КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Незалежнасьць [Ніл Гілевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Ніл Гілевіч НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ


Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Незалежнасць. Менск — Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, 1991. — 48 с.


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

* * *


Мы ўзышлі не з насеньня, што ветрам занесена, —
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карапі — з вузлякамі упартасьці.
Сокам вотчынных гоняў адроду мы ўсіюены,
Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі —
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да сьвятла стук друкарань скарынінскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасьці —
Веру-мужнасьць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
З гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя —
Нашы сэрцы ад іх толькі больш загаргуюцца!
I як вечна вясне сьвяткаваць тут агледзіны,
Мовай радасьці з долам і небам гамонячы, —
Так і нам у вяках тут, з братамі-суседзямі,
Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.

ТРЫВАЙМА, БРАТЫ!

АДКАЖЫ!


Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны!
Адкажы — сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Адчаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
I чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?
Ці таму, што калісьці падстунна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?
Што ў стагодзьдзях варожыя збродні
Расьпіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой,
Братка мой,
Братачка родны,
Адкажы — сам сабе адкажы!
Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.
Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?
Ці ты верыш, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны!
Адкажы! Сам сабе адкажы!
1987, жнівень

НА НОВЫМ ВІТКУ

Чаго вам хочацца, панове?

Янка Купала
Вось і судзіў нам лёс нанова
Пытаньне кінуць у хаўрус:
«Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус?..»
Чаго ім хочацца?.. Ды ясна:
Душу зямлі абрабаваць.
Зрабіць нямой, без мовы ўласнай.
Лягчэй бязмоўнай кіраваць!
Яшчэ, відаць, ідуць падлікі,
Што мала даў народ ахвяр,
Пакуль апошні, найвялікі
Ягоны скарб не ўкраў ліхвяр.
Не штось прыватнае, не дробязь,
Не асабісты нейчы спрат —
Народа гонар, славу, доблесьць
Наважыў сплюндрыць тарбахват.
Таму й гырчыць-рычыць злавесна,
Што не ўдаецца адлучыць
Ад роднай мовы, роднай песьні...
Што ж, хай гырчыць! Няхай рычыць!
Якое прагне ён мастацтва
Накінуць нам (пачом кіло?) —
Народ спазнаў і сьвятатацтва
Не ўчыніць, сам сабе назло.
Якую прагне ён асьвету
Разьвесьці ў нас (пачом стакан?) —
Народ спазнаў, і ў храм прасьветлы
Не ўвойдзе богам чыстаган!..
Народ спадману не паддасца,
Не ступіць ён у гіблы сьлед.
У кожнай песьні, кожнай казцы
Тут лёс яго і запавет!
Ён тут — спакон, ён — на радзіме,
Яму зьязджаць няма куды.
Ён сам заўжды і ў госьці прыме,
I дасьць прытулак ад бяды.
Народ — ён быў, і ёсьць, і будзе!
Таму: спакойна, дзецюкі!
Не зьгіне мова наша ў блудзе!
Яна нам сьветач — на вякі!
1988, чэрвень

ПЫТАНЬНЕ


Хаджу па чужыне, гляджу на людцоў,
На іхняе з Богам вітаньне —
I зноў працінаюся болем, і зноў
Душу мне сьвідруе пытаньне:
Як доўга яшчэ будзе ў нас у вачах
I ў кожным штрыху чалавечым —
Наш, пройдзены намі, пакутлівы шлях.
Наш сум па няспраўджаным нечым?
1989, травень

ТРЫВАЙМА, БРАТЫ!


Нас могуць
Зьневажаць І абражаць,
Нас могуць
Не любіць і ненавідзець,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Нёман,
І Дзьвіна,
I Прыпяць.
Нас могуць
Чорным брудам паліваць.
Культываваць бяспамяцтва,
Бяспраўе,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Полацк,
Тураў
I Заслаўе.
Нас могуць
Ачмураць і падкупляць,
Штодзень даваць
Цацанкі-абяцанкі,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць
Наказ Франьцішка,
Кастуся
I Янкі.
Нас могуць біць —
Аж да крывавых слёз,
Каб лёкаяў зрабіць
З ахвяраў зьдзеку,
Але мы мусім
Адстаяць свой лёс,
Каб ён для нас
Шчасьлівы быў давеку.
Таму —
Трывайма, любыя браты!
Трывайма й верыма:
Нішто не спляміць
I не асіліць нашай праваты,
I нам яшчэ паслужыць
Наша памяць!
1989, чэрвень

