КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Лота [Астрыд Ліндгрэн] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Астрыд Лiндгрэн Лота 

Лота хоча вырасцi

Тата гаворыць, што калi не было ў хаце дзяцей, дык усюды быў мiр i спакой.

Шум пачаўся з той самай хвiлiны, калi троху падрос Джонас i пачаў калацiць сваёй бразготкай аб калыску.

Джонас — мой старэйшы брат. Мяне завуць Марыя, а маю маленькую сястру Лота. Звычайна Джонас быў асаблiва шумны ў нядзелю ранiцай, калi тата вельмi хацеў спаць. З часам Джонас рабiў усё больш шуму, i тата празваў яго Вялiкiм Шумам. Мяне ён назваў Маленькiм Шумам, бо я не такая шумлiвая, як Джонас. Я магу быць зусiм цiхай i сядзець моўчкi.

Калi ў нашай сям'i з'явiлася Лота, тата даў ёй мянушку Маленькi Арэшак, я i сама не ведаю чаму.

Мама называе нас сапраўднымi iмёнамi: Джонас, Марыя i Лота. Iншы раз яна, а таксама Джонас i Лота завуць мяне Мiа-Марыя.

Мартэнсаны — наша прозвiшча, i мы ўсе жывём у доме, пафарбаваным у жоўты колер.

Часам Лота злуецца, што яна не такая вялiкая, як мы. Нам дазваляюць хадзiць на плошчу самiм, а Лоце не.

Джонас i я ходзiм туды кожную суботу, каб купiць у краме цукеркi. Але мы заўсёды прыносiм цукеркi i Лоце, таму што так трэба рабiць.

Мiнулай вясной, у адну з субот, iшоў такi густы дождж, што нам трэба было б застацца дома. Але мы, узяўшы вялiкi парасон нашага таты, усё роўна адправiлiся за цукеркамi. Мы купiлi мятныя цукеркi i жвачкi, з якiх выдзiмалi маленькiя шарыкi. Калi мы вярталiся дамоў пад парасонамi i смакталi цукеркi, Лота назiрала за намi праз акно.

Няшчасная Лота! Iшоў дождж, i ёй не дазвалялi нават гуляць на вулiцы.

— I чаму гэтаму дажджу трэба iсцi? — спытала Лота.

— Каб гароднiна расла, i нам было б што есцi, — адказала мама.

— Але ж чаму трэба iсцi дажджу на плошчы? — спытаў Джонас. — Мо каб раслi цукеркi?

Гэта рассмяшыла маму.

Увечары, калi мы ўжо леглi спаць, Джонас сказаў мне:

— Даражэнькая Марыя, калi мы паедзем да бабулi з дзядулем, мы больш не будзем саджаць моркву на агародзе, мы лепш пасадзiм цукеркi.

— Але ж морква больш карысная для зубоў, — адказала я. — Мы маглi б палiваць iх, — я мела на ўвазе цукеркi, — маёй палiвачкай.

Мне было вельмi прыемна нават успамiнаць аб маёй маленькай, зялёненькай палiвачцы. Яна стаяла на палiцы ў падвале дома маiх бабулi i дзядулi ў вёсцы. Мы заўсёды жылi там летам.

Вы нiколi не здагадаецеся, што зрабiла Лота, калi мы былi там мiнулым летам. За клуняй знаходзiлася вялiкая куча гною. Мiстэр Джонас, дзядулеў памочнiк, раскiдваў гэты гной па зямлi, каб расла лепш гароднiна.

— Чаму патрэбна ўгнаенне? — спытала Лота.

— Усё расце лепш, калi яго раскiдаць па зямлi, — адказаў ёй тата.

— I трэба яшчэ, каб дождж пайшоў, — дадала Лота. Яна памятала, што гаварыла мама Джонасу, калi iшоў дождж у тую суботу.

— Правiльна, Лота. — Тата быў вельмi задаволены.

Апоўднi пачаўся моцны дождж.

— Цi бачыў хто-небудзь Лоту? — спытаўся тата.

Мы ўсе пацiскалi плячыма. Нiхто не бачыў яе ўжо даўно, i мы пачалi яе шукаць.

Спачатку мы шукалi яе ў хаце — у шафе, у паддашку, у падвале. Але Лоты не было нiдзе.

Тата расхваляваўся. Ён абяцаў маме глядзець за намi. "Можа, яна на вулiцы?" — падумаў ён.

Мы пайшлi да клунi. Мы абшукалi ўсе куточкi, злазiлi на вышкi, але Лоты не было нiдзе.

Потым мы паглядзелi за клуню. Вось яна дзе была. Пад дажджом, прамоклая наскрозь, яна стаяла ў сярэдзiне гнаявой кучы.

— Што ты тут робiш, Маленькi Арэшак? — усклiкнуў тата.

— Я хачу вырасцi i быць такой жа вялiкай, як Джонас i Марыя, — адказала Лота.

Часам Лота можа так дзяцiнiцца!

Нашы гульні

Кожны дзень Джонас i я распачынаем гульнi. Мы дазваляем Лоце гуляць з намi, калi яна ўжо ведае правiлы гульнi.

Але часам, калi мы гуляем у пiратаў, мы не хочам, каб Лота была з намi. Яна ўвесь час блытаецца пад нагамi i падае са стала, якi як быццам з'яўляецца нашым караблём. Потым яна плача, скардзiцца, але зноў i зноў хоча гуляць з намi.

Гэтымi днямi Джонас i я гулялi ў пiратаў, i мы нiяк не маглi адчапiцца ад Лоты. Тады Джонас спытаў яе:

— Цi ведаеш ты, што трэба рабiць, калi гуляеш у пiратаў?

— Калi ты пiрат, ты ўзлазiш на стол, а потым саскокваеш з яго, — адказала Лота.

— Але ж можна зрабiць i лепш, — сказаў Джонас. — Запаўзцi пад ложак i цiха-цiха ляжаць там.

— Чаму? — спытала Лота.

— Ты толькi ляжыш там, прытвараючыся пiратам, i гаворыш увесь час: "Хачу есцi, хачу есцi, хачу есцi". Гэта якраз тое, што пiраты i робяць, — сказаў Джонас.

I Лота паверыла, што гэта сапраўды так. Яна забралася пад ложак i паўтарала: "Хачу есцi, хачу есцi".

Мы з Джонасам уладкавалiся на стале, якi быў нашым караблём, i паплылi, а Лота тым часам сядзела пад ложкам i бубнiла: "Хачу есцi, хачу есцi". Было нават больш цiкава сачыць за Лотай, чым гуляць у пiратаў.

У рэшце рэшт Лота спытала:

— Як доўга пiратам трэба сядзець пад ложкам, гаворачы гэтыя словы?

— Да калядаў, — адказаў Джонас.

Лота выпаўзла з-пад ложка:

— Я не хачу больш быць пiратам, таму што яны мне не падабаюцца.

Iншы раз Лота — добры памочнiк у нашых гульнях. Напрыклад, калi мы гуляем у анёлаў — у анёлаў-захавальнiкаў. Тады нам патрэбен хтосьцi, каго трэба абаранiць; мы абараняем Лоту. Яна ляжыць у сваiм ложку, а мы стаiм побач i размахваем рукамi, нiбы анёлы, якiя лятаюць i махаюць крыламi. Але Лоце гэтая гульня не падабаецца таксама, таму што яна зноў павiнна ляжаць цiхенька. Гэта тое ж самае, што яна робiць, калi мы гуляем у пiратаў, толькi на гэты раз ёй трэба ляжаць на ложку, а не пад iм.

Часам мы гуляем у бальнiцу. Джонас — урач, я — сядзелка, а Лота — хворае дзiця, якое зноў ляжыць у ложку.

— Зноў мне ляжаць у ложку, — сказала Лота, калi мы неяк папрасiлi яе пабыць хворай. — Я хачу быць доктарам i ўсунуць лыжку ў рот Марыi.

— Ты не зможаш быць доктарам, — сказаў Джонас, — таму што ты не ўмееш напiсаць рэцэпт.

— Што я не ўмею напiсаць? — спытала Лота.

— Рэцэпт — гэта тое, што пiша доктар. Ён гаворыць табе аб тым, як ты павiнна даглядаць за хворымi дзецьмi, — адказаў Джонас.

Джонас ужо навучыўся пiсаць друкаванымi лiтарамi, хаця ён яшчэ не ходзiць у школу. Чытаць ён таксама можа. Але мы не пойдзем у школу, пакуль нам не споўнiцца сем гадоў.

Аднак мы прымусiлi Лоту легчы ў ложак i прыкiнуцца хворай.

— Як ты сябе адчуваеш, мая маленькая дзяўчынка? — спытаў Джонас. Ён гаварыў, нiбы доктар, якi прыходзiць да нас, калi ў нас адзёр.

— Хачу есцi, хачу есцi, хачу есцi, — паўтарала Лота. — Я раблю выгляд, што я пiрат.

— Не дуры! — крыкнуў Джонас. — Спынiся! Мы не дазволiм табе гуляць з намi, калi ты будзеш рабiць такое глупства.

Лота супакоiлася i зноў стала "хворай". Яна нават дазволiла нам налажыць павязку на руку, а таксама i на грудзi. Скрозь павязку на грудзях Джонас пачуў, што сэрца было вельмi хворае. А калi ён засунуў лыжку ёй у горла, то аказалася, што i горла было вельмi i вельмi хворае.

— Прыйдзецца зрабiць ёй укол, — сказаў ён.

Аднойчы, калi Джонас быў хворы, доктар рабiў яму ўколы, i ён хутка ачуняў, i вось таму ён хацеў зрабiць укол Лоце. Ён узяў цыравальную iголку, якая была вельмi падобна на iголку доктара.

Але Лота не хацела нiякiх уколаў, — яна брыкалася, пiшчала:

— Не хачу я гэтых уколаў!

— Ну, дурненькая, мы ж не ўзапраўду, — адказаў Джонас. — Я ж не збiраюся ўтыкаць у цябе гэтую iглу, цi ж ты не разумееш?!

— Усё роўна не хачу ўколаў, — енчыла Лота.

I мы амаль што спынiлi гэтую гульню.

— Але ж я ўсё-такi выпiшу рэцэпт, — сказаў Джонас. Ён сеў за стол i алоўкам напiсаў друкаванымi лiтарамi на шматку паперы, але ж я не магла гэта прачытаць. Вось што там было: "За хворай дзяўчынкай трэба даглядаць. Ёй павiнен зрабiць укол доктар Джонас Мартэнсан".

Нам з Джонасам спадабалася гуляць у бальнiцу. А Лоце — не.

Упартая Лота

Наш тата вельмi смешны. Калi ён вяртаецца дадому з работы, Джонас, я i Лота сустракаем яго, i тата звычайна гаворыць: "О, божа лiтасцiвы! Колькi ж гэта ў мяне дзяцей!"

Аднойчы мы схавалiся за вешалкай i сядзелi там цiхенька, дык тата сказаў маме:

— Што гэта здарылася, чаму так цiха? Цi мае дзецi захварэлi?

Тут мы i выскачылi з рогатам.

— Вы ж не палохайце мяне так, — сказаў тата. — Калi я вяртаюся дадому, дык павiнен стаяць лямант i гоман, iнакш я буду непакоiцца.

Аднойчы два грузавiкi сутыкнулiся на вулiцы якраз насупраць нашага дома, i лязгат быў такi, што Лота прачнулася.

— Што зрабiў Джонас на гэты раз? — запытала яна спрасонку. Лота была ўпэўнена, што ўвесь шум i лязгат iдзе ад Джонаса.

Лота — такая маленькая, i ў яе такiя тоўсценькiя ножкi, што нам з Джонасам вельмi падабаецца цiскаць яе. Але ёй гэта зусiм не падабаецца.

Лоце не падабаецца шмат чаго. На мiнулым тыднi яна кашляла, i мама прымушала яе прыняць лякарства. Але Лота сцiснула рот i затрэсла галавой.

— Ты такая дурненькая, — сказаў ёй Джонас.

— Я не дурненькая, — адказала Лота.

— Ты дурненькая таму, што не п'еш лякарства ад кашлю, — сказаў Джонас. Калi мне трэба было прымаць лякарства, я вырашыў адразу выпiць яго, i ўсё тут.

— А калi мне трэба прымаць лякарства, я адразу вырашаю не пiць яго, i ўсё тут, — адказала Лота.

Яна моцна-моцна сцiснула рот i пакруцiла галавой. Мама пагладзiла яе па галоўцы.

— Мая ты небарака, мая ты Лотачка, табе прыйдзецца ўвесь час ляжаць тут i кашляць.

— I добра, бо я зусiм не хачу спаць, — радасна адказала Лота.

Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класцiся спаць. Я таксама не вельмi ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзiўныя звычкi! Увечары, калi мы не хочам спаць, яна прымушае нас класцiся, а ранiцай, калi мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.

Лоце, нарэшце, трэба было прыняць гэтае лякарства, бо на наступны дзень у яе пацякло з носа i яна стала кашляць яшчэ больш. Мама не дазволiла ёй выходзiць з дому. Яна папрасiла мяне схадзiць да Вулвэрса i купiць нешта для яе. Я хуценька пабегла. Калi ўжо была ля прылаўка i чакала прадаўца, нечакана ўвайшла Лота. З яе носа цякло яшчэ больш.

— Iдзi дадому, — сказала я.

— Не пайду, — адказала Лота. — Мне таксама падабаецца ў Вулвэрса.

Яна чхала i чхала, i нарэшце жанчына, якая стаяла побач з намi, спытала ў яе:

— У цябе ёсць насоўка?

