КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй [Анатоль Івашчанка] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]
Анатоль Івашчанка
Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй

ЗМЕСТ


УВОДЗІНЫ

Раздзел І. ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ЖАНРЫ Ў ТВОРЧАСЦІ АЛЕСЯ РАЗАНАВА І ІХ ЭВАЛЮЦЫЯ

1.1. Мастацкія асаблівасці паэтыкі твораў А. Разанава 1960-х – пачатку 1970-х гг. Спроба рэканструкцыі.

1.2. Структурны аналіз паэм з паэтычнага зборніка «Каардынаты быцця». Ідэйна-тэматычная інтэрпрэтацыя і сістэма вобразаў.

1.3. Тыпалагічныя рысы паэм канцэптуальнай трылогіі «Гліна», «Камень», «Жалеза».

Раздзел ІІ. ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ФОРМЫ А. РАЗАНАВА І ІХ ЖАНРАВАЯ СПЕЦЫФІКА

2.1. Медытацыя як творчы метад: жанравыя асаблівасці і эвалюцыя квантэм і пункціраў.

2.2. «Паэзія думкі». Сінкрэтызм і статычнасць версэта

2.3. Паэтыка «гукасэнсу»: тыпалогія і жанравая спецыфіка вершаказаў

ГУТАРКА «Паэзія: уводзіны ў невымоўнае» (Гутарка Анатоля Івашчанкі з Алесем Разанавым)

Паслямова, альбо КОЛЬКІ СЛОЎ НЕ ДЛЯ ПРАТАКОЛУ

БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС


УВОДЗІНЫ


Алесь Разанаў – адна з самых заўважных і неардынарных фігур у сённяшняй беларускай паэзіі. З моманту выхаду дэбютнага зборніка паэта да яго творчасці скіраваная пільная ўвага крытыкаў і чытачоў. У 1990 г. за кнігу «Вастрыё стралы» А. Разанаў быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы. Сярод іншых важкіх узнагарод – еўрапейская літаратурная прэмія імя Ёгана Готфрыда Гердэра (2003). Творы А. Разанава перакладзены больш чым на 20 моў свету.

Радыкальнае пераасэнсаванне літаратурнай традыцыі і напружаны творчы пошук новых шляхоў у мастацтве асабліва наглядна адбываліся ў творчасці А. Разанава на мяжы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Рэзкі паварот ад традыцыі да «чыстага эксперыменту» (У.Ю. Верына [32, с. 32]) пакінуў свой прыкметны след у зборніку паэм «Каардынаты быцця» (1976), хаця асобныя яго адзнакі заўважныя ўжо ў папярэдняй кнізе вершаў паэта «Назаўжды» (1974). Менавіта гэтая мастацкая з’ява зацікавіла паэта Васіля Вітку, які ў цыкле артыкулаў 1984 г. пад паказальнай назвай «Традыцыя, пошук, эксперымент» абгрунтоўваў права мастака на «на пошук і творчае самасцвярджэнне» [92, с. 7] і называў А. Разанава «эксперыментатарам», супрацьпастаўляючы гэты тэрмін вызначэнню «наватар».

Яшчэ раней у артыкуле «Права на пошук» (1980) М.А. Тычына вызначаў месца А. Разанава сярод творцаў яго генерацыі – «новай хвалі» беларускіх літаратараў, што ўзнікла на зломе 1960 – 1970-х гг., – і іх папярэднікаў, даводзячы адметнасць гэтага месца [126, с. 159 – 171]. Знакавай у гэтым сэнсе была і назва артыкула літаратуразнаўцы А.К. Кабаковіч «Права на складанасць» [50, с. 155 – 172], дзе размова таксама ішла пра эксперыментальную творчую лабараторыю А. Разанава.

Як адзначыў літаратурны крытык П.В. Васючэнка, «Алеся Разанава ў літаратуру прывялі пад канвоем» [27, с. 238], маючы на ўвазе чацвёрты зборнік паэзіі А. Разанава «Шлях-360» (1981), які выходзіў з прадмовай Народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, пасляслоўем Варлена Бечыка і пад агульнай рэдакцыяй Уладзіміра Караткевіча. Аўтарытэтныя рэцэнзенты, са словаў П.В. Васючэнкі, «абаранялі тэкст спераду і ззаду ад мажлівых абвінавачванняў у авангардызме і нацыяналізме, хавалі яго за аўтарытэтам паэта-камуніста П. Элюара» [27, с. 238].

Як відаць ужо з назваў артыкулаў, крытыка 1980-х гг. больш змушана была займацца тым, што даводзіла паэтава «права на пошук», «на складанасць», на эксперымент, тлумачыць натуральнасць і неабходнасць развіцця паэзіі жанрава і стылёва. Пры гэтым, недастаткова заўважанай і малаасэнсаванай застаецца прыкметная частка ўнутраных сувязей эстэтычна значных элементаў зместу і формы, абумоўленасць выкарыстання тых ці іншых жанрава-стылёвых сродкаў, прынцыпы стварэння і арганізацыі тэксту.

Традыцыйная нарматыўная паэтыка, якая даследуе законы ўнутранай сувязі і суадносінаў розных узроўняў мастацкага цэлага, пераважна апісальная. Яна разглядае эстэтычны аб’ект звонку, уводзячы яго ў гісторыка-культурны кантэкст літаратурнай нормы, замацаванай традыцыяй. Вылучаючы і сістэматызуючы асобныя элементы мастацкага тэксту, нарматыўная паэтыка на працягу свайго існавання – ад Арыстоцеля да Буало, ад Дзідро да Гумбальта – глыбока вывучыла эвалюцыю асобных паэтычных прыёмаў і мастацкіх сістэм (жанравых, стылёвых), сувязь часткі тэксту і яе вобразнай цэласнасці і інш.

Аднак навукова-тэарэтычнае асэнсаванне складанага механізма нараджэння мастацкага тэксту, яго змястоўнага напаўнення і ідэйнаэмацыйнага сэнсу традыцыйная паэтыка не заўсёды здольная ажыццяўляць. Такім парадкам, узнікае аб’ектыўная неабходнасць у распрацоўцы найноўшых метадаў вывучэння дынамікі творчага працэса. Сёння гэтым займаецца структурна-семіятычнае літаратуразнаўства.

З сярэдзіны ХХ ст. літаратуразнаўчая навука актыўна вядзе пошук шляхоў выхаду ад знешняга, фармальна-апісальнага аналізу мастацкага тэксту – да больш дэталёвага, усебаковага даследавання і вывучэння тэкстастваральных і пазатэкставых фактараў. Адным з галоўных ідэолагаў структурна-семіятчынага літаратуразнаўства і найбольш аўтарытэтным даследчыкам структуры верша з’яўляецца Юрый Лотман. Абапіраючыся на вопыт усёй літаратуразнаўчай навукі (найперш гэта працы літаратуразнаўцаў фармальнай школы 1920-х гг. Масквы і Петраграда, Пражскага лінгвістычнага гуртка і цесна звязаных з ім М. Трубяцкога і Р. Якабсона, даследаванні М. Бахціна, В. Жырмунскага, Д. Ліхачова, П. Фларенскага і інш., а таксама тэарэтычныя вынаходніцтвы французскіх структуралістаў Р. Барта, К. Леві-Строса, Ж. Лакана, М. Фуко [гл.: 118]), Ю. Лотман плённа вырашаў пытанні ўкаранення метадаў структурнага аналізу на практыцы, разглядаючы паэтычны тэкст як «асаблівым чынам арганізаваную семіятычную структуру» [67, с. 14].

Структурны аналіз паэтычнага тэксту поруч з параўнальна-тыпалагічным метадам аналізу сталіся падмуркам для аналітычнай часткі гэтай працы, адной з задач якой з’яўляецца погляд на паэтычны тэкст як на пэўную сістэму, асобнае і ўнутрана самастойнае цэлае, што можна асэнсаваць у агульнанацыянальным літаратурным кантэксце. Асаблівай увагі патрабуе даследаванне супярэчлівай сувязі асобы пісьменніка і культурна-гістарычных, пазаэстэтычных фактараў, дыфузіі аддаленых па часе і прасторы напрамкаў, метадаў, жанраў, стыляў, кардынальных зменаў у прыродзе нацыянальнай прасодыі, што выявіліся ў знакава-вобразнай сістэме А. Разанава.

Да айчынных паслядоўнікаў структурна-семіятычнага літаратуразнаўства можна аднесці В.П. Жураўлёва [47, 48], А.К. Кабаковіч [50], В.П. Рагойшу [90], І.Д. Ралько [114], І.С. Шпакоўскага, у даследаваннях якіх выпрацоўваўся метадалагічны базіс і для асэнсавання творчых здабыткаў А. Разанава. Найноўшая ж літаратуразнаўчая думка сканцэнтравала сваю ўвагу галоўным чынам на апісанні бягучага літаратурнага працэсу і, па сутнасці, абмяжоўваецца канстатацыяй пэўнага ўздзеяння паэта на літаратурны працэс. Адзіная дасюль навуковая манаграфія па творчасці А. Разанава, што належыць Г.М. Кісліцынай [56], закранае перадусім ідэйна-тэматычны аспект творчасці паэта, фармулюючы і вырашаючы пытанні канцэптуальнага плану. Тэкстастваральныя ж прыёмы і спосабы паэтыкі, да вызначэння якіх скіраваны метады структурнага аналізу, застаюцца маладаследаванымі сучаснай крытыкай.

Паралельна з структурным аналізам, г. зн. паслядоўным і падрабязным разглядам разнастайных паэтычных сродкаў і прыёмаў стварэння тэксту (формы), будзе адбывацца даследаванне ідэйнатэматычнага плану (зместу), для якога праца Г.М. Кісліцынай з’яўляецца надзвычай важкай дапамогай. Найбольш значнымі, акрамя названых, для нашай працы сталіся кнігі і публікацыі А.І. Бельскага [23], В.Л. Бечыка, У.Ю. Верынай [32], А.І. Вярцінскага [36], Я.А. Гарадніцкага [99, 38], У.В. Гніламёдава [43], У.А. Калесніка [51, 52, 53], У.М. Конана [58], А.А. Лойкі [63, 54], Е.А. Лявонавай [69, 70, 71], А.А. Пашкевіча [86], А.М. Сідарэвіча [116], М.А. Тычыны [126, 127]. Акрамя таго, надзвычай карысныя сведчанні самога паэта – яго крытычныя артыкулы і «філасофска-эстэтычныя рэфлексіі» (Е. Лявонава), выяўленыя ў эксперыментальным жанры зномаў, у якіх адбываецца шчыры і бескампрамісны погляд на літаратурную прастору і ўласнае месца ў ёй.

У першым раздзеле кнігі даследуюцца традыцыйныя паэтычныя жанры верша (вершы і паэмы), у другім – эксперыментальнааўтарскія, г. зн. вынайдзеныя паэтам (пункціры, квантэмы, версэты і вершаказы). Асноўны прынцып разгляду мастацкіх тэкстаў у межах раздзелаў – храналагічны. Кампазіцыйная паслядоўнасць разгляду эксперыментальных форм у другім раздзеле абумоўлена прынцыпам, які прымяняецца даследчыцай У. Верынай [32, с. 34]: гэтыя формы размяшчаюцца паводле іх ступені празаізацыі. У першым раздзеле аналіз паэтычных тэкстаў адбываецца ў адпаведнасці з іх аднесенасцю да пэўнага зборніка, тады як у другім раздзеле, праз большую універсальнасць пазнейшых паэтычных кніг А. Разанава, вызначальнай з’яўляецца жанравая прыналежнасць.

Назвагэтаекнігімаенаўвазепроціпастаўленнедвухмагістральных тэкстастваральных прынцыпаў, якімі кіруецца эстэтычная сістэма Алеся Разанава. Мы абазначылі іх як медытатыўны (праяўляецца перадусім у пункцірах і квантэмах) і разумова-рацыяналістычны (у версэтах, вершаказах, зномах).

Трэба падкрэсліць, што гэтае даследаванне не ахоплівае ўсіх накірункаў паэтычнай дзейнасці А. Разанава і не прэтэндуе на вычарпальнасць. Так, па-за яго межамі засталася даволі адметная перакладніцкая дзейнасць паэта, а таксама блізкая да яе праца па адаптаванню старабеларускай літаратурнай спадчыны – твораў К. Тураўскага, Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Л. Сапегі і інш. Гэтыя «узнаўленні» ці «ператлумачванні» А. Разанава могуць разглядацца як асобная аўтарская паэтычная форма, скаладаючы новы структурны тып у межах іншых верлібравых і версэйных паэм, але аб’ём і структура працы не дазволілі прааналізаваць іх у неабходнай меры.


Раздзел І ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ЖАНРЫ Ў ТВОРЧАСЦІ АЛЕСЯ РАЗАНАВА І ІХ ЭВАЛЮЦЫЯ


Паэзія траціцца, калі творыцца па аналогіі, па традыцыі, па майстэрстве – з матэрыі вядомай, і адраджаецца, калі – з невядомай: па адкрыцці, па невыказнасці, па немагчымасці. Думка абмяжоўвае. Наколькі адкрывае, настолькі абмяжоўвае. Чым больш адкрывае, тым больш абмяжоўвае. Разумнае абмежавана, адкрыццё не-разумнае

Алесь Разанаў [102, c. 198]


Гэтак жа, як немагчыма даследаваць сучасную паэзію без уліку творчых здабыткаў А. Разанава, творчасць самога паэта не можа разглядацца абстрагавана, без разумення гісторыка-культурнага кантэксту, спецыфікі літаратурнай сітуацыі, што існавала ў час сталення паэта і росквіту яго творчых сіл, ідэйна-мастацкіх уплываў і гісторыка-тыпалагічных паралеляў, у рэчышчы якіх гэтая творчасць развівалася. На інтэртэкставым узроўні структурнага аналізу твораў А. Разанава заўважаецца вялікая колькасць тэматычных алюзій, перагукаў як з творамі сучаснікаў, так і папярэднікаў, схаваных ці наўпроставых цытат і г.д.

Цесная повязь разанаўскага верша з традыцыяй беларускага вершаскладання не раз заўважалася рознымі даследчыкамі. Так, у кнізе Алы Кабаковіч «Беларускі свабодны верш» А. Разанаў цалкам слушна разглядаецца як прадаўжальнік традыцыі нацыянальнай філасофскай лірыкі: «Цікавасць Разанава да каардынат чалавечага быцця калі не стала вызначальнай рысай у творчасці паэтаў аднаго з ім пакалення, то, як вядома, была ўласціва філасофскай лірыцы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Танка, А. Куляшова, М. Стральцова. Незалежна ад таго, на чыю творчасць з названых паэтаў больш за ўсё арыентуецца А. Разанаў, лінія гэта ў беларускай паэзіі ўяўляецца неперарывістай» [50, с. 157]. Тая ж неперарывістасць традыцыі заўважаецца і Ганнай Кісліцынай – аўтаркай першай навуковай манаграфіі пра творчасць паэта «Алесь Разанаў: Праблема мастацкай свядомасці», дзе цэлы раздзел прысвечаны пошуку паралеляў паміж ідэйна-творчымі пошукамі паэта і класічнай літаратурнай традыцыяй [56, с. 18 – 44]. Праз прызму творчасці Вацлава Ластоўскага паспрабаваў зірнуць на паэтыку Разанава Алесь Пашкевіч [86].

Немагчыма зразумець паэта і без кантэксту сусветнай паэзіі ХХ ст., без Гіёма Апалінэра, Поля Элюара, Томаса Стэрнза Эліата, Райнера Марыя Рыльке, творы якіх актыўна выходзілі па-беларуску ў кніжнай серыі «Паэзія народаў свету», а таксама ў перакладніцкім гадавіку «Далягляды» і пакінулі істотны адбітак на станаўленні эстэтычнай сістэмы паэта. Даследванню мастацкіх здабыткаў А. Разанава праз прызму творчасці Эліата і Рыльке прысвечаны артыкулы Евы Лявонавай 69, 70]. Творчасць А. Разанава ў больш шырокім кантэксце сусветнай літаратуры аналізуе Наталля Ламека [61].

Важкі ўнёсак у фармаванне творчага светапогляду А. Разанава зрабіла класічная японская паэзія. Дарэчы, з творамі самага славутага аўтара хайку, «Старога з бананавай хаткі» Мацуа Басё, беларускі чытач пазнаёміўся менавіта праз пераклады А. Разанава [75].

Пры разглядзе вершаў А. Разанава мы будзем канстатаваць уплывы як паэтаў-сучаснікаў (Андрэя Вазнясенскага, Яўгенія Еўтушэнкі, Юрыя Кузняцова, Эдуардаса Межэлайціса), а таксама – класікаў ужо сусветнага маштабу (Барыса Пастарнака, Марыны Цвятаевай), арыентаванасць на якіх праяўляецца калі не ў лексіцы, дык у рытме, мысленні па кантрасце, па асацыяцыі, у своеасаблівым паэтычным тэмпераменце. Увесь гэты магутны пласт паэзіі станецца узорам, ідэалам, пэўнай творчай мадэллю для маладога творцы, а пазней – і ўмелага перакладчыка. Без яго ўліку немагчыма цэласнае разуменне разанаўскага паэтычнага тэксту, паколькі, як сцвярджае адзін з найбольш уплывовых тэарэтыкаў семантычнай паэтыкі Марк Палякоў, «літаратурны твор мусіць быць вывучаны літаральна ва ўсіх сваіх «знешніх» адносінах і ва ўсіх сваіх унутрытэкставых сувязях, то бок усе пазалітаратурныя адносіны, што з’яўляюцца прадметам сацыялогіі літаратуры, псіхалогіі літаратуры і іншых сацыяльнагенетычных ліній, павінны быць вывучаны ў сувязі з унутранымі структурамі твора» [87, с. 28].

У гэтым раздзеле будуць разглядацца традыцыйныя паэтычныя жанры – вершы і паэмы, што ствараліся цягам усёй творчасці А. Разанава. Варта падкрэсліць, што ў самім размежаванні твораў на традыцыйныя і не-традыцыйныя ці эксперыментальныя паводле іх аднесенасці да таго ці іншага жанру ёсць пэўная доля ўмоўнасці. Так, немагчыма назваць традыцыйнымі падкрэслена наватарскія прыёмы, што выкарыстоўваюцца ў паэмах сярэдзіны 1970-х – пачатку 1980-х гг. Па сутнасці, паэма А. Разанава з’яўляецца самастойным жанрам (звышжанрам) са сваімі спецыфічнымі рысамі.

Мы палічылі мэтазгодным абраць храналагічны прынцып структурнага аналізу твораў азначаных жанраў і прасачыць іх мастацкую эвалюцыю. У першым падраздзеле выкарыстоўваецца метад тэксталагічнага аналізу, абазначаны як рэканструкцыя. Другі падраздзел прысвечаны аналізу паэм са зборніка «Каардынаты быцця». Тут адбываецца ідэйна-тэматычная інтэрпрэтацыя твораў з названай кнігі. У трэцім падраздзеле даследуюцца тыпалагічныя рысы паэм канцэптуальнай трылогіі «Гліна», «Камень», «Жалеза».



1.1. Мастацкія асаблівасці паэтыкі твораў А. Разанава 1960-х – пачатку 1970-х гг. Спроба рэканструкцыі.


Ніжэй будуць разгледжаны першыя дзве кнігі паэзіі А. Разанава – «Адраджэнне» (1970) і «Назаўжды» (1974). Тое, што аналіз твораў, якія склалі гэтыя паэтычныя зборнікі, адбываецца ў межах аднаго падраздзела, абумоўлена імкненнем адлюстраваць творчае сталенне паэта з улікам храналогіі стварэння пэўных паэтычных тэкстаў. Шэраг вершаў, што ўвайшлі ў зборнік «Назаўжды», па часе напісання мусілі быць змешчаны яшчэ ў дэбютнай кнізе паэта. Для нашай працы важным з’яўляецца асэнсаванне жанрава-тэматычнай разнастайнасці паэзіі А. Разанава канца 1960 – пач. 1970-х гадоў як мага шырэй. Пры гэтым, разгляд твораў будзе адбывацца з улікам асаблівасцей кампазіцыйнай пабудовы зборнікаў, тэматычнай і часавай тоеснасці разгледжаных паэтычных тэкстаў, а таксама – кампетэнтнай думкі літаратуразнаўцаў пра паэтыку А. Разанава перыяду, што разглядаем.

Спрабуючы зірнуць на паэтычны зборнік «Адраджэнне» як на цэласную кнігу з пэўнай канцэптуальнай задумай, неабходна адразу звярнуць увагу на важны момант, які ў многім вызначыць далейшую працу: выгляд большасці тэкстаў, змешчаных у зборніку, не адпавядае іх першапачатковаму (найпрасцей упэўніцца ў гэтым праз кнігу выбранага «Танец з вужакамі» [105]).

Час выхаду зборніка быў не самым спрыяльным для з’яўлення ў нацыянальнай літаратуры яркага і самабытнага паэтычнага таленту. Адміністрацыйна-камандная сістэма вымагала ад творцы шаблоннасці ды трафарэтнасці ў адлюстраванні рэчаіснасці. Усялякі выхад за межы патрабаванняў сацыялістычнага рэалізму як галоўнага творчага метаду выклікаў негатыўную рэакцыю афіцыйных кіраўнікоў літаратурнага працэсу і літаратурнай крытыкі, якая мусіла праводзіць «лінію партыі ў галіне літаратуры і мастацтва».

Паказальна, што Ларыса Геніюш заўважыла-прадбачыла паэтычны талент А. Разанава яшчэ ў 1966 г. – калі ў паэта былі надрукаваныя ўсяго чатыры вершы ў газеце «Літаратура і мастацтва» (калі не лічыць вучнёўскіх публікацый у «Бярозцы» і «Піянеры Беларусі»). Вось, як піша паэтка ў лісце гісторыку Міколу Прашковічу: «Разанаў многаабяцаючы, будзем думаць, што вырасце ў сілу, якая нам цяпер найболей патрэбная» [41, с. 79]. Да гэтага Разанава на семінары школьных паэтаў заўважыў У. Калеснік, які пазней адыграе адметную ролю ў фармаванні творчага светапогляду паэта.

Паэтычны зборнік аўтара з не самай «добранадзейнай біяграфіяй», які выходзіў у серыі «Першая кніга паэта», мусіў прайсці пільную «мастацкую апрацоўку», у выніку якой многія творы змяніліся далёка не ў лепшы бок. Нават назва зборніка, «Адрачэнне», пераменена выдавецтвам на дыяметральна іншую – «Адраджэнне». Вось як А. Разанаў каментуе гэтую акалічнасць у інтэрв'ю 2007 г.: «Тут адбылася пэўная транскрыпцыя. Назва зборніка мела на ўвазе іншае – адрачэнне. Адрачэнне ад таго, што мне не падабалася, прымушала хадзіць па нейкіх кругах і абмяжоўвала жаданне думаць, разумець... Ну, прапанаваў выдавецтву, але выдавецтва, відаць, палічыла, што гэта занадта рызыкоўная назва...» [111].

Першапачаткова рэдагаваннем кнігі займаўся Рыгор Барадулін, але выратаваць зборнік ад цэнзарскіх нажніц, відаць, не здолеў. Вядома, што да скарачэння вершаў «Адраджэння» спрычыніўся Хведар Жычка – галоўны рэдактар Дзяржвыдату БССР. Насупраць жа пазнакі «рэдактар» у кнізе стаіць прозвішча Пятра Прыходзькі.

Паколькі ў гэтай частцы працы абраны храналагічны прынцып разгляду твораў, мы не можам не ўлічваць пэўных пазатэкставых фактараў, г. зн. будзем звяртацца да фактаў і дат біяграфіі А. Разанава, тым больш што ў пазнейшых творах паэта ступень аўтабіяграфізму істотна зніжаецца, саступаючы месца абстрагаванаму філасафізму, стварэнню іншай, эксперыментальна-метафізічнай мадэлі рэчаіснасці. У гэтых фактах знойдзем і прычыну такой звышпільнай увагі да твораў дэбютнага зборніка паэта. Маецца на ўвазе «палітычная акцыя», зладжаная студэнтамі філфаку Белдзяржуніверсітэта А. Разанавым і В. Ярацам: медаліст па сканчэнні школы, выдатнік вучобы А. Разанаў стаў адным з ініцыятараў звароту ў кастрычніку 1968 года да кіраўніцтва рэспублікі з просьбай выкладаць прадметы на беларускім аддзяленні філфака на роднай мове. Да ўсяго – паездка ў Зэльву да Л. Геніюш... Ужо зімой 1969 года А. Разанава і В. Яраца выключаюць з універсітэта (гэтыя падзеі падрабязна апісваюцца ў кнігах Г. Кісліцынай [гл.: 56, с. 6 – 10] і А. Лойкі «Дрэва жыцця» [гл.: 64, c. 134 – 135], а таксама ва ўспамінах Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча – філфакаўскага куратара А. Разанава [гл.: 42, с. 208 – 210]).

Праз заступніцтва Н. Гілевіча, які наладзіў сустрэчу Разанава і Яраца з Максімам Танкам (на той час старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў і Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР), «выгнанцы» змаглі працягнуць навучанне: Разанаў – у Брэсцкім педагагічным інстытуце, Ярац – у Гомельскім. У Брэсце паэт ізноў сустрэўся з У. Калеснікам, які, як заўважае Г. Кісліцына, «на доўгія гады стаў не толькі настаўнікам і сябрам паэта, але і даследчыкам яго творчасці» [56, с. 9].

Анатоль Вярцінскі, знаёмы з творамі А. Разанава па ранейшых публікацыях, адгукнуўся на іх «прэпараванне» рэцэнзіяй «Радасць няпоўная», прысвечанай не столькі літаратуразнаўчаму разгляду вершаў «Адраджэння», колькі рэдагаванню кнігі маладога паэта: «Сапраўдны адбор пры складанні кнігі заключаецца, як вядома, у тым, каб адсеяць слабыя, нязначныя творы, а пакінуць лепшыя… Другая функцыя рэдактара – стылістычная праўка. Трэба сказаць, што ў выдавецтве іх (вершы. – А. І.) і не правілі ў звычайным значэнні гэтага слова. З імі абышліся інакш – іх без уважнай на тое прычыны скарачалі, выкідваючы цэлыя мясціны, пакідаючы без заключных строф, іх проста скажалі, замяняючы адвольна адны радкі і словы другімі, тут жа сфабрыкаванымі» [36, c. 177].

У кнізе «Высокае неба ідэала», куды ў крыху змененым выглядзе ўвайшоў артыкул (назва ў кнізе «Змагаемся – жывем...»), А. Вярцінскіканстатуе: «Выяўляю адразу, на вялікі свой жаль, што некаторыя вядомыя вершы маладога паэта («Адкрыццё», «Эксперымент», «Шчасце» і інш.) чамусьці ў зборнік не ўвайшлі, а адсутнасць іх вельмі і вельмі адчуваецца. Заўважаю яшчэ, што некаторыя творы так зменены, так скарочаны або «папраўлены», што іх цяжка пазнаць...» [36, с. 173]. Адзначым тут, што названыя А. Вярцінскім вершы ўвайшлі ў наступны зборнік паэта «Назаўжды».

Варта заўважыць, што ў такім гвалтоўным рэдагаванні-«прычэсванні» – свой сэнс, абумоўлены часам, людзьмі, ідэалогіяй і, зрэшты, канонамі паэтыкі, у якія не ўкладаліся ўжо першыя, даволі традыцыйныя з фармальнага пункту гледжання літаратурныя спробы А. Разанава.

Такім чынам, адной з асноўных задач гэтага падраздзела будзе спроба стварэння свайго роду віртуальнай мадэлі першай кнігі А. Разанава, рэканструкцыя, адраджэнне яе ў тым выглядзе, якой яна магла ўяўляцца самому паэту. Для гэтага абраны шлях тэксталагічнага параўнання твораў аўтэнтычнага выгляду з тэкстамі «Адраджэння», а таксама – праз далучэнне да гэтага разгляду вершаў, што былі напісаныя да 1970 г., але не патрапілі ў зборнік.

Кнігу складае ўсяго дваццаць пяць вершаў, створаных пераважна ў школьныя гады (так, «Бяроза-Картузская» належыць пяру шасцікласніка). Адкрывае зборнік верш-прысвячэнне «Радзіме», выкананы ў панегірычна-ўрачыстай інтанацыі, хаця ўжо ва ўступнай страфе прысутнічае недагаворанасць і нават спроба крытычнага асэнсавання, хаця і абстрагаванага: «Ляцім, / не жадаем спачынку, / ўбіраем вачыма Сусвет…/ Радзіма, / у нашых учынках, / магчыма, / не ўсё як след. / Мо не заўсёды тое / робім, / што трэба рабіць, / толькі заўсёды святое / імя тваё ў нас гарыць…1» [92, с. 3]. Пафаснасць і ўзнёсласць аповеду задаюцца тут адпаведнай лексікай, няхай пакуль спустошанай, беднай сэнсамі ды алюзіямі, але той лексікай, на якой у далейшым будзе трымацца «шацёр» разанаўскай паэтыкі і праз якую закладаецца адметны тэзаўрус паэта: палёт, Сусвет, учынак, святое імя. Пры наяўнасці скразной унутранай рыфмоўкі (спачынку – вачыма – магчыма – учынках), што павышае эўфанію радка, а таксама – адметнай рытмікі з ускладненай пабудовай і лесвічнымі пераносамі слоў, паўтор прыслоўя «заўсёды» ў рыфмава звязаных словазлучэннях выклікае здзіўленне, улічваючы стараннасць пры падборы лексічных сродкаў у іншых вершах зборніка.

У далейшых радках вобраз Радзімы раскрываецца-карэктуюецца паўней: «Быццам / дрэва галіны, / гамоняць лісцём, цвітуць, – / жывуць у табе Скарына, / Шаўчэнка, / Пушкін жывуць…» [92, c. 3]. Натуральна, што малады паэт адчувае сябе ў адзіным культурным кантэксце з пералічанымі ў вершы асобамі, імёны якіх сімвалізуюць адраджэнне нацыянальнай свядомасці трох усходнеславянскіх народаў на розных гістарычных этапах, але ўрэшце пафасная інтанацыя зводзіць гэтыя імёны да яшчэ аднаго «святога імя»: «Чаго варты плён пакаленняў, / палёгшых у барацьбе, / калі не ўсміхнецца Ленін, / калі не будзе цябе?!» [92, c. 4]. Вядома, нельга забывацца на час выхаду зборніка, а таксама на яго «мастацкую апрацоўку» (ці ўтварыў бы, скажам, філолаг-выдатнік дзеепрыметнік «палёгшых», калі маецца форма «палеглых», – пытанне), праз што ўзнікае пэўная клішаванасць, але без якой, тым больш у загалоўным вершы, зборнік наўрад ці наогул пабачыў свет... Тут жа і радкі пра небяспеку, што ўвесьчасна пагражае вялікай дзяржаве. Але пры гэтым няма аніякіх падстаў сумнявацца ў шчырасці агульных інтанацый.

Разабрацца ў сутнасці «ленінскай тэмы» у творчасці і А. Разанава, і іншых паэтаў таго часу дапамагаюць аддаленыя адно ад другога на тры дзесяцігоддзі сведчанні пісьменнікаў Н. Гілевіча і У. Калесніка. Так, паводле Н. Гілевіча, «ленінская тэма» у савецкай паэзіі 1960 – 70-х гадоў была даволі папулярнай нават сярод тых, каго пазней запішуць у «антысаветчыкі», пра што ён сведчыць у сваіх мемуарах, называючы, да прыкладу, паэта А. Вазнясенскага як таго, хто «найлепш і найталенавіцей» уславіў Леніна. Гэтую тэндэнцыю паэт тлумачыць тым, што «для бальшыні «шасцідзесятнікаў» грунтам іх ідэйнага, духоўнага і маральнага аптымізму была вера ў вяртанне да Леніна, у аднаўленне ленінскіх прынцыпаў арганізацыі грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця ў краіне» [42, с. 192 – 193]. З іншага ракурсу асвятляе гэтую тэму У. Калеснік, які, гаворачы пра верш А. Разанава «Ленін – гэта мы» (на якім, уласна, «ленініяна» у творчасці Разанава і завяршаецца), сведчыць: «Ленін – гэта сцяг той кагорты эксперыментатараў, пераўтваральнікаў свету, да якой залічвае сябе паэт» [51, 368].

Дакладны час напісання верша «Радзіме» невядомы, але агульная манера пісьма (бедная рыфмоўка, тэматычная клішаванасць) дазваляюць аднесці яго да зусім ранніх. Пры гэтым, У. Конан ужо на прыкладзе гэтага твора заўважае і ілюструе працэс зменаў у эстэтычнай сістэме А. Разанава: «Узыходжанне паэзіі А. Разанава ад звыклай і простай да элітарнай і складанай вобразнай сістэмы адбывалася... па традыцыйным шляху. У вершах «Адраджэння» прыкмячаецца элімінацыя, адпрэчванне вершаванага бытавізму, перакадзіроўка пластычна-рэчавых, натуральных вобразаў у сімвалы, наданне ім духоўнага сэнсу. Узнікае тэма спрадвечнага, касмічнага, і адпаведна мяняюцца кампазіцыя, інтанацыя і рытміка першага твора «Адраджэння» [58, c. 244].

Наступным разгледзім верш «Радзіма», якога з аб’ектыўных прычын няма ў кнізе (напісаны пасля яе выхаду і змешчаны ў зборніку «Назаўжды»). Ён, гэтак жа, як і вышэй разгледжаны, пачынаецца са звароту да Радзімы, але гэтым разам пранізлівая пафаснасць гэтага звароту скіраваная ўжо не да Краіны Саветаў, але да Беларусі (няхай і не названай, у нечым нават віртуальнай). Голас лірычнага героя ўжо з зусім іншай, інтымна-спавядальнай інтанацыяй гучыць свядома і напоўніцу, поруч з высокай ступенню тэхнічнага майстэрства паэта: «Радзіма, да цябе з мальбой / і нараканнем / не скрануся. / Я ў весялосці не з табой, / з табой у роздуме і скрусе…» [93, c. 11].

Звернем увагу на пары слоў «мальба і нараканне» і «роздум і скруха», што ў гэтай першай страфе ўтвараюць лагічны шэраг з проціпастаўляльнымі адносінамі. Магчыма, мальба мае вынікам нараканне, а роздум над лёсам Радзімы прыводзіць лірычнага героя да скрухі? Ізноў недагаворанасць, ізноў намёк на праблемнасць, што прысутнічала і ў вершы «Радзіме», толькі не ў абстрагаванаабагульненым ключы (радкі «Мо не заўсёды тое / робім, / што трэба рабіць»), а выказаная ўжо ад першай асобы (хаця і афарыстычна). Ва ўрачыстасці агульнага настрою тут ужо не адчуваецца клішаванасці.

У наступнай страфе паэт спявае гімн персаніфікаванай, нават сакралізаванай Радзіме-багіне, старанна падбіраючы лексічны і гукапісавы матэрыял: «Высвечвала бяздонным дном, / ў акно ўзіралася з’інела, / і ведзьмавала туманом, / і летам бабіным звінела» [93, c. 11]. Тут заўважым прыклад разанаўскага аксюмарана («Высвечвала бяздонным дном»), што выяўляе імкненне да нечаканай вобразнасці, а таксама аказіяналізм («ведзьмавала»).

У далейшай страфе ўздымаецца праблема вызначэння межаў (пра што ішла гаворка і ў вершы «Радзіме»): «Ты не ўмяшчаешся ў куток, / дзе трызніць Буг, дзе Белавежа…/ Твае не вызначыць мне межы / і не намацаць твой выток. // У свет балючы дабяла, / у снежны свет, мае усходы / ідуць: там ты… там ты была!../ Ты ўся наводдалі заўсёды» [93, c.11]. Свядома ці несвядома аўтар палемізуе тут з Францішкам Багушэвічам, які, распрацоўваючы свой нацыястваральны канцэпт2, гэтыя межы акурат і намагаўся вызначыць-акрэсліць у знакамітай прадмове да «Дудкі беларускай» [гл.: 16, с. 16 – 17]. У Разанава Беларусь – найперш паняцце духовае. У гэтым палягае яго разыходжанне і з поглядамі на праблему ўласных межаў адраджэнцаў пачатку ХХ ст. (В. Ластоўскага, Я. Купалы), якія акурат імкнуліся да вызначэння ва ўсім пахіснутых межаў радзімы, што аб’ектыўна вынікала з існай на той момант неабходнасці самасцвярджэння Беларусі як нацыі [гл.: 3, стар. 29 – 30].

Відавочная тут і пэўная пераемнасць, нават інтэртэкставае перагуканне з праграмным вершам У. Караткевіча «Беларуская песня» (упершыню надрукаваны ў 1969 г. у зборніку «Мая Іліяда», тады як «Радзіма» датуецца 1970-м г.). На пачатку караткевічаўскага верша межы Радзімы вызначаюцца праз метафарызацыю беларускай тапанімікі (ёсць тут і Белавежа – «Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа...») [гл.: 54, с. 136 – 137]. «Радзіма» успрымаецца як адмысловы адказ Караткевічу, уплыў паэтыкі якога адчувальны ў ранняга Разанава. Наогул жа тут варта казаць пра бязмежжа паэтавай душы, здольнай адбіць і змясціць у сабе хараство роднай зямлі. Напрыканцы разгляду яшчэ раз акцэнтуем увагу на лексіцы («куток, межы, выток», «свет балючы дабяла», «сходы, наводдалі»), што задае каардынаты і для пазнейшай разанаўскай лірыкі.

«Верш «Радзіма» – адзін з лепшых у сучаснай беларускай паэзіі на гэтую тэму, які сведчыць, што разанаўскаму таленту заўсёды, пачынаючы з ранніх твораў, былі ўласцівы глыбіня і неартадаксальнасць погляду», – такую ацэнку дае разгледжанаму вершу Г. Кісліцына [56, c. 26]. Параўнаўчы аналіз вершаў «Радзіме» і «Радзіма» ілюструе імклівае творчае сталенне паэта.

Тэма шляху цэнтральная ў творчасці А. Разанава ад пачатку яго шляху творчага, і запачаткавана яна ў вершы «Пошук» (1964). Вядома, паэт яшчэ не прыйшоў да канцэптуальнай фармулёўкі свайго шляху, што з’явіцца ў «Першай паэме шляху», і куды больш легкаважна ставіцца да праблемы, але ўжо тады, разам з правам «усё закрэсліць і потым нанава пачаць», адчувае пэўную адказнасць за тое, што збіраецца здзейсніць: «А шлях раўнюткі, быццам лісцік, / Ляці – / каб вецер у вушах!../ Як гэта лёгка памыліцца / І па чужых / пайсці шляхах» [92, с. 6]. Выпраўляючыся ў нязнанае з гэтай свайго роду паходнай песняй, семнадцацігадовы паэт не жадае так хутка губляць права на памылку, дадзенае маладосці, і выгуквае амаль фаўстаўскае: «Чакай, няўмольны час». Трэба адзначыць, што ў «адраджэнскай» рэдакцыі выпраўлена форма аднаго слова (з «стрэсе» на «стрэхах»), праз што губляецца ўдалая рыфма («на стрэсе» – «закрэсліць»). Няўжо ўкладальнікаў напалохала аманімія (з словам «стрэс»)?

Настрой затоенага чакання нязнанае будучыні прысутнічае ў многіх вершах «Адраджэння». Напрыклад, у наступных радках верша «Які запал! Які размах…» (1965): «Трывогу цьмяную ганю / і цені прадчування. / Іду / ў вялікую гульню / з затоеным дыханнем» [92, c. 35]. Твор увайшоў у зборнік у «ампутаваным» выглядзе. Апроч нязначных зменаў асобных радкоў, у «адраджэнскім» варыянце папросту адсутнічае канцоўка – трынаццаць радкоў, амаль трэцяя частка. У гэтых радках, няхай і не без інфантыльнасці, заключана важная думка, жыццёвае і творчае крэда А. Разанава, што можна сфармуляваць так: у любой сітуацыі трэба намагацца ўзняцца над акалічнасцямі, знайсці пазітыў ужо ў самім факце існавання: «Калі ж надзея падвядзе / і ўдача пойдзе збоку, / калі на мой вясёлы дзень / насунуцца аблокі / і не змагу – / хоць бы ледзь-ледзь – / у справах разабрацца, / я буду ціхенька сядзець / і мудра пасміхацца. / І – усё роўна ў рэшце рэшт: / лунаў ці падаў ніцма, / а проста дыхаецца лепш, / нібы ад навальніцы» [105, с. 14 – 15]. Апісаны ніжэй стан супастаўляльны з усходнім прынцыпам У-вэй – «не-дзеяння» (не блытаць з бяздзеяннем!), прынцыпам сузірання, калі ўсе праявы быцця прымаюцца такімі, якія яны ёсць, без гвалтоўнага ўмяшальніцтва. Матывы, па якіх канцоўка была прыбраная, цяжка вытлумачальныя.

Чалавек, які здолеў убачыць хараство ў сабе і вакол сябе, адкрыць багаты ўнутраны патэнцыял заўжды памятае першы момант раптоўнага пераўтварэння-прасвятлення. Ці не пра ўласны вопыт духоўнага росту праз наступную алегорыю гаворыць паэт у вершы «Чалавек» (1966): «Касматы, / першабытны, / нізкалобы, яшчэ не чалавек, / упершыню / ён аглядзеў – / загадкавая спроба – / дрымучымі вачамі вышыню…» [92, c. 23]. Гэты момант – як зыходны пункт для палёту. Палёту праз жыццё, праз смерць, праз тое, што па-за імі (яшчэ адзін скразны матыў у творчасці А. Разанава): «…працяты невядомым запаветам, / апалены / высокай сінявой, / нібы Атлант3 – / нагамі у планету / і ў нерухомы купал – галавой» [92, c. 23].

Верш мае сапраўды адраджэнскі падтэкст, што сягае каранямі ў гэтую эпоху з яе пераходам ад тэацэнтрычнага да гомацэнтрычнага светабачання. Матыў апявання чалавека-валадара, чалавекапераможцы, чалавека-заваёўніка прыроды і касмічных прастораў моцна выявіўся ў савецкай паэзіі 1960 – 1970-х гадоў. У якасці прыкладу можна прыгадаць серыю «касмічных» вершаў Аркадзя Куляшова пачатку 1960-х з яго «Новай кнігі», зборнік А. Вярцінскага «Чалавечы знак» (1968), паэму «Яго вялікасць» Аляксея Русецкага, а таксама зборнік вершаў «Чалавек» (1961 г.) Народнага паэта Літвы Эдуардаса Межалайціса, творы якога пазней будуць перакладацца А. Разанавым. У далейшай творчасці, напрыклад, у версэтах з цыклу «Заваёўнікі», будзем назіраць ужо іншы, куды менш рамантызаваны вобраз чалавека-заваёўніка.

А. Разанаў, як і большасць беларускіх паэтаў яго часу, выйшаў з вёскі. Там яго карані, вытокі, адтуль чэрпаў сілы для творчасці, туды скіроўваў позірк малады паэт, апынуўшыся ў нязвыклым, магчыма, варожым горадзе з пэўнай сістэмай правілаў і догмаў. Ва ўсёй лірыцы А. Разанава савецкага часу не знойдзем твора урбаністычнай тэматыкі, дзе б горад увасабляў светлае і блізкае сэрцу (пазней у цыкле «Гановерскія пункціры» такое ўвасабленне атрымае нямецкае мястэчка, а ў асобных версэтах рэалізуецца канцэптуальная метафара ўяўнага горада). Лірычны герой верша студэнцкай пары «Вытокі» (1967) настальгуе па сваіх «зацішных кутках», па сваіх вытоках: «Адпачыць ад непаладку, / шуму, гвалту, калатні / уцякаем без аглядкі / у зацішныя куткі. / Праз лясы сцяжынка тчэцца – / каляіна, / капыток… / Там маленства чалавецтва, / там пачатак, / там выток» [92, с. 32].

Ужо такі прыклад унутранай рыфмоўкі, як «маленства чалавецтва» гаворыць пра значныя дасягненні ў эўфанічнай працы А. Разанава. Цудоўнай празрыстай вобразнасцю, пачуццём замілаванасці роднай прыродай, што ўзыходзіць да філасофскай ідэі прыродацэнтрычнасці свету, прасякнуты далейшыя радкі верша, што, хаця і сведчыць на карысць з’арыентаванасці паэта да класічнай паэтычнай мадэлі, але і ў гэтым рэчышчы выяўляе неардынарны талент метафарычнай назіральнасці, што пазней паўней раскрыецца ў пункцірах: «Там гуляе ў пазалоце / з рыжым промнем дацямна / на вярбе пушысты коцік, / быццам з ніткай кацяня» [92, с. 32].

Падпадаючы пад разнастайныя творчыя ўплывы, што натуральна для таго, хто толькі шукае-намацвае сваю сцяжыну ў паэзіі, А. Разанаў стварае вершы ў традыцыйных ключы і коле праблематыкі. Так, ваенна-патрыятычная тэма прадстаўлена ў зборніку творамі «Не, не прагну я долі лепшай…» і «Фарбы», якія размешчаны засаб. Першы не ўяўляе вялікай цікавасці з п. гледжання мастацкіх якасцей: бедная рыфмоўка, збітая фабула дазваляюць аднесці твор да зусім ранніх. А вось у «Фарбах» паэту ўдаецца стварыць сапраўды каларытную і ўражлівую карціну смерці байца: «Круцілася планета цэнтрыфугай, / і вочы запарушвала імгла…/ Набраць вады / з няласкавага Буга / рука салдата так і не змагла. / Перад вачыма плямы, / плямы, / плямы, / як белыя завеі паплылі. / І наплывалі белыя паляны, / і праплывалі белыя палі...» [92, с. 18 – 19].

Удала падабраныя рытм (з такімі рытмастваральнымі кампанентамі, як рэфрэн і сінтаксічная анафара4) і памер (пяцістопны ямб) добра пасуюць раскрыццю аўтарскай задумы – перадаць велічнасць подзвігу народа на прыкладзе аднаго з яго сыноў. Але не толькі ў рытме, памеры і ўдала знойдзеным гукапісе праяўляецца талент паэта як майстра лаканічных замалёвак, але і ў адмысловым наборы лексікі. Ужо сама назва падкрэслівае выяўленчую задуму твора: супастаўленне двух фарбаў, двух колераў – мройнага белага (плямы, завеі, паляны, палі, неба) і колеру сцяга, праз што дасягаецца імпрэсіяністычны эфект: «Паілі сэрца, / цела бінтавалі, / хавалі ад смяротнага свінца. / А ў белым небе птушкі цалавалі / чырвоны сцяг, / чырвоны – да канца!» [92, с. 19].

Да твораў на ваенную тэматыку можна аднесці і верш «Сцюдзёнае паветра разлілося…», які ў зборніку мае назву «Бяда» і скарочаны роўна напалову. Адсутнічае першая страфа: «Сцюдзёнае паветра разлілося / крыштальнаю празрыстасцю крыніц…/ Цябе заб’юць – / і толькі адгалоссе / павісне, як танюсенькая ніць» [105, с. 27]. У гэтай вершаванай мініяцюры (памер той жа, што і ў вышэйразгледжанай) паэт імкнецца перадаць адчуванне трывожнасці, асуджанай наканаванасці лёсу праз стан прыроды, чаму спрыяюць кідкія метафары і экспрэсіўная лексіка: «Адчайным крыкам вецер панясецца, / заломяць дрэвы рукі ў вышыню…/ А ў дальняй вёсцы маці ўстрапянецца / і будзе доўга слухаць цішыню» [105, с. 27].

Калі ў «Бядзе» «ампутацыю» цэлай страфы можна патлумачыць хіба што цьмянасцю асацыяцый і агульнай «сумнаватай» інтанацыяй, то ў вершы «Воля», дзе прыбрана апошняя страфа, такое рэдактарскае «рашэнне» добра зразумелае. Цалкам верш выглядае наступным чынам (у зборніку ён абарваны на слове «сырадой»): «Раўлі ўстрывожана марціры, / блішчэлі косы і штыкі…/ Ішлі па славу камандзіры, / ішлі па волю мужыкі. // І, быццам маятнік, эпоха / ішла размеранай хадой. / А на стале дыміўся бохан, / і ў кубку пеніў сырадой. // І ліцэіст, забыўшы яву, / чытаў натхнёна Буало…// І пераможцы неслі славу, // і толькі волі не было» [105, с.21]. Відавочна, што без апошняй страфы асноўная ідэя твора, заключаная ў радку «і толькі волі не было», змяняецца на дыяметральна супрацьлеглую. Так, нейкай яўнай крамолы ў гэтых радках няма, але ўсялякая іншасказальнасць, няпэўнасць і цьмянасць фармулёвак для паэтыкі эпохі сацрэалізму – рэчы недапушчальныя.

Гаворачы пра вершы кнігі «Адраджэнне», Г. Кісліцына адзначае: «творчасць А. Разанава ўражвала сваёй памкнёнасцю і дзёрзкасцю, той апантанасцю, з якой паэт услаўляў подзвіг, дзеянне, рух» [57, с. 593]. І гэтыя памкнёнасць, дзёрзкасць і апантанасць творчага тэмпераменту не маглі суцішыць-заглушыць ніякія выдавецкія «прычэсванні»-скарачэнні.

Тэма творцы, цэнтральная ва ўсёй творчасці А. Разанава, выразна і па-майстэрску загучала ў зборніку «Адраджэнне». Вершы «Паганіні» і «Тамаза Кампанела» вылучаюцца нечаканай вобразнасцю і афарыстычнасцю, а таксама сталай манерай пісьма (датуюцца 1968 г.). Нават у значна скажоным выглядзе яны ўражваюць глыбінёй і пранізлівасцю інтанацый. Так, ужо першыя радкі верша «Паганіні» – як масток паміж А. Разанавым-сённяшнім і пачаткоўцам, які толькі «падае надзеі»: «Гады змясціліся ў хвіліне, / рука прыпала да пяра…/ Пара, маэстра Паганіні, / вас зачакаліся. / Пара…» [92, с. 27].

Твор мае выразны эмацыйны пачатак. Паэтычны тэкст ствараецца як скразная экспрэсія, амаль імправізацыя, трапнымі штрыхамі-акордамі, слова за словам, радок за радком: «Трывога…/ Воклічы…/ Пагоня…/ Застаў агні…/ Парог… / Радня…/ Ніхто не ведае сягоння / дарогі заўтрашняга дня5» [92, с. 28]. Тут можам назіраць прыём апісання сітуацыі праз адно слова, асабліва характэрны для паэтыкі блізкага Разанаву Б. Пастарнака (напрыклад: «...Окно, пюпитр и, как овраги эхом» ці «...Сумерки... Словно оруженосцы роз» [гл.: 85]), што ўзыходзіць да традыцый, закладзеных у блокаўскай паэтыцы (прыгадаем хрэстаматыйнае «Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка»). Праз увесь твор віруе адчуванне нейкае ліхаманкавасці, што прымушае ненаўмысна паскараць тэмп пры чытанні, з выверанымі лагічнымі націскамі. І, урэшце, фінал (ці, можа, кода?) завяршае вершаваную прэлюдыю, каб даць жыццё іншай музыцы (маўчанню?): «Шынкі сустрэнуць, быццам свахі, / і шапаток: «Любой цаной…» / Нібы марудныя манахі, / ішлі гадзіны за сцяной. / Той адрачэцца, той загіне, / той хмура сыдзе у труну…/ …Неўтаймаваны Паганіні / кранае першую струну» [92, с. 28 – 29].

Імкненне да філасафізму і метафізічных абагульненняў, што выявілася ў вершы «Паганіні», хаця і было пазбаўлена адкрытай авангарднасці, ішло ўразрэз з асноўнай лініяй беларускай савецкай паэтыкі. Адсюль – цэнзарскія скарачэнні і недарэчныя датлумачванні «цьмяных» мясцін. Да ўсяго, прыгадаем, што падчас напісання твораў, якія разглядаем, сам паэт зазнаваў пэўны ціск з боку органаў аховы грамадскага парадку і маралі. Усё гэта скіроўвае часам да чытання між радкоў, як, напрыклад, у месцы пра тых, хто адрачэцца. Ці не адсюль варта выводзіць задуму першапачатковай назвы зборніка – «Адрачэнне»?

