КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою [Лонг] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Лонг. Апулей Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. Метамарфозы, ці залаты асёл 

Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою / Лонг ; пераклад са старажытнагрэцкай, прадмова і каментарыі Анатоля Клышкі. Метамарфозы, ці Залаты асёл : раманы / Апулей ; пераклад з лацінскай мовы, прадмова і каментарыі Пятра Бітэля ; [мастак М. Селяшчук]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. — 283, [1] с., [8] л. каляр. іл. ; 21 см. — (Скарбы сусветнай літаратуры). Тыраж 16 900 экз.

Лонг Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою

Уступ

На Лесбасе, палюючы, я ўбачыў у гаі, прысвечаным німфам, найпрыгажэйшае відовішча, якое калі-небудзь бачыў: маляўнічую выяву, гісторыю аднаго кахання. Прыгожы быў і сам гай — шмат дрэў, поўна кветак, удосталь вады: адна крыніца ўсё жывіла, і кветкі, і дрэвы; але прывабнейшы быў абраз — тут і адменнае майстэрства, і праўда кахання; так што і шмат чужаземцаў, прачуўшы пра яго славу, ішло сюды, німфам маліліся, абразам дзівіліся. А на ім жанчыны — адны нараджаюць, другія — немаўлят у пялёнкі завінаюць; дзеці пакінутыя і авечкі ды козы, што кормяць іх, пастухі, што дзяцей да сябе прымаюць, маладыя, што ў шлюб уступаюць, напад разбойнікаў, уварванне захопнікаў. Шмат іншага, але ўсё пра каханне бачыў я і здзівіўся, і прага мяне агарнула паспрачацца ў выяве з тым абразом. І, знайшоўшы таго, хто мне змог вытлумачыць абраз, вышчыраваў я чатыры кнігі ў ахвяру Эрасу, німфам і Пану, у дарунак усім людзям на ўцеху: хворага вылечыць, зажуранага суцешыць, таму, хто ўжо кахаў, згадкі абудзіць, таго, хто яшчэ не кахаў, навучыць.

Бо ўвогуле ніхто ж ад кахання не ўцёк і не ўцячэ, пакуль ёсць краса і вочы бачаць. Нам жа хай дасць бог у ясным розуме каханне іншых людзей апісаць.



Кніга першая

1. Горад на Лесбасе ёсць — Мітылена, вялікі, прыгожы; яго разразаюць каналы, яго аздабляюць масты з часанага белага каменю. Можна падумаць, што бачыш не горад, а выспу. Ад гэтага горада Мітылена прыблізна за стадыяў дзвесце быў маёнтак аднага багацея. Цудоўнае ўладанне: дзічына ў гарах, пшаніца ў палях, вінаградная лаза на пагорках, чароды авечак, коз на пашах, і мора набягае на мяккі пясок разлеглага ўзбярэжжа.

2. У гэтым маёнтку казапас, на імя Ламан, пасвячы, знайшоў дзіця, якое карміла адна з яго коз. Быў там лес і гушчар з цярніны, якую абвіваў плюшч, ды мяккая трава, на ёй і ляжала дзіця. Сюды ўпотай усё бегала каза, знікаючы і пакідаючы сваё казлянятка, абы пабыць з немаўлём. Згледзеў Ламан, што яна бегае туды і назад, шкада ж яму было пакінутага казлянятка; і аднаго разу ў самы поўдзень падаўся ён услед за ёю назіркам і бачыць, як каза асцярожна пераступае цераз дзіця, каб не пашкодзіць яго капытцамі, і як малое, нібы з матчынай цыцы, ссе струменістае малако. Поўны здзіўлення, ён, вядома, падыходзіць бліжэй і знаходзіць хлопчыка, моцнага і прыгожага, і пры ім рэчы, зараскошныя як на долю падкідыша: было там коўдзерка пурпуровае, зашпілька залатая і ножык з тронкам са слановай косці.

3. Спярша ён намерыўся забраць толькі прыкметныя знакі, не турбуючыся пра малога; але пасля засаромеўшыся, што з казою і то не зраўняўся ў спагадлівасці, і дачакаўшыся ночы, прыносіць усё да свае жонкі Мірталы — і прыкметныя знакі, і дзіця, і самую казу. Жонка здзівілася, што козы прыводзяць на свет і хлапчукоў, але ён усё расказаў, як знайшоў падкінутага, як бачыў, што дзіця ссала казу, як сорамна стала кінуць яго на пэўную смерць. Яна з ім згадзілася, яны хаваюць усё, што ляжала пры ім пакінутае, а дзіця прызнаюць сваім і аддаюць казе карміць яго. І каб імя дзіцяці здавалася пастушыным, вырашылі назваць яго Дафнісам.

4. Ужо два гады мінула, і вось пастух на імя Дрыяс, што пасвіў на памежных лугах, натыкаецца на такую ж праяву і знайду.

Была тут пячора німфаў — вялікая скала, усярэдзіне пустая, а зверху акруглая. Статуі ж саміх німфаў былі зроблены з каменю: ногі босыя, рукі да плячэй голыя, валасы распушчаныя на шыю, павязка на паясніцы, усмешка ў вачах; а ўсе разам нібы танцуюць у карагодзе. Уваход у пячору быў якраз пасярод вялікай скалы. Вада, што выбівалася з крыніцы, утварала ручаіну, так што перад пячораю рассцілаўся дужа прывабны луг, густую і мяккую траву яго і паіла гэтая вільгаць. Тут віселі даёнкі, флейты-папярочкі, сірынгі, дудачкі-чарацянкі — ахвярныя дары даўнейшых пастухоў.

5. У гэтую пячору німфаў часта забягала авечка, якая нядаўна акацілася, так што не раз нават думалі, быццам яна загінула. Каб пакараць яе і вярнуць да парадку, пастух скруціў вітку з зялёнай галінкі на ўзор пятлі і падаўся да скалы, каб злавіць авечку. Але, падышоўшы, ён убачыў тое, што найменш спадзяваўся ўбачыць, авечку, якая зусім у чалавечы спосаб дае дзіцяці ссаць вымя, поўнае малака, а немаўля без плачу прагна шукае то аднаго, то другога саска сваім роцікам, чыстым і свежым, бо авечка аблізвала языком твар немаўляці, як толькі яно напівалася. Гэта была дзяўчынка, і пры ёй ляжалі пялёнкі і прыкметныя знакі: залататканая павязка на галаву, гафтаваныя золатам чаравічкі і залатыя бранзалеты на ногі.

6. Прызнаўшы ў гэтай знаходцы боскую волю і ўзяўшы прыклад ад авечкі спагадаць малечы і любіць яе, пастух бярэ немаўля на рукі, кладзе яго прыкметныя знакі ў торбу і моліцца німфам, каб яму пашчасціла выгадаваць іх апякунку ў дабры і шчасці. А калі ўжо быў час дахаты гнаць чараду, вяртаецца ён у двор, жонцы, што бачыў, расказвае ды, што знайшоў, паказвае і ўгаворвае яе прызнаць дзіця за дачку і ўпотай гадаваць, як сваю. Напэ — так звалі жанчыну — тут жа стала дзіцяці за маці і любіла яго, нібы баялася, што авечка пераўзыдзе яе ў злагадзе, і дае дзяўчынцы для пэўнасці таксама пастушынае імя — Хлоя.

7. Гэтыя дзеці вельмі хутка выраслі і красою выдаліся прыгажэйшымі за вясковых. Ужо было хлопцу пятнаццаць гадоў ад нараджэння, а дзяўчаці — на два гады меней, калі аднае начы Дрыяс і Ламан бачаць такі сон. Здаецца, прыйшлі тыя німфы з пячоры, дзе была крыніца і дзе Дрыяс знайшоў дзяўчынку, і перадалі Дафніса і Хлою вельмі вясёламу і прыгожаму хлопчыку, які меў крылы за плячыма і нёс кароткія стрэлы і маленькі лук; гэты хлопчык, крануўшыся адною стралою абаіх, прызначыў пасвіць надалей яму коз, а ёй авечак.

8. Сасніўшы гэты сон, абодва зажурыліся, што гэтыя дзеці павінны былі коз і авечак пасвіць,хоць пялёнкі шчаслівейшую долю ім прадракалі, таму яны іх і далікатнейшаю ядою кармілі, і літарам іх вучылі і ўсяму, што ў сельскім жыцці за годнае ўважалася. І ўсё ж падумалі яны, што павінны ў гэтым слухацца багоў, бо і ўратавала дзяцей найвышэйшая боская воля. І калі яны адзін аднаму свой сон расказалі і прынеслі ў пячору німфаў ахвяру крылатаму хлопчыку — яго імя было ім невядомае, — паслалі яны дзяцей пастухамі з чародамі, навучыўшы перад тым іх усяму: як трэба да полудня пасвіць, як трэба пасвіць, калі спёка ападае; калі гнаць на вадапой, калі гнаць назад у загон, на якую худобу пастухоўскага кія ўжыць, на якую — аднаго голасу. Дзеці з вялікай радасцю ўзяліся за работу, як бы ім высокую ўладу даручылі, і любілі коз і авечак больш, чым гэта звычайна водзіцца ў пастухоў, яна была ўдзячная авечцы за тое, што яе ўратавала, ён жа не забыўся, як яго, падкінутага, каза карміла.

9. Вясна была ў самым пачатку, і ўсе кветкі цвілі — у лясах, на лугах, а колькі іх было ў гарах; і ўсюды ўжо пчаліны гуд, птушыны шчэбет, гульні малечы з новага прыплоду; ягняты скачуць па пагорках, гудуць у лугах пчолкі, у гушчары спяваюць птушкі. І як гожая пара года поўніла ўсё весялосцю, то і яны абое — маладыя, прывабныя — пераймалі ўсё, што чулі і бачылі. Чулі спеў птушак — і самі спявалі, бачылі скокі ягнятак — і самі лёгка скакалі, і, пчол наследуючы, збіралі яны кветкі, аднымі з іх убіралі сабе грудзі, з другіх плялі вяночкі і прыносілі ў дарунак німфам.

10. І ўсё яны рабілі разам, пасвячы блізка адно каля аднаго чароды. І часта Дафніс займаў авечак, якія разбягаліся, часта і Хлоя зганяла ўніз са скал вельмі адважных коз. А то адно з іх глядзела абедзве чарады, калі другое занадта захаплялася гульнёю. Гульні ж іхнія былі пастушыныя, дзіцячыя. Яна, назбіраўшы дзе-небудзь там бадылінак, пляла з іх пастку на цвыркуноў і за работаю спускала з вока авечак; а ён, нарэзаўшы тонкіх чароцін, пракруціўшы дзірачкі ў каленцах, злепліваў трубачкі адну з адною мяккім воскам і аж да ночы вучыўся іграць на сірынзе. Калі-нікалі яны дзяліліся між сабою малаком і віном і спажывалі разам полудзень, што бралі з сабою з дому. І хутчэй можна было бачыць асобна авечак і коз, чым Хлою і Дафніса.

11. Тым часам, калі яны бавіліся, Эрас учыніў ім такую сур'ёзную штуку. Ваўчыца, якая нядаўна вывела ваўчанят, часта цягала авечак з навакольных сёл, бо ёй, каб пракарміць сваіх малых, трэба было шмат яды. І вось сяляне, сышоўшыся ўночы, выкапалі яму — сажань у шырыню, чатыры ў глыбіню. Большую частку выбранай зямлі, аднёсшы далёка, раскідалі, а на яму наслалі сухіх доўгіх жэрдачак і прысыпалі рэштай зямлі, каб усё тут выглядала, як было дагэтуль; але калі б нават заяц прабег тут, то праламаў бы латы, якія былі слабейшыя за саломінкі, і тады можна было б убачыць, што гэта не зямля, а падабенства зямлі. І хоць яны выкапалі шмат такіх ям па гарах і раўнінах, не пашчасціла ім злавіць ваўчыцу: яна ўчула, што зямля тут падманная; затое шмат коз і авечак зламалі сабе каркі, ды бязмала і Дафніс, а выйшла яно так:

12. Два казлы, раз'ятрыўшыся адзін на аднаго, схапіліся ў рожкі. У гэтай гвалтоўнай сутычцы адзін з іх зламаў сабе рог і, падскочыўшы ад болю, кінуўся ўцякаць; але другі, перамогшы, бег за ім следам, не даючы ўцекачу супачынку. Дафніс, перажываючы за зламаны рог і зазлаваўшыся на нахабнага казла, ухапіў палку ды свой пастуховы кій і кінуўся даганяць даганяльшчыка. Але таму, што ні той, што ўцякаў, ні другі, разгневаны, што яго даганяў, не глядзелі, што ў іх было пад нагамі, то абодва падаюць у яму, перш казёл, а Дафніс за ім. Гэта і ўратавала Дафніса, бо, як падаў, апорай яму быў казёл. Плачучы, чакаў ён, ці не прыйдзе хто, каб яго выцягнуць; а Хлоя, убачыўшы гэта, спяшаючыся, пабегла да ямы; і, пераканаўшыся, што Дафніс жывы, кліча валапаса з суседняга поля на дапамогу. Прыйшоўшы, ён пачаў шукаць доўгай вяроўкі, трымаючыся за якую Дафніс мог бы вылезці наверх. Але вяроўкі не было, і Хлоя, развязаўшы сваю павязку, дала яе апусціць валапасу; так яны, стоячы на беразе ямы, абое цягнулі, а ён, ухапіўшыся рукамі за павязку, выбраўся наверх. Выцягнулі яны і няшчаснага казла, які страціў абодва рагі; такая вось кара спасцігла за пераможанага казла. Яны аддалі яго валапасу з удзячнасцю за паратунак, каб той яго прынёс у ахвяру, а дома збіраліся зманіць, што напалі ваўкі, калі б хто заўважыў нястачу; самі ж, вярнуўшыся назад, агледзелі сваіх авечак і коз; а ўбачыўшы, што козы і авечкі ў добрым ладзе пасуцца, уселіся яны на дубовай калодзе і пачалі разглядаць, ці не параніў Дафніс, падаючы, чаго сабе да крыві. Але не было ані раны, ані крыві, толькі ў зямлі і гразі былі валасы ды ўсё цела. І ён намерыўся памыцца, пакуль Ламан і Міртала не даведаліся, што з ім здарылася.

13. І, увайшоўшы разам з Хлояй у пячору німфаў, ён аддаў пільнаваць ёй свой кароткі хітон і пастуховую торбу, а сам, стаўшы над крыніцаю, узяўся мыць сабе валасы і ўсё цела. А валасы яго былі чорныя і густыя, цела — загарэлае ад сонца: можна было падумаць, што гэта ад ценю валасоў такое смуглае. Калі Хлоя ўбачыла так яго, здаўся ёй Дафніс прыгожым, а таму, што падаўся прыгожым упершыню, падумала яна, што прычынаю красы тут купанне. І калі яна змывала яму спіну, адчула, якое мяккае цела, так што яна не раз украдкам дакраналася да сябе, каб пераканацца, ці яе цела далікатнейшае. А пазней яны — сонца ж было на захадзе — пагналі чароды дахаты. Хлоя ж з таго часу нічога больш не хацела, абы толькі зноў бачыць, як Дафніс купаецца.

Назаўтра, калі яны зноў прыйшлі на пашу, Дафніс, седзячы, як звычайна, пад дубам, іграў на сірынзе і заадно сачыў за козамі, якія ляжалі і нібы прыслухоўваліся да яго ігры, а Хлоя, седзячы побач з ім, хоць і сачыла за чарадою авечак, але яшчэ часцей паглядала на Дафніса; і зноў ён, калі іграў на сірынзе, здаўся ёй прыгожым, і зноў яна палічыла музыку за прычыну яго красы, а таму яна пасля яго ўхапіла сірынгу, каб паспрабаваць, ці не зробіцца таксама прыгожаю. Яна ўгаварыла яго зноў скупацца, і глядзела на яго, калі ён купаўся, і, бачачы яго, дакранулася, і зноў адышла з подзівам, а гэты подзіў быў пачаткам кахання.

Што здарылася з ёю, гэтага не ведала маладое дзяўчо, якое вырасла ў вёсцы і яшчэ ні разу не чула імя Эрас. Смутак сціснуў ёй сэрца, вочы няўважна блукалі, і яна часта вымаўляла: Дафніс! Яда ёй была не ў памяці, начамі не спала, забывалася пра сваіх авечак, яна то смяялася, то плакала; то засынала, то зрывалася са сну; твар яе то быў бледны, то раптам зноў успыхваў чырванню. Нават кароўка, якую ўджаліць авадзень, не мучыцца так. Аднаго разу, калі яна была адна, прыйшлі ёй на розум вось такія словы:

14. «Хворая я цяпер, але што за хвароба, не ведаю: мне баліць, а няма на мне раны; сумую я, хоць ніводная з маіх авечак не прапала; я ўся палаю, хоць сяджу ў такім цяні. Колькі разоў ні абдзіралі мяне калючкі, я не плакала; колькі пчол ні джалілі мяне, я не адмаўлялася ад яды; але тое, што цяпер раніць сэрца, яшчэ вастрэйшае. Дафніс прыгожы, але ж і кветкі прыгожыя; прыгожа гучыць яго сірынга, але прыгожа спяваюць і салаўі; ды я пра іх ані не думаю. О, калі б я была яго сірынгаю і ўбірала яго дыханне, ці калі б я была козачкаю і каб ён пасвіў мяне! О ліхая вада, толькі Дафніса ты зрабіла прыгожым, а я ж дарэмна купалася. Гіну я, любыя німфы, і нават вы не ратуеце дзяўчыны, што вырасла пры вас. Хто ж вас вянкамі прыбіраць будзе пасля мяне? Хто бедных ягнятак карміць будзе? Хто дагледзіць майго стракатлівага цвыркуна, якога я з вялікаю цяжкасцю злавіла, каб ён перад пячораю сваім цвырканнем спяваў мне на сон; але я цяпер праз Дафніса страціла сон, і дарэмна стракоча мой цвыркун».

15. Так пакутавала, так казала яна, намагаючыся знайсці назву кахання. Але Доркан, той валапас, што Дафніса выцягнуў і казла з ямы, дзяцюк з першым пушком на барадзе, які ведаў каханне ў слове і яве, з таго самага дня адразу закахаўся ў Хлою, і чым далей беглі дні, тым больш распалялася душа, і, на Дафніса як на хлапчука не зважаючы, наважыўся падарункамі або сілаю дамагчыся свайго. Спярша ён прынёс ім падарункі: яму валапасаву сірынгу на дзевяць дудачак, якія былі меддзю замест воску змацаваныя, а ёй — шкуру лані, якую носяць вакханкі, — плямістую, нібы яе фарбамі размалявалі. З гэтага часу ён, лічачыся за сябра, штораз меней зважаў на Дафніса, а Хлоі штодня прыносіў ці мяккага сыру, ці вянок з кветак, ці спелы яблык; аднаго разу прынёс цялятка-сысунка, пазалочаны драўляны кубак, маладзенькіх горных птушак. А яна, недасведчаная ў хітрыках кахання, прымаючы гасцінцы, цешылася, а яшчэ больш з таго, што яна цяпер мела чым абдорваць Дафніса.

І аднаго разу, бо ўжо і Дафніс павінен быў спазнаць мукі кахання, усчалася ў яго з Дорканам спрэчка, хто з іх прыгажэйшы, а суддзёю мела быць Хлоя, а за ўзнагароду таму, хто пераможа, было прызначана пацалаваць Хлою. Першы Доркан вось што сказаў:

16. «Я, дзяўчына, большы за Дафніса, дый я валапас, а ён казапас; і я нагэтулькі лепшы за яго, наколькі каровы лепшыя за козы; і белы я, як малако, валасы залацістыя, як даспелае поле перад жнівом, і выкарміла мяне маці, а не якая жывёла. Ён жа малы і безбароды, як жанчына, і чорны, як воўк. Ён пасе казлоў і пахне пагана, а такі бедны, што і сабакі не пракорміць. Калі яго, як кажуць, паіла сваім малаком каза, то нічым ён ад казляняці і не розніцца».

Гэтак і падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго — Дафніс: «Мяне выкарміла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, і яны большыя, чым Дорканавы каровы; я ані не пахну ад іх, як і Пан, хоць той больш як на палавіну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, і хлеба, спечанага на ражне, і белага віна, а гэта — дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такі і Дыяніс; цёмны я, але такі і гіяцынт; Дыяніс жа пераўзыходзіць сатыраў, а гіяцынт — лілеі. Ён жа руды, як ліс, і барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. І калі табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго — у шчэць на барадзе. І ўспомніш тады, дзяўчына, што цябе выкарміла авечка, а ты такая прыгожая».

17. Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале і ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафніса, ускочыла і пацалавала яго, хоць і прастадушна і няўмела, але так, што змагла душу распаліць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы іншай дарогі да кахання; а Дафніс, бы яго не пацалавалі, а ўкусілі, тут жа спахмурнеў і часта ўздрыгваў, не могучы суцішыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў — абліўся румянцам. Тады ён першы раз са здзіўленнем заўважыў, што валасы яе залацістыя і вочы ў яе вялікія, як у цялушкі, і твар яе сапраўды бялейшы за казінае малако, — быццам ён толькі што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без іх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а піць калі хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклівы зрабіўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабіўся, а некалі быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кінуў сірынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькі перад Хлояй быў гаваркі. І калі часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:

18. «Што ж гэта зрабіў са мною Хлоін пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы і вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалінае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта — маленькіх ягнят і тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакідае, сэрца хоча выскачыць, душа замірае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзіўная хвароба, імя якой я і назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўі, а мая сірынга маўчыць; як скачуць казляняткі, а я нерухома сяджу; як цвітуць кветкі, а я вянкоў не пляту! Расцвітаюць лілеі і гіяцынты, а Дафніс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?»

19. Так пакутаваў і казаў наймілейшы Дафніс, першы раз спазнаючы ў слове і яве каханне.

А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпільнаваўшы, калі Дрыяс паблізу саджаў атожылкі вінаграднай лазы, падышоў з некалькімі адборнымі сырамі і даў іх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калі Дрыяс яшчэ сам пасвіў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жаніцьбу з Хлояй. Калі б яму аддалі яе ў жонкі, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раі пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы і штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусіўшыся гэткімі падарункамі, амаль згадзіўся на шлюб. Але калі разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долі, і збаяўся, што трапіць у непапраўную бяду, калі ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовіў, перапрасіў яго і названых дароў не прыняў.

20. Доркан, другі раз ашукаўшыся ў сваёй надзеі і намарна страціўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калі яна будзе адна. І падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкі — аднаго дня Дафніс, другога — дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хітрасць.

Ён узяў шкуру вялікага воўка, якога некалі бык, абараняючы сваіх кароў, закалоў рагамі, захінуўся ў яе з галавы да ног, пярэднія лапы нацягнуў на свае рукі, заднія — на ногі ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякі. Прыкінуўшыся як мага найлепш дзікім зверам, ідзе ён да ручаіны, з якой пасля пашы пілі козы і авечкі. У вельмі глыбокай упадзіне была ручаіна, усё месца навокал глушылася цярнінаю, ажынаю, нізенькім ялаўцом і бадзякамі; лёгка мог бы там і сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калі надыдзе час вадапою, і меў вялікую надзею, што ён перапалохае сваім выглядам Хлою і яна апынецца ў ягоных руках.

21. Прамінула няшмат часу, і Хлоя пагнала статкі да ручаіны, пакінуўшы Дафніса зразаць зялёныя парасткі на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакі, якія беглі тут жа, сцерагучы авечак і коз, і па сабачай звычцы прынюхваліся, учулі Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасці на дзяўчыну, голасна загаўкалі і кінуліся на яго, як на сапраўднага воўка; і перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногі, аблажылі яго і пачалі рваць шкуру. Нейкі час ён яшчэ ціха ляжаў у гушчары пад накінутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калі Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клікаць Дафніса на дапамогу, а сабакі, сарваўшы воўчую шкуру, упіліся ў яго цела, ён залямантаваў і пачаў прасіць дапамогі ў дзяўчыны і Дафніса, які ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклікам хутка супакоілі сабак, а Доркана, у якога былі пакусаны сцёгны і плечы, павялі да ручаіны, прамылі яму раны ад сабачых зубоў і прыклалі да іх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палічылі апрананне ў шкуру за пастухоўскі жарт, і, зусім не гневаючыся, суцешылі яго, і, правёўшы яшчэ трохі пад рукі, адпусцілі дахаты.

22. Доркан, выбавіўшыся з бяды і ўратаваўшыся, хоць і не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафніс і Хлоя мелі шмат клопату, аж да ночы збіраючы коз і авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю і ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з іх на скалы ўзбеглі, а другія аж да мора дабеглі. Хоць і былі яны прывучаныя слухацца голасу і на сірынгу супакойвацца, а калі пляснуць у далоні — збірацца, але на той раз страх прымусіў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалі іх Дафніс і Хлоя і загналі ў аборы. Толькі тае начы заснулі яны глыбокім сном і знайшлі ў стоме лекі ад мук кахання.

Але калі зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелі ў той жа спосаб. Радаваліся, убачыўшыся, журыліся, расстаючыся, нечага прагнулі, але не ведалі, чаго прагнуць. Адно толькі ведалі яны, што яго загубіў пацалунак, а яе — купанне.

23. Распальвала іх і сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквіце, дрэвы ў пладах, палі ў каласах; усцяж мілае цыкад стракатанне, садавіны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкі, спакойна воды коцячы, спявалі, што вятры сваім подзьмухам па соснах на сірынзе ігралі, што яблыкі ў знямозе кахання долу спадалі, што сонца, закаханае ў красу, усіх раздзявала.

Дафніс, распалены ўсім гэтым, кідаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта і піў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзіне. Хлоя ж, падаіўшы авечак і многіх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасіць малако; а мухі моцна даймалі і кусалі, калі яна іх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбіралася вянком з хваёвых галінак і, ахінуўшы паясніцу шкурай аляняці, напаўняла посуд віном і малаком, каб разам з Дафнісам выпіць гэтага пітва.

24. Калі ж надышоў поўдзень, вочы іх адразу трапілі ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафніса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго ніякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняці, у хваёвым вянку, калі яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць німфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок і надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калі ён раздзяваўся і купаўся, захіналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамі яны кідалі адно ў аднаго яблыкі або прыбіралі адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. І Хлоя параўноўвала яго валасы з міртам, бо яны былі чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы і румяны. Ён вучыў яе іграць на сірынзе; але калі яна пачынала дзьмуць, ён выхопліваў у яе і сам губамі перабіраў чароціны; і ўдаючы, што папраўляе яе памылкі, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сірынгу цалаваў Хлою.

25. Аднаго разу апоўдні, калі ён іграў на сірынзе, а чароды ляжалі ў цяні, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафніс адклаў сірынгу, прагна агледзеў яе ўсю — цяпер жа ён ані не саромеўся — і патаемна і разам з тым ціха прашаптаў: «Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць ні яблыкі, ні кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак раніць сэрца і, як малады мёд, прыводзіць у шаленства. І я баюся пацалункам разбудзіць яе. О гаварлівыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваім моцным стракатаннем. Яшчэ і казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамі. О ваўкі, баязлівейшыя за лісоў, чаму ж вы іх не схапілі?!»

26. Калі ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкі, якая хацела яе злавіць, упала Хлоі на грудзі; ластаўка — за цыкадаю, і хоць не змагла яе злавіць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блізка, што кранулася сваім крыллем Хлоінай шчакі. Не ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула і прахапілася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку і Дафніса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоілася і працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоі на грудзях, адазвалася, нібы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафніс засмяяўся. І, карыстаючыся нагодаю, прасунуў руку між грудзей і выняў добрую цыкаду, якая і ў яго руцэ не маўчала. Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, і пацалавала, і зноў пасадзіла стракатліўку сабе на грудзі.

27. Усцешыла іх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. І калі Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафніс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: «Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, і пасвіла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, і кароўкі радаваліся яе спевам, пасвячы іх, яна не мела патрэбы ні біць іх пастуховым кіем, ні пароць ражном; а садзілася пад хвойкаю, прыбіралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана і Пітыс, і каровы, зачараваныя спевам, не адыходзіліся ад яе. Адзін хлопец, што непадалёк пасвіў кароў і ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысіў свой голас, моцны, як у мужчыны, і мілы, як у дзіцяці, завабіў у свой статак восем яе найлепшых кароў і пагнаў іх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы і няўдачаю ў спевах, моліць багоў, каб далі ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багі слухаюцца і ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах і гэтак жа прыгожа спявае, як яна. І сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсці сваіх заблуканых кароў».

28. Такія ўцехі даравала ім лета. Але калі была восень у самым росквіце і саспеў вінаград, прысталі ў тыя мясціны тырыйскія піраты на лёгкім карыйскім судне (каб іх за варвараў не палічылі), высадзіліся, узброеныя мячамі і ў паўпанцырах, пачалі рабаваць усё, што траплялася пад рукі: духмянае віно, шмат збожжа, скрылі мёду; пагналі яны і некалькі кароў з Дорканавага статка. Схапілі яны і Дафніса, які блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, які здаўся ім больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнікі не сталі траціць больш намаганняў ні на коз, ні на іншае дабро ў ваколіцы, а пагналі яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы і моцна клікаў Хлою. Яны хутка адвязалі канат і, хапіўшы ў рукі вёслы, адплылі ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сірынгу ў падарунак Дафнісу. Але бачачы коз, якія ў бязладдзі разбегліся, і чуючы, як Дафніс мацней і мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз і авечак, кінула сірынгу і памчала бегма да Доркана прасіць дапамогі.

29. Але той ляжаў цяжка збіты разбойнікамі, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе іскру даўнейшага кахання і прамовіў: «Хлоя, я зараз памру; бязбожныя піраты, калі я змагаўся за сваіх валоў, мяне самога забілі, як вала. Але ты павінна ўратаваць для сябе Дафніса, папомсціцца за мяне, знішчыць іх. Я прывучыў сваіх кароў слухацца гукаў сірынгі і збягацца на яе поклік, нават калі б далёка яны дзе пасвіліся. Дык ідзі ж і, узяўшы гэтую сірынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалі навучыў Дафніса, а Дафніс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сірынга і мае каровы, што апынуліся там. Я дару табе гэтую сірынгу, з якою ў змаганні, хто лепшы, шмат валапасаў і аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, і аплач мяне, калі памру. А калі ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвіць гэтыя кароўкі, успомні пра мяне».

30. Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошні раз,і разам з гэтым пацалункам і гэтымі словамі адляцела яго душа.

А Хлоя, узяўшы сірынгу і прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькі магла; і каровы чуюць песню, пазнаюць і, равучы, кідаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахіляецца на адзін бок, і пад цяжарам кароў марская бездань завірыла, карабель пераварочваецца і тоне, хвалі сышліся над ім. Тыя, што былі там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У піратаў на поясе былі мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногі аж да паловы прыкрывалі накаленнікі, а Дафніс, які толькі што пасвіў на лузе коз, быў босы і напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкі час піраты яшчэ плылі, але цяжкае ўзбраенне пацягнула іх у бездань; Дафніс жа сваё адзенне лёгка скінуў, але, плывучы, зазнаў мукі, бо раней плаваў толькі ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабіць; ён ірвануўся ў сярэдзіну кароў і, ухапіўшы аберуч дзвюх іх за рогі, рухаўся так без клопату і турбот, нібы кіруючы павозкаю.

Гавяда ж плавае так, як ніводзін чалавек, толькі ўступае вадзяным птушкам і самім рыбам. Ніводная карова пры плаванні не гіне, хіба толькі рог у яе на капытах размокне і адваліцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многія мясціны на моры, якія маюць назву «валовага броду».

31. Такім чынам Дафніс, насуперак усякаму спадзяванню, уратаваўся ад дваякай небяспекі: і ад разбойнікаў адрабіўся, і ў моры не ўтапіўся. Выбраўшыся на сушу і знайшоўшы там Хлою, якая адначасна смяялася і плакала, кінуўся ёй на грудзі і спытаўся, чаму яна на сірынзе іграла; і яна яму ўсё расказала, як яна прыбегла да Доркана, і як яго каровы навучаныя былі, як ён загадаў ёй зайграць, і што Доркан памёр, толькі, засаромеўшыся, пра пацалунак не сказала. Пастанавілі яны свайму дабрадзею апошнюю пашану аддаць, разам з Дорканавымі родзічамі пахавалі няшчаснага. Яны шмат зямлі нанасілі на яго магілу, абсадзілі яе многімі садовымі дрэвамі і павесілі ў гонар яго пачаткі свае працы; потым і малака ўзлілі, расціснулі вінаградных гронак, паламалі шмат сірынгаў. Чуваць было і жаласлівае рыканне кароў, і відаць было ім пры гэтым, як трывожна кідаліся яны туды і сюды, і, як разважылі аўчары і казапасы, гэта была пахавальная песня гавяды па сваім мёртвым валапасе.

32. Пасля пахавання Доркана Хлоя купае Дафніса, да німфаў яго адвёўшы. Тады першы раз у яго на вачах вымыла яна сваё цела, белае, чыстае ў сваёй красе, якому не трэба і купанне было, каб быць прыгожым; а пасля, назбіраўшы кветак, якіх толькі можна было знайсці тою парою, прыбралі ў вянкі статуі, а Дорканаву сірынгу ў ахвяру прывесілі да скалы. Пасля гэтага яны пайшлі паглядзець сваіх коз і авечак. Але тыя ўсе ляжалі, ні травы не бралі, ні голасу не падавалі, а, як я думаю, яны, не бачачы Дафніса і Хлоі, па іх сумавалі. Калі ж жывёла зноў убачыла іх, пачула, як заўсёды, іх воклік і гукі сірынгі, авечкі падняліся і пачалі пасвіцца, а гарэзлівыя козы скакаць наўкол, нібы цешыліся ратунку свайго звыклага пастуха. Але ў душы ў Дафніса не было радасці, калі ён пабачыў Хлою голую, красу, дагэтуль прыкрытую, — адкрытаю. Сэрца яго балела, нібы яго нейкая атрута грызла, ён то парывіста дыхаў, нібы нехта за ім гнаўся, то задыхаўся, нібы занямогся ад гэтай пагоні. Яму купанне ў ручаіне здалося страшнейшым за нядаўняе ў моры. Думаў, што душа ў яго ўсё яшчэ астаецца ў разбойнікаў, бо быў малады, з вёскі і не ведаў яшчэ аб Эрасавым разбоі.



Кніга другая

1. Восень была ўжо ў самай красе, надыходзіў збор вінаграду, і ў палях усё было ў рабоце; хто рыхтаваў націсі, хто чысціў бочкі, хто кашы плёў. Той рупіўся аб маленькіх сярпах, каб зразаць вінаградныя гронкі, а той — пра камень, каб выціскаць з гронак сок, а яшчэ іншы — пра сухія галінкі, ачышчаныя ад кары, каб уночы запаліць іх і пры святле несці дадому вінаграднае сусла.

Не зважаючы на сваіх коз і авечак, Дафніс і Хлоя памагалі пры рабоце. Ён прыносіў гронкі ў кашах і, ссыпаючы ў націсі, таптаў і разліваў віно ў бочкі, а яна гатавала ўсім яду, налівала ім піць леташняга віна, зрэзвала з невысокіх лоз гронкі. Бо на Лесбасе ўвесь вінаград невысокі, не цягнецца ўгару, не лезе на дрэва, лозы сцелюцца і паўзуць, як плюшч; нават дзіця, якое толькі што з пялёнак выбавіла рукі, магло б дацягнуцца да гронак.

2. Як водзіцца на свяце Дыяніса і нараджэння віна, жанчыны, што былі запрошаны з навакольных вёсак дапамагчы сабраць вінаград, кідалі вокам на Дафніса і хвалілі яго, кажучы, што красою ён падобны да Дыяніса. А адна адважнейшая нават так пацалавала, што ён успыхнуў, і Хлою гэта засмуціла. Мужчыны, што рабілі пры націсях, кідалі Хлоі не адно жартоўнае слоўца, і скакалі, звар'яцеўшы, нібы сатыры перад вакханкаю, і запэўнівалі, што хацелі б зрабіцца авечкамі, абы толькі іх пасвіла такая пастушка; і на гэты раз яна радавалася, а ён сумаваў. І абаім хацелася, каб як мага хучэй скончыўся збор вінаграду і яны змаглі зноў вярнуцца ў свае звычайныя мясціны і замест буйных выкрыкаў пачуць сірынгу ды бляянне авечак. І калі праз некалькі дзён вінаград быў сабраны, і сусла было ў бочках, і не было патрэбы ў мностве рук, яны зноў пагналі ў поле свае чароды; поўныя радасці, яны пакланіліся німфам, прынёсшы ім у ахвяру гронкі на лозах, — з зажынак. Яны і раней ніколі не праходзілі безуважна паўз іх, а заўсёды, выганяючы на пашу, ушаноўвалі іх, і, з пашы вяртаючыся, пакланяліся ім, і заўсёды што-небудзь прыносілі: ці кветку, ці плод, ці зялёную галінку, ці вылівалі ў ахвяру малака. Затое пазней багіні адплочвалі ім; тады ж абое, як кажуць, нібы спушчаныя з прывязі сабачкі, скакалі, ігралі на сірынзе, спявалі, барукаліся з казламі, баранамі.

3. Калі яны так весяліліся, да іх падышоў стары, апрануты ў казліную шкуру, абуты ў хадакі, на ім вісела пастушыная торба, ды і тая старая. Ён прысеў да іх і так сказаў: «Я, дзеткі, стары Філет, шмат спяваў тут німфам, шмат разоў Пану там іграў на сірынзе і толькі ігрою пасвіў вялікі статак. А прыйшоў да вас, каб тое, што бачыў я, расказаць, тое, што чуў я, перадаць вам. Я садок сваімі рукамі заклаў, даглядаю і цяпер, калі ўжо з-за старасці перастаў пасвіць; што кожная пара года прыносіць, тое я і маю там: увесну ружы і лілеі, гіяцынты і фіялкі дваякага роду; улетку мак і дзікія грушы і яблыкі ўсялякіх гатункаў; цяпер вінаград і фігі, гранаты і зялёныя мірты. Уранку ў гэтым садку збіраюцца чароды птушак — адны яды пашукаць, другія — каб паспяваць; густы, цяністы ён, тры крыніцы яго арашаюць; калі б хто агароджу прыняў, то мог бы падумаць, што бачыць гай.

4. Калі я сёння апоўдні зайшоў, убачыў пад гранатавымі і міртавымі кустамі хлопчыка з міртавымі ягадамі і гранатамі ў руках, белага, як малако, русявага, як агонь, бліскучага, як бы ён толькі што выкупаўся. Быў ён голы, адзін і гарэзаваў, зрываючы, што яму спадабалася, як быццам гэта быў яго сад. Я і кінуўся да яго злавіць, баючыся, каб ён, сваволячы, не паламаў міртаў і гранатаў; але ён спрытна і лёгка выслізнуў ад мяне, то ўцякаючы ў кусты ружаў, то хаваючыся ў макі, як маладзенькая курапатка. Я не раз зазнаваў клопату, даганяючы казлянят-сысункоў, не раз знемагаў, ганяючыся за маладымі цяляткамі; але гэтае стварэнне было надзвычай выкрутлівае і няўлоўнае. Стаміўся я, бо ўжо стары, абапёрся на кій, заадно сочачы, каб ён не ўцёк, і спытаўся ў яго, ад якіх ён суседзяў і як ён надумаўся пустошыць чужы сад. Але ён мне нічога не адказаў, а, падышоўшы бліжэй, усміхнуўся вельмі пяшчотна і пачаў кідаць у мяне міртавымі ягадамі, і, сам не ведаю як, заваражыў ён мяне, што больш я не мог гневацца. Тады я папрасіў яго, каб даўся мне ў рукі і больш не баяўся, і пакляўся я міртамі, што зноў дазволю яму заўсёды і садавіну браць, і кветкі рваць, калі ад яго хоць адзін пацалунак мне прыпадзе.

5. Тады ён вельмі звонка рассмяяўся, і голас яго быў такі, якога не мае ні ластаўка, ні салоўка, ні лебедзь, калі ён такі стары, як я ... «Мне, Філет, не цяжка цябе пацалаваць, бо я больш хачу цалавацца, чым ты зрабіцца маладым. Але паглядзі, ці пад твой узрост такі падарунак. Твая ж старасць не стрымае цябе, каб не гнацца за мною пасля аднаго пацалунка. Але не злавіць мяне ні ястрабу, ні арлу, ні якой іншай шпарчэйшай за іх птушцы. Я не хлопчык, нават калі і здаюся хлопчыкам, я старэйшы, чым Кронас і чым увесь час. Я ведаў цябе, калі ты яшчэ дзецюком пасвіў там на паплавах шырока расцягнуты статак, і я быў пры табе, як ты каля тых дубоў іграў на сірынзе, калі быў закаханы ў Амарыліс. Але ты не бачыў мяне, хоць я стаяў вельмі блізка ля дзяўчыны. Гэта я яе табе даў, і ты ўжо маеш сыноў — добрых валапасаў і земляробаў. Цяпер я пасу Дафніса і Хлою,і калі я з самага ранку звяду іх, тады іду ў твой сад, і радуюся кветкам і кустам, і мыюся вось у гэтых крыніцах. Таму такія прыгожыя кветкі і кусты, бо іх пояць воды, у якіх я купаюся. Паглядзі ж, ці хоць адзін куст у цябе зламаны, ці які плод сарваны, ці корань кветкі якой растаптаны, ці якая крыніца закаламучаная. І цешся, што сярод людзей ты адзіны ў старасці ўбачыў гэтае дзіця».

6. Сказаўшы гэта, ён узвіўся, як малады салоўка, на кусты мірту і, перебіраючыся з галінкі на галінку, дабраўся праз лісце на вяршыню. Я заўважыў крыльцы ў яго за плячыма і між крыллем і плячыма невялікі лук і стрэлы і больш не ўбачыў ні іх, ні яго самога.

«Калі я нездарма дажыў да сівых валасоў і мой розум не здзяцінеў ад старасці, то вы, дзеткі, прысвечаны Эрасу і Эрас дбае пра вас».

7. З вялікаю асалодаю, нібы казку, а не праўдзівае апавяданне, слухалі яны гэта і спыталіся ў яго, што ж такое Эрас, хлопчык ці птушка, і ў чым яго сіла. І Філет на гэта сказаў: «Эрас, дзеткі, бог малады, прыгожы, крылаты; таму яго цешыць маладосць, таму за красою ганяецца і душы ўскрыляе. А сіла яго такая, якой і Дзеўс не мае. Ён пануе над стыхіямі, пануе над зоркамі, пануе над такімі, як сам, багамі; такой улады вы не маеце над сваімі козамі і авечкамі. Усе кветкі — работа Эраса; гэтыя расліны — яго стварэнне. З яго волі рэкі цякуць, вятры дзьмуць. Бачыў я быка, распаленага жадобаю, як аваднём уджалены, роў ён; бачыў і казла, поўнага імпэту да казы, за ёю ўсюды ён бегаў следам. І сам я быў малады і кахаў Амарыліс; і мне яда не была ў галаве, і я піць не піў і сон забыў. Душа мая балела, сэрца білася, цела трымцела; то я крычаў, нібы мяне білі, то я маўчаў, нібы мяне ўжо забілі, то я ў рэкі кідаўся, нібы мяне агнём палілі; я клікаў Пана на дапамогу, ён жа і сам быў у Пітыс закаханы; я праслаўляў Эхо, бо яна за мною імя Амарыліс паўтарала; я свае сірынгі разбіў, бо яны хоць кароў чаруюць, але Амарыліс не вабяць. І няма ад Эраса аніякіх лекаў — ні ў ядзенні, ні ў піценні, ні ў замоваў гаварэнні, — хіба толькі пацалункі, ды абдымкі, ды голымі адно з адным ляжаць».

8. Пасля гэтых павучанняў Філет пакідае іх, абдораны некалькімі сырамі і казляняткам, у якога пракінуліся ўжо рожкі. Астаўшыся на адзіноце і пачуўшы ўпершыню тады імя Эраса, яны адчулі ў душы нястрымнае каханне, і, вярнуўшыся ўночы ў свае падвор'і, пачалі яны параўноўваць тое, што пачулі, з тым, што самі адчулі: «Закаханыя пакутуюць, і мы таксама. Яны ні на што не зважаюць, і мы даўно таксама. Яны не спяць, і нам цяпер так цярпець даводзіцца. Ім здаецца, што іх паліць агнём, і ў нас агонь палае. Яны хацелі б заўсёды адно аднаго бачыць, і мы таксама молім, каб хутчэй вярнуўся дзень. Мабыць, гэта каханне, і мы кахаем адно аднаго, не ведаючы, ці гэта каханне і ці кахаюць мяне. Бо чаму ж мы тады пакутуем, чаму шукаем адно аднаго? Філет усю праўду сказаў. Гэты хлопчык у садзе прысніўся некалі нашым бацькам і наказаў, каб мы пасвілі статкі. А як яго злавіць? Ён малы і ўцячэ. А як ад яго ўцячы? Ён мае крылле і схопіць. У німфаў нам трэба шукаць заступніцтва і дапамогі. Але і Філету, калі ён закахаўся ў Амарыліс, Пан не дапамог. Дык, значыць, нам патрэбна звярнуцца да лекаў, якім ён вучыў нас, — пацалункі, і абдымкі, і голымі класціся на зямлі. Хоць ужо і холадна, але выцерпім, цярпеў жа і Філет».

9. Такою навукаю была для абаіх гэтая ноч. І калі на другі дзень, выгнаўшы статкі на пашу, яны ўбачылі адно аднаго, то пацалаваліся, чаго ніколі раней не рабілі, і абняліся, абвіўшы адно аднаго рукамі; а на трэція лекі — раздзеўшыся легчы — было заадважна не толькі для дзяўчыны, але і для маладога казапаса.

І зноў прыйшла ноч без сну з думкамі пра тое, што зрабілі, і з папрокамі за тое, што ўпусцілі. «Цалаваліся мы, а карысці ніякай; абдымаліся мы, а, бадай што, не лепш. І вось легчы разам — адзіныя лекі ад кахання; паспрабуйма і іх; пэўна ў гэтым будзе нешта мацнейшае за пацалунак».

10. Пры такіх думках, як гэта бывае, сніліся ім і каханне, і пацалункі, і абдымкі; і што яны ўдзень не рабілі, тое рабілі ўночы: голыя ляжалі адно каля аднаго. І яшчэ больш натхнёныя падымаліся яны з надыходам дня і са свістам гналі свае статкі, спяшаючыся да пацалункаў: і, убачыўшы адно аднаго, беглі, усміхаючыся, насустрач. І, вядома, былі пацалункі, а тады і абдымкі, толькі з трэцімі лекамі яны марудзілі, ні Дафніс не адважваўся сказаць, ні Хлоя не рашалася пачаць, але выпадак і гэта зрабіў.

11. Седзячы адно пры адным каля дубовага пня, ужываючы слодыч пацалункаў, яны прагна аддаваліся раскошы. Абвівалі адно аднаго рукамі, мацней прыціскаючыся вуснамі да вуснаў. І калі Дафніс у такім абдымку больш парывіста прыцягнуў да сябе сваю Хлою, яна падалася на бок, і ён схіляецца ўслед за ёю, не хочучы згубіць яе пацалунка. І пазнаўшы ў гэтым тое, што бачылі ў сне, яны доўгі час пакоіліся доле, нібы звязаныя. Але не ведаючы, што рабіць далей, і ўважаючы гэта за вяршыню раскошы кахання, дарэмна правёўшы большую частку дня ў абдымках, яна рассталіся і пагналі назад свае статкі, злуючыся на ноч. Можа, з часам яны і зрабілі б што трэба, калі б вось які рэзрух не ахапіў усе тыя мясціны.

12. Маладыя багатыя метымненцы, якія хацелі падчас збору вінаграду павесяліцца за горадам, падрыхтавалі маленькі карабель, слуг пасадзілі на вёслы і паплылі ўздоўж мітыленскіх палёў, што падыходзілі блізка да мора. Бо гэтае ўзбярэжжа багатае на добрыя прыстані, раскошна ўпрыгожанае будынкамі; скрозь купальні, паркі, гаі: адно стварыла прырода, другое — людское ўмельства; усё цудоўнае для весялосці. Плывучы ўздоўж берага і прыстаючы то тут, то там, яны весяліліся, нікому не чынячы ні найменшага ліха, то лавілі з надморскай скалы на кручкі, прывязаныя тонкаю лескаю да доўгіх чароцін, рыбу, што вадзілася між камянёў; то з сабакамі і сеткамі лавілі зайцоў, якія ўцякалі ад гаманы ў вінаградніках. Выпраўляліся яшчэ і на птушак, лавілі ў сіло дзікіх гусей, качак і дроф, так што апроч забавы яны мелі сеё-тое і на стол. Калі ж яшчэ ў чым была патрэба, бралі ў сялян, плоцячы ім большыя грошы, чым таго цана вымагала. Але трэба былі імтолькі хлеб, віно ды начлег, бо яны ўважалі неасцярожным з прыходам восені аставацца на ноч у адкрытым моры; таму, баючыся буры ўначы, яны выцягвалі карабель на бераг.

13. Аднаму селяніну трэба была вяроўка, каб падняць угору камень, якім прыціскаюць патаптаны вінаград, бо старая вяроўка перацерлася, і ён употай прабраўся да мора, падышоў да карабля, якога ніхто не ахоўваў, адвязаў канат, панёс дадому і ўжыў на патрэбу. Назаўтра раніцаю метымнейскія дзецюкі пачалі шукаць канат, але ніхто ў крадзяжы не прызнаўся, і яны паплылі далей, палаяўшы трохі гаспадароў; адплыўшы на трыццаць стадый, яны прысталі ў тых мясцінах, дзе жылі Дафніс і Хлоя, бо раўніна выдалася ім прыдатнаю да лову зайцоў. Вяроўкі ў іх цяпер не было, каб ужыць яе як прычальны канат; яны скруцілі пярэвітку з доўгіх зялёных лазін і прывязалі ёю карму карабля да берага. Пасля гэтага, выпусціўшы сабак высочваць дзічыну, расставілі на найбольш прыдатных сцежках сеткі. Сабакі, разбегшыся з моцным гаўканнем, напалохалі коз, і тыя, пакінуўшы горныя схілы, прабеглі ладна-такі да мора; не знайшоўшы на марскім пяску нічога пагрызці, адважнейшыя з іх падышлі да карабля і згрызлі зялёную пярэвітку, якою быў прывязаны карабель.

14. А на моры ўзнялося лёгкае хваляванне, з гор падзьмуў вецер. Хваля, адплываючы, вельмі хутка падхапіла адвязаны карабель і панесла ў адкрытае мора. Як толькі заўважылі гэта метымнейцы, адны з іх пабеглі да мора, другія сабралі сабак; усе яны ўзнялі такі лямант, што, пачуўшы яго, збегліся ўсе людзі з наваколля. Але гэта ані не дапамагло, бо вецер падзьмуў з усяе моцы і карабель хутка і нястрымна адносіла плынню. Метымнейцы, страціўшы нямала дабра, шукалі, хто ж пасвіў коз; і, знайшоўшы Дафніса, пачалі яго біць і зрываць з яго адзетак. Адзін з іх, узяўшы сабачы павадок, загнуў Дафнісу рукі назад, каб яго звязаць. Але Дафніс крычаў, як яго білі, і маліў сялян аб паратунку, клічучы найперш Ламана і Дрыяса на дапамогу. І тыя, два дужыя дзяды з моцнымі ад сялянскай работы кулакамі, далі адпор і запатрабавалі справядліва разабрацца ў тым, што адбылося.

15. А таму, што на гэтым настойвалі і іншыя, то за суддзю прызначаюць Філета, валапаса: ён быў найстарэйшы з усіх тут і славіўся сярод вяскоўцаў надзвычайнаю справядлівасцю. Напачатку метымнейцы выклалі сваю скаргу, ясна і сцісла, бо за суддзю ж у іх быў валапас: «Мы прыехалі ў гэтыя мясціны папаляваць на зайцоў. Прывязаўшы карабель зялёнаю лазою, мы пакінулі яго на беразе, а самі пусцілі сабак шукаць дзічыну. Тым часам козы гэтага пастуха, прыйшоўшы да мора, зжыраюць лазу і адпускаюць карабель. Ты ж бачыў, як яго адносіла ў мора, і як ты думаеш, колькі на ім было дабра. Колькі адзення загінула, а колькі сабачай аздобы, а колькі грошай! Калі б хто меў гэтулькі, мог бы купіць тутэйшыя палі. У абмен за гэта мы настойваем забраць яго — паганага пастуха, які сваіх коз пасе каля мора, нібы марак».

16. Так выклалі метымнейцы сваю скаргу.

Пасля кухталёў Дафніс адчуваў сябе пагана, але як убачыў, што Хлоя тут, на ўсё забыўся і так сказаў: «Я сваіх коз пасу добра. Ніколі яшчэ ніводзін з вяскоўцаў не абвінаваціў мяне, што мая каза ў яго садзе ласавалася або вінаградны парастак паламала. А вось гэтыя — сапраўды паганыя лоўчыя, і сабакі іх кепска навучаныя: носячыся шалёна і злосна гаўкаючы, яны маіх коз з гор і пашаў да мора, як ваўкі, сагналі. А козы мае лазу ад'елі? Бо на пяску не было ні травы, ні сунічніку, ні чабору. А карабель знішчылі вецер і мора. Гэта — віна буры, а не коз. А там былі ўборы, грошы? Хто, маючы розум, дасць веры, што карабель з такім дабром быў прывязаны пярэвіткаю?»

17. Пры гэтым Дафніс заплакаў і моцна расчуліў сялян, так што Філет, суддзя, пакляўся Панам і німфамі, што Дафніс ані не вінаваты, гэтак жа як і яго козы, а вінаватыя мора і вецер, якія, аднак, падлягаюць іншым суддзям. Але не пераканаў Філет метымнейцаў гэтымі словамі, і яны, раззлаваўшыся, пацягнулі Дафніса, стараючыся яго звязаць.

Тут сяляне, узбунтаваўшыся, самі накінуліся на іх, як шпакі ці галкі; і хутка адбіваюць Дафніса, які і сам ужо біўся; яны лупяць палкамі метымнейцаў, і неўзабаве тыя кідаюцца ўцякаць. Яны не адставалі ад іх, аж пакуль не прагналі са сваіх на чужыя землі.

18. Пакуль тыя гналі метымнейцаў, Хлоя ціхенька адводзіць Дафніса да німфаў і асцярожна яму абмывае твар, што ўвесь быў заліты крывёю з расквашанага кухталём носа, і дае з'есці з пастухоўскай торбы лусту хлеба і кавалак сыру. Тады — што найбольш павінна было яго падмацаваць — яна абдорвае яго сваіх пяшчотных вуснаў падарункам — мядова-салодкім пацалункам.

19. Вось з якой бяды выбавіўся тады Дафніс. Але ўсё тым не скончылася, бо, калі метымнейцы з цяжкасцю дабраліся да сваіх — пешкі замест прыплысці на караблі, параненыя замест веселуноў, — яны склікалі грамадзян на сход і паклалі аліўную галінку, молячы абароны і просячы адплаты; яны не сказалі ні слова праўды, каб з іх не смяяліся з-за таго, якое ганьбы зазналі яны ад пастухоў, а мітыленцаў абвінавацілі, што тыя іх карабель забралі і іх дабро, як на полі бітвы, абрабавалі.

Метымнейцы, убачыўшы раны, далі ім веры і палічылі справядлівым папомсціцца за гэтых маладых людзей з сама знатных іх дамоў, і таму пастанавілі, не аб'яўляючы вайны, напасці на мітыленцаў; і загадалі свайму ваяводзе выправіць дзесяць караблёў, каб спустошыць іх узбярэжжа; блізка была зіма, і давяраць мору большы флот было ненадзейна.

20. Адразу ж на другі дзень ваявода з воінамі, якія заадно былі і веслярамі, выйшаў у адкрытае мора і напаў на прыбярэжныя палі мітыленцаў. І нарабаваў шмат жывёлы, збожжа, віна (бо якраз толькі што закончыўся збор вінаграду); а да таго і нямала людзей, што там працавалі. Падплыў ён і ў мясціны, дзе былі Хлоя і Дафніс; хутка высадзіўшыся, цягаў здабычу, якая там толькі траплялася.

Дафніс якраз не пасвіў коз, а ў лесе зразаў зялёныя галінкі, каб узімку карміць казлянят; убачыўшы згары напад, ён схаваўся ў дупле сухога бука; Хлоя ж была каля статкаў; ратуючыся ад пагоні, яна, шукаючы прытулку, бяжыць да німфаў, молячы імем багіняў пашкадаваць яе і тых, каго яна пасе. Але гэта было дарэмна; метымнейцы, удосталь паздзекаваўшыся са статуй, занялі статкі і пацягнулі яе, б'ючы, як казу ці авечку, лазіною.

21. Напоўніўшы караблі нарабаванаю рознаю здабычаю, яны пастанавілі далей не плыць, а вярнуцца дадому, баючыся зімы і ворагаў. І вось паплылі яны, цяжка налягаючы на вёслы, бо не было ветру; Дафніс жа, калі ўсё суцішылася, спусціўся ў даліну, дзе яны заўсёды пасвілі, і ні коз не ўбачыў, ні на авечак не натрапіў, ні Хлоі не знайшоў, а толькі поўнае разбурэнне ды кінутую сірынгу, якою звычайна Хлоя цешылася; з моцным крыкам і жаласным енкам пачаў ён бегаць то да бука, дзе яны звычайна сядзелі, то да мора, спадзеючыся яе ўбачыць, то да німфаў, да якіх яна бегла, калі за ёю гналіся. Там ён кінуўся на зямлю, вінавацячы німфаў, што здрадзілі ёй:

22. «У вас забралі Хлою, і вы маглі спакойна глядзець на гэта? Тую, якая вянкі вам пляла, першага малака ўзлівала, якая вам сірынгу ў дар ахвяравала? Ніводнай казы ў мяне воўк не сцягнуў, а ворагі ўсю чараду пагналі і тую, што пасвіла са мною. З коз яны шкуру здзіраюць, авечак у ахвяру прыносяць; Хлоя ж з гэтага часу будзе ў горадзе жыць. Як мне вярнуцца да бацькі і мацеры без коз, без Хлоі, чым мне тады заняцца? Мне ж няма ўжо чаго пасвіць. Тут хачу ляжаць і чакаць смерці або новага нападу. Ці ж і ты, Хлоя, гэтак тужыш? Ці ж успамінаеш гэтую раўніну, гэтых німфаў і мяне? А ці суцяшаюць цябе авечкі і козы, узятыя ў палон разам з табою?»

23. Пакуль ён бедаваў так, ад слёз і болю яго агарнуў глыбокі сон; і з'явіліся яму тры німфы, высокія і прыгожыя жанчыны, напаўадзетыя, босыя, з распушчанымі валасамі, якраз як на статуях. Напачатку, як яму здалося, яны спагадліва паглядзелі на Дафніса; пасля старэйшая з іх, падбадзёрваючы, кажа: «Не наракай на нас, Дафніс; мы больш, чым ты, рупімся пра Хлою. Мы зжаліліся над ёю, калі яна яшчэ дзіцём была, тут у пячоры ляжала, кармілі яе. Яна не мае нічога супольнага ні з гэтымі лугамі, ні Ламанавымі авечкамі. І цяпер мы пра яе паклапаціліся, так што не будзе яна адвезена ў Метымну на рабскую долю і не будзе яна часткаю ваеннай здабычы. Вось таго Пана, што пад хвойкаю стаіць, якога вы ніколі, ні разу вянком не ўшаноўвалі, мы ўпрасілі дапамагчы Хлоі; ён звык больш, чым мы, да ваенных паходаў і ўжо нямала паваяваў, пакідаючы гэтыя палі; і ён вырушыць, як люты вораг, на метымнейцаў. Не тужы ні па чым, а ўставай і пакажыся на вочы Ламану і Міртале; яны ж таксама ляжаць доле, думаючы, што і ты зрабіўся часткаю здабычы; Хлоя ж заўтра вернецца да цябе з козамі, з авечкамі, і будзеце вы разам пасвіць і разам іграць на сірынзе; а далей Эрас пра вас паклапоціцца».

24. Убачыўшы і пачуўшы гэта, Дафніс ускочыў са сну і, плачучы з радасці і з гора, укленчыў перад статуямі німфаў і паабяцаў, калі Хлоя ўратуецца, прынесці ў ахвяру найлепшую з коз. Пасля пабег пад хвойку, дзе стаяла статуя Пана, казланогага і рагатага, у адной руцэ ён трымаў сірынгу, другою рукою стрымліваў уздыбленага казла; упаў і перад Панам на калені, молячы яго за Хлою і абяцаючы ахвяраваць казла. І толькі на захадзе сонца ён ледзь прыпыніў свае слёзы і малітвы і, сабраўшы галінкі, што нарэзаў, вярнуўся дадому, разагнаўшы смутак Ламана і яго блізкіх, напоўніўшы іх радасцю, трохі падсілкаваўся і забыўся сном, хоць і ў сне плакаў, то жадаючы яшчэ раз убачыць у сне німфаў, то каб хутчэй настаў дзень, у які яму вярнуць Хлою было паабяцана. З усіх начэй гэтая падалася яму найдаўжэйшаю. А тае начы вось што здарылася.

25. Ваявода метымнейцаў, адплыўшы стадыяў з дзесятак, захацеў даць адпачыць сваім воінам, якія стаміліся ад нападу. І вось, дасягнуўшы мыса, што выступаў у мора, выгінаючыся паўмесяцам, за якім мора ўтварала бухту, зацішнейшую за ўсе іншыя, ваявода пакінуў караблі на якары ў адкрытым моры, каб з сушы ні на адзін з іх не маглі напасці сяляне, і дазволіў метымнейцам мірныя ўцехі. І тыя, нарабаваўшы ўсяго ўдосталь, пілі, забаўляліся, нібы святкавалі перамогу. Але толькі скончыўся дзень і весялосць з надыходам ночы сунялася, як раптам уся зямля нібы агнём занялася, і пачуліся шумныя ўсплёскі вёслаў, нібы падплываў вялікі флот, і адзін закрычаў: «Да зброі!», а другі клікаў ваяводу, трэцяму падалося, што ён паранены, і ляжаў там як забіты. Здавалася, што гэта начны бой, толькі ворагаў не было відаць.

26. Так прамінула для іх ноч, і надышоў дзень, яшчэ страшнейшы, чым ноч. Дафнісавы казлы і козы на рагах мелі плюшч з гронкамі ягад, а Хлоіны бараны і авечкі завылі, як ваўкі. Саму ж яе ўбачылі ў вянку з хваёвых галінак. І на моры самім дзеелася шмат незвычайнага. Калі яны паспрабавалі выцягнуць якары, тыя заселі ў глыбіні; калі метымнейцы браліся за вёслы, тыя ламаліся; дэльфіны, выскокваючы ўгару з мора, білі хвастамі караблі і расслаблялі іх змацаванні. Са стромай скалы на мысе быў чуваць голас сірынгі, але ён не цешыў, як звычайна голас дуды, а кожнага, хто слухаў, палохаў, як ваенная труба. Устрывожаныя, кінуліся яны па зброю і крычалі: «Ворагі», хоць іх не бачылі, так што малілі яны, каб хутчэй зноў ноч прыйшла, нібы з ёю будуць мець перамір'е. Кожны, хто разумна разважае, зразумеў, што гэтыя прывіды і гукі — ад Пана, які за нешта гневаецца на мараплаўцаў. Але яны не маглі разгадаць прычыны — яны ж не абрабавалі ніводнага Панавага свяцілішча, — пакуль апоўдні ваяводу не агарнуў, не без волі багоў, сон, і, з'явіўшыся яму ў сне, Пан вось што сказаў:

27. «О сама злачынныя і сама бязбожныя з людзей, як маглі вы, звар'яцелыя, адважыцца на гэта? Напоўнілі вайною ваколіцы, што любыя мне, пагналі статкі кароў, коз, авечак, што пад маёю апекаю, адарвалі ад алтароў дзяўчыну, з якое Эрас хоча стварыць міф кахання; і не пасаромеліся вы німфаў, што глядзелі на вас, ні Пана, мяне. Таму не ўбачыце вы Метымны, пакуль плывяце з такою здабычаю, і не ўцячы вам ад гэтай сірынгі, якая наганяе на вас жах; я патаплю вас, аддам на корм рыбам, калі вы як мага хутчэй не аддадзіце Хлою німфам і Хлоіны чароды, яе коз і авечак. Устань жа і высадзі дзяўчыну з усім тым, што я табе сказаў. І я сам цябе ў плаванні правяду, а ёй дарогу дадому пакажу».

28. Вельмі ўстрывожаны Брыаксіс (так звалі ваяводу) ускочыў з ложа і, склікаўшы начальнікаў караблёў, загадаў як мага хутчэй знайсці сярод палонных Хлою. Яны хутка яе знайшлі і яму на вочы прывялі: яна ж сядзела ў вянку з хваёвых галінак.

Убачыўшы яе якраз такой, як яна выглядала ў сне, ён сам адвозіць яе на сваім галоўным караблі да берага. І як толькі яна ступіла на зямлю, зноў са скалы пачуўся голас сірынгі, але ўжо не ваенны, не грозны, а пастухоўскі, нібы на пашу авечак гоняць. І авечкі зараз жа збеглі з караблёў па сходцах, не коўзаючыся на сваіх раздвоеных капытках, а яшчэ адважней збеглі козы, бо ім у звычку лазіць па скалах.

29. Яны сталі ў кола, акружыўшы Хлою, нібы хор, скакалі і бляялі, як быццам яны радаваліся; а козы, авечкі, каровы іншых пастухоў аставаліся на сваіх месцах усярэдзіне карабля, як бы голас сірынгі і не клікаў іх. Пакуль усе ў здзіўленні ўслаўлялі Пана, на сушы і на моры адбыліся яшчэ дзіўнейшыя праявы. Караблі раней, чым метымнейцы паднялі якары, паплылі, карабель жа ваяводы вёў дэльфін, які ўсё выскокваў з вады. А коз і авечак вёў найсаладзейшы голас сірынгі, але таго, хто іграў, нідзе не было відаць; так што авечкі і козы, ідучы ўперад, заадно пасвіліся, радуючыся песні.

30. Быў, бадай, час другой пашы, калі Дафніс з высокай вартоўні ўбачыў статкі і Хлою; моцна ўскрыкнуўшы: «О німфы і Пан!», пабег ён уніз на раўніну і абняў Хлою; і тут жа асунуўся, страціўшы прытомнасць. Ледзь ачуняў ён ад Хлоіных пацалункаў і абдымкаў, якімі яна яго сагравала, тады падышоў да знаёмага бука і, сеўшы пад ім, пачаў распытвацца ў Хлоі, як яна змагла ўцячы ад гэтулькіх ворагаў. Яна яму ўсё расказала: пра плюшч на козах, пра выццё авечак, пра хваёвыя галінкі, што паявіліся ў яе на галаве, пра агонь на сушы, шум на моры, пра дваякія галасы сірынгі — ваенны і мірны, пра жахлівую ноч і пра тое, як ёй музыка паказала дарогу, якое яна не ведала. Тут Дафніс зразумеў і сон, спасланы на яго німфамі, і Панаву дапамогу, і сам расказаў усё, што бачыў, усё, што чуў, і як яму німфы, калі ён ужо збіраўся памерці, жыццё ўратавалі. Пасля ён паслаў, каб яна прывяла Дрыяса, Ламана і іх сямейнікаў і прынесла ўсё, што трэба пры ахвяраванні; а тым часам злавіў найлепшую з коз, прыбраў яе вянком з плюшчу, так, як яны паўсталі перад вачыма ворагаў, узліў малака між яе рагоў і зарэзаў яе ў ахвяру німфам, пасля, падвесіўшы, абадраў і прысвяціў ім шкуру.

31. Як толькі прыйшла ўжо Хлоя са сваімі, ён распаліў агонь і, частку мяса зварыўшы, а другую — спёкшы, першыя кавалачкі прынёс у ахвяру німфам, узліў ім кубак маладога віна, а пасля, зрабіўшы з зялёнага лісця ложа, зазнаў слодычы ў пітве і гульнях, заадно паглядваючы на статкі, каб і воўк не напаў і не зрабіў таго, што меліся зрабіць ворагі. Спявалі ў гонар німфаў нямала песняў, складзеных даўнейшымі пастухамі.

Калі ж надышла ноч, яны ляглі спаць там жа, на полі, а на другі дзень згадалі Пана і, прыбраўшы вянкамі з хваёвых галінак важака казінай чарады, павялі яго да хвойкі; тут, узліўшы віна, уславіўшы бога, зарэзалі таго казла, падвесілі і знялі шкуру. Мяса, спёкшы і зварыўшы, яны паклалі непадалёк на лузе на лісці; шкуру ж разам з рагамі прымацавалі да хвойкі каля статуі — пастушыны дар пастушынаму богу. Яшчэ прынеслі яму ў ахвяру мяса і ўзлілі з большага кубка віна. Хлоя спявала, а Дафніс іграў на сірынзе.

32. Пасля яны ляглі і пачалі баляваць; выпадкова падышоў да іх валапас Філет, які якраз прынёс Пану некалькі вянкоў і вінаградных гронак яшчэ на лазе з лісцем. З ім ішоў яго найменшы сын Тытыр, хлопчык з залацістымі валасамі, сінявокі, беленькі і жвавенькі: ідучы, ён лёгка падскокваў, як казлянятка. Усе падняліся, дапамаглі прыбраць вянкамі Пана і павесілі гронкі на голле хвойкі; тады запрасілі Філета прылегчы побач з сабою для балявання.

І як гэта водзіцца ў старых людзей, калі яны трошкі падпілі, пачалі доўга расказваць адзін аднаму: як яны пасвілі, калі маладыя былі, як ім удавалася ўратавацца ад шмат якіх разбойніцкіх нападаў. Адзін хваліўся, што забіў ваўка, другі, што ігрою на сірынзе толькі Пану ўступае, — то быў Філет, які пахваляўся гэтым.

33. І вось Дафніс і Хлоя пачалі яго настойліва прасіць, каб ён і з імі падзяліўся сваім умельствам і пайграў на сірынзе на свяце бога, які і сам вяселіцца сірынгаю. Філет паабяцаў, хоць паскардзіўся на старасць, — не той ужо дых, і ўзяў Дафнісаву сірынгу. Але яна была замалою для яго вялікага майстэрства, бо зроблена была на вусны хлопчыка. Тады ён паслаў Тытыра па сваю сірынгу, бо яго падвор'е было адсюль толькі стадыяў за дзесяць. І вось хлопчык, скінуўшы плашч, голы пусціўся бегчы, як алянятка; а Ламан паабяцаў ім расказаць пра сірынгу паданне, якое прапяяў яму адзін сіцылійскі казапас, атрымаўшы ва ўзнагароду казла і сірынгу.

34. «Сірынга, гэтая дудка, колісь не дудкаю была, а дзяўчынаю, прыгожаю, з пяшчотным голасам. Яна пасвіла коз, гуляла з німфамі, а пяяла, як і цяпер. Калі яна так пасвіла, гуляла, пяяла, падышоў Пан і пачаў яе схіляць на тое, чаго яму хацелася, і абяцаць ёй за гэта, што ўсе яе козы будуць прыводзіць двайнятак. Яна пасмяялася з яго кахання і сказала, што не хоча такога каханка, які не казёл і не цалкам мужчына.

Пан кінуўся ў пагоню за ёю, каб узяць яе сілаю. Сірынга ўцякла ад Пана і яго гвалту; уцякаючы, яна, зняможаная, хаваецца ў чароце, знікае ў балоце. Пан у злосці вырэзвае чарот, але дзяўчыны не знаходзіць і, зразумеўшы бяду, гэтую дудку вынаходзіць, злучае воскам няроўныя трубкі, бо ў іх каханне было няроўнае; і былая прыгожая дзяўчына цяпер пяшчотная сірынга».

35. Толькі што скончыў Ламан сваё апавяданне і Філет пахваліў, што расказаная казка саладзейшая за песню, як ужо стаіць зноў Тытыр, падаючы бацьку сірынгу, вялікую, з доўгімі трубкамі; і там, дзе яны звычайна змацоўваюцца воскам, яна аздоблена меддзю. Можна было б падумаць, што гэта была тая сірынга, якую Пан першую зрабіў. Філет падняўся, сеў на сядзенні прама і напачатку праверыў трубкі, ці праходзіць паветра; а пасля, пераканаўшыся, што нічога не замінае подыху, ён моцна, па-маладому падзьмуў. Можна было падумаць, што чуваць некалькі дудак разам, такая магутная была яго ігра. Патрошку зменшваючы сілу, ён перайшоў да больш пяшчотных напеваў, а каб паказаць усё майстэрства добрай пастухоўскай музыкі, ён зайграў, як належыць для статка кароў, як трэба для коз і якія напевы любяць авечкі. Пяшчотна для авечак, моцна для кароў, высока для коз.

Цалкам усе сірынгі гэтыя адна (сірынга) пераймала.

36. Усе ляжалі ў маўклівай насалодзе, Дрыяс жа ўстаў і папрасіў, каб яму сыгралі Дыянісаў напеў, і пачаў танцаваць танец вінаградараў. Ён то паказваў таго, хто збірае вінаград, то таго, хто нясе поўныя кашы, пасля таго, хто топча гронкі, потым таго, хто напаўняе бочкі, далей таго, хто п'е сусла. Усё вытанцоўваў Дрыяс так зграбна і выразна, што, здавалася, відаць былі і вінаградныя лозы, і націсі, і бочкі, і што Дрыяс сапраўды піў.

37. Гэты трэці стары, заслужыўшы пахвалу за танец, цалуе Хлою і Дафніса. Тыя, хутка ўсхапіўшыся, станцавалі Ламанаву казку. Дафніс паказваў Пана, Хлоя — Сірынгу. Ён умольваў яе, пераконваючы, яна безуважна пасміхалася. Ён пагнаўся за ёю і бег пры гэтым на кончыках пальцаў, удаючы капыты, яна ж паказвала зняможаную пагоняй. Пасля Хлоя ў лесе, нібы ў балоце, хаваецца; Дафніс жа, узяўшы Філетаву вялікую сірынгу, зайграў сумную песню, як закаханы, пасля пяшчотную, нібы ўгаворваючы, потым прываблівую, нібы шукаючы яе, так што Філет, ускочыўшы, пацалаваў яго, і падараваў яму пасля пацалунка сваю сірынгу, і пажадаў, каб і Дафніс пакінуў яе некалі такому ж годнаму пераемніку.

38. Дафніс жа прынёс у дар Пану сваю ўласную малую сірынгу і, пацалаваўшы Хлою, як бы ён сапраўды пасля ўцёкаў знайшоў яе, пагнаў статак, іграючы на новай сірынзе.

Ужо надыходзіла ноч, і Хлоя пагнала сваю чараду, збіраючы яе напевам сірынгі; і козы беглі побач з авечкамі, і Дафніс ішоў поруч з Хлояю, так што да самай ночы яны цешыліся адно адным і ўмовіліся назаўтра яшчэ раней выгнаць статкі; так і зрабілі. Толькі што бралася на дзень, а яны прыйшлі ўжо на пашу. Напачатку звярнуліся з прывітаннем да німфаў, пасля — да Пана, а потым, усеўшыся пад дубам, ігралі на сірынзе, далей цалаваліся, абдымаліся і ляжалі адно каля аднаго; і, нічога не зрабіўшы больш, падняліся. Не забыліся і паесці, выпілі і віна, змяшаўшы яго з малаком.

39. Ад усяго гэтага яшчэ больш разгарачыўшыся і паадважнеўшы, яны паспрачаліся адно з адным, хто з іх мацней любіць, і памаленьку дайшлі да клятваў у вернасці. Дафніс Панам пакляўся, падышоўшы да яго хвойкі, што ён не будзе жыць адзін, без Хлоі, ні адзінага дня; а Хлоя паклялася Дафнісу німфамі, увайшоўшы ў іх пячору, што хоча з Дафнісам жыць і памерці. Дзявочая прастадушнасць Хлоі даходзіла да таго, што, выйшаўшы з пячоры, яна вымагала ад яго і другой клятвы. «Дафніс! — казала яна. — Пан — гэта бог, які часта ўлюбляецца і часта здраждвае; кахаў ён Пітыс, кахаў Сірынгу; ніколі не ўпусціць ён, каб не зачапіць дрыяд, не дае праходу німфам, заступніцам жывёлы. Ён безуважна ставіцца да клятваў і цябе не пакарае, хоць бы ты пакахаў больш жанчын, чым мае чароцін твая сірынга; ты ж пакляніся гэтым статкам і тою казою, што цябе ўзгадавала, не пакінуць Хлоі, пакуль яна табе будзе верная; калі ж яна саграшыць супроць цябе і супроць німфаў, уцякай ад яе, ненавідзь і забі яе, як ваўка».

Дафніс узрадаваўся яе недаверу і, стаўшы сярод чарады коз і ўзяўшы адною рукою казу, другою — казла, пакляўся Хлоі любіць яе датуль, пакуль яна яго любіць будзе; калі ж яна каго іншага замест Дафніса выбера, тады ён не яе — сябе заб'е.

Яна ўзрадавалася і паверыла яму, як дзяўчына і як пастушка, што лічыць коз і авечак уласнымі багамі аўчароў і казапасаў.



Кніга трэцяя

1. Калі мітыленцы дачуліся пра напад дзесяці караблёў, а людзі, што прыйшлі з вёсак, расказалі ім пра разбой, яны, палічыўшы, што такога ад метымнейцаў нельга стрываць, пастанавілі як найхутчэй узяцца за зброю; адабраўшы тры тысячы шчытаносцаў і пяцьсот коннікаў, яны паслалі свайго ваяводу Гіпаса па сушы, баючыся мора ў зімовую пару.

2. Ён вырушыў у паход, але ані не дратаваў метымнейскіх палёў, не рабаваў ні статкаў, ні набытку сялян і пастухоў, бо ўважаў, што так рабіць больш падыходзіць разбойніку, чым ваяводзе; шпарка павёў ён войска на сам горад, каб напасці на брамы, пакуль яны без аховы.

І калі ён быў яшчэ стадыяў за сто да горада, яго перастрэў пасланец, просячы аб замірэнні. Бо калі метымнейцы вызналі ў палонных, што мітыленцы ані не ведалі, з-за чаго ўсё ўсчалося, і што сяляне і пастухі проста асадзілі нахрапістых дзецюкоў, то тады ў Метымне людзе раскаяліся, бо рашыліся выступіць супроць суседняга горада больш з асляплення, чым з розуму; а таму яны спяшаліся аддаць усё нарабаванае, каб спакойна зноў сустракацца і на зямлі, і на моры.

Гэтага пасланца Гіпас, хоць і быў выбраны паўнамоцным ваяводаю, паслаў да мітыленцаў, а сам за стадыяў дзесяць да Метымны стаў лагерам і чакаў загадаў са свайго горада. Мінула два дні, прыйшоў ганец з наказам прыняць назад нарабаванае і, не чынячы шкоды, вярнуцца дадому; маючы на выбар вайну і мір, яны прызналі больш карысным мір.

3. І вось вайна між метымнейцамі і мітыленцамі як неспадзявана пачалася, так і закончылася.

Надышла зіма, і была яна для Дафніса і Хлоі больш гаротлівая, чым вайна; бо раптоўна выпаў глыбокі снег, усе дарогі адцяў, а ўсіх сялян у хаты загнаў. Бурна спадалі з гор патокі і скоўваліся ў даліне лёдам; дрэвы, пацяжэўшы, паніклі; уся зямля схавалася пад снегам, выступаючы дзе-небудзь ля крыніц і рэчак. Ніхто не гнаў статка на пашу, ні сам не выходзіў за дзверы, а як запявалі пеўні, раскладалі вялікі агонь, і адны пачыналі прасці лён, другія — круціць казіную воўну, трэція — рабіць сілы на птушак. Тады ўжо была турбота быдлу ў яслі мякіны падкінуць, козам і авечкам у стойлы — галінак з лісцем, свінням у свінушнікі — жалудоў ды букавых арэшкаў.

4. Пры гэтым вымушаным сядзенні ў хаце ўсе іншыя земляробы і пастухі былі рады, што хоць на кароткі час ім не трэба нічога рабіць і яны могуць спакойна паснедаць і доўга паспаць; так што зіма ім здавалася мілейшаю, чым лета і восень і нават чым вясна. А Хлоя і Дафніс, успамінаючы мінулыя ўцехі: як яны цалаваліся, як абдымаліся, як разам спажывалі сваю яду — сумавалі і не спалі начамі і чакалі вясновай пары як новага нараджэння пасля смерці. Іх сум агортваў, калі ім траплялася ў рукі пастухова торба, з якой яны елі, або калі яны бачылі даёнку, з якой яны разам пілі, або нядбала кінутую сірынгу, якая была дарункам кахання.

Таму яны малілі німфаў і Пана збавіць іх ад гэтых пакут і нарэшце зноў паказаць ім і іх статкам сонца; молячыся, яны шукалі рады, як ім адно з адным убачыцца. Хлоя ж зусім нічога не магла тут ні зрабіць, ні прыдумаць: з ёю ўвесь час была яе названая маці, вучыла яе часаць воўну, круціць верацёны ды ўсё нагадвала пра вяселле; а Дафніс быў вольны і больш здатны на выдумкі, чым дзяўчына, таму і знайшоў спосаб, як убачыць Хлою.

5. Перад Дрыясавай хатаю, пры ўваходзе на панадворак, раслі два вялікія мірты і плюшч. Мірты стаялі побач, а пасярод іх — плюшч, так што ён раскідваў, як вінаградная лаза, свае парасткі на абодва бакі і сваім пераплеценым лісцем нібы ўтвараў пячору; і шмат буйных ягад, як вінаградныя гронкі, звісала з галінак. Там збіралася шмат зімовага птаства, якому не ставала ў полі спажывы: шмат чорных і шэрых драздоў, туркавак, шпакоў і розных іншых птушак, ласых на плюшчовыя ягады. Удаючы, што збіраецца паляваць на гэтых птушак, і падаўся з хаты Дафніс, напоўніўшы сваю пастуховую торбу мядовымі коржыкамі, а каб больш далі веры, узяў з сабою птушыны клей, сілкі. Дарогі было ад сілы стадыяў дзесяць; але снег яшчэ не растаў і шмат даў яму клопату; але для кахання сапраўды ўсё не бяда — ні агонь, ні вада, ні нават скіфскі снег.

6. Дабегшы пад Дрыясаву хату і абтросшы ногі ад снегу, ён расставіў сілкі і намазаў доўгія галінкі клеем: тады прысеў, чакаючы птушак і Хлою. Птушкі зляцеліся вялікімі чародамі, і шмат іх злавілася, так што нямала яму было работы, іх збіраючы, забіваючы і аскубаючы пер'е. Але з жылля ніхто не выходзіў, ні гаспадар, ні жонка, ні свойская птушка — усе аставаліся пры агні ўсярэдзіне замкнуўшыся; так што Дафніс зусім разгубіўся, быццам злавесныя птушкі яго сюды прывялі; і надумаўся ён прывесці якую прычапку, каб адчыніць дзверы, і пачаў перабіраць, што ж такое сказаць, каб больш верагодным здалося. «Я прыйшоў агню ўзяць». — «А хіба няма суседзяў за стадый ад цябе?» — «Я прыйшоў хлеба пазычыць». — «Але ж у цябе торба поўная яды». — «Мне трэба віна». — «Але толькі ўчора ці заўчора збіраў вінаград». — «За мною гнаўся воўк». — «А дзе ж воўчыя сляды?» — «Прыйшоў я птушак палавіць». — «Чаго ж дадому не ідзеш, калі нешта ўпаляваў». — «Я хачу Хлою ўбачыць». — «Але ж хто прызнаецца ў гэтым бацьку і мацеры дзяўчыны?» Усюды непярэліўкі. Што ні сказаў бы, выдавала б падазроным. Лепш я памаўчу. Хлою я зноў увесну ўбачу, бо, як мне здаецца, не суджана ўбачыць яе ўзімку».

Так паразважаўшы, сабраў ён паціху сваю здабычу і хацеў ужо ісці; але злітаваўся над ім Эрас, і вось што адбылося.

7. Дрыясава сям'я сядзела за сталом; мяса было падзелена, хлеб пададзены, віно разбаўлена ў кратэры. Адзін з аўчароў, улучыўшы хвіліну, калі яго ніхто не бачыў, ухапіў кавалак мяса і ўцёк з ім праз дзверы. Разгневаны Дрыяс (а гэта была якраз яго доля) схапіў кія і сам, як сабака, пагнаўся ўслед. Гонячыся за ім, ён апынуўся каля плюшча і ўбачыў Дафніса, які, узваліўшы сваю здабычу на плечы, якраз збіраўся ўцячы. Тут жа забыўшыся пра мяса і пра сабаку, стары голасна ўсклікнуў: «Здароў, сынок!», абняў, пацалаваў яго і, узяўшы за руку, павёў у хату.

Убачыўшы адно аднаго, Дафніс і Хлоя ледзь не асунуліся долу; але авалодалі сабою і ўтрымаліся на нагах, прывіталіся, пацалаваліся; і ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлі, каб не ўпасці.

8. Атрымаўшы насуперак спадзяванню і пацалунак, і спатканне з Хлояю, Дафніс падсеў бліжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак і драздоў і расказаў, як ён, калі яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне і як ён налавіў птушак — адных сілкамі, другіх клеем, калі яны ласаваліся ягадамі міртаў і плюшча. Усе пахвалілі яго руплівасць і запрасілі адведаць з таго, што не паспеў ухапіць сабака. А Хлоі сказалі наліць віна. І яна радасна падала ўсім, а Дафнісу пасля ўсіх; яна ўдавала, што гневаецца на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубіла, перш чым яму паднесці, і толькі ўжо тады падала. А ён, хоць яго і даймала смага, піў паволі, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.

9. Хутка стол апусцеў ад хлеба і мяса. Але яны аставаліся яшчэ сядзець, распытваючы пра Мірталу і Ламана, называлі іх шчаслівымі, бо доля паслала ім такую падпору на старасць. І ён быў рад пахвалам, іх жа чула Хлоя; калі ж яго папрасілі астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесці ахвяру Дыянісу, ён з радасці ледзь не схіліўся ў паклоне перад імі замест Дыяніса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў і злоўленых птушак, якіх і прыгатавалі на вячэру. Другі раз паставілі кратэр з віном і другі раз агонь распалілі. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалі розныя паданні, спявалі песні, пакуль нарэшце не разышліся спаць — Хлоя са сваёю маці, Дрыяс з Дафнісам. Хлоя не мела іншае радасці, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафніса, а Дафніс радаваўся сціплай уцесе: уважаў за радасць тое, што ляжаў з Хлоіным бацькам; так што ён абдымаў таго і не раз цалаваў, мроячы ў дрымоце, што робіць усё гэта з Хлояй.

10. Надышоў дзень — мароз быў страшэнны, паўночны вецер усё ледзяніў. Яны ўсталі, прынеслі ў ахвяру Дыянісу гадавалага барана, развялі вялікі агонь і падрыхтавалі яду. Пакуль Напэ хлеб пякла, а Дрыяс смажыў барана, Дафніс і Хлоя, улучыўшы вольную часіну, выбеглі з хаты туды, дзе рос плюшч: зноў паставіўшы сілкі і намазаўшы галінкі птушыным клеем, налавілі нямала птушак. А заадно тут была асалода пацалункаў і радасная гаворка. «Дзеля цябе прыйшоў я, Хлоя». — «Ведаю, Дафніс». — «Дзеля цябе пазбаўляю жыцця гэтых няшчасных драздоў». — «Што ж я павінна зрабіць для цябе?» — «Помні пра мяне». — «Помню, клянуся німфамі, якімі некалі паклялася ў той пячоры, куды мы зноў пойдзем, як толькі растане снег». — «Але ж так шмат снегу, Хлоя, баюся, што я сам раней растану». — «Мацуйся, Дафніс, сонца ўжо грэе». — «О Хлоя, каб жа яно было такое гарачае, як агонь, што паліць мне сэрца». — «Жартуеш, дурыш мяне». — «Не, клянуся тымі козамі, якімі ты мне загадала клясціся».

11. Калі Хлоя Дафнісу так адклікалася, як Эхо, Напэ з дамашнімі паклікала іх, і яны прыбеглі, несучы яшчэ багацейшую за ўчарашнюю здабычу; тады ўзлілі яны Дыянісу першыя кроплі з кратэра і пачалі банкетаваць, усклаўшы на галаву вянкі з плюшчу. А калі надышоў час і адгучалі іх усклікі «Іакх!» і «Эвоэ!», яны правялі Дафніса, папоўніўшы мясам і хлебам яго пастухову торбу. Далі і туркавак і драздоў аднесці Ламану і Міртале, бо сабе ж яны могуць яшчэ налавіць, пакуль трывае зіма і не скончыліся ягады на плюшчы. І ён пайшоў, пацалаваўшы ўсіх іншых раней за Хлою, каб яе пацалунак чыстым астаўся на яго губах.

І ён не раз яшчэ хадзіў гэтаю дарогаю пад рознымі прычапкамі, так што не ўся зіма прамінула для іх без кахання.

12. А ўжо калі надышла вясна, сышоў снег, выступіла зямля, адскочыла трава, пастухі пагналі статкі на пашы, а раней за ўсіх Хлоя і Дафніс, бо служылі яны вышэйшаму пастуху. Тут жа пабеглі яны да німфаў у пячору, адтуль да Пана пад хвойку і нарэшце да дуба, пад якім яны і ўселіся, статкі пасвілі і адно аднаго цалавалі. Пачалі яны шукаць кветак, каб прыбраць вянкамі статуі багоў; а тых толькі што выманілі з зямлі зефір, песцячы, ды сонца, грэючы; але ўсё ж знайшлі фіялкі, нарцысы, кураслеп і ўсіх іншых узгадаванцаў вясны. Хлоя і Дафніс надаілі з-пад некалькіх коз і авечак свежага малака, зрабілі ўзліванне, пасля чаго ўпрыгожылі вянкамі статуі багоў. І на сірынзе яны пачалі зноў іграць, як бы хацелі з салаўямі ў спевах паспрачацца; і тыя адклікаліся з гушчарніку і пакрысе ўдасканальвалі свае жальбы пра Ітыса, нібы прыпаміналі сваю песню пасля доўгага маўчання.

13. Тут і там бляялі авечкі, тут і там падскоквалі ягняты і, залазячы пад маткі, ссалі вымя; за някотнымі авечкамі ганяліся бараны і, уздымаючыся на заднія ногі, пакрывалі іх — адзін адну, другі другую. Гэтак жа ганяліся казлы за козамі, скакалі ў нясцерпе вакол іх і змагаліся за коз; кожны меў сваіх і ахоўваў іх, каб ніякі іншы крадком не ўжыў з яго права.

Нават старых такое відовішча пацягнула б да любоўных уцех, а Дафніс і Хлоя — маладыя, поўныя здароўя і сіл, і ўжо доўгі час прагнулі кахання; палымнелі яны, чуючы ўсё гэта, знемагалі, бачачы ўсё гэта, і самі шукалі чагосьці большага, чым пацалункі ды абдымкі, а найбольш Дафніс. Бо, вядома, прасядзеўшы зіму ў хаце, нічога не робячы, ён узмужнеў, і рваўся да пацалункаў, і ўспыхваў ад абдымкаў, і ва ўсім зрабіўся больш гарачым і адважным.

