КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Трое [Антон Алешка] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

АНТОН АЛЕШКА


ТРОЕ


Апавяданне


Іх таропкія крокі змяніліся на ціхае шкробанне па шурпатых плітах панелі наберажнай. А крыху пазней, так праз гоні, яны спыніліся зусім. Адзін у чорным гарнітуры, танклявы і высокі прытуліўся бокам да тоўстай гранітнай сценкі, другі — нізкі, спыніўся насупроць і аб нечым заўзята апавядаў, памагаючы жэстамі правай рукі. Яны не зважалі на тое, што рабілася навакол. Па тарцовай вуліцы нячутна несліся аўто, па тротуары спяшаліся пешаходы. Нізкі ўзмахнуў рукою і чуць не зачапіў якраз падаспеўшую грамадзянку. Высокі барджэй адцягнуў яго да сябе і кіўнуў у бок праходзіўшай.

— Ясь, ты з ног саб'еш!..

— Прабачайце,— азірнуўшыся, вінавата сказаў Ясь і стаў упоруч каля Валодзі.

— Дык я не скончыў,— і ён гаварыў далей.— Асвятліў гэта я яшчэ раз карчом нос лодкі, ну і зразу пляснуў пракляты хвастом аб борт. Я траха не выкуліўся. Кінуў корч і сцішыўся на дне лодкі. Чакаў што будзе далей. 3 цемры крычаў дзед, клікаў мяне на дапамогу. Я даехаў паволі, мы знялі перамот і болей з сомам не сустракаўся...

Ясь апавядае Валодзю як ён, будучы ў адпачынку, ездзіў з дзедам лавіць рыбу. Валодзя рыбак і перад ім, мусіць, ужо плёскалі шчупакі, плоткі, бо ён налёг локцем на граніт і пільна глядзеў на шырокія хвалі ракі. Яго рэдкія бровы натапырыліся і праз хвіліну ён крута павярнуўся да Яся, палажыў руку на плячо і весела сказаў:

— У наступным годзе адпачынак возьмем разам і паедзем да твайго дзеда. Тады трымайся рыбная гаспадарка!..

— Добра,— згаджаўся Ясь.— Толькі ты вуды кінеш. Гэта тут імі можна забаўляцца... Мы крыгаю, альбо перамотам лавіць будзем. Дзед прынадзіць яе падпараным аўсом у затоку, потым хоць рукамі бяры. Поўна там рыбы.

Ясь — шырокаплечы, з кароткай шыяй і круглым тварам, старанна ўціснуты ў шэры пінжак. 3-пад барады выглядае чорны гальштук-матылёк, прыладжаны на беласнежнай рубашцы. Твар выбрыты і пад куртатым носам ценькай палоскай ляглі чарнявыя вусікі. Вочы шырока адкрыты і нібы чаго здзіўлены.

Валодзя шчуплаваты, з рабаціннем на твары выглядаў задумённым. Ён паскрэбваў кіпцем бялявы пушок на верхняй губе і прыжмурана ўзіраўся ў даль ракі.

Валодзя з Ясям — сябры. Працуюць на заводзе тут на Выбаргскім баку, толькі ў розных цэхах. Валодзя ў слясарным, Ясь — у ліцейным. Валодзя заўзяты фізкультурнік, Ясь пасля работы наведвае вячэрні інстытут. ЗаЙмаецца ўжо трэці год. Думае быць горным інжынерам.

У сакавіку гэтага года яны першыя адклікнуліся на заклік комсамола даць краіне 150 тысяч лётчыкаў без адрыву ад вытворчасці і пачалі наведваць авраклуб. Іх зацікавіла парашутная справа. Праз тры месяцы заняткаў у клубе пачаліся практычныя вылеты з парашутыстамі і першыя прыжкі. Ім хутка прыдзецца трымаць іспыты на інструктара парашутнай справы. Часта прыдзе з інстытута Ясь, а на квартэры ўжо Валодзя чакае. Ён паказвае чарцяжы і вытлумачвае што да чаго. Валодзя пазірае на вялікія аркушы александрыйкі і глуха гаворыць:

— Ты інжынер без пяці хвілін, што і казаць. Хутка для цябе адкрыюцца горныя прасторы, ты будзеш капацца ў багаццях, вынаходзіць розныя руды, а Владзімір Калядка будзе гнуць знойдзенае табою жалеза на розныя там дэталі. Так яно.

