КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Паўночнае пекла [Павел Пруднікаў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Павел Пруднікаў


ПАЎНОЧНАЕ ПЕКЛА




  Частка першая


Можа, у дол пахавалі,

Можа, сняжком замяло...

На чалавекапавале

Нормы тады не было.


С. Законнікаў


  Далёкая дарога

Студзеньскім ранкам 1938 года са станцыі Ленінград — Таварная Кастрычніцкай чыгункі адыходзіў незвычайны цягнік з незвычайным грузам. Ён складаўся з 50 вагонаў, большая палова з якіх — цяплушкі, набітыя да адказу людзьмі. У кожнай з гэтых цяплушак знаходзілася не менш як 50 чалавек, бо ў большасці вагоны былі пульманаўскія. Звычайна ў такіх вагонах майструюцца нары-палаці ў два ярусы, а ў гэтых — у тры. Інакш яны не паспявалі б вывозіць у тэрмін тысячы «пасажыраў». Такімі цягнікамі была запруджана ўся паўночная ветка чыгункі. Іх набралася значна больш, чым намячалася па графіку — на адным дні па некалькі.

Хто ж былі гэтыя загадкавыя пасажыры? Яны — армія першапраходцаў паўночна-ўсходніх раёнаў, бясплатная рабочая сіла — цягло з агульным кляймом-ярлыком «вораг народа». Гэта бяспраўныя істоты з «наморднікамі», ці, як іх потым празвалі, «барадатыя камсамольцы», якіх чакаў цяжкі, невядомы лёс. Куды іх вязуць, навошта вязуць — ім невядома. Вядома толькі, што яны надоўга, а можа, і назаўсёды расстаюцца з сем’ямі і Паўночнай Пальмірай — Ленінградам...

Вось грымнулі дзверы вагона. Прынеслі першую дарожную баланду. Вырашылі перад адпраўкай накарміць — дарога далёкая. А было гэта ў дзевяць гадзін раніцы пятнаццатага студзеня. Надвор’е стаяла халоднае, марознае.

— Грамадзянін начальнік, куды далёка паедзем? — хтосьці з нявольнікаў спытаўся ў старшага канваіра.

— Прыедзем — убачыш,— адказаў той.

— А раней ведаць няможна?

— Няможна.

— А чаму? — не адставаў смелы вязень.

— Таму што я і сам яшчэ не ведаю,— схітрыў канвойны начальнік.— Зачыніце дзверы! — звярнуўся ён да радавога канваіра.

На гэтым і закончылася гутарка, да якой так прыслухоўваліся: хацелася ведаць хоць трохі з таго, што іх чакала.

— Во звяругі, нават не скажуць, куды павязуць,— сказаў невядома каму расчараваны вязень.

— Да цешчы на бліны,— падкалоў яго сусед па нарах.— А калі ў «Крыжы» вязлі, табе сказалі куды?

— То была іншая рэч: турма, ды яшчэ і следчая. А цяпер жа мы як быццам вольныя.

— Вольныя з «наморднікамі». Не ўбачыць нам волі, як сляпому белага свету.

— Мо і праўду ты кажаш,— згадзіўся той і змоўк.

А тым часам цягнік рыхтавалі да адпраўкі. Прычапілі паравоз, які пыхцеў, як заезджаны рысак. Чыгуначнікі-вагоннікі правяралі кожнае кола і кожны тормаз. Яны хадзілі ўздоўж састава, стукалі малаточкамі па колах, адкрывалі кожную буксу, правяралі падшыпнікі, дзе трэба, змазвалі шыйкі колаў, каб пасля адпраўкі не мець ніякіх непрыемнасцей.

І вось нарэшце цягнік крануўся з месца. Застукалі колы на стыках, зарыпелі вагоны. Людзі пакідалі горад, з якім даўно зжыліся, якім калісьці любаваліся і ганарыліся, які ў свой час дарыў ім радасць, а напаследак прынёс вялікае гора. Ужо мільгалі апошнія агеньчыкі горада на Няве. Бывай назаўсёды, «Петра творенье»!..

Гледзячы ў акенца праз краты на мільганне апошніх агеньчыкаў горада, нехта сумна завёў:

Соловки да Соловки —

Дальняя дорога!..

Сердце ноет и болит,

На душе тревога...

— Не хапала толькі гэтага,— не стрымаўся адзін з вязняў.— Завёў, як над нябожчыкам. Бачыце,— працягваў ён,— Салаўкі для яго — «дальняя» дарога. Супраць таго, куды нас вязуць, Салаўкі — гэта рай.

— А куды ж нас вязуць? — спытаў пявун.

— Ты ж чуў куды — да цешчы на бліны. А можа, перадумаюць ды павернуць і затарабаняць на якую-небудзь Калыму ці востраў Вайгач. Вось тады ты зразумееш, што такое «дальняя» дарога і што значыць на душы трывога.

— А няўжо і праўда могуць так далёка завезці? Няўжо ёсць такая патрэба? — пачуўся чыйсьці перапалоханы голас.

— Каб не было, дык мы не сядзелі б у гэтай дарожнай клетцы,— быў адказ.

А цягнік набіраў разгон і ўсё хутчэй і хутчэй імчаўся наперад у напрамку да Котласа.

За акенцамі вагонаў мільгалі сінія лясы ды белы снег — мёртвая прырода. Вакол стаяла нямая цішыня, якую парушалі толькі бег цягніка ды гудкі паравоза. А ў вагонах ішло сваё жыццё. Займаліся хто чым: хто драмаў, хто грыз рэшткі перадачы — сухары, хто бурчэў сабе пад нос, а хто гутарыў з суседам, дзяліўся сваімі горкімі думкамі аб мінулым, сённяшнім і будучым.

Не спаў і Міхась. Думкі не давалі спакою. Ён і да гэтага многа думаў, а цяпер пад грукат вагонных колаў не мог заснуць. Ён пачаў перабіраць у памяці ўсё перажытае — ад дзіцячых гадоў да чорных дзён свайго сённяшняга жыцця. Успомнілася, як зімою бегаў босы цераз вуліцу да свайго сябра Алеся, як яны потым разам з ім ранняй вясною, таксама басанож, калі яшчэ сям-там ляжаў снег, бегалі ў лес па бярозавік, які замяняў ім тады і чай, і малако. Прыгадаў, калі ўпершыню ўпрогся ў цяжкія, але патрэбныя сялянскія работы. Яму было ўсяго толькі дзесяць год, як бацька пачаў прывучаць яго да касьбы, для чаго набыў Міхасю маленькую коску. А як толькі яму споўнілася 12 год, бацька стаў вучыць яго араць. Ён казаў малому Міхасю:

— Будзь мужчынам, трымайся за ручкі плуга моцна і ўпэўнена. Калі трэба браць глыбей, падымай ручкі ўгару, а меней — налягай на іх. Калі трэба гнаць шырэйшую баразну, паварочвай ручкі направа, каб лямеш плуга ішоў налева і браў больш зямлі, а менш — вярні ручкі налева. Толькі глядзі, каб плуг не выскачыў з баразны. А для гэтага ў дышлі плуга ёсць рэгулятар, з дапамогай якога ты можаш араць і глыбей, і мялей, а таксама можаш браць і шырэйшую, і вузейшую баразну. Глядзі вось,— і ён паказваў Міхасю ўсю няхітрую «тэхніку», якую Міхась ужо збольшага ведаў.

А было гэта яшчэ да калектывізацыі. Сям’я ў Міхасёвых бацькоў была немалая — дзесяць душ. Яе трэба было накарміць, апрануць і абуць. Свайго хлеба не хапала. Не хапала сродкаў на вопратку і абутак. Значыць, бацькам трэба было падрабляць, і яны падраблялі, як маглі: бацька рабіў гаршкі, да чаго хацеў прывучаць і Міхася, а маці са старэйшымі дочкамі вырабляла крэйду. Гэта і былі пабочныя заробкі. А таму Міхасёў бацька быў вельмі рады, калі дачакаўся памочніка. Паступова амаль усе гаспадарчыя работы, звязаныя з полем, лажыліся на Міхасёвы плечы, а бацька ганчарнічаў. Пасвіць коней, вадзіць іх на начлег таксама ляжала на Міхасю. Праца была нялёгкай, але яна і загартоўвала Міхася, што пасля яму вельмі прыдалося.

Прыгадаўся Міхасю і дзень, калі ён напісаў першыя вершаваныя радкі. Яму было тады гадоў 12—13. І напісаліся яны неяк самі, хоць ён ніколі пра такую рэч і не думаў. Пра свае поспехі ён нікому не сказаў, акрамя свайго добрага і вернага сябра Алеся, які па-добраму яму пазайздросціў, а пасля і сам стаў нешта крэмзаць. А гады праз два пасля таго яны разам з Алесем хадзілі ўжо ў «школьных паэтах». Сельскую школу Міхась канчаў у роднай вёсцы, а вось сямігодку — за 20 кіламетраў ад бацькоўскага дому, дзе жылося не лепш, чым дома: увесь час хацелася есці. Дадуць бацькі на тыдзень бохан хлеба, кавалак сала і кошык бульбы — і гэтым жыві. Зрэдку бацька мог дазволіць сабе і такую раскошу: даваў сыну пяцьдзесят капеек «на кішэнныя расходы» і пісьмовыя прылады. І вось за гэтыя грошы Міхась набываў сабе кніжкі, асабліва зборнікі паэзіі.

Пасля заканчэння школы Міхась адразу «пайшоў у людзі» — купіў білет на цягнік і паехаў на заробкі ў Данбас. На сілу не скардзіўся — працаваў у шахце, на заводзе, ля доменнай печы, потым будаваў чыгунку ў Беларусі, працаваў на будаўніцтве прамысловых і жыллёвых аб’ектаў, грузчыкам на чыгунцы, на кніжнай базе ў Мінску. Адначасова друкаваў заметкі і зрэдку вершы ў газетах, пасля чаго ў хуткім часе стаў няштатным супрацоўнікам газет і радыё.

Працаваў і вучыўся на курсах па падрыхтоўцы ў ВНУ. Жылося Міхасю нялёгка, асабліва даймала беднасць. Бо гэта былі цяжкія гады — пачатак трыццатых, калі і заробленыя грошы часам доўга не аддавалі: затрымлівалася выплата «за адсутнасцю ў банку грашовых знакаў». Але Міхась не вешаў галавы. Ён шмат працаваў, упарта папаўняў свае веды і пісаў вершы пра людзей працы. У хуткім часе сабраўся цэлы зборнік, які выйшаў асобнай кніжкай пад назвай «Мазалёвыя рукі».

Усё жыццё Міхася прыцягваў да сябе горад на Няве. Гэта была яго мара. І калі ён адчуў, што мае такую магчымасць, сабраў патрэбныя дакументы і паслаў іх у педінстытут імя Бубнава. Атрымаўшы выклік, паехаў туды, вытрымаў экзамен і стаў студэнтам. Жыў, як кажуць, на падножным корме, пераважна на мізэрную стыпендыю, без якой-небудзь дапамогі збоку, бо бацькі і самі галадалі ў цяжкія трыццатыя гады.

Толькі Міхась і тут не падаў духам. Ён, як галодны звер на ежу, накінуўся на веды. А ў Ленінградзе ж было ў каго і чаму вучыцца. І ён дзень і ноч вучыўся і падрабляў на пражыццё на розных выпадковых работах — у порце, на базах, на новабудоўлях, у лікбезах, вячэрніх школах і на розных курсах. Паспяваў займацца і вершамі, а таксама знаёміцца і сябраваць з дзяўчатамі. Неяк ён пазнаёміўся са студэнткай таго ж інстытута і факультэта, толькі ніжэй на два курсы, Таісай, з якой праз год і ажаніўся. Жылі бедна, па-студэнцку. Спадзяваліся на лепшае будучае. Толькі не ўсё ў жыцці атрымліваецца так, як хочаш, як жадаеш.

Усё атрымалася наадварот і ў маладажонаў Асцёрскіх: іх жыццё крута перамянілася ў горшы бок, разлучыла іх — і невядома ці злучыць. Відаць, нейкаму нягодніку іх шчасце калола вочы, і ён вырашыў разбурыць яго. І, трэба сказаць, ён дабіўся свайго: мала, што Міхась стаў цяпер рабочаю жывёлінай, дык яшчэ Таіса публічна адраклася ад яго, Міхася, бацькі яе дзіцяці, як ад «ворага народа». Не, такога яшчэ свет не чуў і не бачыў! А нягоднік радуецца, смяецца... «Але нічога, прыйдзе і на яго мор, час адплаты непазбежны!» — кажа сабе Міхась, гледзячы праз маленькае акенца з кратамі на заснежаныя бязмежныя прасторы.

Так за некалькі гадзін ён прайшоў у думках праз усё сваё нядоўгае жыццё.

Міхасю хоць трошкі ды пашчасціла: ён размясціўся на вагонных нарах другога паверха, каля сцяны з маленькім акенцам, праз якое ён назіраў за ўсім, што мільгала па-за вагонам. Бачыў ён бясконцыя белыя палі і цёмна-сінія лясы, скаваныя лёдам рэкі і азёры, замеценыя снегам маленькія вёскі з саламянымі стрэхамі, вялікія і малыя гарады, якія патаналі ў электрасвятле. Калі цягнік праходзіў міма станцый, ён чытаў шыльды, якія азначалі іх шлях. Міхась стараўся запамятаць іх і называў сваім суседзям па нарах. Адным словам, гэтыя шыльды дапамагалі яму арыентавацца, дзе яны праязджаюць, дапамагалі на практыцы пашыраць веды па геаграфіі.

— Таварышы, мы ўжо прамінулі Мгу, Чарапавец і Котлас, хутка будзем у Пярмі,— паведамляў ён сябрам па няшчасці.

— Не ў Пярмі, а ў Молатаве,— хтосьці паправіў яго.

— Не ўсё роўна? Кажуць, станцыя мае старую назву,— умяшаўся трэці.

А калі пад’ехалі да гэтай Пярмі-Молатава і ім пачалі раздаваць баланду, пачуўся голас з далёкага кутка вялізнага вагона:

— Сябры, мо пачакаем з ежай, у нас нябожчык.

— Хто? — спытала адразу некалькі чалавек.

— Студэнцік Віця Чайкін.

— Гэта той, што ўвесь час сумаваў па маладой жонцы і плакаў?

— Той самы.

Так, сапраўды гэта быў той самы студэнт тэхнікума сувязі, з якім Міхась нейкі час знаходзіўся разам у камеры 889 ленінградскіх «Крыжоў». Ён і тады ўвесь час сумаваў па маладой і любімай жонцы, таксама студэнтцы тэкстыльнага тэхнікума.

Каб не вярнулі назад пайкі і порцыі баланды, згаладалыя вязні не сказалі ахове аб смерці Чайкіна, пакуль не закончылі сняданне. І толькі тады далажылі начальству. Прыйшлі ахоўнікі, труп вынеслі з вагона, нібы які мяшок, і кудысьці пацягнулі за будынак станцыі. Неўзабаве пасля гэтага цягнік крануўся з месца і пачаў набіраць хуткасць. Бывай Перм-Молатаў і сябар Віця Чайкін!.. Чыя чарга за табою, ніхто пакуль не ведае, але гэта толькі пачатак...

— Хто ведае, што прыпісвалі гэтаму бедалагу Віцю Чайкіну? — спытаў хтосьці ў суседзяў нябожчыка.

— Шпіянаж на карысць буржуазнай Латвіі ці Літвы,— пачуўся адказ з далёкага кутка.

— А яшчэ тое, што ў яго пад падушкай знайшлі томік Ясеніна,— дадаў другі голас з таго ж кутка.

Смерць Чайкіна як быццам абудзіла ад глыбокага сну незвычайных пасажыраў незвычайнага цягніка. Бо гэта была першая ластаўка з такіх трагічных здарэнняў у далёкай дарозе. А таму яна так балюча кранула сэрцы зняволеных людзей.

Праз суткі на станцыі Свярдлоўск вынеслі з вагона яшчэ адну ахвяру — калгаснага «дыверсанта», былога брыгадзіра-палявода Палкіна. Гаварылі — не перанёс пабояў, якія яму давялося выцерпець яшчэ ў «Крыжах». Ён часта плакаў і стагнаў. Ён аддаў богу душу пад раніцу. Калі яго выносілі з вагона, на двары быў люты мароз. Было так холадна, што ў байца-канваіра з вачэй цяклі слёзы і здавалася, што ён плача.

Калі раздавалі баланду, у вагон кінулі конусны кавалак цукру — да заваранага танным чаем кіпятку.

— Начальнік, а як дзяліць гэты цукар? — звярнуўся да канваіра, які быў з раздатчыкамі, стараста вагона,— У нас такіх галоў ужо назбіралася цэлых пяць.

— Як можаце, так і дзяліце,— адказаў той і зачыніў дзверы вагона.

Міхась, як нешта ўспомніўшы, раптам прапанаваў:

— Таварышы, калі вы не пагрэбуеце, я падзялю вам гэты цукар.

— Ды хто тут будзе грэбаваць, дзялі, браток,— узрадаваўся стараста, а разам з ім і ўсе вязні.— Толькі як ты гэта зробіш?

— Як зраблю — пабачыце,— адказаў Міхась.— Вы толькі папрасіце канвойнага начальніка, каб ён дазволіў разбіць гэтыя галовы на меншыя часткі, астатняе я сам усё зраблю.

— Добра, папрашу,— запэўніў стараста.

На наступным прыпынку (а цягнік гэты спыняўся часта і стаяў падоўгу) стараста звярнуўся да старшага канваіра з просьбай. Той, хоць неахвотна, але ўсё ж такі дазволіў раскалоць галоўку цукру на чатыры часткі, а ўсё астатняе, як і абяцаў, узяў на сябе Міхась. Ён, не спяшаючыся, кожны вялікі кавалак цукру раскусваў зубамі на дробныя часткі. Усё далейшае даробліваў стараста: ён кожнаму вязню ўручаў па порцыі.

— Асцёрскаму, які раздрабляе цукар, трэба даваць дзве порцыі,— пачуўся з глыбіні вагона голас.

— Тры, а не дзве! — падтрымаў другі голас.— Без яго мы наогул гэты цукар толькі бачылі б.

— Таварышы, не спрачайцеся,— адказаў Міхась,— я ўсё роўна больш як адной порцыі не вазьму. Што ўсім, тое і мне.

— А можа, возьмеш? — з недаверам у голасе спытаўся стараста.

— Сказаў не, значыць, не! — адрэзаў Міхась.— А калоць абяцаю да канца маршрута.

І ён кожны дзень старанна калоў сваімі моцнымі зубамі конусныя галоўкі цукру. І так усе трыццаць дзён гэтай цяжкай невясёлай дарогі.

Калі вязні пераканаліся, што Міхась не хітруе, яму пачалі давяраць дзяліць і ўсё астатняе, што трапляла ім у вагоне — прадукты, тытунь, халву, якой часам замянялі цукар, і іншае — старасту так не верылі, як яму.

Чым далей ехалі на ўсход, а затым і на паўночны ўсход, тым часцей і больш стаяў цягнік на розных станцыях — як на вялікіх, так і малых. Ён доўга стаяў у Цюмені, Омску, Барабінску, Новасібірску, Юрзе, Тайзе, Яі, Ачынску, Краснаярску, Канску, Зіме, Іркуцку. І амаль на кожнай станцыі выносілі з вагона нябожчыкаў. У іншых вагонах гэтага цягніка рабілася тое ж самае. Спачатку гэта палохала і неяк прыгнятала людзей, а потым паступова яны прывыкалі — страшная з’ява рабілася будзённай.

Байкал аб’язджалі ноччу, яго нельга было ўбачыць у акенца вагона. Міхась вельмі шкадаваў, што не давялося паглядзець на гэтае унікальнае тварэнне прыроды. Калі ж ён сказаў пра гэта суседу, той з усмешкаю супакоіў яго:

— Не бядуй, Асцёрскі, яшчэ пабачыш,і, можа, не адзін раз. Мо нават яшчэ ўсё гэта табе абрыдне.

— Усё можа быць,— згадзіўся Міхась.— Але ж цікава было б і цяпер зірнуць на гэтае «слаўнае мора».

На трыццатыя суткі прыехалі ва Улан-Удэ, адкуль пасля нядоўгай стаянкі, замены паравоза і яго брыгады адправіліся на канцавую сваю станцыю — Заудзінск.

У Заудзінску ўсіх зняволеных высадзілі з вагонаў і размясцілі ў палатках, нягледзячы на тое, што ўжо стаялі лютыя маразы. За трое сутак усё немалое зборышча народу рассартавалі, падзялілі на групы і пачалі рыхтаваць да адпраўкі на ўчасткі трасы будучай чыгункі. Траса гэтая пралягала праз усю Бурацкую (тады Бурат-Мангольскую) АССР — ад Заудзінска да Навушак. Даўжыня яе складала 250 кіламетраў.

Дабірацца да месца прызначэння трэба было пехатой. А таму начальства будучага лагера (Южлага) разам з камандаваннем аховы прапанавала зняволеным пакінуць пад распіску свае лішнія і цяжкія рэчы, якія абяцалі адразу ж прывезці на машынах услед за імі. Шмат хто паддаўся на спакусу палёгкі і здаў свой набытак з надзеяй, што ён не прападзе. А Міхась, навучаны горкім вопытам — яму не вярнулі яго 25 рублёў ні ў Ленінградзе, ні ў Заудзенску,— рашыў, што хай усё будзе пры сабе — хоць цяжкае, ды сваё. Той, хто паверыў слову энкавэдыстаў, рэчаў сваіх больш не ўбачыў: іх падзяліла паміж сабой канвойнае і лагернае начальства, а ўсякія лахматы даставілі на месца. Калі ж людзі пачалі пытацца пра свае рэчы, пачулі ў адказ:

— Мы нічога не ведаем. Чакайце. Прывязе той, хто прымаў.

Ішоў час, шмат каго завезлі на могілкі, а рэчы і па сённяшні дзень усё вязуць.


  Цяжкі пераход

Якраз у сярэдзіне лютага калоны нявольнікаў рушылі ў паход. Ад марозу трэскалася зямля і скалы голых сопак. Хацеў хто ці не хацеў, а трэба ісці: сам мароз падганяў. Калі хто стамляўся і ад слабасці ці ад хваробы падаў, падбіралі машыны. Але гэта не ратунак: ад холаду на адкрытай машыне можна было хутчэй развітацца з жыццём, чым ідучы пехатой. Ішлі не па намечанай трасе будучай будоўлі, а больш трымаліся рэчышча ракі Селенгі, хоць гэта і павялічвала адлегласць.

Трэба было прайсці 190 кіламетраў, калі прытрымлівацца трасы, а пры рэчышчы то прайшлі ўсіх 200, а можа, і болей. Ішлі дзесяць сутак да населенага пункта Білютай, дзе павінна была будавацца станцыя будучай чыгункі. Гэта непадалёку ад вялікай вёскі Селендум. Хутка ісці не маглі, але вызначаных 20—25 кіламетраў у дзень праходзілі, спыняліся і рабілі прывал на цэлую ноч. Адразу ж нацягвалі палаткі, у якіх рыхтавалі ежу і начавалі.

Гарачая страва — адзін раз у суткі, а астатняе — сухія прадукты: хлеб і салёная камбала ці гарбуша. Для таго, каб зварыць баланду, растаплялі снег у катле. А што датычыць чаю, дык яго спрабавалі гатаваць самі зняволеныя ў якіх-небудзь праржавелых бляшанках, знойдзеных па дарозе. Пасля салёнай камбалы нап’ецца чалавек такога «чаю» — і адразу ж панос. А лазарэта ў дарозе няма. І вось чалавек пакутуе сам і прыносіць пакуты і турботы іншым: з-за яго затрымліваецца рух калоны. Для такіх бедакоў не хапала машын. І ім даводзілася ісці разам з усімі. А з-за іх трэба было рабіць лішнія прыпынкі. Шмат хто з такіх хворых не дайшоў да прызначанага месца — у дарозе злажыў свае крылы...

Але не ўвесь час прытрымліваліся русла ракі. Там, дзе Селенга рабіла «калена», каб скараціць час, ішлі не па лёдзе, а напрасткі, па голай зямлі — снегу амаль што не было. І вядома ж, на іх дарозе трапляліся вёскі з грамадскімі будынкамі, у тым ліку школамі. Вуліцы вёсак вузкія. Так што калона гэта расцягвалася на цэлы кіламетр, бо ішло ў ёй больш за тысячу чалавек. Наперадзе, па баках і ззаду ішлі ўзброеныя канваіры з сабакамі-аўчаркамі на павадках. Відовішча — незвычайнае і страшнае. Жыхары вёсак, па вуліцах якіх праходзіла калона, асабліва жанчыны, выскоквалі са сваіх хат, каб паглядзець на такое дзіва. Не адставалі ад іх і дзеці, асабліва школьнікі. Яны пакідалі класы і разам з настаўнікамі выбягалі на ганак і ва ўсе вочы глядзелі на незвычайных людзей. Жанчыны, як правіла, выходзілі са сваіх хат не з пустымі рукамі, а з боханамі ці акрайцамі хлеба, якія, нягледзячы на забарону канвоя, перадавалі зняволеным, а калі немагчыма было даць у рукі, кідалі проста пад ногі, а самі плакалі горкімі слязьмі. Бо відаць было, што і гэтых вёсак не абмінуў «хапун». Яны ўсё разумелі, што рабілася ў той страшны час. Разумелі і мужчыны, якія лічылі за лепшае назіраць за ўсім гэтым рухам праз вокны. Не высоўваць свайго носа іх навучыла жыццё.

З-за боханаў ці акрайцаў хлеба, якія кідалі жанчыны зняволеным, сярод іх часам усчыналіся бойкі. Тады канваіры адкрывалі пальбу, праўда, угару, чым адразу спынялі сутычкі.

Калі праходзілі міма школы, у Міхася заходзілася сэрца. Ён думаў: «Вось вызвалілі б мяне з гэтага пекла, дзе я апынуўся невядома за якія грахі, папрасіўся б у гэтую маленькую школку і вучыў бы вось тых малых дзетак, якія зараз глядзяць на нас, як на жывёлу, якую гоняць на забой. Што яны зараз думаюць, гледзячы на гэты «статак»? І што ім скажа пасля настаўніца, якая разам з імі стаіць на школьным ганку? Як яна будзе тлумачыць ім такое відовішча? І ці разумее яна сама, што адбываецца ў краіне? Пэўна, не. Яна будзе гаварыць дзецям, што гэта гоняць дрэнных людзей — «ворагаў народа», якіх трэба абыходзіць як мага далей. Што б яна ні думала, а павінна гаварыць менавіта так, інакш і сама трапіць у гэтае пекла.

Дзесяць начэй начаваў у палатках на лютым марозе Міхась Асцёрскі. Колькі разоў ён у сваім цёплым паліто з бобрыкавым каўняром прымярзаў да голай зямлі. Прымярзаў так, што сябры па няшчасці ледзь адрывалі яго. «Як добра, што я не паддаўся агітацыі лагернага начальства ў Заудзенску і не здаў «цяжкіх» рэчаў. Што б я рабіў цяпер, каб дапусціў такое глупства?» — разважаў сам сабе Міхась. Астатнія рэчы (цёплую куртку, штаны, бялізну і рэшткі прадуктаў ад перадачы) дапамагаў яму несці зямляк, былы ваенны камісар Мікола Канеўскі. Сам ён ішоў, як кажуць, улегцы — у ботах і ў шынялі. За яго бескарыслівую дапамогу Міхась дзяліўся з ім усім, што меў. Так яны і пасябравалі ў дарозе на доўгі час лагернага жыцця. Міхась заўсёды пра яго помніў і ніколі не заставаўся перад ім у даўгу.


  Першыя выпрабаванні

Да прызначанага месца прыйшлі ў апошнія дні лютага. Пры размеркаванні на жыхарства Міхась трапіў у бурацкую лазню. Разам з ім туды змясцілі яшчэ каля пяці дзесяткаў такіх жа нявольнікаў. У лік іх трапілі сябры па камеры 889 Іван Сяргееў, Павел Лёсік, Мікола Канеўскі, а таксама амаль усе тыя, з кім ён ехаў ад Ленінграда да Заудзенска. Было дужа цесна, але суцяшала тое, што ўсе знаёмыя.

Не паспелі пасяліцца, як у лазню зайшоў начальнік КВЧ (культурна-выхаваўчай часткі) калоны, прынёс цэнтральныя газеты — «Правду», «Известия», «Комсомольскую правду», «Труд» — і прапанаваў выбраць выхавацеля для культурнага абслугоўвання, а таксама брыгадзіра.

— Прапаную выхавацелем выбраць Міхаіла Асцёрскага,— пачуўся голас з гэтага скучанага натоўпу.

— Асцёрскага, Асцёрскага, ён сумленны чалавек! Ён паказаў сябе з самага лепшага боку яшчэ ў вагоне,— пачулася з другога боку.

— Другія прапановы будуць? — спытаў начальнік КВЧ.

— Няма!

— Хто за гэтую прапанову? Прашу падняць рукі. Аднагалосна,— сказаў начальнік.— А цяпер трэба выбраць яшчэ і брыгадзіра. Давайце вашы прапановы.

— Канеўскага Мікалая,— сказаў Міхась.

— Іванова,— пачуўся другі голас.

— Хто за першую прапанову?

Падняўся цэлы лес рук.

— Хто за другую — за Іванова?

— Пяць,— падлічыў начальнік КВЧ.— Значыць, праходзіць першая кандыдатура — Канеўскі Мікалай.

Жыхарам гэтай лазні-брыгады вельмі ўжо спадабалася тое, што іх як быццам зноў пачалі лічыць за людзей, нават галасаваць прапанавалі, як на волі, якую яны паўгода таму назад страцілі. Але гэта быў тонкі падман, пра які яны даведаюцца пасля.

Ні выхавацель, ні брыгадзір не вызваляліся ад працы спачатку ў лесе, а потым і на трасе. Пры гэтым, калі начальству трэба было, яно ў любы час мяняла і таго і другога без ніякага галасавання і наогул без згоды на тое брыгады.

Вось і гэтым разам пагналі ў лес пілаваць лістоўніцы і потым насіць іх на сабе за тры кіламетры. Не далі і адпачыць ад такой цяжкай дарогі. Сказалі, што тэрмінова трэба будаваць уцяплёныя палаткі і зямлянкі. Да баракаў яшчэ справа не даходзіла.

Міхасю трэба было і працаваць разам з усімі, і памагаць начальніку КВЧ праводзіць у сваёй брыгадзе выхаваўчую работу. Не хацелася яму гэтага, але што зробіш — сябры пажадалі, каб ён быў іх «асветнікам». Ён кожны дзень хадзіў у кантору па свежыя газеты, адносіў пісьмы сяброў, адрасаваныя сем’ям, чытаў уголас газеты. Акрамя ўсяго гэтага, ён кожны дзень, асабліва ранкам, па загаду начальніка КВЧ выносіў з палатак, якія размяшчаліся побач з іх лазняй, трупы зняволеных. У асноўным гэта былі прадстаўнікі сярэднеазіяцкіх рэспублік — узбекі, таджыкі, туркмены, кіргізы і зрэдку казахі. Заганяў іх у магілу голад і непрывычны для іх холад. А прыбылі яны сюды ў сваіх нацыянальных халатах, у якіх хадзілі і ў летнюю спёку, калі яшчэ былі на свабодзе. Бурацкія маразы былі не па іх адзенні і не па прывычным для іх клімаце.

— Гэй, звер, падымайся на работу! —махаў над ахвярай тоўстым ёмістым кіем нарадчык (лагерны падганяла накшталт паліцэйскага). А «звер» гэты ўжо нежывы. Яму ўжо цяпер усё роўна: хоць ты яго хвалі, хоць лай, хоць бі... А было, што мёртвых білі, прымаючы за жывых.

Міхась некалькі разоў пахадзіў на такія «ранішнікі» па вынасе трупаў, а потым катэгарычна адмовіўся, сказаў, што не можа — слабыя нервы. Пасля знайшліся добраахвотнікі, якія за такую «работу» вызваляліся ад лесапавалу. У асноўным гэта былі крымінальнікі.

Брыгада ў пяцьдзесят чалавек, у якой Міхась лічыўся выхавацелем, праходзіла першае і нялёгкае выпрабаванне. Яна ў кароткі тэрмін павінна была нарыхтаваць будаўнічага матэрыялу (лесу) і пабудаваць дзве зямлянкі для дзвюх брыгад на сто чалавек.

Брыгадзір атрымаў пілы, сякеры і павёў сваіх падначаленых на невялікую сопку, парослую лістоўніцамі. Адлегласць ад часовага жыхарства да месца працы складала прыблізна каля трох кіламетраў. Усю адлегласць трэба было несці на сабе бярвенне з лістоўніцы, якая, як вядома, цяжэйшая за дуб. Яна нават на вадзе не трымаецца — адразу тоне. Добра, што падымацца на гару выпадала паражняком, а з грузам — спускацца.

Брыгадзе далі не толькі пілы і сякеры, але і нормы. Ніхто не глядзеў на тое, што людзі былі стомленыя і аслабелыя за дарогу. І гэта яшчэ не ўсё. У брыгадзе, як і ў іншых, не кожны мог пілаваць, абыходзіцца з сякерай. Для Міхася, як і для брыгадзіра Міколы Канеўскага, такая работа не была навіной. Яны раслі ў вёсцы, ды яшчэ ў беларускай, дзе лесу хоць адбаўляй. Яны з дзіцячых год прывучаліся да такой работы. Не хапала толькі аднаго — сілы пасля турэмных і дарожных пакут. А вось для тых, хто вырас у горадзе і пасля працаваў на прадпрыемствах ці, больш таго — ва ўстановах, усё гэта было страшэнным цяжарам. Але лагернае начальства не пытаецца, можаш ты працаваць ці не, а нормы ўстанаўлівае для ўсіх аднолькавыя. Так, напрыклад, Іван Сяргееў — добры заводскі майстар, як кажуць на заводзе — залатыя рукі, а тут, у лесе, ён аказаўся бездапаможным. Ён не ведаў, як брацца за пілу і як трымаць у руках сякеру, падышоў да Міхася і неяк жаласна загаварыў:

— Міхась Раманавіч, а што ж мне рабіць? Я ж ніколі не трымаў у руках гэтай шалёнай пілы. З сякерай, праўда, меў справу, хоць і мімаходзь, а піла — гэта чорт ведае што. Не па маіх руках гэты інструмент.

— Іван Сямёнавіч, не падайце духам, усё будзе добра. Навастрыць пілу вы можаце?

— А як жа, я ж — слесар і механік. Тут, браце, ужо мая стыхія. Навастрыць магу і пілу, і сякеру.

— Ну, вось і будзеце вастрыць усе пілы брыгадзе, а брыгада, у сваю чаргу, будзе выконваць за вас і вашу норму. Згодны з такой прапановай?

— А чаму ж не згодзен, а з вялікаю ахвотай буду вастрыць пілы.

— Калі так, то я зараз жа скажу брыгадзіру.

Брыгадзір пагадзіўся з Міхасёваю прапановай, і Сяргееў два тыдні вастрыў усе пілы ў брыгадзе. Было добра і яму, і пілоўшчыкам. Ніхто ні на каго не крыўдаваў, бо без вострай пілы нормы не дасі.

Тут трэба заўважыць, што ў Міхася да Сяргеева былі асаблівыя адносіны. Міхась не мог забыць тых дзён, якія ён правёў з Сяргеевым яшчэ ў ленінградскіх «Крыжах», і тых цяжкіх для яго хвілін, калі яны разам ехалі ў «чорным воране» ў перасыльную турму, і Міхась праз акенца машыны ўбачыў акно сваёй кватэры з сям’ёй — жонкай і грудным сынам. Тады ён адчуваў на сябе бацькоўскія клопаты гэтага добрага чалавека, а пасля — і ў перасыльнай турме да апошняга моманту, як яны пакінулі яе. Цяпер яны толькі як бы памяняліся ролямі, а адносіны засталіся тыя ж самыя. Дзе і як толькі мог, Міхась стараўся дапамагчы былому свайму апекуну. Усё рабіў, пакуль мог, для Івана Сямёнавіча, каб хоць трошкі аблегчыць яго лёс. І той не мог не заўважыць дабрыні свайго малодшага сябра па няшчасці.

Толькі адзін тыдзень Міхась пахадзіў у выхавацелях. Яго знялі з гэтай «ганаровай» пасады без ніякай на тое волі брыгады, якая выбірала яго аднагалосна.

А здарылася гэта вось так. Пасля рабочага дня Міхась пайшоў у кантору па свежыя газеты для брыгады. Якраз у той самы момант прыбыў туды і оперупаўнаважаны з лагернага аддзялення.

— Чаго да нас завіталі? — спытаў памочнік начальніка калоны па працы.— І марозу не пабаяліся.

— Прыехаў праверыць дакументы на вашых «прыдуркаў», пацікавіцца, каго вы тут трымаеце пад гэтым дахам, у гэтых сценах.

— Мы не супраць,— адказаў той.— Правяраць дык правяраць. Можна пачынаць вось хоць і з нашага брыгаднага выхавацеля — Асцёрскага.

— У вас які артыкул? — звярнуўся опер да Міхася.

— Не ведаю,— паціснуў плячамі Міхась.

— А тэрмін зняволення? — працягваў той.

— Таксама не ведаю.

— Дык як жа вы сюды прыехалі, калі нічога не ведаеце?

— Вельмі спадабалася бурацкая прырода. Вось і я вырашыў падзівіцца,— перавярнуў трохі на гумар Міхась.

— Дайце яго асабовую справу,— звярнуўся да памочніка начальніка калоны ўпаўнаважаны.

Перагартаўшы асабовую справу, ён павярнуўся да Міхася і сказаў:

— Артыкулы КРА і КРД. Гэта значыць — контррэвалюцыйная агітацыя і контррэвалюцыйная дзейнасць. Тэрмін восем год без паражэння ў правах пасля адбыцця тэрміну пакарання. Зразумела?

— Зразумела, толькі не ўсё.

— А што іменна?

— Незразумела за што.

— А за што, дык вам, пэўна, гаварылі і следчы, і суддзя.

— Ніякага суда нада мной не было.

— Гэта мяне не тычыцца,— суха сказаў опер.— А вось выхавацелем вам працаваць няможна. Такое дазваляецца толькі бытавікам.

— Раз няможна, дык і няможна,— пагадзіўся Міхась.— За гэтакую пасаду я трымацца не збіраюся. Яна нічога мне не дае, акрамя лішніх клопатаў.

Калі Міхась з газетамі ў руках вярнуўся ў сваю лазню, да яго пасыпаліся просьбы:

— Таварыш выхавацель, занясіце пісьмо.

— Таварыш выхавацель, трэба кавалак паперы для пісьма.

— Таварыш выхавацель, у вас часам алоўка не знойдзецца?

Міхась выслухаў усе просьбы і адказаў:

— Я ўжо не выхавацель.

— Чаму? Адмовіўся? Не жадаеце дапамагаць нам?

— Не адмовіўся, а мне адмовілі.

— А як гэта здарылася? За што?

— А ўсё адбылося вельмі проста,— і Міхась расказаў, як яго «здымалі».

— Таварыш Асцёрскі, выканайце апошнюю нашу просьбу,— пачуўся ўмольны голас,— папрасіце гэтага начальніка, ці, як яго, опера, каб і нам аб’явілі артыкулы і тэрміны. Зрабіце такую ласку. Вас там хутчэй паслухаюць.

— Гэта я паспрабую зрабіць зараз жа,— сказаў Міхась і адразу ж пайшоў у кантору, дзе яшчэ сядзеў оперупаўнаважаны і памочнік начальніка па працы.

Праз колькі хвілін з дазволу опера памначальніка па працы прыйшоў у лазню з асабовымі справамі і кожнаму аб’явіў артыкул, па якім судзілі, і назваў тэрмін пакарання. З пяцідзесяці чалавек толькі двум, у тым ліку і Міхасю, было вызначана па 8 гадоў. Астатнім — па 10, 15, 20, 25 і плюс да гэтага па 5 гадоў паражэння ў правах пасля адбыцця «тэрміну пакарання».

— Добра вам, васьмігоднікам,— зайздросцілі Міхасю і Чэкану сябры па няволі.

Міхась крыва ўсміхнуўся:

— Дарагія сябры, ні вы, ні мы такія тэрміны не адужаем, калі нас раней не выпусцяць. Усіх нас чакае адна доля. Справы нашы дрэнь, але ж будзем жыць надзеямі на вызваленне. Не можа быць, каб усё так і заставалася. Знойдуцца людзі, якія ва ўсім разбяруцца.

— Праўду кажаш, выхавацель, усім нам канцы, калі ў час не разбяруцца,— сказаў нехта прастуджаным голасам.

— Па-першае, я ўжо не выхавацель, а па-другое, не трэба заўчасна хаваць сябе,— заключыў Міхась.

Вось так, толькі праз паўгода пасля арышту, і Міхась, і яго сябры па няшчасці даведаліся, па якіх артыкулах прыдуманага кодэкса іх судзілі і на якія тэрміны. У кожнага з іх было адно і тое ж пытанне: за што? За якія грахі?

У большасці сваёй там былі людзі пісьменныя, з якіх сёй-той ведаў, што ў Крымінальным кодэксе СССР і Кодэксах саюзных рэспублік такіх артыкулаў, як КРА, КРД, АСА, СВА і іншых, няма і быць не магло. Дык хто ж гэта і навошта іх прыдумаў? Каму патрэбна гэта падробка-фальшыўка? Для чаго гэта ўсё рабілася? Так думаў амаль кожны.

— Во каб даведаўся Сталін! — усклікнуў нехта.— Ён бы паказаў гэтым самаўпраўцам — Яжовым!

— А калі ён ужо даўно ведае пра гэта? — азваўся хтосьці.

— Не можа быць! — не згаджаўся той.

— Можа, усё можа быць,— настойваў на сваім другі.

Зняволеныя, пакуль не ведалі, што іх чакае, спадзяваліся на штосьці лепшае, а цяпер іх пачала яшчэ больш есці туга. Некаторыя з іх нават расплакаліся.

— Хлопцы, давайце хоць як-небудзь паголімся, а то мы тут зараслі, як дзікуны,— прапанаваў Міхась, каб неяк развеяць цяжкі настрой.

Неўзабаве нехта знайшоў сталёвую пласцінку, якую добра навастрылі на бруску, што востраць сякеры, і пачалі па чарзе галіцца. Першы «скінуў» сваю пышную бараду Міхась, за ім брыгадзір Канеўскі, а пасля і ўсе астатнія. Падстрыгліся нажніцамі, якія Міхась прынёс з канторы. Вось так і адбылося ўсё адразу: у адзін дзень даведаліся і пра тэрмін незаслужанага пакарання і прывялі да парадку свой чалавечы выгляд — першы раз за паўгода.


  Трэцяя штрафная

Заканчвалася будаўніцтва зямлянак, а разам з ім і лесанарыхтоўчыя работы брыгады. Наогул жа праца ў лесе па нарыхтоўцы будаўнічага матэрыялу не спынялася. Але гэтай справай займаліся іншыя брыгады, тыя, што будавалі баракі і падсобныя памяшканні калоны нумар адзін. Людзі з брыгады Канеўскага з нецярпеннем чакалі, калі іх перавядуць у зробленыя імі зямлянкі. Толькі начальства чамусьці не спяшалася гэтага рабіць. І вось ужо на пачатку сакавіка прыйшоў у лазню памочнік начальніка па працы са спісам у руцэ, дзе значыліся прозвішчы ўсіх членаў брыгады, прачытаў яго і загадаў рыхтавацца ў дарогу.

— Куды гэта вы збіраецеся адпраўляць нас? — спытаўся Міхась, які быў знаёмы з гэтым начальнікам.— Толькі што пабудавалі сабе жыллё — і раптам у паход?

— На трэцюю штрафную,— адказаў той.

— А ў чым мы правініліся, за што нас караеце?

— А вы самі не здагадваецеся?

— Ды для такой здагадкі няма ніякіх падстаў,— азваўся брыгадзір Мікола Канеўскі.

— Калі вы самі не здагадваецеся, дык я вам падкажу. Вы ўсе тут — за палітыку, контрыкі, а гэта значыць — небяспечныя. Ні адміністрацыйных збудаванняў, ні чыгуначных мастоў узводзіць ніхто вам не дазволіць. Вы будзеце толькі дзёўбаць ламамі ды кіркамі скалы і рыдлёўкамі ды тачкамі адсыпаць насып будучага чыгуначнага палатна. Выемкі і кюветы — таксама ваш клопат. А вось гэтыя работы праводзіць менавіта трэцяя штрафная калона. Да гэтага часу там былі толькі крымінальнікі, якія трапілі туды за розныя ўчынкі. А цяпер і вы будзеце дапамагаць ім.

— У чым дапамагаць? Красці і па галовах хадзіць? — кінуў хтосьці рэпліку.

— На месцы будзе відней, дзе трэба лепш прыкласці рукі. Толькі вы там будзеце выконваць канкрэтныя заданні мясцовага начальства,— закончыў памначальніка па працы.

Восьмага сакавіка, у Дзень міжнароднага жаночага свята, брыгаду Канеўскага пагналі, як статак авечак, за пятнаццаць кіламетраў у кірунку мангольскай граніцы — у зону штрафной калоны нумар 3. На месца дабраліся ў той жа дзень. Іх размясцілі ў падрыхтаваныя баракі-палаткі. З таго дня і перастала існаваць брыгада Канеўскага. Рабацяг гэтай былое брыгады рассовалі па розных іншых брыгадах, якія ўжо да гэтага там існавалі і складаліся выключна з адпетых крымінальнікаў-злачынцаў. Рабілася гэта для таго, каб усе брыгады з «дармаедных» маглі спраўляцца з даведзенымі ім планамі. Карацей кажучы, начальства вырашыла зрабіць так, каб кожны сапраўдны рабацяга — «контрык» — працаваў за сябе і за дармаеда-бытавіка — адпетага бандзюгу. Брыгадзірамі прызначалі таксама толькі крымінальнікаў, а працавалі выключна «ворагі народа».

За няпоўны месяц жыцця і працы ў калоне нумар адзін другога аддзялення Южлага брыгада Канеўскага страціла пяць чалавек. Яны сталі аднымі з першых ахвяраў на новых могілках, якія былі замацаваны за новым лагерным лазарэтам. Але гэта былі яшчэ кветачкі, а ягадкі — наперадзе. Там яшчэ можна было цярпець: працавалі і жылі разам, як кажуць, свае людзі. А вось калі гэтых людзей загналі ў адну клетку з адпетымі зладзеямі, рэцыдывістамі, бандзюгамі ды яшчэ і аддалі пад іх уладу, «контрыкі» паступова адзін за адным пачалі адыходзіць у лепшы свет. Першым аддаў богу душу Сцяпан Фядотаў. Напярэдадні яго да паўсмерці збіў брыгадзір-бандзюга за тое, што ён адмовіўся аддаць яму сваю новую куртку. Цэлую ноч ён стагнаў, а раніцай яго знайшлі нежывога на земляной падлозе пад барачнымі нарамі. Да арышту Фядотаў працаваў старшынёй сельсавета паблізу станцыі Сіверскай Ленінградскай вобласці.

Наступнай ахвярай стаў Іван Сяргееў, якога столькі часу бярог Міхась, але ўсё ж не ўбярог. Яго з’ела дызентэрыя. Хворага завезлі ў лазарэт, дзе ён і памёр. Неўзабаве пасля гэтага на яго імя прыйшла пасылка. Лагернае начальства, ведаючы пра яго смерць, буйнымі літарамі напісала на скрынцы гэтай пасылкі свой умоўны знак — «чорны», што азначала мёртвы, і адправіла пасылку таму, хто яе пасылаў,— жонцы нябожчыка, у горад Сестрарэцк. Праз нейкі час тая ж пасылка разам з пісьмом зноў прыйшла ў штрафную калону нумар тры. У сваім пісьме, якое выпадкова трапіла ў рукі да Міхася, жонка пісала: «Ваня, чамусьці мая пасылка, адрасаваная на тваё імя, зноў вярнулася да мяне, пры гэтым на яе вонкавым баку чамусьці буйнымі літарамі напісана слова «чорны». Няўжо, Ваня, ты стаў цяпер чорным? Напішы мне, калі ласка, што гэта азначае?»

Канечне, Ваня ўжо напісаць не мог, бо на тым свеце пісем не пішуць. І гэтую справу ці абавязак узяў на сябе Міхась. Ён напісаў жонцы Івана Сямёнавіча ўсё, як было і што здарылася, нічога не ўтойваючы і не дадаючы. Прасіў яе трымацца мужна і больш не траціцца дарэмна. Бо інакш усе яе клопаты і расходы пойдуць на карысць лагерным «прыдуркам».

Хутка ён атрымаў адказ, у якім яна вельмі і вельмі дзякавала Міхасю за яго чалавечнасць, за яго сяброўскія і шчырыя адносіны да яе нябожчыка мужа.

Фядотаў і Сяргееў памерлі, а Канеўскага і Лёсіка перавялі ў іншыя брыгады. Міхась застаўся ў адзіноце. Нейкі час ён, не маючы надзейнага напарніка, біў ломам яшчэ не адталую зямлю і дзёўбаў гранітныя скалы адзін, пакуль не знайшоўся добры напарнік. А такім для яго стаў былы інжынер па сельскагаспадарчых машынах, выпускнік Ленінградскага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Уладзімір Уладзіміраў. Яны неяк адразу пасябравалі і стараліся заўсёды працаваць разам — быць напарнікамі. Нешта аб’ядноўвала іх, радніла. Было ў іх штосьці агульнае. Яны дружна білі ламамі ці кіркамі, дзяліліся думкамі і марамі, кожнай маленькай радасцю і горам. Яны так пасябравалі, што спалі разам — бок у бок, накрываліся адным бушлатам, а другі падсцілалі пад сябе на сырыя круглякі барачных нараў, бо не было там ні матрацаў, ні коўдраў, тым больш падушак. Не ўсім давалі і бушлаты з абуткам. Хто ў чым і з чым прыехаў, тым і карыстаўся. Паколькі іх прывезлі ўзімку, шмат хто быў у валёнках. Для зімовага сезона гэта было добра. А вось прыйшла вясна, пачало прыграваць сонца, а яны вымушаны былі хадзіць у тых валёнках, якія ім перадалі ў перасыльную турму. Калі ж зямля нагрэлася як след, яны здымалі свае мокрыя і пабітыя валёнкі і хадзілі босымі. Так і працавалі з ламамі, кіркамі і рыдлёўкамі. Міхасю добра запамятаўся адзін момант з тагачаснага іх жыцця і паднявольнай працы. Было гэта 20 сакавіка 1938 года. Сонейка так прыгрэла, што яны паскідалі з сябе не толькі валёнкі, але і кашулі, селі на край забою, пазвешвалі ногі і пачалі знішчаць «сараканожак», якія не давалі жыцця. Бо ў лазні яны не былі з дня арышту. Ад поту пачала разыходзіцца па рубцах і не па рубцах вопратка. Цэлую гадзіну абедзеннага перапынку яны змагаліся з гэтай поганню.

У той жа дзень сябры па няшчасці далі сабе слова дапамагаць адзін аднаму ў любы час і пры любых умовах і абставінах. Калі хто з іх трапіць у бяду, другі павінен будзе ратаваць яго. І слова сваё яны трымалі. Але пра гэта будзе гаворка потым. А пакуль што яны знаходзіліся ў аднолькавым становішчы: абодва былі рабочым быдлам. Хадзілі бруднымі, у абшарпаным адзенні, босымі і аслабелымі. Надзеі на выжыванне было мала. Іх абнадзейвала і суцяшала толькі ўзаемнае сяброўства. І ўсё-такі, нягледзячы на гэта, яны абмяняліся дамашнімі адрасамі, як яны гаварылі, на ўсякі выпадак.

Праз нейкі час Уладзімірава выклікалі і адправілі кудысьці ў іншае месца. А куды — ніхто з яго сяброў, як і сам ён, не ведаў. У лагеры ніхто ніколі не ведаў, каго і куды збіраліся весці ці везці. Толькі праз год Міхась выпадкова даведаўся пра лёс свайго сябра: ягоперавялі спачатку на пасаду майстра, а потым — інжынера і нарэшце — галоўнага інжынера майстэрняў. Пра гэта Міхась выпадкова даведаўся праз аднаго зняволенага — работніка тых самых майстэрняў.

Пасля таго як Уладзіміраў пакінуў штрафную нумар 3, Міхась зноў застаўся адзін. Брыгада, у спісах якой ён лічыўся, складалася ў асноўным з крымінальнікаў. Прадстаўніком гэтага асяроддзя быў і брыгадзір Розаў па мянушцы Бык. Ён пасадзіў Міхасю на плечы яшчэ трох-чатырох дармаедаў — амаль усю сваю шайку-лейку. Усе цяжкія работы выконвалі сапраўдныя рабацягі, а пайкі атрымлівалі палавінныя — за 50 працэнтаў нормы. Сваёй жа браціі ён выводзіў нормы на 100 працэнтаў, каб яны атрымлівалі пайку ў 1100 грамаў хлеба і адпаведны ёй прыварак. Неяк Міхась спрабаваў быў заікнуцца пра гэта брыгадзіру, на што той адказаў яму па-лагернаму, «шчыра»:

— Калі пачую ад цябе пра гэта яшчэ раз, пасаджу на трыста грамаў і аплявухамі пачастую. А паспрабуеш паскардзіцца каму-небудзь з начальства — цёмную арганізую. Зразумела табе, контра, ці не? Падумаеш, фраер мне знайшоўся!

Міхась змоўчаў. Ён сам сабе толькі падумаў: «Ці ж у гэтай тайзе-тундры, дзе пануюць драпежнікі, даб’ешся чаго-небудзь? Тут хутчэй галаву страціш, чым праўду знойдзеш. Трэба чакаць лепшага часу. Не можа быць, каб я надоўга тут засеў. На допытах і ў карцэры было цяжэй, і то выжыў. Выжыву і тут. Вечнага нічога не бывае. Буду спадзявацца на перамену».


  Палягчэнне, але для каго?

Міхась не памыліўся ў сваім прадчуванні. Праз колькі дзён пасля таго выпадку ў барак зайшоў нарадчык са спісам і пачаў выклікаць аднаго за другім членаў брыгады. У спісе былі прозвішчы каля трох дзесяткаў чалавек, у тым ліку і Міхасёва. Усім выкліканым прапанавалі забраць свае ўласныя рэчы, пасля чаго іх паставілі ў калону па два чалавекі і пагналі амаль у тым жа напрамку, адкуль іх гналі сюды, на трэцюю штрафную. А пераганялі іх у новую калону таго ж самага аддзялення, непадалёку ад першага прыпынку — вёскі Білютай. У трэцяй штрафной зноў пакінулі толькі сапраўдных штрафнікоў. І ў далейшым туды заганялі самых адпетых блатнякоў і сімулянтаў.

Тут Міхасю зноў пашанцавала: разам з ім туды трапіў і Мікола Канеўскі, з якім яны па-ранейшаму размясціліся на адных нарах (сырых сасновых круглячках), як самыя блізкія сябры. Спалі побач, бок да боку, і елі з аднаго кацялка, як раней з Уладзіміравым.

Праўда, жулля і тут хапала, але яго было менш і не такое драпежнае, як на трэцяй штрафной. Работа тая ж самая — адсыпка чыгуначнага палатна, але затое пайка і баланда былі большыя. Бо тут ужо выпрацоўка запісвалася цалкам таму, хто над ёю пацеў. Ды і жуллё ў бараку не хадзіла па галовах. Хоць і прыблізная, але ўсё ж такі была нейкая дысцыпліна. Толькі вось дрэнна было з адзеннем і абуткам: амаль нічога нікому не давалі. Няхай сабе прыйшла і вясна, якая прынесла на сваіх крылах цеплыню, ды цела патрабавала адзення, а ногі — абутку. Але ніхто пра гэта не клапаціўся. Вопратка на плячах пагніла, абутак разваліўся. Даводзілася на голае цела апранаць куртку, а на работу хадзіць басанож. Ботаў нікому з рабацяг не давалі. Калі каго і абувалі, дык у лапці, сплеценыя самімі зняволенымі. Ды і то іх атрымлівалі толькі тыя, хто перавыконваў непасільныя нормы — «стаханаўцы». Усе астатнія хадзілі па камяністай трасе і працавалі босымі. У добрае надвор’е яшчэ туды-сюды, а вось у дождж з ветрам — хоць у пятлю лезь ці кідайся ў вір галавою.

Дарэчы, у адзін з такіх дзён Міхась і напраўду ледзь не кінуўся ў вір паўнаводнай і быстрай Селенгі. А было гэта вясною, у красавіку, калі рака не цалкам увайшла ў берагі. На Міхася найшла такая часіна, што ён раптам вырашыў пазбавіць сябе ад усіх пакут. «Чымся так жыць, лепш развітацца з жыццём»,— падумаў ён, гледзячы на пеністыя хвалі неспакойнай ракі. Ён рашуча накіраваўся да высокага, скалістага берага, скінуў з сябе парваны бушлат і шапку, не ведаючы навошта, і толькі хацеў сказаць некалькі развітальных слоў жыццю, як побач з ім пачуўся трывожны голас:

— Міхась, што ты надумаў?!

Міхась уздрыгнуў, павярнуўся і ўбачыў перад сабою Міколу Канеўскага.

— Браток, што з табою? Што ты надумаў рабіць? Родненькі, не трэба! — дрыготкім голасам і са слязьмі на вачах гаварыў Міхасю яго сябар.

Міхась нічога не адказаў, а толькі наўзрыд горка заплакаў.

— Пойдзем, дружа, адгэтуль, ад рагатага д’ябла, які хацеў спіхнуць цябе ў гэтую каламуць,— сказаў Канеўскі, выціраючы заплаканыя вочы.

Пасля таго выпадку Канеўскі ніколі не пакідаў Міхася аднаго ля ракі: а што, калі яму зноў стукне ў галаву благое?

Здавалася б, з прыходам вясны, якая несла цеплыню, павінна прыйсці здароўе і бадзёры настрой. Але ўсё адбывалася наадварот. Разам з вясной прыйшлі і розныя хваробы: грып, цынга, курыная слепата і асабліва дызентэрыя,якая, падобна чуме, пачала касіць нявольнікаў — выбіваць іх з жыцця цэлымі пачкамі. Аднаго за адным кожны дзень адпраўлялі іх у лагерны лазарэт, дзе яны пасля страшных пакут «перасяляліся» на могілкі гэтага ж лазарэта. З лазарэта з такою хваробай амаль ніхто не вяртаўся жывым. А кожны хворы стараўся перахітрыць медыкаў, каб не трапіць у такі «рай». Людзі паміралі дзесяткамі і нават сотнямі, але аб іх смерці чамусьці было забаронена паведамляць іх родным і блізкім. Калі і даходзілі такія звесткі да сем’яў нябожчыкаў, дык гэта толькі патаемна, праз іх сяброў.

Неяк раз страшная хвароба напала была і на Міхася Асцёрскага, і ён трое сутак хаваўся з ёю ад лагернага начальства. А перад лекпомам давялося адкупляцца: ён аддаў яму адзіную сваю куртку, якая да гэтага заўсёды выратоўвала яго ад холаду. Добра, што лекпом сам быў зэкам. Ён ставіў Міхасю фіктыўныя дыягназы, каб толькі было за што вызваляць яго, хворага, ад работы.

Ад недаядання і непасільнай працы Міхась пачаў слабець, а разам са слабасцю да яго прычапілася цынга і курыная слепата. Ён не мог выконваць нормы, а значыць, і стаў атрымліваць меншы паёк. Спачатку яму давалі па 500 грамаў хлеба, а потым і па 300. А вазе пайкі, як вядома, адпавядаў і прыварак, што яшчэ больш аслабляла чалавека. Яго твар, а таксама рукі і ногі сталі напухаць. Калі націснуць пальцам на нагу, з’яўлялася ямка. Ідучы на работу разам з сябрамі-нявольнікамі, ён ледзь перасоўваў ногі. Працаваць ён ужо не мог, цэлы дзень сядзеў пад тачкай. Лагернае начальства неаднойчы «прыкладала» да яго свае рукі, пагражала загнаць у цэнтральны ізалятар, чаго ён і сам ужо жадаў, але, відаць, перадумала. А калі ўбачыла, што з яго нічога ўжо не возьмеш, перастала чапляцца — махнула рукой. Аднойчы, вяртаючыся з трасы, ён страціў прытомнасць і ўпаў на сырую зямлю, змочаную дажджом. Канвой не звярнуў на яго ўвагі, а можа, і не прыкмеціў, не спыняючыся, пагнаў рабацяг у зону, і толькі ўжо тады, калі на вахце пачалі падлічваць вязняў і не далічыліся аднаго чалавека, успомнілі, што няма Асцёрскага. Нехта з нявольнікаў падказаў, што бачыў, як Міхась упаў. Адразу ж далі каманду запрэгчы каня і прывезці ў зону дахадзягу. Гэта справа была даручана канваіру і брыгадзіру. Праз якую гадзіну Міхась быў ужо ў бараку.

