.
Адзін з усіх, бадай што, толькі цягне —
Шаноўны мэтр, што ісцін прагне,
Наш доктар Вагнер. У сябе ўвабраў
Ён веды і плады вялікіх спраў.
Сярод вучоных — першы стоўп!
Святло вучэння ён распасцірае
Вакол сябе на спрагнены натоўп;
Нібы Пятро, нябесны ключнік раю,
Ён адмыкае высь нябёс, падземны змрок —
І ўсё наперад бачыць, як прарок!
Не параўнаецца ніхто з ім — дзе там!
Зацьміў і Фаўста ён сваім аўтарытэтам.
Фамулюс

Прабачце, што ў гаворку дзёрзка лезу,
Але аспрэчыць мушу вашу тэзу:
Ён ветлы, сціплы ў абыходзе,
І ён не ведае, куды
Знік Фаўст; і Вагнер на самоце
Яго чакае доўгія гады
І шчыра моліцца, каб бог
Вярнуцца доктару памог.
А кабінет ягоны з той мінуты
Стаіць цалюткі і замкнуты,
Ніхто не стаў і на парог.
Што зорная гадзіна шле ў пакой?
Замкі сарваны, ў страху сцены —
У прадчуванні перамены.
І вы тут стрэліся са мной.
Мефістофель

А дзе ж настаўнік ваш?
Чаго Вы не паклічаце яго?
Чаму ён сам не прыйдзе?
Фамулюс

                                   Наказаў
Не адрываць яго ад важных спраў.
Каторы месяц на самоце
Сядзіць, аддаўшыся рабоце.
Чысцёха быў, вучоны ад папер,—
Як вуглякоп замурзаны цяпер.
У сажы рукі, вочы, твар,—
А ўсё ён дзьмухае на жар
І совае ў вуголле клешчы.
У бразгаце ён чуе голас вешчы!
Чакае адкрыцця.
Мефістофель

                       Шкада! Дарэчы,
Яму пасобіць мог бы каля печы.
Фамулюс выходзіць.


(Мефістофель важна садзіцца.)

Я толькі сеў, як у харомы
Другі ідзе! Стары знаёмы!
Ну, гэты з новых, з тых прайдох,
Што на хаду ірвуць падноскі з ног.
Бакалаўр (шумна ідзе па калідоры)

Дзверы насцеж, прэч з дарогі!
Ну, цяпер я пэўны трохі,
Што і ў цвілі, што і ў пыле,
У захламленай магіле
Чалавек не задыхнецца
І жывому адгукнецца.
Сцены тоўстыя, скляпенні,
Як руіны, ў запусценні —
Трэба тут ступаць памалу,
Каб не выклікаць абвалу.
Не баяўся я ніколі,
Сёння ж страх у сэрца коле.
Чым я тут памножу веды?
Колісь я ў будынак гэты
Першакурснікам прыдыбаў,
Слухаў і вачыма лыпаў,
Верыў блазнам барадатым,
Іх парадам дурнаватым.
Кніжнай мудрасцю дурылі,
Глупства вучням гаварылі,
Далучалі да маралі
Той, што самі не прымалі.
Вось адзін з іх, барадаты,
Сцеражэ свае пенаты.
Як і некалісь, старэча
У аблезлым футры крэкча.
Быў упраўны ён тады,
Помню, мне ўпраўляў глузды!
Ён чмурыў мяне бывала,
Бо тады я кеміў мала,
Сёння й самі мы з вусамі,
Сталі знанымі тузамі!
Мой пан, калі патокі мутнай Леты{157}
З-пад лысіны ў вас розуму не змылі,
Пазнаеце, — я той, якога вы вучылі,
Я перарос руцінныя прадметы.
Вы не змяніліся за доўгі час ніяк,
А я даўно ўжо не юнак.
Мефістофель

Я рад, што вы прыйшлі на мой званок.
Яшчэ тады прадрок я вам удачу —
Бо я па вусені, па хрызалідзе бачу,
Які ўжо выкукліцца матылёк.
Вы ў маладосці кудзеркі любілі,
Каўнерыкі з карункамі насілі,
Цяпер у модзе — шведскія зачосы,
Парык, прыпудраныя косы.
Вы рэзалютны, гэта ўсё ж загана,
Не ўзводзьце ў абсалют сябе зарана.
Бакалаўр

Мы на ранейшым месцы, мой дзядуся,
Але змяніўся час ужо даўно.
Двухсэнсіц вашых не баюся,
Мне ўсё цяпер вядома і відно.
Збіць з панталыку маладога —
На гэта розуму ў вас многа —
А вось вы нам утрыце хвігай нос.
Мефістофель

Заўсёды думае малакасос,
Што сам да ісціны дарос,
Хоць з вопыту старых яму ці мала
Крупінак мудрых ісцін перапала,
Крычыць, што сам дайшоў да ўсіх навук
І што настаўнік быў — блазнюк.
Бакалаўр

Шальмец! Любы настаўнік неахвочы
Выкладваць вучням шчыра праўду ў вочы.
Адзін дадасць, другі крыху адкіне,
Каб гадаваць цікаўных на мякіне.
Мефістофель

Мы маем час на ўсё; ці так даўно вы
Вучыліся, а ўжо вучыць гатовы.
Паспелі вы за некалькі гадоў
Набрацца вопыту ад нас — дзядоў.
Бакалаўр

Нашто нам вопыт ваш! Адна мана! —
Мы дужыя сваім дыхтоўным духам.
А вашым намаганням, вашым зрухам
Не больш як пстрычка ў лоб — цана.
Мефістофель (памаўчаўшы)

Бадай што, так. Здаецца мне парою,
Што я з пустою галавою.
Бакалаўр

Хвалю цябе, крытычны дзед,
За тое, што прызнаўся напаслед.
Мефістофель

Збіраў рупліва золата крупіцы,
Знайшоў, выходзіць, — парахно.
Бакалаўр

Згадзіся, чэрап твой усё адно
Што той парожні на паліцы?
Мефістофель

Не знаеш, дружа мой, які ты грубы.
Бакалаўр

У немцаў толькі лгун салодзіць губы.
Мефістофель (пад’язджаючы на крэсле ўсё бліжэй да авансцэны; звяртаецца да публікі ў партэры)

Тут мне ўжо не прабіцца ў дзверы
Дык, можа, месца знойдзецца ў партэры?
Бакалаўр

Глядзі,— такі ашмот старызны,
А думае, што ўсё яшчэ карысны.
У кім бруіцца кроў, як свежы сок?
Ці ў тым, хто ў маладой, кіпучай моцы,
Ці ў тым, з каго ўжо сыплецца пясок?
Юнак — імпэт і страсць, напал эмоцый,
А на старых павінен быць закон:
Гарні з дарогі смецце пад адхон!
Мы сілай колькі ўжо зямель скарылі,
А вы тым часам бавіліся чым? —
Мудрылі, лбіны зморшчыўшы, і нылі,
Не выпускаючы з рукі ляйчын,
І слухалі старое славы пошчак.
Адна марока з гэтакімі жыць.
У трыццаць ты — жывы нябожчык!
І ўжо не грэх цябе даўбнёй дабіць.
Мефістофель

І чорту дзецца тут няма куды!
Бакалаўр

Спатрэбіцца — і чорта к чорту я пашлю!
Мефістофель (убок)

Ну не, тут я табе не саступлю.
Бакалаўр

Стварае толькі той, хто малады:
Стварыў я свет і сонца, месяц, зоры,
Зямную цвердзь, паветра, неба, горы,
Усё жывое я стварыў,
І дзень святлом я азарыў,
Даў небу зорную красу,
Траве — халодную расу,
І па маёй рашучай волі
Цвітуць і сохнуць кветкі ў полі.
Я дзёрзка думку вызваліў з пакут,
З філістэрскіх акоў і пут,
А сам, як бог, у німбе гордых дум,
Куды свабодны дух вядзе, іду праз тлум.
Іду ўгару, і светач і прарок,
Нясу я сонца, а не змрок!
(Выходзіць.)

Мефістофель

Арыгінал! Ідзі ты, знаеш… Маладзён!
З сябе яшчэ ён строіць нешта!
Усё мне гэта толькі смешна,
Бо ўжо вядома з даўніх-даўніх дзён.
Аднак, бадай, цяпер па ўсім відно,
Што кроў у ім яшчэ не згусла;
Ды, як бы ні брадзіла сусла,
А будзе брага ці віно.
(Да моладзі ў партэры, якая не апладзіруе.)

Я дараваць заўжды гатовы
Няспеласць і душэўны лёд.
Мае ацэніце вы словы,
Да чортавых дажыўшы год.

Лабараторыя ў сярэдневяковым стылі

Вялікія нязручныя прылады для фантастычных мэт.


Вагнер (каля ачага)

Гучыць ужо шчымліва звон,
Дрыжаць пашэрхлыя муры,
І ў гэтым бачу я закон.
Працэс у колбе, унутры,
Не можа доўжыцца бясконца.
А вось ужо блішчыць і донца,
Вось бачу, вугалёк чырвоны
Пунсовай іскраю мігае,
І зыркі аганёк ягоны
Цямноцце ночы разганяе.
Каб толькі не пагасла ў печы!
Ах божа, ходзіць нехта… Голас нечы…
Мефістофель (уваходзячы)

Вітаю вас і вашу ўдачу!
Вагнер (спалохана)

Вітанне! З радасцю вас бачу!
(Ціха.)

Прашу цішэй, у колбе тут
Здзяйсняецца вялікі цуд.
                                   Стварэнне
Жывога чалавека.
Мефістофель

                         Ну?! Якую ж пару
Запхнулі вы ў шкляную тару.
Вагнер

Вялікім, пошлым прыніжэннем
Істотна ўзятых прынцыпаў расплоду
Лічу струхнелую методу.
Пяшчотка-плоць, што ўсім жыццё дае,
І той імпэт жывы, што з плоці б’е,
Каб зноў у новым целе паўтарыцца
І па-старому з іншым целам зліцца,—
Дагмат абсурдны, не для новай школы!
Так плодзяцца няхай бязмозглыя жывёлы.
А чалавек вышэй! Пачатак чалавечы
Павінен адмысловым стаць. Дарэчы,
(Да ачага.)

Блішчыць! Глядзі! У гэтай чаднай печы
Надзеі скора спраўдзяцца мае.
Я ведаю, што сумесь розных рэчыў
(А толькі гэта змест жывы дае)
Складзе і цела, і шкілет.
Я разгадаў даўно жыцця сакрэт:
І плоць, жывую плоць, без родавых пакут
Спакойненька ствару я ў колбе тут.
(Зноў да ачага.)

О! Творыцца! І згустак чорны
Паволі складваецца ў формы.
Мая работа марна не прапала —
Бо што прырода арганізавала,
То наша воля цвёрдая і сіла
Цяпер даследчым розумам стварыла.
Мефістофель

Хто доўга жыў, той знае вашы цуды,
Нічога новага не ўбачыць ён:
І я, вандруючы спакон,
На штучных людцаў наглядзеўся ўсюды.
Вагнер (уважліва сочыць за колбай)

Блішчыць субстанцыя… плыве…
Яшчэ хвіліна… міг… і ажыве!
Няхай мой план на выгляд дзікі,
Аднак у будучым наш мозг вялікі
Утворыць дасканалы, невантробны
Мозг-сінтэз, нашаму падобны.
(З захапленнем разглядвае колбу.)

Звініць, блішчыць чароўна шкло
І выпраменьвае святло,
А ў колбе вырасла да вечка
Жывое цельца чалавечка.
Прыроды тайна паддалася мне!
Жыцця ўжо мной уведана аснова.
Вы чуеце? Ужо на дне
Гучыць… Гучыць жывая мова!
Гамункул{158} (з колбы Вагнеру)

А вось і я! Дзень добры, татка!
Бязгрэшнага зачацця я дзіцятка!
Дык пацалуй, дай буські ад душы!
Не цісні гэтак! Шкла не раздушы:
Прыроднае — ў бязмежжы і імкненні,
А штучнае — ў граніцах і замкненні.
(Мефістофелю.)

Каго я бачу! Дзядзечка-шальмец!
Як ты дарэчы. Проста маладзец!
Калі ўжо выпадак цябе ці лёс
У палестыны нашыя занёс,
Парай ад сэрца мне, як карацей
Знайсці шляхі да працы і людзей.
Вагнер

Дай мне сказаць! Даўно наспела,
Усіх турбуючы, праблема, як жа так
Дапасаваліся душа і цела,
Што не разлучацца ў жыцці ніяк?
Між тым вядома — недарэмна
Яны варожыя ўзаемна.
Мефістофель

Душу пяшчотную не руш.
Спытай: чаму не ладзяць жонка й муж?
Чаго вас, пане, ў эмпірэі цягне?
Тут справа ёсць — дзіцятка працы прагне.
Гамункул

Што ж мне рабіць?
Мефістофель (паказвае на бакавыя дзверы)

Спяшай хутчэй углыб жыцця.
Вагнер (замілавана гледзячы на колбу)

Якое абаяльнае дзіця!
Дзверы адчыняюцца — Фаўст на ложку.

Гамункул (здзіўлена)

Аб’ект цудоўны.
Колба выслізгвае з рук Вагнера, лётае над Фаўстам і асвятляе яго.

                        Чысты рай!
Цяністы гай, лясны ручай!
Купальшчыцам раздолле! —
Чароўнасць, свежасць, хараство.
І вось адна ў бліскучым коле —
Дачка герояў слаўных, бажаство,
Нагою лёгкаю нясмела
Ступае з берага ва ўлонне хваль,
Каб полымя яе святога цела
Лагодна астудзіў вады крышталь.
Аж раптам плёскат, шум на воднай гладзі!
Бягуць, спалохана схапіўшы плацці,
Дзяўчаты мілыя. Адна царыца
Стаіць спакойная і не баіцца —
Як рада ласцы ўладніцкая веліч!
І кволіцца пяшчотна лебедзь-каралевіч
Ля ног яе… Смялее ён…
                                   І тут ад скал
Туман, як вэлюм белы, наплывае
І ад маіх вачэй хавае
Салодкі, радасны фінал…
Мефістофель

Такі малы, а з рызыкай хлапчук,
Навыдумляе розных штук…
Не бачу я…
Гамункул

          Вядома! Ты ж узрос
На поўначы, дзе морак і мароз,
Дзе рыцарства з папоўшчынай спрадвеку
Мазгі туманяць чалавеку.
Адкуль табе мець вольны зрок? —
Ты дома там, дзе чад і змрок.
(Азіраючыся.)

Як тут усё панура й груба,
Прачнецца ён — і дасць адразу дуба.
Гаі і лебедзі, лясы і воды,
Жанчыны голыя сярод прыроды —
Вось той гаюча-мілы сон,
Што ў непрытомнасці пабачыў ён;
Ці ж ачуняе Фаўст у вашым склепе,
Дзе нават я не выжыву? Не, лепей
Хадзем адсюль!
Мефістофель

                        Я рады бегчы.
Гамункул

Салдата шлі на поле сечы,
А ў карагод вядзі нявест.
Бо кожнаму сваё. Дарэчы,
Цяпер якраз на поўдні фэст
Вальпургіі класічнай, гэта —
Якраз што трэба Фаўсту: лекі й мэта.
Мефістофель

Не чуў такога свята.
Гамункул

                А, нічога!
Вялікі свет, дзівосаў многа.
Ты знаеш рамантычныя фантомы,
А з класікай антычнай не знаёмы.
Мефістофель

Куды ж ляцець? Якога ляду
Мяняць мне Брокен на Эладу?
Гамункул

Паўночны захад, мілы сатана,
Табе прыстанішчам служыў здаўна.
Ляцім на ўсход паўднёвы!
                                      Праз дубровы
Цячэ Пеней там у цяснінах скал,
Туды, дзе высіцца заўсёды новы
Сярод раўніны велічны Фарсал.
Мефістофель

Ляцім! Але не трэба мне прамоў
Пра барацьбу тыранаў і рабоў.
Нуда бярэ ад той неразбярыхі:
Спрачаюцца, не знаюць, што інтрыгі
І свары ў стойбішча людзей
Уносіць падбухторшчык Асмадзей.
На словах — за свабоду барацьба,
А ў сутнасці — лупцуе раб раба.
Гамункул

Пакінь людзей!
                      У барацьбе няспыннай
Малы хлапчук становіцца мужчынай.
А ў нас свае турботы і трывогі —
Хутчэй паставіць доктара на ногі.
Калі ты маеш сродак — дай, а не,
Дык даручы лячэнне мне.
Мефістофель

Каб то на Брокене, клубок я гэты
Разблытаў бы. А тут паганец-грэк,
Варожы духам, вольнасцю сагрэты,
Такі салодкі тут, панадны грэх,
А мы, па сутнасці,— аскеты.
Дык што рабіць?
Гамункул

                        Здаецца мне,
Не лішне будзе зуху-сатане
Да фесалійскіх ведзьм пазаляцацца.
Мефістофель (пажадліва)

А што? Даўно хацеў да іх дабрацца —
Такіх вось прыгажух — ды мне!
Хоць я не надта каб ахвочы
Ў амуры бавіцца штоночы,
Ды як жа чорт не рызыкне
Дзеля знаёмства, для спадобы,
Як той казаў, для першай пробы…
Гамункул

Тады здымай свой плашч з плячэй
І ахіні ім Фаўста! І хутчэй
Ляцімце ў элінскі вясёлы край!
Я буду вам свяціць!
Вагнер (спалохана)

                            А я?
Гамункул

                                 А ты бывай!
Твары, даследуй, вывучай пачаткі,
Накладвай на пергаменты пячаткі,
Абдумай Як, абдумай Што як след,
А я пайду ў шырокі свет
Шукаць прыгод сабе, тады
Пастаўлю кропачку над «і»{159}
І дасягну сваёй вышэйшай мэты.
За працу гэтую, за ўчынак гэты
Здабуду славу, шмат дабра,
Ступень вучоную. Ну, нам пара!
Бывай!
Вагнер (скрушліва)

          Бывай! Ці скора ўбачу
Цябе я зноў? Мне цяжка, сэрцам плачу.
Мефістофель

Хутчэй к Пенею! Пан жаніх —
Пад’едзе к паням з кутасамі.
(Ad spectatores){160}

Так мы залежым кожны міг
Ад крэатур, якіх стварылі самі.

Класічная ноч Вальпургіі

Фарсальскія лугі{161}

Цемра.


Эрыхта{162}

Ізноў на фэст начны, на свята жудасці
Прыйшла і я сюды, Эрыхта змрочная;
Аднак не гэткая ўжо я злавесная,
Як незычлівымі людзьмі апісана,
Якія меж у пахвале не ведаюць
І ў лаянцы… Гляджу, ужо бялеюцца
Унізе ў лагеры шатры ваенныя,
Бы пробліскі ў начы хімернай, прывіднай
Як часта ўсё, як часта паўтараецца
І часта паўтарацца будзе ў вечнасці!
Ніхто ніколі сілаю здабытую
Уладу не аддасць самохаць іншаму.
Ён з ёю не расстанецца, ён мерыцца
Падмяць суседа і над ім узвысіцца.
Тут бой кіпеў, ён стаў найлепшым прыкладам
Таго, як гвалт гвалтоўніка адольвае,
Як са свабоды рвуць вянец расквечаны,
Як лаўр святы карону ўлады ўвенчвае.
Калісь Пампей тут прагнуў славы — Велічны,
І Цэзар з ім за ўладу сілай дужаўся.
Мы вынікі змагання добра ведаем.
Агні гараць бівачныя… барвяняцца…
І дыхае зямля крывёй пралітаю.
І звабленыя ззяннем ночы змрочнае,
Злятаюцца істоты міфаў элінскіх,
Героі бітваў колішніх збіраюцца,
Ад вогнішча праносяцца да вогнішча.
І месячык, над полем бітвы ззяючы,
Лагодны бляск навокал распраменьвае;
Шатры знікаюць… Стыне жар на вогнішчах…
А нада мною?.. Метэор праносіцца.
Ён асвятляе штось целападобнае.
Жыццём павеяла! Цяпер няварта мне
Жывых вітаць, бо я нясу пагібель ім;
І так я ўжо наветамі зняслаўлена…
Пайду… Зніжаецца яно… нязнанае…
(Знікае.)


У вышыні аэранаўты.


Гамункул

Абляцім, панаглядаем
Вогнішчы, прастору свята:
Над шырокім гэтым краем
Духі бавяцца заўзята.
Мефістофель

Дома я, у родным Гарцы,
Шмат нагледзеўся ўсяго,
І тутэйшыя паганцы,
Можа, прымуць за свайго.
Гамункул

Бачыш, хтось даўгі, як посах,
Бегчы кінуўся ў кусты.
Мефістофель

Нас угледзеўшы ў нябёсах,
Даў са страху — лататы.
Гамункул

Хай бяжыць, калі баіцца.
Ты лепш рыцара спускай —
Марыў ён перарадзіцца,
Зведаўшы антычны край.
Фаўст (дакрануўшыся да зямлі)

Дык дзе ж яна?
Гамункул

                       І сам не знаю,
Але ў тубыльцаў распытаю.
Калі ў душу табе запала,
Дык сам шукай з усім запалам,
Бо ўсякі страх адолеў ты,
Пабыўшы ў царстве пустаты.
Мефістофель

Ну, тут я маю свой інтэрас.
Давайце лепей праз і цераз
Мясціну паасобку пройдзем,
Глядзіш, прыгод якіх і знойдзем.
Калі ж абрыдне ўсім Фарсал,
Падасць Гамункул нам сігнал.
Гамункул

Вось так я пасігналю ў шкліну.
Шкло звініць і свеціцца.

Ну, рушылі, прыгоднічкі, ў даліну.
Фаўст (адзін)

О, дзе ж яна? Не ўведаю ніколі!
Няхай яна па гэтым не хадзіла полі,
Няхай у хвалях ручаін Фарсала
Прыгожых ног сваіх не абмывала,—
Затое мова тут яе гучала.
Я ў Грэцыі і, як Антэй, стаю,{163}
Душой і целам чую моц сваю.
Не наракай, што зноў адзін ты,—
Ідзі смялей у лабірынты.
(Ідзе.)

Каля вытокаў Пенея

Мефістофель (прынюхваючыся)

Блукаючы між вогнішчаў паганцаў,
Дзівуюся з іх звычаяў і танцаў:
Вось гэта моды, этыкеты —
Той напаўголы, той раздзеты;
А сфінксы й грыфы — не па нас:{164}
Ні грацыі няма, ні складу,
Павыстаўлялі напаказ,
Брыдота спераду і ззаду.
Пачвары ўсе! Народзец цёрты!
На што ўжо ў нас заўжды бедлам,—
Ды антыка пабіла ўсе рэкорды.
Аднак я госць, — і сама ўраз.
Паклон мой грывам і дзядам,
Бо тут не Брокен, а Парнас.
Грыф (гугніва)

Не крыўдзі нас! Мы грыфы, а не грывы.
У карнясловах сэнс ёсць асаблівы:
Этымалогіі-штукаркі беражыся —
Наборам слоў вам пафарбуе ліса;
Між тым «гаргара», «грыф», «гара», «герой»
Не ставяцца ў адзін карэнны строй.
Мефістофель

Тут можна вывесці і лепшы рад:
«Грыф — граф — грабі — грабежнік —
                                                        град».
Грыф (у ранейшым тоне)

Калі і гэты рад мы даказалі,
Пакрыўджаныя нам хвасты ўразалі.
Грабі, гарні дзяўчат і скарбаў горы.
Грабежнікі ў фартуны — у фаворы!
Мурашкі-волаты{165}

Вы кажаце пра тыя «скарбаў горы»,
Што мы панапіхалі ў нашы норы?
Ды арымаспы ж высачылі нас,{166}
І скарбы зніклі, знік увесь запас.
Грыфы

Мы іх паклічам да адказу.
Арымаспы

Не сёння толькі, сёння — свята;
А нам да заўтра хопіць часу
Перахаваць усё, што ўзята.
Мефістофель (седзячы паміж сфінксамі)

У вас так проста ўсё, што мне міжволі
Паразумецца з вамі закарцела.
Сфінкс

Мы выдыхаем гукі і ніколі,
Як вы, не апранаем іх у цела.
Але скажы ўсё ж словам, хто ты?
Мефістофель

Усяк завуць мяне. Няма ахвоты
Лічыць імёны. А ці ёсць тут брыты?
Цікаўны люд! Вандроўкам вельмі рады;
Без іх руіны вашы, вадаспады,
Напэўна ж, не былі б адкрыты.
Мяне брытанцы ў нейкім вадэвілі
The old Iniguity{167} аб’явілі.
Сфінкс

Але чаму?
Мефістофель

               Па-свойму, бач, цвяроза.
Сфінкс

Ну, добра, кінем — гэта ж проза.
Скажы, калі ты добры звездачот,
Што сёння нам вяшчае зорак лёт?
Мефістофель (гледзячы на неба)

У небе ззяюць зоры, месячык рагаты —
І я прыйшоў сюды, нібы дахаты:
Сяджу, тваёю поўсцю абагрэты.
Нашто ж глядзець на зоркі і планеты?
Дай мне шараду ці загадку.
Сфінкс

Ты сам шарада, дзіўны госць!
Вазьмі хоць гэту напачатку:
«Усе яго скубуць за поўсць,
Святошы ён замест пластрона,
Зладзею — кампаньён, заслона,
А Зеўсу — як забава проста».{168}
Першы грыф (гугніва)

Ён вораг мне,
Другі грыф (яшчэ больш гугніва)

                     Гані прахвоста,
Абодва

Чужынец ён.
Мефістофель (груба)

                Ты думаеш, відаць,
Што госць не можа здачы даць?
Спрабуй!
Сфінкс (мякка, лагодна)

Не паддавайся лепш запалу!
Тут сам ты знудзішся памалу,
Бо як ні радуе чужое свята,
А ўсё ж свая нас кліча хата.
Мефістофель

Ты апетытны верхняй палавінай
І страшны ніжняю, звярынай.
Сфінкс

Ты мелеш зноў сваю лухту!
Мы ўдзячны лапам і хвасту —
У іх і сіла наша й спрыт.
І нам не страшны твой капыт!
У вышыні сірэны заводзяць прэлюдыю.


Мефістофель

Адкуль сюды да вас пад шаты
Занесла раптам хор крылаты?
Сфінкс

Не слухай лепш! Ужо ці мала
Ад спеваў іх людзей сканала.
Сірэны{169}

Ці вам блытацца ахвота
Там, дзе гэтая мярзота?
Наша зычная капэла
Дух расчульвае і цела —
Да сірэн ідзіце смела.
Сфінксы (перадражніваюць сірэн)

Вось зашыліся на дрэвы
Нашы ўчэпістыя дзевы.
Будуць слухаць толькі дурні
Вашы гімны і накцюрны.
Спеў сірэн — фальшывы, чмурны.
Сірэны

Мы лагоды ціхай дочкі! —
Гонім гнеў і злосць упрочкі!
Мы — суладдзе дабраты!
Мы на сушы, мы на моры,
Мы ў паветранай прасторы
Сёстры — вам, вы нам — браты!
Мефістофель

Прыгожы голас маюць дзевы,
Лагодна льюцца іх напевы
Пад струн суладны, стройны зык;
І хоць іх спеў так лашчыць вушы,
Але мяне той спеў не ўзрушыў
І ў сэрца мне ён не пранік.
Сфінксы

Нішто ў тваіх грудзях не б’ецца!
Там кашалёк альбо ляднік,
Бясчулы камень, а не сэрца!
Фаўст (падыходзячы)

Як велічна!
                Тут нават і ў пачвары
Угадваюцца моц і чары.
Здаецца, ўсё, што ні пабачу,
Прадказвае мне толькі ўдачу.
(Паказваючы на сфінксаў.)

Эдып калісьці з імі гаварыў.{170}
(Паказваючы на сірэн.)

А іх Уліс перахітрыў.{171}
(Паказваючы на мурашак.)

Мурашкі золата хавалі.
(Паказваючы на грыфаў.)

А грыфы сховы вартавалі.
О, як я светлым згадкам рады,
Я духам пранікаюся Элады!
Мефістофель

Раней ты б не пайшоў на фэст
Класічнай грэчаскае ночы —
Цяпер шукальніку нявест
Ужо не страшны патарочы.
Фаўст (сфінксам)

Гібрыды звера і жанчыны,
Алену ведаць вы павінны.
Сфінксы

Мы не засталі ўжо Аленін час,
Бо Геркулес забіў апошніх з нас:{172}
Прасі парады ты ў Хірона{173}
Ён сёння недзе тут якраз —
Кіруйся ўказкаю ягонай.
Сірэны

Што Хірон! Ссівелы ўломак.
Нас наведаўшы калісь,
Шмат чаго сказаў Уліс,
Шмат задаў галаваломак,
І сягоння мы гатовы
Паўтарыць Уліса словы.
Кінься толькі сам у мора.
Сфінкс

Не слухайся — зазнаеш гора!
Не паддавайся! Сцеражыся,
І, як вяроўкай Адысей,
Парадай нашай абвяжыся
І да Хірона йдзі смялей.
Фаўст выходзіць.


Мефістофель (з прыкрасцю)

Які вісклівы брыдкі рой
Лапоча крыллем нада мной!
Ляціць так шпарка, што стралой
Не ўцэліў бы і сам Алкід.
Сфінкс

Які палёт, які імпэт!
То зграя шумных стымфалід{174},
Што на ляту шле свой прывет,
Бо, пэўна, лічыць за сваячак.
У іх сцярвятніцкія дзюбы,
А лапы ў іх, нібыта ў качак,
І нораў іхні дзікі, грубы.
Мефістофель (з удаваным страхам)

Зноў нейкі свіст, сіпенне, гукі?
Сфінкс

Хай не палохаюць галовы
Лернейскай вычварнай гадзюкі.{175}
Яны адсечаны, а ўсё гатовы
Сіпець на ўсіх.
Што лупіш вочы?
Ідзі ў юрлівы гурт дзявочы,
Прыгрэйся ля прыгожых парак —
Ды не скруці тым часам карак.
Там ламіі{176} — гурток распусты
На ўсе прэтэнзіі і густы,
Каханкі палкія сатыраў,
Яны пяшчотна й без прынукі
Усе табе пакажуць штукі —
Дык ты б сабе з іх пару выбраў.
Мефістофель

Вярнуўшыся, я, пэўна, вас убачу?
Сфінкс

О так! Змяшайся з гэтым збродам
І дзейнічай сабе на ўдачу!
А нам нішто — з Егіпта родам,
Прывыклі да ўсяго, здавён
Кіруючы раскладам дзён.{177}
Мы сядзім ля піраміды —
Суд людскі мы, суд Феміды{178},—
Войны, мір, спакой, кашмары
Не маркоцяць нашы твары.

Каля вусця Пенея

Пеней{179}, акружаны ручаямі і німфамі.


Пеней

Пашапчыся, мой чарот,
Шапачы трывожна, голле,
Вербалознік і таполя.
Забушуй, вадаварот.
Недаспаў я; ў грозным гудзе,
У далёкім гуле рэха
Чую: будзе, нешта будзе —
Будзе нейкая пацеха.
Фаўст (выходзячы да ракі)

Што такое! З-за лістоты,
Праз наплыў лясной дрымоты
Чую голас нейкай мовы,
Замагільны і суровы.
Вецер шастае ўначы,
Плешчуць хвалі аб карчы.
Німфы (Фаўсту)

Там лепшы спачынак
Ад спеваў сірэны,—
Дзе ў лесе плюскоча
Ручай задуменны.
Удосталь не меў ты
Спакою спакон,
А мы табе песняй
Навеем тут сон.
Фаўст

О, я не сплю! З якой прычыны
Наяве сняцца мне жанчыны,
Што водзяць вольны карагод?
Ці мара гэта, ці ўспаміны
З маіх далёкіх юных год?
Плывуць у зарасці пад шаты
Красуні вабныя, дзяўчаты,—
Увасабленне чараўніц.
Нібы царыцы ў німбах славы,
Чароўны позірк, стан рухавы
У яснай чыстасці крыніц.
Плывуць у завадзь, дзе патокі
Стварылі плёс рачны шырокі;
І вось ажыў цяністы гай,
Лунае смех, сваволяць віскі,
Звініць вада, іскрацца пырскі,—
Кіпіць гарэзны вадаграй
І разліваецца далёка.
Ці ж задаволю гэтым вока?
О не! Дапытлівы мой зрок
Праз навесь голля, мглу і змрок
Царыца надзіць, што на троне
Сядзіць у велічнай кароне.
Цуд! Дзівосная затока!
Пышна, велічна, шырока
Па ўлагоджанай вадзе,
Шыі выгнуўшы дзяржаўна,
Самаўпэўнена і плаўна —
Лебедзі — у чарадзе.
Іх важак раскінуў крылы,
Хвалі гоніць з поўнай сілы —
Да царыцы. Чарада,
Як па знаку тайнай змовы,
Рассыпаецца на ловы —
Шумна пеніцца вада.
Ад раптоўнае развязкі
Дзевы службу, абавязкі
Ах! забылі і з вады
Без сваёй царыцы з шумам,
З крыкам і спалошным тлумам
Уцякаюць хто куды.
Німфы

Прыкладзіце, сёстры, вушы
Да зямлі, да гулкай сушы:
Чую — удалечыні
Нехта мчыцца на кані
І ляціць парой начной
З нейкай важнай навіной.
Фаўст

То не мара!
Хірон жа гэта;
Ідзе гара
Да Магамета!
Імчыць скакун, як на турніры.
Магутны ён, адважны ён,
Славуты, мудры сын Філіры{180}.
Спыніся ж! Памажы, Хірон!
Хірон

Чаго табе?
Фаўст

               Свой бег стрымай!
Хірон

Няма калі!
Фаўст

               Чакай, чакай!
Вазьмі з сабой.
Хірон

                На крыж сядай!
Куды ідзеш? Дамчу імкліва
Цябе праз рэчку да заліва.
Фаўст (сядаючы)

Мне ўсё адно. Удзячны я навек
Табе, вялікі чалавек,
Высакародны педагог,
Што ўзгадаваў для перамог
Герояў мужныя кагорты,—
Апеты ўжо твой подзвіг горды!
Хірон

Які настаўнік? Нават у Палады
Ужо ніхто не просіць больш парады,
Цяпер і вучань стаў другі,
Ён сам управіць Ментару мазгі.{181}
Фаўст

Тады ўрачу, які адзін
Спазнаў сакрэты ўсіх раслін
І немач лечыць, моц дае,—
Вітанні выкажу свае!
Хірон

О, колісь быў я моцны духам,
Умеў залечваць раны сам,
Цяпер свой дар аддаў шаптухам,
Знахаркам розным і папам.
Фаўст

Як муж вялікі, муж бывалы,
Не любіш слухаць ты пахвалы
І ўсім даруеш без аддачы
Свае заслугі, славу, ўдачы.
Хірон

І ўладару, і жабраку ты кум —
Такі падлізнік і шаркун.
Фаўст

Згадзіся сам: багі, героі, дзікуны —
З тваёй эпохі ўсе яны;
Ты поруч з імі як паўбог
Жыў доўга і, вядома, ўведаць мог,
Хто з іх, герояў, носьбітаў адвагі,
Найболей варты быў тваёй павагі.
Хірон

Усе славутыя яны,
Элады мужныя сыны:
У сіле рук, красе натуры —
На першым месцы Дыяскуры;
Дзе памагчы, дзе трэба даць парады —
Там першынство трымалі Барэяды;
Разважнасць, мудрасць, справядлівы чын
Увасабляў Язон, пястун жанчын;
Арфей сардэчны быў, лагодны, шчыры,
Спяваў чароўна, звонка граў на ліры;
Ну, а ў Лінкея карабель
Не сеў на рыф ні разу і на мель —
І ў перамозе, і ў бядзе
Было ім добра ў дружнай грамадзе.
Фаўст

А Геркулес, чым ён быў адмысловы?
Хірон

Не крой мне сэрца.
                            Што тут словы!
На жаль, не бачыў я Гермеса,
Не бачыў Феба і Арэса,
Затое ён, зямны, перада мной —
І бог, і волат, і герой!
Юнак прыгожы, царскі сын,
Заўжды аддана і заўзята
Старэйшага ён слухаў брата
І найлюбімейшых жанчын.
Такога больш не родзіць Гея,
І не ўзнясе на неба Гера.
Не ўславяць міф і эпапея:
Не хопіць фарбаў у Гамера!
Фаўст

Такую ты падаў карціну,—
Што і мастак не папракне ні ў чым.
Намаляваў найлепшага мужчыну,
Цяпер чарга найлепшае з жанчын.
Хірон

Чаго расхвальваць прыгажосць,
Калі ў ёй толькі холад ёсць.
Я жыццярадасных жанчын цаню,
Люблю за палкасць іх агню.
Краса — чаруе толькі вока,
Прывабнасць — пранікае ў нас глыбока.
Вось так запаланіла і Алена,
Калі я вёз яе.
Фаўст

                   Ты вёз?
Хірон

                              Так, вёз!
Фаўст

                                           Хіроне!
О божа, як спрыяе лёс —
Сяджу на тым жа самым троне!
Хірон

Як ты цяпер, трымалася за грыву.
Фаўст

Паспачувай майму парыву,
Намеры ж — чыстыя мае!
Хутчэй расказвай, не цягні —
Куды і як ты вёз яе?
Хірон

Прыгода дзіўная. У тыя дні
Яе з палону вырвалі браткі.
Хто ж так аддасць ім скарб такі.
Разбойнікі за імі наўздагон!
Вось тут і дапамог якраз Хірон.
Была б мо іншая карціна,
Калі б не багны Элеўсіна —
Уброд браты, а я з дачкою бостваў
Наўпрост балотам ушалёстваў.
Уратаваўшыся, яна з пяшчотай
Па грыве гладзіла мяне сярдэчна, міла:
І я, стары, сабе прызнаўся ўпотай,—
Яна маё юнацтва абудзіла.
Фаўст

І гэта ў дзесяць год!
Хірон

                           З цябе пісакі
Паспелі вытруціць разлік усякі:
Міфічныя жанчыны і паўбогі —
Не догмы вашых філалогій,
Тым больш Алена; ўплывы часу
Ёй не пашкодзілі ні разу.
Паэт ёй сам дае красу, узрост,
Прывабу і каханкаў доўгі хвост,
Раздоры ў вечнай каруселі,
То выкраданні, то вяселлі —
Усё, што так здзіўляе вас.
Тварцоў не звязвае ніякі час.
Фаўст

Хай старасць і яе міне!
Ну што ж, калі Ахіл у Ферах
Знайшоў Алену{182} ў пазачасных сферах,—
Хай рызыка й мяне памкне
Шукаць — з удачай ці няўдачай —
Прадмет маёй любві гарачай.
Няўжо яе, яе адну
Я да жыцця любоўю не вярну?
Ты бачыў багароўную даўно,
Я ж толькі сёння. І цяпер відно,
Што без жанчыны гэтай мне ніколі
Не мець ратунку, шчасця, долі.
Хірон

Чужынец! З гэтым дзіўным пастулатам
Здаешся ты жывым вар’ятам.
Аднак твой довад не пабіты.
Якраз сягоння я ў візіты
Да Манта{183} выбраўся; адна
Самоту ў модлах скрашвае яна
І Эскулапа просіць памагчы
Даць розум лекарам, бо ўсе ўрачы
Нічым не лепшыя за канавалаў.
Я ўпэўнены, што мудрая Сівіла
Табе б якое зелле прыпісала,
Мазгі паправіла б, карэннем падкурыла,
Бо, як гляджу, з цябе ўжо толку мала.
Фаўст

Каб прыпадобніцца ад лекаў Манта
Да подлага ханжы альбо педанта?
Хірон

Прымі парады, выцяжкі і мазь,
Не ўпарціся. Прыехалі. Ну, злазь!
Фаўст

Скажы, куды мяне прывёз,
Мінуўшы скалы, гоні, плёс?
Хірон

Алімп налева, а Пеней направа.
З Эладай білася тут рымская дзяржава.{184}
Тут бой кіпеў крывавы й люты —
І рымлянін цара абуў у путы.
Глядзі ўгару! Узнёсся ўладна там
У ззянні месяца вячысты храм.
Манта (трызніць у храме)

Ша!..
       Тупат ног
Каля парога.
У мой чартог
Шле лёс паўбога!
Хірон

Прывет, бабуся! Шанаванне!
Манта (ачуняўшы)

Дык гэта ты? Заходзь, мой пане!
Хірон

Ну, як твой храм, твае пенаты?
Манта

Стаіць. А ты ўсё гойсаеш па свеце,
Як той малойчык нежанаты?
Хірон

Ат, кожны бо ў сваёй карэце!
Ты любіш седала, цяпло і смецце,
А я, бач, гойсаю па свеце.
Манта

Ды мой ужо мінуўся час.
А гэта хто?
Хірон

                Любві экстаз,
Паўночных мар і чараў ветры
Яго загналі ў нашы нетры.
Алену хоча мець! Ад гэтых баб
Няшчасны розумам аслаб;
Дык ты ўжо ім заапякуйся,
Пра зёлкі-траўкі патурбуйся.
Манта

Заходзь, гасцінна прыме Манта
Кентаўр тым часам імкліва пабег далей.