ПРА НАШУ ГОДНАСЬЦЬ


Што праўда,
То праўда —
Даўно гэта стала:
Віхляньня — багата,
А годнасьці — мала.
Багата юродства,
Блюзьнерства,
Крыўляньня,
А мова народа —
На грані скананьня.
Таму і цямнеем,
Чарнеем ад злосьці.
Аж хочацца нават
Ударыць кагосьці.
Каго — зразумела,
Ды чорт яго знае
Чым кончыцца можа
Адвага такая!
І што ж тады робім
У злосьці і скрусе
Мы — існыя родам
Сыны Беларусі?
Што — робім?
А б'ём-дабіваем заўзята
Свайго
Недабітага злыднямі
Брата.
У гэтым — і мужнасьць,
I мудрасьць,
I годнасьць,
I нашага гора-гібеньня
Нязводнасьць.
1989, лістапад

* * *


Я не знаю, што ў нас будзе
Ні праз месяц, ні праз год.
Абясхрэсьціліся людзі.
Абязбожыўся народ.
Распадаецца грамадства.
Скрэпы трэскаюцца скрозь.
Згода-еднасьць — толькі маска,
Пад якой — нянавісьць-злосьць.
Праўда ходзіць белай зданьню
Па руінах дзён былых.
Ці падымецца, ці ўстане
Наша доля з грудаў тых?
Ці ў хлусьні, зладзействе, блудзе
Будуць весьці ўсё на звод —
Абясхрэшчаныя людзі,
Абязбожаны народ?
1990, лістапад

* * *


Не падбівай. Не падбухторвай.
Дарма шчыруеш. Я не з тых,
Што краю роднаму над прорвай
Самазабойча б'юць пад дых.
Табе — павек не будзе веры.
Не спадзявайся. Не чакай.
Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — Бацькоўскі край.
Я не забыў: калі ад болю
За лёс ягоны я крычаў —
Ты шанаваў чужую волю
I, падуладны ёй, маўчаў.
Калі дыханьне мне і мову
Перацінаў дзікун-сатрап —
Ты не ішоў мне на падмогу,
Ты на душу не браў затрат.
Таму — не снуй перад вачыма.
Не корчы міну. Не прасі.
Прадаўшы ўсё, што ёсьць Айчына,
Мяне сто раз ты прадасі.
1990, лістапад

ГРАМАДЗЯНЕ, СПЯШАЙЦЕСЯ!


Грамадзяне, спяшайцеся, —
Найспрыяльныя фактары маюцца,
Каб душу даражэй запрадаць,
Покуль цэны на рынку трымаюцца!
Каб рукі пагрэць залацей
На горы-няшчасьці людзей.
Грамадзяне, спяінайцеся,
Не ўпусьціце выдатнай магчымасьці —
Каб гразёю абхляпаць таго,
Хто жыве па сумленьню і шчырасьці!
Каб нож садануць у сьпіну
Найблізкаму сябру свайму.
Грамадзяне, спяшайцеся, —
Шанцу лепшага можа не выпасьці,
Каб з уласнае скуры сваёй,
Як лінючая гадзіна, выпаўзьці!
Каб Тую, што кляўся любіць,
Ядавітаю сьлінай забіць.
1990, лістапад

У РОДНЫМ ГОРАДЗЕ


Хаджу па вуліцы Грамілы,
Што цягам доўгіх страшных год
Граміў і плюндрыў, колькі сілы,
Усё, чым славен наш народ.
А ты, мой прашчур, творца мудры,
Чыя магіла дзесьці ў тундры, —
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
Хаджу па вуліцы Няздары,
Што меў і здольнасьці аднак:
Пакуль народ аб шчасьці марыў —
Ён краў з казны і жыў усмак.
А ты, мой продак ясначолы,
Чый дар народу — незьлічоны, —
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
Хаджу па плошчы Баязьліўца,
Што меў за Бога вечны страх —
Каб толькі з крэсла не зваліцца
I не разьбіць кар'еру ў прах.
А ты, мой продак, вой бясстрашны,
У Курапацкім доле спрахлы, —
Твайго забытага імя
У гордным горадзе няма.
1990, лістапад

НАЙСТРАШНЫ ГРЭХ

Маё горкае пасланьне

беларусу, які...

