КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Блізкае і далёкае [Іван Мележ] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Іван Мележ Блізкае і далёкае

У завіруху

К. Чopнаму

Лютавала завея. Угары над Засмужцам, у вершалінах, глуха шумеў вецер i сыпаў на дарогу калючыя дробныя крупінкі. Міма цёмнымі высокімі сценамі бясконца ішлі сосны, варушачы сваімі кашлатымі лапамі. Сціснутая соснамі з двух бакоў дарога безліч разоў паварочвалася, выпроствалася, i ўсюды, не перастаючы, вёў сваю аднастайную сумную песню вецер:

— Ууу-ууу!

Засмужцу здавалася, што не будзе канца гэтаму лесу, гэтай песні. Па яго разліках лес ужо даўно павінен быў скончыцца. Ён час-ад-часу з надзеяй падымаў галаву i паглядаў уперад, спадзеючыся ўбачыць поле, але там па-ранейшаму стаялі сосны.

Ён ішоў маўкліва i хістаючыся, як звычайна ходзяць змораныя людзі. Галава яго была звешана, i калі-б ён не падымаў яе, то можна было-б падумаць, што Засмужац на хаду спіць. Снег пластам наляпіўся на яго шапку i плечы. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім.

Здалёк, скрозь густы гул соснаў, прарваўся гук гарматнага выбуху — напамінак пра тое, што i ў гэтую ноч ішла вайна. Данесліся яшчэ некалькі выбухаў, потым стала ціха. Засмужац прыслухаўся — выбухі не паўтараліся.

Нечакана моцны нарыў халоднага ветру шалёна кінуўся на Засмужца i штурхнуў назад так, што хлопец адразу спыніўся i адступіўся, каб устаяць. Конь здзіўлена падняў галаву, грыва на ім заварушылася. А вецер са свістам-гікам ляцеў далей, гонячы перад сабой хмары снегу. Засмужац вышэй нацягнуў каўнер шыняля i, калі расплюшчыў вочы, убачыў, што наперадзе паміж рэдкімі соснамі зашарэла. Гэта было поле.

У полі стала халадней, i Засмужац то апускаў галаву, то адхіляў твар убок, каб схаваць яго ад ледзянога ветру.

Праз некалькі крокаў ён спатыкнуўся i ўпаў у снег. Дарога абарвалася. Далей яна была заменена тоўстай гурбай снегу.

Засмужцу не хацелася падымацца з мяккай снежнай пярыны. Ён ціха i нерухома ляжаў, з асалодай адчуваючы, як у целе прыемна ные стома i цяпло, нібы пасля віна, разліваецца па яго руках, нагах, кружыць галаву. Хацелася спаць.

Засмужац не спаў другія суткі. На світанні ён ішоў па гэтай дарозе ў адваротным кірунку, у штаб арміі, з данясеннем абстаноўкі ад камандзіра кавалерыйскай брыгады. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Да штаба арміі было кілометраў дваццаць ці крыху болей. Але ўсе дарогі i сцяжынкі былі так закіданы снегам, што дабрацца да яго ўдалося толькі за шэсць гадзін, дашчэнту змучыўшы каня i сябе. У штабе затрымалі нядоўга, не далі спачыць. Відаць, пісьмо было важнае, бо праз поўгадзіны яму ўручылі новы пакет i загадалі неадкладна ехаць назад. Калі ён выязджаў з сяла, заставалася гадзіны са тры да вечара. Ад стомы i бяссонніцы ён адчуваў сябе змарнела. У давяршэнне да ўсяго з вечара разлютавалася завіруха.

Засмужац з вялікім намаганнем прымусіў сябе падняцца i пайсці па цаліку. Ногі правальваліся да кален. Потым ён адразу схаваўся па пояс, — ногі згубілі пад пластам снегу цвёрды грунт… Засмужац збочыў правей i зноў з палёгкай адчуў дарогу.

Неўзабаве сумёт скончыўся, агаліўшы слізкі, вылізаны ветрам шлях. Ісці стала лепей, ногі здаваліся лягчэйшымі і высока паднімаліся. Толькі трэба было сачыць, каб не папасці ў санную каляіну, бо там было слізка.

Затым дарога зноў схавалася. Засмужац зноў блытаў, — то губляў дарогу, то намацваў яе нагамі, знаходзіў, лез, выбіваючыся з сілы. Хутка ён так звёўся, што спыняўся праз якія-небудзь тры-чатыры крокі, каб перавесці дыханне. За ўсе свае восемнаццаць год ён яшчэ ні разу не быў такім стомленым. Урэшце, калі ісці далей не хапала сілы, хлопец сеў на каня. Гэта было каля магутнага адзінокага дуба ca зламанай вершалінай, які ён запрыкмеціў, калі ішоў яшчэ першы раз. Дуб быў стары i такі шырокі, магутны, што Засмужац тады мімаволі прыпыніўся i аж свіснуў ад захаплення.

«Каштан» ішоў болей упэўнена, нейкім унутраным пачуццём адгадваючы дарогу. Але i ён быў таксама змораны, часта спыняўся, натужна сапучы, i кранаўся далей з тупой жывёльнай упартасцю. Ад стомы ён хістаўся ў бакі, спатыкаўся. Потым, збіраючы апошнія сілы, пачаў ісці скачкамі. Засмужац пашкадаваў яго, злез з сядла i павёў каня на повадзе.

Весці каня стала цяжэй. Засмужац зразу пашкадаваў, што праехаў на кані гэтыя некалькі сот крокаў. У пачатку шляху «Каштан» ледзь не наступаў на байца i дыхаў яму на шыю. Цяпер конь не паспяваў за ім: ішоў на тугім повадзе. Засмужцу прыходзілася не толькі ісці самому, a i цягнуць каня. «Каштан» часцей спатыкаўся. Повад балюча ірваў руку.

Неяк Засмужац згубіў дарогу i не мог адшукаць яе. Ён правальваўся па пояс на кожным кроку, але, збіраючы рэшткі сілы, упарта ішоў далей. Убачыўшы збоку дрэва, Засмужац з надзеяй скіраваў на яго. Аднак хутка прыйшлося расчаравацца — гэта стаяў той магутны дуб са зламанай вершалінай, каля якога ён садзіўся на каня. Ён зразумеў, што заблытаўся. Гэтае ўсведамленне зусім знясіліла хлопца.

У гэтым цяжкім шляху Засмужца падмацоўвала думка пра тое, што ён робіць баявое заданне, што ад яго залежыць лес, можа, тысяч людзей. Засмужац трымаўся за яе, як за ратунак, i, каб не выпусціць, упарта паўтараў сам сабе: «Дайсці. Што-б ні было — дайсці… Данесці пакет… Там мяне чакаюць». Па меры таго, як расла стома, гэта думка рабілася аднастайнай; ён пачынаў паўтараць толькі адно слова, у якое нібы сціснуўся ўвесь сэнс яго цяперашняга жыцця: «Дайсці… Дайсці… Дайсці…»

Засмужац зноў пайшоў па дарозе ў напрамку вёскі. Зараз ён быў у нейкім забыцці ад нечалавечай стомы. Спатыкнуўшыся, ён упаў у снег i ляжаў колькі хвілін нерухома i маўкліва. Конь пастаяў крыху, пачакаў, потым занепакоіўся, шмаргануў повад раз, другі. Засмужац бяздумна падняў галаву i ўбачыў над сабою храпу каня. Галава каня здавалася незвычайна вялікай. «Каштан» пазіраў круглымі вачыма трывожна i нецярпліва. Гэты позірк вывеў Засмужца з забыцця.

Ён павольна падняўся i пайшоў уперад.

I раптам Засмужац перад сабою ўбачыў агеньчык. Ён не паверыў, нават напалохаўся, з трывогай падумаў, што гэта міраж. Хлопец працёр вочы, але агеньчык гарэў.

Ён мігцеў, дрыжэў, залаты агеньчык. Ва ўсім свеце быў ён толькі адзін, а кругом, як i раней, трубіла бура. Але чалавек нічога не бачыў, толькі гэты маленькі агеньчык. Яго вясёлы бляск трапіў у грудзі, i Засмужцу зрабілася цёпла i хораша, нібы на такой адлегласці перадавалася яго цяпло. Гэта агеньчык той вёскі — яго мэты. Агеньчык быў такі блізкі, жаданы, мігцеў перад самымi вачыма, i баец, грузнучы ў снезе, пабег проста туды. Ён болей не шукаў дарогі.

Агеньчык толькі здаваўся блізка. Салдат ішоў да яго, а ён не набліжаўся, нібы ўцякаў. Засмужац зноў пачаў часта спыняцца ў знямозе.

Перад вёскай яго аклікнулі патрулі. Засмужац узрадавана адказаў.

Калі Засмужац падышоў да агеньчыка, то ўбачыў, што ён гарэў у хаце. Лямпа вісела над сталом. Святло лямпы падала блакітнымі палосамі на снег i плот побач з хатай. У хаце каля стала стаяла жанчына i ручніком выцірала міскі. За сталом сядзелі два салдаты. Адзін, невысокі, з пухлым дзявочым тварам, смяяўся, a другі — пажылы мужчына, з квадратнай голенай галавой, штосьці апавядаў. Твар яго быў спакойны i крыху задуменны. Відаць, толькі што скончылі вячэру.

Засмужац пайшоў да штаба на сярэдзіну вёскі. Перадаўшы пакет, ён адразу лягчэйшай хадой накіраваўся ў свой узвод. Перш ён завёў каня ў хлеў, рассядлаў, падкінуў яму сена i тады ўвайшоў у хату. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам i напаленай печкай.

Салдат весела прывітаўся з маладзіцай i доўга расшпільваў шынель. Замерзлыя пальцы не слухаліся. Жанчына, з усмешкай сочачы за ім, паківала галавой.

— Дай дапамагу, кіслы…

Яна легка сцягнула задубелы ад марозу шынель i ватоўку. Пад гімнасцёркай вызначыліся вострыя, неакрэпшыя яшчэ плечы. Засмужац ад нечаканага наплыву вясёласці моцна абхапіў яе за стан i прыцягнуў да сябе. Маладзіца з усмешкай паглядзела на яго стрыжаную галаву, на якой спераду смешна, па-дзіцячаму, тырчэлі вожыкам серабрыстыя валаскі, паспрабавала вырвацца:

— Пусці. А то мамцы тваёй напішу — наб’е, — пажартавала яна над маладосцю Засмужца.

— Жартуй, жартуй. Усё роўна не пушчу…

— От, на гэта сілы дык хапае! Пусці!

— Не пушчу!

Яму было весела, а чаму — ён i сам не ведаў. Засмужац па-дзіцячаму шырока засмяяўся i нечакана адпусціў яе. Усмешка, што цяпер не схадзіла з ружавеючых шчок, з поўных лагодных губ, рабіла яго маладзейшым нават за свае восемнаццаць год. Зараз цяжка было ўявіць, што зусім нядаўна гэты хлапчук з нечалавечай упартасцю дабіраўся да штаба.

Калі затым Засмужац сеў каля печкі, то адчуў сябе такім знябытым, што, здаецца, не змог-бы скрануцца з месца. Але той вясёлы, радасны настрой, што невядома адкуль увайшоў у душу, заставаўся, хоць i крыху прыцішаны ад стомы. Ён з асалодай слухаў, як прыемна млее ўсё цела.

На хвіліну ён падумаў пра ўсё перажытае ў дарозе i сам здзівіўся, што столькі здолеў вытрымаць. Каб яшчэ раз прыйшлося, то не зрабіў-бы i паловы таго, што раней. Але ён ведаў, што на сягоння ўсё скончана, што болей не прыйдзецца. За акном завіруха лютавала, у коміне цягуча свістаў вецер — ууу-ууу! Засмужцу радасна было чуць гэтую музыку. Цяпер усё — i вецер, i холад заставаліся далека.

Маладзіца выняла з печкі чыгунок i паставіла на стол. Запахла бульбай. Засмужцу было прыемна сачыць, як над чыгунком падымаецца пара.

— Садзіся, кіслы. Зусім раскіс… Мужчына называецца!

Яна ўсміхнулася. Засмужац здзівіўся, як гэта ён раней не заўважаў, што ў яе такая харошая i шчырая ўсмешка. I ямачкі на шчаках прыгожыя, калі яна смяецца. I голас такі мілагучны i лагодны.

Жанчына паставіла гладыш з малаком. Засмужац сеў за стол i пачаў вячэраць. А тая слала пасцель — прывабліва шалясцела сена…

У Засмужца непераможна зліпаліся павекі, звінела ў галаве. Думкі варушыліся ляніва, часамі ix бязладна перабівалі то малюнкі сну, то малюнкі замеці… Зламаны дуб. Каламутнае поле… Агеньчык мігае… Ён паспрабаваў адагнаць сон, — нейкая надакучлівая думка неадчэпна, як сляпень, круцілася ў галаве. Засмужцу вельмі хацелася злавіць яе, а яна ніяк не давалася. Хлопец пачаў перабіраць думкі i нарэшце натрапіў на тое, што хвалявала.

— Ага… Дзе Казлоў i Бондар? Што ix няма?

Казлоў i Бондар былі салдатамі з яго ўзвода i таварышамі на гэтай кватэры.

— Той ноччу на світанні як пайшлі… — уздыхнула жанчына. — Паклікалі ix на самым світанні, пасля таго, як ты паехаў. Потым за сялом вельмі стралялі: i гарматы i палямёты, у акне шыбы ледзь не павыляталі. Проста страх — так стралялі. Многа, кажуць, немцаў паклалі… Ды ты cпi, Мікола. Спачні, а пасля будзеш пытаць…

— I пра ix нічога не чуваць?

— Нічога… А ты кладзіся спаць… Нічога. Толькі Арсеніха казала, што i нашых лягло там. У Арсеніхі камандзір у хаце стаяў… Як-бо яго прозвішча?

— Кандраценя.

— Не інакш, Кандраценя. To i яго забілі. Яна плакала, як па сыне. I Пятро, i Сіманаў загінулі. А Грышку таго рудога бачыла раненага. Уся галава ў марлях. Пра Бондара i Казлова пыталася, дык — не, кажа, не бачыў… Скінь боты, я прасушу ix…

У гэты час скрыпнулі дзверы. У хату ўвайшоў Казлоў. Адзін рукаў яго шыняля быў адрэзаны да локця. Рука да таго месца, дакуль адрэзаны рукаў, была забінтавана i вісела на марлевай касынцы.

— Што так глядзіце? Не чакалі? А? Нечаканы госць!.. Здарова, салдат, мой брат! Кацярыне Аляксееўне маё! Асабістае… Ну, што, даплёўся?

— Выходзіць, даплёўся. I сам аж не спадзяваўся, што даграбуся. А дзе Бондар?

— Бондар ранены. A Сіманава-комсорга i Пятра забілі. Разведцы нашай дасталося больш за ўсіх. У нашым узводзе, ты ды я, ды мы з табой — чатыры чалавекі засталіся, а то ўсе раненыя. Я таксама ледзь не згуляў у скрынку, у бога душу яго, фашыста. Але i гітлераўцаў намалацілі — поле ўсё пачарнела ад трупаў. У такую пагоду палезлі. З імі такіх дзіваў яшчэ не здаралася. Увогуле, назаўтра, кажуць, трэба таксама чакаць…

Засмужац распытваў, хто жывы застаўся, хто забіты або ранены, называючы імёны таварышаў. Казлоў адказваў, i перад Засмужцам паступова малявалася карціна ўпартага крывавага бою, што прайшоў мінулай ноччу. З болем i з нянавісцю к ворагу ўспаміналіся жывыя абліччы тых, каго ўжо не было. Ранейшае бесклапотна-радаснае адчуванне змянілася трывогай i чаканнем недалёкага бою. Яшчэ разам з гэтым, як дамешак, прыйшло пачуццё няёмкасці за сябе, за тое, што ён спакойна цягнуўся недзе ў тылу тады, як тут біліся на смерць таварышы.

— Фашыстам вельмі не падабаецца наш клін. I м ён, што нож у сэрца. Заўтра зноў прыйдуць… Але хай паспрабуюць! — пагрозліва прагаварыў Казлоў, здымаючы шынель…

Больш Засмужац нічога не чуў. Сон захапіў яго нечакана, адразу. Галава бяссільна ўпала на кулакі, пакладзеныя адзін на другі на стале.

Снілася — спакойна блішчыць Прыпяць. Засмужац узмахвае вёсламі. З вёслаў ca звонам падаюць кроплі вады. А на карме, каля руля, сядзіць Галя, яго нявеста. Яна ў шоўкавым белым плацці, на галаве вянок, што сплялі на лузе. Такая харошая, жаданая! Ён выпусціў вёслы з рук i прыцягнуў Галю да сябе, каб пацалаваць, i нечакана пахаладзеў ад агіды. Гэта была не Галя, a гітлеравец. Той засмяяўся i працягнуў губы для пацалунка. Гітлеравец змяніўся з твару, нахмурыўся i саштурхнуў Засмужца ў ваду. Смяротная стома скавала цела… Нехта схапіў яго i, выцягнуўшы на бераг, валтузіў, каб вярнуць яго к жыццю. А Засмужац чуў, як яго клічуць, i ніяк не мог падаць голасу.

Калі ён прачнуўся, нарэшце, то ўбачыў, што сядзіць за сталом, а перад ім стаіць капітан, начальнік разведкі. Казлоў, разуты i без гімнасцёркі, неспакойна ходзіць па хаце i курыць.

— Ну i спіце-ж вы, Засмужац!

— Здарожыўся моцна, таварыш капітан.

— Разумею… Прыйдзецца яшчэ больш здарожыцца. Трэба адвезці пакет у штаб арміі. Вельмі тэрмінова, неадкладна.

— Таварыш капітан, — папрасіўся Засмужац.

— Ведаю, што змарыўся.

— Я проста больш не магу.

— Спачуваю. Але некага паслаць.

— Пашліце каго… Ну, Бондара…

— Памёр… ад ран.

Пры апошніх словах капітана Засмужцу раптам прыгадалася нядаўняя размова з Казловым, забытая таму, што хлопец усё яшчэ быў у поўсне. Капітан кіўнуў галавою на лаўку. Толькі цяпер салдат убачыў за спіною капітана на лаўцы цела таварыша. Яго прынеслі, калі Засмужац спаў. Трывожна i вінавата падышоў Засмужац да Бондара i спыніўся.

Капітан ступіў убок, i святло лямпы, якое загароджвала яго спіна, упала на нябожчыка. Бондар ляжаў на лаўцы, выпрастаўшыся, да грудзей накрыты шынялём, заплямленым закарэлай крывёю.

Засмужца ўразіў твар Бондара. Ён некалькі хвілін стаяў, як скамянелы, не маючы сілы адарваць позірк ад твару таварыша. Рысы таго былі скрыўлены болем, выраз перадсмяротнай пакуты так i застыў у пабялелых, моцна сціснутых тонкіх вуснах, у напоўадкрытых цёмных вачах. Засмужца ўсхваляваў не столькі выраз пакуты, колькі выраз гневу i непакорнай нянавісці, які не магла сцерці нават смерць. Хлопец, як заварожаны, паглядаў на таварыша. Пачуццё віны перад нябожчыкам, на якога ён прасіў капітана ўскласці свой абавязак, было першым пачуццём у гэтую хвіліну. Засмужцу здалося, што Бондар гневаецца на яго, што нябожчык падымецца i закрычыць: «Што ты яшчэ можаш патрабаваць ад нас?! Як ты смееш звальваць на нас?! I як ты можаш адмаўляцца пасля нас!»

Засмужац адразу выпрастаўся, падцягнуўся, як ад сапраўднага вокрыку. Стома адступіла. На яе месца прыйшлі боль i гнеў за смерць таварыша.

Ён быў мала знаёмы з Бондарам. Засмужац упершыню пазнаёміўся з ім на комсамольскім сходзе, некалькі дзён назад. Гэта быў першы ў яго жыцці франтавы комсамольскі сход. Засмужац усяго дзён дваццаць, як прыйшоў на фронт, ва ўзвод разведчыкаў.

Нa сходзе ён даведаўся, што Бондар таксама з Беларусі, што ваюе каля двух год. Яго лічылі вельмі смелым i вопытным разведчыкам. Засмужац, як навічок, вельмі паважаў яго. Бондар, сустракаючыся, быў асабліва ветлівы i называў Засмужца «земляком».

Цяпер, блізка стоячы перад загінуўшым, Засмужац упершыню адчуў, што нейкія невядомыя дасюль сувязі збліжаюць i моцна еднаюць ix. Toe, што яны ваявалі ў адным узводзе, што ў ix была адна мэта, адзін вораг, паўстала цяпер у новым хвалюючым святле. Чалавек, якога ён ведаў здалёк, зрабіўся блізкім i дарагім. I іншыя, што ішлі ў бой поруч з ім, сталі ў гэтую хвіліну блізкімі i роднымі, як ніколі.

Побач з Засмужцам стаяла i плакала жанчына. У яго-ж не было ні слёз ні думак, усю яго істоту запаўняла адно вялікае пачуццё. У тым пачуцці неразрыўна спляталіся rоpa страты, спапяляючая нянавісць да гітлераўцаў, горыч нейкай віны i нецярплівая прага помсты.

Ён нічога не гаварыў, не кляўся. Toe, што ён перажываў, было такім вялікім i хвалюючым, што словы побач з тым нічога не значылі. Засмужцу хацелася крычаць, пагражаць, страляць, а не гаварыць. Яго вялікае пачуццё патрабавала вялікага — гераічных учынкаў, пометы, рызыкі.

Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Потым нечакана i рэзка павярнуўся да капітана.

— Таварыш капітан, мне патрэбен другі конь. «Каштан» не можа ісці.

— Вам асядлалі Бондарава «Звера». Паедзеце на «Звяры».

Болей Засмужац не сказаў ні слова, адзеўся i, не развітаўшыся, выбег з хаты.

У твар біў сцюдзёны вецер. Курэла. Засмужцу было лягчэй стаяць пад ледзянымі ўдарамі ветру. Падвялі каня. Калі баец ускочыў у сядло, конь нецярпліва пацягнуў повад.

— Ну, бывай, — сказаў капітан, аддаючы пакет, i паціснуў руку. — Шчасліва даехаць.

— Шчасліва заставацца.

Конь мігам вынес яго за сяло. Зноў аклікнулі патрулі i, пазнаўшы, прапусцілі ў поле. Ад бяссонніцы ўсё яшчэ хіліла спаць, але халодны вецер дапамагаў адганяць сон. Самі сабой лёгка паплылі думкі, чыстыя i ясныя.

«Як я мог прасіць спачынку, — думаў Засмужац, — калі ix няма ўжо з намі. Ix абавязкі ложацца на мае плечы. Я ў адказе за ix».

«Цяжка за ix аднаму, але я вытрымаю. Усе сілы збяру, але вытрымаю… Хоць i цяжка будзе, а дайду…»

Хлопец сударгава пазяхнуў, успомніўшы перарваны сон, але ўжо не шкадаваў, што ён так нечакана скончыўся. Ад бяссонніцы звінела ў галаве. «Спаў дрэнна i мала; мабыць, i гадзіны не паспаў, — падумаў ён. — Нават у сне не адчэпішся ад гітлераўцаў».

Застаяўшыся ў хляве, конь ішоў весела, легка i праворна. Засмужац, задумаўшыся, i не заўважыў, як апынуўся далёка ў полі. Потым схамянуўся i агледзеўся. Ззаду, як i раней, гарэў агеньчык. Агеньчык, нібы развітваючыся, па-сяброўску падмігваў яму, зычыў шчаслівай дарогі. Засмужац адарваў позірк ад агеньчыка i болей не азіраўся.

Уперадзе зноў ляжала далёкая цяжкая дарога. Не змаўкаючы, гула завіруха.

1944 г.

Ноччу

Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку i пачала моўчкі распранацца. Развязала хустку, на якой блішчэлі сняжынкі, скінула залубянелую ватоўку. Распраналася яна марудна — ад утомы, якая роўным ныючым цяжарам наліла цела.

— Ад Сямёна нічога не было? — спытала яна, зірнуўшы на свякруху шырокімі, з касымі разрэзамі, вачыма, хоць па твары старой бачыла, што не было.

— Нічога… — адказала свякруха.

Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Толькі зараз было цяжэй, чым днём у лесе, але гэта быў той-жа пякучы сум з-за трывожных думак пра мужа, ад якога болей двух месяцаў не прыходзіла пісьмаў. Гэты сум толькі часова адышоў у дарозе, калі жанчыны збіраліся ля яе воза i жартавалі.

Маша, расціраючы рукамі пунцовыя намёрзлыя шчокі, падышла да стала. Была яна невысокая, павольная і, відаць, дужая. Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі i круглыя плечы. Не расчэсаныя яшчэ валасы былі памяты i пераблытаны. За сталом сядзеў сын i чытаў, ён не звяртаў увагі на прыход маткі. Маша наблізілася да яго, пяшчотна пагладзіла любыя белыя валасы. («Зусім, як у Сямёна», — падумала яна). Мікола, не адрываючыся ад кніжкі, нецярпліва матнуў галавою. Ён не любіў, калі маці лашчыла, бо лічыў сябе ледзь не сталым мужчынам. Яму пайшоў дзесяты год.

— Якая кніга, Мікола?

— «Рускі характар».

— Цікавая?

— Угу, — адказаў сын, не ўзнімаючы вачэй ад кніжкі.

Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла i села каля процілеглага ўскрайку стала. Свякруха — сухенькая, з худымі вострымі плячыма бабулька— паставіла на стол вячэру, падала ўсім лыжкі i села таксама.

— Кінь кнігу, Мікалай. Бяры лыжку ды вячэрай.

— Не хачу.

— Кінь, кажу, — строга загадала бабуля.

Мікола нічога не адказаў i настойліва працягваў чытаць. Маці i бабуля пачалі вячэраць.

— Што-ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замарнавалася, родная? Хіба жаночая справа дровы вазіць? Гэта i мужчыне не ўсякаму пад сілу… Усё — жанкі… Ох, ліха…

Маша маўчала. Ад ласкавага, спагадлівага слова сэрца сціснулася яшчэ цяжэй. Словы не ішлі, думкі нібы застылі, нібы завалакліся змрокам.

— За Сямёна ты не бойся, — лагодным голасам гаманіла свякруха. — Будзе жывы, Мар’ечка. Вернецца. Я ўжо ведаю. Чаго толькі сябе зводзіць ды ў сухоты ўганяць…

— Не магу я. Так баюся, каб чаго з ім, крый божа, не сталася.

— А ты паплач, Мар’ечка. Паплач. Жаночая сляза, што вада, а паплачаш i — лягчэй. Лепш робіцца. Ты паплач.

— Нашто? Хіба слязьмі паможаш чаму?

Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу i пачаў сярбаць крупнік. Еў ён спачатку маўкліва i задуменна, пад уражаннем прачытанага.

— Мам, — раптам загаварыў ён. — Васеў бацька ўчора прыехаў з фронта. Прыйшоў вечарам, а яго не пазналі. Кажуць — наш чалавек на фронце. А я свайго бацьку адразу пазнаў-бы, каб толькі прыйшоў… А потым пусцілі. А сягоння ён быў у нас у класе. У шынялі i з пагонамі. А на пагоне дзве зорачкі i адна пасачка. Я сам бачыў. Яго бацька лейтэнант, а Вася гаворыць, што ён скора будзе капітанам. А я казаў, што ён спачатку павінен быць старшым лейтэнантам, а пасля — капітанам. Праўда, мама?

— Не ведаю.

— От, i заўсёды ты не ведаеш! A настаўніца наша, Ліда Іванаўна, усё ведае.

— На тое яна i настаўніца.

— Мама, а чаму ад нашага таты няма пісьмаў? Я так занудзіўся. Усім прыносяць, а нам няма. Ён ранены, мам. Га?

— Што ты вярзеш, дурны? — уз’елася раптам бабуля. — Вось зараз як плясну лыжкай па галаве. Скажы толькі ’шчэ раз.

— Я-ж праўду кажу, — упарта пярэчыў Мікола. — Калі-б ён быў не ранены, то пісаў-бы.

— Пагавары ’шчэ трошкі!

— Не пагражай. Я цябе не баюся, — смела адказаў Мікола, але на ўсякі выпадак падсунуўся бліжэй да маткі. Бабуля паглядзела на Машу. Тая сядзела сумная, з пачырванелымі вачыма, модна сцяўшы тонкія сухія губы.

— Мама, не крыўдзіцеся на Міколу. Што ён разумее?

— Я ўсё разумею. Ты заўсёды кажаш, што я малы, а Васеў бацька сказаў, што я ўжо вялікі.

Ніхто не папярэчыў яму, i рэшту вячэры сядзелі маўкліва. Калі павячэралі, Маша паслала ложак i лягла спаць. Побач прымасціўся Мікола, паклаўшы сваю белую галоўку на яе руку. Ён адразу заснуў, а Маша не магла.

У вачах, калі яна заплюшчыла ix, спачатку праходзілі задумлівыя, доўгія шэрагі танклявых аснежаных бяроз, рабілася вусцішна. Потым бярозы валіліся, асыпаючы з вецця снег-пушок, чапляючыся, нібы спрабавалі ўтрымацца, за галіны сваіх сябровак; плыла бліскуча-бронзавая санная каляіна; скрыпелі сані i галёкалі звонкія жаночыя галасы, падганяючы коней.

Затым усё кудысьці знікла, i яна ўбачыла, як у пакой нячутна ўвайшоў Сямён. Ён быў такі-ж, як i раней: рослы, шырокаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным віхорам. Сямён ціха зачыніў дзверы i падышоў да яе. Ён прыйшоў з калгаснага сходу.

Сямён шчакой прыхінаецца да яе шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. «Работы шмат: старшыня калгаса», — думае Маша. Як прыемна, як радасна з ім! Маша адчувае хвалююча-знаёмае цяпло яго твару, i шчаслівае пачуццё ўзнімаецца ўнутры. Яна ляжыць i не дыхае, не паварухнецца — так ёй хораша i лёгка!

I тады, у тую невыказна шчаслівую хвіліну, Маша мімаволі расплюшчвае вочы, i грудзі балюча сціскаюцца ад самоты. Яго няма! На печцы, як звычайна, не спіць, вохкае бабуля. Мікола аб нечым горача шэпча ў сне.

У акно пазірае белая месячная ноч. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, —ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Праз шыбы бачна кавалачак сіняга неба ў халодным роўнадушным бляску шматлікіх зорак. Нерухомая бясконцая ноч…

Цяжка ноччу. Колькі горкіх думак перадумана за доўгія зімовыя ночы. Усё ўспамянута, усё перажадана, засталося толькі адно: туга — важкая, цягучая. Нічога няма цяжэй за яе. Днём можна забыцца, уцячы ад тугі, а цяпер яна тут, нібы каменем цісне грудзі.

Калі-б хоць адно слова ад Сямёна. Толькі адно слова, што жывы, ну, i здаровы — i больш нічога. Тады ўсё стане інакшым. Цяжка жыць пры невядомасці… Горкую i балючую праўду, бадай, лягчэй перагораць, чым яе… Два месяцы i чатыры дні няма пісьмаў. Што з табою, любы? Ты пісаў, што баі былі моцныя. Mo’ паранілі? Ці захварэў?.. Паплач, паплач — лягчэй будзе. А дзе тых слёз узяць? Няма слёз — усе высахлі. З той пары, як пайшоў Сямён, не заплакала ні разу. Гордасць жаночая не дазваляла…

Марудна i доўга плылі невясёлыя думкі.

Бачыць яна: чалавек ідзе па полі. Шынель яго расперазаны, нараспашку. Вецер паднімае полы. Гэта ён, Сямён. Сямён ідзе дадому… Ну, так, дадому, у водпуск… Падыходзіць да хаты. Падымае руку i стукае… Пачакаў крыху, паслухаў i зноў стукае. Маша прыслухалася — тоненька сакоча шыба. Сямён стукае, а Маша ляжыць i не можа зварухнуцца. Што гэта такое з ёю дзеецца?

«I ноччу няма ад яго спакою», — бурчыць на печы бабуля. Чаму яна такая няласкавая? Яна, пэўна, не ведае, што гэта Сямён стукае?

— Гэта-ж Сямён! — чуе Маша скрозь дрымоту свой голас i прачынаецца. Дрыжачымі ад узрушанасці рукамі яна шукае плацце i не можа знайсці.

— Дзе той Сямён? Гэта-ж твой брыгадзір, трасца яму, бяссоннаму.

Свякруха, крэкчучы i вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Бразгае засаўка.

— Няма на цябе ўгамону, бяссонны, — няласкава сустракае яна таго, хто ўвайшоў.

— Ціха, ціха. Я толькі на хвілінку.

— Спаць не дасць…

— Ą я не да вас. Спіце, калі ласка, на здароўе. Маша, выбачай, што патрывожыў позна… Заўтра зноў паедзеш у лес. I ўсе, хто сягоння былі. Што з табой? Не прастудзілася? Ты хворая?..

— Нічога, — цяжка выціснула Маша. — Нічога. Сон прысніўся. Не турбуйся, я паеду…

Але чаму ў грудзях такая туга?

Брыгадзір — малады, цыбаты, без рукі хлопец, у наношаным франтавым шынялі з выгарэўшымі пятліцамі занепакоена зірнуў на Машу. Яна вышэй нацягнула коўдру.

— Ну, бывайце!.. Чакай, от ліха! Ледзь не забыў!.. Тут табе, Маша, пісьмо — узяў на пошце… Другі дзень нашу.

— Пісьмо?!

Ён дастаў пакамечаны канверцік. Маша нецярпліва выхапіла яго з брыгадзіравых рук i прабегла вачыма надпіс. Почырк быў незнаемы, хоць адрас стаяў ранейшы. «Пісьмо з часці», — здагадалася яна. Хвіліну яна паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо. Яна зноў узрушылася i так моцна, што не здолела больш чытаць.

Маша аддала пісьмо Максіму i папрасіла яго прачытаць. Ён узяў пісьмо, здзіўляючыся, што яна так абыякава абышлася з ім, — не радуецца і не сумуе. Гэта былі друкаваныя на машынцы радкі з пячаткаю i роспісам унізе. Ен пачаў чытаць:

— Паважаная Марыя Сяргееўна! За мужнасць i адвагу, праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ваш муж узнагароджаны высокай урадавай узнагародай — ордэнам Чырвонага Сцяга. Наша часць ганарыцца ім, мужным сынам нашай вялікай Радзімы…

Максім спыніўся, не дачытаўшы пісьма. Ён збянтэжыўся, — Маша плакала. Хлопец паспрабаваў быў заспакоіць, але яна не адказала i заплакала мацней. Максім стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць…

— Што ты стаіш, чорт бяссонны? Вады падай.

Ён з палёгкай кінуўся да вядра, прынёс корчык вады i працягнуў Машы. Але тая адвяла яго руку i лагодна загаварыла:

— Ты не трывожся, Максім. Гэта — так сабе… жаночыя слёзы. Чакала, чакала столькі, хвалявалася, пакутавала — i раптам, бачыш, такая радасць!.. Такую вестку ты прынёс! Як i аддзякаваць, не ведаю.

— За што-ж дзякаваць… што затрымаў пісьмо? I сам не ведаю, як я забыўся аддаць учора.

— Што-ж ты такі няўважлівы?

Маша гаварыла, стрымліваючы слёзы, але на сэрцы яе было легка i чыста, таксама як лёгкія i чыстыя былі яе слёзы. Яна ўпершыню за многія дні ўсміхнулася.

— I дзень, i ноч пра яго, бывае, думаеш. I як не думаць, праўда? Там i бомбы, i кулі, i смерць. Ды яшчэ, мабыць, у полі мерзне… Ну, але цяпер можна быць спакайней. Толькі чаго-ж я плачу? Дурная! Ці не праўда, дурная? Трэба смяяцца, a ў мяне — слёзы!..

Бабуля, якая маўкліва паглядала на нявестку, моцна сцяўшы бяскроўныя вусны, раптам прамовіла задаволена:

— От, i прыйшлі яны, тыя слёзы… Са шчасця… прыйшлі, нарэшце.

1945 г.

Пабыўка сержанта

Сержант вельмі спяшаўся. Ён атрымаў водпуск на малы час, i яму шкада было кожнай хвіліны, што марна прападала.

Але ўсё, нібы знарок, ішло насуперак яму.

Спачатку доўга не ўдавалася знайсці цягніка, каб пад’ехаць кілометраў семдзесят да станцыі, на каторую ён спяшаўся. На пуцях стаяла нямала эшалонаў, але яны або ішлі ў другі бок, або няхутка павінны былі адпраўляцца. Потым Васілю пашанцавала: на станцыю прыбыў новы састаў, які якраз меў накіравацца ў яго напрамку. Але хлопец даведаўся аб гэтым ад чыгуначніка тады, калі цягнік ужо, набіраючы хуткасць, выходзіў са станцыі. Проста дзіўна было, што Васіль паспеў яшчэ ўчапіцца за поручні. Ён узабраўся на тамбур i не мог стрымаць радасці, слухаючы, як унізе весела пераклікаюцца колы.

Хутка радасць пачала суцішацца, таму што цягнік плёўся вельмі марудна. Ноч была страшэнна золкая, i пранізлівы вецер прашываў наскрозь. Каб не адубець, даводзілася час-ад-часу на хаду саскокваць з падножкі i трусіць навыперадкі з вагонам. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды. Ён нават адчуваў сябе шчаслівым: як-ні-як усё-ткі едзе, набліжаецца!

На станцыях i раз’ездах было горш. Там цягнік рабіў доўгія супынкі. Машыніст, здавалася, не мінаў ні аднаго самага занядбанага раз’езду без таго, каб не пастаяць колькі хвілін. У сержанта пры гэтых супынках кожны раз падымалася спакуслівае жаданне кінуць састаў i ісці аднаму, пеша.

На нейкай станцыі састаў спыніўся надоўга. Паравоз адчапілі. Чыгуначнік сказаў сержанту, што далей цягнік пойдзе толькі праз тры гадзіны.

Васіль пасля гэтага паведамлення быў блізкі да адчаю.

Ён хутка абабег станцыю, сціснутую асенняй цемраю, зазірнуў у кожны куточак яе, не трацячы надзеі папасці на які-небудзь спадарожны цягнік. Але навокал нічога не было. Hi аднаго цягніка! Толькі ў тупіку бесклапотна сіпеў нейкі паравозік. Адчуваючы, што надзея зусім пакідае яго, сержант напаследак заспяшаўся туды. Гэта быў адзіны ратунак.

Паравозік быў, відаць, рабочы. Стары худы чалавек у кароценькай ватоўцы i валенках i невысокі падлетак грузілі дровы. Яны ўвіхаліся ў поясе святла, якое падала з будкі. На запытанне сержанта хлапчук, які працаваў у расшпіленай сарочцы, смыкнуўшы носам, паважна адказаў, што праз поўгадзіны паравоз пойдзе да таго гарадка, які патрэбен Васілю.

— Ну, калі так, то прымайце ў памочнікі! — весела сказаў пасажыр. — Згодны?..

Ён, падкасаўшы рукавы шыняля, з радасцю ўзяўся дапамагаць грузіць дровы.

Хутка дровы пагрузілі, i паравозік выбраўся на пуць. Васіль памагаў машыністу, паліў топку. Качагар з яго быў вельмі ўвішны i неспакойны.

— Куды гэта ты, хлопец, так спяшаешся? — запытаўся машыніст.

— У водпуск…

— А, вунь яно што! Хочацца хутчэй убачыцца?.. Але ты спакайней! Нікуды ён, водпуск гэты, не ўцячэ.

Хлопец усміхнуўся.

— Хто ведае. У мяне такі водпуск, што можа i ўцячы…

Стары, бачачы нецярплівасць вайсковага чалавека, не шкадаваў пары i выціскаў з паравозіка такую хуткасць, на якую той быў здатны.

Хвілін праз сорак паравозік спыніўся на станцыі. Збоку непадалёк у разбаўленай ранішняй сінечы зіхцелі агеньчыкі гарадка. Забыўшы ў спеху развітацца, Васіль саскочыў на зямлю. Ён азірнуўся. Вакол не было ні аднаго чалавека. Па бязлюдным пероне неспакойны вецер гнаў сухое лісце.

Адразу, як толькі сержант ступіў на гэты перон, яго агарнула хваля радаснага ўзрушэння.

Ліда, яго любая Ліда, якую ён марыў бачыць усе гэтыя гады, па якой столькі сумаваў, цяпер недалёка. Там, сярод тых агеньчыкаў у сінечы, адзін агеньчык пазірае з яе акна. Каторы?..

Па гэтым пероне Ліда, напэўна, не раз хадзіла. Магчыма, нават учора была… Раптам ён падумаў, што Ліда можа трапіцца кожную хвіліну насустрач, што яна можа спаткаць тут, на станцыі.

Ён зазірнуў у залу чакання i толькі пасля таго, як упэўніўся, што Ліды няма, падаўся са станцыі.

Да горада вяло шасэ, абсаджанае старымі разгалістымі асінамі. Васіль то ішоў, то пачынаў бегчы. У сэрцы шчымлівым халадком варушыўся непакой: «Ці дома яна? А што, калі яе няма дома? Раптам паехала куды?»

«Трэба было-б папярэдзіць аб прыездзе, — думаў сержант. — Але як, калі да сённяшняй ночы я сам не ведаў, што атрымаю водпуск?..»

Ужо добра ўднела, калі ён падыходзіў да маста. За мастом пачынаўся гарадок. Вось той гарадок, які на фронт пасылаў яму столькі лістоў, напісаных рукой Ліды. Да вайны хлопец i не ведаў, што недзе на Волзе існуе такі гарадок. А потым, калі ад Ліды з эвакуацыі прыйшлі першыя лісты, гэты гарадок зрабіўся самым любым кутком на зямлі. Мусіць, сотні разоў Васіль пісаў на канвертах імя гэтага гарадка. Нарэшце, выпала i пабачыць…

Горад жыў шумлівым i заклапочаным жыццём. Першымі на вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты. Яны весела i заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Неспадзявана для Васіля дзяўчына, што ішла ў сярэдзіне, аказалася знаёмаю. Яны часта бачыліся да вайны ў Мінску, — тая дзяўчына, Галя, вучылася ў адным інстытуце з ім i Лідаю. Калі ён прыходзіў да Ліды, то яшчэ нярэдка бачыў ix разам…

Ён узрадаваўся гэтай выпадковай сустрэчы, памкнуўся быў падысді да Галі, але адразу падумаў, што гэта затрымае яго на некалькі хвілін, i маўкліва абмінуў. Дзяўчына не заўважыла яго.

Вуліцу Чкалава ён знайшоў хутка. Непадалёк ад яго, каля нізкага драўлянага дамочка, узняўшы ўгору голыя сукаватыя галіны, цікаўна пазіраў на нечаканага госця клён. «Яна ў тым доме, — здагадаўся хлопец. — Яна пісала, што на ix двары стаіць клён».

Ён пайшоў цішэй, каб утаймаваць хваляванне.

Колькі яны не бачыліся! Не, не тры з паловай гады адплыло з таго помнага трэцяга дня вайны, калі яны разышліся. Якая кароткая была ростань той ноччу ў Мінску, у страхотным бляску пажараў! I як многа гадоў разлукі прынесла яна!

Упершыню за ўсю дарогу ў яго на хвіліну з’явілася жаданне не спяшацца, прыпыніцца, суцішыцца.

«Што гэта са мной? Хвалююся, як хлапчук які… З непрывычкі», — вытлумачыў ён i рашуча рушыў наперад.

Сержант адчыніў фортку. Маці Ліды секла дровы. Яна падняла галаву, хвіліны дзве ўглядвалася, не пазнаючы, потым здзіўлена i радасна ўскрыкнула:

— Васілёк? Ці ты гэта? Жывы i дужы!..

Мар’я Пятроўна, выпусціўшы з рук сякеру, падышла да яго i пяшчотна абняла.

— А мае, Васілёк, два… — неспадзявана сумна сказала яна. — Мае…

Яна не скончыла, — апусціўшы галаву, ціха заплакала, Васіль ведаў, што ў яе на фронце загінулі два сыны.

Яе кволая, сагнутая горам постаць выклікала ў Васіля пачуццё сыноўняга жалю i пяшчоты. Яму захацелася сказаць нешта ласкавае i добрае, каб суцішыць яе гора.

Выцершы слёзы, маці запыталася, ці ўсе яго родныя засталіся жывыя пасля акупацыі. Ён вельмі скупа пераказаў тое, што сам уведаў з пісьмаў, якія атрымаў з дому пасля вызвалення Палесся. Скончыўшы, Васіль нецярпліва азірнуўся.

— А дзе Ліда?

— Ліда спіць. Учора прыйшла, працаўніца, толькі ў дзве гадзіны ночы… Але што-ж мы сталі? Заходзь у хату, Васілёк, — схамянулася старая.

Ён чакаў, што старая скажа, адкуль Ліда прыйшла так позна, — яму гэта вельмі рупіла ведаць, — але старая не гаварыла.

Яны ўвайшлі ў хату.

Васіль наблізіўся да дзвярэй у Лідзін пакой. Ён вельмі хваляваўся, — некалькі хвілін стаяў, не рухаючыся, каб перавесці дух. Потым паправіў шапку i пастукаў.

— Хто там?

Васіль пазнаў голас Ліды. Ён не адказаў, каб не выдаць хвалявання, i пастукаў яшчэ раз. Ліда паўтарыла запытанне.

— Час падымацца, соня, — сказаў ён замест адказу, не пазнаючы свайго голасу. — Госці да цябе…

— Ой! — ускрыкнула Ліда i сціхла.

Мар’я Пятроўна выйшла ў кухню.

Праз некалькі хвілін Ліда адчыніла дзверы i запрасіла зайсці. Ложак быў наспех прыбраны. Сама яна стаяла каля акна, пазіраючы насустрач яму яшчэ крыху заспанымі, але неспакойна ззяючымі вачыма. Ліда здалася яму незвычайна прыгожай. Як яна пасталела i пахарашэла за гэтыя гады. Яна была шмат прыгажэй, чым на картачцы, што прыслала на фронт.

Яны абое стаялі разгубленыя, не ведаючы, як павітацца. Васілю хацелася абняць яе, модна сціснуць у абдымку, пацалаваць. Яна таксама, напэўна, рада была-б, каб ён абняў. Але яны так доўга не бачыліся, так адвыклі ад пяшчот, так хваляваліся абое, што разгубіліся, толькі паціснулі адно другому рукі…

Ліда, падсунуўшы да яго табурэтку, папрасіла сесці, села сама на ўскрай ложка i загадала:

— Ну, кажы. Як-жа гэта ты?.. Так нечакана.

— Ты не чакала? — спытаўся ён з жартаўлівай крыўдай, каб схавань няёмкасць.

— Не, не чакала, — адказала яна ў тон.

— Значыць… я дарэмна спяшаўся?

— Выходзіць, дарэмна…

Яна паглядзела з ледзь прыкметнай усмешкай, i у ясна-шэрых яе вачах, якія здаваліся цёмнымі ад густых веек, успыхнулі знаёмыя гарэзныя агеньчыкі.

Гаворка пайшла весела i лёгка. Васіль жартаўліва апавядаў пра свае прыгоды ў дарозе. Ліда смяялася. Так, жартамі, яны гаварылі яшчэ доўга, пакуль ад разгубленасці, што зрабіла доўгачаканая сустрэча, не засталося i следу.

Тады ён раптам пачаў адчуваць нездавальненне. «Гэта не тое, што павінна, — падумаў ён. — Трэба сказаць нешта значнае, вялікае i пачуць шчыры адказ. Трэба, каб кожнае слова было асаблівае. Бо гэта гадзіна не звычайная, асаблівая». I вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула яго. Усмешка на чырвонашчокім твары згасла. A між густымі ўскінутымі брывамі з’явіўся нездавольны раўчачок.

Ён абарваў гаворку, сніх. Ліда, даўно заўважаючы незразумелую змену ў яго настроі, паглядзела на яго ca здзіўленнем.

Васіль загаварыў з тугой i шчырасцю.

— Калі-б ты, Ліда, ведала, як я рады, што бачу цябе зноў… У мяне, ведаеш, нейкае дзіўнае жаданне: хочацца, не зводзячы вачэй, глядзець i глядзець на цябе… Нават, ведаеш, гаварыць не так хочацца. Праўда… мне ўсё роўна як шчасце — бачыць цябе, твае вочы, твае рукі… І аж нібы не верыцца, што гэта ты! Дзіўна, праўда? Гэта, мусіць, ад таго, што я прывык думаць, што ты далёка-далёка…

Ліда, крыху збянтэжаная, не прамовіла ні слова, але з позірку яе ён зразумеў, што яна адчувае.

Так, i яна вельмі шчаслівая, што ён тут, i для яе ён самы любы чалавек, яна любіць, як i раней. Не, больш, як раней!.. Васіль не мог адарваць вачэй ад яе.

«Хай гэтыя гадзіны будуць без смутку. Хай думае, што ix яшчэ многа», — недзе далека засенню наплывае думка. Яна хутка сходзіць, нібы хмурынка ў ясным бязвоблачным небе. I зноў — толькі вочы, блізка-блізка…

— Як хораша! — ціха прашаптала Ліда.

Яе рукі даверліва ляглі на яго плечы. Ён абняў яе i сядзеў моўчкі, напоўнены адчуваннем яе блізкасці i бязмежнага шчасця.

…Скончылася гэта нечакана. Прайшло трохі болей за гадзіну, калi з кухні пачуўся голас Мар’і Пятроўны.

— Ліда, час снедаць.

Ліда хутка ўстала, кінула позірк на ручны гадзіннік.

— Ой, мне трэба бегчы.

— Куды?

— На працу.

— Якую працу? Ты працуеш? Ты-ж вучылася…

— Я працую на авіяцыйным заводзе. Хутка месяц.

— A інстытут? Вучоба?

— І вучуся, i працую… Чаму ты так усхваляваўся? — занепакоена спыталася яна.

Ён спыніўся ў нерашучасці: «Сказаць ці не?». — I пасля моманту развагі парашыў: «Не, няхай пазней».

— Пасля скажу. Я цябе правяду. Добра?

Да завода, што быў кілометры за два на ўскраіне горада, яны ішлі вельмі хутка. Падаў першы снег. Весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі i ўсцілалі перад імі шлях.

— Ты i вучышся, i працуеш? Гэта-ж цяжка.

— Цяжка. Раніцай i днём — праца, увечары — з чатырох да дзесяці — заняткі. Потым — падрыхтоўка да заняткаў. Учора прыйшла за поўнач. Так кожны дзень… Як прыйшло паведамленне, што i другі брат загінуў, адразу пайшла.

Вуліца падымалася ўгору. Час бязлітасна лічыў хвіліны. Васіль парываўся штосьці сказаць i ўсё адкладваў.

— Я хацела спачатку папрасіцца на фронт, — сказала яна, — не магла я больш сядзець тут. Мне так хацелася пайсці на фронт, Васілёк… Ды маці нельга было пакінуць адну. Гора зусім змагло яе. Бачыш, якая яна цяпер? Я была ў яе адна падтрымкай…

Каля заводскай брамы, на ўзгорку, яны спыніліся. Знізу ляжаў горад. Адсюль былі відаць стужкі яго вуліц, квадраты плошчаў; дахі бялелі некранутым снегам. Проста над горадам у мітуслівым прасцягу вісела нізкае, але вясёлае сонца.

— Ну, вяртайся. Адпачні, Васілёк, пасля дарогі. Маці там цябе ўладзіць… Я прыйду ў тры гадзіны. На заняткі — у такі дзень — не пайду. Будзем разам! Удваіх будзем! Удзень i ўвесь вечар!.. Як я рада, што ты прыехаў!..

Яна шчасліва засмяялася.

— Ледзь не забыла… Ты-ж нешта хацеў мне сказаць?

— Я хацеў сказаць, што мы… не будзем разам увечары… I сёння больш не сустрэнемся… Мне зараз трэба ісці на станцыю. Разумееш, Ліда, — хутка павінен прайсці на фронт наш эшалон. У мяне дзесяць гадзін было на водпуск.

— Як гэта, дзесяць гадзін? Такі кароткі водпуск? — ca здзіўленнем сказала яна.

— Я табе не хацеў гаварыць раней… Мне, Лідачка, пашанцавала. Праз вашу станцыю павінен быў прайсці на фронт эшалон нашага палка. За семдзесят кілометраў адсюль ён спыніўся на некалькі гадзін. Я папрасіўся, i мяне адпусцілі… На дзесяць гадзін. Каб праз дзесяць гадзін я чакаў ix тут, на станцыі…

— Толькі дзесяць гадзін?.. Але, няхай, — трохі весялей сказала яна, — чаго я журуся? Мы-ж яшчэ пабачымся, праўда? Ведаеш што, я папрашуся, каб мяне сягоння адпусцілі раней!..

— Калі-6-жа яшчэ дзесяць! А то-ж з тых дзесяці гадзін амаль восем пайшло на дарогу. Пакуль ехаў, шукаў саставаў ці ішоў у горад — згубіў цэлых восем гадзін.

— Дык ты-ж увесь водпуск праездзіў!

— Амаль увесь. Для нас засталося дзве гадзіны…

— Толькі дзве гадзіны?

— Толькі дзве, Ліда.

— Так мала?..

— Няшмат… праўда, — згадзіўся сержант i ўздыхнуў… — A хіба два гады было-б досыць?

— Так мала… Так мала…

Лідзе трэба было ісці, а яна марудзіла. Ёй не хацелася расставацца. Не хапала сілы, каб сказаць апошняе слова.

Васіль разумеў яе, адчуваў яе боль, i яму прагнулася дапамагчы ёй суцішыцца.

Ён гаварыў пра тое, што хутка скончыцца вайна i яны сустрэнуцца зноў у Мінску, каб болей ніколі не разлучацца, каб жыць разам заўсёды. Напаследак, ужо развітаўшыся, сержант сказаў: — Я, каліехаў да цябе, непакоіўся вельмі, што не пераганю наш эшалон ці не застану цябе. Крыўдна было-б. А так я шчаслівы… Цэлых дзве гадзіны! На вайне i столькі не кожнаму выпадае.

1945 г.

Адна

I

На дзевяты дзень Аня зноў пераступіла парог хаты, у якой жыла сястра Арына.

У пакоі нікога не было. Дзяўчына кінула на лаўку жакетку, стомлена прайшлася па пакоі. Дзе-ж усе? Толькі яна надумала гэта, як у сенцах бразнула клямка i ўбегла ўстрывожана бялявая Лорка, Арыніна дачушка.

— Цёця Аня! — узрадавана ўскрыкнула яна i кінулася да дзяўчыны. Лорка прыціснулася i хвіліну стаяла моўчкі, незнаема сур’ёзная, нейкая пасталелая. — Ой, што тут было без вас, — раптам сумна прамовіла яна.

— А дзе мама?

— Мама на гародзе. Яна сказала — к нам нехта пайшоу, ідзі, паглядзі, хто гэта?.. Табе трэба, каб яна прыйшла?

— Пакліч, Лорка.

Аня села на лаўку. Вось яна i дайшла да прыстанку. Скончыўся шлях, цяпер няма куды спяшацца, можна спачыць, даць спакой натруджаным нагам, падбітым доўгай неспакойнай дарогай. Аня так спяшалася дайсці сюды, але цяпер, калі яна ўжо тут, у яе чамусьці няма таго жаданага спакою. Чаму на сэрцы такая трывога?

«Ой, што тут было без вас», — успомніліся ёй словы Лоркі.

За акном праплыла сумным ценем Арыніна постаць.

Сястра спаткала нявесела. Увайшла павольна, паставіла да сцяны капаніцу i моучкі стала пасярод хаты, не вітаючыся, апусціўшы пачарнелыя ад зямлі рукі.

Калі Аня падышла да Арыны i ўзяла за плечы, вусны сястры задрыжэлі, а ў кутках вачэй набеглі дзве светлыя празрыстыя кроплі.

— Што такое? — спалохана i разам з тым тонам, у якім чуўся загад, шапнула Аня.

— Маму нашу… гітлерцы…

— Што?!

— Забілі маму. Няма мамы… — сястра, прыпаўшы да Анінага пляча, горна, з адчаем, не стрымліваючыся больш, загаласіла.

У грудзях Ані зрабілася пуста, усе думкі, усе пачуцці адразу зніклі. Гэта была важкая балючая пустата.

«Маму нашу…»

Яна стаяла нерухома, i нерухомым, застылым быў яе твар, на якім застаўся той выраз спалоху, калі яна гаварыла: «што такое?»

— Калі гэта было?

— У тую суботу…

Больш яна нічога не пыталася, а Арына сама нічога не стала расказваць.

Толькі пад вечар, калi сядзелі на ганку, сястра зноў загаварыла:

— Маму расстралялі, як толькі прыйшлі. I яшчэ восемнаццадь чалавек. Бацьку Андрэя Віткоўскага таксама. I пра цябе дапытваліся, Аня, не верылі, што ты пайшла… Вывелі ix,за сяло — туды, дзе гліну летась капалі. Стары Віткоўскі, дык сам ісці не мог, так яго збілі. Яго вялі пад рукі Марыся Краўчукова i Алена… А мама — худая, белая, як снег… Ix паставілі каля ямы на глінішчы. Людзей сагналі з сяла, каб глядзелі ўсе…

— За што ix?

— За тое, што за сялом нехта забіў салдата…

Рот яе перасмыкнула сударга. Яна колькі хвілін змагалася са слязамі, прыкусіўшы балюча ніжнюю збялелую губу.

— Не магу далей… — прамовіла Арына.

Аня сядзела ціха. Яна спачатку нібы не заўважала ні таго, што сястра змоўкла, ні таго, што потым тая заплакала, — ніводная рыска не варухнулася на Аніным твары. Яна была прыгнечана ўсім, што пачула. Збітая i спустошаная страшэнным горам, яна сядзела бяздумная, увабраўшы галаву ў плечы, з затоенай трывогай чакаючы, што Арына скажа яшчэ.

Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас, па-жаночы. I чым больш яна рыдала, тым цвярдзей, нецярплівей станавілася на душы Ані. Яна сухім голасам выціснула:

— Кажы… Што далей.

Гэта было не падобна на просьбу. Арына здзіўлена падняла галаву.

— Я хачу ўсё ведаць… Усё.

Выціраючы ражком хусткі вочы, хліпаючы, як дзіця, Арына стала расказваць.

— Яны ляжалі там тры дні… I наша мамка, Аня, таксама. Фашысты забаранілі хаваць, прыгразіліся, што будуць страляць тых, хто паспрабуе ўзяць забітага. А на чацвёрты дзень навалач гэтая паехала, i мы з Лоркай мамку прыбралі i занеслі на могілкі…

Аня слухала цяпер стрымана, з упартай, строгай уважлівасцю. Арына заўважыла, што Аня змянілася за гэтыя некалькі хвілін, — калі раней яна была разгубленай, то цяпер здавалася спакайнейшай, нават празмеру спакойнай.

— От, цяпер я ведаю усё, — з палёгкай i ноткай нейкай пагрозы прагаварыла яна, калі Арына скончыла. — Нібы сваімі вачыма пабачыла…

I быццам для доказу, што гаворка пра тое няшчасце скончана, Аня стала апавядаць пра дзевяць дзён, што аддзялялі яе ад той помнай раніцы, калі яна развіталася з Арынай.

