КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008 [Ніл Гілевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Ніл Гілевіч І ЧУЮ Я ГОЛАС


Выбраныя вершы 1954 — 2008


Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008, — Мінск: Про Христо, 2009. — 176 с.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org

«Ключык» да задумы гэтага зборніка


У траўні 1955 года на секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў абмяркоўваўся рукапіс маёй першай кнігі вершаў « Песня ў дарогу». Апошнім узяў слова масціты паэт Максім Лужанін. «Усе крытычныя закіды, зробленыя тут аўтару рукапіса, слушныя. Я далучаюся да ix i паўтарацца не буду. Хачу сказаць пра нешта больш сур'ёзнае — пра ідэйную ўшчэрбнасць некаторых твораў маладога паэта. Вось верш пра параненую грушу:

Я глядзеў i параўноўваў
Ix зайздросную красу.
Бура ноччу перуновай
Адвіхнула ў грушы сук.
I яшчэ не ўспела груша
Гора выплакаць слязьмі —
Па галіне хтось бяздушна
Пераехаў калясьмі.
У рэчаіснасці ўсё бывае: i адвіхне, i зломіць, і вырве з карэннем. Але ж кожны твор мастацтва ёсць абагульненне, а не копія рэчаіснасці, i параненая груша ў вершы — гэта вобраз-сімвал. Трэба дбаць пра вышыню эстэтычнага ідэалу», — закончыў масціты.

Ну, што ж, пра вышыню ідэала трэба, канешне, дбаць, але ж — не за кошт права паэта на драматычныя i нават трагічныя матывы ў лірыцы, — не за кошт права заставацца сабой — з уласным бачаннем i ўспрыняццем навакольнага свету, з уласнымі перажываннямі i настроямі. Аспрэчваць масцітага я не стаў, але ідэйна «ўшчэрбны» верш пра параненую грушу змясціў у зборніку, не перайначыўшы ніводнага радка.

Праз колькі гадоў падобны закід ва ўшчэрбнасці майго светаўспрыймання, майго лірычнага самапачування зрабіў масціты крытык Рыгор Бярозкін у рэцэнзіі на маю кнігу «Бальшак». Ён рашуча не прыняў верша «Вы шуміце, бярозы». «Што гэта за палягушачкі-пацягушачкі пад бярозамі? — здзекліва дасціпнічаў крытык. — Дзіўна чытаць такое ў кнізе яшчэ адносна маладога чалавека».

Праз 20 гадоў верш «Вы шуміце, бярозы» быў пакладзены Эд. Ханком на музыку i неўзабаве зрабіўся папулярнай, не пабаюся сказаць, — усенародна любімай песняй, вядомай i далёка за межамі Беларусі.

Так таленавітыя i дасведчаныя літаратары, беручы на сябе ролю вартаўнікоў ідэйна-эстэтычнай цнатлівасці беларускай паэзіі, засцерагалі аўтара ад творчасці «ўшчэрбнай» i скіроўвалі на беспагрэшны i таму плённы шлях паэтызацыі i ўслаўлення рэчаіснасці, сцвярджэння выключна жыццярадаснага настрою.

А між тым i непісьменная вясковая бабуля, ад якой студэнты-філолагі гадоў сорак таму запісалі яе ўспаміны аб перажытым — ад маленства да старасці, — ведала, што «ў жыцці радасці менш чым гора» (гл. кн. «Апавядае беларуская вёска». Мн., 2008).

Уладзімір Конан, незвычайна ўважлівы i праніклівы даследчык беларускай літаратуры, у артыкуле «На прасветлым алтары Радзімы» пісаў: «Дарэчы, пачынаючы з 1960 года, матыў суму і смутку стане ў паэзіі Н. Гілевіча скразным i чым далей, тым больш выяўным» («Полымя», 1, № 9). Ніхто з крытыкаў ні раней ні пасля за гэтае «скразное», на жаль, не «зачапіўся».

У адным літаратурна-крытычным эсэ Георгія Адамовіча, выдатнага рускага паэта «срэбранага веку» (памёр у эміграцыі), калісьці напаткаў радкі, якія мне вельмі прыйшліся да душы: «Смутак свету давераны вершам. Не будзьце здраднікамі».

Н. Г., 2008, кастрычнік


Пры дарозе…


Пры дарозе пыльнай, шумнай,
Недалёка ад сяла,
Адзінокай прыгажуняй
Груша ўвесну расцвіла.
Кожны дзень у май той светлы
Я спыняўся перад ёй,
Ідучы ў калгас суседні
Да абранніцы сваёй.
Я глядзеў i параўноўваў
Іх чароўную красу...
Бура ноччу перуновай
Адвіхнула ў грушы сук.
Сук зялёны не жадае
Марна згінуць без пары,
Ды з жыццём яго злучае
Толькі стужачка кары.
I яшчэ не ўспела груша
Гора выплакаць слязьмі, —
Па галіне хтось бяздушна
Пераехаў калясьмі.
Утаптаў у жвір вільготны
Дробны ліст, пахучы цвет...
Ca спаткання шлях зваротны
Вёў мяне амаль услед.
Прыпыніўся я ля дрэўца,
Паглядзеў i гавару:
— Пацярпі крыху, здаецца,
Я прыйшоў яшчэ ў пару.
Будзеш ты ізноў прыгожай!
Страшны боль твой я ўніму.
Мне краса твая тут, можа,
Больш патрэбна, чым каму.
1954

* * *


Мне з кожным годам даражэй
Твае, вясна, дары-гасцінцы,
Здаровы хмель тваіх дражджэй
У кожнай тоненькай сцяблінцы.
Мне ўсё мацней карціць пачуць
Званочак срэбны ў паднябессі.
Прыпільнаваць, калі чуць-чуць
Падснежнік выгляне на ўзлессі.
Я прагным сэрцам п'ю настой
Тваіх чаромух і баюся,
Што развітаюся з табой,
А ўдосталь так і не нап'юся.
1960

* * *


Не пакідай мяне, мой светлы сум,
З табой мне хораша на адвячорку
Хадзіць і слухаць лесу ціхі шум,
Пакуль суцемак не запаліць зорку.
У небе хмаркі, як абрыўкі дум,
Плывуць туды, дзе сонца сядзе хутка.
Гусцеюць цені у лясных закутках...
Не пакідай мяне, мой светлы сум.
1961

* * *


Як ты грымела, як бабахала,
Мая рабінавая ноч!
Стокрылы вецер дол аблахаваў
І вобзем кідаўся наўзбоч.
Як быццам тоўшч нябёс валілася
Трашчала так над галавой.
I толькі сэрца весялілася,
Здранцвення скінуўшы павой.
Маланкі бліскалі, мігцеліся,
Як стрэлы, жыхалі здалёк.
І не згадаць, куды ён цэліўся,
Сляпы, разгневаны стралок.
То залатымі дратаванкамі
Крамсалі неба ўшыр і ўдоўж,
І, як прышпораны маланкамі,
Ляцеў лавінай гулкай дождж.
Нібы дзяцюк, якога здалечы
Да мілай сцежкі прывялі,
Ён упіваўся, прыпадаючы,
У вусны смяглыя зямлі.
Калі б ты знала, ноч грымотная,
Як дыхаць стала мне вальней,
Якой задухі вяззе моцнае
Пашкуматала ты ўва мне!
Прыйдзі ж расстайнаю гадзінаю,
Як дазіхцяць маланкі воч,
І грымні песняй лебядзінаю,
Мая рабінавая ноч!
1961

* * *


Вы шуміце, шуміце
Нада мною, бярозы,
Калышыце, люляйце
Свой напеў векавы.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога
На духмяным пракосе
Недаспелай травы.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога,
Галавой на пагорак,
На высокі курган,
А стамлёныя рукі
Вольна ўшыркі раскіну,
А нагамі ў даліну —
Хай накрые туман...
Вы шуміце, шуміце
Нада мною, бярозы,
Асыпайце, мілуйце
Ціхай ласкай зямлю.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога:
Я здарожыўся трохі.
Я хвілінку пасплю.
1963

* * *


На змярканні, калі ў небе зоры
Праступалі, прывідна-няўстойлівыя,
Мы купаліся ў Японскім моры,
Пераездам і спякотай стомленыя.
Цішыня стаяла над затокай —
Пэўна, ветры спалі супакоенымі
Недзе там, у далечы далёкай,
За Курыламі i за Японіямі.
Толькі чуўся хвалі плёскат мерны —
Перашэпты ціхія з каменьчыкамі...
І адходзілі лагодна нервы,
Што здаваліся ушчэнт скамечанымі.
І дзівілася палёгцы цела,
Што нядаўна чулася старлыбінаю.
І ныраў у хвалях месяц белы
Неспайманай серабрыстай рыбінаю.
1962-1966

* * *


Замірае,
Сціхае
Мая залатая дуброва,
Асыпае,
Скідае на дол
Свой задумлівы ўбор,
Не звініць і не льецца
Раздольна-вячыстая мова,
Толькі шорхат сухі пад нагамі,
Як скарга-дакор.
А нядаўна ж яшчэ —
На пачатку нядоўгага лета —
Што рабілася тут,
Што за дзіўнае свята было!
Як усё бушавала,
Буяла лістотай i цветам,
Як усё гаманіла,
Спявала,
Гукала,
Гуло!
Колькі радасці чулася
Ў кожным разбуджаным гуку!
Колькі сілы ўкладалася
Ў сокат
І строкат,
І свіст!
Кожны парастак прагнуў
Узвысіцца дрэвам магутным,
Кожны лісцік хацеў
Разрасціся ў агромністы ліст.
Дзе ж падзелася ўсё,
Што заместа вячыстага слова
Толькі шорхат сухі пад нагамі,
Як скарга-дакор?..
Замірае,
Сціхае
Мая залатая дуброва,
Асыпае,
Скідае на дол
Свой задумлівы ўбор.
1966

* * *


Мне цёмнай ноччу
Дзіўны сон прысніўся:
Над лесам зорка першая ўзышла
І так прыгожа вейкі развяла,
Што я, знямеўшы, перад ёй спыніўся —
Уражлівы да незямных дзівос —
І ўсё глядзеў і не адводзіў воч.
Яна свяцілася нязвыкла блізка —
Над цішынёю восені бязлістай,
Над моракам таемных дум маіх.
І менавіта ў той шчаслівы міг,
Калі я моўчкі на красу маліўся —
Ад зоркі промень адляцеў і ўпіўся
Глыбока ў грудзі мне,
Няйначай дзіда,
І аж да сэрца вастрыём дастаў.
Я закрычаў спярша ад болю дзіка,
А потым, зубы сцяўшы, тузаць стаў,
Цягнуць, ірваць што сілы ў дзве рукі,
Але было яго нялёгка вырваць,
І я варочаў промень у бакі,
Каб расхістаць яго ў грудзях, як кол,
Забіты моцна абухом у дол.
Калі ж усё-такі рыўком імклівым
Нарэшце выцягнуў — шпурнуў наўзбоч
І... прабудзіўся.
За акном маўклівым
Яшчэ цямнейшай мне здалася ноч.
1969

* * *


Як сумна-тужліва зязюля кукуе ў бары,
На познім змярканні, насупраць мядункавай ночы
Адкуль гэта жальба — у розгар маёвай пары?
Адкуль гэты смутак — такі непрытворна сірочы?
Вячэрайце ў хаце, а я пастаю на двары,
Па мне турбавацца не трэба — гуляйце шчасліва.
Павінен жа нехта паслухаць, як сумна-тужліва
Зязюля кукуе на познім змярканні ў бары.
1970

Зона купання


За ўзмахам узмах — толькі пырскі ўбакі,
Як сонца жывыя асколкі.
Наперад, васпане! Смялей за буйкі!
Ні страху, ні стомы — ніколькі.
Якісь незнаёмы вар'яцкі азарт,
Якаясь нязнаная радасць.
І думкі няма азірнуцца назад —
На тлумнага пляжа стракатасць.
Як хораша хвалі сячы-разграбаць,
Што весела мкнуць без атхлання!
І раптам — сярдзіты агучаны бас:
— Вярніцеся ў зону купання!
Адразу не цямлю: няўжо гэта мне?
Плыўцом жа быў добрым калісь я!
— Гэй, там, за буйкамі! Ты чуеш ці не?
У зону купання вярніся!..
«Чаго ён дзярэцца? Малы я, ці што?
А йдзі ты, таварыш, да д'ябла!
Не шныраць акулы. Не блізіцца шторм...»
І зноў я махаю заядла.
Тады загрымела маторка, як гром,
І побач крутнулася гнеўна.
— Ну, што ты — аглух тут?
Вось з'еджу вяслом —
Дык зробішся чуйным, напэўна!..
Дзяцюк на дзяжурстве: парадак яму
Дарожай майго парывання.
Я ўсё разумею i моўчкі таму
Вяртаюся ў зону купання.
Там дзеці з кругамі таўкуцца гурмой,
Бабулі пыхцяць на матрасах...
Хоць мелка, хоць брудна — затое спакой:
Не страшна ніякая трасца!
1970