Такога хлопца-рызыканта,
Што парушае строгія законы
Царыцы царства ценяў — Персефоны.
Аднойчы ўжо я схібіла была,
Калі ў Аід Арфея цемрай правяла.
Дык ты ўжо не губляйся, як Арфей,—
Наперад кроч! Ідзі смялей!
Яны апускаюцца ўглыб.

Каля вытокаў Пенея, як раней

Сірэны

Кінемся з гары ў Пеней,
Шумна-бурна ўспенім хвалі,
Песню песняю пахвалім,
Каб было тут весялей.
Нам жыцця няма без вод —
Выплывайма на прасторы
І ў Эгейскім бурным моры —
Пашукаем асалод.
Землетрасенне.

Паўстае за валам вал,
Б’е з разгону ў грудзі скал —
Дно дрыжыць, шалее вір,
І дыміць гарачы жвір;
Страх! Бяжым адгэтуль прэч!
Да нябёс падняўся смерч,
Чорны, грозны і вялізны —
Пачаліся катаклізмы.
Гэта месца — як заклята!
Дык хутчэй плывём на свята,
Да кіпучага прыбою
З шумнай, цёплаю вадою,
Там, дзе ўзнята наша круча,
Дзе два месяцы бліскуча
З неба і з глыбінь прадоння
Ззянне сеюць у сутонне.
Хто разумны, той з Пенея
Паплыве на фэст Эгея.
Сейсмас{185} (бурчыць і варочаецца пад зямлёй)

Трохі плечы паднатужу,
Горы й долы з месца зрушу,
Паднацісну, паднапну
І зямліцу ўскалыхну.
Сфінксы

Як дрыжыць і як грукоча,
Як глынуць усіх нас хоча,
Як бушуе, як шалее,
Як гарачым ветрам вее,
Як нас кідае, хістае,
Як трывога нарастае,
Прыкра, цяжка, сэрца млее.
Хай жа нават пекла згіне,
А сфінкс месца не пакіне.
Творца дзіўнага калоса,
Дойлід слыннага Дэлоса
Выспу высунуў з вады,
Леду выбавіў з бяды.
Гэта Сейсмас, ён гігант,—
Моцны, быццам той Атлант —
Жартам ён гару падкіне
І ў ваду яе абрыне,
Ці старчма ў зямлю ўвапрэ,
Разадзьме агонь у горне,
Пераверне, перагорне,
Перамеле, ператрэ
Кварц, пясок, метал і гліну.
То гару шпурне ў даліну
І адрэжа шлях да мора,
То прывольную раўніну
Ён і ўздыбіць і распора —
Пад зямлёю з ім не мерся,
Мы ж — царуем тут, наверсе.
Сейсмас

Трызвоніць гэтак вам нягожа,
Бо ўсім валодае Сейсмос —
Ці на зямлі было б прыгожа,
Каб я зямлю як след не трос?
Бо ці задумаўся каторы,
Як нагрувасціліся б горы,
Калі б з глыбіняў я не ўзнёс
Іх у эфірны край нябёс?
Хай Ноч засведчыць і Хаос,
Як я, скідаючы тытанаў,
І Пеліён-гару, і Осу
З падземных вызваліў кайданаў{186},
Як дзень рабіў я паначы,
Як падганяў уцёс да ўцёсу,
Як іх шпурляў, нібы мячы.
Калі ж стамілі ўрэшце бавы нас,—
Мы дзве гары ўсцягнулі на Парнас.
І там цяпер прыстанак Апалона
І радасны прытулак муз.
І Зеўсу я Алімп узнёс пад тронам —
І сёння я ў вялікі землятрус
Стварыў тут новых гор грамады
Гасцям і жыхарам Элады.
Сфінксы

Уявіць уцёсы, горы
Мы б адвечнымі маглі,
Каб не бачылі, як творы
На вачах растуць з зямлі.
Шуміць ужо зялёны рай,
Сям-там яшчэ скала трасецца —
Усё разбурыцца няхай,
А сфінксы не крануцца з месца.
Грыфы

Гляньце ў шчыліны, у лазы —
Іскры золата ў граніце.
Эй, мурашкі, не драміце,
Папаўняйце вашы касы.
Хор мурашак

Там, дзе расколата
Скала ці глеба,
Туды па золата
Спяшацца трэба.
Дзе толькі шчыліна,
Там і спажыва:
Пясок ці жыліна —
Збіраю жыва.
Драбка апошняга
Я не ўпускаю,
З куточка кожнага
Здабычу маю.
З руплівай працаю
Я скрозь паспею:
Дабро намацаю,
Пясок адсею.
Грыфы

Нясіце скарб! Нясіце, каб —
Ляжаў ён каля нашых лап:
Няма замкоў, няма муроў
Мацней ад нашых пазуроў.
Пігмеі{187}

Мы ўжо збегліся ў гурму,
Як — не ўцямім нават самі.
Не пытайцеся, чаму
Захацелася быць з вамі.
Без прэтэнзій да жытла
Жыць усюды мы гатовы —
Дасць нам кожная скала
І прыстанішча і сховы.
Карл і карліца ў сям’і
Выгадуюць дзеці.
Невядома, ці ў раі
Лепей, ці на гэтым свеце.
Жыць патроху, спакваля
Будзем тут у поўнай згодзе —
Маці шчодрая зямля
І на захадзе, й на ўсходзе.
Дактылі

Калі за ноч зямля пігмея
Змагла стварыць, то, пэўна, ўмее
Узгадаваць і меншы плод;
Мы ж — самы дробненькі народ.
Старшыя над пігмеямі

Спрытна спяшайце,
Месца займайце:
Спорыцца праца —
Сілы дадасца.
Кузню будуем —
Потым ваюем;
Выкуем зброю
Ў часе спакою!
Трушчыце скалы —
У іх металы.
Рыйце, капайце,
Ўсё даставайце.
Гэй вы, драбнота! —
Ёсць вам работа.
Зносьце да кучы
Голле і сучча,
З сучча і голля
Будзе вуголле.
Генералісімус

Стрэлы і лукі
Хутчэй у рукі!
Чапліны крылы
Рэчку закрылі;
Вір закруцілі,
Ваду замуцілі!
Славу памножым! —
Пагібель цяпер ім.
Чапліным пер’ем
Шаломы ўпрыгожым.
Мурашкі і дактылі

Грабяць паны!
З нашае сталі
Нам кайданы
Яны скавалі!
Прыйдзе наш час,
Папомняць і нас!
Івікавы жураўлі{188}

Крык забойцаў, стогны птах,
Лопат крылаў, енкі з плёсаў,
Жудасць і смяротны жах
Далятаюць да нябёсаў.
Птушкі чаплі перабіты,
Іх крывёю жвір заліты;
Крыважэрныя зладзеі —
Таўстапузыя пігмеі
Увайшлі ў дзікунскі раж,
Рвуць іх пер’е на плюмаж!
О чароды журавоў!
Кліча вас забітых кроў,—
Дык збірайся ж, род крылаты,
На адпомсту, на расплату!
Не шкадуй, аддай сябе
Векавечнай барацьбе!
(З крыкам разлятаюцца.)

Мефістофель (на раўніне)

Да ведзьмаў я на поўначы ахвочы,
А тут нядобра мне — бяруць у пугі.
О мілы Брокен! Твае ночы
У сто раз лепш чужых Вальпургій.
Там Ільза з каменя глядзіць чароўна,
На варце Генрых там, і Сапуны
На Эленд скаляцца — усе яны
Стаяць стагоддзямі, грунтоўна.
А тут ідзеш, цікуеш спакваля,
Каб пад табой не трэснула зямля
Альбо гара якая ці скала
Убок з дарогі не звяла,
Бо так пасля і ў чыстым полі
Я сфінксаў не знайду ніколі.
Агні гараць! Іскрыцца дол,
Лунаюць здані навакол.
Вось гурт дзяўчат плыве
І да сябе прывабліва заве.
Да іх! Дзе толькі асалоду ўбачу,
Туды іду лавіць удачу.
Ламіі (вабячы Мефістофеля)

Бяжым, дзяўчаткі!
Не без аглядкі
Спяшайма прэч!
Бо нам пацешна,
Нам вельмі смешна
Дурыць старэч!
Такі рухавы,
Хоць і кульгавы,—
Прастуе ўслед!
Ах, сэрцаед! —
То спатыкнецца,
То падвядзецца,
І наўздагон
Шыбуе ён!
Мефістофель (апамятаўшыся)

Мужчын з часоў, як жыў Адам,
Ачмурыць кожная мадам.
Бо розуму як кот наплакаў —
У закаханых небаракаў.
І ведаю ж: інтэрас у кабет —
Памада, пудра ды гарсэт,
Аж часам не відаць з-пад тынку,
Ці файную ўхапіў жанчынку.
Ох, і набраўся з імі я марокі…
А файная міргне, — пацягне ў скокі.
Ламіі (спыніўшыся)

Спыніўся, думае, не рады.
Дамо яму яшчэ прынады.
Мефістофель (прастуючы да іх)

Смялей ідзі на абардаж,
За кудлы дзеўку — і на борт.
Які ж я, зрэшты, буду чорт:
Без ведзьмы — траціць чорт кураж!
Ламіі (завабліва)

Не цурайцеся, дзяўчаты,
Наш герой — нішто сабе,
І напісана на лбе,
Што яшчэ ён не пачаты.
Мефістофель

У прыцемках спакусніцы — што трэба,
Нібыта дочкі бога Феба.
Эмпуза{189} (уварваўшыся)

А вось і я! Вясёлыя галузы,
Ці ёсць у вас тут месца для Эмпузы?
Ламіі

Сыдзі з дарогі, брыдкае страшыдла,
Не прыставай, ты нам абрыдла.
Эмпуза (Мефістофелю)

Табе сваячкаю карга:
Ў мяне ж асліная нага,
Ты з капытом — а ўжо ж такі
З табой, кумок, мы сваякі.
Мефістофель

Бадзяюся ў чужых краях,
А ўсюды ўсё ж радня мая.
Адно і ў Гарцы, і ў Эладзе —
Усюды з чортам чорт у ладзе.
Эмпуза

Ад вас, пляменнічак, не ўтою,
Што я люблю пераўтварацца:
Вось каб да вас падтасавацца,
Прыйшла з аслінай галавою.
Мефістофель

Гляджу, прыкінуўшы на вока,
Сваяцтва цэняць тут высока,—
Аднак, асліха, чорта з два
Твая мне трэба галава.
Ламіі

Ты плюнь! Ад гэтакай брыды
Чакай адно — чакай бяды!
Заўсёды ад Эмпузы мы
Бяжым, як людзі ад чумы.
Мефістофель

Якія твары ў вас і галасы —
Не бачыў я такой красы!
Вы дзевы сноў маіх і кроз,—
Але баюся я метамарфоз.
Ламіі

Ты паспрабуй! Лаві хвілінку!
Нас многа тут; бяры ў палон
Найпрыгажэйшую дзяўчынку!
Хоць сам — зусім не Апалон,
А ходзіш з форсам, сэрцаед,
Як знаўца дзевак і кабет…
Вось увайшоў у наша кола ён.
Цяпер мы скінем маскі, каб наш госць
Убачыў сам, хто з нас што ёсць.
Мефістофель

Вось гэту ясачку люблю я палка!
(Абдымае адну.)

О чорт! Худая, нібы палка.
(Хапае другую.)

А гэтая? — Старая кляча!
Ламіі

Які жаніх — такая ўдача!
Мефістофель

Маленькая — то ўжо мая!
Ды, бач, вільнулася змяя!
А мо да гэтых весялух
Пад’еду, як чапурны зух?
Ды гэта, быццам кій, худая,
Як венік, высахлая тая.
Тут сухарэбрыцы… і дошкі!..
Хай лепш пухнаценькая котка
Мяне прыгрэе ў лапках трошкі —
Гарэму гэткая — знаходка,
Такія цэняцца на ўсходзе…
Ат, спрахні! Порхаўка, дый годзе!
Ламіі

Бяжым, дзяўчаты! Шумным роем
Лунайма, як нетапыры,
Над прыгаломшаным героем!
Што, пекла выпладак паганы,—
Паквапіўся на марцыпаны,
Дык на вось, клыгай сухары!
Мефістофель (апамятаўшыся)

Цяпер я сам — асёл адпеты.
І Грэцыя, і Гарц — адзін абсурд!
І там, і тут — вядзьмацкі гурт,
І там, і тут — псеўдапаэты,
І там, і тут — блазнуе люд
І танным асалодам рад! —
Паўсюль суцэльны маскарад!
Схапіў, здавалася, дзяўчыну,
Аж — абдымаю, бач, дубіну;
Чаго ж я гэта, баламут,
Без дай прычыны б’ю ў хамут?
(Заблудзіўшыся сярод камення.)

Дзе ж гэта я? Які сюрпрыз! —
З дарогі збіўся і раскіс.
Дарма блукаў між камяніскаў,
Дзе ж я знайду цяпер тых сфінксаў?
То ж трэба ўмець за ноч адну
Згрувасціць гэткую сцяну!
Такое цяжка зразумець мне,
Тут Брокен свой пры кожнай ведзьме.
Арэяда (з уцёса)

Сюды залазь! Майму уцёсу
Гады лічы яшчэ з хаосу;
Наведай скалы, стромы, кручы:
Яны — як свет наш неўміручы —
Я ўсё стаю з тых пор, калі
Пампея войскі тут ішлі.
А свята гэтае ў тумане
Бясследна мроівам растане,
І здані знікнуць, і гара —
Усё пунсом залье зара.
Мефістофель

Цябе я слаўлю, німфа гор,
І твой зялёны пышны ўбор.
Тут нават месячны прамень
Не можа ажывіць глухмень…
Што гэта?.. Нейкае святло
У змроку цьміцца пачало…
Ну, дзе ты быў? Які ж ты хуткі?!
Гамункул

Аблётаў тут я ўсе закуткі.
Хачу я ў поўным сэнсе нарадзіцца —
Разбіць пасудзіну сваю і ўліцца
У вір жыцця, але калі б да гэтай прагі
Крыху дадаць яшчэ адвагі…
У лесе я падслухаў двух мужоў,—
Гарачы дыспут там ішоў
Аб сутнасці субстанцый. Мудраца
Даслухаць варта да канца:
Філосаф добра мусіць знаць
Зямную сутнасць, даць параду,
Як да назначанага ладу
Дайсці і чым магу я стаць.
Мефістофель

Ты па сваёй, па ўласнай волі стань.
Філосаф, ён фактычна — здань,
І ён другім такім во зданям
Мільён прыдумае пытанняў.
Напрыклад, памыліўся ты, залез у путы —
Разумны, значыцца; бо розум нарадзіцца
Павінен толькі праз пакуты.
Гамункул

Парадай добрай варта пажывіцца.
Мефістофель

Ну што ж, ляці! Не траць дарма й мінуты.
Развітваюцца.


Анаксагор (Фалесу){190}

Якія довады я мушу ўжыць,
Каб ісціне і ты мог паслужыць!
Фалес

Па волі ветру воды хваль
Бягуць ад цвёрдых скал удаль!
Анаксагор

К агню вядуць жыцця сляды.
Фалес

Не, ўсе пачаткі ад вады.
Гамункул (паміж імі)

Дазвольце ў дыспут умяшацца —
І мне хацелася б пачацца.
Анаксагор

Скажы, Фалес, а ты ці ў стане
Гару за ноч узвесці з твані?
Фалес

Прырода ў руху, вольным ад руціны,
Не замыкаецца ж у ночы, дні, гадзіны.
На ўсё законы ёсць, ва ўсім свой лад,
Пераўтварэнням не патрэбен гвалт.
Анаксагор

А выбух? А зямны агонь пякучы?
Плутон жа выбухам падкінуў кручы,
Эол зарадам сціснутага газу
Перамалоў усю зямную масу.
Фалес

Ды што з таго? — Стаіць сабе гара
І добра, што стаіць. А нам пара
Пакінуць спрэчкі пра адвечны цуд,
Час марнаваць, дурыць цярплівы люд.
Анаксагор

Ужо кішаць па скалах мірмідоны,
Мурашкі, дактылі, пігмеі —
Народ руплівасцю вядомы,
Сяліцца ў шчылінах малеча ўмее.
(Да Гамункула.)

Не марыў ты, каб панаваць над светам,
Жывеш у посудзе анахарэтам;
А хочаш, я табе, тутэйшаму цару,
Ва ўладу горы падару?
Гамункул

А што параіць мне Фалес?
Фалес

Маленькаму і траўка — лес.
Сярод малых ты станеш дробны,
Сярод вялікіх — волатападобны.
Ты бачыш хмары журавоў? —
Пігмеяў, дактыляў і іх цароў
Яны панішчыць здольны ўміг,
Яны без жалю абскубуць
І задзяўбуць усіх малых.
Яны ўжо ім праклёны шлюць
За перабітых сваякоў.
За мёртвых чапляў, за іх кроў
Адказваць мусяць паразіты,
Пігмеі, дактылі. Ні дзіды,
Ні шаблі вострыя, ні латы
Іх не ўбароняць ад расплаты,
Ім паратунку не дадуць.
Радзеюць дактыляў рады,
Пігмеі ў сполаху бягуць,
Згубіўшы зброю, хто куды.
Анаксагор (памаўчаўшы, урачыста)

Раней падземныя хваліў я сілы,
Цяпер імкнуся ўславіць небасхілы.
Ты на нябёсах, вечная, натхнёная,
Трохвобразная, трохімённая —
Дыяна, Луна і Геката{191},
Народ мой уратуй ад супастата.
Ціхапраменная, усюдыісная,
Ты летуценная, ты непахісная,
Моц пакажы сваю, бо час прыспеў
На ворагаў абрушыць грозны гнеў.
Маўчанне.

Пачута ўжо мальба
Гаротнага раба:
Геката ў гонар згоды
Мяняе рух прыроды.
Бліжэй, бліжэй — о, ўжо і блізка
Срабрысты бляск начнога дыска,
Багіні прамяністай трон —
Як сімвал гневу ззяе ён.
Не набліжайся, грозна-ўладны шар:
Зямлю і мора спаліць твой пажар.
Вядома ўсім, як часта чары, скокі
Фесальскіх ведзьмаў, чарадзеяў
Уніз скіроўвалі твой лёт высокі
Да спраў ліхіх, нядобрых дзеяў.
Цямнее шар… яшчэ… яшчэ…
І раптам — іскры, гром і стрэлы,
Штось па зямной кары сячэ! —
Чаго ж я стаў, нібы здранцвелы? —
У ногі, раб! — ты вінаваты:
Бяду наклікаў іменем Гекаты.
(Падае ніцма.)

Фалес

Што не прымарыцца Анаксагору?
Што з ім такое? Ўпаў. Глядзіць угору.
Па-рознаму на ўсё глядзім мы
У гэтыя вар’яцкія гадзіны:
Ён бачыць шар, а мне здаецца,
Што месяц не крануўся з месца.
Гамункул

Зірні на месца, дзе было
Нядаўна карлікаў жытло.
Упала з месяца скала,
І ўжо не стала там жытла.
Сам бачыў я, як са свяціла
Ляцела глыбіна і якзмясіла
Сяброў і ворагаў яна.
Мяне, аднак, хвалюе тая сіла,
Якая ў творчых дзеяннях відна
І воляю зямлі й нябёсаў
Будуе тысячы уцёсаў.
Фалес

Тут толькі здані, патарочы!
Няхай іх прыме пыл і гразь!
І добра, што не ты іх князь.
А ці не лепей нам замест
Пустых дыскусій зведаць фэст.
Выходзяць.


Мефістофель (прадзіраецца з другога боку)

Як цяжка па крутых гарах цягацца,
Як хочацца ўдыхаць смалісты водар Гарца!
Ах, мілы Гарц, туды адкрыта
Я сцебануў бы наўскапыта;
Аднак я ўведаць быў бы рады,
На чым усё ж сыны Элады,
Не маючы ні серкі, ні смалы,
Патэльні грэюць і катлы.
Дрыяда

Магчыма, дома ўвішны ты і ўпарты,
А ў нас дык проста смеху варты.
Чым выгаворваць злосныя намовы,
Святыя ўшанаваў бы ў нас дубровы.
Мефістофель

Пакінуты аднойчы родны край
І чорту дарагі, як богу рай.
Што за пачвара там гняздзіцца
Трайная? Мо ў вачах траіцца?
Дрыяда

Там фаркіяды! Падыдзі! Кабеты
Ў эстэтыку ўвядуць і ў этыкеты.
Мефістофель

Чаму б і не? Мне хараство ўласціва!
Эге! Тут болей дзіва чымся піва,
Агіда сутаргай мне зводзіць пысак.
Лепш здохнуць, чым яшчэ хоць раз
Такіх убачыць адалісак,
Такіх страшыдлаў і зараз.
Ды гэта проста — як кашмар!
Падумаць толькі — тых пачвар
Яшчэ й антычнымі завуць!
Мы выспяткамі з пекла прэч
Прагналі б гэтакіх старэч! —
Бы кажаны, пішчаць, сапуць.
Фаркіяда{192}

Падайце вока мне, зірну я,
Хто гэта ў госці ўжо шыбуе.
Мефістофель

Шаноўныя!
                Прыміце мой трайны паклон!
Вам не знаёмы я, але спакон
Я родзіч ваш з пабочных ліній.
Наведаўшыся ў вашыя святыні,
Багіням Опс{193} і Рэі біў чалом,
Сустрэў дачок Хаоса — німф і парак —
Сябровак вашых і таварак.
І хоць багата вартых скрозь было,
Аднак не бачыў вам раўні ні разу.
Не маю слоў на паўнату расказу.
Фаркіяды

А ён не дурань — дэман гэты.
Мефістофель

Адно здзіўляе, — што паэты
Не склалі гімнаў, што партрэты
Яшчэ не пісаны ў натуры —
Бо мастаку і твары вашы і манеры
Дадуць натхнення болей, чым амуры,
Чым хараство захваленай Венеры.
Фаркіяды

Самоце ночы і цямна
Забыта існая цана.
Мефістофель

Як можна ў змрочышчы пячор
Глуміць адзіны ў свеце ўзор
Красы, пасланай вам з нябёс?
Я на алтар мастацтва вас бы ўзнёс
І ўвекавечыў бы ў скульптуры
Прынады вашае натуры.
Фаркіяды

Маўчы, навошта нам спакусы,
Якімі цешацца какоткі музы.
Мы — дзеці ночы; у антычным клане
Трымаемся на заднім плане.
Мефістофель

Тым больш патрэба і ў рэкламе!
На трох па зубу маеце, па воку.
Без шкоды смаку вашаму і зроку
Узмоцнім мы міфічны дух,
Істоты трох злучыўшы ў дзвюх,
Аддаўшы трэці мне партрэт
На дасягненне гэтых мэт.
Адна фаркіяда

Ну, як ідэя?
Дзве другія

                 Толькі без пазык!
Мефістофель

А мой ты д’ябле, — ўвесь разлік —
Якраз на вашым зубе.
Адна фаркіяда

                     Мілы кавалер,
Заплюшчы вока, зуб ашчэр,
Зацісні ці заклей наздру,
Падобны будзеш на сястру —
У профіль станеш акурат,
Бы наш адзінакроўны брат.
Мефістофель

Хай так!
Фаркіяды

            Няхай!
Мефістофель (у абліччы фаркіяды, у профіль)

             Прымай жа позу! —
Найлепшы з лепшых, сын Хаосу!
Фаркіяды

Мы дочкі, сёстры, ў нас жаночы від!
Мефістофель

Якая ганьба! Я — гермафрадыт!
Фаркіяды

Цяпер мы знаем тайну хараства!
Цяпер у нас усё — на двух па два!
Мефістофель

Жывое пудзіла! Баюся, што браты
Дадуць ад страху з пекла лататы.
Выходзіць.

Скалістыя затокі Эгейскага мора

Нерухомы месяц у зеніце.


Сірэны (атабарыўшыся на скалах, спяваюць пад флейты)

Памятаеш, як вядзьмаркі,
Фасалійкі-недавяркі
Трон царыцын подла ў хвалі
З неба скінуць спрабавалі?
Нас не крыўдзі: глянь, царыца,
Як затока ў ззянні льсніцца
У паўзмроку пад табою
Пад нязмоўчны шум прыбою.
Услужыць табе прыемна,
О прыхільная Селена.
Нерэіды і трытоны{194} (у вобразе марскіх дзіваў)

І пад гімн салодказвонны
Нерэіды і трытоны
Выплываюць з пенных вод
І ў затоцы з гладдзю чыстай
Пад апекай Прамяністай
Пачынаюць карагод.
На ўрачысты фэст у моры
Мы святочныя уборы,
Бранзалеты і каралі
На сябе панадзявалі.
Розных шмат у нас аздоб.
Каб не вы, марскія дзевы,
Каб не зваблівыя спевы —
Дык і скарбаў не было б.
Сірэны

Добра знаем, пад вадою
Ходзяць рыбкі чарадою —
То наверх ідуць, то ўглыб.
То гуляюць зноў на хвалі.
Пэўна, ў світу вы папалі,
Бо значнейшыя ад рыб.
Нерэіды і трытоны

Выплываючы з пучыны,
Зразумелі мы прычыны,
Што дурніцамі былі б,
Каб нырцамі, плывам спорым
Не даказвалі, што ў моры
Мы значнейшыя за рыб.
(Адплываюць.)

Сірэны

Імгненна ўцяклі?
Гуртом паплылі
Яны ў Самафракію
Далей ад вампіраў
Да добрых кабіраў{195}
На гожасць усякую,
На дальнія рыфы.
Ёсць даўнія міфы,
Што плодзяцца боствы
Там самі з сябе,
Не могучы проста
Стрымацца ў пладзьбе.
Не гасні, свяціла,
Да ранішняй золі,
Дай нашай сваволі
Нацешыцца міла.
Фалес (на беразе, Гамункулу)

Я б мог цябе правесці да дзвярэй,
Пячоры той, дзе песціцца Нерэй{196}.
Але ён стаў такі дзікун,
Такі прыдзірлівы буркун,
Нібы цячэ ў ягоных жылах жоўць —
Яго цяпер і не заводзь.
Жыве самотна, як анахарэт,
Відаць, яму нямілы белы свет.
А зрэшты, што ні гавары,
А шмат каму памог стары.
Гамункул

Пастукаем. Я не баюся,
Што, можа, стукну й разаб’юся.
Нерэй

О, галасы людскія на дварэ.
Мяне адразу ўжо і злосць бярэ,—
З багамі чэрнь надумала раўняцца,
Не могучы і над сабой падняцца.
Мне, богу, адпачыць даўно пара,
Ды не магу я не рабіць дабра.
Ці не таму мне так несамавіта,
Што ўсё дабро маё людзьмі забыта.
Фалес

І ўсё ж адказам нас не абыходзь;
Вось гэты дух, увязнены ў сасудзе,
Агеньчык-чалавек, удзячны будзе,
Калі параіш, як ужыцца ў плоць.
Нерэй

Народ сваім стаў розумам багаты,—
Не будзе ён маім указкам рады.
Ці ж то не я асцерагаў Парыса:
Пакінь, казаў, нашто табе здаліся
Жанкі чужыя? Слухаў ён парады? —
Вайну траянцаў, элінскі паход,
Аблогу доўгую на дзесяць год,
Трэск бэлек, грукат, шал агню,
Знішчэнне, страшную разню,
Герояў мужных марны скон
І судны дзень, калі загінуў Іліён,—
Прынц гэта на алтар усклаў
Сваіх сумніцельных любоўных спраў.
І гэта непазбыўная хімера,
На страх патомкам ліраю Гамера
Апетая, — прадказана ж была.
Не слухаўся Парыс, не ўнікнуў зла.
І колькі слаўных дочак і сыноў
Здабычай сталі піндавых арлоў!
Ці не дарма чакала Пенелопа?
А я ж казаў герою Адысею
Пра хітрую, падступную Цырцэю,
Пра аднавокага казаў Цыклопа,
Пра неабачлівасць яго сяброў.
Што ж ён? Паслухаўся разумных слоў?
Ды не! — ён рынуўся ў віры трывог
І толькі выпадкам жыццё збярог.
Фалес

Забудзь хутчэй гарачнасць маладых —
Ці мала ўдзячных знойдзецца між іх;
Удзячнасць пераважвае заўжды
Няўдзячнасці і чэрствасці плады.
Парай, вялікі старац і мудрэц,
Як можа волю атрымаць хлапец?
Нерэй

Не псуйце мне мой радасны настрой —
На ўсё свой час, ва ўсім парадак свой.
На фэст чакаю дочак-нерэід,
Марскіх кудзесніц — грацый і дарыд.
Такіх стварэнняў дзіўных, як у нас,
Алімп не бачыў і Парнас —
Гарэзуюць у ярасці буруна,
І чуецца крыштальных кропель звон,—
Калі імчацца скакуны Нептуна,
Калі імчыцца вадзяны дракон.
Усё ў вадавароце — бог і світа —
З марской стыхіяй непарыўна зліта.
Ужо ляціць па хвалях калясніца,
Венерына квадрыга-бліскавіца!
Там першая красуня Галатэя{197}
На ярка-чыстай роўнядзі Эгея
Картэжам правіць. Ёй пасля Кіпрыды
Прыпала ездзіць на святочным возе.
Дарыды служаць ёй і нерэіды
Яна цяпер багіняй у Пафосе;
Ідзіце да Пратэя — мудры дзед
Параду дасць, раскажа ўсё як след.
(Ідзе да мора.)

Фалес

Казаў жа я, што цвёрды мае лоб
Стары Нерэй, пустэльнік-мізантроп.
Ідзём лепш, хлопча, да Пратэя{198}.
Ёсць хібы і ў яго — ды іншага парадку:
Дзядок таемнасць любіць і загадку;
Па-свойму кожны з нас дурэе.
Выходзяць.


Сірэны (на вяршынях скал)

Што гэта там у далях
Калышацца на хвалях,
Дзе парус мкне крылаты?
Вясёлыя дзяўчаты,
Русалачкі марскія.
Вада — то іх стыхія.
Са скал сыходзьма, дзевы,
Паслухайма іх спевы.
Нерэіды і трытоны

Хай дзівяцца нябёсы
На дзіўныя дзівосы.
Кабірам шчыт Хілоны{199}
Як сімвал абароны.
Кабіраў сустракайце
І гімны ім спявайце!
Сірэны

Вы ростам — няўдалыя,
Вы сілай — трывалыя,
Надзея апошняя
Тапельца кожнага.
Нерэіды і трытоны

Хай з намі і кабіры
Спраўляюць фэст у міры.
Калі кабір гуляе,
Нептун адпачывае.
Сірэны

Наткнуўшыся на мель,
Патоне карабель.
Кабір жа мараку
Заўжды падасць руку.
Нерэіды і трытоны

З намі трое, а чацвёрты,
Вельмі важны, вельмі горды,
Не прыстаў да іх траіх,—
Кажа: «Думаю за ўсіх».
Сірэны

Хай бог смяецца з бога,
З таго ім анічога.
А ў нас да ўсіх павага,
Таму й жывём няблага.
Нерэіды і трытоны

Сямёра ўсіх было.{200}
Сірэны

А трох куды сплыло?
Нерэіды і трытоны

Гэта адкуль нам знаць?
Лепш на Алімпе спытаць.
Не ведаем вось мы,
Адкуль там восьмы.
Прыйсці абяцаюцца,
Заўсёды спазняюцца.
Вечна спяшаюцца
Непараўнальныя,
Зведаць стараюцца
Непазнавальнае.
Сірэны

Малітвай ім,
Багам усім —
Чужым, сваім —
Мы дагадзім.
Нерэіды і трытоны

Свята пышнае мы справім
І саміх сябе праславім.
Сірэны

Герояў Элады
Уславіць мы рады —
Руно здабылі
І славу знайшлі!
І вас мы славім шчыра,
Бо вы знайшлі кабіра!
Агульны хор

І вас мы славім шчыра,
І нас праслаўце шчыра,
Бо вы знайшлі кабіра!
Бо мы знайшлі кабіра!
Нерэіды і трытоны плывуць далей.


Гамункул

З такога прымітыву
Даюся проста дзіву —
У ім вучоныя бароды
Шукаюць завязі прыроды.
Фалес

Стары мядзяк не йдзе ў раміз,
Іржа ж — каштоўнейшая з рыс.
Пратэй (нябачна)

Я люблю ва ўсім і ўсюды
Рэспектабельнасць і цуды.
Фалес

Дзе ж ты, Пратэй?
Пратэй (чэрававяшчальна, то здаецца зблізку, то здаецца здалёк)

І там, і тут!
Фалес

Ты ўсё штукарыш, баламут?
Я твой таварыш, я — Фалес,
Выходзь ужо, куды залез?
Пратэй (нібыта здалёк)

Бывай тады!
Фалес (нішкам Гамункулу)

Ён недзе блізка.
Каб гэта ты ярчэй забліскаў —
На ўсё цікаўны ён, як рыба,—
Ці там дабро, ці там пахіба.
Гамункул

Я ўжо нагрэўся дабяла —
Баюся я, каб не расплавіць шкла.
Пратэй (у вобразе вялізнай чарапахі)

Што там блішчыць, мігціць, іскрыцца?
Фалес (засціць Гамункула)

Выходзь, каб добра падзівіцца.
А хочаш знаць, якія рэчы
Мы ад цябе хаваем, ты
Прымі лепш вобраз чалавечы
Без розных штук і смехаты.
Пратэй (у высакароднай чалавечай паставе)

А ты і ў хітрыках мудрэц!
Фалес

Табе ж патрапіць трэба ўмець!
(Адкрывае Гамункула.)

Пратэй (здзіўлена)

Бліскучы карлік! Проста дзіва!
Фалес

Парады просіць ён пачціва.
Адкрыў сваю мне мару, свой сакрэт,
Што хоча цалкам выпладзіцца ў свет.
У ім духоўнага паўнютка-поўна,
А плоцкае ў ім выяўлена ўмоўна.
Даўно б загінуў, каб не берагло
Яго істоту колбы гэтай шкло.
Вось мы і думаем — ты не супроць,
Каб гэты дух ды ўжыўся ў плоць?
Пратэй

Ты, беззаганнага зачацця плод,
Не нарадзіўшыся, ты рынуўся ў палёт?
Фалес (ціха)

Здаецца мне, дзіцёнак голы
Яшчэ ў дадатак і двухполы.
Пратэй (да Фалеса)

Тым лепей, бо ён выбраць можа,
Што больш яго істоце гожа.
(Да Гамункула.)

Няма чаго круціць глузды —
Пачні жыццё сваё з вады.
Жыві, расці, нагульвай тлушч,
Малых, слабых глытай і плюшч.
Уведаўшы законы мора,
Удасканалішся ты скора.
Гамункул

Які прыемны пах духмяны —
Я нібы ў млосці нейкай, п’яны.
Пратэй

Ты маеш рацыю, малы,
Хадзем хутчэй на водмель, там
Марскія пенныя валы
І пах гаючы, як бальзам.
Пільней углядвайся ў бязмеж —
Марскі паявіцца картэж.
Хадзем туды.
Фалес

                    І я з табою!
Гамункул

Трайною духі йдуць хадою!{201}
Радоскія Тэльхіны{202} з трызубцам Нептуна падплываюць на марскіх конях і драконах.


Хор

Мы гэты трызубец Нептуну скавалі,
Каб ён таймаваў ім бурлівыя хвалі.
Нептун ім адказвае Зеўсу старому —
На грозныя грукаты страшнага грому;
Ён хвалі сярдзіта ўздымае да хмар —
На кожнай маланкі пагібельнай ўдар.
А ўсё, што між імі трапеча, — загіне
У чорнай, як прорва, бяздоннай пучыне.
Таму ён сягоння аддаў нам жазло,
Каб слаўнае свята без буры прайшло.
Сірэны

Вас, жрацоў у храме Феба,
Дзетак сонечнага неба,
Мы, прыхільніцы Гекаты,
Прывітаць сардэчна рады.
Тэльхіны

Багіня начная, красуня Геката,
Зычліва і прыязна славіш ты брата,
Жадаеш, каб песціў яго акіян,
Каб Фебу радосцы спявалі пеан.
Пачаўшы ўзыход свой з начной глыбіні,
Ён шле нам пяшчоты і ласк прамяні.
Бог сонца глядзіць на палі, берагі,
І парастак кожны яму дарагі.
Калі ж наплыве на наш востраў імгла,
Імглу разганяе ён ззяннем святла
І з неба глядзіць на скульптуры Радоса:
На Феба Лагоднага, Феба-Калоса.
Мы першыя ў свеце ўвасобілі бога
Ў абліччы жывым чалавека зямнога
Пратэй

Няхай яны пяюць пеаны
Праменням Феба і Дыяны,
Будуюць ім высокі храм,
Хай ідалаў шукаюць новых,
Багоў ствараюць мармуровых —
А мёртвы хлам ёсць мёртвы хлам.
І прастаіць тут патароча,
Пакуль не здарыцца канфуз
І не стаўчэцца ў пыл і друз,
Калі ў глыбінях загрукоча.
Засушаць сэрцы, ссушаць душы
Гады жыцця на ўбогай сушы.
Найлепшы побыт у вадзе,
Там светлы дух не прападзе.
Пратэй-дэльфін я, дай памчу
(Ператвараецца ў дэльфіна.)