— Дайшла я з таварышкамі аж да Полацка… (Там са мной яшчэ дзве настаўніцы было з нашай школы). А тады я сказала: не пайду так далей на ўсход, хоць што!.. Каля лесу, бачу, танкі стаяць. Я адразу да танкістаў, — трапіла на трох, што сядзелі на траўцы i палуднавалі. Я да ix, пытаюся, дзе тут пагаварыць з камандзірам якім? Адзін адказвае: я — камандзір. Кажу, прымайце да сябе, хачу ваяваць… А яны пачалі жартаваць, падсмейвацца, — асабліва адзін — бялявы такі. «Вазьмі, кажа, лейтэнант… Канцэнтрат пшонны варыць». Эх, i загарэлася я, Арына, — як сказала некалькі добрых слоў, дык ён адразу прысмірнеў. «Ого! — пакруціў галавою ды да хлопцаў: — Гэта язычок!» — i паказаў, як знайсці камандзіра. А я яму на развітанне: «Не маеш права, дык не затрымліваў-бы!» Прыйшла да камбата, камандзіра батальёна, маёра Бродкіна. Ён паслухаў, харошы такі чалавек, падумаў i кажа, што прымае — сястра ім патрэбна была. Далі мне, Арына, шынельку, сумку, i стала я — таварыш чырвонаармеец…

Яна раптам схілілася над каленам i дакранулася пальцамі да рудога, запыленага бінта, што абігартаў правую загарэлую лытку.

— Цябе ранілі, ці што?

— Ранілі, — загадкава прамовіла Аня, такім тонам, што сястра не зразумела, жартуе яна ці сур’ёзна гаворыць.

Тугі, моцна сціснуты вузялок не развязваўся. Аня ўстала, увайшла ў хату, a ўслед падалася i Арына. У хаце Аня ўзяла ca стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, начала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінта.

— От якая рана.

У яе руцэ Арына ўбачыла ўвагнутую шэрую кніжачку.

— Комсамольскі білет?

— Білет, — спакойна кіўнула Аня. Яна шурпатымі далонямі беражліва выпрастала i перагарнула вокладку. Прачытала павольна, з доўгімі паузамі сваё прозвішча, імя, год нараджэння, час уступлення ў комсамол — май 1940 год… «14 мая 1940 года», — дадала яна сабе, памаўчала i перагарнула яшчэ старонку. Позірк прайшоў па некалькіх радках узносаў. Апошні ўзнос i подпіс стаяў супроць радка — «чэрвень». Здавалася, яшчэ не высахла сіняе чарніла.

Усе іншыя клетачкі былі пустыя.

Апошні ўзнос. За гэты месяц яна ўжо не плаціла i за наступны, за жнівень, таксама, мусіць, не будзе…

Ніколі такой блізкай i дарагой не была для яе гэтая маленькая кніжачка з абрысам Леніна на вокладцы.

— Каля Глыбокага наткнуліся на праверку, нас началі абшукваць. Адзін — высокі i руды, да мяне — лап, лап — i выцягвае з кішэні білет. «О, Ленін! Чый это? Твой?» Я сказала, што мой. «Комсамолка?! Цябе за это надо — пук, пук, расстраляць!» А сам, паганы, узяўся за яго i хоча разарваць. Я хапіла за білет i вырвала: «Не трэба рваць, кажу, у мяне іншых дакументаў няма». «Куды ідзеш?» — пытаецца. «Дадому. Вучылася ў Віцебску, іду дадому. Не хацела адступаць». Гавару яму смела, голасна, упэўненая такая, аж дзіва. «А, это гут, — зарагатаў немец. — Ну, лядно, ідзі». Адпусціў мяне. Тады я адышла трохі, выняла з кішэні ды павязала на нагу…

— Адчайная ты! — прамовіла сястра, як-бы з асуджэннем. Але Аня не заўважыла гэтага тону. Яна разгладзіла вокладку, паглядзела на абрыс Леніна.

— Ну, а больш не чапляліся?

— Чапляліся. Яшчэ чатыры разы трапляла на ix… Казала ўсё: дадому з Віцебска іду…

Як толькі змоўкла, адышла ад успамінаў, грудзі сціснуў глухі боль: «Мама, мама». Аня не магла звыкнуцца, згадзіцца з думкай, што маці, такой любай, лагоднай, клапатлівай, ужо няма.

Яны доўга маўчалі. Прыйшла Лорка, i Арына адразу паклала яе спаць.

— Дзе Віткоўскі, ты ведаеш? — шапнула Аня сястры, калі тая вярнулася да акна.

— Не ведаю. Але, мусіць, недалёка недзе. Кажуць, што ён недзе ў партызанах.

Аня стала тым-жа шэптам распытвацца пра іншых таварышаў, з якімі не бачылася, — ёй здавалася — страшэнна даўно, але Арына амаль нічога не магла сказаць ёй.

Усіх за нейкага поўмесяца вайна раскідала, развеяла па розных шляхах…

Як яно пойдзе, гэтае новае, незнаёмае жыццё? Што яно ёй прынясе?

II

На наступны дзень яна пайшла з Арынай жаць.

Ах, якое дружнае, якое высокае жыта! Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру, пругка выгінаючы спелыя сцябліны.

Толькі не радуе гэтае багацце вачэй. Не ў час урадзіла жыта. Не ведалі людзі, кладучы зярняты ў старанна абробленую пульхную глебу, што ix праца можа прапасці марна, што буйныя каласы, якія вырастуць з тых зярнят, будуць не радасць выклікаць, а смутак, словы праклёну i нянавісці да варожай навалачы.

Ах ты, жыта, жыта!

Аня закручвае перавясла, выпростваецца. Вакол поле — залатое бяскрайнае мора, — перакатваецца хвалямі, шапоча. Упершыню яно тут красавалася загонамі, уперамежку з палоскамі, якія таксама былі ўжо дзе-ні-дзе калгаснымі. Вясной уступіла ў калгас i Арына, — i вось давялося зноў вярнуцца на сваю палоску.

— Стамілася? — пытаецца Арына ў Ані.

— Не… Пасядзець хачу.

Яна садзіцца на сноп. Не горнецца ў Ані душа да гэтай працы, да цішыні. Арына жне павольна, не спыняючыся. А Аня думае пра танкістаў, пра камбата Бродкіна, што ляжыць у зямлі пад Полацкам. Хіба-ж можа яна пасля ўсяго, што прайшло за гэтыя дні цераз сэрца, жыць так, — жаць сабе жыта паціху.

Эх, чаго яна вярнулася сюды, чаму яна не пайшла далей на ўсход?.. Яна марыла тут знайсці справу, сапраўдную справу, а замест гэтага жне жыта.

Што-ж, гэта — дзень-два, а потым яна знойдзе тую справу, быць не можа…

Потым у яе памяці паўстае вобраз маці. Яна бачыць сіняватыя матчыны вочы, сумныя i вільготныя, што пазіраюць на яе з пяшчотай. I Ані ў каторы раз успамінаецца апошняе развітанне — ясная, залітая сонцам раніца за сялом. Як яна, маці, журботна глядзела на Аню, нібы ведала, што больш не прыйдзецца спаткацца.

Мама, мама!.. Любая, родная мама! Каго я так любіла, як цябе. I хто столькі радасці i горычы зрабіў табе, як я, твая неспакойная дачка. Даруй мне, мама!..

I не заўважыла, як ажылі, наплылі, пайшлі ўспаміны, сёння асабліва шчымлівыя i горкія.

Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі сном так рана. Матчыны пяшчоты — як вясновыя, ясныя праменьчыкі!..

Згадалася, як маці шыла новую сукеначку, калі Аня стала хадзіць у школу. Згадалася, як, вярнуўшыся дахаты, узбіралася на матчыны калені, пыталася:

— Мама, а чаму нас вучаць па-чужому гаварыць? Чаму там не гавораць так, як дома?

— Бо там… чужыя настаўнікі.

— А чаму там чужыя настаўнікі? Хіба ў нас сваіх няма?

— Ёсць i свае, дачушка. Толькі ім не дазваляюць вучыць…

Анька тулілася да роднага пляча, дапытвалася:

— А чаму не дазваляюць?

— Таму, што паны хочуць, каб тут былі ix парадкі… Каб усё па-іхняму.

— Ну i хай не дазваляюць. А ён-бы ўзяў ды i ўсё роўна вучыў па-нашаму.

— Нельга, дачушка. Яго-б пасадзілі ў турму… Або як… тату нашага…

Маці больш не гаварыла, моўчкі гладзіла белую галоўку дачкі. Яна пачынала моргаць вачыма, якія станавіліся бліскучымі, потым закрывала ix i адварачвалася. Анька прыціскалася галоўкаю да матчыных грудзей i не дыхала.

Маці часта ўспамінала яго, Анінага бацьку, якога малая сама не помніла. У той час, калі яна нарадзілася, бацькі не было дома, ён быў на вайне i вярнуўся, казала маці, калі Аньцы было поўгода. Агародамі, хаваючыся, падышоў да хаты, прынёс з сабою з Арміі Чырвонай рускую пяхотную вінтоўку, увечар змазаў яе, абгарнуў анучамі i схаваў у застрэшшы ў хляве.

Жыць яму было нялёгка, бо тут запанавала ўлада белай Польшчы, з якой ён біўся на фронце. Праз год бацьку арыштавалі. Перакапалі, раскідалі, аблазілі ўсе куткі ў хаце, на дварэ, у хляве, чагосьці шукаючы, потым звязалі рукі за спіною i павялі, лаючыся, штурхаючы ў спіну карабінамі.

Назад бацька не вярнуўся…

Успомніла, як упершыню разлучылася з мамаю. Мама адвяла яе да Рыгора Ляльчука, далёкага ix родзіча i першага багацея на ўсю вёску. Аньцы дазвалялі хадзіць у школу, увесь іншы час яна павінна была няньчыць дзіця гаспадара. Да заняткаў яна цяпер мала рыхтавалася, а часта i зусім прыходзіла непадрыхтаванай. Настаўнік лаяўся i гразіўся выкінуць яе ca школы.

Дома лаяўся Ляльчук, — яму не падабалася, што нянька, якая есць яго хлеб, ходзячы ў школу, марнуе час.

— Або школу пакінь, або ідзі ад мяне. Мне трэба няньку, а не дармаедку… — сказаў ён аднойчы.

Анька сабрала свае лахманы i вярнулася дамоў. Маці спаткала яе занепакоена. Паслухаўшы дачку, яна заплакала, a калі вьплакалася, накінула на галаву хустку, пайшла да Рыгора. Вярнуўшыся, сказала:

— Трэба ісці назад, дачушка. Ён больш не будзе так, ён сказаў мне.

Правяла на ганак, прытуліла пяшчотна да грудзей i ўздыхнула.

Яна часта наведвалася. I кожны раз што-небудзь прынясе: ці сшытак, ці кніжку, ці гасцінец які. Сядзела ў каморцы, на ложку, дзе спала Аня, i ўсё пыталася, як яна вучыцца, ці не думае, не дай бог, кідаць школу, ды настаўляла.

— Вучыся, дачушка, вучаным усюды i дарога… От, што я, невучоная?!

Тады з імі звычайна сядзела i Рыгорыха. Аня ведала, што Рыгорыха баялася, каб маці чаго не ўзяла ў яе. Анька чырванела ад сораму i абурэння: як яна можа думаць такое пра яе маму!..

Рыгорыха адрывала Аньку ад маці, прыдумвала знарок якую-небудзь работу…

Эх, чаго гэта ўсё ўспамінаць — схамянулася Аня. Яна паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады i падалася да сястры жаць…

Пасля полудня Аня пайшла ў лес, па ягады.

Хораша летам у лесе! Стаіць млосная, з густым пахам соснаў i ягад, цішыня. Не варушачыся, дрэмлюць зялёныя іголчастыя лапкі, як раса, блішчыць смала. На палянцы — чырвоныя россыпы суніц. Буйныя, як клубнічныя, галоўкі суніц усцілаюць яркім агнём зямлю.

Аня збірае ягаду за ягадай у вязаны лазовы кораб, час-ад-часу кладзе сунічку ў рот. «Тут можна набрадь адразу поўны кораб, — падумала Аня. — Пэўна, ніхто i не быў тут».

Аня любіць i ведае лес. Ёй тут, у гэтым вялізным лесе, бадай знаёмая кожная паляначка, кожная сцяжынка. Яна яшчэ малой, бывала, цэлымі днямі прападала ў лесе, заміраючы ад страху, хадзіла па цёмных сцежках, забіралася ў гушчары.

За дрэвамі ў цемры ёй маляваліся страшныя здані, ваўкі, мядзведзі, але неадольная сіла вабіла ў загадкавую глыбіню.

Далей, з боку паляны, на ігліцы i ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Сляды ад ботаў. Аня знайшла на пясчанай лапінцы два ясныя адбіткі: дзяўчыне здалося, што невядомцы былі ў вайсковых ботах.

Ззаду хруснула. Яна азірнулася i ўбачыла высокага чалавека ў вайсковым адзенні з партупеяй цераз плячо, без шапкі. Бялявыя густыя валасы рэзка аддзяляліся ад чырвонага загару шырокага ілба.

Чалавек спакойна пазіраў на яе. Усміхнуўся.

— Добры дзень!

Падышоў, узяў ягад з кораба.

— Смачныя ягады! — пахваліў, неўпрыкметку дапытлівым вокам акідваючы постаць Ані.

— Бярыце яшчэ, — сказала Аня.

Вайсковы чалавек моўчкі ўзяў яшчэ жменю i стаў кідаць у рот. Чалавек быў няголены, i гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому выразу вачэй.

Кінуўшы ў рот некалькі ягад, прамовіў:

— Добрыя ягады. У нас, бадай, горшыя.

— Дзе гэта ў вас?

— Там, — чалавек махнуў рукою ўбок. — Далека.

На баку яго ў кабуры ляжаў пісталет ТТ.

— Адкуль сама? — гледзячы ў вочы, проста, з прыяцельскай ноткай, нібы ён яе ведае, запытаўся чалавек.

— З Чапліч.

— З Чапліч?.. Далека адсюль да ix?

— Кілометры два.

Ён пацікавіўся, ці ёсць немцы ў сяле, дзе яны стаяць. Аня, расказаўшы пра гэта, запыталася: — Туды ідзеце? (Яна махнула на ўсход). Чалавек узяў суніц у руку, кінуў некалькі ў рот, кіўнуў галавою.

— Дзе тут лепш ісці на Полацк?

Аня адказала. Потым уласцівым ёй пачуццём адчуўшы, што гэты чалавек сапраўды свой, што яму патрэбна дапамога, яна без усякай перасцярогі адразу запрапанавала:

— Я магу вас правесці…

Чалавек, відаць, здзівіўся такому хуткаму рашэнню, але нічога не адказаў, — ён таксама рызыкаваў i не ведаў: верыць ці не верыць гэтай незнаёмай дзяўчыне, якая сама набіваецца ісці ў небяспечны шлях.

A дзяўчына, не даючы разважыць, працягвала далей, нібы ўжо ўсё было вырашана.

— Вы тут застанецеся. Або не, лепей пройдзем бліжэй да сяла. Там ёсць адно глухое месца — ніхто не ўбачыць. А я пайду ў сяло, занясу ягады, скажу сястры, каб не чакала i не трывожылася… A ўвечары мы выйдзем, добра?

Аня, не чакаючы згоды, узяла кораб i павесіла на плячо. Яна не любіла марудзіць.

— A калі я цябе зараз завяду ў паліцыю, — чалавек узяў Аню за руку. — Можа, я правакатар?

— Вы — правакатар? Вы — лейтэнант, засталіся ў акружэнні… Тут недзе недалёка ад вас хаваюцца некалькі байцоў вашых.

Лейтэнант здзівіўся зноў, але стараўся не выдаць гэтага.

— Чаму вы так думаеце?

— Таму, што тут ёсць сляды не толькі вашы, i яшчэ — таму, што дрэнны той лейтэнант, які застаўся адзін… А вы, здаецца, не такі… А што вы мяне палохаеце, — гаворыць аб тым, што вы самі няўпэўнены. Не верыце мне… Не бойцеся, я не падвяду!

I чалавек згадзіўся. Гэтай бялявай, худзенькай дзяўчыне нельга было не верыць.

…Увечары, калі добра сцямнела, Аня выйшла з сяла.

У лесе яна сустрэлася з лейтэнантам, з якім было пяць байцоў.

Усю ноч без супынку ішлі па сцежках, а то i проста па полі, мінаючы вёскі, варожыя паліцэйскія пасты. Калі добра развіднелася, яны былі ўжо на ўскрайку лесу поблізу невялікага мястэчка, кілометраў за трыццаць ад сяла.

— Дай руку, сястра, — сказаў адзін з байцоў. — Дзякуй табе… Жыць буду, не забуду.

Ён памаўчаў, відаць, яшчэ хацеў штосьці сказаць, але не сказаў нічога, а раптам сціснуў Аніну далонь так, што занылі пальцы.

Другім стаў развітвацца лейтэнант.

— Дзякую, Анна Іванаўна. I ад мяне i ад усіх.

Аня перабіла яго.

— Нашто дзякаваць столькі? Хіба-ж я магла інакш? Якая трэба яшчэ падзяка — толькі-б дайшлі…

— Так, дайсці-б. Далека вельмі!

— Слухай, Анна Іванаўна, — загаварыў лейтэнант, — думаю, не памыляюся, што кажу гэта. У лесе за паставамі я захаваў вінтоўкі. Людзі палеглі… A вінтоўкі я падабраў i закапаў. Патрэбны будуць, можа, каму-небудзь з нашых, — аддай ix…

Ен выняў з кішэні лісток паперы.

— Тут усё напісана, як знайсці тое месца.

Ен даў паперку, зашпіліў кішэню i адразу прамовіў да сваіх:

— Пайшлі.

Яны хутка зніклі ў росных кустах. Ані, калі яна, трымаючы ў руцэ паперку, засталася адна, зрабілася раптам журботна, нібы рассталася з сябрамі.

Гадзіны дзве Аня адпачыла ў лесе, што абуджаўся ад начной цішыні, а потым, як угрэла сонца, падалася назад. Яна адчувала сябе змарнелай. Бяссонная ноч i трыццацікілометравы начны шлях даваліся ў знакі. Балелі ногі, i яна некалькі разоў садзілася адпачываць.

Дадому Аня дабралася толькі пад вечар.

IIІ

Ішлі дзень за днём, аднастайныя, здавалася, незвычайна доўгія i пустыя. Аня ўсё таксама-ж хадзіла на поле, на агарод, старалася дапамагчы Арыне, i ўсё таксама-ж за ёй услед хадзіла адчуванне адзінокасці, адарванасці, i спусцеласці, i непакой аб тым, што трэба штосьці рабіць, штосьці рабіць для тых, што на фронце, для той вялікай справы, якая чакала яе.

Дзе хлопцы, дзе Андрэй? Вось каго-б знайсці, вось хто-б даў ёй працу…

Але ішлі дні, — хутка тыдзень будзе, — а яна не магла знайсці нікога i вымушана была сядзець, адна, адна…

I вось зноў знайшлася справа.

— Анечка, — усхвалявана зашаптала Арына, — у жыце тры чырвонаармейцы. Раненыя ляжаць… У сяло не паказваюцца — баяцца, што гітлераўцы расстраляюць ix…

— Дзе ў жыце?

— На нашым полі, каля трох бяроз.

— Ты нікому не казала пра гэта? — запыталася Аня.

— Нікому.

— Добра… I не кажы нікому.

«Памагчы ім», — падумала Аня. Гэтая думка адразу захапіла дзяўчыну, якая не так занепакоілася, як узрадавалася, адчуўшы, што зноў з’явіўся раптам клопат. Яна пачне з гэтага… А там… а там будзе відаць, што рабіць…

— Мы ix перанясем да цябе ў хлеў, добра?

Як толькі сцямнела, Аня накінула хустку i ціха выйшла з хаты. Услед за ёй стукнула клямкаю, выйшла Арына. «Пайду з табой, — прашаптала яна і, нібы апраўдваючыся, дадала: —Яны-ж параненыя, трэба весці».

Мінулі хлеў, між густых зарасляў кіяшніку i маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася.

За гумном — поле. Туды хадзіць ноччу забаронена. Стараста гаварыў, што на гэта ў гітлераўцаў ёсць строгі загад.

Ці не заўважылі ix? Не, не заўважылі, здаецца.

Ах, якая цішыня вакол. Няўжо-ж толькі што змерклася! Калісьці (дзіўна, гэта-ж было менш месяца таму назад, а, здаецца, даўно-даўно) утакі час сяло як-бы абуджалася пасля дзённай цішыні. Вярнуўшыся з поля, хутка павячэраўшы, збіраліся дзяўчаты i хлопцы каля прызбаў. Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы, час-ад-часу гамонку перабіваў вясёлы дружны рогат або раптоўны візг дзяўчыны…

— Пойдзем? — шэптам прамовіла Аня. Арына ціха адказала:

— Пойдзем.

Аня запыталася ў яе не таму, што вагалася, — ісці або не ісці, — Арына ведала, што аб гэтым у сястры не магло быць нават думкі. Аня пыталася, ці не перадумала яна, Арына: Арына — не адна, у яе ёсць сям’я…

«Добра, што месяц яшчэ не ўзышоў, — супакоіла сябе Аня. — Трэба хутчэй спяшацца, каб не застаў месяц».

Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Арына трывожна прысела.

Лапочучы крыламі, у цемры штосьці праляцела.

— Гэта перапёлка, — сказала Аня. — Ах, каб ты!..

Яны ішлі разораю. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Але Аня не заўважала гэтага, яна ўся была занята адным клопатам.

Цяпер недалёка. Цяпер хутка, каля трох бяроз.

— Стой, хто гэта?

Перад імі ў змроку ўстала цёмная постаць з вінтоўкай у руцэ.

— Сяргей? Гэта мы.

Чалавек адразу стаў лагоднейшым.

— А, сястра! А я думаў, што не прыйдзеш.

— Я-ж казала — прыйду…

— Мала што казала. Рознае бывае… — у жыце паднялася яшчэ постаць, чалавек прамовіў да яе: — Пойдзем… Павел, Сцяпана панясу зараз я. Бяры гэтую…

Ён падаў Паўлу вінтоўку, узваліў з яго дапамогаю на плячо чалавека, які стагнаў i трызніў.

— Другі дзень так. Амаль непрытомны… Аслаб зусім, — сказаў Сяргей. Павел дадаў нявесела:

— Плямы нейкія пайшлі па назе i па целу…

Яны падаліся ў вёску. Наперадзе — Аня, за ёй Сяргей са Сцяпанам, потым Арына i апошнім Павел.

Цяпер Ані чамусьці стала спакайней i весялей. Можа таму, што поруч ішлі байцы. А можа таму, што цяпер яна непакоілася толькі пра ix.

Да прыгумення i цераз агарод перабіраліся па адным, прыгнуўшыся, асцярожна. Спыняліся раз-по-раз, слухалі. Цішыня. Каля хлява Аня i Павел, пакінуўшы іншых, прыпалі да чорнай сцяны, яшчэ раз азірнуліся.

Цьмяна чарнелі поблізу абрысы дрэваў, высокіх, востраверхіх, i нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі.

I вось яны ўсе ў хляве, на палацях, агорнутыя цемраю i духмяным, казытлівым пахам сена. Двое ляжаць, а Сяргей сядзіць поруч з Аняй. Арына пайшла ў хату, непакоячыся, ці не прачнулася Лорка.

— Сястра, — прашаптаў Сяргей, — як ты думаеш, — хутка Сцяпан паправіцца?

— Заўтра пагляджу рану, скажу.

— Эх, каб вылечыць хутчэй! Нельга цяпер нам сядзець…

— Што-ж, ён застанецца пакуль.

— Нельга, сястра. Мы з ім на адным самалёце ляталі. Разам гарэлі… Пад Шаўлямі была такая справа. Мы з ім ад гітлераўцаў разам адбіліся. Там яму i пашкодзілі нагу. Я яго на сваіх плячах можа дзвесце кілометраў цягну. Проста аж сам дзіўлюся, з чаго я такі цягавіты зрабіўся? Гэта-ж не жарты — цэлы бамбардзіроўшчык, можна сказаць, на карку, — нявесела пажартаваў Сяргей. — Ен у нас быў чэмпіёнам па боксу ў часці — па цяжкай вазе.

Аня маўкліва слухала. Яна ўспамінала знаёмых сваіх танкістаў, маёра Бродкіна, гай пад Полацкам, каля якога вёў бой i згарэў апошні ў батальёне танк… I ёй было прыемна слухаць побач сіплы, крыху насмешлівы голас лётчыка, — гэта быў такі-ж самы чалавек, як i тыя, з якімі яна спазнавала горыч адступлення i боль утраты. Яна адчувала сябе такой, якой была з танкістамі. Той-жа абавязак, звычны.

A галоўнае, справа — важная, патрэбная.

— Сястра, нашы далека цяпер?

Ен так гаворыць, што не зразумееш, ці ён гэта проста кажа, ці пытаецца. Пытае, мусіць. Што яму адказаць? Сказаць яму праўду, што гітлераўцы ўжо за Полацкам, ці зманіць?

Не, такому нельга маніць.

— Далека.

— Мусіць, ужо каля Полацка?

— Далей. Полацк у ix…

У хляве паступова пасвятлела, праз шчыліны прарэзаліся белыя вострыя нажы святла — узышоў месяц.

«Трэба ісці ў хату», — узнялася Аня.

— Сястра, прынясі махры… Смаліць нешта ў грудзях.

— Прынясу.

Яна прыадчыніла вароты — толькі-б не зарыпелі. Выглянула ў шчыліну: нікога, цішыня. Праціснуўшыся, зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Цяпер можна ісці.

IV

На наступны дзень Аня агледзела Сцяпанаву рану. Правая нага, на якой вышэй калена гнаілася рана, распухла i пакрылася фіялетавымі плямамі, біў моцны пах гніення; плямы былі ўжо i на бядры. Сцяпан трызніў.

«Гангрэна».

Яна зразумела, што цяпер позна ўжо дапамагаць, што яна бяссільна дапамагчы чым-небудзь, i ёй стала горка.

— Ён паправіцца? — трывожна шапнуў Сяргей, спасцярожліва зірнуўшы на Аню.

— Паправіцца… — Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану.

Скончыўшы перавязку, яна стала адразу спускацца па лесвіцы ўніз, нягледзячы ні на кога, нічога не гаворачы нікому. Сяргей палез услед.

— Кепска?

— Кепска. Ён безнадзейны. Памрэ.

— I нічога нельга зрабіць?

Аня не адказала. Узяла пустое вядро i выйшла на двор.

Увесь гэты дзень яна была як-бы прыглушаная. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў, праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш i горш.

Увечары ён памёр.

Сяргей, палажыўшы таварыша на плячо, вынес яго ў поле, да тых-жа трох бяроз, дзе яны ляжалі ўчора. Аня прынесла рыдлёўку.

Капалі зямлю i хавалі Сцяпана моўчкі, Павел амаль увесь час курыў.

— Ну, вось, далей пойдзем? — сказаў раптам Сяргей Паўлу.

— Пойдзем. Чаго-ж сядзець.

Яны не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карта i компас ёсць.

Вярнуўшыся апоўнач у хату, дзе чакала сястра, Аня, як ніколі раней, адчула сябе пакінутай i адзінокай.

V

Дні цягнуліся нудныя, доўгія. Яна хадзіла па-ранейшаму на поле, у лес, i ўсё чакала, чакала, марыла, што ўсё гэта зменіцца, што знойдзецца справа, сапраўдная справа.

Аднойчы пад вечар прыехала ў сяло варожая калона. Тры салдаты, гамонячы аб нечым, рагочучы, накіраваліся ў хату. Арына спалохана замерла. Адзін немец, высокі, з вострым падбародкам, загадаў даць вядро. Аня бачыла, як ён выйшаў на двор, выцягнуў вады са студні, стаў заліваць у машыну.

Калі ён вярнуўся, паставіў вядро на лаўку, Аня запыталася:

— Далека фронт? — заўважыўшы, што салдат не зразумеў яе, дадала: — Советы, большэвікі—далека?

— Далека… — адказаў за яго другі, маладзенькі, блакітнавокі, збіраючыся ісці. — Смаленск ёсць нямецкі, цяпер хутка Масква.

Ён стукнуў у грудзі.

— Будзем хутка там…

«Няўжо Смаленск ужо ўзялі? I на Маскву ідуць? Быць не можа», — думала дзяўчына, сочачы, як яны ходзяць каля машын.

Хоць яна i не хацела верыць у гэта, ёй было трывожна. Да поўначы гаманіла Аня з Арынай, перабіраючы тое, што было, намагаючыся ўявіць, што будзе.

— Ты чакай. Бачыш, што робіцца, — супакойвала сястру, раіла ёй Арына. — Табе што, ты чалавек маленькі, дзяўчына… Што ты можаш зрабіць?

— Не магу я сядзець, Арына, — горача дыхала ў твар сястры Аня.

— А ты патрывай… Пара цяпер такая, што жыві ды аглядвайся. I галаву згубіць нядоўга. Яшчэ, дзякуй богу, што не чапляюцца да цябе — усе-ж ведаюць, што… настаўніца.

— Не магу я так! Не магу, ты разумееш?

Уранку Арына прибегла ад суседкі i сказала ўстрывожана, што на дарозе каля Купін падарвалі машыну з гітлераўцамі, што дзевяць салдат забіта.

Аню гэта вестка ўсхвалявала па-свойму. Значыцца, ёсць людзі, што не марнуюць часу, не сядзяць так, як яна. Дзе яны, як ix знайсці?

Зноў перад ёй асабліва ярка ажыў вобраз Андрэя Віткоўскага. Як з ім звязацца? Андрэй жыў раней з бацькам, але бацькі ўжо няма… Хто-ж можа ведаць пра Андрэя? Цётка?

Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, яна зайшла да Андрэевай цёткі.

— А хто-ж яго ведае, дзе ён, вісельнік, — неспадзеўкі, злосна размахваючы рукою, амаль закрычала цётка. — Ён i бацьку да згубы давёў.

— Не ведаеце? — не паверыла Аня: ёй здавалася, што старая лаецца няшчыра.

— От што? Калі табе жыццё надакучыла, то ты як сабе хочаш. А мяне не чапляй!

Аня пагаварыла яшчэ з адной жанчынай, муж якой калісьці сябраваў з Андрэем і, мусіць, недзе хаваўся тут, — жанчына таксама нібы не ведала нічога пра Віткоўскага. Некалькі разоў Аня хадзіла ў лес, дзе-б маглі быць тыя, каго ёй так хацелася бачыць, але не знайшла нікога. Вяртаючыся, аднойчы, яна наткнулася на гітлераўцаў, — добра, што несла ягады, не затрымалі яе, забралі ягады i пусцілі.

I вось, калі Аня ўжо амаль страціла веру ў тое, што хутка ўдасца знайсці сляды партызан, Андрэй аб’явіўся сам.

Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Яна паставіла вядро, зайшла за рог хлява.

— Хто тут?

Яна пазнала хто — па голасу, але яшчэ не верыла, — вельмі-ж доўга яна чакала! Перад ёй чарнела постаць, i хоць было цёмна, яна адчувала, — яго постаць!

— Добры вечар, Аня, — проста сказаў ён.

Яна прывіталася. Аня столькі думала раней пра яго i ў думках столькі гаварыла яму, але тут тыя словы кудысьці вылецелі. Ен загаварыў першы: пачаў распытвацца, чаму яна вярнулася, дзе была гэты час, што рабіла.

— Я ўжо некалькі дзён ведаю, што ты вярнулася.

— Кепска-ж у цябе, відаць, разведка працуе.

Ен адказаў:

— У разведкі ёсць другія задачы…

— Вядома. Толькі штосьці вы так замаскіраваліся, што i не знайсці вас.

— Затое мы ўсіх, каго трэба, знаходзім… Але я прыйшоў не для таго, каб спрачацца. У мяне, Аня, ёсць справа. Важная справа. Зробіш?

Аня знарок памаўчала, як-бы раздумваючы.

— Важная? Якая?

— Трэба пайсці ў горад, Аня… Мы хочам звязацца з нашымі людзьмі, што там працуюць. Яны табе раскажуць, як там справы… Мы ўсё не можам наладзіць сувязі… Ты зможаш пайсці?

— Добра, — сказала Аня. — Зраблю.

— Ты, Аня, улічы: зрабіць гэта не проста, задача твая небяспечная. Я табе дам тры адрасы, але ты будзь там асцярожна. Ёсць весткі: наладжвалі гэтыя дні аблавы. Можна наскочыць на засаду.

Аня слухала гэты родны голас, адчуваючы не трывогу, а радасць, такую, якой яна не ведала з таго часу, як вярнулася.

— I калі можна — дастань, Анечка, медыкаментаў. Бінтоў, ёду, яшчэ чаго, што ўдасца. Дазарэзу трэба, разумееш?

Яна кіўнула галавой.

— Не падвядзеш? — ён дадаў. — Не баішся?

Ён i раней быў зазнайка, а тут, калі яна апынулася ў такім становішчы, стаў яшчэ больш задзіраць нос. Падумаеш, калі ён партызан, калі ў яго вінтоўка, дык можна яму i крыўдзіць. За каго ён яе лічыць? Гэта яна збаіцца?

— Мог-бы не гаварыць глупства. Скажы лепш — праўда, што гітлераўцы ў Смаленску?

— Не ведаю, Анечка. Газет i ў нас няма.

— Немец быў тут, выхваляўся, што занялі яго, на Маскву ідуць. А ты — «не баішся»? Я тут… усё шукала, што-б такое зрабіць… каб не сорам было, а ты… эх ты!..

— Не крыўдуй, Анечка, я так — к слову, — сказаў ён, нібы апраўдваючыся, i стаў шэптам дамаўляцца, дзе i калі яны спаткаюцца.

Калі ён пайшоў у цемру, Аня стаяла, сочачы за ім услед.

Яна адчувала, што ў яе жыцці толькі што адбылося тое вельмі важнае, якое яна чакала i аб якім яна марыла.

Скончыліся пошукі. Скончылася адзінокасць!

1947 г.

Перад навальніцай

Раса не выпала — быць дажджу

(Народная прыкмета)
Пачалося гэта ўсё пасля полудня. Алене кінулася ў вочы — на небасхіле, над цёмназялёнай сцяной дубняка i асінніка выраслі белыя казачныя горы. Яны асляпляльна зіхацелі ў праменнях сонца.

Як толькі давяршылі стог каля рэчкі Тур’і, Алена сказала хлопцам пабраць граблі ды ісці на падмогу жанчынам капіць. Сонца ўжо добра прыкметна бралася на захад, а задуха ўсё не спадала. Па— рыла так, як i ў поўдзень, а можа нават мацней. Сарочкі прамоклі, як на дажджы, ліпнулі да спіны.

Хлопцы, штурхаючыся, перакідваючыся жартамі, падаліся грабці. Ix было сямёра. Аленін брат Грышка Атрошка, самы дарослы з ix, шырокі ў плячах, з русым кучаравым чубам, меў дваццаць адзін год, a ўсе іншыя былі шмат маладзей. Паўлік Чарняк i яшчэ трое — былі зусім дзеці, мусіць, i па пятнаццаць гадоў не мелі,— але-ж касілі, бо добрых каспоў неставала, а тут такая немагата, што кожны чалавек вельмі патрэбны.

Жанчыны i дзяўчаты моўчкі зграбалі сена…

— Гэй вы, нездалякі! Цэлыя дні тут топчацеся, а работы не відаць… — падышоўшы да грабцоў, крыкнуў Грышка. Ён пальцамі расчасаў, адкінуў назад свой хвацкі непаслухмяны чуб.

— На нас спадзяюцца, — падхапіў самы малы з хлопцаў, Паўлік Чарняк. Ен кутком губ пагардліва цыркнуў сліну, падобна таму, як гэта рабіў часта Грышка.

— Глядзіце, герой які! — адгукнулася Лізавета. — Брыво калясом i сапель пад носам… Як вас зваць? Нешта ў нас такіх, здаецца, не было. Адкуль вы прыехалі? Ах, гэта-ж Паўлік…

Жанчыны зарагаталі.

Алена заняла пракос поруч з Маланняй, пачала скатваць вал. Яна абыякава слухала смешкі хлопцаў i дзяўчат, Лізавеціны кепікі над Паўлікам, заўважыла, як Лізавета некалькі разоў прыхільна пазірала на Грышку.

«Хлопец які! — падумала з гонарам i шкадаваннем Алена, — толькі гэтае вока…»

Грышку пад Штэцінам асколкамі міны раніла ў шыю i вока. Шыю вылечылі, а вось з вокам горш — папала туды драбніца з пылінку, а хлопцу прыйшлося застацца калекам…

Ад лесу па пракосах, па шызых купах лазняку, па стагах нячутна i хутка падступіў прыцемак. Пасля яшчэ раз прабілася было сонца, i луг, як вялізнае лясное возера, зазіхацеў у светлых праменнях. Праз некалькі хвілін цень зноў насунуўся.

Аднак, хоць сонца не было, млеў духмень. Усё наваколле дрымала ў такой цішыні, што ні адна травінка, здавалася, не варушылася.

А хмары паўзлі. Яны прайшлі над галавой бліскучым празрыстым краем. Неба падзялілася — справа па-ранейшаму сінеў чысты глыбокі блакіт, а злева — грудзіліся хмары, над галавой — белыя, высокія, а там далей — цёмныя, панурыя, сіняватыя; ад ix да зямлі спадалі мутныя пісягі.

Яшчэ да таго часу, як зайшло сонца, на пракосы лёг змрок. Людзі перасталі гаварыць i толькі маўкліва скатвалі вал за валам ды капілі. Чым цяжэй лажыўся змрок, тым больш маўклівымі станавіліся людзі, тым хутчэй рукі ўпраўляліся з граблямі.

Усе яшчэ з поўгадзіны граблі i капілі ў прыцемку. Рукі нібы прыліплі да грабель.

— Ой, жанкі!.. Колькі-ж гэта так рабіць! — звонкім гарэзным голасам крыкнула раптам Лізавета. — Ой, не магу!..

Яна кінула граблі i з рогатам упала ў капу.

— Найшла таксама час скаліцца! — сярдзіта прабурчэла старая Малакня. — Няма на цябе ўгамону!..

Жанчыны, хлопцы i дзяўчаты нібы ачнуліся. Лізавету, якая клялася, што «не ўстане сама, калі не памогуць», Грышка Атрошка i дзяўчаты падхапілі пад рукі i змораным, але вясёлым натоўпам рушылі да буданоў. На пракосах засталася адна Алена…

…Калі грабцы ўслед за Лізаветай i Грышкам гаманкім натоўпам рушылі ў вячэрнюю цемру ў напрамку буданоў, Алена яшчэ засталася на пракосах. Некалькі хвілін яна стаяла нерухома, зморана абапіраючыся на граблі, слухаючы галасы, што спакваля аддаляліся, потым выпрасталася, ускінула граблі на плячо i павольна пайшла, — але не ўслед за грабцамі сваёй брыгады, a ў адваротны бок, цераз непрыбраныя пракосы.

Каля цёмнай купы лазняку спынілася.

Алена каторы раз абвяла позіркам неба — над галавой нізка варушыліся важкія хмары. Правей, над чорным ламаным абрысам лесу, зелянела вялікая лапіна з мігатлівымі зорамі; яна была падобна да няскошанага лугу, усыпанага кветкамі. Злева, на даляглядзе, раз-два мігнулі зарніцы.

Тут, пры лазняку, канчаюцца рады, якія грабцы з яе брыгады не ўправіліся прыбраць…

Калі-б не збіралася на дождж, Алена не трывожылася-б за гэтыя рады: невялікая бяда — не прыбралі сёння, дык прыбяруць заўтра, абы толькі была трава не мокрая…

Усе прыкметы, аднак, паказвалі на дождж.

Вечар быў млосны, дзённая спёка ўжо сышла, але ў паветры яшчэ патыхала духменем…

З вялікім намаганнем прымусіла сябе Алена адарвацца ад гэтых непрыбраных пракосаў i пайсці наўпрасткі цераз луг следам за ўсімі, да буданоў.

Калі яна падышла да вогнішча, пры ім сядзела некалькі чалавек, што канчалі вячэраць. Усе іншыя разышліся. Сучча на вогнішчы дагарэла, i цяпер, то ўспыхваючы, то хмурачыся, тлелі зыркія барвовыя вугольчыкі. Алена намацала ў цемры за вогнішчам сухую ламачыну, адламала ад яе галінкі. Вогнішча не ўзгаралася. Алена нахілілася да вуголля, пачала дзьмухаць, пакуль не ўспыхнуў весела агеньчык.

«Як рана сёння ляглі спаць, — падумала яна. — Відаць-такі вельмі ўсе змарыліся». У другія дні, можа, да світання рассыпаўся адсюль пa ўсёй сенажаці малады нястрымны смех, суладна разліваліся песні.

Яна разламала таўсцейшую галіну i паклала на агеньчык.

Полымя ўспыхнула ярчэй, з трэскам весела пабегла па ламаччы. Цемра адступіла ад дуба, што стаяў непадалёк, асвятліўшы тоўсты, закаваны ў тоўстую кару камель. Угары засвяцілася густое лісце i жылістае сплеценае галлё.

Алена адсунулася ад агню, які пачаў патыхаць гарачынёю. На яе твары, задуменным i неспакойным, з шыракаватым добрадушным ротам, на тонкай шыі, на шырокіх працавітых далонях, на старэнькай з нейкімі палінялымі кветкамі кофтачцы хадзілі светлыя цені. Была яна з выгляду кволая, непрыкметная, толькі рукі мела дужыя, сапраўдныя сялянскія рукі, — яны цяпер спачывалі на каленях.

Жанчына, што зварыла вячэру, наліла ў пагнутую бляшаную міску крупніку, падала Алене.

Пасля вячэры пры вогнішчы засталіся толькі Алена ды Малання, хударлявая старая жанчына, з вострымі зеленаватымі вачыма, з сярдзітым заломам брывей. Падсеўшы да брыгадзіра, Малання стала распытваць, як ідзе ў калгасе жніво.

Ад таго часу, як пачалі жаць, большасць калгаснікаў паехала ў поле; на лузе пакінулі Маланню ды некалькі маладых касцоў i грабцоў. Яны тут днявалі i начавалі. Весткі пра жыццё ў калгасе, да якога адсюль было сем кілометраў, прыносілі людзі, што па той ці іншай справе наязджалі сюды. Алена прыехала з калгаса толькі ўчора, усе першыя дні жніва яна працавала на полі, i Малання цяпер не давала ёй спакою сваімі роспытамі.

Нагаманіўшыся, Алена i Малання падняліся, пайшлі ад вогнішча, якое на той час зусім згасла. Малання адразу падалася ў будан спаць, a брыгадзір нейкі час стаяла на дварэ. Вечар быў па-ранейшаму задушны i млосны. У натруджаных Алёніных нагах млела стома.

«Жніво заспела, а тут касавіца не спраўлена, — варухнулася неспакойная думка. — Да ўсяго — гэты дождж… Сена, як перац, — аж шамаціць, а тут, чаго добрага, змокне ўсё…» Яна скубнула са страхі будана жмут травы, скамячыла — сена было сухое, як удзень, раса не прыхапіла яго.

«Каб не спалі людзі, — хоць ты цяпер прыбірай».

За лесам, на чорным даляглядзе, нясмела міргалі зарніцы. Раптам да яе дайшло мернае, аднастайнае — ч-чап-чап-чап; гэта плыў на Прыпяці параход з Мазыра ў Кіеў. Ён праходзіць кожны раз у адну пару, — хоць-бы калі прамінуў ноч…

Прыгнуўшыся, увайшла ў будан. Малання ўжо спала; побач з ёю, шырока раскінуўшы рукі, нібы намагаючыся заняць увесь будан, ляжала Лізавета. Алена адвяла яе руку ўбок, прылегла поруч з дзяўчынаю. Ледзь толькі заплюшчыла вочы, адразу правалілася ў забыццё. Нібы не было ні трывогі, ні клопатаў.

Яна заснула так моцна, што здавалася — да рання нішто не абудзіць яе.

Аднак не мінула i поўгадзіны, як Алена неспадзявана прачнулася — трывожная, з такім прыкрым адчуваннем, быццам пабачыла непрыемны сон. Напэўна, непакойныя думкі не пакідалі яе i ў сне.

Устала, выйшла з будана, зірнула на неба. «Няўжо-ж-такі не пройдзе бокам?»

Хмары ў чорным небе па-ранейшаму бесперастанку варушыліся. Непадалёк, на міг асвятліўшы блізкія кусты, палыснула бліскавіца.

Алена вярнулася ў будан. Драмала яна неспакойна, так што праз сон чула вуркатанне далёкіх грымотаў. Калі яна абудзілася зноў, у грудзях штосьці ныла. Паветра пасвяжэла, варушыўся хоць ціхі, але неспакойны i густы вецер, шамацеў сухім лісцем над галавою, у страсе будана.

«Дождж хутка!» — кальнула здагадка.

Алена паднялася, выбралася з будана. Змрок, што ахутваў усё наваколле, быў цяпер не такі густы, як з вечара. Справа на небасхіле ўсё яшчэ зелянеў шматок неба з мігатлівымі зорамі. Ён не пашырыўся, як чакала Алена, a звузіўся.

У страсе будана трывожна шалясцела сухое лісце. З Прыпяці, як i раней, даходзіла бяссоннае ч-чап-чап-чап, — параход, відаць, аддаляўся, бо шум яго пацішэў…

«Прыб’е сена… Чакай пасля, пакуль прасохне. Будзеш сядзець, як прывязаная, каля гэтых пракосаў…»

A ўсё было-б інакш, каб яны хоць скапілі. Пройдзе дождж, выблісне сонейка, разварушы капу, не паспееш азірнуцца — падсохне. Бяры ды стагуй пахучае, як рута, сена. Крыўдна Алене яшчэ таму, што сена несабранага засталося мала, за дзве гадзіны, каб добра ўзяліся, дакончылі-б. Яна з вечара збіралася папрасіць людзей пасля вячэры вярнуцца на пракосы, але, як падышла да вогнішча ды пабачыла, якія стомленыя ўсе, перадумала. Цяпер Алене здавалася, што чакаць болыш нельга. Трэба хутчэй будзіць усіх…

У гэтую хвіліну яна пачула прыцішаны далечынёю працяжны гудок парахода i падумала, што там таксама не спяць. I на полі, мусіць, многа людзей не спіць — возяць снапы ці сціртуюць…

Ледзь толькі намерылася яна пабудзідь Маланню, як убачыла, што старая выбіраецца з будана.

— Не спіцца, цётка Малання?

— Не спіцца, — прабурчэла старая. — Дождж будзе, хай ён згіне… — Яна ўзялася рукой за спіну i застагнала: — О-ох! Паясніцу ломіць. Не дай бог, у крук сагне. Тады мой зноў спакою не дасць. Гэта, скажа, за тваю злосць!.. Аленка, як-жа тое сена, што пры лазняку?

— Я цяпер вось i думаю пра гэта. Трэба зараз прыбраць, — адказала Алена, з радасцю адчуваючы, што старая непакоіцца пра тое самае. — Я хачу, цётка, пабудзіць людзей…

— А што-ж! Будзі, — сказала рашуча старая. — Усіх будзі!..

— Я скажу — баявая трывога, — прыйшло раптам Алене ў галаву. — Як у партизанах…

Першай яна раскатурхала Лізавету:

— Лізавета, a Лізавета, трывога!

Тая хутка ўсхапілася, ударыўшыся галавою аб нейкі сук у будане, спрасонку не ўцяміла.

— Што? Трывога? Якая трывога?

— Сена трэбадаграбці… Дождж!

— А-а… Я зараз!

Калі ішлі на пракосы, былі маўклівыя i ціхія. Грыша Атрошка спрасонку спатыкнуўся аб купіну, басам вылаяўся.

— Ліха на ix, наставяць тут купін! — пакпіла Лізавета.

Раптам чорнае неба расшчапілася, успыхнула зломамі агністая шчыліна, i сіні бляск ураз выхапіў з цемры зубчасты край лесу, копы, пракосы, людзей, што ішлі з граблямі.

Праз хвіліну наваліўся змрок, чорны i няжкі. Пасля святла ён здаваўся яшчэ чарнейшым, чым звычайна. На луг упаў i пакаціўся гром. Гэта адразу абудзіла ўсіх, адагнала дрымоту. Людзі пайшлі ўподбег.

— Тут!.. Пачынайце! — скамандавала Алена, калі дайшла да непрыбраных пракосаў.

Алена першая зачапіла граблямі сена з краю пракоса. Xутка i старанна зграбала яна траву, скатвала ў вал. Вал рабіўся ўсе большы i каціць яго станавілася з кожным крокам цяжэй.

Аднак яна старалася не прыпынянь ходу. Адкуль толькі сіла бралася ў гэтай кролай з выгляду жанчыны! Звычайна павольная, ціхая, Алена ў гэтую трывожную хвіліну нібы перамянілася.

Поруч з ёй вядуць свае пракосы Малання i Лізавета. На першай пары ўсе трое ідуць разам, потым Малання пачынае патроху нібы адставаць.

Алена хутка i звыкла варочае граблямі. Ёй няма калі сачыць за тымі, што грабуць разам з ёю, аднак ні на хвіліну яна не губляе адчування, што тыя поруч. Гэта прыдае моцы. Нібы не адна яна коціць свой вал, а коцяць гэты вал разам з ёю i Малання, i Лізавета, i Грышка. Усе яны зліліся з Аленай у адно. Нібы гэта не розныя людзі, a адзін чалавек, дужы, многарукі…

Грабці нялёгка — сена ледзьве віднеецца на цёмнай пакошы. Добра яшчэ, што месца роўнае — ні ямкі, ні купіны.

Затое капіць лягчэй… «Як там, ці ўпраўляюцца складаць копы?»

Праз некаторы час Алена заўважыла, што стала адставаць. Малання выйшла наперад. «Жылаватая», — успомніліся Алене словы людзей, якім даводзілася працаваць са старою.

Тыя казалі, што Малання — нястомная i што мала хто можа зраўняцца з ёю ў працы.

Цяпер Алена ўжо не думала пра тое, каб выперадзіць Маланню, а старалася як-небудзь параўняцца са старою. Яна пачала хутчэй грабці, мацней кідаць граблі, коцячы вал, i неўзабаве дагнала Маланню.

Доўгі час яны зноў ішлі поруч. Алена не здавалася, аднак, яна стала адчуваць, што ёй з кожнай хвілінай усё больш не хапае паветра, што яе рукі дрыжаць ад знямогі.

«Зараз прыцішыць». — думала яна пра старую, але тая не прыпынялася, усё ішла i ішла наперад. I Алена не вытрымала, пачала пакрысе адставаць…

Зноў палыснула бліскавіца. Недзе зусім побач раскаціста бабахнуў гром — нібы штосьці агромністае звалілася на зямлю i з трэскам разляцелася на дробныя чарапкі. Зямля скаланулася.

— Ой, матанькі! — спалохана прысела Малання. — Пранясі ты, акаянны, стараною…

I зноў — цішыня. «Бачыш ты, вусцішнаснь якая! — падумала Алена. — Ці ўправімся?.. Каб толькі не лінуў зараз». Неспадзявана аднекуль з боку лесу вырваўся парывісты вецер, з посвістам i віскам прамчаўся над пракосамі, шпурнуў у Аленін твар абярэмкам сена. Вакол адразу пацямнела. Шыю абліло свежасцю i холадам, быццам вадою.

Алена гукнула Маланню i Лізавету:

— Хутчэй, — яна кінулася ў цемру.

Колькі часу яны працавалі — не ведалі. Можа гадзіну, можа болей, а можа i менш за поугадзіны.

Яны мала не паспелі скончыць. Грабны ўжо былі пры самым лазняку, а тыя, што капілі, складалі ледзь не апошнюю капу, калі зашумеў дождж.

Дождж валіў сцяною, i яго шум было чуваць яшчэ здалёк. З неба адразу секанула вадзяною хваляю.

A ў наступную хвіліну ўсё навокал танула ў шуме…

Алена спярша намерылася была падграбці сена вакол капы, але дождж так сыпануў, што яна, як прыйшлося, ускінула граблі ды наўпрасткі пашыбавала да бліжэйшага дубочка, які прыкмеціла, калі грабла пры ім сена.

Тут толькі, прыціснуўшыся да дубка i аддыхваючыся, слухаючы, як угары порстка лапоча ад дажджу лісце, яна адчула, што адзежа ўся прамокла i прыліпла да цела. Прабіраў холад… A іншыя дзе? Дзе Малання, дзе Лізавета? Мабыць, пабеглі да буданоў; яна ціснулася пад дубком адна.

«Трэба было-б i мне… Усё адно змокла…»

Але выбірацца з-пад дубка, які хоць i ненадзейна, а ўсё-ж хаваў ад дажджу, выбірацца пад ручаі, што, як з латакоў, шчодра ліліся з неба, — не наважылася. З лісця на галаву сыпаліся важкія i халодныя кроплі, цяклі па твары, сплывалі ў рот… Яна выцерла твар мокраю далоняю…

«Усё-ткі ўправіліся», — падумала яна, i ў сярэдзіне, у грудзях, пацяплела.

Яна думала пра тое, што ўдзень, як толькі перастане дождж, скончаць касінь той лапік, які застаўся, што, калі здарыцца добрае надвор’е, дні за два, ўсё прасохне i можна будзе ўсё прыбраць i застагаваць, а людзей накіраваць на поле, на жніво — там яны даўно патрэбны…

А дождж сек i сек па маладому дубку, i ўгары нясціхна лапатала лісце, i ручай за ручаём сплывалі на яе галаву, твар; аднак Алене было светла i легка, ён цяпер ужо не трывожыў так, як раней, гэты нежаданы дождж.

1947 г.

Гарачы жнівень

Aповесць
Перад раніцай прашумела навальніца.

На світанні яна сціхла, дождж сышоў на захад, да Прыпяці, а за ім хутка сплылі i хмары. Над вымытымі вадой палямі засінела чыстае неба i зазіхацела яркае, жнівеньскае сонца. I неба, i сонца, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі, адбіваліся ў незлічоных, буйных кроплях, што былі шчодра рассыпаны на пожні. Здавалася, што гэта не кроплі, a крупінкі сонца, што разам з дажджом асыпаліся на зямлю.

Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Луг ахутала трапяткая цякучая смуга. З гэтага дня гарачыня не спадала ўвесь жнівень. Дні стаялі ўвесь час пагодныя, духменныя; неба сінела высокае, бяздоннае i чыстае — на ім толькі зрэдку ў недасяжнай вышыні зіхацелі белыя, як пух, воблачкі.

Было ў самым разгары жніво; жыта ўжо зжалі, а ячмень i пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакаючы вострых сярпоў. Пад палючымі праменнямі сонца хутка выспявалі загоны аўса.

…Неспадзявана ўзгарэлася спрэчка.

Спрэчка

Канчалася абедзенная сцішанасць. Поле, застыўшае на нейкую гадзіну ў млявым спакоі, пачынала ажываць.

Загаманілі жанкі, аднекуль з дарогі данеслася рассыпчатае сакатанне калёс. Каля недажатага загону ў Аленінай брыгадзе стала люднець. Праўда, шмат каго яшчэ не было. Некалькі жней, што вярнуліся з абеду, чакаючы, пакуль падыйдуць астатнія, сядзелі на прыпеку на пожні, ціха, аднастайна гаманілі. Іншыя драмалі, схаваўшы галовы ад сонца між снапамі ў бабках.

Яшчэ не паспелі сабрацца ўсе, як цётка Малання ўсхапілася, быццам яе мурашка ўкусіла, i глянула на сонца.

— А бо’! — крыкнула яна са здзіўленнем. — Вечарэе ўжо, як час ляціць, скажы ты! Заспаліся.

Алена спалохана паднялася — няўжо-ж праўда, што заспала; ёй здавалася — хвіліны не прайшло, як яна вочы заплюшчыла. Цень, што выпаўз з-пад бабкі, быў асцярожны, нясмелы.

Глянула на неба — i аслепла ад іскрыста-белага распаленага бляску: сонца толькі-толькі бралася на захад.

— Г-гых, як млосна, — прамовіла ўстаючы Лізавета, Маланніна суседка. — Няйнакш у лазні!.. Разамлела я. — Яна лена пацягнулася, выпінаючы грудзі, смачна пазяхнула, павольна завязала белую памятую хустку, што ссунулася з галавы.

— Зірніце на яе, разамлела яна! Млосна ёй! Зараз я табе разамлею!.. Вось як аперажу перавяслам па спіне. А вы што стаіце, як вешкі. Годзе абіваць бокі! — накінулася раптам на ўсіх разгневана Малання. — Абед ужо даўно скончыўся… Варушыцеся!

Строга звёўшы тонкія, з сярдзітым заломам бровы, яна азірнулася. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, беручыся за сярпы. Хоць Малання i выдавала гэты начальніцкі тон за жарт, жанчыны, было прыкметна, заварушыліся жвавей…

— От як трэба з імі, брыгадзір! Вучыся… Бач, я хоць i самазванец, а слухаюць. Ведаюць, што смешкі мае кепскія! Я во-острая! Яшчэ як у салдатках я хадзіла, дай бог памяць, — звалі мяне недарма фельдфебель у андараку.

— Фельдфебелі, цётка Малання, цяпер адменены. Яны былі пры старым рэжыме…

— Як адмянілі? Хто табе сказаў?.. Дык то-ж тых, хто быў у шынялі, а не ў андараку. Зразумела?.. Пагаварыце яшчэ ў мяне!

Малання лёгка сагнула сваё старое хударлявае цела, прывычна захапіла жылаватымі, учэпістымі рукамі жменю спелых шапаткіх сцяблін, падрэзала ix сярпом і, кладучы на пожню, ускрыкнула:

— A бо’! Алена! Колас пачаў асыпацца! Ай-яй! Асыпаецца. Жаць трэ’ хутчэй!..

Алена, якая ўвесь гэты час напружана да нечага прыслухоўвалася, заклапочана перабіла:

— I чаму жняяркі з «Кругоў» не чуваць…

— А хто там, рыбка, на ёй?

— Хто! Вольга Цімахова. Казала, што не забавіцца, — i на табе, да гэтага часу няма! Што там такое з ёю сталася? Даўмецца не магу… Эх, відаць, трэба бегчы на «Кругі». Паглядзець. Мо’ адсюль не чуваць.

— А чаго-ж, ідзі, Аленка… Ідзі, хутчэй пасылай жаць, бо, не дай божа, прападзе ячмень.

Алена шпарка пайшла да «Кругоў», дзе жняярка павінна была жаць ячмень. Поле празвалі «Кругамі» таму, што калісьці на тым месцы былі невялікія азёрцы — кругі. З часам яны высахлі. Цяпер там заставаліся толькі дзве нязначныя нізінкі, у якіх вада блішчэла хіба ў самую раннюю вясну.

Алена ідзе i раз-по-раз сцірае далонню з твару пот. Босыя, паколатыя i падрапаныя пожняю ногі асцярожна ступаюць па гладкай, убітай, як ток, сцежцы. Зямля напалілася i, як гарачы прысак, пячэ ў падэшвы ног.

Вакол з усіх бакоў поле. Справа яно працягваецца далека, аж да самага небасхілу, — толькі зрэдку дзе-ні-дзе выпадкам прымосціцца дзікая ігруша ці бярозка трапяткая, а злева — вось ён, узмежак. Поле тут адразае чорна-зялёная сцяна густога цяністага сасонніку. Лявей сасонніку — вёска: рад саламяных, гонтавых i дашчатых дахаў i стрэх, сады, а за імі, атуленая ніклым купчастым лазняком, павілястая рэчка Тур’я.

Амаль усё вакол афарбавана ў два колеры — залацісты i блакітны — поле, бясхмарнае неба, лазняк, асмужаная далеч. Толькі бліжні лес выбраў інакшы колер — густое, амаль чорнае зяленіва.

Яшчэ не даходзячы да «Кругоў», Алена ўпэўнілася, што жняярка там не працуе. Яна падумала, што з жняяркай здарылася якая-небудзь замінка, бо не магла-ж Вольга без прычыны ў такую гарачую пару запазніцца. Хто-небудзь іншы мог заседзецца на калгасным дварэ, гамонячы з суседам, ці дзе забавіцца, але не Вольга. Вольга не магла затрымацца, яна — акуратная, старанная жанчына. Што-ж тады здарылася?

Алену апанаваў непакой. Яна недаўменна паглядзела на дарогу, што ішла з калгаса між яшчэ нязжатых спелых жытоў, — там таксама жняяркі не было відаць.