Чалавеча!
Ты, знаю, патомны жыхар Беларусі.
Як і я — не сьвяты,
Грэх не раз на душу сваю ўзяў.
Можа, нават і вельмі вялікі.
Судзіць не бяруся.
Ну, дапусьцім, народу ў няшчасьці
Няпраўду казаў.
Грэшны — кайся і мучайся,
Грэх аж да сьмерці замольвай.
Грэх твой страшны,
Аднак і страшнейшы нашмат існуе,
Калі моваю гэтай зямлі —
Беларускаю мовай
На людзях,
Прынародна
Спаганіш ты вусны свае!
Гэта будзе жахліва!
Страшней,
Чым любое злачынства,
За якое карае
Вышэйшаю караю суд.
Будуць бэсьціць і кпіць:
Во няздара!
Не змог навучыцца
Гаварыць «языком»!
Во тупіца! Вясковы хамут!
Горшай ганьбы, чым гэта,
Не мецьмеш павек, чалавеча!
А таму —
Як захочаш грашы:
Поп замоліць пазьней.
Толькі вусны свае
Гэтай мовай гутэйшай,
Адвечнай —
Не спагань!
«Даже словом одним
Осквернить не посмей!»
1990, лістапад

Б’ЮЦЬ У СЭРЦА...


Б'юць і б'юць у сэрца цяжкія сігналы.
Вось яшчэ адзін: на людным сходзе бурным
Дэлегаты шумам-плясканьнем сагналі
Знакамітага вучонага з трыбуны.
Брава, брава змагарам-адзінаверцам!
Ну, а што ж іх даняло ў яго прамове?
А ўсяго, што слова шчырае ад сэрца
Ён пачаў казаць на нашай роднай мове.
Будзе праўнукам чытаць да болю крыўдна,
Як іх прадзеды, юродзівыя блазны,
Мову родную з палаца гналі крыкам,
За мундзір прадаўшы гонар свой уласны.
А цябе прашу, таварыш і паплечнік:
Пасьміхніся з іх часовай перамогі,
Дарастуць патроху ўсе да чалавечных
Дум і спраў — без іх няма ў жыцьця дарогі.
1990, лістапад

* * *


У век рэнегацтва
І гібельнай здрады, калі
Зрываюцца душы,
Не справіўшыся з ачмурэньнем,
Шчасьлівая доля —
Трымацца бацькоўскай зямлі,
Як дрэва карэньнем!
1991, студзень

ШТО Ж ЦЯПЕР?


Пра душу успомнілі, панове?
Што вы хочаце з яе спытаць —
Вамі ж, вамі, душ уладарамі,
Безьліч раз цынічна згвалтаванай,
Збэшчанай, растурзанай, зьнявечанай,
Змучанай, прыбітай, здратаванай,
Між хлусьнёй і праўдаю раздвоенай,
А нарэшце і расчвартаванай
На крыжы... О, так, на тым жа самым...
Што ж цяпер вам тэрба ад яе,
Што нарэшце ўспомнілі?
Панове?
1991, люты

* * *


Які ганебны пераход
Ад велічы і чыннасьці —
Да чорнай роспачы згрызот,
Да нэндзы і нішчымнасьці.
Хлусілі з пэўнасьцю такой —
Што ў рот глядзелі многія.
Цяпер — з працягнутай рукой
Стаім, як старцы ўбогія.
Жывём-жуём — куды ўжо горш!
Любому рады донару,
Як бы няма ў нас ні на грош
Ні годнасьці, ні гонару.
Куды ні глянь — разбой і гвалт,
Разгул драпежнай хцівасьці,
Апораў людскасьці абвал,
Агонія цярплівасьці.
Дык што ж мы, братцы, за народ?
Што з намі ў сьвеце сталася?
Калі пазбудземся нягод?
Паўстанем з заняпаласьці?
1991, сакавік

