КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Хуткасць [Аркадзь Куляшоў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Аркадзь Куляшоў Хуткасць


Падрыхтаванае на падставе: Куляшоў A. Хуткасць. Кніга паэзіі. Мн., «Маст, літ.», 1976. 256 с: з іл.


Рэдактар P. I. Барадулін.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org


Хуткасць
Ёсць хуткасць гуку, ёсць — звышгукавая,
Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.
Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,
Што, як святло, стагоддзе абганяе,
З тысячагоддзем размаўляе ўслых.
О, таямніца кніг, скажы, з якіх
Людскіх глыбінь ты цуды здабывала?
Твой зачынальнік слоў не знаў і мала
Свет разумеў, не меў матык і сох,
Маўчаў, як сом, пакуль бяда не ўзяла
За шчэлепы яго і на пясок
Не кінула, пакуль сярод начы,
Яго душы нямой, сканаць гатовай,
Не загадала: — Дыхай, плач, крычы,
Нябыт цяжкі пазбудзь не рыб'яй мовай.
Свет будзе пець, смяяцца, слёзы ліць
Датуль, пакуль на свеце людзям жыць.
Сабрат мой па пяру, на суд іх смела
Вынось усё, што ў сэрцы набалела.
Слёз не стрымаеш — плач, але не тою,
Пад пачуццё падробленай, слязою,
А той, што смех вяртае з небыцця.
Смяяцца хочаш — смейся, як дзіця.
Перад сабой і светам будзь праўдзівы.
Прымай, як дар, жыццём пасланы дзень,
І, можа, кніга гэта век імклівы
Дагоніць і абгоніць,
як прамень.

1 Вершы


Адзіны серп на сённяшнім жніве
Заглух той дом, што быў маім гняздом,
Што ў свет пусціў i радасць i бяду маю.
Не вечна ўсё пад месяца сярпом,
Хоць ён не зжаў нікога,— так я думаю,
Сялом i полем ідучы з кійком.
Мой след, што пяцьдзесят гадоў назад
Знаёмы быў з вясёлай сцежкай школьнаю,
Пакрыла забыццё травой няўмольнаю.
Ды смешна прагай папракаць няўтольнаю
Зялёную траву, якой я рад.
Электрастанцыя над рэчкай сіняю,
Магутнасцю на сорак кілават,
Не свеціць больш, хоць ёй гадоў няшмат.
Ніхто, апроч высакавольтнай лініі,
У змрочнасці яе не вінават.
Камбайн, жніва гарачага ўладар,
Давёў сярпы да стану непрыгоднасці.
Не вечна ўсё. Конь, хоць не страціў годнасці,
Але і ён ва ўладзе неабходнасці
Taго, што сеў на трактар гаспадар.
Старэючы, i я сачу з трывогаю
За часам, што мяне перажыве.
Тут месяц ні пры чым. Няхай плыве
Ягоны серп над палявой дарогаю —
Адзіны серп на сённяшнім жніве!

З далёкага
Калі вясною закукуе
Зязюля ў лесе раніцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.
Згадай усё, што сэрцу міла,
Што сэрцу дорага было,
Забудзь, што ўсё адгаманіла,
Адкукавала, адышло.
Згадай усё, што нам жадала
Зязюля ў гучным гушчары,
Забудзь, што ў хованкі гуляла
Жаданне з намі да зары.
Забудзь, што рэху не вярнуцца
Hi да цябе, ні да мяне,
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.

Пра славу
Здавалася мне слава явай блізкай
Тады, калі схілялася ў цішы
Паэзія, як маці над калыскай,
Над сненнем недасведчанай душы.
Каб рос хлапчук, не дбаючы аб цудзе,
Каб не лічылі людзі сысунком,
Яна до болю матчыныя грудзі
Пякучым націрала палыном.
Пасля, малыя выверыўшы крокі
На бітым шкле i на жарстве дарог,
Рукою паказала свет шырокі
I босага пусціла за парог.
З тых дзён, калі падносяць кубак славы,
Я лішняе спакусы не глыну,
Бо ўсё яшчэ мне помніцца гаркавы
На смаглых вуснах прысмак палыну.

Слова пра вала
Хоць я працую ноччу, днём
I адвячоркам зорным,
Ды не магу сябе валом
Назваць, тым болей — чорным.
А вось адвыкнуць ад стала
Пяро, папера, слова —
То я падобным на вала
Раблюся паступова.
Спачатку я здзіўляю ўсіх
Тым, што з паперай белай
Даўно не размаўляю ўслых
На мове зразумелай.
Пасля, на нейкай там вярсце,
Змрачнець я пачынаю —
Тугой, што ўсё расце, расце,
Як шэрсцю, абрастаю.
Пасля ў ярме ўжо шыю гну,
Ад пашы адвыкаю,
Як чорны вол, цягну трупу
Суцэльнага адчаю.
За мной ідуць — за радам рад
Ахутаныя горам
Гады мае, i ўжо назад
Ім азірнуцца сорам...
А як працую за сталом
Я днём i часам зорным,
То не магу сябе валом
Назваць, тым болей — чорным.

Парада сабе самому
Нясу, як ранец за спіной, здалёку я
Аж шэсць дзесяткаў спакаваных зім.
Важкая гэта ноша альбо лёгкая,
Хто знае? Справа не ў гадах зусім.
І плённы дзень заважыць пяцігодкаю,
І пяць гадоў бясплённых — марным днём.
Не падсумоўвай паквартальнай зводкаю
Таго, што вымяраецца радком.

Пастух
Нехта крывіцца, быццам не рады,
Што я вершаў даўно не пішу.
Мне i твораў чужых пераклады
Саграваюць работай душу.
Калі думкі не ладзяць з радкамі,
Ці не лепш, чым гібець ад тугі,
Чым зайздросціць другім і лакцямі
Іх расштурхваць,—
пайсці ў пастухі?
Як належыць, у зрэбную кайстру
Хлеба чорны акраец кладу,
Лясну пугай, даверанай майстру,
І ганю на папас чараду.
Днём хаджу па лугах ды па стромах,
Што акрэслены плошчай стала,
Ноччу, пэўна, хадзіў бы, каб стома,
Разам з кайстрай, дазволіць магла.
І з надзеяй, яшчэ невыразнай,
Прыхаванай у сэрцы маім,
Дагаджаю я музай уласнай
Строгім музам, вядомым усім.
Рады я, калі думка чужая,
Стаўшы словам жывым пад пяром,
Раптам думку маю абуджае,
Што, забытая, спіць пад кустом.
Я тады падбіваю рахункі
Дням i тыдням, пачуўшы здалёк,
Як на голас абуджанай думкі
Адгукаецца першы радок.
I, шчаслівы, не верачы цуду,
Строгім музам кажу я тады:
Большай платы не браў i не буду
Браць з дагледжанай мной чарады.
Дзякуй, лес мой, i луг мой зялёны,
I агонь, што на ім не патух.
Дзякуй! Скончыўся тэрмін сезонны.
Спаганяй свае гарды, пастух!

***
Не з горшых той сусед, якога
Спрадвеку трунаром завуць.
Твой конь прапаў — што тут такога?
Але яму прыемна чуць.
Ляжыш ты ў ложку, нездаровы,
Ён рад наведаць твой катух.
Чакае ўжо, калі гатовы
Ты будзеш для яго паслуг.
А як не ўстанеш, то змайструе
Табе па мерцы ён труну,
Прамову скажа хоць якую,
А як папросяць — не адну,—
Аб бессардэчнасці той страты,
Што час прадухіліць не змог,
Аб даўгавечнасці той хаты,
Што з дошак збіў не ён, а бог.
Пасля прыляжа, смерці лёкай,
З рыдлёўкай разам на траву...
«Ну вось — i гэты ўжо далёка,
А я працую. Я жыву!»

***
Зайздрошчу я мастам, не іх канструктарам,
Дарогам, па якіх да нашых дзён
Імчаць саставы з посвістам і грукатам,
Не помнячы праслаўленых імён.
Хачу, каб так і слова —
не жалезнае,
Знаёмае з пакутай і слязьмі,—
Ад славы і імёнаў незалежнае,
Трымала сувязь з часам і людзьмі.
Хачу, каб слёзы, што ў душы радзіліся,
Жыццём сваім асобным зажылі,
Каб так, як дождж па шкле,
яны каціліся
І па шчацэ, і па шляхах зямлі.
Хачу, каб не прылізаным i чысценькім
Быў сэрца боль, каб пёк ён i смылеў,
Каб не прыкрыт быў грэх прыстойным лісцікам,
Смех — гулкім рэхам быў, абвалам — гнеў.
А аўтар хто? Дзе рос? Як празываецца?
Есць весткі, альбо там яны ляжаць,
Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца?
Знаць важна, але можна і не знаць.
Вы мне даруйце сёння, суддзі строгія,
Што мой і смех і гнеў не быў такім
І што, на жаль, пад імі,
як і многія,
Я прозвішчам падпісваўся сваім.

Слова невядомага салдата
Ты кожнаму слову, патомак,
Што я гавару табе, вер.
Спачатку,
салдат невядомы,
Ляжаў я не тут, дзе цяпер.
Забіты я быў пад Масквою,
I там, не пазнаны нікім,
Засыпаны роднай зямлёю
Быў з імем забытым маім.
Па воінскаму абавязку
На могілку каска лягла.
Ах, вечны грудок мой ды каска,
Пясчаны грудок ды імгла!
Не проста салдату падняцца
З апошніх пазіцый сваіх...
А толькі са мной не згаджацца
Ёсць права такое ў жывых.
Сягонняшні схоў мой не знае
Нябыту ў глухім бур'яне,
I той, хто ў сталіцы бывае,
Цяпер не мінае мяне.
Праходзіць сівая жанчына,
Што недзе далёка жыве,
І ціха, як роднага сына,
Мяне да сябе пазаве.
Лютуе на вуліцы сцюжа,
А нехта — адкуль жа мне знаць!
Прыпыніцца, іменем мужа
Пакліча з-пад каменя ўстаць.
Я рос сіратою, прызнацца,
Ні жонкі не меў, ні малых...
А толькі са мной не згаджацца
Ёсць права такое ў жывых.
Вякі праляцяць за вякамі,
Пазбыўшы вайну назаўжды,
I, можа, гранёны мой камень
Грудку пазайздросціць тады,—
Калі ўжо ні сына, ні мужа
Ніхто не пакліча ў бядзе
I памяці колкая ружа
На зорку яго не ўпадзе;
Калі з безназоўных пазіцый
Скрозь каскі праб'ецца імгла,
А лес ёй насення пазычыць,
А сонца — агню i святла.
Я мог бы сасной ці вярбою
Шумець паміж дрэў дарагіх...
Але не згаджацца ca мною
Есць права такое ў жывых.

ЗАПІСНАЯ КНІЖКА
Кайсыну Куліеву

1
Галоўнае ўжо сказана. Што можна
Да сказанага некалі дадаць?
Я кніжку запісную асцярожна
Кладу на стол. Гартаць ці не гартаць?
Тут запісы хвіліны непаўторнай,
Сабраныя пад вокладкі страхой.
Я давяраў іх памяці маторнай
I зрокавай, не верачы другой.
Ты, кніжка запісная,— дом, дзе свішча
Скразняк гадоў, віхор няспелых дум,
Кладоўка для зярнят i папялішча
Пачуццяў марных, пушчаных на глум.
Ты — клінапіс з неразгаданай вяззю,
На турмы не подобная турма,
Дзе вобразам маім, забытым вязням,
Прызначанага тэрміну няма.
Наглядчык строгі ix пазбавіў руху,
Фантазія ім хлеба не дае.
Як рэактыўны лайнер хуткасць гуку,
Час абганяе запісы мае.
Заслона хмар над імі ходзіць нізка,
Спускаецца імгла, нібы на дол,
На ix страху... Ах, запісная кніжка,
Навошта я кладу цябе на стол!
2
Маім радкам ты некалі была
Затокаю сярод лясоў зялёных:
Нямала лодак, i мастоў пантонных,
I караблёў ты мору аддала.
Цяпер з табой мы не дамо ім рады.
Як i раней, ix глушыць часу гул.
Як i раней, цікуюць ix піраты,
Тарпеды, што падобны на акул.
З гадоў мінулых да гадоў наступных
Яны прабіцца прагнуць на прастор.
Бацькоў сваіх суровых, але рупных
Так пакідаюць дзеці з даўніх пор.
Што ім да нас?.. Хоць гэта мы з табою
Ix выпраўлялі. Гэта наш гарыць
Агонь у топках іхніх, а з прабоін,
З цяжкіх прабоін наша кроў цурчыць.
Нядоўга слава балявала з намі,
Калі трубіла ім у гучны рог,
Затое пахаванкі груганамі
Ляцелі i ляцяць на наш парог.
А тыя, хто ўцалеў,— што ix чакае?
Яны вінтамі за бядой бяду
Пераграбуць?.. Ах, кніжка запісная,
Я сёння зноў цябе на стол кладу!
3
Стань студняю бяздоннай на дарозе!
Перада мною мірная зямля...
Я словы напаю пры дапамозе
Драўлянага вядра i жураўля.
Хай цьмяны вобраз, што зіхціць намёкам
На дарагі для сэрца самацвет,
Дыхне паветрам i па лузе мокрым
Ідзе i пакідае дымны след.
Няўтульна спаць байцам вайны Айчыннай
Пад трыццацігадовым дзірваном —
Сагрэй іх канюшынавай аўчынай
І затулі бярозавым крылом.
Я даў зарок не пашыраць смяротнасць,
У ліку тым —
і на свае радкі,—
Хай кліча іх не слава,
а спякотнасць
Град, дзе ад смагі млеюць агуркі.
Для мёртвай глебы, што звініць, як камень,
Для губ, што гінуць без вады глытка,
Гатоў цябе я вычарпаць рукамі
Ад верхняга да ніжняга вянка.
Ты мне патрэбна,
як вада жывая
Гадамі абцяжаранай вярбе...
Але другім (ах, кніжка запісная!)
Я аддаваў i аддаю цябе!
4
За спёкай — лівень,
за бядой — бяда...
Стань сонцам над палеглай збажыною!
Ты падымі яе
і пяцярнёю
Падай у шасцярню малацьбіта.
Ён вымярае час па іншай мерцы,
Не па начным гадзінніку свяціл —
Па зорцы пяцікутнай, сцёршы з дзверцы
Рабочае кабіны
жніўны пыл.
І загаворыць зорка польнай працы
З далёкай зоркай той, якую ў бой
Нёс бацька, дзед яго, а можа, прадзед,
Па цаліне, тады яшчэ пустой.
Вагой крыві тут вымяралі страты
З адвечнай марай аб вазе зярнят.
Іх бой — твой бой,
хоць жне не аўтамат,
А косяць i малоцяць не гарматы.
Цяжкі наш хлеб. Ад лёсу не прасі ты
Лягчэйшага. Лягчэйшага — няма.
Бязмежны стэп прасеяўшы праз сіта
Душы, ты хлебам можаш стаць сама.
Хай хмары ходзяць нізка, вечар блізка,
А восень лісце гоніць з гаю ў гай,
Як пахне хлеб!..
Ах, запісная кніжка,
Кладу цябе на стол, як каравай!
5
Магчыма, ты жадаеш быць ракетай,
Бязважкай стаць?..
Я знаю, караблю
Не церпіцца з касмічнай кропкі гэтай
Зірнуць староннім вокам на зямлю.
Але навошта нам ляцець з табою
На пошукі бязважкасці, калі
Мы перад непрытульнасцю зямною
Сваю бязважкасць чуем на Зямлі.
О, колькі бед —
галодных, босых, голых —
Па свеце ходзіць! Як пакінуць іх?
Яны яшчэ не адляцелі з кола
Нямых i неабжытых гнёзд маіх.
Я не жадаю ім галечы чорнай,
Я так скажу, калі настане час:
«Ляціце, дзеці памяці маторнай
I зрокавай! Я адпускаю вас.
Я хлебам вас сустрэў каля парога
I не кішэннай дробяззю манет
Правёў за свой парог. Каля другога —
Я ўжо не гаспадар. Ляціце ў свет!»
Ляціце ў свет!..
Ах, кніжка запісная,
Пакуль жыву, жыві i ты са мной.
Чым будзеш заўтра — сам яшчэ не знаю...
Адно прашу: будзь кніжкай запісной!

Іменем свабоды
Гавораць, далёка ад Мінска да Чылі.
Няпраўда! Я ў гэта не веру зусім,—
Калі аўтаматы Альендэ прашылі,
Прайшлася чарга i па сэрцы маім.
Як Пабла Неруду свабода хавала,
То кідала жменькі з крывавай зямлёй,
Пад гукі адважнага «Інтэрнацыянала»,
У сэрца маё, а не ў ямку з труной.
А як пачалі паляваць генералы —
І трапіў Луіс Карвалан у бяду,
Шаптаў я штоноч: «Сакратар Генеральны,
Не дайся, трымайся, я выйсце знайду.
З табою, таварыш, ні даль акіяна
Мяне не разлучыць, ні краты ў акне...»
Схапілі, за краты вядуць Карвалана,
Штурхаюць, штурхаючы ў грудзі мяне.
Я слова трымаю сваё, як заўсёды,
Я побач іду з ім, i я гавару:
Прэч рукі, забойцы! Я імем свабоды
Ад камер турэмных ключы падбяру.
Далёка да Чылі. Ці дойдзе адвага?
Далёка! Але не для сэрца майго:
Учора яно — папялішча Сант'яга,
А заўтра — паходная песня яго.

МОЙ НОВЫ ГОД
1
Як не зайздросціць тым, хто нараджаецца
Пад Новы год? Для іх пячэ пірог
Сама Зямля. Чарговы свой парог,
Каб ix вітаць,— пераступіць спяшаецца.
Яна ім першым адчыняе весніцы,
I, каб магла, спыніла б час для ix.
А толькі ён i кружыцца, i свеціцца,
І запрашае ў карагод другіх.
Няспынным рухам каляндарны век яго
Узгоднены з Зямлі календаром.
I кожны новы дзень яе
для некага
У дом прыходзіць навагоднім днём.
Хай гэты дзень не значыцца ў даведніку
Для тэлеграм, але ён дораг нам.
Ён дораг нам, як чорны хлеб галетніку,
Што не са свят вядзе адлік гадам.
І я не ў крыўдзе, што пачаўся з лютага
Мой новы год, якому шэсцъдзесят.
Хто ты, мой год? Завеі лютай брат
Ці ручая, сакавіком раскутага?
2
Хто ты? Абраннік лесу выпадковага?
Ці, можа, ты — пад лічбай шэсцьдзесят,
Ад пакалення нашага вайсковага
На пік стагоддзя кінуты дэсант?
Ты кручамі і берагамі стромкімі
Дайшоў да ўнукаў і да іх сяліб.
Ты продкам іхнім быць, яны — патомкамі
Тваімі быць маглі б. Але, маглі б...
Нам не аспрэчыць права ix законнага,
Мой год! Хіба не лічацца яны
Нашчадкамі злучэння незлічонага,
Якое не вярнулася з вайны?
Наступным дням, па абавязку ўзводнага,
Ты аддаеш байцоў, якіх хаваў.
А я гатоў засведчыць, што ніводнага
Ты забыццю сляпому не аддаў.
Ім ваяваць датуль, пакуль ix ворага
Не ўсмерціў мір. Ты людзям кажаш так:
Над словам, што было не дагаворана
Пад кулямі, не стаўце смерці знак.
3
Мой год, нам трэба даражыць хвілінамі.
Для нас гадзіна — тэрмін немалы.
Ужо не абрусамі, а ўспамінамі
Сталы засланы. Доўгія сталы.
Склікай гасцей. Стаў крэслы i віно,
Па звычаю, для ўсіх абавязковаму:
Па правы бок — свайму сяброўству новаму,
Па левы — тым, каго няма даўно.
Хай госці, пагудзець з табой гатовыя,
Пакуль не парадзеў застолля круг,
П'юць першую — за ручаі вясновыя,
Другую — за маўчанне завірух.
Няхай усе, тваім жытлом сагрэтыя,
З табою ў ім сустрэнуць сонца ўсход.
Ты знаеш сам: узнагарода гэтая —
Найбольшая з усіх узнагарод.
Яшчэ лічы сваёй узнагародаю —
Што ты жывеш, хоць i хрыпіш грудзьмі.
Дай справу ім, хай дыхаюць работаю:
Не можаш камень — трэску падымі...
4
Не можаш трэску — кроч паціху сцежкамі
Да ўнукаў ты — туды, дзе снег, дзе сад.
Апошні раз цябе аблепіць снежкамі
Твой, войнам не навучаны, дэсант.
Перад табой маленства пройдзе нанава...
А перад тым, як знікнуць назусім,
Сябе самога, год мой, з рэшткаў савана
Зімовага ты вылепі малым.
З прыкмет вайны, далёкай для дзяцей,
Снегавіку пакінь адну — вугольчыкі
Замест вачэй. Няхай, як ты даўней,
Вакол яго павесяляцца хлопчыкі.
Хай не атруціць светлыя іх сны
Пахмуры век, не зробіць іх калекамі...
Ты памаўчы. Ты быў такім жа некалі
Рухавым i шчаслівым, як яны.
Заплача снежны дзед... Яны ж, сардэчныя,
Не будуць знаць, што гэта па табе
Лье слёзы снег твой, чорныя, не вечныя,
Убачыўшы пупышку на вярбе.
5
Лепш падаць i. ўставаць з нялёгкай ношаю,
Чым злёгку папіхаць яе рукой.
Мой год! Цяжар, які вала падкошвае,
Ты датрымаў. Не ўпаў, не стаў зямлёй.
Ты адыходзіш, год мой! Ношу важкую
Ты скінуў з плеч. На верхавіны дрэў
Зірнуў, як быццам навіну ім важную
Хацеў сказаць.
Хацеў, ды не паспеў.
Зямля, якая кружыцца i свеціцца,
Цябе ў сваю захутала пургу.
Даруй мне,
я спыняцца не магу.
Чарговы год мне адчыняе весніцы...
Што ты не мог сказаць
раскутай моваю —
Травою, рунню, гучным ручаём —
Ён дагаворыць за мяжой умоўнаю,
Адкуль мы лік наступным дням вядзём.
Звіняць пад сонцам ручаі, гатовыя
Твае трывогі несці па жыцці,
Каб з імі век агораць наш i ў новае
Тысячагоддзе рэкамі плысці.
1974 г.