— Не сумуй, Валодэька. Ты яшчэ...

— Ды што ты кажаш,— з запалам перабівае Валодзя,— ты разу­мееш, што я таксама хаваю ў сабе не малыя планы на далейшае.

Я вось ляжаў у цябе на кушэтцы і марыў... аб многім я марыў. Мне ўвосень, ды што... і месяца няма як трэба на прызыў ісці. I што ты думаеш? Мне здавалася ў лятуценнях, што я камандую паветраным дэсантам, што я камандзір новага роду войск — паветранаЙ пяхоты, што я грамлю тылы фашыстаў, вось што... Ты не думай, што я магу толькі перавыконваць план каля кавадла. Я марыць магу. Што на гэта скажаш?..

— Валодзька, я даўно ведаў, што ты пойдзеш далёка, — пазіраў Ясь на пачырванелы твар Валодзі.

— Як далёка, а дамоў прыдзецца ісці,— нечакана пажартаваў Валодзя.

Сёння дзень адпачынку і хлопцы накіроўваюцца на аэрадром. Вялі размову аб рыбнай лоўлі, цяпер гутарка перашла на тэму пра ўчарашнія гулянні на астравах. Валодзя апавядае Ясю аб фейерверку і тым людскім моры, якое нахлынула ўчора на астравы тут жа за горадам. Ясь падменьваў Ціхона, які быў на гарадской канферэнцыі, а таму сам на астравах не быў. Ясь хацеў запытаць у Валодзі ці бачыў ён на гуляннях Люсю, але ўстрымаўся. А прычына тут простая. Паўтары гады назад Люся з‘явілася на заводэе і стала працаваць у фармовачным цэху. На першым жа сходзе яна яму спадабалася. Ён шукаў выпадку каб сустрэцца, пагутарыць. Комсамольская работа зблізіла іх. Пасябравалі. Валодзя лічыў, што лепшага і чакаць не трэба. Быў вяселы на рабоце і гаваркі з кожным сустрэчным. Ясю нават абрыдзеў сваімі доўгімі размовамі. Аднойчы яны былі на вечары ў падшэфным калгасе. Клуб ледзь умяшчаў жадаючых прысутнічаць. Было горача. Па чарзе давалі нумары. Люся выканала некалькі песень і ні то ад духаты, ці то так ад чаго уся расчырванелая сядзела за кулісамі. Валодзя стаяў паблізу увесь час і ў гэты момант падышоў да яе, заўважыў:

— Ты пяяла, як ніколі.

— Гм... у мяне хрыпата ў горле, а ты...

— Як ніколі,— сцвярджаў Валодзя.

— Ну досыць, табе абы пагутарыць...

Дамоў вярталіся пазнавата. Валодзя ішоў з Люсяй, калі астатнія крыху іх апярэдзілі, ён набраўся адвагі і неяк няскладна пачаў шаптаць на вуха.

— Даўно хацеў сказаць. Але сама ведаеш... зрабіць гэта мне не так лёгка.

Люся так змарылася, што ледзь не драмала ідучы. Пачуўшы глыбокія ўздыхі і прарывісты шопат, ачнулася і падштурхнула яго.

— Завёў, нібы шарманку. Карацей кажы, у чым справа?

— Коратка то неяк і не скажаш. Але калі... то я... Я кахаю цябе, Люська.

— Хто?.. Ты?!

Люся спынілася. У змроку твару яе не было відаць. Чуваць быў звонкі голас.

— Калі ты жартуеш — добра. Я люблю жарты. Калі ж ты гаворыш не нарокам...

— Ды дзе там...

— Я проста скажу: калі хочаш быць сябрам, не кажы мне нічога такога. Калі пачую што-небудзь надобнее, так і ведай, сустракацца не буду.

Валодзю нібы вадою абнясло ад патыліцы да пятак. Ён пахаладзеў і не ведаў што рабіць. Добра яшчэ цемра выручала, а так бы з сораму хоць скрозь зямлю праваліся. Нейкі час цягнулася непрыемная маўчанка, потым загаварыла Люся ды і то зусім пра другое. Рад быў Валодзя, што хоць гэтак абышлося і стараўся забыць, нібы нічога і не было.