* * *


Кажаш: годзе, годзе ў вершах публіцыстыкі.
Годзе кіпнем палемічным поўніць словы.
Хай там ладзяць баль газетныя нячысьцікі,
А ў паэтаў — час адхланьня вечаровы.
Час памарыць, адпачыць, пільней прыгледзіцца
Да зіхоткіх, вечных зор над галавою.
Мо з каўша свайго Вялікая Мядзьведзіца
На душу ліне касьмічнага спакою, —
I адыдуць, адпадуць усе надзённыя
I трывогі, і турботы, і згрызоты...
Ах, мой братка! Хоць паэты — людзі цёмныя
I далёка не глядзяць за гарызонты, —
А не могуць во сядзець маўкліва-стоена —
Так, як мыш пад памялом, што і не шасьне...
Ты даруй ім: гэта ў іх ад продкаў-воінаў
Кроў такая — не мышыная, на шчасьце.
1991, сакавік

ПАЛЕМІЧНАЕ


Васпан! Здаецца, вы, хоць і не храбра,
Праўдзе служылі ў былыя гады?
Што ж вы мяняеце Бога на д'ябла,
Не прадчуваючы ўласнай бяды?
Д'ябал на тое і д'ябал, што здольны
Думкі заблытаць і крылы зьвязаць.
Д'яблу паверыўшы, вернік не вольны
Шчырае слова народу сказаць.
Д'ябал падмовіць і вас адракчыся
Ад векавечных народных сьвятынь,
Як адракліся ўжо тысячы тысяч,
Моўчкі змірыўшыся з лёсам пустым.
Што ж прымушае вас гэтак заядла
I безразважліва кідацца ў бой
Не за гаротніка-брата — за д'ябла
З хітрай ухмылкаю, з сытай губой?
Люду сумленнаму жыць на радзіме
Горай і горай. Народ — у бядзе!
Дзе ж вы шукаеце голас праўдзівы?
Брацкую вернасць шукаеце дзе?
Вы — за свабоду? Чыю і якую?
Тую, што здымуць нам з меркі чужой?
Знайце ж: зарана нячысьцік сьвяткуе
Верх-перамогу над нашай душой!
Знайце: жывучы народ наш і з пекла
Выйдзе і ўзвысіць свой полымны дух!
Ну, а паколькі душа ў вас асьлепла —
Вашых у гэтым не будзе заслуг.
1991, сакавік

ЦІ АЧНЕМСЯ?


Чужое, разбойнае, хамскае
Гвалтуе, дратуе, таўчэ,
А роднае, свойскае, наскае
Бязмоўна ярмо валачэ.
Пачварнае, дзікае, жорсткае
Крычыць, верашчыць і трашчыць,
А добрае, людскае, боскае
Замоўкла і цяжка маўчыць.
Бяздарнае, брыдкае, бруднае
Сквярэцца, дзярэцца, хрыпіць,
А чыстае, сьветлае, мудрае
Няйначай заснула і спіць.
Дык, можа, ачнёмся, таварышы?
Апомнімся, братцы-сябры?
Ці будзем, аб вольнасьці марачы,
Канаць на бацькоўскім двары?
1991, сакавік

ЗДАНЬНЁ НА БАЦЬКАУШЧЫНЕ


З Краснай горкі сьвятой,
Як раней яна звалася,
Я гляджу на лясы,
Што не бачыў даўно:
I на той,
Адкуль сонца заўсёды ўздымалася,
I на той,
За які асядала яно.
Я гляджу —
I аж сэрца шчымліва заходзіцца —
Да таго дарагія і любыя мне
Нашы далі лясныя...
Ах, чую, народзіцца
Зараз песьня ў душы —
Весьняй хваляй памкне!
Нават вейкі прымружыў
На хвілю якуюсьці —
Як ад чараў...
I раптам, нібыта праз сон,
Страшны голас нялюдскі скрыгоча:
«Любуешся?
Ну, любуйся, любуйся,
Душа з цябе вон!
Пэўна, думаеш:
Вось яна, спадчына вечная!
I ты вечны насьледнік яе, валадар.
А мяне —
I ў разьлік не бярэш, недарэчына?
Ну, дык ведай:
Не ты тут, а я — гаспадар!
А ў мяне
Ёсць стальныя, масіўныя ськівіцы
I ёсць чэрава-прорва,
Якое не ўняць:
Зьем усё тут, усё!
Не прасі зьлітасьцівіцца —
Схрабашчу ўсе лясы,
Што наўкола стаяць!
I дубровы-гаі,
I бярэзьнікі-ельнікі —
Да апошняга дрэўца —
Суздром сьцераблю!
Зьнішчу ўсё,
Каб нашчадкі твае, пераемнікі,
Мёртвай пусткай убачылі
Гэту зямлю!..»
Жах мяне скалануў.
Азіраюся: «Хто гэта?»
«Га-га-га!» —
Рагатнула нябачная здань.
Навакол — ні душы.
Рэха страшнага рогату
3 Краснай горкі сьвятой
Доўга коціцца ўдаль.
1991, сакавік

