КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Вам слова, Джон Ячмень! [Роберт Бернс] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

РОБЕРТ БЁРНС ВАМ СЛОВА, ДЖОН ЯЧМЕНЬ! ВЫБРАНАЯ ЛІРЫКА


Бёрнс Р.

Вам слова, Джон Ячмень!: Выбр. лірыка/[Уклад., пер. з англ. і прадм. Я. Семяжона].— Мн.: Маст. літ., 1983—125 с. 4 л. іл. — (Паэзія народаў свету).


Пераклад з англійскай Язэпа Семяжона


Укладанне, прадмова і заўвагі перакладчыка

Пераклад зроблены па кнізе:

Robert Burns. The Poetical Works Collins Clear-Type Press

London and glasgow, 1958


ПЯСНЯР СВАБОДЫ I БРАТЭРСТВА


Роберт Бёрнс (1759—1796) — вялікі нацыянальны паэт Шатландыі — пражыў усяго 37 гадоў і за кароткае жыццё ніколі не пакідаў радзімы. А цяпер, мабыць, няма такога самага аддаленага кутка на ўсёй зямлі, куды б не дайшла слава пясняра — сына простага земляроба-арандатара, які навучыўся чытаць і пісаць самавукам, а стаўшы ўжо вядомым паэтам, вымушаны быў за кавалак хлеба шукаць пасады дробнага ўрадавага чыноўніка. I калі такая пасада ў мясцовым таможным ведамстве яму знайшлася, фанабэрыстыя начальнікі самазадаволена прадпісалі паэту «служыць, а не думаць».

Як помню, летам і зімой
На купчых і арэндзе
Сумленны фермер — бацька мой —
Жыў пастаянна ў нэндзе.
Так пазней паэт засведчыць сваё паходжанне. Мяняючы адну кабальную арэнду на другую, каб як-небудзь стачыць канцы з канцамі, ён рана спазнаў усю горыч працы на роднай шатландскай і разам з тым чужой зямлі. Калі нястачы і беднасць прымусілі яго нарэшце расстацца з «часовымі няўдачамі» і на казённай службе паспрабаваць «фартуне спадабацца», у яго паслужным лісце дробнага чыпоўніка быў зроблены такі запіс: «Вопыту не мае: паэт!»

Гэтыя зняважлівыя словы, наскрэбаныя гусіным пяром нейкага чыноўніка, былі ганебным паклёпам.

Жыццёвы вопыт паэта Бёрнса — беззямельнага працавітага селяніна, гордага і смелага мысліцеля-дэмакрата — быў і багаты, і рознабаковы. Гэта быў не толькі вопыт яго асабістых няўдач і жыццёвых нягод, перамог і паражэнняў, але і глыбока выпакутаваны і асэнсаваны ім гістарычны вопыт усяго яго парода, які супрацьстаяў у той час трайному — грамадска-сацыяльнаму, палітычнаму і нацыянальнаму — прыгнёту.

Менавіта кроўная сувязь паэта са сваім працоўным пародам садзейнічала бліскучаму росквіту яго прыроднага таленту.

Што ж датычыць мэты ў жыцці, якую Бёрнс яшчэ ў юнацкія гады паставіў перад сабой, дык ён пра яе выразна скажа ў тым жа, цытаваным вышэй, вершы «Сумленны фермер»: «Багатым стаць я не хацеў, Вялікім стаць — магчыма!»

I ён сапраўды стаў ім, стаў насуперак незычлівым крытыкам і высокапастаўленым «знаўцам», якія кідалі паэту папрокі за «плебейскую грубасць мовы і сюжэтаў» і імкнуліся пераключыць яго вольную, самабытную творчасць у вузкае рэчышча пераймальніцтва — пастаральнай паэзіі XVIII стагоддзя. Але Бёрнс, які ганарыўся сваёй «пачэснай чэснай беднасцю», горда і рашуча адстойваў незалежнасць свайго народнага мастацтва. «Не! — адказваў ён сваім крытыкам,— калі «подласць купяць, то бядняк сумленны не прадасца!»

Ён ганарыўся тым, што яго творчасць вырасла з фальклору. У прадмове да сабраных ім шатландскіх народных песень і балад ён непасрэдна звяртаўся да суда народа як да найвышэйшага паэтычнага аўтарытэту.

Яна зарадзілася, развілася і расквітнела на традыцыях шатландскай народнай песні. У адным з лістоў, датаваным студзенем 1787 года, неўзабаве пасля выхаду з друку першых «Вершаў, напісаных пераважна на шатландскім дыялекце» (старажытнай кельцкай мове — герлік), Бёрнс прызнаваўся: «Што датычыць мяне самога, то маім імкненнем да пашаны было і маім неадступным жаданнем і цяпер астаецца быць даспадобы сваім братам — простаму люду, жыхарам вясковых глінабітных мазанак да таго часу, пакуль іхнія пастаянна зменлівыя мова, звычаі і ўвесь жыццёвы ўклад дазваляюць ім разумець мяне і знаходзіць у гэтым задавальненне. Я гатовы пагадзіцца, што маю некаторыя паэтычныя здольнасці, можа, нават валодаю нейкім талентам, і паколькі мала знойдзецца пісьменнікаў, якія блізка знаёмыя з тымі класамі чалавецтва, з якіх я выйшаў, з якімі жыў, жыву і арганічна звязаны, то, магчыма, мае назіранні над гэтай асаблівай сферай развіцця людзей, іх побытам і маральнымі асновамі будуць садзейнічаць арыгінальнасці думкі».

I ўсёй патэтыкай сваёй паэзіі Бёрнс сцвярджае: іменна яны — людзі з простага народа, яго сыны і дочкі, здольныя на глыбокія і бескампрамісныя пачуцці, на самаахвярныя ўчынкі і смеласць думкі — не ў прыклад пануючым класам, разбэшчаным паразітызмам, хцівасцю, здрадай і крывадушнасцю. «Важныя сыны вучонасці, славалюбства альбо скупасці называюць гэта глупствам,— пісаў ён з насмешкай пра тых, што пагардліва выказваліся пра яго любоўную лірыку.— Але ж сынам і дочкам працы і беднасці гэта — у найвышэйшай ступені сур’ёзна.

Апісанне гарачых надзей, тайных спатканняў, пяшчотнасці развітання — найвышэйшая ім асалода».

Народжаная фальклорам, творчасць Бёрнса ўзбагацілася перадавымі асветніцкімі і рэвалюцыйнымі ідэямі свайго часу. Бёрнс горача падтрымліваў усе антыфеадальныя выступленні народных мас. Ён вітаў у сваіх вершах рэвалюцыйную Францыю, заклікаў працоўны народ Шатландыі ўзяць прыклад з французаў і падняць новае паўстанне супроць каланізатараў. Такое паўстанне рыхтавалася, і, хоць каралеўскія ўлады разбілі групу шатландскіх «якабінцаў», арганізатараў эдынбургскага канвента «Сяброў народа», многія лозунгі гэтага рэвалюцыйнага руху за свабоду і незалежнасць краіны прагучалі на ўвесь свет у грамадзянска-палітычнай лірыцы Бёрнса.

Няхай на ўсім мацерыку
Прыгнёт у вечнасць кане,
I працаўнік працаўніку
Навечна братам стане!
Альбо:

...I абавязак наш святы
Трон каралёў нізрынуць!
Прароча заглядваючы ў будучыню, паэт кідаў у масы непакорнага народа сваёй краіны рэвалюцыйна-дэмакратычныя заклікі:

Браты, настаў рашучы час
Асэнсаваць сябе як клас...
Я стрэльбу ўзяў — салдат свабоды —
З тыранамі ніякай згоды!
Калі з успамінаў Поля Лафарга пра свайго цесця мы даведваемся, што Карл Маркс «зачытваўся вершамі Бёрнса» і вельмі высока цаніў яго творчасць, дык нам зразумела, чым выклікалася такая любоў і прыхільнасць.

Вось чаму так па-сучаснаму гучаць і сёння яго несмяротныя радкі, што ўслаўляюць простага чалавека працы, заклікаюць да барацьбы за свабоду, мір і дружбу народаў.

Павер жа, брат,
I ў толк вазьмі,
Што трэба жыць са славай.
Надыдзе дзень,
I між людзьмі
Братэрства стане явай.
Горды чалавек з чулым сэрцам, абаронца прыніжаных і зняважаных, Бёрнс у многіх сваіх вершах выказваў сваю запаветную мару «ўцерці слёзы на вачах усім, хто з крыўды плача». Ён умеў не толькі палка любіць, але і палка ненавідзець тых, каго беспамылкова лічыў сваімі ворагамі. Узнёслыя, нястрымна вясёлыя вершы, якімі ён праслаўляе ўсе радасці жыцця — мірную працу, творчасць, чыстае каханне, адпачынак чалавека ў святы, свабоду думкі і бескарыслівую дружбу — натуральна пераплятаюцца ў яго творчасці з сатырычнымі, здзеклівымі і гнеўнымі вершамі, эпіграмамі і эпітафіямі. Перакананы ў тым, што сілы народа невычэрпныя і ўрэшце яны перамогуць сілы зла — сілы ўнутранай і міжнароднай рэакцыі, паэт непахісна верыў у лепшую долю чалавецтва. Яго па праву прагрэсіўная крытыка называе тым Джонам Ячменем, якому ён праспяваў гімн у сваёй аднайменнай баладзе, праслаўляючы вечны корань жыцця — жыватворную працу простага чалавека.

Шатландцы! Сыдземся ж у круг
Застолля ў ясны дзень
I грымнем: — Джон, пачніце, друг.
Вам — слова, Джон Ячмень!

Язэп Семяжон


ПЕСНІ I БАЛАДЫ

ЧЭСНАЯ БЕДНАСЦЬ


Той, хто саромеўся прызнаць
Пачэснасць чэснай беднасці,—
Пудлівы раб і трус; начхаць
Яму на клас па еднасці.
Прыкінем так,
Прыкінем сяк,
Наш лёс — таўкач расколаты.
Багацце —
Папяровы знак,
А чэсны бедны —
Золата!
Хоць мы аб хлебе і вадзе
Жывём, а гонару нідзе
Не ўступім і ў нішчымніцы.
Вунь багацей, што з нас грабе,
П’е і жарэ як не ў сябе.
Так, брат, на свеце чыніцца.
Прыкінем так,
Прыкінем сяк,
Хай мы не каралі, брат.
Бядак сумленны —
Не басяк,
А гаспадар зямлі, брат!
Вось той бязмен — прыродны лорд,
Ад пыхі ажно пеніцца.
Кіндзюк надзьмуты,— чым ён горд?
Бязмен — без змен, не зменіцца!
Прыкінем так,
Прыкінем сяк,
Няхай і ўвешан золатам,
А ўсё ж не сокал, а гусак,
Бо долата, брат,— долата!
Кароль падлізніка свайго
Зрабіў панком памесным.
Здзівіў!
            Няхай бы ён яго
Зрабіў служакам чэсным.
Прыкінем так,
Прыкінем сяк,
Брыда пануе ў ласцы,
Бо подласць купяць, а бядняк
Сумленны не прадасца!
Час прыйдзе, прадказаць магу,—
I розуму і чэсці
Льга будзе ў першую чаргу
Стаць на пачэсным месцы.
Павер жа, брат,
I ў толк вазьмі,
Што трэба жыць са славай.
Надыдзе дзень,
I між людзьмі
Братэрства стане явай!

ДЖОН ЯЧМЕНЬ


Тром каралям так насаліў
Няўступлівасцю ён,
Што пакляліся каралі:
«Ты знікнеш, рыжы Джон!»
Яго завезлі на папар,
Сахой разрылі дол.
«Вось тут папарся і папар
Спрадвечны свой падзол!»
Прыйшла вясна, на той загон
Дажджы не раз прайшлі.
I ўсім надзіва ўпарты Джон
Падняўся з-пад раллі.
Ён, жыццялюб і жартаўнік,
Буяе ў дождж і ў суш,
Трасе асцём, як жмутам пік:
«Не падступай, не руш!»
Але прыйшла пара жніва,
Апошні час настаў,
I Джон, сівая галава,
Развітвацца пачаў:
«Пажыў, пара і паміраць.
Прымай, зямелька, ў гной».
...I тут узброеная раць
Зноў рушыла вайной.
Спярша з касой прайшлі па ім,
Звалілі на пракос,
Упоперак вязьмом тугім
Звязалі — і на воз.
Вязуць на ток, а на таку —
Пад цэп, давай лупіць
I па спіне, і па баку,
Як канакрада, біць.
Зламалі, сцерлі на муку
Ўсё цела — ну, не ўстаць!
I зветрылі на скразняку,
Каб пэўна даканаць.
I каб пакпіць з яго касцей,
Іх кінулі ў касцёр,
А сэрца мельнік-ліхадзей
У жорнах перацёр.
I ў бочку ссыпалі, на дно,
Прах сэрца з шорсткіх жмень,
Але і там усё адно
Не згінуў Джон Ячмень.
Жывы — жыве! Як у катле,
Пад абручом бурліць,
Прэ пенай з кубкаў на стале
I душы весяліць.
Не прападзе бяссмертны
Джон Ні ў горы, ні ў бядзе.
Сваёй крывёю будзіць ён
Адвагу ў грамадзе.
З ім не павесіш галаву,
Што б ні было ў жыцці.
Ён вам прымусіць і ўдаву
У прытупкі пайсці.
Шатландцы! Сыдземся ж у круг
Застолля ў ясны дзень
I грымнем: — Джон, пачніце, друг.
Вам — слова, Джон Ячмень!

ШАТЛАНДСКАЯ СЛАВА


Мой слаўны, мой шатландскі край,—
Нагор’і і лагчыны,
Забудзь пра славу, забывай
Само імя — айчына!
Дзе ў верасах і Старк, і Твід
Да мора коцяць хвалі,
Там сёння гаспадарыць брыт,
Купцы запанавалі.
Знайшлі братоў, апекуны,
А хто ж забыцца зможа,
Што ваш злачынны меч вайны
Суседзяў век трывожыў?
Хто б верыў, што надыдзе час
I вольны край загіне,
Што здрада чорная ўсіх нас
За грошы ў яму кіне!
А колькі ж раз — і не пытай —
Мы іх, драпежных, білі!
I вось — за стэрлінгі наш край
Брытанцы прыкупілі.
Шатландыя, снягоў абрус,
Чаму я ў ратным полі
Не згінуў за цябе, як Брус,
Як сын твой верны Ўолес?
Пакуль не ўмосцяць у труну
Мой труп, праз леты, зімы
Я праклінаў вас і кляну,
Прадажнікі радзімы!

