Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх:
Сягоння я з сабой не саўладала,
Не ўтаймавала каламуты шалу,
Нянавісці да чалавека
З мазгамі хворымі.
Даруй мне, Божа:
Упершыню ў жыцці аж так варожа
Смяротны выдыхнуўся мной праклён...
Я помню запавет: "Не асудзі".
Я ведаю: Табой судзіма буду, —
Няхай жа воля здзеецца Твая! -
Але даруй, што поскудзь гэту, Юду,
Адродка гэтага любіць не здольна я!
Калі ён з роднай мацеры, маньяк,
Па-сатанінску здзекуецца, дужы,
Ірве язык ёй, адцінае вушы,
Вымае вочы, гвалціць памяць,—
Як,
О Госпадзе, як розуму не страціць,
Гэта ўоё бачачы,
Бяссілы
Суняць, ацяміць, здаць дактарам яго?!
Хоць лек ніякі ўжо тут не паможа...
Даруй мне, Божа.