КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Меч Маладзіковага Промня [Лаўрэн Юрага] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Лаўрэн ЮРАГА


МЕЧ МАЛАДЗІКОВАГА ПРОМНЯ


Аповесць


I


Што прабрацца ў замак будзе нялёгка, я ведаў і раней. Але толькі цяпер, пабачыўшы Гадор увачавідкі, я зразумеў усю складанасць — амаль немагчымасць — выканання гэтае задачы. Жыццё ваяра навучыла мяне з першагляду знаходзіць слабыя месцы і ў замкавых мурах, і ў баявым шыхце цяжкаўзброеных кнехтаў: за дзесяць гадоў баёў і паходаў мне неаднойчы даводзілася як браць прыступам, так і абараняць наймагутнейшыя фартэцы, змагацца пешкі і конна, гнаць ворага і самому сыходзіць ад пагоні. Я прывык ніколі не вагацца: выбраўшы слушны кірунак, я ўпарта крочыў наперад, бо ведаў, што абавязкова мушу перамагчы. Так было заўсёды — аж пакуль лёс не прывёў мяне сюды, на гэтую выпаленую сонцам раўніну, да гэтых выклятых багамі і людзьмі муроў. Тут я спыніўся — упершыню. Бо напаткаў непераадольную, як здаецца, перашкоду. Але толькі спыніўся — не збочыў і не павярнуў назад. Спыніўся, каб знайсці выхад — ці, дакладней кажучы, уваход... Схаваўшыся за вялізным шурпатым глыжаком, перабіраў я адзін за адным спосабы пранікнення ў варожы стан — і адзін за адным адкідаў іх: тут не пасаваў ніводны. Мне згадваліся словы майго настаўніка, старога Бутрыма, пра тое, што непрыступных фартэцаў не бывае — і ўпершыню я сумняваўся ў сказаным ім: велічныя муры перада мной выразна сведчылі пра адваротнае.

Такім цяжкадаступным рабіла замак, у значнай меры, ягонае месцазнаходжанне. Важкія, вычасаныя з жывога каменя, муры вырасталі з вяршыні аграмаднае чорнае скалы, і іхнія вежы ды башты імкнуліся ўгару натуральным працягам стромых гранітных адхонаў. Узысці наверх да бра­мы можна было адно па высечанай у камені сцяжыне, якая падступна-слізкай вужакай абвівалася вакол скалы. Сцежка была такой вузкай, што на ёй ледзьве мог змясціцца ўзброены вой, яна закручвалася злева направа — той, хто ішоў да брамы, заўсёды быў звернуты да байніц замка пра­вым, непрыкрытым шчытом, бокам: калі б які нападнік наважыўся прабіцца да брамы, ён стаў бы лёгкім цэлем для лучнікаў на баштах раней, чым паспеў бы зрабіць хаця б пару крокаў нагару. А за нападніка мог быць палічаны кожны чужак, што ўзыходзіць па сцяжыне.

Іншага, па-за брамай, уваходу ў замак не было — я змарнаваў дзве ночы, каб знайсці які патаемны выхад для ганца на выпадак аблогі або схаваны канал для вады — усё дарэмна: князь Гатард добра паклапаціўся пра сваю бяспеку і ніякая ваярская хітрасць не магла тут дапамагчы.


II


Мой род спрадвечна славіўся мужнымі воямі ды непераможнымі вадарамі. Гэтак і я, паводле звычаю, яшчэ малым дзіцем быў аддадзены на выхаванне і навучанне старому Бутрыму, некалі адважнаму і умеламу ваяру, цяпер жа — пасівеламу старому з яснымі вачыма і яшчэ моцнымі рукамі. Ён распавёў мне пра ўсё, што ведаў сам, навучыў усялякаму збройнаму ўмельству ды баявым зманам, спрактыкаваў маю руку і навастрыў мой розум, як востраць клінгу корда. Ужо ў чатырнаццаць зрабіўся я дасканалым воем: умеў біцца на мячах і на дзідах; ведаў, як змагацца з адным, а як адначасна з некалькімі ворагамі; мог пацэліць стралой у пярсцёнак на верхавіне дуба або захаляўным нажом у адмеціну за дваццаць крокаў. Я здолеў бы перасядзець пагоню пад вадой з трысцінай у роце i схавацца пад адным плашчом у голым полі, утаймаваць дзікага скакуна i суцішыць вартавога сабаку ў варожым стане.

I вось тады ўпершыню я стаў у баявым шыхце поруч са сваім бацькам — ваяводам Буйвідам, поруч са сваімі дзядзькамі і братамі. Тады ўпершыню я напаіў варожай крывёй сваю баявую сякеру — так пачалося маё жыццё ваяра.

Слава пра нашую непераможнасць грымела па краі — і яна была заслужаная: мы напраўду былі найлепшыя. Кожны князь быў рады бачыць нашую дружыну сярод сваіх войскаў. Мы нятанна прадавалі майстэрства і адвагу, але той валадар, што згаджаўся на нашую цану, не зазнаваў паразы.

Мы рэдка мянялі гаспадароў — хіба што князь, які нас запрасіў, паміраў, а ягоны наступнік, пэўны сваёй магутнасці ці скнарны да багацця (зрэшты, намі ж і здабытага), не згаджаўся аплачваць дорага нашую службу. Тады мы адыходзілі і вярталіся ў роднае паселішча або вандравалі па краі ад замка да замка, аж пакуль не знаходзіўся дастаткова амбітны i багаты валадар, які хацеў i мог нас наняць. Апошняму служылі мы князю Велеміру. Багаты і уплывовы, ён, аднак, быў досыць міралюбным правіцелем, каб ваяваць чужыя землі самому, — i дастаткова магутным, каб баяцца нападу некага іншага. Таму нашыя старшыні былі здзіўленыя бачыць ягонага ганца з запросінамі — на той час у краі яшчэ не было чуваць пра чорную навалу, што мелася накаціцца з захаду на нашыя землі.

На світанку мы вышыхтаваліся ў цэнтры Велеміравага войска. Перад намі сталі латнікі з доўгімі дзідамі, каб прыняць на іх першы ўдар варожае конніцы. Па крылах наперадзе — лепшыя Князе­вы палясоўшчыкі-лучнікі, а ззаду пахіліла аголеныя мячы ягоная асабістая ахова. Далей у пералеску — каб у патрэбную хвілю ўдарыць знянацку — укрылася арда саюзных коннікаў-стэпавікоў.

Мы сталі без страху, з заўсёднай верай у сваю моц ды упэўненасцю ў немінучай перамозе. Іначай і быць не магло — мы заўжды перамагалі, нават паміраючы. Але тым разам Лёс нам здрадзіў. Мы зразумелі гэта, калі сонца перакацілася на іншы бок небасхілу. Ужо былі растаптаны цяжкімі, закутымі ў жалеза коньмі латнікі з дзідамі і высечана ўшчэнт Князева дружына, знішчаны лучнікі і размещена засадная конніца. Быў ужо забіты і сам Велемір, але мы, пазасталыя яшчэ ў жывых ваяры з Буйвідавага роду, усё яшчэ змагаліся, як нам загадваў гонар. На ўсім засланым мёртвымі целамі полі толькі наш, згорнуты ў кола і значна парадзелы заслон заставаўся апошняй купкай, што яшчэ не растала ў чорнай лаве нападнікаў. Нас усё меншала, а іх — адваротна — прыбывала. На месцы кожнага забітага ворага ставала трох жывых, а поле — аж да далягляду — было запоўнена новымі, што ўсцяж падыходзілі, чужацкімі войскамі.

Чарналатныя хвалі наплывалі, потым адкочваліся, каб нахлынуць ізноў — і за кожным разам падала колькі ворагаў, алетаксама i нехта з нашых... ажно пасля чарговага наступу засталіся адно мы з бацькам: поруч са мной толькі ён, зняможаны i без шалома, цяжка махаў яшчэ сваёй булавой, намагаючыся адбіцца ад некалькіх нападнікаў. Я павярнуўся, збіраючыся рынуць яму на дапамогу, але ў гэтую хвілю глухі боль, мязджачы чэрап, працяў свядомасць і праваліў мяне ў суцэльную цемру забыцця...

Калі я апрытомнеў, было надзвычай ціха. Бой, па ўсім відаць, скончыўся даўно. Хіліўся да канца і дзень; за блізкім лесам хавалася сонца, кідаючы чырванаватыя водбліскі на зруйнаваны і выпале­ны дарэшты Велеміраў замак.

Хістаючыся, я ўзняўся. Немавед нашто падхапіў з зямлі свой напалову расколаты шалом, абвёў напаўуцямным поглядам мёртвае поле і... ўбачыў бацьку. Ён ляжаў на кучы забітых ім ворагаў. Ягоная правіца ўсё яшчэ сціскала перасечанае дзяржальна булавы, нават мёртвая не хочучы выпусціць гэтак ж мёртвую зброю, а з-пад нагруднае пласціны панцыра тырчала чорнае дрэўка дзіды.


III


Я даўно не быў дома: можа, гады з тры, а можа, нават i болей. Пасля смерці маці мы з бацькам нячаста наведвалі роднае паселішча. Служба найміта-ваяра i так не надта дазваляе заседжвацца ў хаце, а нас з домам ужо нічога i не звязвала. Аднак цяпер я вырашыў туды вярнуцца. Не таму, што мне не было куды пайсці — мяне з ахвотаю прыняла б кожная дружына, а проста таму, што ваярства страціла для мяне ўсялякі сэнс. Больш не вабіў покліч бою, не клікаў у дарогу конскі пошчак і бразгат зброі — я стаў абыякавым да гэтых, некалі такіх мілых майму сэрцу, згукаў. Таму я пастанавіў вярнуцца дадому. I вось вярнуўся...

...Мінула ўжо колькі квадраў з часу майго вяртання. Я сядзеў на прызбе і плёў сетку для ловаў. Раптам нечы цень захіліў мне святло; я ўзняў вочы — перада мною стаяў невысокі, сівы, як голуб, стары з доўгай белай барадой і разьбяным посахам у руках. Ён з'явіўся так нячутна, што нават я — спрактыкаваны вартавы і паляўнічы — не пачуў ягонага набліжэння: нездарма кажуць, што вешчбіты не ходзяць — іх пераносяць духі ветру. А гэта ж быў найславуцейшы з кудзебнікаў — сам Мудраслаў, вярхоўны валхвец і чараўнік. Я ніколі не бачыў яго раней, але ў шматлікіх легендах ды баладах, што апявалі чыненыя ім цуды, неаднойчы — і вельмі дакладна — апісваліся і гэты разьбяны чарадзейны посах, i гэты месяцападобны жалезны абярэг, што звісае з шыі на плеценым валасяным шнурку, i гэтая срэбная дыядэма на высокім ілбе.

Маё здзіўленне з ягонага нечаканага прыходу было гэтак вялікае, што я не мог вымавіць ані слова. Але Мудраслаў, прывітаўшы мяне, сам пачаў гаварыць:

— Войшаль! Зоры ўказалі мне на цябе! Ты — адзіны, хто можа ўратаваць наш край. Чорныя войскі Гатарда зваявалі большасць нашых княстваў, замкі падаюць адзін па адным. Яшчэ ніколі ра­ней такі магутны вораг не прыходзіў у нашыя землі. Таму я клічу цябе да зброі!

Я паспрабаваў запярэчыць, што адзін вой ніколі не адолее ў змаганні цэлае войска, а тым болей войска такое шматлікае i спрактыванае, як чорныя рыцары Гатарда. Аднак вешчбіт запярэчыў.

— Адолее, — сказаў ён, — калі будзе ўзброены мячом, якому найменне — Маладзіковы Прамень. Ці чуў ты калі пра яго? — запытаў ён, а калі я адмоўна хітнуў галавой, працягнуў: — Задоўга да таго, як мы прыйшлі ў гэтыя землі, жыў тут старажытны i мудры народ. Мы яго ўжо не заспелі, але дзякуючы кнігам, знойдзеным у пакінутых пячорах-бажніцах, здолелі даведацца пра шмат якія даўнія тайніцы. I адной з іх быў Маладзіковы Прамень — меч, які выкавалі валхвяцы гэтага народу ў даўнія часы, каб здолець супрацьстаяць варожай навале, гэтак жа жудаснай і ўсёзнішчальнай, як цяпер — войска Гатарда. Яны вырабілі гэты меч з маладзіковага сяйва, працягнуўшы тонкі, як ніта, прамень скрозь зачараванае адмысловымі кудзебствамі колца. Пра­мень трыкроць астуджалі ў крынічнай вадзе, аж пакуль не сцвярдзеў ён у тонкую палоску металу, з якой далей валхвяцы выкавалі пад святлом поўні ды покрывай таемных закляццяў неймаверна вострае лязо. Так паўстаў Маладзіковы Прамень, створаны для абароны ад нязмерна мацнейшага ворага. У ім тоіцца чарадзейная сіла месяца, які, паміраючы, штораз родзіцца наноў. Як толькі першы прамень нованароджанага месяца ўпадзе на кляйнот, што вянчае дзяржальна, ваяр, які ўзнясе меч, зробіцца непаражальны і непераможны — аж пакуль не зменіцца квадра (так мудрадумныя кудзебнікі даўняга народу ўчынілі з перасцярогі перад людскай натурай — каб уладар мяча, разбіўшы ворага, не захацеў стаць сам заваёўнікам).

На хвілю ён замоўк, а потым зноў прадоўжыў:

— Зоры мне сказалі, што сярод усіх сыноў нашага народу толькі ты адзін здольны выцягнуць Маладзіковы Прамень з похваў і ўзняць яго супраць ворагаў. Але гэта зусім няпроста. Перш, як ухапіць ягонае дзяржальна і стаць на чале нашых войскаў, ты мусіш гэты меч здабыць. За сотні гадоў ён неаднойчы змяняў уладальніка. 3 часам людзі — не без дапамогі нашых заклёнаў — забыліся на ягоныя чароўныя ўласцівасці, і пачалі ўспрымаць яго толькі як каштоўную і старажытную, але ўсё ж звычайную, зброю. Апрача вешчбітаў толькі адмыслова выбраны захавальнік — Мечнік — быў пасвячоны ў тайніцу клінка. Апошнім Мечнікам быў князь Велемір. На нядобры выпадак — а можа, з веданнем і адмысловым намерам — Гатард са сваім войскам наблізіўся да на­шых межаў напрыканцы другое квадры, калі не было шанцаў ажывіць Прамень. Велемір не змог ужыць яго, таму гэты меч пасля паразы князя, сярод іншых велеміравых каштоўнасцяў, трапіў у рукі чужынцаў, і цяпер Чорны Князь Гатард трымае яго ў сваёй скарбніцы, у замку Гадор на Каменнай Гары.