2 Варшаўскі шлях Паэма


1
Пакуль у целе чуецца душа,
Не веру я ў таемны сэнс другога
Яе жыцця. Таму дазволь, дарога,
Варшаўскі шлях, Варшаўская шаша,
Звяртацца да цябе, а не да бога
Радком, што просіцца з карандаша.
Ляціш на захад ты, з другімі ў згодзе
Шляхамі, шлях мой! Ты не знаеш меж,
Ляціш, не паду ладны перашкодзе.
Што суша? Акіян — не твой рубеж!
Ты адшукаеш трап, на параходзе
Нязвыклы грунт вінтом пераграбеш.
Пасля таго, мой шлях, як абагнеш
Ты ўсю Зямлю, зноў з'явішся на ўсходзе,
Ляці адтуль, сяброўства сувязным,
Насустрач мне, зрабі прывал пад Доўскам,
Агонь начлежны раскладзі.
Пры ім
Пагутарым аб часе, аб Твардоўскім,
Што земляком тваім быў і маім.
Пад шум агню i пералётны дым,
Сярод аблюбаванае паляны,
Пачнём свой дыялог, патрэбны ўсім,
Каб ён надзейна запеленгованы
Быў лесам i падлескам маладым.
2
Мой шлях!
Вайна яшчэ не згрэбла трэсак
Тут, дзе з табой сядзім мы пры агні.
У полымя ўглядаецца падлесак.
Як помнікі, нас абступілі пні.
Шумелі тут вяршыні баравыя,
Ствол да ствала — гудзеў лясны арган.
Цяпер ён змоўк, як песні, што ў курган
З сабой забралі песняры былыя.
З такім і наш зямляк сустрэўся горам.
Як бор, ён абжываў мясцовасць борам,
Арганным рэхам бед i перамог.
Ніхто таго не дагаворыць хорам,
Што ён адзін дагаварыць бы мог...
Мог, каб, як бор той самы, не палёг.
Смерць здольны вынаходзіць век.
А лек
Ад смерці не знаходзіць чалавек.
Хварэем мы, хварэюць нашы рэкі,
Хварэе час, што чыніць гвалт i здзекі,
Планета, што пазбавілася сну
Ад вечных дум: чым адхіліць вайну —
Спыніць хваробу ў моманце крытычным?
Няпроста свет ад бед яго лячыць,
Пакуль цябе, дарога, стратэгічным
Аб'ектам не пакінулі лічыць.
3
Зямляк наш мог бы рукі грэць цяпельцам,
Як мы, каб з пахаванкаю сваёй
Не перапоўз дарогу рак.
Не той,
Што ў нашых ржах жывіцца тапельцам,
А той, які, нябачныя кляшні
З нябачных выпускаючы пячорак,
Перапаўзае шлях жывых каморак,
Каб доўгі век іх спапяліць за дні.
Адкуль з'явіўся непрыглядны морак?
Магчыма, ён таіўся ў глыбіні
Саміх каморак, а пара настала —
I ён пачаў, не скінуўшы забрала,
Жывіцца імі на правах радні?
Не прывыкаць паэтам да дуэлі,
Не страшна гінуць ім, папаўшы ў цэль.
Страшней, калі забойца, што ў пасцелі,
Выходзіць не жадае на дуэль,
Ад лекароў хаваючы свой вырыс.
Адкуль узяўся смертаносны вірус,
Прыстасаваўся да якіх умоў?
А можа, ён з вайны той самай вырас
І смела па слядах яе пайшоў,
Каб свой уклад
унесці ў картатэку
Заўчасных страт на ўсіх кладзішчах веку?
4
Няхай, мой шлях, твайго агню іскрынак
Не гасіць куль трасіруючых рой!..
Тут некалі на дзёрзкі паядынак
Выходзіў наш зямляк — з напасцю той.
Жыццё i смерць. Дуэль радкоў з крыжамі.
З вайною, не кіруючы франтамі,
На ўсіх франтах, мой шлях, ён вёў баі.
З рукамі каваля, з душой жняі,
Не раз ён тут салдатам нёс уцеху
I жартам весяліў ix, каб яны
Забыліся на змрочны жарт вайны.
Здаралася, ён ім хлусіў для смеху,
Ды не маніў ніколі для маны.
Не раз, стаіўшы плач зямлі сірочай,
Ён ix на подзвіг зваў сваёй прарочай,
Чорнарабочай
кнігай пра байца,
Не ўсімі дачытанай да канца...
З душой жняі, з рукамі каваля,
Калі ўздыхнула радасна Зямля,
Ён за яе салютам пераможным,
Як за апошнім валам агнявым,
Ішоў з байцом жывым i нежывым
I плакаў на вялікім свяце тым
За кожнага
i з кожным, з кожным, з кожным...
5
Ён нарадзіўся памятнай парой,
Калі зара страчаецца з зарой,
A доўгі дзень купелі бласлаўляе
На доўгі век...
Магіла, як акоп,
З натужных рук цяжар труны прымае.
Хто слёзы лье, хто слёзы выцірае.
На месцы поп, на месцы далакоп.
А хто, каб рытуалу не пярэчыць,
Пасоўваецца ціха ў першы рад,
Наіўнай i не крыўднай думцы рад,
Што можа над труной увекавечыць
Яго прысутнасць фотаапарат.
А ў гэты час, за сотні вёрст ад страты,
Дняпро плыве i сушу ліжа Сож.
І хоць ні ў чым яны не вінаваты,
Як ты i я, мой шлях,— a ўсё ж, a ўсё ж...
А ўсё ж на сэрцы блага мне, i шкода —
І крыўдна ад вядомасці тае,
Што гэтак, як раней, жыве прырода,
Што больш не зможа ўбачыць
Што больш яна, з зямлёй i небакраем,
Не варухнецца ў ім радком жывым,
Мой шлях!..
Над памяццю яго схіляем
Я — горкі верш, а ты — свой горкі дым.
6
На могілках спрадвечных бачыў кожны,
Чытаў на надмагільных камянях
Такі зварот: «Спыніся, падарожны!
Сваім маўчаннем ушануй мой прах.
Я дома, ты яшчэ ў гасцях».
Адгасцяваўшы, ён пайшоў дадому —
У несмяротнасць. I, відаць, нікому
З тых, у каго гасціў ён пры жыцці,
Цяпер яго парог не перайсці
Па праву i па звычаю былому.
Калі не быць сяброўскім песням там,
Дык, можа, з ix народзіцца такая
Калісьці песня, у якой пазнае
Ён голас наш i выйдзе з дому сам
Насустрач ёй, з удзячнасцю сябрам.
Мне горка ад таго, што не хапае
Не нас яму сягоння, нам — яго.
Было з кім гаварыць, было ў каго
Сумленню прыклад браць, радкам — вучыцца.
Пытаю я ў цябе, мой шлях, чаму
Магло так прычыніцца, што яму
Мы ўжо не снімся больш, а нам ён сніцца?
Такіх, як ён,
за ценевай мяжой,
Адна зара перадае другой.
7
Я не агонь начлежны раскладаю
У гонар земляка.
Я ўпершыню
Сябе нібы дадому выпраўляю...
Няма, як кажуць, дыму без агню.
Мы — людзі франтавога пакалення,
Знаёмыя даўно, з юнацкіх дзён.
Таму няма спакою ад здзіўлення,
Што я ў гасцях яшчэ, што дома ён.
Усё часцей, у часе весялосці
Застольнай, дзе сяджу я да зары,
Мне шэпча хтосьці:
«Дарагія госці,
Ці не абрыдлі вам гаспадары? »
Паддаючыся голасу чужому,
Такому аддаюся пачуццю:
А можа, сапраўды мне час дадому
Збірацца ўжо, як позняму гасцю?
Ці не пара і мне, як дзед Даніла,
Складаць пажыткі, класціся ў труну?
Тут, дзе мяне цяпельца прытуліла,
Мой шлях, я на грудзях тваіх засну.
Пара!.. Няўхільна падарожжа гэта...
Лячу, лячу, упэўнены амаль,
Што я навечна гэты боль i жаль
Пакіну на зямлі,
як гук
ракета.
8
На дым, што адлятае ў сіняву,
Гляджу з тугой.
Бывай, бывай, дарога!
Табе пакіну я сябе самога
З той купінай, што клаў пад галаву...
А ўсё ж, пакуль лячу, датуль жыву!
Я ў тайны сэнс свайго быцця другога
Не веру, хоць лячу.
Затое веру,
Што там, дзе я не буду жыць зусім,
Не толькі мне, не дадзена Гамеру
Сказаць аб тым, што адляцела з ім.
Ляціць ракетай дзён маіх астача,
Яшчэ мне не чужых i дарагіх,
Ляціць мая сляза, i па сваіх
Рамэо і Джульеце сэрца плача.
Прыкметны на канцы карандаша,
Ляціць мой сум, ляціць мая душа.
А разам з імі верш ляціць той самы,
Адзіны мой, ляціць, як эпілог
Яшчэ дагэтуль не пачатай драмы,
Што, можа б, напісаў, каб час памог.
I час ляціць! — для ўсіх абмежаваны
Хваробаю, нястачаю, вайной.
На купіне, сярод лясной паляны,
Я не ляжу. Лячу я разам з ёй!..
9
Вайна ягоны век укараціла?..
Хвароба?.. Не!
Не падуладна ім
Любоў да працы прагнай, што спаліла
Звышчалавечым высілкам сваім
Яго жыццё, нібы маланка лес,
Які ў агні самазнішчальным згінуў.
Не веру я, што Пушкіна Дантэс,
Што Лермантава некалі Мартынаў
Забіў. Не веру!
Волатаў скасіла
Паэзія, а ворагі — пасля,
Ясеніна — яна, а не пятля.
Усім такія словы гаварыла
Паэзія, калі вяла ў паход:
«Не вер, што свет шырок, ён думкам цесны.
Хай ісціны старэюць з году ў год,
Хай сэрца разрывае гук жалезны,
А ты за ўсё ў адказе, мой балесны,
За справу, за дзяржаву, за народ.
Далёкае разгледзь арліным вокам,
Лаві на слых ледзь чутны крок бяды:
Мяне абраўшы, мусіш быць прарокам.
Як не прарокам,
кім жа быць тады?
Не бойся слова гучнага — прарок! —
Прарок не бога — праўды слых i зрок.
10
Ратуй людзей з бяды ліхой,
ix душы
На гвалт i на адчай не пакідай,
Ты радасць ім нясі, сабе — адчай,
Ім — волю, гвалт — сабе, ты духам дужы.
Ідзі, вяшчун, па моры, як па сушы,
Калі пакліча да сябе сляза
Пякучая.
Над прорвай па канаце
Ідзі туды, як па лязе нажа.
Крычы: «Ўставайце!» Не кажы: «Канайце!»
Аб мёртвых дбай, шануй дамоўкі ix,
З сям'ёю продкаў не жыві ў разладзе,
Іх больш, чым нас, іх большасць на парадзе,
На пераклічцы мёртвых i жывых.
Яны — мінулы час у новым часе.
I гарады ў вялікіх гарадах,
Што будаваліся на іх касцях.
Ты, як нашчадак іх, за ўсё ў адказе:
За сёлы ў сёлах i за час у часе.
Хай зрок не спіць, трывожным рог гучыць —
Ты сам гарыш, калі Зямля гарыць!..»
Штодзённай прыналежнасцю святой
Да спраў людскіх
паэзія паліла
Яго... I, спапяліўшы, запрасіла
I пасяліла ў дом высокі свой.
11
Ён пры жыцці быў крытыкам суровым
Сваім.
Ты песням падаваў руку,
Дзе пачуццё было невыпадковым,
З непазычанай думкай у радку.
Яго дзялянка ўсім відна цяпер:
На ёй прыкметных дат і вех нямала,
Якія, апрача дзяржаўных мер,
Ягонай музы моц замацавала.
Дзве кузні, дзве вяхі дзялянкі той:
Адна — Урал, кіпіць у строфах чулых,
Другая кузня,
шлях Варшаўскі мой,—
Зямлячка наша, памяць дзён мінулых.
Аднак ад курнай кузні каваля,
Што чорнай бляхай ад агню абшыта,
Да рудных гор —
яшчэ не ўся зямля,
Што гм раскарчавача i абжыта.
Яшчэ — i ўтаймаванне Ангары,
Тратыл, што грудзі рве надрэчным скалам,
Зямля шляхоў, якая ад зары
I да зары спявае пад металам.
А там, а там — яшчэ за даллю даль,
За даллю даль, як шпал бясконцы шэраг.
А там i даль — апошняя, на жаль, —
Запоўнены таварышамі бераг...
12
Варшаўскі шлях!
На ростанях тваіх,
Падобных з вышыні на васьмінога,
Стаіць бажок у ролі сувязнога
Юдолі грэшнай i нябёс святых.
Ён не такі ўжо страшны для паклонаў,
Ён не такі ўжо лекар ад тугі
Цяпер, калі нізрынуты багі
З крыжоў сваіх,
З бажніц былых, з амбонаў.
Займаючы дарожныя пасты,
Яшчэ не пакідаючы каплічкі,
Яшчэ распяццем свенцячы крынічкі,
Не знае ён, што бог не ён, а ты.
Часовы ён.
Ты ж вечны i нязменны
Душ сувязны. Ты, як само жыццё,
Імчыш, змяніўшы толькі пакрыццё —
Парог пясчаны на парог каменны.
Ты лечыш раны, суцішаеш боль,
Надзеяй апаясваеш, дарога,
Ты шар зямны.
Таму дазволь, дазволь
Звяртацца да цябе, а не да бога.
Мне крыўдна за пакутную юдоль,
За тысячагадовыя скрыжалі,
За тых, што на магільных камянях
Свет замагільны домам называлі...
13
Не веру я ў той вечны дом, мой шлях!
Я падарожны, як i ўсе, бясспрэчна,
Хай немагчыма, але вечна, вечна
Быць я хацеў бы
у цябе ў гасцях.
Я знаю, каб памёршыя знайшлі
Зваротную дарогу ў свет зялёны,
То адбівалі б толькі ёй паклоны,
Маліліся б шляхам сваёй зямлі.
Зямля для ўсіх, хто там,
Для ўсіх, хто тут,—
Адзіная сапраўднасць i бясспрэчнасць,
I ёй адной — ix вечнасць i нявечнасць...
Яна адзін для ўсіх вышэйшы суд.
Мінецца ўсё: пустая слава, мода,
I застанецца толькі сэнс адзін
Тых слоў, каторым саладзей ад мёду
Банкетнага быў палявы палын.
На брустверы акопа, на зямлянцы
Ён рос i там — дзе праца рве карчы.
І толькі ён не рос на той дзялянцы,
Дзе не работу дзеляць, а харчы...
На подзвіг, а не танныя заробкі
Ішоў зямляк наш, кнігі кладучы
На шалі часу, нібы самародкі,
З пластоў глыбокіх
вымытыя працай...
14
I прыкладу таму рэкамендацый
Маіх не трэба. Як не трэба ix
Hi для чытацкіх сфер, ні для рэдакцый.
Пішу аб ім я згодна праў другіх...
Не для таго размова, каб часова
Развеяць зразумелую тугу
Нам блізкай страты: не скажу я слова
Цяпер — пасля, не знаю, ці змагу.
Пасля, пасля!.. А як яго не стане,
А як не будзе гэтага пасля?..
Пішу цяпер, пакуль я на паляне,
Пакуль яшчэ са мной мая зямля,
Пакуль яшчэ пры мне мае цяпельца
І часу прысак на яго не лёг...
А дагарыць агонь, прашу цябе я,
Мой шлях, — ты не падпісвай некралог,
А новы раскладзі агонь пад Доўскам...
І без мяне з вандроўнікам другім
Пагавары аб часе, аб Твардоўскім,
Як мы з табой, пры вогнішчы жывым,
На месцы тым, дзе бушавала бітва...
Няхай, як памяць вечная аб ім
Твая, як да цябе мая малітва,
Ідзе ўгару,
далоні склаўшы,
дым.
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА
Я знаю, ты, мой шлях, перажывеш
Мяне, мой верш.
Дык знай, калі рубеж
Ты не мінеш, які завуць вайною,
Апошняй бітваю дабра са злом,
З тым злом, што мы пад Брэстам i Масквою
У сорак першым нішчылі з табою,—
Знай: дзень, што судным выбухне агнём,
Той дзень і нашым будзе судным днём.
Тады мяне ты ўспомні, як салдата.
А за грахі, калі яны былі,
Не дазваляй пад дулам аўтамата
Злу верш мой гнаць на мінныя палі.
Ты не дазволь, каб за маёй спіною
Зло з крыкамі злараднымі ішло.
Дазволь, каб верш мой мінай стаў тваёю
Там, дзе крывёю захлынецца зло.
У судны дзень дазволь радку ўзрывацца,
Сабе самому выракаць прысуд,
Дазволь загінуць для таго, каб тут,
Дзе я жыву цяпер, ты мог застацца.
Каб тут, на месцы векавых пакут,
Каб тут, дзе не загіне наша праца,
Ты, сын Зямлі, мог абдымаць Зямлю...
Варшаўскі шлях, аб тым цябе малю!

3 Хамуціус Паэма


Ствараючы аблічча свету новага,

Ствараем мы i новае аблічча

Тым, хто загінуў,

М. Бакуш
«Мой родны брат! Я пакідаю свет.

Пішу табе не ліст, а запавет...

Узняўшы бунт, народу-жабраку

Мы камень падалі, а не руку.

Мы гінем ад таго, што абяцалі

Зям'лю яму, а не далі ні цалі.

Калі затрубіць новай бітвы рог,

Паўстанец пакладзе на твой парог

Мой запавет, a ў ім — зямлю магната:

Тваю, маю... Раздай жа долю брата

Тым, хто яе арэ. Нагэта права

Не я табе даю, а наша справа».