***


Між гор маё сэрца... Вандруе між гор,
Дзе марам раздолле і вольны прастор
Высочваць аленя, зайздросціць арлам...
Між гор маё сэрца. Любоў мая там.
Да стрэчы, Шатландыя! Поўнач, бывай! —
Калыска герояў і мужнасці край.
Куды б ні прыбіў мяне лёсу прыбой,
З табой маё сэрца, навекі з табой!
Бывайце, снягі на вяршынях гарбатых,
Бывайце, лугі па далінах і скатах,
Бывайце, лясныя крыніцы і гаці,
Бывайце, хваёвыя нетры,— бывайце!..
Між гор маё сэрца... Заўсёды між гор,
Дзе думам — раздолле і вольны прастор
Сачыць за аленем, зайздросціць арлам...
Між гор маё сэрца, а ўнізе — я сам.

ЗАКЛІК БРУСА ДА ШАТЛАНДЦАЎ


Вы, бясстрашныя мужчыны,
Што з Уолесам айчыну
Баранілі чын па чыну
I мяне віталі,—
Знайце! Меч брытанскай змовы
Ўзняты зноў, і мы гатовы
Бой прыняць, каб іх падковы
Край наш не тапталі.
Нашы сёлы, нашы нівы
Вораг люты і пыхлівы,
Вераломны Эдвард хцівы,
Заняволіць можа.
Час настаў! За агароджай
Мужна стрэнем стан варожы
I ў баі — ці пераможам,
Ці галовы зложым!
Той, хто з бітвы можа збегчы
I рабом на плаху легчы,
Хай пры печы грэе плечы
I не ганьбіць строю.
Хай жа стануць у страі
Тыя, што ў цяжкім баі
Будуць біцца за траіх
З мужнасцю герояў!
За спакой далін шатландскіх,
За жніво ў палях сялянскіх,
За пітво ў харомах панскіх
Дружнымі радамі
Бурным рушымся прыбоем
На захопнікаў і з боем
Абаронім ад разбою
Волю нашу самі!


ГОРСКІ ХЛОПЕЦ


Хлопец скроены як след,
         Нібы вытачаны
         З дубу.
На плячы — клятчасты плед.
Пройдзе — глянуць люба.
Шапка-брыль, з-пад шапкі чуб.
         Слаўны хлопец,
         Статны хлопец,
Ён аб здрадзе і не чуў,
Мужны горскі хлопец.
Чуеш, даль пяе трубой?..
         Што ж,— бывай,
         Мая дзяўчына!
Кліча нас труба на бой,
Кліча нас айчына.
Зброі звон і звон падкоў...
         Юнакі — ў паход
Бараніць ад чужакоў
         Волю і народ!
Не бывала, каб сычы
Засланілі сонца,
I брытанскія мячы
Не спужаюць горца.
Стрэнеш карнікаў — карай,
         Слаўны хлопец,
         Статны хлопец,
I праслаў шатландскі край,
Слаўны горскі хлопец!

МАКФЕРСАН ПЕРАД ПАКАРАННЕМ СМЕРЦЮ


         Ён развітаўся
         З кратамі —
         Сваё перацярпеў
         I раптам перад катамі,
         Танцуючы, запеў:
Бывайце, турмы караля,
Дзе ўсе сябры мае!
Сягоння вітая пятля
Мне шыю абвіе.
На ратным полі быў не раз
Я ў смерці на віду.
I зараз у смяротны час
Я духам не ўпаду.
Калі б не гэты груз акоў
Ды меч мне — сведкам бог,—
То й дзесяць вашых смельчакоў
Я ў схватцы б перамог.
Я вернасць краю апраўдаў
Адвагай у баях,
Але прадажнік нас прадаў —
I прыйдзе смерць мая.
Журба, а не жывёльны страх,
Душу мне скалане,
Што некаму ў маіх гарах
Адпомсціць за мяне.
Бывай, мой край! Не забывай,
Што мне ў чужыне прэць.
Трус толькі той, хто рвецца ў бой,
А смерць баіцца стрэць.
         Так весела,
         Пад перастук
         Штыблета аб штыблет,
         Сын з роду Ферсанаў,
         Дзяцюк,
         Пакінуў гэты свет.

ЗА ТЫХ, ХТО ДАЛЁКА


Абсядзем застолле, сябрынай абсядзем
I перш за адсутных мы чокнемся шклом —
За тых, хто не з намі за гэтым сталом.
Хто ж справе свабоды Шатландыі здрадзіў,
Хай слёзы глыне з палыном.
За чэсць і адвагу спарожнім біклагу.
Вясёлым і мудрым — дабра!
Сумленным, праўдзівым — дабра!
Братам нашым, верным шатландскаму сцягу,
Шатландыі нашай — ура!
За тых, хто далёка, яшчэ па адным,
За тых, хто не прыйдзе,— не грэх па другім.
За Чарлі-выгнанца і жменьку паўстанцаў,
Адданых і мужных, пры ім!
Свабодзе — лаўровы вянок і акраса,
Хай Розум патроіць ёй сілы!
А ўсю тыранію з тыранамі разам
Хай чэрці падхопяць на вілы!
За тых, хто ў няволі капае пясок,
За тых, хто ў прадзільнях насуквае ўток,
За слаўнага Джымі, любімага ўсімі,
Што недзе ў цямніцы гібее,— глыток!
Глыток — за свабоду без страху чытаць,
Свабоду пісаць і свой лёс вырашаць,
Бо праўда святая такіх і пужае,
Якім яе страшна народу сказаць.
За тых, хто далёка ў снягах
Са зброяй стаяць у руках,
За нашых шатландцаў —
Бясстрашных паўстанцаў
Нацэдзім з кляновых біклаг!
I вып’ем за гэтым сталом
За ўсіх з непакорным чалом,
А ўсёй чорнай здрадзе
Хай хлеб перасядзе
Ў іх горле кастрывым зялом!

ДРЭВА ВОЛІ


Цудоўны ясень вырас, брат,
         У горадзе Парыжы;
Пад засень ясеневых шат
         Бяжыць чарнявы, рыжы,
Стары, малы, усякі люд,
         Хадзячы і бязногі.
Спяшаюцца, як на салют
         У гонар перамогі.
Раней стаяла там турма,
         Тыранаў абаронца.
Цяпер Бастыліі няма,
         На плошчы смех і сонца.
I што ні год, то новы плод
         На гэтым дрэве спее.
I хто той плод хоць раз у рот
         Паклаў, той разумее,
Што не скаціна чалавек,
         Што і плебеі — людзі,
Што рабства аджывае век
         I болей так не будзе.
З усіх багаццяў даражэй
         Французскі гэты плод нам.
Ён прыдае, як чарадзей,
         Моц, веру ўсім галодным.
Натхняе мужнасцю ён, брат,
         Усіх сяброў краіны,
А здрадніку ён горш чым яд:
         Не пражыве гадзіны.
Хвала і слава, брат, таму,
         Хто спагадаў народу,
Прынёсшы ў гальскую турму
         Той парастак свабоды.
Ён разагнаў маркотны цень
         I ў глыб пайшоў, у ход, брат,
I праясніў, нібы прамень,
         I захад, і усход, брат!
Хацелі ж загубіць жыццё
         Майстры ліхой расплаты.
Тачылі кволае лісцё
         Пілаты і прэлаты.
Гніль, вусень, трутні, чэрві, тля
         Губілі і марылі;
Згрызала бубачкі з галля
         Прыдворных камарылля.
Падкоп злачыннаю рукой
         Рабілі слугі трона,
Ды пахавалі ў яме той
         I слугаў, і Бурбона.
Давала клятву пры двары
         Пражорлівая зграя,
Што дрэва згіне без пары
         Да першага ўраджаю.
I наляталі груганы
         На край французскі грозна,
Ды... мусілі мяняць штаны,
         Агледзеліся — позна!
— Ратуй Свабоду ад бяды! —
         Быў заклік да народа.
I ўстаў стары і малады
         Насустрач зграям зброду.
Працоўны люд — шаўцы, касцы —
         Грудзьмі сустрэў навалу.
I вось: найміты, як зайцы,
         Бягуць куды папала.
Мой край! I твой не ссечан лес,
         Дуброў, гаёў — не жменя.
Былі часы — і ты не лез
         Па слова у кішэню.
Табе ў нядаўнія гады
         Ўсяго было даволі.
Што ж ты не вырасціў тады
         I нам хоць дрэўца волі?
Нам без яго нямілы свет,
         А хлеб — з чужога мліва,
I доля — горкі пустацвет
         На полі неўрадлівым.
Сваім крывавым мазалём
         Мы кормім крывасмокаў,
А самі, бедныя, жывём
         I скокам, брат, і бокам.
Але я веру — прыйдзе дзень,
         I ён не за гарамі,
Калі Свабода, як прамень,
         Разгоніць змрок над намі.
I ўсе народы, ўсе краі,
         Здабыўшы дрэва волі,
Паладзяць, бы ў адной сям’і
         Браты шчаслівай долі!

***


Багатым долю бог аддаў,
А нам — нядолю ў хаты.
Браты, да зброі!
                         Дзень настаў.
Вялікі дзень расплаты.
Царква сцвярджае: на зямлі
I каралі, і суддзі —
Усё ад бога, каб жылі
Ў любві і згодзе людзі.
Гаворыць: трон — святы закон,
А хто ж даў трону згоду
Загнаць, як быдла, у загон
Душу жыцця — свабоду?
Зрабілі гэта ўсё без нас,
Ды іхнія стварэнні —
Часовы выраб, што ў свой час
Не ўнікне разбурэння.
Праз каралёў і суддзяў тых
Людзей мільёны гінуць,
I абавязак наш святы —
Трон каралёў нізрынуць!
Браты,
           настаў рашучы час
Асэнсаваць сябе як клас!
Сем раз адмерай, раз адрэж:
Я тут, і гэта — мой рубеж.
Я стрэльбу ўзяў — салдат свабоды,—
З тыранамі ніякай згоды!
Няхай на ўсім мацерыку
Прыгнёт у вечнасць кане,
I працаўнік працаўніку
Навечна братам стане.
Хай моладзь наша давядзе
Сваёй любоўю к людзям,
Што чалавек ні ў чым, нідзе
Падлюгаю не будзе;
Што па сваёй прыродзе ён
Не сквапны і харошы
I што драпежнікам здавён
Яго рабілі грошы.
Няхай жа клінам стане свет
Агіднаму куміру.
Браты, наперад!
                         Наш прывет
Свабодзе,
Дружбе,
Міру!

ЗА ДРУЖБУ! ЗАСТОЛЬНАЯ


Старую дружбу і любоў
Забыць і не тужыць?
Старую дружбу і любоў
Забыць, а з чым нам жыць?
         За дружбу даўнюю, мой госць,—
         Па браціне віна,
         I за былую маладосць
         Падымем —
         I да дна!
За стол, у круг, мой даўні друг,
I кубкі — да краёў.
Мы п’ём за шчырасць сэрцаў двух,
За даўнюю любоў.
         За дружбу даўнюю, мой госць,
         Дабаў, дабаў віна.
         За ранне наша — маладосць
         Падымем —
         I да дна!
Крутой сцяжынай за парог
Вяло маленства нас.
А колькі ж мы крутых дарог
Прайшлі за гэты час!
Не раз плылі цераз заліў
Упоплеч ты і я,
Але з табой нас раздзяліў
Разлучнік-акіян.
I вось сустрэліся мы зноў —
Злёт сівых галубоў.
За дружбу двух старых сяброў,
За вернасць і любоў!
         За дружбу даўнюю, мой госць,
         Па браціне віна!
         За лепшы час наш — маладосць —
         Па поўнай —
         I да дна!

ВЯРТАННЕ САЛДАТА


Вайна сабрала умалот
Паўзводна і паротна:
Дзе ні пачуеш — плач сірот
I плач удоў гаротных.
Ішоў салдат пад родны дах
Праз ячмяні, праз жыта,
Ішоў, і ў сумцы на плячах
Увесь яго пажытак.
Не назавеш ні багажом,
Ні грузам лёгкі клунак:
Салдат не ганьбіў грабяжом
Старэнькі свой падсумак.
Пракаратаўшы ў сене ноч,
Шыбаў сабе і марыў
Аб іскарках блакітных воч
На незабыўным твары.
Вось і знаёмы вадапой,
I млын стары ля гаю,
Дзе пад вярбою, за капой,
Прызнаўся ёй — кахаю.
Было... А колькі лет і зім
Прайшло сваёй дарогай!
...За ўзгоркам дом, і перад ім —
Яна каля парога.
Прагнаў слязу з вачэй салдат,
Храбрыцца, як умее.
Штось запытаўся неўпапад,
А сэрца млее, млее...
Гаворыць: — Так вось пехатой
Іду я з поля бою...
А ты, як цвет. Шчаслівы той,
Хто будзе жыць з табою.
Хоць і няёмка турбаваць
I хата не багата,
А ўсё ж дазволь заначаваць
Бяздомнаму салдату.
Яна ў адказ: — Прытулак дам.
У цеснаце — не ў крыўдзе.
I мой таксама недзе там...
А прыйдзе ці не прыйдзе?..
Ці ён жывы, ці дзе памёр —
Не знаю, не пытаю.
Чакаю і штораз на двор
Выходжу, выглядаю...
О, божа! Дык жа гэта — ён,
А я і не пазнала...
Мой дарагі, мой любы Джон! —
I да грудзей прыпала.
— Так, гэта — я, мая любоў!
I ты мне ўзнагарода
За чэсць, і доблесць, і за кроў,
Пралітую ў паходах.
Цябе за вернасць я заўжды
Бярог у сэрцы свята.
Мы бедныя — такой бяды! —
Багацце ты — салдату.
Яна — праз слёзы: — Вунь мой скарб
Ад дзеда: дом і садзік.
Цяпер ты будзеш гаспадар
На хутарскім пасадзе.
...Найлепшая з узнагарод
Лаўцу — удача гону,
Гаспадару — ўраджанны год,
Салдату ж гэта — гонар.
Хай адпачне служылы ў вас,
Хай не праходзіць міма.
Хто ведае, мо ў грозны час
Пакліча зноў радзіма.

ПЕСНЯ РАБА-НЕГРА


У гарачым Сенегале ворагі мяне скавалі
I адправілі на здзек за мора сіняе.
Тут нуда мяне з’ядае па сваім любімым краі
На плантацыях Віргініі, Віргініі.
Агарнула сэрца чорная туга
Па табе, далёкі, мілы Сенегал!
На зямлі маёй радзімы не мятуць снягамі зімы,
I лаза не шаргаціць калючым інеем.
Там журчаць струмені вод і буяюць круглы год
Кветкі, травы, невядомыя ў Віргініі.
Збіты злосным прыганятым, з ланцугом сваім праклятым
Прападаю, нібы муха ў павуціне, я.
Радасць дзён сваіх юначых прыгадаеш — і заплачаш
Тут, у пекле ненавіснае Віргініі.
Агарнула сэрца чорная туга
Па табе, мой родны, мілы Сенегал.