Раптам ззаду, на сцежцы, пачуўся порсткі тупат каня, — Алена борзда збочыла ў ячмень, каб дадь конніку дарогу. Але коннік, пад’ехаўшы, рэзка спыніўся. Гэта якраз i была Вольга. Бялявыя, заўсёды акуратна прычэсаныя, з праборам валасы яе выбіваліся з-пад хусткі, падалі пераблытанымі пасмамі на вузкі лоб. Рукі стрымлівалі тугімі вераўчанымі лейцамі распаленага бегам каня, які часта i прагна дыхаў.

— Трэцяя брыгада нашу жняярку забрала! — з роспаччу крыкнула Вольга.

— Нашу жняярку?! Хто табе гэта сказаў?

— Я сама бачыла!.. Гавораць, яна ім трэба — ячмень асыплецца.

— А як-жа наш, хіба не асыплецца?

— I я-ж тое, Алена, казала…

— Хто загадаў так?

— Хто? Ведама хто — брыгадзірша! Насця!

Алена не знайшлася адразу, што сказаць, ад абурэння. «Ячмень у яе, бач ты, асыплецца. А у мяне — дык не! У мяне няхай прападае!»

— Не выйдзе-ж па-твойму!.. Дай каня! Дзе, скажы, жняярка?

Вольга паслухмяна саскочыла на зямлю, падала Алене павады.

— Каля кузні…

Жняярка дасюль не магла ніяк скрануцца ад кузні, з таго месца, дзе яе запынілі вязальшчыцы з Вольчынага звяна. Яны разам з Вольгай ішлі на калгасны двор, каб адтуль пры жняярцы пайсці на поле. Убачыўшы жняярку каля кузні, жанкі адразу спынілі яе. Жняяр, вяртлявы, як уюн, бойкі падлетак з кірпатым аблупленым носам, разы тры намагаўся вылузацца з «акружэння», заліхвацкі пасвістваў на коней, лейцамі ix сцябаў, але вязальшчыцы не выпускалі.

Хутка да жняяркі прыбегла Насця. Яна адразу накінулася на Петруся:

— Я табе што казала? Чаму ты тут валаводзішся?.. А вы? Гэта вашая справа? — чорныя Насціны вочы нацэліліся на вязалынчыц. — Без вас — калі трэба будзе— разбяруцца. Чым ацірацца тут, лепш рабіць ідзіце.

— Не мела ты такога права нашу жняярку… — пачала была адна вязальшчыца, але Насця i слухаць не стала.

Як толькі Пятрусь убачыў поруч з сабою Насцю, ён падняў галаву вышэй i, не зважаючы на едкія рэплікі i насмешкі, тузануў лейцы. Коні крануліся.

Так-бы i звезла Насця жняярку, каб на той час якраз не паспела Алена. Яна, як дагнала шумлівую працэсію, яшчэ не спыніўшы каня, зляцела з яго i кінулася да хлапчука. Неяк так здарылася, што Насці яна ў першую хвіліну не заўважыла. Адчуўшы надмогу, калгасніцы з брыгалы Алены сунялі жняярку.

— Ты куды? — хапілася Алена за лейцы i тузанула ix з рукі Петруся. Той не выпусціў ix.

— Куды трэба, туды i еду…

Алена загарэлася. Невялікі твар яе, усыпаны каля малых, шэра-сініх вачэй i на тонкім носе дробнымі крапінкамі вяснушак, густа пачырванеў.

— Гэта наша жняярка, разумееш? Нашай брыгады! Ты павязеш яе зараз-жа назад да двара, — з натугай стрымліваючы ўзрушанае дыханне, строга загадала яна.

— Нікуды я не паеду.

Упартасць Петруся прывяла Алену ў замяшанне. Яна азірнулася i тут нечакана ўбачыла Насцю — у прыгожых чорных Насціных вачах трапятала ўсмешка, задзірыстая, самаўпэўненая. Алена не адразу знайшла, што сказаць…

— Чаму ты бярэш жняярку? Цяпер-жа мая чарга… — прагаварыла Алена пакрыўджана.

Двое

Тым часам Ігнат Баршчэўскі, Маланнін чалавек, пасвіў на поплаве каля рэчкі Тур’і коней. Сонца загнала Ігната ў цень ад чэзлай алешынкі, што стаяла на ўскрайку поплава.

Усё ў наваколлі нібы замерла ад спякоты. Ігнат час-ад-часу пазіраў на сонца, спадзеючыся, што яно пасунулася на захад, але кожны раз расчароўваўся. Разамлелае сонца як быццам застыла ў нерухомай вышыні.

Коні лена церабілі траву або драмалі, адмахваючыся ад назол-сляпнёў. Адзін худы, кашлаты конік бесперастанку цягаўся па поплаве — то кусане каго-небудзь, то гарэзліва выбрыкне, i ўсё, нягоднік, як-бы знарок наравіць адысці ад гурта, да балота.

— Косці-ік! Адгані-і ты яго ад «Льва-а»! — ляціць праз увесь поплаў да Тур’і сіплы Ігнатаў голас. Следам за гэтым Ігнат кашляе, ціха сам сабе бурчыць: — Паесці спакойна не дасць, баламут…

Каб давялося адганяць коніка самому, папамерыў-бы Ігнат поплаў. Але на шчасце прыліп да яго добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Хлопчык больш за ўсё на свеце любіць коней. Ён згодзен хоць усё лета бясплатна бегаць з вузлаватай пугай за коньмі, абы толькі дапускалі да ix.

— Бач ты, падла, утрапення на цябе, нячыстая сіла, няма… — з абурэннем сіпіць Ігнат, пазіраючы на рудога коніка, які, адбегшы ад «Льва», мімаходам скубнуў за шыю маладую крутабокую кабылу. Коніка жартам празвалі «Трахім Уласазіч», у памяць селяніна-нябожчыка, які, гаварылі старыя людзі, быў характарам вельмі падобны да гэтага коніка: любіў заўсёды лезці туды, куды не трэба было.

«Трахім Уласавіч» з Аленінай брыгады. Алена вылучыла яго для работы пры жняярцы, бо гэта адзін з мацнейшых у брыгадзе коней.

Затое Ігнату вельмі да спадобы «Леў». Рахманы, ляны «Леў» цэлымі днямі дрэмле, — зрэдку неахвотна скубне траўку-другую ды зноў спіць. «Львом» назвалі яго, відаць, у насмешку, бо ў гэтага «Льва» толькі i было львінага, што доўгая калматая грыва.

Ігнат у гэты дзень вельмі мала дбаў пра коней. Коні толькі заміналі яму. Ігнату карцела іншае, — ён кідаў нецярплівыя позіркі на вёску…

— Косці-ік! — не стрываў, нарэшце, Ігнат. — Хадзі сюды-ы…

Кастусёк, трымаючы рукамі закасаныя зрэбныя штаны, борзда падбег.

— Ты тут панаглядай за коньмі. Ты не бойся, я хутка вярнуся — праз гадзіну якую ці можа дзве. Пайду… працадні праверу. Там, бач, мне штось мала запісалі, дык я хачу сам паглядзець… Можа, памылка якая ў канцыляршчыкаў выйшла…

— Добра, дзядзечка, я буду глядзець.

— Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі!

— Добра, дзядзечка, я не пушчу ix нікуды, — хутчэй адказаў хлопчык, баючыся, што Ігнат раптам перадумае i астанецца.

— А як прыйдзе хто, то ты скажы — пайшоў працадні праверыць… Тпр-ру, шэльма! Куд-ды ты?! — крыкнуў конюх на «Трахіма Уласавіча», які адыходзіў ад гурта да балота.

Кастусёк пабег напярэймы, a Ігнат з палёгкаю ўзняўся i хутка пашыбаваў у зараснікі алешніка. Калі Кастусёк завярнуў каня i прыйшоў назад да алешыны, Ігната ўжо не было відаць. Ён ішоў па чорнай тарфяной сцежцы, прадзіраючыся праз густыя зараснікі алешніку i пякучай балотнай крапівы, наўпрасткі да крайніх хат сяла. Кастусь паваліўся на Пастухову світку i таксама, як Ігнат, разморана выцягся. Ах, як добра быць дарослым конюхам!

— Тпр-ру, падла! Куд-ды ты?! — крыкнуў ён з месца, як Ігнат. От каб хлопцы-равеснікі бачылі, як ён тут адзін упраўляецца з коньмі, як ляжыць на пастуховай світцы!

Кастусь, аднак, ляжаў нядоўга. «Трахім Уласавіч», нібы сумысля, каб больш дадзець хлапчуку, усхадзіўся, як ашалелы. Ледзь толькі Кастусёк на хвілінку адыйдзе ад коней пад алешыну, каб паляжаць на дзядзькавай світцы, як гэты свавольнік наўпрасткі шыбуе да балота. I Кастусю, хоць яму так не хочацца ўставаць, трэба бегчы напярэймы.

Бегаў, ганяўся за конікам Кастусь, урэшце, змогся, стомлена паваліўся на світку i сам не заўважыў, як заснуў…

Разбудзілі яго вокрыкі. Кастусь соладка чмокнуў вуснамі, павярнуўся на другі бок, каб зноў заснуць, — яму вельмі не хацелася прачынацца, але ад яго чамусьці не адставалі.

— Ну-ну, хопіць спаць! Ды ўстань-жа ты, нарэшце, — ужо са злосцю сказаў неадчэпны голас.

Кастусь неахвотна расплюшчыў вочы.

Перад ім стаялі брыгадзір трэцяй брыгады Абуховіч Насця i яшчэ адна жанчына, незнаемая, — невысокага росту, хударлявая, са жвавымі чорнымі вачыма. Жанчына трымала ў левай руцэ аброць з вузлаватым пяньковым повадам.

— А дзе Ігнат? — запыталася пагрозліва Абуховіч Насця.

— Працадні пайшоў праверыць…

— Працадні пайшоў лічыць, — перакрывіла Насця. — A коні хай самі пасвяцца!

Кастусь яшчэ санліва паглядзеў на пашу, потым зірнуў на балота i сумеўся. Усхапіўся i ў другі раз, не верачы, паглядзеў… «Трахім Уласавіч» сядзеў у гразі, толькі спіна ды галава вытыркаліся з твані. Увапёрся-такі ў балота, паганец! Але ўслед за гэтым Кастусю давялося яшчэ больш здзівіцца, бо ён убачыў, што побач з «Трахімам Уласавічам» з твані тырчыць калматая галава рахманага «Льва».

— Ну, от, угруз «Леў»! От i запражы яго, вазіць ячмень! Бяры яго! — з хваляваннем прамовіла хударлявая чорнавокая жанчына. Яна паглядзела на Насцю, нібы чакала ад яе адказу.

Кастусь моўчкі апусціў галаву. Ён так разгубіўся ад гэтага неспадзяванага здарэння, што, каб можна было, згадзіўся-б лепш скрозь зямлю праваліцца. Дзядзька Ігнат паверыў яму, як сталаму чалавеку, а ён вось не стрымаў слова. Як пасля гэтага дзядзька Ігнат будзе на яго паглядаць! I што хлопцы скажуць, як даведаюцца пра ўсё!

— Чаго-ж тут — трэба клікаць людзей ды выцягваць!

А ты назірай тут. Глядзі-ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга наказала Насця.

Ігнат сядзеў за сталом у Гардзея Шкробата i смачна хлюпаў пахучым гурочным расолам, налітым у шурпатую гліняную місу. На стале стаяла літровая пляшка — самагонкі заставалася ў ёй пры самым дне. Ігнат i Гардзей сядзелі ўдвух. Старая Гардзеіха, сухая, як трэска, з бяльмом, корпалася на агародзе. Калі Ігнат увайшоў на двор, яна, пачуўшы скрып веснічак, выпрасталася, буркнула нешта няласкавае сабе пад нос i зноў пачала корпацца. Нават не адказала на прывітанне.

Шкробаты жылі адны. У сяле добра помнілі: быў у ix некалі сын, Радзівон, упарты, заўзяты: як наможацца на што, горла другому зубамі перагрызе, а не саступіць. Характарам пайшоў у старую Гардзеіху. Пры немцах зрабіўся начальнікам паліцыі, некалькі разоў вадзіў на партызан карныя экспедыцыі, меў нават ад немцаў жалезны крыж. Але партызаны злавілі яго i павесілі.

— Ты пі, — упяўшы на Ігната не п’янеючыя ад віна вочы, прасіў Гардзей. — Пі! Яна, братка, зелле. О! Душу лечыць. Як крыўда шкрабане мяне — я п’ю! Любую балячку гоіць…

Не толькі сына страціў Гардзей. Шмат чаго страціў ён, акрамя сына. Яшчэ калі Радзівон быў падлеткам, адабралі ў Гардзея багатую гаспадарку: свірны, хату, малатарню, вятрак, а яго самога саслалі ў далёкі Котлас.

У Гардзея — буйны не па росту твар, упарты падбародак, заросшы рыжай з сівізной шчацінаю. Адно вока раз-по-раз таргаецца нервова, i здаецца часам, што Гардзей некаму падміргвае. Ігнат ведаў, што ў немцаў Гардзей, які цяпер ужо некалькі месяцаў робіць у рамонтнай брыгадзе на дарозе, быў у вялікай пашане. Пабудаваў дом на чатыры пакоі, купіў дзве пародзістых каровы. Але-ж ва ўсім гэтым вінаваты не Гардзей, а сын яго, бо стары Шкробат да людзей i тады не вельмі чапіўся. Людзі кажуць, што маўчаў ён таму, што асцерагаўся партызан, але хто тое можа ведаць — ці баяўся ён, ці проста не хацеў служыць ворагам.

— Мы цяпер аднолькавыя, — у Гардзея нервова торгаецца вока, нібы падміргвае, — мы з табой у падазрэнні.

Я i ты… Чаго яны чэпяцца да чалавека: п’е — няхай п’е, каму баліць з таго? Абы справу рабіў.

Ігнат стараецца вызначыць, хто гэта «яны», тыя крыўдзіцелі. Думкі ў яго сталі цяжкія, непаслухмяныя, коўзкія.

— От i да мяне чэпяцца… Не так там, на дарозе, як тут… Яны. Ведама, сын, канечна, сваё крэўнае… Шкада, ведама. Але, сказаць, — бацька за сына не адказ.

Ігнат больш не слухае, думае ўпарта сваю непаслухмяную думку: яны… яны — гэта Марцін, Алена, Вольга… Малання — таксама выслужваецца, стаханаўка!

— А мне-е н-напляваць на ix!.. А я буду весяліцца, піць…

На душы Ігната легка i бесклапотна. Гардзей прыносіць новую пляшку i да краю налівае Ігнатаву шклянку.

— Пі! Весяліся, братка. Няхай яны грабуцца, а мы будзем — піць… Піць!.. Эх, шкада, Варывончыка засудзілі… Хлопец быў душэўны. Сапраўдны старшыня… Шкада, братка. Распадаюцца, разлятаюцца добрыя людзі!..

Гардзей сціснуў далонямі галаву, заплюшчыў вочы.

— А мне — напляваць на ix, — паўтарае Ігнат не слухаючы.

— Ён, братка, поўлітра першака адразу выпіваў. Толк ведаў чалавек у гарэлцы, не тое, што цяперашні… Бывала, прыйдзе з кладаўшчыком: «Гардзей, сляза божая ёсць?» Першак, значыцца. «Для каго няма, кажу, а для вас заўсёды, таварыш старшыня, знойдзем». А ён: «Люблю, кажа, разумных людзей», падае руку. О!..

Няма старшыні Варывончыка. Пасадзілі за п’янства, за растрату. Яны пасадзілі, яны — што хочуць, тое i робяць, у іхніх руках сіла.

«Але i я не без галавы. Што-небудзь i я кумекаю. Не лыкам шыты… Гне ix, гне!..» — думае гаспадар, халоднымі вачыма пазіраючы на Ігната i ўспамінае сына: «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся…» Да сэрца падступае балючая жаласць i злосць.

Гардзей не ўмее забываць крыўду. Ён толькі ўмее цярпліва чакаць, чакаць, што нешта зменіцца. Усе гады, калі ён жыу у ссылцы, i пасля, калі вярнуўся ў Каранеўку, ён употай чакаў гэтай добрай пары. I яна была прыйшла, але ненадоўга. I ўсё-ткі нават пасля адступлення гітлераўцаў, калі ён другі раз згубіў усё, нават пасля гэтага ўдару жыве Гардзей. Праўда, згорблены, як ніколі, яшчэ пацішэлы, але ўсё-такі жыве i чакае…

Гардзей прыдушыў жаласць да сябе: «Перагрызецеся. Паясце адзін аднаго… Парадуеце яшчэ, людцы, мяне. Парадуеде… Быць не можа!»

— Алена i Насця паскубліся з-за жняяркі сягоння…

Гардзей смяецца, шчэрыць дробныя востранькія зубы.

«Можа, сказаць, што трэба памагаць скубціся?» Не, Гардзей такое не бразне марна, падумае.

— Не на добрае гэта. Кумекай! — асцярожна выціснуў Гардзей, з затоенай увагай працяў Ігната. Разумее ці не? Гардзей ніколі не траціў асцярожнасці i развагі — колькі-б ні піў. Нават калі, бывала, пад стол звальваўся, не траціў галавы.

— Мы цяпер адзінакія, — дадаў для бяспекі ён… I падумаў:

«Хто цябе ведае, што ты за чалавек. Цяпер то ты добры! A заўтра, можа, яшчэ ў сельсовет пойдзеш з даносам, што падбіваў. Скажаш, што спаіў знарок. Паспадзявайся толькі на цябе — з-за глупства клопату не абярэшся…»

Калі Ігнат выйшаў з хаты, было блізка да вечара. Ён некалькі хвілін пастаяў, трымаючыся за слуп веснічак, баючыся адарваць рукі, потым з натугай выпрастаўся i няроўнымі крокамі паклыпаў у кірунку поплава. Ледзь толькі конюх працерабіўся праз гушчар алешніку на поплаў, як убачыў каля балота людскі натоўп. Ігнат спыніўся і, хаваючыся ў алешніку, стаў глядзець, што там робіцца. Сцебанула здагадка, што здарылася нейкае няшчасце, бо звычайна ў гэты час людзей на поплаве не было.

Ён паправіў шапку i, намагаючыся ісці раўней, з насцярожанасцю падаўся да натоўпу. Людзі таксама заўважылі конюха i хмура паглядалі на яго. Кастусь вінавата апусціў галаву. Паводдаль ад людзей тупалі мокрыя, залепленыя граззю «Трахім Уласавіч» i «Леў». «Трахім Уласавіч» весела трос галавою, ад якой ляцелі брудныя пырскі…

Ігнат зразумеў усё.

— Ну-ну, падлічыў працадні? — накінулася Насця, калі Ігнат падышоў бліжэй. Яна з пагардай усміхнулася краямі тонкіх насмешлівых губ. Ігната гэтая ўсмешка апаліла, нібы варам.

— Чаго вышчарылася? — адразу ўскіпеў ён. — Падлічыў.

Нехта кпліва хіхікнуў:

— Ен, пакуль працадні лічыў, замарыўся. Гляньце, ледзьве на нагах трымаецца.

— Падлічыў? Ну дык скінуць цяпер частку. Праўленне за сёння адлічыць табе! Глядзі, што ты натварыў? — Насця кіўнула галавой на коней, толькі што выцягнутых з балота.

Ігнату хацелася кінуць у адказ што-небудзь абразлівае, але ён не адважыўся.

— Марцін табе не даруе гэтага. Я ўсё скажу. — Па голасу, якім гаварыла Насця, Ігнат зразумеў: «Мабыць, скінуць з конюха». Але, падумаўшы пра тое, што яго здымуць з працы, Ігнат не пашкадаваў. «Ну i хай, — i са злосцю вылаяўся сам сабе: — Напляв-ваць!.. Яшчэ крычыць на мяне. Я табе пакрычу!..»

Нягледзячы ні на кога, пацягся да коней. У натоўпе нехта сказаў услед: «Усыплюць гароху нашаму Атроху!»

Крыўда

Назаўтра пасля работы Алена забегла на хвіліну ў хату, памылася, хутка павячэрала i пайшла ў канцылярыю. Яе i Насцю выклікаў старшыня.

Марцін выпадкова трапіў на спрэчку: ён акурат ішоў у кузню праверыць, як каваль ладзіць плугі на асенняе ворыва. Падышоўшы да жняяркі, Марцін зразумеў усё без роспытаў. Аднак пры з’яўленні старшыні калгасніцы з абодвух брыгад паднялі такі гоман, даводзячы кожная сваю праўду, што яму прыйшлося некаторы час стаяць моўчкі i толькі слухаць.

— Усё? — запытаўся Марцін, як толькі зрабілася ціха. Жанкі маўчалі, пазіраючы на яго. — Усё, ці можа яшчэ будзеце? Не будзеце? Ну, любіце вы, казакі мае, пагаварыць. Пракрычалі вушы, а без толку. Пра ўсё гэта было рашэнне праўлення, — i ніякіх спрэчак не трэба… Няма чаго крычаць!

Ён гаварыў спакойна, крыху марудна, але цвёрда, i ад яго спакойнасці на распаленыя спрэчкай сэрцы жанчын нібы дыхнула свежым, цвярозячым ветрам. Яны чакалі слоў старшыні з нецярплівасцю i непакоем. Марцін паглядзеў на ўсіх, паўтарыў:

— Так, казакі мае, няма чаго крычаць!.. Жняярку — Аленінай брыгадзе i ніякіх спрэчак. I зараз-жа каб усе былі на полі — нечага марнаваць час!.. А Насця i Алена — заўтра вечарам у канцылярыю.

Ён павярнуўся i, злёгку абапіраючыся на гнуткі арэхавы кіёк, пакульгаў да кузні. У яго словах i рухах хавалася такая ўпэўненасць, што калі ён адышоў, ніхто ўжо не стаў спрачацца, людзі пачалі хутка разыходзіцца працаваць. Вязальшчыцы з Вольчынага звяна, задаволеныя i вясёлыя, пайшлі за жняяркай.

Алена ішла да Марціна з неспакойным сэрцам. «I чаму гэта ўсё налучылася, — такое прыкрае здарэнне… Усё добра ішло, гладка, i раптам — на табе… Цяпер хоць вочы ў каго пазычай — сорамна да Марціна ісці». З прыроды ўражлівая i простадушная, яна вельмі хвалявалася, уяўляючы размову, што хутка мелася быць з Марцінам.

На вуліцы Каранеўкі, як звычайна летнім адвячоркам, было людна i тлумна. У жнівеньскі дзень ад ранку вуліца ціха дрэмле. Рэдка-рэдка пачуеш тут голас чалавека. Затое поле поўніцца жыццём — спорна i дробна стракоча жняярка, важка, працавіта рыпяць на дарогах, няўклюдна пагойдваючыся, нагружаныя снапамі вялізныя, старанна ўціснутыя вазы, прывольна i шырока плыве жніўная песня. У поўдзень, калі ўсё ў полі млее ад няшчаднага палу сонца, сяло ажывае, каб праз гадзіну-паўтары зноў замерці ў дрымотным чаканні да самага вячэрняга прыцемку. Увечары, калі над Тур’ёю спакваля апускаецца белы, як дым над вогнішчам бульбяніка, туман, на вуліцу зноў уваходзіць неспакойнае чалавечае жыццё.

З поля вярталіся загарэлыя, запыленыя людзі. Старэйшыя, натомленыя дзённай працаю, ступалі паважна i спакойна, будзённа гаманілі пра свае гаспадарчыя турботы, пра калгасныя навіны, пра ўраджай — шмат што цікавіць старога калгасніка.

Дзяўчаты i падлеткі ішлі асобна. У ix гуртках чуліся звонкія рознагалосыя воклічы, гарэзныя жарты, выбухі смеху.

Каля хат, чакаючы бацькоў, стаялі дзеці. То адно, то другое дзіця, пабачыўшы яшчэ наводдалек бацьку або маці, з радасным воклічам, хутка мільгаючы нагамі, кідалася насустрач i разам з дарослымі паважна вярталася дахаты.

Калі Алена падышла да канцылярыі, то ўбачыла, што там ужо запалілі святло. У пакоі ішла ціхая гаворка. Акно было знізу завешана газетай, i хто гаварыў там, не было відаць.

На дварэ працяжна рыкала карова, чуўся клапатлівы гаспадынін голас: «Стой, стой, не варушыся, лысая… стой, кажу…» Канцылярыя мясцілася ў хаце калгасніцы, ранейшы будынак спалілі гітлераўцы.

Марцін быў удваіх з дачкою. Шасцігадовая Галька сядзела каля бацькі, задумлівага чалавека з крутым ілбом i залысінамі, што быў апрануты, як звычайна, у выцвілую ад сонца вайсковую гімнасцёрку з ордэнам Айчыннай вайны. Яна разам з бацькам схіляла сваю бялявую, падстрыжаную галоўку над паперкай, якую ён чытаў.

— Добры дзень, старшыня!..

— У каго яшчэ дзень, a ў мяне вечар. Бачыш, лямпу запаліў.

— Добры вечар, цёця Алена! — Галя жвава саскочыла з лаўкі, падбегла да Алены i радасна зашчабятала. — А мы з таткам на полі былі! Ячмень глядзелі… Валошак нарвалі!

— Ну! Валошак?

— Ага, валошак! Мно-ога! — Галя падбегла да лаўкі i прынесла жмут ярка-сініх пахучых васількоў, працягнула Алене. — Во, колькі!

— Многа, праўда. Малайчына!..

Галя, радасная, вясёлая, вярнулася да бацькі i, падціснуўшы пад сябе ногі, села каля яго.

— Газу толькі дарма псуеш, — каб схаваць няёмкасць перад Марцінам, папракнула Алена. — На вуліцы такая відната, людзі з работы яшчэ не прыйшлі, а ты ўжо святло запаліў.

— Вачэй сваіх дарагіх шкадую! Папсуеш — не купіш потым, — адказаў жартам Марцін. — Галінка, ведаеш аб чым я цябе папрашу, бяжы да цёткі Насці, скажы, каб яна ішла хутчэй, добра? А потым ідзі дахаты…

— А ты хутка прыйдзеш? — запытала Галька.

— Хутка, Галька, хутка…

— Глядзі-ж прыходзь, а то я буду нудзіцца без цябе…

Галя з вайны асталася сіратою — маці яе не вярнулася ў сяло з партызанскага атрада. Бацька прыйшоў адзін. Ён убачыў на сваім селішчы толькі груды абгарэлага, задымленага камення ды тлеючыя галавешкі, ад якіх ледзь цягнуўся сіні едкі дым. З той пары ён стаў жыць у хаце замужняй сястры, але звычайна прыходзіў туды толькі начаваць, бо амаль заўсёды быў заняты рознымі калгаснымі клопатамі.

Сястра глядзіць па яго просьбе за Галькай. Яна вельмі любіць дзяўчынку, але тая ўсё-такі нярэдка сумуе, «нудзіцца», як яна кажа, калі бацька, здараецца, за ўвесь дзень не знойдзе часу праведаць яе…

— Якая-ж яна падобная да Ганны, — з цеплынёй i замілаваннем сказала Алена, калі Галя выбегла.

— Так, падобная… Падобная, — задумліва прагаварыў Марцін. — Зірну часам, Алена, вось так згадаю, — сэрца аж зойдзецца… Эх, Гануля, Гануля!

Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы з рэзкімі валявымі рысамі твар, дужымі пальцамі сціснуў сівеючыя скроні. Не варухнуўшыся, хвіліны дзве сядзеў маўкліва. Алене хацелася падысці да яго, адарваць руку ад твару i сказаць што-небудзь добрае, пяшчотнае, каб сціхнуў смутак.

Яго жонка Ганна загінула ў баі каля Лапатаўскага шляху, калі прарывалі варожую блакаду. Было гэта ў маі, перад самым вызваленнем. На вачах Марціна скасіла яе блізкая чарга нямецкага аўтаматчыка. Партызаны тады беглі на фашыстаў, прабіваючы шлях сабе на волю, прарываючы апошні ланцуг акружэння. Раптам Ганна ўзмахнула рукамі, ступіла, спатыкаючыся, крок-другі i ўпала, — калі Марцін падбег да яе, нахіліўся — яна была мёртвая…

Ён з сябрамі вынес яе цела з акружэння. Ноччу, калі наступіла цішыня, на бярозавым узлессі каля Тур’і пахаваў… Да смерці, відаць, не забудзецца той майскі дзень i тая ноч 1944 года.

— Не ўспамінай, Марцін. У мяне тое-ж самае: нашто трывожыць…

— А зарастае яно марудна, марудна, — нібы не чуючы Аленіных слоў, гаворыць Марцін.

На ганку нехта затупаў. Марцін адразу адняў руку i з намаганнем сагнаў з твару засмучонасць. Увайшла Насця. Насцярожана зірнула вострымі чорнымі вачыма на абодвух, голасна прывіталася i села на лаўку.

— У вас тут гамонка, здаецца, вельмі душэўная была. Прабачце, калі перашкодзіла. Я-ж не ведала… Можа, мне пакуль выйсці, пачакаць?

— Сядай, ты чаму-ж гэта познішся?

Задушэўны настрой, што прыйшоў да Алены ў размове з Марцінам, знік. Яна цяпер адчувала i непрыязнасць да Насці, i сорам перад Марцінам. Насця Абуховіч, менш чулая ад прыроды, не вельмі перажывала тое, што здарылася, хоць i ведала, што яна вінаватая. Думкі Насці былі накіраваны да таго, каб зменшыць сваю віну i як-небудзь апраўдаць свой учынак.

— Што-ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце?

Алена мімаволі збянтэжылася i паружавела. Марцін светлымі суровымі вачыма паглядзеў на ix, потым пачаў корпацца ў шуфлядцы стала.

— От, — ён выняў невялічкі кулёк паперы, разгарнуў яго з асцярогай i паказаў брыгадзірам. На паперцы ляжалі спелыя востраносыя зярняты. — Што гэта? Як вы думаеце?

— Ячмень, — простадушна адказала Алена.

Насця кпліва ўсміхнулася краямі тонкіх насмешлівых губ:

— Няўжо ячмень? А я i не ведала!

— Ячмень, правільна… Пятнаццаць каласоў! Я знарок падлічыў… Мы не ўпраўляемся жаць. Нам трэба скарыстаць кожную хвіліну, пакуль стаяць сухія дні… Вы — мае лейтэнанты, на вас i Коржыка першая мая надзея. Ён са сваёй брыгадай упраўляецца… A y вас што — учора ў адзін дзень адразу два факты! Ігнат самавольна пакінуў работу. Два кані ўгрузлі… Прыйшоў жняяр узяць каня, за-прэгчы ў жняярку, а конюха i блізка не відаць, недзе ў вёсцы… I вы ўзнялі сварку… брыгадзіры!

— Не раўняй мяне з Ігнатам, — перапыніла яго Насця.

— Я i не раўняю. У вас розныя ўчынкі, але атрымліваецца так, што Ігнат i вы аднолькава сарвалі работу. Сем чалавек прыйшлося зняць з работы, каб выцягнуць коней… А вы на гадзіну затрымалі жняярку без працы. А яна ў нас адна… i людзі марнаваліся праз гэта…

Жанчыны маўчалі. На пераносіцы між брывей у Марціна напух працяты маршчынай бугорчык.

— Я Ігната сёння зняў з работы i перадаю на праўленне. У яго гэта не ўпершыню, такое нядбайства, i з ім у нас будзе асобая, суровая размова. А вас на першы раз перасцерагаю. Добра падумайце пра гэта… — Марцін жорстка зірнуў ва ўпартыя вочы Насці. — Асабліва цябе папярэджваю — ты ўсё гэта пачала… Па чарзе, якую ўстанавіла праўленне, жняярка павінна была быць у Алены…

Насця прыкінулася пакрыўджанай.

— Чаму толькі ў Алены? Жняярка-ж агульная. Чым Аленіна брыгада лепшая за маю?

— Ты перад кім прыкідваешся? Я хто табе, старшыня ці які выпадковы госць? На пшаніцы жняярка была ў цябе?

— Хіба яна пасаромеецца? То такая хітрая, прывыкла ўсё вяршкі збіраць, — не ўгрывала Алена.

— Гэта хто прывык вяршкі збіраць? Я прывыкла?.. Ды калі-б у мяне коні былі такія, як у цябе, я i гаварыць-бы не стала нічога.

— Коні ў нас аднолькавыя, не выдумляй. Затое ў цябе людзей больш. Табе-ж i жаць асталося мала, а я i не ведаю, калі скончу…

Спрэчка зноў ажывала…

— Эх, якія вы ў мяне ахвочыя да дыскусій!.. Ці не можна i мне сказаць?.. Прычыны шукаеце? Шукайце, шукайце — не адну знойдзеце. Так, у нас мала коней — у тры разы менш, чым да вайны! I машын таксама мала. Яшчэ менш, чым коней. А самае галоўнае — людзей не хапае… Усё гэта, вядома, часовыя прычыны: людзі хутка вернуцца з арміі… Праз год-два машын у нас будзе столькі, што ўсё станем рабіць машынамі… Але цяпер пакуль мы гэтага не маем… От, колькі прычын!

Марцін выцягнуў з кішэні вышыты капшук, скруціў цыгарку. Шырокія, спрацованыя, у цвёрдых намулінах далоні цяжка ляглі на стол.

— I ўсё-ткі хоць многа прычын нам замінае, мы павінны зрабіць усё. Няхай сабе мала людзей, мала машын, мала коней, а мы сажнем i змалоцім! Пабачыце… людзі выручаць. За дваіх, за траіх будзем рабіць, а зробім… Вы толькі, прашу, памагайце мне.

Ад гэтай упэўненасці ён здаваўся Алене нібы дужэйшым i вышэйшым, чым звычайна. Такое самае пачуццё было раней, калі Марцін, маўклівы, вёў ix на прарыў варожай блакады каля Лапатаўскага шляху. Тады ішлі зараснікамі лазняку, i хоць не ведалі, што ix там наперадзе чакае, жыццё ці смерць, усе слухаліся яго. У той дзень Алена яшчэ раз адчула, што ён мацнейшы за яе, i стала яго асабліва паважаць.

Марцін узняўся з-за стала, па-вайсковаму статны, i, накульгваючы, падышоў да ix.

— Ну, от! Пачубіліся — хопіць!.. Хто на старым спатыкнецца зноў — не пашкадую ні вока, ні бока. Ну, але — хопіць… Заўтра да вас прыйдзе дапамога. Я сказаў, каб усіх, каго можна зняць са сталай работы, паслалі на поле. Усяго здымаем шаснаццаць чалавек. Цэлае аддзяленне! Мне здаецца, што ix лепш за ўсё паслаць на сціртаванне. Што вы скажаце пра гэта?

— Правільна, трэба сціртаваць! — Алена кіўнула галавою. — Сціртаванне ў нас зусім спынілася…

Насця таксама не пярэчыла:

— Хай будзе па-твойму, Марцін…

— Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем i жнівом. Трэба i тое i другое разам.

У гэтую хвіліну дзверы расчыніліся, i ў пакой увайшла хударлявая чорнавокая жанчына.

— Насця тут? — запыталася яна ўзрушаным голасам, ледзь толькі адчыніла дзверы, i ўсе здагадаліся, што здарылася нейкае няшчасце. — Ага, ты тут.

Насця ўстрывожылася, усхапілася з лаўкі:

— Што?!

— Ячмень наш патравіў нехта.

— Які ячмень? Дзе?

— На «Далёкім полі». Жанкі вось толькі адтуль прыйшлі, гавораць — коньмі… сляды там капытоў конскіх…

— На «Далёкім полі»? На рэкордным участку?! — перапытала Насця, быццам не верачы.

— На рэкордным, Насця… Кажуць, сотак, можа, пяць. Коласу там нацярушана — страх…

— Хто гэта мог зрабіць? — перабіў недаўменна i здзіўлена Марцін.

— Невядома… Але, відаць, хтосьці са сваіх… знаў, дзе дапячы!..

Надышло трывожнае маўчанне.

— Я ведаю, з чыёй гэта брыгады, — ціха сказала Насця.

— З чыёй? — у адзін голас запыталіся Марцін i Алена.

— Ведаю, — спыніўшы на хвіліну нерухомы, калючы позірк на Аленіным твары, паўтарыла ціха Насця. — Ведаю.

Вусны Алены задрыжэлі. Яна ледзь выціснула:

— З чыёй?

— Чаго ты яшчэ прыкідваешся?..

Алена разгубілася i бездапаможна паглядзела на Марціна, як дзіця, якое просіць спачування i падтрымкі. Яна так усхвалявалася, што сапраўды можна было падумаць, што той учынак не абышоўся без яе.

— З тваёй!.. Гэта за ўчарашняе мне падзяка… і, мусіць, без тваёй парады тут не абышлося… — Насця раптам парыўна кінулася да дзвярэй. — Я зараз жанок распытаюся!

— Што ты сказала, адумайся!.. — прагаварыла ўслед Алена.

Пасля таго, як Насця выйшла, у пакоі настала нядобрая цішыня. Алена, як i раней, стаяла разгубленая i спалоханая, — пухкія, быццам у дзяцей, вусны бездапаможна ўздрыгвалі… Марцін падышоў да яе, ціха, пазіраючы ў вочы, запытаўся:

— Можа, i праўда, з твае брыгады?

— Н-не… не ведаю…

У тую ноч Алена доўга не магла заснуць. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі: трашчаць, стракочуць зялёныя конікі, жыкаюць сярпы, суха шамаціць салома…

…Яркае месячнае святло рэжа вочы. Алена кладзе далонь на твар, наступае цемра. I адразу ў змроку перад вачыма паўстае бачанае: звязаўшы сноп, жняя павольна выпроствае спіну, здрантвелую ад бесперапыннага згінання, выцірае засмяглыя губы i пазірае з-пад рукі на сонца.

Услед за гэтым цягнецца другі шматок бачанага: жанчыны жнуць сярпамі… «А бо’! — сумелася Малання. — Глядзі, Аленка». Яна паказвае — вунь дзесяткі два зламаных сцяблін. Перастаялая салома не вытрымала вагі каласкоў. Каласкі звесіліся ўніз — амярцвела, нерухома, быццам падсечаныя, тырчаць вострыя канцы сцяблінак. Малання асцярожна зрэзала сярпом сцябло, пакратала рукою — салома белая, крохкая.

Зранку, калі толькі пачалі жаць, — успамінаецца Алене, — спявалі. Над полем разыходзілася суладна:

Вецер вее, ой, вецер вее, вецер павявае,
A маці ў доні, ой, маці ў доні пра долю пытае.
У галаве Алены гучыць гэтая песня. Потым, як сталі прытамляцца, сціхлі. Толькі сярпы пераклікаюцца: ж-жык! жык-ж-жык! — ды жняярка зводдалеку па-сарачынаму далучае: та-та-та!

— Не прыставаць, маладзічкі-і-і! — зычна, імкнучыся весялей гаварыць, кажа нястомная Малання. — Жваве-ей варушыцеся! Не сарамаціцеся перад старой.

— Ці-ж за табой, цётка Малання, угонішся! — з жартаўлівай незадаволенасцю адказвае Лізавета, суседка. — Ты-ж жылаватая, не раўнуючы, як той конь.

Апошнія словы жанчыны пакрывае дружны порсткі рогат.

— Патрывай, насмешніца! Я табе гэтага не дарую, — пагражае, нібы люта, цётка Малання i сама голасна рагоча, трасучыся пакатымі плячамі i ківаючы галавою.

…Алена аднімае далонь ад вачэй i гарачымі бяссоннымі вачыма пазірае ў прарэз дзвярэй на заліты святлом месяца шчарбаты, з учарнелых завостраных дошак, плот, на бярозу пры веснічках.

Хата, у якой жыве Алена, яшчэ не дабудавана. Здарылася так, што ўвішная летняя пара спыніла будаванне ў самым разгары. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб i кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. У гэтым пакоі i жыве Алена з той пары, як пераехала сюды з хаты Марцінавай сястры, дзе ў цеснаце жыло тры сям’і «пагарэльцаў».

Бяроза Алене відаць да паловы — статны малочна-белы ствол з чорнымі плямамі, дзве-тры гнуткія тонкія ніжнія галіны ды трапяткія лапатлівыя занізі дробназубых лісточкаў. Гэтую бярозу пасадзіў Андрэй, яе чалавек, калі яны пабраліся. Перад Аленай раптам, нібы асветленая ясным бляскам, успыхнула тая вераснёвая раніца, у якую Андрэй ля гэтай бярозы абняў яе апошні раз. Калі Андрэй пайшоў служыць у армію, бяроза была яшчэ зусім малая: тады яшчэ i поўгода не было, як яны пабраліся.

Праз некалькі месяцаў Андрэй пачаў прысылаць пісьмы з фінскай вайны. Былі першыя ночы трывог за яго жыццё. Як яны памятаюцца, гэтыя першыя пакутныя ночы! Алена не ведала тады, што хутка надыдзе другаявайна, вялікая, усёабдымная, якая зробіць яе жыццё бясконцай трывогай. За ўсе доўгія гады гэтай вайны яна не атрымала ні аднаго ліста ад яго. Hi аднаго слова не было чуваць пра яго лес. Пасля вайны Алена лістоў таксама не дачакалася i цяпер, трэба ўрэшце паверыць, ніколі не дачакаецца…

Алене хочацца з кім-небудзь перамовіцца, выліць свае горкія думкі, пачуць ласкавае, спагадлівае слова…

Няхай-бы тая ноч была не такая светлая, не такая прыгожая! Каб не было мігалак-зорак, каб не зіхацеў месяц! Можа, не паліла-б так сэрца скруха па шчасцю, па маладосці, што непрыкметна прайшла за вайну, па няшчоце…

У суседзяў закрычалі пеўні, а Алена ўсё думала пра сваё жыццё — згадвала маладыя гады, таварышаў па партызанскай роце, Марціна, калі ён быў камандзірам роты. «Трэба-б заснуць. Хутка світанне, хоць-бы на гадзінку заплюшчыць вочы перад работай!»

Але сон, як i раней, не ішоў. Сталі варушыцца неспакойныя думкі пра брыгаду, пра жніво, з якім трэба як мага хутчэй управіцца. У цішыні бяссоннай ночы ёй зноў успомніліся ўсе абставіны той размовы, балючай i несправядлівай, паўтарылася кожнае слова, якое сказала Насця, яна ўбачыла ўважлівы позірк Марціна, пачула запытанне: «З твае брыгады?» I ў сэрцы зашчымела крыўда, сціснула горла…

— Дзень добры, Насця!

Насця азірнулася на Гардзея, які сказаў гэтыя словы, i прыпынілася.

— Дзень добры, кажу, — паўтарыў Гардзей i кіўнуў галавою.

— Добры дзень, — неахвотна адказала жанчына i насцярожана паглядзела на Шкробата. Яны ніколі не віталіся раней, хоць жылі адзін ад аднаго непадалёк i часта даводзілася бачыцца.

— А ты ўсё спяшаешся… Пачакай хвілінку, — сказаў Гардзей, адчуваючы, што Насця вось-вось падасца прэч. Ён падышоў да Насці, ад сваіх веснічак, дзе стаяў, калі Насця ішла па вуліцы. Наблізіўшыся, ціха, з дакорам прамовіў: — Чуў я. Усё чуў ад людзей. Нядобра зрабіла, Насця…

— А табе… што да гэтага?! — Яна не любіла Гардзея i ніколі не хавала сваёй непрыязнасці да яго.

— А ты цішэй. Чаго лемантуеш на ўсю вуліцу, — спакойным тонам парадчыка адказаў той. — Як гэта — што мне да гэтага? — зрабіў здзіўлены твар Гардзей. — Хіба я чужы чалавек? Хіба я не з Каранеўкі? Не з аднаго сяла з табою?.. Вось вы раздзяляеце сваіх людзей, а я вам аднаго дабра жадаю. — Насця нецярпліва кінула ўпартымі чорнымі вачыма, скептычна ўсміхнулася. Заўважыўшы гэты позірк, ён паўтарыў: — Аднаго дабра… Нядобра ты зрабіла, нядобра…

— Ведаеш што, стары… Не суй носа не ў сваё проса! Сама ведаю, што рабіць.

— Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардзей. — Мала. А пыху трымаеш — не падыходзь блізка. Я табе гавару на глум, а ты вазьмі на розум.

Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Твар яе паступова бялеў, але яна стрымлівалася.

— Не суй носа, стары… Не вучы, я цябе ўсё роўна не паслухаюся.

Гардзей паківаў галавою, плюнуў пад ногі.

— Неслухмянка ты! От што. Не думаў я, што ты такая. Не чакаў… Куды табе да Алены! Да яе табе, як зямлі да сонца. От то разумная жанчына. I сталая, i разважная. Другой такой, пэўна, па ўсяму свету не знайсці!.. Не дарма Марцін так паважае яе. Я ўчора быў у канцылярыі, дык акурат бачыў, як ён яе сустракаў, сваю Аленку. Аж вочы ў Марціна запаліліся! А яна… А пра яе i гаварыць не трэба. Увогуле, справа ў ix, як той казаў, — як па-маслу… Ну i няхай — харошая жанчына! Дай бо’ ёй шчасця.

Насця, апусціўшы галаву, штосьці абыякава разглядала на дарозе. На яе чорных густых валасах, што выбіліся з-пад выпрасаванай шоўкавай хусцінкі, глянцавіта паблісквалі сонечныя водсвіты. Цяпер у Насці пярэчыліся цікавасць i ганарыстая ўпартасць, — хутка цікавасць адолела, i Насця, пагардліва ўсміхаючыся, запыталася:

— Дык ён вельмі радаваўся, калі тая прыйшла?

— Ну як табе сказаць? Я-ж казаў ужо. Радаваўся. Нібы не бачыліся дзесяць гадоў…

— Брэшаш ты, стары? — недаверліва сказала Насця, пранізваючы Гардзея вострым позіркам.

— Ну, вядома, брашу… Усё выдумаў! — абыякава адказаў Шкробат. — Гэта я ўсё расказаў, каб цябе падражніць… — Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Яна падумала, што ўсё тое, што ён расказаў пра ўзаемную прыхільнасць Марціна i Алены, — праўда, тым больш, што яна ўчора i сама прыкмеціла. Яна тады падумала, што ёй проста здалося, але, выходзіць, усё гэта чыстая праўда.

Насця памкнулася ісці.

— А насуперак нашай указцы ты не зробіш. Не дазволім…

Насця азірнулася.

— Хто не дазволіць? Ты?

— I я… i ўсе. I Марцін, i Алена.

— Мне ніхто не ўкажа таго рабіць, чаго я не захочу.

— Мы ўкажам!

— Укажаце? Ты? Алена? — Насця з пагардай акінула Гардзея, ганарліва засмяялася. — Указчыкі!.. — яна рэзка павярнулася i, не азіраючыся, хутка пайшла па вуліцы.

Гледзячы на яе парывістую хаду, Гардзей падумаў: «Агонь-баба… Зачапі яе, усю Каранеўку раскідае. Не тое, што Алена: тая ўсё ў сэрцы трымаць будзе». — Унутры соладка варухнулася радасць.

Цяжкія дні

Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, i нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Ён некалькі разоў уздымаў галаву, паглядаў на вуліцу, але Насці не было відаць.

Калёсы, на якіх сядзеў Марцін, стаялі каля плоту на дварэ МТС. Конь, прывязаны вераўчанымі лейцамі да альховай штакеціны, на якой дзе-ні-дзе віднеліся тонкія шчыліны, церабіў сена. Ён стаяў у ценю пад старой разгалістай таполяй з падранай унізе карою. Мухі i сляпні не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, i Марцін час-ад-часу саскокваў з драбінкі, каб адагнаць ix.

На шырокім уезджаным дварэ, на якім цягнуліся paдамі ромбікі i прамавугольнікі ад аўтамабільных скатаў, акрамя Марціна, нікога не было. Непадалёку, у майстэрні, нехта ўвесь час біў молатам па жалезе, прарэзлівы, назойлівы звон уядаўся ў галаву.

Марцін i Насця прыехалі разам у горад. Яму трэба было ў МТС’е дамовіцца, каб праз два дні прыслалі у калгас малатарню. Сабралася нямала таксама іншых спраў, якіх нельга было больш адкладаць. А Насця прыехала сустракаць свайго мужа Паўла. Павел прыслаў з Брэста тэлеграму, што сягоння прыедзе, i Насці хацелася спаткаць яго на станцыі. Ужо даўно быў час ім прыйсці, а ix не было.

«Мо’ цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай, чаго-б яна забавілася». Каб адагнаць нецярплівае жаданне ехаць, ён пачаў думаць пра Насцінага чалавека. Павел i Марцін некалі былі таварышамі. Яны рассталіся яшчэ да фінскай вайны… Марцін успомніў, што не давялося быць на вяселлі таварыша, бо Павел жаніўся, прыехаўшы з часці на поўмесяца ў водпуск, а старшыня ў той час служыў пагранічнікам на Карпатах. A даўно-ж-такі не бачыліся. Глядзі ты, гэта-ж амаль сем гадоў. Як гады ляцяць. Павел, відаць, вельмі змяніўся за такі час. Цяпер i не пазнаў-бы, напэўна, каб адзін-на-адзін спаткаўся… — падумаў Марцін, закурваючы.

Непрыкметна Марціна зноў атачылі клапатлівыя думкі. Ён успомніў пра здарэнне на «Далёкім полі», пра спрэчку паміж Насцяй i Аленай, саскочыў з драбінак і, не ведаючы, чым заняцца, пачаў нецярпліва тупаць вакол воза, перавязаў вяроўкі ў задку калёс, падгарнуў пад задок больш сена, раз-по-раз паглядваючы на дарогу.

«Хто-ж гэта той ячмень патравіў? Не можа быць, каб Алена падбівала на гэта каго-небудзь. Лiха яго ведае, хто… Адно мне толькі вядома, што цяпер гэтая хмарка, чорт-бы яе пабраў, вельмі не патрэбная». Ён пашкадаваў, што яшчэ дагэтуль не дабраў ладу ва ўчынку на «Далёкім полі».

Насця на яго здзіўленне прыйшла адна. Марцін, як толькі ўбачыў яе статную постаць, адразу пачаў ладавацца ў дарогу. Падабраў з-пад конскай морды ў абярэмак сена і, паклаўшы на калёсы, стаў запрагаць каня. Калі Насця падышла, ён падцягваў церассядзёлак.

— Чаму адна, кума? — Марцін, жартуючы, заўсёды называў Насцю «кумою».

— Не прыехаў.

— Не прыехаў? Што-ж гэта з ім?

— Мабыць, затрымалі…

— Не, можа, дзе-небудзь на «перасадцы» марнуецца… Сядай!..

Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця, падабраўшы край вішнёвай спадніцы, каб не мяць яе, садзілася на сена. Сам не сеў, да вуліцы, кульгаючы, ішоў побач з калёсамі, трымаючыся адной рукой за драбінку, а другой — за лейцы. Потым ужо, як калёсы жалезнымі шынамі застукацелі па бруку, падскокваючы на кожным камені, прысеў да Насці. Тая бліснула на яго чорнымі вачыма, памкнулася нешта вясёлае сказаць i, не сказаўшы, сціхла. Бровы здзіўлена падняліся.

— Ты што, як мыш на крупы, надзьмуўся. Глядзі, людзей настрашыш. А то яшчэ, чаго добрага, каб конь не спудзіўся. Разнясе.

Яна засмяялася, бліснулі роўнымі радамі белыя зубы. «Красуня якая! — пранеслася ў галаве Марціна. — От i вайну перажыла i колькі перацярпела, a ўсё, як дзяўчынка. Ніколі не пабачыш з апушчанай галавой — смяецца, жартуе… Без прымаўкі i з лаўкі не зваліцца!»

— Колькі гэта гадоў табе? — нечакана запытаўся старшыня.

— А што?.. Купіць хочаш? Не купіш. Грошай не хопіць.

— Гляджу на цябе: i гады да цябе не прыстаюць. Як да гуся вада. Да ста гадоў будзеш, як цётка Малання кажа, маладухай хадзіць. Не тое, што Алена. Тая за вайну пастарэла гадоў на дваццаць.

— А што мне, — са смехам у чорных вачах сказала Насця. — Лягу не мята, устаю не клята… Чаго мне старэць? У калгасе-ж таксама не ганяць за маю працу, — з задорам скончыла і, стрымліваючы смех, паглядзела на Марціна.

Старшыня не адказаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха i мякка шаргацелі на пыльных каляінах. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі.

— А як ты думаеш, — загаварыў раптам Марцін, — чаму я надзьмуўся?

— А хто-ж цябе ведае? Табе-ж нібыта відней.

— Відней то відней, праўда. A ўсё-ткі i ты-б даведалася, каб трохі падумала. Мо’ ў старшыні ад ляноты паясніцу ломіць. А можа ён трывожыцца, што на полі ячмень асыпаецца, а тут — разлад, спрэчка паміж двума брыгадамі?

Наперадзе, праз поўкілометра, шлях браўся направа. Ад паварота ён быў абсаджаны густымі бярозавымі прысадамі. Калі Марцін i Насця пад’ехалі да паварота, насустрач ім з-за прысад паказалася фурманка, нагружаная мяхамі. За ёй — другая, трэцяя, чацвёртая. Яшчэ зводдалек старшыня пазнаў, што гэта абоз са збожжам з іхняга калгаса, з «Партызана». Ён саскочыў з калёс i пайшоў насустрач калгаснікам.

— Сёння ўсё вывезлі? — запытаўся Марцін у старшага абознага, вельмі шырокага ў плячах, рослага хлопца.

— Жыта вывезлі, колькі было намечана. Поўнасцю, словам… Кепска, што пшаніцы вось яшчэ не вязем, — адказаў абозны, ідучы поруч з Марцінам.

— Намалоцім i пшаніцы. Цяпер-жа ўсё пакуль цапамі б’ем. От паслязаўтра скончым жаць ды малатарня прыйдзе — абяцалі ў эмтээсе, — тады пабачыш!.. Пакуль не забыўся, слухай — здасі, Рыгор, хлеб, заедзь у сельгасснаб, забяры запасны нож для жняяркі… Скажы, дома там усё ў парадку?

— Усё. А што там можа здарыцца? Працуюць…

Марцін, паспакайнеўшы, вярнуўся да Насці.

— Найшоў на мяне пасля той вашай спрэчкі неспакой. Насцярожаны нейкі стаў я… Быццам якая-небудзь гайка ў машыне скрышылася, так i ў нашым калгасе. Круціцца кола, бегае, як трэба, але рыпае… А ты гэтага, быццам, не разумееш: ты толькі пра сваю брыгаду дбаеш, а за ўвесь калгас — табе малы клопат. Пра ўвесь калгас мне застаецца думаць.

— Што-ж, вялікаму каню вялікі хамут, — з усмешкай перабіла Насця. — Ты-б, от, пра Алену меней думаў, тады-б лягчэй было. — Потым дадала сур’ёзна i горача: — Ты што-ж, хочаш, каб я памірылася? З ёй не тое, што мірыцца, а… яе трэба, калі хочаш ведаць, можа, судзіць, тую тваю хвалёную Алену. А ты яшчэ прыкрываеш!

— Чым-жа ты давядзеш, што Алена вінавата?

— Нечага i даводзіць. Я i так ведаю, што яна. Бачна па вочках, што ходзіць па ночках. I ўсе ведаюць, адзін ты не бачыш.

— Як ты можаш гаварыць так!..Сама пачала спрэчку, а цяпер яшчэ сарамаціш чалавека…

— Ты мяне не агіціруй мірыцца, — адрэзала спакойна яна, спусціла з драбінак загарэлыя пруткія ногі ў падгорнутых насках i чаравіках з высокімі абцасамі i стала моцна сцябаць пугай па запыленай прыдарожнай траве. — Як захачу — сама прыйду, працягну руку! Я хоць i ў спадніцы, a смеласці не стану пазычаць…

Старшыня пачаў гарнуць цыгарку. Тытунь, нібы знарок, церусіўся ў непаслухмяных пальцах. Чыркануў некалькі разоў запалкамі, запалкі гаслі. Ён кінуў лейцы Насці, саскочыў з калёс, але няўдала — павярэдзіў параненую пятку i ад болю мімаволі заскрыпеў зубамі. Выпрастаўшыся, адразу прыкурыў. Фурманкі не стаў даганяць, a ішоў наводдаль ад яе i думаў: «Баба ўпартая, паспрабуй, уламай яе… На ліха мне такі брыгадзір… Не слухае добрых слоў, не разумее, не хоча разумець!.. „Як захачу, сама прыйду, не пасаромлюся“. Чакай, калі ёй зажадаецца прыйсці!.. Важдайся тут з яе капрызамі!»

Ён ішоў так доўга. Абапал у сухім духмені жнівеньскага дня млелі палі — то голая пожня, першы знак развітання з летам, то бялявыя разлівы нязжатага ячменю, то зялёныя, прыпыленыя абсягі бульбы. Жыта ўжо не было відаць, a пшаніца i ячмень яшчэ дзе-ні-дзе стаялі. Марцін разы тры збочваў з дарогі, шоргаючы зношанымі кірзавымі ботамі, ішоў па пожні, гаспадарскім вокам звыкла прыглядаючыся да прысадзістых бабак, да ўмятых калёсных дарожак. На адным полі, то там, то сям на памятым іржышчы, дзе стаялі раней бабкі, Марцін знайшоў каласы.

«Нацерушылі i не падабралі, абібокі! Гаспадары называецца! Чыё гэта поле? Здаецца, „Чырвонага шляху“… Ну, так, „Чырвонага шляху“… Трэба пазваніць старшыні — навучыць, як трэба рабіць…»

Яго зноў крануў непакой. Марцін збочыў з поля на шлях, кульгаючы, уподбег дагнаў калёсы i сеў.

— Я ў райкоме даў слова, — сказаў ён, беручы ад Насці лейцы, — што мы заўтра ўвечары скончым уборку.

Ен паглядзеў на Насцю, у позірку прыплюшчаных вострых вачэй было запытанне: скончым ці не? Насця сказала:

— Мая брыгада сёння скончыць. За мяне табе хвалявацца не прыйдзецца. Я, можаш быць спакойны, не падвяду.

— A іншыя?

— A іншыя? Што-ж мне галаву лішне ламаць? Кожны хай сам за сябе дбае… У кожнага ёсць свая галава, свой розум… Да чужога цела няма каму дзела…

У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі. Ен згарача памкнуўся сказаць штосьці, відаць, едкае, але перадумаў, змаўчаў. Потым, супакоіўшыся, суха выціснуў:

— Пашлі сягоння на ноч чалавек трыццаць сціртаваць.

Болей яны да самага калгаса не прамовілі ні слова.

Увесь дзень Ігнат сланяўся па дварэ, не знаходзячы сабе прытулку. Koнi пасвіў цяпер іншы калгаснік. Ісці працаваць у поле Ігнат не хацеў, бо гэта азначала уступку яго «крыўдзіцелям» — Насці i Марціну. («Не пайду я да ix кланяцца!»)

Але працаваць карцела. Ен любіў працаваць. Два гады з таго часу, як у вызваленай Каранеўцы зноў стаў жыць калгас, Ігнат з дня ў дзень спяшаўся на працу, яго галава была напоўнена рознымі думкамі пра коней.

I раптам сёння Ігнату не трэба ні аб чым рупіцца, ні пра што дбаць. Спі, колькі зажадаецца, гуляй, як табе хочацца. Раней часамі ён думаў, што не мець клопатаў прыемна, а цяпер выяўляецца, што такое становішча вельмі дакучае. Асабліва, калі вакол гарачая жніўная пара i ўсе людзі, нават горкія падлеткі, з рання да позняга вечара не сыходзяць з поля…

Учора, перадаўшы коней другому конюху, у сваяка-суседа Ігнат выпрасіў пляшку гарэлкі. Цяпер даводзілася пакутаваць ад няўтольнай смагі, аднак, пахмяліцца не было чым. Малання, у якой ён прасіў «хоць кроплю» гарэлкі, сярдзіта накінулася на яго: «Трасцы табе, а не гарэлкі, абібок!.. I ёсць, а не дам», — дадала яна напаследак, каб болей дапякчы. I праўда, Ігнат ведаў, яна мае гарэлку, але болей не прасіў, ведаючы Маланніну ўпартасць. Хоць памірай, калі сказала: не дам, — не дасць. Вылаяўся ціха i паплёўся ляніва з хаты ў агародчык. Там каля хлява стаяла некалькі вішанек; пад вішнямі была густая аксамітная траўка, цень, прахалода. Ён разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон неішоў. Ігнат некалькі разоў перавярнуўся з боку на бок, — дарэмна, смага не давала спакою.