З ліста Юрася Старжыцкага

Пад вячыстай хвояй
Год 1862. Гасціная ў засцянковым доме.
Летняя раніца. Хвоя за акном.
Гаспадыня Г е л е н а Я м а и т услухоўваецца
ў яе вячысты пошум.
Уваходзіць сястра Гелены — Р а г н е д а
С т а р ж ы ц к а я ,
маладая, зграбная жанчына.
Г е л е н а
Рагнеда, ты? Hi свет i ні зара...
Р а г н е д а
Навіны ёсць... Геленачка, сястра,
Як маешся?
Г е л е н а
Як верны пёс руіны,
Вартую дом, дзе мы з табой раслі,
Крыжы бацькоў ды ўласныя ўспаміны.
Р а г н е д а
Здароўе як?
Г е л е н а
Тапчуся па зямлі.
А дзе ж твой муж?
Р а г н е д а
Пацеха! Пан маршалак
Не страціў спрыт да выразання палак,
Прабач яго за гэтыя дзівосы —
З карэты злез i паімчаўся, босы,
У твой ляшчыннік. Я трымаць не стала.
Г е л е н а
А,што, яму сваіх лясоў замала? —
Не выхадзіш за тыдзень.
Р а г н е д а
Гэты кут
Ён любіць. А яшчэ — сцяжынкі тыя,
Што некалі таптаў ca мною тут.
Г е л е н а
Разбяр па дрэву... Забаўкі пустыя,
Магната дурасць.
Р а г н е д а
Бога не гняві.
У графа дурасць гэтая ў крыві.
Хіба, скажы, не стаў бы мастаком
Ягоны брат, каб не паўстання гром?
Ты пазмрачнела. Можа, нам не рада?
Г е л е н а
Не ўспамінай, Рагнеда, чорных дзён.
Боль непазбыты.
Р а г н е д а
Нас трывожыць ён.
Нядаўна муж ліст атрымаў ад брата.
Г е л е н а
Ад Юрася? Як гэта так? Дальбог,
Не разумею... Што за ліст?
Р а г н е д а
Мы самi
Здзіўляемся. Не ўласнымі ж рукамі
Паклаў нябожчык графу на парог
Ліст, што гучыць сягоння як паданне.
Граф быў малы, калі мяцежны рог
Паклікаў Юрася...
Г е л е н а
Правоў i звання
Пазбавілі няшчаснага бацькі
За гэта.
Р а г н е д а
А яшчэ... тваёй рукі.
Г е л е н а
Юрась мяне з сабою на паўстанне
Зваў... Не пайшла.
Р а г н е д а
Не варта шкадаваць.
Г е л е н а
Шкадуе памяць.
Р а г н е д а
Муж хацеў бы знаць,
Як жыў Юрась пасля?
Г е л е н а
Аб тым, відаць,
Вядома толькі кірмашам i путчам,
Дзе ён старцом відушчым, невідушчым
Хадзіў, быў ганчаром, быў багамазам,
Быў цыганом,— жыў з цыганамі разам.
Р а г н е д а
Ах, бедны! Лепей катарга, палон,
Чым лес такі. Сюды прыходзіў ён?
Г е л е н а
Жыў... У сялян. Хаваўся ў ix зімой
З Анэляй — спадарожніцай сваёй.
Вясной ён,. маляваў з яе партрэт,
Сам, як вясна, шчаслівы, закаханы,
Не багамаз, а бог, мастак, паэт.
Р а г н е д а
Але!.. Так пачынаюцца раманы.
Г е л е н а
Трагедыі, старыя, быццам свет:
Пралог лірычны, дзеі нечаканы
Канец, а там — i змрочны эпілог
Паўстання i блукання па народзе.
Р а г н е д а
З табою толькі ў сорак трэцім годзе
Ён бачыўся?
Г е л е н а
Дзіця на мой парог
Прынёс Юрась, як бог забраў Анэлю
З пасцелі парадзіхі ды ў пасцелю
Бязведамную.
Р а г н е д а
Пухам ёй зямля!
Г е л е н а
Жыццё было ўжо Юрасю няміла.
У лес сышоў i там прапаў пасля.
Р а г н е д а
Пад прозвішчам сваім удачарыла
Малую ты... Марыська праўду знае?
Г е л е н а
Я ёй сказала, што яна дачка
Старжыцкага. Паўстанца. Мастака.
Р а г н е д а
А больш... А пра Анэлю?
Г е л е н а
Не пытае,
А можа, i сама не хоча знаць.
Яна — дзіця бясшлюбнае, я — маці
Яе, пасмешышча мясцовай знаці,
Што трэба больш? Аб чым яшчэ пытаць?
Яна маўчала, я не гаварыла,
Язык — замок, калі душа — магіла.
Р а г н е д а
Даруй, сястра, яшчэ не ўсё спытала:
Як быць з Марыськай? Пра яе так мала
Я думала. Ёй колькі год? Відаць,
Вясельны ўзрост? Есць на прыкмеце зяць?
Г е л е н а
Не смейся. Хто палічыць за выгоду
Ісці за Нёман, не спытаўшы броду.
Р а г н е д а
Марыська не без племені i роду.
Старжыцкі дзядзька ёй, а не вараг.
Я гаварыла з ім. Ён дасць пасаг.
Мы так рашылі. Што Гелена скажа?
Ці, можа быць, не верыць?
Г е л е н а
Воля ваша,
A толькі...
Р а г н е д а
Што?
Г е л е н а
Пранёсся слых такі,
Што хоча граф раздаць зямлю сялянам.
Р а г н е д а
Той слых, сястра, i нас трывожыць з панам.
Хлусня!
Г е л е н а
А ўжо на графа мужыкі,
Як на святога, моляцца ў касцеле,
Ды i ў царкве.
Р а г н е д а
Пустое нехта меле.
Няпэўны час! Турбацыя адна.
(Падыходзіць да акна.)
А вунь i муж ідзе. Шчаслівы, босы,
I не адзін... З Марыськаю?
Г е л е н а
Яна.
Р а г н е д а
Вянок на галаве. А што за косы,
Як вырасла! Якія ножкі, стан!
Пры кавалеры... Гэта што за пан?
Прыемны з выгляду...
Г е л е н а
Адукаваны.
Зваць Кастусём.
Р а г н е д а
Хто пазнаёміў ix?
Г е л е н а
Вядома хто — выпадак нечаканы,
Спрадвечны спадарожнік маладых,
Стрэч і разлук нязведаная сіла.
Р а г н е д а
Гасцюе ў вас?
Г е л е н а
Марыська запрасіла.
Р а г н е д а
Даўно ён тут?
Г е л е н а
Ды ўжо чатыры дні.
Р а г н е д а
А ён ёй падабаецца. Зірні:
Між ім i ёй ідзе вачэй размова,
Пан русы, a дзяўчына чарнаброва...
Уваходзіць граф В і к т о р С т а р ж ы ц к і .
Босы, кашуля на ім расхрыстана,
у руках кіёк з ляшчыніны.
Ён шчаслівы, вясёлы.
Следам ідуць М а р ы с ь к а i К а с т у с ь К а л і н о ў с к і
С т а р ж ы ц к і
Гелена, добры дзень!
(Цалуе руку, звяртаецца да ўсіх.)
Хачу я ўсім
Прысутным абвясціць, у добрым часе,
Аб змене той, якая адбылася
У лесе брата, вашым i маім.
Дык слухайце, што я скажу вам... Згодна
Хадайніцтва майго, маіх сяброў,
Самім царом, за даўнасцю гадоў,
Грэх брату дараваны пасмяротна.
Яго імя не пахаваў гушчар,
Ягоны род не згінуў... Не загіне.
Марыся — больш не Ямант, а графіня
Старжыцкая. А я — не гаспадар
Таго маёнтку, што мяжуе з вамі.
Не я, а лес яго вяртае вам.
Гелена, плачаш ты? Не плач. Слязамі
Не вернеш Юрася. Хай лепей нам
Накрые стол доўгацярплівы дом!
Наш дом!.. З вячыстай хвояй за акном.
Знаёмства
Ж а н ч ы н ы, а следам за імі М а р ы с ь к а,
праходзяць у суседні пакой.
Там яны займаюцца гаспадарчай справай —
иакрываюць стол.
Мы бачым ix, але не чуем,
бо ўвагай скіраваны на гасціную,
дзе ў гэты час размаўляюць Bi к т о р С т а р ж ы ц к
i К а с т у с ь К а л i н о ў с к i.
К а л і н о ў с к і
Нябожчыкам не трэба даравання
Былых грахоў. Калі ім сніцца сон,
То сніцца ім не тытул, a паўстанне
Наступнае. Яго набатны звон.
З марудных дыліжансаў на чыгунку
Час перасеў i ў тым імчыць кірунку,
Якога час мінулы не дасяг.
Паўстанне ўжо не за гарамі, вашаць...
А выбухне — што тытул будзе важыць,
Пазбаўлены мінулых пераваг?
Што граф? Што князь?
С т а р ж ы ц к і
Прашу вас, дзеля бога,
Цара хоць не чапайде.
К а л і н о ў с к і
Засцярога?
С т а р ж ы ц к і
Так. Я ж — маршалак.
К а л і н о ў с к і
Вас мы не чапаем.
Але ж i вы i я, хіба не знаем,
Што ўвесь наш бедны край прыйшоў у рух.
Цара i канцылярыю ўсім краем
Клянуць... А мы тут баімося ўдвух.
С т а р ж ы ц к і
Вам лёгка. Вы ад царскіх слуг далёка.
А я? Я — знатны лёкай для паслуг,
Нядрэмнае за каркам чую вока.
Дзе не ступлю, хлусню на слых лаўлю,
Ліхія чуткі, быццам я зямлю
Хачу раздаць...
К а л і н о ў с к і
Я чуў. Але не верыў.
Не веру ў філантропію намераў.
Калі б намер сур'ёзны быў у пана,
То здзейсніў бы яго ён нечакана
У зручны момант, улічыўшы ўмовы,
А не для слоў пустых.
С т а р ж ы ц к і
Святыя словы!
Ніхто не стане жартаваць з пятлёю
Намыленай.
К а л і н о ў с к і
Аднак, я чуў другое...
Не знаю, ці казаць?
С т а р ж ы ц к і
Чаму б i не?
К а л і н о ў с к і
Пра нейкую наяўнасць запавету...
Нібы яго пакінуў брат ваш.
С т а р ж ы ц к i
Мне?
К а л і н о ў с к і
Хто кажа — вам, хто кажа — камітэт
Паўстанцкаму.
С т а р ж ы ц к і
A хіба ёсць такі?
К а л і н о ў с к і
Ды рознае гавораць дзецюкі
Пра камітэт той самы i пра справу.
Нібыта граф Старжыцкі ў пэўны час,
Паўстанца-брата помнячы наказ,
Не стане спадзявацца на Варшаву
З няпэўнасцю яе, ні на Парыж,
Сам панясе пачэснай справы крыж.
Яму,— гавораць,— наш давер i зброя
Ён — сам герой, не толькі брат героя!
Словы Каліноўскага ўразілі графа.
Страх маршалка i адвага паўстанца адбіваюцца на ягоным
твары.
Што пераважыць — адвага ці страх — невядома.
С т а р ж ы ц к і
Як бачыце, зусім нядобры слых.
К а л і н о ў с к і
На рэха слых падобны: быў i сціх.
С т а р ж ы ц к і
Вось брата ліст! Пасланне дзён былых,
Паслухайце... «Я пакідаю свет.
Пішу табе не ліст, а запавет...
Узняўшы бунт, народу-жабраку
Мы камень падалі, а не руку,
Мы гінем ад таго, што абяцалі
Зямлю яму, а не далі ні цалі».
Так напісаў Юрась!
К а л і н о ў с к і
Тут праўда ўся.
С т а р ж ы ц к i
Яна i вас, як бачу, ўсхвалявала.
Яна яму магілы каштавала,
А нам — заўчаснай смерці Юрася.
Фінал трагічны!
К а л і н о ў с к і
Не!.. Хутчэй завязка
Для новых дзей.
М а р ы с ь к а
(уваходзячы).
Прашу вас. Калі ласка!
Заклапочаны граф ідзе следам за М а р ы с ь к а й i К ал i н о ў с к i.
Паступова настрой ягоны ўраўнаважваецца.
I вось ужо Старжыцкі — ранейшы маршалак,
задаволены госць i гаспадар.
Ён падыходзіць да стала i налівае па поўнай чарцы
спачатку дамам i пляменніцы Марысі,
а потым — Каліноўскаму i сабе.
С т а р ж ы ц к і
Я ўсцешаны за ціхі дом, які
Сабраў нас тут, між сцен сваіх утульных.
Мы ўсе з яго гасціннае рукі,—
Хто выразаў кійкі, хто плёў вянкі,—
Адна сям'я... Па родзічах агульных...
A з Кастусём — па думках сваякі.
Р а г н е д а
Чаму па думках толькі? Ён жа госць
Марыські.
С т а р ж ы ц к і
Знаю. Густ у пана ёсць!
Да гэтага ж i хіліцца гаворка,
Каб тут жаданы госць не быў гасцём.
За шчасце!
Р а г н е д а
За Марыську з Кастусём.
(Усе выпіваюць.)
С т а р ж ы ц к і
Ну, што ж вы, маладыя... Горка!
Р а г н е д а
Горка!
Рашайцеся. Смялей, такой бяды!
К а л і н о ў с к і
Не згодны мы.
С т а р ж ы д к і
Між вамі нелады?
К а л і н о ў с к і
Казаць, Марыська?
М а р ы с ь к а
Так.
К а л і н о ў с к і
Раскрыем карты.
Мы гэты тост, які не жартаў варты,
Адтэрміноўваем на два гады.
Р а г н е д а
Вар'яты вы!
К а л і н о ў с к і
Для тых, хто сэрцу люб,
Не тэрмін, нават вечнасць.
Р а г н е д а
Глупства — вечнасць!
Для шчасця асцярожнасць — недарэчнасць.
К а л і н о ў с к і
А можа, шлюб?
Р а г н е д а
Хто зганіць шчыры шлюб? —
Яе пасаг — зямля, а ваш — асвета.
К а л і н о ў с к і
У нашы дні так мала значыць гэта!..
Р а г н е д а
Дзе пан Кастусь вучыўся, не сакрэт?
К а л і н о ў с к і
У Пецярбургскім універсітэце.
С т а р ж ы ц к і
Пан скончыў юрыдычны факультэт.
Р а г н е д а
Ёсць служба?
К а л і н о ў с к і
Ёсць — бадзяюся па свеце.
Р а г н е д а
Ну як-то можна жыць без пэўных спраў?
Ах, дарагі, бацькі вас білі мала.
Як можна так?
К а л і н о ў с к і
Спытайце генерала
Назімава. Прашэнне падаваў.
Адмовілі.
Г е л е н а
Без жоднае прычыны?
К а л і н о ў с к і
Адна прычына — патрыёт айчыны,
Якіх цяпер — лічыць i не злічыць
У Вільні, Гродні, тут.
С т а р ж ы ц к і
Ах, паважаны,
Я разумею вас. Нялёгка жыць,
Калі i чалавек адукаваны
Не мае дзе свой талент прылажыць...
За жарт прабачце, маладыя, нас.
Забаве час, але i справе — час.
Чакаюць коні, гасне ў небе дзень,
Чырвоны сонца кідае прамень,
Даўжэе пень, глыбее ў лесе рэха,
Пара i нам. Дык вып'ем стшэменнэго!
Усе выпіваюць. Першай пакідае пакой Р а г н е д а ,
за ёю, пабраўшыся за рукі — М а р ы с ь к а i
К а л i н о ў с к i. Затрымліваюцца толькі Г е л е н а i г р а ф .
Г е л е н а
Я слухаю. Вы нешта мне сказаць
Хацелі?
С т а р ж ы ц к і
Каліноўскі — вам не зяць.
Г е л е н а
Як можна, граф? Адзін другому слова
Яны далі.
С т а р ж ы ц к і
Ён меціць у царкі
Мужыцкія, на месца Пугачова,
Крывавай пласе просіцца ў зяцькі.
Юрась — мой брат. Аб шлюбе сам падбаю.
Яшчэ адно сказаць Гелене маю
Для пільнасці... Даходзяць да мяне
У Гродню чуткі, пэўныя даволі,
Што нехта тут адозвы сее ў полі,
Мужык знаходзіць ix у збажыне.
I нехта ўжо чытаў ix на млыне.
Гасця свайго, Марыську папярэдзь:
Чытаць ix нельга, можна загрымець,
Ды як яшчэ!.. Мне дораг ваш спакой.
(Выходзіць.)
Г е л е н а
Граф помніць нас! Паводзіўся, як свой.
Допыт
Дом Гелены Ямант. Пакой, дзе жыве Каліноўскі.
Вокны ў сад. За сталом жандарскі афіцэр.
Ён вядзе допыт. Каля дзвярэй узброены салдат.
Капітан удакладняе пратакол.
К а п i т а н
Завуць вас Каліноўскі Канстанцін,
З дваран.
К а л і н о ў с к і
Дробнапамесны дваранін.
К а п i т a н
Сюды вы з Ваўкавыскага павету
Прыехалі... Якую мае мэту
Прыезд?
К а л і н о ў с к і
Не разумею капітана:
Спачатку арышт, потым пратакол,
Хоць для каго — такое нечакана.
Між тым, мне не належыць тут ні стол,
Hi гвалтам растрыбушаная шафа.
К а п i т a н
Што гэта дом сваячаніцы графа
Я ведаю, аднак...
К а л і н о ў с к і
Вы ні ў стале
Нічога не знайшлі, ні пад падлогай.
Прыстойны дом такою мерай строгай
Вы крыўдзіце.
К а п i т а н
Не крыўдзіў бы... Але,
На жаль, мы маем факт найдакладнейшы,
Што чалавек прыезжы, не тутэйшы,
Чытаў лісток крамольны на млыне.
Па справе следства строгае вядзецца.
Ёсць сведкі адпаведныя ў мяне.
К а л і н о ў с к і
Пры чым тут я?
К а п i т а н
Лісток, які завецца
«Мужыцкай праўдай», кліча дзецюкоў
Ісці з касой, з сякерай на паноў.
Не ўсё так нечакана, як здаецца.
Вы ў ролі бунтара, а я — суддзі.
К а л і н о ў с к і
Дзе ж сведкі?
К а п i т a н
Тут. Гаўрылаў, прывядзі.
Ды не марудзь!
С а л д а т
Ёсць, ваша благароддзе!
(Салдат казырае i выходзіць з пакоя.)
К а п i т а н
Не апазнаюць вас, вы на свабодзе.
Хаджу пад богам, пад царом жыву.
Нікому не раблю я выключэння.
He вінаваты — дом без прабачэння
Я не пакіну. Пратакол парву.
Уваходзяць с а л д а т i с я л я н е .
Тут i маладыя дзецюкі i сталейшага веку людзі.
Хто тут старэйшы?
А р ц ё м
Я. Арцём Яцына.
К а п i т а н
Уважліва глядзі на гаспадзіна.
З-пад Вільні Яська? Той?
А р ц ё м
Не той.
Д з я ц ю к
Не той.
Д р у г і д з я ц ю к
Чарнейшы той, з калматай барадой,
У світцы быў.
К а п i т а н
А што чытаў з лістка
Вам Яська-гаспадар?
А р ц ё м
Пра мужыка.
Д з я д ю к
Аб вольнай волі.
Д р у г i д з я ц ю к
Аб сярмяжнай долі.
К а п i т a н
I не змаглі звязаць бунтаўшчыка?
А р ц ё м
Збаяліся.
Д з я ц ю к
А раптам пры пістолі.
Яшчэ нам пра дара казаў...
К а п i т а н
Даволі!
Вы вольныя.
С а л д а т адпускае с я л я н i ўслед за імі выходзіць сам.
Капітан ірве пратакол на дробныя шматкі i кідае ix у кошык.
Раблю, як абяцаў.
Жадаю вам прыемных сноў i спраў.
Даруйце... Ёсць яшчэ адно пытанне:
Марыся Ямант запрасіла вас
У госці?
К а л і н о ў с к і
Так.
К а п i т а н
Знаёмства ці каханне?
Маўчыце. Красамоўыей за адказ
Мужчынскае маўчанне.
К а л і н о ў с к і
Новы допыт?
К а п i т а н
Паверце, не. Хутчэй — службовы клопат,
Міжвольная даніна пекнаце
Марысі Ямант... Круглай сіраце...
Вы здзіўлены? Так, так, не ў гэтай хаце
Яе, a ў лесе, нарадзіла маці,
Сама ж памерла. Круглай сіратой
Расло дзяўчо.
К а л і н о ў с к і
Гелена Ямант ёй
Не маці?.. Глупства нейкае.
К а п i т а н
Ну што вы!
Не мог архіў сакрэтны спудлаваць.
З прычыны гэтай — клопат мой службовы:
Я вам не раю масла падліваць
У той агонь, што выбухнуць гатовы.
Палітыка, дальбог, не для кахання,
Яна — цяжкі ланцуг для светлых мар.
Ёсць прыклады... Трагедыі паўстання...
К а л і н о ў с к і
Пры гэтым вы так мнагазначна ў твар
Зірнулі мне.
К а п i т а н
Што зробіш, я — жандар.
К а л і н о ў с к і
Не... Гэтак на нябожчыка трунар
Глядзіць, калі з яго здымае мерку
Для справы: на чарзе — труна i дол.
К a п і т а н
Шкадую я.
К а л і н о ў с к і
Каго?
К а п i т а н
Не вас. Паперку,
Што ў кошыку... Парваны пратакол.
Шкадую я, што выканаў фармальна
Свой доўг. Усіх не вычарпаў да дна
Магчымасцяў. А следчага віна,
Як правіла, канчаецца фатальна.
Баюся я, што i для вас яна
Так скончыцца... Прызнайцеся мне шчыра,
Прадухіліце горшую бяду.
К а л і н о ў с к і
I што далей?
К а п i т а н
Паклічу канваіра,
На год, на два за краты адвяду.
Год альбо два i нават тры — не кара,
Грашок юнацтва спішаце ў архіў.
Дзеля Марысі, не дзеля жандара,
Вы вернецеся зноў да гэтых ніў.
Вам не зашкодзяць строгія парадкі:
Лепш змрок турмы, чым чорны гвалт пятлі.
Хіба не так?.. A горкія выпадкі
У практыцы маёй, на жаль, былі.
Пад шыбеніцай, як ратунку, моляць
У суддзяў — пажыццёвых ланцугоў...
К а л і н о ў с к і
Я б не прасіў.
К а п i т а н
Ну, што ж... Ах, моладзь, моладзь
Шкадую вас! Бывайце. Я пайшоў.
К а п i т а н пакідае пакой.
Праз некалькі хвілін уваходзіць
устрывожаная Г е л е н а Я м а н т.
Г е л е н а
Што адбылося?
К а л і н о ў с к і
Непаразуменне.
Жандар прасіў у пані прабачэння?
Г е л е н а
Але, прасіў... Нішто сабе манера,
Пад выглядам гасдя i кавалера,
Ашукваць дом. Не сорам, ягамосць?
Я так мяркую: вы для нас — не госць,
А мы для вас — не тайная кватэра.
К а л і н о ў с к і
Прабачце.
Г е л е н а
Прабачэння не прымаю.
Былі вы на млыне?
К а л і н о ў с к і
Не адмаўляю.
Не ашуканец я. Не вораг вам.
Дазвольце мне, я тлумачэнне дам
Марысі, як не вам.
Г е л е н а
Забараняю.
К а л і н о ў с к і
Як можна?
Г е л е н а
Каліноўскі Канстанцін,
Не я вас разлучаю з ёй, а — млын!
Абураная Г е л е н а выходзіць.
Каліноўскі паволі асоўваецца на канапу.
Да яго паціху падыходзіць А р ц ё м Я ц ы н я.
Зазірнуў у твар.
Падобна на тое, што Кастусь прыдрамнуў.
Арцём здзіўлена паківаў галавой,
пасля асцярожна вынес з-за стала крэсла.
Так яны i сядзяць:
Кастусь, а на супраць яго ў крэсле — Яцына.
Але вось Каліноўскі ачнуўся.
К а л і н о ў с к і
Хто гэта тут?
А р ц ё м
Пан не пазнаў Арцёма?
Яцыну?
К а л і н о ў с к і
Ты?.. Пазнаў, пазнаў, вядома.
Яшчэ тут нехта быў...
А р ц ё м
Хто ж быў?.. Сяляне,
Жандарскі афіцэр. Ён вёў дазнанне,
Пасля яго была Гелена ў вас.
К а л і н о ў с к і
Я не пра ix... Мне гэта сном якраз
Здаецца ўжо... A іншае яскравай,
Хоць i далёкай, падаецца явай.
Тут лес шумеў... Тут чалавек між дрэў
Стаяў. Ды на мяне ён не глядзеў,
А на магілу свежую, i слёзы
Яго цяклі на крыж, на ліст бярозы,
Што ўжо жаўцеў на тым лясным грудку.
Дзіцё грудное, стоячы ўбаку,
Трымала бабка... Пэўна павітуха.
А лес шумеў так безнадзейна глуха...
Ты пабляднеў, Арцём? Цябе здзіўляе
Мой прывід?.. То не прывід, а такая
Хвароба... Нервы... Нечаканы ўдар.
А р ц ё м
Ах, Яська, Яська! Яська-гаспадар
З-пад Вільні! Хіба жартаваць так можна
З жыццём... Лісткі чытаць не асцярожна.
Каб мы не згаварыліся гуртом,
Гарэў бы, Яська!
К а л і н о ў с к і
Ведаю, Арцём.
А р ц ё м
Хадзем са мной. Жаню я заўтра сына.
Пасля хаўтур, што стацца тут маглі,
Вяселле Яську памагчы павінна.
К а л і н о ў с к і
Але ж, збірацца трэба.
А р ц ё м
Дык пайшлі.
Дажджавік
Ганак хаты Арцёма Яцыны. Падворак.
З трох бакоў яго абступілі хвоі, якія далей пераходзяць у бор.
Праз расчыненыя вокны далятае людская гамана, песні, музыка. Вяселле. З хаты выходзяць, а пасля ідуць падворкам М а р ы с ь к а i К а л і н о ў с к і .
К а л і н о ў с к і
Прыйшла!
М а р ы с ь к а
Ад нас да гэтай хаты блізка,
Вярста, не больш, калі ісці напрост.
К а л і н о ў с к і
Адна вярста? Не! Тысячаю вёрст
Учора мне мой кожны крок, Марыська,
Здаваўся, калі я пакінуў дом
З тваім акном, што над маім акном.
Не думаў я, хоць мне сказаў Арцём,
Што ты таксама прыйдзеш на вяселле.
А ты прыйшла. Якраз насупраць села.
Не верыў я... Не ведаў, што скажу,
Пакуль сляза твая не паглядзела
Праз дым застолля на маю слязу.
Я ўдзячны ёй.
М а р ы с ь к а
За што?
К а л і н о ў с к і
Слязе маёй
Твая сляза сказала без вагання,
Што, варты ганьбавання i выгнання,
Я ўсё ж не вінаваты перад ёй.
М а р ы с ь к а
Я ведаю, што не ліхі намер
Цябе ў наш дом прывёў, куды цяпер
Табе навек заказана дарога.
A ўсё ж, Кастусь, чаму ты мне нічога
Не гаварыў?
К а л і н о ў с к і
Для рызыкоўных спраў
Разумная не шкодзіць засцярога.
М а р ы с ь к а
Пра млын маўчаў.
К а л і н о ў с к і
Я хіба не казаў
Табе аб грознай навальнічнай хвалі,
Якая можа знішчыць караблі,
Не толькі човен той, што мы абралі?
А слова, а зарок, што мы далі
На два гады з табой адзін другому,
Хіба яны — не прадчуванне грому
Таго, які над намі прагрымеў?
Дык радуйся. Яшчэ маланка дрэў
Не спапяліла! Нельга вінаваціць
За гэта лёс.
М а р ы с ь к а
Ты не баяўся страціць
Мяне.
К а л і н о ў с к і
Прабач. Я сам таму не рад.
М а р ы с ь к а
То як нам быць? Як мне пазбыцца страт
Невідавочных... тых, якіх нямала
Вакол мяне? Хіба не бачыш ты,
Не заўважаеш — я ўжо іншай стала.
Душу рассеклі мне на два пласты.
На зоркі дзве. Адна з ix счэзне знічкай...
Але якая?.. Я табе мілей
Графіняю, Кастусь, альбо мужычкай?
К а л і н о ў с к і
Ты для мяне адна, як i раней.
Як i раней, ты для мяне — дзяўчына,
Якую навучаў Арцём Яцына
Зямлю араць i слаць у лузе лён.
З якой гуляў ягоны сын Лявон
У хованкі на бацькавым гарышчы
Тады, як быў, як ты, яшчэ малым,
З якім ты бульбу ў вогнішчы лясным
Пякла i танцавала на ігрышчы.
М а р ы с ь к а
Я так i знала. Сядзем.
К а л і н о ў с к і
Пасядзім.
Яны садзяцца на паграбню.
Земляны верх яе зарос густой,
наўмысля не пакошанай травой.
Зацішна тут i ўтульна пад зялёным крылом бярозы.
М а р ы с ь к а
Нам не зашкодзіць даўняе суседства
Ляснога дрэва, цёплай паграбні.
Я тут сядзець любіла з малалецтва,
З бярозкай размаўляць у цішыні.
З ёй уяўлялі мы гушчар глыбокі
I племя невядомых нам бяроз,
Дзе, можа быць, i мой пачаўся лес,
Для сэрца блізкі, для вачэй далёкі,
I таямнічы для міжвольных слёз.
Да дрэў, як да калысак, цягне, браце,
Народжаных у лесе, а не ў хаце.
К а л і н о ў с к і
Ты пра сябе гаворыш?
М а р ы с ь к а
Не. То — сон,
А можа, летуценне даўніх дзён.
Мне плакаць бы цяпер, ды я не плачу,
Хоць i выразна ў цёмных хмарах бачу
Наступны дзень... Ужо ахутаў змрок
Сланечнікі... Хадзем туды, мой любы,
Каб ix пялёсткі апалілі губы,
А ix пылок мне вочы завалок,
Марыся Ямант не баіцца згубы.
К а л і н о ў с к і
Ты не павінна гэтак гаварыць.
Пылок... пялёсткі... Што яшчэ за спевы?
Адкуль такія?
М а р ы с ь к а
Ад прабабкі Евы
Хутчэй за ўсё. Адкуль яшчэ ім быць?
К а л і н о ў с к і
Забудзь іх. Супакойся. Прытуліся
Да сэрца, як да цёплай паграбні.
Пабудзь са мной, як у былыя дні.
Ты для мяне адна... адна... Марыся.
Дагарэла ў небе зара. Праспявалі пеўні.
Змаўкае вясельная музыка,
І ў вокнах гасне святло.
Ноч ахутала падворак, але ненадоўга.
Пачынае світаць.
Першыя промні сонца застаюць Марыську
i Каліноўскага на тым жа месцы. Яны цалуюцца.
М а р ы с ь к а
Нас бачыць сонца — сорам! Час дадому.
К а л і н о ў с к і
Пара i мне.
М а р ы с ь к а
А можа б, пачакаў?..
К а л і н о ў с к і
Не зручна мне.
М а р ы с ь к а
Чаму?
К а л і н о ў с к і
Казаў Арцёму
Я, што пайду.
М а р ы с ь к а
Аднекуль, з-пад Пастаў,
Вандроўныя прыехалі музыкі.
У ix, я чула, танцаў кош вялікі!
Застанься! Не адзін гуляюць дзень
Вяселле ў нас.
К а л і н о ў с к і
Я на яго наклікаць
Магу бяду, як з'явіцца мой цень —
Нядрэмны капітан, яго Вялікасць
Жандар... (Цалуе Марыську.) Пайду!
М а р ы с ь к а
А сонечны прамень
Так i цікуе нас праз радкалессе.
Ах, бедны, бедны! — я яму скажу...
Сачы за намі, сонца, колькі ўлезе,
Не бойся, я прыстойнасці мяжу
Не перайшла! Ад сораму ніколі,
Як не згарэла ўжо, то не згару.
К а л і н о ў с к і
Няўжо?
М а р ы с ь к а
Маўчы. Я з сонцам гавару!
К а л і н о ў с к і
Пагавары ca мной. А з ім —даволі.
М а р ы с ь к а
Ты ж ведаеш i сам, які цяжар
На плечы мне ўзвалілі. Я — тавар,
А мой пасаг — разменная манета.