Гневам выбухнула мая душа, калі я пачуў тыя словы: каб не залішняя міратворнасць ды прытойлівасць жрацоў (бо, напэўна, пра той напад яны ведалі яшчэ тады, калі яго можна было пазбегнуць), каб не вечная іх боязь парушыць волю багоў, дык, можа, не было б гэтае невыноснае паразы; можа, засталіся б жывымі мой бацька і мае браты; можа, усё б было іначай! Аднак, вою не выпадае даваць волю пачуццям: з каменным тварам ды без найменшае адзнакі ўзрушанасці я кіўнуў галавой Мудраславу на знак таго, што разумею яго. Але гэты выбух гневу ўсё змяніў: у маіх грудзях ізноў пачала расці прага бою, прага змагання.

— Табе трэба ўжо ісці, — ціха прамовіў старац; падобна, ён нават думкі не дапускаў, што я магу адмовіцца. — Цяпер усё ў тваіх руках. Я хацеў бы дапамагчы табе, але не маю сіл супрацьстаяць чорнай магіі чараўнікоў Гатарда. Адзінае, што магу — даць табе гэты старажытны абярэг, што належаў яшчэ майму прадзеду, — вяшчун зняў з сябе і, сказаўшы пахіліць галаву, павесіў мне на шыю месяцападобны талісман. — Ён абароніць цябе ад варожага наслання, а ў патрэбе дазволіць звярнуцца па дапамогу да духаў нашае зямлі. Але памятай: духі не любяць, калі іх занадта часта турбуюць — у першы раз яны дапамогуць, але ў другі могуць загубіць. I яшчэ адно: зараз ветах; на трэцюю ноч, лічачы ад тае, што надыходзіць, родзіцца маладзік. Калі князь Гатард вынясе перад світаннем меч пад ягонае сяйво, дык стане непераможны, а наш край назаўсёды трапіць да яго ў падданства — больш ніколі ўжо мы не будзем цешыцца воляй i вясною, спяваць нашыя песні i жыць паводле сваіх законаў!

Кудзебнік змоўк, пільна гледзячы мне ў вочы, і паўсталі перад маім зрокам зруйнаваныя паселішчы, спаленае на палетках жыта, чароды гнаных у палон кабет ды дзяцей... Потым Мудраслаў загадаў падрыхтаваць зброю і сабраць з сабой ежы. Пасля нядоўгае малітвы ён запаліў жмуток зёлак з даўкім пахам і абвёў ім вакол мяне ў паветры. Я пачуў прамоўлены заклён, і ў той жа момант ахутала мяне бялютка-празрыстая смуга, дрэвы ды рэчы навокал расплыліся, а пасля я раптам ўсвядоміў, што стаю пасярод выпаленага пустэльнага стэпу, а далёка наперадзе, на фоне залаціста-блакітнага неба чарнеюць вострыя зубцы вежаў Гадора.

Я пакіраваў да замка...


IV


Ніта ўспамінаў перарвалася... Мая рука ўсё яшчэ несвядома сціскала абярэг, і думкі вярнуліся да яго: як немагчыма трапіць у замак натуральным шляхам, дык я мушу выкарыстаць звышнатуральны, бо апошні дзень ужо гасне — i мне засталася толькі адна ноч. Я не думаў, што давядзецца прасіць дапамогі духаў ужо на самым пачатку маёй выправы — бо хто ж зведае, якія яшчэ перашкоды рыхтуе мне Лёс наперадзе! Але ўсё ж неяк трэба гэтую выправу распачаць!

Я адклаў убок дзіду, адшпіліў з-за спіны шчыт ды выцягнуў з навязі і прыхінуў да глыжака сваю баявую сякеру. Потым укленчыў, запаліў ахвярныя вохнасці і, сціскаючы ў гарачых далонях абярэг, узнёс маленне да духаў. Я прасіў ператварыць мяне на кароткі час у кажана: бо гэтае спароддзе цемры вядзецца ў кожным замку, прынаджанае паўзмрокам скляпенняў у высокіх ве­жах ды магільнаю прахалодай глыбокіх сутарэнняў і лёхаў; таму ніводзін вартавы, калі ён сам не з'яўляецца чараўніком ці кудзебнікам, не западозрыць у гэткім стварэнні ворага, што прабіраецца ў фартэцыю.

I духі ўважылі маёй малітве. Раптоўна я пачаў змяншацца ў памерах, адначасна парастаючы бура-чорнай кароткай поўсцю. Мае пальцы выцягнуліся, а між імі і да цела нацягнулася тонкая скураная плеўка. Я хацеў падзякаваць духам, але, калі адкрыў рот, маё горла вытыргнула адно абрыдлівы піск.

Гэтае ператварэнне, якое адкрыла для мяне доступ за замкавыя муры, мела, аднак, і адмоўны бок: адно толькі абярэг зменшыўся разам са мною; уся ж вопратка і зброя засталіся звычайных памераў. Значыць, у замку, вярнуўшыся ў сваё прыроднае аблічча, я застануся нават без нажа! Балохтаючыся, я так-сяк выкараскаўся з-пад апалай на мяне кальчугі, выпаўз наверх, узмахнуў плеўчатымі рукамі-крыламі — і паляцеў. Трохі няўклюдна соўваючыся ў паветры, я зрабіў колькі спробных колаў над глыжаком, што яшчэ нядаўна хаваў мяне, і пакіраваў у бок замка.


V


Мае спадзяванні спраўдзіліся, і ніякіх перашкодаў (калі не лічыць майго няўмелага лётання ды яшчэ ветру, што ўвесь час зносіў мяне ўбок), я не напаткаў. Адно толькі перад самымі мурамі мяне паспрабавала заатакаваць чародка кажаноў, што зляцела з вежы; аднак мне ўдалося нырцануць у чорную шчыліну найбліжэйшае бойніцы, і я ад іх адарваўся.

Пераходы ў замку былі цёмнымі, пакручастымі і бязлюднымі. Я досыць доўга лётаў па іх, блукаючы сярод галерэй са шматлікімі адгалінаваннямі, сходамі ды бакавымі пакоямі, аж пакуль не трапіў у шырокі, асветлены паходнямі калідор, дзе, як і паўсюль, нікога не было. Калідор заканчваўся шчыльна зачыненымі двухстворкавымі дзвярыма, з-за якіх быў чуцён шматгалосы гоман. Я асцярожна зляцеў з-пад скляпення наверх створкі і прыпаў вокам да шчыліны над дзвя­рыма.

Калі мае вочы пасля цьмяна-міргатлівага святла паходняў звыкліся з зыркім ззяннем лампад і жырандоляў за дзвярыма, я ўбачыў велізарную, напоўненую людзьмі залю. Большасць з прысутных былі ў чорных даспехах і з мячом пры пасе, хоць, разам з тым, у дарагіх раскошных плашчах ды без шаломаў. Я падумаў, што, мусіць, аднак, нешта рыхтуецца, бо ніхто ж не прыходзіць на свецкія ўрачыстасці ў „жалеззі". Былі, аднак, там і дамы ў шытых золатам ды срэбрам сукнях, нярэдка таксама чорных; былі яшчэ пару асобаў у пурпуровых мантыях, якіх я вызначыў для сябе як Гатардавых чараўнікоў.

Людзі праходжваліся па зале, збіраліся ў купкі, гучна размаўлялі і смяяліся. Гэтая грамада, бадай, не надта б рознілася ад кожнае іншай, сабранай у звычайным замку, каб не такое панаванне цемнаколерных шатаў ды каб не жорсткія выразы твараў і хіжыя позіркі вачэй. Здавалася, што нейкія чарнапёрыя драпежныя птушкі кружляюць навокала ў пошуках здабычы.

Проста насупраць маёй хованкі знаходзіўся парадны ўваход; важкія залочаныя дзверы былі разнасцежаныя; за імі віднеліся мармуровыя сходы, па якіх таксама спускаліся або ўзыходзілі рыцары і дамы. Пры дзвярах ад боку сходаў стаялі алебарднікі ў панцырах і маршалак з вітым жазлом ды ў срэбнага шытва ліберыі. У іншых канцах залы было бачна яшчэ колькі зачыненых дзвярэй, якія, мусіць, падобна да тых, за каторымі стаіўся я, вялі ў бочныя галерэі. Я разглядаў іх і намагаўся адгадаць, куды далей мне трэба скіравацца. Бо ў такім аграмадным замку меч можна шукаць не адну ноч — і ўсё роўна не знайсці.

Раптоўна гоман і смех сцішыліся. Я зірнуў на парадныя дзверы і зразумеў прычыну: аточаны дужымі ахоўнікамі, на парозе з'явіўся высокі хударлявы мужчына ў чорным аксамітным строі. Яго­ная пастава выдавала чалавека ўладарнага; вочы глядзелі жорстка і пранізліва, а вусны змяіліся ў пагардліва-пыхлівай усмешцы. Маршалак ударыў у падлогу жазлом і абвясціў прыход гаспадара замка Чорнага Князя Гатарда. Прысутныя схіліліся ў паклоне.

Князь прайшоў да свайго пасаду, які, на шчасце для мяне, месціўся на процілеглым ад уваходу канцы залы — то бок, непадалёк ад маіх дзвярэй. На шчасце — бо, напружыўшы слых, я мог пачуць, пра што казалі пры пасадзе, а Гатард якраз падклікаў да сябе пахілага сівога чараўніка, што выглядаў найстарэйшым з усіх прысутных.

— Дык што, Даронце, ці не час пачынаць?

— О, не, вяльможны князю! Утаймуй сваю нецярплівасць, — спакойна адказаў маг, — яшчэ зарана. I ці падвоіў ты, як я прасіў, варту? Бо маю сёння нядобрыя прадчуванні. Дый мае кажаны не­шта занепакоеныя — ці не прабраўся ў замак чужынец, пра якога папярэджвалі вешчыя руны?

— Але гэта немагчыма! — рэзка запярэчыў Гатард. — У мой замак хіба толькі казюрка зможа прапаўзці незаўважанай!

— ІІІто ж, ён мог перавярнуцца і казюркай, — разважліва адзначыў вяшчун.

— Тады знайдзі яго! Ты ж — маг, дык мусіш ведаць усё! — ледзь не закрычаў на яго князь.

— Не, — пахітаў галавою стары. — Я не бачу яго. Мажліва, ён карыстаецца нейкім моцным чараваннем або абярэгам, які хавае яго ад майго таемнага пагляду. Лепей пашлі кнехтаў агледзець замак — ці не заўважаць яны нечага незвычайнага.

Гатард выглядаў раз'ятраным: ягоныя вочы палымнелі агнём, а напышлівая ўсмешка саступіла месца выразу нястрымнага гневу — мусіць, ён не цярпеў нічыіх парадаў. Маг жа, наадварот, глядзеў пагодна і нібы не заўважаў валадаровага шалу. Але ўрэшце князь адолеў злосць. Ён згодна кіўнуў галавой, прымаючы параду, і паклікаў падысці магутнага рыцара з ваяводскай адзнакай на плашчы. Выслухаўшы загад, той пераказаў яго афіцэрам меншага рангу, якія ўмомант зніклі за параднымі дзвярыма. Неўзабаве зала пачала напаўняцца кнехтамі, якія пасля разыходзіліся праз усе іншыя ўваходы па замкавых анфіладах. Двум жа са сваіх прыбочных ахоўнікаў-магутаў Гатард паказаў на дзверы, за якімі хаваўся я:

— Ідзіце ў Залу Чараў і прынясіце мне магічны меч! Ваявода, дай ім сыгнет, каб зняць пячаткузакляцце з уваходу!

Пра такую ўдачу можна было толькі марыць! Мала таго, што я цяпер ведаў напрамак, дык яшчэ і быў побач! Я хутка ўзляцеў з дзвярэй і павіс уніз галавой, зачапіўшыся кіпцюрамі за каменны карніз пад самай столлю — у быцці кажаном ёсць свае выгоды. Цяжкія створкі разнасцежыліся, і воі прайшлі проста пада мною, нават і не падумаўшы ўзняць галаву ды зірнуць наверх. Іхні цяжкі поступ з бразгатам даспехаў гулкім рэхам адбіваўся ад каменных сценаў.

Быў ужо час вяртацца ў сваё сапраўднае аблічча. Калі дужыя постаці рыцараў зніклі за рогам калідора, я зляцеў уніз і, звярнуўшыся ў малітве да духаў, папрасіў ізноў зрабіць мяне чалавекам. I ў тую ж хвіліну я пачаў расці...


VI


Мякка ступаючы па халодных каменных плітах, я пачаў красціся ўслед за воямі. Яны нейкі час ішлі знаёмай мне галерэяй, ажно раптам калідор скончыўся і глухі мур перагарадзіў дарогу. Тады той, што стаяў справа, тройчы стукнуў жалезным дзяржальнам па акруглым гладкім камені, які крыху выдаваўся з кладкі проста насупраць яго. Я не даў веры сваім вачам: незварушны, здавалася, мур раптам лёгка папоўз угару, адкрываючы змрочнае чэрава сутарэння. Латнікі ступілі ў цемру: спярша адзін — папярэдне дастаўшы з жалезнага гнязда на сцяне палымяную паходню, — за ім другі. Мур зноў апусціўся на сваё заўсёднае месца.

Я вырашыў далей не ісці, разважыўшы, што ахоўнікі і так будуць вяртацца тым самым шляхам, а мне самому сунуцца ў месца, дзе пануюць чары, патрэбы няма. Здавалася, больш сэнсу было ў тым, каб дачакацца рыцараў тут ды, па магчымасці, аснадзіцца нейкай зброяй. Дзеля гэтага я ўважліва агледзеў прылеглыя пакоі i пераходы, аднак нічога прыдатнага не знайшоў — паўсюдна пашыраны звычай развешваць шчыты ды мячы па сценах у якасці аздобы замка тут поспехам не карыстаўся. Спроба расхістаць і выняць са сцяны які больш-менш вялікі камень таксама выніку не дасягнула — вапнавы рашчын трымаў на подзіў моцна, i я абадраў пальцы, але здабыў адно толькі невялікі кавалачак граніту. Зрэшты, у маіх варунках i тое прыдасца — пры пэўнай кемлівасці мож­на ўжыць з карысцю для сябе найменшую драбностку.

Акурат у гэты час з боку вялікае залы даляцела рэха крокаў і водгукі галасоў, — мусіць, кнехты, пасланыя на мае росшукі, ужо дапялі і да гэтага калідора. Я паспяшаўся схавацца за цяжкай аксамітнай заслонай пры ўваходзе ў пакой і знерухомеў, сцішыўшы дыханне. Праз нейкі час галасы наблізіліся ўжо настолькі, што я лёгка мог чуць, пра што яны гавораць. Кнехты, падобна, былі зануджаныя доўгім вартаваннем ды безвыніковымі вышукамі і не надта шчыравалі. Лена перагаворваючыся, яны прайшлі паўз мяне ў пакой і назад, нават не падумаўшы адхінуць заслону. Мяркуючы па кроках, іх было трое ці, самае вялікае, чацвёра. Мяне гэта цалкам задавальняла: значна лягчэй даць сабе рады з некалькімі, больш звыклымі трымаць келіх, чым меч, жаўнерамі, і завалодаць іхняй зброяй, чым адразу атакаваць з голымі рукамі тых двух пасланых па Меч рыцараў, якія, несумненна, з'яўляюцца спрактыкаванымі і дасведчанымі воямі.