Цябе на воды і на волю.
Тваю там прагу задаволю
І з Акіянам спалучу.
Фалес

Параду мудрую дае Фалес:
Стварэння новага працэс
Пачні з азоў, пачні з калыскі,
Правер усе спачатку нормы,
Прайдзі шматтысячныя формы —
Да чалавека шлях не блізкі.
Гамункул сядае на Пратэя-дэльфіна.


Пратэй

Спяшайся ў мора, дух без плоці!
Жыві ў яго вадавароце,
Дазнай уласнай паўнаты,
Але не ўзлазь багам на плечы,
Захоўвай вобраз чалавечы —
Далей ісці няма куды.
Фалес

І нам з табою, бедалагам,
Пабыць людзьмі было б няблага.
Пратэй (Фалесу)

А ён твайго, бадай што, складу!
І ты свой час пакінуў ззаду —
Як здань, хоць тысячу гадоў
Па фэстах гойсаць ты гатоў.
Сірэны (на скалах)

Распасцерлі мякка крылы
Галубіцы ў чарадзе,
Лёгкім вэлюмам закрылі
Срэбны месяц на вадзе.
Аж з Пафоса прыляцелі
На вясёлы фэст начны,
Асалоды захацелі
І любоўных ласк яны.
Нерэй (падыходзячы да Фалеса)

Што над морам серабрыцца,—
Не пазнае просты госць.
А ў мяне, у празарліўца,
Думка правільная ёсць:
Гэта служкі Афрадыты,
Галубіцы з пышнай світы
Галатэі; з бегам год
Прыгажэе іх палёт.
Фалес

Слухаць я люблю старога,
Бо нясе з сабою ён
Шмат жывога і святога,
Жыццядайны песціць плён.
Псілы і марсы{203} (плывучы на марскіх быках, цялятах і баранах)

Далёка ад мора — у норах,
На Кіпры ў падземных пячорах
Жывём мы і не баімося
Нептуна і дзеда Сейсмоса.
Шануем, як вока зяніцу,
Багіні марской калясніцу.
Калі ж мы парою начною
Пад плёскат і гоман прыбою
Маўкліва-трывожнай гурмою
Ўсплываем наверх весяліцца
З дачкой Акіяна, тады ўжо царыца
Ні льва, ні паўмесяца больш не баіцца,
Ні крыжа, ні нават арла{204},—
Яны не шкадуюць людзей і жытла,
Знішчаюць, руйнуюць дашчэнту, датла
І сеюць варожасць усюды заўжды.
Ды толькі не могуць яны перашкодзіць
На хвалях красуням марскім карагодзіць
І везці царыцу сюды.
Сірэны

Рушыць плаўна ў шуме, ў пене
За царыцай світа слуг —
Ззяе, грае атачэнне;
Замыкаюць доўгі цуг
Фаварыткі-нерэіды.
А ў святочным тым святле —
Сёстры мілыя дарыды
З Галатэяй на чале —
Бессмяротнай, багароўнай,
Што красуе, нібы квет,
Прыгажуняю чароўнай —
Самай першай на ўвесь свет.
Дарыды (плывучы на дэльфінах міма Нерэя, хорам)

Асмужы срабрыстым глянцам,
О Селена, гэты фэст,
Каб наш бацька мог абранцам
Памагчы абраць нявест.
(Нерэю.)

Гэтых гордых мараходаў
Ратавалі, бераглі.
Між камення, скал і гротаў
Даглядалі як маглі.
І цяпер мы плату возьмем
Пацалункамі любві,
Ты ж уваж пачцівым просьбам
І саюз наш блаславі.
Нерэй

Двайны здабытак ваш у дабраце,
З якою вы ў суладдзі жывяце.
Дарыды

Стаўся ты такім сардэчным,
Новы цуд яшчэ ствары —
Каб каханне стала вечным,
Іх — бяссмерцем адары.
Нерэй

Упіцеся сваёю доляй,
Любіце смелых юнакоў,—
Ды я не Зеўс і ўласнай воляй
Не абяссмерчу маракоў.
Хістаюць хвалі вас і месяць —
Вось так хістае і любоў;
Калі міне мядовы месяц,
На бераг іх вярніце зноў.
Дарыды

І тут разлука, хоць ты плач,
І межы, й берагі.
Кахання вечнага і ўдач
Не хочуць даць багі.
Юнакі

Каб вы ў наканаваны час
Любілі гэтак міла —
Не трэба вечнасці, хай нас
Пасля бярэ магіла.
Галатэя набліжаецца на ракавіне-калясніцы.


Нерэй

Ты тут, мая радасць!
Галатэя

                             О бацька! О лёс!
Спыніся, дэльфіне, мяне ты прывёз.
Нерэй

Мінулі нас, плывуць далей
Шумлівай чарадою.
Бо што ім бацька іх Нерэй
З бясконцаю журбою;
Адна хвілінная сустрэча —
І ўжо суцешыўся старэча!
Фалес

Пашана, хвала вам і слава!
Душу маю ўцехай заслала.
І радасна помніць заўжды:
Паходзіць усё ад вады!
У ёй анішто не завяне.
Пануй жа, царуй, Акіяне!
Каб не ты з вятрыскамі,
З дажджавымі пырскамі,
Рэкамі, патокамі,
Росамі і сокамі,
Амярцвела б зямля назаўсёды!
Вы — крыніца жыцця, жыццядайныя воды!
Рэха (хор з усіх кругоў)

Вы — крыніца жыцця, жыццядайныя воды!
Нерэй

Плывуць яны ўдалечыні,
На мора сеюць прамяні,—
Чароўная пярэзва.
Гулліва, весела і рэзва
Сваволіць гурма.
А трон-калясніца
Па хвалях імчыцца;
На троне сама,
Галатэя — дачка,
Як зорка.
Любімае бачыцца, сніцца
Блізка, далёка…
Гамункул

У хвалістым разгоне,
На хуткаплынным троне
Пануе прыгажосць!
Пратэй

У жыватворным цудзе
Твой прагны дух здабудзе
Усё, што ў свеце ёсць!
Нерэй

Які там агеньчык у свіце царыцы
Успыхнуў раптоўна і зырка свіціцца?
Іскрыцца ўжо ракавіна-каравела,
Агеньчык гарэзуе, кружыцца смела,
Нібыта яго прыняла Галатэя.
Фалес

А гэта ж Гамункул; паслухаў Пратэя
І кінуўся ў хвалі шукальнік-нябога,
Адважны шукальнік, ён прагнуў так многа,
Ох, каб не наскочыў знячэўку на трон!
Вось так я і ведаў — ён зыркнуў і…
                                                   звон.
Сірэны

На хвалях у іскрах, агнях акіяна
Вялікае дзіва прыйшло нечакана.
Гайдаюцца ў цемрыве ночы і вод
Праменныя целы ўлюбёных істот,
Ахутаны полымем радаснай тайны…
Хай славіцца вечна Эрос жыццядайны!
Слава цуду! Слава мору,
Што ўздымае хвалі ўгору!
Слава полымю і водам!
Слава рэдкасным прыгодам!
Агульны хор

Слава вольным, мяккім ветрам!
Слава таямнічым нетрам!
Хай гучыць, як зычны гром,
Гімн стыхіям чатыром!

Акт трэці{205}

Перад палацам Менелая ў Спарце

Уваходзяць Алена і хор палонных траянак з Панталідай на чале.


Алена

На цэлы свет праслаўлена, зняслаўлена!
Сюды Алена з карабля з’явілася,
Ад калыхання бурнай хвалі п’яная,
Што ў родны край яе прынесла з Фрыгіі{206}
Па волі Пасейдона{207} Эўра{208} сілаю.
І Менелай, і ратнікі на беразе
Піруюць з выпадку вяртання ўдалага.
Прымі ж мяне ласкава, дом прыветлівы,
На ўзвышшы гордым каля мора ўзведзены
У час, калі, наведаўшы Палады храм,
Вярнуўся бацька Тындарэй{209}. Прымі ж мяне!
У доме гэтым я дзяцінства бавіла,
З братамі і сястрой расла бясклопатна —
З Касторам, Полуксам і Клітэмнестраю{210}.
Парог вітаю й браму векавечную,
Што прапусцілі ў дом гасцінна некалі
Майго абранца, Менелая мужнага!
Дык адчыніся ж, каб магла я выканаць
Гаспадароў наказ, загад цара майго!
Наканавання ўрок няхай забудзецца!
З часой, калі ў Цытэры храм{211} даверліва
Пайшла святы абрад я выканаць
І ўкрадзена была фрыгійскім злоснікам,—
Сплыло так шмат падзей, людскімі вуснамі
Удосталь абгавораных; пакутныя,
Яны — выток легенд пра лёс гаротны мой.
Хор

О, не пагарджай, царыца, красой.
Шчасцем надзелена рэдкасным ты.
Адзначана лёсам веліч твая —
Веліч адзінай з смяротных дачок.
Героя на бітву слава вядзе —
Таму ён і горды заўжды.
Ды самы адважны храбрэц на зямлі
Схіляецца перад уладай красы.
Алена

Даволі! З мужам прыплыла здалёку я
І ў горад уступаю, ім пасланая,
Задум загадкавых не разумеючы.
Ці жонкай я іду? Ці йду царыцаю?
Альбо ахвяраю журботы царскае
І злога лёсу, што дастаўся элінам?
Ці я свабодная, ці паланянка я —
Не ведаю, бо ў позірках ахоўнікаў
Я двухсэнсоўнасць хітрую пабачыла:
Глядзяць яны з варожасцю пагрозлівай.
Яшчэ на караблі слаўца пяшчотнага
Мой муж не вымавіў, глядзеў сурова ён,
Нібыта сам супроць мяне падступніцкі
І злы намер выношваў ён употайкі.
Калі ж у завадзях Эўрота{212} ціхага
Прыязна караблі з зямлёй сустрэліся,
Прамовіў ён, бы волю бога вызнаўшы:
«На сушу выйдуць ваяры тут слаўныя,
А ты ідзі далей, мая ўладарніца,
Па пладаносных берагах Эўротавых,
Мурожнымі лугамі коні правячы,
Пакуль вачам даліна не адкрыецца,
Дзе некалі, гарамі атачоныя,
Палі ўрадлівыя ўраджай выспельвалі,
А сёння наш Лакедэмон узвысіўся.
Пасля, ўступіўшы ў царскі дом мой вежысты,
Ты скліч служанак мне, якіх пакінуў я
З разумнаю старою ахмістрыняю.
І хай яны табе пакажуць скарбішчы,
Якія я ад бацькі ўзяў у спадчыну,
Сабраў, у міры і вайне памножыўшы.
Іх знойдзеш ты ў парадку найдакладнейшым,
Бо па адвечных, па святых правах сваіх
Усю маёмасць, лад,
                             здаўна заведзены,
Цар заставаць павінен непарушнымі,
Наш царскі лад мяняць рабу не дадзена».
Хор

І вочы, і сэрца, царыца царыц,
Усцеш нам відовішчам скарбаў сваіх;
Ірдзеннем караляў, святлом дыядэм,
Што горда пакояцца ў строгай цішы.
Адно пажадай — і ўсё для цябе
Адразу паслужліва будзе гарэць.
І ў паядынак уступіць тады
З красою алмазаў твая прыгажосць.
Алена

А ў заключэнне мне ўладар паведаміў:
«Агледзеўшы палац мой і валоданні,
Вазьмі пасля найлепшыя трыножнікі,
Сасуды, — ўсё, што трэба для выконвання
Абрада даўняга, ахвяравальнага.
І шалі ты вазьмі, катлы і келіхі,
З крыніц зямных налі вады чысцюткае
У срэбны збан і падрыхтуй найлепшых мне
Смалістых дроў на полымнае вогнішча,
І востры нож з тугім лязом, бязлітасным,
А ўсё астатняе на ўласны густ рабі».
Так ён сказаў пры расставанні, ўтоіўшы,
Хто воляй царскай быў прадвызначан
Істотаю сваёй ахвяраванаю
Узнесці на Алімп пашану шчырую.
Загадкава! Аднак цару вялікаму
Відней, чым нам, каго ахвярай вызначыць,
Каб за спагадлівасць багам аддзякаваць.
Дабро задумана ці зло — не ўтоіцца
Ад празарлівых іх вачэй праніклівых.
А мне судзіць жаданні іх не дадзена!
Не раз ужо жраца сякера цяжкая,
Над шыяй тленнае істоты ўзнятая,
Не апускалася, бо перашкоджвала
Альбо ўмяшанне бога, альбо ворага.
Хор

Хто можа ведаць, які яго лёс!
Мужна, царыца,
Ідзі ў гэты дом!
Зло і дабро
Застаюць нечакана.
І прадракаць іх не дадзена нам.
Троя гарэла — перад вачамі
Бачылі смерць, жудасць, жах.
Тут жа з табою
Слугі твае,
Сонцам сагрэтыя, бачаць святло
І славу пяюць
Твайму хараству.
Алена

Хай будзе, што наканавана! Я ўвайду
У царскія скляпенні векавечныя;
Жаданы, любы і амаль забыты дом!
І зноў ты лёсам мне зычліва вернуты.
І цяжка так парог пераступаю я,
Які ў маленстве я ўпадскок адольвала.
(Уваходзіць у палац.)

Хор

Сёстры бяздольныя,
Супаланянкі,
Скруху давайце адкінем!
Шчасце з царыцаю
Разам падзелім,
Шчасце вяртання дадому.
Позна яна
Ачаг свой убачыла,
Ды ўпэўнена ў дом увайшла.
Слаўце пеанамі —
Нашых заступнікаў
Багоў, акрыленых шчасцем!
Мы раскаваныя,
Радасці поўныя,—
Гэтак і вязень,
Сцены пакінуўшы,
Вежы астрожныя,
Птушкай раскрыльвае рукі.
Алену багі ўратавалі!
І з краю чужога,
З руінаў разбуранай Троі
У дом старавечны,
Найдаражэйшы,
Зноў перанеслі.
Хай шматпакутная
Радасцю поўніцца,
Шчасцем былога маленства.
Панталіда (кіраўніца хору)

Сыдзіце, сёстры, з песенных шляхоў сваіх,
На дзверы накіруйце вашы позіркі!
Што, сёстры, бачу я! Назад царыца йдзе,
Усхваляванымі спяшае крокамі.
Што там было, царыца? Чым, скажы, цябе
Ачаг твой родны ўразіў нечакана так,
Чым болесна апёк? Ад нас не тойся ж ты!
Бо я агіду бачу на чале тваім,—
Здзіўленнем і жудой яна народжана.
Алена (узбуджаная, не зачыніўшы дзверы)

Не красіць страх дачку Зевеса ўладнага,
І сполах лёгкі нават не да твару ёй.
Аднак той жах, дрыготкі шматаблічны жах,
Жудою вечнае начы народжаны!
Як вогненная хмара вулканічная
Ў цяснінах гор займае подых волату —
Так мне стыгійцы вычварныя шлях у дом{213}
Адзначылі жудою і памрочышчам,
І я з двара, нібыта госць няпрошаны,
Пабегчы мусіла. І вельмі рада я,
Што выйшла на святло! Цяпер я вольная,
Я не ўцяку цяпер, о сілы цёмныя!
Я асвячу мой дом, — ачаг ачышчаны
Сустрэне радасна цара з царыцаю!
Панталіда

Адкрый рабыням паслухмяным смутак свой.
Што ўразіла цябе, што там збянтэжыла?
Алена

Што ўбачыла, і вы пабачыць можаце,
Калі яшчэ ў глыбіні патаемныя
Глухая ноч не прыняла пачварыну.
Аднак усё ж я раскажу вам словамі:
У дом цара ўваходзячы паспешліва,
Каб выканаць загад, я ўраз здзівілася
Несамавітай цішыні, спакойнасці:
Не ўбачыла слядоў работы рупнае,
Ні шолахаў не ўчуў мой слых напружаны,
Ні служкі не сустрэлі там, ні ключніца,
Гасцям заўсёды радасна-прыветныя.
Калі ж далей, да ачага я рушыла,
Ля прыску недатлелага заўважыла
Бабулі нейкай постаць незнаёмую.
Уладным голасам старую клічу я,
За ахмістрыню царскую прымаючы,
Пакінутую кіраваць гасподаю,—
Старая моўчкі слухае, няўзрушная,
Пасля, нібы не зразумеўшы слоў маіх,
Загадвае ісці мне прэч. Разгневана
Ад дзёрзкасці такой, хутчэй спяшаюся
Угору я да лесвіцы разбёнае,
Якая ў скарбніцу вядзе дзяржаўную.
Але пачвара раптам падхапілася
І ўмомант заступіла шлях рашуча мне,
Як гаспадыня страшная, агідная,
З агнём крывавым у вачах бясколерных,
Абрыдлівая з выгляду, смярдзючая.
Не, слоў адных не хопіць мне, каб я змагла
Дакладна апісаць партрэт страшылішча.
Але глядзіце! Вось яна і выпаўзла!
Пакуль прыедзе цар — мы гаспадыні тут!
Яе ж цар выселіць у апраметную —
Мой любамудры Феб, наш друг цудоўнага.
На парозе Фаркіяда.


Хор

Многа пакут і цяжкіх нягод
Я, маладая, уведала рана,
Жудасць і слёзы, жорсткасць і мукі;
У полымі, дыме мой Іліён
У бітве паў.
У гуле шалёным
Войнаў няспынных
Чула, як зыкам утробным багі
Сверб распалялі да славы ваеннай,
І голас жалезны свары крывавай,
Братазабойчай,
Біў у муры.
Ах! Муры Іліёна, яны
Стаялі яшчэ, а грозны агонь
Паглынаў, сакрушаючы ўшчэнт
За вуліцай вуліцу, жах наганяючы,
Агнявы ураган закружыў
Горад у цемры начной.
Уцякаючы, бачыла я праз чад,
Праз куродым і пасмы агню
Над сабой валатоўскія постаці
Гнеўных багоў алімпійскіх;
Грозна, уладна ступалі яны
У зыркіх сполахах зарыва.
Не знаю, ці бачыла ўсё я наяве,
Ці дух мой, ахоплены страхам, прытрызніў
Гэта жахоцце? Не ведаю
І не скажу! Толькі ж цяпер я
Бачу пачвару сваімі вачыма —
Нешта жахліва-агіднае.
Нават рукой дакрануцца магла б
Да страшыдла,—
Ды жудасць мяне працінае!
З Форкава роду
Ты несумненна,
Толькі каторая
З дочак ягоных?
Пэўна, пачвара, з кодлішча граяў{214},
Страшных граяў, што зуб адзін
Маюць на ўсіх, папераменна
Носяць вока на ўсіх адно.
Як ты, агідніца,
Побач з красою
З’явішся сёння
Фебу на вочы?
Знікні, гадаўка! Прэч!
Хай не азмрочыць цар Менелай
У часе сустрэчы з дзіцем красы
Вочы свае нават ценем мярзоты такой.
Нас, смяротных, на жаль, прымушае
Няўмольная жорсткая доля
Глядзець на мярзоту цярпліва.
Горка, пакутліва нам, красалюбным,
Вочы свае брыдой абражаць.
Ты, што сустрэла нас дзёрзка,
Слухай праклёны,
Слухай пагрозы
З разгневаных вуснаў шчаслівіц,
Створаных воляй багоў бессмяротных.
Фаркіяда

Старая ісціна — ды сэнс глыбокі ў ёй:
Што прыгажосць ніколі разам з сорамам
Не крочыла, не йшла адной дарогаю,
Нянавісць узаемная ад веку ў іх.
Сустрэўшыся,абое, на адным шляху,
З пагардай несхаванай вечна крывяцца
І потым ворагамі разыходзяцца.
Смуткуе сорам і краса гарэзуе,
Пакуль нарэшце старасць не ўтаймуе іх,
Пакуль не праглыне іх цемра Оркава{215}.
Сюды, нахабніцы, вы пазляталіся
З крыклівым шумам чарадой бязладнаю,
Нібыта жураўлі вясною з выраю,
Што вабяць з вышыні сваім курлыканнем
Вандроўніка — зірнуць у высь нябесную,
Дзе іх шляхі нязменныя пракладзены,—
Ды чалавек ідзе сваёй дарогаю.
Дык хто ж вы і адкуль, чаму харомы ўсе,
Як дзікія менады{216}, запаланілі ўжо,
Старую ахмістрыню ўраз абгаўкалі,
Нібы гайня сабак уночы месячык?
Вы думаеце, што я вас не ведаю?
Пабоішчаў насенне, войнаў выпладкі,
Блудніцы апантаныя, зайздросніцы,
Што абкрадаюць грамадзян і воінаў!
Вы хмара саранчы, казурак роішча —
Зляцеліся сюды на рунь зялёную.
Вы жараце плады чужой руплівасці,
Чужой заможнасці й дабра знішчальніцы,—
Палонніцы, тавар прадажны, рыначны.
Алена

Хто лае слуг, той права гаспадыніна
Прысвойвае нахабна, неабачліва,
Бо толькі ёй адной хваліць дазволена
Або караць таго, хто варты гэтага.
А службай слуг сваіх я задаволена.
Яны і ў Троі зморанай аблогаю,—
І вераю, і праўдаю служылі мне
Не меней, чым падчас вандроўкі стомнае,
Са мной нягоды і турботы дзелячы;
Я тут на вернасць слуг сваіх разлічваю;
Не хто слуга, пытае пан, а — служыць як.
Замоўкні ж і не выскаляйся з’едліва.
Калі ты дом цара майго дагледзела
Замест законнай гаспадыні, ўдзячна я.
Цяпер сыдзі ж убок, бо я вярнулася,—
Сыдзі, бо ўдзячнасць ў гнеў абернецца.
Фаркіяда

Караць слугу — ёсць права несумненнае,
Якога ты, царова жонка гордая,
За шмат гадоў замужжа заслугоўваеш.
Цяпер, калі дамоў ты зноў вярнулася,
Прыйшла царыцаю і гаспадыняю,
Прымі ж кляйноды ў рукі і сама кіруй —
Будзь чэлядзі і скарбам уладаркаю.
Яшчэ прашу, абарані старэнькую
Ад гэтых балбатух, што побач з лебедзем
Красы тваёй мне выдаюцца качкамі!
Панталіда

З красою побач недарэчы брыдкае!
Фаркіяда

А побач з розумам дурнота горш яшчэ!
Далей харэтыды выходзяць з хору і адказваюць паасобку.


Першая харэтыда

Напэўна, ты Эрэба й Ночы выпладак?{217}
Фаркіяда

Скажы пра Сцылу{218} родную сястру сваю!
Другая харэтыда

То ж твой лядашчы род радзіў страшылішча.
Фаркіяда

Сама ты з кодла Оркава, ён родзіч твой.
Трэцяя харэтыда

Ты нават і для Оркі стараватая.
Фаркіяда

А ты якраз з Цірэзіем кахалася б!{219}
Чацвёртая харэтыда

Табе за ўнучку мамка Арыёнава{220}.
Фаркіяда

Цябе ж кармілі гарпіі{221} аб’едкамі!
Пятая харэтыда

А ты, худобіна, чым ты кармілася?
Фаркіяда

Ды толькі ж не крывёй, якую смокчаш ты.
Шостая харэтыда

Жарэш здыхляціну й сама здыхляціна.
Фаркіяда

Табе ж вампір аддаў і пашчу з ікламі.
Панталіда

Імя тваё скажу, каб ты заткнулася.
Фаркіяда

Ану, скажы, цікава! Назаві ж сябе!
Алена

Бязгнеўна я стаю, забараняючы
Заводзіць свары, звады неразумныя:
Няма на свеце злыбяды больш горкае,
Як калатня бязглуздая між чэляддзю,
Калі загады болей не вяртаюцца
Да ўладцы рэхам выканання спраўнага
І праца занядбана ў марнай лаянцы.
Яшчэ не ўсё. Зласлоўем неразумным вы
Сюды наклікалі нядобрых прывідаў.
Яны зляцеліся й аблогай шчыльнаю
Стаяць вакол мяне, нібыта я сама
Цяпер у царстве Орка апынулася.
Ці праўда гэта ўсё, ці мне прыснілася,
Ці я была, ці ёсць, ці буду жахам тым,
Знішчальніцаю гарадоў фатальнаю?
Дзяўчаты ў жудасці, аднак жа ты, старэйшая.
Стаіш спакойна — гавары разважліва!
Фаркіяда

Хто доўгіх год былое шчасце згадвае,
Таму здаецца сном і ласка божая.
Ты ж, доляю спрыяльнаю ўлагоджана,
Прымала ты ў жыцці любоў салодкую
Герояў тых, што за цябе на рызыку
Не раз ішлі, на подзвігі вялікія.
Яшчэ дзіця — Тэзея{222} ты прынадзіла,
Асілка мужнага, Гераклу роўнага.
Алена

Узяў мяне Тэзей, падлетка-козачку.
Схаваў мяне ў Афідне, аж у Атыцы.
Фаркіяда

Але й пасля твайго вяртання ў дом братоў
Героі за табою ўсё ўвіваліся.
Алена

Быў першы ласкаю маёй адзначаны
Патрокл адважны, прыгажун, Пеліды сын{223}.
Фаркіяда

Ды бацькам Менелаю ты аддадзена —
І дамалюб, і смелы мараплавец ён.
Алена

Аддаў яму дачку і царства ўсё,
І ў шлюбе Герміёна нарадзілася.
Фаркіяда

Калі ж за Крыт твой муж змагаўся ярасна,
Прыгожы госць цябе ўцяшаў, сумленніца.
Алена

Не ўспамінай удоўства вымушанага,
Якое шмат бяды пасля прынесла мне.
Фаркіяда

Чаму ж павінна я забыць той час ліхі,
Калі і я зрабілася рабыняю?
Алена

Паставіўшы ў палацы ахмістрыняю,
Да скарбніцы табе ж ён ключ аддаў.
Фаркіяда

А ты ж дзеля Парыса мужа кінула,
Кахання асалодамі ўпівалася.
Алена

Не асалодамі, але пакутамі,
Якіх ці мала-многа ў Троі зведана.
Фаркіяда

Казалі, й там ты двайніком яўлялася,—
Цябе ж і ў Троі і ў Егіпце бачылі{224}.
Алена

Не трэба паўтараць пустыя выдумкі,
Бо хто я ёсць — ужо й сама не ведаю.
Фаркіяда

Яшчэ гавораць, быццам бы залётнікам
Прыходзіў з царства ценяў да цябе Ахіл,
Які ў жыцці кахаў цябе без памяці.
Алена

Як цень да ценю, да яго тулілася,—
Ці то быў сон, ці, можа, мара ўяўная?
Мо ў сне і сёння я, мо ценем сталася?
(Падае непрытомная на рукі харэтыд.)

Хор

Змоўкніце, змоўкніце,
Вусны злавесныя!
Што з адназубае пашчы язык
Можа сказаць лагоднае нам?
Злосніца, знешне да ўсіх дабрачынная,
Воўчую лютасць хаваеш пад мяккім руном.
Твой язык нам страшнейшы, чым трох-
галовага Цэрбера зяпы жахлівыя.
Страхам агорнуты мы
У прадчуванні,
Што вусны падступніцы
Ікламі страшнай пачвары абернуцца.
Ты замест прыязна-ўсцешнай спагады,
Што адсылае ў Лету трывогі і жах,
Наша мінулае зноў выклікаеш,
Злое бярэш, адкідаеш дабро
І азмрочваеш глянцам сучаснага,
Будучага —
Мякка-праменнае сонца надзей!
Змоўкні, змоўкні!
Хай жа душа царыцына,
Ужо адляцець гатовая,
У целе яе ўтрымаецца,
Душа найпрыгажэйшай красуні,
Першай і, пэўна, апошняй на свеце.
Алена апрытомнела і зноў стаіць у атачэнні хору.


Фаркіяда

Выйдзі, сонца, з хмар лятучых,
                                          сонца радаснага дня,
І ўрачыста з паднябесся свет зямны
                                                     наш азары.
Паглядзі, як хор шалее, зневажаючы мяне,
Ды брыдота Фаркіяда знае сутнасць хараства.
Алена

Скіну я самоты вэлюм, што насіла шмат гадоў,
Зноў пяшчотнаму спакою цела я сваё аддам,
Бо належыць і царыцам
                           жыць, як людзі ўсе жывуць.
Сіл набрацца, каб пагрозам
                           смела ў твар пасля глядзець.
Фаркіяда

Ты паўстала перад намі — у вянцы сваёй
                                                            красы!
Бачу твой пагляд загадны.
                                  Што ты хочаш? Загадай!
Алена

Будзь гатова дзёрзкай звадкі
                          хутка згладзіць прыкры след!
Бездакорна падрыхтуйся
                               справіць наш стары абрад.
Фаркіяда

Ўсё гатова: шалі, місы, нож, сякера
                                                      і трыног —
Для краплення і ўскурэння.
                                   Хто ж ахвяра? Назаві!
Алена

Цар ахвяру не назваў мне.
Фаркіяда

Не назваў? О, гора ўсім!
Алена

Што за гора? Што за жахі?
Фаркіяда

О, ахвяра гэта — ты!
Алена

Я?
Фаркіяда

І гэтыя.
Хор

           О гора!
Фаркіяда

Пад сякерай прымеш смерць.
Алена

Жудасна! Я прадчувала!
Фаркіяда

                                   Непазбежны горкі лёс!
Хор

Ах! А мы? Што будзе з намі?
Фаркіяда

Смерць пачэсная — не вам!
Крокваў царскага палаца вашай хопіць чарадзе,
Затрапечаце вы ў петлях,
                                  як дразды ў тугіх сілах.
Алена і хор стаяць ашаломленыя і спалоханыя ў маляўнічых групах.

О прывіды! У спалоху застылі вы,
Баіцеся пакінуць свет, не ваш ужо,
Прыціхлі, нібы здані, хоць не здані вы;
А зрэшты, людзі ўсе — такія ж прывіды —
Не хочуць пакідаць яны свет сонечны.
Няма ратунку ад наканаванага! —
Ўсе знаюць гэта, ды не ўсе скараюцца.
Ды што казаць: пара за справу брацца нам.
(Пляскае ў далоні.)


У дзвярах з’яўляюцца ў масках карлікі, яны хутка і спрытна выконваюць усе загады.

Збягайцеся хутчэй сюды, нячысцікі! —
Здавольце свой запал знішчальніцкі!
Алтар ахвярны стаўце, не марудзячы,
І срэбную сякеру з краю ўскладвайце,
А каб крывава-чорны след з трыногі змыць,
Напоўніце вадой збаны ахвярныя,
Зямлю ўсцяліце дыванамі ўсходнімі.
Каб царственна на іх царыца ўкленчыла,
Каб мы маглі з пашанай агарнуць яе
І пахаваць з усёй належнай пышнасцю.
Панталіда

Царыца адышлася задуменная,
Паніклі дзевы, як трава пакосная —
Але павінна я, сястра старэйшая,
З табою, найстарэйшая, параіцца.
Ты мудрая, ты добрая, зычлівая,
Хоць хор зласліва бэсціў, зневажаў цябе,—
Скажы, ці бачыш ты, які ратунак нам?
Фаркіяда

Параіць мне не цяжка, бо ратунак ваш,
Збавенне лёгкае — ў руках царыцыных.
Яна ж — няхай рашэнне прыме хуткае.
Хор

Парка літасцівая, Сівіла любамудрая,
Ніць жыцця не абрывай!
                              Не адбірай святло жыцця!
Мы ўжо чуем калыханне і жахлівае гайданне
Нашых цел, якім прыемней
                            калыхацца ў лёгкіх танцах,
У абдымках спачываць.
Алена

Як страшна ім! А мне дык толькі — горасна!
Для іх ратунак прыняла б з удзячнасцю,
Скажы! Хай немагчымае абернецца
Магчымай яваю. Скажы! Чакаем мы.
Хор

Не марудзь, скажы хутчэй жа,
                                як пятлі пазбегнуць нам,
Шорсткіх, брыдкіх тых караляў,
                                     што ўжо шыю абвілі?
Смерці жах мы адчуваем, задыхаемся мы ўжо.
Злітуйся з няшчасных, Рэя, маці чыстая багоў,
Уратуй нас, памажы!
Фаркіяда

Ці хопіць вам цярпення сказ мой выслухаць
З парадаю маёй? У ім шмат важнага!
Хор

Хопіць, хопіць! Мы з увагай
                         будзем слухаць, будзем жыць!
Фаркіяда

Хто дома даглядае скарб сямейны свой,
Хто беражэ ад злому мур жылля свайго,
Хто сочыць, каб у навальніцу дах не цёк,—
Той доўга будзе жыць у доме ў радасці.
А хто пакіне свой ачаг і з лёгкасцю
У белы свет самохаць пойдзе швэндацца,—
Жытло старое знойдзе ён, вярнуўшыся,
Ужо не гэткім, як было, — разбураным.
Алена

Навошта прытча мне, даўно вядомая?
Ты гавары, а раны не раз’ятрывай.
Фаркіяда

Без гневу сказана і без дакору вам!
У бухтах і на астравах рабуючы,
Твой слаўны Менелай гуляў ці мала год,
Вяртаючыся кожны раз з захопленым.
Праваяваў ён дзесяць год пад Трояю,
А колькі плыў назад — сама не ведаю!
Між тым што з домам Тындарэя сталася?
Што сталася з дзяржавай Менелаевай?
Алена

Ты ўжо не скажаш слова, каб не лаяцца,
Як толькі рот разявіш, — сыплеш кленічы.
Фаркіяда

Жылі мы доўгія гады у марнасці.
Забыты горы, што паводдаль высяцца
На поўначы ад Спарты — Тайгет{225} велічны,—
Адкуль бадзёра ўніз Эўрот струменіцца
Праз зарасці ў даліну прамяністую,
Дзе ў чаратах гняздзяцца вольна лебедзі.
Там на адхонах племя пасялілася,
Яно да нас прыйшло з далёкай поўначы.
І, збудаваўшы крэпасць непрыступную,
На ўласны лад здаўна кіруе Спартаю.
Алена

Ах, дзёрзкія! І як маглі асмеліцца!
Фаркіяда

Бо мелі часу шмат — аж цэлых дваццаць год!
Алена

А хто ўзначальвае ліхіх грабежнікаў?
Фаркіяда

Грабежнікі ліхія? Не, не ганю я
Начальніка чужынцаў; не суровы ён:
Забраць усё ён мог бы, а здаволіўся
Дарамі небагатымі, ды шчырымі.
Алена

А з твару ён які?
Фаркіяда

                       Прыгожы. Здатны муж!
Адукаваны, статны ён паставаю,
Няма такіх разумных паміж элінаў.
Хоць племя прышлае завецца варварскім,
Ды з іх ніхто не здольны быў на жорсткасці,
Што натварылі эліны пад Трояю.
Яго шаную шчырасць і велікадушнасць я.
А крэпасць іх, пабачыце, пастаўлена
Зусім не так, як продкі ў нас грувасцілі
Нязграбныя цыклопскія будыніны.
Калі раўняць са Спартаю прыземістай,—
У іх усё інакш: адвесна, гонкасна,
Размерана, грунтоўна і надзейна ўсё,
Муры, палацы, вежы ў іх спічастыя,
Усё імкнецца ўгору, ў высь нябесную,
Прасторныя дамы ў іх з прыбудовамі,
Калоны і калонкі, аркі, арачкі,
Альтанкі ўтульныя, гербы над брамамі.
Хор

Які ў іх герб, расказвай!
Фаркіяда

                                 Знак Аяксавы{226}!
Гадзюка на шчыце; шчыты падобныя
Былі яшчэ і ў семярых пад Фівамі{227},
І кожны шчыт памечаны быў знакамі:
Праменным месяцам, яшчэ і зоркамі,
Мячамі, маскамі альбо паходнямі.
Усё на іх было, што страх узбуджвае,
Што пагражае смерцю люду мірнаму.
І ў нашага героя герб пагрозлівы:
Ільвы, арлы і крылы каршуновыя,
І буйвалавы рогі, й хвост паўлінавы,
Блакітныя палосы, срэбныя.
І колькі зброі ў залах панавешана,
А ў залах так прасторна і так весела,
Што хоць да танца йдзі…
Хор

                               Там і танцоры ёсць?
Фаркіяда

Танцоры — як на подзіў! Сінявокія!
Юнацтва поўныя! Бадай, Парыс адзін
Раўня ім быў, калі сустрэў царыцу ён.
Алена

Не адыходзь ад сутнасці, канчай хутчэй!
Фаркіяда

Канчаць павінна ты, адкажаш згодаю —
Дык будзеш у палацы.
Хор

                                 О, цудоўная,
Дай згоду, мудрая, і ўсіх нас выратуй!
Алена

Хіба павінна я збаяцца гнеўнага
Цара! Няўжо ён крыўду ўчыніць жорсткую?
Фаркіяда

Хіба забыла ты, як Дэіфоба{228} ён,
Парысавага брата, мучыў ярасна,
Які цябе, ўдавіцу, ўзяў наложніцай?
Спаганіў плоць яго, адрэзаў нос яму.
А бэсціў як! Жахлівае відовішча!
Алена

Ён за мяне так жорстка пакараў яго.
Фаркіяда

Ён можа і з табою так расправіцца.
Красу дзяліць шкада: хто меў усю яе,—
Хутчэй ушчэнт загубіць, чым падзеліцца!
Гучаць далёкія трубы, хор жахаецца.

Як трубны зык нутро і слых уражвае,
Па сэрцы рэжа, так і рэўнасць мужава
Нагадвае, чым ён валодаў некалі,
Што страціў ён, чаго не мае ўжо.
Хор

Чуеш, чуеш трубны рокат?
                       Бачыш, бачыш зброі бляск?
Фаркіяда

Калі ласка, гаспадар мой!
                                Здам табе рахункі я!
Хор

Як жа з намі?
Фаркіяда

Вам, вядома, паратунку ўжо няма.
Перш памрэ царыца ваша, а за ёю следам —
                                                              вы.
Паўза.


Алена

Я ведаю — рашучы крок павінна я
Зрабіць цяпер перад абліччам дэмана,
Які дабро аберне ў зло з прыемнасцю.
Найперш, аднак, ісці у крэпасць мушу я.
Ды не скажу я, што ў грудзях царыцыных
З трывогаю глыбокаю затоена.
Хадземце ўсе! Ну што ж, вядзі, старая, нас!
Хор

О, як ахвотна з табой
Хадою таропкаю
Пойдзем, царыца, ад смерці.
Прад намі муры
Непрыступнага замка
Грозна ўзвышаюцца.
Нас яны абароняць,
Быццам муры Іліёна,—
Толькі ад хітрасці подлай
Ён нарэшце паў.
Туман расплываецца і завалакае задні план сцэны.