14. Вось і пачаў ён прасіць Хлою, каб дазволіла яму ўсё, чаго ён хоча; голая з голым ім паляжала даўжэй, чым яны дагэтуль рабілі; бо толькі гэта ўпушчана з Філетавых павучанняў, так што гэта якраз тыя адзіныя лекі, што іх каханне суцішаюць.

Калі ж яна спыталася, што яшчэ ёсць больш, чым цалаванне, абдыманне і само ляжанне, і што ён будзе рабіць, калі будзе голы пры ёй голай ляжаць, ён сказаў: «Тое самае, што бараны робяць з авечкамі, а казлы з козамі. Хіба ты не бачыш, што пасля гэтага авечкі ад бараноў не ўцякаюць, а тыя не ганяюцца за імі да стомы, а, ужыўшы супольнай асалоды, разам пасуцца; салодкая, як відаць, гэтая работа, і яна адольвае горыч кахання». — «Але хіба не бачыш ты, Дафніс, што козы і казлы, а бараны і авечкі робяць гэта стоячы, як козы і авечкі таксама стоячы іх прымаюць, тыя ж на іх скачуць, яны ж носяць іх на спіне? А ты хочаш, каб я з табою ляжала ды яшчэ і голая? Да таго ж наколькі шчыльней шэрсць іх пакрывае, чым мяне мая вопратка». Паслухаўся Дафніс, лёг пры ёй і ляжаў так доўгі час, але, не ўмеючы зрабіць тое, да чаго ён палка імкнуўся, падняў яе і, абняўшы ззаду, прыціснуўся да яе, пераймаючы казлоў. Але яшчэ больш збянтэжаны прысеў і заплакаў з таго, што ў каханні ён яшчэ менш разбіраецца, чым бараны.

15. Меў ён суседа, што абрабляў уласную зямлю, на імя Хроміс, лепшыя гады якога ўжо адышлі. Той узяў сабе жонку з горада, маладую, у самым росквіце, куды больш прывабную за вясковых; Лікэніён было ёй імя. Бачачы, як штодня Дафніс праганяў сваіх коз на пашу, а пад ноч з пашы, Лікэніён захацелася, прынадзіўшы яго падарункамі, зрабіць сваім каханкам. І вось неяк, падпільнаваўшы яго аднаго, яна падарыла яму сірынгу, мёду ў сотах і пастухову торбу з аленевай шкуры. Але прызнацца яму пабаялася, бо заўважыла яго каханне да Хлоі: добра ж бачыла, як ён хінецца да дзяўчыны. Спачатку яна здагадалася з іх кіўкоў галавою і з усмешак, а неяк аднаго ранку, сказаўшы Хромісу, што нібыта ідзе адведаць парадзіху суседку, пайшла за імі назіркам, схавалася ў гушчарніку, каб яе не ўбачылі, і ўчула ўсё, што яны казалі, і пабачыла ўсё, што яны рабілі; не прайшло паўз яе і што плакаў Дафніс. Спачуваючы няшчасным і рашыўшы, што гэта двойчы зручны момант — іх ад мук уратаваць, а заадно і сваю пажадлівасць утаймаваць — прыдумала яна такую хітрасць.

16. На другі дзень, нібыта яна зноў выпраўляецца адведаць тую парадзіху, адкрыта ідзе да дуба, дзе сядзелі Дафніс і Хлоя, і, спрытна ўдаючы перапалоханую, кажа: «Уратуй мяне, Дафніс, няшчасную, бо з маіх дваццаці гусей арол украў найлепшага гусака, але ноша яго была надта цяжкая, не змог ён занесці на звычайнае месца — на высокую скалу, а мусіў апусціцца там, у нізкім ляску. Дык хадзі — заклінаю німфамі і тым Панам! — са мною ў лес (адна я ж баюся), выратуй мне гусака, не дапусці ўбытку ў чарадзе. Можа, і самога арла зможаш забіць, і ён не будзе ўжо без канца цягаць у вас ягнят і казлянят. А тым часам статак паглядзіць Хлоя; козы ж добра ведаюць яе, яна ж заўсёды з табою пасе іх».

17. Зусім не здагадваючыся, што яго чакае, Дафніс адразу ж падняўся, узяў пастуховы кій і пайшоў за Лікэніён. Яна ж вяла яго як мага далей ад Хлоі; і, калі яны апынуліся ў найбольшым гушчары, яна сказала яму прысесці паблізу ручаіны і прамовіла: «Ты, Дафніс, кахаеш Хлою; гэта я ўведала ўночы ад німфаў. У сне яны расказалі мне і пра твае ўчарашнія слёзы і загадалі дапамагчы табе і навучыць цябе, што трэба рабіць. Але ж гэта не пацалункі, не абдымкі і не тое, што робяць бараны і казлы; іншыя гэта скачкі і нашмат саладзейшыя, чым у іх, і даўжэйшы час трывае асалода. Дык калі хочаш пазбавіцца свае бяды і зазнаць тыя ўцехі, якіх ты шукаеш, то хадзі, аддайся мне, будзь мілым вучнем; я ж, каб дагадзіць тым німфам, навучу цябе гэтаму».

18. Дафніс не мог утрымацца ад радасці, праставаты казапас, да таго ж закаханы і малады, упаў ён да ног Лікэніён, молячы як мага хутчэй навучыць яго ўмельству зрабіць з Хлояю тое, што ён так хоча; і як бы яна мела навучыць яго нечаму вялікаму і сапраўды ад бога спасланаму, ён абяцае ёй маладзенькае казляня, далікатнага сыру з аднае смятанкі і нават казу. Знайшоўшы ў ім такую пастушыную шчодрасць, якой яна ані не чакала, Лікэніён пачала навучаць такім спосабам: яна сказала, каб падсеў бліжэй да яе і цалаваў яе так часта і палка, як ён гэта звычайна робіць, і, цалуючы, заадно абняў яе і лёг долу. Калі ж ён прысеў, пацалаваў, прылёг да яе і яна адчула, што ён поўны сілы для работы і гарыць жаданнем, яна прыпадняла яго, бо ён ляжаў на баку, спрытна падставілася пад яго і навяла яго на дарогу, якую ён так доўга расшукваў; а там не спатрэбілася мудраваць, сама прырода навучыла, што рабіць далей.

19. Як толькі Дафніс закончыў навуку кахання, ён, усё яшчэ па-пастухоўску прастадушны, хацеў бегчы да Хлоі, каб тут жа зрабіць з ёю тое, чаму навучыўся, як быццам баяўся забыцца, калі прамарудзіць; але Лікэніён, затрымаўшы яго, сказала так: «Яшчэ вось што павінен ты давучыць, Дафніс. Я ж жанчына і ніякага болю цяпер не адчувала, бо даўно ўжо навучыў мяне гэтаму іншы мужчына, узяўшы ва ўзнагароду маё дзявоцтва. Хлоя ж, змагаючыся з табою ў гэтай сутычцы, будзе крычаць і плакаць і будзе ляжаць у крыві, нібы забітая. Але ты не бойся крыві, а, угаварыўшы яе аддацца табе, прывядзі яе на гэтае месца, дзе, калі яна і закрычыць, ніхто не пачуе і дзе, калі яна і заплача, ніхто не ўбачыць, а калі давядзецца ёй у кроў абрабіцца, то зможа ў гэтай ручаіне памыцца. І помні, што я раней за Хлою мужчынам цябе зрабіла».

20. Пасля такіх павучанняў Лікэніён падалася ў другі бок лесу, нібы ўсё яшчэ шукаючы гусака; а Дафніс, абдумваючы яе словы, стрымаў сваё першае парыванне, баючыся вымагаць ад Хлоі нечага большага, чым пацалункі ды абдымкі, бо ён не хацеў, каб яна ад яго крычала, нібы ад ворага, плакала ад болю і сплывала крывёю, нібы яе забіваюць. Толькі ледзь падвучыўшыся, ён баяўся крыві і думаў, што толькі з раны кроў можа ліцца. І рашыўшы з ёю цешыцца звычайным спосабам, Дафніс выйшаў з лесу; прыйшоўшы туды, дзе сядзела Хлоя, плетучы з фіялак вянок, ён схлусіў ёй, што вырваў гусака з арліных кіпцюроў, і, абняўшы яе, пачаў цалаваць, як ён, цешачыся, рабіў з Лікэніён, бо гэта ж была дазволеная і бяспечная ўцеха. А яна надзела яму вянок на галаву і цалавала яго валасы, якія здаліся ёй прыгажэйшымі за фіялкі. І дастаўшы са свае пастуховай торбы пляйстар сушанай садавіны і некалькі скібак хлеба, дала яму падсілкавацца; і калі ён еў, яна выхоплівала ў яго з рота кавалачкі і глытала, як маленькае птушаня.

21. Калі яны так елі, а яшчэ больш цалаваліся, чым елі, то ўбачылі рыбацкі човен, што праплываў паўз іх. Ветру не было, мора было спакойнае, і даводзілася веславаць. І рыбакі з усіх сіл працавалі вёсламі, бо спяшаліся прывезці ў горад аднаму багацею толькі што злоўленую рыбу. І як гэта заўсёды робяць маракі, каб забыць пра стому, так рабілі, вяслуючы, тыя. Адзін з іх, задаючы тэмп, запяваў марскія песні, а рэшта, як хор, усе разам і ў лад падхоплівала іх.

Пакуль яны так рабілі ў адкрытым моры, песня замірала, бо тоны яе губляліся ў далёкай прасторы; але калі яны, аб'ехаўшы мыс, увайшлі ў глыбокую выгнутую паўмесяцам бухту, іх усклікі чуліся мацней і бадзёрая песня выразней далятала да берага. Бо глыбокая цясніна прылягала да раўніны і, нібы поласць флейты, прымаючы ў сябе гук, на кожны голас адгукалася рэхам — выразна чуліся і плёскат вёслаў, і галасы весляроў. Люба слухаць было гэта. Бо спярша далятаў гук з мора, і доўга, пасля таго, як ён заміраў, гучаў толькі водгалас з сушы, спыняючыся нагэтулькі пазней, наколькі ён і пазней пачынаўся.

22. Дафніс, ведаючы ўсё гэта, сачыў толькі за морам і любаваўся, гледзячы, як карабель хутчэй за птушку пралятае паўз раўніну, і стараўся нешта запомніць з песень, каб сыграць пасля на сірынзе. А Хлоя, якая тады ўпершыню пачула тое, што рэхам завецца, то глядзела на мора, дзе маракі ў такт вёслам спявалі, то, павярнуўшыся да лесу, шукала, хто ж ім адгукаецца. І калі тыя праплылі паўз яе і ў цясніне запанавала ціша, яна спыталася ў Дафніса, ці ёсць за мысам яшчэ мора, і ці праплыў там другі карабель, і ці не спявалі другія маракі тую самую песню і ўсе ў адзін час замоўклі. Усміхнуўся пяшчотна Дафніс, яшчэ пяшчотней пацалаваў Хлою і, усклаўшы на яе вянок з фіялак, пачаў расказваць ёй легенду пра Эхо, наперад выпрасіўшы ў яе яшчэ дзесяць пацалункаў у плату за аповяд.

23. «Род німфаў, мая любая, вялікі: мэліі, дрыяды, гэлеі, усе красуні, усе пявунні. Адна з іх мела дачку Эхо, смертную, бо ад смертнага бацькі, прыгожую, бо ад прыгожае маткі. Німфы яе ўзгадавалі, музы яе на сірынзе, на дудцы іграць навучылі, пад ліру, пад кіфару ўсялякія песні спяваць, так што, увабраўшыся ў дзявочую красу, з німфамі яна танцавала, з музамі спявала. Але ад усіх мужчын уцякала — і людзей, і багоў, любячы сваё дзявоцтва. Зазлаваў на дзяўчыну Пан, зайздросцячы яе спевам, намарна прагнучы яе красы, спаслаў вар'яцтва на пастухоў авечак і коз. І гэтыя, як сабакі ці ваўкі, разрываюць і па ўсёй зямлі раскідаюць яе часткі, якія яшчэ ўсё спяваюць. Зямля з ласкі да німфаў пахавала ўсе гэтыя часткі. А ўмельства гучання зберагла і з волі муз падае голас і ўсё пераймае, як некалі дзяўчына: багоў, людзей, музычныя інструменты, звяроў; нават ігру на сірынзе самога Пана пераймае. А ён, пачуўшы гэта, ускоквае і ганяецца па гарах, не так хочучы злавіць, як даведацца, хто ж гэта за таямнічы вучань».

Калі Дафніс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безліч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за ім паўтарала Эхо, нібы сведчачы, што ён ані не салгаў.

24. З кожным днём сонца больш прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, і зноў прыйшлі да іх новыя летнія радасці. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаінах; ён іграў на сірынзе наўзахапкі з пошумам хвойкі, яна ж спявала навыперадкі з салаўямі.Яны ганяліся за стракатлівымі цвыркунамі, лавілі звонкіх цыкад, збіралі кветкі, абтрасалі дрэвы, елі плады. Урэшце клаліся разам голыя, накрыўшыся адною казлінаю шкураю. І Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калі б Дафніса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страціць калі-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоі раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзівіла, але яна саромелася спытацца чаму.

25. У гэтае лета да Хлоі заляцалася шмат хлопцаў, і з розных месцаў прыходзіла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносілі падарункі, другія — вялікія абяцанкі. Напэ, падахвочаная спадзеўкамі, раіла яму выдаць Хлою і не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страціць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькі яблыкаў ці ружаў; лепей жа зрабіць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялікія падарункі самім узяць і зберагчы для свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у іх нарадзіўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымі гаворкамі, бо кожны залётнік абяцаў большыя падарункі, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскія хлопцы, і што калі б яна некалі знайшла сваіх сапраўдных бацькоў, то абагаціла б і ашчаслівіла і яго і жонку; і марудзіў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збіраючы ніштавата падарункаў.

Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгі час не казала Дафнісу, не хочучы яго засмучаць; калі ж ён пачаў прыставаць і распытваць, што здарылася, і яшчэ больш засмуціўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнікаў сватаецца да яе і якія яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, пра Дрыяса, які не адмовіў нікому, але адклаў усё да збору вінаграду.

26. Сам не свой зрабіўся Дафніс ад гэтага, і, сеўшы, заплакаў, і казаў, што памрэ, калі Хлоя не будзе з ім больш пасвіць; і не толькі ён адзін, але разам з ім і авечкі без такое пастушкі. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохі суцешыўся і надумаў угаварыць яе бацьку, палічыўшы і сябе сярод залётнікаў і спадзеючыся, што возьме верх над імі. Толькі адно турбавала — Ламан не быў багаты, і гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, і Хлоя згадзілася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Міртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне і пра шлюб слоўца ўкінуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову і пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесці хлопца, якому прыкметныя знакі абяцаюць багатую долю; бо, калі ён сваіх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробіць іх вольнымі і дасць ім куды большыя надзелы зямлі. Міртала ж, баючыся, каб Дафніс, зусім страціўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабіць чаго над сабою, падала яму зусім іншыя прычыны адмовы. «Мы, дзіцятка, бедныя людзі, і нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя і хочуць багатых зяцёў. Ідзі ж, угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат і выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае і ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю».

27. Міртала, якая ніколі не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду — меў жа ён багацейшых залётнікаў, — думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унікнуць шлюбу; Дафніс не мог адкінуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваіх спадзяванняў, рабіў тое, што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў і зноў клікаў німфаў на дапамогу. І ўночы, калі ён спаў, яны з'явіліся ў сне ў тым самым абліччы, як і мінулы раз, і зноў загаварыла старэйшая: «Пра Хлоін шлюб дбае іншы бог; мы ж дамо табе падарункі, якімі задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вітку якога некалі з'елі твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлі; але ўночы, калі з адкрытага мора наляцела бура і яно ўсхадзілася, карабель выкінула на скалы гэтага мыса. Сам карабель і шмат чаго ў ім загінула; але гаманец з трыма тысячамі драхмаў, выкінуты хваляю на бераг, ляжыць там і цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфінам, і ніхто з падарожных не падыходзіць да таго месца, унікаючы смуроду гнілізны. Але ты падыдзі, і, падышоўшы, вазьмі, і, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш і сапраўды багатым».

28. Гэта сказаўшы, яны зніклі разам з ноччу. Калі ж заняўся дзень, Дафніс, узрадаваны, ускочыў і, голасна насвістваючы, пагнаў сваіх коз на пашу; пацалаваў Хлою і, ушанаваўшы німфаў, пабег да мора, нібы хочучы абмыцца; і там на пяску, побліз прыбою, хадзіў ён, шукаючы тыя тры тысячы. Не шмат давялося прыкласці клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфіна, які ляжаў там і гніў; гэты смурод падлы і паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды і, разгробшы водарасці, знайшоў гаманец, набіты серабром. Падняўшы яго і паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна не памаліўся німфам і мору; бо хоць і быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мілейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.

29. З трыма тысячамі драхмаў ён больш не марудзіў, лічачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькі сярод тамтэйшых сялян, — тут жа прыбягае да Хлоі і расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просіць яе папільнаваць статак, пакуль ён не вернецца, і як мага імчыцца да Дрыяса. Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малаціў пшаніцу, ён з усёй адвагаю кідаецца ў гаворку пра шлюб: «Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сірынзе прыгожа іграць, і вінаградныя лозы падразаць, і дрэвы саджаць. Умею зямлю араць і веяць збожжа на ветры. А як статак пасу — Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоіў лік іх; я выгадаваў вялікіх і прыгожых казлоў; а раней мы чужымі казламі сваіх коз пакрывалі. Да таго ж я малады і сусед вам што трэба: а выкарміла мяне каза, як і Хлою — авечка. Пераважаючы ва ўсім гэтым над іншымі, я не ўступлю і ў падарунках. Даюць яны коз і авечак, пару шалудзівых валоў, збожжа, што і курэй не выстачыць пракарміць; а ад мяне — вось вам тры тысячы драхмаў. Толькі няхай ніхто не ведае, нават Ламан, мой бацька». З гэтымі словамі ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.

30. Яны ж, убачыўшы неспадзявана гэтулькі грошай, тут жа паабяцалі выдаць за яго Хлою і ўгаварыць Ламана. Напэ асталася з Дафнісам ганяць валоў наўкол току і выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе; а Дрыяс, схаваўшы гаманец туды ж, дзе ляжалі Хлоіны прыкметныя знакі, хутка пабег да Ламана і Мірталы, каб — яшчэ такога не бывала — сватаць іх сына. Знайшоў ён іх, калі тыя мералі толькі што правеяны ячмень і былі вельмі зажураныя, бо ўраджай быў ці не меншы, чым пасеяна; на гэта ён іх суцешыў, што скрозь чуваць тыя самыя скаргі; а пасля пачаў прасіць выдаць Дафніса за Хлою і сказаў, што хоць шмат даюць другія, але ён ад іх нічога не возьме, а хацеў бы яшчэ і са сваіх прыпасаў ім дадаць; яны адно з адным гадаваліся і, разам пасучы, павязаны такою дружбаю, якую нялёгка разарваць, і тыя гады, каб ім адно з адным спаць. Гэта і яшчэ шмат чаго казаў ён, бо ўзнагародаю, каб угаварыў іх, меў тры тысячы. А Ламан, які не мог ужо выставіць за прычыну ні сваю беднасць, бо тыя ж перад імі не задаваліся, ні Дафнісавы гады — ён ужо ж дзяцюк, а сапраўднай прычыны, што Дафнісу суджаны лепшы, чым гэты, шлюб, не выказаў; памаўчаўшы трошкі, ён так адказаў:

31. «Вы справядліва робіце, аддаючы перавагу суседзям перад чужымі і не ставячы багацце вышэй за сумленную беднасць. Хай будуць за гэта спагадлівыя да вас Пан і німфы! Я і сам спяшаюся з гэтым вяселлем; бо быў бы вар'ятам, калі б я, стары чалавек, якому ўжо неўзабаве для работы трэба будуць больш спрытныя рукі, не палічыў бы за вялікае дабро парадніцца з вашым домам; кожны б Хлою хацеў, прыгожая, мілая дзяўчына, спрытная ва ўсім. Але я раб і ні над чым, што маю, не гаспадар; трэба, каб мой пан уведаў пра гэта і даў згоду. Давайма адкладзём вяселле на восень. Тады і сам ён тут будзе, як кажуць людзі, што з горада прыходзяць да нас. Тады яны стануць мужам і жонкаю. Цяпер жа хай любяць адно аднаго, як брат і сястра. Толькі ведай, Дрыяс, вось што: дамагаешся ты хлопца, які стаіць вышэй, чым мы». Сказаўшы гэта, пацалаваў яго і даў яму папіць, бо быў полудзень — самая спёка, і, усяляк ушаноўваючы, правёў яго ў дарогу.

32. Але Дрыяс не пусціў паўз вушы апошніх Ламанавых слоў і, ідучы дадому, даўся ў думкі, хто ж такі Дафніс. «Яго выкарміла каза, значыць, багі дбаюць пра яго; ён прыгожы і ані не падобны ні да гэтага кірпатага старога, ні да яго лысай жонкі. А мае ж ён тры тысячы, гэтулькі і грушак-дзічак у казапаса звычайна не бывае. Можа, і яго падкінулі, як Хлою? Можа, і яго знайшоў Ламан, як я яе? Можа, і пры ім ляжалі прыкметныя знакі, падобныя да тых, што знойдзены мною? Калі гэта было так, о ўладны Пане, і вы, любыя німфы, тады, можа, калі ён знойдзе сваіх, што-небудзь выйдзе на свет з Хлоінай таямніцы?» Так ён думаў і мроіў сам сабе, аж пакуль не дайшоў да току; прыйшоўшы туды і ўбачыўшы Дафніса, які напружана чакаў, што ж давядзецца пачуць, падбадзёрыў яго, назваўшы яго зяцем і паабяцаўшы ўвосень справіць вяселле, і падаў яму правую руку ў знак таго, што Хлоя не будзе належаць нікому, апроч Дафніса.

33. Хутчэй чым думка, не піўшы, не еўшы, пабег да Хлоі; знайшоўшы яе — яна якраз даіла і рабіла сыры, сказаў ёй радасную вестку пра вяселле і як бы жонку ўжо, не тоячыся, пацалаваў і разам рабіў усю работу. Даіў малако ў даёнкі, укладаў сыры ў пляцёнкі, каб сушыліся; падводзіў ягнят і казлянят пад маткі. Калі ўсё як мае быць было пароблена, яны памыліся, паелі, папілі і пайшлі шукаць спелых пладоў. Іх было мноства ў гэтую ўсёдайную пару года: шмат грушак, дзікіх і садовых, шмат яблык, адны пападалі долу ўжо, другія былі яшчэ на дрэвах; тыя, што на зямлі, больш духмяныя, тыя, што на голлі, больш румяныя; адны пахлі, як віно, а другія блішчалі, як золата. Адна яблыня была абабраная: ні пладоў на ёй, ні лісця — усе галінкі голыя. Толькі ў самым версе гайдаўся адзінюткі яблык — вялікі, прыгожы, сваёй духмянасцю ўсе іншыя перабіваў. Збіраючы, нехта пабаяўся лезці высока і не парупіўся яго зняць, а можа, збярог для закаханага пастуха.

34. Як толькі Дафніс убачыў гэты яблык, тут жа падышоў, узлез, каб зняць яго, не зважаючы, што Хлоя пярэчыла яму. Зазлаваўшы, што ён яе не слухае, яна пабегла да статкаў; Дафніс жа хутка ўзлез, каб дастаць яблык, прынёс дарунак Хлоі і прамовіў такія словы да гняўлівай: «Дзяўчынка! Гэты яблык прыгожыя Горы ўзрадзілі, прыгожае дрэва яго жывіла, сонца спяліла, а Доля яго ацаліла. Я не мог, маючы вочы, пакінуць яго, каб ён долу ўпаў і каб статак, пасучыся, яго растаптаў, ці паўзун-гад атруціў, ці час там яго зглуміў; яго, якім толькі любавацца ды захапляцца. Такі яблык Афрадыта ва ўзнагароду за красу атрымала, гэты — я табе даю ў знак твае перамогі. І суддзі вашы падобныя: той жа быў пастух авечак, а я казапас».

Гэта сказаўшы, паклаў ён яблык у складкі адзення на грудзях; і калі ён падышоў блізка, яна пацалавала яго, так што Дафніс ані не каяўся, што так адважна лез на гэтую вышыню: бо атрымаў ён даражэйшае, чым нават залаты яблык, — пацалунак.



Кніга чацвертая

 1. З Мітылены прыйшоў раб, які належаў таму гаспадару, што і Ламан, і прынёс вестку, што незадоўга да збору вінаграду прыедзе іх гаспадар, каб паглядзець, ці не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.

Лета ўжо канчалася, набліжалася восень, і Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысціў крыніцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкі дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.

2. А сад быў надзіва прыгожы, нібы царскі. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокім месцы, маючы чатыры плетры ўшыркі. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякіх парод былі тут: яблыні, мірты, грушы і гранаты, а таксама фігі і алівы; а ў другім месцы высокія вінаградныя лозы абвівалі яблыні і грушы, чарнеючы гронкамі, нібы спрачаючыся з пладамі; гэта былі садовыя дрэвы. Але і былі кіпарысы і лаўры, платаны і хвойкі. Усе іх замест вінаграднай лазы абвіваў плюшч, і яго вялікія чорныя пучкі нагадвалі вінаградныя гронкі. Пладовыя дрэвы стаялі ўсярэдзіне, нібы пад аховаю: іх абступалі непладовыя, нібы агароджа, зробленая рукамі людзей; а ўсё разам аточваў нізенькі мур. Усё было акуратна падзелена і размерана, і дрэвы раслі роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лісце; так што створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былі і градкі кветак; адны ўзрасціла самасеем зямля, другія — умельства; кусты руж, гіяцынты і лілеі — з працы рук, фіялкі, нарцысы, гусіныя лапкі зрадзіла зямля. Улетку тут быў цень, увесну — кветкі, увосень — плады, і на ўсякую пару свая раскоша.

3. Адсюль адсланяўся шырокі від на раўніну і можна было згледзець пастухоў, якія пасвілі жывёлу; адсюль адсланяўся і прыгожы від на мора і можна было ўбачыць, як праплывалі караблі; так што і гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзіне па даўжыні і шырыні яго стаяла капліца Дыяніса і ахвярнік; ён абвіваўся плюшчом, капліца — вінаграднай лазою. Усярэдзіне капліцы былі намаляваны карціны з жыцця Дыяніса: роды Семелы, сон Арыядны, Лікург скаваны, Пентэй разарваны. Былі і пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў; усюды сатыры вінаград тапталі, усюды вакханкі танцавалі. Не абмінулі і Пана: сядзеў на скале, іграючы на сірынзе як бы агульную песню і для тых, што вінаград тапталі, і для тых, што танцавалі.

4. Гэты сад старанна даглядаў Ламан, сухое голле падразаў, вінаградныя лозы падвязваў. Дыяніса ён упрыгожыў вянкамі; да кветак правёў ваду. Была там крыніца, якую знайшоў для кветак Дафніс. Гэтая крыніца хоць служыла кветкам, усё ж называлі яе Дафнісавай крыніцаю. Ламан загадаў Дафнісу, каб ён як мага лепш адкарміў коз, бо гаспадар, сказаў ён, абавязкова захоча пабачыць іх, прыехаўшы пасля доўгай адлучкі. Але Дафніс быў упэўнены, што і так яго пахваляць за коз, бо лік іх, як ён іх узяў, падвоіўся; і воўк ніводнае не ўхапіў, і былі яны тлусцейшыя за авечак; але каб гаспадар ахватней згадзіўся на яго шлюб, усё старанне і руплівасць скіраваў на статак, выганяючы яго, ледзь на золак займала, і прыганяючы позна ўвечары. Два разы вадзіў на вадапой, расшукваў найлепшыя пашы ў тутэйшых мясцінах. Парупіўся і пра місы, каб былі новыя, і каб даёнак было шмат, і большыя пляцёнкі для сушэння сыроў. Яго дбайнасць да таго дайшла, што і рогі алеем намазваў і воўну расчэсваў. Можна было падумаць, што бачыш святы Панаў статак. Ва ўсёй гэтай рабоце яму дапамагала і Хлоя; занядбаўшы сваю ўласную атару, яна праводзіла больш часу каля яго коз, так што Дафніс думаў, што толькі з-за яе яны так цудоўна выглядаюць.

5. Калі яны былі так занятыя, з горада прыйшоў другі пасланец з наказам як найхутчэй збіраць вінаград; і сам, казаў ён, тут астанецца, пакуль з вінаградных гронак не наробяць сусла, а пасля ён вернецца ў горад, каб прывезці з сабою гаспадара ўжо на заканчэнне збору вінаграду. Гэтага Эўдрама — так называлі яго, бо бегаць і была яго работа, — прынялі як толькі маглі і зараз жа пачалі збіраць вінаград, насіць гронкі ў націсі, сусла зліваць у бочкі, а найлепшыя з вінаградных гронак зразалі разам з лазою, каб тыя, што прыедуць з горада, мелі ўяву пра ўраджай і ад яго асалоду.

6. Калі Эўдрам ужо збіраўся вярнуцца ў горад, даў яму Дафніс нямала; а даў яму гасцінцаў, на што і стаць было казапасу: добра адціснутыя сыры, маладзенькае казляня, казліную шкуру з белаю густою воўнаю, каб узімку, бегучы, на сябе накінуць. Эўдрам узрадаваўся, пацалаваў Дафніса і паабяцаў, што скажа гаспадару толькі добрае пра яго. Так ён адышоў у прыязным настроі; а Дафніс у неспакоі пасвіў далей разам з Хлояю чароды. Ды і яна мела шмат страху: падлетак, які дагэтуль звык бачыць толькі коз, горы, сялян, Хлою, павінен быў упершыню ўбачыць гаспадара, толькі імя якога ён чуў раней. Таму яна і турбавалася за Дафніса, як ён сустрэнецца з гаспадаром, і пра шлюб душа яе непакоілася, ці не дарэмна мрояць яны аб ім. І ўвесь час яны цалаваліся і абдымаліся так цесна, нібы зрасліся; але пацалункі ў іх былі баязлівыя і абдымкі сумныя, нібы ўжо гаспадар быў тут, і яны са страху павінны былі ад яго хавацца. А да гэтага надарылася ім яшчэ і такая бяда.

7. Быў там Лампіс, грубы валапас. Ён таксама сватаў Хлою ў Дрыяса і ўжо шмат падарункаў прынёс, каб прыспешыць вяселле. Але даведаўшыся, што Дафніс ажэніцца з ёю, калі ўладар дазволіць, ён пачаў шукаць спосабу, каб разгневаць супроць іх гаспадара; ведаючы, што таго вельмі радуе сад, надумаў ён як мага яго знішчыць і знявечыць. Калі ссекчы дрэвы, то выдасць стук і яго зловяць; таму надумаўся ён спляжыць кветкі. Ён дачакаўся ночы, пералез цераз агароджу і адны з іх вырваў, другія — паламаў, а рэшту растаптаў, як свіння. І непрыкметна ўцёк.

Назаўтра раніцаю прыйшоў Ламан у сад, каб паліць кветкі вадою з крыніцы. Убачыўшы такое спусташэнне ўсяе мясціны — работа не грабежніка, а толькі ворага! — ён тут жа разарваў свой кароценькі хітон і моцным крыкам пачаў клікаць багоў; так што Міртала, кінуўшы тое, што мела ў руках, выбегла з хаты, і Дафніс, які толькі што выгнаў коз, прыбег; убачыўшы, яны закрычалі, а закрычаўшы, заплакалі.

8. Хоць жальбою кветкам не паможаш, але яны плакалі са страху перад гаспадаром; і чужы б хто, трапіўшы сюды, заплакаў, бо гэтая мясціна была збэшчаная, а ўся зямля збітая ў гразь. А тыя з кветак, што ўцалелі ад руйнавання, і далей цвілі і зіхацелі і былі ўсё яшчэ прыгожыя, нават палеглыя на зямлю. І ўсё яшчэ садзіліся на іх пчолы і няспынна гулі, як бы яны аплаквалі іх. А Ламан у роспачы ўсклікаў: «Бяда гэтым кустам ружаў! Як іх паламалі! Бяда градкам фіялак! Як іх здратавалі! Бяда гіяцынтам і нарцысам! Што за нягодны чалавек вырваў іх! Вернецца вясна, а яны не распусцяцца; будзе лета, а яны красавацца не будуць; увосень нікога яны вянком не прыбяруць. І ты ж, уладару Дыянісе, не злітаваўся над няшчаснымі кветкамі, сярод якіх ты жывеш, на якія ты глядзіш, з якіх часта я табе вянкі плёў і цешыўся імі? Як, як пакажу цяпер гэты сад гаспадару? Што ён скажа, калі гэта ўбачыць? Загадае павесіць мяне, старога чалавека, на першай хвойцы, як Марсія; а можа, і Дафніса, думаючы, нібыта яго козы гэта зрабілі».

9. Яшчэ гарачэйшыя слёзы пры гэтым паліліся, і не кветкі аплаквалі яны, а саміх сябе. І Хлоя аплаквала Дафніса, як бы яго ўжо меліся павесіць, і малілася, каб уладар не прыязджаў, і перажывала цяжкія дні, нібы ўжо бачыла, як лупцуюць Дафніса. І калі ўжо ноч надышла, Эўдрам прынёс вестку, што старэйшы гаспадар прыедзе праз тры дні, а яго сын будзе заўтра. Яны зноў пачалі разважаць над тым, што адбылося, і, падзяліўшыся сваімі страхамі з Эўдрамам, папрасілі ў яго рады; ён, спагадаючы Дафнісу, параіў расказаць усё маладому гаспадару і абяцаў ім сваю дапамогу пры гэтым, бо як малочны брат быў у яго ў пашане. І калі надышоў дзень, яны так і зрабілі.

10. Астыл прыехаў конна, і з ім яго парасіт, таксама конна. У Астыла быў першы пушок на падбародку, а Гнатан — так звалі нахлебніка — даўно ўжо галіў бараду. Ламан з Мірталаю і Дафнісам, прыпаўшы да ног маладога гаспадара, прасілі паспагадаць няшчаснаму старому і адвесці ад яго, ні ў чым не вінаватага, гнеў свайго бацькі; і Ламан тут жа расказаў яму ўсё. Паспагадаў просьбе Астыл, пайшоў у сад і, убачыўшы панішчаныя кветкі, паабяцаў ім, што сам папросіць бацьку дараваць і зверне віну на коней: нібыта яны, прывязаныя там, разгуляўшыся, сарваліся з прывязі, адны кветкі паламалі, другія — здратавалі, трэція — збілі. За гэта Ламан і Міртала пажадалі яму ўсялякага дабра, а Дафніс прынёс гасцінцы: казлянят, сыры, птушак з птушанятамі, гронкі вінаграду на лозах, яблыкі на галінках. Сярод гэтых гасцінцаў было і духмянае лесбаскае віно, з усіх мацункаў найлепшае.

11. Астыл пахваліў гасцінцы і пайшоў паляваць на зайцоў, бо дзяцюк ён быў багаты, жыў заўсёды ў раскошы і прыехаў у вёску, каб зазнаць адменнай уцехі. Гнатан жа, чалавек, які ўмеў толькі есці ды піць, абы набрацца, а набраўшыся, распуснічаць, і ў якога толькі і было ўсяго што губа, чэрава ды тое, што пад чэравам, старанна разгледзеў Дафніса, калі той прынёс свае гасцінцы, і, схільны ад прыроды да хлопцаў, знайшоўшы красу, якой і ў горадзе не знайсці, надумаў узяцца за Дафніса, спадзеючыся лёгка ўгаварыць гэтага казапаса.

Наважыўшыся так, ён пайшоў не з Астылам на паляванне, а туды, дзе пасвіў Дафніс, кажучы, што хоча коз паглядзець, а напраўду — Дафнісам палюбавацца. І, каб расчуліць, ён хваліў яго коз, папрасіў яго сыграць на сірынзе пастушыную песню і сказаў, што ён хутка даб'ецца для Дафніса волі, бо ўсё можа зрабіць.

12. Гнатан, убачыўшы, што прыручыў хлопца, падпільнаваў яго ўночы, калі ён гнаў з пашы коз, і, падбегшы, спярша пацалаваў, а потым папрасіў, каб той дазволіў яму ззаду тое, што козы дазваляюць сваім казлам. Доўга не мог уцяміць Дафніс і нарэшце адказаў, што ён добра ведае, як казлы скачуць на коз, але ніхто ніколі не бачыў, каб казёл ускокваў на казла, а баран замест авечкі — на барана, ні пеўні замест курэй на пеўняў, тады Гнатан, пусціўшы ў ход рукі, хацеў узяць яго гвалтам. Але Дафніс штурхнуў п'янага, які ледзь трымаўся на нагах, паваліў на зямлю і ўцёк, як алянятка, пакінуўшы там ляжаць таго, каго весці дадому пад руку мог мужчына, а не хлопчык.

Больш Дафніс увогуле з ім не вадзіўся і пасвіў сваіх коз то тут, то там, унікаў Гнатана, ахоўваючы сваю Хлою. Ды і Гнатан больш не лез да яго, ведаючы, што той не толькі прыгожы, але і дужы. Чакаў толькі зручнага моманту, каб пагаварыць пра яго с Астылам, і спадзяваўся атрымаць яго ў падарунак ад дзецюка, які любіў адорваць часта і шчодра.

13. Але тады нічога не выпадала зрабіць, бо прыехаў Дыянісафан разам з Клеарыстаю, і скрозь чуўся вялікі галас цягла, службы, мужчын, жанок. Аднак пасля ўсяго склаў доўгую любоўную прамову.

Дыянісафан хоць ужо і быў напалову сівы, але быў высокі і прыгожы і мог бы яшчэ пазмагацца з маладымі, да таго ж багаты, як мала хто, і сумленны, як ніхто. Прыехаўшы, ён у першы ж дзень прынёс ахвяры багам, апекунам палёў — Дэметры, Дыянісу, Пану, німфам, а ўсім, хто быў там, паставіў кратэр віна. У наступныя дні ён аглядваў Ламанаву гаспадарку. Убачыўшы палі ў барознах, гронкі на лозах, сад у цэлай красе — за кветкі Астыл узяў віну на сябе, — ён вельмі ўсцешыўся, пахваліў Ламана і паабяцаў адпусціць яго на волю. Пасля гэтага пайшоў на казіную пашу, каб паглядзець і коз, і таго, хто іх пасвіў.

14. Хлоя, засаромеўшыся і спалохаўшыся такога гурту людзей, уцякла ў лес, а Дафніс стаяў там, апяразаны калматаю казлінаю шкураю, з толькі што пашытаю пастуховаю торбаю цераз плячо, у руцэ адной трымаў свежы сыр, другою прытрымліваў малочных казлянятак; калі Апалон некалі, служачы Лаамеданту, пасвіў быкоў, ён быў такі самы, як тады выглядаў Дафніс. Ён нічога не казаў, а толькі, пачырванеўшы, апусціў вочы, перадаючы гасцінцы; а Ламан сказаў: «Гэта, уладару, пастух тваіх коз. Ты мне перадаў пасвіць пяцьдзесят коз і двух казлоў, а гэты выхадзіў табе сто коз і дзесяць казлоў. Бачыш, якія тлустыя, з густою воўнаю, і рогі ў іх не зламаныя. Ён прывучаў іх да музыкі; пачуўшы сірынгу, яны робяць усё, што трэба».

15. Клеарыста, якая была пры гэтай гаворцы, захацела ўбачыць тое, што ён казаў, і загадала Дафнісу, каб зайграў сваім козам, як гэта ён звычайна робіць, і паабяцала за ігру хітон, хламіду і сандалі. Ён пасадзіў іх, як у тэатры, стаў пад букам, выняў з торбы сірынгу і найперш злёгку дзьмухнуў: козы пасталі і паднялі галавы. Пасля ён зайграў «на пашу»: і козы пасвіліся, апусціўшы ўніз галовы; далей ён выдаў мяккія тоны: козы, сабраўшыся, паляглі. І вось зайграў пранізлівы напеў: козы, нібы да іх набліжаўся воўк, уцяклі ў лес. Праз хвіліну ён выдаў поклічны напеў: выбраўшыся з лесу, яны збегліся каля яго ног. Ніколі не ўбачыш рабоў, каб яны так слухаліся гаспадара. Усе дзіву даліся, а больш за ўсіх Клеарыста, яна паклялася аддаць тыя падарункі пастуху — прыгажуну і да таго ж музыку. Вярнуўшыся ў двор, селі снедаць і Дафнісу таксама са свае яды паслалі.

Ён еў разам з Хлояй, смакуючы гарадскія стравы, і быў у добрай надзеі выпрасіць у гаспадара дазвол на шлюб.

16. А Гнатан, пабачыўшы праяву з козамі, толькі яшчэ больш распаліўся пажадлівасцю, уважаючы, што яго жыццё не жыццё, калі не даможацца Дафніса. Прыпільнаваўшы, калі Астыл праходжваўся ў садзе, завёў яго ў капліцу Дыяніса і пачаў цалаваць яму ногі і рукі. Калі Астыл запытаўся, навошта ён гэта робіць, і загадаў яму расказаць, пакляўшыся дапамагчы, той сказаў: «Гіне твой Гнатан, о ўладару! Ён, які дагэтуль толькі твой стол любіў; ён, які некалі кляўся, што няма нічога лепшага за старое віно, ён, хто цаніў тваіх кухараў вышэй за ўсіх мітыленскіх дзецюкоў, цяпер толькі Дафніса ўважае прыгожым. Я не адведаю ніводнай дарагой стравы, хоць бы колькі ні рыхтавалі кожнага дня мяса, ці рыбы, ці мядовых коржыкаў, а ахвотна зрабіўшыся казою, еў бы траву, лісце, слухаючы Дафнісаву сірынгу, пасучыся пад яго наглядам. Уратуй свайго Гнатана і адолей неадольнага Эраса. Калі ж не, то, клянуся табе маім богам, узяўшы нож і напоўніўшы ўдосталь сваё чэрава ядою, я заб'ю сябе самога перад Дафнісавымі дзвярыма: ты ніколі больш не назавеш мяне сваім Гнатонікам, як ты заўсёды меў звычку жартам называць».

17. Тут ён так заплакаў і зноў пачаў цалаваць ногі дзецюку, які быў і велікадушны і не быў ужо недасведчаны ў муках кахання, а таму і не мог адмовіць і паабяцаў у свайго бацькі выпрасіць Дафніса і ўзяць яго ў горад слугою сабе, а каханкам Гнатану. І каб вярнуць вясёлы настрой таму, ён, пасміхаючыся, спытаўся ў яго, ці не саромеецца ён кахаць Ламанавага сына і так хацець легчы з хлопцам, што пасе козы; і пры гэтым зрабіў міну, што яго гідзіць казліны смурод. Але Гнатан, які ў застоллях распуснікаў вывучыўся ўсялякаму любоўнаму пустаслоўю, не без трапнасці сказаў пра сябе і пра Дафніса: «Ніводнага закаханага, мой уладару, гэта не абыходзіць: у якой бы постаці ён ні знайшоў красу, ён у яе палоне. Праз гэта не адзін кахае расліну, раку, дзікага звера. А, між іншым, хто не паспагадае закаханаму, які мае баяцца каханага? Я люблю цела раба, але красу — вольнага. Ці бачыш, як гіяцынты, яго кудзеры, з-пад броваў вочы блішчаць, як дарагі камень у залатой аправе? Твар яго поўніцца румянцам, рот — зубамі бялюткімі, як слановая косць: які закаханы не хацеў бы сарваць адтуль чыстыя пацалункі? Калі я закахаўся ў пастуха, то гэтым пераймаю багоў. Валапасам быў Анхіс, а яго мела Афрадыта; козы пасвіў Бранх, а яго любіў Апалон; аўчаром быў Ганімед, а яго выкраў Дзеўс. Не грэбуйма хлопцам, якога і козы, як закаханыя, слухаюцца, што мы і бачым; падзякуйма Дзеўсавым арлам, што даюць аставацца яшчэ на зямлі такой красе».

18. Весела пасмяяўся Астыл, асабліва з гэтых слоў, і, сказаўшы, што Эрас з кожнага робіць вялікага сафіста, стаў чакаць зручнага моманту, каб пагаварыць з бацькам пра Дафніса.

Усю гэтую размову ўпотай чуў Эўдрам, які, любячы Дафніса як добрага дзецюка, мучыўся, што такая краса будзе згнюшана Гнатанам, і адразу ўсё расказаў Дафнісу і Ламану. Дафніс, уражаны, вырашыў або адважыцца ўцякаць разам з Хлояй, або памерці, узяўшы і яе сваёй хаўрусніцаю. А Ламан, выклікаўшы Мірталу з хаты, сказаў: «Мы прапалі, жонка. Якраз час раскрыць нашу таямніцу. Прапалі нашы козы і ўсё астатняе; але, клянуся Панам і німфамі, нават калі б меў астацца, як кажуць, валом у стайні, не змаўчу пра Дафнісаву долю, а як знайшоў яго падкінутага, раскажу, як яго гадавалі, адкрыю, што я знайшоў пры ім, пакажу. Хай ведае гэты нягоднік Гнатан, хто такі ён і каго адважваецца кахаць. Дастань мне толькі гэтыя прыкметныя знакі — каб былі пад рукою».

19. Умовіўшыся так, яны вярнуліся ў хату; а Астыл, зайшоўшы да бацькі, калі той быў вольны, папрасіў дазволу ўзяць з сабою Дафніса ў горад, бо ён прыгожы і зашкода яго для работы ў вёсцы, а Гнатан хутка мог бы навучыць яго гарадскім манерам. Бацька ахвотна згаджаецца і пасылае па Ламана і Мірталу, каб абвясціць ім добрую навіну, што Дафніс будзе надалей замест козам і казлам слугаваць Астылу; паабяцаў замест яго даць двух казапасаў. І тут Ламан, калі ўжо збегліся ўсе рабы, усцешаныя, што будуць мець такога прыгожага таварыша, папрасіў слова і пачаў казаць: «Выслухай, о ўладару, ад старога чалавека праўдзівае слова: клянуся Панам і німфамі, што ані не схлушу. Я Дафнісу не бацька, і Міртала не мела шчасця быць яго мацераю. Іншыя бацькі падкінулі дзіцятка, відаць, маючы ўжо даволі большых дзяцей; я ж знайшоў пакінутага і гадаванага маёю казою; калі яна памерла, я пахаваў яе ў садзе, бо любіў яе за мацярынскі клопат. Знайшоў пры ім і прыкладзеныя прыкметныя знакі; прызнаюся, уладару, што іх хаваю; яны сведкі лепшай долі, чым наша. Каб ён быў рабом Астылу, я не супроць, прыгожы слуга прыгожага і добрага ўладара. Але каб з яго згнюшаўся п'яны Гнатан, не магу сцярпець; ён стараецца адвесці яго ў Мітылену, каб зрабіць жанчынаю».

20. Ламан, сказаўшы гэта, замоўк і заліўся слязамі. Калі ж Гнатан, нахабна паводзячы сябе, пачаў пагражаць бойкаю, Дыянісафан, уражаны аповядам, загадаў Гнатану замоўкнуць, кінуўшы на яго суровы нахмураны позірк, і пачаў зноў выпытваць у Ламана, загадаўшы казаць праўду і не выдумваць ніякіх баек, абы затрымаць пры сабе сына. Але Ламан стаяў на сваім, кляўся ўсімі багамі і аддаваў сябе на ўсялякую муку, калі ён хлусіць; і Дыянісафан з Клеарыстаю, якая сядзела побач, пачаў узважваць яго словы: «Навошта Ламану хлусіць, калі ён мог за аднаго двух казапасаў атрымаць? Ды і як бы селянін выдумаў такое? І хіба адразу не было відаць, што ад такога старога і ад непагляднай жанчыны такі прыгожы сын не мог нарадзіцца?»

21. І надумаўся ён больш не гадаць, а зараз жа паглядзець прыкметныя знакі, ці сапраўды яны паказваюць на больш слаўную долю. Міртала пайшла, каб іх прынесці: яны зберагаліся ў старой пастуховай торбе. Калі яна ўнясла іх, Дыянісафан першы паглядзеў і, убачыўшы пурпуровую кашульку, золатакаваную засцежку і кінжальчык з тронкам са слановай косці, голасна ўскрыкнуў: «О ўладару Дзеўсе!» І кліча жонку, каб тая паглядзела. Калі яна зірнула, таксама голасна ўскрыкнула: «Любыя мойры! Ці ж не пакінулі мы гэтага з нашым дзіцем і ці не ў гэтыя мясціны казалі мы Сафрасіні аднесці яго? Гэта ж не якія-небудзь іншыя, а якраз тыя. Любы муж, наша гэтае дзіця, твой сын Дафніс, і бацькоўскіх коз ён пасвіў!»

22. Пакуль яна яшчэ гаварыла, а Дыянісафан цалаваў прыкметныя знакі і плакаў з празмернай радасці, Астыл, уразумеўшы, што Дафніс яго брат, скінуў плашч і пусціўся бегчы ў сад, каб першым пацалаваць Дафніса. А Дафніс, убачыўшы, што да яго бяжыць Астыл, а за ім цэлая грамада, гукаючы: «Дафнісе!», падумаў, што ён хоча яго злавіць, кінуў сваю торбу і сірынгу і панёсся да берага, каб кінуцца ў мора з высокай скалы. І было б амаль нечуванае — зноў страціць Дафніса, ледзь толькі яго адшукаўшы, калі б Астыл не зразумеў гэтага і зноў не закрычаў: «Стой, Дафнісе, нічога не бойся: брат я табе, а бацькі — тыя, што да гэтага дня былі ўладарамі тваімі. Ламан толькі што нам пра казу расказаў і прыкметныя знакі паказаў; абярніся і паглядзі, як усе радуюцца і смяюцца. Але мяне першага пацалуй; клянуся ж німфамі, што не хлушу».

23. Толькі пасля гэтай клятвы прыпыніўся Дафніс і пачакаў, пакуль падбег Астыл, і тады пацалаваў яго. А калі цалаваў, падбегла рэшта слуг і служанак, сам бацька, а з ім і маці. Усе яго абдымалі, цалавалі, радуючыся і плачучы. Але ён бацьку і маці перш чым іншых ласкава прывітаў: як бы ён ужо даўно іх знаў, прыціскаў да сваіх грудзей і не хацеў выпускаць з абдымкаў: так хутка дае веры прырода. Нават Хлою на хвілю забыў. І, вярнуўшыся дадому, надзеў дарагія шаты, прысеў пры родным бацьку і слухаў яго аповяд:

24. «Ажаніўся я, дзеці, зусім малады і ў хуткім часе зрабіўся, як мне здавалася, шчаслівым бацькам, бо нарадзіўся ў мяне першым сын, другою была дачка і трэцім Астыл. Мне здавалася, што сям'я даволі вялікая, і калі нарэшце яшчэ гэты сын нарадзіўся, я выкінуў яго, а гэтыя рэчы прыдаў яму не як прыкметныя знакі, а як пахавальныя ахвяры. Але доля судзіла інакш. Большы мой сын і дачка загінулі ад аднае хваробы ў адзін і той самы дзень; цябе зберагла мне вышэйшая воля багоў, каб быць яшчэ адною апораю ў старасці. Не папракай мяне, што я ўчыніў, бо не з добрае волі рашыўся на гэта, і ты, Астыле, не журыся, што цяпер толькі частку ты замест усяго багацця дастанеш, але для разумных людзей няма лепшага за брата скарбу, любіце адзін аднаго, а што да багацця, — з царамі пазмагаецеся. Шмат я вам зямлі пакіну, шмат спраўных слуг, золата, серабра і ўсялякага дабра, што бывае ў багацеяў. Толькі асобна Дафнісу даю гэты маёнтак разам з Ламанам і Мірталаю ды козамі, якіх ён пасвіў».

25. Калі ён яшчэ так казаў, Дафніс ускочыў і прамовіў: «Акурат у час ты мне напомніў, бацька. Пайду паганю маіх коз на вадапой. Цяпер пэўна чакаюць яны, сасмяглыя, маёй сірынгі, а я тут сяджу». Усе ад душы засмяяліся, што ён, стаўшы ўладаром, яшчэ хоча быць казапасам. І паслалі некага іншага падбаць пра коз, самі ж, прынёсшы ахвяру Дзеўсу-збаўцу, наладзілі ўсім банкет. Толькі Гнатана не было на банкеце, поўны страху, ён цалюткія дзень і ноч хаваўся ў капліцы Дыяніса як чалавек, што просіць літасці.

Хутка дайшла да ўсіх вестка, што Дыянісафан знайшоў сына і што Дафніс-казапас — уладальнік гэтых мясцін, і з самага ранку з усіх бакоў пачалі збягацца людзі, каб разам парадавацца з дзецюком ды прынесці дарункі бацьку; сярод іх першы быў Дрыяс, Хлоін апякун.

26. Дыянісафан папрасіў усіх іх астацца, каб яны, выказаўшы радасць, узялі ўдзел у свяце з гэтай нагоды. Было падрыхтавана шмат віна, горы пшанічнага хлеба, балотнай птушкі, малочных парасят, рознага печыва на мёдзе; зарэзана шмат ахвярнай жывёлы мясцовым багам.

Тут і Дафніс сабраў увесь свой пастухоўскі скарб і падзяліў у ахвяру багам. Дыянісу ахвяраваў пастуховую торбу і шкуру, Пану — сірынгу і папярочную флейту; пастуховы кій — німфам, і яшчэ даёнкі, што сам змайстраваў. Але звычнае да таго мілейшае, чым неспадзяванае шчасце, што Дафніс аплакваў кожную з гэтых рэчаў, з якою развітваўся; і не прысвяціў даёнкі, перш чым не падаіў яшчэ раз коз, і шкуры — перш чым не адзеў яе, і сірынгі — перш чым не пайграў на ёй; і кожную рэч асобна ён пацалаваў і пагаварыў з козамі і кожнага казла на імя назваў; і напіўся з крыніцы, як гэта не раз рабіў разам з Хлояй. Але ў каханні сваім яшчэ не прызнаўся, чакаючы лепшага часу.

27. Калі Дафніс быў заняты ахвярамі, вось што адбылося з Хлояй. Яна сядзела, плачучы, сваю чараду пасучы, і натуральна, як водзіцца, казала: «Забыў мяне Дафніс. Ён марыць пра багатых нарачоных. Навошта я загадала яму паклясціся замест німфаў козамі? Ён пакінуў іх гэтак жа, як і Хлою. Нават калі ён прыносіў ахвяры німфам і Пану, не захацеў убачыць Хлоі. Відаць, знайшоў у свае мацеры прыгажэйшых служанак, чым я. Будзь шчаслівы! Але я жыць не буду».

28. Калі яна так казала, так раздумвала, валапас Лампіс з кучкаю сялян напаў на яе і выкраў, упэўнены, што Дафніс ужо не ажэніцца з ёю, а Дрыяс будзе рады яму. Яны цягнулі яе, а яна жаласна крычала; хтось, хто бачыў гэта, даў знаць Напэ, а тая Дрыясу, а Дрыяс Дафнісу. Той быў сам не свой, не адважваючыся сказаць пра гэта бацьку і не могучы вынесці болю, пабег у сад і там енчыў і казаў: «О бяда, што мяне пазналі! Як добра было б мне пасвіць чараду! Які шчаслівейшы я быў рабом! Тады бачыў я Хлою, тады...*, а цяпер Лампіс выкраў яе і ўцякае, а надыдзе ноч — ён з ёю спаць будзе. Я ж п'ю і раскашуюся і дарэмна кляўся Панам, козамі і німфамі».

* Тэкст у рукапісе папсаваны.

29. Гэтыя Дафнісавы словы пачуў Гнатан, які хаваўся ў садзе; і ён, зразумеўшы, што гэта найлепшая часіна памірыцца з ім, узяў з сабою некалькі маладых хлопцаў Астыла і кінуўся да Дрыяса. Ён загадаў яму паказаць дарогу да Лампісавага двара і бягом ірвануўся туды; ён заспеў яго якраз тады, калі той цягнуў Хлою ў свой дом, вырваў яе з яго рук і добра аддубасіў яго памагатых — сялян. Ён хацеў звязаць яшчэ Лампіса і адвезці яго як палоннага, але той паспеў раней уцячы. Зрабіўшы гэта, Гнатан з надыходам ночы вярнуўся. Дыянісафан ужо спаў, а Дафніс без сну ўсё яшчэ плакаў у садзе. Ён прыводзіць да яго Хлою, аддае яе і расказвае ўсё; і просіць яго не помніць ліха, і прыняць яго як карыснага раба, і не пазбаўляць стала, без якога ён памрэ з голаду. Дафніс, убачыўшы Хлою і трымаючы яе ў сваіх руках, прымірыўся з ім як з новым сваім дабрачынцам, а Хлою папрасіў дараваць яму, што ён так доўга не парупіўся пра яе.

30. Параіўшыся між сабою, яны вырашылі пра вяселле пакуль што ўтаіць, а Хлою схаваць і адкрыць сваё каханне толькі мацеры. Але Дрыяс не згадзіўся, ён настойваў, каб сказаць бацьку, і абацаў, што яго ўгаворыць.

І як настаў дзень, ён, узяўшы ў пастуховую торбу прыкметныя знакі, пайшоў да Дыянісафана і Клеарысты, якія сядзелі ў садзе, — каля іх былі Астыл і Дафніс — і калі ўсе замоўклі, ён пачаў казаць: «Такая самая неабходнасць, што і Ламана, вымушае мяне гаварыць пра тое, што дасюль было таямніцаю. Гэтую Хлою не я на свет пусціў, не я карміў, а іншыя яе нарадзілі, і калі яна ў пячоры німфаў ляжала, яе авечка карміла. Гэта я сам убачыў, а ўбачыўшы, здзівіўся, а здзівіўшыся, выгадаваў. Пра гэта сведчыць і яе краса, бо яна ані да нас не падобная; пра гэта сведчаць і прыкметныя знакі, занадта дарагія для пастухоў. Паглядзіце, крэўных дзяўчыны знайдзіце і тады ўбачыце, ці яна годная Дафніса».

31. І Дрыяс не сказаў гэтыя словы на вецер, і Дыянісафан не без увагі іх выслухаў; а, паглядзеўшы на Дафніса і ўбачыўшы, як той збялеў і крадком плакаў, адразу ж распазнаў: гэта каханне; і баючыся больш за ўласнага сына, чым за чужую дзяўчыну, з усёй стараннасцю пачаў перабіраць Дрыясавы словы. Калі ж убачыў прынесеныя прыкметныя знакі: золатам гафтаваныя чаравічкі, бранзалеты, галаўную павязку, — ён, паклікаўшы Хлою, казаў ёй не баяцца, бо мужа яна ўжо мае, а неўзабаве адшукаюцца бацька і маці. І Клеарыста ўзяла яе да сябе і прыбрала яе ўжо як сынаву жонку, а Дыянісафан, адклікаўшы Дафніса аднаго, спытаўся, ці Хлоя яшчэ дзяўчына; і калі Дафніс пакляўся, што між імі нічога больш не было, апроч пацалункаў і клятваў у вернасці, Дыянісафан усцешыўся гэтай змове і запрасіў абаіх да стала.

32. Цяпер можна было пабачыць, якою бывае краса, калі да яе дадаць аздобы. Бо калі Хлоя была апранута, а валасы прычэсаны, а твар умыты, яна ўсім здалася да таго прыгожаю, што і Дафніс яе ледзь пазнаў. Цяпер кожны і без прыкметных знакаў пакляўся б, што бацькам такой дзяўчыны не мог быць Дрыяс. А ён таксама тут быў і разам з Напэ браў удзел у банкеце, лежачы на асобным ложы за адным сталом з Ламанам і Мірталаю.

У наступныя дні зноў прыносілі жывёлу ў ахвяру, ставілі кратэры з віном; і Хлоя таксама прысвяціла багам свае скарбы: сірынгу, пастухову торбу, шкуру, даёнкі. Узліла віна крыніцы ў пячоры, бо пры ёй гадавалася і часта ў ёй купалася. Прыбрала таксама вянкамі магілу авечкі, што паказаў Дрыяс, і яшчэ раз сыграла на сірынзе сваім авечкам, а сыграўшы, памалілася багіням, каб знайсці ёй тых, што яе падкінулі, і каб яны былі годныя яе шлюбу з Дафнісам.

33. А калі досыць насвяткаваліся на вёсцы, уздумалі вярнуцца ў горад, расшукаць Хлоіных бацькоў і не адкладаць надалей вяселля. На золку, падрыхтаваўшыся ў дарогу, яны далі Дрыясу яшчэ тры тысячы драхмаў, а Ламану палавіну ўраджаю з палёў і вінаграднікаў, коз разам з іх казапасамі, чатыры пары валоў, адзення на зіму і волю яго жонцы. Пасля гэтага вырушылі конна і вазамі ў Мітылену, з вялікаю пышнасцю.

Гарадчукі іх тады не заўважылі, бо прыехалі яны ўночы; але назаўтра каля іх дзвярэй сабралася грамада мужчын і жанчын. Мужчыны выказвалі радасць Дыянісафану, што знайшоўся сын, а яшчэ больш, калі пабачылі красу Дафніса; жанкі ж разам з Клеарыстаю радаваліся, што з сынам заадно і сынавую яна прывязла. Яны дзіву даліся з Хлоі, з яе непараўнанай красы. Увесь горад усхадзіўся з-за хлопца і дзяўчыны, хвалілі ўжо гэты шлюб і жадалі, каб яе род знайшоўся годным яе красы; і шмат вельмі багатых жанок маліла багоў, каб быць прызнанымі за маці такой прыгожай дзяўчыны.

34. А Дыянісафану, які пасля доўгіх роздумаў моцна заснуў, прысніўся такі сон. Здаецца, німфы просяць Эраса, каб ён нарэшце згадзіўся на гэты шлюб; ён аслабіў маленькі лук, паклаў яго разам з сагайдаком і загадаў Дыянісафану наладзіць банкет для ўсіх найвяльможных мітыленцаў і, калі ён напоўніць апошні кратэр, паказаць тады кожнаму Хлоіны прыкметныя знакі; а пасля праспяваць вясельны гімн.

Пабачыўшы і пачуўшы гэта ў сне, Дыянісафан устаў на золку і распарадзіўся падрыхтаваць раскошны банкет з усяго, што дае зямля і мора, што ёсць у азёрах і рэках; і запрашае ўсіх найвяльможных мітыленцаў на баль. Калі ўжо надышла ноч і быў напоўнены кратэр, з якога ўзліваюць Гермесу, адзін са слуг унёс на сярэбраным прыборы прыкметныя знакі і, абыходзячы па чарзе направа, усім іх паказваў.

35. Ніхто не апазнаваў іх; а Мегакл, які з-за старасці ляжаў на вышэйшым месцы за сталом, ледзь глянуў і моцна, з яшчэ маладою сілаю ў голасе, усклікнуў: «Што гэта бачу? Што з табою сталася, дочухна? Ці жывая ты, ці, можа, які пастух толькі гэта знайшоў і падняў? Прашу, Дыянісафане, скажы мне: адкуль маеш прыкметныя знакі майго дзіцяці? Адшукаўшы свайго Дафніса, не адмоў знайсці і мне».

Але Дыянісафан папрасіў яго спачатку расказаць, як пакінулі Хлою, і Мегакл, не аслабляючы сілы голасу, расказаў: «Да нядаўняга быў я бедны, бо ўсё, што меў, патраціў на харэгіі і трыерархіі. Якраз тады нарадзілася ў мяне дачка. Не хочучы гадаваць яе ў беднасці, я ўпрыгожыў яе гэтымі прыкметнымі знакамі і пакінуў, бо ведаў, што многія праз такі спосаб хочуць зрабіцца бацькамі. Вось і пакінуў дзіця ў пячоры німфаў, даручыўшы яго багіням. І да мяне з той пары штодня плыло багацце, але я ўжо нашчадка не меў. Бо не пашчасціла мне зрабіцца бацькам хоць бы дачкі другой. А багі, як бы смеючыся з мяне, спасылаюць уночы сны, паведамляючы, што авечка зробіць мяне бацькам».

36. Яшчэ мацней, чым Мегакл, ускрыкнуў Дыянісафан і прывёў Хлою, вельмі прыгожа ўбраную, і сказаў: «Вось гэтае дзіця ты пакінуў. Гэтую дзяўчыну з волі багоў выкарміла табе авечка, як каза мне Дафніса. Вазьмі ж гэтыя прыкметныя знакі і дачку; а ўзяўшы, аддай яе Дафнісу за жонку. Абаіх пакінулі, абаіх знайшлі, абаімі апекаваліся Пан, німфы і Эрас».

Мегакл пахваліў яго словы, паслаў па сваю жонку Раду, а Хлою прытуліў да грудзей. І асталіся яны там начаваць: Дафніс пакляўся, што больш нікому не аддасць Хлою, нават роднаму бацьку.

37. Калі надышоў дзень, яны ўмовіліся назад у вёску разам вяртацца: Дафніс і Хлоя прасілі аб гэтым, бо не маглі вынесці жыцця ў горадзе. Ды і бацькам было даспадобы зрабіць ім вяселле паводле пастухоўскага звычаю. Прыйшоўшы да Ламана, яны прывялі Дрыяса да Мегакла, пазнаёмілі Раду з Напэ і пачалі рыхтавацца да шыкоўнага святкавання. Бацька перад німфамі заручыў Хлою з Дафнісам і разам з многімі іншымі ахвяраваннямі павесіў і прыкметныя знакі, а Дрыясу дадаў, чаго яму яшчэ не ставала да дзесяці тысяч драхмаў.

38. Стаяў цудоўны дзень, і Дыянісафан загадаўтут жа перад пячораю падрыхтаваць ложа з зялёнага лісця і, запрасіўшы ўсіх людзей з вёскі, раскошна пачаставаць. Тут былі Ламан і Міртала, Дрыяс і Напэ, Дорканавы родзічы, Філет са сваімі дзецьмі, Хроміс і Лікэніён; не абышлося і без Лампіса, якому даравалі. Усё было так, як водзіцца ў гэтакіх гасцях, па-вясковаму: адзін спяваў жніўныя песні, другі сыпаў жартамі, як гэта бывае пры выцісканні сусла. Філет іграў на сірынзе, Лампіс на флейце, Дрыяс і Ламан танцавалі, Хлоя і Дафніс цалаваліся; а поблізу пасвіліся козы, як бы і яны разам святкавалі.

Гасцям з горада гэта не вельмі спадабалася; а Дафніс падклікаў, называючы імя то адной, то другой казы, даваў ім галінак з зялёным лісцем і, схапіўшы за рогі, цалаваў.

39. І гэтак не толькі той дзень, але і большую частку жыцця правялі яны па-пастухоўску, шанавалі багоў — німфаў, Пана, Эраса, нажылі вялікія чароды авечак і коз і ўважалі за найлепшую яду плады і малако. А калі нарадзіўся ў іх сын, яны далі выкарміць казе, а дачушцы, якая нарадзілася другою, дазволілі ссаць вымя авечкі; і сына назвалі Філапеменам, а дачку Агелаю. Так яны і пражылі пастухамі аж да самае старасці. І пячоры аздобілі, паставілі там карціны і ўзвялі ахвярнік Эрасу-Пастуху; і Пану яны замест яго хвойкі зладзілі пад жыллё капліцу і назвалі яе капліцаю Пана-Ваяўніка.

40. Але ўсё гэта назвалі і зрабілі яны пазней; а тады з надыходам начы ўсе правялі іх да шлюбнага пакоя, адны на сірынгах, другія на флейтах іграючы, трэція ўзняўшы ўгару вялікія паходні. А калі яны былі перад дзвярыма, завялі рэзкім голасам, нібы зямлю трохзубцамі дралі, а не вясельную песню спявалі. А Дафніс і Хлоя ляглі голымі, абнялі адно аднаго і цалаваліся, правёўшы ноч без сну, як совы; і Дафніс рабіў тое, што навучыла яго Лікэніён, а Хлоя толькі цяпер даведалася, што ўсё, што рабілася ў лесе, было толькі пастушынымі гульнямі.

Каментары

Уступ
Лесбас — вялікая выспа ў Эгейскім моры каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі. Дзеянне гэтага рамана аб каханні, на думку даследнікаў, невыпадкова разгортваецца на гэтай выспе, якая здаўна славілася цудоўным кліматам, урадлівымі землямі, а таксама як асяродак старажытнагрэцкай лірыкі кахання: тут нарадзілася шмат паэтаў, у тым ліку славутая Сафо (VІІ-VІ ст. да н.э.).

Німфы — Дзеўсавы дочкі, багіні, якія ўвасаблялі розныя сілы прыроды; заступніцы і апякункі лясоў (дрыяды), палёў (ліманіяды), далін (папэі), мораў (нерэіды), рэк (наяды), гор (арэады) і г.д. Антычнае мастацтва паказвала іх у выглядзе прыгожых дзяўчат, голых ці напаўадзетых.

...змог вытлумачыць абраз... — У шмат якіх гарадах старажытнай Грэцыі на ўтрыманні мясцовых улад была афіцыйная пасада правадніка, які паказваў і тлумачыў выдатныя помнікі гэтай мясцовасці.

Эрас — сын Афрадыты, бог кахання. Мастакі паказвалі яго ў выглядзе крылатага хлопчыка з лукамі і стрэламі, якімі ён раніць сэрца. Імя гэтае азначае «каханне». Калі ўлічыць, што ў антычныя часы ўласныя імёны нічым не адрозніваліся ад агульных назваў, то амаль заўсёды гэтае слова можна разумець дваяка: у агульным значэнні і як імя бога.

Пан — сын Гермеса і Пенелопы, бог лясоў і пашаў, апякун паляўнічых і пастухоў; меў казліныя рогі, вушы і ногі. Ён вынайшаў дудку. Час паўдзённай сонечнай спёкі лічыўся «гадзінаю Пана». І калі яго трывожылі моцным крыкам і спевамі, Пан палохаў людзей і звяроў сваімі гукамі, якія наводзілі «панічны жах».

...хворага вылечыць... — Старажытнагрэцкая медыцына лічыла, што ў хворага праз успрыманне прыгожых формаў і чытанне прыемных (у тым ліку эратычных) твораў абуджаюцца жыццёвыя сілы.


Кніга першая
Мітылена (цяперашняя назва Мітыліні) — галоўны горад на ўсходнім узбярэжжы выспы Лесбаса, у часы Рымскай імперыі меў важнае значэнне.

...прыблізна за стадыяў дзвесце... — гэта эначыць каля 3,8 кіламетра (стадый — мера даўжыні, прыкладна роўная 192 м).

Дафніс — паводле позняй грэцкай міфалогіі — сын Гермеса і німфы; абагоўлены пасля свае смерці; апякун сіцылійскіх пастухоў, заснавальнік старажытнагрэцкай пастушынай ідылічнай паэзіі.

...ахвярныя дары даўнешых пастухоў — Пакідаючы сваё пастухоўства, казапасы, аўчары, валапасы прысвячалі німфам і Пану свае даёнкі, пастуховыя кіі, торбы, сірынгі. У ахвяру багам клалі таксама і рэчы памерлых пастухоў.

Хлоя — у антычнай міфалогіі эпітэт багіні пладароднай зямлі Дэметры. Пастушыным імя лічылася, відаць, таму, што па-грэцку «хлоэ» значыць «маладая зеляніна, зялёныя пасынкі, маладыя атожылкі».

...яго імя было ім невядомае... — сведчанне, што гэта былі простыя, не вельмі адукаваныя людзі.

Вакханкі — удзельніцы містэрый бога віна і весялосці Дыяніса-Вакха. Культ Дыяніса быў звязаны з п'янымі гульбішчамі (вакханаліямі) і экстатычнымі оргіямі. У мастацтве вакханак паказвалі паўраздзетымі, з накінутаю на плечы ці на паясніцу звярынаю шкураю з тырсам (жазлом), увітым вінаградам, у руках.

...а ён казапас... — Свойская жывёла падзялялася на тры групы, адсюль і адпаведны чын пастухоўства. Першае месца займалі тыя, што пасвілі кароў і быкоў — валапасы, другое — тыя, што пасвілі авечак, трэцяе — казапасы.

Дзеўс — вярхоўнае боства старажытных грэкаў; цар багоў і людзей, бог неба, грому і маланкі. Быў сынам тытана Кронаса, які з'ядаў сваіх дзяцей. Паводле міфа, Дзеўсава маці Рэя ўратавала сына, схаваўшы яго на выспе Крыт, на гары Ідзе, — там німфы выкармілі яго малаком казы Алматэі.

Безбароды я, але такі і Дыяніс... — Антычнае мастацтва паказвала Дыяніса звычайна ў выглядзе безбародага, жанчынападобнага дзецюка.

Сатыры — лясныя казланогія боствы, з вострымі вушамі і конскімі хвастамі. Вясёлыя, памаўзлівыя, яны суправаджалі Дыяніса.

...яны кідалі адно ў аднаго яблыкі... — яблык быў сімвалам кахання. Кідаць яблык на грудзі — значыла прызнавацца ў каханні.

...спявала пра Пана і Пітыс... — Пан закахаўся ў німфу Пітыс. Але суровы Барэй, бог паўночнага ветру, бачачы, што дзяўчына аддае перавагу Пану, скінуў яе са скалы. Яна памерла, але з яе цела вырасла першая хвойка — дрэва, прысвечанае Пану («пітыс» — па-грэцку і значыць «хвойка»).

Тырыйскія піраты — марскія разбойнікі з горада Тыра ў Фінікіі; яшчэ з часоў Гамеравай «Адысеі» наводзілі жах на мараходаў у Эгейскім моры.

...на лёгкім карыйскім судне... — Жыхары Карыі — прыбярэжнай часткі на поўдні Малой Азіі — славіліся карабельным будаўніцтвам.

...каб іх за варвараў не палічылі... — Варварамі грэкі называлі ўсіх негрэкаў, чужаземцаў, што не ўмеюць гаварыць па-грэцку. У іх гэта слова не мела адмоўнага значэння, як у наш час.

...дзецюка, які здаўся ім больш вартаю здабычаю... — Піраты былі адначасова і гандлярамі рабоў.

Лускаватыя паўпанцыры — падпанцыры з металічнай лускі.

Накаленнікі — часцей за ўсё металічныя, закрывалі пярэдні бок нагі.

...многія мясціны на моры, якія маюць назву «валовага броду». — Вядомымі «Басфорамі» («валовымі брадамі») былі, напрыклад, пралівы між Чорным морам і Мармуровым і між Чорным і Азоўскім.

...Хлоя купае Дафніса... — Удзельнікі пахавання абавязкова пасля мыліся, каб ачысціцца ад дакранання да нябожчыка.


Кніга другая
Націсь — прылада для выціскання соку, звычайна каменная (або драўляная) з адтокам. Некалькі чалавек, трымаючыся за адпаведны шост або прыробленыя да яго петлі ці кольцы пад музыку і спевы — каб спарней працавалася — тапталі нагамі прынесены ў кашах спелы вінаград. Сок пасля пералівалі, як апісваецца тут у Лонга, у драўляныя бочкі, якія ўкопвалі ў зямлю (апроч бочак ужывалі і вялікія гліняныя збаны або мяхі). Бочкі з сярэдзіны і звонку былі пакрытыя смалою. Прастаяўшы з восені да вясны, пры частым памешванні, ачышчэнні ад шумавіння, віно, як усякае натуральнае, мела прыкладна 13 градусаў. П'ючы, грэкі яго разводзілі вадою ў прапорцыі дзве часткі віна на тры часткі вады, але часам і не прытрымліваліся гэтага ў залежнасці ад гатунку віна і трываласці бяседнікаў. Рабам прызначалася віно паўторна выціснутае — з вінаградных жамерынаў.

У антычныя часы віно шырока ўжывалася як пітво для лепшай страўнасці, а таксама ў культавых і лячэбных мэтах.

...вылівалі ў ахвяру малака... — каб улесціць багоў, грэкі лічылі, што павінны дзяліцца з імі часткаю свайго набытку, а таму рабілі ахвяраванні багам і ўзліванні — з віна, ці малака, ці вады з малаком, ці алею.

Пры кожным банкеце напачатку ў гонар бога ўзлівалі неразведзенага віна. Пасля з кожнага кубка ўзлівалася таксама некалькі кропляў у гонар таго ці іншага бога. Рабілі ўзліванне таксама пры адыходзе, звычайна ў гонар Гермеса, бога дарог, — нешта на ўзор беларускага развітальнага тоста — «на рукавіцы».

Філет — ад грэцкага слова «філео» — «люблю, кахаю».

...ні лебедзь, калі ён стары, як я... — Старажытныя грэкі лічылі, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці: прадчуваючы смерць, ён узнімаецца ўгору і пяе найпрыгажэйшую з песень. Адсюль і выраз «лебядзіная песня» — апошні найбольш значны твор.

Кронас — паводле старажытнагрэцкай міфалогіі, сын Урана (Неба) і Геі (Зямлі), які, скінуўшы бацьку, запанаваў над светам; бацька і папярэднік Дзеўса (гл. заўвагу).

Амарыліс — у перакладзе значыць «чырвоная лілея».

Эхо — у старажытнагрэцкай міфалогіі чорная німфа, увасабленне рэха, што чуваць у гарах і цяснінах.

Паводле аднае версіі, самааддана і без узаемнасці закахалася ў Нарцыса, сына рачнога бога, уся высахла і зрабілася нявіднаю, ад яе астаўся адзін голас.

Паводле другое версіі, раўнівая Гера, расшукваючы сярод німфаў свайго памаўзлівага мужа, была затрымана доўгімі размовамі Эхо і, раззлаваўшыся, жорстка пакарала яе за гэта — тая перастала гаварыць і магла толькі паўтараць канчаткі сказаных у яе прысутнасці слоў. Яшчэ адну версію міфа пра Эхо гл. кн.ІІІ, раздзел 23.

Метымнейуы — жыхары Метымны, найбольшага пасля Мітылены горада на выспе Лесбасе.

...карабель жа ваяводы вёў дэльфін... — У старажытных грэкаў былі пашыраны павер'і пра дальфінаў як разумных істот, што спагадаюць людзям на моры, засцерагаюць іх перад бураю, паказваюць ім дарогу і г.д.

...зрабіўшы з зялёнага лісця ложа... — Старажытныя грэкі банкетавалі не седзячы, а лежачы на баку.

...прапяяў яму адзін сіцылійскі казапас... — Згадка пра сіцылійскага пастуха невыпадковая: старажытнагрэцкая ідылічная паэзія якраз і ўзнікла ў Сіцыліі.


Кніга трэцяя
...ні нават скіфскі снег... — Землі на поўнач ад Чорнага мора, якія насялялі скіфы, у антычнай літаратуры служылі за прыклад марозных і снежных краёў.

...злавесныя птушкі... — старажытны грэк жыў увесь час сярод вешчых знакаў. Конь захроп па дарозе ў горад, скрыпнуў адметна воз ці мацней падзьмуў вецер і г.д. — усё нешта наперад казала яму пра тое, што мела адбыцца.

Было больш за дзесятак розных відаў варажбы: алектрыямантыя (як паводзяць куры пры ядзе), іхтыямантыя (як плаваюць у вадзе рыбы), пірамантыя (як гарыць агонь), гідрамантыя (як цячэ вада), кледанамантыя (якія міжвольныя рухі ў чалавека, у якім вуху зазвінела, як ён чхнуў), хірамантыя і г.д. Сярод іх ці не першае месца займала арнітамантыя — варажба па палёце птушак.

Ужо з'яўленне тых ці іншых птушак было для старажытнага грэка добрым або ліхім знакам, бо птушкі, асабліва драпежныя, неслі людзям волю багоў. Арол — Дзеўсаву, ястраб, крумкач — Апалонаву, варона, сава, чайка, чапля — Афініну, дзяцел — Арэсаву. Разабрацца ў прарочых складанасцях мог толькі спецыяльны варажбіт. Стаўшы тварам на поўнач, ён сачыў, з якога боку падляталі птушкі. З правага боку — вяшчалі спагаду багоў, з левага — іх непрыхільнасць. Мелі значэнне не толькі кірунак, але вышыня, хуткасць лёту, уклад ног, крык (умелы варажбіт мог адрозніць шэсцьдзесят чатыры адценні крыку крумкача), і з усяго гэтага выводзілася канчатковае меркаванне.

Таямніцы варажбы перадаваліся вусным спосабам — ад бацькі да сына.

Іакх — боства нявысветленага паходжання; часта атаясамлівалася з Дыянісам.

«Эвоэ!» — культавы ўсклік на святкаваннях Дыяніса.

Ітыс — паводле старажытнагрэцкага міфа, сын фракійскага цара Тэрэя і афінскай царэўны Прокны.

Тэрэй, здрадзіўшы з жончынай сястрою Філаменаю, выразаў ёй язык, упэўнены, што цяпер яго Прокна ніколі не даведаецца пра здраду. І тады Філамена выткала дыван, на якім паказвала, што з ёю ўчыніў Тэрэй. Сёстры ў помсту цару забілі Ітыса. А пасля, баючыся кары, упрасілі вярхоўнага Дзеўса абярнуць іх у птушак. І цяпер штовясны яны, ужо салавей і ластаўка, пяючы, аплакваюць няшчасную Ітысаву долю. Тэрэй жа быў абернуты ў ястраба ці ва ўдода (розныя варыянты міфа).

Мэліі — німфы, якія нарадзіліся з зямлі, акропленай крывёю Ўрана.

Дрыяды — драўляныя, г.зн. лясныя німфы.

Гэлеі — балотныя німфы.

...дбае іншы бог... — гэта значыць Эрас.

Драхма — «жменя», старажытнагрэцкая мера вагі (4,366 г) і сярэбраная манета. Такія грошы — тры тысячы драхмаў — рабілі адразу Дрыяса заможным.

...выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе... — Згаданы тут спосаб малацьбы палягаў на тым, што валы цягнулі па калоссі (грэкі зжыналі толькі каласы, салома аставалася на полі і ішла на ўгнаенне — яе спальвалі) драўляныя дошкі даўжынёю два з палавінай метры з замацаванымі знізу жалезнымі зубамі ці вострым каменнем. Часам паганяты сам станавіўся на дошкі, каб абцяжарыць іх. Пустое калоссе адкідвалася віламі з трыма зубамі, пасля чаго збожжа веялі на ветры драўлянымі шуфлікамі накшталт вясла (сіты ўжываліся рэдка).

Горы — багіні пораў года, яснага надвор'я, ураджаю, юнацтва і красы; спадарожніцы багоў, пераважна Афрадыты.

Афрадыта — багіня кахання і красы, маці бога кахання Эраса. Паводле адной версіі міфа, дачка Дзеўса і Дыёна, паводле другой — нарадзілася з марскіх хваль і зефірам пасля была перанесена на выспу Кіпр (адсюль яе эпітэт Кіпрыда). Платон адрозніваў Афрадыту Ўранію (Нябесную) — увасабленне кахання і Афрадыту звычайную — увасабленне цялеснага, пажадлівага кахання. Мужам Афрадыты быў бог агню і кавальства кульгавы Гефест, якому яна здраджвала з Арэсам, богам вайны. Калі Гефест даведаўся пра гэта ад Геліяса, бога сонца, ён расставіў сеткі, якія і схапілі каханкаў у чуллівай паставе. Скліканыя Гефестам на месцы злаўчынку багі выказалі, аднак, замест абурэння захапленне цудоўнаю параю.

Тут, у аповесці, маецца на ўвазе спрэчка пра залаты яблык — «яблык разладу» — трох багінь — Афрадыты, Геры і Афіны.

...той жа быў пастух авечак... — Парыс.


Кніга чацвертая
Плетр — адна шостая стадыя, г.зн. каля 31 м.

Ахвярнік у антычныя часы знаходзіўся не ў сярэдзіне капліцы, а перад ёю.

Семела. — Міфы пра Дыяніса расказваюць, што ён нарадзіўся ад Дзеўса і яго каханкі Семелы. Дзеўсава жонка Гера, каб адпомсціць Семеле, прыняла выгляд яе карміліцы і ўзбудзіла ў яе жаданне пераканацца навочна, што яе каханы сапраўды бог, за якога ён сябе выдае, а таму папрасіла Дзеўса, каб ён з'явіўся перад ёю ва ўсёй боскай велічы з громам і маланкамі. Вымушаны клятваю, ён паўстаў перад ёю ў полымі перуноў, і смертная Семела не вытрымала нябеснага агню. Паміраючы, яна заўчасна нарадзіла Дыяніса, якога, аднак, уратаваў Дзеўс, уклаўшы сабе ў сцягно, а калі надышла пара, пусціў яго на свет.

Арыядна — дачка крыцкага цара Мінаса, якая дапамагала Тэсею забіць страшыдла Мінатаўра; яму афіняне мусілі пасылаць штогод ганебную даніну — сем хлопцаў і сем дзяўчат. Яна дала каханаму клубочак нітак, які і вывеў Тэсея з лабірынта, дзе жыў Мінатаўр і адкуль ніхто дагатуль з-за дзіўна заблытаных калідораў не мог знайсці выйсця (адсюль выраз «нітка Арыядны»). Тэсей пасля ўцёк з каханай на выспу Наксас, дзе пакінуў яе, калі яна спала. Там яе знайшоў Дыяніс і ажаніўся з ёю.

Лікург — фракійскі цар, які забараняў святкаванне вакханалій. Разгневаны Дыяніс зняволіў яго ў пячоры.

Пентэй — малады фіванскі цар, які таксама выступаў супраць вакханалій. Дыяніс за гэта пазбавіў розуму яго маці, і тая, прыняўшы свайго сына за дзікага звера, разам з яго сёстрамі і іншымі вакханкамі разарвала яго.

...пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў... — Паводле міфаў, Дыяніс, ідучы на Ўсход, пакарыў Індыю. Маракоў-піратаў, якія хацелі схапіць і прадаць у няволю Дыяніса, што пад выглядам прыгожага дзецюка пераплываў з імі на караблі праз Эгейскае мора, ён абярнуў у дэльфінаў. Тырэнія, ці Этрурыя — вобласць у Італіі.

Эўдрам — грэцкае імя, якое можна перакласці: «хуткі ў бегу».

Марсій — сатыр, які, знайшоўшы кінутую Афінаю флейту, адважыўся спаборнічаць у ігры з Апалонам, але быў пераможаны. Абражаны Апалон садраў з яго скуру і павесіў у пячоры. Гэтая скура нібы трымцела з радасці, калі ігралі на флейце.

Парасіт — прафесійны нахлебнік. Ці не каля кожнай багатай сям'і ўвіваўся такі дзяньгуб, які, забаўляючы гаспадара, жыў на яго кошт.

...духмянае лесбаскае віно... — Лесбаскае віно славілася сваім водарам і слодыччу.

Дэметра — дачка Крона і Рэі, багіня-апякунка земляробаў; у мастацтве яе паказвалі са снапом у руках, ёй прысвячалася свята ўраджаю.

Лаамедант — цар Троі, Прыямаў бацька; Апалон у яго на працягу года пасвіў статак у пакаранне за забойства.

Хітон — у старажытных грэкаў вузкая кашуля без рукавоў, якая надзявалася на голае цела; хламіда — шырокі плашч, яго накідвалі паверх хітона.

Анхіс — малаазійскі цар, у якога, калі ён аднаго разу пасвіў статак, закахалася Афрадыта. Багі, разгневаўшыся на Афрадыту за тое, што яна ўвесь час спасылае ім каханне да людзей, а сама ні разу не кахала смертнага, прымусілі яе закахацца ў Анхіса, ад яго і нарадзіўся ў яе Эней. Афрадыта забараніла Анхісу раскрываць таямніцу іх кахання, але Анхіс не ўтрываў і за гэта быў скалечаны маланкаю.

Бранх — прыгожы, малады пастух, улюбёнец (паводле іншых міфаў, сын) Апалона, які абдарыў яго ўменнем прадбачыць будучыню.

Ганімед — фрыгійскі (траянскі) царэвіч, сваёю красою так моцна ўразіў Дзеўса, што быў выкрадзены Дзеўсавым арлом (або самім Дзеўсам, які перакінуўся ў арла) і ўзнесены на Алімп; там цар багоў зрабіў яго сваім віначэрпам.

Мойры — багіні лёсу; паводле міфа, іх тры: адна прадзе нітку жыцця, другая вымае, не гледзячы, лёс, што выпаў чалавеку, трэцяя абцінае нітку жыцця.

Харэгія — абавязак, які ўскладаўся на багатага грамадзяніна — на свой кошт наняць, адзець і навучыць хор да свята.

Трыерархія — выправа за свой кошт трыеры для дзяржавы; трыера — судна з трыма радамі весляроў.

Філапемен — па-старажытнагрэцку значыць «той, хто любіць пастухоў», «пастухалюб», а Агела — «чарада», «атара».


Перлы рамана
Маналог Хлоі (І, 14)

Слоўная сутычка Доркана і Дафніса (І, 16)

Маналог Дафніса (І, 18)

Лета (І, 23)

Дафніс разглядвае сонную Хлою (І, 25)

Казка пра туркаўку (І, 27)

Эрас у садзе (ІІ, 4-6)

Сіла кахання (ІІ, 7)

Абвінавачванне Дафніса (ІІ, 15)

Дафнісава скарга (ІІ, 22)

Панічны страх (ІІ, 25)

Казка пра Сірынгу (ІІ, 34)

Мім (ІІ, 37)

Дафнісава размова з самім сабою (ІІІ, 6)

Размова Дафніса і Хлоі ўзімку на дварэ (ІІІ, 10)

Вясна (ІІІ, 12)

Казка пра Эхо (ІІІ, 23)

Яблык кахання (ІІІ, 33)

Плач па спустошаным садзе (ІV, 8)

Гнатанава скарга (ІV, 16)

Хлоіны нараканні (ІV, 27)

Пастушынае вяселле (ІV, 38)

Апулей Метамарфозы, цi Залаты асёл

КНIГА ПЕРШАЯ

1. Вось я хачу збаяць табе, чытач, розныя мiлецкiя казкi, якiя павiнны пацешыць твой слых прыемным лепятаннем, калi толькi ты пажадаеш зiрнуць на эгiпецкi папiрус, спiсаны завостранай нiльскай трысцiнкай. Ты надзiвуешся з ператварэнняў людзей у iншыя формы iснавання i з вяртання iх у свой папярэднi стан. Я пачынаю. "Але хто ён такi?" — запытаеш. Паслухай, раскажу коратка.

Антычная Гiмета, Эфiрэйскi перашыек i Спартанская Танара, землi шчаслiвыя, бессмяротныя праз яшчэ шчаслiвейшыя кнiгi — гэта мая старасвецкая радзiма. Тут авалодаў я атыцкай гаворкай, i гэта з'явiлася першай заваёвай майго дзяцiнства. Пасля таго я прыбыў у Лацiум i з вялiкiмi цяжкасцямi, без нiякай дапамогi адолеў родную мову квiрыдаў. Дзеля гэтага ў першую чаргу прашу мне прабачыць, калi ў маiм стылi сустрэнуцца iншамоўныя або простанародныя звароты.

Але ж гэтыя чаргаваннi гаворак адпавядаюць здольнасцi iмгненных ператварэнняў, пра якiя я наважыў напiсаць. Пачынаем грэцкую казку.

Увага, чытач, будзеш задаволены.

2. Аднойчы ехаў я па справах у Фесалiю, адкуль родам была мая мацi i дзе наш род быў у пашане, бо паходзiў ён ад знакамiтага Плутарха праз ягонага пляменнiка фiлосафа Секста.