Занадта сярдзітаму крытыку


Не хавай мяне, браток, жывога,
Пачакай, паспееш пахаваць.
Мне зрабіць яшчэ патрэбна многа,
Шмат яшчэ дзе трэба пабываць.
Я не ўсіх яшчэ са шчырай песняй
Абышоў і павітаў сяброў,
І не ўсім яшчэ паклон адвесіў
За дабро, за хлеб і за любоў.
Я не ўсё яшчэ раздаў, што маю:
Я збіраў свой скарб дзесяткі год
І ў труну з ім легчы не жадаю —
Марнатраўцам назаве народ.
Дый чаго табе ўжо так спяшацца?
Я ж адсюль нікуды не збягу.
Ці баішся: як бы не застацца
Перад чалавецтвам у даўгу?..
У паэтаў — нават несмяротных —
На планеце не салодкі лес.
Дык нашто ж ты, мой каханы-родны,
Адчапіў аглоблю ад калёс?
1971

* * *


Як цяжка,
Як душна
Ад фальшу і бруду!
Душа — як на катарзе,
Хоць i не ў ссылцы.
І бачу —
Па злобнай чыноўнай
Ухмылцы, —
Што катаргі гэтай
Я век не адбуду.
1971

* * *


У гэты век, што адвучыў маўчаць,
У кожным абудзіўшы сверб размовы,
Я веру у нясказаныя словы,
Якім, магчыма, і не прагучаць.
Дзівак, наіўны, смешны, як дзіця,
Я веру ў іх, як веруючы — ў догмы.
І гэтай веры хопіць мне надоўга.
Ва ўсякім разе — да канца жыцця.
1972

* * *


Тут, дзе вучыўся і араць і сеяць,
Адкуль панёс і песню ў свет сваю,
Я з пасівелай галавой стаю
І слухаю асін журботны шэлест.
І неадчэпна ў ціхай мове лісця
Адно пытанне ловіць прагны слых:
«Скажы, ты шчаслівейшы стаў за тых,
Што тут араць i сеяць засталіся?»
1973

* * *


Жанчыны вёсак беларускіх, вам
Я кланяюся уклонам самым нізкім —
За кожную іскрынку хараства,
Што ззяе ў слове, ад калыскі блізкім.
Пачуеш вас, не зманеных маной, —
І весялей глядзіш у твар эпохі.
Дык пасядзіце ж, любыя, са мной,
Пагаманіце, пагукайце трохі...
1973

* * *


Балюча — быць ахвярай нечай,
Падсудным злыднем быць — ганебна,
Нялёгка — мерай чалавечай
Караць віну, хоць i патрэбна.
Які ж цяжар, якая кара,
Калі, спасцігшы лёс свой трудны,
Ты сам — суддзя, і сам — падсудны,
І сам — падсуднага ахвяра!
1973

* * *


Толькі б ведаць, а шчаслівы быў бы,
Што мой сціплы плён не прападзе
І на роднай матчынай сялібе
Хоць камусьці ў сэрца западзе.
Хоць адзіным парасткам узыдзе,
Прарасце, праб'ецца да святла...
Толькі б ведаць, а не быў бы ў крыўдзе,
Што нямнога доля мне дала.
1974

Мой белы дзень


І я стаяў над прорвай роспачы,
І ноч мне цемрыла душу,
І думаў, ліст слязою росячы:
Нічога больш не напішу.
Але вяртаўся промень страчаны,
У сэрцы плавіўся лядзень,
І зноўку вера ў слова матчына
Свяціла мне, як белы дзень!
1975

* * *


Мае равеснікі, з якімі, помніцца,
Прызыўнікамі разам мерзлі-моклі,
Даўно стаяць на капітанскіх мосціках —
У белых кіцелях i пры біноклях.
Абводзяць даль паглядам трыумфатара,
Раз-пораз гладзяць на грудзях калодкі.
І мроіцца за лініяй экватара
Ім адміральскай славы хлеб салодкі.
А мне па сэрцу чын матроса простага
(Хоць пэўна ў мічманы я змог бы выйсці).
Упэўніўся — пасля вясёлых роздумаў:
З такіх, як я, — у труме больш карысці.
Я ля машын хаджу, ля гулкіх дызеляў,
Прапахлы ўвесь мазутам і саляркай,
Бянтэжуся я капітанскіх кіцеляў
І не зайздрошчу белізне іх яркай.
Адно я ў гэтым рэйдзе цвёрда ведаю:
Каб карабель праз штормы-ураганы
Прыбыў шчасліва ў прыстань запаветную
Я мушу службу несці без заганы.
Бывала горка мне. Ды не зняверыўся
Я ў лесе ўласным. І ў сябрах таксама.
Бо сэрцам я заўжды на родным беразе —
З яго лугамі, нівамі, лясамі.
І калі ўрэшце выйду я на палубу,
Як у старой той песні, ледзь прытомны,
І вочы памутнеюцца запалыя,
І ў іх апошні раз успыхнуць промні, —
Падхоплены сяброўскімі, рабочымі
Рукамі моцнымі, я гляну ўперад
І прашапчу: «На родны бераг, хлопчыкі
Хоць жменяй попелу — на родны бераг!
1977-1978

На ўзгорку пясчаным..


На ўзгорку пясчаным цвіце жаўтазель —
На брацкай магіле дзяцей партызанскіх.
Стаю і гляджу, як па кветках зіркастых
Блукае маленства далёкага чмель.
Мы разам раслі тут — пад небам адным:
Смяяліся, плакалі, песні спявалі...
Той смех спапялілі, той спеў расстралялі,
А плач — уцалеў: ён у сэрцы маім.
1983

Вы думалі..


Вы думалі, што я сабраўся ў скачках
Прымаць удзел? Каб верны мне мой конь,
Апанаваны скакавой гарачкай,
Ляцеў за некім шустрым наўздагон?
Ну што вы, што вы! Хіба я — наезнік?
I хіба конь для скачак у мяне?
Яго прызванне — плуг цягнуць жалезны,
Мае — ступаць услед па баразне.
1983

Замест малітвы


Калі ёсць ты, лёс мой, нада мною,
Аб адным прашу я: не дазволь
У міры з няпраўдай і хлуснёю
Дажываць мне век на свеце свой.
Не аддай душу ў няволю гномам —
Узбунтуй, растурзай, распалі, —
Каб у ёй агні-маланкі з громам
Жыхалі ад неба да зямлі!
1983

Выпадковы госць


Салон у стылі найнавейшым,
Прытворны смех і гамана.
Ці не пара паслухаць вершы
Пад гэту пеністасць віна?
Ах, вось чаго сюды я званы!
Каб вершам слых паказытаць.
Каб праз саломку пунш духмяны
Яшчэ смачней было смактаць.
О не, мадам! Для насалоды
Ён не прыдасца, верш мой, вам.
Ён — не салонны, ён — салены.
Вы памыліліся, мадам.
Прагорклы ён! Прагорк дашчэнту,
Як яблык з дзічкі на мяжы, —
Звядзе аскома вам пашчэнкі.
Чужы мой верш для вас, чужы.
Не можа вас ён бестурботна
Ні забаўляць, ні весяліць:
Яму ад цяжкіх дум журботна,
Яму ад горкіх страт баліць.
Ён лесам стаў маім у полі,
Дзе ў горле пыл, дзе пот — цурком,
Ён хлебу чорнаму ніколі
Не зможа здрадзіць ні радком.
Прыроднай соллю-гаркатою
Зямлі бацькоў павінен ён,
Што ёсць і будзе мне святою —
Да скону дзён. Да скону дзён...
1983

Аўтографы сяброў


Аўтографы-надпісы вашы, сябры,
Чытаю на кніжках падораных —
З выказам даверу, павагі, любві,
З зычэннямі самымі добрымі.
Як многа іх, цёплых i ласкавых слоў,
Ад шчырага сэрца напісаных!
І колькі за імі пражытых гадоў
Жывымі ўзыходзяць абрысамі...
Вось гэты згадаў мне аб даўняй вясне
З яе маладымі павевамі.
Дакорам не стаў ён сівой сівізне —
Навек мы, брат брату, паверылі.
Вось гэты... о, як акрыліў ён душу,
Прыйшоўшы ад майстра ад слыннага —
Якраз, калі мне аж калола ўвушшу
Ад крыку дурнога аслінага!..
Вось гэтыя — з братняга краю прывёз
Як словы прызнання ў прыязнасці.
Мне светла ад ix, як ад белых бяроз
На ўзлеску асеннім пры яснасці.
А гэта — апошні... Гляджу на радкі,
Што помню на памяць да каліўца, —
І зноў адчуваю той поціск рукі,
І сэрца ад болю сціскаецца...
Якія магутныя творцы-мужы,
Якія нязломныя волаты
Пайшлі па той бок векавечнай мяжы
Заўчасна, зарана, замолада!..
Жывіце ж да поўнага веку, сябры,
Не трацячы моцы і шчырасці!
І знайце: нішто нам віхуры-вятры,
Пакуль нашы шэрагі ў шчыльнасці!..
Я дзякуй кажу вам ад сэрца ўсяго.
Мне вашы дарункі-аўтографы —
Як вехі жыццёвага шляху майго.
А ён жа не будзе паўтораны...
1983

Памяці Андрэя Германава


1
На старажытных могілках у Софіі,
Дзе спачываюць годы і вякі,
Убачыў я вянкі яшчэ не ўсохлыя —
Павітыя жалобаю вянкі.
І зразумеў — раней, чым згледзеў літары
На чорным крэпе: гэта ты, мой брат!
І ўраз адчуў, нібы прысуд бязлітасны,
Як не гатовы я да гэткіх страт!..
Стаяў, паніклы, над грудком уквечаным,
Што атуліў твой вечны супакой,
А ўсё ў душы крычала i пярэчыла,
Не мірачыся з крыўдаю такой.
Маўчала воддаль цэркаўка, не звонячы,
Акацый водар ліўся ў тленны дух...
А майскі дзень такі быў зырка-сонечны,
Што на імгненне для мяне патух.
А ў разналістай зеляніне могілак
Такі грымеў магутным гімн жыццю, —
Як быццам, спахапіўшыся, адмовіла
На гэты раз прырода небыццю.

2
Азлоблены век забівае
Найлепшых сяброў без пары.
Замены ж сябрам не бывае —
Навек нам даюцца сябры.
Аднойчы, няўзнак, на знаёмства
Абменімся поціскам рук,
Спаткаўшыся зноў — расстаёмся
Без смутку, там болей — без мук.
Бо ў новыя верым сустрэчы
І знаем: іх безліч яшчэ,
Баяцца за іх — недарэчы,
І наша ад нас не ўцячэ!
Якая наіўнасць! Якая
Бяспечная стаўка на час!..
А наша так хутка ўцякае
Праз тлум-мітуслівасць ад нас!
І вось ужо ўсё: ні спаткацца,
Ні ўбачыць, ні голас пачуць, —
Стаяць і глядзець, як з акацый
Слязіны-пялёсткі цякуць...

3
Любы брат мой балгарскі Андрэй!
Віцязь-рыцар славянскага брацтва!
Знаю: будзе бясконца цяжэй
Мне цяпер за Дунай выбірацца.
Вось прыеду, вось гляну-зірну
У зялёныя Віташы вочы —
І згадаю, як разам вясну
Мы з табой тут «гукалі» аднойчы...
Грэла сонца — i таяў-блішчэў
На сцяжынцы лядок наздраваты.
Слухаць госця яшчэ i яшчэ
У той ранак хацеў нездарма ты:
І да песень матулі маёй,
І да нашай зямлі партызанскай
Неспадманна прырос ты душой,
Каб дзяліцца натхненнем і ласкай...
Дзякуй, брат мой балгарскі Андрэй,
Быў ты ўвесь з дабрыні і любові,
А любоў на зямлі не памрэ —
На зямлі і ў паэтавым слове.
1983

* * *


Каменні ляцяць на дарогу.
Аднойчы якісь не міне.
Каму я паплачуся? Богу?
Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду
Кладуць і кладуць на чало.
Каму я паскарджуся? Д'яблу?
Яшчэ не хапала чаго!
Ёсць добрыя людзі — я ім бы
Паплакаўся трохі, але ж —
У іх над галовамі німбы
Уласных пакут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай
Цяжар свой на ix ускладаць.
Дык што ж застаецца, Радзіма?
Ты можаш параду мне даць?
І чую я голас, падобны
На голас матулі маёй:
«Будзь дужы, будзь мужны і добры,
Не бойся натхнёных хлуснёй.
Адрынь іх суды-перасуды.
І чорнай не вер варажбе.
Хай свеціць заўсёды і ўсюды
Маё блаславенне табе!»
1985

Палыновая ростань


Знаю: мне не вяртацца
Гэтым шляхам ніколі —
На апошнюю ростань,
На спатканне з былым.
Белай стужкай дарога
Раскацілася ў полі,
А па ўзбоччы дарогі —
Толькі шызы палын.
Ад запозненай мары,
Ад шчаслівай трывогі
Мне навек застанецца
Сумна-горкі ўспамін.
Сонцам плавіцца далеч,
Дзень самлеў ад знямогі,
А па ўзбоччы дарогі —
Толькі шызы палын.
Заўтра недзе далёка
Ты ўсміхнешся міжволі:
Неба нізкім не стала,
Свет не здаўся малым...
А мая мне дарога —
Белай стужкай у полі,
А па ўзбоччы дарогі —
Толькі шызы палын.
1973, 1986