РОБІН


Радзіўся хлопчык на зары
I ўраз зайшоўся з плачу.
Радзін яго ў календары
Гісторык не адзначыў.
         Першы фермеру слуга —
         Жвавы Робін, крыкса Робін,
         Абвясціў сваім «ку-га!»
         З’яву ў хаце Робін.
Але адзначыў каляндар,
Што ў Йорку быў той дзень базар,
I ўвесь адкормлены «тавар»
Скупіў якісьці туз-гандляр,
Калі радзіўся Робін.
Зірнуўшы ў лапку-кулачок,
Цыганка мацеры ў куток
Шапнула: — Вундэркінд-сынок!
Няхай завецца Робін.
Хоць крыўды ўдоўж і ўпапярок
Яго спаўюць, а ён, юрок,—
Ім дулю ў нос на добры ўрок,
Разумнік будзе Робін.
Спагадлівы чужой бядзе,
Ён заваюе ў грамадзе
Пашану і любоў людзей,
Ваш род праславіць Робін.
З гадамі хлопец пойдзе ў рост,
Не аднаму задзіру нос
Расквасіць гэты шалахвост,
Ваш здаравяка Робін.
Ох, да дзяўчат ён будзе хват —
I на здароўе, тут іх шмат.
Такому хлопцу хто не рад?
Расці вялікі, Робін!
         Рос гарэзлівы хлапчук,
         Шустры Робін, спрытны Робін,
         Непакорлівы хлапчук,
         Сын сялянскі, Робін.

СУМЛЕННЫ ФЕРМЕР


Як помню, летам і зімой
На купчых і арэндзе
Сумленны фермер — бацька мой
Жыў пастаянна ў нэндзе.
Бывала, вучыць нас: — Сыны,—
I гуртам мы — на лавы,—
Лягчэй насіць нам рызманы,
Чым ганьбу ад няславы.
Я ў свет зляцеў і ў свет глядзеў
Нявіннымі вачыма.
Багатым стаць я не хацеў,
Вялікім стаць — магчыма!
Не быўшы ў школе між бамбіз,
А ў хаце — большы ў хлудзе,
Я слепа верыў у дэвіз:
Усё ж праб’юся ў людзі.
I так і сяк стараўся я
Фартуне спадабацца,
Але дарэмнаю мая
Была цяжкая праца.
То нос праціўнікам утру,
То па сябрах — ляйчынай,
I, ледзь узлезшы на гару,
Я зноў лячу ў лагчыну.
У рэшце рэшт па горла сыт
Падкусамі і здрадай,
Я ў мудрацоў пазычыў шчыт —
Разжыўся іх парадай:
Дабро — у чортавых зубах,
Чакаць не асалода,
А ён, дзень сённяшні, ў руках,
Дык ім, брат, і валодай!
З бядой, што з поснай лебядой,
Як ты ні сёрбай — горасць.
Пакуль жывеш, нішчымна еш,
Рабі — і к чорту хворасць!
Араць, хадзіць за бараной,
Касіць, карміць скаціну —
Вось той мой скарб, што бацька мой
Мне ў спадчыну пакінуў.
Так і цягну — ні тпру ні ну —
Аб рэпе, аб капусце,
А адпачну, калі труну
Са мной у дол апусцяць.
На заўтра планы у мяне
Тандэтнай ніткай шыты,
Бо дзень у дарагой цане
Адзіны — не пражыты!
Вучуся жыць і не тужыць,
Цар між цароў убогіх,
Хоць лёс мой займішчам ляжыць
Мне ўпоперак дарогі.
Ён, жмінда, лішні каравай
На заўтра не падкіне.
Што зарабіў, то й спажывай.
Ну, што ж, і з тым не згінем.
Бяда, як казнакрад, скубе
Усе мае заробкі:
Сабе карэньчык, а табе
З націнкай пацяробкі.
Аблуплены, як лут, стаю,
I водум мой са мною:
Ці я прамашку ў чым даю,
Ці гонар мой віною?
Хай журыцца праз вас дурны,
Часовыя няўдачы,
Хутчэй вас спаляць перуны,
Чым я праз вас заплачу.
Як трэба, ночы не дасплю
I ўкрадзенае спуду
Сумленнай працай зараблю,
А бедаваць не буду!
Табе ж, што ўсеўся на мяшках
З багаццем і грашыма
I хіжа шнарыш па кутках
Зайздроснымі вачыма,
Каб цапнуць пад сябе крадком,—
Багаццем не зраўняцца
З веселуном — працаўніком,
Багатым чэснай працай!

ПЕСНЯ БЕДНЯКА


Можа, бог толькі ведае,
Што я абедаю,
Ды ў багатых прасіць —
Крый нас, божа!
Скажам, я жабраку
Дам скарынку ў руку,
А хто мне, бедняку,
Дапаможа?
Хоць я голы і босы
I проставалосы —
Да жабрацтва яшчэ
Не дажыўся.
Ўгору лезуць другія,
Не падстаўлю нагі я,
Але й мне падстаўляць —
Сцеражыся!
Стане мне невыносна,
I горка, і млосна,
Пацяшаю сяброўку,
Нябогу.
Абніму, пацалую,
Як дзяўчынку малую.
Ёй заўжды не шкадую
Нічога.
Сонца роўна ўсім свеціць,
А ці ж роўна на свеце
Падзялілі дабро
I зямлю?
Трутні п юць і гуляюць,
Беднякі — галадаюць.
Я цярплю,
Ды да часу цярплю!

ГОРНАЙ МАРГАРЫТЦЫ, ЗААРАНАЙ МАІМ ПЛУГАМ


Сняжынка — першацвет на пожні,
Ён надышоў, твой дзень апошні,
Яшчэ абгон, і мой нарожнік
         Сырой зямлёй
Заваліць беленькі, тварожны
         Вяночак твой.
Не перапёлка, не жаўрук,
Вясенні госць і твой сябрук
Сагнуць узмахам крылля ў крук
         Былінку-ствол,
А я, араты, заару
         Цябе ў падзол.
На глебе чэрствай, як скала,
Ты самасейкаю ўзышла,
I вырасла, і расцвіла
         Скале назло!
I нават бура не змагла
         Зламаць сцябло.
Каля палацаў, на тэрасах,
Не злічыш ружаў, іншых красак,
А ты ж — адзіная акраса
         Маёй вясне.
Вяночак згледзіш твой — адразу
         Ў душы ясней!
У просценькім сваім адзенні
Ты ўсёй істотай пад праменне
Імкнулася ў блакіт вясенні,
         Бы ў кветнік-луг.
Падкоп — і ўсё тваё карэнне
         Падрэзаў плуг!
Вось і ў жыцці часамі гэтак:
Дзяўчына — кветка паміж кветак —
Не заўважае пастак, сетак
         Хітруг, прыблуд.
Зух знойдзецца — і песня спета,
         Затопча ў бруд.
А ці ж не так з табой, паэт?
I ты, не зведаўшы як след
Людскую шчырасць, душ прывет,
         Цану спагад,
Пусціўся ўплаў — і клінам свет,
         Знік далягляд...
Лёс — самадур: вядзе няўзнак
То напрасткі, то наўскасяк,
I той, хто гордасць за пятак
         Не залажыў,—
Век біўся, як аб лёд шчупак,
         А быццам жыў.
А што — табе? — ты сам спытай.
Складай свой верш ці не складай,
Лёс загадае: — Пакідай
         Свой клін, мой друг!
I ляжаш у зямлю, ратай,
         Як цвет — пад плуг.

***


Здаецца, ўчора шчэ квітнеў
I зелянеў твой сад,
I каб дзе воблачкам хмурнеў
Празрысты далягляд.
         Куды ж ён знік,
         Той весні рай?
         Дзе след яго знайсці?
         Але ў наш край зноў прыйдзе май,
         I зноў садам цвісці.
Ды толькі мне і па вясне
Не скінуць на траву
Цяжару год і тых турбот,
Што беляць галаву.
         Жыцце не станеш папракаць:
         Чаму ж дало адну?..
         Нам двойчы ў год не сустракаць
         Шчаслівую вясну.

***


У сцюжу на вятры — юры,
         Мой бедны друг,
         Адданы друг,
Цябе сабою б я прыкрыў
         Ад завірух,
         Ад завірух.
Калі ж табе прызначыў лёс
         Нячасты смех
         I часты боль,
Гатоў я боль і горыч слёз
         Дзяліць з табой,
         Дзяліць з табой.
Калі б мяне труна ўзяла,
         То й пад зямлёй,
         Сырой зямлёй,
Я б змог прабіцца да святла
         З табой адной,
         З табой адной.
Каб мне сказалі: вось уся
         Твая зямля,
         Бяры сабе,—
Я б «дзякую» сказаў, а ўзяў
         Адну цябе,
         Адну цябе.

ДЖОН АНДЭРСАН


Джон Андэрсан, ты помніш, Джо,
Той час, як мы сышліся?
Віхры твае, што чорны шоўк,
На лбе крутым віліся.
Не той, не той ты стаў, мой Джон,
I снег жыццёвай сцюжы
У валасах. Благаславён
Іх іней, Джо, мой дружа!
Джон Андэрсан, калісь мы, Джон,
Ішлі з табою ўгору.
У сухавей і пад дажджом
Ішлі, не знаўшы зморы.
Цяпер мы клыпаем з табой
З гары, на захад дзён —
Туды, дзе вечны супакой,
Мой любы дружа Джон.

ОДА ДА ЗУБНОГА БОЛЮ


Убіўшыся ў маю дзясну,
Ты не даеш аддухі, сну.
Свідруеш, колеш. Я стагну
         Ад утрапення,
Прашу багоў і сатану
         Паслаць збавенне.
Нам ні прылегчы, ні прысесці,
Як стане ліхаманка трэсці,
Альбо крываўка — мыць і гнесці,
         Ці ўкус змяіны.
Тады гатоў на сцену лезці,
         А збоку — кпіны.
Сцякаю слінай, вар’яцею,
Трымчу ад дрыжыкаў, пацею,
Пакуль суседзі-дабрадзеі
         Ў кутку рагочуць.
Як быццам чэрці іх, зладзеяў,
         Ражном шчыкочуць.
Заўжды жыла бяда са мною:
То недарод, то мор вясною,
То суд з царквою ці казною,
         Даўгі, прынукі...
Але такой, як пад дзясною,
         Не знаў я мукі.
Я ўпэўнены: калі завершыць
Смерць дні мае, і я за вершы
Ў тартар патраплю самы першы
         (Няма сумненняў!) —
Ты будзеш цэрберам, цэрбершай
         Маіх мучэнняў.
Гэй ты, пасобнік сатаны,
Дух неспакою, дух вайны,
Глянь — крыважэрныя паны
         Штурхаюць свет у бездань згубы.
Пакуль шчэ зеўраюць яны,
Нашлі пякельны боль зубны
         На іх ашчэраныя зубы!

ПЕРАД РАЗЛУКАЙ


Жыць, дружа мой, табе адной,
Разлучыць нас бяда,
I будзе між табой імной
Вада, вада, вада.
Я знаю: выпадзе спазпаць
I там нуду ў глушы —
Ды ста разлукам не разняць
Два сэрцы-спарышы!
О, як пазбавіцца пакут,
Як заглушыць струну,
Што ные, шэпча: ў родны кут
К табе не завярну?
Даруй!..
              Апошні поціск рук
Я павязу з сабой.
Няхай хоць тысяча разлук —
Я твой, навекі твой!


КАНЕЦ ЛЕТА


Яна прыходзіць спакваля
На выжаты палетак,
Ляціць пчалою да вулля
Ад позніх жоўтых кветак,
Атавай сцелецца на луг,
Туманам — на балота...
         Прыходзіць восень, любы друг,
         I з ёю — адзінота.
Сяліба слонкі — мокры гай,
Аўсянкі — хмыз прасторны,
А жораў з чапляй і бугай
Шукаюць кут азёрны.
Драздоў спрадвеку вабіць лог,
Арэшнік і палянкі;
Утульны яр, дзе хмель і глог,—
Прытулак канаплянкі.
Прырода шчодра ўсім дала
Прывычку, любасць, нораў:
Адна-адной ляціць пчала,
Трохкутным клінам — жораў.
Лясны мой край, жалезны гром
Трасе твае лагчыны,
Аж бор трашчыць пад тапаром,
Ляціць пяро з дзічыны.
Зірнеш, здаецца — глухамань,
А ўсё ж даўно абжыта.
Крышталь азёр — хоць рукі рань,
I сохне ў бабках жыта,
I рвецца сэрца ў той прастор...
О, як бы я з табою
Прайшоўся аж да самых гор,
Што крыюцца смугою!
Плячо ў плячо, ў руцэ — рука,
Хадзілі б і хадзілі,
Пакуль сярпок маладзіка
Вісіць на небасхіле.
Як дождж абложны па вясне,
Як сонца ў жнівень хлебны,
         Так ты, мой друг, патрэбна мне,
         Так твой зварот патрэбны!

***


З усіх напрамкаў і вятроў

         Мілей заходні мне,

Дзе ты жывеш, мая любоў,

         Мой неспакой у сне.


Там пчол раі ў хмызах крушын,

         Крынічка пад вярбой.

Дзе я з табой спаткаўся, Джын,—

         Уцехай і журбой.


Іду з касою па расе,

         Сок пчолы з кветак п'юць.

I травы ўсе, і птушкі ўсе

         Мне пра цябе пяюць.


Сум перапёлак у аўсе

         I кволы цвет ажын

Напамінаюць аб красе

         Чароўнай, мілай Джын.


***


Як вокам акінуць — суровыя горы,
Дзе рэкі халодныя з небам гавораць,
Дзе верасам вывадак свой на змярканні
Вядзе перапёлка на корм-жыраванне.
Скупая прырода радзімага ўзгор’я
Мілей майму сэрцу, чым бераг прымор’я,
Бясконца мілей: там, за горнай ракой,
Жыве мая радасць і мой неспакой.
Яна не красуня-паненка з альбома,
Яна без пасагу — мне гэта вядома.
Увесь яе скарб,— а ці ж гэтага мала? —
Каханне, што мне яна падаравала.
Сустрэнь ты дзяўчыну-красуню, і сэрца
Пад позіркам птушкай трывожна заб’ецца.
Калі ж за красой і багацце сумлення —
Мы, грэшныя, слепнем, і мы — на каленях.
Да сэрца мне простага твару аздобы,
Мне гордыя, чэрствыя не даспадобы.
Ісці на спатканне — якая прыемнасць,
Калі ёсць каханне і ёсць узаемнасць!