Пасля таго выпадку Міхась цэлы тыдзень праваляўся ў бараку, вызвалены ад працы. Потым яго павялі на нейкую камісію, якая дала яму трэцюю катэгорыю (групу інваліднасці) з «абавязковым выкананнем лёгкіх работ». Ён нейкі час быў апальшчыкам у толькі што пабудаванай лазні, рабочым на кухні, а пасля і днявальным у бараку. Але і гэтыя абавязкі па стане здароўя яму былі цяжкія. Ён мог працаваць толькі ўдзень, а як толькі пачынала цямнець, ён ужо нічога не бачыў: на яго напала курыная слепата, ад якой ён ледзь пазбавіўся. Лекпом пачаў паіць яго рыбіным тлушчам і хваёвым настоем. А больш за ўсё дапамог яму палявы часнок-чарамша, які прыносілі яму ў зону яго сябры ці суседзі па бараку. Часам ахова дазваляла яму пакідаць зону і збіраць па полі гэтае зелле.

У зоне гэтай калоны ведалі, у тым ліку і ахова, «сляпога Асцёрскага». А ў вячэрні і начны час яму шмат хто памагаў хадзіць па патрэбе да туалета, які знаходзіўся ля агароджы з калючым дротам. І ўсё-ткі аднойчы яго ледзь не напаткала смерць.

Яму трэба было выйсці па патрэбе якраз сярод ночы. Будзіць сваіх суседзяў ён не адважыўся, вырашыў ісці самаходам. Ішоў «па памяці», але яго павяло ў адваротны бок — на голы плот з калючым дротам. І вось толькі ён наблізіўся да плота, як пачуўся голас вартавога з вышкі:

— Хто ідзе? Стой, страляць буду!

— Я нічога не бачу, а мне ў туалет трэба,— азваўся Міхась.

— Гэта ты, Асцёрскі? — памякчэў вартаўнік.

— Я. Хачу трапіць у туалет, ды не ведаю як.

— Павярні направа, ідзі прама, потым павярні налева і зноў — прама, і ты патрапіш туды, куды трэба.

— Дзякую, грамадзянін вартавы,— і ён з цяжкасцю знайшоў тое, што шукаў.

Прайшло яшчэ колькі часу, і Міхася зноў пачалі вадзіць пад канвоем з аўчаркамі на трасу, толькі ўжо не на земляныя работы, а ў якасці цесляра па рамонту тачак, рыдлёвак (чаранкоў), трапаў на насып і на іншыя цяслярныя работы. Па-ранейшаму ён хадзіў туды з Міколам Канеўскім, які ў апошні час быў абяссілены не менш за Міхася. Як і нейкі час таму назад Міхась, ён перастаў выконваць непасільныя нормы, з-за чаго перастаў атрымліваць стопрацэнтную пайку і баланду, таксама сеў на трыста грамаў. Бясконцае недаяданне пачало адбівацца на яго псіхіцы. У бараку і па дарозе на работу ён хапаў усё, што траплялася пад рукі і соваў у рот. Неяк, ідучы з трасы ў зону, ён убачыў на зямлі рыбіну галаву, па якой поўзалі мухі, схапіў яе і хацеў ужо з’есці. Але Міхась пераняў яго руку са смярдзючай галавой рыбіны і крыкнуў:

— Коля, кінь гэту погань!

— Не кіну! Я есці хочу,— адказаў той праз слёзы.

— Коля, родненькі, кінь гэту заразу, прашу цябе,— паўтарыў Міхась.— Атруцішся і памрэш у пакутах.

— Не кіну! Адыдзі ад мяне, злыдзень!..

Бачачы, што па-добраму нічога не атрымліваецца, Міхась схапіў сябра за руку і пачаў адымаць «знаходку». Але Мікола не аддаваў. Тады Міхась пайшоў на крайнасць. Ён ударыў сябра па руцэ, і ў адзін момант рыбіна галава паляцела на зямлю. Міхась тут жа, нібы футбольны мяч, адкінуў яе нагой метраў на пяць.

— За што ты мяне? — завыў Канеўскі ад болю.

— А ты не ведаеш за што? За дурасць!

— Ты ж ведаеш, што я есці хачу, а б’еш, гадзюка!..

— А я не хачу? Мы ж ядзім з табой з аднаго кацялка.

— Ты дужы, а я не магу... Я есці хачу.

— Не табе, былому камісару, гаварыць гэта, і не мне, былому студэнту, слухаць. І не сорамна?

— Даруй мне, дружа, я слабавольны чалавек,— прасіў прабачэння Мікола ў Міхася.

Хутка пасля гэтага адбылася падзея іншага плану. Міхась рамантаваў тачку непадалёку ад трапа, які вёў на насып. І раптам бачыць, як з насыпу па трапе бяжыць з пустой тачкай Мікола і на ўсю моц крычыць:

— Міхаська, цалуй мне ў попу! Цалуй мне ў попу!

— Ты што — ашалеў? Што з табой, Мікола? Вось вазьму рыдлёўку ды так «пацалую», што пасля цэлы тыдзень не сядзеш,— адказаў Міхась.

— Кажуць, мне пасылка прыйшла! І табе таксама,— ледзь не задыхаўся той.— Цяпер мы будзем жыць, дружа!

— Ну, і добра, будзе падтрымка. Не будзем чарвівыя рыбныя галовы збіраць. А пры чым жа тут попа?

— Гэта я ад радасці, даруй мне, дружа.

Пасылкі і сапраўды падтрымалі іх. Мала таго, што ім прыслалі сухары, цукар, сала, махорку, дык яшчэ і схаваныя ў махорку і ў паясніцу штаноў грошы. Няшмат, але і яны — вялікая падтрымка.

Пасылка — рэч добрая, яна ў нейкай меры — паратунак у такіх умовах. Але ж і яна — не надоўга. Пры гэтым ні адзін з нявольнікаў адзін не спажывае падарунак сваіх родных ці блізкіх. Ён абавязкова падзеліцца са сваімі суседзямі па нарах і па працы, а таксама з непасрэдным начальствам. Добра, калі ў іх, у гэтых пасылках, знойдуцца і рублі, пра якія, акрамя адрасата, ніхто не ведае. А за грошы ў мясцовага насельніцтва можна было здабыць і хлеба.

Дарэчы, побач з лагернай зонай знаходзілася вялікая вёска Селендум, у якой жылі пераважна нашчадкі высланых яшчэ царскімі ўладамі рэвалюцыянераў. Нават яшчэ можна было напаткаць і саміх былых палітвязняў. А таму насельніцтва гэтай вёскі спачувала сённяшнім «дзекабрыстам», хоць паміж імі — учарашнімі і сённяшнімі — нічога агульнага і не было. Бо тыя добра ведалі, за што сюды трапілі, а гэтыя нічога не ведаюць і ніколі не даведаюцца, за што і навошта прыгналі іх у гэты край на вялікія і цяжкія пакуты.

Міхасю і Міколу давялося паспытаць шчасця. Да іх далучыўся яшчэ адзін чалавек, сусед па нарах Чэкан Міраслаў, былы ваенком Мурманскай акругі. Яны ўтрох далі лагернаму вадавозу грошы, і той прывёз ім тры боханы пшанічнага, простага памолу, хлеба, вагой чатыры кілаграмы кожны. Здабыўшы такую порцыю галоўнага прадукта, яны адразу ж накінуліся на яго, нібы галодныя драпежнікі на сваю ахвяру. Адзін бохан праглынулі адразу, другі — трошкі счакаўшы, а трэці падвесілі пад дах барака (яны спалі на трэцім паверсе нараў і кожны, калі хацеў, прачнуўшыся, ламаў хлеб і адпраўляў кавалак за кавалкам у рот). І вось так яны ўтрох за адны суткі ўмалолі 12 кілаграмаў хлеба! Такое можна пачуць толькі ў казцы ці ўбачыць у сне.

А тут было наяве. Добра, што хлеб быў пшанічны. А калі б жытні, мог бы быць заварот кішок. Тым больш што нявольнікі былі згаладалыя і змораныя. Праўда, жываты ў іх разбалеліся, але цярпець яшчэ можна было.


  Новыя прафесіі

У лагер, як і на ўсю зямлю Бураціі, прыйшло лета. Вакол цвілі травы, спявалі птушкі і звінелі чмялі. Усё жыло і радавалася. Мінала радасць толькі лагерных нявольнікаў. Гэтыя «камсамольцы» па-ранейшаму хадзілі пад пільным вокам узброеных ахоўнікаў і сабак-аўчароў. Нейкім цудам памянялі ім брудную разлезлую бялізну — майкі і трусы, у якой нявольнікі цяпер смажыліся пад гарачым сонцам, а ў час абедзеннага перапынку спрабавалі нават боўтацца ў празрыстых хвалях Селенгі. Бялізну ім памянялі, а вось абутку не далі ніякага. Здабывай сам, дзе хочаш. Адным словам, ратуйся сам, як можаш і як ведаеш. А як будзеш ратавацца, калі ты з «наморднікам»? Той, хто не паспеў стаптаць свае боты за зіму, хадзіў абуты, а ўсе астатнія — босымі.

Чалавек, які не прывык хадзіць босы, тым больш працаваць у такіх умовах, доўга не вытрымлівае. Людзі пазбівалі да крыві ногі аб камяністую зямлю і дошкі трапаў. Яны адзін за адным пачалі выходзіць са строю. Шмат каго з іх па гэтай прычыне адвозілі ў лазарэт. Такая падзея не на жарт устрывожыла лагернае начальства, і яно пачало шукаць выйсце. Пасля доўгіх разваг было прынята рашэнне: трэба разжывацца на лапці. Але як гэта зрабіць? Лёгка прыняць рашэнне, а вось выканаць яго... Бо гатовых лапцей ніхто не дасць. Іх трэба самім вырабляць, а як, з чаго? Па-другое, патрэбны майстар гэтай справы, няхай сабе няхітрай, але і не такой ужо простай, як здаецца. Яшчэ патрэбны быў матэрыял — лыка. Спецыялістаў у лагеры можна было, пашукаўшы, знайсці, а вось з лыкам горш. На тэрыторыі Бурацкай АССР ліпа ў лясах не расце. І ўсё ж кіраўніцтва Южлага рызыкнула. Яно дало дазвол другому аддзяленню паспрабаваць асвоіць новую справу, для чаго паабяцала набыць і даставіць патрэбную колькасць лыка. У хуткім часе на базу аддзялення прывезлі ліповае лыка — недзе з еўрапейскай часткі СССР. Яго было не так ужо і многа, але ж гэта матэрыял, з якога робяць абутак. Цяпер заставалася толькі падабраць людзей, якія ўмеюць майстраваць лапці. Начальства дало заданне брыгадзірам знайсці такіх людзей, і яны пачалі шукаць.

— Сябры, хто з вас умее плесці лапці? — звярнуўся да сваіх рабацяг брыгадзір Гайсёнак.

— Я,— доўга не думаючы, сказаў Міхась.

Разам з ім азваліся яшчэ два чалавекі, якія, як і Асцёрскі, нарадзіліся і раслі ў вёсцы.

— А навошта вам гэта? — спытаў у сваю чаргу Міхась.

— У нашай калоне,— пачаў той спакойна і па-дзелавому,— адкрываецца майстэрня па вырабе лапцей. Не толькі нам, але, відаць, і начальству абрыдла бачыць нас босымі і са знявечанымі нагамі.

— Ну, і што далей? — пачуўся голас аднаго з тых, што назваліся спецыялістамі па пляценні.

— А далей вось што. Я дакладу начальству, і вас, пэўна, возьмуць працаваць па гэтай прафесіі.

Так яно і атрымалася. У той жа дзень Міхася і яшчэ двух чалавек з брыгады паклікалі да памочніка начальніка па працы калоны нумар два і прапанавалі ім плесці з лыка лапці, пры гэтым пакуль што без нормы. Пасля ж была ўстаноўлена і норма — пяць пар на дзень. Норма ўстанаўлівалася на вока, бо такая прафесія ні ў якім нарматыўніку не значылася.

Каля месяца працаваў Міхась па гэтай рэдкай спецыяльнасці. Яго прадукцыя, як і іншых лапцяплётаў, ішла ў лік прэміі стаханаўцам. Усіх вязняў некалькі чалавек не паспявалі абуваць. Ды і лыка скончылася хутка. Тады было прапанавана драць лыка з лазы. Але з гэтага нічога не атрымалася. Пасля замест лыка ў майстэрню прывязлі корд — матэрыял са зношаных аўтапакрышак — і прапанавалі рабіць з яго нешта падобнае на чаравікі ці галошы. І былых лапцяплётаў ужо пачалі называць «сапожнікамі». Так цягнулася да асенне-зімовых халадоў. Пасля невядома адкуль прывезлі цэлую кучу старых ботаў і валёнак «сто першага тэрміну», і былая лапцюжная майстэрня стала майстэрняй па рамонту рознага абутку. А Міхасю тым часам знайшлі новую прафесію — ганчарную.

Усё адбылося неяк нечакана. У барак-палатку, дзе жыў Міхась, прайшоў памочнік начальніка па працы і спытаў:

— Хто з вас займаўся ганчарнай працай?

— А што такое ганчарная праца? — спытаў хтосьці.

— Карацей кажучы, хто можа рабіць гаршкі? — тлумачыў начальнік.

— Калісьці я разам з бацькам займаўся такою справай,— прызнаўся Міхась.

— Тады пойдзеш са мной,— прапанаваў памначальніка па працы.

— З рэчамі?

— Не, пакуль так, а там будзе відаць.

Міхася павялі ў кантору, дзе такіх, як ён, сядзела ўжо чалавек пяць.

— Вы ведаеце, што ў нас не хапае посуду. Ды і той, якім вы карыстаецеся, непрыгодны,— тлумачыў начальнік калоны.— Вось мы і вырашылі вырабляць яго з белай гліны, якая знайшлася непадалёку ад нас у кар’еры. Вам трэба будзе рабіць з яе гаршкі, міскі, талеркі, глякі, гладышы. Зразумела?

— Зразумець мы зразумелі, а вось як быць з кругамі-станкамі, на якіх мы павінны будзем працаваць, і з горнам для абпальвання вырабаў? — звярнуўся Міхась да начальніка.

— Кругі мы ўжо заказалі брыгадзе цесляроў, а горан адразу ж пачнем будаваць, як толькі арганізуем вашу ганчарню,— запэўніў шэф.

Так пачалася яшчэ адна старонка лагернага жыцця Міхася Асцёрскага. Яго як больш вопытнага ў гэтай справе прызначылі старшынёй гэтай арцелі, але «без адрыву ад вытворчасці». Адным словам, адказнасць двайная, а плата тая ж самая — 1100 грамаў хлеба і тры разы ў дзень баланды. Ён не стаў спрачацца, добра ведаючы, што яго нязгода нічога добрага не прынясе. Ніхто цябе не паслухае. А вось абразіць, пакараць можа кожны, хто толькі захоча. І ніхто цябе не пачуе, а тым больш не абароніць. Тут пануюць законы тайгі і тундры, дзе дужы паядае слабейшага. А двухногія драпежнікі куды больш злыя і бязлітасныя, чым чатырохногія.

Праз дзень пачалася праца ў ганчарні. Пакуль рыхтавалі кругі, уся арцель працавала ў кар’еры — нарыхтоўвала гліну. А калі «станкі» былі гатовы, гліну апрацоўвалі — мясілі і паўфабрыкатам дастаўлялі да рабочага месца кожнага ганчара. Уся арганізацыйная работа ўскладалася на Міхася як старшыню арцелі, які сам сядзеў за кругам.

Калі быў гатовы горан і выраблена першая партыя посуду, заставалася галоўнае — прапусціць посуд праз горан, абпаліць яго. Гэту справу ўзяў на сябе адзін з ветэранаў ганчароў — Якаў Хмель. Яму было ўжо пад пяцьдзесят год, сам ён паходзіў з беларускага Палесся. Міхась даверыў яму такую адказную справу, хоць і сам трохі разумеў у ёй.

Усю ноч і яшчэ палову дня праходзіў працэс абпальвання. Нарэшце агонь быў патушаны, і ў канцы дня, ужо адвячоркам, вырашылі адкрыць горан і правесці апошнюю працэдуру — абварэнне посуду ў падрыхтаваным карыце з летняй вадой, заваранай аржаною мукою.

Калі ж пачалі даставаць з горна посуд, то ён аказаўся амаль увесь сапсаваны — патрэскаўся. Атрымалася так, што ўся праца больш як дзесяці чалавек на працягу месяца была дарэмнай.

— Ну, як гаршкі, міскі? — спытаў, падышоўшы да горна, начальнік калоны Холад.

— Пакуль нічога не атрымалася,— адрапартаваў Міхась.

— Як не атрымалася? — абурыўся той.— Гэта ж падман, нават больш таго — авантурызм! Хто праводзіў абпалку?

— Якаў Хмель,— адказаў Міхась.— І я таксама дапамагаў яму.

— Абодвух — і Хмеля, і старшыню гэтай ліпавай арцелі Асцёрскага — у кандзей! А справу гэту даручыць больш вопытным людзям.

Як загадаў начальнік, так і зрабілі яго памагатыя: Міхася разам з Хмелем на трое сутак пасадзілі ў лагерны ізалятар («кандзей»).

Яшчэ двойчы спрабавалі зрушыць гэтую справу ўжо іншыя людзі, але нічога чамусьці не выходзіла — посуд трэскаўся. І начальства вырашыла закрыць гэтую вытворчасць. Відаць, не тая была гліна. А таму па-ранейшаму рабацягі-нявольнікі атрымлівалі цераз кухоннае акенца баланду ў іржавыя кацялкі.


  Падзенне Вожыка

Пакуль Міхась пацеў над вырабам посуду і потым адбываў «зароблены» тэрмін у кандзеі, да лагера дайшла незвычайная вестка аб падзенні Яжова. Адбылося гэта падзенне ў жніўні 1938 года. Хтосьці з зэкаў увайшоў у барак і з радасцю паведаміў:

— Гэй вы, контры, радуйцеся! Наш агульны «бацька» Яжоў зляцеў з пасады, паабламаў іголкі сваіх вожыкавых рукавіц.

— Ты што, з агнём шуткуеш? — папярэдзілі яго.

— Я гавару сур’ёзна,— не здаваўся той.— Прагналі Яжова з наркомаў, як шкодніка-злачынцу, за нашы пакуты. Цяпер замест яго прызначылі сумленнага чалавека, вернага ленінца-сталінца Лаўрэнція Паўлавіча Берыю. Ён разбярэцца, што рабілася да гэтага часу. Невінаватыя паедуць дамоў.

— І ты ў гэтым упэўнены? — загадкава спытаўся ў яго зэк-грузін Махарадзе.

— Упэўнены,— адказаў той.

— Шчаслівы ты чалавек, Цюнін,— дадаў Махарадзе.— Усяму верыш, не падаеш духам.

— Не адзін Цюнін, мы ўсе цяпер шчаслівыя,— паправіў яго Канеўскі.

Людзі пачалі жыць надзеямі на лепшае будучае. Асабліва пасля таго, як прачыталі даклад Кагановіча на партканферэнцыі, у якім ён «клеймил позором» гэтага «замаскированного врага», які рознымі хітрасцямі «добрался до министерского кресла и вошел в доверие товарища Сталина». Зняволеныя думалі і паміж сабой гаварылі:

— Нарэшце дайшло да правадыра, цяпер ён разбярэцца ва ўсім, успомніць і пра нас — гаротнікаў, якія пакутуюць тут ні за нюх табакі.

— Лічы, што мы ўжо на свабодзе.

— Эх, каб твае словы ды дайшлі да ўсявышняга!

— Да ўсявышняга не абавязкова — да Сталіна і Берыі, і было б дастаткова.

— А хто ж дарогу будзе будаваць? — спакойна спытаўся зэк сталых гадоў.

— Вольнанаёмныя,— адказалі яму.

— Дык ім жа трэба плаціць, спяцоўку даваць і жыллё для іх будаваць,— не здаваўся той.

— Дзяржава наша багатая, сродкаў у яе хопіць.

— Ты так думаеш?

— Думаю, і не адзін я.

— Ну, і далей думай, суцяшай сябе ілюзіямі.

Міхась сядзеў і маўчаў. Ён не ведаў, каму з іх верыць, на чыім баку праўда. Вырашыў пачакаць, зрабіць вытрымку. Ён ужо не верыў у хуткую свабоду, як і ў тое, што таварышы Сталін і Кагановіч не ведалі раней пра яго незаслужаныя пакуты. Але і ў яго іскра надзеі была. І ён вырашыў скарыстаць момант і напісаць яшчэ адну скаргу, пятую па ліку, мудрэйшаму з мудрых усіх часоў і народаў, вялікаму правадыру народа Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. Берыю — таксама.


  Першае знаёмства з лазарэтам

Пасля выхаду з кандзея Міхася зноў пагналі на агульныя работы. Па-ранейшаму яму далі рыдлёўку і тачку, на якой ён павінен быў вазіць зямлю на трасу — на трохметровую вышыню насыпу, хоць сілы ў яго ніколькі не прыбавілася пасля таго, як далі трэцюю групу (катэгорыю) інваліднасці. Ды гэта яшчэ паўбяды. А бяда ў тым, што тыя лапці, якія ён сам сплёў і бярог, пакуль знаходзіўся ў ізалятары, нехта ўкраў з торбы, хоць яна і ляжала пад так званай падушкай (кашуляю, набітай сенам). У ізалятар жа яго загналі босым і ў адной кашулі. А быў ужо верасень. Трое сутак ён мёрз у цёмным і халодным кутку, седзячы на адным хлебе (трыста грамаў на дзень) і на вадзе. А потым голага і босага пагналі на трасу. Надвор’е ж было ветранае і дажджлівае. Пахабаціў ён там тры дні і захварэў. Спачатку ўсё яго цела і твар асыпалі скулы, а потым паднялася тэмпература. Суткі ён праваляўся ў бараку, а пасля яго ў кузаве грузавой машыны-палутаркі адвезлі ў лазарэт ужо ў непрытомным стане, таму што тэмпература даходзіла да 41 градуса. Згодна заключэння ўрачоў, гэта было запаленне лёгкіх.

Трое сутак цягнуўся крызіс. Ніхто, у тым ліку і ўрачы, не верылі, што ён выздаравее. Усе лічылі яго кандыдатам на той свет. Але на гора ён застаўся жыць і — пакутаваць. Лячылі адразу ад дзвюх хвароб: запалення лёгкіх і фурункулёзу. Калі больш-менш нармалізавалася тэмпература, зрабілі пераліванне крыві.

— Ну, Асцёрскі, цяпер ты будзеш жыць,— сказаў Міхасю ўрач, які яго лячыў.

— А можа, не варта жыць? — разважаў услых Міхась.

— У цябе ж, пэўна, і сям’я недзе ёсць?

— Была, ды сплыла.

— Што, адраклася?

— Амаль што. Вось прайшло дзевяць месяцаў, як я атрымаў ад жонкі перадачу і запіску, і на гэтым усё.

— А сам ты пісаў ёй?

— Пісаў. Паслаў ёй больш за дзесяць лістоў, а адказу на іх — а ні-ні. Штосьці нядобрае там страслося.

— Дзеці ёсць?

— Ёсць сын, нарадзіўся пасля майго арышту.

— Трэба спадзявацца, што ўсё будзе добра,— спрабаваў суцяшаць яго ўрач.

— Добрага чакаць тут няма чаго, але жывы ў магілу не ляжаш. Навошта вы ратавалі мяне?

— Хворы Асцёрскі, не карайце сябе так жорстка,— голас урача набыў сур’ёзныя ноты.

А другім разам, у час абходу, той жа самы ўрач спытаўся ў Міхася:

— За што гэта цябе, такога маладога, прывязлі ў гэтае пекла? Ты ж яшчэ не паспеў пажыць, а не тое што шкодзіць?

— Пра гэта вы спытайце лепш у Яжова, ён ведае,— адказаў Міхась.

— Яжова ўжо няма. Ён сам недзе будуе такую ж самую дарогу.

— Ну, тады ў Закоўскага — начальніка Ленінградскага аддзялення НКВД.

— Гэтага таксама ўжо не стала. Кажуць, налажыў на сябе рукі.

— Ёсць там яшчэ пракурор Позерн, да яго звярніцеся.

— Чуў, што з ім таксама адбылося штосьці падобнае.

— Калі так, то пастараюся жыць, нічога не зробіш.

У лазарэце Міхась праляжаў каля чатырох месяцаў — да старога Новага, 1939 года. Урач спачуваў яму, шкадаваў, асабліва калі даведаўся, хто ён. Напаследак пачаў называць Міхася нават на «вы». Ён абараняў яго, як толькі мог.

Прозвішча ўрача было Шаўчэнка Васіль Апанасавіч. Родам ён з Украіны, з Палтаўшчыны. У Бураціі жыў з 1933 года. А як ён сюды трапіў, для ўсіх было загадкай. Сам ён усім гаварыў, што трапіў па размеркаванні, як скончыў Кіеўскі медыцынскі інстытут, і яму верылі. А вось Міхась не верыў гэтай казцы, сумняваўся. Ён даўно хацеў спытаць у яго пра гэта сам-насам, пагаварыць з ім «па душах», ды неяк не выходзіла: заўсёды вакол іх круціліся людзі. Але вось неяк атрымалася так, што яны засталіся ў палаце ўдвух, і Міхась адважыўся крануць балючую рану Шаўчэнкі.

— Васіль Апанасавіч, я даўно хацеў спытаць у вас па-сяброўску, а не як хворы ў свайго ўрача: як вы сюды трапілі, у гэтую глухамань?

— Дык пра гэта ж даўно ўсім вядома — па размеркаванні пасля інстытута,— адказаў той.

— Няўжо вы канчалі інстытут у сорак гадоў? — не адставаў Міхась.

— А ці так не здараецца? — манеўраваў урач.

— Здараецца, але вельмі рэдка, і не з такімі, як вы.

— Калі гаварыць шчыра, дык вы адгадалі...

— Значыць, як я зразумеў, вы трапілі сюды не па добрай волі, а па волі рока?

— Па волі Ягоды і яго паслугачоў.

— Карацей кажучы, па пуцёўцы НКВД?

— Так, вы не памыляецеся.

— А калі гэта здарылася з вамі?

— Яшчэ ў 1933 годзе. Далі тры гады высылкі, якую я адбыў у 1936 годзе.

— І вы добраахвотна вырашылі застацца тут?

— У тым-то і рэч, што ўсё гэта вырашае хтосьці. Катэгарычна прапанавалі падпісаць умову яшчэ на тры гады «па вольнаму найму». І я, баючыся, каб не трапіць яшчэ раз і ўжо ў яжоўскія рукавіцы, даў згоду. Бо адчувалася, што набліжаецца час новага «рэкруцкага набору». Ужо сяго-таго сцапалі. Адным словам, ішла падрыхтоўка да пракладкі вось такіх жа новых сталёвых магістраляў, дзе патрабуецца не толькі звычайная рабочая сіла, але і спецыялісты высокай кваліфікацыі, у тым ліку і ўрачы. Цяпер вы зразумелі, як я трапіў у гэта «Эльдарада»?

— Зразумеў, Васіль Апанасавіч, і вам таксама не пазайздросціш. І ваш жыццёвы шлях не ўсыпаны ружамі.

Пасля гэтай гутаркі ўрач Шаўчэнка і хворы Асцёрскі яшчэ больш пасябравалі між сабой. Васіль Апанасавіч яшчэ часцей пачаў наведваць палату, у якой ляжаў Міхась. Ён прыносіў Міхасю «падмацаванне з тылу», а таксама новыя газеты, часопісы, кнігі. Такая дружба памагала Міхасю верыць у хуткае вызваленне з гэтага пекла.

Тут, у лазарэце, Міхася сустрэў і ўсесаюзны перапіс насельніцтва. Ён памятае, як да яго звярнуліся з такім пытаннем:

— Ваша сямейнае становішча?

— Нежанаты, вы ж бачыце,— скрывіўся Міхась.

— Не, не тут, а там...

— Там трэба было і пытацца, а не тут, у пастцы.

— Дык жанаты вы ці не?

— Быў жанаты, а цяпер не.

— І ўсё ж такі, як мне вас пісаць? — спытаў лічыльнік.

— Як хочаце, так і пішыце. Я тут ніхто — быдла. Больш я вам нічога не скажу,— адрэзаў Міхась.

Што і як запісала дзяўчына-лічыльнік, ён не ведаў, толькі больш яна не турбавала яго.


  Выпрабаванне марозам

14 студзеня 1939 года Міхася зноў прывялі ў тую ж зону калоны нумар І, дзе ён год таму назад пачынаў сваё лагернае жыццё, свае пякельныя пакуты.

Трэба заўважыць, што калі зэк трапляў у лазарэт, то амаль ніколі яго не вярталі туды, адкуль бралі хворага. Заўсёды прывозілі на новае месца і жыхарства, і працы. А таму, калі зняволенаму абрыднуць умовы лагернага жыцця, ён любой цаной дабіваецца трапіць у лазарэт, адкуль яго потым накіруюць у другое месца. Вось так было гэтым разам і з Міхасём.

Не паспеў ён аглядзецца на новым месцы, як адразу ж апынуўся ля лесапільні, ля піларамы, дзе ўсе работы праходзілі на адкрытым паветры. А стаялі 50-градусныя маразы. У яго абавязак уваходзіла падкочваць і падаваць на пілараму і цыркулярку калоды з лістоўніцы. Мароз патрабаваў цёплага адзення і добрага абутку, не гаворачы ўжо пра рукавіцы. А ўсяго гэтага ў Міхася не было. І бушлат, і ватныя штаны, і боты былі, як кажуць, сто першага тэрміну. Усё на дзірках ды лапінах, рукавіцы таксама былі дзіравыя, а шапка — запэцканая, як быццам з мазуты выцягнутая. Вось і працуй у такім адзенні на адкрытым паветры.

У напарнікі Міхасю далі спрактыкаванага ў рабоце чалавека. Яму было гадоў 45. Звалі яго Міхасём, а па прозвішчы — Стралкоў. Нарадзіўся і правёў свае дзіцяча-юнацкія гады ў Астроўскім раёне Пскоўскай вобласці. Удзельнік першай сусветнай вайны, трапіў у палон, 7 гадоў адбухаў у Германіі непадалёку ад Гамбурга, адкуль уцёк аж толькі ў 1924 годзе і, нелегальна перайшоўшы савецка-эстонскую граніцу, здаўся савецкім пагранічнікам. Але, нягледзячы на гэта, яго арыштавалі і па прыгавору суда адправілі на Салаўкі тэрмінам на тры гады. Пасля адбыцця тэрміну ён 10 гадоў працаваў кухарам у розных сталовых Ленінграда. І вось у 1937 годзе пра яго зноў успомнілі: арыштавалі, як «нямецкага шпіёна», і паслалі на 10 год будаваць чыгуначныя магістралі ў паўночна-ўсходніх раёнах краіны. Так што Міхась Стралкоў не быў навічком у такіх «курортных месцах».

Невядома чаму, але Міхась Асцёрскі і Міхась Стралкоў хутка пасябравалі паміж сабой. Стралкоў замяніў Асцёрскаму добрых былых сяброў па няволі — Сяргеева, Уладзімірава, Канеўскага і іншых, і ў час нялёгкай працы, і ў бараку яны заўсёды былі дружнымі і з паўслова разумелі адзін аднаго, нягледзячы на такую розніцу ў гадах. Стралкоў вучыў Асцёрскага прыстасоўвацца да любых умоў лагернага жыцця, да своеасаблівай лагернай хітрасці, без якой, як гаварыў ён, нельга было выжыць.

— Ты, цёзка, будзь трошкі хітрэйшы,— раіў ён Міхасю.— Ад работы ніколі не адмаўляйся, але і на пуп не бяры. З начальствам не заядайся і сам у начальнікі не лезь. Таму што гэта справа часовая: сёння ты — пан, а заўтра — раб. Лепш старайся быць бліжэй да гаспадарчай часткі і да медыцыны. Толькі гэтыя службы могуць быць тваімі ратавальнікамі, а не аператыўнікі-оперсосы. Сябруй з радавымі людзьмі, нікога не крыўдзі. Бо ты і сам цяпер не ведаеш, хто з цягам часу можа цябе падтрымаць і нават ратаваць,— пераконваў свайго малодшага сябра Стралкоў.— Запамятай, што я тут працую часова, таму што я — кухар. А ты ж ведаеш, што кухары патрабуюцца ўсюды, у тым ліку і ў лагеры,— неяк з гонарам гаварыў ён Міхасю.

Міхась дзякаваў свайму старэйшаму сябру за таварыскую параду, хоць у душы ён не з усім пагаджаўся.

Стралкоў таксама трапіў сюды з лазарэта, толькі трошкі раней. Да прыходу Асцёрскага ён ужо тут, як гаворыцца, паспеў абнюхацца.

Як заклятыя, хабацілі яны на лютым марозе, ледзь вытрымлівалі. І калі Стралкоў убачыў, што яны не вытрымаюць да канца (а працавалі яны ў начную змену), ён у час «перакуру» штосьці дзесьці крутануў, і механізмы піларамы і цыркуляркі спыніліся. Да канца змены начальства прапанавала рабацягам іншыя работы. Двум Міхасям прапанавалі свідраваць шпалы. А гэта было не лягчэй, чым качаць бярвенне. Трэба было добра трымаць у руках электрасвердзел, стоячы на адным месцы на лютым марозе. І каб пазбыцца такой бяды, ён знарок зламаў свердзел. Другога ж у запасе не было, толькі ў кладоўцы, а яна была ноччу закрыта. Так яны потым і прасядзелі ў цёплым памяшканні да раніцы, а значыць, і да канца змены.

— Навошта ты зрабіў гэта? — спытаў Міхась у свайго напарніка.

— А ты не здагадваешся? Ні ты, ні я не вытрымалі б да раніцы з такой працай на лютым марозе. Цяпер ты зразумеў?

— І ўсё ж не трэба было гэтага рабіць. Гэта нядобрасумленна.

— А ты ўвесь тэрмін у лагеры хочаш пражыць сумленна?

— Хачу і буду старацца рабіць гэта.

— З такімі думкамі ты не толькі 8 гадоў, але і адной ночы не пражывеш на такім лютым марозе,— тлумачыў Стралкоў свайму маладзейшаму сябру.— А яно, начальства, сумленна робіць, калі апранае нас у такія лахманы ў лютыя маразы?

— І ўсё-такі я так не зрабіў бы,— не згаджаўся Міхась. А сам думаў: «А можа, і праўду кажа Стралкоў?»

Пасля таго як яго напарнік вывеў са строю лесапільныя агрэгаты, іх абодвух перавялі ў дзённую змену і накіравалі на пляцоўку будучай чыгуначнай станцыі, дзе знаходзіўся леса-дрывяны склад, пілаваць дровы таксама на адкрытым паветры.

— Ну, і чаго ты дабіўся? — спытаў Міхась у Стралкова.— Што мы выйгралі? Нічога. Мы з агню трапілі ў полымя. Тая ж цяжкая праца і той жа мароз.

— Тут хоць каля кастра можна пастаяць, а там дудкі,— апраўдваўся той.

Ён стараўся і пілы выводзіць са строю і тапарышчы ў калунах ламаць, але ўсё гэта хутка аднаўлялася, ды і нормы падганялі. Пераканаўшыся, што яго «дыверсійныя захады» не маюць ніякага сэнсу, ён здаўся і пачаў працаваць так, як і большасць людзей яго лёсу. Праўда, папрацаваў гэтак месяцы два-тры і потым перайшоў на іншы хлеб: яго паставілі кухарам на лагернай кухні калоны нумар 1, там, дзе яны з Міхасём жылі.

— Я гаварыў табе, што на агульных работах доўга не затрымаюся, так яно і выйшла,— хваліўся Стралкоў Міхасю.— Малі бога, што ўсё так атрымалася: і мне будзе добра, і ты будзеш сыты.

— Віншую, дарагі, з пераменай дэкарацый і дзякую за абяцанне, што ты не збіраешся мяне кінуць,— гаварыў Міхась сябру.

— Добрых сяброў не кідаюць і не забываюць,— з нейкім гонарам і годнасцю вымавіў Стралкоў.

А калі ўжо ён добра ўсталяваўся там, на кухні, паклікаў да сябе Міхася і прапанаваў:

— Прыходзь сёння да мяне так гадзін у 12 ночы проста на кухню, там я чым-небудзь пачастую цябе. Аладкі на алеі любіш?

— З вялікаю ахвотай.

Стралкоў не падмануў Міхася. Ён накарміў свайго сябра, як кормяць дарагога госця, якога даўно чакалі.

— Ну, ты, браце, і жывеш! — здзіўляўся Міхась.— Ты накарміў мяне так, як нават і жонка ніколі не карміла. Ты цяпер тут — кум каралю і брат міністру. Дзякуй табе за ўсё!

— Калі ласка. Я ж гаварыў табе — трымайся бліжэй да гаспадарчай часткі і ты ніколі не прападзеш. Кожны раз прыходзь у гэты час, мне будзе весялей, а ты палечыш свой галодны страўнік.

І Міхась, насуперак свайму сумленню, амаль кожную ноч хадзіў да Стралкова на кухню, памагаў яму ў працы і разганяў нудоту. А той, у сваю чаргу, карміў яго ўсім тым, што меў у сваім распараджэнні.

Аднойчы Стралкоў сказаў Міхасю:

— Хочаш, цёзка, я раскажу табе пра гады майго жыцця ў нямецкім палоне?

— О, гэта, пэўна, будзе цікавы расказ, калі ласка, дружа.

— Прыйдзе час, браце, калі будуць з цікавасцю слухаць расказы і пра сённяшняе наша жыццё,— сказаў Стралкоў.— А ці ж нам зараз цікава тут жыць? Мы тут не жывём, а гібеем, нават больш таго — пакутуем. Але на нейкі час забудзем пра гэта. Лепш паслухай пра маё жыццё-быццё на чужыне, далёка ад родных мясцін і ад сям’і. І ён па парадку пачаў расказваць пра свой горкі лёс ад самых юнацкіх гадоў і аж да самых чорных дзён 1937 года.

— Значыць, так,— пачаў ён,— вясной, на тройцу 1914 года я ажаніўся з дзяўчынай, якую моцна любіў. Але пражыў з ёю усяго толькі каля двух месяцаў. Пачалася сусветная вайна, і мяне ў першыя дні мабілізавалі і адправілі на фронт. Праваяваў тры гады, а ў 1917 годзе трапіў у палон. Спачатку быў накіраваны ў лагер для ваеннапалонных, а потым мяне разам з іншымі такімі, як я, павязлі на паўночны захад Германіі, дзе перадалі аднаму заможнаму баўэру ў якасці парабка ці раба. Калі ж я перастаў быць патрэбным гэтаму гаспадару, ён перадаў мяне другому, а праз пэўны час я апынуўся ў трэцяга і гэтак далей. Так я некалькі разоў пераходзіў, як рабочае цягла-быдла, якое трэба толькі карміць чым-небудзь, каб яно магло працаваць, пакуль я не спадабаўся аднаму небагатаму прусаку. Ён меў 10 гектараў зямлі (разам з лугамі і пашай), 2 кані, 3 каровы і некалькі галоў дробнай жывёлы, а таксама шмат вадаплаўнай птушкі. Сям’я складалася з трох чалавек: сам гаспадар, гаспадыня і іх дарослая дачка гадоў дваццаці пяці — Марта. Вось я і прахабаціў там цэлых тры гады. Спярша як парабак, а потым яшчэ год ужо як член сям’і. Справа ў тым, што адзіная дачка Ёгана Шульца (так звалі гаспадара) была з дэфектам — кульгала. А таму выдаць яе замуж ці ўзяць зяця не было надзей, тым больш у ваенны і пасляваенны час. І ён, параіўшыся з жонкай і самой дачкой, вырашыў прыручыць мяне да яе. Карацей кажучы, зрабіць мяне сваім нашчадкам — зяцем. Спачатку ён нічога не гаварыў мне пра гэта, а падсоўваў самую дачку. А праз нейкі час адкрыта аб’явіў мне пра свае намеры. Мне нічога не заставалася рабіць, як даць згоду. Так я нечакана для сябе стаў зяцем прускага юнкера. Пра тое, што ў мяне недзе ёсць жонка і дачка, Шульц не ведаў. Не ведала і Марта. А мяне гэта не пакідала мучыць увесь час майго палону. Хоць я цэлы год ужо быў зяцем гэтага паважанага ў сваім коле гаспадара, які ўскладваў на мяне вялікія надзеі, я ўвесь час думаў пра жонку, якую моцна любіў, і дачку, якой ніколі не бачыў, таму што яна нарадзілася пасля маёй мабілізацыі. Нягледзячы на тое, што даўно закончылася вайна, мяне з Германіі чамусьці не выпускалі — спачатку ўлады, а потым ужо і так званая жонка з цесцем. Канечне, мяне любы, хто не здольны разабрацца ў той сітуацыі, можа папракнуць у здрадзе і Радзіме, і жонцы з дачкой. А што мне было рабіць аднаму сярод гэтых «арыйцаў»? Бо, як кажуць, на чужой старонцы і жук мяса. І я, жывучы з Мартай, увесь час шукаў моманту, калі змагу вырвацца з ненавіснага мне палону, пакінуць чужую мне краіну і нялюбую сям’ю. Аб сваім намеры, канечне, я нікому не гаварыў, а рыхтавацца да ўцёку не пераставаў. Словам, шукаў выпадку. І вось, нарэшце, такі выпадак знайшоўся.

Мне мой цесць даручыў з’ездзіць у горад на кірмаш з рознай сельскагаспадарчай прадукцыяй. Гэты маленькі гарадок чамусьці таксама называўся Гамбургам. Там я асабліва не таргаваўся, а таму хутка распрадаў усе свае тавары. Пасля гэтага прадаў каня, таксама за невялікую цану, а затым і калёсы. Потым пайшоў на чыгуначную станцыю і ўзяў білет да Берліна. З Берліна дабраўся да Варшавы, адтуль праз Вільню — у Рыгу, з Рыгі — у Талін, потым — у Нарву, адкуль ужо пеша дабіраўся да граніцы. Непрыкметна перайшоў граніцу і скіраваў прама на наш савецкі пагранічны пост. Расказаў там, хто я, адкуль, куды і чаго іду. Там мне скамандавалі ісці наперад, і такім чынам прывялі да начальніка пагранзаставы.

— Вось я перабежчыка затрымаў,— адрапартаваў пагранічнік свайму начальніку.

— Не затрымліваў ён мяне, я сам прыйшоў,— паправіў я пагранічніка.

— Таварыш начальнік,— паўтарыў свой рапарт пагранічнік,— я затрымаў шпіёна, які хоча выкруціцца ад адказнасці.

— Вы можаце быць свабодным,— паказаў начальнік на пагранічніка-канваіра,— а з вамі будзе асобная размова,— ужо звяртаючыся да мяне, сказаў грозны начальнік.

— Таварыш начальнік заставы, вось тут недалёка мой дом. Там жыве мой брат Васіль і мая жонка з дачкой. Можаце праверыць.

— Ніякі я табе не таварыш. Ты — шпіён, за што і будзеш адказваць па ўсёй строгасці нашых савецкіх законаў!

— Я прашу паклікаць майго брата і жонку. Гэта ж непаразуменне.

— Не хвалюйся, паклічам, і не адзін яшчэ раз.

У хуткім часе прывялі на заставу брата Васіля і маюжонку Ніну. Яны кінуліся да мяне, але іх не падпусцілі. І так было двойчы. Адтуль перавялі мяне спачатку ў Востраў, а потым і ў Пскоў, у гарадскую турму. Там яшчэ некалькі разоў вадзілі мяне на допыты, а потым, прыкладна праз месяц, судзілі. Далі тры гады з высылкай на Салаўкі. Тады гэта было самае страшнае і далёкае месца зняволення. А потым, як я ўжо гаварыў табе, працаваў у Ленінградзе кухарам. Трэба сказаць, што прафесію гэту я набыў на Салаўках. І вось у 1937 годзе за гэта ж самае «шпіёнства» яшчэ далі 10 гадоў і 5 паражэння ў правах пасля адбыцця «тэрміну пакарання». Вось бачыш, з якім злачынцам ты знішчаеш спечаныя ім аладкі,— закончыў свой расказ Стралкоў.

Міхась сядзеў і слухаў гэтую эпапею, героем якой быў жывы чалавек — сам расказчык.

— І больш ні ў чым цябе зараз не абвінавачвалі? — спытаў Міхась.

— Чаму ж не? Абвінавачвалі ў шкодніцтве, падрыхтоўцы дыверсій і яшчэ чорт ведае ў чым!


  Другое знаёмства з лазарэтам

Хутка пасля гэтай гутаркі ў Міхася разбалеўся жывот, і яго зноў адправілі ў лазарэт. Міхась рад быў зноў сустрэцца з урачом Васілём Апанасавічам Шаўчэнкам. Толькі нечакана для яго самога на прыёме ён убачыў не мужчыну, а жанчыну, таксама ўрача. І пасля таго, як закончыўся прыём, ён нібыта між іншым спытаў:

— А Васіль Апанасавіч — адпачывае, што яго сёння няма?

— Васіль Апанасавіч у нас больш не працуе,— адказала ўрач-жанчына.

— А дзе ж ён зараз?

— Не ведаю,— сказала ўрач і паклікала: — Наступны!

Толькі ў палаце Міхась даведаўся аб тым, што напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка Васіля Шаўчэнку зноў арыштавалі і павезлі ў Улан-Удэ.

«Вось і навёў парадак Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя,— думаў Міхась.— Мала было ахвяр Яжова, дык на табе — Берыя яшчэ падкінуў. Не, не можа быць, каб пра гэта не ведаў сам Сталін. Пэўна, усё гэта робіцца з яго згоды»,— першы раз так падумаў Міхась, ад чаго стала непрыемна і нават страшна.

Неяк пуста зрабілася на душы ў Міхася. Без Шаўчэнкі лазарэт здаваўся яму таксама пустым. У ім не хапала той цеплыні і гасціннасці, што прыносіў сюды Васіль Апанасавіч, і так думаў не толькі адзін Асцёрскі, а літаральна ўсе яго насельнікі — хворыя. Нядрэнным урачом была і Раіса Паўлаўна Коршак, але яна не магла замяніць свайго папярэдніка. Добра хоць тое, што па-ранейшаму застаўся працаваць медработнік, па адукацыі фельчар, Уладзімір Раманюк. Ён таксама быў родам з Украіны, і Шаўчэнка ўзяў яго да сябе ў памочнікі нягледзячы на тое, што ён быў зэк. Цераз Васіля Апанасавіча Міхась добра пазнаёміўся і нават зблізіўся з Валодзем, як яго звалі ўсе хворыя. Валодзя Раманюк быў заўсёды на баку Асцёрскага. Нават тэмпературу заўжды завышаў. Адным словам, ён не хацеў, каб Міхася хутчэй выпісвалі і зноў паслалі на трасу капаць зямлю і адсыпаць насып.

На гэты раз Міхась пракантаваўся ў лазарэце да цёплых дзён. Ён бы і яшчэ ляжаў там, ды стала няёмка перад самім сабой. Ён папрасіўся на выпіску. Але Раіса Паўлаўна не дазволіла.

— Не, дзянькі тры яшчэ паляжыце, набярыцеся сілы пасля такой цяжкай хваробы. Лепш я дазволю вам выходзіць на двор і гуляць на свежым паветры.

Раіса Паўлаўна Коршак прыехала ў лазарэт з Новасібірска, дзе толькі што скончыла медыцынскі інстытут. Дагэтуль яна працавала фельчарам пасля заканчэння медвучылішча ў Барнауле. Яна была добрая, памяркоўная, заўсёды спачувала людзям. Хворыя гаварылі паміж сабой, што ў яе самой нехта з родзічаў таксама насіў кляймо «ворага народа».

— Схадзіце, Асцёрскі, пагуляйце на свежым паветры,— прапанавала Раіса Паўлаўна Міхасю.

— Дзякую за ласку,— сказаў Міхась, і разам з двума хлопцамі яны пайшлі на прагулку.

Непадалёку ад лазарэта знаходзіліся і могілкі, на якіх даўно хацеў пабыць Міхась. Магіл было шмат, і свежых таксама.

— А што, калі падлічыць? — прапанаваў Міхась.

— Можна і падлічыць,— згадзіліся яго кампаньёны.

Рэдка трапляліся такія магілы, у якіх ляжала па адным нябожчыку, большасць з іх былі калектыўнымі — па 2, 3, 4, 5 і больш чалавек. У асноўным гэтыя магілы ўзнікалі ў час разгулу эпідэміі дызентэрыі — улетку 1938 года. Ля кожнай магілы былі замацаваны закадзіраваныя біркі, на якіх значыліся прозвішчы пахаваных. Хлопцы раздзялілі магілы на ўчасткі, і кожны з іх стаў лічыць. А пасля, калі быў зроблены падлік, звялі ўсё ў адну суму. І атрымалася больш за 5000. І гэта толькі на адных могілках! А на ўсёй жа трасе іх было чатыры. Значыць, агульная колькасць — 20 000 ахвяр! Калі ўлічыць, што на ўсёй трасе працавала спачатку заснавання лагера 97 000, то атрымліваецца 20 працэнтаў ад гэтай колькасці. «І гэта толькі за адзін год! — жахнуўся Міхась.— А што ж будзе далей?»

А далей было амаль тое ж самае. Хоць і не ў такой масавасці, але людзі паміралі ад голаду і ад холаду, пакуль не закончылася будаўніцтва гэтай чыгункі. І ніхто з родных нічога не ведаў аб трагічным лёсе гэтых, ні ў чым не вінаватых ахвяр. Усё трымалася ў строгай тайне ад жывых людзей. Напішуць на асабістай справе нябожчыка — «чорны», і на гэтым канец усёй пісаніны.

Вярнуўшыся ў палату, Міхась доўга думаў і разважаў сам-насам: «За што? За што яны загінулі пасля такіх цяжкіх пакут? І чаму не паведамляюць пра іх гібель родным і блізкім? Гэта ж зверства! Навошта так робіцца? Каму гэта патрэбна?» З такімі думкамі ён лёг у «ложак» і ад усяго, што перажыў за гэтыя гадзіны, няскора заснуў.


  Дахадзягі

Пры выпісцы з лазарэта Міхась праз урача Раісу Паўлаўну Коршак і яе лекпома Уладзіміра Раманюка папрасіў, каб яго накіравалі ў тую ж самую калону, адкуль яго прывялі сюды. Для гэтага ён знайшоў і прычыну: там была брыгада слабасілкаў, ці, як яе па-лагернаму называлі, «дахадзяг». Гэта брыгада складалася з зэкаў, якім медыцынскай камісіяй была ўстаноўлена па іх стане здароўя трэцяя катэгорыя (група інваліднасці) ці часовая непрацаздольнасць. А Міхасю і на гэты раз такую групу далі перад выпіскай.

Просьба яго была задаволена.

Калі ж сказаць шчыра, то Міхась хацеў вярнуцца ў калону нумар 1 таму, што на кухні там працаваў Міхась Стралкоў, з якім ён раней пасябраваў і які яго да лазарэта падкормліваў. Толькі на гэты раз Асцёрскі пралічыўся. Пакуль ён ляжаў у лазарэце і зарабляў сабе групу, ці катэгорыю, Стралкова перавялі на другую камандзіроўку — на 201 кіламетр, на будучую станцыю Джыда.

Брыгада дахадзягаў выконвала «лёгкія работы». Яна нарыхтоўвала друз для станцыйных пуцей і дзёран для замацавання насыпу і самога палатна чыгункі і яе адхонаў, а таксама кюветаў; укладвала гэты дзёран і рассыпала друз на станцыйных пуцях і раз’ездах. Яна выконвала і яшчэ шмат якія работы апрача земляных. Адным словам, людзі гэтыя былі вызвалены толькі ад земляных работ ды яшчэ пагрузкі лесу.

Узначаліць гэту брыгаду даручылі былому саўгаснаму бухгалтару з Растоўскай вобласці Міхаілу Чумакову — таксама дахадзягу. Міхаіл Пятровіч Чумакоў быў яшчэ маладым чалавекам — гадоў трыццаці. Па сваім целаскладзе ён выглядаў атлетам, як сапраўдны данскі казак. Але непасільная фізічная праца і сістэматычнае недаяданне прывялі яго да становішча дахадзягі. Трэба заўважыць, што да лагера ён вельмі мала займаўся фізічнай працай. Спачатку школа, потым курсы бухгалтарскага ўліку, а пасля і сама бухгалтарская праца. Так што ўвесь час да фізічнай працы ён меў дачыненне толькі калі-нікалі, і тое на сваім гародзе. Усё рабілі спачатку бацькі, а потым і жонка, з якой ён паспеў нажыць трое дзяцей — дзвюх дачок і аднаго сына. Ён дужа сумаваў па сям’і, якую вельмі любіў і пра якую неаднойчы расказваў, як пра нешта святое.

Міхась адразу пасябраваў з ім. Мо таму, што Чумакоў, нягледзячы на сваю бухгалтарскую прафесію, якую лічыў сумнай, вельмі любіў літаратуру, асабліва паэзію. Ён прызнаўся Міхасю, што час ад часу сам папісваў вершы.

— Каб не ўліп у гэтую няшчасную бухгалтэрыю, не звязаў свой лёс з абрыдлымі лічбамі, быў бы я паэтам,— прызнаваўся ён Міхасю, які да гэтага не адкрываўся яму ў сваёй сімпатыі і прыхільнасці да мастацкага слова.

— Дарэмна ты караеш сябе і абражаеш сваю цудоўную прафесію,— супакойваў яго Міхась.— Бо ў кожнай справе, у кожнай прафесіі, у тым ліку і бухгалтарскай, ёсць свая прыгажосць, свая паэзія. Дарэчы, можна працаваць з лічбамі і адначасова займацца літаратурнымі справамі,— працягваў ён.— Вось Антон Паўлавіч Чэхаў па прафесіі ўрач, а Гарын-Міхайлоўскі — інжынер, а якія яны пісьменнікі! Дай божа кожнаму. І вось другі прыклад. Наш беларускі паэт Альберт Паўловіч — бухгалтар, як і ты, а піша цудоўныя вершы.

— Дык гэта ж геніі, а я што — пасрэднасць.

— А ты ведаеш, што сказаў Гётэ? А вось што: «Геній — гэта цярпенне і праца».

— Чаго-чаго, а цярпення ў нас з табой хапае,— горка ўсміхнуўся Чумакоў.

Чумакоў быў памяркоўны і па-сяброўску шчыры. Ён ніколі не крывіў душой, за што яго і паважалі сябры па няшчасці.

Аднойчы Міхась спытаў у яго:

— Скажы, цёзка, за што цябе, чалавека мірнай прафесіі, схапілі і прывезлі на гэтую катаргу?

— Тое, за што мяне забрыталі і запраглі ў гэтыя непасільныя драбіны, выедзенага яйка не варта,— пачаў Чумакоў.— Неяк мне захацелася паарыгінальнічаць, і я купіў сабе піпку, падобную на тую, з якой не расставаўся Сталін. Вось хаджу па станцыі і дымлю. Людзі паглядзяць, усміхнуцца, і на гэтым годзе, як кажуць, канцы. Але не ўсе так аднесліся да маёй арыгінальнасці. Зайздроснікам маім было гэта не ў нос,— працягваў свой расказ Чумакоў.— І вось яны шукалі выпадку скампраметаваць мяне, дакладней — злавіць мяне і нешта прышыць. Вось адзін з такіх нягоднікаў-правакатараў падыходзіць да мяне і кажа: «Ну, ты, Чумакоў, і даеш! Абзавёўся піпкай, як у самога Сталіна!» А я без усякага ўсяго і адказаў яму: «А што я, горшы за Сталіна, што не магу мець такой піпкі?» Для правакатара гэтага было даволі. Назаўтра, ноччу, да мяне прыйшлі «госці», зрабілі разгромны вобыск, надзелі «наморднік» і адвязлі ў Мілераўскае раённае аддзяленне НКВД. Два тыдні памучылі там, а потым адправілі ў Растоў, дзе прапакутаваў яшчэ два месяцы. Пасля ўсіх «банных працэдур» прывезлі ў гэты закляты Южлаг,

— На допытах прыкладвалі да цябе свае брудныя рукі «патрыёты»-следчыя? — пацікавіўся Міхась.

— Ты лепш спытай, каго яны абышлі сваёй «гасціннасцю». Інакш яны не змаглі б дасягнуць сваёй мэты — з нас, сумленных людзей, сапраўдных патрыётаў, зрабіць «ворагаў народа» і «забойцаў вялікіх правадыроў».

Праз пэўны час да кампаніі Асцёрскага і Чумакова далучыўся яшчэ адзін зэк, былы чыгуначнік (вагонны слесар) са станцыі Глыбокае, таксама Растоўскай вобласці — Чуркін Іван Хведаравіч, яшчэ зусім малады чалавек, якому не было і 25, ён толькі што пачынаў сваё сямейнае жыццё: не прайшло і года, як ажаніўся. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы дыверсіі — аварыі на Паўднёва-Данецкай чыгунцы ў час прыбыцця туды Кагановіча і Варашылава.

— Як я ні ўпіраўся, а вымушаны быў падпісаць «прызнанне» ў сваёй «дыверсійнай дзейнасці» і падрыхтоўцы замаху на жыццё «верных ленінцаў» — Лазара Майсеевіча і Клімента Яфрэмавіча.

На працягу трох месяцаў — з мая па ліпень 1939 года — тройца сяброў дзяліла паміж сабой і пайку хлеба, і баланду, і радасць, і гора. Аднойчы да іх хацеў далучыцца адзін тыпус, ды яны яго адшылі. Гэта быў былы старшыня сельсавета з Краснадарскага краю. Ён падышоў да іх у час перакуру і прапанаваў:

— Сябры, мы ўсе ўчатырох тут — інтэлігенты, дык давайце будзем трымацца адзін аднаго. Карацей кажучы, давайце сябраваць.

— Які ж ты інтэлігент з трохкласнай адукацыяй? Гэта, па-першае. Па-другое, ты чалавек няшчыры. І трэцяе, ты стараваты для нашай кампаніі,— выклаў яму Чумакоў.

— Ну што ж, бог з вамі, буду шукаць іншых партнёраў,— пакрыўдзіўся Васіль Селязнёў.

— Пашукай, гэта табе карысна,— абразліва адказаў яму Чуркін.

Пра Селязнёва хадзілі розныя чуткі. Яго характарызавалі як правакатара і на волі, да лагера, і ўжо ў зняволенні — у турме і лагеры. Вось чаму ніхто і не хацеў мець з ім ніякіх адносін.

Чуркін быў малапісьменны, але вельмі кемлівы і разумны чалавек. Ні кніжак, ні газет ён ніколі не чытаў, а вось рукамі ўсё мог, асабліва што датычылася слясарна-такарных і цяслярна-сталярных работ. Ён з простай жалезкі мог зрабіць не толькі ключ, але і сам замок. Тое ж самае ён мог вырабляць і з дрэва.

Калі двух першых хоць трошачкі штосьці духоўна аб’ядноўвала, то ў адносінах да Чуркіна здавалася, што ён стаяў далёка ад іх. Але ж, нягледзячы на ўсё гэта, і ў яго знайшлося нешта агульнае з двума першымі. Мо таму, што ён быў шчыры і самаадданы, як і яго сябры — Асцёрскі і Чумакоў.

Катэгорыя зняволеных, да якой адносіліся Міхась Асцёрскі, Міхаіл Чумакоў і Іван Чуркін, згодна лагерных законаў павінна была працаваць на лёгкіх работах і без устаноўленай нормы выпрацоўкі атрымліваць на дзень па 900 грамаў хлеба, а таксама адпаведны гэтай пайцы прыварак. Але мясцовае начальства наплявала на гэтыя законы. Яно прытрымлівалася сваіх, няпісаных «законаў». Брыгадзе слабасілкаў, ці дахадзяг пачалі даваць такія ж самыя нормы выпрацоўкі, што і ўсім іншым. Акрамя таго, членаў гэтай брыгады пачалі выкарыстоўваць на непасільных для іх работах: выгружаць і загружаць вагоны лесаматэрыялам, пілаваць і калоць дровы, разгружаць вагоны з друзам і гравіем, цягаць на сабе рэйкі і шпалы. Вядома, што хворыя і аслабелыя людзі-нявольнікі не маглі асіліць такую работу. Яны не маглі выканаць устаноўленыя нормы, а значыць, і атрымаць патрэбны паёк. Замест 900 грамаў хлеба яны пачалі атрымліваць толькі па 500 і нават па 300, а адпаведна гэтым грамам і прыварак — два разы ў дзень па паўлітра пустой баланды без ніякай кашы.

Чалавек, які ніколі не жыў на такіх харчах, можа запярэчыць і сказаць: «Падумаеш, 300—500 грамаў хлеба мала для яго! Я і столькі за дзень не з’ядаю». Можна згадзіцца з такім меркаваннем, што, знаходзячыся на волі, ён больш гэтай нормы хлеба і не спажывае. Але ж не трэба забываць усіх іншых прадуктаў, якія вольныя людзі спажываюць акрамя хлеба — тлушчу, мяса, масла, яек, розных крупаў, макаронных вырабаў, бульбы і інш.

І вось гэтыя людзі з брыгады слабасілкаў з кожным днём пачыналі яшчэ больш слабець і рабіцца сапраўднымі дахадзягамі. На іх зноў садзілася вярхом цынга, а за ёю — і курыная слепата. Адзіным паратункам ад гэтага былі хвоя (хвойны настой) і палявы часнок. Хвоі згодна з назначэннем лекпома яшчэ можна было здабыць, а вось што датычыць палявога часнаку... Нягледзячы на тое, што яго на палях і лугах Бураціі хоць касой касі, здабыць было немагчыма. Ён даступны быў толькі для расканваіраваных. А такімі маглі быць толькі так званыя «бытавікі», ці крымінальнікі — жулікі-блатныя. А яны да такога становішча не даходзілі. Вось і гэта брыгада дахадзяг складалася выключна з «палітычных», якія тады аб расканваіраванні і марыць не маглі. Здабываць такое зелле яны маглі толькі на месцы працы. А гэта — кропля ў моры. Часам даводзілася ім рызыкаваць сваім жыццём, каб пазбавіцца ад непрыемных хвароб. Толькі такія рызыкі часта канчаліся трагедыямі, бо ахоўнікі былі няўмольнымі, больш таго — бесчалавечнымі.