Верш «Тамаза Кампанела» паводле сваіх мастацкіх якасцяў бачыцца вяршыняй зборніка. Тэма творцы і яго месца ў грамадстве тут раскрываецца яшчэ вастрэй, чым у «Паганіні». Праблема незразуметасці генія, заключаная ў евангельскай тэзе пра адсутнасць прарока ў сваёй айчыне, магла раскрывацца ў той час толькі іншасказальна – праз зварот да аддаленых па часе гістарычных падзей і асоб (сярод найбольш яскравых распрацовак гэтай тэмы па-беларуску – паэма М. Танка «Люцыян Таполя»). Тым не менш, верш амаль без зменаў (адсутнічае ўсяго адна, «цьмяная», страфа) увайшоў у зборнік.

Падвал ззалелы, гразкі / і маскі цемнаты. / Каму патрэбны казкі, / якія мроіш ты?! / Каму патрэбна мука, / твой д’ябальскі імпэт?! / Не вырвецца ні гуку / адсюль на божы свет [92, с. 39].

Як вядома, сваю асноўную працу «Горад Сонца» (1602), трактат пра ідэальнае грамадства, італьянскі манах і філосаф-утапіст ствараў у астрозе, «гразкім падвале». Стан героя верша, відавочна, блізкі і зразумелы паэту. Ці не да сябе самога, змушанага існаваць у пэўнай інтэлектуальнай і творчай ізаляванасці (праз згаданую «палітычную дзейнасць»), звернуты рытарычныя запыты ў вышэйпрацытаванай страфе?

Свабода, толькі снішся, / ты бітва – / не спакой. / У скамянелай цішы / нічога ад людской [92, с. 40].

Адсюль паўстае вельмі няпростае пытанне залежнасці творцы ад знешніхабставінаў, ступені адчування ўласнай свабоды: ці стварыў бы Кампанела свой выбітны твор (трактат пра свабоднае грамадства) на волі? А сам А. Разанаў – ці абраў бы ён шлях творчага эксперымента, ці кінуў бы выклік існым канонам паэтыкі, калі б не гісторыя з філфакаўскім адлічэннем? Адназначнага адказу на гэтае пытанне ў нас няма, але сувязь гэтых пазатэкставых фактараў з праблематыкай верша неаспрэчная.

Калі працягваць гаворку пра вялікіх настаўнікаў, то відавочны таксама і ўплыў паэтыкі М. Цвятаевай на сілаба-танічную творчасць А. Разанава. Параўнаем рытмічны малюнак двух вышэйразгледжаных вершаў з страфой цвятаеўскай «Поэмы воздуха»: «Полная естественность. / Свойственность. Застой. / Лестница, как лестница, / Час, как час (ночной). / Вдоль стены распластанность / Чья-то. Одышав / Садом, кто-то явственно / Уступал мне шаг...» [132, с. 576]. І тут, і там, карыстаючыся вызначэннем Ус. Раждзественскага адносна паэтыкі М. Цвятаевай, «на аснове звычайных метрычных схем узнікаюць самыя нечаканыя, часам не змяшчальныя ў рамках традыцыйнай строфікі рытмічныя пабудовы[...] фармальна[...] гэта думка і пачуццё, падхопленыя і падтрыманыя імклівымі мадуляцыямі рытму» [132, с. 19]. То бок змест і форма гарманічна ўзаемадапаўняюць адно другое. Пры гэтым, праз рытмавую пункцірнасць, у разанаўскім вершы пакідаецца прастора для пэўнай імправізацыйнасці: аўтар увесьчасна імкнецца да таго, каб абнечаканіць чытача кактэйлямі сэнсаў ды алюзій.

Трэба разумець, пачатковая назва «Адрачэнне» мела на ўвазе яшчэ і пэўны від аскезы – адыход ад «мірскога», бытавога-меркантыльнага, ад задавальнення матэрыяльным – дзеля барацьбы («ты бітва – не спакой»), сцверджання ўласных поглядаў (давесці якія магчымым было хіба што праз алегарычны гістарызм – зварот да іншых часу і краіны). І ўсё ж Кампанела – прадстаўнік Адраджэння, эпохі аптымізму. І таму ў заключнай страфе верша мігціць вера ў тое, што панаванне цемрашальства і яго паслугачоў зменіцца лепшым: «Праз ноч, злачынствы, голад, / праз дым, што узнялі, / заззяе дзіўны горад, / магчымы на зямлі» [92, с. 41]. Дарэчы, падобны матыў, вобраз чаканага горада – «горада, што выплыў з людской надзеі» – праз дзесятак гадоў сустрэнем пры разглядзе версэтаў А. Разанава са зборніка «Вастрыё стралы».

Вышэй былі зафіксаваны далёка не ўсе выпадкі рэдактарскіх скарачэнняў вершаў «Адраджэння», а найперш тыя, якія не былі разгледжаны ў артыкуле А. Вярцінскага. Гэта дазваляе, акрамя ўласна тэксталагічнага даследавання, паказаць узровень культуры творчасці, адносіны да інтэлектуальнай уласнасці, тыя ўмовы, у якіх і, магчыма, насуперак якім, нараджалася зорка паэта. Як адзначалася, асобныя творы, якія па часе напісання мусілі ўвайсці ў кнігу 1970 г., з’явіліся ў наступным зборніку «Назаўжды» (1974). Акрамя вершаў, створаных у сярэдзіне 1960-х («Адкрыццё», «Эксперымент», «Шчасце»), назавем балады 1969 г. – «Балада прыкметы», «Нявыказаная балада», «Балада цікаўнасці», «Роспачная балада», верш «Прамільгнуўшае», якія выводзяць паэтыку А. Разанава на якасна новы жанрава-тэматычна ўзровень.

Перад тым, як прыступіць да разгляду твораў зборніка «Назаўжды», з мэтай ілюстрацыі паэталагічных кантэкстаў, паказальным будзе супаставіць два крытычныя выказванні – з рэцэнзіі Фёдара Яфімава «Радуюся таленту» і з эсэ Ігара Бабкова «Алесь Разанаў: заўвагі на палях затоенага сэнсу». Вось словы Ф. Яфімава з першай (у цэлым досыць станоўчай) рэцэнзіі на кнігу «Адраджэнне»: «Верш Разанава традыцыйны, гарманічны і музычны, у ім няма не выкліканых неабходнасцю пераносаў рытмічных фраз, спатыканняў на націску. Галоўная яго вартасць – натуральнасць. Пераважае «стары, добры» ямб, але ў гэтым старым нашым знаёмым выразна гучыць свая інтанацыя[...]. І яшчэ адна асаблівасць: у вершах Разанава вельмі мала параўнанняў, метафар, усяго таго, што на паэтычным жаргоне называецца знаходкамі...» [140, с. 143 – 144].

І погляд І. Бабкова, з часавай адлегласцю ад Ф. Яфімава ў чвэрць стагоддзя: «Пачатак – спроба паэзіі ў мове міту. Усё – на разрыве, усё – экспэрымэнт. Усё спрабуе абаперціся на «новае», на суб’ектыўнае права творцы «усё закрэсьліць і потым нанава пачаць6» [13, с. 56 – 57].

Гэткая дыяметнальная адрознасць ацэнак двух даследчыкаў палягае, верагодна, у нястачы неабходных узораў разанаўскіх вершаў для першага і арыентацыі на больш буйны паэтычны пласт для другога. Ф. Яфімаў бачыць у Разанаве-пачаткоўцы трывалага традыцыяніста, а І. Бабкоў акрэслівае творы кнігі «Адраджэнне» як суцэльнае эксперыментатарства. Пяройдзем да самога верша. Тое, чаго з аб’ектыўных прычын не заўважае Ф. Яфімаў, з пэўнай катэгарычнасцю трактуе І. Бабкоў і, зрэшты, што напалохала ўкладальнікаў першага зборніка, на самой справе мае досыць кволыя парасткі і існуе ў вершы «Эксперымент» (1967) толькі як намёк, частковая дэманстрацыя затоенага патэнцыялу.

У вершы «апяваецца» даволі традыцыйная для савецкай паэзіі тэма – навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Экспрыментальнасцю паэтычнай, хаця і даволі тэндэнцыйнай, можна назваць лесвічны перанос слова «эксперыментатары» ў пачатку твора (непераўзыйденым па колькасці падобных графічных эксперыментаў з’яўляецца У. Маякоўскі, што доўгі час было аб’ектам эпігонства ў савецкай паэзіі):


З глыбінь,

як лава з кратэра,

вырвецца распад.

Экс-

перы-

мен-

та-

та-

ры

не ідуць назад [93, с. 9].


І падобны ж прыём далей: «Агні / дажджы / і здані». У скарыстанні лесвічных пераносаў разам з няроўным рытмам А. Разанаў, відавочна, сугучны паэтыцы «грымеўшых» у тыя часы А. Вазнясенскага і Я. Еўтушэнкі. Сярод беларускіх паэтаў найбольш блізкімі А. Разанаву таго часу ўяўляюцца Рыгор Барадулін (зборнік «Лінія перамены дат», 1969 г.), Мікола Купрэеў (зборнік «Непазбежнасць» 1967 г. [60]) і Алесь Наўроцкі (зборнік «Гарачы снег» 1968 г. [77]), а таксама рускі паэт Юрый Кузняцоў.

Такім чынам, эксперыментатарства ў вершы не мае наўпроставага дачынення да словатворчасці. Але слова вымаўлена. Нездарма лірычны герой прылічае сябе да ліку тых самых эксперыментатараў, што «вызваляюць святло», і таму асобныя радкі верша ўспрымаюцца надзвычай алегарычна: «Загінем – не загінем, / бадай, не ў гэтым сэнс…/ Работу, / што пакінем, / наступны данясе» [92, с. 10]. У гэтым звароце да наступнікаў (яшчэ адна тыпова разанаўская рыса) можна заўважыць і намёк на пэўную творчую абмежаванасць, звязанасць рук, – маўляў, мы толькі выпрабоўваем на трываласць сцены (каноны традыцыйнай паэтыкі), пракладаем шлях для наступных пакаленняў.

У рэцэнзіі на кнігу «Назаўжды» Паўла Марціновіча «Слова ў пошуку» – яшчэ адзін штрых да разумення кантэксту – ад імя меркаванага чытача даводзіцца, што верш «Эксперымент» «не пераконвае», а вышэйпрацытаваная страфа ўспрымаецца літаральна і каментуецца наступным чынам: «Няўжо і сапраўды пытанне – жыць ці загінуць? – не мае для паэта ніякага сэнсу? Ці зразумелі б мы тады карэнні нашай самаахвярнасці і яе веліч?» [74, с. 166]. Вядома, слова крытыка, якое ў цяперашні час дэвальвуецца (як і слова паэта), на той час важыла шмат. «Кампетэнтны» крытык разам з арміяй рэдактараў і «худсаветаў» вызначаў вартасць і прыдатнасць да друку таго ці іншага літаратурнага твора. Крытык мусіў вышукваць хібы, даваць парады аўтару, асабліва пачаткоўцу. Сам жа факт з’яўлення рэцэнзіі ў «Маладосці» азначаў калі не прызнанне, то свайго роду афіцыйную індульгенцыю для яе, у нашым выпадку амаль апальнага, аўтара.

Але вернемся да тэксту. Для фізіка эксперымент каштоўны сам па сабе, незалежна ад выніка. Адмоўны вынік – таксама вынік, крок наперад. Значэнне мае сам працэс, шлях. А для «лірыка»? Вядома ж, таксама! Паэт пакуль толькі адкрывае далягляды, намацвае свой шлях, не будучы яшчэ пэўным у яго слушнасці. Але ўжо ёсць галоўнае – унутраны стрыжань, разуменне важкасці сваёй працы («работу, што пакінем, наступны данясе»). Выдыхнуўшы «Жыве эксперымент!», Разанаў выпраўляецца ў шлях, ад пачатку нацэлены на адкрыццё, якое адбываецца як у галіне развіцця рытміка-інтанацыйнай сістэмы, гэтак і ў пашырэнні кола праблематыкі, скіраванасці да новага, інтуітыўна-метафізічнага асэнсавання рэчаіснасці.

Дзеля ілюстрацыі паэтычнага кантэксту дарэчы будзе прывесці верш Н. Гілевіча з яго кнігі «Актавы» (1976), дзе праводзіцца наўпроставая паралель між працай паэта і фізіка: «Паэт і фізік-атамнік у нечым / Усё-такі падобны між сабою. / Душа паэта – то ж рэактар вечны, / Што выпраменьвае часціцы болю / І сотні тысяч сэрцаў чалавечых / Бамбардзіруе імі без адбою, / Каб шляхам ядзернага расшчаплення / Прывесці ў рух энергію сумлення» (с. 9). Г. Кісліцына небеспадстаўна называе верш «Эксперымент» «одай навуцы і навукоўцам» [56, с. 86]. Пры гэтым, радкі «Мы плоцім за пазнанне / нязнанаю цаной» [93, с. 9] у святле сённяшняй экалагічнай сітуацыі і наступстваў той навукова-тэхнічнай рэвалюцыі выглядаюць знакавымі, калі не прарочымі. Тэма расплаты чалавецтва за спазнанне, што будзе развівацца ў шматлікіх творах далейшых зборнікаў, запачаткаваная ў «Баладзе цікаўнасці», якая напісана пакуль яшчэ рэдкім для паэта дольнікам.

«Цікаўны чалавек» – гэткімі словамі пачынаецца верш. Такі цікаўны, што, «угледзеўшы у птушак крылы», пазайздросціўшы рыбам, – стаў, урэшце, «самай лепшай птушкай» і пранік у таемныя акіянскія глыбіні. Бо – «Такі ўжо ён, цікаўны чалавек – / нібы каб чалавекам адчуваць, / патрэбна і ўсім іншым быць пры гэтым». Чалавек разумны ці нейкая яго ўласцівасць атаясамліваецца ў «Баладзе...» з «цёмным кубам», «а ў гэтым цёмным кубе / дух разбурэння, дух знішчэння, / дух, / што спапяліў аднойчы Хірасіму» [93, с. 38 – 39]. Вось, якое развіццё тэмы НТР!..

Другая балада – «Балада пратэсту» – рытмічна больш набліжана да народнай балады, хаця праз неардынарныя гукапіс і рыфмоўку набывае амаль мадэрновае гучанне: «Каля Юр’ева / дол павораны – / каля Юр’ева / норы ворага... / Бор абрушаны б’е таранам – / курчы рыбіныя без ракі, / і пульсуюць кастры мембранна: / навастрыліся крыжакі» [93, с. 51].

Як і ў выпадку з «Паганіні» і «Тамаза Кампанела», у цэнтры верша расповед пра гістарычную асобу, але ўжо з айчыннай гісторыі – полацкага князя Вячку, які загінуў, абараняючы эстонскі горад Юр’еў ад крыжакоў. З працытаванага відно захапленне паэта эксперыментамі з рыфмай і гукапісам. Так, маем цікавы прыклад алітэрацыі праз чаргаванне найперш спалучэнняў ор, ра, ора, ара у радках: «Каля Юр’ева / дол павораны – / каля Юр’ева / норы ворага... / Бор абрушаны б’е таранам...», а таксама іншых слоў з дамінантай на дрыжачым р, што паклікана для стварэння эфекту ракатання бойкі з «эстамі-нехрыстамі», дзе «па-за Юр’евам не працягі – зеўраць чорныя рубяжы», дзе «цвярдзей, як даюць прысягу, паміраючы, – не чужы» і г. д. Гэты р «дрыжыць» і ў назве балады. І няхай у раннім эксперыментатарстве А. Разанава заўважны ўплыў А. Вазнясенскага (у «вышуканых»7 рыфмах, скарыстанні прыслоўнага аказіяналізму мембранна), з гэтых практыкаванняў з гукам, тым, што пазней назавуць валоданнем энергетыкай слова, вырастуць далейшыя бліскучыя вершаказы паэта.

У «Баладзе пратэсту» таксама прысутнічаюць іншасказальныя інтанацыі, зместы, што працягваюць тэму творцы: «у сваёй і чужой Айчыне / немагчымае быць нічыйным, / немагчымае / і пратэст» [93, с. 52]. Так, пратэст яшчэ не магчымы (як і прарок у сваёй Айчыне), але сам факт іх з’яўлення ў друку, а таксама твораў з такімі дамінантнымі словамі, як пратэст, свабода, воля і інш., сведчыць пра магчымасць балансавання ў полі «хісткіх» тэмаў, пачатак пэўных ментальных і культурных зрухаў.

Яшчэ адзін верш, у цэнтры якога гістарычны персанаж, – «Арышт Кастуся Каліноўскага» (1973). З гледжання тэхнічных, рытмікаінтанацыйных сродкаў, твор выкананы ў духу ўсё тых жа «Паганіні» і «Тамаза Кампанела»: ірваны рытм, лесвічныя пераносы, сітуацыйныя назоўнікі, шматкроп’і... Пар.: «Трывога…/ Воклічы…/ Пагоня…/ Застаў агні…/ Парог…/ Радня…/ Ніхто не ведае сягоння / дарогі заўтрашняга дня.» з «Паганіні» – і ўступныя радкі «Арышта...»:


Аблога...

Крокі...

Ляск...

Прыцемненыя сцены,

і дрогкай свечкі бляск,

і на парозе цені [93, с. 45].


Што да зместу, то верш апісвае ўсё той жа стан безвыходнасці, ціску абставінаў і незразуметасці. Пры гэтым, лірычны герой усведамляе незваротнасць працэсу, тое, што завецца натуральнай хадой гісторыі, – і свядома ахвяруе сабой дзеля Бацькаўшчыны: «Ні вучняў, ні сяброў... / Сарвецца шлях памглёны... / Як волю і любоў, / дае нам час / імёны» [93, с. 46]. Можна меркаваць, што ўплыў на выбар праблематыкі для верша аказаў раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», першыя публікацыі якога прыпадаюць якраз на канец 1960-х гг.

Варта адзначыць, што ў далейшай творчасці А. Разанаў не раз будзе звяртацца да канкрэтных асобаў беларускай гісторыі і пісьменства (Еўфрасіння Полацкая з Лазарам Богшам, Усяслаў Чарадзей, Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч, Максім Багдановіч). Пры адрознасці выяўленчых сродкаў, сэнс і мэта такіх зваротаў у розны час былі блізкія – стварыць не проста гістарычны партрэт, але і псіхалагічны, што адкрывала шырокія магчымасці для мовы падтэксту і алюзіі.

Паэтычны зборнік «Назаўжды» з аднаго боку – кніга паэта з усталяванай і даволі адметнай манерай пісьма. Але гэта яшчэ і кніга ростаняў, мастацкіх ваганняў, напружанага пошуку новых шляхоў у паэтыцы. Акрэсліваць-проціпастаўляць гэтыя шляхі як традыцыйны і які-небудзь авангардны ці «не-традыцыйны» было б занадта спрошчаным, бо не столькі фармальны бок быў вызначальны для паэта, не эксперымент дзеля эксперыменту, колькі, сэнсавая заглыбленасць, «праца духу». І. Бабкоў наступным чынам паказвае гэты стан творчага пералому Разанава: «Перад паэтам ляжаць два шляхі. Адзін – гэта растрата, прачытаньне сэрцам гэтае несапраўднасьці і нявольніцтва, упусканьне іх у душу, каб памерці ў сардэчным бунце. Другі шлях – адваротны. Ператрываць, захаваць сябе, адысьці ад часу, выбудаваць моцныя бастыёны, памятаючы, што праца духу застаецца. Але хто гаворыць, што трэба выбіраць? А можа, выбар і ёсьць прыхаваным знакам гэтае аднамернасьці, прэрагатывай плыткага сфальшаванага розуму, у якім паэзія памірае? Можа, у напрузе між гэтымі полюсамі й паўстае цудоўнасьць паэзіі?..» [13, с. 58].

Гэтыя хістанні, стан творчай раздвоенасці наступным чынам «зафіксаваныя» ў вершы «Адно сказаць...» (1971 г.): «Магчыма, справядлівы меркаванні: / і тэму ўзняць, і рух адлюстраваць... / Ды кожны раз тваё выратаванне / і клопат твой – як пішацца, пісаць. // У двух часах з сумненнем і надзеяй, / у двух часах спыняюся, бягу... / Але заўжды / па-новаму не ўмею, / а па-старому ўмею – / не магу» [93, с. 54]. Не ўмець «па-новаму» і не магчы «па-старому» – гэта не проста праблема выбару стылю ці жанру, разгубленасць паэта перад шырынёй творчых пошукаў. Тут, з аднаго боку, гаворыцца пра адчуванне адказнасці за вымаўленае паэтычнае слова, якое кожны творца хоча сказаць сваё-адметнае, а з іншага – пра нежаданне падладжвацца пад існыя моду ці «замовы грамадства». Немагчымасць існаваць у паўсталай з верша «двухчасавасці» (між мінулым і будучыняй, шукаючы няўлоўнае «цяпер»?), мабыць, і прывяла да высновы, якая станецца паэтычным крэда А. Разанава: «як пішацца, пісаць», стаяць на сваім і рухацца ўслед за «зрухамі сэрца» (С. Дубавец), нават калі тое супярэчыць агульнай плыні. Пры гэтым – не прэтэндуючы на апошнюю праўду, увесьчасна сумняваючыся ў слушнасці абраных шляхоў.

Заўважым яшчэ, што на час выхаду другой кнігі, як і ў выпадку з першай, творчыя набыткі паэта і з фармальнага, і з канцэптуальнага боку сягнулі значна далей, а менавіта – да паэмаў кнігі «Каардынаты быцця», большасць з якіх створана ў 1974 – 1975 гг. Упершыню найбольш яскрава азначаны пункт адыходу ад «традыцыі» выявіўся ў паэме, што дала назву зборніку, – «Назаўжды». Твор складаецца з трынаццаці частак і напісаны сілаба-танічным вершам з рознымі памерамі, што чаргуецца з вершам у прозе.

У цэнтры паэмы – Крэпасць. Крэпасць як вобраз-сімвал, што мае архетыповыя8 рысы. Мы разумеем, што мова пра Брэсцкую крэпасць, але паэт наўмысна «не называе імёнаў», ствараючы-выбудоўваючы свайго роду анталагічную абстракцыю – «Крэпасьць духу, у якой можна захаваць і захавацца. Крэпасьць, дзе ўсялякія праявы душы знаходзяць сваё месца. Дзе ўтоенае і яўнае...» (І. Бабкоў) [13, с. 59]. Славуты архетып каменя, спрабаваць раскапаць-раскалоць які паэту (разам з яго чытачамі і даследчыкамі) давядзецца не раз, – паўстае адсюль: «Узіраемся ў камяні / і ў што выказаць немагчыма... / Распазнай яе, / дасягні – / узіраецца ў нас Айчына» [93, с. 107].

Да працытаванага добра стасуюцца словы М. Тычыны з яго артыкула «Права на пошук» (кніга «Змена квадры»): «Я» паэта надзвычай лёгка (нават у межах аднаго твора) пераходзіць у «мы» пакалення, а шырэй – у «мы» людзей, чалавецтва. Гэта з’ява асабліва ўражвае ў творах А. Разанава. Прынамсі, у яго паэме «Назаўжды» [126, с. 160]. У творы маецца некалькі планаў аповеду: як абстрагаваныфіласофскі, гэтак і глыбака асабісты, ад першай асобы, што «натуральна і лагічна пераліваецца ў абагульнена філасофскае «мы» [126, с. 160]. І гэты аповед ад першай асобы мае таксама некалькі планаў. Найперш – як пераўвасабленне, духоўная «тэлепартацыя» лірычнага героя да герояў Крэпасці: «Адыход мой, / маё вяртанне, / і ўсё роўна напяты ход / мой з табою – ў сляпое ранне, / да цябе – у нязнаны год» [93, с. 90].

І далей – скарыстанне ўласнага вайсковага досведу з тым жа затоеным пераносам на іншых сваіх суайчыннікаў і сучаснікаў: «Выконваю я загад: / затоеныя пачуцці... / Не разважай, салдат, / такога няма ў статуце» [93, с. 101]. І тут жа – прадчуванне немінучае катастрофы, непазбежнага наступства вайны, няхай пакуль «халоднай», разгортванне якой праходзіць перад вачыма. Прадчуванне гэтае выхоўвалася-назапашвалася ў душах пасляваенных пакаленняў, і іх лепшыя прадстаўнікі толькі прыходзілі да яго балючага асэнсавання – і ў прозе, і ў паэзіі: «Але хутчэй!.. / Хутчэй!.. / Бегма да пускустаноўкі, / гады бяссонных начэй / ўсё дзеля хвілі, што зноўку, / зноўку – ніяк... зусім... / дзеля хвіліны гэтай... / Дагнаць!.. / Насцігнуць!.. / Пустым, / страшным тхне над планетай» [93, с. 101].

У кавалках паэмы, напісаных вершам у прозе, раскрываюцца, датлумачваюцца іншыя зместы, сэнсы і планы рыфмаваных частак. З прагавітасцю дойліда паэт выбудоўвае свае вербальныя канструкцыі, слова да слова, мацуючы іх «растворам» алюзіяў, сімвалаў, схаваных цытат... Унутраны Вартавы не дазваляе рухацца шляхам многіх. Трэба знайсці свой. «Трэба глыбей».

Каменны ансамбль, зацверджаны памяццю, – днём. Ноччу – іншае: абрысы размытыя... На драўляным мастку – ацеляснёны сімвал мудрасці – стаіць вартавы: далей нельга... Трэба глыбей. Далечыня расхоплівае, абарона замыкае, каб захаваць... Логіка аперыруе вядомымі рэаліямі, перад невядомымі яна адступае: нараканні дзённыя. Яшчэ раз – трэба глыбей. Вартавы чакае змены. Магчыма, ёй буду я: народжаны пад Знакам... [93, c. 90].

Працытаванае – поўная страфа верша ў прозе з другой часткі паэмы (першая цалкам напісаная сілаба-танічным вершам, без празаічных «украпванняў»). У далейшых «эпічных» частках доўжыцца дыялог паэта (і адначасна – мысляра, абаронцы, вязня) з крэпасцю. Стыль выкладання яшчэ дарэшты не выпрацаваны. Прыёмы шукаюцца, матывы намацваюцца. Тут у сінкрэтызаваным выглядзе знойдзем глебу, падмурак для далейшых паэм, версэтаў, зномаў. Вобраз радэнаўскага «Мысляра» праступае праз каменныя муры Крэпасці: «...Лёс мае чалавечае аблічча, і камень – аблічча мысліцеля. Пра што ты, крэпасць? Мысленне мысліць дзеянне: яно – змест мыслення. Гэтага не ведае камень. Але крэпасць ведае» [93, с. 92].

«Верлібр падымае тое, што губляе традыцыйны верш. Сярод традыцыйных «вершаванняў» ён – рэфарматар, ён – пратэстант» – канстатуе А. Разанаў у адной з сваіх зномаў [102, с. 218]. Ці не праз імкненне датлумачыць, наблізіцца да ісціны і паклікаў паэт верш у прозе на дапамогу вершу традыцыйнаму?

Крэпасць дзейсніла сваю эвалюцыю, выйшаўшы ў новае вымярэнне і тым самым разбурыўшы першапачатковую функцыю. Народжаныя пад яе Знакам, мы так ці інакш паўтараем яе шлях: вычарпаўшы адну іпастась, непазбежна паглыбляемся ў другую [93, c. 99].

Плыне свядомасны, але не ў той ступені, каб адмаўляць логіцы, верш у прозе з паэмы, вядома, не вытлумачваецца мовай літаратуразнаўчых тэрмінаў. Ёсць меркаванне, што паэзія наогул можа вытлумачвацца толькі паэзіяй (што спрабуе рабіць А. Пашкевіч [гл.: 86], супастаўляючы паэтычныя тэксты В. Ластоўскага і А. Разанава). І ўсё ж мы яшчэ раз, спадзеючыся, што не разбурым тым магію паэзіі, следам за М. Тычынам заўважым арганічнасць пераходу «я» лірычнага героя, асобы, творца ў «мы» новага пакалення – магчыма, у нечым прымроенага, але гэтак жаданага. Пакалення тых, хто шукае «глыбей». Пакалення народжаных пад «Знакам Крэпасці», пад Знакам Вайны, але і пад Знакам Ratio9, Інтэлекту, Духу...

Калі казаць пра жанравую спецыфіку, то вызначаць тып гэтай паэмы праз дэфініцыю «ліра-эпічная», як тое робіцца ў анатацыі да зборніка, падаецца не карэктным. Вось азначэнне, што падае даведнік літаратуразнаўчых тэрмінаў: «Ліра-эпічныя жанры – байкі, балады, паэмы, раманы ў вершах, дзе спалучаецца эпічны аповед і лірычны пачатак – непасрэднае выражэнне перажыванняў, думак аўтара» [124, с 178 – 179]. Як прыклад беларускай ліра-эпічнай паэмы 1970-х можна прыгадаць паэму М. Танка «Мікалай Дворнікаў», дзе перад кожнай часткай маецца празаічная прадмова, што нагадвае рэмаркі ў драматычным творы і да паэзіі не мае дачынення. На нашу думку, атаясамліванне паняццяў «верш у прозе» і «эпічны аповед» (г.зн. уласна проза) было б памылковым. «Назаўжды» – паэма, што сінтэзуе элементы сілаба-танічнага верша і верша ў прозе, ствараючы арыгінальны тыпалагічны ўзор паэтычнага тэксту.

Першыя ўзоры верша ў прозе ў беларускай літаратуры пачалі з’яўляцца яшчэ з пачатку ХХ ст. (першы такі твор, згодна з «Паэтычным слоўнікам» В. Рагойшы, – «Думкі ў дарозе» Я. Коласа (1906 г.) [91, с. 430]). Далейшыя прыклады знойдзем у творчасці З. Бядулі, М. Гарэцкага, К. Чорнага. Распрацоўкай гэтага жанру ў сяр. 1950-х гг. актыўна займаўся У. Караткевіч. Але прыкладу спалучэння ў паэме сілаба-тонікі з вершам у прозе мы наўрад ці знойдзем у беларускай літаратуры (у тым ліку і ў творчасці самога А. Разанава) як да, гэтак і пасля паэмы, што разглядаем.

Прывядзем словы У. Калесніка, у якіх раскрываецца спецыфіка паэмы «Назаўжды», што карысна для разумення прычынна-сутнаснага базісу яго эстэтычных пошукаў, а таксама ўяўляе адзін з высокіх узораў паэталагічнага тэксту пач. 1970-х: «Паэма Алеся Разанава – складаны тып лірычнага маналога, у якім бурны струмень духоўнай энергіі месцамі ўтварае нейкае плазменнае сумяшчэнне думкі, пачуцця і волі. Пры першым чытанні тэксту здзіўляе спантаннасць гэтага струменя. Душа паэта як бы ўзлятае да межаў, за якімі пачынаецца неўразумеласць здагадак. Няпэўнасць прадказванняў, цьмянасць прароцтваў[...]. Яго не лёгкая для разумення паэма ў грунце сваім рэалістычная, а незвычайнаю робіць яе рэдкасная праява лірызму. Паток свядомасці (курсіў наш. – А. І.) бурліць супярэчлівасцямі, але імкне да яснасці і сэнсу» [51, с. 371]. Вышэйпрацытаванае ў роўнай ступені адносіцца і да паэм зборніка «Каардынаты быцця» (хаця і з’явілася ў друку задоўга да яго выхаду) як пэўнае азначэнне творчага метаду А. Разанава, для якога на дадзеным этапе характэрны сінтэз плынесвядомаснага і канцэптуальна прадуманага выкладу.

Такім чынам, у паэме выявіўся ўвесь спектр творчых пошукаў А. Разанава пачатку 1970-х гг. Паэма «Назаўжды» успрымаецца як гэткі развітальны рэверанс у бок класічнага вершаскладання. Ствараючы яе, паэт як бы развітваецца з сілаба-тонікай (развітваецца не назаўжды). Прагай удасканалення эстэтычных прыярытэтаў ва ўласнай творчасці – ад фармальнага да змястоўнага – поўняцца завяршальныя строфы твора. Вартавы зачакаўся змены.

Сто сэнсаў налічыць развага / станоўчых і анты да іх... / Ды сэнсу суцэльнага прага – / адзінага – / поўніць уздых [93, c. 92].

Адсюль паўстае мысленне, адрознае ад слаўназнанага дыялектычнага руху, мысленне, што шукае новыя формы выяўлення, каб разліцца ў іх. Засталося задаць каардынаты, набраць у грудзі паветра і... ступіць у нязведанасць: «Недасягнутая крэпасць існуе не меней рэальна, чым крэпасць з усталяванымі каардынатамі. Яна не трансфармуецца пяццю органамі адчуванняў і надае чалавечаму руху ўзаемную перспектыву, абяцаючы сустрэчу... Назаўжды» [93, с. 106].

Канцоўка паэмы нібыта апускае на зямлю заглыбленага ў сабе лірычнага героя і моцна кантрастуе як з «празаічнымі», так і з сілабатанічнымі часткамі твора (праз скарыстанне параўнальна простага памеру – трохстопавага амфібрахія, характэрнага для Разанавапачаткоўца): «Хто ведае, можа, здзяйсненне / ўсе выкупіць спробы спаўна... / Ды хвіля майго узнясення, / хто ведае, што за яна» [93, с. 108]. Завяршальныя радкі паэмы крыху выбіваюцца з агульнай канцэпцыі твора, вяртаючы яе ў рэчышча традыцыйнай паэтыкі. Пры гэтым, іншыя сілаба-танічныя і версэйныя (г. зн. напісаныя вершам у прозе) структурныя элементы паэмы не ўваходзяць у супярэчнасць адно з адным. Надалей паэмы А. Разанава, як правіла, не будуць валодаць такім сінкрэтызмам, маючы больш жорсткую фармальна-жанравую акрэсленасць у межах кожнага твора (выключэнне – «Паэма каментарыю» са зборніка «Шлях-360»).

З улікам праведзенага аналізу можам зрабіць наступныя высновы. Ужо на пачатку свайго творчага шляху А. Разанаў выявіўся даволі арганічна ў межах нарматыўнай паэтыкі як пільны назіральнік за рэчаіснасцю, майстар метафары, з адметным паэтычным слоўнікам і нечаканымі распрацоўкамі нібыта традыцыйных тэм. З пачатку 1970-х відавочнае імкненне да пошуку новых сродкаў выразнасці. Паказаўшы, што «ўмее па-старому», у сваіх найлепшых творах паэт прадэманстраваў шэраг наватарскіх узораў як у галіне эксперыменту з рытмам і рыфмай, вынаходніцтве графічных прыёмаў, так і з тэматычнага гледжання.

У рэцэнзіі на кнігу «Адраджэнне» І. Ралько адзначае майстэрскае валоданне А. Разанава вершаванай тэхнікай. Гэтая рэцэнзія адметная тым, што тое была першая і надзвычай трапная спроба аналізу рытміка-інтанацыйную адметнасці паэтычных тэкстаў А. Разанава. У роўнай ступені сказанае Ралько датычыцца і вершаў кнігі «Назаўжды»: «Верш багата інструментаваны, рытмічна-скандэнсаваны, пафасны да закліку. Нават самыя класічныя памеры (ямб, харэй) падпарадкоўваюцца ў паэта стыхіі акцэнтнага верша, імклівы, напружана-драматычны рытм набывае індывідуальную адметнасць дзякуючы частаму вынясенню ў пачатак радка слоў, на якія падае найбольшая сэнсавая нагрузка не толькі ў асобным рытмарадзе, але і ва ўсім вершы. Сіла націску ў гэтых словах намнога вышэй, чым у суседніх, а калі і не вышэй, то сэнсавая значнасць іх, як правіла, падкрэсліваецца рытмічнай паўзай. Цікава, што і ў пачатак радка выносяцца пераважна дзеясловы. Прытым вельмі часта гэтыя дзеясловы выступаюць у якасці лексічнай або сінтаксічнай анафары… Падобныя рытмічныя хады ў іншых беларускіх паэтаў сустракаліся толькі спарадычна, а ў Разанава яны выступілі ў якасці рытміка-інтанацыйнай сістэмы і сталі выразнай прыкметай індывідуальнага стылю» [113, с. 5].

У цэлым жа літаратурная крытыка таго часу яшчэ не валодала механізмамі тэарэтычнага аналізу, каб заўважыць і зафіксаваць азначаныя змены ў прыродзе паэтыкі, што яскрава праявіліся ў творах А. Разанава. У сучасным літаратуразнаўстве комплекснаму аналізу першых дзвюх кніг А. Разанава таксама адведзена няшмат месца. Варта адзначыць, што, гаворачы пра наватарства, мы ні ў якім разе не параўноўваем ступень мастацкасці твораў, дзе фармальнае эксперыментатарства праяўляецца з рознай інтэнсіўнасцю.

Больш за тое, наватарства разанаўскай паэтыкі ад пачатку праяўлялася не толькі і не столькі праз фармальныя паказчыкі (вынаходніцтва арыгінальных рытміка-інтанацыйных схем, рыфмоўку і гукапіс), але найперш праз не-стандартнае паэтычнае светабачанне (мысленне па кантрасце, увядзенне аксюмаранаў і аказіяналізмаў), скіраванасць да вырашэння анталагічных пы-танняў (асабліва ў вершах «Пачатак», «Узыход», «Не распнутае доляю ўбогай...», «Усплёскі вады і вербаў...»). Шэраг твораў прысвечаны стварэнню вобразаў бунтароў, эксперыментатараў, першапраходцаў, мастацкаму даследаванню іх псіхалогіі («Эксперыментатары», «Першапраходцы», «Барабан-шчык», «Арышт Кастуся Каліноўскага», «Балада пратэсту», «Рагнеда» і інш.) няхай і з пэўнай доляй публіцыстычнасці ў ранніх тэкстах. Тыя філасофска-эстэтычныя ідэі, вобразы і канцэпты, што больш поўна выявяцца і асэнсуюцца пазней у эксперыментальнааўтарскіх паэтычных формах, распрацоўваліся ўжо ў першых зборніках. Напрыклад, вобраз ідэальнага гораду («Тамаза Кампанела»), скразны матыў пераплеценасці часоў, архетыповасць і тэма спрадвечнага, касмічнага («Чалавек», «Радзіме», «Пачатак», паэма «Назаўжды»), ідэя «свядомасці бязмежжа» (пашырэння свядомасці), матыў «увасаблення іншабыцця», падтэкставасць і выяўленне праз паэтычнае «невыказнага» («Усюды голас твой чуцён...»), канцэпт Шляху, пошук вытокаў («Пошук», «Вытокі») і інш.

Такім чынам, сістэмна-цэласны аналіз першых двух зборнікаў дазваляе сцвярджаць, што ў канцы 1960-х – пач. 1970-х гг. А. Разанаў – паэт з усталяванай і неардынарнай манерай пісьма, адметнай лексікай і складаным паэтычным сінтаксісам. Гэта ж пацвярджае і зробленая тэксталагічная рэстаўрацыя кнігі «Адраджэнне», што дазволіла прааналізаваць шырокі комплекс тэкстаў А. Разанава як з улікам храналогіі іх з’яўлення, гэтак і тэматычнай тоеснасці.


1.2. Структурны аналіз паэм з паэтычнага зборніка «Каардынаты быцця». Ідэйна-тэматычная інтэрпрэтацыя і сістэма вобразаў.


Структурны аналіз твораў кнігі «Каардынаты быцця» (1976) будзе адбывацца праз дэдукцыю – г. зн. шляхам ад фармальнага аналізу паэтычнага радка, ад разгляду сродкаў сімволікі і вобразнасці – да вылучэння пэўных тэкстастваральных прынцыпаў, законаў, па якіх развівалася паэтычная сістэма А. Разанава сярэдзіны 1970-х гг., і інтэрпрэтацыі пэўных сімвалаў, ідэй і алюзій.

У зборніку змешчана чатырнаццаць паэм, адзінаццаць з якіх ужо ў саміх назвах маюць жанравае абазначэнне: «Паэма выніку», «Паэма маленства», «Паэма вяхі», «Паэма адпушчэння», «Паэма святла», «Паэма рыбіны», «Паэма незавершанага сказа», «Паэма калодзежа», «Паэма сланечніка», «Паэма жніва» і «Паэма раўнавагі». З усіх твораў толькі «Папярэджанне», «Амега» і «Было балота» напісаныя рыфмаваным сілаба-танічным вершам (як бачым яны, самыя традыцыйныя па форме, не маюць у назве жанравага абазначэння). Большасць жа паэм напісана верлібрам з метрычнай дамінантай, бязрыфменным дольнікам альбо «чыстым» верлібрам. «Паэма сланечніка» і «Паэма рыбіны» уяўляюць лірычны верш у прозе. Такім чынам, як адзначае У. Верына, тут прысутнічае «амаль увесь спектр формаў, пераходных ад традыцыйнага верша да прозы» [32, с. 32]. Пры далейшым разглядзе і класіфікаваць творы зборніка будзем найперш паводле фармальлных паказчыкаў – рытму, ступені рыфмаванасці і празаізацыі.

Канцэптуальна большасць паэм, што разглядаюцца ніжэй, маюць шмат агульнага. Так, напрыклад, вызначальнай рысай большасці з іх з’яўляецца малая ступень апавядальнасці (выключэннем – паэмы ў прозе і «Было балота»), сканцэнтраванасць на апісанні ўнутранага стану лірычнага героя, скразная сугестыя і інтэртэкстуальнасць. Можна меркаваць, што ў сярэдзіне 1970-х эксперыменты А. Разанава з формай і зместам ўспрымаліся як паэтычны авангард: дасведчаны чытач бачыў у іх пераемнасць элюараву сюррэалізму, джойсавай «плыні свядомасці», найноўшых здабыткаў еўрапейскай паэзіі (У. Одэна, З. Герберта), былі вядомыя эксперыментатарскія творы У. Дубоўкі і А. Куляшова, В. Хлебнікава і А. Вазнясенскага, Э. Межалайціса і Ю. Марцінкявічуса, Г. Айгі. Сярод жа сучаснікаўсуайчыннікаў у падобным эксперыментальным полі не працаваў ніхто.

«Напоўніўся весткаю позірк, / а слых цішынёю…/ Рукі, / што бралі, усё аддалі, / не ўтрымаўшы, / і аддаюць: / раняць патайна рэчы, / якія сабе мець хочам, / і ўсё, што ні хочам, – раніць» [94, с. 5] – такія ўступныя радкі «Паэмы выніку», якая адкрывае паэтычны зборнік. Гэта свайго роду зачын твора, а дакладней – першай яго часткі. Зачын патрабуе развіцця, якое і адбываецца, хаця з першага погляду можна не заўважыць пэўнай логікі ў сувязі паміж паэтычнымі фразамі ці, карыстаючыся лінгвістычнай тэрміналогіяй, – звышфразавымі адзінствамі (ЗФА) гэтага тэксту. Адразу можа скласціся памылковае ўражанне, нібыта яны існуюць самастойна, без усялякае прывязкі адно да аднаго. Да таго ж, кожнае ЗФА сэнсава незавершанае, быццам бы абарванае, на што ўказвае шматкроп’е, як правіла, – мяжа паміж ЗФА. Для паэмы характэрна свабодная строфіка: асобная фраза можа складацца як з двух радкоў «Поўніцца намі / агонь і каменне...», так і з некалькіх дзесяткаў, колькасць якіх не мае строгай сістэмы. Усё гэта сапраўды набліжае паэму да творчага метаду Д. Джойса, але насамрэч «Паэма выніку» як паводле жанравых складнікаў, так і сутнасна аніяк не можа быць прылічаная да «плыні свядомасці». Нягледзячы на абарванасць і ўяўную алагічнасць сувязяў паміж фразамі, твор уяўляе сабой цэльны паэтычны тэкст з развітай сістэмай вобразаў і скразной думкай. Паспрабуем праілюстраваць гэта на прыкладзе першых трох ЗФА паэмы.

Такім чынам, за вышэйпрацытаванай фразай – «зачынам» – ідуць радкі, якія (ізноў жа ўмоўна) назавем «запеўкай», тым самым скразным матывам усяго твора, хаця і сэнсава абарваным: «Благаславёны, хто ўбогі…/ хто плача…/ хто церпіць…/ і хто сябе аддае беззваротна…» [94, с. 5].

І далей – свайго роду завяршэнне, што пэўным чынам звязваепадсумоўвае «зачын» і «запеўку»: «Звязаліся дні ў сем дзён – / кожны прычынай і вынікам кожнаму, / а за паземам тамлее восьмы, / і вестка адтуль: / хто сябе аддае беззваротна…» [94, с. 5].

Як бачым, першая паэтычная фраза лучыцца з трэцяй праз ключавое слова «вестка». На гэтае слова-сімвал, што адсылае да евангельскіх тэкстаў, у творы ўскладзена вялікая сэнсавая нагрузка. Другое ЗФА, словы з якога ў розных варыяцыях паўтараюцца на працягу твора, – амаль літаральнае цытаванне біблейскіх запаветаў Нагорнай Казані (Евангелле пав. Мацвея: 5,1 – 11 [24]). Зразумела, што А. Разанаў не меў нью-ёркскага перакладу 1973 г. на беларускую мову Святога Пісання (а іншых тады яшчэ і не было), праз што ўжываецца калькаваная лексіка з рускамоўных перакладаў (напрыклад, «благаславёны», а не «блаславёны», «дабраславёны» ці «дабрашчасны»), але сам факт увядзення біблейскіх цытат у паэтычны тэкст – не толькі смелы крок, але і акт спрычынення да далейшых перастварэнняў Бібліі і іншых духоўных тэкстаў на сучасную беларускую мову (пра праблемы перакладу Бібліі гл. даследаванне Пётры Рудкоўскага [115, с. 64]).

Другую і трэцюю фразы звязвае рэфрэнавы радок «хто сябе аддае беззваротна», поўны сэнс якога расшыфроўваецца-дагаворваецца толькі ў апошняй частцы паэмы: «… і хто сябе аддае беззваротна – / свету, ў якім жывеш, / свету, які ўяўляеш, / свету, які, ашчаджаючы вестку ад нас, / нас ашчаджае для весткі…» [94, с. 9].

Умоўна «Паэму выніку» можна падзяліць на шэсць частак (яны адасобленыя адна ад адной чыстым радком). Паасобку іх можна было б разглядаць як самастойныя творы са сваёй задумай і адноснай сэнсавай завершанасцю. І ўсё ж у межах «Паэмы выніку» яны выглядаюць даволі арганічна. Асобныя часткі паэмы знітаваныя праз агульныя матывы, сімвалы, канцэпты (як у прыкладзе з рэфрэнавым радком, што лучыць першую і апошнюю часткі твора).

Аблічча А. Разанава-наватара з яго схільнасцю да раскрыцця архетыповых вобразаў прагледжваецца ў дзвюх апошніх частках «Паэмы выніку». У іх, як падаецца, выкладзена і асноўная ідэя твора. Варажбітны рытуал, замову нагадваюць уступныя радкі пятай часткі. І як вынік – спроба анталагічнага (быційнага) асэнсавання: «Агонь да агню прыкладу… / камень да каменя… / Іхнія сляды і выступы, / неаднароднасць… няроўнасць… / дзіўна пасуюцца і ўтвараюць / нейкую цэласнасць… нейкі ансамбль… / вынік, які быў калісьці парушаны…» [94, с. 9].

Праз слова паэт быццам бы намагаецца сягнуць у іншасвет, дзе знаходзіць яго (слова) стваральную, дэміургаву моц. І ці не ў гэтым, ці не ў пошуку сапраўднай Прыроды рэчаў – вышэйшая, спрадвечнасакральная задача паэзіі?

Уздрыгвае ўражаны позірк, / падгледзеўшы раптам сябе ў раптоўным, / быццам будую – будую назад, / да самай прычыны, / праз дні і праз вынік…/ камень да каменя…/ агонь да агню…[94, с. 9].

Звернемся да другой часткі «Паэмы выніку», а канкрэтна – да таго месца, дзе раскрываецца сэнс назвы паэтычнага зборніка «Каардынаты быцця». Гэтая частка насычана нечаканай вобразнасцю, быційнымі роздумамі і выканана ў алегарычным ключы. Нібыта іскры, што высякаюцца з стваральнага крэсіва пачуцця, узнікаюць радок за радком, каб злучыцца ў агульным полымі паэтычнага напалу.

Маналогі… / наслойваюцца, пераплятаюцца / і пранікаюць адзін у адзін, / быццам у лесе «я» адзываецца «я»…/ Сем колераў у адным, / змясціўшыся, не змяшчаюцца, / і не ўмяшчаецца наша бясконцасць / у карані і галіны: / да заўтра…[94, с. 6].

Гэтая частка – адзіная ў паэме, што заканчваецца кропкай, а не шматкроп’ем. Як падаецца, яна з’яўляецца сэнсавым фіналам твора, хаця і мае «парадкавы» другі нумар. Лірычны герой прыйшоў да ўсведамлення сябе як часткі Сусвету, здолеў знайсці той самы вынік, няхай і «не канчатковы»: «А маналогі, / як пальцы рукі апусцелай, / распростваюцца і ўдакладняюць / каардынаты быцця і асобы» [94, с. 6].

Як адзначалася, паэтычная кніга «Каардынаты быцця» – свайго роду пераходны пункт ад рыфмаванай да нерыфмаванай паэзіі ў творчасці А. Разанава. Разанаву-пачаткоўцу як бы «не было патрэбы» ў верлібры, бо ранейшай думцы ставала месца ў межах сілабатонікі (а, магчыма, часам строгія законы сілаба-тонікі дазвалялі Думцы (зместу) саступіць месца Форме). Пашырэнне ж і паглыбленне кругагляду шукала творчы выхад у новых сродках выразнасці. Пры гэтым, у разанаўскай паэтыцы працягвае «бурапеніць» тэмперамент. Паэт цудоўна балансуе на метафізічнай мяжы пачуццёвасці і філасафічнасці.

Тым не менш, А. Разанаў не спяшаецца канчаткова развітацца з канонамі традыцыйнай паэтыкі (рытмам, рыфмоўкай, памерамі), што ў рознай ступені праяўляецца ў творах зборніка. Паказальная ў гэтым сэнсе «Паэма незавершанага сказа», рыфмаваная часткова (першыя дзесяць радкоў і апошняя частка). У астатнім жа па форме яна ўяўляе бязрыфмавы дольнік – «від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэмы вершаскладання. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасць моцных націскаў (іктаў) у радках, аднак міжіктавыя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць адзін-два склады» («Паэтычны слоўнік» [91, с. 209 – 210]).

Пры відавочнай стылёвай тоеснасці з «Паэмай выніку», «Паэма незавершанага сказа» мае свае спецыфічныя рысы, якія вылучаюць яе сярод іншых твораў кнігі. Разгляд ізноў пачнем з уступных радкоў паэмы: «Пераблытаны склон, / пераблытаны час, / пераблытаны лад…/ Лістапад…/ Зарапад…/ Земляпад…/ Ды дарога – з-пад нас…/ Незавершаны сказ…/ Сказ завершыць дарога» [94, c.56].

Як бачым, перад намі працяг роздуму лірычнага героя над быційнымі пытаннямі. У «Паэме выніку» гэта адбывалася праз асэнсаванне архетыповых паняццяў, інтэрпрэтацыю сакральных лічбаў, увядзенне нечаканых вобразаў-сімвалаў. У працытаваных урыўках адбываецца гульня з полісемічнасцю словаў склон, лад, час, асоба, таксама пераасэнсаванне – ад лінгвістычнай да анталагічнай «тэрміналогіі». Дзеля большае рэльефнасці аналізу прывядзем і далейшыя радкі: «Зноў варожыць кавалачак крэйды, / і няроўныя літары – квінтэсэнцыяй існасці. / Неіснуючы свет праступае праз дошку. / У бязладдзі маёй крэмзаніны – лад, асоба і час…/ Незавершаны сказ…/ Я ішоў па зямлі…/ Я іду па зямлі…/ Я прайду па зямлі…» [94, c.56 ].