Што гэта, што? Што, сёстры, бачу?
Азірніцеся, сёстры!
Дзень быў пагодны, вясёлы!
Раптам пасмы туману
Наплылі пяшчотна з Эўрота.
Зніклі з вачэй
Мілыя бухты, чаротам парослыя,
І вольныя, гордыя лебедзі,
Якія плылі чарадою.
Я нічога не бачу? Нічога!
Толькі ўсё чуюцца,
Гукі ўсё чуюцца трубныя.
Чуюцца гукі суровыя —
Смерць яны нам прадракаюць.
Ах, ратунку чакалі мы,—
Што ж цяпер станецца?
Гукі далёкія гэтыя
Зноў пагражаюць
Нам, прыгажуням,
Лябёдачцы нашай, царыцы,
Статнай красе белагрудай…
Гора нам, гора!
Усё абвалок непраглядны туман.
Мы самі сябе ўжо не бачым.
Што адбываецца?
Ці мы ідзём?
Ці стаім, ці лунаем?
Бачыш, плыве перад намі
Постаць Гермеса, як прывід?
Бачыш, жазлом залатым
Нас пасланнік багоў запыняе.
Нас заварочвае ён
Да панурага,
Поўнага ценяў празрыстых,
Ненасытнага,
Вечна пустога Аіда.
Пачарнелі, пацямнелі нас акрылыя туманы,
Стала змрочна, бы ў магіле.
                                 Вольны позірк сустракае
Скрозь злавесныя муры.
                               Што такое? Двор? Магіла?
Страшна, жудасна, сястрыца!
                               Мы — у пастцы, у палоне,
Нам не вырвацца адсюль!

Двор замка, акружаны багатымі фантастычнымі сярэдневяковымі пабудовамі

Панталіда

Цярпення, розуму ў жанчын — ні каліва!
Вы лёсу забаўкі, ахвяры моманту.
Ні ў долі, ні ў нядолі вы не ўмееце
З належнай годнасцю явіць характар свой.
Прывыклі супярэчыць вы адна адной,
І ў шчасці, і ў няшчасці толькі плачаце.
Заціхніце! Чакайце мудрай уладарніцы.
Алена

О, дзе ты, Піфаніса{229}, будзь прыхільная!
Не пакідай нас у памроччы замкавым!
Калі правадыру чужынцаў з поўначы
Пайшла сказаць, што мы сюды з’явіліся,
Тады я дзякую! Вядзі ж палонніцу —
Хачу спакою я, канца вандроўніцтву.
Панталіда

Дарэмна ты, царыца, азіраешся,
Старая знікла: можа, засталася там
У мгле, з якой мы выйшлі так загадкава
На гэтае дварышча незнаёмае,
Альбо блукае ў лабірынце замкавым,
Са многіх дзіўных прыбудоў утвораным,
Шукаючы на учту ганаровую
Гаспадара. Глядзі, ўгары пад вокнамі,
На галерэях і ў шматлікіх порціках
Натоўпы слуг ужо замітусіліся,
Прыём належны нам, відаць, рыхтуючы.
Хор

Сэрца б’ецца вальней!
                                 О, зірніце туды!
Як па лесвіцы ўніз крокам лёгкім да нас
Рад у рад юнакі роўным цугам ідуць.
Чый спаўняюць загад, хто паслаў юнакоў?
І каго сустракаюць урачыста яны
У адзенні святочным спяшаюць сюды?
Як узрушана я! Як прыгожа ідуць,
На падбор малайцы, кучаравыя ўсе,
Шчочкі-персікі, мяккі пушок на губах —
Адкусіла б, здаецца, кавалачак я.
Адкусіла б, ды страх: як бывала не раз —
Раптам попелам возьмуцца вусны.
Хлопцы прыгожыя
Ўжо набліжаюцца,
Моўчкі прыносяць
Трон і ступені,
Сцелюць дыван,
Ставяць над тронам
Балдахін каляровы —
Воблачкам над галавою
Царыцынай
Ён урачыста плыве.
Самавіта ўзыходзіць!
Станьма, сёстры, і мы
Поруч з царыцай!
Слаўся, о слаўся тройчы,
Ушанавання дастойнага час!
Усё, што абвяшчае хор, паступова выконваецца. Пасля таго як доўгі цуг пажаў і збраяносцаў сышоў уніз, угары на лесвіцы паказваецца Фаўст у сярэдневяковым рыцарскім убранні і павольна, з годнасцю таксама сыходзіць уніз.


Панталіда (уважліва яго разглядваючы)

Калі яму паставу зграбную,
Прывабнасць і манеры далікатныя
Не на кароткі нейкі час пазычылі,
А назусім далі, на векі вечныя,
Тады з удачай будзе неразлучны ён:
На полі бою пераможа воіна,
А ў бітве сэрцаў — прыгажуню першую.
Я ўпэўнена, ніколі не зраўняецца
Ніхто з мужчын, якіх я толькі ведала,
З мужчынам гэтым. Вось ён набліжаецца,
Пачціва, велічна. Вось князь наблізіўся.
Царыца, азірніся на дастойнага!
Фаўст (падыходзячы з закаваным Лінкеем)

Царыца! Я замест прыветных слоў,
Якімі твой прыход адзначыць трэба,
Прывёў у кайданах раба, які
Забыў пра абавязак свой і гэтым
Мяне магчымасці пазбавіў ён
Гаспадара свяшчэнны абавязак
Належна споўніць. Стань, нікчэмны раб,
Перад царыцай светлай на калені
І павініся перад ёй. Царыца,
Слуга, надзелены выдатным зрокам,
Пастаўлены на вежу аглядаць
Палі, лясы, бязмежны схіл нябёс
І ўсё, што толькі з’явіцца ў даліне,
На схілах гор, на беразе ракі,—
Што йдзе да крэпасці — няхай то статак,
Няхай то войска. Статак мы захопім,
А ворага паб’ём. Вялікі грэх!
Ты — тут, а ён, злачынны, — не даносіць!
І па яго віне мы не сустрэлі
Высокай госці. Смерць ён заслужыў!
Карай яго ці літуй, о царыца!
Алена

Вялікай годнасцю суддзі, царыцы
Мяне ты адараеш, хоць, магчыма,
Выпрабаванне хочаш мне зрабіць.
Але судзейскі абавязак споўню
І з допыту няшчаснага пачну.
Лінкей (вежавы дазорца)

Загадай, краса-царыца,—
Кару ўсякую прыму,
Каб і ў смерці пакарыцца
Слову першаму твайму.
Золак ранішняй парою
Шле з усходу нам святло,
Раптам, — дзіва! Прада мною —
З поўдня сонейка ўзышло.
Я не ўбачыў край бясконцы,—
Сініх гор, зялёных ніў,
Я на гэтым ясным сонцы
Позірк здзіўлены спыніў.
Мой рысіны зрок і ўночы
Не падманвае мяне.
Сёння ж днём аслаблі вочы —
Я ўсё бачыў, нібы ў сне.
Замільгалі ў мглістай плыні
Вежы, хмары, горны стан,—
Раптам светлы твар багіні
Выплывае праз туман.
І сумеўся я, дазорны,
Знепрытомнены, без сіл —
Вобраз дзіўны, непаўторны
Асляпіў мяне зусім.
І, знядбаўшы службу, грэшны,
Затрубіць забыў я ў рог.
Пакарай мяне! Няўцешны
Ля тваіх сканаю ног.
Алена

Ці маю права я караць правіны,
Якім сама прычынай?
                                Гора мне!
Навошта мне прадвыракла планіда —
Бянтэжыць самых годнейшых мужчын?
Прымусам, зманам, хітрасцю, палонам
Багі, героі, дэманы, паўбогі
Мяне паўсюль вадзілі за сабой.
Я ў першым твары нарабіла ліха,
Пасля ў другім падвоіла бяду,
Памножыла і ў трэцім, і ў чацвёртым{230},—
Не, права пакарання я не маю.
Раскуй няшчаснага! Нявінны той,
Каго багі раптоўна асляпілі!
Фаўст

Я здзіўлены, царыца, што і ён,
Тваёй стралой пацэлены, упаў.
Ты, пругкую напяўшы цеціву,
О лучніца, пускаеш стрэлы трапна
У сэрца мне. А колькі тых ахвяр,
Калі ты ў замку сядзеш на прастол
І хмары страл засвішчуць, запяюць,
Тут будзе! Ты ўзбунтуеш цэлы двор,
І воіны мае, што служаць мне,
Непераможнай прынясуць прысягу.
Што застанецца мне, як не аддаць
Сябе і край мой пад тваю апеку?
Дазволь і мне, твайму рабу, прасіць
Цябе, каму мы ўсе цяпер належым,
Быць нам царыцай і заняць прастол.
Лінкей (са скрынкаю, на чале некалькіх мужчын з такой самай ношай)

За твой спагадлівы пагляд
Багач жабрачыць будзе рад,
Жабрак зірне царыцы ў твар —
І ўжо багаты ён, як цар.
Чым быў я? Кім паспеў я стаць?
Што мне рабіць? Чаго жадаць?
Мой востры зрок? — Нашто мне ён,—
Яго ж бо твой заслепіць трон.
З усходу мы ў паход пайшлі
На захад, аж на край зямлі.
Усіх разбіла наша раць —
Нідзе нам роўных не відаць.
Адзін загіне ў громе сеч,
Другі вымае з похваў меч,
За кожным паўставала сто,
Забітых не лічыў ніхто.
У чадзе вогненнай жуды
Знікалі вёскі, гарады —
І кожны з бою браў дабро:
І золата, і серабро.
Дзе ўчора я здабычу браў,
Другі там сёння панам стаў:
Рабуе сёлы, у палон
Бярэ красунь найлепшых ён.
Як знаўца самых тонкіх спраў
Я толькі рэдкаснае браў,
І долі большае сабе
Я не выгадваў пры дзяльбе.
Угледзець скарб? — Ды што лягчэй,
Нішто не ўкрыецца з вачэй! —
Хай у замкнутых сундуках,
Хай у глыбокіх тайніках…
Найбольш любіў я камяні.
Адно смарагдаў прамяні
Аздобяць прыгажосць тваю —
Табе смарагды аддаю.
Прымі, царыца ўсіх царыц,
Жамчужных пару завушніц,—
Рубін дык той паблякне ўміг
Перад румянцам шчок тваіх.
Вазьмі ж увесь багаты скарб,
Што йграе тысячамі фарб —
Ўраджай крывавых перамог
Я да тваіх прыношу ног.
Бяры каштоўныя дары;
Напоўню імі ўсе куфры.
Адно скажы мне слова ты —
Палац збудую залаты.
Як толькі ты ўзышла на трон,
Дык сіла, розум і закон
Адразу ў гэты светлы міг
Схіліліся да ног тваіх.
На хараства твайго алтар
Я ўсё дабро прыношу ў дар.
Раней дабро было мне ўсім,
Цяпер не бачу шчасця ў ім.
Усё, што дарагім было,
Панікла, як у суш быллё,
Але мяне за горыч страт
Узнагародзіць твой пагляд.
Фаўст

Нясі назад здабыты ў бітвах скарб,
Бо ўсё, што ёсць у скарбніцах у нас,—
Належыць ёй; адасабляць дары
Нягожа нам; ідзі і занясі
Куфры свае ў агульны склеп; няхай
Ва ўсім адзін парадак будзе, каб
Скляпенне ззяла, быццам неба; ты ж
Рай з безжыццёвага жыцця ствары!
Скрозь дываны, кілімы пасцялі
І кветкамі асып, нага яе
Няхай адно па мякенькім ступае,
Каб акружаў царыцу бляск такі,
Што не аслепіць толькі бажаство.
Лінкей

Не бывае, пане, каб
Твой загад не споўніў раб!
Толькі ж дух і кроў сваю
Ёй цяпер я аддаю.
Прад красою наша раць
Больш не можа устаяць.
Нам адзін яе прамень,
Быццам сонца ў ясны дзень,
А яе прыгожы твар
Даражэй за ўсякі дар.
(Выходзіць.)

Алена (Фаўсту)

Хачу пагутарыць з табою я.
Займі на троне месца ўладара,—
Займі і стань апораю маёй.
Фаўст

Спачатку на каленях, гаспадыня,
Дазволь падзякаваць табе! Руку
Тваю — рабу пацалаваць дазволь
І суправіцелем тваёй дзяржавы
Мяне прызнач; прымі ў адной асобе
Твайго прыхільніка, ахоўніка, слугу!
Алена

Дзівотаў розных многа бачу я.
Уражана! І хочацца спытацца,
Чаму прамова вернага слугі
Гучала так нязвыкла і так дзіўна?—
Да гука гук прыстройваўся суладна,
Сугучна слова клалася да слова,
Лагодна, трапна, песціла мой слых.
Фаўст

Калі ты нашу мову ўпадабала,
То з радасцю і нашу песню прымеш,
Здаволіш слых і розум наталіш.
Я вельмі рады. Лепш, аднак, калі
Табе я мовы ўрок практычна дам,
Бо слова складнае чаруе, вабіць.
Алена

Мне складнасці наўчыцца памажы.
Фаўст

Не цяжка, толькі б словы йшлі з душы.
Калі ад страсці ные сэрца наша,
Шукаем…
Алена

              …хто ўзаемнасцю адкажа.
Фаўст

Што будзе, што было — не бачыць дух,
Бо толькі ж у сучасным…
Алена

                                     …шчасце двух.
Фаўст

У ім цяпер жывём і ты, і я;
Зарукай лучнасці…
Алена

                           …рука мая!
Хор

Хто царыцу папракне,
Што зычліва так прымае
Ўладцу крэпасці яна!
Мы палонніцы —
І ўжо не ўпершыню,—
З часу пагібелі ганебнай
Іліёна; з пачатку нашых
Страшэнных бадзянняў па свеце.
Звыклыя да кахання жанчыны
Ведаюць, хто чаго варты,
Ды права на выбар не маюць.
І пастушок кучаравы,
І чорнашчаціністы фаўн,—
Кожны, хто выпадак зловіць,—
На цела крамянае
Права аднолькава маюць.
Садзяцца бліжэй,
Адно аднаму
Плячо да пляча,
Калена ў калена,
Рука ў руку
І песцяцца замілавана
На тронных падушках,
На мяккіх і пышных.
Манарх не адмовіцца ад
Радасцей тайных
Нават пры ўсіх,
На віду.
Алена

Далёка я і блізка — нейкі цуд!
Ды лёгка я скажу табе: я тут!
Фаўст

Я сёння, нібы ў сне, я стаў нямы,
Ці я жыву, ці не, — дзе ж гэта мы?
Алена

Ты абнавіў мяне, ўваскрэсла я,
Я ўся ў любві цяпер, я ўся твая.
Фаўст

З любві вазьмі, што толькі можаш ты,—
Жыццё ёсць міг — яно наш доўг святы.
Фаркіяда (энергічна ўмешваецца)

На абдымкі, гулі, ласкі,
На любоўныя папаскі,
На ўсе казані і казкі —
Мушу вам сказаць — не час!
Не ўзварушаць гэтай пары
Нават трубы і фанфары.
Ды ўжо рушыла на нас
У паход ліхая зграя
Ваўкарэзаў Менелая —
Зараз будзе тут якраз!
Пераможа — вам няволя.
Дэіфоба злая доля,
Я мяркую — не для вас.
Годзе цешыцца; а зрэшты,
Мне ўсё роўна, як памрэш ты —
Толькі ж ён тапор прыпас.
Фаўст

Зноў непрыемнасці і перашкоды зноў!
Я ў небяспецы не люблю гарачнасці.
Благая вестка брыдзіць і прыгожага,
А ты — ганец-брыда, ды дрэннай весткаю
Не ўдасца сапсаваць мне самы лепшы дзень —
Пустое кажаш ты, няма пагрозы нам,
Калі ж і ёсць яна, — зусім не страшна мне.
Сігналы, стрэлы з веж, барабаны, гукі рога, ваенная музыка; чуецца набліжэнне вялікага войска.

На бітву, слаўныя дружыны,
Герояў непахісных раць!
Бо варты толькі той жанчыны,
Хто йдзе яе абараняць!
(Да военачальнікаў, якія выходзяць з каланады і набліжаюцца да яго.)

Вы — поўначы і ўсходу сіла!
Вымайце ж вострыя мячы;
На тое вас зямля ўскарміла,
Каб ворага перамагчы.
Сябры, і воіны, і слугі —
Раскаты чуюцца грымот.
Настаў наш час надзець кальчугі
І рушыць у святы паход.
Чый, як не ваш, імпэт геройскі,
Нам дапамог скарыць Пілос{231}?
І ці не доблесныя войскі
Звалілі элінскі калос?
Цяпер адкіньце Менелая
Ад нашых сцен да мора прэч —
Хай там удачы ён шукае,
Аматар рабаўнічых сеч.
Вам, герцагі, царыцу Спарты
Даверу я і ўсе правы
Даю на землі, калі варты
Іх у баі адстойваць вы.
Карынфа берагі, затокі
Германец сцеражэ няхай,
А готу аддаю шырокі
Ахеі вольнай горны край.
Хай возьме франк сабе Эліду,
Месенію сакс возьме ў лен,
Дару нарману Аргаліду{232},
Я ж над усімі — сюзерэн.
Як толькі вораг пакарыцца,
Уводзьце кожны свой закон,—
Але адная ў вас царыца,
Адзін у вас — Лакедэмон.
Дапамагчы яна вам рада,
Вам сілы дасць для перамог.
А трэба рада ці спагада —
Вы да яе ўпадзіце ног.
(Фаўст сыходзіць з трона.)


Князі абступаюць яго, каб лепш пачуць яго загады і распараджэнні.


Хор

Хто хоча прыгожую мець,
Хай за зброю бярэцца.
Калі ён узяў прыгажосць,
Роўнай якой на свеце няма,—
Ёю спакойна валодаць не будзе:
Бо хітры праныра ўкрасці гатовы яе,
А дзёрзкі разбойнік вырваць сілаю з рук,—
Гэтым замахам рыхтуй адпор!
Князя за гэта хвалю я.
Князя за гэта шаную —
Смела, разумна паводзіць сябе,
Нават моцныя перад ім,
Схіліўшы галовы, пакорна стаяць,
Ловячы кожны загад на паўслове.
І хай сабе за мізэрную плату,
Але славу князю здабудуць
І сілу памножаць яго.
Хто ж яе адбярэ
У магутнага ўладцы,
Хто з рук яго вырве царыцу?
Дык хай жа валодае ёю адзін,—
Мы ўдвайне яго ўладу шануем,
Бо ён абароніць і нас
Мурам высокім і войскам магутным.
Фаўст

Для ўлады нашае — не страта
Такія шчодрыя дары:
Хай войска йдзе на супастата,
А мы застанемся ў шатры.
Яны ўбароняць ад захопу
Умацаваны царскі двор,
І гэты край, і ўсю Еўропу,
Спалучаныя стужкай гор.
Шчаслівы край! Усе плямёны
Тут у раі жывуць здаўна!
Алены край багаславёны,
Тут нарадзілася яна.
Сястру, братоў і ўсіх у родзе
Красой яна пераўзышла,
Калі ў чароце на Эўроце,
Як лебядзёўна, ў свет пайшла{233}.
І краю ў яркім пышным цвеце,
Табе пакорліваму зноў,
Адзінаму на белым свеце
Ты аддавай сваю любоў.
Няхай праменне і не вельмі грэе
Крутой гары сівую галаву,
Але сям-там на схілах зелянее,—
І козачка паскубвае траву.
Ніжэй — цурчаць крыніцы, стужкі рэчак
Іскрацца ў зелені густой травы,
І тысячагаловы гурт авечак
Спяшаецца на выпас лугавы.
Пасуцца быдла свойскага атары
Над прорвамі на кручах вольных гор —
Хлявы ім не патрэбны і кашары,
Калі навокал тысячы пячор.
Тут храм прыродны Пана, тут раздолле
Гарэзам-німфам ў дзікім гушчары,
Дзе дрэваў векавых густое голле
Калышацца шумліва на вятры.
Адвечны дрэмле лес сівы, дрымучы!
Лагодзіць сэрца мяккі халадок
Дубровы водарнай на дзікай кручы;
Зямных крыніц бруіць гаючы сок.
Плыве пад шатамі лясной дрымоты
Малочных ручаінак сырадой…
Ніжэй — сады цяністыя, гароды
Мядзвянаю прапахлі смакатой.
Народ здаровы тут, на белым свеце
Няма нідзе такіх румяных шчок,
Нібы ашчасціла само бяссмерце
Усіх сыноў тутэйшых і дачок.
Тут чалавек, як бацька клапатлівы,
Заўсёды ў дзецях вечніць сваю кроў,
І я не ведаю, ці на зямлі вы,
Ці, можа, вы сышлі пад райскі схоў.
І Апалон тут пасвіў коз чароды,
Сам — дасканаласць ён і прыгажосць;
У харастве і чысціні прыроды
Заўсёды лучнасць чыстых сэрцаў ёсць.
(Садзіцца поруч з Аленай.)

Багі ў адзнаку ўзнагароды
Табе прывабнасць аддалі,
Каб ты няшчасці і нягоды
Магла нам скрашваць на зямлі.
Ганебна ў замкавым палоне
Няволіць гордую газель!
Табе — Аркадзіі улонне!
Табе — нектарная купель!
Нас клічуць вольныя паляны
У край бясхмарнай пекнаты,
Там у лясны шацёр лісцвяны
Царыцай шчасця ўвойдзеш ты!

Сцэна зусім мяняецца

Да чарады гротаў і пячор туляцца закрытыя альшанкі. Цяністы гай прасціраецца аж да навакольных стромых скал.

Фаўста і Алены не відаць. Дзяўчаты з хору спяць на паляне, падзяліўшыся на групкі.


Фаркіяда

Як спяць мае дзяўчаты доўга й соладка
Ці сніцца ім той цуд, які надоечы
Наяве я пабачыла, — не ведаю.
Пара будзіць, пара: няхай падзівяцца.
І вы, барадачы, мужы шаноўныя,
Што седзіцё ў чаканні дзіва дзіўнага,
Выходзьце! Атрасайце вашы кучары,
Пратрыце вочы і мяне паслухайце.
Хор

О, адкрый жа, Фаркіяда,
       нам прычыны хвалявання.
Мы заўсёды рады слухаць
       незвычайныя легенды,
Бо даўно ўжо ўсім абрыдла
       гэтых скал крутых маўчанне.
Фаркіяда

Вочы ледзь папрадзіралі,
       а ўжо вас грызе нудота?
Слухайце ж: у гэтых гротах,
       у альтанках і пячорах —
У зацішку ідылічным
       наша пані з нашым панам
Для любві знайшлі прытулак.
Хор

       Што знайшлі?
Фаркіяда

                           Прытул самотны!
Толькі мне адной з даверам
       даручылі быць служанкай.
Я давер іх апраўдала
       і прыслужвала рупліва.
Потым трохі адышлася,
       каб сабраць карэння, моху,—
Разумеючы, што трэба
       маладых адных пакінуць.
І пакінула я іх.
Хор

Кажаш так, нібы ў пячоры
       цэлы свет, нам невядомы,
Лес і луг, азёры, рэкі —
       ах, пустое ты пляцеш!
Фаркіяда

Не маню, кажу вам праўду!
       Там бясконцыя прасторы!
Так праходзячы па залах,
       я пачула са здзіўленнем —
Смех дзіцячы гучным рэхам
       пад скляпеннем аддаецца.
Азірнулася, гляджу я:
       хлопчык рэзвы і свавольны
На каленях у Алены;
       потым скок! — і ён у бацькі!
Што ўсчалося! Пацалункі,
       ласкі матчыны, пяшчоты,
Звонкі смех, і гулі-гушкі,
       і гарэзлівыя жарты
Аглушылі ўраз мяне.
Голы і бяскрылы геній,
       як той фаўн, але не дзікі,
На зямлю з каленяў скача,
       а зямля паверхняй пругкай
Падкідае зноў угору,
       раз, другі; гляджу — анёлак
Скача ўжо з зямлі пад столь.
У трывозе маці кліча:
       ты скачы сабе, падскоквай —
Ды ўнікай свабодных лётаў,
       лёт не суджаны табе.
Ушчувае сына бацька:
       у зямлі схавана сіла,—
Што табе скакаць угору?
       Пальцам толькі дакраніся
Да зямлі, і, як Антэю,
       дасць яна табе мацунак.
А хлапчук нібы не чуе,
       скача з каменя на камень,
Быццам мячык; толькі раптам
       ён знікае ў прорве дзікай.
Маці ў роспачы галосіць,
       бацька ціха суцяшае,
Я ад страху памярцвела.
       Толькі — бач! якое шчасце —
Можа, скарбы там схаваны?
       Бо ў ядвабе, ў яркіх кветках
Ён з’яўляецца ізноў!
Ветрык грае кутасамі,
       рдзеюць стужкі і каралі —
Залатая ліра ў ручках,
       сам ён стройны, нібы Феб,
На скалу дзіця ўзыходзіць.
       Мы ў шчаслівым захапленні!
Маці радасная мужа
       абдымае і цалуе.
А над імі ззяюць німбы!
       А навокал азарэнне,
Зіхаценне і здзіўленне —
       звышмагутнай сілай духа!
А хлапчук сваёй паставай
       выдае ў сабе суцэльнасць
Незвычайнай прыгажосці,
       ён і ў рухах грацыёзных —
І гармонія, і песня;
       самі ўбачыце вы гэта —
Дзіва дзіўнае ён, цуд!
Хор

Цудам ты гэта завеш,
Крыцянка-палонніца?
Хіба не чула легенд,
Падобных на дзіва?
Песень Іоніі,
Песень Элады,
Складзеных некалі ў гонар
Грэчаскіх мужных герояў?
Усё нам памяць прыгадвае.
Усё, што было, што здаралася,—
Водгулле сумных эпох,
Водгулле цудаў былых.
Не дараўняецца твой расказ
Да песняў і казак Махі,
Неверагодных і дзіўных
Песняў Махі{234} пра сына.
Сыночак яе Гермес,
Прыгожы і дужы;
Нянькі яго спавілі
Рупліва ў пялюшкі,
Як толькі ён нарадзіўся.
Толькі свавольнік
Ручкамі, ножкамі, цельцам
Скінуў пялюшкі,
Скінуў прыгнёт пурпуровых адзежын,
Нібы матылёк
Непатрэбную абалонку лічынкі;
Жвава расправіў ён крылцы
І ў паднябессе,
У Эфірную высь
Смела ён паляцеў.
Гэты, гарэзлівы,
Змалку быў сябрам
Злодзеям і скамарохам,
Дэманам цёмным і хцівым.
Хітрыкамі ў Пасейдона
Трызубец ён выдабыў,
Меч у Арэса ўкрасці асмеліўся;
А ў Феба —
Стрэлы з калчанам,
Клешчы ў Гефеста спрытна ён згроб.
Выкраў бы ён і маланкі ў Зеўса,
Ды абпаліцца баяўся.
Даў ён падножку Эросу
У адзінаборстве.
Венеру мілуючы,
Украў яе пояс.
З пячоры чуецца чароўная струнная музыка. Усе слухаюць, глыбока ўзрушаныя. Да абазначанай паўзы дзеянне ідзе пад музыку.


Фаркіяда

Слухайце, якія гукі,
Што за дзіўная ігра!
Жарты вашыя і штукі
Вам даўно забыць пара.
Мудрагелістай здаецца
Наша песня нездарма.
Трэба, каб яна ад сэрца,
Ад душы ішла сама.
(Адыходзіць да скалы.)

Хор

Бачце, нават Фаркіяда
Зачарована стаіць.
Як жа гэтых чар улада
Нас павінна паланіць!
Бо ярчэй, цяплей, адменней,
Чым святло зямной зары,
Тое шчодрае праменне,
Што народжана ўнутры!
Алена, Фаўст, Эўфарыён{235} у апісаных раней уборах.


Эўфарыён

Песні, танцы, радасць сына —
Гэта шчасце для бацькоў.
І суладна, і адзіна
Зноў пульсуе ў сэрцах кроў.
Алена

Божай лучнасцю каханне
Паядноўвае дваіх.
А найлепшае з’яднанне —
Згода шчырая траіх.
Фаўст

Шчасце зноў цяпер са мною —
Я ўвесь твой, а ты мая.
Мы ў саюзе між сабою —
Іншага й не прагну я.
Хор

У прыгожым іх дзіцяці —
Мары светлай яркі квет.
Хай яны жывуць у шчасці
Многа зім і многа лет.
Эўфарыён

Пабегаць дайце,
Павесяліцца:
У высі неба
Хачу я ўзвіцца.
Мой дух не стыне,—
Хачу акрас.
Фаўст

Спакойна, хлопча,
Не зарывайся,
Падзення потырч
Асцерагайся.
Мой мілы сыне,
Не кідай нас.
Эўфарыён

Турмой мне стала
Зямная нэндза.
Пусціце рукі,
Пусціце сэрца,
На волю думкі
Ляцяць мае!
Алена

Падумай, мілы,
Каго ты кінеш,
Чые ты сілы
У смерць абрынеш?
Мае загубіш,
Яго, свае!
Хор

І еднасць вашу
Ён разаб’е!
Алена і Фаўст

Страснасць запалу,
Мілы наш сыне,
Зведай памалу,
Шал твой астыне
Тут, на прыволлі
Ціхіх далін.
Эўфарыён

З вашае волі —
Не выйдзе ваш сын.
(Уецца паміж хорам, парываючы ўсіх да танца.)

На карагоды я
Майстар і зух, —
Толькі б мелодыя,
Жвавасць і рух.
Алена

Добра, сыночак, скачы,
Танцам красунь вучы.
Ты карагодзь, іграй.
Фаўст

Не падабаецца, не —
Гэты іх танец мне.
Скончыцца лепш няхай!
Эўфарыён і хор карагодзяць, танцуючы і спяваючы.


Хор

Ручкай рухаваю,
Плаўнай і гнуткай,
Ножкаю жваваю,
Спрытнай і хуткай,
Вабячы вока нам
Станам дзіцячым,
Пасмаю-локанам,
Рухам гарачым,
Зачаравала
Гэта дзіця.
Сэрца ўспалала
Ад пачуцця!
Паўза.


Эўфарыён

Вы ўсе, дзяўчаты,
Як тыя лані,
Хутчэй пад шаты,
А я за вамі.
Я — паляўнічы,
Дзічына — вы!
Хор

У скокі-ловы
Пачнём гуляць мы,
Усе гатовы
Цябе абняць мы.
Бяжым, красунчык,
На паплавы!
Эўфарыён

Ляцім, лунаем
Над лугам, гаем.
Рахманай мілай
Я не лаўлю,—
Узяўшы сілай,
Мацней люблю.
Алена і Фаўст

Шал які! Які тут вэрхал! —
Ні канца і ні супыну.
Праз лугі, праз гоні рэхам
Трубны год ляціць над долам!
Гоман, грукат, віск і крык!
Хор (хутка ўваходзячы па адной)

Ганарысты жартаўнік ён —
Не спыніўся перад колам,
Усярэдзіну пранік ён,
Падхапіў дзяўчо — і знік!
Эўфарыён (несучы маладую дзяўчыну)

На забаву я красу
Правам дужага нясу.
Грудзі пругкія я ўпешчу,
Губкі пухлыя я ўлешчу,
Моц сваю, запал і волю
Перамогай задаволю.
Дзяўчына

Адпусці! У гэтай плоці
Вольны дух і сіла ёсць,
І тваёй юрні, ахвоце
Не аддасца прыгажосць.
Замахнулася замнога
Самаўпэўненасць твая,
Ой, глядзі, з цябе, дурнога,
Пасмяюся ўволю я.
(Успалымняецца і ўзносіцца.)

Ну, саколік, дагані!
У эфірнай вышыні
Дагарыць краса мая!
Эўфарыён (атрасаючы рэшткі полымя)

Тут навокал граніт,
Тут лясны гушчар,
А юначы мой спрыт
Прагне ўзвіцца да хмар,
Ветру парыўнага свісту,
Хваляў буруннага хлісту.
Я на прастор палячу —
Вольна дыхнуць хачу!
(Скача ўсё вышэй і вышэй са скалы на скалу.)

Алена, Фаўст, хор

Хочаш з козачкай зраўняцца,—
Не сарвіся з гонкіх круч.
Эўфарыён

Мне б угору толькі ўзняцца,
Разарваць тугі абруч!
Бачу і пазнаю:
Я ў Пелопса{236} стаю —
Край абмыты марамі,
Край з крутымі гарамі.
Хор

Можа, цябе гнятуць
Лес і ўцёсы?
Глянь: доле ў нас растуць
З гронкамі лозы,
Смоквы, нібы ў раі —
Розныя ёсць плады.
У блаславёным краі
Блаславёны і ты.
Эўфарыён

Ваша адна трызня:
Мірнага ўведаць дня.
Перамога і бой —
Вось дэвіз мой!
Хор

Хто парываецца прагна
Да ваяўнічых дзей,
Той губіць марна
Шчасце надзей.
Эўфарыён

Роджаны гэтай зямлёй —
Ведае бой,
Праліць у змаганні кроў
Заўсёды гатоў.
І не скарыць нічым
Чыстых душой,
Шчасце хай дасць усім
Пераможны бой!
Хор

Гляньце, ўгору ён імкнецца,
Прагне ўвысь ужо смяльчак,—
Не дзіця ён, не сагнецца
У баі герой-юнак.
Эўфарыён

Што мне хвалі, што муры мне,
Я ж упэўнены ў сабе!
Сіла, моц мая абрыне
Перашкоды ў барацьбе.
Меч скую са сталі звонкай,
Каб не сеў на горб тыран.
Будзь, жанчына, амазонкай,
А дзіця будзь, як тытан!
Хор

Слава паэзіі,
Дзіўнай кудзесіі!
Зоркай яна
Ззяе з цямна,
Грудзі лагодзіць,
Дух наш малодзіць —
Сэрцаў вясна!
Эўфарыён

Не, я не хлопчык кучаравы —
Юнак узброены ідзе.
На бой святы, на бой крывавы
Ён за сабой братоў вядзе.
На бой,
Герой!
Там слава і трыумф надзей!
Алена і Фаўст

Толькі да жыцця прызваны,
Толькі ўбачыў ты святло,
Як цябе на подзвіг бранны,
На пакуты павяло.
Ты наш адзін,
Адзіны сын!
Хіба саюз наш — сон і тло?
Эўфарыён

Вы з мора чуеце грымоты,
Вам з поля бітвы гром чуваць —
Там на апошнія аплоты
На сечу йдзе за раццю раць!
Я прызнаю
У баі смерць сваю,
Інакш навошта паміраць!
Алена, Фаўст, хор

Жудасць! Жах! Так прагнуць смерці?
Хіба ж ты для смерці ўзрос?
Эўфарыён

Не на тое ўзрос я, верце,
Каб такі спалохаў лёс!
Алена, Фаўст, хор

Там прорвішча жуды,
Пагібель там!
Эўфарыён

Няхай! Лячу туды!
Лячу к братам!
Лячу да іхняй раці
На крылах мар!
Кідаецца ў паветра, нейкі момант адзенне нясе юнака, яго галава ззяе, за ім цягнецца светлы след.


Хор

Канец! Канец дзіцяці!
Ікар! Ікар!
Прыгожы юнак падае да ног бацькоў; у ім нібы пазнаецца іншы знаёмы вобраз; аднак цялеснае адразу знікае, німб каметаю ўзносіцца ў неба, застаюцца толькі туніка, плашч і ліра.


Алена і Фаўст

Радасці нашай на змену —
Гора, адчай.
Эўфарыён (голас з глыбіні)

Мяне ў царстве тлену,
Маці, не пакідай!
Паўза.


Хор (жалобны спеў)

Не пакінем! — дзе б ні быў ты,
Не парушым нашай згоды;
Расстаёмся мы без крыўды,
Сэрцам бо з табой заўсёды.
Не патрэбен плач хаўтурны!
Нам бы гэткі слаўны лёс:
Ты ў жыцці быў светлы, бурны,
Песню з мужнасцю пранёс.
Слаўны родам, непагрэшны,
Шчасце ты ў жыцці любіў.
Толькі, мужны і мяцежны,
Рана ты жыццё згубіў.
Быў з людзьмі заўсёды шчыры,
Востры, ясны меў пагляд,
Ты спяваў, іграў на ліры
І кахаў красунь дзяўчат.
Ты памчаў, як утрапёны,
Прагнучы вялікіх спраў,
Нашы звычаі й законы
Ты міжволі занядбаў.
Сцвердзіў мужнасць і адвагу
Чыстым розумам юнак.
Найвышэйшага ты прагнуў,
Ды здабыць не змог ніяк.
Хто ж здабудзе? Хто закрые
Браму гора і пакут? —
Акрываўлены тут ные
Пад ярмом уціску люд.
Песня, ў сэрцы зноў ўваскрэсні! —
Годзе скрушліва рыдаць!
Як зямля раджала песні,
Так і будзе іх раджаць!
Доўгая паўза. Музыка заціхае.


Алена (Фаўсту)

На мне стары прысуд якраз збываецца:
Што не жыве з красою шчасце доўгае.
Кахання і жыцця слабеюць повязі.
Даруй мне, я кажу, свой лёс аплакаўшы,
І абдыму цябе яшчэ — на жаль! — апошні раз.
Прымі ж мяне, о Персефона, з дзіцеткам.
(Абдымае Фаўста, цялеснае знікае, а плацце і пакрывала застаюцца ў яго ў руках.)

Фаркіяда (Фаўсту)

Адну сукеначку ад шчасця маеш!
Не выпускай яе, мацней трымай,
Бо дэманы раптоўна вырвуць з рук
І панясуць у царства небыцця;
Няма тваёй багіні, не шукай!
Але хавай заўжды яе адзенне —
Царыцын дар цябе ўзнясе ў эфір
І над зямным узвысіць, там лунай —
Мы там пазней сустрэнемся з табой.
Адзенне Алены расплываецца ў воблака, акружае Фаўста, падымае яго і адплывае разам з ім. Фаркіяда падымае мантыю і ліру Эўфарыёна, і, патрасаючы імі, ідзе на авансцэну і гаворыць.

Нішто знаходачка для нас!
Святы агонь даўно пагас —
Не буду мучыцца са светам,
Пакіну вопратку паэтам,
Каб не звялася іх забава
І лірных песень гуд і слава.
Хай талентаў іх не ўваскрэшу,
Дык хоць пазычу ім адзежу.
(Садзіцца на авансцэне каля калоны.)