Пакуль кнехты нетаропка правалюхаліся да канца калідора, аглядаючы рэшту пакояў, я выцягнуў з заслоны віты шнур, што прыгожа аблямоўваў ейны край. Потым, нячутна ступаючы, падышоў да цяжкай тканай шпалеры на процілеглай сцяне і прывязаў да ейнага ніжняга кута адзін канец шнура; другі ж канец, дбайна хаваючы яго ў варсістым дыване, працягнуў да таго месца, дзе перад тым хаваўся. У паўцемры шнур быў зусім незаўважны. Задаволены зробленым, я асцярожна праслізнуў назад за заслону і зноў затаіўся.

Доўга чакаць не давялося — даляцелыя неўзабаве тупат, бразгат ды грубы смех далі зразумець, што кнехты вяртаюцца. Датрываўшы, пакуль гэтыя гукі не пачалі зноў аддаляцца (гэта сведчыла, што жаўнеры ўжо прамінулі разнасцежаныя дзверы ў мой пакой і накіраваліся далей), я высунуўся з-за заслоны і шпурнуў выкалупаны са сцяны кавалачак граніту ў дзвярны прахон. Каменьчык трапіў у вялізную мосяжную вазу, што стаяла на калідоры пры дзвярах, i яна загула, як сапраўдны дзвон. Кнехты ўсё ж, відаць, падумалі, што, праходзячы, самі зачапілі яе цяжкім бо­там або дзяржальнам алебарды, бо не вярнуліся ўсе разам, а паслалі толькі аднаго праверыць. Праз шчыліну паміж заслонамі мне добра было бачна, як ён, падышоўшы, крыху памарудзіў, але не заўважыўшы нічога падазронага, насцярожана пераступіў невысокі парог. Я злёгку пацягнуў за шнур — шпалера на процілеглай сцяне закалыхалася. Кнехт уздрыгнуў і, выставіўшы доўгую алебарду наперад, крадком пачаў набліжацца да таго падазронага месца. Калі вораг апынуўся спінаю да мяне, я скочыў. Пад маім цяжарам ён ніцма грукнуўся на падлогу, не здолеўшы нават ускрыкнуць; пляскаты, падобны да місы кнехтавы шалом зляцеў з галавы і пакаціўся ў кут. Не трацячы часу, я ўпёрся каленамі сваёй непрытомнай ахвяры ў спіну, схапіў аберуч знізу за падбароддзе і рэзка ірвануў галаву на сябе. Пачуўся непрыемны хруст — i цела кнехта абмякла. Я паволі падняўся на ногі; што ж, зброяй ды апраткаю, здаецца, я ўжо забяспечаны.

Але справа яшчэ не была скончаная. Прыцягнутыя шумам падзення цела, сутаварышы маёй ахвяры, судзячы па хуткіх кроках, спяшаліся да пакою. Я вырашыў паўтарыць той самы ход, толькі ўжо карыстаючыся зброяй. Выцягнуўшы з похваў на пасе пераможанага кнехта меч, я зноўузяўся за вольны канец шнура ды стаіўся па-за заслонаю.

Жаўнеры дзейнічалі цяперака ўжо больш разважліва: прыхінуўшы алебарды да дзвярэй, яны агалілі свае кароткія мячы i асцярожна прайшлі ў дзверы пакою; далей, аднак, адзін застаўся пры ўваходзе, пільнуючы найменшага руху навокал, другі ж скіраваўся да ніцага цела. Мяне такі рас­клад цалкам задавальняў. Не паспеў жаўнер схіліцца над мерцвяком, як я зноў патузаў за шнур — і абодва прыхадні зірнулі на шпалеру. У той жа момант, прыадхінуўшы заслону, я маланкавым ударам увагнаў вастрыё мяча ў шыю кнехта, што знаходзіўся пры дзвярах. Другі яшчэ так і стаяў нахіліўшыся ды з разяўленым ротам, калі я скочыў да яго, узнёсшы над галавой меч. Доўга супрацьстаяць мне ён не здолеў. Праз якую хвіліну я ўжо надзяваў ягоную вопратку — ён найболей быў падобны да мяне целаскладам, — а таксама падбіраў сабе зброю ды кальчугу.


VII


Цяпер ужо можна было сустракацца і з рыцарамі. Ідучы ў кнехтаўскім рыштунку, нават не выпа­дала асабліва хавацца. Я прайшоў да тупіку і прысеў на парожак найбліжэйшага да лёху пакою — лепш, каб у целаахоўнікаў, калі яны выйдуць з патаемнага ходу, не было надта шмат часу на думанне пра тое, што самотны жаўнер робіць у нежылой анфіладзе.

Неўзабаве далёкае водгулле цяжкіх крокаў за сцяною падказала мне, што рыцары вяртаюцца. Я падняўся і, сціснуўшы алебарду, выпрастаўся пры ўваходзе ў пакой, нібы быў на варце. Праход ізноў расчыніўся, выпускаючы ў калідор пасланцоў: спярша паказаўся адзін, з паходняй; за ім другі — ён нёс меч, загорнуты ў залататканую камку. Па тым, як яны на хвілю замарудзілі, убачыўшы мяне, я зразумеў, што мой выгляд усё ж іх насцярожыў, — выгадаваныя вайной, яны заўсёды адчувалі небяспеку. Уставіўшы паходню на ейнае месца ў насценным гняздзе, яны пакрочылі ўздоўж па калідоры. Першы рыцар ішоў наперадзе, крыху захінаючы ад маіх вачэй другога, і трымаў руку на дзяржальне свайго мяча. Я ж стаяў, як i належыць прыдзвернай варце, — гледзячы проста перад сабой, крыху расставіўшы ногі, з адведзенай убок галябардай у правай руцэ ды закладзенай за спіну левай. Мая пастава i нерухомасць, здаецца, усё ж пераканалі ахоўнікаў, што недарэчна чакаць з боку звычайнага вартавога кнехта нейкае небяспекі, i яны расслабіліся. Бакавым зрокам я бачыў, што першы рыцар урэшце прыбраў руку з дзяржальна мяча, затрымаўся на месцы і азірнуўся на напарніка. Дастойнаму вою не надта выпадае атакаваць, калі супар не глядзіць у ягоны бок, але гэтым разам я не мог дапусціць, каб яны зраўняліся — тады б мае шанцы на перамогу значна панізіліся б, або увогуле не сышлі на нішто, — а разам са мной паразу пацярпеў бы i мой край, мой народ... Таму я ўдарыў. Крутануўшыся на левай назе, я зрабіў крок правай у бок ворагаў, і, перахопліваючы алебарду абедзвюма рукамі, скіраваў ейны канчар проста ў твар першаму рыцару, цэлячы пад прыўзнятую прылбіцу шалома. Выпрацаваныя рэфлексы змусілі яго імгненна азірнуцца на мяне і захінуцца закутай у браню рукой. Аднак, я ўсё-такі быў больш хуткі: канчар увайшоў у лоб, ломячы косці чэрапа, і твар адразу заліўся крывёю. Удар быў дастаткова моцны i трапны, каб сумнявацца, што ён адразу забіў супара насмерць, i я рынуў на другога. Той, аднак, ужо апынуўся па-за дасягальнасцю маёй алебарды. Пакуль я пераадолеў тыя колькі крокаў, што нас раздзялялі, ён ужо адклаў убок Маладзіковы Прамень і чакаў, выцягнуўшы з навязі цяжкую двухлёзавую сякеру. Сякера — страшэнная зброя, калі ў руках дастаткова сілы i спрыту; я сам часта яе ўжываю, бо яна прабівае кожны даспех. Кальчуга кнехта, што была на мне, для сякеры, бы пергамент, — тая праб'е яе, i нават не запаволіць свой лёт. У мяне цяпер была пэўная перавага — даўжынёй у дрэўка алебарды. Зрэшты, нядоўга: рыцар напраўду быў спрактыкаваным ваяром, i праз хвілю я, адкінуўшы перасечаны тронак, ужо агаляў свой меч. Кароткі меч — не зброя супраць сякеры, ды яшчэ калі тая — у руках закутага ў латы рыцара. Цяпер наступаў ужо мой супар, а я толькі і ведаў, што ўварочвацца ад ягоных замахаў. Мяне ратавала адно вузкасць калідора, замінаючы майму супару добра размахнуцца, але пакрысе, крок за крокам, я мусіў адступаць-цопацца назад — убок галоўнай залі. Неўзабаве ляск сякеры па сценах будзе пачуты за тымі, пакуль яшчэ далёкімі, дзвярыма, i мяне аточыць чорны натоўп, праз які я дакладна ўжо не праб'юся. Не! Я не магу гэтага дапусціць!

Вось рыцар узнёс для чарговага ўдару сякеру над галавой, i я, умомант выпусціўшы з рук меч, шпурнуў ад паса нож — проста ў шчыліну, што адкрылася паміж шаломам і нагруднікам. ІІІчыліна з'явілася толькі на кароткую хвілю — пакуль доўжыўся замах,— але я паспеў: перш, чым сякера пайшла ўніз, дзяржальна нажа ўжо тырчала з-пад ніжняга края шалома. Сякера вырвалася з кутых рукавак i на злёце, выбіваючы іскры ды крошыва, ударыла ў камень падлогі ўсяго за паўкрока ад мяне. Побач з ёй, звонка бразнуўшы напаследак даспехам, зваліўся ў непрытомнасці смерці мой супар. Я зняў свой шалом, сцягнуў з галавы лямцавы падшаломнік i выцер спатнелы лоб: гэты супар змусіў-такі мяне паскакаць. Адпачыўшы хвілю, я пачаў адшпільваць на мёртвым рыцары раменьчыкі панцыра — цяперака мне ягоны рыштунак, без сумневу, будзе больш прыдатны, чым яму. Як, зрэшты, і чароўны сыгнет-ключ, які я знайшоў пад даспехамі. Потым узяў у рукі i Меч. Чамусьці ён мне ўяўляўся іншым — больш доўгім, больш вузкім, з бліскучым лязом ды светлай асадкай. Пэўна, ягоная назва — Маладзіковы Прамень — навеяла падобныя ўяўленні. Бо на самой справе ён быў сярэдняе даўжыні і досыць шырокі, з лязом нязвыклай дзіўнаватай формы, выкананым з чарнёнае сталі. Мусіць, так і павінен выглядаць меч, выкуты старажытным народам у пракаветныя часы. Я ўзважыў зброю на руцэ — яна была вельмі цяжкая, быццам чароўныя ўласцівасці дадавалі клінзе чыста фізічнай вагі. Я вярнуў Меч у похвы і павесіў за спіну — каб менш замінаў пры хадзе ды ў бойцы.

Новаздабытыя даспехі пасавалі мне ў самы раз, і я, трэба прызнаць, быў ад іх у захапленні. Лёгкія, але трывушчыя (як паказваў досвед колішняй бітвы), яны не перашкаджалі рухам і сядзелі, як ўлітыя, прычым амаль не бразгацелі пры хадзе. А адзнака княскае гвардыі на плашчы магла мне дапамагчы выбрацца з замка.

Перахаваўшы целы мёртвых ворагаў па-за мэбляй ды куртынамі ў розных пакоях, я пачаў шукаць выйсця навонкі. Тут было некалькі магчымасцяў. Найпрасцейшы, але, разам з тым, найрызыкоўнейшы крок — убегчы ў пасадную залу, удаючы пасланага па Меч рыцара, і падняць гвалт, што ў замак пранік чужынец. Ахова скіруецца ў Залу Чараў, а я скарыстаю бязладдзем і, выбраўшы момант, прабяруся да брамы. Аднак, па-першае, мяне можа выдаць мой чужаземны акцэнт; па-другое, няма пэўнасці, ці не загадае Гатард у такім разе перадаць Маладзіковы Пра­мень пад узмоцненую ахову, з якой я ў часе патрэбы не змагу даць сабе рады. Другі шлях, І, здаецца, самы бяспечны, — пашукаць выйсце ў процілеглым напрамку: сярод бочных адводаў ці праз перасячэнні з іншымі галерэямі. Але існуе небяспека нікуды не трапіць і змарнаваць перавагу нечаканасці, якую я пакуль маю, у дарэмных блуканнях па нязнаных калідорах ды пераходах. I, урэшце, трэцяя магчымасць: цалкам верагодна, што ад Залы Чараў да брамы вядзе яшчэ якінебудзь праход. Але калі яго няма, я магу апынуцца замкнёным у пастцы.

Памылка была б аплачаная цаною, вышэйшай за маё жыццё, i таму я усё ж вырашыў ахвяраваць трохі часу, каб праверыць, што адбываецца ў галоўнай зале. Я падняў з падлогі і павесіў за спіну Маладзіковы Прамень, ухапіў рыцараву двухлёзавую сякеру і скіраваўся да ўжо знаёмых мне дзвярэй у канцы калідора. Ды толькі пацягнуў за мосяжную дзвярную ручку, разьбяную, у выглядзе ашчэранай ваўчынай пашчы, ды прыпаў вокам да шчыліны паміж створкамі, як раптам — быццам зніадкуль — зляцела на мяне зграйка кажаноў. Збіўшыся вакол маёй галавы ў суцэльнае чорна-брунатнае воблака, яны брыдка вішчалі, білі крыламі па шаломе, намагаліся пралезці пад прылбіцу. Пераканаўшыся, што мяне не выдрапаць з-пад металу даспехаў, малыя драпежнікі звіліся ў чародку і прасачыліся праз прыадчыненыя дзверы ў залу. Адтуль да маіх вушэй даляцеў вокліч мага Даронта:

— Зірні, княжа! Мае кажаны знайшлі чужынца!


VIII


Не трэба казаць, што я рынуў як найхутчэй назад па калідоры — балазе, чорныя даспехі не надта перашкаджалі ў бегу. Ледзь паспеў я завярнуць за рог, кінуўшы апошні пагляд на ўваход у залу, як з таго боку данёсся грукат разнасцежваных дзвярэй — i а ад каменных сцен адбіўся тупат шматлікіх ног ды звяганне металу.

Такім чынам, пытанне вырашылася само сабой: калі б я захацеў удаваць з сябе чорнага рыца­ра, дык кажаны мяне выдалі б, а ўцякаць, блукаючы, ад пагоні па галерэях, якія ворагі ведаюць непараўнальна лепей за мяне, азначала тое ж, што самому здацца ім у рукі. Цяпер заставаўся толькі адзін шлях — праз таемны ход да скарбніцы: Гатард наўрад здагадаецца, што я ведаю сакрэт рухомай сцяны, таму ў гэтым лёху мяне будуць шукаць у апошнюю чаргу. Я падумаў, што, быць можа, гэта багі пры дапамозе Даронтавых кажаноў накіравалі мяне слушнай дарогай, каб я не ўчыніў пагібельнага кроку.