Само словазлучэнне «незавершаны сказ» – метафара паэтычнага мыслення А. Разанава, свайго роду самахарактарыстыка яго творчага метаду. Акадэмізм, разважлівасць, прадуманае-сфармуляванае супрацьстаўляецца і інтуітыўна-суб’ектыўна паэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці. Адсюль, з гэтых твораў, дзе толькі намацваюццаапрабоўваюцца жанрава-стылёвыя знаходкі і рашэнні, паўстае асэнсаванне метафізікі шляху, што праходзіць праз усю творчасць паэта. «Я ішоў па зямлі…/ Я іду па зямлі… / Я прайду па зямлі…». Тут «квінтэсэнцыя існасці», што выслізгвае з-пад крэйды, з-пад разумення. І справа не ў банальным прызначэнні «пакінуць след». Наратар выдатна ўсведамляе неспасціжнасць і касмічнасць духоўнага досведу, але кожнага разу адчувае ілюзію гэтага спасціжэння. І гэтак жа добра ён усведамляе, што ягоны шлях – праз словатворчасць, стварэнне «неіснуючага свету», што «праступае праз дошку».

Сяганне ў творчым напале за межы штодзённасці, калі паэт – рыхтык праваднік між небам ды аркушам паперы – не новы ў творчасці А. Разанава таго часу (прыгадаем хаця б вершы, прысвечаныя тэме творцы, з дэбютнага зборніка). І ў «Паэме незавершанага сказа» такое «сяганне» – не спроба ці намаганне. Гэта дадзенасць. З такога пункту гледжання творчы працэс блізкі да занатоўвання, пры якім пошук прычын ды следстваў – ці не апошняя справа.

Карагодзяць вякі. / Неспасціглыя словы брыдуць з-пад рукі: / я пасля іх спасцігну. / Я валодаю часам, і ладам, і склонам…/ Віртуозныя штукі і з часам, / і ладам, і склонам… [94, c. 56 – 57].

Твор падзелены на чатыры часткі. Як і ў «Паэме выніку», першая і апошняя часткі тут вельмі звязаныя міжсобку. Па сутнасці, чацвёртая частка ёсць працягам першай, дзе лірычны герой настальгуе па часе вучнёўства, калі «гарызонтам – школьныя шыбы», што акрэсліваюць «маленькі, завершаны свет», у якім «мы… жыхары і палонныя,/ і яшчэ адкрывальнікі…». Адсюль пачынаецца адлік, упершыню вызначаюцца "каардынаты быцця", бо тут – ізноў скразны ў творчасці паэта вобраз-сімвал – «замешана гліна, каб вылепіць творцу…». Такім чынам, агульны тэкстастваральны прыём паэмы можна акрэсліць як кальцавую кампазіцыю10, характэрную для вершаў такіх беларускіх паэтаў, як Я. Колас, У. Дубоўка, А. Куляшоў.

«Паэма незавершанага сказа» найперш пра асабістае-перажытае. Высокая ступень пачуццёвасці і рэфлексійнасць, што вызначае большасць паэм зборніка, з’яўляюцца дамінантавымі рысамі і гэтага твора. Тэкст, які пры павярхоўным чытанні можа ўспрымацца як чыста імпульсіўная, «плынесвядомасная» словатворчасць (асабліва ў ІІ-й і ІІІ-й частках), насамрэч вельмі цэласны. Як і ў «Паэме выніку», тут відавочныя сувязі частак праз ключавыя словы-сімвалы, сярод якіх адным з асноўных бачыцца гарызонт – далёкі і прываблівы ў гады вучнёўствагарызонтам – школьныя шыбы, як ілюзія пастаянства») і «гарызонт, да якога не дойдзеш» – пасля…

Па заканчэнні ў 1970 годзе Брэсцкага педінстытута А. Разанаў служыць у войску, і відавочна, што ІІ-я і ІІІ-я часткі ўзніклі як пранізлівы водгук на тыя часы, калі «гарызонтам – потныя шкельцы» (працівагазаў) і «свет – не мы… / свет варожы нам і нямы», калі, нягледзячы на агульную «ураўнілаўку» і сціранне асабовасці (а, можа, насуперак гэтаму) адбываецца кардынальнае экзістэнцыйнае пераасэнсаванне: «…Я – свядомасць, / я – цела, / я – свет, / у якім – гарызонтам шкельцы, – / гэта я, / ні аб’ект, ні суб’ект, проста я: / Бог, вар’ят і пачвара. / І калі нас засыпле – / усё роўна нічога не зменіцца: / той жа свет, / тое ж цела і / тая ж свядомасць, / супакоеная на небыцці…» [94, c.59].

Тут навідавоку перагуканне з ідэямі філосафаў-экзістэнцыялістаў, паводле якіх сапраўднае аблічча чалавека выяўляецца толькі ў пэўнай экстрэмальнай, экзістэнцыйнай сітуацыі. Праз творчую рэфлексію стану свядомасці лірычнага героя паэт вынаходзіць фармулёўку для фіксавання гэтага стану – «свядомасць, супакоеная на небыцці».

Паўставалі на тэлеэкранах / і на тысячах фотаздымкаў / папярэджаннем гарады, / разарваныя, як начынне. / Цэнтры думкі і радазнаўства / планавалі забойства думкі / і наогул забойства роду. / Як пакутна ісці па сапраўднасці…/ Гэта школьныя шыбы звіняць пад нагамі, / гэта школьная дошка трэцца аб рукі, / гэта кнігі, / якія вучылі жыццю, / шамацяць…[94 c. 61] – ці не пра гэты пакутлівы шлях «па сапраўднасці» ў розны час казалі пісьменнікі, якія прайшлі праз вайну (ад Р. Олдынгтана, Э. Хэмінгуэя, Э.М. Рэмарка да М. Гарэцкага і В. Быкава)? Лірычны герой «Паэмы незавершанага сказа» прайшоў праз сваю вайну. Кажучы словамі З. Карчынскага, ён «носіць вайну ў сабе». Яго асабістыя перажыванні дасягаюць вастрыні агульначалавечага маштабу, што выяўляецца ў рэзкім непрыняцці абсурднага па сутнасці і планамернага па характары вынішчэння чалавека чалавекам, «бязлітаснага, сляпога, пагібельнага гону». Праз пранізлівую спавядальнасць, унутраны супраціў і высокую ступень мастацкага ўвасаблення паэма ўздымаецца да вяршыняў антываеннага пафасу. Для пазнейшай творчасці А. Разанава, засяроджанай на метафізічным досведзе, падобны адкрыты публіцызм будзе значна менш характэрны.

Стрыжнёвым элементам арганізацыі тэксту паэм А. Разанава з’яўляецца рытм, праз які ў разглядаемай паэме перадаецца як ураўнаважанасць філасофскага роздуму ў І-й і ІV-й частках, так і ліхаманкавая тэмпаральнасць у ІІ-й і ІІІ-й. Рытм і рыфма «прыходзяць да згоды» у апошняй частцы твора. Так, і лірычны герой, пераадолеўшы мінулае, адгортвае чыстую старонку, скіроўваючы свой пагляд наперад – да новага гарызонта. Вобраз поля, які ўзнікае тут, адсылае да пазнейшых, версэтавых распрацовак, дзе месца дзеяння грае асаблівую сімвалічную ролю: «Неўпрыкмет узнікнёнае – / поле белае… белы свет, / на якія глядзець нанова, / праз якія пракласці след… / і азначаны далягляд – / неасвоенаю высновай / пра асобу, / пра час, пра лад» [94, c. 63].

На ўсёй творчасці А. Разанава як гэта не раз адзначалася крытыкай (А. Вярцінскі, А. Кабаковіч, Г. Кісліцына, Н. Ламека, Е. Лявонава і інш.), ляжыць магутны адбітак традыцыі – як з фальклорных, глыбінна генетычных пластоў, гэтак і з літаратурна-культурных кантэкстаў розных эпох. Сутнасць творчага пошуку не ў пераадоленні набыткаў папярэднікаў, але ў іх творчым пераасэнсаванні. Сам паэт наступным выкажацца пра гэта ў адной з сваіх філасафем (зномаў): «Традыцыя – сувязь, доўгае «замыканне»: для яе абавязковыя два цэнтры адліку, два асяродкі творчасці. Яна не існуе, а ўсталёўваецца, не даецца, а дасягаецца: «няякасны» прыёмнік не можа ўсталяваць якаснай сувязі. Гаворым пра сваю традыцыйнасць... Але каб стаць дастаткова традыцыйнымі, неабходна стаць дастаткова творчымі» [102, с. 207].

Даследчыца А. Кабаковіч у артыкуле «Права на складанасць» следам за М. Бахціным адзначае, што для паэм разглядаемага зборніка характэрны такі паэтычны прыём, як «дыялог з папярэднікамі», маючы на ўвазе найперш варыяцыю вобраза Максіма Багадановіча ў «Паэме вяхі» (1974) – васілёк ў жыце – як сімвала «бескарыслівасці мастацтва» [гл.: 50, с. 158 – 160]. У тым жа артыкуле А. Кабаковіч канстатуе, што паэты аднаго з Разанавым пакалення амаль не звяртаюцца да гэтай, нібыта вычарпанай, тэмы, і паэту даводзіцца «адсылаць чытача да першакрыніцы». Апроч валошкі ў «Паэме вяхі» узнікае вобраз Страцім-лебедзя «сярод адрынутых птушак, якія хацелі жыць» [94, с. 26 – 27] – як сімвал самаахвярнасці мастака, калі працягваць сэнсавы шэраг даследчыцы.

Натуральна, абазнаны чытач ужо на вобразах валошкі ў жыце і Страцім-лебедзя разумее, каму прысвечаны гэты твор. Прыхаваная цытата з развітальнага верша М. Багдановіча толькі дадае экспрэсіўнасці, павышае «градус» паэтычнага напалу: Гартаюцца – не адгартаюцца старонкі / самотнай кнігі – кнігі твайго жыцця: / і ты не самотны, / і не самотныя птушкі ляцяць / праз цябе ў Беларусь... [94,с.26–27]. Маюцца ў паэме і іншыя прыклады інтэртэкстуальнасці з творамі Багдановіча.

Вось, як адзін з тэарэтыкаў постмадэрнізма, італьянскі пісьменнік і семіётык Умберта Эка характарызуе паняцце інтэртэкстуальнасці, разважаючы пра «формы інтэртэкстуальнага дыялога» (тое, што А. Кабаковіч абазначае, як дыялог з папярэднікамі): «Гэта (інтэртэкстуальнасць. – А. І.) характэрна для так званай постмадэрновай літаратуры[...] – цытаваць, скарыстоўваючы часам пад разнастайнымі стылістычнымі апранахамі формы двухкосся, для таго, каб чытач сканцэнтраваў увагу не на змесце цытаты, а на спосабах, якімі гэты ўрывак з першага тэксту быў уведзены ў наратыўную тканіну другога тэксту» [137, с. 66]. Пра сувязь творчасці А. Разанава з іншымі аспектамі постмадэрнізму напісана ў артыкуле Евы Лявонавай «Паэзія не хлеб надзённы, але – наддзённы». Алесь Разанаў і постмадэрнізм» [гл.: 71].

Казаць, што А. Разанаў ў сярэдзіне 1970-х уводзіў у свае тэксты схаваныя цытаты выключна дзеля інтэртэкставай гульні, будзе няслушным, як некарэктна абвяшчаць паэта пачынальнікам беларускага постмадэрнізму. Хутчэй варта казаць, што постаць Разанава ў беларускай паэзіі запаўняла прагалы кантэксту мадэрновага (гаворка пра такія авангардныя плыні, як экспрэсіянізм, футурызм, дадаізм, сюррэалізм), што з канца 1920-х гг. быў надоўга перапынены сацрэалізмам [гл.: 14]. Але ўводзімыя ім мастацкія сродкі, прыёмы і паэтычныя формы, якія і ў беларускім савецкім літаратурным кантэксце ўспрымаюцца як авангардныя, праклалі сцяжыну для паслядоўнікаў, што працуюць у рэчышчы паэтыкі постмадэрнізму сёння (А. Мінкін, І. Бабкоў, М. Баярын і вялікая колькасць маладзейшых паэтаў.

Варта дадаць, што ў «Паэме вяхі» А. Разанаў працягвае распрацоўку канцэпту Айчыны, які паўстаў ужо ў вершах пачаткоўскай пары («Радзіме», «Радзіма»). Гэты канцэпт ключавы ў паэме. Ён паўстае літаральна з першых радкоў праз увядзенне тапонімаў («Сыплецца шоргат…/ Недзе на Міншчыне, Віленшчыне, / Магілёўшчыне ці Задзвінскай зямлі / шархацяць сярпы жнеяў і жытнёвыя каласы, / а тужлівая песня нічога не можа парушыць, / адно – дадаць і дапоўніць: / і прыгажосці, і смутку…» [94, с. 24]), вакол яго будуецца далейшая сістэма вобразаў і алюзій. «Паэма вяхі» ці не адзіны твор А. Разанава, дзе Айчына называецца, а не абстрагавана пазначаецца праз словы кшталту «Радзіма», «Бацькаўшчына» ці «Айчына». І ў гэтым свой сэнс. Праз слова «Беларусь» дыскурс разгортваецца ў трох часавых плоскасцях: мінулым, цяперашнім і будучым, каб зліцца ў «вечным».

Змяняюцца часы, рэжымы, улады, адміністрацыйныя назвы, але «Беларусь» як метафара, як вобраз, да стварэння якога спрычыніліся найлепшыя яе сыны і да якога цягнуліся з самых далёкіх высылак і эміграцый, застаецца. Заключныя радкі паэмы знітаваныя з пачатковымі праз фразу «Сыплецца шоргат» і метафару ўборкі (на пачатку) і засявання-захавання жніва ў фінальных радках: «Сыплецца шоргат – / сыплюцца жмені зямлі, якая – ты верыў – / лечыць нават ад смерці, / на твае збалелыя грудзі: ты чуў гэты шоргат?.. – / і высяваюцца дбайна рукамі асмяглымі / апошнія калівы васілька, / і апошнія калівы жыта глыбей берагуцца – / для Беларусі, / для вечнай тваёй Беларусі, / Максім Багдановіч» [94, с. 28].

Праз дваццаць гадоў, у артыкуле, прысвечаным сімволіцы празаічных твораў М. Багдановіча, А. Разанаў прызнаецца, што ў аснову «Паэмы вяхі» пакладзены вобразы жыта і васілька з багдановічаўскага апавядання «Апокрыф» [103]. У сваім даследаванні (структурным аналізе) апавядання А. Разанаў даводзіць, што яны сімвалізуюць адпаведна народ і музыку, народ, што цяжка працуе адно каб пракарміцца дзеля выжывання, але ўсё адно мае патрэбу ў «спажытку для душы» – песнях музыкі. Гэтак жа, як у творы М. Багдановіча адбываецца размежаванне «паўсядзённае – паэтычнае», так і ўся творчасць А. Разанава даследуе месца кожнага з кампанентаў на гэтым сутыку. І гэтак жа, як творчасць М. Багдановіча скіраваная да пошуку «чыстае красы», «красы і сілы», – эстэтычная сістэма А. Разанава будуецца на пошуку кантрастаў, спробе злавіць няўлоўнае, пачуць «воплеск адной далоні»: «Вечная крыніца мастацтва таксама ў тым, што перад тым, як засвяціцца, колер мае быць бясколерным, і перад тым, як загучаць, гук мае быць бязгучным» [102, с. 5].

Працягваючы гаворку пра настоенасць паэтыкі А. Разанава на традыцыі, звернемся да паэмы «Было балота» (1974). Гэты невялікі па памеры твор можна лічыць праграмным ужо праз тое, колькі месца для яго разгляду адведзена ў крытычных артыкулах па гэтым перыядзе творчасці паэта (А. Кабаковіч, В. Вітка, Г. Кісліцына). Паказальна і тое, што гэта адзіная паэма А. Разанава, уключаная ў Анталогію беларускай паэзіі ХХ ст. «Краса і сіла». Не можам абмінуць твор і мы, заўважыўшы, што названыя даследчыкі скіроўвалі сваю ўвагу на повязь з традыцыяй (А. Кабаковіч і Г. Кісліцына глядзяць на паэму праз прызму творчасці Янкі Купалы) альбо на ідэйна-тэматычны змест, разглядаючы найперш другую, «падзейную» частку паэмы. Нас жа цікавіць у тым ліку і фармальны бок паэтыкі – стылёвыя сродкі і спосабы арганізацыі тэксту. Пачнем з рытміка-метрычнага кампаненту, узяўшы за ўзор першую страфу:


Як альшы/на мая/ – з-пад піл,

як вужа/ка мая/ – з-пад бо/та,

застагну/,

упаду/ ў нахіл...

Напача/тку было/ бало/та11 [94, с. 17].


Як бачым, гэта трохстопавы анапестам з усечанай трэцяй стапой (уся паэма, за выняткам нязначных скажэнняў, вытрымана ў гэтым памеры). У раздзеле «Рытм і метр» кнігі «Аналіз паэтычнага тэксту: Структура верша» Ю. Лотман даводзіць, што «рытміка-метрычная структура – гэта не ізаляваная сістэма, не пазбаўленая ўнутраных супярэчнасцей схема размеркавання націскных і ненаціскных складоў, а канфлікт, напружанне паміж разнастайнымі тыпамі структуры» [66, с. 67]. Перад намі якраз прыклад такога «канфлікту».

На аснове прыведзенай страфы праілюструем, як яна магла б выглядаць пры «правільнай», традыцыйнай метрычнай арганізацыі – г. зн. з захаваннем трохскладовасці ў трэціх стопах, – дазволіўшы сабе скажэнне лексічнай нормы: «Як альшы/на мая/ – з-пад пілы, // як вужа/ка мая/ – з-пад бота //, застагну/, упаду/ ў нахілы... // Напача/ тку было/ балота12».

Паэт праз незавершанасць, абарванасць стапы знаходзіць такі рытмічны малюнак, які трымае ў напружанні, прымушае чытаць у паскораным тэмпе. Паэма «Было балота», як і іншыя рытмікаінтанацыйна блізкія творы зборніка («Паэма незавершанага сказа», «Папярэджанне», «Амега»), прачытваецца, як кажуць, «на ўздыху».

Акрамя рытму, паскарэнню тэмпу чытання спрыяюць і такія сродкі паэтычнага сінтаксісу, як анафары і эпіфары (паўтарэнні аднолькавых слоў ці выразаў адпаведна ў пачатку ці ў канцы вершаваных радкоў або строфаў), рэфрэнавыя радкі (так, радок «напачатку было балота» паўтараецца 4 разы), лесвічныя пераносы слоў, выразная, стабільная рыфмоўка (тып рыфмоўкі, як і рытм, на працягу твора не змяняецца: abab).

Нягледзячы на арыгінальнасць рытмічнага малюнка, фармальна «Было балота» выканана ў традыцыйным ключы. Пры гэтым, паэма вылучаецца на агульным фоне беларускай паэзіі сяр. 1970-х гг. надзвычайнай скандэнсаванасцю думкі і пачуцця, энергетыкай радка, дасканалай выпісанасцю вобразаў, унутранай «выбуховасцю» страфы. Гэтаму спрыяе па-майстэрску падабраны гукапіс (асананс, алітэрацыя, унутраныя рыфмы) поруч з агульнай адметнай рыфмоўкай. Праз гэта, напрыклад, ствараецца эфект напружанасці і далейшага абрыву дзеяння пры апісанні кульмінацыйнага моманту ў «падзейнай» частцы твора – скону ў балоце асушальніка Абраўца разам з яго экскаватарам: «Прахапляешся незвычайна – / захлынаецца ў твані карэц, / экскаватар хрыпіць адчайна... / Абрываецца Абравец, / вырываецца...// А назаўтра – / тросы вытрымалі б хаця – / экскаватар, як дыназаўра, / вынатужваюць з небыцця» [94, с. 21].

В. Вітка лічыў, што ў паэмах, напісаных класічным вершам, «самыя прыкметныя ўдачы» А. Разанава і «найбольш майстэрства»: «У выяўленчым арсенале паэта не толькі шырокі дыяпазон бачання рэчаіснасці, у яго багатая разнастайнасць жанравых сродкаў і прыёмаў. Ён піша класічным вершам, дасканала валодаючы ўсімі яго кампанентамі» [33, c. 5]. «Разанаў моцны, арыгінальны ў пошуках новых магчымасцей структуры і рытміка-інтанацыйнага ладу вершаванага радка. І пошук у адваротным кірунку – у адмаўленні генетычных асноў самой арганікі жывога слова не абяцае перспектыўных адкрыццяў...» [33, с. 6]. В. Вітка настойліва раіць Разанаву не збочваць з шляху традыцыйнай паэтыкі, крытычна выказваючыся пра з’яўленне такой аўтарскай формы, як квантэма, але, пры гэтым, станоўча гаворачы пра форму версэта.

Сімвал балота ў паэме шматзначны. У Г. Кісліцынай чытаем: «...балота ў паэме – гэта не проста асяродак існавання, гэта сімвал таго, што ўзрошчвае чалавечую душу, сімвал Радзімы» [56, с. 25]. Акрамя таго, балота – гэта яшчэ і тое нашае спрадвечнае, што знікае на вачах, нішчыцца намі самімі, няхай і па чужым загадзе. Гэта сапраўды адзін з архетыповых сімвалаў Беларусі, што знікае разам з яе аўтэнтычнай культурай, звычаямі, гісторыяй. Балота – як слова: яно было напачатку і, як і беларускае слова, да бяссільнага болю паэта, няўмольна канае: «Залучыла балота ўпотай – / ні двара ў цябе, ні кала. / Ды ўжо хутка: / было балота... – / і пра будучыню: / была..» [94, с. 21].

Самымі іншасказальнымі ў зборніку ўяўляюцца дзве паэмы, напісаныя лірычным вершам у прозе – «Паэма рыбіны» і «Паэма сланечніка» (абедзьве – 1975 г.). І сёння беларуская літаратура не можа пахваліцца распрацаванасцю жанру паэмы ў прозе. Хаця ў блізкім да гэтага рэчышчы плённа працуе шэраг паэтаў (Я. Сiпакоў, А. Мінкін, А. Давыдаў, У. Арлоў, І. Бабкоў, В. Слінко, З. Вішнёў і інш.), як правіла, іх творы маюць невялікі аб’ём і па тэматычным ахопе сярод іх няма тых, якія можна разглядаць як паэмы. «Вярхоўнае» ж месца сярод нерыфмаваных паэтычных тэкстаў і на сёння займае верлібр.

Ля вытокаў беларускай паэзіі ў прозе стаіць Францыск Скарына з прадмовамі да кніг Бібліі (першая з такіх, як вядома, – прадмова да кнігі «Юдзіф»), якія называюць яшчэ «рытмізаванай прозай». Сапраўды, асноўным фармальным паказчыкам верша ў прозе ці версэ (Ю. Арліцкі [гл.: 82]) з’яўляецца рытмічная арганізацыя, што дазваляе ўжо пры павярхоўным знаёмстве з творам адрозніць версэ ад уласна прозы. У версэйных паэмах А. Разанава праз рытм ствараецца эфект медытатыўнай засяроджанасці аповеду, што набліжае іх гучанне да прыпавесці.

Абодва творы складаюцца з вялікай колькасці невялікіх частакстрофаў (паколькі маем справу з паэмамі ў прозе, такі тэрмін бачыцца дарэчным), якія, як правіла, апісваюць завершаную сітуацыю, выражаюць закончаную думку. У зборніку «Каардынаты быцця» гэтыя часткі графічна вылучаны як абзац без чырвонага радка, тады як пры пазнейшым перавыданні (кніга «Танец з вужакамі» 1999 г.) – адпавядаюць звычайнаму абзацу і адасабляюцца чыстым радком. Акрамя таго, творы пазнейшага выдання маюць аўтарскую дапрацоўку: некаторыя «цьмяныя месцы», недагаворванні, сэнс якіх часам нялёгка зразумець, раскрытыя і патлумачаныя. Так, прыкладам, у «Паэме рыбіны»: «Так ён лавіў і састарыўся, і знямогся – і тады засмуціўся сэрцам: бо тое, што ловіцца ў вечнасці – як давядзецца ў век… няхай не дарэмна лавілася – ён дарэмна… ён без нічога…» [94, c. 48] – заменена на: «Так ён лавіў, і састарыўся, і знямогся – і тады засмуціўся-засмуткаваў, бо тое, што ловіцца ў вечнасці, – яшчэ не вядома ці зловіцца ў век. Няхай недарэмна лавілася – ён сам дарэмны, ён сам без нічога…» [105, c. 157 – 158], утварае асобную частку. Надалей будзем разглядаць гэтыя паэмы паводле апошняга выдання.

Першы раздзел «Паэмы рыбіны» паводле зместу ўяўляе бытапісальны абразок з вясковага жыцця: сын (ад асобы якога вядзецца аповед) чакае на падворку бацьку – вясковага анучніка, які адранку паехаў «куды не сказаў». Другі раздзел складаецца з рэфлексій лірычнага героя, што вынікаюць з яго аповеду пра жыццё бацькі, у які ўпісана прыпавесць пра рыбіну. Сюжэтны план «Паэмы сланечніка» звязаны з гісторыяй пра лёс Тэклі. Аповед тут таксама вядзецца ад першай асобы.

І ў тэматычна-кампазіцыйным плане паэмаў шмат агульнага: па два ключавыя персанажы з аднолькавай схемай адносінаў паміж сабой – апавядальнік і той, пра каго апавядаецца; дзеянне адбываецца ў падобных дэкарацыях беларускай вёскі паэта ў часе дзяцінства паэта. Нягледзячы на ўяўную рэалістычнасць аповеду, персанажы існуюць у віртуальна-эксперыментальнай рэчаіснасці. Можна пагадзіцца з вызначэннем У. Верынай пра тое, што ў «Паэме рыбіны» «няма сюжэта, а ёсць толькі сімуляцыя яго: падзеі не развіваюцца і не адбываюцца нават – яны канстатуюцца і звязваюцца паміж сабой толькі лірычным пачуццём» [32, с. 34].

Першы раздзел «Паэмы рыбіны» выглядае як звычайная замалёўка, што моцна кантрастуе з другім раздзелам, насычаным алегорыямі і псіхалагізмам. Кантрастнасць у «Паэме рыбіны» з’яўляецца ключавым прыёмам падачы матэрыялу. Так, на кантрасце пачуццёвых экспрэсіўна-эмацыйных пасажаў і абстрагавана-канстатавальнага апісання – па сутнасці, сінтэзе празаічнай і паэтычнай матэрый – пабудаваныя многія часткі паэмы: «…О як ты лёсу свайму пярэчыў, о як на яго спадзяваўся пярэчачы: вывезе… І біў нізавошта каня, і лютаваў у хаце… – Па незнаёмай мясціне цягнецца воз анучніка» [105, c. 155].

З рэалістычных побытавых замалёвак-апісанняў вынікаюць раптоўныя метафізічныя рэфлексіі, сентэнцыі, рытарычныя запыты, што выражаюцца не адцягненымі філасофскімі паняццямі, а нібыта простымі словамі «сялянскай» мудрасці: «Аднойчы згубіў ты ключы ад крамы – быў крамнікам, хадзілі шукаць іх усёю хатай: па розных баках, па розных закутках, дзе ты быў напярэдадні – і адшукалі… А як растлумачыш сёння, дзе быў і што страціў?» [105, c. 156].

Азначаны кантраст найбольш заўважны пры супастаўленні аповеду пра лёс анучніка і «прыпавесці аб рыбаках і рыбінах», якую ён расказваў сваім дзецям. Прыпавесць гэтая нясе вялікую сімвалічную нагрузку: па знешніх рысах яна адсылае да казкі пра старога і залатую рыбку, якая, дарэчы, і ў пушкінскім увасабленні блізкая да прыпавесці: «Усе лавілі звычайных і толькі адзін незвычайную, усе вярталіся з рыбаю, а ён ні з чым…» [105 c. 157]. Адсюль узнікае блізкі да біблейскага матыў аддзякі за веру, што палягае ў ідэі чакання, заўсёднага жыццёвага пошуку: «Калі ёсць звычайная рыба, павінна быць незвычайная, і, значыць, хто ловіць яе, той зловіць» [105 c. 157].

Далей чалавек «састарыўся і знямогся – і тады засмуціўся-засмуткаваў (ізноў відавочная казачна-прыпавесцевая стылістыка. – А. І.), бо тое, што ловіцца ў вечнасці, – яшчэ невядома, ці зловіцца ў век» [105, c. 157 – 158]. Па лаканічнасці і сэнсавым герметызме апошняя сентэнцыя ўспрымаецца як фармулёўка адной з «мараляў» ці філасафем прыпавесці. І гэта не адзіная філасафема. Чытаем далей: рыба тая прыплыла «па абавязку незразумелым…Як гутарылі – невядома, але вядома – сказаў ён: узнагародзь… А яна сказала: ты ўжо ўзнагароджаны» – узнагароджаны, трэба разумець, самім чаканнем, што можна інтэрпрэтаваць як увасабленне духоўнага вопыту як галоўнай каштоўнасці чалавечага жыцця. На схіле дзён чалавек турбуецца не аб тым матэрыяльным, што нажыў, а аб тым, як ён гэтае жыццё пражыў: «Але галоўнае ўжо адбылося, ўжо вестка яму далася, што ён недарэмна лавіў, што злавіў найбольш…» [105, c. 158]. Найбольш за многіх іншых, што лавілі «звычайную», «штодзённую», «нямую» рыбу, г. зн. прагнулі задавальнення матэрыяльна-побытавых патрэбаў.

Такім чынам, вобраз рыбы ўздымаецца да сімвалу духоўнага росту чалавека, а працэс лоўлі, пры якім, кажуць, важны не вынік, а працэс, атаясамліваеца з самім жыццём, сістэмай каштоўнасцей, учынкаў, якія здзяйсняе чалавек (прыгадаем, што ў хрысціянстве сімволіка рыбы атаясмліваецца з Хрыстом праз фанетычнае сугучча з грэчаскім адпаведнікам: «ichtus»). Праз гэта выяўлена філасофія бацькі-«анучніка», што заключаецца ў імкненні пражыць адведзены кавалак часу ў пошуку сэнсу свайго прызначэння, насуперак нямой штодзённасці, сярод якой таксама магчымы пошук гармоніі.

Пасля прыпавесці працягваецца вязь пейзажна-бытавых замалёвак і метафізічнага роздуму. Праз вяртанне ў дзяцінства, спрабуючы зірнуць на свет дзіцячымі вачыма (а толькі сапраўдны мастак здольны да гэтага), лірычны герой намагаецца адшукаць там нешта забытае, выпушчанае з-пад увагі. Частым прыёмам «Паэмы рыбіны» з’яўляюцца філасофскія рытарычныя запыты, накіраваныя ў мінулае: «Заносіла снегам хату, чырвонае сонца вісела цяжка і поўна, па шкле квітнелі марозныя ўзоры, і што было неабходнае, а што не?» [105, c. 159].

У заключнай страфе ілюструецца ідэя твора, свайго роду скразны аксюмаран, што выяўляўся ў кантрастах, напластоўванні рэальнага і мройнага, будзённага і спрадвечнага-архетыповага, жыццёвай мудрасці і казачнага-фантасмагарычнага светаўспрымання дзіцёнка. Гэта сэнсавая квінтэсэнцыя філасофіі «анучніка», паводле якой няма загадзя дадзеных адказаў і адказ наогул не ёсць самамэтай: «задачу» заўжды можна «рашыць па-свойму»: «Курыў свае папяросы і памагаў нам ва ўроках: у сястры арыфметыка і ў мяне арыфметыка, але ў мяне задача аб рыбаках і рыбінах, і загадзя – адказ… Рашалася – не рашылася, і тады мы рашылі па-свойму, насупраць адказу – і незвычайная рыбіна была прыплыла да акна» [105, c. 159].

На інтэрпрэтацыі сімволікі «Паэмы сланечніка» спыняцца не будзем, паколькі, ізноў жа, гэты твор вычарпальна прааналізаваны (А. Кабаковіч, Г. Кісліцына). Звернем увагу на той жа спосаб сувязі строфаў праз асобныя ключавыя фразы, які мы назіралі ў «Паэме выніку» і «Паэме незавершанага сказа». У адной з заключных строфаў гэтыя фразы злучаны разам, утвараючы нечаканы вынікпадсумаванне інтэртэкстуальнага міжрадкоўя (у выданні 1999 г. яны вылучаны курсівам): «Бо яны атрымаюць... насычаны будуць... названыя будуць... пацешаны будуць і будуць бачыць... бо іх каралеўства нябеснае... бо зямлёй завалодаюць...».

Гэтая страфа – працяг запаветаў з памянёнай ужо Нагорнай казані. Толькі ў «Паэме выніку» маем пачатак Хрыстовых запаветаў («Благаславёны, хто ўбогі, хто плача, хто церпіць» і г.д.), а ў «Паэме сланечніка» – іх заканчэнне. Цікава, што разанаўскі пераклад гэтых кавалкаў біблейскага тэксту амаль даслоўна супадае са значна пазнейшым перакладам Новага Запавету айца Уладзіслава Чарняўскага [гл.: 80]. Падобная да трызнення ці замовы, страфа нечакана завяршаецца-развязваецца зваротам да Тэклі: «гэтага, нават гэтага, быццам самую сябе, не ўгледзела і не распазнала» – паводле пазнейшай версіі. У кнізе ж «Каардынаты быцця» фраза закрываецца шматзначным: «цвітуць сланечнікі».

Цяжкая для ўспрымання, у пэўных месцах перанасычаная іншасказаннямі ды метафізічным роздумам, паэма ў прозе не займела важкага месца ў пазнейшай творчасці А. Разанава (апроч тых, што разгледзелі, вядомыя яшчэ «Паэма рэха» і «Паэма палявання» са зборніка «Шлях-360»). Можна сказаць, што гэты жанр эвалюцыянаваў у больш лаканічную, ёмістую па думцы эксперыментальную паэтычную форму – версэт, які яскрава заявіць пра сябе ў далейшых па часе паэтычных зборніках А. Разанава.

Пасля з’яўлення дваццаці пяці паэм А. Разанава В. Вітка адзначаў, што «гэты жанр у яго свой, асаблівы. Кожная паэма – згустак пачуцця (вылучана намі. – А.І.), асабіста перажытага, часта супярэчлівага, драматычнага, нават трагедыйнага...» [33, с. 5]. І сапраўды, па сутнасці гэта таксама свайго роду эксперыментальныя формы, для якіх аўтар яшчэ не шукае спецыяльнай жанравай пазнакі, але пэўнае канцэптуальнае аб’яднанне робіцца праз загаловак: «Паэма» плюс назоўнік у родным склоне. Такі прыём называння твора, вядома, не з’яўляецца вынаходніцтвам паэта, падобныя канструкцыі знойдзем, напрыклад, у М. Цвятаевай («Паэма гары», «Паэма канца», «Паэма лесвіцы»). Кожная разанаўская паэма ўтойвае ў сабе свае спецыфічныя рысы, сюрпрызы і неспадзяванкі. Падсумоўваючы разгледжаныя – найбольш адметныя і разнапланавыя творы гэтага жанру – яшчэ раз адзначым асноўныя яго рысы: сугестыўнасць (падтэкставасць), інтэртэкстуальнасць, плыне-свядомаснасць і інтуітыўнасць паэтычнага мыслення.

Ключом да разумення паэм кнігі «Каардынаты быцця» будуць і словы У. Конана: «творы экспрэсіўныя, прарочыя і бадай што апакаліптычныя, насычаныя скрытымі цытатамі з Бібліі, алюзіямі на сусветную міфалогію і навуковыя адкрыцці, на катаклізмы нашага драматычнага стагоддзя. І разам з тым гэта зусім не мадэрнісцкія абстракцыі і не постмадэрнісцкія гратэскі, як думалі некаторыя крытыкі і чытачы паводле павярхоўнага ўражання. У паэмах ёсць глыбокае асэнсаванне рэальнага, прынамсі, «застойнага» савецкага часу і знявечанай беларускай прасторы. Ёсць нават прыкметы асабіста перажытага аўтарам лакальнага, вясковага і сямейнага, побыту з часоў дзяцінства і юнацтва» [58, с. 245].

Паэтычная цэласнасць паэм А. Разанава ўзнікае ў выніку надзвычай арыгінальнага счаплення асобных кампанентаў знакавай сістэмы, трансфармацыі ў ёй элементаў традыцыйнай паэтыкі і наватарскага засваення найноўшых творчых здабыткаў еўрапейскіх школ. Магутным эстэтычным стымулятарам эксперыментальнага пошуку з’яўляюцца асобныя непрыкметныя спачатку «адхіленні», «парушэнні», «канатацыі» ў традыцыйнай паэтыцы, за якімі выразна прысутнічае сама рэчаіснасць мінулага стагоддзя з яго катастрофамі і трагедыямі, а таксама драматычны экзістэнцыяльны вопыт самога творцы. Невыпадкова і тое, што ўсе згаданыя працэсы асабліва паслядоўна заяўлялі аб сабе ў жанры паэмы.

Такім чынам, сярэдзіна 1970-х для А. Разанава – час пошуку не толькі тэкставых форм, але і, перадусім, – распрацоўкі новай вобразна-выяўленчай сістэмы, якая наклала моцны адбітак на далейшую творчасць паэта. Разам з тым гэта пошук творчага выхаду за межы традыцыйнага для савецкай паэзіі тэматычнага кола (праз зварот да рэлігійных алюзій, выкарыстанне вопыту сусветнай літаратуры і філасофіі). Усё гэта прывяло да стварэння вельмі наватарскай для беларускай паэзіі творчай канцэпцыі, што выявілася ў паэмах разгледжанага зборніка. У гэтым раздзеле быў падрабязна разгледжаны шэраг адрозных па форме і тэматыцы паэм, у якіх найбольш яскрава выявіліся азначаныя тэндэнцыі.

У своеасаблівым жанры разанаўскай паэмы куды больш цяжка заўважыць, вылічыць і асэнсаваць бясконцую колькасць унутраных і знешніх сувязей частак тэксту з яго мастацкай цэласнасцю, індывідуальнай эстэтычнай сістэмы паэта з пазамастацкай рэальнасцю гісторыі і сучаснасці. У паэтычнай творчасці А. Разанава эпоха адноснай устойлівасці традыцыйнай мастацкай сістэмы змяняецца часам творчых пошукаў, мастацкіх эксперыментаў, актыўнай форматворчасці. Сучасныя прыёмы і спосабы, распрацаваныя і ўзбагачаныя ў семіятычнай паэтыцы, даюць магчымасць гэтыя эпахальныя змены заўважыць, апісаць і асэнсаваць.


1.3. Тыпалагічныя рысы паэм канцэптуальнай трылогіі «Гліна», «Камень», «Жалеза».


Перш як перайсці да разгляду азначаных у загалоўку паэм, для захавання цэласнасці і храналогіі даследавання, неабходны каментар адносна іншых паэм, створаных А. Разанавым у прамежку між тэкстамі папярэдняга падраздзела і заяўленай трылогіяй.

Аб’ём працы не дазваляе нам належным чынам прааналізаваць паэмы зборніка «Шлях-360», якія, да таго ж, вельмі грунтоўна разглядаюцца ў манаграфіі Г. Кісліцынай. Нас жа, як адзначалася, цікавіць найперш паваротны момант у развіцці паэтыкі А. Разанава, зафіксаваны ў папярэднім раздзеле, таму абмяжуемся толькі сціслым аглядам. У паэмах «Шляху-360» (1981) дэманструецца яшчэ большая дасканаласць у валоданні тэхнікай сілабатанічнага вершаскладання («Паэма запаленых свечак», «Паэма гарачага лісця», «Упоцемках, з ліхтаром»), дольніка («Першая паэма шляху», «Другая паэма шляху»), верлібру («Паэма каментарыю»), верша ў прозе (версэ) («Паэма рэха», «Паэма палявання»). У межах аднаго твора звыклы верлібравы аповед можа спалучацца з інверсійнай, інтуітыўна-плынесвядомаснай манерай пісьма («Паэма каментарыю»). Для сілаба-танічных паэм характэрныя пафаснаснасць, надрыўная інтанацыя. У цэлым жа, з п. гледжання стылёвых прыёмаў і сродкаў вобразнасці, у імкненні да пераасэнсавання самой сутнасці верша А. Разанаў працягвае творчы пошук, распачаты ў папярэднім зборніку, што дазваляе нам не спыняцца на аналізе іх фармальных рысаў.

Нам блізкая думка І. Бабкова, што графічны падзел на асобныя вершы ў зборніку «Шлях-360» досыць умоўны: «Усе тэксты пераходзяць уласныя межы, сыходзяцца ў адзіны твор, у адзіны бясконцы маналёг – экзістэнцыйны эпас. У грунце гэтага эпасу – досьвед пашырэньня сьвядомасьці, упусканьня ў яе сьвету і прагаворваньне сьвету ў бясконцых неразумных дыялёгах» [13, с. 61 – 62].

Але ўсё-ткі адзін магістральны матыў А. Разанава, якім з’яўляецца канцэпт Шляху13, выяўлены перадусім у «Першай паэме шляху», абмінуць немагчыма. Як адзначае Г. Кісліцына, у «Шляху-360» «вобраз шляху» выклікаў найбольшую ўвагу з боку крытыкаў, якія называюць гэты зборнік «дэкларацыяй філасофскіх поглядаў паэта, яго творчым крэда» [56, с. 74]. Так, А. Сідарэвіч у рэцэнзіі на кнігу сягае ад евангельскіх трактовак вобразу (артыкул датуецца 1982 г.!) – да бачання ў ім гегелеўскай заканамернасці развіцця, якое заключаецца ў «бясконцым станаўленні» «эга» лірычнага героя [гл.: 116, с. 172]. Г. Адамовіч бачыць у «Шляху-360» «вобраз самога чалавека: непарыўнае паглыбленне ў самога сябе і выйсце на новыя межы самавыяўлення, пошук шляхоў да навакольнага свету і раскрыццё шматстайных форм існавання» [1, с. 160].

Словы «вобраз шляху» вышэй былі ўзятыя ў двукоссе з прычыны іх прысутнасці ў тэкстах названых крытыкаў. На нашую ж думку, больш слушна казаць пра канцэпт Шляху (разгорнутую дэфініцыю паняцця «канцэпт» мы прыводзілі вышэй) – пэўную канцэптуальную выснову, што выяўляе бачанне адносінаў паміж лірычным героем і «Шляхам» і сканцэнтравана ў фразе: «я той, хто шлях і хто па ім ідзе» [95, с. 17]. У разуменні сутнасці гэтай фразы, а таксама сістэмы вобразаў, што дапамагае прыйсці да яе фармулёўкі, крытыкі з большага сыходзяцца. Найбольш слушную і ёмістую, на нашую думку, яе расшыфроўку падае А. Сідарэвіч: «Сказаўшы «я той, хто шлях і хто па ім ідзе», паэт гаворыць: я – цялесны і праз цела іду да духоўнасці, выракаючыся ў сабе жывёліны (сабакі і свінні...)» [116, с. 172].

Да гэтага дадзім, што «шлях праз цела» (якое адначасна гэтым самым шляхам і з’яўляецца), паслядоўна апісаны ў паэме, адсылае да вядомага ва ўсходніх духоўных практыках прынцыпу адсячэння прыхільнасцяў [гл.: 44, с. 106 – 107], а таксама да разумення Шляху (Дао) старажытнымі кітайцамі (вядомы трактат Лао Цзы «Дао дэ дзын»14). А вось, як сам паэт удакладняе сэнс свайго разумення Шляху: «Адначасова шлях як бы ўбірае тое, што было ўчора і кожны новы дзень. Ён гэтаму шляху дазваляе ісці і адбывацца непаўторна. І калі асабовы шлях у дачыненні да канкрэтнай асобы застаецца ў значнай меры прыватным шляхам, прыватнай дарогай, то шлях творцы, шлях паэта... – гэта шлях самой рэчаіснасці» [134, с. 6].

Пры гэтым, нельга, каб пры інтэрпрэтацыі вобразнай сістэмы А. Разанава пераважваў нейкі адзін (напрыклад «усходні») падыход. Паэт адкрыты для разнастайных ведаў і вучэнняў, што фільтруюцца і сінкрэтызуюцца ў яго творах, адкрываючы новыя сэнсы і падтэксты. Гэтак жа і ўся сусветная культура мае ўзаемапранікальныя адносіны. Так, канцэптуальная выснова, пра якую мы гаворым, моцна перагукаецца з словамі Хрыста: «Я – шлях, і ісціна, і жыццё» (паводле пер. а. Чарняўскага – «Я – дарога, і праўда, і жыццё» [80, с. 196]) – выслоўем з Евангелля пав. Яна, што з’яўляецца базісным для хрысціянскай дактрыны. Можна меркаваць, што разанаўскае «я той, хто шлях той і хто па ім ідзе» з’яўляецца перыфразам евангельскай цытаты, толькі без згадвання двух астатніх кампанентаў трыадзінства (ісціны і жыцця). На гэтым пакуль спынімся ў інтрэпрэтаванні канцэпту Шляху, паколькі далейшае паглыбленне ў дадзеную праблематыку адвядзе нас ад мэтаў даследавання, што пагражае саступіць месца не літаратуразнаўчаму, а тэасофскаму дыскурсу.

Наступнай пасля «Шляху-360» кнігай, дзе з’явіліся паэмы, была «Паляванне ў райскай даліне» (1995) – зборнік, дзе, на думку самога паэта, ён «найбольш гарманічна ўвасобіўся» параўнальна з папярэднімі [134, с. 6]. Маецца на ўвазе тое, што тут прысутнічаюць усе, апроч вершаў, паэтычныя жанры, у якіх працуе паэт – версэты, паэмы, пункціры, вершаказы, зномы, а таксама перастварэнні з Веліміра Хлебнікава.

Нізку паэм склалі тры сілаба-танічныя тэксты, напісаныя на пачатку 1990-х гадоў («Паэма пагашаных люстэрак15», «Паэма парушанай мяжы», «Паэма чырвоных вяровак»). Паколькі названыя творы ў розны час даволі шырока разглядаліся крытыкай (Г. Кісліцына, Е. Лявонава, У. Верына) і з п. гледжання асноўных стылёвых і рытмікаінтанацыйных рысаў не маюць кардынальных адрозненняў ад разгледжаных у папярэднім падраздзеле, мы не будзем спыняцца на іх разглядзе. Адзначым толькі тое, што праз іх паэт прадэманстраваў (а, магчыма, мусіў даводзіць), што сярод эксперыментаў у бок празаізацыі «не развучыўся» пісаць класічным вершам. У гэтых творах маем прыклады рытміка-інтанацыйнай дасканаласці, якаснай рыфмоўкі, неардынарнай вобразнасці.

У заключных праграмных радках «Паэмы чырвоных вяровак» (1991) зафіксаваны настрой чакання перамен, спароджаны крахам імперыі, што даў нацыянальным сілам новае дыханне, жаданне «уваскрасаць і лётаць»: «Страх адступаўся. / Вецер ёю пах: / каб мелі шчасце / ўваскрасаць і лётаць, / усходзіла / ў дзіравых чарапах, / паволі распускаючыся, / лотаць» [102, с. 56].

Такім чынам, цэлых дзесяць гадоў (ад 1981 г. да 1991 г.) А. Разанаў не працуе ў жанры паэмы, ізноў звяртаючыся да яго ў сярэдзіны 1990-х: ад 1994 г. да 2000 г. ім напісана пяць твораў з гэтай жанравай пазнакай. У адрозненне ад большасці паэм кніг «Каардынаты быцця» і «Шлях-360», у назве ніводнага з гэтых твораў слова «паэма» не ўжыта. Па сваіх фармальна-жанравых адметнасцях гэтыя творы можна аб’яднаць у адну тыпалагічную групу. Тры з іх – «Гліна» (1994 г.), «Камень» (1995, 1998 гг.), «Жалеза» (2000 г.), якія выйшлі ў 2000 г. асобнай кнігай, утвараюць канцэптуальную трылогію. Гэтая частка творчасці А. Разанава слаба асэнсаваная ў айчынным літаратуразнаўстве.

Да сярэдзіны 1990-х гг. эстэтычная сістэма пісьменніка займела адносную цэласнаць і сфармаванасць: з’явіліся ўсе існыя на сёння аўтарскія паэтычныя формы, большасць з якіх дасягнула піку ў плане жанравай аформленасці, а, магчыма, і вычарпанасці (так, апошні вершаказ датуецца 1996 г., форма зномы пасля кнігі «Паляванне ў райскай даліне» болей не сустракаецца). Фармальна паэт вяртаецца да верлібравых паэм, але паводле задумы разглядаемыя паэмы могуць быць супастаўлены з такой аўтарскай формай, як вершаказ, дзе цэнтральным аб’ектам паэтызацыі часта таксама з’яўляецца архетыповы сімвал.

На прыкладзе першай часткі паэмы «Гліна» можна праілюстраваць асноўныя ўнутрыжанравыя ўласцівасці, характэрныя для складовых частак усіх паэм трылогіі: «Ніцма ляжыш / І ў глыбокім сненні / хаваеш сваю душу. // Загавару з табою – / Адкажаш, / Але не пачуеш. // Рукою цябе крану – / Запомніш. / Але не ўбачыш. // Ты ў самым пачатку часу, / Дзе Бог / Разрознівае-разасабляе / Свае раўнаісныя іпастасі – / Жыццё і Смерць» [106, с. 5]. Як бачым, паводле спосабу версіфікацыі паэмы адносяцца да верлібру з своеасаблівай рытмікаінтанацыйнай арганізацыяй. Кожная частка пранумараваная і складаецца з некалькіх міні-строф (у прыведзеным урыўку – з чатырох), што адасабляюцца чыстым радком. «Гліна» і «Камень» маюць роўную колькасць частак – 58, «Жалеза» – 62.

Архетыповыя словы-сімвалы, заяўленыя ў назвах (сам паэт у дачыненні да падобных ключавых слоў у вершаказах ужывае паняцце «дамінантныя рыфмы», што бачыцца дарэчным і для гэтых паэм), з’яўляюцца зыходнымі пунктамі тэкстаўтварэння. Спосабы і прыёмы такога тэкстаўтварэння вельмі разнастайныя. Так, унутраная пабудова вышэйпрацытаванай страфы трымаецца на свайго роду звароце да архетыповага слова праз увядзенне формы дзеяслова другой асобы адзіночнага ліку. Неаднойчы такі спосаб апісання аб’екта скарыстоўваецца ў паэме «Камень». Напрыклад: «Думны без думак, / Чысты без чысціні, / Тойсамы16 / Знутры і знадворку, / Утульваешся ў нябыт...» [106, с. 51], альбо: «Жалезам / пастукаю па табе – / Іскрына Выблісне і пагасне, / Водгук / Аб’явіцца і растане» [106, с. 41] і інш. Зваротная форма скарыстоўваецца і ў паэме «Жалеза», але ўжо радзей.

Іншы варыянт – апісанне якасцяў аб’екта праз дзеяслоўную форму трэцяй асобы часта нават без прамога называння ключавога слова, скарыстання займенніка: «Знаходзіць сама ў сабе / Безліч рэчаў, / Але саму сябе / Губляе» [106, с. 27].

У двух вышэйапісаных спосабах адбываецца найперш алегарычнае асэнсаванне пэўных унутраных уласцівасцей дамінантнай рыфмы. Магчымы і іншы шлях апісання, а менавіта – праз метафарычнае супастаўленне з словам-сімвалам пэўнай ідэі. У наступным урыўку тэкст пабудаваны паводле гэтага прынцыпу: «Нібы ўбіваюцца ўглыб / Апоры, / Калі будуецца дом, / З глыбіні / Праступаюць задумы, / Каб неўзабаве / Звязацца ў цэласны тэкст, // Як гліна» [106, с. 26]. Механізм стварэння мастацкага тэксту тут параўноўваецца з працэсам будавання.