Вось ужо Малання пайшла на работу: Ігнат чуў, як заскрыпелі вароты. «Праклятая баба, шкода ёй гарэлкі!» Нейкі час увага былога конюха была занята мураўём, што рупліва поўз па травінцы, несучы паклажу. Потым пачуў ён дзіцячы плач, дзіця плакала недзе непадалёк, нехта яго супакойваў. Хутка яно сціхла, i над сялом запанавала непарушная цішыня.

Ігнат падняўся i паклыпаў у хату. Толькі знайшоў у сенцах пляшку з гарэлкай, — пачуліся на ганку крокі. Ен борзда схаваў бутэльку i ўскочыў:

— Хто там?

У сенцы ўвайшла Вольга. Са святла яна некаторы час нічога ў змроку не бачыла, як сляпая, пазірала не на Ігната, а ў бок ад яго. Потым вочы спакваля звыкліся з прыцемкам.

— Дзядзька Ігнат, — яна парывіста дыхала, напэўна, хутка ішла. — Дзядзька Ігнат, вам трэба ісці на работу У нас не хапае возчыка… — Вы-ж цяпер не працуеце, — цішэй дадала яна.

«А-а, прыйшлі прасіцца! — з непрыязнасцю i радасцю падумаў Ігнат. — Патрэбны стаў! Учора скінулі з работы, а сёння клічаце… думаеце, Ігнат не помніць крыўды…»

— Ну i што, калі не працую, — цвёрда i цяжка выціснуў Ігнат i сціх. — Не працую… i не пайду працаваць!

Жанчына ад такога адказу збянтэжылася.

— Дзядзька, там не хапае возчыка… Паўлік захварэў, ліхаманка яго трасе.

— А табе што за клопат да гэтага?

— Мяне жанкі паслалі сказаць…

— Жанкі!.. Не пайду!

Ён павярнуўся i, не спяшаючыся, ляніва паплёўся ў хату. Як толькі жанчына выйшла, Ігнат вярнуўся да пляшкі.

Толькі Ігнат сабраўся быў пацягнуцца да вішанек, зноў бразнула клямка. «Каго гэта нячыстая носіць?» — нездаволена варухнулася ў яго галаве. Прынесла Гардзея Шкробата.

— Наведацца прыйшоў, Ігнатка. Думаю, зайду, пабачу сваімі вачыма, як ён маецца адзін.

Азірнуўся вакол, левае вока ўвесь час торгалася, падміргвала загадкава. Гардзей зняў шапку, сеў за стол.

— Пляшачку гарэлкі прынёс табе, думаю, пакаштуем, па-сяброўску разам, па даўняй памяці, аж, бачу, ты ужо прылажыўся да горлачка. Не стаў чакаць… Ах ты, нецярпячка гарачы!

Сядзеў так, плявузгаў пра розныя дробязі, нервова падміргваючы вокам, Ігнату слухаць апрыкрыла, потым такім-жа дзіўным голасам, не паварухнуўшы брывом, загаварыў такое, што Ігнат, хоць п’яны быў, пахаладзеў:

— А я да цябе, Ігнатка, можна сказаць, па справе прыйшоў. Не па сваей, праўда, а па тваёй. Аб табе непакоюся, смелая ты галава. Храбры ты, Ігнатка, храбры!.. За такія справы менш за дзесяць гадоў не дадуць. Дзесяць гадоў, не менш! О! А ты што думаеш, гэта табе смешкі! I ты не пабаяўся, адвага!

У сярэдзіне ў Ігната нешта адарвалася. «Адікуль ён ведае?!» — сумеўся Ігнат. Паспрабаваў апраўдацца:

— То коні самі ўлезлі. Не даглядзеў…

— Кінь ты, Ігнат! Я-ж не маленькі! Нібы хто паверыць?

— Не паверыць? Дык гэта-ж праўда! Заснуў, ну, коні i ўбіліся…

— Павераць? Ну i дурань ты, Ігнат! Дай шклянку.

Ігнат паслухмяна прынёс шклянку. Гардзей наліў сабе, выпіў, наліў другую, падсунуў Ігнату. Той узняў шклянку, але піць не стаў, — ён быў збянтэжаны i разгублены.

— Горды ты, Ігнатка. Не даешся ў крыўду, — гэта па-мойму! A чаго-ж дараваць крыўду, праўда? Толькі ты не бойся, не дрыжы, як заяц.

— А я i не дрыжу.

— I правільна. Я не скажу. Толькі ты мала, Ігнатка, даў ёй, Насці гэтай, i Марціну. Учора зжалі гэты рэкордны ўчастак, копы склалі, дык ты вазьмі ды раскідай ix. I ўсё! Глупства адно… Шкоды няшмат, але затое — эфект, о!.. Як яны закіпяць!

Кожнае слова, якое кідаў Гардзей, важка асядала ў Ігнатавай душы. Ігнат яшчэ ніколі не бачыў Гардзея такім дзіўна-ўпэўненым, такім нязвычным i неразгаданым, i яму рабілася млосна.

Ён з натугай праглынуў цвёрды камяк, выціснуў:

— Ты што м-мяне хочаш… пад суд?!

— Ды не, што ты, глупства адно толькі! Ніхто бачыць не будзе… I падазрэння на цябе не будзе. Насця падумае на другога чалавека… Ніякага падазрэння.

— Т-ты што гэта… смяешся? — не знайшоўся нічога іншага сказаць Ігнат.

— Смяюся я ці не? Гм… Як табе сказаць? не ведаю. Не ведаю, Ігнатка. Ты ўжо сам кумекай, смяюся ці не?

Ігнат рэзка адпіхнуў шклянку, ускочыў.

— Не хачу!

— А ты не кіпяціся, не кіпяціся. Жыццё табе надакучыла? Я-ж табе не вораг, хоць ты цяпер увесь у маіх руках. Я скажу толькі адно слова, i цябе ўпякуць на дзесяць гадоў. На дзесяць гадоў, як піць даць… А тут — глупства адно — раскідаў копы… Дробязь… ніхто i ведаць не будзе…

Упершыню з таго дня, як знялі Ігната, апанаваў яго непакой за мінулае.

— Трымайся мяне, Ігнат, не прападзеш!..

Гардзей узяў шапку, устаў, падышоў да Ігната i сказаў, блізка ўпяўшы ў конюха нерухомы позірк i нервова падміргваючы. — А пра тое я нікому не скажу!

Гардзей выйшаў. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву i стомлена асеў на ўслон, паныла задумаўся. У яго душы, змяняючы адно другое, сталі варушыцца то непакой, то шкадаванне, то одум.

Спека

Перад полуднем некалькі жней з Насцінай брыгады вярталіся з поля. Жанчыны ішлі бязладна — па адной, па дзве, зморана, з радасным гоманам. За імі паводдаль, узбіваючы пыл, коні павольна валаклі жняярку.

Аленіна брыгада яшчэ жала. Алена адразу, як убачыла жанчын на дарозе, здагадалася, што яны скончылі жніво, — учора ўвечары Алена чула, што ў ix на сёння заставалася мала. «А ў маёй брыгадзе яшчэ такое поле нязжатае, што i за два дні не адолець. Пазней за ўсіх скончым», — шчымлівы непакой сціснуў сэрца.

— Насціны ідуць палуднаваць… — сказала, перавязваючы хусцінку i пазіраючы на дарогу, Лізавета.

— Не палуднаваць, а з работы, — паправіла яе хмура цётка Малання. — Не бачыш, ці што, — жняярку за сабой валакуць…

Жнеі выпрасталіся i пачалі паглядаць на дарогу, на жанчын, што падыходзілі ўсё бліжэй i бліжэй. «Толькі-б не прыйшлі дапамагаць, — з непрыязнасцю падумала Алена. — Калі не з добрай душой людзі прыходзяць. то не столькі дапамогуць, колькі стануць пасля выхваляцца. Сажнуць жменю, а нагавору таго на год наробяць…»

Пасля здарэння ca жняяркай, пасля несправядлівых i крыўдных Насціных слоў, якія кінула тая перад Марцінам, між Аленай i Насцяй лягла мяжа недавер’я. Алена мімаволі стала глядзець на Насцю i калгаснікаў з яе брыгады з нейкай насцярожанасцю. Гэты настрой, заўважыла яна, перадаўся таксама многім яе жнеям…

— Што-ж гэта вы, суседкі, адстаеце?! Сорам! — крыкнула з дарогі худая, востраносая маленькая жанчына. Гэта была Ганна Лаўрэйчыкава, у сяле яе часта называлі яшчэ Піскуніхай за незгаворлівы характар. У насмешлівым ладзе яе сухога, пісклявага голасу Алене пачулася знявага.

Цётка Малання выпрасталася і, упёршыся рукамі ў бакі, паклікала:

— Заходзь, Ганна, няма чаго гультаяваць!

Маленькая Піскуніха пры гэтых словах спынілася, з’едліва адказала:

— Дай, божа, каб вы так гультаявалі, як я. Каб вы ўсе хоць палову так пастараліся, як я, вы даўно-б ужо зжалі. А то стаяць ды на неба пазіраюць, — ці хутка абед.

— Бач ты, адна, якая шчырая! Ідзі, куды ідзеш! — не ўтрывала, параіла спакойна Алена. — Чаго ты тут стала? Ніхто цябе i не просіць сюды, не бойся…

Жнеі сціхлі, сталі моўчкі жаць.

Алена задумалася i жне, не гледзячы, левай рукой забірае жмут шапаткіх сцяблін, звыклым поцягам правай рукі адразае ix ад зямлі. Брыгадзіра поўняць, хвалююць крыўдныя думкі: «Каб-жа гультаявалі, не крыўдна было-б. А то так шчыруем i ўсё роўна пасля ўсіх». Потым пачынае разважаць: «Людзей мала. Чатыры чалавекі захварэла якраз у такую пару. Ганна ды Васіліна не сягоння, заўтра народзяць… А што Ігната дадуць, то хіба дапамога. Толькі адна назва, што новы работнік, а карысці ад яго, як воўны з воўка…»

— А мой чалавек недзе па дварэ швэндаецца, — быццам адгадваючы Аленіны думкі, гаворыць Малання. — Крыўдзіцца, што з конюха знялі. Скажы ты, ганарлівы які. Проста дзіўлюся, адкуль у яго столькі гонару?.. Я цябе навяду на розум, абібок! Чакай, я табе, даражэнькі, не дарую!..

— Так ён i баіцца вас, — падбухторыла Маланню насмешніца-суседка Лізавета.

— Што? Мяне не баіцца?!

Цётка Малання падняла галаву i так паглядзела на дзяўчыну, нібы гэта была не жняя-суседка, a Ігнат. Твар у Маланні зрабіўся цвёрдым, у вачах бліснулі пагрозныя зялёныя агеньчыкі. Лізавета ажно сумелася i зірнула на Маланню з асцярогай.

— Мяне, рыбка, не паслухае?!

— Каб-жа слухаў, цётка Малання, на працу прыйшоў-бы… А то-ж не відаць яго нешта…

— A заўтра прыйдзе!

Якраз пад’ехала блізка жняярка, i Алена пабегла на дарогу, каб узяць яе ў сваю брыгаду. На сядзенні, знарок зморана згорбіўшыся, падрабляючыся пад дарослага, сядзеў Пятрусь, той хлопец з кірпатым аблупленым носам, што спрачаўся з Аленай каля кузні. Калі Алена падышла да яго, ён, не мяняючы паставы, паважна, як сталы, прыпыніў коней i запытаўся нездаволена:

— Ну, што?

— Выпражы коней. А жняярку нам пакінь.

— Як гэта, па-акінь?! А хто за жняярку адказвае? Ты ці я?

— Я буду адказваць.

— Ты будзеш адказваць! — з насмешкай свіснуў Пятрусь. — Шмат вас знойдзецца, такіх адказчыкаў!

I, даючы знак, што размова скончана, ён тузануў лейцы. Коні крануліся.

— Чакай-жа! Я скажу Марціну, што жняярка палову дня цераз цябе стаяла без работы…

— Кажы! Без загаду брыгадзіра я не аддам. Скажа Насця аддаць, я i аддам, а без яе i не прасі.

— Дык яна-ж у горадзе…

— А мая справа маленькая.

— Ты хочаш паддобрыцца да Насці. Ну глядзі-ж. Я ўсё скажу старшыні! — крыкнула ўслед Алена.

Яна вярнулася да жней. Хвілін праз дзесяць ішла другая — большая група жанчын з Насцінай брыгады. Жанчыны, відаць, адсталі, каб назбіраць травы ці пустазелля для кароў i свіней: хусткі, якія жанкі неслі за плячамі, як клункі, былі туга набіты травою. Параўняўшыся са жнеямі, жанчыны раптам збочылі i падаліся да Алены.

— Дзень добры, Аленка! Дзень добры, жанкі!.. А мы да вас…

Яны сталі скідаць клункі з плеч. Жнеі весела прывіталіся, з цікаўнасцю пазіраючы на ix.

— Мы да вас, суседачкі, памагчы… От, хочам разам з вамі пашчыраваць… Ці прымаеце?

— Дзякуем, — не разгінаючыся i не гледзячы на жанчын, прабурчэла Малання. Яна яшчэ нешта хацела сказаць, але Лізавета, быстра кінуўшы зірк на старую, перабіла:

— А чаму не прыняць! Памагайце… Мы з радасцю, калі да нас з добрай душою.

Шмат якія жнеі з Аленінай брыгады клікалі ix да сябе, каб жаць поруч. Жанчыны адразу разышліся, уладзіліся, дзе каму падабалася, i, не марнуючы часу, сталі жаць.

…Цішыня. Толькі сярпы пераклікаюцца: ж-жык! ж-жык! Духмень. У неагляднай глыбознай далечы ні адной хмурынкі.

Нерухомае спякотнае сонца.


На калгасным дварэ, дзе, прыехаўшы з горада, Марцін распрагаў каня, было пуста i ціха, — толькі ў другім баку канюшні конюх пакрыкваў на хворых коней.

З канюшні выйшаў стрыжаны хлапчук у майцы i зрэбных, закасаных да кален штанах — конюхаў сын. Ён вёў за лейцы гнедага нязграбнага каня, што ляніва тупаў маслакаватымі нагамі, звесіўшы гарбаносую галаву. Хлапчук стаў запрагаць каня ў пажарную бочку.

— Ты куды? — запыніў Марцін хлапчука.

— Па ваду на рэчку.

— A хіба тут у калодзежы ўжо няма вады?

— Няма. Уся высахла ад гарачыні… Бацька нядаўна набіраў, дык адзін глей.

Марцін ужо ведаў пра тое, што здарылася. Яшчэ на дарозе, не даязджаючы да сяла, ён спаткаў агароднага вартаўніка Васіля Скорыка, i той яму падрабязна расказаў пра спрэчку за жняярку. Васілю Марцін не вельмі верыў, бо той, расказваючы што-небудзь, заўсёды любіў многа дадаваць сваёй выдумкі. Тым не менш словы вартаўніка ўстрывожылі Марціна, i ён спяшаўся хутчэй распрэгчы каня i даведацца пра ўсё больш дакладна.

Занёсшы ў кладовую вупраж i выходзячы з канюшні, ён акурат убачыў Вольгу, што вярталася з поля.

— Пачакай трошкі! — паклікаў Марцін i хутчэй пакульгаў услед.

Яна спынілася, стомлена пераступіла з нагі на нагу, чакаючы, калі ён падыйдзе.

— А дзе Алена?

— Алена на полі. Уся брыгада яшчэ на полі… Я прыйшла раней, бо дзіця малое нешта нядужае… Цэлы дзень рабілі. На абед не хадзілі нават. Там i палуднавалі — толькі я хадзіла, дзіця пакарміць.

Яна зморана перагнулася назад i выпрасталася, светлы, не чарнеючы ад загару твар перасмыкнуў боль.

— Спіна, як чыгунная… Але i зрабілі многа.

— Колькі зжалі?

— Я — шаснаццаць сотак. Авёс быў густы, спорны. I болей зжала-б, каб не хадзіла ў сяло. Малання сягоння больш за дваццаць сажне…

— Калі скончыце?

— Паслязаўтра, можа, i скончым. Але наўрад.

— Што гэта ў вас такое здарылася з трэцяй брыгадай? — запытаўся Марцін, калі яны пайшлі.

Вольга расказала. Слухаючы яе, старшыня з трывогай падумаў пра сваё абяцанне, якое даў у райкоме. «Нібы знарок, каб перашкодзіць мне — ліха гэтае… Цяпер управіцца за два дні яшчэ цяжэй. Чорт, чаму я не ўцяміў папярэдзідь, каб перадалі жняярку. Як я прашляпіў, няўдача…»

Яны падышлі да Вольчынай хаты. Перад хатай, дзе ў агародчыку да вайны Вольга садзіла кветкі — мальвы, вяргіні, півоні, цяпер яшчэ густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну, дзядоў ды крапівы. Пры вуліцы тырчэлі два парэпаныя счарнелыя слупкі, што нейкім цудам уцалелі ад плоту. Вольга стала.

— Ну, мне да дому…

Насцю апошняе здарэнне таксама устрывожыла. Яна, хоць i казала старшыні, што турбуецца толькі за сваю брыгаду, зусім не абыякава адносілася да таго, паспее ці не паспее калгас зжаць у час.

Пры гэтым ёй здавалася, што сённяшняе здарэнне было як-бы вынікам той спрэчкі, якую пачала яна. I Насця не магла адкаснуцца ад думкі, што яна, хоць i была ўвесь дзень не ў калгасе, вінавата разам з Петрусём.

Аднак Насця старалася не паказваць старшыні свайго непакою.

Як толькі калёсы ўз’ехалі на калгасны двор, яна саскочыла з драбінак i, ні слова не кажучы Марціну, накіравалася да хаты, у якой жыў малады жняяр. «Ах ты, нягоднае хлапчанё! — думала ўзлавана яна. — Ен ужо — бачыце вы — свае парадкі тут устанаўляе… Цэлага поўдня праз яго, нягодніка, змарнавалі!»

Пятрусь быў дома — папраўляў зубы ў граблях. Ен акурат жалезным тронкам ножыка забіваў выразаны кляновы зуб. Убачыўшы брыгадзіра, хлопец адразу адлажыў граблі ўбок i ўстаў.

— Што ты гэта натварыў! — не адказваючы на прывітанне, накінулася Насця на хлопца.

Пятрусь збянтэжыўся.

— А што такое?..

— Што такое? Ты не ведаеш?! Ты чаму жняярку не аддаў Алене?

— Чаму? Самі нібы не знаеце… Нібы не пры вас яна адабрала жняярку каля кузні. Нібы не ведаеце, што яна ячмень на «Далёкім полі»…

Насці хацелася сказаць, што Алена па праву ўзяла жняярку каля кузні, — але яна стрымалася — не такі быў у Насці характар, каб абы-як прызнавацца ў сваёй віне, ды яшчэ перад нейкім зялёным падлеткам.

— А табе што да гэтага? Прасілі цябе ўмешвацца? Калі яна i зрабіла тое, то ты ўсё роўна не маеш права не даць ёй жняярку, — строга прамовіла Насця. — Што яна, Алена, для сябе брала? Для сябе?

— Не для сябе, канешне… Для брыгады.

— Не для сябе! I ты не меў ніякага права не аддаць, ясна? От мы зараз былі з Марцінам у горадзе, — ён там у райкоме сказаў, што наш калгас заўтра скончыць жніво. Ён слова цвёрдае даў! А цяпер што цераз тваю выхадку атрымліваецца?

— Я не ведаў…

— Трэба было ведаць!.. А да таго, што я маю з Аленай, ты не чапайся. Не ў сваё проса не сунь носа!.. Я сама не дам сябе ў крыўду! Ясна?

Хлопец не ведаў, што адказаць. Хацеў зрабіць так, каб Насця пахваліла, думаў аб тым, каб было да спадобы сваёй брыгадзе, а тут, выяўляецца, — памыліўся.

Пятрусь вінавата заміргаў вачыма:

— Ясна…

Да нас ідуць, жанкі!

Яшчэ не ўзыходзіла сонца, калі Алена выправілася на работу. З балота ад Тур’і, зацягнутай густым пластам белага туману, патыхала свежым халаднаватым ветрам. Было золка. Неба ўсюды абложвалі цёмныя панурыя хмары. «Хоць-бы дождж не пайшоў!» — падумала Алена. Выйшаўшы з хаты, яна апранула пінжак i, падагнуўшы доўгія рукавы, зашпіліла яго на ўсе гузікі. Жанчын з яе брыгады на вуліцы яшчэ не было, i Алена падумала, што паднялася зарана, што трэба было-б пачакаць трохі дома. Але яна не вярнулася, ведаючы, што жанчыны стрымаюць сваё абяцанне, не спозняцца.

I праўда, ужо на павароце з сяла на калгасны двор яе дагнала Вольга.

— Ну вось, да двара пойдзем удваіх, — сказала яна, аддыхваючыся ад хуткай хады i стараючыся ісці ў нагу з Аленай.

— Хоць-бы дождж не нагнала. Хмары якія…

— Хмары разыйдуцца, — запэўніла Вольга.

Алена ішла маўкліва i задуменна. Вольга, зірнуўшы на яе яшчэ соннымі вачыма, узрушана загаварыла:

— Рана як, Алена! Цялят i кароў не чуваць нават… Мая Арынка спіць со-оладка! — яна шчасліва ўсміхнулася простай, адкрытай усмешкай. — Як ішла, накрыла яе, а яна нават не паварухнулася. Калі-б ты бачыла, Алена, як спіць! Ручкі раскінула, вось так… Ну, я на двор па жняярку.

Алена не адказала. Вольга здзіўлена зірнула на яе i толькі цяпер заўважыла, што Алена зусім не слухала яе, думала аб нечым сваім.

Над полем, над шырокім прасцягам нячутна плыў ранак. На прыдарожнай траве, у вясёлых пялёстках рамонкаў, на пляскатых лісцях трыпутніку, на белых галоўках дзьмухаўцу абапал дарогі густа туманіліся кроплі расы. Стаяла такая цішыня, што ў ёй было чуваць, як побач, устрывожаныя блізкімі крокамі Алены, з ясным шэлестам ападаюць расінкі.

«Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся, — думала Алена. Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжэлі ад крыўды. — Пазней за ўсіх…»

Першай пачала працаваць жняярка. Пры жняярцы была Вольга, якая нікому ў Аленінай брыгадзе не саступала гэтага месца — яна лічылася ў брыгадзіра за самага стараннага, спрактыкаванага жняяра. Усё, за што ні бралася Вольга, яна рабіла акуратна. Разам з Аленай яна шчыра перажывала ўсе брыгадныя непаладкі. Пры жняярцы ішлі калгасніцы з Вольчынага звяна.

Жанчыны збіраліся дружна i адразу браліся за працу. Неба спакваля яснела. Радуючыся, што надвор’е правіцца, Алена праверыла, ці ўсе прыйшлі. Было сорак чатыры чалавекі — больш, як у іншыя дні, бо прыйшло некалькі калгасніц, якія звычайна не хадзілі на жніво. Чацвёра падлеткаў-дзяўчат, што жалі ўпершыню, трымаліся між дарослых нясмела, нязвычна, як навічкі ў школе. Алена адвяла ім асобны ўчастак, назначыла старшую. Да ix далучылася бабка Прося, сухая, маўклівая, строгая жанчына: дзе ў яе гады раўняцца з маладымі жнеямі. У іншыя дні бабка сядзела сабе пры хаце ды глядзела ўнука, а сёння дзіця аддала ў яслі i таксама прыйшла на поле.

Мужчын i хлопцаў — ix было дзевяць — Алена накіравала вазіць снапы.

Потым, як ужо ўсе пачалі працаваць, прыйшоў Васіль Скорык, Вольчын чалавек. Каўнер яго даматканай ільняной сарочкі, старанна вышыты Вольгаю, быў шырока расхрыстаны. Пусты правы рукаў, каб не матляўся, Васіль засунуў з ніжняга краю за тонкі скураны паясок, што слабка перахопліваў сарочку. Пры наступленні на Мінск Васілю, які быў у той час мінамётчыкам гвардзейскай часці, асколкам з нямецкага снарада адарвала па плячо правую руку; вярнуўшыся ў калгас ён стаў працаваць агародным вартаўніком. Як агародны вартаўнік, Васіль не меў ніякага дачынення да Аленінай брыгады, але ён разам з Вольгаю перажываў брыгадныя нелады.

— Прымаеце ў памочнікі? — голас у Васіля басавіты, модны: яго ў сяле за гэта жартам называюць «трубою». Некалькі жанчын цікаўна зірнулі на яго. — Га, прымаеце? Чаго-ж маўчыце?

— Чаму-ж не прыняць? Калі ласка…

— Куды яго, такога нездаляшчага! — наўмысна запярэчыла Алена, хоць у душы радавалася прыходу Васіля.

— Хто нездаляшчы? — весела адгукнуўся Васіль, ён любіў жарты. — Я? Ты-б, мілая, лепей спытала маю Вольгу, яна вунь там на жняярцы сядзіць, яна табе сказала-б, які я нездаляшчы. — Ён схапіў Алену за стан i прыцягнуў да сябе. Алена ўперлася рукамі, паспрабавала вырвацца, але дзе там — Васілёва рука, як жалезны абруч.

— Ну што, нездаляшчы? — з пераможнай усмешкай сказаў Васіль, адпускаючы Алену. Тая, заружавеўшы ад супраціўлення, лагодна ўсміхаючыся пухкімі губамі, развязвала змятую хустку, каб паправіць ускалмачаныя валасы. Жанчыны весела падсмейваліся з Алены, кпілі.

— Дык то адно, з бабай управіцца, а гэта другое, рабіць… — не здавалася Алена.

— А як-жа-ж агарод! Там-жа свінні націнне вытаўкуць ці вераб’і выдзеўбуць каноплі без цябе, вераб’іны начальнік!..

— Не выдзеўбуць! Яны ў мяне свядомыя! — пажартаваў Васіль, потым, схаваўшы ўсмешку, сказаў сур’ёзна: — Там Лідка мая засталася…

Ён пайшоў зносіць снапы ў бабкі.

— Калекі хлеб зарабляюць, а мой гуляе! Чакай, абібок! Чакай, катаржнік, я табе ўжо не дарую, — цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў i парывіста, са злосцю, рэзнула сярпом. — Я табе не дарую…

У нейкі міг у лагоднай сінечы між разарваных воблакаў зазіхацела сонца, i поле адразу радасна заззяла. Зямля пачала прыкметна параваць i сохнуць. Дыхнула гарачынёй.

— Та-та-та! — далятае зводдалек прагавіты клёкат жняяркі. Ён нібы падганяе коней, жнеяра, вязальшчыц.

Жняярка ідзе спорна, кладзе за сабою шапаткія абярэмкі спелых сцяблін.

Жанкі, што працуюць там, спяшаюцца, стараюцца не адстаць. Гарачы едкі пот, сплываючы з ілба, засцілае вочы. Толькі-б паспець у час, толькі-б хутчэй звязаць снапы.

I раптам — клёкат адразу ціхне, нібы адсечаны адным махам, у вушах прыкра звініць, шалясціць непрывычная цішыня. Алена ўстрывожана выпростваецца, глядзіць туды — жняярка стаіць нерухома. З ускінутымі крыллямі, што паднімаюцца над аўсом, машына здалёк нагадвае нейкага вялізнага матыля. Алена бачыць — Вольга саскочыла з сядзення i бяжыць наперад, чамусьці прыглядаючыся да аўса. Прабегла метраў сто, спынілася, паглядзела наперад. «Што там такое? — не церпіцца хутчэй даведацца Алене. — Чаму спыніліся?»

Праз хвіліну Вольга, устрывожаная, з пацямнелым ад пылу ці ад непакою тварам, падышла да брыгадзіра.

— Што там у цябе?

— Авёс ад перастою паламаўся… не можна жаць…

— Паламаўся? Многа яго?

— Соткі тры… Увесь той узгорак.

— Абміні. Я з жанкамі сажну… Ідзі.

Вольга не чула апошніх слоў Алены, яна наўпрасткі пабегла да жняяркі. Жняярка зноў пачынае стракатаць. Аднак Алена не спакайнее, трывожная вестка, прынесеная Вольгаю, зноў абуджае горкія, неадчэпныя думкі: «Спазніліся. Заўтра трэба хоць уночы рабіць, а скончыць».

Трэба рабіць, не трацячы дарэмна ні хвіліны, спяшацца, а тут Малання, нібы сумысля, становіцца насуперак, касцістай, учэпістай рукою шмаргае Алену за спадніцу:

— Глядзі, Аленка, што там за працэсія?

Алена непрыхільна падумала: «Вось няшчасце яшчэ: жала-б, пра жніво больш думала-б, чым попусту па баках сарок лавіць… Глядзі ды глядзі… Такая непаседа, быццам маладая!»

— Нечага мне, цётка Малання, туды глядзець.

— Не, рыбка, паглядзі, — не адстала, голасам, поўным здзіўлення i зацікаўленасці, сказала Малання.

Алена выпрасталася, зірнула на дарогу. Вольная рука, якую яна была падняла, каб сцерці з твару пот, неспадзеўкі застыла. Алена ўбачыла на дарозе жанчын, якія паволі набліжаліся сюды. Няўжо яны да нас? Жанчыны ішлі наўпрасткі па іржышчы гаманлівым нястройным гуртам, рознаапранутым i шматгалосым. З сярпоў, што яны неслі на плячах i ў руках, час-ад-часу зыркім бляскам біла сонца.

— Жаць ідуць… — выказаў нехта ўголас думку.

— Няйнакш жаць… Сярпы на плячах!

— Да нас ідуць, жанкі…

— Гэта-ж Насціна брыгада!..

— Не-э, Коржыкава брыгада! Вунь-жа Агата…

— Памагаць, мабыць, ідуць…

Тут нечакана ў рознагалосіцу ўзрушаных i радасных воклічаў i меркаванняў уварваўся зычны Маланнін голас:

— Не трэба нам іхняй помачы!

На нейкі час усе сціхлі.

— Чаму гэта не трэба?.. Няхай папрацуюць, хутчэй скончым, — запярэчыла Лізавета. Некалькі галасоў падтрымалі яе.

— А я кажу, не трэба! — настойвала Малання. — Мы i адны справімся!..

Жанкі між тым падыходзілі гамонячы. Хутка ўсе ўбачылі, што ў натоўпе пераважна былі калгасніцы з Насцінай брыгады — яны ішлі разам ca сваім брыгадзірам. Некалькі жней прыслала i брыгада Коржыка. У Коржыка жаць заставалася не шмат, яму даволі было i паловы брыгады, i ён, ведаючы, што Аленіна брыгада адстае, прыслаў сваіх жней сюды.

— Дзень добры, жанкі! — загучэлі наперабой галасы «гасцей».

— Добры дзень…

— Ці будзем на парозе стаяць, ці, можа, за стол папросіце?…. — пажартаваў нехта з гасцей.

Лізавета адказала ў тон:

— Калі з добрай навіной — за стол! Ды яшчэ на кут пасадзім.

— Бачыце, колькі яны зрабілі, пакуль мы збіраліся! — падышоўшы, з захапленнем прамовіла Васіліна, смуглая, з ласкавымі чорнымі вачыма жанчына, у сіняй сацінавай кофце — адна з тых, што ўчора прасіліся дапамагчы. — Мусіць, ні свет ні зара прыйшлі сюды! От як стараюцца!.. Нават брыгадзір з сярпом!.. — сказала яна далей, звяртаючыся да сваіх таварышак.

— Тут жанкі ўвішныя, як мурашкі…

Гэта былі словы таварыскія, спагадлівыя, жнеі з брыгады Алены сталі па-сяброўску вітацца. Нібы вецер лагодны павеяў.

Шчырыя словы суцішылі прыкрую насцярожанасць, якая не пакідала Алену з дня спрэчкі за жняярку. Жанкі пачалі па-таварыску гаманіць між сабою. Гледзячы на ix, нельга было-б i падумаць, што між брыгадамі нядаўна быў нейкі нялад. Хоць гэта быў пакуль пачатак звароту добрай дружбы, але i ён радаваў Алену. Значыць, i ў трэцяй брыгадзе шмат хто, можна было падумаць, не лічыў яе вінаватай. Алена адразу, узрадаваная, гатова была забыць усе свае крыўды — добрая ад прыроды, яна не ўмела злавацца.

— Напрацаваліся, а як-жа! — буркліва адказала жанчыне Малання. — Не тое, што вы, абібокі, у поўдзень збіраецеся…

— Цётка Малання… — Лізавета з дакорам тузанула Маланню за рукаў. Тонкія, з сярдзітым заломам бровы цёткі Маланні падняліся ўгару.

— Што цётка Малання?! Хіба-ж я не праўду, ягадка, кажу?

Жанчына з чорнымі вачыма не пакрыўдзілася:

— Гэта мы абібокі! — звярнула яна Маланніны словы на жарт. — Мы зараз пакажам, якія мы абібокі, праўда, жанкі?

Насця падышла да Алены, спакойная i ўпэўненая, як заўсёды.

— Пакажы, дзе жаць, — сказала яна.

Алена, не гаворачы нічога, павяла яе на правы край загону…


Ігнат доўга не мог дадумацца да чаго-небудзь пэўнага. Пасля таго, як Гардзей, кінуўшы страшныя словы, выйшаў з хаты, Ігнат чым больш думаў, тым больш упэўніваўся ў тым, што заўтрашні дзень яго чорны. Ён імкнуўся выбрацца з заблытаных ходаў панурых думак, але нязменна вяртаўся да таго месца, адкуль пачынаў. Было толькі два шляхі — адзін, які прапанаваў Шкробат, i другі — той, на які вяло Ігната яго сумленне, калі адкідвала намер Гардзея.

Сядзець без справы з такімі думкамі было нялёгка. Ён бадзяўся то па агароду, то па вуліцы, не знаходзячы месца.

Было толькі два шляхі.

Зрабіць тое, чаго дабіваўся Гардзей, Ігнат не хацеў. Але баязнь ганьбы i пакарання пасля Гардзеевых слоў, як цень, усюды валаклася пры думках Ігната. Яна непакоіла Ігната, прымушала яго вяртацца назад, думаць, шукаць якога-небудзь нявызнанага, светлага, беспакутнага шляху.

Шукаючы выйсця i не знаходзячы яго, Ігнат не адзін раз успомніў нечаканы прыход Вольгі i не аднойчы пашкадаваў, што няветліва з ёю абышоўся… Прыйшла сама, запрасілана работу. Прыйшла да яго, як да паважанага чалавека, бо абы-каго на працу не запрашаюць-жа. Калі-б пайшоў, не было-б гэтай ненавіснай размовы з Гардзеем…

На наступны дзень перад абедам Гардзей прыйшоў зноў. Прывітаўся за руку, зірнуў на Ігната, — не зірнуў, a нібы наскрозь працяў чалавека, хаваючы адначас ад яго сваю ўважлівасць. Шкробат спаткаў нядобразычлівы позірк.

Можа цэлую гадзіну ён знарок, не зважаючы на непрыхільнасць Ігната, плявузгаў пра розныя дробязі. Гаспадар то садзіўся за стол, то падымаўся i неспакойнымі, хоць i павольнымі крокамі тупаў па хаце. Знянацку, нібы прачнуўшыся, Гардзей здзіўленымі спагадлівымі вачыма паглядзеў на Ігната, сумеўся:

— Ты што-ж гэта нахохліўся? — i раптам наўмысна засмяяўся, міргаючы вокам, трасучы буйным, не па росту, тварам. — А-а, думаеш! Хе-хе, думаеш? Аб чым гэта? А-а! А я ўжо даўно забыўся… Пажартаваў я, дурань… Хіба-ж можна такое i падумаць сур’ёзна?! Дурань ты, дурань, дзівак-чалавек! От пасмейся з табою! — Падышоў, важкай далонню пастукаў па плячы. — Ты — малайчына, Ігнатка… От i я такі-ж… Жартаваў я! Ты — сумленны чалавек, Ігнатка, добры… Свой чалавек! Да ўпадобы ты мне, ей-бо’, да ўпадобы, будзем сябрамі… Дурань ты, дурань, дзівак-чалавек. От пасмейся з табою!..

Паціснуў руку, сабраўся нібы ісці, вярнуўся i, нахіліўшыся да вуха Ігната, так што скронь таго калоў заросшы рыжай пасівелай шчацінаю падбародак, прашаптаў:

— Дык пра… злачынства ты не бойся… Не скажу нiкому!..

У Ігната адразу нібы rapa з плеч звалілася. На твары выступілі белыя, халодныя, падобныя на гарошынкі, кроплі поту.

— Жартаваў? — здзіўлена выдыхнуў Ігнат. — А я… дурны чалавек, галаву ламаў!

— От, пажартуй з табою!.. От дзівак-жа ты! Ей-бо’…

— Дзівак. Такі, мусіць, праўда, дзівак…

Але, калі Гардзей выйшаў, непакой зноў вярнуўся да Ігната. «Так ты жартуеш: кепскія жарты твае, Гардзей!» Цяжкі, трывожны ўспамін, што застаўся на душы, не хацеў пакідаць Ігната.

«Лепш далей ад цябе хадзіць…»

У адной сям’і

Загон, на якім жалі Алена ca сваімі жанкамі, падзялілі на дзве часткі — па колькасці людзей у брыгадах, каб на кожную жняю прыпадаў роўны па велічыні шнурок. Жанчыны з Насцінай i Коржыкавай брыгад ішлі разам, з правага боку загона. Каля поўдня дажалі да канца загону, да маладога шапаткога асінніку на ўскрайку лесу. Першай дайшла Аленіна брыгада. Скончыўшы, жанкі вярнуліся да сваіх памочнікаў, прыладзіліся, дзе каму прыйшлося.

Ніхто з жанчын, што вярнуліся дапамагаць, не трымаўся цяпер сваёй брыгады. Жнеі перамяшаліся. Хутка, калі ў каго-небудзь засталася была яшчэ ў пачатку працы недаверлівасць, то яна сама сабой непрыкметна суцішалася пры агульным клопаце. Нават цётка Малання, якую ў сяле ведалі, як вельмі ўпартую i незгаворлівую жанчыну, пакрысе пераставала бурчэць сама сабе: «Не трэба нам іхняй помачы». Недаверліва сочачы за Насцінымі жанчынамі, яна бачыла, што тыя жнуць старанна, не марнуюць час у пустых гаворках, i яе раўнівае сэрца паступова спакайнела.

Праўда, гэты спакой не аднойчы змяняўся сумненнем. Часамі тое сумненне так узварушвала Маланню, што яна пераставала жаць i ішла на ўчастак, дзе жалі памочнікі. Як строгі інспектар, яна хадзіла па пожні, пільна прыглядаючыся, ці не валяюцца дзе каласкі, ці добра звязаны снапы.

— Цётка Малання, — ушчувала Маланню Лізавета. — Як вам не сорам!

— Што — сорам! — не паддавалася тая. — Хіба-ж можна пакідаць поле без нагляду?! А можа яны, ягадка, абы-як, нядбайна робяць, псуюць толькі? — Але гаварыла спакойна — людзі, што прыйшлі дапамагаць, жалі добра… Малання стала побач з той смуглай, з чорнымі ласкавымі вачыма жанчынай у сіняй сацінавай кофце…

Жалі маўкліва. Сухія, ломкія, спелыя сцяблы жменя за жменяю спорна клалiся на перавяслы, дужымі, загарэлымі рукамі сціскаліся ў тугія, пругкія снапы. Вязалі снапы асцярожна: крохкая салома, калі модна закручваць перавясла, ірвалася.

Не было чуваць ні жартаў, ні песень. Стома напаўняла рукі i ногі цяжарам, скоўвала здрантвелую спіну. Але змора гэтая была прыемнай: людзі задаволена бачылі, як усё даўжэйшымі становяцца за імі рады бабак.

Толькі як скончылі разам той лапік, перадыхнулі крыху, выпрасталі спіны, прылеглі ў пярэстым цяньку пад галінкамі маладога частага асінніку, слухаючы лянівае лапатанне срабрыстых, знізу быццам падбітых белаватай байкай, лісточкаў.

На ўзлессі пахла апошнімі, пераспелымі суніцамі, вянучай духмянай травою, асіннікам.

Высока ў жнівеньскім небе зіхацела празрыстае воблака, падобнае на бліскучы камяк пены.

— Бусел, — пазіраючы на воблака, зачаравана прагаварыла Лізавета. Алена падняла вочы ў неба.

— Дзе ён?

— Вунь… Каля хмаркі. Справа.

Алена, прыплюшчыўшы вочы, стала ўзірацца, але доўга не магла яго ўбачыць. Воблачка сляпіла яе. Потым убачыла — бусел кружыў вакол воблачка ў бяздоннай глыбіні ясна-блакітнага паднябесся, з зямлі ён здаваўся ледзь прыметнаю, нікчэмнаю кропачкаю. Алена ляжала на траве i з замілаваннем сачыла за ім, захопленая вострым адчуваннем вялізнай вышыні. Цікава, якім здаецца адтуль наша поле, i гэты асіннік, i мы…

Адпачывалі нядоўга. Нельга было ляжаць, — ix чакала яшчэ вялікая паласа нязжатага поля.

У гэты дзень Гардзею Шкробату i Ігнату выпала сыйсціся яшчэ раз.

Каля свірна, на выхадзе ў поле, гаманіла некалькі чалавек, збіраючыся разыходзіцца на працу. Гардзей, пастарэчаму горбячыся, павольна падышоў да Марціна, паздароўкаўся за ручку з ім, з Насцяю, што забегла сюды, вяртаючыся з абеду.

— Ну, што я казаў, Насця? Тады на вуліцы… Не памойму хіба выйшла, а?.. А ты не хацела слухаць!

Насця насмешліва кінула на яго чорнымі непрыязнымі вачыма.

Гардзей па-прыяцельску i разам з тым з павагай узяў Марціна за локаць, папрасіў адысці, пагаварыць па важнай справе.

Марцін адышоў за ім крокаў сто.

— Марцін Пятровіч, — сказаў Гардзей, пазіраючы ў вочы старшыні. Шыя ў Гардзея, нягледзячы на жнівеньскую гарачыню, была абвязана пярэстым шарсцяным шалікам. Гардзей раскруціў яго i сказаў, апраўдваючыся: — У горле нешта душыць. Глынуць нічога не магу. Прастыў недзе, відаць… Адным словам, старасць, старасць — не радасць!.. Марцінка, я, тое самае, наконт маёй заявы. Я хачу спытацца, ці разбірала яе праўленне?

Марцін знарок марудзіў адказваць. Ён маўкліва пазіраў убок, паглыблены ў нейкія свае думы.

— Разглядала, — сказаў ён, нарэшце. Шкробатаў твар выцягнуўся, у вачах бліснула штосьці. — Рашылі пачакаць пакуль. Пажыві сумленна, каб людзі паверылі.

— А-а, — адразу абвяў Шкробат. — Колькі-ж можна правяраць. Ці-ж бацька адказвае за сына. Я-ж не вінен, Марцінка, што дзіця такое непуцяшчае пайшло…

Тут размова перарвалася. Увагу Марціна захапіла дзіўнае відовішча. З калгаснага двара ў акружэнні дзіцячага гуртка выйшлі дзве дарослыя постаці: адна, было відаць, упэўненая, прамая, другая — згорбленая, нясмелая. «Малання з Ігнатам», — пазнаў Марцін i стаў з цікавасцю сачыць за імі. Ігнат панура азіраўся на дураслівае акружэнне ды час-ад-часу пагрозна замахваўся дручком, што трымаў у руцэ.

— Такі спраўдзіла сваё слова, — задаволена прасіпеў Шкробат, падміргваючы Марціну. — Яна, Маланка, а-а? Сіберная баба, не дай бог… A дзеці? Падшыванцы…

Ніякавеючы пад уважлівымі людскімі позіркамі, акружаны неадчэпным дзіцячым гуртам, Ігнат насцярожана наблізіўся да Марціна.

— От я прыйшоў…

Ён азірнуўся навокал — усе, хто быў поблізу, сачылі за ім i Марцінам.

— Я сам прыйшоў, — дадаў ён голасна, з абыякавасцю пазіраючы на гузік на Марцінавай гімнасцёрцы. У голасе Ігната вострая назіральнасць Марціна пачула прыдушаны боль i адчай, схаваны пад выглядам наўмыснай абыякавасці. — Словам, Марцін, назначай на работу.

— Катаржнік! Абібок ты! Колькі я за цябе сараматы прыняла! — не ўтрывала, залемантавала цётка Малання.

— Ціха ты, палямёт! От-жа язык!.. Мне хіба прыемна перад людзьмі?! У мяне-ж таксама жывая душа, а не, к прыкладу, сказаць…

— А бо — жывая душа! — перабіла нецярпліва Малання. — Гарэлка, от што твая душа, п’яніца ты прапашчы!

Нечакана Малання страціла ўсю сваю гнеўнасць i строгасць i расплакалася, як дзіця малое. Людзі ад гэткага павароту спрэчкі сумеліся: мала хто чакаў такую маладушнасць з боку цёткі Маланні.

— Хадзем, — пацягнула Малання свайго чалавека.

— Ідзі… Мне тут пагаварыць трэба з Марцінам…

— Ідзіце, цётка Малання. Ён зараз прыйдзе, — бачачы, што жонка не давярае Ігнату, уступіўся Марцін.

— Што з ім гаварыць! Што ён разумнае скажа! — махнула зняважліва жанчына i падалася адна.

Цяпер яны стаялі ўтрох — Марцін, Ігнат i Гардзей. Шкробат адчуваў, што ён між ix лішні, што Марцін i Ігнат хочуць застацца ўдвух, але ён не адыходзіў. Яго трымала пры Ігнату трывожнае адчуванне блізкай небяспекі.

Марцін кіўнуў галавою Ігнату:

— Хадзем. Пасядзім каля свірна.

Гардзей затрывожыўся: Ігнат хоча пра штосьці расказаць. Пра што? Чаму адзін на адзін? Toe, што Ігнат ні слова пра гэта не сказаў пры ім, навяло Шкробата на думку, што размова будзе мець да яго, Гардзея, блізкае дачыненне. Гардзей падаўся да бліжэйшай будыніны i схаваўся за ёю. Агледзеўся — за ім ніхто не сачыў. Цяпер, калі Марцін азірнецца i не пабачыць яго на ранейшым месцы, падумае, што Гардзей пайшоў дамоў.

Будынкі стаялі ў адзін рад, недалёка адзін ад другога. Абышоўшы будынак, за якім хаваўся, Гардзей пайшоў следам за Ігнатам i Марцінам. Ён баяўся, што яго прыкмецяць, але не мог астанавіцца, неадольная цікаўнасць i трывога вялі яго ўслед за імі.

Хутка ён пачуў непадалёк галасы. Гардзей пачаў ісці асцярожней. Ён спыніўся ля таго самага вугла, дзе стаялі Ігнат i Марцін. Цяпер ix раздзяляў толькі рог свірна, i Шкробат мог чуць амаль кожнае слова гаворкі.

— …Дык гэта ты патаптаў?! — я…

— Як-жа гэта ты?

— Недагледзеў. Заснуў… Ну, коні i ўбіліся… «Трахім» i яшчэ двое.

I раптам Гардзея сцебанулі Марцінавы словы:

— А я думаў, гэта Гардзей зрабіў. Ён у тую ноч трымаў у сябе каня з рамонтнай брыгады.

— Не, я… Не Гардзей…

— Які там ячмень патравілі! — строга прамовіў Марцін i дадаў спакайней: — Што-ж, перадам на праўленне, няхай разбярэ.

Шкробат з асцярогай, ад сцірты да сцірты, адступіўся прэч. Азірнуўся — ніхто не бачыў. Сэрца яго калацілася, ён прагна аблізаў языком засмяглыя раптам губы.

«Ледзь не ўліп… Добра, што я звярнуў тады гэта ў жарт. Беражонага бог беражэ. Яны заўсёды знюхаюцца… — Рукі яго дрыжэлі. — Усе… Усіх сцеражыся».

…Толькі ўвечары, пасля заходу сонца, калі пожня заблішчэла ў блакітным туманным святле маладзіка, зжалі апошнюю жменю аўса, склалі апошнія бабкі. Бабкі гэтыя складвалі ўсе жнеі разам.

Малання з апошняй жмені скруціла перавясла: яна строга шанавала старыя звычаі. Глянулі жнеі на апусцелае поле, на рады цёмных i блакітных бабак i радасна загаманілі.

— Колькі, скажыце, хапілі! За адзін дзень!

Задаволеныя, гарэзныя жнеі, абкружыўшы Алену цесным кругам, насыпаліся на яе.

— Ну, гаспадыня, цяпер расплачвайся, стаўляй вядро гарэлкі! Ды пабольшае!

— Конікі гагочуць — піць хочуць!.. Заслужылі-ж…

— Не выкручвайся!

Алена з удзячнасцю паглядзела на жанчын, — яе i «чужыя», усе перамяшаліся ў радасна-ўзрушаным натоўпе. Крыху разгубленая гэтай гарэзнай шумлівасцю, яна сказала:

— Ды ўжо-ж трэба-б паставіць. Нічога іншага не скажаш. Варта… — Усміхнулася. — Дзякуй вам вялікі, жанкі, за шчырую работу, за ваш клопат… Ад душы… ад усіх маіх людзей дзякуй!

Людзі знарок нездаволена зашумелі ў адказ:

— Э, а мы не ведалі, што ты такая скупая, гаспадыня… Ну, ну, не шкадуй, раскашэлься!

— Не-э, падзякай не адбудзеш!

Алена глянула на Марціна, які гадзіны за тры да вечара прыйшоў паглядзець, як ідзе жніво ў брыгадзе, i бездапаможна развяла рукамі, — выручай, таварыш старшыня. Марцін вельмі непакоіўся, што брыгада не паспее зжаць усяго за дзень. Тое, што ён убачыў, прыйшоўшы на поле, — бадзёрая ўзрушанасць жней, запал, суладная работа абедзвюх брыгад, — узрадавала яго i ўсхвалявала. Ён застаўся з жанчынамі да канца работы — памагаў зносіць снапы i складваць ix у бабкі.

— Гаспадар, відаць-такі, трэба раскашэліцца, — сказала Алена. — Заслужылі!

«Заслужылі… заслужылі, Алена», — падумаў Марцін, але, хаваючы ўсмешку, каб жартам паспрачацца са жнеямі, сказаў абыякава:

— Трэба як-небудзь, казакі мае, падумаць пра гэта…

У гэты момант Малання, непрыкметна падкраўчыся ззаду, перахапіла яго, нібы поясам, перавяслам:

— Цяпер, рыбка, не адгаворышся!

— Прыдзецца-такі капітуліраваць, — Марцін адразу падняў рукі. — Здаюся!

Жанчыны задаволена зашумелі.

— Дажынкі згуляем… на тым тыдні ў нядзелю.

Узрушаным, гаманкім гуртам жанкі рушылі аўсянішчам наўпрасткі на дарогу. Алена адстала, нібы ёй рупіў які-небудзь гаспадарскі клопат. Астаўшыся адна, акінула вачыма ахопленае дзіўным дымчатым прыцемкам поле, прысадзістыя шырокія бабкі, — такі загон зжалі! На апусцелым полі быццам казачны гарадок вырас. У поўзмроку, як здані, цьмянымі плямамі вызначаюцца дзве маўклівыя ігрушы, пасаджаныя некалі на мяжы Вольчыным бацькам.

— Скончылі! — уздыхнуўшы, выказала Алена ўголас пачуццё, што яе хвалявала. Ёй раптам успомніліся трывогі апошніх дзён, калі яна баялася, што спозніцца ca жнівом, i сэрца яе цяпер зайшлося ціхай, глыбокай радасцю: Алена ўсё блізка брала да душы — i боль i радасць. Якое шчасце пасля неспакойных дзён упартай працы, пасля ўсіх трывог, удач i няўдач, адчуць, нарэшце, радасць заслужанай перамогі! Сэрца Алены было ўсё напоўнена гэтай радасцю. Нават стома, што скавала цела, была салодкай i хмельнай, нібы радасць.

— Ну, хопіць любавацца! — неспадзявана пачула Алена Марцінаў голас.

Яна здрыганулася, збянтэжана агледзелася. Ззаду непадалёк стаяў Марцін. Ён з дакорам, усміхаючыся, паківаў галавою. Як яна не заўважыла, што ён стаіць амаль поруч i слухае! Марцін, не перастаючы дакорліва ўсміхацца, падышоў, узяў яе за руку.

— Ну, колькі-ж можна ўздыхаць! Як малая. Хадзем.

— Пачакай! Яшчэ трошкі…

«Чаму так добра, калі ён бярэ сваёй рукой маю руку?» — праплывае мімаволі ў галаве Алены думка. Ад яго поціску радасць Алены шырыцца, мацнее.

Раней таксама хораша было з ім, асабліва тады, калі яна не ведала гэтай непатрэбнай спрэчкі i крыўднага падазрэння. Цяпер сяброўскі поціск Алена прымае як узнагароду.

«У Андрэя таксама былі такія харошыя рукі…»

I раптам, нібы подых вячэрняга ветру, перапоўненае радасцю сэрца Алены крануў ціхі даўкі сум. Не той вядомы сум па Андрэю, a іншы. Яна сама не ведае, што гэта за пачуццё, нібы чагосьці не хапае. Вельмі неабходнага…

— Стамілася я! Здаецца-б, села тут на месцы i нікуды не пайшла-б.

— То давай сядзем, — сказаў Марцін. У голасе яго Алена пачула нейкія нязвыклыя хвалюючыя гукі, i сэрца яе сціснула няяснае шчымлівае прадчуванне. Гэта было такое харошае i такое нечаканае пачуццё, што яна збянтэжылася.

— Не, нельга, — таропка, амаль спалохана сказала яна i хутка пайшла: — Што… людзі скажуць?

Ён падаўся поруч, не выпускаючы яе рукі ca сваей.

— «Стамілася»… Нічога, Алена, хутка лепш стане. Які-небудзь год, i тут зноў пусцім машыны, больш, як да вайны. Электрастанцыю на Тур’і пабудуем… Добрае жыццё, Алена, будзе!

Некалькі хвілін абое ішлі моўчкі, напоўненыя адчуваннем нязнанай раней між імі блізкасці.

— Ноч якая!.. Дзіва, а не ноч! — прашаптала Алена. Яна ўзрушана стала. Следам за ёй спыніўся Марцін. Стоячы поруч, яны дзівіліся хараству навакольнага свету, з’іначанага ў дымчатым блакітным святле. Алена ўспомніла, што такая самая ноч была тады, калі яна думала адзінока ў сваёй няскончанай хаце тыя горкія думы.

«Не, не такая, — запярэчыла сэрца. — Тая ноч была іншая…»

— Алена, — сказаў Марцін, калі яны пайшлі, — а ведаеш, яна сама надумала паслаць табе помач?

— Насця?

— Насця. Прыйшла ўвечар да мяне, кажа: заўтра пашлю брыгаду Алене. I больш нічога не гаворыць — ганарлівая. А я акурат на тое збіраўся зрабіць нараду, паслаць усіх свабодных людзей у тваю брыгаду. — Марцін засмяяўся. — Я ўсё роўна паслаў-бы. Але яна апярэдзіла мяне, — ну я гэтаму i рад, добра, думаю, прыйшла — значыцца, шура-бура сціхла… Толькі яна… не ведаю ці казаць табе? — пасур’ёзнеў зноў Марцін.

— Кажы.

— Яна нібы прачытала, што ў мяне ў галаве, кажа: ты не думай, што я для Алены пайду, я для калгаса раблю, а не для Алены. A ў тым, кажа, што не Аленіны людзі нашкодзілі, я яшчэ сумняваюся…

— Сумняваецца? А ты таксама?

— Не, Алена. Я i тады не верыў у тое.

— Не верыў?! — узрадавана сказала Алена i ўдзячнымі цёплымі вачыма паглядзела на Марціна. — Не верыў… — сказала яна цішэй, апусціўшы вочы. — Гэта добра, што ты ў тую дарэмшчыну не паверыў, а мне… верыў… Хоць i не ведаў дакладна, а верыў… што я не магла зрабіць такую шкоду…

— Мне здаецца, — адказаў старшыня, — у сям’і так i павінна быць, каб усе адзін аднаму верылі. A інакш i сям’і добрай не можа быць. Якая-ж гэта сям’я — дзе адзін аднаму не давяраюць?

— Я ведаю, што пройдзе час — i ўсё выйдзе наверх. Але мне крыўдна, што яна можа, Марцін, думаць пра мяне такое…

Старшыня ўбачыў наперадзе цёмную статную постаць Насці, што стаяла на дарозе і, відаць, чакала ix, i выпусціў Аленіну руку.

— Заўтра пачнем малаціць, — перавёў на другое гаворку Марцін. — Твая брыгада, Алена, пойдзе першая. Апавясці людзей на заўтра.

Насця падалася насустрач ім i пайшла поруч.

Уперадзе нейчы ласкавы голас журботна, цягуча заспяваў:

Вецер вее, ой, вецер вее, ды вецер па-а-вява-ае,
Ой, вецер вее, вецер павявае!..
Ма-аці ў до-оні дый пра долю пыта-а-е.
Некалькі жаночых i мужчынскіх галасоў падхапілі дружна, суладна.

— Прыходзь сягоння ўвечары да мяне, — сказала Насця Алене. — Толькі не баўся вельмі дома. Павел прыехаў. I ты, Марцін, не спазніся…

— Я ўжо чула, што прыехаў… —Алена схапіла Насцю за руку. — Які ён цяпер?

— Усё такі-ж… — спакойна адказала Насця. — Учора, позна ўвечары, прыйшоў. Спазніўся на пасажырскі, дык ён да таварнага прычапіўся!

— Прыехаў!.. радуешся?

Сказала i падумала: якое глупства пытацца пра гэта. Вядома, радуецца. I раптам радасць Алены патухла. Сэрца апаліў боль. Павел прызываўся ў армію разам з Андрэем, у адзін дзень, на адной машыне ехалі яны ў горад. I служылі поўгода ў адной часці, пакуль не раніла Андрэя на фінскай вайне. Ca шпіталя ён вярнуўся ў другую часць, — i з той пары таварышы не бачыліся.

«Мой Андрэй не прыедзе…» Навеяны Паўлавым зваротам, у яе памяці зноў яскрава i жыва паўстаў вобраз Андрэя, шчаслівыя дні замужжа. Яны на час выцеснілі радасць, што прынёс Марцін.

— Дык чаго-ж ты прыйшла на работу? — з дакорам i здзіўленнем ускрыкнула Алена. — Сем-жа год не бачыла.

— Ну дык што? Цяпер-жа ён нікуды не дзенецца. Праўда, Марцін? — Вочы яе, было відаць, хітра заблішчэлі. — Дома будзе, яшчэ i надакучыць, хопіць часу… Я ўчора, як даведалася пра жняярку, раззлавалася на хлапчанё тое. Праз яго, нягоднага, цэлага поўдня страцілі. Раззлавалася на яго, а сама думаю — хіба я лепшая? Сабрала людзей сваіх — ды на выручку. Пашчыравалі разам, нібы адлягло ад сэрца…

Яна сціхла на хвіліну, а потым проста, нібы гаворка ішла пра нешта самае звычайнае, сказала з усмешкаю:

— Разышліся, як чорныя хмары, a сышліся, як ясны дзень.