Мне ўжо сватоў падшуквае Рагнеда.
К а л і н о ў с к і
Раздай зямлю сялянам. Жаніхі
Адваляцца, як п'яўкі... У спакоі
Пакінуць кут, што пад аховай хвоі.
М а р ы с ь к а
Зямля, зямля... Як гром на лес сухі,
Як костка ў горле! Я лічыцца мушу
Ca згодай маці, будучага мужа...
Абмежавалі круг маіх правоў
Казённыя паперы i атрамант.
Лягчэй было нашмат Марысі Ямант
Не мець зямлі, не думаць пра сватоў.
Паны не для давання, а для брання...
К а л і н о ў с к і
Нічога, пачакай... I наш ланцуг
Не вечны, рассячэ яго паўстанне,
Мяжу пераарэ мяцежны плуг.
М а р ы с ь к а
Ці ж будзе так?
К а л і н о ў с к і
А іншага ў нас выйсця
Няма. Надзей на іншае няма.
М а р ы с ь к а
А раптам... Раптам катарга, турма —
Яны часцей здараліся калісьці.
Зрабі прасцей. Забудзь няпэўны шлях
Дзеля мяне, калі я сэрцу міла.
Пажэнімся, я б маці ўгаварыла.
К а л і н о ў с к і
Мне трэба ты, а не чужы пасаг.
Мне без Марысі Ямант свет — магіла.
М а р ы с ь к а
Маўчы. Яе ты ўчора пахаваў,
Як пачуццю адкрытаму не даў
Быць не цнатлівым, грэшным i шчаслівым.
Яе ты зблытаў з полем неўрадлівым,
Яна ж магла б раджаць на зайздрасць нівам,
Калыскі калыхаць, як каласкі.
Чым лепш ты за цара таго, які
Даў ёй зямлю, але пазбавіў долі,
Сялянам волю даў — зямлі не даў?
Ты не яе, сябе пашкадаваў,
Збаяўся, што апынешся ў няволі
Сланечнікаў яе. Не ганарыся
Бязгрэшнасцю, ты не Хрыстос.
К а л i н о ў с к i
Марыся!
За што мяне ты крыўдзіш? Сэрца стыне
Ад слоў такіх.
М а р ы с ь к а
Яны мае аднак.
К а л і н о ў с к і
Не веру я. Гаворыць ix графіня
Старжыцкая.
М а р ы с ь к а
Няхай сабе i так!
Ты ўлады прагнеш. Не баішся кары.
Што ж мне рабіць?.. Чуваць грымот удары,
За хмары сонца свой хавае твар.
Мне час дамоў! Там ходзіць адзінота
З кута ў куток, чарнейшая ад хмар.
Ну што ж, праводзь мяне, калі ахвота.
Не, лепш не трэба... Лепей пустата
У вокнах засцянковых, як i ў лесе.
Сама дайду! Тут усяго вярста,
Не тысяча — як некаму здалося.
К а л і н о ў с к і
Я правяду!
М а р ы с ь к а
Праз два гады прыходзь.
К а л і н о ў с к і
Прыйду раней, насуперак пapoгy...
М а р ы с ь к а
Бывай, Кастусь!
М а р ы с ь к а пакідае падворак.
Да Каліноўскага падышоў А р ц ё м Я ц ы н а .
А р ц ё м
Куды так рана госць
Сабраўся ўжо?
К а л і н о ў с к і
Куды ж, як не ў дарогу.
А р ц ё м
Чаму так хутка? Бражка ёсць яшчэ...
К а л i н о ў с к i
Вы ж знаеце прычыну.
А р ц ё м
Глупства, Яська!
Прычына ўбачыць гурт, сама ўцячэ.
Грымяць грымоты... Недзе дождж сячэ...
К а л і н о ў с к і
Зайду пасля вяселля.
А р ц ё м
Калі ласка!
К а л і н о ў с к і
Я не адзін прыйду. Мы цішыню
Парушыць можам.
А р ц ё м
Я не праганю.
К а л і н о ў с к і падаўся на лясную дарогу.
З супрацьлеглага боку спяшаецца М а р ы с ь к а .
У руках дажджавік. Задыхалася.
Убачыла Арцёма.
М а р ы с ь к а
Пайшоў?
А р ц ё м
Пайшоў.
М а р ы с ь к а
А я вось дажджавік
Нясу... Даўно пайшоў?
А р ц ё м
Нядаўна.
М а р ы с ь к а
Знік!..
О дзядзечка, як можаш, дагані!
А р ц ё м
Не даганю ўжо.
М а р ы с ь к а
Дзядзечка мой шчыры!
Не ён пайшоў — майго юнацтва дні.
Ix менш, чым пальчыкаў на пяцярні
Было... Чатыры дні... ўсяго чатыры...
Калі не ix, дык хоць яго вярні.
Я, дзядзечка, люблю яго, дурная.
Не вернецца... Яму я брыдкіх слоў
Нагаварыла.
(Марыська прыпадае да грудзей Арцёма. Плача.)
А р ц ё м
Сціхні. Раз такая
Бяда... То, можа, лепш, каб не прыйшоў.
З хаты на ганак выйшлі м у з ы к i.
Зайгралі запрашальны марш.
Немаведама адкуль пачалі збягацца x л а п ч у к i
і п а д л е т к і , сыходзяцца x л о п ц ы i дз я у ч а ты.
Паважна ўзышоў на падворак
жандарскі а ф і ц э р i салдат Г а ў р ы л а ў .
На нейкі момант музыкіпакінулі іграць.
Але тут жа, нібы не заўважыўшы няпрошаных гасцей,
хвацка ўрэзалі танец-песню «Каробушку».
Пад гэтую музыку, якая прыйшла здалёк
і, пэўна, не так даўно бытуе тут,
пайшлі танцаваць людзі.
Капітан заўважыў Марыську, што самотна стаіць каля
прасла.
Падышоў, запрасіў.
Усё гучней i гучней чуваць удары грому,
бліжэй i бліжэй насоўваецца хмара.
Вяселле танцуе «Каробушку».
Арцём Яцына
У хаце Яцыны. Гаспадар сядзіць на ўслоне,
побач з ім салдат Гаўрылаў.
За сталом жандарскі афіцэр.
К а п і т a н
Ты не марудзь лепш, падпішы наперу,
Праўдзівым патрабуе быць закон.
А р ц ё м
Не згодны я... «Мужыцкай праўды» ён
Нам не чытаў.
К а п i т а н
Чытаў. Я вам не веру.
Не забывайся, я не на гулянку
Сюды з'явіўся.
А р ц ё м
Знаю, не п'яны.
К а п i т а н
Гаўрылаў, выйдзі! Пасядзі на ганку!
(Салдат выходзіць.)
Не хочаш сведак? Мы цяпер адны.
Падпісвайся.
А р ц ё м
Не ўмею я.
К а п i т а н
Здарэнні
Былі й такія... Закапчу пятак
Над свечкаю... Пакінеш пальцаў знак
Пад дакументам.
А р ц ё м
Плямы на сумленні
Поп не даруе.
К а п i т а н
Крыжычак пастаў.
Царква даруе богаўгодны вышук.
Бяры пяро...
A р ц ё м
Баюся, каб той крыжык
Вялікім крыжам нада мной не стаў.
К а п i т а н
Хітруеш... На свае не хочаш плечы
Адказнасць браць. Ну што ж, ты не адзін
Быў на млыне... Былі браты... Дарэчы,
Вы прышлыя? Адкуль, з якіх мясцін
Вы збеглі? Ад каго?
А р ц ё м
Уласнай воляй
Мне i братам маім даў волю князь.
Ёсць грамата.
К а п i т а н
А часам не Юрась
Старжыцкі прыгразіў яму пістоляй?
Ці не былі i вы ў яго атрадзе?
Мне хтось казаў...
А р ц ё м
А пан i веры даў?
К а п i т а н
Падпісвай лепш, пакуль мінулых спраў
Не варухнуў я. То ў маёй уладзе.
Я ўжо дазнаўся: трыццаць год назад,
Тады, як быў разбіты ўшчэнт атрад
Старжыцкага, з'явіўся тут Яцына
Арцём з братамі...
A р ц ё м
Для таго прычына
Была ў нас.
К а п i т а н
Так. Я ж i кажу — была.
Гелена Ямант лесу вам дала
На хаты.
А р ц ё м
Мы за лес сплацілі працай.
К а п i т а н
Зямлю ў арэнду... Без рэкамендацый
Хіба? Адкуль такая дабрата?
Тут нешта ёсць... Я чуў, былі сябрамі
Гелена i Юрась.
А р ц ё м
Як у Хрыста
За пазухай, яна жыла за намі.
Мужык апошні хлеб свой аддае
За дабрату.
К а п i т а н
Шануючы яе,
Паверыў я. Не даў падзеям ходу,
Бунтаўшчыка не затрымаў дарма.
Зрабіў не на карысць вам, а на шкоду...
Памылка... Каліноўскага сама
Прагнала Ямант. Ты аб гэтым знаеш?
Горш, калі госць зноў прынясе лісткі...
А р ц ё м
Не прынясе. Мы з ім не сваякі.
Адчыняюцца дзверы. На парозе — К а л i н о ў с к i.
К а п i т а н
А!.. Вось i той, каго ты не чакаеш.
К а л і н о ў с к і
Не да яго, да вас я, капітан.
Я аб візіце вашым да сялян
Даведаўся нядаўна выпадкова.
К а п i т а н
Прыемна ведаць — на лаўца i звер...
К а л і н о ў с к і
He, капітан. Вы не лавец цяпер,
На гэты раз са мной мая ахова.
У з б р о е н ы я л ю д з і вядуць у хату с а л д а т а.
Рукі ў Гаўрылава звязаны.
Капітан схапіўся за зброю,
але пісталет у яго адабралі.
Каліноўскі бярэ ca стала пратакол допыту.
К а л і н о ў с к і
Зноў пратакол. Знаёмая размова,
Запозненыя пошукі ахвяр.
Пратакол перадаецца з рук у рукі.
Людзі чытаюць, абураюцца.
М а л а д ы п а ў с т а н е ц
Чаго тут думаць. Гада на асіну!
П а ж ы л ы
Спакою людзям не дае жандар.
Звязаць яго!
К а л і н о ў с к і
Чакайце. Я Яцыну
Хачу спытаць.
А р ц ё м
Ён — чалавек службовы,
Па справе тут.
М а л а д ы п а ў с т а н е ц
У багну i — канец!
Шкадуеш маскаля?
A р ц ё м
Пустыя словы.
Ёсць жонка, дзеці ў пана...
К а п i т a н
Я ўдавец.
Дзяцей не маю, Смерць прыняць гатовы.
К а л і н о ў с к і
Не, капітан... Я не магу пятлёй
Вам пагражаць. Гуляць у жмуркі годзе:
Я з вашай ласкі сёння на свабодзе.
Салдат Гаўрылаў помніць арышт мой.
С а л д а т
Так точна. Помню, ваша благароддзе!
К а л і н о ў с к і
Мяне з-пад варты вызвалілі вы.
За дабрату плачу я дабратою.
(Да людзей)
Частуйце ix віном! Вярніце зброю!
Глядзіце, каб не ўпала з галавы
Ні валаска, ні гузіка — з мундзіра.
Мы не забойцы.
Людзі Каліноўскага развязалі рукі салдату.
С а л д а т
Дзякую вам шчыра.
К а л і н о ў с к і
(да капітана)
Разыдземся, як даўнія сябры.
А хто рашыў, што — вось яно! — паўстанне,
Той памыліўся... Мы на паляванне
Ішлі, ды заблудзіліся ў бары.
(Дружны смех)
Вядзіце ix, частуйце на двары!
Хата апусцела. Засталіся. толькі Каліноўскі
i Валеры Урублеўскі.
У р у б л е ў с к і
Дакладваю: ўсе сотнікі са мною,
Паўстанцы ў пушчы.
К а л і н о ў с к і
Вольна, генерал.
Каліноўскі i Урублеўскі абдымаюцца, смяюцца.
У р у б л е ў с к і
Ты з Гродні?
К а л і н о ў с к і
Так.
У р у б л е ў с к і
Які даваць сігнал?
Трубіць у poг?
К а л і н о ў с к і
Іграць сігнал адбою.
У р у б л е ў с к і
Хто так распарадзіўся? Не сакрэт?
К а л і н о ў с к і
Цэнтральны Нарадовы Камітэт.
Ганец з Варшавы зразумець мне даў,
Што план, які Дамброўскі Яраслаў
Распрацаваў, быў ЦНК сарваны...
Змяніўся склад яго, а з ім —-i планы.
Pyx, скіраваны на сумесны pyx
Сіл вызваленчых Польшчы i Pacii,
Ярмо царызму меўся скінуць з шыі.
Мяцеж у войску, поціск братніх рук —
Такі быў план.
У р у б л е ў с к і
Дамброўскага ідэя?
К а л і н о ў с к і
Дамброўскага i Патабні Андрэя.
У р у б л е ў с к і
Наш аднадумец?
К а л і н о ў с к і
Рускі афіцэр.
Прыхільнік Герцэна, «Зямлі i Волі».
Я сустракаўся з ім.
У р у б л е ў с к і
Дзе ён цяпер?
К а л і н о ў с к і
Ад арышту хаваецца ў падполлі...
План гэты скасаваны.
У р у б л е ў с к і
Недаверам,
Адрасаваным рускім афіцэрам?..
К а л і н о ў с к і
Але.
У р у б л е ў с к і
Хіба, паўстанню на бяду,
Заняўся хтось гульнёй у чахарду
Амбіцый, намінацый, дэкларацый?
Няўжо не зразумеў бяспечны пан
Пасля мінулагодніх дэманстрацый,
Што Польшча — не курган, a ўжо — вулкан?
Так, так, вулкан, які дыміцца зноў
Над кратарамі польскіх гарадоў!
Вулкан, які рукамі дэманстрантаў
Шпурляў каменне ў твар паліцыянтаў.
К а л і н о ў с к і
Уздым патрыятычны, то — не рэч
Для забавак.
У р у б л е ў с к і
Вулкан дыміць пагрозна,
А выбухне не ў час, то будзе позна
Накіраваць Агонь яго i Меч
У рэчышча Свабоды.
К а л i н о ў с к i
Так, Валеры,
Стыхійны pyx, які не знае меры,
Служыць i праўдзе можа i мане.
Што станецца, калі ён захлісне
Сваім атрутным старапольскім чадам
Славянскае яднанне брата з братам?
Калі да ўлады той жа ЦНК
Запросіць графа, а не мужыка?
У р у б л е ў с к і
Братэрства, роўнасць i свабода нам
Дэкляраваны.
К а л i н o ў с к i
Кім дэкляраваны?
У р у б л е ў с к і
Варшаваю.
К а л і н о ў с к і
Што парушае планы?
Дзеля чаго?.. Каб дагадзіць панам,—
З ix марамі аб адраджэнні славы,
Што некалі грымела на ўвесь свет,—
Альбо народу?.. Мне ганец з Варшавы
Прагаварыўся, што прывёз пакет
Ад князя Н... Старжыцкаму Віктору.
Я думаў, граф староніцца падзей,
А ён, хутчэй, за спінамі людзей
Хаваецца, падобна рэжысёру.
Рыхтуюць бой... Рыхтуйся да адпору...
У Вільню еду я.
У р у б л е ў с к і
Які загад
Мне пакідаеш?
К а л і н о ў с к і
Распускай атрад.
Без шуму толькі.
У р у б л е ў с к і
Што сказаць, не знаю,
Мне людзям тым, якіх пазваў я ў бор?
К а л і н о ў с к і
Скажы, была праверка баявая,
Агляд наяўных сіл... Ваенны збор...
Падзякуй за парадак, дысцыпліну...
У р у б л е ў с к і
Да хуткіх стрэч!
К а л і н о ў с к і
У лепшую гадзіну!
Яны развітваюцца.
Каліноўскі зморана апускаецца на ўслон.
На сэрцы блага... Нудны боль, тупы...
А р ц ё м
(уваходзячы)
Па хатах раз'язджаюцца паўстанцы
К а л і н о ў с к і
Адкуль вядома?
A р ц ё м
Бачу, не сляпы.
К а л і н о ў с к і
Дзе капітан?.. Салдат?
A р ц ё м
Ix на фурманцы
Павезлі п'яных. Недзе на палянцы
Пакінуць спаць, як на мяжы снапы.
К а л і н о ў с к і
Прачнецца капітан, то на дазнанне
Не прыйдзе ўжо... Ад сораму згарыць.
A р ц ё м
Перахітрылі, што i гаварыць.
A толькі зноў няпэўнасць. Зноў чаканне.
К а л і н о ў с к і
Хіба Арцём чакае на паўстанне?
A р ц ё м
Каб хто сказаў: твая зямля... бяры,
Не ўседзеў бы i я, хоць i стары.
Партрэт Анэлі
Хата Яцыны.
Гаспадар i Каліноўскі працягваюць размову.
A р ц ё м
Хто я? Адкуль? — цікавіўся жандар.
То я рашыў, хай лепей спавядае
Арцёма Яська...
К а л i н o ў с к i
Дзякуй, гаспадар.
А граф, як ён?..
А р ц ё м
Вяльможны пан не знае,
Што ліст ад брата на яго парог
Я палажыў... Я ўсё зрабіў, што мог.
Вось ліст яшчэ...
(Перадае Каліноўскаму ліст.)
К а л і н о ў с к і
«Народ абрабаваны!
Мой ліст да брата, гербам змацаваны,—
Той запавет, які ты знойдзеш тут,—
Перадае на твой вышэйшы суд
Паўстанец мой...» Хіба Арцём не рады,
Што граф Марысі даў пасаг?
А р ц ё м
Maна
Яго пасаг. Пазбавіў ён улады
Марысю над маёнткам i зямлёй.
Я ўсё скажу... Гелена Ямант ёй
Не маці. Граф забыўся аб Анэлі.
К а л і н о ў с к і
Ты знаў яе?
А р ц ё м
Яна мая сястра!
Не для Гелены Ямант мы гібелі...
Ды што тлумачыць, волю даць пара
Нявольніцы, замкнёнай у куфэрку.
Арцём дастае з куфэрка партрэт Анэлі.
Гэта карціна, маляваная масленымі фарбамі.
На ёй можна пазнаць двор Яцыны,
паграбню i — яшчэ малую— бярозку,
каля якой стаіць сястра Арцёма.
А р ц ё м
Сястра!.. Хто на партрэт зірне хоць раз,
Марыську ўбачыць быццам у люстэрку.
К а л і н о ў с к і
Якая пекната!
А р ц ё м
Чым не абраз?
Пісаў Юрась.
К а л і н о ў с к і
Мастак, не багамаз!
А р ц ё м
Так, так...
К а л і н о ў с к і
(гледзячы на карціну)
Заходзяць i ўзыходзяць дні
Над паграбнёй... Бярозка карані
Пускае ў грунт. У зрэбнай даматканцы
Стаіць каханне! За яго спіной
Вясна-красуня крочыць па палянцы,
Зграбаючы зіму пад засень хвой.
Прабач мне, гаспадар... Хоць пяць хвілін
Хачу пры ім я пасядзець адзін.
А р ц ё м на дыбачках выходзіць з хаты.
Каліноўскі абапёрся рукой на стол, глядзіць на карціну.
Але нечакана ён задрамаў. Заходзіць сонца.
Промні яго падаюць праз расчыненае акно на падлогу,
дзелячы хату на дзве палавіны: светлую i цямнейшую.
У зацемненай паласе вырысоўваецца лясная палянка.
Відаць засыпаны снегам магільны грудок
з крыжам i бярозамі над ім.
А побач, стоячы ў яме, чалавек сячэ рыдлёўкай мёрзлы
грунт. На снезе ляжыць ягоны кажух i пісталет...
Гэта ўсё прымроілася Кастусю Каліноўскаму.
К а л і н о ў с к і
Цяпер я знаю, хто ты. Ты — Юрась,
Каму каля Анэлінай магілы
Капаеш дол?
Ю р а с ь
Сабе на гэты раз.
Капаю дол, бо жыць не маю сілы.
К а л і н о ў с к і
Я б не рабіў так. Шкода белы свет,
Зямлю, людзей з ix доляю жабрачай.
На снезе твой кажух i пісталет...
Страляцца будзеш?
Ю р а с ь
Я рашыў іначай.
У ямку лягу. Зверху кажухом
Накрыюся. Засну пад спеў мяцелі,
I думаць буду — гэта спеў Анэлі.
К а л і н о ў с к і
Хто ж пахавае?
Ю р а с ь
Можа быць, Арцём.
К а л і н о ў с к і
А як не знойдзе?
Ю р а с ь
То бяда малая...—
Засыпле снег, а цёплы дождж вясной
Абмые, грунт размые, пахавае
I прашуміць травой над галавой.
Хто субяседнік мой? Чаго жадае?
К а л і н о ў с к і
Ты — час былы, я — час наступны твой,
Нас падзяліў рубеж святла i ценю.
Ты не пакінуў мне i зерня жменю...
Ю р а с ь
Пакінуў я...
К а л і н о ў с к і
Не шмат. Адзін партрэт
Анэлі.
Ю р а с ь
Я пакінуў запавет.
К а л і н о ў с к і
Ты запавет не мне пісаў, а брату.
Ю р а с ь
Як брат адмовіцца, то на расплату
З адступнікам я даў табе дазвол.
Ca зброяй разам пакладзі на стол,
Адхілены, аддадзены знявазе,
Мой ліст!
К а л i н о ў с к i
Твой запавет — адчаю крык.
Ю р а с ь
Я знаю: брат мой — пан, а ты — мужык.
Варожасць паміж вамі пачалася
Не сёння i заціхне не цяпер,
I, можа быць, перажыве цябе.
Хто ведае? А можа, ёй i ў часе
Канца няма?.. Маўчыш? Не забывай:
Калі адчай, то ў гэтым — мой адчай.
Каліноўскі ачнуўся.
Побач з ім на ўслоне сядзіць гаспадар.
К а л i н о ў с к i
Яцына?
А р ц ё м
Я.
К а л i н о ў с к i
Нядаўна тут ca мной
Хтось размаўляў?
А р ц ё м
Не. Яська сам з сабой
Тут гаварыў. Так, як у сне гавораць.
Стаміўся... Сном кароткім не агораць
Дарог, трывог з відна i да цямна.
К а л і н о ў с к і
Марыська дома?..
А р ц ё м
Тут яшчэ яна.
З маёнтку наязджае рэпецітар,
Што граф наняў. Цалюткі дзень амаль
Чытае кніжкі... Так... З-за чорных літар
Не бачыць свету белага, на жаль.
К а л і н о ў с к і
Выходзіць, не ў настроі.
А р ц ё м
Не ў настроі.
Сланяецца змрачнейшая ад хмар.
Перасялілася, жыве ў пакоі
Тым самым, дзе дазнанне вёў жандар.
К а л i н о ў с к i
Як нам сустрэцца з ёй?.. Хоць на паўслова.
А р ц ё м
Крый божа! Не карай яе сурова!
Яна, як пакахае, то ні вір
Не страшны ёй, ні жвір, ні манастыр.
Яна, як маці... Свет забыць гатова.
Ты пашкадуй яе, мой камандзір!
Я ўжо на ты, як свой... i прабачэння
Не папрасіў...
К а л і н о ў с к і
Кажы, Арцём, кажы...
А р ц ё м
Я ведаю, у Яські ёсць сумленне.
Не пераходзьце страшнае мяжы...
Перачакай,яна перачакае,
А можа, i забудзецца.
К а л i н о ў с к i
Наўрад.
А р ц ё м
Не кліч.
К а л і н о ў с к і
Хай так!.. А пра мяне спытае,
Скажы — я слова не бяру назад!
«Ледзь толькі мы склікаць на бой атрады,
Варшаву падтрымаўшы, пачалі,
Інтрыгамі i коштам чорнай здрады
Да ўлады ў Вільні белыя прыйшлі.
Яны застацца прагнуць на чале
Паўстання, намі ўзнятага... Але
Хамуціус, хоць змушаны панамі
Пакінуць Вільню, праз сваіх людзей
Падтрымлівае з Гродні сувязь з намі,
Мы — з вамі. Так i будзе надалей.
Не трацім мы надзей у абцугі
Дваранства ўзяць. Хамуціус Другі».
З ліста Малахоўскага ў атрад Віславуха
Змова
Канец лютага, год 1863. Вільня. Касцёл.
У захрысным пакоі сабраліся на нелегальную сустрэчу
прадстаўнікі камітэта «белых» — Гейштар, Аскерка, Яленскі,
i камітэта «чырвоных» —. Каліноўскі, Малахоўскі, Чаховіч,
Сход вядзе камісар з Варшавы — Дзюлеран.
Д з ю л е р а н
Цішэй, сябры! Адну мы варым кашу.
М а л а х о ў с к і
Але ядзім з катла не аднаго.
Д з ю л е р а н
Пан Малахоўскі, на сустрэчу нашу
Я вас паклікаў не дзеля таго,
Каб зноў распачынаць старыя спрэчкі.
Час, ведаеце самі, не такі...
Пан Гейштар, пан Яленскі не ваўкі,
А вы i Каліноўскі не авечкі.
Паўстанне ўзняўшы, вы не свой урад
У Вільні абвясцілі, а — разлад!
Я вас пазваў... Чаму не ў поўным складзе
Ваш камітэт? Дзе Длускі Баляслаў?
К а л і н о ў с к і
У Ковенскіх атрадах. На пасадзе
Начальніка.
Д з ю л е р а н
Дзе Козел?
К а л i н о ў с к i
Я паслаў
У Пецярбург яго па ваяводу.
Г е й ш т а р
(да Дзюлерана)
Хто ж гэта?
Д з ю л е р а н
Серакоўскі. Даў ён згоду
Заняць у нас пачэсны свой пасад.
Г е й ш т а р
Дзяржаўны муж.
А с к е р к а
Герой!
Я л е н с к i
Я вельмі рад.
Д з ю л е р а н
Дзе ксёндз Мацкявічус?
К а л і н о ў с к і
У Панявежы.
М а л а х о ў с к і
Адтуль чакаем мы на вецер свежы...
Пазваў да лесу шляхту i сялян
Карэва ў Троках. Круціць завіруха
Пад Лідаю. Паўстанцы Віславуха
Сутычку з войскам мелі ля Свенцян.
Д з ю л е р а н
Дык вось... Я склікаў вас не для нарады.
М а л а х о ў с к і
А для чаго?
Д з ю л е р а н
Для перадачы ўлады.
К а л і н о ў с к і
Вам?
Д з ю л е р а н
Гейштару. Чытайце, ёсць загад
З Варшавы — распусціць Часовы ўрад,
Стварыць «Аддзел».
К а л i н о ў с к i
(Бярэ загад.)
А кіраваць «Аддзелам»
Не нам прапанавана тут, а белым.
Д з ю л е р а н
Іначай, Каліноўскі, не магло
I быць. I вам лічыцца трэба з фактам.
А с к е р к а
«Чырвонае» ці левае, ці, як там
Яшчэ,— рэвалюцыйнае крыло
Для справы адраджэння — костка ў горле.
Я л е н с к i
Традыцыі шляхецкія не ўмёрлі,
Зноў будзе так, як некалі было.
К а л і н о ў с к і
Не прызнаём!
А с к е р к а
Як так? То воля ўрада
Цэнтральнага.
К а л і н о ў с к і
То ганьба!
М а л а х о ў с к і
Здрада!
Ч а x о в i ч
Здрада!
То гвалт!
Г е й ш т a р
Прашу зважаць на цішыню.
Мне загадана — быць за старшыню!
К а л i н о ў с к i
А пану Дзюлерану пры «Аддзеле»
За камісара. Ён і тут, як свой:
«Чырвоныя» раптоўна «пабялелі»,
Ці не за вашай, старшыня, спіной
Адбыўся дуд свяцейшы ў афарбоўцы?
М а л а х о ў с к і
Пан Дзюлеран прыслўгачам у ix!
К а л і н о ў с к і
Але, як гаварылі ў Якушоўцы,
Няма дурных, паны!.. Няма дурных!
Заместа Малахоўскага — Аскерка...
Вось ваш загад! Бярыце, Дзюлеран!
Я чуў, што не здароў на шлунак пан,
Яму згадзіцца тонкая паперка.
Д з ю л е р а н
Ну, гэта ўжо — нахабства!
А с к е р к а
Крымінал!
Я л е н с к i
Як слухаць можна, я не разумею!
Адступніка аддаць пад трыбунал!
Д з ю л е р а н
Аддадь!
К а л i н о ў с к i
Судзіць сабраліся ідэю
Братэрства, роўнасці... Чаму б i не?
Любы прысуд ваш — гонар для мяне.
Судзіце. За братэрства я гатовы
На той памост, дзе кат сячэ галовы.
Г е й ш т а р
Вы супраць нас?
М а л а х о ў с к і
Мы супраць чорнай змовы.
Г е й ш т а р
Адступніцтва не сыдзе гладка з рук
Адступнікам. Ёсць жорсткія законы
На гэты конт. Пра вашыя імёны
Мы знаць дадзім праз наш, замежны друк.
Каліноўскі, які нешта піша, седзячы за столікам,
насцярожваецца.
К а л i н о ў с к i
Выходзідь, нас — жандарам на расправу,
А нашыя імёны — на няславу?
Г е й ш т а р
Выходзіць, так! На гэта ёсць правы.
Мы з вамі памяняліся на ролі:
Мы — штаб паўстання, радавыя — вы.
Закон ваенны парушаць даволі!
Што скажа Каліноўскі?
К а л i н о ў с к i
Я не стану
Адказваць пану. Я на гэты раз
Варшаве, не яму, даю адказ.
I трапіць ён не вам, а Дзюлерану
У рукі, Гейштар!
Г е й ш т а р
Красамоўны жэст!
К а л i н о ў с к I
Вазьміце, Дзюлеран. Тут наш пратэст!
З ім разам выпраўляецца ў дарогу
Паўстання лес. (Да Гейштара.) А вас прашу
к парогу.
Шаноўныя.
Я л е н с к i
Вы чулі?
А с к е р к а
Што за тон!
К а л і н о ў с к і
Так, так, паны... Я застаюся богу
Маліцца тут. Я дзіўны бачыў сон...
Хто разгадаць яго мне дапаможа,
Ды так, каб сон нядобры — не ў руку?
Па Вільні ехаў на чацверыку,
Хто б думалі? — вядомы ўсім вяльможа.
Сядзеў на козлах знакаміты пан...
Яленскі з Гейштарам караннікамі
Былі ў яго, i, стрыгучы вушамі,
Аскерка — справа, злева — Дзюлеран.
А ззаду воз жандар штурхаў рукамі.
На возе — дамавіна. У труне
Ляжаў мужык, даўно знаёмы мне.
Ён, бедны, век галеў, зямлі чакаў,
А дабрадзей, што коней паганяў,
Рашыў яму адмераць тры аршыны.
О, божа літасцівы мой, адзіны,
Перакулі на брук жалобны воз,
Зрабі, каб крэўны брат мой уваскрос!
Абураныя Г е й ш т а р , Я л е н с к і ,
А с к е р к а i Д з ю л е р а н пакідаюць касцёл.
З бакавых дзвярэй уваходзяць
к с ё н д з i А н т а н а с М а ц к я в і ч у с ,
таксама ў адзенні ксяндза.
Яны спыніліся, слухаюць Каліноўскага.
Уваскрасай, народзе мой сярмяжны,
З маўклівых курганоў i дамавін.
Паўстань для новай бітвы, дух адважны,
Як з каменю агонь, як дым з агню.
М а ц к я в і ч у с
Амін!
К а л і н о ў с к і
Мацкявічус? Адкуль ты?
М а ц к я в і ч у с
Костас, браце,
Што за скандал у богаўгоднай хаце?
Выходзячы, паны крычалі: — Хам!
Хто ix пакрыўдзіў?
К а л і н о ў с к і
Негасцінны храм.
М а л а х о ў с к і
Не так было. Тут хам самога бога,
Каб выгнаць ix, хаўруснікам зрабіў.
М а ц к я в і ч у с
Хамуціусам грэшніка такога
Я б за кашчунны ўчынак ахрысціў.
Хамуціус i Хам — не проста цёзкі.
Хамуціус! Хіба не выклік дзёрзкі
У гэтым імені?
К а л і н о ў с к і
Яно нашмат
Гучнейшае.
М а ц к я в і ч у с
Ну так! (Да ксяндза.) Ідзі, мой брат,
У спіс касцёльнай кнігі спавядальнай
Хамуціуса прозвішча ўпішы.
Ён грэх прызнаў. Здымі з душы апальнай
Той грэх. Дай супакой яго душы!
К с ё н д з
Іду!..
К с ё н д з выходзіць.
К а л i н о ў с к i
Ты з Панявежу? З поля бітвы?
М а ц к я в і ч у с
Яшчэ ў нас ціха. Я для пільных спраў