Ехаў я на мясцовым белым канi, а калi ён, мiнуўшы горныя крутасцi, спускi ў далiны, росныя лугi i ўробленыя палi, змарыўся, а мне ад доўгага сядзення захацелася выпрастаць ногi, тады я спешыўся, абцёр потнага каня лiстамi, пагладзiў яго па вушах, адпусцiў вуздэчку i павёў, каб даць яму магчымасць натуральным спосабам аблягчыць свой стомлены страўнiк. I калi мой конь, згiнаючы галаву, саскубваў траву на сенажацi, уздоўж якой ступаў, я дагнаў двух спадарожнiкаў, што iшлi недалёка перада мной. I перш чым даведацца, аб чым яны гутараць, я пачуў, як адзiн з iх, рассмяяўшыся, кажа:

"Змоўкнi i пазбаў мяне ад гэтых казак, наколькi недарэчных, настолькi пустых".

Пачуўшы гэта, я, ахвотны да ўсякiх навiн, кажу:

"Наадварот, працягвай. Дазвольце i мне ўдзельнiчаць у вашай гутарцы. Я не ад цiкаўнасцi, а хачу ведаць, калi не ўсё, дык чым найбольш, прытым прыемнае i забаўнае апавяданне палегчыць нам узыход на круты пад'ём".

3. Той, што пачаў, адказвае: "Ну! Усе гэтыя выдумкi так падобныя да праўды, як бы нехта пачаў даказваць, што магiчныя нашапты могуць прымусiць быстрыя рэкi плысцi назад, мора суцiшыцца, вецер спынiцца, сонца не рухацца, месяц затуманiцца, зоры падаць, дзень знiкнуць, ноч падоўжыцца".

Тады я кажу больш упэўнена: "Ты, што пачаў апавяданне, канчай яго, будзь ласкаў, калi табе не надакучыла". А пасля другому: "А ты, заткнуўшы вушы, адмаўляеш тое, што можа быць праўдай. Клянуся Геркулесам, ты сабе не ўяўляеш, што толькi прадузятасць змушае нас прымаць за махлярства тое, што новае для слыху, цi незвычайнае для вока, або недаступнае нашаму разуменню. А калi прыгледзецца лепей, дык можна ўбачыць, што ўсё гэта цалкам зразумелае i нават лёгкае ў выкананнi.

4. Вось, напрыклад, яшчэ ўчора вечарам, калi мы з сябрам елi навыперадкi пiрог з сырам i я захацеў глынуць трохi большы, чым звычайна, кавалачак, раптам мяккая i лiпучая ежа завязла ў мяне ў горле i так заняло мне дых, што я ледзь не памёр. А вось нядаўна ў Афiнах каля Пярэстага порцiка бачыў я на свае вочы, як фокуснiк глытаў вастрыём унiз найвастрэйшы баявы меч. А пасля таго за мiзэрныя грошы ўваткнуў сабе ў кiшкi вострым канцом паляўнiчую пiку. I вось на акуты канец перавернутай пiкi, якая вытыркала з горла фокуснiка, ускочыў прыгожы хлапчук i, усiм надзiва, пачаў выкручвацца ў танцы, быццам быў без сухажылляў i без касцей. Сапраўды, спрытней не магла абвiцца вакол палкi з абсечанымi сукамi змяя бога лекараў. Аднак даволi! Закончы, прашу цябе, сябра, тую гiсторыю, якую ты пачаў. Калi твой таварыш не хоча верыць, дык я паверу за двух i ў першай сустрэчнай харчоўнi пачастую цябе снеданнем. Вось такую атрымаеш узнагароду".

5. А ён адказвае: "Прапанову вашу лiчу справядлiвай i добрай, але мне давядзецца нанова пачаць сваё апавяданне. Дык перш паклянуся вам Сонцам, гэтым богам, якi ўсё бачыць, што расказ мой праўдзiвы i дакладны. I вы самi пераканаецеся ў гэтым, як увойдзеце ў блiжэйшы Фесальскi горад; там гавораць пра гэта ўсе, бо ўсе гэта бачылi. Аднак дазвольце перш сказаць вам, хто я такi i адкуль родам. Завуся я Арыстамен i паходжу з Эгiны. Паслухайце таксама, з чаго я жыву: езджу я ў розных кiрунках па Фесалii, Этолii i Бэоцыi з мёдам, сырам i iншым таварам для карчмароў. Даведаўшыся аднойчы, што ў Гiпаце, найбуйнейшым горадзе Фесалii, прадаецца нядорага смачны i свежы сыр, я падаўся туды, каб закупiць яго ўвесь. Аднак, як гэта нярэдка здараецца, трапiў туды благiм часам, i надзеi на заработак мяне ашукалi. Напярэдаднi ўсё закупiў гандляр Лупус.

Стомлены дарэмнай спешкай, вырашыў я схадзiць вечарам у лазню.

6. Раптам бачу свайго сябра Сакрата! Ён сядзеў на зямлi, акрыты толькi напалову нейкiм старым парваным плашчом, амаль не падобны да самога сябе — так адмянiлi яго беднасць i худзiзна. Ён стаў падобным да тых пасынкаў лёсу, якiя сядаюць на скрыжаваннях вулiц i просяць мiласцiну. Хоць я добра яго знаў i вельмi з iм дружыў, але, убачыўшы ў гэткiм стане, засумняваўся i падышоў блiжэй. "Сакрат, — кажу, — што з табой? Што ў цябе за выгляд? Што за мiзэрны стан? А ўдому ж цябе ўжо аклiкалi памерлым i аплакалi. Паводле загаду суддзi правiнцыi дзецям тваiм прызначаны апекуны, а твая жонка, пасля памiнкаў ад бясконцага жалю i гора ледзь не выплакаўшы вачэй, ужо чуе ад родзiчаў прапановы развесялiць дом радасцю новага шлюбу. I раптам бачу цябе тут, на нашу надзвычайную ганьбу, прывiдам з таго свету!"

"Арыстамен, — адказаў ён, — сапраўды, не ведаеш ты каварства лёсу, яго нетрывалай ласкi i зменлiвасцi". Сказаўшы гэта, прыкрыў сваё даўно пачырванелае ад сораму аблiчча палатаным i падзёртым плашчом, адхiнуўшы частку цела ад пупа да адзнакi прыналежнасцi да мужчынскага полу. Я не мог глядзець на гэты жаласны стан майго сябра, падаў яму руку i памог падняцца на ногi.

7. Аднак ён, як быў з накрытай галавой, кажа: "Пакiнь, няхай лёс удосталь нацешыцца з ахвяры, якую стварыў на здзек".

Я змушаю яго iсцi са мной, хутка апранаю цi, дакладней сказаць, прыкрываю ягоную галiзну адной з дзвюх маiх апратак, якую зняў з сябе, i вяду яго ў лазню. Там старанна рыхтую мазi i нацiраннi, здымаю з яго вялiкi слой бруду i, як след вымыўшы, сам вельмi стомлены, вяду яго, падтрымоўваючы, да сябе, саграю пасцеляй, частую ежай, падмацоўваю келiхам, забаўляю гутаркай.

Ужо пачаў ён размаўляць i жартаваць, ужо пайшлi жарты i кпiны, хоць i нясмелыя, ды раптам, цяжка з глыбiнi грудзей уздыхнуўшы, ён моцна стукнуў сябе кулаком па лобе i выкрыкнуў:

"О я няшчасны! Захапiўшыся гладыятарскiмi вiдовiшчамi, што тады вельмi славiлiся, у якiя ж я заблытаўся беды! Як табе вядома, прыехаўшы ў Македонiю па даходнай справе, якая мяне там затрымала больш як на дзевяць месяцаў, я накiраваўся назад з даволi ладным набыткам. Калi быў ужо недалёка ад Ларысы, дзе мне хацелася пабачыць гладыятарскiя вiдовiшчы, у самотнай глыбокай цяснiне напалi на мяне разбойнiкi. Яны забралi ўсё, удалося толькi выратаваць жыццё. У такiм адчайным стане падаюся я да старой, але яшчэ бадзёрай удавы, карчмарыхi Мярое. Расказваю ёй, чаму так доўга не быў дома, пра тое, як вяртаўся i як быў абрабаваны. Яна спачувальна праслухала ўсю маю гiсторыю, накармiла дарма добрай вячэрай i ўрэшце, пабуджаная пажадлiвасцю, узяла мяне да сябе ў ложак. I вось маё няшчасце гатова! З гэтага часу не магу ад яе адчапiцца. Усадзiў у яе ўсё: i лахманы, якiя мне пакiнулi бандыты, i грошы, якiя зарабляў, працуючы грузчыкам, калi была яшчэ сiла, аж пакуль гэта добрая жанчына i нядоля не давялi мяне да гэтага стану, у якiм ты мяне толькi што бачыў".

8. "Клянуся Геркулесам! — сказаў я. — Ты цалкам гэтага заслугоўваеш, а мо яшчэ большага, калi можа быць большае няшчасце, чым дзеля распуснiцы i яе ласкаў вырачыся дому i дзяцей!"

Але ён спалохана прыставiў палец да вуснаў. "Маўчы, — кажа, — маўчы!" А сам азiраецца, цi хто не пачуў. "Сцеражыся, — кажа, — жанчыны-чараўнiцы, бо можаш сабе непаўстрыманым языком наклiкаць бяды". "Так? — запытаўся я насмешлiва, — што ж гэта за жанчына, твая карчмарка, уладарнiца i каралева?"

"Яна ведзьма i чараўнiца, — адказвае ён, — яна можа неба апусцiць, зямлю падвесiць, ручаi зрабiць цвёрдымi, горы расплавiць, нябожчыкаў узняць, багоў звесцi, зоркi патушыць i нават тартар асвятлiць!" "Даволi, — кажу, — апусцi гэту трагiчную заслону i складзi сваю тэатральную шырму, гавары па-людску".

"Хочаш, — пытаецца, — пра адну, пра дзве, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклiкаць любоў да сябе не толькi жыхароў гэтага краю, але Iндыi, абедзвюх Эфiопiяў i нават антыхтонаў — ёй глупства, дзiцячыя забаўкi! Але паслухай, што яна зрабiла на вачах у многiх людзей.

9. Свайго палюбоўнiка, якi асмелiўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калi яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрывае свае палавыя органы. Яна спадзявалася, што i з iм, за тое, што панёс каханне набок, здарыцца нешта падобнае. Суседняга карчмара, свайго канкурэнта, ператварыла ў жабу. I вось цяпер гэты стары запрашае сваiх даўнейшых клiентаў хрыплым кваканнем, плаваючы ў вiннай бочцы. Аднаго юрыста, якi выказаўся супраць яе, зрабiла бараном, i вось той так бараном i вядзе справы. А яшчэ: жонка аднаго яе палюбоўнiка аднойчы яе аблаяла, а сама была цяжарная, дык тая зачаравала яе на вечную цяжарнасць, стрымаўшы зародак i замкнуўшы ёй чэрава. Кажуць, што ўжо восем гадоў ходзiць тая бядачка з вялiзным жыватом, быццам павiнна нарадзiць слана.

10. Гэта апошняе злачынства i зло, якое працягвала яна прычыняць людзям, выклiкалi агульнае абурэнне, дык было пастаноўлена аднаго дня набiць яе назаўтра каменнем. Аднак яна сiлай заклiнанняў разбурыла гэты план помсты. Як тая славутая Медэя, выпрасiўшы ў Крэонта адзiн дзянёк адтэрмiноўкi, усю яго сям'ю, i дачку, i самога старога спалiла полымем ад свайго вянка, так i гэта, правёўшы над ямай пахавальныя маленнi (як мне аднойчы сама, будучы ў хмелi, расказала), пры дапамозе тайнага гвалту над багамi ўсiх жыхароў замкнула ў iхнiх памяшканнях так, што два днi не маглi яны нi збiць замкоў, нi дзвярэй выламаць, нi нават сцен прасекчы, аж пакуль з агульнай згоды не пачалi прасiцца, кленучыся, што не толькi не зробяць ёй благога, але нават дапамогуць ёй, калi хто-небудзь супроць яе выступiць. На гэтых умовах яна злiтавалася i горад вызвалiла. А пачынальнiка гэтай задумы глухой ноччу запёртага, як ён быў, з усiм домам, сценамi, з грунтам, з падмуркам перанесла за сто мiль у другi горад, змешчаны на вяршынi крутой гары i дзеля таго цалкам бязводнай. А калi выявiлася, што там будынкi мясцовых жыхароў стаялi вельмi шчыльна i не было яму месца, дык кiнула дом перад гарадской брамай i вярнулася дамоў".

11. "Дзiўныя ты мне, — кажу, — Сакрат, i не меней жудасныя справы расказваеш, ажно ўвагнаў мяне ў неспакой, а нават страх, каб твая старая, выкарыстаўшы паслугi якога-небудзь бажка, не даведалася пра нашу гутарку. Давай хутчэй ляжам спаць i, адпачыўшы, яшчэ да свету выберамся адгэтуль чым найдалей!"

Я яшчэ прадаўжаў свае разважаннi, а мой добры Сакрат ужо спаў i хроп, стамiўшыся за дзень i выпiўшы вiна, ад якога адвык. Тады я замыкаю пакой, правяраю засаўкi, шчыльна прыстаўляю ложак да дзвярэй, каб загарадзiць уваход, i кладуся. Спярша ад страху не сплю даволi доўга, а пасля каля трэцяй варты вочы пачынаюць памалу злiпацца.

Ледзь толькi я заснуў, як раптам з такiм грукатам, што i разбойнiкi не нарабiлi б, дзверы расхiнулiся цi, правiльней кажучы, былi вывернутыя i сарваныя з крукоў. Мой ложак, кароценькi, гнiлы i трохногi, валiцца ад гэтага напору на мяне i, ляжачага на зямлi, цалкам сабой прыкрывае.

12. Тут я зразумеў, што некаторыя ўражаннi выклiкаюць супярэчлiвыя паслядоўнасцi. Як часта бываюць слёзы ад радасцi, так вось i я, ператварыўшыся з Арыстамена ў чарапаху, у такiм жахлiвым становiшчы не мог паўстрымацца ад смеху. А покуль што ляжу на зямлi пад сваiм ложкам i крадком гляджу, што будзе далей. Бачу дзвюх пажылых жанчын. Адна з iх нясе запаленую лямпу, а другая губку i аголены меч. Вось яны спыняюцца каля Сакрата, якi моцна спаў. Пачынае тая, што з мячом: "Вось, сястра Панцiя, мой дарагi Эндзiмiён, мой падчашы, якi днi i ночы цешыўся маiмi маладымi гадочкамi, той, што маiм каханнем пагарджаў i не толькi мяне чарнiў, але i задумаў навек ад мяне ўцячы. А я, значыцца, як тая хiтрым Улiсам пакiнутая Калiпса, буду аплакваць вечную адзiноту". А пасля, прасцёршы руку i паказваючы сваёй Панцii мяне, працягвала: "А вось добры дарадчык, Арыстамен, што падбiў яго на ўцёкi, якi ледзь жывы ляжыць цяпер на зямлi, з-пад ложка пазiрае на нас i спадзяецца застацца непакараным за нанесеную мне абразу! Але я паклапачуся, каб ён неўзабаве, ды не! зараз жа, нават у гэтую хвiлiную атрымаў кару за ўчарашнюю балбатню i за сягонняшнюю цiкавасць!"

13. Пачуўшы гэта, я аблiўся халодным потам, i ўсё маё нутро закалацiлася, ажно да маiх неспакойных дрыжыкаў ложак затанцаваў на маёй спiне. А добрая Панцiя кажа: "А чаму б нам, сястра, перш за ўсё не растрыбушыць яго, як гэта робяць вакханкi, або, звязаўшы рукi i ногi, не вылегчаць?" У адказ ёй Мяроя (угадаў цяпер яе iмя, бо з расказаў Сакрата можна было здагадацца) адказвае: "Не, пакiнем яго жывога, каб было каму жменяй пяску засыпаць цела гэтага няшчаснага". I, павярнуўшы Сакратаву галаву, убiла яму ў левы бок шыi свой меч аж па дзяржальна, а кроў, што выцякала, старанна сабрала ў прыстаўленую да раны торбачку так, каб нi адна кропля не магла ўпасцi. Я гэта бачыў на свае вочы.

Пасля, думаю, дзеля таго, каб не прапусцiць нiчога з абраду ахвяравання, добрая Мяроя, запусцiўшы правую руку глыбока ў рану аж да вантробаў, пакапалася там i выняла сэрца майго няшчаснага сябра. З яго рассечанага горла вырваўся нейкi невыяўны хрыпаты гук, i Сакрат выпусцiў дух. Затыкаючы тую раскрытую рану губкай, Панцiя сказала: "Бойся, губка, народжаная ў моры, перапраўляцца праз раку".

Пасля гэтага, адсунуўшы ложак i расставiўшы нада мною ногi, яны пачалi мачыцца, аж пакуль усяго мяне не залiлi смярдзючай мачой.

14. Як толькi яны пераступiлi парог, бачу, падымаюцца дзверы на сваё ранейшае месца, становяцца ў шулы i гнёзды, засаўкi вяртаюцца на свае месцы. А я як быў, так i застаўся распасцёрты на зямлi, амаль без дыху, голы, змерзлы, залiты мачой, як быццам толькi што выйшаў з чэрава мацi, або паўмёртвы, якi перажыў самога сябе, цi злачынец, якому ўжо падрыхтавана шыбенiца.

"Што, — сказаў я, — будзе са мной, як заўтра рана людзi ўбачаць гэтага зарэзанага? Хто паверыць мне, хоць я i буду гаварыць праўду?" "Няхай бы, скажуць, — клiкаў на дапамогу, калi ты такi здаравенны мужчына не мог справiцца са старой бабай. На тваiх вачах рэжуць чалавека, а ты маўчыш! Чаму ж ты сам не загiнуў пры гэтым? Чаму лютая жорсткасць злiтавалася над сведкам злачынства i даносчыкам? Аднак хоць ты пазбегнуў смерцi, але далучайся да свайго сябра!"

Зноў i зноў прыходзiлi мне ў галаву такiя думкi, а тым часам ноч наблiжалася да ранiцы. Найлепш, здалося мне, яшчэ перад свiтаннем выбрацца крадком i пусцiцца ў дарогу. Бяру свой клунак i, уставiўшы ў адтулiну ключ, стараюся адсунуць засаўку. Аднак гэтыя пiльныя дзверы, якiя ўночы самi адчынялiся, толькi пасля доўгага важдання з ключом вельмi неахвотна далi мне дарогу.

15. Я крыкнуў: "Гэй, ёсць там хто? Адчынiце мне брамку ад двара, я хачу перад свiтаннем выйсцi!"

Вартаўнiк, якi спаў пры браме на зямлi, спрасонку кажа: "Цi ты не ведаеш, што на дарогах неспакойна ад разбойнiкаў? Чаму выпраўляешся ўночы ў дарогу? Калi на тваiм сумленнi цяжкi грэх, што ажно хочаш памерцi, дык i ў нас жа галовы не гарбузы, каб праз цябе памiраць!"

"Хутка, — кажу, — будзе свiтаць. Ды што могуць адабраць разбойнiкi ў такога беднага вандроўнiка? Цi ж ты, дурань, не ведаеш, што голага абабраць нават дзесяцi асiлкам не ўдасца?"

На гэта ён, засынаючы i павярнуўшыся на другi бок, ледзь варушачы языком, балбоча: "Адкуль мне знаць, можа, ты зарэзаў свайго сябра, з якiм вечарам прыйшоў начаваць, i хочаш цяпер ратавацца ад адказнасцi ўцяканнем?"

Калi пачуў я гэта, мне здалося, што зямля расшчапiлася да самага тартара i галодны Цэрбер гатоў мяне растрыбушыць. Тады я зразумеў, што добрая Мяроя не з лiтасцi мяне не зарэзала, а з наўмыснай жорсткасцю пакiнула на ўкрыжаванне.

16. Вярнуўшыся ў пакой, я пачаў думаць, як мне развiтацца з жыццём. А паколькi лёс не даваў мне ў рукi нiякага прадмета смерцi, апроч ложка, дык я звярнуўся да яго: "Ложак мой, ложак, дарагi майму сэрцу, ты столькi са мной перацярпеў, ты ведаеш, што здарылася ўночы, аднаго цябе магу я назваць сведкам маёй невiнаватасцi. Зрабi мне лягчэйшаю дарогу ў пекла!" Гаворачы гэта, адрываю вяроўку, якая была там нацягнута, i, закiнуўшы яе i замацаваўшы за канец кроквы, што выступаў над акном, на другiм канцы раблю моцную пятлю. Узыходжу на ложак i на сваю загубу, высока падняўшыся, усоўваю ў тую пятлю галаву. Але, як толькi адштурхнуўся я нагой, каб пад цяжарам цела пятла зашмаргнулася каля горла i спынiла дыханне, раптам вяроўка, што была ўжо старая i гнiлая, абрываецца, i я валюся зверху на Сакрата, якi ляжаў побач, i, падаючы, разам з iм качуся на зямлю.

17. Якраз у гэту хвiлiну ўрываецца вартаўнiк i крычыць на ўсё горла: "Дзе ж ты падзеўся? Хацеў сярод ночы iсцi, а цяпер храпеш тут, ухутаўшыся!"

Тут Сакрат, разбуджаны цi нашым падзеннем, цi тым раз'юшаным крыкам вартаўнiка, ускочыў перш за мяне i кажа: "Нездарма ўсе пастаяльцы ненавiдзяць гэтых карчмароў! Вось нахабнiк урываецца сюды, каб, пэўна, што-небудзь стырыць i мяне стомленага будзiць з глыбокага сну сваiм гарлапанствам". Я весела i бадзёра ўскокваю, напоўнены нечаканым шчасцем, i выкрыкваю: "Ну глядзi, звышмудры вартаўнiк, цi забiты ён, мой верны спадарожнiк, мой брат, мой бацька! А ты ж сп'яна балбатаў, што я яго забiў!"

I з гэтымi словамi, абхапiўшы Сакрата за шыю, я пачаў яго цалаваць. Аднак назойлiвы смурод ад нечысцi, якой мяне тыя ламii залiлi, даў яму ў нос, i ён моцна мяне адпiхнуў. "Адчапiся, — кажа, — ты смярдзiш, як начны гаршчок!" I весела пачаў мяне распытваць, адкуль гэты смурод. А я, няшчасны, адмахнуўшыся так-сяк наспех прыдуманым жартам, бяру яго пад руку i кажу:

"Хадзем! Чаму б нам не скарыстаць для падарожжа ранiшнi халадок?" Забiраю свой клунак, i, расплацiўшыся з карчмаром, выпраўляемся ўдвух у дарогу.

18. Былi мы ўжо даволi далёка, калi ўзышло сонца i зрабiлася вiдна. Цяпер я ўважлiва разглядаў шыю майго сябра, тое месца, куды, як я сам бачыў, уваткнулi меч, i сам сабе падумаў: "Дурань, да чаго ж ты быў напiўся, калi табе прымроiлiся гэтакiя дзiвосы! Вось Сакрат цэлы i здаровы. Дзе яго рана? Дзе губка? I дзе нарэшце той свежы i глыбокi шрам?" Пасля кажу яму:

"Нездарма спрактыкаваныя медыкi лiчаць, што цяжкiя кашмарныя сны з'яўляюцца вынiкам абжорства i п'янства! Напрыклад, учора я лiшне разоў прыкладваўся да кубка, i вось была ў мяне жудасная ноч са страшнымi кашмарамi. Да гэтага часу мне здаецца, быццам увесь я залiты i апаганены людской крывёю". На гэта ён адказаў з усмешкай: "Не крывёю, а мачой! Ды i мне самому снiлася, быццам мяне зарэзалi. I горла балела, i здавалася, што сэрца з мяне выдзiраюць. Нават i цяпер духу не хапае i каленi трасуцца, крок вялы i на падмацаванне хочацца чаго-небудзь з'есцi!"

"Вось табе, — кажу, — снеданне!" I адначасова здымаю з плячэй свой ранец i падаю яму хлеб i сыр.

"Давай, — кажу яму, — сядзем тут пад гэтым платанам".

19. Мы селi i пачалi разам сiлкавацца. Гляджу я на яго, як ён прагна есць, i бачу, што рысы яго твару завастраюцца, твар смяртэльна бляднее i сiлы пакiдаюць яго. Жывы колер твару так адмянiўся, што мне здалося, быццам зноў наблiжаюцца да нас начныя фурыi, i ад страху адкушаны мною хоць i маленькi кавалачак хлеба засеў у мяне ў горле i не мог нi апусцiцца ўнiз, нi падняцца ўверх. На дарозе было мала прахожых, i мяне апанаваў страх. Хто ж паверыць, што забойства аднаго з двух падарожных адбылося без удзелу другога?

А мiж тым Сакрат, наеўшыся ўдосталь, адчуў смагу. Ён жа з'еў добрую палову дабрэннага сыру. Паводдаль ад платана працякала цiхая рэчка, падобная на стаў, што блiшчыць, як шкло або серабро.

"Вунь, — кажу, — праганi смагу жывой вадкасцю гэтай крынiцы". Ён устае, скiдае з сябе верхнюю вопратку, знаходзiць зручнае месца на беразе, становiцца на каленi i, нахiлiўшыся, прагна цягнецца да вады. Але, як толькi ён дакрануўся да плынi, рана на яго шыi адкрываецца, губка выпадае з яе, i разам з ёй i некалькi кропель крывi. Амярцвелае цела звалiлася б у ваду, каб я, схапiўшы за нагу, з вялiкай цяжкасцю не выцягнуў яго на высокi бераг. Тут я, аплакаўшы свайго няшчаснага спадарожнiка, засыпаў яго навек зямлёй. А сам у вялiкiм страху, трасучыся за сваю бяспеку, уцякаю i рознымi пустэльнымi i кружнымi шляхамi, быццам я сапраўды забiў чалавека, мiнаю радзiму i родны дом, добраахвотна зрабiўшыся выгнанцам. Цяпер, ажанiўшыся, зноў жыву ў Этолii".

20. Вось што расказаў Арыстамен.

Аднак ягоны спадарожнiк, якi з самага пачатку недаверлiва ставiўся да апавядання i не хацеў яго слухаць, сказаў:

"Няма большай выдумкi i бязглуздзiцы, чым гэтая мана!" Пасля звярнуўшыся да мяне: "I ты, з вопраткi i выгляду адукаваны чалавек, верыш гэтым казкам?"

"Я, — адказваю яму, — нiчога не лiчу немагчымым, i па-мойму, усяляк можа са смяротным чалавекам здарыцца. I са мной, i з табой, i з кожным iншым здараюцца дзiўныя i амаль неймаверныя справы, якiм, калi расказаць iх недасведчанаму, нiхто не паверыць. Але я клянуся Геркулесам, што гэтаму чалавеку веру i ўдзячны яму вялiкай удзячнасцю за тую асалоду, якую ён нам зрабiў цiкавай гiсторыяй. Я без натугi асiлiў гэту цяжкую i доўгую дарогу. Здаецца нават, што i конь мой цешыцца, што, не турбуючы яго, я да самых гарадскiх варот даехаў на сваiх вушах".

21. Тут закончылася наша падарожжа i разам з тым наша гутарка, бо абодва мае спадарожнiкi павярнулi ўлева да недалёкага хутара, а я, увайшоўшы ў горад, падышоў да першай, якая мне трапiлася, карчмы i пачаў распытваць пажылую гаспадыню. "Гэты горад, — кажу, — называецца Гiпата?" Яна пацвердзiла. "Цi не ведаеш ты Мiлона, аднаго з найбольш знатных тут людзей?" Яна засмяялася. "Сапраўды, — кажа, — найпершым грамадзянiнам тут лiчыцца Мiлон. Яго ж дом сама першы за гарадскiмi варотамi". — "Пакiнь жарты, добрая цётка, i скажы, калi ласка, што ён за чалавек i дзе жыве?" — "Бачыш, — кажа, — крайнiя вокны, што глядзяць на горад, а з другога боку побач брама на завулак выходзiць? Там гэты Мiлон i жыве. Гэта страшэнны багацей, набiты грашыма, але скупы да крайнасцi i ўсiм вядомы як чалавек сама подлы i крывадушны. Ён займаецца лiхвярствам, пад заклад золата i серабра дзярэ вялiкiя працэнты, адданы толькi нажыве, запёршыся ў сваёй хаце, жыве там з жонкай, якая раздзяляе з iм ягоную прагавiтасць. Ён трымае толькi адну служанку i заўсёды ходзiць, як жабрак". На гэта я, засмяяўшыся, падумаў: вось дык карысную i прадбачлiвую рэкамендацыю даў мне на дарогу Дамея. Да такога чалавека ён мяне накiраваў, у гасцiнным доме якога не трэба будзе баяцца нi чаду, нi кухоннага смуроду.

22. Дом аказаўся побач, я падыходжу i пачынаю стукаць i крычаць у наглуха зачыненыя дзверы. Нарэшце нейкая дзяўчына адзываецца. "Гэй, ты, — кажа, — чаго грукочаш у дзверы? Пад якi заклад хочаш узяць пазычку? Хiба ты адзiн не ведаеш, што, апроч золата i серабра, у нас нiчога не прымаюць?" "Пазыку? Ну не. Зыч мне, — кажу, — чаго-небудзь лепшага i хутчэй кажы, цi ўдому твой гаспадар?" "Вядома, — адказвае яна, — а навошта ён табе патрэбен?" "Я прынёс яму пiсьмо ад Дамеi з Карынфа". "Зараз далажу, — адказвае, — пачакай мяне тут". Сказаўшы гэта, зноў замкнула дзверы i пайшла. Праз некалькi хвiлiн адчынiла i кажа: «Запрашаюць».

Уваходжу i бачу, што гаспадар ляжыць наканапцы i збiраецца палуднаваць, а каля ягоных ног сядзiць жонка. Ён паказаў мне пустое крэсла. "Вось, — кажа, калi ласка". "Дзякую", — кажу i перадаю яму пiсьмо ад Дамеi. Хутка прачытаўшы яго, ён кажа: "Я ўдзячны майму Дамеi за тое, што ён прыслаў мне такога гасця!"

З гэтымi словамi ён загадвае жонцы адступiць мне сваё месца. Калi я пачаў сцiпла адмаўляцца, ён схапiў мяне за крысо. "Сядай, — кажа, — другiх крэслаў у мяне няма. Мы асцерагаемся злодзеяў i таму не набываем рэчаў у дастатковай колькасцi". Я выканаў ягонае жаданне. Тады ён кажа: "I па далiкатнай манеры трымацца, i па гэтай амаль дзявочай сцiпласцi я зрабiў вывад, што ты нашчадак высакародных продкаў, i мой Дамея ў сваiм пiсьме мне тое самае паведамляе. Дзеля гэтага, прашу, не грэбуй сцiпласцю нашай хацiны. Вось гэты пакой побач будзе табе досыць прыстойнай кватэрай. Будзь ласкавы, спынiся ў нас. Гонар, якi зробiш майму дому, узвысiць яго, а табе надарыцца магчымасць iсцi за слаўным прыкладам: задавальняючы сябе сцiплым памяшканнем, ты будзеш пераймаць Тэзея, знакамiтага цёзку твайго бацькi, якi не пагрэбаваў простай гасцiннасцю старой Гекалы. — I, паклiкаўшы прыслужнiцу, кажа: — Фацiда, забяры рэчы госця i палажы iх асцярожна ў той пакой. Пасля прынясi з каморы алею для нацiрання, ручнiк выцерцiся i ўсё iншае, а таксама звадзi майго госця ў лазню, бо ён стамiўся пасля такой далёкай i цяжкай дарогi".

24. Слухаючы гэтыя загады, я ўспомнiў пра характар i скупасць Мiлона i, маючы намер цясней з iм зблiзiцца, кажу: "У мяне ёсць усё неабходнае для падарожжа. I лазню я сам знайду. Галоўнае, каб мой конь, якi так усю дарогу стараўся, не быў галодны. Вось вазьмi, Фацiда, гэтыя грошы i купi за iх аўса i сена".

Калi рэчы былi зложаны ў маiм пакоi, я накiраваўся ў лазню, але перш трэба было паклапацiцца аб харчах, дык iду на рынак. Бачу шмат разложанай дабрэннай рыбы. Пачаў таргавацца, i замест ста нумаў мне адпусцiлi яе за дваццаць дынараў. Я ўжо збiраўся iсцi, ды нечакана сустракаю свайго сябра Пыфiя, з якiм калiсьцi вучыўся ў атыцкiх Афiнах.

Спярша ён досыць доўга не пазнае мяне, а пасля кiдаецца да мяне, абымае i сардэчна цалуе. "Ах мой Луцый, — кажа, — як доўга мы з табой не бачылiся, сапраўды, ад таго часу, як рассталiся з Клiцiем, нашым настаўнiкам. Што занесла цябе сюды?" "Заўтра, — кажу, — даведаешся, але што гэта? Цябе можна павiншаваць? Вось i лiкраты, i розгi — увесь чыноўнiчы набор!" "Харчамi займаемся, — адказвае, — i выконваем абавязкi эдзiла. Калi хочаш што купiць, дык магу быць карысным". Я адмовiўся, бо ўжо зрабiў запас рыбы на вячэру. Аднак Пыфiй, заўважыўшы кашолку, пачаў ператрасаць маю рыбу, каб лепш яе разгледзець, i пытаецца: "А па колькi ты плацiў за гэту дрэнь?" "Ледзь, кажу, — уламаў рыбака аддаць мне за дваццаць дынараў".

25. Пачуўшы гэта, ён хапае мяне за руку i зноў вядзе на рынак. "А ў каго купiў, - пытаецца, — гэта смецце?" Я паказаў старога, якi сядзеў у кутку. Тут ён накiнуўся на яго i пачаў распякаць бедака па-эдзiльску: "Так вы абыходзiцеся з нашымi сябрамi i наогул з усiмi прыезджымi! Прадаяце паршывую рыбу па гэтакай цане! Вы даведзяце гэты горад, кветку фесальскай вобласцi, што ён апусцее, як скала! Але дарма вам гэта не пройдзе! Ты даведаешся, як пад маiм кiраўнiцтвам абыходзяцца з ашуканцамi!" I, высыпаўшы з маёй кашолкi рыбу на зямлю, загадаў свайму памочнiку стаць на яе i растаптаць нагамi. Задаволiўшыся такой строгасцю нораваў, мой Пыфiй дазваляе мне iсцi i кажа: "Мне здаецца, мой Луцый, што гэтакая ганоба будзе гэтаму старому дастатковым пакараннем".

Здзiўлены i збянтэжаны гэтым здарэннем, кiруюся ў лазню, пазбаўлены дзякуючы дасцiпнай выдумцы свайго энергiчнага сябра i грошай, i вячэры. Памыўшыся, вяртаюся ў дом Мiлона i iду проста ў свой пакой.

26. Тут служанка Фацiда кажа: "Клiча цябе гаспадар". Ведаючы ўжо Мiлонаву паўстрыманасць, я ветлiва тлумачу, што, маўляў, дарожная стома больш патрабуе сну, чым ежы. Атрымаўшы такi адказ, ён сам уваходзiць i, абняўшы мяне, цягне да сябе. Я то адмаўляюся, то далiкатна ўпiраюся. А ён кажа: "Не выйду без цябе!" I клятвай пацвярджае гэтыя словы. Я неахвотна падпарадкоўваюся яго ўпартасцi, а ён зноў вядзе мяне да сваёй канапкi, усаджвае i пачынае: "Ну, як маецца наш Дамея? Як яго жонка, дзецi, хатнiя?" Расказваю пра ўсiх i кожнага паасобку. Распытвае дакладна пра мэты майго падарожжа. Усё грунтоўна яму расказваю. Старанна выпытвае пра мой родны горад, пра яго сама знакамiтых жыхароў, а ў канцы нават пра нашага ўладара, пакуль не заўважыў, што, вельмi змораны цяжкой дарогай, я ўтамiўся доўгай гутаркай i засынаю пасярод фразы. Замармытаўшы нешта незразумелае, нарэшце адпусцiў ён мяне ў спальню. Так пазбыўся я агiднага старога i яго балбатлiвага галоднага пачастунку, змораны сном, павячэраўшы не стравай, а толькi казкамi. Вярнуўшыся ў свой пакой, я аддаўся жаданаму сну.

КНIГА ДРУГАЯ

1. Як толькi ноч рассеялася i сонца прывяло новы дзень, я адначасова развiтаўся са сном i з ложкам. Чалавек я наогул неспакойны i бязмерна прагны да ўсяго небывалага i цудоўнага. Апынуўшыся ў цэнтры Фесалii, якая на ўсiм свеце славiцца як радзiма магiчнага майстэрства, трымаючы ў памяцi тое, што гiсторыя, расказаная добрым спадарожнiкам Арыстаменам, пачынаецца з гэтага горада, я з цiкавасцю аглядаў усё навокал, усхваляваны жаданнем, змяшаным з нецярплiвасцю. Любы прадмет у горадзе выклiкаў у мяне падазрэнне, i не было нi аднаго, якi б я прымаў за тое, чым ён быў сапраўды. Усё здавалася мне ператвораным зламыснымi намовамi ў iншы вiд. Нават камянi, па якiх я ступаў, здавалiся мне акамянелымi людзьмi, птушкi, спевы якiх слухаў, таксама людзьмi, толькi ўкрытымi пер'ем; дрэвы навокал гарадскiх сцен — таксама людзьмi, але прыкрытымi лiсцем; i крынiчная вада, здавалася мне, выцякала з людскiх целаў. Я ўжо чакаў, што статуi i карцiны пачнуць рухацца, сцены гаварыць, быкi i iншыя жывёлiны прарочыць, i з самога неба, з дзённага свяцiльнiка пачуецца раптам прароцтва.

2. Вось так усё наўкола разглядаю i ледзь не млею ад пакутлiвай цiкаўнасцi, аднак не бачу нiякай прыкметы хуткага здзяйснення сваiх спадзяванняў. Блукаю, як п'яны, з вулiцы ў вулiцу i незнарок трапляю на рынак. Тут я заўважаю нейкую даму, акружаную шматлiкiмi слугамi, i прыспешваю крокi, каб яе дагнаць. Багатая вопратка, упрыгожаная золатам i каштоўнасцямi, сведчыла, што гэта была знакамiтая матрона. Побач з ёй iшоў пажылы мужчына, якi, заўважыўшы мяне, крыкнуў:

"Клянуся Геркулесам, што гэта Луцый!" Ён абняў мяне i зараз жа пачаў шаптаць штосьцi матроне на вуха. "Чаму ж ты, — кажа, — сам не падыдзеш i не прывiтаешся са сваячкай?" "Я не асмельваюся, — адказваю яму, — вiтацца з жанчынамi, якiх не знаю". I ў той жа час, зачырванеўшыся i апусцiўшы галаву, адступаюся. Але тая, спынiўшы на мне свой позiрк, прамовiла: "Вось яна, высакародная сцiпласць дабрадзейнай Сальвii, яго мацi, ды i ва ўсiм яго выглядзе надзвычайнае да яе падабенства: адпаведны рост, стройнасць без хударлявасцi, не вельмi яркi румянец, светлыя кучаравыя валасы, блакiтныя зыркiя i блiскучыя вочы, зусiм як у арла, твар, адкуль нi глянь, — кветнiк маладосцi, чароўны i свабодны поступ".

3. "Я цябе, мой Луцый, — працягвала яна, — выняньчыла вось гэтымi рукамi. Бо як жа iнакш? Я не толькi сваячка, а i малочная сястра тваёй мацi. Абедзьве мы з роду Плутарха, адна была ў нас кармiцелька, i выраслi мы разам, як дзве сястры. Рознiца мiж намi толькi ў становiшчы: яна выйшла замуж за вельмi знакамiтага чалавека, а я за землеўласнiка. Я тая Бiрэна, iмя якой ты напэўна не раз чуў ад сваiх выхавальнiкаў i напэўна запамятаў. Прымi ж з даверам маю гасцiннасць, цi iнакш, лiчы мой дом сваiм". Перастаўшы ў часе гэтай прамовы чырванець, я адказваю: "Не будзе прыгожа, цётачка, без прычыны адмаўляцца ад гасцiннасцi Мiлона. Але я буду наведваць цябе так часта, як мне дазволяць мае справы. Iншым разам, калi б сюды нi прыехаў, нiдзе, апроч цябе, не спынюся".

Тым часам, абменьваючыся камплiментамi, мы апынулiся каля дома Бiрэны, якi быў за некалькi дзесяткаў крокаў.

4. У цудоўным атрыуме, у кожным з чатырох яго кутоў узнiмалася па калоне, упрыгожанай выявай багiнi з пальмавай галiнкай. Распусцiўшы крылы, багiнi заставалiся нерухомымi, i здавалася, што, ледзь дакранаючыся кволай ступнёй да няўстойлiвай апоры — рухомага шара, яны толькi на iмгненне спынiлiся на ёй i гатовыя зноў падняцца ў паветра. Сярэдзiну пакоя займала Дыяна, цудоўна высечаная з пароскага каменю, у вопратцы, якая, магло здацца, развявалася ў iмклiвым руху насустрач тым, што ўваходзяць, наводзячы iм сваёй велiччу пашану. З абодвух бакоў акружалi яе, таксама каменныя, сабакi. Вочы iх гараць, вушы настаўленыя, ноздры раздзьмутыя, зубы вышчараныя. Калi дзе-небудзь паблiзу пачуецца брэх, дык здасца, што ён выходзiць з тых каменных горлаў. Выдатны скульптар выявiў сваё майстэрства найярчэй у тым, што пярэднiя лапы сабак ускiнулiся ў паветра разам з высока паднятымi грудзьмi, i яны як быццам бягуць, хоць iх заднiя лапы абапёртыя на зямлi. За плячамi багiнi ўзвышалася скала ў выглядзе грота, упрыгожаная мохам, травой, лiстамi, галiнкамi, то вiнаградам, то кустамi на камянёх. Цень, якi адкiдае статуя ў пячору, рассейваецца бляскам мармуру. Па ўскраi скалы вiселi выдатна вырабленыя яблыкi i вiнаград, у якiх мастацтва спаборнiчала з прыродай. Здавалася, што iх можна будзе сарваць i з'есцi, калi парой вiнаграднага збору пазалоцiць iх восень спелым колерам.

Калi нахiлiшся да струменьчыка, якi выбягае з-пад ног багiнi i цурчыць звонкай плынню, паверыш, што гэтым гронкам апроч iншай праўдападобнасцi дабаўлена трапяткая жывасць руху, як быццам яны вiсяць на сапраўднай лазе.

Сярод гушчару — Актэон, высечаны з каменю, напалову ўжо ператвораны ў аленя. Ён уважлiва глядзiць на багiню — сочыць, калi Дыяна пачне купацца, i яго адлюстраванне адбiваецца i ў мармуры грота, i ў басейне.

5. Пакуль я так няспынна гляджу на ўсё гэта з вялiкай прыемнасцю, Бiрэна кажа: "Усё, што бачыш, лiчы сваiм". Пасля гэтага адпраўляе ўсiх, каб пагаварыць са мной без сведкаў.

Калi мы засталiся адны, яна сказала: "Гэта багiня, дарагi Луцый, зарука, што я за цябе вельмi трывожуся i баюся i як роднага сына хачу выратаваць ад небяспекi. Сцеражыся, ой сцеражыся злога майстэрства i злачынных чараў гэтай Памфiлы, жонкi Мiлона, якi, як кажаш, з'яўляецца гаспадаром тваёй кватэры. Яна ў нас славiцца першай ведзьмай, якая ўмее выклiкаць душы нябожчыкаў. Нашэпча на палачку, на каменьчык цi на якую iншую дробязь, i ўсё зорнае скляпенне скiне ў пекла, i ўвесь свет апусцiцца ў спрадвечны хаос. Як толькi ўбачыць прыгожага юнака, адразу захапляецца ягоным выглядам i прыкоўваецца да яго душой i вачыма. Спакушае яго, авалодвае яго сэрцам i навек звязвае яго ланцугамi ненасытнага кахання. А калi хто супрацiвiцца i пагрэбуе ёю, зараз жа ператварае яго ў камень, у жывёлу, у любога звера або i зусiм знiшчае.

Вось дзеля чаго я хвалююся i баюся за цябе i раджу табе асцерагацца. Яна няспынна пакутуе юрам, а ты па ўзросту i прыгажосцi ёй падыходзiш…"

Гэтак усхвалявана вяла са мной гутарку Бiрэна.

6. А я, i так поўны цiкаўнасцi, як толькi пачуў даўно жаданае слова «магiя», дык замест таго, каб пазбягаць падкопаў Памфiлы, пачаў усёй душой iмкнуцца за любую цану аддаць сябе пад яе ўплыў, гатовы стрымгалоў кiнуцца ў бездань. Не помнячы сябе ад нецярплiвасцi, я вырываюся з рук Бiрэны, як з кайданоў i, хутка сказаўшы «бывай», iмчуся ў дом Мiлона. Паскараючы крок, як дурнаваты, кажу сам сабе: "Дзейнiчай, Луцый, не будзь разявакам i трымайся! Вось табе жаданы выпадак, цяпер можаш здаволiцца даўно чаканымi цудоўнымi казкамi. Адкiнь дзiцячыя страхi i горача бярыся за справу, толькi ўстрымайся ад абдымкаў сваёй гаспадынi i лiчы свяшчэнным ложак сумленнага Мiлона! Аднак трэба асаблiва пастарацца каля служанкi Фацiды! Яна ж i з твару прынадная, i рэзвага нораву, i вострая на язык. Учора вечарам, калi ты валiўся ад сну, як жа клапатлiва правяла яна цябе ў спальню, ветлiва ўклала ў пасцель, добра i старанна накрыла i, пацалаваўшы ў лоб, пайшла, некалькi разоў азiрнуўшыся. Што ж, удачы мне! Што будзе, тое будзе, папрабую шчасця з Фацiдай!"

7. Так разважаючы, дайшоў я да Мiлонавых дзвярэй, галасуючы, як гаворыцца, за сваю прапанову. Але дома не застаю нi Мiлона, нi яго жонкi, а толькi маю дарагую Фацiду. Яна рыхтавала сваiм гаспадарам рагу, прыемны пах якога я пачуў ужо здалёк. Апранутая была яна ў палатняную тунiку, падперазаную высока пад грудзьмi прыгожым чырвоным поясам, i спрытнымi ручкамi размешвала цеста ў гаршку, а яе гэтыя кругавыя рухi суправаджалiся частымi ўздрыгваннямi, i ад таго яе клубы плаўна, ледзь прыкметна пакалыхвалiся, а спiна яе цудоўна хвалявалася i хiсталася. Захоплены гэтым вiдовiшчам, я аслупянеў, стаю i дзiўлюся; узрушылiся i мае члены, якiя былi дагэтуль у супакоi. Нарэшце я звяртаюся да яе: "Як цудоўна, як мiла патрасаеш ты, прыгожая Фацiда, гэтым рондалем i сваiмi ягадзiцамi! Якую цудоўную рыхтуеш ежу! Тройчы шчаслiвы той, каму ты хоць пальцам дакрануцца да яе дазволiш!" На гэта дзяўчына, наколькi прыгожая, настолькi развязная, кажа: "Адыдзiся ад майго агню, бядак, бо калi нават найменшая мая iскра цябе запалiць, дык ушчэнт згарыш! Тады нiхто, апроч мяне, агню твайго не патушыць, бо я не толькi рондалi, але i ложак патрасаць умею!"

8. Сказаўшы гэта, глянула на мяне i засмяялася. Аднак я не адышоўся, пакуль усю яе не агледзеў, прытым найбольш мяне цiкавiлi яе твар i валасы. На iх глядзеў я раней хцiвымi вачамi пры людзях, iмi цешыўся пасля ў сваiм пакоi. Прычына гэтай маёй асаблiвай увагi ясная i зразумелая, бо гэта частка цела заўсёды адкрытая i найперш трапляе нам на вочы, i чым для рэшты цела служаць расквечаныя вопраткi, тым для твару валасы — яго прыроднае ўпрыгожванне. Часта жанчыны, каб паказаць усю сваю красу, скiдаюць адзежу або ўзнiмаюць яе, адхiнаючы голую прыгажосць, аддаючы перавагу ружоваму колеру цела перад залатым бляскам адзення. Аднак калi б (жудаснае ўяўленне, няхай нас багi бароняць ад намёкаў нават на яго здзяйсненне), калi б у сама прыгожых жанчын зняць з галавы валасы i пазбавiць iхнi твар прыроднай красы, то няхай любая будзе хоць самой Венерай, акружанай грацыямi i купiдонамi, падперазанай сваiм поясам, хай пахне кiнамонам i струменiць бальзам, калi будзе лысая, дык нават свайму Вулкану не зможа падабацца.

9. А што скажаш, калi валасы маюць прыемны колер i бляск i пад праменнем сонца мацней пачнуць праяўляць ззянне або спакойны водблiск i мяняць свой чароўны выгляд — то палымнець золатам, то апускацца ў далiкатны мядовы цень, то крумкачовай чарнатой спаборнiчаць з апярэннем галубiных грудзей? Што скажаш, калi напамаджаныя арабскiмi мазямi, раздзеленыя зубамi вострага грэбеня на дробныя пасмы i сабраныя назад, пачнуць прыцягваць зрок каханага, адбiваючы яго аблiчча накшталт люстэрка цi яшчэ мiлей? Што скажаш, калi, заплеценыя ў мноства кос, яны раскладваюцца на галаве або, адкiнутыя, шырокай хваляй ападаюць па плячах? Адным словам, прычоска мае такое вялiкае значэнне, што ў якую б дарагую вопратку з золатам i каштоўнасцямi жанчына нi апранулася, чым бы нi ўпрыгожылася, калi не спарадкавала сваiх валасоў, прыбранай назвацца не можа.

Мая Фацiда апранена не вычварна, а натуральны непарадак валасоў надаваў ёй прывабнасцi, бо пышныя пасмы, злёгку распушчаныя, звiсалi з патылiцы, рассыпалiся ўздоўж шыi i, ледзь-ледзь завiваючыся, ляжалi на аблямаваннi тунiкi. На канцах былi яны сабраныя, а на версе галавы сцягнутыя вузлом.

10. Я ўжо не мог цярпець далей пакут палкай пажадлiвасцi i, прытулiўшыся да дзяўчыны ў месца, адкуль яе валасы былi зачасаныя на верх галавы, паклаў сама салодкi пацалунак.

Тады яна трохi адсунулася, павярнулася да мяне i, скоса глянуўшы, кажа: "Гэй, ты, шкаляр! За кiсла-салодкую закуску хапаешся! Глядзi, каб, аб'еўшыся мёдам, не адчуў горычы жоўцi".

"Ну што ж, мая радасць, — кажу, — калi я да таго дайшоў, што за адзiн твой жыватворны пацалунак гатоў спячыся, расцягнуўшыся на гэтым агнi!" I з гэтымi словамi пачаў яе яшчэ мацней цалаваць. I вось яна ўжо спаборнiчае са мной у палкасцi i аднолькавую ступень кахання дзелiць пароўну. Вось ужо, мяркуючы па духмяным дыханнi паўраскрытага рота, па сустрэчных ударах салодкага языка, ап'янелая прагнасцю аддання, яна гатова ёй паступiцца.

"Гiну! — крыкнуў я. — Ужо цалкам загiну, калi ты не злiтуешся нада мной!" На гэта яна, пацалаваўшы мяне, кажа: "Супакойся. Мяне зрабiла тваёй наша ўзаемнае жаданне, дык нашы ўцехi адкладаюцца ненадоўга. Як толькi сцямнее, я прыйду да цябе ў спальню. А цяпер iдзi i збярыся з сiламi, бо я ўсю ноч буду з табой змагацца".

11. Яшчэ доўга абменьвалiся мы такiмi i падобнымi словамi i нарэшце разышлiся.

Як толькi надышла паўдзённая пара, Бiрэва прыслала мне ў падарунак свiнiны, пяць куранят i вялiкi збан добрага дарагога вiна. Я паклiкаў тады Фацiду i кажу: "Вось i Лiбер, узбуджальнiк Венеры i яе збраяносец, прыбыў. Сягоння высмакчам да дна гэта вiно, каб яно прагнала сарамлiвую слабасць i прыбавiла жаданню вясёлай сiлы. На судне Венеры толькi такiя патрэбны запасы, каб на бяссонную ноч хапiла ў лямпе алею, а ў кубку вiна".

Астатак дня быў прысвечаны лазнi i ў канцы вячэры. На запрашэнне добрага Мiлона я раздзялiў з iм даволi прыстойную вячэру i стараўся, маючы ў памяцi перасцярогi Бiрэны, чым радзей трапляць на вочы яго жонцы, адвяртаючы зрок ад яе твару, нiбы ад страшнага Аверанскага возера. Але, наглядаючы за Фацiдай, якая нам прыслугоўвала, я трохi ўзбадзёрыўся. Раптам Памфiла, зiрнуўшы на запаленую лямпу, кажа: "О, якая моцная залева будзе заўтра!" I на пытанне мужа, адкуль ёй гэта вядома, адказала, што ёй лямпа прадказвае. На гэта Мiлон, засмяяўшыся, гаворыць: "Вялiкую Сiвiлу трымаем мы ў гэтай лямпе, якая з вышынi сваёй падстаўкi сочыць за ўсiмi нябеснымi справамi i нават за самiм сонцам".

12. Тут я ўмяшаўся ў гутарку i кажу: "Гэта толькi першыя крокi ў такiх прароцтвах, i няма нiчога дзiўнага, што гэты агеньчык, хоць i сцiплы i запалены рукамi чалавека, памятае ўсё ж пра той вялiкi нябесны агонь, як пра свайго бацьку; боскi празорца ведае i нам паведамляе, што збiраецца зрабiць той вялiкi агонь. Вось i цяпер у нас у Карынфе гасцюе праездам нейкi халдзей, якi сваiмi дзiўнымi адказамi даводзiць увесь горад да вар'яцтва i зарабляе грошы, адкрываючы любому таямнiцы лёсу: у якi дзень найлепш спраўляць вяселлi, у якi рабiць закладзiны будынкаў, якi найбольш прыдатны для здзелак, якi выгаднейшы для падарожжа па сушы, якi — па моры.

Так i мне, калi я ў яго запытаўся, чым закончыцца маё падарожжа, ён сказаў шмат сама дзiўных i сама розных рэчаў. Сказаў, што мяне чакае гучнагалосая слава i вялiкiя прыгоды, якiя трапяць у кнiгi".

13. У адказ на гэта Мiлон, ухмыльнуўшыся, кажа: "А якi з выгляду той халдзей i як ён завецца?" "Доўгi, — кажу, — i чарнявы. Завецца Дыяфан". "Гэта той самы! — выкрыкнуў гаспадар. — Нiхто iншы! Ён i ў нас падобным спосабам шмат каму прарокаваў за немалыя грошы i, дабiўшыся вялiкiх прыбыткаў, апынуўся, бядак, ва ўбостве i мiзэрнасцi.

Аднаго дня, калi народ абступiў яго цесным колам, а ён прарокаваў, падышоў да яго нейкi купец па iмю Кердон, жадаючы даведацца, якi найбольш спрыяльны для яго дзень адплыцця. Той назваў яму дзень, з'явiўся кашалёк, высыпалi грошы i адлiчылi сотню дынараў — дамоўленую плату за прадказанне, як раптам ззаду працiскаецца нейкi малады чалавек знакамiтага роду, хапае яго за крысо, а як той адвярнуўся, моцна яго абдымае i цалуе. А халдзей, адказаўшы на яго пацалунак, пасадзiў яго побач з сабой i, ашаломлены нечаканай сустрэчай, забыўшыся пра справу, якой быў заняты, пытаецца: "Калi ж ты, доўгачаканы, тут з'явiўся?" А той яму адказвае: "Учора пад вечар. А цяпер ты раскажы, як вандраваў ты па сушы i па моры з той пары, як паспешлiва выехаў з выспы Эўбэi?"

14. На гэта Дыяфан, той знакамiты халдзей, не ачухаўшыся яшчэ ад здзiўлення, кажа: "Усiм ворагам i непрыяцелям нашым зычыў бы я такога Улiсавага вандравання. Наш карабель, на якiм мы плылi, патрапаны навальнiцамi, страцiў абодва стырны, прыбiўся да берага i, наткнуўшыся на скалу, пайшоў на дно, а мы, усё згубiўшы, ледзь выплылi. А тое, што ўдалося зберагчы дзякуючы спачуванню незнаёмых людзей цi прыхiльнасцi сяброў, трапiла ў рукi разбойнiкаў. Майго адзiнага брата Арыгнота, якi задумаў супрацiўляцца iх нахабству, на маiх вачах зарэзалi…"

Пакуль ён працягваў гэта сваё слязлiвае апавяданне, той купец Кердон, забраўшы грошы, выкладзеныя на плату за прадказанне, хуценька ўцёк. I толькi тады той Дыяфан, апомнiўшыся, зразумеў, якую зрабiў прамашку, калi ўсе мы, што яго акружалi, выбухнулi гучным смехам.

"Вiдаць, табе аднаму, мой пане Луцый, той халдзей i сказаў праўду. Дык будзь шчаслiвы i няхай будзе ўдачлiвы твой шлях!"

15. Пакуль Мiлон такiм чынам вёў гутарку, я моўчкi пакутаваў i злаваўся, што праз ягоную балбатню, якая па маёй вiне так зацягнулася, буду пазбаўлены добрай часткi вечара i найлепшых яго вынiкаў. Нарэшце, адважыўшыся, я кажу Мiлону: "Пакiньма гэтага Дыяфана ягонаму лёсу, i няхай ён далей дзярэ з людзей скуру, дзе яму спадабаецца — на моры цi на сушы, а я, прызнацца, дагэтуль не пазбыўся ўчарашняй стомы, дык дазволь мне раней легчы спаць".

Пасля гэтага я iду ў свой пакой i застаю там усё падрыхтаванае да вельмi прыемнай бяседы. Пасцелi слуг былi вынесены i пастаўлены далей ад дзвярэй, вiдаць, дзеля таго, каб нiхто нас уночы не патрывожыў. Да майго ложка быў падсунуты столiк, застаўлены посудам з вячэрай, i два вялiкiя келiхi з вiном толькi чакалi, каб далiць у iх вады. Побач стаяў буталь з шырокiм горлам, каб зручней было з яго чэрпаць. Адным словам, быў тут поўны пачастунак перад любоўнай гульнёй.

16. Толькi лёг я ў ложак, як вось i мая Фацiда, завёўшы на спачын гаспадыню, з'яўляеццца з букетам ружаў i з гiрляндамi ў прыпале. Пацалаваўшы мяне моцна ў губы, аблытала мяне вяночкамi i абсыпала пялёсткамi кветак. Пасля схапiла келiх i, падлiўшы туды цёплай вады, падала мне, каб я пiў. Аднак перш чым я яго апаражнiў, далiкатна забрала ад мяне i, памалу пацягваючы губкамi, не зводзячы з мяне вачэй, маленькiмi глыточкамi з асалодай дакончыла. За першым келiхам надышоў другi i трэцi, i часта пераходзiлi ў нас келiхi з рук у рукi.

Тады я, разагрэты вiном i не толькi душой, але i целам гатовы да асалоды, адчуваючы неспакой, увесь пад абладай нястрыманага i ўжо пакутлiвага жадання, адхiнуў сваё адзенне i, паказваючы сваёй Фацiдзе, з якiм нецярпеннем прагну яе кахання, кажу: "Злiтуйся, хутчэй хадзi мне на дапамогу! Ты бачыш, што я палымяна гатоў да барацьбы, якую ты мне аб'явiла без законнага папярэджання. Ледзь толькi атрымаў я ад бязлiтаснага Купiдона ўдар стралы ў самыя грудзi, як таксама нацягнуў свой лук i цяпер вельмi баюся, каб ад празмернага напружання не парвалася цецiва. Але калi ты хочаш па-сапраўднаму дагадзiць мне, дык распусцi косы i пад покрывам расхваляваных валасоў расхiнi свае абдымкi".

17. Не марудзячы, хутка прыняўшы посуд, зняўшы з сябе адзенне i распусцiўшы валасы, цудоўна пераўтварылася яна для радаснай асалоды, быццам Венера пры ўступленнi ў марскiя хвалi, i, прыклаўшы да гладзенькага выгаленага жаночага месца ружовую ручку, больш для таго, каб яго адцянiць, чым сарамлiва прыкрыць, кажа: "На бой, на моцны бой! Бо я табе не паддамся i не ўцяку. Калi ты мужчына, то атакуй з фронту i нападай з жарам, а, наносячы ўдары, будзь гатоў на смерць! Сягонняшняя бiтва праводзiцца бязлiтасна!"

З гэтымi словамi яна ўскоквае да мяне на ложак, сядае на мяне конна i гуллiва пачынае варушыцца ўдоўж i ўпоперак, пакуль наша здавальненне не дасягае найвышэйшай ступенi, пасля чаго мы, амаль страцiўшы свядомасць, у моцных абдымках, задыханыя падаем ад знямогi.

У гэтакiх i падобных сутычках правялi мы ноч да свiтання, праганяючы час ад часу стому келiхамi, узбуджаючы пажадлiвасць i нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавiлi да яе i шмат iншых.

18. Так здарылася, што Бiрэна вельмi настойлiва запрашала мяне прыйсцi да яе на сцiплую сяброўскую вячэру. Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкi яе не пераканалi. Тады прыйшлося звярнуцца да Фацiды i спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на сама кароткi тэрмiн, яна ласкава згадзiлася на непрацяглае перамiр'е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: "Ты пастарайся раней пайсцi з вячэры. Водзiцца ў нас хеўра з сама знатных маладых людзей, якiя парушаюць грамадскi парадак. Часта бываюць на вулiцах трупы забiтых, а атрады намеснiка нiяк не могуць ачысцiць горад ад гэтай пошасцi. Лёс шчодра надзялiў цябе сваiмi дарамi, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымонiцца не будуць, дык якраз можаш трапiць у пастку".

"Не трывожся, — кажу, — мая Фацiда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехi мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхi, вярнуўшыся як найраней. I пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваiм мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекi".

Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.

19. Там застаю я, як i належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных — цвет горада. Пышныя сталы блiшчаць туяй i слановай косцю, софы засланыя дарагiмi тканiнамi, высяцца вялiкiя келiхi, розныя ў сваёй прыгажосцi, але аднолькава каштоўныя. Тут па-мастацку гранёнае шкло, там чысты крышталь, у адным месцы яснае серабро, у другiм блiскучае золата i дзiвосна выразаны бурштын запрашае вусны да пiцця. I каштоўныя камянi, а нават тое, чаго не можа быць, там было.

Шматлiкiя вытанчана апранутыя слугi бадзёра падносяць поўныя да берагоў блюды, кучаравыя хлапчукi ў прыгожых тунiках раз за разам падаюць ва ўпрыгожаных самацветамi бакалах старыя вiны. I вось прыносяць свяцiльнiкi, застолле ажыўляецца, чуваць смех, то там, то сям вясёлыя жарты падмацоўваюцца фрывольнымi слоўцамi…

Тут Бiрэна звяртаецца да мяне: "Цi добра табе жывецца ў нашых родных мясцiнах? Наколькi мне вядома, мы далёка апярэдзiлi ўсе гарады нашымi палацамi, лазнямi i iншымi будынкамi, прытым у нас недахопу няма нi ў чым неабходным. Хто б да нас нi прыехаў — цi чалавек, якi хоча адпачыць, цi камерсант, кожны знойдзе тое, што яму трэба, не горш, чым у Рыме, а сцiплы госць атрымае сельскi спакой. Адным словам, у нас знайшлi прыстанiшча ўсе зручнасцi i прыемнасцi правiнцыi".

20. На гэта я адказваю: "Праўду кажаш, нi ў якай iншай краiне не адчуваў я сабе так свабодна, як тут, аднак я вельмi баюся тайных падкопаў магiчнай навукi, якiх немагчыма пазбегнуць. Я чуў, што нават нябожчыкi ў магiлах не застаюцца недакранальнымi i з папялiшчаў i скляпоў здабываюцца нейкiя рэшткi i шматкi трупаў на загубу жывым. А старыя чараўнiцы ў хвiлiны пахавання паспяваюць з хуткасцю драпежных птушак прадбачыць новыя смерцi".

Пасля гэтых маiх слоў умяшаўся ў гутарку нехта з прысутных: "Тут i жывым спуску не даюць. Ёсць у нас адзiн чалавек, з якiм здарылася падобная гiсторыя, яму так увесь твар знявечылi, што не пазнаць чалавека".

Тут усе госцi пачалi смяяцца, а iхнiя твары i вочы звярнулiся ў бок аднаго з гасцей на куце. А калi той, збянтэжаны агульнай увагай, штосьцi прамармытаўшы, хацеў устаць са свайго месца, Бiрэна кажа яму: "Не хвалюйся, мой Тэлiфрон, застанься i раскажы, калi ласка, яшчэ раз сваю гiсторыю, каб i сын мой, вось гэты Луцый, мог пацешыцца прыгажосцю твайго выдатнага апавядання!" А ён адказвае: "Ты, панi, як заўсёды, выяўляеш сваю святую дабрату. Але ёсць некаторыя людзi, нахабства якiх немагчыма сцярпець!" Ён быў абураны насмешкамi. Аднак настойлiвасць Бiрэны, якая клялася сваiм жыццём, прымусiла яго, хоць i супраць волi, здацца.

21. Тады зрабiўшы з пакрывалаў падвышэнне, прыўзняўшыся на ложы i абапёршыся на локаць, Тэлiфрон прасцiрае правую руку i, як тыя прамоўцы, прыгнуўшы два крайнiя пальцы i два наставiўшы ўперад, а вялiкi пагрозлiва апусцiўшы, пачынае:

"Быўшы яшчэ непаўналетнiм, накiраваўся я з Мiлета на Алiмпiйскiя гульнi. А дзеля таго, што мне хацелася наведаць гэту вашу славутую правiнцыю, дык, праехаўшы праз усю Фесалiю, у благi час прыбыў я ў Ларысу. Мае дарожныя грошы разышлiся, i я блукаў па горадзе, прыдумваючы, як даць рады сваёй беднасцi. Раптам бачу сярод рыначнай плошчы нейкага высокага чалавека, якi стаяў на каменi i зычным голасам прапаноўваў тым, хто хацеў бы наняцца вартаўнiком да нябожчыка, дамовiцца аб цане.

Тады я звяртаюся да аднаго з прахожых: "Што я чую? Няўжо тут нябожчыкi маюць звычай уцякаць?" "Памаўчы, — адказвае той, — ты чалавек нетутэйшы i яшчэ вельмi малады i, зразумела, не надта ўсведамляеш сабе, што знаходзiшся ў Фесалii, дзе чараўнiцы, здараецца, адгрызаюць у нябожчыкаў для сваiх магiчных мэт часткi твару".

22. "А цi не можаце мне сказаць, — працягваю я, — якiя абавязкi гэтага магiльнага вартаўнiка?"

"Найперш, — адказвае той, — усю ноч нельга задрамаць, расплюшчанымi вачамi, якiя б не ведалi сну, глядзець на труп, не адводзячы позiрку, i нi на хвiлiну не адварочвацца, бо гэтыя ваўкалакi могуць абярнуцца любой жывёлiнай i стараюцца патаемна прабрацца, дык нават вочы самога Сонца, самой Справядлiвасцi могуць лёгка ашукацца. Яны ператвараюцца то ў птушак, то ў сабак цi мышэй, а часам нават у мух. А тады ад iхнiх чараў нападае на вартаўнiка сон. Нiхто не можа назваць тых хiтрыкаў, якiмi карыстаюцца гэтыя шкодныя жанчыны дзеля сваiх мэт. А за гэту такую небяспечную працу звычайна назначаецца плата не большая як чатыры-шэсць дукатаў. Ах вось, яшчэ ледзь не забыўся! Калi вартаўнiк не ўпiльнуе цела, калi пры здачы выявiцца нейкi недахоп, тады ён тое, што прапала, павiнен поўнасцю або часткова аддаць, адрэзаўшы ад свайго твару".

23. Даведаўшыся пра гэта, я прымаю рашэнне, у той жа момант падыходжу да вяшчальнiка i кажу: "Досыць табе крычаць. Вось вартаўнiк, пагаворым пра цану". "Тысяча нумаў вызначаецца табе, — кажа той, — толькi пастарайся пiльна сцерагчы труп ад злых гарпiяў, бо гэта цела сына аднаго з сама знакамiтых жыхароў горада!" "Глупства, — кажу, — ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пiльнейшы, чым Лiнцэй цi Аргус, адным словам, я ўвесь вока!"

Толькi я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусцiў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчынiў дзверы ў цёмны з пазачынянымi вокнамi пакой, дзе сядзела збедаваная матрона, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблiзiўшыся да яе, ён кажа: "Вось прыйшоў чалавек, якi не збаяўся наняцца вартаўнiком твайго мужа".

Тады яна адкiнула валасы, якiя закрывалi яе твар, i, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблiчча, гаворыць, пазiраючы мне ў вочы: "Глядзi, прашу цябе, як найпiльней зрабi гэту справу". "Не турбуйся, — адказваю ёй, — толькi падрыхтуй адпаведную ўзнагароду".

24. Заспакоеная адказам, яна ўстала i вядзе мяне ў другi пакой. Там знаходзiлася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклiкаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвiлiну паплакала над памерлым i ўрэшце паклiкала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, i пачала пералiчваць розныя яго часткi, а нехта побач запiсваў яе словы ў таблiчкi. "Вось, — кажа, — нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэлыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсiм гэтым вы, добрыя квiрыты, будзьце сведкамi". Пасля гэтага да таблiчак былi прымацаваны пячаткi, а яна накiравалася да выхаду. А я кажу: "Загадай, панi, каб падрыхтавалi ўсё патрэбнае мне для работы". "А што менавiта?" — пытаецца. "Лямпу, — кажу, — алею, каб да свiтання хапiла святла, цёплай вады, добры збан вiна, келiх ды паднос з астаткам вашай вячэры". Тут яна пакiвала галавой i кажа: "Цi пры сваiм ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухнi не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў i паплакаў, як у такiм месцы належыць!" Пасля гэтага звярнулася да служанкi: "Мiрына, прынясi зараз лямпу i алею, потым замкнеш вартаўнiка i вяртайся".

25. Так пакiнуты сам-насам з трупам, я працiраю вочы, каб адбiцца ад сну, i, каб падбадзёрыцца, спяваю цiха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч i поўная цемрадзь. А мой страх усё павялiчваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне i так пiльна глядзiць на мяне, што ад такой нахабнасцi гэтага маленькага звярка я зусiм збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: "Iдзi прэч, паганае стварэнне! Выбiрайся да мышэй, яны твая кампанiя, iдзi, пакуль я цябе не выкiнуў вон! Iдзi прэч!" Яна павярнулася i ўмомант знiкла. Але ў тую ж хвiлiну глыбокi сон апусцiў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфiйскi бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нiчога не адчуваючы i сам маючы патрэбу ў вартаўнiку, я нiбыта ў тым пакоi i не быў.

26. I вось моцны крык пеўня абвясцiў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, i бягу са свяцiльнiкам да трупа, адхiнаю з твару пакрывала i пачынаю разглядаць кожную рыску — нiчога не было пашкоджана. Зараз жа i збедаваная жонка са слязьмi, у трывозе ўваходзiць з учарашнiмi сведкамi, кiдаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамi i пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, клiча свайго загадчыка хатнiх спраў Фiладэспата i загадвае яму выдаць добраму вартаўнiку плату. Грошы хутка прынеслi, i дама мне гаворыць: "Мы табе, хлопча, вельмi ўдзячныя, i, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лiчыць цябе ад гэтай хвiлiны членам нашага дому". На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам i адурманiўшыся блiскучымi залатымi манетамi, якiмi падзынкваў у руцэ, кажу: "Лiчы мяне, панi, сваiм слугой i, колькi б разоў нi аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!"

Ледзь толькi я гэта сказаў, як прысутныя, праклiнаючы жудаснае прароцтва, накiнулiся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямi таўчэ ў плечы, хто рукамi дае пад бакi, нагамi топчуць, за валасы цягаюць, iрвуць адзежу…

Так, абдзёрты i раскалмачаны, нiбы ганарысты Аанiйскi юнак або сын пiплейскай музы, быў я выкiнуты з дому.

27. I пакуль я на суседняй вулiцы ачухаўся, прыпамiнаючы са спазненнем бязглуздае i злавеснае значэнне сваiх слоў i прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага i абгалошанага нябожчыка вынеслi з дому. А дзеля таго, што хавалi арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскi кошт, багатая працэсiя праходзiла праз форум.

Тут падбягае нейкi стары ў цёмнай вопратцы i ў скрусе i слязах iрве свае шляхетныя сiвыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамi катафалк, зычным голасам, хоць i перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: "Заклiнаю вас, квiрыты, вашым добрым iмем i ўсiм для вас святым, заступiцеся за забiтага грамадзянiна i надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, i нiхто iншы, атруцiла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзiць сваiм каханкам i захапiць спадкi!"

Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозлiва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалi крычаць, што яе трэба спалiць, другiя хапацца за каменне i падгаворваць хлапчукоў забiць злачынную жанчыну. А тая, аблiваючыся слязьмi i кленучыся сама страшнымi кляцьбамi з заклiнаннем у сведкi ўсiх жыхароў неба, пярэчыла абвiнавачанню.

28. Нарэшце стары кажа: "Здамося на найвышэйшую сiлу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнiчае Затхлас, адзiн з вядомых эгiпецкiх прарокаў, якi згадзiўся за вялiкую ўзнагароду выклiкаць на хвiлiну душу з таго свету i вярнуць на хвiлiну гэтаму целу жыццё". З гэтымi словамi выводзiць на сярэдзiну нейкага юнака ў iльняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой. Цалуючы яму рукi i абдымаючы за каленi, ён кажа: "Злiтуйся, служка багоў, злiтуйся дзеля нябесных свяцiлаў, дзеля падземных багоў, дзеля прыродных стыхiяў, дзеля начной цiшынi, дзеля Копцкiх святыняў, дзеля Нiльскiх паводак, дзеля Мемфiскiх тайнаў i Фароскiх сiстраў. Дай на кароткi момант выкарыстаць сонечнае ззянне i ў навек заплюшчаныя вочы ўлi частку святла. Мы не наракаем i не адымаем ад зямлi таго, што ёй належыць, але, каб пацешыцца адплатай, просiм кароткага вяртання да жыцця".

Прарок, якога ўзрушылi гэткiя ўмольваннi, палажыў нейкую травiцу на вусны нябожчыку, а другую на яго грудзi. Пасля, павярнуўшыся на ўсход, пачаў малiцца да святога Сонца, што ўзнiмалася над гарызонтам. Выгляд яго ў гэты час быў варты глыбокай пашаны, што вельмi добра падрыхтавала ўвагу прысутных да чаканага цуду.

Я ўцiскаюся ў натоўп i, стаўшы на высокiм каменi за катафалкам, сачу за ўсiм цiкаўным вокам. I вось пачынаюць узнiмацца грудзi, вены пачынаюць бiцца, напаўняецца духам цела, i нябожчык падняўся i загаварыў: "Навошта, скажыце мне, навошта таго, хто прыняў летэйскi напiтак, плыў ужо па стыгiйскiх балотах, вяртаеце да спраў мiмалётнага жыцця? Спынiся, малю цябе, спынiся i адпусцi мяне ў мой супакой!"

Вось што сказаў голас, якi выйшаў з цела.

Аднак прарок з яшчэ большым жарам гаворыць: "Чаму ж ты не раскажаш народу па парадку, з чаго ты памёр? Цi ты не ведаеш, што я магу паклiкаць фурыяў сваiмi заклiнаннямi, i яны пачнуць цябе мучыць?" Той слухае са свайго ложа i, глыбока ўздыхнуўшы, паведамляе: "Злымi чарамi маладой жонкi загублены я i змушаны прыняць смяртэльны келiх. Сваё вясельнае неастылае яшчэ ложа саступiў я пралюбадзею".

Тут гэта знакамiтая жонка, зусiм набраўшыся нахабства, задалася блюзнерскай думкай адмаўляць вiдавочныя доказы мужа. Народ хвалюецца, адны патрабуюць, каб гэта нягоднiца была жывая пахаваная разам з мужам, а другiя даказваюць, што не трэба верыць iлжывым словам трупа.

30. Аднак гэтыя спрэчкi былi спынены новай гутаркай юнака. Уздыхнуўшы яшчэ глыбей, ён загаварыў: "Дам, дам я вам доказы сваёй праўдзiвасцi i выкрыю тое, пра што, апроч мяне, нiхто не ведае i не здагадваецца". I тут, паказваючы на мяне пальцам: "Калi пры маiм целе быў гэты пiльны вартаўнiк i цвёрда стаяў на варце, старыя ведзьмы, ахвочыя да маёй тленнай абалонкi, прымаючы з гэтай прычыны розныя постацi, неаднаразова старалiся ашукаць яго руплiвасць i ўрэшце, напусцiўшы соннага туману, акунулi яго ў глыбокае забыццё, пасля чаго клiкалi мяне па iмю. I вось ужо мае застылыя суставы i пахаладзелыя часткi цела намагаюцца адказаць павольнымi рухамi на загады магiчнага штукарства. Тады чалавек, у сапраўднасцi жывы, але толькi да амярцвення сонны, без нiякага падазрэння ўстае, адклiкаецца на сваё iмя, бо мы з iм аднолькава завёмся, i самахоць iдзе, быццам нежывы цень. Хоць дзверы ў пакой былi моцна замкнёныя, аднак там знайшлася адтулiна, праз якую адрэзалi яму спярша нос, а пасля i вушы. Такiм чынам, замест мяне знявечаны застаўся ён. А каб замесцi сляды, ашуканкi прыстаўляюць яму зробленыя з воску вушы, падобныя да адрэзаных, i падобны да яго ўласнага нос. Вось ён, няшчасны, тут, побач з вамi; ён атрымаў плату не за сваю працу, а за сваё калецтва".

Напалоханы гэтымi словамi, я пачынаю абмацваць свой твар: хапаюся за нос, i ён застаецца ў мяне ў руцэ, праводжу рукамi па вушах, i яны адвальваюцца. Калi прысутныя пачалi паказваць на мяне пальцамi i кiваць галовамi, калi ўзняўся смех, я, аблiваючыся халодным потам, даю нырца мiж людскiх ног i ўцякаю. А пасля таго я стаў калекам i пасмешышчам, не мог ужо вярнуцца ў родны дом. Расчасаўшы валасы, каб яны ападалi з абодвух бакоў, я схаваў шрамы ад адрэзаных вушэй, а адсутнасць носа сарамлiва стараюся хаваць пад гэтым пластырам, прыцiскаючы яго да твару".

31. Калi Тэлефрон закончыў гэту гiсторыю, разагрэтыя вiном сабутэльнiкi зноў пачалi рагатаць. Пакуль яны патрабавалi звычайнай замочкi ў гонар бога Смеху, Бiрэна кажа мне: "Заўтра дзень, якi ад заснавання нашага горада лiчыцца святочным дзеля таго, што ў гэты дзень мы адзiныя на свеце ўшаноўваем вясёлымi i радаснымi абрадамi святога бога Смеху. Сваёй прысутнасцю ты зробiш нам гэтае свята яшчэ прыямнейшым. Як добра было б, каб i ты прыдумаў у гонар гэтага бога што-небудзь дасцiпнае i забаўнае, каб мы ўшанавалi яго яшчэ больш самааддана i глыбока". "Выдатна, — кажу, — як загадаеш, так i будзе. I клянуся Геркулесам, што мне хацелася б прыдумаць нешта такое, што годна i цалкам задаволiла б гэтага вялiкага бога".

Пасля, калi мой слуга напомнiў, што час ужо познi, i я зразумеў, што ўжо дастаткова нагрузiўся вiном, хутка падымаюся i, пажадаўшы Бiрэне ўсяго найлепшага, няўпэўненай паходкай вяртаюся дамоў.

32. Але як толькi выйшлi мы на двор, нечакана вецер тушыць наш факел, што асвятляў нам дарогу, i мы ў поўнай цемры ночы пасоўваемся амаль вобмацкам i, пазбiваўшы ногi аб каменне, ледзь трапiлi дамоў. Калi ж мы, моцна трымаючыся адзiн за аднаго, падыходзiлi да дома, раптам бачым, што тры нейкiя здаравенныя постацi ломяцца ў нашы дзверы, не толькi не збянтэжаныя нашым з'яўленнем, але стараючыся адзiн перад адным грукатаць мацней i часцей. Такiм чынам, яны здалiся мне разбойнiкамi, прытым сама лютымi. Дык дастаю свой меч, якi браў з сабой i нёс пад вопраткай для падобнага здарэння, i не марудзячы кiдаюся на iх i аднаго за другiм, з кiм нi схаплюся, забiваю, глыбока ўтыкаючы меч. I вось яны, пакрытыя мноствам ран, канаюць ля маiх ног.

Закончыўшы бiтву, у час якой ад гоману i грукату прачнулася i Фацiда, убягаю ў дом i, ледзь ловячы дых, аблiты потам, стомлены, як быццам змагаўся не з трыма разбойнiкамi, а забiў Герыёна, кiдаюся на ложак i адразу засынаю.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

1. Ледзь толькi Аўрора пусцiлася па небе, як ноч, кiруючы ружовай рукой сваiх упрыгожаных чырвонымi фалерамi коней, вырвала мяне з салодкага спакою i перадала дню. Пры ўспамiне аб учарашнiм злачынстве маю душу агарнуў жудасны неспакой. Спусцiўшы з ложка ногi i абхапiўшы каленi пераплеценымi пальцамi рук, я сядзеў скурчаны i горка плакаў, уяўляючы сабе i гарадскую плошчу, i суд, i прыгавор, i самога ката. Цi ж можа знайсцiся такi мяккi i добразычлiвы суддзя, якi б мяне, заплямленага жорсткасцю трайнога забойства, апырсканага крывёю гэтулькiх грамадзян, прызнаў невiнаватым? Вось якое слаўнае падарожжа так упэўнена вываражыў мне халдзей Дыяфан!..

Гэтыя думкi штораз вярталiся, я аплакваў сваю горкую долю, калi раптам пачуўся моцны грукат у дзверы, i ля ўвахода ў дом узняўся крык.

2. Услед за гэтым расхiнаюцца пад моцным нацiскам дзверы, i ўвесь дом напаўняецца чыноўнiкамi, iхнiмi прыслужнiкамi i разнашэрсным натоўпам. Два лiктары, па загаду чыноўнiкаў, усклалi на мяне рукi i павялi без нiякага з майго боку супрацiўлення. I ледзь толькi ўвайшлi мы ў блiжэйшы завулак, як усе жыхары, высыпаўшы з дамоў, цесным натоўпам рушылi за намi. I хоць я iшоў з сумна апушчанай галавой, жадаючы правалiцца скрозь зямлю, аднак, глянуўшы крадком убок, заўважаю штосьцi вартае вялiкага здзiўлення: спамiж тысяч людзей, якiя нас акружалi, не было нiводнага, хто б не надрываўся ад смеху. Тым часам, абхадзiўшы ўсе вулiцы, пачынаюць вадзiць мяне па ўсiх завулках i завуголлях, як звычайна водзяць жывёлiну, прызначаную багам на ахвяру, каб адкупiцца ад якiх-небудзь прадказаных нябеснымi сiламi небяспек. Нарэшце прыводзяць мяне на форум i ставяць перад трыбуналам.

А тут ужо на падвышэннi расселiся суддзi, i грамадскi вяшчальнiк загадаў усiм замоўкнуць, як раптам усе ў адзiн голас пачынаюць крычаць, што разбор такой важнай справы з прычыны шматлюднасцi неабходна перанесцi ў тэатр. I вось народ кiнуўся туды бязладным натоўпам, i не прайшло i хвiлiны, як усе прызначаныя гледачам месцы былi занятыя. Некаторыя ўхапiлiся за калоны, iншыя павiслi на статуях, павысоўвалiся па пояс з вокнаў, з адтулiн у дахах. Так нясцерпнае жаданне ўбачыць усё сваiмi вачамi змушала забываць пра небяспеку. А мяне, як якую-небудзь ахвяру, праводзяць вартаўнiкi цераз прасцэнiум i ставяць пасярод архестры.

З. I вось зноў чуецца голас вяшчальнiка, якi выклiкае абвiнаваўцу. Падымаецца адзiн стары, i пасля таго як для вымярэння працягласцi яго прамовы налiлi ў нейкую судзiнку з вузенькай, бы ў рэшаце, адтулiнкай вады, што пачала выцякаць кроплямi, ён так звяртаеццада народа:

"Паважаныя квiрыты, справа тут датычыць не дробязяў, а спакою ўсяго народа, i яна павiнна паслужыць добрым прыкладам на будучыню. З гэтай прычыны, для захавання грамадскай годнасцi кожнаму з вас паасобку i ўсiм разам належыць паклапацiцца, каб ахвяры крывавай бойнi, узнятай гэтым агiдным забойцам, у якой ён загубiў столькi грамадзян, не засталiся без адплаты. Не падумайце, што ў мяне ёсць асабiстая варожасць да злачынцы i сваю строгасць я праяўляю з нянавiсцi. Я — начальнiк начной варты i лiчу, што да сягонняшняга дня нiхто не мог папракнуць мяне ў недастатковай пiльнасцi Я дакладна раскажу вам, у чым справа i што здарылася мiнулай ноччу. Дык вось, калi ў час трэцяй варты абыходжу я з надзвычайнай пiльнасцю горад, аглядаючы кожны дом, заўважаю гэтага лютага юнака, якi, дастаўшы меч, сее вакол сябе смерць, i ўжо тры ахвяры ягонай раз'юшанасцi развiтвалiся ля яго ног з жыццём, валяючыся ў крывi. А ён сам, не без прычыны ўстрывожаны ўсведамленнем сваёй вiны, адразу пусцiўся наўцёкi i, выкарыстаўшы цемру ночы, схаваўся ў нейкiм доме, дзе i прабыў усю ноч.

Аднак, дзякуючы боскаму наканаванню, якое не пакiдае нераскрытым нi адно злачынства, дачакаўшыся ранiцы, перад тым, як ён мог бы даць драла, я прыклаў усё старанне, каб прывесцi яго сюды i даць вам магчымасць вынесцi справядлiвы прысуд. I вось стаiць перад вамi заплямлены гэтулькiмi забойствамi падсудны чужаземец, злоўлены на месцы злачынства. Дык вынесiце ж без вагання прысуд гэтаму чужаземцу, якi зрабiў такое лiхадзейства, за якое вы i свайго грамадзянiна строга пакаралi б".

4. Пасля таго як змоўк голас майго абвiнаваўцы, вяшчальнiк звярнуўся да мяне з пытаннем, цi хачу я гаварыць у сваю абарону. А я ў той час мог толькi плакаць, думаючы, клянуся Геркулесам, не столькi пра грозную прамову, колькi пра сваё загубленае сумленне. Нарэшце найшла на мяне з вышыняў мужнасць, i я пачаў гаварыць:

"I самому мне вядома, як цяжка чалавеку, якога абвiнавачваюць у забойстве, стоячы над трупамi трох грамадзян, пераканаць такое мноства людзей у сваёй невiнаватасцi, хоць i гаварыў бы ён праўду цi добраахвотна прызнаўся ў злачынстве. Аднак, калi ваша памяркоўнасць адпусцiць мне трохi ўвагi, я без цяжкасцi дакажу вам, што не з уласнай вiны рызыкую я цяпер жыццём, а ваша цалкам зразумелае абурэнне i нянавiсць за праступак, якога я не зрабiў, узнiклi з чыста выпадковых абставiн.

5. Дык вось, калi я трохi пазней, чым звычайна, вяртаўся з вячэры i быў нецвярозы, што i з'яўляецца маiм сапраўдным злачынствам, ад якога не адракаюся, каля дома вашага паважанага суайчыннiка Мiлона, дзе я спынiўся на кватэры, убачыў нейкiх раз'юшаных разбойнiкаў, якiя ламалi дзверы, i з лютасцю выцягвалi старанна змайстраваныя засаўкi, i згаворвалiся памiж сабой загубiць гаспадароў. Адзiн з iх, сама спрытны, каржакаваты, падахвочваў iншых: "Гэй, хлопцы, нападзём на сонных, як i належыць мужчынам, хутка i моцна. Прэч усякае марудства, усякую вяласць! Даставайце мячы, i няхай па ўсiм доме гуляе забойства! Хто спiць, няхай загiне! Мы выйдзем цэлыя, калi ў доме не застанецца нiкога ў жывых!" Праўду кажучы, квiрыты, пры сустрэчы з такiмi галаварэзамi, усведамляючы абавязак сумленнага грамадзянiна i адчуваючы немалы страх за сваiх гаспадароў i за самога сябе, узброены кароткiм мячом, якi быў у мяне з сабой на выпадак падобнага здарэння, я хацеў напалохаць iх i змусiць уцячы. Аднак гэтыя лютыя злачынцы, сапраўдныя варвары, i не збiралiся ўцякаць. Яны пачалi нахабна супрацiўляцца, хоць бачылi ў маiх руках зброю.

6. Пачынаецца сапраўднае змаганне. Правадыр банды накiнуўся на мяне з усiх сiл i, схапiўшы мяне абедзвюма рукамi за валасы i закiнуўшы маю галаву назад, хацеў разбiць яе каменем. Але пакуль ён крычаў, каб падалi яму камень, я прабiваю яго цвёрдай рукой, i ён валiцца дагары. Затым другога, якi кусаўся, учапiўшыся мне за ногi, прабiваю меткiм ударам мiж лапатак, а пасля пранiзваю наскрозь грудзi трэцяму, якi стрымгалоў на мяне рынуўся. Гэтак, вярнуўшы супакой i абаранiўшы дом маiх гаспадароў i грамадскую бяспеку, я не толькi лiчу сябе нi ў чым не вiнаватым, а нават думаю, што заслугоўваю пахвалы ад грамадзян, тым больш што нават цень абвiнавачання ў якiм-небудзь злачынстве не клаўся на мяне нiколi. I на радзiме заўсёды ўсе лiчылi мяне чалавекам сумленным, бо чыстае сумленне ставiў я ўсюды вышэй за любую выгаду.

Цяпер я не магу зразумець, чаму справядлiвая расправа, зробленая мною з гэтымi гнюснымi разбойнiкамi, накладае на мяне гэтае абвiнавачанне, хоць нiхто не зможа даказаць, што раней мiж намi мела месца варожасць або што я з iмi знаёмы, нi тым больш няма мовы аб якой-небудзь нажыве, якая вытлумачыла б гэта злачынства".

7. Закончыўшы, я зноў залiўся слязьмi i, выцягваючы ў вялiкiм горы свае рукi, выпрошваю то ў адных, то ў другiх у iмя iх сама дарагiх прыхiльнасцяў грамадзянскай лiтасцi.

Мне пачало ўжо здавацца, што ў прысутных прачнулася спачуванне, што ўсе расчулены, бачачы жаласлiвыя слёзы, я ўжо паклiкаў у сведкi ўсеабдымныя вочы Сонца i Справядлiвасцi i ход маёй справы збiраўся аддаць у рукi найвышэйшай боскай волi, як раптам, трохi прыўзняўшы галаву, бачу, што ўвесь натоўп надрываецца ад смеху i нават мой добры гаспадар Мiлон рагоча на ўсё горла. Тады я падумаў: "Вось яна, вернасць! Я зрабiўся дзеля ратавання гаспадара забойцам, мне пагражае смяротнае пакаранне, i ён не толькi не просiць за мяне i не прыносiць мне сваёй прысутнасцю нiякай уцехi, а нават рагоча над маёй бядой!"

