Настройки текста:
Французскі пісьменнік А. Камю параўнаў працу пісьменніка з подзвігам Сізіфа і сцвердзіў гэтым параўнаннем перш за ўсё стаіцызм, годнасць свайго героя-вязня, які духоўна ўзвысіўся над катамі. Зноў і зноў паднімаючы цяжкі камень на вяршыню гары, Творца-Мастак здзяйсняе спробу за спробай асвятліць агульным сэнсам уласнае існаванне. Толькі ўласнае існаванне, бо ні свет, ні асобнага чалавека перайначыць, перарабіць немагчыма. I ўсё ж наперакор усяму і нават уласнаму ўсведамленню марнасці высілкаў трэба, як гаварыў адзін з герояў камюсаўскага рамана «Чума», «добра рабіць сваю справу. Рабіць так, „як калі б…“». Гэтае «як калі б» азначае: як калі б быў упэўнены ў выніковасці сваёй справы. Усе высілкі беларускіх творцаў адносна таго, каб пераканаць свой народ, што мова — гэта святыня і сцяг яго, — марныя. Гэтыя высілкі — разнавіднасць «сізіфавай працы» і адначасова сведчанне стаіцызму беларускіх Сізіфаў і вялікага сэнсу іх безвыніковых намаганняў. Бадай, ні ў чым яшчэ беларускія песняры-прарокі не былі такімі аднадушнымі, салідарнымі і настойлівымі, як у сцвярджэнні вечнай і такой простай, зразумелай усяму свету ісціны, што «пакуль жыве мова — жыве народ». Падобна, што і беларускія прарокі бачаць сваю ролю ў тым, каб папярэдзіць свой народ, каб пасля сумленна, добра зробленай імі справы ніхто не змог апраўдацца сваім няведаннем ці неразуменнем такой лёсавызначальнай для ўсёй нацыі праблемы. Усведамленне таго, што любоў да роднай мовы ёсць адно з праяўленняў любові да Радзімы, вызначыла ўсю патрыятычную дзейнасць Васіля Цяпінскага. «…Зь зычливости ку моей отчизне» — так вызначыў ён сам матыў, які натхніў яго на цяжкую, але высакародную працу выдаўца і перакладчыка Евангелля на беларускую мову. Да ўсяго гэтая справа запатрабавала вялікіх матэрыяльных сродкаў, якіх Цяпінскі не меў. Паводле яго сведчання, ён не мог давесці справу да канца, а пераклаў і надрукаваў поўнасцю ў сваёй «убогой друкарня» толькі Евангелле ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі. Палымяна, страсна і аблічальна даводзіць В. Цяпінскі сваім сучаснікам, а праз вякі і нам: нішто не «можа быць больш вартым жалю, больш агідным», чым вырак і занядбанне свайго роднага, сваёй мовы, дадзенай нам Богам: «Бо хто з набожных не задрыжыць, на такое знішчэнне гледзячы, хто б не мусіў плакаць, бачачы… занядбанне сваёй слаўнай роднай мовы і папросту пагарджэнне ёю…» Усіх, хто пагарджае роднай мовай і занядбаў яе, даводзіць Цяпінскі, «праз пакаранне Божае гэтая ясная ў Божым свеце мудрасць… пакінула іх». А той, каго пакінула мудрасць, страціць усё, у таго няма будучыні. Пра тое ж самае амаль праз два вякі з уласцівай ёй палымянасцю і прачуласцю папярэдзіць і Цётка: «Бедны той, хто апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым жа няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы…» I Сімяон Полацкі патлумачыў, што з зычлівасці да сваёй Айчыны, «писах в начале на языку тоему, иже свойственный бе моему дому». Усе заваёўнікі, што ішлі на нашу зямлю, вынішчэнне беларусаў як нацыі пачыналі з асмяяння, апаганьвання нашай мовы, добра разумеючы, што без мовы няма і народа. Апалагеты Расійскай імперыі цынічна заяўлялі: «Што не зрабіў расійскі штык — даробіць школа». Біркамі і «якдыкхаямі», быццам гарачым жалезам, вытраўлялі з Хомачкаў («Ціхая плынь» М. Гарэцкага) усё нацыянальнае. I дамагліся свайго: як ад ганебнай, абразлівай біркі, беларусы паступова пазбаўляліся і ад роднага слова, не толькі пусціўшы яго на здзек і асмяянне, але і пачаўшы смяяцца з сябе і свайго роднага. Але ўсіх манкуртамі зрабіць не ўдавалася. Лепшыя сыны нашай Бацькаўшчыны ўсведамлялі, што бяссмерце народа знаходзіцца ў прамой залежнасці ад выкарыстання роднай мовы, і пісалі на ёй свае таленавітыя творы. I гэта ў той час, калі на пагарджанай і нават забароненай мове рэалізаваць свой дар было вельмі складана, а часам і небяспечна. Подзвігам духу з'яўляецца створанае імі на роднай мове. Некаторым, як, да прыкладу, Янку Лучыну, так і не было наканавана ўбачыць свае кнігі. Зборнік паэта «Вязанка» выйшаў у 1903 г. у Пецярбургу пасля смерці аўтара. Перакананы ў тым, што «наша мова такая ж панская і людская», не горшая за іншыя, Ф. Багушэвіч «Дудкай беларускай» і «Смыком беларускім» — усімі струнамі сваёй душы — даводзіў свайму народу: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» У гэтым звароце да сучаснікаў і патомкаў, а значыць і да кожнага з нас, — пісьменніцкае ўсведамленне неабвержнага закону вечнасці, што пакуль жыве мова — жыве народ. «Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека» — так вобразна, афарыстычна выявіў Багушэвіч сваё разуменне ролі і сілы роднага слова ў «Прадмове» да «Дудкі беларускай». I па сённяшні дзень гэты твор — узор публіцыстыкі, пераканаўчы прыклад уздзеяння на розум і пачуцці тых, што хочуць «людзьмі звацца». Пераканаўча і доказна даводзіць сваім чытачам палымяны патрыёт Багушэвіч, што любоў да мовы ёсць адно з праяўленняў патрыятызму. I эпітэты «святая, Богам дадзеная» — не проста мастацкі прыём, а напамін усім нам: святое — гэта тое, што мы не выбіраем (у сваім выбары мы можам і памыліцца), а што даецца нам ад нараджэння — нашы бацькі, радзіма ці нараджаецца намі — дзеці. I Мова — як «святыня народа, бяссмерце яго». Здрада святому — недаравальны грэх. Час паказаў, што ўсе довады, папярэджанні, заклікі і нават уласны прыклад самаахвярнасці Ф. Багушэвіча, каб пераканаць народ у неабходнасці змяніць сваё стаўленне да святыні, былі «сізіфавай працай». Змянілася многае, але нязменнай засталася абыякавасць многіх да таго, што ўвесь свет лічыць найвялікшай каштоўнасцю, тоеснай жыццю і волі. «Вялікая гэта таямніца», — піша А. Вярцінскі ў вершы «Баіцца быць беларус беларусам…»:… Ясная ў Божым свеце мудрасць.В. ЦяпінскіФункцыя пісьменніка заключаецца ў тым, каб у выніку яго дзеяння ніхто не змог спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім.Ж. П. Сартр
У самыя трагічныя для нашай Бацькаўшчыны і народа часы, калі ворагі імкнуліся «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек», заўсёды былі падзвіжнікі духу, тыя, каго М. Ермаловіч назваў сцяганосцамі Айчыны ў аднайменным вершы:М. ЕрмаловічТы хочаш жыць для Беларусі,Служыць ёй хочаш у барацьбе,Таму, мой сябра, і звярнуся Я з гэтым словам да цябе.Прымай жа праўду ты без страху,Як некалі прыняў Кастусь:Няма цяжэйшага больш шляху,Чым у змагара за Беларусь.
У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце… А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слсў вашых, дык, выходзячы з дому альбо з горада таго, абцерушыце пыл з ног вашых; праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму. Евангелле ад МатфеяС. Александровіч назваў артыкул Цёткі «Шануйце роднае слова!» «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле». Артыкул пераклікаецца з вершамі «Пагоня» М. Багдановіча, «Ворагам беларушчыны» Янкі Купалы. У ім відавочная рэмінісцэнтная сувязь з багушэвічаўскімі прадмовамі да зборнікаў, у прыватнасці з афарызмам «Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека». Мова — адзежа душы чалавека, а ўздзець «чужую апратку» — страціць уласную душу, страціць сябе. «Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку — той адышоў ад народу далёка-далёка», — піша Цётка. А на рэмінісцэнцыю багушэвічаўскага афарызма «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» указвае сама: «Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!» З часоў Багушэвіча і Цёткі многа падзей адбылося ў нашай Айчыне, многае змянілася. I на вялікі жаль — не ўсё да лепшага. Многа ёсць набалелага ў нашым грамадстве. «Але сярод усяго — ёсць і самае набалелае: гэта — становішча, у якім апынулася сёння ў Беларусі беларуская мова. Мацней набалелага болю, чым гэты, — няма. Больш актуальнай, больш вострай праблемы, чым гэта, — няма. Гэта пытанне — у поўным сэнсе слова пытанне жыцця і смерці. Жыцця і смерці беларускай нацыі» — так пра самае набалелае піша Ніл Гілевіч. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове гэтага сцяганосца народа склалі цэлую кнігу, якая называецца «Любоў прасветлая» і прысвячаецца праблемам нацыянальнага адраджэння. У паэзіі Ніла Гілевіча — адказ на пытанне, ад чаго нам трэба выбавіцца, каб быць вартымі нашай «святой зямлі» і дайсці да Беларусі. Асноўным зместам многіх зборнікаў паэта, і ў прыватнасці апошняга — на «На высокім алтары», з'яўляецца лес беларускай мовы і культуры, духоўнасць народа, памяць яго і будучыня. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і захапленне, пяшчота і замілаванне, туга і папрок, гнеў і расчараванне — уся гама пачуццяў выяўлена ў лірычных, філасофскіх і публіцыстычных вершах Ніла Гілевіча. Многія вершы, прысвечаныя роднай мове і клопату пра яе існаванне (а значыць, і пра існаванне нацыі!), напісаны ў форме звароту да нас. Паэт-філосаф па-бацькоўску ўшчувае, пераконвае, папракае, імкнучыся паўплываць на нашы душы і розум:
Чалавек стварэнне боскае і нараджаецца свабодным. В. Быкаў У гісторыі заўсёды і непазбежна наступае такі час, калі таго, хто асмельваецца сказаць, што двойчы два — чатыры, караюць смерцю. I пытанне не ў тым, каб ведаць, якую кару ці якую ўзнагароду пацягне за сабой гэтае разважанне. Праблема ў тым, каб ведаць, складаюдь ці не двойчы два чатыры. А. КамюСвет паразумеўся на яснай, як «двойчы два — чатыры», ісціне, што найвялікшай для кожнай нацыі каштоўнасцю з'яўляецца воля і незалежнасць. Яны — самая першая ўмова годнага жыцця і росквіту дзяржавы. Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега ў прадмове да Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. пісаў, што прыстойнаму, пачціваму чалавеку «няволя павінна быць такой агіднай, што не толькі скарбамі, але і смерцю яе ад сябе адганяць павінен. А таму прыстойныя людзі не толькі маёмасць, але і жыцця… не шкадуюць», каб не трапіць пад жорсткую ўладу ворага. Гэтая бясспрэчная ісціна — правіла для ўсяго свету. Аднак у кожным правіле ёсць выключэнні. М. Ермаловіч са скрухай і абурэннем піша, што стала хадзячаю думка, быццам Беларусь ніколі не была і не можа быць самастойнаю, што яна абавязкова павінна быць часткай іншых дзяржаў і, само сабой зразумела, займаць у іх падначаленае месца. Такое забыццё «дзедавай славы» даследчык даўніны лічыць вялікай ганьбай. I як вынік гэтай ганьбы яшчэ большая ганьба — засмечванне нашай свядомасці, бесперашкоднае пашырэнне ў нас такога ідэйнага пустазелля, якое ў кожнай самавітай дзяржаве лічыцца абразлівым і нават злачынным. Мовай дакументаў «Старажытнай Беларусі» і мовай, што ідзе ад сэрца, гісторык і пісьменнік даводзіць нам, што наша Беларусь ужо ў першапачатковы, полацкі, перыяд сваёй гісторыі першаю адваявала ў Кіеўскай імперыі сваю незалежнасць і жыла вольнай дзяржавай. М.Ермаловіч піша: «Нягледзячы на скупыя звесткі пра Рагвалода, мы можам з упэўненасцю сказаць, што ён быў мудрым дзеячам… спакваля пашыраў Полаччыну і здабываў для яе незалежнасць, а для сябе гонар вольнага князя». Ворагі-суседзі раптам са здзіўленнем і страхам убачылі новую дзяржаву, якая ляжала на скрыжаванні важнейшых шляхоў і якая ў любы момант магла замкнуць іх. Не могучы змірыцца з гэтым, яны не марудзілі з расправай. У 980 г. кіеўскі князь Уладзімір робіць знішчальны паход на Полаччыну. Юная краіна не вытрымала шалёнага націску і гераічна пала, а яе тварэц — Рагвалод — разам з жонкай і двума сынамі быў па-зверску забіты. Пралітая кроў Рагвалода і яго сыноў стала барвовай зарой Беларусі. Але на гэтай крывавай зары ўзышла наша першая зорка — Рагнеда. Калі яе бацька Рагвалод і яе браты былі першымі ахвярамі Беларусі, то Рагнеда з'явілася нашым першым героем. З яе імем звязана цудоўнае ўваскрэсенне Полаччыны, бязлітасна вынішчанай Уладзімірам. Подзвіг Рагнеды ў імя Радзімы — яркае пацвярджэнне таму, што галоўнае не самавольства тыранаў, а гераічнае супраціўленне ім і непакорнасць. Якой бы ні была вялікай і жорсткай сіла і ўлада самадзяржаўных дэспатаў, але любоў да волі і Радзімы і нянавісць да прыгнёту заўсёды будуць мацнейшымі і ўрэшце перамогуць. У пачатку сваёй гісторыі Беларусь атрымала ў асобе Рагнеды найвыдатнейшы ўзор нязломнасці духу і прыклад барацьбы за волю і Радзіму. Подзвіг Рагнеды быў настолькі незвычайны, што праўдзівая гісторыя яе жыцця ўспрымалася наступнымі пакаленнямі як легенда. У гутарцы «Рагвалод і Рагнеда» М. Ермаловіч пафасна, страсна выяўляе сваё захапленне беларускай гераіняй і сваю веру ў тое, што яе прыклад паўплывае на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў нашых сучаснікаў: «Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе палымяная кроў, няхай жа ў нашых грудзях заўсёды жыве яе непакорная душа, няхай жа ў нашых сэрцах заўсёды гарыць жыватворная яе любоў да Радзімы…» Даўно ўжо знікла ў Мінску рэчка Няміга, але ёсць вуліца Няміга. «I больш няма для нашай сталіцы даражэйшага, як гэтыя святыні», — піша М. Ермаловіч. У сувязі з бітвай на рацэ Нямізе з'явіўся ўпершыню на старонках летапісу Менск. Цяжка пераацаніць значэнне гэтай падзеі ў гісторыі Беларусі. Адна з самых крывавых у нашай старажытнасці, бітва на Нямізе ўразіла не толькі сучаснікаў. Рэха яе цераз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігаравы» самымі натхнёнымі паэтычнымі радкамі. «I хаця гэта бітва прынесла страшэннае паражэнне нашай прарадзіме Полаччыне — і яе слаўнейшаму правадыру — князю Усяславу Чарадзею, — яна была яскравейшым сведчаннем нашай слаўнай мінуўшчыны, поўнай няспыннай барацьбы з нашым першым па часе ворагам — Кіеўскай імперыяй» — так усведамляецца даследчыкам даўніны М. Ермаловічам значэнне гэтай падзеі ў нацыянальнай гісторыі. Ён піша, што, на вялікі гонар Полаччыне, яна была першай, якая пачала развал гэтай, паводле К. Маркса, «недарэчнай і няскладнай, скараспелай і шматковай дзяржавы». Палачане не хацелі несці ахвяры ў імя ажыццяўлення заваёўніцкіх мэт кіеўскіх князёў і рашуча распачалі барацьбу з імі. Бітва на Нямізе сведчыць і пра тое, што ў далёкім мінулым Менск быў самай важнай і надзейнай крэпасцю Полаччыны для абароны ад Кіева. Жыхары Менска, самаахвярныя грамадзяне і свайго горада, і сваёй радзімы, мужна бараніліся ад ворага. Нездарма ж кіеўскія князі так па-варварску помсцілі Менску. Узяўшы яго ў 1067 г., яны «йссекоша мужей, а жёны я детей взяша на шдты». Крыху пазней Уладзімір Манамах выхваляўся тым, што, захапіўшы Менск, «не оставяхом у него челядяна, н^ скотаны». Хто болей, як прабацькаўшчына наша — Полаччына, змагаўся за сваю незалежнасць і адстаяў яе! Але гэта ніколькі не вычарпала яе ўласных духоўных магчымасцей. Варта прыгадаць толькі імёны Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча. Створаная ў гэты час кульіура наша была настолькі багатай і моцнай, што на працягу наступных чатырох стагодцзяў змагла ўсебакова абслугоўваць буйнейшую тагачасную дзяржаву ў Еўропе — Вялікае княства Літоўскае. У XVI ст. культура ў асобе Францыска Скарыны паднялася да сусветных вяршыняў, а на працягу наступных двух стагоддзяў бьша сцягам барацьбы нашага народа за сваю самабытнасць. Самастойнай і пануючай Беларусь была і ў Вялікім княстве Літоўскім, якое найперш было беларускай дзяржавай, і мужна адстойвала сваю незалежнасць не толькі да 1569 г., але і пасля. Канчаткова Беларусь страціла сваю незалежнасць толькі ў канцы XVIII ст. М. Ермаловіч фактамі даводзіць, што, хоць войны прыносілі Беларусі найвялікшыя страты, — не яны былі галоўнай прычынай яе заняпаду: «Многія еўрапейскія дзяржавы не менш цярпелі ад войнаў, але, нягледзячы на гэта, дасягнулі побач з найвялікшым эканамічным развіццём не меншага палітычнага і культурнага росту. Гэта з'явілася вынікам таго, што яны былі незалежным! краінамі, самі вырашалі свой лес, самі па свайму гледжанню і патрэбах будавалі сваю культуру. Але ўсяго гэтага бьша пазбаўлена Беларусь». Вялікім рэвалюцыйным адкрыццём Беларусі стала паўстанне 1863 г., правадыром якога быў Кастусь Каліноўскі. Значэнне Кастуся Каліноўскага як нацыянальнага героя Беларусі найперш і заключалася ў тым, што ён вывеў свой народ з цемры нацыянальнай невядомасці і гэтым самым паказаў свету новую карціну — сваю родную Беларусь. У Беларусі народ меў слаўную тысячагадовую гісторыю. Ён жыў у цэнтры Еўропы. Але акружаныя з усіх бакоў і здушаныя бязлітаснымі ворагамі, якія рабавалі іх багацці, аплёўвалі іх культуру і абкрадалі іх мінулае, беларусы да Кастуся Каліноўскага былі малавядомым народам. Яго ідэалам была дэмакратычная Беларусь. М. Ермаловіч піша, што ў Кастусю Каліноўскім «як бы абудзілася даўно драмаўшая энергія нашых славутых продкаў» — мужных палачанаў. Пасля легендарнага полацкага князя Усяслава Чарадзея Кастусь Каліноўскі быў самым выдатным правадыром на Беларусі. Ён глыбока разумеў, што беларускаму народу як самаму забітаму, самаму заняволенаму ў Расійскай імперыі больш, чым якому іншаму, патрэбна была незалежнасць. Кастусь Каліноўскі быў першым, хто пачаў будаваць самастойную Беларускую рэспубліку. Ужо з-пад шыбеніцы вялікі сын напомніў свайму народу, што «як дзень з ноччу не сходзіць разам, так і навука праўдзіва не йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе… тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе». Кат узвёў Кастуся Каліноўскага на эшафот. Гісторыя паставіла яго на высокі п'едэстал нацыянальнага героя Беларусі. У часы, калі Беларусь была забраным краем царскай Расіі, рука расійскіх самадзержцаў душыла беларусаў рознымі спосабамі: турмой і пятлёй, катаргай і цемрай. Спрабавала яна прыкончыць беларусаў і «культурай чорнаю разюшаных баяр». Патопам разлілася яна па нашай зямлі пасля бурнага 1863 г. Усё ж, нягледзячы на гэта, Беларусь хоць і павольна, але няўхільна выбіралася з цемры нацыянальнага нябыту на светлую дарогу нацыянальнага адраджэння. I наша праўдзівая навука зрывала покрыва хлусні, накінутае ворагамі на нашу выдатную мінуўшчыну, збірала нашы песні і прыказкі, легенды і казкі і паказвала іх непаўторнае хараство, даследавала нашу чароўную мову і даказвала яе самабытнасць. Менавіта з часу развіцця сапраўднай аб'ектыўнай навукі пра Беларусь (а гэты час, як сведчыць М. Ермаловіч, прыпадае на 80-90-я гг. XIX ст.) пачынаецца бурны рост нацыянальнага руху. I ён хутка набраў такую сілу, што выдатны беларускі этнограф М. Нікіфароўскі змог з упэўненасцю заявіць: «Калі нас дасюль не з'елі, то і зараз не з'ядуць». Усведамленне ролі праўдзівай навукі ў духоўным адраджэнні беларускага народа было ўласціва і У. Караткевічу. Тое ж самае, што сцвярджаў вучоны-этнограф М. Нікіфароўскі, сцвердзіць і У. Караткевіч мовай мастацкага твора, пастаўленага на трывалы падмурак гістарычнай навукі. Караткевічаўскі герой Алесь Загорскі едзе вучыцца ў Пецярбург і робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук з тым, каб вярнуць народу гісторыю і памяць пра свае вытокі. Вельмі надзённа гучаць сёння словы Алеся, што «лінгвістыка — гэта значна больш палітыка, чым усё натуразнаўства». Менавіта гісторыя і лінгвістыка сёння адстойваюць наша права «людзьмі звацца», звацца нацыяй і народам па імені «беларусы», і першы доказ таму, што мы ёсць, былі і будзем, — наша мова. Сцяганосцы народа, верныя сыны Беларусі на ўвесь голас гавораць, што яна «не змарнела ў прымусе, што к волі прагаю гарыць» (М. Ермаловіч), што зло асабліва лютуе перад сваім канцом. З вераю і любоўю трэба ісці да Беларусі!
…Трэба грунт мець пад нагамі. Каб не бадзяцца батракамі. Якуб КоласУ гутарцы з журналістам Юрасем Залоскам у 1995 г. В. Быкаў гаварыў пра тое, што «камуністычны лад і камуністычная па сутнасці псіхалогія панавалі… амаль стагодцзе. У яе атмасферы сфарміраваўся пэўны менталітэт грамадства. Ліквідаваць, знішчыць гэты менталітэт за некалькі гадоў немагчыма». Страчанымі для нацыі, «гэтаксама як і для чалавечай гісторыі», назваў В. Быкаў пакаленні, якія за многа гадоў прызвычаіліся існаваць у перакуленым свеце, па той бок люстэрка і не здольны разумець і прымаць агульначалавечыя каштоўн асці. Для сучаснага чытача, асабліва для юнага, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры засведчылі тое каштоўнае ў менталітэце, што страціў наш народ за амаль 80-гадовае панаванне камуністычнага ладу і адпаведнай псіхалогіі. Працэс вынішчэння самага каштоўнага ў чалавеку, працэс расчалавечвання чалавека пачаўся не сёння, паскорыўся ва ўмовах таталітарнага рэжыму і імкліва працягваецца ў наш час. I сёння ўжо многім нашым сучаснікам не ўяўляецца каштоўнасцю тое, што было першасным і лёсавызначальным для нашых продкаў. Сёння з лёгкасцю разбураюцца тыя маральныя бар'еры, пераступіць якія лічылася раней вялікім грахом. Сёння юным цяжка зразумець матывы неверагодных высілкаў у імя мэты, да якой «станоўка, ненарокам» ішлі коласаўскія героі, што жылі стагоддзе таму. Цяжка зразумець матыў «здрады» свайму каханню мележаўскім героем — Васілём… Нашы духоўныя набыткі за мінулае стагодцзе, як сведчыць само жыццё, не такія ўжо і значныя. А каб пераканацца ў тым, што мы страцілі са спадчыны свайго народа, скарыстаем запрашэнне Якуба Коласа і
I вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу. Янка КупалаУ зборніку архіўных дакументаў «Перад крутым паваротам» (падзагаловак «Тэндэнцыі ў палітычным і духоўным жыцці Бел ару сі ў 1925–1928 гадах») адлюстравана вялікая і страшная трагедыя беларускага народа, і перадусім — беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Адзін з момантаў гэтай трагедыі датычыць творчага лесу Янкі Купалы — генія беларускай літаратуры. 16 лістапада 1926 г. Першы Беларускі драматычны тэатр (БДТІ, цяперашні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) паказаў прэм'еру — пастаноўку геніяльнай трагікамедыі Янкі Купалы «Тутэйшыя». Адразу ж пасля першага паказу спектакль быў зняты з рэпертуару і забаронены. Як піша ў каментарыі да адпаведнага дакумента Р. П. Платонаў, гэтая падзея (забарона) «мела надзвычайны характар, бо п'еса належала пяру класіка беларускай літаратуры, год назад уганараванага званнем народнага паэта БССР». 19 лістапада адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі аддзела друку ЦК КП(б)Б з парадкам дня: абмеркаванне п'есы Янкі Купалы «Тутэйшыя». Фактычна гэта быў дзікунскі, разбойніцкі суд над спектаклем, над п'есай і яе аўтарам. «Судцзі» вынеслі смяротны прыгавор, не ведаючы, што твор несмяротны. Загадчык агітацыйна-прапагандысцкага адцзела ЦК Абрамчук, як засведчана ў архіўным дакуменце, сказаў: «Я уверен, что автор желал подчеркнуть, что для Белоруссии якобы все „оккупанты“ равны — поляки и большевики Такая пьеса для нас неприемлема». I гэта правільна, ён не памыліўся: менавіта гэта Купала і паказаў, хоць галоўнай мастацкай задачай было падаць вобраз і раскрыць псіхалогію аднаго з «тутэйшых» — Міюты Зносака. Член калегіі Сярбята (пазней ён сам уваліўся ў яму, якую капалі для Беларусі і яе паэтаў) сказаў: «Пьеса произвела на меня ужасное впечатление, как пьеса контрреволюционная». На 65 гадоў п'еса была выкінута з літаратуры, з тэатра, з культурнага жыцця Беларусі як твор супернацыяналістычны! У 1982 г. на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра быў пастаўлены спектакль па гэтай п'есе, але пасля паказу ў Мінску «Тутэйшых» зноў знялі з рэпертуару. На сцэне Купалаўскага тэатра «Тутэйшых» адрадзілі ў 1990 г. У 1992 г. спектакль у пастаноўцы Мікалая Пінігіна атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. У «Тутэйшых» занятыя мэтры Купалаўскага тэатра — Марыя Захарэвіч, Генадзь Аўсяннікаў, Аляксандр Лабуш, Алена Сідарава, Зоя Белахвосцік і іншыя. Гісторыя спектакля па п'есе Янкі Купалы да ўсяго засведчыла адзін з момантаў узыходжання ўладара беларускай песні на Галгофу. За тое, што «зваў з путаў на свабоду», чакала Галгофа. За адвагу сказаць, што двойчы два — чатыры, чакала Галгофа і несмяротнасць душы. Самай ненавіснай для паэта была, па яго словах, «пашана да пакут», самай страшнай бядой для народа — страта волі. Ужо самы першы купалаўскі верш «Мужык», надрукаваны ў 1905 г. у газеце «Северо-Западный край», стаў адначасова і праграмным творам паэта, бо вызначыў усю яго творчасць. Ён першы, хто з незвычайнай сілай, «на свет цэлы», сказаў і аб нашай мары, і аб нашым праве «людзьмі звацца». Наватарства і мастацкая вартасць верша заключаюцца найперш у сіле, з якой паэт здолеў сказаць пра дагэтуль нікім не знанае — пра годнасць і гонар беларуса. Менавіта другая кампазіцыйная частка верша з'яўляецца сімвалічнай і вызначальнай для ўсёй творчасці Янкі Купалы:
Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс. У. Караткевіч. Людзі могуць быць розныя — беспрынцыпныя і бяспамятныя, гісторыя ж жыве па сваіх законах і рупна робіць свой беспрыстрасны рэестр. В. Быкаў.У аповесці В. Быкава «Круглянскі мост» ёсць «закадравы» герой Ляховіч, з якім пісьменнік знаёміць нас прыёмам рэтраспекцыі, гэта значыць звароту ў мінулае. Брытвін, расказваючы Сцёпку пра Ляховіча, абураецца яго ўчынкамі, лічыць іх недарэчнымі, абсурднымі. У першым выпадку Ляховіч парушыў загад, адмовіўшыся забіць паліцая, бо той «з дзіцем на ложку сядзеў, карміў, і гэты дурань не адважыўся ў яго кулю пусціць». Напарнік Ляховіча Сураў нават «адмовіўся больш з ім хадзіць» на заданні: «Дурань, кажа, або кантужаны». Другі раз, як лічыць Брытвін, «зноў канфуз выйшаў». Вяртаючыся з задання, партызаны наткнуліся на немцаў, калі тыя штурхалі буксуючую машыну. «Ну, хлопцы, вядома ж, узрадаваліся, кажуць: ударым! Ляховіч гэты — ён за старшага быў — агледзеўся, разважыў. „Не, — кажа, — нельга. Вёска блізка“. Маўляў, машыну знішчым — вёску з агнём пусцяць. Так і не даў каманды. А немцы выцягнулі машыну, селі і газанулі». А ўжо трэці выпадак і наогул не ўкладваецца ў свядомасці Брытвіна і такіх, як ён. «Не чалавек, а недарэка, яй-богу. А так, здаецца, і не дурны, з вышэйшай адукацыяй. А можа, усё праз гэту адукацыю? На вайне яна не патрэбна». Ляховіч з Шусцікам трапілі, як вярталіся з задання, у палон. I вось там, у круглянскай паліцыі, Ляховіч «выкінуў фокус». Гэта ўжо наогул дзіва. «Самая бязглуздая дурасць», паводле ацэнкі Брытвіна. Калі іх схапілі, яны сказалі, што акружэнцы, хадзілі па вёсках, на хлеб зараблялі. А шэф паліцыі, стары немец, паставіўся да гэтага нястрога. Шусціка выцяў кіем і атрымаў вялікае задавальненне, гледзячы, як той прыніжаецца. Асабліва спадабалася немцу, калі на сваё пытанне, ці прызнае Шусцік уладу вялікага фюрэра нямецкага народа Адольфа Гітлера, атрымаў сцвярджальны халуйскі адказ: «Прызнаю, — кажа, — пан, як жа не прызнаць, калі ўвесь свет зваяваў». Тое ж пытанне немец задаў і Ляховічу, а той «маўчаў, маўчаў, а потым кажа: „Нажаль, я не магу гэтага прызнаць. Гэта не так“». Паліцай, які перакладаў адказ Ляховіча немцу, зашыпеў, дакладна сфармуляваўшы сутнасць выбару: «Не прызнаеш — памрэш сёння ж». — «Магчыма, — адказвае, — але памру чалавекам, а ты будзеш жыць скацінай». Шусціка адпусцілі, а Ляховіча павесілі. «Прыгожа, як у кіно, ды што толку… Ну, хіба не дурань?» — рэзюміраваў Брытвін. Для такога мастака, як Васіль Быкаў, гэтых трох эпізодаў было б дастаткова, каб пабудаваць на іх уласцівую яго стылю вострасюжэтную аповесць, зрабіць свайго «закадравага» героя галоўным, тройчы выпрабаваўшы яго экстрэмальнымі сітуацыямі выбару, адна з якіх — памежная. Аднак менавіта «закадравасць» героя, успрыманне яго ўчынкаў іншымі ўжо пасля яго смерці садзейнічае рэалізацыі пісьменніцкай канцэпцыі і думкі пра непарыўную пераемнасць руху жыцця, пра галоўнае і марнае. Рэтраспекцыямі значна пашыраецца фабульны час і прастора, сцвярджаецца думка пра ўздзеянне прыкладу моцнай асобы на тых, хто будзе ў дарозе пасля яе і прадоўжыць яе справу. «Аўтарства» ўчынку Ляховіча працягвае сваё існаванне ў прасторы і часе незалежна ад меркаванняў брытвіных. Над судом людзей валадарыць Час — суд сумлення непадуладны Часу. Сам таго не ўсведамляючы, Брытвін таксама прычыніўся да ўзвядзення абеліска Ляховічу, бо не брытвінскае меркаванне, а інфармацыя пра ўчынкі Ляховіча будзе вызначальнай у выбары Сцёпкі. I Сцёпка неўзабаве стане перад выбарам: кампрамісу з Брытвіным і як вынік кампрамісу — жыццё ці вернасць свайму сумленню, праўдзе, памяці цаною жыцця. «Нешта цвёрдае і дзіўна ўпэўненае ўжо авалодала ім і не ўступае» — так вызначыў пісьменнік стан свайго героя напярэдадні выбару. Сцёпку папярэджваюць, што задумаў ён нядобрае, што сам жа і пашкадуе, але ён ужо падрыхтаваўся, як і Ляховіч, зрабіць свой выбар. Сцёпка, як і другі быкаўскі герой, Сотнікаў з аднайменнай аповесці, ужо падняўся на такую духоўную вышыню, на якой кампраміс з Брытвіным, як і кампраміс Ляховіча з шэфам паліцыі, ужо немагчымы. Усялякай велічы сладарожнічае крайнасць, усялякай пасрэднасці — схільнасць да кампрамісаў. Вайна — экстрэмальная сітуацыя, сітуацыя ўлады «чумы». I супрацьстаяць ёй, паводле сцверджання французскага пісьменніка А. Камю, можна, толькі калі «добра рабіць сваю справу». А. Камю, стварыўшы ў рамане «Чума» алгарытм паводзін людзей у час чумы, папярэдзіў усіх, што «мікроб чумы ніколі не памірае, ніколі не знікае, што ён можа дзесяцігодцзямі спаць дзе-небудзь у завітушках мэблі ці ў стосе бялізны, што ён цярпліва чакае свайго часу ў спальні, у падвале, у валісках, у насоўках і паперах і што, магчыма, прыйдзе на гора і павучанне людзям такі дзень, калі чума разбудзіць пацукоў і пашле іх скалець на вуліцы шчаслівага горада». А. Камю завяршыў свой раман заклікам да пільнасці. Людзям, якім наканавана жыць «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», гэта значыць тут і цяпер, жыць на перавале стагодцзяў і тысячагоддзяў, таксама выпала нялёгкая доля. Верылася, што перамога над фашызмам у самай жудаснай з усіх войнаў вырашыць калі і не ўсё, дык многае і ўсё зменіць да лепшага. Чалавек як аўтар свайго выбару, свайго праекта быцця не будзе больш стаяць перад «сцяной абсурду», не будзе выпрабоўвацца вынішчальнай сілай абставін. А пад гнётам гэтых абставін, як зазначае В. Быкаў, «адзін чалавек гнецца, другі ломіцца, трэці становіцца, магчыма, яшчэ больш загартаваным». I ў кожнага свой запас трываласці, свой болевы парог. Аднак жыццё паказала, што перамога над фашызмам не з'яўляецца перамогай над злом у чалавеку. Яркае сведчаннетаму аповесць. В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік». Яна, як і ўсе быкаўскія творы, — пра выбар. Аднак не пра выбар, зроблены людзьмі ў памежнай сітуацыі, не на парозе смерці, перад якой не многія здольны ўратаваць сваю душу. Аповесць пра выбар, які зрабілі нелюдзі («хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты») «на парозе міру», на парозе шчасця, перамогі святла над цемрай… Гэтая трагедыя з'яўляецца кульмінацыяй аповесці, яе самым болевым акордам, узятым з вялікай эмацыянальнай сілай. Гібель Франі і яе гаспадароў Шарфаў ашаломіла лейтэнанта Зміцера Барэйку. Радасць свята перамогі ператварылася для яго ў «чорнае свята бяды». I выбар нелюдзямі злачынства на парозе міру, і «аўтарства» злачынства сведчаць, што ўлада чумы не адступіла, што «зачумленыя», як называе нелюдзяў А. Камю, працягваюць свае злачынствы. А. Камю катэгарычны ў сваім сцверджанні: «Усё, што чалавек здольны выйграць у ігры з чумой і з жыццём, — гэта веды і памяць». Чалавек, які жыве «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», павінен ведаць, што ўлада чумы не скончылася, што ў новай схватцы з ёй чалавек можа і прайграць партыю. Чалавек павінен помніць, што самы страшны мікроб чумы — бездухоўнасць у розных яе праявах. Веды і памяць дапамогуць чалавеку ўсвядоміць, што трэба быць пільным, што «трэба добра рабіць сваю справу», каб мікроб чумы не спустошыў нашы душы. Іначай само наша існаванне тут і цяпер, «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», стане праблематычным.
