КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Маленькі дзікун [Капітан Марыет] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Капітан Марыет Маленькі дзікун


Пераклад з ангельскай мовы

Вокладка і малюнкі А. АБРАМАВА


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК — 1929


I Дзе я нарадзіўся



Калі чытач прачытае гэту кніжку, ён поўнасьцю згодзіцца з тым, што я зьбіраюся напісаць вельмі нязвычайную гісторыю.

Ёсьць цэлы шэраг апавяданьняў пра дарослых людзей, закінутых на пустынныя астравы, і ўсе яны чытаюцца з вялікай зацікаўленасьцю. Але мне здаецца, што я зьяўляюся першым прыкладам, калі яшчэ невялічкім хлопчыкам трапляю на пустынны востраў.

Усё гэта сапраўды здарылася са мною і я, значыцца, буду апавядаць пра сваё ўласнае жыцьцё, пра сваю гісторыю.

Калі я ўспамінаю сваё дзяцінства, перада мною паўстае дзікі востраў і вобраз чалавека, з якім я гуляў па беразе мора.

Часта даводзілася лазіць па скалістых абрывах і мой спадарожнік павінен быў пераносіць мяне праз асабліва небясьпечныя мясьціны. Мы толькі ўдваіх былі на гэтым востраве, і, не зважаючы на гэта, мой спадарожнік быў вельмі неласкавы са мною. Ён наогул меў сярдзіты выгляд і быў суровага характару. Ён, напрыклад, прыхінуўшыся да сьцяны нашае хаткі, па некалькі гадзін праседжваў моўчкі. А іншы раз ён па некалькі дзён глядзеў на мора, быццам чакаў нечага, а чаго іменна— я тады ня ведаў. Калі я пытаўся ў яго аб гэтым, ён не адказаў, а калі быў блізка, біў мяне па патыліцы.

Мае ўспаміны пачынаюцца з таго часу, калі мне было гадоў пяць, а можа і менш, і вось цяпер я магу занатаваць усё, што ўдалося мне пачуць і выведаць ад свайго старэйшага таварыша. Не адразу я даведаўся, як мы трапілі на гэтае пустыннае месца, гэта давалася мне вельмі цяжка. Мой таварыш часам каменем кідаў на мяне, калі я прыставаў з пытаньнямі, ён ня любіў адказваць мне.

І вось аднаго разу мне ўдалося выведаць ад яго сёе-тое.— гэта калі ён быў хворы і калі я адмовіўся ўслугоўваць: прыносіць ваду, яду. Ён пагражаў памсьціцца, як паправіцца. Гэты чалавек быў заўсёды жорсткім, і мне ён не падабаўся.

Вось што пачуў я ад яго.

Дванаццаць год таму назад (што такое год—я тады яшчэ ня ведаў) каля гэтага вострава затануў ангельскі карабель (што такое карабель—я таксама ня ведаў). Выратавалася сем мужчын і адна жанчына. Карабель разьбіўся на шчэпкі і нічога не ўдалося выратаваць. І вось гэтыя восем чалавек сабралі абломкі дрэў ад карабля і змайстравалі з яго хатку, у якой мы жылі. Усе яны з цягам часу перамерлі і былі тут-жа пахаваны. (Што значыць памерці і быць пахаваным—я тады зусім не разумеў).

Я нарадзіўся на гэтым востраве. (Як-жа гэта я радзіўся?— паўставала ў мяне пытаньне).

Мне ня было яшчэ двух год, калі на востраве асталіся толькі я, мая матка і цяперашні мой таварыш. Прайшло некалькі месяцаў і памерла мая маці. Я, пэўна, ня мог зразумець усяго, што я чуў, а разумеў з большага і толькі пазьней пачаў больш яскрава прадстаўляць сабе. Калі-б на гэтым востраве я быў з другім чалавекам, пэўна, я многаму наўчыўся-б з гутарак, але мой кампаньён ня любіў гаварыць, а тым больш тлумачыць, і таму я ведаў невялікі лік слоў. Ён называў мяне— "хлопчык", а я яго— "гаспадар".

Іншы раз гаспадар мармытаў праз сон, тады я пільна прыслухоўваўся, каб пра што-небудзь даведацца (пэўна, гэта было не спачатку, а калі я крыху падрос). Ён выкрыкваў: "Кара, кара за мае грахі, цяжкія грахі! Божа, будзь міласэрны!" А што гэта азначала, я ня ведаў.

Цяпер апішу наш востраў і раскажу, як праходзіла наша жыцьцё.

Востраў быў невялікі: міль тры наўкола—ня больш. Гэта была вялізная скала, а наўкола вада морскае глыбіні. Берагі страшэнна стромкія і высадка з карабля была немажлівай. Пазьней я даведаўся, што гэты востраў належыць да групы астравоў, на якія жыхары Пэру кожны год прыяжджаюць зьбіраць птушыны гной. Наш востраў быў меншы і крыху ў баку, ды гэтага гною было тут менш, а значыць на яго не зьвярталі ўвагі і караблі да яго не прыставалі. Нам відаць былі другія астравы, але толькі ў вельмі ясную пагоду і то нібы гэта былі маленькія хмаркі на небасхіле.

Наша хатка была пабудована побач з вялікай каменнай глыбай на пяцьдзесят ярдаў над узроўнем мора. Перад ёю была пляцоўка ўвелькі, прыблізна, трыццаць ярдаў навокал. Зьверху, з каменнае глыбы падаў на пляцоўку струмень вады. Тут-жа была выкапана ямка, якая заўсёды напаўнялася вадою.

Хатка была прасторная і ў ёй магло-б зьмясьціцца значна больш людзей. Мы хавалі ў ёй харчы на некалькі месяцаў. Пасьцелі былі зроблены з птушыных пер'яў. Нічога асаблівага ў нас ня было, апрача двух ці трох тупых сякер, валавянага чыгунчыка, невялічкіх місак і выдзеўбаных з дрэва пасудзін для вады.

На ўзгорку вострава быў зарасьнік, які слаўся і па лагчынах, даходзячы часам аж да берагу мора.

Вельмі цяжка было лазіць па глыбозных равох, а абыйсьціся нельга было, бо патрэбны былі дровы. Але на шчасьце клімат праз увесь год быў цёплы, дожд ішоў вельмі рэдка, а калі і ішоў, дык у большасьці выпадкаў толькі на ўзгорку вострава, а да нас не даходзіў.

У пэўны час году сюды прылятала безьліч птушак, каб вывесьці птушанят.

Любімым іх месцам была больш-менш роўная мясьціна, якая аддзялялася ад месца, дзе стаяла наша хатка, глыбокім ровам. Тут морскія птушкі рабілі гнёзды зусім блізка адно ад аднаго і, такім чынам, запаўнялі ўсю плошчу. Жылі яны на востраве пакуль выведуцца птушаняты і паляцяць разам з імі.

I ў часе гасьцяваньня птушак у нас бывала шумна і весела, а калі яны паляцяць, надыходзіць цішыня і адзіноцтва. Вось чаму я заўсёды з радасьцю чакаў іх.

Самцы кружыліся ўгары, лёталі ў розных напрамках, палюючы на рыбу, крычалі, а самкі са сваіх гнёздаў адказвалі ім. Для нас гэта была самая гарачая пара. Мы рэдка чапалі старых птушак, яны ня былі ў гэты час сытымі, а вось за колькі дзён да адлёту маладых птушанят у нас кіпела работа. Не зважаючы на крыкі старых птушак, на іх маханьне крыламі і спробы дзяўбаць нам вочы, калі мы палявалі на іх дзяцей, мы забіралі іх сотнямі кожны дзень, прыносілі колькі маглі да свае хаткі і тут ужо скублі іх, патрашылі і разьвешвалі сохнуць на сонцы.

Паветра на востраве было такое чыстае, што не магло быць ніякага загніваньня.

Такім чынам, за апошнія два тыдні прабываньня птушак на востраве мы назапашвалі іх столькі, што хапала нам да наступнага прылёту.

Як толькі птушкі падсыхалі, мы складалі іх у куток нашае хаты. Гэтыя птушкі былі амаль адзінымі харчамі на востраве, за выключэньнем рыбы, а таксама яек, якія мы зьбіралі ў першыя дні. Рыбы было вельмі многа: толькі закінеш вуду і гачка пачне апускацца на нязначную глыбіню, як за яе ўжо хапаюцца.

Рыба была вельмі пражорлівая, таму лавіць яе было лёгка. Вуды мы рабілі з жылаў альбатросаў (я пазьней даведаўся назву нашых птушак). Мы зьвязвалі іх вузламі. Тоўская костка з рыбы была за гачку.

Рыба была настолькі вялікая і дужая, што калі я быў малы, таварыш мой не дазваляў мне аднаму выцягваць яе, бо яна магла ўцягнуць мяне ў воду. Але калі я падрос, дык налаўчыўся добра спраўляцца з ёю.

Такое харчаваньне было ў нас кожны год. Розьніца была ў тым, што часам, замест сушанае рыбы ці птушак, мы пяклі іх на вугольчыках і елі. Птушкі давалі нам і адзеньне. Мы зьдзіралі з іх шкурку з пер'ямі і сшывалі жылкамі, а іголку рабілі з рыбінай косткі. Пэўна, што такая адзежа не магла доўга насіцца, але холаду мы ня ведалі.

Я кожны год спраўляў сабе новае адзеньне ў часе прылёту птушак, але да другога прылёту ад яго аставаліся толькі шматкі.

Вось пры такім жыцьці, калі адзін год ня розьніўся ад другога, зразумела, мысьлі мае не маглі абагачацца. Мой сьветагляд быў-бы шырэйшым, калі-б у майго таварыша быў не такі пануры, маўклівы характар. Жывучы ў такіх умовах, я зьдзіўлена пазіраў на акіян, на неба, сонца, месяц і зоры, а запытаць баяўся, і вось большую частку свайго жыцьця я спаў. Новых інструмэнтаў у нас ня было, а старыя былі нікудышныя.

Была ў нас адна кніга; я хацеў ведаць, што гэта такое і на што, але адказу на свае запытаньні не атрымаў. А калі я хацеў узяць яе ў рукі, дык мне пападала за гэта, таму я з нейкім страхам пазіраў на яе.

Дзень праходзіў у поўным маўчаньні. За суткі вымаўлялася ня больш дванаццаці слоў. Таварыш мой аставаўся нязьменна панурым і задуменным.

Гэтыя ўспаміны належаць да таго часу, калі мне было сем, восем год.


II Няшчасьце з маім таварышом, і я ня хлопчык, а гаспадар—Франк Генікер


Гаспадару майму было гадоў шэсьцьдзесят, росту ён быў нявысокага, а вызначыў гэта я пазьней, па ўспамінах і па параўнаньню.

Валасы яго густымі пасмамі лажыліся на плечы і былі ў той час зусім чорныя; барада даўжынёй на цэлых два футы, была надта густая. На маю думку, ён быў вельмі дужы.

З хаты ён выходзіў вельмі рэдка, хіба часам пакупацца. Недалёка, адмяжованая ад мора нізкімі скаламі, знаходзілася лужа салонае вады; тут мы купаліся, сюды не даплывалі акулы. Я плаваў, як рыба, з таго часу як памятаю сябе, але ня ведаю, ці сам я наўчыўся ці мяне навучылі.

Так праходзіла маё жыцьцё. Аб чым я думаў, я ня мог-бы сказаць. Мае веды і разуменьні былі вельмі малыя. Я быў крыху вышэй ад жывёлы, якая, наеўшыся добра, лажыцца на выгане адпачыць.

Што мяне асабліва цікавіла, дык гэта падслухаць, як праз сон гаворыць мой таварыш, і я заўсёды чакаў надыходу ночы. Цэлыя гадзіны пралежваў з шырока раскрытымі вачыма, прыслухваўся да яго выкрыкаў і мармытаньня, лавіў сэнс яго слоў.

Але гэта рэдка ўдавалася мне.

Ён гаварыў пра "гэтую жанчыну", здавалася бачыў сябе ў грамадзе. Некаторыя словы паказвалі на тое, што гутарка ідзе аб нечым, што ім кудысьці схована.

Аднаго разу ўночы, калі сьвяціў месяц, ён падняўся і сеў на пасьцелі, потым расхіліў пер'е, на якім ляжаў, разгроб зямлю і падняў крыху дошчачку. Праз мінуту прывёў усё да парадку і зноў лёг. Гэта рабілася, як відаць, спрасонку.

Я пачаў здагадвацца, што тут недзе нешта схована. I што-ж бы гэта такое магло быць?

Ня лішнім будзе напомніць чытачу, што я ня толькі ня любіў гэтага чалавека, але нават мае пачуцьці былі блізкімі да нянавісьці. Добрага, ласкавага слова я ня чуў. Яго пачуцьці былі да мяне яўна нядображаданыя і трымаў ён мяне толькі таму, што я пазбаўляў яго ад многіх клапот і працы, а мо‘ і таму, што трэ‘ было мець каля сябе жывую істоту. Такім чынам, нашы пачуцьці, як аднаго, так і другога, былі узаемаварожыя. Ня ведаю, колькі мне было год, калі памерла мая маці, але ў мяне было маленькае прадстаўленьне аб некім, хто клапаціўся і быў ласкавы са мною. Гэтыя ўспаміны рабіліся неяк выразьнейшымі ў маіх снох. Я часта бачыў чалавека, які, нахіліўшыся нада мною, вёў мяне за руку; гэта была жанчына.

Калі я пачынаў адчуваць, што прачынаюся, дык заплюшчваў вочы і наважваў яшчэ заснуць. Я тады не разумеў, што гэтыя сны зьяўляліся ад цьмяных уражаньняў дзяцінства.

Але вось у маім жыцьці адбылася вялікая зьмена. Аднойчы, калі мы налавілі птушак і зрабілі гадавы запас, я пачаў рабіць сабе новае адзеньне. Я сшываў птушыныя шкуркі, рабіў мяшок з дзіркамі для галавы і рук. І вось неяк выпадкова глянуў я на акіян і ўбачыў на вадзе нешта вялікае і белае.

— Гляньце, гаспадар,—сказаў я і паказаў на гэты незнаёмы прадмет.

— Карабель, карабель!—закрычаў ён.

Я ўспомніў, як ён казаў мне, што яны прыехалі на караблі. Углядаючыся, я заўважыў, што гэты белы прадмет накіраваўся ў наш бок.

— Ці ён жывы?—запытаў я.

— Ты дурань,—адказаў мой таварыш.

— Ідзі сюды ды памажы вышэй накласьці дроў, каб даць ім сыгнал; ідзі па воду і вылей яе на дровы: трэба, каб як мага было болей дыму. Магчыма, мне ўдасца выбрацца з гэтае праклятае дзіркі.

Я нічога не разумеў, але прынёс яму вады.

— Мне патрэбны яшчэ дровы,—сказаў ён.

— Карабель плыве на нас і мусіць падплыве бліжэй.

— Значыць, ён жывы?—запытаў я.

— Пашоў вон, дурніца!—адказаў стары і штырхануў мяне. Потым ён пашоў у хату, каб там пры дапамозе кавалка жалеза, скалкі і сухога моху выкрасіць агню. І пакуль гаспадар займаўся гэтым, я ўвесь час пільна сачыў за невядомым прадметам; мне хацелася хутчэй разгадаць, што гэта такое. Пакуль я наглядаў, сонца зайшло і да змроку аставалася ня больш гадзіны. Вецер быў невялікі і часта мяняў свой кірунак. Гэтым і тлумачацца розныя зьмены ў кірунку карабля.

Мой таварыш вышаў з хаты з агнём, падлажыў яго пад дровы і пачаў распальваць. Дровы скора разгарэліся і дым падняўся даволі высока.

— Цяпер яны напэўна ўбачаць наш сыгнал, — сказаў стары.

— Значыцца, у яго ёсьць вочы, і ён жывы? А ветру ён не баіцца?—дапытваўся я, не атрымаўшы адказу на першае пытаньне.

— Гляньце, маленькія хмаркі хутка набліжаюцца,—паказаў я на небасхіл, дзе гуртаваліся хмаркі, якія азначалі, па маіх нагляданьнях, кароткі, але сільны шквал.

Такія шквалы наляталі адзін ці два разы ў гэты час году.

— Ах, праклятыя,—адказаў стары і заскрыгатаў зубамі,— гэты вецер адгоніць іх, такое ўжо маё шчасьце.

Тымчасам дым паднімаўся ўсё вышэй і вышэй, а карабель набліжаўся і спыніўся прыблізна за дзьве мілі ад нашага вострава.

Стары ізноў падліў вады ў агонь, каб павялічыць дым. Карабель зноў падняў парус і накіраваўся ў наш бок.

Цяпер я выразна бачыў людзей на палубе.

Мой таварыш радасна закрычаў:

— Яны бачаць нас. Цяпер ёсьць надзея. Ура!—Няхай жыве Англія!

Ён падскакаў, круціўся, як вар‘ят, а потым сказаў:

— Я пайду ў хату, а ты глядзі, мо‘ вышлюць яны чайку (лодку).

— А што такое чайка?—запытаў я.

— Ах ты дурань. Глядзі як сьлед і, калі што ўбачыш, кажы мне.

— Так, бачу нешта,—адказаў я.—Глядзеце на шквал, як ён хутка ідзе па вадзе. А хмары як густа зьбіраюцца. Будзе такі вялізны вецер і дождж, як у прадапошні раз у час прылёту птушак.

— Пракляцьце! — закрычаў ён. — Хоць-бы чайку хутчэй спусьцілі.—З гэтымі словамі ён пашоў у хату.

Я ня спускаў вачэй з надыходзячага шквалу; ён быццам ляцеў па вадзе.

Спачатку гэта была цёмная лінія на небасхіле, але яна набліжалася да карабля і рабілася белай. Паверхня вады аставалася пакуль што спакойнай. Хмары нізка навісьлі над небасхілам. На караблі, як я зразумеў пазьней, не прыкмячалі небясьпекі. Далей я заўважыў невялікі прадмет каля карабля і здагадаўся, што гэта была чайка, якую чакаў мой таварыш, але нічога не сказаў, а наглядаў, які ўплыў зробіць на яе вецер. Праз некаторы час я ўбачыў, што зьнікаюць белыя парусы, людзі па палубе замітусіліся і чайку прынялі назад. На караблі заўважылі набліжэньне шквалу, але было ўжо позна. Праз хвіліну я ўбачыў, як дужы віхор пахіліў яго, а пасьля ўсё заслалася густым туманам, і далей я нічога ня мог разгледзець.

— Ну, што, хлопчык, спусьцілі там чайку?—пытаў, выходзячы з хаты, мой таварыш.

— Я нічога ня бачу за ветрам,—адказаў я.

Толькі прагаварыў я гэтыя словы, як шквал дайшоў да месца, дзе я стаяў, зьбіў мяне з ног і адкінуў да дзьвярэй хаты. З ветрам хлынуў і дождж, які прамачыў нас да касьцей. Неба пакрылася хмарамі і зрабілася зусім цёмным. Бліскала маланка, грымеў гром. Я ўпоўз у хату, а вецер з дажджом і сюды ўрываўся. Гаварыш мой сядзеў побач са мною і, нахмурыўшы бровы, маўчаў. Дзьве гадзіны гуляў шквал і ні на хвіліну ня спыняўся. Сонца зайшло і зрабілася зусім цёмна. Мы маўчалі і толькі закрывалі вочы ад маланкі і затыкалі вушы ад грому. Мой таварыш, ні то ад страху, ні то ад чаго іншага, час-часом стагнаў. Я ня ведаў страху, як ня ведаў і небясьпекі.

Памаленьку навальніца пачала заціхаць. Дождж ліў з перапынкамі, і мы выразна чулі шум хваль, якія біліся аб скалы пад намі. Потым неба прасьвятлілася, і мы ўбачылі белую пену ля берагоў акіяну. Я выбег з хаты і пачаў пільна ўглядацца на мора, каб пабачыць карабель. Бляск маланкі на хвіліну асьвятліў яго. Ён быў бяз мачты; вялізныя хвалі кідалі яго ў розныя бакі і гналі проста на скалы, ад якіх ён знаходзіўся ня больш як на чвэртку мілі.

— Вось ён!—гукнуў я.

Маланка бліснула і зьнікла, і я зноў астаўся ў цемры.

— Яны загінулі,—са стогнам прамовіў стары, які стаяў ужо побач са мною.

— Цяпер няма надзеі. Пракляцьце!

Ён лаяўся і праклінаў усё. Я тады ня ведаў, што азначаюць гэтыя словы.

— Вось ён зноў!—крыкнуў я, калі яшчэ раз бліснула маланка.

— Так, ня доўга яму асталося пратрымацца на вадзе. Праз некалькі хвілін ён разаб‘ецца на кавалачкі і ніводнае душы не астанецца жывой.

— А што гэта душа?—запытаў я.

Стары маўчаў.

— Я хачу пайсьці спусьціцца ўніз і паглядзець, што там робіцца,—сказаў я.

— Пайдзі, і з табою станецца тое самае,—адказаў стары. Але я ўсё-ж такі пакінуў гаспадара і пачаў асьцярожна спускацца па скалах. Не пасьпеў я адыйсьці поўсотні крокаў, як пачуўся страшэнны крык. Я спыніўся. Чую, заве мяне мой таварыш. Іду назад і пытаюся:

— Вы клікалі мне, гаспадар?

— Так, я клікаў цябе. Вазьмі мяне за руку і давядзі да хаты.

Я паслухаў, але быў зьдзіўлены такой просьбай. Як толькі я давёў яго да пасьцелі, ён кінуўся на яе і застагнаў.

— Прынясі мне вады,—сказаў ён.—Хутчэй!

Я хутка прынёс вады, і ён абмыў твар і вочы, але праз колькі хвілін зноў кінуўся на пасьцель і застагнаў.

— Усё скончана,—прагаварыў ён.—Я астануся тут назаўсёды і памру ў гэтым праклятым месцы.

— Што з вамі, гаспадар?—запытаў я.

Ён не адказваў, а толькі стагнаў. Нарэшце ён змоўк, і я зноў вышаў з хаты.

Тымчасам бура ўціхла і на небе сям-там паказаліся зоркі, але вецер яшчэ дзьмуў, ды імчаліся хмары. Густая пена падала на крутыя берагі. Я стараўся разглядзець карабель, але яго нідзе ня відаць было. Пачынала разьвідніваць. Мой таварыш, мабыць, заснуў, а мо‘ ляжаў моўчкі. Я ведаў, што здарылася нешта нядобрае.

Калі зусім разьвіднела, я падышоў па дарожцы на край скалы на столькі блізка да мора, што пырскі аблівалі мяне; але я ішоў далей.

Хвалі, нібы гуляючы, кідалі ў бакі кавалкі паломанае мачты, бочкі і розныя кускі дрэва.

Такі таварыш мой праўду казаў,—карабель сапраўды разьбіўся. Але які-ж ён быў?

Вярнуўшыся ў хату, я сказаў:

— Карабля больш няма. Нічога ад яго не асталося, апрача паломаных паленьняў дрэва, што плавала па вадзе.

— Ведаю,—адказаў ён.—Але што мне да гэтага?

— Дык нашто-ж вы стараліся разводзіць дым? Я-ж думаў, што ён цікавіць вас.

— Так, ён цікавіў мяне. Але цяпер я асьлеп, я ніколі ўжо не пабачу ні карабля, ні чаго-небудзь іншага. Я памру і косьці мае згніюць на гэтым самым востраве.

— Вы асьлеплі? Што гэта значыць?—запытаў я.

— Маланка высмаліла мне вочы. Я нікога ня бачу, нічога сам не магу рабіць, не магу хадзіць. Ты, вядома, пакінеш мяне цяпер, і я загіну тут адзін, як сабака.

— Ці-ж вы нічога ня бачыце?

— Не, усё цёмна, як уночы, і так будзе да канца жыцьця.

Ён павярнуўся на пасьцелі і зноў застагнаў, пасьля падняўся, павярнуў да мяне свой твар, і я заўважыў, што ў яго вачох патухла сьвятло.

Я зразумеў, што ён цяпер стаў бясьсільны. Маім прыяцелем ён ніколі ня быў, а грубіянства яго заўсёды даводзіла мяне да злосьці. Мне было ў гэты час каля трынаццаці гадоў. Я быў дужым і адважным. Ня раз прыходзіла мне думка, каб паспрабаваць, хто з нас дужэйшы. I вось цяпер, калі ён груба загадаў мне прынесьці яму вады, я таксама груба адказаў:

— Ідзеце самі па ваду!

Ён цяжка ўздыхнуў і пасьля сказаў:—Пападзешся ты мне ў рукі, я табе прыпомню гэта.

— Я не баюся вас! — адказаў я. — Я таксама сілу маю, як і вы.

І сапраўды гэта было так. Я гатоў быў даказаць гэта.

— А ну, падыйдзі, паспрабуем,—падзываў мяне стары.

— Э, не, я не такі дурань, як вы думаеце. У мяне заўсёды будзе тапор напагатове, а другога вы ня знойдзеце.

— Вельмі шкада, што я ня ўкінуў цябе ў мора, калі ты быў маленькі, замест таго, каб нянчыцца і гадаваць цябе,— сказаў ён.

— А чаму вы ня былі хоць крыху дабрэйшым? З таго часу, як я памятаю сябе, вы заўсёды дрэнна абыходзіліся са мною. Вы заўсёды прымушалі працаваць на вас і ніколі не сказалі ласкавага слова. Многае мне хацелася ведаць, але вы не адказвалі на мае пытаньні, а абзывалі мяне дурнем і загадвалі маўчаць. Вы ня любілі мяне і такое-ж пачуцьцё зьявілася ў мяне да вас. Самі, пэўна, згодзіцеся, што я праўду кажу.

— Так, гэта праўда, чыстая праўда, — сказаў стары сам сабе.—Усё, што ён кажа, сапраўды было, але ў мяне былі свае прычыны. Падыйдзі сюды, хлопчык.

— Не,—рашуча сказаў я.—Даволі ўжо я быў хлопчыкам, а вы гаспадаром, цяпер я буду гаспадаром, а вы хлопчыкам. Пабачыце, што я стрымаю сваё слова.

Пасьля гэтага я вышаў з хаты, а ён крычаў усьлед мне: "Не пакідай мяне!" Я не зьвярнуў на гэта ўвагі, пашоў і сеў на плоскі камень скалы перад хатай. Я доўга пазіраў на пену морскіх хваль і думаў, што рабіць са старым. Я не хацеў, каб ён памёр, а калі пакінуць яго, дык з першаю спробаю дастаць вады ён мог-бы зваліцца са скалы. Я быў упэўнены ў гэтым, але, каб яшчэ больш праканаць сябе, я заплюшчыў вочы і ступіў колькі крокаў, і калі-б я не расплюшчыў вачэй, то напэўна зваліўся-б уніз.

Я меў поўную ўладу над ім, я сказаў, што буду гаспадаром, а ён слугою, але як гэта можа быць, калі я ўсё роўна павінен даглядаць і дапамагаць яму?

— Не, усё-ткі я буду гаспадаром, —сказаў я сам сабе.— Я прымушу яго адказваць на ўсе мае пытаньні, ён мне раскажа пра ўсё, што ведае. Калі-ж ён будзе адмаўляцца, я буду марыць яго голадам. З гэтым рашэньнем я вайшоў У хату.

— Паслухайце, што я вам буду казаць,—пачаў я.—Я буду добры і не дапушчу, каб вы памерлі з голаду, толькі стаўлю вам адну ўмову.

— Якую?—запытаў ён.

— Я часта зьвяртаўся да вас з рознымі пытаньнямі, і вы заўсёды не хацелі адказваць мне, лаяліся, білі мяне. Цяпер прапаную вам: або адказвайце на ўсе мае пытаньні, і я тады буду памагаць вам, або я пакіну вас, калі вы будзеце маўчаць, і тады злуйцеся самі на сябе, і я не адказваю за ўсё, што здарыцца. Памятайце, што цяпер я гаспадар. Выбірайце адно з двух.

— Што-ж,—ціха адказаў стары,—хоць гэта і кара, але я згаджаюся. Буду рабіць усё, што ты хочаш.

— Добра! Дык вось на пачатак: я часта пытаўся, як вас завуць і як завуць мяне? Трэба-ж называць вас як-небудзь, бо "гаспадаром" ня буду зваць. Я гаспадар. Як ваша імя?

Ён застагнаў, сьціснуў зубы і ледзь прагаварыў:

— Эдвард Джаксон.

— Эдвард Джаксон, добра. А маё імя?

— Не, гэтага імя я ня зношу, я не магу вымавіць яго.

— Ну, добра,—адказаў я.—Тады я пакідаю вас.

— Прынясі вады на мае вочы, яны гараць.

— Не прынясу, пакуль ня скажаце майго імя!

— Праклятае яно хай будзе,—Франк Генікер.

— Франк Генікер? Добра, цяпер я прынясу вады.

Даючы яму вады, я сказаў:—Вось вам, Джаксон, калі трэ' будзе яшчэ што-небудзь, клічце мяне, я тут недалёка.

Цяпер мяне цікавіла: чаму ён ня любіць імя Генікер? Што значыць Генікер? Я рашыў прымусіць яго даць адказ на гэтае пытаньне. Шкадаваць ці спачуваць я ня мог; віною гэтаму былі дрэнныя абыходжаньні са мною. Я ведаю толькі адно, што сіла ёсьць права і гэтае права я рашыў выкарыстаць цалком. Мне надзвычай прыемна было адчуваць сябе гаспадаром.

У думках я складаў пытаньні, якія буду задаваць яму на кожны дзень. Гэта будзе платаю за прахарчаваньне яго. Я так доўга быў нявольнікам, што гатоў зрабіцца тыранам. I вось у мяне зьяўляецца думка: зьмяніць цячэньне вады, якая напаўняла ямку, каб. ён не дапоўз да яе сам. Я так і зрабіў—спусьціў усю ваду з ямкі і, цяпер стары ня мог дастаць ні каплі, бо лезьці ўгару нельга было. Толькі птушынае мяса ён мог есьці колькі хацеў, бо яно ляжала ў хаце ў кутку. Але-ж ня толькі есьці, а трэба і піць.

Я пачаў разважаць, якое задаць яму пытаньне, і парашыў даведацца дасканала: якім чынам прыбіўся сюды карабель, хто былі мае бацькі і чаму мяне звалі Генікер?

Раптам чую голас Джаксона:

— Хлопчык, хлопчык!

— Можаш сабе крычаць,—адказаў я сам сабе.—Я ўжо ня хлопчык. Я не адклікаўся. Тады ён крыкнуў: "Генікер". Але я ўжо раззлаваўся, калі ён аклікнуў мяне хлопчыкам і маўчаў; змоўк і ён. Праз колькі хвілін я заўважыў, як ён споўз з пасьцелі, мацаў сьцены і папоўз да ямкі, дзе звычайна была вада. Я ўсьміхаўся сам сабе. Вось ён дапоўз і ўжо рукою хацеў зачарпнуць. Заўважыўшы, што вады няма, ён пачаў лаяцца і стукнуў кулаком па камені.

— О, каб ён папаўся мне цяпер у рукі, расквітаўся-б я з ім.

— О, так, я зусім упэўнены ў гэтым, —адказаў я, седзячы на гары.—Але ў тым-та і справа, што я ня дамся ў рукі.

— Ідзі назад на сваю пасьцель, дурніца!—крыкнуў я.— Паўзі назад, ды як мага хутчэй, бо галаву пашчапаю, як, помніце, бывала вы казалі мне.

Спачатку ён быў ашаломлены рашучасьцю майго голасу, а потым схамянуўся і папоўз у хату, кінуўся на пасьцель і моцна застагнаў.

Я сышоў уніз, на бераг мора, каб паглядзець, ці не асталося там чаго пасьля паломкі карабля. Было ціха і хвалі не разьбіваліся аб камяністыя берагі. Апрача кавалкаў дрэва, я нічога ня бачыў, пакуль не дайшоў да тае мясьціны, дзе звычайна купаліся. Тут я заўважыў, што мора выкінула два прадметы: невялічкую бочачку і сундучок, мабыць нейкага матроса. Што гэта былі за рэчы, я тады не разумеў. Бочачка глыбока ўрэзалася ў зямлю, і я ня мог крануць яе з месца, а сундучок плаваў на паверхні вады. Я выцягнуў яго на бераг і зараз-жа пачаў адчыняць. Я ніколі насваім жыцьці ня бачыў замка і пэўна ня ведаў, як адчыняць яго. Але я заўважыў, што века складае частку яго, якая чуць краталася. Я пастукаў каменем і сундучок адчыніўся. Тут было многа матроскае адзежы, на якую я не зьвярнуў увагі; затое былі іншыя прадметы, прызначэньне якіх я хутка зразумеў і ўзрадаваўся. Я дастаў адтуль тры зусім новыя валавяныя чыгункі, тры пустыя бутэлькі, малаток, долата і сьвярдзёлак і яшчэ некаторыя інструманты, сярод якіх некалькі вудачак.

Але асабліва я ўсьцешыўся, як дастаў два нажы: амэрыканскі доўгі з тронкам, і другі з рэменем, каб прывязваць наўкола паясьніцы.

Неяк гадоў тры-чатыры таму назад у Джаксона яшчэ быў кончык складанага ножыка, г. зн. жалязка, і якім-бы дрэнным яно ні было, у нашых умовах, гэта была вельмі дарагая рэч, і, зразумела, калі Джаксон згубіў яго, дык гэта было вялікае гора.

І цяпер, знайшоўшы два нажы, я быў бязьмерна рад. Я выняў з сундучка ўсе рэчы і разлажыў, каб прасохлі. Тут былі, між іншым, дзьве кніжкі, але ўспомніўшы, што мне строга было забаронена падступаць да тае, што ляжала ў нашай хаце, я са страхам глядзеў і на гэтыя.

Надыходзіла ноч. Я ўзяў з сабою нажы і пашоў да хаты. Джаксон ляжаў на пасьцелі і, калі заўважыў мяне, ціха запытаў, ці ня прынёс-бы я яму вады.

— І ня думаю,—адказаў я.—Пагражалі памсьціцца мне, а цяпер хочаце, каб прынёс вады? Дудкі, я цяпер гаспадар!

— Дык будзь сабе ім,—пакрыўджана адказаў ён.—Але-ж гэта ня прычына, каб не даваць мне вады. Ці-ж я калі-небудзь не даваў табе вады?

— Бо я сам заўсёды хадзіў па воду,—адказаў я.—Калі-б я быў сьляпы і паціху канаў, дык вы спакойна глядзелі-б, злажыўшы рукі. Вы толькі таму пакінулі мне жыцьцё, што я патрэбен быў вам, каб працаваць на вас, і замест падзякі білі мяне. Вы цяпер "хлопчык", а я "гаспадар".

Чытач павінен памятаць, што я не разумеў слова "хлопчык". Яно для мяне было нечым процілеглым слову "гаспадар".

— Няхай будзе так,—спакойна адказаў Джаксон.—Мне нядоўга трэ‘ будзе вада.

Яго спакой быў крыху падазроны. Я лёг спаць, але не заснуў. Раніцою я заўважыў, што стары нешта кратаецца. Ён зьлез з пасьцелі і пачаў паўзьці да мяне.

"Ага,—думаю я,—табе хочацца схапіць мяне ў свае рукі,— а ну падыйдзі", і ціха дастаў амэрыканскі нож. Я падпусьціў яго блізка да сябе, і калі ён абмацаў маю пасьцель і выцягнуў руку, каб схапіць мяне, дык я рэзнуў нажом па яго руцэ. Ён аж зароў ад болю і пакаціўся.