Але вось калідор скончыўся, i я зноў стаў перад таямнічай сцяною. Тройчы стукнуў дзяржальнам сякеры ў круглы камень і, не беручы са сцяны паходні, — каб не дазволіць пераследнікам выявіць сябе, — асцярожна ступіў у цёмны лёх. Водбліскі святла з калідора яшчэ далі мне магчы­масць заўважыць нядоўгі праход, які заканчваўся невялічкай акруглай пляцоўкай, а за ёю — стромыя сходы, што, звіваючыся вітуніцай, вялі ўніз. Ды неўзабаве сцяна вярнулася на сваё колішняе месца, і я апынуўся ў поўнай цямрэчы. Я ўставіў сякеру ў навязь на рамяні і, абапіраючыся рукамі аб вогкую цэглу вымуроўкі ды намацваючы нагой кожную новую прыступку, пачаў спуск. Сыходзіць было не надта зручна, бо ў мяне на пасе з аднаго боку вісеў меч, а з другога — сякера, i яны страшэнна заміналі, блытаючыся ў нагах ды чапляючыся за прыступкі; дзяржаль­на Маладзіковага Промня за спінаю — як я не нахіляўся — драпала нізкія замшэлыя скляпенні. Прытрымліваць зброю рукамі я не мог, бо кожная бэлька пад маёй нагою магла хаваць пастку для выпадковага прыхадня, i належала быць асцярожным ды мець рукі вольнымі. Пільнасць мяне і выратавала, калі, ступіўшы на чарговую прыступку, я знянацку адчуў пустэчу пад нагамі. Я не зрынуўся ў разворую бездань толькі таму, што паспеў моцна ўперціся рукамі ў сцены. Доўгі палёт каменьчыка, каторы саскочыў уніз з-пад маёй нагі, закончыўся звонкім стукам аб граніт — калі б я сарваўся, ад смяротнага ўдару аб дно развору мяне б ужо не ўратавалі ніякія даспехі.

Урэшце я дапяў да нізу сходаў. Тут было гэтак жа цёмна, і я паспрабаваў навобмацкі высвятліць, дзе знаходжуся: прытрымліваючыся рукой за сцяну, я пайшоў улева. За колькі хвілінаў я абышоў наўкола ўсё памяшканне і зноў вярнуўся да сходаў. Гэта, падобна, была не надта вялікая зала або пляцоўка, ад якой у тры бакі разыходзіліся калідоры. Я скіраваўся ў левы, папярэдне абмацаўшы сцяну напачатку лёху. Як я і спадзяваўся, там у гняздзе была падрыхтавана няпаленая паходня. У капшуку на маім пасе знайшлося крэсіва — і прасмоленае пакулле хутка занялося. Высока ўзняўшы паходню, я паволі рушыў наперад.

Праз колькі дзясяткаў крокаў калідор разрастаўся у анфіладу пакояў. Тут, відаць, даўно ніхто не бываў: на раскошнай мэблі, вазах і статуэтках ляжаў тоўсты слой пылу, а цяжкія тканыя шпа­леры месцамі паправісалі і агалілі чорны граніт сцен. Трэба думаць, я ўжо знаходзіўся ў ніжняй частцы замка, якая была не надбудаваная, а высечаная ў скале. Я паспрабаваў знайсці хоць нейкую адтуліну, праз якую можна было б, звіўшы вяроўку, вылезці навонкі і паспрабаваць спусціцца са скалы на раўніну. Але ж не — тут не было ні вокнаў, ні нават бойніц: асвятляцца пакоі мусілі толькі за кошт свечаў, жырандолі ды кандэлябры для якіх знаходзіліся паўсюль. Усе дзверы тут былі цяжкія, з вонкавымі запорамі, — падобна, гэтыя пакоі меркаваліся як апартаменты для знат­ных палоннікаў: наўрад ці адсюль можна было збегчы. Я прайшоў да канца анфілады, ажно ўрэшце трапіў у вялізную пустую залу, таксама без вокнаў. Не было ніякіх слядоў іншага выйсця. Ну, цяпер я, прынамсі, ведаю, што, уцякаючы, сюды бегчы не варта. На ўсялякі выпадак я сунуў за пас колькі свечак і памкнуў назад да выхаду.

Другі калідор адкрываў праход да яшчэ адных вітых сходаў, што вялі ўніз. Агледзіны чарговага паверха маглі заняць шмат часу, і я вырашыў перш, чым спускацца туды, даследаваць апошні, трэці, калідор.

3 напругаю прыадчыніўшы цяжкія мосяжныя дзверы, я праслізнуў за іх. Полымя паходні, разрываючы цемру, асвятліла пакой, як дзве кроплі вады падобны да таго, з якога я нядаўна выйшаў. Я падумаў, што з яго мусіць распачынацца такая ж самая анфілада, размешчаная сіметрычна да раней агледжанай. Тым не менш праверыць варта. Ды ў гэты момант са сходаў данесліся цяжкія крокі і гоман — нехта спускаўся з боку галоўнае залы. Я, налёгшы целам на дзверы, хуценька прычыніў іх і агледзеўся. У другім канцы пакоя, як і належала, былі яшчэ адныя дзверы — і я, стараючыся не шумець, подбегам кінуўся да іх. Ад стрэчнага паветра паходня ў маёй руцэ засквірчэла і ўспыхнула ярчэй. Трэба прыдумаць, як ад яе пазбавіцца, бо мяне можа выдаць святло альбо, калі паходню затушыць, пах і дым. Разнасцежыўшы дзверы, я прабег па нядоўгім калідоры і ўскочыў у сярэдзіну наступнага пакоя анфілады. Я адразу заўважыў шэры прастакутнік акна на сцяне і памкнуў да яго. Ды ледзь толькі зрабіў пару крокаў, як у далёкім куце мільгануў белы цень, і цішу разарваў спалоханы жаночы крык.

Акно было закратаванае скразным, але ад гэтага не менш трывалым, сталёвым крунджам. Я сунуў паходню ў празор між штукоўна выкутымі прутамі і штурхануў як надалей — яна агністым птахам зляцела ўніз. Краты не давалі магчымасці выхіліцца з акна, каб прасачыць ейны палёт да канца; але і так у прарванай полымем цемрадзі было відаць, якая глыбокая прорва адкрываецца за парапетам. Нават калі б мне і ўдалося выламаць хутка пруты, дык спатрэбілася б надзвычайнай даўжыні вяроўка, каб дапяць да зямлі без шкоды... А з-за дзвярэй ужо даносіўся тупат пагоні, што бегма бегла на пачуты крык. Я агаліў меч і, не звяртаючы ўвагі на сведку ў далёкім куце, адступіў за штору пры акне — калі пераследнікі будуць яе распытваць, іх увага будзе адцягнутая і ў мяне з'явіцца перавага нечаканага нападу.

Ледзь не ў тую ж хвіліну пакой напоўніўся шумам і святлом паходняў, што прасочвалася нават праз шыты золатам ядваб заслоны. Суворы голас прамовіў:

— Прашу дараваць мне, высакародная князёўна, за гвалтоўнае ўварванне, але нам пачулася, што вы крычалі. Мы шукаем чужынца, што пры дапамозе нейкага кудзебства пранік у замак. Ці не ён гэтак Вас напужаў?

Я быў гатовы ўжо выскачыць са свае хованкі і заатакаваць сваіх пераследнікаў, як раптам, мне на подзіў, далікатны дзявочы галасок запярэчыў:

— Не, ваявода, ты памыліўся — мне проста прысніўся ваш князь, а гэта найжахлівейшы з усіх кашмараў! Вось я i закрычала. А цяпер ідзіце — я хачу спаць.

— Але ж вораг мог прабегчы паўз Ваш ложак, І, быць можа, таму Вам прыснілася нешта страшнае. Можа, Вы ў сне адчулі, што Вам пагражае небяспека...

Я асцярожна прыадхіліў вастрыём мяча заслону на ўзроўні вачэй, а сам адхінуўся назад, схаваўшыся глыбей у цень, — каб бачыць, што адбываецца, без небяспекі быць заўважаным са­мому. Пакой цяпер быў заліты святлом шматлікіх паходняў. Ваявода, што стаяў пасярэдзіне, звяртаўся да вельмі прыгляднай, захутанай у ядвабную палярынку дзяўчыны, якая, відаць, толькі паднялася з ложку, што стаяў пад чырвоным у залатыя зоры балдахінам на высокіх вітых слупах. Яна нібы свяцілася нейкай дзіўнай мяккай прыгажосцю, і я падумаў, што, праўда, дзяўчына вартая звацца князёўнай. Пры дзвярах і ў пакоі за спінай ваяводы стаялі кнехты ды рыцары, агаліўшы мячы. Апошнія ўжо былі ўбраныя па-баявому — са шчытамі ды ў шаломах, хоць і з прыўзнятымі — дзеля палягчэння дыхання пры бегу — прылбіцамі. На хіжыхтварах адбівалася зацятасць выжлаў, што ідуць па следзе

— Ты мне не верыш? — з выклікам запытала князёўна ваяводу. — Дык глядзі ж, дзе ён?! — і дзяўчына адсунула бялізну з ложку, паказваючы, што пад ім нікога няма. — А, можа, тут?! — яна, пад жаночы віскат з-за сцяны, разнасцежыла дзверы непадалёк ад ложку. — Тут спяць навязаныя мне тваімкнязем фрэйліны — спытай у іх! Раптам гэта яны яго схавалі?! Я паўтараю: ідзіце прэч! Бо іначай я заўтра распавяду пра гэткія паводзіны вашаму валадару, і, мяркую, ён вельмі раз'ятрыцца, пачуўшы, што прычынай маёй адмовы будуць нягжэчныя паводзіны ягоных слугаў.

Ваявода выглядаў вельмі незадаволеным, але, відаць па ўсім, мусіў падпарадкавацца. Хмура гледзячы, ён махнуў рукой воям, і тыя павыходзілі з пакою. Ваявода ж, прычыняючы за сабою ўваходныя дзверы, сказаў з ледзь заўважнай пагрозай у голасе:

— Няхай князёўна сабе спіць спакойна — я пакіну варту пры дзвярах апартаментаў Вашае Светласці.

Рэзкія каманды, што пачуліся з вітальні, пацвердзілі, што ён не кідае слоў на вецер. Князёўна падышла да ўваходных дзвярэй і замкнула іх на засаўку; потым тое ж зрабіла з дзвярыма ў пакой фрэйлін — і без сіл павалілася на ложак. Яна хвілю ляжала пераводзячы дых, а я, тым часам, стаяў за шторай, разважаючы, ці то дзяўчына сказала ваяводу праўду і насамрэч проста палічыла, што сасніла жудасць; ці то яна свядома ратавала мяне — хоць было зусім неспадзяваным знайсці сабе саюзніка ў такім змяіным кубле, як Гадор. Аднак, усе мае сумневы адразу зніклі, калі князёўна зноў паднялася, запаліла лампадку і, павярнуўшыся тварам у мой бок, прыцішана загаварыла:

— Гэй, шаноўны чужаніца! Хто б вы ні былі, выходзьце — яны ўжо не вернуцца! ... Прынамсі, пакуль.Яна стаяла пасярод пакою каля мініятурнага залочанага століка. Валасы мяккімі хвалямі ападалі на ейныя пакрытыя белай палярынкай плечы, а кволы агеньчык начное лампадкі асвятляў вабную, гнуткую постаць таямнічым мігатлівым святлом. Я не аматар розных там рамантычных сантымэнтаў, але выгляд дзяўчыны абудзіў ува мне шчырае захапленне. Ды я адразу схамянуўся і, апусціўшыся на адно калена, падзякаваў незнаёмцы.

Яна назнарок манерна прысела ў рэвэрансе (мусіць, кпіла з маіх не дужа зграбных у жалезе рухаў), але тут жа сама не вытрымала i засмяялася. Калі б на гаёвых дрэўцах замест сапраўднага лісця расло срэбнае, яно пад лёгкім павевам ветру шалёстала б гэтаксама звонка..

— Не турбуйся пра падзяку, вой! Я заўсёды радая дапамагчы непрыяцелю Гатарда, і паколькі ты ўцякаў ад княскіх рыцараў, я проста павінна была цябе схаваць.

— Так... —

— ЦІ азначае тое, што князёўна тут — паланянка? — Апошняе было відавочна ўжо хаця б таму, што яе пасялілі ў гэтай частцы замка, а не наверсе — але я хацеў упэўніцца. крыху памарудзіўшы, адказала дзяўчына; яна відавочна не была схільная абмяркоўваць гэтае пытанне.

— Няцяжка здагадацца, як князёўна сюды трапіла... Але, можа, распавядзеце?

— О, гэта дужа доўгая гісторыя... — голас дзяўчыны напоўніўся смуткам, i яна рэзка змяніла тэму: — Як ты намерваешся выйсці адсюль, вой?

О, вялікія богі! Я так замілаваўся гэтаю сустрэчай, што нібыта чары апанавалі мой розум — я зусім забыўся на тое, што мушу як найхутчэй выбрацца з замка! Я зноў падышоў да акна і зірнуў на краты — выламаць іх, маючы сякеру, канечне, няцяжка. Але як спусціцца са скалы? — схіл вельмі стромы, а да зямлі далёка. Гатард, мусіць, таму і вырашыў прасекчы тут акно: не маючы крылаў, усё роўна праз яго не збяжыш.

Я павярнуўся да дзяўчыны:

— Можа, князёўна мне падкажа выйсце?

Яна са скрухай пахітала галавой:

— Каб я магла — я б ужо даўно адсюль уцякла!

Што ж, тады мне прыйдзецца прабівацца скрозь ахову... Князёўна, відаць, прачытала гэтую думку на маім твары, і ў ейных вачах раптам заіскрылася надзея. Яна схапіла мяне за руку:

— Вазьмі мяне з сабою, вой!

— Але пра тое не можа быць і гаворкі! — Досыць рэзка адказаў я. — Як князёўна гэта сабе бачыць? Я ж вымушаны буду змагацца, а вы самлееце ад аднаго выгляду крыві...

— О не! — хутка запярэчыла яна. — Я ж неаднойчы хадзіла з братамі паляваць у пушчу, а бацька ладзіў турніры ў мой гонар — так што кроў я бачыла.