Валодзя ведаў, што Ясь ходзіць да Люсі і што яна адносіцца да яго не так, як гэта здарылася з ім у той памятны выхад на вёску. Валодзя адчуваў непрыемнасць і яму было ўнутрана нялоўка перад Ясям. Ён спачатку нагаварваў Ясю пра Люсю. Падмячаў што-небудзь дробнае і пачынаў распісваць на ўсе лады, абы толькі зрабіць уражанне і адштурхнуць ад яе Яся. Але Ясь не зважаў. Тады Валодзя пра Люсю кінуў гаварыць, а калі на гэта выклікалі яго, ён хутчэй стараўся змяніць тэму. Не ведаў ён, што і Ясь у апошнія дні папаў амаль у такое ж становішча, як і ён колісь. Ясь то невялікі ўжо ахвотнік апавядаць пра сябе.

Калі ён прыехаў з адпачынку, то зайшоў да Люсі. Яна вельмі і вельмі была рада. Апавядала пра навіны, частавала яго, пасля сядзела каля адчыненага вакна і спявала. Ясь пазіраў праз вакно ўніз на шумеўшы проспект. Пад дугою праходзіўшых трамваяў асляпляюча ўспыхвалі блакітныя іскры, лязгалі колы... Ясю прыпомніўся той вечар, калі ён першы раз прыехаў сюды і як адразу аглушыў яго горад. Як, здаецца, даўно было гэта. У такіх думках прастаяў ён хвіліну, потым прайшоўся па пакоі. Люся дастала з століка маленькі альбомчык і паказала яму здымкі. Ясь разглядаў і хваліў, што ўсё вельмі добра. Крыху здзівіўся, што за месяц так многа стала ў яе здымкаў. Люся села насупроць і пазірала шырока адкрытымі вачыма, нібы бачыць яго ўпершыню. Ей вунь як прыемна было, што каля яе сядзіць Ясь. Колькі разоў здаралася так, што яна вернецца дамоў і доўга думае аб ім. Ёй куды лепш падабаецца Ясь. Ён дзелавы, удумлівы, толькі ціхі і нідзе асабліва сябе не праявіў. 3 Ясям ёй весела і яна сядзела б хоць цэлы вечар. Гэта не тое, што Валодзя. Той нагаворыць, нахваліцца, затым надзьмецца і пазірае акунёвым вокам, не міргаючы. Не магла спакойна глядзець на яго Люся і толькі таму, што разам працавалі і вучыліся, яна не казала яму пра ўсё тое, што адчувала. Да Яся яе цягнула і яна ледзь дачакалася, пакуль ён прыедзе з адпачынку. Учора, вяртаючыся з гульняў, парашыла яна, што, калі толькі закончацца заняткі, падбярэ больш падыходзячы час і скажа яму аб усім, таму што сам ён бадай не адважыцца, не здагадаецца і не зразумее, што робіцца на сэрцы ў дзяўчыны. А цяпер можна нават і віду не паказваць. Тым часам Ясь падсунуўся бліжэй да яе і знячэўку зусім нясмела прыцягнуў да сябе і гэтак жа нязграбна хацеў пацалаваць. Яна вырвалася, абцягнула блузку і, прайшоўшыся, села насупроць збянтэжанага Яся.

— Які ты порсткі,— з хітрынкаю сказала яна.

— Ды я... — сіліўся нешта сказаць Ясь, ды так і не сказаў.

Каб пра гэты выпадак ведаў Валодзя, ён бы, напэўна, як і раней зноў бы нагаварыў на Люсю. Ясь і Валодзя размаўлялі, ідучы па панэлі да аўтабуснай астаноўкі. Ішлі паўз летні сад. Валодзя паціху сказаў:

— Глянь, ідзе...

Ясь аглянуўся назад. На другім баку вуліцы ішла Люся. Яна іх заўважыла і праз вуліцу накіравалася да іх.

— Добры дзень! — прывіталася яна, мякка пераступаючы з нагі на нагу. На твары яе расплывалася хітраватая ўсмешка. — Якраз і сустрэліся. Вы ўжо едзеце? — дапытвалася яна.

— Ды трэба,— адказаў Ясь.

Яе гібкі стан абцягвала блакітнае плацце і вецер на плячуках перабіраў складкі буфаў. Люся ў кампаніі заражала астатніх весялосцю і ніколі не сумавала. Па яе ініцыятыве на заводзе арганізаваны гурток па вывучэнню замежнай мовы. Яна нядаўна сказа­ла Ясю:

— Хутка буду з табою толькі па-французску гаварыць.