8. У той момант прабягае праз сярэдзiну тэатра нейкая заплаканая, у жалобе жанчына з дзiцём на руках, а следам за ёй другая ў жудасных лахманах, старая i такая ж збедаваная i ў слязах. Абедзве трасуць алiўкавымi галiнкамi, стаўшы абапал месца, дзе ляжалi накрытыя нябожчыкi, падымаюць плач i галашэнне: "Заклiнаем усiх грамадзянскай лiтасцю i для ўсiх агульным правам на спачуванне! Злiтуйцеся над ганебна зарэзанымi юнакамi i над нашым удаўством, дайце нашай адзiноце пацеху i адплату цi хоць акажыце дапамогу гэтаму немаўляцi, ужо з малых гадоў абяздоленаму, i кроў гэтага забойцы няхай стане ахвярай выкупу перад вашым законам i пастановамi грамадзянскай маральнасцi!"

Пасля гэтага старэйшы суддзя падняўся i звярнуўся да народа: "Злачынства, якое заслугоўвае сур'ёзнага пакарання, не адмаўляе i той, хто яго зрабiў, аднак у нас застаўся яшчэ адзiн клопат — знайсцi супольнiкаў гэтага страшнага ўчынку, бо зусiм немагчыма паверыць, каб адзiн чалавек мог справiцца з трыма такiмi дужымi маладымi людзьмi. З гэтай прычыны прыйдзецца нам здабыць прызнанне катаваннямi. Слуга, якi быў з iм, схаваўся, i так склалiся ўмовы, што толькi ён сам пры допыце можа назваць сваiх хаўруснiкаў, каб мы канчаткова пазбавiлiся ад гэтай лютай хеўры".

9. Неўзабаве прыносяць, па грэцкiм звычаi, агонь, кола i розныя бiзуны. Мой адчай расце цi нават падвойваецца: значыць, не ўдасца незнявечанаму памерцi. А тая старая, што ўсю маю душу перавярнула сваiм плачам, кажа: "Добрыя грамадзяне, перш чым вы гэтага разбойнiка, забойцу маiх дзетак прыб'яце да крыжа, дазвольце адкрыць целы забiтых, каб, убачыўшы iхнюю маладосць i прыгажосць, вы яшчэ больш прасякнулiся справядлiвым абурэннем i праявiлi бязлiтаснасць, якой заслугоўвае гэта злачынства".

Гэтыя словы былi сустрэты воплескамi, i суддзя загадвае мне самому адкрыць забiтых. Праз тое, што я доўга адмаўляюся выстаўляць нанова напаказ трупы, каб не аднаўляць у памяцi ўчарашнi выпадак, за мяне, па загаду суддзi, з асаблiвай настойлiвасцю бяруцца стражнiкi i нарэшце, адарваўшы ад боку маю руку, змушаюць выцягнуць яе да трупаў. Нарэшце, пераможаны неабходнасцю, я здаюся i, зразумела, супраць сваёй волi, адхiнаю пакрывала.

О добрыя багi, што за вiдовiшча! Што за цуд! Якая раптоўная перамена ў маiм лёсе! Я ж лiчыў сябе ўжо ўласнасцю Празерпiны i дамачадцам Орка, i раптам справа паварочваецца зусiм iнакш, i я, анямелы, застываю. Не магу знайсцi адпаведных слоў, каб апiсаць гэты незвычайны малюнак — трупы пабiтых аказалiся трыма надзьмутымi бурдзюкамi з прасечанымi ў розных месцах дзiрамi, якiя, наколькi прыпамiнаю сваю ўчарашнюю барацьбу, адпавядаюць тым месцам, куды я наносiў разбойнiкам раны.

10. I вось цяпер тыя, што хiтра стрымлiвалiся ад смеху, далi рогату поўную волю. Некаторыя адны адных радасна вiншавалi, iншыя, схапiўшыся рукамi за жывот, старалiся супынiць боль у страўнiку. Навесялiўшыся ўдосталь, усе выходзяць з тэатра i аглядаюцца на мяне. А я, як узяў у рукi тое пакрывала, так i стаяў адзервянелы, нерухомы, як камень, цi статуя, або калона ў тэатры. I стаяў я так, пакуль не падышоў да мяне мой гаспадар Мiлон i не ўзяў мяне за руку. Ён, нягледзячы на маё супрацiўленне, на слёзы i частае ўсхлiпванне, пацягнуў мяне за сабой, скарыстаўшы сяброўскi прымус. Выбiраючы зацiшнейшыя вулiцы, нейкiм кружным шляхам вёў ён мяне да свайго дому, стараючыся гутаркай разагнаць маю змрочнасць i, усё яшчэ дрыготкага, супакоiць. Аднак той крыўды i абурэння, якiя заселi ў маiм сэрцы, ён не мог затушыць нiякiм чынам.

11. Праз нейкi час прыходзяць у наш дом суседзi са сваiмi адзнакамi ўлады i стараюцца мяне ўласкавiць такiмi разважаннямi: "Нам былi добра вядомыя, пан Луцый, i тваё высокае становiшча, i старажытнасць твайго роду, бо па ўсёй правiнцыi разносiцца слава аб высакароднасцi вашай сям'i. А тое, што прыйшлося табе перанесцi i што так моцна цябе засмучае, зроблена не дзеля таго, каб цябе абразiць. Выкiнь з галавы гэту непрыемнасць i ганi са сваёй душы смутак. Гэтыя гульнi, якiя мы ўрачыста i ўсенародна спраўляем кожны год у гонар найлiтасцiвейшага бога Смеху, заўсёды ўпрыгожваюцца якой-небудзь новай выдумкай. Гэты бог вельмi прыхiльны як да аўтара, так i да выканаўцаў вiдовiшча ў яго гонар. Ён будзе з любасцю спадарожнiчаць табе i не дапусцiць, каб ты смуткаваў, i тваё чало заўсёды будзе раз'яснена бесклапотнай радасцю.

Увесь наш горад за зробленую яму паслугу прысудзiў табе высокае званне: ты запiсаны ў лiк яго патронаў i вынесена пастанова ўзняць тваю бронзавую статую".

На гэта я адказваю: "Дзякую табе, сама знакамiты i непараўнальны сярод гарадоў Фесалii. Удзячнасць мая роўная i той вялiкай пашане, аднак статую раю пакiнуць для людзей больш за мяне знакамiтых i дастойных".

12. Пасля гэтага сцiплага адказу я стараюся ўсмiхацца i прыняць, наколькi магчыма, весялейшы выгляд i ветлiва развiтваюся з суседзямi. А тут прыбягае нейкi слуга i гаворыць: "Цябе клiча твая сваячка Бiрэна i напамiнае, што настае пара банкету, на якi ты ўчора абяцаў прыйсцi". Спалохаўшыся самога ўспамiну пра яе дом, я адказваю: "З ахвотай выканаў бы я жаданне цётачкi, калi б не быў звязаны словам. Мой гаспадар Мiлон заклiнаў мяне богам сягонняшняга дня i прымусiў даць абяцанне абедаць у яго. I сам ён нiкуды не iдзе, i мне iсцi не дазваляе, дык я прашу прабачэння".

Ледзь гэта я сказаў, як Мiлон, узяўшы мяне пад сваю апеку, павёў у лазню, куды загадаў прынесцi ўсё патрэбнае нам. Каб чым найменш трапляць на вочы i пазбегнуць кпiнаў сустрэчных, я iшоў, прытулiўшыся да яго. Ад сораму не памятаю ўжо, як я мыўся, як нацiраўся i як вярнуўся дамоў. Гэтак я губляўся i бянтэжыўся, калi ўсе паказвалi на мяне вачыма, кiўкамi i нават пальцамi!

13. Нарэшце, праглынуўшы спехам сцiплую вячэру i спаслаўшыся на боль галавы, якi быў выклiканы маiм няспынным плачам, прашу дазволу на адыход адпачываць i атрымлiваю яго. Кiнуўшыся на ложак, прыпамiнаю ў скрусе здарэннi мiнулага дня, аж пакуль, паклаўшы спаць сваю гаспадыню, не з'яўляецца мая Фацiда.

На гэты раз яна не падобная сама да сябе — нi вясёлага твару, нi жвавай гутаркi, панурая, з глыбокiмi зморшчкамi на лбе. I вось нясмела, з цяжкасцю вымаўляючы кожнае слова, яна гаворыць: "Я i толькi я была прычынай тваiх непрыемнасцяў, - i тут выцягвае з-за пазухi нейкую дзяжку i, падаючы мне, дадае: — Вазьмi, прашу цябе, i адпомсцi нявернай жанчыне, а нават налажы яшчэ большае спагнанне. Але толькi не падумай, што я знарок навяла на цябе гэту напасць. Багi не дапусцяць, каб праз мяне прыйшлося табе хоць крыху папакутаваць. I калi што-небудзь будзе табе пагражаць, няхай будзеш ты выбаўлены з небяспекi цаной маёй крывi? Дык вось, па волi злога лёсу тое, што я рабiла паводле чужога загаду i з iншымi намерамi, павярнулася на тваю шкоду".

14. Тады я пад уплывам сваёй прыроджанай дапытлiвасцi, жадаючы высветлiць скрытую прычыну здарэння, кажу: "Гэта пуга, прызначаная для пакарання цябе самой, сама паганая i сама ненавiсная, i я перш парэжу яе i парву на шматкi, чым дакрануся да тваёй пуховай, малочнай скуры. Але ты раскажы, якi твой праступак пакiравала зменлiвасць лёсу на маю шкоду. Клянуся табе тваёй найдаражэйшай мне галавою, што я не магу паверыць нiкому i нават табе самой, калi б ты казала, што нiбы ты задумала нешта на маю згубу. А прытым неспадзяваны выпадак, калi б ён нават i аказаўся варожым, не можа цябе зрабiць вiнаватай". Закончыўшы гэта, вочы маёй Фацiды, вiльготныя i трапяткiя, млявыя ад блiзкай страсцi, гатовыя вось-вось закрыцца, я пачаў асушваць гарачымi звонкiмi пацалункамi.

15. Тут яна, падбадзёрыўшыся ад радасцi, кажа: "Дазволь спярша зачынiць дзверы, каб не зрабiць мне большага праступка, калi па маёй балбатлiвасцi вылецiць якое-небудзь лiшняе слова". Пасля гэтага яна засунула засаўкi, зашчапiла крукi, а тады, вярнуўшыся да мяне i абняўшы мяне за шыю, пачала гаварыць ледзь чутным голасам: "Я вельмi баюся адкрыць сакрэты гэтага дома i здрадзiць таямнiцы маёй гаспадынi. Я спадзяюся на цябе i на тваю адукаванасць i веру табе, што ты чалавек не толькi годны з прычыны свайго высакароднага паходжання, але i ўмееш захаваць дадзенае абяцанне маўчаць. Такiм чынам тое, што я давяраю глыбiням твайго сэрца, беражы запёртым вечна за моцнай агароджай i за шчырасць майго прызнання ўзнагародзь мяне сталасцю свайго маўчання. Маё каханне пабуджае мяне расказаць табе тое, што вядома толькi адной мне. Зараз даведаешся, што робiцца ў нашым доме, пазнаеш дзiўныя таямнiцы маёй гаспадынi, бо ёй паслухмяныя маны, па яе загаду мяняюць ход нябесныя свяцiлы, ёй падпарадкоўваюцца багi i служаць стыхii. Аднак нiколi з большым стараннем не выкарыстоўвае яна сваё ўмельства, чым тады, калi загледзiцца на прыгожага юнака, што здараецца з ёй даволi часта.

16. Вось i цяпер яна без памяцi закаханая ў нейкага маладога беатыйца, юнака цудоўнай прыгажосцi, i з запалам пускае ў ход усю сiлу свайго чараўнiцтва, усе свае хiтрыкi. Учора вечарам чула на свае вушы, уласнымi, кажу табе, вушамi чула, як яна пагражала самому Сонцу замкнуць яго ў туманны змрок i вечную цемру за тое, што, на яе думку, яно недастаткова хутка спусцiлася з неба i не паспяшалася адступiць месца ночы для выпаўнення магiчных абрадаў.

Учора, вяртаючыся з лазнi, яна выпадкова заўважыла, што гэты юнак сядзiць у цырульнi, i загадала мне забраць цiшком яго валасы, якiя пасля стрыжкi валялiся на зямлi. Калi я падбiрала, злавiў мяне цырульнiк, а дзеля таго, што пра нас i так гавораць, што мы займаемся вядзьмарствам, дык ён схапiў мяне за руку i злосна закрычаў: "Перастанеш ты, паскуда, цягаць валасы прыстойных людзей? Калi не спынiш гэтых паскудстваў, дык здам цябе ў рукi ўлады!" Пасля гэтага ён абмацаў мяне i, запусцiўшы руку за пазуху i пашнырыўшы там, намацаў схаваныя ў мяне мiж грудзей валасы i выцягнуў iх з гневам. Вельмi засмучаная няўдачай i ведаючы нораў сваёй гаспадынi, якая пры такiх няўдачах асаблiва хвалюецца i ў злосцi б'е мяне, я адразу хацела зусiм ад яе ўцячы, але ўспамiн аб табе прымусiў мяне гэты намер пакiнуць.

17. I калi я так засумаваная iшла, думаючы, як мне вярнуцца дамоў не з пустымi рукамi, заўважыла, што нейкi чалавек абстрыгае невялiчкiмi нажнiцамi казлiныя скуры. Убачыўшы, што ён iх моцна пазвязваў, надзьмуў i пачаў развешваць, я падабрала рыжаватую воўну, падобную да валасоў юнака з Беоцыi, i, не сказаўшы праўды, перадала гаспадынi.

З надыходам ночы, перад тым, як табе вяртацца з вечара, Панфiла з вялiкiм нецярпеннем падымаецца на плоскi драначны дах, якi з таго боку будынка нiчым не заслонены ад вятроў i адкрыты на ўсход i на iншыя бакi. Туды ходзiць Панфiла тайком для сваiх магiчных заняткаў. Перш за ўсё рыхтуе яна ўсе прылады сваёй злавеснай творчасцi: розныя пахнiлы, таблiчкi з незразумелымi надпiсамi i ўцалелыя абломкi загiнуўшых караблёў, раскладзеныя шматлiкiя часткi аплаканых i нават пахаваных нябожчыкаў — там ноздры i пальцы, там цвiкi ад крыжоў з прысохлым мясам, у iншым месцы кроў, забраная пасля забойства, i прабiтыя чарапы, вырваныя з ляпы дзiкiх звяроў.

18. Там яна, вымаўляючы заклiнаннi над яшчэ трапяткiмi вантробамi, вылiвае розныя вадкасцi — то крынiчную ваду, то малако, то горны мёд, то вiно. Пасля тыя валасы, сплёўшы i звязаўшы вузламi, кладзе з рознымi пахнiламi на вуголле, каб спалiць. I вось у той час сiлай чараў i тайнай уладай над багамi яны ствараюць, што целы тых, чые валасы патрэсквалi i дымiлiся, прымаюць праз нейкi час чалавечую душу i адчуваюць, i чуюць, i рухаюцца, i, занаджаныя пахам астаткаў свайго цела, прыходзяць сюды, i, замест таго беатыйскага юнака, стараючыся ўвайсцi, ломяцца ў дзверы. А тут якраз з'яўляешся ты i пад уплывам выпiтага вiна, збiты з толку начной цемрай i ўзброены, быццам той шалёны Аякс, дастаеш свой меч. Толькi Аякс, напаўшы на жывёлу, перарэзаў увесь статак, а ты за яго адважнейшы, бо пад тваiмi ўдарамi выпусцiлi дух тры надзьмутыя бурдзюкi. Такiм чынам, у маiх абдымках знаходзiцца той, хто перамог ворагаў, не пралiўшы нi кроплi крывi, ты не чалавеказабойца, а бурдзюказабойца".

19. Жывая гутарка Фацiды развесялiла мяне, i я адказваю ёй жартам: "Вiдаць, я магу гэта праяўленне адвагi, якое мяне так праславiла, лiчыць адным з дванаццацi Геркулесавых подзвiгаў, параўноўваючы з трохцелым Герыонам цi з трохгаловым Цэрберам, бо i бурдзюкоў гэтулькi ж! Аднак для таго, каб я шчыра i ад душы дараваў твой праступак, якi каштаваў мне гэтулькi непрыемнасцяў, выканай маё запаветнае жаданне i пакажы мне, як твая гаспадыня займаецца гэтай боскай навукай. Я хачу ўбачыць, як яна выклiкае багоў, як рыхтуецца да сваiх чараў, бо да ўсяго, што адносiцца да магii, я вялiкi аматар. Мiж iншым, мне здаецца, што i ты сама не навiчок у гэтых справах, што маеш значны вопыт. Аб гэтым я здагадваюся i гэта адчуваю, бо раней я грэбаваў жанчынамi i iхнiмi абдымкамi, а ты мяне гэтымi блiскучымi вочкамi, румянымi шчочкамi, кучаравай галоўкай, сакавiтымi пацалункамi i пахучымi грудкамi зацягнула ў сваю, хоць i жаданую, няволю. Я ўжо i дамоў не спяшаюся, не рыхтуюся да ад'езду i вось гэтай ночы з табой нi на што не памяняю".

20. "Вельмi хацела б я, — адказвае яна, — зрабiць табе, Луцый, тое, чаго ты жадаеш, аднак, не гаворачы пра яе надзвычайную насцярожанасць у прыватным жыццi, магiчнымi справамi яна займаецца ў поўнай адзiноце, недаступная чужому воку. Але твая просьба даражэйшая мне за маю бяспеку, i пры першай магчымасцi я пастараюся яе выканаць. Толькi, як я ўжо казала раней, ты пра гэту такую важную справу павiнен непарушна маўчаць".

Пакуль мы так балакалi, у абаiх у душы i целе прачнулiся пачуццi пажадлiвасцi. Раздзеўшыся дагала, мы аддалiся шаленствам Венеры… Калi я вельмi стамiўся i быў перакананы, што дасягнуў верху здавальнення, Фацiда з уласнай шчодрай самаадданасцi адкрыла мне на заканчэнне новую крынiцу бязмежнай юрлiвасцi… Нарэшце, знясiлеўшы, мы самкнулi вочы, i моцнае забыццё пратрымала нас у абдымках да самага рання.

21. Не шмат пасля таго правялi мы такiх ночак, калi раптам аднаго дня прыбягае да мяне ўсхваляваная Фацiда i паведамляе, што яе гаспадыня, якой нiякiя чары дагэтуль не памаглi ў яе любоўных справах, сягоння ўночы будзе абарочвацца ў птушку i ў такiм выглядзе паляцiць да свайго жаданага. Дык я павiнен падрыхтавацца назiраць гэтае надзвычайнае дзiва.

I вось пад поўнач яна вядзе мяне на дыбачках на гарышча i загадвае глядзець праз нейкую шчылiнку ў дзвярах. А далей усё адбывалася так.

Перш за ўсё скiдае з сябе Панфiла апраткi i, адчынiўшы нейкую шкатулку, вымае адтуль мноства скрыначак, здымае з адной накрыўку i, набраўшы мазi, расцiрае яе доўгi час мiж далонямi, а пасля намазвае ўсё цела ад ног да галавы. Доўга шэпчацца са сваёй лямпай, урэшце пачынае трэсцiся ўсiмi членамi. А пакуль яны ўздрыгваюць, iх пакрывае далiкатны пушок, вырастаюць моцныя пёры, нос загiнаецца i цвярдзее, крывымi робяцца ногi. Памфiла становiцца савой. Жаласлiва крыкнуўшы, яна выпрабоўвае свае сiлы, злёгку падскокваючы над зямлёй. А неўзабаве, узняўшыся ўгору i распусцiўшы крылле, адлятае.

22. Яна перамянiла выгляд сiлай свайго магiчнага майстэрства, а я, быццам зачараваны, акамянелы ад здзiўлення толькi што ўбачаным, адчуў сябе абы-кiм, толькi не Луцыем. Амаль страцiўшы прытомнасць, ашаломлены да крайнасцi, я доўга працiраў вочы, стараючыся пераканацца, што не сплю. Нарэшце, апамятаўшыся i вярнуўшыся да рэчаiснасцi, хапаю руку Фацiды i, падымаючы яе да сваiх вачэй, гавару:

"Не адмаўляй, прашу цябе, пакуль спрыяе нам выпадак, даць мне найвялiкшы доказ выключнай тваёй да мяне прыхiльнасцi i ўдзялi мне крышачку гэтай мазi. Заклiнаю цябе гэтымi вачамi, якiя належаць табе, зрабi мяне вечным неаплатным сваiм нявольнiкам i пасадзейнiчай, каб я стаў побач з табой, маёй Венерай, крылатым Купiдонам!"

"Гляньце, калi ласка, — адказвае яна, — якi хiтрун знайшоўся. Мой каханак хоча, каб я сама сябе пакрыўдзiла. Я i так з цяжкасцю абараняю цябе, безабароннага, ад фесальскiх дзевак, а як ты станеш птушкай, дык дзе я тады i калi цябе знайду?"

23. "Няхай мяне багi бароняць ад гэткага злачынства, — кажу я, — каб я нават стаў арлом i высокiмi палётамi аблятаў усё неба ў якасцi даверанага вестуна цi ганарыстага збраяносца Юпiтэра, усё роўна адразу б вярнуўся пасля такога ўзвышэння ў сваё гняздзечка. Клянуся гэтым спакуслiвым завiтком тваiх кудзерак, якiм ты аблытала маю душу, што няма нiкога ў свеце, на каго б памяняў я сваю Фацiду. Вось што я падумаў яшчэ: як толькi ад гэтай мазi я абярнуся птушкай, мне прыйдзецца трымацца далей ад дамоў. Якая ж радасць з такога прыгожага i вясёлага палюбоўнiка, як сава? Цi ж мы не бачым, як гэтых начных птушак, калi яны заляцяць у чый-небудзь двор, ловяць i прыбiваюць да дзвярэй, каб тую бяду, якой пагражае iх злавеснае з'яўленне, яны адкуплялi сваiмi пакутамi. Аднак я забыўся папытацца, што трэба зрабiць цi сказаць, каб скiнуць тое апярэнне i зноў стаць самiм сабой, Луцыем?"

"Наконт гэтага не хвалюйся, — адказала яна, — гаспадыня паказала мне ўсе спосабы, якiмi кожная з гэтых жывёлiн можа вярнуцца ў сваё чалавечае аблiчча. Не думай, што яна зрабiла гэта ад нейкай прыхiльнасцi да мяне, а для таго, каб пасля яе вяртання дамоў я магла ёй дапамагаць. Зрэшты, глядзi, якiмi простымi i мiзэрнымi травiнкамi робiцца такая важная справа: кладуць у крынiчную ваду трохi кропу з лаўровым лiстам i даюць абмыцца i выпiць".

24. Паўтарыўшы гэта яшчэ некалькi разоў, яна, вельмi ўсхваляваная, кiнулася ў пакой i выняла са шкатулкi скрыначку. Схапiўшы i пацалаваўшы яе, я ўпрошваю дараваць мне шчаслiвыя палёты, а пасля скiнуў з сябе ўсю вопратку, хцiва зачэрпнуў мазi i нацёр ёю ўсё цела. А тады, узмахваючы то адной, то другой рукой, я стараюся пераймаць рухi птушкi, аднак не бачу нiякага пушку, нi пярынкi, толькi мае валасы пачынаюць грубець, становяцца шэрсцю, скура мая цвярдзее, а на руках i нагах пальцы злучаюцца ў капыты i з хрыбта прарастае вялiкi хвост. Вось i твар становiцца велiчэзным, рот расцягваецца, ноздры расшыраюцца, губы вiсяць, вушы празмерна павялiчваюцца i абрастаюць шэрсцю. I не бачу я ў гэтым жудасным пераўтварэннi нiчога, што магло б мяне ўсцешыць, калi не лiчыць таго, што адзнака маёй прыналежнасцi да мужчынскага полу значна павялiчылася, хоць я i быў цяпер пазбаўлены магчымасцi валодаць Фацiдай.

25. I пакуль аглядаю ўсе часткi свайго цела без нiякай надзеi на ратунак i бачу сябе не птушкай, а аслом, хочацца мне дакараць Фацiду за яе ўчынак, аднак, пазбаўлены як голасу, так i чалавечых рухаў, раблю тое, што магу: адвесiўшы нiжнюю губу i скасiўшы вочы, моўчкi гляджу на яе. А яна, як толькi ўбачыла мяне ў такiм выглядзе, закрыла твар рукамi i выкрыкнула: "Ах, гора ж маё! Падвяло мяне маё хваляванне i мая паспешлiвасць! Увяло ў зман i падабенства скрыначак! Яшчэ добра тое, што сродак супраць такога ператварэння зрабiць лёгка, варта табе пажаваць ружу, i ты станеш, скiнуўшы воблiк асла, зноў маiм Луцыем. Чаму ж я ўчора не прынесла, як заўсёды, якiх-небудь вяночкаў! Табе б i адной ночы чакаць не прыйшлося! Але як толькi пачне свiтаць, будзе табе лякарства!"

26. Так яна бедавала, а я, хоць i зрабiўся сапраўдным аслом, з Луцыя ператварыўся ва ўючную жывёлiну, усё ж захаваў чалавечае разуменне. Нейкi час я разважаў, цi не варта было б мне забрыкаць цвёрдымi капытамi i да смерцi закусаць гэту нягодную жанчыну. Аднак ад гэтага безразважнага намеру паўстрымала мяне разумнейшае меркаванне: пакараўшы смерцю Фацiду, я пазбавiў бы сябе надзеi на выратаванне. I вось, страсянуўшы нiзка апушчанай галавой, iду маўчком, змiраны са сваiм часовым прынiжэннем, да свайго каня, вернага майго слугi, у канюшню, там застаю яшчэ аднаго асла, якi належаў майму гаспадару Мiлону.

Я спадзяваўся, што калi iснуюць памiж бязмоўнымi жывёлiнамi якiя-небудзь тайныя i прыродныя ганаровыя абавязкi, дык мой конь, пазнаўшы мяне i паспачуваўшы, павiнен праявiць гасцiннасць i прыняць мяне, як знакамiтага чужаземца. Аднак, о справядлiвы Юпiтэр, i ты, запаветны бог Вернасцi! Мой слаўны носьбiт разам з аслом ссоўваюць морды i згаворваюцца мяне загубiць. Баючыся за свой корм, як толькi я падсунуўся да ясляў, яны, наставiўшы ў злосцi вушы, пачынаюць мяне брыкаць. I так адагналi яны мяне ад ячменю, якi я ўчора сваiмi рукамi насыпаў гэтаму стараннаму слузе.

27. Пасля такой непрыхiльнай сустрэчы я застаўся ў адзiноце i адышоўся ў кут канюшнi. I вось пакуль я разважаю аб нахабнасцi маiх сяброў i прыдумваю, як заўтра, ператварыўшыся пры дапамозе ружаў зноў у Луцыя, адпомшчу свайму нявернаму каню, раптам бачу на сярэднiм слупе, якi падпiраў бэлькi канюшнi, амаль на самай сярэдзiне абраз багiнi Эпоны, устаўлены ў нiшу i старанна ўпрыгожаны гiрляндамi з ружаў. Убачыўшы сродак паратунку, акрылены надзеяй, я стаў на заднiя ногi, абапёрся пярэднiмi i як толькi мог выцягнуў губы, каб дацягнуцца да гiрляндаў. Ды, на маё няшчасце, мой слуга, якому было даручана даглядаць каня, заўважыўшы мой намер, абурана ўскочыў. "Колькi можна цярпець, — выкрыкнуў ён, — гэту клячу? Толькi што адбiраў ад жывёлы корм, а цяпер узяўся за выявы багоў! Я цябе, святататнiк, так адлупцую, што закульгаеш i зробiшся калекам!" I зараз жа пачаў шукаць, чым мяне набiць. Пад руку трапiла яму вязанка дроў, якая там выпадкова ляжала, дык, выбраўшы адпаведны калок яшчэ з неабдзёртымi лiстамi, датуль мясiў мяне, няшчаснага, пакуль знадворку не пачуўся грукат у дзверы, а побач нехта не закрычаў: "Разбойнiкi!" Тады ён спалохаўся i ўцёк.

28. Не прайшло i хвiлiны, як шайка разбойнiкаў, разламаўшы браму, запаўняе сабой усё. Усе памяшканнi акружаны ўзброенымi людзьмi, а тыя, што бягуць на ратунак, усюды натыкаюцца на ворага. Ува ўсiх у руках паходнi, якiя разганяюць начны змрок, усе ўзброеныя мячамi. Зброя i полымя ззяюць, як сонца на ўзыходзе. Ударамi сякер узломваюць разбойнiкi Мiлонаву камору, якая знаходзiлася ў сярэдзiне дома i была замкнёная на моцныя засаўкi i замкi. Там зберагалася ўсё Мiлонава багацце. Уварваўшыся туды, рабаўнiкi паспешлiва выцягваюць усё дабро i, павязаўшы яго ў вузлы, дзеляць памiж сабой. Аднак колькасць клункаў большая за лiк насiльшчыкаў. Тады яны выводзяць з канюшнi нас — двух аслоў i майго каня, навальваюць на нас чым найбольш сама цяжкiх вузлоў i гоняць нас палкамi прэч з начыста абрабаванага дома. Пакiнуўшы аднаго са сваёй шайкi назiраць, як будзе разбiрацца гэта злачынства, уся група разбойнiкаў, асыпаючы нас ударамi палак, хутка гонiць непраходнымi сцежкамi ў горы.

29. Я быў ледзь жывы пад цяжарам такой паклажы ад стромкасцi гары i ад доўгай дарогi. Тут мне, хоць i пазнавата, затое ўсур'ёз прыйшла ў галаву думка папрасiць дапамогi ў мясцовых улад i, скарыстаўшы паважанае iмя iмператара, збавiцца ад гэтулькiх нягод. Калi ўжо пры дзённым святле мiналi мы нейкае мнагалюднае сяло, дзе з прычыны кiрмашу было вялiкае скопiшча народу, я ў самай гушчынi натоўпу спрабаваў азвацца на роднай мове грэкаў да боскага iмя Цэзара, але выкрыкнуў голасна i выразна толькi «О», а далейшых гукаў iмя Цэзара вымавiць не змог. Разбойнiкам не спадабаўся мой дзiкi крык, i яны так вырабiлi маю няшчасную скуру, што яна аказалася непрыдатнай нават на рэшата. I ўсё ж сам Юпiтэр паслаў мне неспадзяваны ратунак. Мiнаючы мноства хацiнак i вялiкiх двароў, убачыў я нейкi садок, у якiм памiж iншых раслiн цвiлi цнатлiвыя ружы, вiльготныя ад ранiшняй расы. Хцiва разявiўшы рот, акрылены радаснай надзеяй на выратаванне, я падышоў блiжэй i ўжо цягнуўся да iх дрыготкiмi губамi, як раптам спынiла мяне разумнейшая думка: калi я тут жа з асла ператваруся ў Луцыя, непазбежна загiну ад рук разбойнiкаў, бо яны або палiчаць мяне за чараўнiка, або абвiнавацяць у намеры данесцi на iх.

Такiм чынам, падпарадкоўваючыся неабходнасцi i змiрыўшыся са сваiм становiшчам, я, як належала аслу, устрымаўшыся ад ружаў, паскубаў сухой травiцы.

КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

1. Каля паўдня, калi ўжо сонца моцна прыпякала, мы павярнулi ў адной вёсцы да нейкiх старых людзей, якiя вялi знаёмства i сябравалi з разбойнiкамi. Хоць я быў аслом, але зразумеў гэта з таго, як iх спатыкалi, з бясконцых радасных гутарак i пацалункаў. Разбойнiкi падаравалi iм сякiя-такiя рэчы, зняўшы iх з маёй спiны, прытым перашэптвалiся, вiдаць, расказваючы, што гэта частка iхняй бандыцкай здабычы. Праз нейкi час вызвалiлi нас ад усiх цюкоў i мяхоў i пусцiлi пасвiцца на блiзкi луг.

Не мог я сябраваць са сваiм канём i з аслом i не прывык яшчэ есцi сухой травы. Аднак, вельмi згаладаўшыся, смела накiроўваюся ў заўважаны мною за хлявом агародчык i там, хоць i сырой гароднiнай, набiваю сабе страўнiк.

Паклiкаўшы на дапамогу ўсiх багоў, пачынаю ўважлiва прыглядацца, цi не ўбачу дзе-небудзь у суседнiм садзе куста прыгожых ружаў. Самотнасць мясцовасцi цешыла мяне надзеяй, што, прыкрыты кустамi, ужыўшы лекi, нiкiм не заўважаны, узнiмуся i з жывёлiны стану зноў чалавекам.

2. I калi я так плаваў у моры гэтых надзеяў, бачу зводдаль зацененую далiнку з густым гаем, дзе сярод розных раслiн i прыемнай зелянiны выдзялялася чырвань ружаў. Я ўжо лiчыў у сваiм яшчэ не зусiм азвярэлым сэрцы, што гэты гай прысвечаны Венеры i грацыям i пад iх таямнiчай апекай ззяе гэта каралеўская кветка. Тады, паклiкаўшы на дапамогу багiню Ўдачу, пускаюся з усiх ног так, што клянуся Геркулесам, адчуў сябе не аслом, а вельмi хуткiм скакуном. Аднак гэта мая рэзвая i спрытная спроба не здолела перамянiць мой жорсткi лёс. Наблiзiўшыся да таго месца, не знаходжу тых далiкатных i цудоўных ружаў, вiльготных ад боскага нектару i расы, народжаных калючымi кустамi. I наогул не бачу нiякай далiнкi, а толькi ўскраек рачнога берага, густа парослага дрэвамi. Гэтыя дрэвы, укрытыя падобнымi на лаўры лiстамi, ствараюць накшталт духмяных кветак падоўжаныя чашачкi ўмеркавана пунсовага колеру, цалкам пазбаўленыя паху. Мясцовыя сяляне называюць iх лаўровымi ружамi, яны з'яўляюцца атрутай для любога арганiзма.

3. Стомлены такой няўдачай, пакiнуўшы ўсякую надзею на выратаванне, я хацеў ужо пакаштаваць гэтых ядавiтых ружаў. Аднак пакуль не спяшаючыся я рыхтуюся iх сарваць, нейкi юнак, напэўна, агароднiк, чыю агароднiну я вынiшчыў, даведаўшыся пра зробленую яму шкоду, прыбег з вялiкiм кiем, накiнуўся на мяне i пачаў так мяне мясiць, што, напэўна, забiў бы да смерцi, каб я не кiнуўся сам сабе на паратунак. Задраўшы ўгару зад, я пачаў яго брыкаць заднiмi нагамi, а калi ён, моцна пабiты, павалiўся на касагор, я выратаваўся ўцёкамi. Аднак тут жа нейкая жанчына, магчыма, яго жонка, убачыўшы, што ён павалены на зямлю i ледзь жывы, кiнулася да яго з жаласлiвым лямантам, пэўна, каб выклiкаць да сябе спачуванне i адначасова загубiць мяне.

I вось усе жыхары вёскi, устрывожаныя яе галашэннем, склiкаюць сабак i цкуюць, каб яны кiнулiся на мяне i, раз'юшыўшыся, разарвалi на кавалкi. Я ўжо быў упэўнены, што настала мая смерць, бо сабакi былi такiя вялiкiя i так было iх многа, што можна было iсцi з iмi на мядзведзяў i львоў. У такiх абставiнах я пакiнуў думку пра ўцёкi i хуткай рыссю вярнуўся ў той хлеў, дзе мы былi пастаўлены. Але i тут яны, ледзь стрымлiваючы сабак, злавiлi мяне i, прывязаўшы моцным рэменем да нейкага колца ў шуле, бясспрэчна, забiлi б да смерцi, каб мой страўнiк, звузiўшыся ад балючых удараў, перапоўнены той грубай гароднiнай i захварэўшы нястраўнасцю, не выпусцiў цэлага струменю i не адагнаў iх ад майго спакутаванага цела, адных агiднай жыжкай, другiх едкiм смуродам.

4. Хутка пасля таго як пачала спадаць паўдзённая спёка, нашы разбойнiкi зноў абладавалi нас, i асаблiва мяне, цяжкiм грузам i рушылi далей.

Калi была ўжо пройдзена большая частка дарогi, стомлены доўгай хадой, знемагаючы пад цяжарам грузу, абяссiлены ад палачных удараў, збiўшы ўсе капыты, кульгаючы, хiстаючыся, дайшоў я да нейкай цiхай рэчкi, i раптам прыйшла мне ў галаву думка скарыстаць шчаслiвы выпадак i, асцярожна падагнуўшы ногi, легчы на зямлю з намерам не ўставаць i не iсцi далей, нягледзячы нi на якiя пабоi.

Я быў гатовы нават памерцi не толькi пад палкамi, але i ад удару нажа. Я думаў, што, ледзь жывы i слабы, атрымаю заслужаную адстаўку, як iнвалiд, а разбойнiкi, каб паскорыць свае ўцёкi, перакладуць груз з маёй спiны на двух iншых уючнiкаў, а мяне для найвышэйшай кары кiнуць на здабычу ваўкам i груганам.

5. Аднак супраць гэтага цудоўнага плана паўстаў мой бязлiтасны лёс. Другi асёл, адгадаўшы мае думкi, павалiўся раптам ад прытворнай стомленасцi i заставаўся ляжаць з усiмi манаткамi, як нi цягалi яго ў розныя бакi за хвост, за вушы i за ногi. Тады, стамiўшыся i страцiўшы апошнюю надзею падняць яго, парадзiлiся мiж сабой, што не варта важдацца з нерухомым, быццам акамянелым аслом i трацiць дарагi час, пераклалi мяхi на мяне i на каня, а яго, падрэзаўшы яму ўсе паджылкi i сцягнуўшы трохi з дарогi, яшчэ жывога скiнулi з абрыву ў прорву.

Разважыўшы долю свайго няшчаснага сябра, я вырашыў адкiнуць усякiя хiтрыкi i ашуканства i, як паслухмяны асёл, служыць сваiм гаспадарам. Неўзабаве я зразумеў з iхняй гутаркi, што ўжо хутка будзе прыпынак i канец усёй дарогi, што ўжо недалёка iхняе сталае месца. I сапраўды, мiнуўшы яшчэ адзiн не вельмi круты пад'ём, прыбылi мы нарэшце да мэты падарожжа. Там знялi з нас увесь груз i схавалi ў пячоры, а я, вызвалены ад цяжару, каб адагнаць стому, замест купання пачаў качацца па пяску.

6. Час i адпаведныя ўмовы вымушаюць мяне апiсаць месца i тыя пячоры, дзе жылi разбойнiкi. Адначасова праверу i дам вам адчуць, цi быў я аслом з розумам i пачуццямi.

Перад намi ўзнiмалася велiчная, адна з найвышэйшых, гара, зарослая густымi цянiстымi кустамi. Яе пакручастыя схiлы акружаныя вострымi i непрыступнымi скаламi, абвiтымi ў выглядзе натуральнага ўмацавання глыбокiмi цяснiнамi i прорвамi, зацененымi розным кустоўем. Пенiстым струменем падаў унiз, сцякаючы па схiле, ручай, якi браў пачатак дзесьцi на вяршынi гары. Ён то ўздымаў серабрыстыя хвалi, то, раздзялiўшыся на мноства струменьчыкаў, аблiваў i забалочваў цяснiны, то зноў злучаўся ў акружанае берагамi возера i ператвараўся ў павольную раку.

Над пячорай у цяснiне памiж двума выступамi ўзнiмалася высокая вежа, навокал якой цягнуўся частакол з моцных жэрдак, магчыма, загон для авечак. Памiж дзвюма сценамi быў вузкi праход. Гэта быў сапраўдны бандыцкi прытон, навокал якога не было нiякага жылля, апроч маленькай, наспех злепленай i накрытай трыснягом хацiнкi, дзе, як я даведаўся, выбраныя па жэрабю разбойнiкi вартавалi.

7. Дабраўшыся да месца, бандыты прывязалi нас моцнымi рамянямi каля самых дзвярэй i, скурчыўшыся, палезлi ў праход па адным, а там накiнулiся з лаянкай на нейкую сагнутую цяжарам гадоў старую, на якой, вiдаць, ляжаў клопат кармiць усiх гэтых суровых маладых мужчын. "Ну ты, нябожчыца непахаваная, — крычалi, якой зямля не носiць i ў сябе не забiрае, так ты пра нас дбаеш, седзячы тут без работы? Пасля такой небяспекi, у гэты познi час няма ў цябе чым нас накармiць? Толькi i ведаеш дзень i ночь налiваць неразбаўленым вiном сваю ненажэрную вантробу!" Задрыжаўшы ад страху, старая адказвае пранiзлiвым галаском: "Вам, малойчыкi мае верныя, кармiльцы мае маладзенькiя, удосталь наварана рознай смачнай ежы, усё гатова: хлеба ўволю, вiна ў келiхi паналiвана, гарачая вада памыцца нарыхтавана".

Пасля такiх слоў яны зараз жа распранаюцца i, прапацеўшы перад вялiкiм агнём, абмыўшыся гарачай вадой i нацёршыся алеем, сядаюць за стол, застаўлены багатай ежай.

8. Толькi яны паселi, як раптам з'яўляецца яшчэ большая чарада маладых мужчын, у якiх можна было пазнаць такiх самых разбойнiкаў. I гэтыя таксама прывалаклi здабычу з золата i з сярэбраных манет, посуду i шаўковых, затканых золатам дарагiх вопратак. Яны таксама, асвяжыўшыся мыццём, займаюць месцы на ложах сярод таварышаў, а прыслужваць за сталом даручаюць таму, на каго выпадзе жэрабя. Пасля гэтага пачынаецца жыраванне i папойка! Перапоўненыя мiсы апаражняюцца, вялiкiя боханы хлеба праз момант знiкаюць, а чаркi быццам не маюць дна. Пачынаецца рогат, крыклiвыя спевы, непрыстойныя жарты, зусiм як у фiванскiх лапiфаў — паўчалавекаў, паўзвяроў, кентаўраў…

Тут адзiн з iх, з выгляду дужэйшы за iншых, сказаў: "Мы ўшчэнт разнеслi дом Мiлона Гiпацкага. Мы здабылi многа дабра сваёй адвагай, i нiхто не выбыў з нашага строю, ды яшчэ стала нас цяпер на чатыры пары ног больш. А вы, што хадзiлi ў беоцкiя гарады, вярнулiся аскубенымi i да таго страцiлi Ламаха, сама адважнага нашага атамана. За яго жыццё можна было б смела аддаць усе тыя цюкi, што вы прывалаклi. Загубiла яго ўласная адвага, iмя гэтага слаўнага мужа будзе пастаўлена мiж iмёнаў цароў i знакамiтых палкаводцаў. А вы ўмееце толькi, як зладзеi, дробязь красцi ды па каморках старых бабуль цi па лазнях шнырыць".

9. Яму адказаў адзiн з прыбылых пазней: "Няўжо ты адзiн толькi ведаеш, што чым багацейшы дом, тым лягчэй яго абрабаваць? Хоць там i шмат чаляднiкаў у прасторных пакоях, але кожны з iх больш дбае аб сваiм ратунку, чым аб гаспадарскай маёмасцi. А маленькiя беражлiвыя адзiнокiя людзi сваё, часта немалое багацце хаваюць далёка, ахоўваюць моцна i бароняць з рызыкай для жыцця. Магу даказаць гэта прыкладам. Як толькi ўвайшлi мы ў сямiбрамныя Фiвы, адразу, згодна з нашым рамяством, пачалi старанна выведваць, цi ёсць сярод жыхароў горада багатыя людзi, i, даведаўшыся, што пражывае там нейкi лiхвяр Хрызерас, уладальнiк вялiкага багацця, якi, каб не плацiць падаткаў i не выконваць грамадскiх павiннасцяў, захоўвае сваю маёмасць вялiкiмi хiтрыкамi, вырашылi яго памацаць. У маленькай з моцнымi запорамi хацiне сядзеў ён, абдзёрты i брудны, на сваiх мяшках з золатам. Мы вырашылi зрабiць налёт на яго першага, спадзеючыся, што адзiн чалавек не зможа моцна супрацiўляцца, дык мы без лiшнiх клопатаў завалодаем яго багаццем.

10. Як толькi сцямнела, мы пачалi сачыць за яго дзвярамi. Здымаць з крукоў, выбiваць цi ламаць iх было нам нязручна, бо былi яны моцныя i грукат мог бы пабудзiць усiх суседзяў. Дык наш правадыр, незабыўны Ламах, разлiчваючы на свой спрыт, асцярожна прасоўвае руку ў адтулiну, у якую ўкладаюць ключ, i намагаецца адцягнуць засаўку. А той Хрызерас, сама нягодны з двухногiх, не спаў i чуў усё, што рабiлася. Моўчкi, нячутнымi крокамi падкраўся ён i, нечакана нанёсшы ўдар, вялiкiм цвiком прыбiў руку нашага важака да дзвярэй. I так, пакiнуўшы яго, быццам укрыжаванага, вылез на дах хацiны i пачаў крычаць не сваiм голасам, што раптоўны пажар ахапiў яго дом, клiкаць на дапамогу, называючы кожнага суседа па iмю. Тут кожны, напалоханы блiзкай бядой, бяжыць на ратунак.

11. Апынуўшыся перад выбарам або ўсiм загiнуць, або пакiнуць сябра, мы з яго згоды выкарыстоўваем незвычайны, вымушаны сродак: ударам па звязках, дзе перадплечча злучаецца з плячом, адсякаем руку нашаму камандзiру i, заткнуўшы рану жмутам ануч, каб кроплi крывi не выдалi нашых слядоў, пакiдаем абрубак, а Ламаха цягнем за сабой. Пакуль навокал трывала замяшанне, а мы былi ў страху ад шуму i навiслай небяспекi, гэты слаўны моцнай воляй муж, разумеючы, што бегчы з намi не зможа i заставацца яму немагчыма, настойлiва пераконвае нас, сардэчна просiць, заклiнаючы правай рукой Марса, вернасцю нашаму саюзу вызвалiць яго ад пакут i палону. "Як можа жыць прыстойны разбойнiк, — казаў ён, — без рукi, якая забiвае i рабуе?" Ён лiчыў бы сябе шчаслiвым, калi б загiнуў ад рукi таварыша. Не здолеўшы ўгаварыць нiкога з нас на добраахвотнае бацьказабойства, выняў здаровай рукой свой меч, доўга яго цалаваў, а пасля моцным ударам убiў яго ўсярэдзiну сваiх грудзей. Тады мы, шануючы памяць нашага велiкадушнага камандзiра, ахуталi старанна яго цела палатняным плашчом i апусцiлi ў мора. Цяпер наш Ламах спачывае, пахаваны стыхiяй. Такая была яго смерць, вартая яго доблеснага жыцця.

12. А Алцiм не мог, нягледзячы на сваю вынаходлiвасць, даць рады волi злога лёсу. Узламаўшы дзверы ў нейкую хацiну, ён залез на другi паверх у спальню да соннай старой i замест таго, каб яе адразу прыкончыць, пачаў выкiдаць нам праз шырокае акно яе манаткi — адну рэч за другой, а мы iх падбiралi. Выкiнуўшы рэчы, ён захацеў забраць i пасцель, на якой ляжала старая. Вытрасшы яе з ложка i выцягнуўшы з-пад яе прасцiрадлы, наважыўся адправiць iх тым самым шляхам, але тая нягоднiца, павалiўшыся яму ў ногi, пачала ўпрошваць: "Навошта ты, сынок, аддаеш маё беднае рыззё, тыя няшчасныя анучы, суседзям багацеям, на двор якiх выходзiць гэта акно?"

Ашуканы хiтрай i прытворнай мовай, Алцiм паверыў сказанаму i, баючыся, каб сапраўды праз памылку рэчы не трапiлi ў чужыя рукi, нахiлiўся праз акно паглядзець, якiя там жывуць суседзi. Калi ён так пiльна ўглядаўся, не падазраючы бяды, гэта старая, хоць i калека, хуткiм i нечаканым штуршком яго, перавешанага ў акне i занятага разгляданнем двара, спiхнула ўнiз галавой. Мала таго, што вышыня была вялiкая, ён звалiўся на вялiкi камень, што там ляжаў, i паламаў сабе скабы. Выплёўваючы на грудзi кроў, расказаў ён нам, што здарылася, а пасля, нядоўга памучыўшыся, развiтаўся з жыццём. За першым прыйшлося рабiць другое пахаванне — мы адправiлi яго следам за Ламахам.

13. Асiрацелыя ад дзвюх няўдач i баючыся далей шукаць шчасця ў Фiвах, мы накiравалiся ў суседнi горад Платэю. Там мы пачулi шмат пра нейкага Дэмыхара, якi рыхтаваўся наладзiць бой гладыятараў. Гэта быў чалавек знакамiтага роду, вельмi багаты i надзвычай шчодры, ён стараўся зрабiць, каб народная забава адпавядала па сваёй пышнасцi яго багаццю. Не ў кожнага знойдзецца столькi здольнасцi i красамоўства, каб адпаведнымi выразамi апiсаць розныя бакi складанай падрыхтоўкi да свята. Вось слаўныя сваёй сiлай гладыятары, вось спрактыкаваныя паляўнiчыя, а там асуджаныя на смерць злачынцы, падрыхтаваныя на адкорм дзiкiх звяроў. Апроч таго, узвышаюцца на палях машыны i вежы, пабудаваныя з дошак накшталт рухомага гмаху, упрыгожаныя яскравымi малюнкамi выдатныя сховiшчы для ўдзельнiкаў запланаванага палявання. А яшчэ ж такое мноства, такая разнастайнасць звяроў! Ён спецыяльна паклапацiўся прывезцi здалёк гэтыя хадзячыя пародзiстыя пахавальнi для асуджаных злачынцаў. Але найбольш з гэтага рыхтавання здзiўляла незвычайная колькасць вялiзных мядзведзяў, якiх ён здабываў, не шкадуючы затрат, дзе толькi мог. Не лiчачы тых, што былi злоўлены падчас яго паляванняў, не лiчачы тых, якiх ён купляў за вялiкiя грошы, яшчэ i сябры абдароўвалi яго медзвядзямi розных масцяў, а ён усiх iх добра кармiў, трацячы на гэта вялiкiя сродкi.

14. Аднак такая слаўная i такая незвычайная падрыхтоўка да ўсенароднай забавы не абышлася без згубнага ўмяшання Зайздрасцi. Ад доўгага жыцця ў клетках,стомленыя летняй спёкай i доўгiм сядзеннем без руху, мядзведзi раптам захварэлi на нейкую заразную хваробу i пачалi здыхаць. Ледзь не на кожнай плошчы можна было бачыць кiнутыя тушы — вынiк гэтай звярынай катастрофы. Тады просты люд, якi змушаны крайняй беднасцю не грэбаваць нiякай ежай для напаўнення свайго заўжды пустога страўнiка, пачынае збягацца да дармовага правiянту.

На падставе такой акалiчнасцi ў мяне i ў нашага слаўнага Эўбула з'явiўся хiтры план. Мы забiраем, быццам на яду, сама вялiкую тушу, акуратна ачышчаем шкуру ад мяса, пакiнуўшы кiпцюры i галаву звера, пасыпаем шкуру попелам i сушым на сонцы. А пакуль шкура дубiцца пад промнямi нябеснага свяцiльнiка, мы абжыраемся мясам i так размяркоўваем нашы абавязкi ў запланаванай справе, каб адзiн з нас, не так сама дужы, як сама адважны, i прытым цалкам добраахвотна, накрыўшыся гэтай скурай, стаў падобны да мядзведзiхi i, прыведзены ў дом Дэмахара, адчынiў нам уночы дзверы, праз якiя мы маглi б трапiць у памяшканне.

15. Шмат знайшлося адважных з нашай банды, якiм хацелася выканаць гэту хiтрую задуму, аднак агульным галасаваннем быў вылучаны Фразiляон — ён выцягнуў жэрабя на гэту рызыкоўную справу. З вясёлым тварам улез ён у шырокую шкуру, якая зрабiлася ўжо мяккай i гнуткай. Сшываем краi тонкiм шпагатам, а каб шво стала непрыкметным, ды яго i так не было вiдаць, напускаем на яго з усiх бакоў касмылi шэрсцi. Працiскаем галаву Фразiляона да горла звера, дзе была прарэзана шыя, i, зрабiўшы адтулiну для дыхання насупраць ноздраў i вачэй, садзiм нашага адважнага сябра ў клетку, якую мы купiлi за невялiкiя грошы. Пасля гэтай падрыхтоўкi мы занялiся далейшым выкананнем свайго плана.

16. Даведаўшыся, што нейкi Нiкамор родам з Фракii сябраваў з тым Дэмахорам, змастачылi ад яго iмя пiсьмо, у якiм напiсалi, што верны сябра высылае яму з удалага свайго палявання падарунак для ўпрыгожання свята. А як добра сцямнела, мы прыцягнулi Дэмахору клетку з Фразiляонам i перадалi яму наша фальшывае пiсьмо. Здзiўлены велiчынёй звера i ўсцешаны шчодрасцю сябра, якая была вельмi дарэчы, ён загадвае, каб нам, як пасрэднiкам у гэтай справе, адлiчылi з яго касы дзесяць залатых. Вядома, што кожная навiна абуджае ў людзях ахвоту паглядзець на цiкавае вiдовiшча, дык збеглася шмат народу да прывезенага звера, але наш Фразiляон неаднаразова спыняў залiшнюю цiкавасць пагрозлiвымi рухамi. Усе ў адзiн голас выслаўляюць шчасце i ўдачу Дэмахара, якi цяпер пасля паморку мядзведзяў з новым папаўненнем мог палепшыць свае справы. I вось ён загадвае завезцi звера зараз жа на свой хутар. Але тут умешваюся я.

17. "Глядзiце, — кажу я, — шаноўны пане, цi варта адпраўляць змораную спёкай i далёкай дарогай жывёлiну ў гурт iншых звяроў, якiя, як я чуў, не зусiм здаровыя. Цi не лепш знайсцi тут дзе-небудзь каля дома вальнейшае месца, у якiм было б добрае паветра, а найлепш паблiзу сажалкi, дзе халадок. Цi ж невядома вам, што гэтыя звяры жывуць каля густых зараснiкаў, каля пячор i прыгожых крынiц?"

Перакананы такiмi доказамi i ўспомнiўшы пра нядаўнiя страты, Дэмахар згадзiўся паставiць клетку там, дзе мы задумалi.

"Мы маглi б, — працягваю я, — уночы спаць каля гэтай клеткi, каб у пару падаваць стомленаму зверу ежу i пiтво".

"У гэтым, — адказаў ён, — няма патрэбы, амаль усе мае слугi прывычныя да мядзведзяў i ўмеюць iх даглядаць".

18. Пасля гэтага мы развiталiся i пайшлi. Выйшаўшы за горад, мы бачым воддаль ад дарогi ў цiхiм, схаваным ад людскiх вачэй месцы, могiльнiк. Там адчыняем некалькi грабнiц, у якiх спачывалi спарахнелыя ўжо трупы, i рыхтуем месца на сваю здабычу. А пасля, заведзеным у нас звычаем, дачакаўшыся поўнай цемнаты, калi не свяцiў месяц, а людзей апанаваў моцны сон, мы выстройваем наш узброены мячамi атрад i, быццам па сiгнале, з'яўляемся каля варот Дэмахара.

Тым часам Фразiляон выходзiць у пэўны час з клеткi i забiвае мячом усiх сонных вартаўнiкоў, якiя былi побач, а пасля i брамнiка. Здабывае ключ, адчыняе браму i паказвае нам, калi мы ўварвалiся i запоўнiлi ўвесь двор, камору, у якой схавана багацце. Пасля таго як мы ўзламалi дзверы кладоўкi, я загадваю, каб кожны з нашых хапаў i нёс колькi зможа золата i серабра, хаваў яго ў падрыхтаваных намi былых кватэрах нябожчыкаў i чым хутчэй вяртаўся па наступную порцыю. А я сам павiнен быў застацца каля дома, каб пiльна, пакуль тыя не вернуцца, за ўсiм сачыць.

Здавалася, што толькi адзiн выгляд мядзведзiхi павiнен наводзiць страх на кожнага, хто быў у доме, бо, якi б нi быў адважны чалавек, сустрэўшыся з такой звярынай аграмадзiнай, асаблiва ўночы, пусцiўся б наўцёкi i зачынiўся б ад страху ў сваёй каморцы.

19. Аднак супраць такiх правiльных меркаванняў выступiла жорсткая няўдача. Пакуль я чакаў вяртання сваiх сяброў, нейкi заспаны служка, цi то занепакоены шумам, цi проста прачнуўшыся, вылазiць аднекуль i бачыць, што звер свабодна ходзiць па ўсiм доме. Ён цiхенька вяртаецца i расказвае, што бачыў. Праз нейкую хвiлiну ўвесь дом запоўнiўся чэляддзю, якой было там нямала. Загараецца мноства лямпаў, паходняў, свечак i розных iншых свяцiльняў, дык змрок рассейваецца. А натоўп гэтых людзей выйшаў не з голымi рукамi: хто з калом, хто з кап'ём, а хто з мячом, i пачалi ахоўваць выхады. Не забылiся i пра сабак — вушы доўгiя, шэрсць дыбам.

20. Гоман мацнее, я ўжо мазгую, як мне ўцячы, але, схаваўшыся за дзверы, сачу, як Фразiляон спрытна адбiваецца ад сабачай зграi. У смяротнай небяспецы не забыўся ён нi пра сябе, нi пра нас i абараняўся ў самай разяўленай ляпе Цэрбера. Ён выдатна выконваў добраахвотна ўзятую на сябе ролю, то ўцякаючы, то баронячыся рознымi паваротамi i рухамi свайго цела, i ўрэшце змог выскачыць з дому. Аднак i на свабодзе не знайшоў ратунку, бо ўсе сабакi з блiзкага двара i завулка, злыя i ў вялiкай колькасцi, гуртам далучылiся да той зграi, якая вырвалася з дому, i ўсе разам пусцiлiся наўздагон.

Цяжка было глядзець на гэта вiдовiшча! Фразiляона акружыла раз'юшаная зграя, спынiла i пачала шкуматаць.

Не могучы перанесцi такой жуды, я ўмешваюся ў натоўп людзей, якiя беглi сюды i, каб не выдаць сябе, але дапамагчы свайму слаўнаму таварышу, звяртаюся да тых, што ладзiлi аблаву: "Гэта будзе вялiкае злачынства, калi мы загубiм такога вялiкага i каштоўнага звера".

21. Аднак мае хiтрыя словы не прынеслi нiякай карысцi гэтаму няшчаснаму юнаку. З дому выскоквае нейкi здаравенны бамбiза i пiкай прабiвае сэрца мядзведзiхi, за iм другi, а следам i многiя, апомнiўшыся ад страху, б'юць яе мячамi…

Так Фразiляон, гонар i краса нашай шайкi, аддаў сваё вартае бессмяротнасцi жыццё, не страцiўшы цярплiвасцi i не парушыўшы нi адным крыкам нашай святой прысягi. Раздзiраны зубамi, прабiваны зброяй, адказваў ворагам глухiм выццём i звярыным рыканнем, пераносячы бяду з высакароднай стойкасцю, i аддаў душу лёсу, заслужыўшы несмяротную славу. Прытым ён так напалохаў усё тое зборышча, што да самага белага дня не знайшлося такога, хто б да ўжо забiтага, распасцёртага звера дакрануўся хоць пальцам. I толькi ўраннi нейкi мяснiк, нясмела падышоўшы, распароў бруха мядзведзiхi i з жахам выявiў у iм адважнага разбойнiка. Так загiнуў Фразiляон, але слава яго не загiнула.

А мы, паспешлiва спакаваўшы здабычу, якую збераглi нам нябожчыкi, хуткiм маршам пакiнулi Платэю i не раз падумалi, што вернасць, якой мы не знаходзiм у жыццi, грэбуючы каварствам жывых, перасялiлася да мёртвых.

I вось, зусiм знясiленыя ад цяжару ношак i цяжкасцяў дарогi, страцiўшы трох сяброў, прыносiм мы здабычу, якую вы бачыце".

22. Пасля заканчэння гэтага апавядання ўсе п'юць на ўспамiн памерлых хаўруснiкаў з залатых кубкаў неразбаўленае вiно, а потым, падбадзёрыўшы сябе некалькiмi песнямi ў гонар Марса, крыху супакойваюцца. А нам успомненая раней старая, не паскупiўшыся, насыпала вышэй меры свежага ячменю, але мой конь захапiў увесь гэты аброк у выключнае сваё карыстанне, а я мог сябе ўявiць на банкеце салiяў. Да гэтага часу я прызнаваў ячмень толькi дробна змолаты i добра развараны, дык пачаў шнарыць па кустах i знайшоў цэлую кучу хлебных скарынак, якiя засталiся ад бандыцкiх застолляў, i пусцiў у ход сваё горла, што ад доўгай галадоўкi запяклося i ўжо зарасло павуцiннем.

Сярод ночы разбойнiкi прачынаюцца, пераапранаюцца, пераўзбройваюцца i, хто з мячом, а хто прыбраўшыся ў лемураў, адпраўляюцца спешным маршам. А я ўсё прагна еў ды так, што нават сон, якi мяне адольваў, не мог адарваць ад ежы. Калi я быў яшчэ Луцыем, дык каб наесцiся, мне хапала аднаго-двух хлябкоў, а цяпер пры такiм вялiкiм страўнiку перажоўваў ужо трэцi кошык i вельмi здзiвiўся, як застаў мяне за гэтым заняткам свiтанак.

23. Нарэшце, кiраваны аслiнай сарамлiвасцю, з цяжкасцю адарваўшыся ад корму, натольваю смагу ў суседнiм ручаi. Неўзабаве пачынаюць вяртацца разбойнiкi, незвычайна занепакоеныя, не прынёсшы з сабой нiякага клунка i нiякай, нават дробнай, рэчы. Усiмi сваiмi сiламi, зброяй i намаганнямi ўсёй шайкi прывалакаюць адну толькi дзяўчыну, мяркуючы па рысах твару i вопратцы, прадстаўнiцу высокага роду.

Клянуся Геркулесам, што нават у такiм асле, як я, яна, хоць i гаравала, i рвала на сабе валасы i адзенне, магла выклiкаць пажадлiвасць. Прывёўшы яе ў пячору, бандыты стараюцца супакоiць i ўгаварыць, каб перастала адчайвацца, i так гавораць: "Тваё жыццё i твой гонар не ў небяспецы, пацярпi трохi, дай нам атрымаць за цябе выкуп, бо наша беднасць змушае нас займацца такiмi справамi. А твае бацькi, хоць i вельмi даражаць сваiм багаццем, усё ж пастараюцца сваё дзiця выкупiць".

24. Такiмi i падобнымi словамi стараюцца разбойнiкi падбадзёрыць дзяўчыну, але яна несцiхана плакала, апусцiўшы галаву на каленi. Тады яны паклiкалi старую i, загадаўшы ёй сесцi побач з дзяўчынай i супакоiць яе прыветлiвай гаворкай, самi накiроўваюцца па сваiх справах.

Аднак дзяўчына, нягледзячы на ўгаворы старой, не толькi не перастала плакаць, а галасiла ўсё мацней, i цела яе скаланалася ад няспынных рыданняў так, што нават на маiх вачах паявiлiся слёзы. А яна плача i прыгаворвае: "Ох я, няшчасная, з гэтакага дому, з гэтакай сям'i, пазбаўленая столькiх слуг i дарагiх бацькоў, здабыча нахабнага рабунку, стаўшы паланянкай, укiнутая ў гэту каменную вязнiцу, разлучаная з усiмi радасцямi i ўцехамi, як я магу спынiць слёзы сярод гэтых галаварэзаў, як змагу я тут жыць далей?" Закончыўшы гэтыя скаргi, стомленая напружаннем нерваў, душэўным болем i знямогаю цела, яна заплюшчыла вочы i заснула.

25. Аднак драмала яна не доўга. Раптам прачнуўшыся, у новым прыступе жальбы загаласiла яшчэ мацней i нават пачала бiць сябе ў грудзi i па твары рукамi. А калi старая пачала распытваць, чаго яна так зноў забедавала, глыбока ўздыхнуўшы, адказала: "Ах, цяпер я ўжо беззваротна загiнула, ад усякай надзеi на выратаванне адмовiлася, застаецца мне толькi шукаць пятлi, мяча цi якой-небудзь прорвы".

На гэта старая зазлавалася i запатрабавала з грознай мiнай, каб тая растлумачыла ёй, чаго гэта яна, перш супакоiўшыся, раптам зноў пачала разводзiць свае бясконцыя жальбы. "Вiдаць, — кажа, — ты вырашыла пазбавiць маiх хлопцаў выкупу; калi будзеш так далей сябе паводзiць, дык я не пагляджу на твае слёзы, якiя ў разбойнiкаў не дорага каштуюць, i спалю цябе жыўцом".

26. Напалоханая такой пагрозай, дзяўчына цалуе старой рукi i кажа: "Злiтуйся, родная, абудзi ў сабе людское спачуванне i памажы мне ў цяжкой маёй нядолi хоць крыху. Я спадзяюся, што ў табе, якая дажыла да святой сiвiзны, жаль да людзей не патух. Зiрнi на маё гора. Ёсць цудоўны юнак, першы мiж сваiмi равеснiкамi, аднагалосна выбраны сынам горада, ён мой стрыечны брат, старэйшы за мяне на тры гады. З дзяцiнства гадавалiся мы разам, выхоўвалiся ў адным доме, нават адзiн у нас з iм быў пакой i адна пасцель. Мы звязаныя з iм узаемным пачуццём кахання, i ён здаўна быў прызначаны мне ў нарачоныя i за згодай бацькоў запiсаны маiм мужам. Ужо ён прыносiў у святых месцах перадшлюбныя ахвяры ў акружэннi блiзкiх i знаёмых, увесь дом быў упрыгожаны лаўровымi вянкамi, блiшчаў паходнямi, грымеў вясельнымi песнямi. Вось мая бедная мацi ўпрыгожвае мяне шлюбнымi ўборамi i, асыпаючы пацалункамi, марыць у трывожных думках пра нашчадкаў, ды раптам, быццам у час вайны, пагрозлiва блiшчаць павыманыя мячы. Аднак бандыты не iмкнуцца забiваць i займацца рабаваннем, а цесным строем нападаюць на нашу спальню. Нiхто з нашых хатнiх не аказаў iм супрацiўлення, нiхто не асмелiўся нават абараняцца, i няшчасную мяне, самлелую ад страху i дрыготкую ад небывалай жудасцi, хапаюць, адарваўшы ад матчынага ўлоння. Гэтак было расстроена, быццам у Ацiса цi Пратазiлая, маё вяселле.

27. I вось бязлiтасны лёс аднавiў i нават павялiчыў маё няшчасце. Прыснiлася мне, быццам я, гвалтам адарваная ад дому, з вясельных пакояў i нават са спальнi, апынулася ў пустынi i клiчу па iмю свайго няшчаснага мужа, якi так i не пацешыўся маiмi абдымкамi i яшчэ вiльготны ад нацiранняў з вянком на галаве, а ўжо аўдавелы, бяжыць услед за мной, з якой уцякаюць чужыя. I пакуль ён бяжыць i роспачна крычыць, каб людзi памаглi яму адабраць жонку-прыгажуню, нейкi з бандытаў, абураны смелым праследаваннем, схапiўшы з-пад ног вялiкi камень, кiдае ў майго беднага маладзенькага мужа i забiвае яго на смерць. Убачыўшы такую бесчалавечнасць, я ў вялiкiм жаху ўсхапiлася ад злавеснага сну".

Тады, адказаўшы на яе слёзы ўздыханнямi, старая гаворыць так: "Не трывожся, дзiця маё, i не палохайся пустых прывiдаў. Не кажучы ўжо, што дзённыя сны не спраўджваюцца, дык i начныя прарочаць адваротнае. Хто, напрыклад, саснiць слёзы, пабоi i нават смерць, можа спадзявацца, што ўсё абернецца на добрае, што будзе ён смяяцца i наядацца смачнай ежай; i наадварот, цешыцца страснасцю прарочыць душэўны смутак, цялесную слабасць i iншыя непрыемнасцi. Лепш давай я пацешу цябе добрай байкай, старадаўняй казкай". I пачала так:

28. "У адной дзяржаве жылi цар з царыцай, i было ў iх тры дачкi-прыгажунi. Аднак, хоць старэйшыя былi вельмi прыгожыя, яны, як у ценi, знiкалi перад прыгажосцю малодшай, якой красу апiсаць не хапiла б у людской мове слоў. Шмат хто з мясцовых грамадзян i мноства чужаземцаў, якiх прагнымi натоўпамi збiрала чутка пра небывалае вiдовiшча, здзiўленыя i ўсхваляваныя недасягальнай прыгажосцю, прыкрывалi рот правай рукой, палажыўшы свой указальны палец на выцягнуты вялiкi, быццам аддавалi пашану самой Венеры. I па ўсёй акрузе панеслася чутка, што багiня, якую нарадзiла марская стыхiя i ўзняла пенiстая хваля, па сваёй добрай волi выяўляе сваю прыхiльнасць да народа, зносiцца з людзьмi. А мо зноў з новага насення нябесных свяцiлаў не мора, а зямля нарадзiла другую Венеру, абдараваную цветам дзявоцкасцi.

29. Такая думка штораз умацоўвалася, i пашыралася ўсё большая слава на моры, па астравах i па блiжэйшых правiнцыях.

Натоўпы людзей, не баючыся нi далёкай дарогi, нi марской стыхii, збягалiся да знакамiтага цуду. Людзi перасталi ездзiць у Пафас, каб пакланiцца Венеры, не падарожнiчалi ў Кнiд i нават на выспу Кiферу. Ахвяры станавiлiся радзейшымi, святынi заняпалi — святыя падушкi параскiданыя, абрады пагарджаюцца, выявы багоў не ўпрыгожваюцца гiрляндамi, алтары пусцеюць, пакрыўшыся халодным попелам. Да дзяўчыны пачынаюць звяртацца з малiтвамi i пад смяротнымi рысамi ўшаноўваць велiч несмяротнай магутнай багiнi. Калi з'яўлялася дзяўчына, людзi прыносiлi ёй дары i ахвяры ў iмя адсутнай Венеры. А калi яна праходзiла па плошчы, дык натоўп часта пасыпаў яе шлях вянкамi i кветкамi.

Гэта залiшняе перанясенне боскай пашаны на смяротную дзяўчыну моцна ўскалыхнула дух сапраўднай Венеры, дык у нецярплiвым абурэннi, патрасаючы галавой, гаворыць яна сама сабе:

30. "Як я, старажытная мацi прыроды, родапачынальнiца стыхiяў, мацi ўсяго свету, Венера, зношу такое абыходжанне, што смяротная дзяўчына раздзяляе са мной каралеўскую пашану i маё iмя, запiсанае ў небе, апаганьваецца зямным брудам? Цi ж магу я раздзяляць сваю боскую пашану з гэтай заступнiцай, якая пад маiм iмем прымае збаўчыя ахвяры? Цi ж магу згадзiцца, каб смяротная жанчына насiла мой вобраз? Цi ж беспадстаўна слаўны пастыр, розум якога i справядлiвасць пацвердзiў сам Юпiтэр, вылучыў мяне за непараўнаную прыгажосць мiж iншых цудоўных багiнь? Ды не на радасць сабе прысвоiла тая самазванка, хто б яна нi была, мае пашаны! Я зраблю так, што яна раскаецца ў сваёй прыгажосцi!"

I тут жа клiча яна да сябе свайго крылатага сына, вельмi смелага хлапца, якi, згодна са сваiм норавам, грэбуючы ўсталяванымi парадкамi, узброены стрэламi i паходняй, бегае ўночы па чужых дамах, усюды разбурае сем'i i беспакарана ўчыняе розныя злачынствы, нiчым карысным не займаецца. Яго, ужо сапсаванага ад прыроды i неўтаймаванага, пабуджае нагаворамi, вядзе ў той горад i паказвае яму Псiхею (так звалася дзяўчына), расказвае ўсю гiсторыю аб спаборнiцтве ў прыгажосцi i, уздыхаючы, трасучыся ад абурэння, гаворыць:

31. "Заклiнаю цябе повязямi матчынай любовi, сцiплымi ранамi тваiх стрэл, салодкiмi апёкамi твайго факела, адпомсцi за сваю мацi. Аддай поўнай мерай i жорстка адплацi нахабнай прыгажунi. Зрабi тое адзiнае, чаго мне больш за ўсё хочацца: няхай гэтая дзяўчына палымяна закахаецца ў апошняга з людзей, якому лёс адмовiў у паходжаннi, i ў маёмасцi, i ўва ўсiм iншым, у такую мiзэрнасць, што большай не знойдзеш на ўсiм свеце".

Сказаўшы гэта, яна доўга i моцна цалуе сына i iдзе да блiзкага берага, абмыванага морам. I ледзь толькi ступiла ружовымi ступнямi ў пенную паверхню шумных хваль, як ужо спачывае на цiхай вадзе глыбокага мора. I ледзь толькi пажадала, як тут жа, быццам раней падрыхтаваная, з'явiлася марская свiта: дочкi Нерэя, спяваючы хорам, i Партун з ускалмачанай сiняй барадой, i Салацыя, фалды адзежы якой напоўнены рыбамi, i маленькi фурман дэльфiнаў Палемон. Тут i там скачуць па моры трытоны, адзiн далiкатна трубiць у ракавiну, другi распасцiрае ад сонечнай спёкi шаўковае пакрывала, трэцi падносiць да вачэй валадарнiцы люстэрка, а iншыя плаваюць на двухконных каляснiцах. Гэтакi натоўп праводзiў Венеру, калi яна рушыла ў бок Акiяна.

32. Тым часам Псiхея, пры ўсёй сваёй красе, не мела з яе нiякай карысцi. Усе любуюцца, усе ўслаўляюць, але нiякi цар, нi каралевiч, нi нават хто-небудзь з простага люду не iдзе да яе ў сваты. Дзiвяцца толькi на яе, як на боскую статую цi няземскую з'яву. Старэйшыя сёстры, якiя не вельмi славяцца прыгажосцю, даўно выйшлi замуж за прадстаўнiкоў царскага роду, а Псiхея, седзячы дома ў дзеўках, аплаквае сваю адзiноту, недамагаючы целам, з болем у душы i зненавiдзеўшы сваю прыгажосць, якая так усiх вабiла.

Тады гаротны бацька няшчаснай дзяўчыны, падумаўшы, што гэта знак нябеснай непрыхiльнасцi i баючыся гневу багоў, запытвае старое прадраканне мiлецкага бога i просiць у вялiкай святынi малiтвамi i ахвярамi мужа сваёй абяздоленай дачушцы. I вось Апалон, хоць i грэк i нават iанiец, дае прароцтва, з увагi на складальнiка мiлецкага апавядання, на лацiнскай мове:

33. "Пастаў няшчасную дачку на ўскрай скалы высокай

I, як на пахаванне, на вяселле апранi.

Не знойдзецца, няшчасны бацька, зяць смяротны,

Ён будзе дзiкi i надзвычай люты, як дракон.

На крылах аблятае ён эфiр i ўсiх стамляе,

Наносiць раны ўсiм i полымем гарачым палiць.

Дрыжыць Юпiтэр перад iм, багi яго баяцца,

Наводзiць страх ён i на Стыкс, на змрочную падземную раку".

Пачуўшы такi адказ найсвяцейшага прадказальнiка, раней шчаслiвы кароль едзе назад незадаволены, сумны i расказвае жонцы, што прадказаў яму злавесны вяшчун. Гаруюць яны i плачуць даволi доўгi час. Аднак нiчога не зробiш, даводзiцца выконваць злавесны загад няўмольнага лёсу.

Як да пахавання вядзецца перадвясельная падрыхтоўка няшчаснай дзяўчыны. Цьмяна гараць i чарнеюць ад сажы вясельныя факелы, гук вясельнай флейты пераходзiць у жалобны лiдыйскi напеў, i вясёлыя гiменеi канчаюцца жаллiвымi выкрыкамi, а маладая выцiрае слёзы шлюбным вэлюмам. Увесь горад спачувае горкай долi збедаванай сям'i, i з агульнай згоды выдаецца загад на ўсеагульную жалобу.

34. Аднак неабходнасць падпарадкавацца волi неба заклiкае бедную Псiхею да наканаванай пакуты. А калi ўсё было падрыхтавана да святкавання хаўтурнага шлюбу, рушыла ў дарогу пры ўсiм народзе, пры агульнай скрусе пахавальнае шэсце без нябожчыка. I заплаканую Псiхею вядуць не як да шлюбу, а як на ўласнае пахаванне. I калi збедаваныя i згараваныя бацькi замаруджвалi шэсце, сама дачка падбадзёрвае iх такiмi словамi: "Навошта стамляеце сваю старасць доўгiм плачам? Не скарачайце свайго дарагога жыцця, якое я ахвотна прадоўжыла б за кошт свайго! Што памогуць гэтыя бяссiльныя слёзы, якiмi аблiваеце вы свае шанаваныя мною твары? Перастаньце! О, перастаньце! Не рабiце болю маiм вачам праз шкоду сваiм. Паберажыце свае сiвыя валасы i вашы такiя мне дарагiя грудзi. Iншай узнагароды за маю красу атрымаць вы не маглi. Позна апомнiлiся вы, прабiтыя смяротнымi ўдарамi ганебнай зайздрасцi. Калi народы i краiны выказалi нам боскую пашану, калi ўсе ў адзiн голас называлi мяне Венерай, тады трэба было лiць слёзы, тады трэба было аплакваць мяне як загiнуўшую. Бачу i адчуваю, што загубiла мяне iмя Венеры. Вядзiце мяне на скалу i пакiньце там, як прысудзiў мне злы лёс. Спяшаюся ўзяць гэты шлюб, спяшаюся ўбачыць майго высакароднага мужа. Навошта марудзiць, адцягваць прыход таго, што павiнна адбыцца?"

35. Сказаўшы гэта, дзяўчына замаўчала i цвёрдым крокам увайшла ў натоўп, якi яе суправаджаў. Iдуць да вызначанага абрыву высокай гары, ставяць на самым версе дзяўчыну, адыходзяць, пакiнуўшы вясельныя факелы, што асвятлялi дарогу, а цяпер пацямнелi i тухлi ад слёз i, спусцiўшы галовы, разыходзяцца па сваiх дамах. I няшчасныя бацькi, прыгнечаныя такой бядой, пагрузiлiся ў змрочную жалобу.

Тым часам Псiхея стаяла высока на вяршынi скалы зусiм адна i ў напружаннi чакала вырашэння свайга лёсу. Яна ўздрыгвала ад плачу i страху, калi ў нейкую хвiлiну адчула, што мякка ляцiць над зямлёю. Лёгкi подых Зефiра, ускалыхнуўшы адзенне, далiкатна падымае яе i спакойным павевам нясе з высокай скалы, а пасля, апускаючы ў глыбокую далiну, памалу кладзе на ўлоне квяцiстага лугу.

КНIГА ПЯТАЯ

1. Тут у адзiн момант пакiнулi Псiхею ўсе яе пакуты сумненняў i неспакою. Апынуўшыся на мяккай пасцелi з роснай расквечанай травы, яна хутка заснула. Пасля доўгага падбадзёрлiвага сну прачнулася i ўстала весялейшая. Якi ж цудоўны вiд паўстаў перад яе вачыма! Яна знаходзiлася ў гаi, парослым рознымi высокiмi цянiстымi дрэвамi, памiж якiмi, ападаючы са скал i вывiваючыся, далiкатна журчаў пад серабрыстым туманам крыштальна чысты струмень. Пасярод гаю на зялёным беразе ўзвышаўся збудаваны не чалавечымi рукамi, а мастацтвам багоў прыгожы палац. Увайшоўшы туды, пазнаеш адразу, што перад табой светлы i чысты хорам аднаго з багоў. Выгнутая столь, цудоўна выкладзеная туяй i слановай косцю, абапiралася на залатыя калоны, усе сцены былi абкладзеныя чаканеным серабром з выявай дзiкiх звяроў i розных жывёлiн, якiя быццам выбягалi насустрач. О, гэта быў не паўбог, а сапраўдны бог, што так па-мастацку гэтулькi серабра ператварыў у звяроў! Падлога ззяе каштоўнымi камянямi, якiя ствараюць рознакаляровыя цудоўныя малюнкi. Сапраўды, двойчы, а то i болей шчаслiвыя тыя, што ступаюць па золаце i дарагiх камянях! Такое ж невыказнае багацце вiдаць ва ўсiх частках гэтага вялiзнага будынка — усе сцены, пакрытыя золатам, ззяюць такiм бляскам, што каб нават сонца перастала свяцiць, дык яны б залiлi ўвесь дом дзённым святлом, бо зiхацiць у iм кожны пакой, кожны балкон, кожная створка дзвярэй.

I ўсе iншыя прадметы не менш адпавядаюць багаццю дома, i можна падумаць, што сам вялiкi Юпiтэр стварыў гэтыя пакоi нябесныя для сваiх сустрэч са смяротнымi.

2. Захапiўшыся гэтай небывалай прыгажосцю, падыходзiць Псiхея блiжэй, адважыўшыся, пераступае парог i неўзабаве з вялiкай цiкавасцю разглядае ўсе прадметы цудоўнага палаца. Пазней знаёмiцца з багаццем, якое знаходзiцца ў збудаваным за домам вялiкiм свiрне. Няма таго на зямлi, чаго б там не было!

Але найдзiўнейшым было тое, што нiхто гэтага багацця не пiльнаваў, не было там нiякiх ланцугоў, нiякiх засавак i нiякiх вартаўнiкоў. I калi яна так аглядала ўсе тыя каштоўнасцi, аднекуль пачуўся голас, хоць нiдзе нiкога не было вiдаць: "Што дзiвiшся, панi, з такога багацця? Гэта ўсё тваё. Iдзi ў спальню i адпачнi ад стомы ў пасцелi, а калi жадаеш, загадай нарыхтаваць купанне. А мы, чые галасы ты чуеш, твае служкi, мы будзем старанна табе прыслугоўваць. Як толькi будзеш гатова, перад табой з'явiцца багаты стол".

3. Псiхея адчула вялiкую асалоду ад такiх прыветлiвых слоў i, паслухаўшыся невядомага голасу, спачатку сном, а пасля купаннем зняла з сябе рэшткi стомы. Убачыўшы перад сабой паўкруглы стол, накрыты для яе, ахвотна ўзялася за ежу. I ў той жа час розныя, быццам нектар, вiны i сама далiкатныя i смачныя стравы падаюцца ёй нiбы на хвалях ветру, а слуг зусiм не вiдаць. Яна чула толькi iхнiя галасы. Пасля багатага стала ўвайшоў нябачны хтось i заспяваў, а другi зайграў на кiфары, якой яна таксама не бачыла. Чулася шмат галасоў, i, хоць нiхто з людзей не з'яўляўся, можна было зразумець, што пяе хор.

4. Пасля гэтых забаў i заняткаў з надыходам цемнаты пайшла Псiхея спаць. Раптам глыбокай ноччу будзiць яе нейкi лёгкi шолах. Вельмi баючыся за сваё дзявоцтва, спалохана чакае яна ў гэтай самоце невядомай бяды. I вось увайшоў яе таямнiчы муж, узышоў да яе на ложак i стаў яе сапраўдным мужам. Ранiцай перад усходам сонца ён моўчкi падняўся i пакiнуў спальню. I ў тую самую хвiлiну ветлiвыя галасы акружаюць маладую, што страцiла цнатлiвасць…

Так працягвалася доўгi час. Псiхея пачала прывыкаць да новых абставiн. Спачатку ўсё здавалася ёй чужым, а пасля, паводле законаў прыроды, частыя спатканнi становяцца ёй штораз прыямнейшымi. Гутаркi з нябачным мужам былi ў яе самоце вялiкай уцехай.

Тым часам яе бацькi старэлi ў сваiм няўцешным горы, але чутка пра лёс дзяўчыны дайшла да старэйшых сёстраў. Яны, даведаўшыся пра тое, як жыве Псiхея, пакiнулi свае хатнiя агнiшчы i, змрочныя i затурбаваныя, падалiся адна за адной парадзiцца з бацькамi.

5. А ў тую ж ноч муж Псiхеi, якi быў недаступны толькi зроку, а не слыху i дотыку, казаў так: "Дарагая мая Псiхея, наймiлейшая мая жонка! Няўмольны лёс пагражае табе вялiкай небяспекай, да якой павiнна ты аднесцiся з найвялiкшай асцярожнасцю. Твае сёстры не вераць у чутку аб тваёй смерцi. Хутка прыйдуць яны на тую скалу шукаць тваiх слядоў. Калi часам пачуеш iхнiя галашэннi, не адказвай iм i старайся нават не глядзець у той бок, бо наклiчаш на мяне вялiкую непрыемнасць, а на сябе немiнучую загубу".

Яна кiўнула галавой на знак згоды i абяцала рабiць так, як раiў муж. Але як толькi ён з канцом ночы знiк, яна ўвесь дзень праплакала i прагаласiла, паўтараючы, што тут яна абавязкова загiне, замкнёная ў богаслаўлёную цямнiцу, без сувязi з людзьмi, дзе нават сёстрам, якiя па ёй гаруюць, не можа дапамагчы цi хоць на кароткi час з iмi ўбачыцца. Так, не еўшы i не пiўшы i нi да чога не дакрануўшыся, пайшла яна спаць.

6. Праз момант на ложку побач з ёй з'явiўся яе муж i, абняўшы заплаканую, пытаецца: "Цi ж гэта ты мне, мая Псiхея, абяцала? Чаго ж мне, твайму мужу, ад цябе чакаць, чаго спадзявацца? Нi ўдзень, нi ўночы, нi нават у мужавых абдымках не сцiхаюць твае пакуты. Што ж, рабi як знаеш, паддайся патрабаванням сваёй душы, якая цягне цябе да згубы. Аднак, калi надыдзе запозненае нараканне, прыпомнi мае сур'ёзныя папярэджаннi". Тады яна просьбамi i пагрозамi, што памрэ, дамаглася ад мужа згоды на сустрэчу з сёстрамi, каб зменшыць iхнюю журбу i пагутарыць з iмi. Так паслухаўся муж просьбаў сваёй жонкi, а нават дазволiў ёй падараваць iм з залатых упрыгожанняў цi з каштоўных камянёў, што ёй уздумаецца. Аднак моцна i не раз папярэджваў, падмацоўваючы свае словы пагрозамi, што калi яна, паддаўшыся ўгаворам сёстраў, захоча ўбачыць свайго мужа, то гэтай блюзнерскай цiкавасцю скiне сябе з вяршынi свайго шчасця i назаўсёды пазбавiцца яго абдымкаў. Яна падзякавала мужу i сказала:

"Лепш мне сто разоў памерцi, чым цябе, мой найдаражэйшы, пазбавiцца! Бо хто б ты нi быў, я вельмi цябе кахаю, так, як сваю душу, i не змянiла б цябе нават на Купiдона. Але малю цябе, выканай яшчэ адну маю просьбу: загадай слузе свайму Зефiру знесцi iх сюды такiм самым спосабам, як даставiў ён мяне". Пасля таго, абняўшы яго лiлейна белымi ручкамi i моцна пацалаваўшы, прытулiлася спакуслiва ўсiм целам i дадае: "Муж ты мой, мядовенькi мой, тваёй Псiхеi далiкатная душачка!"

Супроць сваёй волi мусiў муж уступiць, паддаўшыся сiле i ўладзе любоўных прыёмаў, i абяцаў, што выканае ўсе яе просьбы. А як толькi пачало свiтаць, развiтаўся з ёй i знiк.

7. А сёстры, распытаўшыся, дзе знаходзiцца тая скала i тое месца, на якiм была пакiнута Псiхея, спяшаюцца туды i гатовы выплакаць свае вочы, б'юць сябе ў грудзi, ажно скалы адклiкаюцца рэхам на iх выкрыкi i стогны. Клiчуць яны сваю няшчасную сястру па iмi, пакуль на пранiзлiвыя жальбы iхнiх галашэнняў, што неслiся з гары, не выбегла з дому ўсхваляваная Псiхея i не адазвалася: "Навошта забiваеце сябе пакутлiвымi крыкамi? Вось я, па якой вы плачаце. Спынiце сумныя крыкi, вытрыце мокрыя ад слёз твары, калi ў вашай волi абняць тую, якую вы аплакваеце".

I зараз жа, паклiкаўшы Зефiра, перадае яму загад мужа. З'явiўшыся ўмомант на поклiч, спакойным подыхам пераносiць ён iх нанiз. Вось яны ўжо абменьваюцца абдымкамi i паспешлiвымi пацалункамi, i слёзы iхнiя, што на момант былi спынiлiся, цякуць цяпер ад радасцi.

"Дык увайдзiце ж, — кажа Псiхея, — пад наш дах, да нашага агнiшча, уцешце са мной разам вашы збалелыя душы".

8. Сказаўшы гэта, пачынае паказваць iм незлiчоныя багаццi залатога дома i звяртае iх увагу на мноства галасоў, што iм прыслугоўваюць. Падмацоўвае iх сiлы цудоўным купаннем i раскошаю вартага несмяротных стала. Задаволеных прыёмам i ўсiм бачаным пачынае даймаць зайздрасць. Тады адна з iх вельмi настойлiва пачынае дапытвацца, хто такi i чым займаецца яе муж. Але Псiхея, помнячы мужавы перасцярогi, не выдае таямнiцы, а прыдумвае наспех, што ён чалавек малады, прыгожы, твар яго пакрыты толькi першым пушком, заняты ён галоўным чынам паляваннем па палях i лясах. Аднак, баючыся, каб у далейшай гутарцы не выдаць таямнiцы, нагружае сёстраў залатымi рэчамi i нашыйнiкамi з каштоўных камянёў, выклiкае Зефiра i перадае iх яму, каб перанёс назад на скалу.

9. Калi гэты загад быў выкананы, добрыя сёстры па дарозе дамоў напаўнялiся жоўцю ўсё большай зайздрасцi i шмат мiж сабой усхвалявана гаварылi. I вось адна з iх сказала: "Якi сляпы, непрыхiльны i несправядлiвы лёс! Як табе падабаецца, што мы, народжаныя ад аднаго бацькi i адной мацi, атрымалi такую розную долю? Мы старэйшыя гадамi, аддадзеныя чужаземным мужам за служанак, адарваныя ад роднага дому, ад радзiмы, далёка ад бацькоў гiбеем на выгнаннi, тады як наймаладзейшая сястра, апошнi плод стомленага дзетародства, валодае такiм багаццем i боскiм мужам, а сама не ўмее гэтым мноствам даброт карыстацца. Ты бачыла, сястрыца, колькi ў доме скарбаў, якое адзенне, якiя блiскучыя перлы, колькi валяецца пад нагамi параскiданага золата. А калi яе муж такi прыгожы, як яна кажа, дык няма на свеце шчаслiвейшай за яе жанчыны. Зусiм магчыма, што калi яе боскi муж яшчэ больш да яе прывяжацца, дык i яе зробiць багiняй. Клянуся Геркулесам, што да гэтага ўсё iдзе! Ты заўважыла, як яна сябе паводзiла, як перад намi трымалася? Так, яна цаляе ў неба. Яна трымаецца, як багiня, калi мае нябачных служанак i нават загадвае вятрам. А што дасталося на маю няшчасную долю? Мой муж мог бы быць маiм бацькам, ён лысейшы за гарбуз, складам цела драбнейшы за хлапчука i ўсё ў доме трымае пад замкамi!"