I не паспеў я адказаць, што турнір і сапраўдная бітва — розныя рэчы, і што я хачу прабрацца незаўважна, а ўдвох гэта, бадай, немагчыма, — як яна дадала пераканаўчы аргумент:

— Без мяне ты заблукаеш у гэтым аграмадным замку, вой! Згубішся ў лабірынце шматлікіх калідораў ды галерэй, і ніхто не згодзіцца паказаць табе дарогу навонкі — апрача мяне! А я мела шмат мажлівасці, каб вывучыць Гадор падчас баляў ды штодзённых шпацыраў па замку. Падумай: я тут адзіная, хто згодзіцца табе дапамагчы, хто правядзе цябе да брамы. Дык вазьмі ж мяне з са­бой — бо я тут больш не вытрываю!

Як усе жанчыны, яна была шматслоўнай i ад хвалявання паўтаралася, але на гэтыя ейныя словы не было чаго запярэчыць — я сапраўды меў патрэбу ў праводніку, які б паказваў мне дарогу. I пас­ля нядоўгага намыслу я згодна кіўнуў галавой:

— Ну, што ж, князёўна, хадземце...— I яшчэ адно, вой, — прамовіла яна. — Не называй мяне князёўнай, як яны... Я Ладзіслава... ці проста Лада. А цяпер мне трэба прыбрацца, — i яна, падышоўшы да ложку, апусціла заслоны балдахіну.

Я вярнуўся да акна і зірнуў на неба. Яно было ўжо скрозь зацягнутае хмарамі — добрая ноч для ўцёкаў. О, каб мог я зноў прасіць духаў пра ператварэнне! Мы б з князёўнаю абярнуліся птушкамі, узляцелі б у гэтае цёмнае неба і памкнулі б дадому — туды, дзе шумяць разлеглыя ду­бровы, дзе такая празрыстая вада ў крыніцах ды такое чыстае паветра ў палях i лясах. Але ж не... Дый, ператварыўшыся ў малую істоту, я не змог бы ўнесці з сабою важкі Меч. Трэба было шукаць іншыя шляхі...


X


Лада знянацку закрычала, i вартавыя — два кнехты, а за імі рыцар — уварваліся ў пакой: папярэдне адсунутая ёю засаўка дазволіла дзвярам вольна разнасцежыцца. Ды я ўжо чакаў іх, узняўшы сякеру для ўдару. Кальчужная плеценка не паставіла найменшага супраціву загартаванаму лязу сякеры — галава першага кнехта зляцела з плячэй, І, падскокваючы, бы гліняная куля для гульні ў кіданкі, пакацілася пад ложак. Зваротны рух сякеры ўвагнаў абаротнае лязо ў грудзі другога кнех­та, і яно завязла ў прасечаным панцыры ды перасечаных касцях. Рыцар адкінуў шчыт і рынуў на мяне з узнятым двухручным мячом. Я не стаў марнаваць час на вырывание сякеры з цела кнех­та — выпусціўшы ейнае дзяржальна, я скочыў на супара. Сплёўшы пальцы на абсадцы мяча, мы нейкі час, тварам да твару, змагаліся за зброю. Паспяшаючы на крык, рыцар не паспеў апусціць прылбіцу, і я бачыў сціснутыя ў высілку зубы ды буйныя кроплі поту на ягоным твары; у нос мне шугаў ягоны смуродны пах. Змусіўшы супара напружыцца ў супрацьстаянні, я знянацку штурхануў яго назад. Ён машынальна ўклаў усе сілы ў рух супраціўлення і неабароненаю сківіцай наляцеў проста на мой, дакладна нацэлены ды ўцяжараны жалезнай рукаўкай, кулак. Ягоная вага i прыкладзены высілак узмацнілі мой удар удвая. Меч мне ўжо не спатрэбіўся.

Я, не без цяжкасці, вырваў сякеру з цела засечанага кнехта і кіўнуў князёўне, якая хоць i стаяла збялелая, але — было відаць — не страціла валодання над сабой. Мы ціха прайшлі праз разнасцежаныя дзверы, пасля мінулі калідор — ажно апынуліся перад цяжкімі дзвярыма, праз якія я раней трапіў у анфіладу. Я даў знак дзяўчыне стаіцца, а сам прыпаў вухам да счыну дзвярніцаў і нейкі час прыслухоўваўся. Не было чуваць ані шолаху — толькі рэдкі поскварк_паходняў. Я кіўнуў князёўне, і яна, злёгку пагрукаўшы ў дзверы, жаласна папрасілася:

— Вартавы, адвядзі мяне да князя Гатарда!

Потым яшчэ раз:

— Вартавы! Ён узнагародзіць цябе, калі ты правядзеш мяне да яго!

Ані згуку у адказ. Гэта пераканала мяне, што са знадворнага боку варта не выстаўленая, i я асцярожна расчыніў цяжкія дзверы. Ды ваявода быў занадта дасведчаны, каб не перасцерагчыся i не падрыхтаваць засаду. Ледзьве я, трымаючы напагатове сякеру, зрабіў крок у прахон, як мяне з абодвух бакоў заатакавалі ваяры з адзнакамі прыбочнае гвардыі Гатарда — выбранецкае ся­род гадорскага рыцарства. Толькі выпрацаваныя з гадамі рэфлексы дазволілі мне ўнікнуць удару мячом і адхінуцца назад за дзверы. Прахон быў занадта вузкі, каб наступаць удвох, i таму адзін працягваў атакаваць, другі ж за яго спінай паднёс да вуснаў баявы горн, каб паклікаць падмогу. Я, уклаўшы ўсе сілы ў кідок, шпурнуў у яго абедзвюма рукамі сваю важкую баявую сякеру — панад плячом пярэдняга. Яна была зацяжкая для кідання, ды ўсё ж мая спроба ўдалася — рыцар зваліўся, так і не паспеўшы выдзьмуць ані зыку, а лязо сякеры моцна засела ў раскроеным шаломе. Але я застаўся без зброі ў руках. Пазасталы вораг застыў на хвілю, калі смяротная сталь пранеслася ў паветры ля ягонае галовы, але тут жа рынуў на мяне з падвоеным спрытам, не даючы часу агаліць меч. Я адступаў, ухіляўся ды шпурляў у яго рэчамі, што трапляліся пад руку. I як толькі мой супар раптам спатыкнуўся аб перакулены столік ды на момант прыпаў на калена, я скарыстаўся замінкай і выцягнуў-такі свой меч з похваў. Цяперака справа пайшла весялей, бо адступаў ужо рыцар. Ягоны двухручнік быў даўжэйшы i, бадай, больш небяспечны — але толькі на большай адлегласці. Я, ведаючы гэта, імкнуўся навязаць яму бліжні бой; а ён, наадварот, стараўся адысці. Пабачыўшы, што з гэтага нічога не атрымліваецца, ён скочыў назад і, замахнуўшыся збоку, паспрабаваў перасекчы мяне напалам. Бязглузды намер! Зрабіўшы два хуткія крокі назад, я прапусціў вастрыё клінгі літаральна на волас перад сабой, і, калі цяжкі двухручнік пацягнуў рыцара налева, ударыў з выпадам у неабаронены бок — туды, дзе пласціны панцыра мацуюцца адна да адной раменьчыкамі. Рыцар захрыпеў, па лязе хутка пабег струменьчык крыві, а на брані каля раны запухірылася ружаватая сукравіца. Ягоны меч з гулкім бразгатам выпаў з раптоўна аслабелых рук на падлогу; сам рыцар замарудзіў на момант — нібы вагаючыся: што ж усё-ткі зрабіць — ажурэшце, як быццам надумаўшы, зваліўся ніцма. Я выцер свой меч аб ягоныя непрыкрытыя ззаду паножамі нагавіцы і сунуў у похвы; потым падняў з падлогі цяжкі двухручнік і, трымаючы яго перад сабой напагатове, паволі крочыў да прахону. Ззаду за мною паспяшала князёўна.

На выходнай пляцоўцы нікога не было. Яна была зырка асветленая некалькімі паходнямі на сценах, — відаць, Гатард вырашыў не пакідаць у замку цёмных месцаў. Але засаднікі больш нідзе не таіліся — ваявода яўна пераацаніў спрыт сваіх рыцараў. Я азірнуўся на князёўну:

— Што ж, Лада, цяперака твая чарга! Вядзі!

Яна згодна кіўнула і спакойна ды разважліва прамовіла:

— Адсюль мы можам выйсці толькі двума шляхамі — калі не лічыць галоўных сходаў, па якіх цяпер не прайсці. Адзін шлях вядзе праз вартоўню. У гэтым выпадку табе давядзецца змагацца спярша з вартай, што на адпачынку, — гэта чалавек шэсць-восем, але зазвычай кнехты; а потым з тымі, што пры браме, — гэта яшчэ двое-трое. Праўда, у выпадку нападу да іх нярэдка далучаюцца колькі рыцараў. Другі шлях, хоць i больш таемны, аднак не менш небяспечны. Ён праходзіць непадалёк ад скарбніцы. Там толькі двое рыцараў перад самой скарбніцай — яны нас не заўважаць. Але на падыходах у скале выдзеўбана аграмадная пячора, у якой сядзіць грыфон...

— Грыфон? — недаверліва перапытаў я: у нашых краях гэтыя бестыі ніколі не вяліся, i ix можна было пабачыць толькі на гербах заезжых рыцараў. Па шчырасці, я заўсёды быў перакананы, што ўсялякія грыфоны, цмокі ды сыльфіды — гэта толькі мройныя ўявы надумлівых падарожнікаў.

— Так, грыфон, — пацвердзіла, аднак, князёўна. — Ён яшчэ малады: яму гадоў пятнаццаць — амаль зусім дзіцянё. Гатард некалі загадаў сваім алхімікам вывесці яго з яйка чорнага пеўня. Але цяперака ён, хоць яшчэ і малы, але ўжо набраў памераў і, па-за тым, дыхае полымем, як цмок. Таму Чорны князь не надта хвалюецца за свае скарбы — жывым да іх ніхто не дабярэцца. Грыфон прызнае толькі Мэйнара — мага, што яго гадуе, ды яшчэ самога Гатарда, які штодня прыходзіць яго паласаваць ды папесціць. Кожнага ж іншага ён папросту спаліць агнём або раздзярэ сваімі кіпцюрамі — яны ў яго даўгія і вострыя, бы шаблі.

— Думаю, гэта ўсё байкі...

— Не! Я бачыла яго сама! — засердаваўшы, тупнула ножкай дзяўчына. — Чорны князь вадзіў мяне глядзець свае скарбы, калі ўгаворваў пайсці за яго замуж. Тады я пабачыла і грыфона. I яшчэ Гатард распавёў, што з гэтага падзямелля вядзе таемны лёх навонкі; ён выходзіць на паверхню да­лёка за замкавымі мурамі...

— Няўжо ж ён не пабаяўся, што ты скарыстаеш гэтым лёхам і ўцячэш? — спытаў я з лёгкім недаверам у голасе (такі тон нярэдка дапамагаў мне выведваць больш, чым чалавек збіраўся сказаць —людзі не выносяць недаверу да сваіх слоў).

— Ясна, не! — гукнула князёўна з запалам. — Як я магу ўцячы, калі там сядзіць грыфон?!

— А які ён? — запытаў я ўжо прымірэнчым голасам.

— Ён такі вялікі... — яна на хвілю змоўкла. — Падобны, мусіць, да льва — толькі большы. Галава i хвост у яго цмачыныя, а ўсё астатняе, як у льва. Скура тоўстая, а на спіне ды хвасце нагадвае як бы рыбіну луску — толькі чорную, з нейкай прызеленню. Такога колеру, як звычайныя ракі... А на спіне ў яго такія смешныя крылцы. Толькі я не ведаю, ці ён лятучы, — бо, мусіць, гадуючыся ў пячоры, лётаць не навучыўся.

— А наколькі ён вялікі?

— Я не ведаю, як сказаць... Ну, можа, як тур, ці нават большы...

Я зразумеў, што больш дакладных звестак з яе не выцягнуць. Зрэшты, шлях, ахоўваны грыфонам — апошні, па якім я хацеў бы прайсці. Паводле расповедаў — гэта аграмадныя злосныя пачвары, з якімі па сілах біцца толькі волату. Але, галоўнае тое, што я не ведаў іхніх слабых месцаў. 3 людзьмі прасцей — ад іх прынамсі ведаеш, што чакаць. I таму я сказаў:

— Лепш хадзем праз вартоўню.


XI


Мы скіраваліся акурат да тых сходаў, якія я не стаў правяраць, калі ўпершыню апынуўся на пляцоўцы з трыма адгалінаваннямі. Я пайшоў першы, за мною спускалася князёўна. Але, апынуўшыся на наступным паверсе, мы памяняліся месцамі — далей ішла на чале ўжо яна. Мы скіраваліся ў даволі шырокі сярэдзінны калідор, і ўрэшце падышлі да яшчэ адных сходаў. Тут дзяўчына на момант спынілася.

— Мы амаль прыйшлі, — сказала яна ўпошапкі. — Калі сысці па гэтых сходах — трапім якраз у вартоўню. Гэта як бы чорны ход. Карыстаюцца ім вельмі рэдка, бо ён вядзе ў сакрэтную частку замка, дзе месціцца княжая скарбніца, Зала Чараў, а таксама часам селяць палоннікаў, якім Гатард нібы аказвае пашану.

— Такіх, як ты?

— Так, такіх, як я. Дык вось, калі ўварвацца ў вартоўню раптоўна, можна заспець кнехтаў непадрыхтаванымі, і тады будзе больш шанцаў перамагчы. Адно толькі, я не ведаю — ці тыя дзве­ры не замкнёныя.

Ідэя наконт уварвання ўвогуле добрая, але трэба было спярша высветліць, адкуль кнехтам можа прыйсці падмога. Таму я папрасіў дзяўчыну апісаць, дзе дакладна знаходзіцца вартоўня i запытаўся, ці ёсць з яе іншыя выхады, апрача галоўнага.

— Сама вартоўня месціцца проста па-над брамай. Мне цяжка адказаць напэўна — я толькі выпадкам трапляла туды раз ці два. Але мне здаецца, што адтуль былі бочныя выхады—сходы, што вялі нагару — на муры па абодва бакі брамнае вежы.

— Значыць, зараз мы знаходзімся на ўзроўні абарончага павышку муроў, а вартоўня — паверхам ніжэй?

— Хіба, так...

— А ці выстаўляецца варта на мурах?

— Так, я звычайна бачыла лучнікаў на баштах.

Што ж, калі i раней Гатард не легкаважыў вартоўнага рэгуляміну, дык цяпер ужо напэўна не праміне. Добра, пойдзем паглядзім. Я адклаў набок двухручнік, адшукаўу прыбочнай кайстры за­пасную сутужыну для лука і звярнуўся да князёўны:

— Правядзі мяне на муры.