— Ёсць. Але я не пазычаю яе незнаёмым, — адказала Лота.

Аднойчы мама павяла нас да дантыста — Джонаса, мяне i Лоту. Мама заўважыла маленькую дзiрачку ў адным з зубоў Лоты. Дантыст збiраўся запламбаваць яе.

— Калi ты добра сябе будзеш паводзiць у дантыста, я дам табе дзесяць пенсаў, — паабяцала мама Лоце.

Мама чакала нас у прыёмным пакоi, пакуль мы былi ў дантыста. Спачатку ён паглядзеў мае зубы, але ў мяне не было нiякiх дзiрак, i я пайшла да мамы ў прыёмны пакой. Мы доўга чакалi Джонаса i Лоту.

Нарэшце мама сказала:

— Дзiўна, што Лота не крычыць!

Праз хвiлiну адчынiлiся дзверы i выйшла Лота.

— Ты добра сябе паводзiла? — спытала мама.

— Ён вырваў зуб, — адказала Лота.

— I ты не плакала? Якая ж ты смелая дзяўчынка!

— Не, я не плакала, — адказала Лота.

— Ты сапраўды вельмi паслухмяная дзяўчынка, — сказала мама. — Вось твае дзесяць пенсаў.

Лота ўзяла дзесяць пенсаў i паклала iх у кiшэню. Яна была вельмi задаволена.

— Дай я зiрну, можа, кроў цячэ? — запыталася я.

Лота разявiла рот, i я вельмi здзiвiлася:

— Ён жа не вырваў нiводнага зуба!

— Не, вырваў... у Джонаса, — адказала Лота.

Потым выйшаў Джонас з дантыстам.

— Я нiчога не мог зрабiць з вашай маленькай дзяўчынкай, яна так i не адкрыла рот, — сказаў дантыст.

— Нам усюды i заўжды сорамна за гэтае дзiця, — сказаў Джонас, калi мы iшлi дадому.

— Але ж я яго зусiм не ведаю, — сказала Лота. — Чаму я павiнна адкрываць рот перад тым, каго я не ведаю?!

Тата заўсёды гаворыць, што Лота ўпартая, як стары мул.

Мiсiс Берг

Мiсiс Берг — наша суседка. Нам вельмi падабаецца гасцяваць у яе. Памiж яе садам i нашым — плот, якi мы з Джонасам пералезцi можам, а Лота не. Але сабака мiсiс Берг вырыў яму пад плотам, i Лота магла прапаўзцi там.

Гэтымi днямi мы былi ў мiсiс Берг. У яе ёсць камода з маленькiмi шуфлядкамi, якiя напоўнены цiкавымi рэчамi.

— Мiсiс Берг, дазвольце, калi ласка, паглядзець на гэтыя цiкавыя рэчы, папрасiў Джонас.

— Добра, — адказала яна i паказала ляльку, з якой яна гуляла, калi была яшчэ маленькай. Ляльку звалi Роза.

Мiсiс Берг — вельмi старая, але ж не такая старая, якой яе ўяўляе сабе Лота.

— Цi бралi вы Розу з сабой у Ноеў каўчэг? — спыталася Лота.

Нядаўна тата расказваў нам пра Ноеў каўчэг i пра тое, як стары Ной пабудаваў вялiзную лодку, якая i звалася каўчэгам. А потым, на працягу некалькiх тыдняў, iшоў моцны дождж, i ўсе людзi, хто не быў з Ноем у лодцы, патанулi. Гэта здарылася шмат вякоў таму назад.

Мiсiс Берг засмяялася i адказала:

— Лота, даражэнькая, я не была ў Ноевым каўчэгу!

— Як жа тады здарылася, што вы не патанулi? — спыталася Лота.

Потым мiсiс Берг паказала нам, як яна зрабiла з адной з шуфлядак ложак для Розы. Матрац быў зроблены з ружовай тканiны, а коўдра — з зялёнага сацiну. На Розе была блакiтная вопратка.

У другой шуфлядцы я ўбачыла маленькi шкляны кошык з ружовымi кветачкамi ў iм.

— Можна, мы пагуляем з Розай i з гэтым кошыкам? — спыталася Лота.

Мiсiс Берг дазволiла, i мы павесiлi гэты кошык на руку Лоце, як быццам яна — Чырвоная Шапачка, якая iдзе да сваёй бабулi i нясе ёй ежу i бутэльку з сокам. На пiянiна стаяла ваза з цукеркамi. Цукеркi былi падобны на бутэлечкi i закручаны ў блiскучыя паперкi.

Мы паклалi ў кошык адну з цукерак, а таксама разынкi i мiндаль, якiя нам дала мiсiс Берг. Сабака мiсiс Берг, Скоцi, быў ваўком. Я была бабуляй, а Джонас быў паляўнiчым, якi прыйдзе i заб'е ваўка.

— А што мне рабiць? — закрычала Лота. — Цi ж вы не хочаце, каб я была кiмсьцi?

Мы далi Лоце Розу i шкляны кошык i сказалi, што трэба рабiць Чырвонай Шапачцы. Але калi Чырвоная Шапачка прыйшла да бабулi — а гэта была гасцiная мiсiс Берг, — у кошыку не было ўжо нi разынак, нi мiндаля.

— А дзе ежа для бабулi? — спытаў Джонас.

— Роза з'ела, — адказала Лота.

Пасля гэтага Джонас не хацеў больш гуляць з Лотай у Чырвоную Шапачку. А Скоцi стамiўся прыкiдвацца, што ён збiраецца з'есцi бабулю. Джонас вiсеў на iм увесь час, а Скоцi вiляў хвастом i нарэшце збег. Ён запоўз пад канапу i час ад часу выглядваў адтуль i гаўкаў. Скоцi заўсёды падабаецца, калi мы прыходзiм да мiсiс Берг.

Потым мы перагледзелi ўсе астатнiя рэчы ў шуфлядках мiсiс Берг. Там быў iгольнiк з чырвонага сацiну, як сэрца, i маленькая карцiна ў залатой раме, дзе быў намаляваны прыгожанькi анёл з доўгiмi валасамi. У яго былi вялiкiя крылы, а апрануты ён быў у белую кашулю. Лоце падабаюцца малюнкi, мне таксама.

— Як жа гэта анёл змог апрануцца ў кашулю? У яго ж крылы. — Хацела ведаць Лота.

— Можа, ззаду ў кашулi ёсць маланка? — спытаў Джонас.

Мiсiс Берг зрабiла для нас вафлi. Калi мы прыходзiм да яе, яна заўсёды частуе нас вафлямi.

— Сёння цёплы веснавы дзень, i вы можаце есцi вафлi з гарачым шакаладам у садзе, — сказала яна.

Мiсiс Берг пайшла ў кухню, а мы засталiся ў гасцiнай. Было горача, i вокны былi адчынены. Джонас i я высунулiся з акна, i Джонас кiнуў мне шарык, што быў у яго кiшэнi. Я кiнула гэты шарык Джонасу. Так мы i кiдалi яго адзiн аднаму, пакуль я не ўпусцiла яго i ён не пакацiўся па лужку. Потым Джонас сказаў, што нам трэба паглядзець, хто з нас можа далей высунуцца з акна. Мы высунулiся так далёка, як маглi, i раптам Джонас вывалiўся. Я вельмi спалохалася. Мiсiс Берг спалохалася таксама. Яна прыбегла, калi Джонас перакулiўся.

— Джонас! — закрычала яна.

Джонас сядзеў з вялiзным гузам на лбе.

— Як гэта здарылася? — спытала мiсiс Берг.

— Мiа-Марыя i я спрачалiся, хто можа далей высунуцца з акна, i я перамог, — адказаў ён.

У той час, калi мы з Джонасам высоўвалiся з акна, Лота знайшла вязанне мiсiс Берг, якое ляжала на канапе. Мiсiс Берг вяжа свiтэры i прадае iх. Дык гэта Лота выцягнула пруткi i распусцiла ўсё вязанне мiсiс Берг. Яна сядзела на канапе, уся абкручаная нiткамi.

— Лота, што ты нарабiла? — закрычала мiсiс Берг.

— Я вяжу сабе свiтэр, — адказала Лота. — I паглядзiце, якая хвалiстая шэрсць.

Мiсiс Берг сказала, што было б лепей, калi б мы пайшлi ў сад i з'елi нашыя вафлi, а потым пайшлi дадому.

Мы сядзелi ў садзе мiсiс Берг, пiлi шакалад i елi вафлi з цукрам. Як жа было цудоўна сядзець на сонцы, есцi вафлi i кармiць вераб'ёў крошкамi!

Вельмi хутка мiсiс Берг зноў сказала, что нам пара iсцi дадому. Джонас i я пералезлi цераз плот, а Лота пралезла скрозь дзiрку. Мы пайшлi ў кухню, каб паглядзець, што было на абед.

— Рыба, — адказала мама.

— А здорава, што мы з'елi так многа вафляў, — прамармытаў Джонас.

— Дык вы былi ў мiсiс Берг? — спытала мама. — Цi рада яна была бачыць вас?

— Вядома, — адказаў Джонас. — Яна была рада два разы: першы раз, калi мы прыйшлi, а другi — калi развiталiся.

Сапраўды, мiсiс Берг — гэта найлепшы чалавек, якога мы ведалi.

Мы едзем на пiкнiк

Аднойчы тата сказаў:

— У нядзелю мы едзем на пiкнiк!

— Ур-а-а! — закрычалi Джонас i я.

— Ура пiкнiку! — крыкнула Лота.

У нядзелю мама ўстала вельмi рана i зрабiла бутэрброды i аладкi. Яна таксама налiла гарачы шакалад у адзiн з тэрмасаў для нас, каву — у другi для сябе i таты. Лiманад мы таксама збiралiся ўзяць з сабой.

Тата падагнаў машыну да дзвярэй.

— А зараз давайце паглядзiм, як мы зможам уцiснуцца ў гэтую лялечную машыну, — сказаў ён. — Як жа мы зможам знайсцi месца для мамы, Вялiкага Шуму, Маленькага Шуму, Маленькага Арэшка, дваццацi шасцi аладак, ды я яшчэ не ведаю, колькi бутэрбродаў?

— I Бэмсi, — сказала Лота.

Бэмсi — гэта вялiкае, ружовае, зробленае з матэрыi парасё, якога Лота валачэ за сабой усюды. I думае, што гэта мядзведзь, i таму клiча яго Бэмсi-медзведзяня.

"Гэтае парасё заўсёды было парасём!" — настойлiва гаварыў ёй Джонас.

Вось i зараз Лота плача i гаворыць, што гэта медзведзяня.

— Мядзведзi не бываюць ружовыя, — спрачаецца Джонас. — Дарэчы, Лота, ён палярны цi звычайны мядзведзь?

— Гэта мядзведзь, у якога колер такi ж самы, як у парасяцi, — адказвае Лота.

Лота, натуральна, хацела, каб яе ружовы мядзведзь паехаў з намi на пiкнiк. Таму калi мы ўсе ўладкавалiся ў машыне, яна раптам спытала:

— Мама, а цi могуць свiннi мець дзяцей?

— Ты маеш на ўвазе Бэмсi цi сапраўдных свiней? — спытала мама.

Лота адказала, што яна гаворыць пра сапраўдных свiней, а не пра Бэмсi. Тады мама растлумачыла, што сапраўдныя свiннi могуць мець дзяцей.

— Зразумела, не могуць, — сказаў Джонас.

— Але ж ты добра ведаеш, што могуць, — адказала мама.

— Немагчыма, каб яны мелi дзяцей, — зноў заспрачаўся Джонас. — У iх могуць быць толькi маленькiя парасяты.

Мы ўсе засмяялiся, i тата заўважыў, што Вялiкi Шум, Маленькi Шум i Маленькi Арэшак — самыя разумныя дзецi, якiх яму даводзiлася сустракаць.

Мы ўсё ехалi i ехалi, пакуль не дабралiся да невялiчкага возера. Тата пакiнуў машыну на дарозе ў лесе, а мы ўсе дапамаглi несцi рэчы для пiкнiка да возера.

Доўгi мол спускаўся ў ваду, i Джонас з Лотай хацелi дайсцi да канца гэтага мола, каб паглядзець, цi ёсць у возеры рыба. Мама села на траву i сказала тату:

— Я збiраюся ляжаць увесь дзень i не варушыцца. Ты сам паклапацiся аб дзецях.

Тата пайшоў з намi да канца мола. Мы леглi на жываты i сталi сачыць за тым, як у вадзе мiтусiлiся маленькiя рыбкi. Тата зрабiў нам вуды з доўгiх галiнак i прыладзiў да iх кручкi. Мы сталi вудзiць рыбу. Але ж, на жаль, мы нiчога не злавiлi.

Потым мы пайшлi ў лес. Мацi папярэдзiла нас, каб мы не хадзiлi вельмi далёка.

Мы ўбачылi, як птушка лётае каля куста. Калi мы падышлi блiжэй, мы разгледзелi птушынае гняздо з чатырма блакiтнымi яйкамi. Гэта былi найпрыгажэйшыя яйкi, якiя я калi-небудзь бачыла. Лота ўсё хацела застацца тут i яшчэ паглядзець на гняздо. Яна трымала Бэмсi так, каб ён таксама мог усё добра бачыць. Але Джонас i я знайшлi вельмi цудоўнае дрэва, на якое можна было б залезцi, i прымусiлi Лоту пайсцi з намi.

Нi я, нi Джонас не баiмся лазiць па дрэвах, а Лота баiцца, таму нам прыйшлося дапамагчы ёй узбiрацца наверх.