— Гэта ж чаму?

— Каб гаварыць хутчэй навучыўся.

— А-а... Гэта не дрэнна...

— Табе не дрэнна было б і танцаваць навучыцца,— смяялася яна.

— Усё добра. Танцаў жа проста не люблю. Ну, бывае так.

Люся затое першая танцорка на заводзе. Калі яна танцуе, Ясь стаіць воддаль і сочыць з захапленнем за рознымі там „па". Яму прыемна, што ён яе блізкі сябра, а не хто другі.

Сёння маленькі носік яе чамусьці асабліва задзіраецца ўгару, а бровы навіслі крылцамі ластаўкі. Яна заве хлапцоў.

— Дык пойдзем на аўтобус.

Бярэ хлапцоў пад рукі і гаворыць далей:

— Калі выйдзе сёння заліковы, тады мы хутка закончым вучобу.

— А чаму не выйдзе? — пазіраў на курчавую прычоску Ясь. Яны сустрэліся поглядамі і ў глыбіні сініх вачэй заўважыў ён нешта такое прыцягваючае, чаго да гэтага не прыкмячаў. Яна легка падштурхнула локцем Яся і сказала:

— Хутчэй крышку можна?

— Можна.

Яны апынуліся на скрыжаванні вуліц і калі звярнулі налева, якраз у гэты момант каля панелі спыніўся сінябокі 23 нумар аўтобуса. Ужо на хаду падчапіўся Ясь на падножку і слухаў незмаўкаючую Люсю.

— Не быў ты учора на астравах... Шкада... вунь як весела было.

— Як каму.

— Чаму так? Мне спачатку было весела, а пасля... я з паловы гулянняў адтуль паехала.

— Чаму так?

— А вось таму.

У аўтобусе цесна, Валодзя ўзяўся за падчэплены рамень і пазірае ў вакно. Ясь прытуліўся у вугал, а каля яго Люся. Ён адчувае цяплыню яе цела і пазірае на маленькае беленькае вушка, якое відаць з-пад курчавых палоек прычоскі. Яна туліцца да яго ад націску пасажыраў і некалькі разоў заглядае ў твар. Ясь адмоўчваецца, не хоча гаварыць пры людзях.

Аўтобус глуха пырхае на астаноўках і ўжо звярнуў на апошні загарадны праспект. Мільгаюць за вакном рознакаляровыя шыльды, галовы пешаходаў. Чым далей за горад ідзе аўто, тым меней застаецца пасажыраў. Ужо Валодзя прысеў уперадзе і азірнуўшыся ківае Люсі. Яна махнула яму і звярнулася да Яся:

— Куды вечарам пойдзеш?

— У чарцёжку думаю. А ты?

— Не ведаю.

За вакном радзей замільгалі будынкі, а праз колькі часу направа паказалася роўная сенажаць. Люся ўселася на вольнае месца да вакна і ўсю дарогу маўчала, пільна ўзіраючыся ўдалеч. Вось аўтобус звярнуў і паўз прысады пасёлка панёсся на гару. А там і аэрадром. На апошняй астаноўцы яны вышлі і накіраваліся пад зялёную арку брамы. Праз некалькі хвілін апынуліся ў дзяжурцы аэрадрома. Тут было людна, шумна. Моладзь таўпілася і голасна абгаварвала апошнія палёты. Інструктар парашутнай справы слухаў падгалістага хлапца з нахлабучанай на патыліцу кепкай і гаварыў раздзельна.

— Вам праз пяць секунд трэба было раскрыць парашут, а вы?..

— Я налічыў да васьмі.

У інструктара на чырвоным кончыку носа дробнай расою выступіў пот. Ясь праціснуўся ў гушчу і выцягнуўшы шыю пастаяў крыху, потым кіўнуў Люсі і выйшаў у прасторную залу тут жа па суседству. Каля шафкі ўжо стаяў Валодзя і надзяваў скураную пілотку. Люся выйшла ў бакавы пакой — раздзявалку для жанчын. Ясь пасядзеў каля вакна і ўбачыўшы, што Валодзя ўжо надзеў камбінезон, устаў і адчыніў вуглавую шафку. Выняў акуратна складзены камбінезон і стаў адзявацца. Потым узяў пілотку і запытаў у Валодзі.