— А, дык у яго ёсьць нож,—замармытаў ён.

— Так, "у яго" ёсьць нож, і добры. Мо' яшчэ раз спрабуеце падыйсьці?

— Калі ў цябе ёсьць капля літасьці ў сэрцы, дык забі мяне хутчэй,—адказаў ён.

— Літасьць, сэрца... А што гэта такое? — запытаў я.— Я гэтага ніколі ня чуў.

— Так, так,— адказаў ён.—Гэта праўда. Я ніколі не шкадаваў цябе, ня было ў мяне літасьці.

— Прышоў дзень судны; гэта кара за грахі мае.

— Я стаў сьляпым, цяпер страціў руку. Што-ж са мною будзе далей?

— Далей? Далей будзе тое, што вы страціце і другую руку, калі ўздумаеце нападаць на мяне,—адказаў я.

Джаксон маўчаў. Ён хацеў дапаўзьці да свае пасьцелі, але, страціўшы многа крыві, няпрытомна паваліўся на зямлю. Я ведаў, што ён цяпер ня будзе нападаць на мяне, лёг і моцна заснуў.

Праз гадзін дзьве я прачнуўся. Джаксон ляжаў на тым самым месцы, пасярод крывавае лужы. Я пачаў кратаць яго, каб даведацца, жыў ён ці не. Калі-б ён памёр, то я многага так і ня ведаў-бы.

Я ўспомніў, як ён некалі перавязваў сабе і мне парэзаныя месцы, каб спыніць крывяцячэньне. Я ўзяў пер‘яў, налажыў іх на рану ды перавязаў руку, пасьля прынёс вады і ўліў яму ў рот. Стары крануўся і слабым голасам пытае:

— Дзе я?

— Дзе вы? У хаце,—адказаў я.

— Дай мне яшчэ вады.

Я падаў. Ён яшчэ напіўся вады і папоўз на сваю пасьцель.

Чытач бадай падумае: "ну і дрэнны-ж хлопчык; ніколькі ня лепшы за свайго таварыша". Так яно і ёсьць. Але-ж ці вінаваты я ў гэтым? Жорсткасьць, прыгнечаньне зрабілі мяне такім.

І ня дзіва, калі я, адчуўшы сілу, рабіў з ім тое, што рабілі са мною. Джаксону нельга дараваць за яго ўчынкі, бо яму вядомы былі і дрэннае і добрае абыходжаньне і ён выбіраў горшае, а я гэтага ня ведаў. Я гарэў пачуцьцём помсты.

Праглядаючы тыя рэчы, якія я дастаў з сундучка і разлажыў для прасушкі, мая ўвага зноў спынілася на кніжках.

— Я павінен ведаць, што гэта такое,—падумаў я.

Джаксон забараніў мне браць кніжку і гэта яшчэ больш цікавіла мяне.

Тры дні Джаксон моўчкі ляжаў, нічога ня еў, толькі піў воду і пасьля загаварыў:

— Генікер! я вельмі аслаб ад раны на руцэ, што ты мне зрабіў. Я разумею, што я заслужыў яе, але я хацеў-бы ведаць ці жадаеш ты. мае сьмерці?

— Не,—сказаў я.—Я хачу, каб вы адказалі мне на ўсе мае пытаньні.

— Добра,—адказаў ён,—я загладжу сваю віну, я буду рабіць усё, што ты захочаш, я пастараюся задаволіць тваю зацікаўленасьць.

— Мне толькі гэта і патрэбна,—адказаў я.

— Ведаю, але рана мая гніе, трэба абмыць і перавязаць яе і зьняць вяроўку. Ці зробіш ты гэта?

— Так, я гэта зраблю,—адказаў я і адразу-ж разьвязаў вяроўку і пачаў прамываць рану. У гэты час я заўважыў у парэзе белыя нітачкі і запытаў, што гэта такое?

— Гэта жылы і мускулы, пры дапамозе якіх мы валодаем рукамі,—адказаў Джаксон.—Цяпер яны перарэзаны, і я ня буду валодаць рукою.

— Пачакайце,—сказаў я.—Я нешта прыдумаў,—і ў гэты час зьбегаў на бераг дзе ляжаў сундучок, узяў кашулю, парэзаў яе на палоскі і пачаў забінтоўваць рану.

— Дзе ты ўзяў палатно?—зьдзіўлена пытаў Джаксон.

Я расказаў яму.

— I ножык адтуль?—запытаў ён.

— Так, і ножык,—адказаў я.

Калі я скончыў перавязку, Джаксон сказаў:—Дзякую табе.

— Што гэта значыць "дзякую"?

— Гэта значыць, ты выклікаў добрае пачуцьцё ў мяне, пачуцьцё падзякі за тое, што перавязаў мне рану.

— Я ніколі ня чуў такіх слоў ад вас,—сказаў я.

— Праўда, ты іх ня чуў. Мо, было-б лепш для мяне, каб ты чуў іх, але зразумей, што я ня крыўдую на цябе і, калі-б я не асьлеп і быў-бы яшчэ гаспадаром, як тыдзень таму назад, я ня біў-бы і ня мучыў-бы цябе, а пастараўся-б добра з табою абыходзіцца. Ці разумееш ты, аб чым я табе кажу?

— Так, я разумею,—адказаў я,—і паверу вам, калі будзеце адказваць на мае пытаньні.

— Добра, толькі я слабы яшчэ, пачакай колькі дзён, я крыху паздаравею.

Пасьля гэтага я пачаў клапаціцца і даглядаць Джаксона. Ён казаў, што адчувае сябе лепш, і быў ласкавы са мною. Неяк было дзіўна, але такое абыходжаньне мяне цешыла і мела добры ўплыў. Мая жорсткасьць паступова зьнікала і я рабіўся мякчэйшым, дабрэйшым. Неяк раніцою ён першы зьвярнуўся да мяне:

— Цяпер я магу гаварыць. Пытайся.

— Я хачу ведаць усё падрабязна аб тым, як мы трапілі на гэты востраў. Хто былі мае бацькі і чаму вы сказалі, што ня любіце майго імя?

Пасьля некаторага маўчаньня Джаксон адказаў:

— На гэта патрэбна шмат часу. Я лёгка адказаў-бы табе, каб адхіліць апошняе пытаньне. Гісторыя твайго бацькі цесна зьвязана з маёй і нельга расказаць адну бяз другое. Я пачну з таго, што раскажу пра сябе, і ты будзеш ведаць тое, што цябе цікавіць.

— Расказвайце, толькі не маніце.

— Не, я буду казаць усё, як было.


III Гісторыя маіх бацькоў і як сьляпы Джаксон наўчыў мяне чытаць і лічыць


— Твой бацька і я радзіліся ў Англіі. Ты ведаеш, што твая бацькаўшчына Англія, і мова, якою ты гаворыш, ангельская?

— Я гэтага ня ведаў. — Раскажэце што-небудзь пра Англію.

Я ня буду ўтамляць чытача пераказам усяго таго, што я чуў ад Джаксона пра Англію, а таксама і безьлічы тых пытаньняў, якія я задаваў. Увесь дзень прайшоў у гутарцы. Надышла ноч. Джаксон адчуваў сябе стомленым. Я перавязаў рану і ён заснуў.

Ня лёгка апісаць уражаньне, якое зрабіў на мяне вялікі выбух новых слоў. Я быў неяк усхвалёваны і некалькі начэй ня спаў. Трэба прызнацца, што я не заўсёды разумеў значэньне слоў Джаксона, але каб не. перапыняць яго, я здавальняўся прыблізным разуменьнем і дагадкамі. Але думка родзіць думку і многія словы, якіх сьпярша я зусім не разумеў, нарэшце, калі яны часта ўжываліся, я пачынаў разумець.

Мае пачуцьці да Джаксона былі вельмі дображаданымі. Я глядзеў на яго, як на вялікі скарб, адкуль можна было браць усё прыемнае.

Рэдка ўспаміналася старое, але і забываць яго зусім нельга было. Калі-ж яго рана выглядала дрэнна, я страшэнна непакоіўся. Адным словам, можна было чакаць, што, нарэшце, мы зробімся сябрамі. Ён ня мог заставацца варожым да мяне, бо я клапаціўся аб ім. Я таксама ня мог варожа адносіцца да чалавека, які адчыніў мне новы сьвет думак, уражаньняў.

На другі дзень раніцою Джаксон расказаў мне прыблізна наступнае:

— Я ня думаў быць мараком. Я вучыўся ў добрай школе, а калі мне было дзесяць гадоў, мяне аддалі ў гандлёвы дом, дзе заўсёды сядзеў за канторкаю і перапісваў усё, што мне загадвалі. Гэты гандлёвы дом меў вялікі гандаль з Паўднёвай Амэрыкай.

— А дзе знаходзіцца Паўднёвая Амэрыка?—запытаў я.

— А ты не перашкаджай мне расказваць,—заўважыў Джаксон,—калі я скончу, ты можаш пытацца пра што хочаш, а калі будзеш часта перапыняць, то я ня скора раскажу табе ўсё.

— Гэта праўда, так я і зраблю.

— У канторы,—казаў далей Джаксон,—апрача мяне былі яшчэ два пісары: галоўны пісар, па прозьвішчы Монвэрс, і твой бацька. Наш гаспадар, якога звалі Эвэлінам, быў вельмі строгі. Ён кожны дзень наглядаў за нашай работай і рабіў заўвагі, калі што было ня так зроблена. Мы стараліся адзін перад другім, за што часамі хвалілі нас. Бывала містэр Эвэлін у нядзелю запрашаў твойго бацьку і мяне да сябе на ўвесь дзень.

— У яго была дачка, крыху маладзейшая за нас. Гэта і была твая маці.

Яна нам падабалася і мы надзвычайна ўважна, з пашанаю адносіліся да яе, жадаючы спадабацца ёй. Невядома хто з нас меў спачатку большы посьпех. Здаецца, што я, бо бацька твой быў задуменны, сур‘ёзны, а я вясёлы, жвавы і гэта, мабыць, ёй больш падабалася.

Праз гадоў чатыры майго прабываньня ў канторы памерла мая маці. Бацька памёр раней, калі я яшчэ ня служыў. Я з надзеяй глядзеў на будучыню, марыў пажаніцца з тваёю маткаю. Я ўпэўнены, што так яно і было-б, каб трымаў сябе, як належыць. Але раней, калі я быў яшчэ падросткам, на вялікі жаль, завёў знаёмства з некаторымі падазронымі людзьмі, з якімі пачаў гуляць і баляваць. Ад гэтае дрэннае прывычкі я ня мог адкараскацца. Яна загубіла мяне.

У спадчыну ад сваіх бацькоў я атрымаў сякую-такую маемасьць. Гэта надало мне фанабэрыі і нейкай павагі з боку другіх. Я яшчэ больш уважна пачаў адносіцца да дзяўчынкі Эвэлін. Яна, а таксама і бацька яе прыхільна адносіліся да мяне. Твой-жа бацька зусім быў адсунуты на другі плян. У яго ня было ніякае маемасьці, апрача таго, што завалялася ў яго ад ашчаднасьці.

Увага містэра Эвэліна да мяне не падабалася твайму бацьку. Ён кахаў дзяўчынку Эвэлін, але-ж і я яе кахаў нязвычайна. Я жыў прыгожымі марамі, але потым усё загінула.

Гуляючы часта ў карты, я хутка прайграў даволі вялікую суму грошай, большую, чым мог заплаціць. Гэта і прымусіла мяне зьвярнуцца да чалавека, які пазычыў мне грошы пад вялікія процанты з умоваю выплаціць, калі стану зусім дарослым. Я ўсё-ж іграў, спадзяючыся вярнуць свой пройгрыш, і скончыў тым, што астаўся ў даўгу каля тысячы фунтаў стэрлінгаў.

Расьлі даўгі, і я рабіўся больш бяспутным. Містэр Эвэлін пачаў прыкмячаць, што я праводжу бяссонныя ночы, што я зьмяніўся з твару, бо сапраўды маё становішча было вельмі крытычнае. Ён ведаў, якую суму я павінен быў атрымаць. Я чакаў, што ён запрапануе мне скарыстаць іх на комэрцыйную справу, і я ламаў галаву над тым, як растлумачыць яму, куды і на што пашлі грошы. Я разумеў, што ён пераменіць свой погляд на мяне. Я будаваў розныя хітрыя пляны і комбінацыі, каб не заўважылі мае віны. Але за колькі дзён да таго, калі я ўжо мог лічыцца дарослым, містэр Эвэлін паклікаў мяне.

Ён сказаў, што, паважаючы памяць майго бацькі, які быў яго прыяцелем, ён гатоў дазволіць мне ўкласьці мой капітал у яго комэрцыйную справу і спадзяецца, што я сваімі добрымі паводзінамі і стараньнем дасягну таго, што буду сур'ёзным і карысным удзельнікам яго фірмы. Я нешта прамармытаў так сабе, і ён, пэўна, зьдзівіўся. Потым я сказаў, што мой капітал вельмі мізэрны, каб лезьці з ім у такую вялікую справу, і думаю сьпярша паспрабаваць як-небудзь хутчэй падвоіць яго, і вось тады ўжо з падзякаю прыму прапанову.

— Ну, як сабе хочаце,—холадна адказаў ён.—Вядома, вы маеце права рабіць са сваімі грашыма, што хочаце, але раіў-бы быць асьцярожным, каб, рызыкнуўшы. ня страціць часам усяго.

Неўзабаве абставіны склаліся так, што праўда вылезла наверх.

Неяк, балюючы з сваім таварышамі, я сказаў, што думаю паспытаць шчасьця ў Вэст-Індыі. Гэтыя чуткі дайшлі да чалавека, у якога я пазычаў грошы. Ён падумаў, што я хачу ўцячы з Англіі, не заплаціўшы яму доўгу, і адразу-ж накіраваўся ў кантору Эвэліна, каб параіцца з Монвэрсам і, зразумела, сказаў суму майго доўгу. Монвэрс адразу-ж паведаміў аб гэтым Эвэліна.

І вось аднойчы містэр Эвэлін паклікаў мяне ў свой габінэт, зрабіў мне некалькі заўваг, на якія я, праўда, груба адказаў, і абвясьціў мне, што звальняе мяне са службы.

Справа ў тым, што пасьля першае гутаркі са мною ён навёў спраўкі аба мне і даведаўшыся, што я жыву даволі распусна, рашыў разьвітацца са мною.

У мне ўсё кіпела ад злосьці, але я хутка зразумеў, што трачу многае.

Яшчэ даражэйшаю для мяне рабілася яго дачка. Цяжка было і я пачаў заліваць сваё гора гарэлкаю. Я хацеў бачыцца з дзяўчынкаю Эвэлін, але бацька не дапушчаў, а потым накіраваў яе ў вёску да сваякоў.

Жыцыдё дало мне ўсё: здольнасьць, энэргію, адзін час нават грошы і ўсё дарэмна. Я зрабіўся п‘яным матросам. Вось у кароткіх рысах мая гісторыя. Заўтра раскажу табе, як і пры якіх акалічнасьцях я зноў спаткаўся з тваім бацькам і што давяло мяне да цяперашняга становішча.

— Я ўсё памятаю, што вы расказалі мне, —адказаў я,— толькі многіх слоў я ня ведаю, бо ніколі ня чуў іх. Я ня ведаю, што такое грошы, гульня і шмат іншага. Заўтра вы мне растлумачыце, а пасьля раскажаце далей.

Радасьці маёй ня было канца. Прадстаўце сабе чалавека, якога вывелі з турмы і прывялі проста ў сад, дзе ёсьць розная садавіна і прыгожыя кветкі,якіх ён ніколіня бачыў. У яго бадай было-б такое пачуцьцё, якое было ў мяне пасьля гутаркі—зьдзіўленьне, захапленьне, радасьць.

Я шмат чаго не разумеў, але мог прадстаўляць сабе той ці іншы прадмет у сваім выабражэньні. Для мяне адчыніўся новы сьвет.

Чалавек, які вырас у культурнай краіне, атрымаў адукацыю, мог лёгка, пры дапамозе кніжак, нагляданьняў над тым, што бачыць, пазнаёміцца з людзьмі, рознымі рэчамі, якіх ён і ня бачыў. А я нічога ня бачыў, апрача скал, мора птушак. Вось гэта і перашкаджала мне ў маіх імкненьнях.

Але гэтыя перашкоды павялічвалі мае жаданьні ведаць ўсё. На шчасьце, у мяне была надзвычайна добрая памяць. Мяне захапляла ўсякае новае прадстаўленьне. Я знайшоў мэту жыцьця, якое раней ня было ў мяне, і мне здавалася, што калі-б вялікая крыніца ведаў, уражаньняў і думак раптам зьнікла, я звар‘яцеў-бы ад гора.

Сяброўства маё з Джаксонам узмацнялася, хоць я ня ўпэўнены быў у тым, што ён не памсьціцца. Рана ў яго зажыла, але валодаць рукою ён ня мог.

Вось ён па маёй просьбе пачаў расказваць далей.

— Я пераходзіў з аднаго карабля на другі, бо звычайна мяне звальнялі за п'янства. Урэшце я трапіў на карабель, які адыходзіў у Чылі[1]. Прабыўшы там каля году, мы зьбіраліся плысьці назад з грузам. Нам трэ' было забраць тавары ў порце Вальдывіі, мы тут і прыпыніліся. Калі мы скончылі пагрузку, капітан сказаў нам, што згадзіўся прыняць на борт двух пасажыраў, мужа і жонку, якія накіроўваліся ў Англію.

Ім прыбралі каюту, а потым пад вечар паслалі чайку, каб прывезьці іх багаж. Я выехаў з чайкаю з намерам атрымаць на гарэлку, і не памыліўся: нам далі чатыры даляры. Мы адразу-ж пашлі ў бліжэйшую харчэўню і ўсе ап‘янелі. Мы думалі спачатку перавезьці багаж, а пасьля вярнуцца за пасажырамі. Карабель адыходзіў у мора вельмі рана. Я так быў п‘яны, што капітан ня пусьціў мяне назад на бераг. Потым я ўжо нічога не памятаваў аж да наступнай раніцы. Прайшло некалькі гадзін з часу падняцьця якара і бераг хутка пачаў зьнікаць. Пасажыр вышаў на палубу, а я ў гэты час складаў снасьці. Глянуўшы, я адразу-ж пазнаў гэтага пасажыра. Гэта быў твой бацька. Прайшло Многа гадоў, як мы бачыліся. З юнака ён зрабіўся сталым чалавекам. А што сталася са мною? П'яны матрос. Я ўвесь час чакаў, што ён пазнае мяне. Ён зноў пашоў у каюту і праз колькі часу вышаў са сваёй жонкаю. Я з зацікаўленасьцю глянуў на яе і пазнаў тую самую дзяўчынку Эвэлін, якую калісьці так горача любіў і страціў па сваёй віне. Пакуль яны стаялі на палубе і любаваліся пагодаю, да іх падышоў капітан. Гэтае нечаканае спатканьне ашаломіла мяне і работа валілася з маіх рук. Капітан заўважыў гэта і зьвярнуўся да мяне са словамі:

— Джаксон, што робіш, п'янюга, ты, мабыць, непрацьверазіўся яшчэ?

Пачуўшы такое імя, твае бацькі зірнулі на мяне, і калі я падняў галаву, каб адказаць капітану, яны ўважна пачалі разглядаць мяне. Пасьля яны пашапталіся паміж сабою, а потым нешта пыталіся ў капітана.

Я ня чуў іх гутаркі, але ведаў, што яна датычыць мяне. Невядома, ці яны пазналі мяне, ці можа толькі дагадваліся. Я гатоў быў праваліцца скрозь зямлю. Зьявілася пачуцьцё страшэннай нянавісьці да твайго бацькі і яно жыло ў мяне аж пакуль не памёр твой бацька. Так, твой бацька пазнаў мяне і на другую раніцу зьвярнуўся да мяне з наступнымі словамі:

— Джаксон, шкода мне, што вы ў такім становішчы, мабыць вам вельмі не пашчасьціла. Даверцеся мне і раскажэце ўсё, што з вамі здарылася. Можа, вярнуўшыся ў Англію, удасца дапамагчы вам.

Мой адказ быў ня вельмі далікатным.

— Містэр Генікер,—сказаў я,—вам пашчасьціла мабыць у жыцьці і таму вы можаце дазваляць сабе і літасьць, і спачуваньне да тых, каго стрэла горкая доля. Але гэта літасьць зьяўляецца абразаю. Я зусімздаволены сваім становішчам і калі-б хацеў перамяніць яго, то ў вас не прасіў-бы дапамогі. Я сумленна зарабляю свой хлеб. Жадаю і вам гэтага самага. Хто ведае, акалічнасьці могуць мяняцца.

Сказаўшы гэта, я павярнуўся і пашоў. З гэтага моманту ён не заводзіў гутаркі са мною і рабіў від, што не прыкмячае мяне. А капітан яшчэ больш сурова адносіўся да мяне і, як відаць, віною быў уплыў твайго бацькі.

Мы падыходзілі ўжо да мыса Горна і тут наляцела страшэнная бура, якая і патапіла наш карабель. Некалькі дзён мы цяжка змагаліся з бураю, але наш стары карабель пачаў ужо цячы і мы пашлі куды вецер гнаў. Вось ён і прыгнаў нас да гэтых астравоў. Карабель пачало заліваць вадою. Нам прышлося пакінуць яго і ўсю маемасьць, і ратавацца самім. Мы пакінулі трох матросаў, якія загінулі там. Сеўшы ў чайку, мы дабраліся вось у гэту затоку. Гэта было адзінае месца, дзе мы маглі спыніцца і вылезьці.

— Цяпер я спынюся і крыху адпачну.

— Добра,—сказаў я,—тымчасам я пайду прынясу сундучок з рэчамі і вы мне растлумачыце іх назначэньне.

Я пашоў і зьвярнуўся з адзежаю і бялізнаю. Тут было восем пар нагавіц, дзевяць сарочак, дзьве пары сініх штаноў і дзьве курткі ды некалькі пар ботаў і шкарпэтак. Джаксон абмацаў рукамі кожную рэч і растлумачыў, на што кожная з іх гадзіцца.

— А чаму вам не адзець чаго-небудзь з гэтага?—сказаў я.

— Калі ты дазволіш мне, я з прыемнасьцю надзену,—адказаў ён.—Дай мне парусінавую куртку і штаны.

Я даў яму гэтае адзеньне, а сам зноў пашоў на бераг за рэчамі.

Калі я вярнуўся, Джаксон быў адзеты ў новае адзеньне.

— Цяпер я адчуваю сябе адзетым паэўропэйску,—сказаў ён.—Што ты яшчэ прынёс?

Я паказваў яму розныя рэчы і ён называў іх. Тут былі: кусок парусіны, воск, іголкі, вуды, гачкі, папера, пёркі.

— Усё гэта вельмі каштоўныя рэчы,—сказаў ён.

Я пабег і прынёс яшчэ некалькі рэчаў. Мацаючы іх, Джаксон сказаў:

— Вось гэта падзорная труба, толькі-ж я сьляпы. Але ва ўсякім разе навучу цябе, як карыстацца ёю.

— Вось дзьве кнігі,—сказаў я.

— Дай сюды, я памацаю іх: адна мабыць біблія, а другая малітвеньнік.

— А вось скрыначка з нейкімі невялічкімі рэчамі.

— Дай мне ў рукі, сказаў Джаксон.—Тут іголкі, ніткі, пры дапамозе якіх можна шыць і латаць адзежу.

Так мы разглядзелі ўсе рэчы.

Больш за ўсё цяпер пачалі цікавіць мяне кніжкі, і першая просьба, з якою я зьвярнуўся раніцою да Джаксона, гэта была просьба наўчыць мяне чытаць.

— Як-жа я буду вучыць, я-ж сьляпы?—сказаў ён.—Але, чакай, можа прыдумаем што-небудзь. Трэба паспрабаваць. Ты памятатаеш, якую кніжку я назваў малітвеньнікам?

— Пэўна памятаю: тую маленькую.

— Дай мне сюды.—Я падаў, ён разгарнуў кнігу.

— Ці ёсьць на гэтай старонцы значкі, літары, якія здаюцца большымі за ўсе іншыя?

— Так, ёсьць.

— Добра, я цяпер разгарну кнігу ў тым месцы, дзе прыблізна, пачынаюцца ранішнія малітвы. А ты мне пакажаш тую частку старонкі, дзе ёсьць вялікая круглая літара, падобная, як-бы табе сказаць, на дно нашага чагунка.

— На гэтай старонцы ёсьць такая самая круглая літара.

— Добра, цяпер дастань маленькую палачку і загастры канец.

Я так і зрабіў, а ён зрабіў невялікую лапіну пасярод хаты.

— Справа ў тым,—пачаў ён.—Многа ёсьць малітваў, якія пачынаюцца з круглага "О", а потым мне трэба пераканацца ў тым, ці тая гэта малітва, якая мне патрэбна. Калі тая, то я ведаю яе напамяць і па ёй магу навучыць цябе, ты будзеш ведаць увесь альфабэт.

— А што гэта такое альфабэт?

— Альфабэт ёсьць пэўны лік літар, які прыдуманы для таго, каб пры дапамозе іх навучыцца чытаць і пісаць. Усяго іх дваццаць шэсьць[2]. Цяпер глядзі, ці падобна наступная літара вось на гэты рысунак? І нарысаваў на зямлі літару.

— Падобна—адказаў я.

— А наступная ці падобна вось на гэты?

— Так, правільна.

— Добра, каб быць зусім упэўненым, што я не памыляюся, паспрабую так: гэта адно слова: пасьля яго ёсьць пусты кавалачак, а пасьля стаіць вось такая літара.

— Так,—адказаў я, гледзячы на рысунак і на літары ў кнізе. Джаксон такім чынам злажыў слова.

— Калі ты будзеш уважным, дык паступова наўчышся чытаць.

Уся раніца прайшлаў вывучэньні літар. У гэты дзень прачыталі ўвесь "Ойча наш". Я запамятаваў ня толькі літары, а і словы і ўвечары мог паўтарыць усю малітву.

Зусім натуральна, што я хацеў ведаць сэнс вывучанай малітвы.

— Што такое бог?—запытаў я Джаксона.

Стары на некаторы час задумаўся, нібы рашаў нейкую важную задачу.

— Вось што я табе скажу. Шчасьлівы выпадак пазбавіў цябе ад гэтых забабонаў, нявольнікамі якіх мы рабіліся, дзякуючы выхаваньню з дзяцінства. Я сам доўгі час быў рэлігійным чалавекам і верыў, што дзесьці на небе ёсьць вялікая сіла, якую завуць богам і якая кіруе жыцьцём кожнага з нас і ўсімі праявамі прыроды.

Жыцьцё маё даказала мне адваротнае: чалавек—сам тварэц свайго ўласнага лёсу. Толькі сіла, моцная воля і напружная праца могуць зрабіць жыцьцё чалавека прыгожым і шчасьлівым.

Толькі на сябе і на свайго сябра па агульнай справе можа спадзявацца чалавек. Уся гісторыя нашага сумеснага жыцьця на востраве сьцьвярждае гэта. Бог і малітвы былі прыдуманы слабым чалавекам, калі ён быў нявольнікам прыроды і стыхіі.

Мы самі сваімі мускуламі і воляй стварылі сабе ў першабытных умовах ніштаватае сумленнае жыцьцё тут на першабытным востраве. Табе ня трэба ведаць, што такое "бог", бо яго няма. А малітвы мы вучылі для таго, каб ты мог вывучыць альфабэт, бо з прычыны маёй сьлепаты нельга зрабіць інакш.

Я многаму наўчыўся за апошні час, нават немажліва было разабрацца ва ўсім. У маёй галаве стварылася нейкая блытаніна. Паступова я пачаў разьбірацца. Расказ Джаксона пра маіх бацькоў цяпер мала цікавіў мяне, я ўвесь быў заняты думкаю навучыцца чытаць.

Прайшло шэсьць тыдняў і я ўмеў свабодна чытаць, не скажу, што я ўсё разумеў, і пытаньні, якія я задаваў Джаксону, часам настолькі былі складанымі, што ён ня мог даць адказу, у чым чыстасардэчна прызнаваўся.

Ужо надыходзіў час прылёту птушак і канчаліся нашы запасы. Мне прышлося пакінуць кніжкі і ўзяцца за работу.

Завязаўшы каўнер і рукавы парусінавае курткі, я зрабіў нешта накшталт мяшка, у якім добра было пераносіць птушак. Пры дапамозе добрага ножыка, я ў чатыры разы шпарчэй зьдзіраў шкуркі і патрашыў птушак. А на вудачкі я разьвешваў іх для прасушкі. Шпарка павялічваўся запас, хоць працаваў я адзін.

На гэту справу пашло ў мяне тры тыдні. Нарэшце работа была закончана і ў мяне зноў абудзілася жаданьне паслухаць канец расказу Джаксона.

Ён не асабліва быў здаволены, калі я паведаміў яго аб гэтым, але прымушаны быў згадзіцца, бо я настойна прасіў.

— Пастарайся зразумець мяне,—пачаў Джаксон,—што мне ня зусім хочацца расказваць табе, бо прыходзіцца казаць аб тэй злосьці, якую я меў на твайго бацьку. Мы з-замаладу непаладзілі з-за аднаго чалавека—гэта твае маткі, і вось яму пашчасьціла, а мне не.

— Я нічога не разумею ў вашых пачуцьцях,—адказаў я.— Я ня ведаю, чым ён мог пакрыўдзіць вас, калі ажаніўся на маёй мацеры. Раскажэце, што было далей.

— Ну, добра. Я спыніўся, здаецца, на тым, што нашу чайку прыгнала да гэтага вострава. Тут-жа яна была разьбіта зусім. Нас высадзілася восем чалавек: капітан, твой бацька, сталяр, падшкіпер, два матросы, твая маці і я. У нас з сабою нічога ня было, апрача двух тапароў, конавак і двух чыгуноў. Перш за ўсё трэ‘ было агледзець востраў, каб знайсьці прэсную воду. Мы хутка знашлі гэтую крынічку, што цячэ каля нашае хаты. На наша шчасьце, у гэты час птушкі клалі на востраве свае яйкі, а то-б мы зусім загінулі. Рыбы мы не маглі лавіць, бо ня было ні вудак, ні гачак. Аднаго разу капітан пазваў нас усіх і сказаў, што для большага парадку і згоды нам патрэбна выбраць чалавека, які-б даваў загады, а мы каб слухаліся. Мы ўсе згадзіліся з яго думкаю. Тады капітан параіў нам выбраць сабе за начальніка Генікера і дадаў, што каб гэта было на караблі, дык ён сам загадваў-бы, а на беразе адмаўляецца.

З гэтаю прапановаю адразу-ж згадзіліся: сталяр, падшкіпер, а за імі і матросы. Аставаўся я, але я катэгарычна заявіў, што выконваю загады толькі спрактыкаванага марака. Твой бацька стрымана, асьцярожна заявіў, што ён ня мае жаданьня браць на сябе камандаваньне і што ён ахвотна падначаліцца капітану. Але капітан і ўсе іншыя дамагаліся свайго. Яны сказалі, што такі горкі п'яніца, як я, ня можа супярэчыць іх выбару і калі я ня згодзен аставацца з імі, дык магу ісьці куды хачу.

Нарада скончылася тым, што я страшэнна раззлаваўся і сказаў твайму бацьку, што ні ў якім выпадку не прызнаю яго загадаў.

Я захапіў адзін тапор, але капітан выхваціў яго ў мяне і заявіў, што тапор належыць яму. Я пашоў адзін на тое месца, дзе сядзелі на гнёздах птушкі. Надышла ноч, і я лёг на гуано[3] і не адчуваў холаду. Раніцаю, калі я прачнуўся, сонца было ўжо высока. Я паглядзеў у той бок, дзе былі мае таварышы, і заўважыў, што ўсе яны былі заняты работаю.

Калі карабель патануў, дык многа прадметаў усплыло наверх і было выкінута на бераг. Капітан з адным матросам зьбіралі гэтыя абломкі і насілі ў тое месца, дзе былі твае бацькі са сталяром.

Прызнаюся, што я пазайздросьціў іх дружнай рабоце і пашкадаваў, што пасварыўся з імі. Але падыйсьці і прасіць прабачэньня ў твайго бацькі мне не хацелася. Я глынуў некалькі сырых яек і пазіраў, як яны працуюць. Хутка я заўважыў, што шкілет хаты быў гатоў, пасьля ўсе яны накіраваліся да чайкі, якая ляжала на беразе з прабітым дном. Яны разабралі яе, выцягнулі гвазды і ўсёгэта насілі дамесца пабудовы хаты.

Пад вечар адзін бок хаты быў гатовы. Тады яны разлажылі агонь і прыгатавалі сабе вячэру.

Я неяк ня прыняў пад увагу тых акалічнасьцяй, што мне прышлося астацца без вады. Я баяўся, што недахват вады прымусіць мяне здацца. Але хутка я знайшоў крыніцу і ўзрадаваўся. Я нарэзаў дубцоў і зрабіў сабе будку, каб паказаць ім, што і я не пад адкрытым небам жыву. З кожным днём надвор'е рабілася ўсё больш гарачым. Мне цяжка было лазіць у лагчыну за кожным глытком вады. Я рашыў перанесьці сваё жыльлё на дпо лагчыны. Зрабіў сабе новую будку і быў здаволены тым, што хоць жыву адзін, але не падначальваюся твайму бацьку.

Хутка я пераканаўся ў тым, як разумна зрабілі мае таварышы, калі выбралі начальнікам твайго бацьку. Яны думалі, што птушкі заўсёды астануцца на востраве і будуць служыць харчамі. Бацька-ж твой, які доўга жыў у Чылі, быў больш практыкаваным. Ён ведаў, што праз некалькі тыдняў птушкі паляцяць і сказаў сваім таварышом, каб зрабілі запас... Ён ведаў, што можна захаваць мяса і бяз солі, калі добра яго высушыць на сонцы. I вось у гэты час, калі я сядзеў у лагчыне, яны многа насушылі птушак. Вудачкі з птушыных жылак таксама былі вынаходкаю твайго бацькі. Твая маці сама зьвязвала іх. І вось, дзякуючы твайму бацьку, таварышы асталіся забясьпечаны харчамі, а я астаўся галадаць.

На трэці дзень пасьля адлёту птушак я так прагаладаўся, што з вялікім смакам зьеў здохлую птушку. Я думаў, што мае таварышы знаходзяцца ў такім самым крытычным становішчы, і вось я падпоўз з-за каменя паглядзець на іх. Яны былі зусім спакойны. Твая маці спакойна сядзела на парозе хаты і гутарыла з бацькам і капітанам. Другія таварышы займаліся рыбацтвам.

Галадаць я ня мог.

Голад перамагае чалавечую гордасьць.

На пяты дзень я падышоў да скалы, дзе адзін марак лавіў рыбу. Я прывітаўся з ім і папрасіў есьці.

— Я не магу памагчытабе,—адказаў ён,—бо нямаю права.

— Зьвярніся да містэра Генікера, ён наш начальнік. Бачыш, як недарэчна было з твайго боку бунтавацца.

— Што-ж, каб ня лоўля рыбы, дык і вам было-б ня лепш, чым мне.