Большасць мастацкіх прыёмаў трылогіі зводзіцца да скразной персаніфікацыі – гэткага ажыўлення архетыповых аб’ектаў. Прычым тое не проста «ачалавечванне» навакольнай рэчаіснасці» [91, с. 55], але свайго роду яе абагаўленне, наданне ёй міфічных рысаў. Яе можна параўнаць, напрыклад, з поглядам на свет нашых старажытны продкаў з іх язычніцкім пакланеннем стыхіям. У персаніфікаваных вобразах гліны, каменя і жалеза – спроба спрадвечнага пошуку генетычнага ключа да «Прыроды Рэчаў», вербальная алхімія і шаманства з яго рытуаламі і верай у затоеную сілу слова, «пошуку з таго боку слоў» «пошуку з таго боку слоў» (з паэмы «Гліна») [106, с. 24].

Ведаеш словы, / Утоеныя ад размовы. // Каму давяраеш іх, / Той / Робіцца здатны / Загойваць раны, / Зрошчваць косці / Ды загаворваць кроў // Адрабляць, // Што ты перад гэтым / Само зрабіла, / Што ты перад гэтым / Учыніла само (з паэмы «Жалеза», ч. 14) [106, с. 71].

Названымі прыёмамі апісання слова-сімвала вобразна-выяўленчая сістэма паэм трылогіі не абмяжоўваецца. Паэт імкнецца быць разнастайным у сваіх стылёвых вынаходніцтвах – ад часткі да часткі, ад твора да твора. Так, у «Жалезе» гэтыя прыёмы сустракаюцца радзей, саступаючы месца новым, нечаканым спосабам выяўлення схаваных уласцівасцей архетыпу. Праз гэта паэт заклікае чытача да сутворчасці, унутранай развагі, не баючыся розначытанняў у трактоўцы пэўных вобразаў. Напрыклад, у 50-й частцы твора ўводзяцца элементы прыпавеснага аповеду, які мае сэнсава завершаную структуру: «Бег чалавек па рацэ: / Адною / Нагою – у боце, / Другою – босы, / І аб ваду, / Як аб сушу, абапіраўся / Жалезным кіем» [106, с. 88]. Верлібравае дзяленне на радкі тут можа падацца штучным, бо гэтая частка пры версэйным запісе (г. зн. у адзін радок) нібыта няшмат страчвае, але ўжо другая страфа ілюструе памылковасць такога меркавання: «Следам за ім / Беглі двое: / Адзін – у ботах / І босы – другі, / І абодва / Крычалі дружна: / «Кінь кія, а то патонеш!.. / Кінь кія, а то патонеш!...» [106, с. 88].

Верлібравы запіс спрыяе перадусім стварэнню пэўнага рытмічнага малюнка. Аўтар свядома абмяжоўвае сябе ў колькасці словаў, праз што дасягаецца эфект адначасна лаканічнасці і імпульсіўнасці. Чытач рухаецца за думкай паэта, здзіўляючыся разам з ім новым адкрыццям. Пры гэтым відавочна, што ў такім тэксце няма «выпадковых» слоў, усё прадумана-ўзважана, калі немагчыма дадаць штосьці альбо выкрасліць: «І першы, / Урэшце, паслухаўся іх / І адкінуў / Свой кій ад сябе – // І адразу / Усе патанулі: / І той, хто бег першы, / І тыя, што беглі следам, // І кій» [106, с. 88].

Сітуацыя, што разгортваецца ў гэтай частцы, мае адзнакі метафізічнага абсурду, што не можа быць перашкодай для спробы інтэрпрэтацыі яе сістэмы вобразаў. Такім чынам, маем трох персанажаў, якія валодаюць рознымі якасцямі паводле адной прыкметы (ступені «абутасці») і групуюцца вакол прадмета (у варунках творчага эксперыменту ён выступае як знак), – жалезнага кія (менавіта праз прыметнік «жалезны», што ўзнікае ў першай страфе, частка прывязваецца да тэмы). Кій спрыяе «бегу па рацэ» усіх персанажаў: першага (напаўабутага), бо той абапіраецца ім аб ваду, і астатніх, бо пры знікненні кія іх шлях спыняецца. У кантэксце ўсёй творчасці паэта апісаная сітуацыя выглядае як чарговы варыянт рэалізацыі ўсё таго ж канцэпту Шляху. Паэт у алегарычнай форме паказвае: тое, што, паводле ўсіх законаў фізікі, мусіць быць перашкодай, насамрэч можа спрыяць руху наперад. Таму маем шматпланавы пагляд: для босага і абутага чалавек з кіем быў мэтай, за якой і дзеля якой яны рухаліся (па вадзе), а той апошні рухаўся датуль, пакуль не слухаў «дарадцаў», г. зн. ішоў сваім шляхам.

Канцэпт Шляху з’яўляецца ключавым для паэм, што разглядаюцца. Згадка пра шлях ці яго пошук (нават пры павярхоўным чытанні, на першасным лексічным узроўні) так ці інакш прысутнічае амаль у кожнай частцы паэм, і цытат для пацвярджэння гэтага можа быць безліч. Тут, як і ў іншых творах А. Разанава, шлях ёсць метафарай духоўнага росту, пошуку Сябе ў сабе. Сюды ж укладаецца і анталагічная ідэя знаходжання сябе-ў-свеце – увесьчаснае ўдакладненне «каардынатаў быцця і асобы»: «Вандроўнік выпытвае / У наваколля: / Дзе сцежка, / Дзе камень, / Дзе дом? / І па іх / Знаходзіць самога сябе» [106, с. 55].

Спосаб страфічнай арганізацыі паэтычнага тэксту, як ужо адзначалася, блізкі да вершаказавага. Толькі ў вершаказах адбываецца абыгрыванне фанетычных аспектаў слова, а ў паэмах, што разглядаюцца, – «сэнсарыфмаванне» (тэрмін А. Разанава), знаходжанне прычынна-выніковых сувязяў у семантыцы слова (у дадзеным выпадку архетыповых слоў-сімвалаў), хаця зрэдкусустракаецца і асанансавая гульня («Рэчы ўкарэньваюцца / У карысць»).

У верлібравых паэмах сярэдзіны 1990-х – пачатку 2000-х гг. відавочная дапрацоўка ранейшых тэм і матываў. Так, канцоўка «Гліны» з’яўляецца сімвалічным працягам роздуму пра палёт стралы, праз які яна становіцца «палётам самім», як сімвал бясконцага шляху «па сапраўднасці», адсылаючы да версэтаў 1980-х гг. («Палёт», «Птах», «Палёт стралы»): «І толькі страла / У нерухомай пространі гліны / Ляціць / З пачатку ў канец» [106, с. 34].

Наогул ступень афарыстычнасці паэм трылогіі надзвычай высокая нават для Разанава: тут ледзь не кожная частка – афарызм, алегорыя, дзе ў гранічна сціслых выразах заключана глыбокая сімволіка. У «не падрыхтаванага» чытача можа ўзнікнуць шэраг пытанняў адносна таго, ці можна лічыць гэта паэзіяй наогул, навошта патрэбны такі творчы пошук, навошта паэт адыйшоў ад сілабатонікі, дзе бліскуча самавыяўляўся і да т.п. з усім вынікальным. Не жадаючы абараняць творчы метад паэта ад падобных магчымых (і непазбежных) прэтэнзіяў, выкажам меркаванне, што разглядаемыя творы ўсё ж цалкам правамерна ідэнтыфікаваныя аўтарам як паэмы не толькі па аб’ёме і ідэйна-тэматычным ахопе, але і з гледзішча іх уласна паэтычнасці (прычым – у вышэйшым выяўленні).

Прамоўленая, апошняя тэза, як і заўжды ў падобным выпадку, застаецца бяздоказнай, паколькі для розных людзей, нават не гаворачы пра ўзровень паэтычнай «адукаванасці» (ёсць жа яшчэ псіхафізіялагічны складнік), гэтае пытанне застаецца суб’ектыўным. Калі структурны аналіз здольны выявіць, скажам, недасканаласць рытму ці рыфмоўкі, то падобных «аб’ектыўных паказчыкаў» пры гаворцы пра разанаўскія паэмы, што разглядаюцца, прывесці немагчыма. Можа быць, важным для ўспрымання медытатыўнай лірыкі паэта (па яго ўласным вызначэнні – «стралы, пушчанай некуды, – у ноч», г. зн. без канкрэтнага адрасату і цалкам вытлумачальнай задумы) з’яўляецца настрой, з якім чалавек падыходзіць да тэксту, зрэшты, ступень даверу паэту – як падчас экстрасэнсорнага лячэння, калі яно дзейснае толькі пры ўмове ўзаемадаверу між доктарам і пацыентам...

Спрэчнай падаецца таксама тэза пра элітарнасць ці звышскладанасць паэтыкі А. Разанава (пра што пераканаўча піша і Г. Кісліцына [56, c. 70]): лексіка, хаця і насычана словамі з адцягненымі значэннямі ды аказіяналізмамі, з большага простая, пісьмо празрыстае, нават часам вельмі рацыяналістычнае. Можа быць, пытанне толькі ў тым, ці захоча сам чытач адсунуць у бок пэўныя стэрэатыпы і непахісныя ўяўленні пра тое, якой мусіць быць паэзія, навязаныя «класічнай» паэтыкай, адукацыяй і г.д., захапіцца няроўным рытмам, адкрыцца той энергетыцы, якой поўняцца радкі паэм, даверыцца аўтару і разам з ім паспрабаваць намацаць «пачатак часу, дзе Бог разрозніваеразасабляе Свае раўнаісныя іпастасі – Жыццё і Смерць»?..

Акрамя архетыповай трылогіі да таго ж структурнага тыпу можна аднесці паэмы «Рагвалод» (1999) і «Усяслаў Чарадзей» (1994, 1998, 2006), што пабудаваныя на тым жа тэкстастваральным прынцыпе адштурхоўвання ад ключавога слова-сімвала, што і паэмы трылогіі. Аб’екты творчага асэнсавання (знакамітыя постаці беларускай гісторыі) дазваляюць аўтару весці пранізлівы дыялог з слаўнай мінуўшчынай, у якой – адбітак цяперашняга і будучыні. Разанаўскія паэмы гэтага тыпу найменей укладаюцца ў фарматы літаратуразнаўчых тэрмінаў. Іх аналіз – з цытаваннем, раскладаннем прыёмаў і метадаў – малапрадуктыўны, паколькі навуковая тэрміналогія ў гэтым выпадку не паспявае за дыскурсам паэтычным. Уваходзячы ў сумоўе, словы пачынаюць жыць сваім жыццём, «не жадаючы» быць вытлумачанымі болей за тое, пра што яны кажуць.

Такім чынам, паэма А. Разанава, што ўвабрала-скандэнсавала ў сабе рысы іншых аўтарскіх форм, можа разглядацца як тып тэксту з адметнай, паўтаральнай з твора ў твор, арганізацыяй паэтычнага радка, а таксама саміх тэкстастваральных прынцыпаў. Пералічым галоўныя рысы, што вызначаюць гэты тыпалагічна новы ўзор паэмы: мінімізацыя лексічных сродкаў поруч з ёмістасцю выказвання, прывязанасць усіх частак паэмы да агульнай ідэі праз ключавыя словы, зварот да інтуітыўнага, метафізічнага досведу дзеля выяўлення пэўных канцэптаў, алюзій, паралеляў.

Падводзячы рысу пад асэнсаваным у першым раздзеле корпусам тэкстаў, можам канстатаваць, што само азначэнне «традыцыйныя паэтычныя формы» з’яўляецца даволі ўмоўным, паколькі датычыць толькі фармальнага боку вершаў і паэм А. Разанава і з большага адпавядае адносна паэтыкі твораў зборнікаў «Адраджэнне» і «Назаўжды». Тэксты ж далейшых зборнікаў (паэмы) паводле сваіх унутрыжанравых якасцяў уяўляюць складаныя ўтварэнні, кожнае з якіх валодае спецыфічнымі рысамі і класіфікавалася намі ў першую чаргу з пункту гледжання спосабу вершаскладання. Так, паэмы зборніка «Каардынаты быцця» мы раздзялілі на вершаваныя (г. зн. графічна аформленыя як верш) і версэйныя (верш у прозе). Вершаваныя паэмы ў сваю чаргу падзяляюцца на рыфмаваныя сілабатанічныя, дольнікавыя (рыфмаваныя, бязрыфмавыя, з чарговай рыфмай), верлібравыя.

Калі казаць пра ідэйны змест і тэматычную эвалюцыю, то неабходна яшчэ раз адзначыць наступную тэндэнцыю метамарфозаў аўтабіяграфічнага пачатку ў творах А. Разанава. У ранніх творах пісьменніцкае «я», хаця часцяком і ў алегарычным-завуаляваным выглядзе, мела дачыненне да пэўных рэальных падзей яго біяграфіі (напрыклад, вясковага, вайсковага ці настаўніцкага досведу) – вершы «Паганіні», «Тамаза Кампанела», «...Які запал, які размах!», «Паэма незавершанага сказа», «Паэма рыбіны», «Паэма сланечніка» і інш. У пазнейшых жа творах, як пабачым, аўтабіяграфізм мае іншы характар. Да прыкладу, у версэтах пісьменніцкае «я» скіраванае найперш да досведу духоўнага. Так, нават калі ў творы і прамаўляецца ад імя лірычнага героя, з гранічна заметафарызаванага вобразнага кантэксту немагчыма зразумець, якія рэаліі ці канкрэтныя жыццёвыя падзеі пабудзілі аўтара да яго напісання. У пункцірах жа наадварот – адбываецца пісьмо «з натуры», дзейсніцца фіксацыя пэўных праяў рэчаіснасці без глыбокай рэфлексіі. Адпаведна, у пазнейшых творах А. Разанава памяншаецца (а часам і сыходзіць да нуля) і ступень іх публіцызму.


Раздзел ІІ ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ФОРМЫ А. РАЗАНАВА І ІХ ЖАНРАВАЯ СПЕЦЫФІКА


Паэзія павінна пераўзыходзіць нават майстэрства. Яны сінонімы да пэўнага ўзроўню, далей разасабляюцца: майстэрства рухаецца па пракладзеных рэйках, паэзія ідзе бездарожжам.


З гутаркі з Алесем Разанавым

[10–А, с. 180].



У межах кожнай паэтычнай формы, вынайдзенай А. Разанавым, можна вылучыць шэраг спецыфічных жанрава-стылёвых рысаў. У разанавазнаўстве да гэтых формаў, як правіла, дадаюцца азначэнні «эксперыментальныя» ці «эксперыментальна-аўтарскія». У залежнасці ад творчай задумы і канцэптуальных задач паэт звяртаецца да той ці іншай эксперыментальнай формы, выразна размяжоўваючы іх тэкстастваральныя прынцыпы і захоўваючы ключавыя ўнутраныя рысы. Вось, як сам А. Разанаў гаворыць пра гэта: «У сваёй творчай прасторы я дакладна распазнаю і акрэсліваю тое, што напісалася ці хоча напісацца: версэты, вершаказы, зномы, пункціры ці традыцыйныя вершы» [10–А, с. 178].

Калі ў першым раздзеле намі быў абраны храналагічны прынцып структурнага аналізу, то для другога раздзела зыходным будзе вызначэнне ступені празаізацыі эксперыментальных паэтычных формаў А. Разанава. Гэтыя формы паводле ступені павелічэння празаізацыі – г. зн. набліжанасці да прозы – мы размесцілі наступным чынам: пункціры, квантэмы, версэты, вершаказы, зномы (апошнія ў нашай працы не разглядаюцца, паколькі не могуць быць аднесены да паэтычных формаў).

Варта адзначыць, што ў такім размяшчэнні мы пярэчым класіфікацыі У. Верынай, згодна з якой найбольш набліжанымі да традыцыйнага верша выступаюць квантэмы, а версэты «больш празаічныя» за вершаказы [гл.: 32, с. 34]. Даследчыца матывуе гэта тым, што і квантэмы, і вершаказы «абапіраюцца на гукапіс, і факт наяўнасці гукавых паўтораў надае ім больш «паэтычнасці» [32, с. 34]. Мы ж звяртаем увагу на тое, што пункцір з рытміка-метрычнага гледжання прайшоў шлях ад класічнага сілаба-танічнага верша да верлібра, а квантэма з’яўляецца мадыфікацыяй гэтай эксперыментальнай формы ў накірунку да фармальнай празаізацыі. Вершаказ жа адносіцца да ўзору версэйнай прозы, тады як версэт мае яскравыя рысы верлібра – свабоднага верша17.

Прапанаваная іерархічная мадэль мае характар грубага набліжэння з прычыны адсутнасці адзінства крытэраў вызначэння гэтай тэндэнцыі. Так, кожная з класіфікаваных формаў валодае рознымі ступенямі фармальна-жанравай статычнасці. Вершаказы пры найбольшай рытміка-метрычнай нязменнасці таксама маюць пэўныя эвалюцыйныя асаблівасці. Жанр версэта пры ўяўнай статычнасці развіваецца па парабале, прыходзячы да найбольшай празаізацыі ў творах кнігі «Рэчаіснасць» (што праяўляецца ўжо на графічным узроўні), і вяртаючыся да адносна разняволенай мадэлі ў найноўшых узорах. Да ўсяго, не зразумела, якое месца ў прапанаванай іерархіі займае паэма ў прозе, з’яўленне якой можа разглядацца як перадумова для версэтавай формы. Не ўключаючы паэму ў прозе у прадстаўленую класіфікацыю, мы ўмоўна адносім яе да той жа структурнай ячэйкі, што і версэт – г. зн. найбольш набліжанай да прозы з усіх паэтычных жанраў.

Такім чынам, кампазіцыя другога раздзела гэтай працы будуецца акурат на прапанаваным іерархічным прынцыпе. У межах жа кожнага з падраздзелаў захоўваецца храналагічны прынцып структурнага аналізу семантычных, семіятычных і эстэтычных фактараў той ці іншай эксперыментальна-аўтарскай паэтычнай формы.



2.1. Медытацыя як творчы метад: жанравыя асаблівасці і эвалюцыя квантэм і пункціраў.


У літаратуразнаўстве даўно і трывала замацаваўся тэрмін «медытацыйны (медытатыўны) верш» альбо проста «медытацыя» у адносінах амаль да кожнага паэтычнага твора філасофскага зместу. «Паэтычны слоўнік» В.П. Рагойшы прапануе наступную дэфініцыю, якая амаль не змянілася параўнальна з ранейшымі выданнямі: «Медытацыя (ад лац. meditatio – развага, роздум) – жанр філасофскай лірыкі, у якім перадаецца глыбокі роздум паэта аб некаторых важных праблемах (жыццё і смерць, дружба і каханне, чалавек і прырода і г. д.)» [91, с. 477]. Амаль даслоўна тут паўтараецца азначэнне, што пададзена ў «Паэтычным слоўніку» А. Квяткоўскага [55, с. 152], дзе апалагетамі гэтага жанру называюцца К. Бацюшкаў, Я. Баратынскі, А. Пушкін, М. Лермантаў, Ф. Цютчаў, А. Блок, А. Ахматава, М. Забалоцкі, Э. Межэлайціс і інш. Пачынальнікамі ж беларускай медытатыўнай лірыкі, паводле В.П. Рагойшы, з’яўляюцца М. Багдановіч і Я. Купала.

У фундаментальнай электроннай бібліятэцы «Руская літаратура і фальклор» паняцце медытатыўнай лірыкі вызначаецца праз размежаванне паняццяў роздум і развага: «У адрозненне ад лагічна выразнай развагі – характэрнай формы дыдактычнай лірыкі рацыяналістаў – роздум (медытацыя) імкнецца зафіксаваць непасрэдную плынь думак і эмоцый, што выклікаецца ў свядомасці паэта з’явай, якая яго ўразіла» [128].

Як бачым, сінанімічнымі жанраваму вызначэнню медытацыі ў літаратуразнаўчых даведніках выступаюць спалучэнні вершроздум ці верш-развага, што матывавана перакладам гэтага паняцця з лаціны (meditatio – развага, роздум). На нашую думку, такое разуменне медытатыўнасці ў паэзіі не ўлічвае ўсіх сэнсаў гэтай з’явы, якія можна раскрыць праз супастаўленне літаратуразнаўчай і агульнамоўнай дэфініцый паняцця. Такім чынам, агульнамоўная дэфініцыю выглядае наступным чынам: «Медытацыя – разумовае дзеянне, мэта якога – прывядзенне псіхікі чалавека да стану заглыбленасці і засяроджанасці; суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных праяў, адлучанасцю ад знешніх аб’ектаў» [83].

Усходнія духоўныя практыкі прапануюць розныя спосабы дасягнення азначанага стану псіхікі. Згодна з імі, медытацыі наогул не ўласціва развага, а яе вяршыняй ёсць звядзенне разумовага дзеяння да нуля. Медытацыя – гэта, па сутнасці, анты-роздум, імкненне спыніць ці суцішыць мысленчы працэс. Ключавым паняццем медытацыі ёсць «пусты розум» – г. зн. розум, пазбаўлены думак, які ўзнікае ў выніку замены «свядомага» розуму на «несвядомы» [44, с. 377 – 379].

Відавочна, што тэрмін «медытыўная лірыка», вытворны з лаціны, не ўлічвае іншых сэнсаў і значэнняў гэтага з’явішча. Так, на санскрыце «медытацыя» гучыць як дх’яна (dhyana) – «сузіранне, бачанне розумам, інтуітыўнае бачанне», указваючы на асаблівую засяроджанасць свядомасці на аб’екце сузірання (у Кітаі гэтае слова трансфармавалася ў «чэн», а ў Японіі – «дзэн») [83].

Прыгадаем, што сам А. Разанаў, шукаючы найменне для сваіх філасафем, якія пазней назавуцца зномамі, выкарыстоўваў слова медытацыя (1981 г., артыкул «Медытацыі наўзбоч «Шляху-360» [96]), маючы на ўвазе, верагодна, нязмушчанасць і імправізаванасць гэтага аўтарскага эсэістычнага жанру, што паўставаў таксама як у пэўным сэнсе процівага акадэмічнай паэталогіі. У адной са зномаў паэт наступным чынам выказаўся пра «не-разумнае» як увасабленне аднаго з мастацкіх прынцыпаў сваёй творчасці: «Думка абмяжоўвае. Наколькі адкрывае, настолькі абмяжоўвае. Чым больш адкрывае, тым больш абмяжоўвае. Разумнае абмежавана, адкрыццё не-разумнае» [102, c. 198].

Такім чынам, пры гаворцы пра вершы філасофскага зместу (напрыклад, у творчасці Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Танка, Я. Баратынскага, А. Пушкіна, А. Блока і інш.) матываваным падаецца выкарыстанне паняццяў верш-роздум ці верш-развага. Калі казаць пра сусветны паэтычны кантэкст, то прыкладам медытатыўнай лірыкі (хаця тут і няма наўпроставых паралеляў з творчасцю А. Разанава) можа быць творчасць амерыканскіх паэтаў-«бітнікаў» (Алена Гінзбурга, Джэка Керуака і інш. [гл.: 5]). Сярод беларускіх аўтараў у рэчышчы медытатыўнага верша найбольш прадуктыўна працуюць А. Разанаў, А. Мінкін, І. Бабкоў.

На матэрыяле творчасці А. Разанава прапануецца размежаванне паняццяў «медытатыўны верш» і «верш-развага (роздум)», што вынікае ад дыяметральнай адрознасці тэкстастваральных падыходаў – медытатыўнага (заснаванага на інтуітыўнасці і назіральнасці) і разумова-рацыяналістычнага (скіраванага да фармулявання і раскрыцця пэўных ідэй, канцэптаў, усталёўвання прычынна-выніковых сувязей паміж прадметамі і з’явамі рэчаіснасці і г.д.). Першы падыход выўляецца ў квантэмах і пункцірах, другі – у версэтах і вершаказах.

Пачнем з разгляду квантэм з прычыны меншай празаізаванасці гэтай формы адносна пункціраў у іх канчатковым выглядзе. Найбольш грунтоўна ў разанавазнаўстве гэтую паэтычную форму (у параўнаўча-тыпалагічным супастаўленні з вершаказамі) даследавала Г. Кісліцына ў раздзеле «Жанр і стыль у паэзіі Разанава» сваёй манаграфіі [56, с. 124 – 130]. Тут разглядаецца канцэптуальны, ідэйна-тэматычны бок твораў. Таму нас будзе цікавіць найперш семіятычны бок: спосабы арганізацыі тэксту, канкрэтныя стылёвыя прыёмы і канатацыі.

Першыя квантэмы А. Разанава змешчаны ў паэтычнай кнізе «Шлях-360» (1981). В. Вітка наступным чынам рэагуе на з’яўленне гэтай эксперыментальнай формы: «Пункціры», стаўшы «квантэмамі», страцілі не толькі выразнасць формы, а і звычайную яснасць думкі» і называе іх «радкамі рассыпанага друкарскага набору», а таксама – «рахітычнымі істотамі, вырашчанымі ў колбе» [33, с. 5]. Пры відавочнай жанравай ўзаемаперацякальнасці, даследчык, на нашую думку, памыляецца ў тым, што пункціры сталі квантэмамі, бо гэтыя дзве разанаўскія формы верша на той час існуюць паралельна і кожная з іх мае свае адметнасці.

Найперш, вонкава, квантэма адрозніваецца ад пункціра адсутнасцю знакаў прыпынку (рэдкі вынятак – шматкроп’і). Квантэма, як правіла, яшчэ карацейшая за пункцір (большасць мае памер у тры-чатыры радкі): «насенне самародзіць / помніць вырай / рай унутры» [95, с. 92].

Квантэма сапраўды выглядае куды больш абстрактнай, штучна «вырашчанай» у параўнанні з пункцірам. Пры яе стварэнні задзейнічаны найперш інтуітыўна-сугестыўны складнік. Квантэма, да ўсяго, і вельмі статычная, амаль не відазмяняльная форма. У нейкім сэнсе гэта забаўка, алітэрацыйная гульня (з паэтычнай энергіяй – квантам?), «чыстае» эксперыментатарства: «я адымаецца / шчыльнеюць рыштаванні / чысты час18» [95, с. 77].

Большасць квантэм заснавана на такіх прыёмах гукапісу, як алітэрацыя і асананс. Форма сапраўды тут у нейкім сэнсе абумоўлівае змест. Але, падаецца, тое, што «яснасць думкі страчана» не ёсць хібай: у сваёй эксперыментальнай лабараторыі паэт намагаецца праз сугуччы і супастаўленні-збліжэнні на першы погляд не супастаўляльных слоў адшукаць іх новыя семантычныя адценні: «іржавы жвір / што / ловяць / нараджэнні / умуравана вежа ў засцярогу» [95, с. 92]. Як бачна з працытаванага, элементамі тэкставай арганізацыі ў квантэмах выступаюць рытм і інтанацыя. Так, у прыведзенай квантэме словы «што», «ловяць» і «нараджэнні» хаця і ўтвараюць асобныя радкі, чытаюцца без цэзураў. Як правіла, у апошнім радку змяшчаецца свайго роду падсумаванне, што падмацоўваецца і інтанацыйна.

Руіны запарушваюцца / рунь / уваскрашае руны / неба блізка [95, с. 120]. Гэтая мініяцюра адкрывае квантэмную нізку зборніка «Вастрыё стралы» (1988). Як бачым, і тут прысутнічае гукапісальная дамінанта (абыгрываецца няпоўная аманімія словаў «руіны», «рунь» і руны»). Падобную рытміка-сінтаксічную інтанацыйную схему сустрэнем у шматлікіх іншых квантэмах. Так, апошні радок заўжды інтанацыйна вылучаны. Гэта надае квантэме завершанасць. Часцяком у гэтым радку-падсумаванні маецца назоўнік (аб’ект) у назоўным склоне з дапасаваным азначэннем альбо акалічнасцю месца ці часу: вернутая вера, леташнія гнёзды, частае аблічча, вострая самота, старое веча, серп на мяжы, упартая апора, шурпатая кара і інш.

Г. Кісліцына дае наступную дэфініцыю рытміка-інтанацыйнай будовы квантэмы: «Квантэма ўяўляе сабой монастрафічны верш, рытмічная арганізацыя якога будуецца на ўліку колькасці часу, неабходнага для сэнсаакцэнтаванага вымаўлення слова ці групы слоў, і з’яўляецца характэрнай для народнага, ці, інакш кажучы, квантытатыўнага, вершаскладання, якое ўжывалася[...] ў беларускім фальклоры» [56, с. 126]. Адзначаючы следам за Г. Кісліцынай лаканічнасць, вызваленасць ад кантэксту, змястоўную насычанасць, кандэнсацыю думкі і наўмысную адсутнасць метафараў, нельга ўсё ж пагадзіцца з тым, што А. Разанаў «пазбягае эпітэтаў» [56, с. 126]. Як падаецца, прыведзеныя вышэй мастацакія азначэнні можна разглядаць як кантэкстуальныя эпітэты, што абыгрываюць фанетычныя спалучэнні ключавых слоў (вернутая вера, частае аблічча, упартая апора).

Алітэрацыя і асананс у адной квантэме не абмяжоўваюцца аднатыпнымі сугуччамі, у выніку адбываецца пэўная дэканструкцыя семантыкі слоў. У наступнай квантэме алітэрацыя адбываецца адразу праз шыпячыя «ч» і «ж» і праз мяккі «к». Тут жа адзначым ўнутраны асананс на націскны «э»: «над межамі імжа / спажытак кажа / каменням мякка / манекен чужы» [95, с. 124].

Калі далей мы будзем казаць пра эвалюцыю пункціра ў межах жанру, то пра квантэму гэтак казаць не выпадае. Яна эвалюцыянуе ў форму з большай ступенню празаізацыі – вершаказ, дзе праз гукапіс і ўнутраную рыфмоўку будзе працягвацца пошук новай семантыкі. Пасля кнігі «Вастрыё стралы» квантэмы болей не будуць уваходзіць у паэтычныя зборнікі паэта. Свайго канчатковага выгляду гэтая эксперыментальная форма дасягне ў публікацыях канца 1980 – пач. 1990 гг., пакінуўшы па сабе шэраг паслядоўнікаў (А. Мінкін, В. Дранчук, Хв. Кашкурэвіч): «ікона пераконвае / дупло / захоўвае шкарлупіну / карпее / употай скон / шурпатая кара» [100, с. 125]; «ацэньваюцца рэчы / побач бог / упрочкі / скіроўваюцца крокі / на сцяне / чыесьці цені» [100, с. 126]. Як бачым, структура твора становіцца больш адкрытай, сінтаксічныя адносіны між словамі пашыраюцца. Пры гэтым, гульнёвы складнік і падтэкставасць застаюцца: творы нагадваюць асацыятыўныя шэрагі з усё тым жа інтанацыйным і сэнсавым вынікам-падсумаваннем, гэтым як бы заклікаючы чытача да сумоўя, самастойнага думання, уцягваючы яго ў працэс сутворчасці.

Такім чынам, квантэма ўяўляецца нам найбольш сугестыўнай, пазакантэкставай паэтычнай формай А. Разанава, дзе рацыянальнае саступае месца інтуітыўнаму, а аўтарскі «мэсыдж», схаванае паведамленне, часта затойваецца ў падтэксце. Медытатыўны пачатак стварэння тэксту (інтуітыўнае сузіранне), пра які казался на пачатку, тут выяўлены найбольш, хаця ў вялікай ступені прысутнічае і ў пункцірах.

Пункцір – першая і самая трывалая паэтычная эксперыментальная форма А. Разанава (датуюцца з 1966 г. і працягваюць стварацца да апошняга часу). Ніжэй мы ўмоўна вылучаем тры структурныя тыпы пункціраў: рыфмаваны, пераходны і канчатковы, што матывавана фармальнымі і зместавымі паказчыкамі, а таксама – храналогіяй іх узнікнення.

Упершыню ўзоры разанаўскіх пункціраў з’явіліся ў аднайменнай нізцы зборніка «Назаўжды» і ўяўлялі сабой паэтычныя мініяцюры ў чатыры – дзевяць радкоў, найчасцей маючы памерам чатырохстопны харэй. Праз гэта і частую незавершанасць думкі пункціры аднаго памеру разам могуць успрымацца як накіды да агульнага твора. Нярэдка яны завяршаюцца рытарычнымі запытамі: «Развей няведання туман / і адкажы нам, / непазбежнае, / ці гэта час належыць нам, / ці гэта мы яму належныя?» [93, с. 63], альбо лаканічнымі высновамі са спробай філасофскага абагульнення: «Блакіт нябёсаў, луг стракаты / больш не узрадуюць таго, / хто страціў сэнс. / Бо сэнсу страта – / то, пэўна, страта усяго» [93, c. 70]. В. Вітка, дарэчы, разглядаючы квантэмы А. Разанава ў артыкуле «Традыцыя, пошук, эксперымент», скарыстаў апошні пункцір у якасці ілюстрацыі тэзы пра адсутнасць «перспектыў для наватарства» у квантэмах, у якіх, на думку даследчыка, зместу «прынцыпова няма» [33, с. 5].

Акрамя рыфмаваных сілаба-танічных, маецца ў кнізе «Назаўжды» і некалькі верлібравых пункціраў, якія можна аднесці да пераходнага тыпу. Адзін з іх, які адкрывае нізку, праз вялікую ступень сэнсавай кандэнсаванасці, разглядаецца крытыкай як паваротны. Так, А. Кабаковіч, разважаючы пра перавагу выяўлення быційнага кантэксту чалавечага існавання над бытавым у творах А. Разанава, на прыкладзе гэтага пункціра адзначае выхад паэта «за межы плоскаснага жывапісання» і «новую змястоўнасць» [50, с. 171]: «Не вернецца воін, / вандроўнік не вернецца, / вернецца сейбіт…/ Заўсёды / вяртаецца сейбіт» [93, c. 61].

Гэтая паэтычная мініяцюра хаця і мае, у адрозненне ад пазнейшых пункціравых узораў, выразную метрычную дамінанту (амфібрахій), задае каардынаты для развіцця вобразнай сістэмы паэта, дзе няма вытлумачанасці, «лабавога» тлумачэння думкі і вобраза, але пакідаецца прастора для чытацкага роздуму. Вобразны ланцуг воін – вандроўнік – сейбіт у нейкім сэнсе адлюстроўвае шматпланавасць творчых іпастасяў самога паэта. Паэт-сейбіт кідае «зерні праўды» на ўзараную глебу паэзіі. Паэт-воін стварае «слоў і думак процібой» (гэтыя словы ўжывае Я. Гарадніцкі для характарыстыкі ранніх паэм Разанава). А паэт-вандроўнік? Ён назірае рэчаіснасць, не ўцягваючыся ў яе. І занатоўвае.

Калі лірычны герой пункціраў сталага Разанава вандроўнік, то ў пункцірах зборніка «Назаўжды», як ён сам сябе ідэнтыфікуе, – перакладнік. Уменне пачуць мову птушак, лесу, вады – ці не першасная задача паэта-барда-песняра з старажытных, яшчэ друідавых часоў? Аўтар пункціраў імкнецца тую мову пачуць і перакласцізанатаваць: «Перакладаю шэпт дажджу, / пагляд вачэй, / трымценне гаю…/ Кранаю, / слухаю, / гляджу, / я не пішу – перакладаю» [93, c. 68].

Канстатуючы змяненне эксперыментальных формаў А. Разанава разам з усёй паэтычнай сістэмай, У. Верына фіксуе такія адрозненні пункціраў зборніка «Назаўжды» ад пазнейшых: «болей развітыя, бо канцэнтруюцца не вакол метафары, а вакол тэмы; думка заўсёды раскрыта поўнасцю, няма «недагаворанасці» пазнейшых пункціраў. Паэт усё імкнецца ўвасобіць у словах, растлумачыць, таму пункціры гэтага зборніка нагадваюць маралі ад ненапісанай байкі» [32, с. 34].

Поруч з версэтамі і квантэмамі ў сваім зборніку «Вастрыё стралы», амаль праз пятнаццаць гадоў пасля першай, А. Разанаў змяшчае другую падборку пункціраў. У параўнанні з пункцірамі кнігі «Назаўжды» гэтыя творы маюць больш акрэсленую форму і пераважна не рыфмаваныя.

У. Калеснік у рэцэнзіі на зборнік піша: «У пункцірах падводзяцца вынікі ключавых матываў кнігі, часта выказаныя раней думкі тут набываюць большую афарыстычнасць гучання і мацней кладуцца на душу. Тут паднімаецца шлагбаум пазнавальнай недаступнасці з’явы, паэт дэманструе чытачу, што ён усё ж мастак, якому дадзена выказваць агульныя ідэі ў канкрэтных вобразах, адкрытых пачуццёваму ўспрыманню» [52, c. 31]. Г. Кісліцына мяркуе, што канкрэтныя вобразы, увасобленыя ў пункцірах, «не падагульняюць сказанае на папярэдніх старонках, а[...] з’яўляюцца тым паэтычным матэрыялам, які пазней будзе выкарыстаны ў версэтах і квантэмах». На нашую думку, пункцір варта разглядаць як цалкам самастойны жанр, які ствараецца паралельна з іншымі эксперыментальнымі формамі паэта, але не як датлумачванне ці падсумаванне якойсьці з іх. І гэты жанр не менш важны для паэта за астатнія, няхай і буйнейшыя памерамі (нагадаем, што на сёння пункцір – найбольш прадуктыўная форма творчасці А. Разанава). Сам паэт наступным чынам выкажацца пра герметызм і жанравую адметнасць мініяцюры: «У мікрасвеце мініяцюр не менш таямніц і магчымасцяў, чым у макрасвеце іншых жанраў. У мініяцюры пачынае «гучаць», істотнець не толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук – «электрон» верша. / Мініяцюра прадбачыць паэму: як зерне больш колас, чым сцябло, так і яна больш мікрапаэма, чым мікраверш».

Адзначаная У. Калеснікам ступень пачуццёвай адкрытасці ў пункціра сапраўды высокая, і гэта натуральна, калі ўлічыць, што многія пункціры напісаныя ад першай асобы альбо «завязаныя» на суб’ектыўным адчуванні рэчаіснасці лірычным героем: «Вяртаюся да ранейшых размоў, / да ранейшых сустрэч, / магчымасцей і абавязкаў – / каб узяць тое, чаго не ўзяў, / каб пакінуць тое, / чаго не пакінуў» [99, с. 141].

У пункцірах з «Вастрыя стралы» назіраецца як тэматычная шматпланавасць, так і разнастайнасць у саміх прыёмах стварэння тэксту, што, верагодна, абумоўлена тым вялікім прамежкам часу, за які яны ствараліся. Тут прысутнічаюць усе тры тыпы пункціраў. Рыфмаваныя пункціры стылёва і тэматычна набліжаюцца да пункціраў кнігі «Назаўжды» і напісаныя тым самым харэем: «Карэнне і лісцё. / Бальшак жыцця зямнога. / Цябе сустрэне Ўсё, / праводзіць Анічога» [99, с. 133]. Тэма шляху, дарогі, бальшака як вобразу вечнай праблемы чалавечага выбару, запачаткаваная яшчэ ў дэбютнай кнізе «Адраджэнне» (верш «Пошук»), мае тут ужо іншае раскрыццё: пры вялікай колькасці варыянтаў жыццёвых маршрутаў, іх канчатковы вынік ва ўсіх аднолькавы. Як бачна з працытаванага, рыфмаваная паэтычная мініяцюра займела большую лаканічнасць. Рыфмаваныя пункціры часта выяўляюць традыцыйныя вобразнасць і метафорыку. Пры гэтым, часам у іх сустракаюцца аказіяналізмы («міжчассе», «прадчассе», «утульвацца ў бяспеку» – «адтульвацца для свабоды», «белаплынныя» аблокі), што зрэдку сустракаюцца і ў пазнейшых пункцірах.

Пункціры пераходнага тыпу з кнігі «Вастрыё стралы» праз шырэйшы тэматычны ахоп набліжаюцца да версэтаў і зномаў. Яны характарызуюцца цягай аўтара да рэфлексіяў, парадоксаў, нечаканых філасофскіх высноў. Нярэдка ў іх ілюструецца нязладжанасць, шматслойнасць рэчаіснасці, альбо, як у наступным прыкладзе, унутраная «падвоенасць» лірычнага героя: «Наведваюся ў мясціны, / дзе ўжо некалі быў, / і не ведаю, як растлумачыць / дрэвам, людзям, сабе самому, / што ўжо мяне двое, / і не ведаю, чым запоўніць / прагал паміж мною гэтым і тым» [99, с. 129]. Можа падацца, што ў гэтых развагах Разанава праяўляецца пэўная інфантыльнасць, але, як ужо адзначалася пры гаворцы пра «Паэму рыбіны», здольнасць глядзець дзіцячымі вачыма – адзнака сапраўднага паэта. Акрамя таго, вербальная эканомія, адыход ад складаных метафізічных фармулёвак, выяўленне быційнай праблематыкі праз «простыя» словы, карыстаючыся тэрміналогіяй Ю. Лотмана [гл.: 67], можна разглядаць як «мінус-прыёмы» на фоне ранейшай структуры тэксту А. Разанава, нярэдка перагрувашчанай шматслоўнасцю.

Узоры трэцяга структурнага тыпу пункціра, які мы абазначылі як канчатковы, таксама прысутнічаюць у «Вастрыі стралы». Нарацыя тут таксама вядзецца пераважна ад першай асобы. Пры гэтым, лірычны герой набывае вобраз назіральніка за рэчаіснасцю. Ён не ўцягваецца ў яе і не змяняе, а прымае як дадзенасць, творча даследуючы. Пры гэтым, ён – актыўны ўдзельнік, а часам і цэнтральная фігура ствараемай сітуацыі: «Азірнуўся / – нехта бяжыць па маіх слядах: / сухое лісце» [99, с. 142].

Паводле А. Разанава, «пункціры – гэта назіранне, думка, вобраз – тое, што заўважылася вакол сябе ў рэчаіснасці. Што пастукалася ў тваю душу, у свядомасць, што блізка падступілася. І трэба, каб зрок убачыў, а слых пачуў нешта істотнае, каб быў гатовы гэта ўспрыняць. Калі прыйдзе такое назіранне – тады яно можа стаць пункцірам» [103, с. 7]. Відавочна, што паэт валодае такім зрокам, можа ўгледзець нечаканае і паэтычнае ў будзённым.

Непазбежныя паралелі разанаўскіх пункціраў з класічнымі формамі японскай паэзіі – «кароткай песняй» танка і вытворнай ад яе хайку, у якіх В. Рагойша азначае «ёмістасць зместу, вобразную лаканічнасць і дакладнасць паэтычнага выказвання», што прадвызначана надзвычайнай сцісласцю [91, с. 300]. Спасылаючыся на гэтае азначэнне, Е. Лявонава спрабуе супаставіць пункціры з памянёнымі формамі [72, с. 6].

Нагадаем, што танка ўяўляе сабой 31-складовую пяцірадковую монастрафу з чаргаваннем пяціі сяміскладовых вершарадоў, а хайку – 17-складовую трохрадковую монастрафу з тым самым чаргаваннем. Як бачым, гэтыя паэтычныя формы па структуры ўяўляюць даволі жорсткую сістэму, адкуль палягае асноўнае іх разыходжанне з адносна свабоднымі, разняволенымі ў страфічных межах пункцірамі. Паказальна, што з творамі самага славутага аўтара хайку, «Старога з бананавай хаткі» Мацуа Басё, беларускі чытач пазнаёміўся менавіта праз пераклады А. Разанава: «Лётае матылёк / трапятліва ў полі – / вось і ўвесь цень» [75]. Звышмэта аўтара хайку – выяўленне саторы (літаральна – «прасвятлення»), дасягненне медытатыўнага «стану адной думкі». На нашу думку, пункціры А. Разанава маюць аналагічную мэту.

Для групы пункціраў, што разглядаем, як і для хоку і танка, характэрная паўтаральнасць адмысловага набору лексікі. Так, прыкладам, для лірыкі прыроды ў класічнай японскай паэзіі абавязковая наяўнасць гэтак званых «сезонных слоў» [гл.: 25, с. 31 – 32]. Тое ж назіраецца і ў пункцірах, якія складаюць тэматычныя блокі і размяшчаюцца ў нізках паводле сезоннага прынцыпу. Асабліва наглядна гэта будзе прадэманстравана на прыкладзе твораў з далейшых кніг паэта. Пакуль жа заўважым, што менавіта апісанне станаў прыроды станецца ключавым для большасці пункціраў. У наступным прыкладзе адразу тры словы-сімвалы: дом, сад, дрэвы: «Дом знеслі. / Застаўся сад. / Як пастарэлі адразу дрэвы!» [99, с. 144].

Да гэтых твораў не зусім стасуецца адзначаная У. Калеснікам «афарыстычнасць гучання». Хутчэй тут мае месца нечаканы падгляд, азарэнне, жаданне перадаць імгненнае пачуццё, спроба метафізічнага асэнсавання пэўнай з’явы. Г. Кісліцына называе пункціры зборніка «загатоўкамі, паўфабрыкатамі» [56, с. 130] для іншых, больш «сур’ёзных» формаў. Сведчанні Г. Кісліцынай і У. Калесніка датычаць ранніх пункціраў, рыфмаваных мініяцюр, у якіх сапраўды пункцірна толькі намацваецца-вызначаецца пэўнае кола праблематыкі. Пункціры ж канчатковага тыпу ўяўляюцца цалкам завершанымі і жанрава самастойнымі. Да іх нічога немагчыма дадаць, як і выкінуць з іх хоць якое слова: «Раніца. / Дворнік мяце тратуар – / ніяк не патрапіць / змесці свой цень» [99, с. 153].

А вось, як сам паэт у адным інтэрв’ю вызначыў індывідуальнасць і самадастатковасць пункціраў: «Пункціры ўзнікалі не ад знаёмства з японскімі хоку, з персідскімі бейтамі ці з індыйскімі гатхамі. Так, я быў знаёмы з гэтымі формамі ўсходняй паэзіі. Але пункціры з імі не супадалі, яны ўваходзілі з імі ў дыялог, прасілі, каб я дапамог ім знайсці іхняе непаўторнае месца. Можна, вядома, знаходзіць нейкія перагукі пункціраў са згаданымі ўсходнімі формамі, але гэта перагукі. Пункціры ўсё ж асобная і адметная з’ява як у маёй творчасці, гэтак, магчыма, і трошкі шырэй» [111].

Выбудоўваючы форму пункціра, шукаючы спосабы і прыёмы для яе стварэння, паэту даводзіцца тлумачыць (найперш самому сабе) сваю ролю ў іх. Стан сузірання, які можна суаднесці з усходнім прынцыпам У-Вэй, ня-дзеяння (падобны матыў мы адзначалі ўжо пры разглядзе вершаў першага зборніка Разанава) яскрава выявіўся ў пункцірах «пераходнага» тыпу: Сяджу дома – / не падарожнічаю, не вандрую. / Падарожнікі апавядаюць / пра свае ўражанні і назіранні – / назіраю адно за імі [99, с. 138].

Такім чынам, нават у нібыта сядзенні лірычнага героя на месцы няма бяздзеяння: ён назірае – дзейсніць медытацыю. Але ў тым, што аўтар прамаўляе пра сваё назіранне, уласна назірання яшчэ няма. Назіранне з’яўляецца тады, калі ён становіцца вандроўнікам. «...пункціры і заўважаюцца на дарозе, – кажа паэт. – Седзячы дома, іх не напішаш. Трэба быць у дарозе, каб заўважыць тое, што адбываецца на дарозе» [134, с. 7]. І ў тым, што лірычны герой медытуе вандруючы, няма парадоксу: увесь сусвет знаходзіцца ў перманентным руху, і ўсе мы, прыгадваючы энергетычныя радкі з верша М. Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» (дарэчы, адзін з першых беларускіх верлібравых тэкстаў), – «Толькі падарожныя, / – папутнікі сярод нябёс. / Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч, / Калі ўсе мы разам ляцім / Да зор?» [15, с. 212].

Пункціры далейшых зборнікаў – «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай даліне» (1995) і «Рэчаіснасць» (кніга датуецца 1998 г., але нізка пункціраў – 1995 – 1997 гг.) вызначаюцца большай устойлівасцю жанравых межаў. Адзначыўшы тэндэнцыю да змяншэння страфы і лаканічнасці думкі і вобраза з кожнай наступнай кнігай, будзем разглядаць іх асаблівасці і характэрныя паэтычныя прыёмы ў агульным блоку, без спецыяльнага агаворвання крыніцы цытавання.

Для пункціраў сярэдзіны 1990-х характэрны такі троп, як адухаўленне. Часам яно адбываецца проста праз зварот да пэўнага прыроднага аб’екта, рыхтык да жывой істоты, як у наступным прыкладзе. Такі прыём адсылае да фальклорнай традыцыі. Акрамя ручая тут адухаўляецца (надзяляецца здольнасцямі памяці) і рака: «Не бойся цячы, ручай, / у яры і ў яму: / рака / цябе не забудзе» [102, с. 62].

Нярэдка пункцір заканчваецца рытарычным запытам з адценнем незавершанасці, што графічна абазначана спалучэннем пытальніка, клічніка і кропкі (?!.). У наступным творы прысутнічаюць адухоўлены аб’ет (мост), ад імя якога гэты рытарычны запыт і дзейсніцца: «Рэчка замерзла. / Мост / здзіўляецца лёду: / адкуль ты ўзяўся?!.» [102, с. 58]. Іншы прыклад нечаканага і трапнага адухаўлення маем у творы, дзе гліне, архетыповаму слову-сімвалу, надаецца такая чалавечая якасць, як скрайняя прагнасць: «Якая прагная гліна!.. / І з жабрака / сцягвае боты» [102, с. 77].

Нярэдка паэт скарыстоўвае прыём проціпастаўлення (у наступным пункціры ў гэтых адносінах знаходзяцца прыметнікі «лёгкі» – «цяжкі»): «На першым снезе / лёгкі заечы след / і чалавечы – цяжкі» [102, с. 58]. Вось прыклад проціпастаўлення пераносных значэнняў дзеясловаў («снег настае» – «наваколле растае»). Варта дадаць, што гэтыя значэнні не толькі пераносныя, але і кантэкстава не ўжывальныя і ствараюць новы, аказіянальны, сэнс: «Зімовыя прыцемкі: / снег настае, / растае наваколле» [102, с. 60].

Даволі рэгулярна ў пункцірах скарыстоўваецца сінтаксічны паралелізм: «Ветраны ранак. / З дрэў / цярушыцца лісце, / з вачэй / точацца слёзы» [104, с. 189]. Надзвычай метафарычны сінтаксічны паралелізм прадстаўлены ў наступным пункціры, дзе другі перыяд паэтычнага маўлення – адасоблены ад другога працяжнікам – вынікае з першага: «Вяду вясноваю вуліцаю / з бальніцы / маці сваю старую – / вяду / сваю старасць» [102, с. 65].

Вобраз бальніцы досыць ужывальны ў мініяцюрах зборніка «Паляванне ў райскай даліне». Тут жа заўважаем рэгулярную паўтаральнасць памянёных «сезонных» слоў, што часта ўзыходзяць да сімвалаў: снег (у самых разнастайных вобразных варыянтах), дождж («першыя кроплі дажджу, кроплі дажджу пастукаліся ў акно, злоўлены язь ловіць ротам дажджынкі»); куст бэзу («бэзавы куст заквітнеў»), матылёк («Сеў матылёк на куст/ квяцістага бэзу – і ўбачылі ўсе адразу,/ які фіялетавы бэз,/ а матылёк – бялюткі!»); іншыя раслінавыя вобразы («Бульба цвіце./ У рамонкаў/ круглыя вочы»; «шчаслівіцывербы», «бяроза каля царквы», «бярэзіна ўсохла», «вішня наўскрай дарог», «вішні цвітуць») і інш.