Пра сініц і экзотыку


Сыдзе імпэт, і былое
Моцы не стане ў радку —
Буду лавіць у сіло я
Сумных сініц у садку.
Кажуць, зашмат развялося
Іх на сядзібе ў мяне,
Ды — не чутно весялосці,
Радасці ў іх гамане.
Буду садзіць іх у клеткі,
Буду насіць на базар.
Гэй, беларускія дзеткі,
Ці не для вас мой тавар?
Не канарэйкі, вядома,
Не папугаі, а ўсё ж —
Будзе вам песенька дома,
І — задарма, ні за грош.
Ну, а як знойдзецца скептык —
Скажа, нібыта няўзнак:
«Можа, тавар i не з кепскіх —
Не экзатычны, аднак!»
Так адкажу я: «Васпане!
Як не зыначыцца час —
Гэтая птушачка стане
Найэкзатычнай у нас...»
1986

Кашмар


Ах, насланнё! Каторы раз у сне
Я ад агіды жуткай скаланаюся:
Абдаючы сцюдзёнаю слюнявасцю,
Кратовы лапы грэбаюць па мне!
Дзве куцапалыя (чамусьці дзве,
А не чатыры), пальцамі-абрубкамі
З завостранымі кіпцюрамі цупкімі,
Па шыі грэбаюць, па галаве...
Адкуль і што за немарач найшла?
Ніводнага ж крата ў жыцці не знішчыў я
І не стаўляў прылады паляўнічыя
Каля яго падземнага жытла.
Хоць ён псаваў і сад і агарод —
Я помсты не ўчыняў за гэта ворыва.
«Такой бяды, казаў. Нашкодзіў здорава,
Ды што рабіць? На тое ён i крот!..»
Так, не чапаў брыдоты я... Але
Спаткаўшы дзе — заўсёды моцна гідзіўся.
Ці не праз гэта ім i зненавідзеўся?
Цямрэц не любіць тых, што на святле.
І вось — дайшло ну проста да бяды:
Каторы год у сне я скаланаюся
Ад лап крата, што грэбае з нянавісцю...
Хто рады дасць? Хто збавіць ад брыды?
1986

На сходзе


І ты, брат, хораша сказаў,
І ты, брат, хораша!
Так кожны з вас за сэрца ўзяў —
Аж стала горача.
І ты шануеш, вызнаеш
Мараль вячыстую,
І ты руку ёй падаеш
Заўсёды чыстую.
І ты ні ў чым не вінават
Перад Радзімаю,
І ты клянешся ёю, брат,
Адной-адзінаю.
Вы пра сябе сказалі тут
Так шмат прыўкраснага,
Што я... канаю ад пакут
Сумлення ўласнага.
І мне няўсцерп сядзець між вас,
У рай прызначаных.
Мне б захлынуцца ў самы раз
Слязьмі гарачымі.
1987

У лад са старою прыказкай


Пры нагодзе ў нас аб лесе
Гэтак гаварылася:
«А мае — як не ўпяклося,
Дык і не ўварылася!..»
Вось і ты ўжо гэту з болем
Паўтараеш прыказку,
Хоць у сэрцы ёсць даволі
І агню, і прысаку.
Днём і ноччу, рана — позна,
Думкі цяжка рояцца:
Як ад немасці пагрознай
Песня абароніцца?
Як сабою ёй застацца,
Калі скрозь урвіцелі,
Ёй на здзек, у ранг мастацтва
Хрып завозны ўзвысілі?
Ім над імпартныя рытмы
Добра, лёгка скачацца,
Ну, а ты? Сядзіш паніклы?
Смейся — раз не плачацца!
Ахрышчоны ліхалеццем,
Выраслы з нішчымніцы,
Можа стацца, што не мецьмеш
I такой магчымасці.
Ах, цябе не толькі слёзы —
Смех таксама выракся?
Сапраўды: як не ўпяклося,
Дык i не ўварылася!..
1987

Пытанне


Хаджу па чужыне, гляджу на людцоў,
На іхняе з Богам вітанне —
І зноў працінаюся болем, i зноў
Душу мне свідруе пытанне:
Як доўга яшчэ будзе ў нас у вачах
І ў кожным штрыху чалавечым —
Наш, пройдзены намі, пакутлівы шлях,
Наш сум па няспраўджаным нечым?
1989

На судзілішчы тым..


На судзілішчы тым,
Што ўчынілі сляпцы,
Быў і голас зусім не сляпога,
А таго, што даваў
На кургане-капцы
Клятву імем братэрства святога.
Ён найлепей з усіх
Знаў у той грамадзе:
У адным вінаваты «падсудны»,
Што ніколі,
Ні разу,
Ні ў чым і нідзе
Не прадаў свой народ шматпакутны.
І застрэў
У «падсуднага» ў горле камяк,
Варухнуліся здрадліва губы
І адно прашапталі —
Нячутна, няўзнак:
«Як жа гэта ты, братачка любы?..»
«Вось дзе наша пагібель,
Халопы-рабы,
Па-за гэтым прычын не шукайце», —
Так ён суддзям сказаў
I ўцямнеў ад журбы,
Як над свежай магілаю маці.
Сто разоў ганьбаваны
Паклёпам-маной
За адданасць бацькоўскаму краю,
Ён суцешыцца мог
Толькі думкай адной,
Што стрывае i гэта, стрывае!..
Ён павінен трываць —
І трываць да канца,
Каб ісці —
І ў хадзе не згінацца —
На святло, што калісьці
З кургана-капца
Ён убачыў вачыма юнацтва.
9.7.1989

Сон у бяссонніцу


Ну й сон мне прысніўся ў бяссонную ноч!
Стаю на пагосце нібыта,
Бярозы і сосны, капліца наўзбоч,
Крыжы i каменныя пліты.
Нікога не бачу, ды чую кагось —
Хтось кліча-гукае штосілы:
«Гэй, дзе вы там? Свінні прыйшлі на пагост
І рыюць святыя магілы!..»
Гляджу, сапраўды: між сасон і бяроз —
Арудуюць морды свіныя!
Дратуюць, драпежаць, паскудзяць пагост
І рыюць магілы святыя!
Абураны я, ды няма чым прагнаць —
Ні пугі ніякай, ні кія.
А свінні свінячаць, сапуць i вішчаць —
І рыюць магілы святыя!..
Услед за няведама кім я тады
Гукаю таксама штосілы:
«Гэй, дзе вы там? Свінні прыйшлі на клады
І рыюць святыя магілы!..»
Але старажы на мой крык не бягуць —
Напэўна, не чуюць, глухія...
І рохкаюць свінні, і гнюсна сапуць,
І рыюць магілы святыя...
Я ў прыступе крыўды апёрся на крыж,
А прыступ — няйначай смяротны...
«Ну, што з табой робіцца? Зноў ты не спіш!..»
Ды гэта ўжо голас — мне родны...
1.7.1989

Пра нашу годнасць


Што праўда,
То праўда —
Даўно гэта стала:
Віхляння — багата,
А годнасці — мала.
Багата юродства,
Блюзнерства,
Крыўляння,
А мова народа —
На грані сканання.
Таму і цямнеем,
Чарнеем ад злосці.
Аж хочацца нават
Ударыць кагосьці.
Каго — зразумела,
Ды чорт яго знае,
Чым кончыцца можа
Адвага такая!
І што ж тады робім
У злосці i скрусе
Мы — існыя родам
Сыны Беларусі?
Што — робім?
A б'ём-дабіваем заўзята
Свайго
Не дабітага злыднямі
Брата.
У гэтым — i мужнасць,
І мудрасць,
І годнасць,
І нашага гора-гібення
Нязводнасць.
1989, лістпад

Над бяздоннем


Над бяздоннем іду —
Па вузенечкай кромцы ля стромы...
Што, прайшоўшы, знайду?
Чым пакліканы ў шлях незнаёмы?
Над бяздоннем іду...
Там, унізе, раскацісты рогат —
Д'яблы мелюць ваду
На страшэнных каменных парогах.
Над бяздоннем іду.
Там патокі. Там пара клубіцца.
Хоць гукні грамаду —
Галава пачынае кружыцца.
Над бяздоннем іду.
Здрадны страх зацінае дыханне.
Крок яшчэ — і ўпаду...
Іншы хтосьці уславіць каханне.
1990

* * *


Не падбівай. Не падбухторвай.
Дарма шчыруеш. Я не з тых,
Што краю роднаму над прорвай
Самазабойча б'юць пад дых.
Табе — павек не будзе веры.
Не спадзявайся. Не чакай.
Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — Бацькоўскі край.
Я не забыў: калі ад болю
За лес ягоны я крычаў —
Ты шанаваў чужую волю
І, падуладны ёй, маўчаў.
Калі дыханне мне i мову
Перацінаў дзікун-сатрап —
Ты не ішоў мне на падмогу,
Ты на душу не браў затрат.
Таму — не снуй перад вачыма.
Не корчы міну. Не прасі.
Прадаўшы ўсё, што ёсць Айчына,
Мяне сто раз ты прадасі.
1990, лістапад

Перад люстэркам


Мо даняла паняверка,
Можа, хто крылы падсек?
Пільна глядзіцца ў люстэрка
Немалады чалавек.
Тонуць набеглыя цені,
Нікнуць у сховах чуцця.
«Божа, які летуценнік!
Божа, якое дзіця!..»
Сутарга раптам па твары —
Болю пакутнага след.
«Божа, якая пачвара!
Божа, які прайдзісвет!»
Лепш бы зусім не глядзеўся!
Лепш бы не бачыў сябе!
Дзе ж той акрылены дзеўся —
Вымыты ў сонца сяйве?
Мо даняла паняверка?
Можа, хто крылы падсек?..
Сумна глядзіцца ў люстэрка
Немалады чалавек.
1991

Балала


На світанні, ледзь заднела,
Нібы мне пабудка,
Загугукала на дрэве
Дзікая галубка.
Ды чамусьці так трывожна,
Так журботна-скрушна —
Што было ніяк няможна
Слухаць раўнадушна.
Хоць спытай у шызакрылай:
Дзе ўзялося зрання
Столькі жалю, столькі крыўды,
Столькі наракання?
Хто пачуць яе павінен
І чаму не чуе?
І чаму ён галубіне
Песень не буркуе?
Можа, ён душой бяздольнай
З іншым краем зросся?..
Не, ён роднага гняздоўя
Не забыў, не зрокся.
На драпежнай дзюбе ў полі
Кроў яго скіпела.
Бо ён надта верыў волі,
Надта лётаў смела.
1991

Крумкач


Ізноў, як калісьці,
Мне каркае чорны крумкач:
Давеку не выйсці
Табе з гістарычных няўдач!
Куды не паткнуся —
Усюды наб'ю сабе гуз!
Няма Беларусі!
Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся?
Свой лёс ты між двух выбірай:
Ці «ўсходнія крэсы» —
Ці «северо-западный край».
Дай дзякуй, сярмяжка,
Што знаеш сяўбу ды жніво.
Калі ж табе цяжка —
Пахліпай сабе ў рукаво!
На гэта ты здатны —
На вечную скаргу i плач...
Замоўкні, бяздарны!
Не будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць не стану!
Я прагай здзяйснення жыву.
Найперш — у пашану —
Табе я скручу галаву.
Каб гнюсна не каркаў,
Каб тут, дзе Купала хадзіў,
Рабоў-недавяркаў
Агіднай хлуснёй не пладзіў.
Тут праўда i вера
З нябыту ўваскрэснуць навек.
І мэтай і мерай
Тут будзе ва ўсім — Чалавек.
1991, красавік

І даб'е..