— Яшчэ не позна?

— Дваццаць хвілін засталося.

— Трэ спяшаць.

Ясь пастукаў у дзверы.

— Люся, хутчэй!

Зялёнае поле аэрадрома прыціхла. Першая змена скончыла палёты, другая толькі збіралася. Каля агарожы злева чубок лесу. Тут прытаіўся прысадзісты ангар. Далей на горцы грузна апусціўшы крыллі стаялі два самалёты. Каля іх былі людзі. Валодзя спяшаўся туды. Навакол самалёта сядзелі лётчыкі, вучлёты і парашутысты. Ясь прывітаўся і прысеў на траву. Ён пазіраў на востры край прапелера левага матора і на белыя камякі хмарак, плыўшыя па далёкім небе. Унутрана ён быў спакойны і, мусіць, не думаў, што хутка прыдзецца прыгаць. Да яго звярнулася Люся.

— Падцягні мне папругу.

Ён устаў і зашпіліў на плячах папружку, пахлопаў далонню па сумцы парашута на спіне, агледзеў Люсю кругом.

— Усё як мае быць.

Потым лёг на спіну і пазіраў у высокую сіняву неба. Было прыемна ляжаць і адчуваць свежыя подыхі цёплага ветрыку з хвойнага ляска. Не хацелася ні аб чым думаць. Парушыла спакой галасістая каманда.

— Звяно ста-анавісь!

Старшы інструктар парашутнай справы зрабіў пераклічку звяна, па чарзе праглядаў надзетыя парашуты. Дайшла чарга да Люсі. Ён пацягнуў за папругі, агледзеў парашутныя сумкі і буркнуў сабе пад нос.

— Не падкачай сёння.

Не закончыўся яшчэ інструктаж, як з'явіўся доктар і нічога не кажучы стаў нашчупваць пульс.

Рэзка загудзелі маторы і самалёты адзін за другім сталі на стартавую пляцоўку. Звяно раздзялілася на дзве групы і накіравалася да самалётаў. Паволі ступала Люся па гумавых лесачках і зайшла ў кабіну самалёта. Тут былі Ясь, Валодзя і двое з механічнага завода. 3 кабіны ў тэлефон крычаў інструктар:

— Гатова!

Маторы дружна раўнулі. Люся бачыла праз вакно як стартавы ўзмахнуў сцяжкамі і адбег у бок. Паволі паплылі прысады і яна адчула лёгкія штуршкі. Потым насустрач за вакном хутка панесліся прысады, што за агарожай. На развароце Люся заўважыла перакошаны небасхіл і далёка ў сіняве мільгануў зубчаты край леса.

Валодзя сядзеў каля вакна і сачыў за стрэлкай альтыметра. Белы кончык яе, дрыжучы, паварочваўся, паказэаў: чатырыста, пяцьсот...

Калі вышыня была дзевяцьсот пяцьдзесят, інструктар сказаў цішэй як усе разы:

— Падрыхтавацца!..

Каля дзверац спыніўся токар механічнага завода. Ён азірнуўся на поруч стаяўшага сябра і нешта яму сказаў.

— Пашо-оў! — камандаваў інструктар.

Дзверцы адчыніліся... Уварваўся струмень ветру і злюча рваў камбінезон на токару. Ён з поўхвіліны пастаяў каля парога і рынуўся ўніз. Інструктар наглядаў.

За токарам рынуўся яго сябра і ўжо на чарзе стаяў Валодзя. Услед за ім, прыблізна на секунду пазней пакінуў самалёт Ясь. Паветраны акіян шыбануў з такім свістам, што аж дыханне заняло. Аграмаднае чудзішча зямлі кружылася з страшэннай сілай і неслася насустрач. У гэтым лёце разабраць што-небудзь цяжка — усё злілося ў неразборны зялёны круг. Ясь адлічыў пяць і тузануў за кольца. Зразу ж адчуў штуршок пад пахі і не паспеў агледзець як след распушчаны купал парашута, як адчуў, што з сілай у па­рашут хтосьці ўрэзаўся і прарваў яго. Яшчэ мацней куляючыся паляцеў ён уніз. Ясь тузануў кольца запаснога парашута. Аглянуўся і ўбачыў, што запасны распусціўся ўдала. Каля яго ўгары шалёна трэпле вецер прарваны і заблытаны з Люсіным другі парашут. Поруч апускалася Люся.