Сюды прыехаў... Бог, відаць, малітвы
Твае пачуў i вось мяне прыслаў.
Я з весткай, што замежныя дзяржавы
Рашылі падтрымаць нас i дэмарш
Цару рыхтуюць.
К а л і н о ў с к і
Гэта слых?
М а ц к я в і ч у с
З Варшавы
Прывёз такую вестку біскуп наш,
Што ў Ворні.
К а л і н о ў с к і
Што ж, цяпер мне зразумела,
Чаму паны спяшаліся ў касцёл,
А Дзюлеран паводзіўся так смела.
З замежнымі дзяржавамі за стол
Жадаюць сесці! Не благія планы!
М а л а х о ў с к і
Стаць на чале паўстання, то — разлік!..
К а л i н о ў с к i
Яны не спадзяюцца, што мужык
Для іх пачне цягаць з агню каштаны.
Дык вось адкуль — высакародны гнеў,
Паток патрыятычных слоў узнёслых!
М а л а х о ў с к і
А ты, Кастусь, як у ваду глядзеў...
К а л i н о ў с к i
Так... Так... Ix падганяючы, сядзеў
Сам граф Старжыцкі на высокіх козлах!
Граф
Апошнія дні красавіка.
Дом Старжыцкага ў Гродні.
Кабінет на першым паверсе з выхадам на тэрасу.
За столікам каля каміна сядзяць
граф Старжыцкі i Аскерка.
Старжыцкі дачытвае ліст,
які толькі што прынёс яму слуга.
С т а р ж ы ц к і
Хто ліст прынёс?
С л у г а
Чарноцкі.
С т а р ж ы ц к i
Я такога
Не знаю.
А с к е р к а
Знаеце.
Аскерка нахіляецца да графа
i нешта шэпча яму на вуха.
С т а р ж ы ц к i
Не можа быць!
А с к е р к а
Я запэўняю... Горай чорт нічога
Не мог прыдумаць.
С л у г а
Што сказаць?
С т а р ж ы ц к i
Прасіць.
С л у г а
Цяпер прасіць?
С т а р ж ы ц к і
Пасля таго, як дам
На тое знаць.
С л у г а выходзіць.
А с к е р к а
Шаноўны граф, не раю
Прымаць яго. ЁН несусветны хам!..
Фанатык!
С т а р ж ы ц к i
Фанатычных паважаю.
А с к е р к а
Што ён для вас?.. Звычайны камісар,
Што скача ў брычцы з гушчару ў гушчар.
Мы ў Вільні ўсе яго апале рады.
Пазбаўлены былой сваёй улады,
ЁН нам намнога карысней, дальбог,
На Гродзеншчыне... Тут... На полі бою.
С т а р ж ы ц к і
Ён думаў, што за вашаю спіною
Я вёў з ім несумленны дыялог.
Ён кінуў выклік. Выклік я прымаю.
А с к е р к а
Адкіньце гонар. Ваша хата — з краю.
Я хама не пусціў бы на парог.
С т а р ж ы ц к і
Я змушаны. Не будзем траціць часу.
А с к е р к а
То лепей мне прайсціся на тэрасу.
С т а р ж ы ц к i
Як хочаде.
А с к е р к а
(Адчыняе дзверы на тэрасу.)
На Гродзеншчыне ў вас
Ужо сады цвітуць... Цудоўны час!
Цвітуць, цвітуць — на ўдачу ці няўдачу?
Я пагуляю, граф. Прайдуся ў сад.
Аскерка прычыніў за сабою дзверы.
С т а р ж ы ц к і падышоў да каміна, пачакаў,
пасля падняў над сталом званок i пазваніў.
У кабінет заходзіць К а л i н о ў с к i.
С т а р ж ы ц к і
(ідучы насустрач)
Прызнацца, не чакаў! Kaго тут бачу,
Вось дык сустрэча! Вельмі, вельмі рад.
Сам-насам з панам мы не размаўлялі
Даўно.
К а л і н о ў с к і
Даўно.
С т а р ж ы ц к i
Амаль што год назад.
Дзе ж пан цяпер?
К а л і н о ў с к і
Хіба вы не чыталі
Ліст Юрася, што я падаў?
С т а р ж ы ц к і
Чытаў.
Я, помніцца, калісьці цытаваў
Па памяці яго.
К а л і н о ў с к і
Так. Цытавалі,
Але не ўвесь.
С т а р ж ы ц к і
Бываюць дні, што век
Нам помняцца... Хадзілі мы па жыце,
Марыся, вы i я... На глум, на здзек
Усё пайшло. Дзе дзелася, скажыце?
Марысю заручае лес з другім,
А вам — усватаў прозвішча другое.
Але, калі не думаць пра благое,
Той дзень, напэўна, дораг нам усім.
К а л і н о ў с к і
Не знаю, граф. Сюды я не за тым
Наведаўся, каб варушыць старое.
Той дзень асобна ад мяне жыве,
Як сонца ў хмарах, як рака ў тумане.
Я сёння — там, дзе па былой траве
Свой след крывавы валачэ паўстанне,
А месяца танюткі веташок
Знікае з неба ў непраглядны змрок.
Адтуль — i ліст...
С т а р ж ы ц к i
(Чытае ўслых.)
«Народ абрабаваны!
Мой ліст да брата, гербам змацаваны,
Той запавет, які ты знойдзеш тут,—
Перадае на твой вышэйшы суд...»
То пан Чарноцкі, можа быць, мяне
Судзіць сабраўся?
К а л і н о ў с к і
Не.
С т а р ж ы ц к i
Няславіць?
К а л і н о ў с к і
Не...
Хоць гэты ліст, калі б надрукаваны
ЁН быў, здзівіў бы Лондан I Парыж
I пэўны ўплыў зрабіў бы на прэстыж...
С т а р ж ы ц к і
Дазвол на ганьбаванне, паважаны,
Патрэбна мець.
К а л i н o ў с к i
Юрась нам даў дазвол,
Ca зброяй разам палажыць на стол
Свой запавет. А друк сягоння — зброя.
Граф знае гэта. I не горш, чым я.
Хіба не так?
С т а р ж ы ц к і
Я памяці героя
Не зганьбаваў: пляменніца мая
У спадчыну маёнтак атрымала.
Я над яе зямлёй не гаспадар.
К а л і н о ў с к і
Не аб героі ваша светласць дбала,
Аб іншым... Турбаваўся граф, што дар
За дзейнасць недазволеную можа
Аддадь пад суд Старжыцкага — крый божа!
Тады — ланцуг, тады — сям'я ў бядзе,
Тады зямля ўся — невядома дзе,
Тады Марысі спадчына — дарэчы...
Я разумею ўчынак чалавечы:
Граф год назад радню застрахаваў
Ад грозных дзён.
С т а р ж ы ц к і
У вас няма падстаў
Так разважаць.
К а л і н о ў с к і
Няўжо князь Ч. з Парыжа
Ужо лістоў Старжыцкаму не піша?
Няўжо князь Н. таксама перастаў
Яму з ганцом навіны слаць з Варшавы?
С т а р ж ы ц к і
Цішэй... Цішэй...
Размову перапыняе слуга.
Ён ставіць на столік перад камінам каву
i каньяк i выходзіць з кабінета.
С т а р ж ы ц к і
Прашу гасця да кавы.
К а л i н о ў с к i
Не той настрой.
С т а р ж ы ц к і
То зараз будзе той.
(Налівае ў чаркі каньяк.)
Давайце... Каб палепшала ў настроі,
Як некалі, пад шум вячыстай хвоі,
За Кастуся!
К а л i н о ў с к i
Хіба што па адной.
(Выпіваюць.)
С т а р ж ы ц к і
Хто ўласнай ахвяруе галавой,
Той аб сям'і падумаць права мае.
Я рад, што пан Чарноцкі гэта знае.
К а л і н о ў с к і
Ён знае больш.
С т а р ж ы ц к i
Дык, пэўна, скажа мне?
К а л і н о ў с к і
Хаўтурны звон у гэтай навіне...
Разбіты Серакоўскага паўстанцы,
Не ўзята імі крэпасць Дынабург,
Французскі корпус не прыйшоў на Буг,
Не высадзілі свой дэсант брытанцы.
С т а р ж ы ц к і
Дзе Серакоўскі, ваявода наш?
К а л і н о ў с к і
Цяпер ужо не наш ён i не ваш.
Ён у цяжкім палоне... A ў ахвяры
Двайны палон: турмы i дум аб кары.
С т а р ж ы ц к і
Бяда ўслед за бядой! За звонам звон
Хаўтурны!..
К а л і н о ў с к і
Там, дзе мяцяжу пажары
Шугаюць, ліхаманкава закон
Касуе паншчыну. Цар думае, што ён
Тым самым пераб'е паўстанню ногі.
С т а р ж ы д к і
Ход змушаны.
К а л і н о ў с к і
Але разумны ход.
Граф, калі вы сапраўдны патрыёт,
Не з-за мяжы чакайце дапамогі.
С т а р ж ы ц к і
Хто ж гэты край пазбавіць змрочных крат?
К а л i н o ў с к i
Ліст Юрася — у ім адказ. Ваш брат
Сваю руку падаў вам для ратунку,
Не адхіляйце верную руку.
Век перасеў даўно ўжо на чыгунку,
Яго не абагнаць чацверыку.
Ад зрэбнай світкі бітвы лёс залежа.
Тых, што хітруюць з ёй, народ кляне,
Асудзіць час — аддасць зямлю казне,
A ім ланцуг — казённае жалеза.
Падумаць раю!
С т а р ж ы ц к і
Як звязацца з вамі? ,
К а л і н о ў с к і
У графа ёсць падручны — Дзюлеран.
Ён звяжацца, як не са мной, з сябрамі
Маімі ў Вільні.
К а л i н о ў с к i выходзіць з кабінета. Праз тэрасу.
С т а р ж ы ц к i
Моц адчуў! Мужлан.
Ён знае: мужыкі панам на слова
Не вераць больш. Надзелы наразаць
Ён хоча ix дварам, адначасова
З паўстаннем. Хоча ім зямлю раздаць
Без выкупу, без чыншаў, без аброкаў.
Галетнікаў склікае, абібокаў!
Мы вастраўкі ў ix цёмным акіяне,
Аазісы ў халодных ix пясках.
Нас хваля змые, смерч засыпле прах.
Што станецца на свеце, як паўстане
Нястрымная стыхія ў поўны рост?
Не, лепш зямлю — казне, чарцям пад хвост
Маёнткі ўсе, чым злыбяда ліхая!
Я напішу ў Варшаву... Князю Н.
(Садзіцца за стол. Піша.)
«Шаноўны князь! Для адбудовы сцен
Прышліце мне — была такая ўмова! —
Шэсць дужых дзецюкоў з-пад Аўгустова,
Дасведчаных умельцаў i майстроў,
Такіх, каб тысячы адзін быў варты.
Дом старажытны рушыцца. Не жарты...
Выдаткі ўзяць я на сябе гатоў».
Князь зразумее, ратнікаў прышле —
Шэсць тысяч! А не знойдзе ваяводу
Для ix, то сам я стану на чале
Змагання!
Адчыняюцца дзверы, што вядуць на тэрасу.
Уваходзіць разгублены А с к е р к а .
А с к е р к а
Граф, я трапіў у прыгоду
Найпрыкрую. Мяне заўважыў ён
Ды так зірнуў, што горшага нічога...
С т а р ж ы ц к i
Пан Аляксандр! Бывае горш намнога
Тады, калі трапляюць у палон.
Вы гаварылі — едзеце ў Варшаву...
Нялёгкую вам даручаю справу.
Ліст тэрміновы князю Н...
А с к е р к a
Сакрэт?
С т а р ж ы ц к і
Пан будзе заўтра знаць яго з газет.
А с к е р к а
Няшчасце?
С т а р ж ы ц к i
Так. Пан вернецца — адразу
Хай знаць дае... Выходзьце праз тэрасу,
Пасля — праз сад. Там ёсць патайны лаз.
А с к е р к а
(выходзячы)
Я ведаю.
С т а р ж ы ц к i
Чакаю на адказ!
Няпраўда, Каліноўскі! Мы яшчэ
Жывём!.. З Парыжа мне той самы Ч.,
Шаноўны, урачыста пацвярджае,
Што ў чэрвені — праз месяц! — наш Арол,
Як роўны, сядзе за агульны стол
З брытанскім Львом, з аўстрыйскаю каронай,
А над былой дзяржаваю ягонай
Не будзе больш ні бур, ні чорных хмар.
Так, так, шаноўны!
С л у г а
(уваходзячы)
Граф, да вас жандар!
I не адзін...
Слуга прыбірае на паднос чаркі, каньяк,
накрывае ix сурвэткай.
У дзвярах ён сутыкаецца з ж а н д а р с к і м а ф і ц э р а м .
Гэта той самы к а п i т а н,
які некалі дапытваў Каліноўскага.
К а п i т а н
Дзень добры, паважаны
Віктор Старжыцкі! Вы арыштаваны.
Вышэйшай канцылярыяй была
На гэты конт інструкцыя даслана:
Трымаць пад хатнім арыштам васпана.
I дапытаць. Прашу вас да стала!
Што гэта за пісьмо?
Капітан заўважыў на стале ліст,
які не паспеў прыбраць слуга.
С т а р ж ы ц к і
Слугу спытайце.
К а п i т а н
Чыё пісьмо?
С л у г а
Не знаю. Праз акно,
Я думаю, падкінута яно.
К а п i т а н
Пісьмо ад Юрася... Так, так... Ступайце!
С л у г а выходзіць.
Пакуль гарыць камін, я знішчыць вам,
Граф, дазваляю падазроны хлам.
С т а р ж ы ц к і
Нішто сабе дазвол. Нязграбна сеці
Пляце павук.
К а п i т а н
Шаноўны, мы не дзеці.
Я следчы ваш, а вы, я чуў, мастак,
Разбяр па дрэву.
С т а р ж ы ц к i
Дылетант. Аматар.
К а п i т а н
Кіёчкі выразаеце?
С т а р ж ы ц к i
Ну так.
Які ж тут грэх?
К а п i т а н
Не грэх. Сам губернатар
Назімаў ix прымаў не раз, як дар...
С т а р ж ы ц к і
Сардэчны дар, па зручнаму выпадку...
То ў чым бяда?
К а п i т а н
З кійкамі ўсё ў парадку.
Яны сяброўскі дар, пакуль разбяр
Пад арыштам. Пакуль не на вяроўцы!
A трапіць на вяроўку — па галоўцы
Жазлом сваім пагладзіць гасудар
Назімава за,слабасць да кійкоў.
У тайніках уласнымі рукамі
Зрабіце вобыск, граф.
С т а р ж ы д к i
Я тайнікоў
Для выпадку такога не завёў.
К а п i т а н
Тым лепш, тым лепш... A пісьмяцо часамі
Прынёс не Каліноўскі Канстанцін?
Ён i Марыся некалі сябрамі
Лічыліся.
С т а р ж ы ц к і
Пакуль гарыць камін,
Ліст, што турбуе вас, спаліце самі.
К а п i т a н
Наадварот! Пісьмо, то — козыр наш!
Падкінулі паўстанцы... Вымаганне
Ад графа — далучыцца да паўстання.
Кваліфікую гэта, як шантаж...
У следчага ў руках закон, як дышла...
Марыся замужам?
С т а р ж ы ц к і
Яшчэ не выйшла.
Вы з ёй хіба знаёмы?
К а п i т а н
Вельмі рад
Быў пазнаёміцца... Выпадак мелі
Шчаслівы... Танцавалі на вяселлі.
С т а р ж ы ц к і
Вось як! Пан не жанаты?
К а п i т a н
Быў жанат,
Ды аўдавеў... Так, так... Не галадранцам,
Марысі Ямант граф аддаў зямлю.
Факт гэты ў следстве будзе новым шанцам
Для вас. Марысі зла я не зраблю!
Думкі
Дом Гелены Ямант. Сад глядзіць у вокны таго пакоя,
дзе некалі жыў Каліноўскі. Ён i цяпер тут:
нешта піша за сталом.
На канапе сядзіць Арцём Яцына.
К а л і н о ў с к і
Зямля!.. Людзей спакою пазбаўляе
Яна на гэтым свеце i на тым.
Зямлёю стаўшы, на зямлю жывым
Свае правы нябожчык прад'яўляе.
Вядуць за ўласнасць цёмную вайну
Нашчадкі між сабой на свеце гэтым,
Сумленне, што пярэчыць прагным мэтам,
Шляхетны гонар кладучы ў трупу.
Паны зямлю сваім прыгонным хлудам,—
Ад мора i да мора даўжынёй,—
Зрабілі, падзялілі між сабой.
Зямля!.. Адным хіба цыганскім будам
Яна яшчэ здаецца нічыёй —
Гвалтоўным межам непадлеглым дудам.
А р ц ё м
Здарожыўся?.. Змарыўся?..
К а л і н о ў с к і
Не, Арцём,
Мне шлях — не страх. Стамляюць думкі толькі.
Ix больш, чым вёрст, пад коламі двухколкі
Намерана за тыя дні, што сном
Здаюцца неадчэпным... Ноччу, днём
Крывёй сцякалі думкі, як атрады,
Што даць бядзе сваёй не могуць рады.
Не спыніш думак, не пераімчыш...
А р ц ё м
Дзе Яська быў?
К а л i н о ў с к i
Гуляў ca смерцю ў жмуркі,
На рызманах паўстання латаў дзюркі
То там, то тут... За ўсім не даглядзіш...
Наведаў бацьку, родныя мясціны,
Магілу маці, брата свежы крыж.
Адтуль сюды прыехаў. Да Яцыны.
Ці не пара братам яго пачаць
Дзяліць на трох зямлю Гелены Ямант?
Маўчыш? Не хочаш, каб пачаўся лямант
I гвалт?.. Вось акт. Пад ім стаіць пячаць
Паўстанцкая.
A р ц ё м
Без гвалту дамагліся
Мы праўды.
К а л і н о ў с к і
Як?
А р ц ё м
Гелена i Марыся
Братам паабяцалі, што зямлёй
Надзеляць іх... Жадаюць за сабой
Пакінуць толькі хвою векавую
Ды старажытны дом, што я вартую.
К а л і н о ў с к і
Вартуеш дом... А можа быць, Арцём
У ім захоча жыць?
А р ц ё м
Я мужыком
Радзіўся i памру.
К а л i н о ў с к i
А сын, Лявон?
А р ц ё м
Пакуль жыву, таго не зробіць ён.
I ўнук мой не зняважыць памяць дзеда
Мянушкай графа альбо міраеда,
На звод пайшлі паны!
К а л і н о ў с к і
О не, Арцём!
Магната ўнук, зямлю прадаўшы, стане,
Як не ранейшым панам, то купцом.
Махлярскае адродзіць панаванне
Над мужыком яго гандлярскі дом.
Мужык i пан. Пан i мужык. Не ў слове
Хаваецца ix сутнасць, a ў аснове,
З якой яны, як з плесені грыбы,
Растуць... Дзе ўладары, там — i рабы.
О не, Арцём! Зямля яшчэ не ваша.
З Геленай Ямант я пагавару.
А раптам перадумае, дакажа
Жандарам дабрадзейка, не ў пару,—
Хто вы такія тут? Скуль узяліся?
А р ц ё м
Не зробіць так!
К а л і н о ў с к і
Глядзі не пралічыся.
Ёсць пэўнасць?
А р ц ё м
Поўнай пэўнасці няма.
Хіба што проста так, для інтарэсу,
Пастраш, пакуль паны баяцца лесу...
Пагавары, каб знаць, што недарма
Гнаў Яська брычку да майго парога
К а л і н о ў с к і
Пагавару. Пабачыш веставога
Майго, то загадай, каб запрасіў
Гелену да мяне.
А р ц ё м
Ледзь не забыў,
Дэпешу ён мне даў... Прабач старога...
А р ц ё м дастае з кішэні пакет
і, аддаўшы яго, выходзіць.
К а л i н о ў с к i
Зямля, зямля!.. Хвалюецца стары.
Зямля — непрачытаная дэпеша.
(Распячатаў пакет. Прачытаў ліст.)
У Вільню зноў завуць мяне сябры!
Так!.. Лес змагання болей не залежа
Ад тых, хто чорнай змоваю сваёй
Прыйшлі да ўлады. Толькі я не рады
Няшчасцю ix... Цяпер за ix спіной
Не графа цень, a Мураўёва краты.
Стараліся, каб не аддаць зямлі
Аратаму. А што ўзамен знайшлі?
Здань шыбеніцы ў ix над галавою,
А пад нагамі бездань. За сабою
Яны астатніх цягнуць... Памагчы
Паўстанню цяжка. Кружаць крумкачы
Над полем бою. Яська, нам з табою
Вядома тое!.. У глухой начы
То здрада нас пільнуе, то няўдача.
А час — шалёны конь — нястрымна скача.
Каліноўскі расчыніў насцеж акно
i зняможана сеў на каналу.
Падобна на тое, што яму не хапае паветра...
У пакоі паступова цямнее.
З паўзмроку вырысоўваюцца галіны саду.
Расхінуўшы ix, да акна набліжаецца ц ы г а н к а
Села на падаконнік i не зводзіць вачэй
з Каліноўскага... Але гэта ўжо не ява, а сон.
К а л і н о ў с к і
Цыганка Стэфа?.. Зноў паваражыць
Прыйшла? На жаль, я звонкае манеты
Не маю, каб руку пазалаціць.
Як i раней, не скажаш праўды мне ты.
С т э ф а
Не Стэфа я. Мяне дарэмна з ёй
Ты блытаеш. Я з табару другога.
Вандроўніца. Я — неадчэпны рой
Тых дум, што растрывожыла дарога.
К а л i н о ў с к i
Ты прывід... Да мяне з імглы зімы
Юрась прыходзіў так.
С т э ф a
Мы не хімеры,
Не прывіды, a думкі. Ты за дзверы
Нас гоніш, праз акно заходзім мы.
Юрась i я, мы — з аднае кібіткі,
Якой кіруе час.
К а л i н о ў с к i
Чаму ж тады,
Задьміўшы дзень, з'явілася сюды
Ты ў вобразе знаёмай варажбіткі?
С т э ф а
Дзівак. А сам ты пад мянушкай Світкі
Не вандраваў? А Яська-гаспадар,
Хамовіч, Макарэвіч, камісар
Чарноцкі — хто?
К а л і н о ў с к і
То прозвішчы мае.
С т э ф а
Пяць прозвішчаў, як пяць падсудных лёсаў..
К а л i н о ў с к i
Ты чуеш, недзе жаўранак пяе,
Раллю ўслаўляе пад страхой нябёсаў?
Пяць прозвішчаў — пяць жаўранкаў, ix ніць
Не рвецца i ўначы.
С т э ф a
То запрашэнне
У вечны змрок.
К а л і н о ў с к і
О не! На ўваскрашэнне
Жыцця. Хоць ноч, a жаўранак звініць,
Світальнай песняй славячы зямлю!
Пакінь мяне. Пад спеў яго пасплю
Перад дарогай.
С т э ф а
Засынай шчасліва
З надзеяю. Няхай i ў змрочны час
Той жаўранак не пакідае нас.
Каліноўскі ачнуўся. Летні дзень за акном.
Побач з Кастусём на канапе сядзіць Марыська.
К а л i н о ў с к i
Марыська!
М а р ы с ь к а
Я.
К а л і н о ў с к і
Адкуль ты?.. Вось дык дзіва!
Няўжо ca мной нядаўна ты вяла
Размову тут, як не было святла?
М а р ы с ь к а
Ты сам сабе тут задаваў пытанні.
К а л і н о ў с к і
Якія?
М а р ы с ь к а
Разабраць я не магла.
К а л і н о ў с к і
I жаўранак спяваў, як на світанні?
М а р ы с ь к а
Спяваў, я чула, за акном тваім.
К а л і н о ў с к і
А можа, ты — не ты, a прывід з пушчы?
М а р ы с ь к а
Заплюшчы вочы! Так. Цяпер расплюшчы.
Пазнаў Марысю Ямант?
К а л i н о ў с к i
Не зусім.
Яна, са мной заручаная ўчора,
Сягоння заручаецца з другім.
М а р ы с ь к а
Адкуль такія чуткі?
К а л і н о ў с к і
Ад Віктора
Старжыцкага. Ад графа. Так ці не?..
М а р ы с ь к а
Граф пад замком. Пасаг мой не ў цане.
Зноў я з табой. Зноў сэрцы нашы з намі.
Мае — за год адбіла пяць атак
Рагнеды на чале з яе сватамі.
Ты да мяне, Кастусь? Ці проста так,
Каб глянуць на забыты дом дзявочы,
Наведаць той пакой, дзе жыў раней,
І пакаціць далей?
К а л і н о ў с к і
Заплюшчы вочы.
Ну, а цяпер расплюшчы ix хутчэй.
Пазнала?
М а р ы с ь к а
Не.
(Каліноўскі цалуе Марыську.)
О, родны мой! Той самы...
К а л і н о ў с к і
Хто?
М а р ы с ь к а
Пацалунак. Паліць, як агонь...
Ад хмелю галава ў Марысі Ямант
Зноў кружыцца i кроў штурхае ў скронь.
Цвіце сланечнік... Помніш?
К а л і н о ў с к і
Я нічога
Не забываў. Той самы я, што быў...
Ты толькі прозвішча майго былога
Не ўспамінай. Забудзь. Як я забыў!
М а р ы с ь к а
Забыць яго? Навекі?
К а л і н о ў с к і
Мне паўстанне
Вярнуць яго павінна.
М а р ы с ь к а
Альбо суд
Ваенна-палявы праз пакаранне?
Застанься тут. Сібіры ржавых пут
Ты не парвеш.
К а л і н о ў с к і
Бяры вышэй!.. Збаіцца
Пад свой нагляд прыняць мяне Сібір.
(Падыходзіць да шафы.)
Пакойчык ціхі... Кніжная паліца...
Твая?
М а р ы с ь к а
Мая. Тут Гётэ i Шэкспір.
К а л i н о ў с к i
Тут лёсы нашы... Каб маглі праліцца
Слязьмі, то затапілі б паўзямлі.
Хто мы з табой? Бед непазбытых дзеці.
Мантэкі гнеў, нянавісць Капулеці
Вякі з парогаў нашых не змялі.
М а р ы с ь к а
Няшчасці пагражаюць нам расправай...
За грэх які? За шчасце спаць на правай
Тваёй руцэ. Спаць бесклапотным сном.
Мой любы! Я сама прыйшла ў твой дом,
На двор шырокі — лёгкаю хмарынкай,
На ціхі ганак — дробненькім дажджом,
У ложак твой — маленькаю дзяўчынкай.
Цяпер ты гаспадар мой, а не госць.
Пакойчык наш утульны прыбірала
Не я, а служка верная — мілосць.
Цябе чакала я... i прычакала,
Кастусь!
К а л і н о ў с к і
Я за Геленай пасылаў
Ганца,не за табой.
М а р ы с ь к а
Мне ўсё вядома.
Ганец твой запрашэнне перадаў
Мне, а не ёй... Не асуджай Арцёма...
К а л і н о ў с к і
Арцём асудзіць нас.
М а р ы с ь к а
Няхай. Маўчы.
Лес не для слоў прызначыў нам спатканне.
Я дзверы ўсе замкнула, а ключы
Каханню аддала на захаванне.
К а л i н о ў с к i
Ты плачаш?
М а р ы с ь к а
Глупства. То замілаванне,
Мой любы, а не горыч льецца з воч.
Каб ты не бачыў слёз, мы зробім ноч:
Акно зачынім i апусцім штору,
Насуперак Старжыцкаму Віктору.
Сватанне
Той жа пакой. Акно расчынена.
Марыська i Кастусь сядзяць на падаконніку.
Яны развітваюцца.
К а л і н о ў с к і
Звініць паветра ад чмялёў i пчол!
М а р ы с ь к а
Спакой.
К а л і н о ў с к і
Лясная ціхая старонка...
У Вільні будзеш, з'явішся ў касцёл,
I скажаш: — Я Хамуціуса жонка.
М а р ы с ь к а
Хамуціус! Хто ён такі — латыш?
Ці, можа, грэк?
К а л і н о ў с к і
Пад гэтай клічкай знае
Ксёндз Кастуся. Табе ён, дарагая,
Дасць адрас мой. Прыедзеш?.. Што ж маўчыш?
М а р ы с ь к а
Кастусь!.. Ты чуеш, пошчак барабанны?
Салдаты.
К а л і н о ў с к і
Так.
М а р ы с ь к а
Спяшайся, мой каханы!
К а л і н о ў с к і
Я не паспею. Брычка на двары.
М а р ы с ь к а
Бяжы праз сад! Майго каня бяры,
За брамкаю стаіць ён, асядланы.
Кастусь пацалаваў Марыську.
Саскочыў з падаконніка ў сад.
Ідзе спакойна. Куляй пагарджае.
За брамку выйшаў. Конь яго вітае
Іржаннем ціхім, тыцкае ў далонь
Вільготнай пысай. Пэўна, чуе конь,
Што ўжо — сваім жыццём i новай доляй
Тутэйшым нівам не належыць болей.
Уваходзіць A р ц ё м. У руках ягоных куфэрак,
які ён асцярожна ставіць на стол.
А р ц ё м
Пакінуў нас Кастусь. Марыська, з ім
Ты гаварыла?
М а р ы с ь к а
Дзядзечка, аб чым?
А р ц ё м
Няўжо ты выйдзеш замуж за другога?
М а р ы с ь к а
То клопат мой... Граф піша, што ў пятлю
Сваёй нязгодай я яго пашлю.
Рагнеда, як жабрачка ля napora,
Ратунку просіць... Сёння сам жаніх
З Геленай будзе тут. Я мушу ix
Прыняць.
А р ц ё м
Не схіб. Яны жадаюць долю
Тваю распяць на графавым крыжы.
М а р ы с ь к а
Свой крыж нясу. Цягнуць на крыж чужы,
Хаця б i залаты, я не дазволю
Сябе, Арцём.
(Заўважыла куфэрак.)
Прынёс куфэрак ты?
А р ц ё м
Як абяцаў... Дар Юрася святы...
Жадаў ён, каб вісеў партрэт Анэлі
Залогам шчасця на тваім вяселлі.
У горкі час такі даваў наказ
Мне бацька твой.
М а р ы с ь к а
Арцём, здымі абраз,
Павесь партрэт. Бог крыўды на мужычку
Не будзе мець.
Арцём здымае абраз i на яго месцы
вешае партрэт Анэлі.
Адыходзіць. Хрысціцца.
А р ц ё м
Абраз!
М а р ы с ь к а
Цяпер, Арцём,
Пакуль няма Гелены з жаніхом,
Паўстанца Кастуся каня i брычку
Ад ix вачэй дапытлівых схавай.
А р ц ё м выходзіць.
Марыська глядзіць на карціну.
Пад засень дрэў зіму зганяе май...
Стаіць каханне ў зрэбнай даматканцы!
Жыццё мне даўшы, на лясной палянцы,
Анэля, ты бязведамнай зямлёй
Не стала. Ты жывеш!.. Нібы паўстанцы,
На варце хвоі за тваёй спіной
Стаяць.
Уваходзяць Г е л е н а i ж а н д а р с к і а ф і ц э р
Капітан вітаецца, цалуючы руку Марыські.
К а п i т a н
Марыі Юр'еўне сардэчны
Праз следчага прывет перадае
Віктор Старжыцкі, апякун яе!
М а р ы с ь к а
Як граф?
К а п i т а н
Нішто... Перыяд небяспечны
He скончыўся. Але міне, дасць бог.
Віктор, нарэшце, трапіў у астрог.
Г е л е н а
Ён вінаваты?
К а п i т а н
Доказаў няма
У следчага.
Г е л е н а
Чаму ж тады турма?
К а п i т а н
Граф сувязь меў, гаворачы між намі,
З даволі падазронымі сябрамі,
Так, так... Быў пад наглядам асабняк...
A хатні арышт, то не ўвагі знак
Да графа, а капкан, падрыхтаваны
Для доказаў магчымых, ад якіх
Своечасова граф ізаляваны
Законнай мерай, што ў руках маіх.
Цяпер, калі Назімаў Мураўёву
Здаў справы, нам — не да сяброў былых.
Г е л е н а
Пайду. А вы працягвайце размову.
Г е л е н а выходзіць.
К а п i т а н
Марысі дваццаць. Мне ўжо трыццаць пяць.
Ёсць розніца ва ўзросце. Разумею.
Але прашу, пакіньце мне надзею.
Хоць год, хоць два гатовы я чакаць...
М а р ы с ь к а
Пытанне можна, капітан, задаць?
К а п i т a н
Прашу.
М а р ы с ь к а
Кар'ера следчага ў зеніце...
Навошта рызыкуеце?
К а п i т a н