І даб'е цябе наіўнасць.
І даб'е цябе насмерць.
Дзе падступнасць, дзе нявіннасць
Ты няздольны зразумець.
Непрыкметна абязвечыць,
Крылы-мары абарве,
Абяскровіць, абязверыць.
Абяссіліць і... даб'е!
1991, верасень

* * *


У беспрасветны час
Знявер'я i шаленства,
Калі цяжар абраз
Гняце душу з маленства,
Паверыць лёгка ў зло.
А вы ў дабро паверце!
Разліку — не было.
Вы хлусіце, блюзнерцы!
Душы сваёй крыло
Даю на адсячэнне:
Разліку не было!
Ішоў на зор свячэнне!
Разліку — не было.
Адкуль жа столькі гневу
Пакуль не адняло —
Цягну далоні к небу.
Пасведчы, Бацька Бог:
Хоць i прызнаў хімеру —
Зняважыць я не мог
Сваю любоў i веру.
Разліку — не было.
Калі няпраўда гэта —
Хай стлее ў прах i тло
Зямны пасад паэта!
1991-1992

На ўзгорку


На ўзгорку, на сіверным ветры,
Стаіць ён, ад шляху наўзбоч,
І ўдалеч, дзе лес пракаветны,
Глядзіць, не адводзячы воч.
Стамлёны душэўным разладам,
З надзеяй глядзіць і з тугой.
А што там, за тым даляглядам?
За тою сівою смугой?
Там вёсачка недзе ў бярозах,
І хата на ўскраіне там...
Ах, колькі разоў ён у крозах
Заходзіў туды, як у храм!
Што ж сёння душа яго ў траўме?
Што мроіцца зараз яму?
Ці, можа, вяртаецца ў травень —
На споведзь юнацтву свайму?
Ці чуе, як сіверам клятым
Да сэрца крадзецца зіма?..
А што там, за тым даляглядам, —
Адказу няма i няма.
1992

Стрэмка


Калі пералескам, між сосен,
Блукаў на змярканні паэт
І слухаў вясны сугалоссе,
І слухаў бясконцы сусвет, —
Знянацку, гняўліва, сурова,
Наўперак суладдзю ўсяму,
З нябёсаў данеслася слова
І ўдарыла ў сэрца яму.
Кальнула, як вострая стрэмка.
Каб хто тады глянуў у твар —
Напэўна, пазнаў бы на зрэнках,
Балючы які быў удар!..
Дадому ён сунуўся ценем,
А ноччу — не сплюшчыў павек.
Страшное было прасвятленне.
Бязлітасны лесу быў здзек.
З той даты, каб справіцца з болем,
Ён варыць штовечар шалфей.
А горычы — болей і болей.
А стрэмка — глыбей і глыбей.
Час вылечыць быў бы павінен.
А вось жа бяссільны і ён.
Не выме той стрэмкі, не выме.
Не здыме той Божы праклён.
1992

Імпрэсія з далёкага падарожжа


Нічога, нічога!
Хоць спазмы дыханне сцінаюць,
Ды сэрца не змоўкла.
Нічога, нічога!
Хоць слёзы ў вачах набухаюць —
Як росы на смолках.
Нічога, нічога!..
І я дажыву, калі ў горле
Не будзе шчымець мне.
Нічога, нічога!..
І нас яшчэ радасць агорне,
І мы яшчэ мецьмем!
І мы яшчэ зробім,
Ну, можа, й не гэтак прывабна,
А ўсё-такі зробім!
Усё, што злачынцы
Зглумілі, стапталі нахабна, —
Мы ўзновім! Мы ўзродзім!
Галоўнае — гэта
Не ўпасці б у роспач, у зарасць
Знявер'я глухога.
Галоўнае, гэта —
Каб губы шапталі, як зараз:
Нічога, нічога!..
Нічога, нічога!
І мы сваю долю інакшай,
Прывабнейшай зробім!
Усё, што злачынцы
Стапталі на ніве на нашай, —
Мы ўзродзім! Мы ўзродзім!
1992, красавік

Віхура


Віхура!.. Віхура!..
Няўрымсная бура!..
Адкуль узялася?
З чаго пачалася?
Схапіла, сарвала
І цягне, і ўзносіць
Угору і ўгору,
Увысь, у прастору,
У чорныя хмары,
За хмары, да сонца,
Да сонца! А сонца
Так зырка там свеціць
І паліць, і смаліць,
І вочы мне слепіць!..
Віхура, віхура!
Шпурляе, шматае,
І круціць, і гоніць,
І рве-разрывае,
І дух забівае,
Займае, сцінае...
Куды яна кіне?
І дзе апынуся?
Чаму не баюся,
Што гэта стыхія
Душу мне скамечыць
І збэрсае-склыча?
За тое, што кліча
Заглянуць у вечнасць?
А можа — што возьме
З разгону, з размаху
Шпурне мяне вобзем —
І ціша наступіць?
І ціша наступіць!..
І ціша наступіць...
Навек!.. І нікому
Нідзе не зарупіць,
Што ў буры-віхуры
Звіхурыўся хтосьці...
Не! Грымнуцца вобзем,
Рассыпяцца косці,
Ды вочы паб'юцца
На пырскі-асколкі —
Расою прадьюцца
На травы і зёлкі...
А дух безаглядны,
Душа-непакора
Ачахне, ашляхне,
Знямогне няскора!
А будзе насіцца,
Між хмарамі віцца
І весела жыхаць
Агнём-бліскавіцай.
Хто прагне віхуры,
Як прагнуць збавення, —
Агонь-бліскавіца
Таму блаславенне!
1992

* * *


Хоць лёс неспагадны бязлітасна крыўдзіў,
І скрушна бывала, і горка, —
Я верыў: прагляне, паўстане, узыдзе
Мая запаветная зорка!
І вось яна ўспыхнула сымбалем краю —
Найяркая ў гронцы суквецця!..
Чаго ж я ад страху цяпер паміраю?
А што — калі знічкай сарвецца?!.
1992

Сёе-тое пра вершы


А вершы свае спалі...
З прыватнай размовы
Так, так, шаноўны, вершы — гэта дробязь,
І хоць для іх патрэбен божы дар —
Сярод тавараў гэта не тавар,
Багатыром цябе яны не зробяць.
Таму — за непатрэбай — ты іх знішчы:
Збяры ўсе разам і спалі ў агні...
— Ды я ўжо так рабіў, але ж яны
Яшчэ мацней растуць на папялішчы!..
1992

Збітыя рыфмы


Цяжка, ды мушу: падамся ў дарогу!
Збітыя рыфмы паклічу ў падмогу.
Збітыя рыфмы? Ну гэтак жа: «Збітыя!» —
Моршчацца крытыкі — людзі сярдзітыя.
Збітыя — нібы набойкі жалезныя
Ці ў пілігрыма кавенька з алешыны.
Збітыя рыфмы? І хто гэта выдумаў?
Пэўна, хто слову не рад самавітаму.
Рыфмы збываюцца ці не збываюцца,
Ззяюць ці гаснуць, але — не збіваюцца.
Так, як і «рыфма» зязюлі адвечная,
Так, як і сэрца ў грудзях чалавечае:
Б'ецца і б'ецца, але не збіваецца,
А — ці спыняецца, ці — разрываецца.
1992

Сон


Вечар. І дом у экранах вакон.
Хто там — не знаю — жыве.
Міма праходжу. А мне наўздагон:
«Ніл! Цябе маці заве!..»
Мама? І кліча мяне ў гэты дом?
Як гэта... мама, калі
Мамы няма? Ужо колькі гадоў
Спіць вечным сном у зямлі...
Я павярнуўся: высока акно —
Насцеж, а ў ім — сілуэт.
Божа! Таксама нябожчык даўно —
Мамін вясковы сусед.
Ён гэта крыкнуў... О голас бяды!
Толькі не веру я, не:
Мама, хоць дрэнны я сын быў, — туды
Клікаць не можа мяне.
Ведае родная, ведае: тут,
Тут я патрэбен яшчэ!..
Ну, а туды я паспею на суд.
Хто ж бо ад Бога ўцячэ?..
1992

Кляновы лісток


Вястун неспадзеўны — кляновы лісток
Ляжыць на далоні:
Ці позва на суд ці на шчасце квіток,
Мне Богам дароны?
Пра шчасце, як грэшніку ў пекле пра цуд,
Мне марыць запозна.
Напэўна, на страшны i праведны суд
Ад Бога мне позва.
Чаму ж бо, паведай, лісток-варажбіт,
Мне сэрца так цісне?
Чаму мае думы на ўвесь краявід,
Як хмары, навіслі?
Што тонкія жылкі-пражылкі твае
Вяшчаюць-варожаць ?
Ці ласку, якая душу мне спаўе,
Ці стынь i варожасць?
Скажы ж, не таіся, калі сапраўды
Ты Божы пасланнік.
Чыесьці дарогі... Чыесьці сляды...
Чыесьці расстанні...
Гляджу-углядаюся ў рыскі-штрыхі,
Бы ў лёсу пісьмёны:
Чыесьці надзеі... Чыесьці грахі...
Чыесьці імёны...
Чыесьці тут лёсы, чыесьці... А дзе ж
Майго накановы?
Ці мне, на астатку, не ведаць ix лепш,
Лісточак кляновы?
1992

Скора, скора

Каму вас, песні?..

Янка Купала
Скора, скора я, выкляўшы касту,
Што загнала народ у бяду,
Набяру сваіх песень у кайстру
I з кавенькай па краі пайду.
Я ix пеў i бадзёра i сумна,
На людзях i ў самотнай глушы.
Можа, часам не вельмі i ўдумна,
Ды заўсёды — ад шчырай душы.
Дзесь на плошчы, наўпроць рэстарана,
Выму з торбы ix, раб хараства,
Дый звярнуся да тлустага пана:
«Можа, купіце — з ласкі Хрыста?»
I пазнаю яго, i з агіды
Скалануся i сплюну да ног:
Гэта ж той графаман прагавіты,
Што нядаўна ад зайздрасці дох...
Пераксціўшыся, сцісну кавеньку
Дый падамся паціху далей.
I ні стогну, ні плачу, ні енку
Крыўда-роспач не вырве з грудзей.
Пра адно буду думаць са страхам,
Каб не ўбачыла тая, крый Бог,
Што сказала мне колісь: «Ты графам
Будзеш жыць без бяды i турбот».
1992

Нават пекная пані..

Удержи меня, мое презренье...

С. Ясенін
Скарпіёнскіх кампаній
У разгары пара.
Нават пекная пані
Яд пусціла з пяра.
Пэўна, годная мэта
Акрыліла на «плён»?
Дробязь: злосць на паэта,
Што не вырадак ён.
Прастакам для спажывы,
Слоў атрутных паток
Сёння ж пойдзе ў паршывы
Манархісцкі лісток.
Дзе пакутнікаў здані
Па закутках маўчаць —
Пасквіль пекнае пані
Будзе обер чытаць.
Ну, a людзі не клюнуць
На заманлівы «твор».
Не паглянуўшы, плюнуць,
Скажуць: «Ведамы ўзор!»
Скажуць: «Пані ў аблудзе
Шлях абрала крывы...»
Я — не іншы, чым людзі.
Я — такой жа крыві.
І таму, што не іншы
І свой род вызнаю —
Ты даруй, Усявышні,
Мне пагарду маю.
1992

Мой кароткі адказ


Вы кажаце: я выракся кагосьці?
Kaгo? Фальшывых ідалаў-святош,
Якім паверыў некалі?.. Ну што ж,
Хай Бог даруе хібы маладосці...
Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла,
Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць,
Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць,
Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла,
Не адракаўся i не адракуся!
Запомніце: пярэваратнем я
Павек не скінуся. Душа мая
І ў небе будзе трызніць Беларуссю.
1993

* * *


Не рві сабе сэрца, паэце!..
Пачуў я — ці гэта быў сон?..
Як многа змянілася ў свеце
З тых бурна ўзвіхураных дзён.
Якія грамы адгрымелі!
Якія дажджы адгулі!..
А зоры зіхцяць, як зіхцелі.
А хмары плывуць, як плылі.
Не рві сабе сэрца, паэце!
Зноў голас трывожны, як звон.
Нішто не змянілася ў свеце
З тых горка аплаканых дзён.
1993

Дзённік


Першага студзеня.
Сэрца натруджана
Так, што здаецца:
Сціхла, не б'ецца.
Трэцяга лютага.
Некалі любага,
Мілага ў Бога —
Гоняць з парогa.
Пятага траўня.
Значыць — бяспраўна?
Значыць — бяздомна?
Значыць — бяздольна?
Шостага чэрвеня.
Боскае счэрнена.
Хіба што ў песні
Светла ўваскрэсне?
Сёмага ліпеня.
Слёзнымі ўсхліпамі
Памяць скуголіць,
Просіць i моліць.
Восьмага жніўня.
Больш чым наіўна...
Горш чым бяздумна...
Горка i сумна!
Восьмага верасня.
Той, хто зняверыўся
Іншым не прыклад...
Горка i прыкра!
Першага снежня.
Горка i смешна —
Марыць аб нечым
Светлым i вечным.
1993

Памяць


А памяць бунтуе.
Напэўна, нішто мне
Яе не ўлагодзіць:
Як мора — бушуе,
І дыбіцца ў шторме,
І ходырам ходзіць.
Бясконцыя хвалі
Нястрымана гоніць
У накіпах белых.
І ў тым парыванні
Са дна і з прадонніц
Выносіць на бераг —
Не скарб для скарбонкі
Бурштыны ці перлы —
Не знак суцяшэння,
А толькі абломкі
Калісь пацярпелых
Караблекрушэнняў.
1993

Kaгo шкада


Mae грахі, усе да аднаго,
Па вышняму прысуду —
Мае навек. Я ix ні на каго
Перакладаць не буду.
Вось ля варот
Багі ляжаць наўзбоч,
Нізрынутыя з высяў.
Ці я свядома
Шанаваў ix моц —
Ці проста з імі звыкся?
Не ведаю...
Гляджу на ix, аднак,
Як на пакут астачу...
Мне кажуць:
«Плюнь і разатры, дзівак!..»
Я ж адыдуся й плачу.
Не, не шкада мне
Зрынутых у пыл.
Шкада сябе самога.
Сябе. Каго, хоць і не быў сляпы,
Тут мелі за сляпога.
А больш —
Па дзетках плачу я ў журбе,
Што, сапраўды аслепшы,
За Бога д'ябла выбралі сабе,
Як быццам д'ябал — лепшы.
1993

Пра песню і суддзяў


І тады, калі яна кульгала
І ўздымалася на паўкрыла, —
Песня мне не жыць дапамагала,
А самім маім жыццём была.
З ёй не кідаўся я на спакусу
І ў заклад яе не аддаваў.
Сам сабой, без гвалту i прымусу,
Выбіраў матыў і ноту браў.
Не з дыктоўкі нечай, выбачайце.
Толькі сам! Як знаў і як умеў.
А таму — судзіце і карайце
Не за спеў: ён шчыры быў, мой спеў.
А за што?.. Калі беспакарана,
Без суда не можа жыць паэт —
Дык, відаць, за тое, што зарана
Я прыйшоў на гэты белы свет.
Затрымаўся б так гадкоў на сорак —
Быў бы сёння мудры, як і ўсе,
І як той бязгрэшны пракурорык,
Што мяне за лацканы трасе.
1993