— Я не рабіла таго, што ты на мяне ўзвяла…

— Ты гаворыш, нібы вінаватая… А я не люблю каяцца. Каянне, кажуць, позна ходзіць…

— Ты верыш, што не я?

— От якая ты. Не веру, а ведаю.

— Як гэта ведаеш? Ты ведаеш — хто?

— Ведаю. Не ты! — задаволеная жартам, засмяялася Насця.

— Ты ўсё рагочаш! А мне не смешна…

— Каяцца позна, а падумаць пра гэта можа i не лішне, — сказаў Марцін. — Трэба дбаць не толькі пра сябе. Не адна ты ў калгасе. Даражыць трэба, адным словам, сям’ёй нашай…

Наперадзе ў дзіўным месячным прыцемку шырокі i модны голас усіх жней, падтрымаўшы ласкавы задумлівы альт, журыўся:

Шэры гyci, ой, шэры гyci дый на моры начуюць.
Ой, шэры гyci дый на моры начуюць.
Яны мае, ой, яны мае дый усё горачка чуюць.
Насця таксама заспявала ціха, легка, але без пачуцця. Раптам яна сціхла:

— Пра сям’ю ты правільна гаворыш, Марцін… Каб думала я пра яе, не стала-б я ўзводзіць на Алену такое без доказу… i жняярку не ўзяла-б…

Яна абняла сяброўку.

— Шчаслівая ты, Настуля, — прамовіла раптам з тугою i задуменнасцю Алена. — У сарочцы нарадзілася. I прыгожая, i ўдачлівая. I чалавек жывы… Усюды ты шчаслівая!..

— От нашла што казаць! Дык ты прыйдзеш, Алена…

— А як-жа, прыйду…

1946 г. Глінішча

Павел прыехаў

Насця толькі што вярнулася ў хату, правёўшы кагосьці з гасцей. У пакоі стала прасторна i ціха, — пайшлі госці i панеслі разам з сабою i шум, i крыкі. За сталом сядзелі адны Павел ды Марцін.

Насця зморана апусцілася на лаўку, паклала абедзве рукі на ўскрай стала, нібы ёй самой цяжка трымаць ix, спакойна акінула чорнымі, зацененымі бяссонніцай вачыма таварышаў. Марцін хрыплым пасля песень i гарэлкі голасам апавядае пра нейкую партызанскую засаду. Правая Марцінава рука ляжыць на Паўлавым плячы, пальцы трымаюцца за пагон; здаецца, што Марцін толькі што абымаў таварыша. Павел слухае з цікавасцю, у вузкіх шэрых яго вачах час-ад-часу ўспыхваюць неспакойныя агеньчыкі…

Колькі-ж гэта яны будуць апавядаць адзін аднаму пра свае баі i засады, напэўна, канца не будзе іхняй размове, а на дварэ пачынае світаць. Насця знарок шырока пазяхнула i сказала:

— Пілі, елі, маладую бачылі? Пара i чэсць ведаць…

— Як тэта? — нібы не зразумеў Марцін. У кутках яго вуснаў затрапятала затоеная ўсмешка.

— А так — трэба ўставаць з-за стала.

— А-а, вунь што, загадваеш, значыцца, эвакуіравацца…

Марцін падняўся, падзякаваў Паўлу i Насці за пачастунак.

— Мусіць, i добра, што загадала, бо мы, пэўна, яшчэ сядзелі-б тут, сядзелі, ліха яго ведае колькі… Глядзі, Павел, ужо ноч сыходзіць?!.

На развітанне працягнуў Паўлу руку. Той рукі не падаў, прамовіў, зашпільваючы каўнер кіцеля:

— Я цябе правяду.

I вось — яны ідуць па маўклівай, зацягнутай ранкавым прыцемкам вуліцы, два шчырыя сябры, Марцін i Павел. Ідуць разам — упершыню за доўгія гады ростані. На вуліцы ні аднаго чалавека. Пад нагамі шамрыць прамочаны начной вільгаццю пясок.

Міма праходзяць ціхія хаты, сочаць за таварышамі соннымі, чорнымі вокнамі. Каля хат цёмныя здані дрэваў, што прыселі да зямлі ад цяжару галля, — сады; ад ix патыхае водарам налітых вострым сокам яблык.

Здалёку, з тока, даходзіць ціхае мармытанне. Малоцяць. Павел слухае гэтую гаворку, i ў сэрцы яго трымціць нешта напоўзабытае, як успамін маленства.

Сябры ідуць і, паддаючыся маўклівасці раніцы, маўчаць. Абодва адчуваюць, што яны сягоння блізкія i дарагія адзін аднаму, як браты. Каля хаты, у якой жыве Марцінава сястра, спыняюцца.

— Ідзі, Насця там чакае, не дачакаецца, — штурхае Марцін сябра ў бок, потым дадае з таварыскім дакорам. — Ты так i не расказаў нічога пра той бой за Берлін.

— Раскажу калі-небудзь… Цяпер, браце, у мяне не тое на душы — усё ніяк не нагляджуся на маіх партызанаўцаў… не надыхаюся, як пахне ў нас «спасаўкамі».

Павел шумна i прагна, на поўныя грудзі, увабраў ранішнюю свежасць, настоеную пахам яблык.

— Эх, каб ты ведаў, што мы адчувалі, калі вярнуліся з лесу, — успомніў Марцін. — Поўсяла, як пустыня, толькі попел ды галавешкі… Сэрца крывавымі слязьмі абліваецца… A ўсё роўна, ведаеш, радаваліся звароту…

— Хораша ў нас, Марцін, — шырыня, прастор… Там, у Нямеччыне, — неяк цесна, вузка, гняце ўсё… Кожны аддзяляецца каменнаю сцяною. Толькі за свой куток ды свой шнурок дрыжыць — дзіка мне ўсё гэта было. Я табе калі-небудзь пад настрой раскажу абавязкова… Прыехаў дамоў, дык лягчэй уздыхнуў. Шырыня, прастор!..

— А мне сягоння, прызнаюся, больш за ўсё да сэрца музыка. — Марцін змоўк, прыслухаўся. — Чуеш?

Павел, які ўвесь час мімаволі прыслухоўваўся да шуму малатарні, адказаў:

— Чую…

— У мяне, Павел, сягоння нібы свята — скончылі жаць, малоцім… Гара з плеч. Горача мне было з казакамі маімі ў жніўні гэтым, напёкся досыць. Але — добра, што добра канчаецца…

Раптам схапіў Паўлаву руку i моцна сціснуў.

— Ну, на гэтым скончым… Пара i чэсць ведаць, як Насця кажа. Ідзі адлежвайся, бо хутка ў работу вазьму. На адпачынак вялікі не спадзявайся, — хоць ты i друг мой, — не дам. Патрэбны ты, казак, мне…

— Не, брат, нічога не зробіш.

Павел смяецца, б’е Марціна па плячы:

— Нічога не зробіш — хоць ты цяпер i мае непасрэднае вышастаяшчае начальства, якому я павінен падпарадкавацца… Не маеш ніякага права… Пасля сямі год — як ні круці — сем месяцаў на адпачынак выходзіць…

Павел паціснуў на развітанне руку, паволі пайшоў дахаты. Ён думаў пра тое, што мінула сем год, як ён не рабіў у калгасе, сем не абы-якіх год, адгрукала тры вайны — i вось ён зноў ідзе па вуліцы, як хадзіў некалі хлопцам пасля спаткання з Насцяю… I Марцін тут ходзіць. Паранены, скалечаны… («Як шкода, што няма яго Ганны!..»)

Багата, багата каго не стала ў Каранеўцы. Андрэя няма… Гаркушы Андрэя, яго таварыша… Алена гадоў на дваццаць пастарэла (колькі гаварыў мне, бывала, пра яе Андрэй. А ёй — кожны дзень, мусіць, па два лісты пасылаў, пакуль можна было…)

I Каранеўка не тая цяпер. Палова яе — з таго краю, які будаваўся ў апошнія гады — пайшла з агнём; там, дзе цяпер папялішчы i новыя зрубы, стаялі раней прасторныя, светлыя хаты, цвілі пад вокнамі акацыі i каштаны. (Каля Андрэевай хаты на лавачцы збіраліся кожны вечар дзяўчаты i хлопцы — спачатку спявалі, гаманілі, потым разыходзіліся парамі, хто куды… Толькі Андрэй з Аленаю заставаліся на лавачцы, шапталіся аб нечым да світання)…

Падышоўшы да сваёй хаты, Павел спыніўся, раздумваючы, ісці ў хату ці можа пайсці ў поле, на шум малатарні, туды, дзе людзі… Пастаяўшы хвіліну, паволі падаўся далей. «Прыйдзе ўслед, знойдзе, харошая мая», — падумаў пра Насцю.

Чаму не хочацца спаць? — Ён-жа ўжо трэція суткі не счыняе вачэй, ушчэнт змардаваўся з дарогі i ад бяссонніцы. Чаму хочацца глядзець i глядзець на гэтыя палі, на хаты, слухаць няўціхнае мармытанне малатарні?

Эх, хто ведае, што цяпер у Паўла на душы?

У канцы вуліцы напаткаў старога чалавека ў вайсковай шапцы з выцвілым малінавым аколышам. Стары ішоў павольна, апусціўшы галаву, згорбіўшыся, у правай руцэ была сякера з доўгім выслізганым рукамі тапарышчам. Чалавек быў паглыблены ў нейкія свае думкі, відаць, разважаў сам з сабою. «Стары Скорык, Васілёў бацька», — пазнаў Павел.

— Дзядзька Скорык, куды вы так рана?

— А-а? — прахапіўся той. — Хто-ж гэта? — жмурыў блеклыя слепаватыя вочы стары, узіраючыся ў твар вайскоўца:

— Паўлік Абуховіч?! — пазнаў ён, нарэшце, i жоўтыя яго бровы слаба дрогнулі. — Мне казалі, што прыехаў, учора… Ды вось, на працу… Марцін сказаў, што трэба канчаць свіран… цеслярам сказаў.

— Вы ў цяслярнай брыгадзе?

— Што кажаш? Ага, цясляр, Паўлік… Дык я i іду…

— Рана-ж яшчэ, дзядзька Скорык! Хто-ж у такую рань пачынае працу?

— Э, чаго там рана, Паўлік. От дацягнуся памалу, вазьму сякеру ды буду цюкаць памаленьку…

«Колькі-ж яму цяпер год?» — падумаў са здзіўленнем Павел, пазіраючы ўслед старому, які паволі брыў па вуліцы. Яшчэ калі Павел ішоў у армію, Скорыку было каля сямідзесяці, ужо тады ён быў ледзь не самы стары чалавек у Каранеўцы. Яго аднагодкі або спалі ў зямлі, або сядзелі на печы, а стары Скорык яшчэ быў моцны, амаль штодня хадзіў са сваёю сякераю на калгасныя будоўлі…

Сонца пакуль недзе спала, але на вуліцы пачынала днець. На траве ляжалі буйныя мутныя кроплі расы. Павел павярнуў з вуліцы на дарогу, што паўз калгасны двор вядзе ў поле.

На дварэ, як i на вуліцы, было яшчэ пуста, адно каля кароўніка ішлі дзве жанчыны з цынкавымі вёдрамі, напэўна, даяркі. Раптам да Паўла дайшло спакойнае, прадяжнае — му-у, му-у-у, дыхнула салодкім пахам цёплага сырадою.

Ен акінуў шэрымі, крыху стомленымі вачыма спачатку прыземістую даўгую будыніну кароўніка, на якой яшчэ не паспелі пасівець бярвенні, потым канюшню, што цягнулася насупраць, з другога боку двара. За канюшняй тырчэў яшчэ адзін даўгі зруб, але няскончаны; пляскаты яго верх, без крокваў, нагадаў Паўлу хаты, якія ён бачыў, калі ваяваў на Каўказе.

Паўлу ўспомніліся Марцінавы словы: «Горка было спачатку. Hi каня, ні каровы. Толькі вол, дый той гол, як у прымаўцы… Мяхі з насеннем плішчылі аж на „Кругі“ на ўласным гарбу. Зямлю дык жалязякамі калупалі…»

За калгасным дваром на выхадзе ў поле яго дагнала Насця.

— Лёг-бы, падрамаў трохі! Нібы не паспееш пабачыць заўтра. А то вочы, як медзякі, — папракнула Паўла i, гарэзна ўсміхнуўшыся, дадала: — Калі яшчэ я гадзінку пабуду з табою адна? То жніво, а то госці — нацалавацца як след няма калі…

Павел засмяяўся. Да спадобы была яму Насціна задзірыстая шчырасць i вясёласць…

— Што-ж гэта вас ні свет ні зара прынесла сюды, — такімі словамі спаткала ix Алена, калі яны прыйшлі на ток.

— А ты вось запытайся яго, — Насця з папрокам зірнула на свайго чалавека. — Хіба-ж яго, упартага, стрымаеш?.. Ат, няхай, не перарвецца… Паспіць яшчэ, хопіць часу.

Алена засядзелася на вечары ў ix у гасцях нядоўга. Павел, для якога яна была вельмі дарагім госцем, з самага пачатку вечара заўважыў, што ёй сярод гэтага вясёлага тлуму i гаворак нялёгка. Павел непрыкметна сачыў за ёю i стараўся развесяліць. Алена то смяялася разам з усімі, то раптам хмурнела, пухкія, як у дзяцей, губы дрыжэлі, i Паўлу здавалася, што яна вось-вось зарыдае. Яна першай паднялася i пачала было развітвацца, але Насця ўгаварыла яе застацца. Усё-ткі Алена села за стол неахвотна. Не мінула, напэўна, i поўгадзіны, як устала зноў…

На мастку стаіць Вольга. Як заўважыла Паўла, кінула ўсё, саскочыла. Усміхаючыся шырока, папраўляючы рукою запыленыя бялявыя валасы, што выбіліся з-пад хусткі, падышла да Паўла.

— Дзень добры, Павел! Паглядзець хочаш на нас тут… Шумна тут, пыльна — бачыш — чорная якая? I няёмка паказвацца такой госцю.

— Ну, скажаш. Самы прыгожы выгляд! Пазайздросціць можна!

— Не смейся, Паўлік!

— Ад шчырага сэрца, Волечка!..

Каля Паўла хутка збіраўся натоўп. Пра тое, што ён вярнуўся з арміі, ведала, мусіць, усё сяло, але бачыць яго давялося мала каму, бо людзі ўвесь дзень былі на полі. Ад сцірты, ад трактара, ад вазоў, на якіх вазілі снапы i мяшкі са збожжам, падыходзілі i падыходзілі жанчыны, мужчыны, падлеткі. Віталіся з земляком.

Шмат каго з моладзі Павел не пазнаваў, бо тыя, калі ён ішоў у армію, былі дзецьмі i за гэты час вельмі змяніліся.

— Чый-жа гэта? — не раз пытаўся ён, падаючы руку якому-небудзь доўгаму загарэламу падлетку з віхрастаю чупрынаю.

Людзі лавілі кожнае слова, якое казаў Павел. Усе чакалі, Павел зараз пачне расказваць пра баі, пра заграніцу. А Павел нічога не адавядаў, a ўсё распытваў—пра ix клопаты, пра малацьбу, пра жніво.

Цікаўныя вочы маладых найбольш пазіралі на пагоны з трыма зорачкамі i маленькімі танкамі, на тры ордэны i на медалі, што зіхацелі на грудзях. Яны глядзелі на земляка з гордасцю, і, напэўна, не адзін з ix пазайздросціў Паўлу… Старым больш кінулася ў вочы, што Павел вельмі змяніўся за гэтыя гады з аблічча. Па краях шырокага добрадушнага рота глыбока ўеліся два раўчакі маршчын. На шчаках i на шырокім, з надброўнымі дугамі, ілбе бялела некалькі плям, якія асталіся пасля аднаго бою, калі Паўлаў танк згарэў ад нямецкага снарада.

…Пусціце-ж мяне хоць вокам зірнуць… — пачуў раптам Павел за натоўпам сярдзіты старэчы голас. — За гэтай блазнотай ніколі нічога не пабачыш!.. Адыдзіце вы ўбок!

Праз жывую густую агарожку людзей да Паўла праціснулася хударлявая старая жанчына з сухім зямлістым тварам, з зеленаватымі, строга прыплюшчанымі вачыма.

— Можа, ужо i не пазнаёш мяне? — наўмысля няласкава прабурчэла яна.

— Як гэта не пазнаю вас! Што вы! Такога вядомага чалавека не пазнаць? Цётка Малання!

— Помніш, значыцца…

Пад добрадушныя смешкі людзей сурова аглядзела ўсю шырокаплечую, карчакаватую постаць Паўла, сухою, учэпістаю рукою ўзяла кружок медаля і, наблізіўшы да яго сухі твар, марудна, па складах прачытала: «За взяти-е Бер-ли-на».

— То ты Берлін, значыцца, браў? А бо, а я не ведала, што там наш караневец быў! То ты там увесь час i жыў? Гэта-ж год, мусіць, цэлы год… Што-ж ты там так доўга рабіў?

I раптам скамандавала:

— А ну, пакажы, рыбка, ручкі. Пэўна, беленькія, мякенькія — адвыклі ад мужыцкай працы?..

— Што вы, цётка! — папракнула з патоўпу Лізавета. — Сароміце нас перад чалавекам!.. Спатканне называецца — толькі што чалавек прыехаў, а вы яму — з такім прыветам!..

— Не падказвай!

Старая памацала шырокія, з плямамі ад апёку рукі, але нічога не сказала. Відаць, рукі тыя Паўлавы былі таксама шурпатыя, працавітыя.

— Указчыца знайшлася, — буркнула без злосці ў бок Лізаветы, — сама ведаю, што рабіць…

Ад таго, як стала малатарня, мінула якіх-небудзь некалькі хвілін, а Алена занепакоілася — трэба зноў пачынаць… Пабачылі Паўла i хопіць, нельга больш марнаваць часу. Вось хіба прыйдзе дзённая змена, тады, ідучы ў сяло, i пагаворым i паслухаем.

Няхай Павел не крыўдзіцца, што сустрэча гэтая такая кароткая. Ён-жа ведае, што Алена адрывае людзей ад яго зусім не таму, што лічыць яго за абы-якога госця.

Яна загадала станавіцца на месцы. Трактарыст падышоў да трактара; упёршыся леваю рукою ў бліскучы вобад пярэдняга кола, раз, другі крутнуў ручку. Трактар залапатаў — спачатку ціха, з перабоямі, нібы чалавек, што душыцца кашлем; потым усё хутчэй, покуль лапатанне не злілося ў роўны, мерны гул. Крануўся i папоўз пас. Вольга падала ў барабан разгорнуты сноп, барабан перастаў лескатаць, загуў басам — напружана i цяжка.

Павел, як зачараваны, пазіраў на спрытныя, быстрыя Вольчыны рукі, на вузкія пакатыя плечы, якія яна час-ад-часу паварочвае туды-сюды, нібы дапамагаючы рукам. «Умее рабіць, нічога не скажаш, умее… — думае Павел з адабрэннем. — А да вайны, здаецца, ніколі не станавілася на масток!»

— Волька-ж — малайчына, а! — падышоўшы да Алены, ківае Павел у бок Вольгі.

— Гэ-эх, хлебным пылам пахне… — удыхае Павел забыты пах свежай саломы, пах сухога жыта — такі дарагі i знаёмы, што шчыміць у горле. — Даўно я не спытаў такога…

Праз шум малатарні Алена амаль не пачула, што гаварыў ёй Павел, але, i не чуючы тых слоў, яна ведала значэнне ix. Чулым сэрцам угадала Паўлаў настрой; не памылілася, калі падумала, што запаліла салдата.

— Цяпер мне, напэўна, адстаука? Куды мне, мусіць, да Волькі?.. Ці, — можа, паспрабаваць?..

Не спяшаючыся, пачаў расшпільваць кіцель, зняў яго i, акуратна склаўшы, падаў Насці.

Цяпер — без кінеля, без ордэнаў, у белай палатнянай сарочцы — ён раптам стаў падобны да ўсіх тых, хто працаваў пры малатарні. Ідучы да Вольгі, на хаду закасаў рукавы.

— Гэ-эх, даўно я не трымаў снапа…

Узляцеў на масток, узяў з Вольчыных рук разгорнуты сноп i пусціў на барабан. Людзі, што падавалі сноп, пабачыўшы шырокаплечую Паўлаву постаць на мастку, заварушыліся жвавей. Хоць i быў Павел сваім чалавекам i не раз некалі стаяў на мастку, хоць цяпер у сарочцы з закасанымі рукавамі i не вылучаўся звонку нічым ад іншых калгаснікаў, але-ж даўно людзі не бачылі яго тут. З насцярожанасцю i ўвагай сачылі за мускулістымі дужымі рукамі, нібы правяралі, ці не адвык Павел.

Паўлавы рукі, шырокія, вузлаватыя, ходзяць спакойна i ўпэўнена, быццам нічога іншага не ведалі, a толькі калгасную працу. Нібы не танкам кіравалі яны сем год, а рассцілалі снапы перад барабанам або касілі сена.

Па ўсім відаць: не адвык Павел.

Сэрца Паўла захлынаецца ад радасці, што ён зноў стаіць за мастком, зноў убірае пах сухога жыта.

Увішная Малання безупынку развязвае сноп за спапом, падсоўвае да Паўла. Той падаё ў барабан.

— Папрацуй, сынок. Гэта табе не ў машыне сядзець!

Мігатлівыя вылізаныя білы хапаюць густыя шапаткія сцябліны, прагна ўцягваюць у пашчу малатарні. Барабан раве напружана, як танк, што ўзбіраецца на rapy.

Hi на хвіліну нельга спыніцца, бо снапы ўсё падыходзяць i падыходзяць. Ледзь толькі прыпознішся падаць сноп, як барабан пачынае злавацца, лескатаць…

Навокал мітусяцца людзі — адны падаюць або развязваюць снапы, другія — граблямі адкідаюць пульхныя скамечаныя абярэмкі саломы, трэція — коньмі адвозяць у стог пружыністыя копы. Нібы штосьці адлічваючы, рытмічна стукае саламатрас.

Усё варушыцца, спяшаецца, ходзіць, быццам часткі адной вялікай машыны. Над малатарняй паднімаецца i трапеча ў ранішнім жнівеньскім спакоі рудая хмарка…


Прыйшла дзённая змена. Над полем, над сінім поясам далёкага лесу зіхапела сонна. Малатарню спынілі.

Саскочыўшы з мастка, Павел убачыў каля незавязанага поўнага мяшка Марціна. Старшыня стаяў, абапіраючыся на кіёк, — ён зачэрпнуў далонню ў мяшку, падняў жменю, пачаў прыглядацца да зерня.

Поруч з Марцінам стаяла Алена, нейкая дзіўная, вінавата памаладзелая.

Атрэсваючы пыл, што ценным пластам наляпіўся на сарочку, Павел падышоў да ix.

— Што вы тут варожыце?

— Ды вось гляджу, ці не намалоў ты мне, малоцячы, мукі заадно? Думаю, можа, ён так пастараўся, што ў млын не трэба везці…

— Ну i як, не пабіў зерне?

— Не пакуль, калі праўду казаць, нават круп не нарабіў! У млын, адным словам, трэба будзе везці.

— А салома чыстая? — запытаўся Павел у Алены.

— Чыстая…

Павел узяў жменьку сухіх, прадаўгаватых, з прадоўжнымі раўчачкамі зярнят i паклаў у рот. Расціснуўшы зубамі, ён адчуў прэсны смак свежай мукі.

На яго твары цемнаватыя плямы ад апёку i мутныя шнуры ад пылу перамяшаліся. Здаецца, што ўсе гэтыя плямы сыйдуць адразу, як толькі пырснеш вадою.

Марцін раптам усміхнуўся.

— Ты што-ж гэта, таварыш танкавы начальнік, не стрымаў свайго слова пра водпуск?

— Вінават! Каюся, Марцін!.. Не ўтрываў, разумееш, — захацелася паспрабаваць… I, брат, здаецца, някепска атрымліваецца, а, як ты думаеш? Атрымліваецца? Ну, вось… А наконт водпуску я пажартаваў тады — мне, Марцін, i сем дзён замнога… Так што, як кажуць, ты май на ўвазе…

1947 г.

Таварышы

I

— Больш ніхто не хоча выступаць? Ніхто… Тады будзем галасаваць. Ёсць адна прапанова — аб’явіць кандыдату партыі Баклану вымову. Хто за яе — падыміце рукі… — Хлопец год дваццаці двух у чорным суконным пінжаку i вышыванай сарочцы, старшыня партыйнага сходу Гаўрыльчык, стоячы за сталом, абвёў карымі жалудовымі вачыма пяцярых чалавек, што сядзелі ў пакоі. — Усе. Апусціце рукі. Аднагалосна… Аб’яўляем вымову…

Хвіліну стаяла неспакойная цішыня. Хтосьці важка павярнуўся, i пад ім рэзка зарыпела крэсла.

Гаўрыльчык узяў са стала лісток, на якім быў напісаны парадак дня, i прачытаў другое пытанне.

Баклан, шырокаплечы, модны чалавек, у вайсковай гімнасцёрцы, на якой зіхатліва паблісквалі два ордэны, павольна падняўся i накіраваўся да дзвярэй.

— Ты куды, старшыня? — Запытаў Зубец, парторг.

— Пакурыць…

Ён стараўся ісці з выглядам спакойнага i ўпэўненага чалавека, які не зважае на тое, што пра яго гавораць, i ведае сабе цану. Вайсковыя хромавыя боты яго стукалі цвёрда i моцна, i ўсе, хто сядзеў на сходзе, павярнуліся на гэты стук i сачылі за старшынёй, пакуль ён, гучна бразнуўшы дзвярыма, не апынуўся ў цёмным калідоры сам-на-сам.

У калідоры Баклан спыніўся, запаліў папяросу. Аднак, разы са два пацягнуўшы, кінуў яе на падлогу i наском бота расцёр. Мімаволі падумалася, што хоць i хацеў на сходзе здавацца спакойным, усё-такі хваляваўся, перажываў, як якая-небудзь дзяўчынка. Прыкра было адчуваць, што іншыя заўважылі ўсё гэта, i ён цяпер аблаяў сябе ў думках.

З пакоя даходзіў спакойны, сіплы, нібы прастуджаны, голас Зубца; старшыня абыякава прыслухаўся — гаворыць аб падрыхтоўцы да зімовых нарыхтовак лесу для данбаскіх шахт.

Прыгадаліся апошнія словы Гаўрыльчыка, якімі той заключыў абмеркаванне справаздачы старшыні: «абвясціць вымову…»

«Абвясціць вымову…» — Баклан іранічна хмыкнуў: гэтыя словы здаваліся ў дачыненні да яго такімі недарэчнымі i дзіўнымі. — «Вымову — мне?!.»

Ен хвіліну стаяў нерухома, нібы чакаў адказу на сваю думку, — потым, не дачакаўшыся, выйшаў на двор.

Жоўтае святло з акна падала на змятую мокрую траву, якая цьмяна, маслена ільснілася, падымалася на завостраныя штакеціны агарожы. Ідучы праз двор, Баклан на міг азірнуўся на акно i ўбачыў у ім рослую, з тонкай шыяй, з вузкімі пакатымі плячыма, постаць Зубца.

Гэтая вымова — галоўным чынам праз Зубца, які ўжо даўно настойваў, каб паставілі Бакланаву справаздачу, а цяпер, на гэтым сходзе, выступаючы першым, кідаў калючымі словамі: «адарваўся ад жыцця», «зазнаўся»… «заспакоіўся»…

У старшыні даўно былі нелады з Зубцом, які заўсёды чапіўся да яго, не хацеў, нібы знарок, заўважань Бакланавых заслуг i надакучаў частымі размовамі пра калгасныя справы. Яму ўсё адно — заслужаны ты чалавек ці звычайны. I адкуль у Зубца такая пагарда да заслуг. Можа, у самога яго большыя? Дык не-ж. Ён, праўда, ваяваў таксама недзе на фронце, але як ён там ваяваў, — нікому невядома, — сам-жа ён чамусьці не любіць расказваць пра гэта. Хоць, праўду кажучы, чаму не любіць, можна здагадацца, — відаць, няма аб чым апавядаць. Баклан упэўнены, што ваяка з яго быў не асаблівы. Затое цяпер ён стараецца паказаць сваю смеласць. Нават яго, Васіля, пачынае вучыць.

Баклан ужо даволi далека адышоў ад канцылярыі, калі схамянуўся, падумаў, што час вярнуцца на сход. Там яго чакаюць.

Аднак вяртацца не хацелася, i ён паволі пабрыў дахаты.

Дома была маці, старая маўклівая жанчына, з уважлівымі чорнымі вачыма, — яна вязала сыну з белай шэрсці панчохі на зіму. Старая чулым мацярынскім позіркам адразу заўважыла, што сын нечым запепакоены.

— Што з табою, Вася?

Васіль, не зірнуўшы на яе, неахвотна буркнуў нешта ў адказ.

Ён падышоў да стала і, рассеяна пазіраючы на свае фотакарткі, што ў некалькі радоў ляпіліся на сцяне, думаў узрушана.

Кепская ў людзей памяць. Ці даўно Баклан зняў з гэтага шырокага афінэрскага пояса, якi ён i цяпер носіць, трафейны «вальтэр», ці даўно куляліся пад адкос вагоны апошняга нямецкага эталона, спушчанага Бакланам, — а вось сёння яго папракаюць ужо за тое, што ён носіцца са сваімі партызанскімі заслугамі.

Не, няма належнай павагі да заслужанага чалавека. Ён адчуў сябе пакрыўджаным і адзінокім і ад душы пашкадаваў, што поруч няма таварышаў з тых незабыўных дзён.

Позірк Васіля мімаволі спыніўся нa фотакартцы, дзе ён быў зняты з камандзірам атрада. Кавалевіч сядзіць, прытуліўшыся шырокай спіною да таўшчэзнага камля, а ён, праслаўлены падрыўнік, стаіць на кукішках і, паказваючы штосьці на карце, дакладвае пра вынікі аперацыі на «жалезцы».

Баклан раптам прыгадаў, што не бачыўся зКавалевічам вось ужо два гады, ад таго, як партызаны разышліся па калгасах, па розных установах выконваць новыя, мірныя заданні. Воблік камандзіра, Івана Савіча, паўстаў перад ім так яскрава, нібы толькі ўчора яны рассталіся.

Баклану захацелася раскрыць перад ім свае думкі, падзяліцца сваёю крыўдаю. Хто, як не Кавалевіч, зразумее i ацэніць усё па-сапраўднаму.

Ен дастаў з палявой сумкі, што вісела на сцяне, як памятка былых дзён, лісток паперы, сеў за стол насупраць маці i пачаў адразу хутка пісаць — ламаным няроўным почыркам: «Пісьмо ад вядомага табе падрыўніка Баклана…»

Аловак у цвёрдай яго руцэ не пісаў, a выціскаў на паперы рэзкія, адрывістыя літары. «Сэрца» алоўка некалькі разоў крышылася. Ён пісаў пра тыя слаўныя дні, калі з Кавалевічам біў гітлераўцаў, скардзіўся, што некаторыя хутка забылі людзей, якія тады здабылі сабе вялікую славу, што яго, камандзіра-падрыўніка, тут заціраюць… У гэтым месцы «сэрца» алоўка зламалася. Баклан завастрыў аловак i стаў пісаць далей.

Увесь ліст — чатыры старонкі са сшытка — ён напісаў адразу, як кажуць, — адным подыхам. Ліст быў усхваляваны i бязладны; адна думка перабівала другую.

Напісаўшы ліст, Баклан адчуў прыемную палёгку, быццам радкі ліста забралі ўвесь цяжар, што зваліўся на сэрца пасля сходу. Вымова… Няхай — вымова. Ці варта яму вельмі непакоіцца праз гэта. Тыя, хто даў яму спагнанне, — людзі звычайныя, не выдатныя нічым, не раўня яму…

Назаўтра ўранку ён занёс ліст на пошту.

…Калі Баклан вярнуўся з пошты, то неспадзявана стаў разважаць — ці трэба было пра ўсё пісаць Кавалевічу.

Яго пачало тачыць сумненне: а можа Кавалевіч таксама забыўся. Ён-жа цяпер загадчык прамысловага аддзела абкома. Новая праца, новыя таварышы… Гэта было-б горка — расчаравацца ў камандзіры, бо Баклан вельмі верыў яму.

Праходзілі дзень за днём, а адказу на ліст не было. Ён так чакаў вестку ад камандзіра атрада, што кожны дзень пасля абеду, калі звычайна прывозілі газеты i лісты, хадзіў на пошту.

— Нешта вы зачасцілі да нас, Пятровіч, — заўважыў аднойчы загадчык аддзялення, старэнькі беленькі чалавечак. — Можа, які-небудзь важны цыркуляр чакаеце?

— Цыркуляр, Майсеевіч!.. — іранічна прамовіў старшыня i таямніча на вуха шапнуў старому: —Дзяўчына ў мяне ў горадзе ёсць… Абяцала пісаць i — хоць-бы слова!..

— А, вер ты цяпер дзяўчатам!..

Тым часам у гэтыя дні Баклана ўсё больш апаноўвала няўпэўненасць, невядомая раней гэтаму чалавеку.

Ён пачынаў у глыбіні душы адчуваць, што як ні прыкра, трэба прызнацца, што ён памыліўся, што мае рацыю не ён, a іншыя — якія галасавалі за вымову.

Сумненне пачало змяняцца непакоем. Цяпер Васіль стаў часам пабойвацца прыезду Кавалевіча.

Кавалевіч яшчэ, чаго добрага, дадасць да ўсяго. Партыйнага сходу, — скажа, — не паслухаўся. Распусціўся… Забыў пра абавязак перад комсамолам, перад партыяй…

Цяпер, пасля сходу, бачылі, ён стаў нейкім стрыманым, паглыбленым у сябе. Пачаў больш прыглядацца да жыцця ў калгасе. Праверыў, як трымаюць у свірне насенне, i выявіў, што ў ім многа вільгаці. Ну i дасталося кладаўшчыку ад старшыні: доўга будзе помніць нядбалец. Некалькі дзён пасля гэтага Баклан зноў заходзіў сюды, сачыў, як ідзе прасушка. Выклікаў да сябе ў канцылярыю ўсіх людзей, якія мала хадзілі на працу, пагаварыў з кожным…

Часам, аднак, непакой адыходзіў. Да яго вярталася ранейшая ўпэўненасць i бесклапотнасць. «Не, Кавалевіч не можа забыць таго… — думаў ён. — Кавалевіч ацэніць…»

Аднойчы, так i не дачакаўшыся ліста, Баклан запрог каня i паехаў на Прыпяць да знаёмага рыбака, куды ён любіў часта наязджаць i раней. Васіль вельмі любіў, як сам казаў, «ласавацца рыбкаю», — бывала, цэлымі тыднямі прападаў з рыбакамі на ціхіх прыпяцкіх водах. Прыемна, спакойна на рацэ, асабліва, калі багаты ўлоў, але не менш падабаліся Васілю вечары на беразе — вясёлы агонь, на якім булькоча-кіпіць у катле юшка…

Пад вечар у той самы дзень прыехаў Кавалевіч… Яго сустракаў Гаўрыльчык, Бакланаў намеснік.

II

Як толькі пачало займацца на дзень, Кавалевіч прахапіўся. Першае, што ён пачуў, — недзе непадалёк аб дрэва бразнулі вядром, услед за гэтым працягла зарыпеў журавель. Кавалевіч адкінуў коўдру, пачаў апранацца. Можна было-б яшчэ спаць: ноччу яны з Гаўрыльчыкам доўга гаварылі i разышліся толькі а чацвёртай гадзіне. Да таго-ж спяшацца сёння няма куды — ён прыехаў у госці, Але Кавалевіч ведаў, што ляжаць больш не зможа, гэта быў той час, у які ён заўсёды падымаўся. Кавалевіч у змроку вобмацкам знайшоў боты, хутка абуўся i выйшаў у другі пакой, дзе спаў Гаўрыльчык.

Таго ў хаце ўжо не было. Арына, Гаўірыльчыкава жонка, завіхалася пры печы, у якой лютавала прагнае полымя. Яна якраз, пазіраючы ў печ, ставіла на вілках чыгун, накрыты скавародкаю. Паставіўшы чыгун, яна кісцю рукі выцерла лоб i лагодна прывіталася з госцем. Гэта была невысокая, але статная, маладая жанчына, вельмі спакойная i павольная. На яе пухлых дзіцячых шчочках, каля кірпатага носіка, пунцавелі ад спёкі, якая патыхала з печы, два кругі. Арына сказала, што Рыгор ужо гадзіну, напэўна, як на калгасным дварэ.

— Па сена людзей, бачыце, трэба паслаць. Дык Рыгорка падаўся, непакоіцца, каб якой замінкі часам не было… — яна вілкаю прыгарнула жар да чыгунка, уздыхнула. — Ой, гора мне з ім… Цэлыя дні, бывае, не загляне ў хату…

Арына падала госцю мыла ў мыльніцы з зялёнай пластмасы, стала паліваць з мядзянай конаўкі на вялікія бледныя рукі госця. Пры гэтым, не сціхаючы, увесь час гаманіла.

— …Ну, што-б яму — рабіў-бы за сябе i хопіць. Гэта-ж столькі людзей у калгасе, столькі клопату ў кожнага. Хіба за ўсякім даглядзіш? Дык не-ж, ён да ўсяго мае дачыненне. Усюды сваё слова ўставіць!.. Баклан не глядзіць сам нічога, дык ён i за яго, за старшыню, стараецца… А як-жа, ён, бачыце, намеснік.

Кашлатыя чорныя бровы Кавалевіча насцярожана падняліся — зараз яшчэ што-небудзь скажа пра Баклана. Не, усё пра адно, пра Рыгорку свайго…

— Баклан — што-ж, выходзіць, не глядзіць? — запытаўся, здавалася абыякава, Кавалевіч, далонню сціраючы з шырокага зямлістага твару ваду.

Яна адказала не адразу. Вынесла з пакоя, дзе спаў Кавалевіч, чысты з вышыванымі пеўнікамі ручнік, падала госцю. Потым махнула рукою…

— Кепска, скажу я вам, калі тваім начальнікам заслужаны чалавек. Яму хочацца то на Прыпяць, то ў горад ехаць, — ліха яго ведае, чаго захочацца чалавеку на выгодзе! — a калі што трэба, то ты рабі, Рыгорка… Прыедзе хто з райза ці з эмтээса — усе да Рыгоркі.

Яна накіравалася была да печы, але раптам спынілася і, павярнуўшы да Кавалевіча поўны, круглашчокі твар, бліснуўшы весела вачыма, дадала:

— Тут у нас пра яго, пра Баклана, жартуючы, кажуць: харошы старшыня — трынаццаць нямецкіх эшалонаў спусціў!

Яна засмяялася так шчыра i простадушна, што Кавалевіч таксама ўсміхнуўся. Цяпер яна пачала зноў гаспадарыць пры печы. Рабіла яна, як i гаварыла, павольна, без мітусні.

Кавалевіч вярнуўся ў свой пакой. На дварэ цяпер сінеў не густы ранішні змрок, i ў вулічным акне былі відаць голыя кусты бэзу, што курчыліся ад вільгаці i сцюжы, i чорныя, як-бы сатлелыя, сцябліны кветак. Да Кавалевіча вярнуліся неспакойныя думкі пра Баклана. Словы Арыны не былі для яго нечаканымі. Ён ужо ведаў пра партыйны сход, на якім слухалі справаздачу старшыні, пра адносіны старшыні да парторга, — аб гэтым яму расказаў учора Гаўрыльчык. Праўда, Рыгор гаварыў пра Баклана неахвотна i ўсяляк імкнуўся абысці гэтую прыкрую тэму. Часней за ўсё ён адгаварваўся двума словамі— «сышоў з рэек». Аднак Кавалевіч i з тых вестак ужо добра ўяўляў сабе паводзіны Баклана, i яны выклікалі ў ім трывогу.

Баклан калісьці быў камандзірам падрыўной комсамольскай групы. Партызанскім атрадам «Смерць фашызму», у які ўваходзіла гэтая падрыўная група, камандаваў Кавалевіч. Камандзіру атрада прыйшоўся да спадобы малады начальнік падрыўнікоў за адвагу i рашучасць. Ніхто іншы, a камандзір атрада — Кавалевіч — назначыў Баклана кіраваць групай, Кавалевіч-жа паручыўся за комсамольца-падрыўніка, калі той уступаў у партыю.

Месяцы чатыры назад Баклан стаў старшынёй калгаса. Ён у той час прыехаў з Мінска, з курсаў, на якіх правучыўся амаль год. Кавалевіч аб выбранні Баклана даведаўся на адной з абласных нарад ад сакратара райкома, — ён сказаў, што лепшага старшыні i жадаць не трэба, бо яго падрыўнік быў, акрамя ўсяго, добрым арганізатарам. I вось — на табе…

Неўзабаве Кавалевіч пачуў, што ў суседні пакой, бразнуўшы клямкаю, нехта ўвайшоў. Дзверы між пакоямі былі зачынены, i хто ўвайшоў, яму не было відаць, аднак ён пазнаў крокі Гаўрыльчыка. Гаўрыльчык хутка прабег праз пакой да печы, дзе поркалася Арына. «Зачакалася, мусіць, перапёлачка? Не?! Ой, няпраўда: не паверу… Я замаркоціўся без цябе…» — дайшло да Кавалевіча. Арына лагодна папракнула: «Маўчы, пасароміўся-б чужога чалавека — там-жа ўсё чуваць».

«Чуваць! Што там чуваць… баязліўка ты мая!» — каб пацешыцца над Арынінай асцярогай, знарок мацней прагаварыў Рыгор. Арына, мусіць, закрыла яму рот. Кавалевіч, чуючы ўсё гэта, не мог стрымаць усмешкі.

Потым Рыгор прыадчыніў дзверы ў Кавалевічаў пакой.

— Можна да вас?

— Заходзь.

На маладым абветраным твары Гаўрыльчыка асабліва выдзяляліся лагодныя карыя вочы, падобныя на два спелыя жалуды. Ён быў апрануты ў суконны пінжак, з-пад якога віднелася вышываная чырвоная сарочка; сінія армейскія штаны былі запраўлены ў кароткія, з шырокімі халявамі, старыя боты.

— Ну, накіраваў людзей па сена, — сказаў ён павольна, з выразам заклапочанага нечым чалавека. — Сёння адправілі сем падвод. Паехалі далека, аж у Церамоскае. Адсюль кілометраў сем, мусіць, будзе… Што гэта вы так рана ўсхапіліся, Іван Савіч?

Куточкі строгіх, рэзка акрэсленых вуснаў госця ледзь прыкметна задрыжэлі ад затоенай усмешкі: няўжо перад ім той самы гарэзны хлопец, які толькі што жартаваў з жонкаю. Паважнеў, нахмурыўся…

— Ты-ж яшчэ раней устаў, — адказаў Іван Савіч.

— Раней, то раней. Але мне нельга спаць, Іван Савіч, я на рабоце. У мяне клопаты. Тут, здаецца, рад паспаць-бы яшчэ гадзінку, дык думкі розныя раскатурхаюць да часу. Падымаюць самі, як кажуць: каму прырупіць — вочы пралупіць. А вы — госць, птушка вольная, прыехалі ў адпачынак, пагуляць, дык гуляйце.

«З майго атрада», — падумаў мімаволі Кавалевіч. Ен раптам заўважыў, што з учарашняга дня, з сустрэчы, стаў неяк асабліва ганарыцца тым, што Гаўрыльчык з яго атрада. Баклан i Гаўрыльчык былі ў адной групе, першы — камандзірам, a другі — байцом. Гаўрыльчык таксама лічыўся ў атрадзе някепскім падрыўніком, хоць i не было ў яго паводзінах такой кідкай адвагі i шумлівасці, як у яго камандзіра. Ён усё рабіў ціха, проста, нічым не вылучаючыся з дзесяткаў другіх, такіх-жа малапрыкметных, людзей…

Арына паклікала снедаць. Кавалевіч прыпыніў Рыгора.

— Баклан яшчэ не прыехаў?

Па тым, як камандзір запытаў, Гаўрыльчык здагадаўся, што той нецярпліва чакае Баклана.

— Не… няма, — вінавата адказаў Рыгор, нібы ён быў вінен, што Баклан не прыехаў.

Пасля снедання пайшлі на поле паглядзець, ці добра ідзе малацьба. Кавалевіч прыехаў сюды не толькі для таго, каб пабачыцца з Бакланам, — яму таксама хацелася даведацца, як жывуць яго таварышы-партызаны, як цяпер выглядаюць мясціны нядаўніх баёў.

Быў хмурны асенні дзень. Здавалася, што збіраўся дождж, — паветра было насычана вільгаццю; нізка плылі кашлатыя цёмныя хмары. Поле пласталася голае, аднастайна-пустое, але цяпер гэта не кідалася так у вочы, як адразу пасля жніва, — надышоў лістапад. Там-сям чарнелі шырокія лапіны ворыва.

Малатарня стаяла сярод поля, каля двух сціртаў. Адна з ix, стромкая i высокая, накрытая саломаю, была яшчэ не распачата, а другую ўжо больш чым папалову змалацілі. На ёй завіхалася некалькі жанчын, падаючы спапы да малатарні.

Людзі, што працавалі на зямлі, пабачыўшы каля малатарні Гаўрыльчыка i Івана Савіча, прывіталіся. Жанчыны, якія стаялі на сцірце, крычалі штосьці вясёлае, прыветнае, але Кавалевіч не мог разабраць нi аднаго слова, бо замінаў гул трактара i стукат малатарні. Былога камандзіра тут добра ведалі — у яго атрадзе было многа калгаснікаў з гэтай вёскі.

Малатарня ні на хвіліну не спынялася. Сноп за снопам глытала прагная зяпа машыны, людзі ледзьве ўпраўляліся накарміць гэтую ненажэру — усё падавалі ды падавалі. Сочачы за калгаснікамі, што спрытна ўвіхаліся каля малатарні, Кавалевіч нібы набіраўся новых сіл, адчуваў сябе маладзейшым i дужэйшым. Трывожныя думы пра Баклана непрыкметна развеяліся.

Адначасна Кавалевіч з цікавасцю назіраў за намеснікам. Гаўрыльчык, хоць i быў вельмі рады, што Кавалевіч задаволены тым, як працуюць пры малатарні, не выказваў гэтага.

На людзях Гаўрыльчык знарок марудзіў, стрымліваючы прыродную жвавасць, якая толькі зрэдку авалодвала ім, стараўся паказаць сябе сталым i разважлівым чалавекам. З выгляду непрыкметны i простадушны, з наіўным позіркам адкрытых вачэй, ён падпарадкоўваў усіх спакойнай упэўненасцю i развагай, якія прыходзяць толькi з гадамі i вопытам.

«Як ён пасталеў!» — не адзін раз падумаў Іван Савіч, назіраючы задаволена за былым падрыўніком. Ён памятаў, якім быў Гаўрыльчык у атрадзе, i ўсё не мог звыкнуцца, што з таго зялёнага хлопца вырас такі чалавек.

III

Непрыкметна гадзіна за гадзінаю прамінула поўдня. За гэты час яны пабылі на полі, каля Чорнага лесу — праверылі, як трактарыст арэ іржышча… Кавалевіч да ўсяго ўважліва прыглядаўся, нібы ён быў не госцем, а гаспадаром.

Спачатку з раніцы Іван Савіч шкадаваў, што не застаў старшыню дома. Аднак новае знаёмства з Гаўрыльчыкам, той светлы працавіты настрой, які перадаўся яму ад калгаснікаў i не пакідаў увесь час, — усё гэта неспадзявана ператварыла яго вымушанае, здавалася-б, непрыемнае чаканне ў радасць. Ён так захапіўся тымі праявамі, якія бачыў навокал, што непрыкметна для сябе амаль забыўся пра Баклана.

Толькі раз, калі абодва ішлі з іржышча, Іван Савіч ні з таго, ні з сяго запытаў:

— Дык як вы жывеце з Бакланам цяпер… пасля вымовы?

— Як жывем?!. Вядома, — пакрыўдзіўся ён. Іван Савіч, амаль перастаў са мной гаварыць. А я — што, хіба я што злое меў да яго? — сказаў Гаўрыльчык, нібы апраўдваючыся. — Мне i самому, паверыце, шкада яго, — я-ж ведаю, які быў Баклан…

— I дарэмна шкадуеш… — адгукнуўся нездаволены бас Івана Савіча. — Няхай крыўдзіцца.

Пад вечар Рыгор павёў Кавалевіча да зруба, каля якога цесляры збівалі кроквы. Зруб быў складзены, відаць, зусім нядаўна: жоўтыя ачэсаныя бярвенні яшчэ не паспелі ні пацямнець, ні патрэскацца. Дзе-ні-дзе на ix выступілі светлыя, клейкія, падобныя на ягадкі, бурштынавыя пацеркі смалы.

Заставалася паставіць кроквы, накрыць хату ды зрабіць, як кажуць будаўнікі, «сталярку» — вушакі, рамы, дзверы.

— Для Кацярыны будуем, — сказаў Рыгор. — Помніце, у Марцінавай роце быў Гаравец Васіль — то яе чалавек… Загінуў, калi мы бралі Балачанскі гарнізон…

Пад нагамі весела трашчэлі свежыя, яшчэ вільготныя, трэскі. Каля сталюгі некалькі цесляроў, нагнуўшыся i расставіўшы ногі, цясалі бярвенні. У паветры стаяў модны, казытлівы пах смалы. Каля цесляроў хадзіў белагаловы хлопчык гадоў дванаццаці, — ён збіраў у кошык трэскі. Напэўна, маці прасіла прынесці, каб падпальваць дровы ў печцы…

У гэты час непадалёк пачулася пералівістае конскае іржанне, непаспешлівае, лянівае тарахценне колаў.

— Баклан едзе, — прамовіў Рыгор, прыслухоўваючыся. — «Звер», Бакланаў конь, іржэ… Эх, якая галасістая жывёліна, што гудок паравозны!..

Гаўрыльчык не памыліўся. Сапраўды, праз хвілін пятнаццаць з-за зруба выехала новая лёгкая каламажка з шырокаплечым чалавекам у вайсковай вопратцы, які прыгорблена сядзеў на драбінцы, звесіўшы ногі.

— Баклан! — паклікаў Рыгор.

Баклан спыніў каня. Саскочыў з драбінак, зачапіў лейцы за абгарэлы слупок ад гародчыка, уцалелы пасля пажару, i, сцябаючы па хромавай халяве пугаўём, неахвотна, уразвалку пайшоў да намесніка. Ён абыякава акінуў позіркам сваю гімнасцёрку, адкалупіў камячок гразі, што закарэў на рукаве.

Толькі, падыходзячы да намесніка, падняў вочы:

— Савіч?!

Баклан адразу перамяніўся. Куды падзелася абыякавасць, — парывіста кінуўся да Кавалевіча, на ўсю сілу сціснуў яго ў абдымку.

— Ну, мядзведзь! рэбры паломіш! — застагнаў усміхаючыся Іван Савіч. — Хто-ж гэта так бесцырымонна з гасцямі абыходзіцца. Гэтак i задушыць, чаго добрага, нядоўга!..

— Так табе i трэба! — не выпускаў Баклан камандзіра з абдымку. — Будзеш ведаць, як наведвацца раз у два гады…

Шэрыя смелыя вочы, амаль бязбровы, пакрыты густым чарнаватым загарам твар. Крутыя ўпартыя сківіды ca шрамам… Няўжо гэта не той самы Васіль, якога ён ведаў i любіў у атрадзе?

Баклан адышоў, падазваў да сябе хлопца-цесляра, штосьці паціху сказаў яму. Хлопец паклаў сякеру на бервяно i, падаўшыся да калёс, адчапіў лейцы; неспакойны конь крануўся, выгінаючы дужую шаўкавістую шыю.

Баклан вярнуўся да госця.

— Ах, каб ты быў, Іван Савіч, няладны! Я-ж столькі часу цябе чакаў! I хоць-бы адно слова ў адказ! Я ўжо быў падумаў, што i зусім не адкажаш. Зазнаўся, думаю… Пабачыў цябе побач з Гаўрыльчыкам — i не пазнаў: не інакш начальства з раёна. Я тут у пашане, можна сказаць, ха-ха… яны да мяне часценька заглядаюць…

Ён зарагатаў. У Кавалевіча мільганула думка — Баклан таксама змяніўся за гэтыя два гады. Праўда, ён не мог сказаць, што гэта за перамена такая…

Баклан па-прыяцельску абняў камандзіра:

— Як гэта ты добра зрабіў, што прыехаў! Самым дарагім госцем будзеш!.. За тое, што пачатак атрымаўся такі няўдалы, не крыўдуй: не ведаў, што прыедзеш… Ну, але мы гэту хібу зараз паправім! Правільна, Рыгор?.. Дарэчы, Іван Савіч, нашто нам час марнаваць, — хадзем, свежай рыбкай пачастую, толькі што вось прывёз… А рыбка сёння — пальцы абліжаш!.. Згодзен?

Кавалевіч кіўнуў галавою ў знак згоды:

— Добра. Толькі, Васіль, пачакай хвіліну. Мы з Рыгорам у хату сабраліся зайсці.

Яму хацелася агледзець хату ў сярэдзіне — як прыгнаны адно да другога бярвенні, дзе будуць пастаўлены грубка i печка, ці сагрэюць яны хату. Іван Савіч меў звычку — усё бачыць сваімі вачамі. Тым больш ён не мог быць абыякавым цяпер, — перад ім была хата, якую будавалі для сям’і яго баявога таварыша.

— Як тут у цябе, Васіль, з цэглай: для печы i грубкі хопіць? — запытаўся Іван Саівіч у старшыні, калі яны пераступілі дубовую падваліну пад прарэзам дзвярэй. — Трэба-б паспець да халадоў скончыць.

Ці хопіць цэглы, Баклан не ведаў. Яго выручыў Рыгор, які сказаў, што цэглы цяпер у калгасе няма, бо тая, якую раней атрымалі з завода, ужо скончылася.

— Заўтра паеду ў выканком. Папрашу даць яшчэ… — заўважыўшы, што Кавалевіч нездаволены такім няпэўным адказам «папрашу», паправіўся — Адным словам, цэгла будзе.

— Так-бы i сказаў адразу!

Іван Савіч ведаў — цэгла будзе. Рыгор прамовіў гэтыя словы такім тонам, што нельга было не паверыць.

Калі яны выйшлі з хаты, цесляры, цягнучы за доўгую вяроўку, падымалі на зруб першыя кроквы. Вяроўка паволі паўзла па верхняму бервяну, нібы па блоку. Кавалевіч хвіліну зацікаўлена пазіраў на цесляроў, потым, як-бы схамянуўшыся, папляваў на рукі i сам узяўся каля аднаго хлопца за вяроўку. Гаўрыльчык, а за ім i Баклан, далучыліся да яго. Тры таварышы i цесляры дружна пацягнулі вяроўку. Людзі, што працавалі ўгары на зрубе, паставілі крокву i прымацавалі ніжнія, з выразамі, канцы яе да верхніх бярвенняў. Кавалевіч ужо доўгі час не працаваў у калгасе, i цяпер, у гэтыя хвіліны, адчуваў сябе радасна, па-святочнаму.

Калі паставілі пяць крокваў, стары, з ружоваю лысінай i падстрыжанай бародкай, цясляр весела крыкнуў, прымаўкаю:

— Mo’ да часу, да пары, хай спачынуць тапары. Годзе, хлопчыкі, перакурым хвіліну…

Седзячы ўгары на верхнім бервяне зруба, ён скруціў з абрыўка газеты цыгарку. Дастаючы з кішэні гімнасцёркі карабок з запалкамі, папрасіў Гаўрыльчыка:

— Цвікоў-бы вялікіх, таварыш намеснік! Цвікі канчаюцца! Бачыце, кроквы дроцікамі пачалі збіваць… — ён выняў з кішэні падобны на цвік абсечак тоўстага дроту.

— Ведаю, дзядзька Пятро. Заўтра ў раён еду — буду стукаць там. А пакуль — дроцікамі трэба. Сам ведаеш, цвікоў столькі расходзіцца, што хоць ты завод у нашым сяле адчыняй!..

Цясляр засмяяўся, кіўнуў у знак згоды галавой:

— Правільна сказаў — цэлы завод трэба!..

«I тэты да Гаўрыльчыка, — заўважыў Кавалевіч, — а не да Баклана…»

Яму здавалася, што дзядзька Пятро запытаўся ў намесніка не выпадкова.

IV

Пайшлі да Баклана ўтрох. Ён жыў у хаце, што стаяла недалёка, на ўскраю сяла.

Ix спаткала на ганку Васілёва маці, прыветлівая жанчына ca светлымі, ледзь прыкметнымі, як у сына, брывамі. На галаве ў яе была новая пярэстая хустка з махаркамі. Старая чакала гасцей, — дачуўшыся ад хлопца, якi прывёз рыбу, што прыехаў сынаў камандзір, яна пачала адразу смажыць i пражыць, напякла цэлую гару дранікаў.

Пакуль збіралі на стол, Кавалевіч разглядваў фотакарткі, што віселі над сталом. Карткі амаль усе былі новыя, пасляваенныя. Некалькі маленькіх захавалася i з партызанскага часу: гэтыя былі памятыя i невыразныя, — відаць, ix рабіў неспрактыкаваны чалавек. На адной картцы, устаўленай у рамку вішнёвага колеру, пад шкло, Кавалевіч убачыў сябе: ён, седзячы пры камлі, слухае партызана, які стаіць на кукішках i нешта паказвае на памятым лісце паперы. Партызан зняты са спіны, але па абрысах постаці не цяжка пазнаць, што гэта Баклан.

Поруч другі здымак, таксама ў рамцы, але на ім зняты Баклан адзін. На грудзях бялеюць ордэны i медалі. Картка зроблена пасля вайны, можа, пасля атрымання апошняга ордэна. Вось яшчэ два такія самыя здымкі, толькі што без рамак; яны пажоўклі. А вось тут Баклан зняты ў адных штанах, закасаных вышэй кален, — ён стаіць у вадзе i, весела ўсміхаючыся, трымае за галаву вялізнага шчупака. Шчупак бездапаможна расчыніў востры драпежны рот, — напэўна, калі здымалі, ён быў яшчэ жывы. На другой сняне здымкі з газет. «Уся біяграфія ілюстравана», — падумаў мімаволі Іван Савіч.

Баклан дастаў са скрыні дзве літровыя пляшкі. Паставіў на стол, падміргнуў таварышам:

— Хопіць гаручага?.. Усё роўна як чуў, што госці прыедуць, прызапасіў.

Ён задаволена акінуў вачыма стол. Кавалевіч не можа пакрыўдзіцца, што сустрэў яго не так, як трэба. Вось хіба нядобра, што не спаткаў адразу. Але-ж ён не ведаў, што камандзір прыедзе; а каб ведаў, то падводу нават паслаў-бы насустрач, на станцыю.

Перш выпілі за спатканне, потым за Бакланаву маці. Трэці тост паднялі за атрад «Смерць фашызму». Бакланава маці, якая таксама выпіла чарку за спатканне, устала, пакінула таварышаў адных.

— Бывала, ноч. Месяц, як знарок, каб ён быў няладны… — пачаў Баклан, — а ты дзяжурыш дзе-небудзь каля «жалезкі», цікуеш. Падабраўся да рэек, хутчэй разгроб шчэбень, падставіў скрыначку, адбег… I вось, паравоз— чы-чы-чах, чы-чы-чах… Вагоны адзін за адным ляцяць — гарматы, заваёўнікі. На ўсход спяшаюцца, па «сусветную прастору»… I раптам — г-га-ах! Усё к чорту, адразу, р-работка.

Баклан, ахмялелы ад віна, ад успамінаў, не гаварыў, a грымеў—«г-га-ах», «р-ра-а-ботка». Ён ад узрушання прыўзняўся, на грудзях, нібы ў пацверджанне яго слоў, зырка бліснулі два ордэны i тры медалі.