Вядомы французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жан Поль Сартр у філасофскім творы «Што такое літаратура?» палемізуе са сваімі апанентамі і пераканаўча разбівае іх довады, быццам для мастака галоўнае — вызначыць свой стыль, а ідэя прыйдзе потым. «Але гэта памылка, — даводзіць Ж. П. Сартр, — ідэя так і не з'явілася». Ён лічыць, што вызначальныя ў літаратурным сюжэце — адкрытыя праблемы і пісьменніцкая канцэпцыя. Даследаванне сучаснасці патрабуе ад творцаў менавіта гэтых пастулатаў, вызначальных у літаратурным сюжэце, бо ад іх наяўнасці і рэалізацыі залежыць выніковасць працы мастака. Можна пагадзіцца з тым, што праца пісьменніка — гэта «подзвіг Сізіфа», што самы таленавіты твор не здольны змяніць свет ці перарабіць хоць бы аднаго асобнага чалавека. Але і тады ад творцы, як сцвярджае Ж. П. Сартр, патрабуюцца такія дзеянні, у выніку якіх «ніхто не змог бы спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім». Летапісцы сучаснасці, канстатуючы розныя выявы бездухоўнасці, даследуюць яе вытокі, б'юць у набат, б'юць трывогу, заклікаюць спыніцца, адумацца, папярэджваюць пра вялікую небяспеку, што падсцерагае нас усіх, калі не адумаемся. Ужо адны толькі назвы твораў найноўшай беларускай літаратуры, прысвечаных праблемам сучаснасці, гавораць самі за сябе: «Труба» (В. Быкаў), «Год дэмана» (Г. Марчук), «Сатанінскі тур», «Падзенне» (I. Шамякін), «Грабавыя» (С. Патаранскі), «Гон» (А. Кірвель), «Крыж» (А. Варановіч), «Пралік Валанцэвіча» (В. Какорыч), «Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў» (У. Дамашкевіч), «Ноч перад нядзеляй» (З. Прыгодзіч), «Божачка, ратуй!» (М. Райчонак), публіцыстычнае даследаванне «Чаму крача воран» (Стах Дзедзіч) і шмат іншых. Дысануе назвам усіх пералічаных твораў назва аповесці I. Сурмана «Вясельная ноч», але змест яе зусім не пра каханне і галоўнае свята жыцця чалавека. Сітуацыя, апісаная ў творы, жудасная і трагічная: маладыя паехалі распісвацца, а ў гэты час памірае бацька, які да гэтага доўга і цяжка хварэў. Перад жонкаю нябожчыка стаіць выбар: спыніць усё і ладзіць хаўтуры ці… Яна выбірае другое, жадаючы дабра дачцэ, баючыся перашкодзіць яе шчасцю, і хавае труп у хаце, дзе ўжо ладзяць вяселле, рыхтуюцца да яго. Ці будзе шчаслівай такая сям'я? Забыліся мы пра векавую народную мараль, адрынулі яе, не звяртаем увагі на папераджальныя знакі бяды, што пасылае нам неба і маці-прырода. Нашы продкі на працягу года пасля смерці каго-небудзь у сям'і не ладзілі вяселляў, бо зрабіць інакш лічылася і вялікім грахом, і нядобрым знакам. Пра тое, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо вечар, за якім будзе чорная ноч і можа не наступіць «раніца ў нядзельку», ужо білі трывогу летапісцы 60–80-х гг. Але мы не паслухаліся іх, не пачулі вечавога звону, як назваў літаратуру В. Быкаў. Працэсы расчалавечвання чалавека, яго маральна-духоўнага здзічэння пачаліся не сёння, а шмат гадоў таму і развіваліся на ўсім працягу недзяржаўнага існавання народа і асабліва ва ўмовах таталітарнай сістэмы. Вельмі імклівыя гэтыя працэсы ў наш час. Думка пра тое, што чалавек аднойчы, няхай сабе і ў абсурдных бесчалавечных абставінах, пайшоў супраць сумлення і тым самым загнаў сябе, фігуральна кажучы, у трубу, стаў не толькі ахвярай, але і хаўруснікам абсурду, — скразная ў апавяданні В. Быкава «Труба». Сюжэтны каркас апавядання складае анекдатычная ў сваёй аснове гісторыя пра тое, як сельскі інтэлігент, спачатку настаўнік, а потым загадчык дома культуры Валера Сарока загінуў у газаправоднай трубе. Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» адзначае, што ў апавяданні «Труба» ўласцівыя стылю В. Быкава рэалістычныя дэталі дзякуючы асацыяцыям набываюць сімвалічны сэнс, як сімвалічная і сама назва твора. Асацыяцый у апавяданні многа. Да прыкладу, сімвалічна-шматзначная ў кантэксце твора спакуса зручна ўладкавацца ў трубе, з якой Валера потым не мог вылезці. Дз. Бугаёў піша: «У пэўным сэнсе нешта падобнае да таго, што здарылася з быкаўскім героем, адбылося і з усімі намі, з нашым грамадствам. Кіруючыся спакуслівай, але, як аказалася, утапічнай камуністычнай ідэалогіяй, яно таксама выбрала, здавалася б, надзейны і самы кароткі шлях да ўсеагульнага шчасця, а ў канчатковым выніку загнала сябе ў тупік, фігуральна кажучы — у трубу, з якой мы ўсё ніяк не можам выбрацца і пасля развалу краіны, якая з го нарам заяўляла, што пракладвае дарогу да лепшай будучыні ўсяму чалавецтву». Жыццё, разважае Валера, «здаецца, забрыло ў тупік». Дз. Бугаёў адзначае, што ў апавяданні шмат разоў фіксуецца парадаксальнасць, якая часта даходзіць да абсурду. I такі акцэнт пісьменніка на абсурдным у нашай сучаснай рэаліі з'яўляецца адметнай рысай паэтыкі апавядання. Нельга не пагадзіцца з Дз. Бугаевым, што пра абсурднае ў нашым жыцці напісана ў апавяданні В. Быкава «важка, змястоўна, часта з вялікай падтэкставай глыбінёй і… сімвалічнай шматзначнасцю… з высокай дакладнасцю канкрэтных рэалій і такімі дэталямі, за якімі бачыцца шмат». З падтэкставай глыбінёй і сімвалічнай шматзначнасцю выпісаны фінал апавядання. Скупая і эмацыянальна стрыманая канстатацыя: Валера «не дапоўз да газакампрэсарнай станцыі нейкіх дзвесце метраў». На той жа станцыі яго чакала выратаванне! Такой канцоўкай з адценнем прытчавай павучальнасці пісьменнік сцвярджае тое ж, што сцвярджаў і А. Камю: «вяслуй да канца!» Нават калі шансаў на выратаванне ўжо, здавалася б, няма ніякіх, нават калі цвёрда ведаеш, што загінеш, — усё роўна вяслуй! Усё жыццё Валеры Сарокі — «нехлямяжае», як сказана ў Быкава, і жудасная смерць у трубе цалкам адпавядаюць сартраўскаму тэзісу: «існаванне папярэднічае сутнасці», што на рускай мове гучыць як «существование предшествует сущности». Дз. Бугаёў лічыць, што жыццё Валеры сталася такім па віне як яго самога, так і таго грамадскага парадку, пры якім яму давялося нарадзіцца: «Але мера віны тут вельмі розная, несупастаўная. Бо дыктавала сваю волю менавіта сістэма прымусу і падаўлення чалавека, а ён грэшны толькі ў тым, што з прымусам зжыўся, прыладзіўся да яго і стаў прымаць як належнае. З усёй брыдотаю». Такое лагічнае балансаванне паміж «больш — менш», такое «ўзважванне» віны абставін і ахвяры ўрэшце вядзе да апраўдання героя і ўсведамлення яго трагедыі, а не спрычынення да абсурду і хаўрусу з ім. У згаданай ужо аповесці А. Варановіча «Крыж» ёсць устаўная прытча пра двух пілігрымаў, якія ішлі па нялёгкай дарозе жыцця і неслі кожны свой крыж. Першы нёс крыж цярпліва, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку крыжовага канца — і ісці стала намнога лягчэй. Але калі падышл! да прорвы, то першы паклаў цераз яе свой крыж і па ім перайшоў, як па кладцы. Другому ж не хапіла якраз адпілаванага кавалка… Сувымяраючы долю віны дарогі і непамерна цяжкага крыжа з доляй віны пілігрыма, што падкараціў свой крыж, неабходна помніць, аднак, пра бездань, якая наперадзе. Толькі яна з выключнай дакладнасцю вызначае долю віны і дарогі, і пілігрыма. Паводле сцверджання А. Камю, функцыя пісьменніка ў тым, каб папярэдзіць пілігрыма, што яго чакае, калі падкараціць свой крыж. В. Быкаў выбраў для гэтай мэты прыём: самааналіз зрынутага ў прорву. Прыёмам самааналізу героя раскрываецца ўнутраная механіка і, калі можна так сказаць, логіка падзення. Пісьменнік фіксуе пэўныя моманты падзення (а ў апавяданні — загону ў трубу). I тое, да прыкладу, што Валера даволі легка, без унутранага пратэсту згадзіўся стаць даносчыкам, спадзеючыся атрымаць лепшае размеркаванне на працу, наўрад ці можна аднесці да віны абставін. З гэтага ўсё і пачалося. А затым з памагатага ён паступова рабіўся «нявольнікам камуністычнай сістэмы». Канцэпцыя пісьменніка Быкава ў вырашэнні праблемы віны і трагедыі будзе відавочней, калі згадаць ранейшыя яго творы. Філасофскае асэнсаванне ступені адказнасці чалавека за тое, што адбываецца, праблема віны і бяды прысутнічае ва ўсіх без выключэння творах В. Быкава. Да прыкладу, мноства пытанняў не даюць спакою галоўнаму герою аповесці «Аблава» на яго пакутніцкім шляху да свайго Нядолішча. Але самым балючым пытаннем для Хведара Роўбы ў час яго лёту ў роднае гняздо было — хто вінаваты? «Божа літасцівы, чаму я такі няшчасны?..», «Чаму ён стаў тут для ўсіх страхотным чужаком, хто ў тым вінаваты? Можа, толькі ён сам, адзін? Ці яшчэ нехта іншы? А можа, і ніхто? Але як жа тады ўсё гэта стала магчымым?» Многімі прычынамі вытлумачвае сваю трагедыю Хведар: і неразуменнем таго, што адбывалася ў свеце і ў яго Нядолішчы; і празмернай даверлівасцю (спрадвечнае наша «можа, так і трэба?»); і тым, што ім «завалодаў панічны страх»; і ўсведамленнем свайго поўнага бяссілля супрацьстаяць «сцяне абсурду» — жудаснай машыне таталітарызму. Апошняе цалкам вызначала выбар быкаўскага героя ў памежных сітуацыях, якіх у жыцці Хведара было мноства. I перш за ўсё звязаных з узаемаадносінамі з сынам. Супрацьстаяць «чуме» Хведар, безумоўна, не мог, але ратаваць душу свайго «зачумленага» сына быў абавязаны. Вынішчэнне душы Міколкі адбывалася на вачах Хведара, і ён выдатна разумеў увесь жах гэтага вынішчэння, але нават не спрабаваў гэтаму працівіцца. Хведар суцяшаў сябе надзеямі, што сын падрасце і паразумнее. Калі ж сын падрос і яшчэ больш развар'яваўся, замахнуўся на святое і з маўклівай згоды бацькі (а маўчанне і ёсць згода) знішчыў святое, то Хведар зноў суцешыў сябе тым, «што недзе там, у Маскве ці Мінску, сядзяць разумныя людзі, адукаваныя, справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без Бога народу лепей, то, пэўна, так і трэба. Чаму лепей — ён зразумець не мог…» I вось тут ужо быкаўскі герой не да канца шчыры нават перад самім сабой. Ён выдатна ведаў, як не павінна быць, але, каб зняць з сябе адказнасць за спрычыненае, ішоў далей у сваіх меркаваннях: «а можа, так і трэба». Паміж гэтымі «так быць не павінна» і «а можа, так і трэба» заўсёды ёсць маленькая шчыліна, дастатковая, аднак, каб праціснуць у яе самаапраўданне. А ад яго да спрадвечнага нашага «за што?» зусім блізка. Усё жыццё Хведар імкнуўся жыць па хрысціянскіх запаведзях (ідэальны герой для ідэальных абставін), але напрыканцы парушыў іх. Ды яшчэ як парушыў! Быкаўскі герой Ткачук з аповесці «Абеліск» сцвярджае, што «смерць — гэта абсалютны доказ». Тэзіс сінанімічны сартраўскаму «існаванне папярэднічае сутнасці». У самым канцы свайго пакутніцкага шляху Хведар быў пастаўлены перад жахлівым выбарам — паміж смерцю і… смерцю. Сустрэча з родным сынам для Хведара — верная смерць: «Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? I сын вымушаны будзе яго караць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!.. Шчаслівая яго маці, што не бачыць гэтага. I не чуе». I ў сітуацыі, калі жыць далей немагчыма, Хведар выбірае смерць. Але якую! Тую, якая, паводле хрысціянскай веры, з'яўляецца, як і святатацтва, нявер'е, самым страшным грахом. Хведар усумніўся ў велічы і мудрасці Творцы, які зрабіў гэты свет такім жорсткім, і пазбавіў сябе жыцця. Хведар усведамляе жахлівасць свайго намеру: «Божа, ніколі ў яго не было і думкі забіць сябе, заўсёды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут вось вымушаны…» Трагічна вырашаючы схватку чалавека з «чумой», выносячы бязлітасны прысуд бесчалавечным абставінам, пісьменнік тым не менш не вызваляе сваіх герояў ад адказнасці і за ўсё спрычыненае, і за стан уласнай душы. Творчасць В. Быкава ўзбагачае сусветную культуру і кожнага чытача бясцэнным вопытам. Сутнасць гэтага вопыту заключаецца ў тым, што ўжо «ніхто не можа спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім». Ва ўсіх быкаўскіх творах відавочныя біблейскія рэмінісцэнцыі на самых розных узроўнях. Адна з іх увасоблена на ўзроўні філасофіі: сама пастаноўка пытання «за што?» — грахоўная, бо «чалавек стварэнне боскае і нараджаецца свабодным», як пісаў В. Быкаў у артыкуле «Лёс і шанец» у 1993 г. У любой сітуацыі, сцвярджае пісьменнік, чалавек свабодны ў праве выбару застацца чалавекам. I толькі ад чалавека залежыць, ці скарыстае ён гэтае сваё права. «Апошняй міласцю», «адзінай раскошай» назваў гэтае права быкаўскі Сотнікаў. Адным з недаравальных злачынстваў сталіншчыны В. Быкаў назваў ліквідацыю традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правіл. У артыкуле «Назад ці наперад» (1989) В. Быкаў пісаў: «Страціўшы духоўную аснову, грамадства згубіла і нармальны здаровы сэнс, нічога не набыўшы замест: марксізм аказаўся няздольным запоўніць глыбокі духоўны вакуум, які ўтварыўся ў грамадстве. Грамадства ж без маралі наўрад ці здольна дасягнуць шмат у галіне дэмакратычнага права…» Іншага выйсця, як вярнуць страчанае, адшукаць згубленае і стаць на трывалую аснову духоўнасці, у грамадства няма. «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу» — такая выснова гутарак А. Адамовіча з В. Быкавым, і пад такой назвай яны апублікаваны ў № 5,6 часопіса «Полымя» за 2001 г. Выснова роздумаў двух пісьменнікаў, сцяганосцаў Айчыны, засведчана і ў назве публікацыі, падрыхтаванай Верай Адамовіч.У. Жылка.Дзе йдзем і дзе капцы канцовыя,Дзе ходу нашага мяжа?
Летапісцы сучаснасці пры ўсёй іх рознасці, індывідуальнасці сыходзяцца ў адным — у разуменні таго, што бездухоўнасць у грамадстве дасягнула сваёй крытычнай масы і пагражае выбухам — духоўным Чарнобылем. У паэме «Чорная быль» С. Законнікаў спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, папярэджвае пра наступствы духоўнага Чарнобыля:Імкненне адгарадзіцца — ці то ад дурасці, ці то ад жорсткасці, — заўсёды бессэнсоўнае… Даводзіцца або супрацоўнічаць, або змагацца… Судзіць падзею звонку немагчыма і амаральна.А. Камю.
О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Якуб Колас.У кнізе «Зямля пад белымі крыламі» незабыўны наш Караткевіч засведчыў легенду пра тое, як Бог дзяліў між народам! землі. I даў Бог беларусам, якія Яму вельмі спадабаліся, пушчы нямераныя, рэкі — поўныя, азёры — нялічаныя. Звяры і дзічына ў пушчах чародамі; лані бягуць — лес варушыцца. Рыбы ў рэках — касякамі; чаўны з вады выціскае. Пчолы ў борцях — мільёнамі. Сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Сказаў Бог, што і голаду на гэтай зямлі ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да нас прыходзіць. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці яшчэ нешта. Яшчэ сказаў Бог, што і людзі на гэтай зямлі будуць таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя, на дойлідства — таксама; жанчыны будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, кемлівыя… Месца дзеяння аднаго з твораў рускага пісьменніка XIX ст. А. Пагоскага, які быўродам з Полацка. — Беларусь. А. Пагоскі пакінуў нам сваё ўсведамленне багацця, якім валодае кожны, хто жыве на гэтай чароўнай зямлі: «I такой прыгажосцю надзяліў Гасподзь старонку нашу, што, куды ні глянь, аж душы светла: лясы цяністыя, воды светлыя, пагоркі быццам золатам абсыпаныя; лугі, як паркаль дарагі, разнастайнымі кветкамі стракацяць, і амаль што з кожнага вясёлага пралеска віднеецца, быццам кавалак люстэрка, край сіняга гладкага возера. А паветра чыстае, нябёсы бязвоблачныя, а з кожным ветрыкам нясецца да цябе які-небудзь прыкметны пах: то смолка чутна з хвою густога, то дзятліна салодкая ад зялёных лясоў, то ядлоўцам ды чаромхай дыхне!..» У кожнага чалавека ёсць свой «куточак запаветны», самы дарагі і любы сэрцу. З дзяцінства чалавек, сам таго не ўсведамляючы, чэрпае з гэтай прошчы сілы і ўсё тое, што пасля пераплавіцца ў дыямент і вызначыць яго сутнасць і яго светаўспрыманне. Нельга не пагадзіцца з В. Быкавым, што шляхідарогі роднага краю ў многім уплываюць на шлях чалавечага жыцця, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё паэта, пра вытокі яго душэўнай і паэтычнай сутнасці. Для В. Быкава самым прыгожым з усіх беларускіх шляхоў з'яўляецца шлях з Мінска на Полацк. Натхнёна і паэтычна апісвае В. Быкаў гэты шлях ва ўсе поры года: «Люба ездзіць па ім улетку, калі лясы набіраюць сваю лісцёвую моц і стаяць паабапал, нібы трапічныя джунглі; люба ўвосень, у пару залатога лістападу азіраць яго страката-маляўнічую прыгажосць ці нават зімой, маразамі, калі бары абапал гасцінца апранаюць свой срабрысты ўзор і ўсё навокал замірае ва ўрачыстым маўчанні…Стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай мядзянай сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то пераскоквае рэчкі, то доўга ўецца між баравых цяснін…» А думкі Яна Баршчэўскага, акрыленыя ўспамінамі, імчаць яго да празрыстых вод Палаты, дзе грандыёзныя купалы горада; дзе хваласпевы і працяжны гул арганаў пад стракатым скляпеннем вялікага касцёла ўліваюць пабожнасць у сэрца; дзе пляц запаўняецца людам у час чуллівай працэсіі з абразом Святога Немаўляці… Там — чысціня душы, «маладой, бясхмарнай, — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!.. I рэчкі там з малака і мёду… Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крыл ах!..» У кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» мноства лірычных і філасофскіх замалёвак, большасць з якіх прысвячаюцца роднаму краю. Лірызм, узрушанасць і эмацыянальнасць дасягаюцца ў тэксце аднатыпнымі і клічнымі сказамі, развітымі аднароднымі дапаўненнямі, паўторамі. Усё гэта ў спалучэнні з інверсіяй робіць мову рытмізаванай і спрыяе выяўленню элегічнага настрою, стану душы, у якой спявае сум, светлы смутак па дарагім і незваротным. Ужо ў самых першых радках несмяротнай паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» гучыць думка, што Радзіма, родны кут для кожнага чалавека — прошча, крыніца з гаючай вадой, з якой можна чэрпаць успаміны і сілы для пераадолення нягод і выпрабаванняў. Лекі і спачын душы на камяністай жыццёвай дарозе чалавек знаходзіць, вярнуўшыся да сваіх вытокаў — у роднае гняздо. Клопат пра будучыню і свой працяг у кожнага чалавека звязаны з роднай зямлёй. Мудрым быў наш прашчур Ранцэвіч, калі адмовіўся ад скрынкі золата, якім яго хацеў узнагародзіць князь Яраслаў за сваё выратаванне ад тура на ловах. Мудры загоншчык сказаў князю, што залатое багацце не вечнае, калі-небудзь прыйдзе канец яму, і папрасіў бяздоннага багацця — «зямлі на дзесятае пакаленне», як пра тое засведчана ў паданні «Бяздоннае багацце». Любоў да Радзімы — святое пачуццё. Як даводзіў Францыск Скарына, «люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Аднак «великая ласка», любоў да Радзімы — гэта не сузіранне і захапленне яе прыгажосцю і багаццем. Любоў да Радзімы — паняцце абстрактнае, але выявы яе канкрэтныя — справы. Няма іншага шляху служэння Айчыне ў мірны час, як сумленна працаваць, служыць людзям і памнажаць багацце Радзімы. А ў часы, калі, як піша А. Куляшоў, «гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», — падзяліць з ёю благі лес. Такім сцвярджальным пафасам прасякнуты ўсе без выключэння творы беларускай літаратуры, якія нават і пералічыць было б немагчыма. В. Быкаў у артыкуле «Паэзія дабрыні і мужнасці» пісаў, што з усіх патрыятычных твораў П. Панчанкі яго асабіста «да ўтрапёнай нематы ўражвае невялічкі верш „Герой“ з яго шырокавядомымі, такімі бязлітаснымі ў сваёй крывавай праўдзівасці радкамі»:
Усяму свой час… З Бібліі.Гаманілі пра самае запаветнае: пра тое, якімі хто жадае бачыць сваіх дзяцей у будучым. Адзін чалавек сказаў, што хоча, каб яны былі багатымі, другі — здаровымі, трэці — дужымі і вольнымі. А чацвёрты так выказаў сваю бацькоўскую мару: «Каб маім дзецям той розум спераду, што ў мужыка ззаду. I тады яны былі б і здаровымі, і багатымі, і дужымі…» «Розум спераду» — здольнасць усвядоміць важнасць ці марнасць справы ў свой час і адпаведна да гэтага паставіцца, спрычыніцца, а не тады, калі вярнуць час і змяніць нешта ўжо немагчыма. Такая здольнасць і ёсць найвялікшая мудрасць, ад якой і залежыць шчасце чалавека. «Усяму свой час, — сцвярджаецца ў Бібліі. — Час нараджацца і час паміраць, час плакаць і час весяліцца, час раскідаць камяні і час збіраць камяні…». Добра, калі ўсё прыходзіць у сваім часе. Нават самае жаданае, самае галоўнае і добрае, калі яно прыйдзе не ў сваім часе, можа абярнуцца злом і бядой, скончыцца трагічна. «У багатага селяніна Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка…» — так пачынаецца апавяданне Я. Брыля «Марыля» — гісторыя адной загубленай душы. I яблыня, што зацвіла без пары, таксама абавязкова загіне. I грымотныя навальніцы ў маі, чэрвені — ачышчальныя і гаючыя, а ў лютым — знак бяды. Пра стваральную сілу пары і разбуральную сілу таго, што прыйшло не ў сваім часе, выдатна сказаў А. Вярцінскі: «Есці з голаду, жаніцца змоладу — іначай вы ні к сялу ні к гораду». Афарыстычна, вобразна, вычарпальна пра час, яго выявы, адметнасці сказау Кандрат Крапіва ў апавяданні «Мой сусед»: «Ёсць час наш і час даўнейшы, час залаты і час пракляты. Час даўнейшы і час кароткі. Адзін у свой час быў вялікім чалавекам, у нашы часы нічога не варт. Другі стаў бы вялікім чалавекам, але ён не мае часу, каб заняцца сваёю вялікаю справаю…» Час залаты — час раўнавагі, гармоніі, згоды і ў прыродзе, і ў народзе. Гэта час панавання дабра, людскасці. Час у многім залежыць ад асобы, якая здольна разумна ім распарадзіцца, скарыстаць яго. Веліч гістарычнай асобы і вызначаецца яе здольнасцю ўплываць на час, як тое сцвярджае М. Гусоўскі ў «Песні пра зубра»:
Найбольшае зло ў нашым жыцці — спрадвечнае наша бяспамяцтва. В. Быкаў.Ёсць старая, як свет, ісціна: мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння. I хто гэтага не ўсведамляе, асуджаны на нябыт. Пароль неўміручасці, гарантыя і падмурак будучага — памяць пра мінулае, веданне яго. Галоўны герой рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» Сымон Карызна так усведамляе свой крах і трагедыю: «Няма мінулага ў мяне… разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае — мінулае… Звычайна кажуць іначай, а ў мяне, наадварот, акурат так… Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню… Няма падставы, як кажуць, будучыні…» «Знішчыць нашы ўсе сляды, каб не ведалі і ўнукі, хто такія іх дзяды» — такі «вір ашукі» ўсіх заваёўнікаў, што ішлі «мілы край наш зваяваць» (Якуб Колас). Любая таталітарная сістэма таксама ставіць на мэце «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек». I вынішчэнне душы найперш пачынае з вынішчэння памяці народа, з разрыву самых моцных повязяў паміж вякамі і пакаленнямі. «Хто згубіў памяць — згубіў усё», — папярэджвае нас У. Караткевіч. Даследчыкі сівой мінуўшчыны бачаць сваё прызначэнне, паводле слоў Караткевіча, у тым, каб нанава ствараць свой народ, у якога некалі, адбіраючы яго край, разбураючы яго гнёзды, адабралі і памяць. Памяць пра мінулае ёсць памяць пра будучыню. «На гістарычных сюжэтах я стварыў сваю матрыцу будучага… Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам» — так пра сваё пісьменніцкае крэда сказаў сам У. Караткевіч. Ён «размаўляе» з намі пра многае. Яго кнігі — гэта кнігі не толькі і не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, колькі кнігі пра годнасць і гонар, «о подвигах, о доблести, о славе», пра тое, што трэба жыць не прыніжаючы і не прыніжаючыся. Мінулае ў кнігах У. Караткевіча вучыць нас, што гонар і годнасць чалавека ў тым, «каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў…». Разам з Алесем Загорскім, героем рамана «Каласы пад сярпом тваім», і мы ўсведамляем, што ёсць самае страшнае, «страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце». Гэта — няволя, прыгон, бо яго выявай з'яўляецца рабская псіхалогія, а не толькі галеча і фізічнае вынішчэнне народа. Духоўнае вынішчэнне намнога страшнейшае. Не ўсведамляць гэта — знішчыць будучыню, бо «ў рукі галодных беднякоў будуць аддадзены ворагі ўсіх краін, бо прыніжаны будуць самыя магутныя». I адданне тое і прыніжэнне заўсёды адбываецца з «сякерай пры дрэве». Рабская псіхалогія не толькі гне да зямлі перад моцным («Толькі б не пападалі на калені!» — думае Мусатаў, спатольваючы сваю прагу здзекавацца і прыніжаць гэтае «быдла»), Яна не толькі штурхае «заўсёды рахманага, паважнамаўклівага» на тое, «чаго ніхто не чакаў» ад яго. Яна вынішчае душу канчаткова, яна асляпляе нянавісцю настолькі, што раб гатовы знішчыць нават свайго збавіцеля. I са збавіцеля найперш пачаць вынішчэнне і помету. Захапляючыся смеласцю, адвагай Алеся Загорскага, прызнаючы яго высакароднасць і тое, што «цвэнькае» па-мужыцку, Корчак усё роўна некалькі разоў, як заклінанне, паўтарае: «Хай бы цябе забілі, князь». I ніякі довад, напамін пра тое, што менавіта Алесю Корчак абавязаны сваім выратаваннем ад злюцелага Кроера, на Корчака не падзейнічаў бы. Кандрат Когут слушна даводзіць, што напамін такі нават пашкодзіў бы, бо Корчак ганарысты: «Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. I раптам — на табе, панская ласка». Грыня Паківач перасцерагае Корчака: «Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць». Марная перасцярога: хто згубіў сваю памяць — згубіў усё. Мінулае ў рамане не толькі вучыць, а папярэджвае пра вялікую небяспеку ўсталявання ўлады злюцелых рабоў. Грыня Паківач даводзіць, што Корчак, калі б стаўся панам, быў бы не лепшы за Кроера: «Няма горш, як з хама пан…» «Шэрым князем» назваў Корчака і Кандрат: «Каб табе ягоную (Алесеву) сілу — мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі». Бяспамяцтва, чорная няўдзячнасць і злюцеласць Корчакахама ўражвае, асабліва ў эпізодзе яго расправы з Раўбічам, з якога вырашыў пачаць «народную помету», каб падвысіць свой аўтарытэт «мсціўца». Стоячы звязаным перад Корчакам, церпячы ад яго жудасныя здзекі і ў думках падрыхтаваўшыся да немінучай смерці, Яраш Раўбіч душыўся ад бяссільнай лютасці: «Так па-дурному трапіць!.. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання…» Яшчэ адна прычына дзікунскага намеру Корчака менавіта з такіх, як Яраш Раўбіч, пачаць «народную помету» — тое, што ў Раўбіча была зброя, шмат зброі. Бо рыхтаваўся дваранскі закалат супраць царызму, прыгону. Хваляванне аўтара перадаецца і нам: ці змогуць зліцца дзве асобныя плыні, народ і шляхта, у магутным рэчышчы, каб знесці ненавісны царызм і прыгон? На гэтае пытанне адказала сама гісторыя: гэтыя плыні так і не змаглі аб'яднацца. Прыгоннае сялянства ў 1863 г. нярэдка выступала супраць паўстанцаў-шляхціцаў, не разумеючы іх мэт, не даруючы свае спрадвечныя крыўды. Гэта дазволіла Мураўёву-вешальніку хітра скарыстаць мужыкоў, абвясціўшы самую свядомую шляхту іх найпершым ворагам, пераканаць сялян, быццам шляхта была супраць адмены прыгону. Мінулае вучыць нас, што рабства і давядзенне людзей да стану рабоў небяспечнае выключна для ўсіх, бо гэта глеба, на якой можа вырасці толькі кепскае дрэва. I «не можа дрэва кепскае радзіць плады двбрыя. Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага, ссякаюць і кідаюць у агонь. I ўжо сякера пры дрэве ляжыць…». Невыпадкова гэтыя евангельскія словы сталі эпіграфам да другой кнігі рамана «Каласы пад сярпом тваім». Мінулае, засведчанае ў летапісах і нагаданае нам у кнігах М. Ермаловіча, вучыць нас, што «Полацк ідзе на Менск і церпіць паражэнне», а «Менск ідзе на Полацк і церпіць паражэнне». Паходы брата на брата заўсёды канчаюцца паражэннямі, пераможцаў у братазабойных войнах не бывае ніколі. «Герой грамадзянскай вайны…», як напісана на мемарыяльнай дошцы ў гонар таго, чыім іменем названа адна з мінскіх вуліц (ці толькі адна!), — нонсенс, дзікунства, нават вар'яцтва. I галоўная прычына таго вар'яцтва — «спрадвечнае наша бяспамяцтва». Забыліся на законы вечныя, нават ставім помнікі ўласнаму бяспамяцтву. Колькі іх на нашай шматпакутнай зямлі тым, хто прыходзіў, каб зваяваць яе, а ў народа адабраць памяць! Мінулае вучыць нас, што меч князя Вячкі. як і меч сапраўднага мужа, сына гэтай зямлі, павінен належаць толькі «ваяводзе справядлівай вайны, а гонар і чэсць кожнага — толькі яму самому. I больш нікому. I абараніць свой гонар кожны чалавек павінен сам, бо гэтага за яго ніхто не зробіць». Чалавек, як пісаў У. Караткевіч, «без гонару і годнасцінуль. Той, хто абражае і прыніжае годнасць другога, — таксама нуль, бо ён знішчае іншыя нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль — хай ён будзе з яблык, кола ці нават з цэлую планету — усё ж нуль». I ёсць толькі адзіны спосаб не стаць нулём — не прыніжацца і не прыніжаць!
Чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы. Ян Баршчэўскі.У адзін дзень памерлі два чалавекі — багацей і бядняк-пакутнік Лазар. Першы пасля смерці быў кінуты ў пекла, а праведнік Лазар узнесены ва ўлонне Аўраамава — у рай. Багацей узмаліўся, каб Аўраам паслаў Лазара змачыць яго сасмяглыя вусны, але Аўраам адказаў, што паміж багацеем і Лазарам ужо велізарная прорва, якую нікому не дадзена пераступіць. — Дык прашу цябе, ойча, пашлі тады Лазара ў дом майго бацькі, бо ў мяне там пяць братоў, якія таксама пагрузлі ў грахах і блудзе. Хай засведчыць ім, каб не прыйшлі і яны ў гэтае месца пакуты. Калі хто з мёртвых прыйдзе да іх — паслухаюць і пакаюцца. — У іх ёсць Маісей і прарокі — хай слухаюць іх, бо калі не слухаюць і іх, то і ўваскрэслага не паслухаюць. Так, сапраўды, кожнаму народу даюцца прарокі, надзеленыя лепшымі, чым ва ўсіх, памяццю пра мінулае, разуменнем існага і бачаннем будучага. Ды толькі бяда ў тым, што, як са скрухай гаворыць лірычны герой верша З. Марозава,
Жыць трэба, сябры мае, помнячы… А. Вярцінскі.Шчаслівы той народ, у мінулым якога не было трагічных момантаў, што вымагалі б ад яго масавага гераізму. Нават калі народ і вытрымлівае гэтае выпрабаванне, то ўсё роўна нясе вялікія страты. Гэтыя страты — знак бяды і для будучых пакаленняў, бо войны, стыхіі, эпідэміі вынішчаюць генафонд нацыі. Трагічны лес нашага народа, бо ў апошняй, самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайне ніякі народ не напакутаваўся больш за беларусаў. Не кожны чацвёрты, як доўгі час даводзілася прапагандай таталітарнай сістэмы, а кожны трэці беларус загінуў у страшным полымі вайны. Гэтым і вытлумачвае выдатны пісьменнік сучаснасці В. Астаф'еў тое, што «беларусы стварылі самую таленавітую і хвалюючую літаратуру пра вайну». Беларусамі створана не толькі мастацкая, але і дакументальная літаратура пра вайну, бо з'явілася неабходнасць, каб пра ўсенародную трагедыю на «свет цэлы» сказаў сам народ, бо ніхто лепш не здолее расказачь пра яго пакуты, чым ён сам. Дакументальныя кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…», А. Адамовіча «Карнікі», С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі» сапраўды пацвярджаюць выказванне К. Сіманава, што ўсю праўду пра вайну «ведае толькі народ». У гэтых кнігах сабраны маналогі і пакутнікаў, якія цудам уратаваліся ў тым пякельным полымі вайны і сталі апошнімі яе сведкамі, і барацьбітоў са смерцю дзеля жыцця, і нават тых, як паказана ў кнізе «Карнікі», хто пераступіў праз запавет «не забі!». Беларуская літаратура пра вайну не толькі засведчыла трагедыю народа і ўславіла яго подзвіг у выратаванні чалавецтва ад фашызму, але і даследавала прычыны сусветнай трагедыі. Тым самым яна папярэджвае ўсіх нас пра наступствы таталітарнай сістэмы, пра тое, што лёс беларускіх Хатыняў мае ўсечалавечае значэнне, што мінулае можа паўтарыцца, толькі ў горшым варыянце. Вялікая заслуга ў мастацкім і філасофскім даследаванні прыроды таталітарных рэжымаў і вайны як нацыянальнай трагедыі беларускага народа належыць А. Адамовічу і В. Быкаву. «Апошняя пастараль» А. Адамовіча — твор папярэджанне пра апакаліпсіс, які чакае ўсё чалавецтва, калі яно не пераасэнсуе свае адносіны да жыцця. Безыменныя героі твора Ён і Яна перажываюць шчасце кахання і гармоніі, але ў іх жыццё ўрываецца катастрофа, і свет гіне ў апошніх канвульсіях нянавісці і варожасці. Камандзір савецкай падлодкі, якая ўжо выпусціла ядзерны зарад у адказ на атамную атаку ворага, з жахам зразумеў згубнасць ваеннага супрацьстаяння ў сучасным свеце. Але ўжо позна… Не фантастычны, а рэалістычны сюжэт у адным з найноўшых твораў пра вайну — аповесці В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік». Галоўныя яе героі — таксама ён і яна: камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне, і яго зямлячка Франя. I гэтыя двое сярод пекла вайны зведалі шчасце кахання і гармоніі. Аднак шчасце было кароткім: забойства Франі і яе нямоглых гаспадароў — прафесара біялогіі Шарфа і яго жонкі фрау Сабіны, якіх Франя паспела палюбіць як родных, — абарвала надзеі на шчасце ў душы Змітрака. Усё можна змяніць і паправіць, нельга толькі вярнуць загубленае жыццё. Змітрок праклінае забойцаў: «Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Балшавікі ці фашысты!» Небяспечнасць і фашызму, і бальшавізму, ва ўсведамленні В. Быкава, у тым, што яны непазбежна вядуць да вайны, вынішчаючы ўсё людскае ў чалавеку, сеючы помслівасць і жорсткасць, пакідаючы на сваім полі нявінныя ахвяры. Вялікага ўздзеяння на душы людскія дасягаюць пісьменнікі, якія карыстаюцца ў адлюстраванні вайны класічным прыёмам: паказваюць трагедыю і пакуты народа праз трагедыю і пакуты дзяцей. Дзеці вайны — апошнія яе сведкі. Да такога пакалення пісьменнікаў у нашай літаратуры належыць Віктар Казько. Яго «Хроніка дзетдомаўскага сада» — гэта хроніка і ўласнага жыцця. Большасць яго глыбока псіхалагічных твораў маюць аўтабіяграфічную аснову: «Аповесць аб беспрытульным каханні», «Суд у Слабадзе», «Высакосны год». Філасофска-публіцыстычнае асэнсаванне жыццёвага матэрыялу вызначае аповесць «Суд у Слабадзе». Незвычайны трагізм і сіла ўздзеяння дасягаюцца не толькі тым, што ў творы апісваюцца зверствы фашыстаў у дачыненні да дзяцей (галоўны герой падлетак Коля Лецечка ў гады вайны знаходзіўся сярод дзяцей, у якіх немцы бралі кроў для раненых), а ў тым, што таленавіты Лецечка (яго адоранасць вельмі пераканаўча паказана ў творы) асуджаны на пакутніцкую павольную смерць. «Колькі талентаў звялося» ў гады вайны, а колькі, «раны не залячыўшы, рана паміралі»! I ці не ў гэтым адна з прычын нашых сённяшніх праблем, нашай бездухоўнасці? Адной з выяў бездухоўнасці з'яўляецца бяспамяцтва, якое В. Быкаў лічыць найбольшым злом у нашым жыцці. У імя памяці, пакуль не позна, трэба засведчыць трагедыю вайны, каб зноў не стаць яе ахвярамі. I. Шамякін у многіх сваіх творах перамяжоўвае сучаснае і мінулае. I не толькі дзеля таго, каб даследаваць вытокі ўчынкаў сваіх герояў, але і каб выпрабаваць іх памяццю, адносінамі да мінулага. Пакуты памяці — страшней за любыя іншыя. Як страшны жар хваробы, палала памяць Івана Батрака, галоўнага героя рамана «Вазьму твой боль». Іван зразумеў, што ад памяці сваёй нікуды не дзецца. Прыезд былога паліцая Шышкі выклікаў такі ўспамін і такі боль, перадаць які блізкім людзям было страшна. Дачка Батрака не вытрымлівае выпрабавання памяццю. Для яе галоўнае — уладкаваць сваё жыццё. Яна не толькі не ведае мінулага сваіх бацькоў, але і не хоча ведаць. Памяць бацькоў для яе непатрэбнае дзівацтва, якое толькі ўскладняе жыццё, своеасаблівы эгаізм, нават жорсткасць. Вострасюжэтная палемічная аповесць В. Быкава «Абеліск» пабудавана на спрэчцы паміж Ткачуком і Ксяндзовым пра тое, што ёсць подзвіг, што ёсць гераізм. Пісьменнік выпрабоўвае гэтых герояў памяццю і стаўленнем да мінулага, што і выяўляе высакароднасць аднаго і цынізм, бездухоўнасць другога. Малады загадчык райана Ксяндзоў не бачыць ва ўчынку настаўніка Мароза нічога гераічнага. Былы ж загадчык райана Ткачук лічыць справай свайго жыцця дамагчыся, каб імя Мароза было на абеліску разам з імёнамі яго вучняў, з якімі і за якіх ён загінуў. Вастрыня сюжэта ўзмацняецца тым, што герой аповесці Алесь Іванавіч Мароз свядома, наперакор угаворам не рабіць гэтага, ідзе на верную смерць, добра разумеючы, што не выратуе сваіх вучняў і загіне сам. Гэта і дае падставу некаторым, таму ж Ксяндзову, лічыць учынак Мароза не подзвігам, як таго дамагаецца Ткачук, а недарэчнасцю, глупствам, бо ніякага канкрэтнага выяўлення карысці, сэнсу ад той смерці не было. Аповесцю «Абеліск» пісьменнік сцвярджае сілу духоўнага, хоць духоўнае нельга ні падлічыць, ні ўзважыць, ні вымераць. Фашысты выдатна разумелі сілу ўздзеяння Мароза на душы людзей, калі аб'явілі: з'явіцца настаўнік — вучняў адпусцім. Ім намнога выгодней было б, каб ён не з'явіўся, на што яны і разлічвалі, прапанаваўшы такі «выбар». «Я перад вамі з памяццю сваёй» — так словамі лірычнага героя верша А. Вярцінскага можна выявіць сутнасць і прызначэнне таленавітых твораў пра вайну. Яны — абеліск загінуўшым, напамін жывым і памяць пра нашу нацыянальную трагедыю. Трагізм вайны ў тым, што яна забірае самых лепшых, самых таленавітых, самых любімых і дарагіх, а значыць, і вынішчае генафонд нацыі, разрывае повязь паміж вякамі і пакаленнямі, тым самым вынішчае векавую народную мараль, духоўнасць. Менавіта ў вынішчэнні векавой народнай маралі бачыць В. Быкаў адно з недаравальных злачынстваў і фашызму, і бальшавізму, пра што не раз даводзіў сам пісьменнік не толькі сілай мастацкага слова, але і «пяром аналітыка», сілай публіцыстычнага слова. Нізка схіляючыся перад абеліскамі, ля якіх гарыць агонь, мы павінны помніць, што ён можа згаснуць навекі, калі згасне памяць нашых сэрцаў. А выявы яе — нашы канкрэтныя справы і найперш — мір і згода паміж намі. Лірычны герой верша А. Вярцінскага нагадвае ўсім нам «звычай, даўні і святы, што паўшыя на полі ратным і разам пахаваныя — браты». Стоячы «перад пагоркам горкім», ён нібы стаіць «перад пытаннем горкім: а ці па-брацку мы ў жыцці жывём?» Горкае гэта пытанне, бо калатня і варожасць запанавалі не толькі ў свеце, але і ў многіх дамах. А ва ўласным доме мір і згода залежаць толькі ад нас саміх.
Ты, нявольнік, вольны выбраць путы… Р. Барадулін…Па жыццёвай дарозе ішлі два чалавекі, несучы кожны свой крыж. Знясільваючай была тая дарога. Першы цярпліва трываў, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку даўжэйшага крыжовага канца — і ісці адразу стала лягчэй. I падышлі яны да прорвы. I першы паклаў цераз яе свой крыж і прайшоў па ім, як па кладцы. Тое ж самае зрабіў і другі, ступіў на свой крыж і… Не хапіла якраз таго, адпілаванага раней кавалка… З усіх вечных праблем, што асабліва хвалююць чалавецтва і кожнага з нас, праблема залежнасці ад лесу, бадай, самая вострапалемічная. Адны сцвярджаюць поўную залежнасць чалавека і нават народа ад лесу, другія — поўнае валадарства над лесам. Адны даводзяць, што «наш лес бы кат з рукой забойнай», другія — што чалавек сам каваль свайго шчасця, а значыць, і кіроўца свайго лесу. Быкаўскі герой Хведар Роўба, пакутліва шукаючы адказу на самае галоўнае пытанне «за што?», прыходзіць і да такой высновы: «Такі яго лес! Пракляты лес, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам». Што ж, сапраўды, час не выбіраюць: у ім жывуць і паміраюць. Час і месца нараджэння ў многім вызначаюць і лес чалавека, і лес народа. А вось прыклад зусім парадаксальнага стаўлення да галоўнай праблемы жыцця. Мележаўская гераіня — настаўніца Параска, знаёмячы Башлыкова з Ганнай, сказала, што ў Ганны «розуму на пяцярых, толькі доля няскладная». Ганна запярэчыла тут жа, пры Башлыкову: «Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!» Мудрыя лаціняне вучаць: дзе парадокс — там ісціна. У чым жа яна, гэтая ісціна, так вобразна сфармуляваная куранёўскай прыгажуняй і пакутніцай? У рускай мове для выяўлення гэтага паняцця ёсць слова з відавочным сэнсам — судьба: суд Бога. Суд — за што? Чалавек нараджаецца свабодным: рабі, што хочаш, але за ўсё плаці. Лес, доля — плата за зроблены выбар. А ўжо выбар чалавека, як заўважае Мележ словамі сваёй гераіні, сапраўды вызначаецца розумам і залежыць ад розуму! Рыгор Барадулін у вершы «Лес да кожнага прыходзіць босы» піша пра залежнасць чалавека ад лесу: «Лес да кожнага прыходзіць босы, як Хрыстос…», «боссю — каб нячутна! — ходзіць лес». Ад яго капрызаў і ўдараў не застрахаваны ніхто. Напачатку кожнаму даецца аднолькавае і адно: жыццё. У гэтым жа вершы паэт-філосаф сцвярджае і поўную свабоду выбару чалавека: «Ты, нявольнік, вольны выбраць путы, пасталы змяніць на кірзачы». Так, сапраўды, выбар «путаў» залежыць толькі ад чалавека. Выбар вызначае сутнасць чалавека, яго мудрасць ці неабачлівасць, невідушчасць, духоўнасць ці бездухоўнасць. Зроблены чалавекам выбар — цана яму, яго мудрасці і жыццястойкасці. Цана выбару вызначаецца толькі жыццём і самым нестароннім суддзёй — часам. Тры гады жыцця мележаўскай Ганны з жорсткім і абмежаваным чалавекам (не ў тым справа, што з нялюбым: многія людзі, сышоўшыся без любові, здольныя дажыць да яе) паказалі, што крок быў няправільны, выбар памылковы. Спадзеў, што «сцерпіцца — злюбіцца», не спраўдзіўся. Надзея на тое, што Яўхім выканае адзіную яе ўмову «кеб падобраму было» і зменіцца (мяняюцца да лепшага толькі людзі, нелюдзі даходзяць да стану азвярэласці), — не збылася. Мара стаць Яўхіму вернай жонкай і добрай маці сваім дзецям не здзейснілася. Таму так самакрытычна, нават бязлітасна ставіцца яна да сябе, падсумоўваючы перажытае за тры гады: ніякіх здабыткаў, толькі страты душы. Найбольшая — у выніку непапраўнага: смерці дачкі. Выпрабаванне чалавека лесам, доляй не заканчваецца на ўсведамленні ім няправільна зробленага выбару і таго, што не так жыў, не тым даражыў, не над тым дрыжаў, што варта чалавека, а страціў сапраўды «святое штосьці». Нават і такое ўсведамленне — яшчэ не канец. Калі ў чалавека засталося галоўнае — жыццё — значыць, засталася магчымасць скарыстаць свой вопыт і змяніць калі не ўсё, то нешта ў сваім жыцці да лепшага. Таленавітыя творы нашай нацыянальнай літаратуры пераканальна даводзяць нам, што ў сітуацыі ўсведамлення няправільна зробленага выбару, калі разбурана, здавалася б, усё, нават гняздо, нават мара, — чалавек павінен скарыстаць любую магчымасць, каб выжыць, і несці свой крыж да канца. Жыццё — самая першая ўмова змены да лепшага і выпраўлення ўласных памылак. Устань і ідзі! Найвялікшай мужнасцю і мудрасцю чалавека будзе выснова: жыць! проста жыць! Канцэптуальным у драме Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» з'яўляецца вобраз Старца. Ён — увасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, народнага аптымізму: «Ніколі не трэба здавацца. Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага яго пачуццё чалавечае! Ганьба таму!» Вобраз Старца — парадаксальны і філасофскі. Здавалася б, ненатуральна, нават нелагічна надзяліць жабрака такім светаўспрыманнем, а нам, чытачам і гледачам, пачуць такія словы ад таго, хто апынуўся за мяжой дапушчальнага. Нагадаем, што гісторыя трагедыі Старца тоесная Лявонавай, але яна аптымістычная. Старац не пазбавіў сябе магчымасці калі-небудзь дайсці да Вялікага сходу. Калі на Сходзе павінен быць кожны, калі ён не адбудзецца без кожнага, то ўсе, хто пайшоў рознымі шляхамі, усё роўна прыйдуць на Сход, дойдуць да Беларусі. Толькі абавязкова трэба ісці. Вобразам Старца паэт-філосаф узбагачае нас мудрасцю, што ўсё змяняецца; што цемра ночы абавязкова развеецца; што сілы ва ўсіх, хто чакае раніцы, розныя: адны і ноччу ў дарозе, другім трэба прысесці адпачыць, каб набрацца новых сіл. Але абавязкова ісці, абавязкова жыць! Каб аднавіць разбуранае гняздо, першая ўмова — жыць! У самы крытычны момант жыцця Алеся Загорскага (герой рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім») выратавальнай для яго была мудрасць дзеда, з якой той даводзіў, што, пакуль не прыйшла смерць, усё можа змяніцца воляй чалавека ці капрызам лёсу. Стан чалавека, якому баліць, у якога зараз нешта не атрымалася, які ўсвядоміў памылковасць зробленага выбару, Вежа параўнаў са шляхам па гурбах. Але ж наперадзе — агонь: «Радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далека. З часам дойдзеш… I я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі…Ідзі! Мужныя — не гінуць…» Так і мележаўская гераіня палоніць нас не толькі сілай свайго кахання, але найперш сваёй жыццястойкасцю. Пасля няправільна зробленага выбару яна ўстае, ідзе і зноў робіць выбар. Ды такі выбар, які здзівіў усіх куранёўцаў. Яны ўсё ўспаміналі і ўспомніць не маглі, каб калі-небудзь жанчына кінула «свайго чалавека, ды яшчэ такога, як Яўхім». Для Ганны гэта быў адзіны спосаб абараніць сваю годнасць і гонар, не страціць сябе. Як тут не прыгадаць У. Караткевіча, які даводзіў, што абараніць свой гонар чалавек павінен толькі сам, бо ніхто за яго гэтага не зробіць. Лес літасцівы да тых, хто вытрымаў выпрабаванне, хто ўстаў і ідзе. Лес любіць і выбірае тых, хто любіць жыццё і працу ў імя яго, хто нават на знясільваючай дарозе жыцця не падкарочвае свой крыж. «Ідзі вышэй сіл сваіх — і станеш жыць доўга!» — вучыў свайго ўнука караткевічаўскі Вежа. Мудрасць нашых продкаў, засведчаная ў добрых кнігах, можа стаць і нам напамінам і арыенцірам у пэўныя хвіліны жыцця.
Усё павінна след пакінуць… П. Броўка.У трох чалавек, што насілі каменне, спыталіся, што яны робяць. Першы адказаў: «Нясу гэты пракляты камень». Другі сказаў: «Зарабляю на хлеб». Трэці: «Будую храм!» Права выбару — прывілея свабоднага і дужага чалавека, бо свабода выбару — гэта заўсёды яшчэ і адказнасць за зроблены выбар. Сапраўды, добра быць у дарозе, выбранай самім. Пры адной умове: калі выбар правільны. А калі, як вобразна сказаў Ядвігін Ш., «не тудой дарога», то тады трагедыя. Чым кіравацца, каб выбраць дарогу правільна? I ў межах гэтага абсягу дзейнічаюць даўно акрэсленыя вечныя законы, абысці якія не можа ніхто. Першы: не закапай свой талент, дадзены строгім гаспадаром, бо закапаць талент — збочыць з дараванай дарогі, здрадзіць ёй. А за здраду давядзецца плаціць. Другі: пры выбары дарогі кіруйся любоўю да бліжняга, як да самога сябе. Выключна ўсё ў жыцці Лабановіча, галоўнага героя трылогіі Коласа «На ростанях», вызначаецца адзінай мэтай, ад якой ён не адракаецца нават пад пагрозай небяспекі, — змяніць да лепшага жыццё тых, каго ён любіць, каго лічыць вартымі годнага і людскага жыцця. Менавіта гэтая мэта вызначае і выбар яго прафесіі — шлях, якім можна было паслугаваць народу і Бацькаўшчыне. Мастацкая каштоўнасць гэтага вобраза да ўсяго яшчэ і ў тым, што ён выпісаны ў эвалюцыі. Спачатку Лабановіч лічыў, што шлях народа да лепшай долі ляжыць праз асвету. Таму і стаў ён настаўнікам, цалкам прысвяціўшы сябе дзецям. Настаўніцкае крэда Лабановіча — «абуджаць крытычнырозумдзіцяці», вучыць так, каб вучні да ўсяго падыходзілі свядома, каб стараліся дазнацца прычын любой з'явы, — не страділа сваёй актуальнасці і сёння, бо гэта адзін з прынцыпаў сучаснай адукацыі. Няма іншага шляху служэння народу ў мірны час, як сумленная праца і прафесіяналізм у той справе, якую робіш. Лабановіч усім нам дае прыклад сумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў настаўніка. У працы выяўляюцца лепшыя яго якасці як чалавека і інтэлігента: розум, дасведчанасць, прага прафесійнага росту, любоў да дзяцей, павага і спагада, дабрыня і шчырасць. I вынік працы настаўніка відавочны: яго вучні лепш за вучняў з іншых школ вытрымалі экзамены. Здавалася б, так, як шчыраваў Лабановіч на духоўнай ніве, — норма. Але такімі, на жаль, былі не ўсе. Каб узвысіць свайго героя, Колас не раз карыстаецца прыёмам кантрасту, ствараючы Лабановічу фон з саханюкоў, панямонскіх «інтэлігентаў», якія ў сваёй працы бачылі толькі сродак існавання ці нават нажывы (Саханюк, напрыклад, за напісанне ліста браў з салдатак плату салам). Мы пастаянна бачым Лабановіча ў яго настаўніцкіх клопатах: вось далека за поўнач рыхгуецца ён да ўрокаў; вось ён едзе ў суседнюю вёску, каб павучыцца ў больш вопытнага калегі (і пераконваецца, што ў таго вучыцца няма чаму); вось стрыжэ вашывых дзетак; вось купляе беднай сіраціне кашульку; вось збірае на лекцыю і дарослых… Любоў да народа, Радзімы, яе прыроды, нагадвае нам гэтым вобразам Якуб Колас, павінна быць дзейснаю. Мы не знойдзем на старонках трылогіі слоў, якімі Лабановіч пераконвае сваіх вучняў любіць прыроду, але мы запомнім, як настаўнік з дзеткамі саджалі дрэўцы. Герой Коласа не статычны. Ён жыве, думае, разважае, дзейнічае, памыляецца, спатыкаецца, пакутуе, расчароўваецца і зноў устае — зноў дзейнічае! Горка ўсведамляць яму, што яго шчыраванне ніколькі не змяніла да лепшага жыццё дарагіх яму людзей. Яны як жылі ў брудзе і нястачах, так і жывуць. У родных сваіх Мікуцічах ён прапануе асушыць балота і зрабіць грэблю, але і гэты праект яго застаўся нерэалізаваным. Дзядзька Марцін доказна давёў яму, што праект сам па сабе варты ўвагі, але нерэальны, бо зямля вакол — панская, не сялян. I зноў настаўнік на раздарожжы, на ростанях, у роздуме, якім жа шляхам ісці да вызначанай мэты, ад якой ён, наперакор усім няўдачам і нягодам, не адступіўся, не адрокся. Небяспечны і рызыкоўны выбірае ён шлях — шлях рэвалюцыянера. Але і тры гады турэмнага зняволення не пераканалі яго ў няправільнасці абранага шляху, бо не вынішчылі ў ім самае галоўнае і святое пачуццё — любоў да людзей і Бацькаўшчыны, самае палкае жаданне — бачыць іх вольнымі і шчаслівымі. Моцная, незвычайная натура і адначасова зямная і рэальная. «Намацаць галінамі сонца», адрынуць злое, вучыцца ў добрага, смела і настойліва ісці па дарозе, свядома выбранай самім, можа толькі моцная Асоба. Такой Асобай і з'яўляецца сапраўдны інтэлігент Лабановіч. Ён дае нам урок, як, жывучы зямнымі клопатамі, застацца Чалавекам і нават «намацаць галінамі сонца», сілай сваёй душы павесці за сабой іншых. Адзін з лірычных герояў паэзіі Максіма Танка сцвярджае, што самае складанае для чалавека — «прайсці праз вернасць». Шамякінскі герой рамана «Сэрца на далоні» інтэлігент Яраш прайшоў праз вернасць выбранай дарозе і сваёй справе і дасягнуў у ёй такога прафесіяналізму, што змог нават трымаць на сваіх далонях сэрца чалавека. Гэты мастацкі вобраз, што даў назву раману I. Шамякіна, — метафарычны. У прамым сэнсе трымаць сэрцы на далонях здольны толькі прафесіяналы ўзроўню Яраша. Аднак сэрца бліжняга можа быць на далонях кожнага чалавека, чуйнага і чулага да болю і трывог іншых людзей. Трэба толькі зразумець гэты боль і паспець дапамагчы. Пакутуе Яраш, што не паспеў (хоць не яго ў тым віна) выратаваць двух хлопчыкаў, якія падарваліся на міне. Такія, як настаўнік Лабановіч, доктар Яраш, журналіст Шыковіч, мележаўскі старшыня валвыканкома Апейка, коласаўскія героі Міхал, Антось і Ганна, носячы каменне, зарабляючы на хлеб, будуюць храм Будучыні. Той жа, хто не сам выбраў сабе дарогу ці кіраваўся пры яе выбары толькі карыслівымі матывамі, ідучы па ёй, нясе «пракляты камень».