Панталіда

Спяшайцеся, дзяўчаты! Чары ўпалі з нас,
Закляцце знята фесалійскай злосніцы,
Гучанне знікла сказаў, хітра сплеценых,
Што розум зацямнялі й слых бянтэжылі.
Чакае нас Аід! Мы за царыцаю
Таропка паляцім; няхай Прыгожую
Служанак хор суправаджае, верны ёй,
Ля трона Недаступнай з ёй сустрэнемся.
Хор

Усюды царыцам прыстанішча ёсць:
Нават у змрочным Аідзе
Роўныя з роўнымі сыдуцца там
І з Персефонай кампанію водзяць.
Нам жа бавіць свой час
На палях асфадэльных{237},
Між таполяў пасохлых.
Як кажаны, як сляпыя,
Будзем шаптацца мы безнадзейна.
Панталіда

Хто не здабыў сабе імя шаноўнага,
Хто не імкнецца да высакароднага —
Той раб стыхіі! Знікніце ж цяпер усе!
Мяне мой лёс заве з царыцай разам быць,—
З усіх заслуг найболей вернасць узвялічвае.
(Выходзіць.)

Першая частка хору

Шалахценнем дрэў галлістых,
       шумам і павевам ветру
Галасы свае прыглушым;
       і з зямлі карэннем сокі
Жыццядайныя пагонім
       у раскошную лістоту.
Пругкім калівам узыдзем,
       кветкамі цвісці пачнём.
А плады нальюцца сокам,—
       адусюль збяруцца людзі,
Каб спажыць зямны ласунак,
       каб сабраць багаты плён.
Перад намі, як багамі,
       кожны схіліцца тады.
Другая частка хору

Мы прытулімся лагодна
       да паверхні скал адвесных
І пачуем шчэбет птушак,
       шум далёкі чаратовы
І жахлівы покліч Пана.
       І на ўсё мы ўраз адкажам:
На цурчанне вод цурчаннем,
       на грымоты грозным громам,
З сілай новаю, падвойнай,
       з сілай тройчы больш магутнай
Мы абрынемся адразу,
       заглушаючы грымоты.
Трэцяя частка хору

Мы, імклівыя сястрычкі,
       ручаямі пабяжым,
Бо чаруюць нас і вабяць
       далячыні і пагоркі,
Паплывём да долаў дольных,
       арашаючы палеткі,
Пашы, градкі, і загоны,
       і сады вакол сядзіб.
Кіпарысы, ясакары
       нашы рэчышчы абступяць,
Уздымаючыся ў неба
       роўным строем паабапал.
Чацвёртая частка хору

Вы гуляйце, дзе вам люба.
       Мы абступім і абвеем
Кожны схіл і кожны ўзгорак,
       дзе на лозах спеюць гронкі —
Плён руплівых рук і сэрца
       вінаградара, якому
Злая суш заўсёды сніцца,
       што ўраджай яго знішчае.
Ён акучвае, капае,
       падразае лозам голле
І падвязвае да тычак,
       і з малітваю да бога
Ён звяртаецца заўсёды.
       Толькі Бахус бесклапотны
Пра слугу свайго зямнога
       мала думае і дбае,—
Ён ляжыць у халадочку,
       з маладым жартуе фаўнам,
Каб навеяць сон і мару,
       пахмяліцца з асалодай.
Бурдзюкоў ён мае многа,
       розных чарак і глякоў.
Гэта ўсё ахвяраванні,
       гэта дар людзей, удзячных
За спагаду і прыхільнасць
       бога хмелю і віна.
Ды калі багі памогуць,
       першы Геліёс праменны,
І напоўняць вінаграду гронкі
       сокам і святлом,
Ажыве і сад зялёны,
       і старанны вінаградар —
Зашуміць лістота ў садзе,
       лозы дружна зашумяць.
Загучаць тады бадзёра
       песні зборшчыц-маладзічак
Каля цэбраў, дзе дзяўчаты,
       басаногія танцоркі,
Сок гаючы вінаграду
       выціскаюць з гронак спелых;
Пырскае, шумуе пенай
       у вялізным чане ён.
І грымяць тады тымпаны
       ў лад усім чароўным гукам,
І тады заслону тайны
       і містэрый адкрывае,
Адкідае Дыянісій
       і здымае з твару маску.
Следам хеўра казланогіх
       і вушасты звер — Сіленій{238}.
Тут законы прэч з дарогі!
       Цноту прэч з дарогі! Прэч!
У гармідары шалёным
       вушы глухнуць, кроў кіпіць!
П’яныя ўздымаюць чаркі,
       жываты — як гарбузякі.
Некаторыя марудзяць,
       але ж трэба выпіць рэшту,
Каб віно ўліць маладое —
       у парожнія мяхі.
Заслона апускаецца.

Фаркіяда на авансцэне выпростваецца на ўвесь магутны рост, здымае маску і пакрывала, сыходзіць з катурнаў і аказваецца Мефістофелем, які гатовы, калі спатрэбіцца, пракаменціраваць эпілог сцэны.

Акт чацвёрты{239}

Нагор’е

Вострыя, спічастыя ўцёсы. Наплывае воблака, апускаецца на выступ. З воблака выходзіць Фаўст.


Фаўст

Падняўшыся на скалы з думай светлаю,
Гляджу задумліва на кручы горныя.
Вось з хмары я выходжу, на якой ляцеў
Над морам неаглядным і над сушаю.
І вось яна павольна аддзяляецца
Ад круч і ціха ўдаль плыве, пакінуўшы
Мяне на выступе скалы; захоплена
Услед гляджу, вітанне пасылаючы.
Плыве яна, хвалюецца, мяняецца,
Прымае формы самыя дзівосныя,—
Здаецца, што на хмары плыўнахвалістай
Паводдаль паўстае ў зіхценні сонечным
Жанчыны незабыўнай вобраз прывідны—
Ці то Юнона{240}, Леда ці Прыгожая? —
Як зачароўвае мяне відовішча!
Ах, як шкада! Той вобраз расплываецца,
Зліваецца са снежнымі вяршынямі,
Мяне тут з успамінамі пакінуўшы…
А навакол мяне пяшчотна марыва,
Праменнямі асветленае, зыбіцца,
Лагодзіць грудзі мне… Яно ўздымаецца,
У воблачка згушчаецца і робіцца
Юначых кроз маіх чароўным вобразам…
Няўжо крынічыць сэрца зноў па-весняму,
Няўжо цяпер паўсталі зноў у памяці
Жыццёвы золак, і любоў юнацкая,
І першы позірк, колісь ледзь улоўлены,
Які цяпер мне скарбам стаў над скарбамі?
Імкнецца ўвысь, як хараство душэўнае,
Прывабны гэты прывід, забіраючы
Усё, што ў сэрцы ёсць маім найлепшае.
Ступае сямімільны бот, за ім другі. З ботаў сыходзіць Мефістофель. Боты бягуць далей.


Мефістофель

Фу! Як змарылі праменады!
Скажы, чаму сярод пячор
Спыніўся? Скальныя грамады
Я ведаю з тых даўніх пор,
Калі ў клубах геенскай пары
Тут балявалі чэрці і пачвары.
Фаўст

Табе легенду дай у рукі,
І ты прымаешся за штукі.
Мефістофель (сур’ёзна)

Калі гасподзь за нейкі дробны грэх
У апраметную наш род паверг,
Няўтульна жыць нам стала і нясыта,
Бурчала ў чэраве несамавіта.
І нейк прыпёрла ўсім чарцям адразу,—
Мы як далі! — хоць з пекла прэч ад газу!
Той серны газ як грымнуў угару,
Ушчэнт зямную трушчачы кару!
Дзе спод тады быў, пад нябёсы
Цяпер спічастыя імкнуцца ўцёсы,
А дзе быў верх, цяпер там спод —
І там жыве чарцячы наш народ.
Пазней мужы вучоныя з тых выбухаў-грымотаў
Вам вывелі тэорыю пераваротаў…
Вось так прарвалі чэрці пекла нетры
І ўжо гуляюць вольна на паветры.
А тайну вызвалення нашага пазней
Адкрыў апостал Павел для людзей{241}.
(Пасланне да эфесян, 6,12.)
Фаўст

Я асаблівага не бачу дзіва,
Што высяцца тут горы ганарліва.
Прырода склалася з сябе сама
Разумна, мэтазгодна. Нездарма
Гара з гарою зводзіцца — у горы,
Рака з ракой зліваецца — у моры.
Заканамерна, што адхоны гор
Нахілены да рэчак і азёр.
На перамены творчыя прыродзе
Няма патрэбы ў чортавым смуродзе.
Мефістофель

Заўсёды ясна нам усё, аднак
Я сам пабачыў, што было і як —
Я добра помню, як смала
Кіпела тут, як кузня тут гула,
Калі Малох у вогненным гарніле
Каваў камлыгі ў тысячы пудоў.
І валуны дасюль яшчэ ў пяску і ў пыле
Ляжаць як сведкі тых гадоў.
Чаму? Хто скажа вам талкова —
Ці з пэўнай мэтаю, ці выпадкова
Напісана вучоных прац без ліку?
Вось толькі просты, цёмны люд
Не проста збіць, мой пане, з панталыку,
Люд ісціну даўно спазнаў: яна —
Ні больш ні менш як яркі цуд,
Які стварыў калісьці сатана;
Не без прычыны ж кажуць: «ведзьмін хвост»,
«Чарцячы палец», «чортаў мост».
Фаўст

Карысна ўведаць і спадсподу
Твой самабытны погляд на прыроду.
Мефістофель

Ды што мне на яе глядзець! —
Галоўнае, што чорт быў маладзец!
У нас, чарцей, наогул — вечна так.
Мы любім выдумку і кавардак.
А ты? Няўжо, спазнаўшы таямніцы,
Яшчэ не маеш яснасці пазіцый?
Няўжо твае вандроўкі па зямлі
Табе нічога так і не далі?
Ты ж зведаў без уплываў нічыіх
«Зямныя царствы ўсе і веліч іх»{242}.
(Матв., 4, 8.)
Так, ты з няўрымслівых! Урваўшы дробку,
Не мог на пошуках паставіць кропку.
Фаўст

Я маю мэту! А якую,
Сам адгадай!
Мефістофель

                Што ж, паспрабую.
Каб мог сабой ты ганарыцца,
Табе спатрэбіцца сталіца:
Крывыя вулачкі, бажніца,
Дамы, пастаўленыя густа,
Базар — цыбуля і капуста —
І яткі — там мясныя тушы,
Гудзенне мух, аж глухнуць вушы,—
У гэтым тлуме дзень пры дні
Смуроду шмат і штурхатні.
Далей — багатыя кварталы:
Палацы пышныя, парталы,
Шырокія бульвары, храмы.
А дальш ад гарадское брамы,
Там, дзе ўзвышаецца сцяна,—
Прадмесцяў людных гамана…
Замілавана будзеш ты
Глядзець на брычкі і карэты,
На люд, які сюды-туды
Снуе па вуліцах без мэты.
А варта там табе з’явіцца,
Няхай сабе гады ў рады,
І будуць тысячы дзівіцца
Пачціва на цябе тады.
Фаўст

Як можна думаць так, ну што ты!
Хто вам аддзячыць за турботы?
Народ вучы, кармі, а ён гатоў
Табе замест узнагароды
Пладзіць зацятых бунтароў.
Мефістофель

Пасля б ты замак да нябёс
У маляўнічым месцы ўзнёс,
Каб удыхаць там водар свежы
І сузіраць зямлі бязмежжы.
І гэты лес, і гэты гай
Ператварыў бы ў божы рай.
Зрабіў бы ставы, вадаспады,
Газоны, сцежкі і каскады
І тысячы другіх драбніц —
Альтаначкі для маладзіц,
Каб бавіцца бясконцым часам
У халадочку не сам-насам,
Самазабыўна і карысна.
Я «маладзіц», сказаў наўмысна —
Яны, красуні, паяліку,
Больш ідэальныя у множным ліку.
Фаўст

Брыда! Тыран Сарданапал{243}!
Мефістофель

Ці адгадаў твой ідэал?
Яшчэ хай сонца, зоры, месяц
Твае імкненні больш падкрэсляць.
Фаўст

О не! Падмесячны абшар
І так дае прастор для мар.
Яшчэ і тут цябе й зямлю
Я смелым подзвігам здзіўлю!
Мефістофель

Ого! Ён хоча славы, ўлады,
Пабыўшы ў гераінь Элады!
Фаўст

Улада трэба мне й магутнасць.
Не ў славе — ў дзейнасці ўся сутнасць!
Мефістофель

Ці будуць подзвіг твой паэты
Перад нашчадкамі хваліць,
Каб глупствам глупства распаліць?
Фаўст

Людскія думкі не апеты!
Ці можаш ты, прайдоха, знаць,
Кім чалавек хацеў бы стаць?
Ты скептык без жыццёвай глебы —
Не зразумець табе людзей патрэбы!
Мефістофель

Хоць не даеш ты чорту веры,
Ды ўсё ж адкрый свае намеры.
Фаўст

Міжвольна ў мора позірк мой імклівы
Прыцягваюць бясконцыя прылівы:
Яно ўздымаецца, расце ў памерах
І ўпарта сунецца, плыве на бераг
І залівае поймы, топіць поле.
Мне стала крыўдна. Гэта самаволле
Сляпой стыхіі мой свабодны дух
Абразіла. А мора дзёрзкі рух
Карысным можа стаць для нас:
Яно ж на берагі праз пэўны час,
Нібыта знаючы і моц сваю, і сілу,
Нясе ўсё новыя наплывы ілу.
Мефістофель (ad spectatores)

Ён мне адкрыў быцця адвечны ход! —
Я гэта ведаю сто тысяч год!
Фаўст (натхнёна)

І гэтыя спрадвечныя прылівы
Нашэсцямі знішчальніцкімі хваль
Зняплоджваюць палетак урадлівы
І зноў вяртаюцца ў марскую даль.
Не ўтаймаваная нікім стыхія
Без сэнсу моц сваю марнуе,
Бязмэтна над абшарамі пануе.
І вось мой творчы дух, які я
Збярог, праз церні ідучы,
Заве мяне — утаймаваць, перамагчы.
Пад сілу дзёрзкі подзвіг мне! Я б мог
Дзірван падступны векавых аблог
Аберагчы. Управу я знайду на воды —
Пагоркі ім працівяцца заўсёды;
А я гляджу на гэта ўсё, і планы
Раяцца ўжо ў маім мазгу —
І адабраць у мора поймы, ланы
Я дзейнасцю працоўнаю змагу,
Адгараджу ад мора сушу
І злой стыхіі межы звужу.
Ды тут узважыць трэба кожны крок.
А ты мне пасабляй, ты ж, д’ябал, даў зарок.
З правага боку, з-за публікі, з далечыні, чуюцца барабаны і ваенная музыка.


Мефістофель

Як проста ўсё! Ці чуеш крыкі, трубы?
Фаўст

Ах, зноў вайна, і гвалт, і націск грубы!
Мефістофель

Вайна ці мір — чаго пазногці грызці,
Мудрэц павінен ведаць смак карысці.
Сачы адно, фартуну не ўпускай.
Ну, Фаўсце, дзейнічай, давай!
Фаўст

На прыгаворкі ты лаўкач —
Прасцей, даходлівей тлумач.
Мефістофель

Дазнаўся я, што добры наш царок
У клопат даўся незнарок;
Калісь яму і прагнай знаці
Мы аддалі фальшывыя багацці.
З вялікай лёгкасцю здабыўшы трон,
На свет паквапіўся няўдала ён,
Рашыў, што з гэтакай нагоды
Ён можа царствам кіраваць
І пра палітыку не дбаць,
А дбаць адно — пра асалоды.
Фаўст

Як неразумна!
                     Бо сама ж улада —
Найлепшы слодыч і прынада.
Шапнуў слаўцо, ці мала гэта — многа,
І ўсё табе гатова, быццам з рога.
І свет дзівуецца, і свет глядзіць,
Як, дзе і чым манарху дагадзіць.
А лішак, непатрэбная раскоша,
Яна ж зглуміць усю магутнасць можа.
Мефістофель

Раскошы, лішкаў меў царок нямала.
А край грызня тым часам раздзірала,—
Стары з малым і з братам родны брат
Зацята б’юцца ўсе падрад.
На горад — горад, вёска з вёскай,
Парафіянін з цэрквай боскай,
З дваранствам смерды, голь і чэлядзь
Рахункі зводзяць, крыўды дзеляць.
Пайшла такая калатня,
Што ў ясны дзень не ўбачыш дня —
Спакою ні хвіліны не было.
Жыць — значыць бараніцца. Так і йшло.
Фаўст

Ішло, кульгала, падала, ўставала,
І раптам потырч пляснулася, ўпала.
Мефістофель

Становішча ў найлепшы акурат,
Бо кожны сам сабе і кум і сват;
Падняўся смерд на поўны рост,
Гізуе, прэ, задраўшы хвост.
Ды ўжо абрыдла многім свара тая.
Крычаць: «Дзе ж трон, дзе ты, царква святая?
Спакой і лад у край вярнуць пара!
Калі замала розуму ў цара,
Пасадзім іншага; любоў народа
Яму здабудуць мір і згода».
Фаўст

Папоўшчына!
Мефістофель

                А хто, як не сутаны,
Маліцца любяць на трыбух напханы?
Яны найбольш пілі і жэрлі,
Цяпер, глядзі, з ражном паперлі:
І вось правіцель наш набожны
Ідзе на бой, на бой апошні.
Фаўст

Шкада, ён добры быў і мілы.
Мефістофель

Не траць надзеі да магілы.
Хадзем і выцягнем за вушы
Вялікасць гэтую з калужы.
Хто ведае, ці будзе лёс удалы,
Калі пашчасціць — вернуцца васалы.
Яны выходзяць на ўзгор’е і аглядаюць войска ў даліне. Знізу чуецца барабанны бой і ваенная музыка.


Мефістофель

Нішто пазіцыя, каб выйграць бой,
Няма там толькі нас з табой.
Фаўст

Пра перамогу не кажы.
Ты ж любіш толькі міражы.
Мефістофель

Ты лепей слёзы страху вытры,—
Перамагае той, хто хітры!
А я ўжо сам сваё ўтрасу.
Разбіўшы ворага дашчэнту,—
Ахвотна здасць табе ў арэнду
Манарх прымор’я паласу.
Фаўст

Служыць ты хочаш? — што ж, служы,
Хітруй, чаруй, перамажы!
Мефістофель

Я стану пад тваё начала,
Будзь ты за обергенерала.
Фаўст

Мо завялікі гонар, дабрадзею,—
Я ж і камандаваць не ўмею.
Мефістофель

Калі мазгуе генеральны штаб,
Патрапіць даць каманду эскулап.
Я план даўно давёў да ладу
І маю ўжо для гэтай мэты раду
З чароўных сіл і духаў гор.
Цяпер пара трубіць ім збор.
Фаўст

О, бачу, зброя іх блішчыць на сонцы.
Відаць, пайшлі з табою горцы?
Мефістофель

Як Пітэр Сквенц{244}, я сёння склікаў
Найлепшых з лепшых — трох асілкаў!
Уваходзяць Трое Дужых{245} (Кн. царстваў, ІІ, 23,8.)


Мефістофель

Глядзі, ідуць мае героі;
Апрануты як след яны,
У новых латах і пры зброі —
Як роджаныя для вайны.
(Ad spectatores)

Якраз і мода настае
На рыцараў, турніры, латы —
Дык прыдадуцца і мае
Алегарычныя салдаты.
Даўбайла (малады, лёгка ўзброены, страката апрануты)

Хто паглядзіць мне ў вочы дзёрзка,
Таму заеду ў карак і у морду,
А хто наўцёкі ўдарыць порстка,
Таго адпраўлю ў пекла к чорту.
Хапайла (у сярэдніх гадах, добра ўзброены, багата ўбраны)

Дарэмна вашы бітвы, сечы,
Інтрыгі вашы — смехата.
Хапай у торбу і — на плечы,
А ўсё астатняе — лухта!
Трымайла (у добрым веку, увешаны зброяй, проста апрануты)

Бывае, што за нюх табакі
Дабро сплыве ад небаракі,
Як бы яго і не было.
Узяць — не штука, утрымаць — задача.
Па-мойму, ўдача ёсць удача,
Калі напоўнена кубло!
Усе сыходзяць у даліну.

Прадгор’е

Знізу чуюцца бой барабанаў і ваенная музыка. Імператарскі шацёр.

Імператар. Галоўнакамандуючы. Світа.


Галоўнакамандуючы

Намер адвесці нашы войскі
З цяснін і гор — адзнакі варты,—
Бо нам такі манеўр геройскі
Дае бяспройгрышныя карты.
Імператар

Наступнае наглядна нам пакажа,
Якую выгаду дае рашэнне наша.
Галоўнакамандуючы

На правы фланг дзівіцеся, сеньёр,—
Узор пазіцый нашых — воку любы,
На ўмацаваных кручах, схілах гор
Усякі злыдзень скрышыць зубы.
Нам хоць бы што, а іх райтарам
Набег ніяк не пройдзе дарам.
Імператар

Хвалю стратэгію. Няблага
Праявіць тут сябе адвага.
Галоўнакамандуючы

Замацаваўшы на пагорках флангі,
Пашлём у цэнтр адборныя фалангі —
Глядзі: праз дым густы, праз чад
Пабліскваюць іх дзіды і булаты,
Ды войска наша спраўна — рад у рад,
Ужо стварае грозныя квадраты.
Групоўка наша ворагу ўвапрэ
Смяртэльны клін у роўнае карэ.
Імператар

Тут кожны воін варты двух,
Якая моц, які здаровы дух!
Галоўнакамандуючы

І левы фланг як нельга больш удалы:
Героі нашыя, забраўшы скалы,
Уцёсы стромыя, уступы, гроты,
Абараняюць важныя праходы.
Я разлічыў, што ў самы акурат
Спаткнецца там драпежны супастат.
Імператар

Варожы стан: лісліўцы, ілгуны —
Браты, братанічы, дзядзькі. Яны —
Падступна, хітра, лоўка і ўмудрона
Вядуць падкопы пад устоі трона,
Яны ў калёсы мне ўтыркалі палкі,
Цяпер краіну рэжуць на кавалкі.
Народ вагаецца. Паток падзей
Заўжды нясе няўстойлівых людзей.
Галоўнакамандуючы

Ідзе лазутчык наш. Павінны
Мы зараз выслухаць навіны.
Першы лазутчык

Мне, бадай, усё спрыяла
Хітра тайны выяўляць,
Толькі ж радаснага мала
Я магу вам расказаць.
Рассыпаюць шчодра церні
На твае шляхі сябры;
Небяспека ўся ад чэрні —
Ад бражэнняў унутры.
Імператар

Не гонар, не падзяка, не любоў,
А эгаізм дыктуе змест умоў —
Бо хто спакойны на сваім дварэ,
Калі пажар суседаў дом жарэ.
Галоўнакамандуючы

Другі ганец — у целе змора,
На твары смутак, страх і гора.
Другі лазутчык

Толькі здолеў я дазнацца,
Хто ўсю кашу заварыў.
Гэта войска самазванца,
Ён усіх падгаварыў.
Падтрымана злая здрада:
Голь — хто з мечам, хто з ражном,—
Як дурных авечак стада,
Прэ за першым бараном.
Імператар

Вось і прычына — шлях адкрыць вайне
І даказаць, што трон належыць мне,
Што ў бітве гэтай я — салдат,
Які сустрэчы з ворагамі рад,
Які адважна прыме бой
І пераможа, як герой.
Калі б я радцаў занядбаў падказку,
Ужо цяпер я ззяў бы ў німбе бляску!
Бо так прадвыракла мая планіда,
Што мне дарога к подзвігу адкрыта,
Што разграмлю я ворагаў ушчэнт,
І мне — не страшны гэты прэтэндэнт.
Не, я не выпушчу цяпер удачу —
Пачатак шляху подзвігам адзначу,
Раней я сніў аб славе на вайне,
І вось яна даецца ў рукі мне!
(Пасылае герольдаў выклікаць на бой самазванца.)


Уваходзіць Фаўст у латах і ў шаломе з прыспушчаным забралам. Трое Дужых, узброеныя і апранутыя, як у папярэдняй сцэне.


Фаўст

Пачатак добры маем — з ласкі бога!
І пэўнай справе трэба засцярога.
Душой і сэрцам горцы — мастакі,
Таму і лёгка ім чытаць прыроду,
І што ў цяжар раўніннаму народу,
Дык горцам — як само ідзе з рукі.
Сярод уцёсаў горных і правалаў
Яны адкрылі залежы металаў
І ў кузнях, неўтаймоўныя заўжды,
З расплаўленай на вогнішчы руды
Гатуюць сумесі, рыхтуюць газ,
Каб новае адкрыць. Не першы раз
Гаспадары пячор і скалаў
Ствараюць цуды з рэдкіх мінералаў
І праз крышталь празрысты і маўклівы
Усе на свеце бачаць цуды й дзівы.
Імператар

Я чуў, адважны муж, што ты сказаў,
Але ўжо час нам перайсці да спраў.
Фаўст

Твой прыяцель — нурсійскі некрамант{246}
Ён твой слуга надзейны і гарант.
Згадай: калі агонь смаліў паленні
І ўжо лізаў варажбіту калені,
Тады не бог альбо нячысты дух,
А ты яму рассек пакут ланцуг.
Дык хай вялікасць ваша прыме
Падзяку за выратаванне ў Рыме.
Забыў сябе ён з той гадзіны,
І клопат у яго цяпер адзіны,
Каб ты не быў ніколі ў горы,
Каб дзеянням тваім спрыялі зоры.
Паслаў ён нас крывёй служыць і потам
І быць табе апорай і аплотам.
Павер, што тупасць цэрквы меж не знае,—
Разумны чын вядзьмарствам называе.
Імператар

Вітаць бы мы жадалі найчасцей
У радасныя дні гасцей.
Але стакроць хай будзе пахвалёны,
Хто з дапамогаю у час шалёны,
Каб не пакінуць у ліхой бядзе,
Як лепшы прыяцель ідзе,
Той, хто без страху і вагання
За нас ідзе ў агонь змагання.
Але прашу пакуль не агаляць мячы —
Яшчэ паспеем ворагаў сячы,
Расправіцца са здраднікам паганым.
Павінен я ацэнку даць вайсковым планам.
Я так хачу! Вам гэта кажа цар —
Ваш палкаводзец і ўладар!
А самазванца, што ўзмуціў народ,
Я растапчу, а з ім — ягоны зброд!
Каб ведалі наперад — не дазволю
Васалам папіраць царову волю.
Фаўст

Прыемна ворагу адсекчы галаву,
А падстаўляць сваю пад булаву
Ці ёсць, мой пане, рацыя, рахуба? —
Яна ж нам цэлая куды больш люба.
Навошта цела нам без галавы?
Яна засне — тады і цела спіць,
Яна баліць — і ў целе ўсё баліць,
Яна здаровая — здаровы й вы!
Вось тут якраз рука сваё вяршыць:
Падыме шчыт, каб сэрца засланіць,
Пасля ж ускіне грозны меч,
Удар! — і галава злятае з плеч.
І вось ужо здаволены герой
На грудзі ворагу ступіў нагой!
Імператар

Такі ўжо ў гневе я ўтрапёны,
Што растаптаў бы труп ягоны.
Герольды (вярнуўшыся)

На змаганне выклік горды
Быў бясплённы і пусты.
Кпінамі сустрэлі орды,
Гады рвалі жываты:
«Ваш каролік, — нам са смехам
Адказала гэта голь,—
Ад раскошы з глузду з’ехаў,
Толькі й звання, што кароль!»
Фаўст

Што выклік супастатам не прыняты,
На руку нам — наплачацца пракляты!
Спрыяльны час. Аддай загад,
І будзе біты дзёрзкі гад.
Імператар

Мой обергенерал тут слова скажа!
(Галоўнакамандуючаму.)

Выконвай доўг, камандуй, княжа!
Галоўнакамандуючы

Увага! Правае крыло — у бой!
Хай левы фланг праціўніка спасуе
Перад напорам сілы маладой,
Якая ворага з зямлёй здрасуе.
Фаўст

Герою мужнаму дазволь тады
Умацаваць сабой адважныя рады:
Хай ён памножыць воінскую славу
І знойдзе на мяцежнікаў управу.
(Паказвае на правага.)

Даўбайла (выступаючы наперад)

Хто твар у твар прымае бой,
Накрыецца нагамі той,
Павернецца ж каторы тылам,
Накорміцца зямлёй і пылам,
А следам слаўныя жаўнеры
Давершаць справу ў поўнай меры —
І ворагі сплывуць крывёй
І захлынуцца ў ёй…
(Адыходзіць.)

Галоўнакамандуючы

Удар у цэнтры будзе нечаканы,
Ён дасца штабу ворагаў у знакі,
Іх стратэгічныя парушыць планы
І папярэдзіць, пэўна, контратакі.
Фаўст (паказваючы на сярэдняга)

І гэты паслужыць табе гатовы!
Лаўкач! Ён на бягу сарве падковы!
Хапайла (выступаючы наперад)

Адвагу царская дружына
З рабункам спалучаць павінна.
Хай стануць мэтаю куфры
У самазванцавым шатры,
Стаяць нядоўга будзе ён —
Сам павяду я легіён.
Заграбуха (маркітантка, тулячыся да Хапайлы)

Хоць і не жонка я яму,
Але другога не прыму,
Бо я і ноччу, я і ўдзень
Хаджу ў баях за ім як цень!
Калі жанчына грабіць, — то
З ёй не зраўняецца ніхто!
Я — самы жорсткі марадзёр!
Наперад, войска! На шацёр!
Абое адыходзяць.


Галоўнакамандуючы

На левы фланг, відаць, мяркуе вораг
Абрушыць моцны ўдар. Але
І ў нас яшчэ не мокры порах —
Мы горнае трымаем дэфіле.
Фаўст (паказваючы на левага)

Мой трэці доблесную раць
Павінен вам падмацаваць.
Трымайла (выступаючы наперад)

За левы фланг свой будзь спакойны,—
Са мною толькі й весці войны:
Калі ўжо нешта мы бяром,
Таго не выб’е з рук і гром.
(Адыходзіць.)

Мефістофель (апускаючыся з гары)

Рэзервы ёсць у нашым тыле.
Глядзіце, вунь на горным схіле
Зіхцяць кальчугі і мячы.
Нам раць ідзе дапамагчы.
У новым войску пікі ўгору
Ужо ўзняліся да адпору.
Удараць, толькі загадайце!
(Ціха дасведчаным.)

Скуль гэта сіла — не пытайце!
Не спаў, вядома, я, не снедаў,
А замкі рыцараў наведаў.
Я рэквізіты каралёў
Са сцен на поле бітвы змёў —
Хай службу служыць і яно,
Сярэднявечча парахно.
Сабраў я дзіды, алебарды,
Мушкеты, панцыраў камплект,—
Нічога гэты хлам не варты,
Ды ў чорта дасць і ён эфект!
(Уголас.)

На свежым ветры, нібы хмары,
Харугвы рэюць і штандары,—
Праслаўленыя барацьбой
Салдаты рвуцца ў люты бой.
Грознае гучанне фанфараў зверху, у варожым войску прыкметная разгубленасць.


Фаўст

Цямнее небакрай. Ледзь-ледзь
Сям-там блішчыць даспехаў медзь,
У сполахах зарніц мігоча даль,
Крывава свеціцца шаломаў сталь…
Здаецца, ўсе стыхіі свету
Гатовы весці бітву гэту.
Мефістофель

Ужо прыйшлося самазванцу крута:
Ты бачыш, як на правым флангу люта
Даўбайла топча ўсіх падрад —
У калатні яму сам чорт не брат!
Імператар

Спярша адна рука рубала,
Гляджу, а ўжо іх там — навала.
Няйначай чарамі тут пахне.
Фаўст

Ці чуў ты пра туманны жах
На сіцылійскіх берагах,
Дзе чалавек ад смагі прахне?
Там мроіва ў спякотны дзень
Калышацца і наплывае,
І ў мільгаценні гэтым узнікае
То постаць нейкая, то нейкі цень,—
І акрывае вэлюм палахлівы
Сады, паселішчы і нівы.
Імператар

І тут загадкі і хімеры:
Зіхцяць і дзіды, і сякеры.
І кожны шчыт, і кожны панцыр
Мігціць у прамяністым танцы.
Вядзьмарства тут ці зман які?
Фаўст

Даруй! У прывіднай віхуры
Нам знак спрыяльнае натуры
Даюць героі-Дыяскуры,—
Нам дапамогуць юнакі.
Імператар

А хто ён той, якога роду,
Што на падмогу шле прыроду,
Той некрамант, хто ён такі?
Мефістофель

Стары мудрэц, што не баіцца
Прыняць да сэрца клопат твой,
І першы злога супраціўца
Заўсёды выкліча на бой,
Каб паслужыць табе, патроне,
Жыццё сваё аддаць кароне.
Імператар

У дзень, калі прыняў кляйноды ўлады,
Я скарыстаў найпершую нагоду
І, не звярнуўшы ўвагі на парады,
Даў нейкаму ерэтыку свабоду.
Я гэтым сапсаваў папам пацеху,
Сабе прывабіўшы нягод і грэху.
Няўжо праз столькі год, падзеяў
Пажну я плён з таго, што сеяў?
Фаўст

Мой цар, да неба вочы ўзводзь:
Глядзі, там вешчая прыкмета
Нам прадракае ўдачу гэта —
Дабро адплаціцца ўстакроць.
Імператар

Арол узвіўся пад нябёсы,
І грыф за ім, ганец пагрозы.
Фаўст

Не бачу зла ў палёце грыфа,
Бо грыф, наогул — птушка з міфа,
І не з яго слабым крылом
З сапраўдным дужацца арлом.
Імператар

Кругамі водзяцца, плывуць
І вось ужо ў клубок спляліся,
У горлы кіпцюры ўпіліся,
Вось пер’е глюгамі скубуць.
Фаўст

Глядзі, як гэты носьбіт зла
Падцяў аблезлы хвост ільвіны
І пад ударамі арла
У лес упаў, на верхавіны.
Імператар

О шчасны міг! Хай будзе так,
Як нам вяшчае дзіўны знак.
Мефістофель (праваруч)

Не, у нас яшчэ ёсць порах!
Адступае подлы вораг,
Левы фланг падаўся, слабне,
Наш ваяка помсты прагне.
Наступ ён вядзе геройскі
На збянтэжаныя войскі.
Клін загубны ў віхры бою
Ён убіў у цэнтр іх строю,
Флангавым манеўрам нашым
Ворагаў дашчэнту спляжым.
Сёння гэты бой крывавы
Вырашае лёс дзяржавы.
Богу ўдзячную малітву
Час тварыць за гэту бітву.
Імператар (злева, да Фаўста)

Глянь! Там нашы легіёны,
Не ўтрымаўшы абароны,
Адкаціліся назад.
Камянёў для прашчаў мала?
Ці адвагі нам не стала?
Ці не ясны наш загад?
Вораг лезе ўжо на скалы,
Захапіў і перавалы…
З вашых чар няма карысці —
Давядзецца локці грызці.
Паўза.


Мефістофель

Ляцяць пасыльныя вароны
З якімі весткамі? Ці плённы
Быў рэйд па войсках і тылах.
Імператар

З нядобрай весткаю нібыта?
У крылах іх адчай і страх —
Аж неяк мне несамавіта.
Мефістофель (да крумкачоў)

Падсядзьце, птушачкі, бліжэй да вуха!
Хто з вамі раіцца гатоў,
Таго не страшыць заваруха.
Фаўст (да імператара)

Ты чуў пра верных галубоў,
Пра тое, як ляцяць дамоў
З чужое далечы яны?
І гэтым служаць нам заўсёды,
Нясуць бо весткі міру, згоды.
А вораны — ганцы вайны.
Мефістофель

Як той казаў, хоць лезь у шворку.
Глядзіце! Вунь на тым пагорку
Бушуе бітва, быццам шквал.
Нялёгка ў гэтакай прыгодзе
Тваёй, вялікі цар, пяхоце
Абараніць той перавал.
Імператар

Вось так мяне вы падманулі.
Каварна ў пастку зацягнулі —
Ратунку ўжо цяпер няма.
Мефістофель

Прашу без панікі! Дарма!
Канец заўжды бывае цяжкі.
Цярпенне й хітрасць на вайне —
Таксама козыр вельмі важкі.
А ў нас з табой сяброў — гурма,
Дык ты даверся ім і мне.
Галоўнакамандуючы (уваходзячы)

Я сумняваўся і баяўся,
Што з імі ты схаўрусаваўся,
Прыняўшы помач мне назло.
Цяпер я бачу слабасць вашу
І не хачу расхлёбваць кашу —
Я аддаю сваё жазло.
Імператар

Схавай, бо можа і прыдацца,
Калі ўсміхнецца шчасце зноў.
(Да Мефістофеля.)

Не трэба мне цябе, дарадца,
Тваіх не трэба груганоў.
Не дам жазла на авантуры,
Ты — ненадзейны чалавек.
Рабі што хочаш, лезь са скуры —
І так ужо мне дроў насек.
(Ідзе ў шацёр з Галоўнакамандуючым.)

Мефістофель

Няхай цябе й твайго падпанка
Хрышчоная бароніць палка,
А мне з яе не лыка драць!
Фаўст

Дык што ж рабіць?
Мефістофель

                Надзей не траць!
Гэй, крумкачы! Без важданіны
Ляціце шпарка да Ундзіны
На возера за горны краж.
Без бабскай хітраснай управы
Тут будзе вынік нецікавы —
Пара пускаць у ход міраж.
Паўза.


Фаўст

Відаць, азёрнай маладзіцы
Паспелі птахі пакланіцца,
Бо ўжо струменіцца вада.
Дзе быў сухі кустарнік ніцы,
Раптоўна сталі біць крыніцы,—
Ідзе на ворага бяда.
Мефістофель

Ад гэтых штук і ў смельчака
Са страху задрыжыць рука.
Фаўст

Ужо вада зліваецца ў патокі,
З цяснін плыве на дол шырокі,
Клубіцца, стогне і раве,
На скалы пырскае ашмоццем пены
Ці праз круты парог каменны
Каскадам рушыцца і глебу рве.
Цяпер няма патрэбы ў абароне,
Бо ў гэтай прорве ўсё патоне! —
Я сам ад страху аж трымчу.
Мефістофель

Спалохаўся? Відовішчы такія
Заўсёды душы ўражваюць людскія,—
А я гляджу і рагачу.
Скрозь мітусня, гайсанне без канца,
А хто й на сушы ўжо дае нырца,
Бо думаюць, што тонуць у вадзе —
Варожы стан у жудасці гудзе.
Такую ўчворыў я пацеху,
Хоць ты бяры і мры ад смеху.
(Крумкачы вяртаюцца.)

Хвалю за службу, крумкачы!
Вы зноў павінны памагчы:
Хутчэй у кузні! Там ля горна,
Дзе ад куродыму ўсё чорна,
Куюць метал і камень карлы,
Над імі вогненныя барвы.
Няхай яны агонь бліскучы
Скуюць, траскучы і пякучы,
Скуюць няхай мне прамяні!
Хоць бо дрыготкія зарніцы,
Падучых зорак бліскавіцы
Улетку — невялікі цуд,
Аднак жа светлякоў мігценне
І знічак на зямлі сіпенне
Усё-такі памогуць тут!
Здабудзьце вы мне гэта просьбай,
А ў крайнім выпадку і — грозьбай.
Крумкачы ляцяць. Усё робіцца, як загадана.