НАЧЛЕГ У ДАРОЗЕ


У студзені мяне ў гарах
Аднойчы агарнула ноч.
Завея, сівер — проста страх,
А снег па пояс, толькі збоч.
Мне спадарожніца адна,
На шчасце, стрэлася ў той час.
Разгаварыліся. Яна
I кажа: — Заначуйце ў нас.
Падзякаваў іх дабраце,
Што ў снезе мне не начаваць,
Адбіў паклон бажку ў куце
I папрасіў пасцель паслаць.
Яна кужэльнай прасціной
Заслала ложак пры сцяне
I, павячэраўшы са мной,
Дабранач пажадала мне.
Гляджу і думаю: сама
Красуня мар тваіх не ў сне,
I гавару: — А ці няма
Пад галаву падушкі мне?
Пайшла, прыносіць і кладзе,
Гаворыць, што пара мне спаць.
Чароўная, як ранні дзень,—
I я не змог, каб не абняць.
Па шчоках чырвань, а з-пад броў —
Дзве іскры. Чую, як у сне:
— Калі ўсё гэта ў вас любоў,
Пакіньце чэснаю мяне.
Я гладзіў лён бялявых кос,
I ўся была, як першы снег,
Як ружа ў кроплях ранніх рос,
Яна, што мне дала начлег.
Далоні па грудзях прайшлі,
Здалося: палкія пяскі
Сваім дыханнем намялі
Гарачыя два курганкі.
О, маладосць — п’янлівы хмель!
Я цалаваў яе, благі,
I ўся яна была, як бель,
Як нашы горныя снягі.
Хінулася шчака к шчацэ,
Як вусны к келіху з віном...
Пад ранне на маёй руцэ
Яна заснула чуткім сном.
А ўранні, з першаю зарой,
Я ёю захапіўся зноў.
— Ах, што зрабілі вы са мной! —
Сказала мне мая любоў.
Я выцер ёй слязу з павек
I адказаў, каб жаль спыніць:
— Ад гэтай ночы і павек
Нам прыйдзецца пасцель дзяліць.
Узяўшы з куфра палатна
I прыхінуўшыся к сцяне,
Яна прысела ля акна
I стала шыць кашулю мне.
Ідуць гады не пехатой,
Бягуць, і не спыніць іх бег.
Пакуль жыву, не здраджу той,
Што мне дала тады начлег.

БЕЛАЯ КУРАПАТКА


Дакоскі прайшлі, на жніве адспявалі...
З дасвецця ў нядзелю хлапцы палявалі,
Аблазілі зараснік, луг і западак,
I раптам з-пад ног — чарада курапатак.
         I хто цябе гоніць, няўрымены хлапчук?
         Дзічына — жывая, пачуе твой стук.
         Схавайся ў чароце,
         Бабахні пры ўзлёце,
А спудзіш — лічы, што ўпусціў яе з рук.
Яна шугане з верасовай палянкі
Ў балотца, дзе сховы пудлівай бялянкі,
Затуліцца ў мох, не шурхне — во хітрыца!
А спінка, як снег напрадвесні, іскрыцца.
Ёсць казка: спрачаўся з ёй месячык ясны,
Што сонца зацьміць,— пакаціўся, пагас ён.
Яна ж палыхала святлом прамяністым
На сене духмяным між купін імшыстых...
Шчасліўцы-стралкі, балацін старажылы,
З дасвецця па топкай імшары кружылі,
I ледзь толькі сука на спрат навяла,
Бялюткая — фыр, і як летась была.
         Чаго ж ты спяшаўся, няўрымесны хлапчук!
         Дзічына ж — жывая, пачула твой стук.
         Прыпаў бы ў чароце
         I стрэліў пры ўзлёце,
А спудзіў — і выпусціў шчасце з-пад рук.

ПРАШЭННЕ РАКІ БРУАР УЛАДАЛЬНІКУ АБШАРАЎ, ПА ЯКІХ ПРАЦЯКАЮЦЬ ЯЕ ВОДЫ


I
О ты, нашчадак і ўладар
Зямлі па ўсім цячэнні
Бруарскіх водаў, я — Бруар —
Шлю гэтае прашэнне
З паклонам нізкім — выручай!
Парубка ўсё ссушыла:
Каб дзе адзін прыток-ручай,
Каб дзе крынічкі жыла!

II
Пад сілу стронзе кожны брод,
Дый тая ў мутных лужах
Злягла і — бурбалкі праз рот:
Прабіцца ўплаў нядужа.
А чым жа ёй дапамагчы,
Як ёй мільгаць у плынях,
Калі з мяне тырчаць карчы
І жыжка на глыбінях?

III
На мне і чапля, і бабёр
Стагналі, каб ты ведаў,
Калі паэт тутэйшы, Бёрнс,
Бязводны край праведаў.
Ён склаў пра нас якісьці верш,
А мог бы скласці оды,
Каб толькі знаў, якімі перш
Былі Бруара воды.

IV
Яны ў паводку тут раўлі,
Бурлілі, рвалі скалы,
Цераз сябе к сваёй зямлі
Прышэльцаў не пускалі.
Як паважалі іх тады,
Калі былі шчэ ў сіле
I моладзь краю ля вады
Для ратных спраў расцілі!

V
Ад іх імя цябе прашу
Ў імя той даўняй славы:
Вярні мне плынь — маю душу,
А прыбярэжжу — травы.
I прывітаюць твой прыход
Да нас на лугавіны
Усплёскі рыбы. гоман вод
I пошчак салаўіны.

VI
Жаўрук прайграе на зары
У пары з перапёлкай,
I адзавецца ў гушчары
Шчыгол сваёй свісцёлкай.
Яшчэ пры гнёздах, ля дзятвы,
Як маці ля калыскі,
Пачнуць курлыкаць журавы,
Сустрэнуць песняй пліскі.

VII
Зялёны ветразь берагоў —
Каўчэг, а не бяздонка:
I птаству спрат і добры схоў
Для зайчыка — бяздомка.
Прахожых засенем рака
Прывабіць прыпыніцца,
А дуб галлісты пастушка
Прыкрые ў навальніцы.

VIII
I рыбалоў не абміне —
Я ўсіх прыму з ахвотай.
Не ў іншы кут, а да мяне
Каханне прыйдзе ўпотай.
На дол атросшы нізкі рос,
Схаваўшы дня ясноту,
Мой гай пад ніцы вербалоз
Прыгорне іх, блазноту.

IX
I прыйдзе зноў паэт-рыфмач
Складаць мне вершы-прытчы,
Як поўня — майскай ночы ткач —
На мне дасэні вытча.
Ён спыніцца — не да хады,—
Уражаны, натхнёны
Гняўлівым рокатам вады
Між берагоў зялёных.

Х
Хай сосны кронамі да зор
Растуць на баравіне
I бачаць свой зялёны ўбор,
Адлюстраваны ў плыні.
Ратуй нас, добры чалавек,
Аздобай зеляніны,
Каб з веку ў век на плынях рэк
Спеў не змаўкаў птушыны!

XI
Каб скрозь па схілах берагоў
Бярэзнік беластволы
Збягаў уніз і каб з лугоў
Даносіў ветрык кволы
I пахі кветак, і суніц —
Усё, што сэрца помпіць,
I прахалоду тых крыніц,
Што плынь рачную поўняць.

XII
Хай, гледзячы на лес, няўзнак,
На ўлонні зеляніны
Рыжагаловая, як мак,
Расце дзятва краіны
I п’е нагбом з Бруара ўсмак
Пад людскі тост заздраўнай:
— За люд Шатландыі! У знак
Радзімы нашай слаўнай!

БАСАНОЖКА


Прыжмуру вочы — і ўсплыве
Той мілы вобраз хараства...
Яна ступала па жарстве,
Ёй ногі раніла жарства.
Такімі б ножкамі ступаць
Па дыванах, не па пяску.
З такой бы толькі выязджаць
У пазалочаным вазку.
Дзве ручаіны русых кос
Збягаюць змейкамі на стан,
А вочы — зоркі з тых нябёс,
Што сінню красяць акіян.
Далёкая ад бажаства,
Сама — зямное бажаство,
Яна — багіня хараства,
Жывой прыроды хараство!

ПАЦАЛУНАК


Сарамлівае прызнанне,
Чырвань шчок, рука ў руцэ;
Дотык вуснаў, быццам раннім
Першацветам па шчацэ.
I маўклівая няўступка,
I парываў навіна.
Любасць голуба з галубкай,
Шчасця першая вясна.
I ў расстанні так суладны
Сум і радасць удваіх!..
Дзе вы, словы, каб дакладна
Перадаць пачуцці іх?

***


Што ў цябе — замарачэнне,
Дзеўка, ў галаве?
Ты ж да ніткі змокла, Джэні,
З сукні аж плыве.
Дзе твой розум? З нейкім «цмоклам»,
Хлопцам нажытным,—
Па расе!.. I ўся прамокла
Ў ядраным жытным.
Ціха, бацька. Хлопец любіць.
Можа, будзе зяць.
А ў жытным і прыгалубіць.
Што з такога ўзяць?
Намі гэта ўжо пражыта.
Чуеш — памаўчы:
Шэпча жыта ці не жыта
Ля мяжы ўначы.

ДВА ЖАНІХІ


Сэндзі і Джэкі — два хлопцы з Блэквуда.
Сэндзі быў першым заскокам усюды:
Першы ў рабоце і першы ў застоллі,
Першы красун на ўсё наваколле.
Джэкі, багатага бацькі наследнік,
Быў ні работнік і ні субяседнік;
Толькі хіба што нявесты-няўмекі
Першы свой выбар спынялі на Джэкі.
Джэкі абраў сабе Мэдж, перастарку —
Цесць меў заможную гаспадарку,
Даў у пасаг і казну, і авец.
Кпілі — на грошах жаніўся хлапец.
Сэндзі ўзяў Мэры, тавар без заганы,
Ён сваё шчасце знайшоў у каханай.


НАКАЗЫ

(другі варыянт)


Ты свіснеш і ціхенька станеш за тын —
Я зараз жа выйду за посвістам тым;
Няхай сабе сварацца маці, айчым,
Ты свісні ў два пальцы — я выйду за тын.
Глядзі ж, калі будзеш ісці да мяне,
Пралаз не міні ў мураванай сцяне;
Ідзі адвячоркам, як стане цямней,
I выгляд рабі, што ідзеш не ка мне,—
Ідзеш, а як быццам зусім не ка мне.
Ці, часам, сустрэнемся на цвінтары,
Дык ты ўжо з сяброўкай маёй гавары,
А віне толькі ў вочы заглянеш разок
I — квіты, ты чуеш! — глядзі ж, галубок,
Зірнеш толькі раз і адвернешся ўбок.
Усім гавары, што ніякіх там спраў
Не маеш са мной, што другую абраў,
Жартуй, але бойся хапіць цераз край,
Каб іншы хто-небудзь мяне не забраў,
З-пад самага носа дзяўчыну не ўкраў!
Дык, значыць, ты свіснеш і скокнеш за тын —
Я зараз жа выйду за посвістам тым.
Хай кажуць што хочуць бацькі, маладым —
Сваё! Дык ты свіснеш і мігам — за тын!

***


Усё як вымерла наўкол,
Не ноч, а віру дно.
— Ты, можа, мне дасі дазвол
Пралезці праз акно?
— Не дам. Прасі хоць давідна,
Калі глынуў вінца!
Дарога ў мой пакой адна —
З царквы, пасля вянца.

СЯБРОЎЦЫ НА ВУШКА


— Ты,— кажа,— мяне паланіла вачыма.
Твой дом і радня,— ён мне кажа,— па мне.
А сэрца мне кажа: «Не вер, дурачына,
Ён ліпне к пасагу, на грошыкі гне.
Цаляе на свінку, глытаючы слінку
Што некалі з’есць саланінку, жучок.
Ажэніцца, вычысціць жончыну скрынку,
А жонку — за дзверы альбо ў катушок».
На выгляд — карціна, але задавака.
Такога сам чорт не прылашчыць да рук —
Хітрун, ды і я не зусім разявака:
Я ўраз здагадалася, што ён за фрукт.
«Не вырасціць жыта на ялавым полі,
А груш — на вярбе,— гавару я дружку.—
Каханне тваё правякуе не болей,
Чым піць без вузла у дзіравым мяшку!»

ЖОНКА ВУГАЛЬШЧЫКА


— Не ведаю твайго імя,
I як завуць не ведаю.
Ці ён твой муж, ці так — радня
Зімуе тут і летуе?
— Два лецейкі і столькі ж зім
Дзялю з ім гора горкае.
I ён за мной, і я за ім,
Як нітка за іголкаю.
— Бруснічанька, увесь абшар —
Палі, лясы, загонішчы —
Я аддаю табе як дар,
Калі яго прагоніш ты.
У шоўк, брыльянты расфранчу,—
Ты ж не жывеш, а мучышся,—
На тройцы рускай пракачу,
Калі ты з ім разлучышся!
— Адзень у шоўк трухлявы пень,
Асып свой нос брыльянтамі
I адчапіся, авадзень! —
Не знаюся я з франтамі.
Нам з ім адзіны павадок —
Друг у дружка на воку,
А дасць бог ноч — я на палок,
I ён, юрок, пры боку.
Калі да сябра любасць ёсць,
То й хатка — свет прасторны.
Мяне не купіш, ягамосць!
Ён чысты, хоць і чорны.

СКАРГА БІТАГА МУЖА


Эх, з жонкай я не ў ладзе —
Качалкай часта гладзе,
А як дасі патолю,
Дык і на карак сядзе.
Вянчаўся — спадзяваўся,
Што будзе лапка-ласачка.
Аж вунь як яно выйшла:
Не ў ласачку, а ў выжла
Ўдалася гэта красачка.
Аднак надзей не трачу,
Што лепшы час пабачу —
Змяню натуру Тэклі!
Вось тут, браткі, і выбірай:
Ці памірай ды прыся ў рай,
Ці з ёй гаруй у пекле.

МЕЛЬНІК


Мельнік, змелеш на муку
Жыта ўсё да каліва,
Завядуцца ў кашальку
Шылінгі ды талеры.
Упыліўся на млыне,
Барада аж белая.
Цалавацца лез ка мне —
Так і пасівела я!
Ты, як ніва, урунелы,
Толькі вочы шэрыя.
Як узыдзе месяц белы,
Прыйдзеш — павячэраем.
Каравай спяку тугі,
Перапечкі белыя.
Мельнік, мельнік дарагі,
З гора пасівела я.

ШЧАСЛІВЫ ЎДАВЕЦ


Не для жаніцьбы час, калі
Асіна распускаецца:
Агоркне ўсё, свет сыдзе ў клін
I век свой будзеш каяцца.
Такую схопіш — хоць з двара
Ды ў вір або ў халодную,
Пакуль не прыйдзе ёй пара
Збірацца ў адыходную.
Не год, а дваццаць зім і лет
Я жыў з такой кабетаю.
Даў бог — адправіў на той свет,
А як там? Я ж не ведаю.
Вось бы праведаць, хоць са сноў
Пра тамашні парадак,
Каб пасля смерці з ёю зноў
Не звёў мяне выпадак.
Абрад, імшу бацькі мае
Як мае быць спраўлялі,
I я баюся, што яе
У пекле не прызналі.
Яна ў раі. Напэўна ж там,
Бо часта ў груку грому
Чуваць страшэнны тарарам,
Так добра мне знаёмы.