КРУМКАЧ


Ізноў, як калісьці,
Мне каркае чорны крумкач:
Давеку не выйсьці
Табе з гістарычных няўдач!
Куды ні паткнуся —
Усюды наб'ю сабе гуз:
Няма Беларусі!
Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся?
Свой лёс ты між двух выбірай:
Ці «ўсходнія крэсы» —
Ці «северо-западный край».
Дай дзякуй, сярмяжка,
Што знаеш сяўбу ды жніво.
Калі ж табе цяжка —
Пахліпай сабе ў рукаво!
На гэта ты здатны —
На вечную скаргу і плач...
ЗамоўкнІ, бяздарны!
Не будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць не стану!
Я прагай зьдзяйсьненьня жыву.
Найперш — у пашану —
Табе я скручу галаву.
Каб гнюсна не каркаў,
Каб тут, дзе Купала хадзіў,
Рабоў-недавяркаў
Агіднай хлусьнёй не пладзіў.
Тут праўда і вера
З нябыту ўваскрэснуць навек.
I мэтай і мерай
Тут будзе ва ўсім — Чалавек.
1991, красавік

ПА ДАРОЗЕ Ў РАЙ


Біце ў ладкі, прастакі!
Пляскайце! Пляскайце!
Вам пякуцца праснакі
У маселцы, маселцы!
I пантофлі без чаргі
Купяцца, купяцца —
Хай адно хутчэй мазгі
Тупяцца, тупяцца!
Хцівец скача, як вар'ят,
З радасьці, з радасьці,
Што вам сыпе ў душы яд
Здраднасьці, здраднасьці.
Напляваць яму на грэх,
Белячы,белячы
Тыя грошы, што нагрэб
Безьлічы, безьлічы.
Краў ён вашу працу-плён —
З думаю, з думаю,
Што і ўладу купіць ён
Сумаю, сумаю.
А тады, ліхвяр і хам,
Спрытненька, спрытненька
На галовы сядзе вам
З прысьмехам, з прысьмехам.
Загадае везьці ў рай —
Рыначны, рыначны,
У бяздоньне родны край
Зрынуўшы, зрынуўшы.
Вам аздобіць лёс такі
Пляшкаю, пляшкаю...
Дык шчыруйце, прастакі:
Пляскайце! Пляскайце!
1991, ліпень

* * *


Дык як жа будзем жыць,
Мой мілы пане-браце?
Ці так, як набяжыць,
Ці — спадарамі ў хаце?
На імпартных мазгах
I завазной маралі,
Ці — з верай, што ў вяках
Для нас дзяды стваралі?
1991, жнівень

АПОШНІЯ


Яны выходзяць на прасьпект зялёны —
Пры ордэнах і медалях нацёртых...
I кажа мне іх позірк засьлязёны;
«Так, мы ідзем да нашых брацьцяў мёртвых.
Мы — з той вайны. Мы чэсна ваявалі.
Хай не героі, ды спазналі мукі.
Зашто ж вы нам у душы наплявалі —
Вы, нашы дзеці родныя і ўнукі?..»
1991, жнівень