Дастаткова будзе расказаць пра адзін толькі выпадак, каб чытач уявіў сабе малюнак той жудаснай бесчалавечнасці.


  Забойства

На зямлю Бураціі і ўсяго Забайкалля прыйшоў няўрымслівы чэрвень. Ярка свяціла сонца. Свяціла так, што наваколле дыхала гарачынёй. Пелі на розныя галасы птушкі, гудзелі пчолы і авадні. Луг і поле пакрыліся рознакаляровымі кветкамі. Паміж прыземістых траў і кветак бачны былі высокія, пруткія і заманлівыя сцяблінкі палявога часнаку — адзінага ратавальніка ад цынгі. Як быццам ён, часнок гэты, сам прасіўся ў рукі, але... Але ўзяць яго не было як — няма дазволу ад канваіра-ахоўніка. А канваір жа, як на грэх, трапіўся службіст. Дарэчы, ён быў ці то калмык, ці то казах — па-руску гаварыў слаба, у выразах дапускаў памылкі.

У час перакуру, а было гэта на беразе хуткаплыннай празрыстай Селенгі, суровы і негаваркі канваір-ахоўнік нечакана для дахадзяг улічыў просьбу брыгадзіра і дазволіў брыгадзе пабоўтацца ў водах гэтай ракі. Дазволіў, але папярэдзіў:

— Далёка не заплываць і не тапіцца, інакш страляць буду.

— А навошта ж тады страляць, калі ўтопімся? — падкалоў хтосьці з дахадзяг.

— Усё роўна страляць буду,— не разумеючы кпіны, накіраванай у яго адрас, паўтарыў пільны канваір.

А калі купанне закончылася і той-сёй пачаў на месцы перакуру рваць палявы часнок і адпраўляць яго ў рот, канваір папярэдзіў:

— Тры крокі наперад, тры крокі назад, столькі ж направа і налева — страляць буду! Апраўляцца прама на мяне.. Зразумела?

— Зразумела — апраўляцца прама на цябе,— у канваіра зноў паляцела новая кпіна.

Цяжка сказаць, зразумеў канваір яе сэнс ці не, але, моцна трымаючы вінтоўку, стаяў, як прыбіты да зямлі.

А забароненае зелле прыцягвала позірк зняволеных дахадзяг, ды толькі кожны з іх баяўся маўклівага вартавога. І ўсё ж такі знайшоўся адзін смяльчак, які паўзком перасягнуў забароненую зону і пачаў збіраць у жменю часнок. Але не паспеў ён разагнуцца і пакаштаваць яго, як прагучаў стрэл, і збіральнік зелля адразу ж упаў галавой на зямлю. Яшчэ не ўсе зразумелі, што адбылося, а грозны, азвярэлы вартавы закрычаў на ўсю моц:

— Лажыцца! Усе лажыцца! Інакш страляць будзеш! Галавой да зямлі. Лажыцца!

Хоць яшчэ і не ўсе паспелі зразумець, што адбылося, але загад выканалі: усе ляглі тварам да зямлі.

— Брыгадзір! — скамандаваў вартавы.— Хутка ідзі на вахту і далажы дзяжурнаму аб тым, што тут здарылася.

Зона была недалёка ад месца здарэння, а таму праз паўгадзіны прыбылі туды аператыўнік, следчы і ўрач-эксперт. Яны пакраталі, павярнулі нябожчыка на другі бок, памералі рулеткай адлегласць, якую перасягнуў нябожчык, склалі акт і падпісалі яго. Усім загадалі сесці і чакаць далейшых загадаў. Так яны прасядзелі з гадзіну. За гэты час двое ўзброеных ахоўнікаў і адзін зняволены — возчык — прыехалі на кані, запрэжаным у звычайныя калёсы, паклалі нябожчыка і павезлі на могілкі для зняволеных. Адначасова быў заменены і канваір-забойца. Як пасля высветлілася, яго перавялі на другую камандзіроўку, каб ён тут больш «не мазоліў вочы».

Пасля ўсіх гэтых працэдур брыгадзе загадалі падняцца і прадаўжаць работу. Але з месца ніхто не скрануўся. Гэта быў аднадушны пратэст супраць свавольства пільных ахоўнікаў-забойцаў.

— Ідзіце працаваць! — камандаваў новы канваір.

— Няхай забойца працуе,— пачуліся дружныя галасы ў адказ.

— Вінаваты будзе пакараны, калі ён сапраўды вінаваты,— тлумачыў новы канваір.— Але вы павінны працаваць!

Аднак намаганні канваіра былі дарэмнымі. Тое ж самае пачуў і прараб, які прыйшоў на выручку новаму канваіру. Да канца рабочага дня ніхто не зрушыўся з месца і не варухнуў рукой. Ніхто за гэта не быў пакараны, акрамя брыгадзіра: яго знялі з брыгадзірскай пасады.

Хто ж стаў ахвярай гэтага службіста-кар’ерыста, тупога забойцы? То быў рабочы, токар з Гомсельмаша, якога следчыя абвінавачвалі ў падрыхтоўцы дыверсійных актаў на родным заводзе. Сапраўднай жа прычынай арышту было тое, што яго, прыгажуна, прыраўнаваў да сваёй жонкі майстар. Сам жа Пятро Камянюк да свайго арышту не паспеў нават ажаніцца, ён меў усяго 22 гады.


  Няспраўджаныя ўцёкі

Тое, што адбылося сярод цёплага чэрвеньскага дня, недаяданне і звязаныя з ім хваробы цяжкім каменем асядала на сэрцы Міхася і яго сяброў. Яны цяпер падоўгу гаварылі між сабою, раячыся, што рабіць далей.

— Пэўна, не дажыць нам да зімы,— гаварыў Міхась сваім сябрам,— а калі і дажывём, дык зіма нас даканае.

— Дык што ж, браточкі, рабіць будзем, га? — пытаўся ў сяброў Іван Чуркін.

— Што? — перапытаў Міхаіл Чумакоў.— А вось што: трэба даваць цягу, пакуль яшчэ ходзяць ногі.

— Куды даваць цягу? — не разумеючы гэтых слоў, спытаў Міхась Асцёрскі.

— Хоць куды, а адгэтуль трэба даваць драла,— гаварыў Чумакоў.— Я пра гэта даўно ўжо думаў, толькі ўсё неяк не адважваўся гаварыць вам.

— Калі ўжо гаварыць шчыра, дык і я ўжо не раз пра гэта думаў,— прызнаўся Чуркін.

— Што праўда, то праўда, цяжка нам тут,— як быццам згадзіўся з сябрамі Асцёрскі,— толькі вось уцякаць няма куды. У нас і пад зямлёй знойдуць. Гэта вам не Афрыка, не Паўднёвая Амерыка і нават не Азія. У нас цяпер — шпік на шпіку і шпікам паганяе. Улічылі вы гэта, казакі, ці не?

— У вас на Беларусі ці ў Ленінградзе, дзе ты ў апошнія гады жыў, можа, і так, а ў нас, на Доне, схавацца і часова замаскіравацца можна,— пераконваў яго Чумакоў.— Нам бы толькі дабрацца туды, а там дапамогуць.

— Я такой жа думкі,— пагадзіўся Чуркін.

— Ведаеце што, хлопцы? — зноў загаварыў Міхась.— Каб рызыкнуць на такую справу, трэба мець сродкі і яшчэ нешта. Ну, хоць на 2—3 дні харчавання якога. А шлях жа доўгі і цяжкі. Нам прыйдзецца пераходзіць праз адгор’е Саянаў, а можа, і цераз іх вяршыні. Акрамя гэтага, тайга, рэкі і іншыя перашкоды.

— Дык што ты прапануеш? — спытаў Чумакоў.

— А вось што. Мне хутка павінна прыйсці пасылка і грошы ў яе таемніках. Пра гэта мне паведамілі ў пісьме. Як толькі атрымаю, так адразу ж і пойдзем. Згодны?

— Няхай будзе па-твойму,— у адзін голас заявілі «казакі».— Трошкі пачакаем. А можа, хто-небудзь і нам што падкіне.

На гэтым і пагадзіліся.

Прыблізна праз тыдзень пасылку сваю Міхась атрымаў. У пасылцы, як ён і гаварыў сваім сябрам, былі і грошы.

Ад вялікай радасці ён паклікаў да сябе сяброў, і яны ўтрох пачалі ўмінаць сала з сухарамі, якія размочвалі ў сырой вадзе. Гэтай жа вадой яны і запівалі смачную ежу. Прайшло некалькі гадзін, і ў Міхася спачатку забалеў жывот, а потым адкрыўся страшэнны панос. І яго зноў адправілі ў лазарэт, хоць ён і супраціўляўся.

Міхась так раззлаваўся на прысланае сала, што ўсё раздаў сябрам і суседзям па нарах. А як пасля высветлілася, сала не было вінаватым. Міхасёва памылка была ў тым, што ён запіваў ежу сырою і не зусім чыстай вадою. Доказам таму з’явіўся кавалачак сала, які ён пакінуў на ўсякі выпадак і які потым дапамог яму вылечыцца ад гэтай праклятай хваробы.

З лазарэта Міхась ужо не трапіў на ранейшую калону, а значыць, і да сваіх сяброў, з якімі збіраўся ў далёкую дарогу. Ён прасіў дактароў пайсці яму насустрач, але дарэмна. Яны былі незнаёмыя. А раз так, то ідзі туды, куды скажуць. Там ты — рабочае быдла, якому не дазволена ні думаць, ні распараджацца сабой. Дзе больш патрабуецца рабочага цягла, туды цябе і піхнуць. Не здольны працаваць-хабаціць, як гэта хочацца гаспадару — на звалку. Дарэмна карміць ніхто цябе не будзе. Адным словам, там ты — не чалавек, а рабочая жывёліна.

«Было б за што,— думаў Міхась,— а то ні за нюх табакі. Вунь яны, крымінальнікі — зладзеі, забойцы, рабаўнікі, бандзюгі,— яны ведаюць, за што іх сюды прывезлі. Яны і тут ходзяць па галовах, гэтыя «бытавічкі», а ты вось і канцы аддасі ў невядомасці».

Ішоў жнівень 1939 года. Мінула роўна два гады, як Міхась пазбавіўся волі, перастаў быць чалавекам. Ён яшчэ ў лазарэце пачуў, што Яжова не толькі знялі з пасады, але аб’явілі «ворагам народа».

— Вось гэты тыпус сапраўды заслужыў такога звання,— удумліва сказаў адзін сусед Міхася па бальнічным ложку.— Гэту гадзіну мала расстраляць — чацвертаваць трэба!

— Не хвалюйся, гэта і без нас з табой зробяць,— умяшаўся другі.— Цяпер Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя навядзе парадак. Нас, невінаватых, павыпускае, а на наша месца пасадзіць тых, хто нас саджаў.

— А па-мойму,— не стрымаўся Міхась,— і мы будзем тут і яшчэ прыгоняць тых, хто нас саджаў.

— Такога не можа быць,— не згадзіўся сусед.

— Што ж, пажывём — пабачым.

І на самой справе, пайшлі чуткі, што сяго-таго пачалі выклікаць для адпраўкі дамоў. Каго па скарзе, а каго і проста так. Міхась падумаў: «А што, калі і мне напісаць новую скаргу, толькі ўжо на імя Берыі? Можа, і разбяруцца». Ён тут жа набыў два лісты паперы і адразу ж напісаў на імя новага наркома новую скаргу. Ён паверыў у яго справядлівасць і сумленнасць. Бо яшчэ ў інстытуце, на палітзанятках, вывучаў яго працу па гісторыі ВКП (б) —«Некоторые вопросы истории большевизма в Закавказье».


  Жорсткасць

Праз нейкі час, не дачакаўшыся адказу, ён пасылае яшчэ адну, ужо дзесятую па ліку скаргу, толькі ўжо на імя Сталіна. Адначасова ён піша і жонцы Таісе. Дарэчы, ён пісаў ёй кожны месяц, але ад яе — ні слова. Думаў, можа, цяпер, калі памяняліся наркомы і адкрыта на партканферэнцыі былі асуджаны дзеянні Яжова і яго хеўры, перастане маўчаць і Таіса. Але дарэмна — і на гэтыя пісьмы адказу не было. Міхась думаў: «У чым прычына?»

А з Таісай адбывалася вось што.

Не прайшло і года пасля арышту Міхася, як у доме, дзе жылі Асцёрскія, памяняўся домакіраўнік. Новым кіраўніком стаў былы работнік органаў унутраных спраў, маёр у адстаўцы Рэдзькін Андрэй Мітрафанавіч. Яго звольнілі з органаў тады, калі быў зняты з паста наркома сам Яжоў і пакончыў жыццё самагубствам начальнік Ленінградскага аддзялення НКВД Закоўскі. Новы нарком ачышчаў сваё ведамства ад яжоўцаў і на месца іх уладкоўваў сваіх людзей. Рэдзькін адрабіўся лёгкім спалохам: яго выпіхнулі з органаў і выключылі з радоў ВКП(б). Калі пра ўсё гэта даведалася жонка, то адразу ж пакінула яго. Навошта ён такі цяпер? Яна знайшла сабе другога са званнем і пасадай, а яго папрасіла вызваліць кватэру. Пасля некалькіх месяцаў жыцця без кватэры і без працы ён уладкаваўся домакіраўніком, дзе меў маленькі службовы пакойчык, у якім і жыў.

І вось, калі гэты Рэдзькін даведаўся, што ў адным з падпарадкаваных яму дамоў жыве жонка палітзняволенага, ён адразу ж наматаў сабе на вус. Спачатку ён завітаў да яе «па службовых справах», а потым пачаў заходзіць і так сабе — «на агеньчык». Ён хадзіў да таго часу, пакуль не застаўся начаваць.

— Мы з табой абое пакрыўджаны лёсам. Нешта ёсць у нас агульнае,— гаварыў Таісе Рэдзькін.— Дык давай жа мы з табой, Таіса Максімаўна, аб’яднаемся. Усё роўна Асцёрскага ты не дачакаешся. А калі і дачакаешся, то ён табе твайго адрачэння і разводу не даруе.

— А што, калі Міхась хутка прыйдзе, што тады?

— Ты падумай толькі — восем гадоў? Ці ж ён вытрымае там столькі? — пераконваў домакіраўнік Таісу.— Ды і хто ён цяпер табе? Ніхто. Ты свабодная жанчына.

— А дзіця ж у мяне ад яго.

— Дзіця мы перапішам на мяне, бо сваіх у мяне пакуль што няма.

— Не ведаю, што і рабіць...— паступова здавалася Таіса «кавалеру».

— Ну, чаго табе яшчэ думаць, мы ж усё роўна ўжо жывём з табой як муж з жонкаю.

— Так можна, а вось замуж... Страшна,— гаварыла, а сама даўно ўжо вырашыла і баялася, як бы толькі ён не перадумаў.— Ну, што ж, няхай будзе па-твойму. Толькі адна ўмова: мой сын няхай будзе і тваім. Згодзен?

— Дык я ж ужо і сказаў табе, што сына мы перапішам на маё прозвішча.

Так Таіса стала жонкай Рэдзькіна.

А назаўтра новы муж Таісы паставіў перад ёю ўмову: каб яна не адказвала на пісьмы былога мужа — Міхася Асцёрскага. Яна дала яму слова згоды і стрымала яго.

Праз колькі дзён яны пайшлі ў загс, каб пераўсынавіць сына Міхася Асцёрскага, Алега, на Андрэя Рэдзькіна. Але, на шчасце, у загсе сядзелі, відаць, недурныя людзі. Там у іх спыталі:

— Бацька жывы?

— Жывы, але ён адбывае тэрмін пакарання па палітычных матывах.

— Тады напішыце яму, каб ён даў згоду.

— Гэтага я рабіць не буду,— сказала Таіса,— бо ён усё роўна не дасць такой згоды.

— А без гэтага мы нічога рабіць не будзем. Вось так, грамадзяначка Рэдзькіна.

— А я яшчэ і не Рэдзькіна,— не стрымалася Таіса.— Я цяпер зноў Мартынава.

— Тым лепш для вас,— загадкава заўважыў работнік загса.

Так і вярнуліся ні з чым да свайго дому «маладажоны». Больш па гэтым пытанні яны ўжо ні да каго не звярталіся.

— Я ўсё роўна і так буду лічыць Алега за свайго сына,— супакойваў Рэдзькін сваю маладуху.

Як гэта часта здараецца з жанчынамі, Таіса перастала думаць пра Міхася. Тыя пісьмы, якія прыходзілі ад яго, яна, не чытаючы, рвала і кідала ў грубку, што вельмі падабалася яе новаму мужу. Можа, яна і наогул не ўспомніла б пра яго, каб ён сам час ад часу не турбаваў яе. Яна проста захаплялася сваім новым «шчасцем».

І вось аднойчы, недзе ў канцы 1939 года, яе спакой парушыла нечаканая позва за подпісам пракурора горада, у якой прапаноўвалася прыбыць ёй туды 25 лістапада, у 10 гадзін раніцы «на собеседование», як гэта значылася ў паперцы. Позва гэтая перапалохала Таісу. Яна хацела была не прызнавацца мужу, але не ўтрымалася.

— Як ты думаеш, Андруша, навошта я спатрэбілася гэтым пракурорам?

— Пэўна, усё яшчэ па справе твайго былога благавернага,— адказаў той.— Калі што якое, старайся адмахвацца ад яго. Хто ты цяпер яму? Былая знаёмая, і ўсё. Цяпер ты мая. Зразумела?

— Зразумела. І ўсё ж я буду старацца паводзіць сябе так, як ты раіш,— запэўніла яна новага мужа.

У пракуратуры Таісу сустрэлі ветліва, з далёкім прыцэлам:

— Ну, як жыццё-быццё, грамадзяначка Асцёрская?

— А я ўжо не Асцёрская, Мартынава я,— сур’ёзна заявіла Таіса.

— Ах, так, так, Мартынава. А я ўжо і забыўся, што вы вярнулі сабе дзявочае прозвішча. Прашу прабачэння.

— Я хачу ведаць, чаго мяне выклікалі,— сказала Таіса.

— Не спяшайцеся, скажу, толькі не адразу,— цягнуў пракурор.

— Мне трэба спяшацца, у мяне малое дзіця.

— Калі так, то слухайце ўважліва. Ваш былы муж, Асцёрскі Міхаіл Раманавіч, просіць, каб мы дапамаглі яму вызваліцца і вярнуцца ў сям’ю. Як вы на гэта глядзіце?

Пракурор думаў, што яна ўзрадуецца і пачне прасіць яго зрабіць гэта як можна хутчэй. Як-ніяк, а Міхась — бацька яе сына. Але ён памыліўся. Таіса перапалохалася. Яна спачатку пачырванела, а потым збялела... «А вось,— думала яна,— ён возьме і прыйдзе? Што я тады рабіць буду?»

— Грамадзянка Асцёрская, я ў вас пытаюся, жадаеце вы, каб мы вызвалілі бацьку вашага сына ці не?

— Не,— рэзка адказала Таіса.

— Чаму?

— Я баюся, бо ён не даруе мне за мае ўчынкі. Лепш няхай застаецца там да канца свайго жыцця.

— І вам не шкода яго?

— У мяне ўжо ёсць другі муж. Двух мужоў мне не трэба.

— Зразумела. Але я ўпершыню чую, каб жанчына не захацела выратаваць бацьку свайго дзіцяці,— ужо сур’ёзна сказаў пракурор.

— У майго дзіцяці ёсць другі бацька, і не горшы за першага.

— Што ж, я ўлічу вашу просьбу, пастараюся зрабіць так, як вы жадаеце. Можаце быць спакойнымі.

І пракурор слова сваё стрымаў: Міхась атрымаў яшчэ адзін адмоўны адказ на сваю дзесятую скаргу на імя Сталіна.

А тым часам, хоць і вельмі рэдка, а таго-сяго пачалі былі выпускаць з блаславення самога Берыі. Праўда, ён аднаго выпускаў, а на яго месца браў 2—3 новых. А ўсё ж лічылася, што ён пераглядае справы і невінаватых адпускае дамоў. Гэта быў пыл у вочы.

Неяк дайшла чарга да вызвалення аднаго з сяброў па няшчасці Міхася, жыхара Ленінграда — Горына Івана Паўлавіча, выхадца з Беларусі. Міхась напісаў пісьмо, якое папрасіў даставіць і асабіста ўручыць Таісе. На канверце разборліва напісаў адрас. Горын па-сяброўску і па-грамадзянску выканаў просьбу Міхася — пісьмо адвёз на кватэру і асабіста ўручыў яго адрасату — Таісе. Пра гэта ён паведаміў потым у пісьме, у якім загадкава пісаў: «Быў у тваёй Таісы, жывуць добра, хлопчыкаў гадуюць...» Каментарыяў тут, як кажуць, не патрэбна: адразу можна было здагадацца, што яна жыве не адна і што на Міхася даўно махнула рукою. Але той не хацеў пра гэта прама пісаць. Думаў так: навошта вярэдзіць балючыя раны сябра па няшчасці? Маўляў, калі ён не дурны, дык і сам здагадаецца. Адраклася, здрадзіла — вось і ўсё.


  Сустрэча з цікавымі людзьмі

З лазарэта Міхася накіравалі ў калону нумар 4, у якой ён яшчэ ніколі не быў і дзе ніхто яго не ведаў. Значыць, трэба было зноў пачынаць з нуля. Ён вельмі прасіў, каб яго паслалі ў калону нумар 2, дзе засталіся Чумакоў і Чуркін. Яму здавалася, што там яшчэ існавала «брыгада дахадзяг». Але пакуль ён лячыў свой жывот у лазарэце, брыгада слабасілкаў была ліквідавана, а самога брыгадзіра — Міхаіла Чумакова — як спецыяліста па бухгалтарскім уліку ў сельскай гаспадарцы, адправілі ў сельгаскалону, якая размяшчалася паблізу будучай чыгуначнай станцыі Джыда. Чуркіна таксама кудысьці сплавілі. Так што, можа, гэта і добра, што яго зноў не прывялі туды.

Калона нумар 4 больш займалася нарыхтоўкай камення і друзу. Там жа недалёка ад зоны складваліся ў штабелі і шпалы, якія пасля развозіліся па ўчастках на цялежках. Былі і цеплякі на месцы будучых чыгуначных мастоў. Адзін з такіх цеплякоў і стаў першым месцам працы Асцёрскага на гэтай калоне. Але доўга ён там не працаваў, дакладней, не дзяжурыў. У яго абавязак уваходзіла паспяваць у час адкрываць вароты цепляка перад прыходам матавозаў і дрызін. Бо калі прамарудзіш, любая з гэтых машын выб’е вароты цепляка і сама сапсуецца. Міхась пра гэта добра ведаў. Але адна справа ведаць, а другая — у час папярэдзіць небяспеку.

Міхасёва дзяжурства прыпадала на начныя змены. Тры ночы ён вытрымаў, а на чацвёртую спасаваў — заснуў, і яго прагналі з гэтай цёплай работы. Разам з іншымі яго пачалі ганяць у каменны кар’ер, дзе ён з дапамогай лома і кіркі павінен быў «скараць» гранітныя скалы. А было гэта якраз зімою. Холад высмоктваў усе сілы. Маразы пяклі так, што граніт трэскаўся і страляў, як з трохдзюймоўкі. Выручалі толькі кастры ды няспынная праца. Але Міхась паабмарожваў вушы, нос і шчокі, якія пачалі гнаіцца. І ён пацягнуўся ў медпункт да невядомага яму лекпома.

Лекпом, ці фельчар, быў ужо немалады, у валасах і ў барадзе ўжо віднелася сівізна. Сам ён быў вышэй сярэдняга росту, стройны, з разумнымі і выразнымі вачамі. Амаль з кожным пацыентам быў карэктны, ні з кім не лаяўся і не спрачаўся. Так што ворагаў у яго не было. Ён быў вельмі цікаўны і ў той жа час спагадлівы да сваіх пацыентаў. Не скупіўся на вызваленні іх ад працы, калі бачыў, што гэта трэба для чалавека. Лекпом адразу ж вызваліў Міхася ад працы на цэлых пяць дзён, потым даў сваё заключэнне, каб яго не пасылалі на цяжкія работы, як слабасілка (Міхась расказаў яму пра былую брыгаду дахадзяг). А калі Міхась расказаў, хто ён і адкуль, той яшчэ болей перамяніўся. У час адной з перавязак сказаў Міхасю:

— Таварыш Асцёрскі, бачу, што вы дастойны чалавек, з якім заўсёды можна быць шчырым і адкрытым. Дык будзем жа ўзаемна шчырымі. Згодны?

— Я наогул не ўмею хітрыць, а з вамі тым больш,— адказаў яму Міхась.— Вы медык незвычайны. Такіх добрых, чалавечных лекпомаў у лагерных медпунктах я яшчэ не сустракаў.

— І наўрад ці сустрэнеце,— не стрымаўся ён.— Даруйце мне за маю нясціпласць. Бо пра гэта я толькі з вамі гавару. Вось давайце заўтра сходзім да ўрача ў аддзяленскую паліклініку, я хачу аднавіць вам трэцюю катэгорыю, якая дапаможа вам пазбыцца ад цяжкіх работ.

Калі прыйшлі назаўтра, лекпом прапанаваў Міхасю пачакаць у калідоры, а сам пайшоў да ўрача-хірурга, дзе надоўга затрымаўся, потым паклікаў Міхася. Яго сустрэў урач, даволі салідны мужчына, гадоў за пяцьдзесят, у акулярах, з невялікай бародкай і кароткімі вусамі, якія хавалі яго дабрадушную ўсмешку. Ён павітаўся і спытаў:

— Што, «вораг народа»?

— Так, вы не памыляецеся, таварыш доктар, я — «вораг народа».

— Не доктар, а прафесар,— паправіў Міхася лекпом.

— Гэта не так ужо і важна,— сказаў доктар.— Можа, дзе-небудзь і прафесар, а тут толькі ўрач, ці, як вы называеце, доктар.

— Калі не сакрэт,— набраўся смеласці Міхась,— дзе вы да гэтага працавалі прафесарам?

— Дзе, пытаецеся? У Свярдлоўскім медінстытуце, пакуль не зрабілі мяне, як і вас, «ворагам народа». Больш за чвэрць века вучыў будучых урачоў, а цяпер вось мяне самога вучаць вуму-розуму. А вы, кажуць, педінстытут канчалі? Рыхтаваліся вучыць маладое пакаленне і нам таксама рыхтаваць кадры — студэнтаў? Так, браце, у настаўнікаў і ўрачоў ёсць нешта агульнае, гуманнае. Як кажуць, медыкі і педыкі — браты,— працягваў ён.— Трымайцеся і беражыце сябе, бо вас чакае ніва народнай асветы, дзе вы будзеце сеяць разумнае, добрае, вечнае.

На развітанне ён даў сваё заключэнне, што па стане здароўя Міхась можа выконваць толькі лёгкія, падсобныя работы.

— Ну, як вам прафесар спадабаўся? — спытаў у Міхася ўжо па дарозе ў зону лекпом.

— Прафесар гэты — Чалавек з вялікай літары.

— Я такой жа думкі,— згадзіўся лекпом.


  Падвёў Маякоўскі

Згодна з заключэннем прафесара Сярова Міхася пачалі выкарыстоўваць толькі на так званых «лёгкіх работах». То пасылалі яго дняваліць у баракі, то апальшчыкам у лазню, то прыбіраць пакоі розных канцылярый. Адным словам, зрабілі яго тыповым «прыдуркам». Апраналі ў самыя страшныя лахманы. І бушлат, і штаны-ватнікі паходзілі на вопратку і клоунаў, і юродзівых. Яны былі залаплены сотнямі лапікаў розных колераў. Такога і на сцэне не ўбачыш. Затое ён не галадаў і заўсёды быў у цёплым памяшканні.

Неяк аднойчы ён прыбіраў пакой, у якім сядзела начальства ахоўнікаў. І вось яны на патэфоне пачалі круціць пласцінкі з вершамі Маякоўскага. Міхась паклаў венік і таксама пачаў прыслухоўвацца.

— Глядзіце, і ён, гэты дэбіл, слухае, як быццам нешта разумее,— сказаў адзін з гэтых пустаплясаў.

І тады Міхась выразна прачытаў апошнюю страфу з верша «Стихи о советском паспорте» Маякоўскага.

— Ого, бачыце, на што гэты дэбіл яшчэ здатны,— сказаў адзін з гэтых «разумнікаў».— І ўжо да Міхася: — Ану прачытай яшчэ што-небудзь з вершаў Маякоўскага. Паглядзім, што ты за гусь.

І Міхась прачытаў ім верш «О дряни». Чытаў з усёй выразнасцю і жэстамі. Дзе трэба, паказваў пальцам на хеўру дармаедаў, «публіку».

— Значыць, недарэмна прывязлі цябе сюды. Маскіруешся, гадзюка, контра няшчасная! — накінуўся на Міхася начальнік аховы.

— Лепш быць няшчасным контрам, чымся шчаслівым калуном,— адказаў Міхась.

— У кандзей яго, гада паўзучага! — закрычаў разгневаны начальнік аховы.

Так ні за што ні пра што Міхась трое сутак адпакутаваў у лагерным ізалятары, дзе ад холаду і голаду ледзь застаўся жывы. І калі пасля гэтага зайшоў да лекпома, той параіў яму ўцякаць з гэтай калоны.

— Яны вас замучаць,— пераконваў лекпом Міхася.— Пакуль вы там, у ізалятары, пакутавалі, яны злавілі мяне і чыталі натацыі за вас. Я вырашыў зноў звесці вас у лазарэт, адкуль сюды ўжо вы больш не патрапіце. Інакш яны даканаюць вас,— тлумачыў лекпом Міхасю.— Толькі мы зноў зойдзем да прафесара і возьмем у яго накіраванне.

— Я згодзен, дарагі чалавек, прапанова ваша слушная.

Як сказалі, так і зрабілі. Спачатку схадзілі па накіраванне, а пасля ўзялі асабовую справу і рушылі ў лазарэт. Прафесар да гэтага аднёсся спакойна, з разуменнем, зычліва стрэў і так жа развітаўся. Ён па-бацькоўску пажадаў Міхасю ўсяго добрага.

Ужо па дарозе ў лазарэт лекпом Епіфанаў сказаў Міхасю:

— А мы з вамі яшчэ сустрэнемся ў Піцеры. Вы да мяне абавязкова прыйдзеце.

— А я ж не буду ведаць, у якую паліклініку ці бальніцу прыходзіць.

— Ні ў паліклініку, ні ў бальніцу, а ў храм святога Сергія. Зразумелі?

— Не, не зразумеў,— шчыра прызнаўся Міхась.

— Я ж па прафесіі — свяшчэннік, а не медык. Медыкам я зрабіўся паняволі. Але калі гаварыць праўду, дык кожны свяшчэннаслужыцель у агульных рысах знаёмы з медыцынай. Нас гэтаму патрошку вучылі.

— Значыць, вы не фельчар?

— Не, не фельчар. А зрабіўся ім для таго, каб выжыць і дапамагаць зберагчы сябе ад смерці такім вось, як і вы, грэшным.

— Ну, усё роўна вы добры чалавек, якому я вельмі і вельмі ўдзячны.

— Дзякую за добрыя словы, дружа. А да мяне ў храм святога Сергія вы ўсё ж такі прыйдзіце.

— Прыйду, абавязкова прыйду, калі толькі выжыву і дазволяць вярнуцца ў Ленінград.

— У Піцер,— паправіў яго лекпом.

Паабяцаць-то Міхась паабяцаў, а сам падумаў: «А што мне рабіць там, у тым храме? Маліцца я не ўмею, бо не прывучаны да гэтага. Толькі, мабыць, для цікавасці ды пабачыцца з былым сябрам па няшчасці? Калі дажыву да такога шчаслівага часу, то рызыкну — зайду. Ды вось наўрад ці дажыве ён і сам, гэты пастыр у халаце лагернага фельчара».

У лазарэце яны развіталіся, як добрыя сябры з надзеяй на хуткую сустрэчу.

І вось зноў і ўжо каторы раз Міхась трапіў на бальнічны ложак. Былы яго лекпом раіў свайму падапечнаму, як толькі можна, пратрымацца там да цёплых дзён, да травы і кветак. Бо летам усё ж цяплей, а значыць, і лягчэй пераносіць усе цяжары і нягоды. Хоць голадна, але затое не холадна. Так ён і стараўся рабіць.

«Вось так,— думаў Міхась,— у месцах зняволення дазволена ўсё: звычайны малапісьменны чалавек раптам можа зрабіцца папом, як мне расказваў былы катаржанін царскіх часоў Міхаіл Маркавіч Сталяроў пра свой «свяшчэнны сан» у Прыбайкаллі перад першай сусветнай вайной, калі ён знаходзіўся акурат у такім жа становішчы, як і я,— будаваў Транссібірскую магістраль,— і тыповы поп — фельчарам. І адначасова дурань ці тупіца будзе хадзіць у разумніках, а разумны чалавек застаецца ў дурнях. Тое ж самае можна сустрэць часам і на волі, але радзей, чым тут. Лагер — гэта млын, які перамолвае чалавечыя душы, характары і волю».

З такімі думкамі-развагамі Міхась і апынуўся ў знаёмых сценах лазарэта. Сцены былі знаёмыя, але з медперсанала знаёмых амаль што нікога не засталося. Не застаў ён там ні ўрача Раісу Паўлаўну Коршак, ні яе памочніка — фельчара Уладзіміра Раманюка. Іх кудысьці перавялі, а куды — ніхто добра не ведаў. Адны гаварылі — у Навушкі, другія — у Кяхту, трэція — у Заудзенск.

Паколькі яўнай, выразнай хваробы ў новага пацыента новыя медыкі не знайшлі, то і трымалі яго ў сваёй установе нядоўга. Падмацавалі сілы, далі магчымасць апамятацца ад усіх нягод і адправілі зарабляць пайку ці, як тады гаварылі, «искупать свою вину честным, добросовестным трудом».

А здарылася гэта недзе ў сярэдзіне лютага 1940 года, у час разгару ваеннага канфлікту на Карэльскім перашыйку.


  Гусінае Возера і «сараканожкі»

На гэты раз Міхась трапіў не толькі ў другую калону, але нават і ў другое аддзяленне Южлага — у пасёлак Гусінае Возера. Там якраз і размяшчалася кіраўніцтва гэтага лагера, толькі трохі воддаль ад лагерных зон, у якіх марнелі тысячы зняволеных.

У адрозненне ад іншых лагерных зон, у калонах раёна Гусінага Возера (а іх там было тры) не было спецыяльна зробленых баракаў. Іх замянялі дацаны — памяшканні былога будысцкага манастыра, якіх там разам з храмамі стаяла некалькі. Незадоўга перад тым іх ачысцілі ад манахаў і свяшчэннаслужыцеляў. Пасля ўсе яны апынуліся ў становішчы Міхася і яму падобных зэкаў, толькі ў іншых рэгіёнах краіны. І вось у гэтых дацанах было набіта столькі жывых чалавечых душ, што, здавалася, як толькі трымалі іх сцены! Усё гэта нагадвала Міхасю Ленінградскую перасыльную турму 1937 года, дзе ён «парыўся» цэлых тры тыдні. Такая ж цесната, духата і бруд, такія ж вошы, клапы і іншыя паразіты, тое ж бяспраўе і свавольства мацнейшых над слабейшымі. Розніца была толькі ў тым, што там не ганялі «на свежае паветра» — на паднявольную і непасільную працу. А астатняе было ўсё тое ж самае. Дык то ж быў часовы прыпынак, а тут трэба было жыць і працаваць. Адным словам, становішча людзей гэтай бруднай «лазні» было безнадзейнае.

Рабацягі-дахадзягі, якіх афіцыйна ў газетах і па радыё называлі «камсамольцамі-энтузіястамі», неслі на сабе двайныя пакуты: і на непасільнай працы, і ў быту. З іх цяпер здзекаваліся ўжо берыеўскія памагатыя. Даводзілі бедалагаў да нематы, безнадзейнасці і адчаю.

У гэтых дацанах былі паспешліва збіты і нары, але яны маглі прыняць толькі частку незлічонай сям’і зняволеных. Нары, як правіла, займалі крымінальнікі. А да гэтай катэгорыі лагернікаў, як вядома, адносіліся зладзеі, рабаўнікі, рэцыдывісты і іншая брыдота. Яны верхаводзілі і там. Астатнія ж, а іх тысячы, валяліся на падлогах гэтых былых «свяшчэнных месц». Так што усе паразіты і з падлогі, і з нараў паўзлі на тых, хто быў унізе.

«Вось дык выйграў,— думаў сам сабе Міхась.— Больш як за два гады лагернага жыцця бачыў рознае, але такога яшчэ не сустракаў. Пэўна, тут і канцы аддам... Доўга ў такіх умовах не вытрымаеш. Лепш самому налажыць на сябе рукі, чым чакаць, пакуль прыйдзе яна з касою...»

А ўжо па той чыгунцы, якую пачынаў будаваць Міхась з нуля, пачалі хадзіць рабочыя цягнікі. Але гэта, як гаворыцца па-руску, «времянка». Кожны дзень замяняліся і шпалы, і рэйкі. Вось Міхася і накіравалі ў брыгаду, якая займалася гэтымі справамі. Як правіла, шпалы любой вагі насілі на сабе два чалавекі. А шпалы былі з лістоўніцы, цяжэйшай за дуб. Калі гэта шпала 2-й катэгорыі, яна важыла прыкладна 150 кілаграмаў, а 1-й — усіх 200. Што датычыць рэек, то іх цягалі па 5 чалавек, а то і па 10. Для Міхася ўсё гэта было не пад сілу, і яго брыгадзір-блатняк забракаваў. Пасля некалькіх «прыгожых слоў і пацалункаў» з боку брыгадзіра і майстра яго адправілі пуцявым абходчыкам. Але і ў гэтай ролі Міхась прабыў нядоўга.

Неяк здарылася так, што ён згубіў гаечны ключ, а гэта лічылася вялікім злачынствам. Наркамат шляхоў зносін узначальваў «верны ленінец», паплечнік «вялікага Сталіна» Лазар Майсеевіч Кагановіч. Вось ён, гэты «жалезны нарком», і выдаў пастанову, у якой гаварылася, што работнік чыгункі, які згубіць гаечны ключ альбо «лапу», будзе пакараны па ўсёй строгасці савецкіх законаў — аж да кары смерцю. І Міхась, улічваючы ўсё гэта, не пажадаў чакаць гэтых крайніх захадаў і вырашыў сам разлічыцца са сваім недарэчным жыццём. Тым больш што і «жыллёвыя ўмовы» вымушалі і піхалі на гэты крайні крок. Ён вырашыў дачакацца рабочага цягніка і кінуцца пад колы.

Ужо чуўся свісток паравоза, на сустрэчу з якім рыхтаваўся Міхась. Ён ужо сабраў апошнія свае сілы, стараўся суняць хваляванне, як раптам ззаду яго пачуўся голас майстра:

— Асцёрскі, скачы!

Ад нечаканасці Міхась здрыгануўся. А калі павярнуў галаву, то ўбачыў у руках майстра свой гаечны ключ, які цудам знайшоўся.

— Бяры, ды глядзі — больш не будзь варонай. Такая няўвага да дабра не даводзіць.

— А мне цяпер усё роўна,— замест «дзякуй» сказаў Міхась.

— Я цябе не разумею, Асцёрскі.

— Тым лепш для нас абодвух.

— Ты што, не збіраешся больш працаваць тут?

— Не жадаю больш ні працаваць, ні жыць...

— Ты, Асцёрскі, гэтую дурноту выкінь з галавы! Працаваць у мяне ты хочаш ці не?

— Не,— сказаў наадрэз Міхась.— Вазьміце ў мяне ўсе прылады. Больш сюды я не прыйду! — І ён тут жа аддаў яму і гаечны ключ, і лапу і малаток.

— Ну што ж, даражэнькі, пашкадуеш, але будзе позна,— сказаў майстар.— На мяне не крыўдуй, сам вінаваты.

— Крыўдаваць мне на вас няма за што. Я сам пажадаў гэтага. А таму і крыўдаваць буду толькі на сябе.

Аб такім «свавольстве» Міхася ў той жа дзень паведамілі лагернаму начальству, і яго на другі ж дзень накіравалі ў брыгаду землякопаў.

Быў канец лютага. Маразы пяклі страшныя, а снегу амаль не было. Так што зямля прамерзла на два-тры метры, і яе голымі рукамі не возьмеш. Без кастра да яе не прыступіцца. Што адмарозіш, адтаеш, то і тваё. Інакш, хоць зубамі грызі.

Міхась павінен быў капаць траншэю пад цеплатрасу, якая ішла пад будынак будучага паравознага дэпо. Як і іншыя рабацягі, ён раскладваў вогнішча на сваім участку і потым патрошкі дзёўбаў ломам і кіркай. Пускаў у ход і рыдлёўку, але поспех быў слабы. Штосьці ў яго не выходзіла так, як у іншых. Так ён адпакутаваў дні тры. Бачачы, што нічога не атрымліваецца і што за сваю працу ён больш, як 300—500 грамаў зарабіць не зможа, і зусім перастаў старацца. «Усё роўна 300 грамаў і так дадуць, затое косці і шлункі будуць цалейшыя»,— думаў ён. А таму патрошкі капаўся, каб не замерзнуць. Выкапаў столькі, каб можна было сесці на край траншэі і звесіць туды ногі, адкуль нясло цеплынёй ад раскладзенага вогнішча. Суседзі ж яго старанна капалі, кідаючы часам з’едлівае слова.

— Ты, Асцёрскі, не ўмееш зямлю капаць. І дзе ты толькі такі рос?

— Вось пажыву па суседству з вамі, нагляджуся на вашу кемлівасць ды спрыт — і навучуся. Так што я часу не марную.

— Глядзі, браток, каб не было позна, не дачакаўшыся, з голаду загінеш,— ушчувалі яны.

— Нічога, я вынослівы ды і прафілактыку прайшоў.

Так ён і пракантаваўся тыдні са тры. Да яго неаднойчы падыходзілі і брыгадзір, і прараб, і нават оперупаўнаважаны.

— Ты працаваць думаеш ці не? — пыталіся ў яго.— Ты ведаеш, што за сабатаж сурова караюць? Апамятайся, Асцёрскі,— пагражалі яму.

— Ну што ж, карайце мяне за тое, што я не магу працаваць так, як іншыя. Дахадзяга я і плюс няздатны да такой працы,— адгаворваўся Міхась.

— А можа, цябе начальнікам лагера паставіць? Там бы ты справіўся? — здзекаваліся лагерныя «прыдуркі».

— Такую пасаду перадаю вам, а для мяне і сумленных абавязкаў хопіць.

— Значыць, кіраўнічыя пасады ў лагеры — несумленныя? Так ці не? — спытаў прараб.

— У гэтым не нам з вамі разбірацца,— адказаў Міхась.— А працаваць з большым імпэтам у мяне няма сілы.

— Ну што ж, чакай сюрпрызаў,— закончыў прараб.

І ён чакаў. Чакаў з нецярпеннем, калі яго пашлюць у цэнтральны ізалятар — пазбавяць ад «парылкі», ад вошай і клапоў, ад зладзюг і бандзюг, ад усяго кашмару, якога ён пасля ленінградскай перасыльнай не сустракаў. Такое можна бачыць толькі ў сне.


  Нечаканы сюрпрыз

Неяк выпадкова праз аднаго работніка механічных майстэрняў, якія размяшчаліся побач з яго калонай, Міхась даведаўся, што там галоўным інжынерам працуе Уладзіміраў, з якім ён два гады таму назад сябраваў і з якім яны дамовіліся па магчымасці дапамагаць адзін аднаму, выручаць адзін аднаго пры любых умовах, калі гэта будзе пад сілу. Ён тут жа напісаў паперку з некалькіх слоў: «Я знаходжуся ў калоне нумар 3. Жыву ў бурацкім дацане, працую землякопам. Пакутую. Чакаю ізалятара. Калі зможаш, выручай. Міхась Асцёрскі».

І вось у той жа дзень, пасля працы, калі рабацягаў кармілі знаёмай баландой, у барак-дацан зайшоў памочнік начальніка калоны па працы з паперкай у руцэ і гучна выкрыкнуў:

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе?

Міхась старанна сёрбаў жабрацкую порцыю баланды, баючыся, што не дадуць закончыць, калі выклікаюць.

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе? — паўтарыў памначальніка па працы.

— Чаго ж ты маўчыш? — папракнуў Міхася брыгадзір.— Перапалохаўся, ці што? Цябе ж клічуць, адгукніся.

— Я Асцёрскі,— адазваўся Міхась.— Што далей?

— Збірайся з рэчамі.

— А навошта ў кандзеі рэчы?

— Ні ў які кандзей ты не пойдзеш,— сказаў памначальніка.

— Дык куды ж тады?

— А куды — убачыш.

— А ўсё ж такі куды? — не цярпелася Міхасю.

— У калону механічных майстэрняў па выкліку начальства. Зразумела?

— Зразумела ці не, а ісці трэба,— адказаў Міхась.

Ён здагадаўся, што пра яго паклапаціўся даўні сябар па няшчасці (па трэцяй штрафной) Уладзімір Уладзіміраў. Адно яго непакоіла — што ён не паспеў вытрасці на жалезную грубку-«буржуйку», як гэта ён рабіў кожны вечар пасля вячэрняй баланды, са сваёй кашулі «сараканожак», якіх за суткі назбіралася шмат. Такую працэдуру рабілі ўсе, гэта быў адзіны ратунак ад паразітаў. Як яму цяпер са сваім «багаццем» будзе паказацца на вочы былому сябру?

Ужо па дарозе начальнік спытаў у Міхася:

— Ты што, слесар?

— Слесар,— на ўсякі выпадак адказаў Міхась.

— А які слесар, па электрыцы ці па машынах?

— І па тым, і па другім.

— О, універсал, значыць, нездарма выклікаюць.

— Вядома ж,— згаджаўся Міхась, а сам думаў: «Які чорта лысага я слесар? Я — токар, толькі не па металу, а па салу».

Ужо на вахце пасля праверкі дакументаў паўтарылі пытанне памначальніка па працы калоны нумар 3:

— Вы — электраслесар?

— Так, электраслесар.

— Вас хто выклікаў, Уладзіміраў?

— Уладзіміраў.

— Адвядзіце яго ў пяты барак.

— Я хацеў бы перш за ўсё ўбачыць самога Уладзімірава,— сур’ёзна сказаў Міхась.

— Гэта можна,— згадзіўся вахцёр.— Гаўрыкаў, адвядзіце навічка да галоўнага інжынера,— звярнуўся той да нарадчыка.

— Ёсць, будзе зроблена,— адказаў нарадчык.

Уладзіміраў жыў у зоне, як і ўсе зняволеныя, але ў асобным памяшканні. Міхась заспеў яго за вячэрнім чаем. На стале ляжаў белы хлеб, а побач — масла, каўбаса і цукар. Як быццам бы гэта было на волі. Ён не паверыў сваім вачам, што яго былы сябар, з якім разам пухлі ад голаду два гады таму назад, можа жыць цяпер у такіх умовах, носячы мянушку, ці, дакладней, ярлык «ворага народа». Яму здавалася, што гэта сон ці галюцынацыі. Не верылася, што ўсё гэта наяве. Міхась пераступіў цераз парог і аслупянеў. Потым прывітаўся нясмела, застаўшыся стаяць ля парога.

— Ну, праходзь жа, дарагі мой дружа, чаго стаіш? — і не чакаючы адказу, падышоў да Міхася і моцна па-мужчынску абняў яго.— Даўненька ж мы з табой не бачыліся.

Міхась маўчаў. Ён не ведаў, з чаго пачынаць і як сябе весці з сённяшнім Уладзіміравым.

Той зразумеў гэта і зноў сам загаварыў:

— Распранайся, садзіся за стол, разам будзем вячэраць, а потым лажыся на мой ложак, адпачывай. Пэўна ж, стаміўся за дзень.

— Вячэру я раздзялю з табою, а лажыцца не буду.

— Ты што, саромеешся ці грэбуеш мною? — здзівіўся Уладзіміраў.

— Не ў гэтым рэч,— рашыў прызнацца Міхась.— Не хачу прыносіць табе і твайму сябру па пакоі непрыемнасці. Я прыйшоў сюды не адзін. Разам з сабою прывёў, дакладней, прынёс няпрошаных гасцей — «сараканожак». А таму мне спачатку трэба будзе пазбыцца іх, а потым ужо і прызямляцца дзе-небудзь. Зразумела?

— Я ўсё зразумеў, дружа. Зараз я пастараюся пазбавіць цябе ад гэтай погані.— І ўжо звярнуўшыся да свайго памочніка, сказаў: — Пеця, хуценька пакліч сюды начбыта.

Праз колькі хвілін у пакой заявіўся памочнік начальніка па быту.

— Сяргей Паўлавіч,— звярнуўся да яго Уладзіміраў,— тут вось толькі што прыйшоў па нашым выкліку мой лепшы сябар. Глядзі, як яго там разадзелі — як клоуна ў цырку Шапіто. Гэта, па-першае, а па-другое, яго заелі «сараканожкі». Арганізуй яму лазню, новую бялізну і вопратку.

— Не хвалюйся, усё будзе зроблена! — Ён паклікаў днявальнага і загадаў прывесці лазеншчыка.

Хвілін праз трыццаць Міхась ужо мыўся ў лазні, сцёбаў сябе гарачым венікам. Пасля таго як памыўся, яму прынеслі новую, чыстую бялізну і ўсю іншую амуніцыю. З лазні ён яшчэ раз завітаў да галоўнага інжынера, які зноў прапанаваў Міхасю начаваць у яго.

— Не, дарагі мой сябар, накіруй мяне ў барак, я лепш заўтра зноў да цябе завітаю, і тады мы з табой аб усім пагаворым.

— Няхай будзе па-твойму. Зараз цябе ўладкуюць. Дарэчы, пойдзеш у брыгаду Беленькага. Памятаеш такога па ленінградскай перасыльнай?

— А як жа, добра памятаю.

— Дык вось да яго і пойдзеш. Бачыш, табе пашэнціла,— гаварыў ён.— Калі ён будзе пытаць у цябе, што ты можаш рабіць, скажы яму прама — нічога. Бо ён пра цябе ўсё ведае. Я сам яму расказаў. Так што не бойся. Усё будзе добра. Да заўтра!

Не прайшло і дзесяці хвілін, як Міхась быў ужо ў бараку, дзе размяшчалася брыгада Беленькага, і ляжаў на нарах з саламяным матрацам.


  Слесар паняволі

Назаўтра, як і папярэджваў Уладзіміраў, брыгадзір для формы ці для парадку спытаў у Міхася:

— Ну, што, навічок, можаш рабіць па электраслясарнай справе?

— Абсалютна нічога,— адказаў Міхась.— Буду прыглядацца, вучыцца і дапамагаць вам — спецыялістам.

— Люблю і паважаю за шчырасць. Але не хвалюйся, і для цябе знойдзецца работа,— супакоіў брыгадзір навічка.— Наш аб’ект — электрамантаж будучай электрастанцыі. З малатком можаш абыходзіцца?

— А як жа. Не толькі з малатком, але і з сякерай таксама.

— А вось сякера тут ужо не патрэбна.

Калі прыйшлі на месца, Міхасю далі малаток і шлямбур.

— Вось табе інструмент,— сказаў брыгадзір,— будзеш біць дзіркі ў сценах, дзе трэба. Дзе-нідзе прыйдзецца мець справу і з ключом — гаечным, газавым. Знаёмы з імі ці не?

— Сустракаўся, але так сабе, наглядна.

— Справа гэта складаная, але яе не трэба баяцца,— папярэджваў Беленькі.— Вось як толькі закончым электрастанцыю, возьмемся за электраабсталяванне паравознага дэпо, якое пакуль што мае адны голыя сцены.

Так вось і пачалася новая старонка ў лагерным жыцці Асцёрскага. Не маючы ніякага паняцця аб слясарнай справе і электрычнасці, ён пачаў хадзіць па аб’ектах са слясарнымі інструментамі, якія мелі дачыненне да гэтай справы. Ён ніколі не бачыў да гэтага часу ні шведскага разваднога, ні газавага ключа, а тым больш шлямбура, з дапамогай якога прабіваў у цагляных сценах дзіркі. Але справа гэтая, ці занятак, яго так зацікавіла, што ён без якіх-небудзь «перакураў», як дзяцел, дзёўбаў «ад званка да званка».

Неяк брыгадзір сказаў яму:

— Ты, Асцёрскі, хоць бы адпачываў трошкі, а то можаш і са строю выйсці ад такой стараннасці. На ўсё ёсць мера, а ў цябе ж усё яшчэ наперадзе.

— Наперадзе — дым ды туман,— сказаў Міхась,— а мяне сёння зацікавіла гэтая работа, і дазволь мне нацешыцца, пакуль не зганю ахвоты.

— Што ж, давай працягвай у такім жа духу, толькі потым на мяне не крыўдуй, калі ўсё табе абрыдне.

— Пажывём — пабачым,— усміхнуўся Міхась.

Калі праз колькі дзён Уладзіміраў спытаў у Беленькага, як працуе навічок, той з усмешкай адказаў:

— Прысылайце мне пабольш такіх «слесараў». Я баюся толькі аднаго: каб ён не перасіліў сябе, бо бярэ не толькі на пуп, але і цераз пуп.

— Ну, нічога, гэта пакуль ахвоту згоніць, а потым усё стане на месца. А наогул ён працавіты чалавек. Я калісьці працаваў з ім разам.

Так Міхась хутка ўвайшоў у давер да свайго непасрэднага начальства.

Дні праз два ці тры пасля таго, як ён пакінуў земляныя работы разам з вашывым баракам-дацанам, праходзячы з ключамі міма той траншэі, дзе калісьці «загараў» сам, Міхась сустрэўся з былымі суседзямі. Калі ён па-сяброўску павітаўся з імі, адзін з іх сказаў другому:

— Глядзі, Іван, як Асцёрскі наш прыадзеўся, быццам перарадзіўся.— І ўжо да Міхася: — Дзе ты зараз і што робіш?

— У калоне механічных майстэрняў. Цяпер вось манцірую будучую электрастанцыю. А што заўтра будзе, не ведаю.

— А мы грэшнай справай думалі, што цябе ў кандзей загналі. Шкадавалі. Толькі дарэмна: ты вунь які спраўненькі,— не пераставаў гаварыць былы сусед па траншэі, які ўсё хваліўся, што добра ўмее капаць.

— Я і сам спадзяваўся на горшае.

— А мы тут па-ранейшаму капаемся, як тыя чарвякі,— сказаў ён з нейкай зайздрасцю.

— Вы ж добра ўмееце капаць, а таму і ніхто вас не трывожыць,— ужо трошкі падкусіў гаваркога субяседніка Міхась, але той не зразумеў кпіны.

Міхась развітаўся са сваімі былымі суседзямі.

— Ты не забывай нас, заходзь,— прасілі былыя суседзі.

— Ды ўжо ж буду наведвацца.

А другім разам ад сваіх былых суседзяў ён пачуў горкую навіну: у іх дацаны ўкінуўся тыфус.

— Ну, браце, у час вырваўся з нашага пекла,— гаварылі былыя сябры па няшчасці.— Страшная хвароба апанавала нас. Яна косіць усіх не разбіраючы. Як мухі гінуць нашы няшчасныя зэкі.

Калі ж Міхась прыйшоў да гэтай траншэі яшчэ праз пару дзён, то былых суседзяў ужо не застаў. Дзе яны і што з імі, так ён ні ад каго не дазнаўся. Ведаў толькі, што на іх зону быў накладзены каранцін. Пазней даведаўся, што гэтая страшная хвароба скасіла тады не адну сотню зняволеных. Адбывалася нешта падобнае на лета 1938 года, калі як мухі гінулі няшчасныя зэкі ад дызентэрыі. Дадаткова выраслі сотні, а можа, і тысячы магіл абяздоленых, ні ў чым не вінаватых людзей.

Ужо недзе на пачатку мая Міхась, стоячы на пероне новай станцыі новай чыгункі, глядзеў, як прыбываў рабочы цягнік, да якога заўсёды чапляліся адзін-два пасажырскія вагоны. Так было і на гэты раз.

Міхась з маленства любіў глядзець на цягнікі, слухаць іх поклічныя гудкі-свісткі.

Калі ж цягнік спыніўся, то на падножцы аднаго з вагонаў ён нечакана ўбачыў знаёмага чалавека. Гэта быў Чумакоў Міхаіл. Пазнаўшы Міхася, той крыкнуў:

— Здароў, цёзка!

Спачатку Міхась ажно вачам не паверыў:

— Міхась Чумакоў? Адкуль цябе бог прынёс? Дзе ты цяпер? Во нечаканая сустрэча!

— З таго свету,— пажартаваў той.

— Дык дзе ж ты цяпер? — не адставаў Міхась.

— На сельгаскалоне, што ля Джыды. Працую галоўбухам. Можа, хочаш у напарнікі? Нам аграном патрэбны. Пойдзеш?

— Які я аграном? Ты ж ведаеш, хто я.

— Ніхто цябе правяраць не будзе. Скажаш, што аграном са стажам — і ўсё. Тут табе павераць, што ты і прафесар, бо нідзе гэтага ні ў якіх дакументах не значыцца. У лагеры ўсе так працуюць,— гаварыў і гаварыў Чумакоў.— А ты ж вырас у вёсцы, сёе-тое ў сельскай гаспадарцы петрыш. Ячмень ад пшаніцы і бульбу ад буракоў адрозніць можаш?

— Ну, канечне, у гэтым я мастак.

— Вось і ўсё. Больш нічога і не трэба.

— А куды ты цяпер едзеш? — спытаў Міхась.

— У Заудзінск, у цэнтральную бухгалтэрыю са справаздачай.

— А калі будзеш вяртацца?

— Ой, не скора, не раней, як праз месяц.

— А як жа з выклікам на агранома?

— Ты напішы на імя начальніка калоны, і ён без мяне гэта зробіць. А хочаш — чакай. Толькі, калі без мяне будзеш пісаць, не прызнавайся, што ведаеш мяне,— папярэдзіў ён.

— А я тут на калоне МЧ, ведаеш такую? — сказаў Міхась.

— Ведаю. Жадаю поспехаў! Бывай, дружа!

Цягнік крануўся з месца і паціху пайшоў далей, у напрамку Заўдзінска.

Міхась так і не сабраўся напісаць заяву на агранома. А недзе праз тыдні два пасля таго па ўсім лагеры пайшла чутка, што ўцёк галоўны бухгалтар сельгаскалоны Чумакоў з буйнаю сумай дзяржаўных грошай. Аб’яўляліся пошукі і грашовая ўзнагарода таму, хто яго зловіць.

Неўзабаве пасля таго здарэння Уладзіміраў паклікаў да сябе Міхася і сказаў яму:

— Ведаеш што, Міша, я хачу прапанаваць табе адну заманлівую пасаду — рахункаводам у нашу кантору. Як ты на гэта глядзіш? Можа, гэта будзе лепш, чым штодзень дзёўбаць у сценах дзіркі?

— Мне і самому надакучыла гэтае дзёўбанне,— разважліва гаварыў Міхась,— але і рахункаводства не выхад з майго становішча. Шчыра кажучы, я хачу авалодаць прафесіяй кваліфікаванага рабочага. Калі ты хочаш мне памагчы, то ўладкуй на пасаду слесара механічных майстэрняў тут, у цэху. Можа, у далейшым яна, гэтая прафесія, і будзе маёй карміцелькай. Бо наперадзе яшчэ больш як пяць гадоў.

— Калі ласка, гэта я зраблю без ніякіх эксцэсаў.

— Дзякую, дарагі дружа!

І Міхась пачаў асвойваць слясарную справу. Яго прымацавалі да лепшага, спрактыкаванага майстра, які адразу ж пачаў па-сапраўднаму вучыць свайго падапечнага, пачынаючы з азоў. Спачатку навучыў яго разбірацца ў інструментах, потым паказаў, як наразаць балты і гайкі, пасля падвёў да свідравальнага станка і наглядна паказаў, як ён працуе. Праз нейкі час яго навучылі, як трэба працаваць з пілой, рашпілем, нажоўкай і гэтак далей. Навучылі нават кацельнай справе. За ўсе віды работы Міхась браўся з вялікай ахвотай, бо ведаў, што ўсё гэта яму вельмі і вельмі спатрэбіцца. Лагеру не патрэбны пісьменнікі, кампазітары, мастакі, настаўнікі. Яму патрэбны былі цесляры, слесары, токары, муляры, сталяры, землякопы, тынкоўшчыкі, лесарубы, чыгуначнікі і гэтак далей. А таму ён свядома імкнуўся авалодаць такімі прафесіямі, якія ў далейшым гарантавалі б яму пайку хлеба, а значыць, і жыццё.