ЖОНКА НЭНСІ


— Ты, мой родненькі, з-за глупства
Не ўсчынай гамонку.
Я табе не хлеба луста —
Не грызі ты жонку!
— Ну, а хто ж каго павінен
         Слухаць, Нэнсі,—
Гаспадар ці гаспадыня
         Мужа, Нэнсі?
— Ты камандаваць канчай,
Звычай кінь даўнейшы!
Слухаць, кажаш? Выбачай,
Пашукай дурнейшай!
— Пануджуся, апушчуся,
         Рыбка Нэнсі,
Але ж неяк абыдуся
         I без жонкі, Нэнсі.
— Пачакай жа, збродны качар,
Вось памру я скора...
Ты паенчыш, і паплачаш,
I паскачаш з гора!
— Што ж, паплачу — веры дам,
         Нэнсі, Нэнсі.
Але ж з горам папалам
         Хлеб не горкі, Нэнсі.
— I адтуль, каб дапячы,
Выесці вантробы,
я з нячыстым штоначы
Буду слаць хваробы!
— Шлі. Са мною будзе жыць
         Не такая, Нэнсі.
Чорт спужаецца, збяжыць!
         Ад лагоднай Нэнсі!

СПОВЕДЗЬ БАБЫЛЯ Песня


Расце чарот паміж заток,
Выносны ў паўсажонак.
Пражыў я не адзін гадок
Каля суседскіх жонак.
Мінецца год— і рой турбот
Паспее напладзіцца,
А мёд уцех і асалод
Нам дораць маладзіцы.
Імкнецца кожны ў райскі сад
На яблычкі напасці,
Але ж, хто зведаў іх, наўрад
Ці зведаў слодыч шчасця.
Вось мне дык толькі б пагуляць,
Абняць якую ўпотай,
А там — да ўсіх чарцей паслаць
Нікчэмныя турботы!
Хай грэшнага мяне на скон
Асудзіць суд асліны,
Але ж і мудры Саламон
Глытаў па дзеўках сліну.
Без іх, брат, што ні гавары,—
Маркотна ў змроку ночы.
Таму тварэц нам і стварыў
На ўцеху род жаночы.

***


I што мне, дзяўчыне, рабіць, сіраціне?
Як жыць мне, дзяўчыне, з такім малайцом?
З пачварным, нялюбым павезлі да шлюбу,
Звянчалі лябёдку з сапселым глушцом.
Гугнявы, кульгавы і станам плюгавы,
I рукі як граблі, і сэрца як лёд.
То сядзе, то ходзіць — вачыма не зводзіць,
Рыпіць і скрыпіць усю ноч навылёт.
Бурчыць, дапякае, зачэпкі шукае,
Сяброў пазбягае — такі нелюдзім!
Да ўсіх ён раўнуе мяне, маладую.
Звяла мяне посная пятніца з ім.
Крыў бог, што на свеце ёсць цётухна Кэці.
О, тая любую разрадзіць напасць!
Цяпер я старэчы скрозь буду пярэчыць,
Пакуль ён, абрыдлівы, дуба не дасць.

ПЕСЕНЬКА МАЛАДОЙ ЖОНКІ ПРА СТАРОГА МУЖА


Ох, мой рыжы, ох, нямілы,
Ты і з грыжай, ты й без сілы!
Каб не ты, стары калун,
Быў бы горац-весялун.
         Ну які ж гэта муж,
         Што ні ў прыпражку, ні ў гуж,
         А як выпадзе забава,
         Дык і ў забаўцы нядуж!
Адвячоркам, да ігрышча,
Я дружку яечню спрышчу,
А табе, мая бяда,—
Голая скаварада.
         Павячэраем — ды з дому
         На гадзіну або дзве.
         Маладому ж з маладою
         Маладое ў галаве.
Не забудзь жа ў чыгунку
Ў печ паставіць студжанку,
Бо, крый божа, не даварыш —
Ты мне болей не таварыш!
         Мне з дружком задок баранні —
         Нам не грэх і ў шчыры пост! —
         А табе за ўсе старанні —
         Толькі храшчыкі ды хвост.

ФІНДЛЕЙ


— Хто гэта грукае ў акно?
— Хто ж, гэта я — Фіндлей!
— Ідзі дамоў. Тут спяць даўно.
— Не ўсе! — сказаў Фіндлей.
— Як ты асмеліўся будзіць?
— Ды так,— сказаў Фіпдлей.
— Кату марцоваму карціць...
— Карціць! — сказаў Фіндлей.
— Не адчыню — і не прасі...
— Прашу! — сказаў Фіндлей.
— Ты ж спаць да пеўняў не дасі.
— Не дам! — сказаў Фіндлей.
— Пусціць, а што, калі радня?..
— Пусці! — прасіў Фіндлей.
— Дык ты ж завалішся да дня.
— Да дня! — сказаў Фіндлей.
— Такога толькі прыручы...
— Так-так! — сказаў Фіндлей.
— Ты ў нас і будзеш штоначы.
— I ўдзень! — сказаў Фіндлей.
— Смала! Ну лезь. Дапамагу.
— Хутчэй! — сказаў Фіндлей.
— Глядзі ж, нікому ні гу-гу!
— Угу! — сказаў Фіндлей.

***


Ты мяне пакінуў, Джэмі,
Ты мяне пакінуў,
Назусім пакінуў, Джэмі,
Назусім пакінуў.
Вы такія, хлопцы, чэрці —
Толькі строіць кпіны.
Кляўся ў вернасці да смерці,
А цяпер пакінуў.
         Ты мяне пакінуў, Джэмі,
         Зганьбіў і пакінуў...
Нам не быць у пары, Джэмі,
Мне не быць з табою.
Ні за што на свеце, Джэмі,
Мне не быць з табою.
I з якімі ж мне вачыма
Жыць адной-адною:
Ні ўдавою, ні дзяўчынай
Са сваёй раднёю?
         Ну за што ж ты, вецер-Джэмі,
         Так ганьбуеш мною?

РАДКІ ПРА ВАЙНУ I ЛЮБОЎ


Праслаўлены нанятым хорам
Разбой на сушы і на моры
Не варты праслаўлення.
Мы прыкладзём сваё старанне
Ў імя жыцця і працвітання
Наступных пакаленняў.
Любіць, тварыць і працаваць!
Хай свет жыве спакойна.
Лепш майстраваць
I гадаваць,
Чым забіваць у войнах.

ЭПІГРАМЫ, ЭПІТАФІІ I ЭКСПРОМТЫ

«ВЕРНАПАДДАНЫМ УРАДЖЭНЦАМ ШАТЛАНДЫІ»


Ланцужныя псы пры ганебным прастоле,
Брашыце, кусайце — цяпер ваша воля:
Вы здрадзілі нашай шатландскай зямлі,
А волю радзімы ў карчме прапілі.

ПРЫГАЖУНІ МІС ДЖЫНІ СКОТ


Калі б шатландскі кожны клан
Меў сотню Джыняў Скот,
Мы б пакарылі англічан,
А не наадварот.

ЭПІТАФІЯ НА ВАЛУНЕ, ПАСТАЎЛЕНЫМ ПАЭТАМ НА МАГІЛЕ ПАЭТА РОБЕРТА ФЕРГЮСАНА


Ні урны над зямлёй, ні склепа ўнізе,
А два радкі — нашчадкам запавет:
— Шатландыя, прыйдзі і пакланіся,
Дзе лёг спачыць найлепшы твой паэт.

НАШЧАДКУ СЦЮАРТАЎ


Вы — Сцюарт? Што вы, ягамосць,
Няўжо вам славы мала?
Дурныя ў родзе іхнім ёсць,
А подлых — не бывала.

ФАНАБЭРЫСТАМУ ЗНАЁМАМУ, ЯКІ АДВЯРНУЎСЯ ПРЫ СУСТРЭЧЫ З ПАЭТАМ


Хто кажа, што ты раганосец, той мае
Падставу, шаноўны халоп.
I тое, што клёпкі ў цябе не хапае,
Павер мне,— зусім не паклёп.

ЗАПІС ПРА СМЕРЦЬ МЕЖАВОГА СУСЕДА ПАЭТ


Учора з богам на той свет
Адбыў раб божы, мой сусед
Джэмс Богхед з Сільверпула.
У пекле альбо ў райскім садзе
Ён першы прыйдзе, першы сядзе,
Як на азадку скула.

ЭПІГРАМА НА ПАРТРЭТ ЗНАТНАЙ АСОБЫ


З такой укормленасцю твару
Вам быць бы шыльдай пры тавары
З таблічкай гэтакай прыблізна:
«Свіныя вушы, лыч і галавізна».

ПРА ПАХОДЖАННЕ АДНОЙ ВАЖНАЙ АСОБЫ


Ці то ў семсот сорак дзевятым,
Ці год раней (дакладнай даты
Не помню я) надумаў чорт
         Зрабіць свінню. Зляпіў азадак
I бачыць — поўны непарадак,
         Бо выйшаў ваш партрэт, мілорд.

НА ЧЭРАП ТУПІЦЫ


Тварэц даў промах, я скажу,
А мо быў яўна нецвярозы,
Стварыўшы твой цурбан з дзяжу
I з макавае зерне — розум.

ЭПІТАФІЯ НА ПОМНІК СТАРОЙ ЗЛАСЛІВІЦЫ


Дзівіся, падарожнік-пілігрым,
         Якая д’ябальская ў смерці сіла,
Што нават гэту грыжу
                                 Грызел Грым
Загрызла — і зубоў не пакрышыла.

ЭПІТАФІЯ ВІЛЬЯМУ ГРЭХЕМУ, ЭСКВАЙРУ


У роспачы паміж грабніц
Сама прырода ўпала ніц
I, горка плачучы, сказала:
— О, смерць, няўмольны абірала!
Была ў мяне адна пачвара,
Дык ты і тую адабрала.

ЭПІТАФІЯ НА МАГІЛЬНЫМ КАМЕНІ СЕЛЬСКАГА БАБНІКА


Бацькі, паплачце! Тут не дзед
Ляжыць. Вы зналі самі:
Упраўны, спраўны ваш сусед
Усім дзяліўся з вамі.
Хай дзеткі вашыя нічым
Не ганьбяць гэту градку.
Той, хто пад ёй знайшоў спачын,
Магчыма, быў іх татка.

ЗАПІС АБ ГРАЗКІХ ДАРОГАХ ДА ГАРАДКА АДНАГО З ГРАФСТВАЎ


Мы дабіраліся да вас
На тройцы ў добрай снасці,
Дабраліся ж у позні час
I ўброд і ўплаў па шчасці.
О, грэшнікі гаспадары,
Як сказана ў Пісанні,
Вы будзеце ў тартарары
Цялёпкаць багнай самі!

НАДПІС НА ЎРАДАВАЙ ПАПЕРЫ, ЗГОДНА З ЯКОЙ АД ПАЭТА ПАТРАБАВАЛАСЯ «СЛУЖЫЦЬ, А НЕ ДУМАЦЬ»


Судзіць законы? Што ты, брат,
Будзь асцярожны! Крытыка —
Дар віцмундзірам (і без лат),
А ты — нямко. Палітыка!..