Потым яна пачала хныкаць:

— Знiмiце мяне, знiмiце мяне!

Калi яна была ўжо ўнiзе, дык сярдзiта паглядзела ўверх на дрэва i сказала:

— Толькi звар'яцелыя людзi залазяць на такое дрэва!

Мы не дабралiся да самага верху, калi мама пазвала нас есцi, i мы паляцелi да возера. Мама паслала абрус на траве, вылажыла на яго бутэрброды, аладкi i ўсё астатняе. Яна нават паставiла ў сярэдзiне вазачку з люцiкамi.

Мы ўсе селi на траву i пачалi гаварыць, што лепей есцi тут, а не ў сталовай дома. Аладкi былi вельмi смачныя, таму што мы клалi на iх джэм. Бутэрброды былi цудоўнымi таксама. Мне спадабалася смачнае мяса, а Джонасу яйкi i камса, i мы iмi абменьвалiся. А Лоце спадабалася ўсё, i яна нi з кiм не дзялiлася, ды акрамя таго, яна заўсёды была галодная. Яна адмовiлася есцi толькi аднойчы, i гэта здарылася, калi Лота захварэла. Тады мама была вельмi занепакоена тым, што Лота нiчога не ела. Аднойчы вечарам, у час малiтвы, яна сказала: "I дарагi Божа, зрабi так, каб я захацела есцi зноў, але толькi не пiражкi з сёмгай!"

У нас у кожнага была бутэлька лiманаду. Лота пайшла на бераг возера, каб пакласцi пяску ў лiманад, i калi мы спыталi яе, чаму яна так зрабiла, яна адказала:

— Я хачу толькi паспытаць яго на смак.

Пасля абеду тата распластаўся на траве.

— На сонцы так хораша, што я крыху ўздрамну, — сказаў ён. — А вы, дзецi, пакуль што паклапацiцеся аб сабе самi. Але памятайце, што вам забаронена хадзiць на мол!

Мы не пайшлi на мол. Трошкi далей, блiжэй да возера, быў вялiкi абрыў. Мы забралiся на яго, таму што Джонас хацеў паказаць, як нырае тата.

— Ён гэта робiць вось так, — сказаў Джонас, выцягваючы рукi ўперад i падскокваючы.

Калi мы пачалi нешта ўсведамляць, Джонас быў ужо ў вадзе. Хаця ён, вiдаць, не хацеў гэтага. А горш за ўсё было тое, што мама не дазволiла нам гуляць каля вады, таму што было занадта холадна. Але ён упаў у ваду, як камень. Лота i я ўскрыкнулi. Я знайшла доўгую палку, якая ляжала на абрыве, i калi Джонас паказаўся на вадзе зноў, ён ухапiўся за яе. А Лота толькi смяялася. Адразу ж прыбеглi мама i тата. Тата выцягнуў Джонаса з вады.

— Божа мой, Джонас, што ж ты робiш? — спытала мама.

— Ён толькi хацеў паказаць нам, як нырае тата, — сказала Лота. Потым яна засмяялася зноў, таму што мокрыя штаны Джонаса здалiся ёй вельмi смешнымi.

Джонасу прыйшлося зняць з сябе ўсю адзежу, а мама павесiла яе на дрэва, каб яна прасохла. Але ж адзежа была яшчэ мокрая, калi нам трэба было вяртацца дадому, таму Джонасу прыйшлося сядзець у машыне захiнутым у коўдру.

Лоце ўсё здавалася смешным. Але раптам яна перастала смяяцца. Яна не магла знайсцi Бэмсi. Мы шукалi яго ўсюды. Але ён знiк. Мама сказала, што нам, вiдаць, прыйдзецца паехаць без яго, i ад гэтага Лота ўскрыкнула яшчэ мацней, чым тады, калi Джонас упаў у возера.

— Бэмсi, можа, правядзе цудоўную ноч у лесе адзiн, — сказаў тата. — Заўтра я вярнуся сюды i пастараюся знайсцi яго.

Аднак Лота ўсё плакала i плакала:

— А можа, раптам злая старая ведзьма прыйдзе i напалохае яго?!

— Калi Бэмсi сустрэне ведзьму, то, можа, менавiта яна, а не ён спалохаецца, — супакойваў тата.

— Цi можаш ты ўспомнiць, калi ты апошнi раз трымала ў руках Бэмсi? спытала мама.

Лота паспрабавала ўспомнiць.

— У дванаццаць гадзiн, — сказала яна.

Але паколькi Лота не арыентавалася ў часе, вядома, гэта была вялiкая хлусня.

Тата гаворыць, што наша Лота — гэта такi Маленькi Арэшак, якi гаворыць усё, што прыходзiць яму ў галаву.

Раптам я ўспомнiла, што Лота трымала Бэмсi, калi мы назiралi за птушыным гняздом. Мы ўсе разам пайшлi да дрэва, i там, побач з гняздом, сядзеў Бэмсi.

Лота падхапiла яго, пацалавала ў нос i сказала:

— Дарагi Бэмсi, ты ўвесь час сядзеў i глядзеў на гэтыя блакiтныя яйкi?!

— Няшчасная мама-птушка, вiдаць, не асмелiлася падляцець да сваiх яек увесь дзень, — сказаў Джонас. — Ружовыя мядзведзi часам бываюць самымi лепшымi пудзiламi.

— Бэмсi нiчога не кранаў, — сказала Лота. — Ён толькi сядзеў i глядзеў на яйкi.

Мы ўсе селi ў машыну i паехалi дадому. Джонасу прыйшлося сядзець усю дарогу ўхутаным у коўдру.

У той вечар тата i мама прыйшлi ў наш пакой, каб сказаць нам добрай ночы. Тата нахiлiўся над ложкам Лоты. Побач з ёй ляжаў Бэмсi. Тата сказаў:

— Ну што, Маленькi Арэшак, што табе спадабалася больш за ўсё? Iду ў заклад, вiдаць, тое, што мы знайшлi Бэмсi.

— Не, лепш за ўсё было тое, што Джонас упаў у возера, — адказала Лота.

Мы едзем да бабулi з дзядулем

Летам мы з мамай ездзiм у вёску да бабулi i дзядулi. Тата едзе з намi, калi ў яго адпачынак. Мы едзем цягнiком, таму што мама не можа вадзiць машыну.

— Старайцеся добра сябе паводзiць у дарозе i не турбаваць мацi, — сказаў тата.

— Мы павiнны добра паводзiць сябе толькi ў цягнiку? — удакладнiў Джонас.

— Не, усюды, — адказаў тата.

Калi цягнiк крануўся, тата памахаў нам рукой, i мы махалi яму ў адказ.

У купэ мы былi амаль што адны, толькi ў апошнi момант у купэ ўцiснуўся нейкi пажылы чалавек. Лота трымала Бэмсi, а я сваю самую вялiкую ляльку, якую звалi Мод Iвон Марлен. У пажылога джэнтльмена была на падбародку бародаўка, i калi ён выйшаў у калiдор, каб паглядзець з акна, Лота выразна прашаптала мацi:

— У гэтага старога чалавека ёсць бародаўка на падбародку.

— Цiха, — сказала мама. — Ён можа пачуць цябе.

Лоту гэта здзiвiла, i яна сказала:

— А хiба ён не ведае, што ў яго ёсць бародаўка на падбародку?

Увайшоў кандуктар, каб сабраць бiлеты. У нас было толькi два бiлеты: адзiн для мацi, другi для Джонаса i мяне.

— Колькi гадоў гэтай дзяўчынцы? — спытаў кандуктар, паказваючы на мяне.

Я адказала, што хутка мне будзе шэсць. Ён не спытаў, колькi гадоў Лоце, таму што было вiдаць, што яна яшчэ занадта маленькая, каб мець бiлет. Да пяцi гадоў бiлет не патрэбны ў тых мясцiнах, дзе мы жывём. Але ж Лота сказала яму:

— Мне чатыры гады, маме — трыццаць два. А гэта — Бэмсi.

Кандуктар засмяяўся ў адказ i сказаў:

— На гэтым цягнiку ўсе Бэмсi могуць ехаць без бiлетаў.

Спачатку мы сядзелi вельмi цiха i глядзелi ў акно. Але неўзабаве мы стамiлiся ад гэтага. Джонас i я выйшлi ў калiдор i пайшлi ў суседняе купэ, дзе пачалi гаворку з людзьмi. Час ад часу мы вярталiся да мамы, каб яна не хвалявалася. Мама была занята тым, што расказвала Лоце цiкавыя гiсторыi, каб Лота сядзела цiха. Яна не хацела, каб наша малая выходзiла ў калiдор, бо нiкому не вядома, што можа зрабiць Лота ў наступную хвiлiну.

— А зараз раскажы мне пра двух казлоў, iнакш я пайду ў калiдор, — гаварыла Лота пасля чарговай мамiнай гiсторыi.

У абед мы елi бутэрброды i пiлi лiманад. Лота ўзяла кавалачак кiлбасы з свайго бутэрброда i прыляпiла яго да акна. Мама вельмi раззлавалася на яе.

— Лота, навошта ты прыляпiла кiлбасу да акна?

— Таму што яна трымаецца на акне лепш, чым шарыкi з мяса, — адказала Лота.

Тады мама сапраўды раззлавалася на яе. Вядома, прыйшлося ж доўга церцi тое акно, каб яно зноў стала чыстым.

Калi цягнiк спынiўся на адной станцыi, Джонас вырашыў, што i мне i яму трэба выйсцi, каб глытнуць свежага паветра. Мы нiяк не маглi адчынiць дзверы, аднак нейкая жанчына дапамагла нам.

— Вы выходзiце на гэтай станцыi? — спытала яна.

— Так, — адказалi мы. Але мы хацелi толькi на хвiлiнку выйсцi на гэтым прыпынку, а потым збiралiся вярнуцца.

Мы пакiнулi наш вагон, пайшлi ўздоўж усяго цягнiка i селi ў апошнi вагон. Пасля мы пайшлi па ўсiм цягнiку да нашага купэ. Мама i жанчына, якая дапамагла нам адчынiць дзверы, размаўлялi з кандуктарам. Мама плакала:

— Але вы павiнны спынiць цягнiк. Мае дзецi выйшлi!

— Мама, мы вярнулiся! — крыкнуў Джонас, калi мы падбеглi да яе.

Потым мама пачала плакаць зноў, а жанчына, якая дапамагла нам адчынiць дзверы, накрычала на нас. Я, вiдаць, нiколi не зразумею чаму. Яна ж была адзiная, хто дапамог нам сысцi з цягнiка.

— А зараз iдзiце ў купэ, сядзiце там i не варушыцеся, — загадала мама.

Але ў купэ не было Лоты.

— Дзе Лота? — спыталася я.

Мама амаль што зноў пачала плакаць.

У рэшце рэшт мы знайшлi Лоту ў купэ, якое было вельмi далёка ад нашага. Яна была вельмi занята тым, што расказвала нейкую гiсторыю вялiкай колькасцi людзей. У той момант, калi мы падышлi, яна гаварыла:

— У нашым купэ едзе чалавек, у якога на падбародку ёсць бародаўка, але ён пра гэта не ведае.

Мама схапiла Лоту i штурхнула яе назад у наша купэ. А пасля ўсяго нам давялося сядзець i не варушыцца, таму што мама была вельмi i вельмi сярдзiтая на нас. Яна сказала, што было б лягчэй пасвiць статак дзiкiх быкоў, чым глядзець за намi.

Слова "бык" нагадала мне, што я ўбачу маленькiх бычкоў у бабулi з дзядулем, i мне стала радасна. Калi мы прыехалi на нашу станцыю, мы ўзялi таксi, каб дабрацца да бабулi з дзядулем.

Яны ўжо стаялi на ганку i махалi нам рукамi. Iхнi сабака Лукас брахаў i скакаў. Усё наваколле пахла летам.

— Калi ласка, мая даражэнькая! — сказала бабуля.

— Некалькi даражэнькiх, — прамармытала мама.

— Заўтра мы зможам пакатацца на Блэкi, — сказаў дзядуля.

— Пойдзем у клець, i я пакажу вам кацянят Муролы, — гаварыла бабуля.

— А цi засталося колькi-небудзь цукерак у тваiм буфеце? — спытала Лота.

— Пойдзем паглядзiм, — адказала бабуля. — Штосьцi там павiнна быць...

I ў гэты момант мы адчулi, што прыехалi да бабулi з дзядулем.

Лота амаль што лаецца

У садзе бабулi з дзядулем сярод галiнак вялiкага дрэва ёсць невялiчкi домiк. У гэтым домiку ёсць стол, лаўкi. Ён агароджаны маленькiм плотам. Узабрацца туды можна па лесвiцы. Бабуля называе яго зялёны павiльён. Мне падабаецца есцi ў гэтым павiльёне больш за ўсё.

Калi мы прачнулiся ранiцай, першае, што Джонас сказаў, было:

— Бабуля, дазволь нам есцi ў зялёным павiльёне!

— А як ты думаеш, цi спадабаецца Клары насiць усю гэтую ежу ўверх па хiсткай лесвiцы тры разы ў дзень?

Клара — гэта служанка бабулi. Яна вельмi добрая, але ёй не падабаецца есцi на дрэвах.

— Вядома не спадабаецца, — адказала Клара.

— Бабулечка, ну дазволь нам, мы самi зможам занесцi ежу ў павiльён.

— А калi ты не дазволiш, мы вельмi раззлуемся, — сказала Лота.

Бабуля, вядома, не хацела, каб Лота злавалася, i таму яна зрабiла вялiкую колькасць аладак, паскладала iх у кошык разам з цукрам i маленькiм гаршчэчкам з джэмам. Яна таксама паскладвала талеркi i вiдэльцы, тры кубачкi i бутэльку малака.