Заслала цемра стан варожы,
Заселі войскі ў бездарожжы,
А светлякі ў цямноцці ночы
Мігцяць і пырскаюць у вочы.
Цяпер для поўнага разгрому
Нам не хапае толькі грому.
Фаўст

Старая зброя з рыцарскіх скляпоў
Цяпер няхай паслужыць зноў,—
Няхай гудзе, трызвоніць і бразгоча
І ў зман праціўнікаў угоніць!
Мефістофель

Як добра ўсё і як дарэчы
У міжусобнай калатнечы!
Нібы ў далёкай даўніне,
Калі, сустрэўшыся ў чарговай сечы,
Шукалі гвэльфы й гібеліны
Рашэння спрэчак у вайне,
Так сёння рыцары павінны
Рахункі зводзіць і рахубы
На полі марнае загубы,
А ўсе інтрыгі, спрэчкі партый
Даюць чарцям у рукі карты.
Бо сатана ж усім на злосць
Дурных пад’юджвае, як хоча,
Дурныя б’юцца, ён рагоча —
Вось гэта ісціна і ёсць.
У аркестры баявітае бязладдзе, якое паступова пераходзіць у бадзёрыя маршавыя матывы.

Шацёр самазванца

Трон, багатае ўбранне.

Хапайла. Заграбуха.


Заграбуха

Мы першыя ўзялі шацёр.
Хапайла

Ніхто нас бокам не адцёр.
Заграбуха

Якія скарбішчы ляжаць!
З чаго пачаць і чым канчаць!
Хапайла

Паўнютка-поўна — зброя, крам!
Што браць, не ведаю і сам!
Заграбуха

На цвёрдым мы ў паходах спім,
Дык я вазьму сабе кілім.
Хапайла

Вось булава; калі абрушу,
Адразу выб’ю ўпрочкі душу.
Заграбуха

Вось тонкі шоўк, а вунь сает —
Якраз што трэба для кабет.
Хапайла (бярэ булаву)

З такою цацкай весялей!
Агаламашыў — і далей!
А баба аж дрыжыць уся
Каля ашмоцця і рыззя.
Дурніца, кінь пустыя рэчы,
Лепш гэту скрынку ўскінь на плечы.
З райтарскай платай: бляск манет —
Табе не шоўк і не сает!
Заграбуха

Ні з месца, цяжка, не па мне —
Такі цяжар мяне сагне.
Хапайла

Ану, прыгніся на хвілінку,
Паддам табе я гэту скрынку.
Заграбуха

Вой-вой! Здымі хутчэй, здымі ж,
Скручу я карак, трэсне крыж.
Скрынка падае і адчыняецца.


Хапайла

Ах золатка, ах залаціска!
Грабі, пакуль нікога блізка.
Заграбуха (прысеўшы на кукішкі)

Шырэй прыпол, хапай, збірай —
Жыццё пачнецца — чысты рай!
Хапайла

Даволі! Годзе! Нам пара!
Заграбуха (устае)

Авой! У падале дзіра.
Пакуль дахаты занясу,
Дык па дарозе растрасу.
Целаахоўнікі імператара-пераможцы

Вы што тут робіце ў шатры?
То ж — імператара куфры.
Хапайла

І мы за рызыку ў вайне
Павінны браць сваё ўдвайне.
Такі спрадвеку ў войску звычай —
Салдаты кормяцца здабычай.
Целаахоўнікі

У нас такое не ў залік,
Бо наш салдат не рабаўнік;
Служыць узяўся, то служы,
Салдацкі гонар беражы.
Хапайла

Сумленнасць знаю вашу я —
Ёй кантрыбуцыя імя.
Усіх адзін хрысціў вас поп;
І той герой, хто больш нагроб.
(Да Заграбухі.)

Нясі, і ўсё! Бо іх, як гразі,
Сумленнікаў, што пнуцца ў князі.
Выходзяць.


Першы целаахоўнік

Але чаму ты недавярку
Не ўрэзаў ад душы па карку?
Другі целаахоўнік

У ім такое штось было,
Што ўраз мне сілу адняло.
Трэці целаахоўнік

І мне — аж зелена ўваччу.
Дык дзе ж яго я правучу.
Чацвёрты целаахоўнік

Адно скажу, бо знаю сам —
Дзянёк гарачы выпаў нам:
Гармідар, вэрхал, сумятня,
Наўкол крывавая разня.
Плыла перад вачамі мгла,
Зямля стагнала і гула.
Цяпер варожае карэ
Насамі ўжо зямлю арэ.
Спрыяла, пэўна, неба нам:
Перамаглі, а як — няўцям.
Уваходзіць імператар з чатырма князямі. Целаахоўнікі выходзяць.


Імператар

І як бы ні было, а наша перамога.
Разбіты супастат — туды яму дарога.
Стаіць вунь трон пусты ў пакінутым шатры,
Навокал дываны, куфэркі і куфры.
Як пераможца тут, манарх з пачэснай світай,
Пакору і дары ад арміі разбітай
Прыму ўрачыста я; дарэчы, весткі з меж
Найлепшыя ідуць — задушаны мяцеж.
Звязаліся спярша былі з чараўнікамі,
Аднак вяршылі мы і ўправіліся самі.
У бітве аднаму дасць неба прамяні,
Другому ў той жа час — патоп і камяні,
Нябёсы загудуць ад страшнай сілы грому,
Падымуць дух у нас і прыгнятуць другому.
Павержаны ляжыць зняможаны, у тле,
А пераможцаў хор — падзяку небу шле.
Як моцна загучыць святая сіла ў гімне,
Калі «Алі-лу-я!» сто тысяч глотак грымне.
Аднак у час святы скірую свой пагляд
У царскую душу, у царскі дух і склад.
Няхай вясёлы прынц без сэнсу дні марнуе,
Манархам стане і — хвіліну ўжо шануе.
Таму шукаў і я альянсу недарма,
Каб правіць і судзіць з князямі —
                                                з чатырма.
(Да першага.)

Ты, княжа, свой загад аддаўшы,
                                                ў міг крытычны
Разважны, мудры быў, твой подзвіг —
                                                        гераічны.
Героем будзь заўжды, фельдмаршале ты наш,
З началеннем прымі мой імянны палаш!
Фельдмаршал

Адданыя палкі табе вярнулі ўладу
І будуць ацаляць твой трон ад заняпаду.
Па ўсёй дзяржаве мы скрозь усталюем мір
І ў замку продкавым гарой закацім пір,
І з гэтым палашом у свіце ўладаровай,
Я стану ўзбоч цябе на варце ганаровай.
Імператар (да другога)

Ты смелы чалавек, табе аддам давер,
Ласкавы й рупны ты — будзь оберкамергер.
Кіруй дваром, умей урымсціць чэлядзь,
Уведай нораў слуг: кагось заўсёды цвеляць.
Ты прыкладам сваім пакажаш, як цару
Патрэбна дагаджаць, карысным быць двару.
Оберкамергер

Служыць пачну цяпер, твайму адданы слову,
Спрыяю я дабру, не патураю злому,
Без хітрыкаў, маны, са шчыраю душой,
Каб не зняверыўся манарх вялікі мой.
Не пашкадую ўжо для трапезы фантазій —
Падам вады табе ў чырваназлотым тазе,
Пярсцёнкі паднясу; крыштальнаю вадой
Ты рукі асвяжыш, я свой пагляд — табой.
Імператар

Хоць у мяне цяпер дзяржаўных спраў багата,
Аднак, мяркую я, нам не пашкодзіць свята.
(Да трэцяга.)

Ты будзь за стольніка! Пад свой нагляд бяры
І ловы царскія і жыўнасць пры двары!
Я буду сам даваць на смачнае заказы,—
Ты ж загадзя рыхтуй усякія запасы.
Стольнік

Гатоў пасціцца я цалюткі божы год,
Каб толькі мой манарх прыемнасць меў
                                                           з дагод.
Мы з кухарам тваім здаволім густ усякі,—
Я сам табе падам найлепшыя прысмакі.
Заморскіх він і страў не надта любіш ты,
Бо ў ежы і ў жыцці — прыхільнік прастаты.
Імператар (да чацвёртага)

Калі ўжо тут у нас пра святы завялося,
Будзь чашнікам, герой;
                                   глядзі мне, каб лілося
У нас віно ракой у залатыя чашы,
Каб поўныя былі заўсёды бочкі нашы,
Каб меру ты сабе заўсёды добра ведаў,
Каб сам цвярозы быў у час усіх банкетаў.
Чашнік

Пачэсны твой давер і шчодрая рука
Ператварылі ўжо ў мужчыну юнака!
На царскіх трапезах я буду спраўны
                                                     й скоры —
Найлепшыя падам сервізы і прыборы.
І забяспечу я належны этыкет.
Манарху падбяру я келіх для бясед —
Венецыянскае, адменнае работы,
Каб, не п’янеючы, уволю піў з яго ты.
Заўсёды можаш ты даверыцца яму,
Ды стрыманасць тваю зарукаю прыму.
Імператар

Усё, што я сказаў, як бацька справядлівы,
З даверам дарагім да сэрца прынялі вы,
Манарха слова бо — надзейная пячаць.
Аднак жа трэба нам з закона распачаць:
Указ накрэслім мы — і хто яго аспрэчыць?
Саноўны муж ідзе, і ён усё засведчыць.
Уваходзіць архіепіскап-канцлер.

Калі апорны камень у скляпенне ўрос,
Лічы, што гэты гмах ты ўжо навечна ўзнёс.
Я вас, князі, сабраў на важную нараду,—
Як справы пры двары давесці нам да ладу,
А для палітыкі і для дзяржаўных спраў
Назначыў я савет і ўжо ўказанні даў.
Каб ззялі ў свеце вы, я даў вам сёння званні,
Цяпер пашыру я і вашыя ўладанні,
І землі здраднікаў навечна падару,
І да багацця вам дарогу пратару.
Валоданняў сваіх пабольшвайце памеры
Абменам, гандлем ці на іншыя манеры.
На прывілеі, суд, на ўдзельныя правы
Ад сённяшняга дня гарантаваны вы:
Падданым ваш прысуд хай будзе канчатковы
Без апеляцыі ў вышэйшыя ўстановы.
Падушша, чынш, аброк — на дым, на быдла, двор
Уводзьце; і руду здабудзьце самі з гор.
За службу вам як след падзякую і ўзычу —
Яшчэ вас адару, яшчэ вас узвялічу.
Архіепіскап

Удзячны мы табе за гэты шчодры дар,
Умацаваўшы нас, — ты тройчы гасудар.
Імператар

Яшчэ адзін наказ паведаць гонар маю:
Дзеля ідэй жыву і жыць далей жадаю,
А давядзецца ўсё ж з утульнае зямлі
На Елісейскія мне выбрацца палі,
Апошняе «бывай» прыспешнікам сказаўшы,
А вы, мае князі, наступніка абраўшы,
Ахоўвайце прастол, каб не выцягваў меч
Увенчаны ўладар для ўдзельных калатнеч.
Архіепіскап

З вялікім гонарам і з выглядам сур’ёзным
Князі стаяць пачціва перад венцаносным;
Пакуль у жылах кроў, не стынучы, плыве,
Мы — цела, дзе душа манаршая жыве.
Імператар

Няхай наш дагавор непарушальны будзе —
На вечныя часы запішам у статуце:
З маёмасцю сваёй вы вольны ўсё рабіць
З адной умоваю — надзелу — не дзяліць.
Каб кожны спадчыну пасля сябе пакінуў
Старэйшаму з дзяцей ці спадкаемцу сыну.
Архіепіскап

Я на пергаменце накрэслю гэты ўказ:
Ён на карысць дзяржаве, ён мацуе нас.
Хай канцылярыя рыхтуе тэкст уставы,
Ты ж подпісам сваім усе змацуеш справы.
Імператар

Цяпер ідзіце і прачуйце глыбіню,
І змест, і сэнс таго, што я чыню.
Свецкія князі выходзяць, архіепіскап, як асоба духоўная, застаецца і гаворыць з пафасам.


Архіепіскап

Твой канцлер прэч пайшоў, епіскап тут застаўся.
Я сёння праз цябе, ўладар, усхваляваўся,
Трывога ўслед за мной ідзе, нібыта цень.
Імператар

Трывога ў гэты дзень, у пераможны дзень?
Архіепіскап

На мой вялікі жаль, трыумф і перамога
У змове з сатаной — адступніцтва ад бога.
Ты ўмацаваў прастол, аднак жа не навек!
Якой цаной! Аддаў ты госпада на здзек.
А ці ўяўляеш гнеў, з якім свяцейшы папа
Карае за грахі нявернага сатрапа?
Ён не забыў яшчэ, як светлы дзень надзей,
Дзень каранацыі, зняславіў чарадзей,
Як промень міласці твае ў дзень урачысты
Перахапіў вядзьмар, пракляты і нячысты.
Ты вызваліў яго, забыўшы божы суд,—
Цяпер катуй сябе, уведай боль пакут!
Яшчэ ты маеш час паслабіць повязь збродні,
Аддаўшы за віну трафей на храм гасподні.
На тым узвышшы, дзе князь цемры і маны
На добрых хрысціян выкоўваў кайданы,
Дзе сатана збіраў на шабасныя сходы
Прыслужнікаў сваіх нячыстае пароды,—
Там дабрачынна ты ўзвядзі высокі храм.
Ды не забудзь пасля святым аддаць айцам
І пашы, і лясы, і рыбныя азёры,
Багатыя рудой яшчэ аддай ім горы,
Дубровы і лугі, дзе звонкі плёск крыніц,
На збудаванне там бажнічак і капліц.
Дар бескарыслівы акупіць грэх дазвання,
І зможаш вымаліць ты ўрэшце дараванне.
Імператар

Ва ўсім я каюся, убогі божы раб,
Вялікі грэх мой змер на свой святы маштаб.
Архіепіскап

Ачысцім перш зямлю ад грэшнага насення,
Святы збудуем храм у гонар узнясення!
Хай сонечны прамень, праглянуўшы з-за гор,
Сустрэне першы ён. Я чую ўжо, як хор
Тварцу хвалу пяе, і бачу вокам пільным,
Як пад скляпенні ўжо ўсплывае дым кадзільны,
Як абуджае ўсю парафію званар,
Як божых чад натоўп ступае на цвінтар.
Ты дабрачынны люд найболей ашчаслівіш,
Калі царкву сваёй прысутнасцю ўпачцівіш.
Імператар

Няхай заўжды хвалой вяшчаюцца з амбона
Жаданні ўсе мае на знак вяртання ў лона!
О божа! Чую ўжо — мой дух імкнецца ў неба!
Архіепіскап

Яшчэ як канцлеру мне акт фармальны трэба.
Імператар

Фармальны дакумент? Угоддзяў перадачу
Царкве святой цяпер пячаткаю адзначу.
Архіепіскап (быў развітаўся, але каля дзвярэй паварочваецца)

Пасля яшчэ адно: зрабі і ўдзячны крок —
На дзесяціну, чынш, шарварак і аброк
Навечна дай правы! Узорныя парадкі
Павінны ж уключаць артыкул на выдаткі.
Каб збудаваць хутчэй, каб збудаваць як след,
З трафеяў удзялі нам залатых манет.
Ды зноў жа… апрача… —
чаго тут мне таіцца —
Патрэбны цэгла нам, бярвенне, чарапіца;
Фурманкі дасць халоп, фураж — вялікасць ваша!
Царква ўшануе слуг і вас богапамажа!
(Выходзіць.)

Імператар

Цяжар грахоў маіх і чортава падмога
Каштуюць дорага, ўчыняюць шкоды многа.
Архіепіскап (вярнуўшыся, з глыбокім паклонам)

Зламысніку таму і ўсёй ягонай плойме
Ты абяцаўся даць зямлю ў прыбрэжнай пойме,
Дазволь жа нам, царкве, каб успраменіць
                                                              змрок —
І там падаткі браць, і чыншы, і аброк.
Імператар (з прыкрасцю)

Зямлі няма яшчэ, яна ж, зямля, у моры.
Архіепіскап

Абы нам права мець — не ўсякі вынік скоры!
Не отрецыся бо словесем вес творить.
Імператар (адзін)

Я так дзяржаву ўсю патраплю раздарыць.

Акт пяты{247}

Адкрытая мясціна

Вандроўнік

Вось яна навокал хаты
Ліпак дружная сям’я;
І пад іх густыя шаты
Зноў вярнуцца рады я.
Вось прытулак той шчаслівы,
Што мне даў калісьці лёс.
Тут я жыў, калі бурлівы
Вал марскі мяне прынёс.
Ці гаспадары жывыя?
Ці ўжо кончыўся іх час? —
Бо яны ж былі старыя,
Як іх стрэў я першы раз.
Людзі шчырыя! Мо ў дзверы
Ціха стукнуць? Завітаць?
Мо яшчэ ў святым даверы
Рады вы дабром прыняць?
Баўкіда (вельмі старая бабулька)

Ціха, не будзі яго ты,
Хай стары мой адпачне,
Ад нялёгкае работы
Набярэцца сілы ў сне.
Вандроўнік

Помніш? Ты мяне калісьці
З мужам разам, як магла,
Не шукаючы карысці,
Даглядала, берагла.
О Баўкіда! Ледзь жывога
Адхадзіла ты мяне.
Уваходзіць дзед.

Філемон! Твая падмога
Скарб вярнула з мора мне.
Ваша ўгледзеў я акенца
І пачуў званы царквы.
Ратавальнікі тапельца —
Вы адны і толькі вы.
Дайце ж зноў мне падзівіцца
На ўзбярэжжа і прыбой,
Пакланіцца, памаліцца,
Мір адчуць усёй душой.
(Ідзе па дзюне.)

Філемон (да Баўкіды)

Ты рыхтуй ідзі ў камору —
Стол накрый і прыбяры.
А мы вернемся да мора,
Паглядзім на цуд згары.
(Стоячы поруч з вандроўнікам.)

Глянь: дзе хвалі ў бераг білі,
Там цяпер пад небакрай
Скрозь садоў панасадзілі
І зрабілі чысты рай.
Ратаваць ужо нязмога,
Адышлі мае гады,
Моц пакінула старога,
І няма ўжо тут вады.
Клалі грэблю тут, капалі
Чэлядзь рупная і пан,
Са стыхіяй ваявалі —
І скарыўся акіян.
Бачыш вёску, ніву, пашу,
Там лясок, тут хутарок.
Ну, хадзем жа ў хату нашу,
Бо ўжо сыра, бо ўжо змрок,
Ужо ў небе ззяюць зоры.
Завітаў ты ў дзіўны час:
Нібы лебедзі, па моры
Ветразі плывуць да нас.
Мора, бач, ужо далёка
Ад хаціны адышло,
А вакол, як бачыць вока —
Чалавечае жытло.

За сталом утрох у садзе

Баўкіда (да вандроўніка)

Што панурыўся? маўклівы?
Пачастуйся, выпі, з’еш!
Філемон

Хоча ведаць ён пра дзівы,
Пра дзівосы нашых меж.
Баўкіда

Можа, гэта воля неба,
Кара за грахі мае —
Нешта ўсё не так, як трэба,
Нечага тут не стае.
Філемон

Калі веры даць герольду,
Што загад усім чытаў,
Бераг як узнагароду
Імператар пану даў.
Тут пры нашым узбярэжжы
Пан прычаліў караблі.
І адразу людзі вежы,
Замак і муры ўзвялі.
Баўкіда

Днём не праца — мардаванне,
Нудна людзям рыдляваць;
Ноччу — іскры, грук, а ўранні
Зірк — гатовенькая гаць!
Колькі тут людзей прапала!
Ноччу — роў за валам вал,
З мора полымя шугала,
Раннем глянь — гатоў канал!
Робіць пан не з волі бога,
Прыбірае ўсё да рук.
У падсуседа такога,
Пэўна, прыяцель — кадук.
Філемон

Пан жа нам паабяцаўся:
Колькі хоч зямелькі мер.
Баўкіда

Лепш бы ты сваёй трымаўся,
А марскому дну не вер.
Філемон

Можа, пойдзем да капліцы,
Час вячэрні — божы час,
Пазваніць і памаліцца,
Каб бог злітаваўся з нас.

Палац

Вялікі дэкаратыўны сад, шырокі канал.

Фаўст, састарэлы, задумлівы.


Дазорца Лінкей (у рупар)

Садзіцца сонца, і памалу
Плывуць да гавані чаўны.
Баркас вялікі да каналу
Плыве з заморскай стараны.
Штандары ўсіх краёў, народаў
З высокіх мачт вітаюць нас,
Да ўсіх адважных мараходаў
Мы кажам шчыра — ў добры час.
На дзюне ў капліцы звоніць звон.


Фаўст (з прыкрасцю)

Пракляты звон! Як стрэл у спіну!
Пухір на целе, на душы.
Усё маё як вокам скіну,
А за плячмі — надзел чужы.
І гэта — горкая нагадка,
Што ўлады я не распасцёр:
Бо не мае царква і хатка,—
Старых тубыльцаў ціхі двор.
Ён не дае спачыць ад працы,
Перада мной, як чорны цень,
Бяльмо на воку, стрэмка ў пятцы —
І так бясконца, дзень у дзень!
Лінкей (як вышэй)

Як лёгка падышоў да нас
Дабром нагружаны баркас,
Нібы яму і не ў цяжар
Гарой накладзены тавар.
Вялікі карабель, даверху загружаны заморскімі таварамі.

Мефістофель. Трое Дужых.


Хор

Прывезлі мы
Гару дабра.
Вітаем пана
Уладара!
Сыходзяць на сушу, выгружаюць дабро.


Мефістофель

Набытак гэты не малы —
Чакаем панскай пахвалы.
Ўзялі з сабой два караблі,
Да пірса ж дваццаць прывялі.
Няхай засведчыць вам багаж,
Чаго быў варты абардаж.
На вольным моры вольны дух,
І трэба мець здаровы нюх.
Бяры, што трапіцца, падрад —
Хай гэта шхуна, хай фрэгат.
Бяры адзін, другі бяры,
А здолееш, — бяры і тры,
Чацвёрты здасца сам, самохаць,
Бо сілай можна запалохаць!
Няважна Як! а важна Што!
Судзіць не будзе вас ніхто.
Пірацтва, гандаль і вайна —
Заўсёды сутнасць іх адна!
Трое Дужых

Ані хвалы,
Ані падзяк!
Дарунак наш
Яму не ў смак.
Нахмурыў пан
Сярдзіта твар,
Не па душы
Яму тавар.
Мефістофель

Плаціць не будзе
Годны муж.
Бо вы ўзялі
Ужо свой куш.
Трое

Лухта, не хныч,—
Ён, як усе.
І магарыч
Нам паднясе.
Мефістофель

Спярша здабычу
У склеп знясі,
А магарыч
Пасля прасі.
Разгледзіць ён
Як найпільней,
Пасля падлічыць
Найдакладней,
Не будзе скнарам
Каля куфроў
І пачастуе
Ён маракоў,
А райскіх птушак сябрукам
Я падбяру сягоння сам.
Груз выносяць.


Мефістофель (Фаўсту)

Не моршчы лоб, вачэй не мруж;
Усё выдатна, спрытны муж.
Усё ты мудрасцю скарыў —
З вадою сушу прымірыў,
Ахвотна мора ад зямлі
Твае прымае караблі.
Цяпер і друг і супастат
Пад твой пастаўлены дыктат.
Вось тут, дзе колісь быў дзірван,
Стаяў найпершы наш будан,
Дзе першы выкапалі роў,
Цяпер прастор для весляроў.
І чуецца хвала наўкруг
У гонар спраў тваіх, заслуг.
Фаўст

                              Пракляцце тут! —
Яно мой нішчыць абсалют.
Табе, бываламу, адкрыю:
Турбуе клопат дзень і ноч,
Ад прыкрага адчаю выю —
Хоць ты крычы ці ў шворку ўскоч!
Няма карысці з той улады,
Калі падсуседаў-старэч
Ніяк не выганю з іх хаты,
З іх ліпняка, з іх цэрквы прэч.
Узвёў бы вежу там высока
І цешыў бы парою вока
З вышынь птушынага палёту
Магутнасцю майго аплоту.
Адтуль адкрылася б прастора
З усім, што чалавек стварыў,
З усім, што я забраў у мора
І чым народы адарыў.
Які ж нясцерпны боль, аднак,—
Калі ў багацці бачыш брак.
Царкоўны звон і ліпак пах —
Яны мне, як магільны прах,
Няўжо ж праз хатку ў ліпняку
Я волю дужую стаўку?
Што мне рабіць — не разумею,
Пачую звон — і сатанею.
Мефістофель

Вядома, гэткая пакута,
Яна табе нібы атрута.
І звон, і пацеры старых
І мой, прызнацца, рэжуць слых,
Бо гэты гнюсны дзілінь-бом
Нібы гаворыць — стань рабом.
Ён ад хрысцін і да хаўтур
Ва ўсё прыўносіць зман і чмур,
Нібы між «дзілінь» і між «бом»
Жыццё было суцэльным сном.
Фаўст

Упартасць гэтых дзівакоў
Псуе настрой, псуе мне кроў,
І я ад злосці і ад мукі
Сам на сябе наклаў бы рукі.
Мефістофель

Чаго ж цярпець? Каланізуй —
Тубыльцаў тых перасялі.
Фаўст

Ідзі ж і ўсё арганізуй!
Я ўдосыць дам старым зямлі.
Мефістофель

Я не забаўлюся, ў хвіліну
Перасялю і перакіну.
У новай хаце спакваля
Забудзецца прымус пасля.
(Залівіста свішча.)


Уваходзяць Трое Дужых.

Хадзем, яшчэ адзін наказ —
На брагу заўтра будзе час.
Трое

Мы заслужылі выпівон,
Ды стрэў няласкава патрон.
Мефістофель (ad spectatores)

Так ёсць і так было раней —
Меў добры сад і Навуфей{248}.
(Кн. царстваў, ІІІ, 21.)

Глыбокая ноч

Дазорца Лінкей (спявае на варце)

Стаю на дазоры,
Гляджу я ў бязмеж
І свету прасторы
Аглядваю з веж:
Мільгаюць, калесяць
І далеч, і блізь,
І зоры, і месяц,
І долы, і высь.
Панаднасці свету
Адвечны, як свет,
Прыгожасць паэту
Пракладвае след.
Шчаслівыя вочы:
Пабачаць красу.
Праз дні і праз ночы
Яе пранясу.
Паўза.

З вежы ўсё вачам адкрыта,
І — не толькі пекната.
Стала жудасна, нібыта
Страхам зеўрыць цемната.
Іскры сыплюцца, і хіжа
У суседавым двары
Злы агніска стрэхі ліжа
І віхурыцца ўгары.
Ах, пажар у беднай хатцы,—
Загарэлася ўначы.
Трэба бегчы, паспяшацца,
Толькі ўжо не памагчы.
Дзе ж на старасці прыткнуцца?
Дзе цяпер знайсці цяпла?
Хто ў бядзе пасобіць людцам? —
Ах, згарыць усё датла.
Не, агонь не дасць патолі —
Бурыць столь і рушыць сцены.
Дзе ж старыя? Ці на волі?
Ці ўцяклі яны з геены?
Занялося лісце, голле,
Жарам пыша ў наваколле.
Па камлях угору жвава
Зырка рвуцца языкі…
І нашто мне тая слава!
І нашто мне зрок такі!
Аж ад самага карэння
Жарам пышуць стаўбуры.
Доўгая паўза. Спеў.

Плён руплівага стварэння
Гіне марна без пары.
Фаўст (на балконе супраць дзюны)

Хто там спявае так тужліва?
Лінкея ўзрушыла жуда?
Нашто рабіў так нецярпліва? —
Самому ўжо цяпер шкада.
Няхай жа пойдзе на вуголле
Ліпняк і хатка, хай гараць;
Адтуль бязмежнае раздолле
Я з вежы буду сузіраць.
Забудуць горыч і нястачу
На новым месцы бедакі,
Багаццем шчодра ім аддзячу —
Хай радасць ім нясуць дзянькі.
Мефістофель і Трое Дужых (унізе)

Прабач! — благая навіна,
Аж кроіць сэрца нам яна.
Мы ў хатку грук, мы ў хатку бразь,—
Замкнута! — хоць вужом падлазь.
Мы далікатненька, з пляча,
Шукаем рады без ключа.
Мы просім іх учатырох —
А тым — што аб сцяну гарох,
Такія ўпартыя карчы,
Што хоць ты там крычма крычы.
Тады, каб часу не губляць —
Давай сілком іх умаўляць!
Ну, умаўлялі, умаўлялі —
Аж тыя ў страху і сканалі.
Там быў вандроўнік, кіем трос —
Мы і яму падцерлі нос.
Пакуль ішла там калатня,—
Ад іскры нейкай парахня
Ўзялася ўраз, і ў нейкі міг
Агніска праглынуў усіх.
Фаўст

Ці вы маіх не чулі слоў,
Хацеў я мены — не разбою.
Я вас кляну за гвалт і кроў.
Праклён дзяліце між сабою.
Хор

Старыя словы зноў збыліся:
Вялікай сіле пакарыся,
Калі ж ты з ёй ідзеш на бой,
То домам рызыкні й сабой.
(Выходзяць.)

Фаўст (на балконе)

На небе блякне высеў зор,
Агонь прытух, курыцца двор.
Вятрэц дыхнуў, і ў ноздры мне
Куродымам і чадам тхне.
Мы ўсё зглумілі тым разбоем!
Ах, што там мроіцца такое?..

Апоўначы

З’яўляюцца чатыры сівыя жанчыны.


Першая

Завуся Галечай.
Другая

                       Завуся Віной.
Трэцяя

Завуся Турботай.
Чацвёртая

                       Завуся Бядой.
Галеча, Віна, Бяда

Няма да багатага ў дом нам хады:
Жыве без Галечы, Віны і Бяды.
Галеча

Зраблюся я ценем.
Віна

                            Нябачна прайду.
Бяда

Распешчаны пан праганяе Бяду.
Турбота

Вам, сёстры, дарогі ў багацце няма,
Турбота ж і ў шчылінку ўлезе сама!
(Знікае.)

Галеча

Дык пойдзем, сястрыцы, адгэтуль далей!
Віна

Дзе ты, там і я, мне з табой весялей!
Бяда

А з вамі заўсёды Бядзе ў самы раз!
Утрох

Грувасцяцца хмары. Не свецяцца зоры,
Глядзіце, глядзіце! З прасторы, з прасторы
Сястра наша Смерць падлятае да нас.
Фаўст (у палацы)

Ці ўчатырох яны, ці ўтрох,
Я з іхніх слоў пазнаць не змог.
«Бяда» — пачуў мой слабы слых,
І «смерць» — данёсся шэпат іх,
Прыглушана, як голас духаў.
А ў нас пакуль ніякіх зрухаў —
Не ўмею змесці пыл з дарог
Ні нават скінуць путы з ног.
Калі не ведаў я ніякіх чар,
Я жыў з прыродай твар у твар
І чалавекам зваўся недарма,
Дзе тая воля? Навакол — турма.
Куды ні гляну — прывіды і здані,
І сам заграз я ўжо ў балотнай твані.
Бывае, дзень развее ўсё, змяце,
А ноч ізноў кашмараў сець пляце.
Іду на шпацыр я, а ўжо крумкач
Мне прадракае новы круг няўдач.
Так чалавек у прымхах скрозь заграз,
Дабра агонь у ім даўно пагас —
І вось стаю, стуліўшыся ў жудзе.
Там дзверы скрыпнулі… Там нехта йдзе…
(Уражана.)

Ці ёсць тут хто?
Турбота

                       Вядома, ёсць!
Фаўст

А хто ж ты, хто?
Турбота

Звычайны госць.
Фаўст

Ідзі адсюль!
Турбота

                   Адгэтуль не пайду!
Фаўст (спачатку разгневаны, потым супакоены, сам сабе)

Не заклінай! Бо выклічаш бяду!
Турбота

Падпаўзаю я нячутна,
Уладару я магутна
І па-рознаму чыню
Сваркі, бойкі, калатню.
На палях, у моры, лесе
Мой праклён у сэрца ўлезе.
Я не пешчу, не лагоджу
І да ўсіх сама прыходжу.
Ты што, не ведаеш турботы?
Фаўст

Я ўсё жыццё імчаў бягом,
Хапаў з налёту асалоды,
Пустыя абмінаў прыгоды,
Нектар кахання піў нагбом,
Што ўзяць не мог, таго не браў!
Жадаў, задавальняў свае жаданні,
І зноў жадаў, і ў бурным парыванні
Шукаў вялікіх, важных спраў,
Па свеце бег як апантаны —
Цяпер я стаў разважлівы, рахманы.
І хоць прайшоў я цалкам круг зямны,
Але ж яшчэ не горне да труны.
Дурны, хто марыць, што туды ён пойдзе
І там братоў сваіх духоўных знойдзе!
Калі дапытліва пражыць,
Дык гэтым светам можна даражыць,
Бо ўсё спазнанае мы можам уяўляць,
А вечнасць нам не дадзена спазнаць.
Мудрэц адлічвае гады свае,
Яго з дарогі вечнасць не саб’е.
І ён у руху гэтым і трывозе
Не спыніцца здаволены на паўдарозе.
Турбота

Хто супроць маёй улады —
Свету беламу не рады,
Бо таго я днём і ноччу
Цемрай вечнаю марочу,
Вочы й зоркаму я выем.
Хай ён скарбамі ўладае,
Хай ён талент рэдкі мае,—
Будзе ён як старац з кіем:
Ў шчасці ўцехі ён не знойдзе,
Пры багацці — з торбай пойдзе,
Пільным справам і работам
Ён заўсёды скажа: «потым».
Пройдзе часу — мала-многа,
Бач, не зроблена нічога.
Фаўст

Чаўпеш пустое без канца;
Пакінь! Твой знаю нораў подлы!
Задураць нават мудраца
Твае літаніі і модлы.
Турбота

Што рабіць? Куды падацца? —
Сам не можа дапытацца.
Ходзіць лесам, ходзіць полем,
Кожны крок даецца з болем,
Ён правальваецца ў багну,
Траціць ён, чаго так прагнуў,
Захліпаецца ў той багне,
За сабою іншых цягне,
Сам сабе і людзям лішні,
І нядужы, і няўвішны
Дажывае ўжо свой век,
Як руіна, чалавек.
А бязмэтныя блуканні,
Ды бясконцыя ваганні,
Ды благія прадчуванні —
Гоняць грэшнага яны
Проста ў пашчу сатаны.
Фаўст

Злавесны прывід! Ты людскі наш род
Грызеш, і мучыш, і куеш нам путы,
І дзень пры дні за годам год
Пляцеш нам сетку гора і пакуты.
Ад дэманаў не лёгка мне ўцячы:
Знаходзяць нас усюды дзеці смуты,
Табе ж, Турбота, не перамагчы —
Мой дух, мой розум, мой пачын раскуты!
Турбота

Ну, мне пара, а ты сваё пляці.
Цябе пакіну я з праклёнам;
Звычайна слепнуць пры жыцці,
А ты аслепні перад сконам.
(Дзьмухае на яго.)

Фаўст (аслеплены)

Глыбее ноч, няма ўжо ёй упыну,
Але ў душы гарыць мая зара.
Перад сабою бачу цемрадзь, дамавіну,
Аднак не ў цемры думка ўладара.
Паўстаньце, слугі, тут, рука ў руку,
Збірайцеся на талаку,
Рыдлёўкі ўзяўшы і ламы,
Намечанае мусім скончыць мы.
І пакажыце працу мне сваю,
А я за платаю не пастаю.
Дзе дух адзінства й сотні рупных рук —
Там план вялікі здзейсняць без прынук.

Вялікі двор перад палацам

Паходні. Наперадзе Мефістофель як наглядчык работ.


Мефістофель

Станоўцеся напагатоў,
Нягеглыя лемуры,
З касцей і жыл, валос, храсткоў
Сатканыя натуры.
Лемуры{249} (хорам)

Бяжым, ляцім на голас твой,
Нясуць нас борзда ножкі.
Ты надзяліў бы нас зямлёй,
Дай нам зямліцы трошкі.
Мы збегліся, каб дагадзіць,
З рыдлёўкамі, з каламі,
А што рабіць, а што чыніць —
Скажы, камандуй намі.
Мефістофель

Рабіце ўсё на свой капыл,
Рыдлюйце, не шкадуйце сілы,
Даўжэйшы ніцма ляж у пыл,—
Ты будзеш меркай для магілы.
Капайце дол так, як спрадвеку
Яго капаюць чалавеку —
Бо, як ты ні круці, з палаца
Пара ў зямлю перабірацца.
Лемуры (капаюць з крыўляннем і выкрутасамі)

Калісь і я прыўдала жыў
І бавіўся заўзята,
Кахаў, сваволіў, не тужыў —
Жыццё ішло, як свята.
Ды старасць подлая цішком
Падставіла кульбаку,
І спатыкнуўся я, і ўжо —
Магіла небараку.
Фаўст (выходзіць вобмацкам з палаца, трымаючыся за плот)

Як стук рыдлёвак лашчыць слых!
Як спорна праца йдзе! Тут скора
Вялікі мол разрэжа мора
І спыніць гвалт стыхіяў злых —
Ён будзе міратворчаю мяжой.
Мефістофель (убок)

Калі тут выйгрыш чый, дык толькі мой!
Твой мол, канал, твае палацы
Не варты ўкладзенае працы —
Нептун зруйнуе ўсё, бо ён жа чорт!
Як ні стварай, а вынікі благія,
Тут з пеклам заадно стыхія,
І пойдзе прахам свет, як гэты порт.
Фаўст

Наглядчык!
Мефістофель

                 Тут!
Фаўст

                       Сачы і дбай,
Працоўнай сілы здабывай,
Грашыма, ласкай заахвоць,
Прынукаю ці іншым ладам,
І да мяне штодзень з дакладам
Аб выніках работ прыходзь.
Мефістофель (напаўголаса)

Гатовыя і дамба, і канал,
Чакаю толькі я — каб ты сканаў.
Фаўст

Не скорана пагібельная багна,
На плён, здабыты мною, зеўрыць прагна,
Ды я каварную стыхію змушу
Аддаць захопленую сушу
Мільёнам рупных пасялян.
Няхай пагрозай вечнай калыхацца
Ля дамбы будзе грозны акіян,
Свабодны люд і радасная праца
Шчаслівым зробяць гэты ўбогі край,
І на зямлі яны здабудуць рай.
Няхай раз’юшаны марскі прыбой
Аб дамбу хвошча, люта б’е —
Народ з’яднанаю сям’ёй
Стыхію грозную скуе.
На запавет мой гэты скіраваны
Усе мае зямныя справы, планы,
Увесь цялесны і духоўны гарт.
Дык вось канечны вынік мудрасці людской:
Што толькі той жыцця і волі варт,
Хто кожны дзень за іх ідзе на бой.
Хай так жыве стары і малады.
Калі б у працы ўбачыў я заўсёднай
Народ свабодны на зямлі свабоднай,
Імгненню б я сказаў тады:
«Цудоўнае, спыніся! — панясу
З сабой у вечнасць я тваю красу».
Не можа ў вечнасці прапасці
Усё, што я паспеў зрабіць для шчасця.
Я, прадчуваючы трыумф надзей маіх,
Жыцця перажываю лепшы міг.
(Фаўст падае.)