ТЭМ О’ШЭНТАР

Вершаваная аповесць


Калі, як горан, поўны жару,
Ірдзее захад, і з базару
Ўсе шугануць дамоў адразу,
I мучнікі замкнуць лабазы,
А нам сусед кіўнуў здалёк
Зайсці на чарачку ў шынок,—
Тады мы баржамі на мелі,
Распараныя моцным элем,
Як водзіцца, даём асадку
Ля бочкі і клюём насадку:
Хто тарана, а хто вугра —
Папас няхітры ў шынкара.
I самаю вяршыняй шчасця
Нам той шынок, дзе дзверы насцеж,
Дзе кожны п’е ці нешта клычыць,
Пяе, дае; і хто там лічыць
Гнілыя лужы ці канавы,
Масты на рэчках, пераправы,
Што будуць па шляху дадому,
Дзе жонка кожнага, вядома,
Паела жданкі — дай ты рады —
I аж грыміць, як хмара з градам,
Рыхтуе паранку і душ,
Як толькі бразне клямкай муж.
Пра гэта Тэм О’Шэнтар думаў,
Калі пасля таргоў і тлуму
Ў святочны дзень на кірмашы
Ён апынуўся на шашы —
Скразной дарозе з гарадка,
Непадалёку ад шынка.
Я пазнаёмлю вас хутчэй
З тым цэнтрам графства. Гэта Эйр,
Славуты вырабам здаўна
I кажурын і палатна;
Там пабудоў даўнейшых шмат,
Але найбольш красунь-дзяўчат.
Дык, значыць, Тэм ішоў дамоў.
Збіралася на дождж. З лугоў
Імжа трусіла пацярухай.
(А Тэм, зазначым, быў пад мухай.)
О Тэм! Ты чуеш, галубок,—
Твой аблыселы чарапок —
Засек пусты ў бядняцкай клеці.
Забыў ты споведзь жонкі Кэці,
Ці памяць выпіўка адбіла?
Успомні, як яна вучыла:
«Цьфу на цябе, п’янчуга, цмок,
Ты ў гэтай «гары» ўвесь прамок.
Ад чэрвеня і па каляды —
Напіцца б, аднаму ты рады.
Ці будзе свята, ці па свяце,
Ты ў некага блішчыш у хаце,
Каб як прысвойтацца за стол;
Павёз у млын — прапіў памол,
Кабыла збіла вухналі,
Дык з кавалём тры дні пілі!
Ты па нядзелях рад старацца
Сцямна падацца ў божы дом,
Каб потым з братчыкам набрацца
Альбо наклюкацца з папом.
Запомні, мазгаўня пустая,
Што вір даўно цябе чакае.
Калі не кінеш піць-гуляць,
Табе яго не мінаваць,
Ці ў Алаўэй, каля капліцы,
Сам чорт утопіць у крыніцы!»
Ах, жонкі! Дзякаваць я рады
За вашы мудрыя парады,
А брату нашаму, мужам,
Я дыхту некалі задам;
Ім скарбы вашых засцярог
Нібыта аб сцяну гарох...
Дзе ж мы спыніліся?..
         Тым часам
Наш Тэм, прагнаўшы смагу квасам,
Стаў на прычале шынкаровым.
Дыміў ачаг, трашчалі дровы,
Пішчала мокрае палена.
Над кухлем накіпала пена,
А з кута чуўся шклянак звон.
Падсеў шавец — кульгавы Джон,
Дружбак, прыяцель ад душы:
Не раз пілі на кірмашы.
Ішла гадзіна за гадзінай;
Печ пахла чадам і шчацінай;
Гудзеў шынок, як злосны чмель;
За кожным кругам лепшаў эль,
I Тэм употайкі пакрыху
Завёў любошчы з шынкарыхай.
Спярша выразнымі кіўкамі,
А пасмялеўшы — і рукамі,
Хоць сам кавальскі мех — шынкар
Сядзеў упоплеч, твар у твар
З шаўцом, яшчэ амаль цвярозым.
Той штось «скаромнае» марозіў
У самы рот старому меху —
Шынкар ажно сіпеў ад смеху.
Ліў дождж. Л потым — град, як боб.
Ды п’яным — што?
                            Ім хоць патоп!
Турботы ўсе як анямелі,
Ці патанулі ў кухлях элю,
Ці ачмурэлі ў п'яным гуле;
Хвіліна кожная плыла,
Як перагружаная ў вулей
Вясной з абножкамі пчала.
О, не адзін кароль шчаслівы:
Шчаслівы й Тэм за кухлем піва!
Шкада, што шчасце ад напасці
Не застрахуеш — лёгка ўкрасці.
Яно, як тая кветка маку:
Сарві — і ўсёй красы ні знаку.
Часы уцех — сняжынак рой
Па-над раллёй, яшчэ сырой:
Жывуць, раяцца і лятаюць.
А упадуць — уміг растаюць.
Уцеха, шчасце, здавальненне —
Усходы аднаго насення
На бітай сцежцы па вясне:
Хто ні прайшоў,
                        той сашчыкне...
Ды ўсё на свеце мае межы.
I вось наш Тэм, ружовы, свежы,
Устаў — прызнаемся, праз сілу —
I — за парог, сядлаць кабылу.
А цемрадзь — хоць ты выкаль вока.
Дадому, праўда, недалёка,
Але таму, як мне здаецца,
Хто ноч-апоўнач апынецца
Адзін-адным у чыстым полі,
Паспагадаеш мімаволі.
На хмару хмара лезла дуба.
Дождж перападам ліў, як з луба,
Грымела скрозь і бушавала,
I ноч раз-поразу глынала
Жагнанні ярай бліскавіцы.
Падчас такое навальніцы
Сам д’ябал рад павесяліцца.
Праехаўшы дарог развілку,
Тэм цмокнуў на сваю кабылку,
I, нацягнуўшы брыль на лоб,
Сяк-так пагнаў яе ўгалоп,
I хутка ўз’ехаў на балота.
Кабыла бегла без ахвоты,
Бо з персяў аж валіла пена,
А Тэму — мора па калена.
Ён у сядло, як корч, урос
I то раманс бубніў пад нос,
То час ад часу ў морак ночы
Вытрэшчваў змораныя вочы,
I там — здавалася — ў чароце,
На гэтым чортавым балоце,
За кожнай купінай прынік
Рагаты, страшны вадзянік.
Ды вось, нарэшце, ля крыніцы
Льга разглядзець абрыс капліцы;
Адтуль на сотню галасоў
Кігіча хор чарцей і соў.
Непадалёку брод знаёмы.
Калісьці тут, у вадаёме,
Апоўначы, пад гэткі ж спеў,
Душою крамнік загавеў.
Крыху далей, за мокрым лугам,
Знайшлі замерзлага п’янчугу,
А вунь пад той вярбою ніцай
Дзіця якоесьці блазніцы
Вясной сабакі адкапалі.
А той вунь дуб, што верх апален,
За ўсе свае пяцьсот гадоў
Быў вісельняй мо сто разоў...
Прыняўшы безліч раўчукоў,
Дун набрыняў і з берагоў
Выходзіў на лугі, балоты.
Ліў дождж, і страшныя грымоты
Грымелі сотнямі фурманак.
У бляску трапяткіх маланак
На ўзгорку, дзе пятляў ручэй,
Мільгнуў магільнік Алаўэй,
Там сярод елак, у ігліцы,
Свіцілася страха капліцы.
Адтуль — як падалося Тэму —
Чуцён быў свіст і рогат немы.
О, Джон Ячмень, ты, абібок,—
Мацунак скрытны і сярдзіты.
Прыгубіш коўш — віно набок! —
I ў прытупкі, як чортам шыты,
Гатоў хоць к д’яблу на ражон —
Такі шалёны сок твой, Джон!
Тэм не шманаў: ён быў п'яны;
Не то што чорта — сатаны
Ён не баяўся. Ўсё пад сілу!
Ды, як назло, яго кабылу
Ўзяў нораў, быццам бы суроку,
Храпла і ўперад — ані кроку!
Стаяла, як той слуп, ля ўзгорка.
Тэм цмокаў, нукаў, штурхаў, торкаў,
Пакуль, нарэшце, добры ўдар
Не зрушыў падлу на цвінтар
I пад царкву, дзе — насцеж дзверы.
Тэм глянуў — і вачам не верыў.
I ўсе, і ў парах — рукі ў бокі —
Пры самым боскім алтары
Чартоўскія спраўлялі скокі
Пачвары-ведзьмы й ведзьмары.
I выбівалі не французскі
Лансье —
               наймодны танец панскі —
А нашу джыгу, наш шатландскі
Гацак з прыскокам і прытрускай,
Калі валынкі аж галосяць,
I толькі чуеш стук падкоў,
I літасці масніцы просяць
Ад прытупак і грымакоў.
Ў капэлі, быццам вадзянік,
Сядзеў стары валыншчык Нік
I так наярваў, што танцоры
Аж захліпаліся ад зморы.
I раптам —
                 новае здарэнне:
Падлога трэсь — і з сутарэння
Палезлі труны напралом
З шкілетам і тым гніллём,
Што ў дамавінах шчэ ліпее,
Калі ўсё тленнае сатлее.
Трымалі свечкі мерцвякі,
Як на імшы, у дзве рукі,
I сярод іх — як Тэм заўважыў —
Быў тып даволі нехлямяжы.
Ланцуг звісаў з яго рукі.
Тэм скеміў, хто ён за такі.
Былі там і грудныя дзеці,
Што мала пажылі на свеце
I нехрышчоныя ляглі
Ў зямлю сырую. Там былі
Грабежнікі і канакрады.
Ўсе іх злачынныя прылады
Былі пры іх, як знак віны:
Пяць тапароў і тры ражны,
Шнуроўка, што сваёй пятлёю
Заціснула дзіця малое;
Кінжал як доказ не геройства,
А страшнага бацьказабойства:
На ім бялее з тых часоў
Сівая пасма валасоў.
Пералічыць усе злачынствы
Тут нельга, бо было б бясчынства...
I Тэм і Мэг, яго кабыла,
Сачылі, як раўла і выла
Ўся гэта нечысць за парогам.
А ведзьмы там, забыўшы бога,
Круціліся, ішлі ў прыскокі
I стракаталі, як сарокі;
То гуртам рэй вялі, то ў парах,
Аж воблакам стаяла пара.
Пасля, раздзеўшыся, ў кашулях
Спраўлялі шабас свой і гулі...
Каб тыя цёткі-сакатухі
Былі красуні-маладухі
I каб яшчэ ды ў тых красунь
Замест фланелевых кашуль
Былі сарочачкі з мусліну
(Кап-кап... а тут аж гоніць сліну!),
Я б першы быў гатоў — клянуся! —
Аддаць такой любой скакусе,
Хоць я ужо болей не грашу,—
Не толькі сэрца і душу,
А і штаны свае, штаны
Зусім не першай навізны!
А вы, цыбатыя шкілеты,
Дарэмна выйшлі з таго свету.
Адзін ваш выгляд і худоба
Перавярнулі мне вантробы!
Аднак наш Тэм, хоць апівока
I хоць стаяў з кабылай збоку,
А ўсё ж угледзеў неяк сп’яна:
Сярод мегер стаіць Дыяна,
Ружовая, як спелы яблык.
Яна на гэтым балід’яблаў
Была, напэўна, першы раз.
(Тэм чуў пасля аб ёй расказ,
Што гэта мілае стварэнне
Магло іржой псаваць насенне,
I наклікаць на статак мор,
I караблі губіць у шторм,
I мужыка адбіць ад жонкі)...
Яе убор, занадта тонкі,
Нідзе не даставаў калень.
Магчыма, што ў Мартынаў дзень
Яшчэ нябожчыца бабуля
Купіла гэтую кашулю
Круцёлцы Нэні маладой.
I ці ж уцям было старой,
Што будзе ўнучцы ў галаве
Пусціцца ў прысядкі ў царкве
У той кашулі, што да пуза...
Стой, досыць! Ты нямееш, муза,
I можаш змоўчаць пра дэталі.
Каб і маглі, не расказалі б
Ні ты, ні я, якія «штукі»
Тэм бачыў у тае унукі.
Не толькі ў Тэма — і ў кабылы
Кроў палкая бруіла ў жылах,
А чорт ад радасці ў знямозе
Ажно качаўся па падлозе.
I тут наш Тэм — шамель-шамель
(Вы бачылі — стары курмель!),
Мац-мац, ну дзе ж ён, той прарэх?..
Ах, адпусці ты, божа, грэх!
...I ў той жа момант, як на ліха,
Святло пагасла, стала ціха.
Тэм — у сядло і як мага —
Дамоў, а ўслед — цюга! га-га!
Гул, рогат чуўся недзе блізка.
Як рой пчаліны ўслед за іскам,
Як чарада шпакоў у вырай
Нясецца ў паднябеснай шыры
Альбо за злодзеем базар
Бяжыць, крычыць, як на пажар,—
Так Мэг у гэты час пануры
Ажно вылузвалася з шкуры,
Цераз выжары, пні, платы
К двару давала лататы.
Яна й жаробкаю на волі
Так не рысачыла ніколі!
Ах, шэльма Тэм! Уночы ў буру
Падчэпіць недзе чорт і шпурыць
У жар, як тлустага вугра.
Ад п’янкі не чакай дабра.
Дарэмна жонка у трывозе
Чакае: згінеш у дарозе,
Не на здароўе і кабыле;
Зірні: пахвіны, як у мыле.
О Мэг! Бяжы, бяжы на мост
Ды пакажы нячыстым хвост,
Бо ўсе чартоўскія стварэнні
Вады баяцца, як хрышчэння.
Ды дзе там! I на ўсім разгоне
Ты не пазбегла, Мэг, пагоні.
Як ты уздрыгнула ўсім целам,
Калі з кустоў у нечым белым
Шугнула ястрабам і чэпка
Ўчапілася за хвост па рэпку,
Нібы з дзядоўніку шыпулька,
Ўсё тая ж чортава Кашулька!
Ты ў два пярэсмыкі праз мост
Перасмыкнулася. А хвост?
Пабыўшы ў кіпцюрах той дзевы,
Ён стаў куртаты і зрадзелы.
Я скончыў, вычарпаўшы тэму,
Расказваць пра здарэнне з Тэмам.
Але, крый бог, калі хто з вас
Спакусіцца ў нядобры час
На хмельны эль, карчму, ці гулі,
Ці на кароткія кашулі,—
Успамінайце не на смех
Пра Тэма і кабылу Мэг!

ВЯСЁЛЫЯ ЖАБРАКІ

Кантата


Запеў

Золь. Вецер. Позні лістапад...
З багатых мыз каля прысад
Прыемна пахне свежым хлебам;
А ўздоўж дарог — апалы ліст
I пожня, рыжая, як ліс,—
Калеюць пад няўтульным небам.
Цяпер усе, хто стыў і мёрз,
Хто перамераў многа вёрст,
Каму праклёны слалі сёлы —
Бяздомнікі і жабракі
Паставяць свой дарожны кій
У кут вялікае стадолы,
Дзе цётка Пэнсі з тварам тлустым
За пенс адваліць хлеба лусту
Ды плюхне ў місу коўш капусты,
А пад настрой і піва ўдзеліць;
Дзе — рэж і еш, адмсрай, пі,
А зморыць сон — пад стол і спі
На брудных дошках без пасцелі;
Дзе злодзей забывае клопат,
Дзе махляры знаходзяць попыт
На крадзены тавар і транты.
Там што ні дзень, то стукатня,
Там што ні ноч, то калатня,—
I рэй вядуць камедыянты.

***

Не печ, а драконаў раз'юшаны зеў,—
Сюды, да цяпла і святла, перасеў
Плячысты, худы, аднарукі гусар —
Рудыя вусы на ўвесь твар.
На ім падабенства якогась мундзіра:
Сто латак, а выгляд, нібы ў камандзіра,
Ды гузік на пузе з каронай.
I куксай сваёй і рукою
Ён лашчыць здабычу, узятую з бою,—
Цалуецца з п'янай матронай.
Без лішніх заходаў, падходаў, пяшчот
Галубіць карчомную жонку.
Яна ж падстаўляе шчарбаты свой рот,
Як блазан пад грошы — скарбонку.
А дровы шугаюць агнём языкастым,
I з чэрава печы чырвоны касяк
Б’е ў курыва сцен, дзе развешаны кайстры —
Прыкмета галодных
I сімвал бадзяг.
Здаволіўся рыжы калека салдат,
I ў круг праштурхаўшыся цесны,
Працяў гаману, што вялася не ў лад,
Салдацкай раскацістай песняй.

Песня

Гадаваўся я ў страі, гартаваўся у баі,
I таіў бы — не стаю шматлікіх ран.
Вось рубец — ён знак ад брытвы,
А вось гэты — памяць бітвы,
Калі ў цемрадзі мы йшлі пад барабан.
Я спазнаў упершыню страх, і жах, і калатню
У баі за вышыню Аўрам-Курган:
Гром і гул, зямля стагнала,
Ні каманды, ні сігнала,
Толькі роты — крок у крок пад барабан!
Генерал наш з капітанам смерцю храбрых пад Курганам
Палі ў бітве на скрываўлены дзірван.
Я ж зазнаў, браточкі, мукі
I цяпер вось — аднарукі,
А ў вушах звініць дагэтуль барабан.
Разышліся мае годы на муштроўкі, на паходы,
Ныюць косці ў непагоду і ў туман.
Але хай наш Эліот 1
Клікне строіцца ў паход,—
Я на мыліцах пайду пад барабан!
Занядбаны, заняпалы, я жыўлюся чым папала,
I ліплю-скрыплю — нямазаны рыдван.
Ды пры мне маё начынне
I са мною ёсць жанчына.
Як тады, калі будзіў нас барабан.
Галава мая ссівела, амуніцыя збуцвела,
А пасцель мая — аблуплены тапчан.
Не бяда! Напоўнім кубкі,
Пацалуем любым губкі
I ў паход на ўсіх чарцей пад барабан!

Рэчытатыў

Ахрып і замоўк нечакана.
I зноў у карчме гамана;
Хтось стукнуў спарожненым збанам,
Хтось плача над песняй сп'яна.
А шум вырастае ў пагуду —
Такая гулянка пайшла!..
Аблезлы пацук з перапуду
Сігнуў у куток з-пад стала.
Валыншчык фальцэцікам выгукнуў:
«Біс!» I хітра маргнуў музыкантам,
Ды голас яго, як мышыны піск,
Быў зрэзан жаночым дыскантам.