— Зусім ня так: у нас, дзякуючы Генікеру, харчоў многа; мы ловім рыбу толькі на падмогу.

Гэта мяне вельмі зьдзівіла, але што-ж рабіць? Я ня мог болей галадаць і пашоў туды, дзе стаяў твой бацька і капітан. Я заявіў ім, што хачу далучыцца да сваіх таварышоў. Твой бацька адказаў, што без агульнай згоды ён нічога ня можа зрабіць, а ў часе абеду параіцца са сваімі таварышамі. Я чуць не звар'яцеў ад голаду, асабліва ў той момант, калі заўважыў, як твая маці пякла дзьве вялізныя рыбы.

Я сеў з боку і чакаў, калі зьбяруцца ўсе і вынесуць сваё рашэньне; я гатоў быў згадзіцца на ўсякія ўмовы.

Вось яны сабраліся ўсе і пачалі абедаць; я страшэнна зайздросьціў ім. І вось пасьля нарады бацька твой зьвярнуўся да мяне

— Джаксон,—сказаў ён,—вы пакінулі нас у такі момант, калі нам было вельмі цяжка. Цяпер, калі мы скончылі чарнавую работу і крыху абжыліся, вы хочаце далучыцца да нас, каб скарыстаць такім чынам нашу працу. Мае таварышы і я прышлі да такога вываду: — З тае прычыны, што вы не памагалі нам у той час, калі нам патрэбна была ваша дапамога, то, далучыўшыся цяпер да нас, вы павінны будзеце працаваць больш, чым мы, каб нагнаць патрачаны вамі час.

Мы прымаем вас у сваю кампанію толькі з аднэю ўмоваю:—На працягу ўсяго гэтага году, да прылёту птушак на наш востраў, на вас будзе ляжаць абавязак кожны дзень спускацца ў лагчыну і прыносіць столькі дроў, колькі патрэбна будзе. Калі вы на гэта згодны, то можаце далучыцца да нас. Пэўна, што вы павінны выконваць усе нашы правілы, якія выпрацаваны намі. Вось вам, рашайце, як хочаце.

Ня прыходзіцца казаць, што я ахвотна згадзіўся на ўсё, і яшчэ больш узрадаваўся, калі перада мною паставілі астачу ад абеду. Я так сьпяшыўся есьці, што траха не ўдавіўся.

Пад'еўшы крыху, я пачаў разважаць пра пастаўленыя мне ўмовы. Кроў закіпелаў мяне пры думцы, што я зрабіўся як-бы нявольнікам. Я забыўся, што гэтага вымагае справядлівасьць, што я буду зарабляць частку харчаваньня, аб якой у свой час я не клапаціўся.

Злосьць на твайго бацьку ня толькі не адыходзіла, а павялічвалася. Але што было рабіць? Я кожны дзень браў тапор, вяроўку, насякаў бярэмя дроў і прыносіў да хаты. Капітан кожны раз наглядаў, колькі я прыношу дроў і ці хапае іх.

Так працаваў я ўвесь год. Прыляцелі птушкі, і я працаваў ужо столькі, колькі і кожны. Галоўным пытаньнем нашае гутаркі было: ці доўга прыдзецца прабыць нам на гэтым востраве? Мы з заміраньнем сэрца глядзелі на акіян, спадзяючыся ўбачыць карабель, але дарэмна. Твае бацькі былі душою нашай кампаніі. Яны прыдумлялі розныя забавы, расказвалі розныя гісторыі, каб як-небудзь скараціць доўгія вечары. Да твае мацеры ўсе адносіліся з вялікаю павагаю, чаго яна бязумоўна заслугоўвала. Я рэдка падыходзіў да яе. Яна недалюблівала мяне. Прычынаю гэтаму былі яе ўзаемаадносіны з мужам. Цяпер, калі я стаў роўны з усімі, я быў ня зусім далікатны з імі. Першым няпрыемным здарэньнем у нашым жыцьці была сьмерць двух таварышоў. З дазволу твайго бацькі сталяр і адзін матрос накіраваліся ў глыбіню вострава на разьведку. Ідучы назад, яны страшэнна захацелі піць. Не знайшоўшы вады, яны прабавалі прагнаць смагу ягадамі. Гэтыя ягады былі атрутныя. Прапакутаваўшы некалькі дзён, яны памерлі. Мы былі ўсхвалёваны гэтым выпадкам. Праз тры месяцы загінуў другі матрос. Калі пачалі шукаць яго, дык на скалістым беразе знайшлі яго вопратку. Мабыць, ён утапіўся купаючыся, а мо‘ яго схапіла акула. Цяпер нас асталося пяць чалавек: твой бацька, капітан, падшкіпер, твая маці і я.

— Ты можа замарыўся? запытаў Джаксон.—Я на гэтым спынюся і скончу расказ другім разам.

Я згадзіўся з ім, хоць і ня быў стомлены, і мы ляглі спаць. Калі я чытаў біблію, я сустракаў там лічбы, якіх зусім не разумеў. Я ня ведаў, што значыла, напрыклад, шэсьцьдзесят ці семдзесят.

Джаксон згадзіўся наўчыць мяне, і я прынёс для гэтага многа чарапашак. Пры дапамозе іх ён навучыў мяне лічыць да тысячы, а потым пазнаёміў са складаньнем, адыманьнем, множаньнем і дзяленьнем.

Пасьля гэтых заняткаў я пачаў думаць пра якія-небудзь новыя заняткі. Я ўспомніў, што ніколі не разглядаў кніжкі, якая ўвесь час ляжала ў нашай хаце.

— Вазьмі яе,—сказаў Джаксон,—ты ня пытаўся пра яе а я і забыўся.

— Але-ж раней я некалькі разоў прасіў вас аб гэтым і вы не дазвалялі мне раскрываць яе. Чаму гэта?

— Я тады ня любіў цябе, вось і ўся прычына. Яна належала таму бедаку, што ўтапіўся.

Я ўзяў кніжку: гэта была, наколькі я памятаю, "Прыродазнаўчая гісторыя" Мавора. Ва ўсякім разе гэта была гісторыя жывёл і птушак з малюнкамі і тлумачэньнямі. Я надзвычайна быў зьдзіўлены і захоплены гэтым. Я ніколі ў жыцьці ня бачыў малюнкаў і ня ведаў пра іх існаваньне.

Некалькі гадзін бесьперастанку я лістаў кніжку, ня спыняючыся ні на адным малюнку, асабліва зьвяроў; але пасьля крыху супакоіўся; апамятаўшыся, я пачаў разглядаць льва. Я закідаў пытаньнямі Джаксона. Ён расказваў мне ўсё, што ведаў: пра краіны, дзе водзяцца гэтыя жывёлы, і апісваў іх норавы.

З малюнкамі розных жывёл былі намалёваны розныя ляншафты; дзякуючы гэтаму ў мяне нараджаліся новыя думкі і ўражаньні. Было ўжо зусім цёмна, калі я лажыўся спаць.

З гэтаю кніжкаю я насіўся ў працягу двух месяцаў. Я закінуў ужо і малітвеньнік і біблію. Спачатку мне здавалася, што ў сапраўднасьці ня можа быць таго, што напісана і намалёвана ў кнізе, але калі я дайшоў да апісаньня птушак, якія наведвалі наш востраў, сумненьняў больш ня было.

Цікавілі мяне вельмі два малюнкі. На адным з іх відаць былі куры і паўлін, а на заднім пляне красаваўся домік і некалькі чалавечых постацяй і відзік ангельскай вёскі. На другім малюнку быў прыгожы дом.

Я прачытаў гэту кнігу некалькі раз і, задаволіўшыся крыху, зноў пачаў прасіць Джаксона расказваць далей.

— І вось асталося нас пяць чалавек,—пачаў ён.—Дрэнна адчуваў сябе падшкіпер. Ён, бядак, страшэнна сумаваў, у яго ў Англіі асталася маладая жонка, і ён мабыць вельмі баяўся, каб яна не пашла замуж, не дачакаўшыся яго звароту. Гэта давяло яго да магілы. Перад сьмерцю ён аддаў мне свой гадзіньнік і прасіў перадаць яго жонцы, калі давядзецца пабачыць мне яе. Мусіць ніколі г.этага ня будзе.

— Дзе ён?—запытаў я Джаксона, успомніўшы, як ён падымаў дошку пад сваёй пасьцёльлю.

— Ён схованы добра, і калі патрэбна будзе, я пакажу яго табе.—Адказ гэты зусім задаволіў мяне і я прасіў расказваць далей.

— Мы пахавалі таварыша пад скалою, побач з іншымі. Цяпер нас асталося чацьвёра. Прайшло тры месяцы, нарадзіўся ты. Бацькі твае былі вельмі рады, што нарадзіўся сын. Яны жылі разам ужо пяць гадоў і ня мелі дзяцей. Я павінен зазначыць, што пасьля сьмерці таварышоў мы ўсе пачалі жыць больш патаварыску. Капітан і твае бацькі былі больш ласкавымі да мяне, я да іх таксама, Але злосьць на твайго бацьку не пакідала мяне.

Прайшло яшчэ шэсьць месяцаў, ты рос і дужэў, і вось няшчаснае здарэньне...—Джаксон змоўк і закрыў твар рукамі.

— Кажэце далей,—адазваўся я, — я ведаю, што так ці інакш усе памерлі.

— Праўда. Бацька твой прапаў. Ён пашоў вудзіць рыбу, і калі мяне паслалі паклікаць яго на полудзень, то я нідзе ня мог знайсьці яго. Мабыць зачапілася вялізная рыба, якое ён ня мог асіліць, і ён упаў у ваду, дзе яго схапілі акулы.

Гэта была страшная сьмерць—дадаў Джаксон і закрыў рукамі твар.

— На маю думку, усякі чалавек з розумам не дапусьціў-бы да гэтага, ён выпусьціў-бы з рук вуду і ўсё.

Такое тлумачэньне мне здалося нейкім дзіўным.

— Можа ён пасьлізнуўся,—адказаў Джаксон,—хто ведае? Мы толькі дагадваліся. Мы шукалі ўсюды, але дарэмна, і гэта прывяло да пагібелі другога чалавека — самога капітана. Кажуць, няшчасьце ніколі ня прыходзіць адно, у гэтым выпадку прыказка спраўдзілася.

— Як-жа ён загінуў?—сур'ёзна запытаў я Джаксона; у мяне зьявілася сумненьне ў праўдзівасьці яго слоў.

— Ён быў са мною і зваліўся з высокае скалы. I так выцяўся, што памёр праз поўгадзіны.

— А што вы рабілі?

— А што мне рабіць? Мне асталося пайсьці да твае маткі і паведаміць аб гэтым здарэньні. Роспач яе даходзіла да вар'яцтва.

Я, колькі мог, стараўся дапамагаць ёй. Нас асталося трое: яна, я і ты. Табе было ўжо каля трох год. Ад перажытага гора праз шэсьць месяцаў яна памерла. На востраве асталіся ты ды я. Ну, вось цяпер ты ведаеш усё і, калі ласка, ня пытай болей.

Джаксон адкінуўся на пасьцель і змоўк. Я таксама маўчаў і думаў аб тым, што ён мне расказаў. Падазронасьць мая адносна праўдзівасьці ўсё павялічвалася. Мне не падабалася, што ён скора закочыў свой расказ. Зьяўлялася нейкае няпрыемнае пачуцьцё да яго. Выспаўшыся добра, я ўсё-ж такі рашыў, што мажліва я памыляюся, і сварыцца нам было-б вельмі неразумна, таму нашы адносіны асталіся прыхільнымі, ён рабіўся ўсё дабрэйшым.

Аднойчы я чытаў яму апісаньне малпы, дзе адзначана было, што гэтая жывёла любіць гарэлку, віно і часта напіваецца.

Пры гэтым чамусьці ўспамянулася, што я не сказаў Джаксону пра бочачку, якая выкінута на бераг разам з сундучком... Джаксон вельмі зацікавіўся ёю, растлумачыў мне, як прасьвідраваць бочачку і потым заткнуць дзірачку калком.Я сам неяк зацікавіўся і зараз-жа ўзяў конавачку і пашоў да таго месца, дзе ляжала бочачка. Калі я прасьвідраваў дзірку, дык адтуль пацякла цёмна-чырвоная жыжка ды з такім моцным пахам, што пачала крыху круціцца мая галава, і я ўжо хісгаючыся ішоў дахаты. Потым я сеў на камень і крыху глынуў. Мне здалося, што я праглынуў агонь.

— Няўжо-ж гэта тое, што Джаксон называе гарэлкаю?— падумаў я.—Хто-ж здолее піць гэта?

На тым камені я заснуў і прачнуўся пад вечар. Страшэнна балела галава. Спрасонку я ня мог прыпомніць, дзе я знаходжуся, але як убачыў конаўку з жыжкаю, то ўспомніў усё. Тады я ўстаў і хутка пашоў дахаты. Джаксон трывожна пытаўся:

— Чаму цябе так доўга ня было?

Ён думаў, што са мною здарылася няшчасьце і яму прыдзецца памерці з голаду. Ён непакоіўся аб сабе, бо ніводнага. разу не сказаў, што ён пашкадаваў-бы мяне, калі-б са мною здарылася няшчасьце. Я расказаў яму пра ўсё і дадаў, што таго, што ёсьць у бочачцы, нельга піць.

— Ты прынес мне гэтае жыжкі?— голасна запытаў Джаксон.

— Вось,—сказаў я і падаў яму конаўку.

Ён панюхаў і потым выпіў частку.

— О, як добра! —сказаў ён. — Гэта вельмі добры стары ром, нічога смачнейшага мне не даводзілася піць.

Я расказаў колькі, прыблізна, там ёсьць яго.

— Гэтага хопіць нам на доўга,—сказаў ён.—Пэўна, гэта ня шкодна толькі для дарослых, а для дзяцей—гэта сьмерць. Дакляруй, што ніколі ня вып'еш ні каплі.

— Ня бойцеся,—адказаў я,—я глынуў крыху, ды апёк сабе язык.

— Вось гэта добра,—сказаў Джаксон, ды глынуў яшчэ крыху.—Ты не дарос да гэтага. Цяпер я пайду спаць, пара ўжо. Нясі за мною конаўку ды пастаў каля мяне, але глядзі толькі не разьлі.

Ён дапоўз да свае пасьцелі, і я паставіў каля яго конаўку, а сам лёг на сваё месца, хоць мне вельмі не хацелася спаць.

Спачатку Джаксон ляжаў ціха, але я чуў, як ён час-часом браўся за конаўку і крыху выпіваў.

I вось ён засьпяваў нейкую матроскую песьню. Я быў зьдзіўлены, але мне яна спадабалася. Я першы раз пачуў мэлёдыю. У яго быў харошы голас і правільны слух, і калі ён змоўк, я прасіў сьпяваць яшчэ.

— Ага!—весела сказаў ён.—Ты любіш песьні, хлапчына. Добра, я табе буду сьпяваць, я даўно не сьпяваў, а калісьці гэтым славіўся.

Цяпер я магу зноў сьпяваць: ёсьць чым павесяліць душу.

Мяне вельмі зьдзівіў вясёлы настрой, але як успамянуў яго расказ аб тым, як ён любіў выпіваць. гэта вясёласьць яго была зусім зразумелай. Як-бы яно ні было, песьні яго мне спадабаліся.

Ён сьпяваў іх адна за аднэй На працягу трох ці чатырох гадзін, але голас яго рабіўся хрыплым і, нарэшце, ён змоўк і моцна захроп. Заснуў і я. На другі дзень я прачнуўся рана, пасьнедаў, пашоў пагуляў крыху, зьвярнуўся да хаты, а Джаксон яшчэ хроп. Я пачаў будзіць яго. Ня скора ён прачнуўся, доўга яшчэ драмаў, лыпаў вачыма і нарэшце сказаў:

— Мая вахта? Ужо?

— Уставайце,—сказаў я.—Пара.

Ён маўчаў,—нібы не пазнаў майго голасу.

— Я нічога ня бачу, чаму гэта?—сказаў ён.

— Як чаму? Быццам вы ня ведаеце,—сказаў я зьдзіўлена.

— Так, так, цяпер я ўспамінаю. Ці ёсьць там яшчэ крыху ў конаўцы?

— Ані капелькі, мабыць, вы ўсё выпілі.

— Так, так, пэўна. Дай мне вады, мой мілы хлопчык, я ўміраю ад смагі.

Цэлую конаўку вады выпіў ён адразу.

— Можа вы зьелі-б крыху чаго?

— О, не, есьці я нічога ня буду,—сказаў ён і працягнуў руку да конаўкі. Я заўважыў, што трасуцца яго рукі і зьвярнуў на гэта яго ўвагу.

— Так, гэта заўсёды бывае пасьля выпіўкі. А добра я выпіў учора.

Многа год я ня меў такое асалоды, многа там яшчэ рому? Даў-бы ты яшчэ крыху, мне трэба пахмяліцца. Толькі ня многа, разоў два-тры глынуць. А ўчора я здорава буяніў?

— Вы прасьпявалі некалькі песень, якія мне вельмі спадабаліся.

— Я рад, што яны табе спадабаліся. Калісьці я лічыўся добрым сьпеваком. О, каб я ня быў "добрым таварышам", я не зрабіўся-б п'яніцам. Схадзі, браток, прынясі мне яшчэ рому.

Я задаволіў яго просьбу. Джаксон выпіў, папрасіў есьці, і пачаў расказваць аб розных вясёлых здарэньнях на сваім жыцьці.

Дзень прайшоў вельмі прыемна; калі надышоў вечар, Джаксон сказаў:

— Ну, Франк, ты мабыць хочаш, каб я яшчэ засьпяваў якую песьню?

Дык ідзі і прынясі мне больш рому, тады я буду сьпяваць, колькі ты захочаш.

Я выканаў яго просьбу. На гэты раз Джаксон лёг у пасьцель раней, чым пачаў піць. Выпіўшы вялікую порцыю рому, ён запытаў мяне, якія мае ўлюбёныя песьні. Я сказаў, што мне цяжка адказаць яму на гэтае пытаньне, бо я ніколі ня чуў ніякіх песень.

— Напомні мне, што я сьпяваў у мінулую ноч.

— Я расказаў яму, як мог.

— Ага, гэта ўсё матроскія песьні. Цяпер я засьпяваю што-небудзь лепшае.

І вось ён засьпяваў нейкую прыгожую, сумную песьню. І чым ён больш піў, тым голас яго ўсё больш і больш пачынаў хрыпець. Урэшце, ён ужо не сьпяваў, пачаў мармытаць і лаяцца. Потым ён змоўк. Я думаў, што мой кампаньён сьпіць, аж чую мармыча нешта. Слухаю:

— Што табе да таго, дзе я дастаў іх? Вось яны. — Крыху пачакаўшы, зноў пачаў: Гэта найлепшыя, чыстыя дыямэнты, я гэта добра ведаю, мяне не абдурыш. Як яны трапілі да мяне? Гэта мая справа.

Пытаньне толькі ў тым, ці хочаш ты даць мне за іх сапраўдную цану? Ня хочаш? Ну, добра, бывай. Не, я не зьвярнуся, стары злодзей... Не, я не зьвярнуся, стары злодзей...

Праз нейкі час ён зноў пачаў:—Хто можа даказаць, што гэтыя дыямэнты належаць Генікеру?

Пачуўшы гэта імя, я яшчэ больш уважна пачаў прыслухоўвацца.

— Ну, не,— сказаў Джаксон,—ён памёр і цела яго рыбы зьелі. Няжывыя не гавораць. І яна памерла, і капітан памёр. Усе памерлі, так, усе.—Ён цяжка ўздыхнуў і змоўк.

Пачынала разьвідніваць і я глянуў на яго твар. На ілбе былі вялікія каплі поту, рукі сьціснуты. Стары хоць спаў, але сударгі прабягалі па яго твары. Відаць было, што ён страшэнна пакутуе, ён цяжка ўздыхаў, губы яго краталіся, але слоў ня было. У конаўцы яшчэ асталося крыху рому.

Я вышаў з хаты, сеў на сваё звычайнае месца і пачаў думаць аб тым, што казаў уночы Джаксон. Ён гаварыў пра нейкія дыямэнты і сказаў, што яны належаць Генікеру, мабыць майму бацьку. Я ведаў з яго-ж расказаў, што дыямэнты маюць вялікую каштоўнасьць і ўспомінуў, што ў яго пад пасьцельлю нешта схавана. Я ўспомянуў таксама ўсё, што казаў Джаксон аб сьмерці маіх бацькоў і капітана, і калі ён часам ніякавата адчуваў сябе пры расказе. I вось я рашыў, што ён гаварыў няпраўду, што тут ёсьць таямніца, якую патрэбна высьветліць. Але як гэта даведацца? Быў адзін спосаб. Ром разьвязваў яму язык. Я рашыў паіць яго да ап‘яненьня і такім чынам выведваць усё. З гэтаю думкаю вярнуўся я дахаты і разбудзіў Джаксона.

На маё пытаньне, як ён адчувае сябе, Джаксон адказаў:

— Ня вельмі добра.

— Няўжо? Аднак вы прасьпявалі некалькі прыгожых песень.

— Памятаю,—сказаў ён,—але пад канец я заснуў.

Увесь дзень мы гутарылі пра музыку, сьпевы. Я напяваў яму мэлёдыю, якая мне падабалася.

— Ты добра запомніў мотыў, у цябе, мабыць, добры слух. Ты спрабаваў калі-небудзь сьпяваць?

— Не,—сказаў я.

— Паспрабуй цяперака. Я засьпяваю, а ты паўтары за мною.—Вельмі добра,—сказаў Джаксон пасьля майго пяяньня.

— У цябе высокі голас, вышэйшы як у мяне.

Гэты дзень мы займаліся сьпевамі. Пад вечар ён зноў папрасіў прынесьці яму рому. Я захапіў з сабою тры бутэлькі, якія знайшоў у сундучку, напоўніў іх ромам, прынёс дадому і паставіў каля яго.

— Так будзе лепш,—сказаў ён.—Я магу напіцца, колькі мне захочацца, а да таго-ж я хацеў разбаўляць ром вадою; яно хоць і ня так смачна, але затое надалей хопіць. Ня думаў я, што трапіцца такая ўцеха ў час мае доўгае пакуты.

Уночы Джаксон зноў сьпяваў і піў ром, а потым, напіўшыся, заснуў і не сказаў ні слова.

Я быў расчараваны такім зьявішчам, бо спадзяваўся пачуць многае. Вельмі доўга было-б расказваць пра тое, што здарылася на працягу наступнага месяца. Джаксон рэдка гаварыў спрасонку, калі быў п‘яны, а калі і гаварыў, дык я нічога ня мог разабраць.

У дзень ён вучыў мяне сьпяваць, а пад вечар напіваўся і спаў. Я заўважыў, што частая выпіўка робіць дрэнны ўплыў на яго здароўе: ён стаў бледны і нахмураны. Я стараўся не паказаць яму свае падазронасьці, мне трэ‘ было выведаць усё, каб ён як-небудзь прагаварыўся раз, а тады сказаў-бы і далей. Я не памыліўся. Неяк увечары, калі ён выпіў сваю порцыю рому і лёг спаць, я заўважыў, што ён штосьці непакоіцца. Ён доўга варочаўся ў сваёй пасьцелі і нарэшце прамармытаў:— Капітан Джэмс?

— Што-ж вы хочаце сказаць пра капітана Джэмса?

У мяне зьявілася думка, шго можа ён адкажа на пытаньне.

— Як-жа ён памёр?—запытаў я ціхім, але выразным голасам.

— Як памёр?—адказаў Джаксон.—Ён зваліўся са скалы. Так, зваліўся. Ніхто ня можа сказаць, што я крануў яго.—Крыху памаўчаўшы, пачаў далей:—Ён заўсёды казаў, што я забіў іх абаіх, але гэта няпраўда, толькі аднаго. Так, аднаго, я прызнаюся ў гэтым, але-ж я ненавідзеў яго, не за яго дыямэнты, не, не. Калі ты кажаш пра яго жонку... так, каханьне і злосьць.

— Дык ты забіў яго з-за каханьня да яго жонкі і злосьці на самога сябе?

— Так, так, гэта праўда, але хто ты, што ўсё ўгадаў? Хто ты?.. Я заб‘ю цябе.

Ён прачнуўся, трывожна падняў галаву і запытаў:

— Хто тут гаварыў? Франк Генікер, гэта ты гаварыў?

Я нічога не адказаў, прытварыўся сонным і моцна захроп.

— Ня можа быць, каб гэта быў ён. Ён моцна сьпіць. Які сон.

"Ці не забіць мне яго самога, вось зараз, пакуль ён сьпіць?"—падумаў я.—"Не, гэтага я не зраблю. Я абвінавачу яго ў забойстве, калі ён прачнецца, і тады ён ня вытрымае. Не, гэта будзе ганебна. Ён сьляпы і бясьсільны". Пасьля я пачаў крыху супакойвацца, але адчуваў, што я ўжо не змагу да яго так адносіцца, як раней.

Раніцою я глянуў на пасьцель Джаксона, але яго ня было. Я быў вельмі зьдзіўлены. Успомніўшы яго начны крык, я хутчэй выбег з хаты; нідзе наўкола ня відаць было майго таварыша. Я глянуў уніз са скалы, бо мільганула думка: можа ён сп'яну зваліўся,—але яго там ня ўбачыў.

— Мабыць ён пашоў па ваду,—рашыў я, і глянуў у глыбозны роў. Вось тут, на дне гэтае гібельні, ляжаў Джаксон, бяз усякіх прыкмет жыцьця. Я зжахнуўся. Яшчэ нядаўна я меркаваў, каб як забіць яго, а вось ён цяпер ляжыць перада мною няжывы. Крыху пачакаўшы, мне прышла думка, мо‘ ён яшчэ жывы і вось, чапляючыся па каменных глыбах, я дабраўся да месца, дзе ляжаў Джаксон.

Ён моцна стагнаў.

Я стаў перад ім на калені і сказаў:

— Джаксон, вы моцна разьбіліся?

Калі я ўбачыў яго ў такім цяжкім становішчы, усе мае дрэнныя пачуцьці згінулі. Вось чую ён шэпча:

— Вады.

Я пусьціўся бягом дахаты, узяў вады, падліў туды крыху рому і прынёс. Глынуўшы некалькі капель, ён нібы пачаў ажываць, але выгляд у яго быў надзвычайна страшны. Кроў цякла з раны па галаве і залівала яму ўвесь твар і бараду. Я ня ведаў, як данесьці яго дахаты. Несьці яго па гэтых каменных глыбах, кудою я ішоў, ня было ніякай мажлівасьці.

— Ці можаце вы дабрацца дахаты, калі намагчы вам?— запытаў я.

— Я ніколі не дабяруся да яе,—чуць вымавіў ён.—Дай мне памерці тут.

— Але-ж ваша рана няглыбокая.

— Я не адчуваю,—працадзіў ён.—Але мой бок... у мяне нутром пашла кроў... Я ўвесь разьбіўся.

Я глянуў на яго бок і ўбачыў, што ён увесь шчарнеў і апух. Я даў яму яшчэ вады, потым зноў пабег па ваду, падбавіў рому і вярнуўся да яго. Мне здалося, што Джаксон мае лепшы выгляд, і тут-жа мільганула надзея на папраўку. Я сказаў яму аб гэтым, каб крыху падбадзёрыць яго.

— Не, не,—адказаў ён,—мне асталося жыць некалькі гадзін. Я адчуваю гэта. Дай мне спакойна памерці тут.

Джаксон страціў прытомнасьць... ён паміраў, і я баяўся, што ні аб чым больш не даведаюся. Прыблізна праз дзьве гадзіны я нахіліўся да яго і запытаў, як ён сябе адчувае.

Стары адразу-ж адказаў:

— Мне лепш. Кровацячэньне здаецца спынілася, але жыць не магу. Бок мой паломаны, ніводнага цэлага рабра не асталося. Сьпінны хрыбет таксама паломаны. Я не магу крануць ног, нібы ў мяне іх няма. Я пражыву некалькі гадзін.

— У такім разе, — сказаў я,—скажэце мне праўду адносна сьмерці майго бацькі і ўсіх іншых. Я, між іншым, ведаю, што вы забілі майго бацьку, пра гэта вы самі сказалі ўночы праз сон.

Крыху памаўчаўшы, Джаксон сказаў:

— Я рад, што ведаеш гэта. Я скажу табе ўсё. Расказаць пра сваё злачынства, г. зн. пакаяцца. Ты, пэўна, будзеш ганьбіць мяне, будзеш успамінаць з агідаю, але глянь, Франк, і скажы праўду, што мяне цяпер пашкадаваць трэба, ляжу тут сьляпы, пакалечаны. Ці-ж я ня варты таго, каб пашкадаваць мяне?

Я быў згодзен з ім.

— Я расказаў табе праўду да таго моманту, калі бацькі твае зьявіліся на нашым караблі і калі пачалася тая страшэнная бура, якая загубіла нас. Дай мне напіцца вады. Карабель наш кідала ва ўсе бакі і хвалі перакідваліся праз борт. Люкі былі закрыты, гарачыня была страшэнная. Калі я не стаяў на вахце[4], дык спускаўся ўніз і шукаў добрае мясьціны, каб заваліцца спаць.

Перад каютнаю перагародкай, на баку штырборта капітан зрабіў нешта накшталт камэры, дзе хаваў запасныя парусы. Гэты куток я выбраў сабе для спаньня.

Каюта тваіх бацькоў знаходзілася на другім баку перагародкі. Ад моцнага хістаньня ў ёй зьявіліся шчыліны, так што я мог бачыць усё, што рабілася ў каюце, і чуць кожнае слова. Аднойчы я быў на вахце ад шостае да восьмае і рана лёг спаць; а гадзіне дзевятай вайшоў у каюту твой бацька. Маці твая запытала:

"Табе дрэнна, мабыць, з гэтай папругай, мой любы".

"Не, я да яе прывык. Я ня здыму яе, пакуль ня зьменіцца надвор'е. Хто можа ведаць, што здарыцца?"

"Ты думаеш мы ў небясьпецы?"

"Наўрад, але навальніца вялікая, а карабель стары і нямоцны. Праз дзень-два надвор'е палепшыцца, але раз справа ідзе аб каштоўнасьцях, якія мне не належаць, трэба быць асьцярожным.

Пэўна, як-бы я жадаў хутчэй дабрацца дадому і аддаць майму бацьку яго дыямэнты".

— Я глянуў у шчыліну і ўбачыў, што твой бацька здымае з сябе пояс з мяккае шкуркі, які быў удоўж і папярок перашыты маленькімі чатырохкутнікамі. Мабыць у кожным з іх зашыты быў дыямэнт. Пасьля ён патушыў сьвечку і гутарка спынілася. І так, бацька твой насіў на сабе вялікае багацьце. Калі-б яно папала ў мае рукі, дык дало-б мне мажлівасьць выйсьці з дрэннага становішча,—зьвярнуцца ў Англію і выйсьці ў людзі. Такім чынам, да пачуцьця нянавісьці, якое я меў да твайго бацькі, далучылася яшчэ прагавітасьць, жаданьне чаго-небудзь каштоўнага.

— Тымчасам я павінен спыніцца.

Ён глынуў крыху вады і заціх.

Я пашоў дахаты і праз поўгадзіны вярнуўся. Джаксон цяжка дыхаў, але мне здалося, што ён заснуў. Я ня будзіў яго, стаяў і ўглядаўся; шкода было на яго глядзець. Я пытаўся сябе:—Ці змагу я дараваць таму чалавеку, які забіў майго бацьку,—і даў адказ, што змагу, бо ён ня мала пакараны.

Я глянуў на яго пакалечаную руку і сэрца сьціснулася пры думцы, што тут мая віна.

Вось ён загаварыў:

— Ты тут, Франк?

— Тут.

— Я, здаецца, паспаў крыху?

— Як вы сябе адчуваеце?—ласкава запытаў я.

— Я адчуваю, што з бокам у мяне яшчэ горш стала. Дай мне скончыць маю споведзь, гэта мяне заспакоіць. Сёньня ўночы, ці заўтра я памру. Падыйдзі бліжэй, каб я мог ціха гаварыць, тады я змагу больш расказаць.

Я пасунуўся бліжэй да яго.


IV Перадсьмертная споведзь Джаксона


— Ты ведаеш, як трапілі мы на гэты востраў і як я ўзбунтаваўся. Пасьля, жывучы разам з тваімі бацькамі і капітанам, я спачатку нібы і не злаваўся на твайго бацьку, але хутка пачуцьцё нянавісьці зноў загарэлася, і я пачаў шукаць такога выпадку, каб загубіць яго.

Твая маці ня любіла сушаных птушак і мы штодзенна хадзілі лавіць для яе рыбу. Я рашыў, што свой намер лягчэй выканаю тады, калі прыпільную твайго бацьку, як ён, седзячы на скале, будзе лавіць рыбу. I вось я схаваўся недалёка ад гэтага месца, і калі ён захапіўся сваёю работаю, я падпоўз зусім блізка. Бачу, ён нахіліўся, каб разглядзець рыбу,—у гэты момант я піхнуў яго ў мора. Я всдаў, што ён ня ўмее плаваць. Праз некалькі хвілін морскія хвалі забралі твайго бацьку назаўсёды.

Я хутчэй спусьціўся ўніз, назьбіраў дроў і панёс іх дадому. Гэтым я хацеў адхіліць падазронасьць. Але з гэтага нічога ня вышла.

Як толькі я зьявіўся з дрывамі, капітан заўважыў:

"Якая навіна, Джаксон, што вы зьбіраеце дровы ў той час, як ня ваша чарга. Цуд нейкі".

"Як бачыце, я раблюся вельмі далікатны",—адказаў я. Тымчасам я ня мог зірнуць у вочы капітану і тваёй мацеры, якая стаяла побач з ім і трымала цябе на руках.

Яна зьвярнулася да мяне з запытаньнем:

"Ці злавіў мой муж рыбу, Джаксон, вы ня ведаеце? Пара ўжо, здаецца, вярнуцца?".

"А адкуль я ведаю? Я хадзіў у роў зьбіраць дровы".

"Але-ж дзьве гадзіны таму назад вы былі на скале. Капітан Джэмс бачыў, як вы ішлі адтуль".

"Так, я бачыў вас",—сказаў капітан.

"Ці злавіў Генікер хоць адну рыбу тады, як вы былі з ім?"

Яны не маглі не заўважыць майго хваляваньня.

"Так, я быў на скале, але не падыходзіў да Генікера".

"Але-ж я бачыў вас побач з ім",—сказаў капітан.

"Ва ўсякім разе я не глядзеў на яго".

"Аднаму з нас трэба пайсьці пазваць яго,—сказаў капітан.— Я пакіну з вамі Джаксона",—сказаў ён тваёй матцы.

"Так, так,—хвалюючыся адказала яна.—У мяне дрэннае прадчуваньне; пакіньце яго тут".

Капітан адразу-ж накіраваўся да скалы і праз чвэртку гадзіны вярнуўся страшэнна ўсхвалёваны.

"Яго там няма",—сказаў ён.

„Як няма? Гэта вельмі дзіўна“.

„Больш чым дзіўна“,—адазваўся капітан.

„Джаксон, пайдзеце вы, можа ўбачыце яго, а я астануся тут“.

Твая маці ў гэты час сядзела, апусьціўшы галаву. Маё сэрца сьціскалася, гледзячы на яе, і я рад быў адыйсьці.