Цяпер, калі Баклан зноў убачыў перад сабою камандзіра атрада, калі з такой хвалюючай яркасцю ажыло былое, трывожныя думкі i няўпэўненасць пакінулі яго. У іхніх з Кавалевічам адносінах, здалося яму, нічога не змянілася: камандзір атрада быў такі, як i раней, блізкі, «свой». Да Баклана зноў вярнуліся звыклыя прыемныя думкі, якія адна за адной пачалі знікаць пасля партыйнага сходу. Тая слава, якой Баклан ганарыўся, цяпер зноў заззяла ў яго вачах, засланіла сабой усё іншае.

Падрыўніка захапілі ўспаміны. Ён стаў прыгадваць баі, паходы на «жалезку».

Аднак Кавалевіч, які, бывала, сам любіў успомніць i пагаварыць пра «тыя дні», на гэты раз слухаў успаміны абыякава. У яго быў сёння багаты новымі, яркімі ўражаннямі дзень, яго думкі ўвесь час кружыліся вакол таго, што ён бачыў на іржышчы, каля малатарні, каля зруба. Думкі гэтыя не давалі спакою, нецярпліва біліся вонкі.

Гаўрыльчык здагадваўся, аб чым хочацца гаварыць госцю, i спрабаваў змяніць гаворку, але Баклан не заўважаў нічога. Ён у другі раз стаў апавядаць пра тое, як падарваў мост на Тур’і, па якому праходзіла захопленая ворагам чыгунка.

— Досыць ужо, Васіль, пра гэта… Мы-ж ведаем усё i самі… — перапыніў, нарэшце, Іван Савіч старшыню. — Ды i чаго там хваліцца столькі!

Ён падумаў, што гаварыць так таварышу, з якім даўно не бачыліся, нядобра, але не хацеў крывіць душой. Баклан ад нечаканасці асекся, не адразу знайшоўся, што сказаць.

— Новым пахваліцца? — прамовіў ён пасля. — Чымжа пахваліцца? От лінькоў, бачыце, прывёз з Прыпяці… Сам налавіў, сваімі рукамі! — паспрабаваў Васіль звесці гаворку на жарт.

Кавалевіч ад гэтага жарту спахмурнеў.

— Лінькоў, кажаш, з Прыпяці прывёз? Сам сваімі рукамі налавіў? Што-ж, лінькі смачныя — не ганю. За лінькі, Васіль, дзякую!..

Ён змоўк. Баклан толькі цяпер заўважыў, што Кавалевіч нібы чымсьці незадаволены. «Відаць, я вельмі выстаўляў аднаго сябе», — вытлумачыў па-свойму Баклан i рашыў паправіць памылку.

Ён наліў шклянку i ўстаў:

— Я хачу, Рыгор, сказаць яшчэ адно слова. Гэта слова, вядома, пра нашага Івана Савіча… Хоць перад намі зараз сядзіць цывільны чалавек, мы не забылі, якім быў Іван Савіч у лесе. Помніш, Рыгор? Вядома, помніш. I ўсе мы помнім, якім быў для ўсіх нас у тую пару Іван Савіч. Ен быў i бацькам, i камандзірам. Ён нас з табой зрабіў салдатамі… Адным словам, вып’ем за нашага камандзіра!

— Не хачу, — Кавалевіч адсунуў ад сябе шклянку. — Не хачу… Я не камандзір…

Можа, другім разам ён i не пярэчыў-бы супроць таго, каб памянуць добрым словам сваю камандзірскую славу, але цяпер гэты тост яму не спадабаўся. Кавалевічу здалося, нібы яго пакрыўдзілі.

Стала ціха. Баклан апусціў шклянку, недаўменна паглядзеў на Кавалевіча. Іван Савіч, каб выправіць няёмкае становішча, прапанаваў свой тост — за наша жыццё, кіпучае, імклівае, поўнае працы i змагання! Яны выпілі.

Аднак размова ўжо не ладзілася. Усе зрабіліся маўклівыя, кожны думаў пра штосьці сваё. Баклан, які раней быў такім гаваркім, самаўпэўненым, цяпер, адчуваючы Кавалевічаву непрыхільнасць, не знаходзіў слоў для размовы.

«Кепска неяк атрымалася», — думаў з тугою старшыня. Ён вельмі даражыў сяброўствам з камандзірам. У гэты час Іван Савіч быў яму асабліва дарагі, таму што Баклан адасобіўся ад іншых сяброў. Знешне, праўда, нічога нібы i не змянілася: гаварылі, віталіся, але блізкасці ранейшай не было. Баклан час-ад-часу адчуваў сябе адзінокім.

— Ведаю, Васіль, што табе няма чым цяпер пахваліцца, акрамя лінькоў, — прагаварыў Кавалевіч стрымана. — На спачын, казалі мне, падаўся…

Кавалевіч устаў, узрушана прайшоўся па пакойчыку, крыху сутулаваты, але ўсё-ж стройны, па-вайсковаму падцягнуты.

— Няўжо заслугі твае закрылі перад табой увесь свет? — сказаў ён, падышоўшы да стала i гледзячы цёмнымі, уважліва дапытлівымі вачыма на Баклана; той неспакойна паварухнуўся, выпрастаўся, адвёў позірк убок. — Адзін чалавек сказаў мне пра цябе, што ты які быў у атрадзе, такі i цяпер… Нічога, адным словам, не змянілася. Нібы i праўда — усё ў табе ранейшае, партызанскае… Але мне здаецца, — той чалавек памыліўся. Ты — змяніўся, Васіль, вельмі змяніўся! Душа нібы стала іншай.

— Ты памыляешся, Савіч, — .пакрыўджана перабіў Баклан.

— Памыляюся? Калі-б-жа я памыляўся!.. Ты, памойму, адарваўся ад усіх нас… Спакою хочаш, быццам інвалід… Глядзіш толькі ў сваю душу, аб сабе адным клапоцішся…

«З чаго гэта ён так змяніўся?.. А можа?.. — Кавалевіч зірнуў на Баклана ўважліва i недаверліва, нібы хочучы праверыць раптоўную прыкрую здагадку. — Можа, ён i не мяняўся?» Няўжо Кавалевіч проста не бачыў, не заўважаў гэтага?!

— Скажы, ты i ваяваў толькі для таго, каб… мець заслугі?

Бакланаў твар пабялеў, лілаваты шрам на ніжняй упартай сківіцы, здалося, зрабіўся сінім. Ён рэзка падняўся.

— Не жартуй гэтым, Савіч… Прашу, як таварыша!.. Ты добра ведаеш, за што я кроў праліваў…

Кавалевіч, пачуўшы гэты ціхі, напружаны шэпт, паспакайнеў.

— Я так i думаў, што не для заслуг… Ты, здаецца, проста пасля заблудзіўся, — зрок папсаваўся ад бляску славы. Ці, можа, галава закружылася ад хвалебнага шуму…

Ён сеў поруч з Бакланам, прамовіў па-сяброўску, ca спачуваннем:

— Паслухай, Васіль, i падумай добра — пакуль не позна. Я табе скажу рэч, пра якую, магчыма, мне i не трэба было-б іншы раз гаварыць. Але сёння я скажу. — Я, калі ехаў сюды, заходзіў у райком. Там была размова i пра цябе… Ёсць у ix скаргі ад калгаснікаў на цябе… Скажу праўду, у райкоме была такая думка — сабраць калгасны сход i вырашыць, ці не час табе вызваліць месца для іншага старшыні. Я заступіўся, — сказаў, што трэба пачакаць, паспрабаваць выправіць справу з тваім удзелам… Цяпер — тваё слова. Памятай, што сказаць яго яшчэ не позна, але хутка можа быць — позна…

Яшчэ быу вечар, калі Кавалевіч i Гаўрыльчык падняліся. Іван Савіч зняў з цвічка сваё паношанае драпавае паліто, надзеў яго, узяў кепку ў рукі. Баклан стаяў сярод хаты, панура сачыў за таварышамі.

— Ты не крыўдуй, Васіль, што сапсаваў табе вечар. Характар у мяне такі — не люблю крывіць душою…

Кавалевіч падышоў да Баклана, паціснуў на развітанне руку.

— Не думаў я, што пабачу цябе такога… Як-жа гэта ты, Васіль…

Баклан не знайшоў, што сказаць.

Не апранаючыся, правёў ix на ганак. Кавалевіч i Гаўрыльчык моўчкі сышлі па ступеньках, падаліся па вуліцы. Васіль, абапершыся плячом аб слупок ганка, бяздумна сачыў, як цемра спакваля хавае дзве постаці. Аднекуль з поля вецер даносіў аднастайнае гуркатанне трактара.

«Пайшлі… Пайшлі…» Два гады ён чакаў гэтай сустрэчы.

Вось ужо цёмныя постаці зніклі ў цемры. У сярэдзіне Васіля штосьці тужліва сціснулася.

Паблізу раптам гарэзна i задорна заспяваў дзявочы голас:

Палюбіла трактарыста,
Ен красівы i прасты.
Называе мяне мілай,
Кажа ён, што халасты.
Вецер сцябаў парывістымі ўдарамі, холад забіраўся ўсё глыбей. Ноч была сцюдзёная, a Васіль нават шыняля не накінуў на плечы. Але вяртацца ў хату не хацелася — там яго чакала адзінота.

Пасля таго, як Кавалевіч i Гаўрыльчык вярнуліся ад Баклана, яны яшчэ доўга сядзелі i гаварылі.

У абодвух пасля сустрэчы з Бакланам быў узбуджаны, гаваркі настрой i вострае адчуванне блізкасці. «Нібы i не расставаліся ніколі», — падумаў Іван Савіч, заўважыўшы, што Гаўрыльчык разумее яго з поўслова.

— Дзякую табе, Рыгор. Павадзіў ты сёння мяне, парадаваў… Багата вы зрабілі. Радасна мне было бачыць гэта… Так радасна, як у Лапатаўцы, калі атрад упершыню прымаў самалёт з Вялікай зямлі, памятаеш?

— Ну, а як-жа, помню… Вы тады спазніліся на аэрадром. Нам тры разы прысылалі тэлеграмы — сустракайце. Мы выходзілі, а яго не было… Ён прыляцеў тады, калі мы ўжо мала верылі — у чацвёрты…

— Памятаеш… Сёння ў мяне такі-ж радасны дзень. Багата вы зрабілі.

— Не марна жылі, — сказаў Рыгор.

— Ты добра сказаў: не марна жылі. Не прыдзецца чырванець за гэтыя два гады. Як i за тыя, за партызанскія…

Кавалевіч падумаў, што Гаўрыльчык правільна разумев жыццё, i яму стала радасна. Ён адхінуўся на спінку крэсла, рукою адвёў пасму густых валасоў, што ўпала на шырокі круты лоб; каля рота лягла строгая глыбокая складка.

— Так, кіснуць у нас можа толькі той, хто адарваўся ад жыцця, бо жыццё наша ні хвіліны на стаіць…

— Яно не дасць спыніцца…

Рыгор памаўчаў, загаварыў з пашанай:

— А вы за гэтыя два гады, Іван Савіч, вельмі пасівелі. Гэта-ж ужо, не крыўдуючы, поўгалавы пабялела.

У Кавалевіча раней былі густыя чорныя валасы, цяпер белыя i чорныя ніткі ўсюды пераблыталіся, a скроні, дзе кучаравіліся падстрыжаныя валасы, быццам хапіў іней.

— Клопат, брат… Такі клопат. — Іван Савіч усміхнуўся, пажартаваў. — Не годы малайца гнуць — клопат!..

Увесь гэты час, пасля вайны, Кавалевіч жыў неспакойным, імклівым жыццём.

Ён працаваў у абкоме партыі загадчыкам прамысловага аддзела. Працы было нямала; вобласць да вайны лічылася адной з першых у Беларусі па развіццю прамысловасці. Цяпер амаль усе заводы былі разбураны, ix трэба было як хутчэй аднавіць. Поспех магла даць толькі добрая арганізаванасць, умелая расстаноўка людзей i правільнае, гаспадарскае выкарыстанне матэрыялаў. У тую пару часта не хапала надежных спецыялістаў, будаўнічых матэрыялаў.

Кавалевіч працаваў з самага рання да позняй ночы. Уранку выклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў, увечары прымаў наведвальнікаў, а дзень звычайна праходзіў на якім-небудзь прадпрыемстве ці на нарадзе. Толькі позна ноччу можна было вырваць гадзіну-дзве для сваёй вучобы. Аднак колькі-б ён ні рабіў, у яго не выходзіла з галавы адна нязменная думка, што робіць ён усё-ж мала, не столькі, колькі трэба, i ён спяшаўся.

…Значыцца, праўда. Toe, у што яму не хацелася верыць, праўда: Баклан збочыў. Заспакоіўся. Забыўся пра ўсё навокал — на таварышаў, з якімі ваяваў, на людзей, якія яму верылі…

V

Баклан таксама не спаў. Ён сядзеў за сталом, падпёршы галаву рукамі, i абыякава, няўцямна пазіраў перад сабою. На стале каля яго стаялі талеркі з недаедзенай закускай i тры гранёных шклянкі з недапітай гарэлкай.

На душы ў Васіля было трывожна i прыкра за вечар, што скончыўся так недарэчна. У галаве ні адной думкі. Пуста. Толькі бязладнымі ўрыўкамі ўспаміны — падрабязнасці сустрэчы з Кавалевічам, словы былога свайго камандзіра.

«Лінькоў, кажаш, з Прыпяці прывёз?.. Лінькі смачныя — ix не ганю…» (I нашто Васілю здалося пра гэтыя лінькі не ў час вякнуць?!)

«Не думаў я, што пабачу цябе такога».

— Не думаў?! Ну i няхай! — Васіль раптам ускочыў, сарваў з цвіка шынель і, на хаду накінуўшы на плечы, бразнуў дзвярыма.

Маці ўстрывожана выйшла з суседняга пакоя, выбегла следам за ім у сенцы.

— Куды ты, Вася?

Ён не абазваўся. Маці адразу заўважыла, што ён вельмі нечым узрушаны. Што гэта з ім здарылася? Каб чаго-небудзь кепскага не нарабіў!

На дварэ ў твар Васіля ўдарыў знобкі начны вецерю. Ён кінуў валасы на лоб, на вочы.

«Калі ішоў на кулі, тады добры быў,—думаў Васіль, — а цяпер — на лінькі ездзіш».

Вецер, які хвалямі налятаў збоку, то намерваўся сарваць шынель з плеч, то доўгім крысом біў па ботах, замінаў нагам.

Баклан ступаў, не разбіраючы дарогі. Куды ішоў, — не думаў. Ці не ўсё роўна яму цяпер — куды ісці?

Ён абражаны, пакінуты сябрамі, адзінокі.

Быў у яго адзін таварыш, самы любімы, самы справядлівы — Кавалевіч. Цяпер i той пакінуў. А ён, Васіль, на яго так спадзяваўся, верыў яму. Ашукаў Іван Савіч! Што-ж, Васіль перажыве i гэтае расчараванне. Перажыве! Хоць нялёгка, відаць, будзе, але ён вытрымае i на гэты раз. Ен не хлюпік які-небудзь!

Непрыемная рэч адзінота, але, калі так здарылася, i яна не спалохае яго…

Ён лічыў сябе несправядліва пакрыўджаным, i гэта прыдавала яму спачатку, пакуль крыўда была балючай, моц i ўпэўненасць. Але крыўда пачала паступова як-бы гаснуць.

Ён трохі паспакайнеў. Адкідваючы рукою валасы назад, ён ахвотна падстаўляў галаву прыемным свежым павевам ветру. Некаторы час Васіль ішоў, ні аб чым не думаючы, аддаўшыся толькі адчуванню чыстага халаднаватага ветру. Яму прыемна было спрачацца з ветрам — папраўляць валасы, утрымліваць на плячах шынель, які вось-вось мог сарвацца…

У такі час, калі на душы было легка, a ў галаве ясна, ён успомніў словы Кавалевіча:

— «Як-жа гэта ты?»

Яму так ясна прыгадаліся гэтыя словы, што ён пачуў Кавалевічаў голас. Той голас, хоць i строгі, быў спагадлівы, прыязны. Боль i таварыская крыўда чуліся ў ім. Ён апаліў сэрца. Васіль убачыў камандзіравы вочы — стропя, дапытлівыя — i спыніўся…

У сэрцы яго ўпершыню зашчымела горыч за сябе. Цяпер ужо дужаліся крыўда на Кавалевіча i жорсткая праўда тых слоў. Баклан быў самалюбівы i таму не ўмеў лёгка прызнаваць праўду за другім чалавекам.

Задумаўшыся, ён пабрыў па вуліцы, — у хатах дзе-нідзе свяціліся агні. У адным акне фіранка была адсунута, i з вуліцы было відаць, як стрыжаны бялявы хлопчык чытае кнігу. Маці i дзве дзяўчынкі слухалі хлопчыка. Баклан прайшоў паўз акно, нічога не заўважыўшы.

«Праўда — як-жа тэта я?»

Упершыню за гэтыя два гады ён азірнуўся назад, стаў пераглядаць тое, што рабіў. Улетку сорак чацвёртага года разам з атрадам ён вярнуўся ў вызвалены раён. Тады яго выбралі старшынёй сельсавета; былы падрыўнік амаль нічога не рабіў на сваёй пасадзе, толькi выступаў з дакладамі ды ўспамінамі аб партызанах. Сельсовет быў адсталы, але старшыню гэта не трывожыла. У райвыканкоме, шануючы яго заслугі, таксама абміналі гаварыць на гэтую прыкрую тэму. Потым, каб паставіць старшынёй працавітага чалавека, Баклана паслалі на курсы.

Ён спачатку пакрыўдзіўся, але, прыехаўшы на курсы, хутка ўсё забыў. На курсах было нават лепш — ён быў паважаным чалавекам i пры гэтым не меў асаблівага клопату. Тое, што ён кепска вучыўся, тлумачылі няздатнасцю да вучобы (пра гэта, праўда, яму не гаварылі). Яго заўсёды выбіралі ў прэзідыум; з музея прыходзілі людзі, якія запісвалі ўспаміны; аднойчы заявіўся да яго мастак маляваць партрэт.

I, нарэшце, апошнія — тры месяцы таму назад яго прыслалі сюды, у гэты калгас. Старшыні пашанцавала на добрага намесніка, i ён, Баклан, па прывычцы i далей жыў сваімі заслугамі, камандаваў Гаўрыльчыкам, — часта ездзіў гуляць у горад, рыбу лавіць на Прыпяць.

Як яму было прыкра i горка ў гэтую восенскую ноч, калі ён пачаў перабіраць свае ўчынкі за апошнія два гады. Ён здзівіўся, што не заўважаў усяго гэтага раней.

З вуліцы Васіль павярнуў на выган, адтуль праз калгасны сад зноў прыйшоў у сяло, ужо з процілеглага боку. Ён сам не ведаў, як апынуўся каля Гаўрыльчыкавай хаты. Можа, яго прывабіў агеньчык, бо гэты агеньчык свяціўся цяпер адзін на ўсё сяло. Была поўнач. Хаты стаялі чорныя i маўклівыя.

У пакоі сядзелі Кавалевіч i Рыгор. Баклана пацягнула да ix. Ён ступіў да ганка, але спыніўся. Васіль упершыню за ўсе гады ix знаёмства задумаўся, як будзе паводзіць сябе з імі, што гаварыць. А можа цяпер, пасля той размовы, ім разам будзе няёмка?..

Аднак яму ўсё-ж хацелася пабыць з імі, паслухаць ix. Чаму яны яшчэ не спяць? Пра што яны гавораць? Ён саступіў з ганка i наблізіўся да акна, асветлены да грудзей святлом з пакоя. Ён не хаваўся. У акне зімовых рам яшчэ не паставілі, i гаворка даходзіла да Васіля, хоць i вельмі прыцішанай.

Кавалевіч i Гаўрыльчык гаварылі якраз пра яго.

— Ён i перад намі не мог памаўчаць пра свае заслугі! — прамовіў Кавалевіч. — Думае, што заслугі даюць права чалавеку нічога не рабіць… Заслугі — быццам інваліднае пасведчанне! Вы, таварышы, рабіце, старайцеся, колькі змогі, — вы людзі звычайныя, а я — з чыстым сумленнем буду пазіраць. Я-ж не абы-хто, я — чалавек асаблівы, заслужаны!..

Кавалевіч устаў, узрушана прайшоў па пакойчыку, схаваўся за акном. Не мінула хвіліньі, як ён зноў вярнуўся да стала, спіною загарадзіўшы святло. Кончыкі валасоў на яго галаве ад святла былі залацістымі.

Баклан адступіўся ад акна.

Ён пайшоў па вуліцы — непаспешліва i, здавалася, зусім спакойна. Куды яму было спяшацца? Твар яго, адчуваў Васіль, паліла. Вецер, здалося, стаў гарачым нібы ў ліпеньскі дзень.

I ўсё-ж хата Гаўрыльчыка прыцягвала яго да сябе. Ён мімаволі думаў пра таварышаў, што сядзелі там, думаў з зацікаўленасцю да ix, з прыкрым адчуваннем сваёй вінаватасці.

Чым далей адыходзіў Баклан ад хаты, тым павольней рабіліся яго крокі.

Урэшце ён спыніўся зусім. Рашыў вярнуцца, сказаць Кавалевічу, што ён зразумеў… што памыліўся… што… I ў тую-ж хвіліну астыў:

«Не, я не магу гаварыць аб гэтым. Ён наўрад ці паверыць слову — абяцанка-цацанка!»

Васіль стаяў каля нейкага агародчыка, абапершыся спіною аб штакеціны, нерухомы i маўклівы. З боку магло здацца, што ён спіць. У галаве адна за адной няспынна плылі думкі.

Блізка пачуўся вясёлы дзявочы рогат. Потым высокі жаночы голас бесклапотна заспяваў:

Я дзяўчынка маладая.
Мне ўсяго семнаццаць лет.
Палюбіла брыгадзіра
За яго аўтарытэт…
«Чаго ёй так весела?» — няўцямна праплыло ў галаве. Ён пазайздросціў, што не можа так весела засмяяцца…

Раптам схамянуўся, адчуў, што замёрз, паварушыў плячыма ад холаду, зірнуў у неба. Там былі цьмяныя, ледзь прыкметныя, абрысы хмар. Толькі каля гарызонта адзінока свяцілася зорка, але ад яе бляску Васілю стала халадней.

«Памыліўся… Хіба гэта памылка?»

Трэба было некуды ісці. Ён з намаганнем адштурхнуўся ад шурпатых, прамочаных штакецін i пабрыў прывычным кіруінкам дахаты.

Неўзабаве, аднак, спыніўся, пастаяў нерухома трохі, нібы раздумваючы.

Да яго вецер данёс прыцішаны далечынёю гул трактара. Васілю i раней быў чутны гэты гул, але тады ён не даходзіў, не ўзрушаў, бо хлопца поўнілі неспакойныя, горкія думкі.

Цяпер Васіль стаў услухоўвацца ў гул, як у добрую блізкую да душы музыку. Ён стаяў i слухаў хвіліну, другую. Потым раптам рашуча павярнуў назад, праз вузкую вулачку хутка шырокімі крокамі пайшоў у поле, на бадзёры гул, што абуджаў цішыню.

Ён яшчэ не думаў, не ведаў, чаго туды ідзе… Сяло засталося ззаду ў неглыбокай лагчынцы. Справа, непадалёк, як нейкія дзіўныя жывёлы, чарнелі дрэвы — сад. У полi па ахутаным змрокам іржышчы хадзіў стыглы неспакойны вецер, намагаўся сарваць шынель з плеч Баклана.

Гуркатанне трактара набліжалася. Вось ужо відаць, як у яркім зарыве святла весела завіхаюцца постаці.

Васілю адразу зрабілася лягчэй. У сэрцы засвяцілася штосьці яснае, светлае, падобнае на зарыва каля малатаркі.

Калі Баклан падышоў блізка, малатарня спынілася. «Што там?» — занепакоіўся Васіль i паскорыў крок.

Малатарня стаяла. Каля яе, акружаны людзьмі, юнак у шарсцяным світры з закасанымі рукавамі, які быў машыністам, выцягваў шылам з разарванага паса абрыўкі ўшывальніка. Убачыўшы Баклана, людзі расступіліся, далі яму дарогу.

— Ушывальнік ад паса парваўся… — сказаў машыніст, быццам апраўдваючыся.

— Ну, а запасных ушывальнікаў хіба няма?

— Няма…

Баклан заўважыў на сабе некалькі здзіўленых позіркаў — не прывыклі тут бачыць яго.

— Чаму няма? Ты што — не ведаў, што можа парвацца?

— Думаў…

— Яны ўжо другі раз у яго ірвуцца, — сярдзіта ўставіў нехта з жанчын.

Пасылаць за ўшывальнікам у сяло — значыць марнаваць час. Шкада часу. Але што рабіць?

Баклан неспадзявана расшпіліў свой партызанскі пояс, працягнуў машыністу. Той, не цямячы, запытальна зірнуў на старшыню. — Рабі ўшывальнік.

Машыніст паглядзеў на пояс, пакруціў яго ў руках, любуючыся добрай глянцавіта-бліскучайскурай, зіхатлівай афіцэрскай пражкай. Ці не жартуе старшыня, аддаючы на глум такую добрую рэч. Але па позірку Баклана было відаць, што ён не жартуе i што трэба спяшацца…

Хутка пас быў сшыты. Людзі разышліся, сталі на свае месцы. Трактарыст уключыў прывадное кола свайго «ХТЗ».

Пас крануўся, пасунуўся да малатарні, спачатку лена, павольна, пругка пакалыхваючыся, а затым — усё хутчэй, хутчэй. Падавальшчык падаў у барабан развязаны сноп. Барабан перастаў лескатаць, зашумеў басам, натужна, старанна, цяжка. Людзі, што стаялі на сцірце i каля барабана, пачалі спрытна завіхацца. Баклан з няведамай даўно цікаўнасцю сачыў за ix хуткімі ўмелымі рукамі, адчуваючы, як імклівы тэмп гэтага жыцця захапляе, заваблівае яго. Васілю захацелася таксама падняцца на сцірту, якая пахне сухой саломай, стаць поруч з гэтымі спрытнымі людзьмі.

Ён скінуў з плеч шынель. Хвілінай пазней Васіль стаяў ужо на сцірце, падаючы сноп, i зачэпліва, з усмешачкай, крычаў штосьці жанчыне-суседцы.

Малатарня не снынялася, яна прасіла ўсё новых i новых снапоў. I Васіль ахвотна падаваў.

Потым яго яшчэ бачылі каля вагі, дзе ён правяраў запісы вагаўшчыка, каля вазоў, што адвозілі поўныя важкія мяхі ў свіран, каля машыніста…

Быў ён яшчэ на іржышчы каля Чорнага лесу — правяраў, як трактары аруць уначы.

Неба на ўсходзе непрыкметна набракла пунцовай чырванню, i навокал шырока расчыніліся ціхія, па-ранішняму чыстыя далягляды. Паветра стала празрыстым i марозным. Ён адчуваў сябе вельмі змораным, бо даўно не рабіў гэтак.

На сэрцы было па-ранейшаму неспакойна i прыкра.

З усіх думак, што прайшлі ў ім тут у полі, яму асабліва запомнілася адна: «Калі ты чалавек заслужены, то старайся быць уперадзе». Яна здавалася яму найбольш важнай i справядлівай.

Нараджаўся дзень. Ён прыносіў Баклану новыя клопаты. Трэба было ісці на двор — накіраваць на ссыпны пункт фурманкі з бульбай. Трэба было… Старшыня яшчэ не ўяўляў усяго, што менавіта трэба зрабіць яму за гэты дзень, бо не ведаў, што рабілі ў калгасе ўчора.

З-за далёкага поля выглянула сонца. На іржышчы ад першых праменняў заблішчэла раса, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі. Баклан, стомлены i задумлівы, ішоў праз поле, падмінаючы ботамі вільготную пожню. У пераблытаных валасах яго тырчэлі саломінкі. Шынель на ім, як звычайна, быў у накідку.

На ўваходзе ў сяло, каля калгаснага двара, старшыня ўбачыў знаёмую, крыху сутулаватую постаць камандзіра, які разам з Гаўрыльчыкам ішоў у поле. Баклан занепакоіўся, мімаволі прыкрыў шынялём ордэны.

— Як гэта ты паспеў нас апярэдзіць? — здзівіўся Гаўрыльчык. — Даўно ўстаў?

— Устаў,— усміхнуўся сам сабе Баклан. — Ды не, нядаўна… можна сказаць, толькі што…

Яны прывіталіся.

Кавалевіч кіўнуў галавой у бок сяла.

— Ну, хлопцы ў вас! — у яго з партызанскага атрада засталася звычка называць усіх мужчын «хлопцамі».

Баклан зірнуў туды i за ніклымі голымі яблынямі, каля высокай бярозы, што схіліла задуменна на бок вершалінку, убачыў зруб Кацярынінай хаты. Наверсе стаялі ўжо ўсе кроквы i да паловы, да папярэчын, быў прыбіты радамі паплёт.

Калі яны разышліся, Васіль у другі раз кінуў позірк у бок зруба. Свежа ацёсаныя бярвенні, як бронзавыя, блішчэлі ў праменнях сонца…

«Як-жа гэта я? — заныла крыўдна ў сэрды. — Што я скажу ў апраўданне за сваю віну…»

1947 г.

На Прыпяці

Мы сядзелі ўтраіх на беразе ракі: невысокі, бялявы, па-юнацку стройны лейтэнант з чамаданам i рэчавым мяшком, пажылая калгасніца з плеценым кошыкам, накрытым зверху марляю, i я.

Лейтэнант меў ад сілы гадоў дваццаць чатыры, а нашай спадарожніцы можна было даць, здавалася, i ўсіх сорак пяць, калі не больш. На ёй была акуратна пашытая i выпрасаваная шавётавая жакетка, з-пад якой выглядвала чырвоная ў палоску кофтачка. На галаве жанчыны цвіла яркімі кветкамі святочна-новенькая хустка; над нешырокім смуглаватым ілбом віднеліся кранутыя сівізной цёмнарусыя валасы.

На пясчаным беразе ракі — навокал нас — было ціха. За намі ляжалі складзеныя ў штабель папяровыя мяшкі з суперфасфатам, вялікая скрынка, у шчылінах якой можна было бачыць металічныя часткі нейкай машыны; на скрынды чарнелі надпісы: «верх», «ніз», «не кантаваць». Каля мяшкоў i скрынкі сядзеў, спакойна пакурваючы, дзед у пацёртым да хромавага бляску кажушку, — відаць, вартаўнік. У тым баку метраў праз пяцьдзесят на ўзгорку жаўцеў будынак канторы прыстані, дзе памяшчалася каса, жыў начальнік прыстані i вартаўнік.

Быў ясны, халаднаваты дзень вясны. Паводка ўжо сышла, але Прыпяць разлівалася яшчэ значна шырэй, як летам. У лазняку, пры якім мы ўладзіліся на мурожнай лапінцы, спусціўшы ногі ў пясчаную ямку, віднеліся падсохлыя палосы зляжалага ілу i рознага намытага бруду, якія сведчылі, што нядаўна тут плёскалася рака. Другі бераг— нізкі, балацяны — у многіх мясцінах быў яшчэ схаваны вадою, якая блішчэла глыбокімі залівамі i цэлымі азёрамі.

Выгляд шырокай ракі, яснага i празрыстага вясновага прастору весяліў вочы.

Мы чакалі парахода, што затрымаўся недзе каля Пінска.

Жанчына, паправіўшы марлю на кашолцы, якую яна трымала на каленях, пацікавілася, адкуль лейтэнант родам i куды едзе. Лейтэнант адказаў, што едзе з Далёкага Усходу дамоў, у адпачынак.

— У мяне сынок таксама ў арміі, у Германіі. У Берліне служыць другі год, — паведаміла яна вайсковаму, памаўчаўшы хвіліну. — За шафера, на машыне, працуе. Піша, што жывецца яму там у арміі добра, — i кормяць добра, i адзяваюць, i навучыўся ён многаму… Толькі я вось трывожуся надта за яго — вельмі-ж становіцца неспакойна ў гэтай Заходняй Германіі…

Яна пацікавілася, куды я еду; я сказаў, што маю назначэнне на работу па меліярацыі ў Каржоўку.

— А, то добра… толькі вы гэта не да нас, a ў суседні раён. Я — з «Новага Палесся», можа чулі? Зваць мяне Васіліна Карпаўна, Крэнь па прозвішчу.

Яна зноў перавяла позірк на лейтэнанта, уздыхнуўшы, запыталася, ці ваяваў ён.

— А як-жа. Амаль з сорак першага… Спачатку тут у партызанах, — мне толькі пятнаццаць стукнула, калі я прыйшоў у лес. А потым — i ў арміі: вызваляў, будучы ў чыне сержанта i старшага сержанта, гарады Катовіцы i Прагу. Гэта пасля Прагі ўжо я трапіў на Далёкі Усход.

— Такі малады, a ўжо ваяваў, — уздыхнула жанчына.

— Ну, што-ж, хіба я адзін такі?

Ніхто лейтэнанту на гэтую выказаную філасофскім тонам сентэнцыю не адказаў. Васіліна Карпаўна з-пад далоні невялікімі, глыбока запалымі вачыма глядзела ўніз на ваду, пакрытую лёгкім рабаціннем, якое ціха падбягала да берага.

* * *
Мы нейкі час маўчалі. Цішыня, рачная пространь, пустата чакання — усё гэта наводзіла на роздум, а скупыя шчырыя словы трывогі нашай знаёмай пра свайго сына стваралі настрой інтымнай блізкасці між нас, асаблівай чуласці. Я адчуваў, што Васіліну Карпаўну хвалююць нейкія свае думкі, чакаў, што яна хутка даверыць нам ix, падзеліцца з намі… I праўда, яна неўзабаве загаварыла.

— Шкада, вядома, калі ў маладыя гады чалавек жыве цяжка… А я i зусім не ведала, што такое маладосць. Нібы адабралі ў мяне маладосць…

Лейтэнант, паправіўшы накінуты на плечы шынель, на пале якога ён сядзеў, зацікаўлена зірнуў на яе:

— Як гэта адабралі?

— А так, адабралі… Бо чым мне яе ўспомніць? Прайшла — i добрага знаку не пакінула. Вось так, як цень ад хмары ў полi ці на балоце — бачылі? — прабяжыць i прападзе за лесам, i нічога пасля сябе не пакіне…

— Ну, што-небудзь-жа засталося ў памяці?

— Засталося. Толькі больш такога, што i ўспамінаць не хочацца…

— A ўсё-ткі помніцца i добрае?

— Ну, вось, помню, як Кандрат — чалавек, значыцца, мой — прыязджаў сватаць. Мне тады i семнаццаці поўных не было… Помню, праўда. На вяселлі пасадзілі нас на дзяжу, — а тую дзяжу раней накрылі вывернутым кажухом…

— Каб былі, значыцца, багатыя i шчаслівыя?!

— Выдумалі, невядома для чаго. Усё — цемната людская!

Гаварыла яна ціха, расцягваючы словы i крыху аднастайна, нібы думала ўголас — у яе гаворцы адчувалася ўроўнаважанасць чалавека, які многа бачыў у жыцці. Хоць жанчына здавалася з першага позірку крыху абыякавай, усё-ж, прыслухаўшыся, легка было заўважыць, што яна ўвесь час стрымана хвалюецца — то непакоіцца, то спачувае; гэта ажыўляла яе сіняватыя, запалыя, але дзіўна ясныя, маладыя вочы, прыдавала ім нечаканае хараство i прывабнасць.

— Выйшла, значыцца, я замуж, стала гаспадыняй.

Гаспадыняй — гэта так, толькі к слову сказаць. Якая там гаспадарка?! Зямлі два моргі, хатка — трухля адна — проста дзівішся, як яна яшчэ стаіць… Біліся, як рыба аб лёд. Кандрат мой усю вясну аж да самай прыборкі хадзіў па людзях, ставіў хаты. Часам i плыты ганяў тут на Піне ды Прыпяці. Бывала, i вымакне, i папакалее — да костачак… Ад таго ўсё ламала ў яго ногі. Жартачкі…

Я пазіраў на раку, на сонечныя зайчыкі, што пераліваліся, зіхацелі справа, стараўся ўявіць цёмную дажджлівую ноч i плыты i не мог. «Чаму яна гаворыць пра мужа, нібы яго цяпер няма?» — праплыло ў мяне ў галаве, але я змаўчаў.

— Ды i вам, відаць, не лягчэй было? — прамовіў лейтэнант. — Як мужу, так i жонцы…

— Ну, мусіць-жа… Я таксама прырабляла. Ткала дзяругі… У нас i цяпер часам кажуць, што ў мяне — залатыя рукі. Гэта ад той пары… От не буду хваліцца, але як вытку лебедзяў ці ластавак — дык не інакш жывыя. Удалая на руку была! Бывала, суседзі прыходзілі падзівіцца: «Ото-ж коўдра, — хваляць, — як фабрычная!..» — Яна ўздыхнула: — Коўдры гэтыя, дарожкі прадавалі на хлеб…

— Невясёлая гісторыя… — зноў адгукнуўся лейтэнант. Ён слухаў нашу знаёмую вельмі чула, час-ад-часу ўстаўляў свае заўвагі, выказваў свой настрой, неспакойна папраўляючы на плячах шынель, пазіраючы на мяне, нібы шукаў падтрымкі. Ён быў з тых людзей, што любяць i ўмеюць слухаць.

— Дзень у дзень, дзень у дзень адно i тое-ж — хата, поле, кросны. Як заварожаная!.. A калі што i было прыкметнае, то толькі крыўда. Многа было яе. Многа! Усякі, каму хацелася, мог пакрыўдзіць!..

Век не забуду аднаго дня. Дваццаць з лішкам год мінула, a i цяпер, як прыпомніш, паверыце, кіпіць усё нутро. То-ж арыштавалі тады Пятра — брата майго. Нейкі нелюдзь выказаў, што Пятро, значыцца, — большэвік. Наскочыла паліцыя, зрабіла вобыск, лістоўкі там супроць папоў ці што знайшла, — i павялі ў пастарунак!

Я, як толькі даведалася, што ён у Нялюбічах у пастарунку, адразу — хлеба ў торбу ды хутчэй туды.

Прыбегла задыханая, — паліцыянты не пускаюць! Як я ні прасіла, ні маліла, — не пусцілі. Адзін яшчэ, — помню, выкшталцоны такі, хванабэрысты, з казырком да самых вачэй, — стаў падсмейвацца з мяне: «хлопка», бачыце, «быдла», «яму нічога не трэба — i так здэхне».

А я, скажу, хоць i цёмная была, i ў падранай кофце, але — гордая. Нікому я не даравала здзеку з сябе!

Лейтэнант з павагай i нават захапленнем паглядзеў на яе i задаволена прамовіў:

— Вось i ў мяне маці такая!

— Загарэлася я. Аж рукі дрыжаць. «Хутчэй ты сам здохнеш», — кажу. Ён адразу падскочыў, як аса яго ўкусіла, пачырванеў: «Цо-о! Псякрэў, большэвічка! Што ты кажаш, псякосць?!» Падбег да мяне i выцяў кулаком. А я ўсё роўна не магу змаўчаць яму. У мяне яшчэ большая злосць на яго. «Тое, што чуў… Усе вы хутка здохнеце!» Тут i іншыя наляцелі, як звяры, сталі біць. А я ўсё сваё крычу: «Здохнеце… Здохнеце!» Спачатку крычала, а потым ужо i гаварыць не магу. Так збілі… I дыхаць не магу — у роце поўна крыві.

Адцягнулі мяне ад пастарунка i кінулі каля плота. Я, можа, там, каля плота, і зайшлася-б. Ды толькі людзі сказалі Кандрату, што ca мной. Запрог ён каня ды прыехаў па мяне… Палажыў на сена. А я ляжу ды ўсё хрыплю: «Здохнеце!.. Усе вы, нелюдзі!..»

З той пары, прыкмячаю, пачала я нядужаць. Штосьці такое пашкодзілася ўнутры. Дыхаць стала неяк цяжка, нібы паветра не хапае. I хрыпіць у сярэдзіне… Адным словам, не магла ўжо я ачуняць… Праўда, i каб лячыцца палюдску, то не лячылася. У бальніцы за адны суткі трэба было аддаць сем злотых. Каб месяц паляжаць, дык i кароўкі не хопіць. А яна-ж адна… Ну, i калі хварэць? Паляжыш крыху, адпачнеш і, абы толькі хадзіць здолеў, — дык адразу за працу.

Яна памаўчала задуменна, потым прывычным рухам выцершы далонню сухія губы, прамовіла з вінаватай усмешкай:

— Мусіць, сум на вас толькі нагнала?

— Ну, што-ж, з песні слоў не выкідваць, — адказаў лейтэнант. — Якая доля, такія i словы… Ды i мая маці не багата шчаслівейшай была…

Ён, напэўна, стаў-бы расказваць пра сваю маці, але я перабіў яго.

— А што-ж з вашым братам?

— З братам? Ды судзілі. На восем год засудзілі. Сядзеў ён у Гродні, i ў Бярозе быў, аж да самага верасня… Сем год i восем месяцаў! Толькі чатыры месяцы i не дасядзеў…

— Гэта не ён працуе ў райкоме? — пацікавіўся я.

— Ён, Пятро, — прамовіла Васіліна Карпаўна. — З мінулай восені там… Раней дык ён у Бродах у эмтээсе быў, а летась выбралі ў райком…

Ён, Пятро, яшчэ пры Польшчы ведаў, як мы будзем жыць, калі вызвалімся. Ведама, комуніст… А я была, што асенняя ноч. Вы думаеце, я заўсёды была такой, як цяпер?.. Калі ў нас арганізаваўся калгас, думаеце, я адразу пайшла? Не. Кандрат намерыўся быў падаць заяву, дык я так на яго насела. «Ты што, кажу, распетрыць дабро хочаш? Дзяцей сіратамі па свету пусціць? Не пайду i табе не дазволю. Не дазволю!» I ўламала яго. А што-ж яму было рабіць са мной?

— Сямейная баталія. Спроба наступаць i — рашучае контрнаступленне!.. Штосьці падобнае было i ў маіх, карціна знаёмая, — сказаў мне лейтэнант.

— Баялася яго, калгаса.

— А чаго-ж яго баяцца?

— Сама не ведаю… Усё, думаю, было-б добра, каб не ён. I зямлі досыць, i конь, i кароўка — усё, што трэба…

Нацярпеўся, харошыя вы мае, са мной Кандрат. I так ён падыходзіў да мяне i гэтак — нічога не дапамагае. Я такая, што, пакуль сваімі вачыма не ўбачу, не паверу. A калі не паверыла, — то ніхто не прымусіць мяне рабіць не па-мойму.

— Ну i што-ж, доўга не верылі вы? — запытаўся я.

— Паверыла я толькі на другі год. Уступілі мы ў калгас… Ды позна паверыла! Прыйшлі ў нашы Вербавічы немцы, не адны прыйшлі, a прывялі яшчэ — каб яму немач! — графа Хвастовіча, які ўцёк у верасні.

А яшчэ праз год паліцаі схапілі Кандрата. Уламаліся ў хату ўвечары, перакапалі ўсё ў сенцах, на гары, на дварэ. Збілі яго — страх успомніць — i павалаклі. Дапытваліся, куды прыходзяць партызаны, толькі нічога не дапыталіся. Потым Кандрата перагналі ў Броды, а там — i след яго прапаў…

— I што — нічога невядома пра яго?

— Як i не было чалавека…

— Эх, гады. Колькі людзей перавялі! У нас у сяле семнаццаць чалавек расстралялі ў сорак другім, — сказаў лейтэнант да мяне. — Нейкая падлюга выдала…

— Гаравала я дужа па ім. Доўга ўбівалася. Толькі горам бядзе не паможаш. А трэба жыць — за дзяцьмі глядзець, на мне-ж яны засталіся. Добра хоць, што пачалі патроху падрастаць, з большымі — i клопат іншы…

Паразумнела, праўду сказаць, за вайну. I, калі фашыстаў прагналі i ў нас зноў калгас арганізаваўся, я адразу пайшла. Здавалася мне ўжо, што без калгаса i жыцця не будзе.

Пазалетась — от так на прадвесні — выбралі мяне на сходзе за брыгадзіра. Жартачкі сказаць: брыгадзір! Вы — людзі бывалыя і, мусіць, да ўвагі прызвычаеныя, вам, можа, i смешна: брыгадзір, падумаеш, начальства!

— А што-ж, на ўсякай пасадзе знойдзецца клопату.

— Я дык чаго тады перажыла — расказаць не раскажаш. I радасна: от i мне, учарашняй «хамцы», вераць, даручаюць такую справу. Радасна было, i — страшна: божа, як я спраўлюся з ёю, я-ж ніколі не ведала нічога, акрамя сваёй хаты ды поля свайго. «Не, — кажу я, — за ласку дзякую, але не згодна. Дарэмна выбіраеце мяне. Не спраўлюся». «Справішся. Дзе адна не здолееш, дапаможам», — зашумелі людзі. «Гэта i добра, што ты сумняваешся, — крыкнула аднекуль з кутка Адар’я, суседка мая, — значыцца, да справы сур’ёзна будзеш брацца!»

Угаварылі. Дамоў я ішла ў клопаце. У галаве назолаю розныя трывожныя думкі. Як прыйшла дадому, бачу, — не засну, дый годзе.

Прыбрала ўсё ca стала пасля вячэры, паслала настольнік. Надзейку, дачку, адправіла спаць, а сама прыкруціла кнот у лямпе i села каля стала. А на сэрцы, як i раней, — і сонца i хмары. У хаце ціха, толькі ходзікі на сцяне — цік-так, цік-так, а я сяджу i думаю, думаю, што буду рабіць. Можа, да поўначы прасядзела так… От як я прыняла сваё брыгадзірства.

Пра тое, як я працавала, не буду казаць. Пра гэта ў газетах пісалі, ды i сама я не на адной нарадзе колькі разоў гаварыла. Можа, чулі? Асабліва багата клопату было летась — з тым аўсом, што на «Мокрым», на тарфяніку. I славы i клопату. Пустазелля — адкуль яно толькі бралася? Ну, проста, забівала поле! Зноў-жа, колькі турботы, каб авёс не палёг. Жартачкі… На балоце глеба далікатная — ёй трэба асобы догляд…

— Далікатная… Гэта точна! — пацвердзіў тонам знаўцы лейтэнант.

— Бывала, з галавы тое «Мокрае» не выкінеш. Іншы раз i няма чаго ісці ў поле, а цябе цягне, — проста так, як да дзіцяці, каб праведаць: «як ты, маўляў, тут без мяне?»

Часта прыязджаў таварыш Хмялеўскі, сакратар наш. Ці то едзе з райкома ў нашы Вербавічы, ці то проста па тракту куды-небудзь едзе, у які калгас ці сельсовет, абавязкова спыніць сваю «Пабеду» i зойдзе на «Мокрае». Не праміне… цікавіўся вельмі.

Многаму мне давялося павучыцца з тым «Мокрым». Ляжала балота век перад вачыма, мазоліла вочы, — а як прыйшлося да справы, то аказалася, што я нічога пра яго не ведаю. У балотнай глебы свае капрызы. Тут-бы мне i ўзяцца за навуку пра балота, а я паспадзявалася на практыку сваю ранейшую, надумала старой дарожкай ісці.

Цераз гэтую навуку далася я ў знакі аграному спачатку. На нажах, проста сказаць, былі. Ох, i злаваў тады на мяне Сцяпан Ігнатавіч, аграном наш!.. Аднойчы нават «сляпой» абазваў, ей-богу, так i сказаў — «сляпая»…

— A ў вас, аказваецца, характар востры!

— Я часта спрачаюся больш цераз гонар, абы не паступіцца. Такая прывычка: вось i ведаю, што не мая праўда, a ўсё роўна не здаюся! Бы сябе зганьбіць баюся, ці што… Так i з Сцяпанам Ігнатавічам — спрачаюся, а пасля падумаю, падумаю, ды i раблю, як ён кажа…

Кніжкі пра балота сама пачала чытаць. Хай не думае, што я неразумная баба! Заўважылі мае жанкі, што я гэта чытаю, i нават жартам празвалі — «балотны прафесар». Так мяне цяпер часта завуць, асабліва Адар’я, насмешніца, тая ледзь што — «балотны прафесар»!

— Так i называе? Балотны прафесар? — лейтэнант засмяяўся. — Прыдумала-ж!

— Яна прыдумае. Язык у яе — лёгкі на выдумку ўсякую!.. От-жа разгаварылася, — схамянулася Васіліна Карпаўна. — Другі раз слова не выцягнеш, а тут, як само льецца. Ну, ды ўжо, калі пачала, давяду да канца… I жыта было добрае, i ячмень удаўся, а авёс, што на «Мокрым», на спрадвечным балоце, дык на дзіва людзям.

У мяне яшчэ i цяпер снапок таго аўса хаваецца для гасцей: часта прыходзяць з навакольных сёл, ды i здалёку прыязджаюць, — паказваю, бо ёсць такія, што на слова не вераць. А чаго тут не верыць! Быццам ужо рэдкасць гэтакая?.. На Бабруйшчыне, чытала я, яшчэ лепшы авёс вырасцілі… Будзеце ненарокам у Вербавічах, — звярнулася яна раптам да лейтэнанта, потым да мяне, — i вас таксама запрашаю: калі ёсць цікавасць, заходзьце паглядзець… Наш авёс цяпер ёсць i ў Мінску, у інстытуце…

У гэты час з-за пясчанага, з крутым берагам, мыска паволі выплыў невялікі светла афарбаваны параход, які шумна біў пліцамі па вадзе. Лейтэнант, адзеўшы шынель i зашпільваючы яго, стаў разважаць, ці ўдасца яму да вечара дабрацца да вёскі, да якой ад ракі было яшчэ не менш за чатырнаццаць кілометраў. Ен з неспакоем паглядзеў на чамадан, перавязаны двума плеценымі рамянямі, i салдацкі рэчавы мяшок. З такім багажом ісці пехатой будзе нялёгка!

— От, не люблю ў дарозе з рэчамі цягацца. Гэта толькi таму, што ў адпачынак еду: падарункі маме ды браценікам i сястрычцы… А так — толькі рэчавы мяшок: закінуў за плечы—і гатоў!..

— A маці i не ведае, мусіць, што вы едзеце! От-жа будзе шчасце, як убачыць!.. — твар Васіліны Карпаўны засвяціўся добрай матчынай усмешкай.

Мне падумалася: якая яна, напэўна, клапатлівая аб сваіх дзецях i як добра разумее чужую радасць.

Лейтэнант пайшоў да касы, браць на ўсіх білеты, i мы на беразе засталіся ўдваіх. Васіліна Карпаўна паставіла кошык на пясок, абаперлася аб калені локцямі; цяпер яна ўвесь час маўчала, думала аб нечым сваім, згорбіўшыся i пазіраючы нязводна ўніз, на залацістую, варухлівую каёмку берага. Твар яе, нерухомы, з маршчынкамі, нібы застыў, скамянеў i здаваўся значна старэйшым, як раней.

Прыстань, дасюль маўклівая i пустая, хутка ажывала. Каля касы вырасла непрыкметна чарга чалавек з дваццаць. Да берага падышоў грузавік з белым надпісам на кузаве «пошта», — ён спыніўся поблізу, чакаючы парахода; потым падляцеў, падскокваючы, ківаючыся з боку на бок, нізенькі «Масквіч». Да месца пасадкі два мужчыны сталі падносіць нейкія бочкі.

Параход, які перастаў дыміць i малаціць пліцамі па вадзе, ярка бялеючы свежай фарбай кают i поручняў, падыходзіў да берага ціха, падуладны толькі рулю. На гладкі пясок пачалі, плёскаючы, пенячыся, даганяючы адна адну, кідацца, паўзці бруднаватыя хвалі.

…Васіліна Карпаўна ўзяла кашолку i павольна, спакойна ўзышла па хісткіх сходнях, што, выгнуўшыся, віслі над каёмкай берага i паспакайнелай вадою. Я дапамог лейтэнанту занесці на палубу яго мяшок.

Параход захрыпеў, пасля загуў прарэзліва: два хлапчукі-матросы паспешліва сцягнулі сходні на палубу, i мы пачалі адыходзіць ад берага. Параход выйшаў на сярэдзіну ракі. Абапал ліха паплылі берагі: злева — нізкі, зялёны, з балотным хмызняком i шырокімі разлівамі вады; справа, за прыбярэжнай касой, віднелася невысокая града з дрэвамі i вёскай наводдаль.

— Тут большае можа i не ў тым брыгадзірстве. Не ў казцы, a ў прыказцы справа. Я інакш бачыць сябе стала. Адар’я нават раз пасмяялася: задавацца, кажа, я стала… I з маіх убораў пасмейваецца. Я от, — можа, i няёмка казаць, — Васіліна Карпаўна крыху збянтэжана ўсміхнулася, — стала больш глядзець за сабой, прыбірацца нешта пачала. Гады ў мяне не маладыя, дзеці выраслі, а я — што гэта са мной?

Бывала, божа мой, ходзіш задрыпаная, абарваная, у латаным зрэб’і i — быццам так i трэба. Ці не ўсё роўна! А цяпер часам хочацца ў люстэрка паглядзець!

Люблю я прыбрацца ды прайсціся ў святочны дзень пад руку з Надзейкай, з меньшанькай маёй. Яна ў мяне ружовенькая, высокая ды здаровая — проста мак цвіце. Семнаццаты гадок пайшоў. У свята — ведама што: людзі сабіраюцца каля хат, на прызбах, на лавачках, — падыдзем, пагаворым пра тое-сёе ды далей. Я часта так раблю выгляд, нібы ў краму ідзем, a папраўдзе для таго, каб людзям паказацца: «Глядзіде, маўляў, на мяне, шчаслівую, радую, любуйцеся, якую я прыгажуню-дачку выгадавала!»

Яна ў мяне вучыцца ў дзевятым. Ахвоту вялікую да вучобы мае, асабліва батаніку любіць. Летась усё хадзіла ў лес ды на балота, кветкі-траўкі розныя збірала ды на паперу засушвала. Гербарый называецца… I якія толькі ёсць у нас расліны — усё яна ведае, ды не проста, а па-вучонаму… От, скончыць школу, у Мінск пашлю, на вучоную вучыцца. Няхай ідзе ў людзі!..

Васіліна Карпаўна дастала некалькі кніжак з кошыка, перавязаных шпагатам, i сказала:

— Вось вязу Надзейцы i сабе — пра каноплі. Сёлета каноплі на асушаным балоце будзем сеяць… — I, хвіліну разважыўшы, дадала: —Купіла яшчэ крэпдэшыну ў магазіне. Надзейцы на плацце — з кветачкамі сінімі, i сабе шоўку — чырвоны з белым гарошкам…

— У вас — двое, цётка Васіліна?

— Пяцёра выгадавала. Тры сыны i дзве дачкі. Другая донька — Ганна — у Глінішчах за рахункаводам… А сыны — адзін пры мне, працуе за лесініка. Жаніўся той восенню, у Вербавічах-жа, каля лесу, жыве. Хата яго стаіць от так наводдаль сяла. A другі — Пятро — той за агранома вывучыўся, толькі ў гэтым годзе тэхнікум скончыў, робіць аж пад Полацкам. А серадольны — той у арміі, надоечы пісаў — шаферам служыць.

Баліць у мяне — от кажу — сэрца за яго. Пра іншых меншы клопат, а пра гэтага, бывае, цэлыя ночы думаю. I лістоў вельмі чакаю ад яго. Бывае, пройдзе тыдзень, а ад яго — ні слоўца, дык я быццам сама не свая…

I што яны, гэтыя амерыканцы, круцяць там, у Заходняй Нямеччыне! Зноў фашыстаў прыграваюць, кулямёты ды мінамёты даюць. Толькі што адно такое ліхалецце перажылі, дык яны новае рыхтуюць. Мала ім гора людскога ды слёз!.. I пра што там думаюць маткі тых амерыканскіх салдатаў? Ці ім не шкода сваіх дзяцей? Чаго яны маўчаць?..

Эх, не даюць пажыць спакойна! Тут у нас, на Палессі, такія справы ідуць — такія справы… Самы час настаў для людскога жыцця ў нас, а там…

Васіліна Карпаўна сціхла, узрушаная трывогай за шчасце сваёй сям’і, за многіх такіх, як сама. Я з нейкай асаблівай павагай пазіраў на яе, гэтую, на першы позірк, непрыкметную жанчыну.

Насустрач нам шырокімі вільготнымі хвалямі плыў вецер, які абвяваў, халадзіў твар i шыю. Васіліна Карпаўна расшпіліла жакетку.

— Слухаю вас, i даўно карціць спытацца, — скажыце, колькі вам год? — прамовіў я i дадаў, што яна здаецца нейкай маладой душою.

— Я i сама бачу гэта… I хто-б думаў, што можа яно так стацца… Што… гады сыйдуць з плеч! У песні вось спяваюць: «А моладасць не вернецца, не вернецца назад». А яна як-бы вяртаецца!

I жанкі мае не раз дзівіліся з мяне. Аднойчы Адар’я мне сказала: «Адкуль у цябе, Васіліна, столькі руху? Ты такая непаседлівая, такая заўзятая. Ну, праўда, заўзятая!.. Мусіць, каб не ты, то ў нас нічога з балотам i не атрымалася-б. А з табою — легка… Ты, не ўрокам кажучы, як маладая!»

Васіліна Карпаўна засмяялася памаладзелымі вачыма, у якіх i вясёлы жарт, i лёгкая іронія з сябе. Я, пазіраючы на яе, перастаў заўважаць i яе маршчыны на твары, i сівізну ў валасах, пасму якіх варушыў пругкі веснавы вецер. Але ўсмешка хутка растала на яе твары, — жанчына загаварыла сур’ёзна i задуменна:

— Маладая! Каля пяцідзесяці… Хіба-ж гэта ўсё? — голас яе прыціх i задрыжэў. — Я-ж, можа, толькі вось цяпер жыць пачала як мае быць. Па-чалавечаму пачала жыць… Дзетак у людзі вывела. Я, можа, толькі цяпер — пры нашай уладзе, дзякуй ёй! — паспытала, што яно такое, жаночая доля…

Васіліна Карпаўна зноў памаўчала.

— Доля… Запозна трошкі ты, маладосць мая, пачала вяртацца. Эх, каб гадоў на дзесяць раней прыйшла!

Ужо-ж пажыла-б я!.. Ну, ды — годзе! Не ўсё яшчэ мінулася. Не ўсё!

Яна стала глядзець наперад, у шырокую, усхваляваную ветрам простань ракі, куды спакойна, важка ішоў параход.

195З г.

Дом на праспекце

(З гісторыі аднаго дома)

Першыя дні

Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Ён глядзеў у свет, як сляпы, пустымі вокнамі, над якімі па сцяне веерам расплываліся чорныя, дымныя сляды.

У ім не было ні пакояў, ні калідораў. Усё ўнутры выпаліла бязлітаснае полымя. Калі ўваходзілі ў пройму дзвярэй, то бачылі вакол высачэнныя сцены, на якіх пяць разоў адзін над адным цягнуліся рады вокан, а над самай галавой угары бачылі сіняе, белае ці шэрае — гледзячы па надвор’ю — неба. Сцены ўнутры там-сям былі яшчэ задымлены, але з большага дажджы ўжо змылі ўедлівую чорную копаць. Там-сям на сценах яшчэ трымаліся іржавыя, падобныя на гармонікавыя мяхі, батарэі.

У праходах свабодна гуляў вецер, заносячы сюды летам пясок, a зімою — снегавую крупку…

У першыя дні пасля вызвалення прыйшоў сюды, да гэтага дома, хударлявы, сутулаваты чалавек у паблеклым армейскім адзенні. Ён, горбячыся, патупаў-патупаў вакол дома i ў сярэдзіне i, не сказаўшы нічога, але з нейкім намерам, што было відаць па выразу яго добрага, крыху хваравітага твару, падаўся прэч.