Песня

Не прыпомню, калі я дзяўчынай была
I каму я дзявоцтва сваё аддала.
Дагаджаю усім — маладым, нежанатым,
А найболей гусарыкам нашым, салдатам.
Мая маці калісь зарабляла ў палках,
I дачка ўслед за маці пайшла па руках.
Быў мой першы дружок барабаншчык вусаты,
Я так шчыра, так моцна кахала салдата!
Спакусіў мяне д’ябал — стары капелан —
На ружанец змяніць палкавы барабан;
Ён малітвай плаціў — невялікая плата,
Я плаціла сабой — і ўцякла ад салдата.
Ды ці ж мог не абрыдзець слінявы папок?
I тады пацяшаць пачала я ўвесь полк —
Ад бязвусых юнцоў да капралаў вусатых...
Я так шчыра, так моцна кахала салдата!
Але войны і бітвы мінаюць, вядома,—
Адслужыўшы, вяртаюцца хлопцы дадому.
Я — кіёк у руку і жабрачыць па хатах,
I вось тут напаткала, сустрэла салдата.
Ах, мой мілы, мой слаўны, забыты дружок!
На баку кацялок, за плячамі мяшок,
На мундзірыку латы, дый, сам ты памяты,
Я так шчыра, так моцна кахала салдата!
I каханне сплыло, як вада пад зямлю,—
Не шкадую, не плачу, слязы не пралью.
Лепей кубкі налью ўсім і выгукну ў лад:
— За былых, адстаўных, але добрых салдат!

Рэчытатыў

Дурны ў кутку гняздзечка звіў
Каля сцягна сваёй суседкі;
Яхідна кпіў і многа піў,
Зліваючы чыесь паследкі.
Нарэшце ўстаў — нагою ў гразь,
I ці сп’яна, ці то з імпэту
Пад стол гліняны кубак бразь —
I з хрыпам выпаліў куплеты:

Куплеты

«Цяпер круцялёў, як таго варання,
На кожнай нарадзе і сесіі.
Ды дзе там нялуплены блазан раўня
Са мною — дурным па прафесіі!
Мне бабка з маленства дзяўбла аб адным:
Асёл мусіць ведаць свой жолаб.
Калі ты радзіўся, мой хлопчык, дурным,
Дык будзеш да старасці ёлуп.
Гарэлку я жлукціў з біклажкі ўзасос,
З суседкай пагульваў няблага.
З гадамі падрос — дык і посуд падрос
I стаў таўстапузай біклагай.
За п'янства мяне нейкі злыдзень ліхі
Цап-лап і, як чыжыка, ў клетку,
А тут яшчэ поп мне прыпомніў грахі,
Што я абцяжарыў суседку.
Я — блазан, паяц. За маю весялосць,
Дальбог жа, нядорага плацяць.
Аднак гаварылі, што ў Лондане ёсць
Двайнік мой у іхняй палаце!
Папок дзеля нашых духоўных патрэб
Што хочаш распіша за грошы.
Клянуся, ён грабіць жабрацкі наш хлеб
З ялейнаю мордай святошы.
Мой доўгі каўпак і рабыя штаны
Збіраюць на хлеб і на кварту.
А хто бескарыслівы, проста дурны,
Той сцёртага пенса не варты!»

Рэчытатыў

Услед за блазнам на калодку
Ўзнялася грузная малодка,
Зірнуўшы збоку — як кадушка,
А грудзі — ясік і падушка,
З азызлым васпаватым тварам,—
Дачка старога півавара,
Які залеташняй вясною
Дзесь захлынуўся з перапою.
Над лямцамі чупрын, патыліц,
Над частаколам палак, мыліц,
Над п’яным гулам і садомам
Яна ўзнялася... Ёй вядомы
Дарогі ў свет, лугі, туманы,
Крутыя сцежкі і паляны,
Лясоў дрымотных веліканы —
Яліна, дуб, выносны ціс,
Разбойнікаў разбойны свіст,
Бярлогі, вываратні, норы —
Усё, чым так адметны горы
Шатландыі, краіны роднай,
Зняволенай і ўсё ж свабоднай.
Даўно вярзлі-плялі ў народзе,
Што гэта дзеўка — добры злодзей,
Што ў дні вясковых кірмашоў
Яна магла паркаль і шоўк
Сцягнуць у крамніка з-пад носа.
Яе дубасілі атосай,
Прывязвалі за конскі хвост,
Спіхалі ў проламку пад мост,
Саджалі ў яму і ў астрог,
Але сам чорт яе сцярог.
Калісь — таму гадоў нямала —
Хлапчыну з гор яна кахала.
I вось цяпер, спыніўшы п’янку,
Запела пра свайго каханка:

Песня

Пад засенню елак, пад шатамі дуба
Вісела калыска ягоная з лубу
У нашай Шатландыі вольнай і любай...
З маленства свайго ненавідзеў закон
Мой статны, мой здатны, прыгожы мой Джон.
Сябры мае, успомнім Джона
Вясёлай песняй, чарак звонам!
Назло каронам і законам,
Сябры, спяем пра Джона!
Даліны, і горы, і гай, і лясок,
Сцяжынкі глухія, дзе ціша і змрок,
Аб’ездзіў, аблазіў мой горны стралок.
Як люты мядзведзь на дубовы ражон,
Грудзьмі на чужынцаў абрушваўся Джон,
Мой слаўны, імклівы,
Ў баі нецярплівы,
Мой рыцар, мой воін,
Мой Джон!
У пледзе клятчастым на дужых плячах,—
I страх ён і помста панам па начах,—
Не прывід — жывы ён стаіць у вачах:
Рука на прыкладзе, на ўзводзе курок —
Мой храбры, мой зграбны, мой горны стралок!
Жанчыны, вып’ем за яго,
Напоўнім кубкі за яго!
Мы за адважных, за бясстрашных —
За Джона п'ём майго!
Сцямнелі абшары над рэчкаю Твід,
Гарысты, празрысты, як дым, краявід
Смугою, тугою спавіт...
На гэтых нагор’ях, дзе ясень і клён,
Грымеў сваёй славай і доблесцю ён,
Мой любы, мой мілы,
Лятун легкакрылы,
Алень быстраногі —
Мой Джон!
«Разбойнік! — у стане варожым крычаць,—
Злавіць, абязброіць, звязаць і саслаць
На востраў бязлюдны, за водную гладзь!»
Злавілі, саслалі — і след не відзён,
А верас зацвіў, і вяртаецца ён,
Мой стройны, мой збройны,
Душой неспакойны,
Шатландскі падворлік,
Мой Джон!
Нядоўга любімая наша зямля
Насіла, таіла ад слуг караля
Свайго вальналюбца — дагнала пятля.
Пагоня, аблавы і ўночы і ўдзень —
Палонен Шатландыі вольны алень.
Суд. Вісельная. Кат і вяроўкі маток.
Ах, дзе твая воля, мой вольны стралок!..
Бывайце, азёры і хвойныя нетры,
Бывайце, прасторы, прадзьмутыя ветрам,
Бывай, незабыўнай радзімы паветра!..
Паветра... Паветра... Адзін бы глыток!..
О Джон мой, о боль мой, мой горны стралок!
Праславім жа Джона,
Хвала табе, Джон!
Кароны, законы,
Я шлю вам праклён!

Рэчытатыў

I за прыціхлаю малодкай
Раўнуў натоўп ільвінай глоткай:
«Біс, брава! Льём і п’ём за Джона!
Адважным слава! Смерць законам!»
Кіпіць папойка, а тым часам,
Як кот за мясам, вокам ласым
Скрыпач цікуе за кабетай;
Знявечаны — шкілет шкілетам —
Празмернай выпіўкай і часам,
Ён перад пышнаю матронай,
Як верабей перад варонай,—
Чырык-чырык!
Бародку рэдкую падрэпаў,
I да малодкі ашчарэпам
Увесь прынік.
I вочы у яго гарэлі...
Ён выціснуў на скрыпцы трэлі
Двух серэнад.
Пасля расчулена і млява
Заціўкаў голасам пісклявым
Да скрыпкі ў лад:

Песня

Пачцівая, чароўная, пакінь сваю тугу,
Твайго даўнейшага дружка я замяніць магу.
Прыцэнімся, пажэнімся — чаго там гараваць!
Калі ёсць сіла ў мужыку,
              На іншае — пляваць!
Скрыпач, цацарачка мая,— мужчына нарасхват;
Гульня без скрыпкі не гульня, мне кожны ў хаце рад,—
Пілікаю, цілікаю. Чаго там выбіраць?
Бяры мяне, любі мяне,
              На іншае — пляваць!
Мы будзем жыць адным куском, піць з конаўкі адной,
Спаць пад капою камячком, а ранняю вясной
За струначкі, за клуначкі — і пойдзем вандраваць,
I песеньку сваю спяём:
              «На іншае — пляваць!»
Пакуль жыты ў палях растуць, бушуюць ячмяні,
А людзі жэняцца і мруць, са мною дзень пры дні
Ты будзеш жыць, ды пажываць, ды дзетак гадаваць.
Дазволь разок пацалаваць.
              На іншае — пляваць!

Рэчытатыў

«Прэч, пэцкаль!» — гаркнуў галасіна,
Якісь мужык высокі.
I наш скрыпач, нібы асіна,
Затросся ды наўцёкі.
«Пакінь спяваць сваю нуду!
Знайшліся кавалеры!..»
Стары каваль, мужчына-дуб,
Абмазгаваў намеры
I ў наступ рушыў. Малайца
Ён згроб худое цельца
I быў гатоў, як селядца,
Працяць тупым відэльцам,
Але стрымаўся — бог сцярог.
Рукамі-абцугамі
Шпурнуў ён скрыпача ў парог
I выштурхнуў нагамі.
Турнуўшы ў закутак сталы і услоны,
Расчысціў праход, падышоў да матроны,
Прыпаў да пляча, а руку неўзаметку
Пусціў па глыбокіх тылах у разведку...
Стаяць уабдымку, адменная пара,
Як два манументы: тытан і гаргара.
Ён шчыпе яе і тым часам спявае,
А ў лад яго песні яна пазяхае.

Песня

Я з вашай ласкі
Тую дрэнь
Пусціў старчма за дзверы.
Падумаць: спарахнелы пень,
А строіць кавалера!
Хоць я ні госць, ні гаспадар,
А ўсё ж рашыў адразу
Шчанё адвадзіць...
Я бляхар,
Каваль і меднік разам.
З канца ў канец,
Як пасланец,
Хаджу, нашу кавадла.
Таму скляплю,
Таму зраблю,
Ёсць грошыкі — і ладна!
Той шалахвост
I гол і бос —
Не мела ты пачвары.
А я, кума,—
Мяркуй сама —
Табе якраз да пары.
Ну, будзе лад?
Не трэба сват —
Я выбіраю скора.
Табе — спяваць,
А мне — каваць,
I зажывём без гора!

Рэчытатыў

Ці ад любві, ці ад віна,
З маўклівасцю каровы,
Ахвотна падае яна
Ў абдымкі кавалёвы.
Скрыпач тым часам з-за дзвярэй
Шмыгнуў у качарэжнік
I выпіў кубак, каб скарэй
Пашчасціла ім, грэшным,
         На маладое —
         Адразу двое!
Ды, мусіць, чорт яго дурыў
I казытаў каленкі,
Ён асмялеў і заюрыў
Каля другой паненкі.
А неўзабаве пад шумок
Падпітых пастаяльцаў
Ён паманіў яе ў куток
I хітра шчоўкнуў пальцам.
А у тае быў муж паэт,
I ён у пэўнай меры
Ураз разнюхаў іх сакрэт
I выгнаў кавалера
         Пад зорны дах
         Па біты шлях.
Паэт! Хто ў нас і за мяжой
Не творыць па разліку!
Ён быў без гроша за душой,
Але душы вялікай.
Ні ўзнагарод, ні барыша
Не просячы за песні,
Ён пеў — і пела ў ім душа,
Яму быў свет не цесны
         У той стадоле,
         Што сярод поля.

Песня

Купчына-туз не любіць муз,
Не бачыць у тым рацыі.
А я, бядняк, пяю сяк-так
Усёй бяздомнай браціі.
Бадзёрыць люд любой парой —
Вось стыль мой і манера;
I ўслед за мной — пчаліны рой,
Як за сляпым Гамерам.
У позні час прыводзяць нас
Натруджаныя ногі
К табе, жабрачы мой Парнас,—
Карчма каля дарогі.
Ніколі я не піў вады
З Кастальскае крыніцы.
Мой ідэал — бакал бурды
Ад дзеўкі-чараўніцы.
I так прыкінь,
I сяк прыкінь—
Адна і тая ж доля:
Твой дабрабыт — жабрачы кій,
Прыстанішча — стадола.
Цячы ў збанок, шыпучы грог!
Гэй, налівайце кубкі!
Давайце вып’ем за жанок!..
За вас, мае галубкі!
За вас, княгінь, і гаспадынь,
I прадаўжальніц роду!
Апошні кубачак... амінь!
За шчасце ўсіх народаў!

Рэчытатыў

Ён скончыў, стукнуўшы бакалам,
I выбух воплескаў абвалам
Пранёсся па застоллі.
Крычалі ўсе: «Давай далей!
Уклей што-небудзь весялей
Аб нашай горкай долі!
Аддзячым жа яму, сябры,
За песню дарагую!..»
Пайшоў па крузе потны брыль
З адной рукі ў другую.
I кожны прыхадзень-жабрак
Даваў яшчэ на «шкельчык»,
Хто сцёрты шылінг, хто — мядзяк,
Завязаны ў вузельчык.
Калі ж, нарэшце, не маглі
Дайсці сп’яна да ладу,
Усе ў паэта пачалі
Прасіць, каб спеў баладу.
Паэт устаў і стаў на стол,
Не сутрыманы жонкай,
I, каб адбіцца ад назол,
Азваўся песняй звонкай:

Песня

Золак мёдам салодкім
Ціха льецца ў акно.
Прапалосквайце глоткі!
Дапівайце віно!
Не дружу я з піўною —
Маё гора з піўной!
Пачынайце за мною,
Запявайце за мной!
Вольным шлях не заказан
Ад пачатку вякоў.
Каралеўскім указам
Не стрымаць жабракоў!
Па няўезджанай грудзе,
Праз хлюпоту і гразь
Мы ідзём міма суддзяў —
Нашы вочы гараць.
Міма іх, дабрачынных
Пустазвонаў маны.
Міма... Міма...
                        Ў лагчынах
Хай крычаць груганы!
Ні праклёны з амбона,
Ні закон караля
Не стрымаюць разгону —
Перад намі зямля.
Нам не цёмна! Мы бачым!
Не чапай, не трывож
Нашай раці бядачай,
Зграя хіжых вяльмож!
Калаціся ў трывозе,
Багацей-крывасмок!
Чуеш — стук па дарозе
Натруджаных ног?
Будзе дзень, і пажарам
 Запалае усход.
Абурэнне і ярасць
Клічуць нас у паход.
Людзі! Скора пачнецца
На зоры займаць.
А хто першы прачнецца,
Тых прашу запяваць:
— Вольным шлях не заказан
Ад пачатку вякоў.
Каралеўскім указам
Не стрымаць жабракоў!