Найбліжэйшыя башты знаходзіліся на мурах праз больш-менш роўныя адступы па абодва бакі ад брамнае вежы. Пакінуўшы дзяўчыну ў дзвярах, што адкрывалі ўваход на верхнюю повышку, і прыхінуўшы да іх двухручнік, я асцярожна (наколькі дазваляла цяжкае ўзбраенне) покрадкам дапяў да левай башты. Вартавы яўна не спадзяваўся майго прыйсця — упёршыся рукамі ў парапет i крыху нахіліўшыся наперад, ён пільна ўглядаўся ў цёмны начны стэп. Побач з ім стаяў прыхілены да сцяны арбалет, — відаць, у пошуках таямнічага прыхадня Гатард пастанавіў узброіць нават баштавую варту ў гэтую рэдкую ды дарагую зброю, стрэлы-бэлты якой прабівалі амаль кожны панцыр. Кнехт быў так заглыблены ў назіранне — ці то ў свае думкі? — што мне ўдалося падысці амаль усутыч, калі раптам ён нешта адчуў і выпрастаўся. Ды я ўжо зацягнуў на ягонай шыі лучную сутужыну. Праз момант ён абмяк, а я, пакінуўшы цела на драўляным памосце ды падабраўшы аснаджаны арбалет, пакіраваў навесным памостам да башты па другі бок ад вежы.

3 другім вартавым прайшло яшчэ прасцей. Мне дастаткова было, падышоўшы да ўваходу ў башту, звольніць сталёвую арбалетную сутужыну: з такое адлегласці бэлт працяў кнехта наскрозь і выйшаў з адваротнага боку, звонка дзвынькнуўшы вастрыём аб сцяну ды адкалоўшы ладны кавалак плінфы. Я зноў аснадзіў свой арбалет, а заадно падабраў i ягоны — мне дужа спадабалася хуткасць, з якой гэтую зброю можна ўжыць у справе, не кажучы ўжо пра прабіўную моц стралы. Трымаючы па арбалеце ў кожнай руцэ, я вярнуўся ў башту да Ладзіславы:

— А вось цяпер можна і ў вартоўню.


XII


Ударам нагі я разнасцежыў дзверы i амаль не цэлячыся стрэліў з абодвух арбалетаў у тлум кнехтаў перад сабой — іх было з добры дзясятак. Абодва бэлты самі абралі свае цэлі, i два жаўнеры зараз жа паваліліся на падлогу. Рэшта ж ворагаў яшчэ нават не паспела зразумець, у чым справа, як я ўжо кінуўся на іх з двухручнікам. Калі кнехты даўмеліся схапіцца за алебарды, іх заставалася ўжо чацвёра ці пяцёра. Вось зляцела галава яшчэ ў аднаго ды выпала зброя з мёртвых рук другога... Ды тут лязо майго мяча пасля ўдару ўвайшло ў шчыліну між пліт падлогі, і перш чым я паспеў яго вызваліць, адзін з кнехтаў пацэліў па ім навершам алебарды. Лязо разляцелася напалову. Я выхапіў меч з похваў пры пасе, ды трапны — хоць, бадай, выпадковы — удар кісцяня выбіў зброю ў мяне з рукі перш, чым я паспеў скіраваць яе супраць ворагаў.

Двое жаўнераў наступалі на мяне з настаўленымі алебардамі, трэці, з прыгатаваным да ўдару кісцянём на даўгім дзяржальне, ішоў паміж імі і крыху пазадзе. А я, абяззброены, у каторы раз за сёння мусіў адступаць. У вартоўні стаяў толькі даўгі стол і, паабапал, зэдлі — і тое адно у дальнім канцы памяшкання, так што тут — на адрознасць ад жылых пакояў — не было нават ніякага кандэлябру, схапіўшы які, я змог бы адбівацца. ІІІто праўда, з другога боку, i кнехты не былі настолькі небяспечныя, як рыцары. Яны не спрабавалі мяне атакаваць, а толькі цяснілі вастрыямі галябардаў. I я пакрысе адыходзіў назад, трымаючы ворагаў у полі зроку, а, разам з тым, краем вока паглядаючы, што б гэта выкарыстаць у якасці зброі. Аднак, пакуль нічога не траплялася, i я ўсё адступаў ды адступаў. Ды, калі я ўжо амаль упёрся спінаю ў сцяну, раптам пачуў крык князёўны: «Трымай, вой!» — і ўбачыў кінуты мне плазам меч, мусіць, аднаго з забітых кнехтаў. Замест таго, каб, згодна майму загаду, чакаць пры дзвярах, дзяўчына, пэўна, прайшла за мной у вартоўню i прыглядалася да бою зблізу. Што ж, гэтым разам ейная непаслухмянасць мяне ўратавала, i я зноў перайшоўу наступ, нацэліўшы меч на ворагаў.

Адзін з кнехтаў — той, што быў злева, — вырашыў не паддавацца і паспрабаваў сам мяне заатакаваць. Наставіўшы галябарду як дзіду, ён скіраваў яе мне ў жывот, спрабуючы прапароць мяне наскрозь. Ягоныя рухі былі пазбаўленыя таго спрыту, які дае шматгадовая звычка, а выглядаў ён рыхтык, як навабранец на практыкаваннях, калі імкнецца пацэліць у саламянае чучала. Унікнуць ягонага ўдару не было цяжкай задачай. Я рэзка адступіў убок і, крутануўшыся вакол, прапусціў алебарду паўз сябе. А калі, разагнаўшыся, жаўнер праляцеў міма, я з развароту моцна ўдарыў яго абсадкай мяча ззаду ў шалом — забіць такога няздару мне проста не дазволіла сумленне. Ён непрытомна зваліўся на падлогу, а я зрабіў крок у бок двух астатніх. Лёгка ўхіліўшыся кісцянёвых шыпастых куль, я ў момант удару іх аб падложную пліту рэзка наступіў на ланцуг i адразу ж зрабіў выпад — меч працяў горла нападніка, i супраць мяне застаўся стаяць ужо толькі адзін кнехт. Гэта­га яўна не цешыла ідэя застацца са мной сам-насам, i з першага пагляду было бачна, што ён гатовы кінуць сваю галябарду ды даць драла. Я аблегчыў яму задачу, перасекшы рэзкім рухам тронак, і ўжо павярнуўся да Ладзіславы, каб паклікаць яе за сабой, як са сходаў, што вялі ўніз да брамы, данёсся гул спешных цяжкіх крокаў. Дзверы разнасцежыліся— і ў вартоўню ўварваўся з дзяся­так рыцараў. Адразу стала відно, што цяперака да брамы ўжо не прабіцца, і, схапіўшы князёўну за руку, я рынуў назад шляхам, якім мы прыйшлі. Адно толькі паспеў шпарка зачыніць за сабой дзверы ды кінуць зверху на клямкі меч — каб перашкодзіць створкам расчыніцца; зрэшты, я не спадзяваўся, што гэтакі дамарослы рыгель надоўга затрымае пагоню.

Хаця князёўна ў сваёй даўгой і цяжкай аксамітнай сукенцы значна замаруджвала наш бег, я ўсё ж спадзяваўся адарвацца ад пераследнікаў — перад намі з Ладзіславаю дарога была простая, а рыцарам прыйдзецца правяраць ўсе пакоі ды найменшыя закуткі, якія толькі трапяцца ім на шляху. Так, зрэшты, і здарылася: калі мы, задыханыя, узбягалі па сходах да пляцоўкі-ростані перад Ладзіславіным пакоем, гукаў пагоні за спінаю ўжо чуваць не было. Спыніўшыся на пляцоўцы, я спытаў:

— Дык што ты казала пра другі шлях?

— Ты хочаш-такі ісці праз грыфонаву пячору?! — уражана гукнула дзяўчына.

— У жыцці трэба ўсяго паспрабаваць! — пажартаваў я. — Ну, дык як, павядзеш? Ці, мо, баішся?

— Ды нічога я не баюся! — кінула рассердавана князёўна. — Хадзем!

— Не так хутка! Мне спярша трэба ўзброіцца, — я падышоў да дзвярэй у анфіладу, падняў меч таго рыцара, што быў з горнам і ўклаў яго ў свае пустыя похвы. Потым, ударыўшы па канцы дзяр­жальна, выцягнуў з галавы рыцара сваю ўжо крыху пашчэрбленую сякеру і вярнуўся да дзяўчыны. — Ну што ж, я гатовы.

Яна падышла да каменнае сцяны за сходамі і пацягнула цагліну, што крыху выдавалася з агульнае кладкі. Я ніколі не здагадаўся б, што i тут схаваны ўваход у лёх, але — на дзіва! — сцяна зварухнулася і паволі папаўзла ўбок. Мне падумалася, што ў гэтым замку, пэўна, палова сцен хаваюць патаемныя хады. Зрэшты, тым горш для нас: можна чакаць, што ворагі з'явяцца з ніадкуль. Мы ступілі ў адкрыты праход. Лада тым часам распавядала:

— Далей ад гэтага калідору аддзяляюцца некалькі хадоў-адрогаў. Адзін вядзе ў Залу Чараў і ў скарбніцу, другія — у іншыя памяшканні. Нам жа трэба будзе пайсці па галоўным — аж да сходаў уніз. Спадзяюся, ты ўжо прыдумаў, як прыручыць гэтую мілую пачварку? — дадала яна з ледзь заўважнай кпінай у голасе.

— Яшчэ не, але па дарозе прыдумаю! — бадзёра адказаў я, хоць у маёй галаве і намёку не было на нейкую вартую думку на гэты конт.


XIII


Мы нядоўга прайшлі лёхам, калі неўзабаве спераду, з-за рага калідора, данёсся водгук жалезнае хады. Напраўду, відаць, ваявода паслаў сваіх людзей абысці усе калідоры ды пярэйсці. А паколькі гэты ход быў з самых таемных, дык можна было спадзявацца і ягонае асабістае прысутнасці. Цяжка было вызначыць, колькі там ідзе вояў, — гук, адбіваючыся ад сцен, памнажаў рэха. Магчыма, іх было няшмат, але ўсё ж я падумаў, што прасцей унікнуць небяспечнага становішча, чым пасля ўвесь час змагацца з ягонымі наступствамі. Схапіўшы сваю спадарожніцу за рукаво, я ўцягнуў яе ў ход-адгалінаванне, які мы акурат міналі: «Перачакаем тут!».

Ды ўсё ж, відаць, мы збочылі недастаткова борзда, бо да нас даляцелі словы некага з рыцараў: «Пане ваявода, здаецца, я нешта бачыў там наперадзе!». Стараючыся не тупацець, мы памкнулі ўздоўж гэтым ходам. На шчасце, ён быў досыць пакручасты, і пераследнікі, ідучы ззаду, не маглі нас бачыць з-за рагоў калідорных паваротаў. Заставалася спадзявацца, што на канцы хода нас не чакае выстаўленая варта.

На канцы калідора нас ніхто не чакаў. Ды ў гэтым i не было патрэбы — ход заканчваўся глухой гранітнай сцяной. Мы апынуліся ўтупіку. Вычасаная з граніту сцяна была выслігавана да неверагоднае гладкасці і адбівала нашыя абліччы ў бляску насценных паходняў, як люстра.

— Мы прапалі, — сумна азвалася князёўна. — Гэта Зала Чараў. Нам не прайсці праз сцяну без адмысловага сыгнета, які здымае закляцце ўваходу. А такіх сыгнетаў толькі два — у князя Гатарда ды...

— ...ды ў мяне, — закончыў я за яе, здымаючы сталёвую рукаўку.

3 хвілю яна прыглядалася да сыгнета на маім пальцы, пасля ейныя вочы заблішчэлі радасцю:

— Так, гэта ён. Але адкуль...

— Потым! — перапыніў я яе. — Куды што націскаць?

— Проста даткніся сыгнетам да граніту...

Я так і зрабіў. Сцяна набыла празрыстасць i захвалявалася, быццам паверхня возера; за ёю смутна праступілі абрысы прадметаў. Дзяўчына зрабіла крок проста ў гэтую дзіўную каменную ваду:

— ...а цяпер ідзі.

Я таксама ступіў, i мая нага — о, дзіва! — зусім не стрэла супраціву. Праз момант я ўжо стаяў па той бок. Абярнуўшыся, зірнуў на калідор: ззаду пакуль нікога.

— А цяпер закрый уваход, каб ваявода нас не ўбачыў. Зноў дакраніся да сцяны сыгнетам...

Я паслухаўся — i празрыстая паверхня перастала хвалявацца ды дрыжаць... хаця i не страціла сваёй празрыстасці. Якраз у гэты момант з-за рогу калідора паявіўся ваявода са сваімі рыцарамі.Я кінуўся ўбок за заслону, каб не даць сябе заўважыць, але князёўна, што стаяла акурат перад сцяной, разрагаталася:

— Не бойся, вой! Гэта толькі мы іх бачым i чуем. А яны нас — не! Не забывай — гэта Зала Чараў!

Збянтэжаны, я вярнуўся на ранейшае месца. А дзяўчына працягвала:

— Давай паназіраем!

Пагоня падышла амаль усутыч і спынілася. Нас раздзяляла, як здавалася, тонкая i нетрывалая перагародка; не верылася, што мы з Ладзіславай схаваныя для ворагаў. Тым не менш гэта было менавіта так. Адзін з рыцараў стукнуў па сцяне кляйнотам мяча і гукнуў да ваяводы:

— Уваход закрыты — ён бы тут не прайшоў!

— Сам бачу! — злосна буркануў ваявода і, абярнуўшыся, кінуў. — Хадземце далей!

Я перавёў дых: яны сапраўды пайшлі, так нас i не заўважыўшы. Абарочваючыся да Ладзіславы, я быў пачаў гаварыць:

— Ну, усё — можна выбірацца... — ды так і спыніўся на сярэдзіне сказа — дзяўчына стаяла ўся збялелая, а за ёй, трымаючы востры штылет пры ейным горле, стаяў чалавеку пурпуровых шатах.

— Я так не думаю, — сказаў ён, кпліва адказваючы на мае словы. — Бо зараз мы паклічам ваяводу назад. А іначай князёўна памрэ.

— Падумай, што робіш! — гукнуў я. — Калі Чорны Князь даведаецца, што ты забіў ягоную нявесту, ён загадае разадраць цябе коньмі!

Той адно пахітаў галавой:

— Не, ён ужо ведае, што ягоная нявеста здрадзіла яму, уцёкшы з чужынцам-прыхаднем, і ў кожным разе загадае скараць яе разам з табой. Няўжо ж ты думаеш, што княжацкія магі забыліся на сваё ўменне?! Дык глядзі! Вось, што здарыцца, калі ваявода неўзабаве вернецца ў пасадавую залу ды стане перад Князем! — Маг, трымаючы левую руку са штылетам пры горле князёўны, асцярожна зняў правую з шыі дзяўчыны і выцягнуў з навязі на сваім пасе дзіўнае кароткае жазло. Указаўшы гэтым жазлом на процілеглую сцяну, ён прамармытаў нейкі заклён — і на сцяне з'явілася выява. Я ўбачыў галоўную залу, Гатарда на пасадзе і схіленага перад ім ваяводу. Чор­ны Князь ажно кіпеў ад злосці, і, калі пачаў гаварыць, ягоныя словы загучалі ў мяне ўвушшу. Ён загадваў ваяводу адшукаць нас з князёўнай, грозячы ў процілеглым выпадку аддаць яго самога на катаванні, якія ўжо задумаў для мяне і дзяўчыны. Лёгкі мах жазлом — і выява знікла, а маг працягваў: — Цяпер ты, спадзяюся, разумееш, што ён наадварот азалоціць мяне, калі я дастаўлю вас яму жывымі ці мёртвымі.