10. А другая працягвае: "А як мне цярпець майго мужа? Скурчаны, згорблены ад падагры i з гэтай прычыны вельмi рэдка бывае са мной у каханнi. Большасць часу я расцiраю яго пакрыўленыя, як камень зацвярдзелыя пальцы i апякаю свае рукi смярдзючымi прыпаркамi, бруднымi анучамi ды пластырамi, быццам я не законная жонка, а нанятая сядзелка. Вiдаць, ты, сястра, скажу адкрыта, пераносiш гэта з рабскай цярплiвасцю. А што да мяне, дык я не магу трываць далей, каб гэтакi лёс дастаўся нявартай. Даволi ўспомнiць, як ганарыста, як высакамерна трымалася яна з намi. Ужо тое самахвальства, выяўленае так празмерна, даказвае фанабэрыстасць яе душы. Шкадуючы, кiнула нам па крошцы ад свайго бязмернага багацця i, грэбуючы нашай прысутнасцю, загадала выправiць нас. Не быць мне жанчынай, не дыхаць, калi я не скiну яе з вяршынь таго багацця. Калi i цябе абурыла, у чым не сумняваюся, такое абразлiвае абыходжанне, давай абмяркуем разам i вырашым, што нам рабiць далей. Падарункаў, якiя мы нясём, не будзем паказваць нi бацькам, нi каму iншаму i не будзем прызнавацца, што нам вядома аб яе выратаваннi. Хопiць, што мы самi бачылi тое, чаго б нам лепш не бачыць, дык не скажам бацькам i наогул нiкому пра такое яе багацце. Не могуць быць шчаслiвымi тыя, пра багацце якiх нiхто не ведае. Хай яна зразумее, што мы не служанкi яе, а старэйшыя сёстры. Цяпер кiруймася да сваiх мужоў i да не багатых, але сумленна запрацаваных нашых набыткаў. Не спяшаючыся i ўсё добра абмеркаваўшы, мы вернемся, каб пакараць ганарлiўку".

11. Пагадзiлiся зладзейкi на злачынны план, дык схаваўшы багатыя падарункi, iрвучы на сабе валасы i раздзiраючы твар, чаго яны i заслугоўвалi, зноў пачынаюць прытворна плакаць. I так напалохаўшы бацькоў, рана якiх адкрылася нанова, ашалелыя ад зайздрасцi, адпраўляюцца дадому, складаючы злачынны, сапраўды небывалай гнюснасцi план супроць сваёй нявiннай сястры.

А тым часам нябачны для Псiхеi муж зноў пераконвае яе ў начных гутарках: "Цi разумееш ты, што табе пагражае? Лёс пачаў з табой барацьбу здалёк, i калi ты не прымеш супраць яго вельмi моцных мер, дык ён у хуткiм часе пачне з табой змагацца твар у твар. Як злыя ваўчыцы, усiмi сiламi рыхтуюць супроць цябе злыя бабы згубныя падкопы, а галоўная iх мэта — угаварыць цябе ўбачыць маё аблiчча, а я папярэджваў цябе ўжо, што калi ўбачыш, дык гэта будзе апошнi раз. Дык вось, калi гэтыя нягодныя ламii, поўныя злачынных намераў, прыйдуць сюды зноў, я ведаю, што прыйдуць, дык нiчога iм не кажы. А як па сваёй прастаце i душэўнай кволасцi зрабiць гэтага не зможаш, дык не слухай нiякай iхняй балбатнi пра свайго мужа i не адказвай iм. У хуткiм часе сям'я наша павiнна павялiчыцца, тваё яшчэ дзiцячае чэрава носiць наша боскае дзiця. Калi маўчаннем зберажэш нашу таямнiцу, яно будзе бессмяротным, а калi парушыш сакрэт — смяротным".

12. Ад гэтай весткi Псiхея расцвiла i, вельмi ўцешаная, запляскала ў далонi, узрадаваўшыся будучым сваiм плодам i пачэсным iмем мацi. Нецярплiва лiчыць яна днi i месяцы, дзiвiцца з незвычайнага цяжару i паступовага росту пладаноснага чэрава ад такога нязначнага ўколу.

А тыя дзве заразы, праклятыя фурыi, дыхаючы ядам гадзюкi, збiраюцца зноў пусцiцца ў плаванне са злачыннай паспешлiвасцю. Зноў на кароткi час з'яўляецца муж Псiхеi i пераконвае яе:

"Вось настаў апошнi дзень, асаблiвы выпадак: варожы полк i кроўны вораг узяўся за зброю, выступiў з лагера, пастроiўся i затрубiў сiгнал. Ужо з нарыхтаваным мячом падступаюць да твайго горла твае злачынныя сёстры. Вялiкiя беды пагражаюць нам, найдаражэйшая Псiхея! Аднак пашкадуй сябе, пашкадуй нас i святым устрыманнем выратуй дом, мужа, сябе i наша немаўля ад блiзкай загубы. О, каб табе не давялося нi бачыць, нi чуць гэтых жанчын (якiх за смяртэльную да цябе нянавiсць i пасля зганьбавання кроўных сувязяў нельга называць сёстрамi), калi яны будуць, быццам сiрэны, клiкаць цябе з высокай гары".

13. З плачам i ўсхлiпваннем адказала яму Псiхея: "Наколькi ведаю, ты ўжо меў час пераканацца ў маёй адданасцi i маўклiвасцi, а цяпер я дам табе не меншы доказ маёй духоўнай моцы. Толькi ты загадай нашаму Зефiру выканаць яго абавязак i на замену немагчымасцi бачыць твой твар дазволь мне ўбачыцца з маiмi дарагiмi сёстрамi.

Заклiнаю цябе гэтымi пахучымi, што ападаюць абапал твару, тваiмi кучаравымi валасамi, тваiмi далiкатнымi, закругленымi, падобнымi да маiх шчокамi, тваiмi грудзьмi, напоўненымi нейкiм таямнiчым агнём, няхай я хоць у нашым дзiцяцi ўбачу твой вобраз! I ў адказ на мае пакорлiвыя просьбы i маленнi дай мне радасць абняць сваiх сёстраў, i душу вернай i адданай табе Псiхеi ўцеш гэтым шчасцем. Анi разу больш не запытаюся я пра твой твар, бо ў тваiх абдымках сама чорная цемра становiцца мне святлом".

Зачараваны гэтай мовай i салодкiмi абдымкамi, яе муж, выцершы слёзы сваiмi валасамi, абяцаў усё выканаць i перад пачаткам новага дня знiк.

14. А тым часам сёстры, звязаныя злачыннай змовай, не пабачыўшыся нават з бацькамi, проста з караблёў паспешлiва накiроўваюцца да абрыву i, нават не дачакаўшыся ветру, якi iх пераносiў, з нахабнай безразважнасцю кiдаюцца ў глыбiню. Але Зефiр, помнячы загады ўладара, хоць i неахвотна, прыняў iх на сваё ўлонне i лёгкiм подыхам апусцiў на зямлю. I яны, не марудзячы, хуткiм крокам уваходзяць у дом, абдымаць сваю ахвяру, крывадушна прыкрываючыся iмем сёстраў i хаваючы пад радасным выразам глыбока затоены намер ашуканства, звяртаюцца да яе лiслiва: "Вось, Псiхея, ты цяпер ужо не дзяўчынка i хутка станеш мацi. Цi ведаеш ты, якое дабро носiш у гэтым мяшочку? Якой радасцю ўсцешыш нашу сям'ю? Нам вялiкае шчасце, што будзем няньчыць гэта залатое дзiцятка. Калi толькi, як i трэба думаць, дзiця пойдзе па бацьках, дык ты напэўна народзiш Купiдона".

15. Так пры дапамозе паказной любовi яны памалу авалодалi душой наiўнай сястры.

Калi яны адпачылi з дарогi i асвяжылiся ў лазнi, Псiхея пачала iх частаваць у пышнай сталовай дзiўнай небывалай ежай. Дасць яна знак, i зайграе кiфара, загадае флейце — гучыць, хору — пяе. Гэтыя цудоўныя мелодыi былi тым дзiўнейшыя, што нiхто не бачыў выканаўцаў. Аднак i ад гэтых песняў злачынныя пачуццi нягоднiц не змякчалiся. Верныя свайму падступнаму намыслу, яны з хiтрасцю пачынаюць дапытвацца, хто яе муж, адкуль родам i чым займаецца. А яна ў сваёй нявiннай прастаце, забыўшыся, што гаварыла першы раз, прыдумвае нанава i расказвае, што яе муж родам з суседняй правiнцыi, што займаецца буйнымi гандлёвымi справамi, што чалавек ён сярэдняга ўзросту, з ледзь прыкметнай сiвiзной на скронях. I, не спыняючыся на гэтай тэме даўжэй, нагружае iх зноў багатымi падарункамi i перадае да адпраўкi ветру.

16. Паднятыя спакойным подыхам эфiра, вяртаюцца яны дамоў i такую вядуць гутарку: "Што ты думаеш, сястра, — кажа адна, — пра такую несусветную хлусню гэтай пустышкi, якая стараецца нас абдурыць. То муж яе юнак, шчокi якога пакрывае першы пушок, то гэта чалавек сярэдняга веку, у якога паказваецца сiвiзна. Хто ж гэта такi, што за той кароткi час мог зрабiцца старым i пасiвелым?"

"Мне, сястра, — адказвае другая, — здаецца, што альбо нягоднiца нам нахлусiла, альбо не бачыла свайго мужа ў вочы. Як бы нi было, а перш за ўсё нам трэба зрынуць яе з вышыняў дабрабыту. Калi яна не ведае твару свайго мужа, дык, магчыма, выйшла замуж за якога-небудзь бога i рыхтуецца нарадзiць боскае дзiця. А калi яна (няхай гэта не здзейснiцца) праславiцца маткай боскага дзiцяцi, дык я ў той час павешуся. Але вернемся да нашых бацькоў i ў пачатку нашай наступнай з ёй гутаркi спляцём адпаведную хлусню".

17. Гэтак усхваляваныя, пагутарыўшы крывадушна з бацькамi, стомленыя ад бяссоннай ночы, бягуць яны ранiцай да скалы i адтуль пры дапамозе ветру (звычайнага) спускаюцца ўнiз. Пры сустрэчы з сястрой выцiскаюць з сябе слёзы i пачынаюць казаць так: "Вось ты, шчаслiвая, сядзiш i не ведаеш, якая навiсла над табой небяспека, а мы ўсю ноч не звялi вачэй, думаючы пра твае справы, i горка пакутавалi ад тваёй бяды. Мы даведалiся напэўна i не можам ад цябе схаваць, падзяляючы тваю скруху, што тайным спосабам спiць з табой уночы велiчэзны змей, вывiваючыся мноствам петляў, шыя яго напоўнена замест крывi згубнай атрутай, а пашча ягоная як бездань. Успомнi прадказанне пiфiйскага аракула, якi вываражыў табе шлюб з дзiкай пачварай. I вось шмат якiя паляўнiчыя i сяляне, што здабываюць у акрузе звера, а таксама мноства жыхароў наваколля бачылi, як ён пад вечар вяртаўся з пашы i перапраўляўся ўброд праз недалёкую адгэтуль рэчку.

18. Усе кажуць, што ён будзе да той пары адкормлiваць цябе, лiслiва дагаджаць табе рознай ежай, пакуль не даспее твая цяжарнасць, а тады ён цябе праглыне. Цяпер выбiрай: альбо паслухаешся сваiх сёстраў, якiя клапоцяцца пра твой ратунак, i, пазбегнуўшы згубы, пажадаеш жыць з намi ў бяспецы, або застанешся, каб апынуцца ў чэраве гэтага бязлiтаснага гада. А калi табе падабаецца адзiнота, напоўненая толькi нябачнымi галасамi, цi тайныя спалучэннi прасмердлага кахання i абдымкi гэтага ядавiтага гада, дык гэта твая справа, мы свой сястрынскi абавязак выканалi".

Бедную, простую душой i кволую Псiхею ахапiла ад гэтых намоваў небывалая жудасць, i вылецелi з галавы ўсе павучаннi мужа. Забылiся i ўсе яе абяцаннi, яна гатова была кiнуцца ў бездань i, запалоханая, збялелая, трасучыся i заiкаючыся, пачынае шэптам гаварыць сёстрам:

19. "Вы, найдаражэйшыя сястрыцы, як i трэба спадзявацца, выконваеце свой доўг, i тыя, хто вам аб гэтым паведамiў, напэўна не схлусiлi. Я ж нiколi свайго мужа не бачыла, зусiм не ведаю, як ён выглядае, толькi начамi чую яго голас, i мне даводзiцца мiрыцца з тым, што перад свiтаннем ён уцякае. Такiм чынам, я цалкам магу згадзiцца з вамi, што ён нейкая пачвара. Ён часта i сурова забараняў мне старацца яго ўбачыць i пагражаў вялiкай бядой, калi я пацiкаўлюся яго выглядам. Калi вы можаце зрабiць што-небудзь для выратавання вашай сястры, якая апынулася ў такой небяспецы, дык дзейнiчайце цяпер, каб далейшая бестурботнасць не знiшчыла вынiкаў пачатковай прадбачлiвасцi".

Тады, пралезшы праз расчыненыя вароты душы сваёй наiўнай сястры, злачынныя бабы адкiдаюць усякае прыкрыванне тайных хiтрыкаў i, дастаўшы мячы ашуканства, нападаюць на палахлiвае ўяўленне прастадушнай дзяўчыны.

20. Адна з iх гаворыць: "Дзеля таго што кроўныя повязi змушаюць нас забыцца пра якую б нi было небяспеку, мы даўно прыдумалi для твайго выратавання адзiн спосаб. Вазьмi навостраную брытву, якая рэжа пры найменшым руху, i з ёй пад коўдраю з таго боку, дзе ты ляжыш, схавай, прыкрыўшы гаршчочкам, добрую, алеем напоўненую лямпу. Усё гэта падрыхтуй у вялiкiм сакрэце, а тады, як ён, вывiваючыся, падымецца на пасцель, расцягнецца i засне глыбокiм сном, ссунься з ложка босая, i, ступаючы асцярожна на пальчыках, адкрый лямпу, i пры святле высока ўзнiмi правую руку з двухбаковавострай брытвай, i моцным ударам адсячы галаву ненавiснага змея. Мы табе дапаможам. Як толькi выратуешся гэтым забойствам, мы прыбудзем сюды, хутка пазбiраем разам з табой усё дабро, а пасля аддамо цябе замуж за такога самага чалавека, як i ты".

21. Гэтымi палымянымi словамi распальваюць яны душу збянтэжанай сястры i, баючыся аказацца занадта блiзка ад падобных падзей, перанесеныя, як звычайна, ветрам на скалу, паспешлiва ўцякаюць i тут жа, сеўшы на караблi, адплываюць.

А Псiхея, застаўшыся адна, праўда, злыя фурыi не пакiдалi яе ўвесь час i вельмi трывожылi, хвалюецца ў скрусе, як бурлiвае мора. I хоць настаўленне зроблена i душа непахiсная, усё ж, рыхтуючыся да злачынства, яна яшчэ вагаецца ў няўпэўненасцi, i супярэчлiвыя пачуццi адцягваюць яе ад благога ўчынку. Яна спяшаецца, адкладвае, адважваецца, дрыжыць, рашаецца, гневаецца i, нарэшце, у адным i тым жа целе ненавiдзiць пачвару i любiць мужа…

Але надыходзiў ужо вечар, i Псiхея паспешлiва рыхтуецца да бязбожнага злачынства. Вось i ноч прыйшла, з'явiўся муж i, аддаўшыся спярша любоўнаму змаганню, праз некаторы час упаў у глыбокi сон.

22. Тут Псiхея адольвае сваю слабасць i кволасць, збiраецца з сiламi i, дастаўшы свяцiльнiк i ўзяўшы ў рукi брытву, рашуча перамагае жаночую нясмеласць.

Але, як толькi ад адкрытага агню асвяцiлася таямнiца пасцелi, яна бачыць найдалiкатнейшае i найпрыгажэйшае за ўсе на свеце iстоты вiдовiшча, бачыцьсамога Купiдона, цудоўнага бога, якi спакойна адпачываў, ад выгляду якога ярчэй пачала свяцiць лямпа i мацней блiснула лязо святатацкай зброi…

I Псiхея, збянтэжаная ўбачаным, не можа авалодаць сабой, пакрываецца смяротнай бледнасцю i з трымценнем апускаецца на каленi, збiраючыся ўтапiць зброю ў сваiх грудзях. Яна i зрабiла б гэта, каб зброя ад страху перад гэтакiм злачынствам не выпала з яе дрыготкiх рук. Знясiленая, страцiўшы ўсякую надзею, чым больш углядаецца яна ў прыгажосць боскага твару, тым больш падбадзёрваецца. Вось бачыць яна залатую галаву з пышнымi, пахучымi ад амброзii валасамi, якiя акружаюць малочную шыю i ружовыя шчокi, глядзiць на прыгожа распушчаныя завiткi, што спускаюцца з патылiцы i з iлба. Ад незвычайна прамянiстага бляску твару аж закалыхалася святло ў лямпе. За плячамi лятаючага бога беллю кветкi рдзелi пёры, i хоць крылы былi ў супакоi, кончыкi кволых i тоненькiх пярынак неспакойна трапяталi. Усё цела было гладкiм i зiхатлiвым, так што Венера не магла каяцца, што пусцiла яго на свет. Каля пасцелi на падлозе ляжалi лук i калчан са стрэламi — благаслаўлёная зброя вялiкага бога.

23. Нястрымнае жаданне ахоплiвае Псiхею. З цiкавасцю глядзiць яна на мужава ўзбраенне, абмацвае яго, вымае з калчана адну стралу i кончыкам пальца прабуе вастрыню, але, зрабiўшы мацнейшы рух дрыготкiм суставам, глыбока наколвае сябе, аж на паверхнi скуры выступаюць кропелькi крывi. Такiм чынам, сама таго не ведаючы, загарэлася Псiхея каханнем да бога кахання. Распальваючыся ўсё большай i большай страсцю да бога страсцi, яна, поўная пажадлiвасцi, схiлiлася над iм i пачала паспешлiва абсыпаць яго гарачымi i доўгiмi пацалункамi, баючыся пры тым, каб не разбудзiць. I пакуль яна, ахопленая такой асалодай, не валодаючы сваiм розумам, хвалюецца, лямпа яе цi то ад здрады, цi з зайздрасцi, цi мо сама захацела дакрануцца i пацалаваць такое пышнае цела, пырскае з канца кнота гарачым алеем богу на правае плячо. Ох ты, нахабная i бязглуздая лямпа, прыслужнiца кахання! Ты апякла бога, якi сам з'яўляецца валадаром усяго агню! А стварыў цябе напэўна нейкi закаханы, каб даўжэй карыстацца прадметам сваiх жаданняў.

Апечаны бог ускочыў, i, убачыўшы парушанай прысягу, хутка вызвалiўся з жаночых абдымкаў i пацалункаў, i, не сказаўшы нi слова, узняўся ў паветра.

24. А Псiхея, як толькi ён уздымаўся, хапiлася абедзвюма рукамi за яго правую нагу, аднак, стамiўшыся вiсець у захмарных вышынях, звалiлася на зямлю. Закаханы бог не пакiдае яе ляжаць на зямлi, а, зляцеўшы на блiзкi кiпарыс, з яго высокай вяршынi ўсхвалявана гаворыць: "Гэта ж я, прастадушная Псiхея, насуперак волi сваёй мацi Венеры, якая загадала мне закахаць цябе ў сама нiкчэмнага, апошняга з смяротных i аддаць цябе замуж за бедняка, сам зрабiў легкадумна, але, знакамiты стралок, я сам сябе паранiў уласнай зброяй i зрабiў цябе сваёй жонкай цi ж для таго, каб ты палiчыла мяне пачварай i хацела брытвай адрэзаць галаву за тое, што ў ёй знаходзяцца гэтыя закаханыя ў цябе вочы. Я ж неаднойчы пераконваў цябе асцерагацца, заўсёды па-сяброўску ўгаворваў. Твае паважаныя дарадчыцы неўзабаве адкажуць мне за сваю пачварную выдумку, а цябе пакараю сваiм знiкненнем". I, закончыўшы гутарку, узняўся ў вышыню.

25. А Псiхея, распасцёртая на зямлi, сачыла, пакуль было даступна зроку, за палётам мужа, надрываючы сабе душу балючым галашэннем. Калi ж далечыня схавала з вачэй каханага, якi хутка адлятаў на крылах, рынулася да блiзкай ракi i кiнулася з берага ўнiз. Але сцiплая рака, несумненна, у гонар бога, якi мог нават ваду ўспалымняць, а таксама з боязi за свой лёс, зараз жа вынесла яе на сваёй хвалi на бераг, пакрыты зелянiнай i квеценню. А на другiм беразе якраз сядзеў вясковы бог Пан, абняўшы горную багiню Эхо, якую вучыў спяваць на розныя галасы. Паблiзу вады на шырокiм лузе падбрыквалi козачкi, скубучы прыбярэжную травiцу. Казлiны бог ласкава клiча стомленую ўсхваляваную Псiхею i дзеля таго, што яе гора было яму вядома, супакойвае ветлiвымi словамi: "Мiлая дзяўчынка, я вясковы жыхар, пасу статак, але дзякуючы сваёй глыбокай старасцi маю вялiкi вопыт. Дык вось, калi я мяркую правiльна, а гэта разумныя людзi называюць дарам прадбачання, дык твая няроўная хiсткая паходка, асаблiвая бледнасць, частыя ўздыхi, а галоўнае, твае заплаканыя вочы гавораць, што ты пакутуеш ад празмернага кахання. Паслухай мяне i старайся надалей сябе не губiць, кiнуўшыся ў ваду зноў або iншым спосабам самагубства. Пакiнь сум, адкiнь скруху i звярнiся са сваiмi малiтвамi да Купiдона, аднаго з найвялiкшых багоў. А паколькi ён юнак распешчаны i капрызны, дык пастарайся ласкай i ветлiвасцю выклiкаць да сябе яго прыхiльнасць".

26. Нiчога не адказаўшы на словы бога пастухоў, Псiхея пакланiлася яму i рушыла ў дарогу. Пад вечар, прайшоўшы даволi доўгую дарогу, стомленным крокам дайшла яна па нейкай сцяжынцы да таго горада, дзе быў каралём муж адной з яе сёстраў. Даведаўшыся аб гэтым, Псiхея захацела з ёй убачыцца. Як толькi сустрэлiся, пасля радасных абдымкаў i прывiтанняў на пытанне, якi шчаслiвы выпадак прывёў яе, яна адказала: "Ты помнiш вашу параду, каб я тое страшыдла, што пад зманлiвым iмем бавiла са мной ночы, перш чым яно мяне зжарэ, зарэзала двухбаковавострай брытвай? Але як толькi пры святле лямпы зiрнула я ў яго твар, бачу дзiўнае i сапраўды боскае вiдовiшча — самога слаўнага сына Венеры, самога, паўтараю, Купiдона, якi спаў салодкiм сном. I пакуль я, захопленая гэтай прыгажосцю, збянтэжаная, пакутавала ад невымоўнах папрокаў сумлення, у той час па нейкай благой выпадковасцi запаленая лямпа пырснула гарачым алеем на яго плячо. Прачнуўшыся ад болю i ўбачыўшы мяне з лямпай i брытвай у руках, ён кажа: "За такое цяжкае злачынства ты неадкладна пакiнь мой ложак i забяры свае рэчы, а я з'яднаюся ўрачыстым шлюбам з тваёй сястрой" i назваў тваё iмя. Пасля таго загадаў Зефiру выдзьмуць мяне з дому".

27. Не паспела Псiхея закончыць сваёй гутаркi, як тая, успалымнеўшы парывам безразважнага юру i згубнай зайздрасцi, ашукаўшы мужа тут жа прыдуманай хлуснёй, быццам атрымала паведамленне аб смерцi бацькоў, зараз жа села на карабель i накiравалася да вядомага скальнага абрыву. I хоць дзьмуў зусiм не той вецер, усё ж яна, ахопленая сляпой надзеяй, крыкнула: "Прымай мяне, Купiдон, тваю дастойную жонку, а ты, Зефiр, падтрымай сваю паню!" I з усяго маху кiнулася ў бездань. Аднак да месца прызначэння не дабралася нават у выглядзе трупа. Падаючы на каменне скал, цела яе разбiлася i развалiлася на кавалкi, рассыпаўшыся ў розныя бакi, i яна загiнула, як таго i заслужыла, стаўшы лёгкай здабычай птушак i звяроў.

Не замарудзiла i наступная кара. Пусцiўшыся зноў у вандраванне, Псiхея дайшла да другога горада, дзе так, як i першая, каралевай была другая сястра. I гэта паддалася на прынаду роднай сястры, i сапернiца Псiхеi памчалася да вядомай скалы на злачынны шлюб, але таксама звалiлася, здабыўшы сабе немiнучую смерць.

28. Тым часам, пакуль занятая пошукам Купiдона Псiхея абыходзiла розныя краiны, ён сам, пакутуючы ад апёку, ляжаў i стагнаў у спальнi сваёй мацi. Тады беласнежная птушка чайка, якая плавае на крылах па марскiх хвалях, паспешлiва дае нырца ў глыбiнi акiяна. Там, стаўшы ўмомант перад Венерай, якая купалася i плёскалася, дакладвае ёй, што яе сын апечаны, стогне ад болю, якi прычыняе яму рана, ляжыць i невядома, цi ачуняе. А ў народаў вакол чуецца нараканне на Венеру i на ўсю яе радню, маўляў, сынок, займаючыся на паверхнi каханнем, а яна сама, купаючыся ў акiяне, забылiся пра свае абавязкi. Праз гэта няма нiякай прыхiльнасцi, нi чароўнасцi, нi вабнасцi, а ўсё зрабiлася несамавiтым, грубым i дзiкiм. Няма нi шлюбаў, нi сяброўскiх яднанняў, нi пашаны ад дзяцей, а толькi агульная няслава, горыч i агiда ад брудных сувязяў.

Гэтак верашчала балбатлiвая птушка ў Венерыны вушы i чарнiла добрае iмя яе сына. А Венера, моцна загневаўшыся, раптам запытала: "Дык, можа, у мiлага майго сынка завялася якая-небудзь сяброўка? Ну, ты, якая толькi адна мне верна служыш, скажы, як завецца тая, што спакусiла майго высакароднага i чыстага хлопчыка? Можа, яна з роду Нiмфаў, цi з лiку Ораў, цi з карагоду Музаў або Грацыяў, маiх прыслужнiц?"

Не змаўчала балбатлiвая птушка i кажа: "Не ведаю, панi, але мне здаецца, што ён мае вялiкi iнтэрас да дзяўчыны, а калi не памыляюся, завецца яна Псiхея". Тут Венера крыкнула ў абурэннi: "Дык ён праўда любiць Псiхею, маю сапернiцу па прыгажосцi, рабаўнiцу майго iмя? Можа, гэты шалапут нават лiчыць мяне зводнiцай, бо я расказала яму пра гэту абрыдлую мне дзяўчыну!"

29. Сказаўшы гэта, хутка выплывае яна з глыбiняў мора i накiроўваецца ў сваю залатую спальню. Убачыўшы там, як ужо было сказана, хворага сына, яна проста з парога загаманiла на ўвесь голас: "Вельмi гэта прыстойна i варта нашага паходжання i тваiх добрых паводзiн, што ты, не паслухаўшы павучанняў сваёй мацi i панi, замест таго, каб на пакаранне маёй варагiнi абудзiць у ёй ганебную схiльнасць, сам хлапчук яшчэ, бярэш яе ў свае распусныя i няспелыя абдымкi. Ты думаеш, я змiруся з нявесткай, якую ненавiджу? Цi, можа, ты, пустадомак i паганы бадзяга, лiчыш, што толькi ты адзiн можаш прадаўжаць наш род, а я ўжо састарэла i не магу зачаць? Дык жа ведай, нараджу другога сына, шмат лепшага за цябе, цi для большага твайго прынiжэння ўсынаўлю якога-небудзь нявольнiка i перадам яму i гэтыя крылы, i факел, i гэтыя стрэлы, i ўвесь гэты рыштунак, якi я дала табе не на такi ўжытак, бо нiчога не было ўзята на гэта ўзбраенне з маёмасцi твайго бацькi.

30. Зрэшты, ты з малых дзён кепска выхаваны, на руку шустры, старэйшых крыўдзiў без нiякай пашаны, нават мяне, сваю мацi, мяне, кажу, ты, забойца, кожны дзень крыўдзiш i часта ранiш, не лiчачы за мацi, быццам удаву якую, не саромеючыся свайго айчыма, знакамiтага сiлача i вялiкага змагара. Мала таго, ты на шкоду маёй з iм сувязi ўзяў моду раз за разам дастаўляць яму ў наложнiцы дзяўчат. Але я змушу цябе пакаяцца за гэтае свавольства, убачыш, якая цяжкая i горкая будзе твая жанiцьба! Цяпер, пасля такiх здзекаў, што мне рабiць? Куды падзецца? Якiмi спосабамi абразумiць гэтага прайдзiсвета? Няўжо звярнуцца мне да варожай Устрыманасцi, якую я гэтак часта з прычыны распуснасцi гэтага хлапца абражала? Але як мне гаварыць з гэтай вясковай неачэсанай бабай! Адна думка пра гэта наганяе на мяне жах! Аднак адкуль бы помста нi прыходзiла, грэбаваць ёю не варта. Якраз Устрыманасць, i нiхто iншы, можа быць мне найбольш карыснай у сама строгiм пакараннi гэтага пустамелi: забраць калчан, стрэлы, аслабiць лук, факел патушыць ды ўтаймаваць яго цела надзейнымi сродкамi. Тады толькi палiчу адпомшчанай сваю крыўду, калi яна кучары, зiхатлiвае золата якiх я так часта церабiла, яму зголiць, а крылы, што я на сваiх грудзях нектарам акрапляла, абрэжа".

31. Пасля гэтага маналога яна гнеўна рынулася з дому, але жоўць яе яшчэ не супакоiлася. Тут жа сустрэла Цэрэру з Юнонай, а яны, убачыўшы яе надзьмуты твар, пытаюцца, чаму азмрочваюць ссунутыя бровы прыгажосць яе блiскучых вачэй? А яна: "Вось дарэчы я вас сустрэла, i вы выканаеце жаданне майго распаленага сэрца. Малю вас, пастарайцеся знайсцi мне ўцякачку Псiхею. Да вас, я спадзяюся, дайшло, што здарылася ў маiм доме. I гэта натварыў той, якога не магу больш называць сваiм сынам!"

А багiнi, якiм усё, што здарылася, было вядома, каб суцiшыць палымяны гнеў Венеры, пачынаюць так: "А што ж, панi, благое зрабiў твой сын, што ты гэтак упарцiшся ягонаму шчасцю i хочаш загубiць дзяўчыну, якую ён любiць? Што за грэх, калi ён радасна ўсмiхаецца да прыгожай дзяўчыны? Цi ж ты не бачыш, што ён ужо дарослы юнак, цi мо забылася, колькi яму гадоў? Цi мо таму, што ён выглядае маладзей як на свой узрост, дык да гэтага часу здаецца табе хлопчыкам? Ты мацi,i прытым жанчына разважлiвая, а ўсё стараешся разведаць пра ўсе свавольствы свайго сына, абвiнавачваеш яго ў распусце, умешваешся ў яго любоўныя справы i ганiш у сваiм цудоўным сыне свае ўласныя хiтрыкi i ўцехi. Хто ж з багоў цi з смяротных дапусцiць, каб ты паўсюль сеяла юрлiвасць, калi ты са свайго ўласнага дому выжываеш каханне i наглуха замыкаеш доступ да жаночых слабасцяў?"

Гэтак яны, баючыся Купiдонавых стрэл, старалiся дагадзiць яму сваiм прыхiльным заступнiцтвам. Але Венера, абурыўшыся тым, што яны зводзяць прычыненыя ёй крыўды на дробязь, апярэдзiўшы iх, хуткiм крокам накiравалася ў другi бок — да мора.

КНIГА ШОСТАЯ

1. Тым часам Псiхея, пераходзячы з месца на месца, шукаючы ўдзень i ўночы свайго мужа, усё мацней жадала калi не ласкамi жонкi, дык хоць просьбамi астудзiць яго гнеў. I вось, убачыўшы на гары нейкi хорам, падумала: "Хто ведае, можа, тут знаходзiцца мой уладар!" I адразу кiруе ў той бок свае шпаркiя крокi. Надзея i жаданне сустрэчы вярнулi ёй страчаную бадзёрасць. Падняўшыся па крутым адхоне, падыходзiць упэўненай ступою да святынi i бачыць там наваленыя ў кучу i сплеценыя ў вянкi каласы пшанiцы i ячменю. Заўважыла таксама там сярпы i iншыя прылады жнiва, але ўсё гэта ляжала абы-як i абы-дзе ў беспарадку i без нагляду, як гэта бывае, калi работнiкi ў спёку ўсё параскiдаюць.

Псiхея разабрала старанна ўсе прылады i, як належыць спарадкаваўшы, думала пра тое, што нельга ёй грэбаваць нiякай святыняй, нi абрадамi любога з багоў, а ў кожнага з iх шукаць лiтасцi i спагады.

2. За гэтай працай застае яе кармiцелька Цэрэра i яшчэ здалёк гукае: "Ах, вартая жалю Псiхея! Па ўсiм свеце шукае цябе да крайнасцi разгневаная Венера, якая рыхтуе табе лютую кару, усю сваю боскую сiлу хоча абрынуць на помсту табе, а ты клапоцiшся тут аб маiх рэчах i нiчога не робiш для свайго ратунку!"

Тут Псiхея кiнулася ў ногi багiнi, аблiваючы iх горкiмi слязьмi. Падмятае багiнiны сляды валасамi i ўмольвае яе сардэчнымi просьбамi: "Заклiнаю цябе тваёй пладаноснай правай рукой, радаснымi абрадамi жнiва, запаветнымi тайнамi кашоў, крылатай каляснiцай тваiх прыслужнiкаў драконаў, баразной сiцылiйскай зямлi, драпежнай каляснiцай, зямлёй-кармiцелькай, сыходжаннем да беспрасветнага шлюбу Празерпiны, светлым вяртаннем знойдзенай дачкi i ўсiм, акружаным маўклiвасцю ў святынi атычнага Элеўсiна, — зрабi ласку душы Псiхеi, якая ўмольвае тваёй апекi! Дазволь мне схавацца ў гэтай капе калосся хоць на некалькi дзянькоў, да той пары, пакуль страшны гнеў велiчнай багiнi памалу не астыне, цi хоць на той час, пакуль мае аслабленыя доўгiмi пакутамi сiлы адновяцца ў цiхiм супачынку".

3. Адказвае ёй Цэрэра: "Узрушана я тваiмi слёзнымi просьбамi, аднак не магу выклiкаць незадаволенасцi маёй сваячкi, добрай жанчыны, з якой я злучана повязямi даўняй дружбы. Дык зараз жа пакiнь гэта памяшканне i будзь рада, што я цябе не затрымала i не пасадзiла пад варту".

Атрымаўшы такi нечаканы адказ, прыгнечаная падвойнай скрухай, зноў пускаецца Псiхея ў дарогу i праз нейкi час бачыць у глыбокай далiне сярод панурага гаю вельмi дыхтоўна збудаваную святыню. Стараючыся не прапусцiць нiякай магчымасцi палепшыць свой лёс, яна была гатова заслужыць лiтасць у любога з багоў, таму наблiжаецца да святых варот. Бачыць тут дарагiя прынашэннi i палотнiшчы з залатымi надпiсамi, развешаныя на галiнах дрэў i на вушаках дзвярэй. Адначасова з выказваннем удзячнасцi напiсана было i iмя багiнi, якой усё гэта прысвячалася. Перш за ўсё, выцершы слёзы, становiцца Псiхея на каленi, абдымае рукамi яшчэ не астылы алтар i ўзносiць такую малiтву:

4. "Сястра i жонка вялiкага Юпiтэра, цi ёсць ты ў старадаўняй святынi Самоса, якая славiцца як адзiны сведка твайго нараджэння, немаўлячага крыку i ранняга дзяцiнства, цi знаходзiшся ў блажэнным прыстанку высокага Карфагена, дзе ўшаноўваюць цябе як дзеву, што на льве рухаецца па небе, альбо паблiзу берагоў Iнаха, якi славiць цябе як жонку Грамавержца i каралеву багiняў. Ты ахоўваеш слаўныя аргоскiя сцены, ты, якую ўвесь Усход ушаноўвае як Зiгiю, а ўвесь Захад называе Люцынай, будзь мне ў маёй пiльнай патрэбе Юнонай-апякункай i, зняможаную ў гэтулькiх перажытых мною пакутах, ад страху навiслых нада мною небяспек вызвалi! Мне ж вядома, што ты ахвотна дапамагаеш цяжарным жанчынам, якiм пагражае небяспека".

Калi яна такiм чынам вымольвала злiтавання, раптам з'явiлася перад ёй ува ўсёй сваёй красе i велiчы Юнона, як гэта належыць такой магутнай багiнi, i тут жа гаворыць: "Павер мне, што я ахвотна выканала б тваю просьбу, але дзейнiчаць супраць волi маёй нявесткi Венеры, якую я заўсёды любiла як дачку, не дазваляе мне сумленне. Апроч таго, спыняе мяне i закон, якi забараняе аказваць апеку i дапамогу чужым беглым нявольнiкам без згоды iх гаспадароў".

5. Збянтэжаная новым крушэннем сваiх надзей, не маючы магчымасцi знайсцi свайго крылатага мужа, Псiхея страцiла надзею на выратаванне i пачала разважаць так: "Хто ж яшчэ зможа падтрымаць мяне, хто адважыцца даць мне дапамогу, калi нiводная з багiнь, нават пры жаданнi, не выканала маiх просьбаў? Куды ж мне цяпер падацца, калi я з усiх бакоў акружаная пасткамi? Пад чыiм дахам змагу, хоць бы затаiўшыся ў змроку, схавацца ад вачэй магутнай Венеры? Узбройся па-мужчынску адвагай духу, смела адрачыся ад дарэмнай надзеi, аддайся добраахвотна ў рукi сваёй уладарнiцы, i, магчыма, хоць спозненай пакорлiвасцю ты ўтаймуеш яе бязлiтаснае праследаванне. Хто ведае, можа здарыцца, што i таго, каго ты так доўга шукаеш, знойдзеш у доме яго мацi". I вось, гатовая скарыцца, але без надзеi на поспех i больш падрыхтаваная да канчатковай загубы, пачала яна меркаваць, з чаго пачаць сваю просьбу.

6. А Венера, убачыўшы, што наземнымi спосабамi знайсцi яе немагчыма, кiруецца на неба. Там загадвае, каб нарыхтавалi ёй каляснiцу, якую ў якасцi шлюбнага падарунка вельмi густоўна змайстраваў для яе бог залатых рамёстваў Вулкан. Выгладзiўшы тонкiм напiльнiкам, ён прыдаў ёй такую прыгажосць, што нават страта некаторай часткi золата зрабiла яе яшчэ больш каштоўнай.

З таго боку пакояў уладарнiцы, дзе жыло мноства галубак, аддзяляюцца дзве беласнежныя пары. У вясёлым палёце паварочваюць яны свае блiскатлiвыя шыйкi, упрагаюцца ў абсыпаную каштоўным каменнем вупраж i, прыняўшы багiню, радасна ўзлятаюць у паветра. Побач з каляснiцай уладарнiцы пырхаюць з шумным шчабятаннем верабейкi i розныя iншыя звонкагалосыя птушкi, запаўняючы далiкатнымi спевамi паветра i абвяшчаючы прыбыццё багiнi. Хмары расступаюцца, неба перад сваёй дачкой адчыняецца, вышэйшы эфiр радасна сустракае багiню, а пеўчая свiта вялiкай Венеры не баiцца нi сустрэчных арлоў, нi каршуноў.

7. Яна накiроўваецца адразу ў каралеўскi палац Юпiтэра i напышлiвым тонам заяўляе, што ёй неабходная дапамога звонкагалосага бога Меркурыя. Не адмовiлi цёмныя бровы Юпiтэра. I вось Венера ў суправаджэннi Меркурыя спускаецца з неба i ўсхвалявана гаворыць: "Браток мой Аркадзiец, ты ведаеш, што твая сястра Венера нiколi нiчога ўпотай ад Меркурыя не распачынала, i вядома табе таксама, што ўжо доўгi час не магу я знайсцi служанку, якая ад мяне хаваецца. I мне нiчога больш не застаецца, як праз тваё ўсенароднае вяшчанне аб'явiць, што за паведамленне, дзе яна знаходзiцца, будзе выдадзена ўзнагарода. Дык вось, паспяшайся з маiм даручэннем, прытым дакладна падай прыкметы, па якiх можна будзе яе пазнаць, каб той, хто акажацца вiнаватым ва ўкрывальнiцтве, не мог адгаворвацца, што яе не пазнаў".

Пры гэтым яна перадае яму лiст, дзе пазначана iмя Псiхеi i ўсё iншае. Пасля гэтага вяртаецца дамоў.

8. Меркурый адразу ўзяўся выконваць заданне. Па ўсiх мясцовасцях i ўсiм народам ён абвяшчаў: "Калi хто верне з уцёкаў цi зможа паказаць, дзе хаваецца каралеўская дачка, служанка Венеры Псiхея, i данясе аб гэтым вешчуну Меркурыю за муртыйскiмi калонамi, дык атрымае ў якасцi ўзнагароды ад самой Венеры сем салодкiх пацалункаў i, апрача таго, яшчэ адзiн мядовы з ласкавым дотыкам языка".

Пасля такой Меркурыевай аб'явы жаданне незвычайнай узнагароды заахвоцiла ўсiх людзей наперабой кiнуцца ў пошукi.

Усё гэта прымусiла Псiхею не марудзiць. Яна ўжо наблiжалася да варот сваёй уладарнiцы, калi насустрач ёй выбегла Прывычка, адна з Венерыных чаляднiц, i пачала на ўсю моц крычаць: "Нарэшце ты, нягодная служанка, зразумела, што ў цябе ёсць панi! Няўжо, па характэрнай табе нахабнасцi, ты будзеш прыкiдвацца, што не ведаеш, якога клопату каштавалi нам пошукi цябе? Добра, што ты трапiла ў мае рукi, быццам у самыя кiпцюры Орка ўскочыла, дык i кара за тваю ўпартасць напаткае цябе неадкладна!"

9. I, учапiўшыся моцна за валасы, пацягнула за сабой, хоць тая зусiм не супрацiўлялася. Як толькi ўбачыла Венера, што прывялi i паставiлi перад ёй Псiхею, яна пачала рагатаць, як чалавек, даведзены гневам да вар'яцтва. Затрэсла галавой, пачала часаць правае вуха i кажа: "Нарэшце ты ўдастоiла свякруху сваiм наведаннем! Цi, можа, ты прыйшла сустрэцца з мужам, якi пакутуе ад нанесенай табой раны? Не хвалюйся, я магу абысцiся з табой так, як гэтага добрая нявестка заслугоўвае!" А пасля крычыць: "Дзе тут мае служанкi Турбота i Журба?" А калi яны на поклiч з'явiлiся, перадала яе iм на пакаранне. Тыя ж, паслухмяныя загаду гаспадынi, адлупцавалi бедную Псiхею бiзунамi i, памучыўшы iншымi спосабамi, зноў прывялi яе да панi.

Венера зноў разрагаталася i кажа: "Напэўна, ты думаеш, што выклiча ў мяне спачуванне твой уздуты жывот, плод якога збiраецца ашчаслiвiць мяне званнем бабулi? Сапраўды, вялiкi гэта гонар мне ў самым росквiце гадоў называцца бабуляй i слухаць, як сына нiзкай служанкi называюць унукам Венеры. Зрэшты, я надарма кажу «сын». Шлюб быў не роўны, прытым адбыўся ў загароднiм памяшканнi без сведкаў i без бацькавай згоды, дык не можа лiчыцца сапраўдным, i дзiця народзiцца, калi я наогул дазволю табе яго данасiць, незаконным".

10. Сказаўшы гэта, налятае на маладзiцу, iрве яе сукенку, цягае за валасы, трасе яе галаву i бязлiтасна б'е, а пасля бярэ жыта, ячмень, проса, мак, гарох, сачавiцу, боб — усё гэта перамешвае i, згарнуўшы ў адну вялiкую кучу, кажа: "Я думаю, што такая бесталковая служанка не магла нiчым iншым дагадзiць сваiм палюбоўнiкам, як толькi стараннай службай, дык вось i я хачу праверыць тваё ўмельства. Разбяры вось гэту кучу i разлажы асобна кожны вiд зерня, падрыхтуй мне гэта на праверку да заўтрашняга вечара".

Пасля падалася на вясельны банкет. А Псiхея нават не дакранулася да гэтай бязладнай кучы. Прыгнечаная такiм бязлiтасным загадам, сядзела моўчкi i нерухома. Раптам нейкая дробненькая вясковая мурашка, якая разумела, наколькi цяжкая гэта праца, злiтавалася над сужыцелькай вялiкага бога i, абураная бесчалавечнасцю свекрывi, пачала бегаць туды i сюды i старанна склiкаць усе саслоўi мурашак з акругi i так упрошваць: "Злiтуйцеся, жывыя жыхары зямлi, якая кормiць усiх, злiтуйцеся над маладзенькай прыгажуняй, жонкай Амура, прыйдзiце як мага хутчэй на дапамогу ў яе бядзе!"

Заварушылiся хвалi шасцiногiх iстот, разбiраюць яны ўсю кучу па зернетку i, асобна пасартаваўшы кожны вiд, хутка знiкаюць з вачэй.

11. Калi настала ноч, з'явiлася Венера з вясельнага банкету. Была яна ап'янелая ад вiна, пахла бальзамам у гiрляндах з найпрыгажэйшых ружаў. Убачыўшы так дакладна выкананую работу, яна выкрыквае: "Не твая, нягоднiца, гэта праца! Не ты яе рабiла. Гэта зрабiў той, каму ты на сваё i ягонае няшчасце спадабалася!" I, кiнуўшы ёй скарынку хлеба, пайшла ў сваю адпачывальню спаць.

А тым часам Купiдон, самотны вязень, замкнёны ва ўнутраных пакоях дома, знаходзiўся пад пiльнай аховай, часткова дзеля таго, каб лiшняй жвавасцю не развярэдзiў сабе раны, а таксама i таму, каб не сустрэўся са сваёй жаданай. Так мiнула пакутлiвая для разлучаных ноч, якую прабылi пад адным дахам. А як толькi Аўрора ўзышла на каляснiцу, Венера паклiкала да сябе Псiхею i сказала ёй так: "Вунь бачыш гай, якi цягнецца па беразе рэчкi? Кусты на ўскрайку растуць па-над крынiцай. Там пасвяцца без нагляду адкормленыя авечкi, пакрытыя залатым руном. Я загадваю табе неадкладна прынесцi мне жмут гэтай каштоўнай воўны, здабыўшы яе якiм хочаш спосабам".

12. Псiхея ахвотна пайшла туды, але не для таго, каб выканаць загад, а каб, кiнуўшыся з берага ў раку, пазбыцца ўсiх сваiх бедаў. Але раптам з лёгкiм пошумам ветрыку адазвалася з рэчкi сцiплая зялёная трысцiнка i меладычным голасам сказала:

"Бедная гаротнiца Псiхея, не заплям гэтай благаславёнай вады сваёй смерцю i не падыходзь у гэту часiну да тых жудасных авечак, бо, пакуль пячэ iх сонечная спёка, на iх нападае шал, i яны могуць забiць цябе цi вострымi рагамi, цi сваiмi каменнымi лбамi, цi ядавiтымi ўкусамi. А як папаўднi трохi схаладае i прыемны рачны ветрык супакоiць iх, тады ты схавайся пад тым вунь шырокiм платанам, якi чэрпае сабе вiльгаць з той самай, што i я, ракi. I калi авечкi супакояцца i вернуцца да свайго нармальнага стану, ты зможаш знайсцi залатую воўну, заблытаную ўсюды памiж густога голля — досыць толькi страсянуць кусты".

13. Гэтак навучала яе сцiплая мiласэрная трысцiнка, каб выратаваць ад загубы.

Псiхея ўважлiва выслухала парады трысцiнкi, i ёй не прыйшлося раскайвацца. Зрабiўшы ўсё, як было сказана, яна набiрае тайком поўную пазуху воўны i прыносiць яе Венеры. Аднак i гэтым другiм выкананнем небяспечнага даручэння не зарабiла ў багiнi пахвалы. Нахмурыўшы бровы i з'едлiва ўсмiхнуўшыся, яна гаворыць: "Ведаю i гэтага шалапутнага твайго памочнiка! Але вось я праверу як след, цi поўнасцю валодаеш ты прысутнасцю духу i дастатковай кемлiвасцю. Бачыш вунь там над высачэзнай скалой вяршыню крутой гары, адкуль выцякаюць цёмныя воды змрочнай крынiцы? Даплыўшы да памястоўнай, закрытай з усiх бакоў катлавiны, яны абвадняюць стыгiйскiя балоты, а пасля становяцца бурлiвымi хвалямi Кацыта. Адтуль, з самага вытоку крынiцы, з глыбiняў, зачэрпнуўшы ледзяной вады, ты адразу прынясеш мне яе ў гэтай вось шкляначцы".

Сказаўшы гэта, зноў са страшнымi пагрозамi перадае ёй гранёную крышталёвую судзiнку.

14. А тая хуткiмi крокамi iдзе да вяршынi гары, спадзеючыся там знайсцi канец свайму гаротнаму жыццю. Аднак, дабраўшыся да месца, блiзкага ад вызначанай мэты, бачыць, што загад выканаць немагчыма. Бясконца высокая i безнадзейна недаступная скала выкiдала з камянiстых шчылiн мноства жудасных крынiц, якiя абрывалiся з кручаў i, схаваныя ў вузкiм рэчышчы, непрыкметныя воку, бурлiва iмчалiся ў суседнюю далiну. Направа i налева са скальных трэшчын высоўвалi свае даўжэзныя шыi раз'юшаныя драконы, вочы якiх нiколi не сплюшчвалiся, i зрэнкi iх няспынна глядзелi на свет.

Апроч таго, воды, якiя валодалi дарам мовы, штохвiлiны выкрыквалi: "Назад! Што робiш? Што ты надумала? Сцеражыся! Уцякай! Загiнеш!"

Псiхея стаяла як скамянелая, i хоць целам была там, душою адсутнiчала, i, цалкам прыгнечаная цяжарам свайго становiшча, пазбавiлася нават свайго апошняга суцяшэння — слёз.

15. Але не схавалiся ад вачэй справядлiвага лёсу пакуты нявiннай душы. Каралеўскi птах, арол, слуга ўсявышняга Юпiтэра, з'явiўся раптам i распасцёр свае крылы. Ён прыпомнiў сваю даўнюю паслугу, калi па падказцы Купiдона схапiў для Юпiтэра фрыгiйскага падчашага, i падумаў, што, аказаўшы своечасовую дапамогу жонцы Купiдона, ушануе гэтым i самога бога, дык, пакiнуўшы вышынi Юпiтэравых шляхоў, пачаў кружыцца над галавой у маладой жанчыны i так сказаў: "I ты, недасведчаная ў такiх справах прасцячка, спадзяешся дастаць хоць кроплю вады цi нават наблiзiцца да гэтай наколькi святой, настолькi i грознай крынiцы? Цi ты нiколi не чула, што гэтыя стыгiйскiя воды страшныя не толькi меншым братам, а нават i самому Юпiтэру? А гэта таму, што так, як вы прысягаеце на высокую волю багоў, так жыхары неба клянуцца велiччу Стыкса. Але дай мне сваю шкляначку".

I хутка схапiўшы ў свае кiпцюры тую пасудзiнку i выпрастаўшы крылы, пачаў узнiмацца, адхiляючыся то ўправа, то ўлева ад чарады драконавых пашчаў з вышчаранымi зубамi i пакручастымi трайнымi языкамi, штораз вышэй да грозных водаў, якiя з шумам крычалi яму, каб, пакуль цэлы, вяртаўся. Тады ён iм сказаў, што ляцiць па загаду Венеры, выконвае яе даручэнне, i гэта выдумка крыху дапамагла яму дабрацца да мэты.

16. Атрымаўшы напоўненую шкляначку, з вялiкай радасцю чым хутчэй панесла яе Псiхея Венеры. Аднак i цяпер не змагла яна атрымаць ухвалы разгневанай багiнi. Са злавеснай усмешкай, якая прадвяшчала яшчэ большыя вымаганнi i цяжэйшыя беды, звяртаецца свякруха да яе: "Як я зразумела, ты вялiкая i вопытная ведзьма, калi так выконваеш усе нялёгкiя даручэннi. Дык вось што, мая ты лялечка, павiнна мне зрабiць. Вазьмi гэту скрыначку i хутчэй накiроўвайся ў пекла, у замагiльнае царства самога Орка. Там аддасi скрыначку Празерпiне i скажаш: "Венера просiць прыслаць ёй крыху тваёй прыгажосцi хоць на адзiн дзянёк, бо сваю ўласную яна цалкам растрацiла, апякуючыся сваiм хворым сынам. Толькi ж вяртайся хутчэй, бо мне зараз жа неабходна нацерцiся, каб пайсцi на сход багоў".

17. Тут лепш чым калi адчула i зразумела Псiхея, што выпраўляюць яе на верную загубу i што настала яе апошняя часiна. Чаго ж болей чакаць, калi выпраўляюць яе iсцi добраахвотна сваiмi нагамi ў Тартар, у краiну памерлых.

Не думаючы доўга, паднялася яна i пайшла ў бок нейкай высачэзнай вежы, збiраючыся адтуль кiнуцца ўнiз, каб такiм чынам хутка i найбольш пэўна трапiць у замагiльнае царства.

Але вежа раптам загаварыла: "Навошта табе, нябога, шукаць пагiбелi ў безданi? Чаму новыя цяжкасцi i небяспекi так цябе палохаюць? Як твой дух аддзелiцца ад цела, дык, вядома, сыдзеш ты ў глыбокi Тартар, але назад адтуль нiколi ўжо не вернешся. Вось лепш паслухай мяне.

18. Непадалёку адгэтуль знаходзiцца горад Ахаi, славуты Лакедэман. У суседстве з iм знайдзi закiнуты сярод бязлюднай мясцовасцi Танар. Там ёсць расколiна Дзiта, i праз яе зiхатлiвыя вароты вiднеецца непраходная дарога. Калi ты там пераступiш парог i пойдзеш па ёй, дык дабярэшся да Оркавага царства. Аднак у той змрок ты павiнна ўступiць не з пустымi рукамi, а ў кожнай трымай па ячменным праснаку, замешаным на вiне i мёдзе, а ў роце нясi дзве манеты.

Прайшоўшы значную частку той смертаноснай дарогi, ты сустрэнеш кульгавага асла, нагружанага дрывамi, а з iм кульгавага паганятага, якi будзе прасiць цябе падняць некалькi паленаў, што вывалiлiся з вязанкi, але ты не адказвай яму i моўчкi iдзi далей. Неўзабаве дойдзеш да ракi памерлых, над якой валадарыць Харон. Ён патрабуе ад кожнага за перавоз на чоўне на другi бераг грашовую плату. Гэта значыць, што i ў асяроддзi памерлых працвiтае карысталюбства, бо нават такi бог, як Харон, збiральнiк падаткаў ад Дзiта, нiчога дарма не робiць, i бядняк, памiраючы, павiнен запасцiся грашыма, а калi няма ў яго медзi, дык яму i не дазволяць памерцi. Гэтаму бруднаму старому ты i заплацiш за перавоз адзiн з медзякоў, якiя будзеш мець з сабой, толькi няхай ён сам сваёй рукой выме яго ў цябе з рота. Ды гэта яшчэ не ўсё. Як будзеш перапраўляцца праз тую павольную рэчку, выплыве на паверхню мёртвы стары i, працягнуўшы да цябе гнiлую руку, будзе прасiць узяць яго ў лодку, але ты не паддавайся недазволенай табе лiтасцi.

19. Калi ты пераправiшся цераз раку i пройдзеш трохi далей, убачыш старых, якiя ткуць на кроснах. Яны будуць прасiць, каб ты памагла iм, але ты не звяртай на iх увагi.

Усё гэта i шмат iншага будзе ўзнiкаць праз каварства Венеры, каб ты выпусцiла з рук хоць адзiн праснак. А страцiць гэтыя праснакi справа не пустая, бо, калi выпусцiш з рук хоць адзiн, свету больш не ўбачыш. Агромнiсты сабака з трыма вялiкiмi галовамi, якi брэша громападобна i палохае памерлых, хоць iнакш шкодзiць iм не можа, ляжыць каля самага парога чорных пакояў Празерпiны i пiльна сцеражэ шырокае ўладанне Дзiта.

Даўшы яму адзiн з двух сваiх праснакоў, ты лёгка пройдзеш ля яго i ў хуткiм часе дойдзеш да Празерпiны, якая прыме цябе вельмi ветлiва, прапануе мяккае сядзенне i запросiць на пышны пачастунак. Але ты сядзь на зямлi i вазьмi толькi скiбку простага хлеба, пасля скажы, чаго прыйшла, i, узяўшы тое, што дадуць, вяртайся назад. Злосць сабакi спынi тым праснаком, што ў цябе застанецца, заплацi скупому перавозчыку манету i, пераправiўшыся праз раку, зноў узыдзi на ранейшую дарогу, адкуль убачыш карагод зорак. Толькi хачу цябе папярэдзiць, каб ты нi ў якiм разе не адчыняла скрыначкi, не заглядала ў яе i не цiкавiлася сакрэтнымi скарбамi захаванай у ёй прыгажосцi".

20. Гэтак празорлiвая вежа выявiла ёй сваё прароцтва. Забраўшы з сабой манеты i праснакi, выпраўляецца Псiхея ў Тартар i пускаецца ў замагiльны шлях. Моўчкi мiнуўшы паганятага аслоў, даўшы манету перавозчыку, пакiнуўшы без увагi просьбы нябожчыка, што выплываў, i назойлiвых ткачых i супакоiўшы праснаком страшную раз'юшанасць сабакi, трапляе ў памяшканне Празерпiны. Не паквапiўшыся на прапанаванае гаспадыняй мяккае сядзенне i салодкi пачастунак, а сеўшы каля яе ног i задаволiўшыся адным хлебам, перадала яна даручэнне Венеры. Схавала напоўненую i зачыненую скрыначку, утаймавала раз'юшанасць сабакi другiм праснаком i, заплацiўшы перавозчыку манетай, што ў яе заставалася, выбралася яна з цёмнага каралеўства ў шмат лепшым настроi, чым iшла туды. А ўбачыўшы белы свет, пакланiлася яму.

Аднак, хоць i спяшалася яна чым хутчэй выканаць даручэнне, авалодала ёю нястрымная цiкавасць. "Якая я дурная, — сказала яна сама сабе, — нясу з сабой боскую прыгажосць i не вазьму з яе хоць трошачкi сабе, каб яшчэ больш падабацца свайму каханаму".

21. Сказаўшы гэта, адчыняе скрыначку, а там няма нiякай прыгажосцi, толькi падземны сон. Вырваўшыся з-пад накрыўкi, ён адразу находзiць на яе. Па ўсiм яе целе расплываецца густая аблачына безуладнасцi i ахутвае яе. У той жа момант яна падае на той сцежцы, па якой iшла, i адразу засынае. I ляжала яна там нерухома, нiбы мёртвая.

А Купiдон, ачуняўшы ад сваёй раны i не могучы перанесцi такой доўгай разлукi з Псiхеяй, вышмыгнуў праз высокае акно пакоя, у якiм сядзеў замкнёны, i з падвоенай хуткасцю на адпачыўшых крылах памчаўся да сваёй Псiхеi. Тут ён старанна знiмае з яе сон i хавае яго на тое самае месца, у скрыначку. Будзiць Псiхею бяспечным уколам стралы i кажа: "Вось ты, нябога, зноў ледзь не загiнула праз сваю цiкаўнасць. Але пакуль што выканай дакладна даручэнне маёй мацi, а пра астатняе паклапачуся я сам".

З гэтымi словамi ўзляцеў на крыллях боскi каханак, а Псiхея пайшла да Венеры, каб аддаць ёй Празерпiнiн падарунак.

22. Тым часам Купiдон пад уплывам моцнага кахання i баючыся суровасцi сваёй мацi хапаецца за даўнейшыя хiтрыкi. Дасягнуўшы на сваiх хуткiх крылах самай нябеснай вышынi, звяртаецца з пакорлiвым тварам да Юпiтэра i малiтоўна выкладвае яму сутнасць сваёй справы. На гэта Юпiтэр, паляпаўшы Купiдона па шчацэ i прыўзняўшы да твару яго руку, так кажа: "Хоць ты, сынок, пане мой, не выказваў нiколi належнай мне пашаны, прысуджанай мне на зборы багоў, а нават мае грудзi, дзе ствараюцца законы стыхiяў i чаргаваннi свяцiлаў, часта прабiваў ударамi стралы i нярэдка зневажаў грахамi зямной пажадлiвасцi i такiм чынам плямiў мой гонар i добрае iмя, змушаючы парушаць законы, асаблiва закон Юлiя, i грамадзянскую мараль ганебнымi пралюбадзействамi. Ты прымушаў мяне мяняць маё светлае аблiчча на выгляд гадзюк, агню, звяроў, птушак i свойскай жывёлы. Аднак помнячы пра сваю паблажлiвасць, а таксама пра тое, што ты вырас на маiх руках, я выканаю твае пажаданнi, абы толькi ты здолеў аберагчыся ад сваiх нядобразычлiўцаў. А яшчэ ў аддзяку за гэту маю спагаднасць ты павiнен, калi ёсць на зямлi ў гэты час якая-небудзь непараўнанай прыгажосцi дзяўчына, аддаць яе мне".

23. Сказаўшы гэта, загадвае Меркурыю склiкаць усiх багоў на сход i аб'явiць, што на тых, хто не з'явiцца, будзе накладзены штраф дзесяць тысяч нумаў. Настрашаныя такой пагрозай, багi хутка запаўняюць пакой, i Юпiтэр, седзячы на ўзнятым вышэй за iншыя сядзеннi, робiць такую абвестку:

"Багi, занесеныя ў нашы спiсы Музамi, усе вы ведаеце гэтага юнака, якога я выгадаваў гэтымi рукамi. Я вырашыў спынiць бурныя парываннi яго квяцiстага юнацтва якой-небудзь вуздэчкай. Хопiць таго, што кожны дзень абвiнавачваюць яго ў пралюбадзействе i розных iншых праступках. Трэба лiквiдаваць падставы для гэтага i звязаць яго распушчанасць шлюбнымi повязямi. Ён выбраў сабе дзяўчыну i пазбавiў яе нявiннасцi, дык няхай яна застанецца з iм, няхай ён валодае ёю i няхай у абдымках Псiхеi цешыцца каханнем". I, звярнуўшыся да Венеры, працягвае:

"А ты, дачка, адкiнь усю скруху i не бойся, што твой знакамiты род i тваё становiшча пацерпяць ад шлюбу сына са смяротнай жанчынай. Я зраблю так, што шлюб не будзе няроўным i стане законным, якi адпавядае грамадзянскiм пастановам".

Тут ён загадвае Меркурыю неадкладна даставiць на неба Псiхею i, падаўшы ёй келiх з амброзiяй, кажа: "Прымi, Псiхея, станься несмяротнай. Няхай нiколi не адлучаецца Купiдон з тваiх абдымкаў i няхай гэта сувязь застанецца на векi вечныя".

24. Неўзабаве накрываюць багаты вясельны стол. На ганаровым месцы разлеглiся жанiх з прытуленай да яго грудзей Псiхеяй, побач з iмi Юпiтэр са сваёй Юнонай, а за iмi парадкам усе багi. Келiх з нектарам, якi замяняе багам вiно, падаваў Юпiтэру падчашы, слаўны сельскi юнак, а iншым падносiў Лiбер. Ежу рыхтаваў Вулкан, Оры абсыпалi ўсiх ружамi i iншымi кветкамi, Грацыi апырсквалi духмянасцямi, Музы напаўнялi паветра спевам, Апалон спяваў пад кiфару, а цудоўная Венера танцавала ў такт прыгожай музыкi ў такiм суправаджэннi: Музы спявалi хорам, Сатыр iграў на флейце, а Панiск дзьмуў у свiсцёлку. Так належным чынам была перададзена Псiхея ва ўладу Купiдона. А як прыйшоў тэрмiн, нарадзiлася ў iх дачка, якую мы называем Асалодай".

25. Так расказвала палоннай дзяўчыне п'яная бабулька, якая выжыла з розуму, а я, стоячы воддаль, клянуся Геркулесам, шкадаваў, што не было пры мнё таблiчкi i ражончыка, каб запiсаць такую цудоўную аповесць.

I вось у той час, пасля нейкай небяспечнай сутычкi, вяртаюцца разбойнiкi са здабычай, але некаторыя з iх, больш задзiрыстыя, параненыя. Гэтых яны пакiдаюць дома лячыцца, а самi вяртаюцца па тую частку здабычы, якая ў iх, як яны казалi, ляжыць прыхаваная дзесьцi ў пячоры. Хутка праглынулi абед i, падганяючы кiямi, выводзяць мяне i каня на дарогу, каб выкарыстаць нас як уючную сiлу. Вельмi стомленыя шматлiкiмi пераваламi i кручамi, дабiраемся пад вечар да нейкай пячоры. Там навальваюць на нас мноства ўсякай паклажы i, не даўшы хвiлiны адпачынку, адразу гоняць назад, прытым вельмi спяшаюцца i так б'юць мяне кiямi i таўхаюць, што я павалiўся на прыдарожны камень. Тут зноў пасыпалiся на мяне ўдары, каб я падняўся, хоць у мяне была паранена правая галёнка i пашкоджаны левы капыт.

26. Адзiн з разбойнiкаў гаворыць: "Цi доўга мы будзем дарма кармiць гэтага нi на што не здатнага асла, якi цяпер яшчэ закульгаў?" А другi: "Як толькi завёўся ў нас гэты пракляты асёл, нi ў чым няма ў нас удачы, сама адважных то раняць, то забiваюць". А яшчэ iншы: "Як ён сабе хоча цi не хоча, а данясе гэту паклажу, я буду не я, калi не скiну яго са скалы ўнiз галавой, няхай дзяўбуць яго ястрабы".

Пакуль гэтыя добрыя людзi вялi гаворку пра маю смерць, мы дабралiся дамоў. А ў мяне ад страху быццам выраслi крылы. Звалiўшы з нас той груз i забыўшыся пра нас i нават пра маю смерць, выклiкаюць тых, што заставалiся ў пячоры, параненых сяброў i спяшаюцца назад, каб рэшту здабычы перанесцi на руках, бо, як казалi, надакучыла iм наша марудлiвасць. А мяне ахапiў вялiкi неспакой пры думцы аб рыхтаванай мне загубе. Дык я так сам сабе думаў: "Ну чаго ты, Луцый, стаiш i чаго яшчэ горшага чакаеш? Смерць, i прытым сама бязлiтасная, прысуджана табе на нарадзе разбойнiкаў. Выканаць iм iхняе рашэнне зусiм проста: бачыш вунь тыя блiзкiя скалы, абсыпаныя вострымi камянямi, якiя ўрэжуцца ў тваё цела i разарвуць цябе на кавалкi, перш чым ты паспееш памерцi. Бо гэта твая магiя, зрабiўшы цябе аслом, надзялiла цябе не аслiнай скурай, а тоненькай скуркай, як у п'яўкi. Чаму ж ты не адважышся i не падумаеш аб сваiм выратаваннi, пакуль яшчэ не позна? Пакуль няма разбойнiкаў, усё складваецца на тваю карысць. Цi, можа, ты баiшся нагляду гэтай ледзь жывой бабулi? Убрыкнуць яе разок нават гэтай хворай нагой, i будуць ёй капцы! Але куды мне бегчы i хто акажа мне гасцiннасць? Ну вось бязглуздае аслiнае меркаванне! Ды любы падарожны ахвотна прыхопiць з сабой транспартны сродак".

27. I праз момант, моцна рвануўшы повад, якiм быў я прывязаны да плота, пускаюся з усiх чатырох наўцёкi. Аднак не змог я вышмыгнуць з-пад каршуновага вока хiтрай старой. Як толькi ўбачыла яна, што я адарваўся, дык з неўласцiвай свайму полу i ўзросту жвавасцю ўхапiлася за мой повад i пачала цягнуць мяне назад. А я, помнячы аб злавесным намеры разбойнiкаў, не паддаюся ёй, а ўдарам заднiх ног валю яе на зямлю.

Аднак яна i паваленая моцна трымалася за повад, i я, бегучы, працягнуў яе па зямлi некалькi крокаў. А ў той час яна пачала крычаць i клiкаць каго-небудзь на дапамогу. Толькi дарма ўзнiмала трывогу, бо нiкога навокал не было, апроч той палоннай дзяўчыны, якая, прыбегшы на крык, убачыла, клянуся Геркулесам, вартае памяцi вiдовiшча — старую ў вобразе Дырцэi, што вiсела не на быку, а на асле.

Тады яна, узброiўшыся мужчынскай стойкасцю, адважылася на цудоўны ўчынак. Выхапiўшы з рук у старой повад i супакоiўшы мяне сваiм шчабятаннем, спрытна ўскоквае на мой хрыбет i пускае мяне ў бег.

28. Натхнёны адначасова сваiм рашэннем уцячы i жаданнем вызвалiць дзяўчыну, а да таго падганяны ўдарамi, якiмi яна мяне падбадзёрвала, я з конскай хуткасцю застукаў па зямлi капытамi, спрабуючы нават у адказ на яе панукi заржаць. Не раз, павярнуўшы шыю, як быццам для таго, каб пачомхаць спiну, я цалаваў яе прыгожыя дзявочыя ногi. А яна, глыбока ўздыхаючы i павяртаючы ў бок неба свой усхваляваны твар, малiлася:

"Вы, усявышнiя багi, памажыце ж мне ў гэтай небяспецы, а ты, суровы лёс, перастань быць да мяне такiм варожым. Гэтых вартых спачування пакут хопiць, каб цябе ўласкавiць. А ты, апора маёй свабоды i выратавання, калi прывязеш мяне дамоў i вернеш мяне маiм бацькам i жанiху майму дарагому, дык я цябе без аддзякi не пакiну, будзеш мець i найвышэйшую пашану, i найсмачнейшы корм! Найперш, расчасаўшы сваiмi дзявочымi рукамi тваю грыву, упрыгожу яе каштоўнасцямi, чубок, спачатку завiўшы, прыгожа раздзялю на дзве пасмы, а твой калматы, зваляны i даўно не мыты хвост старанна разгладжу. Упрыгожаны залатымi шарыкамi, заблiшчыш ты, як ад нябесных зорак, i будзеш прывiтаны шматгалоссем радаснага натоўпу. Насыпаўшы ў шаўковую торбу мiндалю i розных прысмакаў, кожны дзень буду цябе, свайго выратавальнiка, кармiць да адвалу".

29. I працягвала: "Апроч смачнай ежы, поўнага супакою i асалоды праз усё жыццё не будзе табе недахопу ў пашане. Памяць аб маiм шчасцi i боскай апецы замацую вечным пасведчаннем: у атрыуме свайго дома павешу малюнак, у якiм будуць адлюстраваныя гэтыя мае ўцёкi. I ўсе будуць бачыць, i слухаць у казках, i чытаць запiсаную палачкамi вучоных гiсторыю пра тое, як дзяўчына царскай крывi ўцякла з палону на асле. Ты будзеш залiчаны да старажытных цудаў, i твой жывы прыклад змусiць паверыць i ў Фрыкса, якi пераплыў мора на баране, i ў Арыёна, што кiраваў дэльфiнам, i ў Эўропу, якая ляжала на быку.

Калi праўда, што Юпiтэр роў па-бычынаму, ператварыўшыся ў быка, дык можа быць, што i ў маiм асле хаваецца якi-небудзь чалавек цi боская асоба…"

Пакуль дзяўчына паўтарала гэта некалькi разоў i перапыняла свае абяцаннi цяжкiмi ўздыхамi, мы дабралiся да нейкага скрыжавання, адкуль, схапiўшы за павады, яна з усёй сiлы старалася скiраваць мяне направа, дзе, на яе думку, iшла дарога да яе бацькоў. Але я, ведаючы, што па ёй падалiся разбойнiкi па рэшту сваёй здабычы, моцна заўпiраўся i так моўчкi звяртаўся да яе ў сваёй душы: "Што ты, няшчасная дзяўчына, робiш? Навошта спяшаешся да Орка? Навошта сiлай стараешся скiраваць мае крокi. Ты ж вядзеш нас не толькi на сваю загубу, але i на маю!"

Пакуль мы цягнулi ў розныя бакi i спрачалiся, быццам на судзе за размежаванне зямельных плошчаў цi, лепш сказаць, за падзел дарогi, раптам з'яўляюцца разбойнiкi, абладаваныя сваёй здабычай, i, яшчэ здалёк убачыўшы нас прысвятле месяца, вiтаюць нас зларадным смехам.

30. Адзiн з iх так да нас звяртаецца: "Што ж гэта вы па такой дарозе па начы цягаецеся, не баючыся ў глухую поўнач нi манаў, нi злых духаў? Цi, можа, ты, сумленная дзяўчына, спяшаешся ўбачыцца са сваiмi бацькамi? Дык мы ў тваёй адзiноце будзем табе аховай i пакажам да тваiх бацькоў найкарацейшы шлях".

За словам прыйшла справа. Схапiўшы за повад, ён павярнуў мяне назад, не шкадуючы на мае бакi таго вузлаватага кiя, якi быў у яго ў руках. Тут я мiжволi ўспомнiў пра назначаную мне загубу i пра боль у капыце, дык, махаючы галавой, пачынаю кульгаць. А той, што цягнуў мяне назад, крычыць: "Вось як! Зноў ты пачаў кульгаць i кiвацца? Твае гнiлыя ногi бегчы могуць, а iсцi не ўмеюць? Ты ж нядаўна iмчаўся хутчэй за крылатага Пегаса!" I пакуль мой лiтасцiвы пагоншчык вёў са мной, махаючы кiем, гутарку, мы дабралiся да першай агароджы нашага жылля i вось бачым, што на галiне высокага кiпарыса вiсiць старая. Зараз жа яе знялi i так з вяроўкай на шыi ўкiнулi ў прорву. Пасля таго закавалi дзяўчыну i, быццам звяры, накiнулiся на вячэру — пасмяротны плён клапатлiвасцi няшчаснай старой.

31. Пакуль яны ўсё, што было, з прагаю пхалi ў свае страўнiкi, узнiкла ў iх пытанне, якую прыдумаць нам у помсту за спробу ўцячы смерць. Але так, як i на кожным бурным сходзе, думкi iх не супадалi. Адзiн лiчыў, што трэба спалiць дзяўчыну жыўцом, другi даказваў, што лепш аддаць яе дзiкiм звярам, трэцi прапанаваў укрыжаваць, а чацвёрты радзiў замучыць катаваннямi. Толькi ў адным былi ўсе згодныя, што яна вартая смерцi. Пасля таго як агульны гоман прыцiх, адзiн з бандытаў звярнуўся да сабраных з такой прамовай: "Не стасуецца нi са звычаем нашага таварыства, нi з лiтасцю кожнага з нас, нi, нарэшце, з маёй памяркоўнасцю, каб дапускаць нам празмерную лютасць, караючы за злачынства, i каб пры дапамозе дзiкiх звяроў, крыжа або катаванняў i якой бы нi было хуткай смерцi мы наблiзiлi яе зыход у царства змроку. Дык, калi будзеце згодныя на маю прапанову, то мы даруем дзяўчыне жыццё, але такое, якога яна ў нас заслужыла. Вы ж памятаеце, што ўжо раней пастанавiлi мы наконт гэтага вельмi гультаяватага i вельмi абжорлiвага асла, якi цяпер прыкiдваецца калекам, тады як аказаўся пасрэднiкам i памочнiкам дзяўчыны ў яе ўцёках. Лепш за ўсё зарэжам яго заўтра i, вытрыбушыўшы, зашыем у ягонае бруха голую дзяўчыну, якую ён прызнаў лепшай за нас, так, каб толькi галава яе заставалася зверху, а рэшта цела была ў шкуры жывёлiны. Пасля таго паставiм гэтага раскормленага, нафаршыраванага асла на якую-небудзь скалу i пакiнем на сонечнай спёцы.

32. Такiм чынам яны абое атрымаюць тое, што вы справядлiва прапанавалi. Асёл атрымае даўно ўжо заслужаную смерць, а яна будзе i звярамi з'едзена, бо цела яе абгрызуць чэрвi, i агнём спалена, бо сонца будзе смалiць аслiнае бруха, i на крыжы будзе пакутаваць, калi сабакi i каршуны будуць выцягваць з яе вантробы. Прытым заўважце, колькi яшчэ пакут i мук дастанецца на яе долю: яна жывая апынецца ў пузе дохлай жывёлiны, яе будзе мучыць невыносны смурод, калi гарачыня будзе мацнець, яна будзе пакутаваць ад голаду i смагi i не зможа нават сама сабе зрабiць смерць, бо яе рукi не будуць свабодныя".

Пасля такой прамовы разбойнiкi не рукамi, а ўсёй душой прагаласавалi за гэту прапанову. А што заставалася рабiць мне, якi ўсё гэта чуў сваiмi аслiнымi вушамi? Як аплакваць сябе аслу, якi заўтра будзе не чым iншым, як смярдзючай падлай?

КНIГА СЁМАЯ

1. Ледзь толькi, разагнаўшы цемру, зардзеў дзень i блiскучая каляснiца сонца асвятлiла наваколле, з'явiўся нейкi чалавек з лiку разбойнiкаў, аб чым сведчыла яго прывiтанне з сябрамi, сеў ля ўвахода ў пячору, перавёў дух i расказаў прысутным наступнае: "Што да Мiлона Гiпацкага, дом якога мы гэтымi днямi абрабавалi, дык можна, кiнуўшы трывогу, супакоiцца. Пасля таго як вы з вялiкай смеласцю расцягалi ўсю яго маёмасць i вярнулiся ў лагер, я змяшаўся з натоўпам мясцовых жыхароў i, выказваючы то жаль, то абурэнне, стараўся даведацца, якi будзе выкарыстаны спосаб пошуку разбойнiкаў i якiм чынам пра ўсё вам данесцi, як мне было даручана. На падставе няпэўных здагадак i на аснове праўдападобных меркаванняў увесь натоўп аднадушна сходзiцца на тым, што вiноўнiкам злачынства з'яўляецца нейкi Луцый, якi некалькi дзён таму назад пры дапамозе фальшывых рэкамендацыйных пiсьмаў, выдаўшы сябе Мiлону за прыстойнага чалавека, дамогся таго, што яму была аказана гасцiннасць i што яго ўвялi ў сама цесны сямейны круг. Пражыўшы там некалькi дзён, ён збаламуцiў Мiлонаву служанку, прыкiнуўшыся закаханым, разгледзеў усе засаўкi i завалы i месцы, дзе захоўвалася гаспадарскае дабро.

2. Як немалаважны доказ ягонага злачынства прыводзiлася тое, што ў тую самую ноч, за хвiлiну да нападу, ён кудысьцi ўцёк i не вяртаецца да гэтай пары. Да таго ж яму лёгка было знайсцi i сродак для ўцёкаў, каб хутчэй i далей схавацца, бо ён забраў з сабой свайго белага каня. Дома застаўся яго слуга, дык яго схапiлi i зачынiлi ў гарадскую турму. Аднак, амаль да смерцi закатаваны, ён нi ў чым не прызнаўся. Тады выправiлi на радзiму гэтага самага Луцыя ўпаўнаважаных, каб яны знайшлi вiноўнiка, якi павiнен адказаць за зробленае iм злачынства".

У час яго расказу я прыраўняў сваё шчаслiвае жыццё да цяперашняга злашчаснага лёсу асла, уздыхнуў з глыбiнi душы i падумаў, што невыпадкова грэцкiя мудрацы лiчылi Фартуну сляпой i паказвалi яе зусiм бязвокай. Яна заўсёды абсыпае сваiмi дабротамi людзей нявартых, благiх i нiколi не кiруецца розумам, выбiраючы сабе пестуноў памiж смяротных, i з тымi найчасцей важдаецца, ад якiх, каб не была сляпая, павiнна была б уцякаць. А горш за ўсё тое, што стварае iлжывыя i супярэчлiвыя меркаваннi аб рэчаiснасцi, i такiм чынам нягоднiк бывае ўпрыгожаны вянком сумленнага чалавека, а нi ў чым не вiнаватыя становяцца здабычай згубнага нагаверу.

3. Зрэшты, я сам, каго люты нацiск ператварыў у жывёлiну i давёў да лёсу пагарджанага чатырохногага, да долi, якая можа выклiкаць спачуванне i жаль, цяпер узвалiў на сябе яшчэ i абвiнавачанне ў злачынстве супраць свайго любiмага гаспадара. Гэтакi ўчынак правiльней назваць не проста бандыцкiм, а сапраўды бацьказабойчым. I не было ў мяне магчымасцi не толькi абараняцца, але нават i пярэчыць. Дык каб маё маўчанне перад тварам нiкчэмнага абвiнавачання не было растлумачана як знак згоды i прыкмета нячыстага сумлення, я, страцiўшы ўсякую цярплiвасць, хацеў толькi выкрыкнуць: "Не вiнаваты!" Але няспынна вымаўляў толькi першы склад, а наступных нiяк не мог вымавiць, спынiўшыся на месца i равучы: "Не, не!" Не памагло старанне як мага акруглiць свае адвiслыя губы. Ды што за карысць скардзiцца на бязлiтаснасць лёсу, калi ён не пасаромеўся зраўняць мяне з маiм уласным канём, з маiм слугой, на якiм раней я ездзiў верхам?

4. Аднак сярод гэтых скрушлiвых думак адзiн клопат турбаваў мяне больш за ўсё. Як толькi ўспамiнаў, што рашэннем разбойнiкаў павiнен буду стаць пахавальнай ахвярай для закатавання дзяўчыны, кожны раз аглядаў свой жывот, i мне здавалася, што я ўжо быў гатоў вызвалiць з сябе гэту няшчасную дзяўчыну.

А тым часам той чалавек, якi толькi што паведамляў пра мяне iлжывыя весткi, выцягнуў тысячу залатых, што былi ў крысе ягонай апранахi, забраныя, як ён казаў, у розных сустрэчных, i, як чалавек справядлiвы, здаў iх у агульную касу. Пасля таго пачаў распытваць пра здароўе сваiх таварышаў. Даведаўшыся, што некалькi з iх, прытым сама адважных, загiнулi па-геройску ў розных абставiнах, пачаў угаворваць даць на нейкi час спакой дарогам i спынiць крывавыя сутычкi, каб заняцца папаўненнем атрада да ранейшага лiку за кошт новых маладых, здаровых i адважных мужчын. Тых, якiя будуць адмаўляцца, можна запалохаць, а iншых завабiць узнагародамi. Ды нямала знойдзецца людзей, якiя, зненавiдзеўшы парадкi паднявольнага жыцця, ахвотна прыйдуць у нашу шайку, бо тут у нас усе роўныя i кожны мае ледзь не тыранiчную ўладу. Сам ён даўно ўжо знайшоў аднаго чалавека i высокага ростам, i маладога гадамi, i моцнага целам, i на руку спрытнага, якога доўга пераконваў i нарэшце пераканаў, каб той прыклаў свае аслабелыя ад бяздзейнасцi рукi да якой-небудзь карыснай справы, напрыклад, пакуль ёсць магчымасць, здабываць золата, а не выцягваць рукi па мiласцiну.

5. Усе згаджаюцца з яго словамi i пастанаўляюць прыняць таго, пра каго гэты сябра расказваў, ды шукаць для папаўнення таварыства iншых. Тады той, што гаварыў, выйшаў на хвiлiну i прыводзiць нейкага, як i абяцаў, высокага юнака, з якiм наўрад цi мог бы хто-небудзь з прысутных зраўняцца. Не гаворачы пра магутны склад цела, ён быў на цэлую галаву вышэйшы за ўсiх, хоць на яго твары ледзь толькi прабiваўся першы пушок. Апрануты быў ён у стракатыя лахманы, праз якiя прасвечвалiся магутныя грудзi i жывот. I вось гэты новы знаёмы гаворыць: "Прывiтанне вам, клiенты наймацнейшага бога Марса, якiя сталi мне ўжо вернымi паплечнiкамi. Мужа велiкадушнага i палкага, якi з радасцю да вас прыходзiць, з радасцю прымiце. Я ахвотней падстаўляю свае грудзi пад удары, чым здабываю золата, i сама смерць, якая палохае iншых, мне толькi дадае адвагi. Не лiчыце мяне жабраком цi даведзеным да адчаю i не мяркуйце аб маiх якасцях па гэтых лахманах. Я стаяў на чале магутнай шайкi i пустошыў усю Македонiю. Я — славуты рабаўнiк, той самы Гем, чыё iмя наводзiць страх на ўсе правiнцыi. Я парастак бацькi Ферона, у сваю чаргу праслаўленага разбойнiка, успоены чалавечай крывёй, выхаваны на ўлоннi шайкi, нашчадак i сапернiк бацькавай доблесцi.

6. Аднак усё мноства маiх даўнейшых адважных сяброў i ўсё маё вялiкае багацце было страчана мною за кароткi час. Здарылася так, што я зрабiў напад на iмператарскага пракуратара, якi атрымоўваў аклад дзвесце тысяч сестэрцыяў, але пазней яго справы пахiснулiся, i ён апынуўся ў беднасцi. Боскi гнеў скрыжаваў нашы шляхi… зрэшты, дзеля таго, што гэта гiсторыя вам невядомая, пачну па парадку. Быў пры дварэ Цэзара вельмi вядомы сваiм высокiм становiшчам слаўны муж, якога Цэзар надзвычай паважаў. Вось яго, ачэрненага падкопамi некаторых асоб, лютая зайздрасць падвергла выгнанню. Яго жонка Плацiна, жанчына рэдкай вернасцi i выключнай цнатлiвасцi, нарадзiўшы дзесяць разоў, моцнай асновай забяспечыла дом свайго мужа. Пагрэбаваўшы ўцехамi сталiчнага жыцця i зненавiдзеўшы раскошу, гэта паплечнiца ў выгнаннi i сяброўка ў няшчасцi абстрыгла валасы, змянiла сваё адзенне на мужчынскае, падперазалася поясам, у якiм былi зашытыя каштоўныя нашыйнiкi i залатыя манеты, i пераносiла небяспекi i нязручнасцi сярод аголеных мячоў, клапоцячыся няспынна пра бяспеку i выратаванне мужа. Перажыўшы шмат нягод у дарозе як на моры, так i на сушы, наблiжалiся яны да Закiнфа, дзе бязлiтасны лёс вызначыў пракуратару чарговае месца жыцця.

7. Але, як толькi дабралiся яны да актыйскага ўзбярэжжа, дзе мы ў той час, прыбыўшы з Македонii, былi на здабычы, i з надыходам ночы, аберагаючыся ад марской гайданкi, размясцiлiся на начлег у нейкай прыбярэжнай карчме паблiзу свайго карабля, мы напалi на iх i ўсё забралi. Аднак нельга сказаць, што мы адплацiлiся нязначнай рызыкай. Як толькi пачула матрона рып дзвярэй, яна пачала бегаць па пакоi, клiчучы сваiх слуг i вартаўнiкоў, i сваiм крыкам усiх напалохала так, што, каб яны не пахавалiся хто куды, мы не выйшлi б цэлыя. Але гэта, трэба аддаць ёй справядлiвасць, годная жанчына, якая сваiмi выключнымi якасцямi заслужыла прыхiльнасць Цэзара, звярнулася да яго з просьбай i дабiлася для свайго мужа хуткага вяртання i загаду на помсту за напад. I як толькi Цэзар пажадаў, каб перастала iснаваць брацтва разбойнiка Гема, адразу яго не стала — такую ўладу мае адзiн узмах рукi iмператара. Уся наша шайка, высачаная атрадамi вексiларыяў, аказалася рассеянай i выбiтай, i толькi я адзiн, ледзь здолеўшы схавацца, пазбегнуў пашчы Орка наступным чынам.

8. Апрануўшы квяцiстую жаночую сукню, якая ападала незлiчонымi складкамi, накрыўшы галаву тонкай хусцiнкай, абуўшыся ў белыя далiкатныя жаночыя туфлi i схаваўшыся пад выглядам жанчыны, я сеў на асла, нагружанага ячменем, i праехаў праз самую сярэдзiну варожага атрада. Жаўнеры палiчылi мяне за паганятага аслоў i прапусцiлi без нiякай затрымкi. Трэба сказаць, што тады я быў безбародым i мае шчокi ззялi юнацкай свежасцю. Пры ўсiм гэтым я не зганьбiў нi бацькавай славы, нi сваёй доблесцi, хоць i давялося мне нацярпецца страху, бачачы перад сабой забойчыя мячы.

I ўсё ж, схаваўшыся ашуканствам пад чужой вопраткай, я ў адзiночку нападаў на двары i сёлы i змог назбiраць сабе грошыкаў на дарогу".

I, расхiнуўшы свае лахманы, ён дастаў з iх дзве тысячы залатых. "Вось, кажа, — ад усяго сэрца падарунак вашай кампанii, цi, правiльней кажучы, мая доля, i адначасова прапаную вам сябе самога, калi вы не супраць, у сама верныя атаманы, прытым ручаюся, што за вельмi кароткi час зраблю гэта ваша каменнае жытло залатым".

9. Без затрымкi i прамаруджвання разбойнiкi аднагалосна выбралi яго сваiм важаком i прынеслi яму даволi багатую прыгожую вопратку, якую ён апрануў, скiнуўшы свае лахманы. Перамянiўшыся такiм чынам, ён пацалаваўся з усiмi i разлёгся на ганаровым месцы ля стала. Яго выбранне было адсвяткавана вячэрай са шчодрай выпiўкай.

Даведаўшыся з гутаркi разбойнiкаў, якую яны вялi мiж сабой, пра спробу паланянкi ўцячы, i пра маё хаўруснiцтва, i аб прызначанай нам жахлiвай смерцi, ён запытаўся, дзе знаходзiцца дзяўчына. Калi яе прывялi i ён убачыў яе закаванай, то, зморшчыўшы незадаволена нос, гаворыць: "Вядома, я не такi нявыхаваны i самавольны, каб спыняць вас ад выканання вашага прысуду, аднак лiчыў бы бессаромным, меўшы сваю думку, схаваць ад вас тое, што мне здаецца правiльным. Перш за ўсё прашу мне верыць, што кiруе мною выключна ваша карысць, прытым, калi мая думка вам не спадабаецца, вы зноў можаце вярнуцца да свайго намеру. Я лiчу, што для разбойнiкаў, для тых, хто ясна разумее сваю справу, вышэй за ўсё павiнен стаяць прыбытак, нават вышэй, чым жаданне помсты, здзяйсненне якой бывае звязана са стратамi. Калi вы загубiце гэту дзяўчыну ў гэтым асле, дык вы толькi заспакоiце сваё пачуццё абурэння без нiякай кампенсацыi. Таму я думаю, што яе трэба завезцi ў якi-небудзь горад i там прадаць. Дзяўчына ў яе гадах не можа пайсцi па нiзкай цане. У мяне самога, калi я яшчэ вадзiўся са зводнiкамi, быў знаёмы, якi, думаю, не мала даў бы талантаў за такую дзяўчыну з высокага роду, каб далучыць яе да рамяства распуснiцы. Ад яго ўжо яна не ўцякла б, а ваша жаданне помсты было б у нейкай ступенi задаволеным, калi б яна трапiла ў публiчны дом. Я вам выказваю тое, што мне прыйшло ў галаву, а вы ў сваiх намерах i ўчынках свабодныя".