Добрыя людзі


Добрыя людзі,
Ну будзьце ж вы добрымі!
Хіба не бачыце:
Я — па-за вамі.
Марна вы, марна
Турботамі дробнымі
Сцежкі да сэрца майго
Пазаймалі.
Я — па-за вамі.
Не злуйцеся, любыя.
Гэта мінецца.
Я дзесьці — часова.
Потым вярнуся.
Жывы. Незагублены.
Потым... Як вернецца
Роднае слова.
1993

Загадка прыроды


О тая ўночы бліскавіца
Над жоўтым зарывам святла!..
Чаму, чаму яна спавіта
І стужкай чорнаю была?..
1993

* * *


Ты кпіш з маіх пакут?
З маёй бяды вялікай —
Маёй і многіх? Што ж!
Пасмейся! Пахіхікай!
Цябе не мог праняць
Разрыўны боль пякучы.
Ты маску зняў — і ўсё:
І ўсе твае пакуты!..
1993

Талісман


Талісман, ты мяне беражы,
Беражы, талісман, беражы,
І на самым крутым віражы
Затрымай на апошняй мяжы.
Я так веру ў цябе, талісман!
Я цалую цябе, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы
І мацней да жыцця прывяжы.
На зямлі, дзе радзіўся і рос,
Дзе паверыў аднойчы ў свой лес,
Не аддай у бязвер'е і зман, —
Ты адзіны мой бог, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы,
Беражы і яшчэ паслужы:
На развілку дарог у глушы,
Дзе бялее рушнік на крыжы, —
Пераймі ад кашчавай ганца —
Каб я песню дапеў да канца.
25.XI.1993

З эпасу маленства

Штрых да біяграфіі

Зноў стужку памяці кручу —
Гляджу сваё маленства.
Як страшна хлеба я хачу!
Калі яго наемся?
Ці на двары стаіць паўдзён,
Ці раніца, ці вечар —
Чаму я так яму жадзён?
Чаму галодны вечна?
Вось адвячоркам на грудку,
Дзе жніўны дух гарачы,
Сястра мне сунула ў руку
Малюсенькі акрайчык.
Хоць пахнуў паранкай праснак
І быў зямліста-шэры —
Я і дагэтуль помню смак
Сіроцкай той вячэры...
Вось у дзічы, пад купай лоз,
Ляжу цішком, як мёртвы.
А цётка — о, шчаслівы лес! —
Дае мне хрушчык з морквы.
І я патрошачку зусім
Адкусваю з-пад пальца —
Каб як мага даўжэй мне з ім,
Даўжэй з ім не расстацца...
Куды ні ткнуся ў памяць тых
Далёкіх дзён мінулых —
Усё адзін і той жа штрых,
Адзін і той малюнак.
З ім да сівых дажыў гадоў.
A ў старасці пачэснай —
Здаецца... скора буду зноў
Жадзён скарынцы чэрствай.
23.XII.1993

Мой гнеў прарос са слёз майго дзіцяці


Панок, што ў нашы дні (хвала харобрым!)
Як дысідэнт падаўся на чужыну,
Прылюдна збэсціў крык душы збалелай,
Што даляцеў здаля, з шасцідзесятых.
Шасцідзесятыя... Я помню, помню,
Як прыбягаў дадому з горкім плачам
Малы мой сын: «Там хлопчыкі ў двары
Б'юць кулакамі ў твар мяне за тое,
Што я па-беларуску гавару!..»
Ён мне крычаў з такою крыўдай гэта
І так глядзеў праз слёзы на мяне,
Як быццам я ва ўсім быў вінаваты.
Я суцяшаў, як мог, малога сына,
Як мог, дзікунства хлапчукоў тлумачыў,
А на душы ў самога закіпала
Святая лютасць: «Ну, чакайце, злыдні,
Правадыры шчаслівай Беларусі,
Манкуртаў хросныя бацькі! Яшчэ вам
Гісторыя належнае аддасць!..»
Мой гнеў прарос са слёз майго дзіцяці.
І страшна мне было за лес ягоны.
Але да ганьбы, ведаў я, не дойдзе:
Бацькоўскай мовы не зрачэцца сын!
Табе, панок, не зразумець тых слёз,
Хоць i равеснік ты майму нашчадку:
Яшчэ з калыскі вызвалены быў ты
«От грубого, простого языка».
Панок!.. А ты часом не быў, прабач,
У тым двары i разам з хлапчукамі
Мае дзіця за мову не грумячыў?
Чаго ж бо так узяў цябе за рэбры
Мой успамін пра той дзіцячы плач?
12.III.1994

* * *


Калі ліхое насланнё
Душу мне мучыла
І за апірышча сваё
Прымаў я чучала,
Калі хацеў мяне хаўрус
Купіць падманкаю,
Каб быў я «тоже белорус»
З душой-балванкаю, —
Я голас маці ўчуў здалёк —
З-за вечнай цемрадзі:
«А ты любоў маю, сынок,
Пусці паперадзе.
Яна не дасць табе пайсці
Гнілою кладчынай...»
Так і ратуюся ў жыцці
Любоўю матчынай.
1994-1995

Лебедзь


На Нарачы, летам,
Ішлі мы з табою
То хмызам, то лесам
Над самай вадой.
І там, дзе паўкрутам
Трыснёг расступіўся,
Убачылі птаха,
Занятага вельмі сабой.
На камені чорным,
Што выткнуўся ледзьве
Над бела-блакітнай
Раўнечай вады,
Як на пастаменце —
Фігурысты лебедзь:
Прыгожы, паважны
І немалады.
Ён моцную дзюбу
Засоўвае ўпер'е
І шчыпле, і шчыпле
Сябе па пярынцы
Ды так апантана,
Няўцямна-зацята,
Бы ў муках знявер'я,
З адчаю, наважыў
Без пер'я застацца...
І я не заўважыў,
Калі без мяне ты
Пайшла па сцяжынцы
І ў момант у гэты
Застаўся адзін я...
На камені чорным.
Стаю і зацята
Шчыплю па пярынцы —
Над люстрам азёрным.
Ужо і к абеду,
І сонца ў зеніце,
А я ўсё стаю
І скубу-выскубаю
Даўжэзнае пер'е.
Скубу і кідаю,
Шчыплю i кідаю,
Ды так апантана —
Няйначай з адчаю,
У муках знявер'я.
Кідаю астаткі
Крылатай аснасткі,
З падмогі якой
Калісьці ўзляцела
І доўга лятала
Душа над зямлёй.
1994-1995

* * *


Ніякі рахунак, ніякі разлік
Ужо мне не страшны: я збыўся, Айчына.
Я марна не згінуў, бясследна не знік.
Мяне для цябе ўратавала Жанчына.
Ты кажаш, быў варты я лесу свайго?
Не знаю... Магчыма... Магчыма... Магчыма...
А ўспомню — i жах працінае ўсяго:
Даўно ўжо прапаў бы, калі б не Жанчына.
2. IV. 1995

Мой час


Мой час прайшоў.
Сышоў ніякавата —
І згас... І вось душу бярэ ўціскі
Эпоха выхапняў і тарбахватаў,
Майстроў у старца адбіраць кускі.
Мой час прайшоў.
Сышоў безвынікова.
Так кожны раз кажу я сам сабе,
Калі гляджу, што робіцца наўкола:
Як звер звяруе, а скубач скубе.
Мой час...
Чаму ж яго я не шкадую?
Таму што знаю: і мінулы, той,
Што абяцаў мне долю маладую,
Таксама быў не мой, зусім не мой.
Не мне па спадчыне ад бацькі-маткі
Дастаўся ён, а прыхадняў гурме,
Што насаджала тут свае парадкі
І сваю волю дыктавала мне.
Час янычарства быў.
Таму і страшны,
Што ў вырадкаў ператвараў сыноў.
І ён не скончыўся, час учарашні.
Хлусня і здрада яго жывяць зноў.
Ну што ж!
Я шляху не згублю і ўпрыцем.
Каб час змяніўся — непатрэбны ўказ.
Мой час наперадзе.
Яшчэ ён прыйдзе —
Мой запаветны беларускі час!
26. Х. 1995

Наконт свабоды


Свабода прагна перажоўваць
Адрыжку наедзі чужой.
Свабода ўесці ядам жоўці
Душу, не ўзятую іржой.
Што ж, перажоўвай!
Справа густу.
І жоўцю пырскай. І даводзь,
Што гэта так па-беларуску
Ідзе свабода ў кроў і плоць.
Даводзь, крычы i ўсіх нязгодных
Гані-цягні на самасуд.
Ты маеш права: ты свабодны
І ад віны, і ад пакут.
А я — нявольнік ix давечны.
Я — іх закладнік да труны.
Бо мой Радзіме ліст даверчы
Быў без цынізму i маны.
Мой боль і ёсць мая свабода,
Якой найбольш я даражу.
Яна — як ціхая пагода,
Што супакой нясе ў душу.
26. ХІ. 1995

Стары паэт


Гавораць:
Паэт не бывае старым.
Сумнеўная мудрасць,
Хоць, можа, і з даўніх.
Паэт не бывае нядобрым і злым,
Калі ён паэт,
А не вершаскладальнік.
Старым жа бывае!
Калі — дажыве.
Старым, і схварэлым,
І вельмі самотным.
Прыдумае вершык —
І тут жа парве.
Ат! Дзе яму ўгнацца
За новым і модным!..
Сяброў ён растраціў.
А новых набыць
Не можа. Не здольны.
Ён траціць умее.
Аб чым ён шкадуе?
Аб тым, што пабыць
У гэных мястэчках
Ужо не паспее.
У гэных,
Дзе дух беларускі яшчэ
Крыху захаваўся —
Над Россю, над Шчарай...
Нашто яму гэта?
Каб трохі лягчэй
Было развітацца
З няздзейсненай марай.
27.XI. 1995

Крыху споведзі


Вось і яшчэ на год бліжэй да краю.
І хоць зычліва келіхі звіняць —
Я вам, сябры, зашмат не абяцаю.
Як той казаў: пара і гонар знаць.
Абнедужэла на сяўбе нялёгкай
Не толькі цела, а душа найперш.
Вазьму пяро — а сэрца так i ёкне:
Ці не апошні выплеснецца верш ?
І агартае сум... Як позна-позна!
Тады, калі б у самы раз пачаць!..
А ў чортаў млын і сёння ў нас завозна:
«Дай! Дай!» — таўкуцца, б'юцца і крычаць.
Хоць і мяне нязводныя турботы,
Як сабачня, хапалі за крыссё —
Нутром я прагнуў і шукаў самоты,
І мне яна была мілей за ўсё.
З любога свята, вэрхалу і тлуму
Хутчэй вяртаўся ў дом сваёй душы,
Каб зноў і зноў пакутна думаць думу
У цішыні — як у лясной глушы.
І дзень і ноч, і дзень і ноч — сам-насам.
З адным і тым пытаннем да нябёс:
Дык хто ж мы ёсць? Чаму жыццём уласным
Мы не жывём? І хто зламаў нам лес?
А па-за гэтым роздумам абложным —
Плыла, гула, грымела мітусня.
І я таксама ў гул пустапарожны
Зрываўся, горка плачучы пасля.
Хадзіў на выпіўкі, хоць і не часта.
У трапатні застольнай не маўчаў.
Здаралася, бываў сярод начальства,
Але іх ласкі штось не прыкмячаў.
Ні крымскіх, ні каўказскіх, ні балтыйскіх,
Ні іншых дзесь курортаў для вяльмож —
Не бачыў нават. У даверчых спісках
Не быў. Душу не прадаваў за грош.
Ну, што ж, у век Гіены і Шакала,
Дзе і Радзіму аддаюць за штоф,
Не стацца юдам — гэта ўжо нямала,
І небу дзякаваць мне ёсць за што.
11.1996

* * *


Сябры мае, я ведаю і сам,
Што быў бы сорам — у палоне страху
Гадаць, чаго: якіх уцех ці драм
Чакаць мне трэба на астатку шляху.
Я шчодрасць лесу ацаніў даўно,
Як мог — аддзякаваў. Цяпер, няхцівы,
Хачу, каб толькі i ўсяго адно
У міг апошні даў мне Літасцівы:
Каб даў пачуць, як пад акном маім,
Забавы ладзячы, дзятва-малеча
Прыгожа іi нязмушана зусім
На мове роднае зямлі шчабеча.
Каб перш чым свет імглою паплыве,
Я мог сказаць: «Ну вось, і мне не страшна:
Як ні душылі, а Яна — жыве!
Жыве, жыве святая Мова наша!»
14.1.1996

Лішні

Сумна мне, Божа!..

Ю. Славацкі
Я ведаў, што лішні тут буду,
Зазваны адно для прыліку, —
Між гэтага жвачнага люду,
Між гэтых аматараў шыку.
Шыкуюць!.. І таннага лоску
Прыдбалі на выездах трохі.
Хоць цяжка ім родную вёску
Хаваць у манерах эпохі.
Так цяжка ў чужой упакоўцы
Душу берагчы ім ад «грэху»,
Што часам i роднае слоўца
Увернуць — для большага смеху.
Ім весела, файна i ўцешна!
Ім добра, дзе хмельна і тлумна...
Я — гэткі ж абсурдны і грэшны.
Чаму ж мне, о Божа, так сумна?
10.VI.1996

Янішчыц Жэні томік...