Праз поўгадзіны я вярнуўся і сказаў, што нідзе не знайшоў твайго бацькі.

Гэта быў страшэнна цяжкі дзень для ўсіх.

Ніхто нічога ня еў. Капітан і твая маці сядзелі ў хаце, а я ня мог нават уночы заняць там сваё месца, а праляжаў на скалах. Спаць я ня мог.

Перада мною паўставала цела твайго бацькі ў тым выглядзе, якім яно было, як зьнікала з паверхні вады.

На другі дзень капітан падышоў да мяне. Ён быў страшэнна пануры, але не рашаўся абвінавачваць мяне.

Толькі праз тыдзень убачыў я тваю матку, а ўвесь гэты час я ня мог паказвацца ёй на вочы, але, пераканаўшыся, што ніхто не абвінавачвае мяне, я крыху павесялеў, вярнуўся ў хату і ўсё пашло пастарому.

Праўда, твая маці нічога не гаварыла, але ніколі не глядзела на мяне і рэдка адказвала на мае пытаньні. Такія адносіны яе не расчаравалі мяне, а наадварот, яшчэ больш прыцягвалі. Ранейшае пачуцьцё загарэлася з новаю сілаю. Чым больш яна старанілася ад мяне, тым больш грубейшым рабіўся я. Я часам браў жартаўлівы тон, і капітану Джэмсу прыходзілася сунімаць мяне. Гэта быў чалавек з сільнай воляй, які ў выпадку патрэбы справіўся-б са мною. Я гэта добра ведаў і ў яго прысутнасьці стараўся далікатна абыходзіцца з тваёю маткаю, але, як толькі яго ня было, я зноў інакш трымаў сябе. Гэта прывяло да таго, што твая маці выказала жаданьне, каб мы хадзілі на работу разам, а не па чарзе, і пакідалі-б яе адну.

Я не супярэчыў гэтаму. Ня любіў я і капітана і вось хутка адбылося такое здарэньне, пасьля якога я астаўся адзін з тваёю маткаю. Цяпер я крыху адпачну, а потым раскажу далей.

Надыходзіла ноч. Пры сьвятле месяца скалы мелі дзікі, суровы выгляд. Яны высока ўзьнімаліся адна над другою, а высока над імі мільгалі зоркі.

Гэта быў прыгожы, таемны малюнак прыроды.

Задумаўшыся, я прасядзеў некалькі гадзін, прыхінуўшыся да скалы, нават крыху заснуў. Пасьля чую слабы голас Джаксона, ён прасіў вады. Я падаў, і ён, глынуўшы крыху, пачаў расказваць далей.

— Месяцаў праз чатыры пасьля сьмерці твайго бацькі мы пашлі раніцою ў роў па дровы. Капітан ішоў па беразе скалы, а я за ім. У нас у руках было па куску вяроўкі, якою мы зьвязвалі дровы. Вось ён неяк пасьлізнуўся і ўпаў са скалы, але ўхапіўся за куст, які тырчэў са шчыліны скалы, і затрымаўся, хоць напалову ўжо вісеў над абрывам.

Ня гледзячы на такую небясьпеку, ён зусім спакойна сказаў:

„Падай мне канец твае вяроўкі“.

„Добра“—адказаў я.

„Хутчэй, хутчэй, куст вырываецца“.

Я рабіў такія рухі, нібы сьпяшаюся, але знарок заблытаў вяроўку вакол сваіх ног і доўга разблытваў яе. У гэты момант капітан яшчэ раз крыкнуў: „Хутчэй!“—і пасьля гэтага слова кусьцік вырваўся, і ён паляцеў уніз. Я чуў, як яго цела грукнулася вобземлю. А цяпер глянь на мяне, Франк. Кожны чалавек мае тое, што заслужыў. Я паміраю, як і ён, на дне гэтае гібельні, разьбіты і пакалечаны...

Я падышоў да таго месца, дзе ён ляжаў і застаў яго канаючым. Гэта было забойства. Я-ж мог выратаваць яго, але не хацеў. Апошнія словы яго доўга гучэлі ў маіх вушох. Я прышоў дадому і паведаміў тваю матку аб гэтым здарэньні. Яна залілася сьлязьмі і пачала вінаваціць мяне ўзабойстве ня толькі капітана, а і твайго бацькі. Некалькі тыдняў яна была ў страшэннай роспачы. Я пачаў непакоіцца за яе жыцьцё, але ў яе аставалася дзіця—ты, і для цябе яна жыла.

Цяпер я стаў поўным гаспадаром над ёю. Спачатку я баяўся зірнуць на яе, а пасьля асмеліўся і нават прапанаваў ёй быць маёю жонкаю.

Яна са злосьцю вылаяла мяне. Каб прымусіць яе згадзіцца на маю прапанову, я не даваў ёй есьці. Яна і сама рада была памерці, але не магла бачыць твае пакуты.

Ад усяго перажытага яна пачала хварэць і праз шэсьць месяцаў памёрла. Перад сьмерцю яна прасіла мяне не рабіць нічога дрэннага табе і, калі здарыцца, каб адвёз цябе да дзеда.

Я пахаваў яе пад скалою побач з другімі. Бязумоўна, я вінаваты ў гэтай сьмерці, як і ў сьмерці твайго бацькі і капітана. Жыцьцё маё зрабілася пакутаю. Я ня мог забіць цябе, бо памятаваў перадсьмертную просьбу твае маткі, але ня мог глядзець на цябе. Адна ўцеха была ў мяне—гэта дыямэнты; у мяне была надзея, што можа калі-небудзь я вярнуся на сваю бацькаўшчыну. Скажы, ці-ж не заслужыў я кары за сваё злачынства.

Крыху адпачыўшы, ён пачаў далей:

— Франк, ці можаш ты дараваць мне і даць спакойна памерці? Скажы, Франк.

— Так, я магу дараваць вам, Джаксон. Я хутка астануся адзін на гэтым востраве і адчуваў-бы сябе вельмі няшчасным, каб не дараваць вам.

— Дзякую! Ты добры хлопчык. Скора дзень?

— Так, скора будзе дзень.

— Боль страшэнны, мне робіцца ўсё горш і горш, але перад сьмерцю стане лягчэй, і тады...

Джаксон застагнаў і змоўк.

Некалькі гадзін ён пакутаваў. З лба цёк пот. Пасьля ўжо зусімслабым голасам сказаў:

— Мне трэба сказаць табе, дзе знаходзіцца багацьце твайго бацькі.

— А я ведаю, пад дошкамі вашай пасьцелі. Я-ж бачыў, як вы паднімалі іх уночы,—сказаў я.

— Праўда. Больш мне няма чаго казаць. Хутка канец.— Джаксон змоўк. Я адышоў на некалькі хвілін, і калі вярнуўся, Джаксон быў няжывы.

Мне страшна было аставацца разам з мерцьвяком. Ад голаду і хваляваньня ў мяне кружылася галава, я хутчэй пашоў дахаты. Адпачыўшы там, я зноў пашоў да нябожчыка. Выгляд у яго быў яшчэ страшнейшым. Я думаў аб тым, як пахаваць Джаксона, і тымчасам баяўся дакрануцца да яго, потым рашыў накрыць яго цела вялікімі каменьнямі, якіх тут было многа.

Пакідаючы гэтае месца, я рашыў, што ніколі сюды не зайду. Мне лягчэй зрабілася, калі я дайшоў дахаты, але доўга ня мог заснуць. Усплывалі розныя думкі, мне ня верылася, што я астаўся адзін, што няма з кім слова прамовіць.


V Мае новыя сябры


Мне цяпер было прыблізна чатырнаццаць год. Я ня ведаў, калі спаткаю такіх, як я, і гэта непакоіла мяне. Як-бы дорага даў я за тое, каб Джаксон астаўся жывым. У забойцы майго бацькі я страціў свайго сябра. Першы дзень я ня мог нічога рабіць; прабаваў чытаць, але ня мог. Прапаў і апэтыт. Я глядзеў на морскія хвалі і думаў, ці не прынясуць яны мне таварыша?

Надышоў вечар, а я ўсё сядзеў і думаў. На шчасьце, я скора заснуў і забыўся пра сваё гора. Раніцою я адчуў сябе больш бадзёра.

Успомніўся мне пояс з дыямэнтамі. Я падняў дошку пад пасьцельлю Джаксона і там убачыў ямку, якая напоўнена была рознымі рэчамі.

Там быў гадзіньнік і запанкі, якія належалі падшкіперу, некалькі даляраў, закручаных у анучкі, табакерка, старая лялька, брошка і некалькі пісем з надпісам "І. Эвэлін“. У табакерцы я знайшоў пярсьцёнак, які, мабыць, належаў маёй мацеры, і пасмачку яе чорных валасоў. Было тут некалькі кускоў руды, срэбраная скрыначка і пара маленькіх залатых завушніц. На дне ямкі ляжаў пояс з дыямэнтамі. На ім быў надпіс: „Уласнасьць І. Эвэліна. Мінорыс 33, Лёндон“. Аглядзеўшы ўсе гэтыя рэчы, я палажыў іх на месца і закрыў дошкаю.

Не захапляла мяне гэтае багацьце.

Да прылёту птушак аставалася яшчэ месяц.

Аднаго разу я рашыў захапіць з сабою харчоў і пайсьці пазапасіць дроў. Мне хацелася сыйсьці з хаты і не паказвацца некалькі дзён.

Праз гадзіну я быў ужо на месцы, але не сьпяшаўся зьбіраць дровы. Я задумаў узьлезьці як мага вышэй і паглядзець, ці можна пералезьці на другі бок вострава. Вось я палез па скалах і трапіў на высокую гару, дзе расла густая зялёная трава. Тут ня было кустоў.

Я сеў адпачыць і заўважыў недалёчка прыгожыя блакітныя кветкі, якіх ніколі ня бачыў. Я ня ведаў, што яны тут могуць расьці, я адчуў да іх нейкую пяшчотнасьць; яны былі адзінокі, як і я. Мне ўзьбег на памяць малюнак, дзе зьмешчаны быў ангельскі котэдж[5]. Джаксон тады расказваў мне, як у Англіі займаюцца садоўніцтвам, шчапляюць дзікія ружы і іншыя расьліны, каб упрыгожыць свае сады, двары.

Я выкапаў некалькі гэтых расьлін і пашоў далей; там я напаткаў яшчэ некалькі такіх кветак. Праз некаторы час я ўзышоў на верхавіну гары і ўбачыў акіян з другога боку.

Перада мною ляжала другая палова вострава, якое да гэтае пары ня бачыў. Від быў надзвычайна прыгожы, але абедзьве палавіны мелі аднолькавы выгляд. Ад гэтага месца, дзе я стаяў, пачынаўся роў, які густа аброс кустамі. Ня чутна было птушыных зыкаў, было ціха, пустынна.

Я зьнізіўся ў гэты роў і знайшоў там многа розных расьлін, якіх яшчэ ня ведаў. Тут была папараць і розныя паўзучыя расьліны. Я рашыў пасадзіць каля свае хаты, але ўспомніў, што хата стаіць на скале, і, каб расьліны маглі ўмацавацца, трэ' было прынесьці мяккае зямлі. З гэтаю думкаю я накіраваўся дадому, каб падрыхтаваць там месца для пасадкі. На другі дзень я дастаў з сундучка парусінавую рубашку, завязаў каўнер і рукавы і зрабіў мяшок для пераноскі зямлі. Я прынёс яе дзесяць ці дванаццаць мяшкоў і ў працягу дня зрабіў вакол хаты градку. Цэлы тыдзень я быў заняты гэтым і быў вельмі здаволены.

Я пераканаўся ў тым, што работа—лепшае лякарства ад нуды і маркоты. Калі градкі былі гатовы, я пашоў па кветкі. Выкапаў там некалькі прыгожых кустоў і пасадзіў каля свае хаты. Раніцою я спужаўся, калі ўбачыў, што мае расьліны маюць вялы выгляд. Потым я заўважыў, што зямля спаўзае па краёх; тады я набраў каменьня і аблажыў наўкола. Усё было гатова і мне аставалася толькі паліваць кожны дзень мой садзік. Джаксон гаварыў, што птушыны гной спрыяе росту расьлін, таму я прынёс цэлы мяшок і пасыпаў па крысе каля кожнае расьліны.

Рос мой садзік, расло маё задавальненьне. Я ведаў кожную расьліну, кожны кусьцік, гутарыў з ім, як з таварышам. Адзіноцтва ня мучыла мяне, мне было чым цікавіцца, за чым наглядаць. Для мяне гэта былі жывыя істоты. Яны расьлі, давалі лісточкі, кветкі, здавалася, што яны дзякуюць мне за догляд. Я казаў аб тым, што Джаксон вучыў мяне сьпяваць—і вось цяпер я сьпяваў. Ніхто ня чуў маіх песень, ня чуў і я наўкола сябе чалавечага голасу. Час часам я хадзіў шукаць новых расьлін і кожная знаходка радавала мяне.

Нарэшце прыляцелі птушкі. Я пачаў зьбіраць яйкі і гэта было прыемнай пераменай майго харчаваньня. Я зноў пачаў разглядаць сваю „Прыродазнаўчую гісторыю" і прачытаў у ёй усё, што напісана было пра птушак-альбатросаў. У кнізе быў малюнак і апісаньне таго, як кітайцы прывучаюць гэтых птушак лавіць рыбу. Гэта навяло мяне на думку злавіць колькі альбатросаў і прыручыць іх. Я ведаў, што браць іх тады, як яны толькі вылузаліся з яйца, было рана, трэ‘ было крыху пачакаць. Тымчасам я пачаў запасіць дровы. Носячы вязанкі дроў, я паваліўся і моцна выцяўся, але скора паправіўся.

Надышоў час лоўлі птушак. Гэта быў вясёлы занятак. Я раней вызначыў некаторыя гнёзды і цяпер пашоў, каб забраць шэсьць маладых птушак, па аднэй з кожнага гнязда. Мне прышлося ваяваць з шасьцю старымі птушкамі, якія баранілі сваіх дзяцей, яны аж да хаты праводзілі мяне, калі я нёс іх дзяцей. Я павязаў іх за ногі вяровачкамі ад вудачак. Старыя птушкі крычалі, аж пакуль не сьцямнела; тады яны паляцелі, а я лёг спаць.

На другі дзень я ўбачыў, што старыя птушкі зноў прыляцелі да маладых і нібы гутараць з імі, каб разам ляцець. Як толькі яны заўважылі мяне, адразу-ж падняліся і паляцелі на бераг мора. Праз колькі хвілін яны зьвярнуліся і ў іх дзюбах была дробная рыбка, якою пачалі карміць дзяцей. Набліжаўся дзень адлёту птушак. Яны ўзьляталі, кружыліся, крычалі. Пачалі непакоіцца і мае шэсьць старых; яны таксама крычалі і ўрэшце такі пакінулі дзяцей і паляцелі. Я рад быў гэтаму. Мне хацелася астацца аднаму з маёй новай сям'ёю. Я злавіў вялікую рыбу і карміў ёю птушак некалькі дзён.

Хутка яны асвоіліся і ня толькі пазнавалі мяне, а нават з радасьцю спатыкалі, што вельмі цешыла мяне. Я падоўгу праседжваў з сваімі маладымі таварышамі. Яны былі не асабліва панятлівымі і рухавымі, а ўсё-ж такі жылі, краталіся, глядзелі на мяне. Калі я прыносіў ім рыбу, яны шырока раскрывалі рот і чакалі свае чаргі. Усё гэта прыемна было бачыць і асабліва наглядаць, як яны падрастаюць. Я даў ім назвы „Прыродазнаўчай гісторыі": Леў, Тыгра, Пантэра, Мядзьведзь, Конь і Асёл. Кормячы, я клікаў іх па імені, і надзвычайна быў рад, калі заўважыў, што яны, пачуўшы сваё імя, адклікаюцца. Праз некаторы час я даў свабоду дваім, але пападрэзваў ім крылы. Яны павесялелі, ішлі за мною ўсюды і нават спалі ў хаце. Пераканаўшыся ў тым, што яны ня думаюць уцякаць, я і другіх пусьціў на волю. Каб скарыстаць вольны час, якога ў мяне было многа, я зноў рашыў пашукаць новых расьлін. Мне здавалася, што я недзе ў шчыліне скал бачыў прыгожую кветку.

Я пачаў лазіць па скалах і праз некаторы час дабраўся да таго месца, якое меў на ўвазе. Мая праца не прайшла дарэмна, я знайшоў тут новыя расьліны, некалькі відаў папараці. Я быў на высокай скале. Дзесьці далёка ўнізе віднелася мая хатка і птушкі. Дзень быў сонечны і я мог бачыць абрысы другіх астравоў, далей віднелася нешта белае, мажліва карабель. Я пачаў марыць аб тым, ці змагу я выбрацца куды-небудзь з гэтага вострава. Надыходзіў вечар. Я назапасіў сабе да дваццаці гатункаў розных расьлін і пашоў дадому.

Хоць я і прывык да свайго адзіноцтва, але часам рабілася вельмі маркотна. Усё часьцей паўставала пытаньне, ці выберуся я куды-небудзь адсюль.

У мяне зноў зьявілася думка перабрацца на процілеглы бераг вострава, разглядзець яго. Я парэзаў на кавалкі дзьве вялікія рыбы, пацалаваў сваіх таварышоў, узяў тапор, ножык, конаўку для вады, сушаных птушак, „Прыродазнаўчую гісторыю“ і рушыў у дарогу. Праз колькі гадзін я быў на самай высокай скале і пачаў сходзіць уніз да берагу. Падыходзячы бліжэй, я заўважыў, што на камені нешта кратаецца. Я падышоў яшчэ бліжэй і ўбачыў некалькі жывёлаў, якія часта давалі нырца. Гэта мяне вельмі зацікавіла. Я ўспомніў, што бачыў малюнак гэтых жывёл у кнізе „Прыродазнаўчая гісторыя“. На шчасьце, кніга была са мною. Я пачаў гартаць лісты і знайшоў малюнак, падобны на іх.

Гэта былі цюлені. У апісаньні да малюнку было сказана, што іх вельмі лёгка забіць, калі выцяць па пераносіцы. Мне захацелася мець таварышом маладога цюленя; альбатросы, па праўдзе кажучы, ня вельмі разумныя жывёлы. Я зьняў з сябе мяшок з харчамі, узяў тапор і пачаў асьцярожна падыходзіць да цюленяў. Іх было тут штук дваццаць і ўсё вялізныя, малых нідзе ня відаць было. Я глянуў управа, тут на другім камені ляжаў вялізны цюлень, а каля яго маленькі, ня больш двух футаў даўжыні. Гэтага мне і трэ‘ было.


Каб забраць маладога, неабходна было забіць старога. Я ў момант стаў між імі і вадою. Як толькі стары цюлень заўважыў мяне, адразу-ж кінуўся ў воду і закрычаў. Ён выскаліў зубы, падняўся на плаўніках, каб абараніць сваё дзіця і сябе, але я ўдарыў яго па пераносіцы і ён мёртвым паваліўся на камень. Я ў момант схапіў малога і хацеў несьці яго, але нечакана спаткаўся з самцом, які пачуў крык і прыбег на дапамогу. Ён быў большы за самку, і відаць, вельмі злосны; ён проста ішоў на мяне. Прышлося кінуць малога і хавацца за скалу. Самец падняўся і гатоў быў наскочыць на мяне, але я злаўчыўся і стукнуў тапаром яму па пераносіцы, і мой вораг ляжаў мёртвым. А маленькі цюлень тымчасам падпоўз да свае забітае маткі і лашчыўся там. Я забраў яго на рукі і пабег назад, да таго месца, дзе ляжаў мяшок. Там я выняў рэчы, а цюленя завязаў у мяшок. Я змарыўся ад няпрывычнае барацьбы, таму я крыху затрымаўся, каб адпачыць.

Да змроку я ня мог вярнуцца дадому, таму адышоў крыху ад берагу і рашыў тут начаваць.

Сярод каменных глыбаў я выбраў сабе больш зацішнае месца, павячэраў, потым разьвязаў мяшок, каб паглядзець на свайго новага сябра.

Ён ляжаў даволі спакойна, але часам памыкаўся ўкусіць мяне. Я дастаў яго з мяшка, пагладзіў і зноў палажыў у мяшок. Яму гэта вельмі не спадабалася; на руках ён быў спакойны, а тут кратаўся. Я зноў узяў кнігу і пачаў чытаць усё, што напісана было пра цюленяў. Там было сказана, што яны даюць многа тлустасьці і шкура дорага каштуе. Тлустасьць мне не патрэбна была, але шкуры згадзіліся-б для пасьцелі, Я ня мог заснуць гэту ноч, бо непакоіўся за сваю знахадку.

Раніцою я пашоў на тое месца, дзе ляжалі забітыя старыя цюлені. Шкуры іх спадабаліся мне. Але як зрабіць? Забраць іх з сабою я ня мог: мне хацелася хутчэй данесьці дахаты маленькага цюленя, каб ён не памёр ад голаду. Потым я рашыў пайсьці дахаты, накарміць там яго і пасьля вярнуцца па шкуры самца і самкі. Я пасьнедаў, а астачу харчоў схаваў, каб не насіцца з ёю, і пайшоў дадому.

Птушкі былі на сваім месцы. Відаць, што за час мае адсутнасьці яны не галадалі, бо малую ўвагу зьвярнулі на мой прыход. „Ага,—падумаў я,—дык вы любілі мяне за тое, што я карміў вас; у другі раз я прымушу вас пагаладаць і тады вы замахаеце крыламі ад радасьці, як пабачыце мяне“.

Я доўга думаў над тым, дзе дзяваць цюленя і, нарэшце, рашыў пасадзіць яго ў сундучок.

Я даў яму кусок рыбы, ён з задаваленьнем праглынуў. Потым я пашоў і злавіў яшчэ крыху рыбы і пачаў карміць яго. Тут я заўважыў, што ён пачынае асвойвацца. Я рашыў на другі дзень пайсьці, садраць шкуры з старых цюленяў, разьвесіць іх там для прасушкі і калі-небудзь прынесьці дахаты.

Мне не хацелася на доўгі час пакідаць свайго новага выхаванца. Пакарміўшы раніцою, я прычыніў века ў сундучку і пашоў.

Я хутка садраў шкуры з цюленяў, разьвесіў іх на краю скалы і прыціснуў камянямі, каб не сарваў вецер. Пачынала зьмяркацца, я ішоў дадому; дарога была крыху знаёма, а цемра мяне ня пужала.

Ішоў я ў два разы шпарчэй, чым раней, і таму, калі дайшоў дадому, дык адразу кінуўся і заснуў. Раніцою разбудзіў мяне жаласьлівы голас маленькага цюленя. Я ўсхапіўся і пачаў карміць яго. Пад‘еўшы добра, ён астаўся каля мяне, лашчыўся і туліўся, як да свае маткі.

Ён нават маніўся ісьці за мною, калі я вышаў з хаты. Птушкі мне цяпер здаваліся невясёлымі і дурнымі. Цэлы тыдзень забаўляўся я з сваім цюленем, мы хутка так прывыклі адзін да другога, што нават спалі разам. Праз тыдзень я прынёс зусім ужо сухія шкуры цюленяў і палажыў іх сабе на пасьцель.

Час ішоў даволі шпарка, бо я заняты быў доглядам птушак, саду, цюленя. Надыходзіў час прылёту альбатросаў. Мае птушкі пачалі выказваць адзнакі непакою; прышлося падрэзаць самкам крылы. Пасьля я заўважыў, што яны пачалі грэбці зямлю пад сабою, нібы хочуць зрабіць сабе гнёзды. І праз колькі дзён яны пачалі класьці яйкі; я баяўся, што калі яны выведуць птушанят, дык захочуць паляцець разам з імі, таму пачаў забіраць іхнія яйкі, але яны клалі новыя; і гэтак было на працягу двух месяцаў. Дзікія альбатросы паляцелі, а мае птушкі давалі мне яйкі. Самцы ўжо наўчыліся лятаць і аднаго дня паляцелі на мора. Можа праз чвэртку гадзіны яны зьявіліся назад, і ў кожнага з іх была ў дзюбе рыба. Увесь свой улоў яны палажылі перад самкамі. Пасьля гэтага я прывучыў іх здабываць рыбу ня толькі сабе, а і цюленю і нават мне.

Калі самец прылятаў з рыбаю, я адразу-ж забіраў яе, і ён зноў ляцеў за другою. Мора бывала настолькі бурнае, што ні альбатросы, ні я не маглі лавіць рыбы. Потым я зрабіў нешта пакшталт грэблі ў той лужыне, дзе мы купаліся з Джаксонам. Я зрабіў сьцену з каменьня, якая прапушчала ваду і затрымлівала рыбу. Гэта быў вадазбор, у які кожны дзень пушчаў рыбу.

Вось толькі вельмі цяжка было даставаць яе адсюль. Тут зусім нечакана прышоў на дапамогу мне цюлень. Я забыўся сказаць, што даў яму імя „Нэро“. Я вычытаў у кнізе „Прыродазнаўчая гісторыя“, што аднаго льва звалі Нэро. Нэро настолькі прыручыўся, што моцна крычаў, калі я пакідаў яго аднаго. Сьцежка, па якой я хадзіў купацца, была настолькі вузкая, што мне прыходзілася браць Нэро на рукі і несьці, бо ззаду ісьці ён ня мог, страшэнна крычаў. Але як ён вырас і я ня мог паднімаць яго, прышлося прабіваць шырэйшую дарогу.

Я патраціў на гэта тыдзень, але быў здаволены тым, што цюлень ідзе за мною да самае грэблі.

Тут ён адразу-ж даваў нырца і варочаўся з рыбаю.„Вось і добра,— падумаў я,— цяпер я ведаю як даставаць рыбу; ты будзеш памагаць мне, Нэро“.Трэба сказаць, што цюлень слухаў мае загады ня горш за сабаку.

У мяне быў невялікі дручок, і калі ён рабіў ня тое, што трэ‘ было, я лёгенька біў яго па пераносіцы. Ён круціў галавою, вышчараў зубы, але ішоў да мяне і лашчыўся.

Аднаго разу Нэро пашоў са мною, як звычайна, на бераг мора. Я стаў на скале і вудзіў рыбу. Ён кінуўся ў ваду і пачаў гуляць на паверхні яе. Я спачатку не зварачаў на яго ўвагі. Часам ён доўга трымаўся пад вадою і потым выплываў у тым месцы, дзе я закідаў вуду. Ён палохаў рыбу, і я нічога ня мог злавіць. Каб адагнаць яго, я пачаў кідаць каменямі і папаў яму ў галаву. Праз колькі хвілін я пашоў дадому і, як звычайна, сьвіснуў, каб цюлень таксама ішоў. Я быў упэўнены што ён ідзе за мною. Дома я заняўся сваім садам і так пад поўдзень заўважыў, што Нэро яшчэ не вярнуўся. Занепакоены гэтым, я сышоў уніз, на бераг, каб паклікаць яго, але Нэро нідзе ня відаць было. Я клікаў, сьвістаў, але дарэмна. І вось упяршыню ў жыцьці заплакаў я горкімі сьлязьмі.

„Ня можа быць, каб ён пашоў,—думаў я.—Ён не пакіне мяне з-за таго, што выцяў яго каменем".

Дзьве гадзіны прабыў я на беразе, а Нэро ня прыходзіў. Я адчуў сябе вельмі няшчасным, бо прывык да яго і мне здавалася, што жыцьцё бяз Нэро будзе надзвычайна цяжкім.

Крыху пачакаўшы, я вярнуўся дахаты. Ня доўга я сядзеў дома. Зноў пацягнула мяне на бераг мора. Я крычаў там, зваў Нэро, аж ахрып, а яго ня было. Надыходзіла ноч, я вярнуўся дадому і ў роспачы кінуўся на пасьцель.

„А я думаў, што ён любіць мяне так шчыра, як я яго люблю,—казаў я сам сабе.—Я не пакінуў-бы яго“.

Сьлёзы зноў хлынулі ў мяне. Ён на гэтым пустынным востраве быў цяпер адзіным маім таварышам. Ён хоць і не гаварыў, але разумеў мяне. Я праляжаў больш гадзіны і змораны заснуў.

На другі дзень раніцою, калі было яшчэ цёмна, чую нехта дакрануўся да мяне. Я ўскочыў, перада мною быў Нэро. Так, гэта быў Нэро, ён знайшоў дарогу, каб вярнуцца дахаты свайго гаспадара. Я бязьмерна быў рады: прыціскаў яго да сябе, плакаў над ім і праз некаторы час мы разам заснулі на маёй пасьцелі. Ніколі ў жыцьці ня было ў мяне такога пераходу ад гора да радасьці.

— Ну, што каб ты зусім пакінуў мяне?—казаў я яму, як мы прачнуліся.—Ах ты дрэнны цюлень, як ты пасьмеў так напалохаць мяне?

Нэро таксама быў рады, бо лашчыўся больш, чым усе разы.

Хоць мне і ня было яшчэ сямнаццаці гадоў, але я быў высокага росту і дужага складу.

Я даўно ўжо пакінуў адзежу з птушыных шкурак, а насіў кашулю, якую знайшоў у сундучку матроса. Больш нічога на мне ня было, і вось, каб кашуля была крыху даўжэйшая, дык было-б больш прыстойна, але як нікога на востраве ня было, дык і так сходзіла.

За апошнія гады я прачытаў кнігу „Прыродазнаўчая гісторыя“ некалькі разоў. Памяць у мяне была добрая, і я амаль усё мог паўтарыць. Прыгожы від меў мой садок. Паўзучыя расьліны абвілі маю хатку. Многія кусты цяпер выглядалі дрэвамі і хісталіся над хатаю ад ветру. Хатка ўся хавалася ў зелені. Цяпер яна больш падобна была на альтанку (бяседку).

Маючы шмат вольнага часу, я некалькі разоў хадзіў на процілеглы бок вострава; забіў некалькі цюленяў. Меў ужо шмат шкур,—каля трох дзесяткаў.

I вось неяк здарыўся са мною трагі-комічны выпадак. Прышлося раз змагацца з вялікім цюленем. Ён ляжаў на вялікім камені на самым беразе мора. Я ўлез па калені ў ваду, каб перасекчы яму дарогу ў мора. Пакуль я прыцэльваўся, каб папасьці яму па пераносіцы, нага неяк пасьлізнулася, я прамахнуўся і ўпаў.

Цюлень, а гэта быў вялізны самец, схапіў мяне зубамі за кашулю і пацягнуў глыбока ў ваду. Яшчэ шчасьце маё, што ён ухапіў за кашулю, а не за цела; а плаваць я ўмеў добра. Мне ўдалося прасунуць галаву і рукі праз каўнер і высьлізнуць з кашулі, а значыць, і ад цюленя. Узьлезшы на скалу, я бачыў як цюлень са злосьцю матлашыў маю кашулю. Гэта было няпрыемнае здарэньне. Я ня толькі не забіў цюленя, а страціў кашулю і тапор, які вываліўся ў мяне з рук, калі цюлень пацягнуў мяне ў ваду. Астаўся толькі ножык і то дзякуючы таму, што ён прывязаны быў за шыю.

VI Першае спатканьне з людзьмі, сярод якіх была жанчына


Цяпер я раскажу аб нязвычайным здарэньні, якое прынесла вялікія зьмены ў маім жыцьці.

Я ўжо казаў, што між рэчамі, якія былі ў сундучку, была падзорная труба. Яшчэ Джаксон вучыў мяне, як карыстацца гэтым дзіўным інструмантам. Але шкло ў ім ад сырасьці было вельмі цьмянае, і я, ня ўбачыўшы праз яго нічога, палажыў і не карыстаўся ім. Цяпер я дастаў гэтую трубку, прывёў яе ў парадак і напрактыкаваўся ўладаць ёю, але, прызнацца, зрок у мяне быў такі добры, што асаблівае патрэбы ў гэтай трубе ня было. Я даўно ўжо страціў надзею ўбачыць калі-небудзь карабель.

Аднойчы, пад вечар, падняўся вецер, закалыхалася мора. Мне здалося, што за міль чатыры ад вострава нешта мільгаецца. Спачатку я думаў, што гэта кіт, бо гэтыя жывёлы ў пэўны час году часта зьяўляліся каля нашых берагоў. Я заўсёды пазіраў на іх гульню, а Джаксон часта расказваў цікавыя гісторыі пра лоўлю кітоў. Заходзіла сонца. Прамені яго ўпалі на прадмет,— ён здаваўся мне белым. Я ўзяў падзорную трубу і ўбачыў, што гэта была чайка (лодка) або маленькі карабель з паднятым парусам. Вецер гнаў яго проста на востраў. З заміраньнем сэрца я наглядаў за ім, пакуль на дварэ стала зусім цёмна. Я ведаў, што праз гадзіны дзьве ўзойдзе месяц і будзе відно, бо неба было чыстае.

„Ім ніколі ня ўдасца падплысьці да гэтага берагу,—думаў я, —хіба толькі вецер накіруе іх у гэтую затоку, дзе была мая купальня".

І вось я рашыў разлажыць агонь па абодвух бакох затокі. Узышоў месяц, і я ўбачыў, што чайка была ня больш як за мілю ад вострава. Яна плыла ў кірунку майго вогнішча. Бура павялічвалася, пырскі вады дасягалі агню, але я ўсё падкідаў дроў, падтрымліваў вялікае полымя. Праз чвэртку гадзіны я выразна мог разглядзець чайку. Яшчэ хвіліна, і яна, ўваходзіла ў затоку. Я ўсё яшчэ непакоіўся, бо хвалі яшчэ маглі накіраваць яе на скалу. Але гэтага ня здарылася.

Чайка шчасьліва ўвайшла.

— Ура! Добра выкруціліся,—крыкнуў нехта ў чайцы.— Апускайце парус, хлопцы, усё добра.

Я ўбачыў некалькі чалавечых постацяй. Я ня ведаў, што ім сказаць, толькі адчуваў, што прышоў канец майму адзіноцтву, і радасьці ня было канца.

— Хто ты такі?—зьвярнуўся да мяне з запытаньнем адзін з іх.—І колькі вас тут?

— Апрача мяне на востраве нікога няма, адказаў я.—Але я так рад вашаму прыезду...

— Сапраўды? Дык можа ты дапаможаш нам дастаць чаго-небудзь зьесьці?

— Калі ласка. Пачакайце крыху, я прынясу вам харчоў колькі хочаце.

— Добра, толькі хутчэй, галубок, мы такія галодныя, што гатовы зьесьці цябе самога, калі ты ня знойдзеш нам нічога лепшага.

Я сабраўся ісьці дахаты па сушаную рыбу, але другі з іх спыніў мяне:

— Слухай, ты можа вады дастанеш нам?

— Колькі хочаце, — адказаў я.

— Добра. Джым, прынясі вядро з чайкі!

Чалавек, да якога зварачаўся ён, прынёс, даў мне вядро і сказаў:

— Прынясі поўнае вядро, хлопчык, чуеш?

Я пабег дахаты, набраў поўнае вядро вады і бярэмя сушаных птушак і хутка зьвярнуўся да маіх новых таварышоў. У час мае адсутнасьці яны разлажылі агонь каля вялікага каменя, а з парусоў зрабілі палатку.

— Вось вада, а вось і птушкі,—сказаў я, падаючы ім.

— Птушкі? Якія птушкі?—запытаў той, які першы гаварыў са мною. Ён выглядаў нібы за начальніка ў іх.

— Дзіўная яда! —сказаў ён, разглядаючы птушкі.