Лемуры падхопліваюць яго і кладуць на зямлю.


Мефістофель

Глядзіце, ўжо здаволіўся зямным,
Ён — прах, ён — прывідны зыбучы дым!
Хацеў цудоўны міг спыніць!
І сам жыцця парваў ён ніць!
Змагаўся ён са мною, траціў сілы —
І вось фінал: упаў каля магілы.
Гадзіннік стаў!..
Хор

Маўчыць гадзіннік на сцяне,
Упала стрэлка.
Мефістофель

                      Нарэшце! Добра мне.
Хор

Жыццё прайшло!
Мефістофель

                       Прайшло? Нікчэмны гук!
Як гэта так прайшло?
Прайшло — дык значыць, як і не было!
Нашто ж тады ўвесь час ствараць?
Каб створанае разбураць?
«Прайшло!» Што значыць гэта? Ўсё адно
Як бы не існавала ўвогуле яно,
А мроілася яваю жывой.
Я ж бачу сэнс у вечнасці пустой.

Пакладзіны ў труну

Лемур (сола)

Хто збудаваў такі дамок?
Хто тут капаў лапаткай?
Лемуры (хор)

У саване ляжы, кумок,
І здавальняйся хаткай.
Лемур (сола)

Пакой без мэблі. А чаму?
Чаму ўсё так убога?
Лемуры (хор)

Бо напавер далі яму,
Вярнуць прыйшлося многа.
Мефістофель

Усё! Душа вось-вось пакіне плоць!
Распіску прад’яўлю — магчыма, будзе ўдача
Падставіць ножку чорту — не задача.
Перахапіць душу шмат сродкаў ёсць,
Цяпер плююць на важны дакумент.
Шляхі старыя з’езджаныя ўшчэнт,
На новую ж не пусцяць нас дарогу.
Дажыў! Павінен зваць на дапамогу!
Нядобра нам! Цяпер што ні бяры:
Старое права і закон стары —
Апоры не даюць, не маюць сілы.
Раней я не дзяжурыў ля магілы,
Не меў ні клопату я, ні трывог.
Калісь душа была сумленнай, з цела
З апошнім стогнам прэч яна ляцела,—
Я ж гэту мышку лёгка цупнуць мог.
Цяпер душу дачасна і не руш —
Яна трымаецца за цела і за косці,
Пакуль стыхіі ў барацьбе і ў злосці
Не выганяць яе. Ты ж, лоўчы душ,
Сядзі, пільнуй, затоіўшы апаску,
Калі яна, нарэшце, зробіць ласку.
Ці то ў старое Смерці сілы мала,
Ці мо яна касу не адкляпала?
Глядзіш на труп: усё, застыла кроў,—
Аж не — ужо заварушыўся зноў!
(Заклінае дзіўнымі фантастычнымі рухамі, раскідваючы рукі, як крылы.)

Ну, рыцары рагоў, на падстрахоўкі
Цяпер і вы падайце чорту лапу.
Вядзіце служку д’ябальскай гартоўкі,
Вядзіце пекла найвыдатнейшую зяпу!
Хаця на рангі ўсе і на ранжыры
Распісаны ў нас кожны чортаў рог,
На гэты ж раз мне трэба служка самы шчыры
Каб завяршыць дастойна эпілог.
Злева раззеўрылася жудасная геенская пашча.

Як іклы ляскаюць! Паток крывавы
Плыве павольна ў невыносным сквары,
Тыз устае з агню пякельнай лавы.
Над ім клубы клубяцца едкай пары,
Смала клякоча ў горле; і няма канца
Пакутам грэшнікаў, што ў марнай веры
Ратунак вынайсці ў кіпучай серы
То вынырнуць, то зноў даюць нырца.
Не ўратавацца ім ад жудаснай пачвары,
І паглынае пашча ўсе надзеі іх,
Патолі ўжо не знойдуць тут ахвяры,
Іх лёс — гібець у рэках агнявых.
Хай гэта страшыць грэшнікаў усіх,
Хай пакарае за хлусню й ліхія мары.
(Да тоўстых д’яблаў з кароткімі прамымі рагамі.)

Сачыце, тлустыя праныры, цмокі,
Дзе фосфар свеціцца, дык там яна,
Крылатая Псіхея{250}, нам відна,
Зяўнёце — кінецца душа наўцёкі,
Глядзіце мне, каб хітрая не збегла.
Дастаўце мне. Я крылцы ёй скручу,
Прышлёпну ўраз пячаткай пекла
І ў тартарскі агонь яе памчу.
Глядзіце не спускаючы вачэй
З так званых ніжніх сфер. Хто знае —
Магчыма, там яна і пажывае.
Праз пуп ёй выскачыць лягчэй,—
Тады ўжо злуйся ці не злуйся.
А дагані і пацалуйся!
(Да худых д’яблаў з доўгімі закручанымі рагамі.)

Вы, лайдакі крылатыя і бабздыры,
Удзень цікуйце пільна і ўначы,
Напагатоў трымайце пазуры,
Не дайце ў рай душы ўцячы.
Яна пакіне цёмную нару,
Бо геній-дух заўсёды мкне ўгару.
Прамяністае ззянне ўгары справа.


Нябеснае воінства

Сіла нябесная,
Раць бесцялесная,
Рынь у палёт.
Грэх выкупляем,
Прах ажыўляем.
Ціха, рахмана,
Богу аддана
Веру ўшануем —
Божы аплот!
Мефістофель

Заўсёды прыкрасць абуджае й гнеў
Бязладны хор прыгожанькіх анёлаў,
Святош бясполых саладжавы спеў
Адно псуе настрой і тлуміць голаў.
Мне так карцела гэты род людскі
Парваць, падраць на дробныя кускі,—
Ды вось яны, анёлы, план вялікі мой
Закрэсліць хочуць ханжаскай гурмой,
Святошы тыя ходзяць мякка, плаўна
І нашай зброяй нас лупцуюць спраўна;
Яны ж — таксама чэрці, ды з апаскі
Надзелі на сябе прытворнай цноты маскі.
Тут правароніць — не пакрыць віны,
Хаўрусам шчыльным станьма ля труны.
Хор анёлаў (сеючы ружы)

Ружы агністыя,
Ружы іскрыстыя,
Лёгкія-лёткія,
Жыццесалодкія,
Водару поўныя;
Кветкі цудоўныя
Квецяцца хай!
З птушкамі, з пошчакам
Блізіцца май,
Разам з нябожчыкам
Вернемся ў рай!
Мефістофель (да д’яблаў)

Чаго паніклі, ўціснулі хвасты?
Не ў звычках чорта кідацца ў кусты.
Хай сеюць, адрабляюць свой шарварак,
А мы сваё на ўласны возьмем карак.
Анёлкі думаюць, што ружамі яны
Злагодзяць гадаванцаў сатаны.
Дык дзьмухайце ж, занудлівыя косткі,
Няхай пажухнуць райскія пялёсткі.
Ну, годзе ўжо, перабаршчыць вы рады —
Аж пер’ечка ляціць ад іх армады;
Цішэй, цішэй, раты заткніце й ноздры —
Занадта ж кожны з вас у службе борзды!
Усё вы звесці рады надарма —
І без таго жывое кветачкі няма.
Пільнуйцеся! Свае патройце сілы
І ні на пядзю ад магілы!
Дзе ваш імпэт? Не веру я, каб руж лісткі
Маім чарцям падсмажылі бакі!
Анёлы

Ружы духмяныя,
Ружы румяныя,
Любасцю веючы
І лагаднеючы,
Сцвердзіце мір!
Славай парфірнаю,
Плынню эфірнаю,
Музыкай лірнаю —
Поўніцца шыр!
Мефістофель

О, ганьба і праклён вам, выхвалякі!
Кулём ляцяць мае ваякі!
Няўжо мой смелы план — кату пад хвост?
Што ж, хай задамі плюхаюцца ў лаву,
Я нейк перажыву сваю няславу
І не пакіну свой пачэсны пост!
(Адбіваецца ад пялёсткаў.)

Прэч, не свяці дарэмна, светлячок,
Ля твару не кружыся, як паперка.
Цябе ўхапі — ты слізкі камячок.
А ружы так пякуць — горш, як смала
                                                     і серка.
Анёлы

У неналежнае
Не пранікайце,
Марнае, грэшнае
Прэч адкідайце!
Толькі лагодаю
Высушыш слёзы,
Толькі пяшчотаю
Ўсцешыш нябёсы.
Мефістофель

Пячэ мяне анёльскай ласкі сіла
Мацней за сатанінскае гарніла!
Бягуць мае! На страту сатаны
З тугою азіраюцца яны.
Услед любві сваёй такімі вось вачыма
Глядзіць пакінуты мужчына.
А я? Як ненавідзеў я анёлаў раць,
А сёння вочы аж гараць!
Чым так яны скарылі сатану,
Чым так яны мяне прычаравалі,
Што ворагі нібы і даспадобы сталі,
Што я гляджу на іх і не кляну?
Дазнаўшыся, што мне яны па мыслі,
У пекле ўсе б ад рогату аж кіслі.
Ды я, прызнацца, палюбіў такіх дзяцей —
Вунь як патурылі маіх чарцей!
(Да анёлаў.)

Не бойцеся мяне, ідзіце смела,
Люцыпаравы дзетачкі,— я знаю вас.
Пацалаваць радню мне вельмі закарцела,
І вы тут сёння ў самы раз!
Любіць бясконца вас гатовы,
Нібыта мы — адна сям’я.
Гляджу на вас, як кот марцовы,
Аддаць вам сэрца рады я.
Ідзіце ж, дзеткі, весялей.
Анёлы

Мы падышлі, ты адступіў далей.
Не бойся, не пакрыўдзім сатану!
(Запаўняюць усю сцэну.)

Мефістофель (адціснуты на авансцэну)

Усе грахі на нас вы валіце заўсёды,
А самі ведзьмары высокай пробы,
Бо сееце сярод людзей адну ману.
Дык вось які ён, гэты ваш адказ! —
А я ж хачу любві і ласкі,
Мяне вы надзіце; калі пабачу вас,
Дык прагну я шчаслівае развязкі.
Што ж, апускайцеся — я буду рад.
Хоць вам сур’ёзнасць і да твару,
Аднак я свецкасць вашу ўбачыць мару,
Усмешачка вам будзе ў акурат,
Яна б мяне адразу паланіла,
Калі б залётнай рысачкаю міла
Свяцілася ў куточках губ.
Вось ты, вышэйшанькі, мне вельмі ж люб,
Ты без папоўшчыны, без гэтай расы
Любому быў бы вабны й ласы.
Паадзяваліся зусім без ладу,
А дэкальтэ вам болей прыстае.
Вы любы мне, прызнацца, нават ззаду!..
Ах вы, спакуснічкі мае!..
Анёлы

Полымя любасці,
Яснае мудрасці
Грэх утаймуе,
Праўду ўшануе,
Лютасць адвее,
Ласкай сагрэе —
Знойдзеш свой дах
У райскіх садах.
Мефістофель (спахапіўшыся)

А як жа я? — А я ў струпах, бы Йоў,
Сябе самога азірнуць жахліва.
Агледзеўшыся, трыумфую зноў,
Бо з заварухі выйшаў я шчасліва.
На скуры след пакінула любоў,
А больш нідзе няма ні знаку.
Цяпер, калі прыцьміўся бляск агнёў,
Я шлю праклён вам у падзяку!
Анёлы

Хто ачышчаецца
Полымем чыстым,
Той прычашчаецца
Раем вячыстым.
Эфір улагоджаны,
Нас закалыхвае,
Хай дух адроджаны
Вольнасцю дыхае!
(Узносяцца з несмяротнай часцінай Фаўста.)

Мефістофель (азіраючыся)

Віселі над магілай, бы крукі —
І што? — Здабычу верную маю
Так спрытна вырвалі з рукі,
Каб вы ўдавіліся ў сваім раю
Няшчаснай гэтаю душой!
А я, аддаўшы скарб законны свой,
Самотны над магілаю стаю.
Каму паскардзіцца? — Вакол няслава!
Хто дагаворнае прызнае права?
Так ашукаць! Правесці чорта подла!
Ды што ж анёльскае паганіць кодла,
Калі ты сам, як пень, дурны.
О нечуваны сорам сатаны!
Такі меў план, хадзіў так горда,
Так спрытна плёў каханне, ставіў сець —
І на табе — падсеклі чорта!
То ж трэба ведаць, трэба ўмець!
А ўжо ж! — дурнейшай дурасці няма,
Калі абдурвае сябе сама!

Горныя цясніны, лес, скалы, пустка

Святыя пустэльнікі групамі адпачываюць на скалах над прадоннямі.


Хор і рэха

Кручы глядзяць на дол,
Сосны шумяць вакол,
Пнуцца карчы з зямлі,
Пахнуць смалой камлі,
Льюцца крыніцы з гор
Міма глухіх пячор.
Лашчацца ўжо ільвы
На дыванах травы.
Тут не ліецца кроў,
Тут царуе любоў.
Pater ecstaticus{251}

Айцец экзальтаваны (лунаючы ў паветры)

Жар недаступнасці,
Жар вечнай любасці.
Сэрца закутае
Болем спакутуе!
Стрэлы, прабіце мяне,
Дзіды, каліце мяне,
Латы, душыце мяне,
Маланкі, паліце мяне!
Тло ўсё адвеецца,
Праўда ўспраменіцца,
Пройдзе пакут пара,
Ўзыдзе любві зара.
Pater profundus

Айцец паглыблены (ля ніжніх сфер)

Вяршыні высяцца маўкліва
Па-над прадоннямі цяснін,
З-пад хмарных скал і круч бурліва
Збягаюць сотні ручаін.
І гамана дубровы дальняй,
І ручая праменны цуд,—
Усё любоўю жыццядайнай
Натхнёна выпешчана тут.
Любоў — дзівосны дар прыроды,
Я перад ёй хілюся ніц.
З любоўю ўніз імкнуцца воды
У час грымотных навальніц
І там даліну арашаюць.
Маланкі крэсляць далягляд,
Паветра чысцяць, асвяжаюць
І разганяюць дым і чад.
І гэта звестуны любові,
Яе адвечны, творчы рух.
У весняй радаснай абнове
Прачніся, мой застылы дух.
Абмежаваны ты і скуты
І боль хаваеш, і дакор.
О божа! вызвалі з пакуты,
Душы і сэрцу дай прастор!
Pater seraphicus

Айцец анёлападобны (сярэдняя сфера)

Што за хмарка праплывае
Над лясістаю гарой?
Здагадаўся — там лунае
Юных духаў светлы рой!
Хор шчасных хлопчыкаў

Край нязнаны, невядомы
Спадабаўся назусім.
Дзе мы, дзе мы? Хто мы, хто мы?
Адкажы нам, ойча, ўсім.
Pater seraphicus

Ноччу роджаныя, скора
Узляцелі вы увысь
Родным, блізкім на сум-гора,
А Эдэму на карысць.
Дадзена любві ахвярнасць
Вам здалёку адчуваць.
Шчасце, што зямную марнасць
Не паспелі вы спазнаць.
Будзьце ж тут са мной, як дома,
Уваходзьце ў вочы мне,
І на белы свет свядома
Кожны з вас тады зірне.
(Прымае іх у сябе.)

Вунь лясок, вунь пыл лятучы,
Вунь ручай шуміць, грыміць,
Абрываецца ён з кручы,
Каб дарогу скараціць.
Шчасныя хлопчыкі (з сярэдзіны)

Выгляд велічны; ды цесны,
Вельмі змрочны гэты край,
Нас пужае ён, злавесны.
Адпусці нас, не трымай.
Pater seraphicus

Ў сферы вышніх вам дарога;
Пад эдэмаўскім шатром
Там вялікай ласкай бога
Прасякайцеся нутром.
Вы, бязгрэшныя, ў эфіры,
Што гасподняй сілы поўны,
У любві і ў вечным міры
Знойдзеце спакой духоўны.
Шчасныя хлопчыкі (кружацца над самай высокай вяршыняй)

Ручкі падымем,
Вянком іх спляцём,
Госпада гімнам
Славіць пачнём.
Шчырым, ласкавым
Верым псалмам.
Той, каго славім,
З’явіцца нам.
Анёлы (лунаюць у верхняй атмасферы, несучы несмяротную часціну Фаўста)

Высокі дух з цянётаў зла
Дабіўся вызвалення.
Хто жыў з імкненнем да святла,
Таму даём збавенне,
З любоўю шчыраю каго
Мы радасна вітаем,
У сонм анёлаў мы таго
Сардэчна запрашаем!
Анёлы малодшыя

Ружамі з рук тых пакорных,
Што пакаяліся богу,
Здабылі мы перамогу
Над саюзам сіл тлятворных
І забралі скарб духоўны.
Там гучаў харал чароўны.
Мы там песні распявалі,
Мы там ружы рассявалі,—
І ўцякалі ў пекла чэрці,
Не здабыўшы плёну ў смерці.
Боль любві спазналі духі.
Сэрца рвалася ад скрухі
І ў самога Сатаны.
Анёлы больш дасканалыя

Астанкі на руках
Узносіць цяжка,
Будзь хоць з азбесту прах —
Ён — тлену частка.
Былі з’яднаны цесным
У ім саюзам
Духоўнае з цялесным.
Не можа вузаў
Падвойнае прыроды
Рваць сіла наша.
Любоў іх назаўсёды
Адна развяжа.
Анёлы малодшыя

Нешта нявіннае
Зыблецца, тоіцца
І над вяршыняю
Марывам мроіцца.
Хмаркі празрыстыя
Скрасілі смутак,
Рэюць там чыстыя
Душы малютак.
Клопаты марныя
Іх не кранулі,
Душы бясхмарныя
Шчасця ўдыхнулі.
Хай жа і гэты дух
Зведае вечны рух,
Ў сферах свяшчэнных
Хай прабывае,
З сонмам нятленных
Хай адлятае.
Шчасныя хлопчыкі

Прымем ласкава к нам —
У наша кола.
Бачым пад саванам
Мы ў ім анёла.
Будзе ён вольны,
Будзе раскуты,
Дух яго здольны
Вырвацца з путаў.
Doctor Marianus{252} (у найвышэйшай, найчысцейшай келлі)

Ўгору ўзносіцца дух,
Да сфераў празрыстых.
Дзевы лунаюць наўкруг
Воблакам чыстым.
Велічны зорны вянок
Там залаціцца —
Гэта ж у коле жанок
Неба царыца.
(У экстазе.)

О ўладарка вышыні,
Райскага блакіту!
Дзверы ў тайну адчыні
І пачуй малітву!
Лепшыя з усіх дароў —
Парыванні сэрца,—
Іх прымі. Мая любоў
Да цябе імкнецца.
Вучыш нас, тваіх дзяцей,
Мудрасцю сваёю.
Паслабляеш пал страсцей
Вераю святою.
Славім мы цябе, нябёс
І зямлі царыца!
Выпаў нам шчаслівы лёс
На цябе маліцца.
Лёгкія хмаркі
Кружаць, віюцца,
Грэшныя душы
Да Дзевы імкнуцца,
Просячы шчыра
Зноў заступіцца,
Ёй абяцаюць
Вечна маліцца.
Ты, беззаганная,
Ўсё ім даруеш,
Сэрцам рахманая,
Спогаддзю ўшчуеш.
Дух нячысты нашу плоць
Спакушаў спрадвеку,
Слабасць плоці пабароць
Цяжка чалавеку.
Цяжка праз жыццё прайсці —
Коўзкая дарога,
Шмат спакусаў у жыцці —
Спакушэнняў многа.
У вышыні Mater Gloriosa{253} (Маці божая ў славе нябеснай) плыве, лунаючы насустрач.


Хор пакаянных грэшніц

О Маці божая,
Заўжды зычлівая,
Прымі, прыгожая
І літасцівая,
Прымі маленне,
Наша ўслаўленне!
Magna Peccatrix{254} (St. Lucae VІІ, 36)

Вялікая грэшніца (Лука, 7, 36)

Дзеля слёз, якімі сыну
Колісь ногі абмывала,
Горка плачучы ад кпіну
Фарысея-цемрашала,
І збанка, з якога міра
Ты ліла Хрысту на цела,
Дзеля кос, якімі шчыра
Ты распятага абцерла,—
Mulier Samariata{255} (St. Joh. ІV)

Жанчына самарыйская (Іаан, 4)

Дзеля статку, што з крыніцы
Напаіў Абрам вадою,
І вядра, ў якім вадзіцы
Падала яму святое,
Там, дзе чыстыя патокі
З волі божай пачаліся
І ў далёкі свет шырокі
Падаліся, паліліся,—
Maria Aegyptiaca{256} (Acta Sanctorum)

Марыя Егіпецкая (Жыція святых)

Дзеля той святой грабніцы,
Дзе ляжаў распяты бог,
І рукі, якой блудніцу
Ён калісьці засцярог,
Дзеля каяння ў пустыні,
Запавету жыць у тле,
Што я словамі святымі
Напісала на скале,—
Утрох

Ты, якая дапускаеш
Да свайго аблічча грэшніц,
Ты, якая дазваляеш
Да святых прыходзіць весніц,
Пашкадуй душу пакутнай,
Што любіла і тужыла,
Што з-за той любві магутнай
Гэтак цяжка саграшыла.
Una poenitentium{257} (адна з грэшніц, якая раней называлася Грэтхен, тулячыся да іх)

Дзева прачыстая,
Ў славе вячыстая,
Твар свой схілі над шчасцем маім!
Тут мой каханы,
Доўгачаканы,
Больш не расстануся з ім.
Шчасныя хлопчыкі (набліжаючыся кругамі)

Ён перарос усіх,
Высокі, сільны.
Ён ад шчадрот сваіх
За догляд пільны
Удзеліць долю нам,—
З зямлёю злучыць.
Ён сам вучыўся там,
Нас тут навучыць.
Адна з грэшніц, колішняя Грэтхен

У сонме духаў, у нябесным,
Ён сам сябе не пазнае,
З жыццём расстаўшыся цялесным,
Святым між намі паўстае.
Глядзі, ён прахлыя аковы
Зямной будзёншчыны паверг,
У мантыі анёльскай — новы,
З юнацкай сілай мкне наверх.
Дазволь, заступніца святая,
Яго адвесці ў светлы рай.
Mater Gloriosa

Маці божая ў славе

Вядзі, пакутніца былая,
І браму ў сферу адчыняй.
Doctor Marianus (моліцца, прыпаўшы ніцма)

Душы грэшныя, ў эфір
Мкніце без вагання.
Ёсць жа верны павадыр
На шляху вяртання.
Ты прымі дзяцей сваіх,
Дай ім прыхіліцца,
Будзь заступніцаю іх,
Маці і царыца!
Chorus mysticus{258}

Містычны хор

Даўняе дальняе
Сніцца і мроіцца,
Недасягальнае
Явай узновіцца.
Нас заахвочвае,
Творыць, жыве.
Вечна-Жаночае
Вечна заве!{259}
Finis{260}

Каментарыі

1

Напісана ў 1797 г., калі Гётэ пасля шматгадовага перапынку зноў вярнуўся да працы над «Фаўстам». Прысвячэнне звернута да прызабытых вобразаў трагедыі, якія акружалі яго ў гады маладосці і зноў авалодалі ўвагаю паэта. (Тут і далей каментарыі Васіля Сёмухі.)

(обратно)

2

Пралог напісаны ў 1797 г., як лічаць, пад уплывам драмы старажытнаіндускага паэта Калідасы «Сакунтала». У «Пралогу» знайшоў адлюстраванне вопыт Гётэ як тэатральнага дырэктара, а таксама яго погляды на мастацтва наогул. У той час Гётэ лічыў, што сапраўдны сцэнічны твор вынікае з узаемадзеяння трох сіл: генія (паэт), мастацтва як здольнасці (камічны акцёр) і мастацтва як рамяства (дырэктар).

(обратно)

3

Святло вялікае, малое. — Сонца і Месяц. Паводле «Старога Запавету», Кн. 1. Майсея, 1,16: «…свяціла большае для кіравання днём і свяціла меншае для кіравання ноччу».

(обратно)

4

Пралог напісаны ў 1797–1800 гг. Ідэя сцэны запазычана непасрэдна з біблейскай кнігі Йова, дзе д’ябал спакушае чалавека з дазволу бога. Імя Мефістофеля запазычана з народнай легенды, этымалогія яго няясная. Прапаноўваліся тлумачэнні: Mephiztophel (стар.-яўр.) — знішчальнік-ілгун; me-photo-philes (стар.-гр.) — той, які не любіць святла; me-phausto-philes (стар.-гр.) — той, які не любіць Фаўста.

(обратно)

5

Нябеснае воінства. Рафаіл, Гаўрыіл, Міхаіл — старэйшыя архангелы са світы бога.

(обратно)

6

Гучыць грымотнай песняй сонца/У дружным хоры братніх сфер. — Паняцце «гармоніі сфер» запазычана з вучэння піфагарэйцаў, згодна з якім зоркі і планеты маюць кожная сваё гучанне. Для параўнання: у першай сцэне другой часткі трагедыі грымоты абвяшчаюць узыход сонца.

(обратно)

7

Каб ён зямлю сырую жэр, /Каб поўзаў ён, як цётухна змяя. — Паводле біблейскай легенды, д’ябал спакусіў Еву і Адама, прыняўшы вобраз змея, і бог асудзіў іх «поўзаць на чэраве і есці зямлю праз усё жыццё».

(обратно)

8

Раздзел напісаны ў розныя гады. Пачатак — крытыка універсітэцкай дзейнасці — датуецца прыблізна 1771 г., выкліканне Духа Зямлі і дыялог з Вагнерам — 1774–1775 гг., канец сцэны — 1797–1801 гг.

(обратно)

9

Ці ж таямнічы Нострадам…Нострадам (Мішэль дэ Нотр-Дам, 1503–1566) — лейб-медык і астролаг французскага караля Карла ІX, аўтар кнігі прароцтваў.

(обратно)

10

Разгортвае кнігу і бачыць знак МакракосмуМакракосм — разумна ўпарадкаваны свет. Згодна з містычна-кабалістычным вучэннем, існуюць тры светы: элементарны (стыхійны, матэрыяльны), нябесны і наднябесны (духоўны), якія складаюць свет, макракосм. Што ёсць у адным свеце, тое мае аналогіі і ў астатніх. Знак Макракосму — шасцікутная зорка.

(обратно)

11

Я разумею праўду мудраца…/Зямныя грудзі абатры! — Пакладзеная на вершы цытата з Сведэнборга, шведскага містыка і натураліста (1688–1772). Паводле яго вучэння, замагільны свет складаецца з аб’яднання духаў; духапразарліўцы могуць зносіцца з духамі толькі пэўнай, даступнай ім сферы і толькі пасля таго, як дасягнулі найвышэйшай ступені маральнай дасканаласці. Гётэ выкарыстоўвае многія палажэнні спірытызму Сведэнборга як паэтычныя вобразы.

(обратно)

12

Богападобны вобраз я. — Дух Зямлі стаіць ніжэй за бога. А чалавек — «вобраз і падабенства бога» (Кн. І Майсея), таму, на думку Фаўста, чалавек вышэйшы за Духа Зямлі.

(обратно)

13

О ліха!.. Лабарант мой — фамулюс.Фамулюс: тут — сакратар, звычайна з ліку студэнтаў.

(обратно)

14

Камедыянт, хай грае вельмі ўдала,/Не пераплюне кардынала. — Магчыма, намёк на вучонага тэолага Карла Фрыдрыха Барта, які ў 1773 г. выступіў з прапановай, каб будучыя свяшчэннікі бралі ўрокі ў акцёраў.

(обратно)

15

Хор анёлаў. Хор жанчын. Хор вучняў.— Хор у саборы. Сцэна вытрымана ў форме папераменных спеваў свяшчэнніка і хору. Строфы перадаюць біблейскія тэксты з Евангелля паводле Мацвея (27 і 28 — І хор анёлаў), Лукі (24 — хор жанчын і ІІ хор анёлаў), Іаана (19 і 20 — хор вучняў і ІІІ хор анёлаў).

(обратно)

16

Над плашчаніцаю гудуць яны.Плашчаніца — покрыва з вобразам Ісуса Хрыста. Выстаўляецца ў царкве за два дні да Вялікадня, у «вялікую пятніцу».

(обратно)

17

Раздзел напісаны прыблізна ў 1798–1801 гг.

(обратно)

18

Мой добры бацька праблукаў…/На пошасць выйшла падзівіцца. — Расказваючы пра лекарскую практыку бацькі, Фаўст мае на ўвазе апісанне доследаў алхімікаў па здабыцці «каменя мудрасці», які павінен даць золата, мудрасць і вечнае жыццё. У лабараторыі (чорная кухня) спалучаюцца (вянчаюцца) сера (чырвоны леў) з вокісам ртуці (лілея — срэбра або саляная кіслата) у гарачай вадзе (купель) на слабым агні. Доследы паўтараюцца з ужываннем розных рэактываў (для шлюбнай тайнасці шукалі кут). Юная царыца — дэстылат, «амалоджаная зямля», дачка цара Льва і царыцы Лілеі. Адэпт — алхімік, залатароб; прыхільнік, супольнік, уведзены ў тайны алхіміі. Юная царыца — таксама камень мудрасці.

(обратно)

19

Духі поўначы, поўдня, усходу і захаду. — Розныя вятры.

(обратно)

20

Раздзел напісаны прыблізна ў 1800 г.

(обратно)

21

«Было спачатку Слова!» — Пачатак Евангелля паводле Іаана, які выклікаў шмат спрэчак і тлумачэнняў у тэолагаў. Шматзначнае грэчаскае «логос» — слова, паняцце, розум, дзеянне.

(обратно)

22

Ключ Саламона. — Старажытная яўрэйская кніга заклінанняў элементарных духаў, аўтарства якой прыпісвалася цару Саламону (лац. Clavicula Salomonis). Ключом Саламона закліналі гномаў, эльфаў, дамавікоў, вадзенікоў, лесавікоў, г. зн. духаў стыхій, названых Фаўстам «напаўсатанінскімі». «Чатырох закляццяў», аднак, у гэтай кнізе няма.

(обратно)

23

Замова Чатырох. — Для заклінання чатырох элементарных стыхій, з якіх, паводле старажытных вераванняў, складаецца свет: агню, зямлі, вады і паветра. Кожная стыхія мае свайго духа. Саламандра — земнаводнае з чырвонымі плямамі, сімвал духу агню, Ундзіна — дух вады (лац. unda — хваля), Сільфіда — дух паветра, Кобальд або лац. Incubus — дух зямлі.

(обратно)

24

Знак гэты паможа. — Крыж з вобразам Збавіцеля (Хрыста) і надпісам JNRJ (Jesus Nazarenus Rex Judaeorum) — Ісус Назарыцянін Цар Іудзейскі).

(обратно)

25

Не чакай—/Агню, небам тройчы ўладарна ўславёнага. — Заклінанне знакам святой тройцы (Бацькі, Сына, Святога Духа).

(обратно)

26

А, пентаграма сыну тла…Пентаграма, ці пентальфа — старадаўні містычны знак у выглядзе пяціраговай зоркі, якая пяць разоў паўтарае літару А; усходняга паходжання, пасля была запазычана піфагарэйцамі, потым стала сімвалам Ісуса Хрыста, менавіта таму таймуе д’ябла.

(обратно)

27

Я — цар мышэй і пацукоў,/Мух, вошай, жаб і павукоў.— Чорт, вельзевул. Уяўленне пра князя цемры як пра цара ўсякай нечысці ўласцівае хрысціянскай дэманалогіі.

(обратно)

28

Сцэна напісана ў розныя гады; сцэна з вучнем — у 1769 г., перапрацавана ў 1788 г., сцэна заключэння пакта — у 1800 г.

(обратно)

29

Пракляты будзь і ты, Мамон.Мамон, мамона — скарб, сімвал багацця і скупасці.

(обратно)

30

Collegium logicum (лац.) — курс логікі, з якога пачыналася вучоба ў тагачасных універсітэтах.

(обратно)

31

Душу ў гішпанскія абуюць боты.Гішпанскія боты — сярэдневяковая прылада для катаванняў, якою драбілі косці ахвяры.

(обратно)

32

Encheiresis naturae (лац.) — сіла, спосаб дзеяння прыроды; грэчаскі тэрмін старой хіміі.

(обратно)

33

Навучаць вас рэдукаваць,/Па нормах класіфікаваць.Рэдукцыя — лагічная аперацыя звядзення паняццяў да асноўных катэгорый, класіфікацыя — падзел лагічных паняццяў на класы; — тэрміны логікі.

(обратно)

34

Eritis sicut Deus, scientes bonum et malum (лац.). — Будзеце, як бог, ведаць дабро і зло. Гэтымі словамі змей спакушаў Адама і Еву.

(обратно)

35

У свет малы, пасля ў вялікі свет. — Мяшчанскі свет невялікага мястэчка ў першай частцы трагедыі — малы свет, і дзяржаўна-палітычная, сусветна-гістарычная, навукова-мастацкая арэна ў другой частцы — вялікі свет.

(обратно)

36

Сцэна напісана ў 70-я гады і ўваходзіць у «Прафаўст». Піўніца Аўэрбаха была месцам студэнцкіх вечарынак. У часы Гётэ там былі дзве фрэскі, на адной з якіх быў паказаны студэнцкі банкет з удзелам доктара Фаўста, на другой Фаўст, які ляціць вярхом на бочцы.

(обратно)

37

Свяшчэнны Рым. — Маецца на ўвазе Свяшчэнная Рымская Імперыя Германскай Нацыі.

(обратно)

38

З нас кожны папа…/…святыя прычындалы! — Жартоўны абрад нямецкіх буршаў, які высмейвае ўрачысты цырыманіял выбрання папы з асяроддзя кардыналаў з праверкай мужчынскай годнасці кандыдата.

(обратно)

39

Узвіся, салавейка… — вольная апрацоўка нямецкай народнай песні.

(обратно)

40

Здаецца мне, кульгавы ён. — Паводле хрысціянскай легенды, чорт пачаў кульгаць пасля таго, як бог скінуў яго з неба ў пекла.

(обратно)

41

Вас ці не з Рыпаха да нас паслалі,/Вы з панам Гансам там не выпівалі?Ганс з Рыпаха (вёска паміж Лейпцыгам і Наўмбургам) — нязграба, вісус, недарэка — герой непрыстойных анекдотаў.

(обратно)

42

Сцэна напісана ў 1788 г. Кухня абмалявана паводле вядомых у той час карцін Брэйгеля, Тэнье і Гера. Згодна з сярэдневяковымі вераваннямі, чорныя каты і малпы былі спадарожнікамі ведзьмаў.

(обратно)

43

Я лепш збудую тысячу мастоў.— Паводле народных вераванняў, чэрці будавалі масты (адсюль «чортаў мост»).

(обратно)

44

Лунае цьмяна вобраз мілы… — Магчыма, Фаўст убачыў вобраз Алены (успамін пра гэту сцэну ў раздзеле «Рыцарская зала»).

(обратно)

45

Вядзьмачы раз на раз. — Высмейванне містычнай сімволікі лічбаў.

(обратно)

46

Праз тры й адзін, адзін і тры. — Высмейванне хрысціянскага догмату «трыадзінай сутнасці бога — святой тройцы».

(обратно)

47

Ну, годзе, мудрая Сівіла.Сівіла — легендарная празарлівіца антычнага свету, якая нібыта прадказала прышэсце Ісуса Хрыста.

(обратно)

48

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

49

Хачу красуню папрасіць/Паненцы праважатым быць.Паненка (ням. Fräulein) — так называлі толькі дваранскіх дзяўчат. Фаўст падлабуньваецца да Маргарыты, называючы яе, мяшчанку, паненкай.

(обратно)

50

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

51

…Уладца Фулы слаўнай. — Раманс баладнага тыпу напісаны ў 1774 г. незалежна ад «Фаўста». Фула (Uitima Thule) — рымская назва нейкай краіны на поўнач ад Брытаніі, магчыма, Ісландыі.

(обратно)

52

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

53

Лыкнула, дзякаваць, паўсвету./А колькі, колькі яшчэ можа! — Сатырычны намёк на прэтэнзіі царквы.

(обратно)

54

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

55

У Падуі паклаў ён голаў…/І з храма ўгодніка Антона… — Падуанскі сабор св. Антонія, пабудаваны Нікола Пізані ў XІІІ ст.

(обратно)

56

Яго ў Неапалі страчала…/Прыйшла, бадай што, ранавата. — Пасля крыжацкіх паходаў у Еўропе пашырыўся сіфіліс, які ў той час называўся «неапалітанскай хваробай».

(обратно)

57

Каб некралогі, выразкі з газет… — Таксама як і іншыя згадкі пра газеты: у XVІ ст. у Еўропе яшчэ не было ні метрык, ні газет, ні пасведчанняў пра смерць.

(обратно)

58

Праўда — гэта ж тое/За што выказваюцца двое. — Царкоўны догмат, паводле якога прызнавалася праўдзівай любая заява, пацверджаная двума сведкамі.

(обратно)

59

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

60

Sancta simplicitas! (лац.) — святая прастата! — Словы чэшскага рэфарматара Яна Гуса (1369–1415), сказаныя на вогнішчы, калі нейкая бабуля падкінула ў агонь дроў, думаючы, што робіць богаспадобную справу.

(обратно)

61

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

62

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

63

Ад’ё! (Adeau — фр.) — да пабачэння!

(обратно)

64

Сцэна напісана ў 1788 г. У «Фрагменце» яна размяшчалася паміж сцэнамі «Каля студні» і «Сабор».

(обратно)

65

Магутны, ўзнёслы Дух, ты даў мне ўсё. — Маецца на ўвазе Дух Зямлі. Яго ўплыву Фаўст прыпісвае сваё пантэістычнае разуменне прыроды. Ты навучыў мяне шукаць братоў/У ціхім лесе, у вадзе й паветры!

(обратно)

66

Калі між ружаў ты блізнятак пас. — Вобраз жаночых грудзей, запазычаны з Саламонавай «Найвышэйшай песні» — сказана з пошлым намёкам.

(обратно)

67

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

68

Сцэна напісана да 1775 г. У ёй адлюстравана пантэістычная споведзь юнага Гётэ эпохі «буры і націску».

(обратно)

69

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

70

Паўзе да кірхі ў грэшніцкай кашулі.— Грэшніц выстаўлялі ў царкве ў зрэбнай кашулі. Гётэ дабіўся забароны гэтага звычаю ў Веймарскім герцагстве ў 1786 г.

(обратно)

71

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

72

Mater Dolorasa (лац.) — маці-пакутніца — вобраз багародзіцы Марыі з прабітымі мячом грудзямі.

(обратно)

73

Сцэна закончана ў 1806 г., пачатак — у 1775 г.