На наступны дзень ён — Загорскі — з жонкаю расчысціў ад гліны i камення адзін невялікі куток, адгароджаны сценамі з трох бакоў. Пасля гэтага ён прывёз на фурманцы дошак i ўвесь доўгі дзень, перамагаючы боль у параненай назе, рэзаў, цясаў, прыбіваў.

— Ды сядзь ты, папалуднуй. Вунь вечарэе ўжо… Суп зноў астыў. Колькі-ж табе падаграваць! — гаварыла жонка. (Яна падтрымлівала дошку, якую ён прымацоўваў да слупа.)

— Ну вось адразу i папалуднуем i павячэраем, як той цыган.

Ён усміхнуўся: усмешка ў яго была мяккая, добрая i нібы сарамлівая.

— Заняты ты. Як возьмешся за што, дык не адарваць… Глядзі, каб гэта назе не пашкодзіла.

— Адпачне потым… Што-ж гуляць да часу. Кончыў працу, тады i — гуляй.

— Кончыў! Тут колькі яшчэ да канца?..

Мужчына, неахвотна пасёрбаўшы супу, спяшаўся зноў вярнуцца да справы, i жонка, склаўшы талеркі i накрыўшы кацялок ручніком, ішла за ім.

Яны тут i днявалі i начавалі. Ложкам ім былі дошкі, складзеныя пры сценцы i накрытыя шынялём i коўдрай.

Калі будаўніцтва было скончана, гаспадар сеў на каменне і, выняўшы з кішэні кісет, з асалодай закурыў. Ён курыў павольна, глыбока зацягваючыся, як чалавек, які даўно сумаваў па табачным дымку.

— Чорт пабяры, я, здаецца, за гэтыя дні i не закурыў ні разу… Маруся, курыў я ці не курыў — не заўважыла?

— Ды курыў, здаецца… Бяда якая — не курыў! Кінуў-бы ты зусім гэтую атруту, — можа-б здаравейшы быў!..

Жонка гаварыла з папрокам, — Загорскі адчуваў, што яна поўна вялікай трывогі за яго, трывогі за яго нагу, за яго натруджаную рану, за тое, што ён пажаўцеў за гэтыя дні.

— Што-ж, куток нічога! — прамовіў ён, гледзячы на сваё збудаванне. — Жыць можна! Ёсць дах, сцены ёсць, акно…

— Добры куток, Андрэйка!.. От, як прыбяру ў сярэдзіне, ты пабачыш…

I яна дзелавіта падалася ў пакой…

Было відаць па тым, як Загорскія хутка аснавалі сваё простае, немудрашчае жытло, як адалелі бяду, што людзі гэтыя цярплівыя, прывыклыя да ўсяго, у тым ліку да руін. Да вайны Загорскі жыў недалёка адсюль у драўляным доміку, на месцы якога, вярнуўшыся, убачыў нечы агарод.

У пакоі, які ён цяпер абсталяваў, было трое: Загорскі, жонка яго i сын. Жонка Загорскага працавала ў трамвайным парку, а сам ён першы час тупаў паціху дома, калоў абрэзкі дошак, паліў у печцы, гатаваў у задымленым кацялку кашу ці суп, адным словам, рабіў тое, што ў іншых сем’ях робяць жонкі.

З заржавелай трубы, што выходзіла на двор у акенца i нечым нагадвала гармату, уранку i ўвечары віўся дым.

Нярэдка, прысунуўшыся бліжэй да святла, Загорскі сукаў дратву ці, дробна пастукваючы малаточкам, прыбіваў падмёткі, — абуваў сям’ю. Занятак гэты быў яму прывычны — Загорскі калісьці рабіў у шавецкай арцелі на Камароўцы.

Сын лазіў па руінах дома, усё нешта капаў, вышукваў, неахвотна выконваў бацькаў загад прынесці з бліжняй будоўлі трэсак. Ён быў падобны на маці, чарнявы, рухавы i быстры, яўная процілегласць маўкліваму, павольнаму i лагоднаму бацьку.

Малы даваў шмат турбот бацькам. То яго бачылі высока на лесвіцы, i маці, млеючы ад страху, прасіла, каб Загорскі сказаў яму сыйсці ўніз. Калі гэта гаварыла малому сама маці, Жорка звычайна не слухаўся. Ён ведаў, што строгая маці будзе лаяцца, а то яшчэ, чаго добрага, i па адным месцы напляскае.

Найбольш-жа любіў Жорка корпацца ў каменні, у зямлі. Тут ён не раз знаходзіў розныя рэчы: прыгожыя, праўда, паржавелыя, шары (бацька казаў, што яны з ложкаў), розныя металічныя пруткі, бліскучыя пліткі кафлі, пагнутыя лыжкі. У зямлі трапляліся пазелянелыя патроны. Бацька да ўсіх гэтых пошукаў адносіўся спакойна, пакуль аднойчы Жорка ледзь не падарваўся на нямецкай гранаце.

Загорскі, заўважыўшы, якую рэч трымае ў руках Жорка, пабялеў. Ён зразумеў, што ледзь толькі крыкне на малога, той кіне сваю страшную знаходку i… аб далейшым бацька не мог думаць. Ён, стараючыся не паказваць трывогі, падышоў да сына i папрасіў:

— Дай, сынок.

Жорка неахвотна перадаў гранату ў руку бацькі, якая дробна дрыжэла. Загорскі хутка агледзеў гранату: з запалам!

Загадаўшы малому адысці, ён асцярожна разрадзіў яе, разабраў на дробныя часткі, а запал закапаў у зямлю.

— Сынок, не гуляй тут. Ідзі на двор лепш.

— Чаму не гуляць тут?

— Тут — нельга. Тут — смерць, — бацька хмурна кіўнуў на руіны. — Не будзеш?

— Не буду.

Дом ажывае…

Увосень i ўвесь першы год кульгавы чалавек i яго сям’я былі адзінымі жыхарамі гэтага дома.

Зімою ўпарты вецер свістаў у праломах сцен, ляскаў недзе наверсе бляхаю, невядома як уцалелаю. У доўгія i неспакойныя студзеньскія ці лютаўскія ночы сцепы вялізнага дома гулі, як дрэвы ў лесе. Летам унутры на замшэлых каменнях раслі непераборлівая i ўчэпістая трава, высокія жытныя каласы, тырчэў калючы дзядоўнік.

Дом быў амаль пусты i здаваўся мёртвым. Адзіным, што ажыўляла гэтую амярцвеласць, было жыллё Загорскага i яго неспакойны сын, які ўвесь час бегаў ці корпаўся на дварэ.

Поблізу паступова ўбіралася ў сілу жыццё. Заклапочана спяшаліся на працу людзі, ішлі гарэзнымі чародкамі школьнікі… На другі год — за тры месяцы — поруч узнялася будыніна школы, пераліўна зазіхацела шклом квадратных вокнаў; непадалёк за пустырамі i гарбамі руін задыміла жалезная заводская труба, а тут, у гэтым доме, на Совецкай, было ўсё па-ранейшаму.

Пра яго нібы забыліся.

Прайшоў год, i яшчэ амаль цэлы год — лета, зіма. Настала вясна…

Аднойчы, ясным вясновым днём, прыехалі да дома тры чалавекі. Яны доўга хадзілі вакол дома, разглядаючы яго з усіх бакоў ад нізу да верху, __ зайшоўшы ў пустэчу былых дзвярэй, падымаліся па ўцалелых цэментовых ступеньках угару, прычым адзін з ix вышэй другога паверху не наважыўся ісці, а два другія пайшлі далей, аглядваючы сцены, шукаючы трэшчын.

— Я ўсё-ткі лічу, што дом можа жыць, — сказаў адзін, з папкай у руцэ, зняўшы кепку i паціраючы далонню паголеную галаву. Тоўсты, у пенснэ, ён нечым нагадваў доктара. — Я яшчэ раз у гэтым пераканаўся, можа жыць i жыць доўга. I я за тое, каб ажыўляць… Мне здаецца, асцярога Карпенкі тут лішняя.

Праз месяцы паўтара сюды прыйшоў гаманлівы нагоўп з рыдлёўкамі i ламамі. Некалькі дзяўчат адразу акружылі малога Жорку i сталі песціць яго i распытваць, як яго зваць, хто яго бацька, дзе маці. Жора не бянтэжыўся ў гэтым шумлівым акружэнні, аглядваючы дзяўчат чорнымі цікаўнымі вачыма, малы адказваў спакойна.

— Ты што, адзін дома?

— Угу.

— А дзе-ж маці, Жорка?

— Маці на трамваі. А тата, — далажыў падумаўшы Жорка, — у магазіне, хлеб купляе…

Тут дзяўчат паклікалі, i яны пакінулі малога.

Прараб — Арцём Іванавіч — пажылы, з чырвоным, падобным на бульбіну, носам, з рудымі вусамі, у ватоўцы ca слядамі цаглянага пылу, павёў ix у дом, размеркаваў на групкі, паказаў, што якой групе рабіць.

Між маўклівых задымленых сцен, дзе гарбаціліся горы сцэментаванай цэглы, тынку i пераплеценага дроту, пачуліся стук жалеза аб каменне і вясёлыя, задзёрыстыя галасы.

— Ганна, Ганначка, хадзі сюды!.. Папрасіся — разам будзем!..

— Яна — i калі Сяргей прыходзіць — Ганну кліча!.. Цягне ўсюды з сабою!

— Яна-ж баіцца хлопцаў! Адна.

— Га-га-га…

— Дзе Косцік?! Косціка сюды з ломам! Бач ты, глыба якая!..

— Скажы ты, як спрасавалася гліна! Хоць ты яе — сякерай!

— А мы кіркай!.. Кіркай дзеўбанём!..

— Тачку-у сюды!!

Дом, пусты i забыты, адразу як-бы перайначыўся, ажыў, скінуў з сябе магільную здрантвеласць.

Неўзабаве ўжо ад дома, важна асядаючы на калдобінах, выехала першая машына, поўна нагружаная розным друзам.

Вярнуўшыся з магазіна, Загорскі ўпершыню нібы не пазнаў свайго ціхага аселішча. Перадаўшы хлеб Жорку, ён моўчкі стаяў, узрушана назіраючы за ўсім, што адбываецца навокал. Як часта ў хвіліны хвалявання, ён пацягнуўся па кісет і, прысеўшы на каменне каля свайго кутка, закурыў.

Курыў ён павольна, жмурачы вочы, i пра нешта думаў.

Ён падаўся ў пакой па-ранейшаму заклапочаны. Калі Загорскі, пакарміўшы малога, стаў чысціць бульбу на абед, увайшоў Арцём Іванавіч — прараб.

Госць, прысеўшы на табурэтку, падсунутую яму гаспадаром, зняўшы кепку, агледзеў пакоі i сказаў пяпэўна:

— Так, значыцца, жывем…

— Так i жывем, — адказаў Загорскі ў тон, здагадваючыся, чаго прыйшоў госць, i чакаючы гэтай размовы.

Але прараб не спяшаўся. Ён пацікавіўся, дзе жонка Загорскага i ці заўсёды гэта гаспадар варыць снеданні ды абеды. Толькі пасля гэтага Арцём Іванавіч, пакашляўшы, збянтэжана пачаў пра галоўнае:

— Вось што, дарагі, як хочаш, а прыйдзецца палац твой… — прараб правёў рукой так, як даюць знак сыйсці ўбок.

— Ды ўжо-ж, я думаў пра гэта, — нечакана спакойна адказаў Загорскі. — Што-ж, рабіце, што трэба.

— Ну вось i добра.

Арцём Іванавіч уздыхнуў з палёгкай…

Арцём Іванавіч злуе і радуецца

Пад вечар прывезлі сюды смалістых дошак, бярвенняў, i новы вясёла-жоўты паркан, што акружыў дом i двор у наступныя дні, быў лепшай адзнакай таго, што i тут пачынаецца новае жыццё.

Жыццё гэтае, праўду сказаць, нараджалася нялёгка…

Машын было мала, усяго тры грузавікі, i то адзін з тых больш стаяў на рамонце, як працаваў. Таму дом ачышчалі ад друзу доўга i марудна.

Трэба было пачынаць рабіць перакрыцці, але праца гэтая затрымлівалася, бо не было лесу. Арцём Іванавіч, гарачы i неспакойны чалавек, то лаяўся ў будканторы, то, атрымаўшы згоду i подпіс начальства, пасылаў пагрозныя тэлеграмы на лесазавод, які затрымліваў высылку матэрыялу.

— Чорт ведае, што робіцца! — твар яго чырванеў ад абурэння. — Пачалі агарод гарадзіць, а пра жэрдкі не паклапаціліся. Майстры! — цадзіў ён з пагардай, нярэдка дадаючы да гэтага некалькі моцных слоў.

Ён у такія дні, як бура, налятаў на шафёраў, на брыгадзіраў, бязлітасна прыдзіраўся да ўсяго.

— Гэта што?! — грозна пытаўся ён у вадзіцеля, заўважыўшы, што задняе акенца ў кабіне грузавіка не прыкрыта.

Шафёр, малады белабровы хлопец з ледзь прыкметным пушком над верхняй губою, глядзеў здзіўлена, нібы не разумеў, пра што ідзе гаворка.

— Чакаеш, пакуль выламяць!?.

— Ды чаго яго выламяць, Арцём Іванавіч? Я гляджу-ж, каб паасцярожней… Каб не кідалі на акенца, гляджу…

— Глядзіш ты!.. Больш, мусіць, на дзяўчат… Прыкрый, кажу.

— Ну, добра, зраблю, калі вы хочаце.

— Загадаць абавязкова трэба, — сам не здагадаешся!..

Брыгадзіраў i рабочых Арцём Іванавіч прабіраў за кінутую зламаную тачку, за забыты дзе-небудзь лом:

— На нянек спадзяецеся?!. Не можаце ўсё без нянек! Нянькі абавязкова вам трэба!

Ён кідаў пагардліва:

— Майстры! Як дзеці малыя…

Арцём Іванавіч хадзіў цяпер у сарочцы-касаваротцы, заўсёды зухавата расшпіленай.

Калі толькі прыйшоў на станцыю «лес», які нецярпліва чакалі, усе машыны былі пасланы туды. За дзень пусты двор, на якім адно сівеў палын, закрасаваўся штабелямі дошак i бярвенняў, моцна — на цэлы квартал — запах свежаю сасною.

У той-жа дзень Арцём Іванавіч накіраваў будаўнікоў ладзіць перакрыцці.

— Цяпер пойдуць справы! — сказаў ён Загорскаму, які наведаўся паглядзець, як жыве «яго» дом! — Пабачыце! Мне — дайце матэрыял, дайце ўсё, што трэба, а тады ўжо ўбачыце, што я магу…

Загорскі ківаў галавой у знак згоды: вядома, што-ж можна зрабіць без матэрыялу.

— А то-ж— матэрыялу няма, a атрымліваецца, быццам я вінаваты, зрываю план. Я не сарву, будзьце ўпэўнены!.. Я да вайны адзінаццаць аб’ектаў пабудаваў. I нiколі не зрываў справы, усе ведалі, што калі Арцём Іванавіч кіруе, то можна быць спакойным! I за якасць, i за тэрмін! I за тое, што людзі будуць працаваць!

Ён гаварыў горача, але добрадушна, як гавораць пра крыўду, якая ўжо адышла. Неўзабаве Арцём Іванавіч стаў распытваць Загорскага, дзе i як той асталяваўся. Пачуўшы, што інвалід плоціць сто пяцьдзесят рублёў за пакойчык, будаўнік пакруціў галавою.

— Яно, праўда, i сам я, браце, не лепш. Плачу-та я не многа, але тулюся ў бараку, — паскардзіўся Арцём Іванавіч.

— Значыцца, таксама пакуль не ў раскошы жывецца?

— У бараку?.. Ён, браце, падобны вельмі на твой «палац»!

Прараб, а за ім i Загорскі засмяяліся.

З гэтага дня Арцём Іванавіч i Загорскі пасябравалі. Загорскі стаў часта прыходзіць да дома, пагаварыць з прарабам, з рабочымі, паглядзець, пакурыць…

Трэба сказаць, прараб хваліўся не попусту, кажучы, што «цяпер пойдуць справы». Тыдзень за тыднем, хоць i павольна, дом усё ажываў i ажываў.

Спачатку першыя бэлькі працягнуліся над адным паверхам, потым яны ляглі над другім, затым над трэцім. Цяпер калі i можна было ўбачыць знізу дома неба, то толькі ў прасветы між бэлек ці ў шчыліны між дошак, на якіх працавалі людзі. Дом перастаў быць корабам, у ім акрэсліваліся паверхі.

Месяцы праз два старанныя цесляры сталі ўжо снаваць на насціле ca смалістых дошак на самым версе, там, дзе сінела глыбокае i пагоднае летняе неба. Стаўлялі кроквы.

Арцём Іванавіч, павесялелы i падабрэлы, рухавы, то хадзіў па дварэ, аддаючы загады, то ўздымаўся да будаўнікоў, што ладзілі дах. У такія дні ён любіў пагаварыць, пажартаваць, пасмяяцца. Гэта былі цудоўныя дні, — цудоўнымі яны тут былi найперш таму, што Арцёму Іванавічу ўсё падабалася i ён таксама падабаўся ўсім…

— Душа-чалавек, Арцём Іванавіч! — прамовіў неяк Загорскі да бялявага шафера, назіраючы за прарабам. — Праўда, душа?

— У настроі чалавек… Ззяе, як сакавіцкае сонца, не раўнуючы сказаць.

— Ззяе… Сэрца ў яго добрае!

— Задаволены, вось i ззяе…

Але даўно вядома, што няма нічога такога пад векавечнымі зорамі, што-б так ці інакш не змянялася. Гэтая ісціна з самым поўным правам адносілася i да Арцёма Іванавіча, пры яго няўстойлівай, уражлівай натуры. Да таго-ж для такой перамены мелася i вельмі ўважлівая прычына, — ix у той час, як ужо гаварылася вышэй, было вельмі многа.

У адзін блакітны, добры сваім плёнам дзень Арцём Іванавіч зноў спахмурнеў, надзьмуўся:

— Чорт ведае, што яны думаюць будаваць: дом ці халадзільнік? З чаго я буду складаць пліты? Майстры!

Усе, хто працаваў у доме, заўважылі, што ён зноў стаў часта знікаць з двара i што вяртаўся сярдзіты. Хто-ні-хто чуў, як ён аднойчы, вярнуўшыся i ўзрушана ходзячы па дварэ, каля склада матэрыялаў, напрарочыў сабе:

— Гэты дом мяне зарэжа!

Ён сказаў гэта так, як чалавек да канца перакананы.

Многія адчулі, што справы з домам не ладзяцца.

А тыя, хто сачыў за домам з боку, з-за агарожы, праязджаючы ў перапоўненым трамваі ці праходзячы па процілеглым тратуары, глядзелі на дом інакш.

— Дах ужо крыюць. Да наступнай вясны закончаць, мусіць.

— Вядома. Лічы, палову работы ўжо зрабілі-ж!

— Зіма будзе, тэмпы не тыя!..

— Зіма? Што-ж зіма?

— Сто кватэр, не менш…

— Сто? У такім гмаху!.. Тут i дзвесце набярэцца!

— Ах, які прыгажун…

I радаваліся i ўздыхалі. Адразу за домам, як відаць воку, былі руіны i руіны.

Дзве сотні новаселляў!

Зімой сцюдзеныя вятры біліся ў фанерныя лісты, што закрывалі пустыя калісьці проймы вокнаў, і, не могучы прарвацца ў сярэдзіну, заглядвалі ў зашклёныя дробныя вочкі-акенцы ў фанеры. Там па-ранейшаму працавалі…

Толькі на наступную восень дом скончылі.

Разабралі рыштаванні, i ён адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Сярод руін ён здаваўся асабліва прыгожым. Вокны на ўсіх чатырох жылых паверхах былі расчынены, каб лепш сохлі сцены i падлога, — здавалася, што яны расчынены, запрашаючы новых жыхароў. Упакоях свежа пахла падсохлай фарбай. Фарба — барвова-чырвоная на падлогах, светлаблакітная на сценах, у калідорах i на кухнях, рознастайныя ўзоры на сценах пакояў. Гулкая цішыня ў пустых яшчэ кватэрах. Чыста падмеценыя лесвічныя ступенькі… Цудоўныя, слаўныя дні жыцця дома!

На дварэ, на лесвіцах, a дзе-ні-дзе i ў пакоях, ужо хадзілі ўсхваляваныя кватаранты. Кватэры яшчэ задоўга да гэтай урачыстай пары былі размеркаваны. Будучыя кватаранты былі такімі нецярплівымі, што ў выканкоме рашылі падзяліць раней, каб уціхамірыць непакой i хваляванні.

Дарэмна камендант упарціўся, кажучы, што не мае нрава паказваць, што камісія яшчэ не прыняла — хто ўстаіць перад такімі просьбамі, перад такімі доказамі.

I вось прыйшла камісія. Адчыняліся падрыхтаваныя для жыхароў пакоі, што зіхацелі чысцінёй i фарбамі, Арцём Іванавіч рэўніва сачыў за членамі камісіі, — асабліва за чалавекам, падобным на доктара.

— Запішыце — у 17 — камфоркі ў пліце няма, — гаварыў доктар дзяўчыне, што ішла з блакнотам.

— Шыба выбіта!.. — заўважыў ён у 2З кватэры. — Запішыце — шыба.

Запісалі, што падлога ў 41 кватэры дрэнна пафарбавана, што ў пліту ў 72 кватэры нейкі гультай заваліў бітую цэглу, паленаваўся вынесці, — чаго толькі не знайшлі прыдзірлівыя людзі ў доме.

Як ні запэўняў Арцём Іванавіч, што ўсё гэта нікчэмныя дробязі, што ўсё будзе за дзень-другі дароблена, дом не прынялі. I Арцём Іванавіч зноў хадзіў барвовы i хмурны i прыдзіраўся да ўсяго i гаварыў, што гэты дом яго «зарэжа».

Але — як стала вядома пазней — прароцтва гэта, на шчасце, не збылося. Дом яго не зарэзаў.

Роўна праз два тыдні дом пачаў запаўняцца жыхарамі, i разам з іншымі Арцём Іванавіч перавёз сваю сям’ю на новую кватэру.

О, незабыўны, шчаслівы час усялення ў новую кватэру! Хто не адчуваў з нас хвалявання, атрымліваючы жаданы ордэр на права заняць пакой ці некалькі пакояў, з кухняй, з ваннай — ці без ванны, — у каго не білася часцей сэрца, калі яму ўручалі запаветныя ключы, каму яны не здаваліся ключамі шчасця! Хто не ўзбягаў па-юнацку спрытна на свой паверх, не адчыняў дзвярэй з нумарам, які значыўся на ордэры, не хадзіў на цыпках па нятоптанай яшчэ, клейкай падлозе!..

Да позняга вечара к дому пад’язджалі i пад’язджалі грузавікі, легкавыя газікі — з клункамі, з шафамі, са сталамі, перавернутымі ўгару ножкамі, з этажэркамі, стусамі кніжак, фікусамі, — на лесвіцах было цесна, як на самай люднай вуліцы — то там, то тут непаваротлівыя шафы перагароджвалі дарогу, i тым, хто збягаў уніз, даводзілася не раз спыняцца i цярпліва чакаць.

Яшчэ не сціх тлум на лесвіцы, a ўжо ў многіх кватэрах людскія сэрцы займаў новы клопат: дзе што як паставіць ці пакласці. Перасоўваліся ад сцяны да сцяны канапы, ложкі, пакуль не займалі месца, ухваленае ўсёй сямейнай радай.

Усяленне было цудоўным святам для не адной сотні людзей. Гэта былі, можа, самыя светлыя дні ў гісторыі дома, у якім даўно не было столькі шчаслівых i вясёлых людзей адначасова. На кожным паверсе, у кожнай кватэры спраўлялі новаселлі — звінелі чаркі, а таксама шклянкі —круглыя i з гранямі, —дзе-ні-дзе стукалі i карцы з кансервавых банак. Усюды гучэлі тосты. Хвала табе, слаўная часіна новаселля, часіна спадзяванняў i мар!..

Трэба прызнацца, адно новаселле было не такім бесхмарным.

Яшчэ да таго, як пачалося ўсяленне, у ім ужо быў адзін жыхар, які хоць i падаў заяву, але не чакаў дазволу. Гэта быў Загорскі. Ён напісаў быў у свой час заяву з просьбай выдзеліць кватэру ў доме. У той-жа дзень, калі адбылося пасяджэнне, на якім размяркоўвалі кватэры, энергічная жонка Загорскага даведалася, што ім чакаць няма чаго, i пачала падбіваць мужа на тое, каб заняць пакой самавольна. Загорскі спачатку вагаўся: ён, хоць i адчуваў сябе пакрыўджаным, лічыў, што рашэнне ёсць рашэнне, — закон, якога трэба слухацца.

— Слухацца! Чаго яго слухацца, калі яно няправільнае?! — наступала на мужа, даводзіла сваё Маруся.

Загорскі, які добра ведаў упарты характар жонкі, суцешліва сказаў, што ў такой сітуацыі лепш за ўсё напісаць скаргу «па партыйнай лініі».

— Пішы, пішы, а пакуль там пачытаюць ды разбяруцца — дом увесь зоймуць! Сядзі ды чакай! Чакай тут!

Яна заплакала, i гэта зламала ўпартасць мужа. Праўда, ён напісаў скаргу ў гарком партыі, але як толькі будаўніцтва скончылі, Загорскі, не зважаючы ні на якія «фармальнасці», перабраўся ў адзін пакойчык на другім паверсе i асеў.

Арцём Іванавіч, што ад душы спачуваў Загорскаму, хоць i ведаў незаконнасць учынку інваліда, не стаў спрачацца з ім.

Але маладога гаспадара горада, які толькі што ўступіў на пост i быў поўны рашучасці адразу-ж навесці парадак, такое самаўпраўства абурыла.

— Як гэта ўсяліўся? А хто дазволіў? — гледзячы на Арцёма Іванавіча з вышыні сваіх амаль двух метраў i свайго кіруючага становішча, строга пытаўся гаспадар горада.

Арцём Іванавіч, які ў такія хвіліны ніякавеў перад гневам начальства, толькі разводзіў рукамі.

— Ніхто не дазваляў… Ён раней жыў там. I не пытаўся ні ў каго дазволу…

— Што яму, законы не пісаны?!.

— Яму i праўда няма дзе жыць… — пашкадаваў Загорскага Арцём Іванавіч.

— У нас пакуль такіх тысячы, разумееце?! Што, калі ўсе яны самавольна будуць захопліваць кватэры?

Арцём Іванавіч прамаўчаў, адчуваючы, што спрачацца лішне.

— Выселіць! — павялела начальства.

Помніцца, былому сціпламу, нічым асобым не слаўнаму стралку з адной слаўнай пяхотнай дывізіі Загорскаму давялося перажыць хмурныя дні. Давялося пазнаёміцца i з добрымі парадамі выехаць, i з катэгарычнымі загадамі, i нават з міліцыянерам, былым партызанам, кірпаносым, добрадушным хлопцам, які зайшоў даведацца, ці збіраецца парушальнік выконваць пастанову.

— Не… Не выеду, — адказаў адразу Загорскі. Ён раптам запытаўся ўзрушана, з адчаем: — Куды я выеду, скажы ты?

Міліцыянер спачувальна ўздыхнуў. Загорскі-ж дапытваўся, падступаў:

— Куды? Што, я буду плаціць сотні рублёў за куток?! З чаго я ix вазьму?

— Так, кватэры цяпер дарагія!..

— А я-ж жыву пакуль на адной пенсіі. Дзе я ix дастану, столькі грошай на жыллё? Вось каб нага паправілася, дык на работу падаўся-б.

— А што, не правіцца?

— Не, свішч, брат…

— Так, становішча!.. — філасофскі i мінорна сказаў міліцыянер. Ён задумаўся, адчуваючы сябе чалавекам, што трапіў у становішча, з якога няма выхаду. Невядома, што-б ён прыдумаў, але тут увайшла пажылая, ужо амаль зусім пасівелая жанчына ў чорным касцюме i сказала Загорскаму, што яна з гаркома, што яна па яго скарзе. Міліцыянер ахвотна ўстаў i, казырнуўшы, паспешліва выйшаў.

Пасля таго, як праз поўгадзіны развіталася з ім жанчына, Загорскі перажыў яшчэ адзін дзень у непакоі. Гэта быў апошні хмурны дзень, — больш ix не турбавалі…

Жыхары дома

I вось дом загаманіў.

Кватэр у ім лічылася толькі крыху больш за сотню, i кватэры гэтыя былі прасторныя, па два, а то i па тры i чатыры пакоі, але жылося людзям тады ў доме не вельмі раскошна. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям.

Асобныя кватэры дасталіся толькі некалькім віднейшым дзеячам горада, сярод якіх аказаўся i дырэктар не існуючага яшчэ тады цырка. Праворны цыркач (так яго іменавалі непрыхільныя суседзі) толькі месяц назад як прыехаў быў у горад з Сярэдняй Азіі i атрымаў кватэру таму, што прыгразіў адразу-ж пакінуць межы горада, калі яму не дадуць у бліжэйшыя дні кватэры з чатырох пакояў.

— Бач ты, пахаба які! — здзіўляліся i абураліся людзі.

Казалі, нібы «цыркача» спрабавалі ўгаварыць на меншую, але ён толькі адказваў: «Ці — чатыры пакоі, ці — бывайце здаровы».

I яму ўступілі. Бо як-жа, вялікі горад, хіба-ж можна без цырка?

Дом быў падобны на вялізны вулей.

Ужо тады ён пачаў тое жыццё, якое можна назіраць i цяпер. Раніцай, днём i ўвечары ў ім было неспакойна i шумліва, a ўночы наступала цішыня. То там, то тут на ўсіх чатырох жылых паверхах паступова гаслі асветленыя вясёлыя вокны, i ён маўклівым чорным гмахам акрэсліваўся ca змроку.

Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Яно гарэла заўсёды спакойна i роўна. Зусім не так гарэла сэрца паэта, які то радаваўся за свайго героя i за сябе, то, калі справа не клеілася, сядзеў пануры, учапіўшыся рукамi ў валасы, гатовы стагнаць ад крыўды.

Дуброўскі яшчэ быў малады чалавек, вельмі поўнацелы, з гладзенькай адвіслай складкай пад падбародкам. Ад таго, што ён быў не рослы i шырокі ў плячах, ён здаваўся проста-такі тоўстым i грузным. Трымаўся ён прама, выпяціўшы жывот, горда ўзняўшы прыгожую галаву, як-бы з пагардай прыплюшчыўшы блакітныя вочы, i гэта надавала яму важны, нават трохі ганарлівы выгляд. Але гэты знешні выгляд яго не пасаваў з характарам: паэт быў чалавекам добрадушным, нязлым, завабліва, чыста, па-дзіцячаму смяяўся i толькі хіба, калі часам выпіваў з сябрамі, станавіўся задзірыстым.

Каб дапоўніць яго партрэт, трэба сказаць, што ён быў чалавекам блізарукім, нават вельмі блізарукім, — ад чаго паэт i прыплюшчваў вочы (a зусім не ад пагарды да людзей, як маглі-б падумаць тыя, хто не ведаў яго.) Нягледзячы на блізарукасць, хадзіў паэт звычайна без акуляраў i чытаў на літаратурных вечарах свае творы таксама без акуляраў, як мага наблізіўшы твар да лістка з вершам.

Дома — у бяссонныя ночы — Дуброўскі сядзеў за сталом у рагавых акулярах. Але, напісаўшы некалькі слоў, нібы не давяраючы таму ўражанню, якое ёсць, калі глядзець праз шкельцы, паэт меў звычай здымаць ix i падносіў лісток да прыплюшчаных вачэй. Здавалася, што ён з падазронасцю нешта шукае. Не знайшоўшы, відаць, нічога такога, ён зноў надзяваў шкельцы, i тады на лістку паперы ўзнікалі новыя радкі…

Жыў ён у горадзе многа гадоў, але чамусьці амаль увесь час пісаў пра вёску. Можа, у гэтым вінаваты любыя сэрцу ўспаміны маленства, можа, яшчэ якія прычыны, аднак пісаў ён ахвотней за ўсё пра вёску. Паэт часта ездзіў у калгасы, многа бачыў i цікава расказваў, але ўчэпістыя крытыкі ўсё-ж знаходзілі, бывала, у яго творах быццам-бы нейкія сляды архаікі. Трэба сказаць, час ён не прамарнаваў i зрабіў шмат карыснага — хвала яму, бяссоннаму працаўніку, чый агеньчык у доўгія зімовыя i асеннія ночы амаль нязменна гарэў у акенцы на трэцім паверсе!

Не будзем шмат дакараць паэта, — ён чуў даволі дакораў ад крытыкаў. За адно папракнем яго — хай ён пачырванее — да гэтага часу наш паэт не напісаў ні аднаго верша пра гасцінны дом, які прытуліў яго i сагрэў.

Пра дом, у якім ён перажыў столькі шчаслівых гадзін!..

Яшчэ не гасла святло ў паэта, а дом пачынаў ужо абуджацца. Калі ночы былі доўгія, то агні зноў там i тут запальваліся; летам-жа ў гэтую пару ўсюды расчыняліся вокны, дзверы на балконы…

Праз гадзіну-дзве дом прыкметна пусцеў, i тады можна было бачыць, колькі працаўнікоў жыве тут. Першымі спяшаліся на працу жанчыны — прадаўшчыцы з прадуктовых магазінаў, пазней легка плылі какетлівыя сакратаршы-машыністкі з сумачкамі самай апошняй моды, строгімі гурткамі ішлі старанныя школьніцы i з крыкамі задзіры-хлапчукі.

Разыходзіліся на свае пасты рознастайныя загадчыкі i памочнікі — большыя ў той час звычайна выпраўляліся пазней i ехалі на машынах, што цярпліва чакалі каля пад’ездаў.

Арцём Іванавіч хадзіў заўсёды пеша. Машыны ў яго не было, але ён казаў, што хоць i была-б, то не стаў-бы ездзіць, каб не нажываць сабе інтэлігенцкіх хвароб. Амаль тады-ж, апіраючыся на кіёк, кульгаў да трамвайнага прыпынку Загорскі, які ўладзіўся працаваць у шавецкую майстэрню пры гасцініцы.

Неўзабаве ва ўсім доме, нібы вартавы, што здаў начную вахту, спаў, мусіць, толькі адзін паэт, задаволена пахрапваючы. Сон яго быў аднолькава моцны i пасля ўдачы i пасля няўдачы.

На дварэ часта кіпелі трэніроўкі юных футбалістаў, i ў наваколлі разносіліся ваяўнічыя воклічы:

— Пас, пас, давай! Не адзін гуляеш!

— Ты чаго ўсё падстаўляеш нагу?! Суддзя — «падножка».

— Рука была! Штрафны! Рука!

— Не было рукі!

— Суддзю — на мыла!

— Жорка, бі!

— Гол!..

Прызнаным усімі на дварэ каралём футбола быў сын інваліда Жорка Загорскі. Ен так біў па мячу, што ніхто з малых варатароў, як яны ні стараліся, не мог аберагчы свае вароты ад гола. У Жоркі ніхто не мог адабраць мяч, так умела ганяў яго па вытаптаным дварэ ўвішны малады Загорскі. Жору паважалі, як самы высокі аўтарытэт, Жору стараліся спадабацца, перад Жорам ліслівілі.

Толькі худая, вечна бурклівая дворнічыха, якая цэлымі днямі цягалася каля сваіх парасят, што рухкалі ў закутку дрывянога хлеўчыка, не прызнавала таленту Жоркі, гаварыла, што ён разбіў акно ў канторы магазіна, што ён ганяе яе парасят i што, наогул, ён псуе дзяцей.

— Вось-жа, скажы ты, урадзілася дзяціна! Бегае, круціцца, галёкае, як ашалелы: вечны вэрхал з-за яго на дварэ. Вачэй з яго не зводзь!..

Жора спадылба глядзеў на яе, спакойна i мужна, выклікаючы адабрэнне ў шматлікіх сваіх прыхільнікаў, якія стаялі тут-жа.

— Што вы да мяне чэпіцеся!.. Што я вам, сонца засціў?! Выдумляюць усё — акно разбіў, парасяты. Трэба мне акно разбіваць.

— Значыцца, не ты?..

— Не я.

— А хто-ж?! — падступала старая.

— Не ведаю. Я вам не даносчык…

Дворнічыха на ўвесь двор скардзілася:

— Няма на цябе бацькі добрага, каб правучыў!

Бацька Жорку ніколі не лаяў i не папракаў яго.

У юнакоў i пяць год назад, як i цяпер, заняткі былі іншыя. Вечарамі ў пад’ездах i каля ix можна было ўбачыць ціхія парачкі, якія звычайна стараюцца быць далей ад шуму гарадскога i ад лішніх людскіх вачэй.

Любоў не абыходзіла гэтага дома!

Тут многія недасыпалі цераз яе начэй, многія снілі любыя сэрцу вобразы, гарэлі, нібы ў агні, ад самых гарачых пяшчот, уздымаліся на крыллях шчасця, а нярэдка — было i такое! — горка плакалі. Не аднаму з мінчан запомніліся пад’езды, лесвіцы i пакоі гэтага дома — маўклівыя, дарагія на ўсё жыццё сведкі кахання!

Яшчэ ў першы год, пераехаўшы сюды, сын Арцёма Іванавіча Саша пачаў прыкмячаць дзяўчыну з суседняга пад’езду. Яны часта стаялі на трамвайным прыпынку, i Саша — рослы, нязграбны ў рухах, з упартым позіркам — адчуваў у душы нейкі прыгожы i незнаемы неспакой, гледзячы на гэтую тоненькую, зграбную смуглявую дзяўчынку ў чырвоным берэце. Ён яшчэ не сказаў ёй ні слова, a ўжо быў нібы знаёмы.

Яму вельмі хацелася запытацца, хто яна, як яе завуць, — у яе, напэўна, асаблівае імя! — хацелася ехаць з ёю, ісці з ёю, але яны звычайна моўчкі раз’язджаліся ў розных трамваях. Саша да сябе, у школу, а яна невядома куды. З акна сваёй кватэры Саша часта пазіраў на вуліцу, спадзеючыся ўбачыць яе, часта хадзіў каля дома, каб спаткаць яе.

Хлопец хутка заўважыў, што яна ходзіць пасля поўдня з чамаданчыкам i вяртаецца ўвечары, a неўзабаве Саша ўжо ведаў, што дзяўчына «з берэцікам» ходзіць на нейкія вячэрнія заняткі, i стаў чакаць яе на рагу вуліцы, па якой яна вярталася. Саша думаў, як падыдзе да яе, што скажа, але, калі дзяўчына паявілася, у яго першы час не хапіла сілы крануцца з месца. Ён анямеў! Ах, як часам цяжка сказаць самыя звычайныя словы!

Як заварожаны, Саша падаўся ўслед за ёй, папракаючы сябе за нясмеласць. Толькі амаль каля дома хлопец падышоў да дзяўчыны i выціснуў:

— Нам, здаецца, разам ісці?..

— Вы хіба з нашага дома?..

— З гэтага.

— Тады — разам!..

Саша памаўчаў, а потым наважыўся запытацца, адкуль яна ідзе.

— Гімнастыкай займалася…

Легка здагадацца, што ў наступны вечар Саша зноў «выпадкова» спаткаў яе i зноў правёў дадому. У трэці вечар ён так пасмялеў, што ўжо даведаўся яе імя, — яе звалі Люба. Саша адчуў, што лепш за гэтае імя няма на свеце!

Нарэшце, Саша запрасіў яе ў кіно, i яна згадзілася, не адмовіла. Саша быў бязмежна шчаслівы: i ці дзіўна — хіба ёсць большае шчасце за тое, калі самы любы чалавек ківае галавой у знак згоды!

Яны потым многа разоў хадзілі ў кіно, i многа вечароў стаялі ў неасветленым кутку лесвіцы. I ўсё была між ix згода, аж пакуль Саша не наважыўся пайсці на вельмі сур’ёзны ўчынак — пацалаваў яе! Дзяўчына гнеўна ўскінула галаву з чырвоным берэтам i сказала, што калі гэта яшчэ раз паўторыцца, то яна ніколі нікуды з ім не пойдзе, што яна не думала, што Сашка такі! На гэта Саша адказаў пакрыўджана, што ён не такі.

— A калі я так… Ну, адным словам… пацалаваў, то я таму, што люблю цябе.

— Любіш? — не паверыла дзяўчына.

— Яшчэ як люблю!.. Як Ізольду!..

Дзяўчына засмяялася i нечакана пацалавала хмурнага i пакрыўджанага Сашку сама!..

Але над шчасцем Сашкі хутка навісла хмара. Заняты будоўлямі Арцём Іванавіч не хутка дазнаўся, чаму сын стаў позна прыходзіць дамоў, a калі дазнаўся, то пачырванеў сярдзіта. Яго сын, аказваецца, упадабаў дачку «цыркача!» З тых дзён, калі «цыркач» захапіў цэлых чатыры пакоі, калі ён так нахабна дабіваўся — або чатыры пакоі, або — бывайце здаровы! Арцём Іванавіч вельмі знелюбіў гэтага чалавека. Ён не любіў не толькі старога «цыркача», a i ўсіх, хто да яго меў блізкія адносіны.

— Вось ты дзе, сынок, прападаеш! I з кім. З цыркачкай!

— Яна не цыркачка! — запярэчыў сын чырванеючы. — Яна — студэнтка. У фізкультурным тэхнікуме вучыцца!..

— Ну, вось-вось, — адразу ўчапіўся бацька. — Угадаў — цыркачка!

— Яна не цыркачка!

— Праўду гаворыцца — яблыка ад яблыні недалёка падае, — не слухаў, наступаў Арцём Іванавіч. — Быць таго не можа, каб у такога бацькі было паважнае дзіця. Гэта ўжо я ведаю! Ведаю!..

— Нічога вы не ведаеце!

— Ты-б лепш памаўчаў, цыркун! Рана яшчэ вучыць бацьку! — Бач ты, ён ужо вучыць — не ведаеш! Многа ты ведаеш!

— Што трэба, разумею!.. I наогул — гэта мая справа… Мне яна… ну, падабаецца… I ўсё!

— Усё? Не, не ўсё. Яго справа, бач ты! А я дзе павінен вочы пазычаць, калі запытаюцца, каго сын выбраў?! Яго справа! Гонар ужо!

Сын больш нічога не гаварыў, толькі холадна паглядваў на бацьку, i Арцём Іванавіч крыху прыціх.

— Узрадаваў, сынок, дзякуй, узрадаваў.

Голас бацькі задрыжэў ад крыўды. Столькі дзяўчат, разумных, сталых, а ён на табе — выбраў! Лёгкадумную цыркачку, вецер!

Зайшоўшы ў такім настроі да Загорскага, пацягваючы з гаспадаром жыгулёўскае піва, Арцём Іванавіч, якому страшэнна хацелася скардзіцца, сумна здзіўляўся, наракаў:

— Чым яна яго прывабіла, вярціхвостка?!

Добры Загорскі супакойваў:

— Нічога, Іванавіч. Не перажывай марна. Праўда-ж, не перажывай! Гэта часова. Дай, я далью піўца!.. Яшчэ сто раз пераменіцца!.. Піва якое — дубам пахне!.. Маладыя — ветраныя… Пабачыш, пройдзе час.

Праз пяць год. Перамены

Многа чаго змянілася ў горадзе за такі невялікі час. Гэтыя гады былі гадамі незвычайных, вельмі хуткіх змен.

Крывая i вузкая вуліца, на якой яшчэ нядаўна былі адны абломкі сцен, стала шырокім цудоўным праспектам. Абапал яго выраслі стройныя, прыгожыя дамы, смелыя ансамблі палацаў; усцяж прасторных тратуараў зазелянелі роўныя рады купчатых ліп.

Многія з былых жыхароў — загадчыкі, памочнікі, заслужаныя артысты — пераехалі ў іншыя дамы, у лепшыя кватэры, i персанальных машын ужо менш пад’язджае ўранку да пад’ездаў дома. Затое кожнаму, хто ведаў, як жылі тут некалькі гадоў назад, адразу кінецца ў вочы, што цяпер нямала развялося машын прыватных.

У свой час будаўнікі не падумалі пра гаражы, — ды i хто мог ведаць, што за якія-небудзь чатыры-пяць год так развядзецца прыватны транспарт у жыхароў дома.

За гэты свой i свайго начальства промах Арцём Іванавіч сам разлічваецца. Вельмі легка заўважыць, што даводзіцца ім, машынам прыватным, — у тым ліку i «Масквічу» Арцёма Іванавіча — нялёгка: прыгожыя, пабліскваючыя цудоўным лакам i зіхатлівым нікелем, яны трапілі тут у нязграбныя, цесныя хлявы.

Што-ж, гэта ўжо гора не ад беднасці. Людзі ў доме пабагацелі, сталі жыць лепш!..

Toe, наколькі лепш жывецца людзям, асабліва відаць, калі зайсці ў пакоі. Некалькі год назад у кватэрах амаль усюды стаяў рознастайны зброд: сталы, якія ледзь трымаліся на хісцкіх нагах, зялёныя трафейныя шафы, табурэткі вытворчасці саматужнай. Не ўсе — далека не ўсе — вокны аздаблялі тады нават цюлевыя гардзіны! Што ўжо казаць пра дарагія аксамітныя шторы! (У кабінеце паэта акно было, напрыклад, прыкрыта газетамі, якія час-ад-часу мяняліся.)

Цяпер не тое. I калі звонку дом такі-ж, як i быў раней, то ў сярэдзіне ён змяніўся так, што нё пазнаць. Бадай не бывае такога дня — выключаючы хіба панядзелкі — калі-б хто-небудзь не вёз ці не нёс у сваю кватэру абновы. На звычайныя цюлевыя гардзіны цяпер тут пазіраюць абыякава. Ды што казаць пра гэта, калі Загорскія, якія зарабляюць менш за многіх у доме, аздобілі сваё сціплае жыллё двума дыванамі. Дарэчы, дываны вельмі часта прыносяць сюды: жыхары дома любяць упрыгожваць свае кватэры дыванамі! I яшчэ можна заўважыць адну рысу новую ў жыхароў дома: яны пачалі нярэдка прывозіць да сябе не асобныя рэчы, а цэлыя «спальні», «сталовыя». A калі i выбіраю’ць што-небудзь з мэблі асобна, то прыдзірліва прыглядаюцца, каб i колер быў адпаведны таму, што ёсць дома, i стыль каб быў такі.

Багацеючы, людзі робяцца пераборлівымі.

Змяніліся людзі! Змянілася шмат што i ў Арцёма Іванавіча. Ён, праўда, як i раней, будуе. Як i раней, ён то радуецца, то злуе, але цяпер злуе часцей за ўсё па іншых прычынах, як пяць год назад. Матэрыялу — i дошак, i цэглы, i цэменту, i многа іншага, што патрэбна, — прывозяць цяпер на будоўлі звычайна дастаткова i ў час, а тэхнікі столькі, што Арцёму Іванавічу тады i не снілася. Але затое i тэрміны будаўніцтва цяпер другія, куды карацейшыя — прыходзіцца працаваць на ўсю моц! Ну, i за якасцю работы трэба вельмі сачыць, — за гэтуго якасць Арцём Іванавіч i распякае нярэдка сваіх падначаленых. За якасць ды за дысцыпліну, ды за нядбайныя адносіны да прылад — адным словам, чалавек гэты характарам, як i раней, строгі, i калі ён чырванее, у дрэнным настроі, яго пабойваюцца.

Набудаваў Арцём Іванавіч нямала, — пры яго ўдзеле канчаюць ужо чацвёрты дом, ці, як ён звычайна кажа, аб’ект.

Паэт, у акне якога ўсе гэтыя гады нязменна ноччу гарэў агеньчык, стаў аўтарам некалькіх новых паэм i кніжак вершаў, стаў вядомым. Праўда, дасюль мала хто ведае, што стаў ён славутым іменна ў гэтым доме.

Яшчэ менш ведаюць, з кім Дуброўскі любіць пагаварыць, параіцца, i зусім не ведаюць, хто падбівае паэту пабойкі на бацінках. Не ведаюць больш за ўсё таму, што не цікавяцца такой празаічнай справай, нібы паэтам ніколі не даводзіцца мець справу з прозай жыцця.

А пытанне гэтае, трэба сказаць, не дробязь. Дуброўскі не толькі многа ездзіў, але i многа хадзіў: адпраўляючыся ў камандзіроўку, ён абавязкова заходзіў да шаўца i рабіў капітальны рамонт бацінак. Давяраў ён гэтую справу Загорскаму, які працаваў цяпер у пакойчыку на першым паверсе гэтага дома.

— Вытрымаюць? — пытаўся ён у Загорскага, блізарука прыплюшчыўшы вочы, разглядаючы падбітыя, падфарбаваныя i начышчаныя туфлі.

Загорскі пытаўся, куды едзе паэт, і, падумаўшы, запэўняў, што вытрымаюць. I, трэба сказаць, звычайна не ашукваў паэта.

За гады ён так звыкся з Дуброўскім, што, хоць i быў чалавекам сціплым, лічыў яго сваім сябрам i нярэдка ўступаў у шчырыя, прыяцельскія размовы.

Аднойчы ён сказаў, што прачытаў кніжку Дуброўскага i знайшоў у ёй сур’ёзны недахоп. Паэт насцярожана запытаўся, які.

— Вы пішаце ўсё пра брыгадзіраў, пра поле. Пра артыстку, якая праспявала вам адну песеньку. А вось я столькі вам рамантаваў бацінкі, а вы ходь-бы радок пра шаўца — не тое, што верш.

Паэт сказаў, што ён i рад-бы напісаць, але ў шаўца такі занятак, што невядома, як зрабіць гэты занятак прадметам паэзіі. Іншая справа — проза. Да таго-ж, занятак гэты старажытны, кансерватыўны, а ён, паэт, павінен пісаць пра новае i пра характэрнае для нашага часу. (Дуброўскі вельмі баяўся, каб у яго вершы зноў не трапіла архаіка.)

— Можа, вы i праўду кажаце, — сумна прамовіў Загорскі. — Такім малатком забівалі цвікі i пры Пятры Першым, i можа раней. Але як-жа гэта атрымліваецца: калі пісаць пра шаўца, — дык ён устарэлы, а як абдас зносіцца ці падмётка, — дык да яго… У мяне-ж увесь квартал, можа, ратунку шукае. Тры народныя артысткі прыходзяць, два мастакі, настаўнікі, інжынеры. У мяне, часам, не менш перабывае, як у якой прыёмнай. I ўсім я дапамагаю… А вось вы кажаце, — я ўстарэлы… Тут нейкая несправядлівасць.

Паэт згадзіўся:

— Несправядлівасць, вядома.

Ен абяцаў падумаць над усім гэтым i паспрабаваць праславіць на фоне новага горада i сціплага шаўца.

Кажудь, што паэт піша гэты верш, i што, хутка ці не хутка, i шавец увойдзе ў паэзію…

А па жыцці ён ідзе ўпэўнена. Горбіцца ён менш, як калісьці, паздаравеў. Блеклую гімнасцёрку даўно ўжо зняў i цяпер ходзіць у цывільным касцюме: у пінжачку, з гальштукам, i толькі боты, якія ён усё не мяняе на бацінкі, нібы сведчаць пра тое, што Загорскі не ад усіх салдацкіх звычак адышоў. (Хто не ведае, што ўсе салдаты, нават тыя, якім належаць бацінкі, любяць боты.)

Любіць наш шавец футбол i часам любіць пахваліцца знаёмым, што да вайны ён таксама някепска гуляў. Трэба прызнацца, гэта няпраўда: любоў да футбола перадалася яму ад сына, ад Жоркі…

Як-бы там ні было, у горадзе цяпер ніводнага матча не абыходзіцца без шаўца.

Жыве Загорскі ціха, мірна. Праўда, час-ад-часу ён п’е, але, выпіўшы, робіцца маўклівым i яшчэ цішэйшым i спяшаецца хутчэй дамоў. Маруся, жонка яго, дакарае, але таму, што чалавек у адказ толькі пакорліва маўчыць, яна хутка таксама сціхае. Так што ў доме мала хто i ведае, што з Загорскім здараюцца такія праявы…

Загорскія часта сумуюць па сыну. Няма ўжо на дварэ Жоры. Іншая пара —іншыя героі. Замест Жоркі выклікае захапленне малых футбалістаў блакітнавокі спрытны сын паэта. А Жора — у Латвіі, вучыцца ў мораходным тэхнікуме. Наш марак акуратна паведамляе пра свае поспехі, сваё жыццё. Амаль кожны тыдзень лістаносец прыносіць Загорскім вестачку-ліст.

Дворнічыха, якая калісьці цярпець не магла Жоркі, цяпер, сустракаючы яго бацьку, заўсёды пытаецца, што піша сын, i кажа, што шчасце мець такое дзіця i што яно далёка пойдзе.

— Які харошы, сур’ёзны быў хлопец!

— Сын добры. Паслухмяны! — згаджаецца Загорскі, які добра памятае яе прычэпкі да Жоры.

— Яшчэ які паслухмяны. Парасяці ніколі не кране, а не тое, што чалавека… Добры чалавек, ён з самага маленства відаць…

Загорскі хоча хутчэй адысці ад жанчыны, але яна не адстае:

— Гэта не тое, што цяперашняя блазнота… спакою ад яе няма… Генералам будзе, генералам марскім, — прарочыць яна. — Не інакш генералам, паклон яму напішы…

Загорскі абяцае напісаць i хутчэй кульгае ў пад’езд…

Змянілася многае i ў Сашкі Арцёма Іванавіча, толькі не так, як прадракаў Загорскі. Не перамяніўся ўпарты Сашка да сваёй «цыркачкі», якая даўно скончыла тэхнікум, вучыцца ў інстытуце, не ў політэхнічным, дзе Сашка, a ў фізкультурным. Другі год падрад яна — чэмпіён па гімнастыцы…

Летась маладыя закаханыя пажаніліся, наперакор нё толькі Арцёму Іванавічу, але i бацьку жонкі. Дырэктару цырка таксама не спадабаўся выбар дачкі.

Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча.

— А, што — не падабаецца? Правароніў дачку!

Пасля гэтага Арцём Іванавіч стаў нават ганарыцца самавольствам сына.

— Спрытны які! Майстар! Такую дзяўчыну адхапіў! Падумаць толькі — чэмпіёнку!

З той пары перамяніўся ён i да цыркача. Як-ні-як— сваяк-жа, ды яшчэ таварыш па няшчасцю. Цяпер, сустракаючыся, ён абавязкова пагаворыць з дырэктарам, распытаецца, як справы. За лета ён нават хадзіў некалькі разоў у цырк…

У апошні час непрыязнасць Арцёма Іванавіча ўзяла іншы кірунак. Побач з яго кватэрай пасяліўся нейкі несамавіты тэхнік з трамвайнага парку, вялікі прыхільнік музыкі. У першы-ж дзень, толькі што ўнёсшы рэчы i яшчэ, напэўна, не ўправіўшыся азірнуцца, тэхнік аб’явіў пра свой прыезд i пра адзін свой звычай, уключыўшы на ўсю сілу радыёлу.

Першы канцэрт Арцёму Іванавічу слухаць было, можна сказаць, цікава, ды i потым некалькі ix перанёс ён лёгка, але хутка гэты дзікі, шквальны грукат i рэў, ад якіх здавалася, што здарыўся нейкі страшны абвал ці дом пачаў разламвацца, сталі выводзіць яго з душэўнай роўнавагі.

Часцей за ўсё яму даводзіцца чуць задзірыстую песеньку нейкай простай дзяўчыны, i яе Арцём Іванавіч асабліва знелюбіў, як i тэхніка. Яна пачынае кожны раз свой спеў ваяўнічым барабанным трэскам i шчоўканнем, пасля чаго таксама-ж ваяўніча пагражае на ўвесь дом, на ўсю вуліцу адбіць у кагосьці жаніха-капітана.

Там то-олько де-еньги…

А здесь — любовь и песни…

Яна з пагардай вымаўляе «де-еньги», якія нібыта ёй i не патрэбны, i зусім інакш, з гонарам, гэтая вярціхвостка, заўсёды хваліцца, што ў яе ёсць песні.

Ветраная i ганарыстая, яна аб’яўляе, яўна ўпэўненая ў сваёй перамозе:

Ну, что же, посмотрим — кто сильней!
Пры гэтым яна трашчыць-барабаніць так, быццам зараз-жа кінецца ў атаку.

— Вельмі-б ты пражыла са сваім тэхнікам на адной любові i песнях, пустуха! — сярдзіта гаворыць ёй Арцём Іванавіч.

Зноу ў рыштаваннях

Відаць, усе, хто ведае гэты дом, яго жыхароў, яго гісторыю, заўважылі, што змяніліся за гэтыя гады не толькi людзі, але i дом. Бадай, больш правільна сказаць, не сам дом, a адносіны да яго, тое ўражанне, якое ён робіць. Бо сам дом застаўся такім, якім быў i раней, калі не лічыць таго, што крыху пацямнелі ад пылу i ветру яго сцены ды ў адным рагу каля карніза адваліўся кавалак тынку.

Неспадзявана сярод прыгажуноў, што выраслі i растуць усцяж праспекта, дом стаў выглядаць вельмі сціплым i не здаецца ўжо чым-небудзь выдатным. Рэдка-рэдка хто з тысяч людзей, што праходзяць i праязджаюць паўз яго, праводзіць па ім зацікаўленым позіркам.

Не вабіць ён цяпер, трэба прызнацца, архітэктурнай формай.

— Гм-м, нельга сказаць, каб ён надаваў хараство праспекту, — прамовіў аднойчы гаспадар горада, праязджаючы паўз яго.

Ёсць факты, што незадаволен ім i галоўны архітэктар, якому гэты дом, быццам-бы, парушае гармонію ансамбля, не дае з суседнімі будынкамі адзінства.

Відаць, па гэтых прычынах дом нядаўна пачаў змяняць аблічча. Вось ужо другі месяц палавіна яго апранута да самага верху ў густое плеціва рыштаванняў. Зноў, як калісьці, — ужо ў трэці раз — завіхаюцца пры ім будаўнікі — тынкоўшчыкі, маляры.

Апрануўшыся ў рыштаванні, ён стаў падобным да многіх сваіх маладых таварышаў, якія толькі што ўздымаюцца на праспекце.

Над ім плывуць высокія воблакі i нізкія цёмныя хмары, мыюць яго вясёлыя i невясёлыя дажджы, страляюць быстрымі стрэламі-маланкамі i грукочуць грамамі навальніцы.

Каля яго за стройным радам ліп бягуць з працавітым сіпеннем тралейбусы з сіняй палоскай, праносяцца, лёгка шархочучы, легкавыя аўтамашыны, вірліва пярэсцяць ад людскіх постацей тратуары…

Яшчэ месяц, другі, — i яго, кажуць, цяжка будзе пазнаць: ён стане такім-жа, як новыя дамы, цудоўным маладым, гэты стары ветэран.

1954 г.

Блізкае i далёкае

Зыбін быў родам з Ніжняга Тагіла. У Беларусь ён трапіў прызыўніком, — гэта было гады за паўтара да пачатку вайны. Прыехаў ён у чырвоным пульманаўскім вагоне, стрыжаны пад «нулёўку», доўганосы, з худой шыяй, абвеяны вятрамі шмат якіх асенніх палёў.

На Брэсцкім вакзале Зыбіна i яго таварышаў пастроілі павялі ў казарму. Там началася новая, тады яшчэ незнаемая яму служба.