Галоўнае, што павінна кіраваць чалавекам пры выбары справы, — гэта ўсведамленне неабходнасці сваёй працы для людзей, для народа. I. Мележ.Пайсці ці вярнуцца? Сказаць ці змаўчаць? Пераступіць ці адступіцца?.. Кожны з нас штодзённа некалькі разоў бывае ў сітуацыі выбару. I ўсё ж два выбары ў жыцці кожнага чалавека лёсавызначальныя: выбар спадарожніка, з якім ісці па жыццёвай дарозе, і выбар справы, якой гэтая дарога забяспечваецца і вызначаецца. I цяжка сказаць, які з выбараў важнейшы. Відавочна толькі адно, што і першы, і другі патрабуе ад чалавека адказнасці і мудрасці. Гэтыя два галоўныя выбары і робяцца ў імя таго, каб рэалізаваць спрадвечнае імкненне чалавека аддаваць бліжняму свайму назапашаныя скарбы і сілу. Вечная ісціна: нельга даць другому таго, чым не валодаеш сам. Галоўны герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне» дзед Яхім даводзіць студэнту-медыку Архіпу Лінкевічу: «Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць». Тую ж самую мудрасць сцвярджае Максім Танк у вершы «Ты яшчэ толькі намёк на чалавека…». Так, сапраўды, «толькі намёк», ці «чвэрць», ці «паўчалавека», пакуль «ва ўсім спадзяешся на маці», «на дружбу», «на любоў».
Горы і моры можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Янка Купала.Да Бога прыйшлі дзве дзяўчыны і папрасілі ў Яго шчасця на ўсё жыццё. Здзівіўся Бог: так не бывае. Жыццё чалавека перапялёсае: у ім павінны быць і пакуты, і радасці. I прапанаваў выбар: шчасце або ў маладосці, або ў старасці. Першая сказала: «Навошта мне шчасце ў старасці? Я зараз яго хачу зведаць, пакуль маладая, пакуль усё цікава». Другая разважыла так: «Я маладая і дужая і здолею перанесці ўсе нягоды і выпрабаванні, затое ў старасці мне патрэбны будуць спакой і любоў бліжняга…» З таго часу і дзеляцца людзі на мудрых і нямудрых, на тых, хто жыве толькі сённяшнім днём, і на тых, хто думае пра дзень заўтрашні, хто пра старасць дбае ў маладосці. Як старасць заўсёды асацыіруецца з мудрасцю, вопытам, так маладосць — з адвагай, рызыкай і сілай, здольнай гэтую мудрасць рэалізаваць і забяспечыць будучыню. Да моладзі звярталася Цётка з наказам шанаваць роднае слова як адзін са «скарбаў вечных — скарбаў душы». «Беларускай моладзі» прысвяціў Якуб Колас адзін з дарагіх яго сэрцу твораў — паэму «Сымон-музыка». Той моладзі, якая, наперакор нягодам і перашкодам, цалкам адцасць сябе слугаванню Бацькаўшчыне, панясе людзям «агонь душы і сэрца жар». Усе надзеі і мары Янкі Купалы пра нацыянальнае адраджэнне звязаны са Здольнікамі-арлянятамі, якія змогуць «горы і моры» здолець, «сэрцам расплавіць ільдзіны», якія паляцяць да сонца, паплывуць па моры, будуць зямлю «трактарам варочаць», засеюць палеткі, «каб рунелі, зелянелі, аж яснелі гоні…». «Для вякоў дыктуйце новых нечувалыя ясноты» — такі Купалаў наказ арлянятам. Самай лепшай парой чалавечага жыцця, гадамі «чысціні і надзеі», гадамі «парыванняў і мрой» назваў Рыгор Барадулін маладосць. I гэта ні адзін філосаф не стане аспрэчваць. Магутны размах крылаў магчымы толькі ў маладосці. Большасць высакародных, духоўна прыцягальных герояў беларускай літаратуры — маладыя. Гэта купалаўскія Бандароўна, Якім Сарока, Паўлінка, Янка Здольнік, коласаўскія Лабановіч, Сымон-музыка, быкаўскія Сотнікаў, Фішар, Свіст, Зося Нарэйка, дудараўскія радавыя. Розныя ў іх лёсы, але ўсе яны ўвасабляюць лепшыя чаларечыя якасці. На шляху ўсіх гэтых герояў былі «каменні тыя, што губяць сілы маладыя». Асабліва трагічным быў лёс маладых, якія зведалі вайну. Было ў салдата два полі: поле, дзе кветкі ірваў, бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён паміраў, — так вобразна і лаканічна перадаў трагедыю той маладосці А. Вярцінскі. Трагічным быў лёс равеснікаў В. Быкава — юнакоў 1924 г. нараджэння. На долю гэтага пакалення, якое амаль усё згарэла ў пекле вайны, выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. I бацькі Быкава, як многія бацькі салдат, у ліхую гадзіну атрымалі пахавальную, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч, забіты 10.01.44 г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікія Севярынкі Кіраваградскай вобласці. На шчасце, гэта была памылка. Да яго, цяжка параненага, лёс, мноства разоў вытрымаўшы на трываласць, аказаўся літасцівы. Лёс усё ж літасцівы і да нашага народа, калі, правёўшы праз пякельны агонь вайны, збярог нам такіх прарокаў, як В. Быкаў, каб мы слухалі іх. Існуе легенда, быццам анёл смерці, які спускаецца з нябёсаў, каб разлучыць душу чалавека з целам, спрэс пакрыты… вачыма. Аказваецца, гэтыя вочы прызначаны не яму. Бо, здараецца, анёл, прыляцеўшы па чыюсьці душу, разумев, што паспяшаўся, што яшчэ не прыйшла пара чалавеку развітвацца з жыццём. I тады ён не чапае ягоную душу, а надзяляе яе ўладальніка яшчэ адной парай вачэй. Пасля гэтага чалавек пачынае бачыць не толькі тое, што і ўсе астатнія, але і тое, што даступна толькі іншаму сусвету, іншаму, вышэйшаму вымярэнню і існаванню. Для звычайных жа людзей ягоныя ўяўленні здаюцца выдумкай, фантазіяй, нават галюцынацыяй… Людзі маюць звычайны, абмежаваны зрок і на заклік відушчых прарокаў могуць адказаць пытаннем з верша Янкі Купалы «Прарок»:
Вось у трэці раз я гатовы ісці да вас, і не буду абцяжарваць вас і замінаць вам, бо я шукаю не вашага, а вас. Не дзеці павінны збіраць маёмасць для бацькоў, але бацькі для дзяцей… З Другога паслання святога апостала Паўла да Карынфянаў.З дзесяці законаў вечнасці, загадаў-запаведзяў Божых толькі адна, як на тое звяртае ўвагу апостал Павел у Пасланні да Ефесянаў, абяцаная Богам: «Шануй бацькоў сваіх» — гэта першая запаведзь з абяцаннем. Толькі за выкананне яе абяцаецца ўзнагарода: шануй бацькоў сваіх — і дзеці твае будуць шанаваць цябе. Калі б маладосць ведала, а старасць магла! Але, на жаль, старасць не можа ўжо нічога перайначыць у перажытым, а маладосць не ведае, што галоўным яе клопатам павінен быць клопат пра сваю… старасць. Старасць не можа быць шчаслівай, але яна можа і павінна быць годнай, спакойнай і дагледжанай. Такая старасць і клопат пра будучыню — дзяцей — даўно сталі галоўнай меркай гармоніі і дабрабыту ў цывілізаваным грамадстве. А калі ж «ходзяць беспрытульна па дарозе мільёны нашых страчаных дзяцей», калі яны сіроты пры жывых бацьках, а старасць жабрацкая і адрынутая, то будучыня такога грамадства і такой краіны вельмі незайздросная. «Каб мне дзеці былі у слуху, каб я бацькам для іх век дажыў» — так усведамляе багушэвічаўскі лірычны герой сутнасць сапраўднага чалавека. Сапраўдны чалавек, на думку паэта, гэта найперш дбайны сем'янін, верны муж сваёй жонцы, добры бацька сваім дзецям, для якіх ён — прыклад: толькі пры такой умове яны будуць яму «у слуху». I сапраўды, няхай будзе ў чалавека ўсё, чаго душа пажадае, няхай будзе слава і пашана за добра зробленую справу, няхай будзе здароўе і раскоша, а не будзе толькі аднаго — павагі і паслушэнства ўласных дзяцей, і рай чалавеку стане пеклам. Прахам пойдуць багацце і раскоша. Пашана свету нішто перад непашанай і знявагай ад уласнага дзіцяці. Вечнасць жыцця забяспечваецца трывалай сувяззю паміж пакаленнямі. А сувязь гэтая мацуецца найперш прыкладам бацькоў і дзядоў. Пакуль бацькі для дзяцей з'яўляюцца прыкладам і аўтарытэтам, а дзеці бацькам — «у слуху», — сувязь трывалая і надзейная. За ўсю гісторыю свайго існавання чалавецтва не прыдумала іншай супольнасці людзей, дзе ўмовы выхавання дзяцей былі б больш спрыяльныя, чым у добрай сям'і. Многія раздзелы паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» прысвячаюцца дзецям і ўслаўляюць яшчэ адну нацыянальную якасць беларуса. Спрадвечную якасць, дзякуючы якой «жыў беларус — і будзе жыць!», — клопат пра будучыню сваю, бо дзеці і ёсць будучыня нацыі і кожнага асобнага чалавека. Такая пільная і кранальная пісьменніцкая ўвага да дзяцей у паэме тлумачыцца мудрасцю песняра, які нагадвае, што вытокі ўсяго — у сям'і. Свой ідэал сямейных адносін паэт выявіў на прыкладзе сям'і Міхала і Ганны, у якой панавалі любоў, згода, узаемапавага і шчыры клопат кожнага пра кожнага. У паэме выдатна паказаны не толькі прынцыпы векавой народнай маралі, але і прынцыпы народнай педагогікі. Прыклад і сумленнасць бацькоў, іх чалавечныя ўзаемаадносіны, любоў да дзяцей, працавітасць і строгасць — вось асноўныя прынцыпы гэтай педагогікі. Любоў да дзяцей не выключав, а, наадварот, уключае і строгасць. Добрых дзяцей вучыць граза, а не лаза, сцвярджае народная мудрасць. Пра папружку Міхал больш нагадвае дзецям, чым пускае яе ў ход (толькі аднойчы, ды і то калі Алесь не ацаніў тактоўнасці і далікатнасці бацькоў і не скарыстаў шанс самому выправіць сваю памылку): «Калі пайдзе навука туга — паходзіць бацькава папруга!», «Цыц, не смець казаць мянушку, а то здыму на вас папружку!». «Пачуццё справядлівасці, годнасці ўласнай, мабыць, разам з жыццём нам прырода дае», — разважае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Гавары са мной ласкава». Даецца з жыццём, але выхоўваецца, фарміруецца зноў жа' толькі ў сям'і. «Сын Буры таксама будзе Бурай», — пераканальна даводзіцца гэтая ісціна ў апавяданні Яна Баршчэўскага «Сын Буры». Рабская псіхалогія бацькоў, на жаль, робіцца здабыткам іх дзяцей. «Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці маёй, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакай няшчасця на чале» — так гаворыць пра вытокі сваёй трагедыі герой кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…». Зусім іншы ўплыў аказалі на сваіх дзяцей коласаўскія Міхал і Ганна. Яны былі для дзяцей прыкладам, узорам таго, як трэба клапаціцца пра свой гонар і годнасць, каб быць свабоднымі. Свабодны толькі той чалавек, ва ўяўленні Коласа, хто не абмяжоўвае свабоды бліжняга свайго, не замахваецца на яе. Доказ таму — братэрскія адносіны Міхала да Антося і павага да жонкі, маці сваіх дзяцей. Мы захапляемся мудрасцю, годнасцю і свабодай Ганны, а каму яна абавязана сваёй свабодай? Нічога ідэальнага на свеце не бывае, але сям'я Міхала і Ганны, узаемаадносіны паміж імі — выключэнне з гэтага правіла. Павага, з якой ставіцца Міхал да людзей, а найперш да жонкі, не могуць не захапляць. I самы галоўны бацькоўскі клопат Міхала — каб дзеці ніколі не былі рабамі, таму і да яго строгасці, а часам і суровасці ў адносінах да сыноў мы ставімся з разуменнем і павагай. Уражваюць сямейныя сцэны, калі Міхал па-дзіцячы адчайваецца з-за някемлівасці і хітрасці аднаго, няздатнасці да вучобы другога сына. Затое якой радасцю поўніцца яго бацькоўскае сэрца, калі бачыць у сваіх дзецях тое добрае, што якраз і дае надзею на іх вольнае і людскае жыццё ў будучым, калі ён ужо не зможа пра іх паклапаціцца. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» — гэтую жыццёвую выснову Міхал імкнецца перадаць сваім дзецям. Маёмасцю, якую бацькі, паводле мудрасці апостала Паўла, павінны збіраць для сваіх дзяцей, з'яўляюцца не толькі і не столькі цукроўні, капальні, плантацыі, маенткі, а найперш — скарбы душы. Скарбы вечныя, якія «ніколі і ніхто ад нас адняць не зможа», як слушна сцвярджае сваёй публіцыстычнай творчасцю Цётка. Без скарбаў духоўных матэрыяльныя «пры першым жа няшчасці счэзнуць дазвання». Нічога выпадковага на свеце не бывае, усё мае свае вытокі, моцная незвычайная асоба можа з'явіцца толькі ў выключных па сіле ўздзеяння на яе абставінах. Вось чаму ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» мноства старонак прысвячаецца «выйсцю крыніц» — мастацкаму даследаванню не толькі вытокаў самога паўстання К. Каліноўскага, але і вытокаў фарміравання моцнай, выключнай Асобы. У. Караткевіч падрабязна апісвае сям`ю Алеся Загорскага, сапраўдную школу выхавання яго патрыятызму ў час дзядзькавання, уводзіць песню-баладу пра Міколу і Касьяна, песню, пачутую Алесем ад старога Кагута ў дзяцінстве. Белы жарэбчык з балады стаў для хлопчыка сімвалам волі народа, і вобраз гэты быў яму напамінам на ўсё жыццё, што дзеля волі і Бацькаўшчыны можна і трэба паахвяраваць усім. Вялікае месца ў рамане займае апісанне абраду пастрыжэння ў падлеткі, прысягі на вернасць Айчыне і народу. Урокі дабра, справядлівасці, годнасці і гонару атрымаў Алесь найперш у сям'і Кагутоў, замацаваў жа гэтыя ўрокі — ва ўласнай сям'і. Сям'я, даводзіць У. Караткевіч сюжэтам рамана, — выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго. Урокі ўдзячнасці народу атрымаў Алесь ад свайго бацькі Юрыя Загорскага і ў час пастрыжэння ў падлеткі, калі той шчодра аддзячыў усёй сям'і Кагутоў за выхаванне ў яго сыне дастойных чалавека пачуццяў. Урокі трывогі за свой народ, за яго выміранне («выміраем, Алеська, выміраем!») атрымаў падлетак ад дзеда — старога Вежы. I не толькі ўрокі спагады, але і канкрэтных спраў для разняволення народа (Вежа быў за адмену прыгону, але большасць шляхты на дваранскай зборні прагаласавала супраць, на што дзед з горыччу і нянавісцю сказаў: «Ваські Вашчылы на іх няма!»). Вялікае ўздзеянне на падлетка аказала і наведанне з бацькам радавога склепа. Быццам сіла продкаў улілася ў яго з бацькавым наказам берагчы гэтую зямлю і магілы продкаў як святыні і з пажаданнем, каб ніякая сіла не здолела гэтыя святыні парушыць і адабраць. Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры пераканальна даводзяць, што добрае вырастае толькі на добрай глебе, калі жывіцца гаючай вадой. Такой глебай для чалавека з'яўляецца сям'я, а жывой вадой — «навука й прыклад» бацькоў.
Жыў беларус — і будзе жыць! Янка Купала. Бо як ёсць у народа такія — Не загіне давеку народ. У. Караткевіч.Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака — вытокам, а чалавек — сваімі продкамі, сваімі дзядамі і створанай імі маёмасцю. На змену дубам-дзядулям уздымаюцца «ценькія дубочкі», магутныя кроны якіх праз некаторы час зашумяць у дуброве жыцця, — такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці кожнага народа. Першая ўмова закону вечнасці — каб унукі ведалі, «хто такія іх дзяды», каб помнілі і бераглі як зрэнку вока створаную імі і пакінутую ў спадчыну маёмасць. Дзед Яхім, герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне», перадае Архіпу (а праз яго і нам) сакрэты вечнасці і неўміручасці, сакрэты памнажэння скарбу, пакінутага нам дзядамі, і таленту, дадзенаму строгім гаспадаром кожнаму з нас. Першы, самы галоўны і вызначальны сакрэт, без якога «і навука ніякая не дапаможа, а зможа», калі «карэння нашага роднага» не мець у сабе. Каб «карэнне роднае» не страціць і «ведаць, што рабіць трэба», даводзіць захавальнік вечнасці дзед Яхім, трэба «ў кніжках і ў разумных людзей» пытацца, «як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі». Мудрасць тоесная мудрасці шляхціца Завальні: «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння». Запаветы дзеда Яхіма не дэкларатыўныя. На яркіх, запамінальных і ўражальных прыкладах ён даводзіць неабвержнасць вечных ісцін, так трапна, мудра і хораша ім сфармуляваных: «Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне». З люстра мінуўшчыны глянуць на нас вочы святой нябеснай заступніцы нашай Еўфрасінні Полацкай. Шасцёра сыноў знакамітага князя-вешчуна Усяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Сам Усяслаў Чарадзей княжыў 57 гадоў, і за гэты час Полацкае княства дасягнула найвялікшага росквіту. Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясуць Полацку пасля Усяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было яго ўнучцы — Еўфрасінні Полацкай. Яе жыццё, «як промень сонечны», прасвятліла «зямлю Полацкую». «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім». Заслуга яе перад нашай нацыяй не толькі ў мецэнацтве і перапісванні кніг, не толькі ў садзеянні будаўніцтву Спасаўскага сабора, распісанага унікальнымі фрэскамі. З яе імем звязана і стварэнне ў 1161 г. полацкім майстрам Лазарам Богшам паводле яе заказу нацыянальнай рэліквіі — крыжа. Гэта сімвал палітычнай самастойнасці і культурнага росквіту Полацкага княства — старажытнага правобраза Беларусі. «Свет нас прымаў за народ па адной палачанцы…» I не толькі. У галерэі партрэтаў нашых слынных дзядоў, па якіх нас прымае свет, — Францыск Скарына. «I Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», — з гордасцю пісаў П. Панчанка ў вершы «Мы з тых беларусаў…». У тым, што мы ёсць сёння як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга Францыска Скарыны. Без яго ўсведамленне нас як нацыі і народа ў свеце было б праблематычным. Тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак… Ён не толькі наш першы доктар навук — ён першы беларускі універсітэт. У яго творчай спадчыне — пачаткі ўсіх нашых пачаткаў, бо ён і філосаф, і філолаг, і гісторык, і эстэтык, і педагог, і батанік, і медык. Слаўны «сын з Полацка» атрымаў выдатную адукацыю ў Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах, але не медыцына і не вольныя мастацтвы сталі сэнсам яго жыцця. Ён «ізбрал оставіті в науце і в кнігах вечную славу і память свою». Яго кнігі на роднай мове, створаныя «людем посполітымъ» «к доброму научению», былі і «Богу ко чти», і народу нашаму паходняй. У кнізе ён рэалізаваў свой дар: уславіў Бога і наш народ на векі вечныя. Духоўная «маёмасць», якую пакінуў нам Ф. Скарына, вучыць нас, як жыць сёння, папярэджвае, што «законы прирожении», законы вечнасці не дадзена абысці нікому:
Дзеці, павінуйцеся сваім бацькам у Госпадзе, бо таго патрабуе справядлівасць. I вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у вучэнні і настаўленні Гасподнім. З Паслання святога апостала Паўла да Ефесянаў.Праблема бацькоў і дзяцей вечная. Як свет стаіць, бацькі імкнуцца перадаць свой вопыт і ўсцерагчы ад памылак дзяцей. Дзеці ж упарта працівяцца гэтаму, бо хочуць пражыць сваё жыццё самі і без падказкі выбраць свой лёс. Лявон, герой апавядання Ядвігіна Ш. «Бярозка», выпраўляючы сваю адзіную дачку ў свет, навучае яе быць абачлівай і нікому не давяраць свайго гора. А калі стане невыносна — даверыцца бярозцы. Счарнела бярозка, прымаючы на сябе боль і пакуты Марыські. На пытанне дачкі, чаму чалавек не знаходзіць спагады і паратунку ў людзей, «Лявон маўчаў». Гэтай фразай апавяданне і заканчваецца. Маўчаў, магчыма, не толькі таму, што не ведаў адказу на гэтае вечнае пытанне, а таму, што адчуваў сваю віну за такую сваю «навуку» недаверу да людзей. Магчыма, усвядоміў нарэшце, што нават у шчырым жаданні шчасця і дабра свайму дзіцяці не павінен быў навязваць дачцэ сваё ўспрыманне свету, пазбаўляць яе права на свабоду выбару і ўласны вопыт. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» ёсць выдатна выпісаны і прасякнуты мудрасцю Караткевіча-філосафа эпізод. Алесь пераконвае старога Вежу і пана Юрыя, што неабходна паступова, як стануць багацець, аддаваць зямлю мужыкам, пакінуўшы сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы, яшчэ тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы і слуг: «Хай фермерствуюць. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі?» У адказ на абурэнне бацькі Алесь даводзіць, што сялянская канкурэнцыя ім нястрашная, бо на прыдбанні іх прадукцыі Загорскія зробяцца заводчыкамі. «У купцоў ператварыцца?!» — жахнуўся пан Юры. «У купцоў — не ў старцоў», — зноў мудра адказвае Алесь, даводзячы, што маёнткам усё роўна пагражае галеча пры такой, як ёсць, сістэме; і гэта толькі пытанне часу. Стары Вежа ўспрыняў прапановы ўнука са спакойнай мудрасцю. I гэта пры яго характары і заўсёднай упэўненасці ў сваёй праваце! Ён зразумеў, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным у старасці — змяніцца, зразумець новае, маладое, што ідзе на змену табе. «А калі няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай». Любоўная вера і ляжыць у аснове здольнасці зразумець новае, маладое. Такой здольнасцю, як і мудрасцю, быў надзелены стары Вежа. Калі старое валодае такой мудрасцю, то яно здольна падтрымаць, нават уратаваць маладое ад пагібелі, папярэдзіць непапраўнае і незваротнае. У хвіліны адчаю, калі Алесю прынеслі вестку пра заручыны Майкі з Іллёй Хаданскім, Вежа кідае ўнуку выратавальны круг: «Заручыны — гэта не вяселле. I нават вяселле яшчэ не канец. Разумееш, на зямлі існуе адзіная непапраўнасць, адзіная незваротнасць. Гэта смерць. Пакуль яна не прыйшла — усё можа змяніцца тваёй воляй або капрызам лёсу…»! ўсё ж капрызаў лёсу дзед Вежа не стаў чакаць, а калі пераканаўся, што пачуццё яго ўнука да сваёй каханай моцнае і сапраўднае, параіў украсці Міхаліну і абвянчацца ў яго царкве, у Мілым. Закаханыя злучыліся навек. Канфлікты бацькоў і дзяцей могуць валодаць або стваральнай, або разбуральнай сілай. Стваральная сіла — умова няспыннага руху і вечнасці жыцця. Разбуральная рве адвеку самыя моцныя повязі паміж пакаленнямі — і тады нябыт. Жыццё і забяспечваецца трывалым падмуркам мудрасці, любоўнай веры бацькоў і стваральнай сілай моладзі, яе вернасцю бацькам і дзядам. Многія пісьменнікі сучаснай літаратуры вырашэннем канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі вызначаюць не толькі сутнасць сваіх герояў, але і сутнасць, стан людской супольнасці. Ці з'яўляемся мы роднымі дзецьмі сваёй сям'і, МаціБеларусі і Матухне-Зямлі — такая асноўная праблема рамана ў вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». Паэт сцвярджае, што
…Тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають. Ф. Скарына.Вяртанне ў бацькоўскі дом, родныя мясціны — паход у будучыню. «Ніякія думы чорныя не змогуць», даводзіць герой М. Гарэцкага мудры дзед Яхім студэнту Архіпу, калі будзе моцнай сувязь з родным карэннем, калі «часцей у роднае гняздзечка» залятаць і чэрпаць там, у гэтай святой прошчы сілы, што дапамогуць выстаяць у любыя буры і віхуры. Любоў да сваіх вытокаў, «роднага гняздзечка» — гэта не проста пачуццё, а інстынкт усяго жывога. Такі ж самы, як і інстынкт самазахавання. I чым мацнейшы ён у чалавеку, тым мацнейшая яго сувязь з родным карэннем, тым устойлівей будзе чалавек на зямлі. Пісьменнікі вывяраюць сваіх герояў інстынктам лёту, выпрабоўваюць матывамі вяртання ў родныя гнёзды. Галоўнаму герою рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды» Алесю Руневічу, як быў яшчэ хлапчуком, маці, прадучы кудзелю, расказвала, што смецюхі, якія на дварэ грабуцца разам з вераб'ямі, — гэта жаўранкі. Тыя самыя жаўранкі, што вясною звіняць з паднябесся званочкамі. А ўзімку, халадамі ды завеямі, грабецца сабе ў конскім гноі ды толькі цвіркае. I нікуды ён не ляціць… Шэрым смецюхом, што вось сядзіць ды толькі цвіркае, здаўся Алесю Змітрук Саладуха, зямляк з Навагрудчыны. Птушкай паляцеў бы ён туды, дзе авёс косяць, дзе бульбянішчы пахнуць, а каля градаў пройдзеш — есці захочацца. А як да справы — «я гэта ў кут». Хораша гаварыў Змітрук, што па ядзе ў няволі яшчэ можна пражыць, але ж нуда чалавека поедам есць. Але толькі гаварыў. Ад Алесевай прапановы рыхтавацца да палёту, а потым і ляцець разам адмовіўся. Не пераканалі і Алесевы довады, што родная зямля гарыць у полымі вайны, а яны стаяць на гэтым беразе ды пазіраюць: «А маем мы права стаяць, чакаць, пакуль народу нашаму так цяжка?» Іншы матыў невяртання ў роднае гняздо ў Цярэня, у якога там дзяцей «поўная хата, якія, можа, без кавалка хлеба сядзяць». «Цярэню і тут добра, не толькі яда ёсць, але і жанчын удосталь, што для яго немалаважна». Цынічна заяўляе ён Алесю: «Дзе мне добра — там і мае!» Людзі, што страцілі інстынкт лёту ў роднае гняздо, — смецюхі, якія кіруюцца вантробна-страўнікавай псіхалогіяй «дзе мне добра, там і мае». Страціўшы з гэтым інстынктам і «святое штосьці», такія без вагання і душэўных пакут пераступаюць нават праз уласных дзяцей. Зусім іншае ўсведамленне святога ў героя I. Мележа Васіля. У крытычны момант жыцця, калі ён стаяў перад выбарам, калі вёў спусташальны і знясільваючы бой з самім сабой, калі крывянілася, плакала і стагнала яго душа, кіраваўся не прынцыпам «дзе мне добра, там і мае». Былі ў яго хвіліны, калі здавалася, што ён гатоў кінуць усё «і ісці з Ганнаю па тое шчасце, што недзе ж і праўда, можа, ёсць, можа быць іхнім». У Ганны довады дастаткова пераканальныя: «Рукі е, рабіць умеем! Не прападзём нідзе, пабачыш! На зайздрасць усім жыць будзем!» Не толькі довады Ганны, а і ўсведамленне таго, што галоўная справа яго жыцця рушыцца няўмольнай сілай абставін, што грунт пад нагамі зыбаецца, схілялі Васіля да выбару жыць з каханай. Але ўтрымала менавіта святое і адказнасць за яго: «Ды і пра малое падумаць — як яму, бязбацькавічу няшчаснаму, быць, жывога бацьку маючы! А калі возьме яе хто — звядзе, гад які, за нішто чалавечка, бацькаву кроў!.. Васіль ніколі раней не думаў, што можа быць да некага такая жаласнасць. У душы заўсёды… чуў незвычайную чулую жаласнасць да малогь. Дзівіўся, што можа зрабіць адзін дотык ціхага, цёплага дельца дзіцяці — і тады зашчымелі жаласць да малога і вінаватасць». «Жаласць і вінаватасць» — гэта і ёсць «святое штосьці» ў душы кожнага чалавека. Імя таму святому — Любоў, якая валадарыць людскасцю і вызначае яе. Апісанне вяртання ў роднае гняздо кампазітара Сцяпана Вячоркі складае змест рамана Н. Гілевіча «Родныя дзеці». Многае перажыў і пабачыў ён за сваё жыццё, але сапраўднае, вечнае ўсвядоміў, толькі калі наведаў родныя мясціны, пабываў ля сваіх вытокаў. I ўсвядоміў Сцяпан Якубавіч, што, якіх бы вышынь ні дасягнуў чалавек, сутнасць яго вызначаецца тым, ці з'яўляецца ён родным сынам сваёй сям'і і сваёй зямлі. Як усвядоміў яшчэ раней, жывучы ўдалечыні ад Радзімы, што талент любога творцы жывіцца сокамі роднай зямлі. Кампазітар Вячорка пераканаўся, што ўладаром беларускай песні (а ён менавіта пра гэта і марыў) можа стаць толькі той, хто ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Крыніцай натхнення для любога мастака з'яўляюцца створаныя народам духоўныя каштоўнасці, жыццё народа, маці-прырода і неруш матчынай мовы. Вяртанне дадому — вяртанне па «святое штосьці», без якога чалавек нетрывушчы ў гэтым свеце, нежыццястойкі. Героі апавядання В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка» таксама час ад часу вяртаюцца дадому, але толькі на… дзяльбу кабанчыка, выгадаванага для сваіх дзяцей самаахвярнай, нямоглай маці. Дзяльба кабанчыка выявіла поўнае маральнае банкруцтва дачок і зяцёў. I толькі сын Сцяпан загадвае спыніць загружаную матчынымі дарункамі машыну і зноў вяртаецца дадому — да адзінокай маці. Яго вяртанне — па «святое штосьці» — дае нам спадзеў, што яшчэ не ўсё страчана. Чакае сваіх сыноў і герой апавядання У. Арлова «Клён». Чакае з надзеяй, што яны, маладыя, дужыя, разумнейшыя за яго (так павінна быць!), парадзяць нешта, дапамогуць уратаваць тое, што яму дорага. Сусед патрабуе спілаваць клён, з якім знітавана ўсё жыццё гаспадара. Клён ведаў яго бацькоў і дзядоў, гадаваў яго дзяцей і нават ратаваў у час жыццёвых віхураў. I сыны прыехалі. Клён зразумеў, што ён памрэ менавіта ў дзень іх прыезду. Старэйшаму сыну не цярпелася хутчэй спілаваць дрэва, скончыць справу і вечарам выпіць. Малодшы (клён адчуў гэта) пакутаваў, шкадаваў, але пакорна рабіў тое, што патрабаваў сусед. Выключнае ўздзеянне на чытача дасягаецца прыёмам адухаўлення. Клён надзелены здольнасцю помніць, любіць, трывожыцца, хвалявацца, клапаціцца, разважаць — усім тым, чым, на жаль, валодаюць далека не ўсе людзі. Бацькоўскі дом — прошча, святое месца для кожнага чалавека, здольнае лекаваць душу, сунімаць мітушэнне і боль, гаіць раны. Над бацькавай хатай часцей і верагодней, чым дзенебудзь, можа заззяць высокае неба ідэала. У родным доме хутчэй можа адкрыцца раней нязнанае, проста і легка вырашыцца тое, што было тупіковым і не вырашальн ым. Наведаць любога чалавека, калі той чакае нашага прыходу, — добрая справа, наведаць жа бацькоў — святая. Бацькі чакаюць нас заўсёды. Толькі не заўсёды будуць чакаць… I потым «не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў», як папярэджвае ўсіх лірычны герой верша Р. Барадуліна:
Бы жыватворная тут сіла Ад сну зямельку абудзіла. Якуб Колас.