Калі для аўтараў класічнай японскай паэзіі ўвядзенне, да прыкладу, вобразу сакуры было традыцыйна-непазбежным, як і выкананне прынцыпаў чаргавання пяціі сяміскладовых радкоў у хоку ці танка, то Разанаў у пэўным сэнсе з'яўляецца разбуральнікам традыцыі і пры гэтым пачуваецца разняволеным у межах сваёй паэтыкі. Прынамсі, яго зварот да архетыповых, адпачаткавых матываў і вобразаў, ёсць «мінус-прыёмам» на тле перагрувашчанай вобразнасцю паэзіі пачатку 1990-х (разам з яго ўласнымі паэтычнымі формамі, такімі, як паэма ці версэт).

Апроч прыроднай (уключна з вясковай) прасторавай аднесенасці, яскрава выяўлена ў пункцірах і урбаністычная. Аб’ектам апісання, творчага асэнсавання для паэта-вандроўніка можа стацца любы прадмет, з’ява, убачаная ці падгледжаная і па-мастацку ўвасобленая: ад аб’яваў на слупе ці падпітага вяскоўца – да гарадской залевы ці «касцёлу ў леташніх рыштаваннях». У многіх з тых твораў выявіліся пэўныя гістарычныя рэаліі, як чэргі пачатку 1990-х у наступным, гэтым разам сапраўды афарыстычным пункціры. Акрамя таго, тут адбываецца перыфраз вядомага біблейскага афарызму («І апошнія стануць першымі»): «Стаю ў вялізнай чарзе. / Перш, чым з апошняга / стану першым, / пабуду ўсёй чаргой» 101, c. 26]. Апісаны стан не падпарадкоўваецца законам логікі, не раскладаецца ў плоскасцях «здаровага сэнсу»: як гэта – «пабыць усёй чаргой»? Гэткая метафізічнасць успрымання-апісання рэчаіснасці ці, інакш, не-разумовасць і ёсць адной з праяваў медытатыўнасці, пра якую вядзецца гаворка.

У іншым, таксама «летапісальным» пункціры, адбываецца гульня з семантычнымі адценнямі слоў. Слова «зайцы», ужытае ў пераносным значэнні, па асацыятыўным прынцыпе стасуецца з словазлучэннем «капусная галава». Адбываецца іранічнае адухаўленне гэтых лексем. Вынікам твора ізноў-такі ёсць рытарычны запыт: «З рынку нясу на руцэ / капусную галаву. / Ці ведаеш ты, / капусная галава, / колькі «зайцоў» каштуеш?» 104, с. 198].

Шматпланава прадстаўлены вобраз дому. Дом – гэта і метафара матылька, што разгарнуў крылцы, і нейкія старыя дамы, у кожным з якіх лірычны герой хацеў бы «пажыць хвіліну». Гэтае слова набывае адзнакі архетыповасці, калі параўноўваецца з яшчэ адным рэгулярным вобразам разанаўскіх пункціраў – дрэвам: «Паўзлазілі дзеці на дрэва: / дом, / што дарослымі не заняты» [102, с. 68].

Сустракаюцца ў пункцірах і збітыя тэмы і вобразы, пазбаўленыя нечаканага падгляду і арыгінальнага бачання. У гэтым разе іх увасабленне, як кажуць, пакідае жадаць лепшага і зводзіцца да банальнай апісальнасці: «Снег усцілае зямлю, / на снег / сцелецца жоўта-барвовае лісце: / мастачка-восень» [102, с. 79].

Усе пункціры сярэдзіны 1990-х нерыфмаваныя. Зрэдзьчасу сустракаюцца ў іх прыёмы паэтычнага гукапісу: «Такі прыгажун, / а зажураны: / неба не хоча / ужо ўсміхацца табе, / сланечнік?!.» [104, с. 189]. «Гронкі рабіны / зачырванелі: / ўгару / горнецца позірк» [104, с. 198].

Як бачым, пры тэндэнцыі да вербальнай мінімалізацыі і пэўным тэматычным аскетызме, пункціры з трох разгледжаных кніг характарызуюцца багаццем прыёмаў і сродкаў вобразнасці. Пры гэтым, няма адчування перанасычанасці тропамі, якое б разбурала медытатыўнасць і гармонію твораў. Складаецца ўражанне, што паэт не выдумляе сюжэты сваіх твораў, а бярэ іх з жыцця. Пункціры Разанава, як слушна заўважае Г. Кісліцына, «не прэтэндуюць на паўнату, цэласнасць погляду на свет – у аснову іх кладзецца звычайна толькі адна думка, перажыванне, вобраз. Таму яны і атрымалі такую назву, што перадаюць жыццё не шырокім мазком жывапісца, а перарывістай лініяй графіка» [56, с. 131].

Месца дзеяння ў пункцірах, што разглядаліся вышэй, звычайна адцягненае-абстрактнае. Яно не мае прасторавых межаў, хаця чытач без цяжкасці здагадваецца, што гаворка пра беларускую рэчаіснасць. Зрэдзьчасу месца дзеяння непасрэдна абгаворваецца: абагулена («У вёсцы») ці канкрэтна («у Менску» – гэта ці не адзінкавы выпадак увядзення тапоніму). А вось у наступнай кнізе, якую цалкам займае форма пункціру, тапонім вынесены ў назву: «Гановерскія пункціры».

У 2002 годзе ў Германіі выйшлі адразу дзве паэтычныя кнігі А. Разанава. Абедзве – білінгвы, г. зн. паралельна змяшчаюць тэкст арыгіналу і яго пераклад на нямецкую мову. «Гановерскія пункціры» цалкам створаны на «нямецкім матэрыяле»: са студзеня 2000 г. па снежань 2002 г. А. Разанаў праз стыпендыю імя нямецкага філосафа і публіцыста Ганны Арэндт атрымаў магчымасць працаваць у Гановеры. Знаёмства беларускага паэта з горадам, яго атмасферай і культурным ландшафтам, звычаямі і побытам яго насельнікаў знайшлі свой мастацкі адбітак у пункцірах зборніка.

У рэцэнзіі пад назвай «Крок за крокам тут збліжаюцца мовы» Е. Лявонава падае наступную дэфініцыю гэтай, у чарговы раз эвалюцыянаванай, паэтычнай формы: «Гранічна сціслыя, адзначаныя стылёвым аскетызмам, пазбаўленыя знешніх эфектаў, яны пакідаюць уражанне яснасці адбітых у іх думак і натуральнасці ўчынкаў, спантаннасці ўзнікнення, пластычнасці ўвасобленых прадметаў і з’яў» [72, c. 6].

«Гановерскі» цыкл А. Разанава, як і ранейшыя, беларускія, падборкі, мае «сезонную» архітэктоніку. Па прынцыпу, які, як вядома, традыцыйны і для зборнікаў танка, яны маюць падзел на часткі ў адпаведнасці з порамі года: ад зімы да восені. «Па геаметрыі дахаў / коціцца яркі шар: / зімовае сонца» [141, c. 10].

Тэма блукання, вандравання задаецца ў кнізе з першага ж пункціра кнігі: «Блукаю па вуліцах – / незнаёмец: / сонца то з левай рукі, / то з правай» [141, с. 6]. Тут жа ўводзіцца яшчэ адзін важны матыў. Ключавое слова «незнаёмец». З ранейшай прасторай лірычны герой меў узаемапранікальныя адносіны. Ён знаходзіўся ўнутры гэтай прасторы, і, адначасна, яна ўнутры яго. Тут жа – прастора незнаёмая. І яе асцярожна, без умяшання, нібыта трапіўшы на іншую планету, паэт спрабуе асвойваць-вывучаць: «Чайкі крычаць. / Падамся / на голас – магчыма, / дайду да мора, / магчыма, да акіяна» [141, с. 8].

У «нататцы» да зборніка свае ўражанні ад твораў вобразна апісвае іхперакладчык Оскар Анзуль: «Лёгкімі, часта толькі накідамі-радкамі набліжаецца ён да свайго горада-прытулку, нібыта дух, які ідзе праз урбаністычныя мясціны ці кружыць на ровары вакол горада. Гэтак жа асцярожна, як ён сустракаецца з чужою яму мовай, пазірае ён на Гановер; затрымліваючы дыханне, услухоўваецца ягонае вуха і цнатліва смакуе язык – свае назіранні ён наносіць алоўкам на вузкія палоскі паперы, пераводзіць іх у беларуска-кірыліцкія цесна пакладзеныя радкі» [141, c. 91]. Сапраўды, большасць гановерскіх пункціраў прасякнутая ідэяй блукання. У адрозненне ад беларускіх, дзе прасторава-часавыя межы досыць размытыя, блуканне гэтае адбываецца ў больш замкнёнай прасторы. Як самі творы тэматычна робяць гадавое кола, гэтак жа колавым уяўляецца і блуканне – шлях па нязведаным: «Еду на ровары – / у невядомасць: / абапал / мінае квітнеючы рай» [141, c. 39].

У гановерскіх пункцірах эгацэнтрычны пачатак больш выяўлены, чым у беларускіх. Сведчаннем гэтага – асабовыя дзеясловы (спыніўся, дайшоў, еду), без якіх па-першае немагчымым было б апісанне працэсуальнасці блукання, а па-другое, скіроўваючы ўвагу на сваю персону, аўтар свядома ўваходзіць з наваколлем у пэўны від суб’ектна-аб’ектавых стасункаў (дзе суб’ект – вандроўнік і аб’ект – тая рэчаіснасць, што выяўляецца праз тэкст). Пры гэтым, О. Анзуль гаворыць, што Разанаў «надзіва мала піша пра сябе, ягоныя пачуцці хаваюцца і любяць знаходзіцца ў ніжніх пластах пункціраў» [141, c. 91]. Гэтае сцверджанне не ўваходзіць у супярэчнасць з нашым і, трэба разумець, мае на ўвазе, што для паэта-даследніка карыснейшае адлюстраванне навакольнай рэчаіснасці, чым апісанне ўнутраных станаў лірычнага героя.

Мы ўжо звярталі ўвагу на нехарактэрнасць тапонімаў для ранейшых пункціраў. У гановерскіх пункцірах тапанімічныя назвы служаць для ўсё таго ж акрэслівання прасторы, так бы мовіць нагадваюць пра яе адмысловасць. Як сезонныя словы ўводзяць атмасферу пэўнай пары году, гэтак тапонімы з’яўляюцца звязуючым звяном для твораў дадзенай нізкі, злучаючы іх у цэльны тэкст: «Ля кірхі святога Міколы / спыніўся на момант / між голым дрэвам / і надмагіллем / з гатычнымі літарамі. / Адвячорак» [141, с. 14].

Варта дадаць, што аўтар не злоўжывае тапонімамі, перагрувашчанасці імі няма. Увядзенне ў іншую атмасферу дасягаецца ўжо праз білінгвізм кнігі (беларускія пункціры «глядзяцца ў люстэрка» паралельных нямецкіх перакладаў на суседняй старонцы). Зразумела, без кантэксту многія мініяцюры не ідэнтыфікуюцца як створаныя ў іншай культурна-прасторавай сітуацыі: «Нат белая аблачынка / і тая / спынілася над табою, / кветная вішня» [141, c. 60].

У «Гановерскіх пункцірах» А. Разанаў здолеў якасна трансфармаваць выяўленчы бок жанру, што разглядаем, прыўнесці ў яго зусім новыя, свежыя рысы. Магчыма, гэтаму паспрыяла змена кантэксту. Паэт не стамляецца вынаходзіць новыя сродкі вобразнасці альбо, праўдзівей, – нечаканыя варыяцыі старых у межах формы: «Слізка. / Хапаюся за / паветра!..» [141, с. 6] – вось і ўвесь твор: проста, падкрэслена не прэтэнцыёзна, але ж наколькі крэатыўна! У сувязі з гэтым хочацца прыгадаць афарызм Ключэўскага, які казаў, што «імкненне да прастаты заўсёды выяўляецца ў складаных душах, усё ж простае гарнецца да складанага».

Нягледзячы на наяўнасць прыёмаў метафарызацыі, у пункцірах Разанаў унікае метафарычнасці. Пункцір не метафарычны, бо не прадуманы. Ён – імгненны водгук на з’яву ці стан, як замалёўка «з натуры». У адной са зномаў паэт сам кажа пра тое: «Метафарычны верш ілюзорны, праз яго нічога не відаць, відзён толькі ён сам, ён не адкрывае, а засланяе – як шыбіна, на якой мароз намаляваў свае ўзоры» [102, 224].

Як скульптар, што толькі адсякае ад каменнае глыбы лішняе, каб надаць ёй адпаведную форму, гэтак і паэт намагаецца дайсці да сутва праз мінімізацыю, пэўны лексічны аскетызм, памянёны ўжо лотманаўскі мінус-прыём. Пры гэтым, не будзем забывацца, што на працягу сваёй творчасці А. Разанаў дэманструе майстэрскае валоданне самымі разнастайнымі кампазіцыйна-стылістычнымі фігурамі, ствараючы паэтычныя формы, часам перагрувашчаныя мастацкімі прыёмамі, тэксты з складанымі ўнутранымі семіятычнымі сувязямі і адносінамі паміж элементамі. Даходзячы да пэўных межаў – жанравых ці тэматычных – паэт здольны імгненна перабудоўвацца, знаходзіць новыя нечаканыя шляхі і рашэнні. Ілюстрацыяй гэтаму – яшчэ адна мініяцюра з кнігі «Гановерскія пункціры»: «Сцяжынай дайшоў да ракі: / ні моста, ні кладкі. / Далей магчыма / ісці адно толькі / вадою ці – па вадзе» [141, с. 14].

Мяркуючы па ўсім, А. Разанаў не збіраецца ў сваёй творчасці адыходзіць ад стварэння пункціраў. Прыкладам таму – немалая падборка ў часопісе «Дзеяслоў» (№ 6 (19), 2005 г.). Пункціры, што ўвайшлі ў гэтую публікацыю, у сваіх асноўных рысах не адрозніваюцца ад «гановерскіх», а некаторыя, магчыма, створаны на тым жа тэматычным матэр’яле: «І першы промень табе, / і апошні: / мясцовая кірха» [10–А, с. 186]. Акрамя названых вышэй, варта адзначыць яшчэ адну дзвюхмоўную (беларуска-нямецкую) кнігу пункціраў, што выйшла ў Германіі ў 2007 г. – Das dritte Auge. Punktierungen [143]. Выглядае, што пункціры на сёння – самая запатрабаваная разанаўская форма для еўрапейскіх выдавецтваў.

Завяршаючы структурны аналіз мастацкіх асаблівасцей паэтыкі пункціраў у іх эвалюцыі, яшчэ раз звернемся да пытання творчага метаду гэтых твораў, на пачатку абазначанага як медытацыя. Паколькі відавочнае проціпастаўленне пункціраў версэтам, вершаказам і зномам – з п. гледжання найперш вербальнай эканоміі і ступені празаізацыі – гэткім жа чынам патрэбным бачыцца і адпаведнае размежаванне тэкстастваральных падыходаў паэта. Калі медытатыўны падыход характарызуецца засяроджанасцю і сканцэнтраванасцю на аб’екце апісання, сугестыўнасцю (падтэкставасцю) думкі і вобраза поруч з інтуітыўным пачаткам, то другі падыход, хаця і палягае ў рэчышчы таго ж самага анталагічнага (быційнага) кантэксту, валодае зусім іншымі семантычнымі і семіятычнымі адзнакамі. Пра іх – гаворка ў наступным падраздзеле.


2.2. «Паэзія думкі». Сінкрэтызм і статычнасць версэта


Перш як перайсці да разгляду чарговай эксперыментальнай формы верша А. Разанава – версэта, неабходна акрэсліць некаторыя тэрміналагічныя пытанні, што тычацца яе жанравай спецыфікі.

Адзін з самых уплывовых даследчыкаў у галіне тэорыі верша Ю. Лотман, які займаўся распрацоўкай прынцыпаў структурнасеміятычнага аналізу паэтычнага тэксту, спрабуючы вызначыць сутнасць адносінаў паміж паэзіяй і прозай, прыйшоў да высновы, што «мастацкая проза ўзнікла на фоне пэўнай паэтычнай сістэмы як яе адмаўленне» [66, с. 43]. Сыходзячы з гэтага сцверджання, а таксама даследуючы эстэтычную прыроду «памежных» форм кшталту верлібру, Лотман заўважае наступны парадокс: «Погляд на паэзію і прозу як на пэўныя самастойныя канструкцыі, якія могуць быць апісаныя без узаемнай суаднесенасці («паэзія – рытмічна арганізаванае маўленне, проза – звычайнае маўленне») нечакана прыводзіць да немагчымасці размежаваць гэтыя з’явы. Сутыкаючыся з багаццем прамежкавых форм, даследчык вымушаны зрабіць выснову, што пэўнай мяжы паміж вершамі і прозай правесці, наагул, немагчыма» [66, с. 43].

Гэтая выснова важная для нас з таго гледжання, што дазваляе абыйсціся без разгляду схем перахода ад прозы да паэзіі, якія прапаноўвае тэорыя літаратуры, і вызначэння месца на гэтай тыпалагічнай лесвіцы жанру, што даследуецца. Пры гэтым, мы паспрабуем выбудаваць адпаведную тыпалагічную іерархію ўнутры жанравай сістэмы А. Разанава. Трымаючыся пастулата даследчыка семантыкі мастацкага тэксту М. Палякова пра тое, што кожны літаратурны твор з’яўляецца «замкнёнай мастацкай сістэмай» [87, с. 13], мы кажам аб замкнёнасці разглядаемай сістэмы і на вышэйшым яе ўзроўні – жанравым, а значыць – аб магчымасці разглядаць гэтую сістэму аўтаномна, разам з структурай усіх яе ўзроўняў («стратаў»).

Структурны падыход да літаратурнага твора не абмяжоўваецца адно прынцыпамі апісальнай паэтыкі, якая ўяўляе мастацкую пабудову як механічную суму шэрагу «прыёмаў», што існуюць асобна адзін ад аднаго. «Любое пералічэнне прыёмаў нічога нам не дасць (роўна як і разгляд «прыёмаў» наагул, па-за тэкстам як арганічным адзінствам), – зазначае Ю. Лотман, – паколькі, уваходзячы ў розныя структуры цэлага, адзін і той жа матэрыяльны элемент тэксту непазбежна набывае розны, часам супрацьлеглы, сэнс» [67, с. 101]. Таму, акрамя аналізу фармальнага семіятычнага плану версэтаў нас будзе цікавіць і ідэйна-тэматычны (семантычны) план, а таксама іншыя эстэтычныя пазатэкставыя фактары, а менавіта – творчая канцэпцыя як адбітак свядомаснага стану творцы. Гэтае пытанне цесна звязана з вызначэннем творчага метаду, якое закраналася ў папярэднім падраздзеле.

Ведучы гаворку пра пункціры і квантэмы, мы прапанавалі размежаванне падыходаў да эксперыментальных формаў А. Разанава, як «верш-медытацыя» і «верш-развага». Я. Гарадніцкі ў кнізе «Думка і вобраз: Праблема інтэлектуалізму ў сучаснай беларускай лірыцы» канстатуе ўзніклыя цяжкасці пры вызначэнні жанравых межаў сучаснай філасофскай лірыкі, што ўзнікаюць у выніку пашырэння жанравай дыфузіі. «Часам пад сумненне бярэцца правамернасць ужывання самога паняцця «філасофская лірыка», – адзначае даследчык [99, с. 10]. Замест гэтага паняцця прапаноўваюцца іншыя тэрміны, у прыватнасці – «паэзія думкі» В. Бялінскага. Гэтае жанравае вызначэнне падаецца прыдатным і да пэўнага пласта творчасці А. Разанава, што ахоплівае найперш версэты і вершаказы.

Цяпер звернемся непасрэдна да аналізу жанравых асаблівасцей разанаўскага версэта. У згадваным артыкуле «Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А. Разанава» У. Верына вылучае тры асноўныя этапы, праз якія прайшла паэтычная сістэма А. Разанава: традыцыя (зборнікі «Адраджэнне» (1970) і «Назаўжды» (1974)) – пераходны этап («Каардынаты быцця» (1974) і «Шлях-360» (1981)) – «чысты эксперымент». Трэці, уласна эксперыментатарскі этап, пачынаецца, на думку даследчыцы, са зборніка «Вастрыё стралы» (1988) і працягваецца да цяпершаняга часу. Далей У. Верына зазначае: «Усе творы гэтага перыяду складаюць верлібры і версэты. Выключэннем з’яўляюцца паэмы са зборніка «Паляванне» – рыфмаваныя сілаба-танічныя» [32, c. 32].

З працытаванага вынікае, што з усіх эксперыментальных формаў – пункціры, квантэмы, вершаказы, зномы – толькі форма версэтаў вылучаецца як самастойная, а ўсё пералічанае абазначаецца адным жанравым паняццем – верлібр. Можа падацца, што пад версэтам даследчыца разумее не жанр, а толькі спосаб версіфікацыі, атаясамліваючы разанаўскі версэт і версэ, але, як пабачым, У. Верына размяжоўвае гэтыя тэрміны.

Г. Кісліцына пры разглядзе паэм і версэтаў Разанава скарыстоўвае паняцце верлібру, удакладняючы, што мае на ўвазе менавіта спосаб версіфікацыі (дэфініцыю версэта Г. Кісліцынай прывядзем ніжэй, паколькі яна тычыцца найперш зместавых адзнак гэтай формы). Пакуль жа разгледзім азначэнне верлібра, якое падае «Паэтычны слоўнік» В. Рагойшы: «Свабодны верш, або верлібр (франц. vers libre), – дысметрычны верш, у аснове рытму якога – чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў. Надзвычай важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне месца міжрадковых паўз. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме – яшчэ і графічна), выступае ў В. у якасці асноўнай рытмічнай адзінкі...» [91, 253]. Нават фармальнага погляду на графічны выгляд версэта хопіць, каб пабачыць яго неадпаведнасць гэтай фармулёўцы, і найперш – праз адсутнасць рэгулярнай разбіўкі тэксту на радкі. Пры гэтым, можна прыгадаць творы з кнігі «Шлях-360», у якіх гэтая разбіўка была зроблена – г. зн. аўтар паралельна ўводзіць у сваю творчасць як верлібры, так і версэты (першыя ўзоры датуюцца 1980-м годам). Такім чынам, размежаванне гэтых паняткаў усё-ткі неабходнае.

Пачнем са слоў, якімі сам А. Разанаў апісвае сваю новавынайдзеную форму ў аўтарскай анатацыі да першай публікацыі версэтаў у 1983 г.: «Мне ўяўляецца, што такая форма тоіць у сабе багатыя магчымасці: у ёй могуць арганічна спалучацца і лірычнае ўзрушэнне, і фабула, уласцівая апавяданню, і філасофская сентэнцыя, і эксперыментальны свет антыўтопіі і навуковай фантастыкі...» [98, с. 9]. Працытаванае – наўпроставае ўказанне на жанравы сінкрэтызм версэта. Расійскі даследчык Ю. Арліцкі да «памежных» формаў, што ўзнікаюць у выніку ўзаемадачынення вершаванай паэзіі і прозы, адносіць версэ – «страфічную прозу, што складаецца са звышкароткіх абзацаў, якія нагадваюць звышдоўгія вершаваныя радкі» [82, с. 32 – 33]. Дарэчы, як адзін з варыянтаў версэ, згодна з іншай транслітэрацыяй, аўтар называе версэт19. «Ад вершаў такія творы, – працягвае даследчык, – адрознівае адсутнасць у іх галоўнай фармальнай прыкметы вершаванай мовы – разбіўкі тэкставага маналіту на радкі (што непазбежна для верлібра. – А. І.), а значыць – самой магчымасці «гвалтоўнага» разрыву і пераносу фразы ў наступны радок».

У. Верына, спасылаючыся на названы артыкул Ю. Арліцкага, зазначае, што «ні адна з характарыстык версэ непрыдатна для тэкстаў А. Разанава ў поўнай меры» [32, c. 32]. Так, Ю. Арліцкі вылучае наступныя рысы версэ: малы аб’ём большасці строфаў, прыкладная роўнасць іх памеру паміж сабой і тэндэнцыя да супадзення страфы з адным сказам. Адразу варта заўважыць, што, гаворачы пра неадпаведнасць версэта версэ ў поўнай ступені, У. Верына хутчэй за ўсё, мае на ўвазе творы кніг «Вастрыё стралы» і «Паляванне ў райскай даліне». Як пабачым далей, версэты зборніка «Рэчаіснасць» цалкам адпавядаюць прадстаўленым характарыстыкам версэ Ю. Арліцкага. Апошні, не прылічаючы адназначна версэ ні да верша, ні да прозы, прапануе наступныя крытэры іх размежавання: «...калі радок доўжыцца і доўжыцца, пакуль не дойдзе да кропкі, наколькі б доўгім ён пры гэтым ні станавіўся, перад намі – версэ, калі яго прыпыняюць ці могуць прыпыніць паўзы ў канцы радкоў – верш (у арыгінале – «стихи». – А. І.). Калі ж за першым сказам ідзе другі, потым трэці і г.д., нарошчваючы радок, – перад намі звычайная, не версэйная, проза» [82, с. 33].

Такім чынам, зыходзячы з асаблівасцей страфічнай арганізацыі, да верлібравых жанраў можна аднесці квантэмы і пункціры, а да версэйных – версэты (уключна з паэмамі ў прозе) і вершаказы. Даследуючы стогадовую гісторыю і эвалюцыю версэ, Ю. Арліцкі нават не разглядае магчымасць змешаных рысаў версэ і верлібру (магчыма, праз адсутнасць адпаведных узораў у рускай паэзіі). Разанаўскі ж версэт, на нашу думку, – прыклад менавіта такога «змяшання». Дзеля ілюстрацыі прывядзем (цалкам) адзін з версэтаў кнігі «Вастрыё стралы», які называецца «Пасткі» (1985 г.)20.

Каб не баяцца хадзіць у лес, панастаўлялі аднавяскоўцы ў лесе ўсялякіх пастак: на ліса, на рысь, на ваўка, на дзіка, на мядзведзя...

Пайшоў Сымон паглядзець, што трапілася ў яго самаловы, – трапіў у нейчыя сам,

пайшоў Тарас паглядзець, што трапіла ў яго петлі, – заблытаўся сам у нейчай,

пайшоў Дамінік паглядзець, што трапілася ў яго ямы, – нібы скрозь зямлю праваліўся, кудысьці прапаў...

І пачалі яшчэ горай людзі баяцца лесу:

там водзяцца рысі,

там водзяцца лісы,

мядзведзі,

ваўкі

і – пасткі [99, с. 38].

Як бачым, і па логіцы аповеду, і графічна (адасоблены чыстым радком) твор падзелены на тры фразы (як і ў выпадку з паэмамі ў прозе, будзем называць іх строфамі). Першая страфа з фармальнага п. гледжання ўяўляе чыста версэтавы ўзор. У другой страфе, у якой скарыстоўваецца сінтаксічны паралелізм, ужо маем рысы сінкрэтызму: пры лагічнай цэласнасці аповеду страфа разбіваецца на тры часткі. Гэтай разбіўкай вылучаюцца часткі сінтаксічнага паралелізму. У трэцяй страфе выкарыстана сінтаксічная анафара (гэтак жа часты для версэтаў прыём, як і паралелізм). З п. гледжання рытміка-інтанацыйнай арганізацыі гэта, бясспрэчна, верлібр. Сэнсава трэцяя страфа звязвае першую і другую, з’яўляючыся адначасна іх падсумаваннем.

Прысутнічаюць у разгледжаным версэце, як і ў большасці іншых, відавочныя сюжэтныя складнікі. Так, першую частку можна разглядаць як экспазіцыю, другую – як завязку, трэцюю, да слова «ваўкі», – як кульмінацыю, і апошні радок – як развязку. Г. Кісліцына, адзін з нямногіх крытыкаў, хто структурна даследаваў версэт, таксама вылучае сюжэтнасць як адну з рысаў жанру, хаця і даволі ўмоўную [56, с. 116 – 117]. З пункту гледжання зместу даследчыца адзначае блізкасць версэта да прытчы, «з якой іх яднае перш за ўсё ўвага да архетыповых з’яў жыцця і пэўная адсутнасць развітога сюжэтнага руху. Як і прытчы, версэты пазбаўлены апісальнасці мастацкай прозы: прырода і рэчы нагадваюцца толькі па неабходнасці, дзеянне адбываецца быццам без дэкарацый, а дзеючыя асобы не маюць не толькі знешніх рыс, але і характару...» [56, с. 116]. Г. Кісліцына прылічае версэты да твораў дыдактычна-алегарычнага жанру. Заўважым, што дыдактызм, калі і прысутнічае спарадычна ў асобных творах, даволі завуаляваны і, як убачым, цалкам адсутнічае ў пазнейшых версэтах (кніга «Рэчаіснасць»).

Такім чынам, структурны разгляд версэта выяўляе, што яго закончанасць і цэласнасць, сама логіка аповеду, якія набліжаюць версэт да міні-апавядання, поруч з выкарыстаннем стылістычных прыёмаў і верлібравых рытміка-інтанацыйных складнікаў сведчаць пра жанравы сінкрэтызм версэта. У анатацыі да кнігі выбранага «Лясная дарога» (2005 г.) знаходзім такое (трэба разумець, аўтарскае) мініазначэнне: «версэты – вершы, што сублімавалі асаблівасці іншых (ці аднаго універсальнага) жанраў...» [108].

Сам А. Разанаў у гутарцы з аўтарам гэтай працы для раскрыцця адной з асноўных уласцівасцяў сваіх твораў вынайшаў новы, аказіянальны, тэрмін: «Версэт стаўся, прынамсі для мяне, калі не універсальным, то сінтэтычным жанрам. Канцавыя рыфмы традыцыйных вершаў ён развёў па сцежках радкоў і здолеў паказаць, што самыя розныя гукі могуць суадгукацца паміж сабою, калі яны ўведзеныя ў адпаведнае сэнсавае поле, – сэнсарыфмавацца» (вылучана намі. – А. І.) [10–А, с. 179]. Пра «сэнсавае поле» – далейшая гаворка.

Для пачатку разгледзім два ранніх версэты А. Разанава – «Птах» (1982 г.) і «Палёт» (1983 г.). Гэтыя творы тэматычна звязаныя. Па сутнасці, «Палёт» ёсць працягам «Птаха», ці адказам яму. Як па распрацоўцы тэмы, так і па падыходзе да паэтычнай матэрыі, гэтыя два творы можна лічыць праграмнымі ўзорамі версэтнай формы. Як адзначае У. Верына, «наватарства А. Разанава пераўтварылася ў традыцыю і мае сёння вялікую колькасць наступнікаў» [32, с. 32]. На пачатку ж 80-х падобныя творчыя пошукі ўспрымаліся не інакш як рэвалюцыйныя для беларускай паэзіі. Прыгадаем артыкул В. Бечыка «Шляхам пошука», змешчаны ў кнізе А. Разанава «Шлях-360», у якім аўтар, абараняючы «няўрымслівы пошук» маладога паэта, спасылаецца на калектыўную кнігу «Паэзія сацыялізма. Мастацкія адкрыцці сацыялістычнага рэалізму»: «Сацыялістычнай паэзіі сённяшняга дня часам не чужы нервовы напал экспрэсіянізму або дзёрзкая слоўна-вобразная асацыятыўнасць сюррэалізму…» [95, c. 107 – 108]. Словазлучэнне «нервовы запал», можа быць прыдатным і для вызначэння творчага стану стваральніка радкоў, з якіх пачынаецца версэт «Птах»: «Вялізны хцівы птах пагойдваецца нада мною. Я ведаю: ён чакае маёй загубы. Тады ён з галодным хрыплым крыкам апускаецца на маё цела і цвёрдай глюгай ударыць мне ў твар» [99, c. 11].

Гэты твор, як і многія іншыя версэты, падобны да індыйскіх сутраў – лаканічных афарыстычных выказванняў, а таксама да яшчэ аднаго жанру старажытнай усходняй літаратуры – г. званых «дзэнскіх гісторый». І ў першых, і ў другіх асаблівая ўвага надаецца сістэме вобразаў і алегорый. Так, у «Птаху» ідэя ўнутранага змагання, руху наперад увасоблена ў вобразах птаха, які «адзін суправаджае мяне на маёй жыццёвай дарозе», лірычнага героя, які не здольны пацэліць у птаха, «свайго пракаветнага ворага», і, уласна, стралы. У творы ёсць указанне на месца дзеяння – «бяскрайні стэп», у якім адбываецца гэты бясконцы двубой (на бясконцасць указваюць эпітэты «бяскрайні» і «пракаветны»). Месца дзеяння – стэп, што адначасна з’яўляецца і жыццёвай дарогай, успрымаецца як трэці персанаж твора – маўклівы назіральнік. Вобраз дарогі наогул нярэдка персаніфікуецца ў творчасці А. Разанава.

Завяршаецца твор высновай-падсумаваннем, праз якую раскрываецца вобраз птаха, а разам з тым і алегарычны сэнс усяго двубоя: «Дый, урэшце, як бы я ведаў, куды мне ісці, калі б ён час ад часу не залятаў наперад?!.» [99, c. 11]. Варта дадаць, што вобраз птаха, ключавы для творчасці А. Разанава, змяняўся і карэктаваўся ў розных паэтычных формах – ад пункціраў да вершаказаў.

У версэце «Палёт» прысутнічае ўсё тая ж амбівалентная пара персанажаў: «я»-герой і птах. Іх узаемадачыненні гэтым разам маюць іншы характар. Пра характар асабовасці ў версэтах наступным чынам гаворыць Г. Кісліцына: «я» версэта нельга атаясамліваць з «я» лірычнага героя, так званага «я»-«эга», якое мы сустракаем, скажам, у паэмах самога А. Разанава. Рэалізуючы сваё права гаварыць ад першай асобы, аўтар набывае магчымасць мадэліраваць паэтычную сітуацыю такім чынам, што рэальнасць і выдумка становяцца непадзельнымі» [56, с. 116].

«Палёт» пачынаецца з запыту: «Дакуль мне яшчэ трываць?», адрасаванага, як відаць з далейшага, птаху, з якім герой ляціць «праз імглістую бездань часу» [99, с. 30]. Ідэя «нерухомага палёту праз стагоддзі» – «з няволі – у вызваленне, са скрухі – у радасць, з цемры – у светлыню…» [99, с. 30] – блізкая да ідэі бясконцага руху скрозь бяскрайні стэп, услед за недасяжнай «пуцяводнай зоркай» героя. Адпаведна і вобраз месца – «бяскрайні стэп» – блізкі да выяўлення прасторава-часавых адносінаў у версэце «Палёт», дзе няма акрэсленасці ні ў часе, ні ў дзеянні, ні, зрэшты, у прасторы: «Я кармлю птаха сваім целам, / паю сваёй крывёю / і перастаю ўжо адрозніваць, дзе ён, / а дзе я, а дзе час…» [99, c. 30].

З фармальнага гледзішча ў «Палёце», у адрозненне ад «Птаха», назіраецца пэўны баланс паміж версэйнымі і верлібравымі элементамі. Так, гэта адбываецца нават у межах адной часткі, калі версэйны прынцып доўжання радка пры адказе птаха на запыт лірычнага героя («Дакуль мне яшчэ трываць?») пераходзіць у рытмізаваны кавалак з скарыстаннем сінтаксічнага паралелізму, кожны з кампанентаў якога адасабляецца чырвоным радком: «датуль, пакуль хопіць часу, / датуль, пакуль хопіць цябе самога, / датуль, пакуль хопіць нас…» [99, c. 30].

Той жа прыём назіраем і ў апошняй страфе твора. У гэтым выпадку верлібравая частка ідзе паперадзе версэйнай. Пры гэтым сінтаксічны паралелізм (канструкцыя «і ўсё доўжыцца») захоўваецца і ў версэйным радку: «Усё загойваецца на мне маё цела, / усё аджывае ўва мне мая кроў, / усё патрабуе птах сабе новай ежы, / і ўсё доўжыцца праз стагоддзі наш нерухомы палёт» [99, c. 30].

Як бачым, у абодвух творах ідэя руху наперад звязаная з пэўнымі пакутамі для лірычнага героя, без якіх сам гэты рух немажлівы. У першым выпадку герой, што выступае ў ролі гэткага паляўнічага, які спрабуе пацэліць у няўлоўнага прывіднага птаха, увесьчасна знаходзіцца ў прадчуванні небяспекі, што сыходзіць ад апошняга. І нібыта праз гэта ён палюе-рухаецца следам за сваім ворагам. У версэце ж «Палёт» відавочная алюзія з антычным міфам пра Праметэя («Я кармлю птаха сваім целам...»), толькі ў дадзеным выпадку мае месца адмысловая «супраца».

У гэтых версэтах (як і ў многіх іншых творах А. Разанава) відавочная алегарычнасць руху, з якой узнікае не раз адзначаны намі канцэпт Шляху як анталагічнае паняцце. Можна меркаваць, што рух тут з’яўляецца метафарай пэўнага інтэлектуальнага ці духоўнага росту. Тады – што разумеецца пад вобразамі птаха, які адначасна спрыяе і перашкаджае руху? Магчыма, мае месца свядомая змена канатацый гэтых паняццяў. Так, птах, які харчуецца целам, можа азначаць акурат цялеснае, жывёльнае, якое замінае духоўнаму росту, але праз пераадоленне якога гэты рост адно і мажлівы. «Цела» ж, якое аддаецца ў ахвяру, – тая плата, якую часам сплачвае індывід на шляху да самааўдасканалення (у выглядзе здароўя, грошай, кар’еры і да т. п.).

Важнасць руху для А. Разанава ўжо на матэр’яле пункціраў другога зборніка паэта адзначыў У. Калеснік. Яго заўвагі і назіранні добра стасуюцца і да версэтаў, што разглядаем: «Паэтызацыя волі спалучаецца ў Разанава з паэтызацыяй дыялектыкі руху, палёту. Рух – гэта прычына і вынік усяго існага, гэта знаходкі і страты, дарога без пачатку і канца, бясконцасць малых і вялікіх арбіт... Рух – збавенне ад мёртвай неабходнасці абставін, ад горычы памылак і ад шчасця знаходак» [51, с. 370].

У версэце «Палёт стралы» (1986) метафара руху рэалізуецца зусім нечакана. Тут ужо адбываецца атаясамленне самога лірычнага героя са стралой: «Пакуль я жыву, я абкружаны небакраем, / пакуль я жыву, не магу дасягнуць небакраю: / ён – там, дзе спынюся, / ён – там, дзе ўпаду» [99, c. 61] – гэтак у адной з строфаў акрэсліваюцца каардынаты стралы-героя ў прасторы. Як бачым, матыў недасяжнасці жаданага (у дадзеным выпадку «небакраю»), запачаткаваны яшчэ ў паэмах зборніка «Каардынаты быцця» і працягнуты ў двух папярэдніх версэтах, навідавоку і тут.

«Палёт стралы» адсылае да слаўназнаных апорый старажытнагрэцкага філосафа Зянона Элейскага, у адной з якіх («Страла») даводзіцца, што страла, якая ляціць, у кожным кадры часу займае месца, роўнае яе даўжыні, – адпаведна, насамрэч страла не ляціць, а знаходзіцца ў спакоі. Згадка гэтага псеўданавуковага, шматразова абвергнутага парадоксу карысная для нас тым, што, як і мысляр Зянон намагаецца надзяліць рэчаіснасць новымі (няхай і заведама «памылковымі») прасторава-часавымі характарыстыкамі, гэтак і Разанаў выбудоўвае ў версэтах сваю рэчаіснасць. Паэта захапляе гульня з рухам і сэнсамі. Толькі «стаўшы стралой» мажліва змяніць мысленне, а г. зн. – пашырыць межы свядомасці.

Наступную страфу У. Калеснік назваў «гнасеалагічнай формулай стралы», што паўстала ў выніку «роздумаў над дыялектыкай пазнання, якое бывае то класіфікацыяй рэчаў, то празорлівасцю, таямнічым пранікненнем у тайну тайнаў і пазнаннем самога сябе, то ачалавечваннем» [52, с. 30]: «І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна з сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам самім» [99, c. 61]. У гэтым філасафізм паэзіі Разанава: тое, што бессэнсоўна вытлумачваць сухой мовай фармулёвак, паэт намацвае з дапамогай вобразаў і паралеляў.

Жыццё ідзе кругам, вяртаючыся да пачатку, смерць – нацянькі [99, c. 61].

Г. Кісліцына адзначае што дынаміка версэтаў вызначаецца вялікай колькасцю дзеясловаў, «з якіх у большасці выпадкаў пачынаецца радок у перыядзе, што выклікае адпаведна частае ўжыванне такой сінтаксічнай фігуры, як інверсія» [56, c. 121] (нагадаем, што частую вынесенасць дзеясловаў на пачатак радка заўважаў І. Ралько яшчэ ў адносінах да твораў першай кнігі А. Разанава).

Стварэнню гэтага «амаль фізічнага адчування руху» (Г. Кісліцына) спрыяе і такая фігура, як градацыя21: «Я ў хаты ўваходзіў і з хат выходзіў, уваходзіў у гарады і выходзіў з іх – і ўсё адно апынаўся то ў паўакружнасці дня, то ў паўакружнасці ночы...» [99, c. 61]. Градацыя ў гэтым урыўку будуецца на апорных словах «хаты» і «гарады». Тут жа назіраем і часты для версэтаў сінтаксічна-інтанацыйны паралелізм, які складаюць сінтаксічныя структуры з парай амбівалентных дзеясловаў («уваходзіў – выходзіў») і антонімаў («дня – ночы»). Гэтыя структуры маюць, да ўсяго, інверсійны парадак слоў.

Другі важны аспект твораў Разанава, час, а менавіта – такая яго ўласцівасць, як лінейнасць, ілюструецца ў артыкуле М. Тычыны «Прывід гіпэртэксту»: «У творчай прасторы Алеся Разанава пануе лінейны час, які стралою імчыць да мэты. Той стралою, якая, паводле апорыі старажытнагрэцкага парадаксаліста Зянона, у кожны асобны момант знаходзіцца ў тым ці іншым пункце ў нерухомым стане, якую досыць лёгка зафіксаваць з дапамогаю лічбавага фотаапарата вэрсэту, вершаказу, зномы, квантэмы, пункціраў. Яго інтэлект небеспадстаўна здаецца «чыстым», амаль пазбаўленым якой-небудзь асабовасьці. Аднак час у яго паэтычнай сістэме пачынае свой адлік з моманту маленства: «Там – пачатак. Там – выток». Такім чынам эмацыйная энэргія закладваецца ў міжрадкоўе, у міжслоўе, у фонасемантыку. Гэта першачас, прамова і прападзеі рацыяналістычнай мадэлі разанаўскага паэтычнага космасу. Ягоны сон пра Залаты век» [127].

Разанаўскі версэт успрымаецца як гэткая страла, пушчаная нацянькі да пэўнай мэты. Што гэта за мэта? Магчыма, – розум, «вольны ад асабовасці» (паводле вызначэння самога паэта [гл.: 10–А, с. 179]). «Страла і мэта» – назва знакавага артыкула У. Калесніка пра творчасць Разанава. Сам паэт у памянёнай вышэй гутарцы так акрэслівае «стасункі» паміж гэтымі паняццямі: «Двое яны адно: і намацаная мэта гэта ўжо і пушчаная страла. Што да медытатыўнай лірыкі, дык гэта страла, пушчаная некуды, – у ноч. Але не ў нікуды, і ноч, у якой усё раствараецца і ўсё прысутнічае, уцягвае яе ў сваё бязмежжа, а здані распачынаюць з ёю сваю размову. Тут шмат зману, і парадай маглі б быць словы Адама Міцкевіча: «Май сэрца і глядзі ў сэрца» [10–А, с. 179].

Відавочна, што Разанаў укладае ў тэрмін «медытатыўная лірыка» іншы сэнс, чым агульнапрызнаны ў літаратуразнаўстве (вершы філасофскага зместу). Не будзем і мы адмаўляць сувязі версэтаў з медытатыўнасцю – прынамсі з п. гледжання зместу. У гэтым сэнсе паказальным будзе разгляд твора «...Вобразы вабяць услед за сабой» (1987), які закрывае версэтавую нізку зборніка «Вастрыё стралы».

Твор мае выразны вобразна-алюзійны план і трывалую версэтавую структуру: 5 строф – звышфразавыя адзінствы (ЗФА) – напісаныя версэйнай прозай, уяўляюць з сябе адзін сказ (акрамя парадкавай чацвёртай часткі), які доўжыцца да кропкі, і адасобленыя чыстым радком. Чацвёртае ЗФА складаецца з пяці сказаў, кожны з якіх пачынаецца з чырвонага радка. Верлібру з яго разбіўкай на радкі і інтанацыйнымі паўзамі тут ужо няма месца. Паэт свядома адмаўляецца ад графічнай рытмізаванасці. Пры гэтым, нельга казаць пра адсутнасць у творы рытму, стварэнню якога ў кожнай страфе спрыяюць сінтаксічныя паралелізмы, градацыя і інверсія. Так, у трэцяй страфе паралелізм і градацыя будуюцца на ўсё тых жа антанімічных парах: «Чалавек – гэта два чалавекі, як дзве далоні, што лепяць суладна снежку ці перакідваюць, каб утрымаць, жарыну: адзін з іх – пачатак, другі – завяршэнне, адзін з іх выток, і другі – суток, адзін з іх – прычына, другі з іх – вынік, адзін з іх – пытанне, другі – адказ, а паміж імі цякуць, вынікаючы з іх і ўпадаючы ў іх, сусветы» [99, c. 118].

Пераходзячы да аналізу зместу, варта вярнуцца да медытатыўнай «тэрміналогіі». Як ужо адзначалася, усходняя філасофія і рэлігійныя практыкі размяжоўваюць паняцці розум і інтэлект, уважаючы першае за перашкоду на шляху да прасвятлення [44, с. 377 – 379]. Падкрэслім, што ў гэтыя словы ўкладаюцца не зусім тыя значэнні, што замацаваныя за імі ў свядомасці еўрапейца. Вось жа, мэтай медытацыі ёсць пазбаўленне ад думак, што спараджае розум, – для далейшага самазапаўнення «вялікім Інтэлектам». У гэтым сэнсе версэт «...Вобразы вабяць…» можна разглядаць як свайго роду «практыкум» для дасягнення ўнутранай гармоніі, складзены ў іншасказальнай, зашыфраванай форме. Далей прапануем сваю інтэрпрэтацыю вобразнай тканіны версэта.

Вобразы вабяць услед за сабой, але памкнуся за імі – і іх растворыць прастора: магчыма, яны проста птушкі, якія адводзяць таго, хто ідзе, ад сваіх затоеных гнёздаў [99, с. 118].

Як бачым, у працытаванай уступнай страфе твора нарацыя вядзецца ад першай асобы, у якой мы пазнаем лірычнага героя іншых, у тым ліку і вышэй разгледжаных, версэтаў – таго, хто ідзе. З другой страфы дазнаемся пра заблытанасць яго шляху: «Заблытаны сцежкі, якія вядуць і на ўсход, і на захад...» [99, с. 118]. Адразу заўважым, што, паколькі версэт выкананы ў яўным алегарычным ключы, можна меркаваць, што антанімічная пара «усход – захад» з’яўляецца наўпроставым указаннем на духоўныя пошукі ў пэўных культурах, а не проста нейкімі абстрактнымі накірункамі. Гэтая цытата адсылае яшчэ і да славутага апавядання Х. Л. Борхеса «Сад зблытаных сцежак» (хаця невядома, ці меў магчымасць у 1987 г. Разанаў пазнаёміцца з гэтым творам).

Найбольш карысная для нас далейшая рэфлексія: «ад іх (сцежак. – А. І.) падымаецца стромкая вышыня і, падымаючыся над сабою, становіцца розумам цела, і, падымаючыся над сабою, розум становіцца ўсёразуменнем, якое, нібы ваданосныя жылы, сабой насычае і жывіць кожнае слова і кожны крок» [99, с. 118]. Іншымі словамі, у выніку «узняцця над сабою» чалавек пазбаўляецца жывёльнага («становіцца розумам цела») – і напаўняецца боскім, сакральным («усёразуменне»). Важна падкрэсліць, што лірычны герой не вызнае нейкую канкрэтную рэлігію ці вучэнне – ён пазаканфесійны. Канчатковы стан, стан свайго роду прасвятлення, паглыбленай медытатыўнасці, з’яўляецца вяршыневым для ўсіх духоўных практык. Таму калі «боскае» (Гасподзь, Дао, Дух) перамагае ў чалавеку «цялеснае», – яно «насычае і жывіць кожнае слова і кожны крок».

Матыў пераадолення ўнутранай раздвоенасці доўжыцца і далей, у чацвёртай страфе: «Калі чалавек сустрэнецца з чалавекам?» [99, c. 119] – што азначае: калі чалавек здолее дасянуць гармоніі ўнутры сябе (другое слова «чалавек», відавочна, падразумявае напісанне з вялікай літары). Але гэта не рытарычны запыт – маецца і «адказ»: «Пачакай, памарудзь, адпусці жаданне – і ты перастанеш быць часткай, нацэленай супраць усіх…» [99, c. 119]. Спроба «адпусціць жаданне», «адсячы прыхільнасці» ёсць падмуркам шматлікіх медытатыўных практык. У версэце няма тлумачэння таго, як канкрэтна зрабіць тое, ды яно і немагчымае для паэтычнага твора, але форма звароту (нібыта да вучня) дазваляе нам з пэўнай доляй умоўнасці называць версэт «практыкумам».

Як адну з характэрных рысаў версэта Г. Кісліцына вылучае «наяўнасць у ім адносна самастойнага сказа-выніку, які, аднак, нельга назваць падагульняючым, бо ён нясе на сабе функцыю ключа, арыенціра далейшых разваг» [56, c. 119]. Такі сказ-вынік, які адначасна і падсумоўвае, і звязвае строфы твора, маецца і ў версэце «...Вобразы вабяць...». З аднаго боку сістэма версэта адкрытая і не прадугледжвае абавязковасць пэўнай маральнай высновы, якая б «спыніла няпэўнасць адшукваемых ісцін» (Г. Кісліцына). У той жа час, пры адноснай «развязанасці рук» з фармальнага гледжання, паэт усё ж змушаны трымацца пэўных унутраных законаў у межах створанага жанру. Гэты сказ успрымаецца як свайго роду сэнсавая дамінанта, шматкроп’е да твора і сапраўды арыентуе чытача да «далейшых разваг»: «…і вернуцца да цябе тыя птушкі, якія не ловяцца, калі іх ловіш, якія хаваюцца, калі іх шукаеш, і ты пачуеш: у кожнай птушкі – твой голас, і ўбачыш: у кожнай птушкі – твой твар» [99, c. 119].

Памылковым было б сцвярджаць, што версэты Разанава ідуць спрэс «ад галавы» і цалкам пазбаўленыя пачуццёвасці, як гэта нярэдка зазначалася крытыкай. Узважанасць тэксту, безумоўна, з’яўляецца адной з жанрава-стылёвых прыкмет версэтаў, але лагічнасць аповеду і пачуццёвасць не ёсць ўзаемавыключальнымі катэгорыямі. Адным са сродкаў руху ад «лабавога»-канстатавальнага да пачуццёвагасугестыўнага бачыцца ўпляценне ў паэтычную тканіну тэксту слоў з неўласцівым ім значэннем. Так, з мэтай дасягнення асаблівай вобразнасці у версэце «Зоркі»22 створаны цікавы ўзор увасаблення: «Калі ўзыходзіў на вежу – вежаю разважаў, / калі ішоў па дарозе – дарогаю бачыў…» [99, c. 33]. У пошуку патаемнага, невыказнага сэнсу ствараецца сюррэалістычная карціна, дзе «дзейныя асобы» – архетыповыя ці проста сімвалічныя «персанажы»: зямля, вада, трава, дарога, вежа, зоры: «Той, хто ішоў па дарозе, казаў: гэта – зоркі, / Той, хто ўзыходзіў на вежу, адказваў: гэта – мы…» [99, c. 34 ]. Акадэмічнай мовай тэрмінаў няпроста патлумачыць падобныя радкі (больш за тое, спроба такога тлумачэння можа разбурыць усю іх чароўнасць), паколькі яны – з сферы «іншаведання», «дапаняцційнага сэнсу» (А. Разанаў), калі ўсё адначасова парадаксальна і проста, і складана. Нібы ў мове казак ці міфаў.