Лічыце,
Што я люблю вас болей, чым цара.
М а р ы с ь к а
Даўно?
К а п i т а н
З тых пор, як пасярод двара
Сялянскага ў шалёнай каруселі
З Марысяй мы кружылі на вяселлі.
Ні дождж спыніць не мог нас, ні віхор.
Калі маланка асвятляла двор,
Я вочы бачыў, што з тугой глядзелі
У змрок... Не кропелькі дажджу на ix
Былі, а слёзы.
М а р ы с ь к а
Той віхор не сціх
Дагэтуль.
К а п i т а н
Знаю, знаю... Ах, Марыя
Свет Юр'еўна, абранцу вашых мар
Зайздросціў я тады, хоць i жандар.
Але, паверце, грозных дзён стыхія
Усё змяце. Яму не абмінуць
Дарог, дзе косіць дрэвы навальніца.
Магчыма, потым будзе ганарыцца
Ім свет, аднак не зможа свет вярнуць
Таго, што пад сабою пахавае
Дрыгва, дзірван, бур'ян, халодны жвір.
Няўжо Марыся спадзяванне мае
На нейкі цуд?
М а р ы с ь к а
О не! На манастыр.
К а п i т а н
Прашу вас: маладосці не губіце!
Як любіце другога, то любіце.
Я не рашэнне выслухаць прыйшоў,
Пабачыцца... Як раб, чакаць гатоў
Я волі неба, што кіруе намі.
М а р ы с ь к а
Надзей няма ў вас, ведаеце самі.
Другому слова я дала даўно
На ўсё жыццё. Не зменіцца яно.
Бывайце, капітан!
К а п i т а н
Ну, што ж, прызнанне
Чыстасардэчнае перад судом
Суровае змяншае пакаранне.
Як i раней, пакорлівым рабом
Я застаюся.
К а п i т а н казырае i выходзіць. З'яўляецца Г е л е н а.
Г е л е н а
Што ты нарабіла!
М а р ы с ь к а
Адмовіла.
Г е л е н а
Ён змрочны, як магіла,
Быў з выгляду. Віктора пагубіла
Твая нязгода, жорсткі твой адказ.
Граф наш сваяк. Мы хлеб ягоны елі,
Так, так... Ты не дачка мне!
М а р ы с ь к а
На абраз
Зірніце.
Г е л е н а
Божа мой! Партрэт Анэлі...
М а р ы с ь к а
Купляюць, прадаюць маю душу.
Я чалавек? О не! Я — горш, чым быдла.
Не плачце, маці. Вам самой абрыдла
Глядзець на гнюсны торг. Я адпішу
Маёнтак вам. За гэта папрашу,
Не крыўдзячы крыжы сваіх бацькоў,
Пакіньце ім для вечнага спакою
Язьмін i бэз, i гучных салаўёў,
A жаўранкаў над даллю палявою —
Маім дзядзькам: Арцёму i братам...
Г е л е н а
А ты?
М а р ы с ь к а
Бог знае, ды не скажа нам.
Сустрэча з генералам
Куча хворасту на краі ляснога балота.
З супрацьлеглага берага далятае страляніна.
Пасецца ў бары конь. Хвоя.
Да яе прывязаны Каліноўскі.
На паляну выходзяць р у с к і я с а л д а т ы i а ф і ц э р
П е р ш ы с а л д а т
Балота непралазнае...
Д р у г і с а л д а т
Чароту,
Дрыгве — канца i краю не відаць.
П а р у ч н i к
Ад хвоі чалавека адвязаць!
П е р ш ы с а л д а т
Ёсць адвязаць!
Салдаты выконваюць загад.
П а р у ч н i к
Цяпер ідзіце ў роту!
Салдаты выходзяць.
Уласны конь?
К а л i н о ў с к i
Уласны.
П а р у ч н i к
Мой патруль
Гаспадара прызнаў за канакрада.
Я спадзяюся: вы з таго атрада,
Што гіне за балоцінай ад куль?
К а л і н о ў с к і
Паручнік здагадаўся. Я адтуль.
А вы той афіцэр, што памагчы
Жадае нам?..
П а р у ч н i к
На гэты бераг выйсці
Ці зможа пад аховаю начы
Атрад? Калі не зможа, то карысці
Не прынясе намер мой.
К а л i н о ў с к i
План такі
Не проста здзейсніць.
П а р у ч н i к
Тут праваднікі
Патрэбны, знаю. З багны i трысця
Без ix не выйдзеш.
К а л і н о ў с к і
Прага да жыцця,
Адвага i адчай праваднікамі
Былі заўсёды, ведаеце самі.
Прывесці можна прыклад не адзін...
П a р у ч н i к
Я адыду. Мая на маршы рота.
Не будзем траціць дарагіх хвілін.
К а л і н о ў с к і
Паручнік знае, што за ўзнагарода
Яго чакае?
П а р у ч н i к
Братняга народа
Падзяка.
К а л і н о ў с к і
Альбо куля ад цара.
П а р у ч н i к
Тут назбірана хворасту гара...
Каб даць сігнал?
К а л і н о ў с к і
Але.
П а р у ч н i к
(Падпальваючы хвораст.)
Няхай шугае
Агонь, хай людзям, што на тым баку,
Працягвае гарачую руку,
На вольны бераг кладкі асвятляе.
Бывайце!
К а л i н о ў с к i
Дарагі грамадзянін,
Як ваша імя?
П а р у ч н i к
Крупскі Канстанцін.
П а р у ч н i к пакідае паляну.
Да Каліноўскага падыходзіць в е с т а в ы.
В е с т а в ы
Як кажуць, свет вялік i ўсё бывае.
На захад афіцэр салдат павёў.
Пашчасціла!
К а л і н о ў с к і
Як бачыш.
В е с т а в ы
Галубоў
Паштовых з данясеннем ад разведкі
Час, мусіць, выпускаць на волю з клеткі?
З атрадам так умоўлена было.
К а л і н о ў с к і
Спяшайся, покуль сонца не зайшло
За край зямлі, а шчасце за палеткі
Не адышло раптоўна ў змрочны цень.
Спяшайся! Вестка даляцець павінна
Да берага таго, дзе трэці дзень
Надзеі нашы косіць страляніна.
Героі там! Атрад перадавы
Гісторыі. Спяшайся, веставы,
Атрад чакае!
В е с т а в ы выходзіць.
На лясной паляне з'яўляюцца ц ы г а н ы.
Кожны нясе пасільную ношу на агонь.
Да Каліноўскага падыходзіць ц ы г а н к а аС т э фа
С т э ф а
Слухай,гаспадар,
ты — хто?
К а л і н о ў с к і
Не пазнаеш?
С т э ф а
Не помню ў твар...
К а л і н о ў с к і
Забылася?
С т э ф a
Знаёмыя — не коні,
Я не па выгляду, а па далоні
Ix пазнаю.
К а л і н о ў с к і
Як выгляду майго
Не помніш, то далонь не дапаможа.
С т э ф а
(разглядаючы, далонь)
Пабачым... Лінія жыцця твайго
Кароткая. Ды быць даўжэйшай можа.
Ты хочаш жыць i хочаш вольным быць...
Змяні галоп на ціхі рып калёсаў
Цыганскіх, змрочны брук — на сінь нябёсаў,
Тлум — на спакой, як хочаш вольна жыць.
К а л і н о ў с к і
Не ўводзь у зман. Былых дзяцей прыроды
Па свеце гоніць, як гусей са шкоды,
Землеўладання хлуд. Бізун даўгі.
С т э ф а
Успомніла. Табе на пастаялым
Двары я варажыла... Там другі
Дзяцюк з табою быў... Ён генералам
Не стаў?
К а л i н о ў с к i
Не стаў.
С т э ф а
Няпраўда. Не мані.
Ты разам з ім па стромкай кручы скачаш,
Я знаю. На далонь сваю зірні,
На ёй, як на зямлі, не перайначыш
Hi сцежак шчасця, ні шляхоў пакут,
Hi рысак смерці.
К а л і н о ў с к і
Хутка будзе тут
Твой генерал. Сама яго пабачыш.
Прыслухайся, ідуць...
П е р ш ы ц ы г а н
(Гучна.)
Ідуць!
Д р у г i ц ы г а н
(Змрочна.)
Ідуць.
В е с т а в ы
(падыходзячы да Каліноўскага)
Ідуць.
П е р ш ы ц ы г а н
Жывыя раненых нясуць.
Д р у г i ц ы г а н
Нябожчыкаў.
П е р ш а я ц ы г а н к а
На бераг ix кладуць.
Д р у г а я ц ы г а н к а
О, божа, колькі ix! Што ж гэта будзе?
П е р ш а я ц ы г а н к а
Вяртаюцца дадому з кірмаша...
Яшчэ душа... Яшчэ адна душа...
П е р ш ы ц ы г а н
Апошняга нясуць.
Д р у г і ц ы г а н
Паклалі.
У р у б л е ў с к і
(падыходзячы да агню)
Людзі!
Мы на сабе прынеслі сто магіл.
Але ні часу, ні лапат, ні сіл
Няма ў нас развітацца з дзецюкамі
Так, як належыць...
П е р ш ы ц ы г а н
Пахаваем самі.
У р у б л е ў с к і
Мы пакідаем ix без дамавін
I без крыжоў. Капайце дол глыбокі
Адзін на ўсіх. Як зможаце, адзін
На ўсіх пастаўце крыж.
Д р у г i ц ы г а н
Паставім крыж.
У р у б л е ў с к і
Зрабіце ласку. Пахавайце. Мы ж
Ісці павінны, хоць цяжкія крокі
I раны не даюць далей ісці.
Як толькі мясам нашыя шкілеты,
А раны скурай змогуць абрасці,
Атрад — людзьмі,— мы ўспомнім бераг гэты.
Успомнім, каб не сцежкай па трысці
Прайсці, a ў ногі пакланіцца хвоі,
Дзе дзецюкі ў абдымках лесу спяць,
Каб небу, як не схоча ix прыняць,
У твар халодны выпусціць набоі.
Мы ix не пакідаем. Не зямлі
Ix аддаём, а песням, а цымбалам,
А водгуллю ў бары.
(Да паўстанцаў.)
Цяпер пайшлі
Далей, сябры!
С т э ф а
(гледзячы ўслед)
Ён будзе генералам.
На шырокім лясным пні сядзяць Каліноўскі i Стэфа.
К а л і н о ў с к і
(устаючы)
Развіднела. Паўзе з трысця туман...
Ну вось i ўсё. Няма смяротных ран,
Вачэй, зашклёных смерцю. Пад сабою
Сто лёсаў пахаваў нямы курган.
С т э ф а
Чакай. Мінулагодняю вясною,
Варожачы табе, я ў варажбе
Праўдзівай не была, дзяцюк, з табою.
К а л і н о ў с к і
Пашкадавала, мусіць?
С т э ф а
Не цябе,
Дзяўчыну, што была ў дарозе з вамі.
Хоць i варожым мы, але i самі
Жахаемся, чытаючы ў вачах
Дзявочых за людзей любімых страх.
Ах, людзі, людзі, каб наперад зналі
Вы шлях, крывёй паліты i слязьмі,
То не пакутвалі б i не кахалі,
Не плакалі i не былі б людзьмі.
К а л і н о ў с к і
Навошта ж знаць,табе?
С т э ф а
Здымі калоду!
Хачу я паглядзець на абразкі,
Што іншы раз выказваюць нязгоду
З тым, што паказвае пісьмо рукі.
К а л і н о ў с к і здымае калоду. Пакідае паляну.
С т э ф а
Панёсся, уцякае на кані
Ад дум сваіх, як быццам ад пагоні,
Ад слоў маіх. Ад лёсу, што на пні
Перада мной ляжыць, як на далоні.
(Глядзіць на карты )
Дарога... Конь, які дарогу чуе...
Кароль... I дом казённы караля
Бубновага, якога карануе,
На трон дашчаны, вядучы, пятля.
«Марыська чарнабровая мая,
Дзе шчасце, доля ясная твая?
Усё прайшло i не збылося ў часе,
Адна страшэнна горыч засталася
I каменем на сэрца смутак лёг.
Калі ўжо нас за нашу праўду бог
Пачаў караць і, з вісельняй у згодзе,
Нам прападаць прызначыў пры ўваходзе
У вечны сад, то мы хутчэй загінем,
Чым скардзіцца пачнем на марны лес,
Хутчэй ад шчасця i саміх нябёс
Адмовімся, a праўды не пакінем».
З ліста Каліноўскага да Марысі
Канец следства
Турма ў Вільні. Камера.
За сталом разбярыць Старжыцкі.
Наглядчык упускае ў камеру наведвальніка,
апранутага ў цывільную вопратку.
Н а в е д в а л ь н і к
Дзень добры!.. Выразаеце кійкі
У вольны час? Разбярыце?
С т а р ж ы ц к і
Разбяру.
Н а в е д в а л ь н і к
Вітаю майстра ходкага тавару.
С т а р ж ы ц к і
Прабачце, хто вы?
Н а в е д в а л ь н і к
Прыяцель, які
З'явіўся, каб палепшыць вязню ўмовы.
С т а р ж ы ц к і
Няйначай,следчы новы?
Н а в е д в а л ь н і к
Што вы, што вы,
Не маю дачынення. Я з купцоў.
(Паказвае пропуск.)
Чытайце.
С т а р ж ы ц к і
Пропуск.
Н а в е д в а л ь н і к
Подпіс?
С т а р ж ы ц к і
Мураўёў.
Н а в е д в а л ь н і к
Як бачыце, вядома ў коле вузкім
Маё імя.
С т а р ж ы ц к і
То чым магу служыць?
Н а в е д в а л ь н і к
Хацеў бы на маёнтак пад Бабруйскам
Я з панам пагадненне заключыць.
Граф не супроць?
С т а р ж ы ц к i
Супроць не я, а краты.
Н а в е д в а л ь н і к
Яснавяльможны пан не вінаваты,
Вядома мне, ні ў чым, апроч размоў.
С т a р ж ы ц к i
Аднак я тут.
Н а в е д в а л ь н і к
Часова. Хто не вёў
Пустых размоў за шклянкаю гарбаты?
Хай не здзіўляе графа мой прыход...
Я — той, хто рыхтаваў для следства глебу,
Як сейбіт для раллі. Дазнання ход
Спрыяльны быў... Дык дзякуйце не небу,
Не следчаму... Ён радавы салдат,
Рабіў i робіць тое, што дыктуе
Вышэйшы чын, мой кампаньён — Загад.
С т а р ж ы ц к і
Не можа быць!
Н а в е д в а л ь н і к
То колькі двор каштуе?
Сто тысяч? Болей?.. Сотні паўтары?
(Старжыцкі маўчыць.)
Належыць суму гэтую на тры
Дзяліць. За трыцдаць тысяч я куплю
Маёнтак пана. Згодны?
С т а р ж ы ц к і
На грабеж?
Н а в е д в а л ь н і к
На клопат.
С т а р ж ы ц к і
Я не набіваўся.
Н а в е д в а л ь н і к
Знаю.
Прыкіньце, я не парушаю меж
Магчымага. Барыш дзялю законна,
Не ганьбячы прафесію сваю:
Не крыўджу ні сябе, ні кампаньёна,
Зямлю купляю, волю прадаю.
Яна не тысяч вартая. Мільёна!
С т а р ж ы ц к і
Хто ён, нябачны цень ваш — кампаньён?
Н а в е д в а л ь н і к
Не трэба турбавацца, граф: не ён,
А я, гаворачы на вашай мове,
Ягоны цень.
С т а р ж ы ц к i
А ён?
Н а в е д в а л ь н і к
Пры Мураўёве,
Як я — пры ім... Рашайцеся хутчэй.
С т а р ж ы ц к і
На волі пагаворым.
Н а в е д в а л ь н і к
Тут зручней.
С т а р ж ы ц к i
Не для мяне.
Н а в е д в а л ь н і к
Баюся, каб размовы,
Што вы з Аскеркам, з Гейштарам вялі,
У выніку разваг, не набылі
Характар пратакольны, папяровы.
Сягоння канчатковае рашэнне
Па справе графа прыме Мураўёў.
То як?
С т а р ж ы ц к і
Я — вязень.
Н а в е д в а л ь н і к
Пойдзеце дамоў
Сягоння.
С т а р ж ы ц к і
Калі так, то пагадненне,
Хоць з ведзьмаром, я падпісаць гатоў.
Н а в е д в а л ь н і к
Усё яшчэ не верыце? Паверце,
Такім, як вы, дзяцей калышуць чэрці.
Есць ром?
С т а р ж ы ц к і
Няма.
Н а в е д в а л ь н і к
Шкада! Абмылі б справу.
У друк мясцовы неадкладна я
Аб продажы маёнтка дам аб'яву...—
Вядома, граф, ад вашага імя.
С т а р ж ы ц к і
Як хочаце.
Н а в е д в а л ь н і к
Сем тысяч. Мой задатак —
Для пэўнасці. Парадак ёсць парадак.
Кладзе на стол пачак грошай. Выходзіць.
Старжыцкі хавае грошы ўтумбачку.
Дастае адтуль бутэльку рому i дзве чаркі.
На парозе з'яўляецца н а г л я д ч ы к .
С т а р ж ы ц к i
Прашу на чарку!
Н а г л я д ч ы к
(Нерашуча.)
Граф, я пры пістолі.
С т а р ж ы ц к і
Не першы раз!.. Што новага на волі?
Старжыцкі налівае чарку наглядчыку i сабе.
Чокаюцца. П'юць.
Н а г л я д ч ы к
У горадзе аблавы. Ноччу, днём.
С т а р ж ы ц к і
Злавілі ваяводу?
Н а г л я д ч ы к
На свабодзе.
Цяпер яго іначай у народзе
Завуць.
С т а р ж ы ц к і
Ну, ну!..
Н а г л я д ч ы к
(пераходзячы на шэпт)
Мяцежным каралём!
Дыктатарам Літвы i Белай Pyci.
С т а р ж ы ц к і
За што такая чэсць?
Н а г л я д ч ы к
Не дабяруся
Паняція...
С т а р ж ы ц к i
(наліваючы чаркі)
Яшчэ?
Н а г л я д ч ы к
Магу.
С т а р ж ы ц к і
A ўсё ж?
(Чокаюцца. Выпіваюць.)
Н а г л я д ч ы к
Закон дыктуе свой: за здраду — нож,
Кінжалы ў ход пусціў...
С т а р ж ы д к і
(хмялеючы)
Кароль, Дыктатар
Яшчэ?
Н а г л я д ч ы к
Магу... З ног збіўся губернатар,
Злуецца... Калі гэтая напасць,—
Гаворыць,— пакрасуецца з паўгода,
То дар абвесціць роўнасць для народа...
Усе маёнткі мужыкам раздасць.
С т а р ж ы ц к i
(П'е.)
Як імя караля?
Н а г л я д ч ы к
Цішэй. (П'е.) Хто знае?
С т а р ж ы ц к і
A прозвішча?
Н а г л я д ч ы к
Бог ведае адзін.
С т а р ж ы ц к i
Відаць, часцей, чым падышах жанчын,
Імёны ён i прозвішчы мяняе.
Н а г л я д ч ы к
То я пайду.
С т а р ж ы ц к і
Чакай.
К а п i т а н
(Уваходзячы.)
Прынёс загад!
С т а р ж ы ц к i
Свабода?
К а п i т а н
Так!
С т а р ж ы ц к i
Не думайце, што рад
Я навіне.
(Налівае чарку каштану, потым — сабе.)
К а п i т а н
Забараняю. Досыць.
С т а р ж ы ц к і
Ах, любы капітан! Мой дом — астрог.
Не сам іду, мяне адсюль выносіць
Гісторыя... Нагамі за парог.
Асабняк у Вільні
Кабінет на другім паверсе. Гарыць камін.
Каля яго, седзячы ў крэсле, вяжа Рагнеда.
У крэсле насупраць яе — Віктор.
С т а р ж ы ц к і
Сябры ў бядзе. Не можна адкупіцца
Ад мук сумлення. «Годзе ныць, Віктор»,—
Шапчу, а ў сэрцы пуста. Я — званіца
Нямая. Языкі званам віхор
Павыдзіраў. Я — абабраны двор,
Пастух без пугі, посуд без палуды.
Заместа чарады, ля ачага
Сямейнага пасу свае пакуты.
А нехта кайданы там, дзе тайга,
Пасе i двор мой на Беразіне,
Што я прадаў, каб вольным быць, кляне...
Як свішча сівер у ягоных словах!
Р а г н е д а
Беразіна!.. Мы страцілі, на жаль,
Не грошы — тры вярсты бароў сасновых
I больш чым тры вярсты нястрымных хваль.
С т а р ж ы ц к і
Гісторыя!.. Патокам дзён імклівых
Яна падобна сёння на раку —
Імчыць, нас пакідаючы ўбаку,
Ад нас хавае твар у неўрадлівых
Сялянскіх нівах... Некалі была
Пакорлівай, цяпер грыміць: скарыся!..
Адзін свой двор я сам аддаў Марысі,
Другі — турма гвалтоўна адняла,
Не зняўшы з твару марадзёрскай маскі.
Як не было маёнткаў — двух'з пяці!
Р а г н е д а
Жыццё пражыць — не поле перайсці.
С т а р ж ы ц к і
Яшчэ не ўсё. З чыёй, Рагнеда, ласкі
Цураюцца, як чорнае чумы —
Так, так! — знаёмыя майго парогa?
Р а г н е д а
Баяцца крат. Тут дзіўнага нічога
Няма.
С т а р ж ы ц к i
Яшчэ не ўсё. Калі з турмы
Выходзіў я, рукамі капітана,
Гісторыя свой ліст перадала
На подпіс мне. Аж белы свет імгла
Ахутала! Чытай жа. Рана, рана
Нам баляваць. (Перадае ліст.) Уважліва чытай.
Р а г н е д а
Ты падпісаць павінен адрачэнне
Ад мяцяжу? Для друку?
С т а р ж ы ц к і
Мне сумленне
Не дазваляе цераз ганьбы край
Пераступіць. Лепш ланцугом па бруку
Звінець, чым бачыць сорам свой у друку.
Што скажуць людзі?
Р а г н е д а
Праўда. Божа мой,
Што скажуць тут? Што скажуць за мяжой?
Прыкінься хворым. (Вяртае ліст.)
Можа, ўсё тым часам
Міне.
С т а р ж ы ц к і
Сягоння зойдуць за адказам.
Р а г н е д а
Твой следчы?
С т а р ж ы ц к і
Іншы распарадчык лёсаў.
Ад Мураўёва.
Р а г н е д а
Хто?
С т а р ж ы ц к i
Палкоўнік Лосеў.
С л у г а
(уваходзячы)
Да вас!
С т а р ж ы ц к i
Ну вось!
С л у г а
Купец... Па важнай справе.
Р а г н е д а , прыбраўшы з крэсла вязанне,
ідзе ў суседні пакой.
С т а р ж ы ц к і
Ты б мог сказаць: — Няма гаспадара...
Ён — захварэў.
С л у г а
Не сцяміў.
С т а р ж ы ц к i
А пара.
С л у г а выходзіць,
прапускаючы ў кабінет Каліноўскага.
К а л і н о ў с к і
Граф, бачу, не чакаў. Я — па аб'яве
Аб продажы Бабруйскага двара.
С т а р ж ы ц к і
(Разгублена.)
Двор куплены... Атрыманы задатак...
Сем тысяч.
К а л і н о ў с к і
Усяго? Куш не вялік.
Мне трэба больш.
С т а р ж ы ц к i
Чарноцкі — рабаўнік?
Забаўна.
К а л і н о ў с к і
Прыкусіце, граф, язык.
С т а р ж ы ц к i
Не разумею.
К а л і н о ў с к і
Я прыйшоў падатак
Рэвалюцыйны з пана спаганяць.
С т а р ж ы ц к і
Не разумею... Цішыня ды гладзь
На моры. Улягліся хваляванні
Мінулыя, а новых — не відно.
К а л і н о ў с к і
Яшчэ судно не канула на дно,
А ўжо з яго ўцякаюць спадзяванні,
Як пацукі, трымаючы ў зубах
Паперачкі свае аб пакаянні,
Прашэнні аб не гучных ланцугах.
А ці не так i графа спадзяванне
За стырнавога быць на караблі
Не здзейснена?.. Французы, англічане
Надзей не апраўдалі. Падвялі.
С т а р ж ы ц к і
Няпраўда... Ходзіць слых аб каралі
Мяцежным. Хіба гэта не надзея?
Хвала таму, хто з палубы не ўцёк.
Вы, часам,— не кароль?
К а л і н о ў с к і
За казначэя
Я ў караля. Выкладвайце даўжок!..
Старжыцкі дастае з шуфляды стала пачак грошай,
i перадае яго Каліноўскаму.
С т а р ж ы ц к і
Сем тысяч тут.
К а л і н о ў с к і
(уручаючы распіску)
Нам трэба болей. Дзесяць.
Наяўнымі.
С т а р ж ы ц к і
(Садзіцца за стол. Піша.)
Паверце, я гатоў
За крыўды незлічоныя павесіць
Цара ў пятлі мужыцкай між слупоў —
Каб першы слуп быў Гродняй, a другі
Быў Вільняю. Сам рваў бы ланцугі
Для гэтай мэты.
К а л i н o ў с к i
Для яе замала,
Граф, двух слупоў. Ёй трэба, каб шугала
Народная рашучасць, гнеў жывы,
Каб ён на часткі рваў турэмны кратар
Імперыі... Так думае дыктатар
Сярмяжнай Беларусі i Літвы,
А казначэй яго дае распіскі
У тым.
С т a р ж ы ц к i
Ён — на кані, а пад канем —
Яго даўжнік. Трымайце.
(Дае Каліноўскаму запіску.)
Аканом
Аплоціць доўг мой падаўцу запіскі.
Куды ж вы? Пачакайце.
К а л і н о ў с к і
Час ісці.
С т а р ж ы ц к i
Мне сорак год. У кожнага ў жыцці
Ёсць свой палын. Цяпер, пасля астрога,
Калі майго цураюцца парога,
Свабода — мой палын... Сяджу адзін,
Спрабую размаўляць,— калі камін
Гарыць,— з гісторыяй. Не пазнае
Мяне яна чамусьці, я — яе.
Знаць хочаце, аб чым у нас размова?..
К а л і н о ў с к і
Не, граф. Ёй важна справа больш, чым слова.
(Выходзіць.)
С т а р ж ы ц к і
Рагнеда!
Р а г н е д а
(уваходзячы)
Я. Што ты хацеў сказаць?
С т а р ж ы ц к i
Я — нуль для ix! Я — дойная карова,
Горш нават — шалудзівая каза.
Хто б думаць мог? О не! Я прычакаю
Сваёй чаргі. Тады i пагляджу,
Чаго ix гонар варты, як адчаю
Апошняга пяройдзе ён мяжу.
Пабачу: спадзяванні ix ці — самі
Яны ў тым труме стануць пацукамі.
Каб так мяне зняважыць!
Р а г н е д а
Ты аб кім,
Віктор? Аб чым?
С т а р ж ы ц к і
Аб чым?.. Ды ўсё аб
Што дарагім было, што не збылося,
Не збудзецца.
Уваходзіць с л у г а .
С л у г а
Да вас палкоўнік Лосеў.
С т а р ж ы ц к і
Прасі!
С л у г а выходзіць.
Р а г н е д а
(Перад тым, як выйсці.)
Віктор, ты знаеш: я чакаю
Дзіця... Не забывай...
С т а р ж ы ц к і
Ідзі. Я знаю,
Як мне трымацца. Госць непажаданы
Цяпер не страшны мне.
Л о с е ў
(уваходзячы)
Вы ўсхваляваны,
Шаноўны граф. Хацеў бы ведаць чым?
Візітамі?
С т а р ж ы ц к і
Становішчам сваім.
Няпэўнасцю.
Л о с е ў
Няпэўнасць i адмова
Нам паспрыяць — сюрпрыз для Мураўёва,
А за сюрпрыз — сюрпрыз: ланцуг, Сібір.
С т а р ж ы ц к i
У нас вайна, палкоўнік, а не мір.
Я паспрыяю вам, i я — нябожчык:
Злачынны акт! На вуліцах, на плошчах
I ў друку — палітычны рэзананс,
Патрэбны вам...
Л о с е ў
Не думайце за нас.
С т а р ж ы ц к i
Я за сябе... Вы ж чалавек, палкоўнік.
Л о с е ў
Я дома чалавек, а тут чыноўнік.
С т а р ж ы ц к i
Я паміж двух агнёў.
Л о с е ў
Не засталося
Кінжалынчыкаў. Усе яны ў пятлі,
Кінжалы ў шафах.
С т а р ж ы ц к i
Ах, палкоўнік Лосеў,
Каб так!.. Яны нядаўна тут былі.
Л о с е ў
Жартуеце. Марудзіце з адказам,
Забылі, хто мяне прыслаў сюды.
Я вас згнаю ў астрозе з жартам разам.
Дзе доказ? Доказ!
С т а р ж ы ц к i
(працягваючы распіску)
Вось яго сляды.
Л о с е ў
Як прозвішча?
С т а р ж ы ц к і
Не знаю. Не пытаўся.
Л о с е ў
Рост?
С т а р ж ы ц к і
Я не мераў.
Л о с е ў
Што там?
С т а р ж ы ц к і
He прыглядаўся.
Л о с е ў
Узяў сем тысяч?
С т а р ж ы ц к і
Роўна. У мяне
Больш не было.
Л о с е ў
За рэштаю, вядома,
Ён з'явіцца сюды?
С т а р ж ы ц к i
Да аканома
Майго. Маёнтак — на Беразіне.
Л о с е ў
Распіска. А пад ёй стаіць пячаць:
Літоўскі камітэт. Свабода. Роўнасць.
С т а р ж ы ц к і
Грашовы дакумент.
Л о с е ў
Я захаваць
Хачу для Справы гэткую каштоўнасць.
Не пашкадуеце... Даю ўзамен
Дазвол, паперцы гэтай раўназначны —
У Гродню ехаць, падалей ад сцен
Турэмных, што на твары вашым значны.
Гаспадара чакае родны дом,
I вольны Нёман, i сцяжынкі ў садзе.
С т а р ж ы ц к і
A ліст для друку? Подпіс пад лістом?..
Л о с е ў
(спяшаючыся)
Пасля, пасля... Няхай сабе ў шуфлядзе
Да лепшых дзён спакойна адпачне,
Пакуль маёнтак на Беразіне
Не дапаможа мне, маёй засадзе
Па тонкай нітцы разматаць клубок,
На віленскі натрапіць адрасок...
Л о с е ў выходзіць з кабінета.
Старжыцкі падкідвае паліва ў камін.
Вяртаецца Р а г н е д а
i займае сваё месца ў крэсле. Вяжа.
С т а р ж ы ц к і
Што новага.
Р а г н е д а
Ёсць вестка ад Гелены.
С т а р ж ы ц к і
Турботная?
Р а г н е д а
Там адбыліся змены —
Марыся ёй маёнтак адпісала.
С т a р ж ы ц к i
Ну што ж, ну што ж. Турбацыі тут мала.
Р а г н е д а
Марыся ў Вільню едзе. Асабняк.
Належыць ёй... Ты ж ведаеш...
С т а р ж ы ц к i
Так, так.
Ну што ж, i гэты клопат не вялік.
Нас заўтра ў Гродню паімчыць ямшчык.
Р а г н е д а
Віктор, няўжо?!
С т а р ж ы ц к i
Вяртаемся назад
Да дарагіх лясоў, палёў, прастораў!..
Пазбавіцца б хутчэй ад Вільні... Ад
Кінжальшчыкаў, жандараў, марадзёраў.
За брамай, на якой вісіць замок —
Жалезны знак кандальнае эпохі,
Ты будзеш зноў вязаць свае панчохі,
А я разматваць змрочных дзён клубок.
Напярэдадні Новага года
Касцёл. Захрысны пакой. Каліноўскі i Парфіяновіч —
паўстанскі камісар па Магілёўскай губерні.
К а л і н о ў с к і
Лес чорны ў снежні. Луг у снежні белы.
Зіма. Дрымотны сон намнога дзён.
Араты сніць мізэрныя надзелы,
Якія са стала свайго прыгон,
Што костку, кінуў згаладалым вёскам.
Абшар дваранскі мроіцца палоскам
I думкам ix спакою не дае.
Тым думкам зброю даць — i стануць войскам.
П а р ф і я н о в і ч
Такіх салдат нам сёння нестае!..
К а л i н о ў с к i
Пад кіраваннем белага «Аддзела»
Паўстанне ў нас, як мокры хмыз гарэла.
Зракліся справы, безнадзейна хворай,
Прэлаты каталіцкіх кансісторый.
Вернападданніцкія адрасы
Падпісвае здрадлівай рукою
Цару дваранства. Надышлі часы
Цяжкія. Сівер агаліў лясы —
Пяць тысяч інсургентаў склалі зброю.
П а р ф і я н о в і ч
A іншыя?..
К а л i н o ў с к i
Літоўскі камітэт
Паспеў ім выдаць адпускны білет,
Як восень — птушкам. З выраю вясною
Яны да гнёздаў вернуцца назад.
Пакуль жывём, для ix i наш загад