Я признаю одну работу, Её — и только — признаю. Я. Смелякоў.У евангельскай прытчы расказваецца, як строгі гаспадар раздаў сваім рабам таланты — грошы. Першы атрымаў пяць талантаў, пайшоў і памножыў іх; другі атрымаў два і таксама іх памножыў. Трэці атрымаў адзін і, спалохаўшыся строгага гаспадара, закапаў талант, каб не згубіць. Праз некаторы час усе трое прынеслі гаспадару свае таланты: першы і другі — памножаныя, трэці — толькі адзін, чым выклікаў вялікі гнеў строгага гаспадара. I загадаў ён, каб трэці аддаў і гэты адзіны, непамножаны, першаму, бо «кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае». I кожнаму з нас строгім гаспадаром дадзены талент, які мы павінны не закапаць, а вярнуць памножаным. Толькі пры такой умове — «дадзена будзе». Каб «усё зацвіло, загаманіла», неабходна жыватворная сіла — нястомная праца кожнага на сваёй ніве, сваім полі, дзе можна рэалізаваць сябе, памножыць свой талент. Нельга не пагадзіцца з высновай вучоных, якія даводзяць, што працавітасць — катэгорыя не столькі маральная, колькі біялагічная, бо яна — сведчанне моцнага інстынкту самазахавання. Лянота, нядбайнасць і гультайства — праграма на самавынішчэнне. З працавітасцю цесна звязана і вынікае з яе яшчэ адна якасць, што ў ментальнасці нашага народа наогул, — імкненне быць гаспадаром на сваёй зямлі, закласці надзейны падмурак для годнага жыцця сваіх дзяцей, клопат пра іх. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» — такая жыццёвая выснова коласаўскага героя, якую ён стараецца перадаць сваім дзецям. Усведамленне працы як грунту пад нагамі, умовы годнага людскага жыцця характэрна для ўсіх эстэтычных вобразаў нашай нацыянальнай літаратуры. Некаторыя пісьменнікі адкрыта выяўляюць у творах свае адносіны, захапленне сваімі героямі — працаўнікамі. З непрыхаванай сімпатыяй і захапленнем апісвае I. Мележ свайго любімага героя ў час касьбы, прычым апісвае сапраўды «фарбамі паэта», а не празаіка. Менавіта старонкі, прысвечаныя Васілю-працаўніку і куранёўскай прыгажуні Ганне, — старонкі, у якіх Мележ-празаік уступае месца Мележу-паэту. Як «зямля — аснова ўсёй айчыне», так праца на ёй — аснова жыцця. У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці. Праца і справа, якой служыш, ёсць выяўленне любові да людзей, Радзімы. Няма іншага шляху слугавання Айчыне і народу ў мірны час, як сумленна і аддана працаваць, бо любоўтаксама з'яўляецца жыватворнай сілай, калі яна дзейсная. Крах чалавека і паступовая яго дэградацыя пачынаюцца тады, калі чалавек перастае служыць канкрэтнай справе (вучыць дзяцей, лячыць людзей, біць студні, касіць, араць), а нібы ў вір галавой кідаецца служыць нейкай абстрактнай ідэі. Радавалася сэрца быкаўскага героя Хведара Роўбы, што яго сынок Міколка надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам. Ажно люба было глядзець, як ён гнаў баразну ці на касьбе ішоў у радзе дарослых мужчын. Але як стварылі ячэйку і прызначылі яго сакратаром, стала не да гаспадаркі. I ўсё — сходы, мітынгі, спрэчкі. А як перабраўся ў раён, стаў начальнікам, зусім забыўся дарогу ў Нядолішча, у бацькоўскую хату. Адметнасць творчай манеры М. Зарэцкага ў тым, што ён адкрыта не выяўляе, як, да прыкладу, Іван Мележ, адносін да сваіх герояў: хай чытач разважае і ацэньвае сам. I ўдумлівы чытач не можа не заўважыць той акалічнасці, што галоўны герой рамана «Вязьмо» Сымон Карызна, будучы дырэктарам мясцовай сямігодкі, не працуе, не вучыць дзяцей, не рыхтуецца да ўрокаў. Толькі арганізуе сходы, толькі выступае, толькі ваюе і ненавідзіць. Усведамляючы сябе тым, хто здольны ўсіх ашчаслівіць, усіх сляпых зрабіць відушчымі, ён адмаўляецца дапамагчы самым блізкім людзям, якія папрасілі ў яго парады, падтрымкі, паратунку. Да пары яму і яго каханая — «рамантычная асоба» Вера Засуліч, дзеля якой ён разбурыў сям'ю. Але як толькі змяніліся абставіны, Вера пераступіла цераз Карызну, як ён пераступіў цераз родных. Толькі зрабіла гэта «чысценька і прыгожанька», яшчэ і парадавалася, «што ўсё скончылася для яе найлепшым чынам». I гераіня Коласа Вольга Віктараўна Андросава настолькі захапілася рэвалюцыяй, што зусім закінула школу: «Ну яе к чорту!» Яна толькі «збірала дарослых і чытала ім усялякую нелегальшчыну». У страшэнным запусценні былі і школа, і кватэра папярэдніка Лабановіча, з якім некалі вучыліся ў семінарыі. Стрэтун-Сурчык такую разруху растлумачыў рэвалюцыяй, на што Лабановіч адказаў: «Рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінна быць гразь і бруд». Хто не хоча працаваць, заўсёды знойдзе і апраўданне сабе, і прычыну, каб не працаваць. Намнога прасцей закапаць свой талент, чым пашукаць спосаб яго памнажэння. Той памножыў талент, атрыманы ад строгага гаспадара, хто дасягнуў у сваёй справе прафесіяналізму і здольны, як шамякінскі доктар Яраш, трымаць сэрца на далонях. Усе прывабныя, высакародныя героі беларускай літаратуры — прафесіяналы сваёй справы: настаўнікі Лабановіч і Мароз Алесь Іванавіч, доктар Яраш і журналіст Шыковіч, хлебаробы Васіль Дзяцел і Хведар Роўба, рэфарматар Алесь Загорскі і старшыня валвыканкома Апейка. У розныя часы яны жылі і ў розных абставінах дзейнічалі, але ўсіх іх аб'ядноўвае адно: яны добра рабілі сваю справу, умелі і любілі працаваць. Любілі людзей і зямлю, на якой жылі. У іхніх справах — іхні і талент, і розум, і пачуцці, і сумленне, і адносіны да іншых людзей, да грамадства, да будучыні… Рамантычнымі сродкамі славіць Пімен Панчанка Чалавека і яго Справу ў вершы «Сэрца і крыж»:
…I шчыра рупіцца пра тое, каб жыць ціха, рабіць сваю справу і працаваць сваімі ўласнымі рукамі. З Першага паслання святога апостала Паўла да Фесалонікійцаў.Любая справа чалавека, «душы і мускулаў работа» добраславёна, калі яна «людзям на карысць». Выбраная справа дае адчуванне паўнаты жыцця. Яно становіцца важкім, каштоўным, важным, сур'ёзным. Чалавек адчувае сябе дужым, здольным валодаць часам, кіраваць сваім лёсам, быць адказным за свой выбар. Такі чалавек цікавы, прыгожы, ён многае можа. Раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта гімн чалавеку справы — Працаўніку. Алесь Загорскі не чакае паўстання, а дзейнічае. Пакуль яно рыхтуецца, вырашае зрабіць сваіх мужыкоў вольнымі цяпер. Пасля трагічнай гібелі бацькі і шэрага іншых напасцяў Алесь ратуецца працай: «Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку. Усё адразу! Усё на гэтым тыдні…Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія». Для караткевічаўскага героя няма абставін, над якімі нельга было б узвысіцца пагардай, якім нельга было б кінуць выклік. Ён цвёрда перакананы, што толькі працай, добра зробленай справай можна супрацьстаяць абуральным, абсурдным абставінам. Алесь працаваў да знясілення. Афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках, паабяцаў праз год адмяніць прыгон, «і не так, як у праектах, а з зямлёй». Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга: вырашыў перабудаваць цукроўні, каб былі каменныя, застрахаваў усе будынкі; паклалі рад з аршанскімі вапнавымі капальнямі і залажылі яшчэ шэсць лайбаў… Арыстакраты Караткевіча — не абібокі, не абломавы, а соль зямлі і краса жыцця. Караткевіч марыў «адрадзіць арыстакратызм, элітарнасць у ахамелым на таталітарнай ураўнілаўцы грамадстве», як пісаў У. Калеснік. Ад падрабязнага апісання канкрэтных спраў свайго любімага героя У. Караткевіч падымаецца да філасофскага абагульнення, што чалавек па сваёй прыродзе прагне справы. Настойліва даводзіць пісьменнік-філосаф, што ў справе чалавек рэалізуе сябе, свой прыродны талент і стварае ўмовы для годнага жыцця, што справа, і толькі справа выратуе душу чалавека ад злому і вынішчэння ў самыя крытычныя моманты: «Капаць, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць маеты, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, — іначай не варта і жыць». Прыгадаем, як псіхалагічна пераканальна паказаў свайго героя ў самы крытычны момант яго жыцця I. Мележ. Калі Васіль стаяў перад выбарам, калі мітушэнне ў яго душы давяло да такога стану, што ён стаў абыякавым да ўсяго, нават не мог і не хацеў працаваць (а такі стан заўсёды пачатак канца), то ён пайшоў параіцца да свайго поля. I зразумеў мову свайго поля, паслухаўся яго. «Як перамяніўся чалавек. Ён адчуў, што нязбытны цяжар спадае, што вяртаюцца даўно не знаныя дужасць і яснасць. Поле, бяда яго і радасць! Яго сіла і надзея яго! З імі толькі і жыць яму!» Дадому ішоў ён ужо хутка. Зайшоў у гумно. Да самых поцемкаў, не адпачываючы, біў і біў цэпам. «I цэп бегаў спрытна, ахвотна, не стамляючыся». Няма нічога больш трагічнага для чалавека справы, як убачыць гэтую справу зруйнаванай. Злоснікі, зайздроснікі і ненавіснікі ведаюць: каб знішчыць чалавека, трэба забраць у яго справу, у якую ўкладзена «душы і мускулаў работа», — забраць усё, пазбавіць грунту. I гэта пераканальна даводзіцца ў лепшых творах нашай нацыянальнай літаратуры. Зруйнавалі справу, зааралі рунь на полі, засеяным мележаўскім Васілём. Убачыць разбуранае гняздо і зведаць адпаведныя пачуцці давялося быкаўскаму Хведару Роўбу, пасля чаго ўжо смерць у Багавізне была не такой і страшнай, а нават ціхай: «Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці». Зруйнаваная справа ледзь не каштавала жыцця Алесю Загорскаму. Узрушэнне было такім моцным, што ён таксама, як і мележаўскі Васіль, стаў абыякавым да ўсяго і захварэў явай, або мрояй. Так бязмерна ўражлівы чалавек «несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету». Стома — смерць. «Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга» — такая выснова «сівой рады» Прыдняпроўя, якую сабраў Вежа, каб выратаваць унука. Гэтая выснова — паратунак не толькі для Алеся. Яна — урок усім нам, што пасля кожнага падзення чалавека зноў і зноў уздымае толькі праца. Па сваёй прыродзе чалавек прагне пакінуць пасля сябе след на зямлі. «Усё павінна след пакінуць», — сцвярджае П. Броўка вершам «Сляды». Праца і справа чалавека — след яго на гэтай зямлі, а ўжо якім будзе след — залежыць ад чалавека. Выяўленню тоеснай філасофскай думкі спрыяюць фальклорныя і біблейскія рэмінісцэнцыі ў вершы Максіма Танка «Я помню звычай старадаўні…». Змест верша — апісанне старадаўняга звычаю, паводле якога памерлым у дамавіну клалі іх «любімыя прылады»: «каб не з пустымі ім рукамі перад святым Пятром з'явіцца»:
…Калі хто не хоча працаваць, той і не еш. З Другого паслання святого апостола Паўла да Фесалонікійцаў.Скарпіён угаварыў Слана перавезці яго на сваёй спіне цераз бурную раку, але ўжо на самай сярэдзіне ракі ўпіўся джалам у цела свайго збавіцеля. «Ты што, не разумееш? — абурыўся Слон. — Мы ж абодва загінем!» — «Разумею. Але іначай я не магу: такі ў мяне характар». У рамане I. Мележа «Подых навальніцы» ёсць такі эпізод. На чыстцы начальнік міліцыі Харчаў апраўдваецца, што ён грубы з тымі, з кім трэба быць грубым, а п'е ў свабодны ад службы час і ніколі не прапівае памяць. На непераканальнасць і абсурднасць харчаўскіх довадаў Гайліс адказаў, што «чалавек, каторый п'ёт, не можэт не згубіць совесць». З гэтай высновай нельга не пагадзіцца. Можна толькі дадаць: і лянівы таксама не можа быць годным, самавітым чалавекам, вартым пашаны ідаверу. I гора таму, каму наканавана будзе перавозіць на сваёй спіне лянівага цераз бурную раку. Часам пра кагосьці можна пачуць нешта падобнае: «Ён, вядома, кепска спрацаваў, бо работнік не вельмі, а пра прафесіяналізм у дачыненні да яго і гаварыць не даводзіцца. Але ж затое ён такі харошы чалавек…» Больш алагічнага, памылковага сцверджання цяжка і знайсці. Якімі б выдатнымі якасцямі ні валодаў чалавек, якія б высакародныя пачуцці і памкненні ні панавалі ў яго душы, але не рэалізаваныя ў справе яны — нішто, як усякая вера без справы — мёртвая. «Па веры вашай і справах вашых дадзена будзе», — сказана ў Евангеллі. Рана ці позна вынікне такая сітуацыя, што рэалізуе не лепшыя, а самыя горшыя якасці лянотніка. Быкаўскі Карніла Багацька, узрушаны даносам Каландзёнка, даводзіць Сцепанідзе, што «горай за суседзяў нікога няма: усё бачаць і заходзяцца ад зайздрасці. Асобенна яшчэ калі нягеглы які. Няўдака! Такі не тады рады будзе, калі сам каня купіць, а калі ў суседа конь здохне». I Мікіта Зыркаш, які быў зайздросным і нядобрым, сапсаваў усё жыццё Хведару Роўбу: напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Зміцер Цыпрукоў не знайшоў іншага спосабу аддаць пазычаную ў Хведара трыццатку, як пазбавіцца ад свайго крэдытора. На камбедзе Зміцер прапанаваў раскулачыць Хведара, а потым як лішэнца і цвёрдападатніка выслаць у Сыктыўкар. Скарпіёны-лянотнікі, нават ратуючыся ад пагібелі, едучы на спінах сланоў-збавіцеляў, усё роўна джаляць іх, сякуць сук, на якім сядзяць. Іначай яны не могуць — такая іх натура. Калі б лянотнікі толькі нічога не рабілі! Спіны сланоў вытрымалі б іх, але, паводле слоў апостала Паўла, такія «нічога не робяць, а мітусяцца». I тая іх мітусня часам згубная нават для сланоў. У ахамелым на таталітарнай ураўнілаўцы грамадстве мітусня скарпіёнаў-лайдакоў зрабілася нормай, стварыла ўмовы, пры якіх «стала баба памагаць, седзячы на возе», а «памагатыя» ўсім запраўляць і перайначваць спрадвечныя ўсталяваныя нормы жыцця. Адвеку народ ведаў і тымі ведамі кіраваўся, што нельга, да прыкладу, каб сляпы вёў відушчых; нельга даручыць умацаванне сям'і таму, хто ўласную разбурыў. Нельга даверыць агульную справу, агульную гаспадарку, якога б маштабу яна ні была (ад калгаса да дзяржавы), таму, хто нядбалы і няздатны на ўласнай гаспадарцы. Мележаўскі герой Нібыто-Ігнат узрушана даводзіў Башлыкову пра згубнасць, злачыннасць і асуджанасць новай улады. I самы галоўны довад Ігната супраць савецкай улады той, што ёю парушана спрадвечная мерка чалавечай каштоўнасці — справа, здольнасць быць гаспадаром. Ігнат заўпарціўся ісці ў такі калгас, на чале якога стаіць Міканор. А які з Міканора гаспадар? I для пераканальнасці выкарыстаў грубаватае, але трапнае народнае параўнанне. Довад Андрэя Рудога, што «Міканор — чалавек сазнацельны, ідзейны» раззлаваў Ігната яшчэ больш. Ён, як піша аўтар, перакрывіў Андрэя Рудога дзіўна зларадна і зноў пайшоў у наступ: «Гаспадар ён які, пытаю! Ён і ў сваёй гаспадарцы не быў ніколі гаспадаром. Поля сам, можно сказаць, не абрабіў адзін. Бацько ўсё…А цяпер яму — усе гаспадаркі!» У пазіцыі Нібыто-Ігната ўвасоблена народнае разуменяе годнасці і самавітасці чалавека. Меркай значнасці чалавека ў людской супольнасці адвеку лічыліся справа і ўчынкі, а не «сазнацельнасць, ідзейнасць». Не страшна, што ў свеце ёсць лайдакі, абібокі; яны былі, як свет стаіць, толькі не на іх ён трымаецца. Калі лайдакі на свеце ёсць, значыць, яны таксама маюць права на існаванне. Але ж свет перавернецца (як ужо ледзь не перавярнуўся ў час перавароту, названага «карэнным пераломам»), калі лайдакам будзе дадзена права на кіраванне светам. Больш за ўсё быкаўскага героя Хведара Роўбу здзівіла тое, што самы няўклюдны гаспадар Зміцер Цыпрукоў, у якога некалі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з'ела страху за зіму і гэтага не хапіла, стаў у Нядолішчы брыгадзірам. Той Зміцер, які за жыццё не навучыўся плесці лапцей (заўжды пляла яму жонка), цяпер гэты недалэнга робіць брыгадзірам! «Праўда, горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш, што цяпер, мабыць, самае важнае. Як там, у ссылцы, так і тут у калгасах. Мабыць, аднолькава…» Так, сапраўды, новы час абвясціў «прыход героя», меркай якога стала не справа, як раней, а гатоўнасць дзеля ідэі і партыі пераступіць цераз каго заўгодна. I. Мележам у рамане «Завеі, снежань» пераканальна паказаны «пераварот» спрадвечных каштоўнасных арыенціраў, які адбыўся з прыходам новай улады. Башлыкоў вострыць меч над галавою інтэлігентнага, чалавечнага і працавітага Апейкі, ужо рыхтуе яму замену. Грубы, нахабны, вечна п'яны, неадукаваны і пагарджаны ў народзе Дубадзел-Крывароты хутчэй за ўсё і прыйдзе на змену Апейку, бо «гэты — цвёрды, гэты — крэмень. Барацьбіт. Гэтагалоўнае…Неабходны цвёрдыя, жалезныя! Здольныя крышыць ворага, рушыць усё, што на шляху замінае…А галоўнае — адданасць якая і рашучасць. Гэты цацкацца з кулаччом не будзе». Вар'яцкая сіла і небяспечнасць ахамелай таталітарнай сістэмы ў тым, што яна надзяліла ўладай зло. Такой уладай, што, як заявіў Сырадоеў, герой трагікамедыі А. Макаёнка «Трыбунал», «нікому і не снілася: цару такой улады не давалі!» А Гуж з аповесці В. Быкава «Знак бяды» цынічна прызнаецца Сцепанідзе, што дадзеная фашыстамі ўлада патрэбна яму не дзеля таго, каб зямлёй завалодаць (ён зямлю, паводле яго прызнання, «з дзецкіх лет узненавідзеў»), а каб мець уладу над людзьмі і «ў парашок сцерці» тых, каго ненавідзіць. Крываротыя, сырадоевы, цыпруковы, каландзёнкі ненавідзяць і вынішчаюць найперш тых, хто зямлю любіць і на ёй шчыруе, тых, на чыёй спіне яны і едуць. Толькі праца і справа ставяць жыццё на трывалы маральны падмурак. Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры сцвярджаюць закон вечнасці: жыццё без працы не можа быць сумленным і рана ці позна стане злачынным. I тады праблематычным стане жыццё наогул. Добрыя кнігі пра справу, працу — гэта кнігі пра галоўнае ў нашым жыцці.
У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў. В.Быкаў.Нішто так не палоніць людзей, як прыгажосць; нішто так не пераконвае, як праўда; і нішто так не ўздзейнічае, як прыклад. Сцвярджаць, што, «калі хто не хоча працаваць, той і не еш», можна толькі працуючы і падаючы прыклад іншым. Апостал Павел у Пасланні да Фесалонікійцаў патлумачыў, чаму ён (будучы чалавекам багатым, які зведаў нават раскошу) і іншыя апосталы, усюды, дзе звеставалі і прапаведавалі, «ні ў кога не елі хлеба дарам, але шчыравалі і працавалі ноч і дзень» і не хацелі абцяжарваць сабой іншых. Ён пісаў: «Не таму, што не мелі ўлады, але каб сябе саміх даць вам у прыклад для пераймання». Толькі пры такой умове, даводзіў апостал Павел, можна перадаць людзям не толькі звеставанне Божае, але і душы. Настаўнік — той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу, узбагачае сваім духоўным вопытам і адначасова валадарыць іх душамі. Можна бясконца пералічваць усе добрыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны Настаўнік, а можна ўсё пералічанае вызначыць толькі адным — прыкладам, якім ён павінен быць для тых, каго настаўляе. Коласаўскі настаўнік, які і па сённяшні дзень з'яўляецца ўзорам для сваіх калег, быў ва ўсім прыкладам і для сваіх вучняў, і для людзей, сярод якіх жыў. Ён не заклікаў вучняў любіць прыроду — сам саджаў з імі дрэўцы. Ён не гаварыў людзям быць міласэрнымі і літасцівымі да бліжніх — сам не раз здзіўляў людзей сваёй міласэрнасцю. Ен не абураўся непарадкам, а наводзіў парадак, не шукаючы, як іншыя, апраўдання бязладдзю. Ён шчыраваў так, як нямногія шчыравалі на духоўнай ніве. Гімнам Настаўніку з'яўляецца і аповесць В. Быкава «Абеліск». Больш эстэтычных, больш прывабных вобразаў настаўнікаў, чым коласаўскі Лабановіч і быкаўскі Мароз, бадай, у нашай літаратуры няма. Сіла ўздзеяння гэтых вобразаў на чытача тлумачыцца менавіта пісьменніцкім усведамленнем вызначальнай для асобы Настаўніка ролі прыкладу. I Мароз не скардзіўся, як іншыя, на абставіны, а ўплываў на іх. Разам з вучнямі пілаваў дровы — і ў школе зімой заўсёды было цёпла. Даваў прытулак скалечаным жывёлам, якіх падбіралі дзеці, — так у школе з'явіўся жывы куток. Не хапала кніг — у вадзе па пояс перанёс закінутую ў панскім маёнтку бібліятэку і па ўласнай праграме далучаў дзяцей да сусветных скарбаў. З прыходам немцаў працягваў вучыць дзяцей, добра ўсведамляючы, што калі не ён, то іншыя завалодаюць іх душамі і скарыстаюць так, як ім будзе патрэбна. Мароз застаўся да канца верным свайму галоўнаму настаўніцкаму прынцыпу — быць прыкладам для людзей. Апошнім сваім учынкам, які аднымі ўсведамляецца як подзвіг, а другімі як бессэнсоўная недарэчнасць, Мароз здолеў умацаваць веру ў душах людзей, бо душа без веры мёртвая. Галгофа быкаўскага героя сцвярджае сілу духоўнага, якое нельга ні пералічыць, ні ўзважыць, ні вымераць, але якое вызначае і забяспечвае вечнасць і неўміручасць. Міжволі прыгадваецца гісторыя жыцця і трагічнай гібелі выдатнага польскага педагога і пісьменніка Януша Корчака, аўтара кніг «Кароль Мацюсь Першы» і «Як любіць дзяцей». У 1911 г. Януш Корчак стварыў у Варшаве «Дом сірот» новага тыпу на сродкі багатых філантропаў, арганізаваў таксама інтэрнат «Наш дом». У гады акупацыі Польшчы фашысцкай Германіяй гэтаксама, як і быкаўскі герой, працягваў вучыць і выхоўваць дзяцей. Януш Корчак гераічна змагаўся за жыццё дзяцей у варшаўскім гета. За антыфашысцкую дзейнасць быў кінуты ў канцлагер Трэблінка, дзе і загінуў з двумастамі сваімі выхаванцамі. ГІольскі гуманіст зрабіў апошні ў сваім жыцці выбар. Адзін з гестапаўцаў пазнаў у вязню свайго любімага пісьменніка і вырашыў выратаваць яго, рызыкуючы пры гэтым, безумоўна, уласным жыццём. «А яны?» — спытаўся Януш Корчак, паказваючы на сваіх выхаванцаў. «Яны павінны будуць ісці ў камеру». — «Тады я пайду разам з імі». I дзверы газавай камеры зачыніліся за імі… Пісьменніцкае ўсведамленне ролі духоўнага і ролі настаўніка ў грамадстве выяўляецца і праз вобраз Мароза, і праз маналогі Ткачука. У адным з іх гучыць афарыстычнае вызначэнне ролі настаўніка: «У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў». Рупарам пісьменніцкай трывогі за становішча настаўніка і яго статус у сучасным грамадстве з'яўляецца вобраз Ткачука. Нельга не пагадзіцца з Ткачуком, што прафесія настаўніка страціла сваю былую прывабнасць для тых, хто вырашае, кім яму быць: «Калі рос, бывала, харошы хлопчык, добра вучыўся — што пра яго казалі дарослыя? Вырасце — настаўнікам будзе! I гэта была найлепшая пахвала. Не ўсім вартым, вядома, удавалася дабіцца настаўніцкага лесу, але да гэтага імкнуліся. Гэта была мяжа жыццёвае мары…» Прывабнасць настаўніцкай прафесіі, ці, як сёння кажуць, прэстыжнасць, не заўсёды была барометрам матэрыяльнага дабрабыту грамадства, але духоўнага яго стану — абавязкова. «I… не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве», — пісаў В. Быкаў у аповесці «Абеліск». Праца сейбітаў разумнага, добрага, вечнага самая важная і неабходная і сёння, бо чалавеку, «каб выбраць лепшую з дарог, патрэбна мудрасць працы, нашых сэрцаў; патрэбны маці, бацька, педагог…». З такой высновай лірычнага героя верша П. Панчанкі «Ратуйце нашы душы!» нельга не пагадзіцца. Шчаслівы чалавек, на шляху якога сустрэўся сапраўдны Настаўнік. Такі, да прыкладу, як дзядзька Антось. У нашай літаратуры няшмат вобразаў, у якіх бы з такой пераканальнасцю і мастацкай сілай быў увасоблены дар педагога, як гэта ўвасоблена ў вобразе дзядзькі Антося. Лёс яго склаўся так, што ён, адналюб па сваёй прыродзе (каханая Наста, не дачакаўшыся Антося са сплаву, «яго змяніла на другога»), бескарысліва адцаў свае сілы сям'і брата, яго дзецям, іх выхаванню і клопатам аб дабрабыце. За яго дабрыню і любоў усе ў сям'і плацілі яму таксама любоўю:
Ва ўсім, як хочаце, каб вам рабілі людзі, так і вы рабіце ім, бо ў гэтым закон і прарокі. З Евангелля.Ні ў чым наш Ф. Скарына не быў такім паслядоўным і настойлівым, як у сцвярджэнні самага галоўнага закону вечнасці. У прадмовах да кожнай кнігі Бібліі ён рабіў акцэнт менавіта на гэта: «Закон прирожений в том наболей соблюдаем бывает: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных всех…» Дабрата — гэта здольнасць чалавека «то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех». Ф. Скарына, пераказваючы фабулу кнігі «Эсфір», акцэнтуе ўвагу чытача на матывах подзвігу Эсфір, жонкі персідскага цара і пляменніцы пабожнага іудзея Мардахея. Рызыкуючы сваім жыццём, яна выратавала ад вынішчэння сваіх суайчыннікаў, якое рыхтаваў ім хітры царадворац Аман. У гэтым пераказе Скарына падымаецца да філасофскага абагульнення, выяўляючы яго вершам:
Вядзі рашучы бой з натурай сваёй слабой — З рознымі там заганамі, са звычкамі паганымі… Са слабасцю любой вядзі рашучы бой! А. Вярцінскі.Нас, дзяцей Маці-Беларусі, што жывём «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», аб'ядноўвае адно агульнае, ні з чым не параўнальнае шчасце — мір. Гісторыя пераканаўча даказала, што ў любой вайне не бывае пераможцаў: зваяванне аднаго народа другім — не перамога. I ўсё ж ёсць адзіны бой, які добраславёны, ад перамогі ў якім залежыць вечнасць жыцця ці яго наканаванасць. А. Куляшоў у вершы, прысвечаным таварышам па пяру, «Сябры, каго вайна скасіла кулямі…» сцвярджае, што «не ціхне бой»: бой за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці — над крывадушнасцю, даравальнасці — над помстай, сціпласці — над гардыняй і пыхай, любові — над нянавісцю. I поле бітвы — сэрца чалавека. Толькі такі бой — умова вечнасці. «Адзіны серп», які славіцца паэтам, — не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а «серп над палявой дарогаю — адзіны серп на сённяшнім жніве!». Таленавіта і пераканальна святы бой чалавека з ворагам, што сядзіць унутры яго самога, паказаны Крапівой у камедыі «Хто смяецца апошнім». На канфлікт у творы, вастрыню праблемы ў ім указвае ўжо сама назва п'есы, якая ўяўляе сабой самае, бадай, галоўнае пытанне жыцця: хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы зло і смяяцца апошнім? Прыгадаем крылатую народную мудрасць: добра смяецца той, хто смяецца апошнім. Заслуга Крапівы ў тым, што ён па-майстэрску стварае не толькі знешні, але і ўнутраны канфлікт — канфлікт чалавека з ворагам, што сядзіць у ім самім. Вобраз Тулягі нясе найбольшую нагрузку ў выяўленні філасофіі твора, аб чым сведчыць зноў жа яго назва: апошнім смяецца той, хто быў пагарджаны і прыніжаны, але хто здолеў узняцца з каленяў, перамог сябе. Самая цяжкая, але і самая вартая чалавека перамога — перамога над самім сабой. Крапіва-філосаф усім творам і найперш вобразам Тулягі сцвярджае, што перамога над злом, над «свінтусамі-грандыёзусамі» магчыма толькі ў выніку перамогі над сабой. Гэта і ёсць першая і галоўная ўмова перамогі ў такім баі. Сітуацыя, калі Туляга па волі «свінтуса-грандыёзуса» вымушаны быў сыграць не ўласцівую яму ролю, стала пераломнай у яго жыцці. Менавіта гэты момант стаў кропляй, што перапоўніла чашу цярпення Тулягі, і ён усвядоміў, які ён «баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці». I яму «сорамна стала», як сам ён у тым прызнаецца Левановічу. Першая ступенька на нялёгкім шляху да свайго вызвалення адолена, а далей — самы моцны пратэст з грудзей самага слабога. Выключны эфект уздзеяння на чытача гэтага таленавітага твора і асабліва вобраза Тулягі. Кожны відушчы ў Тулягу як у люстэрку здольны ўбачыць самога сябе, пазнаць свае ўласныя заганы. Нехта ўбачыць зайздрасць, нехта — высакамер'е і пыху, нехта — помслівасць, нехта ж ляноту ці ўпартасць. У кожнага — свой вораг, ад якога неабходна пазбаўляцца. Калі ж не змагацца, не «выціскаць з сябе па кроплі раба», то можна дакаціцца да стану, з нагоды якога аўтары класічнай літаратуры выбухалі гнеўнымі тырадамі. Згадаем Гогаля: «И до какой же гадости, низости, мерзости мог снизойти человек!» Толькі рашучы, бязлітасны бой прывядзе да перамогі, а розныя кампрамісы са сваім галоўным унутраным ворагам, пошукі самаапраўдання — гэта не бой, а толькі пустое мітушэнне. I як вынік — поўнае паражэнне і страта душы. Прыкладам такога мітушэння, а не бязлітаснага бою са сваім страхам, што завалодаў душой чалавека, з'яўляецца вобраз Карызны з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо». Мы ўсведамляем, што прычынай страху Карызны былі не толькі яго асобасныя якасці, але і бесчалавечныя абставіны. Яны вязьмом сціскалі яго душу і розум, такім вязьмом, што, каб ацалець фізічна, трэба было толькі секчы — секчы па жывым, крэўным, дарагім, спрадвечным. Але і паратунак той часовы, бо хто клапоціцца толькі пра цела — траціць урэшце і душу, і цела таксама. Бесчалавечныя абставіны справакавалі і рэалізавалі самыя горшыя якасці Карызны. Заціснуўшы вязьмом яго душу, яны не пакінулі яму ніякай магчымасці выбару, як выбавіцца без страты душы. I ў тым трагедыя Карызны і тысяч, нават мільёнаў такіх, як ён, каму было наканавана жыць у той «пракляты час». Аднак і сам Карызна ўсвядоміў свой поўны крах і ўсю бездань свайго падзення толькі тады, калі вязьмо заціснула яго. Да гэтага ён не толькі не змагаўся з нялюдскім у сваёй душы, але выпечшваў яго і тым самым быў ужо падрыхтаваны да таго, каб д'ябал прыйшоў па яго душу. I ў тым віна Карызны і як вынік — плата за яе. Ён дакаціўся ўжо не да «гадости, низоста, мерзости», як гогалеўскія персанажы, а да подласці — здрады і выраку сваіх бацькоў. Максімальная выява страты душы і адначасова максімальная плата за яе вынішчэнне. Зусім іншыя абставіны, што справакавалі горшыя чалавечыя якасці, склаліся для герояў апавядання У. Арлова «Клён». Тыя абставіны нельга назваць ні звышэкстрэмальнымі, ні выключнымі. Звычайныя бытавыя абставіны: сусед запатрабаваў спілаваць векавы клён, што стаяў на мяжы яго поля, бо бліз клёна бульба стала кепска радзіць. Шчымлівы боль, шкадаванне сямейнай рэліквіі, якая была сімвалам вечнасці і сімвалам роду гаспадара, засталіся толькі як мітушэнне, а не святая бітва ў душах гаспадара і аднаго з двух яго сыноў. У іх была магчымасць уратаваць святыню без усялякай пагрозы для свайго жыцця. Не жыццём заплаціць, а нейкай паслугай ці грашыма можна было дасягнуць згоды і паразумення з суседам. Але ў гаспадара і яго сыноў нават думкі такой не ўзнікала. Пасумаваўшы і падумаўшы, заплацілі душой. Выдатную форму абраў А. Вярцінскі для сцвярджэння думкі, што чалавек не бязгрэшны, але ёсць мяжа, пераступаць якую не дадзена нікому, хто хоча жыць па законах вечных, «законах прирожених». У вершы «Чалавек маленькага роста…» паэт даводзіць, што многае ў жыцці не залежыць ад цябе самога. Ні «чалавек маленькага роста», ні «чалавек маленькага розуму» не ў адказе за рост і розум, бо гэта залежыць не ад іх. Галоўная праблема верша сфармулявана пытаннем: «Чалавек душы маленькай, мог ты лепшым быць ці не?» Чалавек у адказе за стан сваёй душы, бо яна — абсяг поўнага яго валадарства. Цярпімымі і цярплівымі павінны быць людзі да недахопаў іншых — спагадлівымі будуць і да іх. Але само жыццё не даруе подласці, бо ёй не можа быць ніякага апраўдання:
Не позволяй душе лениться! Чтоб в ступе воду не толочь, Душа обязана трудиться И день и ночь, и день и ночь. М. Забалоцкі.Выканаць евангельскі запавет уваходзіць цеснымі варотамі і ісці вузкай дарогай, якімі не многія ходзяць і якія вядуць у годнае жыццё, магчыма, толькі калі будзе «душы і мускулаў работа». Лянота душы і цела заўсёды вызначаюць выбар шырокіх варот і прасторнай дарогі, якія вядуць да пагібелі. Шырокія вароты і прасторную дарогу выбраў Гукан, герой рамана I. Шамякіна «Сэрца на далоні», каб здзейсніць свае кар'ерысцкія намеры: чорнай няўдзячнасцю і подласцю «аддзячыў» людзям, якія выратавалі яму жыццё. I граф Паліводскі з рамана Чорнага «Пошукі будучыні» прасіў Сымона Ракуцьку выратаваць яго, абяцаў азалаціць за гэта, але потым страляў у свайго збавіцеля. Праз некаторы час, з'явіўшыся перад сваім выратавальнікам ужо не з ранейшым няшчасцем, а з сілай афіцэра польскага войска, Паліводскі разбурыў гняздо Сымона Ракуцькі, змусіў яго стаць выгнанцам. I прыклады душэўнай слепаты і чорнай няўдзячнасці, засведчаныя ў мастацкіх творах, можна множыць бясконца. Таленавітыя творы нацыянальнай літаратуры з пераканальнай мастацкай сілай даводзяць нам, што плата за грахі, за невыкананне «загадаў Божых» і парушэнне законаў вечных — вынішчэнне ўласнай душы, а кара — нябыт. Але што можа чалавек? Што залежыць ад яго? Якія яго магчымасці ў барацьбе са злом за выратаванне найперш сваёй уласнай душы? Ці здольны чалавек змяніцца да лепшага, уваскрасіць сваю душу? Аптымістычнымі і канцэптуальнымі ў творчасці Яна Баршчэўскага з'яўляюцца апавяданні «Ваўкалак» і «Вужыная карона» з кнігі «Шляхціц Завальня…». Гісторыяй жыцця сваіх герояў пісьменнік пераканальна даводзіць нам, што ад чалавека залежыць галоўнае — стан яго душы. Апавяданні славяць чалавека, які, спатыкнуўшыся, саграшыўшы, знайшоў у сабе сілы выбрацца з бездані свайго граху і вярнуць, уваскрасіць душу. Славяць чалавека, які перамог зло толькі пасля таго, як перамог самога сябе. У апавяданні «Вужыная карона» пераканальна паказана ўваскрэсенне душы ў выніку рашучага бою чалавека за сваю душу. Эвалюцыя душы кожнага чалавека пачынаецца з перагляду каштоўнасцей: Сямён зразумеў, што багацце ад нячысціка — тлен, не здольны зрабіць яго шчаслівым. Самае вялікае шчасце — каханне. У імя яго ён цалуе крыжык (а крыж — сімвал веры, без якой, як даводзіць Ян Баршчэўскі, чалавек «на ўсё гатовы») і кідае каменем у вужа. Метафарычна выяўляе Ян Баршчэўскі сваё разуменяе аднаго з пастулатаў хрысціянскай маралі, што «вера без добрых спраў мёртвая ёсць». Пацалаваць крыжык і кінуць каменем у вужа — рэалізаваць і пацвердзіць сваю веру і шчырыя памкненні на справе. Уваскрэсенне душы пачынаецца з усведамлення свайго граху, віны, з пакаяння і раскаяняя за ўчыненае. Наступная прыступка на лесвіцы жыцця — жаль, спагада няшчаснаму, адчуванне яго болю і пакут, як сваіх уласных. А канчаткова вырваць сваю душу ў нячысціка можна толькі добрымі справамі. Усе прыступкі на лесвіцы жыцця адолеў герой Яна Баршчэўскага, каб вярнуць сабе чалавечы воблік. Але аднаго ўсведамлення сваёй віны і пакаяння недастаткова. Рабі дабро ўсім, нават сваім крыўдзіцелям, даводзіць апавяданнем «Ваўкалак» Ян Баршчэўскі. I адначасова перасцерагае, заклікае быць асцярожнымі, клапаціцца пра стан сваёй душы, не пускаць у яе тое, што можа загубіць: зайздрасць, жаданне зла іншаму, хцівасць, помслівасць. Біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы відавочныя. I Біблія папярэджвае ўсіх нас, што зайздрасць — грэх вельмі вялікі, большы за забойства, бо зайздрасць паступова, кропля па кроплі забівае радасць жыцця і ўсведамленне таго, што дадзена чалавеку. Зайздрасць напаўняе яго душу неўтаймоўным жаданнем зла іншаму, каму дадзена тое, што яму не дадзена. Зайздроснік — жывы труп, непахаваны нябожчык, які выпраменьвае толькі зло. Зайздроснік — гэта ваўкалак, папярэджвае нас і Ян Баршчэўскі. Алегорыя Яна Баршчэўскага не толькі сродак займальнасці ці стварэння крытычных сітуацый, у якіх выпрабоўваюцца героі. Яна філасофская, яна — спосаб выяўлення пісьменніцкай канцэпцыі. У фантастычных апавяданнях Яна Баршчэўскага носьбітам і ўвасабленнем дабра з'яўляецца толькі чалавек. За рэдкім выключэннем, і намаганні чалавека, сродкі яго барацьбы з незлічонымі размаітымі сіламі зла таксама рэальныя — добрыя справы дзеля бліжняга свайго. Толькі ад гэтых добрых, канкрэтных і рэальных, а не фантастычных спраў гіне зло. Толькі Чалавек (а не, як у паганскіх ці літаратурных казках, птушкі ды звяры) супрацьстаіць злу ў розных яго абліччах: ката Варгіна, Белай Сарокі, чорнага сабакі, вужа, нават жамяры. Усе яны — слугі д'ябла. Супраць усіх іх — адзін Чалавек. I яго перамога вызначаецца станам яго душы і пабожнымі ўчынкамі. У гэтым — аптымізм, максімалізм і пафас сцвярджэння ў творах Яна Баршчэўскага. Вялікую мастацкую вартасць і неацэннасць духоўнага вопыту, засведчанага ў творы, уяўляе гутарка-балада У. Сыракомлі «Хадыка». У творы даследуецца не драма жыцця чалавека, а драма і эвалюцыя, уваскрэсенне яго душы. Твор уражвае не фабулай, а мастацкім выяўленнем біблейскай ісціны: у якую б бездань ні зрынуў чалавека яго грэх, заўсёды ёсць надзея (і што яшчэ важней — магчымасць) адрадзіць, уваскрасіць, выратаваць сваю душу. А скарыстаць гэтую магчымасць ці не — залежыць толькі ад чалавека. Трыццаць гадоў хаваўся Хадыка ў лесе ад людзей, жыў у адзіноце, «працаваў са слязамі», «у сабе нёс пагоню», бо гналі думкі, гнала пачуццё віны за пралітую кроў. I жывы пазайздросціў мёртваму, бо на тым няшчасным, па кім галосіць жонка, няма такога страшнага граху, як на ім, Хадыку… Адзінота, холад і голад не раз наводзілі на думку ісці да гасцінца і разбоем здабываць ежу ці налажыць на сябе рукі. Жыццяпісам Хадыкі У. Сыракомля акрэсліў вехі уваскрэсення чалавечай душы: усведамленне свайго граху, віны, раскаянне і шчырае, што са слязьмі прыйшло, пакаянне, цярпенне, малітва і вера, надзея і любоў да жывога, да працы, да людзей, сама праца і людская міласэрнасць — вось тое, што лечыць скалечаную душу. Пакутніцкі гэта шлях да ўратавання, але іншага проста няма. Споведзь лірычнага героя верша П. Броўкі вычарпальна вызначае тыя пакуты:
У ваходзьде цеснымі варотамі, бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі; Бо цесныя вароты і вузкая дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх. Евангелле ад Матфея.Ад голаду і адчаю асірацелае няшчаснае дзіця рэпрэсіраваных бацькоў вырашыла ў люты мароз сесці ў гурбу і пакінуць гэты нясцерпны свет. З такім намерам дзяўчынка выйшла на дарогу, а насустрач ёй ішла пахавальная працэсія. I нехта ў чорным падаў сіраціне бохан хлеба. У той сібірскай мясцовасці быў такі звычай: першага, хто сустрэнецца, калі выносяць нябожчыка з дому, надзяліць боханам хлеба. Першай была яна. Мёртвы выратаваў жывога… Вечнасць жыцця забяспечваецца выкананнем вечных законаў, сярод якіх галоўны — чалавечнасць. Гераіня гэтай праўдзівай гісторыі не расказвала пра сваё сіроцтва потым, а толькі пра тое, як надвячоркам быў пасланы ёй выратавальны бохан хлеба, дзякуючы якому пасля ночы наступіла раніца. Бохан хлеба стаў і паратункам, і знакам на ўсё жыдцё. Знакам таго, што «людзей ратуе толькі чалавечнасць», што «без чалавечнасці не будзе вечнасці», як даводзіць панчанкаўскі лірычны герой. Выратавальнікаў называюць праведнікамі. Літасцівыя і чыстыя сэрцам, яны здольны накарміць галоднага, напаіць сасмяглага, апрануць раздзетага, суцешыць зняверанага, прытуліць бяздомнага. Такія — шчасныя, бо сіла іх чалавечнасці настолькі вялікая, што яны здольны нават уратаваць «зачараваных смерцю», падняць з зямлі апантаных страхам і павесці іх за сабой. Адзін з такіх праведнікаў «лёг на змяіныя скруткі дроту. I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў прайшлі па яго спіне». Дзякуючы такім, як герой аднайменнага верша П. Панчанкі, «другія ішлі ў атаку… і сцяг перамогі ўздымалі ранкам на заваёваным рубяжы». Другі праведнік з рызыкай для ўласнага жыцця падтрымлівае таго, каго раз'ятраны, азвярэлы натоўп патрабуе раскрыжаваць. Трэці, як быкаўская Сцепаніда, не ведае спакою, начэй не спіць, апошняе гатоў аддаць, калі над некім занесены меч несправядлівасці і вынішчэння: хутчэй, можа, яшчэ не позна запабегнуць непапраўнае. Чалавечныя — гэта заўсёды багатыя духоўна. «I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннямі людской бядзе не дапаможаш. Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самаму крэпкім быць», — мудра настаўляе студэнта Архіпа дзед Яхім з апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне». Такой сілай і гатоўнасцю «другога вызваляць» валодае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Бачу я: нехта некага любіць…»:
Гэта няпраўда, што ад нас нічога не залежыць… В.Быкаў.Дачуўся нейкі зайздроснік пра вялікую славу аднаго мудраца і вырашыў перахітрыць, зняславіць яго. Выбраўшы зручны момант, калі той прамаўляў перад сціжмай людзей, зайздроснік выйшаў з натоўпу і запытаўся ў мудраца: — Скажы, матылёк у маёй руцэ жывы ці мёртвы? Сам жа намерыўся сціснуць далонь, калі мудрэц скажа, што матылёк жывы, і разняць, калі скажа, што мёртвы. — Усё ў тваіх руках, — адказаў мудрэц. Абставіны — гэта заўсёды вузел, вязьмо, якое, калі чалавек не здольны яго развязаць, зацісне, задушыць. Такія абставіны называюць «памежнымі», экстрэмальнымі. Усведамляючы ўсю небяспеку вязьма, што вось-вось заціснецца і развязаць якое будзе ўжо немагчыма, народны мудрагель Галілей з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» час ад часу выпраўляецца «ў цудоўную сваю экспедыцыю». Галілей «хоча пачуць нейкае мудронае, усеабдымнае слова, якое б маланкай асвяціла яму затуманены краявід». Адзін толькі Галілей адчувае вялікі неспакой перад тым, што набліжаецца. «Па разгайданым бурлівым моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае сонца…Гэта ішла сваім трыумфальным паходам непераможная рэвалюцыя». Краявід Галілея затуманены страхам перад невядомым: што праводзіцца? У імя чаго? Што будзе з чалавекам, калі «горды ў смелым поступе сваім карабель» зойдзе так далёка, што ні вярнуцца назад, ні ўратавацца на ім ужо ніхто не зможа? З гэтымі пытаннямі, толькі завуаліравана, іншасказальна, народны мудрагель звяртаецда да ўсіх, на чый одум яшчэ спадзяецца. Усім вядомы сюжэт пра гордзіеў вузел Галілей у кантэксце сучасных яму абставін прачытаў так: «Гардзей той завязаў быў дужа мудроны вузел і ў наругу цару Ляксандру — на, кажа, развяжы, калі ты разумней за мяне… Дык дар, не патрапіўшы, ага… выняў меч і — раз… перасек той вузел… ага перасек…» На пытанне Якуба Лакоты, хто ж з тых дваіх быў разумнейшы, Галілей затрос барадзёнкай: «Дурны быў цар… Дурны Ляксандр… Сячы кожны патрапіць… А хай развяжа, ага… хай развяжа!» Таталітарная сістэма з яе ідэалогіяй і пастулатам, што няма абставін, якія былі б за яе мацнейшыя, прапанавала ўсяму свету свой варыянт перамогі абставін — секчы, толькі секчы. I сячэнне тое прымеркавала якраз на самае жывое, вечнае — на духоўнае. Цынічна заявіўшы, што няма абставін, якія былі б мацнейшымі за чалавека, па чалавеку і чалавечым у ім якраз і секла. Выпрабоўваючы сваіх герояў менавіта бесчалавечнымі абставінамі, таленавітыя пісьменнікі-філосафы сучаснасці не адмаўляюць, што ёсць абставіны, якія мацнейшыя за самага моцнага. Выпрабаваўшы імі герояў, пісьменнікі адначасова даводзяць, што нават у такіх абставінах ёсць тое, што залежыць і ад чалавека. Творы В. Быкава, У. Караткевіча, Я. Брыля, А. Адамовіча і іншых пісьменнікаў нагадваюць усім нам, што «дзень той судны» будзе не толькі там і не толькі тады, калі будуць аддзелены адны ад другіх і адны сядуць праваруч ад Яго, а другія — леваруч. Час экстрэмальных абставін — «дзень той судны» тут і цяпер, і кожны чалавек сам вызначае, дзе яму сядзець — праваруч ці леваруч. Кожны чалавек у экстрэмальнай сітуацыі сам выбірае, у якую браму — цесную ці шырокую — яму ісці, ісці да жыцця ці пагібелі. Навела Я. Брыля «Метепtо mоrі» — псіхалагічнае і філасофскае даследаванне духоўных магчымасцей чалавека ў бесчалавечных абставінах. Рота аўтаматчыкаў акружыла і «спраўна накрыла» вёску, а бяззбройных людзей, жанчын, дзяцей і старых, сагналі ў адрыну, якую вось-вось падпаляць. З натоўпу няшчасных ахвяр поглядам зондэрфюрэра пісьменнік «выхоплівае» толькі аднаго — старога са «скамянелымі вачыма». I толькі адной гэтай дэталлю адказвае на пытанне, што ў такой сітуацыі залежыць ад чалавека. Змірыцца, скамянець і годна прыняць наканаванае лёсам. Сартраўскі герой Іблетта з апавядання «Сцяна» сваю волю і права ў аналагічнай сітуацыі вызначыў так: «Хачу памерці дастойна». Але менавіта такая скамянеласць, што ў падобнай сітуацыі азначае годнасць, не задавальняе зондэрфюрэра, і ён, як д'ябал, спакушае чалавека магчымасцю выжыць, калі ўсе астатнія загінуць пакутніцкай смерцю. Раструшчыць чалавека духоўна і адначасова павялічыць пакуты ўсіх тых, хто ўжо падрыхтаваў сябе да смерці, справакаваць людзей на выяўленне горшага — такі намер фашыста. Бо сказана: «не бойцеся забойцаў цела, душы не здольных забіць». Зондэрфюрэр не задаволіўся перспектывай знішчэння плоці — ён памысліў пра вынішчэнне душы і духу. Некалькімі дэталямі пісьменнік здолеў паказаць поўнае паражэнне зла і ўславіць перамогу духу: «момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў левай рукой… скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся…» Злосць, адчай апанавалі зондэрфюрэра. Чалавек, загнаны ў адрыну, стары, нямоглы, перамог яго, маладога, дужага, са зброяй у руках. Выбар, зроблены печніком, пераконвае нас, што сіла плоці — нішто ў параўнанні з сілай духу. Аўтарскае захапленне чалавекам, што выбраў цесную браму, якой ходзяць не многія і якая вядзе да жыцця вечнага, выяўлена ў словах: «I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве». В. Быкаў таксама выпрабоўвае ўсіх сваіх герояў бесчалавечнымі абставінамі, якія вызначаюць іх сутнасць, тут і цяпер аддзяляюць адных ад другіх. I такая прорва пакладзена паміж імі, што пасля зробленага выбару ім ужо не дадзена яе пераадолець, каб быць, як да выбару, зноў разам. Адны ўзнімаюцца да жыцця вечнага, другія звергнуты ў нябыт. Перад вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін Сотнікаў з аднайменнай аповесці пакінуў за сабой апошняе права свабоднага чалавека — права застацца чалавекам. Галгофа Сотнікава, як і многіх іншых быкаўскіх герояў, — гэта подзвіг духу, смерць у імя жыцця, выратаванне найперш сваёй уласнай душы. «Узыходжанне» — так назвала свой фільм Л. Шапіцька па аповесці «Сотнікаў», выявіўшы тым самым і сваё ўсведамленне і асэнсаванне духоўнага вопыту, засведчанага ў творы В. Быкава. Ёсць вялікае жаданне застацца чалавекам і пры гэтым захаваць сабе жыццё ў таварыша Сотнікава — Рыбака. Ён не можа змірыцца з тым, што ў бесчалавечных абставінах спалучыць гэтыя два жаданні немагчыма, а трэцяга не дадзена. Пакутліва шукае ён выйсця, спрачаецца з Сотнікавым, змагаецца сам з сабой, але марна. Спачатку Рыбак прапануе Сотнікаву паспрабаваць перахітрыць фашыстаў, пачаць гульню, «каб выйграць сабе жыццё — хіба гэтага мала? А там відаць будзе, толькі б не забілі. Толькі б вырвацца з гэтай клеткі». Дарэмна Сотнікаў даводзіць Рыбаку, што «гэта — машына», якой або будзеш служыць, або яна сатрэ ў парашок. I варта толькі пачаць з ёй хітрыкі — падзенне непазбежна. Шэраг малых і вялікіх здрадаў-хітрасцей Рыбака заганяе яго ў такую пастку, у якой ён нават пазбаўлены права і магчымасці распарадзіцца ўласным жыццём. Усвядоміўшы ўвесь жах спрычыненага і тое, што ён перахітрыў толькі самога сябе, Рыбак у адчаі вырашае здзейсніць «свой адзіна магчымы цяпер намер»: «Столь была невысокай, але, мабыць, для яго справы вышыні дастаткова. Са злой рашучасцю ён расшпіліў паўшубак і раптам аслупянеў — папругі на штанах не было. I як ён забыўся на тое, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць у падвал…» У аповесці «Сотнікаў» В. Быкаў вырашае яшчэ адну надзвычай важную этыка-філасофскую праблему — неадпаведнасць суб'ектыўнага намеру таму ўчынку, які вынікае з гэтага намеру. Праблема супярэчнасці паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі яе дасягнення неадлучная ад праблемы выбару. Учынкі людзей у выніку такога выбару паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі выходзяць з-пад кантролю. Зроблены ўчынак ужо набывае свой лёс, урываецца ў аб'ектыўную сувязь падзей, рэчаў, часта парушаючы ўсталяваны паміж імі парадак. Жаданне быць шчаслівым, калі вакол усе няшчасныя, імкненне выжыць у памежнай сітуацыі ўплываюць на выбар і ўжо вымагаюць ад героя амаральных сродкаў для дасягнення маральнай самой па сабе мэты. Калі чалавек ідзе на «гульню» з абсурднымі абставінамі, ён павінен быць падрыхтаваным, што «іграць» давядзецца па правілах абставін. Усведамленне таго, што немагчыма быць шчаслівым «у часы, калі гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», вызначыла выбар героя паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» Алеся Рыбкі ўбачыць «часы перамог» на цыферблаце свайго гадзінніка. У сітуацыі «чумы», як лічыць і камюсаўскі герой з рамана «Чума», «сорамна быць шчаслівым у адзіноце». Адзіная прывілея, як назваў В. Быкаў, «нават раскоша» сумленнага, свабоднага і моцнага духам чалавека ў бесчалавечных абставінах, адзінае, што ад яго залежыць, — застацца чалавекам. Усведамленне таго, многа гэта ці мала, залежыць зноў жа ад кожнага з нас.