Потым мы паднялiся ў зялёны павiльён. Джонас забраўся першы, я — за iм, а за мной — Лота.

— Во будзе смешна, калi ты ўпусцiш кошык, Джонас, — сказала Лота.

Але Джонас нiчога не ўпусцiў. Мы распакавалi ўсё i селi за стол. Есцi аладкi з цукрам было вельмi смачна. Iх было так многа, што нават Лота не змагла з'есцi ўсе. I вы ведаеце, што яна з iмi ўсiмi зрабiла? Яна павесiла iх на дрэва.

— Няхай яны будуць лiсцiкамi, — сказала яна.

Аладкi гайдалiся ад ветру i сапраўды выглядалi як лiсточкi.

— Калi мама ўбачыць гэта, дык ты атрымаеш, — сказала я.

Але Лота не звярнула ўвагi на мае словы. Яна сядзела i назiрала за сваiмi аладкамi. Яна нават заспявала песню, якую тата часам напявае. Яна пачынаецца так: "Вецер калыша лiсце, тра-ля..."

Неўзабаве Лота прагаладалася зноў i пачала адкусваць ад падвешаных аладак.

— Я быццам тое ягня, якое з'ядае лiсце, — сказала яна.

Побач праляцела птушка, i Лота сказала ёй:

— Паклюй мае аладкi, я табе дазваляю, але толькi не Джонасу i Марыi.

Але птушка не хацела дзяўбцi гэтыя аладкi. Мы ж тым часам захацелi есцi зноў. Я працягнула руку да Лоты i сказала:

— Падай беднаму жабраку што-небудзь паесцi!

Лота дала мне аладку, якую яна абкусвала. Я паклала на яе цукар i джэм, мне было вельмi смачна. На жаль, у мяне была толькi палова аладкi. Джонас таксама атрымаў ад Лоты аладку, калi слова ў слова паўтарыў тое, што сказала я.

Лоце падабаюцца ўсялякiя глупствы. У рэшце рэшт, калi мы з'елi ўсе аладкi, яна сказала:

— Аладкi-лiсточкi скончылiся. Цяпер трэба пачынаць есцi зялёныя лiсточкi.

Яна нарвала поўную жменю лiсця i хацела, каб мы з'елi, але мы з Джонасам былi ўжо сытыя.

— Яны будуць вельмi смачныя, калi вы пакладзеце на iх цукар i джэм, сказала Лота.

Яна гэтак зрабiла i з'ела зялёны лiсточак з цукрам i джэмам.

— Ты лепш паглядзi, каб на iм не было чарвяка, — сказаў Джонас.

— Хай ён сам за сабой сочыць, — адказала Лота.

Бабуля гаворыць, што гэтае дзiця заўсёды мае на ўсё адказ.

Назаўтра, а гэта была нядзеля, бабуля прыгатавала смажаную рыбу i пiражкi таксама з рыбай, i гэта было якраз тое, што Лоце спадабалася менш за ўсё.

Калi надвор'е добрае, бабуля i дзядуля заўсёды ядуць пад самым вялiкiм дрэвам у садзе. У гэты раз бабуля, дзядуля, мама, Джонас i я сядзелi за сталом i ўжо былi гатовы есцi, але Лота гуляла з коцiкам. Яна не збiралася падыходзiць да нас, хаця мама клiкала яе некалькi разоў. Нарэшце, калi яна падышла да стала i ўбачыла, што было на iм, яна сказала:

— Рыба ў нядзелю. Лiха цябе бяры!

Мама вельмi раззлавалася на яе, таму што яна тысячу разоў папярэджвала Лоту, каб яна не гаварыла "лiха цябе бяры", таму што гэта не вельмi добрыя словы.

Больш таго, мама папярэдзiла Лоту, што калi яна вымавiць яшчэ раз гэтыя словы, то адразу ж вернецца ў горад i не зможа застацца тут з бабуляй.

Лоце не дазволiлi сесцi з намi за стол, таму што яна сказала гэтыя дрэнныя словы. I пакуль мы елi, Лота хадзiла па садзе i енчыла.

Калi ўсе разышлiся, Лоце прыйшлося есцi адной. Яна енчыла i енчыла. Мама растлумачыла Джонасу i мне, што пакуль Лота не стане зноў добрай дзяўчынкай, яна павiнна гуляць адна. Але ж мы схавалiся за вуглом дома i сачылi, як яна плача. Нарэшце яна супакоiлася, таму што зноў нешта прыйшло, вiдаць, ёй у галаву. Яна ўзяла рыбу са сваёй талеркi, падышла да бочкi з вадой i апусцiла туды рыбу. Мама таксама назiрала за Лотай.

— Ёй трохi паплаваць трэба, лiха цябе бяры!

— Лота, цi ты не памятаеш, што я табе гаварыла, — папярэдзiла яе мама.

Лота кiўнула галавой i пабегла дадому. Неўзабаве яна вярнулася з маленькiм чамаданчыкам у руцэ. Па зямлi за ёй цягнуўся паясок, якi звiсаў з чамадана. Мама, бабуля, дзядуля i я глядзелi на яе з цiкаўнасцю. Яна амаль што выйшла за вароты, але раптам павярнулася, падышла да бабулi з дзядулем i ветлiва сказала:

— Я еду да таты, таму што ён лепшы за маму.

Яна не развiталася нi з Джонасам, нi з мамай, нi са мной. Мы моўчкi назiралi за ёй. Калi яна падышла да варот, дык чамусьцi спынiлася на хвiлiнку. Мама падышла да яе i запыталася:

— Лота, дык ты не едзеш?

— Ды я ж не магу адна ездзiць на цягнiку, лiха цябе бяры!

Тады мама ўзяла Лоту на рукi i сказала, што было б лепей, каб яна засталася з намi, таму што ўсе будуць сумаваць без яе. Лота абняла маму за шыю i расплакалася. А са мной i Джонасам яна не гаварыла яшчэ доўга. Увечары, калi мы ўжо збiралiся спаць, да нас прыйшла бабуля, каб расказаць нам нешта цiкавае з Бiблii. Яна паказала нам карцiнкi з яе, на адной з якiх быў хлопчык Джозэф.

Нечакана для нас усiх Лота сказала:

— 1, 2, 3, 4, 5... бабуля, што ты сказала?

I паколькi Лота навучылася добра лiчыць, яна пачала гаварыць лiчбы замест "лiха цябе бяры".

У Лоты нешчаслiвы дзень

Адзiн з нашых любiмых прытулкаў у садзе бабулi i дзядулi — гэта лялечны домiк! Ён належыў маме i цётцы Кэцi, калi яны былi маленькiмi дзяўчынкамi. Зараз там жывуць iх лялькi. Ён пафарбаваны ў чырвоны колер i знаходзiцца ў аддаленым кутку сада, куды вядзе маленькая сцяжынка. Ля гэтага домiка ёсць маленькi поплаў, на якiм растуць маргарыткi. З мэблi там былi белыя сталы i крэслы, буфет з лялечным посудам, патэльня, маленькi прас, а таксама збаночак для соку. Там было i маленькае крэселца, якое некалi належала бабулi. Цяжка ўявiць сабе, што гэтае крэселца такое старое!

Аднойчы, калi мы гулялi там, мы дамовiлiся, што Джонас будзе татам, я буду мамай, а Лота будзе Кларай, нашай служанкай.

— Зараз тата збiраецца пайсцi пагуляць з дзiцем, — сказаў Джонас. Ён узяў ляльчыну каляску з лялькай i пайшоў у сад.

— А я буду мыць падлогу ў кухнi, — сказала Лота.

— Не, перш за ўсё давай зробiм сыр, — прапанавала я.

Паколькi я была мамай, я збiралася кiраваць сама.

— Нiякага сыру, пакуль я не памыю падлогу! — адрэзала Лота.

Джонас сказаў Лоце, што яна не будзе гуляць з намi, калi не стане рабiць тое, што мы ёй гаворым. Такiм чынам мы зрабiлi сыр.

Калi вы робiце сыр, вам трэба ўзяць ягады i пакласцi iх у насоўку. Потым вы выцiскаеце ўвесь сок, а з таго, што застаецца ў насоўцы, вы робiце маленькiя круглыя сыры, якiя вельмi кiслыя.

— А зараз я збiраюся памыць падлогу, — сказала Лота.

Яна ўзяла вядро i пайшла ў кухню да бабулi, каб набраць вады. Калi яна вярнулася, дык вылiла ўсю гэтую ваду на падлогу i, апусцiўшыся на каленi, пачала скрэбцi падлогу шчоткай. Неўзабаве яна стала мокрая з ног да галавы.

— Лота, ты плаваеш, цi што? — спытаў Джонас, калi ўвайшоў з лялькай.

— Я мыю падлогу таму, што яе трэба памыць, — адказала Лота. — Акрамя таго, гэта вельмi цiкава.

Неўзабаве яна скончыла скрэбцi падлогу i засталася задаволеная. А Джонасу i мне прыйшлося выцiраць за ёй. Лота ж наогул не дапамагала. Яна толькi моўчкi сачыла за намi.

Сапраўдная Клара заўсёды спявае ў кухнi, калi яна там што-небудзь робiць. Iншы раз яна прытанцоўвае i спявае:

— Тра-ля-ля!

На гэты раз Лота рабiла выключна тое ж самае. Яна скакала каля стала i спявала.

Але ж адзiнае, чым яна адрознiвалася ад Клары, было тое, што яна ўзяла таўкачык для расцiрання яек, апусцiла яго ў вядро i пырскала на нас вадой. Потым яна смяялася так моцна, як толькi магла. Мы вельмi раззлавалiся на яе i сказалi, што калi яна будзе рабiць яшчэ такое глупства, ёй прыйдзецца выцiраць ваду самой. Але ж Лота працягвала скакаць i пырскацца. Падлога была слiзкая ад мыла, i раптам Лота ўпала i ўдарылася галавой аб буфет. Небарака Лота!

— Зусiм не цiкава быць Кларай, — плакала яна.

Потым яна пайшла шукаць ката, а мы з Джонасам засталiся адны. Тады мы зрабiлi салат з бэзу i з'елi з сырам. Вядома ж, гэта была толькi гульня.

Хутка мы пачулi, як закрычала Лота, i ўбачылi, што яна цягае ката за хвост, а ён, небарака, мяўкае i драпае яе.

— Я ж толькi схапiла яго за хвост, а ён раззлаваўся i пачаў драпаць мяне, — крычала яна.

Мамы i бабулi не было дома, i таму мы пайшлi да Клары за лiпучым пластырам для Лоты. Але ж Клары ў кухнi не было. Лота забылася закруцiць кран, калi яна брала ваду, каб памыць падлогу ў лялечным домiку, i я павiнна сказаць, што вады стала ў дзесяць разоў больш на падлозе ў кухнi, чым было на падлозе ў лялечным домiку. Джонас прабраўся да крана i закрыў яго. Якраз у гэты момант увайшла Клара.

— Божа мой, Джонас, што ты робiш? — ускрыкнула яна, узмахнуўшы рукамi.

— Ён плавае, — смяялася Лота.

Потым Клары захацелася высветлiць, хто ж забыўся закруцiць кран.

— Я, — сказала Лота.

— Як жа ты забылася зрабiць гэта? — запыталася Клара.

Уздыхнуўшы, Лота адказала:

— Таму што гэта мой нешчаслiвы дзень.

Мне здаецца, што ў Лоты кожны дзень нешчаслiвы.

Клара выцерла падлогу i паклала лiпучы пластыр на руку Лоце. Потым яна дала нам гарачай кавы i булачак, спяваючы i прытанцоўваючы.

Лота з'ела пяць булачак, Джонас — чатыры, а я — тры.

— Але ж гэта цудоўны нешчаслiвы дзень, — сказала Лота i моцна абняла Клару.

I Клара заўважыла, што Лота зусiм не дрэнная дзяўчынка.

Лота ў турме

Лота можа пабiць Томаса, хаця мама забаранiла Лоце бiцца.

"Чаму ты ўдарыла Томаса?" — пытае заўсёды мама ў Лоты.

Тады Лота адказвае: "Таму што ён такi добры, калi плача".

Аднойчы мама прымусiла Лоту сядзець у лялечным домiку сам-насам за тое, што яна пабiла Томаса. Потым у Аны Джо з'явiлася цудоўная iдэя.

— Давайце ўявiм сабе, што Лота ў турме, а мы збiраемся вызвалiць яе, сказала яна. — Перш за ўсё мы павiнны перадаць ёй ежу, таму што ў турме даюць толькi хлеб i ваду.

Мы пайшлi ў кухню i папрасiлi Клару, каб яна дала нам некалькi мясных шарыкаў. Ана Джо паклала iх у маленькi кошык, з якiм мы звычайна ходзiм па сунiцы. Потым Джонас i Ана Джо ўзабралiся на дах лялечнага домiка i паклiкалi Лоту. Яны сказалi ёй, што яна — вязень у турме i што мы пасылаем ёй ежу праз комiн. Лота высунула галаву з акна i спытала, чаму яна не можа атрымаць ежу праз акно альбо праз дзверы.

— А можа, дзверы не зачынены? — спытала Ана Джо.

— Не, гэта дрэнная турма, — сказала Лота. — Падыдзiце да дзвярэй i дайце мне мясныя шарыкi.

Ана Джо раззлавалася i сказала, што, калi знаходзiшся ў турме, трэба есцi ежу, якую перадалi праз комiн.

— Вось так, — сказала яна.