Янішчыц Жэні томік разгарну
З аўтографам удзячнасці сардэчнай —
І зноў і зноў ад болю застагну,
Бы ад пакутнай раны невылечнай.
Як токам памяць б'е — даткнуся ледзь.
Нібы за іншых больш быў я ў адказе.
Яе адчай так слепа праглядзець
Не мелі права мы ні ў якім разе.
Яна любоў дарыла нам штодня
У родным слове, роўным самацвету,
І ўсё ж была адна — кругом адна:
На ўсю паэзію! На ўсю планету!
Ах, мітусня, праклятая стакроць!
І ў тысячны ты будзеш раз праклята!
Ды што з таго? Ці многіх нас, Гасподзь,
Бліжэй к Табе прыўзнесла гэта страта?
1996, студзень—ліпень

Крыўда


Божа!
Колькі пачвар
На сваім некароткім вяку
Я сустрэў
І сардэчна, з даверам,
Паціснуў руку!
Колькі чорных гадзюк
За жыццё
Прыгарнуў да грудзей!
А ў цябе ж на зямлі,
Божа,
Столькі цудоўных людзей
1996, кастрычнік

* * *


Ізноў палю апалае лісцё
І, падварушваючы качарэжкай,
То з сумнаю, то з блазенскай усмешкай
Перабіраю ў памяці жыццё.
І чую смех, і чую плач-выццё —
То прамаўляе з вогнішча былое.
Якое ж ты, жыццё, было дурное!
Якім цудоўным ты было, жыццё!
1996, кастрычнік

* * *


А мама мяне нарадзіла на сене ў калёсах,
Край бітай дарогі, у восеньскі вечар дажджлівы.
(А раз у дарозе, то, згодна з павер'ем аб лесах,
Ты долі не мецьмеш i век твой не будзе шчаслівы.)
«Усё! Не даедзем, Ляксандр! — гукнула да брата
Знямоглая мама. — Бяды табе будзе са мною...»
Той збочыў якраз ля забытай магілы салдата
І да абгародкі каня прывязаў лейчыною.
Пакуль па гразішчы мой дзядзька, хадзяін падводы,
Бабульку прынёс на плячах з недалёкае вёскі,
Дык мама, без енку, сама прыняла ў сябе роды,
Сама загарнула ў пялёнкі даруначак боскі.
Гаротніца-мама! Святая пакутніца ў Бога!
Даўно ўжо на могліцах нашых знайшла ты прытулак.
А я на паклон табе езджу — той самай дарогай,
Паўз тую ж магілу, дзе першы мой плач ты пачула.
Адлегласць ад гэнай магілы да могліц вясковых
Усё карацее, дарога ўсё болей крыжуе...
І, можа быць, мама, ты ў сына спытаешся скора:
«Ці шчасна ж дажыў ты?..» І што там табе адкажу я?
І што адкажу я, калі і ў растання хвіліну
Убачу ўсё тое ж пад купалам родных нябёсаў:
Няшчасную ў ганьбе, знябытую ў крыўдах краіну,
Няшчасны народ, раўнадушны да ўласнага лесу.
1997, люты

Зёлкі, птушкі i я


Краскі-зёлкі раніцай у лузе
Прачынаюцца раней, чым людзі.
А пяюшкі-птушкі ў лесе волкім
Прачынаюцца раней, чым зёлкі.
Шмат гадоў ужо я прачынаюся
Разам з птушкамі ў кустах, у гнёздах,
І раней, чым зёлкі ў долах росных.
Значыць, скора з імі і зраўняюся,
Перайду ў іх род, у неўміручасць:
Далучу да вечных зёлак цела,
А душа далучыцца да птушак.
Будзе пець, як і дагэтуль пела —
Беларуская душа лясная...
Толькі голас мой ці хто пазнае?
1997, ліпень

Элегія


Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца.
І не трэба, міласна прашу,
На зыходзе дня, пад зараніцай,
Усыпляць мне чарамі душу.
Я да дна свой келіх выпіць мушу.
Мне не страшны ўжо ні яд, ні нож.
І калі, нібы кіта на сушу,
Лес на волю выкіне, — ну што ж!
Адмаўчуся хоць... Бо ў паняверцы
Я не ўмеў разумна памаўчаць.
Разрываючы на часткі сэрца,
Одум горкі ходзіць па начах.
Для чаго, дзеля якой хімеры
Нёс я крыж усцяж фальшывых вех?
Ашуканы, здраджаны, схварэлы,
Як закладнік, дажываю век.
Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца.
І не трэба, міласна прашу,
На зыходзе дня, пад зараніцай,
Усыпляць мне чарамі душу.
1997, верасень

Як лісце жоўтае…


Як лісце жоўтае, без подыху
Вятрынкі, капае дадолу,
Так дні мае злятаюць поціху —
З гасцей вяртаюцца дадому.
Ах, да чаго ж, зямелька волглая,
Былі кароткія гасціны!
Як бы й зусім, як бы і ўвогуле
Не быў, не жыў, не меў Айчыны.
1997, верасень

Не бядуйце!..


Не бядуйце, настаўнікі мілыя,
Што з праграм і падручнікаў школьных
Песні-думы паэта праўдзівыя
Выдзяўбаюць, як шкоднікаў шкодных.
Выдзяўбаюць з той самай нянавісцю,
Як калісь, на крывавым прадвесні,
Каршуны, што віселі тут навіссю,
Выдзяўбалі Купалавы песні.
Выдзяўбаюць!.. А хто ж бо заступіцца?
Хто падымецца? Хто абароніць?
Белы зайчык пад кусцікам туліцца.
Звон на вежы знямелай не звоніць.
Звон не звоніць... Ды хоць і панылыя
Па калдобінах цягнуцца будні,
Не бядуйце, настаўнікі мілыя:
Шчырым песням не згінуць ад блудні.
З тых праграм, што ваююць, як ратнікі,
За свабоду, — ніякім дэкрэтам
Іх не зняць! Калі нават сцярвятнікі
Заўтра выдзеўбуць сэрца паэта.
1997, кастрычнік

Дагарай


Дагарай, дагарай, дагарай,
Адзінокае ў полі цяпельца!
Дакарай, дакарай, дакарай! —
Я — з трывалых, змагу прыцярпецца.
Стану-гляну, а ў полі пустым —
Ні дымка ўжо няма, ні свячэння.
Толькі золь. Толькі шэрая стынь.
Ды варон у прысадах вячэрня.
1997, лістапад

Зусім, як той...


Усё!.. Журба і тая адабрана.
Пустэча — думкі нават не імкнуць.
А за сцяною, чуйнай, як мембрана,
«Сабачы вальс» на піяніне б'юць.
І чуцен смех, гарэзлівы, дзявочы, —
Зусім, як той, як паўжыцця назад,
Калі ты шчыра верыў у дзівосы
І сэрца білася з жыццём у лад.
1997, лістапад

У ноч пакут


Гасподзь! Чаму й завошта
Ты мне даеш «адстаўку»
І так караеш жорстка —
На дзён маіх астатку?
Чаму мне не даеш ты
Патрэбнай сілы-моцы,
Каб выбавіць дарэшты
Душу з грызот бясконцых?
Чаму дазволіў д'яблу,
Замест дабра з любоўю,
Нянавісць i няпраўду
Прыставіць к узгалоўю?
Чаму ў такім рэжыме
Ты гоніш дні i ночы?
Як жыць, як жыць, скажы мне,
Пад грузам гэткай ношы?
Як жыць, калі наўкола,
Куды ні кінь вачыма, —
Як наркаман на ўколах,
Трымаецца Айчына.
1997, снежань

Жыццё


Не стала маці, да якое нёс
Душу збалелую — паспавядацца.
Не стала бацькі, што прымаў да слёз
Прапашчы лес зямлі і гаспадарства.
Не стала брата, што дарадцам быў,
Калі ўзнікала клопатнае штосьці.
Не стала i сястры, з якой любіў
Успомніць песні нашай маладосці.
Не стала ўжо i бальшыні сяброў, —
Каб пасядзець за чаркай i яшчэ раз
Адчуць, што хіжы век нас не развёў
I што нам шлях не засланіла шэрасць.
Не стала ўжо, прашу мне дараваць,
І закаханага ў жыццё паэта,
Што так любіў над вершам шчыраваць,
Як Усявышні над стварэннем света!
Таго паэта ўжо няма. Няма!
А сноўдае сярод руін былога
Яго двайнік. Не сільцеся дарма
Пазнаць у ім свайго братка старога.
1997, снежань

Крык выгнанніка на Радзіме


Ці ранак, ці поўдзень, ці вечар,
Куды ні пайду, ні ступлю —
Ні следу ад той векавечнай,
Што кроўнай любоўю люблю!
Ні слова на мове народа!
Ні гуку на мове зямлі!
Прыблуды, манкурты, звыроды
Амаль даастатку звялі.
Ад дум у душы халадзее.
Трыванне на частачкі рву.
Панове начальнічкі! Дзе я
Праз вашую ласку жыву?
Куды, у якую дзяржаву,
Наяве, а быццам у сне,
На гібель, на здзек і няславу
Вы выгналі з дому мяне?
Куды, паяднаўшы ў хаўрусе
Усякую погань i гнюсь,
З дзяржавы маёй — з Беларусі
Вы выгналі прэч Беларусь?
1998, сакавік

Быліна пра злога духа


Што б там хто ні лахаў —
Бог мой лёс пазначыў:
Шмат я ўсякіх страхаў
За жыццё пабачыў.
З тым і знікну, думаў.
Больш ужо — на д'ябла!
Не! — і злога духа
На табе наглядна!..
Я выходзіў з парку,
Раптам напярэймы
Выскачыла ў арку
Дзіўнае стварэнне.
Нелюдное вельмі
Нейкае страшыдла:
Вочы — як патэльні,
Нос — як чапярыдла.
Зіркнула злавесна,
Агаліла іклы,
Прахрыпела нешта
I, як прывід, знікла.
Я знямеў спачатку,
Але ўспомніў тут жа
Грознае ў выпадку
Бабчына «аружжа»:
«Соль табе ў вочы!
Галавешка ў зубы!
І дзяркач між сцёгнаў!
Каб ты здох ад стогнаў!»
Я прамовіў тройчы
Гэты кленіч бабчын,
Сплтонуў i пакрочыў
Крокам неабачным.
Што мне той нячысцік,
Дух той злы, нядобры!
Можа, сам я чымсьці
На яго падобны.
Можа, колісь дзесьці
І мяне хто-небудзь
Выкляў, паглядзеўшы,
Як пачвару-нелюдзь.
І таксама тройчы
Прашаптаў для згубы:
«Соль табе у вочы!
Галавешка ў зубы!..»
Бо чаму ж нястрымна —
З воч капеж салёны?
І чаму так дымна
Вусны засмылёны?
1998, сакавік

Адключаны


Ён сышоў з электрычкі,
Спусціўся па сцежцы ў лагчыну
І спыніўся чагось.
Нібы ўкопаны, стаў і стаіць.
Штось забыў? Перадумаў?
Ці стала нядобра мужчыну?
Задуменна схіліў галаву
І пад ногіглядзіць.
На зямлі сакавік.
Сонца снег ручайкамі свідруе.
Вунь як сочацца скрозь,
Як імпэтна бягуць i журчаць!
Чалавек жа нічога не бачыць,
Нічога не чуе.
Як сляпы і глухі.
На абліччы — няшчасця пячаць.
«Як жа ўсё гэта стацца магло?
Хто жыццё спанявечыў?
Хто й чаму насадзіў —
Гэты глум, гэты гвалт, гэты здзек?
Хто мне свет збаламуціў —
Тады, як, расправіўшы плечы,
Я ўжо быў уздыхнуў,
Што нарэшце і я чалавек?..»
Прыдарожныя вербы
Кранаюць заспаныя гуслі.
Льецца сонца
І соснам на ўзлеску душу маладзіць.
А на сцежцы стаіць чалавек
І, як курыца ў гузік,
Атупела глядзіць у нішто,
У нікуды глядзіць.
1999, сакавік

Усё жыццё


Усё жыццё к братэрству зваў —
З мальбой удзень, з плачом уночы,
І толькі сэрца надарваў,
І толькі сплакаліся вочы.
А хоць бы хто, а хоць бы дзе
Азваўся словам забалелым —
У незлічонай грамадзе,
У неаглядным свеце белым.
Куды ж яшчэ з маёй журбой,
З маёй бядой пайсці на споведзь,
Каб расказаць, як крыўда-боль
Ізноў душу мне есць упоедзь?
У цёмны лес пайду і там
Апошні раз нагаваруся.
Скажу ўсё дрэвам і кустам,
Хто ёсць я ў роднай Беларусі.
Скажу: «О, дрэвы і кусты,
Яшчэ з гадоў маленства мне вы
Былі як сёстры і браты, —
Маёй зямлі кусты i дрэвы.
Пачуйце ж голас-кліч бяды —
Пакуль хаджу, пакуль жывы я.
Пачуйце! Нават i тады,
Калі душа ваўком завые».
1999, красавік