  Падманлівая свабода

Зноў, як і год назад, пачалася гульня ў свабоду. Гэтай заманлівай гульнёй дражнілі зняволеных. Зрэдку пачалі выклікаць па адным гэтых, што страцілі чалавечае аблічча, няшчасных і гаварыць, каб усе чулі, што іх вызваляюць, як няправільна асуджаных. Маўляў, Лаўрэнцій Паўлавіч разабраўся, гэта не Яжоў. З надзеяй, што нарэшце разбяруцца, пачалі пісаць скаргі амаль пагалоўна ўсе зняволеныя. Хто сам не мог, а такіх было многа — прасілі іншых. Пісьменным людзям не было спакою: іх прасілі і ўдзень і ўночы займацца гэтай пісанінай. Не заставаўся ўбаку ад падзей і Міхась. Яго літаральна атакавалі. Прапаноўвалі апошнія свае пайкі, каб толькі ён напісаў Лаўрэнцію Паўлавічу. Трэба прызнацца, што былі такія «грамацеі», якія карысталіся выпадкам — і абіралі «прасіцеляў». Міхась жа ні з каго не браў і ломанага граша, а адмовіць нікому не мог. Толькі адзін раз ён прыняў нешта накшталт платы за сваю працу — маленькі бляшаны самаробны чамаданчык, і то ў якасці сувеніра на памяць, пасля таго, як «прасіцеля» выклікалі па такой паперцы «на свабоду». А куды яго адправілі, ніхто не ведаў. Бо часта рабілася так, што пад выглядам вызвалення зняволеных адпраўлялі на Калыму, на Таймыр і нават на востраў Вайгач.

Але як бы там ні было, а людзі спадзяваліся на нейкую справядлівасць і пісалі. Напісаў ад сябе і Міхась, і не адну, а адразу тры скаргі ў розныя месцы: на імя Сталіна, Калініна і Берыі. Хоць сам сябе і падманваеш такой надзеяй, і то ўжо неяк лягчэй. Напісаў, значыць, ёсць чаго чакаць. А таго не ведалі няшчасныя зэкі, што «дабрэйшы з дабрэйшых нарком» са згоды «мудрэйшага з мудрэйшых правадыра» штодзённа папаўняў іх праклятую богам і людзьмі сям’ю зэкаў. Бо яму трэба было пакрыць тыя страты, якія панеслі лагеры за два гады — сотні тысяч загінулі ад холаду, голаду і здзекаў. А тым часам на Поўначы і на Паўночным Усходзе адкрываліся будаўнічыя аб’екты. Трэба было заграбаць жар чужымі рукамі, бо сваіх шкода. Мільёны ні ў чым не вінаватых паднявольных у іх паняцці былі накшталт рабоў, а сябе яны ўяўлялі рабаўласнікамі.

І вось недзе ў канцы мая 1940 года, раніцай, перад разводам на аб’екты, у барак, у якім жыў Міхась, увайшоў з паперкай у руцэ памочнік начальніка калоны-майстэрні па працы і гучна спытаўся:

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?

— Я Асцёрскі,— саскочыў са сваіх нараў Міхась.

— Збірайцеся з рэчамі.

— Куды мяне пасылаеце? — неяк механічна спытаўся Міхась.

— На свабоду,— адказаў той.— Снедалі ці не?

— Паснедаў.

— Як збярэцеся, прыходзьце на вахту, толькі хутчэй.

— Я зараз, толькі развітаюся з сябрамі.

— Добра, толькі не затрымлівайцеся.

Міхась хуценька сабраў свае манаткі і накіраваўся да Уладзімірава, каб падзяліцца з ім сваёй радасцю і ўзяць у сябра яго дамашні адрас.

— Ну, Уладзімір Рыгоравіч, прыйшла і да мяне чарга. Можаш павіншаваць: мяне вызваляюць, зараз будуць адпраўляць. Давай адрас жонкі. Пісьма пісаць ужо няма часу — мяне чакаюць на вахце,— Міхась выпаліў усё гэта яшчэ з парога.

— Якая радасць! Радасць не толькі твая, але і мая,— узбуджана гаварыў Уладзіміраў.— Ад усяго сэрца віншую цябе, дружа! А наконт пісьма, дык я хоць некалькі слоў напішу. Ты скажы там, на вахце, што я затрымліваю, і яны з адпраўкай пачакаюць. Я зараз.

Так Міхась і зрабіў. Калі сказаў, што яго затрымлівае Уладзіміраў, начальства пайшло насустрач — пачакала. Акрамя Міхася на вахце стаялі з такой жа радасцю яшчэ два чалавекі.

Мінут праз трыццаць іх вывелі за зону і скіравалі на новую чыгуначную станцыю, пабудаваную рукамі паднявольных зэкаў. А яшчэ праз колькі хвілін падышоў таварна-пасажырскі цягнік, ці, як яго называлі, «рабочы поезд», і Міхась апынуўся ў вагоне-цяплушцы з кратамі на вокнах.

Адвячоркам таго ж самага дня яны прыбылі на месца прызначэння — станцыю Заудзінск. Іх, як і раней, пад канвоем адвялі ў барак перасыльнай калоны і загадалі чакаць далейшых указанняў і распараджэнняў. Такіх, як Міхась, там назбіраўся вялізны барак.

«Нешта не падобна на свабоду,— думаў Міхась.— Вызваленнем тут і не пахне». І так падумаў, пэўна, не адзін толькі ён.

Прайшоў дзень, другі, трэці... Усіх «вызваленых» кормяць, пояць, а далей ніякіх захадаў не прымаюць. На работу таксама не шлюць. Так яны пражылі не дні, а тыдні — ужо пераваліла на другі месяц. «Вызваленыя» спачатку пачалі хвалявацца, а потым і абурацца. Іх непакоіла невядомасць. Яны ўжо пачалі прасіцца на работу, ці каб адпраўлялі куды-небудзь у іншае месца, дзе патрабуюцца рабочыя рукі.

— Не маем права, вы на ўліку вышэйшага начальства, а ў нас знаходзіцеся часова, да асобага распараджэння,— гаварылі ім у адказ.— Вас, можа, хутка выпусцяць.

І каб людзі не хваляваліся і паверылі ў хуткае сваё вызваленне, іх сфатаграфавалі, нібыта для пашпартоў.

Гэта была сярэдзіна лета 1940 года, калі да СССР далучаліся Прыбалтыйскія рэспублікі і Бесарабія, а менш як год назад былі ўз’яднаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна са сваімі ўсходнімі братамі, адгрымелі баі на Халхін-Голе і на Карэльскім перашыйку.

Адным словам, час для лепшага будучага не спрыяў. Пры такой сітуацыі трэба было быць дурнем, каб паверыць у нейкае вызваленне. А такіх, на жаль, было шмат. Яны верылі і спадзяваліся.

— Таварышы, ніхто не збіраецца выпускаць нас адгэтуль,— сказаў Міхась.— Нам проста пускаюць пыл у вочы. Пэўна, кудысьці ў другое месца збіраліся накіраваць, ды, відаць, з-за міжнародных абставін «замарозілі» будоўлю. І цяпер будуць трымаць нас да таго часу, пакуль не знойдуць дзюрку, якую пасля заткнуць намі.

— Правільна сказаў таварышок — мы кролікі.

— Марскія свінкі,— паправіў яго нехта.

— Пойдзем заўтра ўсім кагалам і запатрабуем у начальства яснасці: ці дамоў, ці яшчэ куды.

Калі яны зрабілі такія захады, ім зноў паўтарылі тое ж самае:

— Мы не маем права кранаць вас з месца, таму што знаходзіцеся да асобага распараджэння.

— Тады знайдзіце нам тут які-небудзь занятак, а інакш мы можам звар’яцець.

І толькі ўжо аж праз тры месяцы, у жніўні, іх пачалі выводзіць на сякую-такую працу. Спачатку прымусілі чысціць чыгуначныя пуці на станцыі Заудзінск, а пасля пачалі прывучаць да малярных работ (фарбавалі франтоны, дзверы і вокны чыгуначных памяшканняў).

Новую прафесію Міхась асвоіў хутка: праз які тыдзень ён лічыўся ўжо адным з лепшых маляроў брыгады «вызваленых». Як і ўсе іншыя зэкі, яны хадзілі пад канвоем.

Праз месяц іх пачалі ганяць у Улан-Удэ на аддзелачныя работы службовых памяшканняў. Галоўнымі з такіх аб’ектаў было памяшканне абкома партыі Бурацкай АССР, а таксама памяшканне энкавэдэ з унутранай круглай турмой.

Калі Міхасю прапанавалі выконваць малярныя работы ў турэмным памяшканні, ён катэгарычна адмовіўся.

— У турму працаваць не пайду. Хопіць з мяне ленінградскіх «Крыжоў». Самі рукі мае не падымуцца на такую работу,— заявіў ён адкрыта.

— А ў абком? — спытаў прараб.

— У абком пайду.

Сёй-той з гэтай брыгады па прыкладу Асцёрскага таксама адмовіўся дабудоўваць турэмнае памяшканне, за што ўсе яны атрымалі па трое сутак кандзею.


  «Брыгада ух»

Хутка лагернае начальства зусім «забылася» на тых, каго не так даўно лічыла «вызваленымі». Калі малярныя работы былі закончаны, была ўтворана брыгада паўштрафнікоў, у якую ў асноўным увайшлі «непакорлівыя асобы» накшталт Міхася Асцёрскага. І ўзначаліць яе завочна выбралі менавіта Міхася. Калі праходзіла камедыя выбараў, ён знаходзіўся ў медпункце з выпадку апёку ў лазні. Яму сказалі, што так захацелі члены брыгады. Спачатку Міхась быў запратэставаў, а потым згадзіўся — яго ўгаварылі самі рабацягі.

— Не бойся, Асцёрскі, мы табе будзем памагаць,— угаворвалі яго сябры па няшчасці.— Мы ведаем, што толькі ты можаш адстаяць нашы правы, абараніць нас ад лагерных прыдуркаў.

— Якія ж гэта такія правы вашы я буду абараняць? — пытаўся ён у «выбаршчыкаў».

— Можа, мы не так сказалі, прабач, калі ласка. Будзеш нас абараняць ад наскокаў несумленных начальнікаў.

— Адзін я нічога не змагу зрабіць. Будзем працаваць і абараняцца разам.

— Ну, разам, дык разам,— пагаджаліся людзі.

Вось так і пачалася брыгадзірская дзейнасць Міхася. Хоць і без асаблівага жадання і энтузіязму, але брыгадай ён кіраваў, і кіраваў нядрэнна. Сам ён мог і не працаваць, але гэта было не ў характары Міхася. Ён рабіў усё тое, што і члены яго брыгады, як кажуць, ішоў з імі плячо ў плячо, за што яго і паважалі рабацягі. Ды і клапаціўся ён аб сваіх падапечных не так, як іншыя брыгадзіры. Стаяў гарою за кожнага свайго рабацягу. А таму людзей, якія не выконвалі б нормы, у брыгадзе не было. А значыць, менш як кілаграм хлеба ніхто не атрымліваў. Ён стараўся забяспечыць рабацяг і адзеннем, а таксама абуткам. Гэта падабалася не толькі ім самім, але таксама і начальству. А таму яно падкідвала яму ўсіх адпетых жулікаў і слабасілкаў, мяркуючы, што, маўляў, Асцёрскі прымусіць працаваць любога. І, трэба сказаць, працавалі. Працавалі нават тыя, якія ніколі нідзе нічога не хацелі рабіць. Былі выпадкі, калі ён выводзіў нормы тым асобам, якія за тры дні палец аб палец не ўдарылі. І вось адзін з такіх «рабацяг» неяк сказаў:

— Слухай, брыгадзір, за што ты мне пайку выпісваеш, я ж які дзень ужо нічога не раблю?

— А я гэта раблю авансам, ведаю, што ты адпрацуеш за атрыманае.

— Гром мяне забі, першага чалавека сустракаю ў такім месцы, што паверыў мне. Дзякую табе, дарагі! — і ён сам пачаў зарабляць пайку.

А гэта ж быў адпеты жулік-прафесіянал. І гэта не адзіны такі выпадак. Такіх выпадкаў было дзесяткі.

Пра брыгаду Асцёрскага хадзілі розныя чуткі-легенды: адны яе хвалілі, другія лаялі, трэція ёю палохалі тых, хто дзе-небудзь правініўся.

— А то заганю ў брыгаду Асцёрскага, там ты запяеш рэпку! — гаварылі брыгадзіры ці нарадчыкі сяму-таму з рабацяг.

Спачатку брыгада Асцёрскага выконвала самыя цяжкія работы: штабялёўка рэйкаў і шпал, пагрузка і выгрузка вагонаў з піламатэрыяламі і друзам. А таму яе ўсе баяліся і празвалі «Брыгадай ух».

Калі ж усе гэтыя цяжкія работы былі закончаны, «Брыгаду ух» паслалі на бульбяна-гародніны склад: перабіраць бульбу, буракі, маркоўку, цыбулю, часнок і інш. Вялікі склад быў запоўнены да адказу. Так што работы хапала да самай вясны.

Трэба сказаць, што за ўвесь тэрмін свайго лагернага жыцця, калі яго можна так назваць, Міхась ніколі яшчэ не адчуваў сябе такім незалежным, сытым і адносна свабодным. Па-першае, брыгада была расканваіраванай, а па-другое, ён меў адносны давер з боку начальства. Тут ужо ён сам не працаваў, а толькі назіраў за працай іншых. Затое еў бульбу, моркву і цыбулю (усё гэта ў прыгатаваным выглядзе), колькі хацеў. Ніхто за ім ні з вінтоўкай, ні з пісталетам не хадзіў. Брыгаду ён сам і на работу вадзіў, і з работы прыводзіў. Праўда, ахоўнікі правяралі, але над душой не стаялі. Яны прыходзілі туды толькі тады, калі ім трэба было пажывіцца на гэтым складзе — набраць бульбы ці гародніны. А за гэта Міхась не адказваў, таму што акрамя яго там былі яшчэ два чалавекі, якія адказвалі за гэтыя прадукты: загадчык склада і кантралёр, з якімі Міхась быў у поўным кантакце. Яны разам і бульбу, і гародніну выменьвалі на прадукты харчавання з іншых складоў.

З нарадчыкам мінчанінам Марозам і з прарабам Горлавым Міхась таксама быў у кантакце. Іх таксама даводзілася падкормліваць. Адным словам, і ваўкі былі сытымі, і авечкі цэлымі. Інакш у лагеры не пражывеш — сатруць, затопчуць.

Неяк аднойчы ў час справаздачы за дзень прараб Горлаў і кажа Міхасю:

— Слухай, Асцёрскі, з сённяшняга дня ты будзеш адчытвацца не за трыццаць чалавек, а за трыццаць аднаго. У брыгадзе яго не будзе, і ты ніколі яго не ўбачыш, але пайку яму ты павінен будзеш выпісваць. Ніхто пра гэта не павінен ведаць, акрамя нас двух. Зразумеў ты ці не?

— Не, не зразумеў,— адказаў яму Міхась.— Як жа гэта так, не ведаючы чалавека, я павінен адрываць ад іншых і карміць нейкага невідзімку. Так я не згодзен,— запярэчыў Міхась.

— Ад іншых ты адрываць не будзеш,— пераконваў яго прараб,— гэта я бяру на сябе. Мне трэба толькі адно, каб ты трымаў яго ў спіску сваёй брыгады. Гэты чалавек калісьці мяне ад смерці выратаваў і потым на ногі паставіў, а цяпер сам трапіў у бяду — у апалу. Я яму абавязаны ўсім сваім жыццём. Можа, калі-небудзь ён і табе прыдасца. У жыцці ўсякае бывае. Падумай добра і пагаджайся.

— Не ведаю, як мне тут зрабіць,— разважаў Міхась.— Ну, добра, я згодзен, але каб гэта было толькі паміж намі. Бо я не хачу, каб мяне яшчэ раз судзілі.

— Не хвалюйся, я не падвяду.

Такім чынам, брыгада Асцёрскага «вырасла» яшчэ на аднаго чалавека, які лічыўся ў ёй да апошняга дня існавання самой брыгады — да сакавіка 1941 года. А такім чалавекам-невідзімкам быў Міхаіл Іосіфавіч Шпілер. Пабачыць яго нават самому брыгадзіру давялося пазней.

Неяк раз ля вогнішча, якое палала ў сярэдзіне самога склада, сядзелі ўпяцёх — загадчык склада Наздроў, кантралёр Худэнка, брыгадзір Асцёрскі, дзяжурны-ахоўнік Груздоў і сучка Мушка. Каб не было маркотна, як кажуць, часалі языкі — расказвалі анекдоты і розныя гісторыі са свайго і чужога жыцця. Па чарзе малолі языкамі. Праўда, Міхась гаварыў мала, больш слухаў. Маўчала і Мушка. Асабліва любіў малоць языком кантралёр Худэнка — украінец з Палтаўшчыны, былы старшыня райспажыўсаюза. І вось ён расказаў сваёй кампаніі пра тое, як да рэвалюцыі на Манетным двары ў Петраградзе правяралі рабочых, якія пасля працоўнага дня вярталіся дамоў. Ён расказваў пра гэта так цікава, што нават Мушка слухала ўважліва, не варушыла хвастом. А што датычыць ахоўніка, дык ён толькі гаварыў словы захаплення:

— Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! І трэба ж дадумацца!

Апавядальнік нетаропка, з усмешкай на твары расказваў:

— Дык вось значыць, як толькі гэты рабочы ці служачы падыходзіць да прахадной, яго адразу ж — на вагу. Калі яго вага перавышае тую, з якой ён прыходзіў на работу, яго за каўнер і адразу ж — у паліцэйскі ўчастак.

— Адкуль жа ім вядома яго папярэдняя вага?

— Дык яго ж узважваюць і тады, калі ён ідзе на работу. Розніца ў вазе і ёсць тое золата, якое ён праглынуў.

— Так, мудрона прыдумана,— сказаў Асцёрскі і спытаў у апавядальніка: — І цяпер так жа правяраюць?

— Не, цяпер рэнтгенам,— з тонам знаўцы адказаў той.

А ахоўнік усё паўтараў:

— Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! І трэба ж дадумацца!

Праз нейкую паўзу апавядальнік падняўся і сказаў, гледзячы на Асцёрскага:

— Зробім маленькі перапынак, хачу паглядзець, што і як робяць твае хлопцы,— і хуценька пакрочыў у процілеглы канец доўгага склада-сховішча.

Не прайшло і пяці мінут, як ён прыбег адтуль узбуджаны, усхваляваны і, задыхаючыся, закрычаў:

— Брыгадзір, твае жулікі-бандыты кавуны мае паелі. Што ж я цяпер рабіць буду, га? Я ж бярог іх да кастрычніцкіх свят для начальства. Сам начальнік лагера Баруздзін пра гэта ведаў.

— Адкуль жа ты ведаеш, што гэта мае хлопцы зрабілі такое злачынства? А можа, яшчэ хто?

— Не абараняй іх, яны! — крычаў Худэнка.

— Тады вось што. Давай мы іх узважым. Інакш нам не даведацца, яны ці не яны. А што датычыцца рэнтгена, дык яго ж у нас няма.

— А калі сюды вялі, вы ж іх не ўзважвалі,— сказаў ахоўнік і зарагатаў.

— Яшчэ і здзекуецца з мяне, гадзюка! — гледзячы ў твар Асцёрскаму, закрычаў Худэнка.— Што ж я цяпер рабіць буду? Капут мне.

— Ой, здорава! Во д’яблы! І трэба ж было здагадацца!

— Вам смешна, а мне...— не гаварыў, а плакаў кантралёр.

Худэнка не памыліўся: дні праз тры яго не стала на складзе. Пасаду гэтую прапаноўвалі Міхасю, але ён адмовіўся.


  Уцёкі

Хутка пасля таго ў «Брыгаду ух» прывялі яшчэ двух дахадзяг. Адзін з іх Міхасю быў добра знаёмы. Гэта Іван Чуркін, з якім ён калісьці сябраваў і збіраўся разам уцякаць, ды перашкодзіла хвароба.

І Чуркін, і Асцёрскі вельмі ўзрадаваліся такой сустрэчы. Больш за два гады яны не бачыліся, але не забывалі ранейшую дружбу.

— Ты выпадкова не ведаеш, куды Чумакоў падзеўся? — спытаў Чуркін у Міхася.

— Трошкі ведаю. Месяцы тры-чатыры таму назад выпадкова бачыў яго, ехаў у цягніку у Заудзінск, вёз справаздачу ў цэнтральную бухгалтэрыю лагера. А потым чуў, што ён тады ж і ўцёк з дзяржаўнымі грашамі. Былі аб’яўлены пошукі і грашовыя прэміі таму, хто яго зловіць.

— Малайчына, Міхаіл! — пахваліў яго Чуркін.— Усё ж такі перахітрыў лагерных босаў.

— Скажы, Ваня, дзе ты да гэтага часу быў, у якіх месцах? Каго бачыў са знаёмых?

— Быў я ў сотні месцаў, а гэта ўжо сто першае. І вось на вялікае шчасце зноў сустрэўся з табою. Да цябе ні з кім са знаёмых не сустракаўся. А ты дзе «загараў» увесь гэты час?

— Я таксама памяняў добрую сотню месцаў. Толькі ў адным лазарэце разоў пяць «гасцяваў»,— гаварыў свайму даўняму сябру Міхась.— Падрабязна аб усім пагаворым як-небудзь другім разам. Часу ў нас цяпер хопіць.

А прыблізна праз месяц Чуркін выбраў момант, калі Міхась быў адзін у складзе, ля вогнішча, дзе пяклася бульба, сеў побач і сказаў амаль шэптам, напаўголаса:

— Ты ведаеш, Міхаська, што мне прыйшло зараз у галаву? Што мне даўно ўжо не дае спакою? Я вырашыў ажыццявіць тое, што мы не маглі зрабіць разам з табою амаль тры гады таму назад.

— А што менавіта? — насцярожыўся Міхась.

— Даваць дзёру з гэтай заклятай пасткі, пакуль яшчэ жывы і здаровы, як гэта зрабіў наш сябар Міша Чумакоў. Усё роўна такі тэрмін мы не вытрымаем у гэтых пагібельных месцах.

— Не, Ваня, гэта пустая задума.

— Чаму пустая? Ты ведаеш, колькі такіх, як мы з табой, паўцякала?

— А табе вядома, колькі іх пералавілі і зноў прыгналі туды, адкуль беглі? І ты ведаеш, кім іх потым зрабілі? Калекамі. А сяго-таго і шлёпнулі. Ад гэтых бясконцых заслонаў нікуды ты не пройдзеш. А калі і здолееш прабрацца, дык пасля куды ты дзенешся? Усё роўна сцапаюць. У нас кожны чалавек на ўліку. Цяпер у органах НКВД штаты разрасліся да такіх памераў, што яны перавышаюць колькасць рабочых і служачых на прадпрыемствах і ва ўстановах. І гэта толькі афіцыйных, а колькі тайных даносчыкаў-стукачоў — кожны другі жыхар. А тут яшчэ і час такі,— працягваў Міхась.— Ты бачыш, што не сціхаюць войны. А ў такі час у «дзяржаўных блюсціцеляў» і вушы чуйныя, і зрок востры. Так што выкінь з галавы сваю задуму, дарагі дружа.

— Значыць, ты не хочаш у маю кампанію?

— Не,— сказаў Міхась,— і табе не раю.

— Тады дапамажы мне. Арганізуй так, каб я непрыкметна знік з гэтага склада-сховішча, бо канвою тут ніякага. За канваіра тут ты.

— Ты што, па-сяброўску хочаш свінню мне падкласці? Ты ж добра ведаеш, што не паспееш ты пакінуць Заудзінск, як мяне адразу ж возьмуць за адно месца. Я ж адказваю за цябе.

— Дык што ты прапануеш? Бо я ўсё роўна павінен уцякаць. Гэта ў мяне даўно наспела.

— Калі ўжо ты так вырашыў, то рабі гэта не сярод белага дня, калі я за цябе адказваю, а ноччу, з зоны калоны. Так і я змагу дапамагчы і адказнасці за цябе не буду мець. Адказваць будзе лагерная варта — ахова і адміністрацыя калоны. Згодзен ты на такі варыянт ці не?

— Згодзен, прапанова твая слушная,— пагадзіўся Чуркін.— Толькі я папрашу цябе аб адным: дай мне свой бляшаны чамаданчык, ая табе свой — дашчаны. Мне з ім будзе зручней, асабліва калі дабяруся да цягніка. Там мяне могуць прыняць з ім за чыгуначніка. Ключы ад вагонаў я ўжо падрыхтаваў.

— Чамаданчык бяры нават без замены, я тут і другі набуду. Мне тут лягчэй, чым табе там будзе.

— Дзякуй табе, дружа, што не адхіляеш майго рашэння і абяцаеш нават памагчы. А што датычыць часу, дык пасля вырашым.

Дзён праз пяць пасля гэтай гутаркі Чуркіна ў зоне не стала. Ён з дапамогай Міхася перабраўся цераз плот з калючым дротам і знік у цемені сакавіцкай ночы.

Калі назаўтра, у час разводу, на вахце не далічыліся аднаго чалавека з брыгады Асцёрскага, адразу не паверылі, што з гэтых дахадзяг хто-небудзь можа рызыкнуць на такі ўчынак. Але пасля дзённага пошуку па зоне і каля яе паднялі трывогу і пачалі шукаць яго па ўсім наваколлі Заудзінска. Ды толькі дарэмна: Чуркіна ўжо і след прастыў.

Міхася выклікалі ў аператыўны аддзел, дзе пратрымалі цэлы дзень. Але паколькі прычапіцца да яго не было як, адпусцілі. Затое брыгаду без канвою за зону больш ужо не выпускалі. Цэлы дзень, як свечка, ля склада ці ў самім складзе стаяў у салдацкай форме з вінтоўкай цераз плячо ахоўнік. І амаль кожны дзень прыходзіў у склад і цэлымі гадзінамі тырчаў там аператыўнік з наганам на баку. Адным словам, Міхасю і яго людзям перасталі давяраць.

І нарадчык Мароз, у сваю чаргу, паклікаў да сябе Міхася і пачаў яго ўшчуваць:

— Ну, і падвёў жа ты мяне, зямляк! Я спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, а ты...

— Дык што ж я такога дрэннага зрабіў для цябе, што ты папракаеш мяне?

— А ты не ведаеш? Чуркіна правароніў, а значыць, падвёў і сябе, і мяне пад дурнога хату...

— Дык што ж ты хочаш, каб я яго пасвіў і ўдзень, і ўночы? На гэта ёсць лагерная ахова. Вось няхай яна і пасе.

— Ахова аховай, а я ўжо атрымаў суровую вымову з папярэджаннем і страціў давер у вачах начальства. Гэта ж па маёй прапанове тваю брыгаду расканваіравалі. Цяпер і брыгадзе будзе горш — зноў канвой.

— А пры чым тут брыгада? Ён жа не са склада ўцёк, а ноччу з зоны.

— Усё роўна на брыгаду легла пляма і на мяне таксама — за тое, што я даверыўся табе разам з усёй брыгадай, у тым ліку і Чуркіну,— тлумачыў нарадчык Мароз.

Адбывалася гэта вясною грознага 1941 года, пра падзеі якога ніхто яшчэ нічога не ўяўляў, але ўжо адчувалася нешта нядобрае. Бо калі б Міхась ні выходзіў са склада, дзе працавала яго брыгада, а склад размяшчаўся побач з Транссібірскай магістраллю, бачыў, як кожны дзень адзін за адным ішлі цягнікі з усходу на захад, загружаныя зброяй — танкамі, гарматамі, самалётамі, а таксама байцамі. Спачатку ўсё гэта маскіравалася, а потым ішло адкрыта. І так было штодзень на працягу вясновага часу.


  Няўдалае і няўдзячнае настаўніцтва

Недзе ў сярэдзіне сакавіка Міхася выклікалі ў КВЧ (культурна-выхаваўчая частка) Южлага і аб’явілі:

— З заўтрашняга дня будзеш працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры на курсах культпалітработнікаў лагера.

— Як гэта раптам заўтра? Гэта ж не бульбу перабіраць і не зямлю капаць. Трэба як след падрыхтавацца. Набыць падручнікі і розныя метадычныя дапаможнікі. І праграму трэба прагледзець, на аснове якой і скласці план. Выкладчыцкая работа — складаная і адказная справа. Зразумела вам гэта ці не?

— Ты ж педінстытут скончыў, чаго табе рыхтавацца? Прыходзь у клас і гавары сваім навучэнцам тое, чаму цябе ў інстытуце вучылі.

— Так ніхто ніколі не робіць. Нават ні адзін прафесар без падрыхтоўкі не ідзе да студэнтаў, а не тое, што я, абалванены зэк.

— Ну добра, заўтра за дзень падрыхтуешся, а паслязаўтра прыходзь,— пайшоў на кампраміс начальнік КВЧ.

— Гэта што, загад ці прапанова? — не супакойваўся Міхась.

— Разумей, як хочаш. І тое, і другое.

— Раз абавязваеце, павінен згаджацца. Прыйду...

— Дарэчы,— працягваў начальнік КВЧ,— плата за работу будзе складацца з павышанай пайкі і прыварку. Плюс да ўсяго гэтага атрымаеш новае адзенне і абутак. А пакуль паходзіш у гэтым. Спачатку паглядзім, як будзеш працаваць.

На гэта Міхась нічога не адказаў. Ён стаў па камандзе «смірна!» і спытаў:

— Можна ісці, грамадзянін начальнік?

— Ідзі, але не забывай аб нашай дамоўленасці.

Так Міхась раптам стаў настаўнікам, ды яшчэ дзе — на курсах культпалітасветных работнікаў лагера! Але канец быў нечаканы. З горам папалам ён папрацаваў там дзесяць дзён, а на адзінаццаты клас аказаўся пусты, не было ні душы.

— Дзе мае студэнты? — спытаў ён у прыбіральшчыка.

— Былі, ды сплылі. Сёння ноччу іх усіх нечакана адправілі ў Мінск,— адказаў прыбіральшчык.

— А чаму так раптам? — дапытваўся Міхась.

— А хто ж яго ведае. Кажуць, што немец рыхтуецца пайсці вайной на нас,— тлумачыў той.

Калі з такім пытаннем Міхась звярнуўся да начальніка КВЧ, той адказаў:

— Курсы працаваць больш не будуць,— і больш нічога не тлумачыў.

— А мне што цяпер рабіць? — не разумеў Міхась.

— Зайдзі да памочніка начальніка калоны па працы, і ён усё табе скажа. Ты свабодны.

А начальнік па працы адказаў на яго пытанне так:

— Ідзі да брыгадзіра тынкоўшчыкаў, будзеш тынкаваць жылыя дамы для чыгуначнікаў. Зразумела?

— Зразумела, буду асвойваць яшчэ адну прафесію. Але спачатку хачу атрымаць тое, што мне абяцалі — новае абмундзіраванне.

— Я табе нічога не абяцаў, а значыць, нічога і не дам. Звярніся да таго, з кім дамаўляўся.

— Мне гэта абяцаў начальнік КВЧ.

— Вось ад яго і патрабуй, а я тут ні пры чым.

Начальнік жа КВЧ не стаў і гаварыць з Міхасём пра вопратку. Ён сказаў толькі адно:

— Многа ты захацеў за дзесяць дзён працы на незакончаных курсах. Папрацуй у брыгадзе Падменнага, заслужы сапраўднай працай, а не бяздзеллем на нейкіх там курсах.

— У такім выпадку я не пайду ні на якую работу!

— Не пойдзеш па добрай волі, прымусім сілай!

— Ваша воля, толькі нікуды я не пайду, пакуль не атрымаю разлік за працу на курсах.

— У кандзей пасадзім як міленькага!

— У кандзеі таксама можна жыць, мне не прывыкаць,— адказаў Міхась.

— Ты свабодны,— закончыў размову начальнік КВЧ.

Міхась сваё слова стрымаў: ні назаўтра, ні на паслязаўтра на работу не пайшоў, і яго пасадзілі ў кандзей пры вахце, як якога-небудзь злачынца, пасадзілі на хлеб — трыста грамаў — і ваду.

Яму не сказалі, на колькі дзён і начэй яго запіхваюць у гэтую мышалоўку, але відаць было, што не на адны суткі.

Ён адпакутаваў суткі пад строгім наглядам і на галодным пайку. Ніхто яго не патурбаваў ні словам, ні справай. Ахоўнік аказаўся пільны і строгі. А на другія суткі на вахту заступіў другі вартавы. Гэта быў чалавек ужо іншых поглядаў. Пасля адбою на сон, калі ўсё сціхла, ён адчыніў дзверы ў цёмны катушок, дзе марнеў на нарах з сырых круглякоў учарашні настаўнік, а сённяшні арыштант, і спытаў у Міхася:

— За што гэта вас загналі ў гэты каземат?

— За непавагу да начальства,— адказаў арыштант.

— А ў чым канкрэтна была гэта непавага? — не адставаў ахоўнік.

Міхась перасіліў сябе і расказаў усё, як было.

— Дык вы, значыць, настаўнік?

— Так, настаўнік, які амаль не пачынаў яшчэ настаўнічаць.

— А па якому прадмету?

— Руская мова і літаратура.

— Вось якраз такі настаўнік і мне трэба.

— Для вашых дзяцей?

— Не, не для дзяцей, яны яшчэ маленькія, для самога мяне. Нас усіх абавязалі здаць экзамены за пачатковую школу. Інакш трэба будзе кожны дзень пасля заняткаў хадзіць у вячэрнюю школу для малапісьменных, альбо дадуць «воўчы білет». З арыфметыкай у мяне яшчэ сюды-туды, нешта петру, а вось з рускай мовай — справа дрэнь. Можа, дапаможаце? Я ў даўгу не застануся.

— Ну што ж, колькі змагу, дапамагу. Можна было б пачаць і з сённяшняга дня, ды ў нас тут ні падручнікаў няма, ні ручкі з чарнілам, ні паперы.

— Паперы, ручку і чарніла я і зараз магу дастаць, а вось што датычыць падручніка, то заўтра прынясу.

— Тады нясіце ўсе вашы пісьмовыя прылады, і мы пачнём практыкавацца і адначасова паўтараць граматычныя правілы. •

— Вы давайце выходзьце сюды, на вахту,— прапанаваў «вучань» свайму выпадковаму «настаўніку» з двайным «наморднікам».

Гадзіны тры-чатыры яны займаліся разборам слова па частках, а потым і самога сказа. Потым практыкаваліся і тлумачылі разам кожную зробленую памылку, а іх было амаль у кожным слове. І калі стаміліся і настаўнік, і вучань, Міхась прапанаваў перапынак да наступнай ночы.

— Вы можаце зрабіць так, каб дзяжурыць толькі ноччу, пакуль я тут «адпачываю»?

— Магу,— адказаў «вучань»,— а зараз давайце будзем разам вячэраць. Сёння мы спажывём толькі мой паёк, а заўтра я прынясу спецыяльна для вас вячэру.

Так яны «працавалі» пяць начэй запар.

Кожную раніцу да Міхася прыходзілі з прапановай ісці на работу, але ён выстаўляў сваё патрабаванне — выдаць яму абяцаную вопратку ў лік платы за працу на курсах, як яму калісьці і абяцалі. І пакуль яго патрабаванне не ўлічвалася, не кранаўся з месца.

На шостыя суткі прыйшоў да Міхася памочнік начальніка па быту і прапанаваў яму ісці ў кладоўку па новую вопратку і абутак. На гэтым і скончыўся яго тэрмін пакарання, а разам і яго настаўніцкая праца з лагерным вартаўніком.

З ізалятара Міхася паслалі ў брыгаду, якая выконвала астатнія земляныя работы на чыгунцы.

На гэты раз Міхась трапіў у брыгаду Гайсёнка, беларуса, ураджэнца Полацкага раёна, з якім ён разам марнеў у ленінградскай перасыльнай.

— Во дзе мы сустрэліся з табой, землячок,— сустрэў яго з радасцю брыгадзір.

— Я вельмі рады такой сустрэчы,— сказаў Міхась.

— Ну, расказвай па парадку, дзе быў, што рабіў? — пытаўся той.

— Потым, часу ў нас хопіць,— ухіліўся ад расказу Міхась.— Давай поўную нагрузку на хамут, будзем цягнуць разам.

— Пра нагрузку не клапаціся, крыўдаваць не будзеш.

У абавязак брыгады ўваходзіла апрацоўваць кюветы і рабіць адводныя канаўкі ад чыгуначнага палатна. Адным словам, работы хапала. Да таго ж летні дзень доўгі. А ў лагеры ў той час працавалі ад сонца да сонца. Пры гэтым — без выхадных, як рабы ў Старажытным Рыме. А кармілі слаба, па-турэмнаму. Калі збоку не здабудзеш чаго, дык цяжка было пражыць на тых казённых харчах. Больш спрытныя зэкі здабывалі сабе сёе-тое з прадуктаў за грошы, якія ім употай прысылалі з дому, або муку, з якой пяклі праснакі. Значную частку гэтай брыгады складалі грузіны, а народ гэты, як вядома, практычны. Вось яны разбіваліся на групкі і раздабывалі сяго-таго з прадуктаў, за грошы, канечне, у дадатак да жабрацкага пайка. І вось неяк раз адна з такіх групак набыла недзе жытняй мукі для праснакоў і заціркі, схавала яе ў скрынку, якая знаходзілася пад іх нарамі, а самі хлопцы адправіліся ў лазню. Калі вярнуліся, то ўбачылі, што скрынка пустая — мука кудысьці сплыла. Яны пачалі наводзіць даведкі, а адзін з сапраўдных віноўнікаў гэтага зладзейства — крымінальнік — сказаў, што муку ўкраў Асцёрскі. Грузіны, не разабраўшыся, узброіліся жалезнымі прутамі і з лаянкай пайшлі на Міхася. Бачачы такую небяспеку, Міхась закрычаў:

— Хлопцы, за што вы на мяне? Я ж у божым свеце нічога не ведаю. Гэта паклёп!

Добра, што побач знаходзіўся брыгадзір. Ён падскочыў да ашалелых сваіх рабацяг і крыкнуў грозным голасам:

— За што вы прысталі да яго? Вы ведаеце, хто гэты чалавек і на што ён здольны? Не, пэўна, не ведаеце. Па-першае, гэта настаўнік, па-другое, беларускі паэт, а па-трэцяе, сумленны чалавек. Я яго даўно добра ведаю. Вас проста завялі ў зман.

Ад гэтых пераканаўчых слоў гарачыя грузіны пачалі астываць. І ў гэты ж момант падышоў чалавек з суседняй брыгады і прама сказаў:

— Я ведаю, хто забраў вашу муку. Той самы чалавек, які паказаў вам на гэтага невінаватага рабацягу.

Грузіны зноў «запалымнелі». Яны ўсе ўтрох рушылі да нар, дзе змяшчаўся той жулік, знайшлі сваю муку ў яго пад падушкай, а потым дабраліся і да яго самога, ды так аддубасілі, што нават Міхасю стала яго шкода.

— Кацо, даруй нам за нашу дурасць. Мы дарэмна пакрыўдзілі і абразілі цябе. Дзякуй брыгадзіру, што ён не дазволіў саграшыць нам перад табою. Ты добры чалавек. Даруй нам, браток,— прасілі яны Міхася.

— Тут не столькі вы вінаватыя, колькі той шакал, якога вы добра правучылі,— адказаў Міхась.

— Скажы, добры чалавек, гэта праўда, што ты яшчэ і паэт — пішаш вершы?

— Быў калісьці і паэтам, а цяпер вось — рабочае цягло.

— Дык вось што,— раздобрыўся адзін з іх — Махарадзе,— у мяне ёсць томік Ільі Чаўчавадзе, я дару табе яго. Гэта цудоўны паэт, геніяльны паэт!

— Ад такога падарунка я не адмоўлюся,— падзякаваў Міхась.— Ілью Чаўчавадзе я палюбіў яшчэ ў студэнцкія гады.

З гэтым томікам выбраных вершаваных твораў Міхась не расставаўся да канца так званага свайго тэрміну пакарання.

Праз нейкі час Гайсёнка выклікалі ў канцылярыю і пасля кароткай размовы адправілі ў Тайшэтлаг. Так тады пра гэта гаварылі, хоць дакладна ніхто не ведаў, куды ён падзеўся. Брыгадзірам замест яго быў прызначаны Рыгор Іванавіч Геаргадзе, грузін.

Брыгадзе было даручана разбіраць апалубку чыгуначных мастоў, дашчаныя платы лагернай калоны, сцены былых зямлянак і апусцелых баракаў і іншыя «драўляныя работы». Міхась з дзіцячых гадоў любіў працаваць па-сапраўднаму. А калі і здаралася быць без працы, дык не па сваёй віне. А таму і дошкі цягаў ён заўзята, без ніякай хітрасці і без «перакураў», што амаль усім яго паплечнікам па брыгадзе не вельмі падабалася. Людзі кураць, адпачываюць, расказваюць розныя гісторыі, а ён усё варушыцца. Нарэшце брыгадзір не вытрымаў, падышоў да Міхася і спытаў:

— Кацо, што ты робіш?

— А ці ж ты не бачыш? Дошкі нашу,— адказаў той.

— У нас, кацо, так не робяць. Бо заўтра таксама трэба будзе працаваць. Трэба берагчы сябе, мілы чалавек. Тут ніхто цябе не пашкадуе, акрамя самога сябе, ды, можа, акрамя такога дурня, як я. Лепш садзіся пакуры, а пасля будзем ішачыць.

На словы папроку брыгадзіра Міхась нічога не адказаў. Ён кінуў дошку, якую нёс, і сеў бліжэй да людзей з брыгады, якія не толькі курылі, але і ўмудраліся піць чай, завараны «грузінскім».

Міхась сядзеў, не ўсё разумеючы з размовы на грузінскай мове, і нечакана для сваіх субяседнікаў перабіў іх пытаннем:

— Кацо, няхай я безабаронны, а як гэта трапілі сюды вы, маючы такіх землякоў, як вялікі Сталін і яго дастойны паплечнік Берыя? Вось тут мне штосьці незразумела.

— Сталін — вялікі падлец! Разам з яшчэ большым падляцом Берыя загнаў вось у такія мясціны палову ўсіх грузінаў,— ускіпеў Геаргадзе.— Колькі яны нявіннай крыві пралілі і дзяцей асірацілі? А колькі ўдоў засталося!

— Не, кацо, я з вамі не згодзен,— не здаваўся Міхась.— Нешта ж і ён прыдумаў для людзей.

— Пекла, вось што ён прыдумаў! — падаў голас ціхі Шангелія.

— Яны разам з Берыем,— дадаў Цулукідзе,— прыдумалі нам пятлю, для чаго далучылі нас да меншавіка Цэратэлі, пра якога мы толькі ў турме, на следстве, і даведаліся, што быў такі меншавік Цэратэлі. Падлэцы! Гадзюкі! Рэзаць іх абодвух трэба!

Міхась маўчаў. Ён не ведаў, як яму далей быць: спрачацца не мог, а падтакваць таксама было не ў яго характары. І ён маўчаў. Змоўклі і яго субяседнікі.

А праз колькі хвілін брыгадзір скамандаваў:

— Адпачылі, і хопіць. Трэба трошкі яшчэ папрацаваць.

...З кожным днём на гэтым аб’екце кола работ звужалася. Заставаліся толькі дзе-нідзе недаробкі на самой дарозе, даводзілі да ладу службовыя і жылыя памяшканні для чыгуначнікаў. Хоць магістраль пакуль што яшчэ цалкам і не была здадзена заказчыку — наркамату шляхоў зносін,— цягнікі па ёй ужо хадзілі, як па звычайнай чыгунцы. А паколькі кола работ з кожным днём звужалася і набліжалася да нуля, будоўлю гэту пачалі патрошку вызваляць ад «лішніх рабочых рук». Іх перакідвалі ў іншыя лагеры — каго куды. Але значная частка рабочай сілы была накіравана ў Тайшэтлаг. З першых дзён красавіка туды пачалі адпраўляць эшалон за эшалонам з такімі «камсамольцамі», ад якіх ужо даўно паадракаліся жонкі, як ад «ворагаў народа». Паступова ў лагеры засталіся пераважна «прыдуркі». Шмат хто з іх баяўся расстацца з наседжаным цёплым месцам. Вось яны пад рознымі выдумкамі і тапталіся ля цёплых кармушак галаўных калон усіх чатырох аддзяленняў. Асабліва многа назбіралася такіх нахлебнікаў у Заудзінску ля ўпраўлення самога Южлага. Яны чагосьці чакалі, на штосьці спадзяваліся.

Патрошкі пачалі адбываць у Тайшэт і Міхасёвы знаёмыя, якія раней у любы час маглі тут падтрымаць яго, дапамагчы. У адзін дзень вывезлі з лагера прараба, з якім Міхась у свой час жыў у згодзе, потым мінчаніна — нарадчыка Мароза і іншых.

Міхась адчуваў, што набліжаецца і яго чарга.

І вось аднойчы раніцай у барак завітаў адзін з лагерных «прыдуркаў» са спісам у руцэ і зачытаў прозвішчы некалькіх чалавек, у тым ліку і Асцёрскага. Ён загадаў названым збірацца з рэчамі і чакаць адпраўкі ў Тайшэт: сакрэту не рабілі.


  Частка другая


Шкада маладых гадоў. Шкада волі.

І за якія грахі такія пакуты?

Я зусім не вінаваты. І ніколі

не быў ворагам Савецкай улады.


Сымон Баранавых


  «Славное море — священный Байкал...»

Ішлі апошнія дні сакавіка 1941 года. Зямля яшчэ скрозь была пакрытая снегам. Начныя маразы даходзілі да 15— 20 градусаў. Яшчэ час ад часу мялі завеі, але ўсюды адчуваўся недалёкі прыход сапраўднай вясны. Бо сонца ўжо грэла мацней, як у лютым і нават у пачатку сакавіка. Яно з кожным днём рабілася ярчэйшым і ласкавейшым. Кожнай жывой істоце, тым больш чалавеку, яно як быццам гаварыла: «Ідзі сюды, я цябе сагрэю пасля доўгай зімовай сцюжы».

...Міхась сядзеў у цяплушцы таварнага цягніка і праз акенца з жалезнымі кратамі любаваўся непаўторнай прыродай неабдымнага сібірскага прастору. Акурат вось так ён ехаў па гэтай магістралі чатыры гады таму назад. Толькі тады ён не ведаў, куды і навошта яго вязуць, кіруючы на Далёкі Усход. Цяпер жа ён едзе ў адваротным напрамку, і яму сказалі, куды і з якой мэтай яго вязуць,— у Тайшэт, дабудоўваць чыгунку, пачатую ў 1937 годзе, але чамусьці ў свой час «замарожаную»,— чыгунку, якая павінна пралягаць праз некранутыя таежныя далі да пакуль што не ўтаймаванай чалавекам бурнай Ангары. І ўсё гэта рабілася з далёкім прыцэлам. Па-першае, трэба было ўтаймаваць Ангару, пра што яшчэ марыў Ленін; па-другое, гэтую ж самую дарогу працягнуць потым яшчэ далей, пры гэтым не на 200—300 кіламетраў, а на дзве — тры тысячы — аж да Ціхага акіяна. Бо трэба было стварыць умовы для асваення незлічоных багаццяў гэтага неабдымнага краю. Так што чыгуначнае палатно Тайшэт — Брацк з’явілася прэлюдыяй будучага БАМа. Толькі ўсё гэта рабілася нядобрасумленна, не на добраахвотных асновах, не так, як у самы разгар будаўніцтва БАМа. Так што калі разабрацца, дык Міхась Асцёрскі быў адным з першапраходцаў сённяшняга БАМа.

А пакуль ён толькі яшчэ едзе карміць брыдотную машкару, бязлітасных камароў і сярдзітых аваднёў.

Спачатку ехалі ноччу, таму і нельга было нічога разгледзець у закутае ў краты акенца. А калі пачало днець, увесь цудоўны краявід быў як на далоні. Неўзабаве пад’ехалі і да Байкала, да гэтай вялізнай роўнядзі. Калі чатыры гады таму назад яго везлі на Усход, Міхась не бачыў яго: міма возера-мора ехалі ноччу. А цяпер вось яго мара збылася: Байкал ва ўсёй яго велічы ляжаў перад вачыма Міхася. Ён яшчэ быў у палоне і снегу, і лёду, але глядзеўся велічна. На сотні кіламетраў уздоўж і на дзесяткі ўшыркі ён разлёгся неабдымнай чашай перад цікаўнымі вачыма Міхася. Цэлы дзень ён ехаў па крутым, скалістым узбярэжжы і любаваўся гэтым незабыўным відовішчам. Толькі тады адарваў свой зрок ад гэтага цуду, калі наваколле ахутала начная цемень.

Раніцай цягнік, у якім ехаў Міхась, быў ужо ў Іркуцку, былой сталіцы ўсяго сібірскага бязмежжа. Тут ужо Міхась папрасіўся ў ахоўніка выйсці з вагона (ён ехаў у гаспадарча-прадуктовым вагоне) і наведаць прывакзальны буфет. Надзіва, ахоўнік не адмовіў просьбе свайго «надзейнага пасажыра». Справа ў тым, што трапіўся знаёмы яшчэ па Заудзінску ахоўнік, з якім яны калісьці разам «загаралі» ў бульбяным сховішчы — пяклі бульбу і расказвалі адзін аднаму розныя гісторыі і анекдоты. Так што тут Міхасю пашэнціла. Акрамя розных булачак у буфеце Міхась набыў сабе і курыць на дарогу.

У Іркуцку памянялася паравозная брыгада разам з лакаматывам. Новы паравоз маркі «Сярго Арджанікідзе» «напіўся» вады, назапасіўся палівам — і зноў у дарогу. Неўзабаве былі ўжо ў Чарамхове, затым — у Зіме, Ніжнеудзінску... А ў наступную раніцу прыбыў на станцыю — Тайшэт.

Станцыя Тайшэт, як і сам горад, супраць іншых станцый, праз якія ішоў гэты цягнік, выглядала беднай, шэрай. Невялічкі вакзал нагадваў пакінутае гаспадаром гумно: паўпусты, брудны з закапцелымі і аблепленымі брудам сценамі. Ды і самі станцыйныя пуці былі не ў лепшым стане. Паасобныя станцыйныя забудовы былі занесены снегам, не кранутым рукамі чалавека.

Ды і сам горад, калі яго так можна было назваць, быў амаль увесь драўляны, з вузенькімі вулачкамі і завулкамі, якія ніколі нікім не прыбіраліся. Да ўсяго гэтага — нямошчаныя. Вясною і ўвосень там — непралазная гразёта. Тыповы правінцыйны заштатны гарадок дарэвалюцыйнага часу. Гэта не той Тайшэт, які мы ведаем сёння. Ні станцыя, ні сам горад сённяшнія ніколькі не падобныя на тыя, пра якія ідзе гаворка.

Сённяшні Тайшэт — узорны горад Усходняй Сібіры, а яго станцыя — буйны чыгуначны вузел, ад якога расходзяцца сталёвыя ніткі ў розныя бакі на ўсход, на захад, на паўночны ўсход і на паўднёвы захад. Кожны дзень праз яе праходзяць дзесяткі і сотні розных цягнікоў — і таварных, і пасажырскіх. Сам пасажырскі вакзал мае велічны выгляд. Цяпер станцыя Тайшэт звязвае паміж сабой не толькі Далёкі Усход з Цэнтрам краіны, але і Кузнецкі басейн з Ангарою.


  На новай сялібе

Вызваляць вагоны ад людзей, лагернай маёмасці чамусьці не спяшаліся. Усё рабілася з нейкай «раскачкай». Раздалі снеданне будучым «піянерам» БАМа, пра які тады яшчэ адкрытай гаворкі не было, разгрузілі вагоны ад розных рэчаў і прадуктаў, абмеркавалі, што і як, і толькі пасля ўсяго гэтага была дадзена каманда пакінуць вагоны і станавіцца ў строй па чатыры. Двое сутак Міхась ехаў «свабодна»: ніхто з ахоўнікаў не стаяў над яго душой. А тут адразу адкуль толькі яны і ўзяліся, гэтыя «фараоны» з вінтоўкамі цераз плячо, з кабурамі на баку ды яшчэ і з сабакамі на павадку. Зноў, як і ў 1937—1938 гадах, іх вялі ад станцыі да баракаў, яшчэ чатыры гады таму назад пабудаваных іх папярэднікамі. Вялі, як нейкіх злых і небяспечных злачынцаў. Ад такога відовішча настрой у Міхася ўпаў.

У зону трапілі «навічкі» толькі апоўдні, у час абеду. Іх распіхалі па бараках і загадалі чакаць далейшых указанняў. Потым зноў павыганялі ўсіх на лагерны двор і зрабілі праверку па даўно падрыхтаваных спісах, размеркавалі па брыгадах і прапанавалі ісці па сваіх месцах ужо пабрыгадна.

— Сёння адпачывайце,— сказаў начальнік,— а заўтра з раніцы — на работу. Зразумела?

— Зразумела, начальнічак,— пачуўся голас смелага крымінальніка.

— А ты, Асцёрскі,— сказаў нарадчык,— зайдзі зараз да прараба, ён чамусьці хацеў цябе бачыць.

— Ёсць зайсці да прараба,— паўтарыў Міхась.

Рабочы пакой прараба знаходзіўся ў асобным доміку-катушку ў заднім кутку зоны, побач з вышкай вартаўніка-ахоўніка. Міхася прараб сустрэў цёпла, ветліва, як добрага і даўняга знаёмага. Гэта быў той самы Горлаў. Ён сядзеў за сталом, які быў завалены рознымі паперамі.

— Ну, здароў, даражэнькі, здароў! А ці па-сапраўднаму ты здароў? — пытаўся і адначасова сам адказваў на свае пытанні: — О, відаць, нішто сабе. Малайчына! Чаго стаіш? Сядай. Так, даўненька мы з табой не бачыліся.

— Здаецца, вечнасць прайшла пасля апошняй нашай сустрэчы,— падаў голас і Міхась, які да гэтага часу маўчаў.

— А цяпер давай бліжэй да справы,— гаварыў далей прараб.— Вось што, даражэнькі мой, прымай расканваіраваную брыгаду,— нарэшце ён сказаў тое, для чаго запрашаў да сябе Міхася.— Спадзяюся, што ты не падвядзеш, як і там калісьці, у Заудзінску.

— А яна ўжо ёсць, такая брыгада, ці яшчэ будзе? — спытаў Міхась.

— Не, пакуль няма, але да раніцы заўтрашняга дня мы яе сфарміруем.

— І што ж будзе ўваходзіць у абавязак гэтай брыгады? — не адставаў Міхась.

— Рознае, але больш пагрузка-разрузка. Адным словам, будзеце рабіць тое ж самае, што і ўсе астатнія, толькі без канваіраў і сабак-аўчарак. У асноўным будзеш мець справу з «газікамі» — грузавымі машынамі,— тлумачыў прараб.

— Я зразумеў вас: мы павінны быць на падхваце. У любы час, у любое надвор’е і ў любым месцы. Ці так?

— Прыблізна так. За людзей будзеш ты сам адказваць, бо ніякага канвою не будзе.

— А калі хто збяжыць ці накуралесіць дзе?

— Бегчы тут няма куды, вакол заслоны. І накуралесіць няма як — вакол пасты, вартавыя. А наогул мы пастараемся падабраць сумленных рабацяг з ліку так званых «контрыкаў». З імі больш надзейна і бяспечна. Згаджайся, Асцёрскі,— пераконваў і ўгаворваў прараб Міхася.

— Відаць, нікуды ад вас не дзенешся, прыйдзецца згадзіцца. Бо не згаджуся — прымусіце.

— Дарэмна ты так думаеш пра мяне. Я ж па-сяброўску.

— Дык не ўсё ж тут ад вас толькі і залежыць.

— Што верна, то верна. Я тут не першая скрыпка. Бо хаджу з такім жа «наморднікам», як і ты, толькі вось пасаду часова займаю. Але па капрызу хоць маленькага якога начальнічка заўтра, а то нават і сёння магу апынуцца на тваім месцы: замест прарабскага партфеля дадуць у рукі лом ці рыдлёўку і ўкалвай за будзь здароў. Ты ж не забывай, што я, як і ты, грэшны, «вораг народа».

Назаўтра раніцай, у час разводу, нарадчык зачытаў спісы людзей расканваіраванай брыгады, загадаў пастроіцца па чатыры і назваў прозвішча брыгадзіра. Потым гучна аб’явіў:

— Асцёрскі, павядзеш брыгаду на чыгуначную станцыю, дзе будзеце выгружаць вагоны з прадуктамі прама на машыны і дастаўляць іх на нашу базу. Заданне зразумела?

— Зразумела,— адказаў Міхась,— будучую баланду дастаўляць на цэнтральную базу Тайшэтлага.

— Ты, Асцёрскі, жартачкі кінь, а лепш бярыся за выкананне задання.

— Ёсць выконваць заданне па выгрузцы будучай баланды,— адрапартаваў Міхась.— Брыгада, наперад шагам марш!

Да станцыі было прыблізна тры кіламетры. І паколькі ніхто з брыгады не ведаў туды дарогі, нарадчык даў ім праважатага.

Так для Міхася пачыналася тайшэцкая эпапея.

Снег патрошку пачынаў збівацца ўжо ў кашу: на выбітых машынамі каляінах дарогі сям-там сустракалася вада, перамешаная з гразёю. А дарогі ж, як і ўсе вуліцы гэтага горада, былі выключна грунтавымі, без якога-небудзь пакрыцця. Адным словам, ні бруку, а тым больш асфальту на іх не было. Яны скрозь былі на выбоінах, на ямах.


  Брыгада грузчыкаў

Брыгада, якой кіраваў Міхась, складалася з 25 чалавек разам з брыгадзірам. Для большай зручнасці і эфектыўнасці ў працы яна была разбіта на пяць груп. Кожная з гэтых груп была замацавана за асобнай машынай. Як толькі падыходзілі вагоны з грузам для лагера, машыны са сваімі грузчыкамі былі тут як тут. У адрозненне ад іншых брыгадзіраў, Міхась не даваў сабе патачкі. Ён пеклаваў так жа, як і ўсе астатнія члены яго брыгады, нават уключыў сябе ў пяцёрку. Выкарыстоўваў толькі адну прывілею: ад чыгуначнай станцыі да складаў ехаў у кабіне побач з шафёрам. А калі часам буксавала машына, ён таксама разам з шафёрам выцягваў яе.

Брыгадзе даводзілася нялёгка. Мала таго што ёй даручалі варочаць розныя грузы па 12 гадзін запар на жабрацкіх лагерных харчах, дык яшчэ часта турбавалі і ноччу. А раніцай зноў запрагалі ў ярмо. І гэта здаралася часта. Людзі пачалі слабець. Мала таго — на такой рабоце людзі абнасіліся. На іх плячах разлазіліся бушлаты і целагрэйкі, а на нагах развальваліся самаробныя чаравікі. Міхась неаднойчы гаварыў пра гэта прарабу і пампабыту начальніка калоны, неяк гаварыў і самому начальніку. Усе абяцалі, але ніхто нічога не рабіў — не прымаў ніякіх захадаў, каб апрануць і абуць брыгаду. Пампабыт сказаў Міхасю:

— Як толькі паступіць партыя новага абутку і адзення, мы ў першую чаргу забяспечым тваю брыгаду.

Міхась паведаміў пра гэта сваім падапечным, і яны з нецярпеннем і радасцю чакалі.

Хутка пасля той размовы з пампабытам і сапраўды прывезлі новую партыю адзення і абутку, але... Чамусьці забяспечылі іншыя брыгады і лагерных «прыдуркаў», а грузчыкі па-ранейшаму трэслі лахманамі і разбітымі гумавымі чаравікамі. Яны пачалі крыўдаваць на свайго брыгадзіра, што ён не можа ці не хоча дбаць пра сваіх падначаленых.

— Хлопцы, вы не крыўдуйце на мяне,— звярнуўся Міхась да сваіх людзей.— Я раблю ўсё, што магу, але нічога ў мяне не атрымліваецца.

— А калі не атрымліваецца, не можаш адстаяць нашы правы, адкажыся ад брыгадзірства,— папракаў яго Іван Фаменка, ураджэнец Жытомірскай вобласці.

— Хоць сёння магу перадаць табе гэту нікчэмную пасаду, якая, акрамя непрыемнасцей, нічога мне не прыносіць.

— Гэта ты толькі так гаворыш, а сам нябось баішся, каб не страціць яе, гэтую пасаду.

— А ці ж не разам з табой падстаўляем свае плечы пад мяшкі, ці ж не разам трасём лахманамі?

— Яно так, ды ўсё ж такі пасада. А гэта многа значыць.

— Хопіць табе малоць языком, што памялом,— умяшаўся яго зямляк Максім Зарэмба.— Асцёрскі такі ж самы ішак, як і мы з табой. Траціць яму няма чаго. І тое, што нас абышлі з вопраткай і абуткам, ён не вінаваты. Не можа лізаць начальству зад, вось і ўся тут прычына.

— А не можа, дык няхай адмаўляецца ад брыгадзірства,— не здаваўся Фаменка.

— А калі і адмовіцца, дык усё роўна, Іван, цябе не паставяць на яго месца.

— А я і не рвуся на такую пасаду, мне і так добра,— няўпэўнена гаварыў Фаменка, а сам думаў, напэўна, не тое: яго ўвесь час заядала, што Асцёрскі карыстаецца аўтарытэтам у членаў брыгады.

— Вось што, хлопцы, кінем спрачацца, лепш давайце дамовімся так: як толькі зноў патрывожаць нас ноччу, адмовімся ісці на выгрузку у знак пратэсту, што падманулі нас з адзеннем і абуткам,— прапанаваў Міхась.— Можа, тады знойдуцца і вінаватыя, а для нас — адзенне і абутак.