Жыве. Аднак, чакаючы на гэта,
Не маем права ў цёплы колер лета
Мы фарбаваць халодны снегапад.
Даводзіцца ўсё аднаўляць спачатку:
Паролі, яўкі, апарат, пячатку.
Расце графа выдаткаў, як на грэх.
Збірайце грошы... Неабходны сродкі
Нам, як паветра, гэтак жа, як снег
Патрэбны вольным рэкам для паводкі...
Рад касу Магілёва падтрымаць,
А чым? Хоць горад свой, але — не блізкі.
Запіска ёсць... Праз падаўца запіскі
Ці зможаце тры тысячы спагнаць?
П а р ф і я н о в і ч
(беручы запіску)
Маёнтак графа. На Беразіне.
Знаёмы двор. Не па дарозе мне.
Мяркуеце, што гэта небяспечна?
На візіцёра могуць там чакаць
Не грошы, a наручнікі?
К а л і н о ў с к і
Бясспрэчна,
Ёсць рызыка.
П а р ф і я н о в і ч
Гатоў рызыкаваць.
К а л і н о ў с к і
Ад пастак, ад жандарскага этапу
Нікога я, на жаль, не ўсцерагу,
Таксама, як нікога не магу
Зрабіць мядзведзем, каб смактаў ён лапу
Зімовых сноў у цёплым берлагу.
П а р ф і я н о в і ч
Я сёння ад'язджаю.
К а л і н o ў с к і
Год стары
Мінае. Можа, на маім парозе
Адзначым Новы год?
П а р ф і я н о в і ч
Яго ў дарозе
Я прывітаю бомамі ў бары.
Згадаю Светаянскія муры,
Парог далёкі вашае кватэры,
Храм гэты.
К а л і н о ў с к і
Што ж, тады я адамкну
Касцёла дзверы ў добрыя намеры,
У Новы год, i ў новую вясну.
Фарсіруйце ж хутчэй Беразіну!
Каліноўскі выпускае з касцёла Парфіяновіча.
З бакавых дзвярэй заходзіць к с ё н д з .
К с ё н д з
На вуліцах спакойна. Паступова
Жыццё старыя рэчышчы свае
Знаходзіць, ёлкі дзецям дастае,
Танцуе пад аркестры Мураўёва,
Наладжвае патрыярхальны быт.
Няўжо канец?
К а л і н о ў с к і
Сягоння расстраляны
Не пад аркестры, а пад барабаны,
Былы паплечнік мой Далеўскі Ціт.
Нядаўна ў Коўне смерцю пакараны
Мацкявічус.
К с ё н д з
А летам — ксёндз Ішора,
Калышка, Серакоўскі. Слёз i гора
Не бачыць бог!
К а л i н о ў с к i
Не ўмею суцяшаць.
Але магу, пакуль не позна, зняць
З таго, хто суцяшае, даручэнне
Па справе нашай ехаць за мяжу.
Служыце богу, дбайце пра імшу!
Ад бізуна патрэбна суцяшэнне
Пакорлівай спіне.
К с ё н д з
Я не прашу
Збавення для сябе. Адна бяда нас
Звязала. За адступніцтва Антанас
Мацкявічус мяне б пракляў навек
На свеце тым. О, гэта чалавек
Вялікі быў! Зямелька паглынула,
На жаль, яго. Не верыў ён панам,
Не давяраўся членам капітула,
Хоць быў ксяндзом. Ён верыў толькі вам.
Не раз, не два мой небагаты храм
Чуў ад яго: «Каб мільён талёраў
Я меў, то, божы занядбаўшы сан,
Наймаў бы генералаў, каб сялян
Вучылі за мяжой на афіцэраў...»
Здагадвацца магу, што даручэнне
У Кенігсберг паехаць, дачынення
Не мае да маіх духоўных спраў.
К а л i н о ў с к i
Так... Малахоўскі, Длускі Баляслаў
Чакаюць сродкаў, неабходных школе
Ваеннай.
К с ё н д з
I яны ў маім касцёле
Былі не раз!.. Цяпер мы толькі ўтрох
Тут засталіся: вы, ды я, ды бог.
К а л і н о ў с к і
Бог, кажаце? Не, пробашч! Я мяркую,
Што ён даўно аглух для нашых слоў,
Аслеп для праўды нашай, за якую
Загінулі найлепшыя з сяброў.
Хіба не ix, бязлітаснай рукою
З яго дазволу вешаў Мураўёў
I засыпаў бязведамнай зямлёю?
Цяпер ім — без магіл i без крыжоў,
Заказана ў спрадвечны сад дарога.
То дзе ж ён, бог?.. Тут, апроч нас, нікога
Няма, айцец. Бог з храма выгнаў бога!
К с ё н д з
Калі для нас аглух ён i аслеп,
Дык як жа ў Вільні аднаго пакіну
Я ваяводу ў чорную часіну?
К а л і н о ў с к і
Якіх выпрабаванняў есці хлеб
Мы будзем праз гадзіну ці хвіліну,
Хто ведае?
Чуваць настойлівы стук у дзверы.
Ксёндз зірнуў у акно.
К с ё н д з
Грэх нейкую дзяўчыну
На споведзь мне прыслаў. (Адмыкае дзверы.)
Дачка мая,
Спазніліся. Замкнёны дзверы звонку.
Касцёл ужо закрыты... Хто вы?
М а р ы с ь к а
(уваходзячы)
Я
Хамуціуса жонка.
Новы год
Асабняк у Вільні. Той жа кабінет.
Каліноўскі i Марыська.
К а л і н о ў с к і
Хто б спадзявацца мог, што так сустрэнем
З табой мы Новы год?
М а р ы с ь к а
Адны.
К а л i н о ў с к i
Але.
М а р ы с ь к а
Зноў ява абнялася з летуценнем.
Гарыць спакойна свечка на стале.
Гарачы пацалунак, стаўшы ценем,
Не астывае на марозным шкле.
Чаму ж, Кастусь, ад саменькага рання
Рвуць кіпцюры цяжкога прадчування
Маю душу?
К а л i н о ў с к i
Марыська, доўгі шлях
Стаміў цябе.
М а р ы с ь к а
Шчаслівых падарункаў
Пад нашу ёлку добры Дзед Мароз
Не пакладзе ўжо...
К а л і н о ў с к і
З дарагіх малюнкаў
Што-кольвеч ён i нам з табой прынёс.
Ты толькі глянь, як пабяліў ён дахі,
Аздобіў шкло, нябёсы падсініў!
М а р ы с ь к а
(падыходзячы да акна)
Ва ўзорах шкла вачам вярзуцца жахі,
Якіх не бачыў ты, ды i не сніў.
Прыгледзься... Паміж дзвюх ямшчыцкіх станцый
Стаіць бяроза.
К а л і н о ў с к і
Так.
М а р ы с ь к а
На ёй паўстанцы
Удаўкай задушылі мужыка.
К а л i н о ў с к i
Што ты пляцеш?
М а р ы с ь к а
А вунь, з таго ляска,
Вядуць на шлях паўстанца-дзецюка
Пад вартай мужыкі. Заплюшчы вочы,
Каб у святле станцыйных ліхтароў,
Як я, не ўбачыць раптам сярод ночы
Крывавы ланцужок яго слядоў.
А вунь, а вунь... Яшчэ адзін узор
Відаць на шкле акна... Заезны двор.
Той самы дом, дзе некалі, вясною,
Выпадак пазнаёміў нас з табою.
Упершыню Урублеўскі, я i ты
Там стрэліся... А сёння дом пусты
I непрытульны. Злосны ведер дзверы
Тармосіць дзень i ноч. Глыбокі снег
Замёў мясціну майскую да стрэх.
Дзе ён цяпер, таварыш наш? Валеры?
К а л і н о ў с к і
Дзе ж быць салдату, як не на вайне.
М а р ы с ь к а
Жывы?
К а л i н о ў с к і
Напэўна.
М а р ы с ь к а
Там яму i мне,
Ды i табе, цыганка варажыла.
Сказала праўду нам, тваю — ўтаіла.
Але, зірнуўшы на мяне, адкрыла
Маім вачам нядобры свой сакрэт.
Я прачытала ў ix... Крывавы след...
К а л і н о ў с к і
I ўсё ж мяне ты ў госці запрасіла?
М а р ы с ь к а
Ах, не жартуй, не смейся, так было...
К а л i н о ў с к i
Ты не хвалюйся. Не глядзі на шкло.
Дай мне руку. Я пагашу святло.
(Гасіць свечку. Абдымае Марыську.)
Гарыць камін. Святла яго даволі
Для пас з табой! Няхай у час такі
Падвойны цень наш зыбаюць па столі
Каміна трапяткія языкі,
Малюнкі шкла не смуцяць сэрца скрухай.
М а р ы с ь к а
Не суцяшай мяне, а лепш даслухай...
На тым двары, дзе нас знаёміў май,
На гэты раз мяне да чорнай кавы
Граф запрасіў. Ён быў такі ласкавы
З Марысяй, хоць да раны прыкладай.
Пасля таго, як кампліментаў міску
Я з'ела, граф Віктор мне расказаў,
Што даў табе грашовую запіску...
К а л і н о ў с к і
Пашкадаваў?
М а р ы с ь к а
Ну так... Нібыта з Мінску,
Перад ад'ездам з Вільні, атрымаў
Ад некага ён вестку... аб засадзе
Магчымай...
К а л і н о ў с к і
(Устрывожана.)
Дзіўна! Ад каго пачуў
Такое граф? Няўжо на вуха здрадзе
Сам аб ліхой магчымасці шапнуў?
Ад'ехаўся — i мучае сумленне?..
М а р ы с ь к а
Дзівак, дзівак!.. Не можа быць сумнення
Ты ў пастцы! Для дябе, як для ваўка,
Раскідана здрадлівая прынада,
Цікуе шпік, выследжвае засада
Па храмах, па кутках асабняка,
Дзе, рукі склаўшы, я цяпер сяджу,
Не ведаючы, што рабіць з бядою.
Я чула, ёсць дыктатар над табою,
Кароль, які паехадь за мяжу
Дае дазвол? Сама яго ўпрашу...
К а л і н о ў с к і
Не трэба. Ён пакінуць поле бою
Дазволіць можа ўсім, апроч мяне.
М а р ы с ь к а
Няўжо кароль адчай мой адштурхне?
Усіх правоў яго Марысі права
Вышэйшае.
К а л і н о ў с к і
(прыслухоўваючыся)
Я чую стук.
М а р ы с ь к а
Аблава!
К а л і н о ў с к і
(апранаючы паліто)
Не бойся. Адчыняй.
М а р ы с ь к а
Не адчыню!
К а л i н о ў с к i
Я праз акно — на дах. Не ўпершыню!
К а л і н о ў с к і вылез на дах,
прычыніў за сабой акно.
Запаліўшы свечку,
М а р ы с ь к a ідзе на грукат,
які не змаўкае на ніжнім паверсе асабняка.
Вяртаецца ў суправаджэнні жандарскага а ф i ц э р а.
К а п i т а н а.
М а р ы с ь к а
Праходзьце. Не чакала.
К а п i т а н
З Новым годам
Вітаць Марыю Юр'еўну я рад!
М а р ы с ь к а
I не адзін, як бачу, а са ўзводам...
К а п i т а н
Дарэмны страх. Я адпусціў салдат.
Нядаўна я мужчынскі бачыў профіль
На шкле акна. Хто гэта?
М а р ы с ь к а
Мефістофель,
Напэўна.
К а п i т а н
Дзе ж ён?
М а р ы с ь к а
Знік праз дымаход.
То першы цуд яго на Новы год.
К а п i т а н
Адказ хоць i містычны, але шчыры.
Ды я не стану вобыск учыняць.
М а р ы с ь к а
Чаму ж?
К а п i т а н
Мне не выгодна цуд штурхаць
На шлях, які канчаецца ў Сібіры,
А пачынаецца раней — з турмы...
Папераджаю, што шукаем мы
Дыктатара Літвы i Беларусі.
Так. Ён жа — Каліноўскі... Спадзяюся,
Астрог Марыю Юр'еўну міне.
За вас баюся... Пасвяціце мне!
М а р ы с ь к а вядзе капітана па выхад.
К а с т у с ь паказаўся ў акне. Адчыніў яго,
саскочыў з падаконніка.
Сеў каля каміна. Увайшла М а р ы с ь к а .
М а р ы с ь к а
А ты ўжо тут?
К а л і н о ў с к і
Азяб. Вярнуўся з даху,
Што з полюса.
М а р ы с ь к а
Дрыжыш?
К а л і н о ў с к і
Але, дрыжу
Ад холаду.
М а р ы с ь к а
I я дрыжу... Ад страху...
Нам трэба ехаць. Ехаць за мяжу!
Нам трэба ашукаць абавязкова
Яе...
К а л i н о ў с к i
Kaгo?
М а р ы с ь к а
Бяззубую каргу,
Якая зноў махнуць касой гатова.
Паедзем. Не пярэч.
К а л і н о ў с к і
Я не магу.
Не маю права.
М а р ы с ь к а
Гэта канчаткова?
К а л і н о ў с к і
Але.
М а р ы с ь к а
Сагрэўся?
К а л i н о ў с к i
Не.
М а р ы с ь к а
Што ж!.. Чаркай рому
Сагрэем, Яська, кроў... Тут недзе ром
Пакінуў граф... Памінкі па Арцёму
Нам трэба справіць.
К а л і н о ў с к і
Як?.. Памёр Арцём?..
М а р ы с ь к а
Паўстанцы пакаралі... Так, мінула
Сягоння сорак дзён... Спіць, дзе заснула
Яго Мальвіна непрабудным сном.
Яна мяне калісьці малаком,
Як я маленькаю была, карміла.
Далёкая, забытая магіла!..
Арцём, калі ад кулі паміраў,
То мне i ўсёй радні сваёй жадаў
Жыць доўга, не спяшацца з дамавінай
Так i сказаў: — Чым будзеце радзей
Вы засяляць клады мае з Мальвінай,
Тым будзе нам з ёй спачываць лягчэй..
К а л і н о ў с к і
За што ж яго?
М а р ы с ь к а
Гаўрылава... салдата,
Каб ён не трапіў сотніку ў палон,
Арцём схаваў, пашкадаваў, як брата.
Памянем жа! Мінула сорак дзён.
(Моўчкі выпіваюць.)
Ах, Яська, Яська, дарагі мой госць,
Любіў Яцына паўтараць, бывала.
К а л і н о ў с к і
Але, любіў... Чаму ты не сказала
Адразу мне?
М а р ы с ь к а
Бо Яську шкадавала.
Цяпер кажу. Знай праўду ўсю, як ёсць.
Мне Яську шкода. Караля не шкода!..
За ўладу ён усіх панішчыць рад.
К а л і н о ў с к і
Пры чым тут я?
М а р ы с ь к а
Не ты, дык твой загад
Штурхнуў Арцёма ў ямку, ваявода!
Адважыўся штурхнуць — трымай адказ!
Я на паўстанне мела спадзяванне
Адзінае. Цяпер само паўстанне,
О, божа, не за нас, а супраць нас!
Свет — наш Мантэкі, час — наш Капулеці!
Мы ўладай ix асуджаныя дзеці.
Пераараная ix лемяхамі,
Знясіленая злом, стаю адна.
Арцём, Арцём!.. Чаму ты паміж намі
Сцяною вырас? Да нябёс сцяна!
О, божа, стыне кроў мая ад жаху!
К а л і н о ў с к і
Сябе я вінаватым не лічу...
М а р ы с ь к а
Ты барабаншчыку i трубачу,
Якія павядуць цябе на плаху,
Скажы лепш гэта... Ты цяпер караеш
Мяне. Сябе. Хацела б знаць віну
Сваю перад табой?
К а л і н о ў с к і
Ты праклінаеш
Мяне?
М а р ы с ь к а
Ідзі!.. Не я цябе кляну,
A дзеці, што каханнем не зачаты,
А сонда, што ўставала над зямлёй,
Калі мы цалаваліся з табой
На паграбні каля зычлівай хаты,
Вяселле, што тады не знала бед,
Грымоты, пад якімі танцавала
Я, плачучы, цябе правёўшы ў свет!
Яшчэ кляне цябе твой кожны след,
Які пасля дажджу я цалавала...
Ідзі хутчэй, пакуль я не кляну
Сама цябе. Пакінь мяне адну!
Канцылярыя Мураўёва
Мураўёў i чыноўнік Масолаў.
М у р a ў ё ў
З цікавасцю чытаў я дзённік ваш.
Мне спадабаўся ў ім запал юначы,
Жывое слова, бойкі карандаш.
Што ж, бласлаўляю i жадаю ўдачы
Далейшай нашаму карандашу,
Каб ён у апісанні мяцяжу
Трымаўся летапіснага настрою,
Заходзіў за парадай да мяне.
Дзярзайце!.. Што, дарэчы, за мяжою
Апошнім часам пішуць аб вайне
З паўстанцамі?
М а с о л a ў
З'явілася паэма,
Напісаная прозаю. А тэма
Яе — пакуты інсургентаў. Кроў,
Якая льецца пад выццё ваўкоў,
Свіст куль...
My р a ў ё ў
...I каламбуры Мураўёва.
Чытаў. Не адмаўляю, пачуццёва
Напісана. Ніяк не могуць слоў
Забыць маіх: што я хоць Мураўёў,
A толькі выпаў гонар мне належыць
Да Мураўёвых, не да тых, якіх
Калісьці вешалі, а да жывых,
Прыбыўшых з місіяй караць i вешаць.
Паэма ў прозе... Не заціхла бура
Ваяк-пісак у шклянцы каламбура.
Паэма — што? Была карыкатура,
Дзе над Расіяй я — хто б думаць мог!
Пяньковую пятлю, як німб, трымаю,
Мяцеж — апірышча яе! — з-пад ног
Пакутніцы абцасам выбіваю.
Ідэя знамянальная!.. Я знаю,
З якіх яна пазычана галоў.
То «Колокол», то Герцэн, Агароў!..
Мяцежных блых набраліся ў ix будцы
Тутэйшыя, чырвоныя давудцы,
Цяпер вярнуць Расіі хочуць ix.
Запомніце. Не выпадковы штрых!
Ён нарысіста з важнай думкай звяжа..
Уваходзіць а д ' ю т а н т .
А д ' ю т а н т
Дазвольце патрывожыць?
М у р a ў ё ў
Што там?
A д' ю т а н т
Ваша
Правасхадзіцельства, ёсць навіна,
Якой даўно чакалі. Вось яна!
(Працягвае тэлеграму.)
Зрабіце ласку глянуць, а таксама
Рашэнне адпаведнае прыняць
Па тэлеграме.
М у р a ў ё ў
З Мінска тэлеграма,
Ад Лосева... Ну што ж!.. Удакладняць
Не будзем. Светаянскія муры
Салдатамі надзейна ачапіце.
Бярыце роту, дзве, а мала — тры.
Схапіце Каліноўскага! Судзіце!
(Ад'ютант выходзіць.)
Закончыўся, як быццам, паспяхова
Жандарскага палкоўніка ваяж.
Разблытаўся клубок!.. За вамі слова,
Масолаў. Навастрыце карандаш,
Запісвайце ў свой дзённік, літаратар:
Нарэшце ў сеці трапіў нам Дыктатар,
Кароль мяцежны!.. Я яго злаўлю,
I світы каралеўскае пазбаўлю,
I кропку, што падобна на пятлю,
Ваенна-палявым судом пастаўлю
На аркушы апошнім мяцяжу.
Што трэба больш? Запісвайце.
М а с о л a ў
Пішу.
Камера № З
Дамініканскі будынак. Камера № З.
Каліноўскі i Масолаў.
М а с о л а ў
Вы знаеце прысуд свой, безумоўна?
К а л i н о ў с к i
Але.
М а с о л a ў
Я разумею, не тактоўна,
Ды i не час пытанні задаваць.
Я скромны нарысіст. Хачу пісаць
Пра час наш успаміны.
К а л і н о ў с к і
Мне ўсё роўна.
Прывык да следства. Можаце пытаць.
М а с о л a ў
Наш час — арэна боек... Як пасмелі
Вы, раб яго, не бог, а чалавек,
Аддаць жыццё юнацкае на здзек
Уладару вядзьмарскай каруселі?
Дужэйшыя скарыць яго хацелі,
Ды не змаглі. Не выйгралі вайну.
К а л і н о ў с к і
Я ім не стаўлю гэтага ў віну.
Яны ляглі ў зямлю, мы следам ляжам.
Ды нехта ж прыйдзе, стаўшы мсціўцам нашым,
І скруціць д'яблу рог, як барану.
Не раджу адпяваць нас канчаткова.
Чакае зерне наша на ўзыход
З раллі.
М а с о л a ў
На ўвазе маеце народ?..
К а л i н о ў с к i
Яшчэ свайго не вымавіў ён слова.
М а с о л a ў
Але чаму?.. Пакуль з Варшавай вы
Спрачаліся за ўладу, за правы
Сярмяжнай Беларусі i Літвы,
Па вёснах, пад наглядам Мураўёва,
Цар касаваў прыгонныя правы.
К а л i н о ў с к i
Страх касаваў. Тут не цара заслуга:
Збаялася сякер мужыцкіх пуга
Прыгонніцтва. Праз мутны Рубікон,
Не цар, паўстанні страшны след праклалі.
Яны крывёю фарбавалі хвалі
Ракі, пад назвай д'ябальскай — Прыгон.
Ён многіх паглынуў. Мы можам згінуць,
Кат можа нам заткнуць зямлёю рот,
Але сякеры, пушчаныя ў ход,
Ужо з крутога берага не скінуць,
Не сцерці наш, на ім прыкметны, знак.
М а с о л a ў
Яшчэ хачу спытаць. Хто вы? Паляк
Альбо літвін? Ці беларус, якога
Не ведае ніхто, апроч лясоў,
Ды лесуноў, ды курнага парогa?..
Хто будзеце?
К а л i н о ў с к i
Мне дваццаць шэсць гадоў.
Край беларускі, з матчынай калыскі
Да гэтых дзён, мне дарагі i блізкі.
Я сын яго i ганаруся тым,
Што з ім паветрам дыхаю адным.
Я знаю, маюць права ўсе народы
На ўвагу праўды, шчасця i свабоды.
Я зычу ўсім дабра.
М а с о л a ў
A рускім, нам?
К а л i н о ў с к і
Я прыяцель Pacii, той, якая
Дабра жадае нам, а не панам
Сваім i польскім, той, што нежадае
Свайму народу згубнага жыцця,
Бурлацкіх стогнаў, катаргі кандальнай.
Яшчэ пытанні ёсць?
М а с о л a ў
Не!.. Спавядальнай
Размовай, бачу, злоўжываю я.
Хто вы — я зразумеў. Вы — сацыяльнай
Сусветнай рэвалюцыі дзіця.
М а с о л a ў выходзіць з камеры.
Каліноўскі садзіцца за стол,
дзе для яго патрэб стаіць чарніліца, ляжыць папера.
Бярэцца за пяро. Піша. Незаўважаны ім,
у камеру ўвайшоў к а п i т а н.
К а п i т a н
Дазвольце прывітаць!
К а л i н о ў с к i
A! Капітан!
К а п i т а н
Пазналі?.. Не заслаў яшчэ туман
Стрэч нашых вольных светлыя хвіліны?
К а л і н о ў с к і
Няўжо i ў вас таксам a выспеў план
Пісаць аб днях мінулых успаміны?
К а п i т а н
Крый бог!.. Славеснасць, кажучы банальна,
Супрацьпаказана са школы мне.
К а л і н о ў с к і
Прыйшлі ў былой пакаяцца віне,
Што скончылася для мяне фатальна?
Прыйшлі, каб дакараць? Не трацце слоў.
Як i раней, магу я капітану
Сказаць, што не прасіў, прасіць не стану
У суддзяў пажыццёвых ланцугоў.
Ці, можа, што суду няясна?
К а п i т а н
Ясна
Усё. Даўно. Ствараючы зямлю,
Бог даў на гора людзям адначасна
Дабро i зло, каханне i пятлю...
Прыйшоў, каб вызваліць, пакуль не позна,
З астрога Кастуся... Марыся слёзна
Прасіла. Я адмовіць ёй не мог.
К а л i н о ў с к i
Не веру.
К а п i т а н
(паказваючы прадпісанне)
Што ж, зірніце на паперу.
Загад?
К а л i н о ў с к i
Загад.
К а п i т а н
Фальшывы... Бачыць бог,
Іду дзеля Марысі на падлог,
На крок недаравальны афіцэру.
Я вызваляю вас, мяне яна
Ратуе, як злачынца, за мяжою,
Паабяцаўшы жонкай стаць маёю.
Як бачыце, нас трох бяда адна
Звязала непазбежнасдю адною.
Другіх, на жаль, магчымасцяў няма.
К а л i н о ў с к i
Узяць Марысю капітан гатовы
У рабства?
К а п i т а н
Папікаеце дарма.
Не я, яна прадыктавала ўмовы,
Я — толькі раб няшчаснай прапановы.
Не я цяпер рашаю лес яе,—
Заложніцы святой любві свае,
Любві, якой не мне даваць парады,—
Над ёй адказ ваш мае сілу ўлады.
Прымаеце свабоду?
К а л і н о ў с к і
Не прыму.
К а п i т а н
Няўжо Марысю кінеце ў турму?
Так, так!.. У манастыр!.. I вам не шкода
Красы, якой аздобіла прырода
Яе?.. А я — гатоў маліцца ёй,
Аб косах марыць, як сляпы аб цудзе!
К а л і н о ў с к і
Зазнаўшы лес нявольніцы, не будзе
Марыся ўжо Марысяю былой.
А я, аддаўшы глуму i пакуце
Усё, што сэрца лічыць дарагім,
Хіба не стану для яе чужым?
Не!.. Хай даруе мне высакародны
Злачынец, толькі ў час перадсмяротны
Я за сваю свабоду не прадам
Яе свабоду!..
К а п i т а н
Што сказаць мне вам?
Я не шкадую, што пабачыў вас,
Шкадую толькі — што ў апошні раз!
К а п i т а н пакідае камеру.
Каліноўскі падыходзіць да закратаванага акна.
К а л і н о ў с к і
Там, за акном — абрыс пятлі мае...
Жыцця, што праўдзе я аддаў дазвання,
Не шкода... Шкода толькі ў час расстання
Мне вол i ў полі, як народ пяе,
На небе сонца, на зямлі кахання.
(Бярэ са стала ліст да Марысі. Чытае ўслых.)
«Марыська чарнабровая мая,
Дзе шчасце, доля ясная твая?
Усё прайшло i не збылося ў часе.
Адна страшэнна горыч засталася
I каменем на сэрца смутак лёг.
Калі ўжо нас за нашу праўду бог
Пачаў караць і, з вісельняй у згодзе,
Нам прападаць прызначыў пры ўваходзе
У вечны сад, то мы хутчэй загінем,
Чым скардзіцца пачнём на марны лес,
Хутчэй ад шчасця i саміх нябёс
Адмовімся, a праўды не пакінем...»
Каліноўскі зноў сеў за стол.
Абапёрся на яго рукой...
У камеру, пакінуўшы незачыненымі дзверы,
увайшоў м а л а д ы ч а л а в е к . . .
Але гэта ўжо не ява, а сненне.
К а л i н о ў с к i
Тут адзіночка, а не прахадны
Двор... Госць дзвярэй, з падвойнымі замкамі,
Не зачыніў.
М а л а д ы ч а л а в е к
Так. Кастуся яны
Цяпер з астрога выпускаюць самі.
Пайшлі ca мной.
К а л і н о ў с к і
Куды? Я не ўяўляю
Хто ты такі. Мяне ты знаеш?
М а л а д ы ч а л а в е к
Знаю
I помню Кастуся даўно, з часоў
Свайго маленства. Я магу паймённа
Пералічыць усіх яго сяброў,
Арцёма, i Мальвіну, i Лявона,
I іншых... Я па сцежках тых блукаў
Над Нёманам, дзе ён гуляў з Марысяй,
Вянкі i пальцы, як вянкі, сплятаў.
Здзіўляешся? Дарэмна. Не дзівіся.
К а л i н о ў с к і
Адкуль ты можаш ведаць гэта?
М а л а д ы ч а л а в е к
З кніг.
К а л i н о ў с к i
А!..
М а л а д ы ч а л а в е к
I яшчэ са следчых пратаколаў.
Чаму ты пазмрачнеў ад слоў маіх?
Хадзем ад мёртвых продкаў да жывых
Патомкаў! Не схіляй на грудзі голаў.
К а л і н о ў с к і
Чакай... Жыццё, на жаль, у нас адно...
М а л а д ы ч а л а в е к
Бяры пяро, паперу, верш прачуты,
Што ты Марысі склаў, а за адно
Вазьмі з сабою i яе пакуты,
Вынось адгэтуль i цяжкі свой крыж,
Нічога тут не пакідай... Ты спіш?
Паспі перад дарогай... Заўтра рана,
Пад гук трубы i пошчак барабана,
Цябе канвой на плошчу павядзе.
Натоўп расступіцца i прагудзе
Трыццацітысячнымі галасамі.
Пасля, калі яго бязладны хор
Пачне сціхаць, бядзе наперакор,
Вясёла страсянуўшы валасамі,
Ты смела ўзыдзеш на круты памост
I станеш перад смерцю ў поўны рост...
Праз мутнае акно сваёй пятлі
Зірнеш у вочы людзям, a калі
Зямлю асвеціць сонца, што ў засадзе
Таілася да гэтае пары,
Ты ўчуеш песню жаўранка ўгары,
Убачыш мужыка на даляглядзе
З канём i сошкай, i шапнеш:
«Ары!..»
Эпілог
1871 год. Парыж. Вясна. У вестыбюлі гасцініцы,
то тут то там, спяць на падлозе федэраты —
байды Парыжскай Камуны. Світае.
З другога паверха спускаецца М а р ы с ь к а
ў апратцы манашкі, з драўляным распяццем па грудзях.
Углядаецца ў твары федэратаў,
нібы некага шукаючы сярод ix. Заўважыла крэсла,
у якім дрэмле чалавек. Адна рука ягоная,
як перабітае крыло, звісае долу.
Падышла. Гэта Урублеўскі.
Адчуўшы на сабе ўважлівы позірк, ён ачнуўся.
Глядзіць на Марыську.
М а р ы с ь к а
Не можаце пазнаць?.. А я пазнала
Парыжскае Камуны генерала.
У р у б л е ў с к і
Няўжо Марыська?..
М а р ы с ь к а
Так.
У р у б л е ў с к і
Даруйце, цяжка
Вачам згадзіцца... Не! Вы не манашка
Для ix... A незабыўная радзіма,
Якой да твару не пасуе схіма.
Даруйце... I расказвайце хутчэй,
Ну як там Нёман наш?.. Як i раней,
Ён у Балтыйскае ўпадае мора?
М а р ы с ь к а
Сама хацела б ведаць... Я не ўчора
Прыехала сюды з манастыром
Візантыйскім. Ён цяпер — мой дом,
Мой край, мой Нёман.
У р у б л е ў с к і
Што на барыкады
Марыську прывяло?
М а р ы с ь к а
(гледзячы на камунараў)
Трывожным сном
Спяць перад новым боем федэраты,
З рук стрэльб не выпускаючы сваіх.
Я Кастуся шукаю сярод ix.
Ён, пэўна, тут? Даведацца прыйшла...
(Урублеўскі маўчыць.)
Сем доўгіх год не верыць сэрца страце.
Я Кастуся калісьці пракляла,
Ён мне назад вярнуў мае пракляцце.
Больш, чым сябе, ён, грэшных нас любіў...
На злосць манастыру i змрочным ночкам
Не раз мне ў снах з'яўляўся ён Чарноцкім,
A ў ясны дзень у марах — Яськам быў.
Здаецца, што i тут я размаўляю
З ім, як з жывым. Ён не памёр. Я знаю,
Ён тут павінен быць.
У р у б л е ў с к і
Каб не прысуд
Смяротны, каб не смерць, ён быў бы тут.
М а р ы с ь к а
Ах, генерал! Маўчыце. Я не веру.
Перадсвітальную цішыню парушыў гул гармат.
Затрымцелі шыбіны ў вокнах.
Прахапіліся камунары.
П е р ш ы ф е д э р а т
Зноў Цьер паспаць не даў.
Д р у г і ф е д э р а т
Паспім, сябры,
Пасля, як зубы абламаем Цьеру
Аб форт Іўры.
У р у б л е ў с к і
Усе на форт Іўры!
Вестыбюль гасцініцы апусцеў.
Недзе непадалёк часцей i часцей кладуцца снарады.
Парахавы дым засцілае вокны.
М а р ы с ь к а
(прыслухоўваючыся да гукаў бою)
Хамуціус, Хамуціус!..