— А ты думаў знайсьці тут сапраўдны готэль, як падплываў да берагу?—сказаў адзін з іх.

— Не, я гэтага ня думаў, бо каб думаў, то пазваў-бы каго-небудзь ды загадаў-бы прынесьці мне шклянку грогу.

Я ня раз чуў, як Джаксон называў грогам той ром, які я прыносіў яму.

— Калі вы хочаце грогу, дык тут яго колькі хочаце.

— І грог ёсьць, галубок мой? Дзе?

— Ды вось тут у гэтай бочачцы, што плавае ў вадзе: я вам зараз нацаджу колькі хочаце.

— Як, у гэтай бочачцы? Цікава. Хадзеце сюды, хлопцы. Ты не жартуеш, хлопчык? Ня кпіш нада мною? Глядзі, будзеш каяцца, калі схлусіў.

— Я не жартую, вось ён,—сказаў я і паказаў на бочачку.

Усе яны накіраваліся да бочачкі,

— Асьцярожна,—сказаў я.—Тут корак.

— Бачу, бачу, галубок.

Усе яны ўчапіліся за бочачку і вынесьлі яе на камень.

— Дастань з чайкі маленькую конавачку, Джым,—сказаў начальнік,—пабачым, ці праўду кажа гэты хлапец.

Ён выняў корак, наліў крыху рому і пакаштаваў. Конаўка пераходзіла з рук у рукі і ўсе вельмі хвалілі.

— Нам зусім шанцуе сёньня, Джым. Палажы гэтых сушаных птушак у чыгунок, ды прыбаў чаго-небудзь з мяшка. Яда будзе добрая. А тут яшчэ віно. Слухай, браток,—зьвярнуўся ён да мяне,— ты сапраўды маладзец! Хто цябе пакінуў на гэтым востраве, каб нам прыгатаваць усё?

— Я тут нарадзіўся,—адказаў я.

— Тут нарадзіўся? Ну добра, пра ўсё гэта ты нам заўтра раскажаш.

— Трэба хутчэй, хлопцы, рыхтаваць вячэру.

Я яшчэ прынёс ім вады.

— Ты слаўны хлопчык,—сказаў мне падшкіпер. (Я потым даведаўся, хто ён такі).—А цяпер раскажы мне, дзе ты жывеш? Ці ёсьць у цябе якая-небудзь будка, ці можа ў пячоры жывеш?

— Я жыву ў хаце, —адказаў я.—Але яна не такая вялікая, каб вы ўсе зьмясьціцца змаглі.

— Нам і ня трэба. Мы астанемся тут, але, бачыш, справа ў тым, што з намі тут ёсьць адна жанчына.

— Дзе яна?

— Вось яна там сядзіць каля агню.

Яна сядзела ўкручаная коўдраю, яе вялізны саламяны капялюш закрываў ёй твар. Уся яе постаць нагадвала хутчэй скрутак якіх-небудзь рэчаў, чым жывую істоту.

Падшкіпер глядзеў на мяне і гучна рагатаў.

— Ты ніколі ня бачыў жанчыны? Дык ты кажаш, што нарадзіўся на гэтым востраве? Як-жа ты нарадзіўся бяз мацеры?

— Я ня памятаю свае маткі. Яна памерла, калі я быў яшчэ зусім маленькі, таму я ніколі і ня бачыў жанчыны.

— Добра. Цяпер усё зразумела. Бачыш, галубок, жанчыне нельга аставацца тут пасьля вячэры, людзі могуць выпіць лішняе і дрэнна трымаць сябе, вось чаму я і пытаюся адносна хаты, можа там у цябе можна было-б ёй адпачыць.

— Калі ласка,—адказаў я.—Ці згодзіцца толькі яна?

— Вось і добра, ва ўсякім разе ёй там будзе лепей, чым тут.

— А скажы мне, хлопчык, дзе твае штаны?

— Я не нашу штаноў.

— Ну, ведаеш, браце, калі яны ёсьць у цябе, дык я раю табе надзець іх. Ты ўжо занадта вялікі, каб хадзіць так.

Я быў увесь час з імі, пакуль яны варылі вячэру; я закідаў іх рознымі пытаньнямі, з якіх яны вельмі сьмяяліся.

Мяне вельмі цікавіў іх кацёл, які стаяў на трох ножках; я ніколі нічога падобнага ня бачыў і нічога ня ставіў на агонь. Я распытваў іх, што гэта такое, з чаго зроблена. Ніколі ня бачыў я і бульбы.

— Дзе-ж ты жыў раней?—запытаў адзін з іх.

— На гэтым востраве,—адказаў я.

Мне хацелася разглядзець чайку, але рашыў пакінуць на раніцу, калі будзе відней. Мнё ўдалося даведацца, што гэтыя людзі з кіталоўнага карабля, які наскочыў на скалістыя рыфы[6] за міль семдзесят адсюль. Ім прышлося пакінуць карабель і на двух чайках ратавацца. Яны ня ведалі, што сталася з другою чайкаю; у начной цемры яны згубілі яе. Там былі: капітан і шэсьць чалавек матросаў; падшкіпер з астатнімі шасьцю і жанчынаю прыплылі на востраў.

— Што такое жанчына?

— А вось яна, што сядзіць там каля агню. Мужа яе, вучонага, забілі недзе на Сандвічавых астравох, і яна ехала дадому. У нас ёсьць яшчэ адзін кіталоўны карабель, ён павінен быў забраць наш груз і даставіць яго ў Англію.

— Што такое вучоны?

— Я і сам добра ня ведаю; ведаю толькі, што гэты чалавек езьдзіць вучыць дзікуноў і зьбірае матэрыял аб іх жыцьці.

Калі вячэра зварылася, яны зьнялі кацёл з агню і вылілі адтуль усё ў другую пасудзіну і частку адлілі ў маленькую конаўку для жанчыны. Пасьля селі наўкола і пачалі вячэраць.

— Ну, хлапец, ідзі і ты да нас. Ты, мабыць, даўно ня еў, і раз ты даў нам харчы, то па закону маеш права на сваю долю.

Я быў вельмі рады гэтаму, бо ніколі ў жыцьці ня бачыў такое вячэры.

— А што, браток, у цябе вялікі запас гэтых птушак?

— Так, у мяне іх многа, але ня хопіць на доўгі час на такі вялікі лік людзей.

— Так, але-ж мы можам налавіць яшчэ, праўда?

— Не, не раней наступнага прылёту птушак, а гэта будзе ня скора, пяць разоў месяц павінен стаць поўным.

— Так, разумеем. Тады нам нельга аставацца тут на гэтым востраве?

— Пэўна, што нельга, — адказаў я.—Нам усім трэба адсюль ехаць і чым скарэй, тым лепш, інакш мы ўсе памром з голаду. Я так рады, што вы прыехалі. А Нэро вы возьмеце з сабою?

— Хто гэта Нэро?

— Нэро,—гэта мой цюлень, ён зусім ручны.

— Добра, пабачым. Мы павінны на што-небудзь рашыцца,— сказаў ён сваім таварышам,—і як можна хутчэй.

Аказалася, што ў іх, апрача катла, яшчэ аднае пасудзіны і бульбы, нічога ня было, яны ледзь пасьпелі выскачыць з карабля.

Пасьля вячэры падшкіпер сказаў мне:

— Цяпер я пайду пагавару з жанчынаю і ты павядзеш яе спаць у сваю хату.

За ўвесь час гэта „жанчына", як называў яе падшкіпер, ня вымавіла ніводнага слова.

Яна моўчкі зьела сваю вячэру і сядзела каля агню. Калі падшкіпер загаварыў з ёю, яна ўстала і я тады заўважыў, што яна ростам вышэй, чым я думаў.

— Ну вось, мілы хлопчык, пакажы гэтай даме, дзе там можна адпачыць ёй, а сам можаш вярнуцца сюды і далучыцца да нас.

— Хочаце ісьці са мною? —сказаў я. Яна моўчкі ішла; я ўспомніў пра Нэро, загадаў пачакаць мяне, пакуль вярнуся.

— Вы ня будзеце баяцца майго цюленя, праўда? Ён вельмі добры,—сказаў я.

Падыходзячы да хаты, я гукнуў:

— Нэро, ідзі сюды.

Было цёмна. Нэро, перакідаючыся, ішоў да мяне. Ён ціха забурчэў, пачуўшы незнаёмага чалавека.

— Хіба-ж у вас няма агню? —запытала жанчына.

— Я прынясу лам‘я і запалю, тады вам будзе відней.

— Зрабеце гэта, калі ласка, мой мілы хлопчык,—адказалаяна. Яе голас страшэнна спадабаўся мне. Я першы раз пачуў такі пяшчотны голас.

Я хутчэй разлажыў агонь, каб даць ёй мажлівасьць аглядзець Нэро і маю хату. Яна паглядзела наўкола і запытала:

— А дзе-ж вы сьпіце?

Я паказаў ёй на сваю пасьцель.

— А вось пасьцель Джаксона,—сказаў я.—Тут вы можаце прылегчы. Нэро сьпіць са мною. У мяне многа цюленевых шкур, вы можаце сагрэцца, калі акалелі. Мабыць, і ўбраньне ваша мокрае?

— Не, ужо высахла. Калі вы дасьцё некалькі шкур, я лягу на іх, бо вельмі змарылася.

Я палажыў нёкалькі цюленевых шкур на пасьцель Джаксона і сабраўся адыходзіць.

— Можа вам яшчэ трэба што-небудзь?—запытаў я.

— Не, нічога, дзякую вам. Вы таксама ляжаце цяпер?

— Я хацеў-бы пайсьці ўніз да матросаў,—адказаў я.—Але я не хацеў-бы пакідаць вас адну з Нэро, ён можа ўкусіць вас. Вы баіцёся яго?

— Не, я не асабліва баюся, але і ня прывыкла спаць з такім зьверам.

— Ну, добра, дык вось, як мы зробім: я вазьму некалькі шкур і буду спаць на дварэ, каля хаты. Нэро не адыйдзе ад мяне, а вы можаце спакойна спаць у хаце.

— Як хочаце.

Я так і зрабіў, вынес некалькі шкур, разаслаў іх на камені і лёг. Нэро прымасьціўся каля мяне і праз некалькі хвілін мы моцна заснулі.

Нэро меў прывычку рана ўставаць; калі пачало разьвідніваць, ён прабудзіў мяне. Я глянуў у хату. Жанчына моцна спала. Яна скінула капялюш, але спала адзетаю, яе чорныя косы раскінуты былі па плечах. Я зьдзівіўся, калі ўбачыў яе чысты, безвалосы бялявы твар. У яе былі прыгожыя, белыя зубы, не такія, як у Джаксона. Мне хацелася разглядзець яе вочы, але яны былі закрыты.

„Дык вось якія бываюць жанчыны,—падумаў я.—Так, яна вельмі падобна на тое, што я часта бачу ва сьне".

Я яшчэ раз глянуў на яе, але адразу-ж адступіў назад, бо за мною ішоў Нэро і мог разбудзіць яе.

Я рашыў прынесьці рыбу і сьпячы яе на вугольлі на сьнеданьне. Я ўзяў з сабою Нэро і мы пашлі на бераг. Маракі моцна спалі. Твары іх падобны былі на твар Джаксона, калі ён быў п‘яны. Я загадаў Нэро нырнуць і дастаць мне рыбу; ён так і зрабіў. Я захапіў дроў, а Нэро рыбу і мы пашлі дадому. Жанчына ўжо ўстала і вышла на спатканьне. Раніца была ціхая і сонечная.

— Нэро прынёс вам ваша сьнеданьне,—сказаў я.—Вы павінны любіць яго.

— Напэўна буду любіць, калі будзем жыць разам.

— Можа яшчэ чаго трэба вам?

— Крыху вады, калі можна.

Я прынёс вады, а сам выпатрашыў рыбу. Жанчына памыла твар і рукі, запляла валасы і села на камень. Потым я разлажыў агонь, а калі дровы згарэлі, палажыў на прысак рыбу. Я лічыў, што чытаньне можа забавіць яе і таму сказаў:

— Хочаце, я пачытаю вам?

— Хачу,—адказала яна неяк крыху зьдзіўлена.

Я прачытаў ёй пра цюленя.

— Хто наўчыў вас чытаць?—запытала яна.

— Джаксон,—сказаў я.

— Ён быў добры чалавек? Праўда?

Я паківаў галавою і пасьля сказаў:

— Ня вельмі добры. Але ён наўчыў мяне чытаць.

— Ці даўно вы пакутуеце на гэтым востраве?

— Я радзіўся тут. Бацькі мае даўно памерлі, а Джаксон памёр тры гады таму назад. З гэтага часу я тут зусім адзін і вось—Нэро.

Яна распытвала мяне пра ўсё; я расказаў ёй, як было, і ўсё, што расказаў мне Джаксон. Я растлумачыў ёй, як дастаю сабе харчы і дадаў, што нам трэ‘ будзе хутчэй пакінуць востраў, бо нас цяпер многа і сушаных птушак ня хопіць да прылёту іх. Сьпечаную рыбу я дастаў і палажыў у чыгунчык. Мы пачалі сьнедаць і хутка зрабіліся сябрамі. Я павінен расказаць крыху пра гэту жанчыну.

Усё, што казалі пра яе маракі, была праўда. Калі яна страціла свайго мужа, па прозьвішчу Рэйхардт, дык рашыла ехаць у Англію, хоць муж быў немец.

Як я даведаўся з гутаркі, ёй было каля трыццаці сямі год.

Гэта была высокая, стройная, з-замаладу мабыць прыгожая жанчына. Сьлед перажытага астаўся на яе твары, ён выглядаў строга. Я паважаў яе, але часам адчуваў нейкі страх, ня гледзячы на тое, што голас яе быў мяккі, прыгожы і абыходжаньне далікатнае.

Пасьля сьнеданьня, я запрапанаваў ёй пайсьці ўніз, паглядзець, ці не прачнуліся маракі.

— Я пайду з вамі,—адказала яна.—У чайцы астаўся кошык с маімі рэчамі. Трэба прынесьці іх сюды.

Мы пашлі ўдваіх. Маракі яшчэ моцна спалі. Па яе просьбе я ўвайшоў у воду і дастаў з чайкі кошык з яе рэчамі.

— Можа пабудзіць іх?—запытаў я.

— Не, не, няхай сьпяць, хоць ня будуць крычаць і біцца. Возьмем з сабою крыху бульбы.

Яна дастала дзьве хустачкі, набрала ў іх бульбы, і мы пашлі дахаты.

— Ці гэта ўвесь ваш запас птушак?—запытала яна, глянуўшы ў той кут хаты, дзе зложаны былі птушкі.

— Так, увесь. Але што мы будзем рабіць з бульбаю?

— Мы будзем пячы яе ў попеле, а пакуль што схавайце.

— Ці вы самі пасадзілі гэтыя кветкі і паўзучыя расьліны наўкола свае хаты?

— Пэўна, што сам. Я быў адзін і мне сумна было, вось я і прыдумаў.

— У вас прыгожы садок. Цяпер пойдзем, калі ласка, уніз да матросаў, і калі яны прачнуцца, вазьмеце ў іх самы маленькі парус, мне трэба зрабіць фіранку; зьвярнецеся да падшкіпера, ён самы далікатны з іх.

— Добра,—сказаў я;— ды ці ня ўзяць мне з сабою Нэро?

— Так, я адна не хацела-б аставацца з ім.

Я пазваў Нэро, і мы пашлі ўніз. Людзі ўсталі і ўзяліся за работу: хто чысьціў бульбу, хто раскладваў агонь, а хто пашоў лавіць рыбу.

— А вось і ён. Ідзі сюды, браток. Што ты прыгатаваў нам на сьнеданьне?

— Мы прабавалі лавіць рыбу, але яна ня ловіцца.

— Нэро паможа вам. У воду, Нэро!—скамандаваў я.

Цюлень нырнуў і прынёс рыбу. Я зноў паслаў яго.

— Дзякуем табе, хлопчык, спрытны-ж у цябе цюлень, і добра вымуштраваны. Адзін матрос падышоў да Нэро і хацеў, мабыць, пасябраваць з ім, але цюлень вышчарыў зубы і агрызнуўся. Матросу гэта не спадабалася, ён схапіў камень і пусьціў у цюленя.

Я страшэнна раззлаваўся і папрасіў матроса не рабіць гэтага, а ён узяў, схапіў камень і зноў кінуў. Тымчасам я схапіў яго леваю рукою за каўнер, а праваю выняў амэрыканскі ножык і пагразіў яму. Ён адскочыў і паваліўся. Гэта ўбачыў падшкіпер і яшчэ два чалавекі і падбеглі да нас. Я ўсё яшчэ трымаў у руцэ ножык.

— Даволі, галубок! Кідай ножык. Мы гэтага не дазваляем. Пусьці яго. Ніхто не зачэпіць твайго цюленя. А ты, Боб, ня будзь дурнем, не чапай яго.

Пасьля гэтага яны селі сьнедаць, а я разглядаў іх чайку і пра ўсё пытаўся. Некаторыя з іх выклікалі сьмех і яны часам паўтаралі:

— Так, ён сапраўдны дзікун.

Калі яны пасьнедалі, я загадаў Нэро дастаць яшчэ рыбы і занесьці яе ў хату, бо баяўся, што яны зноў будуць крыўдзіць яго. Я перадаў падшкіперу просьбу жанчыны.

— Добра, я сам прынясу ўсё.

Я ўзяў вядро бульбы, а ён ускінуў на плечы парусьнік і мы пашлі да хаты. Жанчына сядзела на дварэ, а каля яе ляжаў Нэро. Падшкіпер зьняў капялюш, пакланіўся і запытаў, ці добра ёй спалася.

— Так,—адказала яна,—толькі я выжыла з хаты гэтага добрага хлопчыка. Мне не хацелася-б так рабіць, таму я папрасіла ў вас парусьніка, каб скарыстаць яго, як фіранку. А цяпер, Джон Гоф, скажэце, што вы павінны рабіць?..

— Я прышоў паглядзець, колькі харчоў ёсьць у гэтага хлопчыка. Як ён кажа, дык ня хопіць на месяц, а пройдзе ня мала часу, пакуль мы напаткаем дзе-небудзь карабель. Аста-вацца нам тут нельга, а значыцца, чым хутчэй выедзем, тым будзе лепш.

— Калі вы забераце ўсе харчы, то, спадзяюся, возьмеце з сабою і хлопчыка?

— Пэўна што возьмем.

— А мой сундук, а цюленя?—запытаў я.

— Сундук мы возьмем, а з цюленем ня ведаю як зрабіць. У чайцы ён можа здохнуць, калі ты пусьціш яго на волю, ён пражыве як-небудзь.

— Гэта праўда,—сказала жанчына.—Што-ж рабіць, мой мілы хлопчык.

— Вам прыдзецца разьвітацца з вашым сябром. Гэта будзе лепш для вас абодвых.

Я нічога не адказаў. Сэрца маё сьціснулася, калі я падумаў, што разьвітаюся з ім.

Тымчасам падшкіпер аглядзеў запасы рыбы і зазначыў, што хопіць яе ня больш, як на тры тыдні.

— А калі-ж вы думаеце ад‘яжджаць?—запытала жанчына.

— Пасьлязаўтра, калі мне ўдасца ўгаварыць людзей. Але-ж вы самі ведаеце, як ня лёгка з імі згаварвацца. Яны мала клапоцяцца, асабліва цяпер, калі папалі бочачку рому.

— Гэта праўда, але-ж яны могуць узяць ром з сабою, што-ж яны трацяць?

— Я пайду пагавару, пакуль яны яшчэ цьвярозыя, а заўтра раніцою паведамлю вас аб выніках нашае нарады.

Ён прылажыў руку да капялюша, пакланіўся і пашоў.

Раніцою, у час мае размовы з матросамі, яны называлі мяне дзікуном і сьмяяліся, што я няпрыстойна адзеты. Я і раней заўважыў, што яны былі адзеты так, што адзежа прыкрывала ўсё цела з галовы да ног.

На мне-ж была адна толькі кашуля і я адчуваў сябе зусім добра.

Цяпер, калі я пабачыў падобных да сябе, дык мне зрабілася ніякавата. Вось я дастаў з сундука штаны і надзеў іх.

Калі я вышаў на двор, жанчына адразу зьвярнула ўвагу на перамену ў маім убраньні.

— Вось гэта добра,—сказала яна,—цяпер вы падобны на чалавека. Як вас завуць? Вы яшчэ не сказалі мне свайго імя.

Я адказаў на яе пытаньне і потым дадаў:

— Я прынёс вам яшчэ бульбы, што з ёю рабіць?

— Перш за ўсё скажэце, ці няма на востраве такога месца, дзе-б можна было пасадзіць бульбу? На гэта патрэбна добрая земля—чорназем, такая, як у вас у садзе.

— О, там унізе, — я паказаў на роў,—ёсьць такая зямля. Я ўсю гэту зямлю прынёс адтуль. А нашто саджаць бульбу?

— А натое, што калі пасадзіць бульбіну, дык яна хутка дасьць сорак, ці пяцьдзесят такіх бульбін. А гэта вельмі смачная і пажыўная рэч, і калі няма нічога іншага, дык можна пражыць аднэю бульбаю.

— Так, я ведаю, што яна вельмі смачная, я ўчора еў. Але-ж мы пасьлязаўтра едзем адсюль, дык нашто нам садзіць бульбу?

— Ці-ж мы адны на сьвеце, ці-ж мы павінны думаць толькі пра сябе? Прадстаўце, што гадоў праз два ці тры другую чыю небудзь чайку закіне на гэты востраў. Мы вось знайшлі вас тут: вы далі нам харчы і выратавалі ад голаду, а другія гэтага ня знойдуць і будуць пакутаваць. А, думаеце, ня рады былі-б вашы бацькі, каб знайшлі тут бульбу. Мы не павінны жыць толькі для сябе, а павінны думаць і пра другіх.

— Вы праўду кажаце,—адказаў я.—Вы вельмі добрая жанчына. Я зараз-жа пайду і пасаджу бульбу, толькі скажэце, як лепш зрабіць гэта.

— У чайцы ёсьць рыдлёўка, прынясеце яе сюды і я вам пакажу.

Я прынёс рыдлёўку і мы разам пашлі ў роў і пасадзілі там бульбу.

Пасьля гэтага я памог зрабіць ёй у хаце фіранку.

— Цяпер вы можаце с.паць на сваёй пасьцелі,—сказала яна.

Я нічога не адказаў на гэта, бо не разумеў, чаму я раней ня мог спаць на сваёй пасьцелі. Увечары я вышаў з хаты і лёг на дварэ толькі для таго, каб вывесьці з хаты Нэро, якога яна спачатку палохалася.

— Як-бы вы жылі на гэтым востраве, каб у вас ня было сушаных птушак?

— Як? Вельмі дрэнна. Я лавіў-бы рыбу, але бывае такая пара году, што мора робіцца бурлівым і рыба не бярэцца.

— Вось бачыце, добра, што мы пасадзілі бульбу.

— Гэта праўда, але-ж мы хутка паедзем. Вы не паверыце, як мне хочацца ехаць адсюль. Мне хочацца паехаць у Англію і адшукаць там каго-небудзь. Вы-ж ня ведаеце ўсяго таго, што я ведаю. Калі-небудзь я раскажу вам усё. Мне страшэнна абрыдзела тут аднаму. Няма каму слова сказаць, няма каго любіць, апрача Нэро, але-ж ён ня можа гаварыць. Мне ўсё-ткі цяжка памірыцца з думкаю, што прыдзецца разьвітацца з ім.

— А што-б вы выбралі: паехаць без яго, ці астацца на востраве з ім?

— Пэўна, што я згаджуся ехаць, але-ж мне шкода і яго.

— Калі вы будзеце жыць і пазнаёміцеся з жыцьцём, вы зразумееце, мой бедны хлопчык, што бывае большае гора, чым разьвітаньне з любімай жывёлай.

— Як я рад, што вы прыехалі з імі ў чайцы. Я ніколі ня бачыў жанчыны.

Падышоў Джон Гоф. Ён сказаў, што людзі згадзіліся ехаць пасьлязаўтра, калі будзе пагода.

— Чайка патрабуе невялікае папраўкі, і ўсё да заўтрашняга вечара будзе гатова,—сказаў ён.—Дрэнна толькі, што яны хочуць узяць з сабою бочачку з ромам. Наогул, груз не маленькі будзе—дзевяць чалавек, а тут яшчэ і бочка гэта.

— Вы дакляравалі ўзяць мой сундучок,—напомніў я.

— Ведаю, я стрымаю сваё слова, калі не перашкодзяць мне матросы. З таго часу, як яны знайшлі гэту бочачку з ромам, яны пачалі ня слухацца мяне. Можа было-б лепш,—сказаў ён жанчыне,—каб гэты хлопец сабраў свае рэчы ў вузел. Яшчэ-ж харчы зоймуць месца.

— Гэта праўда,—адказала яна.—Вы не шкадуйце сундучка, ён ня мае вялікае каштоўнасьці.

— Яны бяруць мой ром, маю харч, павінны ўзяць і сундучок.

— Вы не дамагайцеся гэтага, бо ня будзе месца, а згадзіцеся з жаданьнямі ўсіх.

— Так, але-ж яны памерлі-б з голаду без мяне,—сказаў я.

— Гэта праўда,—сказаў мне пздшкіпер,—але ў жыцьці ты пабачыш, што сіла ёсьць права. Памятай, што сёньнешні выпадак з нажом не асабліва спадабаўся матросам.

— А што здарылася?—запытала жанчына Рэйхардт.

— А тое, што ён чуць не парнуў нажом аднаго з іх,— адказаў Гоф.

Пасьля вячэры я рашыў пагаварыць з жанчынай Рэйхардт адносна пояса з дыямэнтамі. Яна выслухала мяне з вялікай зацікаўленасьцю.

— Калі яны не захочуць узяць майго сундука, дык што мне рабіць?—запытаў я.—Ці мне самому надзець пояс, ці можа лепш, каб вы яго надзелі.

Яна не адразу адказала.

Потым яна часта казала мне, што мой расказ яе вельмі зьдзівіў, яна надзвычайна зацікавілася маёй гісторыяй.

— Добра,—адказала яна,—калі вы верыце мне, я надзену пояс і буду клапаціцца аб ім. Заўтра мы выберам з сундучка тыя рэчы, якія вам неабходны, каб узяць іх з сабою.

Пагутарыўшы крыху, яна пашла за фіранку, сказала, што не баіцца Нэро і што я магу лажыцца, калі захачу. Мне не хацелася ісьці да маракоў. Яны п‘янствавалі і да нас даносіўся іх крык. Я лёг спаць.

Раніцою я і Нэро пашлі лавіць рыбу. Матросы моцна спалі. Я палажыў на скалу для іх рыбы, а сам пашоў дадому і пачаў гатаваць сабе сьнеданьне.

Хутка прышлі матросы і забралі ўвесь запас сушаных птушак.

— Вось што,—зьвярнуўся да мяне адзін матрос.—Падшкіпер загадаў табе прывесьці ўніз свайго зьвера: трэба забраць з вадазбору ўсю рыбу і зварыць яе перад ад‘ездам. Усё-ткі хопіць на два-тры дні.

— Добра,—сказаў я,—зараз іду.

Праз колькі хвілін Нэро палавіў усю рыбу, і мы вярнуліся дахаты. У час мае адсутнасьці жанчына Рэйхардт выбрала лепшыя рэчы з сундучка, як кнігі, падзорную трубу і інш., і ўсёзьвязала. Потым я дастаў пояс з дыямэнтамі і перадаў ёй. Так прайшоў дзень. Пад вечар падшкіпер прынёс нам на вячэру варанае рыбы.

У гэту ноч я ня спаў.

— Апошні раз мы сьпім з табою, Нэро,—сказаў я, цалуючы свайго сябра. На вачох маіх былі сьлёзы.

Калі я вышаў раніцою з хаты, я ўбачыў, што мора было зусім спакойнае. Я пашоў уніз. Матросы ўсе працавалі. Чайка была гатова. Сушаныя птушкі ляжалі побач з бочачкаю рому, вараная рыба паложана была ў вядро. Потым яны ўзялі пустыя бочачкі, і мы пашлі па ваду. Яны хацелі палавіць маіх альбатросаў, але самцы пасьпелі ўцячы, а самкі мне ўдалося схаваць у хаце за фіранкаю.

— Ты нам не патрэбны,—сказаў адзін з іх, калі я ішоў за імі ўніз,—сядзі тут, з гэтаю жанчынаю.

— Ты стаў сапраўдным дамскім кавалерам з таго часу, як надзеў штаны.

— Мне там няма чаго рабіць,—адказаў я.

Калі чайка была спушчана, падшкіпер таксама сказаў:

— Ты нам, браток, пакуль не патрэбен, ідзі дахаты, як трэ‘ будзе, мы паклічам.

— Мне там няма чаго рабіць,—зноў сказаў я.—А тут я магу памагчы вам.

Падшкіпер нічога не сказаў. Пачалі рэчы класьці. Перш за ўсё яны паставілі бочачку з ромам, потым бочачкі з вадою і іншыя рэчы.

Я заўважыў, што падшкіпер нешта спрачаўся з матросамі. Ён, мабыць, злаваўся, кінуў сваю шапку на камень і сказаў:

— Я вам кажу, што дабра з гэтага ня будзе. Успомніце мае словы. Няхай будзе павашаму—вас многа, а я адзін. Але кажу вам яшчэ раз, што дабра з гэтага ня будзе.

Ён сеў на камень, нахіліў галаву, і закрыў твар рукамі. Адзін з матросаў, з якім ён спрачаўся, падышоў да чайкі і стаў ціха гаварыць, паглядаючы ў мой бок.

Праз колькі хвілін адзін зьвярнуўся да мяне:

— Ну, браце, цяпер усё гатова. Ідзі дадому, забірай свой вузел і кошык жанчыны і скажы ёй, што мы чакаем.

— Там астаўся парус і рыдлёўка, прынесьці іх? —запытаў я.

— Так, так і вазьмі з сабою некалькі цюленевых шкур, каб зрабіць сядзеньне жанчыне.

Я пашоў наверх і быў вельмі рад, што хутка паеду ў новы, няведамы край.

— Ну, бывай здароў, мой бедны Нэро,—сказаўя.—Я ніколі больш не пабачу цябе.

У мяне хлынулі сьлёзы, калі я пацалаваў яго апошні раз.

— Усё гатова, — сказаў я жанчыне, — мяне прыслалі па вас.

— Я вазьму парус і некалькі цюленевых шкур для вас, а вы вазьмеце мой вузел. А пояс надзелі?

— Так,—адказала яна.

— Бывай здароў, Нэро, бывайце, птушкі, аставайся, мая хатка, садок,—прамовіў я дрыжачым голасам.

— Нэро, назад!


VII Здрада матросаў і мой новы сябра—жанчына Рэйхардт


Я глянуў на мора і закрычаў. Ноша мая вывалілася з маіх рук.

— Глядзеце!—крыкнуў я жанчыне.—Глядзеце!—паўтарыў я. Яна глянула на мора і ўбачыла тое самае, што і я.

Чайка пад усімі парусамі была за поўмілі ад вострава і хутка плыла далей. Вецер надзвычайна шпарка гнаў яе.

— Яны пакінулі нас! Пакінулі!—крычаў я, як звар‘яцелы.

— Спынецеся! Стойце! Стойце!

Дарэмна я крычаў: яны ня чулі мяне. Неяк цёмна зрабілася ў вачох, і я кінуўся на камень.

Праз некалькі хвілін я ачнуўся.

— Дзе я?

— Франк Генікер,—пачуўся ласкавы, але цьвёрды голас. Каля мяне стаяла жанчына Рэйхардт.

— Супакойцеся,—сказала яна.—Праўда, гзта здрада з іх боку, але, скажу вам па праўдзе, нам тут лепш на гэтым востраве, чым там, у чайцы, з гэтымі п‘янымі людзьмі. Іх справа вымагае вялікае асьцярожнасьці і згоды. Мала надзеі на тое, штоіх справа скончыцца добра. Я даўно ўжо думаю пра гэта, нават з той пары, як яны знайшлі бочку з ромам. А што мы асталіся, дык гэта напэўна лепш.

— Калі-ж мне абрыдзела тут жыць!—закрычаў я ў роспачы.— Мне так хацелася выбрацца адсюль, а яны пакінулі нас, забралі ўсе харчы і нават рыбу згрэблі. Мы памром з голаду!

— Спадзяюся, што не памром. Я нават упэўнена ў гэтым,—сказала яна,—мы будзем працаваць.

Але я ня слухаў яе. Маё сэрце разрывалася. Я плакаў горкімі сьлязьмі.

Яна зноў нахілілася нада мной і сказала:

— Франк Генікер. Устаньце і выслухайце мяне.

— Мы памром з голаду,—прагаварыў я.

У гэты самы момант, калі я сказаў гэтыя словы, адзін з альбатросаў прыляцеў з мора. У сваёй дзюбе ён трымаў вялікую рыбу. Яна забрала ў яго рыбу, так, як гэта рабіў я, і самец зноў паляцеў па рыбу.

— Галава мая, галава!—закрычаў я.—Яна гарыць. Нешта цісьне яе. Я нічога ня бачу.

Сапраўды гэта было так. Гэтае здарэньне не прайшло дарма. Кроў прыліла да галавы, я зноў лёг.

Жанчына Рэйхардт стала на калені каля мяне і супакойвала.

Пагода была добрая, мора спакойнае і альбатросы ўвесь час лёталі лавіць рыбу.

Я ляжаў яшчэ і вось чую нешта халоднае дакранулася да майго твару.

Гэта быў халодны нос Нэро. Я раскрыў вочы і сказаў жанчыне Рэйхардт:

— Якая вы добрая. Мне ўжо лепей.

— Так, вам лепш, але паляжэце яшчэ крыху. Вам патрэбен спакой.

Я сяк-так падняўся і пры дапамозе яе дайшоў да свае пасьцелі.

— Пастарайцеся цяпер заснуць, а як прачнецеся, я прынясу вам чаго-небудзь зьесьці.

Я падзякаваў ёй і праз колькі хвілін заснуў.

Калі я прачнуўся, дык адразу заўважыў, што мне лепш стала. Жанчына сядзела каля мяне.

— Ну як?—запытала яна.—Можа будзеце есьці? Трэба будзе мне пасябраваць з Нэро, а то, як вы спалі, дык ён лёг каля вас і не дазволіў падыйсьці да вашай пасьцелі.

Жанчына Рэйхардт паставіла каля мяне печаную рыбу.

— Якая вы добрая,—сказаў я.—Вы працуеце на мяне, а сапраўды, дык я павінен працаваць на вас. Вы не рабіце гэтага.

— Мы разам будзем працаваць. Сілы ў мяне хопіць, ды я люблю працу, але пра гэта пагутарым заўтра, калі вы зусім ачуняеце.

Раніцою я прачнуўся зусім здаровым. Сьвяціла сонца. Я вышаў, узяў вуды і хацеў ісьці лавіць рыбу. Падышла жанчына Рэйхардт.

— Добрае раніцы,—сказаў я.

— Добрае раніцы, мілы хлопчык, ты здароў?

— Зусім здароў. Я зьбіраюся ісьці лавіць рыбу пакуль пагода; да прылёту птушак нам прыдзецца есьці адну рыбу.

— Праўду ты кажаш, вось давай пасьнедаем гэтае рыбы, што ёсьць, і пойдзем разам лавіць; я ўмею і люблю вудзіць.