* * *


О, мой любы брат Міхась Зарэцкі,
Найадданы Крывіі крывіч,
Расстраляны за свой талент рэдкі -
За любоў крывіцкую ў крыві!
Аб адным, мой брат, прашу цябе я:
Покуль свеціць мне ў душу надзея
Імем Крывіі багаславі!
1998

* * *


Паэту на допыце вырвалi вока,
I вока, з далоні, глядзела шырока
На нелюдзяў-катаў — яшчэ не сляпое.
— Калі не прызнаешся — вырвем другое...
Паэта забілі... А я на свой лёс,
На ўсё, што ў жыцці перажыў, перанёс,
Гляджу i гляджу ўсё тым вырваным вокам.
1998

* * *


Хоць тут, дзе высяцца ў суседстве цесным
Бярозы, сосны, ясені, яліны,
А ўверсе — неба праглядае просінь,
Дзе ўчуўшы подых ветрыку лянівы,
Над сцежкай лісцем кратае арэшнік,
А сцежка скінуць чаравікі просіць, —
Хоць тут укленч i памаліся, грэшнік!
1998

* * *


Скажы, паэт, ты, што з тугой i болем
У далячынь, за небакрай глядзіш:
Чаму ты ўсё пра смутак пішаш болей?
Чаму радком людзей не весяліш?
Ты ж гэта ўмеў! Што сталася з табою?
І што ты хочаш выглядзець, скажы,
На той — між небам i зямлёй — мяжы?
1998

* * *


Прачнуўся, змучаны кашмарным сном,
Ад каркання вароны за акном.
О Божа! Надта ж неяк падазрона
Яна крычыць наўпроць акна майго.
Аж вусцішна!.. Гэй, ты чаго? Чаго
Ты гэтак страшна каркаеш, варона?
Замоўч! На карканне тут забарона!
1999

* * *


Ты, Крывія, мой даліцвінскі лёс,
Ты, слынная Літва эпохі Вітаўта,
Ты, Беларусь, уся з крыві i слёз,
Уся калючым цернем апавітая, —
Хоць назвы розныя, зямля ж адна,
Адной слязою безліч раз палітая,
Адной крывёй прамоклая да дна.
1999

Калі б не ты…


Даруй мне ўсё, што можаш дараваць,
А што не можаш — памалюся Богу,
Мо Ён даруе, перш чым скіраваць
Маю душу ў апошнюю дарогу.
Мая душа... Якая толькі дрэнь
Не сілілася завалодаць ёю!
Каб у бязмоўны, безаблічны цень
Ператварыць. Каб не была маёю.
І, можа, так бы й сталася даўно,
Калі б не ты, мой ангел-выратоўца.
Калі б не голас твой i не яно —
Табе адненькай ведамае слоўца.
1997, верасень

Вы, пэўна, лічыце...


Вы, пэўна лічыце, што ў гэты свет
Я i прыйшоў для баявога чыну.
О не, сябры! Мне Божы запавет
Быў іншы — славіць сонца i жанчыну.
Але Радзімы ўкрыжаванай лёс,
І для самога Бога неўспадзеўку,
Маю душу на барыкады ўзнёс,
Дзе і трапечацца яна на дрэўку.
2000

Балада пра горкасць


Пасадзіўшы голенькага ў ночвы,
Мама мые сына. Любата!
Але вось папала мыла ў вочы —
Давяла да плачу гарката.
Мусібыць, зайшло занадта шчодра.
Мама нагінаецца хутчэй
І губамі цёплымі, пяшчотна,
Горкасць выцалоўвае з вачэй.
«Вось i ўсё, не плач, ужо не есца», —
Сплюнуўшы салёны выцмак з губ,
Кажа мама. Памяць малалецтва!
Памяць першых горкіх страт i згуб!
На сцяжынках, роўных і крывенькіх,
На шляхах з імглы і з цемнаты —
Колькі мне заходзіла пад вейкі
Да нясцерпу едкай гаркаты!
Колькі блудных крокаў незваротных
Зроблена ў жыццёвай мішуры!
Колькі любых, дарагіх і родных
Адышло ў магілу без пары!..
Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся.
Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй.
Неба роднае! Пара! Схіліся
І мне горкасць выцалуй з вачэй!
2002, красавік

Запозна, панове…


Як ні прамоўлю — усё неўпапад,
Ды так, што ад злосці жыгаламі пораць:
Справа — нястомны саліст «дэмакрат»,
Злева — стагорлы «славянасаборац».
Аж дзіўна — як дружна!
Аднак жа — за што?
Люблю сугалоссе, спакой i свабоду.
З-за чорных шор i карычневых штор
На свет i людзей не глядзеў ад роду.
Ні ў форме палкоўнік,
Ні ў штацкім маёр
Мяне на кручку не трымаў пакрыёма.
І хоць у пакутах сумленне маё —
Мне ніцая радасць раба не знаёма.
Таму і вар'юе іх вольны мой кліч
У матчынай мове, не здадзенай гэрцам.
«І ты, галяпуюць, прадайся і ўкленч!
І ты адрачыся i станься зняверцам!»
Дарма — галяпуюць.
І пораць — дарма.
Запозна: мяне ўжо дастаць немагчыма.
Я — там ужо, там, дзе няволі няма,
Дзе толькі свабода, любоў i Айчына.
2003, люты

* * *


Ведаў: будзеце зноў i хлусіць,
І віляць перад праведным словам,
А я зноў буду Бога прасіць,
Каб яно на здароўе пайшло вам.
Разумею ваш клопат, браткі, —
Разумею і крыўды не маю:
Гэта лес, гэта вырак такі —
Мой, і ваш і няшчаснага краю.
2003-2004

Госпадзе Божа…


Госпадзе Божа,
Навошта,
Навошта Ты ўзяў мяне ў сведкі —
Бачыць, як з роднае Маці
Знушчаюцца вылюдкі-дзеткі?
Як выглумляюцца,
Як ёй у вочы плююць,
Супастаты-блюзнерцы,
Як намагаюцца,
Найбалючэй каб
Ударыць няшчаснай у сэрца...
Госпадзе Божа,
За што мне,
За што мне такая пакутная кара —
Каб адыходзіў я
З гэтага свету
Пад гогат агідных пачвараў?
Хай бы я лепей
Не чуў i не бачыў,
Не знаў i не ведаў такога!
Хай бы Ты лепей
Забраў да сябе мяне, Божа,
З калыскі — малога.
2004, травень

Пра порткі


Між калег, крутых i порсткіх,
Я — апошні на паяўцы,
Хто насіў са зрэб'я порткі,
Фарбаваныя ў рудаўды.
Так, іх шылі мне ca зрэб'я.
А каб выгляд мелі файны —
Фарбаваць было іх трэба
У рудой балотнай твані.
Вось іх мама й фарбавала
У імшарным іржавінні.
Як я ў іх фарсіў, бывала, —
Зразумець вы ўсё ж павінны.
Як ішоў я па дзядзінцы —
Мне ўвесь свет тады зайздросціў.
Больш, чым вам у новых джынсах
У зялёным тым жа ўзросце.
Пэўна, больш. I больш я імі
Даражыў. Хаця б за тое,
Што другіх не меў. Аднымі
Быў шчаслівы пагатове.
Памяць, свенчаная ў горы, —
Штука, знаеце, такая,
Што каторых-некаторых
Аж па смерць не адгіускае.
І дыктуе ўсё ім: густы,
Меркі, прынцыпы, пагляды.
Бо — датуль i беларус ты,
Покуль помніш лёс пракляты.
Ну, a іншых цешыць, жывіць
Дух зусім-зусім інакшы.
Памяць фарбамі чужымі
Перакрэслілі крыж-накрыж.
І шыкуюць, духу продкаў
Паспяхова рады даўшы...
Я — не з іх. Я — родам з порткаў,
Фарбаваных у рудаўцы.
2006, кастрычнік

У ноч на Пакровы


Вось i холад. Скора снег
сцежкі зацярусіць.
А чаму чуццё віны
точыць — не здаўмею.
Што я мог, ды не зрабіў
дзеля Беларусі?
Божа моцны, падкажы —
мо яшчэ паспею...
14.10.2006, пад раніцу

Чым больш я на свеце…


Чым больш я на свеце і жыў і мадзеў —
ішачыў, цярпеў i змагаўся, —
тым болей да праўды дабрацца хацеў,
да праўды ўсім духам ірваўся.
З хлусні і з абману, з аблуды сляпой —
да праўды, да праўды штосілы!
Да самай вялікай, галоўнай, да той,
што кожнага лучыць з усімі.
І вось яна ўрэшце адкрылася мне —
ні чым не прыкрытай паўстала.
У поўнай істоце. Ва ўсёй галізне.
...І праўда мяне зруйнавала.
2007, студзень

Згадка пра паланез


Не перанесці...
Не вытрываць...
Сэрца заходзіцца. Млее ў грудзёх.
Сілы, здаецца, пакінуць вось-вось
i ператнецца дыханне...
Як ж а так сталася?
Як жа так сталася, што без цябе
слухаю гэтую боскую музыку?
Сам. Без цябе.
Тваё крэсла пустуе.
А помню: як трэба было мне,
як мусіў я пераглянуцца з табой,
каб убачыць, як ты
выціраеш хусцінкаю слёзы —
ад шчасця, што чуеш яе,
гэтую боскую музыку...
У тыя хвіліны
я сам быў бязмежна шчаслівы.
І ўдзячны бязмежна —
Радзіме, Табе i Агінскаму.
2006-2007

I я дарую вам...

А болей... Што ж там болей...

Янка Купала
Калісь, гадоў таму ўжо трыццаць сем,
Паддаўшыся Сатыравай спакусе,
Я напісаў найшумную з паэм
У творчым летапісе Беларусі.
Паэме выпаў незвычайны лес:
Як бомба, выбухнула неспадзеўна,
I гэны выбух у шматкі разнёс
Завалы афіцыйнага нудзення.
Яе чыталі нават тыя ўсе,
Хто не чытаў ніякіх вершаў зроду.
Жывое слова ў сіле i красе
Прыйшлося вельмі да душы народу.
Дасюль паэту ўдзячны просты люд.
Але ж на тое мы i самі творцы,
Каб годнае імя ўкачаць у бруд.
А дзе ж дзявацца ад прыроднай корці?
I прычапілі дабрадзеі хвост
Да справы чыстай, яснай нават дзецям.
Такі хвасцішча, што i на пагост
За мной пацягнецца — i ўсё смярдзецьме.
Ну, што ж! Нам іншай долі Бог не даў.
Такія мы. Але й па ўздых апошні
Я цвердзіць буду, хто б ні спавядаў:
Усякі быў мой верш, але не пошлы.
Яго мне вера ўберагла мая.
Таму i ведаю, чыёю воляй
Я мушу ўсім вам дараваць. I я
Дарую вам. А болей? Што ж вам болей?..
2008, сакавік—красавік

Размова з памяццю


Што ты мучаеш, памяць, мяне —
Так бязлітасна, так неадчэпна?
Я тапіў цябе ў ярым віне —
Не ўтапіў. Хоць i піў невычэрпна.
Дні і ночы работай душыў
Дух і плоць — каб не даць табе волі,
Каб не ўзняўся з прадоння душы
Скрушны боль, што не знае патолі.
Толькі ўсё, што рабіў і раблю,
Каб на церні былога забыцца, —
Марны клопат. Люблю — не люблю,
Мне прысудаў тваіх не пазбыцца.
Кожны зрыў, кожны крок за «сцяжкі»,
Кожны прыкры нязлосны правінак
Ты караеш, як грэх найцяжкі,
Як віну перад Маці-Краінай.
Што ж так мала вяртаеш ты мне
З перажытага сонечна-шчасна?
Светлячком уначы прамілытіе
Згадка-радасць i туг жа пагасне.
І ты зноў чарнатой, гаркатой
Напаўняеш усе мае думы.
Шчырым хростам самой Прасвятой
Я малю: сунімі свае тлумы!
Дай мне светла з табою дажыць —
З тым усім, чалавечна-прыгожым,
Чым я ўсё-такі ўмеў даражыць —
Насупор цемрасілам варожым.
2008, сакавік