— Правільна сказаў брыгадзір,— першым азваўся Фаменка,— я за гэта.

— Іван, гэта ты толькі так, для выгляду мелеш языком, а на самай справе не падтрымаеш брыгадзіра,— кінуў рэпліку яму зямляк.— Пры першым жа выпадку шуснеш у кусты.

— Дрэнна ты, Максім, ведаеш мяне.

— Не, браце, я цябе добра ведаю.

— Хопіць дыскуціраваць, лепш пойдзем адпачываць,— прымірэнча сказаў Міхась,— а то хутка і на самай справе могуць патрывожыць нас нястомныя начальнікі.

Брыгадзір не памыліўся. Не прайшло 2—3 гадзін пасля той размовы, як у бараку прагучаў голас нарадчыка:

— Асцёрскі, падымай брыгаду, трэба тэрмінова выгружаць вагоны.

Міхась падняў галаву і спакойна адказаў:

— Не буду падымаць!

— Гэта чаму?

— А таму, па-першае, што людзі мае яшчэ не паспелі адпачыць ад дзённай змены. Машынам і тым даюць час на адпачынак, а гэта ж жывыя людзі. Па-другое, у іх няма ў чым працаваць па цэлых сутках: знасілася і вопратка, і абутак. Прапануйце гэта тым, каго вы паспелі ўжо апрануць і абуць. А мы будзем адпачываць, як гэта і належыць рабочаму чалавеку.

— Ты што, Асцёрскі, шуткуеш ці на самай справе займаешся сабатажам? — разгубіўся бравы нарадчык.

— Я сказаў вам рускаю мовай, што не буду падымаць брыгаду і сам не пайду.

— Тады мы падымем яе без твайго дазволу,— грозна сказаў той.

І нарадчык разам з ахоўнікам пачалі самі падыходзіць да кожнага рабацягі і падымаць яго. Хоць і без ахвоты, але ўсе, акрамя брыгадзіра і Зарэмбы, паслухмяна падымаліся і апраналіся ў свае лахманы. А што датычыць Фаменкі, дык той, не чакаючы асабістай прапановы нарадчыка, першым усхапіўся, апрануўся і ўголас сказаў, каб усе, разам з падганяламі, чулі:

— Сябры, навошта нам гэтыя фокусы? Раз трэба, значыць, трэба. Гэтага патрабуе ад нас партыя і народ. Мы ж адбываем тэрмін пакарання. І толькі сумленнай працай мы зможам зняць з сябе гэтую ганебную пляму.

— Вось гэта голас патрыёта! — пахваліў яго ахоўнік і ўжо, звяртаючыся да нарадчыка, прапанаваў: — Вось яму і даручым сёння брыгаду.

— Фаменка, павядзеш брыгаду,— распарадзіўся нарадчык.

— Ёсць павесці брыгаду,— адказаў па-салдацку Фаменка.

Атрымалася так, што ўся брыгада, акрамя самога брыгадзіра і радавога Зарэмбы, пайшла выгружаць вагоны з рознымі грузамі для новабудоўлі. Кожны з рабацяг ведаў, што не паспее ён вярнуцца і паснедаць, як яго зноў пагоняць на такі ж самы занятак.

Міхась добра разумеў, што рабіў. Ведаў, што яго за гэта не пагладзяць па галоўцы. Але ён быў вельмі задаволены тым, што яго пазбавяць адказнасці за лёс 25 чалавек — пазбавяць ад брыгадзірства, чаго ён чакаў усе гэтыя два тыдні. Яно было не чым іншым, як путамі на сэрцы і душы.


  Арышт

Міхась не памыліўся ў сваім прадчуванні: раніцай наступнага дня, перад разводам, у барак прыйшоў нарадчык і аб’явіў:

— Асцёрскі і Зарэмба пойдуць у брыгаду Зверава. Зразумела?

— Зразумела, у брыгаду звера,— падкусіў яго Міхась.

— Не звера, а Зверава,— паправіў Міхася нарадчык.

Брыгада Зверава выконвала амаль такія ж самыя работы: выгружала грузы з вагонаў, а потым загружала вагоны і машыны, якія накіроўваліся на трасу будаўніцтва самой чыгункі Тайшэт — Ангара.

Дваццаць кіламетраў гэтай лініі ўжо дзейнічала. Дык вось, па іх і адпраўлялі грузы і людзей у глыб тайгі.

Розніца была ў тым, што цяпер яго разам з іншымі зэкамі вадзілі да месца працы пад канвоем і з сабакамі. Канвой як канвой, а вось сабакі даводзілі да шаленства, асабліва пасля таго, як яны на яго вачах загрызлі да смерці аднаго рабацягу, які без дазволу асмеліўся быў заскочыць у магазін, каб чаго-небудзь прыкупіць да свайго жабрацкага пайка. На рабацягу ахоўнікі-сабакаводы пусцілі двух аўчароў, і яны за лічаныя мінуты аднялі ў яго жыццё. І гэта адбылося ў самым цэнтры Тайшэта. З таго моманту ён і ўзненавідзеў сабак і сабачнікаў — тых, хто іх вадзіў на павадку. Праўда, працаваць у такіх умовах Міхасю давялося нядоўга — усяго толькі пяць дзён, але і гэтага было дастаткова.

Неяк пасля рабочага дня, калі Міхась, седзячы ля грубкі, аплятаў заробленую цяжкай працай магаравую кашку, у барак завітаў узброены аператыўнік і гучна спытаў:

— Асцёрскі Міхаіл тут размяшчаецца?

— Я Асцёрскі,— адказаў Міхась,— чым магу служыць?

— Дзе ваша месца? — зноў спытаўся той.

Міхась паказаў яму на нары другога паверха.

— Бярыце вашы рэчы разам з матрацам і падушкай і пойдзем са мной.

— Куды і навошта? — звярнуўся Міхась да опера.

— Пасля будзеце ведаць. Збірайцеся хутчэй. Усё, што ў вас ёсць, паўтараю, бярыце з сабой,— катэгарычна заявіў опер.

Міхась добра ведаў, што ў такіх выпадках не жартуюць. Гэта не нарадчык і нават не прараб, з якімі можна было і паспрачацца. Бо яны самі такія ж зэкі, як і ён. Тым больш што гэта не звычайны ахоўнік, а аператыўнік. А таму ён хуценька пазбіраў усе свае манаткі і ў суправаджэнні таго ж самага аператыўніка скіраваў на вахту. Там яго абшукалі, перамацалі кожны рубчык на вопратцы, вытраслі салому з матраца і падушкі, потым загадалі зняць боты, у якіх адарвалі падэшвы і ўсцілкі. Затым загадалі зняць і бялізну, якую таксама дасканала перагледзелі, перамацалі.

Пасля ўсяго гэтага прапанавалі сесці на табурэтку і адказаць на пытанні:

— Калі, куды і з кім вы збіраліся ўцякаць?

— Нікуды і ні з кім я не збіраўся і не збіраюся ўцякаць, гэта паклёп.

— Дзе вашы грошы, якія вы збіралі на дарогу?

— Няма ў мяне і капейкі за душой.

— З чыёй дапамогай вы збіраліся адгэтуль уцякаць?

— Я ўжо сказаў вам, што нікуды я не збіраўся ўцякаць, а значыць, і дапамога мне была не патрэбна.

— Пасадзіце пакуль што ў ізалятар, а заўтра мы дапытаем яго, як трэба,— звярнуўся ён да вахцёра, таксама ўзброенага.

— Забірай свае лахманы,— сказаў Міхасю ўжо вахцёр,— пойдзеш на свежае паветра — у цёмны катух. Там ужо адзін такі, як ты, ёсць.

Ён тут жа адчыніў дзверы ізалятара, і Міхась апынуўся ў ім, як у магіле.

Намацаў рукамі нары і хацеў толькі паслаць матрац, каб прылегчы, як адчуў пад рукамі нешта мяккае. Ён адразу ж здагадаўся, што гэта той «адзін такі», пра якога гаварыў яму вахцёр. Значыць, гэта быў жывы чалавек. «Будзе трошкі весялей»,— думаў Міхась.

— Ану пасунься бліжэй да сцяны, разлёгся, як дома! — прамовіў Міхась.

— Гэта ты, Асцёрскі?

— А хто ж, калі не я? А ты хто?

— Ці ж не пазнаеш? Максім Зарэмба.

— Вось сустрэча, дык сустрэча! Як жа гэта ты трапіў сюды?

— А вось так жа, як і ты. Абодвух нас «упёк» сюды мой землячок Фаменка, бо яму ў любых умовах трэба кар’ера.

— Дык ён жа ўжо дабіўся свайго — стаў брыгадзірам.

— Брыгадзірства для яго мала. Яму хочацца чагосьці большага, цікавейшага ці цяплейшага. Хто-хто, а я дык яго, падлюку, ведаю.

— Падонак, шакал,— дадаў Міхась.— Я яго зразумеў ужо тады, калі ён драў глотку наконт амуніцыі і абвінавачваў мяне ў нерашучасці, а сам першы пайшоў на здзелку з нарадчыкам і са сваім сумленнем.

— Ён даўно чакаў гэтага канфлікту,— зноў загаварыў Зарэмба.— А цяпер яшчэ баіцца, што ты вернешся на сваё месца. І мяне ён не любіць за тое, што я ведаю яго паганую душу. У брыгадзе сам ён працаваць не будзе, як гэта рабіў ты.

— Ну, ліха яго мацеры! Дачакаецца і ён свайго чорнага дня. Такое ніколі нікому не праходзіць дарма. Можа, ён рана яшчэ радуецца. Гара з гарой не сыходзяцца, а чалавек з чалавекам могуць сустрэцца.

— Такія, як Фаменка, пра гэта не думаюць.

— А не думаюць таму, што не здольныя на гэта,— заключыў Міхась.— Давай трошкі здрамнём, а то заўтра чорт ведае што з намі будзе.

— Правільна кажаш, давай, дружа, здрамнём,— пагадзіўся Зарэмба.

Як яны перажылі тую ноч, яны і самі не ведалі. Начныя марозы яшчэ даходзілі да 15 градусаў, а кандзей гэты ніхто не апальваў. Пасінелых ад холаду іх выпусцілі ў сем гадзін раніцы і загадалі ісці ў барак на свае месцы, але на работу не выходзіць. Разам з усімі яны паснедалі і занялі на нарах свае месцы. З барака без дазволу ім таксама забаранілі выходзіць, акрамя як у туалет.

Аператыўнікі і ахоўнікі наведвалі іх праз кожных 20— 30 мінут. Але як бы ні было строга, Міхась выбраў момант і завітаў да прараба, якому расказаў пра ўсё, што здарылася. Той выслухаў уважліва і толькі паспачуваў:

— Сам ты, Асцёрскі, вінаваты. Навошта было лезці на ражон. Ты ў лагеры захацеў праўду знайсці? Яе, калі сказаць шчыра, на волі няма, а не тое што ў гэтым пекле.

— Дык ці ж за тое, што не пайшоў на работу, зноў арыштоўваць ды яшчэ і выдумляць чорт ведае што?

— А сюды ты трапіў за што? Успомні, чаго толькі ні прыпісвалі табе, каб завесці справу і ўклеіць у яе абвінавачванні, пра якія ты не толькі не чуў, але і ў сне не сніў?

— Тое было адно, а гэта зусім іншае. Тут дапамог Фаменка, які цяпер узначаліў былую маю брыгаду.

— З брыгадзіраў яго я звольню, але такія людзі без справы не застаюцца. Ён усё роўна прылепіцца яшчэ куды-небудзь, канечне, цераз трупы іншых, сабе падобных.

Прараб не памыліўся. Праз пару дзён пасля таго Міхась убачыў Фаменку на пасадзе фурмана начальніка калоны. Ён ехаў важна ў новай амуніцыі. Калі яны параўняліся, Міхась выпаліў яму:

— Ну што, гадзюка, выслужыўся? Дабіўся свайго?

— Я свайго дабіўся, а ты з Зарэмбам таксама.

— Падонак, юда! — сказаў Міхась і плюнуў яму ў твар.

— Ад падонка і чую! Ты яшчэ пашкадуеш!

— Пашкадуеш і ты, гадзюка!

Праходзіць дзень, другі, а Асцёрскага і Зарэмбу нікуды не пасылаюць, затое па-ранейшаму праз кожных 20—30 мінут іх наведваюць ахоўнікі ды аператыўнікі.

Неяк раз, калі яны ў бараку засталіся ўдвух, Зарэмба і пытае ў Міхася:

— Скажы, Асцёрскі, куды нас надумалі адпраўляць, як ты думаеш?

— А трасца іх ведае. Пэўна ж, не да цешчы на бліны. Якую-небудзь прорву знойдуць.

— А не ў цэнтральны ізалятар?

— Наўрад, каб адважыліся туды запіхнуць нас. Бо там хоць трыста грамаў на дзень, а даць трэба — не заробленых. А мы ж людзі працаздольныя. І не для таго нас завозілі ў такія месцы, каб мы сядзелі і дармовы хлеб елі. Нас бралі для таго, каб мы зараблялі і на сябе, і яшчэ на добры дзесятак дармаедаў, сярод якіх мы знаходзімся і якія на волі ходзяць з партфелямі.

— Значыць, на Калыму павязуць?

— Я думаю, што не. Там ужо і без нас хапае. Хутчэй за ўсё звязуць куды-небудзь далей ад гэтай бруднай чыгуначнай станцыі, бліжэй да Ангары, у глыб тайгі. Адтуль, хоць і гнаць будуць, дык і сам не пажадаеш уцякаць. Сотні кіламетраў па тайзе не пройдзеш.

— Калі так, то гэта яшчэ паўбяды,— павесялеў Зарэмба.— У тайзе жыць яшчэ можна. Там ёсць ягады, грыбы, арэхі. З голаду не памрэш. Кажуць, і жэньшэнь ёсць.

— Вось пра гэта я не чуў,— здзівіўся Міхась.

— А якая ў цябе прафесія на волі, брыгадзір?

— Па-першае, яўжо не брыгадзір. А што датычыць прафесіі, скажу,— настаўнік. Для лагера не падыходзіць.

— А я — каваль,— прызнаўся Зарэмба.

— Каваль і ў гэтых месцах — хадавая прафесія. Не ведаю, чаму ты маўчыш.

— А яна мне і ў калгасе абрыдла: дзень і ноч, як дзяцел той, дзёўбаеш малатком, а карысці ад працы ніякай.

— Затое з голаду не памрэш і ў такую няміласць не трапіш, як мы вось зараз з табой.

— А хто яго ведае, можа, ты і праўду кажаш,— згадзіўся Зарэмба.— Як прыеду на новае месца, адразу ж далажу начальству ці мясцоваму кіраўніцтву.

— Мне, таварыш Зарэмба, аднаго шкада,— уздыхаючы, гаварыў Міхась.— Тут я не так даўно падаў заяву на курсы шафёраў. Абяцалі накіраваць. А цяпер, як бачыш, усяму капут... Хацелася і мне мець рабочую прафесію, ды вось твой зямляк перашкодзіў, растуды яго туды!

— Можа, у другім месцы даб’ешся?

— Не, дружа, такія магчымасці ў лагерных умовах не так часта здараюцца.

Мінулі ўжо трэція суткі «дамашняга арышту» Міхася і Зарэмбы. І вось на чацвёртыя суткі, раніцай, пасля разводу, у барак зайшоў памначальніка па працы і загадаў арыштантам збірацца ў дарогу са ўсімі сваімі рэчамі. Зборы былі нядоўгімі, таму што рэчаў асаблівых амаль што не было. Якія ў зняволенага рэчы?

Узброены пісталетам, ахоўнік адвёў двух «небяспечных» зэкаў на станцыю, дзе ў саставе таварнага цягніка знаходзіўся вагон-цяплушка з кратамі на акенцах. Разам з двума дзесяткамі такіх жа «злачынцаў» іх запхнулі ў гэты вагон і зачынілі дзверы.

— Куды нас павязуць? — спытаў Міхась у сваіх новых суседзяў.— Пэўна, кудысьці далёка?

— Ды не, на 21 кіламетр. Датуль толькі і ходзяць цягнікі. А далей — цаліна. Праведзена толькі лінія, ды сям-там спілаваны дрэвы на месцы будучай чыгункі.

— Тады яшчэ не так страшна.

— Не страшна, але і не весела. Вакол лес і лес!..

Не паспелі новыя знаёмыя абмяняцца некалькімі словамі, як цягнік крануўся і ўзяў курс у напрамку Ангары. Праз якую-небудзь пару гадзін яны ўжо былі на месцы, нягледзячы на тое, што цягнік ішоў з хуткасцю чарапахі. Гэта было яшчэ часовае чыгуначнае палатно, па якім курсіравалі толькі рабочыя цягнікі мясцовага значэння і спецыяльнага прызначэння. Тайга яшчэ «па вушы» была заснежанай. У некаторых месцах у снежных гурбах можна было схавацца з галавой. А ўжо наступілі першыя красавіцкія дні!

Новую рабочую сілу, ці цягло, змясцілі ў часовыя баракі, якія паспелі абжыць іншыя рабацягі. Баракі гэтыя ледзь можна было бачыць — яны патаналі ў глыбокім снезе. А налічвалася іх, акрамя падсобных гаспадарчых памяшканняў, пяць. Непадалёку ад баракаў, абнесеных высокім дашчаным плотам з калючым дротам наверсе, былі памяшканні для начальства і аховы. Стаяла будыніна і для службовых сабак. Адным словам,— сярэдневяковы горад-княства, дзе было ўсё сваё, нават і ўзброеная сіла.

Перад вахтай зрабілі пераклічку па тых спісах, якія ехалі разам з нявольнікамі. Правяраў нарадчык гэтай калоны, якога Міхась адразу пазнаў. Гэта быў той мінчанін Мароз, які служыў нарадчыкам у Заудзінску, калі Міхась яшчэ брыгадзірыў на бульбяным складзе. Той таксама пазнаў Міхася, але змаўчаў. А як толькі пераклічка скончылася, ён сказаў:

— Зняволены Асцёрскі, пасля ўладкавання ў бараку зайдзіце ў нарадны пакой, што побач з вахтай, трэба будзе ўдакладніць вашы даныя. Зразумела?

— Зразумела,— адказаў Міхась.

Так ён і зрабіў. Калі знайшоў сабе месца, уладкаваў так званыя свае рэчы, адразу ж накіраваўся да свайго земляка.

— Ну, добры дзень, зямляк! — сустрэў яго Мароз.— Якім ветрам прынесла цябе сюды?

— А, пэўна, такім жа, як і цябе,— Гальфстрымам, які заўсёды кіруе з захаду на ўсход. «По морям, по волнам, нынче здесь, а завтра там». Памятаеш, як пелі ў першыя гады савецкай улады? Вось так і мы зараз.

— Ты ведаеш, чаго я паклікаў цябе? — спытаў Мароз.

— Па-зямляцку пабуськацца. Так ці не?

— Не, не толькі таму,— працягваў Мароз.— Калона гэта, землячок, паходзіць на штрафную. А ты ведаеш, што на штрафных камандзіроўках — не мёд. І я, зямляк твой, хачу аблегчыць тваё становішча — хачу прапанаваць табе брыгаду, якую мяркую скалаціць з самых сумленных рабацяг — выключна з «контрыкаў». Як ты на гэта глядзіш? Як табе падабаецца такая прапанова?

— Не ведаю, што і сказаць табе. Я ўжо на гэтых брыгадах набіў аскому. Яны ў мяне стаяць косткай папярок горла. Такая пасада і сюды мяне прывяла.— І ён расказаў Марозу ўсё, што з ім здарылася за апошні час.

— Не хвалюйся, тут гэтага не будзе,— запэўніў Мароз Міхася.— Дарэчы, начальнікам калоны з’яўляецца той чалавек, якога ты карміў цэлага паўгода, не бачачы ў вочы,— Шпілер Міхаіл Іосіфавіч.

— Дык і ты ведаў пра гэта?

— А як жа? Гэта ж я і даваў даручэнне прарабу, а той табе.

— Добра, я згодзен. Толькі, дзе трэба, дапамагай мне напачатку.

— Канечне, няўжо ты яшчэ сумняваешся?

— Дзякую за добрыя словы і за абяцанне.


  Зноў асечка

Брыгада, якую даручылі ўзначаліць Міхасю, складалася з 30 чалавек, і амаль усе яны былі «ворагамі народа», за выключэннем двух-трох «бытавікоў», ды і яны трапілі ў лагер не за нюх табакі па прыдуманым артыкуле СВ («социально-вредный»). Адзін з такіх «социально-вредных» быў Мікалай Расказаў, з якім пасля Міхась пасябраваў.

Спачатку працаваць было не так ужо і цяжка: расчышчалі трасу будучай чыгункі ад снежных заносаў. Брыгадзе выдалі шырокія драўляныя лапаты, і яна добра спраўлялася са сваімі абавязкамі. Выконвала і перавыконвала нормы выпрацоўкі, а значыць, і атрымлівала нармальны паёк. Так прайшоў амаль цэлы красавік, пакуль сам сабою не растаў снег. Пасля даручылі пілаваць з пня дрэвы — на лесапавале чыгуначнай магістралі. Тут яны таксама сяк-так спраўляліся. Спраўляліся рабацягі і тады, калі на тачках пачалі адсыпаць само палатно будучай дарогі. А вось калі «на дапамогу» прыйшла тэхніка, а гэта ўжо было недзе ў канцы мая, брыгада, як кажуць, села на мель.

У кар’ер, дзе працавала брыгада Асцёрскага, прыгналі некалькі машын. Калі на ўсё гэта паглядзець казённым вокам, дык здаецца ўсё правільна: пры малых затратах — вялікі прыбытак. Начальства хваляць, бо ёсць добрыя вынікі працы, не тое што ад тачкі ці калымагі. Але так можа разважаць толькі той, хто стаіць убаку і не задумваецца над тым, хто і як гэта ўсё робіць.

Машыны толькі адвозяць пясок і гравій, а грузяць жа яго рукамі людзі, якіх ператварылі ў аўтаматы. Да машын патрэбны былі экскаватары, а іх не было. І вось людзі з брыгады Міхася і замянялі гэтыя экскаватары. Не паспеюць яны загрузіць адну машыну, як на яе месца прыходзіць другая, а потым трэцяя, чацвёртая, пятая. Толькі чуюцца сігналы: «Ту-ту-ту, ту-ту-ту, ту-ту-ту». Машыны мяняюцца, а людзі адны і тыя ж. Шафёры на сваіх «газіках» лёгка выконвалі і перавыконвалі нормы, а рабацягі ў кар’еры, працуючы без перакураў,— спраўляліся са сваімі нормамі на 50 працэнтаў, а гэта ўжо ўразала іх паёк таксама на 50 працэнтаў. Людзі пачалі слабнуць, а значыць, і даваць яшчэ меншую норму.

А тут яшчэ камары, машкара і розны таежны гнус. Праз некаторы час выдалі накамарнікі. Але ж яны выратоўваюць толькі ад камароў. А што датычыць машкары, дык яна свабодна пралазіць праз дзірачкі гэтай няхітрай сетачкі і да крыві раз’ядае твар занятага працай чалавека. Ад бясконцых укусаў пухне твар, ажно заплываюць вочы. Чалавек перастае паходзіць на самога сябе — на разумную істоту. Зняць бы гэты абрыдлы накамарнік, выцерці твар вільготнай хустачкай і расцерці чым-небудзь, каб не свярбела, ды няма як. «Давай, давай! Чаго стаіш, быдла? Бачыш, машыны чакаюць?» — чуецца голас падганятага. А машыны і праўда падаюць свой прыкры голас: «Ту-ту-ту». І так штодзённа, штогадзінна, штомінутна.

З кожным днём рады брыгады радзелі: рабацягі выходзілі са строю. Хто з іх па слабасці заставаўся ў зоне, хто трапляў у лазарэт, а хто і адпраўляўся да сваіх продкаў. За кароткі час брыгада скарацілася на адну трэць. Былі ўжо на чарзе і яшчэ пяць чалавек. А колькасць машын не змяншалася. Нават паабяцалі яшчэ прыслаць — каб датэрмінова выканаць план. Ніхто не думаў і не хацеў думаць пра тое, што брыгада на вачах гіне.

Міхась не ведаў, што і як яму рабіць, як быць. Ён да глыбіні душы шкадаваў сваіх людзей, сваіх сяброў па няшчасці. Але што ён мог зрабіць у сваім паднявольным становішчы? Адзінае, на што ён здольны — гэта адмовіцца ад брыгадзірства. Але ж гэта не выхад. Людзей гэтых і без яго будуць душыць да канца. Цяпер хоць ён закіне за іх слова, а потым? Хто ведае, што будзе потым?..

Асцёрскага пачалі вызываць «на кавёр» і «ганяць яму ката» за тое, што яго брыгада «не хоча работаць, сабатажнічае». Яго ўшчувалі, яму пагражалі і ледзь не каралі.

І як ён ні даказваў розным начальнікам, што гэта няправільна, бесчалавечна, ніхто і слухаць не хацеў, бо ім жа, начальнікам, не баліць.

Неяк паклікаў да сябе Міхася Мароз і кажа:

— А я, землячок, спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, толькі ты вось падводзіш мяне.

— Дык выходзіць так, што не ты мне, а я табе свінню падклаў?

— Я цябе, Асцёрскі, не разумею.

— А што тут разумець: усю работу калоны ўзваліў на адну маю брыгаду. Гэта па-зямляцку?

— Ды што ж ты хочаш, каб я пасылаў туды жулікаў, якія нідзе не хочуць працаваць? Я ж табе даручыў самых лепшых рабацяг з «контрыкаў» з тым разлікам, каб потым даручыць ім самую адказную работу. Усё гэта было ўзгоднена з начальствам калоны. І іменна табе мы даручылі гэту адказную справу як сумленнаму і спрактыкаванаму брыгадзіру.

— Не, землячок, з мяне хопіць. Калі вы тут усе разам не прымеце ніякіх тэрміновых захадаў, палова маіх людзей выйдзе са строю.

— Другімі папоўнім брыгаду,— сказаў той холадна.

— Тады я сам падам у адстаўку,— папярэдзіў нарадчыка Міхась.

— Што ж, паспрабуй, табе не прывыкаць.

На гэта Міхась нічога не адказаў свайму «дабрадзею» і моўчкі выйшаў за дзверы.

А рабацягі і на самай справе пачалі адзін за другім выходзіць са строю. Яны трацілі прытомнасць проста ў кар’еры, і іх на гэтых жа машынах адвозілі, каго ў медпункт, а каго і ў лазарэт, адкуль яны ўжо больш у брыгаду не вярталіся...

— Брыгадзір,— прасілі яго рабацягі,— зрабі што-небудзь, каб нас перасталі так мучыць. За што ж гэта так?

— Стараюся, але нічога не магу зрабіць,— апраўдваўся, як мог, Асцёрскі.

А калі ўжо брыгада пачала атрымліваць не па 500, а нават па 300 грамаў хлеба на дзень, ад чаго зусім заняпала, Міхась канчаткова вырашыў адмовіцца ад брыгадзірства. Ён прыйшоў да земляка Мароза-нарадчыка і катэгарычна заявіў яму аб сваёй адстаўцы з пасады брыгадзіра.

— Больш на такое свавольства я глядзець не магу. Гэта ж свядомае забойства. Гэта не рабства Старажытнага Рыма, каб так здзекавацца з людзей!

— З выразамі папрашу быць асцярожней! — папярэдзіў Мароз Міхася.— Не забывай, хто ты і за што сюды трапіў.

— Не хвалюйся, я ведаю, што гавару. А баяцца мне няма чаго. Горшага ўжо не будзе. Брыгадзірам жа я больш не буду! Хопіць з мяне.

— Гэта канчатковае тваё рашэнне ці ты цану сабе набіваеш?

— Канчатковае. А наконт цаны, дык прымі яе ў свой адрас.

— Можаш ісці! Не, пачакай! За тое, што самавольна пакідаеш брыгаду, я абяцаю табе суткі карцэра і яшчэ двое сутак — за рымскае рабства! Ідзі ў барак, па цябе прыйдуць.

Нарадчык не схлусіў: праз гадзіну па Міхася прыйшоў ахоўнік і загадаў ісці ў абяцаны нарадчыкам кандзей. Але там Міхась прасядзеў адну толькі ноч. Назаўтра раніцай, пасля разводу, у карцэр зайшоў начальнік калоны Шпілер, спытаў у Міхася, за што яго пасадзілі, пасля чаго даў каманду выпусціць.

— Ідзіце ў барак. Сёння адпачніце, а заўтра пойдзеце ў брыгаду Аргокава, будзеце працаваць з канём — вазіць на калымазе зямлю. Нарадчык паступіў з вамі няправільна, за што будзе пакараны.

Калі назаўтра Міхась выйшаў на работу, то здзівіўся, што ў той жа брыгадзе апынуўся і Мароз — учарашні нарадчык.

— Ну што, землячок, вось і сустрэліся. Як я рады такой сустрэчы,— з’едліва сказаў Міхась.

— Не выхваляйся,— апраўдваўся Мароз.— Гэта тваё шчасце, што начальнік пра ўсё даведаўся і па старым знаёмстве выратаваў цябе, а то пеў бы ты там рэпку.

— Табе таксама па знаёмстве дапамог начальнічак.

— Што, здзекуешся? — пакрыўдзіўся Мароз.

— Няма жадання здзекавацца. Ты проста — нікчэмны нягоднік, вось і ўсё,— сказаў Міхась. І крыкнуў на каня, на якім вазіў зямлю:

— Но, пайшоў!

Мароз стаяў, як апляваны, не ведаючы, што сказаць у адказ свайму калючаму земляку. Так яны і працавалі потым цэлы месяц плячо ў плячо, пакуль не адбылася непрыемная падзея, пра якую будзе расказана трошкі пазней.


  Новыя знаёмствы

Неяк так здарылася, што Міхась застаўся без сяброў і знаёмых — адзін як перст. На гэта былі дзве прычыны. Па-першае, на новай калоне (камандзіроўцы) ён быў амаль што навічок, а па-другое, пасля адмовы ад брыгадзірства яго адразу ж перавялі ў другі барак і накіравалі працаваць у другую брыгаду. А таму адзіным сябрам у яго заставаўся Ілья Чаўчавадзе — томік выбраных вершаў гэтага паэта, які падарылі яму год назад грузіны. З ім ён не расставаўся ні днём, ні ноччу. Спрабаваў і сам нешта крэмзаць. Але ўсё напісанае ў час кожнага «шмону» (вобыску) даводзілася знішчаць. Бо займацца такою справай у лагеры строга забаранялася.

І вось, на шчасце Міхася, з’явіўся новы сусед па нарах Мікалай Расказаў, які адбываў тэрмін па так званым артыкуле СВ, пра сэнс якога ён і сам не ведаў. Гэта быў зусім яшчэ малады чалавек, прыблізна гадоў 25, па спецыяльнасці тэхнік-сувязіст, а па схільнасці — літаратар. Яны пазнаёміліся і хутка пасябравалі. Расказаў працаваў на гэтай калоне-камандзіроуцы возчыкам: падвозіў на кухню ваду і прадукты, а таксама паліва. Калі ён убачыў у Міхася томік з вершамі Ільі Чаўчавадзе, спытаў у яго.

— Ты, Асцёрскі, відаць любіш паэзію? — І, пачуўшы станоўчы адказ, прапанаваў Міхасю пачытаць яго любімую кніжачку паэзіі рускага сучаснага паэта Аляксандра Яшына «Северянка».

Гэты зборнік адразу ж палюбіўся Міхасю. І не толькі палюбіўся, а больш таго — уеўся ў памяць і ўзяў у свой палон. Міхась і сам не ведаў чаму. Мо таму, што вершы гэтага зборніка былі задушэўнымі, а можа, і таму, што ён даўно ўжо не чытаў сапраўдных паэтычных радкоў. Бачачы, што новы сябар не расстаецца з «Северянкой», Мікола сказаў яму:

— Бачу я, што кніжка гэта табе вельмі спадабалася, а таму я дару яе табе ў знак нашага знаёмства.

Міхась падзякаваў свайму сябру і хацеў быў узамен падарыць яму свайго Чаўчавадзе, але той адмовіўся:

— Як мне здаецца, ты і з гэтай кніжкай зжыўся, а таму і з ёю табе цяжка будзе расставацца. Чытай, дружа, абедзве, бо яны — духоўная твая страва.

Міхась расказаў аб сваім завочным знаёмстве (больш нікому ён пра гэта не гаварыў) з начальнікам калоны Міхаілам Шпілерам.

— Ой, Міхась, табе тут усе карты ў рукі! Пагавары з ім, і ён цябе ўладкуе так, што будзеш кум каралю і брат міністру.

— Не, Мікола, я гэтага рабіць не буду,— адказаў Міхась свайму новаму сябру.— Па-першае, я прытрымліваюся вядомай прымаўкі: «Подальше от царей — будешь целей», а па-другое, калі б ён захацеў дапамагчы мне, сам бы паклікаў мяне да сябе і зрабіў усё патрэбнае. Можа, ён ужо і забыўся пра мяне?

— Ты не забывай і другой прымаўкі: «Не ясли к коням ходят, а кони к яслям»,— даказваў Расказаў.

— Усё роўна такога глупства я рабіць не буду. Мне і так добра. Адказваю сам за сябе, і годзе. Абы пайку давалі,— не згаджаўся Міхась.

— Тады вось што, зрабі такі манеўр. Не выходзь на работу, скажы, што хварэеш, хоць і няма на гэта дазволу лекпома.

— І што далей? — спытаў Міхась.

— Такіх «зайцаў» пасля разводу выганяюць з баракаў і ставяць у шарэнгу. Кожнага з іх правярае сам начальнік. Цікава, што ён скажа адносна цябе? Ці пазнае?

— Вось гэта зрабіць я пастараюся і заадно адпачну ў бараку ці хоць у самым кандзеі,— згадзіўся Міхась.

Так ён і зрабіў. На другі ж дзень пасля той размовы ён аб’явіў сябе хворым і не выйшаў на работу. Пасля таго як усіх адправілі за зону, Міхася разам з іншымі «зайцамі» выгналі з барака і паставілі ў строй. Правяралі «зайцаў» (а іх назбіралася больш як дзесятак) лекпом, нарадчык і сам начальнік.

— Ты чаго не на рабоце? — пытае ў першага начальнік.

— Хворы я, жывот баліць.

— Вызваленне лекпома ёсць?

— Няма, не далі.

— У кандзей яго, на галодны паёк!

— А ты чаго сачкуеш?

— Нага баліць, грамадзянін начальнік.

— Я такі ж грамадзянін, як і ты. Дакумент ёсць, што ты хворы?

— Няма, не далі.

— І яго туды ж, хай падлечыцца на трыста грамах.

— А вы чаго засталіся ў зоне? — ужо іншым голасам спытаў Шпілер у Міхася.

— Хворы я, у баку баліць...

— Ідзіце ў барак,— ласкава сказаў начальнік. І ўжо да лекпома: — Аказаць хвораму неабходную дапамогу.

У барак патрапіў толькі Міхась. Усіх астатніх «зайцаў» спачатку загналі ў ізалятар, а потым пад канвоем павялі на трасу, у пясчаны кар’ер грузіць машыны.

— Ну як? — ужо ўвечары спытаў у Міхася Мікола.

— Ды ўсё атрымалася, як па нотах.

— Я на тваім месцы даўно скарыстаў бы такую магчымасць. Вось так і працягвай,— раіў Расказаў.

— Не магу, не дазваляе характар.

— Прыпячэ, дык і на характар забудзешся.

Неяк раз Міхась спытаў у Міколы:

— Ты вось на сваім кані ўсюды бываеш, у тым ліку і ў калоне механічных майстэрняў. Там часам не працуе інжынерам Уладзімір Уладзіміраў?

— Добра, я заўтра ж высветлю. А што?

— Гэта мой добры сябар. Калі яго напаткаеш — перадавай прывітанне.

Праз дзень, калі Мікола распрог свайго каня і прыйшоў у барак, Міхась спытаўся:

— Ну як, знайшоў майго сябра?

— Знайшоў. Ён працуе там галоўным інжынерам, прасіў, каб я заўтра абавязкова завітаў да яго. Знайду прычыну і паеду.

— Абавязкова з’ездзі, Міколка. Ён, пэўна, хоча нешта перадаць мне.

— Ну, і знаёмствы ж у цябе! Я ўжо прарабам быў бы, каб мне такое шчасце, а ты ўсё яшчэ, як шашок, у зямлі капаешся. Тут начальнік калоны, там галоўны інжынер. А ты хто? Ніхто. А ўсё сам вінаваты. Сціпласць, браце, добрая рэч, толькі не за калючым дротам.

Міхась адказаў яму вершаванымі радкамі Маякоўскага: «Все мы немножко лошади, каждый из нас по-своему лошадь».

Назаўтра Мікола прывёз ад Уладзімірава цэлую калымагу прадуктаў і запіску, у якой гаварылася: «Дарагі Міхась, я рад, што ты жыў і здароў і не забыў мяне. Але чаму ты зноў у лагеры? Я ж чакаў ад цябе звестак з Ленінграда. Як жа гэта ўсё здарылася, што ты зноў тут? Пасылаю табе сёе-тое з прадуктаў. Чакай выкліку ў мае механічныя майстэрні. Пішы мне праз свайго знаёмага. Я буду вельмі рады. Ул. Уладзіміраў».

«Не, браце, сябры цябе не забываюць. Відаць, ты варты такой павагі»,— падумаў сам сабе Міхась.

У зоне калоны працаваў ларок, у якім за грошы можна было набыць кавалак хлеба, пернікаў, цукерак-ледзянцоў, салёнай воблы і махоркі. Але магчымасць і дазвол на такую «раскошу» меў не кожны. Ларком карысталіся толькі стаханаўцы і зрэдку тыя, хто дзень у дзень выконваў нормы выпрацоўкі. Міхась пад гэтыя катэгорыі не падыходзіў, але праз Міколу ён пазнаёміўся з ларочнікам Зэлікам Супярфінам, і той калі-нікалі атаварваў яго. Ларочнік гэты, яўрэй па нацыянальнасці, лічыўся «бытавіком» і адбываў пяцігадовы тэрмін таксама па выдуманым артыкуле СВ, расшыфроўку якога ён ніяк не мог запамятаць, а тым больш — зразумець. Быў ён ужо немалады. Высокі, худы, з пасівелымі валасамі на галаве і на барадзе, якую ён ніяк не хацеў здымаць. Гаварыў, што яна выратоўвае яго.

Неяк здарылася так, што ён, беручы грошы за пакупку, памылкова перадаў Міхасю лішніх 5 рублёў, што было ў той час, асабліва ў лагерных умовах, немалой сумай. Міхась не пажадаў нажывацца на чужым няшчасці. Калі зразумеў, што ларочнік памыліўся не ў сваю карысць, пайшоў і вярнуў яму грошы. Супярфін ад радасці заплакаў. Ён хацеў быў стаць на каленкі і цалаваць Міхасю ногі, але той выкруціўся і адмахнуўся. Тады ларочнік схапіў яго за рукі і стаў цалаваць прыгаварваючы:

— Ты мой ратавальнік, ты мой вызваліцель!..

— Што ты робіш?! Не прыніжай сябе, таварыш Супярфін.

— У мяне ж заўтра будзе рэвізія... Што ж бы я рабіў? Як бы я адчытваўся? А з мяне ж і гэтага тэрміну хопіць. Я, можа, і гэтых пяць гадоў не пражыву, а тут і яшчэ мне падкінулі б... Прыходзь да мяне ў любы час. Што трэба і што ў маіх сілах, усё атрымаеш. Ты добры і праўдзівы чалавек,— не пераставаў лапатаць ларочнік.

Супярфін сваё слова стрымаў. Калі Міхась заходзіў да яго ў ларок, ніколі не вяртаўся з пустымі рукамі.

Аднойчы, наведаўшы ларок, Асцёрскі быў здзіўлены просьбай Супярфіна.

— Я чуў, што ты добра валодаеш пісьменнасцю,— сказаў ларочнік.

— А хто гэта табе наплёў такога?

— Наш агульны знаёмы — Мікалай Расказаў.

— Ну і што тады? — пытаўся Міхась.

— А вось што. Мне трэба напісаць жонцы жаласнае пісьмо, каб яна не забывала на мяне і што-небудзь прыслала з тлушчу, напрыклад, масла і яшчэ чаго-небудзь. Жанчыны ведаюць, што нам трэба.

— Калі ласка, чым магу, тым памагу. Толькі калі?

— Сёння ўвечары можаш?

— Магу, прыходзь.

— Не, лепш ты да мяне прыходзь. Я жыву ў пятым бараку.

— Добра, у восем гадзін вечара чакай.

Як і дамовіліся, у восем гадзін вечара Міхась ужо быў у Зэліка Супярфіна са сваім алоўкам. Паперу раздабыў гаспадар.

— Пішы так,— дыктаваў Зэлік: — Дарагая Сара, я даходжу, рукі і ногі трусяцца.

— Дрэнна дыктуеш, таварыш Супярфін.

— Як гэта дрэнна? — здзівіўся той.

— Твая Сара, пэўна, не разумее слова «даходжу». Яго трэба замяніць больш зразумелым, напрыклад, «слабею».

— Ну, няхай будзе «слабею» ці «слабну», яна зразумее.

— І яшчэ,— працягваў Міхась,— «рукі і ногі трусяцца» — непрыгожы выраз. Ён цябе проста прыніжае.

— А як бы ты сказаў?

— Трасуцца.

— Не, лепш напішы «трусяцца».

— Значыць, так: «Я слабею, ногі і рукі трусяцца?»

— Правільна, толькі пасля слова «слабею» ў дужках пастаў «даходжу». Няхай прывыкае да лагернай мовы. А цяпер пішы: «Сталі сохнуць душа і сэрца па табе, па дзецях, па дому».

— Як гэта «сталі сохнуць душа і сэрца»? Непрыгожа.

— Гэта мая справа, прыгожа ці непрыгожа. Пішы!

— Гаспадар — пан, як пажадаеш, так і напішу.

— А цяпер напішы так: прышлі мне масла, каўбасы, шпеку.

— А што гэта яшчэ за шпек? — спытаў Міхась.

— Сала, ці саланіна, такой дробязі не ведаеш.

— Дык так бы ты і гаварыў.

— Няхай прывыкае і да такіх слоў, згадзіцца.

— Я напішу, як дыктуеш, але пасля слова «шпек» у дужках напішу «сала».

— Ну, няхай будзе па-твойму, пішы, як прапануеш.

Так яны складалі гэта пісьмо цэлы вечар. Спрачаліся амаль пасля кожнага слова.

Як бы там ні было, але пасля такой працы яны пасябравалі. У ларок Міхась заходзіў, як у сваю кладоўку, толькі, канечне, за грошы.

А яшчэ з кім пасябраваў у гэты час Міхась, дык гэта быў калгаснік з Харкаўшчыны — Галушка Мікіта Трахімавіч. Ён быў даволі цікавы і разумны чалавек. Яго ніколі нельга было ўбачыць зажураным. Ён не сумаваў сам і іншым не даваў. Без справы ніколі не быў, хоць што-нішто, а рабіў. То ён вяроўку саўе чорт ведае з чаго, то дудку зробіць, то чаравік падаб’е, то бушлат ці штаны залапіць і сабе, і сваім суседзям. Ён гаварыў, што лепшым выратавальнікам у такіх умовах можа быць толькі праца, калі яна па сіле чалавеку.

— Канечне, тая праца, якой нас «частуюць» на працягу многіх гадоў,— гэта забойства. А наогул праца, калі яна не паднявольная,— гэта ратавальнік ад розных крыўдаў і нягодаў. На любую працу маліся, як самому госпаду Богу, пра якога мы даўно забылі і перасталі верыць,— гаварыў ён сваім суседзям па нарах і сябрам па працы. Яго любімым словам быў дзеяслоў «маю», «маеш», «мае», «маем», «маеце», «маюць». І яго сябры па няшчасці жартам празвалі «Мая».

— Мая, як справы? Мая, можа, мне боты адрамантуеш? Мая, пазыч цукру,— так да яго звярталіся такія ж, як і ён, зэкі.

Ён за гэта ні на кога не крыўдаваў. З усімі быў добры, як талстоўскі Платон Каратаеў. Але гэта быў Мікіта Трахімавіч Галушка, які ні на кога не паходзіў, акрамя як на самога сябе.

Неяк раз ён ціха спытаў у Міхася, калі яны разам везлі на конях пясок:

— Ці праўда, што ты добра знаёмы з начальнікам калоны Шпілерам?

— Праўда і няпраўда,— адказаў яму Міхась.

— Значыць, гэта хлусня?

— Не, не хлусня,— і Міхась расказаў яму ўсё па парадку.

— Выходзіць, што і начальнікі добрае не забываюць?

— Выходзіць так. Калі хто нарадзіўся чалавекам, дык ён і памрэ такім.

— На вялікі жаль, не заўсёды так бывае.

— Я з табой згодзен, ёсць і адхіленні ад ісціны.

— Мне гаварылі, што ён двойчы вызваляў цябе з кандзея. Зрабі яшчэ такую спробу, я хачу пераканацца ў яго чалавечнасці.

— Паспрабую. Толькі хто табе гаварыў пра ўсё гэта?

— Наш агульны сябар — Мікола Расказаў.

У наступны дзень Міхась не выйшаў на работу па прычыне «хваробы», і зноў яму давялося стаяць у страі «вінаватых». Як і першы раз, кожнага апытваў сам начальнік. Ён так жа, як і тады, звярнуўся да яго на «вы» і загадаў ісці ў барак, а астатніх — на работу, але цераз кандзей.

— Ну, як? — спытаў у яго ўвечары Мая.— Дараваў табе твой знаёмы начальнік?

— Як і той раз, ветліва накіраваў у барак.

— Значыць, ён чалавек, а кажуць — звер. Цяпер я ўжо не ведаю, каму і верыць.

— Каму хочаш, таму і вер. Ён, пэўна, двулікі. Ты чытаў калі-небудзь «Капитанскую дочку» Пушкіна?

— Не, я не чытаў, а дзеці мае чыталі.

— Дык вось, там якраз адбываецца тая ж сцэна Грынёва з Пугачовым. Нашто Пугачоў быў бязлітасны да дваран і царскіх афіцэраў, а Грынёву ён усё дараваў за тое, што той у час лютай завеі ў арэнбургскім стэпе падарыў яму свой кажушок. Дык вось, у цяжкую часіну я выручыў Шпілера, затое цяпер выручае і ён мяне.

— А кажуць, што ён і цяпер яшчэ сам зняволены, толькі не такі, як мы, не «контрык», а «бытавік».

— Гэта праўда. Нават жонка за ім ездзіць. Яго ўжо колькі разоў і ў начальнікі ўзводзілі, і пасылалі на агульныя работы. А потым — зноў у начальнікі.

— А як думаеш, доўга ён тут пратрымаецца?

— А хто ж яго ведае, цяжка меркаваць.

— А мне здаецца, што яго скора прагоняць,— неяк упэўнена сказаў Галушка.


  Сумная вестка

Ішоў першы месяц лета 1941 года — чэрвень. Устанавіліся цёплыя дні. Прырода набірала сілу: зелянелі травы, цвілі кветкі. Тайга гаманіла птушынымі галасамі. Вакол усё радавала. Здавалася, што папрыгажэлі лістоўніцы і кедры. Лістоўніцы апраналіся ў новае адзенне і бясконца шумелі. Нават зняволеным, якія знаходзіліся ў становішчы рабоў, палягчэла на сэрцах. Як бы яно ні было, а лета — не зіма і не восень, цяпло сагравае не толькі цела.

І вось у адзін з такіх цудоўных дзён Міхась, як звычайна, працаваў, быў у добрым гуморы. Ён абярнуў сваю каламагу і вяртаўся ў кар’ер па новую «порцыю». Насустрач яму з нагружанай каламагай ехаў Мікіта Галушка.

— Прывітанне, Мая! — пажартаваў Міхась.

— Прывітанне, Іюня! — адказаў той.— Толькі, браце, май шчаслівейшы за чэрвень.

— Адкуль табе вядома?

— Адкуль? Адтуль, што чэрвень ужо абліваецца крывёю.

— Я цябе не разумею, Мікіта Трахімавіч, што ты мелеш?

— Не разумееш? Пачалася вайна. Гітлер кінуў на нас сваіх фашыстаў.

— Ты што, жартуеш, Мікіта? — нічога не разумеючы, спытаў Міхась.

— З такім не жартуюць. Толькі што па радыё аб’явілі. А вестку прынёс начальнік аховы. Ужо ўсе ведаюць, акрамя цябе.

— Так, невясёлую вестку прынёс ты, Мікіта, калі гэта праўда.

Такая вестка болем адазвалася ў сэрцы кожнага «ворага народа», як і ў кожнага савецкага патрыёта. Нягледзячы на тое, што работа не спынялася, ранейшага запалу ў працы ўжо не было. Вестка гэтая ўдарыла не так па руках, як па сэрцы кожнага рабацягі. Яна паралізавала ўсё і ўсіх. Бо ў кожнага недзе заставаліся бацькі, жонка, дзеці, браты, сёстры... Цэлы дзень людзі гаварылі пра вайну... Гаварылі сур’ёзна, стрымана. Адным словам, настрой упаў. Надзеі на радасць, на лепшае заўтра патухлі.

А ўвечары, пасля вячэрняй «трапезы», уся калона была пастроена пасярод вялізнага двара. Перад шарэнгамі вязняў выступілі спачатку начальнік КВЧ, які афіцыйна аб’явіў аб пачатку навязанай фашыстамі вайны, потым памочнік начальніка калоны па працы. Ён прачытаў спісы зняволеных па катэгорыях. Спачатку «бытавікоў» (іх было мала), потым «палітычных» (гэтых было значна больш). «Бытавікам» было загадана размясціцца ў першым бараку, «палітычным» у астатніх чатырох. На вышках ля баракаў «палітычных», ці «ворагаў народа», адразу ж былі пастаўлены кулямёты і была ўзмоцнена ахова, чаго не назіралася ля барака «бытавікоў».

Назаўтра на работу павялі таксама асобна і «бытавікоў», і «палітычных». «Бытавікоў» вёў адзін стралок, а «палітычных» на кожную партыю — тры-чатыры канваіры з сабакамі-аўчаркамі.

З аднаго боку, «контрыкі» былі вельмі рады, што іх пазбавілі ад жулля: цяпер што б дзе ні паклаў, ляжыць на месцы, ніхто чужога не кране. Ды і на рабоце сумленным рабацягам ніхто не псуе нерваў. Любата! З другога ж боку, раздзяленне гэта іх насцярожыла. «Чорт яго ведае, што надумала начальства зрабіць з намі,— гаварылі паміж сабою,— добра як добра, а калі тут задумана нешта іншае, больш страшнае?..»

А тут яшчэ «разумнае начальства» пачало ўмешвацца і ў сам працоўны працэс: «палітычным» забаранілі працаваць на конях. Іх усіх загналі ў кар’ер грузіць машыны пяском і гравіем, і толькі некаторым было дазволена працаваць з тачкай ды яшчэ пілаваць лес. Яно па сваёй блізарукасці пасяліла ў голавах людзей падазронасць.

Міхась, як і раней, на новым месцы пасяліўся побач з Галушкам. Расказаў да іх ужо не трапіў, яго пасялілі ў бараку «бытавікоў».

— Мая, як ты думаеш, што цяпер з намі будзе? — пытаўся Міхась у Галушкі.

— А хто ж іх ведае, што яны надумалі, гэтыя спрытныя начальнікі,— гаварыў той.— Адно скажу — нам не давяраюць. Жулікам і бандзюгам вераць, а нам не. А ці мы ж ворагі свайго народа і сваёй дзяржавы? Па-ранейшаму яны лічаць нас ворагамі. А ворагаў жа, як табе вядома, знішчаюць, на гэта ёсць дазвол,— дадаў ён.

— Не, да гэтага, па-мойму, не дойдзе. Бо вельмі ж многа трэба будзе знішчаць, зямлі на могілкі не хопіць.

— Хопіць, тайга вялікая, бяскрайняя.

— У тайзе нязручна ямкі для магіл капаць,— сказаў Міхась і горка засмяяўся.

Не паспелі насельнікі тайгі апамятацца ад аднаго няшчасця, як прыляцела другое — загарэлася тайга. А пажар у тайзе — страшная стыхія. Начальства плюнула, махнула рукой на раздзел зняволеных людзей на катэгорыі і пагнала ўсіх разам змагацца з агнём. Адбывалася ўсё гэта адвячоркам пасля рабочага дня. Так што работа чакалася начная. Бо да месца здарэння трэба было дыбаць добрых 10 кіламетраў. Ды і там намячаліся абходы-пераходы. А людзі па ўзросту і здароўі былі розныя, так што не разгонішся.

Паядынак з агнём быў цяжкім. У час пажару, як звычайна, падымаецца вецер, асабліва ў лесе, тым больш у тайзе. Моцны вецер пераносіць полымя з аднаго месца на другое на некалькі кіламетраў. Пры такіх сітуацыях гіне ўсё: дрэвы, людзі, звяры. Так было і на гэты раз. Загінула шмат звяроў, у тым ліку мядзведзяў і ваўкоў, а таксама некалькі чалавек зняволеных. Міхась жа са сваімі двума напарнікамі таксама цудам засталіся жывымі. Яны ледзь выбраліся з зацягнутага дымам таежнага ўчастка і, змораныя, на ўскрайку тайгі ляглі адпачыць хоць на некалькі мінут, але адразу ж паснулі. Іх ужо лічылі загінуўшымі, а яны а палове наступнага дня наўздагад, не ведаючы дарогі, прыйшлі ў зону без ніякага канвою. Пасля кароткага допыту іх пад канвоем адразу ж пагналі ў кар’ер «трудом искупать свою вину».

Пры такім строгім рэжыме і непасільнай працы Міхась вытрымаў усяго толькі тыдзень, пасля вырашыў зрабіць прыпынак — адпачыць. Тут неабходна нагадаць, што ў тагачасных лагерах не існавала ніякіх выхадных. Ды і самі рабочыя дні цягнуліся па 12—14 гадзін, а ў летні час — і ўсе 16. Адным словам, працавалі ад сонца і да сонца. Гадзіннікаў не прызнавалі. Як і ў папярэднія разы, Міхась не выйшаў на работу, спасылаючыся на хворы страўнік. Ён спадзяваўся, што начальнік калоны пашкадуе яго і па-ранейшаму прапануе ісці ў барак. Але атрымалася наадварот. Начальніка ў час праверкі «зайцаў» не было, замест яго гаспадарнічаў яго памочнік па працы. Ён загадаў яго разам з іншымі «зайцамі» загнаць у кандзей на цэлыя суткі з тым разлікам, каб раніцай наступнага дня адправіць пад строгім канвоем на работу, у пясчаны кар’ер.

Калі Міхасёвы сябры даведаліся пра гэта, дамовіліся з вахцёрам на перадачу яму сяго-таго з прадуктаў. А калі ты не галодны, дык у летні час і карцэр не страшны. Зімою дык яшчэ холад даймае, а гэта ж лета.

Назаўтра раніцай Міхасю прапанавалі ісці на работу, але ён заўпарціўся:

— Прама з карцэра я на работу не пайду. Выпускайце мяне не раніцай, а ўвечары, каб я добра адпачыў у бараку і, як людзі, паеў. Вось тады можна і на работу пасылаць. А інакш я не згодзен.

— Вунь чаго ён захацеў — асабістай згоды. Не дачакаешся! — лютавалі лагерныя начальнікі.

— Я патрабую начальніка калоны! — не здаваўся Міхась.

— Начальніка няма і не будзе,— сказалі яму.

— Я дачакаюся!

— Не дачакаешся, яго больш не будзе, знялі, а другога пакуль няма.

Так Міхась праседзеў у гэтым катуху трое сутак. Увечары яго не выпускалі, а раніцай ён сам не згаджаўся пакідаць гэты «ўтульны люкс». А падкармліваць сябры яго не забывалі. Яны прыносілі яму рэгулярна і ежу, і курыць, канечне, са згоды вахцёра. І невядома, колькі б яшчэ працягваўся гэты няроўны паядынак, каб не адна нечаканая акалічнасць.

На чацвёртыя суткі свайго арышту Міхась пачуў, як па селектары перадавалі тэлеграму ўсім кіраўнікам калон і начальнікам аховы, што ў сувязі з ваеннымі абставінамі будаўніцтва чыгункі Тайшэт — Ангара кансервуецца, а людзі, якія былі заняты на гэтым будаўніцтве, павінны быць накіраваны ў іншыя месцы, а куды — будзе паведамлена дадаткова. Пры гэтым падкрэслівалася, што работу гэту трэба правесці тэрмінова.

— Гэй ты, арыштант,— звярнуўся да Міхася вахцёр,— відаць, тэрмін твайго гасцявання ў гэтым «салоне» канчаецца — ліквідуецца наш лагер. Будуць пераводзіць нас усіх кудысьці ў іншае месца.

— А куды? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.

— Пакуль што невядома. Абяцаюць паведаміць пасля, дадаткова.

— Скажыце, калі ласка,— паспрабаваў шчасця Міхась,— дзе начальнік калоны, што яго столькі дзён не бачна?

— У камандзіроўцы,— сказаў і засмяяўся вахцёр.

— У якой камандзіроўцы? — не адставаў Міхась.

— А ў такой, у якой і ты зараз,— у цэнтральным ізалятары, а можа, ужо і ў турме. Кажуць, яго западозрылі ў шпіёнстве, за што і будуць судзіць.

— А, вось у чым рэч! А я думаю, чаго яго даўно не відаць нідзе. Значыць, і ён цяпер не «бытавік» будзе, а «вораг народа».

— Ды пэўна ж,— адказаў той няўпэўнена.

А Міхась падумаў: «Значыць, тыя фабрыкі, на якіх штампуюць «ворагаў народа», яшчэ не спынілі сваю работу, па-ранейшаму працуюць».

Не паспеў Міхась прыйсці да пэўнай высновы, як адчыніліся дзверы, і ён пачуў:

— Асцёрскі, выходзь!

— Куды, на работу? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.

— У барак,— сказаў нарадчык.— Трэба збірацца ў дарогу.

— У якую дарогу? — хітрыў Асцёрскі.

— У далёкую. Ідзі да брыгадзіра, ён усё табе скажа. А мне няма часу.

А брыгадзір, як і нарадчык, сам нічога не ведаў. А мо і не хацеў казаць.

...Зборы доўга не зацягнуліся. З маёмасцю яшчэ трошкі прытармазілі, а што датычыць зняволеных, дык іх праз дзень пасадзілі ў вагоны-цяплушкі і павязлі да Тайшэта, дзе далучылі гэтыя вагоны да іншых з такімі ж «камсамольцамі» і таксама праз суткі накіравалі ў напрамку Краснаярска.


  Краснаярскія сустрэчы

Яшчэ седзячы ў вагоне, які вёз яго з Тайшэта ў Краснаярск, Міхась убачыў тое, чаго не мог назіраць у бязлюднай тайзе,— гэта вынікі першых дзён страшнай вайны... На ўсім шляху цягніка — на станцыях, прыпынках, пераездах і проста на перагонах — праз маленькае акенца з кратамі ён амаль нідзе не бачыў чыгуначнікаў-мужчын, асабліва радавых рабочых і стрэлачнікаў. Скрозь працавалі жанчыны. Яны выконвалі абавязкі і стрэлачнікаў, і вартавых на пераездах, і пуцявых рабочых, і нават дыспетчараў. Цягнік, які складаўся выключна з вагонаў з кратамі на вокнах, з узброенымі ахоўнікамі і аўчаркамі на тармазных пляцоўках-тамбурах, сустракалі засмучана і насцярожана. Бо шмат у каго з іх, хто страчаў гэты цягнік, у такім жа становішчы недзе знаходзіліся мужы, сыны, браты, знаёмыя, а астатніх «мужыкоў» павезлі змагацца з фашыстамі. На іх суровых тварах, як здавалася Міхасю, было напісана: «Эх, накіраваць бы гэту сілу на фашыстаў! Павярнулі б яны свае аглоблі назад! А каб уваскрэсіць тых, каго закатавалі свае энкавэдысты? А тыя маршалы, генералы, палкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты!.. Ці рызыкнуў бы гэты халерык Гітлер падняць на нас руку? А калі б ён і асмеліўся на такі крок, дык ці ўтрымаўся б? Навошта і каму трэба было нішчыць у тайзе, тундры і ў пясках такіх дужых, адважных, дасведчаных і таленавітых людзей? Хоць бы цяпер апамяталіся тыя крамлёўскія верхаводы — выправілі сваю памылку...»

Так думаў Міхась, так думалі, пэўна, і тыя жанчыны, якія тужлівымі вачыма праводзілі незвычайны таварны цягнік — цягнік з жывой сілай. Але бяда ў тым, што так не хацеў думаць той, ад каго залежаў лёс не толькі гэтага жывога грузу і жанчын з тужлівымі вачыма, а і ўсёй неабдымнай краіны з яе шматмільённым і шматнацыянальным народам. Не хацеў думаць пра гэта той, каго лічылі «найвялікшым з найвялікшых, мудрэйшым з мудрэйшых, чалавечнейшым з чалавечнейшых» — усемагутны наш «бацька», імя якому — Сталін.