Некаторыя звесткі аб асобе Кастуся Каліноўскага i яго паплечніках

М у ж ы ц к а я п р а ў д а (1862-1864 гг.) — першая нелегальная беларуская газета, якая выдавалася Каліноўскім пры ўдзеле Валерыя Урублеўскага. Свае матэрыялы ў газеце Каліноўскі падпісваў псеўданімам «Яська гаспадар з-пад Вільні». Западозраны ў распаўсюджванні «Мужыцкай праўды», Каліноўскі летам 1862 года пераходзіць на нелегальнае становішча.

У р у б л е ў с к і В а л е р ы (1836-1908 гг.)— дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Энергічны паўстанцкі камандзір у 1863—1864 гг. Па прапанове Каліноўскага Урублеўскі быў прызначаны ваяводай Гродзенскай губерні. Урублеўскі ў далейшым —генерал Парыжскай Камуны, член Генсавета I Інтэрнацыянала.

Д а м б р о ў с к і Я р а с л а ў (1836-1871 гг.)— польскі рэвалюцыянер, дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху. У дні Парыжскай Камуны галоўнакамандуючы ўсіх яе ўзброеных сіл. Загінуў у баі з версальцамі. Ленін пісаў: «Памяць Дамброўскага i Урублеўскага непарыўна звязана з найвялікшым рухам пралетарыяту ў XIX веку...» (У. I. Ленін. Творы, т. 6, стар. 420).

П а т а б н я А н д р э й (1838-1863 гг.)— рускі рэвалюцыянер. Афіцэр. Адзін са стваральнікаў «Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы». Загінуў радавым паўстанцам у баі з царскімі войскам!.

ЦНК—1 Цэнтральны нацыянальны (нарадовы) камітэт у Варшаве. 22 студзеня 1863 года ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам i 29 студзеня звярнуўся са спецыяльнай адозвай да жыхароў Літвы (пад «Літвой» у той час разумелася Літва i Беларусь): «Вузел усёй справы — у Літве, i паўстанне Літвы вырашыць пытанне аб уваскрашэнні Польшчы...»

Л і т о ў с к і к а м i т э т — рэвалюцыйная арганізацыя ў Вільні, якую ўзначальваў Каліноўскі i яго сябры «чырвоныя». 1 лютага 1863 года Літоўскі камітэт абвясціў сябе паўстанцкім Часовым правінцыяльным урадам Літвы i Беларусі.

К а м i т э т « б е л ы х » у В i л ь н i — арганізацыя буйныхi сярэдніх землеўладальнікаў. Члены гэтага камітэта, напалоханыя рэвалюцыйна-дэмакратычным кірункам паўстання ў Літве i Беларусі, змовіліся з прадстаўніком паўстанцкага ўрада Варшавы, камісарам Несцерам Дзюлеранам. Дзюлеран, які раней супрацоўнічаў з «чырвонымі», перакінуўся на бок «белых».

Літоўскі камітэт загадам з Варшавы быў распушчаны і, створаны замест яго, «Аддзел» кіраўніцтва правінцыямі Літвы ўзначаліў Я. Гейштар.

К р у п с к i К а н с т а н ц і н (1838-1883 гг.) — рускі афіцэр, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў арміі. Бацька Н. К. Крупскай. У 1863 годзе, будучы камандзірам роты, дапамагаў паўстанцам. X a м у ц i у с (ад «хам», у значэнні — мужык, просталюдзін) — адна з нелегальных, хутчэй за ўсё сяброўскі-жартоўных, клічак Каліноўскага.

С е р а к о ў с к і С і г і з м у н д (1826-1863 гг.)— дзеяч польскага i рускага рэвалюцыйнага руху.

М а ц к я в і ч у с А н т а н а с (1828-1863 гг.)— літоўскі рэвалюцыянер. Вёў рэвалюцыйную прапаганду ў народзе, будучы ксяндзом. На пачатку паўстання ўзначаліў шматлікі сялянскі атрад. Пасля гібелі Серакоўскага Каліноўскі прызначыў яго паўстанцкім ваяводай Ковенскай губерні. Быў схоплены i расстраляны.

М а л а х о ў с к і У л а д з і с л а ў — саратнік Каліноўскага, паўстанцкі начальнік горада Вільні. У 1871 годзе — удзельнік Парыжскай Камуны.

Л і с т да М а р ы ci. Седзячы ў турме, Каліноўскі напісаў вершаванае пасланне да Марысі. Аднак, хто такая Марыся — гісторыкамі да гэтага часу не высветлена.

1 8 6 4 г. Л о н д а н . На рабочым мітынгу заснавана Міжнароднае Таварыства рабочых (Першы Інтэрнацыянал). Паводле слоў К. Маркса, паўстанне 1863 года i рабочы рух салідарнасці, які ўзнік у сувязі з паўстаннем, былі зыходным пунктам для ўтварэння Інтэрнацыянала.

1 9 6 4 г. М а с к в а . У першым томе шасцітомнай «Гісторыі КПСС» Каліноўскі, побач з імем Т. Шаўчэнкі, наазываецца ў ліку «актыўных дзеячаў рэвалюцыйнага лагера эпохі падзення прыгоннага права».

Звесткі ўзяты з розных крыніц. Галоўная з ix: кніга Г. В. Кісялёва «З думай пра Беларусь», Мінск, 1966 г.


Оглавление

  • Аркадзь Куляшоў Хуткасць
  • 1 Вершы
  • 2 Варшаўскі шлях Паэма
  • 3 Хамуціус Паэма