Вобраз горада, якога «няма на зямлі», узнікае ўжо ў дэбютным паэтычным зборніку А. Разанава (верш «Тамаза Кампанела»). У «Вастрыі стралы» ж гэты вобраз пераасэнсоўваецца, становячыся канцэптуальнай метафарай нароўні з ідэяй стралы і палёту. Гаворачы «канцэптуальная метафара», мы разумеем ідэю гэткага віртуальнага (ідэальнага) горада (горад-утопію, горад-дэкарацыю), якая праходзіць праз розныя тэксты паэта. Так, месцам дзеяння шэрагу версэтаў становіцца такі ўяўны горад, які нават і не заўсёды пазначаецца-называецца ў тэксце. «Вандроўны горад» (1985) – твор, дзе найбольш выразна выяўлена гэтая ідэя.

Тут ізноў важным з’яўляецца месца дзеяння – «Вялікае Поле», за якім «бурштынава-жоўтай светлынёю зорыцца небасхіл…» [99, c. 29]. Як бачым, гэтае азначэнне мае пазітыўную маркіраванасць, адсылаючы да рамантычна-імпрэсіяністычнага творчага пачатку. Фабульны план празрысты: лірычны герой глядзіць у хмарнае неба («на адзіна празрысты шматок сярод хмурнай сінечы») і ўяўляе: «Там, быццам мачты дзівоснага карабля, акрэсліліся званіцы, спічастыя дахі, вежы, акрэсліўся горад – / які я шукаю па ўсёй зямлі, / горад, што выплыў з людской надзеі…» [99, c. 29]. Гэтая алегорыя яўна шырэйшая за проста пошук горада. У кантэксце ранейшай і далейшай творчасці паэта яна ўспрымаецца як працяг духоўных пошукаў, прагі ўнутранага ўдасканалення. Навідавоку і далейшы скразны матыў пашырэння свядомасці, выяўлены ў рытарычных пытаннях («Хіба ўвесь шлях чалавека абмежаваўся зямлёй?!. / Хіба ўвесь сэнс чалавека замкнуўся наўколлем?!.»).

Апошняя страфа твора нагадвае заканчэнне верша «Тамаза Кампанела» (праўда, ужо без публіцызму і сацыяльнага падтэксту): «А за Вялікім Полем ззяе бурштынава-жоўтая светлыня і, быццам кагосьці чакае, узвышаецца горад – / горад, якога няма на зямлі, / горад, які вандруе» [99, c. 29]. Такім чынам, да часава-прасторавых характарыстык версэтаў А. Разанава варта дадаць і такі момант, як апісанне няўлоўнага (птушкі-вобразы, якія не ловяцца; горад, які вандруе; птах і інш.).

Тэма ўнутранага двубою набывае новае выяўленне ў версэце з далейшай кнігі «Паляванне ў райскай даліне» – «На нямецкай дарозе» (1992). Трымаючыся прынцыпаў аналізу, што прымяняліся вышэй, спярша адзначым месца дзеяння версэта, якое вызначаецца ўжо ў назве твора. Першая страфа ўводзіць адразу і месца, і двух персанажаў твора: «Там, дзе адна дарога ўпадае ў другую, да мяне падбягае, аднекуль узяўшыся, нізкі, з кутасікамі ў вушах, настойлівы звер» [99, c. 22].

Пакуль усё адпавядае ранейшай сістэме вобразаў: ёсць той, хто ідзе і ёсць перашкода на ягоным шляху. Як адзначалася вышэй, усе вобразныя складнікі тэксту варта разглядаць алегарычна. У дадзеным выпадку дарога сімвалізуе шлях да пэўнай духоўнай звышмэты («прасвятлення»), звер – цялеснае, што перашкаджае духоўнаму цалкам завалодаць сітуацыяй. Далей пачынаюцца разыходжанні. Калі ў ранейшых творах перашкода адначасна была і стымулам для руху («Птах») альбо яго часткай, небходнай умовай («Палёт»), то ў «На нямецкай дарозе» яна ёсць той сілай, што нібыта цягне назад. Каб задобрыць звера, лірычнаму герою даводзіцца кідаць зверу ежу з сваёй торбы: «Звер глытае мае пачастункі і, калі яны канчаюцца неўзабаве, падступаецца да мяне бліжэй – нібыта я даставаў іх з самога сябе і сам я таксама – сала, мяса і каўбаса» [99, c. 29]. Магчыма, аддаванне зверу пэўных рэчаў сімвалізуе ўсё тое ж адсячэнне матэрыяльных прыхільнасцей, неабходнае для шляху. Атрымліваецца, што перашкода ізноў спрыяе?

З далейшага дазнаемся, што мэтай падарожніка з’яўляецца «белы горад», што віднеецца ўдалечыні: «У ім жывуць Немцы – іншыя людзі па мове і разуменні, як трэба жыць / Але, каб трапіць туды, я мушу паразумецца са зверам, а ён усё болей раз’ятрываецца і выклікае ўва мне ўсё большую боязь, усё большы страх» [99, c. 29]. Такім чынам, дзеля таго, каб дасягнуць жаданага гораду (відавочнае перагуканне з матывамі «Вандроўнага гораду»), стаць «Немцам», трэба ўлагодзіць унутранага звера, цялесную сутнасць. Аказваецца, што адсячэння матэрыяльнага недастаткова. Магчыма, перашкода палягае ў боязі поўнага сыходу да «via sacra» (сакральнага жыцця)?

Развязка твора наступная: з другога канца дарогі «чуюцца раптам цвёрдыя нейчыя крокі, іх чуем і я, і звер». Натуральна, гэта «Немец», які сваім з’яўленнем змушае звера знікнуць «у глыбокіх, парослых кустамі, [але!] блізкіх равах» [99, c. 29].

Хутчэй за ўсё гэтую мараль твора трэба разумець як тое, што немагчыма прайсці шлях самому, без гіда ці настаўніка. Дарэчы, неабходнасць настаўніка строга рэгламентаваная ва ўсходніх вучэннях. Тут у чарговы раз заўважым шматпланавасць духоўнага пошуку паэта, які роўнаскіраваны як на захад, гэтак і на ўсход (што праўда, калі браць пад увагу факты біяграфіі, то захад як прасторавая катэгорыя «пераможа»). Цалкам слушна разважае Г. Кісліцына, адмаўляючыся засведчыць творчую адданасць А. Разанава пэўнаму «ізму»: «Яго творчасць – прадукт сучаснага мыслення, вынік засваення здабыткаў сусветнага літаратурнага вопыту, асэнсавання філасофскай думкі мінулага на ўзроўні падсвядомасці. Калі шукаць агульную мастацкую ідэю, якая б аб’ядноўвала ўсе творы А. Разанава ў незалежнасці ад таго, да якой стылёвай плыні яны адносяцца, то гэта была б ідэя культуры» [56, c. 55].

У беларускай паэзіі таго часу А. Разанаў са сваімі эксперыментальнымі жанрамі сапраўды мусіў пачувацца «белай варонай» як з п. гледжання іх формы, так і тэматыкі. Пазакан’юнктурны савецкі (ці, шмат у чым, антысавецкі) мастацкі рух таго часу, які прынята называць андэграўндам, гуртаваўся ў пачатку – сярэдзіне 1980-х перадусім вакол Ленінградскага рок-клубу. З аднаго боку, ленінградскія рокпаэты арыентаваліся на традыцыі сваіх культурных папярэднікаў – Высоцкага і Акуджавы (у залежнасці ад ступені лірызму), Вазнясенскага і Еўтушэнкі і інш. З іншага боку, навідавоку моцны ўплыў на іх творчасць усходняй культуры. Гэта час, калі шырока выдаюцца помнікі старажытнай індыйскай, японскай, кітайскай літаратур. Вялікую папулярнасць у «багемных колах» набывае філасофія будызму. Адсюль – захапленне апальнымі каратэ, ёгай, медытатыўнымі практыкамі. Відавочна, што не пазбегнуў гэтых уплываў і Алесь Разанаў, на ўсёй творчасці якога ляжыць моцны адбітак Усходу (варта тут згадаць, што на пачатку 1990-х А. Разанаў быў старшынёй Беларускага фонду Рэрыхаў).

Звычайна, шукаючы ўплывы і творчыя паралелі, даследчыкі звяртаюцца да, хаця і, безумоўна, духоўна блізкіх, але моцна аддаленых па часе фігураў (Я. Купала, Т. Эліат, П Элюар, Р. М. Рыльке і інш.). Пры гэтым мала ўлічваюцца паралельныя культурныя тэндэнцыі. Так, напрыклад, знаходзім амальдаслоўнае супадзенне ў тэксце версэта «Разам з травой» (1983) з песняй пачатку 80-х «Встань у реки» вельмі, як на першы погляд, далёкага ад Разанава Б. Грэбеньшчыкова. Не будзем сцвярджаць, што Разанаў абавязкова пазычыў вобразнасць у «Акварыума», але агульныя тэндэнцыі навідавоку. Пар. разанаўскае: «Лёгшы ў траву, забываюся, як мяне зваць і навошта я ў гэтым свеце» [с. 98] – і грэбеньшчыкоўскае: «Встань у травы, посмотри, как растет трава, / она не знает слова «любовь», / однако любовь травы не меньше твоей любви, / забудь своё имя и стань травой…».

«Разам з травой» – версэт-імпрэсія, але ў ім паўтараецца ідэя складання падзеленага, якая прысутнічала ў некаторых творах зборніка («Палёт стралы», «Аскепкі» і інш.). Дасягнуць гармоніі, як вынікае з гэтай ідэі, немагчыма без папярэдняга вылучэння пэўных дысгарманічных фактараў – з далейшай іх ліквідацыяй. Ці, дакладней, сампаглынаннем, зліццём з уласным прыродным (боскім) сутвом: «разам з травой назіраю, як сціраецца-растае ў чыстым небе той цень, тое воблачка, тая кропка, якая ўсё парушала сабой і ўсё дзяліла надвое…» [37, c. 99].

Прааналізаваўшы творы «Пасткі», «Птах», «Палёт», «Палёт стралы», «...Вобразы вабяць...», «На нямецкай дарозе» і інш., можна пагадзіцца і з той тэзай Г. Кісліцынай, што «па-сутнасці, версэт – гэта невялікае апавяданне, найбольш агульны сэнс якога можа зразумець кожны. Між тым знешняя прастата версэта – гэта тая мастацкая прастата, якая раскрываецца як супрасьцлегласць прымітыўнасці» [56, с. 119]. Сапраўды, апавядальны бок зразумець няцяжка, але існуе і другі, вобразна-алюзійны план. Як і ў выпадку з «цяжкімі» для ўспрымання «шараговага чытача» эксперыментальнымі паэмамі сярэдзіны 1970-х – 1980-х гг., версэт, хаця і больш звязаны лагічна і кампазіцыйна, дзе добра прадуманы-ўзважаны кожны парадокс ці алюзія, усё ж вымагае пэўнай эрудаванасці і «падрыхтаванасці» (асабліва ў тыя часы, калі падобныя тэмы былі калі не табуяванымі, то абсалютна невядомымі для паэзіі). Паказальна, што на кнігу «Вастрыё стралы», якая была ўганараваная Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы (1990), згодна з бібліяграфічным слоўнікам «Беларускія пісьменнікі» [22, с. 126 – 129], не з’явілася ніводнай рэцэнзіі ў дзяржаўным друку.

Прасочым далей эвалюцыю фармальных і зместавых рысаў паэтычнай формы, што разглядаем. Версэт, які мае назву «Маму Тхакур дас» (1992), з кнігі «Паляванне ў райскай даліне» дазваляе лепей зразумець вытокі многіх разанаўскіх тэм і матываў. Гэты версэт мае куды большую сувязь з асобай аўтара, яго біяграфіяй, чым абстрактны вобраз лірычнага героя з «Вастрыя стралы», ён як бы падкрэслена аўтабіяграфічны.

Зазванілі званочкі, усплёснуліся кімвалы, узнесліся галасы. «Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна-Крышна...» – творыцца махамантра.

Маму Тхакур дас у аранжавым аблачэнні сядзіць, скрыжаваўшы ногі, і, пакуль раздаецца з тацы прасад, гаворыць: «Мінуліся тыя часы,калі нас можна было палічыць па пальцах, цяпер нас шмат...»

Прысутныя, што прыйшлі на гадзіну сустрэчы, слухаюць, згодна ківаюць галовамі і задаюць пытанні [102, с. 25].

Як бачна ўжо з працытаванага, апавядальнасці ў версэце паболела, тады як іншасказальнасці яўна паменела. Перад намі – апісанне пэўнай падзеі, у якім адсутнічае экспрэсіўная лексіка, паралелізмы, іншыя стылістычныя фігуры, усё тое, што паклікана спрыяць большай «паэтычнасці» мастацкага тэксту. Відавочна, што фармальна, нават на графічным узроўні, твор значна болей набліжаны да версэйнай прозы. Тэкст трымаецца на сюжэтнасці, дзе сэнсавы план выходзіць на першае месца.

Твор «Маму Тхакур дас» пабудаваны на прыёме кантрасту, калі адбываецца проціпастаўленне розных сітуацый. Паэт-апавядальнік нібыта знаходзіцца па-над гэтымі сітуацыямі, з настальгічным сумам ды іранічнасцю аглядаючы пэўны этап свайго жыцця. Як адна з нязменных рысаў версэтаў тут прысутнічае сказ-вынік (традыцыйна заключная страфа), што нясе на сабе ўсё тыя ж функцыі сувязі частак і ў якім сфармулявана асноўная думка твора.

А я згадваю тыя часы, калі Маму Тхакус дас быў проста Міша, калі нікога не трэба было лічыць ні па пальцах, ні як інакш, калі кожны быў значны не тым, што знайшлося, а тым, што шукалася, што спасцігалася і што не мела наймення...

І мне шкада тых магчымасцяў і тых часоў [102, с. 25].

Тыя страчаныя часы пошукаў, па якіх настальгуе лірычны герой, можна суаднесці з тымі, што выяўлены ў версэце «...Вобразы вабяць...». Але ж гэта былі часы нацыянальнага застою, чарговая змрочная эпоха ганенняў, калі інтэлектуал свядома абіраў працу вартаўніка ці смеццяра (такіх выпадкаў сярод беларускіх творцаў нямала) з прычыны не магчымасці супрацоўнічаць з тымі ўладай і ідэалогіяй. У літаратуры існаваў шэраг «закрытых», табуяваных тэмаў, якія, калі і закраналіся, то ў вельмі завуаляваным выглядзе. У гэты час з’яўляюцца найбольш іншасказальныя тэксты Разанава, што змушаюць да чытання «між радкоў». Пасля прыходу «галоснасці» рэчы пачынаюць называцца сваімі імёнамі, пра многае становіцца магчымым выказвацца адкрыта. Змяняецца і алегарычнасць версэта Разанава: знікае недагаворанасць, значна пашыраецца кола тэмаў і праблематыкі. Версэт набывае большую апавядальнасць, змяншаецца ўжыванне сродкаў паэтызацыі. Калі з’ява ці прадмет атрымліваюць сваё найменне (іншымі словамі, калі Міша становіцца Маму Тхакур дасам), знікае сэнс пошуку, сэнс мастацкага супраціву. Але мастацкасць твораў не змяншаецца.

Версэт у сваім пачатковым выглядзе, верагодна, пачынае «стамляць» аўтара (а магчыма і чытача): пасля твораў з «Вастрыя стралы», якія ствараліся на працягу сямі гадоў, назіраецца часовы спад цікавасці А. Разанава да гэтага жанру, які саступае месца новай эксперыментальнай форме – верашказу (так, з 1987-га да 1990-га гг. не напісана ніводнага версэта). У зборніку «Паляванне ў райскай даліне» сярод вершаказаў, паэм і зномаў версэт займае адносна сціплае месца (прадстаўлена ўсяго 24 творы). З 1994-га да 1997 гг. назіраем вяртанне да версэтаў, якія ўвайшлі ў кнігу «Рэчаіснасць» (1998). На гэтым этапе можна канстатаваць большую празаізацыю гэтай эксперыментальнай формы, што праяўляецца ўжо на графічным узроўні: строгая падзеленасць на строфы, пераважная адсутнасць унутраных паўзаў і вынесеных радкоў.

Звернем увагу на яшчэ адзін фармальны момант зборніка «Рэчаіснасць». Меркавалася, што, як і шэсць папярэдніх, гэтая кніга выйдзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», але яна пабачыла свет як першая з кніжнай серыі бібліятэкі часопісу «Фрагменты» «Галерэя «Б». Усе далейшыя кнігі гэтай кніжнай серыі выходзілі «тарашкевіцай». А. Разанаў, у адрозненне ад многіх творцаў, што з пачатку 1990-х звярнуліся да класічнага правапісу (В. Быкаў, Р. Барадулін, У. Арлоў і інш.) і надалей застаўся адэптам афіцыйнага правапісу – «нармаванкі», як ён прапанаваў пераназваць «наркамаўку», бачачы ў гэтым слове знявагу да мовы і літаратараў, што стваралі ў межах гэтага правапісу [10–А, с. 182].

Перад тым, як разгледзець найбольш характэрныя рысы версэтаў «Рэчаіснасці», заўважым, што размешчаны яны ў зборніку ў храналагічным парадку. Твор, які адкрывае кнігу, называецца «Кладкі» (1994). Ён складаецца з пяці версэйных строфаў, кожная з якіх утрымлівае закончанае паведамленне і звязваецца з іншымі агульнай ідэяй.

«Мы ідзём па дрыгве.

Абапал тояцца прорвы, буяе жоўтая лотаць, тоўпяцца на куп’і пукі сітнягу» [104, с. 11] – такая першая страфа. Адразу звяртае ўвагу множны лік першай асобы, ад якой вядзецца нарацыя, што нячаста сустракаецца ў версэтах. Калі ў шматлікіх разгледжаных творах гаворка ішла пра духоўны шлях аднаго індывіда, то ў гэтым выпадку можна казаць, пра спробу асэнсавання шляху калі не нацыі, то пэўнай, найбольш актыўнай, яе часткі: «Нашто шукаць сваёй згубы? – нам кажуць старыя людзі. – Прыйдзе час, і яна сама, каго трэба знойдзе» [104, с. 11]. Гэтым людзям, што, напэўна, маюць сваіх рэальных прататыпаў (атмасферу дзідаламальнага часу напісання твора няцяжка ўзнавіць, пагартаўшы хаця б шматтыражную тады газету «Літаратура і мастацтва»), даецца адказ, у якім утрымліваецца і рытарычны запыт: «Не згубы, аднак, мы шукаем, а выйсця – з жыцця, што, не маючы мэты, туліцца ўскрай дрыгвянога бязмежжа, і хіба мы прычынай таму, што выйсце ў ім гэтак шчыльна з’яднана са згубай, а тое, што ёсць, з тым, чаго няма?» [104, с. 11].

Вобразна-сімвалічнае асэнсаванне канцэптуальнага паняцця «балота» займае, паўторымся, асаблівае месца і ў творчасці А. Разанава. Беларуская рэчаіснасць (праўдзівей, – выйсце з яе) атаясамліваецца ў версэце «Кладкі» з тым самым згубным балотам, «дрыгвяным бязмежжам», што ахінае гэтую рэчаіснасць, прайсці праз якое, на думку аўтара, – адзіна магчымы шлях да лепшага. Але, як сцвярджае паэт, сітуацыя павальнае неўразумеласці і дэзарыентаванасці была не заўжды: «Некалі праз дрыгву былі пакладзены кладкі, і людзі тады разумелі, к у д ы жывуць, але даўно ўжо кладкі ўбіліся ўглыб, засмакталіся прагнай дрыгвою, і трэба цяпер ісці наўздагад» [104, с. 11]. У гэтых словах няма дыдактызму, што часцяком прыпісваецца творам Разанава падобнага плану, – адно скрушлівая канстатацыя. Тое, пра што трэба доўга і пераканаўча казаць-тлумачыць, выяўлена тут лаканічнай мовай сімвалаў і алегорый.

Мы гразнем, мы сумняваемся, мы вывяраем крокі і, калі раптам правальваемся ў згубную глыбіню, знаходзім гэтак жа раптам апірышча – страчанае, старое, аднятае, але ўсё роўна заўсёды прысутнае патаемна ў нашых адчайных памкненнях, –

к л а д к і [104, с. 11].

Кладкі – па-за кантэкстам семантычна слаба маркіраванае слова – у версэце набывае канатацыю сімвала нацыянальнай памяці, глыбінных, нават генетычных пластоў свядомасці. Такі ж самы прыём, калі ключавое слова-сімвал, вакол якога разгортваецца дзея твора, з’яўляецца адначасна і словам-вынікам, сустрэнем яшчэ ў шэрагу версэтаў зборніка («Бульбіны», «Навіны», «Алёсы», «Спрадвечны пыл»).

Версэты «Рэчаіснасці» і далейшай творчасці паэта вызначае моцны аўтабіяграфічны пачатак, адрозны ад псеўда-асабовасці ранейшых твораў, дзе аповед хаця і вёўся ад асобы лірычнага героя, але сам гэты лірычна герой да асобы аўтара меў даволі апасродкаванае дачыненне. Ступень аўтабіяграфізму тут можна параўнаць з тым, што мае месца ў версэйных паэмах сярэдзіны 1970-х гг. («Паэма рыбіны» і «Паэма сланечніка»), дзе апісваюцца рэальныя варункі дзяцінства аўтара з канкрэтнымі персанажамі (сястра, бацька, Тэкля) у святле вобразаў і алегорый.

У версэце «Маленькія ночвы» (1994) паэт звяртаецца да дзяцінства, каб пашырыць свой духоўны досвед, лепей зразумець пэўныя прычыны сябе-такога-які-ёсць. Тут ізноў ёсць сказ, што ўводзіць у пэўную сітуацыю – без дэталяў, тлумачэнняў, абгаворванняў яе. Ад гэтага сказу адштурхоўваецца далейшая дзея: «Нехта стукае ў дзверы» [104, с. 23]. Сказ адасоблены ад наступнай страфы чыстым радком і ўяўляе закончанае звышфразавае адзінства.

Я доўга, не ведаючы, хто гэта стукае, не адчыняю, а калі адчыняю, бачу: стаіць за дзвярыма бацька з маленькімі ночвамі ў руках [104, с. 23].

Ізноў жа – нічога лішняга: няма апісання знешняга выгляду бацькі, пачуццяў лірычнага герояй, зрэшты, нейкага тлумачэння, чаму лірычны герой проста не можа спытаць, хто за дзвярыма. Бацька кажа: «Пакуль ты мне адчыняў, я схадзіў пад царкву і ўзяў вось гэтыя ночвы, каб і м і стукаць у дзверы. / Ці помніш ты гэтыя ночвы: ты ў іх купаўся, калі быў малым...» [104, с. 29].

Невытлумачальна, чаму бацька хадзіў па ночвы «пад царкву», але відавочна, што «дзверы», у якія грукаецца бацька тымі (свянцонымі?) ночвамі выступаюць метафарай падсвядомага, з якога гэты вобраз з’явіўся. На гэта ўказвае і далейшая (заключная) страфа, дзе «дзверы» ўжытыя наўпрост у алегарычным сэнсе: «Я гляджу на маленькія ночвы і, нібы ўва мне адчыняюцца нейкія дзверы, у іх пазнаю, што і помніць не помню, што згадваць не згадаю і што не мае ні вобразу, ні наймення, а мае мяне самога, – / с в а ё» [104, с. 29].

Праз вобразам маленькіх ночваў, сімвал маленства, цвердзіцца пра тое, што на шляху да свайго сапраўднага сутва трэба ісці не толькі «наперад», але і «назад», да сваіх каранёў, углыб сябе. А карані Разанава, звышэрудаванага, начытанага, авалодаўшага некалькімі славянскімі, літоўскай, нямецкай мовамі, – растуць з вёскі Сялец, ад бацькі, «вясковага анучніка», гэтых кранальных маленькіх ночваў, і нават – з «дрыгвянога бязмежжа», якое трэба было агораць на шляху да гэтых высокіх узораў інтэлектуальнай паэзіі.

Акрамя паўтаральных тэмаў, у версэтах Разанава існуюць і персанажы, што пераходзяць з тэксту ў тэкст. Так, вельмі адметны вобраз бацькі сустракаем, апроч разгледжанага, у версэтах «Змеі», «Нож з драўлянымі тронкамі», «Бацькавы рэчы». У «Змеях» і «Тыгры» прысутнічае і вобраз Тэклі, што ўпершыню ўзнік у «Паэме сланечніка». Шырока ўводзіць паэт у тэкст і іншыя асабовыя імёны – як правіла, гэта імёны ці мянушкі яго былых аднавяскоўцаў, сяброў дзяцінства. Яны могуць складаць нават загаловак версэта («Гаворка Саша», «Іван Гуговіч», «Сяргей Цыган», «Ляснік Амелька»). Адзін з першых выпадкаў увядзення такога «народнага» імя ў твор меў месца ў паэме «Было балота» (экскаватаршчык Абравец).

Наогул загаловак грае ў версэце адмысловую ролю. На яго значнасць указвае ўжо той факт, што з усяго творчага набытку А. Разанава (па нашых падліках – болей за дзвесце «адзінак») не набярэцца і дзесятка версэтаў, якія не маюць назвы. Часта яна складаецца з аднаго слова – аб’екта, ключавога вобраза, вакол якога будуецца тэкст, і адразу ўводзіць у пэўнае тэматычнае кола («Зброя», «Апора», «Шыльдачкі», «Камяні», «Змеі», «Дрэвы», «Госці», «Рэчы», «Заваёўнікі» і інш.). У некаторых ранніх версэтах сустракаецца прыслоўная назва. Так, у невялікім па памеры творы «Дарэшты» (1980) – адным з першых версэтаў Разанава – назва засяроджвае ўвагу на ключавым слове, якім гэты твор заканчваецца, і ўсё лагічнае развіццё версэта выбудоўваецца да гэтага слова-выніка. У іншым творы, «Навобмацак» (1981), наадварот, ключавое слова стаіць напачатку, і ад яго як бы «адштурхоўваецца» тэкст. У «Дарэшты» ж рух паэтавай думкі – рушанне да загадзя вызначанага пункту.

Прыслоўныя назвы сустракаем не толькі ў першых версэтавых спробах паэта. Твор «Адгэтуль» (1986) – цікавы прыклад версэта, дзе ключавое слова хаця і стаіць у канцы, але сэнсава яно не завяршае, а хутчэй вяртае да пачатку аповед. Паэт увесьчасна вынаходзіць новыя прыёмы, спрабуе здзіўляць, абнечаканьваць чытача. У апошніх дзвюх строфах заключана паведамленне, якое можна інтэрпрэтаваць, як свайго роду паэтычнае крэда А. Разанава сярэдзіны 1980-х: «Але не магу я вярнуцца туды, дзе ўжо быў, – проці сваіх слядоў, / і не магу затрымацца тут, дзе знаходжуся сёння. / Мая прастора – мяжа. / Мой час – вастрыё. / Мой шлях – шлях агню: адгэтуль» [99, 51]. У пазнейшых версэтах можна канстатаваць з’яўленне ў назвах займеннікаў: неазначальных («Нешта» (1997), «Нехта» (1999)) і азначальнага («Кожны» (2005)).

Бывае,штодляназвырозныхтвораўрознагачасупаэтскарыстоўвае адно і тое слова, ставячы парадкавы нумар. Так сталася з версэтамі «Рэчы» і «Заваёўнікі», якія ўпершыню з’явіліся ў кнізе «Вастрыё стралы» і з цягам часу аформіліся ў паэтычныя цыклы. У кнізе «Лясная дарога» гэтыя творы сабраныя разам у адпаведныя нізкі з указаннем гадоў стварэння (цыкл «Заваёўнікі» ў поўным аб’ёме ўпершыню быў надрукаваны ў першым нумары часопісу «Arche» за 2002 год). «Рэчы» і «Заваёўнікі» – самы пераканаўчы прыклад статычнасці жанравых межаў версэта, іх герметызма. Так, першы версэт цыклу «Заваёўнікі» датуецца 1982 г., «Рэчы» 1983 г., а апошнія (у абодвух выпадках) – 2001 г. Пры гэтым, стварэнне працягаў цыклаў адбывалася спарадычна: напрыклад, прамежак паміж першым версэтам (кніга «Вастрыё стралы») і двума наступнымі («Паляванне ў райскай даліне») складае роўна дзесяць гадоў. Як кажа сам паэт, яны пісаліся «наплывамі і ўсё яшчэ застаюцца дарэшты не выказанымі» 10–А, с. 179] – таму не выключана, што чытача чакае працяг.

Перш як перайсці да разгляду твораў з названых цыклаў, варта абмовіцца, што друкаваны ў «Arche» варыянт «Заваёўнікаў» адрозніваецца ад пазнейшай рэдакцыі (з кнігі «Лясная дарога»): ён карацейшы на чатыры часткі, мае шэраг зменаў у словаформах твораў 2001 г., а таксама – версэйнае раздзяленне на строфы ўнутры частак (графічны запіс у часопісным варыянце зроблены паводле верлібравага прынцыпу). У нізцы «Рэчы» падобных разыходжанняў не заўважана. Усе далейшыя цытаты абодвух цыклаў прыводзяцца згодна з апошняй рэдакцыяй.

Яны ідуць па чужой зямлі. / Кожны іх крок – парушэнне невідавочнай мяжы, якая ўтрымлівае іх саміх у іхніх абліччах, у іхніх імёнах, у іхніх жыццях…/ Яны выходзяць з сябе: скура старых забаронаў выварочваецца на левы бок. / На іх наведзена пільная лінза нябёсаў. / Сярэдзіна свету перамяшчаецца разам з імі. / За імі гарыць зямля. / Яны не змогуць вярнуцца» [108, c. 181].

Такі першы версэт цыклу «Заваёўнікі». Тут, як і надалей, слова, што стаіць у загалоўку, наўпрост не вымаўляецца ў самім тэксце. Трэба меркаваць, што яго замяняюць асабовыя займеннікі: у першым і трэцім версэтах «яны», у астатніх – «вы». Хто ж «яны» такія, каго мае на ўвазе паэт пад гэтым найменнем? Адназначнага адказу на гэта ў тэксце не знойдзем. Няма і сказа-выніку, у якім даваліся б якія-небудзь тлумачэнні, але ёсць, так бы мовіць, сказы-ключы. Тэкст «Заваёўнікаў» поўны алюзіяў ды іншасказальнасці, гэта свайго роду загадка, якую чытач мусіць разгадваць, паступова рухаючыся следам за думкай і вобразамі паэта – ад версэта да версэта, праз гады асэнсавання. Такім чынам, разам з аналізам жанрава-стылёвых адметнасцей і іх эвалюцыі паспрабуем наблізіцца да ідэю твора, крыху праясніць-расшыфраваць аўтарскую задуму.

У вышэйпрыведзеным версэце, як бачым, няма раздзялення на строфы. Кожны сказ пачынаецца з чырвонага радка і мае паўтаральную сінтаксічную канструкцыю, лагічна залежную ад папярэдняга – як вынік – і ад слова «Заваёўнікі», пазначанага ў загалоўку. Кожны сказ дае яму пэўную характарыстыку. Гэткі ж прынцып так ці інакш захоўваецца ва ўсіх далейшых версэтах. У творы, што ўвайшоў у кнігу «Паляванне ў райскай даліне» пад назвай «Заваёўнікі-ІІ» (разам з парадкавымі трэцім і чацвёртым) сярод іншага ёсць такое дапаўненне да характарыстыкі: «Бы жменя зярнят, сыпанутых у неабсяжнасць, вы несяце з сабой старажытны – і зноў абуджаны – змест. / І кожны жыхар, кожны дом, кожны камень і дрэва заваяванага краю маюць да вас асабістае дачыненне і мусяць сустрэцца сам-насам з вамі, каб нешта – ужо забытае – зноў убачыць і зноў зразумець […] / Вы – першыя: нібы жанчына, чужына вас вабіць у глыб непазбежнасці – у нябыт [108, c. 181 – 182].

Такім чынам, ужо можам акрэсліць шэраг ключавых слоў, што маюць рэгулярную паўтаральнасць у тэксце: яны (вы) – г. зн. заваёўнікі, што «ідуць па чужой зямлі», сама гэтая зямля («заваяваны край») і шлях па ёй як «парушэнне невідавочнай мяжы». Асэнсаванне паэтам гэтага шляху цягам розных гадоў змяняецца, як карэктуеццаўдакладняецца і змест ключавога вобразу. Так, у чацвёртым версэце (датуецца 1993 г.) з'яўляецца іншы план пагляду, які ўзнікае пасля ўвядзення новага матыва – пошуку ў «іх» (Заваёўніках) ідэі Бога.

Бог абірае таго, хто сам сябе здольны абраць», – вы пераконваеце з дня ў дзень рэчаіснасць, / а яна гэтаксама, з дня ў дзень, пераконвае вас, што Бог, якога вы маеце, мёртвы, / што Бог, якога вы маеце, – с м е р ц ь [108, c. 183].

Адсюль вырастае небяспечная філасофія ўседазволенасці. А. Разанаў не асуджае. Ён канстатуе і аналізуе, сягаючы ў сваіх развагах псіхалагізму прозы Дастаеўскага поруч з сугестыўнасцю вершаў Настрадамуса, што найбольш праяўляецца ў творах 2001 г. (часткі VI – XVI).

Што дазваляецца чалавеку, калі няма Бога, і што дазваляецца, калі ёсць, – пытаецца ў вас то адна, то другая думка, а вы – па-за думкай і паза думкай, і шлях ваш просты і востры, быццам лязо нажа [108, c. 187].

Следствам адмаўлення Бога, а г. зн. – беспакаральнасці за ўчынкі, узнікае ілюзія вышэйшасці, адасобленасці ад «простых смяротных». Прыгадаем: ніцшэанскі Заратустра адкрыў у сабе «звышчалавека» пасля таго, як зразумеў, што Бог памёр. Ідэя, заладзеная ў вобразе разанаўскіх Заваёўнікаў, блізкая да ідэі нямецкага філосафа, паводле якой чалавек характарызуецца як канат, што нацягнуты паміж жывёлай і звышчалавекам (г. званы «канат над прорвай») [гл.: 78, с. 13]. Падобны матыў духоўнай разарванасці выразна гучыць ужо ў ранніх паэмах А. Разанава (з «Паэмы незавершанага сказа»: «гэта я, / ні аб'ект, ні суб'ект, проста я: / бог, вар'ят і пачвара…»).

За вамі ўзнікаюць і апярэджваюць вас пагалоскі, што вы не людзі, і дзіўная радасць, што вы сапраўды не людзі, вам укладаецца ў грудзі і вас уздымае над смерцю і над жыццём [108, c. 187].

Так, паэт не асуджае, але адасабляецца ад аб'екту апісання праз тое самае «вы», хаця тут можна ўбачыць і пэўныя перагуканні з яго ранейшымі творамі. Версэт – не той жанр, які фармулюе. Паэт не прадукуе тут філасофскія сентэнцыі, падносячы іх у завершаным выглядзе. Для гэтага існуюць зномы, сціслыя і ёмістыя філасафемы. У версэтах пакідаецца месца для дадумвання, адбываецца гульня з сэнсамі, ідэямі, пераасэнсаванне матываў, якія ўжо спрабаваліся быць раскрытымі. Так, у версэце «Sumus ne simus» (1992) паэт уздымае праблему адмаўлення быцця ў звыклых межах, што ў трансфармаваным выглядзе прысутнічае і ў «Заваёўніках».

«Мы не такія, мы іншыя, але мы апынуліся тут, і тутэйшае наваколле пераконвае нас няспынна, што мы гэтакія, як усе» [102, c. 26] – апісвае паэт сваё пачуванне не-на-сваім-месцы, укладаючы ў гэтае «мы» настрой цэлага пакаленя беларускай інтэлігенцыі, змушанага пражываць жыцці ў амаль варожых умовах, не здольнага напоўніцу раскрыць свой унутраны патэнцыял... «Мы не такія, мы іншыя, але мы апынуліся тут, і тутэйшае наваколле перакновае нас няспынна, што мы гэтакія, як усе» [102, c. 26]. Разанаўскае «Sumus ne simus» («Мы ёсць, каб не быць») успрымаецца як пераасэнсаванне ідэй філасофіі экзістэнцыяналізму (прыгадаем «Быццё і нішто» М. Хайдэгера [129]) і, адначасова, як перадумова да вядомай канцэптуальнай высновы беларускага філосафа Валянціна Акудовіча «Мяне няма» [2].

У дзевятай частцы «Заваёўнікаў» знаходзім іншую трактоўку гэтай праблемы: «З мноства магчымасцяў, што паўстаюць перад вамі, вы абіраеце тую, што вас разумее найбольш, найглыбей, найпаўней, – н е м а г ч ы м а с ц ь, / і чорныя сонцы ўглядаюцца вам у вочы, / а смага вас поіць горкай вадой. / Быццам даецца святое, якое аддацца назад не можа, вам давяраецца даўняя таямніца пра тое, што азначае насамрэч не быць (вылучана намі. – А. І.) [108, c. 185 – 186].

Стан небыцця, выяўлены ў версэце «Sumus ne simus», адрозніваецца ад стану Заваёўнікаў тым, што іх ніхто не змушае «не быць», яны самі, у сілу сваіх унутраных акалічнасцей, абіраюць шлях да яго. Шлях «углыб сябе», бо, чытаем далей: «У сарцавіне рэчаў няма іх – рэчаў, / і ў сутнасці чалавека няма яго – чалавека, / і шлях ваш углыб сябе» [108, c. 186].

Паэт, відавочна, намагаецца ўнікаць банальнасцей, што ў развагах пра жыццё і смерць зусім не проста. Думку, закладзеную ў заключным версэце цыклу, можна сфармуляваць «простымі» словамі: усе роўныя перад смерцю. Альбо перад Богам. «Свята», што збірае гасцей, сімвалізуе канец, завяршэнне місіі чалавека на гэтым свеце. І кожны, колькі б багацця ён ні назапасіў за жыццё, колькі б ні заваяваў улады і пашаны, роўны перад паглядам «відушчага вока». Таму – ці апраўданы шлях заваяванняў? Ці не правільней ісці шляхам пашырэння свядомасці, адкрыцца свету і… гэтак заваяваць яго?

З усіх канцоў свету збіраюцца госці на свята, і свята спявае. / Паспеў небывалы ўраджай, і час, завяршаючыся, падрыхтаваў усім падарунак. / Апошнім прыходзіць жаніх і смерць бярэ за нявесту. / Расплюшчылася – і з груды старога рыззя глядзіць відушчае вока.

Як бачым, першапачатковы сэнс, укладзены ў вобраз Заваёўнікаў, змяняецца-мадэлюецца ў версэтах 2001 г. параўнальна з ранейшымі. Сам тэкст становіцца больш алегарычным і сугестыўным. Як азначалася на пачатку, чытачу не прадастаўляецца разгадка, алегорыі нібыта ўсё болей заблытваюць, адводзячы ад канкрэтыкі. «Не выказаныя дарэшты», «Заваёўнікі» чакаюць працягу.

Што да жанрава-стылёвых рысаў, то яны паўтараюць асноўныя прыёмы і фігуры, уласцівыя форме версэта (паралелізмы, градацыя, прытчавая інверсія). Асноўнай асаблівасцю бачыцца сэнсавая незавершанасць гэтых твораў, пэўная недагаворанасць кожнай асобнай часткі, што патрабуе развіцця. Канстатавальны тон з часам саступае месца алюзійнай тканіне, мове вобразаў ды іншасказанняў. Усё гэта, а таксама сам прынцып складання і нумарацыі частак твора набліжае «Заваёўнікаў» да верлібравых паэм Разанава 1990-х («Гліна», «Камень», «Жалеза»). Сэнсава і тэматычна яны таксама перагукаюцца. Нехарактэрным для версэтавай формы бачыцца некалькі прыкладаў гукапісу і ўнутранай рыфмоўкі, якія, вядома, толькі ўзбагачаюць тэкст: «Агольвае вострыя лёзы лёс» [108, c. 181], «шлях ваш просты і востры» [108, c. 187], «Зман расстаўляе пасткі, і безаблічныя маскі ўядаюцца ў твары», «Адтуліны цэляцца ў целы» [108, c. 188].

Цыкл версэтаў «Рэчы» складаўся паралельна з вышэйразгледжаным і гэтаксама ж часткова ўваходзіў у зборнікі паэта: першы версэт (1983) – у кнігу «Вастрыё стралы», «Рэчы-ІІ» (1992) – у «Паляванне ў райскай даліне. Трэцяя частка створана ў 1999 г., чацвёртая – дзесятая – у 2001 г.

Як не раз заўважалася крытыкай, канцэпт рэчы ключавы ў творчасці А. Разанава. У артыкуле Евы Лявонавай «філасофія рэчы» Разанава – «уласна рэчы і рэчы – жывой істоты, рэчы прыроднай і рэчы-з'явы» [69, с. 40] асацыюецца з традыцыяй класічнай еўрапейскай літаратуры Ding-Gedicht («верша на прадмет», аб прадмеце, верша-прадмета, верша-рэчы) [69, с. 35]. Яна параўноўваецца з набыткамі аўстрыйскага бідэрмаера, узорамі вершаў-рэчаў Шарля Бадлера і «новай рэчавасцю» Райнера Марыі Рыльке.

Сапраўды, «філасофія рэчы» ці, іншымі словамі, мастацкі метад, скіраваны да асэнсавання матэрыяльных прадметаў і з'яў рэчаіснасці, асноўнымі рысамі якога мы называлі сузіральнасць і медытатыўную засяроджанасць на аб'екце адлюстравання, працінае ўсю твочасць А. Разанава. Найбольшую выражанасць гэты метад атрымаў у эксперыментальнай форме вершаказаў, гаворка пра якую ніжэй, а таксама ў вытворнай ад яе формы «Wortdichte» (у перакладзе з нямецкай – вершасловаў), твораў, ад пачатку створаных па-нямецку.

Калі ў вершаказах паэт «дае магчымасць» найменням рэчаў, як ён сам кажа, «расказаць пра сябе» [134, с. 7], гуляе сугуччамі і фанетычнымі адценнямі, супастаўляе іх на ўзроўнях розных моўных сістэм, то ў версэтах, аб’яднаных пад назвай «Рэчы», адбываецца асэнсаванне самога гэтага панятку – р э ч ы.

Раскопваюць гарадзішча.

Выкопваюць рэчы.

Вось рэч-рука, вось рэч-нага, вось рэч-моц, вось рэч-улада...

Рэчы – апошняе цела людзей, якое жыве найдаўжэй.

За рэчы трымаюся, аб рэчы абапіраюся, атрымліваю ў спадчыну рэчы...

Рэчамі мераецца мой час, акрэсліваецца мая прастора, без іх я губляюся, без іх я знікаю, без іх я нічога не значу сам.

На торжышчы, дзе ўсё набываецца і прадаецца, пытаюся ў рэчаў, як іх завуць.

Яны называюць мае імёны [108, с. 190].

У прыведзеным уступным версэце ўжо прысутнічае лейтматыў да ўсяго цыклу, які ўбірае амаль усе ключавыя матывы: рэч як адзінка выямрэння чалавечага быцця, як тое, што застаецца, каб сведчыць пра свайго ўладара («Рэчы – апошняе цела людзей, якое жыве найдаўжэй»); рэч як асноўны складнік усеагульнай сістэмы куплі-продажу і, зрэшты, рэч як тое, чаму чалавек дае імя, хаця насампраўдзе толькі праектуе ў ёй сваё сутво (заключная страфа). «Рэчы – ўцялесненае м а ё» [108, с. 191] – зацеміць паэт праз пятнаццаь гадоў (трэці версэт).

Сістэма матэрыяльных каштоўнасцяў чалавецтва, як выяўляецца, зводзіцца да залежнасці ад рэчы: «...усё, чым багаты мы, – гэта рэчы, і ўсё, перад чым мы аказваемся багатымі, – яны» [108, с. 191]. І чалавек не можа ігнараваць гэтую сістэму. Разанаў выўляе гэта праз дасціпную алегорыю пра Яна (персанаж з такім імем, дарэчы, сустракаецца яшчэ ў двух самастойных версэтах – «Ян», 1997 г. і «Шэрыя гусі», 2003 г.), які трапляе ў нейкі горад, дзе «ніхто не бярэ яго на работу і не мае ніякай патрэбы ў ім / Доўжацца дні, не прыносячы зменаў, і тады Ян становіцца на ўзвышэнне і прыкідваецца, што ён – рэч» [108, с. 191]. І чалавек, які ператварыўся ў рэч («гэтая рэч» – кажа цяпер пра яго аўтар), адразу звяртае на сябе ўвагу, становіцца цікавым для іншых: «...усе, хто ні ёсць на пляцы, здзіўляюцца ёй, захапляюцца, пляскаюць ёй у ладкі, заахвочваючы, каб паказала, на што яна здатна яшчэ, і, у аддзяку, кладуць у пакладзеную побач шапку хто марку, хто дзве» [108, с. 192]. Гэтае з’явішча, верагодна, падгледжана ў нейкім еўрапейскім горадзе, дзе апісанае рамяство мімаў карыстаецца вялікім попытам.

У «Рэчах» таксама выяўлена скразная для творчасці А. Разанава тэма шляху да Бога, духоўнага прасвятлення: «Калі-нікалі нас наведвае адчуванне, што мы на парозе: хвіліна – й абвесціцца перамога, дзе пераможцаў няма». Але штосьці не дае канчаткова перамагчы ў сабе спажыўца, падначаленага рэчаў – «...мы ступаем далей – і нас разбіраюць знаёмыя нам заняткі, і рэчы, адна за адною, купляюць нас» [108, с. 194]. Чалавек, які прадаў сябе рэчам, як вынікае з тэксту, губляе Бога. Для чалавека, які сам становіцца рэччу, і Бог – яго рэч: «Нам цяжка, амаль немагчыма, даўмецца, чаму нас пакінуў і не бярэ сабе нанава Бог: магчыма, мы надта належым сабе і Бог для нас нехта ці нешта, як рэч ці асоба...» [108, с. 194]. Замест сябе Бог пакідае рэч. Шлях да свету рэчаў – шлях Заваёўніка, шлях аддалення ад Бога: «І Бог, пакідаючы нас, нам укладае ў рукі прыладу, якою парадкуецца рэчаіснасць, – / рэч» [108, с. 192].

«Рэчы» шмат у чым перагукаюцца з «Заваёўнікамі», у тым ліку – у роздуме над «апошняй мэтай», выяўленні сапраўдных жаданняў, прызначэння людзей, якія, як заўжды, «не ведаюць, што дзеяць». Пар.: «Яшчэ мы не здзейсненыя, і змены трывожаць наш розум: мы нават не ведаем, што нам належыць думаць і што – жадаць» [108, с. 192] («Рэчы-V») і: «Ніхто не ведае вашай апошняй мэты, і нават вы самі» («Заваёўнікі»-ІV).

Лірычны герой «Рэчаў», Ян, – знаходзіцца на шляху пошуку. Дзеля выйсця з-пад улады свету рэчаў, ён прыходзіць да ідэі «нябыту», што проціпастаўляецца блізкаму ў гучанні (і не менш) ілюзорнаму па сутнасці слову «набыткі». Гэтая ідэя, блізкая да дэкадансавай ідэі «Nihil» («Нішто»), займае для Яна месца вярхоўнага боства, да якога ён скіроўвае сваю «малітву»:

Прыйдзі і ўсталюй сваё валадарства і выбаві нас з абдымкаў нашых набыткаў, н я б ы т!.. [108, с. 193].

Паняцце «нябыт», што рыфмуецца з «набыткамі», на нашую думку, тут не тоеснае смерці фізічнай. Гэтае слова ўздымаецца да абстрактнага сімвалу не-бытавога (ня-быт) і мае на ўвазе метамарфозу да светапогляду чалавека, які жадае пазбавіцца спажывецкага меркантылізму, «улады рэчаў». Падобны матыў адмаўлення ад мірскіх законаў заўважаўся і ў традыцыйных вершах А. Разанава, і ў паэмах сярэдзіны 1970-х, і ў версэтах («Sumus ne simus»). Пошук Яна грунтуецца на адмаўленні рэчавасці. Гэта алегарычнае ўвасабленне пошуку вандроўніка, якому наканавана ўвесьчасна знаходзіцца ў дарозе (прыгадаем «вандроўныя» пункціры, дзе самамэтай ёсць ужо не столькі пошук, як назіранне, сам працэс): «Ён штосьці шукае, але калі пытаюцца – што, адказаць не можа: тое, што ён шукае, напэўна, нельга ні ведаць, ні мець» [108, с. 195].

Відавочна, што рэчавасць і яе творчае асэнсаванне займае паэта цягам усёй яго творчасці і ў розных жанрах (найболей – у вершаказах). Бо «рэчы» – гэта тое, з чаго складаецца рэчаіснасць (найбольш вычарпальнае даследаванне рэчавасці як сімвала і яе адбітак у свядомасці змешчана ў кнізе Аляксея Лосева [65]; беларускі мастацтвазнаўца Юрась Барысевіч працягнуў распрацоўку праблемы рэчавасці ў кнізе сваіх філасофскіх эсэ «Alter Nemo» [18, с. 32 – 41]; творчае даследаванне рэчавасці адбываецца ў лірычнай прозе Барыса Пятровіча (гл. нізку мініяцюр «Непатрэбныя рэчы» [89, с. 268 – 305])). Здолець выявіць, зразумець рэч, паспрабаваць намацаць першасныя сэнсавыя канатацыі пэўнага архетыпу азначае лепей спасцігнуць рэчаіснасць, светабудову. Нездарма апошняя з кніг, дзе сабраныя разам і «мірна» суіснуюць амаль усе (апроч зномаў) эксперыментальныя формы, завецца «Рэчаіснасць». Аднайменны версэт з фармальнага гледзішча разбурае ўсталяваную ў пачатку – сярэдзіне 1990-х гг. полістрафічнасць жанру, вяртаючы яго першапачатковыя рысы – меншую ступень празаізацыі і лаканічнасць поруч з большай ступенню падтэкставасці. На прыкладзе версэтаў апошніх гадоў можам канстатаваць парабалічнасць у развіцці жанру, вяртанне да яго ранніх узораў (версэты «Падзея», «Пажары», «Навальніца», «Узвышша», «Кожны» і інш. з кнігі выбранага «Лясная дарога» [108]).

Гаворачы пра версэт як пра «паэзію думкі», мы ні ў якім разе не адмаўляем творчасці А. Разанава ва ўласна «паэтычнасці», сведчаннем чаму – шырокае скарыстанне адпаведных прыёмаў (інверсія, градацыя, усе віды паралелізму, гукапіс, рытміка-інтанацыйная арганізацыя), што былі разгледжаны вышэй. Гэтым словазлучэннем мы не пярэчым і тэзе Г. Кісліцынай пра перабольшанасць уяўленняў што да «складанасці» гэтай паэзіі: «Здаецца, няма таго філасофскага паняцця, якое б не паспрабаваў акрэсліць А. Разанаў. Між тым складанасць яго паэзіі часта толькі вонкавая, і той, хто ўзяў на сябе працу заглыбіцца, хутка адчуе, што няма ў яго творах разумовасці, абстрактнасці, якая асацыіруецца звычайна з працэсам пазнання» [56, c. 70].