А паравоз набіраў пары і імчаўся наперад!.. А куды наперад, ніхто, акрамя аховы і аператыўнікаў, не ведаў. Нарэшце ён спыніўся на нейкай станцыі з мноствам пуцей. Праз некалькі мінут яго загналі ў тупік, на запасны пуць. Ці надоўга — ніхто не ведаў. Убачыўшы ў акенца жанчын з рыдлёўкамі, кіркамі і ламамі, Міхась спытаў у іх:

— Жанчынкі, скажыце, калі ласка, якая гэта станцыя?

— А ці ж вы не бачыце — Краснаярск.

— Акенцы малыя, ды яшчэ і краты на іх... Вось чаму і не маглі разгледзець як след,— не то сур’ёзна, не то жартам адказаў ён жанчынам.

— Бачым, спачуваем, але памагчы не можам,— гаварылі жанчыны.— Мы цяпер самі мала чым адрозніваемся ад вас: галодныя, халодныя і суткамі ходзім у хамуце. І мужыкі нашы таксама, як і вы, недзе будуюць дарогі і здабываюць золата, а каторыя кроў праліваюць...

Праз нейкі час «пасажырам» раздалі запозненае снеданне, якое складалася з аўсянай кашы, салёнай гарбушы і кіпятку.

— А што, калі прапанаваць гэтым жанчынам трошкі рыбы і хоць кавалак хлеба? — сказаў хтосьці са зняволеных.— Яны ж, відаць, галодныя.

— Я першы ахвярую сваю порцыю,— падхапіў Міхась.

— Я таксама,— пачуўся яшчэ адзін голас.

— І я...

— Вазьміце і маю,— чулася з усіх куткоў вагона.

Калі назбіралася некалькі порцый, Міхась як стараста вагона прапанаваў ўсё гэта жанчынам, сваім субяседніцам, ад чаго яны, на здзіўленне, не сталі адмаўляцца. Наадварот, яны ледзь падзялілі між сабою бедныя пачастункі, каб не пасварыцца.

«Пэўна, несалодка цяпер жывецца гэтым маладзіцам, калі яны так узрадаваліся гасцінцам ад зняволеных,— думаў Міхась.— Вось што прыносяць і да чаго даводзяць хапуны і войны».

Апоўдні зняволеных выгрузілі з вагонаў непадалёку ад чыгуначнай станцыі і размясцілі на адкрытай пляцоўцы. Хоць сонца і смаліла, палатак не расстаўлялі, калючым дротам таксама не абносілі. Але замест гэтага яны былі акружаны ўзброеным канвоем з добрым дзесяткам службовых сабак-аўчароў. Трошкі раней там быў выгружаны яшчэ адзін такі ж самы эшалон. Тых пасажыраў прывезлі з-пад Чыты. Да гэтага яны будавалі чыгунку ў Манголію.

Міхась глядзеў на гэтыя тысячы людзей і зноў міжвольна падумаў: «Гэта ж цэлая дывізія! А колькі такіх «дывізій» рассеяна на Поўначы і Паўночным Усходзе краіны! Як бы яны былі цяпер патрэбны там, на Захадзе! Каб кожны з іх знішчыў хоць па аднаму фашысту, і то было б ужо даволі, каб звярнуць шыю агрэсару».

І тут, як праз сон, Міхась пачуў, што яго нехта гукае. Спачатку падумаў, што яму гэта падалося. А калі голас паўтарыў яго імя, ён азірнуўся і ўбачыў перад сабой знаёмую постаць: гэта быў Іван Чуркін, якому ён у Заудзінску дапамагаў уцякаць з лагера.

— Ваня! Няўжо ты? Вачам сваім не веру! Якім ветрам прынясло цябе сюды?

— Эх, браце, насілі мяне розныя вятры і ў розных напрамках. І вось даняслі на сваіх крылах да Краснаярска.

— Ты раскажы мне, толькі ўсё па парадку. А я ж спадзяваўся, што ты «гуляеш па Доне, казак малады». Ці дабраўся ты хоць да свайго Глыбокага?

— Не, браце, не пашанцавала. Вось тут, непадалёку ад Краснаярска, затрымалі.

— І ты з таго часу тут «загараеш»?

— Дзе там, я пабываў ужо чортведае дзе!

— Пакуль мы маем час, раскажы, гэта ж цікава!

— Не, падрабязна пра ўсё за два дні не раскажаш.

— Калі не пра ўсё, дык хоць пра галоўнае.

— Дык вось слухай,— пачаў Чуркін.— Пасля таго як ты дапамог мне перабрацца цераз плот з калючым дротам, я цэлы тыдзень ішоў цераз адгор’е Саянаў у напрамку Транссібірскай магістралі. Днём па горна-таежных адхонах, а ноччу ўзбіраўся куды-небудзь на дрэва, прывязваўся поясам і засынаў. Сцярогся не двухногіх — чатырохногіх драпежнікаў, якіх там шмат, заўсёды трымаў напагатове ножык. Калі ж дасягнуў магістралі, дабраўся да бліжэйшай станцыі, а гэта была Зіма, я набыў білет і спакойна сеў у цягнік, які ішоў на захад. Спачатку ўсё было добра, а як толькі наблізіліся да Краснаярска, недзе ў раёне Тайшэта ці Канска, да мяне падышлі два оперсосы і прапанавалі паказаць дакументы.

— Ва ўсіх пасажыраў правяралі ці толькі ў цябе? — спытаў Міхась.

— Ды не, выбарачна. Тут я сам вінаваты,— працягваў Чуркін.— Купіў газету і трымаю яе, як кажуць, дагары нагамі, а сам, як той злодзей, ваджу вачамі па ўсіх кутках вагона. А яны ж, аператыўнікі, ужо спрактыкаваныя, адразу зразумелі, што я зэк-уцякач. Ну, і прычапіліся, маўляў, куды я еду і чаго. Потым запатрабавалі дакументы, а ў мяне іх нікс. І адразу ж узялі за задняе месца. Спачатку прывязлі ў Тайшэт, потым—у Заудзінск. Пасля допыту і лупцоўкі — у Чыту і нарэшце — сюды, у Краснаярск.

— Калі затрымалі, білі? — зноў спытаў Міхась.

— Не, там, у Тайшэце, не білі, а вось як толькі прывязлі ў Заудзінск, так ужо здзекаваліся, што думаў не выжыву ці застануся без рэбраў. Яны, гадзюкі, білі так, што я траціў прытомнасць, адлівалі вадою. Білі і прыгаворвалі: «Будзеш ведаць, падлюка, як парушаць савецкія законы і падводзіць сумленных людзей — ахоўнікаў. Ах, контрык, і тут правацыруеш! Не задаволен савецкім заканадаўствам? Ухіляешся ад адказнасці? Бег да Гітлера па абарону? Не выйдзе! Савецкая ўлада моцная! Моцныя і нашы законы з іх ахоўнымі органамі! Як чарвяка раздушым!» — так яны ўвесь час прыгаворвалі, калі білі. Паўжывога, паўмёртвага кінулі мяне ў цэнтральны ізалятар Южлага, а праз некалькі дзён адвезлі ў Чыту, дзе таксама змясцілі ў ізалятар. Не ведаю, колькі мяне там трымалі б і дзе я зараз быў бы, каб не гэта падзея, усенароднае гора,— працягваў Чуркін свой расказ.— Чуў, што рыхтавалі мяне і яшчэ добрую сотню такіх, як я, накіраваць у раён Нерчынскіх руднікоў, дзе калісьці «загаралі» дзекабрысты. Але падзея перапыніла. Як толькі дайшлі чуткі аб пачатку Айчыннай вайны з нямецкім фашызмам, нас, уцекачоў, разам з «паслухмянымі» нявольнікамі пасадзілі ў таварныя вагоны і прывезлі сюды. Ты сюды прыехаў толькі сёння, а я ўжо «загараю» тут трэція суткі. Як ты думаеш, куды нас цяпер накіруюць? Бо ў Краснаярску такой процьме людзей рабіць няма чаго.

— На такое пытанне не магу адказаць. Можа, яшчэ і само начальства не ведае, што з намі далей рабіць,— сказаў свайму сябру Міхась.

— Кажуць, у Нарыльск павязуць,— разважаў Чуркін.

— Можа, і ў Нарыльск. Там, я чуў, камбінат будуецца. Але пра гэта можна толькі здагадвацца.

— А ты, Міхась, бачыў, хто тут, акрамя такіх, як мы з табой, «загарае» на гэтых енісейскіх берагах? — пытаўся Чуркін.— Афіцэры былых прыбалтыйскіх буржуазных дзяржаў — Літвы, Латвіі і Эстоніі. Сярод іх ёсць нават генералы. Пойдзем, я табе пакажу.

— Пакажы, я з цікавасцю пагляджу на іх, бо ніколі яшчэ не даводзілася бачыць афіцэраў замежных дзяржаў у форме.

— Ды цяпер яны ўжо не замежныя — нашы, але пакуль што ходзяць у сваёй ранейшай форме.

— Дык яны ж, пэўна, інтэрніраваныя,— заўважыў Міхась.

Чуркін узяў Міхася за руку і павёў да Енісея, дзе размяшчаўся лагер інтэрніраваных — афіцэраў Літвы, Латвіі, Эстоніі. Яны за калючым дротам ганарліва разгульвалі па роўнай пляцоўцы, пагардліва гледзячы на схуднелых, апранутых у лахманы і абутых у рваныя кордавыя чаравікі зэкаў. Глядзелі і пасмейваліся, як з вышыні птушынага палёту.

— Бачыш, як яны пагардліва глядзяць на нас? — заўважыў Чуркін.— Думаюць, што яны самі ніколі такімі не будуць. А таго не ведаюць, што і іх прывязлі сюды не на экскурсію, бо Юзік шуткаваць не любіць.

— Так, ты, Іван, праўду кажаш,— згадзіўся Міхась,— наш «вялікі бацька» дарма хлебам карміць не стане. Праз нейкі час ім дадуць у рукі ламы, кіркі, рыдлёўкі, якімі яны так жа, як і мы, будуць зарабляць сабе на хлеб надзённы. Бачыш, якія яны спраўныя і самаўпэўненыя? А прыйдзе час — яны будуць выглядаць горш за нас з табой. Яны пакуль што пра гэта, канечне, не ведаюць, але хутка зразумеюць.

Трое сутак сябры былі разам на ўзбярэжжы ракі. Яны шмат чаго расказвалі адзін аднаму пра тое, што бачылі пасля разлукі і што перажылі за гэты час. Ім і на самай справе не хацелася цяпер расставацца. Але ж у такіх месцах ды яшчэ ў такі час ніхто з іхнім жаданнем не хацеў лічыцца.

— Як там цяпер адчуваюць сябе мае родныя на ціхім Доне? — уздыхаў Чуркін.— Добра як добра, а калі немец дойдзе да тых мясцін, што тады?

— Ад фашыстаў дабра не чакай. Калі яны дойдуць да нашых мясцін, то нашы родныя хлёбнуць гора-горачка,— гаварыў Міхась.— Фашызм — страшная з’ява на зямлі!..


  Омскія прэлюдыі

Неўзабаве пасля гэтай гутаркі на пляцоўку, дзе быў размешчаны эшалон нявольнікаў, з’явіўся нейкі лагерны начальнік са спісам у руцэ і звярнуўся да ўсіх:

— Увага, слухайце ўважліва. Асобы, прозвішчы і імёны якіх буду называць, падыходзьце да мяне і станавіцеся вось тут, збоку.

І ён пачаў чытаць спіс.

Праз нейкі час збоку ад яго стаяў ужо амаль увесь былы эшалон. У гэтым спісе быў і Міхась.

— А цяпер бярыце свае рэчы і за мною,— скончыў ён.

— Вы забылі назваць прозвішча Чуркіна Івана,— не стрымаўся сам Чуркін.

— Чуркіна паклічам у наступны раз, а пакуль у спісе ён не значыцца,— адказаў начальнік.

— Ну што ж, Ваня, бывай, а можа, і зноў дзе-небудзь сустрэнемся,— сказаў на развітанне Міхась да свайго засмучанага сябра.

— Бывай, Міхась, дзякуй табе за ўсё, асабліва за тыя гадзіны, якія мы правялі разам.

Міхась зноў апынуўся ў вагоне-цяплушцы. І зноў цягнік патарабаніў яго на захад. Неўзабаве яны былі ўжо ў Ачынску, потым іх страчалі Багатол, Марыінск, Яя, Тайга, Новасібірск, Барабінск, Татарск... Двое сутак патрабавалася на тое, каб пакрыць адлегласць у 800 кіламетраў. Цягнік затрымлівалі амаль на кожнай станцыі: трэба было прапускаць ваенныя эшалоны з тэхнікай і людзьмі. Раніцай на трэція суткі іх эшалон быў на месцы прызначэння — у Омску.

На гэты раз сёй-той з нявольнікаў даведаўся, куды іх вязуць. Але навошта, для чаго — гэтага ніхто не ведаў. Было вядома адно: куды б ні прывязлі, трэба будзе працаваць.

У адным вагоне з Міхасём знаходзіліся тры жыхары Омска. Ім цяпер усе зайздросцілі.

— Як вам добра, прама дамоў прыехалі!

— А можа, гэта яшчэ і горш,— пачуўся другі голас.

— Так, тут ёсць над чым задумацца,— разважыў трэці.

У ліку трох «шчасліўчыкаў» былі Апанас Анішчанка — раней загадчык аднаго з прадмагаў Омска, Іван Жмыхаў — былы мічман аднаго з параходаў рачнога флоту, Мікалай Кармацкі — былы баяніст Омскага народнага хору. Усе яны загадзя напісалі пісьмы-запіскі, якія праз чыгуначнікаў паслалі дадому. Яны ўжо ведалі наперад, што эшалон будзе доўга стаяць на станцыі.

І вось назаўтра раніцай да акенца вагона падышла ўся сям’я Анішчанкі на чале з жонкай. Яны радаваліся, плакалі, распытвалі пра здароўе ў яго і расказвалі пра сябе. Прынеслі яму такую перадачу, што аднаму і не падняць, прастаялі каля вагона паўдня.

У другой палове дня да Жмыхава прыйшла жонка з малой дачушкай-школьніцай, але з пустымі рукамі. Для парадку жонка пусціла слязу, а пасля спакойна, халодна пачала яго дапытваць, быццам следчы на допыце:

— Дзе ты падзеў сваю андатравую шапку? Цэлая яна ці не? А паліто бобрыкавае з каракулевым каўняром? Пэўна, і гармоню не збярог?

— Ты для гэтага толькі і прыйшла? Што ў мяне магло застацца за чатыры гады такога жыцця? Ты падумала пра гэта?

— З дзеўкамі прагуляў ён усё сваё багацце, не вер яму, маладзіца,— горка пажартаваў нехта з суседзяў па вагоне.

Сам жа Жмыхаў не сказаў ёй больш ні слова. Ён адвярнуўся ад акенца і больш ужо да яго не падыходзіў.

А яна, былая яго сяброўка, пастаяла яшчэ хвіліну, павярнулася і пайшла.

— А ты, Раман, гаварыў, што яму пашэнціла,— сказаў адзін зэк другому.— Вось так, браце! Зразумеў, што яна ўжо яму чужая?

Да Кармацкага ніхто не прыйшоў. Можа, гэта і лепш. А да Жмыхава, калі ўжо эшалон разгрузілі і зняволеных загналі ў зону, за калючы дрот, прыйшоў брат былой жонкі і паведаміў, што яго Ганна ўжо «замужам за другім чалавекам». Ад яе імя ён папрасіў у Жмыхава прабачэння.

Лагерны пункт размясціўся на ўскрайку горада, сярод бярозавага ўзлеску, у часовых бараках-палатках, якія былі ўзведзены на скорую руку. Акрамя жылых памяшканняў там былі і іншыя часовыя збудаванні гаспадарчага тыпу. А непадалёку ад зоны было памяшканне і для аховы, а таксама для службовых, дрэсіраваных сабак, з якімі вадзілі зняволеных штодзень на работу і ў асобныя дні ў гарадскую лазню. На адлегласці 2—3 кіламетраў ад зоны знаходзілася і новабудоўля — шынны завод, які эвакуіравалі з Яраслаўля. Для таго, каб на гэту будоўлю трапіць, не трэба было заходзіць у горад — яна была побач. Усё прадугледжвалася для больш зручнага канваіравання. Толькі для мыцця ў лазні кожная партыя зняволеных павінна была ісці праз увесь горад — да чыгуначнай станцыі.

Што ўяўляў сабой тагачасны Омск? Правінцыяльны, заштатны горад. Цагляныя пабудовы стаялі толькі ў самым цэнтры. Машын у горадзе было вельмі мала, асабліва пасажырскага транспарту.

Расці пачаў Омск з лета, а дакладней, з восені 1941 года. Туды ў той час з цэнтра краіны былі эвакуіраваны дзесяткі прадпрыемстваў.

Адным з такіх прадпрыемстваў і быў Яраслаўскі шынны завод. Утвораны асобны лагпункт з ліку зняволеных павінен быў закласці толькі падмурак, але атрымалася так, што яны і ўзводзілі сцены, і манціравалі станкі. Бо ў горадзе такіх прадпрыемстваў-навасёлаў былі дзесяткі, і ўсе патрабавалі дармовай рабочай сілы.

Працавалі на будоўлі разам і вольнанаёмныя, і зняволеныя. Такое Міхась сустрэў упершыню за ўсе чатыры гады свайго паднявольнага жыцця. Цяжка было адрозніць зэка ад астатніх рабацяг. Толькі па адзенні можна было ўлавіць розніцу паміж гэтымі катэгорыямі людзей ды яшчэ па тым, што сярод зняволеных былі толькі мужчыны, а сярод вольнанаёмных пераважалі жанчыны, таму што мужчыны ваявалі на франтах Айчыннай вайны. Што ж датычыць сытнасці, а пасля ўжо і вопраткі, дык паміж імі можна было паставіць знак роўнасці.

На будоўлі працавалі па 12 гадзін у суткі не толькі зняволеныя, але і вольнанаёмныя. А калі трэба было, дык заставаліся і на другую змену. За грошы яны здабывалі і прыносілі зэкам сяго-таго з прадуктаў і курэння, толькі з кожным днём такой магчымасці было ўсё менш і менш. У горадзе знікалі прадукты харчавання, а таксама махорка. Сталыя жыхары яго скардзіліся:

— Прыехалі з нарабаванымі грашыма. Прыхапілі з сабою цэлыя чамаданы грошай з банкаў і магазінаў пакінутых гарадоў,— гаварылі яны,— паднялі цэны, што нідзе нічога не дакупіцца. За адну курыцу даюць столькі, што нам трэба цэлы месяц працаваць! Мы празвалі іх «французамі», а ім усё роўна.

Можа быць, жанчыны і перабольшвалі ў сваіх расказах, але ж доля праўды была ў іх горкіх словах. Канечне, і сярод эвакуіраваных былі розныя людзі — і сумленныя, і хапугі.

Разам з гэтымі салдаткамі-гаротніцамі і «забраніраванымі» мужчынамі Міхась працаваў дзень у дзень без перапынкаў на працягу амаль што двух месяцаў. Усяго хапіла, толькі вось радасці не даводзілася дзяліць з імі, таму што яе ў той суровы час не было. Кожны дзень гэтыя людзі прыносілі сумныя весткі пра адступленне часцей Чырвонай Арміі і аб здачы гарадоў і цэлых абласцей. Горка было на душы. Разам гаравалі і часам плакалі, разам працавалі да знямогі. І за гэта ні на кога не крыўдавалі. Ведалі, што інакш у той час нельга было.

І ў гэты цяжкі для краіны момант Міхась вырашыў напісаць заяву з просьбай адправіць яго на фронт. Напісаў і паслаў, але адказу не дачакаўся. Адрасат — Дзяржаўны Камітэт Абароны — маўчаў.

Праца на будоўлі часам даводзіла да знямогі. А тут яшчэ не было ніякага ратунку ад жулля. Яны, жулікі, як кажуць, на хаду рвалі падноскі. Для іх што мірны час, што вайна — аднолькава. Нават цяпер яны яшчэ больш разгарнуліся.

У пачатку верасня, калі ўжо ў паветры пачалі лятаць павуціны, а раніцай чуваць было, як ляцелі жураўлі і гусі ў цёплыя краі, насельнікаў лагернага пункта пастроілі ў шарэнгі па чатыры і з сабакамі пагналі праз увесь горад да чыгуначнай станцыі, дзе іх чакаў таварны састаў з вагонамі-цяплушкамі. Бывай, Омск! Да новых сустрэч на сібірскай зямлі! Толькі, браце, каб як-небудзь без ганебных «наморднікаў»!


  Зноў на берагі магутнай ракі

На гэты раз цягнік узяў кірунак ужо не на захад, а на ўсход — туды, адкуль два месяцы таму назад прывёз гэтых «камсамольцаў-энтузіястаў». Зноў міналі Татарск, Барабінск, Новасібірск.

Чыгуначны маршрут закончыўся ў Краснаярску, а там перасадка на параход і ўніз па Енісеі да былога купецкага горада, які атрымаў сваю назву ад гэтай магутнай ракі,— да Енісейска. Плылі нядоўга, значна менш, чым ехалі на цягніку,— усяго адны суткі з гакам.

Ужо па дарозе з Краснаярска ў Енісейск, седзячы ў труме парахода, Міхась пачуў па радыё жахлівую вестку. Гаварыў акружаны ворагамі Кіеў: «Слухай нас, дарагая Масква, слухай нас, гераічны Ленінград, слухай нас, сонечная Адэса! Слухайце ўсе нашы суайчыннікі! Мы з усіх бакоў акружаны заклятым, лютым ворагам — нямецкімі фашыстамі, але мы не здадзімся! Да апошняй кроплі крыві будзем абараняць наш цудоўны, старажытны горад — сталіцу старажытнай Русі, прамаці рускіх гарадоў, сталіцу Савецкай Украіны! Мы будзем змагацца на яго ўскраінах, на вуліцах, у дамах! Мы не здадзімся і не пакарымся звар’яцеламу фюрэру! Смерць нямецкаму фашызму!»

Гэта былі цяжкія дні не толькі для Кіева і яго жыхароў-абаронцаў. Цяжкія дні для народаў усёй нашай краіны, у тым ліку Масквы, Ленінграда, Адэсы...

Міхась у кутку параходнага трума слухаў і думаў: «Вось бы дзе мне зараз быць, а не ў гэтай пагібельнай клетцы. І няўжо не здагадаюцца тыя, ад каго зараз залежыць лёс не толькі мой, але і ўсіх людзей неабсяжнай краіны, што яны зрабілі непапраўную памылку, загнаўшы такіх, як я, у гэтую бездань, схавалі нас ад усяго: і свабоды, і вольнай працы, і абароны краіны?»

Енісейск — адзін са старэйшых гарадоў Сібіры. Калісьці праз яго пралягаў Вялікі сібірскі шлях. Ён, як і Табольск, славіўся сваім катаржным астрогам на магутнай рацэ, якая ўмоўна раздзяляе Заходнюю і Усходнюю Сібір. У свой час Енісейск быў і цэнтрам золатаздабычы. Як і ў незабыўным 1941 годзе, ён з’яўляецца раённым цэнтрам Краснаярскага краю, ад якога знаходзіцца за 500 кіламетраў на поўнач. Ёсць у ім дрэваапрацоўчыя і рыбныя прадпрыемствы і, як у кожным райцэнтры, быткамбінат і свая аўтабаза. І, канечне ж, царква, якая размясцілася на пагорку. Цяпер там ёсць нават і педінстытут, чаго і ў паміне не было ў 1941 годзе. Але ж галоўнае, што ажыўляе горад,— гэта рачная прыстань, якая разраслася ў цэлы порт. Там, як і ў іншых партах, дзень і ноч працуюць без адпачынку партовыя краны. Тады, у 1941 годзе, іх амаль што зусім не было, усе работы па пагрузцы і выгрузцы, а таксама і перагрузцы параходаў і барж выконваліся рукамі.

Галоўная роля гэтай прыстані была ў тым, каб усе дробныя баржы і малыя параходы перагружаць на больш аб’ёмістыя, таму што ад Енісейска рака робіцца больш глыбокай і магутнай. Баржы, якія пачыналі свой шлях у Енісейску, маглі плаваць і па моры. Іх цягнулі буксірныя параходы да Дзіксана і нават да Новай Зямлі. Баржы, якія нагружаліся ў Енісейску грузамі, прызначанымі для запалярнага Нарыльска, ішлі да порта Дудзінкі.

На Енісейскай прыстані ні ўдзень, ні ўначы не заціхалі перагрузачныя работы. Акрамя гэтага, там пагружаліся і мясцовыя тавары. Для такой работы і прывязлі туды ў верасні 1941 года цэлы параход зэкаў, сярод якіх быў і Міхась Асцёрскі.

Яшчэ на параходзе па дарозе ў Енісейск ён выпадкова пазнаёміўся з маладым мардоўскім паэтам Аляксеем Губанавым.

Ён расказваў Міхасю, што не паспеў нават з дзеўкамі пагуляць, а не тое каб ажаніцца. Губанаў быў не сказаць каб вельмі шустры і гаваркі, але і не ціхоня. І што Міхасю ў ім спадабалася, дык гэта тое, што ён заўсёды мог пастаяць за сябе і нават за свайго сябра. Па натуры ён быў лірык ясенінскага складу і вельмі цаніў сяброўства.

Да Губанава, ды і пасля яго, Міхась амаль нікому не прызнаваўся, што мае адносіны да мастацкага слова. А перад ім адкрыўся, пасля чаго яны ўжо да самай Дудзінкі не расставаліся. Як і Міхась, Губанаў паспеў неаднойчы выступіць са сваімі вершамі ў рэспубліканскім перыядычным друку і выдаць танюсенькую кніжачку лірыкі «Родник», а па-беларуску будзе «Крыніца». Як і Міхася, яжоўская «тройка» ўзнагародзіла яго васьмю гадамі сталінскага «санаторыя».

— Трапіў я сюды амаль бязвусым, а вярнуся дамоў, калі выжыву, з барадой,— жартаваў Аляксей.

Знаёмства з Губанавым трохі аблегчыла жыццё Асцёрскага. І не толькі аблегчыла, а нават ажывіла ў ім творчыя пачуцці, і ён зноў зрэдку пачаў складаць вершаваныя радкі, якія пасля чытаў свайму новаму сябру. Не заставаўся ў даўгу і Губанаў. Ён таксама чытаў Міхасю ўсё тое, што выходзіла з-пад яго пяра. Хоць яны мовы адзін аднаго і не ведалі, але сэрцамі адчувалі сэнс пачутага.

Усіх пасажыраў-нявольнікаў, а іх было каля паўтысячы чалавек, пасялілі ў клубе воднікаў, у глядзельнай зале. Ахова размясцілася ў службовых пакоях. Зала ад крэслаў была ачышчана — заставалася голая падлога. Вось тут і размясціліся, хто як мог. І гэты клуб у той час паходзіў на Ленінградскую перасыльную турму і на бурацкія дацаны ў Гусіным Возеры. Тая ж цесната, духата, анархія і той жа бруд, які пладзіў усякіх паразітаў. Было крыўдна: вакол вады — цэлае мора, лазня таксама была ў горадзе, а зняволеныя рабацягі валяліся нямытымі на бруднай падлозе. І валяліся не дзень і не два, а цэлы месяц.

Заставаліся апошнія дні навігацыі на Енісеі, а непагружаных тавараў накапілася шмат. Імі былі забіты ўсе складскія памяшканні, яны цэлымі гарамі ляжалі і на адкрытым паветры. Трохі раней такога не назіралася, таму што была цэлая армія штатных партовых грузчыкаў. А ў гэты час ужо не было: яны ўсе пайшлі на фронт.

Хтосьці здагадаўся, што ёсць яшчэ «рэзервная армія», якую ў любы час можна выкарыстаць у гэтых мэтах. Такой «арміяй» і сталі зняволеныя, якіх у Сібіры ніколі не адчувалася недахопу. Вось і прывязлі «салдат» гэтай «арміі» ў старажытны Енісейск на тэрмін да канца навігацыі на паўночных рэках.

Ад цямна да цямна не спыняліся пагрузачныя работы. Спачатку скарыстоўвалі толькі дзённае святло, а потым пачалі працаваць і пры капцілках — набліжаўся кастрычнік, вось-вось можа скаваць Енісей у ніжнім яго цячэнні. Толькі і чулася: «Давай, давай! Чаго марудзіш? Бачыш — баржы прастойваюць?» Людзі ў поце, абяссіленыя, падалі разам з мяшкамі і цюкамі. З ліку крымінальнікаў-рэцыдывістаў былі спецыяльна падабраныя падганятыя, якія не саромеліся пацягнуць цераз спіну палкай стомленага грузчыка. Яны абражалі брыдкімі словамі аслабелых рабацяг, здзекаваліся з іх, як толькі хацелі. А начальства і ахова стаялі збоку, назіраючы за ўсім гэтым спектаклем, і пасмейваліся. Як і паўгода таму назад у Тайшэтлагу ў час загрузкі машын у пясчана-гравійным кар’еры, абяссіленыя грузчыкі падалі і выходзілі са строю, але на гэта ніхто не звяртаў ніякай увагі. Замест саслабелых падганялі новых. Тым больш што праз нейкі час туды прывязлі на параходзе новую партыю такіх жа рабацяг. Іх размясцілі ў мясцовай царкве, якая не працавала з-за адсутнасці бацюшкі. Ён таксама трапіў пад «рэкруцкі набор» 1937 года і недзе вось так жа цягаў на сабе грузы. Так што пасля колькіх гадоў пуставання і яна цяпер прыгадзілася — стала інтэрнатам для грузчыкаў-нявольнікаў.

— Якое варварства і якое кашчунства! — абураўся Губанаў.— І гэта ў наш дваццаты, цывілізаваны век!

— Не абурайся, дружа, бо ў гісторыі некаторыя моманты паўтараюцца. Вось і гэты раз так. Толькі паўтараецца яно трохі ўскладнёна: тут адразу мы бачым і рабства перыяду праўлення Цэзара, і варварства разбуральных паходаў Ацілы. Адным словам, перапляліся паміж сабою тыранія і вандалізм,— сказаў свайму новаму сябру Міхась.

У час пагрузкі адной з барж пад’ехалі да яе на лодцы тры жанчыны са сваёй бульбай. Яны прывязлі свой тавар аж з другога берага Енісея, каб здаць у лік планавых паставак дзяржаве. Жанчыны гэтыя былі ўзбуджаныя, крыклівыя і абураныя.

— А божа наш, божачка! А што ж гэта такое робіцца на белым свеце? Мужыкоў нашых пазабіралі — каго ў турму, каго на вайну. Царкву закрылі, апаганілі, а з нас тры шкуры дзяруць,— гаварылі яны прычытаючы.

— Нічога, жанчынкі,— супакойваў іх Міхась,— гэта ўсё часова. Вось разаб’ём фашыстаў, і ўсё наладзіцца.

— Тут і свае фашысты горш за нямецкіх,— сказала другая.— Заходзяць у хату, як рабаўнікі, і крычаць: «Давай мяса, давай малако, давай бульбу, давай яйкі, давай грошы!» А дзе ж я ўсяго гэтага набяруся? Ну, няхай сабе ці агародніна якая там. Гэтага я магу даць. Малака і яек таксама. А вось дзе ўзяць мяса, калі ў мяне адзіная кароўка? Што я, нагу ў яе адсяку ці галаву адрэжу? Як вы думаеце, даражэнькія?

— А цяля, цётка, ёсць у цябе? — спытаў Губанаў.

— Цялём я выплаціла мяса за першы і другі квартал, а за трэці і чацвёрты дзе ўзяць?

— Так, цяжкае ваша становішча,— пагадзіўся Губанаў,— але ж цяпер усім цяжка.

— Усім, ды не ўсім,— не згаджалася жанчына.— Ты, таварышок, не ўсё яшчэ ведаеш. У гэтым лагеры адстаў ад жывога жыцця.

— Гэй вы, чаго стаіце і вушы развесілі? — здаля закрычаў дзесятнік, убачыўшы Аляксея і Міхася.— Жыва пад мяшкі!

— Вось тут ваша і ўся праўда! — сказала трэцяя жанчына, што дагэтуль увесь час маўчала.

Толькі трапы рыпелі ад цяжкіх крокаў Асцёрскага, Губанава і іншых зэкаў, што цягнулі на худых плячах мяшкі з бульбай, якую толькі што здалі жанчыны з другога берага Енісея.

А час, як кажуць, падпіраў. Пачалі дзьмуць вятры з поўначы, ад якіх дабра не чакай. Канечне, да зімы было яшчэ далёка, але дыханне яе адчувалася асабліва тады, калі падыдзеш бліжэй да ракі. Неяк ледзянелі ўжо рукі. Яны прасіліся ў рукавіцы. А тым часам набліжаліся да канца і пагрузачныя работы. Заставалася загрузіць апошні параход рознай гароднінай. А значыць, набліжаўся канец гэтай своеасаблівай «камандзіроўкі».


  Самасуд

Калі ў асноўным пагрузачныя работы былі скончаны, грузчыкам-нявольнікам далі дзень адпачынку. Цэлы дзень яны маглі займацца, хто чым хоча, не дазвалялася толькі выходзіць з былога клуба воднікаў. Паснедалі і кожны пачаў займацца нечым сваім: хто зашываў дзіркі ў сваёй вопратцы, хто рамантаваў разбітыя боты, хто чытаў старую газету, а хто і вышукваў у сваёй бялізне няпрошаных гасцей — паразітаў. І такіх было большасць.

Міхась з Губанавым гаварылі нешта пра літаратуру, не звяртаючы ўвагі на тое, што рабілася вакол іх. Раптам пачулі брудны мат, які перапыніў іх гутарку. Яны ўбачылі непадалёку двух чалавек, якія тузалі адзін аднаго, нешта вырывалі і лаяліся брыдкімі словамі. Аказваецца, зняволеныя адымалі адзін у аднаго яшчэ зусім новы бушлат. Яны так яго цягнулі кожны да сябе, што той аж трашчаў па швах.

— Хлопцы, перастаньце дурыць,— умяшаўся Міхась і паспрабаваў быў разняць іх, але дзе там! У адказ ён пачуў нецэнзурныя словы ад маладзейшага:

— Закрый халяву, а то я сам заткну яе! — тут жа моцна рвануў бушлат да сябе. Праціўнік не ўтрымаў яго, выпусціў з рук.

— Памажыце, рабуюць! — закрычаў да ўсіх пераможаны.

На крык прыбег ахоўнік і, спытаўшы, чаго шум, прапанаваў маладому вярнуць бушлат яго ўладальніку. Той наадрэз адмовіўся, сказаў, што бушлат гэты яго, а не таго, хто прасіў паратунку. Тады ахоўнік сказаў аднаму і другому назваць прыкметы на бушлаце, пасля чаго высветлілася, што вопратка гэта належала старэйшаму.

— Аддай чужы бушлат, блатняк! — закрычаў ахоўнік і паспрабаваў сілай вырваць вопратку.

Той упарта стаяў на сваім — не выпускаў з рук здабычу.

— Бандзюга, аддай бушлат! — паўтарыў ахоўнік, зноў спрабуючы сілай вырваць з яго рук вопратку.

— Фашыст! — закрычаў малады.

На дапамогу ахоўніку прыбег другі.

— Ах так, я табе зараз пакажу фашыста! — закрычаў ахоўнік.— Разыдзіся! — загадаў ён прысутным зняволеным і ў гэты ж момант расшпіліў кабур і дастаў пісталет.

Малады зэк кінуў бушлат і спрабаваў шмыгнуць у гушчу людзей. Але ахоўнікі ўдвух схапілі яго за рукі і выцягнулі на вольную ад людзей мясціну. Імгненна прагучаў стрэл.

Малады зэк раптам упаў ніцма, быццам мёртвы, хоць куля закранула толькі яго верхняе адзенне — куртку. Ахоўнік падышоў да яго бліжэй і тут жа выпусціў у яго яшчэ тры кулі. З усіх трох адтулін на целе маладога зэка пырснула кроў, а сам ён нават не падаў і гуку, а толькі раз варухнуў рукамі — і на гэтым канец.

Сотні чалавек глядзелі на забойства і маўчалі.

Праз некалькі хвілін падаспелі яшчэ два ахоўнікі. Яны ўчатырох узялі нябожчыка за рукі і ногі і вынеслі ў асобны пакой.

Пасля гэтага здарэння доўга ў клубе воднікаў стаяла мёртвая цішыня. Ніхто ні з кім не хацеў гаварыць. Кожны маўчаў і думаў сам сабе. А пра што думаў, было вядома толькі яму аднаму.

Вось бачыш, як усё проста і хутка робіцца — як на вайне,— сказаў задуменна Аляксей да Міхася.

— Канечне, ён вінаваты,— прадоўжыў яго думку Міхась,— але ж навошта так жорстка і бязлітасна? Ёсць жа і іншыя, больш чалавечныя спосабы пакарання. А гэта проста забойства, самасуд...


  Па вадзе 1500 кіламетраў

Адвячоркам Міхась разам з Губанавым сядзелі ўжо ў труме парахода «Уладзімір Маякоўскі», які трымаў курс на поўнач. Ляжаць не было дзе: параход быў набіты людзьмі, быццам бочка селядцамі. Тут было яшчэ цясней, чым у клубе воднікаў. А як вядома, дзе цесната, там і бруд, а дзе бруд, там і розныя паразіты.

Куды вязуць, ніхто не ведае. Адны гавораць — у Ігарку, другія — у Курэйку будаваць гідраэлектрастанцыю, якую ўжо тады праектавалі, трэція — на Дзіксан ці Вайгач. Але ніхто не здагадваўся, што іх высадзяць у Дудзінцы, пра якую тады яшчэ мала хто чуў.

І трэба ж было так здарыцца, што іх, двух паэтаў, у якасці зняволеных у сваім чэраве вёз «Уладзімір Маякоўскі».

— Ты падумай толькі, Міхась,— гаварыў Губанаў,— вязе паэт паэтаў-рабоў. Паэт, які заўсёды змагаўся за свабоду і справядлівасць.

— У жыцці сустраюцца розныя парадоксы, яшчэ горшыя за гэты,— адказваў яму Міхась.

— Хоць бы ведаць, дзе зараз знаходзімся,— разважаў Аляксей.

— На параходзе «Уладзімір Маякоўскі»,— жартаваў Міхась.

— Я маю на ўвазе мясцовасць,— не разумеючы жарту, тлумачыў Аляксей.— Ці далёка мы ад’ехалі ад Краснаярска і Енісейска? Пэўна, ужо тундра хутка будзе. Загналі, як мышэй у сутарэнне, і любуйся цяпер мутнай вадой.

— А ты, можа, хацеў, каб нас памясцілі ў каюту першага класа і частавалі каньяком?

— Не, хачу каб усё было па-чалавечы, каб мы сядзелі не пад вадой, а над вадой. А то як вугаль ці цэмент — пагрузілі ў глухі трум, сядзі і не рыпайся. Дзе ж тут элементарная справядлівасць?

— Ну што ж, хтосьці павінен ехаць і ў труме. Ездзіў сёй-той і да нас, а цяпер прыйшла наша чарга. Пасля нас акурат вось так жа будуць плысці і так жа ў душы будуць крыўдаваць і абурацца.

— Так, ты маеш рацыю, Міхась, жыццё ёсць жыццё,— разважыў Аляксей.

А параход плыў і плыў. Людзі, нічога не робячы, пачалі стамляцца. Ніякая жывёліна ў такіх умовах не вытрымала б — аддала б канцы. А вось людзі жывуць і яшчэ могуць мысліць, разважаць.

— Грамадзянін дзяжурны, скажыце, калі ласка, дзе зараз знаходзімся? — звярнуўся да свайго «пастуха» Міхась недзе на трэція суткі.

— Прышвартаваліся да прыстані пасёлка Курэйкі,— адказаў той.

— Якой Курэйкі? Той, адкуль таварыш Сталін уцякаў?

— Той самай,— з нейкай ганарлівасцю адказаў вартавы.

— А колькі кіламетраў адсюль да Краснаярска? — ужо пытаўся Губанаў.

— Прыкладна тысяча.

— І ён адолеў гэту адлегласць у зімовы час?

— Для Іосіфа Вісарыёнавіча няма нічога такога, чаго б ён не мог адолець,— зноў ганарліва сказаў дзяжурны ахоўнік.— Дарэчы, навошта табе гэта ведаць, га? Ці не думаеш паўтарыць яго подзвіг?

— Ці ж я такі дурны, што пайду на такое глупства?

— Дык што, выходзіць — Сталін рабіў глупства?

— Я так не думаю, не трэба скажаць маю думку і мае словы.

Ахоўнік змоўк і накіраваўся да выхаду.

Параход пайшоў. Прыблізна праз суткі ён прычаліў у Ігарцы — горадзе партовым і выключна драўляным. Тут ужо тыя, хто мелі грошы, праз абслугу маглі здабыць прадуктаў і махоркі. А на аматараў дык і рыбка была.

Кожны стараўся выкарыстаць такі момант. Толькі вось сябар Міхася, Аляксей, да ўсяго гэтага быў абыякавы. Справа ў тым, што ў апошнія, шостыя суткі дарогі ў яго схапіў жывот. Тыя таблеткі, якія даў яму падарожны лекпом, не памаглі, і ён вельмі пакутаваў.

— Вось хутка будзем на месцы, там табе акажуць больш эфектыўную дапамогу,— абяцаў яму дарожны лекар.— А пакуль пацярпі.

А колькі засталося быць у дарозе, ніхто «неспакойным пасажырам» не гаварыў. Усё трымалася ў вялікай тайне.

— Грамадзянін начальнік,— асмеліўся Губанаў звярнуцца да ахоўніка з камандзірскай адзнакай,— скажыце, хутка наш фініш?

— Што, што? Не разумею,— адказаў той.

— Высаджваць нас хутка будзеце?

— Прыйдзе час — высадзімся,— здзекаваўся ён.— Ты гэта і сам убачыш. Толькі набярыся цярпення.

— Дык цярпець жа не магу — вельмі баліць жывот.

— Пабаліць ды перастане. Дарэчы, у нас тут і медпункт ёсць, звярніся — дапамогуць.

— У тым-то і справа, што не могуць дапамагчы.

— Добра, што-небудзь прыдумаем,— паабяцаў начальнік.

Параход запаволіў хаду, даў доўгі гудок.

— Вось і прыбылі на месца,— сказаў ахоўнік.— Я зараз жа паведамлю медслужбе, што ты хворы,— і ён пайшоў наверх.

Перад тым як рабіць выгрузку «жывога тавару», па Губанава прыйшлі два санітары і загадалі яму ісці з рэчамі.

Міхась не стрымаўся і спытаў:

— Куды ж вы яго забіраеце?

— А што, не здагадваешся? У лазарэт.

Вось так Міхась зноў застаўся адзін — і невядома, ці надоўга.


  Частка трэцяя


— Ты за что же попал-то в лагерь?

— Ни за что...


— Не бреши, ни за что не садят!

Видно, в чем-нибудь виноват...—

И солдат машинально гладит

Руковицей желтый приклад.


— На, возьми, мужик, закури!

Я готов протянуть ладони.

Я, конечно, махорке рад.

Но пенек-то — в запретной зоне.

Не убьет ли меня солдат?

И такая бывает штука.

Может шутку сыграть с тобой.

Скажет после: «Бежал, подлюка!»

И получит отпуск домой.


Анатолий Жыгулин


  Горад марскіх варот

Як толькі пачалося будаўніцтва Нарыльскага горнаметалургічнага камбіната, марская прыстань ля пасёлка Дудзінка ператварылася ў порт, а сам пасёлак — у горад. Што ўяўляла з сябе тагачасная Дудзінка? Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады яна з’яўлялася сталіцай Далгана-Нянецкай нацыянальнай акругі, якая была неадымнай часткай Краснаярскага краю, гэта быў невялікі рыбацка-паляўнічы пасёлак на беразе магутнай ракі — Енісея, у паўднёвай частцы Таймырскага паўвострава, на Крайняй Поўначы нашай краіны. Там тады ішоў бойкі гандаль каштоўнай пушнінай і, канечне, рыбай. Вось і ўсё.

Знаходзячыся за 2000 кіламетраў ад краявога цэнтра і чыгуначнай станцыі Транссібірскай магістралі, як у эканамічных, так і культурных адносінах, Дудзінка расла і развівалася вельмі марудна. Уся ўвага аддавалася суседняй Ігарцы, якая з пачатку 30-х гадоў стала цэнтрам лесаапрацоўчай прамысловасці і міжнародным цэнтрам ляснога гандлю і лясных паўфабрыкатаў на Крайняй Поўначы краіны. Там быў пабудаваны новы марскі порт, куды рэгулярна прыходзілі параходы з розных краін свету па лясныя тавары. Нават сам горад быў пабудаваны нанава. А на Дудзінку ў той час ніхто надта не глядзеў. Яна так і заставалася пасёлкам рыбакоў і паляўнічых аж да 1937 года.

Яна патрошкі пайшла абуджацца яшчэ з лета 1935 года, калі пачаліся работы па пракладцы вузкакалейнай чыгункі ў напрамку Нарыльска, дзе геолагамі былі знойдзены багатыя радовішчы руд каляровых металаў, а таксама каменнага вугалю. Два гады ішлі падрыхтоўчыя работы. А з лета 1937 года туды штодня пачалі паступаць грузы як рачным, так і марскім шляхам, а таксама і рабочая сіла — зняволеныя. Звычайнай рачной прыстані ўжо не пад сілу было справіцца з такой нагрузкай. А таму само жыццё падказвала, што яна павінна стаць марскім портам.

Разам з вялікімі суднамі туды прыбывалі і партальныя краны для разгрузкі тых тавараў, якія былі не па сіле чалавеку з голымі рукамі. А каб гэтыя грузы хутчэй траплялі на месца прызначэння, хуткімі тэмпамі пракладвалі вузкакалейку на адлегласці 120 кіламетраў — Дудзінка — Нарыльск — Валёк. Спачатку грузы часткова перапраўляліся на самалётах да аэрапорта Валёк, адкуль іх на машынах-цягачах, на аленях і на сабаках дастаўлялі на будаўнічыя пляцоўкі будучага Нарыльскага горна-металургічнага камбіната. А калі была пракладзена ветка гэтай вузкакалейкі Валёк — Нарыльск,— ужо на цягніку.

І будаўніцтва порта, і вузкакалейкі, і самога камбіната ішло ў невыносных, нечалавечых умовах. Людзі як мухі гінулі ад голаду, ад холаду і ад цяжкай, невыноснай працы. Гінулі яны ад здзекаў, абразы і крыўды.

Міхась апынуўся ў Дудзінцы, калі ўжо першапраходцамі была пракладзена вузкакалейка і ў парту стаялі акіянскія судны побач з партальнымі кранамі. Былі ўжо пабудаваны сякія-такія баракі. Як гаворыцца, Міхась прыехаў на ўсё гатовенькае. Але ж не трэба забываць, што гэта быў толькі пачатак вялікіх забудоў у «краі маўклівасці». Наперадзе быў непачаты край работ і пакут, звязаных з імі. Ён прыбыў туды на змену тым, хто ўжо адпакутаваў сваё і злажыў крылы ў гэтай вечнай мерзлаце...


  Нечаканая сустрэча

Міхася прывялі ў перасыльны барак адвячоркам, калі сталыя рабочыя ўжо вярталіся са сваіх рабочых месц «дамоў». Кожнаму з гэтых старажылаў хацелася сустрэць каго-небудзь са сваіх знаёмых. А таму яны хуценька разлічыліся са сваёй баландой, а хто яшчэ і канчаў есці на хаду, спяшаліся паглядзець на «навабранцаў». Як звычайна, для навічкоў арганізуюцца пераклічкі, пра што старажылам было добра вядома. Вось яны і чакалі такога моманту.

І вось у барак з навічкамі прыйшоў лагерны начальнік са спісам і пачаў па адным выклікаць па імені і прозвішчы. А калі супадалі і імёны, і прозвішчы, ён яшчэ дабаўляў і імя па бацьку.

Як толькі было названа прозвішча Міхася і той адгукнуўся, да яго адразу ж падскочыў невялікага росту чалавек у запэцканай фуфайцы і такіх жа штанах, падшытых гумай валёнках і пашарпанай шапцы з дзіркай на макаўцы.

— Асцёрскі Міхась! Ты гэта ці не ты? — пачаў ён.

— Не, не я, гэта цень мой,— яшчэ не пазнаючы чалавека, жартам адказаў Міхась.

— Не пазнаеш? Бачу, што не пазнаеш.

— Не пазнаю,— прызнаўся Міхась.

— Александровіч Андрэй. З Мінска, з Парнаса.

— Андрэй Іванавіч? Не веру сваім вачам.

— Хочаш — не хочаш, а прыйдзецца паверыць,— сказаў той.— Я таксама не чакаў такой сустрэчы з табой у гэтай студні. Ты ж быў у Піцеры, няўжо і там знайшлі?

— Як бачыце, знайшлі і сюды прывязлі.

— Ну, што там новага на волі?

— На якой волі, Андрэй Іванавіч? Я гэтай волі пяты год не бачу.

— Дык цябе яшчэ ў 37-м схапілі?

— Так, паспеў забыць, што такое воля.

— А мяне ў 38-м. Значыць, ты старэйшы за мяне. А таму не мне ў цябе, а табе ў мяне пытацца пра волю,— гаварыў Александровіч.— Ну, браце, расказвай, дзе быў, што бачыў.

— Вельмі доўга расказваць: усю Сібір скалясіў, пакуль дабраўся да «краю маўклівасці».

— А я, дружа, увесь час тут, у гэтай праклятай Дудзінцы. Выгружаю рачныя і марскія судны.

— Значыць, працуеце грузчыкам?

— Так, увесь час — грузчыкам. Калісьці я рэдагаваў на грамадскіх пачатках вершаваную кніжку аднаго маладога паэта «Песні грузчыкаў». А цяпер вось і сам ужо магу напісаць свае «Песні грузчыкаў».

— І я не сумняваюся, што з цягам часу вы зробіце гэта,— запэўніў яго Міхась.

— Калі дажыву,— сумна сказаў ён.

— Дажывеце, я ўпэўнены. Прафілактыку прайшлі, цяпер будзе лягчэй.

— Колькі ж годзікаў далі табе?

— Восем,— адказаў Міхась.

— А мне ўляпілі дзесяць ды яшчэ пяць паражэння ў правах.

— Вялікаму караблю — вялікае і плаванне,— жартаваў Міхась.

— Вялікіх на распыл пусцілі, такіх, як Чарот, Гартны, Галавач, Зарэцкі...

— А што, іх расстралялі?

— Кажуць, расстралялі. А нам і гэтага хопіць.

Гэта быў вядомы беларускі паэт, якога ведаў кожны чалавек у рэспубліцы. Ён быў членам урада БССР і з’яўляўся кандыдатам у члены ЦК Кампартыі Беларусі. Меў вучонае званне, быў абраны член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, узначальваў Інстытут мовы і літаратуры гэтай жа акадэміі, з’яўляўся намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Але гэта ўжо ўсё ў мінулым часе — «быў», «з’яўляўся», «меў». Цяпер ён быў партовым грузчыкам, рабом, меў месца на голых барачных нарах, атрымліваў пайку хлеба і тры разы ў дзень па чарпаку баланды і пры выпрацоўцы нормы — чарпак аўсянай ці магаравай1 кашы. Быў апрануты і абуты ў адзенне і абутак «сто першага тэрміну» — скрозь у лапіках і дзюрках, замусолены, як помаз. А па яго ж творах у свой час вучыліся дзеці, а маладыя паэты, у тым ліку і Міхась, стараліся пераймаць яго. Адным словам, гэта была фігура!

— Як жа ўсё так здарылася? — пытаўся ён невядома ў каго.

— З такім жа пытаннем, Андрэй Іванавіч, я таксама звяртаўся і да самога сябе, і да іншых, можа, сотні разоў. Але дарэмна. Ніхто і зараз не можа адказаць,— гаварыў Міхась.— Калі і адкажа, дык толькі сама гісторыя. Ды, пэўна, толькі тады, калі нас не будзе. Вось так, даражэнькі Андрэй Іванавіч.

— А я ж у гэтага грузіна верыў, лічыў яго бацькам сваім, маліўся на яго. Удзельнічаў у напісанні вершаванага пісьма яму ад беларускага народа. А ён... аказаўся нягоднікам.

— Затое я не вельмі верыў і не заўсёды давяраў яму. Але і супраць яго ніколі нічога дрэннага не гаварыў і не рабіў. А недавер гэты прайшоў да мяне ў 1930—1933 гадах, як пачаўся прымус і голад у вёсцы. Лічыце, што вёску ён дабіў і тым самым адлучыў селяніна ад зямлі. Той, хто раней любіў зямлю, цяпер стаў яе баяцца.

— Табе гэта больш бачна, ты вырас у вёсцы, а я ж — карэнны мінчанін, а значыць, не ўсё зразумеў, што там тварылася ды і творыцца.

— Як вы думаеце, знойдуцца людзі, якія прымусяць яго прызнаць свае памылкі, у тым ліку і тое, што мы тут пакутуем невядома за што?

— Знойдуцца, браце, знойдуцца. Я веру ў сілу партыі, яна ўсё зробіць для таго, каб і на нашай вуліцы было свята!

— За што я вас хвалю, Андрэй Іванавіч, дык гэта за ваш аптымізм, за вашу жыццястойкасць, хоць вы часам і памыляецеся і на ўсё глядзіце праз ружовыя акуляры. Галоўнае тое, што вы не траціце сілы волі.

— Інакш, дружа, у нашых умовах і не выжывеш.

Так яны прагаварылі тры ночы. То Міхась хадзіў да Александровіча, то Александровіч да Міхася. Гаварылі яны больш на літаратурныя тэмы, а таксама і на тэму свайго лёсу і іх цяперашняга становішча.

— Хто цяпер застаўся з беларускіх пісьменнікаў, як ты думаеш? — спытаў Александровіч у Асцёрскага.

— Купала, Колас, Крапіва, Бядуля, Лынькоў, Броўка, Куляшоў... Я неяк слухаў радыёперадачу з Мінска, дык называлі гэтыя імёны,— сказаў Міхась,— а там, хто іх ведае.

— А няўжо Купала з Коласам уцалелі? Я ж ішоў з імі па адной справе,— задуменна гаварыў Андрэй Іванавіч.— Хоць бы ўжо гэтыя старыя ўцалелі, інакш капут будзе нашай беларускай літаратуры.

— А чулі, што і Дзям’яна Беднага пасадзілі?

— Вось гэтаму я ўжо ніяк не хачу верыць. Бо гэта ж — любімец Леніна.

— Дык Леніна зараз няма, а Сталін, кажуць, не вельмі паважаў яго за розум і прамату.

— Цікавыя, а дакладней — страшэнныя справы робяцца ў наш недарэчны час,— устрывожана гаварыў Александровіч.

Кожную ноч навылёт гаварылі яны паміж сабою, як самыя блізкія сваякі. Так шмат хто і думаў тады, калі назіраў за іх шчырай размовай.

Пасля трэцяй начной размовы Александровіча пагналі разгружаць параходы, а Асцёрскага яшчэ раз выклікалі па спісу і сказалі збірацца з рэчамі і рыхтавацца да выхаду. Ён ледзь паспеў паснедаць. Праз колькі мінут ён ужо стаяў у страі па чатыры. Хутка яны рушылі ў напрамку чыгуначнай станцыі, дзе ўжо стаялі падрыхтаваныя таварныя вагоны вузкакалейнай чыгункі. Калі ўсе вагоны былі запоўнены, цягнік крануўся і паехаў у напрамку Нарыльска. На гэтым і перапыніліся сустрэчы Міхася з Андрэем Александровічам на цэлыя дзесяцігоддзі!..


  З хуткасцю чарапахі

На пачатку кастрычніка 41-га года раніцай цягнік Дудзінка — Нарыльск з пасажырамі-«камсамольцамі» «прызыву» 37—38 гадоў пачынаўсвой стокіламетровы шлях. Астатнія дваццаць кіламетраў прыпадалі на сам пасёлак Нарыльск і на перагон Валёк — Нарыльск. Ішоў ён вельмі марудна, як чарапаха, з хуткасцю дзесяць кіламетраў у гадзіну.

Калі б у летні час, пасажыры любаваліся б навакольнаю прыродай, а так вось ляжы на голых нарах-палацях ці сядзі і глядзі праз акенца з кратамі на суцэльную цемень. А якраз у гэты час і пачыналася доўгая запалярная ноч, якая доўжылася больш за чатыры месяцы. На пачатку яе (з першых дзён кастрычніка) яшчэ можна было адрозніць дзень ад ночы, а потым знікала ўсякая розніца. Праўда, у кастрычніку яшчэ і снегу было малавата — столькі, колькі ў Забайкаллі ў студзені-лютым,— а пазней, пачынаючы з лістапада, яго намятае цэлыя горы. Тады карлікавыя дрэўцы з галавой хаваюцца ў яго гурбах.

Міхась першы раз у жыцці ўбачыў бяскрайнія прасторы тундры, пра якую ён ведаў да гэтага часу толькі па школьных падручніках па геаграфіі ды па газетах. І ён шкадаваў, што першая сустрэча з ёю супала з запалярнай ноччу. Ён добра ведаў, што не адзін раз яшчэ стрэнецца з ёю, але ж гэта будзе ўжо не першае ўражанне. Бо першае ўражанне, як і першае каханне, бывае самым моцным, трывалым і даўгавечным.

Пасажырам абрыдла такая марудная язда. Некаторыя з іх не вытрымалі і ўголас абураліся, толькі невядома на каго:

— Прападзі ты пропадам, такая язда! На кані і то куды хутчэй даехаў бы да месца.

— Дык дзе ж ты тут коней тых возьмеш?

— Коней няма, затое алені ёсць, сабакі,— не здаваўся сярдзіты.

— Хлопцы, вы на сённяшніх чыгуначнікаў не крыўдуйце, бо яны тут ні пры чым. Вінават той, хто будаваў гэту чыгунку,— сказаў маўклівы пасажыр.— Вінаваты праекціроўшчыкі, інжынеры, тэхнікі, майстры і тыя, хто іх падганяў,— лагерныя начальнікі.

— Адкуль табе ўсё гэта вядома? — спыталі ў яго.

— Адтуль, што я і сам будаваў гэту «магістраль».

— Значыць, і цябе трэба лаяць?

— І мяне. А што ж я, святы, ці што? Лаяць няможна толькі вялікіх дзеячаў і начальнікаў, бо яны недатыкальныя, а значыць, ніколі і нідзе не бываюць вінаватымі.

— Калі ж ты паспеў будаваць гэту дарогу, а сам толькі яшчэ едзеш разам з намі ў гэты бязлюдны край? — спыталі ў яго з процілеглага кутка.

— Калі, пытаеш? У 1935—1936 гадах, вось калі,— пачаў той свой расказ.— Скажу шчыра, што я трапляю сюды другі раз.

— За што ж цябе прывозілі сюды першы раз?

— Сам я шафёр. На машыне збіў жанчыну. Хоць яна і сама была вінаватая, але мне «за халатнасць» далі тры гады і прытарабанілі сюды. А потым «за сумленную і бездакорную працу» я меў скідку і праз два гады вярнуўся дамоў.

— А цяпер за што? — спытаў адзін з суседзяў.

— Цяпер ужо за тое, пра што і ў сне не сніў. Кажуць, што рыхтаваў замах на першага сакратара Заходне-Сібірскага абкома партыі таварыша Эйхе.

— Дык яго ж самога пасадзілі і, кажуць, кокнулі.

— Чуў я і пра гэта. Яго ўжо, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў тым, што ён разам з Бухарыным, Рыкавым і Томскім рыхтаваў забойства Сталіна, Молатава, Варашылава, Кагановіча. Як бачыце, і тут на кожнага «забойцу» прыходзілася па адной «ахвяры».

— Якое шкодніцкае вынаходніцтва,— не стрымаўся нехта з пасажыраў-нявольнікаў.— І чаго толькі не навыдумляюць, каб як мага больш людзей загубіць ці загнаць вось у такі ляднік, у які прывезлі нас.

— Жыццё, дружа, не без трагікамедый. Так што не здзіўляйся. У сярэднія вякі нашага тысячагоддзя, кажуць, яшчэ горш было,— адказаў апавядальнік.

— Дык гэта ж было сярэднявечча, а мы жывём у дваццатым веку нашай эры — у век цывілізацыі.

— Каты, гвалтаўнікі, правакатары і прыгнятальнікі заўсёды былі, ёсць і будуць, пакуль будзем мы, паднявольнікі,— заўважыў хтосьці.

— Пры камунізме іх не будзе,— сказаў Міхась.

— Дык дачакайся ж ты гэтага камунізму...

Так ад няма чаго рабіць пасажыры-нявольнікі перамаўляліся, а паравоз тым часам, хоць і крахтаў па-старэчы, а ўжо дацягнуў састаў з новымі рабамі да станцыі Каеркан, дзе, як слупы, узвышаліся капры над вугальнымі штольнямі. У такую цемень запалярнай ночы іх цяжка было прыкмеціць, каб не электрычнае святло маленькага пасёлка.