* * *


У беспрасьветны час
Зьнявер'я і шаленства,
Калі цяжар абраз
Гняце душу з маленства, —
Паверыць лёгка ў зло,
А вы ў дабро паверце!
Абразы не было —
I па найстрогай мерцы,
Душы сваёй крыло
Даю на адсячэньне:
Абразы не было
Для сьвята адраджэньня!
Абразы не было.
Адкуль жа столькі гневу?
Пакуль не адняло —
Цягну далоні к небу.
Пасьведчы, Бацька Бог:
Хоць і круты не ў меру —
Абразіць я не мог
Сваю любоў і веру.
Абразы не было.
Калі няпраўда гэта —
Хай тут жа стлее ў тло
Зямны пасад паэта!
Пабеліць стынь чало
I цені ў зрэнках згуснуць —
«Абразы не было...» —
Нячутна сыдзе з вуснаў.
1991, верасень

ПЕРАСЬЦЯРОГА


Беларусы!
Ды не верце ж вы
Новаяўленым ілжэпрарокам:
Умярцьвяць яны наш дух жывы —
I давер наш вылезе нам бокам!
Залатое пасьвячы цяля
На лугах цяністага падпольля,
Злыдні хочуць, каб уся зямля
Стала іхняй, — і зямля, і воля.
I зямля, і воля, і душа! —
Лёсу трыадзіная апора.
Завалодаўшы душой сьпярша,
Волю і зямлю прысвояць скора.
I тады ўжо — на вятрах чужых —
Нам павек гібець у прыніжэньні.
Не шукайце ж праўды-рады ў тых,
У каго тапырацца кішэні!
Ні на кроплю ім не верце вы —
Гэтым пафасным ілжэпрарокам:
Умярцьвяць яны наш дух жывы —
I давер наш вылезе нам бокам!
1990—1991

КОЛЬЦЫ

СЬПЯРША


Сьпярша прывучаць вуха, вока
Да чужамоўя, а тады...
Тады ўжо будзе недалёка
Да непапраўнае бяды —
Калі па кроплі, як атрутай,
Чужым напоўніцца душа
I ўжо не ўспомніць у пакутах,
Якой была яна сьпярша.
1991, жнівень

ЦЯПЕР!


Цяпер! Цяпер! Цяпер — і толькі!
Або — або, народзе мой!
Або — цяпер, нязломна-стойкі,
У рукі лёс ты возьмеш свой,
Або — і ў далі найдалёкай,
З ярмом, узьдзетым на каўнер,
Ты будзеш жыць, як раб і лёкай...
Таму — цяпер! Цяпер! Цяпер!
1991, верасень

НА СЬМЕХ...


На сьмех браты мяне ўздымаюць,
Што я таксама захацеў
Павагу мець, якую маюць
Яны. Крычаць: «Ты звар'яцеў!
Хадзіць і дыхаць незалежна?
Ды гэта ж бунт і страшны грэх!..»
Браты! I праўда, будзе сьмешна,
Як сьвет падыме вас на сьмех.
1991, верасень

ВЫ, ШТО ПАЧАЛІ...


Вы, што пачалі ўжо зарыфмоўваць
Новае вяльможнае імя,
Да нябёс узносіць пышнай мовай,
У надзеі, што незадарма,
Помніце пра лёс неблаславёны
Тых няшчасных, што да вас жылі
I таксама ўладароў імёны
Рыфмаваць аднойчы пачалі.
1991, верасень

У ЗОЛЬ I СТЫНЬ


У золь і стынь гібелі людзі —
На будаўніцтве, на сяўбе,
А зоркі з золата на грудзі
Чаплялі выхапні сабе,
А плён іх кралі дармаеды
З нутром цынічным і пустым...
Адсюль — усе няшчасьці-беды
I ў шчырых душах — золь і стынь.
1991, верасень

I ДАБ'Е...


I даб'е цябе наіўнасьць.
I даб'е цябе насьмерць.
Дзе падступнасьць, дзе нявіннасьць —
Ты не здольны зразумець.
Непрыкметна абязьвечыць,
Крылы-мары абарве,
Абяскровіць, абязьверыць.
Абясьсіліць і... даб'е!
1991, верасень

З ДАЎНІХ СШЫТКАЎ

* * *


Краю мой!
Я не знаю,
Як трэба пісаць пра цябе.
Але ведаю-знаю,
Як трэба табой даражыць.
Знаю: мне
Без тваіх даляглядаў
У вечнай журбе —
Ні спяваць,
Ні кахаць,
Ні аб будучым марыць,
Ні жыць!
1965

* * *


Як цяжка,
Як душна
Ад фальшу і бруду!
Душа — як на катарзе,
Хоць і не ў ссылцы.
I бачу —
Па злобнай чыноўнай
Ухмылцы, —
Што катаргі гэтай
Я век не адбуду.
1971

КАЛІ Я ЖЫЎ?