Тады Лоце прыйшлося згадзiцца.

Ана Джо прывязала доўгую вяроўку да кашолкi i апусцiла яе ўнiз праз комiн. Яна дазволiла Джонасу трохi дапамагчы ёй. Тым часам Томас i я павiнны былi стаяць унiзе i назiраць за iмi.

— Вось мясныя шарыкi, — пракрычала Лота, калi зайшла ў домiк, — а таксама вельмi многа сажы.

Томас i я зазiрнулi праз акно ў домiк i ўбачылi, як Лота з прагнасцю з'ядала мясныя шарыкi. Усе яны, а таксама твар Лоты i рукi былi пакрыты сажай. Ана Джо была вельмi задаволена, калi ўбачыла чорны твар Лоты. Зараз Лота магла быць палонным афрыканскiм рабом, якога мы павiнны былi ратаваць. Але Томас пачаў плакаць, таму што ён лiчыў, што афрыканскiя рабы вельмi небяспечныя.

— Дурненькi, табе не трэба баяцца iх, — сказала Ана Джо.

— Але ж яны выглядаюць вельмi небяспечнымi, — працягваў плакаць Томас.

Лоце спадабалася, што Томас плача, таму яна рабiла грымасы з акна. Яна паглядзела на мяне, Джонаса i сказала:

— Хтосьцi з iх можа быць небяспечным, Томас. Выратуйце мяне зараз жа, таму што я хачу пайсцi папужаць людзей. Мне падабаецца, калi мяне палохаюцца.

Ана Джо i Джонас пайшлi з другога боку дома, каб выратаваць Лоту праз акно. У нас былi з сабой арэлi, таму што Ана Джо сказала, што мы зможам выкарыстаць iх як мост цераз глыбокi роў, якi павiнен быў быць вакол турмы. Мы прыстасавалi дошку да акна, i я, i Ана Джо ўлезлi ў акно, каб выратаваць Лоту. Томас быў знадворку, сачыў за намi i плакаў.

Калi мы трапiлi ў домiк, то ўбачылi, што Лоты там не было. Ана Джо раз'юшылася.

— Куды ж гэтая малая знiкла? — ускрыкнула яна.

— Я ўцякла, — сказала Лота, калi мы нарэшце знайшлi яе.

Яна сядзела ў парэчнiку i прагна глытала парэчкi.

— Дык мы ж збiраемся выратаваць цябе, — сказала Ана Джо.

— Я выратавала сябе сама, — адказала Лота.

— З табой немагчыма гуляць, — сказаў ёй Джонас.

— Ха, ха, — хмыкнула Лота.

Потым прыйшла мацi i ўбачыла, што Лота не сядзiць у лялечным домiку.

— Ты зараз добрая дзяўчынка? — спытала мама.

— Так, але ж я ўся чорная, — Лота паказала на свой твар.

Мама пляснула ў далонi i ўскрыкнула:

— Божа мой, ты толькi паглядзi на сябе!

Лоту паслалi ў ванную, дзе ёй прыйшлося скрэбцi сябе з мылам амаль паўгадзiны. Пасля мы ўзялi кошык i пайшлi збiраць сунiцы. У полi iх было вельмi многа. Калi мы збiралi сунiцы, мы ўбачылi змяю. Усе ўскрыкнулi i напалохалiся, акрамя Томаса.

— Глядзiце, а вунь хвосцiк без сабачкi, — сказаў ён.

Калi мы прыйшлi дадому, мы падзялiлi сунiцы памiж сабой, але ў Аны Джо ягады былi найбольшыя i самыя чырвоныя.

Томас i Лота селi на верандзе, каб есцi свае ягады. Раптам Томас пачаў плакаць. Цётка Кэцi выглянула з акна i спытала:

— Чаму Томас плача?

— Ён плача, таму што я не дазваляю яму есцi мае ягады, — сказала Лота.

— А свае ён з'еў? — зноў спытала цётка Кэцi.

— Так, — зноў адказала Лота. — Iх ужо больш няма, але ж ён плакаў таксама, калi я iх ела.

Потым выйшла мама. Яна ўзяла Лоцiны ягады i аддала iх Томасу.

— Я лепш пайду спаць, — сказала Лота.

— Так, гэта будзе лепш, — адказала мама. — Ты вельмi стамiлася.

— Не,мае ногi нiяк не спыняцца хадзiць. Але ж, тым не менш, я пайду спаць.

У гэты вечар Лота вельмi добра паводзiла сябе з Томасам. Ён павiнен быў спаць у пакоi для гасцей адзiн, але ж ён вельмi баяўся цемры i хацеў спаць з адчыненымi дзвярыма.

— Але, дарагi Томас, ты ж нiколi не баiшся цемры, калi спiш дома, сказала цётка Кэцi.

— Дома — гэта ягоная цемра, цётка Кэцi. Ён не звыкся з цемрай у бабулi, растлумачыла Лота.

Томасу дазволiлi спаць у нашым пакоi. Лота пацалавала яго, паклала яго ў ложак i сказала:

— Зараз я праспяваю табе, Томас, i ты не будзеш больш баяцца.

Лота заспявала Томасу калыханку, якую мацi заўсёды спявае нам:

— Маленькiя анёлы,

Распраўце свае крылы

I назiрайце за нашымi дзецьмi,

Пакуль не знiкне ноч...

— I назiрайце за Лотай таксама, — дадала Лота.

Каляды — гэта цудоўна

Аднойчы Джонас спытаў у мяне:

— Што табе падабаецца больш: сонца, месяц цi зоркi?

Я адказала, што яны мне ўсе падабаюцца, толькi, можа, зоркi трохi больш, таму што яны свецяць так хораша ў калядную ноч, а мне каляды вельмi падабаюцца!

Я спадзявалася атрымаць лыжы ў падарунак на каляды i вельмi баялася, што не будзе снегу. Лота таксама хацела, каб быў снег, таму што марыла пакатацца на санках.

Аднойчы ноччу, якраз напярэдаднi каляд, калi мы ляжалi ў сваiх ложках, Лота сказала:

— Я папрасiла тату, каб ён купiў мне санкi, а зараз мне трэба папрасiць у Божанькi снегу, iнакш я не змагу катацца на санках.

— Дарагi Божа, хай пойдзе снег, — малiлася яна. — Падумай аб бедных кветачках. Iм патрэбна цёплая коўдра, пакуль яны спяць у халоднай зямлi. Потым яна трошкi прыўзнялася на сваiм ложку i прашаптала мне: — На гэты раз я была больш разумная. Я не сказала яму, што снег патрэбны для маiх санак.

Уявiце сабе, колькi было ў нас радасцi, калi наступнай ранiцай мы ўбачылi, што пайшоў снег. Джонас, Лота i я стаялi ў сваiх пiжамах каля акна i сачылi за тым, як сняжынкi падалi ў наш сад i сад мiсiс Берг.

Мы апранулiся так хутка, як толькi маглi, i выйшлi на вулiцу. Потым мы гулялi ў снежкi i зрабiлi цудоўнага снежнага чалавека, а калi тата вярнуўся дадому, ён надзеў на яго шапку.

Увесь дзень мы весялiлiся, i мама была задаволена тым, што мы не блытаемся ў яе пад нагамi. Мiсiс Фрэнсан дапамагала ёй прыбiраць хату да каляд. Лота любiць размаўляць з мiсiс Фрэнсан. Яна называе яе Фрэнсан, але мама гаворыць ёй, што трэба дадаваць мiсiс Фрэнсан. Мiсiс Фрэнсан таксама любiць гаварыць з Лотай, але ж мама папрасiла яе не адказваць Лоце, калi тая будзе называць яе Фрэнсан.

У той дзень, калi мы рабiлi снежнага чалавека, Лота сказала мiсiс Фрэнсан:

— Фрэнсан, памацай, якiя ў мяне мокрыя пальчаткi!

Мiсiс Фрэнсан нiчога ёй не адказала, тады Лота спытала зноў:

— Фрэнсан, ты бачыла нашага снежнага чалавека?

Але жанчына зноў прамаўчала.

Спачатку Лота была вельмi спакойная, але ж потым яна абурылася:

— Лiха цябе бяры, чаму ты злуешся на мяне, Фрэнсан?

Тады ёй адказала мама:

— Лота, ты ж ведаеш, што табе нельга гаварыць "лiха цябе бяры" i, акрамя таго, ты павiнна гаварыць "мiсiс Фрэнсан".

— Тады я зусiм не змагу гаварыць з ёю, — сказала Лота.

Мiсiс Фрэнсан сказала Лоце, што ёй вельмi падабаецца размаўляць з Лотай, i таму яна папрасiла маму, каб яна дазволiла Лоце называць яе Фрэнсан. Тады мама рассмяялася i сказала, што яна згодна.

— А як з "лiха цябе бяры"? — спытала Лота.

— Што датычыцца "лiха цябе бяры", то ўсё застаецца, як i было, — адказала мама.

Калi мама выйшла, Лота сказала:

— Зараз я ведаю, што мне рабiць. Калi я маю на ўвазе "лiха цябе бяры", я буду гаварыць Фрэнсан, таму што мама дазваляе мне гаварыць проста Фрэнсан. Фрэнсан, якi цуд — каляды!

I гэта сапраўды цуд. Джонас, я i Лота дапамагалi мацi, каб усё было прыгатавана да каляд. Мы нават зрабiлi ў двары столiк для птушак. Мама сказала, што мы ёй добра дапамаглi.

— Я нават i не ведаю, што б я рабiла без вас, — сказала яна.

Лота, якая старанна выцiрала нажы, уздыхнуўшы, разважыла:

— Я не ведаю, што б я рабiла, каб у мяне мяне не было! Але ж, о Фрэнсан, як многа працаваць мне даводзiцца!

Купляць падарункi да каляд — гэта таксама цуд. Вельмi цiкава хадзiць па крамах, калi на зямлi ляжыць снег. На ёлкавым кiрмашы мноства прыгожых ёлак, а людзi вельмi хутка ўваходзяць у крамы i вельмi хутка выбягаюць з iх.

Аднойчы мы ўзялi нашы скарбонкi, у якiя мы клалi манеткi ўвесь год, i пайшлi купляць калядныя падарункi. Мы з Джонасам хацелi купiць для Лоты маленькую ляльку, каб яна плёскалася з ёю ў ванне, таму мы папрасiлi яе пачакаць нас на вулiцы, пакуль мы будзем у краме лялек.

— Ты не падглядвай, — сказаў Джонас.

— Пайдзi i зазiрнi ў акенца кандытарскай крамы, — сказала я ёй.

Лоце гэта прапанова вельмi спадабалася, таму што ў акне Карлмана, гэтай крамы, было шмат цукровых звярушак i iншых цудоўных i смачных тавараў.

Калi мы з Джонасам выйшлi з крамы лялек, то аказалася, што Лота знiкла. Мы агледзелi ўсё навокал, i нарэшце Лота выйшла з крамы Карлмана.

— Што ты там рабiла? — спытаў у яе Джонас.

— Я купляла для вас калядныя падарункi, — сказала Лота.

— Ну што ты купiла? — пацiкавiўся Джонас.

— Пiрожныя з крэмам, — адказала Лота.

— Як жа можна быць такой дурнiцай? — сказаў Джонас. — Яны ж не захаваюцца да каляд!

— Я ведала гэта, — адказала Лота. — Таму я iх i з'ела.

Потым мы ўбачылi, што па вулiцы iдзе тата. Ён не ведаў, што мы пайшлi за падарункамi.

— Здаецца мне, што я недзе бачыў гэтых дзяцей, — сказаў тата. — Яны такiя прыгожыя, што я вырашыў пачаставаць iх.

Мы так узрадавалiся, што ажно заскакалi. Тата пачаставаў нас гарачым шакаладам i пiрожнымi, якiя вельмi нам спадабалiся. Мы сядзелi ў краме Карлмана ў зялёнай зале i назiралi, як людзi заходзiлi i выходзiлi з пакупкамi да каляд.

Раптам да таты падышла жанчына, якую звалi мiсiс Фрыберг, i пачала з iм аб чымсьцi гаварыць.

Мы з Джонасам сядзелi i слухалi iх гаворку, але ж Лота ўвесь час нешта балбатала, нават больш, чым мiсiс Фрыберг. Нарэшце тата сказаў:

— Лота, не трэба перабiваць дарослых, калi яны размаўляюць. Калi ласка, пасядзi цiха. Табе трэба пачакаць, пакуль мы скончым гаворку.

— Ну не, я спрабавала маўчаць, але ж дарослыя нiколi не спыняюць сваю гаворку.

Тады мiсiс Фрыберг рассмяялася i сказала, што ёй трэба iсцi дадому, каб рабiць пернiкавых чалавечкаў.

На другi дзень мы таксама рабiлi пернiкавых чалавечкаў. Мы зрабiлi iх так многа, што кожны з нас меў па поўнай талерцы гэтых чалавечкаў. Мы трымалi iх у нашым пакоi. Мы хацелi захаваць iх да каляд. Але Лота з'ела сваiх чалавечкаў у той жа дзень i, вядома, не магла есцi свой абед.

— Я iх з'ела таму, што яны маглi не захавацца да каляд, — растлумачыла яна.

Потым яна кожны дзень прасiла мяне i Джонаса, каб мы падзялiлiся з ёй нашымi чалавечкамi.

— Падайце жабраку што-небудзь паесцi, — гаварыла яна.