Вянок на алтар


*
Што гэта ў цемры
Свеціцца там, дзе клады?
Ледзь здагадаўся:
Фасфарысцыруючы,
Мова выходзіць з магіл.
*
Задыхаюся.
Не хапае паветра —
Бы ў душагубцы.
А стаю на пагорку,
Пад небам, сярод палёў.
*
Злуюцца, крычаць:
«Дакуль ты ix будзеш сніць
Вершы аб волі?»
Злуюцца... A хіба ж я
Снам у сне загадаю?
*
Памяць маленства:
Над чорным полем — імжа.
Сагнуўшыся ў крук,
Грэбае мама раллю
І кідае ў кош бульбу.
*
Сядзіць i плача,
А чаго — не гаворыць.
І страшна спытаць —
Каб не пачуць такое,
Што й сам зальюся слязьмі.
*
Музыка ночы!
Неба з зямлёй злучыла!..
А камертонам
Ёй паслужыў цвыркунок
Першы азваўся ў цішы.
*
Разлёталіся,
Размільгаліся думкі —
Ні сабраць, ні ўняць.
І чаму на Купалле
Такая доўгая ноч?..
*
Вось і ў табе ўжо
Бачу адно дабрыню,
Ціхасць і стому.
Як моцна цяпер ты мне
Напамінаеш маму!
*
Самы высокі
І самы белы касцёл —
Наш быў, у Гайне.
Заглянеце мне ў душу —
Пераканаецеся.
*
Так страшна ўявіць,
Колькі я дам аднойчы
Клопату родным, —
Што хай бы я ўлёгся лепш
Дзесь у брацкай магіле.
*
А быў жа ён — час,
Калі мне здаваліся:
Рачулка — ракой,
Пагорачкі — горамі,
Дзедава слова — Божым.
*
Белая поўня.
Белы сувой дарогі.
Скора i дома!
Камашы ў адной руцэ,
Куфэрак кніг — у другой.
*
«Любіць — не любіць...»
Помню, абшчыпваў i я
Белы рамонак.
Забава, а як хацеў
Скончыць пялёсткам «любіць»
*
Родныя гукі...
З гукаў — родныя словы...
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.
*
І я зразумеў:
Хоць кінься грудзьмі на дот
За волю Тваю —
І з амбразуры зняты
Не пераканаю ix.
*
Часцей і часцей
Апынаюся думкай
На тым пагорку,
Дзе мама, сястра i брат.
I камяні. I сосны.
*
Скора ўжо, скора
Пройдзе, я веру, Гасподзь
Па нашай зямлі.
Толькі патрапіць бы нам
Ступіць у Яго сляды.
*
Ужо холадна,
Ужо хочацца ў хату
Падацца з двара
I з напаленай грубкай
Павітацца далоньмі.
*
Гляджу на пусты,
Голы садок. А ў думках:
З кім я? I што я?..
На бязлістай галінцы
Склее забыты яблык.
*
Музыка лесу
Заўсёды ў душу спакой
Мне навявала.
Што ж гэта сёння так
Хвоі шумяць трывожна?
*
Вы — маеце ўсё,
А я — толькі вяргіняў
Кустоў дзесятак.
Што ж трэба вам ад мяне?
Даць на развод? Вазьміце!..
*
Аж не верыцца,
Гледзячы ў вочы жыццю,
Што колісь i мы
Мелі гонар дзяржаўных,
Свабодных душой, людзей.
*
Пад вечар набіў
I сяннік i падушку
Шэптам мурагу,
Водарам спелых зёлак.
Што сёння прысніцца мне?
*
Мне цяжка вельмі:
Я знаю, што зрабілі
За сотні гадоў
З нашай ліцьвінскай душой
Чужакі-акупанты.
*
Па чым пазнаю,
Што ты — мой брат беларус?
У тваіх вачох —
Наша гісторыя ўся,
Усе дзесяць стагоддзяў.
*
Вы думаеце,
Што ў вас апраўданне ёсць?
Так думаў i я.
I гэта мой страшны грэх
Перад памяццю родных.
2002-2004

Вянок на магілу


*
Ведаю: гэта —
Толькі маё. Да скону.
Навошта ж пішу?
Ну, можа, знойдзецца хтось,
Хто зразумее нешта.
*
Ціха ляжала.
Думаў, што спіць. I раптам:
«Ты ж трымайся, Ніл!
Ты ж трымайся!..» — сказала.
Не адкрываючы воч.
*
«Падвядзі мяне
Да вакна, — папрасіла. —
Хачу паглядзець...»
Праз паўхвіліны цяжка,
Скрушна сказала: «Усё...»
*
Абарвалася...
Усё абарвалася...
Усё пагасла...
Усё, што свяціла мне
І абяцала свяціць.
*
Помню, сказала:
«Ой, як ты будзеш плакаць,
Калі я памру...»
Не, не ўяўляла яна
Плачу майго землятрус.
*
Як ты прасіла:
«Дамоў! Хоць на дзень дамоў!..»
І вось ты дома.
І толькі на дзень. Заўтра
Пакінеш свой дом навек.
*
Дзе ты, куды ты
Гэтак далёка найшла,
Што не прыходзіш?
Вочы прагледзіў — няма.
Слухаю ціш — не чутно.
*
Плачу і плачу.
Я і не знаў, што ў мяне
Слёзы так блізка.
Як ні згадаю цябе —
Вочы да Бога плывуць.
*
Вось і настала
Страшнай расплаты пара:
Курчуся ў муках
І праклінаю сябе —
І ратунку не бачу.
*
Ты — вечным жыла:
Любоўю і дабрынёй.
І будзеш вечна.
А я — быў рабом часу.
Гэтым і пакараны.
*
Усё бачыла.
Пакутвала. Плакала.
I малілася:
«Божа, падтрымай яго!
Маіх сіл не хапае!..»
*
«Што яны робяць
З Беларуссю! — плачучы,
Крычала яна. —
Я не стрываю й памру!..»
І — памерла. Ад гора.
*
Тымі ключамі,
Што я адмыкаў дзверы
У свет мілаты —
Цяпер адмыкаю ў стынь,
У пустату, у вусціш.
*
Сто дзён я хадзіў
Высакародна хлусіць:
«Ты паправішся...»
I вочы ад воч хаваў,
Каб праўду не ўбачыла.
*
I чуецца мне
Ціхі журботны голас, —
Той, у палаце:
«А ружы ці зацвілі?
Праўда? То гэта добра...»
*
Знаю, якой ты
Ад Бога ка мне прыйшла
Якой святлістай!
Знаю, што ўзяў у цябе.
А ці што даў — не знаю.
*
Якую ўжо ноч —
Толькі пачну засынаць —
Боль працінае:
«Чаму ты крыўдзіў мяне?
Няўжо ты не знаў, хто я ?»
*
Хаджу паплакаць...
Лепш, як побліз магілы
Нікога няма, —
Тады можна і ўголас.
Уголас не так баліць.
*
Божа, якою
Няшчаснай, пакрыўджанай
Ты ўранку была!
Хай бы я лепш не ўбачыў.
Хай бы я ноччу памёр.
*
Як ты трымцела
Над верай сваёй! I як
Змагалася ты —
З сабой i з цэлым светам, —
Каб той веры не страціць!
*
«Паклёп ix i бруд
Ты не прымай да сэрца», —
Гэтак сказала
Мне на сустрэчы яна.
Сёння. У сне. У поўнач.
*
Як кроплю расы
Долу баіцца праліць
Поўненькі венчык —
Гэтак баялася ты
Долю праліць няўмысна.
*
Ноччу пабачыў,
Як ты ламала рукі —
Ад болю, ад мук —
Над цяжка хворым дзіцём...
I я зразумеў усё.
*
Што ты стрывала,
Сцярпела i вынесла —
Знаю адзін я.
Пэвен, што ў нашым краі
Святых жанчын больш, чым дзе.
*
З кім падзяліцца
Мне болем за родны край —
Так, як з табою?
Так — каб сляза у слязу.
Так — каб на клятву клятва.
*
Помню, спытаўся:
«Што ад мяне ім трэба?
Чаму так грызуць?»
І ты адказала мне:
«Душу не прадаў — таму».
*
«Ну й патрыёты! —
Балесна ўздыхнула ты. —
Няўжо ім няўцям,
Што гэтай хлуснёй яны
Б'юць Беларусі ў сэрца?»
*
Мама... I Hiна...
Як паміралі страшна!..
Вось i выходзіць:
Хто ў муках пражыў жыццё
Iм i пакутная смерць.
*
Годнасць і гонар
За свой чалавечы сан —
Годнасць і гонар.
У гэтым ты ўся была.
І на людзях і дома.
*
Ты плакала так
Жаласліва — як дзіця
Знясіленае,
Што ўжо не можа гукаць
Маму, a толькі плача.
*
Найстрашнейшая
Кара з усіх на зямлі —
Кара памяці.
О каб мог я забыцца
На гэты роспачны плач!
*
На што ні зірну —
На хатку, кветнік, садок -
Ва ўсім мне відзён
Запозна ўяснёны мной
Геній тваёй любові.
*
Усё, што магла,
Ты для мяне зрабіла.
Усё, што магла.
I нават намнога больш:
Выгнала д'ябла з душы.
*
Няма таго дня,
Каб не падступіла мне
Памяць да горла —
Жалем, балючым няўсцерп.
Ці не да Бога іду?
*
Пытаецеся,
Чаму не хаджу я ў храм
На пакаянне?
Чаму?.. Не хачу, каб Бог
Зменшыў пакуты мае.
*
Да астатку дзён,
Па самы апошні ўздых,
На гэтай зямлі
Ты — светач душы маёй.
І там будзеш ім, i там...
2003-2004

Ніл Гілевіч


Нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці 30 верасня 1931 года. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. З 1947га жыве ў Мінску.

Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка спачатку ў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння (1956) вучыўся ў аспірантуры, з 1960 па 1986 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры (у 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст., у 1978 годзе атрымаў вучонае званне прафесара). У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.

Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам: паэт-лірык, сатырык і публіцыст, драматург, палымяны прамоўца, трыбун, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, перакладчык.

І ўсё ж феномен Ніла Гілевіча — не ў «цэхавай» прыхільнасці да адной толькі сферы паэтычнага, шмат сіл давялося аддаць прозе — у жыцці і дзейнасці. Ён быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (19801989), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (19851990), старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995), старшынёй Таварыства беларускай мовы (19891997). Паэзію актыўна і плённа спалучае з перакладчыцкай творчасцю, навуковай і публіцыстычнай дзейнасцю.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Першыя гады пасля 2-ой сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. Член СП СССР (з 1954). Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1956), пасля аспірантуру пры ім. Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). З 1960 па 1986 - супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага універсітэта. З 1958 да 1963 працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 - першы сакратар праўлення СП БССР, у 1981-1991 сакратар праўлення СП СССР. У 1989-1997 - старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ Наша слова». Дэпутат ВС БССР XI склікання (1985 – 1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Дэпутат ВС Беларусі XII склікання (1990 – 1995), член Прэзідыума ВС, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны (1990 – 1995). Жанаты, мае сына.

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946. Аўтар кніг паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, гумар і сатыра, 1979), «Святлынь» (1984), «Повязь» (1987), «Як дрэва карэннем» (1986), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), а таксама зборнікі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990). Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987).

Выдаў зборнік п'ес «Начлег на буслянцы» (1980) і аповесць «Перажыўшы вайну» (1988).

Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956-1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990).

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).

Працуе ў галіне перакладу. Перавёў на беларускую мову твора звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.). У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С. Даскалова «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н. Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г. Джагарава «Зямля - як чалавечая далонь» (1984), Л. Леўчава «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава і інш. У 1978 выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі 19-20 ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 - казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 - зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 - кніга лірыкі О. Жупанчыча «У вечным дазоры». Перакладае таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў. Творы Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалём Францыска Скарыны (1990), балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя, 1966), ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені (2006; уручаны міністрам замежных спраў Украіны Барысам Тарасюком па даручэнні прэзідэнта Украіны). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.


Оглавление

  • Ніл Гілевіч І ЧУЮ Я ГОЛАС
  • «Ключык» да задумы гэтага зборніка
  • Пры дарозе…
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • Зона купання
  • Занадта сярдзітаму крытыку
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • Мой белы дзень
  • * * *
  • На ўзгорку пясчаным..
  • Вы думалі..
  • Замест малітвы
  • Выпадковы госць
  • Аўтографы сяброў
  • Памяці Андрэя Германава
  • * * *
  • Палыновая ростань
  • Пра сініц і экзотыку
  • Кашмар
  • На сходзе
  • У лад са старою прыказкай
  • Пытанне
  • На судзілішчы тым..
  • Сон у бяссонніцу
  • Пра нашу годнасць
  • Над бяздоннем
  • * * *
  • Перад люстэркам
  • Балала
  • Крумкач
  • І даб'е..
  • * * *
  • На ўзгорку
  • Стрэмка
  • Імпрэсія з далёкага падарожжа
  • Віхура
  • * * *
  • Сёе-тое пра вершы
  • Збітыя рыфмы
  • Сон
  • Кляновы лісток
  • Скора, скора
  • Нават пекная пані..
  • Мой кароткі адказ
  • * * *
  • Дзённік
  • Памяць
  • Kaгo шкада
  • Пра песню і суддзяў
  • Добрыя людзі
  • Загадка прыроды
  • * * *
  • Талісман
  • З эпасу маленства
  • Мой гнеў прарос са слёз майго дзіцяці
  • * * *
  • Лебедзь
  • * * *
  • Мой час
  • Наконт свабоды
  • Стары паэт
  • Крыху споведзі
  • * * *
  • Лішні
  • Янішчыц Жэні томік...
  • Крыўда
  • * * *
  • * * *
  • Зёлкі, птушкі i я
  • Элегія
  • Як лісце жоўтае…
  • Не бядуйце!..
  • Дагарай
  • Зусім, як той...
  • У ноч пакут
  • Жыццё
  • Крык выгнанніка на Радзіме
  • Быліна пра злога духа
  • Адключаны
  • Усё жыццё
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • Калі б не ты…
  • Вы, пэўна, лічыце...
  • Балада пра горкасць
  • Запозна, панове…
  • * * *
  • Госпадзе Божа…
  • Пра порткі
  • У ноч на Пакровы
  • Чым больш я на свеце…
  • Згадка пра паланез
  • I я дарую вам...
  • Размова з памяццю
  • Вянок на алтар
  • Вянок на магілу
  • Ніл Гілевіч