Як i яго таварышы, Зыбін думаў адслужыць прызначаныя па закону гады i вярнуцца дамоў. Калi недалёкай стала другая восень яго службы, Зыбін пачаў часцей, чым раней, думаць пра родны дом. Але ў адну чэрвеньскую раніцу ўсё неспадзеўкі перайначылася — адышоў i дом, i даўнейшыя мары, якія здаліся цяпер далёкімі i яшчэ больш дарагімі. Ён пачаў вайну ў тую памятную першую раніцу, блізка ад Брэста, у зялёным ляску, дзе ix артполк быў у лагерах.

Праз два тыдні, за якія ён набачыўся столькі смерці i пакут, колькі не бачыў за ўсё сваё жыццё, — ужо каля Мінска — яго параніла асколкам нямецкага снарада. Батарэя, у якой служыў Зыбін i ў якой засталася толькі адна гармата, адбівала атаку нямецкіх танкаў. У той дзень над яго акопам, паўз разбітую гармату, прапаўзлі, прагрукаталі важкія машыны з крыжамі на шызай брані, але ён не бачыў i не чуў гэтага, — ён апрытомнеў значна пазней, калі пачаў церушыць дождж.

Збіраючы ўсю сілу, якая яшчэ заставалася ў аслабелых, нязвыкла непаслухмяных руках, асцярожна цягнучы пякучую акрываўленую нагу, ён дапоўз да ратоўнага ляснога гушчару, дзе два дні перабіваў голад суніцамі i чарніцамі.

Тут, на трэці дзень, на яго натрапіла дзяўчына з бліжняй вёскі, Жэня Крушынская, i поўжывога прынесла цёплай бяззорнай ноччу дахаты.

Зімой, ужо на прадвесні, калі ўночы хрупасцеў пад нагамі зашэрхлы снег, Жэня правяла яго ў партызанскі атрад.

Зыбін, або, як звычайна звалі яго тады, — Васіль з Тагіла, лясным сябрам палюбіўся. Ён быў, праўда, рэзкаваты, насмешлівы, але затое таварыскі i вельмі цярплівы, i людзі адносіліся да яго прыхільна. Акрамя таго, ён меў адну добрую здольнасць: умеў расказваць. У доўгія зімовыя ночы — у натопленай зямлянцы, на халодным прывале — або на жнівеньскіх палянах пасля паходаў вакол яго заўсёды збіраўся гурток, чуўся рогат, воклічы здзіўлення.

Ён ведаў безліч розных гісторый — вясёлых, трагічных, сумных, пацешных. Людзі хутка заўважылі, што ў гэтых яго гісторыях было адно агульнае — найбольш ix ён гаварыў пра Урал, пра Тагіл, асабліва пра заводы, пра былых таварышаў па цэху. Гэта была самая блізкая тэма: у роце, дзе ён служыў, не было такога чалавека, які-б не ведаў, што Зыбін быў да арміі майстрам на адным вялікім тагільскім заводзе.

Ён, было відаць, вельмі любіў Тагіл i востра сумаваў на далёкай сваёй радзіме. Зыбіну спачатку даводзілася трывожыцца ад няведання: недзе там, за франтавой лініяй, за многімі лясамі i гарадамі, заставаліся маці, дзве сястрычкі, нявеста. Потым Васілёва скруха крыху прыціхла, а трывога знікла зусім — адтуль сталі прыходзіць лісты.

— Эх, хутчэй-бы кончыць вайну ды прыкончыць Гітлера! Паехаў-бы дадому! — не раз марыў ён, чытаючы лісты сябрам. — На свой завод.

Але паехаць яму адразу не давялося. Пасля вызваленя, калі яго рота разам з іншымі ачысціла ад немцаў лясы над Волмай, Зыбіна накіравалі на работу ў адзін райвыканком каля Мінска.

Раён дастаўся яму цяжкі, вельмі пацярпелы ад вайны. Больш за палову вёсак чарнела папялішчамі, людзі туліліся ў цесных панурых зямлянках. Жыта на палях стаяла дробнае, кволае, лёгка трымаючы беднае, нікчэмнае калоссе.

Вайна прайшла, a людзі яшчэ жылі нібы па-ваеннаму. I Зыбін адчуваў сябе, як на вайне: ці таму, што не так проста было адвыкнуць ад таго, што ўелася ў душу апошнімі гадамі, ці таму, што многае вакол было падобна на ваеннае. Тое-ж запусценне, тая-ж нішчымніца, і — зямлянкі, зямлянкі…

Зыбін на нейкі час нібы забыўся пра даўняе сваё жаданне. Тагіл пакуль што стаў для яго далёкім, — не так за палямі, лясамі ды гарадамі, як за справамі, за штодзённым клопатам, часам, здавалася-б, дробным, але неадступным i неадкладным. Ён жыў тым, чым жылі тут людзі, — будаўніцтвам хат, сяўбою, калгаснымі ўраджаямі, незадаволены тым, што многія яшчэ туляцца ў зямлянках i што зямля родзіць скупыя жыты…

Хутка пасля вайны ён ажаніўся з той самай Жэняй Крушынскай, якая калісьці выхадзіла яго. Тады-ж ён напісаў пісьмо дзяўчыне ў Тагіл, паведамляючы пра гэта i тлумачачы свой учынак; ён іменна толькі тлумачыў, а не апраўдваўся, хоць i адчуваў сябе нямала вінаватым. Зыбін наогул не любіў апраўдвацца.

Праз год ён ужо чакаў дзіця, i гэтае чаканне яшчэ больш аддаліла ранейшыя думкі пра Тагіл.

Так прайшло амаль тры гады. К канцу гэтага часу Зыбін стаў зноў усё больш думаць пра зварот «дадому». Яму ўжо часта хацелася папрасіцца, каб адпусцілі. Ён не раз гаварыў пра гэта з лясным сваім другам i таварышам па цяперашняй рабоце Собалем.

— Ну вось, рашыў напісаць заяву, — сказаў ён аднойчы, калі яны ішлі з райкома пасля бюро цераз цемнаваты, увечары ціхі сквер. Зыбін памаўчаў, чакаючы, што скажа таварыш, але не дачакаўся i зірнуў на яго.

— Не адпусцяць? Як ты думаеш?

Собаль, поўнатвары, з пухлымі шчакамі, у паліто з паднятым каўняром, голасам стомленага чалавека неахвотна адказаў:

— Думаю, што не.

— Ты ўпэўнен у гэтым?

— Упэўнен, калі хочаш ведаць. Ды i ты, я думаю, не сумняваешся… I чаго ты яшчэ тлуміш сабе галаву, дзівак-чалавек? — усё так-жа стомлена, недаўменна папракнуў ён. — Чым табе тут кепска? Столькі працы рукам! Толькі рабі — не лянуйся!

— Працы — усюды даволі, — запярэчыў Зыбін. Ён адчуў, што гаварыць далей з Собалем марна, што той усё роўна яму нічога цікавага не скажа i не зразумее яго, але Зыбін не мог маўчаць. — Ну, a калі вельмі папрасіць, катэгарычна, а?

— Можна i — зусім уцячы, — мяккаі, з яхіднасцю параіў Собаль, — дэзерціраваць. Прыкрыўшыся, вядома, якой-небудзь выдуманай прычынай…

Гэтая мяккая яхідная манера друга ўзлавала Зыбіна, — ён стрымаўся i змоўк…

Ён глушыў даўнюю мару, глушыў i адсоўваў надалей. «Падымемся — тады i буду прасіцца», — думаў ён.

Гады разлукі, якіх з цягам часу ўсё большала, не толькі не аддалялі i не сціралі, a нібы набліжалі даўнія жаданні i намеры, — ён усё больш востра сумаваў na Тагілу, па свайму заводу.

— Усё-ткі не па душы мне тут! — гаварыў ён студзеньскім мокрым днём, вярнуўшыся з раёна, абляпаны граззю да пояса, у прамоклым кажусе. — Клімат? Ну, што гэта за клімат? Hi зіма, ні восень.

Ён паглядзеў у акно, дзе стаялі дрэвы, высокія, голыя, падбеленыя з аднаго боку мокрым снегам. Адразу за шыбамі туліўся бэз, на галінках якога віселі мутныя кроплі вады:

— У студзені — адліга, дождж!

— Ну, ён-жа не заўсёды! — адгукнуўся здзіўлена Собаль. — Ды i што ў гэтым кепскага, — хоць цёпла!

— Фу, якая макрэча!.. Вось у нас — мароз — аж дым ідзе. Дых зацінае!.. Ідзеш па снезе, — кожны крок твой — рып-рып. Музыка! У лёгкіх — прасторна, чыста! На душы — светла!..

I ён, сушачы каля печкі змоклыя дыяганалевыя штаны, стаў з захапленнем маляваць карціну ўральскай зімы.

— Ну i што ў гэтым добрага! — адказаў абыякава Собаль. — Што?

— Не разумееш ты нічога, — махнуў рашуча рукой Зыбін. — Вось правёў-бы ты ночку, як я, зразумеў-бы, што добрага i што кепскае! Як заселі на Закрашынскай грэблі, дык хоць ты кідай машыну. Што крок, — то вылазь у месіва ды сцялі галлё, плячом у кузаў гняці. Буксуе i буксуе!.. Плячо да крыв i сцёр!..

— Ну, грэбля не вінавата, што яе не паправілі.

— «Грэбля»!..

Сядзець моўчкі цяпер ён не мог. Ён наогул любіў спрачацца, горача атакуючы праціўніка i ўпарта абараняючыся.

— Я чалавек рабочы. Ты разумееш, што значыцца быць рабочым? У мяне душа тужыць па гулу станкоў. Я, як не ведаю што, хацеў-бы паслухаць хоць, як шыпяць фрэзы!.. Гэта мой клімат!.. А тут. Што тут у вас? Запалкі, скура, дошкі… Эх, ды што я кажу!.. Хіба ты можаш хоць-бы ўявіць сапраўдны завод?

— Ну, што-што, a ўявіць магу, дарэмна ты так не верыш у мае здольнасці. Але справа не ў гэтым. Будуць i ў нас сапраўдныя, як ты кажаш.

— Будуць?

Ён ведаў пра тое, што ў Мінску пачалася будоўля вялікіх аўтамабільнага i трактарнага заводаў. Але, запалены спрэчкай, не хочучы паступіцца, са звычайнай сваёй упартасцю дадаў:

— Будуць, вядома. Але — тое яшчэ будзе!

Праз некаторы час яго накіравалі ў Мінск, на аўтамабільны завод, ён сам папрасіўся, напісаўшы з такой просьбай пісьмо ў ЦК партыі, i яму дазволілі: на заводзе была вялікая патрэба ў спецыялістах.

Ён прыехаў хмурным лістападаўскім днём. Сеяў нудны дождж, той дождж, які можа ліць безупынку i дзень, i два, i месяц.

Адразу за будынкам вакзала ён трапіў на гразкую плошчу. Яна была ўся раз’езджаная коламі аўтамашын, i ў каляінах i ямах было поўна бруднай вады. Абапал плошчы моклі на дажджы пахіленыя, учарнелыя слупы з правадамі. У розных месцах стаяла некалькі легкавых i грузавікоў, i Зыбін адразу накіраваўся да ix. Ён запытаўся ў шафёраў, ці не едзе хто ў бок завода, але туды не было, — і, падняўшы каўнер, трымаючы ў руцэ чамаданчык, падаўся на Магілёўскае шасэ пешшу.

Зыбін думаў, што завод пачынаецца адразу за горадам. Аднак ён мінуў i апошнія, вясковага складу, будынкі ўскраіны i выйшаў у поле, a ніякага завода не было відаць. Ён занепакоіўся, ці не памыліўся, але хлапчук, які яму трапіўся, сказаў, што завод яшчэ далей.

Падняўшыся па мокрым асфальце на ўзгорак, Зыбін, нарэшце, убачыў у сасняку наперадзе цьмяныя абрысы доўгіх камяніц…

Праз поўгадзіны ён ужо ўладжваўся ў драўляным бараку, над якім дробна стукацеў па даху няўціхны дождж.

Усяго ў пакоі стаяла ў рад пяць ложкаў, i жыло, пра гэта Зыбін ужо ведаў, чатыры чалавекі, але гаспадары трох у той час акурат працавалі. Дома быў толькі адзін плячысты, губаты хлопец, які ляжаў на ложку ў пінжаку i ў ботах.

Хоць хлопец яўна не меў ахвоты размаўляць, Зыбін, падсунуўшы чамаданчык пад ложак, аглядаючыся, пачаў распытваць, хто жыве тут i як жывецца.

— Жытка — так. Не надта…

— Чаму гэта?

— Харчы слабыя.

— Што — не хапае?

— Толькі паабедаеш, a ўжо есці хочацца.

— А ты-б па два браў…

— Хаджу на рынак… Ды капеек нягуста…

Пачуўшы гэта, Васіль Цімафеевіч уважліва агледзеў хлопца i перастаў распытваць. Той яму не спадабаўся: «такі здаравенны, а смаркач».

Зыбін быў звычайна катэгарычны i рэзкі ў сваіх ацэнках.

— Ну, ды i не заўсёды дастаішся, — памаўчаўшы, загаварыў хлопец. — Бывае, што i так пойдзеш.

Зыбін, які прысеў на табурэтцы каля акна, запытаўся стомлена:

— Не ўпраўляюцца паабедаць? — А то што-ж.

— I многія?

— Многія.

«Пажывем-пабачым», — падумаў Зыбін, сочачы, як дзяўчына, што прыйшла з бялізнай, засцілае яго ложах…

Што праўда, то праўда — многае было неўладавана. Ужо ў той вечар Зыбін убачыў, як у сталовай у перапынак таўкліся доўгія чэргі, як частка людзей вярнулася так i не ўправіўшыся паесці.

У цэху ад сцюжы дрантвелі рукі i стылі ногі. Праз дах, у якім многа было выбітых шыб, дабіраўся дождж. Ды i наогул завод, аказалася, быў мала падобны на аўтазавод: у цэхах рабілі толькі асобныя дэталі, якія пакавалі ў скрынкі, грузілі ў полі за заводам на платформы i адпраўлялі, як запасныя часткі.

I ўсё-ткі гэта быў завод, гэта было тое, да чаго ірвалася, па чым тужыла яго душа. Ідучы на працу ў натоўпах, што густа i хутка цяклі да ўваходу на завод, слухаючы гудок, што ракатаў, разыходзіўся над пасёлкам, над сасняком, над палямі, Зыбін чуў, як у сярэдзіне яго спявае…

Калі ён увечары, вярнуўшыся з прады, пачуў, як здаравенны хлопец, першы яго знаёмы, сказаў, што збіраецца ўцячы, — Зыбіна гэта ўкалола. Ён адчуў сябе як-бы пакрыўджаным. Пакрыўджаным за завод, які ён яшчэ амаль не ведаў…

— Я думаю, завод нічога не страціць, — сказаў ён рэзка губатаму.

Хлопца гэтая рэзкасць уразіла.

— А я не чакаю, каб па мне плакалі.

— Слёз не будзе!.. — запэўніў Зыбін. — Адным трусам будзе менш.

— А ты… — губатага яго словы, відаць, узялі за жывое. — Пабачым, што ты сам запяеш, пабыўшы.

— Ты гэтагане ўбачыш!..

Праз дні тры губаты кудысьці знік, i Зыбін больш яго не бачыў i не думаў пра яго. Іншае, больш важнае, захапіла, павяло Зыбіна, апанавала яго клопатам.

Рабочымі ў Зыбіна, што спачатку працаваў начальнікам аддзялення ў механічным цэху, былі простыя вясковыя хлопцы, якія яшчэ вельмі мала разбіраліся ў сваей справе. Шмат хто з ix тады, — як i ў іншых цэхах, — вызначаўся тым, што на дзіва часта ламаў стацкі ці дэфіцытныя фрэзы. Не адну гадзіну штодзень Зыбін корпаўся са станкамі, наладжваючы ix, цярпліва i стрымана ўтлумачваючы таму ці другому хлопцу, чаму прыключылася бяда i чаго трэба асцерагацца на далейшае. Была такая пара, калі яму даводзілася амаль палову часу траціць як наладчыку, гэта тады, калі i сваіх абавязкаў было досыць. Іншага нічога ён не мог-бы прыдумаць, бо наладчыкаў сапраўдных таксама амаль не было.

Жыць даводзілася на дзве сям’і — жонка з маленькім сынам была ў раёне, на яго даўнейшым месцы. Жыць ім тут не было дзе. Зыбін, праходзячы па вуліцы, уранку — на працу, ці ўночы — з завода, заўсёды рэўніва сачыў, як ідзе будоўля жылых карпусоў. Яны раслі чырвонымі мураванымі сценамі, абазначаючы першыя, яшчэ не зусім зразумелыя, абрысы заўтрашніх плошчаў i вуліц. Ён не раз вылічваў, калі зможа перабрацца ў сапраўдную кватэру ці хоць у асобны пакойчык, уяўляў, як будзе жыць утраіх з жонкай i малым сынам.

Сустракаючыся ў Мінску з таварышамі, ён стаў, поруч з успамінамі пра Тагіл, аб лясных днях, цяпер часта гаварыць пра свае заводскія будні. Па гэтых яго апавяданнях можна было-б пабачыць, як паступова развіваецца, развінае свае сілы малады завод-гарадок, што вырас у ляску за мінскімі ўскраінамі. Спачатку Зыбін пахваліўся, што асвоілі каленчаты вал, што пачаў працаваць ліцейны цэх, потым перадаў, што выпусцілі аўтамашыну.

Ён з захапленнем расказваў, якая яна вынослівая i моцная, гэтая машына-самазвал, як яна добра прыстасавана да цяжкіх нашых дарог!

Крыху пазней, калі ён падвучыў хлопцаў i наладзіў справу, калі з заводаі ўжо выходзілі дзесяткі, сотні машын, яго назначылі начальнікам у новы цэх, які толькі што арганізоўваўся. Гэта быў цэх аўтаматаў, што рабілі для машын самыя рознастайныя балты i гайкі, а таксама арматуру. На другіх заводах такія цэхі называюць аўтаматнымі, а тут яму далі назву «цэх нармаляў». Становішча было цяжкае: цэх нармаляў затрымліваў выпуск машын, зрываў усе графікі. На кожнай нарадзе цэх лаялі — лаялі былога начальніка цэха, начальнікаў аддзяленняў, майстроў, хутка сталі лаяць i Зыбіна.

Яму давялося перажыць нямала горкіх дзён. Зыбін хутка зразумеў, у чым прычына таго, што цэх не спраўляецца з тэмпам жыцця завода, — але паправіць не мог справы. У скураной вечнай паддзёвачцы хадзіў ён у тыя дні пануры, паглыблены ў сябе, тоячы настойлівы позірк халаднаватых i шэрых, як лістападаўскія хмары, вачэй. Ніякіх дзіваў асаблівых не было ў тым, што ён хацеў зрабіць для цэха, — нічога незвычайнага. Але ад гэтых простых рэчаў залежала справа; хоць, трэба сказаць, што гэтая простасць ix была не так ужо простай, калі Зыбін пачаў ажыццяўляць свае намеры.

Справы ў яго доўга не ладзіліся, i да яго даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Такога ў жыцці Зыбіна, чалавека самалюбнага, даўней не было, i гэтыя нелады яму вельмі абыходзіліся. Ён стараўся з усіх сіл, не бачачы ні дня, ні ночы.

— Змарнелі вы, Васіль Цімафеевіч, — чорны нейкі… — пашкадавала яго тэхнолаг цэха Елена Сяргееўна. Яна была поўная, з пышнымі валасамі, кучаравымі над ілбом i каля маленькіх ружовых вушэй.

Жанчына збянтэжылася, пачаўшы такую размову нечакана для сябе, i, каб схаваць няёмкасць, параіла спакойна:

— А вы не перажывайце гэтак.

— А хто перажывае?

— Ды вы… хіба-ж я не бачу… Васіль Цімафеевіч, здымуць — ну, здымуць, што-ж!.. Вядома, непрыемна, але толькі i свету таго, што наш цэх?!

Яна ніколі не гаварыла яму гэтак шчыра i на такую тэму. Зыбін звычайна адносіўся да яе стрымана i суха, вельмі рэдка жартаваў, i Елена Сяргееўна таксама трымалася строга афіцыйна.

Да таго-ж яна i зайшла зараз сюды на выклік начальніка цэха не для такой размовы, а для таго, каб даць нейкія непрыемныя тлумачэнні, мусіць, пра забракаваную амаль напалавіну партыю шпілек. Уваходзячы сюды, яна ў дзвярах спаткалася з панурым начальнікам аддзялення, якое рабіла шпількі.

— Вы чулі, што мяне… здымаюць? — важка падняўся з-за стала Зыбін. На твар яго спаўзла пасма цёмнарусых даўгаватых валасоў, якія ён гладзенька зачэсваў угару. Зыбін не паправіў ix.

— Чула…

Ён маўчаў.

— Эх, i што гэта за цэх! — сказала Елена Сяргееўна. — Васіль Цімафеевіч, — рашуча глянула яна на Зыбіна. — Вы ўсё казалі, хацелі ехаць дамоў, на радзіму…

— Ну i што, кал i хацеў?!

— Не перажывайце… Здымуць, дык вы прасіцеся i… едзьде дамоў. Адпусцяць!

— Адпусцяць! — іранічна паўтарыў Зыбін. — Чэсць вялікая! Я яе толькі i чакаў…

— Ну што-ж, калі так атрымліваецца?

— Дажыў да чэсці!..

Ён стаў хадзіць за сталом: тры крокі ў адзін бок, тры — у другі. Так ён хадзіў часам пры парадах, калі слухаў тое, што не падабалася, ці калі проста хваляваўся. Твар яго быў задуменны, i Елене Сяргееўне здавалася, што Зыбін цяпер думае якраз пра яе параду: ехаць ці не ехаць?

— А можа, i праўда — паехаць? — прамовіў ён. — Старая будзе так рада!.. Колькі дзён чакае лістоў. Колькі паперы спісала, запрашаючы прыехаць!.. Сястрычкі на шыю пачэпяцца, выцалуюць! — ён усміхнуўся так пяшчотна, што Елена Сяргееўна таксама заяснела.

— Не, — раптам злосна сказаў Зыбін, — так я адсюль не пайду.

Ён так нечакана перамяніўся, што ў Елены Сяргееўны была яшчэ пры гэтых словах ясная ўсмешка.

— Я не з такіх, што легка прыходзяць i легка выходзяць! Я, Елена Сяргееўна, чалавек з гонарам!.. з чэсцю, я яе, здаецца, не страціў яшчэ. I калі, можа, страчу, то не тут, разумееце?

— Разумею, Васіль Цімафеевіч, — збянтэжана адказала жанчына, мімаволі ўстаючы. Маленькія вушы яе густа заружавелі.

— Да той пары, пакуль я не дакажу, хто такі Зыбін, я не хачу ехаць дамоў, — мне туды няма чаго ехаць… Пачакаю!.. A чуткі розныя, — адразу перайшоў ён на іншае, — прашу больш сюды не насіць! Я ix не хачу ведаць. Зразумелі?

— Добра, Васіль Цімафеевіч!

Яна пазірала на яго, як паслухмяная школьніца на строгага настаўніка. Елена Сяргееўна гатова была згадзіцца з усім, што ён зараз скажа.

Зыбін апусціўся на стул.

— Сядайце. Зоймемся справамі… Я хачу ведаць, — хударлявы, з рэзкімі рысамі твар Зыбіна стаў сухім, афіцыйным, — як гэта сталася, што партыю пяцідзесятай шпількі забракавалі?

— Парушылі тэхналогію, Васіль Цімафеевіч!

— Парушылі? А вы за чым глядзелі?

Елена Сяргееўна не сказала нічога, каб апраўдацца: яна ведала, што ў такім выпадку Зыбін вельмі не любіў, калі апраўдваліся.

— Зноў закавыка з гэтай шпількай! Ніяк не можам наладзіць новы графік работы станкоў, а тут — гэтае!..

Больш за ўсё ён біўся ў тыя горкія дні над тым, каб правільна арганізаваць працу. Цэх павінен быў выпускаць некалькі тысяч розных дэталей, i станкі часта пераналаджвалі, губляючы многа часу. Зыбін хацеў скараціць час, які ідзе на пераналадку станкоў, выпускаючы дэталі вялікімі партыямі. Гэта нярэдка прыводзіла тады да затрымак канвеера, бо некаторых дэталей канвееру не хапала. А тут яшчэ гэты брак!..

— Елена Сяргееўна, я хачу спадзявацца, што такіх фактаў — ад вашай віны — больш не будзе!

Жанчына, як у клятве, скрыжавала рукі на грудзях.

— Васіль Цімафеевіч, я зраблю ўсё, што магу!..

— Нічога, няхай б’юць, няхай лаюць, — загаварыў ён да Елены Сяргееўны ўжо іншым голасам, як-бы супакойваючы сябе. — Потым, можа, дзякуй скажуць… А не скажуць, — i не трэба. Абыйдземся i так… Шлях наш правільны, я ўпэўнен. Трэба прастоі станкоў скараціць да мінімуму. A інакш — усё роўна будзем у прарыве. I з кожным месяцам — усё больш. Тэмпы растуць!..

Елена Сяргееўна згаджалася, ківала галавой з пышным! кудзеркамі.

…Амаль кожны вечар сядзеў ён у сваім пакоі пры цэху, на другім паверсе, куды плыў шум станкоў i дзе на шышкінскай карціне поўзалі ў ціхім ранішнім лесе мірныя медзведзяняты, — сядзеў Зыбін, меркаваў з начальнікамі аддзяленняў, з тэхнолагамі, з планавіком, якія станкi пераналаджваць, якія дэталі трэба рабіць.

Зыбін зразумеў: каб упраўляцца заўсёды з тым, што патрабуе галоўны канвеер, — трэба ведаць усё, што ёсць у яго зробленага, колькі ўсіх гэтых рознастайных болцікаў, гаек, арматурных прыстасаванняў, i — што не менш важна — колькі ix трэба будзе заўтра, паслязаўтра, праз тыдзень, з чым можа здарыцца праклятая многа разоў затрымка. Яго галава была заўсёды запоўнена разлікамі, назвамі розных дэталей, лічбамі.

— I як вы ix помніце столькі? — здзівілася Елена Сяргееўна. Гэта было ў той выдатны дзень, калі цэх у першы раз не лаялі. — Памяць у вас — аж дзіва!

— Была-б у вас памяць такая, каб вам так дорага абыходзіліся яны.

— Такі многа прыкрасці было з імі ў вас!

— А ведаеце, — сказаў Зыбін. — Люблю я яго. I папсаваў ён крыві многа, i лаялі за яго, a ўсё-ж люблю, больш, чым механічны. Проста прырос да яго…

Ен i сам не разумеў, як гэта сталася, але ён i праўда нібы прырос да гэтага неспакойнага цэха. Прырос, як ніколі раней.

На партыйнай канферэнцыі, якая была ў тэатры, ён спаткаў яшчэ больш патаўсцелага Собаля.

— Прывітанне i пашана рабочаму класу! — весела сказаў Собаль. — Ну, рапартуй. Як справы?

— Тысячу машын ужо далі! — пахваліўся Зыбін. — Кадры рыхтуем…

— Усё рыхтуеш? Усё абяцаеш?.. Калі-ж падрыхтуеш? Не спяшайся. Гэта табе — тэхніка. Але добрая палова, — клянуся, не маню, — працуюць ужо як майстры. Ручаюся, любому кадравіку не ўступяць.

— Значыцца, не горш, як у Тагіле тваім, умеюць рабіць? — падлавіў яго таварыш.

— Ну, да тагільцаў, можа, далека, але ўмеюць рабіць! — пацвердзіў больш стрымана Васіль Цімафеевіч.

Ён запрасіў на новаселле: за тыдзень перад тым Зыбін прывёз да сябе з «раёна» сям’ю i перабраўся з барака ў дом.

Собаль прынёс падарункі—Жэні аддаў настольны гадзіннік з прыгожай шкляной падстаўкай рубінавага колеру, а сыну ўрачыста ўручыў маленькае ружжо. Сын завішчэў ад радасці, схапіўшы падарунак, i тут-жа «стрэліў» у акно.

— Ты што гэта, разбойнік! Акно разаб’еш!

Собаль, смешна прыгразіўшы малому, разам з жонкай Зыбіна, якая за апошні час неяк раздалася ў шырыню i стала лянівай у рухах, пайшоў па пакоях: Жэня называла гасціную, спальню, кабінет, i Собаль добра бачыў, што яна ганарыцца плёнам рук сваіх. Усе пакоі былі старанна i любоўна прыбраны. У жоўтай гасцінай на падлозе каля акна стаяў высокі фікус у вялікай драўлянай кадцы, i жонка Зыбіна сказала, што купіла яго на рынку i аддала дзвесце пяцьдзесят рублёў.

— Не пераплаціла я?

— Думаю, што не. Такі цяжка знайсці…

У гасцінай, i ў спальні, i ў кабінеце было многа падушачак на канапах i вышывак. Собаль запытаўся, ці сама яна вышывае, i, пачуўшы, што сама, пахваліў:

— Малайчына. Толькі-ж вазні з імі многа — у мяне-б, каб загадалі, цярплівасці на гэта не хапіла-б…

Ён палюбаваўся соснамі, што высіліся адразу за акном.

— Чорт вазьмі — як здорава тут у вас! Проста — Сочы. Курорт.

— Добрае месца… Лес.

— Ну, вось, нарэшце, ты, відаць, знайшоў сваё месца, — сказаў нечакана Собаль, агледзеўшы кабінет i апускаючыся важкім тоўстым целам на мяккую канапу, пружыны якой жаласна заскрыпелі.

— Знайшоў…

— Значыцца, усё? Асеў?

— Не… Падрыхтую змену i — да сваіх.

— З людзьмі, мусіць, не сышоўся душа ў душу, а?

— Ды не. Людзі мне падабаюцца.

— Дык чаго-ж ты ірвешся? Радзіма?! Цягне?

— Яна, брат. Усё-ткі, што ні кажы, роднае месца! Вабіць!.. Маці, брат, спакою не дае — бамбардзіруе лістамі: калі прыедзеш, калі пашкадуеш ды падтрымаеш старую? Пяцера сыноў было — двое на вайне загінулі… Іншыя раз’ехаліся, хто куды, адзін нават на Курылах, рыбачыць трэці год… Толькі сястрычкі дзве засталіся — адна, Верка, замужам, а другая, меншая, у дзесяцігодцы вучыцца, вось-вось паляціць з матчынага гнязда. На аднаго мяне ў старой надзея. Ну, як я павінен думаць пра ўсё гэта? Сын я ці не сын?

— Сын… Паехаў-бы ды забраў яе сюды, як добры сын.

— Забраў-бы — легка сказаць. Усё жыццё пражыла там, куды ёй у такія гады перабірацца! Сумаваць будзе тут… Старую таполю, брат, не проста перасадзіць.

— Нічога, прывыкне. Сын пры ёй ды яшчэ — унук, што больш трэба тваёй таполі?

— Ёсць там у яго яшчэ адна таполя — маладая! — прамовіла Жэня. Яна гаварыла з усмешачкай, нібы жартавала, але ў гэтым жарце, заўважыў Собаль, адчувалася не вельмі прытоеная трывога. — Надзечка ёсць такая! Любоў!

— Ну от, успомніла! От, брат, народ — жанчыны, — век будзе раўнаваць, упікаць, калі даведаецца, што яшчэ хтосьці, акрамя яе, падабаўся.

— Нічога я не ўпікаю! — запярэчыла знарок весела Жэня. — Толькі ў мяне i клопату!

Ёй, мусіць, не хацелася, каб госць убачыў, што ў яе, няхай недзе глыбока, ёсць трывожныя i раўнівыя думкі, што ў ix, у Зыбіных, дзе нібы так светла i чыста, не ўсё добра.

Яна схамянулася, хутка выйшла ў кухню гаспадарыць, a неўзабаве на знак жонкі выйшаў да яе i Зыбін. Жэня пра нешта стала шаптаць яму.

Разлёгшыся на канапе, Собаль раптам стаў лічыць, колькі ўжо часу Зыбін жыве на Беларусі. Шэсць год, як ён ажаніўся з Жэняй, ix хлопчыку ішоў пяты год.

— Вось ты кажаш — радзіма, роднае месца, — загаварыў Собаль, як толькі Зыбін вярнуўся. — А што такое яно, гэтае роднае месца? Для цябе ясна — Тагіл. А для мяне — мае Гунькі, дзе я нарадзіўся? А што-ж тады, скажы, Мінск, дзе я вучыўся? Або Ленінград, дзе я ва флоце служыў? Чужына?.. I слова якое, скажы, — халоднае, дзікае…

— Адным словам, ты хочаш адкрыць мне тую ісціну, што радзіма — ад Брэста да Камчаткі i гэтак далей. Дзякую. Але гэта я, дарагі, i сам даўно ведаю… А роднае месца ўсё-ж роднае месца. Было i будзе.

— Я i не спрачаюся — роднае месца павінна быць у чалавека. Але вось у чым справа, дарагі. Бывала, як-бы табе сказаць, адно было ў чалавека. Адно-адзінае, маленькае, вузенькае. Адразу дзе-небудзь за межамі Гунькоў чалавек адчуваў сябе чужым… За межамі сваёй вуліцы, свайго двара. А цяпер — колькі такіх родных месц у чалавека! Тут нарадзіўея, там вучыўся, першы раз, скажам, палюбіў, — як не лічыць такое месца родным? Тут служыў у арміі, тут працаваў — праславіўся, тут жаніўся.

— Ну, налічыў, філосаф! — упарта, з насмешачкай у голасе i на тонкіх губах запярэчыў Зыбін, паказваючы, што ў яго на гэта свая думка.

Гэтая насмешачка яшчэ больш распаліла Собаля, які звычайна не любіў спрэчак.

Але тут Жэня, якая, пачуўшы з кухні размову, увайшла і, стоячы ў дзвярах з ручніком, слухала, — адазвалася так узрушана, што гэта не пасавала з яе звычайнай павольнасцю i мяккасцю:

— А можа я ў Тагіл не паеду? Можа мне клімат у Тагіле не падыходзіць?

— Як гэта не паедзеш?

— А так, вазьму ды, можа, развод запатрабую. Скажу— кліматамі не сышліся. I сына не аддам.

— Ну-ну, ты гэта кінь.

Ен, усміхаючыся, уладна абняў яе за поўны стан, як-бы даводзячы, што ён разумее гэты жарт i ўпэўнены, што яна паедзе туды, куды ён захоча.

Некалькі месяцаў таму на заводзе была дэлегацыя. Завод, поруч з карпусамі якога ў сасонніку жаўцелі i бялелі дамы цэлага горада з шырокімі прамымі вуліцамі, з аўтобусамі, са стадыёнам, ужо шумеў многімі цэхамі; яго машыны, якія няспынна сыходзілі з галоўнага канвеера; можна было цяпер бачыць бадай ва ўсіх кутках краіны.

Васіля Цімафеевіча папрасілі паказаць дэлегатам свой цэх, пазнаёміць з лепшымі людзьмі. Ён прыйшоў у той дзень апрануты па-святочнаму — у новым бастонавым касцюме з двума баявымі ордэнамі, у шоўкавай сарочцы з зялёным пярэстым гальштукам i ў фетравым капелюшы, які ніколі раней не насіў.

Калі ён стаў знаёміцца з гасцямі, то неспадзеўкі аказалася, што між ix ёсць адзін — Гвозд — з Ніжняга Тагіла, праўда, з другога завода.

— Вось цуд! Землякі, значыцца!.. Я-ж таксама адтуль. Што-ж, дарагім гасцям пашана, а земляку — удвая!.. Рад!

Ледзь толькі Зыбін сказаў гэта, як стаў распытваць, што новага ў Тагіле, называючы сваіх знаёмых, успамінаючы. Праз якіх-небудзь пяць хвілін яны былі ўжо вялікімі сябрамі.

Адказаўшы на пытанні, якія ўзрадаваны Зыбін сыпаў, i сыпаў, госць, хударлявы, з усмешачкай, якая не cходзіла з твару, пацікавіўся:

— Не збіраецеся назад?

— Ды пакуль не. Не адпускаюць, — адказаў Зыбін, упершыню з ноткай як-бы задавальнення тым, што затрымліваюць.

— Вядома. Хто-ж адпусціць добрага спецыяліста…

Гвозд запытаўся, якая ў яго кватэра, якая зарплата.

— Усё добра. Калі-б толькі ў Тагіл не цягнула!.. Вось сустрэўся — i нібы прывет з радзімы атрымаў. Тужліва стала. Засмактала ў сэрцы!..

Зямляк быў чалавекам мяккім, далікатным — на ўсё, што казаў Зыбін, — паддакваў, ківаў галавою.

— Так, так… вядома…

— Што значыць, роднае месца! Вы i ўявіць не можаце, як цягне часам! Бывае, у працы забудзеш пра ўсё, а потым адразу як наплыве, надыдзе, агорне! Эх, Тагіл, Тагіл!.. Чорт пабяры, там у нас i паветра пахне, здаецца, інакш!.. — раптам расчулена прамовіў Зыбін.

— Паветра? — здзівіўся зямляк, але, збянтэжана пакашляўшы, падумаўшы штосьці, далікатна кіўнуў: — Яно, вядома, напэўна… Паветра…

Увёўшы гасцей у цэх, Васіль Цімафеевіч адчуў, што яму вельмі не хочацца, каб хто з ix, асабліва Гвозд, падумалі што-небудзь кепскае пра яго цэх, яго завод, яго таварышаў.

— Наш цэх самы малы па плошчы i робіць самыя дробныя дэталі, можна падумаць — дробязь: болцікі, гайкі. Але без гэтых болцікаў не можа жыць ні адна машына, так як нельга пашыць паліто ці касцюм без ніткі. Нашы дэталі можна вобразна назваць ніткамі. Значыцца, можна сказаць, што мы робім заводу ніткі!.. Пры ўсім тым наш цэх — цэх самай высокай тэхнікі. Мы робім на станках самых складаных i дасканалых сучасных канструкцый!..

Ён расказваў ахвотна, бо любіў тлумачыць, — тым больш такім гасцям. Напэўна, усе адчувалі, што ён быў, хоць i скрываў гэта часта ўсмешачкай на тонкіх губах, горды i за шырокі, са шкляным дахам, цэх, у якім стаяць цесна роўнымі радамі такія цудоўныя станкі, i за сябе, якому даверылі гэта. Ён вельмі хваліў, нязвыкла шчодра хваліў рабочых.

— Вас ужо, мусіць, не дзівіць, што ў нас такія маладыя рабочыя… Такія-ж рабочыя на ўсім заводзе — па ўзросту кадраў мы, відаць, адзін з самых «маладых» заводаў… Так!.. Гэтыя хлопцы прыехалі з вёсак. Некалькі гадоў назад многія з ix i да станка падысці баяліся!

Неўзабаве, прабраўшыся між станкоў i тоўпячыся ў вузкім праходзе, госці сталі сачыць за працай аднаго з аўтаматчыкаў. Інтэлігентны, кволы з выгляду, з тонкімі рысамі, з зачасанымі назад каштанавымі валасамі, хлопец пачаў бянтэжыцца.

Васіль Цімафеевіч супакоіў яго: — Не спяшайся. Пакажы, Грынь, што не збяднела зямля наша талентамі!..

Хлопец мякка, па-дзявочаму, усміхнуўся i пакрыху стаў спакайнець. Ен пераходзіў ад аўтамата да аўтамата, што няспынна гулі, вылі, сіпелі, выпускаючы тонкую вітую стружку, паплёскваючы жаўтаватым ручаём масла, выкідваючы па замасленым жалабку цераз роўныя прамежкі адну за адной гатовыя дэталі. Рухі яго, асабліва рухі тонкіх худых рук, станавіліся ўсё больш упэўненымі.

Чалавеку пабочнаму, які не знаёмы са справай, магло-б здацца, што ён робіць усё залішне навольна. Ён не мітусіўся, не спяшаўся, — то стаяў, то хадзіў мерна, з нейкай дзіўнай нібы ленасцю ў хадзе, у рухах. Гэтая марудлівасць як-бы зусім не пасавала з тым, як працавалі станкі. Ix шасцярні круціліся са страшэннай хуткасцю — станкі спяшаліся, сіпелі, аж дрыжэлі ад натугі, а кволы з выгляду, смуглявы хлопец стаяў i хадзіў сабе паволі, як чарадзей, упэўнены ў сабе, у сваёй сіле. Ён не рабіў ніводнага лішняга руху i ні разу не прыпазніўся туды, дзе патрэбна была яго дапамога.

Сочачы за аўтаматчыкам, за станкамі, госці паціху перагаварваліся, паказвалі другім, што заўважылі цікавае; калі-ж, па знаку Зыбіна, станкі спынілі, усе шумлівым гуртком акружылі хлопца, сталі паціскаць яго рукі, пляскаць па плячы, хваліць.

Васіль Цімафеевіч, i сам усцешаны працай аўтаматчыка, задаволена далажыў:

— Гэты хлопец, можна сказаць, не ведае, што такое брак!.. — Ён дадаў з задзірыстай усмешачкай: — Вось як мы, беларусы!..

Зыбін тут-жа схамянуўся, спасцярожліва зірнуў на земляка. Але Гвозд зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Адзін з гасцей, высокі, лысы, трымаючы шапку ў руцэ, разважліва сказаў:

— Так, у вас ёсць чаму павучыцца!

Калі госці перайшлі ў новы цэх, Зыбін, па-прыяцельску ўзяўшы пад локаць Гвазда, затрымаў яго.

— Ну вось так i жывем… Ведаеце, усё-ткі тут кавалак жыцця пражыты, ды i не абы-які, — сказаў ён, як-бы тлумачачы штосьці.

— А як-жа-ж… Вядома…

— Я тут, недалёка адсюль, партызаніў… А потым у выканкоме тры гады — усё па вёсках, зямлянкі выкарчоўвалі, за ўраджаі ваяваў. Было не лягчэй, чым раней на вайне. А гэта, — ён павёў даўгаватым носам у бок цэха, — думаеце, усё гэта проста далося?.. Не адна маршчына на твары… што — на твары, — мусіць, на сэрцы адбілася.

Госць спачувальна кіўнуў.

— Пажывеш так, — хіба будзе чужая тут зямля?..

— Усё-ткі не родная?

Зыбін адвёў позірк ад гасця, задумаўся.

— Не ведаю. Родная яна ці не родная, не зразумееш… I не чужая, не крыўдзіць. Што не чужая, гэта ясна. Столькі гадоў пражыў, i каб кепскае што сказаць, — не магу. Не крыўдзіла… Ну, а. ўсё-ж штосьці дамоў вабіць, на Урал… Відаць-такі не парадніўся…

Госць хацеў было кіўнуць, але стрымаўся, нешта тоячы ў сабе. «Скрытны, — падумаў Зыбін. — Тагіляк. Сапраўдны тагіляк, — пазнаю… усё выслухаў, а сам нічога амаль i не расказаў».

«Ну, ды што, — вось сабяромся, насядзім разам, язык у яго i развяжацца».

Зыбін па-(прыяцельску, крыху бесцырымонна папрасіў Гвазда зайсці ўвечар да яго.

— Пасядзім. Поўлітра раздушым, пагаворым. Ёсць?

— Гм, дзякую. Вельмі дзякую… Але — не магу.

— Чаму?

— Ды білет вось у кішэні. Дамоў хачу адскочыць.

— Як адскочыць?

— Я сам, бачыце, магілёўскі… родам, вось i думаю наведацца…

— Дык вы — не тагіляк?

— Ды як сказаць — тагіляк, мусіць, усё-ткі… семнаццаць год ужо там…

— А-а! — прамовіў Зыбін няпэўна.

Ён быў крыху збянтэжаны i хвіліну маўчаў, не знаходзячы, што сказаць. Яго паклікалі па нейкай справе, i ён больш, як трэба было, заспяшаўся. — Едзеце, значыцца… А я думаў, што пасядзім, пабалакаем…

— У чатыры гадзіны цягнік.

— Шкада. Ну, што-ж!..

Ён развітаўся.

У нядзелю з узгорка, на якім уздымаліся высокія сосны, каторымі пачынаўся тут край бору, Зыбін з Жэняй i сынам любаваліся горадам.

Быў ясны дзень верасня, той пары верасня, калі ў ветры яшчэ не чуваць асенняй свежасці, калі яшчэ моцна ўгравае сонца, i Зыбіну было добра чуваць, як тут пахне разамлелай смалой. Будынкі, што віднеліся ўдалечы за шырокай зялёнай лугавінай, ахутвала сіняватая празрыстая смуга, i абрысы дамоў здаваліся лёгкімі i тонкімі.

— Чорт пабяры, няёмка атрымалася з гэтым земляком, — сказаў Зыбін, сочачы за дымком паравоза, што забялеў удалечы між пабудоў.

— Ты, Вася, рэзкі на язык, — павучальна прамовіла жонка.

— Рэзкі ці нярэзкі, — хто-ж яго ведаў, што ён магілёўскі, адсюль…

Павярнуўшыся к сыну, Зыбін стаў паказваць яму абрысы будынкаў i называць ix…

— А гэта што там, тат?

— Дзе? А… Гэта на прывакзальнай плошчы. Гэта, якбы сказаць, гарадскія вароты. Уезд у горад. Калі хто прыедзе ў горад па чыгунцы, ён перш за ўсё праходзіць праз гэтыя вароты…

— Калі гэта тыя, што на плошчы каля вакзала, то я ix бачыў. Калі мы з мамай ездзілі… Тат, а чаму яны такія вялікія?

— Хто? Вежы?

— Вароты гэтыя! Цэлых адзінаццаць паверхаў. Большыя за дамы!..

Зыбін не адказаў нічога. Прабегшы позіркам па гораду, ён прамовіў ні то са здзіўленнем, ні то з роздумам:

— А ты ведаеш, жоначка, прывык я да яго.

— Да каго? — не зразумела жонка.

— Да каго… Да яго, да горада. Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Горад заводаў. Ну, а наш завод — i не кажы. Да-а, столькі гадоў аддаць яму, столькі крыві!..

— Мне таксама падабаецца тут.

— Табе то я ведаю, — спадылба, крытычна зірнуў на жонку Васіль Цімафеевіч.

— Зручна, — як-бы стала апраўдвацца яна. — Горад блізка — i ў тэатр можна, i на канцэрт, i ў магазін любы. — Яна была чалавекам практычных інтарэсаў.

— Чорт пабяры, яшчэ — чаго добрага — я буду сумаваць па гэтых сасонках.

— А што-ж, хіба не хораша ў нас?.. Памаўчаўшы, яна прамовіла: — Вася, а чалавек гэты, што ты казаў, зямляк твой, сам з Магілёва, a застаўся там i нішто — жыве сабе…

— Ну i што-ж, хай сабе жыве, дзе хоча, — не адразу зразумеў жончын намёк Зыбін. — А-а… Прыклад узяць? Ну i хітрыя вы, жанчыны, усё ў свой бок павернеце.

Зыбін гаварыў добрадушна, i яна, прыгарнуўшыся да яго, лашчачы яго руку сваёй поўнай, мяккай i белай, соладка, з надзеяй, ціха-ціха прашаптала — А можа…. не паедзем, а, Вася? Нашто нам ехаць?

Ён маўчаў. Слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін сосен, што плаўна хісталіся над ім. Васіль Цімафеевіч любіў слухаць шум.

— Столькі гадоў пражылі тут. Партызанілі… Хіба табе не шкада лясоў, дзе мы хадзілі? Не шкада?.. Эх ты, чэрствы чалавек, Вася, — крыўдуй не крыўдуй — праўду кажу… — Ён маўчаў, задуменны, строгі, i яна адчувала, што словы яе разварушваюць яго душу. Пасмялела — Кватэра такая!..

— «Кватэра». Што — кватэра?.. — ён адняў яе руку, як-бы ў знак таго, што незадаволен яе словамі.

Дамоў ён ішоў маўклівы, паглыблены ў нейкія свае думкі.

Праз некалькі дзён ён атрымаў чарговы водпуск. Зыбін даўно чакаў гэтага, але цяпер, калі трэба было збірацца ў дарогу, тупаючы ў апошні раз па сваім пакоі на другім паверсе, пакоі са сталом для вытворчых нарад i з смешнымі медзведзянятамі, спускаючыся па металічнай, як на караблі, лесвіцы, праходзячы між такіх знаёмых станкоў, ён стаў адчуваць, што ў ім ные смутак.

Ён зайшоў у кладоўку пад сваім пакоем, пастаяў, паглядаючы на палічкі, дзе ляжалі капіры, разцы розных форм, патупаў у суседнім памяшканні, дзе ў металічных адсеках былі гатовыя дэталі i поўфабрыкаты.

— Як у нас справы з дваццаць пятым штуцэрам? — запытаўся ён у дзяўчыны-кладаўшчыцы.

Ён тут-жа падумаў, што пытацца пра гэта не трэба, што тое, колькі яшчэ ёсць у кладовай штуцэра дваццаць пятага, яго ўжо не датычыць. Не павінна датычыць. Гэтыя дэталі скарыстае ўжо яго заступнік, які пра ix i будзе клапаціцца. Зыбін адчуваў, што гэты цэх, i гэтыя загатоўкі, i ўсё, усё гэта ўжо яго i не яго, ён ужо нібы чужы тут. Ён стараўся не звяртаць увагу на дзіўны свой настрой. Выйшаўшы з пакоя, ён убачыў тэхнолага, спыніў яе.

— Елена Сяргееўна, вы не крыўдуйце на мяне.

— За што, Васіль Цімафеевіч?

— Ну, за ўсё. Працавалі разам, усякае было. Можа, i пакрыўдзіў не раз.

— Ну, што вы!

— Прабачце, я чалавек грубы, можа — чэрствы, мог не так сказаць. Дык вы не помніце зла.

— Дзіўныя рэчы вы кажаце сёння.

— Вось я i еду!.. — паведаміў ён, тут-жа адчуўшы, што гаворыць лішняе.

— Шчаслівай вам дарогі!..

У такім настроі яго выклікалі да дырэктара. Распытаўшыся пра справы, пра тое, што, на яго думку, трэба зрабіць у цэху ў наступныя дні, дырэктар выняў са стала даўнюю яго заяву пра тое, што ён просіць адпусціць на радзіму.

— Ну, вось скажы, што з ёю рабіць? I так заляжалася — трэба, як кажуць канцылярысты, даваць ёй ход… Першае слова — тваё, як, можна сказаць, віноўніка. Ты не перадумаў?

Зыбін памаўчаў, нібы ў роздуме, але адказаў цвёрда:

— Не.

— Шкада. Ну што-ж, тады мы тут параімся…

Дома, фыркаючы пад умывальнікам, расплёскваючы ваду, Зыбін расказаў аб гэтай размове жонцы. Ён амаль адразу-ж пашкадаваў, што прагаварыўся, бо, паслухаўшы яго, Жэня пакрыўджана пачырванела i, не стрымаўшы слёз, захліпала. Выціраючы твар i рукі, Зыбін адвярнуўся, каб не бачыць жонку: i так на душы моташна, а тут гэтыя слёзы!..

— Вася, а можа застанемея… пакуль не позна.

— Я ўжо казаў. Не люблю паўтараць адно i тое-ж.

За абедам яна была маўклівая i ціхая, i Зыбін ведаў, што яна на яго крыўдуе. Але ён быў упэўнены, што крыўда i гэты маўклівы дакор яе будуць не доўга, што ix зменіць звычайная пакорлівая ласкавасць, да якой прывык ён за гады жыцця. Яна больш не заводзіла размовы пра тое, каб застацца, i толькі моўчкі сядзела каля яго, тоячы сумныя думкі, i думала, мусіць, — мяркуючы па выгляду, — пра тое, што нічога не зробіш, куды ён — там i ёй быць.

Яны рашылі, што паедзе туды — на радзіму — пакуль ён адзін. Зыбін хацеў забраць i яе з сынам, але жонка сказала, што гэта зусім лішняе, бо ўсё роўна хутка трэба будзе перабірацца ўсім. Так што цяпер ехаць утраіх — толькі непатрэбныя траты.

Зыбін згадзіўся. Стараючыся не падаваць выгляду, што ёй сумна, Жэня гаварыла разважліва, што яна яму пакладзе ў чамадан на дарогу, i пыталася, чаго яму яшчэ трэба.

— Ты толькі глядзі, каб з Надзяй там чаго-небудзь… Даведаюся, пабачыш, не дарую.

— Ну, вось што — тэму гэту адкладзем, як лішнюю, ясна? — адказаў рашуча Зыбін, i яна паспакайнела.

Пасля абеду Зыбін любіў, лежачы на канапе, лістаць часопіс — разгадваць рэбусы, чытаць розныя кароценькія заметкі на апошніх старонках. Ламаючы галаву над адным словам з рэбуса, ён намерыўся было клікнуць Жэню на дапамогу i заўважыў, што яна стаіць каля фікуса, які толькі што паліла.

Як-бы схамянуўшыся, яна ўздыхнула i пайшла павольна на кухню.

Зыбін не паклікаў яе…

Ён вярнуўся праз месяц. Ледзьве прыехаўшы, занёсшы рэчы ў кватэру, паказаўшы спехам пакоі рослай, яшчэ дужай маці, якую прывёз з сабой, ён пабег у сваёй расхрыстанай скуранцы к заводу распытацца пра справы.

На асфальтаванай вуліцы, што ішла к запаветным варотам, Зыбін спаткаўся з аўтаматчыкам, за працай якога калісьці сачылі госці. Грынь быў у пінжаку i белай сарочцы з адкладным каўняром, хоць дзень быў халаднаваты i хадзіў ведер.

Хлопец, відаць, ішоў з магазіна, — у руках ён трымаў загорнутую ў газету буханку хлеба.

— Васіль Цімафеевіч! Дзень добры! Даўно прыехалі?

— Толькі што з вакзала…

— A-a… — хлопец падумаў хвіліну i запытаўся баском: — Ну, што там… на радзіме вашай?

— У Тагіле? Навін харошых многа. Усяго адразу i не раскажаш. Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым… Заходзь, праўда — без цырымоній!.. А што тут цікавага ў нас?

— Новую машыну зрабілі.

— Зрабілі ўжо? Глядзі ты, якія навіны! Дзе яна, навінка гэтая? Хадзем… Ты не спяшаешся?

Яны пайшлі к заводу. Елена Сяргееўна, што трапілася ім каля ўваходных варот, убачыўшы Васіля Цімафеевіча, заззяла. Яна павіншавала яго з прыездам, i маленькія вушы яе чамусьці паружавелі. Звычайна сухаваты, Зыбін неспадзеўкі схапіў яе руку, патрос, відаць, усцешаны тым, што яго сустракаюць, як свайго, любяць.

— Ну, што ў нас, у цэху? Ці —не трэба. Зараз я прыду — раскажаце ўсё! I пра ўсе чуткі таксама. Абавязкова!

— Пра чуткі — ёсць строгі загад, — напомніла Елена Сяргееўна, зноў ружавёючы i развітваючыся.

— Загад адмяняю… Ведаеш, проста дзіва — засумаваў я штосьці там, — крыху ніякава сказаў Зыбін Грыню.

Хлопец далікатна кіўнуў галавою:

— Не спадабалася дома?

— Ды не, яно не тое, — не спадабалася… Горад разросся, пахарашэў. I завод, дзе я працаваў, пашырэў — два новыя карпусы ў вайну пабудавалі. Праўда, поруч з ім, адразу за плотам, стаіць цяпер такая махіна, што ён нібы прынік, стуліўся… Цеснаватым нейкім здаўся мне ён… Ну i з нашым аўтамабільным яго не раўняць. Не тыя маштабы!.. Але справа не ў гэтым, не ў памерах. Сумаваць я пачаў па нашым аўтамабільным, адчуў, што, як кажуць, жыцця без яго не будзе. Пакуль жыў тут, не заўважаў гэтага, а як паехаў, адарваўся, — бачу — прырос!..

— Прывыклі…

— Людзей знаёмых засталося не сказаць каб многа. Адны з вайны не вярнуліся, другія пераехалі, тыя пастарэлі, перамяніліся. Але хто-ні-хто з сяброў застаўся. Сустрэлі добра, лепш не можна!.. I работа знаходзілася. A ўсё-ткі на другі тыдзень пацягнула сюды…

Зыбін агледзеў вясёлымі, пацяплелымі халодна-шэрымі вачыма шырокі двор, абсаджаны маладымі пажоўклымі ліпамі.

— Ледзь не кожны дзень думаў, што тут у нас? «Правду» сястрычцын муж выпісвае, дык, як толькі атрымаю, адразу ў газету — што ёсць з Мінска. Ці няма чаго-небудзь пра наш, пра аўтамабільны?..

Яны спыніліся каля машыны, што стаяла на дварэ, непадалёк ад шырокіх варот цэха. Магутны цёмназялёны грузавік з такім знаёмым упартым лабастым зубрам на баку, сам падобны да гэтага зубра, гатоў быў, здаецца, вось-вось рушыць у дарогу, нецярпліва чакаючы гэтай хвіліны.

— Эх, які асілак!.. — Васіль Цімафеевіч непаспешліва абышоў машыну, падняўся ў кабінку, зазірнуў у сярэдзіну яе, спусціўся, ацэньваючым позіркам агледзеў задні мост. Падышоў, памераў па сваім росце вышыню кола, на шыне якога выступалі моцныя касыя рубцы.

— А ведаеце што, Васіль Цімафеевіч, — загаварыў неспадзеўкі Грынь. — Магарыч, як-бы сказаць, з вас. Задаволілі, аказваецца, просьбу вашу. Задаволілі — сам чуў… Гэта ўжо точна.

— Якую просьбу?

— Нібы i не ведаеце?.. Тую самую!

Зыбін, відаць, у першы момант i праўда не здагадваўся, пра якую просьбу гаворыць аўтаматчык, але хутка Васіль Цімафеевіч зразумеў усё, спахмурнеў.

Тады раптам ён пачуў, як побач задуменна, па-асенняму шалясціць-гамоніць пажоўклым, ападаючым лісцем маладая ліпа. Штосьці такое задуменнае i асенне-тужлівае было i ў яго сэрцы.

— Праўда гэта… Дырэктар казаў, што рашылі задаволіць вашу просьбу. Адпускаюць…

— Ты жартуеш?

— Клянуся, праўда… Можаце збірацца… Але-ж i доўга вам прыйшлося чакаць гэтага, а? — Грынь здзівіўся. — Што-ж вы такі?! Вось-жа характар у вас — i не зразумееш, ці рады вы, ці незадаволены?.. Няўжо не хочаце? Вы-ж, казалі, столькі рваліся туды!

— Не паеду… Чаго ўжо ехаць? — Як-бы апраўдваючыся, чамусьці зашпільваючы скураную паддзёвачку, дадаў: — Цяжкаваты я нешта стаў на пад’ём.

— A радзіма? Не цягне хіба?

— Радзіма? — хмыкнуў ён, потым злавіў медны ліст, што паволі падаў, кружачыся, прамовіў задуменна: — А тут што — Афрыка? Не свая хіба зямля?.. — Зыбін прыслухаўся: — Што гэта ліпы шумяць так цягуча?

I, цярэбячы апалы, зазубраны, з тонкімі чырвонымі жылкамі лісток, сам сабе адказаў:

— Восень, Грынь, ужо… I не заўважыў, як прыйшла…

1954 г.


Оглавление

  • У завіруху
  • Ноччу
  • Пабыўка сержанта
  • Адна
  •   I
  •   II
  •   IIІ
  •   IV
  •   V
  • Перад навальніцай
  • Гарачы жнівень
  •   Спрэчка
  •   Двое
  •   Крыўда
  •   Цяжкія дні
  •   Спека
  •   Да нас ідуць, жанкі!
  •   У адной сям’і
  • Павел прыехаў
  • Таварышы
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  • На Прыпяці
  • Дом на праспекце
  •   Першыя дні
  •   Дом ажывае…
  •   Арцём Іванавіч злуе і радуецца
  •   Дзве сотні новаселляў!
  •   Жыхары дома
  •   Праз пяць год. Перамены
  •   Зноу ў рыштаваннях
  • Блізкае i далёкае