У рэшце рэшт наступiў першы дзень каляд, а гэта самы цудоўны дзень ва ўсiм годзе. Як толькi мы прачнулiся, то пабеглi ў кухню. Мама была ўжо там i гатавала каву. Потым мы ўсе селi перад камiнам у гасцiнай i снедалi, а потым елi шафранавыя булачкi, пернiкавых чалавечкаў i пiрожныя. Калядная ёлка запоўнiла ўвесь пакой цудоўным пахам. Неўзабаве мы ўсе прынялiся прыбiраць ёлку.

— Наш дом такi прыгожы, — сказаў Джонас. — Мне здаецца, гэта самы прыгожы дом ва ўсiм горадзе.

— I ў iм самыя лепшыя пахi, — уставiла сваё слова Лота.

Мама прынесла гасцiнцы, якiя таксама добра пахлi. Ва ўсiх кутках былi свечкi, якiя зараз пахлi не так, як пахнуць звычайныя свечкi. Мне падабаецца, што ў каляды ўсё пахне iнакш, значна лепей.

Гэта быў вельмi доўгi дзень, i мы ўвесь час штосьцi елi. У гэты дзень мама хадзiла да мiсiс Берг i занесла ёй некалькi падарункаў, а мiсiс Берг дала маме некалькi цукерак i смажанага мiндалю. Мiсiс Берг таксама дала Лоце цудоўную чырвоную шапачку, якую яна сама звязала.

— Калi я надзену яе, я змагу тады быць як сапраўдны Санта Клаўс, — сказала Лота.

У той вечар да нас сапраўды прыйшоў Санта Клаўс. Ён увайшоў з вялiкiм мехам за плячыма, у якiм было многа калядных падарункаў.

— Мне не трэба пытаць, цi ёсць тут добрыя дзецi, таму што я iх бачу, сказаў ён. А потым, павярнуўшыся да Лоты, дадаў: — Дзяўчынка, зараз твае вочкi зробяцца квадратнымi...

Але Лота стаяла i глядзела на яго вялiкiмi круглымi вачамi.

Санта Клаўс на хвiлiнку пакiнуў пакой, а потым зноў з'явiўся з двума агромнiстымi пакетамi. У адным з iх былi мае лыжы, а ў другiм былi санкi для Лоты. Але Лота не варушылася, пакуль Санта Клаўс не накiраваўся да яе.

— Чаму ты такая цiхая, Лота? — спытала мама.

— Таму што ў мяне нешта скрабецца ў жываце, калi я бачу Санта Клаўса, адказала Лота. — Фрэнсан, як мой жывот скрабецца!

У гэты вечар нам дазволiлi не класцiся спаць столькi, колькi нам хацелася. Мы шчоўкалi арэшкi, елi мандарыны ля камiна i танцавалi вакол каляднай ёлкi. Усё было цудоўна.

На наступны дзень ранiцай мы ўсталi вельмi рана, каб пайсцi ў царкву. Стол, якi мы ўладкавалi для птушак, быў пакрыты снегам. Мы змялi яго, каб птушкi маглi паесцi. Было так рана, што нават можна было разгледзець зоркi на небе. Вось чаму я больш за ўсё люблю зоркi. Калi яны свецяць, усё выглядае быццам бы ў казцы. Большасць дамоў асвечана вельмi ярка, а над дахам ратушы пералiваецца рознымi колерамi найвялiкшая зорка, якую я калi-небудзь бачыла.

— Гэта, вiдаць, калядная зорка, — гаворыць Лота.

Усё ідзе дрэнна

Аднойчы ранiцай, якраз пасля таго, як Лоце споўнiлася пяць гадоў, яна прачнулася i адчувала сябе вельмi раззлаванай. Ёй прыснiўся дрэнны сон, а Лоце здавалася, што ўсё, што было ў сне, было на самой справе.

— Яны пабiлi майго Бэмсi, — плакала яна, калi мама прыйшла да яе, каб паглядзець, чаму яна сядзела ў ложку i нарабiла столькi гвалту ў восем гадзiн ранiцы.

— Хто пабiў твайго Бэмсi? — пацiкавiлася мама.

— Джонас i Марыя, — адказала Лота.

— Лота, даражэнькая, гэта, вiдаць, табе прыснiлася, — супакойвала яе мама. — Джонас i Марыя пайшлi ўжо ў школу. У iх, напэўна, не было часу бiць Бэмсi.

— Не, гэта яны яго набiлi, хаця ў iх i не было часу. Я iх бачыла, працягвала енчыць Лота, абдымаючы Бэмсi.

Бэмсi — тоўстае, маленькае парася, якога мама зрабiла з ружовай тканiны i падаравала Лоце, калi ёй споўнiлася тры гады. Але тады Бэмсi быў чыстым i ружовым, а зараз ён брудны i выглядае як сапраўднае парасё. Нават i зараз Лота была ўпэўнена, што гэта сапраўдны мядзведзь, i настойвала, каб яго звалi Бэмсi.

— Ха-ха, гэта не мядзведзь, а свiння, — смяяўся Джонас.

— Ты проста дурненькi, — адказвала Лота. — Гэта мядзведзь!

— Гэта ты так уяўляеш, — працягваў смяяцца Джонас. — Адзiнае, што я хачу ведаць, Лота, — ён у цябе палярны цi звычайны?

— Я думаю, што ён свiнячы мядзведзь, — не разгубiлася Лота. — Гэта якраз тое, што я думаю.

Лоце вельмi падабаўся яе мядзведзь. Ноччу ён спаў побач з ёй, а калi Джонаса i Марыi не было дома, яна шмат размаўляла з iм.

I вось зараз Лота была ўпэўнена, што яе Бэмсi ляжаў на падушцы i адчуваў сябе вельмi дрэнна, таму што Джонас i Марыя пабiлi яго. Яна сядзела каля яго i плакала:

— Бедненькi мой Бэмсi! Я збiраюся даць Джонасу i Марыi добрага дыхту!

Джонас, Марыя, Лота, мама i тата жылi ў маленькiм домiку. Кожную ранiцу Джонас i Марыя хадзiлi ў школу, а тата хадзiў на службу. Толькi мама i Лота заставалiся дома. Мама вельмi рада, што ў яе ёсць маленькая Лота, таму што iнакш ёй было б вельмi сумна ў хаце.

— Так, табе пашанцавала, што я ў цябе ёсць, — неяк гаварыла Лота. — Калi б мяне не было, табе было б так сумна, i мне было б цябе шкада...

Але ж той ранiцай Лота нiчога добрага не сказала, таму што яна была вельмi раззлаваная. Ужо быў час апранацца, i мама прынесла пушысты свiтэр, якi бабуля звязала для Лоты.

— Толькi не гэты, — сказала Лота, — ён шкрабецца i колецца.

— Ды не, Лота, — адказала мама цярплiва, — паглядзi, якi ён мяккi i гладкi.

— Ён шкрабецца i колецца, — зноў паўтарыла Лота, нават не кранаючы свiтэра. — Я хачу апрануцца ў маю вельветавую сукенку.

У Лоты была светла-блакiтная вельветавая сукенка, самая лепшая нядзельная сукенка. Яна хацела апрануць яе, хаця быў толькi чацвер, звычайны чацвер.

— Ты можаш пакрасавацца ў ёй у нядзелю, — сказала мама. — А сёння ты павiнна згадзiцца на свiтэр.

— Тады я лепш пайду голай, — адказала Лота.

— Рабi як хочаш, — не вытрымала мама i спусцiлася ўнiз у кухню.

Такiм чынам, Лота засталася адна ў дзiцячым пакоi, голая i раззлаваная. Ну, скажам, не зусiм голая — на ёй былi майка, штонiкi i панчохi.

— За выключэннем усiх гэтых непрыемнасцей, я яшчэ i голая, — скардзiлася Лота Бэмсi, бо ён быў адзiнай iстотай, з якой яна магла паразмаўляць.

— Лота, ты можаш спусцiцца ўнiз i выпiць гарачага шакаладу, — паклiкала яе мама.

— Гэта ты так думаеш, — прамармытала Лота, не кранаючыся з месца.

— Адкажы мне, Лота! — зноў паклiкала мама. — Дык хочаш ты гарачага шакаладу цi не?

Гэта было якраз тое, што было патрэбна Лоце. Мама ўсё клiкала i клiкала, а яна не адказвала i не адказвала. Яе такая маўчанка нават забаўляла.

Але Лота сапраўды была вельмi галодная i сапраўды хацела гарачага шакаладу. I пасля некалькiх хвiлiн, калi ёй здалося, што мама чакала даволi доўга, Лота ўзяла Бэмсi i пайшла ўнiз. Яна iшла вельмi павольна, спыняючыся на кожным кроку, каб мама не думала, што яна iдзе пiць шакалад. Можа, яна i вып'е яго, а можа, i не.

— Я пагляджу, як я буду сябе адчуваць, — гаварыла яна Бэмсi.

— Прывiтанне, Лота, — сказала мама.

Лота толькi стаяла каля дзвярэй i цяжка сапла. Мама ж павiнна была адчуць, што яна яшчэ вельмi сярдзiтая.

Звычайна мама з Лотай снедалi разам у кухнi. Было заўсёды весела i ўтульна, ды i зараз быццам бы ўсё запрашала Лоту паснедаць: сонца свяцiла ў акно, на стале стаяў яе кубачак з шакаладам. Побач з шакаладам ляжаў кавалачак белага хлеба з чырвоным малiнавым джэмам. Раней у такi час Лота гаварыла i гаварыла аб нечым, але зараз яна не сказала нiводнага слова. Мама пiла каву i чытала газету, таксама нiчога не гаворачы.

Нарэшце Лота ўздыхнула i сказала:

— Ну што ж, калi ты сапраўды так хочаш, каб я выпiла шакаладу, дык я вып'ю яго.

— Не, я не настойваю наогул, — сказала мама. — I, акрамя таго, табе трэба спачатку апрануцца.

Калi дагэтуль Лота была проста сярдзiтая, то зараз яна была вельмi сярдзiтая. Што ж атрымалася? Ёй нiчога не заставалася рабiць, як апрануць гэты страшэнны, стары свiтэр, якi шкрабаўся i калоўся, ды застацца без шакаладу! Як усе дрэнна абыходзiлiся з Лотай!

— Дрэнная мама! — выкрыкнула Лота i тупнула нагой.

— Усё, Лота, — сказала мама. — Досыць. Вяртайся ў свой пакой i сядзi там да таго часу, пакуль зноў не будзеш добрай дзяўчынкай.

Лота абазвалася такiм крыкам, якi можна было пачуць ля хаты мiсiс Берг. Лота пабегла наверх, у дзiцячы пакой, ускрыкваючы.

Мiсiс Берг у сябе дома пакруцiла галавой i сказала:

— Бедная Лота, у яе, вiдаць, балiць жывоцiк!

Але ў Лоты не балеў жывот. Проста яна была вельмi i вельмi сярдзiтая. Яна нават тупала нагамi. А на крэсле ляжаў свiтэр. Ён выглядаў як нiколi шкрабiстым. Лота кiнула яго на падлогу. Потым яна крыху супакоiлася i задумалася. Побач са свiтэрам яна ўбачыла нажнiцы, якiя Лота звычайна брала, калi выразала папяровых лялек. Яна ўзяла нажнiцы i з задавальненнем, не спяшаючыся, выразала вялiкую дзiрку ў свiтэры.

— Вось табе, — сказала Лота, — таму што ты шкрабешся i колешся. — Яна прасунула руку скрозь дзiрку i ўздрыгнула. Якая ж вялiкая атрымалася дзiрка i як страшна было бачыць у ёй руку!

— Я скажу, што гэта сабака зрабiў такую дзiрку, — папярэдзiла Лота Бэмсi.

Яна доўга трымала свiтэр у руках, потым зноў узяла нажнiцы i адрэзала адзiн рукаў, разважаючы, што скажа, быццам сабака зжаваў яго па кавалачках. Затым адрэзала яшчэ адзiн рукаў. Але ў гэты момант у жываце на самай справе стала неяк дрэнна, i Лота напалохалася. Яна скруцiла свiтэр i ўпiхнула яго ў кошык для непатрэбнай паперы, бо не хацела больш бачыць.

— Лота, дык ты вырашыла стаць зноў добрай цi не? — спытала мама знiзу.

Лота ўпарта шмарганула носам i сказала сама сабе, што i не падумае гэтага рабiць. Яна ўзяла Бэмсi i прыцiснула да сябе, прашаптаўшы:

— Гэта будзе iм добрым урокам, Бэмсi. Яны так дрэнна ставяцца да нас.

Лота ведала, што гэта няпраўда, але калi ты вымушана парэзаць свiтэр на кавалачкi, то табе абавязкова патрэбен хтосьцi акрамя сабакi, каб абвiнавацiць у гэтым.

— Усе дрэнна ставяцца да нас, — сказала Лота, разводзячы рукамi. Яна зiрнула на кошык для непатрэбнай паперы. — Вось чаму я парэзала свiтэр. Акрамя таго, тут вiнаваты сабака.

Лота пакідае дом

Праз некалькi хвiлiн мацi трэба было пайсцi ў краму. Яна зайшла ў дзiцячы пакой i сказала:

— Паспяшайся быць добрай дзяўчынкай зноў, Лота. Апранай свiтэр, i ты зможаш пайсцi па крамах са мной.

Лоце вельмi падабалася хадзiць па крамах. Але свiтэр, якi яна павiнна была апрануць, ляжаў у кошыку для непатрэбнай паперы. Нядзiўна, што Лота ўскрыкнула так, што мiсiс Берг у суседнiм доме схапiлася за галаву i здзiвiлася яшчэ больш.

— Ды што здарылася з табой сёння, Лота? — спытала мама.

— Нiчога, — адказала Лота. — Зусiм нiчога.