— Вось бачыце сілуэты? — зноў загаварыў цікавы апавядальнік.— Гэта вугальныя штольні. Колькі чалавечых жыццяў яны з’елі, перш чым стаць імі — штольнямі! Вунь побач з імі тэрыкон — гэта брацкая магіла соцень, а можа, і тысяч нашага брата. Па колькасці ахвяр гэты вугальны комплекс можа саступіць толькі будаўніцтву самой чыгункі. Вы, канечне, не здагадваецеся і не ўяўляеце сабе, што мы едзем па касцях людзей, да нас падобных. Колькі шпал тут, столькі пад імі і чалавек. Людзі мерлі як мухі, а каманда «давай і давай!». Холад, голад, катаржная праца паклалі іх пад гэтыя шпалы. Як у Някрасава: «А по бокам-то всё косточки русские, сколько их, Ванечка, знаешь ли ты?» Тое ж самае было ў час будаўніцтва гэтых штольняў.

— Невясёлы твой расказ, землячок,— заўважыў хтосьці са слухачоў.

— Якое вяселле, такія і песні,— адказаў той.

Так, сапраўды «песні» былі сумныя, але праўдзівыя і шчымлівыя. Бо той, хто ехаў у вагоне, павінен быў ведаць, як будавалася гэта дарога, якую ён праклінаў за марудную язду. Ён павінен быў ведаць і тое, як здабываўся і здабываецца вугаль, які абагравае яго і дае святло, які «корміць» паравоз, каб той не стамляўся і хай сабе з хуткасцю чарапахі, але рушыў наперад. Пры гэтым кожны з слухачоў павінен быў ведаць, што цяжка не толькі яму і яго спадарожнікам, што не лягчэй было і яго папярэднікам, якія пракладвалі сюды першыя дарогі і гінулі бясследна ў лютыя маразы і дзікія завірухі. Ён павінен ведаць пра тых, хто пачынаў тут з нуля ўсё, што ён бачыць сёння сваімі вачыма.


  Зона ўзмоцненага рэжыму

Толькі ў канцы другіх сутак цягнік нарэшце прыкалдыбаў на станцыю Нарыльск і зняволеных адразу ж пачалі распіхваць, каго куды, у якую зону і барак. Міхась трапіў у зону, насельнікі якой працавалі на будаўніцтве ЦЭЦ. Зона гэта, абнесеная калючым дротам, складалася з некалькіх баракаў і падсобных памяшканняў. Па вуглах яе стаялі вышкі, на якіх знаходзіліся ўзброеныя ахоўнікі. Побач з зонай — ахоўнае памяшканне і таксама будыніна для службовых сабак. Ніякіх выхадаў і заходаў у зону, апрача дазволеных начальствам, не было. Як пасля стала вядома, гэта была самая рэжымная зона з усіх тых, якія меліся ў Нарыльску. А чаму, дык не цяжка здагадацца. Самыя цяжкія работы, падчас непасільныя для чалавека, якія не кожны мог вынесці, знаходзіліся на гэтым будаўнічым аб’екце.

А таму па добрай волі ніхто не хацеў там заставацца. Наадварот, кожны думаў, як бы адтуль збегчы. Згаджаўся на любое месца, толькі каб не быць там, у тым пекле.

Спачатку Міхась не разумеў, у чым справа, але дні праз тры і да яго дайшло. Ён зразумеў, што зноў трапіў у пекла накшталт бурацкага дацана ў Гусіным Возеры і клуба воднікаў у Енісейску. Тое ж беззаконне, той жа бруд з паразітамі, тая ж непасільная і невыносная праца на аб’екце, тое ж сістэматычнае недаяданне, тая ж жорсткасць і прыніжэнне чалавечай годнасці. Жылі там толькі тыя, хто працаваў на будаўніцтве ЦЭЦ — тады галоўным аб’екце горнаметалургічнага камбіната. На работу вадзілі пад узмоцненым канвоем і з сабакамі. У час працы амаль над кожным рабацягам стаяў паганяла. Нормы вялікія, іх мала хто спраўляўся выконваць. А як ужо вядома, той, хто іх не асільваў, караўся штрафным пайком, а то і кандзеем.

Уявіце сабе вечную мерзлату ды яшчэ ў зімовы час. Яна падобна на жалеза. А на ёй жа трэба капаць катлаваны пад падмурак. Механізацыі ніякай, асноўныя і адзіныя «механізмы» — гэта лом, кірка і рыдлёўка. Але для гэтага трэба былі дровы, ды яшчэ і сухія. А іх не было дзе ўзяць. Вось і спявай рэпку. Сумленнаму чалавеку хоць самому лажыся ў катлаван. Падганялы не звярталі на тваю слабасць ніякай увагі. Ім пайка забяспечана — і добра. А як правіла, імі былі крымінальнікі, якія даўно страцілі ўсякія чалавечыя пачуцці і годнасць. Ты для іх — ніхто. Вышэйшыя ж, вольнанаёмныя, начальнікі таксама глядзелі на ўсё гэта праз пальцы. Ім даручылі пабудаваць «сэрца камбіната» — ЦЭЦ, і яны будавалі, а як, якімі метадамі — ніхто не цікавіўся. Людзей яны не шкадавалі і не бераглі. Замест тых, хто выходзіў са строю, прыганялі новую партыю. А калі пачнуць здаваць пазіцыі і гэтыя, іх таксама заменяць іншымі. Машын не хапала, а што датычыць рабочага, людскога цягла, дык тут ужо недахопу не назіралася. Яго, гэтае цягло, штодзень «штопалі» органы энкавэдэ, у падпарадкаванні якога знаходзілася і гэта будоўля, як і ўсе новабудоўлі краіны. Для работнікаў гэтых органаў не важна было, як, якой цаной даецца такая будоўля, для іх галоўным быў сам вынік. Адным словам, любой цаной, абы дасягнуць мэты. Так ішло зверху, так працягвалі рабіць і нізы. Бо яны добра ведалі, што ніхто за гэта не пакарае, а што датычыць узнагарод, дык яны іх атрымаюць.

Адпакутаваўшы месяц, Міхась прыйшоў да вываду, што ён не выжыве — загіне. Чатыры гады зняволення далі аб сабе знаць. І ён вырашыў накласці на сябе рукі — пакончыць жыццё самагубствам. Ён падумаў: «Рана ці позна, а ўсё роўна зрабіць гэта давядзецца. Усё роўна я не вынесу больш і таго, што да гэтага мог выносіць. Такія пакуты не па маім сённяшнім здароўі...» Рашэнне было прынята. Заставалася толькі прыдумаць, дзе і як гэта зрабіць. «Каб пусцілі на завод, падышоў бы да каўша з расплаўленым металам і нырнуў бы туды галавой. Адна мінута страху — і ўсё ў парадку. Ды туды ж ніяк не пройдзеш. Адна надзея — пятля. Сёння-заўтра зраблю гэта!» — сказаў ён самому сабе.

І ён бы зрабіў, каб не адна акалічнасць...


  Выратаванне

Назаўтра, у час разводу, нейкі незнаёмы чалавек, стоячы ля вахты, гучна спытаў:

— Слесары і токары-чыгуначнікі сярод вас ёсць?

— Я,— доўга не думаючы, сказаў Міхась.

Пачулася і яшчэ некалькі галасоў.

— На работу не выходзьце, пойдзем у дэпо.

Калі ўсіх рабацяг павялі на абрыдлы аб’ект, Міхасю разам з чатырма такімі ж самымі смельчакамі загадалі збірацца з рэчамі. Але спачатку павялі іх на «собеседование» да спецыялістаў. Гутарыць давялося з двума начальнікамі дэпо — паравознага і вагоннага. У кабінет запрашалі па адным. Першым трапіў Міхась.

— Вы да лагера дзе і па якой спецыяльнасці працавалі? — спытаў у Міхася адзін з начальнікаў.

— Спачатку на ленінградскім заводзе «Электрапрыбор» у якасці слесара, а потым па той жа спецыяльнасці ў вагонным дэпо станцыі Ленінград — Таварная Кастрычніцкай чыгункі, недалёка ад Маскоўскага вакзала. Рамантаваў тармазы, буксы, падшыпнікі.

— А ў паравозным дэпо вы часам не працавалі? — спытаў другі начальнік.— Паравозы рамантаваць не даводзілася?

— Не, з паравозамі справы не меў,— шчыра прызнаўся Міхась. Ён добра ведаў, што паравоз — складаная машына, гэта не вагон. А таму можна лёгка заблытацца і пагарэць.

— Іваноў, гэта па тваёй спецыяльнасці — вагоннік,— сказаў свайму напарніку паравозны начальнік-экзаменатар.

— Якія работы выконвалі ў вагонным дэпо? — ужо звяртаўся з пытаннем да Міхася вагонны начальнік. Міхась зразумеў, што гэта і ёсць прадстаўнік ад вагоннага дэпо, і ён тут жа паўтарыў свой папярэдні адказ:

— Рамантаваў тармазы, буксы, падшыпнікі.

— А з рэсорамі даводзілася мець справу?

— А як жа, рамантаваў і іх.

— Добра, пойдзеце ў вагоннае дэпо,— сказаў вагонны начальнік.— Пачакайце трохі ў калідоры, пакуль мы з іншымі пагутарым, і потым разам пойдзем у дэпо, на месца будучай работы,— тлумачыў «вагоннік».

«Няўжо прайшоў нумар? — думаў Міхась.— Я ж у гэтых вагонах разбіраюся столькі, колькі баран у Бібліі ці свіння ў апельсінах. Ды што тут зробіш, трэба неяк жыць. Ніколі ў жыцці сваім не хлусіў, а вось цяпер давялося саграшыць перад сумленнем».

А ў лагеры было так. Што ты скажаш, таму і павераць, калі гэта датычыць тваёй прафесіі. У першыя гады свайго паднявольнага жыцця Міхась не разумеў гэтай механікі. А таму, калі часам звярталіся наконт прафесіі, ён называў сябе настаўнікам. А каму ў лагеры патрэбная такая прафесія? За ўсе чатыры гады ён папрацаваў па ёй усяго толькі каля двух тыдняў. Ён зразумеў — само жыццё падказала,— што ў лагерных умовах трэба набываць рабочую прафесію. Ён спрабаваў набыць прафесію шафёра, ды правакатар перашкодзіў: напісаў данос, што ён хоча ўцякаць з лагера. Што-што, а правакатары ўсюды ёсць — і на волі, і ў турме, і ў лагеры. Яму гаварыў яшчэ Уладзіміраў: «Забудзь ты на сваё настаўніцтва, яно тут нікому не патрэбна». Амаль тое ж самае паўтарыў пасля ўжо ў Дудзінцы і Андрэй Александровіч. Ён папярэджваў Міхася: «Міхаська, глядзі не паўтары маёй памылкі — не называй інтэлігентныя прафесіі, з імі тут не лічацца. Старайся авалодаць якой-небудзь рабочай прафесіяй».

Міхась улічыў парады сяброў і пры першым жа выпадку скарыстаў іх.

Калі майстар вагоннага дэпо спытаў у Міхася, што ён можа рабіць, той адказаў яму хітра:

— Што пакажаце, тое і буду рабіць.

— А гайкі і балты можаш наразаць?

— Спрабаваў, пастараюся і тут.

— А калі пакажу, як буксы рамантаваць?

— Пастараюся.

Майстар засмяяўся і сказаў: «Добра».


  Слесар вагоннага дэпо

Майстрам механічных майстэрняў вагоннага дэпо быў вольнанаёмны, паважаны ўсімі чалавек сталага ўзросту — гадоў пад пяцьдзесят — Гарулёў Сцяпан Рыгоравіч. Акрамя яго вольнанаёмнымі ў дэпо працавалі яшчэ тры чалавекі: начальнік дэпо і два цесляры-сталяры — Ступнікаў Іван Міхайлавіч і Дулесаў Мітрафан Пятровіч. І пятым паміж імі хадзіў па дэпо і яго майстэрнях стралок-ахоўнік. Астатнія — чалавек сорак,— у тым ліку і галоўны інжынер Ларын Сямён Пятровіч, былі зняволеныя. Але жылі яны і працавалі ў такіх узаемаадносінах, што цяжка было зразумець, хто з іх зэк, а хто вольны.

Першы дзень Міхась наразаў гайкі. Майстар паказаў яму, як гэта робіцца (на яго вачах нарэзаў сам тры гайкі), потым прапанаваў тое ж самае паўтарыць і Міхасю, і ён, на здзіўленне майстра і самога сябе, зрабіў гэта не горш за майстра. Гарулёў пахваліў Міхася і пажадаў поспехаў у асваенні новай прафесіі. Да канца змены Міхась нарэзаў цэлую кучу такіх гаек, адразу выканаўшы норму рабочага дня. Пасля заканчэння змены яго разам з усімі работнікамі павялі ў палатку, у якой жылі выключна чыгуначнікі, у асноўным — паравознікі і вагоннікі. Але перш чым пасяліць яго туды, завялі ў санпрапускнік, дзе памылі самога і прасмажылі адзенне, пры гэтым бялізну замянілі на новую. Таксама памянялі бушлат і ватныя штаны, хоць і на старыя, але ж не парваныя. Пасля ён асмеліўся папрасіць замяніць і валёнкі. Яму і тут пайшлі насустрач: замест старых, запэцканых і стаптаных валёнак далі падношаныя, але цэлыя, падшытыя лямцам. І толькі пасля ўсяго гэтага павялі ў палатку і адвялі месца на нарах, дзе ўжо ляжалі матрац, набіты саломай, і такая ж падушка. Далі таксама нешта падобнае і на коўдру. Ні прасцінаў, ні навалачак у той час і ў гэтай палатцы яшчэ не было. Яны з’явіліся там значна пазней. Міхась і такому камфорту быў вельмі рады.

Назаўтра майстар прапанаваў яму ўжо наразаць балты. І таксама спярша на яго вачах сам нарэзаў некалькі штук — паказаў на прыкладзе, як гэта робіцца. Работа таксама здалася Міхасю памяркоўнай. Да канца змены, як і напярэдадні з гайкамі, ён напаласаваў іх цэлую кучу.

— Маладзец, Асцёрскі! Бачу, што цябе недарэмна сюды ўзялі, апраўдаеш давер начальніка дэпо,— сказаў майстар.

І нарэшце, на трэці дзень, майстар прапанаваў Міхасю яшчэ адну новую работку.

— Ну, Асцёрскі, а цяпер паспрабуеш выконваць больш складаную і адказную работу,— будзеш рамантаваць буксы. Дарэчы, ты іх бачыў хоць калі-небудзь ці не?

— Адзін раз — гадоў шэсць таму назад,— шчыра прызнаўся Міхась.

— А дзе ж гэта табе пашчасціла ўбачыць?

І Міхась коратка расказаў пра выпадак з буксай.

— А было так,— пачаў ён,— ехаў я з канікул ад бацькоў — перад пачаткам заняткаў у інстытуце (я тады яшчэ быў студэнтам педінстытута ў Ленінградзе). Гэта было ў жніўні, здаецца, 1935 года. Падышоў да акна і пачаў любавацца прыродай. Нечакана ўбачыў, як з-пад вагона раптам паваліў дым. Побач са мной стаялі яшчэ два чалавекі — мужчына і жанчына. Вось я і пытаюся ў іх: «Адкуль гэта дым прэ?» — «Гэта, пэўна, букса загарэлася»,— сказаў мужчына. «А гэта небяспечна?» — пытаюся.— «Можа быць аварыя»,— адказаў той. «Дык што ж будзем рабіць?» — «Трэба затармазіць, націснуць на стоп-кран»,— сказаў, а сам баіцца, як бы чаго не выйшла. Тады я, доўга не думаючы, сарваў пломбу і са ўсёй сілай націснуў на гэты стоп-кран. Не прайшло і пары мінут, як цягнік зарыпеў сваімі тармазамі і спыніўся. І тут адразу ж да вагона прыбегла ўся цягніковая брыгада. «Хто спыніў цягнік? — было першае пытанне. «Я»,— адказваю смела. «Што прымусіла вас зрабіць гэта?» — «Пажар»,— сказаў я. «Дзе?» — «Нейкая букса гарыць»,— гавару я наіўна.

Калі гэтыя спецыялісты-вагоннікі паглядзелі на буксу, то проста ахнулі. Яны як толькі маглі пастараліся патушыць ахопленую полымем буксу, але цягнік пакуль што далей не пайшоў. Адразу ж было паведамлена ў дэпо, у Ленінград. І пакуль адтуль не прывезлі новую колавую пару, а таксама буксу, цягнік стаяў нерухома. На гэта пайшло 12 гадзін. А цягнік жа гэты, як на грэх, быў хуткі — Адэса — Ленінград. Людзі хваляваліся, кожны кудысьці спяшаўся, а тут на табе — вымушаная стаянка. Шчыра кажучы, я і сам ужо пасля праклінаў сябе, што зрабіў гэта. Бо да Ленінграда заставалася кіламетраў сорак, гэта недалёка ад станцыі Вырыца, дзе мы тады «загаралі». Ад чыгуначнай службы я атрымаў тады вусную падзяку, а ад дырэкцыі інстытута — пісьмовую вымову за спазненне на заняткі. Можа б, там, у інстытуце, і не даведаліся аб маім спазненні, дык падвёў мяне ліцерны (бясплатны) праязны чыгуначны білет, які я па прыездзе павінен быў паказаць у канцылярыю інстытута. Вось так я тады ўпершыню ў сваім жыцці і пазнаёміўся з буксай.

— Расказ цікавы,— сказаў майстар.— Малайчына! Ты тады выратаваў цягнік ад магчымай аварыі. Ведаеш, што магло б здарыцца? Мог бы загарэцца сам вагон, магла пераплавіцца і пераламацца сама шыйка восі, на якой круціцца кола, і тады — непазбежная аварыя ўсяго цягніка. А гэта значыць, незлічоныя чалавечыя ахвяры. Так што ты дарэмна шкадаваў страчаны час. Ды і вымова, якую ты тады атрымаў ад дырэкцыі інстытута,— нішто супраць таго, што магло б здарыцца, калі б ты не адважыўся на такі рызыковы, але пачэсны ўчынак. А цяпер давай зоймемся рамонтам самой буксы.

Майстар па-бацькоўску паказваў і тлумачыў Міхасю, што і як рабіць. Тут Міхасю было ўжо значна цяжэй. Трэба было ведаць, дзе і як трэба накласці металічны лапік на пакалечанае месца буксы. Трэба добра валодаць і пілой, і напілкам, і рашпілем, і нажоўкай, і зубілам, і малатком. Справа новая, да ўсяго трэба прывыкаць і прыстасоўвацца. Калі ўжо адвячоркам падышоў да яго майстар і паглядзеў на вынікі яго працы, то не вытрымаў і сказаў:

— Працаваць ты будзеш, але пакуль што ў цябе яшчэ не ўсё клеіцца. Ды гэта дробязь. Спадзяюся, што і гэту справу ты адужаеш.

А калі дні праз тры начальнік спытаў у майстра, як працуе яго «навічок», той адказаў:

— Прысылайце паболей такіх слесараў. Хлопец што трэба — і кемлівы, і працавіты.

— Ну што ж. Пайду табе насустрач: сёння ж прышлю табе яшчэ аднаго слесара, толькі ўжо не беларуса, а ненца, тутэйшага.

— Нешта я не чуў, каб хто-небудзь з ненцаў займаўся слясарнаю справай.

— Дык вось цяпер ты не толькі пачуеш, але і ўбачыш і разам з ім працаваць будзеш.

І сапраўды, у той жа дзень, праз якую-небудзь гадзіну ў цэх прывялі чалавека сярэдніх гадоў, невысокага росту, каржакаватага, з маленькімі, але жвавымі вачамі, з вусікамі. У цэх ён увайшоў нясмела, але і не баязліва. Тактоўна павітаўся і назваў сваё імя і прозвішча:

— Завуць мяне Туя, а прозвішча Тая. Я слесар вагоннага дэпо.

— Да гэтага ты працаваў дзе-небудзь па гэтай спецыяльнасці? — спытаў у яго майстар.

— Мой працаваў у Варкута слесар вагоннага дэпо. Мой многа працаваў слесар вагоннага дэпо. Чатыры лет і зім працаваў слесар вагоннага дэпо.

— У лагеры даўно знаходзішся? — спытаў ужо Міхась.

— Мой чатыры лет і зім працаваў у Варкута слесар вагоннага дэпо.

— Калі цябе арыштавалі? — дапытваўся Міхась.

— У трыццаць сёмым год, снег таяў, і мяне ўзялі.

— А за што ўзялі?

— Я хацеў Сталін і Варашылаў забіць.

— І не забіў? — жартаваў ужо майстар.

— А навошта іх біць, няхай жывуць. Я хачу жыць, і яны хочуць жыць.

— Аленяў жа ты забіваў?

— Э-э, алені ж мяса даюць, а яны што?

— Якая ў цябе сям’я засталася? — спытаў майстар.

— Я слесар вагоннага дэпо.

— Жонка, дзеці ёсць?

— Адзін жон, два дзеці — сын і дзяўчынка.

— З кім яны цяпер жывуць без цябе?

— Мой слесар вагоннага дэпо.

— Я пытаюся ў цябе пра жонку і дзяцей.

— Мой нічога пра іх не ведае.

— Скора дамоў? — спытаў Міхась.

— Мой слесар вагоннага дэпо.

— Я пытаюся, колькі гадоў засталося быць у лагеры? Чатыры ты адсядзеў, а яшчэ?

— Яшчэ? — падумаў і паказаў на пальцах — шэсць.

— Туя,— звярнуўся да яго майстар,— будзеш працаваць разам з гэтым чалавекам,— ён паказаў на Міхася,— Міхаілам Асцёрскім.

— Карачо, мой будет працаваць Міхаіл Асцёрскі слесар вагоннага дэпо.

— Туя, заві мяне Міхасём, так лягчэй,— параіў яму Міхась, і той згодліва кіўнуў яму галавой.

Так і пачалася сумесная праца Міхася з Туем. І, трэба сказаць, Міхасю пашанцавала: Туя і на самай справе быў сапраўдным вагонным слесарам, у яго можна было павучыцца гэтай справе. Ці гэта букса, ці тормаз, ці рысора, ці нават падшыпнік — усё гэта скаралася яго залатым рукам.

І рабіў ён усё з ахвотай і нават з азартам.

Дзякуючы Тую Міхась хоць прыблізна, але пачаў разумець слясарную справу. Яму ўжо не сорамна было паказаць людзям, а тым больш таму, ад каго залежаў яго далейшы лёс — начальству, — сваю прадукцыю. Калі ўпершыню ён зайшоў у гэту майстэрню-цэх, не ўмеў трымаць у руках пілы і рашпіля, а таксама гаечнага ключа. А як папрацаваў разам з Туем усяго толькі адзін месяц, яму як быццам хто адкрыў вочы на ўсе слясарныя хітрыкі. І ўжо дайшло да таго, што яны разам са сваім напарнікам пачалі падрабляць на сваіх слясарных вырабах: каму зробяць замочны ключ, каму складаны ножык ці яшчэ якую рэч. Глядзіш, на махорку ці на лішні кавалак хлеба ўжо і ёсць. Так яны і падтрымлівалі сябе.

Міхась глядзеў на свайго напарніка і думаў: «Вось як могуць гінуць ні за грош таленавітыя і працавітыя людзі. Гінуць яны ў тундры «на волі» і гінуць у няволі — у шмат якіх лагерах, размешчаных па ўсёй Поўначы і Паўночнаму Усходу. Колькі такіх Туяў згінуць бясследна. А якую б карысць яны маглі прынесці сваёй краіне, свайму народу!»

З Туем цяжка было працаваць толькі ў адных адносінах: ён слаба разумеў па-руску, яшчэ горш гаварыў. Аб чым бы хто ў яго ні спытаў, ён, не разумеючы пытання, адказваў трыма словамі: «Слесар вагоннага дэпо». Такім быў яго славарны багаж. Больш слоў у яго не знаходзілася.

— Як справы, Туя? — пыталіся ў яго.

— Слесар вагоннага дэпо,— чуўся адказ.

— Як здароўе, Туя?

— Слесар вагоннага дэпо.

Міхась не кпіў з яго, наадварот, спачуваў свайму сябру і стараўся дапамагчы, як толькі мог.


  Новыя прафесіі

Неяк раз да Міхася падыходзіць майстар і кажа:

— Як справы, Асцёрскі? Як працуецца? Якое самаадчуванне?

— Дзякую, Сцяпан Рыгоравіч, усё добра.

— Ну, і дзякуй богу,— сказаў той.

Потым ён пастаяў, пастаяў і нарэшце сказаў тое, чаго прыйшоў:

— Вось што, даражэнькі Міхась. Захварэў наш малатабоец Юмас, ты яго, пэўна, ведаеш. Яго паклалі ў бальніцу. А замяніць няма кім. Дык, можа, ты выручыш нас — заменіш яго на нейкі час?

— Я не супраць, але ж ніколі молата ў руках не трымаў. Баюся, што не спраўлюся,— сказаў Міхась шчыра, так, як і думаў.

— Гэтага ты не бойся,— супакойваў майстар.— Ты ж і да слясарнага верстака прыйшоў з такімі ж самымі ведамі, а цяпер, бачыш, як авалодаў справай. Я папярэджу каваля, ён чалавек добры, усё зразумее.

— Воля ваша, я згодзен.

— Ну, і добра. Заўтра адразу ідзі не ў цэх, а ў кузню.

Як і дамовіліся, назаўтра Міхась зранку скіраваў прама ў кузню. Каваль сустрэў зычліва і цёпла. Відаць, папярэдне майстар пагаварыў пра яго, як гэта і трэба было ў такіх выпадках. Звалі каваля Мікалаем Паўлавічам Макаравым. Сам ён ленінградзец, але не з самога Ленінграда, а з вобласці. Калі яны разгаварыліся, дык высветлілася, што адначасова знаходзіліся ў «Крыжах» і таксама ў перасыльнай ленінградскай турме. Толькі з Ленінграда іх адпраўлялі рознымі этапамі-эшалонамі і ў розныя месцы.

— Цябе ў Южлаг, а мяне, браце, адразу сюды, у Нарыльск,— гаварыў Макараў.— Так што я тут старажыл, пяты год «загараю» ў гэтай тундры.

— Можа, Мікалаў Паўлавіч, гэта і лепш. Менш пакут перанеслі. Бо там, дзе мне давялося быць,— не мёд.

— Можа быць, можа быць,— згаджаўся каваль.— Я чуў пра тыя мясціны. Гаварылі, што там было пекла.

— Пекла, ды яшчэ і якое! Літаральна, як у вас тут цяпер на ЦЭЦ.

— Ну што ж, дружа, пазнаёміліся, пагаварылі, а цяпер — бліжэй да справы. Нас чакаюць заказы. Скажы шчыра, хоць аднойчы калі-небудзь трымаў у руках гэты молат?

— Калі шчыра, то не,— прызнаўся Міхась.

— Да прыходу ў гэту кузню я таксама ніколі не кавальнічаў. Вось тут пачынаў з маталабойца і дарос да каваля. Можа, і табе пашанцуе?

— Хто ведае, можа, выпадзе такое шчасце і на маю долю,— згадзіўся Міхась з думкай Макарава.

Не адразу засвоіў Міхась гэту не так ужо і складаную справу малатабойца, але ў той жа час і не простую. Тут патрэбна не толькі сіла, але і кемлівасць. Кемлівасці ў яго хапала, а вось што датычыць сілы, то ён яе пакуль не набраў пасля доўгай дарогі і пакутлівай працы на будаўніцтве ЦЭЦ. Молатам махаць — не гайкі наразаць. Ды Міхась і тут не падаў духам. Ён стараўся дагадзіць кавалю, а той, у сваю чаргу, таксама не вельмі патрабавальна ставіўся да яго. Наадварот, падбадзёрваў і дараваў промахі і агрэхі.

— Нічога, Міхась, усё будзе добра. Скора прывыкнеш да кавальскай справы, што пасля і не пажадаеш расставацца з ёю. Галоўнае — гэта тое, што ты заўсёды будзеш сыты. Без пайкі не застанешся,— гаварыў яму Макараў.— Бачу я, што з цябе хутка атрымаецца добры малатабоец.

І сапраўды, не прайшло і месяца, як Міхась свабодна кіраваў сваім молатам, працаваў у такт кавалю. Сумесная і зладжаная праца ў кузні зблізіла Асцёрскага з Макаравым. Яны пасябравалі — так пасябравалі, што пачалі есці з аднаго кацялка. Нешта іх парадніла, а што, дык яны і самі не адказалі б на гэта пытанне.

Цераз Макарава Міхась пазнаёміўся з кладаўшчыком Замяткіным Васілём Фамічом, які да свайго арышту кіраваў адным з буйнейшых калгасаў Мінусінскага раёна Краснаярскага краю. Замяткін быў стары камуніст — з 1918 года. Яму ў свой час давялося ваяваць з полчышчамі Калчака, з бандамі Дутава, з японскімі інтэрвентамі. Пра сваю баявую дзейнасць у час грамадзянскай вайны ён вельмі цікава расказваў. Кожны з рабацяг вагоннага дэпо стараўся зайсці да яго «пагрэцца» — паслухаць змястоўныя расказы.

— Васіль Фаміч, скажыце, калі ласка, за якую «гарэзлівасць» вас прыслалі сюды расказваць нам свае аўтабіяграфічныя апавяданні? — асмеліўся спытаць неяк у яго Міхась.

— За шкодніцтва, дыверсіі і шпіянаж на карысць Японіі,— адказаў ён спакойна і ўсміхнуўся.

— І колькі вам не пашкадавалі?

— Па пяць гадоў на шкодніцтва, дыверсіі і шпіянаж і яшчэ пяць гадоў паражэння ў правах. Як бачыш, поўная выкладка. Па заслугах і плата.

— Так, заплацілі вам добра, можна пазайздросціць.

Цераз Замяткіна Міхась пазнаёміўся і з загадчыкам інструментальнай Макоўскім Іванам Пракопавічам, таксама цікавым чалавекам, украінцам па нацыянальнасці — «румынскім шпіёнам». Гэты зэк меў дзесяць і плюс пяць паражэння. З ім таксама цікава было пагаварыць у любы час на любую тэму.

Так яны потым учатырох і гутарылі ў абедзенны перапынак, і ў часы так званых «перакураў», і ўвечары ў палатцы, а пасля і ў бараку. Хоць за гутаркамі забывалі пра свой горкі лёс, пра свае чорныя думы.

Якраз у гэты час часці Чырвонай Арміі гналі фашыстаў ад Масквы, ад Ціхвіна і Растова. Колькі было радасці тады сярод падняволеных рабацяг! Яны віншавалі адзін аднаго, абдымаліся і нават цалаваліся. Бо гэта былі першыя перамогі ў гэтай страшнай, бязлітаснай вайне. Асабліва радаваліся масквічы, бо ў кожнага з іх у Маскве засталіся сем'і. Разам з імі радаваліся і весяліліся ўсе астатнія, таму што Масква — сталіца і гонар савецкіх людзей. Па-ранейшаму былі засмучанымі ленінградцы, бо іх горад пакуль што заставаўся акружаны, блакіраваны ворагам. Трывожыў лёс сваіх гарадоў кіяўлян і мінчан.

Але нядоўга Міхасю давялося працаваць з Мікалаем Паўлавічам Макаравым. Праз два месяцы (а гэта ўжо быў пачатак 1942 года) вярнуўся з лазарэта Юмас, і Міхасю трэба было вяртацца ў майстэрню.

— Шкада мне пакідаць вас,— гаварыў Асцёрскі,— але што зробіш: жыццё наша такое — куды пашлюць, туды і пойдзеш. Ты — нявольнік.

— Ну, нічога, Міхась, спадзяюся, што мы яшчэ разам папрацуем і не раз адвядзём душу за расказамі. Ты толькі, браце, не забывай нас — пры выпадку заходзь, шкадаваць не будзеш,— жартаваў Макараў.


  Токар-шыечнік

— Ну, Асцёрскі, чым цяпер будзем займацца? Зноў буксы рамантаваць будзем? — сустрэў Міхася майстар, калі ён пасля працы ў кузні вярнуўся ў цэх.

— Што загадаеце, тое буду і рабіць,— па-салдацку адказаў Міхась.— Я цалкам у вашай уладзе.

— Мы разам з начальнікам вось што тут падумалі,— пачаў майстар ужо сур’ёзна.— Нам патрэбен будзе калёсны токар, дык мы вырашылі прапанаваць табе асвоіць гэту прафесію. Ты — хлопец кемлівы, павучышся месяц-другі і будзеш працаваць самастойна.

— А хто будзе вучыць мяне? — спытаў Міхась.

— Князеў Віталій,— тлумачыў майстар.— Яго забіраюць ад нас у паравознае дэпо. Але мы паставілі такую ўмову перад кіраўнікамі-паравознікамі і перад ім самім, што пакуль ён не падрыхтуе сабе замену, згоды на яго перавод не дадзім. Спецыяліст ён добры і чалавек неблагі. Так што ўсё будзе ў парадку.

— Добра, я згодзен.

— Але ты, Міхась, запамятай, што тачыць будзеш не бандажы, а толькі шыйкі колаў. Зразумеў?

— Зразумеў — буду токарам-шыечнікам. Так?

— Правільна зразумеў: будзеш вучыцца на токара-шыечніка,— сказаў майстар.— Гэта работа пачэсная, але і адказная. Работа высокай кваліфікацыі — 6—7 разрадаў. А значыць, і аплата высокая.

— Буду старацца асвоіць і такую спецыяльнасць,— паабяцаў Міхась свайму шэфу.

Вось так і пачаў асвойваць новую спецыяльнасць Асцёрскі. Кім толькі не быў ён за чатыры гады лагернага жыцця — лесарубам, землякопам, мостабудаўніком, рэйкаўкладчыкам, абходчыкам, дрывасекам, мулярам, маляром, тынкоўшчыкам, грузчыкам, выхавацелем, настаўнікам, малатабойцам, слесарам... І нарэшце — токарам.

Такарная справа Міхася даўно цікавіла, толькі не такая аднастайная. Гадзіна ў гадзіну, дзень у дзень трэба было рабіць адно і тое ж — тачыць шыйкі колавых пар, пры гэтым не новыя, а тыя, якія сапсаваліся ў дарозе ад гарэння буксаў і іншых дэфектаў.

— Вось бачыш, з якімі шыйкамі прыходзяць колавыя пары? — паказваў Міхасю яго настаўнік Князеў.— Як быццам хто іх скуламі ўсыпаў. А ад чаго б, ты думаў, гэта? Ад гарэння буксы. Метал плавіўся і на падшыпніках і на саміх буксах.

— А чаму так магло здарыцца? — пытаўся Міхась.

— А вось трапілі ў буксу маленькія каменьчыкі ці буйныя пясчынкі, а вагоншчык, які сочыць за гэтым, своечасова не заўважыў, не памяняў паклю, не заліў туды масла-мазуты — і будзь здароў,— тлумачыў Князеў.— Тут, браце, трэба вока і вока! А вось другі прыклад,—працягваў ён.— Бачыш, з якой шыйкай вось гэта колавая пара? Як толькі яна дапяла да дэпо,— і ён паказаў на колавай пары шыйку, зведзеную на нітку.

Калі Міхась паглядзеў на тую шыйку, то ён не паверыў сваім вачам. У гэтай шыйцы, у самай сярэдзіне яе, была канава. Яна падзяляла шыйку папалам.

— З такой шыйкай нам рабіць ужо няма чаго,— зноў тлумачыў Міхасю яго настаўнік.— Тут спачатку трэба памяняць самую вось, а тады ўжо можна будзе і апрацоўваць яе. А вось гэту,— паказаў ён на шыйку з другой колавай пары,— нягледзячы на глыбокія «барозны», можна апрацаваць. Але май на ўвазе,— працягваў ён,— кожную шыйку, перш чым апрацаваць, ды і пасля апрацоўкі, ты павінен змераць штангелем ці ў крайнім выпадку кранцыркулем — азначыць яе дыяметр. Калі ён вытрымлівае ўстаноўленую норму, здавай вагоннаму майстру, як гатовую прадукцыю, а не — адрасуй на замену восі.

Такім чынам яны пераглядзелі цэлы тузін колавых пар, падрыхтаваных для апрацоўкі.

— Запамятай, Міхась, адно, што кожную каравую, скуластую шыйку ты павінен будзеш перарабіць у гладкую, як шкло, і бліскучую, як люстра. Зрабіць яе такой, каб ты мог бачыць у ёй адбітак свайго твару,— сказаў у заключэнне настаўнік.

— Дзякую, Пётр Пятровіч, за навуку і за парады,— гаварыў Міхась свайму настаўніку.— Я буду рабіць усё, каб вас не падвесці і сябе не зганьбіць.

Замест планавых двух месяцаў Міхась асвоіў новую спецыяльнасць за два тыдні. А калі шчыра сказаць, то пад наглядам свайго настаўніка ён працаваў усяго толькі тыдзень. А другі тыдзень дык ён ужо самастойна варочаў гэтыя колавыя пары, падымаў іх на ланцугу, ставіў на станок, замацоўваў і выконваў усе аперацыі. А настаўнік толькі час ад часу падыходзіў да яго і, калі гэта трэба было, даваў свае заўвагі і патрэбныя ўказанні.

Спецыяльнасць токара-шыечніка на першы погляд здаецца вельмі простай. Але гэта толькі здалёк. А на самай жа справе яна — вельмі складаная і адказная. Бо для таго, каб давесці сваю прадукцыю да патрэбнай кандыцыі, трэба было зрабіць некалькі аперацый: зняць «хворы», напластаваны «скуламі» слой, другім разцом выраўняць таўшчыню ўсёй шыйкі, потым прайсціся графчыкам (ручным разцом) па паверхні ўсёй шыйкі і пасля ўсяго гэтага спачатку ўручную адшліфаваць яе наждачнай паперай, а потым правесці такую ж аперацыю і з дапамогай ручных ціскоў-зажымак з дабаўленнем машыннага масла. І калі часам пакажацца хоць адзіная якая-небудзь драпіна, усё трэба перарабляць нанава — пачынаць з нуля. Патрабаванні вельмі жорсткія, ды інакш у такіх выпадках няможна.

Усё гэта не так было б і страшна, каб сам працэс працы быў па-сапраўднаму механізаваны і аўтаматызаваны. А якраз аўтаматызацыяй там і не пахла. Міхасю, як і яго папярэдніку, давялося працаваць на самаробным і прымітыўным станку, сканструяваным і зробленым адным інжынерам-зэкам без якіх-небудзь умоў для гэтай складанай справы. А таму амаль усе работы па такарнай апрацоўцы шыек колавых пар праводзіліся ўручную, калі не лічыць таго, што з дапамогай матора прыводзілася ў рух колавая пара, якая была ўстаноўлена на металічную станіну. А за ўсё астатняе адказвалі рукі, якім дапамагалі зоркія вочы, спрыт і кемлівасць самога токара.

І нягледзячы на ўсё гэта, Міхась як след засвоіў гэту справу і пастаўляў вагоннаму цэху якасную прадукцыю — па-сапраўднаму апрацаваныя колавыя пары. І не толькі якасна, але і колькасна: пры норме чатыры ён апрацоўваў восем колавых пар за змену, што яго зменшчыку не вельмі падабалася. А калі ён аднойчы за адну змену апрацаваў дванаццаць колавых пар, той занепакоіўся і нават абурыўся:

— Рот твой, перарот, што ты нарабіў? Цяпер і мяне прымусяць па столькі ж даваць за змену. Ты ведаеш, што робіш? Норму павялічваеш. Вешаеш лішні хамут і мне, і сабе. Нас цяпер заціснуць начальнікі-жываглоты.

— Ты, Іван, даруй мне, я рабіў гэта без задняй думкі. Спадабалася работа — вось і націснуў на ўсе педалі. Цяпер я буду разумнейшы,— апраўдваўся Міхась перад сваім зменшчыкам.— Ты даруй мне за маю блізарукасць.

Слова сваё перад напарнікам Міхась стрымаў: пасля гэтай размовы ён больш як шэсць пар за змену не даваў. Калі бачыў, што ўжо паспеў зрабіць многа, пачынаў часцей рабіць перакуры.

І ўсё ж такі да яго неўзабаве прыслалі хранаметражыста, каб павялічыць нормы выпрацоўкі. Хранаметражыст да пачатку змены прыходзіў да рабочага месца Міхася і да канца змены запісваў усе яго рухі, яго перакуры, вымушаныя перапынкі і абедзенны час. У канцы змены ён падводзіў вынікі і дакладваў начальству. Але тут ужо Міхась не прамазаў. Зменшчык папярэдзіў Міхася, што такога трэба чакаць пасля яго «стаханаўскай змены». У тыя дні, калі прыходзіў хранаметражыст, Міхась стараўся даваць толькі норму, каб не падвесці і сябе, і свайго зменшчыка Івана Іванавіча Іванова.

Замест павелічэння нормы выпрацоўкі Міхась налягаў на якасць працы. Ён рабіў так, каб, як кажуць, камар носа не падсунуў. І за гэта Міхася хвалілі не менш, чым за колькасць. Яго ўсюды ставілі ў прыклад.

— Вось так трэба працаваць, як працуе Асцёрскі,— гаварыў майстар, а за ім і начальнік дэпо.

Так і пайшла слава пра шыечніка Асцёрскага, спачатку па вагонным дэпо, а пасля і па ўсёй дарозе. Дайшла яна і да начальніка дарогі. Яго паважалі, яму давяралі. Калі здаралася, што па якой-небудзь прычыне не выходзіў на работу зменны майстар (а гэта, як правіла, здаралася ў начную змену), гэту справу даручалі Міхасю. Начальства ведала, што ён ніколі нідзе не пакрывіў душой. Ён і рабацягу не пакрыўдзіць, і парадак у дэпо будзе. Ведалі, што ён сумленна будзе выконваць свае абавязкі.

Міхась любіў працаваць у начную змену. За 12 гадзін ён удосталь і напрацуецца, і адпачне, паслухае радыё, асабліва апошнія паведамленні, у час якіх заўсёды перадавалі зводку Саўінфармбюро аб падзеях на франтах Айчыннай вайны. У кабінеце начальніка, які на ноч не замыкаўся, вісела карта, на якой ён сам, начальнік, ці галоўны інжынер пазначалі ўмоўнымі знакамі ход наступленняў ці адступленняў нашых войск. У першы год вайны — больш адступлення, што кожнага з іх раніла прама ў сэрца — і вольнанаёмных, і зняволеных. Не было такога выпадку, каб хто-небудзь радаваўся савецкім няўдачам. Патрыятычныя пачуцці заглушалі крыўду.

А колькі было радасці, калі пачалі перадаваць па радыё аб наступальных баявых дзеяннях часцей Чырвонай Арміі! Асабліва абрадавала і ўсяліла дух упэўненасці ў хуткую перамогу вестка аб разгроме немцаў спачатку пад Масквою, а пасля пад Сталінградам і на Курскай дузе. Пасля гэтых перамог ужо кожны быў упэўнены ў непазбежнай перамозе над гітлерызмам. Кожны хварэў за сваіх родных і блізкіх, за свой родны кут і ўвогуле за Савецкую Радзіму.

Ужо больш як год Міхась працаваў токарам-шыечнікам. Яго па-ранейшаму хвалілі пры любым выпадку. І зарплата яго таксама выдзялялася сярод такіх, як ён. Ва ўсім цэху больш за яго зарабляў толькі зваршчык Міця Гарбуноў, патомны рабочы аднаго з Алапаеўскіх заводаў на Урале: Але ўсю гэту сваю так званую зарплату, як і электразваршчык Гарбуноў, Міхась ахвяроўваў то на эксадрыллю самалётаў для абароны Ленінграда, то на танкавую калону для разгрому немцаў пад Сталінградам, то на «кацюшы», з дапамогай якіх вызвалялася яго родная Беларусь. Як ён перажываў, калі наступленне затрымалася пад Віцебскам і пад Магілёвам, у раёне Крычаў — Чавусы на цэлых 9 месяцаў! Бо непадалёку ад Крычава знаходзілася і яго родная вёска. Чамусьці здавалася, што і яго вёска застаецца яшчэ пад ботамі захопнікаў. Толькі ён памыляўся: вёска яго была вызвалена яшчэ ў верасні 1943 года, Крычаў таксама. А вось Чавусы вызваляліся яшчэ амаль праз год пасля таго — у ліпені 1944 года ў час аперацыі «Баграціён». Ён не ведаў, што ў тых баях тады загінуў і яго родны брат Мікола.

Электразваршчык Міця (Дзмітрый Мітрафанавіч Гарбуноў) быў чалавек сталага веку, вельмі працавіты і сур’ёзны. Ад яго ніхто ніколі не пачуў брыдкага слова, ён ніколі нікога не абразіў. Паважалі яго як рабацягі, так і кіраўніцтва дэпо. Здавалася, што ён і мухі не пакрыўдзіць, а не тое што чалавека, што ён не здольны сябе абараніць, пастаяць за сябе ў патрэбную мінуту. Але гэта так толькі здавалася.

Неяк раз з так званых «бытавікоў» — дробны жулік — рызыкнуў назваць яго «контрыкам», і вось тут электразваршчык паказаў сябе: ён схапіў сцяжку (ёмісты ланцуг), якую варыў для счаплення вагонаў, і рушыў на свайго крыўдзіцеля. Той зразумеў, што зваршчык не жартуе, давай уцякаць цераз колавыя пары, якія падрыхтаваў Міхась, і розныя іншыя жалязякі. А Міця — за ім. Так яны бегалі мінут дзесяць, пакуль не ўмяшаўся ахоўнік.

— Я табе пакажу «контрыка», падонак, шакал! — крычаў зваршчык.— Патрыёт знайшоўся. Вырадак роду чалавечага!

— Міця, кінь свае цацкі, я гэта так, а ты і за сур’ёз прыняў,— прасіў яго крыўдзіцель.

— Я пакажу табе жартачкі, паразіт, гніда! — не супакойваўся Гарбуноў.

Усім калектывам, разам з ахоўнікам, яны ледзь-ледзь супакоілі раз’юшанага электразваршчыка.

— Дзмітрый Мітрафанавіч,— звярнуўся да яго Міхась,— кінь ты гэтага неразумнага байструка. Не пэцкай аб яго свае чыстыя рукі. Гэта ж неразумная істота.

— Ад такіх істот трэба ачышчаць зямлю! Ці не з-за іх мы і пакутуем тут з ярлыкамі «контрыкаў» і «ворагаў народа». Бачыш, друг народа знайшоўся!

І калі ўжо той супакоіўся, Міхась падсеў бліжэй да яго і асцярожна спытаў:

— Скажы, Міця, што табе прыпісвалі, калі ўзялі ў «вожыкавы рукавіцы?»

— Нават прызнацца сорамна,— адказаў той.— Мая сястра была замужам за сакратаром Свярдлоўскага абкома партыі Кабаковым. Кабакова ўзялі і, кажуць, расстралялі, а сястры далі 10 гадоў, як жонцы «ворага народа». Пасля ўзялі і мяне, прама з завода. І таксама дзесяткай узнагародзілі. Ну, няхай сабежонка,— гэта, як кажуць, «муж и жена — одна сатана». А мяне, патомнага рабочага, за што? Я гэтага Кабакова адзін раз за ўвесь час і бачыў, ды і то толькі на вяселлі. Яны жылі ў Свярдлоўску, а я ў Алапаеўску. Ніводнага разу ні я ў іх, ні яны ў мяне нават у гасцях не былі. І вось я «па-сваяцку» апынуўся ў ліку «контрыкаў», ці «ворагаў народа». Ты разумееш, крыўдна да слёз, а ён яшчэ, гэты «друг народа», абзывае мяне «контрыкам». І дзед, і бацька, і я працавалі на гэтым заводзе, а цяпер піша жонка, што і сын мой пайшоў туды ж. А ён «контрыкам» абзывае мяне, погань!

— Пабольш бы такіх «контрыкаў», як ты, Міця, дык даўно ўжо не толькі сацыялізм, але і камунізм пабудавалі б,— супакойваў яго, як мог, Міхась.

А Міхасёва слава расла. Аднойчы ён выпадкова трапіў у канцылярыю дэпо па нейкім пытанні і чуе, як начальнік дэпо з кімсьці гутарыць па тэлефоне і называе яго прозвішча. Міхась насцярожыўся і пачаў прыслухоўвацца.

— Вагоны глядзелі? — нехта пытаўся ў начальніка.

— Глядзелі,— адказвае начальнік.

— А колы?

— Таксама глядзелі.

— Асцёрскі глядзеў?

— Глядзеў.

— Ну, тады ўсё будзе ў парадку,— сказаў той.

А вагоны, пра якія ішла гутарка, былі ўрадавыя. Іх было два. У той час якраз чакалася ўрадавая дэлегацыя з удзелам замежных гасцей.

— Бачыш, Асцёрскі, якую ты славу займеў? Сам начальнік дарогі ведае цябе і верыць табе.

— Гэта мяне не радуе, паверце мне, грэшнаму,— адказаў яму Міхась.— Ёсць такая руская прымаўка: «Дальше от царей — будешь целей». Вось такой думкі прытрымліваюся і я.

Можа б, такая пахвала з боку начальства каго-небудзь і ўзрадавала, але толькі не Міхася. Па-першае, яму не пахвала трэба была за калючым дротам, а свабода — тая свабода, для якой ён нарадзіўся на свет; па-другое, яго прафесія — не вагонныя колы і не буксы, а выхаванне школьнага пакалення і само мастацкае слова.

Па натуры і па прызванні Міхась — паэт і настаўнік-выхавацель. А з іншымі прафесіямі ён сутыкаўся і сутыкаецца толькі для таго, каб не памерці з голаду. Ды і не сам ён іх выбірае. Яго вымушаюць мець справу з імі. А працаваць жа ён прывык з дзіцячых гадоў. Любоў да працы, якой бы яна ні была, прышчапіў яшчэ яму — падлетку — бацька. І з таго далёкага часу ён не цураўся ніякай працы, толькі б яна прыносіла карысць чалавеку. Ці гэта на лесапавале, ці на землякопцы, ці з сякерай на цяслярных работах, на слясарным верстаку, ці ў кузні, ці за такарным станком — усюды працаваў ён сумленна і самааддана, акрамя тых момантаў, калі па стане здароўя выходзіў са строю.

Яшчэ мучыла Міхася тое, што родныя мясціны з бацькамі заставаліся ад яго адрэзанымі. І ён другі раз вырашыў напісаць заяву ў Дзяржаўны Камітэт Абароны з просьбай накіраваць яго на фронт. Пасля гэтага ён з дня на дзень чакаў выкліку, але не дачакаўся. Замест выкліку ён месяцы праз тры атрымаў афіцыйны лаканічны адказ: «У просьбе адмовіць». Такі адказ для Міхася быў яшчэ адным цяжкім ударам. «Ну, няхай сабе пазбавілі мяне правоў свабодна жыць і працаваць, дык нават і абараняць краіну ад фашысцкіх захопнікаў...» — думаў ён, лежачы на нарах лагернага барака.

На першую сваю заяву-просьбу, якую ён пісаў яшчэ аж у жніўні 1941 года, ён наогул не атрымаў ніякага адказу. І гэта, можа, было для яго лягчэй. Думаў, што яна не дайшла да адрасата — згубілася недзе ў дарозе. Бо гэта было на пачатку вайны. А цяпер жа ўсё было па-іншаму. Першыя месяцы разгубленасці даўно ўжо мінуліся, ішоў 1943 пераломны год. Як-ніяк, а настрой у Міхася быў панылы.


  Юны сябар

Неяк улетку 1942 года, калі Міхась ужо працаваў самастойна і карыстаўся сякой-такой рэпутацыяй сярод кіраўніцтва дэпо і наогул чыгуначнага начальства, майстар прывёў да яго зусім яшчэ юнага, шаснаццацігадовага хлапчука і сказаў:

— Міхась, я вось памочніка табе прывёў. А дакладней — вучня. Гэта сын нашага паважанага цесляра-столяра Ступнікава Івана Васілевіча. Зрабі з яго калёснага токара. Ён — хлопец кемлівы.

— Рыгор Сцяпанавіч, няўжо вы для гэтага хлопца не знайшлі лягчэйшага чаго-небудзь? — не згаджаўся Міхась з майстрам.— Гэта ж рабацёнка не па яго сіле. Вы ж бачыце, што ён зусім яшчэ дзіця.

— Дык што, не згаджаешся браць у свае памочнікі?

— Ды не ў гэтым рэч, Рыгор Сцяпанавіч. Калі ўжо вам пажадалася ўладкаваць гэтага хлапчука на шыечны станок, я не ў сілах адмовіцца,— тлумачыў Міхась майстру.— Справа ў тым, што ён не пацягне такой фізічнай нагрузкі. Калі ўжо вам так хочацца зрабіць з яго токара, то пастаўце яго вучыцца такарнай справе на універсальны станок. Даручыце гэту справу спрактыкаванаму токару Паўлу Крысіну, у яго якраз і вучняў няма.

Майстар пастаяў з мінуту, падумаў і пагадзіўся з прапановай Міхася.

— Праўду кажаш, Асцёрскі. Так я, пэўна, і зраблю. Замест свайго Шуркі пастаўлю вучыцца яго на універсальным. Толькі пайду ўзгадню з начальнікам дэпо.

Назаўтра гэты хлапчук, якога звалі Міколам, як і малодшага брата Міхася, ужо стаяў ля універсальнага станка і ўстаўляў у патрон дэталь, замацоўваў яе і нясмела пачынаў абрабляць. А кіраваў працэсам яго вучобы спрактыкаваны токар Павел Крысін.

Хлопец і сапраўды аказаўся кемлівы. Праз пару дзён ён пачаў ужо сам выконваць нескладаныя такарныя работы, як, напрыклад, апрацоўка і нарэзка звычайных балтоў. А пасля настаўнік пачаў даручаць свайму вучню і больш-менш складаныя работы. За тры месяцы ён у асноўным засвоіў усе працэсы такарнай працы на гэтым станку і пачаў працаваць самастойна.

Яшчэ вучнем Мікола падыходзіў да Міхася, і яны гутарылі аб розным. Ён даведаўся пра тое, што Міхась па прафесіі настаўнік, ды яшчэ і славеснік. А Мікола якраз рыхтаваўся паступіць у сёмы клас вячэрняй школы. Яго бацька забраў з шостага класа дзённай школы, каб пасадзіць сына на ўласны хлеб. Міхась паабяцаў яму дапамагчы ў падрыхтоўцы і, трэба сказаць, абяцанне сваё выконваў.

Цяпер Мікола і працаваў, і вучыўся. Калі з чым не спраўляўся ў вучобе, заўсёды звяртаўся да Міхася, і ён ніколі не адмаўляў яму ў яго просьбе. Асабліва гэта датычылася такіх прадметаў, як мова, літаратура, гісторыя, геаграфія. Мікола ж, у сваю чаргу, прыносіў Міхасю свежыя газеты, часопісы, а таксама і кнігі. І ў дадатак да ўсяго гэтага — навіны з волі. Так і пачыналі яны жыць спярша як настаўнік з вучнем, а потым ужо і як бацька з сынам. Бо да роднага бацькі ён адносіўся з нейкім халадком і недаверам. І гэта не выпадкова. Тут былі важкія прычыны: той у свой час пакідаў сям’ю — уцякаў ад жонкі і дзяцей, спачатку ў Кузнецк, а потым і ў Нарыльск, дзе яны ледзь знайшлі яго і самі прыехалі да яго са сваёй роднай вёскі Канскага раёна Краснаярскага краю. Нават калі яны зноў і ўз’ядналіся, усё роўна жыцця не было. Ад такога няскладнага, пакутніцкага жыцця маці захварэла на сухоты і хутка памерла, пасля чаго бацька прывёў у хату, якую сам, сваімі рукамі зрабіў, другую жанчыну. Дзеці — сын і дачка — неўзлюбілі мачыху і яшчэ халаднейшымі зрабіліся ў адносінах да бацькі. І вось Мікола быў вельмі рады, што Міхась цяпер мог замяніць яму не толькі настаўніка, але і роднага бацьку. Ён убачыў у ім чалавека, на якога заўсёды можна абаперціся і якому заўсёды можна верыць.

Неяк раз у начную змену яны разгаварыліся, і Міхась спытаў у Міколы:

— А ты, Міколка, камсамолец ці не?

— Не, не было калі ўступаць.

— У тваім узросце трэба быць у гэтай маладзёжнай арганізацыі...

— Пагавару з сакратаром. Толькі ж да гэтага трэба рыхтавацца. Могуць яшчэ і не прыняць.

— Я, былы камсамолец са стажам, памагу табе.

Праз нейкі час Мікола прыйшоў у цэх вясёлы, з усмешкай на твары.

— Во ён,— паказаў на камсамольскі білет у чырвонай вокладцы Мікола.

— Віншую, дружа! — паціснуў яму руку Міхась.— А ты баяўся. Пачакай, яшчэ і ў партыю падрыхтуемся.

— Куды мне ў партыю! Туды прымаюць не такіх.

— А якіх жа?

— Ну, як табе сказаць? Асаблівых.

— Вось ты і будзеш асаблівым.

Як і раней, у няволі Міхась нікому, акрамя як мардоўскаму паэту, не прызнаваўся, што піша вершы. А Міколу недзе праз год асмеліўся прачытаць некалькі сваіх вершаў.

— Як здорава! — гаварыў з захапленнем Мікола.— Шкада, што я не магу чытаць па-беларуску. Але ж галоўны сэнс усіх гэтых вершаў я разумею. Калі можаш, перакладзі для мяне на рускую мову хоць парачку з гэтых вершаў,— папрасіў ён.

Міхась паспрабаваў зрабіць пераклад, толькі адчуў, што атрымалася не тое.

— А цяпер ты пішаш ці не? — пытаўся Мікола.

— Амаль што не. Ты ж ведаеш, што нам забараняюць. Баюся, каб яшчэ раз не прышылі контррэвалюцыю. Тым больш што пішу па-беларуску. У час шмону знойдуць, і мне — крышка,— тлумачыў, як мог, Міхась свайму юнаму сябру.

— А ты напішы, дай мне, і я зберагу.

— Не, Міколка, не хачу я ўблытваць і цябе ў сваю справу. Бо ты толькі яшчэ пачынаеш жыць. Не трэба яшчэ адной ахвяры. Хопіць і тых, што ўжо ёсць. У цябе яшчэ ўсё наперадзе.

Праз нейкі час, а гэта было ўзімку 1944 года, Мікола прыйшоў да Міхася і сказаў:

— Ведаеш што, Міхась Раманавіч, аб’яўлены набор на трохмесячныя курсы тапографаў. Зарплата па месцы работы захоўваецца, хоць курсы гэтыя і будуць з адрывам ад вытворчасці. Ці раіш ты мне падацца туды?

— Справа, браце, твая, але я асабіста раю. Заўсёды будзеш з прыродай сам-насам. Кожны дзень новыя ўражанні. Ды і зарплата там, пэўна, вышэйшая, чым тут, у дэпо.

Хутка пасля гэтага Мікола стаў курсантам. А ў Міхася былі свае часовыя перамены ў яго пакутніцкім жыцці.


  Зноў кузня

Зімовай раніцай 1944 года да Міхася падышоў майстар. Ён, нічога не кажучы, стаіць і глядзіць, як той варочае калёсныя пары.

— Рыгор Сцяпанавіч, вы штосьці сказаць мне хочаце, ды не адважыцеся.

— Так, ты кажаш праўду, як заўсёды,— сказаў майстар.— Хачу прапанаваць табе нешта, ды баюся, што не спадабаецца.

— Гаварыце, я да ўсяго гатовы, вы ж мяне ведаеце,— гаварыў Міхась.

— Ведаеш, Міхаська, тут такая справа. Сёння ноччу пасадзілі другога нашага малатабойца, дык я хацеў бы табе зноў прапанаваць папрацаваць нейкі час з кавалём Восіпавым, пакуль падшукаем новага,— тлумачыў майстар.— Табе справа гэта знаёма, ды і водгукі неблагія аб ранейшай тваёй працы ў кузні. Як ты на гэта глядзіш?

— Як бы я і глядзеў, а свайго рашэння вы не памяняеце,— адказаў Міхась.— Вы ж, пэўна, ужо ўзгаднілі гэту прапанову з самім начальнікам дэпо. А можа, нават і ідэя гэта яго?

— Калі сказаць шчыра, яго,— прызнаўся майстар.

— Як бачыце, адмовіцца я не маю права. Скажыце, калі я павінен ісці туды?

— Зараз, бо кузні нельга рабіць перапынку.

— А каму станок перадаць?

— Пакуль нікому. Пазней будзем глядзець.

Так Міхась зноў з токара ператварыўся ў малатабойца. Толькі ўжо цяпер ён працаваў на пару не з Макаравым, а з Восіпавым, пры гэтым не з «палітычным», а з «бытавіком».

Іван Восіпаў таксама быў ленінградцам і таксама ўраджэнцам Старарускага раёна. Ён разам са сваім братам Хведарам трапілі туды за нейкае супольнае злачынства. Так яны разам і крочылі па этапах, пакуль не трапілі ў Нарыльск. Іван працаваў кавалём, а Хведар — слесарам-вагоннікам. Калі ўжо надакучала і яму лазіць пад вагонамі, ён таксама перабраўся ў кузню.

На двух горнах у адным памяшканні дзве пары працавалі адначасова. З Макаравым працаваў яго сталы малатабоец Юмас Юзаф, якога ўсе звалі па-руску Іосіфам. Гэта негаваркі, высокі, моцна складзены латыш, які адбываў пакаранне без тэрміну і артыкула. Калі ў яго пыталіся, за што ён трапіў у гэтыя мясціны і на які тэрмін, ён заўсёды адказваў з гумарам:

— За непавагу да сваіх бацькоў на бестэрміновы тэрмін. Калі мне захочацца, тады я і паеду да жонкі, якая, пэўна, рада, што пазбавілася ад мяне.