ЗАЎВАГІ ПЕРАКЛАДЧЫКА


Чэсная беднасць

Верш з’яўляецца творчай перапрацоўкай народнай песні, у якой рэфрэн таксама пачынаўся словамі: «Прыкінем і так, прыкінем і гэтак». У паэтычнай рэдакцыі Бёрнса старадаўняя шатландская песня пра сумленнага працоўнага чалавека стала не толькі ў Шатландыі, але і далёка за яе межамі любімай народнай песняй востра палітычнага зместу.


Джон Ячмень

Літаральны пераклад назвы гэтага верша — «Джон Ячменнае Зерне». Першаасновай верша была старадаўняя народная балада, у якой услаўляўся «бессмяротны корань жыцця» — жыватворная праца на зямлі працоўнага чалавека.


*** Між гор маё сэрца...

Верш у пэўнай меры аўтабіяграфічны: продкі паэта паходзілі са старажытнага роду хлебаробаў, пастухоў і паляўнічых паўночнай часткі горнай Шатландыі. Там, сярод горцаў, і ў наш час у дамашнім абыходзе збераглася старажытная кельцкая мова — герлік, вядомая пад назвай «шатландскі дыялект».


Заклік Бруса да шатландцаў

«Заклік» з’яўляецца перапрацоўкай шатландскай легенды пра караля Роберта Бруса, які нібыта падаў такі кліч сваім падданым перад бітвай з войскам англійскага караля Эдуарда II пры Бэнакбурне ў 1314 годзе. Згодна з гістарычнымі хронікамі, у гэтай бітве шатландцы перамаглі англічан і на доўгі час «адбілі брытам ахвоту імкнуцца авалодаць вольналюбівай Шатландыяй». У вершы ўспамінаецца і імя Уолеса,нацыянальнага героя Шатландыі, які таксама праславіўся ў няспыннай барацьбе з ворагам за свабоду і незалежнасць сваёй радзімы.


Макферсан перад пакараннем смерцю

Па легендах, Макферсан — славуты шатландскі скрыпач і паэт — быў чалавекам магутнай фізічнай сілы. Паходзіў з клана Ферсанаў, змагароў за незалежнасць краіны. Нашчадак гераічнага роду, ён з юнацкіх гадоў змагаўся з каланізатарамі і ў 1700 годзе ў адной з бітваў трапіў у палон. Яго, параненага, апазнаў здраднік, таксама палонны. Англічане адправілі героя на шыбеніцу. Па тых жа легендах, Макферсан ішоў на смерць, спяваючы складзеную ім самім песню і іграючы на скрыпцы, якую каты «літасціва» дазволілі яму ўзяць з сабой у магілу як выкананне «перадсмяротнай волі асуджанага».


Дрэва волі

Гэты верш, як і верш «Багатым волю бог аддаў»,— страсны водгук паэта на рэвалюцыйныя падзеі 1789— 1793 гг. у Францыі. Паэт-«якабінец і санкюлот» («бясштаннік»), як яго называлі ў той час рэакцыйныя крытыкі, падтрымліваў рэвалюцыйную Францыю не толькі ідэйна, сваім паэтычным словам, але і матэрыяльна. Сам «бедны з бедных», ён на першы свой ганарар перакупіў у кантрабандыстаў некалькі гармат, каб пераправіць іх праз Ла-Манш рэвалюцыйнаму французскаму Канвенту.

Абодва вершы па цэнзурных умовах не друкаваліся пры жыцці паэта. Нават і ў наш час не ўсе выданні твораў Бёрнса, якія з’яўляюцца ў Вялікабрытаніі і іншых англамоўных краінах, уключаюць гэтыя, як і некаторыя іншыя, рэвалюцыйныя творы паэта.


Песня раба-негра

Своеасаблівай, выключнай песеннай меладычнасцю нават у багатай на інтанацыйныя адценні лірыцы

Бёрнса гэты верш пераклікаецца з журботнымі напевамі працяглых негрыцянскіх спірычуэлаў (песень-псалмаў), характэрных вусна-паэтычнай творчасці рабоў-неграў з плантацый Паўдновай Амерыкі. На думку даследчыкаў творчасці паэта, матывы негрыцянскіх песень Бёрнс мог чуць ад шатландскіх маракоў пасля іх вяртання з портаў Злучаных Штатаў Амерыкі.


Робін

Пад імем Робін (памяншальнае ад Роберт) паэт мае на ўвазе самога сябе. З біяграфіі паэта вядома, што ўранні 25 студзеня 1759 года, калі ў сям’і дробнага фермера Вільяма Бёрнса нарадзіўся першынец — будучы паэт,— у дом да парадзіхі завітала бадзяжная варажбітка — цыганка. З дазволу бацькоў яна і «прадказвала будучы лёс» па далоньцы і пальчыках дзіцячай рукі.


Горнай маргарытцы, зааранай маім плугам

Як сведчыць у сваіх успамінах Гілберт Бёрнс, адзін з меншых братоў паэта, гэты верш быў складзены Робертам Бёрнсам на веснавым ворыве.


Ода да зубнога болю

На рукапісе гэтага верша, які захоўваецца ў мемарыяльным музеі г. Дэмфрыза (графства Эйршыр), маецца заўвага, зробленая рукой паэта: «Напісана ў той час, калі аўтар пакутаваў ад зубнога болю».


Перад разлукай

У 1786 годзе Бёрнс, ратуючыся ад нападкаў рэакцыйных колаў і царквы, збіраўся пакінуць родную Шатландыю і выехаць на заробкі на востраў Ямайку, на той час новую калонію Англіі.


Канец лета

Верш прысвячаўся жонцы паэта Джын Армур, якая часамі, калі ў сям’і адчувалася вострая матэрыяльная нястача, разам з дзецьмі пераязджала дабацькі, дробнага фермера ў суседнім графстве, і Бёрнс, не пакідаючы службы акцызніка, доўгі час жыў адзін.


«Вернападданым ураджэнцам Шатландыі»

Сваіх суайчыннікаў-шатландцаў, якія на людзях выхваляліся сваімі «вернападданымі» пачуццямі да англійскага караля, Бёрнс называў здраднікамі радзімы. Аднойчы за столікам у карчме адзін з такіх «вернападданых» падаў паэту лісток паперы — пасквіль на «бунтаўшчыкоў», у тым ліку і на самога Бёрнса. Паэт тут жа экспромтам напісаў чатырохрадковы адказ і пад смех сваіх аднадумцаў шпурнуў яго на столік «вернападданым».


Эпітафія на валуне...

Роберт Фергюсан, імя якога ўпамінаецца ў эпітафіі,— вялікі нацыянальны паэт Шатландыі, папярэднік Р. Бёрнса. Ён памёр 23-гадовы, у вялікай беднасці, з голаду, пасля паражэння апошняга паўстання шатландцаў за незалежнасць краіны ў 1745 годзе. Дабіўшыся канчатковай перамогі над «непакорнымі братамі», каралеўскі ўрад Англіі не толькі забараніў шатландцам насіць сваю нацыянальную вопратку — шарсцяныя клятчастыя пледы і кільты (спаднічкі) з той жа шатландкі,— а і ставіць помнікі на магілах нацыянальных герояў. Бёрнс, які вельмі любіў паэта, на першы свой ганарар, атрыманы за зборнік «Вершы, напісаныя галоўным чынам на шатландскім дыялекце», паставіў прывезены са свайго поля камень-валун з гэтай эпітафіяй на магіле паэта.


Нашчадку Сцюартаў

Эпіграма напісана Бёрнсам на яго суседа — лорда Алоўэя, які выдаваў сябе за нашчадка каралеўскага роду Сцюартаў.


Тэм О’Шэнтар

Гэтая вершаваная аповесць, магчыма, адзін зсамых папулярных твораў Бёрнса на ўсіх кантынентах свету. У многіх гарадах і нават сельскіх паселішчах не толькі Шатландыі, а і ў Канадзе, ЗША, Аўстраліі і іншых кутках свету, куды трапілі ад нястач і ўціску каланізатараў шатландскія перасяленцы і эмігранты, стаяць помнікі гэтаму літаратурнаму герою. Правобраз яго — Бёрнсаў сучаснік і сусед, незаможны фермер Дуглас Грамс О’Шэнтар. Па ўспамінах сучаснікаў, Дуглас О’Шэнтар, сельскі весялун і вісус, меў адну слабасць — любіў, дзе траплялася, выпіць. Гуляка і буян у кампаніі такіх, як і сам, дома перад грознай і сварлівай жонкай Катарынай (Кэці) быў «цішэй вады, ніжэй травы». Аднойчы, пакуль ён сядзеў у карчме, хлапчукі абрэзалі хвост у яго кабылы пад самую рэпіцу. Сп’яна Дуглас гэтага не заўважыў, агледзеўся толькі тады, як вярнуўся дадому. Каб неяк апраўдацца перад жонкай, ён пайшоў на хітрыкі і прыдумаў свае прыгоды з чарцямі і ведзьмамі. Сапраўдны эпізод з мясцовага сельскага жыцця і падказаў Бёрнсу сюжэт пацешнай паэмы, якою, як сведчаць біёграфы паэта, у кожным паселішчы сяляне «зачытваліся і клаліся з рогату».


1

Эліот — шатландскі ваеначальнік, нацыянальны герой.

(обратно)

Оглавление

  • РОБЕРТ БЁРНС ВАМ СЛОВА, ДЖОН ЯЧМЕНЬ! ВЫБРАНАЯ ЛІРЫКА
  • ПЯСНЯР СВАБОДЫ I БРАТЭРСТВА
  • ПЕСНІ I БАЛАДЫ
  •   ЧЭСНАЯ БЕДНАСЦЬ
  •   ДЖОН ЯЧМЕНЬ
  •   ШАТЛАНДСКАЯ СЛАВА
  •   ***
  •   ЗАКЛІК БРУСА ДА ШАТЛАНДЦАЎ
  •   ГОРСКІ ХЛОПЕЦ
  •   МАКФЕРСАН ПЕРАД ПАКАРАННЕМ СМЕРЦЮ
  •   ЗА ТЫХ, ХТО ДАЛЁКА
  •   ДРЭВА ВОЛІ
  •   ***
  •   ЗА ДРУЖБУ! ЗАСТОЛЬНАЯ
  •   ВЯРТАННЕ САЛДАТА
  •   ПЕСНЯ РАБА-НЕГРА
  •   РОБІН
  •   СУМЛЕННЫ ФЕРМЕР
  •   ПЕСНЯ БЕДНЯКА
  •   ГОРНАЙ МАРГАРЫТЦЫ, ЗААРАНАЙ МАІМ ПЛУГАМ
  •   ***
  •   ***
  •   ДЖОН АНДЭРСАН
  •   ОДА ДА ЗУБНОГА БОЛЮ
  •   ПЕРАД РАЗЛУКАЙ
  •   КАНЕЦ ЛЕТА
  •   ***
  •   ***
  •   НАЧЛЕГ У ДАРОЗЕ
  •   БЕЛАЯ КУРАПАТКА
  •   ПРАШЭННЕ РАКІ БРУАР УЛАДАЛЬНІКУ АБШАРАЎ, ПА ЯКІХ ПРАЦЯКАЮЦЬ ЯЕ ВОДЫ
  •   БАСАНОЖКА
  •   ПАЦАЛУНАК
  •   ***
  •   ДВА ЖАНІХІ
  •   НАКАЗЫ
  •   ***
  •   СЯБРОЎЦЫ НА ВУШКА
  •   ЖОНКА ВУГАЛЬШЧЫКА
  •   СКАРГА БІТАГА МУЖА
  •   МЕЛЬНІК
  •   ШЧАСЛІВЫ ЎДАВЕЦ
  •   ЖОНКА НЭНСІ
  •   СПОВЕДЗЬ БАБЫЛЯ Песня
  •   ***
  •   ПЕСЕНЬКА МАЛАДОЙ ЖОНКІ ПРА СТАРОГА МУЖА
  •   ФІНДЛЕЙ
  •   ***
  •   РАДКІ ПРА ВАЙНУ I ЛЮБОЎ
  • ЭПІГРАМЫ, ЭПІТАФІІ I ЭКСПРОМТЫ
  •   «ВЕРНАПАДДАНЫМ УРАДЖЭНЦАМ ШАТЛАНДЫІ»
  •   ПРЫГАЖУНІ МІС ДЖЫНІ СКОТ
  •   ЭПІТАФІЯ НА ВАЛУНЕ, ПАСТАЎЛЕНЫМ ПАЭТАМ НА МАГІЛЕ ПАЭТА РОБЕРТА ФЕРГЮСАНА
  •   НАШЧАДКУ СЦЮАРТАЎ
  •   ФАНАБЭРЫСТАМУ ЗНАЁМАМУ, ЯКІ АДВЯРНУЎСЯ ПРЫ СУСТРЭЧЫ З ПАЭТАМ
  •   ЗАПІС ПРА СМЕРЦЬ МЕЖАВОГА СУСЕДА ПАЭТ
  •   ЭПІГРАМА НА ПАРТРЭТ ЗНАТНАЙ АСОБЫ
  •   ПРА ПАХОДЖАННЕ АДНОЙ ВАЖНАЙ АСОБЫ
  •   НА ЧЭРАП ТУПІЦЫ
  •   ЭПІТАФІЯ НА ПОМНІК СТАРОЙ ЗЛАСЛІВІЦЫ
  •   ЭПІТАФІЯ ВІЛЬЯМУ ГРЭХЕМУ, ЭСКВАЙРУ
  •   ЭПІТАФІЯ НА МАГІЛЬНЫМ КАМЕНІ СЕЛЬСКАГА БАБНІКА
  •   ЗАПІС АБ ГРАЗКІХ ДАРОГАХ ДА ГАРАДКА АДНАГО З ГРАФСТВАЎ
  •   НАДПІС НА ЎРАДАВАЙ ПАПЕРЫ, ЗГОДНА З ЯКОЙ АД ПАЭТА ПАТРАБАВАЛАСЯ «СЛУЖЫЦЬ, А НЕ ДУМАЦЬ»
  •   ТЭМ О’ШЭНТАР
  •   ВЯСЁЛЫЯ ЖАБРАКІ
  • ЗАЎВАГІ ПЕРАКЛАДЧЫКА
  • *** Примечания ***