10. Так гэты руплiвец аб разбойнiцкiм прыбытку баранiў i нашу справу ратаваў асла i дзяўчыну. Пасля доўгага абмеркавання, якое выматала мне ўсю душу, усе ахвотна далучылiся да думкi разбойнiка-навiчка i зараз жа вызвалiлi дзяўчыну ад кайданоў.

А тая, убачыўшы гэтага юнака i пачуўшы гутарку пра распуснiц i зводнiкаў, пачала радасна смяяцца, што прымусiла мяне асудзiць увесь жаночы пол: гэта ж на маiх вачах разыгрывала дзяўчына каханне да маладога жанiха i iмкненне да святынi чыстага шлюбу, i вось пры адным успамiне пра публiчны дом яна прыходзiць у захапленне. Такiм чынам, у той момант увесь жаночы род i ягоны нораў залежалi ад аслiнага асуджэння.

А малады чалавек зноў гаворыць да разбойнiкаў: "Чаму б нам не наладзiць малебства Марсу Паплечнiку, каб ён дапамог нам i дзяўчыну прадаць, i набраць новых сяброў? Ды, як бачу, няма ў нас нiякай жывёлiны, каб прынесцi ахвяру, i столькi вiна, каб можна было ўдосталь выпiць. Дайце мне з дзесятак спадарожнiкаў, гэтулькi мне хопiць, i я пайду ў блiжэйшую сялiбу i навалаку вам адтуль харчоў i вiна на цэлы салiйскi банкет".

I ён пайшоў, а тыя, што засталiся, расклалi вялiкае вогнiшча i нарыхтавалi з зялёнага дзёрну богу Марсу алтар.

11. Неўзабаве тыя, што пайшлi, вяртаюцца, несучы мяхi з вiном i гонячы перад сабой цэлы статак жывёлы. Выбраўшы вялiкага старога калматага казла, прыносяць яго на ахвяру Марсу Паплечнiку i Спадарожнiку i тут жа рыхтуюць багаты банкет.

А той новы кажа: "Вы павiнны пераканацца, што атаман не толькi ў вылазках i захопе здабычы спрытны, але ўмее i павесялiцца". I, узяўшыся за работу, усё вельмi ўмела рыхтуе. Ён мяце, накрывае, варыць, смажыць каўбасу, прыгожа падае на стол, а галоўнае, усiх поiць вялiкiмi чаркамi вiна. У той жа час, робячы выгляд, што яшчэ нешта трэба прынесцi, штораз заходзiць да дзяўчыны i то дасць ёй узятую са стала ежу, то з вясёлым выглядам паднясе вiна, памачыўшы перш у той жа чарцы губы. Дзяўчына ўсё гэта прымала з прагнасцю i, здаралася, калi той хацеў яе пацалаваць, сама хуткiмi пацалункамi папярэджвала гэта жаданне.

Такiя яе паводзiны мне зусiм не спадабалiся. Ах, нявiнная дзяўчына, як магла ты забыцца пра свой шлюб i пра свайго жаданага жанiха? Як магла ты аддаць перавагу гэтаму прыблуду i крываваму забойцу перад такiм, якi толькi што стаў тваiм мужам, прыгожым знатным невядомым мне юнаком? Няўжо не мучыць цябе сумленне i ахвота табе, забыўшыся пра пачуццi, аддацца блуду сярод гэтых мячоў i пiк? А што будзе, як iншыя разбойнiкi пра гэта знюхаюць? Зноў тады да асла вернешся, зноў падвядзеш мяне пад смяртэльны ўдар! Праўду сказаць, ты адыгрываешся на чужой спiне…

12. Пакуль я з вялiкiм абурэннем узводзiў на яе паклёп i прыпiсваў ёй усякiя нiзкiя матывы, раптам з некаторых iхнiх намёкаў, дастаткова ясных для кемлiвага асла, пазнаю, што гэта не славуты разбойнiк Гем, а Тлепалем, жанiх гэтай самай дзяўчыны. I сапраўды, у ходзе гутаркi пачынае ён выказвацца ўсё ясней, не зважаючы на маю прысутнасць, быццам я нежывы: "Будзь спакойная, Харыта дарагая, у хуткiм часе ўсе гэтыя твае ворагi будуць тваiмi палоннымi".

I з падвойнай настойлiвасцю безупынна частуе асавелых ад п'янага дурману разбойнiкаў вiном, а сам не п'е. I, клянуся Геркулесам, у мяне з'явiлася падазрэнне, што ён iм падмяшаў у келiхi нейкага соннага зелля. Нарэшце ўсе, зусiм ап'янеўшы, звалiлiся з ног i паляглi як нежывыя. Тады ён пазвязваў iх без нiякай цяжкасцi моцнымi вяроўкамi, скруцiў iх па-свойму i, пасадзiўшы мне на спiну сваю дзяўчыну, накiраваўся ў родны горад.

13. Ледзь толькi мы пад'ехалi да дома, як усе гараджане высыпалi на вулiцу, каб убачыць доўгачаканае вiдовiшча. Выбеглi бацькi, родзiчы, суседзi, выхаванцы, слугi — усе з вясёлымi, радаснымi тварамi. Сапраўды, малюнак быў для ўсякага полу i ўзросту небывалы i, клянуся Геркулесам, запамiнальны, як дзева трыумфальна i ўрачыста ўязджае ў горад на асле. Я сам у меру сваiх сiл павесялеў i, каб не палiчылi, што я тут нi пры чым, навастрыў вушы, раздзьмуў ноздры i гучна зароў, напоўнiўшы грамовым крыкам усё наваколле.

Бацькi забралi дзяўчыну ў вясельны пакой i акружылi яе ласкай i клопатам, а мяне, i вялiкую колькасць уючнай жывёлы, i людзей Тлепалем вярнуў назад. Я не меў нiчога супраць, бо наогул вызначаўся дапытлiвасцю i цяпер вельмi хацеў пабачыць, як будуць лавiць разбойнiкаў.

Мы засталi iх звязанымi больш вiном, чым вяроўкамi. Знайшоўшы i павыцягваўшы з пячоры ўсё дабро, нагрузiлi нас золатам, серабром i iншымi багаццямi. А разбойнiкаў так, як былi яны звязаныя, падкацiлi да абрыву i кiнулi ў прорву, iншых жа, пабiтых iх уласнымi мячамi, пакiнулi на месцы. Радуючыся з гэтакай помсты, у добрым настроi вярнулiся мы ў горад. Багацце разбойнiкаў было складзена ў грамадскае сховiшча, а вернутая дзяўчына была паводле закону перададзена Тлепалему.

14. Ад той хвiлiны маладая матрона, абвясцiўшы мяне сваiм выратавальнiкам, пачала вельмi пра мяне клапацiцца i ў дзень вяселля загадала насыпаць мне ў яслi аж па берагi ячменю i даць столькi сена, што хапiла б яго i бактрыйскаму вярблюду. Але якiя ж заслужаныя праклёны слаў я Фацiдзе, што перамянiла мяне ў асла, а не ў сабаку, калi бачыў, як вартаўнiкi дома да адвалу наядалiся рэшткамi багатых пачастункаў, украдзенымi цi атрыманымi ў якасцi падачак!

Пасля першай ночы i гуляў па падказцы Венеры нявеста не пераставала з вялiкай удзячнасцзю напамiнаць сваiм бацькам i мужу пра мяне, пакуль тыя не паабяцалi ёй, што мне будзе дадзена найлепшая апека. Сабралi нараду з найбольш паважаных сяброў, каб абмеркаваць, якiм спосабам найлепш мне аддзякаваць. Аднаму з iх здавалася сама лепей пакiнуць мяне пры доме i, не займаючы нiякай працай, кармiць адборным ячменем, бобам i вiкай. Але ўзяла верх думка другога якi, клапоцячыся аб маёй свабодзе, радзiў выпусцiць мяне гуляць у табунах на сельскiх прасторах, каб гаспадары кабыл атрымалi ад майго высакароднага пакрыцця прыплод — мноства мулаў.

15. Тады адразу з'яўляецца табуншчык, дык, даўшы яму шмат наказаў, загадваюць забраць мяне. Вельмi задаволены, пабег я наперад, думаючы, што ўжо не буду мець справы нi з цюкамi, нi з iншай паклажай, i спадзеючыся, што ў пачатку вясны ўдасца мне знайсцi дзе-небудзь на лугах ружы. Думалася мне таксама, што калi мне ў аслiнай постацi аказваецца такая ўдзячнасць i пашана, дык, стаўшы чалавекам, буду мець яшчэ больш павагi. Але як толькi апынулiся мы за горадам, аказалася, што не толькi нiякiя прыемнасцi, нават i намёку на свабоду мяне не чакала. Пастухова жонка, скупая, нягодная жанчына, адразу прыставiла мяне круцiць жорны i, падбадзёрваючы мяне дубцом з яшчэ зялёнымi лiстамi, за кошт маёй скуры рыхтавала хлеб для сябе i сваёй сям'i. Мала таго, што вымотвала мае сiлы, мелючы муку сабе, яна маёй працай малола за плату збожжа суседзям, а мяне пасля гэтакiх пакут пазбаўляла прызначанага мне корму. Ячмень, якi атрымоўвала на мяне, яна таксама пускала ў памол i, змолаты маiм стараннем, прадавала суседзям, а мне пасля цэлага дня цяжкой працы толькi пад вечар давала бруднага непрасеянага вотруб'я, у якiм было поўна пяску.

16. Дзеля цяжэйшага прыгнёту бязлiтасны лёс абрынуў на мяне новыя пакуты, вядома, на тое, каб я, як кажуць, i дома, i на людзях мог праславiцца адважнымi подзвiгамi. Здарылася так, што мой паважаны пастух, запознена выконваючы гаспадарскi загад, надумаўся пусцiць мяне ў табун кабылiц. I вось я, нарэшце свабодны вослiк, весела падскокваючы, млявым крокам наблiжаюся да кабыл i выбiраю, каторая з iх найбольш здатная да злучкi. Аднак гэтай захапляючай надзеi пачала пагражаць смяротная небяспека.

Самцы, якiх доўга i шчодра адкормлiвалi спецыяльна для службы Венеры, яны наогул страшныя i да таго ж, вядома, дужэйшыя за любога асла, баючыся майго сапернiцтва i не жадаючы разводзiць мяшанцаў, пагрэбавалi запаветамi Зеўса Гасцiннага i, ашалеўшы, пачалi мяне ганяць са страшнай нянавiсцю. Адзiн, уздыбiўшы магутныя грудзi, узняўшы галаву i выцягнуўшы шыю, таптаў мяне пярэднiмi нагамi, другi, адвярнуўшыся ад мяне тоўстым азадкам, бiў заднiмi капытамi, а трэцi, пагражаючы злосным iржаннем, утулiўшы вушы i вышчарыўшы два рады блiскуючых зубоў, моцна мяне пакусаў. Усё гэта напомнiла мне чытаную калiсьцi гiсторыю пра фракiйскага цара, якi сваiх няшчасных гасцей кiдаў на разарванне i зжыранне дзiкiм коням. Гэты магутны тыран настолькi быў скупы, што голад сваiх ненажэрных кабылiц, замест ячменю, шчодра наталяў чалавечым мясам!

17. Гэтак i я быў знявечаны ўдарамi i ўкусамi жарабцоў i з сумам марыў аб тым, каб зноў вярнуцца да тых праклятых жорнаў. Аднак Фартуна, яшчэ канчаткова не здаволiўшыся маiмi пакутамi, паслала мне яшчэ адно выпрабаванне. Паставiлi мяне вазiць дровы з гары i вызначылi мне за паганятага хлопца, сама паганага з усiх хлапцоў. Ён не толькi прымушаў мяне ўзбiрацца па крутым схiле на высокую гару i ўшчэнт збiваць на гэтай дарозе капыты, але, апроч гэтага, як сапраўдны злачынец, без стомы лупiў мне бакi дубiнкай так, што боль ад гэтых пабояў i ран працiнаў мяне наскрозь. Прытым ён заўсёды трапляў па адным i тым самым месцы, бiў па правым сцягне, дзе раздзёр мне скуру, i балячка ўвесь час шырэла, з малой раны ператварылася ў вялiкую дзiру. А ён не пераставаў мясiць па гэтай ране, нягледзячы на тое, што з яе сачылася кроў. А столькi ўзвальваў ён на мяне дроў, што можна было падумаць, быццам тыя вязанкi збiралiся вазiць не на асле, а на слане. Апроч таго, кожны раз, як паклажа перацягвала на адзiн бок, ён, замест таго каб зняць некалькi пален i зменшыць трохi цяжар, даць мне лягчэй дыхнуць цi, прынамсi, пераклаўшы частку грузу на другi бок, ураўнаважыць яго, наадварот, прывязваў да лягчэйшага боку каменне i такiм чынам па-свойму захоўваў раўнавагу.

18. Не здаволiўшыся маiмi пакутамi пад непамерным грузам, калi мы пераходзiлi рэчку, якая сустракалася па дарозе, ён, каб не замачыць абутку, яшчэ i сам ускокваў мне на спiну — нязначны дадатак да грузу, цi ж не праўда? А калi пад такiм непасiльным цяжарам здаралася мне, паслiзнуўшыся на глiнiстай сцежцы, упасцi, ён i не думаў, як належыць добраму паганятаму, выцягнуць у мой бок руку, пацягнуць за аброць, падняць за хвост або скiнўць частку грузу, каб я хоць мог устаць на ногi. Нiякай дапамогi знясiленаму аслу ён не даваў, а пачынаючы з галавы, ад вушэй, паласаваў мяне сваёй дубiнкай па ўсiм целе, пакуль гэты супакойлiвы сродак не прымушаў мяне падняцца. I вось што прыдумаў ён мне на загубу: скруцiць вострыя калючкi з ядавiтымi iголкамi ў пучок i прывяжа мне да хваста вiсячай прыладай катавання, каб, матляючыся, яна балюча калола мяне пры хадзьбе сваiмi забойчымi шыпамi.

19. Так пакутаваў я ад падвойнай бяды, бо калi пушчуся бегчы, каб пазбегнуць уколаў, тады яшчэ мацней раняць мяне тыя калючкi, а калi спынюся, каб суцiшыць боль, тады ўдары прымушаюць бегчы. Выходзiла, што гэты паганы хлапец вырашыў так цi iнакш звесцi мяне са свету, чым ён мне не раз i пагражаў. А неяк здарылася, што, калi маё цярпенне лопнула, я моцна ўбрыкнуў яго капытамi. Тады ён прыдумаў супраць мяне такую подласць. Навалiўшы на мяне цэлую гару пакулля i моцна ўвязаўшы яго вяроўкай, пагнаў мяне наперад, а сам падхапiў у блiзкай сялiбе гарачы вугаль i ўсунуў яго ўсярэдзiну паклажы. I вось агонь, знайшоўшы сабе адпаведную спажыву, пачынае разгарацца, тлее i нарэшце выбухае полымем. Мяне пачало пякельна смалiць, i я не бачыў у гэтай бядзе нiякага ратунку.

Не было нiякай надзеi на выратаванне, а страшны пажар не дапускаў найменшага замаруджвання i выбiў у мяне з галавы ўсякую здольнасць да разумнага дзеяння.

20. Аднак у тых жорсткiх абставiнах Фартуна ласкава да мяне ўсмiхнулася (магчыма, каб захаваць мяне для яшчэ большых пакут) i выратавала ад немiнучай смерцi, якая ўжо стаяла ў мяне перад вачыма. Убачыўшы лужыну, што засталася ад учарашняга лiўня, я кiнуўся ў брудную ваду i ўвесь у яе апусцiўся.

Затушыўшы такiм спосабам полымя i вызвалiўшыся ад грузу i смерцi, выходжу на дарогу. Але i тут гэты паганы хлопец звалiў усю вiну на мяне i змог пераканаць усiх пастухоў, што я, праходзячы каля запаленых лаўжоў, наўмысна паслiзнуўся i запалiў пакулле. А ў канцы дабавiў: "Дакуль жа мы будзем дарма кармiць гэтага агняносца?"

Праз некалькi дзён пасля таго ён прыдумаў на маю бяду яшчэ падлейшую хiтрасць. Прадаўшы каля першай напатканай хаты дровы, якiя я вёз, i прыгнаўшы мяне ўлегцы, пачаў жалiцца, што не можа даць рады майму гнюснаму нораву i адмаўляецца ад няшчаснай службы пры мне. А для свайго апраўдання склаў такую выдумку:

21. "Зiрнiце на гэтага непаваротлiвага гультая, двойчы асла! Апрача ўсякiх iншых правiнак ён пачаў дапякаць мяне новымi небяспечнымi выбрыкамi. Як толькi ўбачыць, што нехта праходзiць, цi гэта будзе прыгожанькая маладзiчка, цi дзяўчына на выданнi, або сцiплы падлетак, у той жа момант скiне паклажу, а часам нават i гуньку, i пусцiцца, як вар'ят, даганяць, а дагнаўшы, накiнецца, павалiць i стараецца задаволiць сваю надзвычайную похаць, iмкнучыся даць выйсце сваiм жывёльным ненармальным захапленням. Хочучы пацалаваць, тыцкае бруднай пысай i кусаецца. З гэтакiх спраў могуць узнiкнуць у нас вялiкiя непрыемнасцi i спрэчкi i можа нават дайсцi да крымiнальнага злачынства. Вось i цяпер, убачыўшы на дарозе нейкую маладую прыстойнага выгляду дзяўчыну, звалiў з сябе дровы, параскiдаў iх на ўсе бакi, а сам шалёна напаў на яе i, як спрактыкаваны самец, на вачах ва ўсiх стараўся ўзлезцi на яе, распасцёртую ў бруднай лужы. I каб на крык i лямант жанчыны не збеглiся на дапамогу прахожыя i не вырвалi яе з аслiных абдымкаў, няшчасная была б растрапаная i парваная i скончыла б жыццё ў пакутах, а нам давялося б галавой адказваць перад законам".

22. Дапаўняючы гэту ману i iншымi выдумкамi, ён падбухторваў пастухоў супроць мяне. Нарэшце адзiн са слухачоў выкрыкнуў: "А чаму б не аддаць яго на ахвяру, вартую яго пачварных зносiн, гэтага прынароднага самца цi, дакладней кажучы, вельмi небяспечнага пралюбадзея? Дык ты, хлопец, адсячы яму зараз галаву, кiшкi кiнь нашым сабакам, мяса прыхавай работнiкам на абед, а шкуру, прысыпаўшы попелам, каб высахла, занясi гаспадарам, без цяжкасцi звалiўшы вiну на ваўка".

I вось тут жа няўрымслiвы мой абвiнаваўца i ён жа выканаўца пастуховага рашэння, глумячыся над маiм няшчасцем i не забываючы, як я яго ўбрыкнуў (клянуся Геркулесам, што занадта слаба), пачынае вастрыць на бруску свой нож.

23. Але тут адзiн з вясковай кампанii гаворыць: "Не выпадае дарма губiць такога вынослiвага асла толькi за тое, што ён абвiнавачваецца ў празмернай мужчынскай сiле i любоўнай нясталасцi. Навошта пазбаўляцца ад такога патрэбнага работнiка, калi толькi варта вылегчаць яго, i ён не толькi не зможа распальвацца, а зробiцца гладзейшым i сыцейшым, i вам не трэба будзе баяцца нiякiх непрыемнасцяў. Даводзiлася мне бачыць не тое што вялых аслоў, але i дзiкiх, вельмi гарачых жарабцоў, якiя пасля лягчання рабiлiся спакойнымi, рахманымi, здатнымi да перавозкi грузаў i да любой iншай працы. Дык калi вы не супраць маёй прапановы, тады трохi пачакайце, мне трэба схадзiць у суседняе сяло на рынак, а адтуль я завярну дахаты па неабходныя для гэтай справы iнструменты i зараз жа вярнуся да вас. А тады, рассунуўшы гэтаму неспакойнаму палюбоўнiку ляжкi, я вылегчаю яго, i ён зробiцца спакайнейшым за ягня".

24. Такое вырашэнне справы вырвала мяне з рук Орка, але на тое, каб зберагчы для найгоршай кары. Я засумаваў i пачаў аплакваць страту крайняй часткi свайго цела як поўную сваю пагiбель. Пачаў абмяркоўваць, як галадоўкай цi скокам у бездань зраблю сабе смерць. Такiм спосабам я, вядома, загiну, але хоць не зазнаю абразлiвага калецтва.

Пакуль я так у думках выбiраў сабе смерць, той падлетак, мой вораг, пагнаў мяне назаўтра ўраннi звычайнай дарогай у горы. Прывязаўшы мяне да нiзкай галiны вялiкага дуба, адышоўся трохi далей, каб насекчы сукоў, якiя трэба было яму везцi. Раптам з недалёкай пячоры перш высунула галаву, а пасля i ўся вылезла вялiкая мядзведзiха. Як толькi я яе ўбачыў, у невымоўным ад такога вiдовiшча страху, усiм цяжарам цела асеў на заднiя ногi, задраў высока галаву i, парваўшы рэмень, якiм быў прывязаны, кiнуўся з усiх ног на ўцёкi, пусцiўшы ў ход не толькi капыты, але i ўсiм целам коцячыся па кручах. Апынуўшыся на полi, якое рассцiлалася пад гарой, iмчуся на ўсю моц, каб уцячы не толькi ад страшнай мядзведзiхi, але i ад горшага за яе паганага падлетка.

25. А тут нейкi прахожы, убачыўшы, што я бягу адзiн без нагляду, злавiў мяне i, спрытна ўскочыўшы мне на спiну, кiем, што быў у яго ў руках, пагнаў мяне па незнаёмай дарозе. Я ахвотна прыбавiў кроку, аддаляючыся ад бязлiтаснага нажа, якi пагражаў мне пазбаўленнем мужчынскасцi. А што датычыць удараў, дык яны не вельмi мяне, прызвычаенага ў аслiнай службе да пабояў, трывожылi.

Аднак Фартуна, якая настойлiва мяне праследавала, надзiва хутка павярнула мне на шкоду магчымасць выратавання i пачала рыхтаваць новыя падкопы. У маiх пастухоў прапала цялушка, i яны ў пошуках яе, абыходзячы наваколле, выпадкова натрапiлi на нас. Яны пазналi мяне i, схапiўшы за аброць, пачынаюць цягнуць у свой бок. Але мой новы гаспадар напорыста пярэчыць, заклiкае багоў i людзей у сведкi: "Чаму хапаеце мяне? Чаго на мяне нападаеце?" "А мы з табой, адказваюць яму, — так няветлiва абыходзiмся таму, што ты ўкраў нашага асла i зводзiш яго. Лепш скажы, куды ты падзеў хлапчука, яго паганятага. Можа, ты яго забiў?"

Зараз жа сцягнулi яго на зямлю i пачалi акладваць кулакамi, таўхаць нагамi, а ён клянецца i божыцца, што нiякага паганятага не бачыў, а сустрэўшы мяне нестрыножанага i без нагляду, хацеў, спадзеючыся на ўзнагароду, вярнуць законнаму ўладальнiку. "Ах, каб гэты асёл, — сказаў ён, — валодаў людской мовай! Лепш бы нiколi мне з iм не сустрэцца! Ён апраўдаў бы маю невiнаватасць, i вам было б сорамна за такое абыходжанне са мной".

Аднак усе яго апраўданнi яму не памаглi. Незгаворлiвыя пастухi накiнулi яму на шыю пятлю i павялi ў той лес на гару, адкуль звычайна хлапец вазiў дровы.

26. Нiдзе яго не ўбачылi, а толькi знайшлi параскiданыя кавалкi цела. Я разумеў, што гэта работа мядзведзiхi, i, клянуся Геркулесам, каб мог гаварыць, дык расказаў бы ўсё, што ведаў. Толькi адно мог я рабiць — моўчкi радавацца хоць i запозненай адплаце. Тым часам параскiданыя часткi трупа былi сабраны, састаўлены i тут жа пахаваныя. А майго Белерафонта, канакрадства якога не выклiкала нiякiх сумненняў i якога, апроч таго, абвiнавацiлi ў крывавым забойстве, пастухi павялi звязанага да сваiх буданоў, каб назаўтра зранку завесцi, як казалi, уладам на пакаранне.

У тым часе, пакуль бацькi хлапчука бедавалi, плачучы i галосячы, з'яўляецца той селянiн, верны свайму абяцанню, i патрабуе, каб была зроблена мне прысуджаная раней аперацыя. Але нехта яму адказвае: "Не, сягоння напаткала нас бяда, i асёл тут нi пры чым. А вось заўтра, калi ласка, можаш адрэзаць гэтаму праклятаму аслу не толькi мужчынскiя прылады, але i галаву. I памочнiкi табе ў гэтай справе знойдуцца".

27. Гэтым было дасягнута тое, што маё акалечванне адклалi на другi дзень. I я быў удзячны добраму хлапчуку за тое, што ён сваёй смерцю адтэрмiнаваў на адзiн дзянёк маю пакуту. Але нават i такога кароткага часу, каб парадавацца i адпачыць, мне не далi. Мацi падлетка, аплакваючы трагiчную смерць свайго сына, аблiваючыся горкiмi слязьмi, апранутая ў жалобнае адзенне, раздзiраючы рукамi пасыпаныя попелам сiвыя валасы, з галашэннем i крыкамi, б'ючы сябе ў грудзi, урываецца ў маё стойла i пачынае:

"А гэты вось, зiрнiце на яго, у поўнай бяспецы ўпёрся ў яслi i толькi ведае, што набiваць сваё ненажэрнае бяздонне трыбуха, не спачувае майму гору i пра свайго нябожчыка гаспадара нават i не ўспомнiць. Не, ён насмiхаецца з маёй старасцi i беднасцi i думае, што дарма яму пройдзе гэта злачынства! Ён, вiдаць, не лiчыць сябе вiнаватым, злачынцам уласцiва пасля сама цяжкiх учынкаў, нягледзячы на папрокi нячыстага сумлення, спадзявацца на беспакаранасць. Заклiкаю багоў у сведкi, паганая ты жывёлiна, што каб ты на нейкi час мог загаварыць, дык нiкога не пераканаў бы, што ты тут нi пры чым. Якi дурань паверыў бы табе, што ты ўдарамi капытоў цi кусаннем не мог адагнаць ад майго хлопчыка таго ворага? Ты павiнен быў узяць яго на свой хрыбет i ўцячы з iм ад гэтага крыважэрнага разбойнiка, ты не павiнен быў, кiнуўшы свайго таварыша, спадарожнiка, пастыра, уцякаць. Цi ж ты не ведаеш, хто адмаўляецца дапамагчы таму, хто памiрае, падлягае пакаранню за зганьбаванне добрых нораваў? Але не доўга будзеш ты, забойца, цешыцца з майго гора! Зараз я дам табе адчуць, якой сiлай надзяляе прырода няшчасных пакутнiкаў!.."

28. Сказаўшы гэта, яна распусцiла пад грудзьмi сваю павязку i, звязаўшы ёю мае ногi, сцягнуўшы моцна заднюю з задняй i пярэднюю з пярэдняй, каб не даць мне абараняцца, схапiла кол, якiм звычайна падпiралi дзверы хлява, i пачала дубасiць мяне, пакуль сiлы яе не скончылiся i палка сама не вывалiлася з яе рук. А тады, шкадуючы, што так хутка аслабелi яе пальцы, падбегла да вогнiшча i, выхапiўшы галавешку з агню, пачала сунуць мне яе ў пахвiну. У мяне не было iншага спосабу абароны, як толькi пусцiць ёй у твар i ў вочы струмень рэдкага калу. Ледзь не аслепленая, задыхаючыся ад смуроду, адстала нарэшце ад мяне гэта зараза, а то загiнуў бы аслiны Мелеагр ад галавешкi звар'яцелай Алфеi.

КНIГА ВОСЬМАЯ

1. Досвiткам, з першымi пеўнямi, прыйшоў нейкi юнак з горада, як мне здалося, слуга Харыты, той дзяўчыны, якая разам са мной пакутавала ў разбойнiкаў. Ён прынёс дзiўныя i жудасныя звесткi пра смерць Харыты i пра гора, якое напаткала яе сям'ю. Падсеўшы да агню, акружаны прысутнымi, ён казаў так:

"Вы, конюхi, аўчары i валапасы! Няма ўжо ў нас Харыты. Страшнай смерцю загiнула нябога i не без спадарожнiкаў пайшла на той свет. Але, каб усё было вам ясна, пачну спачатку. А здарэнне гэта такое, што каб даведалiся пра яго людзi адукаваныя, якiх лёс надзялiў пiсьменнiцкiмi здольнасцямi, дык яны маглi б напiсаць пра гэта цэлую аповесць.

У суседнiм горадзе жыў малады чалавек высакароднага паходжання, багацце якога было роўнае яго славутасцi, якi, аднак, з'яўляўся прыхiльнiкам распусты, разбэшчанасцi i п'янства. Таму не дзiва, што ён звязаўся з разбойнiцкай шайкай i нават быў замешаны ў забойстве. Зваўся ён Тразiл. Як ён сябе паводзiў, такая iшла аб iм слава.

2. Як толькi Харыта даспела да замужжа, ён апынуўся ў лiку сама настойлiвых шукальнiкаў яе рукi i з вялiкай настырнасцю дамагаўся сваёй мэты. Аднак, хоць ён далёка за сабой пакiнуў сваiх сапернiкаў i багатымi падарункамi стараўся схiлiць бацькоў на згоду, благая слава шкодзiла яго справе, i ён, на вялiкую сваю крыўду, атрымаў адмову. А калi гаспадарская дачка выйшла за добрага Тлепалема, Тразiл, не перастаючы падтрымоўваць у сабе страчанае для яго каханне, да якога дамяшалася пачуццё рэўнасцi, задумаў крывавае злачынства. Знайшоўшы магчымасць пранiкнуць у дом, ён распачаў здзяйсненне свайго даўно абдуманага плана. У той дзень, калi дзяўчына дзякуючы спрыту i адвазе свайго жанiха была вызвалена ад крыважэрных разбойнiкаў, Тразiл, выказваннем радасцi звяртаючы на сябе ўвагу, умяшаўся ў натоўп вiншавальнiкаў. Быццам вельмi рады шчасцю маладых i iхняму будучаму патомству, ён быў з увагi да яго знакамiтага паходжання прыняты ў доме побач з сама ганаровымi гасцямi. Тым часам, схаваўшы свой злачынны намер, ён рабiў выгляд, што напоўнены найлепшымi сяброўскiмi пачуццямi. Бясконцымi гутаркамi i сустрэчамi, а таксама ўдзелам у застоллях i банкетах ён зблiзiўся з сям'ёй i непрыкметна самому сабе штораз глыбей апускаўся ў бездань кахання. I праўда, цi ж полымя палкага кахання не саграе нас першым сваiм цяплом, а пасля, калi знаёмства, прыносячы толькi часовае палягчэнне, раздзьмухае пачуццi, цi ж не спапяляе яно нас сваiм жарам?

3. Шмат часу страцiў Тразiл на свае думкi, не ведаючы, што рабiць яму далей. Магчымасцi пагаварыць сам-насам не надаралася, усё меншай станавiлася надзея на прыхiльнасць жанчыны, i, маючы на сваiм шляху шматлiкую варту, не знаходзiў ён спосабу супакоiць сваё ўвесь час свежае i штораз мацнейшае пачуццё. Дый нявiннасць i недасведчанасць маладой жанчыны, калi б яна i згадзiлася на тое, на што згадзiцца не магла, служылi б немалой перашкодай у парушэннi яе жаночай вернасцi.

I ўсё ж, не зважаючы нi на што, са згубнай упартасцю iмкнуўся ён да немагчымага, як быццам было яно магчымым. Калi захапленне авалодвае намi ўсё мацней i мацней, дык тое, што звычайна лiчым мы цяжкай справай, пачынае здавацца зусiм магчымым i лёгкiм. Дык вось, звярнiце ўвагу i пiльна паслухайце, на якiя крайнасцi аказалася здольным раз'юшанае пачуццё.

4. Аднойчы Тлепалем, узяўшы з сабой Тразiла, адправiўся на паляванне з надзеяй высачыць дзiкага звера, калi дзiкiмi могуць быць названыя сарны. Справа ў тым, што Харыта не дазваляла свайму мужу ганяцца за звяр'ём, якое ўзброена клыкамi або рагамi. I вось яны ўжо ля падножжа лясiстага ўзгорка, дзе ў ценi цесна пераплеценага голля хавалiся ад вачэй паляўнiчых сарны. Каб выгнаць зверыну з яе логава, выпускаюць адмыслова натрэнiраваных сабак, якiя разбiваюцца на зграi i займаюць усе выхады, перш толькi глухiм вурчаннем, а пасля раптам узнiмаюць моцны брэх.

Але выскоквае зусiм не сарна, не нясмелая козачка, не сама сцiплая з усiх звяроў лань, а велiчэзны, незвычайных памераў дзiк з напятымi пад тоўстай скурай мускуламi, калматы ад узнятага на хрыбце шчацiння, ляскаючы запененымi зубамi, з полымем у грозных вачах, злосна равучы, увесь у сваiм дзiкiм парыве, як неўтаймаваны пярун. Найперш ударамi клыкоў направа i налева ён успароў жываты некалькiх сабак, якiя заблiзка падбеглi да яго, пасля растаптаў нашы кволыя сетачкi i пабег далей.

5. Мы ўсе ў жаху, непрывычныя да такiх небяспечных паляванняў i прытым бяззбройныя i нiчым не ахаваныя, шылiся глыбей у гушчар. А ў той час падступны Тразiл, убачыўшы зручны для сябе выпадак, звяртаецца да Тлепалема з такой хiтрай гутаркай: "Няўжо мы за прыкладам гэтай подлай чэлядзi спужаемся i выпусцiм з рук такую каштоўную здабычу? Мы ж не бабы? Чаму б нам не ўскочыць на коней i не пусцiцца наўздагон? Хапай вунь рагацiну, а я вазьму дзiду!"

I вось праз хвiлiну яны селi на коней i паскакалi ўслед за зверам. А той, не забыўшыся пра сваю прыродную сiлу, адварочваецца i, палаючы страшнай лютасцю, ашчэрыўшы клыкi, на момант спыняецца i азiраецца, выбiраючы, на каго першага накiнуцца. Перш Тлепалем усадзiў сваю зброю ў спiну зверу, а Тразiл, мiнаючы вепра, падразае кап'ём паджылкi заднiх ног каню, на якiм ехаў Тлепалем. Сцякаючы крывёй, конь перакулiўся, скiнуўшы ездака. А раз'юшаны звер не марудзiць, кiнуўшыся на ляжачага, раздзiрае на iм перш вопратку, а калi той хацеў прыўзняцца, наносiць яму клыком глыбокую рану. Аднак добрага сябра не збянтэжыў гэты злачынны пачатак, наадварот, яму здавалася, што такое небяспечнае становiшча не можа задаволiць яго нянавiсцi, дык калi Тлепалем у адчаi стараўся ўберагчы ад удараў параненыя ногi i клiкаў на дапамогу, ён прабiў кап'ём яго правае бядро з упэўненасцю, што рана ад зброi вельмi падобная да слядоў ад звярыных клыкоў. Пасля таго тут жа прыкончыў звера.

6. Гэтак расправiўся ён з юнаком, а тут мы збягаемся, кожны вылезшы са сваёй схованкi. А Тразiл, хоць у душы цешыўся, што здзейснiў сваё запаветнае жаданне i знiшчыў ворага, не даў твару паказацца вясёлым, а наморшчыў лоб, прыняў сумны выгляд i, абняўшы цела таго, каго сам загубiў, вельмi ўмела прыкiдваўся чалавекам, прыбiтым горам. Вось толькi слёзы не былi паслухмяныя яму i не паказвалiся на вачах. Напусцiўшы на сябе збедаваны выгляд, каб стаць падобным да тых, хто шчыра гараваў, усю вiну сваiх рук ён звалiў на звера.

Ледзь толькi здарылася гэта злачынства, чутка аб iм даляцела да дома Тлепалема i тут жа даходзiць да слыху няшчаснай жонкi. Пачуўшы гэту вестку, страшнейшай за якую не суджана было пачуць нiколi ў жыццi, як апантаная, страцiўшы розум, шалёна кiнулася яна бегчы па гарадскiх вулiцах, па вясковых палях, галосячы не сваiм голасам i выкрыкваючы аб няшчасцi свайго мужа. Збягаюцца да яе спагадлiвыя суседзi, да iх далучаюцца сустрэчныя, падзяляючы яе бяду, горад пусцее — усiх ахапiла жаданне ўбачыць, што здарылася. I вось яна падбягае да забiтага i, непрытомная, валiцца на мёртвае цела. У той момант ледзь не аддала душу свайму мужу, якому даўно яе прысвяцiла. З вялiкай цяжкасцю ўгаворваюць i падымаюць яе родзiчы, i яна, насуперак сваёй волi, застаецца жывая, а пахавальная працэсiя ў суправаджэннi ўсяго народа накiроўваецца да магiльнага склепа.

7. А Тразiл не пераставаў лямантаваць, плакаў надзвычайна i пралiваў слёзы, якiя ў першыя хвiлiны скрухi не хацелi паказвацца, а цяпер, вядома, ад усё большай радасцi пацяклi. Ён ашукваў саму багiню Iсцiны, абсыпаючы ласкавымi словамi i найменнямi нябожчыка. Жаласлiвым голасам называў яго i сябрам, i аднагодкам, i таварышам, i нават братам, а тым часам стараўся паўстрымаць рукi Харыты, якая бiла сябе ў грудзi, супакойваў яе роспач, стрымлiваў ад ляманту, ласкавымi словамi змякчаў джала гора, выказваючы суцяшэннi шматлiкiмi прыкладамi розных няшчасцяў. I з усiмi гэтымi няшчырымi клопатамi не прапускаў магчымасцi дакрануцца да жанчыны, стараючыся крадзенымi прыемнасцямi здаволiць свой ненавiсны юр.

Як толькiскончылiся пахавальныя абрады, маладая жанчына пачала думаць, як ёй чым хутчэй сысцi ўслед за мужам у магiлу, i, перабраўшы розныя спосабы, спынiлася на сама лёгкiм, спакойным, якi не патрабаваў нiякiх прылад — яна зусiм адмовiлася ад ежы, перастала пра сябе клапацiцца i, развiтаўшыся з дзённым святлом, зачынiлася ў сама цёмным пакоi.

Аднак Тразiл з напорам i настойлiвасцю, дзе ўласнымi довадамi, дзе праз сваякоў маладой жанчыны, дабiўся таго, што яна згадзiлася асвяжыць лазняй сваё цела i падмацаваць свае сiлы ежай. Яна, з увагi на бацькоў, хоць i супраць сваёй волi, падпарадкавалася святой неабходнасцi i, вядома, з невясёлым тварам, але ўжо трохi праясненым, вяртаецца, на агульнае патрабаванне, да жыццёвых звычак. Толькi ў яе ў грудзях, у сама патаемнай глыбiнi сэрца, цяснiлася скруха, i няўцешная туга нi ўдзень, нi ўночы не давала спакою. Акружыўшы сябе статуямi, якiя выяўлялi нябожчыка ў выглядзе бога Лiбера, у няспынным служэннi аддавала яму боскую пашану, мучаючы сябе гэтым суцяшэннем.

8. Тым часам Тразiл, чалавек наогул парывiсты i, як падказвае яго iмя, безразважны, не дачакаўшыся, каб журба спатолiлася слязьмi, супакоiлася шаленства ў разбiтым розуме, каб аслабела празмернасць гора i каб яно само сябе зжыло, пачаў без сарамлiвасцi гаварыць пра шлюб з жанчынай, якая яшчэ няспынна аплаквала свайго мужа, раздзiрала адзенне, iрвала на сабе валасы. З брудным нахабствам выдаў ён таямнiцу сваёй душы i неймавернае сваё каварства.

Пры гэтай прапанове напаў на Харыту жах, яна адчула агiду i, быццам ад перуна, сонечнага ўдару цi ад маланкi самога Юпiтэра, падае, страцiўшы прытомнасць. Праз нейкi час, апрытомнеўшы, яна некалькi разоў амаль па-звярынаму завыла, да канца зразумеўшы i ўявiўшы сабе ўсю подласць Тразiла, але папрасiла пачакаць адказу на яго просьбу, пакуль яна добра не абдумае. А ўночы з'яўляецца ёй у сне цень забiтага Тлепалема з перамененым бледнасцю i залiтым сукравiцай тварам i звяртаецца да яе так:

"Жонка мая, няхай нiкому не будзе дазволена называць цябе гэтым iмем. Але калi памяць пра мяне ў грудзях тваiх занiкла цi мая горкая смерць разбурыла нашу любоў, выходзь замуж, за каго ўздумаеш, толькi не трапляй у святатацкiя рукi Тразiла, гутаркай з iм не баўся, ежы з iм не падзяляй, на пасцелi не спачывай. Цурайся крывавай рукi майго забойцы, не выходзь замуж за злачынца. Тыя раны, з якiх твае слёзы змылi маю кроў, не ўсе ад клыкоў звера. Дзiда злога Тразiла разлучыла нас з табой". I, дадаючы да гэтых слоў iншыя, расказаў, як было зроблена злачынства.

9. А яна, як i раней, у глыбiнi свайго душэўнага болю, тварам у падушку, не прачынаючыся, аблiваецца слязьмi, iрве на сабе кашулю, доўга енчыць i бязлiтасна б'е сама сябе далонямi па плячах. Не расказаўшы нiкому пра начную з'яву, старанна ўтаiўшы ўсё, што стала ёй вядома пра злачынства, пастанавiла пакараць нягоднiка i пазбавiцца ад свайго гаротнага жыцця.

Вось зноў з'яўляецца гнюсны шукальнiк прыемнасцяў, дакучаючы ёй, хоць яна не мае ахвоты слухаць, гутаркамi пра жанiцьбу. Тады яна, перапынiўшы гугарку Тразiла i з дзiвоснай хiтрасцю выконваючы сваю ролю, у адказ на дакучлiвую балбатню i прынiжаныя просьбы кажа:

"Усё яшчэ стаiць у маiх вачах цудоўны вобраз твайго брата i майго любiмага мужа, яшчэ дагэтуль мой нос ловiць пах кiнамону ад яго боскага цела, усё яшчэ цудоўны Тлепалем жыве ў маiм сэрцы. Добра будзе, калi ты дасi няшчаснай жанчыне час закончыць жалобу. Няхай пройдуць тыя месяцы, якiя завяршаюць гадавiну, што будзе адпавядаць не толькi маёй цнатлiвасцi, але будзе карысным для твайго спакою, каб заўчаснай жанiцьбай не падняць нам з магiлы на тваю загубу цень майго мужа, ахоплены справядлiвым абурэннем".

10. Аднак такiя словы не ацвярозiлi Тразiла. Нягледзячы на абяцанне, якое павiнна было ў хуткiм часе здзейснiцца, зноў i зноў з яго вуснаў выляталi нячыстыя намаўленнi, аж пакуль Харыта не зрабiла выгляду, што ён яе пераканаў i не сказала яму: "Хоць у адным прыйдзецца табе, Тразiл, уступiць: трэба, пакуль не мiнуць апошнiя днi гадавога тэрмiну, сустракацца нам так цiха i асцярожна, каб нiхто з хатнiх пра гэта не ведаў".

Перакананы ў праўдзiвасцi хлуслiвых абяцанняў жанчыны, Тразiл ахвотна згадзiўся на тайнае сужыццё. Ён адразу пачаў марыць аб ночы i аб ахутаўшым зямлю змроку, паставiўшы над усё адно сваё жаданне — авалодаць.

"Але слухай, — кажа Харыта, — захiнiся як найшчыльней у плашч i без нiякiх спадарожнiкаў, цiха прыходзь у першую начную варту да маiх дзвярэй, свiснi адзiн раз i чакай маёй кармiцелькi, якая будзе сустракаць цябе каля ўвахода. Але i ўпусцiўшы цябе, яна не запалiць лямпы, а ў цемры прывядзе цябе ў маю спальню".

11. Тразiлу спадабалася такая прапанова сустрэчы, ён быў вельмi задаволены i без нiякага падазрэння чакаў жаданай хвiлiны, злаваў, што так марудна цягнецца дзень i так доўга не надыходзiць вечар. I вось сонечнае святло саступiла месца начной цемры, i ён, паспешлiва апрануўшыся, як загадала яму Харыта, трапляе ў сiло хiтрай старой, што яго чакала i, поўнага надзей, правяла ў спальню. Выконваючы волю гаспадынi, старая акружае яго клопатамi, паставiўшы келiхi i збан з вiном, у якое было падмяшана соннае зелле, тлумачыць, што панi затрымалася ў хворага бацькi. Ён даверлiва апаражняе келiх за келiхам, i ў хуткiм часе сон валiць яго. I вось ужо ляжыць ён дагары, даступны любому варожаму дзеянню. У грозным парыве, з мужнасцю ў сэрцы ўваходзiць на клiч Харыта i з крыкам спыняецца над забойцам.

12. "Вось ён, — гаворыць, — верны спадарожнiк майго мужа, вось хвацкi паляўнiчы, вось мiлы жанiх! Вось рука, што пралiла маю кроў, вось грудзi, дзе на маю загубу былi задуманы здраднiцкiя падкопы, вось вочы, якiм я ў благi час спадабалася, якiя ў прадчуваннi цемры, што iх чакае, ужо цяпер поўныя будучых пакут! Спакойна спачывай, прыемных табе сноў! Я не крану цябе нi мячом, нi iншым жалезам, недачаканне тваё зраўняцца аднолькавай смерцю з маiм мужам! Вочы ў цябе жывога памруць, i нiчога, апроч сноў, ты ўжо не ўбачыш. Я так зраблю, што ты будзеш зайздросцiць смерцi свайго ворага. Дзённага святла не ўбачыш, за руку павадыра будзеш хапацца, Харыты абымаць не будзеш, жанiцьбай не ашчаслiвiшся, у смяротны супакой не апусцiшся, жыццёвых радасцяў не спазнаеш i будзеш блукаць бледным ценем памiж уладаннямi Орка i сонцам, доўга будзеш шукаць руку, што пазбавiла цябе зрэнкаў, i нават не даведаешся, хто твой крыўдзiцель. А я крывёй тваiх вачэй злажу ахвяру на грабнiцы Тлепалема i блаславёнай яго душы аддам твае вочы. Ды навошта карыстаешся ты адтэрмiноўкай заслужанай адплаты i, можа, снiш аб згубных для цябе маiх абдымках! Пакiнь змрок сну i прачнiся для iншага змроку, змроку вечнага! Падымi свой аслеплены твар, спазнай помсту, зразумей сваё гора, злiчы свае беды! Так спадабалiся цнатлiвай жанчыне твае вочы, гэтак асвяцiлi тваё памяшканне вясельныя факелы. Помсцiцы будуць тваiмi вясельнымi дружкамi, а сябрам слепата i вечныя дакоры сумлення!"

13. Пасля такога прадказання яна выцягвае са сваiх валасоў шпiльку i шмат разоў прабiвае ёю вочы Тразiла, а потым, зусiм аслепленага, пакiдае. А калi ён, пакутуючы ад незразумелага болю, ускоквае, стараецца стрэсцi з сябе хмель i сон, яна хапае меч, якi звычайна насiў на поясе Тлепалем i, як звар'яцелая, бяжыць па вулiцы горада, задумаўшы, вiдаць, яшчэ нейкае злачынства, да мужавай грабнiцы.

Увесь народ i мы, пакiнуўшы свае справы, кiнулiся ўслед за ёй, намаўляючы адзiн аднаго адабраць ад яе зброю. Але Харыта, спынiўшыся каля грабнiцы Тлепалема i прымусiўшы ўсiх блiскучым мячом расступiцца, калi ўбачыла, што ўсе горка плачуць i лямантуюць, кажа: "Пакiньце невыносныя вашы слёзы, пакiньце гора, нявартае маёй мужнасцi. Адпомсцiла я крываваму забойцу майго мужа, пакарала злоснага выкрадальнiка майго шчасця. Настае час, калi пры дапамозе гэтага мяча я знайду дарогу ў замагiльны свет да майго Тлепалема".

14. I, расказаўшы дакладна i па парадку пра ўсё, што ёй у сне сказаў муж, i пра тое, як, уцягнуўшы ў пастку, яна пакарала Тразiла, увагнала меч у свае грудзi, прамарматала нейкiя незразумелыя словы i звалiлася мёртвая. Трымаючыся мясцовага звычаю, родзiчы старанна абмылi цела няшчаснай Харыты i пахавалi яе ў той самай грабнiцы, навек вярнуўшы ўкаханаму мужу.

А Тразiл, даведаўшыся, што здарылася, i не могучы знайсцi сабе адпаведнай кары, якая б адкупiла гэта гора, i перакананы, што смерцi ад мяча за яго злачынствы замала, загадаў занесцi сябе да той самай грабнiцы i, крыкнуўшы некалькi разоў: "Вось вам, злавесныя ценi, добраахвотная ахвяра!", даў загад шчыльна зачынiць за iм уваход, выбiраючы самасудам смерць з голаду".

15. Вось што расказаў юнак замаркочаным сялянам, перапыняючы не раз сваю аповесць уздыхамi i слязьмi. А тыя ў страху за свой лёс пры пераходзе ў рукi новых уладальнiкаў, горка аплакваючы гора ў доме ўладальнiкаў, збiраюцца ўцякаць. I старэйшы конюх, якому мяне здалi ў апеку з такiм шматзначным наказам, збiрае ўсё каштоўнае, што было прыхавана ў яго хацiне, i навальвае мне i iншай уючнай жывёле на спiны i з усiм сваiм скарбам пакiдае сваё ранейшае жыллё. Мы павезлi на сабе дзяцей i жанчын, курэй i гусей, казлянят i шчанят. Наогул, усё тое, што не магло досыць хутка iсцi i замаруджвала ўцёкi, перасоўвалася пры дапамозе нашых ног. Я не адчуваў цяжару грузу, хоць ён i быў вялiкi, так я быў рады, што ўцякаю i пакiдаю за сабой агiднага аперацыйнiка, якi замахваўся на маю адзнаку прыналежнасцi да мужчынскага полу.

Мiнуўшы хрыбет крутой гары, зарослай лесам, i зноў спусцiўшыся на роўны прастор палёў, калi ўжо дарога пачала губляцца ў прыцемку, дабралiся мы да нейкага ўмацаванага люднага i багатага паселiшча. Мясцовыя жыхары адгаворвалi нас iсцi далей уночы i нават на досвiтку, бо ўсе навакольныя дарогi былi поўныя ваўкоў, якiя адзначалiся надзвычайнай лютасцю i крыважэрнасцю. Як сапраўдныя разбойнiкi, накiдвалiся яны на падарожных i, калi былi галодныя, рабiлi налёты на суседнiя сялiбы. Цяпер гаротны лёс безабароннай жывёлы пагражае i людзям. Апроч таго, казалi нам, што ўся далейшая дарога запоўнена недаедзенымi трупамi i навокал там бялеюць паабгрызаныя косцi, дык выпраўляцца ў дарогу трэба з вялiкай асцярожнасцю, бо на кожным кроку могуць сустрэць нас неспадзяваныя засады.

Дзеля гэтага трэба пачакаць, пакуль развiднее, а нават калi мiне частка дня i сонца паднiмецца высока, бо дзённае святло спыняе лютасць дзiкiх звяроў, прытым раiлi iсцi не ўразброд, а цесным гуртам аж пакуль не мiнём гэтых небяспечных ваколiц.

16. Аднак нашы паганыя ўцекачы, нашы важакi, аслепленыя страхам магчымай пагонi, не паслухалi карысных парад i, не дачакаўшыся блiзкага ўжо свiтання, каля трэцяй начной варты наўючылi нас i пагналi па дарозе. Асцерагаючыся небяспекi, пра якую нам гаварылi, я, наколькi мог, трымаўся ў самай сярздзiне натоўпу, старанна хаваючыся за iншых уючных аслоў i коней, i зберагаў свой хрыбет ад нападу. Усе ўжо пачалi дзiвiцца з майго спрыту, бо я пераганяў усiх. Аднак гэта жвавасць сведчыла не пра маю бадзёрасць, а пра маю палахлiвасць. Таму мне падумалася, што, магчыма, i славуты Пегас стаў лятаць ад страху, за што i празвалi яго крылатым, бо, скачучы ў вышыню i ўзлятаючы да самага неба, ён у жаху выкручваўся ад зубоў вогненнай хiмеры. Ды i пастухi, якiя нас паганялi, забяспечылiся, прадбачачы сутычкi, рознай зброяй. Хто меў дзiду, хто рагацiну, адзiн дроцiк, другi дубiну, i кожны пастараўся набраць камення, якога шмат валялася на дарозе. Былi i такiя, што ўзброiлiся завостранымi каламi, аднак большасць, каб адпужаць звяроў, несла запаленыя факелы. Не хапала толькi сiгнальнай трубы, а то быў бы з нас цалкам ваенны атрад.

Абышоўшыся ў гэтай мясцовасцi толькi страхам, мы трапiлi ў горшую бяду. Ваўкi, цi то напалохаўшыся гоману, узнятага натоўпам, цi яркага полымя факелаў, цi то палюючы ў iншай мясцовасцi, зусiм на нас не напалi i нават блiзка не паказалiся.

17. А вось жыхары нейкага сельбiшча, каля якога давялося нам iсцi, падумаўшы, што мы разбойнiкi, смяртэльна перапалохалiся, баючыся за сваю маёмасць, i выпусцiлi на нас вялiкiх, выдрэсiраваных для вартаўнiчай службы сабак, злейшых за ваўкоў i медзвядзёў, нацкоўваючы iх рознымi выкрыкамi. Сабакi, злыя ад прыроды i раз'юшаныя гоманам, узнятым гаспадарамi, нападаюць на нас i без разбору пачынаюць абрываць жывёлу i людзей i шмат каго збiваюць з ног.

Клянуся Геркулесам, што гэта вiдовiшча заслугоўвае не столькi ўспамiнаў, колькi спачування. Сабакi зграямi хапалi тых, хто ўцякаў, другiя нападалi на тых, што стаялi, а трэцiя валтузiлi ляжачых i па ўсiх прайшлiся зубамi. А да гэтай небяспекi дадаецца другая, яшчэ горшая. Жыхары паселiшча пачалi раптам кiдаць са сваiх стрэх i з суседняга ўзгорка каменне, дык мы ўжо не ведалi, якой бяды асцерагацца: тут сабакi рвуць, адтуль каменне ляцiць. Здарылася, што адзiн камень трапiў у галаву жанчыне, якая ехала на мне. Яна пачала плакаць i клiкаць на дапамогу свайго мужа, таго пастуха, якi мяне даглядаў.

18. Ён пачаў заклiкаць багоў у сведкi, выцiраць з жончынага твару кроў i крычаць яшчэ мацней: "Чаго вы нападаеце на няшчасных людзей, пакутнiкаў-падарожных? За што гонiце нас з такой лютасцю? Якой вам трэба нажывы? За якiя ўчынкi нам помсцiце? Вы ж жывяце не ў звярыных пячорах цi ў дзiкай глухменi, каб радавацца з пралiтай крывi!"

Як толькi ён гэта сказаў, зараз жа спыняецца град камення i па камандзе зацiхае ўзнятая сабакамi злавесная бура. А тады адзiн селянiн з верхавiны кiпарыса гаворыць: "Мы пачалi бойку не на тое, каб адабраць ад вас вашы набыткi, а баранiлi ад вашых рук сваё. Цяпер вы можаце спакойна працягваць сваё вандраванне".

Гэтак ён сказаў, i мы пайшлi далей, усе па-рознаму пацярпеўшы: хто ад камення, хто ад сабак — нiхто не застаўся цэлы. Прайшоўшы некаторую адлегласць, дабралiся мы да нейкага гаю з высокiх дрэў, упрыгожанага зялёнымi лужкамi, дзе нашы паганятыя захацелi спынiцца, каб падсiлкавацца i залячыць свае раны. Расцягнуўшыся на зямлi, хто дзе, перш усе адпачываюць ад стомы, а пасля пачынаюць залечваць рознымi сродкамi свае балячкi. Абмывалi кроў у вадзе блiзкага ручая, прыкладвалi да пухлiн губкi з воцатам, бiнтавалi адкрытыя раны. Так кожны па-свойму клапацiўся аб сваiм здароўi.

19. Тым часам з вяршынi ўзгорка сачыў за намi нейкi стары, якi пасвiў дробную жывёлу, побач з iм скублi траву козы. Нехта з нашых папытаўся ў яго, цi не прадаў бы ён свежага малака або сыру. Але ён доўга кiваў галавой i нарэшце кажа: "I вы яшчэ думаеце пра ежу i пiтво i наогул пра якiсьцi адпачынак! Няўжо вы не ведаеце, у якiм месцы знаходзiцеся?" Пасля гэтага ён сабраў сваiх авечак i падаўся прэч. Гэта гутарка старога i яго ўцёкi нагналi на нашых пастухоў страх. I пакуль яны ў жаху стараюцца здагадацца, чым пагражае гэта мясцовасць, i не знаходзяць нiкога, хто б мог iм расказаць, наблiжаецца па дарозе другi стары высокага росту, моцна прыгнечаны гадамi, усiм целам апiраючыся на кiй, ледзь цягнучы ногi i аблiваючыся слязьмi. Убачыўшы нас, ён заплакаў яшчэ мацней i, дакранаючыся ўсiм маладым людзям па чарзе да каленяў, упрошваў так:

20. "Заклiнаю вас Фартунай i вашымi генiямi-апекунамi, дажывiце вы да майго веку, памажыце знямогламу старому i майго малога, схопленага пеклам, вярнiце мне, струхлеламу! Унучак мой i неадступны спадарожнiк у гэтай вандроўцы захацеў злавiць верабейчыка, якi чырыкаў на плоце, i звалiўся глыбока ў роў, зарослы кустамi. Жыццё яго ў страшнай небяспецы, па яго стогнах i па тым, як ён штохвiлiны клiча дзядулю на дапамогу, чую, што ён яшчэ жывы, аднак дзеля сваёй слабасцi памагчы яму не магу. А вы, маладыя i дужыя, лёгка можаце аказаць падтрымку няшчаснаму старому i вярнуць мне жывым i здаровым майго наймалодшага з нашчадкаў i адзiнага парастка".

21. Ад таго, як ён прасiў, iрвучы свае сiвыя валасы, усiх ахапiў жаль. I адзiн з пастухоў, адважнейшы, маладзейшы i мацнейшы целам, прытым адзiны, хто выйшаў непакалечаны з апошняй сутычкi, хутка падымаецца i, запытаўшы, дзе звалiўся хлопчык, без хiстання iдзе за старым да густых кустоў, куды той паказаў яму пальцам.

Тым часам усе адпачылi, залячылi раны, накармiлi нас i, сабраўшы рэчы, пачалi рыхтавацца ў дарогу. Спачатку доўга клiкалi па iмю таго юнака, нарэшце, занепакоiўшыся яго доўгай адсутнасцю, выправiлi чалавека шукаць таварыша, напомнiць яму, што пара ў дарогу, i прывесцi з сабой.

Праз нейкi час вяртаецца пасланы, смяртэльна бледны, увесь дрыжыць i расказвае дзiўныя справы пра свайго сябра, быццам ён ляжыць дагары амаль увесь з'едзены, над iм сядзiць велiчэзны дракон i абгрызае яго цела, а таго старога i след прапаў. Пачуўшы гэта i параўнаўшы расказ пасланага з тым, што казаў пастух, нашы важакi зразумелi, што дракон i з'яўляецца тым лютым жыхаром гэтай мясцовасцi. Дык, пакiнуўшы небяспечную ваколiцу, шпарка пускаюцца наўцёкi, падганяючы нас частымi ўдарамi кiёў.

22. Паспешлiва прайшоўшы даволi значную адлегласць, спынiлiся мы ў нейкай вёсцы, дзе i адпачывалi ўсю ноч. Там адбылося вартае ўспамiну здарэнне, пра якое я хачу расказаць.

Нейкi нявольнiк, якi з даручэння гаспадара кiраваў усёй яго гаспадаркай i, апроч таго, загадваў вялiкiм маёнткам, тым самым, дзе мы спынiлiся, жыў тут i быў жанаты з нявольнiцай з таго самага дому, але меў гарачую схiльнасць да нейкай вольнай жанчыны ў суседстве. Яго жонка, пакрыўджаная здрадай, спалiла ўсе яго рахунковыя кнiгi i ўсё, што захоўвалася ў свiрне. Аднак, не адчуваючы сябе яшчэ цалкам задаволенай i палiчыўшы, што такая страта з'яўляецца недастатковай помстай за апаганенне яе шлюбнай пасцелi, звярнула гнеў супраць самой сябе. Усунуўшы галаву ў пятлю i прывязаўшы да сябе народжанае ад таго ж мужа дзiця, яна разам з iм кiнулася ў глыбокую студню.

Гаспадар, даведаўшыся пра гэту смерць, вельмi разгневаўся на свайго нявольнiка, якi давёў жонку да такога ўчынку, загадаў схапiць яго, распрануць, вымазаць усяго мёдам i моцна прывязаць да фiгавага дрэва. А ў дупле гэтага дрэва быў мурашнiк, i мурашкi там, снуючы туды i сюды, аж кiшэлi. Як толькi дайшоў да iх салодкi мядовы водар ад цела прывязанага чалавека, яны пачалi глыбока ўпiвацца ў яго хоць дробнымi, але незлiчонымi i няспыннымi ўкусамi. Доўга рвалi яны яго i, з'еўшы мяса i ўсе вантробы, начыста абгрызлi ўсяго. I застаўся прывязаны да дрэва толькi сляпучай белiзны шкiлет.

23. Пакiнуўшы гэту агiдную мясцовасць, дзе засталiся засумаваныя людзi, мы падалiся далей i, вандруючы цэлы дзень па раўнiннай дарозе, вельмi стомленыя, дайшлi да нейкага шматлюднага славутага горада. Тут тыя пастухi, спакушаныя чуткамi аб багаццi прадуктаў i спадзеючыся знайсцi бяспечнае сховiшча ад магчымых праследаванняў, вырашылi асталявацца назаўсёды. Далi сваёй уючнай жывёле тры днi адпачынку, каб мы аднавiлi сiлы, набылi лепшы выгляд i каб лягчэй было нас прадаць, а пасля вывелi на рынак. Калi вяшчальнiк гучным голасам назваў цану кожнага з нас, конi i аслы былi раскуплены багатымi грамадзянамi, а каля мяне, якi застаўся ў адзiноце, праходзiлi з пагардай. Мне надакучыла абмацванне пакупнiкамi, якiя па зубах хацелi пазнаць мой узрост, дык калi адзiн з iх пачаў ужо каторы раз пароцца смярдзючымi рукамi ў маiх дзяснах, я схапiў зубамi яго брудную смуродную руку i моцна скалечыў. Гэта здарэнне адштурхнула ад куплi людзей, якiя мяне акружалi, бо яны палiчылi мяне дзiкай жывёлiнай.

Тады вяшчальнiк, надрываючы горла да хрыпаты, пачаў жартаўлiвымi прымаўкамi ўслаўляць мае якасцi: "Цi доўга яшчэ давядзецца нам выводзiць на продаж гэтага каня, старога, слабога, з разбiтымi нагамi, пачварнага ад хвароб i ўсё ж, нягледзячы на яго тупасць i гультайства, наравiстага, прыдатнага хiба што на рэшата для жвiру? Калi б яго каму-небудзь аддаць задарма, дык шкада на яго кармоў!"

24. Такiм лямантам выклiкаў вяшчальнiк у прысутных рогат. Аднак мой бязлiтасны лёс, ад якога я не мог уцячы, куды б нi кiдаўся, гневу якога не мог аслабiць раней перанесенымi пакутамi, зноў скiраваў на мяне свае сляпыя вочы i цудоўным спосабам прыслаў сама адпаведнага для маiх жорсткiх выпрабаванняў пакупнiка. Толькi паслухайце: распуснiка, старога лысага распуснiка, упрыгожанага вiсячымi кудзеркамi, аднаго з тых адкiдаў натоўпу, якiя, пастукваючы ў кастаньеты i сiстры, жабруюць па гарадах i вёсках, возячы з сабой выяву Сiрыйскай багiнi. Загарэўшыся жаданнем мяне купiць, ён пытаецца, адкуль я родам. Той адказвае, што я з Кападакii i даволi мацнаваты. Пакупнiк далей цiкавiцца маiм узростам, а ацэншчык адказвае жартам: "Нейкi астролаг, складваючы ягоны гараскоп, лiчыў яго пяцiгадовым, зрэшты, аб гэтым найлепш ведае ён сам па запiсах, зробленых яго бацькамi ў спiсе грамадзян. Хоць я рызыкую саграшыць супраць Карнелiевага закону, калi замест нявольнiка прадам табе рымскага грамадзянiна, але ты купiш вернага слугу, якi i ў дарозе i дома можа табе спатрэбiцца".

Але тут ненавiсны пакупнiк пачаў задаваць пытанне за пытаннем i нарэшце з трывогай пацiкавiўся, цi спакойны я.

25. А вястун адказвае: "Авечка перад табой, а не асёл, усякую працу выконвае спакойна, не кусаецца, не брыкаецца, можна сказаць, проста сцiплы чалавек у аслiнай шкуры. Гэта i праверыць не цяжка. Усунь твар памiж яго кумпякоў i ўбачыш, якую пакажа ён рахманасць".

Гэтак кпiў вяшчальнiк з распуснiка, а той, зразумеўшы, што з яго насмiхаюцца, абурыўся i выкрыкнуў:

"А цябе, падлу, няхай зробiць усемагутная ўсёнараджальнiца Сiрыйская багiня, святы Сабадзi, Белона, iдэйская мацi i валадарка Венера са сваiм Адонiсам сляпым, глухiм i дурнаватым крыкуном за тое, што столькi часу ты дурыш мне галаву сваiмi бязглуздымi жартамi! Што ты думаеш, дурань, што я магу даверыць багiню непакорлiвай уючнай жывёлiне, каб яна раптоўным штуршком скiнула боскае адлюстраванне, а я, няшчасны, буду змушаны бегаць з раскудлачанымi валасамi i шукаць лекара маёй знявечанай багiнi?"

Пачуўшы гэта, я раптам уздумаў падскочыць па-вар'яцку, каб мяне палiчылi непакорлiвым i дзiкiм i каб торг не адбыўся. Аднак маю задуму папярэдзiў неспакойны пакупнiк, якi паспешлiва заплацiў за мяне семнаццаць дынараў, а гаспадар рад быў ад мяне пазбавiцца i з прыемнасцю забраў грошы. Ён узяў мяне за вуздэчку, сплеценую з альфы, i перадаў повад Фiлебу — так зваўся мой новы ўладальнiк.

26. А той, атрымаўшы новага слугу, павёў мяне да свайго жылля i, ледзь ступiўшы на парог, закрычаў: "Дзяўчаткi, вось я вам з рынку нявольнiка прывёў!" А дзяўчаты тыя аказалiся гуртам распуснiкаў, якiя ўмомант загаманiлi нястройным хорам ламаных, хрыплых i пiсклiвых галасоў, думаючы, што з'явiўся для iхнiх паслуг сапраўдны нейкi раб. Убачыўшы, што не дзева падменена ланню, а мужчына аслом, яны наморшчылi насы i пачалi ўсяк кпiць са свайго настаўнiка, кажучы, што ён купiў не раба, а сабе мужа.

"Глядзi толькi, — казалi, — не зжары адзiн такога дзiвоснага кураняцi, дай i нам, сваiм галубкам, часам iм пакарыстацца".

Гэтак пустасловячы мiж сабой, яны прывязалi мяне на дварэ да ясляў. Быў сярод iх нейкi юнак дзябёлага целаскладу, умелец iгры на флейце, куплены iмi на рынку за ахвяраваннi, якiя яны збiралi. Калi яны насiлi па ваколiцах статую багiнi, ён хадзiў разам з iмi, iграў на трубе, а дома служыў усiм без разбору прадметам заспакаення ненармальнага юру.

Як толькi ён мяне ўбачыў, ахвотна i шчодра насыпаў мне корму i весела загаварыў: "Нарэшце ўсё ж з'явiўся намеснiк у няшчаснай маёй працы! Жывi толькi чым найдаўжэй i дагадзi гаспадарам, каб адпачылi мае стомленыя бакi".

Пачуўшы гэта, я задумаўся аб тых, што чакалi мяне, пакутах.

27. На другi дзень, прыбраныя ў рознакаляровыя пярэстыя вопраткi, бязглузда размаляваўшы твары фарбай брудна-бурага колеру i па-майстэрску падвёўшы вочы, выступiлi яны, прыхарашыўшыся жаночымi намiткамi i шафранавымi сукенкамi з палатна i шоўку. На некаторых з iх былi белыя тунiкi, падперазаныя паясамi, размаляваныя ў вузкiя пурпурныя палоскi на падабенства маленькiх коп'яў у палёце, на нагах былi жоўтыя туфлi.

Фiгуру багiнi, захутаную ў шаўковае пакрывала, яны ўзлажылi на мяне, а самi, агалiўшы рукi да плячэй, неслi вялiкiя мячы i сякеры i, узбуджаныя гукам флейты, з падскокамi выконвалi свой шалёны святы танец. Мiнуўшы шмат хацiн, яны спынiлiся каля дома багатага гаспадара, i ў той жа момант паветра напоўнiлася непрыстойным лямантам, а яны пачалi насiцца, апусцiўшы галовы, хуткiмi рухамi паварочваючы шыi, так што звiслыя валасы развявалiся, утвараючы кола. Некаторыя на бягу кусалi свае плечы i нарэшце двухсечнымi нажамi, якiя мелi пры сабе, пачалi паласаваць свае рукi. Асаблiва стараўся адзiн: з глыбiнi яго грудзей вырывалася парывiстае дыханне, i ён выяўляў дзiкую непрытомнасць, быццам на яго сышоў святы дух, нiбыта божая прысутнасць, замест удасканальваць чалавека, робiць яго хворым i нядужым.

28. Ды вось глядзi, якую ўзнагароду атрымаў ён ад нябеснага наканавання! Прыкiдлiва гучным голасам пачаў ён вiнавацiць самога сябе ў тым, што быццам ён нейкiм спосабам пераступiў святыя законы рэлiгii i пасля таго крычыць, што павiнен атрымаць з уласных рук справядлiвае пакаранне. Нарэшце хапае бiзун, асаблiвую зброю гэтых напалову мужчын, з воўны з доўгiмi махрамi i з рознай велiчынi авечымi костачкамi на канцах i пачынае сам сябе сцябаць, спыняючы незвычайнай сiлай волi боль. Можна было бачыць, як ад парэзаў мячом i ад удараў бiзуна зямля пакрылася нячыстай крывёю гэтых скапцоў.

Гэта вiдовiшча абудзiла ўва мне немалую трывогу. Убачыўшы столькi крывi, выцеклай са шматлiкiх ран, я падумаў, што можа здарыцца, што страўнiк вандроўнай багiнi зажадае аслiнай крывi, як некаторыя людзi бываюць ласыя на аслiнае малако.

Урэшце, цi то стамiўшыся, цi то здаволiўшыся лупцаваннем, спынiлi яны кровапралiцце i пачалi збiраць i складваць за пазуху, дзе месца хапала, медныя, а нават сярэбраныя грошы, якiя iм наперабой падавалi шматлiкiя ахвярадаўцы. Апроч таго, далi iм бочку вiна, малака, сыру i розных гатункаў мукi, а некаторыя прынеслi i ячменю насiльшчыку багiнi. Усё гэта яны прагавiта пабралi i, пазапiхаўшы ў спецыяльна на гэта падрыхтаваныя мяхi, узвалiлi мне на спiну. Такiм чынам, выступаючы пад цяжарам двайной паклажы, я быў адначасова i святыняй i свiрнам.

29. Гэтак пераходзячы з месца на месца, яны абiралi ўсе акругi. Нарэшце, прыйшоўшы ў нейкае сяло, у радасцi ад добрай нажывы, яны вырашылi наладзiць банкет. Iлжывым прадказаннем яны выдурылi ў аднаго селянiна сама тлустага барана, каб гэтай ахвярай задаволiць прагавiтую Сiрыйскую багiню, i, нарыхтаваўшы ўсё, як належыць да вячэры, iдуць у лазню. Памыўшыся там, прыводзяць з сабой на вячэру здаравеннага мужчыну, шчодра надзеленага сiлай клубоў i пахвiны. Не паспеўшы перакусiць такой-сякой гароднiны, гэта бруднае быдла адчула бессаромныя поцягi да сумна вядомай пажадлiвасцi. Яны акружылi натоўпам чалавека, распранулi, павалiлi дагары i пачалi апаганьваць яго сваiмi гнюснымi губамi. Мае вочы не маглi знесцi такой беззаконнасцi, i я спрабаваў гукнуць: "На дапамогу, квiрыты!" Аднак нiякiх гукаў, нi складоў у мяне не атрымалася, апроч яснага, гучнага, тыпова аслiнага "О!". I гукнулася яно зусiм не ў пару, бо ў суседнiм сяле мiнулай ноччу ўкралi асляня, i некалькi хлопцаў выправiлiся яго шукаць, старанна правяраючы кожны закутак. Пачуўшы маё рыканне ў зачыненым памяшканнi, падумалi, што ў доме хаваюць украдзеную ў iх жывёлiну, дык каб не даць злодзею ахамянуцца, увальваюцца знянацку ўсiм гуртам у пакой, i перад iхнiмi вачыма паўстае ўсё тое паскудства. Яны тут жа склiкаюць суседзяў i ўсiм расказваюць пра ганебнае вiдовiшча, падымаючы на смех найчысцейшую цнатлiвасць свяшчэннаслужыцеляў.

30. Заплямленыя такой ганьбай, чутка пра якую нястрымна пашыралася i па заслугах зрабiла iх усiм агiднымi i невыноснымi, каля поўначы, забраўшы свае манаткi, яны пакiнулi сяло. Прайшоўшы да свiтання ладны кавалак дарогi, яны доўга радзiлiся ўжо пры дзённым святле на нейкiм бязлюдным месцы i пастанавiлi мяне забiць. Знялi з мяне выяву багiнi, прывязалi да нейкага дрэва i так адсцябалi мяне бiзуном з барановымi костачкамi, што я там ледзь не выпусцiў дух. Сярод iх быў адзiн, якi ўвесь час пагражаў мне падсекчы сваёй сякерай паджылкi за тое, што нiбыта я абразiў яго цнатлiвасць, на якой, як вядома, не было нi плямкi. Аднак другiя, не столькi думаючы аб маiм выратаваннi, колькi аб лёсе кiнутай на зямлю статуi, палiчылi, што лепш пакiнуць мяне ў жывых. Дык нагрузiўшы мяне зноў i падганяючы плазам мячоў, даехалi да нейкага немалога горада. Адзiн з сама важных грамадзян гэтага горада, чалавек наогул набожны, якi асаблiва шанаваў нашу багiню, пачуўшы звон цымбалаў i тымпанаў i кволыя гукi фрыгiйскiх мелодыяў, выбег насустрач i, згодна з дадзеным калiсьцi абяцаннем, запрасiў багiню ў свой дом i ўсiх нас размясцiў уздоўж агароджы двара. А багiню стараўся расчулiць знакамi сама глыбокай пашаны i шчодрымi ахвярамi.

31. Тут, як помню, над маiм жыццём павiсла страшная небяспека. Адзiн селянiн прыслаў свайму гаспадару, у якога мы спынiлiся, частку сваёй паляўнiчай здабычы — вялiкi сыты аленевы кумпяк. Праз неасцярожнасць павесiлi яго паблiзу кухонных дзвярэй, i нейкi сабака, таксама пэўным чынам паляўнiчы, сцягнуў яго i, пакуль нiхто не заўважыў, пастараўся адвалачы яго як найдалей i як найхутчэй.

Заўважыўшы прапажу i дакараючы самога сябе за недагляд, кухар доўга пралiваў слёзы, а пасля, прыгнечаны тым, што гаспадар можа запатрабаваць абед, i наогул страшэнна напалоханы, развiтаўся са сваiм малечай-сынам i, узяўшы вяроўку, збiраўся павесiцца. Гэта не засталося незаўважаным ягонай жонкай. Ухапiўшыся моцна за праклятую пятлю, яна гаворыць: "Няўжо ты так напалохаўся гэтага няшчасця, што зусiм страцiў розум i не бачыш простага выйсця, якое пасылае табе боскае наканаванне? Калi ў гэтай тваёй роспачы, пасланай табе лёсам, захаваў ты хоць кроплю здаровага розуму, дык слухай мяне ўважлiва. Завядзi гэтага чужога асла ў якое-небудзь патаемнае месца i там зарэж. А пасля аддзялi кумпяк, каб ён быў падобны да таго, што прапаў, прыгатуй яго чым найлепш i найсмачней з падлiўкай i падай гаспадару замест аленевага". Нягоднаму махляру ўсмiхнулася думка выратавацца цаной майго жыцця. Дык горача падзякаваўшы сваёй жонцы за кемлiвасць, ён пачаў вастрыць нож для жывадзёрства, якое лiчыў ужо немiнучай справай.

КНIГА ДЗЕВЯТАЯ

1. Так нягодны крывапiвец рыхтаваў супраць мяне зброю, а я ў той небяспечны час разумеў, што мне трэба прыняць нейкае рашэнне, дык, не трацячы дарагiх хвiлiн, палiчыў за найлепшае ратавацца ўцёкамi. Парваў вяроўку, якой быў прывязаны, i з усiх сiл пусцiўся бегчы, раз за разам для большай бяспекi брыкаючыся. Хутка праскочыўшы праз порцiк, улятаю ў сталовую, дзе гаспадар частаваў жрацоў багiнi, i з разгону пераварочваю некалькi бяседных сталоў, i б'ю пры гэтым шмат посуду.

Разгневаны такiм пагромам гаспадар загадвае мяне, рэзвую i наравiстую жывёлiну, завесцi i замкнуць у якiм-небудзь надзейным месцы, каб я зноў не парушыў бяседы сваiм буйным з'яўленнем. Спрытна ўратаваўшыся такой хiтрай выдумкай i вырваўшыся з рук ката, я цешыўся, што трапiў пад замок.

Ды праўду кажуць, што Фартуна нiколi не дазваляе чалавеку, якi нарадзiўся ў няшчасную хвiлiну, зрабiцца ўдачнiкам. Пагiбельнае наканаванне боскай волi не можа быць адменена нi разумным рашэннем, нi мудрай засцярогай. Гэтак i ў маёй справе: тая выдумка, што хвiлiну раней, здавалася, выратавала мяне ад небяспекi, стала для мяне надзвычай небяспечнай i ледзь не давяла да сапраўднай загубы.

2. Тым часам, гэта я пазней даведаўся з гутаркi слуг, у сталовую ўбягае нейкi хлапчук i, трасучыся, з перакошаным тварам дакладвае гаспадару, што ў iхнi двор праз заднюю брамку ўварваўся з суседняга завулка кручаны сабака. Ён накiнуўся на паляўнiчых сабак, а пасля ўскочыў у стайню i там раз'юшана напаў на жывёлу, а нават не абмiнуў i людзей. Моцна пакусаў паганятага Мiрцiла, кухара Гефесцiёна, спальнiка Гiпацiя, лекара Апалонiя i шмат iншых слуг, якiя хацелi яго прагнаць. Ужо некаторыя з пакусаных жывёлiн пачынаюць праяўляць несумненныя прыкметы шаленства.

Гэта вестка моцна ўсiх усхвалявала, бо яны падумалi, што i я буянiў з гэтай самай прычыны. I вось, узброiўшыся хто чым мог, гоняцца яны за мной, самi звар'яцелыя. I, несумненна, разнеслi б яны мяне сваiмi дзiдамi, рагацiнамi i двухсечнымi сякерамi на кавалкi. Але я, зразумеўшы ўсю небяспеку гэтай грознай хвiлiны, кiнуўся ў пакой, дзе размясцiлiся мае гаспадары. Тады яны зачынiлi дзверы, каб пазбегнуць сутычкi са мной i не наклiкаць на сябе бяды, i пакiнулi мяне аднаго. Яны вырашылi, што я там памалу з прычыны невылечнай немачы шаленства выпушчу дух. Гэтак нарэшце быў мне дадзены супакой, i я, атрымаўшы шчаслiвую магчымасць застацца зноў у адзiноце, кiнуўся на падрыхтаваную пасцель i заснуў па-людску, як не спаў ужо шмат часу.

3. Было ўжо зусiм вiдно, калi я, адпачыўшы на мяккай пасцелi, бадзёра ўскокваю i чую, як тыя, што правялi ноч без сну на варце, пiльнуючы мяне, гавораць пра мой лёс: "Няўжо гэты няшчасны асёл да гэтай пары не ачуняў ад шаленства?" "Магчыма, што праз той наскок яд з яго выдыхнуўся…"

Каб пакласцi канец няпэўнасцi, вырашылi праверыць, што я раблю, i, зазiрнуўшы ў нейкую шчылiнку, бачаць, што я зусiм здаровы, стаю на нагах. Тады яны, адчынiўшы як найшырэй дзверы, хочуць праверыць, цi сапраўды стаў я свойскiм. Адзiн з iх, проста небам пасланы мне выратавальнiк, прапануе iншым такi спосаб праверкi майго здароўя: даць мне выпiць поўнае вядро вады. Калi я буду пiць адразу, значыць, я здаровы i хвароба мая мiнула бясследна, а калi наадварот, пачну ў страху ўхiляцца ад вады, тады, несумненна, шаленства яшчэ працягваецца. Такi спосаб праверкi перададзены нам старажытнымi кнiгамi i шырока выкарыстоўваецца.

4. Гэта прапанова спадабалася, i зараз жа быў прынесены з крынiцы кубелец празрыстай вады i з асцярожнасцю пастаўлены перада мной. А я, не марудзячы, iду сам насустрач, усоўваю ў судзiну галаву i выпiваю (вось ужо сапраўды выратавальную) вадкасць. Цярплiва пераношу я i паляпванне рукой, i пагладжванне па вушах, i патузванне за вуздэчку, i розныя iншыя спосабы праверкi, аж пакуль канчаткова не даказаў iхняму неразумнаму падазрэнню, што я здаровы i рахманы.

Такiм чынам пазбегнуўшы падвойнай небяспекi, на наступны дзень, нагружаны святымi манаткамi з кастаньетамi i цымбаламi я, жабрак i бадзяга, зноў рушыў у дарогу. Абхадзiўшы многа хат i двароў, закiроўваемся мы ў адно сяло, пабудаванае, як казалi старажылы, на руiнах багатага калiсьцi горада, i спынiўшыся там у гасцiнiцы, пачулi адну цiкавую любоўную гiсторыю, якая здарылася ў сям'i нейкага бедняка. Хачу вам яе расказаць.

5. Жыў адзiн рамеснiк у вялiкай беднасцi, здабываючы сабе яду марным заробкам. Была ў яго жонка, у якой таксама нiчога не было за душой, але якая славiлася сваёй распушчанасцю. Аднаго дня, як ён толькi выйшаў зранку на работу, у яго хату закраўся нахабны палюбоўнiк. I калi яны бясклопатна аддаюцца справам Венеры, нечакана вяртаецца муж, якi нiчога не ведаў пра гэтыя справы i нават не падазраваў. Застаўшы зачыненымi i замкнёнымi дзверы, ён нават пахвалiў жончыну асцярожнасць, дык стукае ў дзверы i свiшча, каб паведамiць пра сябе. Тут спрытная баба, вельмi знаходлiвая ў падобных сiтуацыях, адпусцiла палюбоўнiка са сваiх абдымкаў i непрыкметна хавае яго ў бочку, якая стаяла ў куце напалову закапаная ў зямлю, але зусiм пустая. Пасля таго яна адчыняе дзверы, але не паспеў муж пераступiць парог, як яна накiдваецца на яго з лаянкай: "Чаго гэта ты дарма швэндаешся склаўшы рукi? Чаму ты не iдзеш, як звычайна, на работу? Пра наша жыццё не рупiшся! Пра харчы не турбуешся. А я, няшчасная, дзень i ноч гарбею над прадзiвам, каб хоць лямпа ў нашай халупе свяцiла! Не зраўняць майго жыцця з жыццём суседкi Дафны, якая, удосталь наеўшыся i дап'яна напiўшыся, мiлуецца з каханкам".

6. А муж, збянтэжаны такой сустрэчай, адказвае: "Што такое? Гаспадар, у якога мы працуем, заняты ў судзе i нас адпусцiў. Але пра тое, як нам сягоння паабедаць, я паклапацiўся. Бачыш гэту бочку? Яна пустуе i толькi дарма займае месца, замiнае, а карысцi з яе нiякай. Дык вось, я прадаў яе аднаму чалавеку за пяць дынараў. Ён ужо тут, зараз расплацiцца i забярэ яе сабе. Ты трохi падаткнi адзежу i памажы мне выцягнуць яе з зямлi, каб аддаць пакупнiку".

Пачуўшы гэта, ашуканка ўцямiла хутка, як можна скарыстаць гэтыя абставiны, дык адказвае з нахабнай усмешкай:

"Вось i муж мне трапiўся, дык муж! Спрытны гандляр! Рэч, якую я, кабета, седзячы дома, прадала за сем дынарыяў, ён спусцiў за пяць!" Узрадаваны надбаўцы, муж пытаецца: "Хто ж гэта табе столькi даў?" А яна адказвае: "Ды ён, дурнiца ты, даўно залез у бочку, каб праверыць, цi моцная яна, цi цэлая?"

7. Палюбоўнiк не прапусцiў без увагi слоў жанчыны i, хутка высунуўшыся, кажа: "Хочаш ты, гаспадыня, ведаць праўду? Бочка твая ўжо старая i дала шмат трэшчынаў". А пасля, звяртаючыся да мужа i быццам яго не пазнаючы, дадае: "Дай мне, калi ласка, хто-небудзь лямпу, каб, саскробшы бруд унутры, я мог убачыць, цi варта яна чаго, бо грошы ж у мяне не крадзеныя. Цi ж не так?"

Доўга не думаючы i нiчога не падазраючы, клапатлiвы i прыкладны муж запалiў лямпу i кажа: "Вылазь, братка, i пастой сабе, пакуль я сам яе добра не ачышчу". I, распрануўшыся i забраўшы з сабой свяцiльнiк, пачаў саскрэбваць шматгадовую скарынку гразi i гнiлi. А палюбоўнiк, прыгожы малойчык, нагнуў яго жонку да бочкi i, прымасцiўшыся зверху, старанна апрацоўваў. А да таго яшчэ распусная баба ўсунула галаву ў бочку i, здзекуючыся з мужа, паказвае яму пальцам, дзе скрэбцi: у тым месцы i ў гэтым месцы ды зноў у тым i яшчэ ў гэтым, так аж пакуль абедзве работы не закончылiся.

Пасля гэтага злашчасны рамеснiк, атрымаўшы свае сем дынарыяў, змушаны быў на сваёй спiне занесцi бочку таму жончынаму палюбоўнiку.

8. Сумленныя свяшчэннаслужыцелi, пабыўшы ў той мясцовасцi некалькi дзён, ад'еўшыся i за кошт шчодрай грамады туга набiўшы кашалькi за свае прароцтвы, прыдумалi новы спосаб здабываць грошы. Склаўшы адно агульнае прадказанне на ўсе жыццёвыя выпадкi, дурманiлi людзей, якiя прыходзiлi да iх на раду ў розных жыццёвых справах. А прадказанне iхняе было такое:

"Валы аруць зямлю ў запрэжцы для таго,

Каб збожжу ў будучынi вольна зелянець".

Калi здаралася, што жанiх з нявестай прасiлi парады, дык адказ патрапляў iх жаданню: звязаныя шлюбам, выгадуюць шматлiкае патомства. Калi звяртаўся да iх чалавек, якi збiраўся купiць зямлю, дык аракул гаварыў правiльна пра валоў, пра запрэжку i пра палi з ураджайнай збажыной. Калi хто хацеў атрымаць боскае прадказанне наконт задуманага падарожжа, дык вось яму гатовая запрэжка з сама спакойных чацвераногiх, а сяўба абяцае прыбытак. Калi хто шукаў адказу, цi ўдала закончыцца чаканая бiтва або праследаванне банды разбойнiкаў, яны запэўнiвалi, што прадказанне спрыяльнае i азначае поўную перамогу, бо галовы валоў, схiленыя ў ярмо, абазначаюць, што так будуць звязаныя ворагi i будзе захоплена вялiкая i багатая здабыча.

Такiм хлуслiвым прароцтвам яны выцягнулi ад людзей нямала грошай.

9. На раду прыходзiлi многiя i часта, дык вычарпалiся iхнiя прароцтвы i яны зноў пусцiлiся ў дарогу, але ў якую! Шмат горшую за тую, па якой мы iшлi аднае ночы. Уся яна была скапаная глыбокiмi равамi, дзе залiтая стаячай вадой, а дзе слiзкая i лiпучая ад балота. Штохвiлiнна спатыкаючыся i падаючы, пакалечыў я сабе ногi i з вялiкiмi цяжкасцямi змог нарэшце выбрацца на роўную дарогу. I раптам даганяе нас атрад коннiкаў, узброеных дроцiкамi. Спынiўшы сваiх разгарачаных скакуноў, яны кiдаюцца на Фiлеба i iншых i, схапiўшы iх за горлы, пачынаюць бязлiтасна бiць, называючы iх гнюснымi святататнiкамi. Пасля ўсiх звязваюць кайданамi, няспынна лаючы i пагражаючы: "Аддавайце лепш добраахвотна залаты келiх, якi спакусiў вас i падштурхнуў да злачынства. У час набажэнства вы яго цiхенька сцягнулi са святых падушак божай мацi i адразу, быццам можна пазбегнуць кары за такое злачынства, ледзь толькi пачало свiтаць, нiкога не папярэдзiўшы, пакiнулi горад".

10. Знайшоўся чалавек, якi пачаў абмацваць рэчы на маёй спiне i, запусцiўшы руку пад адзенне багiнi, якую я нёс, на вачах ва ўсiх знайшоў i выняў залаты келiх. Але нават гэты доказ вiны не змог збянтэжыць цi напалохаць гэту брудную шайку. З няшчырым смехам пачалi яны прыдумваць апраўданнi: "Што за дзiўная i непрыстойная справа! Як жа часта трапляюць пад напасць i небяспеку бязвiнныя людзi! Дзеля нейкага там кiлiшачка, якi Мацi багоў падаравала сваёй сястры Сiрыйскай багiнi, трэба ўзводзiць крымiнальнае абвiнавачанне на справядлiвых служкаў бога!"

Аднак дарма малолi яны языкамi гэту i iншую лухту, сяляне вяртаюць iх назад i, звязаных, кiдаюць у Тулiанум. А той келiх i статую багiнi, якую я вазiў, схавалi ў скарбнiцу святынi як ахвяру. А мяне вывелi на наступны дзень зноў на рынак i, выкарыстаўшы паслугi вяшчальнiка, прадалi на сем нумаў даражэй ад той цаны, якую калiсьцi даў за мяне Фiлеб. Купiў мяне нейкi млынар з суседняга мястэчка. Ён адразу нагрузiў мяне як мае быць тут жа купленым збожжам i пагнаў па цяжкай каранiстай дарозе да млына, дзе працаваў.

11. Там безупынна хадзiла па некалькiх кругах мноства ўючных жывёл, якiя сваiм ходам прыводзiлi ў рух рознага памеру жорны. Машыны круцiлiся не спыняючыся, без адпачынку, i малолi зерне на муку не толькi цэлы дзень, але i ўсю ноч. А мяне мой новы гаспадар, вiдаць, каб я з самага пачатку не напалохаўся сваёй службы, паставiў на волi, быццам знакамiтага iншаземца. Дазволiў мне першы дзень правесцi святочна i шчодра насыпаў у яслi кармоў. Аднак гэта святкаванне не працягвалася даўжэй аднаго дня. Назаўтра зранку ставяць мяне да сама вялiкiх жорнаў i гоняць з завязанымi вачамi па крывой пакручастай баразне, каб, бясконца апiсваючы той самы круг, я не збiваўся з вызначанага шляху.