Сам ён селянін. У час праўлення Ульманіса батрачыў у заможнага селяніна аж да прыходу туды часцей Савецкай Арміі. Гаспадар яго ўцёк за мяжу, а яго павязлі далей ад Латвіі, бо ён добра ведаў шмат каго з тых, хто служыў Ульманісу верай і праўдай. Ён быў рамізнікам у гаспадара.

Міхась хутка з ім пазнаёміўся, а пасля і пасябраваў. Гэта быў выключна сумленны чалавек і добры сябар.

Нялёгка было пераключыцца з адной работы на другую, асабліва на такую, як малатабоец. Паспрабуй прывыкнуць па 12 гадзін узапар махаць вялізным молатам! Гэта не з венікам хадзіць па цэху (а была і такая пасада) і нават і не ля станка стаяць і вадзіць графчыкам па шыйцы восі колавай пары. Тут патрэбна была сіла і трываласць.

Міхасю было ўжо не прывыкаць. Ён, сцяўшы зубы, стараўся, як мог, баючыся, каб не было горшага. А ў лагеры гэта рабілася вельмі проста. Цябе маглі ператварыць нават у нішто. І паскардзіцца не было каму. Ніхто цябе не пачуе і ніхто табе не дапаможа. Бо ніхто там не лічыў цябе за чалавека. Там ты — проста рабочае цягло, і толькі.

Пачалося зноў знаёмае для Міхася жыццё. Цэлы дзень ці ноч ён махаў сваім кавальскім молатам у такт невялікаму малатку каваля. А ў абедзенны перапынак і ў рэдкія часы перакураў ён зноў наведваў кладоўку, дзе слухаў цікавыя расказы яе гаспадара — кладаўшчыка Замяткіна. Разам з ім туды хадзіў і Юмас. А было гэта ўсё побач з кузняй. Там ён пазнаёміўся яшчэ з адным цікавым чалавекам — былым нашым контрразведчыкам даваеннага часу. Той яшчэ цікавей за Замяткіна расказваў асобныя эпізоды са свайго баявога, як сам гаварыў, жыцця. Гэта быў ужо немалады чалавек — гадоў пад пяцьдзесят. Па нацыянальнасці паляк. Але нарадзіўся і жыў на Украіне. Польшчу наведваў толькі па заданнях як легальна, так і нелегальна. Камуніст, удзельнік грамадзянскай вайны. У апошнія гады, да самага арышту афіцыйна лічыўся агентам нарыхтоўчай канторы, а фактычна працаваў контрразведчыкам у пагранічных раёнах Польшчы і Румыніі, якія ў той час былі буржуазнымі. Меў сям’ю, але вельмі рэдка з ёю бачыўся. Пасля таго як ён расказаў пра сябе, ахрысцілі яго «шпіёнам». Так пасля і клікалі, забываючыся на сапраўднае яго імя і прозвішча. А быў гэты «шпіён» не хто іншы, як Казімір Жаброўскі.

— Скажы, Жаброўскі, цяжкая гэта справа быць шпіёнам ці не? — спытаў у яго Міхась.

— Не шпіёнам, а контрразведчыкам,— паправіў той свайго субяседніка.

— Як бы там ні называў, а занятак гэты шпіёнскі,— настойваў на сваім Міхась.

— Не, не ўсё роўна,— не згаджаўся Жаброўскі.

— Для сапраўднага патрыёта высакародны, а для іншых... Самі разумееце.

— І колькі ж табе ўляпілі за тваю высакароднасць?

— Усяго толькі пятнаццаць і пяць паражэння ў правах.

— У чым жа цябе абвінавачвалі? — спытаў урэшце Юмас, які дасюль маўчаў.

— У тым, што быццам бы я працаваў на два бакі — на савецкі і на польска-румынскі. Гэта значыць, што я, камуніст з 1918 года, мог памяняць СССР на нейкія там Польшчы, Румыніі.

— У нас за нішто не судзяць,— падкалоў Макараў.

— У вас, можа, і не, а ў нас судзяць,— адказаў «шпіён».— Значыць, і над табой прысуд правільны, а яшчэ часам крыўдуеш.

— Ну, хопіць разводзіць дарэмныя спрэчкі,— прапанаваў Макараў.— Давай, Казімір Зыгмундавіч, лепш раскажы што-небудзь са свайго баявога жыцця.

— Эх, сябры, расказваць ёсць пра што, але не ведаю з чаго пачаць.

— Ну, вось раскажы хоць пра тое, як ты трапляў у тую ж самую Румынію. Пэўна ж, не так проста было?

— Перабірацца — і не раз — даводзілася ноччу цераз Днестр. Папярэдне развітваешся з сям’ёй, сябрамі і начальствам, якое цябе пасылае, а ўжо сярод ночы непрыкметна сядзеш у падрыхтаваную лодку — і шась на другі бераг. Там цябе хтосьці ўжо чакае. Потым той жа чалавек адвядзе цябе ў прызначанае месца, пасля чаго ты ўжо дзейнічаеш самастойна, але не без інструкцый, канечне.

— Ты даруй мне, што перапыняю, але скажы, як ты ў такі час адчуваў там сябе? — не стрымаўся Асцёрскі.— Ці боязна было аднаму?

— Наіўнае пытанне,— спакойна гаварыў «шпіён».— Уяві сабе, што ты ідзеш па канаце над безданню, у якой ледзь чарнеюцца вострыя скалы. Адна маленькая памылка, неасцярожнасць, і твая песенька спета. Вось і там таксама. Памыляцца контрразведчыку, як і мінёру, няможна. Добра ведаючы ўсё гэта, я рэдка калі распранаўся і разуваўся, начуючы ў гасцініцы ці прыватным доме. І пісталет заўсёды трымаеш пад галавой, а часам і лімонку — гранату.

— А скажы, Казімір Зыгмундавіч, былі такія выпадкі, калі вы сустракаліся з разведчыкамі з другога боку? — спытаў зноў Макараў.

— А як жа, былі, і неаднойчы. Толькі ні яны, ні я не адкрываліся. Яны сачылі за намі, а мы за імі. Яны палявалі на нас, а мы на іх. Быў выпадак, калі нам давялося ўступіць у паядынак. Добра, што гэта адбывалася на нашай тэрыторыі, у Адэсе. Я заўважыў, што гэтага чалавека неаднойчы бачыў у Кішынёве і ў Ясах, а цяпер ён ходзіць па Адэсе. Я паведаміў пра гэта сваім сябрам па службе, і мы яго накрылі ў рэстаране. Дужы быў, халера, ледзь справіліся ўтрох.

— Так, занятак твой быў не з лёгкіх,— сказаў Юмас.

— Дык затое ж і заплацілі няблага,— падкалоў Замяткін.

— Па рабоце і цана,— дадаў Макараў.

— Раскажы яшчэ пра што-небудзь,— прасіў хто-небудзь з кампаніі.

— У другі раз як-небудзь...— не згаджаўся «шпіён».— А зараз трэба ісці прыбіраць цэх, пакуль людзі абедаюць.— Ён працаваў прыбіральшчыкам у дэпо і баяўся страціць такую «добрую пасаду». Бо да гэтага ён дзёўбаў мёрзлую зямлю пад падмурак гарадскога драмтэатра.

Так што работа ў дэпо пасля такой катаргі — рай. Таму ён і трымаўся за яе. Некалькі разоў яму даводзілася падмяняць і малатабойца, калі па якой-небудзь прычыне той не выходзіў на работу. Больш за ўсё па хваробе. А такія вось гутаркі паміж зняволенымі неяк аблягчалі жыццё незаслужана пакрыўджаных людзей. Слухаючы падобныя расказы, яны забываліся на сваё рабскае становішча, у якім чалавеку не дазволена кіраваць сабою. Асабліва калі гэтыя расказы былі з гумарам. Збяруцца паднявольныя, паменцяць языкамі, і лягчэй робіцца на душы. Здавалася, што гэта не ў лагеры, а недзе на калгасным полі ці ў заводскім цэху. Усе гавораць, і ты гаворыш, усе смяюцца, і ты смяешся. Усе часам патрошкі выхваляюцца, і ты выхваляешся, як паляўнічыя ці рыбакі на ўлонні маткі-прыроды.


  Вяртанне ў цэх

Каля трох месяцаў — да цёплых майскіх дзён — Міхась махаў цяжкім кавальскім молатам. Ён і яшчэ працягваў бы там ішачыць, каб не адно здарэнне. На дарозе адбылася аварыя з-за сапсаванай колавай пары: перагарэла і абламалася шыйка восі на адным з вагонаў таварняка. Добра, што састаў быў невялікі і амаль паражняк. Праўда, некаторыя з вагонаў папсаваліся, але вялікіх страт чыгунка не панесла, ды і чалавечых ахвяр не было. Але ж факт застаецца фактам: аварыя адбылася з-за не апрацаванай як след шыйкі адной з колавых пар.

У начальніка дэпо кіраўніцтва чыгункі-вузкакалейкі спытала, хто з токараў-шыечнікаў апрацоўваў тую колавую пару. Той адказаў:

— Храмаў Васіль.

— А чаму не Асцёрскі? — пыталіся ў начальніка дэпо высокія чыны.

— Па ўважлівай прычыне не быў на рабоце,— схлусіў той.

— За нядбайныя адносіны да даручанай справы атрымаеш вымову,— запэўніў, начальнік дарогі.

А начальнік вагоннага дэпо, у сваю чаргу, аб’явіў вымову майстру і загадаў вярнуць у цэх, да станка, Асцёрскага. І Міхась зноў пачаў выконваць складаныя аперацыі на прымітыўным такарна-шыечным станку. Ён па-ранейшаму праводзіў павучальныя, карысныя гутаркі са сваім малодшым сябрам Міколкам, які без адрыву ад вытворчасці ў вячэрні час вучыўся на курсах тапографаў. Калі той сутыкаўся з цяжкасцямі ў сваёй вучобе ці працы, Міхась заўсёды памагаў яму. Ды і не толькі гэтым, Міхась памагаў свайму маладому сябру ва ўсіх жыццёвых пытаннях. Ён палюбіў яго так, як толькі можа любіць бацька свайго роднага сына. І Мікола са свайго боку лічыў Міхася другім сваім бацькам, што не вельмі падабалася Ступнікаву-старэйшаму. Ён неяк насцярожана пачаў адносіцца да Асцёрскага, затаіўшы ў душы нейкую крыўду.

У летні час і ў Нарыльску было добра. Круглыя суткі свяціла сонца. Пад яго промнямі, хай сабе і слабымі, можна было грэцца і ноччу. А Міхасю часта даводзілася працаваць у начную змену. І, трэба сказаць, яму такая змена падабалася. Ніякай мітусні, ніякага крыку-вэрхалу. Колькі хочаш працуеш і колькі хочаш адпачываеш. Ніхто табе не псуе нерваў, якія даўно і так былі ўжо сапсаваны. Ён прасіў майстра, каб той пасылаў у начную змену і Міколку, і той згаджаўся. А майстар ведаў пра сяброўства двух гэтых на першы погляд розных людзей. Ды і не толькі майстар. Пра гэта ўжо ведалі амаль усе ў дэпо, але глядзелі на такія ўзаемаадносіны па-рознаму.

Неяк раз Міхась рызыкнуў расказаць свайму юнаму сябру аб сваёй сямейнай трагедыі, пра якую ён яшчэ і сам добра не ведаў, але адчуваў гэта сэрцам.

— А можа, Міхась Раманавіч, гэта табе толькі так здаецца? — супакойваў, як мог, свайго старэйшага сябра Мікола.— Паспрабуй яшчэ раз напісаць сваёй Таісе.

— Кажаш «сваёй Таісе?» А ці яна цяпер мая?

— А чыя ж?

— Не ведаю чыя, а толькі ўжо не мая,— сумным голасам гаварыў Міхась.— Я ж табе гаварыў, што яна публічна адраклася ад мяне і пасля не адказала ні на адно маё пісьмо да яе.

— А ты яшчэ раз напішы. Можа, яна тваіх пісем і не атрымлівала.

— Напісаў бы, ды не ведаю куды: Ленінград жа ў блакадзе. Трэба трошкі пачакаць. Мне здаецца, што вось-вось кола гэтай праклятай блакады разляціцца!

— Ну, тады трошкі пачакай,— згадзіўся Мікола.

— Я ж, як толькі магу, стараюся паскорыць канец гэтай ненавіснай блакады. Кожны месяц амаль усю сваю зарплату ахвярую на абарону пакутніка Ленінграда. Жонка як жонка, яна ўжо ніколі не будзе маёй, а сын... Ён жа таксама недзе там пакутуе, калі застаўся жывы.

— Правільна робіш. Я і сам бы так рабіў,— шчыра і пераканаўча гаварыў Мікола.

Гэта гутарка адбывалася ў сярэдзіне чэрвеня 1944 года. А яшчэ да гэтага Міхась пачуў па радыё ноччу 26 чэрвеня, што 25 чэрвеня вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горад Чавусы Магілёўскай вобласці. Назаўтра ж паведамлялася аб тым, што ад акупантаў ачышчана Орша, потым — гарады Горкі, Шклоў і, нарэшце, Магілёў. Радасці не было канца. Каго б ён у той час ні сустракаў са сваіх знаёмых, усім гаварыў:

— Ты ведаеш, мая Магілёўшчына вызвалена ад фашысцкай чумы! Скора Гітлеру будзе капут!

І сябры па працы і па лёсу віншавалі Міхася з перамогай, да якой было яшчэ далёка.

Доўга не думаючы, Міхась сеў і напісаў пісьмы бацькам і двум сёстрам, якія жылі асобна ад бацькоў. Думаў, вось цяпер яны напішуць яму пра сябе, пра сваіх родных і блізкіх. Гэтыя пісьмы былі адпраўлены з першым параходам навігацыйнага сезона 1944 года. А навігацыя па Енісеі пачыналася ў сярэдзіне чэрвеня.

А праз два месяцы пасля таго да Міхася прыйшла новая радасць: 10 жніўня цалкам была знята блакада з гераічнага Ленінграда. І ён тут жа напісаў пісьмы Таісе і былой цешчы — Марыі Пятроўне. У пісьме да Таісы ён паведамляў аб тым, што жыў-здароў і спадзяецца на хуткае вызваленне. Пытаўся ў гэтым пісьме і пра сына. Прасіў яе берагчы іх агульнае дзіця, а таксама і самую сябе. Для парадку некалькі слоў пракляцця паслаў у адрас Гітлера, узваліўшы ўсю віну на яго і за свой лёс. Маўляў, каб не ён, дык і з ім, Міхасём, не здарылася б таго, што ён перанёс і перажыў разам з ёю, Таісай, і іх сынам, Алегам. Хоць сапраўднага віноўніка ён ужо добра ведаў, але ў пісьме не хацеў пра гэта гаварыць, каб не наклікаць на сябе новай, яшчэ страшнейшай бяды. А ў пісьме да былой цешчы ён яшчэ больш хітрыў. Два пісьмы адправіў адначасова міма лагернай цэнзуры. Іх аднёс на пошту Мікола, і яны пайшлі па прызначэнні ў канвертах з грыфам «Авіа».

Не прайшло і месяца, як Міхась атрымаў адказы на абодва пісьмы. Пісьмо ад былой цешчы было лаканічным. Яна паведамляла аб тым, што за вайну яны нагараваліся, але засталіся жывымі і што асабіста яе напаткала вялікае гора: у час бамбёжкі Ленінграда яшчэ ў 1941 годзе загінуў яе муж, айчым Таісы.

Таіса ж настрачыла пісьмо на цэлых чатыры старонкі. Яна пісала: «Міхась, я вельмі рада, што ты жыў і здароў і што не крыўдуеш на мяне за маё маўчанне. Ты ведаеш, што я замужам за палкоўнікам. У мяне ад яго ёсць сын Вова. Наш Алік расце і чакае цябе. Муж мой зараз на фронце — змагаецца з агульным нашым ворагам — фашызмам. Але нягледзячы на ўсё гэта, ты прыязджай, як толькі вызвалішся. Мы цябе чакаем...» І ў канцы: «Таіса».

Міхась набраўся цярпення — дачытаў да канца. Хацеў быў адразу парваць гэтыя лісткі і кінуць у грубку, але ўстрымаўся. Ён вырашыў паказаць гэта пісьмо свайму юнаму сябру і параіцца з ім. Так ён і зрабіў. У той жа дзень ён даў пачытаць ліст Міколу.

— Ну як, класічны «твор»? Добрая краля? — спытаўся Міхась.

— Марыя Магдаліна,— адказаў Мікола.

— Тады скажы, Міколка, як мне быць? Аднаму мне тут не справіцца. Ты бачыш, якая ханжа: «Я замужам... У мяне ёсць сын ад яго (новага мужа, значыць), але ты прыязджай». Гэта выходзіць так, што я, былы яе муж, бацька яе старэйшага сына, цяпер павінен буду ехаць туды ў ролі яе палюбоўніка ці распусніка. Як табе падабаецца гэта?

— Ты знаеш, Міхась Раманавіч, такая задача мне не пад сілу. Сам мой узрост і мізэрны жыццёвы вопыт не даюць разабрацца ў гэтым. Тут неяк усё заблытана, пераблытана. Давай пакуль што адкладзём гэту справу. Добра падумаем.

— Я згодзен, адкладзём хоць да заўтра,— пагадзіўся Міхась.— Думай ты, і я буду думаць.

Назаўтра Міхась зноў спытаў у Міколы яго думку. Той пакруціў галавою і прызнаўся:

— Нічога я, браце, не прыдумаў. Вырашай сам, як знаеш.

— А вось што я вырашыў,— сказаў Міхась.— Адкажу ёй на гэта пісьмо так, як быццам паміж намі нічога не здарылася. Распытаю ў яе пра свайго пераемніка, хто ён і што, нават пахвалю яго за добразычлівасць у адносінах да яе і сына, назаву яго «ратавальнікам» сваёй сям’і. Пагляджу, што яна адкажа на гэта. Няхай раскрывае свае карты.

— Разумнае рашэнне,— сказаў Мікола,— я з табою згодзен.

Так Міхась і зрабіў. Ён пісаў ёй так, як быццам паміж імі нічога і не адбылося. Відаць, яна паверыла і напісала Міхасю, што па-ранейшаму яго кахае. А ўсё, што здарылася з ёю, дык гэта вымушанае, паміма яе волі і жадання. Умольвала яго дараваць ёй за яе «памылку» і пры першым выпадку прыязджаць. А калі ў новым сваім пісьме Міхась спытаў, што яна будзе рабіць з двума мужамі, яна адказала трыма словамі: «Тады будзе відаць».

— Бачыш, якая крывадушная? Няўжо яна не разумее, што яе хітрасць відаць?

— Падлюка! — не стрымаўся Міколка.— Больш не пішы ёй ні слова.

— Пакуль што ўстрымаюся.

Не прайшло шмат часу, як, не дачакаўшыся адказу, Таіса прыслала Міхасю новы ліст, у якім ці то са шкадаваннем, ці то з радасцю (так ён і не зразумеў) яна паведамляла яму аб гібелі другога мужа: «Дарагі Міхась,— пісала яна,— мяне напаткала вялікае гора — загінуў мой муж у званні палкоўніка. Я не ведаю, што мне рабіць цяпер? Як мне жыць?»

Можа, каб Міхась быў у іншых умовах, яго хоць трохі кранула б гора яго былой жонкі, а цяпер яму хацелася над ім смяяцца: «Так табе і трэба!»

Яго юны сябра выказаў падобную думку, толькі звернутую да таго, што загінуў.

Міхась напісаў хутчэй не спачувальны, а з’едлівы ліст і паслаў Таісе, спадзеючыся, што на гэтым і скончыцца іх няшчырая перапіска, але дзе там! Яна пачала пісаць яму яшчэ часцей і запрашаць пасля адбыцця «тэрміну пакарання» прыехаць да «сваёй сям’і». «Толькі ты дарэмна абражаеш майго часовага мужа, ён добры чалавек. Выратаваў ад гібелі мяне і сына нашага, маму — вывез у пачатку блакады ў Куйбышаўскую вобласць да сваіх сваякоў, дзе мы і жылі да зняцця блакады». Так яна і называла свайго палкоўніка «часовым мужам». Не мог Міхась не ўпікнуць яе гэтым: «Сёння ты называеш Рэдзькіна «часовым мужам», а нядаўна, пэўна, так жа называла мяне ў яго прысутнасці. А каго ж заўтра назавеш гэтым словам?»

Пакуль Міхась вёў такую нервозную перапіску, адразу да яго прыйшлі два лісты з родных мясцін ад родных яму людзей — ад сястры і пляменніцы. Сястра пісала, што яны ўсе бясконца рады яго пісьму, рады, што ён жыў і здароў і што ў іх таксама ўсё ў парадку, што яны з нецярпеннем чакаюць яго дамоў, асабліва маці, у якой ён заўсёды быў любімым дзіцем. Калі Міхась прачытаў гэты ліст, то адразу адчуў, што нешта замоўчваецца. Гаворыцца пра маці — і ні слова пра бацьку. Пра брата Міколу таксама нічога не сказана. «Тут штосьці не тое,— падумаў Міхась.— Не ўсё ёсць у радках, засталося нешта па-за радкамі...» Ён трошкі паразважаў сам з сабою і адкрыў канверт ад пляменніцы.

У гэтым лісце Міхась не знайшоў ніякіх рэбусаў. Па сваёй нявопытнасці з першых радкоў Галя пісала пра ўсё так, як яно было на самай справе: «Дарагі дзядзька Міхась, вы пісалі і пасылалі пісьмо на імя маёй мамы, дык яе ўжо няма — памерла ад тыфусу, які прынеслі нам фашысты. Бацька ж загінуў на вайне недзе пад Чавусамі. Там жа забілі і дзядзьку Міколу, вашага роднага брата. Забілі на вайне і дзядзьку Сёмку і дзядзьку Сашку, і яшчэ дзядзьку Грышку. Дзед Раман, ваш бацька родны, памёр ад таго, што забілі дзядзьку Міколу. І яшчэ хачу паведаміць вам, што забілі на вайне дзядзьку Петрака, мужа цёткі Пёклы, дзядзьку Васіля, мужа другой цёткі, і дзядзьку Ігната, мужа трэцяй цёткі Ганны. Забілі і дзядзьку Змітрака, брата майго бацькі. І цётку Полю забілі немцы. Цяпер я засталася адна жыць у сваёй хаце далёка ад цётак і бабы. Яны запрашаюць мяне жыць да іх, але я не хачу ісці са сваёй хаты. Цяжка мне жыць, але трэба. Цяпер усім цяжка. Прыязджайце хоць вы да нас. Піша вам ваша пляменніца Галя».

Калі Міхась прачытаў гэта прастадушнае, шчырае пісьмо, яго адразу кінула ў жар. Нейкі час ён знаходзіўся нібы ў шокавым стане. А калі апрытомнеў, не стрымаўся і заплакаў наўзрыд.

— Што з табою, Асцёрскі? — пыталі і адначасова супакойвалі яго суседзі па нарах.

Міхась нічога нікому не адказваў, а яшчэ мацней плакаў, што з ім рэдка здаралася. Гаварыць ён не мог, а замест гэтага паказваў на пісьмо. Суседзі па нарах здагадаліся, што там нешта страшнае.

І пасля гэтага яны спрабавалі супакойваць яго, але нічога не маглі зрабіць.

Было гэта вераснёўскім вечарам. Потым усю ноч Міхась не спаў, а толькі плакаў. Назаўтра раніцай ён сказаў сябрам, што захварэў і на работу не пойдзе. У медпункт ён не пайшоў: ведаў, што ад такой хваробы ад работы ніхто вызваляць не будзе, бо ні паносу, ні тэмпературы ў яго не было.

Хутка пасля разводу да яго ў барак прыходзіць нарадчык і пытае, чаму ён не ў дэпо, а ў бараку. Міхась сказаў, што ён хворы.

— А вызваленне ад фельчара ёсць? — спытаў той.

— Няма і не будзе,— адказаў Міхась.

— Я цябе, Асцёрскі, не разумею.

— І не зразумееш.

— Ты растлумач мне па-чалавечы, у чым справа?

— Я ў адзін дзень страціў больш за дзесяць блізкіх мне людзей.

— Дзе, якіх людзей?

І Міхасць расказаў яму ўсё па парадку, як чалавеку. Але той не быў чалавекам. Ён палічыў гэта як прычыну сімуляцыі і сабатажу.

— Гэта не прычына,— сказаў ён.— Паміраюць і гінуць не толькі твае сваякі. Амаль кожны з нас панёс такія страты. Дык што ж у такім выпадку — спыніць усё жыццё ў краіне?

— Я так не думаю. Не скажай маіх слоў і не здзекуйся з майго гора. Жывёла і тая ўжо змагла б зразумець, а да цябе ніяк гэта не даходзіць. Як табе не сорамна!

— Ідзі ў дэпо, да свайго станка, па-добраму прашу,— настойваў на сваім нарадчык.

— Я ж табе сказаў, што не магу — кругом хворы.

— Ну, тады я цябе падлячу. Хадзем са мной! — і ён павёў Міхася прама ў кандзей пры вахце.

Роўна суткі праседзеў Міхась у халодным ізалятары. А раніцай наступнага дня да яго прыйшоў той жа нарадчык і аб’явіў:

— Не хацеў працаваць на станку, дык зноў пойдзеш у кузню да Восіпава. Будзеш зноў гуляць з молатам.

— Да станка пайду, а ў кузню не. У мяне зараз няма сілы — я хворы. Ды зразумей жа ты нарэшце, бяздушнае быдла!

— Што ж, пасядзі тут яшчэ дзянёк, можа, і сілы набярэш у гэтых апартаментах на пайцы хлеба ў трыста грамаў і на святой вадзіцы.

— Усё роўна не пайду! — паўтарыў Міхась.

Яшчэ праз суткі да яго зноў звярнуліся з той жа прапановай. І адказ быў той жа самы.

— Ну, пасядзі, пасядзі, набірайся сілы,— здзекаваўся нарадчык.

А на чацвёртыя суткі да яго прыйшоў узброены ахоўнік і скамандаваў ісці з ім у штрафную зону, дзе ў асноўным былі сабраны ўсе тыя, на каго даўно махнулі рукою — самыя адпетыя жулікі, хто не ўяўляў, што такое сапраўдная свабода,— вечныя лагернікі.


  Двайная кара

Насельнікі гэтай зоны будавалі новы горад, які быў запланаваны прыкладна за тры кіламетры ад старога пасёлка.

Праз пасёлак праходзіла вузкакалейная чыгунка, якая пачыналася ў Дудзінцы і заканчвалася ў Вальку. У цэнтры пасёлка знаходзіўся і так званы вакзал гэтай чыгункі. А непадалёку ад яго віднеліся памяшканні двух дэпо: паравознага і вагоннага з усёю іх гаспадаркай. Трохі воддаль ад гэтых няхітрых збудаванняў працавалі ўжо два металургічныя заводы — Вялікі (ВМЗ) і Малы (ММЗ). Цяпер гэта Нікелевы і Медны. А з другога боку працавалі шахты — вугальныя і рудныя. Яны размяшчаліся ў падножжы дзвюх безыменных гор, адну з якіх у народзе празвалі Шміціхай — па імені яе адкрывальніка. На ўсіх гэтых прадпрыемствах, чыгунцы і ў культурных установах у асноўным працавалі зняволеныя. Іх там былі дзесяткі, а можа, сотні тысяч. Іх ніхто ніколі як след не лічыў. Ды і навошта гэта было рабіць? Адпрацуюць, ад’ішачаць сваё гэтыя рабы, складуць свае косці ў вечную мерзлату, замест іх прышлюць другіх. Бо «вярбоўшчыкі» былі надзейныя. Планы свае яны не толькі выконвалі, але і перавыконвалі, за што мелі шчодрыя ўзнагароды.

Вось як выглядаў тагачасны пасёлак Нарыльск. Калі ў першыя гады свайго існавання ён мог задаволіць патрэбы сваіх гаспадароў, то ў далейшым стаў тормазам вялікіх задум. Таму і было вырашана распачаць будаўніцтва новага горада. Падмурак яго закладвалі штрафнікі. Трэба было капаць катлаваны пад грамадскія памяшканні, навуковыя і навучальныя ўстановы і проста пад звычайныя жылыя дамы.

Горада яшчэ не было, а ўжо з рук у рукі хадзілі планы яго забудоў, вуліц, плошчаў і сквераў. Намячалася будаўніцтва і спартыўных збудаванняў, а таксама памяшканняў машынабудаўнічага інстытута і Дома піянераў, новага драмтэатра.

Працавалі там тысячы такіх жа «камсамольцаў», як і Міхась, толькі на розных аб’ектах. На долю Міхася выпала будаўніцтва новай гасцініцы; спачатку закладваць падмурак, а потым ужо ўзводзіць і сцены з прывезенай туды цэглы.

Дзякуй богу, як гаварыў сабе Міхась, да яго прыходу тут ужо былі выкапаны катлаваны. Ён цяпер рыхтаваў раствор, насіў яго ў насілках-карытах, а часам і на тачцы вазіў да месца прызначэння. Падносіў і падвозіў на тачцы каменне і цэглу. А калі з падмуркам было закончана, насіў цэглу і раствор аж да чацвёртага паверха. Як і на падмурак, раствор насіў у насілках-карыце, а цэглу — на «казе» — спецыяльна зробленым для гэтага ўслончыку. І так з дня ў дзень. Спрабавалі ставіць яго на кладку цэглы, але ён пастараўся паказаць сябе «непрыгодным» да гэтай працы. Можа, сам працэс гэтай працы і лягчэйшы, але ж цэлую змену трэба стаяць на ветры, пурзе і марозе, што не кожны здольны вытрымаць. Бо рабіць усё гэта трэба было голымі рукамі. Таму Міхась і вырашыў схітрыць, паказаць сваю «бяздарнасць». Разы тры яго патрывожылі і пасля таго, як пераканаліся, што ў яго няма такой «кемлівасці», перасталі чапляцца. Махнулі рукой, як на «безнадзейнага», што яго вельмі ўзрадавала. Ён сваімі вачамі бачыў, як выходзілі са строю муляры з абмарожанымі рукамі і тварамі.

Міхасю пашанцавала ў адным, што на пару з ім працаваў былы саліст Казахскага радыё Кастусь Шыраеў. З ім яны не толькі разам працавалі, але і спалі на нарах у бараку. Чалавек гэты па сваёй натуры быў аптымістам. Ён ніколі не траціў надзеі на тое, што яшчэ будзе спяваць, і не толькі па радыё, але і ў вялікіх канцэртных залах. А таму ён кожны дзень, раніцай, правяраў свой голас, канечне, употай ад розных насмешнікаў. Першы раз, калі Міхась яшчэ нічога не ведаў пра яго, нават перапалохаўся. А было гэта так. Раніцай, перад пад’ёмам, ён пачуў, як яго сусед падае нейкія неўласцівыя яму гукі: «Э-э-э! Ы-ы-ы! О-го-го! А-у, а-у! Гага-га!»

— Шыраеў, што з табой? Ты хворы? Ці, можа, у сне спалохаўся чаго?

— Не перашкаджай мне, Асцёрскі! Я голас правяраю.

— Дык ты ж трызніш,— прыставаў Міхась.

— Адстань ад мяне! Я правяраю голас,— адказаў той.

— Як гэта правяраеш?

— А вось так,— і ён пачаў паўтараць свае практыкаванні.— Я ж яшчэ не трачу надзеі на справядлівасць. Мяркую яшчэ паспяваць на волі. І з гэтай марай я не расстануся. Нават калі і прыйдзецца цалкам адбываць гэты дзікі тэрмін, і то ўжо застаецца толькі тры гады. Сем гадоў ужо адбухаў і, дзякуй богу, застаўся жывы.

Але, на жаль, жывым ён не застаўся. Як потым даведаўся Міхась, улетку наступнага года ён, ратуючыся ад цынгі, наеўся нейкай дзікай травы, якую прыняў за палявы часнок, і аддаў богу душу — памёр «сваёй смерцю».

— Царства нябеснае яму! — гаварылі тыя, хто ведаў яго,— таленавітага спевака і цудоўнага чалавека.

Але ўсё гэта было потым. А пакуль яны разам з Міхасём узводзілі памяшканне гасцініцы.

У бараку, дзе жылі Міхась з Шыраевым, было вельмі мала «ворагаў народа». У асноўным яго жыхарамі былі «сябры народа» — жулікі і бандзюгі. А таму нельга было пакінуць там ніякай анучыны, не гаворачы ўжо пра сапраўдныя рэчы ці прадукты. Даводзілася ўсё цягаць з сабою, ідучы на работу. Міхасю пашэнціла, што трапіўся такі напарнік. У сваю чаргу і Шыраеву таксама пашчасціла, што да яго прыйшоў шчыры і сумленны чалавек.

Аднойчы, лежачы на нарах, Міхась спытаў у Шыраева:

— Скажы, Канстанцін Міхайлавіч, за што цябе загналі за гэтыя краты, у гэта пекла?

— За тое, што «ігнараваў сучасныя песні», у якіх праслаўляецца розум і дзейнасць «вялікага правадыра» — Сталіна, а замест іх падбіраў рэпертуар «царскіх песень» (так яны разумелі народныя песні), чым «усхваляў феадальна-буржуазныя парадкі часоў рускага царызму». Мой жа рэпертуар мала чым адрозніваўся ад рэпертуара Фёдара Шаляпіна. Канечне, не па сіле яго выканання, а па тэматыцы і змесце. Хоць я і лічу сябе вучнем гэтага вялікага рускага спевака, але параўноўваць сябе з ім не збіраюся. Гэта было б не больш і не менш як самахвальства з майго боку, не гаворачы ўжо пра нясціпласць.

— А цябе за што? — у сваю чаргу, спытаў той.

— Мяне,— сказаў Міхась,— за тое, што хацеў «аддзяліць Беларусь ад СССР». І ў дадатак да ўсяго гэтага — «рыхтаваў замах на членаў Палітбюро».

— Выходзіць, што мы абодва — контры?

— Выходзіць так,— сказаў Міхась. Яны добра разумелі адзін аднаго і горка ўсміхаліся.

— А завошта цябе кінулі ў гэты сабачнік? — яшчэ раз звярнуўся да Шыраева Міхась.

— Брыгадзіра абазваў крэтынам, а калі яго пачаў абараняць начальнік КВЧ, якому ён паскардзіўся на мяне, і той стаў лаяць мяне і пагражаць, я абазваў начальніка шакалам, які падбірае падлу і аб’едкі. Вось ён і «камандзіраваў» мяне, як ты кажаш, у гэтую псарню. А калі я цяпер выберуся і наогул ці выберуся, хто яго ведае. А ты як сюды трапіў?

Міхась расказаў яму ўсё, як было, і той спачувальна сказаў:

— Звяругі! Чалавек усю радню страціў, а яны яго за гэта — на штрафную. Трэба было звярнуцца куды-небудзь да вышэйшага начальства.

— Ты, Канстанцін Міхайлавіч, чалавек разумны. Каму мы патрэбны? Хто за нас закіне слова? Ты гісторыю вучыў. Скажы, хто калі заступаўся за раба? — горка гаварыў Міхась.— Дарэчы, дзе ты да гэтага працаваў?

— Грузчыкам на гандлёвай базе. Там хоць нялёгка было, але мы не галадалі і абшарпанымі не хадзілі, як зараз,— гаварыў Шыраеў.— Ды і вошай не бачылі. А тут гэтыя казяўкі не даюць жыцця. Пражыў я тут колькі часу, а яшчэ ніводнага разу ў лазні не быў і бялізны не мяняў.

Так яны і трымаліся адзін аднаго, пакуль не патурбавалі Міхася праз якіх-небудзь тры месяцы пасля яго прыходу на гэты пякельны круг.

А ўсё адбылося вельмі проста. Раніцай, у час разводу яго выклікалі і сказалі, каб ён не ішоў на аб’ект, таму што яго чакала іншая дарога. Толькі, як заўсёды, не сказалі куды. На пытанне адказалі:

— Даведаешся пасля, пэўна, табе ж гэта не ўпершыню.


  Зноў дэпо

Нечакана для самога сябе, Міхась зноў апынуўся ў бараку работнікаў вагоннага дэпо.

— О, браточкі, паглядзіце, хто прыйшоў да нас,— гучна сказаў Макараў.

Ён першы падскочыў да Міхася, абняў па-мужчынску і першы паціснуў яму руку. За ім тое ж самае зрабілі і іншыя насельнікі гэтага «гатэля». Убаку былі толькі тыя, хто прыйшоў з начной змены.

— Пойдзеш у начную змену,— сказаў яму зменны майстар Васільеў,— твой станок цябе чакае.

А ўсё адбывалася так. У вагоннае дэпо прыйшоў новы начальнік Пярэрва Яўген Прохаравіч. І яму расказаў пра сёе-тое майстар Рыгор Сцяпанавіч. Ён сказаў, што з дэпо забралі лепшага токара-шыечніка, кім яно раней ганарылася і пра якога добра ведае начальнік дарогі. Той спачатку нічога канкрэтнага не сказаў, паабяцаў толькі разабрацца. А пасля таго, як навёў даведкі, звярнуўся ў адпаведныя органы Нарыльска з просьбай накіраваць у яго распараджэнне спецыяліста-чыгуначніка па вагонна-таварнай частцы, Асцёрскага Міхаіла Раманавіча, і там просьбу ўважылі. Вось так Міхась вярнуўся зноў туды, адкуль узялі яго тры месяцы таму назад. Перш чым легчы на нары, ён сам папрасіў, каб спачатку адвялі ў санпрапускнік і памянялі бялізну. А ўвечары ён ужо пайшоў у дэпо ў начную змену — да свайго дапатопнага станка.

Майстра свайго ўбачыў толькі раніцай. Ён узрадаваўся сустрэчы і адначасова паведаміў Міхасю горкую вестку:атрымаў пахаванку на свайго адзінага сына Шурку, месца якога на такарным станку пасля заняў Мікола Ступнікаў, юны сябар Міхася. Ён гаварыў і плакаў. Міхась расказаў аб сваіх стратах і таксама плакаў. І тут у яго ўзнікла думка: напісаць яшчэ адну заяву з просьбай адправіць на фронт — помсціць за брата, бацьку, дваюрадных братоў, за сястру, зяцёў і за Шурку, з якім ён калісьці тут, у гэтым дэпо, быў у добрых, сяброўскіх адносінах. Калі ён прызнаўся ў гэтым майстру, той падумаў і сказаў:

— Рашэнне тваё высакароднае, але пасля гібелі сына я баюся яшчэ страціць і сябра, а таксама добрага работніка. Спачатку добра падумай, а потым ужо рашай,— раіў ён Міхасю.

— А я ўжо, Рыгор Сцяпанавіч, рашыў: заўтра пішу і пасылаю заяву на імя самога Вярхоўнага. Баюся толькі аднаго, што не задаволяць просьбу. Гэта будзе ўжо трэцяя мая заява. Як кажуць, бог тройцу любіць. А можа, і клюне.

— Што ж, вольнаму — воля. Калі рашыў, падавай,— згадзіўся той.

І зноў закруцілася жыццёвае кола, падобнае на тое, якое круцілася на станку. Міхась, як і раней, старанна працаваў на сваім прывычным месцы, як быццам ён ніколі і не адлучаўся з гэтага дэпо і ад гэтага дапатопнага станка.

Усё было добра: яго гасцінна сустрэлі знаёмыя людзі, з якімі ён працаваў ужо больш за тры гады. Адно засмучала: пакуль ён знаходзіўся ў той трохмесячнай «камандзіроўцы», нядбайныя работнікі папсавалі ўсе разцы і графчыкі, расхісталі станіну самога станка, абарвалі ланцуг, з дапамогай якога ён устанаўліваў колавую пару на станок. Ён прыйшоў да гэтага станка, як быццам у дом пасля пажару. Колькі часу прайшло толькі на тое, каб пачысціць і змазаць як след станок. Адным словам, усё было дабіта да ручкі. «Вось чаму так занепакоілася начальства і прыняло ўсе захады, каб мяне вярнуць сюды,— думаў Міхась.— Іх, начальнікаў, непакоіў не столькі мой лёс, колькі свой спакой і дабрабыт».

А працавалі на гэтым станку ў адсутнасць Міхася яго ж былыя вучні, якіх ён рыхтаваў самым старанным чынам. Праўда, ён і тады не мог за іх паручыцца, хоць начальства і лічыла іх «надзейнымі бытавікамі». Адным словам, яны ўсе былі з кампаніі блатных, каго цікавіла не работа на станку, а нешта іншае — што бліжэй ляжыць пад рукамі. Яны не вылазілі з лагера. Не паспявалі адбыць адзін тэрмін, як тут жа зараблялі другі. Некаторыя з іх не мелі ніякага ўяўлення аб сапраўднай свабодзе. Яны з дзіцячых гадоў жылі ў такіх месцах, а таму турму і лагер лічылі сваім родным домам. Вось такіх «экспанатаў» і падсоўвалі ўвесь час Міхасю ў вучні на токара-шыечніка.

Праўда, былі выпадкі, калі прыводзілі вучыцца і былых фабзавучнікаў, але і з іх было мала карысці. Яны мала чым адрозніваліся ад зэкаў-«бытавікоў». Тых жа, каго хацеў і рэкамендаваў Міхась, начальства адмаўлялася браць: не дазваляў артыкул крымінальнага кодэкса і «тэрмін пакарання».

Штодзень прыходзілі добрыя весткі з франтоў. Часці Чырвонай Арміі даўно перасеклі дзяржаўную мяжу і ўжо ваявалі на тэрыторыі іншых дзяржаў — Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Балгарыі — вызвалялі іх народы ад карычневай чумы фашызму. Сям-там воіны нашай арміі перасеклі мяжу і самой Германіі, як, напрыклад, Усходняй Прусіі, якую яны амаль усю ўжо занялі, Сілезіі і Памераніі. Адчуваўся ўжо блізкі канец усёй гэтай чалавечай бойні. Адначасова блізіўся канец і фашызму.

Усё ішло, як трэба. Шкада, што побач з Міхасём не было юнага сябра: ён працаваў ужо ў тундры разам з партыяй тапографаў пасля тых курсаў, да якіх рыхтаваў яго сам жа Міхась. Не было з кім параіцца, пагаварыць пра розныя жыццёвыя праблемы. А тут яшчэ Таіса засыпала пісьмамі. І чым хутчэй набліжаўся дзень вызвалення, тым яна часцей і часцей турбавала яго сваёй пісанінай. Яна, нават не чакаючы адказу на папярэдняе сваё пісьмо, пісала новае. Разам з пісьмамі ў канверты клала фатаграфіі, свае і сынавы. Амаль у кожным пісьме пісала: «Хлопчыку трэба бацька, ён чакае і ніяк не дачакаецца цябе». Адным словам, цяпер яны памяняліся ролямі: чатыры гады Міхась пісаў ёй рэгулярна, але адказаў не атрымліваў, а цяпер, наадварот, пісала яна. Розніца заключалася ў тым, што Міхась, хоць не на ўсе яе пісьмы, але зрэдку адказваў. Пры гэтым адказваў так, як думаў — адказваў груба, па яе заслугах. Толькі яе і гэта не вельмі кранала. «Так, душа яе, відаць, счарсцвела,— думаў Міхась.— З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Пажыла з бяздушным чалавекам — і сваю душу загубіла».

А канец вайны і канец Міхасёвага рабства набліжаўся.

Неяк раз аператыўны работнік лагера паклікаў Міхася і спытаў:

— Вы падавалі заяву аб пасылцы вас на фронт?

— Пасылаў, пісаў на імя самога Вярхоўнага.

— Дык вось заўтра вас і іншых такіх, як вы, сфатаграфуюць, і вы будзеце чакаць адпраўкі.

І сапраўды, назаўтра іх усіх 8 чалавек сфатаграфавалі і сказалі, каб яны чакалі выкліку і далей працавалі на сваіх месцах. Але выкліку такога Міхась не дачакаўся. Прайшоў дзень, тыдзень, месяц, а іх нікога не выклікаюць. Калі яны спрабавалі звяртацца па гэтым пытанні ў аператыўную частку лагера, ім адказвалі, што яны пакуль застаюцца да «особого распоряжения».

Здарылася акурат так, як у 1940 годзе з вызваленнем. Другі раз у лагерным жыцці Міхасю не пашанцавала.

Пакуль суд ды справа, дык Міхась дачакаўся не выкліку на фронт, а вестак аб хуткай перамозе, а потым і самой Перамогі. Толькі тады ён здагадаўся, чаму яго не выклікалі: там, на фронце, ён ужо быў не патрэбны. Без яго справіліся.

А з якой жа радасцю стрэлі гэты Дзень літаральна ўсе: і вольнанаёмныя і «ворагі народа» — зняволеныя! Вольнанаёмныя спадзяваліся на жыццёвыя палягчэнні і паляпшэнні, а таксама і на тое, што цяпер ні іх саміх, ні іх родных не пашлюць туды, адкуль не кожны вяртаўся, а калі і вяртаўся, дык увесь знявечаны. А зэкі думалі, што цяпер пачнуць разбірацца і невінаватых будуць вызваляць — пасылаць да сваіх сем’яў. Але памыляліся як першыя, так і другія. Калі першыя не дачакаліся свайго жыццёвага палягчэння, то зняволеныя — вызвалення.

Пасля Перамогі яшчэ больш былі закручаны гайкі, асабліва ў такіх месцах. Усе аказаліся напалову зняволенымі: забараняліся ўсякія пераезды з аднаго месца на другое і таксама пераходы з аднаго месца работы на другое. Краіна апынулася ў суцэльным лагеры і цалкам падпарадкоўвалася волі любімца Сталіна — Берыі і іншых яго памагатых. А што датычыць зняволеных, дык нават тых, хто адбыў свой «тэрмін пакарання», затрымлівалі ў лагеры «до особого распоряжения». А калі яно прыйдзе, тое «особое распоряжение», ніхто не ведаў і ведаць не мог, бо ўсё трымалася пяты год і ўсё «до особого распоряжения». Ад тых саманадзейных, занослівых афіцэраў, якіх Міхась бачыў у пачатку вайны ў Краснаярску, засталіся толькі прозвішчы ды імёны, а дакладней — іх цені. Хадзілі каля дэпо і прасілі ў такіх жа зняволеных кавалачак хлеба. Аднойчы Міхась не стрымаўся і сказаў, звяртаючыся да іх:

— А памятаеце, як вы пагардліва, з усмешкай глядзелі на нас — абарванцаў, у Краснаярску ў 1941 годзе?

— Не памятаем. Можа, гэта праўда, а можа, і не,— адказвалі яны стрымана.

Вось і яшчэ раз Міхась дачакаўся лета — апошняга лета ў нябачных путах і наручніках. Прыйшоў яшчэ адзін чэрвень са сваім кругласутачным днём. Да яго часцей пачаў прыходзіць з тундры Мікола. А жыў ён у бацькоўскай хатцы-балку побач з дэпо. І калі Міхась працаваў у начную змену, яны падоўгу сядзелі на адкрытым паветры, на тых дошках, якія чакалі рук яго бацькі. Грэліся на сонцы і дзяліліся думкамі па розных жыццёвых пытаннях. Нават і не верылася, што прыйшло лета. Ці даўно, тыдні два таму назад, ляжаў снег, і раптам ужо зазелянела трава. Гэта характэрная рыса Поўначы — там усё спяшаецца жыць. Вялікія гурбы снегу, ростам з сялянскі дом, растаюць за тры дні. А яшчэ цераз тры дні і трава ўжо заяўляе аб сабе — пачынае зелянець. Сонца таксама адорвае сваімі шчадротамі ўсё жывое і нават мёртвае. Глянеш вакол — прыгажосць, пяшчота. Як быццам сама прырода гаворыць нам: «Глядзіце, якая я прыгажуня!» Раптам усё зацвіце, забушуе! У такі час і сама тундра робіцца куды прыгажэйшай і больш ветлівай. Адкуль толькі і птушкі бяруцца! Сваімі песнямі яны абуджаюць «белую маўклівасць».

У чэрвені зелень і кветкі — своеасаблівыя, не падобныя на кветкі іншага часу. А вось у ліпені пачынаюць спакушаць чалавека і ягады, асабліва марошка — царыца паўночных ягад. Яе чырвоны колер не можа не радаваць вока. Пазней прыцягваюць да сябе чарніцы, дурніцы і журавіны, а вось у ліпені, асабліва ў канцы яго — марошка. Колькі прысвечана вершаў і песень гэтай спакусніцы! Яна для людзей Поўначы тое, што для еўрапейцаў маліна ці суніцы.


  Марошка

Ішлі апошнія дні ліпеня — самага цёплага і, як яго называюць там, гарачага месяца на Таймыры. Калі ёсць жаданне і час, можна было загараць. Тэрмометр паказваў 20—25 градусаў вышэй нуля. Усё вакол зелянела і цвіло, нягледзячы на тое, што сям-там чырванелі і нават пачыналі чарнець ягады. І птушкі яшчэ не спынілі свае канцэрты.

Пасля аднаго з такіх гарачых дзён уночы ні з таго ні з сяго паднялася бура, якая прынесла з сабою чорную хмару. З гэтай хмары пайшоў ліўневы дождж, вада размывала ўсё, што траплялася на яе шляху. Лівень гэты прынёс шмат непрыемнасцей нарыльчанам, у тым ліку і чыгуначнікам. У прыватнасці, на перагоне Нарыльск — Валёк ён размыў слабазамацаваныя адхоны адной з выемак і цалкам забуціў яе ўсю. Ад зямлі, якая спаўзла ў выемку, не бачна было ні кюветаў, ні шпал, ні рэек. І гэта на адлегласці каля 200 метраў. Спыніўся рух цягнікоў. Трэба было тэрмінова вызваляць чыгуначныя рэйкі ад гэтага завалу. А здарылася ж гэта якраз з суботы на нядзелю — напярэдадні адзінага выхаднога дня за цэлы месяц і трэцяга за ўсе чатыры ваенныя гады. А калі сказаць шчыра, дык і да вайны зняволеных не песцілі выхаднымі. У некаторых месцах іх наогул не было.

Кіраўніцтва дарогі ў тэрміновым парадку прыняло рашэнне ліквідаваць завал сіламі работнікаў паравознага і вагоннага дэпо, аб’явіўшы гэты дзень «нядзельнікам». Атрымлівалася так, што як быццам ніхто не пазбаўляў гэтых людзей выхаднога дня. Маўляў, яны добраахвотна ахвяравалі яго, нядзельнік. А таму яны вывелі за зону да адзінага чалавека і пад узброеным канвоем пагналі за сем кіламетраў — да аварыйнага ўчастка.

Пасля бурнай, страшнай ночы ўстанавілася ціхае, цёплае надвор’е, што проста душа радавалася. Прырода баяла і гаманіла. Яна запрашала ў свае абдымкі кожную жывую істоту. Асабліва красавалася на сонцы і запрашала да сябе марошка — гэты цуд паўночнага хараства. Ідзеш строем, любуешся, а сарваць няможна: забаронена выходзіць са строю. Аўтамат у канваіра заўсёды быў напагатове. Усю дарогу, а яна заняла больш за гадзіну, ніхто не рызыкаваў паддацца такой спакусе. А калі прыйшлі на месца, канваір папярэдзіў, што кожнае адхіленне ад правіла прынясе «парушальніку» суровае пакаранне. Кожны разумеў, што «дзядзькі» шуткаваць не любяць.

Больш за паўсотні чалавек моўчкі працавалі да сёмага поту. Бо падганялаў назбіралася хоць адбаўляй. Акрамя назначанага на гэты дзень брыгадзіра былі дзесятнікі, прарабы, чыгуначныя майстры, тэхнікі. Карацей кажучы, нахлебнікаў хапала.

Час ішоў непрыкметна. І вось, калі дабраліся да паловы гэтага завалу, прывезлі баланду і быў аб’яўлены перапынак.

Як і працавалі, елі моўчкі «смачную» сечку. Амаль кожны пажадаў бы дабаўкі, ды яе не было. А на свежым паветры апетыт быў куды большы, чым у памяшканні. Калі ж пакончылі з абедам, пачалі шуткаваць, расказваць анекдоты. А «бытавічкі» спрабавалі згуляць у карты (у «ачко»), але ім не дазваляў аднадзённы брыгадзір.

А вакол буяла прырода сваімі багаццямі і фарбамі. Побач чырванелася марошка, але яна аказалася забароненым плодам — канвой не дазваляў яе рваць. Канваір стаяў, як свечка, і сачыў за рухам кожнага чалавека.

І вось адзін з зэкаў усё ж такі рызыкнуў падпаўзці з паўметра і, лежачы, адшчыпнуць пару ягадак. Але не паспеў данесці іх да рота, як пачуўся глухі стрэл (у тундры стрэлы паходзяць на шчаўчкі), і ў хлопца цераз рот пацякла кроў... Міхась спачатку падумаў, што гэта яго вырвала, стала млосна ад ягад. Бо ён знаходзіўся ад Міхася не больш як за метр. А той узмахнуў рукамі і заціх...

— Забойца! Што ты нарабіў? — пачуўся голас тых, што ляжалі побач з ахвярай.

Усе зразумелі, што адбылося відавочнае забойства. Спачатку забойца і сам быў напалохаўся свайго ўчынку, а потым апамятаўся і закрычаў:

— Лажыся! Усе лажыся! Страляць буду!

Усе павольна, як нехаця, падпарадкаваліся — ляглі.

Праз лічаныя хвіліны на месца здарэння прыляцелі тры энкавэдысты: оперупаўнаважаны, следчы і эксперт. Яны паварушылі, паварочалі ахвяру, памерылі рулеткай адлегласць ад ляжанкі зняволеных да марошкі, напісалі заключэнне і загадалі брыгадзе ляжаць тварам да зямлі, пакуль не будзе новага распараджэння.

Праз нейкі час вярнуўся ўжо адзін оперупаўнаважаны разам з двума новымі канваірамі, таму што канваіра-забойцу яны знялі з гэтага паста і, відаць, паставілі ў іншае месца, каб не адбылося тут яшчэ якога непаразумення. Па настроі людзей відаць было, што яны абураны ўчынкам канваіра. А таму оперупаўнаважаны заявіў:

— Не хвалюйцеся дарэмна, усё зроблена па закону. Ваш сябар Мікалай Цароў хацеў уцякаць. А цяпер, калі вы яго паважаеце, выкапайце яму магілу, бо вам яшчэ трэба будзе працаваць — разбіраць завал.

Калі ўсе пераканаліся, што Мікола Цароў сапраўды мёртвы, яны на самым пагорку, амаль на тым жа самым месцы, дзе яго сустрэла смерць, падрыхтавалі ямку і закапалі ў ёй свайго сябра. А перад тым як закапаць, нехта сарваў галінку марошкі і паклаў яму ў рукі.

— Яна завяла яго ў магілу. З ёю няхай ён будзе і там. Нябожчык вельмі любіў гэтую ягаду,— сказаў адзін са зняволеных.

Як хавалі, ніхто не заплакаў, усе трымаліся мужна. А пасля ўжо, як напружанасць прайшла, многія ціха і моўчкі выціралі слёзы, праклінаючы ў душы забойцу.

Калі ж была пададзена каманда зноў пачаць работу, ніхто не падняўся з месца. Усе моўчкі ляжалі на зямлі. Спачатку іх угаворвалі, потым загадвалі, пагражалі, але нічога не памагло: да самага вечара ніхто не падняўся з месца. Пэўна, і сам Сталін ці Берыя не паднялі б іх. Гэта была як жалоба па Міколу Царову, якому заставалася быць за калючым дротам усяго толькі некалькі дзён з тых васьмі гадоў, якімі яго «ўзнагародзілі» ў 1937 годзе за «дыверсію і шпіянаж» на карысць Японіі.

У тую ноч Міхась не спаў, як і шмат хто з яго сяброў. У кожнага стаяў перад вачыма самасуд — несправакаванае і адкрытае забойства чалавека. Тым больш што незадоўга перад гэтым Міхасю давялося бачыць і другую ахвяру, якую напаткала недарэчная трагічная смерць.

Зусім яшчэ маладзенькі хлопец, так прыкладна гадоў 20, загінуў пад вагонам, які ён рамантаваў у начную змену побач з дэпо. Ён, відаць, паміраў цяжкай, пакутлівай смерцю па віне і зменнага майстра, і інжынера па тэхніцы бяспекі. Вагонная рама, якую ён для зручнасці падымаў на дамкраце, сарвалася з гэтага няхітрага прыстасавання і ўпала яму прама на жывот. Колькі ён так пакутаваў, колькі заставаўся яшчэ жывы, ніхто не ведае. Яго знайшлі пад цяжарам гэтай вагоннай рамы толькі раніцай. Ніякага медыцынскага агляду, ніякай экспертызы ніхто не рабіў. Паднялі раму, выцягнулі мёртвае цела, адвезлі некуды і на гэтым паставілі кропку. Нават вымовы нікому не далі за такую бяспечнасць і абыякавасць да чалавека.

А хлопцу гэтаму таксама да канца тэрміну заставалася некалькі месяцаў. Яго судзілі за нейкую дробязь і далі тры гады. Гэта было ў час вайны. Яму тады толькі-толькі споўнілася 18 гадоў. І вось два гады і тры месяцы адбыў. Ён расказваў, што на бацьку маці атрымала пахаванку і ён заставаўся за гаспадара. І каб выратаваць сям’ю ад голаду, нешта недзе ўзяў, і яго судзілі, пасля чаго прывезлі ў Нарыльск. Да лагера ён працаваў слесарам у нейкім вагонным дэпо Уральскай чыгункі. Звалі яго Якавам Зайцавым.

Смерць Яшы Зайцава і Міколы Царова змяшаліся ў адно непадзельнае цэлае і ляглі на сэрца Міхася цяжкім каменем у апошнія дні яго зняволення.


  Свабода па-сталінску

Вось і надышоў дзень, якога Міхась так чакаў цэлых восем гадоў. Чакаў і не верыў, што дачакаецца. І вось ён, нарэшце, развітаецца з зонай, абнесенай калючым дротам, з узброенай аховай і яе агідным беззаконнем і гвалтам. Цяпер ён будзе вольным чалавекам і грамадзянінам сваёй Айчыны. Як гэта хораша! Як заманліва! Што можа быць вышэй і даражэй за свабоду чалавека? На такое пытанне ніхто не можа адказаць. Свабода — гэта свята, з якім нельга нічога параўнаць на Зямлі.

Раніцай 11 жніўня 1945 года ў барак, у якім жыў Міхась, зайшоў намеснік начальніка калоны па працы і спытаў:

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?

— Ёсць,— адказаў Міхась.

— На работу не выходзь.

— Чаму? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.

— Пойдзеш на свабоду,— адказаў той.

— Во пашэнціла чалавеку! — не стрымаўся нехта.

— І табе вось так жа пашэнціць, як прыйдзе твой час,— абарваў хтосьці зайздросніка.

Сябры Міхася па чарзе пачалі віншаваць яго з вызваленнем і прасілі не забываць іх, гаротнікаў.

— Што вы, хлопцы, я заўсёды з вамі. Усё роўна з Нарыльска нікога нікуды не выпускаюць,— адказаў сябрам Міхась.— Я да вас яшчэ прыйду. Як кажуць, расстаёмся ненадоўга.

І ён не памыліўся. Калі Міхася прывялі ў аддзел кадраў (а вялі яшчэ пад канвоем), там сустрэлі яго па-іншаму, чым у зоне.

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч? — для парадку спыталі ў яго.

— Так, я Асцёрскі Міхаіл Раманавіч.

— У сувязі з заканчэннем тэрміну зняволення вы вызваляецеся з Нарыльска, але з замацаваннем за Нарыльскім горна-металургічным камбінатам.

— Я вас не разумею,— сказаў Міхась,— вызваляюся і раптам з замацаваннем за камбінатам.

— А што тут разумець? — гаварылі яму.— Вы замацоўваецеся за камбінатам. Будзеце на свабодзе, але ў распараджэнні Нарыльскага горна-металургічнага камбіната.

— А што гэта значыць?

— А тое, што будзеце працаваць там, куды пашле вас кіраўніцтва Нарыльскага камбіната. Вось у гэтым выпадку вы павінны працаваць там, адкуль вас вызваляюць,— у вагонным дэпо.

— Паслухайце, у мяне ёсць спецыяльнасць настаўніка, якую я набываў у інстытуце.

— Мы гэтага і слухаць не жадаем. Пойдзеце ў вагоннае дэпо і будзеце працаваць токарам. Токары нам больш патрэбны, чым настаўнікі.

— Я буду скардзіцца! — заявіў Міхась.

— Каму? — спыталі ў яго.

— Ураду нашай дзяржавы.

— А гэта ж і ёсць урадавае ўказанне. Вось падпішыце ўмову на тры гады.

— Ніякай умовы падпісваць не буду! — рашуча заявіў Міхась.

— Не падпішаце — самі падпішам.

— Выходзіць, што гэта не вызваленне, а падман?

— Як хочаце, так і разумейце. Давайце ваш палец і ідзіце на ўсе чатыры бакі, толькі ў межах камбіната.

— А куды ж ісці начаваць? — спытаў Міхась.

— Гэта ўжо ваша справа. Жыллём мы не распараджаемся. Шукайце самі.

З гэтым і пайшоў Міхась на так званую «свабоду». Ён сказаў сабе: «Ёсць катлеты па-гамбургску, разводы па-італьянску, а гэта мая свабода — па-сталінску». І ён сур’ёзна задумаўся, дзе ж зрабіць прычал для начоўкі...


Слабодка — Нарыльск — Мінск


1958—1988