— Калi ты збiраешся паводзiць сябе так увесь дзень, я вымушана iсцi ў краму адна. Твой гарачы шакалад усё яшчэ на стале. Я вярнуся вельмi хутка.

Мама пайшла, а Лота села на падлогу i горка заплакала. Усё было зусiм не так, як ёй хацелася.

Нарэшце яна супакоiлася i пачала разважаць. Ёй, магчыма, прыйдзецца праседзець тут усё жыццё з-за свiтэра. Усе будуць хадзiць у крамы, у школу, на службу, ва ўсiх будзе шмат усяго цiкавага, вясёлага, а яна будзе сядзець адна, без адзежы, на падлозе з Бэмсi.

— Тады мы таксама пойдзем, — сказала Лота Бэмсi.

Вось гэта была iдэя! Аднойчы мама расказвала, што Брыджыт, служанка мiсiс Ларсан, паехала ад iх, таму што ёй было дрэнна ў Ларсанаў.

— А мне дрэнна ў Мартэнсанаў, — сказала Лота. — А Мартэнсанамi былi мама i тата, Джонас i Марыя... i сама Лота таксама.

— Мартэнсаны дрэнныя, — сказала Лота. — Тое, што мы пойдзем ад iх, будзе ўсiм добрым урокам. Мы павiнны паспяшацца, Бэмсi, пакуль мама не прыйшла дадому. Iнакш нiчога не атрымаецца.

Але будзе зусiм нецiкава, калi нiхто не прыкмецiць, што ты пайшоў. I Лоце захацелася, каб Мартэнсаны заўважылi яе знiкненне i каб iм стала дрэнна без яе. Яна ўзяла кавалак паперы, ручку i напiсала мацi запiску. Джонас навучыў яе, як трэба чытаць i пiсаць. Пiсаць было вельмi цяжка, але Лота старалася. Яна напiсала друкаванымi лiтарамi: "Я пайшла. Паглядзiце ў кошык для непатрэбнай паперы".

— Калi мама зазiрне ў кошык, яна зразумее, чаму мы пайшлi, — сказала яна Бэмсi.

Такiм чынам, Лота ўзяла Бэмсi i пайшла, апранутая ў тое ж самае, у чым была зранку: у майцы, штонiках, панчохах i чаравiках. Па дарозе яна зайшла ў кухню i выпiла свой гарачы шакалад. Яна ўзяла кавалачак хлеба з джэмам i з'ела яго, пакуль iшла да дзвярэй.

Куды ідзе Лота?

"Гэта вельмi добра пайсцi куды-небудзь. Асаблiва калi ведаеш, куды пайсцi", — думала Лота. Але наконт гэтага ў яе не было нiякай iдэi.

Нарэшце яна вырашыла, што можна папрасiцца пажыць у мiсiс Берг. Лота перакiнула Бэмсi цераз плот памiж садам Мартэнсанаў i мiсiс Берг i ўзабралася на яго сама. Скоцi, сабака мiсiс Берг, забрахаў, калi ўбачыў iх, але ён анiколькi не напалохаў Лоту. Яна ўпэўнена падышла да дома мiсiс Берг i пастукала ў дзверы.

— Прывiтанне, — сказала яна. — Магу я тут жыць?

— Прывiтанне, Лота, — адказала мiсiс Берг, — а я думала, што ты жывеш дома, з татам i мамай.

— Так, але ж я iх пакiнула. Мне не падабаецца ў Мартэнсанаў.

— Тады я разумею, чаму ты пайшла ад iх. Але цi не здаецца табе, што трэба апрануць на сябе што-небудзь яшчэ?

— Я не ем i не апранаюся ў Мартэнсанаў, — сказала Лота i пайшла ў кухню.

Часам мiсiс Берг вяжа свiтэры, шапкi, пальчаткi i прадае iх людзям, якiя не могуць вязаць. Яна дастала з камоды цёплы свiтэр, каб Лота яго апранула. Калi Лота гэта зрабiла, атрымалася, што ён занадта доўгi для яе i вiсеў, нiбыта сукенка.

— Ну як? — спытала мiсiс Берг у Лоты.

— Цудоўна, — адказала тая. — Ён не шкрабаецца i не колецца.

— Ну i добра, — сказала мiсiс Берг.

— Так, гэта сапраўды добра, — пацвердзiла Лота i пачала азiрацца. — А дзе вы збiраецеся паставiць мой ложак?

— А вось гэта праблема, — адказала жанчына. — Ведаеш, Лота, мне здаецца, што ты не зможаш тут жыць: у мяне няма месца яшчэ для аднаго ложка.

— Але ж я павiнна недзе жыць, мiсiс Берг.

— Ты будзеш жыць адна.

— Дык у мяне няма дома, — засмуцiлася Лота.

— Ты зможаш зняць пакойчык пад дахам, — прапанавала мiсiс Берг.

У самым далёкiм кутку сада мiсiс Берг стаяў хлеў, дзе ляжалi газонакасiлка, граблi, рыдлёўка, два мяхi з бульбай, дровы ды i патроху таго-сяго. На другiм паверсе, пад дахам, быў невялiчкi пакойчык, у якiм старая трымала мэблю i мноства iншых непатрэбных рэчаў.

Iншы раз Джонасу, Марыi i Лоце падабалася ўзбiрацца сюды, каб паглядзець на ўсе гэтыя таемныя рэчы. Але мiсiс Берг заўсёды крычала iм з акна, што туды хадзiць нельга. Зараз усё было iнакш. Мiсiс Берг на самай справе прапаноўвала Лоце зняць гэты пакой. Лота нават рассмяялася.

— Гэта самая цудоўная навiна, якую я пачула за апошнi час. Магу я пераехаць зараз жа?

— Па-першае, давай сходзiм i паглядзiм, як там усё выглядае, — сказала мiсiс Берг.

Лота i мiсiс Берг паднялiся на дах разам. Жанчына нават пакрывiлася, калi агледзела пакойчык.

— Ты не здолееш жыць тут, Лота.

— Я здолею, — адказала Лота. — Гэта ж цудоўна! Тут так хораша i цёпла!

— Нават занадта хораша i цёпла, — сказала мiсiс Берг i адчынiла маленькае акенца, каб праветрыць пакой.

Лота падбегла да акна i радасна крыкнула:

— Паглядзiце! Я магу адсюль бачыць дом Мартэнсанаў.

— Так, i iх прыгожы дом i сад, — сказала мiсiс Берг.

Лота паказала язык дому Мартэнсанаў i рассмяялася, радасна кранаючы фiранкi ў белую i чырвоную клетку.

— Я нiколi не буду там жыць. Я збiраюся жыць усё сваё жыццё тут. I ў мяне ўжо ёсць фiранкi. А зараз мне патрэбна мэбля.

— Ты зробiш усё сама цi табе дапамагчы? — спытала мiсiс Берг.

— Вы можаце мне дапамагчы. Але вырашаць усё буду я сама.

— Ну, вырашай тады, якую мэблю ты хочаш?

Лота ўсмiхнулася. Усё складвалася нават больш цiкава, чым яна ўяўляла сабе. Ёй трэба было пайсцi з хаты яшчэ раней!

— Мне хацелася б вось гэта, — сказала Лота, паказваючы на маленькую камоду.

— Калi ласка, — адказала мiсiс Берг.

— Мне спатрэбяцца крэслы. У вас ёсць якiя-небудзь крэслы?

— Ёсць, але ж яны зламаныя, — адказала мiсiс Берг.

— Гэта не мае значэння. Што ж яшчэ?.. А як наконт ложка? Тут ёсць ложак?

— Так. Тут ёсць маленькi ложак i нават ложак для лялькi. Мая дачка спала ў iм, калi была маленькая.

— У лялечным ложку? — здзiвiлася Лота.

— Ну, вядома ж, у дзiцячым ложку, — адказала мiсiс Берг.

— Тады зараз там буду спаць я. А Бэмсi зможа спаць у лялечным ложку. Яму там не будзе цесна. А цi ёсць якая-небудзь бялiзна?

— Ёсць матрац, некалькi падушак i, можа, нават коўдра, але ж няма прасцiн, — сказала мiсiс Берг.

— Я абыдуся без прасцiн, — адказала Лота. — Дык вы дапаможаце мне з мэбляй, мiсiс Берг?

Мiсiс Берг дапамагла Лоце расставiць мэблю ў пакойчыку. Яны паставiлi стол i крэслы побач з акном, буфет стаў каля адной сцяны, а ложак — каля другой. Ложак лялькi добра глядзеўся побач з вялiкiм ложкам, i Лота паклала Бэмсi на маленькую падушку.

— Усё як у сапраўдным пакоi! — усклiкнула Лота.

Мiсiс Берг знайшла стары дыванок i паклала яго на падлогу. З дыванком пакой яшчэ больш стаў падобны на сапраўдны. Потым мiсiс Берг паставiла на камоду круглае запэцканае мухамi люстэрка. Над ложкам Лоты яна павесiла карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Лоце гэта спадабалася.

— О, гэта добра! Я павiнна мець карцiну, iнакш гэта не сапраўдная хата. А гэта карцiна прыгожая, мiсiс Берг.

Звычайна Лота гаварыла, што, калi яна стане дарослай, у яе будуць мазалi на нагах, як у мiсiс Берг, i гаспадарка, як у мамы. Зараз яна агледзелася ў сваiм маленькiм пакойчыку i засталася вельмi задаволенай.

— У мяне ўжо ёсць свая гаспадарка, — уздыхнула Лота.

— Але ж ты не вельмi спяшайся нацерцi мазалi, — усмiхнулася мiсiс Берг.

— Добра, iм прыйдзецца трохi пачакаць, — згадзiлася Лота i чхнула тры разы.

— Тут многа пылу, таму ты чхаеш, — сказала мiсiс Берг.

— А я вытру пыл. Тут ёсць ануча? — спытала Лота.

— Зазiрнi ў камоду, — падказала мiсiс Берг.

Лота высунула верхнюю шуфляду.

— Ой, дык гэта ж сапраўдны ляльчын посуд!

Мiсiс Берг таксама зазiрнула ў шуфляду.

— Я зусiм забылася пра ляльчын посуд.

— Мне пашанцавала, што я знайшла яго! — сказала Лота i пачала расстаўляць усё на стале: кубачкi, сподачкi, паднос, кафейнiк, цукарнiцу, збаночак для вяршкоў. Посуд быў белы з маленькiмi блакiтнымi кветачкамi. Лота ажно падскоквала ад радасцi.

— Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна б з'ехала з глузду, — смяялася Лота.

— Я сумняваюся, — сказала мiсiс Берг. У яе вачах свяцiлiся хiтрынкi. Паглядзi, Лота, можа, у другой шуфлядзе ёсць ануча?

Лота выцягнула другую шуфляду i знайшла вялiкую ляльку з блакiтнымi вачамi i чорнымi валасамi.

— Ой! — ускрыквала Лота. — Ой!

— Ну, добра, добра, гэта — Вiола Лу, — сказала мiсiс Берг.

— Гэта яе iмя? — спытала Лота. — Яна прыгожая! Зараз Бэмсi не можа легчы на ляльчын ложак, таму што там збiраецца спаць Вiола Лу... Можна мне ўзяць яе, мiсiс Берг?

— Так, калi ты будзеш даглядаць за ёй, — адказала мiсiс Берг. — Вядома, яна будзе спаць у сваiм ложку, а Бэмсi прыйдзецца пакiнуць яго.

Лота кiўнула:

— Так. Акрамя таго, мне здаецца, яму больш спадабаецца спаць са мной.

— А зараз высунь апошнюю шуфляду, — сказала мiсiс Берг. — Можа, ты знойдзеш там якую-небудзь вопратку для лялькi. Я памятаю, што калiсьцi шмат шыла для яе.

Калi Лота высунула апошнюю шуфляду, яна ўбачыла мноства свiтэраў, сукенак, палiто, шапачак, бялiзны, начных сарочак; i ўсё гэта было для Вiолы Лу.

— Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна, канешне, з'ехала б з глузду, сказала зноў Лота. Яна павыцягвала ўсю вопратку з шуфлядкi, потым села на падлогу i пачала прымяраць усё на Вiолу Лу.

Мiсiс Берг знайшла стары ручнiк i дала яго Лоце, каб выцерла пыл. Але Лота адмоўна пакруцiла галавой.

— Я магу выцерцi пыл пазней, мiсiс Берг. Зараз я павiнна вырашыць, якая сукенка будзе лепшай для нядзелi.

Як цяжка было выбраць такую сукенку! Iх было так шмат! Былi чырвоныя, жоўтыя, блакiтныя, белыя, у клетку, у кропкi, нават з кветачкамi.

— Белая сукенка з вышыўкай будзе найлепшая, — вырашыла нарэшце Лота. — Яе можна будзе апрануць толькi ў нядзелю.

— Ты маеш рацыю, — сказала мiсiс Берг. — Яе не трэба апранаць кожны дзень.

Калi ўсё было даведзена да ладу, мiсiс Берг пагладзiла Лоту па шчацэ i сказала:

— Тут мы ўжо ўсё скончылi, i я лепш пайду дадому.

Лота кiўнула:

— Добра, але ж вы павiнны наведваць мяне. Калi вы ўбачыце Мартэнсанаў, скажыце iм, што я жыву ў сваiм уласным доме i нiколi не вярнуся да iх.

— Добра, я так i скажу, — адказала мiсiс Берг.

Калi жанчына была ўжо на сярэдзiне лесвiцы, Лота закрычала:

— Мiсiс Берг, а як наконт ежы? Вы дасцё мне што-небудзь?