— За стропу хапайся! — зваў Ясь і чапляўся рукою за парашутную сумку на плячах, прыцягваў яе да сябе. Не паспеў ён апамятапца, як побач злева затрапяталі белыя брыжы чужога па­рашута. Вось і стропы. Іх ветрам шуганула бліжэй і стропы зблыталіся. Ясь убачыў Валодзю, збялеўшага нібы папера. Ён махаў рукою і нешта крычаў. Цяпер яны прызямліліся ўтраіх. Хуткасць зніжэння зменшылася. Вецер гойдэў іх, кідаючы ў бакі.

Люся шмарганула за кольца запаснога, але ён не раскрыўся, бо сумка была заблытана стропамі раней распушчанага. Яна парашыла адрэзаць стропы не дзейнічаючых парашутаў і гэтым даць магчымасць распусціцца запасному. Выняла нож і толькі намерылася рэзнуць, як Ясь, убачыушы гэта, крыкнуў:

— Схаваць нож!..

Ясь баяўся, што з гарачкі Люся адрэжа не толькі стропы заблытанага, але і распушчанага. Тады каменем паляузт уніз...

У Валодзі на плячах была зачынена сумка запаснога. Яся шуга­нула да Валодзі і ён сказаў яму, нацягваючы стропы заблытаных парашутаў:

— Распусці запасны!

Валодзя вышмаргнуў кольца запаснога і ўгары ўжо былі рас­пушчаны тры парашуты. Ясь аберуч, да болю сціснуў стропы парашутаў і, надцягваючыся, руляраў, каб стаць тварам к напрамку ветру.

Пачуўшы крык Яся і ўбачыўшы як старанна ён працуе над тым, каб удала прызямліцца, Люся з хваляваннем пазірала на яго рукі, моцна трымаючы парашутныя стропы. Яна была рада за Яся, за яго такую упэўненасць і спакой. 3 радасці глянула ўніз.

Далёка віднелася серабрыстая паласа затокі і шырока раскінуты дымны горад. Зямля набліжалася. Валодзя падцягваўся на стропах і паварочваўся тварам да Яся. Ясь камандваў.

— Падрыхтавацца к прызямленню!

Лявей віднеліся кусцікі, а пад імі расцілалася жоўтая пожня. Управа за кілометр радочкам стаялі слупкі агарожы аэрадрома.

Вось, вось зямля.

Ясь быў задаволены і адпусціўшы правую руку, паправіў папружку на плячы. Тым часам Валодзя на стропах пацягнуўся яшчэ і стаўшы на вугал хацеў нешта сказаць Ясю. Здрантвелыя пальцы левай рукі Яся не ўтрымалі ўсіх стропаў. Ён пацягнуўся схапіць правай, але было позна. Левая рука страціла сілу і упусціла стропы. Валодзя той час аддзяліўся на двух парашутах, кружыў і махаў ім, хутчэй ішоўшым да зямлі, рукою.

У скронях Яся паспешна забілася кроў. „Што я зрабіў? — падумаў ён.— Добра што невысока..."

Ясь і Люся на адным парашуце. Хутка апускаліся. Ён падхапіў яе за папружку і крыкнуў голасна:

— Падабраць ногі і зразу на правы бок!..

Ясь падтрымаў яе на руках і зваліўся на бок, моцна грукнуўшыся аб зямлю. Пакінуў Люсю, усхапіўся і хутчэй тузануў за стропы, патушыў парашут, каб ветрам не цягала па зямлі. На жытнішчы далёка працягнуліся стропы і мякка лепятаў краямі парашутны купал.

— Ну, вось і ўсё добра,— сказала Люся.

— А то як жа...

Яна адчапіла парашут і падышла да Яся.

— За смеласць,— і моцна пацалавала яго. Ён збянтэжыўся і не мог нічога сказаць.

— Чаго ж ты маўчыш, чудненькі.

Пачырванеў Ясь нібы бурак і нечакана для сябе сказаў:

— Пойдзем сёння куды хочаш...

— Мой дарагі, добра... — і слёзы радасці заіскрыліся на твары ў Люсі.

— Даволі там, хіба так можна! — крычаў ім Валодзя, патушыўшы свае парашуты.

Па пожнях шастаў вецер. Здалёк чуцен быў шум аўтобуса, які накіроўваўся да іх.


Менск, 1938 г.