Словы Разанава – не толькі паэтычныя, але і паэталагічныя – былі важкія, нечаканыя і патрэбныя для таго, каб зарадзіць сваёй энэргіяй 1980-я, яны «маглі ўсё пераварнуць у маладой галаве, змяніць усю жыццёвую праграму чалавека», як сведчыць Сяргей Дубавец, які сцвярджае, што менавіта вершы А. Разанава выклікалі да жыцця «Тутэйшых» і называе паэта «абсалютным кумірам для моладзі» 1980-х гг. [46, с. 56 – 60]. І сапраўды, дастаткова пагартаць першы і адзіны альманах «Тутэйшых» [125], каб адчуць яўную зараджанасць разанаўскай энергетыкай. З гэтага літаратурнага таварыства ўзгадавалася цэлая плеяда прафесійных літаратараў, якія, незалежна ад творчага тэмпераменту, эстэтыкі і гендэру – ці тое медытатыўная лірыка Таццяны Сапач і Ігара Бабкова, метафізіка Ларысы Раманавай, часаапісальныя творы Адама Глобуса і Паўла Змітрука, вытанчаныя вершы Людмілы Рублеўскай і Алеся Бадака,... – зазналі магутны ўплыў А. Разанава. Ягоная творчасць 1970-х – 1980-х гг. сталася пэўным эталонам, духоўным арыенцірам, імпульсам для пошуку новых сродкаў вобразнасці і выразнасці, што вывела беларускую літаратуру на якасна іншы ўзровень.

Шырока выкарыстоўваючы ў паэтычных творах дыялогі з сучаснікамі і папярэднікамі, тое, што пазней назавуць інтэртэкставай гульнёй, Разанаў стварае і новы тып літаратурна-крытычнага артыкулу, прынцыпы якога пазней скандэнсуюцца ў зномах. У іх паэт прапаноўвае ключ, выпрацоўвае тэзаўрус да асэнсавання ў тым ліку і ўласнай творчасці. Так, гаворачы пра Коласа і Купалу («Нататкі на дубовых лістах» друкаваліся ў «Вобразе» за 1983 г. [97]), А. Разанаў амаль не ўводзіць цытат для пацвярджэння сваёй думкі, яго займае сам працэс думання, фарумлявання і сачэння за логікай развіцця думкі. Яго мова выходзіць па-за межы звыклага нарматыўнага літаратуразнаўства, аперуючы такімі катэгорыямі і паняццямі (часам нават аказіянальнымі), як «ток мовы», «экстатычны і медытатыўны», «ультрагукавы і інтрагукавы», «энергетычнае дрэва творчасці», «дапаняційны сэнс», «іншаведанне» і г.д. Ён не будуе прычынна-выніковых ланцугоў і не выдае пэўную сваю думку як апошнюю інстанцыю, гэтым заклікаючы чытача да сумоўя, самастойнага думання, уцягвае ў працэс сутворчасці... У кожным сваім разважанні паэт пакідае месца для, кажучы яго словам, «невыказнага». І гэты «энергетычны аспект» надзвычай важны для характарыстыкі жанру версэта. Калі раней – напрыклад, у паэмах кніг «Каардынаты быцця» і «Шлях-360» – паэтычная энергетыка скіроўвалася навонкі, мова гэтых твораў была перанасычаная вобразнасцю, алюзійнасцю, інтэртэкстуальнасцю, ствараючы высокі градус стылёвай энтрапіі, то ў версэтах гэтая магутная энергетыка скіраваная ўглыб, у метафізічную засяроджанасць, ва ўнутраны дыскурс, дзе, урэшце, гэты «градус» паэтычнага напалу не меншы.

Паказальнае ў гэтым сэнсе і асэнсаванне У. Калеснікам творчых набыткаў А. Разанава, што выявіліся ў першых зборніках. Настаўнік і ўважлівы даследчык творчасці паэта цалкам слушна вызначыцьпрадбачыць далейшы накірунак дзейнасці А. Разанава, змену энергетычнага вектара ад знешняга да ўнутранага: «У паэтычным свеце Разанава няма спакою і супынку: прынцып жыцця ўяўляецца маладому паэту як бясконцая фарсіраваная дзейнасць без дзеяння [курсіў наш. – А.І.], дзейнасць духоўная, мазгавая, дзейнасць без дзеяння, без кінетычнай разрадкі жыццёвай энергіі[...]. Усё пяройдзе ў сваю супрацьлегласць, душа аслепне ад яснаты, сэрца закамянее ад шалёнага грукату. Покуль што ў маладога паэта духоўнай энергіі занадта многа, каб прыкмецілася пагроза чэрствасці, якая можа закрыць яму дарогу ў чалавечы блакітны бор...» [51, с. 374].

Проціпастяўляючы тэкстастваральныя прынцыпы, трэба адзначыць, што інтанацыйна версэты, дзе праз прычынна-выніковыя адносіны праяўляецца разумова-рацыяналістычны прынцып, набліжаюцца да пункціраў з іх звядзеннем вербальных канструкцый да мінімальнай колькасці знакаў. Так, інтанацыя версэта можа быць акрэслена як медытатыўная, што пашырае яго жанравыя асаблівасці, адмяжоўваючы ад такіх шырокіх паняццяў, як «верш-роздум (развага)» ці «паэтычны твор філасофскага зместу».

Вяртаючыся да жанравага вызначэння версэта, важным падаецца звярнуцца да артыкула Марыі Мартысевіч, якая ў сваім даследаванні маргінальных жанраў сучаснай беларускай паэзіі прылічае да апошніх, разам з «бяскрылкай», «грэгерыяй», «заўвагай» і «лімерыкам», верлібры і вершаказы А. Разанава. М. Мартысевіч следам за С. Кармілавым вызначае маргінальныя жанры нацыянальнай літаратуры як тыя, што паўстаюць на мяжы дзвюх адрозных сістэм (прыкладам, прозы і паэзіі). Гэтыя паэтычныя формы «амаль заўсёды ня маюць працяглай традыцыі ў гэтай літаратуры і займаюць пэрыфэрыйнае месца, маюць другаснае значэньне ў параўнаньні з асноўнымі (традыцыйнымі, стрыжневымі, магістральнымі) жанрамі пэўнай літаратуры» [73].

На нашую думку, вызначэнне названых аўтарскіх жанраў А. Разанава як маргінальных магло б быць прынятае з той агаворкай, што такімі яны былі на пачатку свайго з’яўлення – у 1980-я гг. На сёння ж версэты, вядома, у большай ступені, чым вершаказы (дададзім сюды яшчэ і пункціры), падаюцца калі не магістральнымі, дык цалкам паўнавартаснымі формамі для беларускай паэзіі, сведчаннем чаму вялікая колькасць паслядоўнікаў разанаўскай паэтыкі рознага веку і эстэтычных поглядаў. Cярод тых, хто аднымі з першых у сваёй творчасці звярнуўся да паэтычнай формы, набліжанай да версэта А. Разанава, найперш трэба назваць імёны А. Сыса, У. Арлова і А. Мінкіна.

На эстэтычнай сістэме А. Сыса, культавай фігуры для беларускай паэзіі 1980-х, ляжыць магутны адбітак творчасці А. Разанава. А. Сыс «ад пачатку дэклараваў сябе вучнем Разанава» [46, с. 61]. Паэт прызнаваўся: «Шлях-360» я прайшоў тысячу і адзін раз, і шмат у чым мой шлях пачаўся ад яго23» [122, с. 395]. І хаця большая частка вершаў А. Сыса выкананая ў сілаба-танічным ключы, яго версэты і верлібры («Жанчына», «Чалавек, які падтрымлівае агмень», «Вужака», «Радзіма», «Кола») уяўляюцца важкімі, нават знакавымі тэкстамі для айчыннай паэзіі. Яны – і фармальна, і канцэптуальна – успрымаюцца як наследаванні творчаму метаду А. Разанава. Напрыклад, верш А. Сыса «Пацеркі» мае яскравую версэтавую структуру: ён напісаны версэйнай прозай і складаецца з трох звышфразавых адзінстваў. Графічна выглядае, што дадзены верш у большай ступені рытмізаваны за «класічны» версэт Разанава, але гэтая графічная разбіўка на радкі не нясе вялікай інтанацыйнай нагрузкі: пры версэйным запісе, падаецца, нічога б у інтанацыйным плане не знікла: «Гэтыя драўляныя пацеркі з шыі маёй бабулі / насампраўдзе бурштынавыя. Штоночы яны / падкочваюцца да маёй галавы / і самотным голасам / пытаюцца пра сваю гаспадыню» [121, с. 7]. Паводле Г. Кісліцынай, сярод беларускіх паэтаў маладзейшай генерацыі «найбольш блізка стаіць да Разанава А. Сыс». Даследчыца адзначае сугучнасць гэтых паэтаў у імкненні «зазірнуць пад знешнюю абалонку слова, раскрыць унутраны сэнс праз асобныя фанемы...» [56, 96].

Першы паэтычны зборнік У. Арлова выйшаў у 1991 г. У анатацыі да яго наогул скарыстоўваецца жанравая пазнака разгляданай намі разанаўскай формы. Падаецца вартым прывесці тут частку гэтай анатацыі: «У кнізе сабраны вершы-версеты, якія ўзніклі на памежжы паэзіі і прозы, у тым магічным полі, дзе будзённае сустракаецца з ірэальным, сённяшняе пранікае ў далёкае мінулае, а мінуласць ператвараецца ў прышласць. Творы аб’ядноўвае адвечны матыў пошуку суладнасці паміж чалавекам і светам...» [7, с. 2]. Раннія творы У. Арлова, відавочна, з'яўляюцца наследаваннямі версэтаў А. Разанава: у іх гэтак жа сінтэзуюцца верлібр і верш у прозе (версэ); у тэматычным плане яны маюць справу найперш з анталагічнымі альбо архетыповымі аб’ектамі і праявамі рэчаіснасці («Студня», «Гарышча», «Асуджаныя» і інш [гл.: 8]). У. Арлоў, як і іншыя паэты пачатку 1990-х, зацвярджаў-замацоўваў права версэта на жыццё. Пазнейшыя творы гэтага аўтара вызначаюцца зваротам да верлібра пераважна з эпічнай-апісальнай фабулай [9].

Творчасць А. Мінкіна, як і ў выпадку з А. Сысом, у большай ступені сілаба-танічная, але ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х ён таксама захапіўся версэтам. Так, ягонае «Апошняе казанне Белабога» [гл.: 76, с. 68 – 75] напісанае версэйнай прозай. Паказальна, што разанаўская паэма «Гліна», якая створана як мінімум на чатыры гады пазней за аднайменны верлібр А. Мінкіна, мае з ім амаль даслоўныя перагуканні: «Тыцкаюць тварам у гліну: / рана ці позна вернешся ў гліну! / Яна не гідлівая – / кожнага прыгорне і адтуліць... / Яшчэ не ведаю, / што шкарлупіна з гліны / бароніць мяне ад гліны» [76, с. 60].

Сярод маладзейшых апалагетаў разанаўскай формы варта вылучыць В. Слінко, які ў сваім першым паэтычным зборніку «Апошні снег» якасна трансфармуе і пашырае яе тэматычны план. Яго творы вызначаюцца лірызмам і большай скіраванасцю да асабовасці («Павук», «Арэлі», «Шкло», «Арган» і інш. [117]).

Пасля выхаду кнігі «Вастрыё стралы» творчасць А. Разанава прыцягнула ўвагу культурных дзеячоў Польшчы – перадусім беларускай дыяспары, якая скарыстала назву аднаго з разанаўскіх версэтаў для наймення штогадовага польска-беларускага семінара літаратараў «Бязмежжа», які ладзіцца з 1996 г. (падрабязна пра гісторыю семінара, культурны кантэкст таго часу і ўплыў на яго А. Разанава гл. артыкул Міколы Ваўранюка ў беластоцкім часопісе «Правінцыя» [28]). У блізкім да разанаўскагажанрава-тэматычным полі працуе вялікая колькасць беларускіх паэтаў Беласточчыны рознага веку, сярод якіх найперш варта адзначыць творчасць Надзеі Артымовіч і Міры Лукшы. У суаўтарстве з першай у А. Разанава выйшла арыгінальная па задуме кніга «Дзверы», дзе творы Н. Артымовіч, структурна вельмі набліжаныя да жанру версэта, як бы датлумачваюцца разанаўскімі «маргіналіямі», якія, «удакладняючы тапаграфію вершаў і актывізуючы сэнсы, што тояцца ў іхняй даволі герметычнай, прасторы, уводзяць вершы ў кантэкст дыялогу» [11, с. 5]. І на сённяшнім этапе сваёй творчасці паэтка працягвае распрацоўку азначанага дыскурсу, сведчаннем чаму, напрыклад, – зборнік вершаў «Жоўтая музыка» [11]. Не меншай герметызаванасцю адзначаюцца і творы М. Лукшы з кніжыцы «Ёсць» [68], якія ёсць відавочным наследаваннем творчай манеры А. Разанава і могуць быць суаднесенымі з яго версэтамі і вершаказамі – як фармальна, гэтак і канцэптуальна.

Калі тым, хто следам за А. Разанавым пачынаў працаваць на сумежжы паэзіі і прозы даводзілася сцвярджаць права версэта і іншых «маргінальных» жанраў на жыццё, то для паэтаў пазнейшай генерацыі версэт стаецца ўжо даволі-такі звыклым жанрам. Верлібравая творчасць А. Разанава нават сталася аб’ектам для іранічнага пераасэнсавання выдаўцоў часопісу «Nihil» за 2002 г. – друкаванага органу сяброў творчых суполак «Новы фронт мастацтваў» (што пазней эвалюцыянуе ў «Другі фронт мастацтваў») і «Schmerzwerk», дзе пад прозвішчам паэта змешчаныя «Вытрымкі з асноўных правіл вядзення рознічнага гандлю і гандлёва-вытворчай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», графічна разбітыя на радкі на манер верлібру. Гэтым маладыя творцы, большасць з якіх працуе ў жанравым рэчышчы, пракладзеным А. Разанавым, як бы адпрэчвалі «традыцыю».

Сярод прадстаўнікоў суполкі «Другі фронт мастацтваў», што звяртаюцца ў сваёй творчасці да версэтавай формы, найбольш заўважныя дасягненні Змітра Вішнёва, Віктара Жыбуля, Вальжыны Морт, Вольгі Гапеевай і інш., хаця, як правіла, і канцэптуальнай агульнасці з метафізічнай засяроджанасцю версэта А. Разанава тут мы не знойдзем. Названыя творцы распрацоўваюць поле постмадэрновага творчага дыскурсу, дзе адбываецца гульня сэнсаў і кантэкстаў. Дзеля прыкладу прывядзем тэкст З. Вішнёва «Зачараваныя бландзінкі» з кнігі «Фараон у заапарку», які мае толькі фармальныя адносіны да версэта: «Вецер шкрабецца ў посудзе. Рэкі бурбуляцца прасамі. Вакол нас – самалёты. Гэткія маленькія аэрапланы – на лапавых пальцах. На далонях – зігзагі кратаў. На вуснах – ліпавы мёд. // Рукі свецяцца неонам. А вулей – быццам папона. А пад ёй... поні. // Рукі працягваюць белую цукровую цаглінку. // Зачараваную бландзінку». Як бачым, тэкст трымаецца на ўнутранай рыфмоўцы (неона/папона/поні, цаглінку/бландзінку). Рызыкнем выказаць меркаванне, што і сэнсавая яго частка цягнецца за гукапісам і абумоўленая найперш формай.

І нават такі паэт, як Андрэй Хадановіч, які яшчэ ў 2003 г. пазіцыянаваў сябе як прыхільнік выключна сілаба-танічнага вершаскладання [гл.: 130], на сённяшнім этапе сваёй творчасці актыўна карыстаецца верлібравым запісам (гл. яго кнігу «Бэрлібры24» [131]), часам даволі набліжаным да версэ, у чым мы бачым уплыў паэтыкі А. Разанава.

Славацкая даследчыца Івана Джундова ў артыкуле «Жыццё – вандроўніцтва» паспрабавала выявіць «тыпалагічную канфрантацыю» творчасці А. Разанава і Леаніда Дранько-Майсюка, дзе заўважыла некалькі кропак судакранання гэтых, на першы погляд, несудакранальных паэтаў [45].

Вышэй быў прыведзены далёка не вычарпальны пералік творцаў, у творчасці якіх адбываецца наследаванне форме, вынайдзенай А. Разанавым, але нават з прыведзенага можна зрабіць выснову, што версэт займае важкае месца ў сённяшнім паэтычным полі. Такім чынам, разгледзеўшы 25-гадовую гісторыю развіцця разанаўскага версэта, адзначым, што гэты сінкрэтычны эксперыментальна-аўтарскі жанр спалучыў у сабе верш у прозе (версэ) з элементамі верлібра, істотна размыўшы ці пашырыўшы межы паміж паэзіяй і прозай. У гэтым сэнсе сімвалічнай бачыцца памылка выдавецтва, у якім выйшла кніга выбранага «Танец з вужакамі» з серыйнай пазнакай «Беларуская проза ХХ ст.». Нягледзячы на адзначанае перагуканне тэм, вобразаў і матываў, іх перацяканне з твора ў твор, гэты «аўтэнтычны» жанр А. Разанава не падаецца вычарпаным, сведчаннем чаму – з’яўленне новых тэкстаў, якія чакаюць свайго ўдумлівага даследчыка [гл.: 107, 108].


2.3. Паэтыка «гукасэнсу»: тыпалогія і жанравая спецыфіка вершаказаў


Вершаказ – апошні па часе з’яўлення ў паэтычных зборніках (акрамя зномаў25, якія намі асобна не даследуюцца, а выкарыстоўваюцца толькі як тэарэтычны базіс з прычыны знаходжання па-за тэматычнымі межамі працы) і фармальна найбольш празаізаваны аўтарскі жанр А. Разанава. Упершыню яны з’явіліся ў кнізе «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), змест якой амаль цалкам і склалі. На нашую думку, гэта самая арыгінальная эксперыментальная форма паэта, яго творчая візітоўка.

Калі пры аналізе версэтаў мы, следам за А. Разанавым, казалі пра «сэнсарыфмаванне» складовых элементаў, то ў дадзеным выпадку маем справу з мастацкім феноменам «гукаадлюстравання» (Е. Лявонава [гл.: 70, с. 33]), – суадгукання на фанетычным узроўні, што з’яўляецца таксама тэкстастваральнай рысай квантэм. Сам паэт абазначае вобласць, у якой працуе, «сферай гукасэнсу», якая вырастае з «гульні на гуках» у квантэмах да нечага больш канцэптуальнага, таго, што складае рытміка-інтанацыйны падмурак яго паэтыкі: «... менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам, відаць, і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і вершаказы... Унутры вызначаных рытмаў, а мы ведаем са школьных яшчэ гадоў: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест – існуюць больш тонкія рытмы. І гэтыя рытмы спалучаны якраз з чалавечым голасам, з чалавечай інтанацыяй... У вершы важны не сам па сабе рытм, а якраз інтанацыя рытму, колер рытму... Вершы, мабыць, і ўзнікаюць як патрэба гэтай інтанацыі прабіцца, выявіцца, сказаць пра сябе» [134, с. 6]. Аўтар называе свой падыход да паэтычнай матэрыі новым станам мыслення, праз які выяўляецца «пачуццё, якое думае, разумее».

Нярэдка вобразы, запачаткаваныя ў квантэмах, выступаюць як творчы матэрыял для далейшых вершаказаў. Гэта добра ілюструецца, напрыклад, праз супастаўленне квантэмы («руіны запарушваюцца / рунь / уваскрашае руны / неба блізка» [95, с. 120]) і страфы з ранняга вершаказу пад назвай «Рунь»: «Рунь – руны зямлі, карункі грунту. / Яна зялёная, але ў яе «турме» ляжыць залатое руно» [101, с. 20]).

На прыкладзе гэтага ж твора добра відаць, што вершаказы (асабліва з кнігі «У горадзе валадарыць Рагвалод») маюць структуру, блізкую да іншай разанаўскай формы – версэта: тая ж падзеленасць на строфы, версэйная арганізацыя тэксту, наяўнасць сказу-выніку. У вершаказе «Рунь» сказ-вынік завязаны на дзеяслоўным аказіяналізме «рунлівее». Для тлумачэння яго этымалогіі прывядзем усю заключную страфу твора: «Аб ёй рупіцца Ярыла. / Яе жагнае вогненым заклёнам Пярун. / І чалавек, пазіраючы на яе, рунлівее норавам» [101, с. 20]. Гукаспалучэнне «рунь», якое абыгрываецца ў творы, і дзеяслоў «рупіцца» складаюць новае, кантэкстуальна абумоўленае паняцце. Падобны прыём рэгулярна скарыстоўваецца ў вершаказах.

Прыклад аказіянальнай словаформы назоўніка знаходзім у вершаказе «Птах» (прыгадаем разгледжаны вышэй версэт з той жа назвай). Тут аказіяналізм «птахчымасці» утвараецца на сутыку слоў «птах» і «магчымасці» [101, с. 113]. У вершаказе «Дым» аказіяналізм «невідзімнасць» створаны праз узаеманакладанне ключавога слова і рускай словаформы «невидимость».

Цяпер падрабязней спынімся на прыёмах, звязаных з алітэрацыяй і асанансам. Так, сярод найбольш характэрных спосабаў гукапісу ў вершаказах умоўна можна вылучыць наступныя: «просты», «адваротны», «анаграмны». Сутнасць самага распаўсюджанага, «простага», спосабу гукапісу ў скарыстанні кораня ключавога слова вершаказа ў нязменным выглядзе. Ключавое слова, якое сам аўтар называе «дамінантнай рыфмай» [134, с. 7], заўжды вынесена ў загаловак і з’яўляецца аб’ектам апісання-асэнсавання, яно «задае адпаведную інтанацыю, вызначае гучанне твора ў цэлым… яно валадарыць, пануе, сцягвае, збірае вакол сябе ўсе астатнія словы» (Е. Лявонава [70, с. 34]).

Словы,што«суадгукаюцца»здамінантнайрыфмай,нез’яўляюцца аднакарэннымі – іх карані на цяперашні момант аманімічныя (хаця магчыма, што пры гістарычна-параўнальным моўным аналізе яны вывядуць да нейкага аднаго старажынага кораня). Прадэманструем гэта на прыкладзе такіх словаў з вершаказу «Рунь»: «Грунвальд, руны, карункі грунту, руно, Пярун».

Слова, якое «рыфмуецца» простым спосабам, не абавязкова цалкам паўтарае корань ключавога і можа ўтрымліваць чаргаванне зычных і галосных. Напрыклад, у вершаказе «Горад»: градучае, ўзнагарода, гуртуе, агарод, пагарда (у словах узнагарода і агарод мае месца анаграмнае змяненне рыфмавай дамінанты); «Крыга»: Рыга, рыгво, Рыгведа, Грыга, крызіс (у апошнім слове [г]/[з] чаргуюцца згодна з правілам пераходу заднеязычнага ў шыпячы пры ў родным склоне назоўнікаў). Чаргаванне зычных пры простым спосабе часта не звязана з прынцыпамі глухасці – звонкасці, шыпячасці – свісцячасці і да т.п.: «дуб26» – «дужы», «парог» – «дарога». Не абавязковае і паўтарэнне ўсіх гукаў ключавога слова: алітэрацыя можа дзейсніцца ужо праз адзін склад (падобнае мы назіралі пры разглядзе квантэмаў): «жалеза» – «іржа», «пачатак» – «час», «нашча», «роспач»; «ступа» – «пуп» і інш. Рэалізуецца таксама рыфмаванне, дзе галосны чаргуецца ў пазіцыі паміж двух паўтаральных зычных: «дым» – «эдэм», «дыядэма», «крыга» – «харугвы» і інш.

Другі спосаб («адваротны») заснаваны на перастаноўцы гукаў, што складаюць дамінантную рыфму, у адваротным парадку. Тут, гэтак жа сама, як і пры простым рыфмаванні, дакладная перадача гукавога складу дамінантнай рыфмы не абавязковая: «дым» – «мытня» (чаргаванне па глухасці – звонкасці [т]/[д]); «горад» – «дарога», «дарагі»; «дуб» – «буда», «буду», «будуецца», «будучы» і інш. Варта адзначыць, што ў майстэрстве гульні з адваротнасцю слова А. Разанаў, бадай, пайшоў далей за свайго рускага калегу, майстра паліндрому27, А. Вазнясенскага. Сярод беларускіх паэтаў маладой генерацыі найдалей як прадаўжальнік гэтай традыцыі сягнуў Віктар Жыбуль з сваімі паліндромнымі вершамі і паэмамі [49].

Пры «анаграмным»28 ці змяшаным спосабе слова, што рыфмуецца, утрымлівае поўны ці амаль поўны набор гукаў ключавога, размешчаных у адвольным, часам часткова адваротным, парадку: «жалеза» – «залежы», «праца» – «шпацыр», «акно» – «ікона».

Прапанаваная класіфікацыя спосабаў рыфмавання ў вершаказах досыць умоўная. Тут мы паказалі найбольш частыя варыянты алітэрацыйных і асанансавых чаргаванняў, што скарыстоўваюцца ў розных творах. У межах аднаго вершаказу ўсялякая сістэмнасць разбураецца, чытач становіцца сведкам бліскучай імправізацыі, гульні з гукам, што адкрывае нечаканыя сэнсавыя адценні слоў і паняццяў. Паэзія, паводле А. Разанава, «у адрозненне ад жывапісу, не здольна «зафіксаваць» менавіта гэтае дрэва, менавіта гэтую птушку, менавіта гэтага чалавека. Але затое яна здольна на іншае – «фіксаваць» работу душы, якая спасцігае свет» [102, 219].

Ніжэй прапануецца размежаванне трох структурных тыпаў вершаказу. Так, вершаказы першага структурнага тыпу створаны пераважна на матэрыяле слоў беларускай мовы і паводле страфічнай пабудовы набліжаюцца да версэту. У творах другога тыпу ў якасці дамінантнай рыфмы, поруч з беларускімі, выступаюць лексемы іншых моў. У гэтых творах паэт больш лаканічны: страфа заўжды адпавядае аднаму сказу. Вершаказы з разнамоўем хаця і вызначаюцца большай структурнай замкнёнасцю параўнальна з першым тыпам адкрываюць для гэтай аўтарскай формы шырокія абсягі для выяўлення нечаканых семантычных адценняў у «сферы гукасэнсу». У вершаказах трэцяга тыпу ў якасці ключавых выступаюць альбо семантычна блізкароднасныя пары слоў, альбо пары слоў з амбівалентнымі значэннямі. Прадэманструем усё гэта на прыкладах.

Ад самых першых вершаказавых формаў можна бачыць, што «суадгуканне» словаў не заўсёды падпарадкавана дамінантнай рыфме. Пэўныя лексемы ўнутры тэксту могуць рыфмавацца міжсобку. Такую рыфму знаходзім у выніковым сказе вершаказу «Камень»: «І кожны раз, калі жыццё распачынаецца нанова, яно распачынаецца не ab ovo (з яйка), а з каменя» [101, с. 24]. Акрамя самастойнасці рыфмы «нанова – ab ovo», звернем увагу на тое, што, праз увядзенне лацінскага выразу, гукапісальны эксперымент А. Разанава выходзіць за межы вузкамоўнага кола праблематыкі. У тым жа творы маецца абыгрыванне гукавых адценняў слоў з яшчэ дзвюх старажытных – індыйскай (санскрыту) і габрэйскай – моваў: «У камені спіць імя абсалюту – аум, альбо, паводле іншай транскрыпцыі, амін» [101, с. 24]. Як бачым, у адным сказе праз асэнсаванне архетыповых прыкмет ключавога слова адбываецца прыцягненне дыскурсу адразу трох рэлігійных ведаў – будысцкай («аум»), хрысціянскай («амін») і язычніцкай («камень»).

У звязку з толькі што працытаваным варта правесці наступную паралель. Як вядома, у розных рэлігійных практыках надзвычай вялікая нагрузка прыпадае на вербальны складнік – на тое, што называецца сілай слова (у малітве, мантры, замове і г.д.) ці трансцэндэнтнымі гукамі. Напрыклад, адэпты вучэнняў, што арыентуюцца на традыцыі старажынай індыйскай кнігі «Веды», падчас медытацыі прамаўляюць пэўныя ведычныя вершы, у якіх, як лічыцца, заключаны нейкі боскі код («імя абсалюту»), што валодае цудадейнымі ўласцівасцямі [гл.: 83]. Можна сказаць, што творчасць А. Разанава (хаця і без прывязкі да пэўнай рэлігіі) таксама скіраваная да пошуку вербальных кодаў, першасных значэнняў слоў, што сціраюцца-дэвальвуюцца ў працэсе іх камунікатыўнага развіцця з яго непазбежным клішаваннем. Пры гэтым, калі казаць пра тэкстастваральныя прынцыпы, паэтава даследаванне архетыпаў праз вершаказы не валодае медытатыўнасцю (як квантэмы, пункціры ці паэмы 1970-х), а, хутчэй, сягае да навуковага (а не інтуітыўнага) спосабу спазнання рэчаіснасці.

Але вернемся да нашай класіфікацыі. Ужо ў першай кнізе вершаказаў «У горадзе валадарыць Рагвалод», апрача асобных унутрытэкставых іншамоўных «укропванняў» («Год», «Серп»), маецца некалькі твораў («Воўк», «Сонца», «Брат»), якія выводзяць гэтую эксперыментальную форму на якасны іншы ўзровень і ўтвараюць другі тып вершаказу, які атрымае свой працяг у творах зборнікаў «Паляванне ў райскай даліне» і «Рэчаіснасць».

Другі тып вершаказу, гэтак жа, як і першы, сканцэнтраваны вакол ключавога слова-аб’екта, але апісвае яго праз пасрэдніцтва іншых моў. Даследуючы пэўнае паняцце ў іншамоўных кантэкстах (пераважна аўтар прыцягвае для кантэксту словы з роднасных моў), А. Разанаў абавязкова падае і беларускі варыянт (як правіла, ва ўступнай ці канцавой строфах). Як піша Е. Лявонава, «у гэтым выпадку з’яўляецца выключная магчымасць прасачыць, як у адных і тых жа словах, але з розных моваў праяўляюцца назапашаныя гэтымі словамі клопаты народа, яго лёс, гісторыя і перспектывы, яго, нарэшце, менталітэт» [70, с. 34] – тое, што ў лінгвістыцы называецца наіўна-моўнай карцінай свету.

Тут прымяняецца той жа шырокі арсенал прыёмаў гукапісу, што і ў адверсэтавых творах. Сказ-вынік, не абавязковы і для першых, адсутнічае (адзнаку пэўнай выніковасці можа мець хіба што беларускі адпаведнік). Кожная страфа пачынаецца з ключавога слова і ўказання мовы, да якой яно адносіцца (у межах аднаго твора скарыстоўваецца да дванаццаці моўных адпаведнікаў). З мэтай увядзення адпаведнага кантэксту часта тут скарыстоўвацца тапонімы, а таксама іншыя словы той ці іншай мовы: «Рускі в о л к «волокаецца» ад Валакаламска да Валачаеўкі і Ваўкавыска; ён вялікі, як вол, лоўкі, нібы іголка, і ўвасабляе трыадзінства «воли», «алкности» і «лукавства»» [101, с. 23].

Праз працу з гукам паэт абнечаканьвае глыбінёй сэнсаў і алюзіяў, адкрывае новую семантыку, «паэтычную этымалогію» (В. Рагойша) шырокаўжывальных слоў:

Украінскі м і с я ц ь, быццам велічэзная міса, вісіць над местам: мешчанчукі цямяць, што гэта – поўня, і, што гэто талерка, нераспазнаны лятаючы аб’ект, містыкі [102, с. 98].

Старажытнаідныйскі m a d h u – квінтэсэнцыя рэчаў, згушчаны дух самой матэрыі [104, с. 168].

У вершаказах трэцяга тыпу, як адзначалася, адбываецца гульня з семантычна блізкароднаснымі ці амбівалентнымі парамі ключавых слоў. Запачаткаваны ў творах кнігі «Паляванне ў райскай даліне» – «Голад і холад», «Срэбра і золата», «Будзень і свята», – гэты тып арганізацыі тэксту мае свой працяг і ў недалёкіх па часе творах зборніка «Рэчаіснасць» (датуюцца 1994 – 1996 гг.) – «Аладка і блін», «Ключ і замок», «Здароўе і хвароба» і інш.

Галоўным прыёмам гэтых твораў з’яўляецца проціпастаўленне. Але, проціпастаўляючы пэўныя паняцці, паэт «прымушае» суадгукацца словы, што падпарадкаваны дамінантнай рыфме. Гэтыя вершаказы раздзеленыя на два планы і, адпаведна, іх страфічная арганізацыя таксама дуалістычная. Так, у межах страфы могуць проціпастаўляцца як сказы, што апісваюць той ці іншы аб’ект: «Голад глытае ўсе наедкі, якія гадаваў год, холад захутвае ва ўсе халаміды, якія назапашвала хата», гэтак і непасрэдна амбівалентныя пар слоў: «Холад – дрыготка, голад – сутарга, холад – душахват, голад – жываглот, холад тоіцца ў лёхах, голад – у логаве, голад – ляда, холад – лёд» («Голад і холад» [102, с. 105]). Як бачым, у другім прыкладзе суадгуканне адбываецца паміж залежнымі лексемамі розных ключавых слоў.

Поруч з разгелджанымі вышэй прыёмамі алітэрацыі і ўнутранай рыфмоўкі (анаграмнай і паліндромнай) А. Разанаў на фанетычным узроўні актыўна скарыстоўвае міжмоўную гульню. Калі ў папярэднім прыкладзе супастаўляліся пары слоў з блізкай семантыкай, то ў наступным творы адбываецца проціпастаўленне. У межах адной страфы можа проціпастаўляцца і група слоў, і дзве сінтаксічныя канструкцыі: «Будзень – удзельнік, свята – сведка, будзень – маладзік, свята – ветах, будзень – дзейнік, свята – выказнік, будзень абяцае: усё, што трэба, збудзецца, свята вясткуе: усё, што трэба, збылося» («Будзень і свята» [102, с. 118]).

У вершаказах выявіўся і гумарыстычны пачатак, не вельмі характэрны для эстэтычнай сістэмы Разанава. Напрыклад, пры чытанні вершаказу «Муха», пасля страфы: «Беларуская м у х а прымхлівая: яна пільнуецца сваіх Сёмухаў і сваіх Дзесятухаў, дзе можа ўволю павесяліцца, – пабыць «пад мухай», – праз таўталогію з ужываннем прастамоўнага выразу ствараецца камічны эфект.

Звернем увагу на тое, што, хаця форма (г. зн. гукапіс) у вершаказах шмат у чым і абумоўлівае змест твора (ад пачатку зададзены падпарадкавальныя адносіны), але мы не знойдзем «прахадных» супастаўленняў, словаў, што аказаліся поруч выпадкова, толькі праз фанетычнае падабенства. Гэта не «эксперымент для эксперымента», чым папікалі паэта за квантэмы. Змест, які адкрываецца праз вершаказы, магчыма, разыходзіцца са звыклым разуменнем гэтага паняцця. Можна сказаць, што ў іх мадэлюецца метазмест, звышсэнс. Вось, як пра гэты феномен, затоеныя ў словах інтэртэкстуальныя і міжмоўныя мажлівасці, разважае сам паэт: «У слове заўсёды прысутнічае таямніца. У ім закадзіравана нешта вельмі істотнае, цэлы пласт рэчаіснасці. Вершаказы па меры магчымасці расшыфроўваюць гэты код, дазваляюць слову, каб яно расказала, з кім яно сябруе, як яно адчувае іншыя словы... Часам вершаказы выходзяць на такія памежжы, дзе пачынаюць адгукацца блізкія словы з іншых моў... Гэта пэўным чынам як родзічы, як сваякі, якія апынуліся ў розных краях, ужыліся ў свае абставіны, краявіду, у сваё наваколле, але, аднак жа, яны адзін аднаго пазнаюць здалёк» [134, с. 7].

Такім чынам, вершаказ – аўтарскі жанр29, які скандэнсаваў у сабе шырокі спектр творчых набыткаў А. Разанава і мае вялікі патэнцыял. Як мы пабачылі, галоўным адрозненнем паміж версэтам і вершаказам, апроч названай скразной гукапісальнасці апошніх, з’яўляецца адсутнасць у вершаказах рытміка-інтанацыйных і сінтаксічна-інтанацыйных прыёмаў (паралелізмаў, градацыі, паўтораў, рытарычных фігур і інш.). З фармальнага п. гледжання вершаказ уяўляе чаргаванне пэўных сінтаксічных канструкцый (строф) як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў з рознымі адносінамі (як правіла, – дапаўнення, альбо, як у бінарных вершаказах, – проціпастаўлення). Пры гэтым, нягледзячы на адсутнасць традыцыйных рытміка-метрычных складнікаў творы гэтай эксперыментальнай формы гарманічна ўкладаюцца ў эстэтычную сістэму А. Разанава як паэтычныя праз такія прыёмы, як алітэрацыя і асананс, унутраную рыфмоўку, шырокае выкарыстанне аказіянальнай лексікі, таксама адмысловую монастрафічную пабудову. Яшчэ раз адзначым, што архетыповыя ідэі, якія даследуюцца-распрацоўваюцца ў вершаказах, паслужылі падмуркам для такіх канцэптуальна значных для эстэтычнай сістэмы А. Разанава паэм, як «Гліна», «Камень», «Жалеза», кожная з якіх мае свой вершаказавы прататып.

Ірына Шаўлякова звязвае з’яўленне вершаказаў А. Разанава з «актуалізацыяй у найноўшым мастацтве знаку як неаб’ёмнага квазісімвалу, што змушае некаторых беларускіх літаратараў аднаўляць свой сімвалічны ўніверсум, будаваць наноў свет вакол сябе, складаючы з самых звычайных «рэчаў» своеасаблівую анталогію сутнасцяў». Даследчыца канстатуе, што следствам падобнага засваення рэчаіснасці становіцца тое, што «шараговы «фрагмент» рэчаіснасці, яе знак набывае аб’ёмнасць, глыбіню і важкасць, пераўтвараецца ў частку быційнага грунту, іначай – набывае абрысы і статус сімвала, плоці культуры» [135, с. 102 – 103].

Творы гэтай эксперыментальнай формы бачацца арганічным працягам-вынікам усёй творчасці А. Разанава. У іх ён здолеў ярка і арыгінальна прыкласці свой досвед у розных мовах, а таксама паэтычныя здольнасці. З іншага боку, узнікненне вершаказаў мае гістарычную абумоўленасць: яны запоўнілі пэўны жанраватэматычны вакуум у айчыннай паэзіі, адначасна спрыяючы ўпісанню беларускай паэзіі ў больш шырокі, агульнаеўрапейскі, кантэкст. На сёння творы А. Разанава перакладзеныя больш як на дваццаць моў свету. Праз вершаказы, як і праз іншыя эксперыментальныя жанры, А. Разанаў здолеў раскрыць і паказаць для чытача і цэлай плеяды паслядоўнікаў затоены патэнцыял беларускага паэтычнага слова, яго сугучнасць і генетычную блізкасць з іншымі існымі і мёртвымі мовамі індаеўрапейскай сям’і. Ці, як слушна адзначаюць аўтары падручніка «Беларуская літаратура і свет», «не паэт актыўна выкарыстоўвае залежы народнага маўлення, а само маўленне гаворыць яго вуснамі пра сябе, сваіх носьбітаў, пра тое, што тоіцца ў глыбіні беларускай гісторыі і беларускай свядомасці» [19, с. 240].

Паказальна, што гэтая форма займела свой працяг у кнізе, ад пачатку створанай на нямецкай мове – «Wortdichte» («Словавершы»), 2003 г [142]. Кожны словаверш у ёй мае друкаваны і рукапісны варыянты. Усе творы выкананы з ужываннем графічных сродкаў – «лесвічак», перагорнутых літараў, колцаў, падкрэсліванняў, што, ствараючы кактэйль сэнсаў і алюзій, мае на мэце зрабіць тэкставы адбітак пэўнай рэчы (люстэрка, гузік, талерка, мост і інш.) [гл.: 8–А.]. Паэт здолеў увайсці ў літаратурны кантэкст іншай нацыі і застацца верным свайму прынцыпу – заўжды рухацца далей, ведучы жывы дыялог з рэаліямі сённяшняга дня, бо «паэзія мае справу з рэчаіснасцю ва ўсім яе маштабе» [134, с. 7], і той, хто адначасна пачуваецца шляхам і «тым, хто па ім ідзе», у каго няма загадзя падрыхтаваных адказаў і фармулёвак, магчыма, найперш і варты высокага звання паэта – даследніка рэчаіснасці, які, даследючы, адначасна і якасна трансфармуе яе ў сваёй эстэтычнай сістэме.

Завяршаючы другі раздзел, дзе адбываўся структурны аналіз чатырох эксперыментальна-аўтарскіх паэтычных формаў А. Разанава, – квантэм, пункціраў, версэтаў і вершаказаў – выкажам шэраг абагульненняў. Як падкрэслівалася ва ўступе да першага раздзела, творчасць А. Разанава, нягледзячы на яе моцны індывідуалістычны пачатак, немагчыма разглядаць абстрагавана, у адрыве ад агульнага літаратурнага працэсу. Таму ў кожным канкрэтным выпадку мы спрабавалі гэты кантэкст знаходзіць. Так, версэты пачатку 1980-х гг., калі яны толькі пачалі з’яўляцца ў перыёдыцы (нагадаем, што кніга версэтаў «Вастрыё стралы», за якую А. Разанаў атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Я. Купалы, пабачыла свет у 1988 г.), хаця і не маюць радыкальных адрозненняў ад версэтаў, скажам, канца 1980-х гг., мусілі ўспрымацца па-рознаму. Калі ў пачатку 1980-х гадоў А. Разанаў выглядаў як авангардыст-першапраходзец у полі інтэлектуальнай беларускай савецкай паэзіі (пра эмігранцкую казаць не выпадае з прычыны адсутнасці моцных сувязей паміж гэтымі кантэкстамі), то ў канцы 1980-х з’явілася досыць шмат аўтараў (у першую чаргу паэты літаратурнага таварыства «Тутэйшыя»), якія наследавалі і развівалі распачатую ім лінію эксперыментальнай паэтыкі.

Выявіўшыся ў 1990-я як флагман інтэлектуальнай паэзіі, А. Разанаў не замыкаецца на скразным інтэлектуалізме, ствараючы як у традыцыйным з фармальнага гледзішча рэчышчы (паэмы пачатку 1990-х гг.), гэтак і ў межах сваіх эксперыментальных жанраў закранаючы надзённую праблематыку (напрыклад, у версэтах і пункцірах сярэдзіны 1990-х гг.). Шматграннасць творчых набыткаў А. Разанава абумовіла нечаканы вынік пры апытанні дзеячоў беларускай культуры газетай «Наша Ніва», калі большасць рэспандэнтаў сярод літаратараў, вартых звання Народнага пісьменніка, назвала А. Разанава [84].

Г. Кісліцына азначае: «апантанасць ідэяй паэтычнага рэфарматарства, здольнасць выводзіць літаратуру з плоскасці быту ў вертыкалі небыцця, нязгаснае жаданне «пераўзыйсці зацверджаныя межы і ўяўленні» – усё гэта робіць творчасць Алеся Разанава сапраўднай вяхой у гісторыі беларускага пісьменства, якое паступова ўваходзіць у актуальны еўрапейскі культурны кантэкст» [57, с. 604].

Корпус прааналізаваных тэкстаў дазваляе зірнуць на З’яву Разанава як на арганічны працяг інтэлектуальных пошукаў класікаў беларускай паэзіі (В. Ластоўскага, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, У. Жылкі, У. Дубоўкі, У. Хадыкі, А. Куляшова, М. Танка, У. Караткевіча і інш.) і казаць пра гістарычную матываванасць узнікнення аўтарскіх паэтычных форм паэта, звязаную з працэсам жанравастылёвага развіцця беларускай прасодыі канца 1970-х – 1990-х гг. у рэчышчы агульнаеўрапейскіх тэндэнцый. Пры гэтым, неабходна яшчэ раз падкрэсліць той факт, што творчы пошук А. Разанава ад пачатку быў нацэлены на адкрыццё новага, свядомае пазбяганне якіх-колечы наследаванняў і самапаўтораў. Па сутнасці, творчасць А. Разанава, пачынаючы з сярэдзіны 1970-х, як бы «выпадае» з агульналітаратурнага дыскурсу, заўжды знаходзіцца ў авангардзе літаратурнага працэсу – па-за (ці па-над) кантэкстам, выяўляючы новы стан паэтычнага мыслення.


ГУТАРКА «Паэзія: уводзіны ў невымоўнае» (Гутарка Анатоля Івашчанкі з Алесем Разанавым)


  Пра шлях і пошук
— У літаратуразнаўстве існуе панятак: «медытатыўная лірыка», які часцяком прымяняецца і ў дачыненні да Вашых твораў. Пад ім разумеюцца вершы філасофскага зместу, «вершы-роздумы», дзе лірычны герой рэфлексуе з пэўнае нагоды. Ці не падаецца Вам, што гэты панятак не зусім карэктны? Бо вяршыняй медытатыўнае практыкі ёсць «пусты розум» — стан свядомасці, пры якім разумовая дзейнасць наогул спыняецца. Блытаніна, мабыць, палягае ад перакладу вытворнага з лаціны: meditatio — роздум, разважанне.

А. Р.: Азначэнне ідзе ўслед за з’явай і кожным разам мусіць фармулявацца нанова ці, па меншай меры, дафармулёўвацца і ўдакладняцца.

У сваёй творчай прасторы я дакладна распазнаю і акрэсліваю тое, што напісалася ці хоча напісацца: версэты, вершаказы, зномы, пункціры ці традыцыйныя вершы. Калі па-за ёю — тут усё занадта агульна. Прынамсі, з найменнем «лірыка» я не звыкся і са сваёй творчасцю не суадношу.

«Страла і мэта» — калісьці назваў Уладзімір Калесьнік артыкул пра маю творчасць. Двое — яны адно: і намацаная мэта гэта ўжо і пушчаная страла. Што да медытатыўнай лірыкі, дык гэта страла, пушчаная некуды, — у ноч. Але не ў нікуды, і ноч, у якой усё раствараецца і ўсё прысутнічае, уцягвае яе ў сваё бязмежжа, а здані распачынаюць з ёю сваю размову. Тут шмат зману, і парадай маглі б быць словы Адама Міцкевіча: «Май сэрца і глядзі ў сэрца».

А тое, што вы называеце «пусты розум», — перш за ўсё розум, вольны ад асабовасці, і ён застаецца такім, пакуль страла ляціць ад. Але калі яна са здабыткам досведу (ці, больш дакладна, самім здабыткам досведу) зварачаецца да, «пусты розум» сублімуецца ў логас і здольны ўкладацца ў словы.

— «Гановерскія пункціры» напісаныя ў іншай культурнай, прасторава-часавай сітуацыі. Магчыма, дзеля таго, каб належным чынам успрыняць іх, трэба прынамсі ўяўляць той кантэкст?

А. Р.: «Гановерскія пункціры» маюць сваю спецыфіку і ад айчынных пункціраў адрозніваюцца тым, што ўзніклі ў асяродку, які мне давялося асвойваць і засвойваць, і ім абумоўліваюцца. У іх нешта ёсць і ад нататкі, і ад замалёўкі. Гановер у іх прысутнічае відавочна, а ў прысутным мне важна было заўважыць сутнае. Ці, можа, нават самому заўважыцца ім, і, мабыць, таму, што я быў на гэта настроены, раз-пораз то адзін, то другі гановерскі пункцір кранаў мяне за рукаў.

— Мабыць, самай жанрава нязменнай формай вершу ў Вашай творчасці ёсць версэт. Дастаткова прыгадаць нізку «Заваёўнікі»30, што складаецца з дваццаці твораў, якія пісаліся цягам дваццаці гадоў. Чым Вы тлумачыце такую статычнасьць версэту?

А. Р.: Той змест, што найстойліва падступаўся да свядомасці, ужо не ўкладаўся ў ранейшыя формы. Ён падступаў знутры, як сон, і хацеў урэчаісніцца. Як? Словаў яшчэ не было, а матрыца ўжо намацалася і займела найменне.

Версэт стаўся, прынамсі для мяне, калі не універсальным, то сінтэтычным жанрам. Канцавыя рыфмы традыцыйных вершаў ён развёў па сцежках радкоў і здолеў паказаць, што самыя розныя гукі могуць суадгукацца паміж сабою, калі яны ўведзеныя ў адпаведнае сэнсавае поле, – сэнсарыфмавацца.

Магчыма, у ім нешта ёсць ад Ur-мовы (першамовы). Некалькі разоў — у Швецыі і Нямеччыне — слухачы аб’яўлялі: мы зусім не разумеем беларускай мовы, але нам здаецца, што мы разумеем тое, што чуем...

Што да «Заваёўнікаў», яны пісаліся не цягам гадоў, а наплывамі, і ўсё яшчэ застаюцца дарэшты не выказанымі, хоць я іх і змусіў прыйсці да завяршэння.

— У адным з версэтаў, друкаваных у «Дзеяслове» №17, ізноў з’явіўся архетып шляху. Ці можаце даць дэфініцыю Вашага разумення Шляху? Ці змяняецца яна цягам жыцця?

А. Р.: У «Першай паэме шляху» ёсць радок, які яшчэ не паспеў ад мяне адступіцца: «Я той, хто шлях і хто па ім ідзе». Шлях больш чым архетып. Архетыпы ўтвараюцца са слядоў і з досведу, азначанага гэтымі слядамі. Яны на шляху, а шлях імкне ва ўсё большую наступнасць і ў гэтым сваім імкненні вызваляецца ад усяго, што было, у тым ліку і ад архетыпаў.



  «Мушыны рэалізм»
— Наколькі ўтульна Вам пачувацца ў сённяшняй літаратурнай сітуацыі — у параўнанні з часамі «Крыніцы», да прыкладу?

А. Р.: Уражанне: айчынная літаратура распалася на паасобныя дзялянкі і латкі, апынулася без стрыжня. Не ведаю, каму ўтульна ў такой сітуацыі, але самой літаратуры — не. Ва ўсе часы яна была Ватыканам у Рыме і ў тым, што пісалася і гаварылася, захоўвала нешта большае за самое тое, што пісалася і гаварылася. Цяпер усё агалілася, таямніцы пазнікалі, і рэалізм — не толькі і не столькі ў нас, але шырэй-шырока — займеў яшчэ адно ўвасабленне.

— Якое?

А. Р.: Умоўна і не ўсур’ёз гэта мушыны рэалізм, ці, калі скарыстацца назвай навэлы Юрыя Станкевіча, рэалізм «ізумрудна-зялёных мухаў». Альбо яшчэ вельмі-рэалізм. Мухі ды чарвякі — найпершыя істоты, якіх вабіць тое, што распадаецца, псуецца, гніе. Ім гэта падабаецца, у гэтым яны знаходзяць спажытак, і — галоўнае — саміх сябе. Яны вельмі-рэалісты, і самою сваёю актыўнай прысутнасцю сведчаць, што з целам рэчаіснасці нешта не так.

— Ва ўсходніх вучэннях адвяргаецца інтэлектуальны пошук, бо, маўляў, усё ўжо ёсць у самім чалавеку. Як Вы ставіцеся да гэтае тэзы?

А. Р.: О не, на Усходзе пошук, калі ён на самой справе пошук, куды больш самаадданы і мэтанакіраваны, чым на Захадзе. Чалавек мусіць адасобіцца ад сябе-абалонкі і дайсці да сябе-сутнасці. Кручы і прорвы, што яго чакаюць на гэтым шляху, сапраўдныя. Але і вынік сапраўдны.



  «Паэзія павінна пераўзыходзіць майстэрства»
— Чым розніцца энергетыка літаратурнага свету Нямеччыны й Беларусі?

А. Р.: Нямецкая літаратура забяспечаная большымі магчымасцямі і мае большую вагу. У яе полі здаўна сустракаюцца еўрапейскія літаратуры, а яе логас аўтаномны настолькі, каб не залежаць ад уздзеяння дыктатаў і ідэялогмаў. Што да ўдзельнай вагі, то ў беларускай літаратуры яна не меншая.

— Ёсць меркаванне, што для сённяшняй маладой паэзіі зместавасць саступае месца відовішчнасці, што гэтак званая «кічавая» эстэтыка перамагае «інтэлектуальную». З іншага боку, паэты вучацца прэзентаваць сябе і сваю творчасць. Цікавіцеся здабыткамі тых, хто пачынае?