Мы пасьнедалі і пашлі на бераг.

— Паглядзі, Франк, ці не пакінулі яны чаго-небудзь?

— Так,—адказаў я,—здаецца, яны пакінулі некалькі вёсел і доўгія вудачкі, а наверсе ў нас асталася рыдлёўка.

— Добра,—адказала яна,—паглядзі, можа знойдзеш яшчэ што-небудзь?

Калі мы прайшлі яшчэ крыху, дык я ўбачыў, што на беразе астаўся іх жалезны кацёл. Гэтаму я вельмі ўзрадаваўся, бо мне абрыдлі сухія харчы. Птушка была шмат смачнейшая, калі яе варылі, ды яшчэ з бульбай.

— Я таксама вельмі рада, Франк, бо ня люблю сырога мяса.

— Паглядзім, што яны яшчэ выкінулі з чайкі.

— Яны пакінулі на беразе тры бочачкі з вадою,—сказаў я.

— Цікава, я, здаецца, бачыў, як яны ставілі іх у чайку.

— Мабыць яны ўбачылі, што чайка перагружана, а пакінуць ром яны не маглі. Вар'яты! Ім хопіць вады ня больш як на шэсьць дзён. Яны будуць пакутаваць ад смагі.

Мы ўважна агледзелі ўсё месца, дзе яны стаялі, і знайшлі, што яны пакінулі: кацёл, тры бочачкі, пяць вёсел, вялікі жалезны крук, вяроўку, старую пілу, мяшочак з цьвікамі і два кавалкі ліставога жалеза.

— Піла нам вельмі патрэбна, — сказала жанчына.—У цябе ў сундучку ёсьць напільнікі, мы можам расьпілаваць яе напалам і з аднае палавіны зрабіць ножык. Жалеза таксама патрэбна будзе. Яно патрэбна было на рамонт чайкі, а яны выкінулі. Дзіўлюся, як гэта Джон Гоф дапусьціў да гэтага!

— Я чуў, як яны спрачаліся. Яны ня слухалі Джона Гофа.

— Мабыць так, бо інакш-бы яны не пакінулі нас тут. Джон Гоф добры чалавек і калі-б мог, дык не дапусьціў-бы да гэтага. На гэтых жалезных лістох добра будзе пячы рыбу. Цяпер мы павінны старацца, каб больш налавіць рыбы.

Праз некаторы час мы налавілі рыбы і пусьцілі яе ў вадазбор.

— Вы, здаецца, больш ведаеце жыцьцё, чым Джаксон,— заўважыў я.

— Я ня ведаю, але, як відаць, Джаксон ня любіў працаваць, а я люблю. Ты павінен ведаць, Франк, што я жонка вучонага вандроўніка, я езьдзіла з ім усюды, іншы раз нам добра было, а іншы раз вельмі дрэнна, так дрэнна, як нам цяпер з табою. Вучонаму дасьледцу даводзіцца праходзіць праз небясьпечныя мясьціны. Я калі-небудзь раскажу табе сваю гісторыю, а таксама гісторыю майго мужа. Вандруючы з ім, мне часта даводзілася клапаціцца аб харчаваньні. Звычайна жанчына займаецца толькі хатняю работаю, а я памагала ў цяжкай працы мужу. Вось чаму я многаму навучылася. Вось скажы, Франк, ці думаў ты, калі мы садзілі бульбу, што ты саджаеш яе для сябе?

Мы лавілі аж да вечара і злавілі дваццаць восем вялікіх рыб. Потым узялі ўсе рэчы: кацёл, пілу, гвазды і адну вялікую рыбу і пашлі дахаты.

На другі дзень жанчына Рэйхардт сказала:

— Нам сёньня таксама многа работы, Франк. Трэба навесьці парадак у хаце, трэба, каб у нас было чыста і аб гэтым буду клапаціцца я. Вось пасьнедаем і возьмемся за работу.

— Я буду рабіць усё, што вы загадаеце.

— Дык вось, мой мілы хлопчык, мне трэба адгарадзіць частку хаты для сябе, жанчына павінна мець свой пакой. У нас ёсьць вёслы, з якіх мы зробім перагародку і абцягнем шкураю. Вазьмі пілу; хоць яна тупая, але мы адрэжам.

— А як-жа карыстацца пілою?

— Я пакажу табе. Перш трэба памераць шырыню хаты. Я хачу адгарадзіць трэцюю частку.

Мы памералі хату, а пасьля адрэзалі колькі трэ‘ было вёслы і зрабілі раму, на якую прыбілі цюленевыя шкуры.

— У вас-жа будзе зусім цёмна,— сказаў я.

— Нічога, зробім, што будзе відна. Прынясі сюды пілу і выраж у сьцяне чатырохкутную дзірку, вось такую.

Я зрабіў так, як яна загадала, і ў яе каморцы было відна.

— Але-ж вам уночы будзе холадна,—сказаў я.

— Мы зробім так, каб холад ня ішоў і было відна.

Яна дастала кавалак белага палатна і прыбіла яго.

— Цяпер прынясі сюды некалькі цюленевых шкур, твой сундучок мы таксама паставім сюды.

— Вы хочаце палажыць туды дыямэнты?—запытаў я.

— Мілы хлопчык, у нас цяпер ёсьць рэчы важнейшыя за дыямэнты. Вось гэты жалезны кацёл, напрыклад?

— Праўда,—сказаў я.

— Цяпер ідзі нагрэй ваду, а я тут ужо адна скончу.

Я разлажыў агонь, наліў вады ў кацёл, узяў Нэро, злавіў з ім некалькі рыб і ўкінуў іх у кацёл.

У часе абеду гаспадыня Рэйхардт сказала:

— Заўтра мы канчаткова ўпарадкуем нашу хату, потым я агледжу ўсе каштоўныя рэчы і схаваю ў сундучок.

На другі дзень надвор‘е было ня зусім цёплае. Пасьля сьнеданьня мы адразу-ж узяліся за работу.

— Трэба зрабіць некалькі палічак,—сказала яна.—Тут мы можам палажыць некаторыя рэчы.

Мы скарысталі астачу вёслаў і вышлі добрыя палічкі.

— Ну, вось і добра,—сказала яна.—Цяпер давай абгледзім сундучок.

Яна выняла з яго ўсю адзежу і злажыла інакш. Пасьля дастала кавалак парусіны.

— Я вельмі рада, што знайшоўся такі кавалак. Я пашыю з яго сабе сукенку, у якой будзе шмат выгадней, а сваю чорную захаваю на той выпадак, калі давядзецца ехаць адсюль.

Табе тут хопіць адзежы надоўга. Я толькі перашыю што-небудзь на твой рост, а рэшта няхай ляжыць. А колькі табе, прыблізна, гадоў?

— Гадоў шаснаццаць, а можа крыху і больш.

Адзежу мы зноў палажылі ў сундучок, а падзорную трубу і іншае палажылі на палічкі. Разглядзелі таксама скрыначку з ніткамі, іголкамі, гачкамі, гузікамі і іншымі дробнымі рэчамі.

— Усё гэта нам патрэбна,—сказала яна.—У мяне ёсьць, здаецца, такія-ж рэчы; мы і паложым іх разам. Прынясі мне мой кошык.

У яе кошыку было шмат розных рэчаў, якіх я зусім ня ведаў. Тут былі: дзьве шчоткі, дванаццаць грабенчыкаў, тры пары ножан, невялікі ножык, пудэлачка з атрамантам, некалькі пер‘яў, напарстак, кавалачак воску, іголкі, ніткі і шоўк, ляк, пляйстар, аловак і шмат іншага, чаго я не памятаю; ведаю толькі, што ўсё гэта мяне страшэнна цікавіла. Пад нізом ляжала некалькі пакуначкаў.

Яна растлумачыла мне, што гэта насеньне, якое яна назьбірала, каб завезьці ў Англію, а цяпер трэба пасадзіць яго тут. Калі яна вытрасала сьмецьце з кошыка, выпала пяць зярнятак. Яна папрасіла мяне падняць іх.

— Як яны трапілі сюды?—сказала яна.—Тры з іх памяранцавыя зярняткі; заўтра мы іх пасадзім, а два—гарошыны— ня ведаю, якога гатунку, але заўтра і іх пасадзім.

— Пачакай, мы забыліся на твой пояс і іншыя рэчы, якія ты даў мне на схову, як мы зьбіраліся ехаць. Яны схаваны ў тэй пасьцелі, якая належыць Джаксону.

Я дастаў іх адтуль. Яна схавала гадзіньнік і запанкі падшкіпера, а прагляд пісем адклала на другі дзень.

Пасьля мы агледзелі пояс, палічылі маленькія мяшочкі, у якіх былі дыямэнты, адзін з іх распаролі нажніцамі і дасталі адтуль бліскучы каменчык.

— Я ня зусім знаюся на гэтых рэчах, але павінна сказаць, калі і ў іншых мяшочках такія-ж камяні, дык гэты пояс мае вялікую каштоўнасьць.

Яна зашыла пояс і схавала яго ў сундучок.

Пасьля яна паказала мне, як зрабіць з ліста жалеза нешта падобнае на скавародку. Другі кусок мы таксама скарысталі, загнулі берагі, і вышла нешта падобнае на міску. Неяк ловячы рыбу, мне ўспомнілася павялічальнае шкло. Жанчына Рэйхардт паказала мне, як яно павялічвае; яна тлумачыла мне, чаму гэта так выходзіць, але я ня зусім зразумеў яе. Само зьявішча цікавіла мяне больш, чым прычына яго. Потым яна паслала мяне ў хату за сухім мохам, і паставіла шкло так, што сонечныя прамені згуртаваліся на гэтым моху. На вялікае маё зьдзіўленьне мох загарэўся. Я глядзеў наўкола і ня ведаў, адкуль узяўся агонь.

Яна растлумачыла мне, я крыху зразумеў, але мне самому захацелася зрабіць гэта. Вось я і пачаў: запаліў мох, апёк сабе руку, апёк галаву аднэй птушцы, а пасьля, пабачыўшы, як дрэмле на сонцы Нэро, я накіраваў прамені на яго халодны нос. Ён усхапіўся, зароў так, што я адскочыў, але быў здаволены. З таго часу ў сонечныя дні мы заўсёды раскладалі агонь пры дапамозе гэтага шкла. Яно было невялічкае. Я заўсёды насіў яго ў кішэні і ў вольны час забаўляўся з ім.

Аднойчы пашоў я з Нэро да грэблі, каб злавіць некалькі рыб. Нэро, як звычайна, налавіў крыху, а пасьля адышоў у другое месца і забаўляўся там. Ён быў вельмі вясёлы; калі я кінуў галаву ад рыбы, якую ачышчаў, дык ён злавіў, прынёс і палажыў каля маіх ног. Гаспадыня Рэйхардт наглядала.

— Мне здаецца,—сказала яна,—табе варта было-б прывучаць Нэро прыносіць усякія рэчы, як гэта робяць сабакі. Кінь яму кавалак дрэва.

Я паслухаў яе і кінуў палку. Нэро зараз-жа прынёс мне яе. Я пагладзіў яго, яшчэ некалькі разоў кідаў палку і Нэро прыносіў яе.

— А цяпер прывучы яго, каб ён слухаўся тваіх загадаў. Калі пасылаеш яго за чым-небудзь, заўсёды кажы: „Нэро, прынясі" і нават рукою пакажы прадмет.

— А нашто гэта?—запытаў я.

— А таму, што трэба прывучаць яго прыносіць усякія прадметы, а ня толькі тыя, якія ты сам кінеш у ваду.

— Ага, разумею. Я магу паслаць яго, напрыклад, па якія-небудзь рэчы, якія будуць плаваць на паверхні вады.

— Так, так, тады Нэро сапраўды будзе нам карысны.

— Я навучу яго. Заўтра-ж пашлю яго за кавалкам дрэва, які плавае на паверхні мора.

Мы ўжо некалькі тыдняў елі толькі рыбу. І, прызнацца, яна абрыдзела мне, але скора надышоў час, калі ня было і рыбы.


VIII Навальніца, галадоўля і гісторыя жанчыны Рэйхардт


Вецер рэдка дзьмуў на наш востраў, толькі ў часе роўнадзеньня з усходу налятала страшэнная навальніца, і тады стагналі хвалі, б'ючыся аб скалы. Навальніца пачалася з вечара. Мы не спадзяваліся, што яна наробіць нам столькі бяды. Я паклікаў Нэро і пашоў уніз па рыбу. Калі я падышоў да грэблі, дык убачыў, што вада паднялася на некалькі футаў, хвалі перакідаліся праз некаторыя скалы. Уся затока пенілася. Нэро ня прынёс рыбы. Ён глыбока ныраў, але нічога ня мог злавіць; паднялася вада, і ўся рыба вышла з затокі. І вось мы асталіся без харчоў. Нельга было і думаць, каб у такое надвор'е злавіць што-небудзь. Са страхам я пабег дахаты і сказаў гаспадыні Рэйхардт, што рыбы няма і нам прыдзецца памерці з голаду.

— Супакойся, Франк,—сказала яна.—Становішча наша цяжкае, але мы яшчэ не памром з голаду. Надвор‘е можа палепшае і мы наловім яшчэ рыбы, а калі навальніца і ўціхне, дык дзён два-тры можна пацярпець.

— А ведаеце, якая думка прышла мне ў галаву?—сказаў я.—У крайнім выпадку мы можам ахвяраваць птушак, я ня вельмі шкадую іх, а калі-б нават і шкадаваў, дык не дапушчу, каб вы памерлі з голаду.

— Я ведаю, што ты не пашкадуеш птушак, але хто ведае, можа прыдзецца ахвяраваць нешта больш каштоўнае.

— Што?—запытаў я.—Няўжо вы кажаце пра Нэро?

— Так, я думала пра Нэро. Птушак хопіць нам не надоўга.

— Я ніколі не згаджуся забіць Нэро,—адказаў я і пашоў у хату. Мне рабілася вельмі цяжка, калі я думаў, што прыдзецца забіць свайго любімага таварыша. Тое вялікае ўражаньне, якое зрабіла на мяне жанчына Рэйхардт, пачало крыху зьмяншацца.

Я не шкадаваў птушак і вышаў з хаты, каб палавіць птушак і паскручваць ім шыі.

— Што вы робіце?—запытала яна.

— А вось зьбіраюся забіць гэтых птушак і зварыць іх на абед.

— Пачакай, Франк, ты вельмі сьпяшаешся. Мы можам папасьціць крыху, а заўтра пабачым.

Я моўчкі выпусьціў птушку з рук. Прызнаюся, я ня столькі думаў пра птушак, колькі пра тое, што даю лішні дзень жыцьця майму беднаму Нэро.

— Пойдзем са мною ў хату. Я буду перашываць табе адзеньне, а ты агледзь вудачкі, а то, як мне здаецца, яны ўжо ня зусім сталі моцнымі; трэба адрэзаць частку ад вялікае вуды, якою маракі кітоў лавілі, раскруціць яе і я наўчу цябе, як зрабіць з яе вуды.

Я паслухаў яе, і мы заняліся працаю.

— Мне хацелася-б ведаць вашу гісторыю,—сказаў я.—Вы дакляравалі мне, што раскажаце.

— Так, памятаю, што даклеравала і калі-небудзь раскажу; цяпер ты не зразумееш мяне.

— Так, але вы можаце расказаць мне вашу гісторыю два разы. Я з прыемнасьцю буду слухаць.

Лёгкая ўхмылка прабегла па яе твары, а гэта было рэдка.

— Добра, Франк,—сказала яна,—я ведаю, што ты заўсёды гатоў не абедаць, каб толькі табе паслухаць якую-небудзь цікавую гісторыю. Сёньня ты зусім ня будзеш есьці і таму я павінна выканаць тваё жаданьне... Слухай-жа, я буду расказваць табе сваю гісторыю і гісторыю свайго мужа.

— Мой бацька лічыўся лепшым кастаправам і вэтэрынарам у акрузе, а часам зарабляў яшчэ крыху рознымі сельскагаспадарчымі работамі. Ён рабіў агароджу, капаў канавы, рамантаваў саламяныя стрэхі. Мая маці памерла хутка пасьля майго нараджэньня. Спачатку мяне даглядала адна бедная жанчына, але, калі я пачала хадзіць і крыху разумець, бацька так прывык да мяне, што не адпускаў мяне ад сябе ні на адну хвіліну. Ён старэнна вучыў мяне ўсяму, што ведаў сам, і хоць веды меў ён невялікія, але яны былі добрым грунтам для мае будучае асьветы і выклікалі жаданьне вучыцца далей. Я старалася скарыстаць усякія сродкі, каб пашырыць свае веды. Я з самага раньняга дзяцінства выказвала зацікаўленасьць і заўсёды задавала розныя пытаньні ня толькі свайму бацьку, але і ўсім, хто бываў у нас. Яны любілі мяне і стараліся мне адказваць; такім чынам я хутка пачала разьвівацца.

Прыблізна ў твае гады я пазнаёмілася з хлопчыкам-сіратою, выхаванцам прытулку. Яго пакінулі там з прычыны раптоўнай сьмерці яго бацькоў-немцаў. Яны памерлі ад навальнай трасцы, ад якое тады памерла многа рабочых. Бацька мой часта пасылаў мяне з даручэньнем да дырэктара прытулку. Гэта быў строгі, суровы чалавек, і я яго баялася. Я заўважыла бледнага, задуменнага хлопчыка, які выглядаў вельмі няшчасным. Ніхто не зьвяртаў на яго ўвагі. Гн хадзіў адзін, бяз догляду, па няпрыветлівых пакоях прытулку.

— Я бачу па тваім твары, што ты хочаш запытаць нешта, табе, мабыць, ня ўсё зразумела,—сказала Рэйхардт.—Пастараюся растлумачыць табе.

У Англіі ёсьць дамы, дзе зьмяшчаюцца бедныя, бяспрытульныя, пачынаючы з нованароджаных і канчаючы зусім старымі. У прытулак ідуць тыя, хто без дапамогі ня можа пражыць. Яны жывуць там, іх адзяюць і кормяць; маладых па магчымасьці, вучаць якому-небудзь рамяству.

— Мабыць, гэтыя людзі лічаць сябе вельмі шчасьлівымі?— заўважыў я.

— Якраз наадварот, — адказала яна, — пайсьці ў прытулак лічыцца няпрыемным. Цяжкі быў лё.с гэтага хлопчыка. Я даведалася, што імя яго Генрых Рэйхардт. Ён ведаў толькі сваю нямецкую мову. Радзіўся і пачаў гадавацца ў сям‘і, якая мела сякую-такую абстаноўку і жыла ня дрэнна. Пэўна, яму цяжка было, калі ён пасьля сьмерці бацькоў апыніўся ў прытулку. Я часта бачыла сьлёзы на яго вачох. Я прыносіла яму невялічкія гасьцінцы і заўсёды выказвала сваё спачуваньне.

Спачатку ўсё гэта зьдзіўляла яго, а пасьля я заўважыла, што мая ўвага задавальняе яго. Тады я мела вялікі ўплыў на свайго бацьку. I вось мне ўдалося дабіцца таго, што ён так зацікавіўся гэтым хлопчыкам, што рашыў узяць яго з прытулку да сябе. Яму ня вельмі хацелася клапаціцца аб выхаваньні гэтага хлапчука-чужаземца, але я абяцала дапамагчы яму вывучыць ангельскую мову і запэўняла бацьку, што ён хутка будзе мець у асобе гэтага хлапчука здольнага памоцніка. Ён не асабліва верыў таму, што я казала, але, каб задаволіць мяне, згаджаўся.

Я адразу-ж пачала выкладаць ангельскую мову, і хутка заўважыла, што мой вучань мае надзвычайна вялікія здольнасьці і цьвёрдае жаданьне вывучыць мову. Праз некаторы час мы маглі абменьвацца думкамі і ўражаньнямі. А праз колькі месяцаў разам чыталі навуковыя кнігі. Я з прыемнасьцю праходзіла з ім курс навук, які сама вывучыла, і радавалася яго пасьпеху. Ён часта ўспамінаў сваё жыцьцё ў прытулку, прыводзіў параўнаньне з цяперашнім і шчыра дзякаваў мне, што я забрала яго адтуль. Ня дзіва, што мы пачалі кахаць адзін другога.

— Мне ня хочацца перапыняць вас, — заўважыў я, — але ўсё-ткі я хацеў-бы ведаць, што значыць „кахаць"?

— Мне ня лёгка растлумачыць гэта адразу,—з ухмылкаю сказала Рэйхардт,—але ўпэўнена, што праз колькі гадоў, калі ты пакінеш гэты востраў, ты зразумееш бяз усякіх тлумачэньняў. Аднак, трэба паклапаціцца і аб другім,—сказала яна.

Прысутнасьць на гэтым востраве жанчыны Рэйхардт была надзвычайна каштоўнай. Яе энэргія, бадзёрасьць дадавалі мне сілы для барацьбы з тым цяжкім становішчам, у якім мы апынуліся. З яе дапамогаю я зрабіў некалькі моцных вудачак. Аднойчы я пашоў са сваімі вудамі і прымасьціўся на выступе аднэй скалы. Я кідаў кавалачкі мяса аднаго майго альбатроса, якога прышлося ахвяраваць сабе на абед. Я ведаў, што тут глыбока і апусьціў вуды нізка. Паплаўка ў мяне ня было. Калі рыба бралася, я адчуваў яе па хістаньню вудачкі, а вудачку прывязваў за руку. Хоць і глядзеў я на вудачку, але неяк забыўся пра яе, бо задумаўся пра расказы жанчыны. Я перанёсься думкамі да таго нямецкага хлопчыка і стараўся прадставіць сабе, што-б я зрабіў, каб быў на яго месцы, і прыдумоўваў самыя фантастычныя выхады, якімі-б выказвалася мая ўдзячнасьць. Вырысоўваліся розныя сцэны і здарэньні, героем якіх быў я. У мяне былі такія адчуваньні, якіх я ніколі не перажываў.

Абудзіўся я ад гэтага сну, калі апынуўся ў вадзе. Гэта было так нечакана, што я ня мог зразумець, у чым справа. Вудачка рэзала мне руку і цягнула ў глыб. Нарэшце, мне ўдалося ўтрымацца на паверхні вады. Я з усяе сілы пацягнуў вуду і тузануў, значыцца, рыбу. Яна была вялізная. Праз момант яна зноў нырнула ў ваду і пацягнула мяне за сабою. Я заўважыў, што рыба была амаль круглая і даўжынёю, прыблізна, сем-восем футаў. Я змагаўся з ёю і, нарэшце, мне ўдалося разануць яе нажом па галаве.

Цяпер была другая бяда. Ганяючыся за ёю, я далёка адплыў ад вострава і настолькі быў стомлены, што ня мог цягнуць сваю здабычу. Гэта быў вялікі запас харчоў, і тут-жа я падумаў пра жанчыну Рэйхардт: як-бы яна ўзрадавалася, каб я прынёс гэту рыбу.

Я ўзяў напрамак на бераг і энэргічна плыў. Добра што не напаткаў ніводнае акулы. Мой сябра, жанчына Рэйхардт, была занята работаю. Яна выслухала мой расказ аб здарэньні і крыху пакрычала на мяне за неасьцярожнасьць.

— Ты-ж мог утапіцца або разьбіцца, ці натрапіць на акулу,—сказала яна.—Што-ж было-б тады са мною? Адной жанчыне ў такім пустынным месцы нельга было-б пражыць. Калі ты сапраўды клапоцішся аба мне, дык ты павінен быць асьцярожным.

Я абяцаў, што буду асьцярожным і супакоіў яе. А рыба ня выходзіла ў мяне з галавы, такую веліч прышлося пакінуць пражорлівым жыхаром морскага дна. Гэтае здарэньне зрабіла на мяне вялікае ўражаньне і я часта ўсё гэта бачыў ва сьне.

Пасьля аднае неспакойнае ночы я пашоў на бераг шукаць Нэро. Ён плаваў недалёка ад берагу, падскакаў наўкола нейкага цёмнага прадмету. Я адлікаў Нэро, каб паглядзець, што там было з ім, і што-б вы думалі я ўбачыў? Я ўбачыў учарашняга свайго ворага, які сьцягнуў мяне са скалы. Я моцна закрычаў ад радасьці; на мой крык прыбегла Рэйхардт.

Убачыўшы вялізную, дзіўную рыбу, яна таксама рада была. Цяпер паўстала пытаньне; як-жа выцягнуць яе на бераг? Я ўзяў вяроўку, скочыў у ваду і закінуў пятлю на рыбу; пасьля паплыў назад, узьлез на скалу і разам пачалі цягнуць. Сяк-так выцягнулі мы яе на бераг; тут я парэзаў яе на кавалкі, а жанчына Рэйхардт пачала насіць яе дахаты. Яна, між іншым, сказала, што ведае нейкі новы спосаб сушкі рыбы, пасьля якое яна будзе захоўвацца на цэлы год.

Я ня ведаю, што гэта была за рыба, але павінен сказаць, што яна была вельмі смачная.

Аднаго разу на абедзе, які згатавала жанчына Рэйхардт, я напомніў ёй аб тым, што яна не сказала мне ўсяго пра беднага нямецкага хлопчыка. Я папрасіў, каб яна расказала далей пра яго. Рэйхардт згадзілася.

— Наш настаўнік, доктар Брэйцьвель,—пачала яна,—быў адукаваны чалавек і вельмі любіў выказваць свае веды. Большую частку свайго часу ён аддаваў на наўчаньне дзяцей, якія чым-небудзь зварачалі на яго сваю ўвагу. У горадзе сьмяяліся і казалі, што доктар навучаў сялянскіх хлопчыкаў грэцкай і лацінскай мовам, а з дзяўчатамі выўчае географію, глёбус, і лічылі яго крыху звар'яцеўшым.

Але ён не зварачаў увагі і вёў далей працу, якая здавальняла яго. І вось, калі ён прыняў мяне і маладога Рэйхардта, у яго зьявілася надзея на посьпех.

Мы адзін перад другім стараліся вучыць усё, што нам давалі. Мы выўчалі: францускую, лацінскую мовы, географію і ўсе звычайныя галіны вышэйшае асьветы.

Паступова мы з Рэйхардтам так прывыклі адно да другога, што адчувалі сябе няшчаснымі, калі нам прыходзілася разьвітвацца, і былі вельмі рады, калі сыходзіліся. Мы былі вельмі маладыя і не маглі разумець значэньня такога пачуцьця, але паступова яно пераходзіла ў моцнае захапленьне, якое з даўных часоў завецца каханьнем.

— Мне здаецца, я цяпер разумею, што гэта значыць,— сказаў я.

— Мяне гэта дзівіць,—адказала яна.—Адкуль-жа ты можаш ведаць?

— Я ўпэўнены, што разумею яго,—сьцьвердзіў я і потым сарамяжліва дадаў:—Калі-б я быў на месцы Генрыха Рэйхардт, я быў-бы вельмі ўдзячным гэтай дзяўчынцы за яе дабрату. У мяне было-б жаданьне заўсёды быць з ёю, я хацеў-бы, каб яна любіла мяне больш, чым каго іншага.

— Па праўдзе кажучы, тваё тлумачэньне нішто сабе!—адказала з ухмылкаю Рэйхардт,—але раскажу далей.

— Мы разам хадзілі па ваколіцы, зьбіралі кветкі, ягады. Мой бацька, калі і ведаў пра гэта, дык ня лічыў патрэбным умешвацца.

Малады Рэйхардт так разумна і ўдала выконваў усе яго даручэньні, што стары любіў яго, як сына.

Мы рашылі, што павянчаемся, калі толькі атрымаем дазвол. Мы марылі аб будучыні і будавалі розныя пляны. Але хутка яны нечакана былі разбураны.

Аднаго разу доктар Брэйцьвель пазваў майго бацьку. Доўга яны гаварылі там, бо бацька вярнуўся позна. У яго быў заклапочаны і задуменны твар. Праз некаторы час ён паведаміў мяне аб выніках размовы з доктарам.

Аказалася, што доктар рашыў паслаць маладога Рэйхардта недзе вельмі далёка, дзе вучоныя жылі разам у колегіях, каб удасканаліць яго асьвету. Спачатку я са страхам прыняла гэту думку, а пасьля супакоілася. Я рашыла, што ўсё гэта будзе карысным для Генрыха. Мы разьвіталіся са сьлязьмі і надзеяй на будучыню.

У першыя дні пасьля ад'езду ўсё здавалася мне такім няцікавым, дзікім. Адсутнасьць Генрыха адчуваў і бацька.

Але хутка ўсё згладзілася,—нібы Генрыха ніколі і ня было.

Бацька мой і некаторыя знаёмыя часам успаміналі яго. Я-ж думала аб ім кожную гадзіну.

Мяне цешылі яго лісты. Спачатку ў іх выказваліся толькі пачуцьці да мяне, а пасьля былі паведамленьні аб посьпехах у навуцы. Прайшоў некаторы час, і ён у лістох да мяне выказваў свае погляды і разважаньні на розныя тэмы. Яго пачуцьцё каханьня да мяне нібы адыходзіла неяк. Але я не абражалася. Я бачыла, як імкненьні майго будучага мужа высока паднімалі яго над агульным узроўнем.

Гадоў два ці тры я ні разу ня бачыла яго і рэдка атрымлівала лісты. Ён тлумачыў гэта тым, што быў вельмі заняты

і ня меў часу пісаць. Я і не вымагала ад яго, пісала яму і раіла са ўсёю энэргіяй ісьці да вызначанае мэты—быць вучоным. Аднойчы мой бацька вярнуўся ад доктара Брэйцьвеля і быў неяк нездаволены. Наш добры доктар раззлаваўся на Генрыха за тое, што Генрых абвясьціў сябе прыхільнікам тых навуковых поглядаў, якія былі процілеглы поглядам паважанага доктара. І вось ён, а пад уплывам яго і мой бацька хутка адмовіліся ад усякіх зносін з Генрыхам.

Я-ж думала аб ім і марыла аб спатканьні. Перапіска наша спынілася канчаткова. Я ня ведала яго адрасу. Усе, апрача мяне, былі ўпэўнены, што ён забыўся на нас. Наш добры доктар памёр; бацька мой па старасьці ня мог ужо служыць. Ён сабраў крыху грошай і збудаваў сабе хатку ў вёсцы. Жыцьцё наша ішло ціха, спакойна. Я была ўжо начальніцаю школы для дзяўчатак. Гэта была паважная работа, і да мяне сваталася некалькі чалавек. Але я думала толькі аб Генрыху. Я павінна была пачуць ад яго, што ён адмаўляецца ад свайго старога сябра. Я ведала, што нада мною будуць сьмяяцца, калі сказаць каму-небудзь аб гэтым, таму я маўчала і ў сэрцы хавала веру ў яго, якая і падтрымлівала мяне.

У горадзе была абвешчана лекцыя вядомага вучонага, і я пашла на яе. Гэты вучоны ехаў на Сандвічавы астравы, каб вывучыць жыцьцё дзікуноў. Дом, дзе была лекцыя, перапоўнены быў людзьмі, але мне ўдалося дастаць месца каля трыбуны. Я з нецярпеньнем чакала тае хвіліны, калі пабачу чалавека, які ўзяў на сябе такую небясьпечную задачу. І вось мясцовы доктар прадставіў нам яго. Я ня чула, што ён казаў. Я бачыла толькі твар вучонага і ў яго бледных спакойных рысах я пазнала Генрыха Рэйхардта.

— Ён вярнуўся! Я ведала, што ён вернецца,—шаптала я.—Ён ня мог забыць мяне.

Забілася маё сэрца, я так пачала хвалявацца, што хацела нават выйсьці з залі, але баялася перашкаджаць і не хацела, каб на мяне зьвярнулі ўвагу. Я пастаралася крыху супакоіцца і увесь час ня зводзіла вачэй з Генрыха. Вось ён загаварыў. Я казала, што ня чула папярэдняга прамоўцы, а кожнае слова Генрыха западала ў маю душу. Ды ці-ж магло быць інакш? Яго высокая стройная постаць, сумны, але выразны твар, ясны і звычайны голас, а потым яшчэ ўспаміны мінулага,—усё гэта рабіла на мяне надзвычайна вялікае ўражаньне. І пачуцьцямі і вачыма я была прыкавана да яго. Глянуў і ён на мяне. Абарваўся на момант яго голас, але ён адразу-ж схамянуўся і чытаў далей сваю лекцыю. Ідучы дадому, я пачула, што нехта наганяе мяне, я чую знаёмы ўжо мне голас. Гаварыў Генрых.

Праз тыдзень адбылося вясельле, а праз колькі дзён мы селі на карабель, які занёс нас на тысячы міль у дзікія недасьледаваныя краіны, дзе павінна была пачацца наша новая дзейнасьць.

На гэтым яна спыніла свой расказ, бо трэ‘ было наглядаць за гаспадаркаю. У садку ўсё расло, як найлепей. З тых зярнятак, які Рэйхардт прывезла ў кошыку, вырасьлі памяранцавыя дрэвы, і мы спадзяваліся, што будзем мець добрыя памяранцы. Гарошынкі таксама вырасьлі.


IX Лекцыі па географіі і маё першае, няўдачнае плаваньне ў чайцы


Я ніколі не забуду таго дня, калі наш бедны абед, які складаўся з аднае сушанае рыбы, абагаціўся гарачаю бульбаю. Калі я з вялікім смакам пад‘еў яе, дык гаспадыня Рэйхардт расказала мне, калі ўпяршыню зьявілася бульба ў Эўропе і як паступова ахапіла ўсе цывілізованыя краіны зямное кулі. Я цяпер ужо ведаў, што такое Эўропа. Рэйхардт навучала мяне географіі. Многа расказала мне пра Англію. Я прыдумвау усякія сродкі, каб выбрацца з гэтага вострава і пашукаць даўно жаданых берагоў бацькаўшчыны. Але-ж як дасягнуць гэтае мэты? Даўно ня бачыў я карабля, або калі і бачыў, дык страшэнна далёка. Нам аставалася толькі верыць у будучыню і цярпліва пераносіць цяжкае становішча. Аднак, я кожны дзень браў сваю падзорную трубу і глядзеў на мора і, апрача выпадковага кіта, гурту морскіх сьвінак і цюленяў, я нічога ня бачыў. Здавалася, што Нэро спачувае мне; і нават альбатросы паглядалі на мяне, нібы разумелі маё цяжкае становішча. Я даўно працаваў над тым, каб зрабіць нізкі бераг, на той выпадак, каб свабодна магла спыніцца чайка, калі падыйдзе карабель. Я думаў і аб тым, каб як-небудзь самому змайстраваць што-небудзь падобнае на чайку і ўдваіх паехаць на суседні востраў.

Я паведаміў аб гэтым Рэйхардт, але яна з недавер‘ем паглядзела на мае пляны. Я цьвёрда стаяў на сваім. Рашыў сьсячы дрэва і выдзяўбаць з яго чайку. Каля берагу ня была такога падхадзячага дрэва, а з сярэдзіны вострава не прывалачэш. Я ўспамянуў, што блізка берагу траплялася іва. Вось я і рашыў зрабіць з яе шкілет чайкі і абцягнуць цюленевай шкураю.