Хоць, калi быў чалавекам, я не раз бачыў, як прыводзяцца ў рух такiя машыны, але пусцiўся на хiтрасць, i прыкiнуўся някемлiвым, i быццам аслупянеў, нiчога не ведаючы i не разумеючы. Я разлiчваў, што мяне прызнаюць няздатным да гэтай работы i выправяць на лягчэйшую цi наогул пакiнуць у супакоi i будуць кармiць. Ды надарма я прыдумаў такую хiтрасць. Таму што вочы ў мяне былi завязаныя, я не ведаў, што быў акружаны цэлым натоўпам работнiкаў з кiямi, якiя на дадзены знак пачалi з незвычайным крыкам дубасiць мяне з усiх бакоў.

Я так напалохаўся iхняга гiкання, што, пакiнуўшы ўсе свае задумы, налёг з усёй сiлы на лямку, сплеценую з альфы, i з усiх ног пусцiўся па крузе. Гэта раптоўная перамена ў маiх паводзiнах выклiкала ў прысутных агульны смех.

12. Калi прайшла большая частка дня i я зусiм выбiўся з сiл, мяне вызвалiлi з пастронкаў, адвязалi ад жорнаў i завялi да ясляў. Хоць я амаль валiўся ад стомы з ног i памiраў з голаду, хоць мне трэба было аднавiць сiлы, мая неадступная цiкаўнасць трывожыла мяне i не давала супакою. Не дакрануўшыся да шчодра нарыхтаванай мне ежы, я пачаў разглядаць парадкi на гэтым прадпрыемстве. Вялiкiя багi! Якое ж вартае жалю вiдовiшча мяне акружала! Ува ўсiх людзей скура была ў сiняках, падзёртыя лахманы не толькi не закрывалi, як належыць, iх спаласаваных спiнаў, а толькi кiдалi на iх цень. У некаторых кароткая апратка даходзiла толькi да пахвiны, тунiкi на кожным былi такiя, што праз лахманы вiдаць было цела, палова галавы аголена, на лобе кляймо, на нагах ланцугi, твары зямлiстыя, павекi раз'едзеныя дымам i гарачай парай. Усе яны падслепаватыя, на ўсiх мужчынах пыл, як брудна-белы попел, быццам на кулачных байцах, якiя выходзяць на сутычку не iнакш як абсыпаўшыся дробным пяском.

13. А што я магу сказаць, якiмi колерамi апiсаць маiх таварышаў у стойлах? Якiя старыя мулы, якiя разбiтыя канякi! Збiўшыся каля ясляў i ўсунуўшы туды морды, яны перажоўвалi кучы мякiны. Iхнiя ўсыпаныя болькамi шыi былi напухлыя, друзлыя ад нястрымнага кашлю ноздры расшыраныя, рэбры ад заўсёдных удараў вытыркалiся, грудзi параненыя цвёрдай альфавай лямкай, капыты расплюшчаныя ад вечнага кружэння па адной дарозе, i ўся iхняя шкура пакрыта застарэлай каростай.

Напалоханывыглядам гэтай кампанii, успомнiў я былое жыццё Луцыя i, дайшоўшы да межаў адчаю, панiк галавой i затужыў. У маiм пакутлiвым жыццi засталася адзiная ўцеха: забаўляцца з уласцiвай мне цiкаўнасцю нагляданнем за людзьмi, якiя ў маёй прысутнасцi свабодна, так, як iм падабалася, гаварылi i дзейнiчалi.

Небеспадстаўна генiяльны творца грэцкай паэзii, маючы на мэце паказаць нам мужа найвышэйшага розуму, апяяў чалавека, якi дасягнуў паўнаты мудрасцi ў вандроўках па розных краiнах i ў вывучэннi розных народаў. Я сам з вялiкай удзячнасцю прыгадваю сваё iснаванне ў аслiным выглядзе, бо пад покрывам гэтай скуры, зведаўшы зменлiвасць лёсу, я зрабiўся калi не разважлiвы, дык хоць спрактыкаваны. Вось, напрыклад, цiкавая забаўная гiсторыя, якую хачу вам расказаць.

14. У гэтага млынара, якi набыў мяне ў сваю ўласнасць, добрага i вельмi сцiплага чалавека, была жонка вельмi паганая, шмат горшая за ўсiх iншых жанчын. Яна да такой ступенi парушала закон шлюбнай вернасцi i сямейнага жыцця, што, клянуся Геркулесам, нават я ўздыхаў над лёсам майго гаспадара. Не было такой распусты, з якой не зналася б гэта плюгавая жанчына, усё паскудства сцякалася да яе, быццам у смярдзючую памыйную яму. Злая, шалёная, яна цягалася з мужчынамi, валялася п'яная, упартая, непаслухмяная, прагавiтая, у ганебным марнатраўстве шчодрая, была яна ненавiснiцай вернасцi i ворагам сцiпласцi. Грэбуючы святымi боскiмi законамi, i ганьбячы iх спраўляннем пустых i бязглуздых абрадаў нейкай iлжывай рэлiгii, i даказваючы, што ўшаноўвае адзiнага бога, ашуквала ўсiх людзей i свайго няшчаснага мужа, цэлымi днямi п'янствавала i апаганьвала блудам сваё цела.

15. Гэта шаноўная жанчына праследавала мяне з нейкай дзiўнай нянавiсцю. Яшчэ досвiткам, лежачы ў пасцелi, яна крычала, каб запрагалi ў жорны нядаўна купленага асла. Не паспее выйсцi са спальнi, як ужо крычыць, каб мяне лупцавалi чым найбольш. Калi наставаў час кармлення i ўся ўючная жывёла адпачывала, яна загадвала, каб мяне як мага даўжэй не падпускалi да ясляў. Гэтай сваёй жорсткасцю яна яшчэ больш развiла маю прыродную цiкаўнасць, накiраваўшы яе на сябе i на свой характар. Я чуў, што да яе ў спальню ходзiць адзiн малады чалавек, i мне вельмi захацелася ўбачыць яго твар, але вялiкай перашкодай таму была павязка на вачах. Каб не гэтая павязка, дык мне хапiла б хiтрасцi як-небудзь выкрыць учынкi гэтай подлай жанчыны. Кожны дзень зранку была пры ёй нейкая старая, пасрэднiца ў яе пралюбадзействах, пасыльная яе каханкаў. Спачатку яны разам паснедаюць, пасля частуюцца неразбаўленым вiном, адна адну падбухторваючы на выдумкi, як хiтра ашукаць няшчаснага мужа. I я, хоць моцна абураўся на памылку Фацiды, якая мяне замест птушкi абярнула ў асла, цешыўся ў сваiм няшчасным пераўвасабленнi тым, што дзякуючы вялiкiм вушам я добра чуў, калi гаварылi нават на значнай ад мяне адлегласцi.

16. Аднаго дня данеслiся да маiх вушэй такiя словы гэтай плюгавенькай бабкi: "Ты сама памяркуй, гаспадынька, трапiўся табе з маёй рады сябра i гультаяваты, i палахлiвы. Варта толькi твайму абрыдламу i ненавiснаму мужыку насупiць бровы, як у таго ўжо душа ў пятках. Ён толькi трывожыць гэтым тваю любоўную прагу. Наколькi ж лепшы Фiлезiтар! Ён i малады, i прыгожы, i шчодры, i не ведае стомы. А як ён спрытна мужоў абалваньвае, скажу табе, што ўсе iхнiя меры засцярогi дарэмныя! Клянуся Геркулесам, што ён адзiн варты карыстацца прыхiльнасцю ўсiх жанчын, адзiны варты залатога вянка, хоць бы за тую незвычайную штуку, якую ён падстроiў гэтымi днямi вельмi спрытна аднаму зайздроснаму мужу. Дык вось паслухай i параўнай, цi ўсе палюбоўнiкi аднолькавыя.

17. Ты ж ведаеш, Барбара, дэкурыёна нашага горада, якога за зласлiвасць i жорсткасць народ празваў Скарпiёнам? Ён сваю вельмi прыгожую, высакародную жонку так сцеражэ, што амаль не выпускае з дому…"

Тут млынарыха перабiвае яе: "А як жа, вельмi добра ведаю. Ты маеш на ўвазе Арэту, мы з ёй разам вучылiся ў школе!" "Дык ты, напэўна, ведаеш i ўсю яе гiсторыю?" — кажа старая. "Зусiм не, — адказвае, — але вельмi жадаю ведаць i прашу цябе, мацi, раскажы мне ўсё па парадку". Нястомная пляткарка не прымусiла сябе доўга прасiць i пачынае так:

"Надарылася гэтаму Барбару выправiцца ў дарогу, i ён захацеў як найлепш ахаваць ад небяспекi цнатлiвасць сваёй жонкi. Клiча ён да сябе нявольнiка Мiрмекса, якi вызначаўся надзвычайнай вернасцю, i яму аднаму даручае нагляд за гаспадыняй, прыгразiўшы турмой, аковамi, а нават i "ганебнай смерцю", калi якi-небудзь мужчына нават мiмаходам дакранецца да яе хоць пальцам. Загад гэты ён падмацоўвае клятвай, успамiнаючы ўсiх багоў. Пакiнуўшы напалоханага Мiрмекса за неадступнага павадыра гаспадынi, спакойна рушыць у дарогу. Неўгамонны Мiрмекс, моцна запомнiўшы настаўленнi, не дазваляў зрабiць гаспадынi нi кроку. Цi сядзе яна за прасцiну, цi зоймецца якой iншай хатняй работай, ён сядзiць пры ёй неадступна. А як ёй трэба было памыцца на ноч, толькi тады яна выходзiла з дому, а ён iдзе за ёй па пятах, быццам прылiп, трымаючыся рукой за край яе сукнi. Гэтак старанна выконваў ён даручаны яму абавязак.

18. Аднак ад палкiх вачэй Фiлезiтара не магла схавацца слынная прыгажосць гэтай жанчыны. Падбухтораны i распалены гутаркамi аб яе цнатлiвасцi i вельмi пiльным наглядзе, ён вырашыў пусцiць у ход усе сродкi, каб заваяваць гэты дом з яго непарушна строгiмi парадкамi.

Упэўнены ў нетрываласцi людской вернасцi i ведаючы, што грошы пракладваюць сабе дарогу праз усе перашкоды i што нават сталёвыя дзверы можна зламаць золатам, ён знайшоў спосаб сустрэцца з Мiрмексам сам-насам, расказаў пра сваё каханне i прасiў уважыць яго пакуты. Ён казаў, што развiтаецца з жыццём, калi не даб'ецца свайго ў сама кароткi тэрмiн. А нявольнiку няма чаго баяцца, вечарам, як сцямнее, ён падбярэцца ў дом i хутка выйдзе. Гэтыя свае ўпрошваннi ён падмацоўвае абяцаннем немалога хабару. Прасцiрае руку i паказвае новенькiя блiскучыя залатоўкi, з якiх дваццаць былi прызначаны жанчыне, а дзесяць ахвяроўвалася яму.

19. Спачатку Мiрмекс, напалоханы жудасным, нечуваным намерам, заткнуў вушы i пабег прэч. Але перад яго вачыма ўвесь час стаяў зiхатлiвы бляск золата. I нават калi быў ужо далёка i хуткiм крокам наблiжаўся да дому, у яго вачах стаяла цудоўнае ззянне манет. Багатая здабыча, якой ён у сваiх думках ужо валодаў, прывяла ягоны розум у страшэнны разлад. Думкi яго разбеглiся ў розныя бакi i разрывалi на часткi: там вернасць, тут нажыва, там пакуты, тут асалода. Урэшце золата перамагло страх смерцi. Цяга да цудоўных манет не толькi не зменшылася з часам, а нават сны былi запоўненыя згубнай прагнасцю. I хоць гаспадаровы словы пагрозы не дазвалялi яму выходзiць з дому, золата клiкала яго за дзверы. Перамогшы сваю сарамлiвасць i адкiнуўшы нерашучасць, ён знаёмiць з прапановай гаспадыню. Тая ў сваёй жаночай легкадумнасцi хутка згаджаецца прадаць цноту за ненавiсны метал. Узрадаваны Мiрмекс вырашае канчаткова загубiць сваю вернасць i марыць калi не атрымаць, то хоць дакрануцца да тых грошай, якiя ён на сваё гора ўбачыў. З радасцю паведамляе ён Фiлезiтару, што ягонымi вялiкiмi намаганнямi жаданне маладога чалавека можа быць здзейснена, i патрабуе плату неадкладна.

I вось у яго руцэ, у якой нiколi не было нават медзякоў, залатыя манеты.

20. Як зусiм сцямнела, павёў ён палымянага каханка з захутанай галавой у дом, а пасля i ў спальню гаспадынi.

I толькi пачалi яны аддаваць пашану нованароджанаму каханню, толькi раздзетыя дагала змагальнiкi распачалi сваю службу пад сцягам Венеры, як раптам, зусiм неспадзявана, выкарыстаўшы начны змрок, з'яўляецца муж. I вось ён ужо стукае, крычыць, кiдае каменне ў браму, а дзеля таго, што прамаруджванне пачынае здавацца яму падазроным, пагражае Мiрмексу жорсткай расправай. А той, смяртэльна перапалоханы, не мог нiчога iншага прыдумаць, як толькi тое, што старанна схаваў некуды ключ i цяпер упоцемку не можа знайсцi.

Тым часам Фiлезiтар, пачуўшы гоман, накiнуў паспешлiва тунiку i, забыўшыся з перапуду абуцца, босы выскачыў са спальнi. Нарэшце Мiрмекс устаўляе ключ у адтулiну, адчыняе браму i ўпускае раз'юшанага гаспадара. Той адразу кiдаецца ў спальню, а ў гэты момант Мiрмекс цiхенька выпускае Фiлезiтара. Адчуўшы сябе пасля таго, як юнак пераступiў парог, беспячнейшым, ён замкнуў дзверы i зноў лёг спаць.

21. Ледзь толькi стала свiтаць, Барбар выходзiць са свайго пакоя i бачыць пад ложкам чужыя сандалi, тыя, у якiх прыходзiў Фiлезiтар. Здагадваючыся, якiм спосабам яны тут апынулiся, ён, нiкому нiчога не кажучы, узяў гэтыя сандалi i схаваў сабе за пазуху. А сваiм нявольнiкам загадаў звязаць Мiрмекса i вывесцi на гарадскую плошчу. Сам таксама падаўся туды, штохвiлiны стрымлiваючы выбухi злосцi, якiя вырывалiся з ягоных грудзей. Ён быў упэўнены, што па гэтых сандалях зможа трапiць на след жончынага любоўнiка.

Iдуць яны па вулiцы — гнеўны, з перакошаным ад злосцi тварам Барбар, а за iм звязаны Мiрмекс, якi хоць не быў злоўлены на яўнай здрадзе, аднак мучыўся дакорамi сумлення. Плача ён горкiмi слязьмi i дарма стараецца ўлiтасцiвiць гаспадара.

На шчасце, спатыкаюць яны Фiлезiтара, якi iшоў па сваiх справах. Усхваляваны, але не напалоханы нечаканым вiдовiшчам, успомнiў ён, якую зрабiў у паспешлiвасцi памылку, адразу зразумеў, якiя могуць быць з гэтага вынiкi, дык, не трацячы адвагi, распiхаў нявольнiкаў i з крыкам накiдваецца на Мiрмекса, б'е яго кулакамi па твары (але не вельмi балюча) i прыгаворвае: "Ах ты нягоднiк, ах ты зладзюга! Няхай цябе твой гаспадар i ўсе нябесныя багi, якiх ты абражаеш iлжывымi клятвамi, загубяць цябе, падлюгу, подлай смерцю! Гэта ты ўчора ў лазнi ўкраў мае сандалi! Клянуся Геркулесам, што ты заслужыў, каб на табе згнiлi гэтыя вяроўкi i ты сам каб не бачыў у цямнiцы свету!"

Пры дапамозе гэтага спрытнага ашуканства маладога чалавека Барбар быў абмануты, уцешаны i да яго вярнуўся давер. Прыйшоўшы дамоў, ён паклiкаў Мiрмекса, аддаў яму сандалi i сказаў, што даруе яму, а ўкрадзеную рэч неабходна вярнуць уладальнiку".

22. Старая яшчэ прадаўжала сваю балбатню, калi жанчына яе спынiла: "Шчаслiвая тая, у якой такi моцны i бясстрашны сябра, а ў мяне такi, што ўсяго баiцца, нават калi жорны загудуць цi гэты асёл морду пакажа…" А баба адказвае на гэта: "Я дастаўлю табе, як па судовай позве, такога любоўнiка, якi будзе надзейным, адважным i нястомным". Пасля гэтага выходзiць з пакоя, паабяцаўшы, што пад вечар прыйдзе зноў.

А жонка тым часам пачала рыхтаваць сапраўдную каралеўскую вячэру, працэджваць дарагiя вiны, прыпраўляць каўбасы свежымi падлiўкамi. Нарэшце, сабраўшы багаты стол, пачала чакаць палюбоўнiка, быццам якога-небудзь бога, балазе муж адлучыўся з дому на вячэру да суседа-сукнавала.

Калi падышоў канец маёй працы i я быў вызвалены з лямкi, атрымаўшы магчымасць без клопату падмацавацца, клянуся Геркулесам, цешыўся я не столькi таму, што вызваляўся ад работы, колькi таму, што мог без павязкi назiраць за ўсiмi выхадкамi гэтай паганай жанчыны. Сонца, апусцiўшыся ў акiян, асвятляла ўжо iншыя часткi свету, калi з'явiлася тая агiдная старая разам з бесталковым палюбоўнiкам, якi не паспеў яшчэ выйсцi з юнацкага ўзросту. Яго безбароды твар быў настолькi прыгожы, што ён сам мог бы спакусiць адпаведна настроеных каханкаў. Жанчына, спаткаўшы яго незлiчонымi пацалункамi, адразу запрасiла да стала.

23. Але не паспеў юнак прыгубiць першай уступнай чаркi i паспытаць смак вiна, як з'яўляецца муж, вярнуўшыся шмат раней, чым яго чакалi. Тут верная жонка, праклiнаючы свайго мужыка i жадаючы яму, каб паламаў сабе ногi, хавае збялелага i дрыготкага ад страху палюбоўнiка пад драўляны чан для ачысткi збожжа, якi выпадкова там быў.

Пасля таго хiтра, не збянтэжыўшыся, са спакойным тварам пытаецца ў мужа, чаму ён так рана вярнуўся з вячэры ў свайго вернага сябра. А той, не перастаючы горка ўздыхаць, адказвае:

"Не мог я сцярпець грэшнага i нечуванага ўчынку гэтай прапашчай жанчыны i проста ўцёк! Добрыя багi! Гэтакая паважаная матрона, гэтакая верная, гэтакая сцiплая i якiм гнюсным сорамам сябе заплямiла! Гэтакая жанчына!..

Не, клянуся вось гэтай багiняй Цэрэрай, што я нават i цяпер не веру сваiм вачам!"

Зацiкаўленая здарэннем, якое так усхвалявала мужа, i жадаючы даведацца, што сталася, гэта нахабнiца не адстала да той пары, пакуль не дабiлася, што муж расказаў ёй усю гiсторыю з самага пачатку.

Не ведаючы пра свае, ён пачаў расказваць пра чужыя беды:

24. "Жонка майго сябра сукнавала, жанчына, як здавалася дагэтуль, несумненнай цнатлiвасцi i агульнапрызнаная захавальнiца хатняга парадку, раптам аддалася тайным зносiнам з палюбоўнiкам. Сакрэтныя сустрэчы адбывалiся ў iх пастаянна, i нават у той час, калi мы пасля лазнi прыйшлi на абед, яна практыкавалася ў каханнi з гэтым маладым чалавекам. Устрывожаная нашым з'яўленнем, кiруючыся першай думкай, якая прыйшла ёй у галаву, яна садзiць свайго каханага пад высокую лазовую кашолку, абвешаную з усiх бакоў тканiнай, якую адбельваў дым паленай серкi, закладзенай знiзу. Палiчыўшы, што юнак надзейна схаваны, яна сядае з намi вячэраць. А тым часам малады чалавек, нанюхаўшыся серкi, невыносны смурод якой акружыў яго хмарай, ужо не мог дыхаць i пад уздзеяннем гэтага едкага рэчыва пачынае раз за разам чхаць.

25. Калi муж пачуў чханне першы раз, а яно даносiлася з боку жонкi, з-за яе плячэй, дык падумаў, што чхнула яна, i, паводле звычаю, кажа "Будзь здарова!" Аднак гэты гук паўтараецца, пасля разлягаецца штораз часцей. Гэты залiшнi катар робiцца гаспадару падазроным, i ён, каб не рабiць больш здагадак, адсоўвае стол, прыпадымае кашолку i знаходзiць там ужо ледзь жывога мужчыну. Поўны абурэння ад такой ганьбы, ён патрабуе меч, збiраючыся забiць гэтага, што памiраў, чалавека. Ледзь стрымаў я яго ад гэтага вар'яцкага парыву, пераконваючы, што вораг i так хутка памрэ ад серкi i не навядзе на яго адказнасцi за сваю гвалтоўную смерць. Памякчэўшы не столькi ад маiх угавораў, колькi змушаны абставiнамi, у якiх апынуўся, ён выносiць ледзь жывога палюбоўнiка ў блiзкi завулак. Тады я пачаў пераконваць яго жонку i нарэшце давёў, што на нейкi час яна павiнна пакiнуць дом i перасялiцца да якой-небудзь знаёмай жанчыны, каб там перачакаць, пакуль астыне гнеў мужа. Можна было спадзявацца, што ён, разгарачаны нястрымнай злосцю, задумае што-небудзь благое супраць яе i самога сябе. Пакiнуўшы з агiдай такую сяброўскую вячэру, я вярнуўся дамоў".

26. Слухаючы расказ млынара, яго жонка, якая даўно ўжо акунулася ў бессаромнасць i нахабства, пачынае бязлiтасна лаяць сукнавалаву жонку, што i падатная яна, несумленная, ганьба для ўсяго жаночага полу. "Забыўшыся на сорам i абавязкi жонкi, яна заплямiла дом свайго мужа славай публiчнага дома! Страцiць гонар законнай жонкi, каб атрымаць iмя прадажнай жанчыны! Такiх трэба палiць жыўцом!" — дадала яна. I ўсё ж затоеныя пакуты нячыстага сумлення не давалi ёй спакою. Каб хутчэй вызвалiць свайго спакуснiка са схованкi, яна некалькi разоў намаўляла мужа пайсцi спаць.

Але ён, паспешлiва пакiнуўшы дом суседа, адчуваў голад i ветлiва сказаў ёй, што хацеў бы павячэраць. Жонка хутка падае на стол, хоць i не вельмi ахвотна, бо ежа была нарыхтаваная iншаму.

А мяне да глыбiнi душы абурала нядаўняе злачынства i цяперашняе нахабнае ашуканства гэтай нягоднай жанчыны, i я ламаў галаву, як выкрыць подласць i, перавярнуўшы чан; выставiць на ўсеагульны агляд таго, хто, як чарапаха, пад iм хаваўся.

27. На гэтыя мае пакуты за крыўды гаспадара нарэшце нябёсы звярнулi ўвагу. Настаў час, калi кульгавы стары, якому даручылi даглядаць уючную жывёлу, павёў нас усiх табуном на вадапой. Гэта акалiчнасць паспрыяла здзяйсненню маёй помсты.

Праходзячы каля чана, я заўважыў, што канцы пальцаў каханка высоўваюцца з-пад берага, вiдаць, не памясцiўшыся ў сховiшчы. Збочыўшы са сцежкi, я наступiў са злосцi капытом на тыя пальцы i раструшчыў iх. Крыкнуўшы жаласлiва ад невыноснага болю, ён скiдае з сябе чан, адкрыўшы i паказаўшы такiм чынам сябе i ўсю подласць бессаромнай жанчыны.

А млынар, не вельмi ўсхваляваны парушэннем шлюбнай вернасцi, ветлiва, з ясным i зычлiвым тварам звяртаецца да смяртэльна спалатнелага юнака: "Не бойся, сынок, з майго боку нiчога благога. Я не варвар i не такi чэрствы мужык, каб за прыкладам сукнавальшчыка знiшчаць цябе смертаносным дымам серкi цi абрынаць на галаву такога прыгожанькага i мiлага хлопчыка суровую кару за пралюбадзейства. Не, я проста падзялюся табой з жонкай. Я ўжыву не форму падзелу маёмасцi, а спосаб агульнага карыстання, каб без спрэчак i папрокаў мы ўсе трое змясцiлiся ў адной пасцелi. Ды я заўсёды жыў з жонкай у такой згодзе, што ў нас, як у людзей разважных, густы заўсёды супадалi. Але сама справядлiвасць вымагае, каб у жонкi не было перад мужам перавагi".

28. З такiмi жартаўлiвымi словамi ён завёў хлопца да пасцелi, а той хоць i неахвотна, але iшоў за iм. Тады, замкнуўшы ў асобным пакоi сваю цнатлiвую жонку, лёг з маладым чалавекам i выкарыстаў найбольш прыемны спосаб адплаты за свае парушаныя правы мужа.

А калi нябеснае свяцiла прывяло з сабой свiтанне, млынар паклiкаў двух дужэйшых работнiкаў i, загадаўшы падняць юнака чым вышэй, адсцябаў яго розгай па ягадзiцах, прыгаворваючы:

"Сам яшчэ хлапчаня, далiкатны ды маладзенькi, пазбаўляеш каханкаў цвету сваёй маладосцi, парушаючы законы шлюбу i заўчасна стараючыся прысвоiць сабе званне пралюбадзея".

Паўшчуваўшы яго такiмi ды iншымi вымовамi i дастаткова пакараўшы розгамi, выкiдае яго за дзверы. I вось ён, прыклад бясстрашнага каханка, якi нечакана выйшаў цэлым з небяспекi, калi не лiчыць беласнежных ягадзiц, якiя перанеслi здзек i ўночы, i зрання. А млынар паведамiў жонцы аб разводзе i ў той жа дзень выгнаў яе з дому.

29. А яна, будучы нягоднiцай ад прыроды, а да таго разгневаная, хоць i заслужанай крыўдай, ды тым большай, зноў бярэцца за даўнейшае i, звярнуўшыся да звычайных бабскiх падкопаў, з вялiкiмi цяжкасцямi знаходзiць нейкую старую ведзьму, пра якую казалi, што яна сваiмi чарамi можа зрабiць што захочаш. Прыстаўшы да яе з бясконцымi просьбамi i засыпаючы падарункамi, просiць яна ў яе аднаго з двух: або каб муж, памякчэўшы, зноў з ёю памiрыўся, або, калi гэта немагчыма, дык нашкодзiць яму, наслаць на яго смерць праз якога-небудзь пякельнага духа. Тады тая ведзьма, надзеленая чарадзейнай уладай, спачатку пускае ў ход першыя спробы свайго злачыннага ўмельства i з усiх сiл стараецца ўлагодзiць дух моцна абражанага мужа i скiраваць яго да кахання. А калi справа павярнулася не так, як яна чакала, абурылася на багоў не толькi за неатрыманне абяцанай узнагароды, але i ў адплату за праяўленую да сябе абыякавасць. Цяпер яна задумвае згубу няшчаснаму мужу i для гэтага насылае на яго цень нейкай памерлай гвалтоўнай смерцю жанчыны.

30. Аднак ты, прыдзiрлiвы чытач, можаш спынiць маё апавяданне i запытацца: "Адкуль жа ты, хiтры вослiк, не выходзячы за тэрыторыю млына, мог даведацца, што прыдумвалi злачынныя бабы?" Дык вось паслухай, якiм спосабам i пад постаццю ўючнай жывёлiны, застаючыся дапытлiвым чалавекам, я даведаўся, што рыхтуецца на пагiбель майму гаспадару млынару. Апоўднi з'явiлася ў млыне нейкая жанчына. Была яна босая, жоўта-бледная, худая, прыкрытая нейкiм лахманом. Твар яе быў амаль цалкам закрыты абвiслымi валасамi, сiвымi, бруднымi ад попелу, якiм яны былi абсыпаныя. Рысы яе твару былi знявечаны слядамi злачынстваў i незвычайнай тугой. З'явiўшыся ў такiм выглядзе, яна цiхенька кладзе млынару на плячо руку, быццам хоча з iм пагаварыць, заводзiць яго ў спальню i, запёршы дзверы, застаецца там доўгi час.

А работнiкi, змалоўшы зерне, якое было ў iх пад рукамi, пайшлi ў пакой да гаспадара i пачалi яго клiкаць, каб выдаў яшчэ збожжа. Некалькi разоў гучна крычалi, але гаспадар не адгукаўся. Прадчуваючы нейкую бяду, яны пачалi стукаць у дзверы, а пасля нацiснулi на iх мацней i выламалi. Нiякай жанчыны там не аказалася, а на бэльцы вiсеў ужо без духу з пятлёй на шыi iхнi гаспадар.

Яны знялi яго, выняўшы з пятлi, i з плачам абмылi цела. А пасля, выканаўшы хаўтурныя абрады, у суправаджэннi вялiкага натоўпу пахавалi.

31. На другi дзень паспешлiва прыбывае з суседняга сяла, куды нядаўна выйшла замуж, яго дачка ўся ў жалобе, iрвучы на сабе распушчаныя валасы i б'ючы сябе кулакамi ў грудзi.

Яна ўсё ведала пра няшчасце ў бацькоўскiм доме, хоць нiхто ёй пра гэта не паведамляў. У сне з'явiўся перад ёй цень бацькi з пятлёю на шыi i адкрыў усе зладзействы мачыхi. Расказаў i пра любадзейства, i пра злыя чары, i пра тое, як, загублены прывiдам, закончыў жыццё.

Доўга яна плакала i лямантавала, пакуль жыхары дома не ўгаварылi яе супакоiцца. Выканаўшы на дзевяты дзень законныя абрады, яна прадала з малатка ўсё: нявольнiкаў, хатнiя рэчы, млын i ўючную жывёлу. Такiм чынам, капрызная выпадковасць раскiдала ўсю гаспадарку ў розныя бакi. Мяне купiў нейкi бедны агароднiк за 50 нумаў. Паводле яго слоў, для яго была гэта вялiкая сума, але ён спадзяваўся з маёй дапамогай здабываць сабе сродкi на пражытак.

32. Ход апавядання, я думаю, патрабуе паведамiць, якiя былi мае новыя абавязкi. Кожнай ранiцы гаспадар нагружаў мяне рознай гароднiнай i гнаў у суседняе сяло, пасля, пакiнуўшы свой тавар гандлярам, сядаў мне на спiну i вяртаўся ў свой агарод. Пакуль ён капаў ды палiваў грады i займаўся iншай працай, я адпачываў i цешыўся супакоем.

Але вось разам з правiльным ходам свяцiлаў, чаргаваннем дзён i месяцаў, год, выкрэслiваючы свой круг, пасля багатай вiном, радаснай восенi пачаў хiлiцца ў бок зiмовага iнею Казярога. Увесь час iшоў дождж, начамi росы, а я, стоячы ў стойле пад адкрытым небам, вельмi пакутаваў ад холаду, бо ў майго гаспадара з прычыны крайняй беднасцi не было нi падсцiлу, нi страхi. Жыў ён у будане, складзеным з галля. Апроч таго, ранiцамi даводзiлася мне мясiць голымi нагамi вельмi халодную гразь, наступаючы на калючыя кавалачкi лёду, ды i не мог я напаўняць свой страўнiк звычайнай ежай. У мяне i ў майго гаспадара была адна i тая ж страва. Мы елi стары i нясмачны латук, якi быў пакiнуты на насенне i з-за свайго празмернага ўзросту зрабiўся падобным да венiка з горкiм, брудным i гнiлым сокам.

33. Аднойчы здарылася, што нейкi паважны чалавек з суседняй мясцовасцi, заблудзiўшыся ў час лiўню цёмнай бязмесячнай ноччу, звярнуў свайго стомленага каня на наш двор. За тое, што быў гасцiнна прыняты i атрымаў хоць не вельмi выгодны, але патрэбны адпачынак, ён захацеў аддзячыць ветлiваму гаспадару i абяцаў даць яму збожжа, алею i нават дзве бiклагi вiна. Мой гаспадар бярэ мех i пусты пасуд i, сеўшы на мяне без сядла, пускаецца ў дарогу за шэсцьдзесят стадыяў. Праехаўшы гэту адлегласць, мы апынулiся ў маёнтку, дзе зараз жа гасцiнны гаспадар запрашае майго гаспадара на шчодрае снеданне. Калi яны занялiся келiхамi, раптам здарыўся сапраўдны цуд: па дварэ бегала, адбiўшыся ад iншых, i кудахтала курыца, як звычайна перад тым, калi збiраецца знесцi яйцо. Глянуўшы на яе, гаспадар кажа: "Верная ты служка i пладавiтая! Ужо колькi часу ты штодзённымi родамi даеш нам харчы. Вiдаць, i цяпер рыхтуеш нам закуску". А пасля крычыць: "Гэй, малы, пастаў, як заўсёды, у куток кошык нясушцы!" Парабак выканаў загад, але курыца, пагрэбаваўшы звычайным гняздом, знесла ля ног гаспадара плод, якi мог незвычайна напалохаць. Яна знесла не яйцо, як можна было гэтага чакаць, а кураня з пер'ем, кiпцюрамi, вачыма, якое ўжо ўмела пiшчаць i адразу пабегла за сваёй мацi.

34. Неўзабаве пасля гэтага здараецца яшчэ большае дзiва, якое ўсiх моцна перапалохала. Пад самым сталом, на якiм былi яшчэ рэшткi снедання, расчынiлася зямля, i з глыбiнi зафантанiла кроў i ажно запырскала ўвесь стол.

У тую ж хвiлiну, калi ўсе, анямеўшы ад страху, трасуцца i дзiвяцца з боскай праявы, прыбягае хтосьцi з вiннага склепа i дакладвае, што вiно, даўно паразлiванае ў бочкi, нагрэлася, забурлiла i пачало кiпець, быццам на моцным агнi. Заўважылi таксама ласачку, якая выйшла на двор, трымаючы ў зубах ужо нежывую гадзюку. У паляўнiчага сабакi выскачыла з ляпы зялёнае жабяня, а на сабаку накiнуўся баран, якi быў непадалёку, схапiў яго за горла i адразу задушыў.

Гэтулькi розных страхоццяў збянтэжыла гаспадара i ўсiх жыхароў дома, яны не ведалi, што рабiць, якога бога прасiць больш, якога менш, каб адхiлiць iм пагрозы, колькi i якiх ахвяр трэба прынесцi?

35. Пакуль усе, скаваныя жахам, чакалi сама страшнага няшчасця, прыбягае нейкi нявольнiк i дакладвае аб вялiкiх страшных бедах, якiя звалiлiся на ўладальнiка маёнтка. Гонарам ягонага жыцця былi тры дарослыя сыны, сцiплыя i адукаваныя. Гэтыя юнакi сябравалi здаўна з адным бедным чалавекам, якi жыў у маленькай хацiне. Гэта хатка межавала з шырокiмi ўгоддзямi ўплывовага i багатага суседа, якi, злоўжываючы знатнасцю свайго роду, рабiў у акрузе, што толькi хацеў, але як чалавек багаты меў шмат прыхiльнiкаў. Ён варожа аднёсся да свайго беднага суседа i разбураў яго ўбогую сялiбу, забiваў дробную жывёлу, забiраў валоў, нiшчыў яго няспелае збожжа.

Селянiн быў чалавекам сцiплым, але, калi прагавiтасць багацея пазбавiла яго ўсёй маёмасцi, ён, жадаючы хоць бы мець месца для магiлы на родным полi, у вялiкiм страху паклiкаў сваiх сяброў у сведкi па справе размежавання зямлi. Сярод iншых прыйшлi i гэтыя тры браты, каб хоць чым-небудзь дапамагчы сябру ў яго бядзе.

36. Але той шаленец зусiм не спалохаўся i нават не збянтэжыўся, убачыўшы гэтулькi грамадзян, i не толькi не адмовiўся ад сваiх разбойнiцкiх намераў, а нават не пажадаў спынiць свой язык.

Калi тыя спакойна выказалi сваё жаданне i мiрнымi словамi старалiся змякчыць яго гвалтоўны нораў, ён клянецца ўсiмi багамi i жыццём дарагiх яму асоб, што яму няма нiякай справы да прысутнасцi гэтулькiх пасрэднiкаў, а свайго суседа загадвае нявольнiкам узяць за вушы i як найдалей выкiнуць з ягонай халупы.

Гэтыя словы вельмi абурылi ўсiх прысутных. Адзiн з братоў адказаў яму, што дарма, спадзеючыся на свае багаццi, пагражае ён з такой тыранскай пыхай, бо i бедакi знаходзяць абарону ў справядлiвых законах. Яго словы аказалiся для гэтага шалёнага чалавека як алей для полымя, серка для агню, бiч для фурыяў. Дайшоўшы да апошняй ступенi вар'яцтва, ён закрычаў, што загадае павесiць усiх сабраных i разам з iмi ўсе законы. I тут жа загадаў спусцiць з ланцугоў велiчэзных, кормленых падлай аўчарак, якiя не раз нападалi на падарожных, i пусцiць iх на сабраных.

Як толькi пачулi сабакi прывычнае цкаванне пастухоў, раз'юшана, азвярэла, з хрыпатым брэхам кiдаюцца на людзей i рвуць iх на кавалкi, наносячы крывавыя раны, не мiлуючы i тых, хто ратуецца ўцёкамi, а наадварот, праследуюць iх з яшчэ большым шаленствам.

37. У самай сярэдзiне перапалоханага натоўпу малодшы з трох братоў, спатыкнуўшыся аб камень, збiўшы пальцы ног, падае на зямлю i становiцца ахвярай раз'юшанай зграi. Убачыўшы здабычу, яны ўмомант расшкуматалi няшчаснага юнака. Браты, пачуўшы яго перадсмяротныя енкi, кiнулiся яму на ратунак i, закруцiўшы левую руку крысом плашча, старалiся каменнем адбiць брата ў сабак i адагнаць iх. Але нi суцiшыць раз'юшаных сабак, нi разагнаць iх iм не ўдалося, i няшчасны юнак, крыкнуўшы напаследак братам, каб яны адпомсцiлi багацею за яго смерць, гiне, разарваны на кавалкi. I браты, што засталiся жывыя, клянуцца Геркулесам, не столькi зняверыўшыся ў сваiм выратаваннi, колькi не дбаючы аб iм, кiдаюцца на багацея ў палкiм безразважным парыве i абсыпаюць яго каменнямi. Але гэты крыважэрны разбойнiк, якi i раней нарабiў нямала злачынстваў, ударам дзiды ўсярэдзiну грудзей прабiвае аднаго з братоў наскрозь. Аднак малады чалавек не падае на зямлю, бо кап'ё, прабiўшы яго i выйшаўшы праз спiну, уваткнулася ў зямлю i, закалыхаўшыся, затрымала цела ў паветры. Высокi i дужы нявольнiк прыскочыў забойцу на дапамогу i, размахнуўшыся, запусцiў у трэцяга юнака каменем, аднак камень закрануў яму толькi пальцы i ўпаў, не зрабiўшы нiякай шкоды.

38. Гэты зручны момант даў кемлiваму маладому чалавеку нейкую надзею на выратаванне цi на адплату. Прыкiнуўшыся, што рука ў яго пашкоджана, гаворыць ён таму бязлiтаснаму чалавеку: "Цешся загубай нашай сям'i, насычай сваю бясконцую лютасць крывёй трох братоў, праслаўляйся забойствам сваiх аднасяльчан, усё роўна, наколькi б ты нi расшыраў свае межы, колькi б зямлi нi адбiраў ты ў беднаты, нейкi сусед у цябе знойдзецца. О, каб гэта рука па несправядлiвасцi лёсу не выйшла са строю, яна б табе хутка знесла тваю галаву!"

Яшчэ горш азвярэўшы ад гэтых слоў, звар'яцелы разбойнiк схапiў меч i з жарам кiнуўся на юнака. Аднак трапiў не на слабейшага за сябе. Зусiм нечакана малады чалавек, схапiўшы яго за правую руку i вырваўшы меч, аказаў дастойнае супрацiўленне. Моцнымi ўдарамi мяча ён прымусiў яго развiтацца з гнюсным жыццём; а сам, каб не трапiць у рукi чэлядзi, якая падбягала, перарэзаў сабе горла скрываўленым варожай крывёю лязом.

Вось што прадвяшчалi тыя цуды няшчаснаму гаспадару. Але стары, на якога навалiлася столькi гора, не сказаў нi слова, не пралiў нават слязы. Ён схапiў нож, якiм разразаў для сваiх субяседнiкаў сыр i iншую ежу, i, за прыкладам свайго бяздольнага сына, наносiць сабе некалькi ран у шыю, пасля чаго валiцца на стол i змывае сваёй крывёю тыя злашчасныя плямы.

39. Расхваляваныя гiбеллю ў адну хвiлiну цэлага дому i ўздыхаючы з прычыны ўласнай няўдачы, агароднiк падзякаваў за снеданне слязьмi, i, часта ўспляскваючы пустымi рукамi, сядае на мяне, i вяртаецца дамоў па дарозе, якой мы сюды прыбылi. Аднак вяртанне не адбылося без непрыемнасцi. Сустрэўся нам нейкi бамбiза, мяркуючы з вопраткi i з выгляду салдат-легiянер, i напышлiва-нахабна пытаецца: "Куды вядзеш асла без паклажы?" А мой гаспадар, яшчэ не супакоены ад гора ды i не разумеючы лацiнскай мовы, едзе далей, нiчога не адказаўшы. Тады салдат са злосцi, палiчыўшы абразай яго маўчанне i не стрымаўшы свайго жаўнерскага нахабства, стукнуў гаспадара па галаве кiем з вiнаграднай лазы i скiнуў яго з мяне.

Агароднiк пакорлiва апраўдваецца, што не ведае лацiнскай мовы i не можа зразумець, што ён кажа. Тады салдат паўтарае па-грэцку: "Куды вядзеш гэтага асла?" Агароднiк кажа, што накiроўваецца ў суседнi горад. "А мне, — кажа той, — патрэбна яго дапамога. Трэба, каб ён разам з iншай уючнай жывёлай перавёз з суседняй крэпасцi рэчы майго камандзiра". I ўраз хапае мяне за повад i цягне за сабой. Аднак агароднiк, абцёршы з твару кроў, якая пацякла ў яго з раны на галаве пасля ўдару, пачынае ўпрошваць служаку быць ласкавым i лiтасцiвым, заклiнаючы надзеямi на шчаслiвы лёс.

"Вослiк жа гэты, — кажа ён, — ледзь ходзiць ды ад нейкай паганай хваробы штораз падае i ледзь дацягне з суседняга сяла некалькi бярэмаў гароднiны. Ён задыхаецца i ад такой працы, а каб вазiць што-небудзь, дык не можа быць пра гэта i мовы".

40. Убачыўшы, што не ўламае салдата нiякiмi просьбамi, а яму самому пагражае яшчэ большая небяспека, бо салдат зусiм раз'юшыўся i, павярнуўшы кiй таўсцейшым канцом наперад, можа вось-вось расшчапiць галаву, ён зрабiў выгляд, што нахiляецца да яго калень, каб вымалiць сабе спагаду. I ў той жа момант хапае яго за абедзве нагi, падымае iх высока ўгору, i салдат валiцца з грукатам на зямлю. А тады мой гаспадар пачынае лупцаваць яго па твары, па руках, па баках, працуючы кулакамi, локцямi i зубамi i падхопленым з дарогi каменем.

А той, апынуўшыся на зямлi, не мог адбiвацца цi нават баранiцца, а толькi няспынна пагражаў, што як устане, дык пасячэ яго мячом на кавалкi. Агароднiк не прапусцiў пагрозы мiма вушэй, а адабраўшы i адкiнуўшы чым далей ягоны шырокi меч, зноў нападае на яго i дубасiць яшчэ мацней.

Салдат, лежачы дагары i знясiлеўшы ад пабояў, не бачыць iншага выйсця, як прыкiнуцца мёртвым. Тады агароднiк, захапiўшы з сабой меч, ускоквае на мяне i хуткiм крокам накiроўваецца проста ў горад, не заязджаючы нават у свой агарод.

Там спыняецца ў свайго сябра i расказвае яму ўсю гiсторыю. Адначасова просiць аказаць яму ў такiх жудасных умовах дапамогу — схаваць на некалькi дзён яго i асла, каб прабыць у схове, пакуль мiне небяспека судовага праследавання, якое пагражае яму пакараннем смерцю. Той не забыўся даўняга сяброўства i ахвотна згадзiўся яму памагчы. Мне падагнулi ногi i зацягнулi па драбiне на другi паверх, а сам агароднiк нанiзе ў будане запоўз у нейкi кош i схаваўся там, прыкрыўшыся зверху матай.

41. Тым часам салдат, як я пасля даведаўся, падняўся быццам з вялiкага пахмелля i, кiваючыся, пакутуючы ад мноства ран i апiраючыся на палку, накiраваўся ў горад. Саромеючыся сваёй няўдачы, ён нiкому не расказаў пра здарэнне, моўчкi праглынуў сваю крыўду, але, спаткаўшы нейкiх сваiх сяброў, паведамiў iм аб сваёй бядзе. Супольна ўрадзiлi яны, што пацярпелы будзе нейкi час хавацца ў казармах, бо апроч асабiстай абразы ён баяўся яшчэ адказнасцi за страту мяча, за абразу Генiя, якому ён складаў прысягу. А сябры, распытаўшы пра нашы прыкметы, прыклалi ўсе намаганнi, каб адшукаць нас i расплацiцца. Вядома, сярод суседзяў знайшоўся здраднiк, якi нас выдаў i паказаў, дзе мы знаходзiмся. Тады салдатавы сябры звярнулiся да ўладаў i зрабiлi iлжывую заяву, быццам яны страцiлi на дарозе вельмi дарагi сярэбраны келiх свайго начальнiка, а нейкi агароднiк яго знайшоў i не хоча аддаць, а хаваецца ён у свайго блiзкага знаёмага.

На гэтай падставе чыноўнiкi, разведаўшы ўсё пра нас, прыйшлi да варот нашага сховiшча i голасна пачалi патрабаваць ад гаспадара, каб ён нас, якiх перахоўвае ў сябе, а ў гэтым няма нiякага сумнення, выдаў, бо iнакш уся вiна абрынецца на яго ўласную галаву. А той, зусiм не спалохаўшыся i стараючыся ўратаваць таго, хто яму даверыўся, нi ў чым не прызнаецца i кажа, што ўжо некалькi дзён не бачыў таго агароднiка ў вочы. А салдаты рашуча даказвалi, кленучыся Генiем iмператара, што вiноўнiк хаваецца тут, а не ў iншым месцы. Нарэшце ўлады вырашылi зрабiць у чалавека, якi рашуча адпiраўся, вобыск. Выпраўленым з гэтай мэтай лiктарам i iншым урадоўцам было загадана абшнарыць усе куткi. А тыя пасля вобыску дакладваюць, што нi жувой душы i нiякага асла яны ў доме не знайшлi.

42. Тут разгарэлася яшчэ гарачэйшая спрэчка. Салдаты даказвалi, што мы тут, што гэта iм дакладна вядома, i клялiся iмем Цэзара, а той заклiкаў багоў у сведкi i адмаўляў.

Пачуўшы гэту спрэчку, шум i крык, я, як асёл цiкаўны, неспакойны i дакучлiвы, выцягнуўшы i схiлiўшы набок шыю, стараюся глянуць праз акенца, што значыць гэты гоман. I раптам адзiн з салдатаў кiнуў выпадкова вокам у бок майго ценю i клiча ўсiх на яго зiрнуць. Адразу ўзняўся страшны крык, i праз хвiлiну нейкiя людзi, узлезшы па драбiне, хапаюць мяне i, як палоннага, цягнуць нанiз. А тады, не марудзячы, яшчэ больш уважлiва аглядаюць кожную шчылiну, адкрываюць той кош i знаходзяць няшчаснага агароднiка. Яго выводзяць, перадаюць у рукi ўладам, а тыя вядуць у гарадскую турму, пэўне, на тое, каб у хуткiм часе пакараць смерцю.

А з майго з'яўлення ў якасцi наглядальнiка не перастаюць рагатаць i кпiць. Адтуль i пайшла пашыраная прымаўка пра позiрк i цень асла.

КНIГА ДЗЕСЯТАЯ

1. Не ведаю, што сталася з маiм гаспадаром агароднiкам, а на наступны дзень прыйшоў той самы салдат, якi моцна паплацiўся за сваё слабасiлле, забраў мяне са стойла i, не сустрэўшы нiякага пярэчання, прывёў мяне ў сваю казарму. Тут нагрузiў мяне сваiмi манаткамi, узброiўшы i прыбраўшы цалкам па-ваеннаму, пагнаў па дарозе. Нёс я на сабе блiскучы шлем i яшчэ ярчэйшы шчыт i на завяршэнне кап'ё з даўжэзным, здалёк бачным дрэўкам. Усё гэта ён вылажыў старанна, як належыць у баявым паходзе, зверху, зразумела, не столькi дзеля ваеннай доблесцi, колькi для запалохвання бедных прахожых. Дарога iшла полем, i, прайшоўшы не вельмi цяжкi шлях, мы дабралiся да нейкага гарадка i спынiлiся не ў карчме, а ў доме нейкага дэкурыёна. Салдат здаў мяне адразу нейкаму прыслужнiку, а сам паспешлiва накiраваўся да свайго начальнiка, пад камандай якога знаходзiлася тысяча жаўнераў.

2. Праз некалькi дзён у гэтай мясцовасцi здарылася жудаснае злачынства. Яно засталося ў маёй памяцi, i я ўношу яго ў кнiгу, каб вы маглi пра яго даведацца. У гаспадара дома быў малады сын, вельмi добра выхаваны, вельмi сцiплы, пачцiвы, такi, якога б i ты, чытач, напэўна захацеў бы мець. Мацi яго даўно памерла, i бацька ажанiўся зноў. I ад другой жонкi быў у яго сын, якому ў той час iшоў трынаццаты год. Мачыха камандавала ў доме, вiдаць, больш дзякуючы сваёй знешнасцi, чым iншым якасцям.

Цi то ад прыроднай бессаромнасцi, цi кiраваная лёсам да нечуванага сораму, звярнула сваю асаблiвую ўвагу на пасынка. Ды ведай, шаноўны чытач, што я расказваю табе не казачкi, а трагiчную гiсторыю, дык заменьма камедыйныя чаравiкi на катурны. Гэта жанчына, пакуль першай сваёй ежай кармiўся немаўля Купiдон, магла супрацьстаяць яго слабым сiлам, моўчкi заглушаючы лёгкi агонь. А калi шалёны Амур пачаў бязлiтасна смалiць яе нутро, напоўнiўшы яго вар'яцкiм полымем, скарылася яна раз'юшанаму бажку i, каб схаваць душэўную рану, прыкiнулася хворай. Усiм вядома, што рэзкiя змены ў выглядзе i стане здароўя ў хворых i закаханых дакладна супадаюць. Тыя ж у iх мярцвяцкая бледнасць, стомленыя вочы, слабасць у каленях, трывожны сон i цяжкiя ўздыхi, тым больш пакутлiвыя, што праз сiлу вырываюцца з грудзей. Можна было падумаць, што i гэтай жанчыне не дае спакою толькi гарачка, каб не яе слёзы. Якiя ж невукi лекары, калi яны не разумеюць, што значыць, калi ў чалавека паскораны пульс, часта мяняецца колер твару, прыспешанае дыханне i хворы ўвесь час, не знаходзячы сабе месца, варочаецца з боку на бок! О добрыя багi, навошта быць умелым доктарам? Досыць мець хоць нейкае ўяўленне аб каханнi, каб зразумець, што творыцца з чалавекам, якi палымнее без гарачкi.

3. Нарэшце, даведзеная невыносным пачуццём да страшэннага ўзбуджэння, парушае захованую да таго часу маўклiвасць i загадвае паклiкаць да сябе сына. З якой радасцю пазбавiла б яна яго гэтага звання, каб, успамiнаючы пра ганьбу, не прыйшлося чырванець! Малады чалавек неадкладна выконвае волю мачыхi i, па-старэчы наморшчыўшы лоб, iдзе ў яе спальню, выказваючы належную паслухмянасць жонцы свайго бацькi i братавай мацi. А тая, стомленая доўгiм маўчаннем, i цяпер марудзiць, быццам сеўшы на мель сумнення. Яшчэ не зусiм страчаны сорам не дае ёй вымавiць нi аднаго слова з тых, якiя яна лiчыла найбольш для пачатку размовы адпаведнымi. А юнак, усё яшчэ не падазраючы нiчога благога, апусцiўшы вочы, сам ветлiва пытаецца аб прычыне яе хваробы. Тады яна, выкарыстаўшы iхнюю сустрэчу сам-насам, набралася адвагi i, залiваючыся слязьмi, закрыўшы твар крысом адзення, кажа яму дрыготкiм голасам:

"Уся прычына i ўся крынiца маiх цяперашнiх пакут i адначасова лякарства i адзiнае маё збаўленне — гэта ты!..

Твае вочы пранiклi ў мае вочы да глыбiнi душы i распалiлi ў маiм сэрцы жудасны пажар. Злiтуйся над той, якая праз цябе гiне! Няхай не бянтэжыць цябе пашана да бацькi, ты захаваеш жыццё яго жонкi, якая цвёрда вырашыла памерцi. У тваiм аблiччы прызнаўшы ягоны вобраз, я па закону кахаю цябе. Даверся мне! Мы адны, i часу, каб усё зрабiць, дастаткова. Тое, пра што нiхто не ведае, амаль зусiм не iснуе".

4. Гэта нечаканая прапанова збянтэжыла маладога чалавека, аднак, хоць у першую хвiлiну яго апанаваў жах ад такога ганебнага ўчынку, ён вырашыў не даводзiць мачыхi суровай адмовай да адчаю, а супакоiць яе асцярожнай прапановай адтэрмiноўкi. Ён ветлiва абяцае ёй, аднак горача ўгаворвае сабрацца з духам, ачуняць, памацнець, пакуль якая-небудзь бацькава адлучка не дасць iм магчымасцi заспакоiць гарачае пачуццё. I, пазбягаючы далейшай небяспечнай размовы, хутка пакiдае спальню мачыхi. Разумеючы, што такая сямейная бяда заслугоўвае стараннага абмеркавання, ён накiроўваецца да свайго старога выхавацеля, паважанага i разумнага чалавека.

Пасля доўгага абмеркавання справы яны вырашылi, што яму трэба чым хутчэй уцякаць ад буры, выклiканай жаночым намерам.

Але жанчына, не могучы выцерпець нават найменшай адтэрмiноўкi, прыдумала зачэпку i надзiва спрытна ўгаварыла мужа неадкладна адправiцца ў сваю найдалейшую вотчыну. Пасля гэтага, ап'янелая ад блiзкай да здзяйснення надзеi, яна патрабуе, каб юнак, як абяцаў, прыйшоў да яе i даў доказ свайго палкага пачуцця.

А малады чалавек пад рознымi прычынамi пачаў ухiляцца ад гэтай гнюснай сустрэчы.

Тады яна, зразумеўшы з яго няпэўных адказаў, што абяцанага не атрымае, iмклiва змянiла сваё злачыннае каханне ў вельмi небяспечную нянавiсць. Бярэ сабе ў хаўруснiкi паганага нявольнiка, якога атрымала некалi з пасагам, гатовага на ўсякую брудную справу, i адкрывае яму свае вераломныя планы. Яны не прыдумалi нiчога лепшага, чым загубiць беднага юнака. I вось гэты падлюга быў зараз жа пасланы на здабычу моцнай атруты, пасля чаго, падлiўшы смяротнага зелля ў вiно, мачыха рыхтуе бязвiннаму пасынку загубу.

5. Пакуль зладзюгi радзiлiся, калi i як паднесцi атруту, здарылася, што меншы хлопчык, родны сын гэтай нягоднай жанчыны, вярнуўшыся пасля ранiшнiх заняткаў дамоў i паснедаўшы, захацеў пiць. Ён знайшоў келiх з вiном i, не ведаючы пра атруту, якая ў iм была, залпам выпiў. I як толькi выпiў ён смяротны, падрыхтаваны брату, напiтак, адразу валiцца без духу на зямлю, а дзядзька, уражаны раптоўнай смерцю хлапчука, пачынае крычаць i клiкаць мацi i ўсiх хатнiх.

Хутка ўцямiлi ўсе, што хлопчык загiнуў ад яду, i вось пачалi снаваць розныя здагадкi, хто б мог зрабiць такое мярзотнае злачынства. Але гэта жорсткая жанчына, рэдкi прыклад вераломства мачыхi, не ўзрушылася нi лютай смерцю сына, нi сваiм нячыстым сумленнем, нi няшчасцем усяго дому, нi скрухай мужа, нi нават жалобай пахавання. Яна выкарыстала сямейнае гора як вельмi зручны выпадак для помсты. Неадкладна выпраўляе наўздагон за мужам, якi быў у дарозе, каб паведамiць яму пра бяду, што ўварвалася ў iхнi дом.

I не паспеў ён вярнуцца, як яна, набраўшыся небывалага нахабства, пачынае абвiнавачваць пасынка ў тым, што ён атруцiў яе сына. У сцвярджэннi гэтым была доля праўды, бо хлопчык папярэдзiў сваёй пагiбеллю тую смерць, якая прызначалася маладому чалавеку. А мачыха даказвала, нiбыта пасынак пайшоў на злачынства i загубiў малодшага брата за тое, што яна не згадзiлася на гнюснае сужыццё, да якога ён яе змушаў. Не спыняючыся на гэтай подлай iлжы, яна дабавiла, што ён пагражаў ёй мячом за тое, што яна выкрыла яго злачынства. Няшчасны муж, прыгнечаны стратай абодвух сыноў, быў зламаны цяжарам бедаў, якiя на яго навалiлiся. Ён бачыў на смяротным ложы цела малодшага сына i ведаў, што за кровазмяшэнне i забойства смяротны прыгавор пагражае i старэйшаму. А да таго крывадушны лямант вельмi каханай жонкi абуджаў у iм лютую нянавiсць да роднага сына.

6. Ледзь толькi закончылiся пахавальнае шэсце i абрады над целам яго сына, проста ад магiлы хлапчука няшчасны стары са слязамi на вачах i пасыпаючы попелам сiвыя валасы паспешлiва iдзе на гарадскую плошчу. Не ведаючы пра ашуканства нягоднай жонкi, ён плача i молiць, прыпадае нават да каленяў дэкурыёнаў, дамагаючыся асуджэння сына, якi апаганiў бацькоўскае ложа, забойцу роднага брата, злодзея, якi зрабiў замах на жыццё сваёй мачыхi. У сваёй скрусе ён выклiкаў такое спачуванне i абурэнне ў сенаце i нават у натоўпе, што ўсе выказвалiся за тое, каб, адкiнуўшы судовую валакiту, пагрэбаваўшы строгiм доказам абвiнавачання i зараней падрыхтаванымi выкрутамi абароны, тут, на месцы, зрабiць смерць укаменаваннем гэтай язвы на здаровым грамадскiм целе.

Тым часам улады зразумелi, якая небяспека пагражае iм самiм, калi слабыя iскры абурэння выклiчуць крушэнне грамадскага парадку i мяцеж. Яны ўгаворваюць дэкурыёнаў не спяшацца, уцiхамiрваюць натоўп i дабiваюцца таго, каб судаводства праходзiла належным чынам i паводле звычаю продкаў, каб прыгавор быў вынесены юрыдычна правiльна.

Павiнны быць выслуханы абодва бакi, нi адзiн чалавек не можа быць асуджаны так, як у варварскiх краiнах, дзе пануюць лютасць iтыранская самаволя, без прыняцця пад увагу яго выказвання. Нельга даць прыкладу будучым стагоддзям такой дзiкай з'явай у мiрны час.

7. Разумная думка перамагла, i зараз жа было загадана вяшчальнiку, каб ён склiкаў сенатараў i курыю. Калi яны занялi свае месцы паводле чыну i звычаю, зноў праносiцца голас вяшчальнiка, i першы выступае абвiнаваўца. Тут жа выклiкалi i ўвялi абвiнавачанага, i, паводле закону Атыкi i Марсавага судзiлiшча, вяшчальнiк аб'яўляе абаронцам, каб яны паўстрымалiся ад выступленняў i не заклiкалi да лiтасцi.

Пра ўсё гэта я даведаўся з гутарак, якiя людзi вялi памiж сабой. Аднак у якiх выразах нападаў абвiнаваўца, што гаварыў у сваё апраўданне абвiнавачаны i, наогул, якiя былi спрэчкi бакоў, я звестак не маю, бо сам там не быў, а стаяў у загародцы, дык чаго не ведаю, таго сказаць не магу. Запiсваю толькi тое, што мне добра вядома. Пасля таго як закончылася першая дыскусiя юрыстаў, было вырашана, што справядлiвасць абвiнавачання павiнна быць пацверджана цвёрдымi доказамi i што недапушчальна грунтаваць вырашэнне такой важнай справы на адных падазрэннях. Дзеля гэтага неабходна выклiкаць таго нявольнiка, якi адзiн толькi напэўна ведае, як усё адбывалася. А гэты падлюга анi не быў збянтэжаны нi сумненнямi ў ходзе гэтай справы, нi вiдам сената ў поўным зборы, нi нават папрокам нячыстага сумлення. Ён пачаў плесцi свае выдумкi, нiбы чыстую праўду.

Ён казаў, што яго паклiкаў да сябе малады чалавек, абураны непрыступнасцю сваёй мачыхi, i, каб адпомсцiць за абразу, даручыў яму забiць яе сына, паабяцаўшы шчодра за гэта заплацiць, а ў выпадку адмовы пагражаў смерцю. Юнак перадаў яму падрыхтаваны кубак, а пасля забраў, баючыся, каб ён, не выканаўшы даручэння, не пакiнуў пасудзiну як рэчавы доказ, i пасля даў хлапчуку атруту сам. Усё, што з напускным дрыжаннем гаварыў гэты злыдзень, было надзiва падобнае на праўду, i пасля яго паказання судовы разбор закончыўся.

8. Не было мiж дэкурыёнаў нi аднаго, хто б застаўся прыхiльным да маладога чалавека. Было ясна, што злачынства даказана i прыгавор можа быць толькi адзiн: зашыць у мех. Ужо заставалася сенатарам паводле старадаўнага звычаю апусцiць у урну свае аднолькавыя рашэннi, бо кожны напiсаў тое самае. А калi галасы сабраныя — лёс падсуднага вырашаны, нiчога змянiць нельга, i ўлада над яго жыццём перадаецца ў рукi ката.

I раптам адзiн са старэйшых сенатараў, лекар, чалавек праверанай справядлiвасцi, якi карыстаўся вялiкiм уплывам, закрыў рукой адтулiну урны, каб хто-небудзь не падаў неразважлiва свайго прысуду, i звярнуўся да сената з такой прамовай:

"Я ганаруся, што за ўсё сваё жыццё здабыў ваша прызнанне, i не магу дапусцiць, каб, асудзiўшы абылганага падсуднага, мы здзейснiлi яўнае забойства i каб вы, звязаныя прысягай судзiць справядлiва, будучы ўведзенымi ў зман iлжывым рабом, зрабiлiся клятвапарушальнiкамi. I я сам, вынесшы заведама несправядлiвы прысуд, патаптаў бы сваю пашану да багоў i саграшыў бы супраць свайго сумлення. Дык даведайцеся ж ад мяне, як усё адбылося.

9. Не вельмi даўно гэты нягоднiк прыйшоў да мяне, каб купiць моцнай атруты, I прапанаваў мне ў плату сто наважкiх залатых. Ён мне тлумачыў, што яд патрэбен для нейкага хворага, якi знемагае ад цяжкой невылечнай хваробы i хоча пазбавiцца ад пакутлiвага iснавання. Балбатня гэтага падлюгi i яго няскладныя тлумачэннi выклiкалi ў мяне падазрэнне, дык, зразумеўшы, што рыхтуецца нейкае злачынства, атруту я даў, але ў прадбачаннi ў будучым магчымасцi допыту прапанаваную плату ўзяў не адразу, а сказаў яму: "Каб памiж тых залатнiкоў, якiя ты мне даеш, не аказалася фальшывых, ты пакладзi iх у гэту торбачку i запячатай сваiм пярсцёнкам, а заўтра мы iх у якога-небудзь мянялы праверым". Ён згадзiўся i запячатаў грошы. Як толькi прывялi яго ў суд, я адразу выправiў аднаго свайго слугу конна дахаты па тыя грошы. Цяпер iх прынеслi, i я магу вам iх паказаць. Скажыце, як можна абвiнавачваць брата ў гатаваннi атруты, якую купляў гэты подлы раб?"

10. Тут на гэтага нягоднiка нападае немалы страх, натуральны колер твару зменьваецца смяротнай бледнасцю, па ўсiм целе выступае халодны пот. А ён то няўпэўнена пераступае з нагi на нагу, то чэша лоб, то патылiцу, мармыча праз зубы нейкiя незразумелыя словы…

Цяпер ужо нi ў кога не заставалася сумнення, што ён замяшаны ў злачынстве.

Аднак хутка загаварыла ў iм хiтрасць, i ён напорыста пачаў ад усяго адмаўляцца i даказваць, што сведчаннi лекара iлжывыя. А той, убачыўшы, як нiшчыцца годнасць правасуддзя i ўсенародна плямiцца ягоны гонар, з падвоенай энергiяй пачаў абвяргаць нягоднiка, пакуль па загаду начальства службовыя асобы не агледзелi рук подлага раба, не адабралi ў яго жалезнага пярсцёнка i не зверылi яго з пячаткай на торбачцы. Гэта параўнанне ўмацавала папярэдняе падазрэнне. Не пазбегнуў ён нi кола, нi дыбы, аднак з небывалай цярплiвасцю вытрымаў усе ўдары i нават муку агнём.

11. Тады доктар кажа: "Не дапушчу, каб, клянуся Геркулесам, вы насуперак боскiм устанаўленням пакаралi гэтага нi ў чым не вiнаватага юнака, а таксама, каб раб здзекаваўся з нашага судаводства i пазбегнуў пакарання за сваё гнюснае злачынства. Зараз я дам вам вiдавочны доказ яго вiны. Калi гэты падлюга хацеў купiць у мяне смяротны яд, я падумаў, што несумяшчальна з маёй прафесiяй каму б нi было шкодзiць, бо цвёрда ведаю, што медыцына заклiкана ратаваць людзей, а не губiць iх. Аднак, баючыся, што калi я не згаджуся выканаць яго просьбу, дык нехта iншы дасць яму смяротны напiтак i я сваёй адмовай адкрыю шлях да злачынства або ён сам выкарыстае для забойства меч цi iншую зброю, я даў яму зелле, але соннае, вядомую мандрагору, якая выклiкае глыбокi сон, падобны на смерць. Нiчога дзiўнага, што гэты разбойнiк, даведзены да мяжы адчаю, выцерпеў мукi, якiя здалiся яму лягчэйшымi за тую непазбежную кару, што паводле старога закону яму пагражае.

Калi хлопчык выпiў напiтак, падрыхтаваны маiмi рукамi, дык ён жывы, спачывае, спiць i ў хуткiм часе, скiнуўшы млявасць, вернецца на белы свет. А калi ён загiнуў, калi яго панесла смерць, тады прычыну ягонай загубы трэба будзе шукаць у iншым месцы".

12. Гэта прамова старога лекара здалася ўсiм вельмi пераканаўчай, дык адразу з вялiкай паспешлiвасцю накiроўваюцца да грабнiцы, у якой было пакладзена цела хлапчука.

Не было нi аднаго чалавека з сенатараў, са знакамiтасцяў, нi з простага народу, хто б з цiкавасцю не паспяшаўся на тое месца. Вось бацька адчыняе века труны якраз у тую самую хвiлiну, калi сын, стросшы з сябе смяротную нерухомасць, вяртаецца з краiны смерцi, моцна абымае хлопчыка i, не знаходзячы слоў, вартых гэткай радасцi, выводзiць яго да народу. I як быў хлопец абвiты пахавальнымi палотнамi, так i нясуць яго ў судзiлiшча. Злачынства паганага раба i гнюснейшай за яго жанчыны было ясна даказана, рэчаiснасць паўстае ва ўсiм сваiм непрыкрытым выглядзе.

Суд вынес прыгавор: мачысе вечнае выгнанне, а раба прыбiваюць да крыжа. Грошы, паводле аднадушнага рашэння, былi пакiнуты лекару як плата за такое цудоўнае соннае зелле.

Такi канец атрымала гэта знамянальная гiсторыя старога чалавека, якi за вельмi кароткi час, ледзь не за нязначны момант, перажыўшы пагрозу застацца бяздзетным, нечакана стаў бацькам двух сыноў.

13. А мяне тым часам вось як кiдалi хвалi лёсу. Той салдат, што мяне купiў, не пытаючыся ў прадаўца, i прысвоiў без нiякай платы, па загаду свайго трыбуна, выконваючы службовы абавязак, павiнен быў завезцi пiсьмы важнаму начальнiку ў Рым. Ён прадаў мяне за адзiнаццаць дынараў суседзям, нейкiм двум братам, якiя былi нявольнiкамi вельмi багатага пана. Адзiн з iх быў кандытарам i выпякаў хлеб i розных сартоў мядовае пячэнне, а другi быў кухарам, якi ўмеў рыхтаваць сакавiтыя мясныя стравы з надзвычай смачнымi прыправамi. Жылi яны разам, вялi агульную гаспадарку, а я павiнен быў вазiць розны посуд, якi неабходны быў iхняму гаспадару ў яго шматлiкiх падарожжах.

Так я ўступiў у гэта таварыства двух братоў у якасцi трэцяга, i нiколi дагэтуль лёс не быў да мяне такi прыхiльны. Мае гаспадары мелi звычку прыносiць у сваю каморку кожны вечар мноства ўсякiх астаткаў ад шчодрых i багатых банкетаў. Адзiн прыносiў вялiкiя кавалкi свiнiны, курацiны, рыбы i iншых страў гэтага гатунку, а другi — хлеб, пiражкi, блiны, булачкi, пячэнне i мноства мядовых прысмакаў.

Замкнуўшы сваё памяшканне, яны iшлi ў лазню асвяжыцца, а я дасыта наядаўся ежай, якая быццам звалiлася мне з неба. Бо не быў жа я такiм дурным аслом, каб, не дакрануўшыся да гэтых прысмакаў, вячэраць калючым сенам.

14. Даволi доўга мне гэтыя махлярскiя хiтрыкi ўдавалiся, бо з'ядаў я не так многа з вялiкiх запасаў i гаспадары не маглi западозрыць асла ў такiх штуках. Аднак я, цвёрда перакананы ў немагчымасцi выкрыцця, пачаў павялiчваць сваю порцыю, выбiраў сама найлепшае, з'ядаючы тлусцейшыя кавалкi i ласуючыся салодкiмi прысмакамi.

Братоў пачало трывожыць моцнае падазрэнне, i хоць iм на думку не прыходзiла, каб я быў да нечага падобнага здатны, яны пастаралiся высачыць вiноўнiка штодзённых прапажаў. Пачалi падазраваць адзiн аднаго ў гнюсным крадзяжы, узмацнiлi сачэнне, падвоiлi пiльнасць i нават пералiчылi кавалкi. Нарэшце адзiн з iх перастаў саромецца i кажа другому:

"З твайго боку так рабiць не вельмi справядлiва i чалавечна — красцi лепшыя часткi i, прадаўшы iх, цiшком збiраць грошыкi, а пасля патрабаваць, каб тое, што застанецца, дзялiць пароўну. Калi табе не падабаецца весцi супольную гаспадарку, дык можна ў гэтым пункце раздзялiцца, а ў астатнiм захаваць братнiя адносiны. Бо калi мы будзем так доўга дзьмуцца адзiн на аднаго з-за гэтых прапажаў, дык можам зусiм пасварыцца". А другi адказвае: "Клянуся Геркулесам, мне падабаецца такое нахабства, ты ў мяне з языка сарваў гэтыя скаргi на штодзённыя крадзяжы. Хоць я i быў засмучаны, але маўчаў увесь час, бо мне было сорамна вiнавацiць роднага брата ў дробным зладзействе. Выдатна выказалi мы абодва свае думкi, а цяпер трэба шукаць спосабу, як памагчы бядзе, каб наша маўклiвая варожасць не давяла нас да баёў Этэокла i Палiнiка".

15. Абмяняўшыся такiмi папрокамi, абодва паклялiся, што не займалiся ашуканствам, не кралi, i пастанавiлi агульнымi сiламi знайсцi шкоднiка, якi прычыняе iм страты. Нельга было падумаць, каб асёл, якi толькi адзiн заставаўся дома, мог харчавацца такой ежай цi каб у iхнюю каморку заляталi гарпii такой велiчынi, як гарпii, што выкрадалi некалi ежу ў Фiнея. А вось лепшыя кавалкi штодня знiкалi.

Тым часам, наядаючыся ўдосталь людскiх харчоў, я пачаў вiдавочна папраўляцца на целе, шкура ад тукаў стала мякчэць, шэрсць прыгожа заiльснiлася. Аднак гэта паляпшэнне майго выгляду паслужыла не на карысць майму сумленнаму iмю. Звярнуўшы ўвагу на незвычайную шырыню маiх плячэй i на тое, што сена застаецца кожны дзень некранутым, яны пачалi за мной пiльна сачыць. У звычайны час яны замкнулi дзверы i, зрабiўшы выгляд, што iдуць у лазню, пачалi праз нейкую шчылiнку назiраць. Убачыўшы, як я накiнуўся на пакiнутыя прысмакi, забылiся пра свае страты ад аслiнага абжорства i пачалi сардэчна рагатаць. Клiчуць аднаго, другога, сабралi цэлы натоўп сваiх таварышаў-нявольнiкаў падзiвiцца з пражэрлiвасцi бязглуздай уючнай жывёлiны. Такi напаў на ўсiх рогат, што ён дайшоў да вушэй гаспадара, якi паблiзу праходзiў.

16. Зацiкавiўшыся, з чаго смяецца чэлядзь, i даведаўшыся, у чым справа, ён таксама зазiрнуў у тую шчылiну i, атрымаўшы немалое задавальненне, так доўга смяяўся, што аж забалела ягонае нутро. Пасля таго, адчынiўшы дзверы, ён увайшоў у пакой, каб паглядзець на мяне зблiзку. А я, разумеючы, што лёс усмiхаецца да мяне ласкавей, чым калi, бо вясёлая кампанiя мяне падбадзёрвала, не збянтэжыўшыся, спакойна займаюся ядой далей. Гаспадар, развесялiўшыся такiм небывалым вiдовiшчам, не загадаў завесцi мяне ў дом, а сам павёў мяне ў сваю сталовую i загадаў паставiць на стол усякай ежы. Хоць я ўжо добра пад'еў, аднак, жадаючы заслужыць ягоную ўвагу i прыхiльнасць, накiнуўся на пададзеныя прысмакi. Тады прысутныя пачынаюць прыдумваць, якiя стравы будуць найменш адпаведныя аслiнаму смаку, i, каб праверыць маю паслухмянасць i рахманасць, прапаноўваюць мне мяса з прыправамi, наперчаную птушку i далiкатна прыгатаваную рыбу. Па ўсёй зале разлягаецца аглушальны рогат. Нарэшце нейкi жартаўнiк крычыць: "Дайце ж нашаму сатрапезнiку што-небудзь выпiць!" Гаспадар падтрымлiвае яго: "А праўда! Можа, наш госць не адмовiцца асушыць келiх вiна з мёдам!" А пасля дадае: "Гэй, малы, вымый добра гэты залаты келiх, напоўнi яго мядовым вiном i паднясi майму нахлебнiку, ды перадай разам, што я ўжо выпiў за яго здароўе". Усе чакалi з нецярпеннем, што будзе далей. А я, зусiм не спалохаўшыся, спакойна i нават гарэзлiва падцягнуў нiжнюю губу, склаўшы яе на падабенства языка, i адным духам асушыў вялiкую чарку. Тут узнiмаецца крык, i ўсе ў адзiн голас жадаюць мне здароўя.

17. Гаспадар быў вельмi задаволены, паклiкаў нявольнiкаў, якiя мяне купiлi, загадаў заплацiць iм учацвёра i перадаў мяне свайму любiмаму вольнаадпушчанаму, чалавеку даволi багатаму, i загадаў яму клапацiцца пра мяне з вялiкай стараннасцю. Той абыходзiўся са мной ласкава, кармiў людской ежай i, каб яшчэ лепш дагадзiць патрону, вучыў мяне розным штукам, якiя прыводзiлi гаспадара ў захапленне. Найперш навучыў ляжаць за сталом, абапёршыся на локаць, пасля барукацца i нават, стаўшы на заднiя ногi, танцаваць. А што было найбольш дзiўным, дык гэта ўменне адказваць кiўкамi галавы на пытаннi — у выпадку майго жадання нагiнаючы галаву наперад i ў адваротным выпадку адкiдаючы яе назад. Калi мне хацелася пiць, дык я глядзеў на падчашага i падмiргваў яму то адным, то другiм вокам.

Зразумела, што навучыцца ўсяму гэтаму было мне зусiм не цяжка, каб нават мне нiхто i не паказваў. Аднак я баяўся, што калi б без настаўнiка пачаў засвойваць чалавечыя звычкi, дык большасць маiх учынкаў маглi б палiчыць благiм прадвесцем i, пасекшы мяне на кавалкi, як якое-небудзь страшыдла, выкiнуць каршунам на спажыву.

Навокал пайшла пагалоска пра мае дзiвосныя здольнасцi, i гэта прынесла гонар i славу майму гаспадару. Пра яго казалi, што ён уладальнiк такога асла, якi з iм разам есць, якi ўмее дужацца, танцаваць i разумее людскую мову, адказваючы на яе адпаведнымi знакамi.

18. Хоць цяпер трэба мне сказаць тое, што павiнен быў зрабiць напачатку, хто быў мой гаспадар i адкуль родам. Зваўся ён Тыяз i паходзiў з Карынфа, сталiцы Ахайскай правiнцыi. Згодна свайму паходжанню i высокаму становiшчу ён пераходзiў ад пасады да пасады i нарэшце атрымаў на пяцiгоддзе магiстратуру. Каб годна прыняць такую важную пасаду, ён паабяцаў наладзiць трохдзённыя гладыятарскiя змаганнi i шырока паказаць сваю шчодрасць.

Клапоцячыся аб сваёй славе i папулярнасцi, ён падаўся ў Фесалiю закупiць найлепшых звяроў i знакамiтых гладыятараў.

Выбраўшы ўсё на свой густ, накiраваўся ў зваротнае падарожжа. Аднак ён не захацеў карыстацца нi сваiмi багатымi каляснiцамi, нi прыгожымi адкрытымi i закрытымi павозкамi, што пустыя цягнулiся ў канцы абозу, не захацеў нават ехаць на фесалiйскiх скакунах i на iншых сваiх верхавых конях, гальскiх жарабцах, патомства якiх цэнiцца вельмi высока. Упрыгожыўшы мяне залатымi фалерамi, каляровым чапраком, пурпурнай папонай, сярэбранай вуздэчкай, вышытай падпругай i галасiстымi званочкамi, сеў на мяне. Едучы, ён ласкава прыгаворваў, што найбольшую прыемнасць прыносiць яму тая акалiчнасць, што я магу яго везцi i дзялiць з iм застолле.

19. Калi, закончыўшы, часткова па сушы, часткова па моры, сваё падарожжа, мы прыбылi ў Карынф, дык натоўпы гараджан пачалi збiрацца, як мне здалося, не столькi дзеля таго, каб ушанаваць Тыяза, колькi з жадання падзiвiцца на мяне.

Дзеля таго, што аж сюды дайшла пагалоска пра мяне, я аказаўся для свайго наглядчыка крынiцай немалога даходу. Ён, як заўважыў, што шмат людзей вельмi хоча падзiвiцца на мае штукi, запёр дзверы i пачаў упускаць iх па адным за грошы, заграбаючы штодня немалую суму.

Здарылася так, што ў натоўпе зацiкаўленых была адна знакамiтая матрона. Заплацiўшы, як i iншыя, за ўваход i налюбаваўшыся рознымi маiмi штукарствамi, яна паступова перайшла ад здзiўлення да незвычайнай пажадлiвасцi i, не знаходзячы супакаення сваёй неразумнай немачы, горача пажадала маiх абдымкаў, як аслiная Пасiфея. За значную ўзнагароду яна згаварылася з маiм вартаўнiком i атрымала дазвол правесцi са мной адну ноч. Ён згадзiўся, думаючы не пра тое, якую прыемнасць можа яна ад мяне атрымаць, а пра сваю карысць.

20. Папалуднаваўшы, мы перайшлi з гаспадарскай сталовай у маё памяшканне, дзе засталi матрону, якая ўжо даўно мяне чакала. Добрыя багi! Якая ж цудоўная была зроблена падрыхтоўка! Тут жа чатыры еўнухi раскладваюць нам на ложа мноства пышна ўзбiтых невялiкiх падушачак з далiкатнага пуху, старанна рассцiлаюць залатое пакрывала, упрыгожанае пурпурам, а па iм раскiдаюць iншыя падушачкi, маленькiя, надзвычай мяккiя i ў вялiкай колькасцi. Звычайна любяць iх жанчыны распешчаныя падкладваць сабе пад шчокi цi пад патылiцу.

Каб сваёй доўгай прысутнасцю не скарачаць хвiлiн панiнай асалоды, яны хутка замыкаюць дзверы i адыходзяць. А ўнутры ясны свет блiскучых свечак разганяў для нас начны змрок.

21. Тады яна, скiнуўшы ўсё адзенне, распусцiўшы нават стужку, якая падтрымвала яе цудоўныя грудзi, становiцца блiжэй да святла i нацiраецца з алавянай скрыначкi духмянай памадай, а пасля намасцiла й мяне па ўсiх месцах, нацёрла нават ноздры… Пасля гэтага моцна мяне пацалавала, не так, як звычайна ў публiчным доме цалуе карыслiвая дзеўка скупога госця, а ад чыстага сэрца, прыгаворваючы: "Люблю, хачу, адзiн ты мне мiлы, не магу без цябе жыць" i iншае, чым жанчыны выказваюць свае пачуццi i будзяць у партнёраў пажадлiвасць. Затым, узяўшы мяне за вуздэчку, без цяжкасцi прымушае легчы, як я быў ужо прывучаны. Я не думаў, што мне прыйдзецца рабiць нешта цяжкае i непрывычнае, тым больш пры сустрэчы пасля такога доўгага ўстрымання з такой прыгожай i палкай жанчынай. Да таго ж i цудоўнае вiно, выпiтае ў значнай колькасцi, ударыла мне ў галаву, i палымяная мазь пабуджала маю сладастраснасць.

22. Аднак на мяне напаў немалы страх пры думцы, якiм спосабам я змагу з такiмi вялiкiмi грубымi нагамi ўзабрацца на кволую матрону, як загарну ў абдымкi сваiмi капытамi такое беласнежнае далiкатнае цела, быццам з малака i з мёду створанае? Як тыя маленькiя губкi, што ружавеюць духмянай расой, буду цалаваць велiчэзным ротам з пачварнымi, як камянi, зубамi i, нарэшце, якiм спосабам зможа жанчына, як бы нi распальвала яе пажадлiвасць, прыняць такiх памераў дзетародны член? Бяда мне! Вiдаць, прыйдзецца мне за нанесенае высакароднай грамадзянцы калецтва быць аддадзенаму на расшматаванне дзiкiм звярам i такiм чынам удзельнiчаць у свяце майго гаспадара.

А тым часам яна зноў абсыпае мяне пацалункамi i ласкавымi iмёнамi, далiкатна шчабеча, зжыраючы мяне вачыма, i закончвае выкрыкам: "Трымаю цябе, трымаю, мой галубок, мой верабейка!" I з гэтымi словамi даказвае мне, што мае сумненнi i мой страх былi зусiм беспадстаўныя. Цесна прыцiснуўшыся да мяне, яна прыняла мяне ўсяго без рэшты. I нават тады, калi, зберагаючы яе, я злёгку адсоўваўся, яна ў раз'юшаным парыве кожны раз сама да мяне прыцiскалася i, абхапiўшы маю спiну, спляталася цясней…

Клянуся Геркулесам, што мне пачало здавацца, быццам у мяне нечага не хапае, каб поўнасцю заспакоiць яе палкасць, i я зразумеў, што нездарма сыходзiлася мацi Мiнатаўра са сваiм палюбоўнiкам. Так усю ноч правялi мы без сну ў рабоце, а свiтаннем, пазбягаючы позiрку зары, жанчына аддалiлася, дагаварыўшыся за тую самую цану наконт наступнай ночы.

23. Мой выхавацель быў не супраць яе жадання працягваць гэтыя палкiя любоўныя заняткi, часткова дзеля вялiкага барышу, якi яму даставаўся, а часткова, каб падрыхтаваць свайму гаспадару новае вiдовiшча. I ён неадкладна адкрывае яму карцiну нашага кахання. А той, шчодра ўзнагародзiўшы свайго вольнаадпушчанiка, прызначае мяне для публiчнага прадстаўлення. Аднак з прычыны таго, што высакасвецкае становiшча маёй партнёркi не дазваляла ёй прымаць удзел у такiм вiдовiшчы, а iншай нельга было нi за якiя грошы знайсцi, дык вышукалi нейкую мiзэрную злачынку, асуджаную прыгаворам намеснiка на спажыву звярам. Яна мусiла разам са мной з'явiцца ў тэатры на вачах усяго народа. Я даведаўся, у чым было яе злачынства.

Быў у яе муж, бацька якога, выпраўляючыся калiсьцi ў падарожжа i пакiдаючы сваю жонку, мацi гэтага маладога чалавека, цяжарнай, загадаў ёй, калi ў яе народзiцца дзiця жаночага полу, неадкладна яго знiшчыць. Нарадзiўшы ў адсутнасць мужа дзяўчынку, яна, падуладная натуральнаму мацярынскаму пачуццю, не выканала мужавага загаду i аддала немаўля суседзям на выхаванне, а як муж вярнуўся, сказала, што дачка забiтая. I вось дзяўчына становiцца дарослай, i настаў час аддаваць яе замуж. Тады мацi, разумеючы, што муж, якi нiчога пра дачку не ведае, не можа даць ёй адпаведнага iх паходжанню пасагу, i адкрывае таямнiцу сыну. Апроч таго, яна вельмi баялася, каб часам юрлiвы сын не зрабiў памылкi i па прычыне ўзаемнага няведання не пачаў заляцацца да роднай сястры. Малады чалавек, як i належыць прыкладнаму сыну, свята захоўваў таямнiцу мацi i добрасумленна адносiўся да сястры. З годнасцю захаваўшы сямейную таямнiцу, прыкiдваючыся, што валодае iм звычайнае спачуванне, ён выконвае абавязкi кроўнай роднасцi, прыняўшы пад апеку нiбыта горкую суседскую сiрату. У хуткiм часе ён аддае яе замуж за свайго любiмага сябра, надзялiўшы з уласных сродкаў багатым пасагам.

24. Аднак уся гэта прыгожая i добрая справа, зробленая з усёй сумленнасцю i справядлiвасцю, не схавалася ад злавеснай волi лёсу, падбухторваннем якога ў доме маладога чалавека пасялiўся Разлад. Праз нейкi час ягонаяi жонка, тая, што асуджана на корм звярам, пачала спачатку падазраваць дзяўчыну ў тым, што яна яе сапернiца i наложнiца мужа, пасля зненавiдзела яе i рыхтавала загубу, робячы сама жудасныя падкопы. Вось якое прыдумвае яна зладзейства.

Выкраўшы ў мужа пярсцёнак i выехаўшы за горад, яна выпраўляе адданага свайго слугу-нявольнiка, якi ў сваёй вернасцi быў гатоў на ўсё найгоршае, каб ён паведамiў маладой жанчыне, быццам юнак, прыехаўшы ў памесце, выклiкае яе да сябе, дадаўшы, каб з'явiлася адна, без сведкаў, i прытым як найхутчэй. Для пацвярджэння гэтых слоў ён перадае ёй пярсцёнак. А тая, паслухмяная загаду брата (яна адна толькi ведала, што можа называць яго гэтым iмем), глянуўшы на яго пячатку, адразу пускаецца ў дарогу зусiм адна, як ёй было сказана. Аднак, подла ашуканая, не прадбачыла пасткi i трапiла ў цянёты каварства.

Тут гэта шаноўная жонка, ахопленая шалёнай рэўнасцю, перш за ўсё раздзяе дагала сястру свайго мужа i па-зверску яе лупцуе, а пасля, калi тая з лямантам тлумачыць, якiя сапраўды справы, i, без канца паўтараючы iмя брата, тлумачыць, што залоўка гарачыцца беспадстаўна, тая не верыць нi аднаму яе слову. Яна лiчыць усе апраўданнi выдумкай i, усунуўшы няшчаснай памiж бёдраў гарачую галавешку, даводзiць яе да смерцi.

25. Даведаўшыся аб гэтай жудаснай трагедыi, прыбягаюць брат i муж памерлай i, аплакаўшы яе, з горкiм галашэннем нясуць у магiлу.

Але малады чалавек не мог спакойна перанесцi гэтакай страшнай i зусiм не заслужанай смерцi сваёй сястры, надзвычай усхваляваны горам, ён захварэў на разлiццё жоўцi, пачаў гарэць ад высокай тэмпературы, так што яму самому аказалася неабходная дапамога. А яго жонка, якая, праўду кажучы, даўно страцiла права на гэта iмя, згаворваецца з адным лекарам, вядомым сваiм вераломствам, якi даўно здабыў славу шматлiкiмi перамогамi ў смяротных баях i мог бы саставiць доўгi спiс сваiх ахвяр. Яна абяцае яму пяцьдзесят тысяч сестэрцыяў, калi ён дасць ёй якой-небудзь моцнадзейнай атруты, i купляе смерць мужу. Згаварыўшыся, яны робяць выгляд, быццам рыхтуюць вядомы напiтак для аблягчэння болю ў грудзях i вывядзення жоўцi. Гэта лякарства вучоныя называюць свяшчэнным, але замест яго яны падсоўваюць iншае, свяшчэннае толькi хiба ў вачах Празерпiны. Вось сабралiся ўсе хатнiя i некаторыя з сяброў i блiзкiх, i лекар, размешваючы зелле, сам падае хвораму келiх.

26. Аднак нахабная жанчына, жадаючы пазбавiцца ад сведкi свайго злачынства i пакiнуць сабе абяцаныя лекару грошы, убачыўшы, што ён падае чару, кажа: "Але, шаноўны пане доктар, перш чым дасi майму дарагому мужу гэты напiтак, сам адап'еш частку. Адкуль я ведаю, можа, там падмяшана якая-небудзь атрута? Мудрага i вучонага мужа не можа абразiць, што я, адданая жонка, клапачуся пра яго выздараўленне".

Гэтая нахабнасць i бесчалавечнасць жанчыны была для лекара такой нечаканасцю, што ён, збянтэжаны, страцiўшы самавалоданне i не маючы часу на абдумванне сiтуацыi, баючыся, што найменшае хiстанне можа даць падставу для падазрэнняў, адпiвае з чары значны глыток.