Любіце адзін аднаго! З Евангелля. Варожасць — самае горшае У свеце людскім пачуццё. А. Вярцінскі.Самы першы з усіх «загадаў Божых» — не забі! Самы галоўны закон вечнасці, першая ўмова жыцця — не забі! Гэты закон вечнасці, усвядомлены пісьменнікам-філосафам М. Гарэцкім і дакляраваны нам з найбольшай палкасцю і незвычайнай сілай яго таленту: не забі! Асноўная тэма ўсёй яго шматграннай і багатай творчасці — антываенная. Творчасць яго — праклён вайне, вайна — вайне, заклік спыніцца і адумацца, мастацкае выяўленне філасофскай думкі, што вайна вынішчае выключна ўсіх: і таго, хто загінуў, і таго, хто перамог. Чалавек, які па сваёй ці якой іншай злой волі пазбавіў жыцця другога, знішчае і сваю душу. У апавяданні «Літоўскі хутарок» антычалавечая сутнасць вайны паказана праз трагедыю адной мірнай сям'і. Сюжэт апавядання просты: хутарок, дзе жыве сям'я Яна Шымкунаса, за кароткі час некалькі разоў пераходзіць то да немцаў, то да рускіх і з'яўляецца полем бою дзвюх армій. А баі былі такія, што, як казаў палкоўнік па тэлефоне, забітых «няма сілы падабраць»: «Ляжаць цэпкамі, калонамі. Бог іх ведае, ці забіты так, ці параненыя спаўзліся ў адзін груд. Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі». Вайна паказана Гарэцкім не толькі як трагедыя вынішчэння жыцця, яго плоці. Нікому з пісьменнікаў да Гарэцкага не ўдалося з такой пераканаўчасцю і мастацкай сілай паказаць як вынішчэнне вайной асобнай душы, так і масавае вынішчэнне душ. Глыбіні філасофскай думкі садзейнічае кампазіцыя апавядання і вобраз Шымкунаса. У пачатку апавядання добры, далікатны і мудры Шымкунас паказаны як чалавек, перакананы ў тым, што і рускія, і кайзераўскія салдаты такія ж людзі, як яго Блажыс, што недзе таксама вымушаны ваяваць і разам з іншымі пайшоў «спраўляць крывяныя хаўтуры». Таму на пытанне феерверкера Сініцы, «куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец», дачка Шымкунаса адказвае, што не будзе хавацца, бо «прусы — народ дужа прыгожы». Так думае не толькі наіўнае дзяўчо, але і мудры Шымкунас, мяркуючы, што пагроза лёсу можа прыйсці толькі ад шалёнага снарада. Мудры Шымкунас не ведаў, што калі «два ворагі-асілкі» сыходзяцца, то перастаюць дзейнічаць, руйнуюцца і ўсе вечныя законы людскасці. Сапраўды, няма добрых ці кепскіх народаў, ёсць людзі, якіх вайна справакавала на нялюдскасць. Той, хто, як Шымкунас, не толькі пабачыў «ашклянелыя вочы, рукі са сціснутымі кіпцямі і ўзнятыя ўгору, кроў», але і сам прайшоў праз пекла вайны, не раз зазіраў смерці ў вочы, аддае ёй спачатку сваю душу, хаця плоць яго пакуль яшчэ жыве. Сапраўды, і рускія, і кайзераўскія салдаты да блізкай сустрэчы са смерцю — яшчэ людзі, нават «добрыя людзі». Шчыра супакойвае Шымкунаса рускі салдат, што «мірных жыхароў чапаць забараняецца» і што за ўсе панесеныя страты ім заплацяць. А нямецкі салдат праз перакладчыка Глюкмана прапануе Шымкунасу пакаштаваць іхняга хлеба. У пятым раздзеле апавядання пераканаўча паказана, як чалавек на вайне, кіруючыся яе законамі, пераступае парог, за якім ужо перастае быць чалавекам. Ні баяцца, ні саромецца больш няма чаго — вайна ўсё спіша. «Ці магу я саромецца гэтых дзікароў», — кажа адзін. А другі свае брыдкія, жывёльныя намеры апраўдвае нават тым, што гэта будзе садзейнічаць «паляпшэнню заняпалых народаў» і прывіццю «высшай культуры фізічным шляхам». I наладжваюць пір у час чумы: «танцуюць немцы ў Марыампалі пад грамафоны, мірным людзям за ўсё-ўсякае штых да грудзей, а дзяўчын ды маладзіц крыўдзяць». Вобраз прыгажуні Монці, дачкі Шымкунаса, у апавяданні не толькі трагічна-канкрэтны, але і сімвалічны. Як прыгажосць — тая сіла, што здольна ўратаваць чалавецтва, так і вайна — сіла, што здольна яго знішчыць. Асаблівага трагізму дасягае пісьменнік у апошнім раздзеле апісаннем «раскіданага гнязда» Шымкунаса і зруйнаваных людскіх душ. У Апакаліпсісе напісана пра час, калі жывыя будуць зайздросціць мёртвым. Для герояў апавядання М. Гарэцкага такі час ужо настаў: жывыя не хочуць жыць. «Не магу я маліцца і жыць не хачу» — вось вынік страшнай трагедыі, што нясе любая вайна. Традыцыі М. Гарэцкага ў паказе вайны прадоўжаны лепшымі майстрамі слова сучаснасці. Асаблівага ўздзеяння на людскія пачуцці ў сцвярджэнні той жа філасофскай думкі, што вайна вынішчае душы, дасягаюць В. Быкаў у аповесці «Пакахай мяне, салдацік» і А. Дудараў у п'есе «Радавыя». Кожным радком, кожным словам усіх сваіх твораў В. Быкаў папярэджвае і даводзіць, што найвялікшая трагедыя вайны заключаецца ў вынішчэнні духоўнасці і разрыве повязяў паміж вякамі і пакаленнямі, без чаго само існаванне жыцця на зямлі становіцца праблематычным. Жывыя ставяць абеліскі мёртвым, але, як нагадвае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Іх апошняя воля», «лепшая памяць аб мёртвых — ваша любоў да жывых». Фантастычным прыёмам ад імя загінуўшых лірычны герой А. Вярцінскага нагадвае жывым: «Мір — гэта самае большае, чаго б мы хацелі ад вас». Сапраўды, «былі сусветныя войны, сусветнага міру — не». Сусветны мір наўрад ці залежыць ад кожнага з нас, але мір і згоду ў нашым доме вызначаем мы самі. Сусветны мір жывіцца, як акіян малымі і вялікімі рэкамі, згодай і мірам малых і вялікіх дамоў, у якіх жывём мы. Увесь свет можа ўратаваць і аб'яднаць святая ідэя бесканфліктнага супольнага жыцця, бо ўся «зямля — наш агульны дом», як даводзіць гераіня рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Усе мы, імгненне пабыўшы ў гэтым доме, паляцім да зор. I нічога, акрамя сваіх душ, туды мы ўзяць не зможам — усё, з-за чаго вар'яваліся, калаціліся, сварыліся, пакінем тут. Многія нашы паэты-філосафы заклікаюць нас да такога разуменяя, а праз яго і да паразумення. Усёй сваёй паэзіяй А. Вярцінскі сцвярджае ідэі дабра, міру, згоды, узаемаразумення паміж людзьмі: «Варожасць — самае горшае ў свеце людскім пачуццё. Дружыце — і будзе харошае, прыгожае ваша жыццё». Ідэяй бесканфліктнага жыцця як умовы нашага існавання, гуманістычным пафасам прасякнута ўся творчасць Вярцінскага. Яго лірычны герой — інтэлігентны, выхаваны, памяркоўны чалавек, які схільны да разваг, да пераацэнкі каштоўнасцей, здольны ўбачыць высокае неба ідэала (адзін са зборнікаў паэта так і называецца: «Высокае неба ідэала»):
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа вынішчаюць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць; Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не вынішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць; Бо, дзе скарбы вашыя, там будзе і сэрца ваша. З Евангелля.Не страшна, што ў свеце ёсць зло. Гэта не падстава для роспачы ці абурэння. Якую б гарманічную і справядлівую форму супольнасці ні прыдумалі людзі, зло будзе нават у ёй. Яно было, ёсць і будзе, як была і ёсць ноч, але за ноччу абавязкова будзе дзень. «Усё мінаецца», — напісана на пярсцёнку цара Саламона. На свеце заўсёды будуць тыя, хто збірае сабе скарбы толькі на зямлі, а значыць, і сэрцы іх будуць там жа і будуць выпраменьваць зло. Не страшна нават, калі зла вельмі многа. Страшна, калі яго столькі, колькі дабра. Тады — разлад, развал, злом. «Дабро і зло ў аднолькай мерцы» — гэта войны («рака затоўчана крывёю»), незлічоныя ахвяры («удава заводзіць каля крыжа»), сацыяльная няроўнасць і несправядлівасць («адзін накраў — багацце ўмножыў, другі згалеў»)… Яшчэ страшней, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне» (Янка Купала). Гэта — баль сатаны і сатанінскі тур. Так бывае, калі дабро не проста пераможана, зрынута, але пастаўлена на службу злу, калі «аслу з напоўненай машною леў акаваны лапы ліжа». «Свінтус грандыёзус» Гарлахвацкі цынічна заяўляе, што ён «так тут зблытае карты, што свой свайго не пазнае», і тады ён зможа на спінах іншых «у вялікія вучоныя выехаць». Гэта ўжо зло ваяўнічае. I ўсё ж са злом лягчэй змагацца, калі яно відавочнае. «На свеце трэба быць асцярожным» — адзін з лейтматываў кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…». Зло ў алегарычных апавяданнях паказана не толькі ў вобліку агідных пачвар, цмокаў, карузлікаў (фантазія пісьменніка неабмежаваная ў абмалёўцы зла), але вельмі часта яно надзвычай прывабнае, зманлівае, зіхоткае: «і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні» («Белая Сарока»). Страшнай сілай валодае зло ў белых адзеннях, у авечай шкуры, перасцерагае пісьменнік. Яно вабіць, захапляе, бярэ ў палон, нішчыць волю і пачуцці, «святыя думкі блоце», як пра тое даводзіць і Янка Купала ў вершы «Разлад». Ян Баршчэўскі на канкрэтных прыкладах паказаў, як здольна такое зло зблытаць «святыя думкі». Каханая, пра якую так марыў, жыць без якой не мог, становіцца Альберту ўжо непрывабнай: ён убачыў у ёй тысячу заганаў. Менавіта зло ў белых адзеннях прагне валадарства не адной, а ўсімі душамі. Белая Сарока прыслала Скамароху вялізны мех золата, «каб быў верны сам і іншых знайшоў, адцаных ёй», здольных пайсці ў шырокую браму, што вядзе да пагібелі. П. Панчанка вершам «Мала сказаць: ненавіджу…» папярэджвае, што зло «хітра маскіравацца вучыцца спрытна штодня». Яно бярэ на ўзбраенне дэвіз дабра «з ворагам біцца і выжыць, нібы салдат у баю» і кіруецца ім у барацьбе з праўдай, святлом, якія для зла найпершыя ворагі. Выявы зла бываюць самыя разнастайныя. Іранічна, здзекліва-сатырычна паказаў Ядвігін Ш. у байцы «Дачэсныя» розныя выявы зла: сацыяльную несправядлівасць, няўдзячнасць, азвярэласць, рабунак, ашуканства, «мудрахітрыя пастанаўленні», дыктатуру, сутнасць і якасць улады, якую «паднялі з гразі», і тых, хто такую ўладу падняў… Пісьменнік пераканальна паказаў небяспеку давядзення грамадства да такога стану, калі яго можна завесці ў лес, абудзіўшы самыя нізкія інстынкты і пачуцці, у лес, дзе правяць воўчыя законы, галоўны з якіх — закон сілы. Леў навучае ваўкоў: «Не перабіраючы, што і чыё, хапайце і ешце». Рабуй нарабаванае, жыві ў лесе, дзе правіць закон сілы. I сталіся ўжо гэтыя, некалі сумленныя, ваўкі самі дачэснымі гаспадарамі. Сталася тое, што расійскі паэт Ігар Губерман вызначыў з выключнай дакладнасцю:
Предел на белом свете есть всему, Лишь подлость человечья беспредельна. Я. Еўтушэнка.Добра смяецца той, хто смяецца апошнім. Галоўнае пытанне жыцця і адпаведна адна з асноўных праблем мастацтва — хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы «сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя», каб зло ляцела пад адхон, а дабро святкавала перамогу? Трагедыя і ў жыцці, і ў мастацтве вызначаецца балем сатаны, як трыумф жыцця — перамогай дабра. Сцвярджаючы, што перамога дабра магчыма толькі ў выніку бязлітаснага бою са злом, пісьменнікі нашай нацыянальнай літаратуры папярэджваюць, што гэты бой нялёгкі. Зло «хітра маскіравацца вучыцца спрытна штодня». Сілы зла, як даводзіць Ян Баршчэўскі, «здольны пладзіцца, як звяры, бо людская злосць ім добрая паша». Сілы зла здольны аб'ядноўвацца, як пра тое ў народзе гаворыцца: чорт чорта пазнаў і на піва пазваў. Сілы зла не ведаюць ніякіх маральных бар'ераў. Сапраўды, на свеце ўсяму ёсць мяжа, і толькі зло і чалавечая подласць бязмежныя. I ўсё ж аптымізм нашай літаратуры, яе сцвярджальны пафас у тым, што яна пераканальна і з вялікай мастацкай сілай паказвае: вынік і поспех у нялёгкай барацьбе са злом рэальны і магчымы. Гэта такая ж аб'ектыўная данасць, як і тое, што на ўсялякую сілу ёсць другая сіла. К. Крапіва ў камедыі «Хто смяецца апошнім» вобразамі Левановіча і Веры пераканальна даводзіць, што перамога над злом магчыма толькі пры агульных намаганнях усіх сумленных і здаровых сіл у грамадстве. Драматург славіць высакароднасць і здольнасць людзей дапамагчы іншаму ў сітуацыі, якая можа быць небяспечнай для іх саміх. Дабро толькі тады дабро, калі яно дзейснае, калі здольна абараніць сябе і справу, якой яно служыць. Вобразам Чарнавуса пісьменнік славіць прафесіяналізм, адданае служэнне справе і адначасова папярэджвае, што філасофія «мая хата з краю» можа нашкодзіць і таму, хто яе прытрымліваецца, і справе, якой служыць адцаны і сумленны чалавек. Чарнавус выдатна ведаў і разумеў сутнасць Гарлахвацкага, якую вычарпальна, хоць і з уласцівай яму тактоўнасцю, вызначыў Туляга: «Свет пройдзеце, другога такога не знойдзеце». Ведаў і разумеў, але стараўся адмежавацца ад усяго, спадзеючыся, што ні яго самога, ні яго справы гэта не кране. Вельмі шкодная і небяспечная пазіцыя, гэтаму і ў жыцці, і ў гісторыі «мы тьму примеров слышим». Сваё дзікае паляванне зло якраз і пачынае найчасцей на тых, хто намерваўся ў зацішку пераседзець навалу. Вынішчаючы сумленныя, здаровыя, але пасіўныя сілы дабра, зло тым самым расчышчае сабе дарогу і рыхтуе атаку на актыўныя, каб лягчэй было расправіцца з імі. Незвычаішай таленавітасцю і вастрынёй сацыяльных праблем, у ёй узнятых, вызначаецца камедыя М. Матукоўскага «Мудрамер». Драматург б'е ў набат, што самае страшнае зло — зло, надзеленае ўладай. Выявы зла бываюць розныя, але асабліва небяспечныя для грамадства «аслы на ваяводстве» — дурні, што дапялі пэўных вяршынь улады. Пісьменнік сцвярджае, што для нашага ж выратавання неабходна стварыць сацыяльныя бар'еры для дурняў, якія прагнуць улады і могуць яе дасягнуць. Патрэбны «мудрамеры», якія беспамылкова вызначалі б інтэлектуальны ўзровень кожнага, хто прагне «вялікага хамута». Вынаходства таленавітага Мурашкі — мудрамер. Здавалася б, усе могуць цяпер уздыхнуць з палёгкай: нарэшце! Аднак і ў творы гэта толькі завязка. Дзеянне ў п'есе не раз дасягае момантаў высокага напружання, аднак заканчваецца камедыя… трагічна, што, здавалася б, супярэчыць усім законам жанру. У фінале п'есы вынаходнік Мурашка даведзены да адчаю ўсведамленнем таго зла, якое натварыў ён сваім вынаходствам. Яго мудрамер скарысталі бюракраты і дурні ва ўладзе, каб яшчэ больш умацавацца з яго дапамогай. Бюракраты павялічылі і без таго непамерна раздутыя штаты і адкрываюць ужо «інстытут мудраметрыі», заручыўшыся тым, што мудрамер у іх ужо ёсць. I зараз дурні будуць вымяраць мудрасць іншых! У адчаі Мурашка топіць сваё вынаходства, але з вады ўжо нясуцца гукі гімна «Слаўся!», што азначае геніяльнасць яго аўтара. Геніяльнае ў нашым грамадстве сёння пакуль што ў адчаі, бо ваяўнічая шэрасць і дурасць правяць баль. I так будзе, пакуль Мурашкі не аб'яднаюцца з Дабрыянамі, Чарнавусамі, Тулягамі. Адзін у полі не воін! Толькі хаўрус усіх сумленных і здаровых сіл можа супрацьстаяць сілам, «у шэрую бронь» адзетым. Асабліва настойлівы ў сцвярджэнні гэтай думкі I. Шамякін. Пісьменнік часта выпрабоўвае сваіх герояў сяброўствам і з уласцівай яму мастацкай сілай і пераканальнасцю славіць сапраўднае сяброўства паміж людзьмі. Прыгадаем вялікае і кранальнае сяброўства Сені Пясоцкага і Пятра Шапятовіча з пенталогіі «Трывожнае шчасце». Наша захапленне сяброўствам Яраша і Шыковіча, герояў рамана «Сэрца на далоні», нельга лепш выказаць, як праз усведамленне Зосі: «Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы». Так думае Зося, назіраючы цёплыя, шчырыя адносіны паміж сябрамі, знешне такімі рознымі, але аб'яднанымі агульным — сумленнасцю. Так думаем і мы, усведамляючы, што толькі еднасць сумленных людзей здольна супрацьстаяць злу ў самых агідных яго выявах. Гэтымі вобразамі пісьменнік дае нам урокі аптымізму, пераконвае, што сілы дабра, калі яны дзейнічаюць супольна, заўсёды мацнейшыя за сілы зла. Урокі паспяховай барацьбы са злом дае нам і В. ДунінМарцінкевіч вобразам Юліі з п'есы «Ідылія». Можна скептычна ставіцца да «хітрага» плана дваранкі Юліі выдаць сябе за сялянку, закахаць у сябе франкамана і ненавісніка ўсяго нацыянальнага — Лятальскага, каб паўплываць на яго стаўленне да народа. Але ніяк нельга адмаўляць думку пісьменніка, што гармонія знешняй і ўнутранай прыгажосці, дасканалы розум, часам нават хітрасць і хаўрус з усімі, хто, так ці інакш, паспрыяе высакароднай мэце, — дзейсныя сродкі ў барацьбе са злом. Галоўны ўрок Юліі ўсім нам не столькі ў тым, што яна сваім «хітрым» планам паўплывала на франкамана Лятальскага, а ў тым, што яна вывела на чыстую ваду Банавантуру Выкрутача. Ён быў упэўнены, што апошняе слова будзе абавязкова за ім, што смяяцца апошнім будзе ён. Атрымалася наадварот. Вобразам Юліі пісьменнік даводзіць, што для таго, каб дабро смяялася апошнім, недастаткова толькі высакародных намераў, адвагі і гатоўнасці рызыкаваць у імя перамогі над злом. Адвагу і высакароднасць зло часам касуе з лёгкасцю, а вось з дасканалым розумам і супольнымі намаганнямі справядлівых сіл яму не справіцца. Даючы нам рэцэпты паспяховай барацьбы са злом, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры вучаць і папярэджваюць нас, што ваяўнічасць зла намнога лягчэй папярэдзіць, чым потым з ім змагацца. Запабегнуць ваяўнічасць зла можна толькі клопатам і дбаннем пра духоўнае, бо «людская злосць яму (злу) добрая паша», даводзіць Ян Баршчэўскі творам «Шляхціц Завальня…». Чалавек стане годным уладаром і зямных скарбаў, калі навучыцца пазнаваць і любіць духоўнае. Пісьменнік нецярпімы да тых, хто гоніцца за багаццем «не дзеля таго, каб рабіць дабро бліжнім, а каб нічога не рабіць, або — што яшчэ горш — каб шкодзіць. Але што ж далей?». На ўсё жыццё шляхціц Завальня засвоіў урок бацькі: «добры лёс і ўладу над зямнымі скарбамі — дзеля бліжніх сваіх». «На свеце трэба быць асцярожным». Быць асцярожнымі і пільнымі заклікае нас пісьменнік менавіга для таго, каб зло не распладзілася і не стала ваяўнічым. Толькі лічаным героям фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага Удалося перамагчы зло, усіх астатніх яно перамагло. I ў гэтым рэалізм пісьменніка і яго філасофія. Пісьменнік сцвярджае таксама і магутную сілу слова, перасцерагае ўсіх, хто лічыць, што «слова — вецер, які не можа ані дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць». Славячы выратавальную сілу слова, ён заклікае нас быць пільнымі да таго слова, якое здольна пашкодзіць, разбэсціць, паклікаць у шырокую браму, што вядзе да пагібелі. У апавяданні «Вучань Твардоўскага» пераканальна паказана, што асабліва магутнай сілай, як стваральнай, так і разбуральнай, валодае слова настаўніка і святара-духоўніка, бо яно палоніць душы людзей. Пра чысціню душы і павшей быць пільны клопат чалавека. Тэрыторыя любові і дабра — сумленная душа, авалодаць якой зло бяссільна. Там, дзе занядбана духоўнасць, пладзіцца зло і становіцца ваяўнічым. I вось тады бой з ім ужо непазбежны. А ніякай бітвы не бывае без ахвяр. I вялікай платай, якую запатрабуе перамога дабра над злом, будуць і сумленныя сілы. Запабегнуць ваяўнічае зло — ашчаджаць, зберагаць сілы дабра, а значыць — зберагаць само жыццё.
…Людская кохания и мысли суть собь противна. Един бо в том ся кохаеть, тое хвалить и о том мыслит, а другый другое, а иный иное. Ф. Скарына.Прага шчасця, як і прага жыцця, асабліва моцная ў чалавеку. Няма, бадай, на свеце чалавека, які б не хацеў быць шчаслівым, не марыў бы пра шчасце і не імкнуўся да яго. Аднак, як слушна даводзіць Ф. Скарына, людскія памкненні і пачуцці адносна шчасця супярэчлівыя. Усе хочуць быць шчаслівымі, але кожны разумее шчасце па-свойму. Цэнтральнай праблемай філасофскага рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні», якая вызначае і многія іншыя праблемы (духоўнага і матэрыяльнага, вечнага і марнага, любові і нянавісці, праблемы бацькоў і дзяцей, шлюбу і сям'і), з'яўляецца праблема шчасця. Усе героі рамана апантаны прагай шчасця, настойліва ідуць да яго, толькі кожны разумее шчасце па-свойму. Калі б меў усё «золата свету» і магчымасць валадарыць усім светам, калі б валодаў усёй славай свету, — усе гэта аддаў бы Нявада і стаў бы «прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць». Удзельнік імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў, вязень канцлагера і ваеннапалонны, які даўным-даўно вымушаны быў пакінуць дачушку Волечку і родныя Сумлічы, марыць пра шчасце хлебароба і сейбіта на роднай зямлі. Радзіма для яго — Волечка і шыпшына. «Без Волечкі і шыпшыны няма для мяне і роднай бацькаўшчыны. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапіцца», — дзівіцца Нявада, слухаючы гісторыю графа Паліводскага. I Сымон Ракуцька, як і Нявада, бачыць сэнс жыцця ў сям'і, яе дабрабыце, забяспечанай будучыні дзяцей. Трагічны, пранізлівы і шчымлівы гэты вобраз. Заслуга Чорнага ў тым, што ён стварыў пераканаўчы псіхалагічны партрэт беларуса з яго адметнай нацыянальнай рысай — любоўю да радзімы, роднага гнязда, клопатам пра дзяцей, сям'ю: «Чалавек гэта быў дзіўны. Як ніхто іншы, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў саломіна за саломінай». Гэта ў ментальнасці беларуса — пільнавацца свайго гнязда, ратаваць яго ад каршуноў і наперакор усяму зноў віць, калі яго разбурыць віхурай… Прагай менавіта таго, ад чаго без вагання адмовіўся б Нявада, апантаны Шрэдэры, старэйшы і малодшы, — прагай золата, з якім яны звязваюць усе свае думкі пра будучыню. Таму і пусціліся яны ў небяспечнае падарожжа, каб выправіць ранейшую «памылку»: знайсці і забраць падараванае некалі Волечцы за выратаванне золата. Гэтыя людзі дзеля абагачэння гатовы на ўсё: на рабунак, марадзёрства. Жонка Шрэдэра Гертруда, жывучы ў маёнтку, падараваным ёй акупантамі, думае, што дасягнула шчасця, бо сынзаваёўнік і войска фюрэра забяспечаць ёй багатае жыццё. Яе ніколькі не мучыць сумленне і думка, што адабранае, нарабаванае не прынясе шчасця, што за ўсё трэба будзе заплаціць. I расплата спасцігла іх на гэтай зямлі: жанчына гіне, а муж не мае сіл нават пахаваць яе. Не вярнуў назад золата і Шрэдэр-старэйшы, што двойчы прыходзіў на нашу зямлю: у першую імперыялістычную вайну — з мячом, у другую — пад аховай мечаносцаў. Загінуў ад куль партызана Кастуся Лукашэвіча, мужа Волечкі Нявады. Так і не паспеў разабрацца ні ў сабе, ні ў тым, ці прынесла яго золата шчасце і карысць каму-небудзь іншаму. У вобразах Волечкі Нявады і Кастуся Лукашэвіча ўвасоблена аўтарскае ўсведамленне кахання і сям'і як найвялікшай каштоўнасці чалавека. Каханне і ёсць тое золата, якое адно і варта Чалавека, якім і ўзнагароджвае яго лёс за духоўнае багацце, цярпенне… Старонкі, прысвечаныя нараджэнню гэтага кахання, самыя светлыя і лірычныя ў рамане. I што закаханым багацце! Што ім тое золата, якое яны трымаюць у шуфлядцы стала, як нейкі клубок нітак, калі багацце і золата ў іх душах! Герояў (і «праведнікаў», і «зладзеяў») аб'ядноўвае тое, што ўсе яны — натуры моцныя, настойлівыя ў дасягненні сваіх мэтаў, і ў гэтай настойлівасці выключныя, здольныя на выбар: «Лепш грызці зямлю ў родным кутку, чым каб цябе ліхім ветрам кідала па чужым свеце». Так думае Нявада. Іншыя героі вырашаюць, што для іх «лепш», што важней, і ад гэтага выбару залежаць і іх жыццёвыя шляхі. Цэнтральнай праблемай кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» таксама з'яўляецца праблема шчасця. Героі Яна Баршчэўскага апантаны прагай шчасця і знаходзяцца ў вечным пошуку яго. I вядома, кожны разумее шчасце па-свойму. Пра яго героі спрачаюцца не толькі адзін з адным, але нярэдка і самі з сабой, адмаўляючыся ад свайго першапачатковага разумення шчасця. Шчасце — гэта шанц, удача, лёгкае бесклапотнае жыццё і багацце, лічаць Карпа («Пра чарнакніжніка і пра цмока…»), Сямён («Вужыная карона»), Альберт («Вогненныя духі»), I ўсё ж «меў Карпа грошы, меў і павагу, але ж ці ў гэтым шчасце?» I Сямён прыйшоў да пераканання, што найвялікшае шчасце — каханне; яно і натхніла яго на барацьбу з нячысцікам і адмаўленне ад багацця. I Альберт не змог купіць спакою ні за якія скарбы. Шчасце — быць вышэй за ўсіх, лічыць Васіль («Зухаватыя ўчынкі»), але ўсе ад яго адвярнуліся… «Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару» — жыццёвае крэда Люцэфугі. Усіх герояў фантастычных апавяданняў родніць і тое, што да канчатковага ўсведамлення шчасця яны прыходзяць у выніку расчаравання, пераацэнкі каштоўнасці і эвалюцыі душы. Дорага заплацілі ўсе героі за памылковасць сваіх думак, за сваю прыдуманую імі праўду. А праўда, настойліва даводзіць Ян Баршчэўскі, на ўсіх адна — праўда веры. Разуменне шчасця з'яўляецца меркай духоўнасці ўсіх герояў і адначасова вызначае іх сутнасць, іх жыццёвыя шляхі, нават лёс. Лірычны герой А. Пушкіна катэгарычна заяўляе: «На свете счастья нет, а есть покой и воля». Тым самым сцвярджае, што спакой і свабода з'яўляюцца адзінай меркай шчасця. Лірычны герой А. Куляшова не менш катэгарычны ў сцвярджэнні адваротнага: «Спакойнага шчасця не зычу нікому». Для лірычнага героя заспакоенасць, статычнасць і шчасце — паняцці несумяшчальныя. Катэгарычнае («не зычу нікому») адмаўленне «спакойнага шчасця» выяўляецца праз асацыяцыі: ручай тады асабліва жаданы, калі неабходна спатоліць смагу; увага толькі тады многага вартая, калі яна шчырая і заслужаная, а не зайздрослівая, крывадушная; і «лес без зязюлі» — трагедыя і абсурд, як шчасце без імкненняў і парыванняў. …Адзін мудры чалавек на пытанне, што ён у жыцці любіць больш за ўсё, адказаў: «Само жыццё». Лірычны герой вершаў Максіма Танка не толькі шчыры, чулы, высакародны, але і мудры. Праз усведамленне лірычнага героя Танк у вершы «Шчасце» сцвярджае простую і вечную ісціну: шчасце — гэта само жыццё. Усё пералічанае паэтам — выявы жыцця. Верш насычаны аднароднымі дапаўненнямі («з солі, з хлеба… з поту, з дарожнага пылу, з роднага небасхілу, з дружбы… з песні»), пасля якіх — шматкроп'е. Кожны можа прадоўжыць гэты пералік жаданымі для сябе выявамі жыцця, але ўсведамленне таго, што «простае шчасце людское», аб'яднае нас усіх. Усведамленне жыцця як шчасця ва ўсіх яго праяўленнях — сведчанне мудрасці, аптымізму і жыццястойкасці чалавека наогул і лірычнага героя Танка ў прыватнасці. У вершы «Шчаслівы дзень» заключана філасофская думка, што якім бы мудрым ні быў чалавек, якімі б здольнасцямі ўбіраць у сябе вопыт папярэднікаў ні валодаў, — адкрыццяў на ўласным шляху яму не пазбегнуць. Немагчыма ўхіліцца ад вырашэння праблем «праўды, няпраўды, дружбы, кахання, жыцця і смерці». Шчаслівы той дзень, лічыць паэт-філосаф, калі чалавек пераасэнсаваў раней асэнсаванае, калі змог перагледзець свае каштоўнасці. Шчаслівы дзень вызначаецца словамі «I аказалася», бо чалавек на сваё ранейшае «Я думаў» глядзіць ужо з вышыні вопыту, сталасці розуму і душы. Творы нацыянальнай літаратуры даюць чытачу магчымасць усвядоміць і асэнсаваць засведчаны ў іх духоўны вопыт і ўзбагаціць ім свой уласны.
Наиболей любовь ко всим да соблюдает, еже ест совершена над все иныя дарования, без нея же ничто поспешно ест. Ф. Скарына. А ў сэрцы хораша было, — Там запалілася цяпло. М. Багдановіч.«Пачынаецца ўсё з любві», валадарыць светам любоў, вызначае стан душы і вечнасць жыцця толькі любоў. Нават калі пакідае вера і знікае надзея, то застаецца любоў, бо яна мацнейшая за ўсе чалавечыя пачуцці, бо яна «совершена над все иныя дарования». У нашай роднай мове ёсць прыгожае слова для вызначэння самага светлага пачуцця паміж мужчынам і жанчынай, пачуцця, якое і з'яўляецца пачаткам усяго — пачаткам жыцця. Гэтае слова — каханне. Каханне ўслаўлена «высокаю красою» паэтычных радкоў многіх таленавітых твораў. «I прад высокаю красою» паэзіі М. Багдановіча, у якой выяўлена і апета самае вартае чалавека пачуццё, схіляемся і мы. Палоніць нашу душу і эпічнае, як у «Вераніцы», і лірычнае, як у рамансе «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…», выяўленне самоты па нязбытным каханні і адначасова ўдзячнасці лесу, за тое, што яно было ў жыцці, што сустрэў свой «вечны цэль» — свой ідэал. Мы ведаем, што ў гэтых вершах і трагедыя самога паэта, што гэта яго ўласны помнік свайму трагічнаму і адначасова шчасліваму каханню:
Маці — адна ты!.. П. Броўка.Пакахаў юнак дзяўчыну, а тая запатрабавала, каб ён прынёс ёй матчына сэрца, — і тады адкажа яму ўзаемнасцю. I юнак выканаў тую ўмову… А калі нёс сваёй каханай матчына сэрца, спатыкнуўся і выцяўся. I сэрца спыталася: «Ці не балюча табе, сынок?» Самаахвярнасць і ўсёдаравальнасць — вышэйшая выява святой любові, бо толькі святыя здольны на такое пачуццё. Кожнаму грэшнаму разам з жыццём даецца і чалавек, праз якога прыходзіць жыццё, і да скону яно асветлена святым пачуццём матчынай любові. Гэтую любоў нельга вызначыць, вытлумачыць, вымераць, бо яна — дар Усявышняга, як само жыццё. Фантастычнымі сродкамі славяць матчыну любоў паэты, бо розумам усвядоміць яе немагчыма — «цуды можна разумець толькі сэрцам». У Цёткі ёсць хвалюючы верш «Тры кветкі», напісаны паводле народнага падання пра юнака, што ў доўгую нялёгкую дарогу ўзяў тры кветкі: ад друга, каханай і маці. У самы крытычны момант свайго жыцця юнак дастаў дарагі дарунак і ўбачыў: дзве кветкі завялі, жывой была толькі трэцяя — матчына. У вершы «Голас» групоўкай слоў і выразаў з нарастаннем іх сэнсавай выразнасці («незнаемы», «друг», «любая», «маці» — «здзівіць», «спыніць», «сагрэць сонцам лета», «вярнуць з таго свету») Максім Танк дасягае афарыстычнасці ва ўслаўленні маці і яе бязмежнай любові да дзяцей:
Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны, Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты… П. Панчанка.У Максіма Танка ёсць цудоўны верш з фальклорнай рэмінісцэнцыяй на ўзроўні сюжэта. …Хадзілі мужыкі па свеце ў пошуках шчасця і прыйшлі ў чароўны край азёр і лясоў. Стаміліся, прылеглі адпачыць і прачнуліся ад нейкай дзівоснай музыкі, што лілася немаведама адкуль. Кінуцца ў адзін бок — нідзе нікога, у другі — таксама ні душы.