Я некалькі тыдняў працаваў над гэтым, і зрабіў нешта падобнае на тую чайку, што прывезла маракоў. Яна была малая і такая лёгкая, што я бяз усякай цяжкасьці перанёс яе на прыгатаваную мною прыстань. Але калі хацеў скарыстаць яе па назначэньню, дык заўважыў, што яна крывабокая і прапушчае ваду. Адным словам, яна была зроблена так, што прышлося выцягваць яе на бераг і разьбіраць на часткі. Я пазваў

Рэйхардт. Яна хоць ня верыла ў маю работу, але дала некалькі карысных парад адносна будоўлі чайкі і як зрабіць, каб не прамакала шкура. Я ўважна выслухаў яе і зноў узяўся за работу.

Пачаў я з таго, што зрабіў моцны шкілет з гострымі канцамі і абцягнуў парусінаю, якая была добра вымазана птушыным шмальцам. Пасьля абцягнуў добра высушанымі цюленевымі шкурамі, якія таксама зрабіў непрамакаемымі. Унутранасьці чайкі я аблажыў карою і прыбіў некалькі дошчачак, якія ў розны час трапляліся каля берагоў. Я думаў, што ўжо ўсё патрэбнае зрабіў. Я спусьціў яе ў затоку і любаваўся, як яна трымаецца на вадзе. У мяне ня было яшчэ ні вёсел, ні паруса. Я ўспомніў аб запасных вёслах і бізань-мачце кіталоўнага карабля. Вёслы былі вельмі вялікія, але па гэтаму ўзору я зрабіў крыху падобныя да іх. Далей трэ‘ было навучыцца ўладаць вёсламі, і ў гэтым мне дапамагала Рэйхардт.

Наўчыўшыся ехаць у чайцы, я пасадзіў за пасажыра Нэро. Ён быў, мабыць, здаволены гэтым, але неяк нязграбна павярнуўся і перакуліў маю чайку. Праўда, яна настолькі была лёгкая, што я ў момант адвярнуў яе назад.

Рэйхардт ні за што не згаджалася сесьці ў маю чайку. Мая першая спроба з такім пасажырам, як Нэро, адбіла ў яе ўсякую ахвоту да такое паездкі. Я падсушыўся крыху і рашыўся на новую, больш сьмелую спробу. Мне не хацелася пакідаць Нэро, але на гэты раз я загадаў яму легчы на дно чайкі. Узяў я з сабою і альбатросаў. Яны паселі наўкола мяне і пазіралі. У іх быў такі дурны выгляд, што я ня мог не засьмяяцца.

— Аднак,—сказала Рэйхардт,—я думаю, што гэта мора ня бачыла такое каманды з маладым дзікуном, замест капітана, прыручаным цюленем, замест падшкіпера, і некалькімі птушкамі, замест матросаў. Гэтакія сьмельчакі, ня ведаю, ці плавалі калі па моры.

Я асабіста, мабыць, быў самым цікавым членам такой каманды. На мне нічога ня было апрача таўстых палатаных штаноў; а доўгія густыя валасы зьвісалі па плячах. Цела маё страшэнна загарэла і мела цёмна-чырвоны колер, які вельмі розьніўся ад колеру Рэйхардт. Яна часта, жартуючы, казала, што ня мала будзе клапот, пакуль я даб'юся званьня эўропэйца, бо ўсякі прыме мяне за „Маленькага дзікуна". Яна часта называла мяне гэтым імем. Як-бы яно ні было, а я выехаў з гэтымі таварышамі з затокі, каб аб‘ехаць вакол вострава; Рэйхардт махала мне рукою і крычала быць асьцярожным. Пасьля яна павярнулася і, як мне здалося, пашла ў хату.

Дзень быў прыгожы. Паверхня вады не калыхалася; на небе ня відаць было ніводнае хмаркі. Здавалася, што ўсё спрыяе майму плаваньню. Вада настолькі была чыстая, што я мог разглядзець на вялікай глыбіні чарапашыны і розныя пароды рыб.

Мая лёгкая чайка плыла ціха, няпрыкметна. Нэро ляжаў спакойна, а птушкі часам пахлопвалі крыламі ад задаваленьня. Такім чынам некаторы час мы ехалі бяз усякіх перашкод, пакуль выехалі ў адкрытае мора. Мне трэ‘ было аб‘ехаць высокую скалу, якая выдавалася ў мора. Хутка я ўбачыў надзвычайна прыгожы малюнак. Я пазнаў усе нашы любімыя месцы: лес, роў, хатку, сад з яго кветкамі,—усё гэта радавала мяне. І нават дзікія, магутныя скалы дапаўнялі хараство гэтага малюнку.

Я быў вельмі зьдзіўлены, калі ўбачыў Рэйхардт; яна пасьпешна ішла да берагу, ля якога я павінен быў праехаць. Я зразумеў, што яна наглядала за мною, хацела быць блізка на ўсякі няшчасны выпадак. Я гукнуў, яна махнула рукою. Я агінаў скалу і вось, на вялікае зьдзіўленьне, нечакана апынуўся сярод вялізных акул. Спатканьне з імі было вельмі небясьпечным. Я ўспомніў словы Джаксона, які казаў, што адна акула можа лёгка расквітацца з чалавекам. Успомніў я і перасьцярогу Рэйхардт. Я ўжо шкадаваў, што не паслухаў яе парады і выехаў у мора. Але што-ж рабіць? Я стараўся быць спакойным і рашыў трымацца воддаль ад іх.

Акулы спачатку нібы не заўважалі мае прысутнасьці, але калі я апынуўся пасярэдзіне іх гурту, яны пачалі зьбірацца ў кучы, ды так хутка, што захвалявалася вада. Мне цяжка было ўтрымаць чайку ў правільным кірунку. Яны ныралі, наскаквалі адна на другую, але пакуль што трымаліся крыху воддаль ад мяне. Я з усяе сілы стараўся, каб як праехаць далей і вызваліцца ад такіх няпрыемных суседзяў. Але ня так лёгка было зрабіць гэта. Яны плылі за чайкаю, давалі нырца, і зноў паказваліся ўперадзе, як-бы хацелі перапыніць мне дарогу. Я ехаў далей. Яны рабіліся ўсё сьмялейшымі. Мяне ўжо апаноўваў страх. Падскакалі акулы, падскакала, як корак, мая чайка.

Ня толькі я прадбачыў бяду,—альбатросы таксама пачалі непакоіцца. Ня лёгка было стрымаць Нэро. Чым далей, тым больш акулы рабіліся варожымі. Альбатросы замахалі крыламі і паляцелі на бліжэйшую скалу. Нэро пачаў мармытаць і разяўляць свой рот. Ён хацеў легчы так, каб лепш бачыць надыходзячую бяду. У той момант, калі я заспакойваў яго, штосьці зьнізу так стукнула ў чайку, што і я, і Нэро, і вёслы паляцелі ў розныя бакі.

Гэтага шуму, мабыць, спужаліся акулы, бо адскочылі ў бок. Я як мага хутчэй паплыў да скалы, але заўважыў, што за мною гоніцца вялізная акула. Я думаў, што ўсё прапала. Яна разявіла сваю ляпу і гатова была праглынуць мяне. У гэты момант наскочыў Нэро і кінуўся на акулу. Апошні раз я бачыў свайго дарагога сябра. Ён выратаваў мяне ад сьмерці; я даплыў да скалы і ўчарэпіўся за моцную морскую. траву.

Хутка яны абкружылі мяне. Я стараўся ўтрымацца, каб ня стаць ахвяраю гэтых дваццаці пражэрлівых акул. Я адчуваў, што морская трава, за якую я трымаўся, пачынае вырывацца.

Страх апанаваў мяне, я пачаў крычаць з усяе сілы, але акулы аставаліся на месцы і чакалі мяне з разяўленымі ляпамі. Карэньні морскае травы паддаваліся. Ня было надзеі на ратунак. У гэту жудасную хвіліну я пачуў голас Рэйхардт. Яна стаяла высока нада мною. Плюхнула вада. Я закрычаў са ўсёй сілы. Яна крычала і ўпрашала мяне дабрацца да невялікага куста, які рос у шчыліне скалы. Я глянуў уніз. Акул ужо ня відаць было, але я ведаў, што яны зноў вернуцца, і як мага пачаў караскацца да куста. Рэйхардт выратавала мяне, яна кінула камень у ваду і гэтым разагнала іх. Пакуль яны зноў зьявіліся, я ўжо ўхапіўся за галінкі і ўзьлез на скалу.

— Ён выратаваны!—закрычала Рэйхардт.

Акулы падышлі і, убачыўшы, што мяне няма, паплылі назад у мора.

Аднаго разу, седзячы ўвечары разам з Рэйхардт, я пачаў размову на тэму аб яе мінулым жыцьці. Ёй, мабыць, не хацелася, каб я ўспамінаў пра гэта.

— Зусім зразумела, што табе хочацца ведаць канец майго апавяданьня,—сказала яна;—я павінна выканаць сваё абяцаньне.

Я пачаў запэўняць яе, што з прыемнасьцю пачакаю, пакуль яна сама захоча дакончыць свой расказ.

— Гэтага ніколі ня будзе!—сказала яна.— Я рада была-б забыць мінулае, але, на вялікі жаль, не магу. Пачну з таго, як за час нашае доўгае падарожы на Сандвічавы астравы я старалася выўчыць характар свайго мужа. Пэўна, што ён вельмі зьмяніўся за час свайго вучэньня. Ён з большаю прыемнасьцю ўзяўся за вывучэньне дзікуноў, чым за навуковую работу ў Англіі. Але разам з гэтым я заўважыла ў ім нейкі сум, нібы ён адчуваў пагражаючую яму небясьпеку, трагічны канец свае дзейнасьці.

Вось мы прыехалі на месца назначэньня. Як толькі мы вылезьлі на бераг, я ўбачыла такі малюнак, нібы мы апынуліся ў нейкім новым няведамым сьвеце. Багацьце нябачанае да гэтае пары расьліннасьці, орыгінальная архітэктура будынкаў і дзіўны выгляд туземцаў,—усё гэта вельмі зьдзівіла мяне. Мой муж адразу-ж пачаў вывучаць мясцовую мову, а я прыглядалася да іх звычаяў.

Навучыўшыся крыху разумець іх, я старалася пасябраваць з іх жанчынамі, пераважна з жонкамі правадыроў. Спачатку яны адносіліся да мяне з недавер'ем, але я настойна дамагалася дасягнуць свае мэты, і мне ўдалося з многімі з іх наладзіць добрыя адносіны.

Яны ня ведалі таго, што ў культурных краінах лічылася неабходнымі ведамі. Я старалася быць карыснай для іх: наглядала за хворымі, давала гасьцінцы, абыходзілася з імі ласкава.

Аднаго разу я дапамагла маладой дзяўчыне гадоў дваццаці. Яна была малодшай сястрой жонкі аднаго з галоўных правадыроў. Звалася яна Гулу. Яна зьвіхнула сабе нагу і вельмі пакутавала. Я дапамагла ёй, пасьля чаго яна вельмі прыхільна адносілася да мяне. Пераканаўшыся ў яе дабраце і прыроднай ласкавасьці, я рашыла скарыстаць гэту прыхільнасьць. Муж мой сваімі мэдычнымі ведамі, а таксама веданьнем некаторых рамёслаў, стараўся заваяваць сымпатыі мужчынскае часткі насяленьня. Ён стараўся палепшыць іх быт, гаспадарку і наогул пазнаёміць з дасягненьнямі цывілізованых краін.

Ён пабудаваў сабе дом, завёў сад, апрацаваў вучастак зямлі, і такім чынам імкнуўся навочна паказаць перавагу культуры. Дзікуны выказвалі сваё зьдзіўленьне, але рабілі пасвойму. Яму ўдалося справіцца з некалькімі выпадкамі трасцы, залячыць некалькі ран, і ён меў вялікую славу доктара. Многія правадыры пасылалі па яго, калі хто хварэў у сям‘і. Яго ўсе пачалі паважаць.

Што-б мой муж не папрасіў, яны ўсё выконвалі. Ён захацеў, каб да яго прысылалі дзяцей вучыцца. Туземцы згадзіліся і на гэта, і мы адчынілі сумесную для хлопчыкаў і дзяўчат школку.

Але знайшліся і праціўнікі сярод туземцаў. Мы не паважалі іх багоў, за што і пагражалі нам тыя, чый дабрабыт быў зьвязаны з паганствам.

Муж мой атрымаў загад, каб перад саветам правадыроў выслухаць абвінавачаньне.

Заядлыя балвахвальнікі зьдзекаваліся над ім і пагражалі яму помстаю багоў за тое, што ён нібы ашуквае народ і парушае яго звычаі. Яны стараліся падбухторыць супроць нас судзьдзяў і казалі, што яны загінуць, калі ня будзе засуджаны на сьмерцьбелы чужаземец. Яны са злосьцю крычалі, што ў іх краіну прышло няшчасьце. Муж мой устаў і пачаў сваю абарончую прамову.

Яго гарачыя словы зрабілі вялікі ўплыў на слухачоў, але варожая меншасьць мела вялікі ўплыў і перапыняла яго прамову крыкамі.

Большасьць правадыроў выказаліся супроць пакараньня яго.

Яны прымалі пад увагу тую карысьць, якую ён прыносіў народу сваімі ведамі мэдыцыны, зямляробства, рамесьніцкага мастацтва.

На гэтым сабраньні перамога асталася за мужам.

Школа наша пашыралася. Я дапамагала майму мужу і мела ўплыў на туземцаў ня меншы, чым ён.

Насельніцтва лічыла нас людзьмі вартымі павагі.

Так добра ішлі справы некалькі гадоў. Муж мой ведаў адказнасьць свайго становішча. Ён зьбіраў матэрыялы, вёў запіскі, вывучаў быт туземцаў і прыроду краіны. Ён так быў заняты справай, што, здавалася, часам забываўся на мяне. Мы часам ня бачыліся па некалькі дзён.

Аднойчы да нас зайшоў эўропэйскі карабель, і хутка пасьля гэтага страшэнная эпідэмія воспы ахапіла насяленьне. Уміралі і дзеці і дарослыя; не пасьпявалі пахаваць памёршых, як дзесяткамі пачыналі хварэпь другія. Жах ахапіў туземцаў. Яны пачалі ўпрашаць майго мужа, каб ён спыніў эпідэмію; на іх думку, ён гэта мог зрабіць, каб захацеў. Ён рабіў усё, што ад яго залежала, але, на вялікі жаль, мог зрабіць вельмі мала. Яго мэдыцынскія парады або ня выконваліся, або не дасягалі жаданых вынікаў. Туземцы выміралі сотнямі. Ворагі майго мужа падбухторвалі насяленьне да расправы над ім. Усюды, дзе ён бываў, яму пагражалі, але ён даглядаў хворых, не шкадуючы сябе. Дзікуном чамусьці здавалася, што тыя хворыя, якія знаходзяцца пад яго нагляданьнем, хутчэй паміралі.

Народнае нездаволеньне супроць яго павялічвалася з кожным днём, але ён свабодна хадзіў сярод раззлаванага натоўпу, дзе пагражалі яму пікамі. Аднак, гэта яго не палохала.

У нядзелю раніцою звар‘яцелыя туземцы са страшэнным крыкам і пікамі наскочылі на нашу кватэру і схапілі майго мужа. Я кінулася наперад, каб абараніць яго ад зброі, якая была накірована на яго, але нехта схапіў мяне за валасы і адкінуў назад. Рэйхардт не бараніўся. Яны разьбілі яму галаву, і я была абліта кроўю мужа. Было-б, мабыць, гэта самае і са мною, але я самлела.

Мяне аднесьлі поўжывую.

Калі я паправілася і магла хадзіць, дык скарыстала прыход кіталоўнага карабля і папрасіла капітана ўзяць мяне з сабою.

Даведаўшыся аб маім няшчасьці, ён хутка згадзіўся ўзяць мяне на борт.

Я спадзявалася зьвярнуцца ў Англію, але папалі пад страшэнны гураган і прымушаны былі сесьці ў чайкі, каб выратаваць сваё жыцьцё. Я ня ведаю, дзе капітан, бо нашы чайкі хутка разлучыліся пасьля таго, як мы пакінулі разьбіты карабель. Спадзяюся, што яму ўдалося дабрацца да берагу і што ў сучасны момант ён знаходзіцца на сваёй бацькаўшчыне.

Ня ведаю, што здарылася з тымі людзьмі, якія высадзіліся са мною на гэтым беразе і якія выехалі з цяжкім грузам у чайцы ды яшчэ п'яныя.

Жанчына Рэйхардт наўчыла мяне многаму. Я пазнаёміўся з арытмэтыкай, географіяй, астрономіяй, правапісам, граматыкай, гісторыяй. Адным словам, я выўчыўся ўсяму таму, што і ў школе вучаць.

Але ўсё-ж такі я хацеў пакінуць гэты востраў, ён абрыдзеў мне, хоць жылося ўжо лепш, чым раней.

Наша хатка выглядала нібы вясковы котэдж, як называла яе Рэйхардт. Кветкі і паўзучыя расьліны надавалі яму вельмі прыгожы выгляд. Мы пасадзілі каля хаты ўсе кветкі, якія маглі знайсьці на гэтым востраве. Дзякуючы добраму догляду і клімату ўсе расьліны добра расьлі і цяпер маглі захоўваць нас ад ветру. Я збудаваў нешта падобнае на склеп для бульбы і дроў, а таксама птушыны дворык для нашых ручных альбатросаў. Іх было цяпер у нас многа. Наўкола саду я пасадзіў жывы плот. Рэйхардт казала, што наша хатка больш падобна на вясковую, дзе-небудзь у Англіі, чым хату двух чалавек, закінутых на бязьлюдны скалісты востраў за тысячу міль ад бацькаўшчыны.

Яна часта ўспамінала Англію і, як відаць, з прыемнасьцю вярнулася-б туды; аднак, ня гледзячы на цяжкія ўмовы жыцьця, яна ніколі ня скардзілася на свой лёс.


X Нашы экскурсіі і барацьба з пітонам


Няўдачная экскурсія па моры напалохала мяне, і практыкавацца далей мне ня вельмі хацелася. Аднак, хутка я прывёў у парадак сваю чайку і зноў пачаў выяжджаць у мора, калі ня відаць было акул. Пры дапамозе Рэйхардт я зрабіў невад, і праз некаторы час яна згадзілася быць удзельнікам маіх рыбалоўных экскурсій. Яна бралася за вёслы, пакуль я зацягваў невад, і памагала мне выцягваць яго з вады. Першая наша спроба была вельмі ўдачная: мы столькі налавілі рыбы, што баяліся, ці вытрымае наша чайка. Вялізныя рыбы падскаквалі, хлопалі хвастамі па дне чайкі. Мы прымушаны былі частку рыбы выкінуць у ваду, а інакш магла-б затапіцца чайка. Пасьля асьцярожна дабраліся да берагу, і былі рады, што можам здабываць сабе рыбы колькі трэба. Мы разам хадзілі на экскурсію і па сушы, галоўным чынам, шукаць новых расьлін. Трэба сказаць, што Рэйхардт разьбіралася ў ботаніцы і знаёміла мяне з расьлінамі, іх назвамі, асаблівасьцямі розных гатункаў, і дзякуючы гэтаму нашы пагулянкі былі вельмі цікавыя.

Мы часта сьмяяліся адно над другім, над нашым выглядам. Мы ня ведалі ні панчох, ні ботаў, бо іх ня было; іх замянялі сандалі з цюленевае шкуры, якія і ахоўвалі ногі ад калючак. Рэйхардт насіла на галаве шапку таксама з цюленевай шкуры. Ідучы на экскурсію, яна звычайна надзявала тоўстыя палатняныя штаны, бо звычайнае яе ўбраньне падралася б у шматкі.

Я насіў вялікі капялюш, які сам сплёў з сухое травы, парусінавыя штаны і старую матроскую кашулю.

На экскурсію мы ня выходзілі без аружжа. Я зрабіў тоўсты лук і многа стрэлак, доўга практыкаваўся і навучыўся добра страляць. Стрэлкі я рабіў з моцнага дрэва і ў канцы ўбіваў гвазды. Насіў я іх на сьпіне ў мяшку; амэрыканскі ножык вісеў у мяне сьпераду; з боку, цераз плячо, я насіў сплецены з сухое травы кошык, а лук грымаў у руках. Мая спадарожніца несла з сабою харчы, а таксама нешта падобнае на парасон, каб захаваць свой твар ад пякучага сонца. Прагаладаўшыся, мы садзіліся дзе-небудзь у цяньку пад кветкамі і елі сушаную рыбу або птушку, ці пяклі ў попеле бульбу. Запівалі мы абед халоднаю крынічнаю вадою. Гэта быў вельмі прыемны адпачынак.

Лук быў вельмі каштоўным аружжам. Я добра навучыўся ўладаць ім. Старыя мае ворагі-акулы ўсё яшчэ мелі звычку падплываць даволі блізка да берагу, і мне часта прыходзілася, стоячы на краю скалы, страляць у іх.

Я цярпець ня мог гэтых жывёлін. За той страх, які я перажыў у час майго першага плаваньня, за сьмерць майго любімага таварыша Нэро, я абвясьціў ім бясьлітасную вайну.

Мы часта пераходзілі востраў з аднаго канца на другі, і мне ўжо ня прыходзіла ў галаву, што тут ёсьць якая-небудзь небясьпека. Насустрач нам не трапляўся ніякі зьвер, апрача старых знаёмых цюленяў. Пападаліся часам новыя пароды птушак, на якіх я практыкаваўся паляваць.

Мы натрапілі на глыбокую лагчыну, крутыя берагі якое зарасьлі густымі кустамі Зямля тут была вельмі добрая, і дрэвы дасягалі большае вышыні, чым у іншых мясцох вострава. Мы назвалі гэты куток „Шчасьліваю лагчынай", і яна стала нашым любімым месцам адпачынку.

Аднаго разу пасьля доўгае хадзьбы мы назьбіралі многа розных расьлін і пад ценем вялізнага дрэва селі абедаць. Пасьля абеду Рэйхардт зноў пашла шукаць кветак, а я пашоў у процілеглы бок прасачыць адну птушку. Раптам чую крык. Я ў момант павярнуўся, і бачу бяжыць да мяне Рэйхардт.

Спачатку я ня мог зразумець, што яе так спалохала, а потым чую шуршыць нешта ў кустох, нібы грузнае нешта сунецца. Бачу выпаўзае адтуль нейкае страшыдла. Яно хутка набліжалася да мяне, высока падымала галаву, шырока разяўляла ляпу і высоўвала доўгі язык. Цела яго было доўгае, таўшчынёю з дрэва; яно блішчэла рознымі колерамі і цягнулася па зямлі з даўжэзным хвастом. Ня дзіва, што Рэйхардт так спалохалася.

— Уцякай! — крычала яна.—Уцякай, а інакш прападзеш!

Яна яшчэ раз азірнулася і, яшчэ раз убачыўшы гэта страшыдла, як няпрытомная, кінулася да маіх ног. Я схапіў лук і чакаў тае мінуты, калі можна будзе прыцэліцца, ведаючы добра, што ўсё залежыць ад мае спрытнасьці.

Мой вораг шыпеў і набліжаўся, вочы яго блішчэлі; шырока расчынялася ляпа, цела яго цягнулася па зямлі, ламала кусты.

Я павінен сказаць, што сэрца маё замірала ад жаху. Гэтая небясьпека, аднак, надавала мне і надзвычайную адвагу. Страшыдла было ўжо зусім блізка, і ў той момант, як галава яго параўнялася з дрэвам, я пусьціў стралу. Мне хацелася папасьці яму проста ў вока, каб адразу прабіць яму мазгі, але мой вораг павярнуў галаву і страла папала ў разяўленую ляпу і прайшла навылет. Пасьля гатага страшыдла абкруціла дрэва і сваёю сілаю калыхала яго.

Я баяўся, што яно яшчэ мае даволі сілы, каб нападаць, і выпусьціў у яго ўсе стрэлы і раніў у розных мясцох. Потым схапіў на рукі Рэйхардт і бліжэйшаю дарогаю накіраваўся да свае хаты. Яна хутка ачнулася і мы пашлі. Дома мы загарадзіліся і толькі пакінулі дзірачку для нагляданьня. Так мы прасядзелі некалькі гадзін і з жахам чакалі набліжэньня страшыдла.

У гэтую ноч мы ня спалі і на другі дзень ня выходзілі з хаты. Калі зноў надышла ноч, мы ўжо спалі па чарзе. На другі дзень я пасьмялеў і мне захацелася паглядзець на гэтае страшыдла, але Рэйхардт адгаварвала мяне. Яна растлумачыла мне, што гэта быў пітон—вялічэзны зьмей з пароды боа, які водзіцца на паўночным беразе Амэрыкі. Ён трапіў сюды, мабыць, на нейкім бервяне.

Я ня думаў, каб мае стрэлы маглі быць занадта шкоднымі для такое страшэннае гадзюкі; яна, напэўна, недзе выглядала нас і гатова была напасьці. На трэці дзень я ўзяў лук, стрэлы, тапор, амэрыканскі нож і пашоў на разьведку.

Я асьцярожна падабраўся да таго месца, дзе спаткаўся з гэтым страшыдлам. Прызнаюся, чым бліжэй я падыходзіў да яго, тым мацней білася маё сэрца.

На маё зьдзіўленьне пітона нідзе ня відаць было. Зямля каля дрэва была ўсыпана галінкамі і лісьцем. Большая частка кары з дрэва была пацёрта ў парашок, стаяла лужа крыві.

Пітон зьнік, але куды? Я пачаў шукаць сьледу яго адступленьня. Кроў па траве выразна паказвала яго кірунак. Сьлед вёў проста на бераг мора і тут зьнік. Цяпер я свабодна ўздыхнуў.

Бязумоўна, страшыдла асталося жыць, але яно, мусіць, было далёка ад нас і нельга было сказаць вернецца яно назад ці не. Я пасьпяшаў дахаты, каб сказаць гэту прыемную навіну сваёй таварышцы Рэйхардт.

Дарэмна я чакаў прыходу карабля і кожны дзень глядзеў у падзорную трубу. Іншы раз мне здавалася, што на небасхіле нешта ёсьць. Я раскладваў агонь, паліваў яго вадою, каб больш было дыму, як калісьці рабіў Джаксон, але з гэтага нічога ня выходзіла. Ці мае вочы ашуквалі мяне, ці караблі ня бачылі майго сыгналу і плылі сабе ў другім кірунку. Бывалі і буры, напэўна, былі і паломы, але ніякіх кавалкаў да нашага вострава не прыплывала. Я думаў, што давядзецца зьвекаваць на гэтым востраве. Я ня верыўужо, што мне прыдзецца калі-небудзь пабачыць сваю бацькаўшчыну.

Пояс з дыямантамі страціў усякую каштоўнасьць і больш мяне ня цікавіў. Прыгаршчы пшаніцы давалі мне большае задаваленьне.


XI Разьбіты карабель і я стаў зямляробам


Бяз жадных здарэньняў, аднастайна праходзіла наша жыцьцё. У паветры запахла набліжэньнем навальніцы. Заблістала маланка, загрымеў гром. Вецер пачаў вырываць з карэньнямі дрэвы, раскідаў наш скляпок, папсаваў сад і гатоў быў разбурыць нашу хату. Жудасная была ноч.

Мы моўчкі сядзелі, прыслухоўваліся да трэску дошчак і кожную хвіліну чакалі, што вось-вось разбурыцца наша хата. Кара, якою я пакрыў страху, крыху абараняла нас ад ліўню, але ўсё-ткі ва многіх мясцох працякло, і ў хаце былі лужы.

А гром усё грымеў і іншы раз так моцна, што мы не памяталі, дзе знаходзімся. Хоць мы і ў хатцы былі, але становішча наша было небясьпечнае. Маланка ўвесь час бліскала наўкола нашае хаты і, здавалася, спаліць яе датла.

Разоў два мне здалося, што я чую нейкія гукі, непадобныя на гром. Яны былі крыху слабейшыя і больш адрывістыя і нібы набліжаліся.

— Гэта выстралы з нейкага карабля,—сказала Рэйхардт.

Вецер крыху сьціх, паслабеў і гром. Новыя гукі паўтарыліся некалькі разоў, а праз хвіліну мы пачулі некалькі выкрыкаў і стогнаў.

— Толькі што загінуў карабель,—прашаптала Рэйхардт.

Зноў моцна загрымела, падняўся вецер і мне здавалася, што ў шуме гэтай стыхіі я чую крыкі аб ратунку. Некалькі разоў памыкаўся я выйсьці з хаты, але нельга было, а, падругое, я ведаў, што пакуль ня сьціхне навальніца, нельга дапамагчы людзям.

Я нясьцерпна чакаў, калі яна сьціхне і дачакаўся гэтага толькі раніцою, калі пачало ўсходзіць сонца.

Вышаў я, каб глянуць, што робіцца вакол. За мной вышла і Рэйхардт. Яна ўзйла з сабою кошык, які, на яе думку, мог быць патрэбным, і мы пашлі на бліжэйшую скалу.

Адтуль мы ўбачылі нязвычайную карціну: па моры плавалі дошкі, бочкі, чайкі, пустыя гнёзды з-пад кур і многа іншых прадметаў.

Хвалі прыбівалі іх да скал, а там, дзе яны былі нявысокія. выкідвалі на бераг.

Ня вельмі далёка ад берегу ляжаў шкілет прыгожага карабля. Мачты яго зваліліся за борт, палубы былі адчынены. Яго, мабыць, заліло хвалямі і мора несла за сабою ўсё, што не магло супроцьстаяць яго бурнаму націску.

Мы ўважна разглядалі карабель і спадзяваліся ўбачыць чалавечую істоту, якой патрэбна дапамога. Але ўсё было пуста. Мажліва, што ўсе людзі з карабля пераселі ў чайкі і што чайкі гэтыя затапіліся і людзі загінулі ад акул. Калі-б яны асталіся на караблі, дык былі-б жывы, бо карабель быў выкінуты з вады без асабліва вялікіх паломак. Мы селі ў сваю маленькую чайку і паехалі да гэтага карабля. Праз некалькі хвілін мне ўдалося ўзьлезьці на палубу і я пачаў уважна аглядаць яго.

Я лазіў усюды, дзе толькі можна было, і вельмі дзівіўся, што тут мноства розных прадметаў. Між іншым, я знайшоў морскую вяроўку, якою прывязаў нашу чайку да карабля; праз хвіліну я зрабіў вяровачныя лескі, перакінуў іх Рэйхардт і яна таксама ўзьлезла на карабель.

Яна расказала мне аб многіх прадметах, якіх я ніколі ня бачыў, і памагла выбраць усё, што мела пэўную карысьць. Яна добра ведала ўнутраную пабудову карабля, і, слухаючы яе тлумачэньне, я вельмі дзівіўся геніяльнасьці чалавечага розуму, які выдумаў такія машыны.

У труме[7] было многа вады і я ледзь залез у тую частку карабля, дзе ляжала рознае аружжа. Першы раз на жыцьці я бачыў зброю і зьдзіўлена разглядаў пісталеты, мушкеты[8] і інш. Мая спадарожніца растлумачыла мне, як набіваць, страляць. Я адразу зразумеў, што гэтае аружжа куды лепшае за лук, і выбраў тры стрэльбы, каб забраць з сабою, але-ж патрэбны былі патроны і порах. На маё шчасьце, Рэйхардт адшукала некалькі бляшанак зусім сухога пораху і многа шроту І куль. Усё гэта я адразу-ж забраў.

У другіх частках карабля мы адлажылі: мяшкі з збожжам, бочкі з мукою і рознымі харчамі, скрынкі з інструмантамі, многа бутэлек, збанкоў і іншых рэчаў. Больш за ўсе зацікавілі мяне знойдзеныя ў труме сельска-гаспадарчыя прылады. Хутка я даведаўся, нашто патрэбны бораны, плугі, малатарні і інш.

Мы знайшлі яшчэ многа рознага насеньня і карэньня і некаторыя невялічкія расьліны ў гаршчочках.

Рэйхардт вельмі прасіла мяне ўзяць іх з сабою і казала, што яны будуць вельмі карыснымі для нас.

На яе думку, гэты карабель вёз перасяленцаў, але куды іменна—невядома. Мы сьмела ламалі замкі і скрынкі і ўсюды знаходзілі многа розных рэчаў, якія маглі быць вельмі патрэбнымі для нас, але паўставала задача: як усё гэта даставіць на бераг? Чайка наша магла зьмясьціць вельмі нямнога рэчаў, дый то лёгкіх.

Мы налажылі рэчаў столькі, колькі яна магла трымаць, і хацелі ехаць дадому, аж чуем у дальнім кутку карабля нейкі шум. Ён, як я заўважыў, вельмі задаволіў Рэйхардт, яна прыемна ўсьміхнулася. Мы адразу-ж накіраваліся ў той куток карабля. Тут было зусім цёмна. Рэйхардт знайшла ліхтар, запаліла яго і я ўбачыў некалькі жывёл. Большая частка іх была падушана, але хутка мы пераканаліся ў тым, што двое цялят, тры ці чатыры авечкі і столькі-ж парасят жывуць. Рэйхардт знайшла крыху корму для іх, на які яны накінуліся са ўсёй прагавітасьцю. Тут былі і вялікія жывёлы, як тлумачыла мне Рэйхардт, але ўсе яны ляжалі няжывыя.

Мы пачалі думаць аб тым, як-бы адлучыць жывых ад мёртвых, і Рэйхардт з захапленьнем пачала казаць аб тым, як-бы прыемна было перавезьці жывых на востраў. У гэты момант ніяк нельга было зьдзейсьніць такое думкі, і мы спусьціліся з карабля і дабраліся да берагу.

Мы перанесьлі ў дом усё наша багацьце і парашылі зрабіць з дошчак паром і перавезьці на ім усе рэчы і жывёлы. Я ведаў, што гэта зойме многа часу, і рашыў аглядзець карабельныя чайкі, якія плавалі на паверхні вады дном уверх. Адна з іх вельмі мала была папсавана. Я прыцягнуў яе на бераг і ўдваіх нам удалося перавярнуць яе. Праз гадзіну мы залаталі яе, прыладзілі вёслы і весела паехалі да разьбітага карабля.

Калі-б каровы і коні і жывы былі, дык усё роўна прышлося-б адмовіцца ад іх, бо нельга было перавезьці іх. Невялікіх жывёл мы даволі лёгка перанесьлі ў чайку і праз момант былі на беразе. Альбатросы махалі крыламі і зьдзіўлена паглядалі на сваіх новых таварышоў.

Мы перавезьлі на востраў усё, што можна было з сельскагаспадарчых прылад, а таксама і пасьцелі, ложкі, мэблю, зруб хаты, консэрвы, скрынкі з лякарствам і кніжкамі, рознае начыньне і інш. На працягу двух тыдняў мы толькі і рабілі, што езьдзілі з берагу на карабель і назад.

Скора пасьля гэтага зноў пранеслася навальніца і нашчэнт разьбіла карабель. Мне ўдалося толькі пазьбіраць бочкі, дошкі, скрынкі, якія хвалямі занесены былі на бераг.

Мы рады былі ўсяму, што нам удалося здабыць, але мы больш былі-б шчасьлівымі, каб выратавалі тых няшчасных людзей, каму гэтыя рэчы належалі. Але, мусіць, ні адзін з іх ня выратаваўся.

Я забыўся сказаць, што праз колькі дзён пасьля няшчасьця з караблём мы зьдзіўлены былі тым, што знайшлі новых птушак, якія разгульвалі ў розных частках вострава. Як толькі Рэйхардт убачыла іх, яна адразу пазнала, што гэта былі качкі і куры. Яны, мабыць, выратаваліся з загінуўшага карабля.