Ён, відаць, ужо бачыў сваю ўзнагароду i, мо, сябе самога на месцы Даронта, бо зрок яго крыху затуманіўся, а па твары папаўзла задаволеная ўсмешка. Гэта яго і згубіла, — размарыўшыся, чалавек траціць пільнасць. Адным скокам я дапяў да яго і, заціснуўшы адной рукой ягоную левую руку са штылетам, другой выбіў з правай чароўнае жазло — каб не даць стварыць якое абарончае кудзебства. Князёўна ж, якая толькі і чакала зручнага моманту, упілася зубамі ў кулак, што трымаў зброю. Чараўнік узвыў ад болю, выпусціў зброю, i штылет са звонам пакаціўся па чорных каменных плітах; жазло з выбухам святла ўдарыла ў бліскучую сцяну, пакідаючы на ёй чорна-выпаленую матавую пляму. Я ўдарыў мага сваёй галавой у шаломе проста ў твар, і ён адразу ж страціў прытомнасць ды асеў уніз. Выставіўшы сыгнет перад сабой, я пацягнуў за руку дзяўчыну, i мы скочылі скрозь ізноў міргатлівую паверхню-сцяну.

Прыбегшы на тое месца, дзе сустрэча з ваяводам прымусіла нас збочыць са шляху, мы на хвілю сталі і прыслухаліся. Водгукі жалезнай хады даляталі злева — з калідора, якім мы прайшлі раней. Наперадзе — у напрамку да скарбніцы — пярэйсце, падобна, быў вольны. Асцярожна мы рушылі ўтой бок.

Неўзабаве падышлі да апошняй развілкі. Ладзіслава ўпэўнена скіравалася да галоўнага ходу ды, прайшоўшы да сходаў, спынілася на месцы.

— Глядзі, — звярнулася яна да мяне. — За тым рогам пасля сходаў калідор пашыраецца і вядзе проста, без паваротаў, да пячоры грыфона. Але будзь асцярожны — ужо адтуль ён ужо можа цябе ўвохшыць: у грыфонаў вельмі добрае чуццё на пахі. I яшчэ: ён прыкуты да скалы тоўстым жалезным ланцугом, але гэты ланцуг вельмі даўгі i дазваляе яму перасоўвацца па ўсёй пячоры. Ды, так­сама, не глядзі, што грыфон здаецца важкім і нерухавым — насамрэч ён вельмі жвавы i спрытны.

Я спусціўся па сходах, дайшоў да рогу, прыгнуўся, а там стаіўся і пачаў асцярожна красціся — як на паляванні. Што праўда, па калідорах гулялі скразнякі, і я не надта спадзяваўся, што ён мяне не зможа ўчуць. Неўзабаве — па меры таго, як я набліжаўся да канца калідора, — мне ўсё лепей было відаць грыфона. Калі ж я дапяў да ўваходу ў пячору, дык мог ужо бачыць яго ва ўсю аграмадную велічыню. Ён заўважна нерваваўся: відаць, здалёк увохшаў чужацкі пах. Аднак мяне ён яшчэ не бачыў — пэўна, узгадаваны ў цёмнай пячоры, меў зрок не надта добры. Тым болей, што цяпер калідор быў зырка асветлены паходнямі і іхняе полымя павінна было рэзаць яму вочы.

Але ён быў прыгожы. Дакладна такі, як пра яго распавядала Ладзіслава: з ільвінымі лапамі, цмачынымі галавой ды хвастом, i з не надта вялікімі крыламі, троху падобнымі да кажановых. Усё ж дзяўчына не апісала мне тае непаўторнае грацыі, з якой ён рухаў сваё вялікае, але ладна сфармаванае i магутнае лускатае цела; не апісала тае мяккасці крокаў ягоных цяглістых лап, ганарлівае пасадкі рагатае галавы на даўгой, але моцнай і ладнай, шыі. Стала шкада, што, магчыма, прыйдзецца забіць такога прыгажуна. Уздыхнуўшы, я выйшаў з лёху ды спакойна пакіраваў да яго. Я хацеў звярнуцца да прыёмаў утаймавання дзікіх коней, разважыўшы, што грыфон таксама, у пэўным сэнсе, дзікая жывёліна. Ды мой намер не спрацаваў: звер насцярожыўся, уцягнуў ноздрамі паветра i, не пачуўшы знаёмага паху, дыхнуў-шугануў проста ў мяне агнём. Я апярэдзіў яго на драбок: пабачыўшы, што ён набірае шмат паветра, я хутка кульнуўся наперад. У поўным узбраенні кулёк выйшаў няздарна, i я добра-такі выцяўся нізам спіны, але ўсё ж уратаваўся ад лётнага полымя. I тут жа ледзь не быў змецены моцным ударам хваста — дзякаваць багам, грыфон не пацэліў.

Забава яму спадабалася — цяперака ён нагадваў ката, што палюе на мыш. Ён прысеў на ла­пах і пачаў падбірацца да мяне, гатовы да кідка. Мне ўявілася, што будзе, калі такая гара абрынецца на мяне зверху, і па спіне прабеглі халодныя дрыжыкі. Дзвюма рукамі я шпурнуўу яго ся­керу. Ён адскочыў — але недастаткова шпарка — i сякера ўвайшла яму ў левую лапу. Цяперака ён раз'юшыўся, што, зрэшты, мне і дапамагло. Забыўшыся на ўсё ад ярасці ды болю, ён памкнуў на мяне. Ланцуг грымеў па каменні, сам грыфон роў, шалёна ўзмахваючы сваімі кіпцюрастымі крыламі ды б'ючы хвастом па выкладзенай плітамі падлозе — відовішча ўражвала. Аднак мне да­статкова было толькі скочыць убок перад самым ягоным носам, каб аграмаднае цела бестыі, у паскораным уласным цяжарам руху, пранеслася міма. Я з усіх сіл секануў яго наўздагон мячом па правым боку — ды клінга толькі разляцелася, бы шкляная, ад сутыкнення з цвярдзейшай за сталь грыфонавай луской. Апрача корда, які ніякім чынам не пасаваў для бойкі з бестыяй, у мяне заставаўся толькі Маладзіковы Меч, i я, пакуль звер разварочваўся для новай атакі, выцягнуў яго з похвы за спінаю.

Грыфон, навучаны папярэднім промахам, цяперака ўжо асцярожна падбіраўся да мяне. Я трымаў Меч перад сабою І, робячы падманныя выпады, не даваў зверу напасці. Ён адхінаў назад галаву, баронячы пысу, ды марудна адмахваўся правай лапаю, але было відаць, што без маруджання кінецца на мяне, як толькі я стамлюся. Я пастанавіў яго апярэдзіць — не патраплю, дык, можа, прынамсі, напалохаю. Зрабіўшы падвойны крок, я торкнуў вастрыём мяча ў грыфонаву пысу, цэлячы ў вока. У апошні момант ён тузануў галавой, і лязо трапіла ў ніжнюю сківіцу. Што здарылася далей, цяжка апісаць, бо ўсё адбылося маланкава, і я сам не надта ўцяміў, у чым справа. Калі лязо даткнулася грыфонавае скуры, з таго месца раптам выбліснуў пошуг полымя — нібы ў пачвару ўдарыў пярун. Звер ірвануў галаву назад, вырваўшы завязлы ў сківіцы меч у мяне з рук, і зарыкаў-заенчыў так голасна, што ў мяне ажно загуло ў вушах. Меч жа, тым часам, распаліўся нібы ў кавальскім горне; звер скавытаў гэтак голасна, што мне здавалася, лопне галава. А меч ужо тапіўся-плавіўся, бы залаты кубак, кінуты ў агонь, расплываўся-крапаў распаленымі агністымі кроплямі на падлогу. I разам з тым, як ён плавіўся, змяншаўся ў памерах i грыфон. Я не адразу ўцяміў, што адбываецца — глядзеў i не верыў вачам: звер нібы выгараў з сярэдзіны: ягоная скура пачала курчыцца i ападаць, як быццам тое, што было пад ёй, пажыраў нябачны агонь, або яно папросту рашчынялася ў паветры.

Праз нейкую хвілю ўсё скончылася. Лускатая скура некалі агромністага і велічнага прыгажунагрыфона пакамечанай грудай ляжала на падлозе. Галава бестыі ўжо была толькі пакрытым закасцянелаю рагавіцаю чэрапам; з-пад яе віднеўся край калюжыны застылага металу — усё, што засталося ад Мяча Надзеі майго народу. Відовішча сумнае і незвычайна роспачнае! Я прысеў на падлогу ды маркотна дзівіўся на гэтую карціну, што аб'яднала парэшткі прыгожага звера і аскепкі маёй мары. Ваяру не выпадае кідацца ў роспач, але ўсё, дзеля чаго я жыў і змагаўся, раптам перастала існаваць, ператварылася ў азёрную смугу, ці, дакладней кажучы, у металічную калюжыну. Ззаду ціха падышла Ладзіслава і паклала мне руку на плячо:

— Не сумуй, вой...

— Лёгка сказаць!.. Гэты меч быў тым, дзеля чаго я прыйшоў у Гадор... Меч Маладзіковага Промня... Зоркі сказалі вешчбітам, што я здабуду яго і ўздыму супраць Чорнага Князя, каб вызваліць наш край... — сумна адказаў я. — Але цяперака ўсё страчана...

— Меч Маладзіковага Промня?! — няўцямліва перапытала дзяўчына. — Але ж у цябе яго не было!

— Было. Я ўсё ж такі здабыў яго... Памятаеш той меч, што я насіў за спінаю? Я забіў рыцараў, што былі па яго пасланыя, пераапрануўся ў рыштунак аднаго з іх і забраў чароўную зброю. Але ця­перака, бачыш: меч, хоць i перамог грыфона, ды сам растапіўся...

— Але ж ты насіў за спінаю не Маладзіковы Промень, — перарвала мяне князёўна. — Гэта быў Рагнар — рытуальны меч Гатарда, пры дапамозе якога Князь, у прадвызначаны час, звяртаецца да надпрыродных сіл, просячы дараваць яму перамогу над ворагам. Так што, калі табе быў патрэбны не ён, няма сэнсу журбоціцца. Лепей цешся, што ты ўратаваў сваё жыццё, а разам з тым і знішчыў магічную моц ворагаў! Цяперака яны ўжо не змогуць звярнуцца да кудзебстваў, што давалі ім ра­ней заўсёдную перамогу. Бо, калі б сутыкнуліся чары Маладзіковага Промня з кудзебствамі Чор­нага Мяча, яшчэ невядома, каторыя б адолелі!..

Адразу, бывае, цяжка даць веры, калі ўяўная параза раптам станецца перамогаю. Аднак сумнявацца не прыходзілася, i пасля тых слоў мая душа пачала напаўняцца радасцю. Я не збіраўся болей марнаваць час на бессэнсоўныя згрызоты — трэба было ізноў брацца за справу! Я борздзенька падхапіўся на ногі, уклаў у похвы дзяржальна разбітага рыцарскага мяча — на ўсялякі выпадак — і сказаў:

— Што ж, князёўна, найперш пакажы мне, дзе месціцца той патаемны выхад з замка, што ты распавядала раней.


XIV


Пакуль дзяўчына вяла мяне праз усю пячору да грота ў дальняй сцяне, я прыняўся яе распытваць пра тое, што цікавіла мяне цяпер найболей:

— Значыць, ты ўсё ведаеш пра Маладзіковы Прамень? Дык, можа, ты знаеш i дзе яго шукаць?

— Канечне! — упэўнена адказала князёўна. — У скарбніцы — я яго там не раз бачыла.

— I што — даруй мне маю недаверлівасць! — ты адразу распазнала Меч з легендаў?

— Так! Бо я калісьці не аднойчы трымала ў руках гэтую зброю. Мой бацька — князь Ваіслаў; ён быў братам захавальніка мяча князя Велеміра, — а я не адзін месяц прабавіла ў замку дзядзькі. Там мяне і паланіў Гатард, калі я апошні раз гасцявала... — дадала яна пасумнелым голасам. — Але, у кожным разе, ты можаш быць пэўны, што ведаю Меч i ягоную гісторыю не горай за якога-небудзь кудзебніка, хоць для іншых людзей гэтыя рэчы і заставаліся таямніцай. Не ведаю, праўда, ці не здагадваецца i Гатард пра чароўныя ўласцівасці Промня — бо надта ж асцярожна з ім абыходзіўся. Але, у кожным разе, Чорны Князь захоўвае яго менавіта сярод здабытых скарбаў, а не ў Зале Чараў. Зрэшты, Гатард i не стаў бы яго ўжываць, пакуль мог карыстацца магічнай моцай свайго раней выпрабаванага мяча Рагнара, але цяперака ўсё можа змяніцца. Чараўнікам спатрэбілася б колькі дзясяткаў год, каб выкаваць новую зброю такой жа кудзебнае сілы, а Гатард напэўна не захоча перапыняць сваю пераможную заваёву на гэтак доўгі час.

— Калі ж гэты меч быў зроблены такім моцным чараваннем, дык чаму ж ён тады растапіўся, ледзь даткнуўшыся грыфона?

— Бо сустрэліся дзве магіі тае самае натуры, скіраваныя адна супраць другой. Я ж табе распавядала, што гадорскі грыфон не быў прыродным. Ён не вылупіўся з яйка, адкладзенага жывымі грыфонамі, а быў штучна выведзены пры дапамозе магіі. I быў абаронены сілаю гэтай магіі. Калі яна ўвайшла ў супрацьдзеянне з магіяй мяча, гэтыя дзве кудзебныя стыхіі знішчылі адна адну.

— Чаму ж ты мяне не папярэдзіла, што грыфон мае магічную абарону, калі я ішоў з ім змагацца?

— Гэта ж найпрасцейшыя асновы чаравання! Мне і ў галаву не магло прыйсці, што ты сам гэтага не ведаеш!