Гора вам, што будуеце грабніцы прарокам, якіх пабілі бацькі вашыя; Гэтым вы сведчыце пра справы бацькоў вашых і згаджаецеся з імі; бо яны пабівалі прарокаў, а вы будуеце ім грабніцы. З Евангелля ад Лукі.Выключна ўсе вершы М. Багдановіча глыбока філасофскія па сіле абагульнення і мастацкасці выяўлення думак. Аднак адзін з апошніх яго твораў — «Страцім-лебедзь» асабліва ўражвае глыбінёй філасофскай думкі і трывожным паэтавым усведамленнем. Усведамленнем таго, што ў часы катаклізмаў, войн, эпідэмій, стыхійных бедстваў гінуць (і ў тым найпершая трагедыя народаў) самыя лепшыя, самыя гордыя, самыя таленавітыя, самыя любімыя — вынішчаецца генафонд нацыі. Вынішчаецца яшчэ і таму, што самыя дужыя першымі прымаюць на сябе ўдар, устаюць, як вобразна сказаў У. Караткевіч у вершы «Багдановічу», «на лютую сечу, бітву вечную сонца і хмар, узваліўшы на юныя плечы Святагораў народны цяжар». Выяўленню філасофскай думкі верша спрыяе зноў жа біблейская рэмінісцэнцыя на ўзроўні сюжэта пра сусветны патоп і Ноеў каўчэг, а таксама кампазіцыйна выдзеленая паэтам выснова:
Будуць часам ідалы раструшчаны, Свет разумны стоміцца ад крыкаў. Васільком у жыце беларушчыны Назаўсёды застанецца Быкаў. Р. Барадулін.Прозай ідэй, а не падзей, прозай псіхалагічнага драматызму называюць крытыкі творчасць Васіля Быкава. I будуецца яна на канфлікце, супрацьстаянні сіл дабра і зла, гуманізму і фашызму, духоўнасці і бездухоўнасці, памяці і манкуртызму, альтруізму і эгаізму. Сутыкненне двух антаганістычных пачаткаў адбываецца ў абмежаваных прасторы і часе. Аднак час у творах В. Быкава раскрываецца ва ўзаемадзеянні мінулага, існага і будучага, і таму ўсе быкаўскія героі звязаны з вялікім хронасам, вечнасцю. У мікрасвеце адбываюцца падзеі глабальнага значэння. Пастаянныя героі твораў В. Быкава — вялікая Праўда, Духоўнасць, Час. Дыялог пісьменніка з гэтымі героямі поліфанічны. Ён адбываецца на ўзроўні канкрэтна-бытавым: дыялог героя з самім сабой, герояў-антаганістаў, аўтара з чытачом. Дыялог адбываецца на ўзроўні агульнанародным: аўтара з часам, эпохай, радзімы з фашысцкай ваеннай машынай. Дыялог адбываецца і на агульначалавечым узроўні: ідэй гуманізму з фашызмам і гвалтам, духоўнасці з бездухоўнасцю, дабра са злом. Ставячы сваіх герояў перад «вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін», калі «магчымасці адстаяць сваё жыццё вычарпаны да канца і прадухіліць смерць немагчыма», В. Быкаў імкнецца высветліць: што такое чалавек? на што ён здольны ў такой сітуацыі? I таму жыццё і смерць быкаўскіх герояў успрымаюцца чытачамі як учынак, мерка духоўнасці і чалавечай годнасці. Пісьменнік заглыбляецца ў сутнасць характару, даследуе абставіны, якія яго фарміруюць. Беручы за аснову сюжэта сваіх твораў выпадак, В. Быкаў шукае заканамернасць, будуе сваю, паводле слоў даследчыка Л. Лазарава, «сацыяльна-маральную тэарэму». Творца па-майстэрску раскрывае характары «знутры», «выварочвае знешняе, паказное», выяўляе сутнасць чалавека, даследуе анатомію гераізму і здрадніцтва, узыходжання і падзення. Таму адным з новых і важных аспектаў мастакоўскага даследавання чалавека ў бесчалавечных абставінах становіцца матыў суда людзей і суда сумлення. Пры гэтым В. Быкаў, як і пісьменнікі яго пакалення, пазбягае дэгераізацыі, сцвярджае гуманізм. Быкаўскія творы пра вайну вытрымалі выпрабаванне часам, узбагацілі сусветную культуру і чытача неацэнным вопытам, ведамі і памяццю — усім тым, што, паводле сцверджання А. Камю, толькі і можна выйграць у схватцы з «чумой». Пісьменнік, для якога з вайной вайна не закончылася, здзейсніў і грамадзянскі подзвіг — выстаяў, калі яго творы трапілі пад знішчальны агонь крытыкі. Дзікае паляванне і аблава на В. Быкава ўзначальваліся крамлёўскімі вярхамі. Пра гэта засведчана ў кнігах В. Каваленкі «Вернасць вернасці» і Дз. Бугаёва «Праўда і мужнасць таленту». На с. 85 кнігі Дз. Бугаёва чытаем: «Напісаныя ўслед за „Мёртвым не баліць“ аповесці „Праклятая вышыня“ і „Круглянскі мост“ падвергліся разноснай крытыцы на знішчэнне. Прычым сігнал для разносу ішоў з крамлёўскіх вышынь. Яго ініцыятарам, як цяпер стала вядома, быў савецкі міністр абароны маршал Маліноўскі. Ён у 1944 г. камандаваў Другім Украінскім фронтам, дзе і адбываліся адлюстраваныя В. Быкавым падзеі». Справа ў тым, што В. Быкаў не столькі «стварае» свае экстрэмальныя сітуацыі, колькі «ўзнаўляе» самае звычайнае будзённае жыццё і смерць савецкага чалавека на вайне. А машына «дзяржаўнай нязгоды» з жыццёвым вопытам і мастацкім светам пісьменніка адразу ж запускаецца ў ход і дыктуе ўсведамляць быкаўскія калізіі як нешта штучна створанае. Ад гэтага адпраўнога пункта — прамая дарога да абвінавачання В. Быкава ў «ачарненні» савецкай рэчаіснасці і дэгераізацыі. Пісьменніка затравілі настолькі, што ён стаяў на парозе непапраўнага. «Ні пры якіх абставінах не губляйце мужнасці», — раіў А. Твардоўскі мастаку, які трапіў у цяжкую сітуацыю. «Усё мінецца, а праўда застанецца», — славутая прыпіска А. Твардоўскага ў віншаванні В. Быкава з майскімі святамі ў 1969 г. Гэтыя словы сталі для беларускага пісьменніка выратавальным промнем маяка, арыенцірам у самы цяжкі для яго час. Тэматыка-жанрава-выяўленчая інструментоўка ў творчасці В. Быкава істотна змянілася ў апошні час, эвалюцыяніравала. Верны сваёй традыцыйнай ваеннай тэме, якую паспяхова распрацоўвае на працягу чатырох дзесяткаў гадоў, В. Быкаў вельмі часта звяртаецца да тэмы сталінскага генацыду і пасляваеннага ліхалецця («Аблава», «Жоўты пясочак», «Бедныя людзі», «Велікоднае яйка» і інш.). Пачынае ён адыходзіць і ад ранейшай жанравай арыентацыі, ад шчыльна напісанай аповесці, якая атрымала назву быкаўскай. Час ад часу вяртаецца да алавядання. А рэалістычныя выяўленчыя сродкі ўсё часцей змяняюцца сімволіка-знакавымі ўмоўнасцямі на ўзроўні прытчы, фантастыкі. I толькі ў адным пісьменнік паслядоўны і нязменны: пра што б ён ні пісаў, усіх сваіх герояў ён выпрабоўвае сітуацыяй выбару, сітуацыяй памежнай ці нават запамежнай, абсурднай. На пытанне Алеся Адамовіча, што трывожыць, «што мучыць цяпер» (гутарка адбывалася 12 сакавіка 1985 г.), В. Быкаў адказаў: «…Бачыў і на вайне і цяпер ракавую схватку чалавека і абставін…Чалавек сціснуты не з двух, а можа быць, з чатырох бакоў абставінамі, самымі рознымі, не толькі знешнімі, але і ўнутранымі. I пачуццём абавязку, і іншымі пачуццямі. Чалавек сам не ведае, што ён можа і чаго не можа… Ну, а што абставіны жорсткія, то безумоўна. Ніколі, я думаю, у нашым свеце, у нашай гісторыі, можа быць, не было такіх таталітарных абставін, як тыя вось, што мы перажываем. У вайну, у наш час, у двадцатым стагоддзі. Чалавек… змяшчае ў сабе не толькі гордасць, але і подласць. Чалавек — гэта ўсё. Увесь сусвет у чалавеку. Але пад грузам нейкіх абставін ён можа быць і такім, і гэтакім». В. Быкаў бачыць сваю задачу ў тым, каб «паказаць чалавеку, які ён ёсць… паказаць без усялякіх заклікаў дыдактыкі… каб ён сябе ўбачыў і зразумеў». I дзеля гэтага пісьменнік «агаляе», «правакуе» свайго героя на выяўленне самага глыбіннага ў яго душы і вызначальнага ў яго духоўнай сутнасці. Экстрэмальная сітуацыя дазваляе зрабіць гэта найлепшым чынам. Толькі любоў, нянавісць, страх, радасць, абурэнне, захапленне, надзея, адчай, паводле сцверджання французскага пісьменніка Жана Поля Сартра, здольны раскрыць чалавека і свет у іх рэальнасці. Герой быкаўскага апавядання «Бедныя людзі» (1993) прафесар Скварыш у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» робіць жудасны, пачварны выбар. Ён піша на свайго аспіранта Краснянскага данос у КДБ. Піша на чалавека, які быў адзіным, хто ў цяжкі для Скварыша перыяд (пагроза выключэння з партыі, што азначала і выключэнне з жыцця) не пабаяўся прыйсці да яго, выказаць сваю спагаду. Учынак у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» настолькі смелы, што Скварыш успрымае яго як правакацыю. I гэта яшчэ больш узмацняе яго страх перад таталітарнай машынай. Прафесар бачыць адзінае выйсце і паратунак у тым, каб апярэдзіць аспіранта, які, магчыма, запісаў на магнітафон іх размову і заўтра занясе плёнку «ў вядомы будынак на праспекце». Разумеючы ўсю гнюснасць сітуацыі, у згрызотах (а што, як візіт Краснянскага быў шчырым, і «ён загубіць чалавека. I яго сям'ю»), у душэўным мітушэнні паміж дабрабытам, кар'ерай аспіранта і сваёй уласнай прафесар робіць выбар на карысць апошняй. Канстатацыяй візіту Скварыша ў «вядомы будынак на праспекце» апавяданне і заканчваецца. Пісьменнік дае чытачу магчымасць самому «дапісаць» фінал, дадумаць сітуацыю, якая з'яўляецца алгарытмам таталітарнай рэчаіснасці. Каб усвядоміць назначэнне менавіта такога фіналу быкаўскага апавядання, згадаем фінал сартраўскага апавядання «Сцяна». (Дарэчы, у творчасці В. Быкава таксама ёсць аднайменнае парабалічнае (прытчавае) апавяданне.) Ж. П. Сартр заканчвае свой твор ашаламляльнай развязкай. Яго герой, удзельнік Супраціўлення Іблетта ў сітуацыі абсурду вырашыў перахітрыць ворага, кінуць апошні выклік «сцяне абсурду». Ён павёў ворага па лжывым следзе, сказаў, што яго таварыш па барацьбе Грыс хаваецца на могілках. Будучы цвёрда перакананы, што знаходжанне Грыса, «нязломнага змагара», на могілках выключана, Іблетта «сказаў гэта, каб трошкі з імі пажартаваць». «Жарты» выніклі тым, што Грыса «заспелі ў хаце далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, і яны яго забілі». Перад гэтым Іблетта змірыўся са сваім лёсам, ён «мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса», але адмовіўся ад гэтага. Яго «згода памерці замест Грыса» тлумачыцца нават не высокімі патрыятычнымі матывамі — «гэта была звычайная ўпартасць», яго «апанавала дзіўная весялосць». Урэшце, сутнасць чалавека вызначаецца не намерамі, памкненнямі, а менавіта ўчынкамі, як даводзяць пісьменнікіэкзістэнцыялісты. Намер Іблетты напаследак пажартаваць са «сцяной абсурду», хоць крыху расхістаць яе, скончыўся трагічна. В. Быкаў нават не высвятляе для свайго героя сутнасць намераў яго візіцёра, на якога Скварыш піша данос у органы дзяржбяспекі. Чытачу зразумелы толькі намеры і матывы ўчынку Скварыша. У апавяданні зроблены акцэнт не столькі на выбары героя (як гэта заўсёды было ў ранейшых быкаўскіх творах), а на д'ябальскіх абставінах. Яны змусілі чалавека пайсці супраць сумлення, вынішчылі людскае ў чалавеку. Адносіны аўтара да сваіх герояў і ў назве твора, і ў апошніх радках: «Бедны, няшчасны аспірант Краснянскі. Бедны, няшчасны прафесар Скварыш…» Не апраўдваючы свайго героя, але спагадаючы яму, пісьменнік сцвярджае, што «чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як знікае сітуацыя, што вымагае выбару». Такі элемент светапогляду В. Быкава ў апошнія гады яго жыцця, такі яго погляд на магчымасці чалавека ў сітуацыі выбару адрозніваюцца ад тых, што былі ўласцівы пісьменніку ў 60-70-я гг. Падобна да таго, як Ж. П. Сартр у апавяданні «Пакой» паказаў усю небяспеку і асуджанасць пражывання ў адным пакоі з вар'ятам, В. Быкаў паказаў трагедыю людзей, вымушаных жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве». Чалавек, жывучы ў «пакоі абсурду», паступова становіцца яго вязнем. У такім пакоі — усе рабы, усе асуджаныя: і каты, і ахвяры. Аднак такая пісьменніцкая выснова не азначае апраўдання духоўнага падзення чалавека ў сітуацыі абсурду. Ніякія абставіны не вызваляюць яго ад адказнасці за ўласныя ўчынкі і стан душы. Таму не вызваляюць, што «сцяна абсурду», яе трываласць, у значнай ступені залежыць ад запасу духоўнай трываласці чалавека. I чым меншы яго запас трываласці, тым часцей ён будзе вымушаны стаяць перад «сцяной абсурду». I вось тады ўжо чалавек у такім супрацьстаянні і схватцы можа і прайграць партыю. Папярэджваючы пра небяспеку і наступствы пройгрышу, даючы чытачу магчымасць таксама зрабіць свой выбар, вызначыўшы свае адносіны да выбару героя ў канкрэтнай сітуацыі, пісьменнік узбагачае чытача ўласным духоўным вопытам.
Талент — гэта труба, вечавы звон, барабан, але не жалейка і не свісцёлка… ён з'яўляецца на свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі. В. Быкаў. Спяваць без хвалявання немагчыма, Без спадзявання немагчыма жыць. С Грахоўскі.У гутарцы з А. Адамовічам у 1985 г., апублікаванай Верай Адамовіч пад назвай «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу», В. Быкаў казаў: «Напэўна, самае дзейснае, самае практычнае — прымусіць чалавека заглянуць у сябе, прымусіць яго ўбачыць, які ён ёсць, што ў ім ёсць подлае, а што добрае. Калі ён разбярэцца ў сабе з дапамогай мастацтва, то і будзе вынік». Вельмі важна, каб чалавек «сябе ўбачыў і зразумеў». В. Быкаў ускладаў вялікую надзею на спрадвечнае «калі»: «Вось, калі ён (чалавек) сябе ўбачыць і зразумее з дапамогаю мастацтва, тады ён паразумнее». Ужо тады, у 1985 г., у пісьменніка разам з надзеяй, верай у чалавека было і сумненне: «Але чалавек не схільны заглядваць у сябе, гэта не самы любімы занятак чалавецтва…» В. Быкаў пагадзіўся з А. Адамовічам, што чалавек ахвотней зазірне ў чужую душу, у чужую каструлю, што ён з прычыны «сваёй ляноты душэўнай… грэбуе дзейнасцю» прарокаў, затое «безаглядна слухае палітыкаў, розных рэйганаў». В. Быкаў пачынаў сваё мастакоўскае даследаванне з вялікай веры ў чалавека, у тое, што ён можа стаць нават «вышэй за свой уласны лёс», стаць «мацнейшым за магутную сілу выпадку», як зазначае пісьменнік у аповесці «Яго батальён». Літаратуразнавец М. Афанасьеў так пісаў пра псіхалогію быкаўскага героя: «Да пэўнага, лёсавызначальнага моманту яго героі, здаецца, наогул не жывуць, а толькі цяжка і непрыкметна нясуць у сабе велізарнейшы запас духоўнай энергіі, каб шчыра выдаткаваць яго да канца ў момант подзвігу». Аднак ужо апавяданне «Жоўты пясочак» уносіць новы істотны нюанс у глыбіннае быкаўскае даследаванне народнага лёсу ў той жудасна жорсткай і крывавай вайне. У апавяданні ўвасоблены зусім іншы погляд В. Быкава на чалавека пры нязменна абвостранай апеляцыі творцы да гуманізму. Акцэнт у апавяданні «Жоўты пясочак» зроблены на тое, як паводзілі сябе ўсе шэсць ахвяр таталітарнай сістэмы ў безвыходнай сітуацыі. Яна настолькі запамежная, што не пакідае ахвярам ніякага выбару — толькі смерць. Усе, за выключэннем, бадай што, вострага на язык маскоўскага бандыта Зайкоўскага, зламаны духоўна. Настолькі раструшчаны маральна, што гатовы пакорна, як статак бараноў, падпарадкоўвацца, выконваць любы загад. I ніхто з іх нават і не падумаў пра «апошнюю міласць», «адзіную раскошу», якую ў сітуацыі выбару паміж жыццём і смерцю скарысталі ранейшыя быкаўскія героі (Сотнікаў, Сцепаніда, Пятрок, Мароз, Ляховіч і інш.). Героі апавядання «Жоўты пясочак» нават у сітуацыі без выбару ўсё ж адшукалі магчымасць, каб праціснуцца да шырокай брамы, што вядзе ў пагібель. Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» вытлумачвае відавочную парадыйнасць, сарказм у апісанні сітуацыі, калі ахвяры выбаўляюць буксуючую машыну, што вязе іх да пагібелі, свядомым разлікам аўтара «на сугучнасць такіх сцэн з анекдотам, народжаным абсурдам тагачаснай рэчаіснасці». I сапраўды, сатырычнымі сродкамі В. Быкаў раней не карыстаўся, нават больш — адмаўляў іх як магчымыя мастацкія сродкі пры адлюстраванні вайны. У гэтым жа апавяданні сатыра, паводле слоў Дз. Бугаёва, «становіцца не тоЛькі сродкам характарыстыкі герояў, але і выражэннем глыбіннай думкі твора, яго горка-балючага пафасу». У гэтым апавяданні, як і ў пазнейшым па часе напісання творы «Труба», усё відавочней песімізм у творчасці В. Быкава. Раней пісьменнік спалучаў песімізм адносна свету з аптымізмам адносна чалавека. У творах апошняга часу адчувальна спалучэнне песімізму адносна абсурдных абставін з песімізмам адносна чалавека. Аднак песімізм абываделя і песімізм творцы не тоесныя. Песімізм творцы з'яўляецца інструментам горка-балючага пафасу пры адлюстраванні жыцця, удакладняльным штрыхом да той карціны, якая адкрылася ўсім, — карціны страшнага масавага духоўнага ўпадку. Болем за свой народ, трывогай за яго будучыню тлумачыцца пільная ўвага пісьменніка да праблем сучаснасці. Праблему наступстваў чарнобыльскай катастрофы Быкаў разглядае як «гіганцкі атамны генацыд». У аповесці «Воўчая яма» (1999) горкая праўда пра Чарнобыль узнаўляецца аўтарам з уласцівай яму няўмольнасцю. Трагедыя народа паказана «буйным планам» на лесе двух безыменных галоўных герояў. Збег абсурдных абставін у многім вызначыў і памежна абсурдны выбар герояў — жыць у радыяцыйнай зоне. Тут яны шукаюць паратунку ад жорсткага свету. Але паратунку няма нідзе і нікому. Ні чалавеку, ні ваўку. Героі аповесці — мёртвыя без пахавання. Метафарычная воўчая яма ўжо як бы матэрыялізуецца. У выступленні на пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у 1985 г. В. Быкаў казаў, што «талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра яго існаванне, часам горкую праўду». З абвостраным пачуццём мастака В. Быкаў гаворыць пра глабальныя наступствы чарнобыльскай радыяцыі. На долю шматпакутнага беларускага народа прыйшлося дзве трэція сумарных чарнобыльскіх выкідаў, па сваёй знішчальнай сіле эквівалентныя дзевяцістам(!) атамным бомбам накшталт той, што ў свой час зруйнавала Хірасіму… Быкаўскія творы апошняга часу («Музыка», «Ослік», «Сцяна», змешчаныя ў кнізе «Сцяна» (1997), а таксама «Хвастаты», «Камень», «Тры словы нямых», трыпціх «Байкі жыцця», «Труп») з'яўляюцца парабалічнымі, гэта значыць іншасказальнымі, творамі. Іх жанр Дз. Бугаёў вызначае як прытчу-прыпавесць, бо ім уласціва «гранічная абагульненасць высноў, яны могуць дастасоўвацца да розных сітуацый, часоў і народаў. Але вырастаюць яны з нашай найперш сучаснай рэчаіснасці і б'юць па самых вострых нашых балячках». Аднак алегарычны вобраз Хвастатага і алегорыя як асноўны мастацкі прыём аднайменнага твора сведчаць на карысць жанру байкі, а не прытчы. У апавядальнай частцы — гісторыя крыважэрнага пацука, які бязлітасна знішчаў усіх сваіх суродзічаў у падзяку за тое, што хітры гаспадар прадуктовага склада не забіў яго самога. А гаспадар і не забіваў Хвастатага да пары да часу толькі з тых меркаванняў, каб ён забіваў сваіх супляменнікаў. Гісторыяй Хвастатага і вывадам, што з яе вынікае, пісьменнік-патрыёт папярэджвае перш за ўсё свой народ пра трагічныя наступствы бязмернай адцанасці і шчырага слугавання «гаспадару прадуктовага склада». Несумненна, што такая гісторыя можа паўтарыцца дзе заўгодна — у любой краіне. Аднак бясспрэчна, што «на беларускія рэаліі яна кладзецца асабліва трывала», што пэўныя, вядомыя ўсяму свету рысы нашага нацыянальнага менталітэту здзіўляюць свет, а ў пісьменніка Быкава выклікаюць асаблівую трывогу і боль. Адназначнасць алегорыі ў гэтым творы, недвухсэнсоўны вывад-мараль сведчаць, што «Хвастаты» — гэта байка-памфлет, бо сатырычны, выкрывальны характар твора таксама відавочны. У адрозненне ад байкі прытча мае больш свабодную, «адкрытую» форму. Яна патрабуе ад чытача перанесці сябе ў сітуацыю прытчы, актыўна спасцігаць яе мудрасць, якая схавана ад чытача, «як сіла ў каштоўным камені, як золата ў зямлі, і ядро ў арэху» (Ф. Скарына). Прытча — гэта загадка, якую чытачу неабходна разгадаць і зразумець у выніку самастойных інтэлектуальна-маральных высілкаў. У прытчы персанажы звычайна безыменныя, акрэсленыя схематычна: нейкі чалавек, нейкі цар, нейкая жанчына, нейкі бацька, нейкі сын і да т. п. Гэта чалавек наогул. Сэнс прытчы не ў тым, які чалавек у ёй паказаны, а ў тым, які маральна-этычны выбар зроблены чалавекам. Сітуацыя ўсёвызначальнага выбару — вось галоўная і адметная асаблівасць прытчы ў параўнанні з іншымі філасофскімі жанрамі (байка, легенда, казка, анекдот, прыказка), якія збліжаюцца з ёй і іншасказальнасцю, і павучаннем, і эўрыстычнай адкрытасцю. Твор «Труп» (з падзагалоўкам «Медыцынскаеапавяданне») некалькі бліжэй па жанры да прытчы, чым «Хвастаты» (з падзагалоўкам «Сучасная казка для дарослых»), Герой гэтага твора — нейкі безыменны забойца. Не прафесіянал, не кілер, а «звычайны, затурканы жыццём чалавек. Тое ж самае можна сказаць і пра забітага — нічога незвычайнага». Пісьменнік наўмысна не акцэнтуе ўвагу чытача на прычыне забойства: «Бадай, не адказаў бы і сам забойца». Нават адносіны паміж імі былі знешне амаль нармальныя, «калі не лічыць даўняй, упартай, чорнай нянавісці». I зноў жа невядома, па якой прычыне. «Сваю справу забойца зрабіў ціха і хутка — забіты нават нічога не западозрыў». Тым болей, што гэта намерваўся зрабіць «даўні знаёмы, амаль сябар». Далей змест твора пабудаваны на апісанні неверагодных, фантастычных, нават дэтэктыўных прыгод забойцы, яго марных высілкаў пазбавіцца ад трупа, які «ажыў» і ўсюды яго суправаджае. Нават за мяжу. Мараль у фінале вельмі празрыстая: «Цяпер будзем удваіх, — нейкім скрыпучым, быццам грамафонным голасам вымавіў труп. — Назаўсёды». А на шыпенне забойцы, што «так нязручна», адказаў: «Што зробіш! Затое разам…» «Што ж, — падумаў забойца. — Відаць, нічога ўжо не зробіш. Давядзецца жыць з трупам. Калі не захацеў з жывым…» I ў творы «Сцяна» (1995) з аднайменнай кнігі галоўным персанажам з'яўляецца нехта безыменны «ён». I ў гэтым творы прадметна і ў той жа час у максімальна абагульненай форме мадэліруецца сітуацыя безвыходнасці на фоне канкрэтных рэалій: «Сцяна была каменная, задымленая, вельмі старая, як і сам гэты дом — турма, што засталася дыктатару краіны ад ранейшага дыктатара, а таму — ад папярэдніх. Калісьці тут правілі баль і спраўлялі крывавыя оргіі, плялі інтрыгі і розныя іншыя злачынствы — супраць улады, народа ці супраць кагосьці з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Але прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён і такія, як ён». Далей дзесяць старонак прысвечаны апісанню неверагодных намаганняў безыменнага вязня, каб выбрацца з засценка. I нарэшце яму, з яго «слабымі чалавечымі сіламі і яго велізарнейшай прагай волі», многае удалося: ён выбіў камень у сцяне і дастаў яго. Сітуацыя дасягае кульмінацыі, калі «ён», прасунуўшы галаву, паспрабаваў пралезці ўсім тулавам. Не пралазіла плячо! Гэта ўжо было насуперак яго назіранням і жыццёвым правілам. Іх ён засвоіў яшчэ з дзяцінства, «калі яны, падшыванцы, лазілі праз плот у суседні сад. Старэйшыя яго пасылалі першым, бо ён быў самым худзенькім — маленькі, рухавы жэўжык, які пралазіў усюды, дзе толькі можна было пралезці. I дзе не было ніякай магчымасці — таксама. Пакуль не падрос і не заняўся палітыкай. У палітыцы было інакш. Часам не мог пралезці ніхто. Не пралез і ён. Таму і папаўся». I вось цяпер ранейшы падшыванец, які раздаўся ў плячах за час свайго шматгадовага шчыравання ў палітыцы, не пралазіць у шчыліну, з такой цяжкасцю зробленую самім. Аднак цуд адбыўся! Але адбыўся, як аказалася, каб здзівіць вязня яшчэ больш: са сваёй камеры ён трапляе ў другую, большую. I без столі. Але «над ім у змрочнай шэрані неба ўзвышаўся знаёмы яму сілуэт шыбеніцы, амаль над самай галавой невысока звісала вяроўка-пятля. Пад ёй быў змайстраваны драўляны эшафот, на які ён і наткнуўся у змроку. Выхаду адсюль не было…». Пра ролю гэтага твора ў выражэнні канцэпцыі пісьменніка сведчыць і назва, якая дала назву ўсёй кнізе, і прысвячэнне. Твор прысвячаецца сябру Рыгору Барадуліну. Аналізуючы гэты твор, фіксуючы кропкі перасячэння ў канцэпцыі і творчай манеры В. Быкава і Ж. П. Сартра, літаратуразнавец Е. Лявонава ў артыкуле «Творчасць В. Быкава і Ж. П. Сартра…» («Роднае слова». 2000. № 1,2) робіць акцэнт і на агульнай назве твораў двух мастакоў, і на месцы дзеяння (турэмная камера), і на спробе абодвух герояў «кінуць ім апошні выклік, хай і на лічаныя гадзіны адцягнуць уласны канец», і на марнасці высілкаў герояў. Е. Лявонава, супаставіўшы гэтыя два творы, прыходзіць да высновы пра тоеснасць філасофіі экзістэнцыяльнага тыпу з яе пастулатамі безвыходнасці, «сцяны абсурду», рэалізаванымі ў творчасці Ж. П. Сартра і ў адным з апошніх твораў В. Быкава. I ўсё ж адметнага ў аднайменных творах двух мастакоў намнога больш, чым агульнага. Адметнае ў творах найперш вызначаецца рознасцю герояў, прычынамі, па якіх яны трапілі ў вязніцу, і матывамі намаганняў, каб супрацьстаяць «сцяне абсурду». У апавяданні Ж. П. Сартра сітуацыя пантрагічная. Ёй папярэднічаў выбар героя (у яго ёсць імя — Іблетта), які да сітуацыі «сцяны абсурду», гаворачы словамі А. Камю, «добра рабіў сваю справу», змагаючыся з «чумой». Так, пісьменнік «распрануў» свайго героя, паказаў псіхафізіялагічны стан чалавека ў сітуацыі, якая мацнейшая за яго, «калі знікае ілюзія, што ты вечны». Аповед вядзецца ад першай асобы: «У пэўным сэнсе я да ўсяго цяпер быў абыякавы і адчу ваў сябе вельмі спакойна». Абыякавасць у такой сітуацыі азначае толькі адно — поўную свабоду ад яе, як і ад усяго, што звязвала з жыццём. Адлучанасць сартраўскага героя ад свету — галоўны доказ яго гатоўнасці несці свой крыж да канца і скарыстаць у безвыходнай сітуацыі, як і быкаўскі Сотнікаў, «апошнюю міласць», «святую раскошу» — застацца чалавекам. Безумоўна, матывацыя такой гатоўнасці быкаўскага Сотнікава і сартраўскага Іблетты некалькі розная, аднак сутнасць адна. «Я сказаў сабе: „Я хачу памерці дастойна“». Згадаем і тое, як тургенеўскі волат Базараў зразумеў, што памерці дастойна — самае цяжкае з усяго, што толькі можа быць. У такой безвыходнай сітуацыі Іблетта хоча «трошкі з імі пажартаваць». Аднак «жарты» скончыліся трагічна. Гэта быў апошні выклік абставінам, але «сцяна абсурду» не пахіснулася. Усялякія спробы яе расхістаць былі марныя, нават больш — умацоўвалі яе. Але гэта ўжо не віна чалавека, а яго трагедыя; сведчанне не столькі слабасці чалавека, колькі сілы сцяны. Безвыходнасць, якой, паводле Е. Лявонавай, «так і патыхае ад усёй творчасці Сартра», не азначае яго «выраку» свайго героя. Твор пазбаўлены дыдактызму і маралізатарства, аднак адносіны і пачуцці аўтара да героя можна вызначыць як павагу і спагаду. Зусім іншае з быкаўскім героем. У ім вельмі моцная Прага волі і жыцця, імкненне выжыць любой цаной. Сімвалічна шматзначным у кантэксце твора з'яўляецца апісанне неверагодных высілкаў вязня. Сёння вядома, што азначалі спробы тых, хто трапіў у «дом-турму», выратаваць сваё жыццё. Вехамі гэтых спробаў нярэдка былі ўсё новыя і новыя ахвяры. Палону быкаўскага героя таксама папярэднічала «справа». Ён пастаянна ў думках апраўдваецца перад безыменнай «ёй», што «спяшаўся… па справе іх святой барацьбы, да сябра, а там чакала яго самая чорная здрада». Якая гэта была «справа», аўтар не ўдакладняе. Але адна дэталь не пакідае ніякага сумневу: «натхнёны барацьбой за вялікую ідэю». Якія «справы» называліся ў «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» «барацьбой за вялікую ідэю», чытач выдатна ведае. Такія, як «ён», вельмі добра рабілі сваю «справу», аналагаў якой няма ў гісторыі чалавецтва. Бадай, гэта жахлівей за ўсялякую «чуму», бо «хвастатыя» вынішчалі сваіх жа суродзічаў. Яшчэ відавочней разыходжанне паміж сартраўскім і быкаўскім героямі, калі выверыць іх сартраўскім тэзісам «існаванне папярэднічае сутнасці». У Сартра і вобраз, і сітуацыя, і яе фінал — пантрагічныя. Пантрагічным бачыцца і герой быкаўскай «Сцяны» літаратуразнаўцу Л. Корань. Так, у кнізе «Цукровы пеўнік» (с. 142) мы чытаем: «Відавочна, што менавіта сучасны менталітэт беларусаў як вынік перманентнага генацыду мог нарадзіць у творчасці В. Быкава той пантрагічны мастацкі вобраз, які мы бачым у прытчы „Сцяна“». Аднак і гэты вобраз, як вобразы безыменнага забойцы з «Трупа», крыважэрнага пацука з «Хвастатага», не пантрагічны, а «пансатырычны». Усе тры героі — забойцы. Яны — не ахвяры, а хаўруснікі і абслуга «сцяны асурду». Усе тры вобразы аб'яднаны і адносінамі аўтара да ўвасобленага ў іх. Гэтыя адносіны — пагарда, гідлівасць, якая толькі можа быць да мярзотнасці, народжанай «сцяной абсурду». Трываласць «сцяны абсурду» ў многім і забяспечваецца такімі, як «ён», як Хвастаты, як безыменны забойца. Хвастатыя забойцы забяспечвалі шалёны бег пачварнай д'ябальскай машыны, пакуль тая не ўкруціла і іх у свой барабан. Менавіта сатырычнае адрознівае быкаўскую «Сцяну» ад пантрагічнай сартраўскай. Сатырычнае ў сваю чаргу з'яўляецца атрыбутам байкі-памфлета, а не прытчы. Прыкметы байкі-памфлета відавочныя ў быкаўскай «Сцяне». В. Быкаў ва ўсіх трох творах робіць акцэнт не на выбары, які ўсё вызначае (галоўны выбар усіх названых быкаўскіх персанажаў быў зроблены раней), а на наступствах гэтага выбару. Тым самым пісьменнік мадэліруе гэтыя наступствы і папярэджвае пра адказнасць за выбар, расплату за ўчыненае. А вось павучальнае на такім узроўні, магчыма, некаторымі чытачамі ўсведамляецца як прытчавае. Л. Корань у згаданай кнізе «Цукровы пеўнік» піша, што «мастацкі пафас В. Быкава застаўся нязменным: гэта гранічная канкрэтызацыя і ў той жа час парабалічна абвостраная апеляцыя да гуманізму». В. Быкаў — мастак эпохі, у якую ўвесь род чалавечы падышоў да краю сваёй пагібелі, да прорвы. Папярэджваючы пра небяспеку наперадзе, прарок прапаведуе духоўнасць насуперак прагматызму. Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» называе «катэгарычным прысудам» меркаванне крытыка Г. Шупенькі адносна апошніх твораў В. Быкава, якія Г. Шупенька называе «сучаснай быкаўскай прозай». «Ні аднаго жывога жэста жывога канкрэтнага чалавека ў канкрэтнай сітуадыі… Не кажу ўжо пра такія мудрошчы, як пластыка, мелодыка прозы. Нам не паказваюць і не расказваюць, а вуснамі аўтара-дэміурга пераказваюдь аднастайна-натужліва і ўчынкі нежывых мёртванароджаных людзей, і іхнія думкі, і развагі. Асноўны мастацкі прыём гэтае прозы — апісальнасць» — так піша Г. Шупенька пра быкаўскае апавяданне «На Чорных лядах», якое Дз. Бугаёў лічыць «выдатным творам» і нават «падзеяй у нашай літаратуры». Час — толькі ён адзін як нестаронні суддзя — вызначыць, хто з шаноўных крытыкаў мае рацыю. Аднак ужо сёння відавочна, што быкаўскае слова на такой вышыні, што яно свабоднае і ад хвалы і ад «хулы». Можна колькі заўгодна спрачацца, ді ёсць двойчы два — чатыры. Праблема, як даводзіць А. Камю, «у тым, каб ведаць, складаюць ці не двойчы два чатыры».