— Так, але ж табе прыйдзецца прыходзiць самой, — сказала мiсiс Берг. — Мне неяк не вельмi хочацца бегаць унiз i ўверх па лесвiцы.

Якраз у гэты момант Лота паглядзела ўверх i ўбачыла кошык, якi звiсаў з крука на столi.

— Мiсiс Берг, у мяне цудоўная iдэя!..

Iдэя Лоты была прывязаць доўгую вяроўку да кошыка i апускаць яго з акна так, каб мiсiс Берг магла пакласцi туды ежу.

— Потым я паднiму яго i — ап! Вось i ежа, — сказала Лота.

— Ты разумная, — сказала мiсiс Берг. Яна рассмяялася i пайшла за ежай для Лоты. Калi яна вярнулася, Лота ўжо апусцiла кошык.

— Хоп! Вось i ежа! — закрычала мiсiс Берг.

— Вы не расказвайце, што ў кошыку, — сказала Лота. — Я хачу здзiвiцца.

Яна падняла кошык у пакой; у iм былi аранжад, дзве саломiнкi, халодны памiдорны блiн, загорнуты ў кавалак паперы, i невялiчкi збанок з джэмам.

— Лепш, чым у Мартэнсанаў, — сказала Лота. — Да пабачэння, мiсiс Берг, i вялiкае вам дзякуй!

Мiсiс Берг пайшла, а Лота паклала аладку на стол i памазала яе джэмам. Потым яна скруцiла яе, узяла абедзвюма рукамi i пачала адкусваць ад яе, запiваючы аранжадам праз саломiнку.

— Не можа быць лепей, — сказала Лота. — I нiякiх талерак! I наогул, мяне здзiўляе, чаму людзi гавораць, што вельмi цяжка весцi гаспадарку?

Калi яна скончыла есцi, яна выцерла пальцы аб анучу. Потым пачала выцiраць пыл з мэблi, выцерла стол, камоду, крэслы, ложак, ляльчын ложак, люстэрка, а таксама карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Яна прыгатавала ложак для Вiолы Лу i для сябе з Бэмсi. Лота была так задаволена сваёй гаспадаркай, што яна заспявала песню, якую нядаўна вывучыла:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць,

I вельмi-вельмi цёмна,

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: "Заходзь дадому!"

— Але ж у мяне няма коцiка, — сказала Лота задумлiва.

Да Лоты прыходзяць госцi

Задаволеная Лота забаўлялася з Вiолай Лу, Бэмсi i лялечным посудам даволi доўгi час. Яна яшчэ разоў пяць выцiрала пыл з мэблi. Нарэшце яна села ў крэсла i пачала думаць.

— Што ж усе робяць дома цэлы дзень? — спытала яна ў Бэмсi.

У гэты момант яна пачула крокi, якiя даносiлiся з лесвiцы. Гэта былi Джонас i Марыя.

— А ў мяне дом, — абвясцiла Лота.

— Так, мы ведаем, — сказаў Джонас. — Мiсiс Берг сказала нам.

— Я збiраюся пражыць тут усё жыццё, — папярэдзiла Лота.

— Гэта ты так мяркуеш, — адказаў Джонас.

Марыя падышла да посуду. Яна асцярожна памацала кубачкi, паднос, кафейнiк. Пры гэтым яна бясконца войкала ад захаплення. Потым убачыла Вiолу Лу i яе цудоўнае адзенне, разглядаць якое было адно задавальненне.

— Не чапай! — памахала пальчыкам Лота. — Гэта мая хата i мае рэчы.

— Цi ты не дазволiш мне пагуляць з iмi трошкi? — спытала Марыя, угаворваючы.

— Добра, — згадзiлася Лота. — Але толькi трошкi.

Праз хвiлiну Лота спытала:

— А мама плача?

— Канешне, не, — адказаў Джонас.

— Канешне, я плачу, — сказаў голас з лесвiцы, i ў дзвярах паказалася мама. — Канешне, я плачу па маёй маленькай Лоце.

Лоце было вельмi прыемна пачуць гэта.

— Мне вельмi шкада, мама, — сказала яна. — Але зараз у мяне свой дом i свая гаспадарка, i таму я ўвесь час вельмi занятая.

— Я разумею, — сур'ёзна сказала мама. — У цябе тут хораша.

— Значна лепей, чым дома, — сказала Лота, кранаючы фiранкi.

— Я прынесла табе раслiну. Гэта такi звычай, калi хтосьцi атрымлiвае новую хату, — растлумачыла мама i працягнула Лоце гаршчок з бягонiяй.

— Як добра, — сказала Лота. — Я пастаўлю яго на падаконнiк. Вялiкае дзякуй!

Лота яшчэ раз выцерла пыл з мэблi, каб мама, Марыя i Джонас маглi прасачыць за ёй. Яны згадзiлiся, што Лота добра даглядае свой пакойчык. Калi яна скончыла выцiраць пыл, мама спытала ў яе, цi не збiраецца яна абедаць з Джонасам i Марыяй.

— Не, мiсiс Берг дае мне ежу, — сказала Лота i паказала, як добра працуе сiстэма з кошыкам.

— Дык ты не зусiм дурненькая, — сказаў Джонас, сеў на падлогу i пачаў праглядаць старыя часопiсы, якiя ён знайшоў у кутку.

— Тады да пабачэння, Лота, — сказала мама. — Калi ты надумаешся вярнуцца дадому да калядаў, мы будзем вельмi рады бачыць цябе.

— А колькi яшчэ часу да калядаў? — спытала Лота.

— Сем месяцаў, — адказала мама.

— Я, вiдаць, буду тут жыць больш, чым сем месяцаў, — заключыла Лота.

— Гэта ты так мяркуеш, — усмiхнуўся Джонас.

Мацi пайшла, а Лота з Марыяй гулялi з Вiолай Лу. Джонас сядзеў на падлозе i чытаў часопiс.

— Табе падабаецца ў мяне, Марыя? — спытала Лота.

— Гэта найлепшы лялечны дом, якi я калi-небудзь бачыла.

— А гэта не лялечны дом, — запярэчыла Лота, — гэта мой сапраўдны дом.

Раптам на лесвiцы пачулiся цяжкiя крокi. Гэта быў тата.

— Да мяне дайшлi дрэнныя звесткi, — сказаў ён. — Людзi ў горадзе гавораць, што ты пакiнула дом, Лота. Гэта праўда?

— Так, — кiўнула Лота.

— Гэта ноч будзе вельмi сумнай для мяне, Лота. Ты толькi падумай, што я буду адчуваць, калi зайду ў дзiцячы пакой, каб сказаць добрай ночы... А там будзе твой пусты ложак. Няма маёй Лоты!

— Нiчым нельга дапамагчы, — адказала Лота ўпэўнена. А пра сябе ўздыхнула: "Бедны тата!" Ёй сапраўды было вельмi шкада яго.

— Так, вiдаць, нельга дапамагчы, — згадзiўся тата. — Джонас i Марыя, вам лепш пайсцi дадому. Сёння ў нас гамбургеры, смажаныя абрыкосы на вячэру.

— Да пабачэння, дарагая Лота, — развiтаўся тата i пайшоў унiз па лесвiцы.

— Да пабачэння, — адказала Лота.

— Бывай, — заспяшалiся Джонас i Марыя.

— Бывайце, — сказала Лота i падышла да акна, каб памахаць iм адтуль.

Адзінокая Лота

Лота засталася адна. Мiсiс Берг прынесла ёй сёе-тое паесцi, i Лота падняла ўсё наверх у кошыку. Там зноў былi аранжад, дзве саломiнкi i халодны кавалак смажанай свiнiны.

— Так жа добра, як i ў Мартэнсанаў, — сказала Лота i прапанавала Бэмсi трошкi адкусiць.

Калi яна паела, вырашыла зноў выцерцi пыл. Потым яна падышла да акна i назiрала за Мартэнсанамi ў iх двары. Джонас i Марыя гулялi ў кракет з татам. Яблынi былi ў квеценi i выглядалi нiбы вялiкiя букеты кветак. Вiд быў цудоўны.

— Кракет — гэта смешна, — сказала Лота Бэмсi. — Але ж гэта не так цiкава, як даглядаць за домам.

Пачало цямнець, i тата, Джонас i Марыя пайшлi ў свой цёплы жоўты дом. Лота ўздыхнула. Пакуль яна выглядала з акна ў пакойчыку пад дахам мiсiс Берг, здарылася такое, чаго Лота нiяк не чакала. Стала цёмна. Цемра ўладкавалася ва ўсiх куточках, усё блiжэй падкрадвалася да Лоты i неўзабаве запоўнiла ўвесь пакой. Заставалася толькi адзiная светлая пляма ў тым месцы, дзе было акно.

— Мы лепш пойдзем спаць, Бэмсi. Неўзабаве мы зусiм нiчога не ўбачым, сказала Лота.

Яна хуценька паклала Вiолу Лу ў яе ложак, а Бэмсi ўзяла з сабой. Скруцiўшыся абаранкам, яна нацягнула коўдру на галаву. Яе перапаўнялi думкi: "Гэта не таму, што я баюся цемры, гэта ад таго, што вельмi сумна. Акрамя ўсяго, я хачу спаць". Лота глыбока ўздыхнула. Некалькi разоў яна садзiлася ў ложку i глядзела ў цемру. Потым яна здрыганулася, зноў запаўзла пад коўдру, прыцiскаючы Бэмсi ўсё блiжэй i блiжэй да сябе.

— Джонас i Марыя, напэўна, таксама леглi спаць, — сказала дзяўчынка ў цемру. — А мама i тата прыйдуць да iх, каб пажадаць iм добрай ночы. Але толькi не мне... — Яна зноў уздыхнула, i гэта быў адзiны гук у пакоi.

"Нельга, каб было так цiха", — падумала Лота. I яна пачала спяваць сваю песню зноў:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць...

Лота спынiлася. Яе голас дрыжаў. Яна пачала зноў:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць,

I вельмi-вельмi цёмна...

Лота не магла больш спяваць. Яна пачала ўсхлiпваць. У гэты момант да яе вушэй данеслiся нейкiя гукi. Гэта тата падымаўся па лесвiцы i спяваў:

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"

Лота села ў ложку.

— Тата, калi б у мяне быў коцiк! — усклiкнула яна.

Тата ўзяў Лоту на рукi.

— Ведаеш, Лота, мама такая сумная. Можа, лепш табе вярнуцца да каляд?

— Я хачу вярнуцца зараз жа, — адказала Лота.

Тата ўзяў Лоту i Бэмсi i панёс iх дадому.

— Лота вярнулася дадому! — крыкнуў тата, калi яны ўвайшлi ў дом.

Мама сядзела перад камiнам у гасцiнай. Яна працягнула рукi да Лоты i ўсмiхнулася:

— Сапраўды? Ты сапраўды вярнулася дадому, Лота?

Лота кiнулася ў матчыны рукi i заплакала так горка, што слёзы пакацiлiся па яе твары.

— Я збiраюся жыць з табой усё жыццё, мама, — усхлiпвала яна.

— Гэта цудоўна! — сказала мама.

Лота скруцiлася клубочкам у мацi на каленях i доўгi час нiчога не гаварыла.

— Мама, зараз у мяне новы свiтэр. Мiсiс Берг дала яго мне. Гэта добра? праз слёзы спытала яна.

Мама нiчога не адказала. Яна толькi лагодна глядзела на Лоту.

Апусцiўшы вочы, Лота прамармытала:

— Я парэзала свой на кавалачкi. Я хачу сказаць, што прашу прабачэння, але так цяжка зрабiць гэта.

— А што, калi я таксама папрашу прабачэння? — спытала мама.

— Тады мы можам сказаць, што мы абедзве просiм прабачэння, — адказала Лота.

Дзяўчынка абняла мацi за шыю i прыцiснулася да яе так моцна, як толькi магла.

— Я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, — паўтарала яна.

Потым мама ўзяла Лоту i Бэмсi на рукi i аднесла iх у дзiцячы пакой, паклала ва ўтульны ложак з чыстымi прасцiнамi, ружовай коўдрай. Тата падняўся наверх таксама, i яны з мамай пацалавалi Лоту i пажадалi ёй добрай ночы.

— Якiя яны добрыя, — сказала Лота Бэмсi, калi яны пайшлi ўнiз.

Джонас i Марыя спалi, але Джонас прачнуўся, каб сказаць:

— Я так i ведаў, што ты пабаiшся застацца там усю ноч.

— Я вырашыла застацца там толькi на дзень, гуляць i весцi сваю гаспадарку, вось так! — сказала Лота. — А калi ты i Марыя паб'еце Бэмсi яшчэ раз, я вам пакажу!

— Бiць Бэмсi? Мы нiколi не чапалi твайго свiнячага мядзведзя. — Джонас засмяяўся i заснуў.

Лота некаторы час не спала, таму што спявала сваю песеньку:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць,

I вельмi-вельмi цёмна,

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"

— Гэта песенька больш не пра мяне. Яна пра iншую Лоту, — сказала Лота Бэмсi, моцна абняла яго i заснула.


Оглавление

  • Лота хоча вырасцi
  • Нашы гульні
  • Упартая Лота
  • Мiсiс Берг
  • Мы едзем на пiкнiк
  • Мы едзем да бабулi з дзядулем
  • Лота амаль што лаецца
  • У Лоты нешчаслiвы дзень
  • Лота ў турме
  • Каляды — гэта цудоўна
  • Усё ідзе дрэнна
  • Лота пакідае дом
  • Куды ідзе Лота?
  • Да Лоты прыходзяць госцi
  • Адзінокая Лота