Цяпер мы прадстаўлялі сабою цэлую колёнію. На чале яе стаялі Рэйхардт і я, а колёністымі былі: цяляты, авечкі, сьвіньні і хатнія птушкі. Усе жылі ў поўнай згодзе. Чацьвераногія гулялі ўсюды, а птушкі трымаліся бліжэй да хаты.

Наша старая хата настолькі пастрадала ад апошняе навальніцы, што я рашыў збудаваць новую і ў лепшым месцы. Для гэтага я скарыстаў знойдзены на караблі і перавезены на востраў зруб. Я нямала папрацаваў для таго, каб злажыць яго асобныя часткі, і нарэшце мне ўдалося паставіць невялікую, але выгодную будову. Каля яе я завёў новы сад, куды перасадзіў памяранцавыя дрэвы, пасадзіў карэньні і насеньне, якое знайшоў на караблі. Крыху далей у кутку я пасадзіў расьліны, якія знайшоў у гаршкох; аказалася, што гэта былі садовыя расьліны. Пасьля гэтага я падумаў аб зямляробчых прыладах. Рэйхардт растлумачыла мне, як карыстацца плугам. Спачатку я сам запрагаўся і цягнуў плуг, а яна кіравала, але гэта была вельмі цяжкая работа, і я пачаў думаць над тым, як аблягчыць яе. Мы рашылі паспрабаваць запрэгчы цялят. Але гэта ня так лёгка было зрабіць. Яны аказаліся ня вельмі здольнымі вучнямі, але з часам нам удалося прымусіць іх выконваць патрэбную нам работу. Вось за такою работаю, як будоўля, садоўніцтва, ральніцтва, час ішоў вельмі хутка. На працягу двух гадоў знадворны выгляд мясцовасьці вельмі зьмяніўся. На добрай зямлі і дзякуючы добраму клімату ўсё расло надзвычайна пасьпешна. У нас было добрае жыльлё, вакол якога віўся вінаград, расьлі маладыя грушы, яблыні і інш. Наш новы агарод быў увесь у зелені. Шпарка памнажаліся птушкі. З цялят вырасьлі каровы і быкі. Авечкі прывялі шмат ягнят. З парасят вырасьлі добрыя сьвіньні, якія прывялі парасят. У нас было поле, якое давала добры ўраджай.

І вось „Маленькі дзікун“ у сямнаццаць год зрабіўся зямляробам. Я так захапіўся ўсёй гаспадаркаю, што перастаў марыць аб тым, каб пакінуць гэты востраў.


XII Вялікая і страшная экскурсія


Не зважаючы на маю першую няўдачную спробу паездкі наўкола вострава, цяпер, маючы лепшую чайку, мне зноў захацелася паехаць. З таго часу, як мне прыходзілася езьдзіць часта на карабель, каб перавезьці рэчы, я добра наўчыўся езьдзіць на чайцы. Рэйхардт таксама добра наўчылася езьдзіць. Мы часта разам выяжджалі ў мора.

Замест лёгенькай чайкі, якую лёгка мог перакінуць вецер, я цяпер кіраваў добраю чайкаю. Шэсьць чалавек свабодна маглі зьмясьціцца ў ёй і спакойна ехаць.

Я зрабіў нешта падобнае на палатку, ад сонца, таксама парус, пры дапамозе якога мы лягчэй маглі плысьці. Калі ўсё было гатова, я прапанаваў Рэйхардт праехаць са мною. Яна ўсё-ж такі хісталася, казала, што я не спрактыкаваны марак, што можа наскочыць шквал, напаткаюць акулы і г. д. Але я настойна дамагаўся, каб яна ехала.

Я паказаў ёй, што я ўмею грабці вёсламі і зьвярнуў яе ўвагу на тое, што калі не ад‘яжджаць далёка ад берагу, то заўсёды можна ўцячы ад небясьпекі.

Дзень быў надзвычайна спакойны. Лёгенькі ветрык надзімаў наш парус. Мы лёгка і плаўна адплылі ад берегу. Чым далей мы ад'яжджалі ад берагу, тым прыгажэйшая карціна зьяўлялася перад вачыма.

Я сядзеў поплеч з Рэйхардт. Едучы, мы разгаварыліся; я палажыў вёслы і чайка з ветрам сама плыла. Мая спадарожніца расказвала мне пра Хрыстафора Колюмба, аб вынаходцы Амэрыкі, а потым перайшла да гісторыі Гішпаніі, расказала аб Паўночна-Амэрыканскіх Штатах. Я з вялікаю ўвагаю слухаў яе, а чайка вельмі хутка ішла.

Пакуль я агледзеўся, мы далёка ад‘ехалі. Я пачаў папраўляць парус, каб даць яму іншы кірунак, але была такая цішыня, што нельга было спадзявацца на парус і прышлося ўзяцца за вёслы. Крыху праехаўшы, мы рашылі адпачыць, закусілі, потым зноў энэргічна ўзяліся за вёслы. Праз некаторы час у мяне зьявілася падазронасьць, што мы не набліжаемся да берагу, а аддаляемся, і зьвярнуў увагу Рэйхардт на тое, што востраў наш памяншаецца, замест таго, каб павялічвацца.

— Праўда, Франк,—сказала яна,—я гэта сама ўжо заўважыла, што мы дарэмна трацім сілы. Мабыць, мы папалі ў цячэньне, якое ўсё далей адносіць нас у мора. І калі не падзьме вецер у іншым кірунку, мы страцім востраў і невядома, што будзе з намі.

Ня было ў нас і компаса. Мала было харчоў. Бераг усё аддаляўся. Гарачыня была несьцярпімая.

Мы даўно пакінулі грабці. З заміраньнем сэрца глядзелі мы на востраў. Вось ён выглядае ўжо невялікаю кропкаю, а потым зусім зьнік.

Сонца ўжо пачынала заходзіць, а нас нясло цячэньне невядома куды. Вакол нас было толькі мора ды неба над намі.

Заблішчэлі ўжо зоркі на небе. Мне здавалася, што я ніколі ня бачыў іх такімі яскравымі. Вялізная маса вады сьвяцілася безьліччу аганькоў, а туман, нібы полымя, абкружаў нас з усіх бакоў. Я зьвярнуў увагу мае спадарожніцы на гэтае дзіўнае зьявішча. Яна растлумачыла мне, што такое адценьне залежыць ад фосфарытнага стану мора; а гэта залежыць ад прысутнасьці ў вадзе мільярдаў маленькіх жывёлінак, якія маюць уласьцівасьць сьветлячкоў, якія выплываюць на паверхню вады і заліваюць яе агнём. Я доўга наглядаў за гэтым дзіўным зьявішчам. Кожны раз, апушчаючы вясло, я нібы ўдараў па агні, і мне здавалася, што з вясла падаюць у мора вогненныя капкі.

Так праходзілі гадзіны за гадзінамі; мы плылі па цячэньню; месяц і зоры пралівалі на нас сваё халоднае сьвятло; абкружаючы нас акіян усе яшче гарэў фосфарытным агнём.

Рэйхардт параіла мне крыху зьесьці чаго-небудзь і заснуць і абяцала разбудзіць, калі здарыцца што-небудзь няпрыемнае.

Мне не хацелася ні есьці, ні спаць; я ўгаварваў Рэйхардт, каб яна закусіла і лягла спаць.

Справа ў тым, што кожны з нас хацеў, каб другі скарыстаў наш невялічкі запас харчоў, але паколькі ніводзін з нас не згаджаўся, дык мы парашылі падзяліць на часткі і падмацоўваць сябе ў часе ўсходу і захаду сонца.

Уночы мы пазьменна, праз кожныя тры гадзіны, вартавалі.

Мне ўдалося ўгаварыць Рэйхардт прылегчы на дно чайкі і адпачыць. Праз момант я быў адным гледачом прыгожага малюнку, які абкружаў мяне з усіх бакоў.

Вакол мяне была абсолютная цішыня. Маўчалі неба і мора. Што чакала ў далейшым, невядома, але я ведаў, што калі мы не напаткаем карабель або не загоніць нас да берагоў якога-небудзь вострава, дык прыдзецца загінуць.

Я цяпер быў упэўнены, што мы ніколі ня вернемся назад, што я не пабачу свайго вострава, свайго месца нараджэньня. Сэрца маё сьціскалася ад гэтае думкі. Няўжо-ж я не пабачу тых белых скал, аб якіх мне часта расказвалі і Джаксон і Рэйхардт? Я ў сваім выабражэньні так выразна прадстаўляў іх, што нібы яны стаялі перада мною са ўсёй сваёй прыгожасьцю.

Гэта былі прыемныя мары, а цяпер усё павінна было скончыцца галоднаю сьмерцю ў чайцы сярод шырокае воднае прасторы.

Рэйхардт спала, і мне не хацелася будзіць яе; яна была больш-менш шчасьліва, пакуль не прадстаўляла небясьпекі свайго становішча. У гэты момант я заўважыў на небасхіле маленькую кропку. Пачаўся лёгкі ветрык; я заўважыў, што ён дзьме у процілеглы бок. Я павярнуў чайку, надзьмуліся парусы і наша чайка хутка паплыла па ветру. Хмары пачалі пакрываць неба, і скора глыбокая цемра закрыла ўсё. Я пачынаў непакоіцца за тое, што вецер можа адарваць мачту, а зьняць парус было рызыкоўна, бо ў гэты момант можна было нахіліць чайку і яна напэўна абярнулася-б.

Тымчасам Рэйхардт прачнулася і яе спрактыкаванае вока адразу заўважыла небясьпеку.

— Мы загінем,—сказала яна,—калі нам ня ўдасца спусьціць парус.

Мы асьцярожна зьнялі парус, але вецер так хваляваў мора і нашу чайку так кідала, што здавалася вось-вось яна захлынецца ў вадзе, але я ня вельмі палохаўся. Гэтае калыханьне на хвалях было некалькі прыемным для мяне. Я непакоіўся за Рэйхардт. Тымчасам чайка пачала набіраць ваду, я схапіў чыгунчык, які мы ўзялі з сабою з харчамі, і пачаў ім выліваць. Пашоў дождж; вецер пачаў сьціхаць, мора стала спакайнейшым і чайка пашла цішэй. Рэйхардт расставіла ўсе збанкі, якія мы ўзялі з сабою, каб сабраць дажджавую ваду, якая ёй на нешта патрэбна была.

Мы зноў паднялі парусы.

На бязьмежнай прасторы акіяну пачынала разьвідніваць. Першы прадмет, які я ўбачыў, быў кіт. Хутка я заўважыў другога, трэцяга і яшчэ некалькі. Гэтыя вялізныя жывёлы прадстаўлялі нейкі сваяасаблівы малюнак. То адзін, то другі фантанам выкідвалі ваду, у якой пераламляліся сонечныя прамені. Дарэмна шукаў я карабля, дарэмна шукаў я берагу. Нічога, апрача кітоў, я ня бачыў. Рэйхардт расказвала мне аб кіталоўных промыслах і аб тэй небясьпецы, якая пагражае кіталовам. Мяне гэта вельмі цікавіла.

Слухаючы яе расказы, я зусім забыўся на тое, што я знаходжуся пасярод мора і ня ведаю, што чакае мяне: можа сьмерць сярод якіяну, можа выкіне мяне на нейкую скалу поўжывым, дзе косьці мае астануцца адзіным доказам таго, што ў гэтай часьці сьвету жыў „Маленькі дзікун".

Дзе знаходзіўся той востраў, які я вельмі хацеў пакінуць, а цяпер так рад-бы быў зноў убачыць?

— Дзе знаходзімся мы?—задаваў я сабе пытаньне. Шпаркае цячэньне далёка занесла нас ад берагу вострава. Але вось Рэйхардт зьвярнула ўвагу на адзін прадмет, які віднеўся далёка ад нас. У мяне была з сабою падзорная труба і я навёў яе на гэты прадмет.

Гэта быў карабель, але ён быў так далёка, што ня мог заўважыць нашай чайкі. Я хацеў накіраваць у той бок чайку, але вецер дзьмуў у іншы бок,—асталося чакаць, можа карабель наблізіцца. Я ўвесь час пільна сачыў за ім. Яго абрыс паступова пачаў павялічвацца, гэта быў вялікі карабель.

Рэйхардт раіла мне даць сыгнал, прывязаць да мачты белы абрус. Я так і зрабіў, але хутка стала ціха і наш абрус павіс.

Мы ўзяліся за вёслыі пачалі грабці ў кірунку да карабля, але мы былі стомленыя галадоўкаю і такім плаваньнем, што не маглі шпарка ехаць. Надыходзіла ноч, якая хутка схавала ад нас карабель. А калі пачало разьвідніваць, мы ўжо ня бачылі яго. Зноў падняўся вецер і гнаў нашу чайку, але куды?

Наша маленькая чайка дамавінаю здавалася мне.

— Памерці такою сьмерцю,—заўважыў я панура.—Столькі дзён пакутаваць бяз усякае надзеі на збавеньне; я не магу памірыцца з гэтаю думкаю.

— Раней ці пазьней мы абое павінны памерці, і многія паміраюць пасьля цяжкае пакуты. Мы-ж, пазбаўлены гэтага.

Але-ж,—дабавіла Рэйхардт, —я ня бачу яшчэ поўнае безнадзейнасьці нашага становішча. Мы яшчэ можам напаткаць карабель, высадзіцца на бераг якой-небудзь краіны, а адтуль даехаць і да Англіі.

— У мяне няма гэтае надзеі,—сказаў я.—Мы, мабыць, знаходзімся далёка ад тэй лініі, па якой ходзяць караблі. Як я шкадую, што я выехаў.

Рэйхардт ні слова не сказала аб тым, што вінавайцам усяго гэтага быў я.

Пяць дзён і пяць начэй мы знаходзіліся ў поўнай уладзе ветру і морскіх хваль. Вышлі ўжо і харчы. Надвор'е мянялася: то ветрана было, то наступала цішыня.

Я ня меў ужо сілы, каб займацца парусам; чайка ішла так, як гнаў яе вецер.

З усходу да захаду сонца я кожны дзень сіліўся, каб разгледзець, які-небудзь прадмет.

З надыходам змроку, пад уплывам душэўнага неспакою, перажытага на працягу дня, я ня мог спаць. У маім выабражэньні зьяўляліся нейкія дзіўныя вобразы, якія дзіка рагаталі, зьдзекваліся нада мною, а над імі паднімалася галава вялізнага пітона, з якім я вёў барацьбу ў "Шчасьлівай лагчыне". Ён адкрываў сваю вялізную ляпу, нібы хацеў праглынуць мяне, і выгінаў сваё доўгае цела, нібы хацеў абвінуць нас з чайкаю і задушыць.

Я заўсёды радаваўся надыходу дня, або зорнай ночы; тады здані не зьяўляліся. Я паміраў ад голаду, а яшчэ больш ад недахопу вады. Гарачыня была нясьцерпная, я кожную хвіліну гатоў быў кінуцца ў мора і напіцца морскае вады, але Рэйхардт затрымлівала мяне. Яна сваім прыкладам старалася падбадзёрыць мяне.

Я заўважыў, што голас яе рабіўся ўсё слабейшы і слабейшы і сама яна слабела. Яна не магла ўстаць са свайго месца і папрасіла памагчы ёй легчы на дно чайкі.

Нейкай дзіўнай зрабілася мая галаьа, язык зрабіўся сухі і цьвёрды, як палка; у вачох мне здаваліся караблі, якія зусім блізка былі ад нас і я стараўся крычаць, каб яны пачулі мяне Але мой голас настолькі быў слабы, што зьяўляліся толькі нейкія прыдушаныя гукі.

Часам мне здавалася, што перада мною прыгожыя зялёныя ляскі, лугі, прыгожыя кветкі, розная садавіна, і я ўгаварваў маю спадарожніцу сьпяшацца, бо мы набліжаемся да берагу, дзе будзем ірваць садавіну і адпачнем на зямлі сярод пахучых кветак.

Рэйхардт зацікаўлена глядзела на мяне. Яна разумела, што ад голаду і смагі ў мяне пачалася галюцынацыя. Праз момант гэта карціна зьнікла і перада мною зноў тая-ж водная прастора.

Неяк раз я заснуў пад уражаньнем таго, што бачыў, і калі прачнуўся, дык некалькі мінут я азіраўся наўкола і ня ведаў, дзе я знаходжуся. Яркае сонца сьвяціла нада мною. Я глянуў на дно чайкі. Бледны твар Рэйхардт стаў яшчэ больш бледны. Цяжка было глядзець на яе; я адчуваў, што яна памірае. Я рашыў зрабіць апошнія патугі, каб уважна паглядзець у падзорную трубу. Мне ўдалося дапаўзьці да мачты і абхапіць яе аднэй рукою, але рука мая амаль ня слухалася і ў вачох стала мутна. Я гатоў быў кінуцца на дно чайкі, але зірк мой спыніўся на адным дзіўным зьявішчы на небе. Набліжалася нейкая хмара, і такога выгляду і формы, якое я яшчэ ня бачыў.

Я зноў узяў падзорную трубу і заўважыў, што гэта была вялікая чарада птушак. Я яшчэ раз глянуў, каб пазнаць, што гэта былі за птушкі. Гэта былі альбатросы.

Мне хацелася адразу-ж паведаміць аб гэтым Рэйхардт. Але яна не зварачала ніякае ўвагі. Яна паварушыла рукою, але цьмяны погляд яе прыгожых вачэй папярэджваў мяне аб тым, што сьмерць блізка.

Я ўзяў баклажку, у якой было яшчэ колькі кропель рому, выліў ёй у рот і нясьцерпна чакаў вынікаў.

Праз хвіліну я заўважыў, што пачынаюць прасьвятляцца яе вочы. Нарэшце яна пазнала мяне.

Я паведаміў яе аб тым, што бачыў чараду альбатросаў, якія ляцелі, мабыць, на сваё месца, і калі нам удасца сачыць за імі і вецер не пераменіць свайго кірунку, дык мо‘ мы даедзем да таго месца, дзе яны прывыклі класьці яйкі. Рэйхардт з вялікаю ўвагаю слухала маё паведамленьне. Ей стала крыху лягчэй, і яна пачала сачыць за альбатросамі. Яе вочы напаткалі штосьці новае. Яна выцягнула руку і нешта паказвала.

Добра прыгледзеўшыся, я заўважыў, што мы набліжаемся да берагу. Пасьля гэтага да мяне зьвярнулася сіла і энэргія. Я пачаў падбадзёрваць Рэйхардт.

Я сам ня ведаў, адкуль зьявілася ў мяне сіла.

Палоска зямлі, якую заўважыла Рэйхардт, паступова павялічвалася. Ветрык даволі шпарка падганяў нас.

Я пачынаў ужо гаварыць Рэйхардт аб тым, што мы будзем рабіць, калі даедзем да берагу. Яна моўчкі слухала мяне. А вось калі абрысы берагу пачалі ясна вызначацца, яна з вясёлаю ўхмылкаю на вуснах запытала:

— Франк Генікер, ты пазнаеш гэту скалу?

— Не... так... ці-ж гэта можа быць?

Гэта была тая самая скала, якая знаходзілася каля грэблі. Альбатросы ляцелі на сваё месца і прывялі нас.

Праз некаторы час я з радасьцю нёс на руках Рэйхардт з берагу дахаты, дзе мы з любоўю даглядалі адзін другога.

Я зноў заняўся сваёй гаспадаркаю, пакінуў нават выглядаць караблі, і ня думаў аб спатканьні са сваім дзедам. У мора я выяжджаў вельмі рэдка і то толькі лавіць рыбу.


XIII Апошнія дні на дзікім востраве


Аднойчы, калі я жаў пшаніцу, Рэйхардт прыбегла да мяне і сказала, што да нашага вострава падышоў карабель і што ад яго толькі што адышла чайка з людзьмі і накіравалася да нашых скал. Я ўзяў падзорную трубу, узьлез на высокае месца і пачаў разглядаць. Я заўважыў, што частка з іх узброена, а частка была зьвязана.

Мы ляглі на траве і наглядалі. Чайка падышла бліжэй.

— Здаецца тут справа нядобрая,—прашаптала Рэйхардт.

— Ці ня ўзяць мне сваё аружжа?—запытаў я.

— Не, лепш не бяры, будзем асьцярожна наглядаць за імі.

Я згадзіўся з ёю, і мы наглядалі далей.

Чайка ўвайшла ў затоку і тады мы ня толькі бачылі людзей,а нават чулі іх размову. На вялікае нашае зьдзіўленьне першы, хто сышоў на бераг, быў Джон Гоф, той самы, які прывёз Рэйхардт на востраў. Ён значна пастарэў, але мы адразу пазналі яго.

Ён быў добра ўзброены і, мабыць, меў вялікі аўторытэт. Але на яго твары я заўважыў заклапочанасьць і страх, асабліва, калі ён прапанаваў аднаму палоннаму памагчы яму выйсьці з чайкі.

Палонны з пагардаю глянуў на яго і, хоць рукі яго былі зьвязаны, саскочыў на бераг без дапамогі. Гэта быў чалавек высокага росту з энэргічным загарэлым тварам. На ім была шапка з залатым аколышкам, сіняя куртка, камізэлька і белыя парусінавыя штаны.

— Хадзеце сюды, капітан,—зьвярнуўся да яго Джон Гоф.—Хоць вы абышліся з намі ня вельмі ласкава, але мы не дапусьцім, каб вы памерлі ад голаду.

— Становішча яго лепшае, чым ён заслугоўвае,—выгукнуў адзін з чайкі.

Я пазнаў таго самага матроса, на якога замахнуўся нажом, калі ён хацеў выцяць Нэро.

— Маўчы, нягоднік!—закрычаў капітан.—Пападзіся толькі, мне ў рукі, я адразу павешу цябе.

— Вельмі дзякую вам, капітан,—адказаў з ухмылкай матрос і прылажыў руку да казырка.—Але ведаеце, што я яшчэ ня ў вашых руках, мы яшчэ зьбіраемся не адзін раз плаваць на вашым караблі.

Матросы засьмяяліся, а капітан прамармытаў нешта аб піратах[9] і бунтаўшчыках. Іншыя палонныя маўчалі.

У гэту хвіліну я зьвярнуў увагу на чалавека, які ня быў у кайданох. Валасы яго былі зусім белыя, твар бледны; на ім была адзнака гора і заклапочанасьці. Калі ён устаў са свайго месца, каб вылезьці з чайкі, Джон Гоф падышоў ды памог яму выйсьці.

— Я вельмі шкадую, містэр Эвэлін, што мы прымушаны пакінуць вас тут,—сказаў яму Гоф, але вы самі бачыце, што інакш зрабіць нельга. Мы ня можам узяць вас з сабою, на гэта ёсьць многа прычын; вам прыдзецца астацца тут з афіцэрамі.

— І паверце, што мы вельмі шкадуем,—насьмешліва дабавіў адзін з піратаў.

Матросы зноў засьмяяліся. Усе палонныя моўчкі вышлі з чайкі; іх было восем чалавек, чатыры з іх былі матросы, а чатыры афіцэры. Усе яны былі стройныя здаровыя людзі.

— Вось цікавая кампанія,—насьмешліва закрычаў адзін матрос.

— Цікава было-б ведаць,—сказаў другі матрос,—што сталася з тэй жанчынай, якую мы так спрытна пакінулі тут, гадоў шэсьць таму назад.

Як відаць, Джон Гофу быў няпрыемны такі ўспамін.

— А маленькі дзікун, які чуць не ўсадзіў мне нажа, ці жыў ён? Мабыць, яны даўно памерлі, бо мы не пакінулі ім нічога.

— Бязумоўна, памерлі,—дабавіў другі матрос.

— Ну, а цяпер пара вярнуцца на карабель!—сказаў Джон Гоф.

— Мы скончылі сваю справу.

— Я прапаную пайсьці паглядзець на жанчыну і маленькага дзікуна,—сказаў чацьверты матрос.—Мне цікава было-б ведаць, ці жывы яны.

— Ну, добра, я астануся тут да вашага звароту,—сказаў Джон Гоф і лёг на траву сьпіною ка мне, а іншыя пашлі ў кірунку, дзе стаяла наша старая хата.

Палонныя сабраліся ў адно месца; адны з іх стаялі, другія сядзелі. Уся мая ўвага была зьвернута на пажылога чалавека, якога называлі містэрам Эвэлінам. Я чамусьці сымпатызаваў яму і гатоў быў абараняць яго ад усякіх няпрыемнасьцяй.

Як толькі адышлі матросы, Джон Гоф запрасіў Эвэліна сесьці каля яго. Можа ён зрабіў так, каб містэр Эвэлін ня вызваліў сваіх таварышоў, бо ён быў нязьвязаны.

Містэр Эвэлін падышоў і спакойна сеў каля яго. Я ўсё з большай зацікаўленасьцю сачыў за ім. І чым больш углядаўся я ў яго твар, тым больш мне здавалася, што я бачыў яго недзе раней.

— Джон Гоф, мне вельмі шкада, што вы ўдзельнічаеце ў такой дрэннай справе!—сказаў ён Гофу.

Джон Гоф не адказаў ні слова, я, на жаль, не заўважыў, якое ўражаньне гэтыя словы зрабілі на яго.

— Вашы таварышы дрэнныя людзі,—казаў далей Эвэлін,— я гэта ведаю і нічога добрага ад іх не чакаю. Але я лічу сур‘ёзным вашу адказнасьць за ўдзел у такой справе.

— Ня раю вам гаварыць так пры іх, містэр Эвэлін— неспакойным голасам загаварыў Джон Гоф.—Бо інакш за вынік я ня ручаюся.

— Я іх не баюся, Джон Гоф: што-б ні здарылася, гэта мала паправіць становішча чалавека, які стаіць на краі магілы, які перажыў усіх сваякоў, у якога ў сваіх успамінах асталіся толькі няшчасьці. Але чалавеку ў росквіце гадоў, як вы, Джон Гоф, у якога ёсьць радня і сябры. варта было-б інакш трымаць сябе.

— Паслухайце, містэр Эвэлін!—закрычаў Джон Гоф дрыжачым голасам.—Вы ня маеце права наўчаць мяне! Я зрабіў для вас усё, што ад мяне залежала. Піраты жыва расквіталіся-б з вамі, каб не ўмяшаўся я і не паказаў на гэты дзікі востраў.

— Гэты востраў, на якім вы далі галоднай жанчыне прытулак сьмерці?

— Я невінаваты ў гэтым злачынстве, я рабіў усё магчымае, каб не дапусьціць яго.

— Было-б больш паважна,—сказаў містэр Эвэлін,—каб вы разам з ёю асталіся на востраве, няхай-бы сабе вашы злачынныя таварышы ехалі бяз вас. Але справа ў тым, што вы бесхарактарны, няма ў вас рашучасьці. Вы вінаваты ў сьмерці гэтай жанчыны, усё роўна, што вы кулю пусьцілі ёй ў лоб. Джон Гоф маўчаў, апусьціўшы вочы.

— Нельга дараваць вам, Джон Гоф, за ўдзел у бунце,— казаў далей Эвэлін.—Вы павінны былі перайсьці на бок капітана Монвэрса.

— Ня варта больш казаць аб гэтым,—сказаў Джон Гоф,— Справа зроблена і цяпер ужо позна.

— Ніколі ня позна паправіць свае памылкі, Джон Гоф,— голасна заявіла Рэйхардт, падыходзячы да іх.

Нельга апісаць зьдзіўленьня Джон Гофа, калі ён убачыў твар Рэйхардт. Ён ускочыў са свайго месца, кінуў на зямлю пісталеты, і закрычаў:

— Яна жыве!!!

— Так,—адказала Рэйхардт і падышла яшчэ бліжэй да яго.— Я загадваю вам адмовіцца ад вашых цяперашніх злачынных мэтаў.

У гэты час выступіў і я наперад. Я пастараўся захапіць пісталеты і адразу-ж накіраваўся да палонных. Яны зьдзіўлена глядзелі на мяне, калі я разразаў вяроўкі, якімі яны былі зьвязаны.

— Я зраблю ўсё, што вы захочаце,—сказаў Джон Гоф.— Паверце, што я неахвотна ўцягнены быў у гэту справу і далучыўся да бунту, бо калі-б я адмовіўся, дык мяне напэўна забілі-б.

— Вы павінны дапамагчы капітану і яго таварышом,—сказала Рэйхардт.

— Я з радасьцю пастараюся дапамагчы ім,— сказаў Гоф.—Але перш за ўсё мы павінны захапіць гэтых адважных малайцоў, якія толькі што пашлі ад нас. Праўда, гэта ня лёгка зрабіць, бо мы ня ўзброены.

У гэты час падышлі капітан Монвэрс і другія палонныя. Капітан чуў апошнія словы Гофа і хацеў нешта адказаць, але тут умяшаўся я і сказаў, што цяпер няма часу гутарыць, бо матросы кожную хвіліну могуць вярнуцца, і каб ня быць захопленымі зьнянацку, трэба адразу-ж пайсьці да нашае хаты, куды правядзе Рэйхардт і дзе знойдзецца аружжа. А я тымчасам астануся тут на варце, буду наглядаць за кожным рухам, і калі будзе пагражаць небясьпека, я дам выстрал з пісталета.

Потым я параіў зьняць з чайкі вёслы, каб не ўцяклі бунтары на карабель. Калі я зьявіўся і пачаў гаварыць, усе зьвярнулі на мяне вялікую ўвагу і асабліва містэр Эвэлін; ён з асабліваю ўвагаю разглядаў мяне. Капітан згадзіўся з маёй прапановай. Вёслы схавалі за скалу, а самі пашлі да нашае хаткі.

Я лёг у траву і чакаў, калі прыдуць бунтары. Хутка пачуўся галосны сьмех і крыкі; яны зварачаліся. Яны прайшлі каля мяне так блізка, што я чуў кожнае слова іх размовы.

— Ну, што-ж,—сказаў Джэк,—рана ці позна, а яны памерлі-б, калі-б нават і далікатней разьвіталіся з імі.

— Чорт вазьмі! Ды дзе-ж гэта Джон Гоф? Дзе капітан? Дзе яны ўсе?

Адсутнасьць палонных на тым месцы, дзе яны пакінулі іх, надзвычайна зьдзівіла піратаў. Чайкі стаялі на месцы. Яны падумалі, што Джон Гоф павёў іх у глыб вострава пагуляць. Яны пачалі клікаць яго, як маглі, але адказу ня было. Яны страшэнна лаяліся, бо, як відаць, ня ведалі, што рабіць: ці шукаць палонных на востраве, ці зварачацца на карабель.

Толькі адзін з матросаў прапанаваў пайсьці шукаць, а ўсе іншыя протэставалі і казалі, што ня варта бадзяцца па незнаёмым востраве.

На гэта адзін з іх заўважыў, што пападзе ім, калі яны вернуцца без таварыша. Нарэшце, яны рашылі сесьці і чакаць прыходу Гофа.

Стомленыя падарожаю, а таксама сваім бунтарствам, яны паступова адзін за адным моцна заснулі.

Я асьцярожна дапоўз да іх. Яны так моцна спалі, што я лёгка выцягнуў у іх пісталеты.

Толькі я скончыў гэту справу, як убачыў капітана, Джон Гофа, містэра Эвэліна і ўсіх іншых. Цяпер яны добра былі ўзброены, і праз колькі хвілін бунтары сталі палоннымі.

Капітан пачаў хваліць мяне. Містэр Эвэлін пачаў гутарыць з Рэйхардт. У гэты момант, калі я гутарыў з капітанам, раптам кінуўся да мяне містэр Эвэлін, абняў і назваў мяне сваім унучкам.

Тайна хутка высьветлілася. Містэр Эвэлін меў за апошнія часы гандлёвыя няўдачы. Сын яго былога канторшчыка, капітан карабля, які належаў Паўднёва-Амэрыканскаму таварыству, зьбіраўся ў гэты час у плаваньне.

Містэр Эвэлін рашыў далучыцца да яго. Ён хацеў пашукаць сваю даўно прапаўшую дачку і яе мужа. Ён даўно ня меў ад іх ніякіх вестак.

Мынакіраваліся да мае хаткі. Па дарозе ён пытаўся у Рэйхардт, як мае імя, і відаць было, што ён вельмі зацікаўлены мною. Рэйхардт падрабязна расказала яму ўсю маю гісторыю і гісторыю Джаксона і запэўніла яго ў тым, што хоць ён страціў сваю дачку, сын яе бязумоўна ёсьць, і ніхто іншы, як гэты „Маленькі дзікун", які толькі што выратаваў яго з бяды.

Рэйхардт вярнулася з намі ў Англію на караблі капітана Монвэрса. Калі дзед даведаўся, што яна многа чаму наўчыла мяне, ён рашыў, што яна будзе жыць з намі да канца свайго жыцьця. Перад ад‘ездам з вострава мы паказалі дзеду і ўсім іншым усё, што мы стварылі за час свайго побыту на ім.

Усе страшэнна былі зьдзіўлены тым, што мы амаль на голай скале стварылі такую прыгожую фэрму. Я паказаў ім тыя месцы, дзе вёў барацьбу з пітонам, акуламі.

Мы хутка і шчасьліва прыехалі ў Англію. Чытачы будуць вельмі здаволены, што „Маленькі дзікун“ высадзіўся ў Плімуце і яго з радасьцю спаткалі ў Лёндоне, у доме свайго дзеда.

Зноскі

1

Чылі — рэспубліка ў Паўднёвай Амэрыцы.

(обратно)

2

У ангельскім альфабэце 26 літар.

(обратно)

3

Гуано — птушыны гной, які адкладаўся на працягу некалькіх сот гадоў і ляжаў на паверхні зямлі вялікімі пластамі.перанесьці сваё жыльлё на дпо лагчыны. Зрабіў сабе новую будку і быў здаволены тым, што хоць жыву адзін, але не падначальваюся твайму бацьку.

(обратно)

4

Вахта — каманда людзей на караблі. Вахтаю называюць і варту на караблі, а таксама і той час, у які вахта або аддзяленьне знаходзіцца на вахце.

(обратно)

5

Котэдж — дом асабняк.

(обратно)

6

Рыфы — падводныя скалы.

(обратно)

7

Трум — частка паміж ніжняю палубаю і дном карабля.

(обратно)

8

Мушкеты — стрэльбы XVI стагодзьдзя.

(обратно)

9

Піраты — морскія разбойнікі.

(обратно)

Оглавление

  • Капітан Марыет Маленькі дзікун
  • I Дзе я нарадзіўся
  • II Няшчасьце з маім таварышом, і я ня хлопчык, а гаспадар—Франк Генікер
  • III Гісторыя маіх бацькоў і як сьляпы Джаксон наўчыў мяне чытаць і лічыць
  • IV Перадсьмертная споведзь Джаксона
  • V Мае новыя сябры
  • VI Першае спатканьне з людзьмі, сярод якіх была жанчына
  • VII Здрада матросаў і мой новы сябра—жанчына Рэйхардт
  • VIII Навальніца, галадоўля і гісторыя жанчыны Рэйхардт
  • IX Лекцыі па географіі і маё першае, няўдачнае плаваньне ў чайцы
  • X Нашы экскурсіі і барацьба з пітонам
  • XI Разьбіты карабель і я стаў зямляробам
  • XII Вялікая і страшная экскурсія
  • XIII Апошнія дні на дзікім востраве
  • *** Примечания ***