«Ну, так! Гэтай выкшталцонай паненцы не прыйшло ў галаву, што просты вой не атрымаў такое асветы, як яна, прадстаўніца княжацкага роду! Хоць, зрэшты, і Мудраслаў мог мне хоць пару слоў сказаць наконт усіх тых кудзебстваў, што чакаюць мяне ў Гадоры!» — падумаў я раззлавана. Але калі ўтаймаваў гнеў, дык мусіў сабе прызнацца, што дагэтуль мне ва ўсім неверагодна шчасціла. Усё ж, так ці інакш, мною апякуюцца духі, дзякуючы падоранаму Мудраславам абярэгу. Кудзебнікі ведаюць усё, што станецца, далёка наперад, і, пэўна, у вешчуна былі падставы нічога не казаць мне загадзя. У гэты момант мы акурат дасягнулі гроту. Дзяўчына, стаўшы на ўваходзе ў яго, сказала:

— Там далей — крыніца. Гэта вада вымыла грот i большую частку таемнага ходу ў скале. Гры­фон піў ваду з крыніцы i, пакуль ён быў жывы, Гатард мог не баяцца нечаканых гасцей, нават, каб ягоныя ворагі і знайшлі ўваход у лёх навонкі — бо грыфоны нікога не дапускаюць ані да сваіх вадапояў ані ўвогуле на сваютэрыторыю.

Я хутка ступіў у грот. Там было амаль цёмна — сюды ўжо не дасягала святло паходняў. Брыдучы ледзь не па калена ў вадзе, я навобмацкі знайшоў невялікія дзверы з таўстых, акутых жалезам дошак і засаўку на іх. На дзвярах не было нават замка. Я адсунуў засаўку і разнасцежыў праход — калі прыйдзем ізноў, дык цалкам верагодна, не будзем мець часу на тое, каб яго адчыніць. А калі ворагі трапяць сюды раней за нас, дык вырашаць, што мы ўжо выйшлі з замка i перастануць шу­каць нас усярэдзіне. Я выйшаў з гроту і сказаў дзяўчыне:

— Час сыходзіць. Рыканне грыфона перад смерцю, напэўна, чулі нагары, i сюды ўжо, мусіць, спяшае ваявода.

Ваявода напраўду паспяшаў, бо ледзь мы збочылі ў калідор, што вёў да скарбніцы, як ззаду пачуліся крыкі пагоні, якія, зрэшты, неўзабаве замоўклі. Вызірнуўшы з-за рогу, я ўбачыў, як рыцары скупіліся вакол парожняй грыфонавай скуры ці тое ў задуменні, ці тое ў смутку. Я не стаў высвятляць, якія ўсё-ткі эмоцыі імі авалодалі, і пацягнуў Ладзіславу наперад, працягваючы распытваць:

— Ты казала, што грыфон прызнае толькі самога Гатарда ды яшчэ таго мага, што яго гадаваў. Правільна?

— Ну, правільна...

— Значыць, ваяводу і іншых рыцараў ён не знае. Так?

— Так... — яна ўсё яшчэ не разумела, навошта я пытаюся.

— А хто праводзіў варту да скарбніцы? Напэўна ж не ваявода?

— Не ведаю... можа, маг?

— Вось, i мне гэтак жа здаецца. Але ж маг не будзе ўвесь час бавіць з воямі на варце: адвядзе ў належную пару — i сыдзе. Так?

— Мусіць, так.

— Значыць, ваявода да скарбніцы з пагоняй не даходзіў — толькі да грыфонавай пячоры. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што вартавыя могуць яшчэ i не ведаць пра нашыя з табою ўцёкі. Таму давай паспрабуем іх падмануць, — i я распавёў ёй сваю задуму.


XV


Дзякуючы майму плану гэтым разам мне нават біцца не давялося.

— Вітайце, рыцары! — звярнулася князёўна да ваяроў пры ўваходзе ў скарбніцу, калі мы нарэшце туды дапялі. — Спадзяюся, вы мяне ведаеце? — тыя згодна пахілілі галовы.

— Дык вось, я толькі што згадзілася нарэшце выйсці замуж за вашага князя, і ён мне дазволіў выбраць штосьці са скарбаў дзеля абсталюнку нашых шлюбных пакояў. Гэты рыцар, што пасланы мяне суправаджаць, дапаможа мне ўсё занесці на месца.

Ваяры слухалі Ладзіславу з ўвагаю i не рабілі ніякай спробы нас затрымаць, — відавочна, вестка пра апошнія падзеі ўсё ж сюды яшчэ не даляцела. Але тым не менш пераканаць вартавых было не так i лёгка.

— Мы не можам пусціць шаноўную князёўну. Сюды маюць права заходзіць толькі сам князь i ягоны скарбнік. Ніхто іншы без іхняга асабістагараспараджэння сюды не ўвойдзе — нават пан ва­явода.

— Хіба вы сумняваецеся ў словах сваёй будучай валадаркі? Ці не баіцеся майго гневу за непаслушэнства? — падчас побыту ў замку князёўна добра навучылася, на якіх слабасцях Гатардавых падданыхяна можа згуляць.

Вартавыя ўсё яшчэ вагаліся.

— Між іншым, князь Гатард наўмысна паслаў са мною гэтага рыцара, каб ні ў кога не паўставала сумневаў. Вой, пакажы ім князеў сыгнет.

Я зняў баявую рукаўку і выставіў палец з сыгнетам. Няпэўнасць становішча вартавых была зразумелая: страшна аслухацца валадара, але з будучай валадаркай замка спрачацца таксама небяспечна. Усё ж урэшце, пасля пэўнага вагання яны згадзіліся нас прапусціць.

Цяпер Меч я распазнаў адразу — ён быў сапраўды такі, якім я яго некалі і ўяўляў: светлы, даўгі і даволі вузкі, з штукарна вырабленым са срэбра і ўпрыгожаным дыяментамі дзяржальнам. Зброя месцілася на адмысловай разьбянай падстаўцы пасярэдзіне вялікай залы, у якую мы ўвайшлі. Вакол сцен залы былі расстаўленыя куфры, вазы ды розныя начынні з каштоўнасцямі, срэбнымі і залатымі манетамі розных народаў, дарагімі футрамі і іншымі рэчамі, што ва ўсіх народаў азначаюцца адным словам — багацце. 3 залы, праз шматлікія разнасцежаныя дзверы, было відаць іншыя пакоі, гэтакжа набітыя каштоўнасцямі.

Ладзіслава падышла да падстаўкі з Мячом і, пяшчотна пагладзіўшы зброю па клінзе, мовіла:

— Вось ён, Маладзіковы Прамень... Бяры Меч, ваяр, — ты здабыў яго!

Хоць, можа, тое было і непашанотнае абыходжанне — хай даруюць мне вялікія багі! — але я загарнуў Прамень разам з похвамі ў невялічкі перскі дыванок. Трэба было пастарацца, каб вартавыя не ўбачылі ды не зацікавіліся, нашто князёўне спатрэбілася зброя. Ідэя зрабіць пакунак такога роду прыйшла да мяне, калі я згадаў, як рыцары неслі магічны меч Гатарда ў злататканай камцы. Што праўда, яны тым аказвалі зброі пашану, у той час, як я хаваў яе, — найгоршая пагарда, якую можна ўчыніць мячу. Але я ведаў, што раблю слушна. Набралі мы з сабою i розных залатых ваз, кандэлябраў ды пакаёвых упрыгожванняў — каб адвесці магчымае падазрэнне. Апрача таго павесіў я Ладзіславе на шыю каралі, на рукі даў надзець залатыя бранзалеты, а на пальцы — пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Бо дзіўна, калі дзяўчына выходзіць са скарбніцы, не выбраўшы сабе кляйнотаў. Так заладаваўшыся, мы рушылі ў зваротную дарогу.

Нашае знаходжанне сярод скарбаў не трывала вельмі доўга, і, падобна, гэта ўсё ж крыху здзівіла варту, калі судзіць па іхніх уражаных паглядах. Пытацца, аднак, яны не сталі. Князёўна развіталася з імі і падаравала кожнаму па залатым, чым адразу заваявала іхнюю прыхільнасць і нават дамаглася яшчэ большае паслужлівасці ў голасе ды жэстах. Пасля гэтага мы павольна і шляхотна рушылі назад да грыфонавае пячоры, каб, схаваўшыся за першым жа рогам калідора, скінуць усё багацце у кучу і, захапіўшы толькі Маладзіковы Прамень, памкнуць далей ужо ледзь не бегма. Некалькі кароткіх хвіль мы былі на месцы, дзе калідор ўліваўся ў грыфонаву пячору. Асцярожна вызірнуўшы з-за рога, можна было лёгка пабачыць усё, што ў пячоры дзеелася. Уся зала была поўная кнехтаў і рыцараў, што трымалі запаленыя паходні. Пасярэдзіне, побач з пакурчанай скурай бестыі, сядзеў Гатард і трымаў далонь на чэрапе грыфона, як, бывае, трымаюць на галаве памёрлага любімага сабакі. Я не лічыў яго здатным на чалавечыя пачуцці, але мне здалося, што ў кутку ягонага вока бліснула сляза. Зрэшты, ён тутжа падняўся ўва ўвесь рост і зароў:

— Яны забілі майго Вальдорга! Але яны мне за гэта заплацяць! Як заплаціш і ты, — кінуў ён ваяводу, — што своечасова не злавіў іх. Але з табой потым — калі яны будуць у маіх руках! А цяпер шукай іх — ты яшчэ маеш шанец крыху палегчыць сваю долю!

Ваявода, які, нягледзячы на сваю велічную постаць, выглядаў, як пабіты сабака, кінуўся раздаваць загады, паказваючы рукою, каму куды накіравацца. Першы дзясятак ён паслаў праверыць та­емны лёх, што вёў навонкі, астатніх — у іншыя калідоры, а ў тым ліку і наш. Я ўжо пачаў выцягваць Прамень з похваў, як з гроту даляцеў зык:

— Уваход у лёх расчынены! Яны прайшлі сюдою!

Усе пераследнікі рынулі ў грот. Небяспека быць знойдзенымі зноў нас абмінула на каліва — духі нам па-ранейшаму спрыялі! Аднак цяпер мы былі замкнёныя ў пастцы: лёхам не прайсці, a i пры браме, пэўна, засталося шмат рыцараў. Нават выйсці з калідора мы не маглі, бо ў пячоры ўсё яшчэ заставаўся Гатард з тузінам прыбочных ахоўнікаў. Дый ход да скарбніцы быў просты, без бакавых адводаў — нікуды больш не пойдзеш. Заставалася толькі чакаць.

Праз нейкі час вярнуўся прыгнечаны ваявода з часткаю рыцараў:

— Паблізу ад выхаду іх няма. Але я знайшоў кальчугу ды ўзбраенне — ён там праходзіў. Я пакінуў людзей, каб шукалі іх, а калі Князь дазволіць, дык з астатнімі сяду на коней і даганю ix у стэпе! Дазволь мне, о вялікі Князь!

Гадар толькі сыкнуў на яго:

— Дык чаму ж ты яшчэ тут! — і пакінуў пячору.

Ваявода з рыцарамі рынулі за ім, баючыся адстаць, але i не смеючы абагнаць. Вялікая зала нарэшце апусцела. Мы выйшлі з хованкі.

— Якія ты маеш намеры? — запыталася князёўна.

Я, аднак, ніякіх адмысловых задум не меў. Ужо, мусіць, набліжалася раніца. Бяссонне апошніх начэй, а да таго ж падзеі гэтай, што яшчэ доўжылася: ператварэнні, уцёкі, бойкі... — усё тое высмактала мяне ўшчэнт. Галава цалкам адмаўлялася нешта думаць, таму ляпнуў першае, што ў яе прыйшло:

— Хадзем лёхам!

Князёўна здзівілася:

— Але ж там ваяры Гатарда!

— Што-небудзь прыдумаем, — змрочна адказаў я, каб хоць неяк апраўдаць свае словы, — але зусім не ўяўляў сабе, што ж яшчэ можна прыдумаць.

Я паволі пакрочыў да гроту; дзяўчына слухмяна рушыла ўслед за мною, а да мяне з кожным крокам вярталіся сілы — небяспека добра бадзёрыць. Калі я ступіў у цемру гроту, дык ужо быў цалкам гатовы дзейнічаць.

Ні ў гроце, ні ў бліжэйшай частцы лёху нікога не было. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, а потым запаліў свячу, некалі запасліва пакладзеную ў кайстру. Свечка — не паходня: ейнае святло далёка не рассейваецца; дый пагасіць яе можна хутка. Прыкрыўшы далонню кволы агеньчык, я пасунуў наперад па таемным ходзе.

Мы ішлі даволі доўга, ажно я адчуў, што подзьмухі ветру ў калідоры ўзмацніліся, — верная прыкмета, што выхад блізка. Я згасіў свячу, і наша хада зрабілася яшчэ больш павольнай ды асцярожнай. Колькі крокаў, заварот за рог — і вось вусны ўжо прагна ловяць свежае паветра пасля цвіллёвай задухі падзямелляў. Толькі атрымаўшы нешта зноў, адчуваеш, чаго ты быў пазбаўлены.

Па прыступках, што былі выбітыя ў камені, аглядаючыся, я выбраўся на паверхню. Далей у стэпе наўкола былі бачныя шматлікія агні паходняў, што на адлегласці здаваліся светлякамі. Пры самім выхадзе з лёху варты, на шчасце, не было — ваявода ў сваім прагненні пагоні, відаць, страціў усялякую пільнасць. Тым горай для яго. Я дапамог выбрацца Ладзіславе, ды раптам пачуў, як нехта ціхутка аклікнуў мяне з цемры па імені. Запаліўся слабы блакітны агеньчык — і я ўбачыў Мудраслава: у сваіх палатняных шатах ды з нязменным посахам у руках ён выйшаў з-за вялізнага глыжака. Гэта быў той самы камень — хоць і перакулены набок, — за якім я хаваўся тры дні, так i не ўцяміўшы, што таемны ўваход у замак Гатарда крыецца менавіта пад ім!

— Забірай нас адсюль! — стомлена папрасіў я чараўніка.

Ён толькі лагодна пасміхнуўся і кіўнуў галавой. Потым абвёў вакол мяне з Ладзіславай запаленым жмутком зёлак з даўкім пахам — i прастора навокал раптам зноў зрабілася бы затканая бялёсай смугой, нас падхапіла нейкая віхура і памчала ўдалеч. Дамоў...


* * *

На зыходзе наступнае ночы злучаныя войскі незваяваных яшчэ князёў нашага краю пад вярхоўніцтвам князя Ваіслава вышыхтаваліся на раўніне, каб выступіць насустрач чорным рыцарам Гатарда. Мудраславава закляцце разагнала з неба хмары, i я вынес пад зыркае ззянне маладзіка магічны Прамень-меч. Калі водбліск месячнага сяйва ўпаў на кляйнот узнесенага ўгару дзяржальна, клінга раптам заіскрылася-зазіхацела халодным полымем, а я зразумеў, што справа завершаная, — ніякая магічная моц цяпер не зможа супыніць нашую адваёву. Народ ды край бу­дуць вызваленыя і застануцца свабоднымі — цяпер і назаўсёды!

Я ўзнёс зіхоткі меч над галовою і павярнуўся да шыхтоў. Бадзёрым, вясёлым і ваяўнічым рыкам войскі прывіталі цуд, што стаўся — і рушылі ў наступ...


1991, 2003.