Падказка для нашчадкаў

Калі я жыў?
Адказ на гэта
Зусім не цяжка будзе даць,
Бо ёсьць дакладная прыкмета,
З усіх найверная, відаць.
О, невясёлыя гады
Майго жыцьця!
Я жыў тады,
Калі вучылі ў мове рускай
У нас і горад і сяло,
I на ангельскай, на французкай,
I на іспанскай — аж гуло,
На выкапнёвай стара-прускай,
На мове інкаў і этрускаў
Таксама хораша ішло,
I толькі роднай беларускай
У школах месца не было.
Ну, а калі не вучыць школа
I гоніць мову за парог —
То як жа ёй гучаць наўкола,
Ды так, каб сьвет прывеціць мог?
Калі пануюць запраданцы,
Што прадаюць свой родны край
За чужаземныя акрайцы, —
Ад іх спагады не чакай.
Даруе ўсё іх суд суровы —
Забойства, кражу, гвалт і зьдзек,
Адно любоў да роднай мовы
Вам не даруецца павек.
Такі — мой час!
Такім і ўзойдзе
Ён у гісторыю зямлі,
Дзе нашай мовай у стагодзьдзях
Калісь пісалі каралі.
1975

* * *


Каменьні ляцяць на дарогу.
Аднойчы якісь не міне.
Каму я паплачуся? Богу?
Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду
Кладуць і кладуць на чало.
Каму я паскарджуся? Д'яблу?
Яшчэ нехапала чаго!
Есьць добрыя людзі — я ім бы
Паплакаўся трохі, але ж —
У іх над галовамі німбы
Уласных накут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай
Цяжар свой на іх ускладаць.
Дык што ж застаецца, Радзіма?
Ты можаш параду мне даць?
I чую я голас, надобны
На голас матулі маёй:
«Будзь дужы, будзь мужны і добры.
Не бойся натхнёных хлусьнёй.
Адрынь іх суды-перасуды.
I чорнай не вер варажбе.
Хай свеціць заўсёды і ўсюды
Маё блаславеньне табе!»
1985

Оглавление

  • Ніл Гілевіч НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ
  • * * *
  • ТРЫВАЙМА, БРАТЫ!
  •   АДКАЖЫ!
  •   НА НОВЫМ ВІТКУ
  •   ПЫТАНЬНЕ
  •   ТРЫВАЙМА, БРАТЫ!
  •   ПРА НАШУ ГОДНАСЬЦЬ
  •   * * *
  •   * * *
  •   ГРАМАДЗЯНЕ, СПЯШАЙЦЕСЯ!
  •   У РОДНЫМ ГОРАДЗЕ
  •   НАЙСТРАШНЫ ГРЭХ
  •   Б’ЮЦЬ У СЭРЦА...
  •   * * *
  •   ШТО Ж ЦЯПЕР?
  •   * * *
  •   * * *
  •   ПАЛЕМІЧНАЕ
  •   ЦІ АЧНЕМСЯ?
  •   ЗДАНЬНЁ НА БАЦЬКАУШЧЫНЕ
  •   КРУМКАЧ
  •   ПА ДАРОЗЕ Ў РАЙ
  •   * * *
  •   АПОШНІЯ
  •   * * *
  •   ПЕРАСЬЦЯРОГА
  • КОЛЬЦЫ
  •   СЬПЯРША
  •   ЦЯПЕР!
  •   НА СЬМЕХ...
  •   ВЫ, ШТО ПАЧАЛІ...
  •   У ЗОЛЬ I СТЫНЬ
  •   I ДАБ'Е...
  • З ДАЎНІХ СШЫТКАЎ
  •   * * *
  •   * * *
  •   КАЛІ Я ЖЫЎ?
  •   * * *