(обратно)

74

І вуды ўжо на шабасе закіну. — Маецца на ўвазе ноч Вальпургіі. Вальпургія (Вальпурга) — ігумення аднаго баварскага манастыра ў VІІІ ст.; свята, звязанае з гэтым імем, прыпадае на першае мая. Яно злілося з паганскімі вясеннімі святамі. У гэтую ноч ведзьмы і чэрці нібыта спраўляюць шабас, тады ж адкрываюцца і скарбы, схаваныя ў зямлі. У рускіх перакладах «Фаўста» традыцыйна замацавалася назва «Вальпургиева ночь» — але такое словаўтварэнне магчыма толькі ад мужчынскага імя Вальпургій.

(обратно)

75

Скажы, чаго… — Серэнада напісана пад уражаннем песні Афеліі з шэкспіраўскага «Гамлета». Пачатак цалкам запазычаны ў Шэкспіра.

(обратно)

76

Сабачы хвост, пацукалоў.— Пацукалоў (Rattenfänger von Hameln) — персанаж з нямецкай народнай казкі, які сваімі спевамі і ігрою завабліваў мышэй і пацукоў, а аднаго разу ў Гамельне завабіў дзяцей гараджан за тое, што яму не заплацілі за вынішчэнне пацукоў.

(обратно)

77

Але нам пагражае суд. — Мефістофель баіцца і суду, бо прыгаворы ў ім выносіліся імем бога, з якім ён не мог змагацца.

(обратно)

78

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

79

Dies irae, dies illa/Solvet saeclum in favilla (лац.). — «Дзень гневу, гэты дзень спапяліць увесь свет». Гэтыя і далейшыя лацінскія спевы — з царкоўнага гімна пра страшны суд.

(обратно)

80

Judex ergo cum sedebit, /Quidquid latet adparebit, /Nil inultum remanebit (лац.). — «Калі ўссядзе вышэйшы суддзя, усё патаемнае выявіцца, і нішто не застанецца без пакарання».

(обратно)

81

Quid sum miser tunc dicturus?/Quem patronum rogaturus, /Cum vis justus sit securus? (лац.) — «Што скажу я тады, няшчасны? Да якога заступніка прыпаду, калі нават праведнік не ўпэўнены ў ратунку?»

(обратно)

82

Сцэна напісана ў 1799–1801 гг.

(обратно)

83

Шырке і Эленд — вёскі пад гарою Брокен, якая яшчэ называецца Блоксбергам (гл. «Піўніца Аўэрбаха ў Лейпцыгу»).

(обратно)

84

Хай светлячок нас правядзе!Светлячкі, лічылася, трымаюцца злых духаў і заводзяць людзей у бяду.

(обратно)

85

Скал грувасткія насы/Чмышуць сонна на лясы. — Дзве скалы каля Шырке, якія называюцца Храпунамі (Schnarrcher).

(обратно)

86

Урыян — паўночнагерманская назва чорта.

(обратно)

87

Старая Баўба з храпай грознай.Баўба — міфічная карміцелька багіні Дэметры (Цэрэры), забаўляла багіню непрыстойнымі жартамі.

(обратно)

88

Праз Ільзенштэйн… — Скала над ракой Ільзай каля Брокена; паводле падання, у ёй жыве прынцэса Ільза, каханая германскага імператара Генрыха ІІ.

(обратно)

89

Дарагі Фоланду!Фоланд (Foland, Volland) — правадыр злых духаў, чарадзей, чорт; сярэдневяковая назва.

(обратно)

90

Прыгледзься, гэта дама — /Ліліт.Ліліт — паводле кабалістычнага міфа, першая, яшчэ да Евы, жонка Адама, створаная богам разам з Адамам. Яна забіла народжаных ад Адама дзяцей, за што была ператворана ў дэманічную істоту, апанаваную ненасытнай німфаманіяй.

(обратно)

91

Проктафантасміст — «задапразарлівец» (ад гр. proctos — зад і phantasma — бачанне). Гэтым персанажам Гётэ высмеяў свайго літаратурнага праціўніка, выдаўца і даследчыка-натураліста Хрысціяна Фрыдрыха Нікалаі (1733–1811). На пасяджэнні Берлінскай акадэміі навук Нікалаі заявіў, што вылечыўся ад галюцынацый пры дапамозе п’явак, якіх ставіў сабе на ягадзіцы.

(обратно)

92

А вы прыматкабожыліся ў замку. — Маецца на ўвазе замак Тэгель — маёнтак вядомага нямецкага лінгвіста Вільгельма Гумбальта (1767–1835), у якім нібыта вадзіліся прывіды. Нікалаі нават апісаў, як гэтыя здані даймалі яго ў 1797 г.

(обратно)

93

Чырвоная пабегла мыш. — Гётэ запазычыў гэты вобраз з «Антрападэмуса» Прэторыя: «У ведзьмы, калі яна спіць, з рота выскоквае чырвоная мыш», калі памірае — выскоквае шэрая мыш.

(обратно)

94

Напэўна, чуў ты пра Медузу міф.Медуза Гаргона — у антычнай міфалогіі істота, якая сваім паглядам ператварала людзей у камень. Персей адсек ёй галаву, гледзячы ў люстэрка.

(обратно)

95

Кіпіць разгулам, радасцю наш Пратэр.Пратэр — славуты гарадскі парк у Вене.

(обратно)

96

Servibilis (лац. servis — слуга) — чалавек, які навязваецца са сваімі паслугамі.

(обратно)

97

Інтэрмедыя напісана ў 1797 г. Яна вынікла як працяг напісаных разам з Фрыдрыхам Шылерам сатырычных эпіграм «Ксеніі», якія выклікалі вялікі перапалох у лагеры літаратурнай рэакцыі. «Сон у ноч Вальпургіі» нагадвае шэкспіраўскі «Сон у летнюю ноч» (адсюль узяты і некаторыя персанажы: Аберон і Тытанія — цар і царыца эльфаў, Пук — эльф, смяшлівы дух; Арыель — светлы дух паветра, паходзіць з драмы Шэкспіра «Бура»).

(обратно)

98

Сыны Мідынга. — Мідынг (1725–1782) — рэжысёр веймарскага тэатра, на смерць якога Гётэ адгукнуўся элегіяй.

(обратно)

99

Аркестр tutti (fortissimo) (іт.) — увесь аркестр, вельмі гучна.

(обратно)

100

Дух, які толькі фармуецца. — Паэт, які не мае свайго голасу.

(обратно)

101

Парачка — сааўтары-няўдальцы.

(обратно)

102

Цікаўны падарожнік. — Маецца на ўвазе Хрысціян Фрыдрых Нікалаі.

(обратно)

103

Артадокс — «прававерны», рэакцыйны пісьменнік Фрыдрых Леапольд Штольберг (1750–1819), які з пазіцый каталіцызму рэзка выступаў супраць верша Фрыдрыха Шылера «Багі Грэцыі».

(обратно)

104

Паўночны мастак — відаць, сам Гётэ.

(обратно)

105

Пурыст — «захавальнік чысціні», прыхільнік псеўдакласіцызму.

(обратно)

106

Флюгер. — Пад Флюгерам розныя каментатары разумеюць графа Фрыдрыха Леапольда Штольберга і кампазітара Ёгана Фрыдрыха Рэйхарта (1752–1814).

(обратно)

107

Генінгс. — Аўгуст Генінгс (1746–1826) — пісьменнік і выдавец, літаратурны праціўнік Гётэ і Шылера.

(обратно)

108

Музагет. — «Правадыр муз», мянушка Апалона — назва альманаха, які выдаваўся Генінгсам.

(обратно)

109

Ci-devant геній часу. — Генінгс выдаваў часопіс «Геній часу», у якім выступаў супраць «чужой духу хрысціянства» класічнай эстэтыкі Гётэ і Шылера і супраць іх «Ксеній».

(обратно)

110

Журавель — Ёган Каспар Лафатэр (1741–1801), з якім Гётэ спачатку быў у дружбе, а пасля парваў адносіны, таму што Лафатэр падупаў уплывам ханжаскай набожнасці.

(обратно)

111

Дзіця свету — сам Гётэ; чалавек без псеўданавуковых прымхаў.

(обратно)

112

Дагматык — паслядоўнік дакантаўскай метафізікі, які разглядаў з’явы як ізаляваныя адна ад адной і нязменныя.

(обратно)

113

Ідэаліст — нямецкі філосаф Ёган Готліб Фіхтэ (1762–1814), які, зыходзячы з прымата ідэі, разглядаў рэальны свет як эманацыю свайго «я».

(обратно)

114

Рэаліст — філосаф-эмпірык, які лічыць рэальным толькі тое, што ён можа ўспрымаць праз адчуванне.

(обратно)

115

Супернатураліст — філосаф, які прызнае існаванне надпачуццёвага свету, надпрыродных сіл, недасягальных чалавеку. Маецца на ўвазе Фрыдрых Генрых Якобі (1743–1819).

(обратно)

116

Скептык — паслядоўнік філосафа-агностыка Давіда Юма (1711–1776). Скептык адмаўляе «скарб», г. зн. сапраўднае пазнанне наогул. У яго застаецца толькі вера ў чорта і сумненне.

(обратно)

117

Няўвішныя — маюцца на ўвазе бездапаможныя палітыкі, французскія эмігранты.

(обратно)

118

Вандроўныя агеньчыкі — падразумяваюцца французскія арыстакраты, якія ўцяклі ў час рэвалюцыі ў Германію, розныя выскачкі.

(обратно)

119

Знічка — дэмагог, звергнутая палітычная зорка.

(обратно)

120

Масіўныя — відаць, рэвалюцыйныя масы, якія хочуць змесці названых вышэй палітыкаў і філосафаў; стаўленне Гётэ да масіўных — негатыўнае.

(обратно)

121

Сцэна напісана прыблізна ў 1772 г.

(обратно)

122

Сцэна напісана да 1775 г.

(обратно)

123

Першы варыянт сцэны быў напісаны ў прозе («Прафаўст») пасля 1772 г. У вершаванай форме ўпершыню надрукаваны ў 1808 г.

(обратно)

124

Шлюха маці мая. — Песня з нямецкай народнай казкі пра злую мачаху.

(обратно)

125

Зламаў свой кій суддзя, ударыў звон…/Нібы адчулі самі.— Падчас пакарання злачынцаў званілі ў званы і над галавой асуджанага суддзя ламаў палачку; перш чым адсячы галаву, кат дакранаўся сякераю да шыі ахвяры.

(обратно)

126

Да работы над другой часткай «Фаўста» Гётэ прыступіў у 1824 г. Да гэтага часу ў яго былі толькі некалькі фрагментаў асобных сцэн, у прыватнасці, трэцяга акта. Цалкам трагедыя была закончана ў 1831 годзе.

(обратно)

127

Схема першага акта была ў Гётэ ў 1816 г. Першыя сцэны былі напісаны ў 1808 г. Канчаткова акт апрацаваны ў 1828–1830 гг.

(обратно)

128

Чуйце, як спяваюць Оры.Оры — у грэка-рымскай міфалогіі багіні часу, якія вартуюць нябесную браму. Адчыняюць яе з грукатам, прапускаючы калясніцу бога сонца Феба (Геліёса).

(обратно)

129

Што ўсім агідна і жадана?../Хто сам набіўся да паслуг? — Адгадка загадкі Мефістофеля — д’ябал.

(обратно)

130

Канцлер — ён жа і архіепіскап. У Свяшчэннай Рымскай Імперыі канцлерам, як правіла, быў архіепіскап Майнцкі.

(обратно)

131

Бо гібелін не любіць гвэльфа. — Гвэльфы і гібеліны — асноўныя палітычныя партыі ў італійскіх землях у XІІ — XV стст.; першыя — прыхільнікі ўлады папы, другія — улады імператара.

(обратно)

132

Належыць Вашаці зямля з грашыма. — Паводле закона Карла Вялікага («Швабскае люстра»), «усе скарбы, якія ляжаць у зямлі глыбей, чым дастае плуг, належаць каралю».

(обратно)

133

Найбольшы скарб — то Сонца залатое. — У астралогіі таго часу былі вядомы сем планет, кожная са сваім значэннем, кожнай адпавядаў свой метал: Сонцу — золата, Меркурыю — ртуць, Венеры — медзь, Месяцу — срэбра, Марсу — жалеза, Юпітэру — волава, Сатурну — свінец.

(обратно)

134

Адразу пра альруны плесці…Альруны (альраўны) — містычныя фігуркі з кораня мандрагоры, якія нібыта мелі цудадзейную ўласцівасць паказваць месцы захавання скарбаў.

(обратно)

135

Лепш пачакаць да серады. — Маецца на ўвазе «пакаянная серада», серада першага тыдня вялікага посту, калі канчаецца масленіца.

(обратно)

136

Exeunt (лац.) — усе выходзяць.

(обратно)

137

Ён добра папе дагадзіў.— Маецца на ўвазе абрад цалавання папскай пантофлі на знак прызнання верхавенства царквы над свецкаю ўладаю.

(обратно)

138

Дар Цэрэры лепшы кветак. — Цэрэра (Дэметра) — багіня земляробства ў грэка-рымскай міфалогіі.

(обратно)

139

Полішынелі (Pulcinello) — вясёлыя маскі ў сярэдневяковай камедыі дэль-артэ.

(обратно)

140

Грацыі (харыты) — у грэка-рымскай міфалогіі багіні грацыёзнасці, прыгажосці, радасці, песты — дочкі Зеўса і Эрыміны. Еўфрасіна увасабляе радасць, Аглая — бляск, Талія (Гегемона) — квітнеючае жыццё.

(обратно)

141

Паркі (мойры) — у грэка-рымскай міфалогіі багіні лёсу, дочкі бога Хаоса. Яны пралі нітку чалавечай долі: Клота — сукала нітку, Лахезіс — круціла калаўротак, Атропа — абцінала нітку нажніцамі. У Гётэ Атропа і Клота памяняліся функцыямі.

(обратно)

142

Фурыі (эрыніі) — Алекта, Мегера, Тысіфона — міфічныя дэманы падземнага царства, багіні помсты і дакораў сумлення. У Гётэ яны выступаюць як ворагі шчасця і кахання: Алекта — злосніца, Мегера — вораг, Тысіфона — помсніца.

(обратно)

143

Асмадзей — у персідскай міфалогіі д’ябал, які разрывае шлюбныя саюзы.

(обратно)

144

Заіла-Тэрсіт. — Спалучэнне імёнаў двух зайздроснікаў: Заіла — грэчаскага граматыка (ІV—ІІІ ст. да н. э.), які злосна крытыкаваў Гамера, і Тэрсіта — баязліўца і паклёпніка з «Іліяды».

(обратно)

145

Хлопчык-каляснічы — алегорыя паэзіі, як Эўфарыён (гл. ІІІ акт). У рукапісе 1827 г. у гэтай сцэне быў Эўфарыён.

(обратно)

146

Плутон (Плутус) — у грэчаскай міфалогіі бог падземнага царства. У феерыі Фаўста Плутон выступае як бог золата і багацця.

(обратно)

147

Пан — у грэчаскай міфалогіі бог статкаў, пастухоў, паш і лясоў.

(обратно)

148

Фаўны і сатыры — у грэка-рымскай міфалогіі — напаўчалавекі-напаўжывёлы з казлінымі нагамі ў свіце бога віна Вакха (Бахуса, Дыяніса).

(обратно)

149

Гномы — карлікі з германскіх міфаў; прыязныя да людзей, жывуць у рудніках, выплаўляюць металы, ахоўваюць скарбы.

(обратно)

150

Німфы — персанажы антычнай міфалогіі, боствы сіл і з’яў прыроды. Німфы марскіх і рачных вод, ручаёў, крыніц — акіяніды, нерэіды, наяды; німфы гор — арэяды; німфы далін — напеі, німфы лугоў — ліманіяды, німфы дрэў — дрыяды (гл. таксама «Класічную ноч Вальпургіі»).

(обратно)

151

Сама Фетыда гонарам палічыць/Табе, нібы Пелею, шчасця ўзычыць.Фетыда — марская німфа, Пелей — яе муж, бацька героя «Іліяды» Ахіла.

(обратно)

152

Багіні Мацеры. — Міф пра Мацярэй створаны самім Гётэ. Мацеры мысляцца паэтам як праформы, правобразы ўсіх істот і рэчаў.

(обратно)

153

Як містагог гаворыш ты, нібыта/Табе дурыць патрэбна неафіта. Містагог — жрэц, які ўводзіў навічка (навіцыя) ў містэрыі, таемнасці культур. Неафіт — чалавек, які ўведзены ў культ.

(обратно)

154

Селена і Эндыміён. — Селена (Дыяна, Лýна, Геката) — багіня Месяца і палявання. Эндыміён — яе каханак, малады прыгожы паляўнічы, сын Зеўса.

(обратно)

155

Напісаны ў 1826–1830 гг.

(обратно)

156

Заходзьце, дружа Нікадэмус!/…Oremus!Нікадэмус (Нікадзім) — імя фарысея з Евангелля паводле Іаана. Oremus (лац.) — памолімся!

(обратно)

157

Мой пан, калі патокі мутнай Леты…Лета — адна з рэк міфічнага Аіда, падземнага царства. Выпіўшы вады з Леты, душа чалавека забывае пра зямное жыццё.

(обратно)

158

Гамункул (лац. homunculus — чалавек, чалавечак) — штучная чалавекападобная істота. Алхімікі лічылі магчымым ствараць жывыя істоты падборам патрэбных элементаў у пэўнай прапорцыі.

(обратно)

159

«Пастаўлю кропачку над „і“». — Маецца на ўвазе чалавечы цялесны вобраз, які Гамункул імкнецца набыць.

(обратно)

160

Ad spectatores (лац.) — да гледачоў.

(обратно)

161

Фарсальскія лугі — раўніна ў Фесаліі.

(обратно)

162

Эрыхта — фесалійская чараўніца, якая нібыта прадказала рымскаму палкаводцу Пампею (107—48 да н. э.) паражэнне ў барацьбе за ўладу ад Юлія Цэзара (100—44 да н. э.).

(обратно)

163

Я ў Грэцыі і, як Антэй, стаю.Антэй — сын зямлі (Геі) і мора (Пасейдона), які чэрпаў сілу, дакрануўшыся да зямлі.

(обратно)

164

А сфінксы й грыфы — не па нас…Сфінксы — казачныя істоты з лапамі льва, тулавам сабакі, галавою і грудзьмі жанчыны. Грыфы — міфічныя звяры з арлінымі крыламі і галавою, з тулавамльва; ахоўнікі скарбаў.

(обратно)

165

Мурашкі-волаты — міфічныя золаташукальнікі, будавалі з золата падземныя палацы. Упамінаюцца ў Герадота (485–425 да н. э.).

(обратно)

166

Ды арымаспы ж высачылі нас.Арымаспы — легендарныя аднавокія людзі скіфскага племені, яны нібыта выкрадалі назапашанае грыфамі золата.

(обратно)

167

The old Iniquity (англ.) — старая крыўда; назва д’ябла ў англійскай пратэстанцкай літаратуры.

(обратно)

168

Дай мне шараду…/А Зеўсу — як забава проста. — Напамін пра фіванскага сфінкса, які загадваў падарожніку загадкі і забіваў яго, калі той не адгадваў. Адгадка загадкі Мефістофеля — д’ябал. Зеўс, як найвышэйшае боства, стаіць над дабром і злом.

(обратно)

169

Сірэны — паўптушкі-паўжанчыны, якія занаджвалі людзей сваімі спевамі.

(обратно)

170

Эдып калісьці з імі гаварыў.Эдып — міфічны фіванскі цар, які разгадаў загадку сфінкса.

(обратно)

171

А іх Уліс перахітрыў.Уліс (Адысей) — гамераўскі герой, воін, падарожнік.

(обратно)

172

Бо Геркулес забіў апошніх з нас. — Геркулес (Геракл) — міфічны герой, які здзейсніў дванаццаць подзвігаў.

(обратно)

173

Прасі парады ты ў Хірона. — Хірон — мудры кентаўр (паўчалавек-паўконь).

(обратно)

174

То зграя шумных стымфалід. — Стымфаліды — міфічныя птушкі з меднымі крыламі, пер’ем і дзюбамі, якія жылі над Стымфалійскім возерам у Аркадзіі; іх знішчыў Геркулес.

(обратно)

175

Хай не палохаюць галовы/Лернейскай вычварнай гадзюкі.— Лернейская гідра — міфічная пачвара, дзевяцігаловая змяя; яе забіў Геркулес.

(обратно)

176

Там ламіі — гурток распусты…Ламіі — міфічныя вампіры, пажыральніцы дзяцей.

(обратно)

177

Прывыклі да ўсяго, здавён/Кіруючы раскладам дзён.Сфінксы былі ў Егіпце сімваламі месяцаў ліпеня (знак Льва) і жніўня (знак Дзевы).

(обратно)

178

Суд людскі мы, суд Феміды. Феміда (Тэміда, Тэміс) — міфічная багіня права, законнага парадку і прадказанняў. Пераносна Феміда — правасуддзе, закон.

(обратно)

179

Пеней — рака ў Фесаліі; тут — бог рэк.

(обратно)

180

Славуты, мудры сын Філіры. — Філіра — німфа, якая нарадзіла кентаўра Хірона.

(обратно)

181

Нават у Палады…/Ён сам управіць Ментару мазгі.— Палада Афіна — багіня мудрасці; у вобразе сябра-дарадцы Ментара Афіна суправаджала Тэлемаха, які адправіўся шукаць бацьку Адысея.

(обратно)

182

Ахіл у Ферах/Знайшоў Алену… — Заручыны Ахіла з Аленай адбыліся паводле міфа на востраве Лука; Гётэ перанёс падзею ў Феры, дзе нібыта быў уваход у падземнае царства.

(обратно)

183

Да Манта выбраўся…Манта — дачка Цірэзія, фіванскага вешчуна (у Гётэ — дачка Эскулапа, бога лячэння).

(обратно)

184

З Эладай білася тут рымская дзяржава. — Маецца на ўвазе бітва пры Піндзе, дзе рымскі консул Люцый Эмілій Паўлюс разграміў войска македонскага цара Персея (168 да н. э.). — Адсюль далейшае — І рымлянін цара абуў у путы.

(обратно)

185

Сейсмас — увасабленне землетрасенняў.

(обратно)

186

І Пеліён-гару і Осу/З падземных вызваліў кайданаў.— Пеліён і Оса — горы ў Фесаліі.

(обратно)

187

Пігмеі і дактылі — казачныя плямёны карлікаў, якія варагавалі з жураўлямі.

(обратно)

188

Івікавы жураўлі.— Івік — грэчаскі паэт, забіты грабежнікамі па дарозе на істмейскія гульні; жураўлі, якія бачылі злачынства, выдалі забойцаў.

(обратно)

189

Эмпуза — міфічная аднаногая пачвара, спадарожніца багіні Гекаты, магла пераўвасабляцца.

(обратно)

190

Анаксагор (500–428 да н. э.) і Фалес (640–545 да н. э.) — грэчаскія філосафы. У іх спрэчцы пра паходжанне зямлі адлюстраваны сучасныя Гётэ напрамкі ў геалагічнай навуцы: барацьба нептуністаў і вулканістаў (плутаністаў). Першыя лічылі, што горныя пароды ўзніклі як вадзяныя асадкі, другія — што пароды створаны дзеяннем «унутранага агню».

(обратно)

191

…Вечная, натхнёная./Трохвобразная, трохімённая — /Дыяна, Лýна і Геката… — Багіня Месяца, якая паказваецца ў трох абліччах, як маладзік, поўня і ветах. Багіня мела і тры імені ў залежнасці ад таго, дзе яна з’яўлялася. Геката: на зямлі — Дыяна (Артэміда), пад зямлёй — Празерпіна (Персефона), на небе — Селена (Луна).

(обратно)

192

Фаркіяды — тры дочкі марскога бога Форкіса (Форка, Морака) і Кето (бяздонне). На траіх яны мелі адно вока і адзін зуб. Сімвалізавалі старасць і брыдоту.

(обратно)

193

Багіням Опс і Рэі біў чалом. — Опс (Опа) — міфічная рымская багіня пасеваў і ўрадлівасці.

(обратно)

194

Трытоны — міфічныя марскія істоты з чалавечым торсам і хвастом дэльфіна, абаронцы мараходаў.

(обратно)

195

Гуртом паплылі/Яны ў Самафракію…/Да добрых кабіраў.— Самафракія — востраў у Эгейскім моры, кабіры (яўр. «кабірым» — магутныя) — таямнічыя боствы, культ якіх быў на востраве Самафракія.

(обратно)

196

Нерэй — бог Эгейскага мора; нерэіды — яго дочкі, марскія німфы.

(обратно)

197

Там першая красуня Галатэя. — Галатэя — дачка Нерэя, саперніца Афрадзіты. Кіпрыда — Афрадзіта (Венера), Пафос — горад на Кіпры, дзе быў храм Афрадзіты.

(обратно)

198

Ідзём лепш, хлопча, да Пратэя.Пратэй — сын Акіяна і Фетыды, мудры марскі старац, які мог пераўтварацца.

(обратно)

199

Кабірам шчыт Хілоны. — Хілона — німфа, была ператворана Гермесам у чарапаху.

(обратно)

200

З намі трое, а чацвёрты…/Сямёра ўсіх было. — Іранічны намёк на розныя «звесткі» пра колькасць кабіраў — у працах даследчыкаў міфаў.

(обратно)

201

Трайною духі йдуць хадою. — Маюцца на ўвазе Гамункул, Фалес і Пратэй.

(обратно)

202

Тэльхіны (радоскія) — марскія дэманы, што выйшлі з мора на востраў Радос; у Гётэ яны абаронцы Галатэі.

(обратно)

203

Псілы і Марсы — міфічныя заклінальнікі змеяў, лівійскі народ (псілы), марсы — італійскі народ, ведалі лекавыя расліны. Тут — абаронцы Галатэі.

(обратно)

204

Ні льва, ні паўмесяца больш не баіцца,/…ні нават арла.Арол — гербавы знак рымскай дзяржавы, крылаты леў — герб Венецыі, крыж — эмблема рыцараў-крыжакоў, паўмесяц — эмблема мусульман, герб Атаманскай імперыі. Маецца на ўвазе паслядоўнае панаванне на Эгейскім моры Рыма, Венецыі, крыжакоў і Турцыі.

(обратно)

205

Пачаты ў 1800–1801 гг., закончаны ў 1827 г.

(обратно)

206

Фрыгія — старажытная дзяржава ў Малой Азіі, сталіца яе Троя (Іліён).

(обратно)

207

Пасейдон — бог мора.

(обратно)

208

Эўр — усходні вецер.

(обратно)

209

Тындарэй — цар Спарты, муж Леды — маці Алены.

(обратно)

210

Клітэмнестра — дачка Тындарэя.

(обратно)

211

Цытэры храм — паводле легенды, Алена была выкрадзена Парысам (фрыгійскім злоснікам), калі яна прыйшла ў храм Цытэры паглядзець на Парыса.

(обратно)

212

Калі ж у завадзях Эўрота ціхага.Эўрот — рака ў Спарце (Лаконіі). Сталіца дзяржавы — Спарта (Лакедэмон).

(обратно)

213

Так мне стыгійцы вычварныя шлях у дом… — Стыгійцы — міфічныя боствы падземнай ракі Стыкс, варожыя людзям.

(обратно)

214

Пэўна, пачвара, з кодлішча граяў.— Граі і Гаргоны — дочкі Форка, бога цемры.

(обратно)

215

Пакуль не праглыне іх цемра Оркава… — Орк (Оркус) — бог падземнага свету.

(обратно)

216

Як дзікія менады. — Менады — вакханкі, жрыцы Вакха.

(обратно)

217

Напэўна, ты Эрэба й Ночы выпладак?Эрэб — самая страшная частка падземнага царства.

(обратно)

218

Скажы пра Сцылу… — Сцыла — марская пачвара, якая брахала па-сабачы.

(обратно)

219

А ты якраз з Цірэзіем кахалася б!Цірэзей — сляпы вашчун, персанаж з «Адысеі».

(обратно)

220

Табе за ўнучку мамка Арыёнава. — Арыён — адзін з самых старых гігантаў.

(обратно)

221

Цябе ж кармілі гарпіі.— Гарпіі — міфічныя крылатыя страшыдлы.

(обратно)

222

Тэзея ты прынадзіла. — Тэзей — афінскі цар.

(обратно)

223

Патрокл адважны, прыгажун, Пеліды сын.Патрокл — сябар Ахілеса.

(обратно)

224

Цябе ж і ў Троі і ў Егіпце бачылі.— Паводле пазнейшай легенды, Парыс прывёз у Трою толькі цень Алены, а сама яна тым часам жыла ў Егіпце.

(обратно)

225

На поўначы ад Спарты — Тайгет велічны. — Тайгет — горны хрыбет у Лаконіі.

(обратно)

226

Знак Аяксавы. — На шчыце Аякса, сябра Ахіла, героя траянскай вайны, быў паказаны дракон.

(обратно)

227

Былі яшчэ і ў семярых пад Фівамі.— Міфічныя правадыры войска аргавян, героі паходу супраць Фіваў.

(обратно)

228

Хіба забыла ты, як Дэіфоба ён…Дэіфоба (Дэйфабус) — брат Парыса, сын траянскага цара Прыама. Паводле легенды, пасля смерці Парыса ён ажаніўся з Аленай. Загінуў пакутніцкай смерцю ад рукі Менелая…

(обратно)

229

О, дзе ты, Піфаніса… Піфаніса (Піфія) — імя дэльфійскай вяшчункі.

(обратно)

230

Я ў першым твары нарабіла ліха…/…і ў чацвёртым. — Паводле міфаў, Алена мела некалькі жыццяў: у першым жыцці (твары) яна была жонкай Менелая, у другім — была адначасова ў Троі і ў Егіпце, у трэцім — выйшла замуж пасля смерці за Ахіла, цяпер яна ў чацвёртым — вярнулася з Аіда.

(обратно)

231

Нам дапамог скарыць Пілос. Пілос — горад у Месеніі.

(обратно)

232

Карынфа берагі…/Дару нарману Аргаліду. — Фаўст звяртаецца да германцаў, французаў (франк), саксаў (англічан) і нарманаў; у феадальных княствах, заснаваных у Грэцыі крыжакамі, рыцарскія маёнткі былі падзелены паміж прадстаўнікамі пералічаных народаў.

(обратно)

233

Калі ў чароце на Эўроце,/Як лебядзёўна, ў свет пайшла. — Паводле аднаго з міфаў, Алена выйшла з яйка, аплодненага лебедзем-Зеўсам.

(обратно)

234

Песняў Махі пра сына.Маха (Мая) — міфічная грэчаская плеяда, німфа гор, маці Гермеса.

(обратно)

235

Эўфарыён — сын Фаўста і Алены (паводле міфа — Алены і Ахіла). Рысы Эўфарыёна навеяны асобай Байрана, які загінуў, прымаючы ўдзел у вызваленчай вайне грэчаскага народа.

(обратно)

236

Я ў Пелопса стаю. — Пелопс — паводле грэчаскай міфалогіі, унук Зеўса і ўладар Пелапанеса.

(обратно)

237

На палях асфадэльных. — Паводле грэчаскага міфа, шырокі луг у падземным царстве, на якім расце падобная на лілею кветка асфадэліі, сімвал неўрадлівай зямлі.

(обратно)

238

Следам хеўра казланогіх і… Сіленій. — Сіленій — настаўнік Вакха, бога віна; меў асла, які сваім крыкам палохаў нават і веліканаў.

(обратно)

239

Напісана ў 1830–1831 гг.

(обратно)

240

Юнона — рымскае імя багіні Геры.

(обратно)

241

Адкрыў апостал Павел для людзей. — Пасланне св. Паўла да эфесянаў, 6, 12: «Бо наша змаганне не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць светаўпраўцаў цэлага свету цемры, супраць духаў злосці паднябесных».

(обратно)

242

«Зямныя царствы ўсе і веліч іх». — Цытата з Евангелля паводле Мацвея, дзе расказваецца, як д’ябал спакушаў Хрыста.

(обратно)

243

Брыда! Тыран Сарданапал!Сарданапал — легендарны асірыйскі цар Ашурбаніпал (668–626 да н. э.), які любіў раскошу.

(обратно)

244

Як Пітэр Сквенц, я сёння склікаў…Пітэр Сквенц — персанаж з шэкспіраўскага «Сна ў летнюю ноч».

(обратно)

245

Уваходзяць Трое Дужых. — Вобразы Трох Дужых запазычаны з біблейскай «Другой кнігі царстваў», дзе называюцца героі войска Давіда (Кн. царстваў, 11, 23, 8).

(обратно)

246

Твой прыяцель — нурсійскі некрамант.Нурсійскі некрамант — прыдуманы Гётэ персанаж. Некрамант — варажбіт, які выклікае душы мёртвых і выпытвае ад іх усё, што хоча ведаць. Нурсія — горад у Сярэдняй Італіі.

(обратно)

247

Некаторыя сцэны былі напісаны ў 1798–1800 гг. Канчатковая рэдакцыя — у 1830 г.

(обратно)

248

Меў добры сад і Навуфей. — У бібліі расказваецца пра тое, як Самарыйскі цар Ахаў пры ўдзеле сваёй жонкі Іезавелі адабраў вінаграднік у Навуфея, які адмовіўся прадаць яго.

(обратно)

249

Лемуры — замагільныя здані, якія, паводле павер’яў, блукаюць каля магіл.

(обратно)

250

Крылатая Псіхея — увасабленне душы ў грэка-рымскіх міфах.

(обратно)

251

Pater Ecstaticus (лац.) — айцец экзальтаваны, Pater Profundus (лац.) — айцец паглыблены, Pater Seraphicus (лац.) — айцец анёлападобны. Гётэ дае замест імёнаў святых пустэльнікаў-анахарэтаў толькі іх тытулы: пустэльнікі ў творы з’яўляюцца толькі каментарыем да думкі аўтара — прасвятленне праз чыстую любоў.

(обратно)

252

Doctor Marianus (лац.) — «марыінскі доктар», аскет, заглыблены ў сузіранне дзевы Марыі.

(обратно)

253

Mater Gloriosa (лац.) — божая маці ў ззянні нябеснай славы.

(обратно)

254

Magna Peccatrix (лац.) — вялікая грэшніца Марыя Магдаліна.

(обратно)

255

Mulier Samaritana (лац.) — самарыцянка, якая напаіла Хрыста каля калодзежа.

(обратно)

256

Maria Aegyptiaca (Acta Sanctorum) (лац.) — Марыя Егіпецкая («Жыція святых») — блудніца, якая раскаялася пасля таго, як нябачная рука засланіла ёй дарогу ў храм; рэшту жыцця пражыла ў пустыні ў малітвах і пастах.

(обратно)

257

Una poenitentium (лац.) — адна з пакаянных грэшніц, якая раней называлася Грэтхен.

(обратно)

258

Chorus Mysticus (лац.) — містычны хор.

(обратно)

259

Вечна-Жаночае/Вечна заве!Вечна-Жаночае — сімвал нараджэння і смерці, пачатак, які абнаўляе людзей і перадае з роду ў род найлепшыя парыванні людзей.

(обратно)

260

Finis (лац.) — канец.

(обратно)

Оглавление

  • Прысвячэнне{1}
  • Пралог у тэатры{2}
  • Пралог на небе{4}
  • Першая частка трагедыі
  •   Ноч{8}
  •   Каля брамы{17}
  •   Кабінет{20}
  •   Кабінет{28}
  •   Піўніца Аўэрбаха ў Лейпцыгу{36}
  •   Кухня ведзьмы{42}
  •   Вуліца{48}
  •   Вечар{50}
  •   На шпацыры{52}
  •   Дом суседкі{54}
  •   Вуліца{59}
  •   Сад{61}
  •   Альтанка{62}
  •   Лес і пячора{64}
  •   Пакой Грэтхен{67}
  •   Сад Марты{68}
  •   Каля студні{69}
  •   Гарадскі мур{71}
  •   Ноч{73}
  •   Сабор{78}
  •   Ноч Вальпургіі{82}
  •   Сон у ноч Вальпургіі, альбо Залатое вяселле Аберона і Тытаніі{97}
  •   Пахмурны дзень. Поле{121}
  •   Ноч. Адкрытае поле{122}
  •   Цямніца{123}
  • Другая частка трагедыі{126}
  •   Акт першы{127}
  •     Прыгожая мясціна
  •     Імператарскі палац
  •       Тронная зала
  •       Шырокая зала з прыбудовамі, убраная да маскараду
  •       Парк
  •       Цёмная галерэя
  •       Ярка асветленыя залы
  •       Рыцарская зала
  •   Акт другі{155}
  •     Цесны гатычны пакой з высокім скляпеннем
  •     Лабараторыя ў сярэдневяковым стылі
  •     Класічная ноч Вальпургіі
  •       Фарсальскія лугі{161}
  •       Каля вытокаў Пенея
  •       Каля вусця Пенея
  •       Каля вытокаў Пенея, як раней
  •       Скалістыя затокі Эгейскага мора
  •   Акт трэці{205}
  •     Перад палацам Менелая ў Спарце
  •     Двор замка, акружаны багатымі фантастычнымі сярэдневяковымі пабудовамі
  •     Сцэна зусім мяняецца
  •   Акт чацвёрты{239}
  •     Нагор’е
  •     Прадгор’е
  •     Шацёр самазванца
  •   Акт пяты{247}
  •     Адкрытая мясціна
  •     За сталом утрох у садзе
  •     Палац
  •     Глыбокая ноч
  •     Апоўначы
  •     Вялікі двор перад палацам
  •     Пакладзіны ў труну
  •     Горныя цясніны, лес, скалы, пустка
  • Каментарыі
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • 153
  • 154
  • 155
  • 156
  • 157
  • 158
  • 159
  • 160
  • 161
  • 162
  • 163
  • 164
  • 165
  • 166
  • 167
  • 168
  • 169
  • 170
  • 171
  • 172
  • 173
  • 174
  • 175
  • 176
  • 177
  • 178
  • 179
  • 180
  • 181
  • 182
  • 183
  • 184
  • 185
  • 186
  • 187
  • 188
  • 189
  • 190
  • 191
  • 192
  • 193
  • 194
  • 195
  • 196
  • 197
  • 198
  • 199
  • 200
  • 201
  • 202
  • 203
  • 204
  • 205
  • 206
  • 207
  • 208
  • 209
  • 210
  • 211
  • 212
  • 213
  • 214
  • 215
  • 216
  • 217
  • 218
  • 219
  • 220
  • 221
  • 222
  • 223
  • 224
  • 225
  • 226
  • 227
  • 228
  • 229
  • 230
  • 231
  • 232
  • 233
  • 234
  • 235
  • 236
  • 237
  • 238
  • 239
  • 240
  • 241
  • 242
  • 243
  • 244
  • 245
  • 246
  • 247
  • 248
  • 249
  • 250
  • 251
  • 252
  • 253
  • 254
  • 255
  • 256
  • 257
  • 258
  • 259
  • 260