Убачыўшы, якi ход прымае справа, лекар хацеў хутчэй падацца дамоў, каб паспець прыняць якое-небудзь супрацьяддзе i абясшкодзiць атруту. Але бесчалавечная жанчына ўпорыста старалася давесцi да канца распачатую справу i не адпускала яго нi на крок. "Пакуль, — казала, — не ўбачым гаючай дзейнасцi гэтай мiкстуры". I толькi калi ён надакучыў ёй бясконцымi мольбамi i просьбамi, дазволiла яму пайсцi. А ў гэтым часе стоеная смерць, абпальваючы ўсе вантробы, пранiкала ўсё глыбей i дабiралася да самага сэрца. Зусiм хворы, знемагаючы ад цяжкай санлiвасцi, ледзь дабраўся ён дахаты. Толькi паспеўшы расказаць пра ўсё жонцы, даручыўшы забраць хоць абяцаную плату за гэту двайную смерць, слаўны лекар у цяжкiх пакутах памiрае.

27. Малады чалавек таксама хутка памёр i, праводжаны iлжывым, прыкiдлiвым плачам жонкi, быў пахаваны.

Пасля паховiн, пачакаўшы некалькi дзён, патрэбных на выкананне абрадаў, з'яўляецца лекарава жонка i патрабуе платы за двайное забойства. Жанчына застаецца вернай сабе, патаптаўшы ўсе законы сумленнасцi, яна захоўвае яе выгляд. Адказвае вельмi ветлiва, дае шчодрыя i шырокiя абяцаннi, запэўнiвае, што неадкладна выплацiць належную суму, але дадае, што ёй хацелася б атрымаць яшчэ трохi таго леку, каб закончыць пачатую справу. Што доўга казаць? Лекарава жонка, заблытаўшыся ў цянётах подлага каварства, хутка згаджаецца i, жадаючы дагадзiць багатай жанчыне, паспешлiва вяртаецца дамоў i неўзабаве ўручае ўсю скрынку з атрутай.

А тая, атрымаўшы такi магутны сродак для здзяйснення злачынстваў, далёка прасцiрае свае крывавыя рукi.

28. Ад нядаўна забiтага ёю мужа была ў яе маленькая дачка. Цяжка было ёй сцярпець, што паводле закону частка бацькавай маёмасцi пераходзiць на карысць дзiцяцi, дык, паквапiўшыся на ўсю спадчыну, яна вырашыла зрабiць замах на жыццё дачкi. Ведаючы, што пасля смерцi дзяцей спадчыну па iх атрымлiваюць нават злачынныя мацi, гэтая настолькi паважаная мацi, як i верная жонка, не доўга думаючы, рыхтуе снеданне, на якое запрашае жонку лекара, i разам са сваёй малой дачушкай губiць яе той самай атрутай. З малой, у якой дыханне было слабое i далiкатнае нутро, яд спраўляецца хутка.

А лекарыха, як толькi адчула, што страшны напiтак пачаў разыходзiцца па лёгкiх, усчынаючы ў iх згубнае дзеянне, адразу зразумела, у чым тут справа. Калi ж трохi пазней цяжкае дыханне пацвердзiла яе падазрэнне, яна спяшаецца ў дом намеснiка i моцным крыкам просiць у яго дапамогi. У акружэннi ўсхваляванага натоўпу яна абяцае раскрыць страшныя злачынствы i дабiваецца таго, што перад ёй адчыняюцца дзверы дома i ўважлiвы слых намеснiка.

Ледзь толькi яна расказала падрабязна пра ўсе жудасцi азвярэлай жанчыны, як раптам пацямнела ў яе ў вачах, губы сцялiся, зубы заскрыгаталi, i яна звалiлася пад ногi намеснiку. Гэты муж, чалавек бывалы, не дапусцiў замаруджвання ў пакараннi за такiя шматлiкiя злачынствы гэтай ядавiтай яхiдны. Схапiўшы прыслужнiц жанчыны, ён мукамi дабiўся ад iх праўдзiвых паказанняў i прыгаварыў яе на разарванне дзiкiм звярам. Кару гэту ён налажыў не дзеля таго, што злачынка не заслугоўвала яшчэ большай, а таму, што iншай не змог прыдумаць.

29. Будучы прыгавораным публiчна спалучыцца з такой жанчынай, я з вялiкай трывогай чакаў пачатку ўрачыстасцi, не раз адчуваючы жаданне лепш закончыць самагубствам, чым заплямiць сябе дотыкам да такой злачыннiцы i быць выстаўленым на ганьбу перад усiм народам. Ды пазбаўлены чалавечых рук, пазбаўлены пальцаў, не мог я круглымi куксамi сваiх капытоў ухапiць меч. У безданi бедаў, што навалiлiся на мяне, свяцiла яшчэ мне маленькая надзея, што вясна, якая якраз пачынаецца, упрыгожыўшы кветкамi наваколле, акрые пурпуровым ззяннем лугi, i хутка, парваўшы сваю пакрытую шыпамi кару, разлiваючы духмянасць, пакажуцца ружы, якiя зноў ператвораць мяне ў Луцыя.

Вось i настаў дзень, прызначаны для адкрыцця гульняў. Мяне вядуць з вялiкай напышлiвасцю пад воплескi натоўпу, якi суправаджаў мяне да самага цырка. У чаканнi, пакуль закончыцца першы нумар гэтай праграмы, у якiм выступалi танцоры, мяне паставiлi побач з агароджай, i я з апетытам скуб вясёлую травiцу, што расла каля ўвахода, ад часу да часу кiдаючы цiкавым вокам у адчыненыя дзверы, i цешыў сябе прыемным вiдовiшчам.

Юнакi i дзяўчаты, ззяючы першым цвiценнем маладосцi, цудоўныя з выгляду, у шыкоўных касцюмах, з прыгожымi жэстамi пасоўвалiся то ўзад, то ўперад, выконваючы грэчаскi пiрыйскi танец. Яны то спляталiся цудоўнымi карагодамi ў поўны круг, то сыходзiлiся пакручастай стужкай, то аб'ядноўвалiся ў квадрат, то рассыпалiся асобнымi групамi. Ды гук трубы паклаў нарэшце канец гэтым складаным зблiжэнням i разыходжанням. Апусцiлася галоўная завеса, складзены шырмы, i вачам гледачоў адкрываецца сцэна.

30. На сцэне ўмельствам мастака была збудавана драўляная гара на падабенства той Iдэйскай гары, якую апяваў вешчы Гамер. Яна была абсаджана жывымi зялёнымi дрэвамi, а змайстраваная рукамi будаўнiка на самай вяршынi крынiца сцякала струмянямi са скальных адхонаў. Некалькi козак скубла травiцу, i юнак, апрануты па фрыгiйскай модзе ў прыгожую верхнюю тунiку i азiяцкi плашч, якi складкамi ападаў з яго плячэй, з залатой тыярай на галаве, увасабляў пастуха, што пiльнаваў статак.

Вось паказаўся прыгожы падлетак, на якiм, апроч хламiды эфебаў на левым плячы, няма iншай вопраткi, залацiстыя валасы ўсiм на захапленне, i праз завiткi прабiваецца ў яго пара зусiм аднолькавых залатых крылцаў, а кадуцэй апавяшчае, што гэта Меркурый. Ён наблiжаецца, танцуючы, падае таму, што прадстаўляў Парыса, пазалочаны яблык, якi трымаў у правай руцэ, знакам тлумачыць волю Юпiтэра i, зграбна павярнуўшыся, знiкае з вачэй.

Пасля таго з'яўляецца дзяўчына высакароднай знешнасцi, падобная да багiнi Юноны. Яе галаву акружае светлая дыядэма, у руках трымае яна скiпетр. Неўзабаве ўваходзiць i другая, якую можна прыняць за Мiнерву. На яе галаве блiскучы шлем, абвiты алiўкавым вянком, яна нясе шчыт i патрасае кап'ём, зусiм як тая багiня ў баi.

31. Следам за iмi выступае яшчэ адна, ззяючы красой i паказваючы сваiм цудоўным аблiччам, што яна Венера, тая Венера, што была яшчэ нявiннiцай, выяўляючы дасканалую прыгажосць адкрытага цела, калi не лiчыць шаўковай матэрыi, якая засланяла яе чароўную адзнаку жаноцкасцi. Ды i той лапiчак нясцiплы вецер, гарэзлiва дурэючы, то прыўзнiмаў, ажно вiднелася раздвоеная кветка юнацтва, то, дзьмучы мацней, шчыльна прыцiскаў, i тады выразна абрысоўвалiся зваблiвыя формы.

Колеры ў аблiччы багiнi былi розныя, белае цела абазначала, што з неба спускаецца, а блакiтнае пакрывала значыла, што вяртаецца ў мора. За кожнай дзевай, якiя прадстаўлялi багiняў, iдзе свая свiта, за Юнонай — Кастар i Палукс з яйкападобнымi шлемамi на галовах, упрыгожанымi зоркамi. Гэтыя блiзняты таксама былi маладымi акцёрамi. Пад гукi розных мелодыяў, iграных на флейце на iёнскi лад, дзяўчына наблiжалася паважна i цiха i высакароднымi жэстамi дала зразумець пастуху, што калi ён прысудзiць ёй узнагароду за прыгажосць, дык аддасць яму валадарства над усёй Азiяй.

За той, якую ваяўнiчыя даспехi ператварылi ў Мiнерву, iшла варта з двух юнакоў-збраяносцаў ваяўнiчай багiнi — Страх i Жудасць. Яны прытанцоўвалi, трымаючы ў руках аголеныя мячы. Ззаду за ёй iшоў фляйцiст, якi выконваў дарыйскую баявую мелодыю, i, чаргуючы нiзкiя гукi са свiстам высокiх тонаў, наследаваў сваiм iграннем трубу, якая пабуджала да жывога танца. Патрасаючы нецярплiва галавой, яна выразнымi жэстамi, рэзкiмi i хуткiмi, паказала Парысу, што калi яе ён зробiць пераможцай у гэтым спаборнiцтве прыгажунь, дык стане героем i знакамiтым заваёўнiкам.

32. А вось Венера, суправаджаная захопленымi крыкамi натоўпу, акружаная роем гарэзлiвых малых, ветлiва ўсмiхаючыся, спынiлася ў цудоўнай позе пасярод сцэны. Можна было падумаць, што гэтыя круглатварыя i малочна-белыя хлопчыкi сапраўды з'явiлiся з неба або з мора. Сваiмi крылцамi i стрэламi i наогул усiм сваiм выглядам яны вельмi напамiналi купiдонаў. У iх руках ярка гарэлi факелы, быццам яны асвятлялi сваёй панi шлях на нейкi вясельны банкет. Тут жа збягаюцца чароды цудоўна-цнатлiвых дзяўчатак, адгэтуль — сама зграбныя Грацыi, адтуль Оры найпрыгажэйшыя кiдаюць кветкi i гiрлянды, сплятаюць сваёй багiнi мiлы карагод, ушаноўваючы паню асалод кучарамi вясны. А флейты з многiмi адтулiнамi квола гучаць лiдыйскiмi напевамi.

Соладка разварушылiся сэрцы гледачоў, а Венера непараўнальна прыцягальна пачынае памалу варушыцца, замаруджвае крок, злёгку паводзiць плячамi i, ледзь прыкметна пакалыхваючы галавой, пачынае ўторыць флейце зграбнымi жэстамi i паводзiць вачамi, то млява прыплюшчанымi, то страсна адкрытымi, так што часам адны толькi вочы прадаўжалi танец.

Апынуўшыся перад аблiччам суддзi, рухам рук, напэўна, абяцала, што калi Парыс аддасць ёй першынство перад iншымi багiнямi, дык атрымае за жонку цудоўную жанчыну, падобную да яе самой. Тады фрыгiйскi юнак, нiбы галасуючы за перамогу дзяўчыны, перадаў трыманы ў руках залаты яблык ёй.

33. Чаго вы дзiвiцеся, бязмозгiя галовы, не, жывёлiны судзейскiя, ды дзе там! — каршуны ў тогах, што цяпер усе суддзi гандлююць сваiмi рашэннямi, калi на пачатку свету ў справе, што ўзнiкла памiж людзьмi i багамi, была замяшана неаб'ектыўнасць? Суддзя, выбраны з парады вялiкага Юпiтэра, чалавек вясковы, пастух, паквапiўшыся на асалоды, прадаў, асудзiўшы разам з гэтым на загубу, увесь свой род. I пазней, клянуся Геркулесам, здаралася не iнакш. Возьмем, напрыклад, знакамiтае судзiлiшча праслаўленых ахайскiх камандзiраў. Хоць бы тады, як яны па iлжывых нагаворах абвiнавацiлi ў здрадзе наймудрэйшага i сама вучонага Паламеда або калi ў пытаннях ваеннай доблесцi аддалi перавагу не велiчнаму Аяксу, а непрыкметнаму Улiсу. А што можна сказаць пра тое славутае рашэнне, прынятае законалюбiвымi афiнянамi, людзьмi тонкiмi, настаўнiкамi ў кожнай галiне навук? Цi ж той стары боскай мудрасцi, якога сам дэльфiйскi бог абвясцiў наймудрэйшым спамiж смяротных, па зласлiвай абмове бессумленнай шайкi не пераносiў ганенняў за разбэшчанне моладзi, той маладзi, якую ён паўстрымоўваў ад усяго лiшняга? Цi ж не быў ён загублены смяротным сокам атрутнай травы, пакiнуўшы нязмыўную пляму на сваiх суайчыннiках.

А вось жа цяпер сама знакамiтыя фiлосафы прынялi яго найсвяцейшую навуку i клянуцца яго iмем у сваiм iмкненнi да найвышэйшага шчасця? Але, каб хто-небудзь не папракнуў мяне за ўзрыў абурэння, падумаўшы, што вось мы павiнны яшчэ выслухоўваць асла-фiлосафа, вяртаюся да таго месца, на якiм мы спынiлiся.

34. Пасля таго як закончыўся Парысаў суд, Юнона з Мiнервай, засумаваныя i аднолькава загневаныя, сыходзяць са сцэны, выражаючы жэстамi абурэнне за тое, што iх адхiлiлi. А Венера ў радасцi i весялосцi выказвае свой трыумф танцам з усiм карагодам.

Тут праз нейкую патаемную трубку з самай вяршынi гары вырываецца ў паветра струмень вiна, змяшанага з шафранам, i, разлiўшыся шырока, арашае пахучым дажджом коз, якiя былi на пашы, i iхнюю белую ад прыроды воўну фарбуе ў залацiста-жоўтую, шмат прыгажэйшую. Калi ўвесь тэатр напоўнiўся салодкiм водарам, драўляная гара правалiлася скрозь зямлю.

Ды вось нейкi салдат выбягае на вулiцу i накiроўваецца ў бок гарадской турмы, каб ад iмя ўсяго народа запатрабаваць прывесцi ў тэатр тую жанчыну, пра якую я ўжо гаварыў, асуджаную за мноства злачынстваў на з'ядзенне звярам i прызначаную да слаўнага са мной палавога акта. Пачалi ўжо старанна рыхтаваць нам шлюбнае ложа, расквечанае шаўковымi пакрываламi, блiскучымi iндыйскiмi чарапкамi, узнятае гурбамi пухавiкоў. А мне было не толькi сорамна публiчна выконваць акт, не толькi агiдна дакранацца да гэтай злачыннай i распуснай жанчыны, але i мучыў мяне страх смерцi. А што, думаў я, калi ў хвiлiну нашых любоўных абдымкаў будзе выпушчаны якi-небудзь звер, адзiн з тых, якiм на спажыву прызначана гэта злачыннiца? Нельга разлiчваць на тое, што звер будзе такi кемлiвы ад прыроды, цi так умела вывучаны, цi адзначацца такой устрыманасцю, што жанчыну, якая ляжа са мной, разарве, а мяне самога, як не асуджанага i не вiнаватага, не зачэпiць.

35. Я пачаў ужо клапацiцца не столькi аб сваёй сарамлiвасцi, колькi аб выратаваннi жыцця. Тым часам мой настаўнiк акунуўся ў клопаты аб тым, каб належным чынам наладзiць ложа, а iншая чэлядзь або была занята падрыхтоўкай да палявання, або ўзiралася на займальнае вiдовiшча. Мне былi пакiнуты ўсе магчымасцi здзейснiць свае планы. Нiкому i ў галаву не прыходзiла, што за такiм рахманым аслом патрабуецца нагляд.

Тады я асцярожна прабiраюся да блiжэйшых дзвярэй i, выскачыўшы, пускаюся з усяе сiлы наўцёк. I гэтак прамчаўшыся цэлых шэсць мiль, дабягаю да Кянхрэя, якi лiчыцца найлепшай карынфскай калонiяй i абмываецца Эгейскiм i Саранiцкiм морамi. Гавань яго з'яўляецца вельмi надзейным прыпынкам для караблёў, i там заўсёды поўна народу. Аднак я пазбягаю шматлюддзя i, выбраўшы адасобленае месца на беразе каля самай вады, распасцiраю стомленае цела на ўлоннi мяккага пяску i падмацоўваю свае сiлы. Каляснiца сонца ўжо апошнi слуп на iпадроме дня абагнула, калi ў вечаровай цiшынi ахапiў мяне дабратворны сон.

КНIГА АДЗIНАЦЦАТАЯ

1. Каля першай начной варты, раптам у сполаху прачнуўшыся, бачу незвычайна блiскучы поўны дыск месяца, што якраз падымаўся з марскiх хваль. Неспадзявана стаўшы сведкам начной таямнiцы, ведаючы, што валадарства вярхоўнай багiнi прасцiраецца асаблiва далёка i яе воля кiруе ўсiм нашым светам, што цудоўныя загады гэтага боскага свяцiла прыводзяць у рух не толькi свойскую жывёлу i дзiкiх звяроў, а нават i неадушаўлёныя прадметы, што ўсе рэчы на зямлi, на небе i на моры згодна з яго ўзрастаннем павялiчваюцца, а з убываннем змяншаюцца, палiчыўшы, што лёс ужо здаволiўся маiмi такiмi шматлiкiмi i цяжкiмi бедамi i дае мне надзею на выратаванне, хоць i спозненае, я надумаўся звярнуцца з малiтвай да царскага аблiчча свяшчэннай багiнi, якое стаяла перада мной.

Без прамаруджвання, скiнуўшы з сябе лянiвую млявасць, я бадзёра ўскокваю i з жаданнем тут жа падпасцi пад ачышчэнне сем разоў апускаю сваю галаву ў марскую тонь дзеля таго, што гэты лiк быў яшчэ боскiм Пiфагорам прызнаны за найбольш адпаведны для рэлiгiйных абрадаў. Пасля таго, звярнуўшы да магутнай багiнi свой зрошаны слязамi твар, так гавару:

2. "Уладарыца нябёсаў, цi ты, Цэрэра, святая мацi раслiн, якая, нарадзiўшы зноў дачку, з радасцi лiквiдавала жалуды, дзiкiя вясковыя харчы, паказаўшы людзям далiкатную прыемную ежу, i жывеш ты ў Элеўсiнскай зямлi; цi ты, нябесная Венера, якая, нарадзiўшы ў пачатку вякоў Амура, злучыла два розныя полы i, памнажаючы вечнай плоднасцю людскi род, цяпер на святым Пафасе, што абмываецца морам, атрымоўваеш пашану; цi ты, сястра Феба, што з лiтасцiвай дапамогай прыходзiш у час родаў i, вырасцiўшы столькi народаў, праслаўляешся цяпер у вядомай Эфескай святынi; цi ты, Празерпiна, якая начнымi завываннямi наводзiш жах, што трайным сваiм выглядам утаймоўваеш нацiск злых духаў, над падземнымi цямнiцамi валадарыш, па розных гаях блукаеш, розныя пакаленнi прымаючы. О Празерпiна, якая сваiм жаночым ззяннем кожны дом асвятляеш, вогкiмi праменямi пасевы ўскормлiваеш, а як сонца хаваецца, нявернае святло сваё нам пралiваеш! Як бы ты нi звалася, якiмi абрадамi i ў якiм выглядзе нi належыць цябе ўшаноўваць, прыйдзi на дапамогу ў бясконцых маiх няўдачах, прышлi мне супакой i адпачынак, падтрымай мой хiсткi лёс, спынi бязлiтасныя беды! Здымi з мяне вобраз дзiкай чацвераногай жывёлiны, вярнi мяне вачам маiх блiзкiх, вярнi мяне майму Луцыю! А калi мяне праследуе з няўмольнай лютасцю якi-небудзь абражаны мною бог, дык хай будзе дадзена мне смерць, калi не дадзена жыць".

3. Вылiўшы такiм спосабам сваю душу ў малiтве, з жаласлiвым галашэннем зноў апускаюся на сваё месца, i маю стомленую душу ахоплiвае сон. Але не паспеў я стулiць павек, як раптам з сярэдзiны мора памалу ўзнiмаецца боскае аблiчча, якое сваiм выглядам выклiкае пашану. А пасля, выходзячы памалу з марской тонi, з'явiлася перада мной i ўся прамянiстая постаць. Пастараюся перадаць i вам гэту дзiўную з'яву, калi не стане мне на перашкодзе беднасць людскiх слоў цi калi само боства сашле мне багаты i шчодры дар магутнага красамоўства.

Перш за ўсё густыя доўгiя валасы, непрыкметна разабраныя на пасмы, свабодна i мякка рассыпалiся па цудоўнай шыi. Самы верх галавы акружаў вянок з усякiх стракатых кветак, а пасярэдзiне над лобам круглая пласцiнка выпраменьвала яснае святло, быццам люстэрка цi мо верная адзнака багiнi Луны. Злева i справа завяршалi круг звiвiстыя змеi, што цягнулiся ўгору, а таксама каласы збожжа, якiя ўзнiмалiся над усiм. Яе рознакаляровая сукня з тонкага шоўку то ззяла беллю, то станавiлася залацiста-жоўтай, як шафран, то палымнела чырванню ружы. Але найбольш уразiў мяне яе чорны плашч, якi адлiваў цёмным бляскам. Абвiўшыся навакол цела i пераходзячы на спiне з правага клуба на левае плячо, як рымскiя тогi, ён павiсаў тугiмi складкамi, а краi яго былi абшыты махрамi.

4. Уздоўж аблямоўкi i па ўсёй паверхнi плашча то тут, то там былi вышыты мiгатлiвыя зоркi, памiж якiмi месяц выпраменьваў сваё палымянае ззянне. А там, дзе ападала хвалямi гэта дзiўнае покрыва, з усiх бакоў была вышыта суцэльная гiрлянда з усiх, якiя iснуюць, кветак i пладоў. У руках у яе былi зусiм не падобныя адзiн на адзiн падметы. У правай трымала мядзяную бразготку, вузкая аснова якой, выгнутая ў колца, перасякалася трыма маленькiмi пруточкамi, i ўсе разам яны пры патрасаннi выдавалi пранiзлiвы звон. А на левай руцэ вiсела чара ў выглядзе лодачкi, на ручцы якой з правага боку высока падымаў галаву аспiд з непамерна раздзьмутай шыяй. Духмяныя ступнi былi абутыя ў сандалi, зробленыя з пераможных пальмавых лiстоў. Вось у гэтакiм выглядзе, у такiм уборы, дыхаючы водарам Шчаслiвай Арабii, удастоiла яна мяне сваiм боскiм прадраканнем:

5. "Вось перад табою, Луцый, узрушаная тваiмi ўмольваннямi, я, мацi прыроды, панi ўсiх стыхiяў, першапачатковае нараджэнне часу, найвышэйшая памiж бостваў, валадарнiца душ памерлых, першая сярод нябесных жыхароў, адзiнае адлюстраванне ўсiх багоў i багiняў, знаку якой падуладныя нябёс блакiтнае скляпенне, гаючыя подыхi мора, плакучая бязмоўнасць апраметнай. Мяне, адзiную ўладарнiцу, ушаноўвае пад шматлiкiмi вобразамi рознымi абрадамi, пад рознымi iмёнамi ўвесь свет. Фрыгiйцы, першынцы чалавецтва, называюць мяне Песiнуцкай мацi багоў, спрадвечныя жыхары Атыкi — Мiнервай Кекранiцкай, кiпрыёты, абмываныя морам, — Пафiйскай Венерай, крыцкiя стральцы — Дыянай Дыктынскай, трохмоўныя сiцыльцы — Стыгiйскай Празерпiнай, элеўсiнцы — Цэрэрай, старадаўняй багiняй, адны — Юнонай, iншыя — Белонай, тыя — Гекатай, гэтыя — Рамнузiяй, а эфiопы, якiх асвятляюць першыя промнi сонца на ўсходзе, арыi i багатыя старажытнай вучонасцю эгiпцяне ўшаноўваюць мяне так, як i трэба, называючы мяне маiм сапраўдным iмем — царскай Iзiдай.

Вось я перад табой, спачуваючы тваiм бедам, вось я, добразычлiвая iмiласэрная. Пакiнь плач i скаргi, ганi прэч скруху, ужо па маiм жаданнi займаецца для цябе дзень збаўлення. Дык слухай уважлiва ўсе мае наказы. Дзень, якi народзiцца з гэтай ночы, здаўна прысвячаецца мне. Зiмнiя непагоды супакойваюцца, бурныя хвалi зацiхаюць, мора робiцца даступным для плавання, i мае жрацы, спускаючы судна на ваду, прысвячаюць яго мне ў якасцi першынца мараходства. Чакай гэтага абраду спакойна i набожна.

6. Ведай, што паводле майго навучання, якраз у час працэсii ў жраца ў правай руцэ будзе вянок з руж. Дык не марудзь нi хвiлiны, а, рассунуўшы натоўп, бадзёра далучайся да працэсii, кiруючыся маiмi дазволамi, i, падышоўшы зусiм блiзка, асцярожна, быццам ты хочаш пацалаваць жрацову руку, сарвi ружы i скiнь з сябе ў той жа момант гэту мярзотную i ўжо даўно мне ненавiсную звярыную шкуру. Нiчога не бойся, бо выпаўнiць мае настаўленнi цяжка не будзе. У гэту ж самую хвiлiну, калi я з'яўлюся табе, я знаходжуся i ў iншым месцы, каля майго жраца, i папярэджваю яго ў сне аб тым, што здарыцца, i навучаю, як трэба дзейнiчаць. Па маiм загаду густы натоўп расступiцца i дасць табе дарогу, твая пачварная знешнасць нiкога не збянтэжыць у час вясёлага шэсця i святочных вiдовiшчаў, а тваё нечаканае ператварэнне не выклiча нiякага падазрэння i варожасцi. Але запомнi чым наймацней i назаўсёды захавай у сваiм сэрцы, што рэшту свайго жыцця аж да апошняга ўздыху ты прысвяцiш мне. Справядлiвасць вымагае, каб той, чыё дабрадзейства верне цябе да людзей, належала ўсё тваё жыццё. Ты будзеш жыць шчаслiва, ты будзеш жыць пад маёй апекай i калi, закончыўшы свой жыццёвы шлях, сыдзеш у краiну мёртвых, ды, як бачыш мяне сягоння тут, так i там, у тым падземным паўкрузе знойдзеш мяне, якая прасвятляе змрок Ахеронта, уладарнiцай Стыгiйскiх тайнiкоў i сам, знаходзячыся на Элiзейскiх палях, будзеш мне, мiласэрнай да цябе, старанна пакланяцца. Калi ж прыкладнай паслухмянасцю, выкананнем абрадаў, непахiснай цнатлiвасцю ты дагодзiш нашай боскай волi, дык ведай, што толькi я маю ўладу прадоўжыць тваё жыццё звыш вызначанага тэрмiну".

7. Давёўшы да канца сваё поўнае зычлiвасцi прадказанне, непераможная багiня знiкла. Разам са сном пакiдае мяне страх, я ўскокваю з такой радасцю, што аж выступiў на мне пот. Моцна ўсхваляваны такой выразнай прысутнасцю багiнi, я зноў апускаюся ў марскую ваду i, каб не забыць яе вялiкiх наказаў, абнаўляю ў памяцi па парадку ўсё, пра што яна мне гаварыла.

Неўзабаве знiк туман цёмнай ночы, усходзiць залатое сонца, i вось ужо ўсе вулiцы запаўняюць набожныя натоўпы, радуючыся, як i ў час трыумфальнага шэсця. Не гаворачы пра ўздым майго настрою, мне здавалася, што i ўсё невокал незвычайна вясёлае. Усякая жывёлiна, кожны дом i сам ясны дзень выдаюць мне напоўненымi радасцю. Пасля ўчарашняга холаду настала спакойная сонечная пагода, загулi прыгожыя хоры разбуджаных веснавым цяплом птушак, якiя далiкатнымi трэлямi ўслаўлялi мацi зор i пораў года, валадарнiцу ўсяго свету. Нават дрэвы, i пладаносныя, якiя прыносяць багаты ўраджай, i бясплодныя, якiя абмяжоўваюцца толькi тым, што даюць цень, пад подыхам паўднёвага ветру паблiскваюць свежымi лiсточкамi, цiха калышуць галiнкамi i выдаюць мяккi шэлест. Зацiх шум навальнiц, уляглiся раз'юшаныя хвалi, мора спакойна набягае на бераг, разышлiся цёмныя хмары i ззяе блакiтам чыстае i яснае неба.

8. Вось з'яўляюцца першыя ўдзельнiкi велiчнай працэсii, кожны апрануты па-святочнаму на свой густ i выбар. Той з ваенным поясам выяўляў салдата, гэтага падкасаны плашч, сандалi i рагацiна ператварылi ў паляўнiчага, iншы ў пазалочаных камашах, у шаўковым убраннi, каштоўных упрыгожваннях, з заплеценымi ў косы валасамi плаўнай паходкай наследаваў жанчыну. Далей нехта выступае ў шлеме са шчытом i мячом, быццам вось толькi прыйшоў з гладыятарскiх спаборнiцтваў. Быў i такi, што ў пурпуровай вопратцы з дыктатарскiмi адзнакамi iграў ролю дзяржаўнага дзеяча, i такi, што строiў з сябе фiлосафа ў шырокiм плашчы, у плеценых сандалях, з посахам i казлiнай бародкай. Былi тут i птушкалоў, i рыбак, абодва з трысцiнкамi, у аднаго з iх яны намазаныя клеем, у другога з кручкамi на канцах. Тут жа неслi на насiлках i свойскую мядзведзiху, быццам паважаную матрону. А малпа ў каўпаку i ў фрыгiйскай сукенцы шафранавага колеру трымала кубак, наследуючы пастуха Ганiмеда. Побач са старым дзедам iшоў асёл з прымацаванымi крыламi, нагадваючы Белерафонта з Пегасам, i абодва выклiкалi рогат.

9. У той час, як гэтыя забаўныя маскi пераходзiлi з месца на месца, забаўляючы народ, рушыла i спецыяльнае шэсце багiнi-збавiцелькi. Жанчыны, ззяючы беласнежнымi сукнямi, радуючы вочы рознакаляровымi ўборамi, упрыгожаныя вясновымi вянкамi, усыпалi дарогу кветкамi, сыплючы iх з падалоў на шлях, па якiм iшла свяшчэнная працэсiя. У iншых былi прымацаваныя за плячыма спецыяльныя люстэркi, каб багiня бачыла ўсё святочнае шэсце ззаду за ёй. Некаторыя, трымаючы ў руках грабянi са слановай косцi, рухамi рук i згiнаннем пальцаў рабiлi выгляд, быццам расчэсваюць i прыбiраюць валасы ўладарнiцы. Былi i такiя, што акраплялi вулiцу дзiўным бальзамам i iншымi пахучасцямi.

Адначасова вялiкi натоўп людзей абодвух полаў з лiхтарамi, з факеламi, са свечкамi i з рознымi нарыхтаванымi свяцiльнiкамi ў руках услаўляў крынiцу ззяння нябесных зорак. Жалейкi i флейты гучалi прыемнымi мелодыямi, а за музыкамi iшоў чароўны хор з адборных юнакоў у зiхотка-белых прыгожых вопратках. Харысты паўтаралi строфы цудоўнай песнi, створанай славутым паэтам Каменам. Гэта песня была пачаткам велiчнага гiмна з малiтвамi i ахвяраваннямi.

Iшлi таксама i трубачы, i флейцiсты — паклоннiкi вялiкага бога Сарапiса, якiя на сваiх выгнутых трубах, што ўзнiмалiся ўгору да правага вуха, выконвалi па некалькi разоў мелодыi, прынятыя ў святынi iхняга бога. А далей мiтусiлася мноства прыслужнiкаў, якiя крыкамi заклiкалi ачысцiць шлях святочнаму шэсцю.

10. Тут пасоўваецца натоўп пасвячоных у таямнiцы — мужчыны i жанчыны ўсякага стану i ўзросту, апранутыя ў блiскучыя белыя iльняныя вопраткi. У жанчын намашчаныя валасы прыкрытыя празрыстымi накiдкамi, у мужчын блiшчаць гладка выгаленыя галовы. Гэтыя зямныя светачы вялiкай рэлiгii патрасалi мядзянымi, сярэбранымi i нават залатымi бразготкамi, здабываючы з iх пранiзлiвы звон. На канцы iдуць вышэйшыя служыцелi таямнiц у белых iльняных вузкiх вопратках да самых пят, падперазаных пад грудзьмi. Яны нясуць адзнакi годнасцi служыцеляў сама магутных багоў. Першы з iх трымаў лямпу, якая гарэла яркiм святлом, але зусiм не была падобная на нашы лямпы, што звычайна гараць у нас пры вячэры. Гэта была залатая лодка з адтулiнай пасярэдзiне, праз якую выходзiў вельмi шырокi язык полымя.

Другi быў апрануты так, як i першы, але ў кожнай руцэ трымаў ён па алтару, якi называўся «памочнiкам». Гэта iмя даў iм хуткi на дапамогу дух вярхоўнай багiнi.

За iмi iшоў трэцi, несучы пальмавую галiну з тонка вырабленымi з золата лiстамi, а таксама кадуцэй Меркурыя. Чацвёрты выяўляў сiмвал справядлiвасцi ў выглядзе левай рукi з выцягнутай даланёй. Яна слабая ад прыроды, не надзеленая нi спрытам, нi хiтрасцю, i таму хутчэй за правую можа праяўляць справядлiвасць. Ён нёс таксама залатую судзiнку, закругленую ў выглядзе жаночага саска, з якай палiваў малаком. Пяты трымаў залатую веялку, напоўненую лаўровымi галiнкамi,а апошнi нёс амфару.

11. Неўзабаве паказалася i працэсiя багоў, якiя ласкава карысталiся для перамяшчэння чалавечымi нагамi. Вось Анубiс, якi наводзiць жах сваiм велiчным то цёмным, то залатым высока ўзнятым сабачым аблiччам. Ён пасрэднiк памiж нябесным i падземным светам. У левай яго руцэ кадуцэй, а правай ён махае зялёнай пальмавай галiнай. Следам за iм iдзе карова, стаўшы на дыбы. Гэта ўвасобленая ўрадлiвасць багiнi-ўсёнараджальнiцы. Несучы яе на плячах, адзiн са свяшчэннаслужыцеляў лёгка i прыгожа крочыў пад святой ношай. Другi нёс закрытую скрыначку, у якой знаходзiлася непарушная таямнiца вялiкага вучэння. Трэцi прыняў на сваё шчаслiвае ўлонне шанаванае адлюстраванне вярхоўнага бога. Не было яно падобнае на свойскую жывёлiну, нi на птушку, нi на дзiкага звера, нi нават на чалавека, але паводле мудрага замыслу самой сваёй незвычайнасцю павiнна было выклiкаць пашану, бо сутнасць невымоўнай веры хаваецца ў глыбокай маўклiвасцi. Зроблена яно было з ярка-блiскучага золата. Гэта была па-мастацку выгнутая урна з круглым дном, упрыгожаная звонку дзiўнымi эгiпецкiмi фiгурамi. Над яе адтулiнай узнiмалася не вельмi высокае горла з доўгiм, далёка вытырклым наском, а з другога боку была прымацавана шырокая ручка, на якой скруцiлася ў клубок гадзiна з узнятай угору раздзьмутай лускаватай шыяй, пакрытай зморшчкамi.

12. I вось настае момант выканання абяцаных мне найлiтасцiвейшай багiняй дабрадзействаў, падыходзiць жрэц, якi нясе прызначаны мне лёсам ратунак. Ён трымае ў правай руцэ, так, як мне было аб'яўлена боскiм абяцаннем, цудоўны сiстр для багiнi i вянок для мяне, клянуся Геркулесам, вянок заслужаны. Выцерпеўшы столькi пакут, перажыўшы гэтулькi пагроз, цяпер з дазволу вялiкай багiнi я ў барацьбе з бязлiтасным лёсам выходзiў пераможцам. Аднак, нягледзячы на радасць, якая апанавала мяне, я не кiдаюся з усiх ног, асцерагаючыся, каб раптоўнае з'яўленне чатырохногай жывёлiны не парушыла ўзнёсласцi свяшчэннадзейства, а цiха, памалу, пераймаючы чалавечы крок, бокам праз натоўп, якi не без божай ласкi расступаўся, без паспешлiвасцi прабiраюся наперад.

А жрэц, як я мог на справе пераканацца, папярэджаны начной з'явай i здзiўлены, што ўсё дакладна супадае з даручэннем, якое ён атрымаў, тут жа спынiўся i, прасцёршы правую руку, паднёс вянок да самага майго рота. Тут я, хвалюючыся, з моцным бiццём сэрца, хцiва хапаю зубамi вянок i з'ядаю, стараючыся атрымаць абяцанае. Боскае прадказанне не ашукала! Умомант спадае з мяне пачварная маска жывёлiны. Найперш знiкае брудная зваляная поўсць, тоўстая скура становiцца далiкатнейшай, велiзарны жывот меншае, на нагах капыты раздзяляюцца на асобныя пальцы, рукi перастаюць быць нагамi i падымаюцца для выканання сваiх высокiх абавязкаў, доўгая шыя карацее, ляпа i галава круглеюць, вялiкiя вушы прымаюць нармальныя памеры, зубы, падобныя да камянёў, зноў становяцца невялiкiмi, як у людзей, i хвост, якi больш за ўсё мяне мучыў, знiкае!

Народ дзiвiцца, набожныя людзi пры такiм вiдавочным доказе магутнасцi вярхоўнай багiнi, падобным на сон, гучна i аднадушна, узняўшы рукi ў неба, славяць магутнасць мiласэрнай багiнi.

14. А я, аслупянеўшы ад здзiўлення, стаяў нерухомы i моўчкi, не ведаючы ад вялiкай радасцi, з чаго пачаць, як падступiцца да гукаў, што сталi мне нязвычнымi, як найбольш удала выкарыстаць вернуты мне дар мовы, якiмi словамi i выразамi дзякаваць багiнi за яе дабрадзейства.

Але жрэц, вiдавочна папярэджаны з вышынi пра ўсе мае няшчасцi з самага пачатку, хоць i сам быў усхваляваны вялiкiм цудам, дае знак, каб перш за ўсё далi мне iльняную вопратку прыкрыцца, бо, як зляцела з мяне злавесная аслiная абалонка, так я i стаяў, цесна сцiснуўшы ногi, засланяючы, наколькi было магчыма, сплеценымi рукамi, гэтай натуральнай завесай, сваю галiзну. Адзiн з верных паклоннiкаў багiнi ўмомант зняў з сябе верхнюю тунiку i чым хутчэй накiнуў на мяне. Тады жрэц, прыветлiва гледзячы на мяне i, клянуся Геркулесам, прасякнуты боскiм здзiўленнем, пачынае казаць:

15. "Вось, Луцый, пасля столькiх усякiх пакут, пасля вялiкiх навальнiц, узнятых Лёсам, перажыўшы велiчэзныя буры, дабраўся ты нарэшце да спакойнай прыстанi Адпачынку, да алтароў мiласэрнасцi. Не пайшлi табе на карысць нi тваё паходжанне, нi становiшча, нi нават адукацыя, якая цябе вылучае сярод iншых, таму што, стаўшы ад пачуццёвасцi свайго маладога веку рабом сладастраснасцi, ты атрымаў знiшчальную адплату за сваю цiкаўнасць. I ўсё ж сляпы Лёс, злосна катуючы цябе, сам пра тое не ведаючы, прывёў цябе да сягонняшняга шчасця. Няхай жа iдзе ён i пыхкае лютай злосцю, яму давядзецца шукаць для сваёй бязлiтаснасцi iншую ахвяру. Над тымi, каго велiчнасць нашай багiнi заклiкала прысвяцiць жыццё ёй, не мае ўлады згубная выпадковасць. Разбойнiкi, дзiкiя звяры, няволя, цяжкiя шляхi i бясконцыя вандраваннi, штодзённае чаканне смерцi — што дасягнуў гэтым азвярэлы Лёс? Вось цябе прыняў пад апеку другi Лёс, але ўжо вiдушчы, святло ззяння якога азарае нават iншых багоў. Дык няхай адаб'ецца на тваiм твары радасць, адпаведная тваёй святочнай вопратцы. Радуючыся, далучы свой крок да шэсця багiнi-выратавальнiцы. Няхай бачаць бязбожнiкi, няхай бачаць i ўсведамляюць сваю памылку. Вось пазбаўлены даўнейшых нягод Луцый цешыцца апекай вялiкай Iзiды i святкуе перамогу над сваiм лёсам! Аднак, каб забяспечыцца яшчэ мацней i больш надзейна, запiшыся ў гэту святую армiю (загад прыняць такую прысягу нядаўна для цябе прагучаў), прысвяцi сябе ўжо ад сягонняшняга дня нашаму служэнню i ўскладзi на сябе ярмо добраахвотнага падпарадкавання. Пачаўшы служыць багiнi, ты будзеш поўнай мерай цешыцца вялiкiм вынiкам свабоды".

16. Сказаўшы гэта, шаноўны жрэц, з цяжкасцю пераводзячы дыханне, замоўк. А я, далучыўшыся да працэсii, падаўся следам за святыняй.

Я стаў вядомы ўсiм грамадзянам, зрабiўся прадметам агульнай увагi, на мяне паказвалi пальцамi, кiвалi галовамi i ўвесь народ гаварыў: "Вось той, якога воля ўсемагутнай багiнi вярнула да людскога выгляду! Клянуся Геркулесам, ён шчаслiвы i святы. Напэўна заслужыў ён такую ласку неба сваiм незаплямленым папярэднiм жыццём i верай, дык цяпер, пасля ў нейкай ступенi другога нараджэння, стане ён на шлях свяшчэннага служэння".

Сярод такiх выкрыкаў, сярод святочных вiншаванняў i малiтваў натоўпу, рухаючыся памалу, мы наблiжаемся да марскога берага i даходзiм якраз да таго месца, дзе напярэдаднi ляжаў я, будучы аслом. Парасстаўлялi там у адпаведным парадку свяшчэнныя выявы багоў, i вярхоўны жрэц, вымаўляючы чыстымi вуснамi найсвяцейшыя малiтвы, запаленым факелам, яйкам i серкай ачышчае вышэйшым ачышчэннем умела змайстраваны i з усiх бакоў дзiўнымi малюнкамi на эгiпецкi лад страката размаляваны карабель. Гэты падарунак прыносiцца багiнi ў ахвяру. На блiскучым ветразi шчаслiвага судна былi вытканы залатыя лiтары, якiя складвалiся ў зычэнне ўдалых плаванняў. Мачтай была круглая сасна, блiскучая, з выдатным верхам, так што прыемна было глядзець. Карма была выгнутая ў форме гусiнай шыi i пакрытая лiставым золатам, ярка блiшчала, а ўвесь корпус са светлай палiраванай туi цешыў зрок. Тут увесь натоўп, як пасвечаныя, так i непасвечаныя, наперабой падносяць кашы з пахучымi травамi i iншымi рознымi падарункамi i праводзяць узлiванне на ваду малочнай полiўкi.

Нарэшце, калi ўжо карабель напоўнiўся шчодрымi прынашэннямi i пажаданнямi шчаслiвага плавання, абразаюць якарныя канаты i, аддаўшы спадарожнаму i спакойнаму ветру, пускаюць яго ў мора. А калi судна было на такой адлегласцi, што амаль хавалася ад нашых вачэй, насiльшчыкi зноў узялi прынесеныя iмi свяшчэнныя прадметы i, як раней, пышнай працэсiяй хуткiм крокам падалiся ў бок святынi.

17. Калi мы падышлi да самага храма, вялiкi жрэц, насiльшчыкi свяшчэнных выяў i тыя, што ўжо былi раней пасвечаны ў высокашаноўныя таямнiцы, увайшоўшы ў свяцiлiшча багiнi, параскладалi там у належным парадку ўсе святасцi. А тады адзiн з iх, якога ўсе называлi пiсцом, стаўшы насупраць дзвярэй, склiкаў пастафораў (так называлася гэта свяшчэнная калегiя), быццам на сход, i, падняўшыся на падвышэнне каля тых самых дзвярэй, пачаў чытаць з кнiгi напiсаныя ў ёй малiтвы.

Малiтвы гэтыя былi аб шчасцi iмператара, паважанага сената, коннiкаў i ўсяго рымскага народа, аб караблях i мараках i аб усiм, што падуладна нашай дзяржаве, i скончылася чытанне паводле грэцкага абраду грэцкiм заклiкам: "Цяпер iдзiце дамоў, служба закончана". У адказ пранеслiся крыкi народа, якi выказваў пажаданнi, каб гэтыя словы ўсiм прынеслi ўдачу.

З кветкамi, з галiнкамi ў руках i з вянкамi радасныя грамадзяне, пацалаваўшы ступнi сярэбранай статуi багiнi, што стаяла на ўсходках храма, разышлiся па сваiх сялiбах. А я не мог адважыцца нi на крок адысцiся ад гэтага месца i, не спускаючы вачэй з выявы багiнi, перабiраў у памяцi перажытыя мною нягоды.

18. Тым часам легкакрылая чутка не ленавалася i не давала сваiм крылам адпачынку. Зараз жа пайшлi ў мяне на радзiме чуткi пра небывалую прыхiльнасць да мяне божага промыслу i пра мой славуты лёс. Мае сябры, любiмыя рабы i ўсе мае блiзкiя родзiчы, адкiнуўшы скруху, у якую акунула iх iлжывая вестка пра маю смерць, у вялiкай радасцi спяшаюцца да мяне з рознымi падарункамi, каб зiрнуць на таго, хто вярнуўся на свет з апраметнай. У мяне ўжо не было надзеi iх убачыць, i таму я быў надзвычай рады i з прыемнасцю прымаў iхнiя шчырыя прынашэннi. Мае блiзкiя паклапацiлiся забяспечыць мяне ўсiм неабходным для бязбеднага iснавання.

19. Пагаварыўшы, як належыць, з кожным з iх i расказаўшы аб перажытых нягодах i цяперашняй радасцi, я зноў звярнуў усю сваю ўвагу на багiню. Наняўшы за агароджай памяшканне, наладжваю сабе часовае жыллё, наведваю богаслужэннi, пакуль што нiжэйшай ступенi, не расстаюся са жрацамi, стаўшы неадступным паклоннiкам вялiкага боства. Нi адна ноч, нi адзiн дзень, нi сон не мiналi ў мяне без таго, каб я не бачыў багiнi i не атрымлiваў ад яе настаўленняў. Частымi загадамi яна пераконвала мяне прыняць нарэшце пасвячэнне ў яе таямнiцы, да якiх я даўно быў прызначаны. Хоць я i гарэў жаданнем падпадпарадкавацца гэтым загадам, але мяне стрымлiваў свяшчэнны страх, бо я лiчыў надзвычай цяжкай справай безадказнае падпарадкаванне святынi, i нялёгкай задачай здавалася мне захаванне цнатлiвасцi i ўстрыманасцi. Жыццё напоўнена ўсякiмi выпадковасцямi, яно патрабуе асцярожнасцi i абачлiвасцi. Абмяркоўваючы ўсё гэта, я хоць i iмкнуўся хутчэй прыняць пасвячэнне, неяк адкладваў выкананне свайго намеру.

20. Аднойчы прыснiлася мне, што з'яўляецца да мяне вярхоўны жрэц, несучы штосьцi ў поўным аж да верху падоле. На маё пытанне, што гэта i адкуль, ён адказвае, што гэта мая доля з Фесалii, i таксама, што адтуль вярнуўся мой раб Кандзiд. Прачнуўшыся, я вельмi доўга думаў пра гэты сон, жадаючы адгадаць, што б ён мог значыць. Апроч таго, у мяне нiколi не было раба з такiм iмем. Але ў кожным разе я разлiчваў, што прысланая доля абазначае нейкi прыбытак. Занепакоены i ўсхваляваны надзеяй на нейкую ўдачу i даход, я чакаў, калi адчыняць храм. Калi рассунулiся беласнежныя заслоны, мы звярнулiся з малiтвамi да шанаванай выявы багiнi. Жрэц абышоў усе алтары, праводзячы богаслужэнне i вымаўляючы ўрачыстыя малiтвы, а ўрэшце, зачэрпнуўшы вады са святой крынiцы, выканаў вылiванне з келiха. Зрабiўшы ўсё паводле свяшчэннага абраду, набожныя служыцелi багiнi вiтаюць усход сонца i зычнымi галасамi абвяшчаюць першую гадзiну дня.

I вось у гэту самую хвiлiну з'яўляюцца, даведаўшыся аб маiх прыгодах, проста з Гiпатыi, дзе я пакiнуў iх тады, мае слугi. Яны былi там, дзе Фацiда заблытала мяне ў свае каварныя сецi, i прывялi з сабой нават майго каня, якi не раз пераходзiў з рук у рукi i ўрэшце быў знойдзены па асаблiвай адмецiне на хрыбце. Прарочаму значэнню майго сну я дзiвiўся тым больш, што апрача дакладна выкананага абяцання адносна прыбытку рабу Кандыду адпавядаў вернуты мне конь, якi быў белай масцi.

21. Пасля гэтага выпадку я яшчэ больш старанна ўзяўся за спраўлянне рэлiгiйных абрадаў, бо спадзяванне на будучыню падтрымлiвала ўва мне сягонняшняе дабрадзейства. З дня на дзень усё мацней i больш прасякала мяне жаданне прыняць пасвячэнне, i я не адставаў ад вярхоўнага жраца са сваiмi гарачымi просьбамi, каб ён нарэшце пасвяцiў мяне ў таямнiцы свяшчэннай ночы. А ён, чалавек наважны i вядомы строгiм захоўваннем рэлiгiйных законаў, сцiпла i ветлiва, як звычайна бацькi стрымлiваюць няўчасныя жаданнi сваiх дзяцей, адхiляў маю настойлiвасць, пацяшаючы i супакойваючы мяне ў маiм парыве добрымi надзеямi.

"Нават дзень, — казаў ён, — у якi можна пасвячаць таго цi iншага чалавека, паказваецца божымi знакамi, i жрэц, якому прыйдзецца выканаць абрад, выбiраецца тым самым прызначэннем, а нават неабходныя расходы на цырымонiю ўстанаўляюцца звышнiм загадам". Дзеля гэтага ён лiчыў, што мне трэба ўзброiцца немалой цярплiвасцю, высцерагаючыся прагнасцi i фанабэрыстасцi, i старацца пазбягаць абедзвюх крайнасцяў. Калi ёсць паклiканне, дык не трэба спяшацца. I невядома, цi знойдзецца сярод жрацоў чалавек, настолькi пазбаўлены розуму, i нават больш, якi б асудзiў сам сябе на загубу, асмелiўшыся без спецыяльнага загаду багiнi выканаць такi дзёрзкi i святатацкi ўчынак i падставiў сябе смяротнай небяспецы. Вядома ж бо, што i ключы ад апраметнай i апора збаўлення ў руках у багiнi. Ды i звычай гэты ўстаноўлены да падабенства добраахвотнай смерцi i дараванага з лiтасцi збаўлення. Багiня звычайна намячае сваiх выбраннiкаў з тых, якiя, ужо закончыўшы жыццёвы шлях i стоячы на парозе апошняга дыхання, тым лепш могуць захаваць у маўчаннi вялiкую таямнiцу нябеснага вучэння. Яе воляй гэтыя, быццам другi раз народжаныя, атрымлiваюць магчымасць пачаць свой шлях да збаўлення яшчэ раз. Вось гэтак i мне трэба чакаць знаку, хоць зусiм ясна, што высокiм прысудам вялiкага боства я даўно ўжо паклiканы i прызначаны да набожнага служэння. Аднак i цяпер я павiнен ужо побач з iншымi служыцелямi храма паўстрымоўвацца ад недазволенай i нячыстай ежы, каб тым хутчэй дасягнуць да схаваных таямнiц найчысцейшай веры.

22. Так разважаў стары, i маё служэнне не парушалася ўжо нецярпеннем, але, паглыбiўшыся ў цiхi супакой i ў пахвальную маўклiвасць, стараннымi штодзённымi малiтвамi ўзносiў я сваю хвалу святынi. I не ашукала мяне збаўчая дабрата магутнай багiнi. Не мучыла яна мяне доўгай адтэрмiноўкай i аднойчы цёмнай ноччу, але зусiм не цёмнымi загадамi, ясна адкрыла мне, што настае для меня доўгачаканы дзень, калi яна здзейснiць найбольшае з маiх жаданняў. Вызначыла, колькi я павiнен даць на выкупное малебства, i аб'явiла, што для выканання абраду прызначаецца той самы Мiтра, яе вярхоўны жрэц, якога звязвае са мной нейкая роднасць свяцiлаў.

Уцешыўшыся ўсёй душой ад гэтых i падобных да iх прыемных паведамленняў вярхоўнай багiнi, пры першым свiтаннi зары, стросшы з сябе сон, адразу накiроўваюся да жрацовага жылля i, сустрэўшы старога на дарозе, вiтаю i падаюся за iм. Я ўжо збiраўся больш настойлiва, чым раней, дамагацца ад яго пасвячэння, як належнага мне, але ён сам, ледзь мяне ўбачыўшы, адазваўся: "О мой Луцый, благаслаўлёны ты i шчаслiвы! Якой вялiкай мiласцi ўдастойвае цябе нябесная валадарнiца! Чаго ж ты цяпер стаiш без занятку? Чаго ж ты цяпер сам марудзiш? Вось настае для цябе даўно жаданы дзень, у якiм па боскiм загаду шматiмённай багiнi я сваiмi рукамi павяду цябе ў прачыстыя таямнiцы свяшчэннага служэння!"

Тут ветлiвы стары, паклаўшы сваю правую руку мне на плячо, адразу вядзе да варот прасторнай будынiны. Там пасля правядзення абраду адчыняння дзвярэй, адбыўшы ранняе богаслужэнне, выносiць з нетраў святынi нейкiя кнiгi, напiсаныя незразумелымi лiтарамi. Гэтыя знакi то адлюстроўваюць розных жывёл i скарочана перадаюць словы ўрачыстых тэкстаў, то ўсякiмi вузламi пераплятаюцца i выгiнаюцца дзiўна накшталт кола, хаваючы таемны змест тэксту ад пустой цiкаўнасцi. З гэтых кнiг ён прачытаў мне, як я павiнен падрыхтавацца да пасвячэння.

23. Зараз жа старанна закупляецца ўсё, i нават з некаторым лiшкам, што было патрэбна да абраду. Закупы рабiў часткова я сам, часткова займалiся гэтым мае сябры. Нарэшце жрэц аб'яўляе, што настаў час, i вядзе мяне, акружанага свяшчэнным войскам, у блiжэйшыя лазнi. Там пасля звычайнага мыцця, паклiкаўшы мiласэрнасць багоў, ён з вялiкай стараннасцю ачышчае мяне акрапленнем i зноў вядзе ў храм. Дзве трэцiя дня ўжо мiнулi, калi ён, паставiўшы мяне ля самых ног багiнi i прашаптаўшы мне на вуха некаторыя словы, поўнае значэнне якiх нельга перадаць простай мовай, наказвае мне перад сведкамi ўстрымлiвацца ад абжорства, дзесяць дзён не есцi мясной ежы, а таксама не дакранацца да вiна. Свята выконваю гэты загад аб устрыманнi, а тым часам настае i дзень пасвячэння, i сонца, хiлячыся ў бок захаду, прывяло на зямлю вечар. Тут з усiх бакоў сцякаюцца натоўпы народу, i паводле старадаўнага свяшчэннага звычаю кожны прыносiць мне ў знак павагi якi-небудзь падарунак. Ды вось жрэц, аддалiўшы ўсiх непасвячоных, апранае мяне ў плашч з грубога палатна i, узяўшы за руку, уводзiць у запаветныя глыбiнi храма.

Магчыма, ты, пiльны чытач, вельмi хацеў бы ведаць, што там гаварылася i што рабiлася? Я сказаў бы, каб мне было гэта дазволена, а ты б пачуў, каб табе было дазволена пачуць. Аднолькавай небяспецы падпадаюць у выпадку такой цiкаўнасцi i язык, i вушы. Зрэшты, калi ты ахоплены набожнай прагай ведання, не буду цябе далей стамляць. Дык слухай i вер, бо гэта iсцiна. Дасягнуў я рубяжоў смерцi, пераступiў парог Празерпiны i вярнуўся назад, прайшоўшы праз усе стыхii. Апоўначы бачыў я сонца ў поўным ззяннi, стаяў перад падземнымi багамi, бачыў нябесных i зблiзку iм пакланяўся. Вось я табе i расказаў, а ты хоць выслухаў, павiнен застацца ў папярэднiм няведаннi. Але перадам тое адзiнае, што я магу адкрыць недасведчаным вушам, не парушаючы таямнiцы.

24. Настала ранiца, i пасля заканчэння богаслужэнняў я накiраваўся ў дарогу, апрануты ў дванаццаць свяшчэнных стол. Хоць гэта адносiцца да святых абрадаў, але я магу пра гэта гаварыць без перашкод, бо ў той час гурма народу магла ўсё гэта бачыць. I сапраўды, слухаючы загадаў, я падняўся на драўляную вышку па самай сярэдзiне храма, насупраць статуi багiнi, звяртаючы на сябе ўвагу сваёй вопраткай, праўда, вiсонавай, але ярка размаляванай. З плячэй да самых пят спускаўся ў мяне каштоўны плашч, i з усiх бакоў, адкуль нi глянь, быў я ўпрыгожаны рознакаляровымi малюнкамi жывёл. Тут былi i iндыйскiя драконы, i гiпербарэйскiя грыфы, народжаныя iншым светам i падобныя да крылатых птушак. Гэта стола называецца ў пасвячоных алiмпiйскай. У правай руцэ я трымаў яркi факел, галаву маю акружаў цудоўны вянок з лiстоў надзвычай прыгожай пальмы, якiя разыходзiлiся ў выглядзе прамянёў. Раптам заслона адсунулася, i я, упрыгожаны накшталт Сонца, быццам статуя, апынуўся перад вачыма народа. Пасля гэтага я ўрачыста адсвяткаваў дзень свайго духоўнага нараджэння, наладзiўшы шчодры i вясёлы банкет. Трэцi дзень быў адзначаны паўтарэннем тых самых урачыстых абрадаў, i свяшчэнная вячэра была заканчэннем майго пасвячэння. Я прабыў там яшчэ некалькi дзён, радуючыся агляданнем свяшчэннай выявы, звязаны пачуццём удзячнасцi за бясцэнную ласку. Нарэшце, па загаду багiнi, выказаўшы ёй удзячнасць, вядома, далёка недастатковую, але адпаведную маiм сцiплым сiлам, я пачаў рыхтавацца да вяртання дамоў хоць з такiм запазненнем, з вялiкай цяжкасцю разрываючы сувязь з перажываннямi апошняга часу. I вось, упаўшы нiц перад багiняй i тулячыся тварам да яе ступняў, аблiваючыся слязамi, голасам, перарываным ад частых рыданняў, глытаючы словы, я казаў:

25. "О найсвяцейшая людскога роду збавiцелька вечная, пастаянная заступнiца смяротных, родная мацi для бедных! Нi дзень, нi ноч, нi нават кароткая хвiлiна не застаецца без твайго нагляду. Ты апякуешся людзьмi на моры i на сушы, у жыццёвых нягодах прасцiраеш сваю выратавальную руку, якой разрываеш непарушнае прадзiва наканавання, змякчаеш лютасць Лёсу, спыняеш ход нябесных свяцiлаў. Ушаноўваюць цябе найвышэйшыя багi, i багi падземных ценяў табе пакланяюцца. Ты павяртаеш кола свету, запальваеш сонца, кiруеш сусветам, перамагаеш Тартар. На твой поклiч адзываюцца зоры, ты крынiца часу, радасць нябесных жыхароў, панi стыхiяў. На твой знак агонь разгараецца, хмары гусцеюць, збожжа прарастае, узнiмаюцца пасевы. Тваёй сiлы баяцца птушкi, што ў небе лятаюць, звяры, што блукаюць у гарах, змеi, што ў зямлi хаваюцца, страшыдлы, што плаваюць па хвалях. Але я для тваёй хвалы бедны розумам, для складання ахвяр падзякi бедны маёмасцю. I ўсёй паўнаты мовы не хапае, каб выявiць пачуццi, тваёй велiччу ўва мне народжаныя, i тысячы вуснаў не хапiла б, i тысячы моваў з iх бязмежнай красамоўнасцю! Што ж, пастараюся зрабiць тое адзiнае, што даступнае сумленнаму, але небагатаму чалавеку. Аблiчча тваё нябеснае i найсвяцейшую боскасць у глыбiнях майго сэрца навек захаваю i зберагу".

Памалiўшыся вярхоўнай багiнi такiм чынам, кiдаюся на шыю жрацу Мiтры, якi стаў мне другiм бацькам, i, укрываючы яго пацалункамi, прашу дараваць за тое, што як належыць не магу аддзякаваць яму за яго дабрату.

26. Я доўга i шырока выяўляў яму сваю ўдзячнасць, нарэшце, развiтваючыся з iм, яшчэ раз абымаю i адразу пускаюся ў дарогу, каб зноў пасля доўгай адсутнасцi ўбачыць родны дом. Аднак застаюся там толькi некалькi дзён, бо па загаду вялiкай багiнi, паспешлiва сабраўшы свае рэчы, сядаю на карабель i накiроўваюся ў Рым. Шчаслiва пры спадарожным ветры хутка дабiраюся да Аўгуставай гаванi, i, перасеўшы там на падводу, iмчуся далей, i пад вечар, напярэдаднi снежаньскiх iдаў, прыбываю ў гэты святы горад. Ад гэтага часу маiм галоўным заняткам сталi штодзённыя малiтвы вярхоўнай багiнi Iзiдзе-валадарнiцы, якую там надзвычай ушаноўвалi пад iмем Палявой ад месца знаходжання яе святынi. Быў i я старанным яе паклоннiкам, i хоць у гэтым храме быў чужынцам, затое ў вучэннi з'яўляўся сваiм чалавекам.

Вось вялiкае Сонца, прайшоўшы ўвесь круг Задыяка, ужо закончыла свой гадавы шлях, як раптам нядрэмны клопат дабрадзейнага боства зноў перарывае мой супакой, зноў напамiнае мне аб пасвячаннi, зноў аб таямнiцах. Я вельмi здзiвiўся: у чым справа? што прадказваюць словы багiнi? Ды як жа не дзiвiцца? Я ж лiчыў сябе даўно пасвячоным.

27. Пакуль я разбiраў сваiм розумам гэтыя рэлiгiйныя сумненнi, часткова асуджаючы служыцеляў святынi, пазнаю зусiм нечаканую для сябе навiну, што я быў пасвячоны толькi ў таямнiцы багiнi, а вось з абрадамi непераможнага Азiрыса, вялiкага i вярхоўнага бацькi багоў, азнаёмлены нiколi не быў. I хоць сутнасцi гэтых багоў i iх вучэнняў цесна з сабой сутыкаюцца i нават тоесныя, але ў пасвячэннях захоўваецца велiчэзная рознiца. Дзеля гэтага я павiнен зразумець, што мне трэба стаць служыцелем гэтага вялiкага бога. У няясным становiшчы справа заставалася не доўга. Блiжэйшай ноччу ўбачыў я нейкага жраца ў палатняным адзеннi. У яго ў руках былi тырсы, плюшч i яшчэ нешта, чаго не маю права называць. Усё гэта ён кладзе перада мной, а сам, заняўшы маё сядзенне, загадвае мне падрыхтаваць багаты пачастунак. I для таго, каб я мог яго лепш пазнаць, ён выдзяляецца адной асаблiвасцю, а менавiта, левая яго пята была крыху выкрыўлена, дык у час хады ў яго кроках заўважалася лёгкая няўпэўненасць. Пасля такога яснага выяўлення божай волi ўсякi цень неакрэсленасцi знiк, i я зразумеў, у чым справа, i адразу пасля ранiшнiх малiтваў багiнi пачаў уважлiва назiраць за кожным жрацом, цi няма ў яго такой паходкi, якую бачыў я ў сне. Неўзабаве заўважыў я аднаго з пастафораў, у якога не толькi паходка, але на дадатак i стан, i знешнасць якраз супадалi з маёй начной з'явай. Называўся ён, як я пасля даведаўся, Азiнiем Марцэлам, i гэта iмя не было чужым у маiх пераўвасабленнях. Я не стаў марудзiць i падышоў да яго, а ён i сам ужо ведаў пра нашу будучую гутарку i даўно быў папярэджаны з вышыняў, што справа датычыць пасвячэння ў таямнiцы. Перад гэтым яму прыснiлася ўночы, што, калi ён ускладаў вянкi на статую вялiкага бога, з яго вуснаў, якiя прадказваюць лёс кожнага асобна, пачуў, што будзе да яго прысланы ўраджэнец Мадаўры, чалавек вельмi бедны, над якiм трэба неадкладна правесцi свяшчэнныя абрады дзеля таго, што па яго боскай волi i пасвячоны праславiцца сваiмi подзвiгамi, i пасвятчык атрымае высокую ўзнагароду.

28. Прызначаны такiм чынам для боскага пасвячэння, я марудзiў насуперак свайму жаданню з прычыны недахопу сродкаў. Апошнiя рэшткi маёй спадчыны разышлiся на падарожжа, ды i сталiчныя выдаткi значна перавышалi расходы тых дзён, калi я жыў у правiнцыi. У сувязi з тым, што на маiм шляху стаяла беднасць, а загады боства мяне падганялi, дык я апынуўся, паводле прыказкi, "памiж молатам i кавадлам". Усё часцей i часцей пабуджаны боствам, я трацiў супакой, урэшце намовы перайшлi ў загады. Тады я, распрадаўшы даволi сцiплы запас сваёй адзежы, так-сяк наскроб патрэбную суму. На гэта было мне дадзена асобнае выясненне. "Няўжо ты, — было мне сказана, — пашкадаваў бы сваёй адзежы, калi б справа датычыла якiх-небудзь спадзяваных прыемнасцяў? А цяпер, на парозе такiх цырымонiй, ты не адважваешся застацца ў беднасцi, у якой раскайвацца не будзеш?"

I вось усё было падрыхтавана ў дастатковай колькасцi, iзноў дзесяць дзён я не спажываў мясной ежы i на дадатак нават абгалiў галаву. Нарэшце настаўлены начнымi бяссоннямi, аддаўся я з усiм даверам святым абрадам гэтай роднаснай рэлiгii. Яна не толькi служыла мне вялiкiм суцяшэннем у маiм становiшчы iншаземца, а нават здабыла мне даволi значныя сродкi для жыцця. На самай справе, кiм, як не ўдачай, быў сасланы мне той адвакацкi заробак, якi я атрымаў, ведучы справы на лацiнскай мове?

29. I вось мiнула ўсяго некалькi дзён, як нечакана, на вялiкае маё здзiўленне, iзноў аклiкнуўся голас з вышыняў, якi загадваў мне паддацца пасвячэнню трэцi раз. Занепакоены немалым коштам i моцна ўсхваляваўшыся, я задумаўся аб тым, куды хiлiцца гэты новы i нечуваны намер нябесных жыхароў? Што яшчэ застаецца нявыкананым, хоць я ўжо двойчы паддаваўся пасвячэнням? "Тут, — думаў я, — i той i другi жрацы дапусцiлi якую-небудзь памылку цi нечага недавыканалi". I, клянуся Геркулесам, пачаў сумнявацца ў iхняй сумленнасцi. Начное з'яўленне цудоўным навучаннем вывела мяне з гэтых беспарадкавых думак, якiя выглядалi, як разважаннi вар'ята.

"Няма чаго табе, — было мне сказана, — баяцца шматлiкiх пасвячэнняў i думаць, што папярэдняе было выканана недакладна. Ганарыся гэтым доказам боскай мiласэрнасцi да цябе i цешся, што табе прызначана тое тройчы, чаго iншыя бываюць удастоены толькi адзiн раз. А ты з самой колькасцi пасвячэнняў павiнен набыць пэўнасць у сваiм вечным шчасцi. Зрэшты, наступнае пасвячэнне выклiкана крайняй неабходнасцю. Успомнi толькi, што адзенне багiнi, якое ўзлажыў ты на свае плечы ў правiнцыi, там i засталася ляжаць, i ў Рыме ты не зможаш удзельнiчаць ва ўрачыстых богаслужэннях, калi патрэбнае гэта адзенне, i не ўпрыгожыш сябе той шчаслiвай рызай, калi атрымаеш такi загад. Дык з радаснай душой прыступай з волi вялiкiх багоў да новага пасвячэння, i няхай будзе яно табе на дабро, шчасце i збаўленне".

30. А потым боская з'ява, мой вялiкi настаўнiк, паведамляе мне пра ўсё, што неабходна зрабiць. I адразу пасля гэтага, не адкладваючы i не зацягваючы справы, я паведамляю свайму жрацу пра ўсё бачанае, прымаю на сябе ярмо паўстрымання ад мясной ежы, у сваёй разважнасцi добраахвотна павялiчыўшы дзесяцiдзённы тэрмiн посту, вызначаны вечным законам, i, не шкадуючы выдаткаў, рыхтуюся да пасвячэння, кiруючыся больш набожным запалам, чым неабходнасцю.

I, клянуся Геркулесам, не пашкадаваў я тых клопатаў i выдаткаў. Дзякуючы шчодрай прыхiльнасцi багоў, выступленнi ў судзе пачалi прыносiць мне значны даход. Нарэшце праз некалькi дзён бог сярод багоў, наймагутнейшы сярод магутных, вярхоўны сярод вярхоўных, найбольшы сярод найбольшых, уладыка Азiрыс, не прымаючы якога-небудзь чужога вобраза, у сваiм уласным боскiм выглядзе ўшанаваў мяне сваiм з'яўленнем. Ён сказаў мне, каб я бязбоязна працягваў свае слаўныя заняткi ў судзе, не баючыся плётак нядобразычлiўцаў, якiя выклiканы маёй стараннасцю i вучонасцю. А каб я, не змяшаўшыся з натоўпам iншых пасвячоных, мог яму служыць, выбраў мяне ў калегiю сваiх пастафораў, прызначыўшы нават адным з пяцiгадовых дэкурыёнаў.

Зноў агалiўшы галаву, я ўступiў у гэту старадаўную калегiю, заснаваную яшчэ ў пару Сулы, i хаджу цяпер, нiчым не засланяючы сваёй пляшывасцi, радасна гледзячы ў твар сустрэчных.

КАМЕНТАРЫ


КНIГА ПЕРШАЯ
Мiлецкiя казкi — Мiлецкiмi называлiся зборнiкi любоўных i авантурных навел, аб'яднаных агульнай сюжэтнай рамкай. Гэты лiтаратурны жанр атрымаў сваю назву ад зборнiка Арыстыда Мiлецкага (канец II ст. да н. э.).

Папiрус, спiсаны завостранай нiльскай трысцiнкай. — Востра адточаная трысцiнка служыла старажытным за пяро.

Гiмет — невысокая гара паблiзу Афiн.

Эфiрэйскi перашыек — тое самае, што i Карынфскi перашыек. Эфiра старадаўняя назва Карынфа.

Танар, цяпер Матапан — мыс на Пелапанэскай паўвыспе на поўдзень ад Спарты.

Квiрыды — паўнапраўныя рымскiя грамадзяне.

Плутарх — грэчаскi пiсьменнiк, фiлосаф-маралiст (канец I — пач. II ст. н. э.).

Секст — фiлосаф II ст. н. э., настаўнiк iмператара Антанiна Пiя.

Пярэсты порцiк у Афiнах упрыгожаны насценнымi малюнкамi знакамiтага мастака V ст. да н. э. Палiгнета.

Змяя бога лекараў. — Эмблемай бога лекараў Эскулапа было жазло з абвiтай вакол яго змяёй.

Эгiна — выспа у Саранiцкай затоцы паблiзу Афiн.

Ларыса — вялiкi горад у Фесалii.

Каля трэцяй варты… — Ноч дзялiлася на 4 варты. Трэцяя варта пачыналася прыблiзна каля поўначы.

Эндзiмiён — паводле падання, укаханы багiнi Луны, прыгожы юнак, пагружаны ў вечны сон.

...пакiнутая Калiпса… — Адысей пакiнуў нiмфу Калiпса па загаду багоў ("Адысея", V).

Ламii — казачныя злыя духi, якiя ўночы жаруць целы маладых хлопцаў i п'юць iхнюю кроў.

Фурыi — рымскiя багiнi праклёну, помсты i кары.

Этолiя — вобласць у Сярэдняй Грэцыi на паўночны захад ад Атыкi.

Тэзея, …якi не пагрэбаваў гасцiннасцю старой Гекалы. — Легендарны герой Тэзей начаваў аднойчы ў беднай бабулькi Гекалы, якая прыняла яго надзвычай ветлiва i гасцiнна.


КНIГА ДРУГАЯ
Актэон — паводле мiфу, паляўнiчы Актэон за тое, што ўбачыў Дыяну голай у час купання, быў за кару ператвораны багiняй у аленя i разарваны ўласнымi сабакамi.

Грацыi — багiнi прыгожасцi, весялосцi, радасцi.

Кiнамон — дрэва, з якога здабывалi пахучы алей з той самай назвай.

Бальзамам называлi пахучую смалу, якая выцякала з разрэзаў некаторых дрэў.

Лiнцэй — герой шматлiкiх грэцкiх мiфаў, якi мог бачыць скрозь зямлю.

Аргус — казачны стовокi герой, якога раўнiвая Гера прыставiла да ператворанай у карову Iо, каханкi Зеўса.

Аанiйскi юнак — Пенфей, кароль горада Фiвы ў Беоцыi. (Аанiя — паэтычная назва Беоцыi).

Сын пiплейскай музы — легендарны фракiйскi спявак Арфей. (Пiпла або Пiмпла — горад у Фракii). Расшматаны жанчынамi за адмову прыняць удзел у вакхiчнай оргii.

Сiстр — музычны iнструмент.

Лета i Стыкс — рака i возера ў краiне памерлых.

Герыён — казачны герой з трыма тулавамi i трыма галовамi. Геракл захапiў статак Герыёна i забiў яго самога ў баi.


КНIГА ТРЭЦЯЯ
Фалеры — металёвыя бляхi, якiя ўпрыгожваюць конскую вупраж.

Архестра — паўкруглая роўная плошча ўсярэдзiне амфiтэатра.

Орк — рымскi бог падземнага царства (у грэкаў — Плутон).

Маны — душы памерлых.

Аякс. — Мiф пра Аякса, сына Тэламона, вялiкага грэцкага героя, якi ваяваў пад Трояй, расказвае, што, калi пасля смерцi Ахiла, камандзiра ахайцаў, аддалi яго зброю Адысею, Аякс ад крыўды страцiў розум i ў шаленстве перабiў статак авечак, уяўляючы, што забiвае сваiх крыўдзiцеляў.

Цэрбер — казачны трохгаловы сабака, вартаўнiк падземнага царства. Геркулес, спусцiўшыся ў краiну памерлых, звязаў Цэрбера i вынес яго наверх.

Эпона — багiня, патронка коней, аслоў i мулаў. Яе выявы ставiлiся ў стайнях.


КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ
Платэя — невялiкi горад у Беоцыi.

Салii — танцоры, калегiя жрацоў бога Марса. Назву гэту атрымалi таму, што ў час свята бога Марса, якое працягвалася некалькi дзён, яны з танцамi праходзiлi па ўсiм Рыме. Кожны дзень свята закончваўся банкетам, пышнасць i багацце якога сталi прымаўкай.

Ацiс, поводле падання, аскапiў сябе на сваiм вяселлi.

Пратазiлай — легендарны цар горада Фiлака ў Фесалii, першы з грэкаў, якiя загiнулi пад Трояй; пакiнуў маладую жонку, з якой прабыў толькi адзiн дзень.

Пафас — горад на выспе Кiпр.

Кнiд — прыморскi горад у Малой Азii.

Кiфера — выспа каля паўднёвага ўзбярэжжа Пелапанэса. У гэтых мясцiнах знаходзiлiся сама слаўныя храмы Афрадыты.

Слаўны пастыр — Парыс, сын траянскага цара Прыяма. Нараджэнне яго суправаджалася благiмi прыкметамi, i бацька загадаў кiнуць немаўля на гары Iдзе, але яго падабраў пастух i выхаваў. Парыс быў суддзёй у спрэчцы Геры, Афiны i Афрадыты аб тым, каторая з iх найпрыгажэйшая.

Нерэiды — марскiя нiмфы, дочкi марскога цара Нерэя.

Партун — рымскi бог портаў i прыстаняў.

Салацыя — багiня бурнага мора.

Фурман дэльфiнаў Палемон. — Мiф расказвае, што цар Атамант, якога багiня Гера пазбавiла розуму, хацеў забiць сваю жонку Iно, але яна разам з сынам Мелiкертам кiнулася ў мора. Абое ўшаноўвалiся як марскiя багi-выратавальнiкi, Мелiкерт — пад iмем Палемона. Фурманам дэльфiнаў завецца ён таму, што труп хлопчыка, паводле падання, быў вынесены на бераг дэльфiнам.

Трытоны — другарадныя марскiя багi, якiх уяўлялi ў выглядзе паўлюдзей-паўрыб.

Акiян — паводле ўяўлення старажытных людзей, велiчэзная рака, якая акружае ўвесь свет.

Мiлецкi бог — Апалон, адзiн з аракулаў якога знаходзiўся ў мясцовасцi Дзiдзiм паблiзу Мiлета.


КНIГА ПЯТАЯ
Пiфiйскi аракул. — Аракул у Дзiдзiме названы тут пiфiйскiм, таму што сама знакамiтым аракулам Апалона была прадказальня пры храме Апалона Пiфiйскага ў Дэльфах (горад на паўночны захад ад Афiн), i сам Апалон часта называецца Пiфiйцам.

Пан — бог лясоў i гаёў, апякун пастухоў, рыбакоў i паляўнiчых. Уяўляўся з казлiнымi рагамi, з барадой, з капытамi на нагах i з хвастом.

Нiмфы — багiнi нiжэйшага разраду, якiя ўвасаблялi розныя сiлы прыроды; былi нiмфы марскiя (нерэiды), рачныя (наяды), горныя (арэады), нiмфы дрэў (дрыяды) i iншыя.

Оры (або Горы) — багiнi пор года, увасабленне парадку ў прыродзе.

свайго айчыма, знакамiтага сiлача i вялiкага змагара. — Маецца на ўвазе Марс. Аднак Марс не муж, а толькi каханак Венеры, у якiм яна бачыць, як вiдаць, апекуна больш магутнага, чым яе законны муж Вулкан, i называе палюбоўнiка айчымам свайго сына.


КНIГА ШОСТАЯ
убачыўшы на гары нейкi хорам… — Псiхея знаходзiцца перад храмам Цэрэры-Дэметры, багiнi-апякункi земляробства.

беспрасветнага шлюбу Празерпiны… — Паводле некаторых мiфаў, дачка Дэметры Персефона (Празерпiна) была ўкрадзена Аiдам (Плутонам) у Сiцылii.

Элеўсiнскiя мiстэрыi — культ Дэметры i Персефоны ў атычным гарадку Элеўсiне (недалёка ад Афiн).

маёй сваячкi… — Афрадыта — дачка Зеўса, а Дэметра яго сястра.

Сястра i жонка вялiкага Юпiтэра — Юнона (Гера).

Святыня Самоса — выспа Самос (каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азii) была, паводле мясцовых мiфаў, месцам нараджэння Геры. На выспе знаходзiўся славуты храм багiнi.

Аргоскiя сцены — Аргос у Пелапанэсе, галоўны цэнтр культу Геры.

Меркурый (Гермес) — сын Зеўса i нiмфы Маi, якая нарадзiла яго на гары Кiлене ў Аркадыi.

Кацыт — рака ў краiне памерлых.

Дзiт — бог падземнай краiны.

Харон — стары перавозчык у краiне памерлых. Рака, праз якую ён перапраўляе душы — Стыкс. Старажытныя верылi, што Харон бярэ са сваiх пасажыраў плату за перавоз, i ўкладалi нябожчыку ў рот медную манету.

Сатыры — сельскiя багi, якiя ўвасаблялi творчую сiлу прыроды. Вонкава нiчым не адрознiвалiся ад бога Пана.

Панiскi — тое самае, што i сатыры (маленькiя Паны).

Дырцэя (або Дырка) — жонка фiванскага цара Лiка. Мiф расказвае, што Дырцэя i Лiк жорстка прыцяснялi сваю палоннiцу Анцiопу, мацi Зета i Амфiёна, народжаных ад Зеўса, якiя выхоўвалiся ўпастухоў. Каб адпомсцiць за мацi, яны забiлi Лiка, а Дырцэю прывязалi да рагоў быка, якi растрапаў яе.

Фрыкс — сын багiнi аблокаў Няфелы i смяротнага — цара Атаманта, жонка якога ўгаварыла прынесцi зненавiджанага пасынка багам на ахвяру. Аднак Няфела выратавала сына, выправiўшы залатаруннага барана, якi вывез Фрыкса за мора ў Калхiду. Разам з Фрыксам уцякла i яго сястра, Гела, якая па дарозе ўтапiлася. Той пралiў, дзе Гела саслiзнула са спiны барана, атрымаў, паводле падання, назву Гелеспонта (мора Гелы).

Арыён — грэцкi паэт i музыкант VII ст. да н. э. З яго творчасцi нiчога не захавалася. Герадот у сваёй «Гiсторыi» перадае легенду, што аднойчы ў час падарожжа матросы вырашылi абрабаваць i забiць Арыёна. Паэт папрасiў у iх дазволу заспяваць перад смерцю i, закончыўшы спевы, кiнуўся ў мора. Але зачараваны яго песняй дэльфiн прыняў яго на сваю спiну i вынес на бераг.

Эўропу, якая ляжала на быку. — Зеўс, закахаўшыся ў фiнiкiйскую царэўну Эўропу, ператварыўся ў быка i перавёз яе на сваёй спiне праз мора на выспу Крыт.

Пегас — казачны крылаты конь.


КНIГА СЁМАЯ
Iмператарскi пракуратар. — Пракуратамi называлiся ўрадаўцы, якiя загадвалi галоўным чынам фiнансамi. Iмператарскiя пракуратары ў правiнцыях збiралi падаткi ў асабiстую касу iмператара.

Закiнф — выспа ў Iанiйскiм моры каля заходняга берага Пелапанэса, цяпер Зантэ.

Актыйскае ўзбярэжжа — Акцыум, мыс ля ўвахода ў Амбракiйскi залiў на заходнiм беразе сярэдняй Грэцыi.

Вексiларыi — ветэраны, якiя праслужылi 16 (альбо 20) гадоў i ў чаканнi адстаўкi працягвалi службу ў спецыяльных вайсковых часцях, дзе былi вызвалены ад усiх дапаможных лагерных работ.

Талант — буйная грэцкая грашовая адзiнка.

Бактрыйскi вярблюд. — Бактрыя — адна з паўночных сатрапiяў персiдскай дзяржавы (на тэрыторыi Афганiстана). Бактрыйскiмi называлiся двухгорбыя вярблюды. (Аднагорбыя звалiся арабскiмi.)

гасцей кiдаў на разарванне i зжыранне дзiкiм коням. — Такую «гасцiннасць» аказваў падарожным, паводле падання, фракiйскi цар Дыямед. Ён быў пераможаны Гераклам i падзялiў лёс сваiх ахвяр.

Белерафонт — казачны герой, якi пры дапамозе крылатага каня Пегаса перамог Хiмеру — трохгаловае страшыдла, якое вывяргала агонь. Асёл iранiчна параўноўваецца з Пегасам, а коннiк з Белерафонтам.

Мелеагр — герой многiх грэцкiх мiфаў. Калi яму было 7 дзён, у дом яго бацькi прыйшлi багiнi лёсу i сказалi, што Мелеагр памрэ, як толькi згарыць палена, якое ляжыць на агнi. Мацi Мелеагра Алфея выняла палена з печы i схавала яго. Праз шмат гадоў Мелеагр пасварыўся з братамi сваёй мацi i забiў iх. Тады Алфея спалiла схаванае палена, i Мелеагр адразу памёр.


КНIГА ВОСЬМАЯ
Багiня Iсцiны — дачка Зеўса, мацi Дабрачыннасцi, кармiцелька Апалона.

Сiрыйская багiня. — Цэнтрам культу гэтай багiнi быў Гiераполь у Сiрыi. Iмя яе дакладна не ўстаноўлена, лiчаць, што звалася яна Атаргацiс. Святкаваннi ў гонар гэтай багiнi мелi характар оргiяў, у часе якiх многiя наносiлi сабе раны мячамi, бiчавалiся i нават сябе аскаплялi. Скапцамi былi i жрацы багiнi, якiя апраналiся ў жаночае адзенне. Называлi iх галамi. Гэтыя галы з выявай багiнi, жабруючы, бадзялiся па ўсёй рымскай iмперыi.

Сабадзi — азiяцкi бог, якi атаясамлiваецца з Дыянiсам, а таксама з Ацiсам, любiмым жрацом Кiбелы.

Белона — кападакiйская багiня, фанатычны i крывавы культ якой перанесены ў Рым.

Iдэйская мацi — Рэя, жонка Кронаса, мацi алiмпiйскiх багоў. Была атаясамленая з азiяцкай Кiбелай, культ якой напамiнаў культ Сiрыйскай багiнi.

Адонiс. — Мiф расказвае, што прыгожага юнака Адонiса кахалi Афрадыта i Персефона. Зеўс загадаў, каб Адонiс частку года праводзiў у краiне памерлых з Персефонай, а частку ў надземным свеце з Афрадытай. Адонiс — бог усходняга паходжання, ён сiмвалiзуе памiранне i абуджэнне прыроды.

дзева падменена ланню… — Намёк на мiф аб Iфiгенii, якая павiнна была быць прынесена на ахвяру багам (без гэтага багi не давалi спадарожнага ветру, i грэкi, якiмi камандаваў бацька Iфiгенii Агамемнан, не маглi распачаць паход на Трою). Але ў самы момант складання ахвяры багiня Артэмiда замянiла дзяўчыну ланню.


КНIГА ДЗЕВЯТАЯ
Тулiанум — падземная частка дзяржаўнай турмы ў Рыме. Апулей выкарыстоўвае гэту назву ў якасцi сiнонiма турмы наогул.

апяяў чалавека, якi дасягнуў паўнаты мудрасцi ў вандроўках… — Апулей мае на ўвазе Адысея, якога ўславiў Гамер.

Дэкурыёнамi называлiся сябры мясцовых сенатаў, якiя ў часы iмператараў былi заснаваныя ўжо амаль ва ўсiх правiнцыях у вялiкiх гарадах.

год пачаў хiлiцца ў бок Казярога. — Сонца ўступае ў сузор'е Казярога на пачатку зiмы.


КНIГА ДЗЕСЯТАЯ
Трыбун. — Ваенныя трыбуны камандавалi легiёнамi. Пры кожным легiёне было 6 трыбунаў, якiя неслi службу па чарзе.

Этыокл i Палiнiк — сыны Эдыпа, мiж якiмi трывала непрымiрымая варожасць за ўладу над Фiвамi. Iх барацьба закончылася смерцю абодвух. Гэты мiф паслужыў сюжэтам трагедыi Эсхiла "Сямёра супраць Фiваў".

Фiней — легендарны фракiйскi кароль, якi па падказцы злой мачыхi асляпiў сваiх сыноў ад першай жонкi. У пакаранне за гэта гарпii (крылатыя страшыдлы з дзявочымi тварамi) вырывалi ад яго ежу i паганiлi сваiмi нечыстотамi ўсё, чаго не маглi панесцi з сабой.

Аслiная Пасiфея. — Бог Пасейдон, загневаўшыся на крыцкага цара Мiноса, змусiў яго жонку Пасiфею закахацца ў быка. Плодам гэтага захаплення быў чалавекабык Мiнатаўр.

Iдэйская гара. — Iда — горны хрыбет у Малой Азii, ля падножжа якога знаходзiлася старажытная Траянская дзяржава.

Эфебы — афiнскiя юнакi ва ўзросце 18–20 гадоў, якiя неслi пагранiчную службу. Стаўшы эфебам, юнак апранаў хламiду (адмысловага пакрою плашч).

Кадуцэй — жазло вяшчальнiка, выразанае з дрэва ў форме стрыжня, абвiтага дзвюма змеямi, Меркурый — вяшчальнiк багоў, дзеля таго ягоным атрыбутам з'яўляецца кадуцэй, а таксама крылы.

Кастар i Палукс (Палiдзеўк) — блiзняты, сыны Леды. Бацькам Кастара быў смяротны, а бацькам Палукса — Зеўс.

Паламед — адзiн з герояў Траянскай вайны. Адысей i Агамемнан, пазайздросцiўшы яго хiтрасцi i розуму, падкiнулi ў яго палатку золата i падробленае пiсьмо, як быццам ад Прыяма, i абвiнавацiлi ў здрадзе. Народ забiў яго каменнем.

пераносiў ганеннi за разбэшчванне моладзi… — Маецца на ўвазе Сакрат, якога абвiнавацiлi ў бясчэсцi i ў разбэшчваннi моладзi i асудзiлi на смерць.

Кянхрэй (цяпер Кенхрыес) — галоўная гавань Карынфа. Апулей называе морам Саранiцкi (Эгiнскi) залiў Эгейскага мора.


КНIГА АДЗIНАЦЦАТАЯ
Сястра Феба (Апалона) — Артэмiда, якая лiчылася, мiж iншым, апякункай парадзiх. Эфес у Малой Азii быў галоўным цэнтрам яе культу.

Гiпербарэйскiя грыфы, народжаныя iншым светам. — Старажытныя размяшчалi казачны край гiпербарэяў на крайняй поўначы (туды не далятае халодны вецер Барэй), на мяжы гэтага свету са светам антыподаў.

Аўгустава гавань — Острыя ў вусцi Тыбра, марскi порт Рыма.

Тырс — жазло, абвiтае плюшчом i лiстамi вiнаграду i ўвянчанае сасновай шышкай. Тырс i плюшч — эмблемы Дыянiса, атаясамленага з Азiрысам.


Оглавление

  • Лонг. Апулей Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. Метамарфозы, ці залаты асёл 
  • Лонг Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою
  •   Уступ
  •   Кніга першая
  •   Кніга другая
  •   Кніга трэцяя
  •   Кніга чацвертая
  •   Каментары
  • Апулей Метамарфозы, цi Залаты асёл
  •   КНIГА ПЕРШАЯ
  •   КНIГА ДРУГАЯ
  •   КНIГА ТРЭЦЯЯ
  •   КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ
  •   КНIГА ПЯТАЯ
  •   КНIГА ШОСТАЯ
  •   КНIГА СЁМАЯ
  •   КНIГА ВОСЬМАЯ
  •   КНIГА ДЗЕВЯТАЯ
  •   КНIГА ДЗЕСЯТАЯ
  •   КНIГА АДЗIНАЦЦАТАЯ
  •   КАМЕНТАРЫ