А. Р.: Цікаўлюся — былі б здабыткі. Але каб рабіць нейкія высновы, трэба хаця б азнаёміцца з тым, што ёсць. У тым, што чытаў, угадваюцца патэнцыялы. Магчыма, яны адолеюць спакусу самавыстаўляцца любым коштам, дэманстраваць дэманстрацыю, а здолеюць развіцца і выявіцца.

— Ці было такое, каб Вы былі незадаволеныя ад створанага?

А. Р.: Ёсць вершы-спробы, вершы-эксперыменты, гэта ўсё натуральна і зразумела, хоць і не ўсё варта аб’яўляць. Ну і ёсць проста вершы-няўдачы — яны пішуцца не ад сябе, а за сябе. Я таксама не вольны ад іх, але іхняй вытворчасцю не займаўся. Попел — самае лепшае, што застаецца ў такім выпадку ад напісанага.

А калі па вялікім рахунку, то паэзія павінна пераўзыходзіць нават майстэрства — пакідаць яго ззаду. Яны сінонімы адно да пэўнага ўзроўню, далей разасабляюцца: майстэрства рухаецца па пракладзеных рэйках, паэзія ідзе бездарожжам.


Пехатою, бездарожжам

Аднаго пайду шукаць,

Што ніколі мець не можна,

Што ніхто не можа даць.

Згадваеце радкі з верша Наталлі Арсенневай?



  Перспектывы, знакі, закулісы
— «Wortdichte» — першы вопыт стварэння вершаў не па-беларуску? Калі не сакрэт, якая далейшая Вашая кніга маецца выйсці?

А. Р.: Паўтару тое, што некалі занатаваў: «Адна немагчымасць — гэта толькі немагчымасць. Але сума немагчымасцяў дазваляе ўзнікнуць новаму стану рэчаў — магчымасці».

У выпадку з «Wortdichte» сутыкнуліся дзве немагчымасці: папершае, мова, якою я не валодаў, па-другое, самае адмысловае, што можа на мове ўзнікнуць, — верш.

Я не прыстасоўваўся да нямецкамоўнай паэзіі — гэта бесперспектыўны занятак, а проста загаварыў з нямецкімі словамі, як гавару з беларускімі. Кніга «Wortdichte» напісалася, ці, больш дакладна, намалявалася нямецкімі словамі на Замкавай гары ў Грацы за тры месяцы. Неўзабаве выдаецца новая кніга: у ёй «Wortdichte» займелі свой працяг і развіццё.

Што да кніг на радзіме, то, спадзяюся, яшчэ сёлета нешта ўбачыць свет.

— Як узважваеце шанцы Рыгора Барадуліна на атрыманне Нобелеўскай прэміі?

А. Р.: Самая вялікая ўзнагарода для творцы — самі творы. Калі яны спраўджваюцца, яны маюць на сабе адзнаку нябеснага багаславення.

У прэміяў свае расклады, свае закулісы, але хай творца не турбуецца пра тое, каб ім дагаджаць, бо калі пачне дагаджаць, заблудзіцца і змушаны будзе дапасоўвацца да ролі.

— За час Вашае адсутнасці што вонкава змянілася тут?

А. Р.: Што змянілася? Горад і людзі. У параўнанні з мінулымі гадамі расклад упарадкаваўся, рэчкі і ручаіны займелі рэчышчы. Куды і як яны цякуць, гэта другая гаворка, але цякуць. Мітынговыя часы адступіліся ў мінулае, перспектыва — у наступнасць.

— У чым Вам бачыцца адметнасць гэтае перспектывы?

А. Р.: Перспектыва асаблівая тым, што ў ёй заўсёды ўтрымліваецца метафізічны пачатак, які ніколі не зводзіцца да пераразмеркавання і пераўпарадкавання таго, што ёсць. Ён бачыць у чалавеку саму сутнасць — бога і хоча, каб бог уваскрос — у ім, чалавеку.

— Якое стаўленне да рэлігіі ў Нямеччыне?

А. Р.: У Нямеччыне рэлігія раствораная ў штодзённым жыцці, у людскіх звычаях і паводзінах. Калі адцяняць кантрасты і абагульняць характарыстыкі, можна сказаць: беларусы больш набожныя, але менш рэлігійныя.

— Апошнія падзеі ў Амерыцы — ці бачыце ў іх нейкі знак?

А. Р.: Для таго, каб распазнаваць знакі, іх трэба суадносіць з пэўнаю сістэмай. Што азначае «амерыканскі» знак, хай скажа той, хто такою сістэмай валодае. Адзінае, у нашым прычынна-выніковым свеце нават капрызы прыроды так сабе не здараюцца.



  Быкаў, залежны ад акалічнасцяў
— Алесь Сцяпанавіч, ці мелі Вы нейкія стасункі з Васілём Быкавым у Нямеччыне?

А. Р.: Так, з Васілём Быкавым я калі-нікалі перамаўляўся па тэлефоне: ён у Франкфурце, я ў Гановеры, ён у Празе, я ў аўстрыйскім Грацы (які ён, дарэчы, вызваляў), і яшчэ гаворка ў Гановеры — спачатку разам з арганізатарамі двухдзённага семінару беларускай літаратуры, які там праводзіўся, а потым сам-насам.

— Якія Вашыя ўражанні ад гэтай сустрэчы?

А. Р.: Ён не хаваў свайго расчаравання. Той увагі, на якую ён спадзяваўся, не меў («Ніхто мне ні разу нават не прапанаваў надрукавацца», — яго словы), запланаваныя нашым ПЭНам сустрэчы зрываліся, задуманая місія не здзяйснялася. Ён апынаўся без рэчаіснасці — адным з многіх, занадта залежным ад акалічнасцяў...

Што, аднак, найбольш уражвала ў ім — яго гатоўнасць і здольнасць трымацца да канца, без асаблівай надзеі на тое, што нешта перайначыцца...



  «Літара спатыкнення»
— Васіль Быкаў, як гэта стала магчымым, перайшоў да г. званага «клясычнага» правапісу. Вашыя ж кнігі ўсе выходзілі «наркамаўкай». Якія Вашыя стасункі з мяккім знакам?

А. Р.: Мяккі знак стаўся палітычнай фігурай альбо, паводле біблійнага азначэння, літарай спатыкнення.

Пытанне ўдасканалення сістэмы айчыннага правапісу даўно вісіць у паветры, але вырашаць яго трэба не так, не самаволяй і не хаўрусам, а то недавырашанае, яно спараджае лішнія непаразуменні і дадае цяжару таму, чаму і так нялёгка, — самой беларускай мове.

«Я за беларускую мову».

«А за якую — тарашкевіцу ці наркамаўку?» — вось вам дыстылят айчыннага дыялогу.

Тое, што мусіла б аб’ядноўваць, ужо здольна і раз’ядноўваць.

І выдумаў жа нехта мянушку «наркамаўка»!.. Няўжо ён не адчуваў, што гэтым ён зневажае ўсю мову? Калі ўжо захоўваць набраны гукарад, то ўсё ж прыстойней вымаўляць «нармаванка».

— Падаецца, «Дзеяслоў» прапануе гэткі сярэдзінны варыянт — калі сродкамі правапісу перадаецца фанетыка «нармаванкі». Мажліва, каб зусім наблізіцца да нормаў вымаўлення, варта пазначаць на пісьме і асіміляцыю ў выпадках, кшталту: на рэццы, нарэсьце, вучысься; прыяжджаць, а таксама — не адмаўляцца ад пазначэньня мяккасці ў прыназоўніках (зь ім, безь яго і да т. п.).

А. Р.: Мяккі знак — яшчэ не ўвесь алфавіт, тарашкевіца — не ўся мова, а моўны рэгіён, на якую яна абапіралася, — не ўся Беларусь. Астатнія рэгіёны са сваімі моўнымі асаблівасцямі не менш, а то ў нечым і больш беларускія.

Мне асабіста з маленства блізкая гаворка з дзеяслоўнымі фанемамі на «са» і «ті»: наеўса, напіўса, наробіўса; жыті, казаті, меті. Для яе нават нармаванка гучыць замякка, што ўжо казаць пра тарашкевіцу. Пры цяперашнім адвольным, а то і ніякім, вырашэнні моўных пытанняў носьбіты гэтай гаворкі маглі б прэтэндаваць на тое, каб яе асаблівасці былі ўведзены ў моўную норму — хаця б, для адказу, па той прычыне, што руская мова такімі асаблівасцямі не валодае.

Не на адной мяккасці трымаецца мова. Перанасычаць яе дадатковаю мяккасцю — азначае вяртацца да стадыі дыялектаў.

— У гутарцы, друкаванай у «Дзеяслове» №15, кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі звязваў карыстанне «дарэформавым» варыянтам мовы, акрамя ўсяго, з «піжонствам, элітарнасцю, беспадстаўным жаданнем выдаць сябе разумнейшым за іншых». Апалагет жа «тарашкевіцы» апелюе да адраджэнскіх нашаніўскіх традыцыяў.

А. Р.: Калі звярнуцца да традыцыі, то нешта ж было і да «Нашай Нівы». Напрыклад, той жа «Статут Вялікага Княства Літоўскага» з яго ўзорнай літаратурнай мовай, чые асаблівасці, вось жа, збліжаюцца і супадаюць якраз з асаблівасцямі згаданай гаворкі.

Урэшце, мяккі знак гэта ніякі не мяккі знак. Мяккі знак — ён у лацінцы, а ў кірыліцы гэта паўнаважкая літара, якая сваёй паўнаважкасцю разбівае здвоеныя зычныя, што, у прынцыпе, пярэчыць арфаграфічным правілам.

Калі ўжо быць паслядоўным рэфармістам, то, замест таго, каб зацыклівацца на «літары спатыкнення», варта было б звярнуць увагу і на астатні алфавіт. У беларускай мове ёсць у-доўгае і, адпаведна, — у-кароткае (ў), і-доўгае і, адпаведна, і-кароткае. Аднак пішацца яно зусім не адпаведна. Калі пісаць адпаведна, яго належала б пісаць вось так: j (моj, галавоj, думаj, працуj, батлеjка, аjчына, Нью-Jорк, Jіўе — ад аднаго тамтэйшага чалавека некалі чуў, што «і» ў «Іўе» вымаўляецца глыбей і даўжэй, чым гэта прапануе напісанне, магчыма, як «ї» у слове Київ»).

І-кароткае, уведзенае ў айчынны правапіс вышэйпазначанай літарай, пэўна, дадало б яму праўдзівай адметнасці, а мове вярнула б яшчэ адну рысу беларускасці.



  Беларуская ідэя
— Другое дзідаламальнае пытанне апошніх 15 гадоў — «Нацыянальная Ідэя». Колькі фармулёвак напрапаноўвалася... Ці ёсць у Вас свая?

А. Р.: Яна не хоча фармулявацца, магчыма, і не павінна… Сфармуляваныя, ідэі аддыстылёўваюцца ад рэчаіснасці і немінуча ператвараюцца ў схемы, зазвычай ваяўнічыя. Сутнасць не ў ідэі, а ў прынцыпе — у тым жыццёвым пачатку, якім жывіцца ідэя, а паэзія натхняецца.

— Алесь Сцяпанавіч, што такое паэзія?

А. Р.: Уводзіны ў невымоўнае.

Верасень 2005



  Паслямова, альбо КОЛЬКІ СЛОЎ НЕ ДЛЯ ПРАТАКОЛУ
Разанаў – загадка. Разанаў – разэнкрэйцэр. Разанаў – і камень, і скульптар. Ствараючы новыя формы, ён разбурае існыя нормы і парушае законы. Пачынаючы з «Каардынатаў быцця», любы ягоны зборнік – дастатковы для дысертацыі. Разанаў – Крэпасць, аб якую ламаюцца паэталагічныя дзіды…

Пра Алеся Разанава гаворыцца шмат. Тры дзесяцігоддзі ягонае імя не сыходзіць з вуснаў неабыякавых да паэзіі. І яшчэ – невядома колькі – не будзе сыходзіць. Пішацца – меней. Бо што ты напішаш пра тое, як расце дрэва?.. І заўжды, як пішацца акадэмічна, «аб’ектыўна», здэклараваннем апошняе праўды, адчуваеш: не тое, не так, «трэба глыбей». Як адчуваў дваццаціпяцігадовы паэт, калі пакутліва абіраў свой выключны Шлях (ці, праўдзівей, Шлях абіраў яго), ствараючы паэму «Назаўжды», дзе развітваўся з сілаба-тонікай (развітваўся не назаўжды).

Ёсць думка, што паэзія – рэч цалкам суб’ектыўная, а хірургічнае «прэпараванне» тэксту з скурпулёзным раскладаннем метадаў, прыёмаў, тропаў ды стылёвых фігур па палічках здольнае адно забіць «магію паэзіі». Да пэўнага моманту аўтар гэтых радкоў таксама трымаўся падобнае думкі. Але, як выявілася, працэс даследавання паэтыкі бывае не менш займальным, чым працэс стварэння мастацкага тэксту (пагатоў што ўласны творчы досвед, спроба зірнуць на тэкст вачыма не тэарэтыка, а паэта можа стацца добрай дапамогай пры вырашэнні ды інтэрпрэтацыі аўтарскай задумы).

Як бы там ні было, але навідавоку той факт, што сёння, калі эстэтычны спектр пошукаў беларускай паэзіі надзвычай шырокі, у наяўнасці ўвесь корпус тэарэтычных тэкстаў – і айчынных, і замежных, – сучасная паэтыка асэнсоўваецца вельмі вузка. Большасць паэтычных (ды і празаічных) кніг застаецца без сур’ёзнага аналізу, што, вядома, ніяк не спрыяе паўнавартаснаму развіццю літаратурнага працэсу.

Пры гэтым, усцешвае, што па творчасці А. Разанава паралельна цяпер адбываецца абарона некалькіх дысертацыйных прац (думаецца, што ўсе, хто абраў сабе такі аб’ект даследавання, пачуваюцца не канкурэнтамі, а калегамі-адзінадумцамі, бо эстэтычная сістэма А. Разанава – напраўду акіян, дзе месца хопіць многім караблям, падлодкам і флатыліям). Застаецца выказаць спадзеў, што магія разанаўскай паэзіі пасля дадзенай працы не забітая ўшчэнт, а сам паэт яшчэ не раз будзе даваць сваёю творчасцю падставу для ламання крытычных дзідаў.

І апошняе. Што б ні казалі пра тое, што не княская гэта справа судзіцца з карпарацыямі сотавай сувязі, у гісторыі з МТС бачыцца напраўду дон-кіхотаўскі вычын. Рэч не ў грошах ці ў самапіяры, у якім паспяшаліся звінаваціць Паэта і Мастака. Гэта ўсё тое ж разанаўскае ламанне стэрэатыпаў, перформанс, мастацкі акт проціпастаўлення паэтычнага і будзённага, мастацтва і марчандайзынгу. І судовая параза не ёсць паразай паэтычнага. Калі не верыце, пачытайце яшчэ раз версэты Разанава. Галоўнае не вынік, а працэс.

«І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна з сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам самім».

Завершыць жа кнігу падаецца дарэчы вершам, які добра ўмесціцца ў рэшту старонкі:


Алесю Разанаву

ранак сустрэне састылай гарбатаю

горад абвешаны яйкаквадратамі

нас расстраляюць

са снежных гарматаў

вы не заўважаце

гэткае страты

11 ліпеня 2008 г.


БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС 

  Спіс выкарыстаных крыніц
1. Адамович, Г. В глубь образа / Г. Адамович // Нёман. – 1982. – №12. – С. 159 – 160.

2. Акудовіч, В.В. Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека / В.В. Акудовіч. – Мінск: БГАЦК, 1998. – 202 c.

3. Акудовіч, В.В. Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці / В.В. Акудовіч – Мінск: Логвінаў, 2007. – 216 с.

4. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. / А.С. Разанаў [і інш.]; пад агульнай рэд. А. Анціпенкі, В. Акудовіча. – Санкт-Петербург: Невский простор, 2003. – 496 с.

5. Антология поэзии битников: [Пер. с англ. / Сост. Г. Андреева]. – Мо- сква: Ультра. Культура, 2004. – 784 с.

6. Апалінэр, Г. Зямны акіян: Выбранае / Г. Апалінэр / Перакл., прадм. Э. Агняцвет. – Мінск: Маст. літ., 1973. – 168 с.

7. Арлоў, У.А. Там, за дзвярыма: вершы ў прозе / У.А. Арлоў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. – 94 с.

8. Арлоў, У.А. Фаўна сноў / У.А. Арлоў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. – 95 с.

9. Арлоў, У.А. Паром празь Ля-Манш: вершы / У.А. Арлоў. – Мінск: Логвінаў, 2006. – 156 с.

10. Артымовіч, Н. Дзверы. Тэкст і кантэкст / Н. Артымовіч, А. Разанаў. – Беласток: «Orthdruk», 1994. – 64 с.

11. Артымовіч, Н. Жоўтая музыка / Н. Артымовіч. – Беласток: Праграм- ная рада тыднёвіка «Ніва», 2005. – 50 с.

12. Бабкоў, І.М. Герой вайны за празрыстасьць / І.М. Бабкоў. – Мінск: БГАКЦ, 1998. – 92 с.

13. Бабкоў, І.М. Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнне ру[і]наў / І.М. Баб- коў. – Мінск: Логвінаў, 2005. – 142 с.

14. Багдановіч, І.Э. Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацы- янальнага адраджэння / І.Э. Багдановіч. – Мінск: Беларуская навука. – 387 с.

15. Багдановіч, М. Маладыя гады: Выбранае / М. Багдановіч; Уклад., біягр. даведка Э.А. Золавай. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2001. – 335 с.

16. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / Ф. Багушэвіч / Уклад., прадм. Я. Янушкевіча. – Мінск: Мастацкая літара- тура, 1991. – 309 с.

17. Барт, Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр. / Р. Барт / Сост., общ. ред. и вступ. ст. Г. Косикова. – Москва: Изд. группа «Прогресс», «Универс», 1994. – 616 с.

18. Барысевіч, Ю. Alter Nemo / Ю. Барысевіч. – СПб.: Невский простор, 2002. – 136 с.

19. Баршчэўскі, Л.П. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы / Л.П. Баршчэўскі, П. В. Васючэнка, М.А. Тычына. – Мінск: Радыёла-плюс, 2006. – 596 с.

20. Бахтин, М.М. Вопросы литературы и эстетики / М.М. Бахтин. – Мо- сква: Художественная литература, 1975. – 504 с.

21. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: вы- браныя тэксты для чытання і аналізу / уклад. Л. Баршчэўскі. – Мінск: Ра- дыёла-плюс, 2006. – 496 с.

22. Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн.: у 6 т. / Рэдкал.: І.Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 1995. – Т. 5: Пестрак – Сяўрук. – 480 с.

23. Бельскі, А. Свет ад травы да зор: Беларуская паэзія: сістэма вобразаў прыроды, паэтыка, пейзажу: дапам. для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мінск: Нар. асвета, 1998.

24. Біблія. Кнігі Сьвятога пісаньня Старога і Новага запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / Пер. Васіля Сёмухі. – World Wide Printing Duncanville, 2002. – 1536 с.

25. Боронина, И.А. Поэтика классического японского стиха (VIII – XIII вв.) / И.А. Боронина. – Москва: Наука. Главная редакция восточной лите- ратуры, 1978. – 376 с.

26. Быкаў, В.У. Пахаджане, прыпавесьцi / В.В. Быкаў. – Мінск: Наша Ніва, 1999. – 98 с.

27. Васючэнка, П.П. Пятрогліфы і філалагемы / П.П. Васючэнка // Дзея- слоў. – 2004. – № 10. – С. 229 – 246.

28. Ваўранюк, М. Чартапалох на мяжы / М. Ваўранюк // Правінцыя. – 2000. – № 1 – 2. – С. 4 – 9.

29. Вашко, Л. Гістарызацыя свядомасці: Беларуская літаратура і бела- рушчына на пачатку ХХ ст. Навуковая публіцыстыка / Л. Вашко. – Масты – Гродна – Мінск: Арбор, 1997. – 150 с.

30. Введение в литературоведение: Учебник для филол. спец. ун-тов / Г. Н. Поспелов [и др.]; под ред. Г. Н. Поспелова. – 2-е издание. – Москва: Высшая школа. – 1983. – 327 с.

31. Верлен, П. У месяцавым ззянні. Вершы / П. Верлен / Пер. з франц. А. Лойкі. – Мінск: Маст. літ., 1974. – 168 с.

32. Верына, У.Ю. Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А. Разанава / У.Ю. Верына // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Сер. 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. – 2004. – № 2. – С. 32 – 35.

33. Вітка, В. Традыцыя, пошук, эксперымент: Слова ў вершы. Артыкул першы / В. Вітка // Літаратура і мастацтва. – 27 студзеня 1984. – С. 5 – 8.

34. Вітка, В. Традыцыя, пошук, эксперымент: Слова ў музыцы. Артыкул другі / В. Вітка // Літаратура і мастацтва. – 10 лютага 1984. – С. 5 – 8.

35. Вітка, В. Традыцыя, пошук, эксперымент: Слова ў песні. Артыкул трэці / В. Вітка // Літаратура і мастацтва. – 24 лютага 1984. – С. 5 – 7.

36. Вярцінскі, А.І. Высокае неба ідэала: Літаратурная крытыка і публі- цыстыка / А.І. Вярцінскі. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. – 336 с.

37. Гарадніцкі, Я.А. Думка і вобраз: Праблема інтэлектуалізму ў сучаснай беларускай лірыцы / Я.А. Гарадніцкі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1986. – 120 с.

38. Гарадніцкі, Я.А. Мастацкі свет беларускай літаратуры ХХ ст. / Я.А. Гарадніцкі; навук. рэд. У.В. Гніламёдаў. – Мінск: Беларуская навука, 2005. – 206 с.

39. Гарадніцкі, Я.А. Мастацкая рэфлексія беларускай літаратуры як фактар актывізацыі творчых пошукаў / Я.А. Гарадніцкі // Літаратура пера- ходнага перыяду: тэарэтычныя асновы гісторыка-літаратурнага працэсу / М.А. Тычына [і інш.]; нав. рэд. М.А. Тычына. – Мінск: Беларуская навука, 2007. – 363 с.

40. Гарсія Лорка, Ф. Блакітны звон Гранады / Л. Гарсія / Пер. з іспанскай Р. Барадуліна. – Мінск: Маст. літ., 1975. – 168 с.

41. Геніюш, Л.А. Каб вы ведалі: з эпісталярнай спадчыны (1945 – 1983) / Л.А. Геніюш. – Мінск: Лімарыус, 2005. – 448 с. + 12 с. іл.

42. Гілевіч, Н.С. Між роспаччу і надзеяй. Абрыс пройдзенага шляху ў сьвят- ле адной мары / Н.С. Гілевіч // Дзеяслоў. – 2006. – № 4 (23). С. 191 – 230.

43.Гніламёдаў,У.В.Сучаснаябеларускаяпаэзія.Творчаяіндывідуальнасць і літаратурны працэс / У.В. Гніламёдаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1983.

44. Даоская йога / Сост. В. А. Ширяев / Пер. с англ. – Бишкек: МП «Одиссей», Гл. ред. КЭ, 1993. – 672 с.

45. Джундова, І. Жыцьцё – вандроўніцтва. Тыпалагічная канфрантацыя творчасьці А. Разанава і Л. Дранько-Майсюка / І. Джундова // Дзеяслоў. – 2006. – №6 (25). С. 288 – 295.

46. Дубавец, С.І. Вершы / С.І. Дубавец. – Мінск: Медысонт, 2007. – (Бі- бліятэчка часопісу «Дзеяслоў»; вып. 5). – 224 с.

47. Жураўлёў, В.П. Пытанні паэтыкі / В.П. Жураўлёў, І.С. Шпакоўскі, А.С. Яскевіч. – Мінск: «Навука і тэхніка», 1974. – 224 с.

48. Жураўлёў, В.П. Структура твора. Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм / В.П. Жураўлёў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1978. – 312 с.

49. Жыбуль, В. Дыяфрагма. Збор вершаў / В. Жыбуль. – Мінск: Логвінаў, 2003. – 112 с.

50. Кабаковіч, А.К. Беларускі свабодны верш / А.К. Кабаковіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1984. – 176 с.

51. Калеснік, У.А. Зорны спеў / У.А. Калеснік. – Мінск: Мастацкая літа- ратура, 1975. – 400 с.

52. Калеснік, У.А. Страла і мэта / У.А. Калеснік // Беларусь № 10, 1991. – С. 25 – 33.

53. Калеснік, У.А. Усё чалавечае / У.А. Калеснік. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – С. 209 – 233.

54. Караткевіч, У.С. Збор твораў: у 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / У.С. Караткевіч / [Аўт. прадм. В. Быкаў]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1987. – 431 с.

55. Квятковский, А. Поэтический словарь / А. Квятковский. Москва: Сов. энцикл., 1966. – 376 с.

56. Кісліцына, Г.М. Алесь Разанаў: Праблема мастацкай свядомасці / Г.М. Кісліцына. – Мінск: Беларуская навука, 1997. – 144 с.

57. Кісліцына, Г.М. Алесь Разанаў / Г.М. Кісліцына / Гісторыя белару- скай літаратуры ХХ ст.: У 4 т. Т. 4. Кн. 2. 1986 – 2000 / НАН Беларусі, Аддз-не гуманітар. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы; Навук. рэд. У.В. Гні- ламёдаў, С.С. Лаўшук. – Мінск: Беларуская навука, 2003. – С. 591 – 605.

58. Конан, У.М. Узыходжанне / У.М. Конан // Полымя. – 1997. – №12. – С. 237 – 256.

59. Кормилов, С.И. Маргинальные системы русского стихосложения / С.И. Кормилов. — Москва: МГУ, 1995. — 158 с.

60. Купрэеў, М.С. Непазбежнасць / М.С. Купрэеў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1967. – 74 с.

61. Ламека, Н.У. «Зямлі вяртаючы нябёсы». Творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сусветнай літаратуры / Н.У. Ламека // Роднае слова. – 2004. – №2.– С. 28 – 32.

62. Литературная энциклопедия: В 11 т. — [М.], 1929 – 1939. – Т. 9: / Ред. коллегия: Луначарский А. В. (гл. ред.) [и др.]. [Электронный ресурс] – «Поэ- зия и проза». – Режим доступа: http://feb-web.ru/feb/litenc/encyclop/le9/le9- 1971.htm. – Дата доступа: 16. 05. 2008.

63. Лойка, А.А. Паэзія і час. Літаратурна-крытычныя артыкулы / А.А. Лойка. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – С. 164 – 168.

64. Лойка, А.А. Дрэва жыцця: Кніга аднаго лёсу / А.А. Лойка. – Слонім: ГАУПП «Слонім. друк.», 2004. – 624 с.

65. Лосев, А.Ф. Проблема символа и реалистическое искусство / А.Ф. Лосев. – Москва: Искусство, 1976. – 368 с.

66. Лотман, Ю.М. Анализ поэтического текста. Структура стиха: Пособие для студентов / Ю.М. Лотман. – Ленинград: Просвещение, 1972. – 272 с.

67. Лотман, Ю.М. Внутри мыслящих миров. Человек – текст – семиосфера – история / Ю.М. Лотман. – Москва: Языки русской культуры, 1996. – 464 с.

68. Лукша, М. Ёсьць / М. Лукша. – Беласток, «Orthdruk», 1994. – 40 с.

69. Лявонава, Е. «Палову жыцця падаюся ў свет, палову – варочаюся са свету…». Алесь Разанаў і філасофска-эстэтычныя пошукі ў еўрапейскай літаратуры / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1997. – № 12. – С. 32 – 42.

70. Лявонава, Е. «Гук – «электрон» верша»: Гукатворчасць Алеся Разанава і еўрапейская літаратурная традыцыя / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1998. – № 4. – С. 29 – 36.

71. Лявонава, Е. «Паэзія не хлеб надзённы, але – наддзённы». Алесь Разанаў і постмадэрнізм / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1998. – № 6. – С. 39 – 49.

72. Лявонава, Е. Крок за крокам тут збліжаюцца мовы / Е. Лявонава // ЛіМ. – 29 лістапада 2002. – С. 6.

73. Мартысевіч, М. Маргінальныя жанры вершу ў сучаснай беларускай паэзіі: лімэрык (лекцыя 1) / М. Мартысевіч. – Беларускі калегіюм [Элек- тронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://www.baj.by/belkalehium/lekcyji/litaratura/martysievicz_01.htm.

74. Марціновіч, П.А. Слова ў пошуку / П.А. Марціновіч // Маладосць. – 1975. – №1. – С. 64 – 67.

75. Мацуа Басё, хоку (пераклад А. Разанава) / Мацуа Басё. – Беларуская палічка [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://knihi.com/zamlitra/paezija/choku.html.

76. Мінкін, А.Г. Расколіна: Вершы і паэма / А.Г. Мінкін. – Мінск: Ма- стацкая літаратура, 1991. – 80 с.

77. Наўроцкі, А.П. Гарачы снег: Паэзія / А.П. Наўроцкі. – Мінск: Ма- стацкая літаратура, 1968. – 86 с.

78. Ницше, Ф. Так говорил Заратустра / Ф. Ницше. – Москва: Изд-во Моск. ун-та, 1990. – 302 с.

79. Новейший философский словарь / Сост. А.А. Грицанов. — Минск.: Изд. В.М.Скакун, 1998. — 896 с.

80. Новы запавет / Пер. айца Уладзіслава Чарняўскага. – Мінск, 1999. – 464 с.

81. Овчаренко, О.А. Русский свободный стих / О.А. Овчаренко. – Мо- сква: Современник, 1984. – 206 с.

82. Орлицкий, Ю.Б. Стих и проза в русской литературе / Ю.Б. Орлиц- кий. – Москва: РГГУ, 2002. – 688 с.

83. Официальный информационный портал Сахаджа Йога [Электронный ресурс] / Официальный информационный портал Сахаджа Йога. – Режим доступа: http://www.sahajayoga.ru/meditation.htm.

84. Панкавец, З. Хто народны? / З. Панкавец // Наша ніва. – 11 жніўня 2006. – С. 26.

85. Пастернак, Б.Л. [Электронный ресурс] / Б.Л. Пастернак. – Режим до- ступа: http://pasternak.niv.ru/pasternak/stihi/143.htm.

86. Пашкевіч, А.А. З маланкай у сэрцы // Маладосць. – 1997. – №12. – С. 88 – 96.

87. Поляков, М. Вопросы поэтики и художественной семантики / М. По- ляков. – Москва: Современник, 1978. – 448 с.

88. Постмодернизм. Энциклопедия / сост. и науч. ред А.А. Грицанова, М.А. Можейко. – Минск: Интерпрессервис; Книжный дом, 2001. – 1040 с. – (Мир энциклопедий).

89. Пятровіч, Б. Шчасьце быць... Трыпціх, аповесьці, апавяданьні, мроі / Б. Пятровіч. – Мінск: УП «Тэхнапрынт», 2004. – 576 с.

90. Рагойша, В.П. Гутаркi пра верш: Метрыка, рытміка, фоніка / В.П. Рагойша. – Мн., 1979.

91. Рагойша, В.П. Паэтычны слоўнік / В.П. Райгойша. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.

92. Разанаў, А.С. Адраджэнне / А.С. Разанаў. - Мiнск: Беларусь, 1970. - 48 с.

93. Разанаў, А.С. Назаўжды / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1974. – 112 с.

94. Разанаў, А.С. Каардынаты быцця. Паэмы / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1976. – 96 с.

95. Разанаў, А.С. Шлях-360: паэмы і вершы / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. – 110 с.

96. Разанаў, А.С. Медытацыі наўзбоч «Шляху-360» / А.С. Разанаў // Во- браз-81: Літ.-крытыч. артыкулы / [Склад. Я. Лецка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. – С. 139 – 146.

97. Разанаў, А.С. Нататкі на дубовых лістах / А.С. Разанаў // Вобраз- 83: Літ.-крытыч. артыкулы / [Склад. А. Яскевіч]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – С. 151 – 164.

98. Разанаў, А.С. Паэзія / А.С. Разанаў // ЛіМ. – 26 жніўня 1983 г. – С. 9.

99. Разанаў, А.С. Вастрыё стралы / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. – 160 с.

100. Разанаў, А.С. Сёе-тое пра карані і ісціну / А.С. Разанаў // Вобраз-88: Літ.-крытыч. артыкулы / [Склад. Т. Грамадчанка]. – Мінск: Мастацкая лі- таратура, 1988. – С. 177 – 191.

101. Разанаў, А.С. У горадзе валадарыць Рагвалод: Вершаказы і пункціры / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. – 144 с.

102. Разанаў, А.С. Паляванне ў райскай даліне: Версэты. Паэмы. Пункціры. Вершаказы. З Вяліміра Хлебнікава. Зномы / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. – 288 с.

103. Разанаў, А.С. Жыта і васілёк / А.С. Разанаў // Літаратура і мастацт- ва. – 17 студзеня 1997 г. – С. 5 – 12.

104. Разанаў, А.С. Рэчаіснасць / А.С. Разанаў. – Мінск: БГАКЦ, 1998. – 200 с.

105. Разанаў, А.С. Танец з вужакамі / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1999. – 464 с.

106. Разанаў, А.С. Гліна. Камень. Жалеза / А.С. Разанаў. – Беласток: Бе- лавежа, 2000. – 96 с.

107. Разанаў, А.С. Версэты / А.С. Разанаў // Дзеяслоў. – 2005. – №4 (17). – с. 5 – 14.

108. Разанаў, А.С. Лясная дарога: версэты / А.С. Разанаў. – Мінск: Логвінаў, 2005. – 200 с.

109. Разанаў, А.С. Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць / А.С. Разанаў. – Мінск: Логвінаў, 2006. – 168 с.

110. Разанаў, А.С. Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры / А.С. Разанаў. – Мінск: Логвінаў, 2007. – 162 с.

111. Разанаў, А.С. Гутарка з А. Разанавым ад 15.01.2007 г. з інтэрнэт-сайту www.svaboda.org [Электронны рэсурс] / А.С. Разанаў. – Рэжым доступа: http://archive.svaboda.org/articlesfeatures/culture/2007/1/72FAD09E- 655A-44F1-B8A2-7DECA78F4C91.html.

112. Разанаў, А.С. Перадача з сер. «Аўтар і твор» ад 20.03.2007 г. з інтэрнэт- сайту www.svaboda.org [Электронны рэсурс] / А. С. Разанаў. – Рэжым доступа: http://origin.svaboda.org/content/Transcript/755722.html.

113. Ралько, І.Д. Пошукі сутнасці / І.Д. Ралько // Літаратура і мастацтва. – 28 мая 1971 г. – С. 5.

114. Ралько, І.Д. Верш і мова: Праблемы гісторыі і тэорыі беларускага верша / І.Д. Ралько. — Мінск: Навука і тэхніка, 1986. – 263 с.

115. Рудкоўскі, П. Эротыка біблійнага слова / П. Рудкоўскі // Arche. – 2005. – № 6. – С. 64 – 91.

116. Сідарэвіч, А.М. Пераўзысці зацверджаныя межы і ўяўленні / А.М. Сідарэвіч. // Маладосць. – 1982. – №8, С. 169 – 173.

117. Слінко, В.В. Апошні снег: Вершы, Паэма / Прадм. А. Разанава / В.В. Слінко. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. – 93 с. – (Першая кніга паэта).

118. Современное зарубежное литературоведение (страны Западной Ев- ропы и США): концепции, школы, термины. Энциклопедический спра- вочник. – Москва: Интрада, 1996. – 320 с.

119. Судзуки, С. Сознание дзен, сознание начинающего / С. Судзуки. – Владивосток: Сансара, 2000. – 168 с.

120. Сыс, А.Ц. Агмень / А.Ц. Сыс. – Мінск: Выдавецтва ЦК КП Беларусі (Бібліятэка часопіса «Маладосць» [3]), 1988. – 48 с.

121. Сыс, А.Ц. Пан лес: вершы / А.Ц. Сыс. – Мінск: Мастацкая літара- тура, 1989. – 112 с.

122. Сыс, А.Ц. Лён: выбраныя творы / А.Ц. Сыс. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 436 с.

123. Сыс, А.Ц. Вельмі сумую па Беларусі. Лісты А.Сыса да В.Шніпа / А.Ц. Сыс // Дзеяслоў. – 2006. – №2 (21). – С. 174 – 188.

124. Тимофеев, Л.И. Словарь литературоведческих терминов / Тимофе- ев Л.И., Тураев С.В. – Москва: Просвещение, 1974. – 510 с.

125. «Тутэйшыя»: Творчасць сяброў таварыства / [Уклад. С. Дубаўца]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. – 263 с.

126. Тычына, М.А. Змена квадры: Літаратурна-крытычныя артыкулы / М.А. Тычына. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 204 с.

127. Тычына, М.А. Прывід гіпэртэксту / М.А. Тычына // Arche. – 2006. – №3 (43). – С. 65 – 84.

128. Фундаментальная электронная библиотека «Русская литература и фольклор» [Электронный ресурс] – «медитативная лирика» / Фунд. элек- трон. биб-ка «Русская литература и фольклор». – Режим доступа: http://slovari.yandex.ru/search.xml?text=enc_abc enc_abc=* how=enc_ abc_rev encpage=litenc.

129. Хайдеггер, М. Время и бытие: статьи и выступления / М. Хайдеггер. – Москва: Республика, 1993. – 447 с.

130. Хадановіч, А. «...Сваёй задачаю лічу разбурэньне стэрэатыпаў...» / А. Хадановіч // Дзеяслоў. – 2003. – №5. – С. 189 – 201.

131. Хадановіч, А. Бэрлібры: гісторыя ў чатырох фільмах / А. Хадановіч. – Мінск: Логвінаў, 2008. – 114 с. – (Кнігарня «Наша Ніва»).

132. Цветаева, М. Сочинения. В 2 т. Т. 1. Стихотворения; Поэмы; Драм. произведения / М. Цветаева. – Минск: Народная асвета, 1988. – 542 с.

133. Чарнякевіч, Ю. Школьны факультатыў. Алесь Разанаў / Ю. Чарня- кевіч // Полымя. – 2005. – № 9. – С. 164 – 181.

134. Шаблінская, Г. «Я – той, хто шлях, і хто па ім ідзе...»: Гутарка з Але- сем Разанавым / Г. Шаблінская // ЛіМ. – 1995. – 14 кастр. – С. 6 – 7.

135. Шаўлякова-Барзенка, І.Л. Тэорыя літаратурных тропаў: метафара і сімвал (генезэіс, эвалюцыя, тэндэнцыі развіцця): дыс. … канд. філал. навук: 10.01.08 / І.Л. Шаўлякова-Барзенка. – Мінск, 2001. – 118 л.

136. Шпакоўскі, І.С. Структура вершаванага вобраза / І.С. Шпакоўскі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1972. – 196 с.

137. Эко, У. Инновация и повторения. Между эстетикой модерна и постмодерна / У. Эко. // Философия эпохи постмодерна: Сб. переводов и рефератов. – Минск: Изд. ООО «Красико-принт», 1996. – 208 с.

138. Эліёт, Т.С. Попельная серада / Т.С. Эліёт / Перакл. А. Разанава // Крыніца. – 1996. – № 9 (24). – С. 10 – 19.

139. Элюар, П. З табой: Выбранае / П. Элюар / Пер. з франц. Э. Агняц- вет [Прадм. Б. Міцкевіча]. – Мінск: Маст. літ., 1980. – 128 с.

140. Яфімаў, Ф. Радуюся таленту / Ф. Яфімаў // Маладосць. – 1970. – № 10. – С. 143 – 144.

141. Rasanau A. Hannoversche punktierungen / А. Rasanau. – Hannover: Re- vonnah Verlag, 2002. – 98 p.

142. Rasanau A. Wortdichte / А. Rasanau. – Graz: Steirische Verlagsgesells- caft, 2003. – 152 p.

143. Rasanau A. Das dritte Auge. Punktierungen / А. Rasanau. – Aus dem Weib- russischen ubersetzt Elke Erb, mit einem Nachwort vun Ilma Rakusa, 2007. – 112 p.



  Спіс публікацый аўтара
  Навуковыя артыкулы ў рэцэнзаваных перыядычных выданнях

1–А.Івашчанка, А.С. Паэтыка творчага пошуку Алеся Разанава / А.С. Івашчанка // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – 2006. – № 3. – С. 97 – 103.

2–А.Івашчанка А.С. Медытацыя як творчы метад: Жанравыя асаблівасці і эвалюцыя пункціраў Алеся Разанава / А.С. Івашчанка // Роднае слова. – 2006. – № 12. – С. 10 – 13.

3–А.Івашчанка, А.С. Версэт Алеся Разанава як «паэзія думкі». Сінкрэтызм і статычнасць жанру / А.С. Івашчанка // Studia wschodnioslowianskie. – 2007. – № 7. – С. 51 – 73.

4–А.Івашчанка, А.С. Асаблівасці паэтыкі твораў Алеся Разанава 1960-х – па- чатку 1970-х гг. Спроба рэканструкцыі / А.С. Івашчанка // Веснік Полацка- га дзяржаўнага універсітэта. – №7. – Серыя А. Гуманітарных навукі. – 2007. С. 132 – 141.

5–А.Івашчанка, А.С. Праекцыя творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Баг- дановіча ў паэзіі і літаратурна-крытычных артыкулах А. Разанава / А.С. Іваш- чанка // Веснік Брэсцкага універсітэта. – Серыя філалагічных навук. – 2007. – №2(8). С. 34 – 39.

  Матэрыялы канферэнцый

6–А.Івашчанка, А.С. Асэнсаванне феномена Купалы – Коласа ў пуб- ліцыстыцы Алеся Разанава / А.С. Івашчанка // Янка Купала і Якуб Колас у сістэме дзяржаўна-культурных і духоўна-эстэтычных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя. Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 26 – 27 верасня 2007 г.) / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі. – Мінск: Права і эканоміка, 2007. – С. 174 – 178.

  Артыкулы ў рэспубліканскім літарутарным друку

7–А.Івашчанка, А.С. Нямецкія словы Алеся Разанава / А.С. Івашчанка // Наша Ніва. – 2004. – 2 красавіка. – С. 14.

8–А.Івашчанка А.С. Незваротнасць працэсу / А.С. Івашчанка // Дзея- слоў. – 2005. – № 2 (15). – С. 241 – 247.

9–А.Івашчанка, А.С. Эпоха рэмэйку / А.С. Івашчанка // Дзеяслоў. – 2005. – № 3 (16). – С. 238 – 244.

10–А.Івашчанка, А.С. Паэзія: «уводзіны ў невымоўнае». Гутарка А. Іваш- чанкі з А. Разанавым / А.С. Івашчанка, А.С. Разанаў // Дзеяслоў № 6 (19), 2005. – С. 178 – 187.

11–А.Івашчанка, А.С. Даследнік рэчаіснасці / А.С. Івашчанка // Літара- турная Беларусь. – 2007. – 31 снежня (вып. № 12 – 13). – С. 9.


Тлумачальны слоўнік
1. Тут і надалей (апроч выпадкаў, дзе гэта адмыслова абгаворана) нахіленая рыса (слэш) абазначае мяжу паміж радкамі, падвоены слэш (//) – дадатковы чысты радок.

2. «Канцэпт (лат. conceptus – паняцце) – змест паняцця, яго сэнсавая напоўненасць адцягнена ад канкрэтна-моўнай формы выражэння[…] Сузіранне, рэфлексія, камунікацыя – сутнасць машыны, што ўтварае універсаліі ў розных дысцыплінах». Паводле энцыклапедыі «Постмадэрнізм», канцэпт характаразуецца шэрагам уласцівасцей, сярод якіх: «Створанасць канцэпта. Ён ствараецца філосафам і нясе яго аўтарскі подпіс. Канцэпт суадносіцца з персанажамі і ўвасабляецца ў іх[…]; Суаднесенасць канцэпта з праблемай ці перакрыжаванне мноства праблем, на якія ён пакліканы адказваць, і дзе ён у сваім станаўленні суадносіцца з іншымі канцэптамі» [88, с. 379]. Гэтая дэфініцыя важна нам таксама для асэнсавання канцэпту Шляху ў далейшай творчасці А. Разанава.

3. У кнізе «Адраджэнне» – «Атлас».

4. «Сінтаксічная анафара – паўтарэнне ў пачатку радкоў аднолькавых ці аднатыпных сінтаксічных канструкцый» [91, с. 145].

5. У выданні 1970 г. апошнія два радкі змененыя ў больш аптымістычны бок, з дыяметральна супрацьлеглым сэнсавым напаўненнем: «Упэўнен геній быў ягоны / ў світанні заўтрашняга дня» [33, с. 28].

6. Тут і надалей захоўваецца правапіс арыгінала.

7. Паводле «Паэтычнага слоўніка» В. Рагойшы, да вышуканай, або рэдкай рыфмы адносіцца «рыфма, у якой сугуччы спалучаюць словы, вельмі розныя па сэнсу і стылёвай афарбоўцы» [c. 332].

8. Паводле стваральніка тэорыі архетыпаў К.-Г. Юнга, архетыпы (англ. arhetype – мадэль, першавобраз) – гэта фармальныя элементы псіхікі, сімвалічныя формулы, якія захоўваюць найбольш каштоўны і глыбінны чалавечы вопыт, маюць трансгістарычны характар і з’яўляюцца «архаічна інтуітыўным сродкам псіхалагічнага спасціжэння аб’екта» [118, с. 195].

9. Розум, лагічнае мысленне (з нямецкай).

10. «Кальцавая кампазіцыя – такая структура вершаванага твора, асобныя элементы якой (вершаваныя радкі, паўрадкоўі) паўтараюцца ў пачатку і ў канцы асобных строфаў ці ўсяго твора» [91, с. 368].

11. Тут націскныя склады пазначаны тлустымі літарамі, межы паміж стопамі – нахільнымі рысамі (слэшамі).

12. Тут падвоены слэш абазначае межы паміж радкамі, адзінарны – межы паміж стопамі.

13. Улічваючы вялікую кантэкстуальна-сэнсавую нагрузку бачыцца матываваным напісанне гэтага слова з вялікай літары.

14. «Пра шлях і славу» (з кітайскай).

15. Паводле кнігі выбранага «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць» А. Разанава, паэма пачата ў 1981 г. і дапрацавана ў 1991 г.

16. Гэтае слова можа разглядацца як графічны аказіяналізм, што ўтварыўся шляхам зліцця двух займеннікаў.

17. Пытанне вызначэння крытэрыяў размежавання паэзіі і прозы дасюль адкрытае ў літаратуразнаўстве. Само паняцце «празаізацыя» яшчэ не ўвайшло ў літарутаразнаўчыя даведнікі, яго змест карэктуецца на грунце твораў пэўных аўтараў, але не паддаецца абагульненню. Відавочна, што толькі такой дыферэнцыяльнай прыкметы, як наяўнасць гукапісальных элементаў замала для выразнага размежавання твораў паводле ступені іх празаізаванасці. Так, Ю. Лотман у якасці асноўнай структурнай адзінкі верша разглядае рытм: «Рытм у вершы з’яўляецца сэнсавызначальным элементам, прычым, уваходзячы ў рытмічную структуру, сэнсавызначальны характар набываюць і тыя моўныя элементы, якія ў звычайным ужыванні яго не маюць» [66, с. 56]. Г. Паспелаў таксама гаворыць пра рытмічную арганізаванасць тэксту як вызначальную для размежавання верша і прозы, адзначаючы таксама тое, што «выразнасць паэтычнага тэксту дасягаецца... і іншымі інтанацыйна-стылістычнымі сродкамі (фігуры воклічу, звароту, пералічэння, паўтарэння, інверсіі, адзінапачатку, градацыі і г.д.) [62] – тыя фігуры, што, як пабачым, выкарыстоўваюцца ў вершаказах спарадычна, параўнальна з версэтамі.

18. Тлустым тут і далей пазначаны асананс і алітэрацыя.

19. У «Паэтычным слоўніку» В. Рагойшы гэтае слова выступае як паўнавартасны літаратуразнаўчы тэрмін і атаясамліваецца з паняццем «верш у прозе»: «Вэрсэт — напісаны прозай невялікі лірычны твор, які сваёй вобразнасцю, павышанай эмацыйнасю, своеасабівай рытмічнасцю набліжаецца да паэзіі. (...) Твор паэтычны па змесце і празаічны па форме выяўлення гэтага зместу: «паэзія ў прозе» [91, с. 429 – 430].

20. Для ўдакладнення года напісання таго ці іншага твора будзем звяртацца да кнігі выбранага А. Разанава «Танец з вужакамі» (1999) альбо да зборніка выбраных версэтаў «Лясная дарога» (2005).

21. Градацыя (ад лац. gradatio – паступовае павышэнне, узмацненне) – стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што ў вершаваных радках групуюцца словы ці выразы з нарастаннем (клімакс) або, наадварот, аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыйнальнасэнсавай выразнасці [91, с. 149 – 150].

22. Гэты твор не ўключаны ў ніводную з кніг выбранага, таму год яго напісання невядомы.

23. Зборнік А. Разанава «Шлях-360», пра які тут гаворыцца, А. Сысу дасылаў у войска Віктар Шніп (падрабязней пра гэта гл.: [23]).

24. «Бэрлібр» – аказіяналізм, утвораны на сутыку слоў «Бэрлін» і «верлібр».

25. Паводле А. Разанава, зномы пачалі з'яўляцца ўжо ў канцы 1970-х гг. [134, с. 7].

26. Тут і далей першае слова ў шэрагах чаргаванняў – ключавое.

27. «Паліндром – слова, верш ці фраза, што чытаюцца па літарах злева направа і справа налева» [55, с. 190].

28. «Анаграмная рыфма (ад грэч. ana – праз і gramma – літара) – такая рыфма, калі ў рыфмаваных словах асобныя склады ці гукі ідуць не ў аднолькавай паслядоўнасці, а нібыта мяняюцца месцамі» [91, с. 157].

29. Дэфініцыя вершаказа, гэтаксама ж, як і версэта, уключана ў «Паэтычны слоўнік» В.П. Рагойшы: «Вершаказ – напісаная ў форме версэта паэтычная медытацыя, у аснове якой – роздум пра сутнасць нейкай рэчы, прадмета, з’явы. Галоўны мастацкі сродак, што арганізуе В., паэтычная этымалогія(...). Тэрмін уведзены ў літаратурную практыку А. Разанавым, які напісаў некалькі цыклаў В.» [91, с. 431]. Нагадаем, што нашае даследаванне не разглядае медытатыўнасць як уласцівасць форме вершаказа, супрацьпастаўляючы ёй разумова-рацыяналістычны тэкстастваральны прынцып.

30. Друкавалася ў «Arche» № 1, 2002.


Оглавление

  • ЗМЕСТ
  • УВОДЗІНЫ
  • Раздзел І ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ЖАНРЫ Ў ТВОРЧАСЦІ АЛЕСЯ РАЗАНАВА І ІХ ЭВАЛЮЦЫЯ
  • 1.1. Мастацкія асаблівасці паэтыкі твораў А. Разанава 1960-х – пачатку 1970-х гг. Спроба рэканструкцыі.
  • 1.2. Структурны аналіз паэм з паэтычнага зборніка «Каардынаты быцця». Ідэйна-тэматычная інтэрпрэтацыя і сістэма вобразаў.
  • 1.3. Тыпалагічныя рысы паэм канцэптуальнай трылогіі «Гліна», «Камень», «Жалеза».
  • Раздзел ІІ ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ФОРМЫ А. РАЗАНАВА І ІХ ЖАНРАВАЯ СПЕЦЫФІКА
  • 2.1. Медытацыя як творчы метад: жанравыя асаблівасці і эвалюцыя квантэм і пункціраў.
  • 2.2. «Паэзія думкі». Сінкрэтызм і статычнасць версэта
  • 2.3. Паэтыка «гукасэнсу»: тыпалогія і жанравая спецыфіка вершаказаў
  • ГУТАРКА «Паэзія: уводзіны ў невымоўнае» (Гутарка Анатоля Івашчанкі з Алесем Разанавым)
  • БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС