КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Дваццаць дзён у Індыі [Барыс Мацвеевіч Лапін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

БАРЫС ЛАПІН ДВАЦЦАЦЬ ДЗЁН У ІНДЫІ


Юндзетсэктар

Менск 1933


Пераклаў з рускай мовы К. Падносаў

Тэхрэдактар І. Белкін


УСТУПНЫ РАЗЬДЗЕЛ


У гэтай кніжцы расказана нязвычайная гісторыя, якая адбылася са скромным савецкім рэгістратарам перапісу на Паміры. Перапіс праводзіла ЦСУ (Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленьне) для таго, каб вызначыць дакладную колькасьць насельніцтва і яго заняткі ва ўсім Савецкім Саюзе. Зрабіць перапіс правільна было вельмі важна — уся наша савецкая гаспадарка заснавана на дакладным уліку. У 1926 г. тысячы рэгістратараў вандравалі па самых далёкіх куткох нашай краіны, іншы раз нават у такіх мясцох, куды не адважваліся пранікнуць дасьледчыкі і падарожнікі.

У 1927 г. асталіся толькі два месцы, дзе яшчэ ня быў праведзен перапіс,— гэта Якутыя, на далёкай поўначы, і Таджыкістан, у Сярэдняй Азіі.

Якраз у гэты час я працаваў у глухой ускраіне Таджыкістану — на Паміры. Паселішчы

Паміру разьмешчаны вельмі высока і паветра там разрэджанае. Патрэбна вялікая прывычка, каб там езьдзіць. У гэтых мясцох Памір блізка падыходзіць да граніц горнай Індыі. Вось што піша адзін профэсар аб граніцах Паміру:

«Перад вамі белая сьцяна ўсходняга Гіндукушу. З яго сьнегавых вяршынь вам прыдзецца спусьціцца ў нетры паўночнай Індыі. Калі вы пазнаёміцеся з гэтай дарогай, вы атрымаеце жахлівае ўражаньне. Гэта дзікія кручы і скалы, па якіх паўзуць людзі з ношай за сьпіной. Конь па гэтых мясцох часта ня можа прайсьці. Я ішоў калісьці гэтымі сьцежкамі. Перакладчык майго прыяцеля, з сьвежага і бадзёрага чалавека зрабіўся старым. Людзі сівеюць ад трывог, пачынаюць баяцца прасторы. У адным месцы мне давялося адстаць, і калі я ізноў дагнаў спадарожнікаў, то застаў нашых двух перакладчыкаў плачучымі. Яны гаварылі: «Туды страшна ісьці, мы там памрэм».

На самай справе на Паміры цяпер ня так ужо страшна, як піша профэсар. У мінулым годзе на Паміры пракладзена дарога. Да сталіцы Паміру цяпер можна даехаць на аўтомобілі. Туды лётаюць самалёты. Чатыры гады назад я ехаў з

Дзюшамбэ ў Хорог восемнаццаць сутак, амаль не зьлязаючы з каня. Цяпер да Хорога можна даляцець на самалёце за дзьве з паловай гадзіны.

Тут я хачу расказаць аб перапісе на Паміры і аб сваім падарожніцтве ў Індыю, аб якім англійскія буржуазныя газэты пісалі столькі няпраўды.

У самай вялікай у Індыі газэце «Алахабад-Ньюс» адзін палкоўнік напісаў пра мяне цэлы артыкул. Ён расказвае, што сустрэўся са мной ў індыйокім гарадку Бальтыты. Мяне ён апісвае, як хмурага шырокаплечага дзяціну славянска-мангольскага тыпу, з нізкім ілбом, бруднай русай барадой і вялікімі кісьцямі рук. Затым ідзе вось што:

«Гэта быў цікавы экзэмпляр чалавека — гэты шпіён. Ён мог служыць вельмі добрым прыкладам крывадушша, з якім маскоўскія бальшавікі нацкоўваюць туземцаў на англічан, пасылаючы да нас сваіх людзей. Новы доказ блізарукасьці ўраду, які глядзіць скрозь пальцы на тое, што робіцца ў Індыі. Рускі быў захвачан у адным з горных засьценкаў, куды ён дастаўляў транспорт зброі, што быў прызначан для нападу на караван канджуцкага начальніка пана Дзьюрэньці, які ехаў у Пешавар. Прывезены ў Бальтыт, ён рабіў спробы ўзбунтаваць салдат канджуцкага хана і, адпраўлены ўнутр краіны, зьнік з дарогі пры вельмі таямнічых абставінах, аб якіх яшчэ ня час паведамляць у друку».

Вось усё, што піша пра мяне аўтар артыкулу. Усё гэта нахабная і беспадстаўная хлусьня. Адно, што праўдзіва ў гэтым плявузганьні — тое, што паважны корэспондэнт «Алахабад-Ньюс» сапраўды мог мяне бачыць у Бальтыты. Цяпер я прыпамінаю, што і я бачыў яго. Гэта быў маленькі ваенны, у палатняным кіцелі і коркавым шлеме, з тварам, падобным на гнілую ігрушу. Ён сядзеў за чайным сталом разам з тоўстым містэрам Дзьюрэньці на тэрасе рэзыдэнцкага бангало. Мяне прынялі туды, аслабеўшага пасьля трохдзённага сядзеньня ў турме — у гэтым душным куратніку, поўным блох, кляшчоў і скарпіёнаў. Я быў зьвязан ад пятак да зубоў, і прапаршчык шымшалскага палка біў мяне ў сьпіну прыкладам цяжкай адзінаццацізараднай вінтоўкі. Калі корэспондэнт «Алахабад-Ньюс» сапраўды тая асоба, за якую я яго прымаю, то ён павінен ведаць гісторыю таго, як я папаў у Індыю.

Запамятайце, што Заходні Памір і Ўсходні — зусім розныя краіны. На Заходнім Паміры летам вельмі горача, там вузкія міжгор’і, амаль непраходныя дарогі, вадаспады, жывуць там таджыкі-земляробы. Усходні Памір — краіна вечнага холаду, там роўныя лугі, жывуць там вандроўнікі-кіргізы.


РАЗЬДЗЕЛ I Памірская служба


Я стаяў у нізкім атынкаваным пакоі ўпаўнаважанага ЦСУ ў Хороге. З акна была відаць вузкая зялёная лагчына. Па бакох стаялі крутыя карычневыя горы. Унізе, пад самым акном, цякла ўзмучаная мыльнай пенай рака.

— Значыцца, заўтра раніцою я выяжджаю ў горы, таварыш Бруханаў. Дайце загад, калі ласка, каб коні былі гатовы.

Не падымаючы галавы ад пісьменната стала, Бруханаў нешта ўпэўнена буркнуў і яшчэ больш ўткнуўся носам у груду распрацовак і дыяграм, прывезеных нашымі статыстыкамі з Заходняга Паміру.

Мне стала трохі сумна. Вось тут сядзяць чатыры мае таварышы, з якімі ня дзень, ня два, а паўтары гады працавалі мы разам у горах Паміру.

I ніхто-ж з іх ня думае са мной разьвітацца, як быццам я выйшаў пагуляць на пяць мінут і вярнуся да абедзенага перапынку, а ня еду ў дзікія горы, адкуль ня раз нашы хлапцы варочаліся разьбітыя, з расшырэньнем сэрца, атрыманым на лядовых перавалах.

Ну і добра. Вельмі мне трэба з імі разьвітвацца!

Я выйшаў, стукнуўшы дзьвярыма.

У апошні раз перад шматтыднёвым ад’ездам ў горы я праходзіў па вуліцы памірскага гарадка. Быў ліпень. На беразе ў зеляніне стаялі шэрыя і бурыя, грубыя, складзеныя з неабчасанага каменю хаткі невялікага пасёлка.

Пасярод пасёлка праходзіла нешта падобнае да вуліцы з некалькімі сьвежаатынкаванымі аднапавярховымі дамамі. Усьцяж дамоў, у адну лінію, тырчэлі слабенькія, цененькія дрэўцы, пасаджаныя на суботніку чырвонаармейцамі.

Гэты пасёлак быў ня што іншае як горад Хорог, цэнтр Горнабадахшанскай аўтономнай вобласьці, па тамтэйшаму — Паміраў. Вуліца была досыць ажыўлена. Насустрач мне з устаноў разыходзіліся служачыя — таджыкі ў чорных пінджаках, гальштуках і белых цюбіцейках.

Застукаў барабан. 3-за вугла сьпяваючы «Кірпічыкі» на пэрсыдзкія словы паэта Лахуці выйшаў піонэратрад.

Дома я сабраў усе свае рэчы і кінуў ў падарожны мяшок ўсё, што можа спатрэбіцца пры вандраваньні па Паміры — ляпёшкі, воцат ад горнай хваробы, харчы на першыя дні дарогі і некалькі сцызорыкаў для гасьцінцаў дзецям горцаў, бо дзеці, як я ведаў па вопыту, усюды былі маімі лепшымі памочнікамі ў часе работ па перапісу насельніцтва.

Гадзіны ў дзьве ночы, задоўга да сьвітаньня я выехаў з Хорогу на ўсход усьцяж берагу ракі Гунт. Дарога падымалася крута ў гору, падыходзячы да парогаў і вадаспадаў ракі і адыходзячы ў густыя хмызьнякі пакрытыя расой. Чым вышэй я падымаўся ў горы, тым усё больш з дня на дзень рабілася халадней, ня гледзячы на лета.

На пяты дзень я мінуў цясьніну, дзе рослыя таджыкскія пастухі пасьвілі абадраных авечак. У некаторых мясцох берагі ракі былі пакрыты тоўстым сінім лёдам. З перавалу ўніз дзьмуў вецер. Сталі пападацца шэрыя мясцовыя юрты памірскіх кіргізаў. Гэтыя месцы на карце адзначаны, як перавал Кой-Тэзэк. Аднак гэты перавал ня быў падобны на іншыя горныя леравалы, якія мне даводзілася пераходзіць.

Рака тут зьнікала і зьмянялася ў вузкі быстры ручай. Сьцежка пачала зьвіліста падымацца на схіл вялікай, заросшай травой гары, і, калі я даехаў да вяршыні, перада мной адкрылася роўная, няпрыветная раўніна з мяккімі абрысамі нявысокіх гор на кругавідзе. На другі бок з перавалу ня было спуску. Я папаў на пласкагор'е.

Гэта была пустынная, ляжачая на ўзроўні некалькіх кілёмэтраў над узроўнем мора раўніна, ад якой пачынаюцца нагор'і Ўсходняга Паміру. Язда па гэтых мясцох патрабуе вытрыманасьці і моцнага здароўя. Тут няма нічога, што напамінала-б заходнюю частку гэтай краіны, з зялёнымі далінамі, бурнымі рэчкамі і вадаспадамі, якія скідаюцца, падаюць з вышыні ў цясьніну, рассыпаючыся вадзяной пудрай.

Каля першых стаянак вандроўных памірскіх кіргізаў, разьмешчаных на лузе, дзе летам і зімой дзьме аднолькавы ледзяны, пранізваючы вецер, я спыніўся і ў той-жа дзень пачаў работу да перапісу.

Мая работа праходзіла бяз усякіх асаблівых здарэньняў каля двух месяцаў і праходзіла наогул пасьпяхова. Кожны дзень раніцою я пад'яжджаў да вандроўкі, каля якой пасьвілася некалькі авечак і шырокіх махнатых памірскіх быкоў (якіх называюць якамі). Яны спакойна шчыпалі траву, і тут-жа іх павольна засыпала сьнегам, аднолькавым тут для ліпеня і для студзеня.

Насустрач мне выходзілі жыхары юрт — абадраныя кіргіскія пастухі або апранутыя ў жоўтыя ватныя халаты баі, гаспадары вялікіх стад. Я вітаўся і каротка расказваў, хто я і для чаго робіцца перапіс. Пастухі і іх жонкі звычайна давалі зьвесткі ахвотна, і я заносіў у «асаблівыя лісткі» імя іх дзяцей, узрост, чым займаюцца, на якіх лугах пасьвяць авечак. Баі гаварылі больш асьцярожна і неахвотна. Да іх дайшла чуткі, што ў далінах савецкая ўлада адбірае байскія стады і аддае іх бядняцкім арцелям. Баі глядзелі на мяне з падазрэньнем.

Так я працаваў да 17 жніўня, калі адбылася падзея, якая зьмяніла ўвесь ход майго далейшага жьцьця.


РАЗЬДЗЕЛ II Крадзеж


У гэты дзень я канчаў перапіс у раёне Кізыл-Рабата. Баі давалі зьвесткі неахвотна і глядзелі на мяне з падазрэньнем. Асабліва цяжка было праводзіць улік колькасьці юрт. Старшыны роду не дапускалі мяне падлічваць іх, сьцьвярджаючы, што сёлетні год нешчасьлівы для перапісу. На самай-жа справе як я разумею, яны баяліся ўвядзеньня на Паміры якога-небудзь падатку, чуткі аб якім пранікалі ў горы ў вельмі вялікай колькасьці. Тым ня менш перапіс праходзіў досыць удала. На паўночным беразе возера Зор-Куль мне ўдалося выявіць некалькі новых юрт, якія належылі кіргізам роду Найман. Апошнім месцам, дзе я павінен быў працаваць, аставаўся раён Кізыл-Рабата, які ўклініўся вострым рогам у падэшву бацькі гор — храбата Мустаг, там дзе сходзяцца граніцы трох дзяржаў — СССР, Кітаю і Афганістану.

Я падышоў да Кізыл-рабацкага валаснога савету, які знаходзіўся прыблізна ў 80 кілёмэтрах ад чырвонаармейскага пасту, юрта старшыні была раскінута на халодным схіле гары, заросшай рэдкімі кусьцікамі травы «бубук», якую любілі які. Дзьмуў рэзкі, ледзяны вецер круцячы ў паветры сухія рэдкія сьняжынкі, якія павольна апускаліся на травяны луг. На гэтай «крышы сьвету» ніколі ня бывае дажджоў і нават у летнія месяцы ападкі выпадаюць у выглядзе сьнегу. Іншы раз здаецца зусім незразумелым, як маглі кіргізы пасяліцца ў такой краіне, чаму не ўцякалі яны на поўнач, да сваіх стэпавых сабратоў, не перасяліліся нарэшце на Заходні Памір, дзе жывуць таджыкі, якія засяваюць палі пшаніцай і гімалайскім жытам. Пачынае здавацца, што ў іншым месцы яны-б і не маглі жыць што ім патрэбен холад, камень, вецер.

Старшыня вандроўнага валаснога савету ў Кізыл-рабацкім нагор’і меў выгляд каранастага шырокатварага таўстуна, з высунутымі ўперад скуламі і маленькімі вачыма, якія гнояцца ад хваробы трахомай. Як я чуў, ён быў абраны ў старшыні пад націскам родавых старшынь, да якіх належыў і ён сам. Усё гэта — спадчына старых ханскіх і бэкскіх часоў. Супроць нас, работнікаў, ведаючых мясцовыя мовы і знаёмых з бытам насельніцтва, часта выступае магутная родавая організацыя, якая ня церпіць замахаў на сваю уладу.

Старшыня па-эўропейску падаў мне руку, хрыпла пазнаёміўшыся:

— Бурханэдзінбай.

Жонка яго, доўгавязая і старая, узяла ў мяне каня і, зьняўшы з сядла клунак з маімі рэчамі і рэгістрацыйнымі ліюткамі, адкінула ўваход у юрту, адкуль шугаў салёны і смачна пахнуўшы дым. Юрта была поўна народу. Навакол раскладзенага пасярод юрты вагнішча, дзе на нізкіх трыножках кіпеў вялікі кацёл з разваравай баранінай, сядзелі грубыя шырокаплечыя кіргізы. Яны былі ў брудных і стракатых вопратках як не апранаюцца памірцы, якім уласьцівы толькі чорны і жоўты колеры. На галавах іх былі разьлезлыя сінія трывухі з футровай аблямоўкай, увешаныя бліскучымі амулетамі са скуры і срэбра. Іх чакмені былі расшыты рознакалёрнымі тасемкамі, а шырокія паясы зроблены з бледна-ружовага паркалю, падобнага на той, з якога шыюць сабе кажухі жанчыны Мунджана і Зейбака. Гэта былі, як відаць, ня тутэйшыя людзі.

Я сеў на карачкі каля катла, грэючы скачанелыя рукі над роўнай парай, якая клубілася ў юрце і выходзіла праз дымавую адтуліну. Маё зьяўленьне прымусіла ўсіх змоўкнуць і абмяняцца зьдзіўленымі поглядамі. Старшыня расьсеяў нялоўкасьць і замяшаньне.

— Гэта чыноўнік савецкай улады,— сказаў ён хмура і строга,— чыноўнік перапісу. Перапісвае жывёлу і чалавечыя душы. Ён хутка будзе і ў вас, і вы скажаце яму, колькі вы прывезьлі золата і кашмірскіх дыванаў пад кошмамі, хоць ў нас няма і анучкі. Ён запіша, колькі ў вас жонак, колькі баранаў і нават блох у вас у сяньніку. Усё яму трэба ведаць.

— Іншэле,— адказваў яму адзін з гасьцей,— калі захоча бог, то і чыноўнік нас не зачэпе. I чыноўнік знаходзіцца ў руках яго і пакараецца яго законам.

Затым ізноў усе змоўклі. Старшьшя сказаў кароткую малітву, госьці крыкнулі «амін» і пасьпешна ўзяліся цягаць з катла тлустыя кавалкі мяса. Паеўшы, госьці, ня згінаючыся, шмыгнулі за шырокую кашму, якая закрывала ўваход у юрту. Я пацікавіўся, хто яны.

— Аб іх ты не клапаціся, таварыш,— прабурчэў старшыня,— рабі сваю справу. Гэтыя людзі — падданыя англійскага цара, кіргізы з ракі Шымшал. Апошняе насеньне нашага народу ў горах. Ад іх далей на поўдзень, да самаго Вялікага акіяну, ня жыве ні адзін кіргіз.

— Што яны робяць на зямлі Горнабадахшанскай вобласьці? Ці даўно яны вандруюць тут? Яны перавандравалі назаўсёды?

— Яны ня робяць нічога. Прышлі, бо горы-ж не належаць нікому. Хіба ваша дзяржава пабудавала гэтыя горы? Для нас няма граніц, Індыя, Кітай, Коканд, увесь сьвет — гэта лугі, дзг могуць пасьвіцца які. Там, дзе ня жыве як, няма для нас зямлі. У мінулым годзе на пашах Верхняга Шымшалу быў джут — галалёд. Выпала шмат сьнегу, і ён растаяў і ізноў замёрз. Усё іх стада загінула-б, калі-б яны не перайшлі на новыя лугі. Яны перайшлі ў нашы землі — на Козьзі валун і халодныя лугі Жоўтага возеру. Джут прайшоў — яны ідуць назад.

Пачуўшы аб такой нязвычайнай падзеі, як пераезд цэлага племя цераз граніцу, я, зразумела, адразу-ж рашыў, што я павінен што-б там ня было бачыць іх. Колькі мне вядома, племя індыйскіх кіргізаў, або гурама, адкрытае англійскім географам Т. М. Фэрстэрам у 1896 г., яшчэ ня было дасьледвана ні адным савецкім работнікам. Зразумела, я ня мог упусьціць такога спрыяючага моманту і ў той-жа дзень адлажыў перапіс Кізыл-рабацкай воласьці, выехаў ў кірунку пагранічнага вурочышча, насіўшага дзіўную назву Козьзі валун. Мяне суправаджаў 16-гадовы кіргіскі хлапчук паказваючы мне дарогу.

К вечару мы дасягнулі вурочышча. Сьцежка ўвесь час падымалася па роўным шырокім схіле кудысьці ўверх. Ва ўрочышчы былі раскінуты прысадзістыя і нізкія, рваныя лямцавыя юрты іншакраінных гасьцей. Навокал, пашчыпваючы траву, хадзілі нізкарослыя, шырокарогія худыя, аблезлыя які. У той момант, калі мы пад'ехалі да самай вялікай юрты, каля ўваходу ў якую вісеў «туг» — бунчук, аздоблены чорным конскім хвастом, з усіх бакоў нас абкружылі людзі ў белых аўчынах і з куцымі крэмнёвымі карабінамі ў руках. Пазнаўшы, што я рускі, яны закрычалі: «Мамур! Мамур!» (чыноўнік) і хутка аб нечым загаманілі. Мне цяжка было прасачыць за сэнсам іх слоў. Мова іх была грубая, цьвёрдая і вельмі адрозьнівалася ад звычайнага дыялекту горных кіргізаў.

Я запытаўся, дзе галоўныя роду, кіруючыя справамі іх стаянкі. Зараз-жа ўваход ў юрту расчыніўся, і адтуль выйшаў згорблены старык у выцьвіўшым лісьсім малахаі, з тонкімі рукамі і вострай хітрай бародкай.

— Вось ён! — закрычалі людзі ў белых аўчынах. Гэта Шыха-Буры-Татар, Горны Воўк, галава нашага роду.

Убачыўшы яго, я адразу зразумеў што нам не згаварыцца. Вышаўшы з юрты, стары спыніўся і раптам загаласіў, размахваючы шчуплымі рукамі і пырскаючы сьлінай ва ўсе бакі. Ён крычаў, глытаючы словы, і тыцкаў мне ў твар неккай доўгай паперай з каляровай пячаткай.

— Паспурт, глядзі нам паспурт! — галасіў ён.— Мы ня ваш райат, ня вашы даньнікі. Мы райат англійскага караля. Паглядзі на гэту паперу, тут усё напісана. Мы заплацілі даніну англічаніну, які зьбірае даніну з кіргіскай жывёлы каля перавалу Вахджыр. Гэты сын грэху ўзяў з нас 500 рупі. Больш мы ня хочам ніякіх чыноўнікаў. Мы прыйшлі на вашы землі за травой для якаў. Вось наш паспурт. Цяпер голад скончан. Мы варочаемся назад.

Папера, якую ён трымаў, была напісана на індыйскай і на англійскай мовах. Гэта быў тыповы пашпарт, спэцыяльна для вандроўных плямёнаў выданы яшчэ ў часы намесьніцтва Керзона. Аб гэтым гаварылася ў пачатку: «Мы, Джордж Натанісль, граф Керзон, маркіз-оф-Кедльстан, галоўны сакратар яго вялікасьці па іншакраінных справах, віцэ-кароль Індыі і інш. і інш.... «Пашпарт быў выдан усяму роду, на імя яго галавы — Шыха-Буры. Я спрабаваў растлумачыць, што я ня чыноўнік, які зьбірае подаць і што не пайду ад іх, пакуль не перапішу ўсіх юрт і людзей, якія ў іх ёсьць. Яны знаходзяцца на зямлі нашай дзяржавы, і мы павінны ведаць, колькі іх. Выслухаўшы мяне, стары адвярнуўся і зноў пайшоў у юрту. Мяне апанавала няпрыемнае маўчаньне. Зьнешне, аднак, на мяне амаль перасталі зварочваць увагу, аддаўшы мяне самому сабе.

Я сеў каля вогнішча, каля якога прыгожыя і брудныя дзяўчаты зьбіралі вячэрні ўдой якаў у сьмярдзючыя казіныя бурдзюкі. Вецер, якімучыў нас увесь дзень, нарэшце трохі сьціх. Ударыў мароз, скаваўшы лужыны вады ломкім лёдам. Мне выразна ўспомнілася ў гэты момант, што зараз чэрвень месяц, лета, у Расіі, гарачыня і камары.

Я дастаў з клунка «пасяленыя» блянкі і запісаў на паперу наступныя весткі: «Паселішча Шыха-Буры. Лік хат — 12 пераносных юрт. Месцапалажэньне — канцовая лінія ўсьцяж граніцы Вялікага Паміру. 37о 23’ п. ш., 42о 7’ у. д. ад пулкоўскага мэрыдыяну».

Вогнішча разгаралася і рэзкім бліскучым полымем паліла мне твар. Тым ня менш у ногі і сьпіну было холадна, і я варочаўся, корчыўся і мёрз, як цыган у пекле. Кіргізёнак, з родзічаў валаснога старшыні, падсеў да мяне, зьдзіўлена сочачы за рухам алоўка ў маёй руцэ.

— Ай-ай-ай, без карысьці ты чаруеш! — сказаў ён.— Гэтыя гурама — адчайнае племя. Калі хацеў да іх ісьці, чаму ня ўзяў таварыша Тымур-Султана з Памірскага посту? Чаму ня ўзяў яго адважных кіпчакоў — міліцыянэраў?

Я нешта адказаў яму, прадаўжаючы пісаць. Помніцца, я сказаў яму, што ён можа вярнуцца назад, калі хоча. Кіргізёнак пакланіўся і,азіраючыся, пайшоў да свайго каня, прывязанага каля юрты старэйшыны роду. Адтуль, насустрач яму, выступіў нейкі бязносы волат закручаны ў старую шубу з воўчых скур.

— Стой! — прамармытаў ён, зьбіўшы хлопчыка з ног цяжкім ударам кулака.— Куды цябе паслаў чыноўнік? Ён паслаў цябе за салдатамі, каб узяць у палон? Гавары, пракляты шайтан!

З усіх бакоў стаянкі раздаліся злосныя крыкі. З юрты адзін за другім выбягалі вандроўнікі, на хаду шчоўкаючы вогнівам і запальваючы кнаты сваіх крэмнявых стрэльбаў. Я кінуўся на дапамогу хлопчыку, стараючыся адштурхнуць ад яго зьверападобнага волата, які здавалася, гатоў быў яго раздушыць. У гэты момант раздаўся перасьцерагаючы крык, і вакол майго цела абвілася вяроўка, якая ўдарыла мяне нейкай цяжкой гіркай, прымацаванай на канцы гэтай вяроўкі. Я паваліўся на зямлю амаль бяз прытомнасьці. Зараз-жа са ўсіх бакоў з гучным крыкам пазьбягаліся кіргізы і туга зьвязалі мяне, топчачы і штурхаючы нагамі. Вяроўка моцна ўелася ў маё цела. Я ня мог рушыцца. Затым я быў кінуты на сырую калючую траву і прыкрыт, каб ня зьмерзнуць, нейкімі вашымымі і сырымі лахманамі. Я пачуў, як стагнаўшага і плакаўшага хлопчыка, павялі ў адну з юрт. Я астаўся ляжаць адзін, чуючы чвяканьне жаваўшых над маёй галавой жвачку якаў.

Ноч прайшла ў муках і ў трывозе. Я ня спаў, рыхтуючыся сустрэць самае што можа быць цяжкае, а можа і сьмерць. На сьвітаньні з галавы маёй зьнялі анучы, якімі яна была закутана, і нейкі кіргіз паднёс мне малако ў іржавай бляшаніцы. Я убачыў, што стаянка была сабрана і гатова ў дарогу. Дзе-ні-дзе яшчэ тырчэлі дзіравыя як рэбры, оставы юрт, каля якіх жанчыны выцягвалі паўбіваныя ў зямлю калы.

Калі добра расьсьвітала вандроўе зрушылася на поўдзень, паганяючы гарбатых якаў, трусіўшых дзіўным кароўім трушком. Не разьвязваючы, мяне прыкруцілі да мяккага «палану» — уючнаму сядлу ўмацаванаму на сьпіне яка.

Сонца узыйшло жоўтае і хмурае, бяз усякіх сьветлавых эфэктаў. Цяпер можна было бачыць адзінокае нагор’е з усіх бакоў абкружанае дзівоснымі горамі, пакрытымі з самай асновы сьнегам.

На дзесяткі кілёмэтраў адсюль ня было ніводнага чалавечага жыльля. Тут панавала прыгнятаючая цішыня, і на гэтых вялізарных прасторах вандроўе кіргізаў здавалася нібы выпадкова трапіўшым і надзвычай маленькім. Кіргізы немым голасам паганялі якаў (рэдкае паветра кепска перадае голас), немым голасам лаячы і праклінаючы адзін аднаго. Каля поўдня мы пераправіліся ў брод праз ледзяны і няглыбокі ручай Ак-Су, на другім баку якога пачынаўся новы пад’ём, які вёў да высокага горнага хрыбта, бліскаўшаму на поўдні.

— Разьвітайся са сваёй зямлёй,— сказаў мне адзін з кіргізаў, які ехаў поплеч,— цяпер мы ідзем па зямлі Афганістану. За тым перавалам — Канджут.

Я аглядзеўся вакол, наколькі дазвалялі мне вяроўкі. Нічога не зьмянілася, хоць мы і былі па той бок граніцы. Дзьмуў той-жа халодны вецер, пуст быу кругавод, і з зямлі рэдкімі купкамі тырчалі кусьцікі чахлай і калючай травы. Тут кіргізы не баяліся больш пагоні. Мяне разьвязалі і дазволілі зьлезьці з яка і ісьці пехатой, каб разьмяць ногі. Аднак доўга ісьці пехатой было немагчыма. Грудзі сьціскала біцьцё сэрца — гэта была хвароба вышыні.

Мы рухаліся на поўдзень, ад начлегу да начлегу, падымаючыся ла вельмі высокія ледзяныя спады, ізноў выходзячы на голыя, бястраўныя ўзгор’і, якія ляжалі адно вышэй за другое. Справа ад нас паказалася і зьнікла возера. Вялікіх крамянёў, воды якога, бліскучыя і ярка блакітныя затокай упадалі ў бязьмеж’е вечнага лядніку. Мы мінулі сьнежныя гураганы перавалу Вахжыр і асыпы перасала Кіліл, дзе ніколі не праходзіў нагружаны конь. У каня ад напружаньня ў разрэджаным паветры, здарыўся-б параліч сэрца. Так казалі мне кіргізы. Вышьшя гэтых перавалаў, мяркуючы па карце, блізка да 6 км над узроўнем мора.

Зараз-жа за перавалам Вахджыр я ўбачыў нявысокі каменны насып, які лічылі, як відаць сьвятыняй у вандроўнікаў. У каменьні былі ўторкнуты бунчукі і рогі горных бараноў, зьвязаныя анучкамі і стракатымі кавалачкамі.

Я абышоў насып і на самой яго вяршыні, на гладкім ілбе вялікага каменю, убачыў надпіс на англійскай мове: «Пагранічны знак №281, Вахжырскі вучастак. Пастаўлен у 1896 г. капітанам 3-й сапёрнай роты паўночна-заходняга пагранічнага палка Г. Тгоузерсом».


РАЗЬДЗЕЛ ІІІ Да вышнявін ракі Інд


Такім чынам, мяне перавезьлі праз другую граніцу, у межы Індыі. Нажаль, гэта імя, якое незразумела і прывабна гучэла для мяне ў гады дзяцінства, ня прынесла мне ніякай радасьці. Я быў палоньнікам на чужой зямлі. Лугі Паміра, Каракорум і Гіндукуш асталіся за маёй сьпіной.

На трэці дзень падарожжа мы спаткалі першага прадстаўніка англійскай улады — зборшчыка падаткаў у вандроўных раёнах. Гэта быў стараваты і сумны індус, які моцна кашляў ад вялікага холаду і закручваўся ў мядзьвежае футра. Ён жыў у прасторным прагумаваным шатры, усланым унутры лямцавымі дыванамі. Побач з шатром, у нізкіх зямлянках, быў разьмешчан маленькі атрадзік канджуцкіх салдат.

На мяне індус нават не па-глядзеў, ляніва выслухоўваючы лісьлівы расказ Шыха-Буры. Я адразу зразумеў, што стары хітрэц хацеў, захапіўшы мяне, выслужыцца перад «саібамі» (панамі) і апраўдаць свае незаконныя пераходы праз граніцу. Чыноўнік, аднак, прыкра і з нудой адмахнуўся ад яго і задаў мне некалькі пытаньняў на вельмі добрай англійскай мове. У адказ я патрабаваў безадкладнага вызваленьня, адпускаючы досыць непераканаўча гучэўшыя ў маім становішчы пагрозы па адрасу яго і англійскага ўраду, калі толькі мяне паспрабуюць затрымаць сілкам.

— Вельмі добра, вельмі добра,— сказаў індус пазяхаючы,— гэта ня ў маёй компэтэнцыі. Я абавязан даставіць вас у Бальтыт, як перайшоўшага граніцу без дазволу. Вы можаце нарэшце аскардзіць мае дзеяньні перад панам рэзыдэнтам. Ідзіце.

Зараз-жа вакол мяне, вырасла некалькі сіпаеў, у цюрбанах і з адзінаццацізараднымі англійскімі вінтоўкамі. Кіргізы, захапіўшыя мяне ў палон, пад шумок рушыліся з усёй сваёй жывёлай па шырокай сьцежцы кудысьці ў гору.

Тут, поблізу, як відаць была паша, пакінутая імі ў мінулым годзе.

Прайшла яшчэ адна ноч. Я прачнуўся ў душнай каравулцы посту ад таго, што над маёй галавой нахіліўся нейкі вусаты тлустаносы салдат, які моцна крычаў, каб разбудзіць мяне і падрыхтаваць да дарогі.

Адсюль і далей на поўдзень дарога крута ішла ўніз рака Канджут, якая працякала каля вытокаў пустыннымі і абледзянелымі берагамі, тут ператваралася ў бурны і вясёлы струмень, які ўводзіць у густыя зарасьлі вечназялёнага ялаўцу. Я ішоў пехатою пад аховай чатырох сіпаяў. З кожным кілёмэтрам станавілася цяплей, і дыхаць было лягчэй. Здавалася, што раптоўна наступіла вясна — вясна ў небе з высокімі воблакамі, у паветры, вільготным і свабодным, у нас саміх.

«Вось я і пакінуў Памір,— думалася мне.— Ці мог я ўявіць калі-небудзь, што мне давядзецца пакідаць яго пад канвоем салдат з вінтоўкамі, якія вядуць мяне, куды не ганяць цялят Макару! У горы Індыі...»

Кілёмэтрах у дзесяці, прыклад,на, ад паста, ці «тупханы», як гаварылі мае канвойныя, я ўбачыў першы пасёлак канджутцаў. Гэта былі рослыя, прыгожыя людзі з гарбатымі насамі, насіўшыя белыя сарочкі і белыя расшытыя шапачкі на галаве. Яны гаварылі на невядомай мне мове, у якой, аднак, пападалася досыць шмат знаёмых мне пэрсыдзкіх і індыйскіх слоў. Убачыўшы салдат, яны выносілі на вялікіх хустках пачастунак — кіслае малако, вараных курэй і талакно з тутавых ягад. Салдаты прымалі ўсё, як няўнікнёнае і патрэбнае, груба пакрыкваючы і штурхаючы частаваўшых. Вёскі рабілі сумнае і няпрыемнае ўражаньне галечы. Ральля была завалена каменьнямі, і на ёй корпаліся згорбленыя старыя, калупаючы зямлю матыгай. Хаты былі складзены з грубага, неабчэсанага каменьня і былі падобны на вялікія куратнікі бяз вокан і з маленькімі нізкімі дзьвярыма, адкуль шугаў дым. Канджутцы жылі ў курных хатах.

Прызнаюся, што, ня гледзячы на сваё становішча нявольніка, я назіраў за ўсім гэтым з некаторай цікавасьцю. Аказалася, значыцца, што гэта краіна, якая належыць культурным англічанам, адстала ад нас, таму што толькі сёлета на Паміры зьявіўся першы трактар, таму што ў Харозе — цэнтры савецкага Паміру — гарыць электрычнасьць, пабудаваны эўропэйскія дамы, больніцы.

Чым больш мы спускаліся з нагор’я ўніз, вёскі канджутцаў пападаліся ўсё часьцей і зеляніна вакол іх была пышней. Раніцою наступнага дня мы мінулі вусьце ракі Шымшал і вышлі да нявысокага, узьнятага пад пахаць перавалу, адкуль я першы раз у жыцьці ўбачыў балоцісты Бальтыт, акружаны гарамі. Бадай, я мог-бы ганарьшца гэтым, калі-б папаў сюды па сваёй волі. Да мяне ў гэтай краіне быў толькі адзін рускі — царскі падпалкоўнік Грамбчэўскі — трыццаць год назад. Цяпер, калі ўсё гэта ў мінулым, я амаль гатоў шкадаваць, што ніколі мне ня давядзецца быць у гэтых мясцох ізноў. Аднак, можа ўлада паноў Дзьюрэнці ня так ужо даўгавечна ў гэтай краіне, як думаюць яны самі, а тады... Аб гэтым варта было-б спытацца ў корэспандэнта «Алахабад-Ньюс».

Сталіцу Канджуцкага ханства мы ўбачылі перад сабой далёка ўнізе; яна выглядала прасторнай і квітнеючай лагчынай, дзе жаўцелі хаты, прыкрытыя двухспаднымі дахамі, мігацелі залітыя вадой чатырохвугольнікі рысавых палёў і ў густой садовай зеляніне, як маякі, падымаліся тонкія топалі. Стаяла сырая стомная гарачыня. Канвойныя сіпаі зьнялі боты і, падштурхоўваючы мяне, пабегла наперад з радаснымі, ажыўлёнымі крыкамі.

Амаль бегам мы ўвайшлі на вуліцу гораду. Па сутнасьці, гэта быў ня горад, а вялікае паселішча, з кучай хат, акружаных тапалямі і прысадзістыма платанамі, з хутка бягучай у разгароджаных канаўках вадой. Мы ўступілі на рынак, дзе рыжыя пенджабскія купцы гандлявалі ўсякай дробязьзю, накшталт люстэркаў, фарбаў і парафінавых сьвечак. Каля харчэўняў, дзе дыміўся рыс і смажаная бараніна, каля груд вінаграду і пэрсыкаў, сядзелі чорныя хлопчыкі, крычучы: «Ек пао адх анна» [1]. На кожным разе, каля маленькіх, страката размалёваных мусульманскіх мячэй з выразанымі драўлянымі колёнкамі, вар’яваліся махнатыя і голыя, як малпы, факіры, выпрашваючы грашовую падачку. Усё гэта аглушыла мяне сваім бязладзьдзем, нікчэмнай таўкатнёй, такой дзіўнай і непадобнай на сумнае адзіноцтва высокіх гор. Мае канваіры з праўвялічана ўрачыстым выглядам узялі стрэльбы на перавагу і, расштурхоўваючы натоўп, павялі мяне некуды ўперад. Убачыўшы нас, усе жыхары Бальтыту кідалі свае справы і беглі за намі крычучы: «Урус-ка, ўрус!» Яны беглі за мной і глядзелі на мяне з такім зьдзіўленым расчараваньнем, як быццам да гэтага думалі, што ва ўсіх рускіх на плячох лісьсі хвасты замест галоў. Як я ўпасьледку даведаўся, яны нібы аб гэтым і гаварылі.

Сіпаі спыніліся перад невялікім шырокатэрасным домам лёгкай паўдневай будоўлі, над якім быў паднят выцьвіўшы брытанскі сьцяг. Хавальдар [2] увайшоў у сярэдізну. У доме наступіла лёгкае замяшаньне, пачуліся нейкія крокі і галасы. 3-за жалюзы выглянула нейчая галава і, уважліва аглядзеўшы мяне, зьнікла. Нарэшце мяне ўвялі ў шырокі габінэт, адкуль даносіўся гураганны стук пішушчай машынкі. Каля стала, дзе пачцівы сакратар з лякіраваным прыборам адстукваў лісты, стаяў нейкі нізкарослы голены пан з тоўстай налітай крывёй шыяй. Ён паглядзеў на мяне ацэньваючы поглядам фотографа-моменталіста і ўказаў на крэсла рукой.

— Сядайце,— сказаў ён вельмі старанна на рускай мове, аддуваючыся, як ад цяжкой работы.— Я англійскі рэзыдэнт для граніц Расіі, Кітаю і Афганістану на тэрыторыі Канджуцкага ханства, Уолтер Дзьюрэньці. Ваша разуменьне мяне дае права выводзіць з гэтага сьвядомасьць у тым, што вы з СССР. Калі вы не прызнаваеце гэта факт, то я магчым гаварыць з вамі на рознай іншай мове, туземнай і іншакраіннай.

Я адказваў на гэту жвачку рашучым і гучным протэстам супроць гвалту, утворанага ў даным выпадку над грамадзянінам СССР, якога, парушыўшы ўсе прынцыпы міжнароднага права, укралі з тэрыторыі яго бацькаўшчыны, завёзшы на землі падлеглага Англіі ханства.

Рэзыдэнт слухаў мяне нахабна і няўважліва, пастукваючы па стале пальцамі, быццам усё, што я ні скажу, вядома яму ўжо раней і ён рашыў не зварочваць на гэта ўвагі.

— Вы,— адказаў ён кісла, калі увесь запас маіх довадаў прышоў к канцу,— кіньце гаварыць ваш хумдрум і нонсэнс (ерунду). Вы — сукін сын! Я магу выглядаць вашу справу толькі з аднаго пункту гледжаньня. Вас затрымаў на граніцы

Індыі пандыт [3] Матападья і для мяне вы ёсьць рускі шпіён. Калі вы папярова ня выкладзеце конструкцыйны плян вашай організацыі, то я вас адпраўлю ў Гільгіт, і вы будзеце павешаны. Гэта будзе оучен карашо. Цяпер я буду перадаць вас на рукі туземных улад, і вы прувіруеце усходняе турэмнае зьняволеньне да дня дарбара, (прыдворны прыём).

Вакол мяне ізноў вырас канвой, і мяне павялі праз рынак у кірунку да невялікай цытадэлі з глінянымі сьценамі, дзе каля акаванай жалезам брамы, накурыўшыся гашышу варта з бяссэнсным сьмехам дулася ў косьці. Забражджэла брама, змардаваны начальнік турмы адамкнуў нейкі люк, і я быў кінуты ў цесны і смуродны з мокрымі сьценамі падвал, у якім павольна корпаліся зьняволеныя.


РАЗЬДЗЕЛ IV Рускі ў Індыі


Калі цемната падвалу перастала быць непранікальнай для вачэй, я ўбачыў невясёлыя рады людзей, бараньнімі тушамі расплыстаных ўсьцяж сьцен. Яны былі закуты ў ножную калодку, якая складалася з дзьвюх доўгіх драўляных дошчак, закляпаных адна над другой і недаваўшых ні ўстаць, ні сесьці. Сярод іх хадзілі нейкія абросшыя валасамі фігуры, голыя, з аднэй толькі паркалёвай павязкай на бедрах. Таксама як я, яны ня былі закуты і свабодна маглі рухацца на падвале.

У гэтых людзей быў апатычны і спакойны выгляд. На мяне яны не зьвярнулі ўвагі. Дзьверы падвалу з громам зачыніліся. На момант у іх мільганула барада начальніка турмы, да якога паляцела хрыплая лаянка і насьмешка зьняволеных падвалу. Я застаўся ў прыхлым змроку.

Гэта ня было падобна, чорт вазьмі на клюб — гэты падвал. Час цягнуўся ў ім доўга і вязка, сьціраючы розьніцу паміж днём і ноччу, топячы жыцьцё у лянівай злосьці, у расчосах ад кляшчэй і захлебваючымся лепяце нейкага скаванага паралітыка, які валяўся ў кутку. Падлога падвалу была закінута мокрай і гнілой саломай, па якой бегалі тлустыя турэмныя пацукі. Гэты падвал ня быў, аднак, усходняй турмой у поўным сэнсе слова, як абяцаў мне паважны рэзыдэнт. Гэта быў рэформаваны астрог. Раз у дзень прыходзілі стражнікі і давалі нам маркоўную паліўку з плаваўшымі ў ёй кавалкамі «чапаці» — тонкага як блін хлеба — і па дзьве прэсныя і сьпечаныя ў попеле ляпешкі. I два разы ў дзень варта, зьняўшы замкі з калодак, вадзіла астрожнікаў да парашаў, пабудаваных у двары цытадэлі пад самымі вокнамі «сіпай-саляра» — начальніка тарадзкой варты. Два разы мяне ізноў вадзілі на нудны і бескарысны допыт да рэзыдэнта, каб ізноў укінуць у паскудны падвал, да якога я амаль гатоў быў прывыкнуць.

Час ішоў у маўчаньні і стамляючай нудзе. Хадзіць ня было дзе — усюды сядзелі і ляжалі людзі. Іншы раз хто-небудзь прабаваў засьпяваць песьню або расказваў нейкія гісторыі аднастайным і ціхім голасам, ад якога яшчэ страшней і халадней здавалася турма. Я не гаварыў амаль ні з кім, таму што большасьць зьняволеных былі канджутцы, мовы якіх я не разумеў. Апрача іх, было некалькі сухотных індусаў, кашляўшых і адказваючых на мае пытаньні аднаскладна і няпрыветна.

Ад іх я ўсё-ж даведаўся, што зьняволеныя з нецярплівасьцю чакаюць дарбара, які наступае на днях. Дарбар — гэта прыдворны прыём, пышнае сьвята, без якога не абыйдзецца ні адзін раджа, хан або ўладар Індыі. На дарбары, звычайна, адбываецца суд, і здараецца, што хан аддае загад вызваліць каго-небудзь з зьняволеных.

Не магу сказаць, праз колькі дзён пасьля майго пасяленьня ў падвал наступіў нарэшце дзень дарбару. Зьняволеныя былі раскуты і выведзены на пыльны двор цытадэлі. Яны стаялі горбячыся і жмурачы аслабеўшыя вочы ў нязносным раньнім сьвятле. Я выйшаў апошнім, напружана ўдыхаючы рэзкую сьвежасьць паветра.

Нас акружыў з барабанным боем атрад салдат з туземным афіцэрам на чале, меўшы выгляд папугая з парабелумам і крывой срэбнай шаблей каля поясу.

— Стройся ў рады! — скамандаваў ён па-пэрсыдзку.— Мусульмане, радуйцеся: вы сёньня ўступаеце ў цень сьвятлейшага крыла гамаюна! Няверныя, дрыжыце: сёньня благаслаўляе вас прасьветлае крыло гамаюна! Вас, паганцы, граза народу, князь князёў, магутнасьць поўдня Сейд-Шыр Багадур-Хан, валадар Канджута, і яго отпрыск, пучок на магутным дрэве месяцападобны капарыс, сьвятлейшы Міраман-Мірза, насьледнік трону, зрабіў ласку дапусьціць сваіх нявольнікаў перад свой дарбар. Сьпяшайцеся, нягоднікі! Марш!

— Дама-ікбалу-хум! (Няхай працягнецца іх шчасьце!) — закрычалі зьняволеныя.

Канвой самкнуў рады і цэрэмоніяльным крокам пагнаў наш абадраны атрад да палацу хана.

Палац хана стаяў на высокім насыпаным кургане, фонам якога былі зьзяючыя сьнегамі цёмныя вышыні Каракаруму. Вакол палацу былі разьбіты густыя пладовыя сады, дзе, гледзячыся ў штучныя вадазборы, па дрэвах лёталі тлустыя сінія паўліны з крыкамі, напамінаючымі прыціснутае мяўканьне катоў. Над зьмятым дзярном былі разасланы стракатыя кашарскія шатры, на якіх сядзелі індусы-музыканты з лілёвым знакам касты на ілбе, разьдзіраўшыя і піліўшыя свае дзікія інструманты, падпяваючы ім пісклівым фальцэтам.

Нас увялі на шырокі квадратны двор. Па куткох двара на каляровых дрэўках разьвяваліся зялёныя і белыя сьцягі, над якімі быў расьцягнут абавязкова патрэбны брытанскі сьцяг. Зямля была пакрыта дыванам далікатнага і складанага ўзору, гаварыўшага аб старыне. Гэта быў «дарбаржа» — прыймовы двор хана.

Нас пакінулі на ганебным, паводле ўсходняга разуменьня, месьце каля брамы, дзе праходзілі тоўстыя канджуцкія чынушы, пагардліва паднімаючы полы вопраткі, каб не зачапіць нас. Увайшоўшы ва двор, яны, аднак, раптам трацілі сваю важнасьць, прыштурхоўваючыся да асобы хана.

Сам хан, які сядзеў пасярод двара на раззалочаным венскім крэсьле, меў выгляд тлусты, станоўчы і добрадушны. Ён быў апранут у Прадыцыйнае «вальгані» — доўгую шоўкавую сарочку, на якой спляталіся якіясьці ўзоры з залатых нітак, аздобленыя мутна-крывавымі рубінамі. Цюрбан яго, закручаны прыдворным вязальнікам чалм, быў пышна і далікатна ўзьбіт і горда блішчэў доўгім індзюшыным пяром, уткнутым у самы яго верх. Прыслухоўваючыся, можна было разабраць ято сіпаты басок, расказваючы нешта на ломанай англійскай мове. Побач з ім сядзела некалькі англічан. Я разглядзеў сярод іх канджуцкага рэзыдэнта і нейкую крывабокую даму ў бальнай вопратцы, штомінутна падносіўшую да носа лёрнэт. Яна вельмі ўважліва глядзела на зьняволеных. Мабыць у нас быў надзвычайна прыгожы выгляд. Асабліва эфэктны былі зьедзены наскурнымі балячкамі стары і варят індус, які кідаўся на зямлі ў гістэрычным прыпадку.

Дарбар быў у разгары, адбывалася цэрамонія прадстаўленьня да чынаў і нагародаў. Апавяшчальнік зычна трубіў у рот і адзін за адным да хана падыходзілі дагодлівыя барадачы, цалаваўшыя яму руку. Цэрамоніймэйстэр безадкладна падхопліваў узнагароджанага і накідваў яму на плечы танны бязевы халат — падарунак хана. Атрымаўшы дар, закочваючы вочы адыходзіў, нібы адчуваючы надзвычайнае шчасьце. Затым ізноў раздаваліся трубы, білі і пілілі музыканты, і новы шчасьлівец падыходзіў да плецёнага венскага трона хана. У гадзіну дня хан са сваімі блізкімі накіроўваўся ў палацавую мячэць. Зьняволеныя засталіся на месцы, робячы выгляд, што моляцца.

Затым двор дарбара ізноў напоўніўся ханскай чэлядзьдзю.

Хан увайшоў стомлены і пагрузьнеўшы, абціраючы рукавом потны твар. Шэпчучы і заікаючыся, да яго падляцеў цэрамоніймэйстар і зараз-жа ізноў адляцеў, адасланы лёгкім узмахам ханскай рукі.

— Дзіва (суду) ня будзе,— аб’явіў ён па-пэрсыдзку (гэта лічылася, як відаць, самым што ні ёсьць лепшым пры канджуцкім двары),— хан адмяніў суд. Зьняволеныя зьвернуцца ў турму. Хан зажадаў пакінуць іх на міласьці алаха.

Начальнік канвою павярнуўся да нас, у той-жа час пажыраючы вачыма хана. Ён не рашаўся павесьці нас не прадставіўшыся хану. Ён разьлічваў у гэты дзень атрымаць узнагароду за верную службу. Цэрамоніймэйстар прыйшоў да яго на выручку.

— Стойце,— сказаў ён,— прывядзіце злачынцаў на паклон.

Начальнік аддаў загад, і натоўп, блытаючыся і штурхаючыся, накіроўваўся ў глыбіню двара. Я ішоў, сьціснуты дзьвума старымі забойцамі.

Англічане нерашуча рушыліся нам насустрач.

Пан Дзьюрэньці, здавалася, толькі цяпер мяне заўважыў.

— Што гэта такое,— сказаў ён,— гэты чалавек тут? Ніколі нельга разьлічваць на тое, каб хан выслухаў вас уважліва. Для чаго ён адмяніў суд на сёньнешнім дарбары? Шкада. Трэба было-б каб канджут адказаў на пошукі суседзей, аб якіх ня сказана ў догавары. Прыдзецца яго адлравіць з оказіей субалтэрн-афіцэра... Бірк!

— Але, сэр,— адгукнуўся малады сьветлавокі афіцэр, стаяўшы за яго сьпіной.

— Вы зьявіцеся да мяне праз паўгадзіны ў рэзэндэнцкае бунгало.

Дарбар быў скончан. Я ізноў — на апошнюю ноч — быў адпраўлены ў падвал, закут у калодкі; бяз сну і адпачынку праваляўся на гнілой турэмнай саломе. На гэты раз, як відаць, уся гэта «гісторыя з географіяй» пагражала блізкай разьвязкай. Раніцою наступнага дня я стаяў перад невялікім караванам, каля якога вазіліся, цёмнатварыя салдаты ў пурпурных чалмах.

Гэта быў атрад салдат-раджпутаў, пад камандай учарашняга маладога афіцэра. Убачыўшы мяне, ён прыветна памахаў мне рукой.

— Алё, як вы жывеце? — крыкнуў ён па-англійску.— Вы спрытны малы. Я думаю, мы з вамі ня будзем сварыцца ў дарозе. Мы памірымся на тым, што я ня буду распытваць аб вашай ігры. Я ня выведка, а салдат.

Ён паглядзеў на мяне з павагай і смутнай прыемнасьцю. Як відаць, рэзэдэнт у сакрэтных інструкцыях нагаварыў гэтаму афіцэрыку ўсякай недарэчнасьці аб маім важным політычным значэньні.

— Я вырас у Калькуце,— прадаўжаў ён.— Тут я год, але ніколі не дазваляў сабе апускацца, як гэтыя нікчэмныя пенджабскія чыноўнікі. Я галюся кожны дзень і выпісваю сабе кіцелі непасрэдна з Карачы, таму што я служу не з-за заробку. Мой дзядзька — чалавек старой складкі — гэта патрабуе. Пошта вельмі спазьняецца. Мне 23 гады.

Я адказаў неразборлівым мыканьнем, але гэта яму не перашкаджала, сьпяшаючыся і падганяючы салдат, накладаўшых клункі ка доўгавухага пегага мула, бясперастаньня прадоўжваць сваю гутарку.

— Я вязу з сабой увесь мой багаж. На выпадак, калі мне больш не давядзецца вяртацца. Вам дадуць прыгожага каня. Раз вы мой арыштант, я павінен аб вас клапаціцца. Хіба ня так? Я загадаў прывязаць да вашага сядла адзін з сваіх клункау. Яны не зьмяшчаюцца на муле. Тхель, тхель!

Гэтыя выклікі датычыліся сіпаяў, якія ў адзін момант паўскаквалі на коняй. Мы рушыліся. Караван субалтэрна Бірка, ці «паштовы ланцуг», як кажуць у горнай Індыі, складаўся з двух мулаў, шасьці коняй, якія рухаліся ланцугом. Уперадзі і ззаду майго каня ехалі салдаты, спакойна перагаварваючыся і штомінутна сьплёўваючы бетэль на дарогу. У караване быў сьвяточны настрой. Усе прылічаныя да яго салдаты назаўсёды пакідалі Канджут. А гэта ня жарты — распрашчацца з гэтай бруднай дзіркай. Да таго-ж салдаты былі індуісты і ня ладзілі з мусульманскім насельніцтвам рынку. Я таксама адчуваў сябе надзвычай добра, «я гледзячы на тое, што ў канцы гэтага шляху я не чакаў нічота добрага. Перш за ўсё я быў на свабодзе. Лепш што ўгодна, чым гэты пракляты падвал.

Мы ехалі берагам ракі Канджут, па глыбокай урадлівай лагчыне, зялёнай прасекай адыходзіўшай у гарачыя скалы. На мулах, прыбраных фэстонамі і шнуркамі, брынкалі клункі. Салдат, які ехаў уперадзі мяне, уздыхнуў і зацягнуў крыклівую незразумелую песьню на нейкі сумны мотыў.

— Гэту песьню сьпяваюць грузчыкі ў калькуцкім порце,— сказаў мне субалтэрн,— нешта нібысьпяваньне быка на бойні. Гэта гымн богу Індрэ. Ашуканцы яго ўяўляюць сабе падобным на бэнгальскага «бабу». Разьбіраеце?

Я прыслухаўся да слоў. Яны былі на знаёмай мне мове. Салдат сьпяваў:

У бога Індры чатыры рукі, чатыры рукі.
Ён носіць храмовыя башмакі.
Ён носіць белую. камізэльку, ён носіць гадзіньнік...
О Індра, праліваючы цёплы дождж!
О Індра, які праходзіць па вечарох!
Які выпівае піва больш, чым стада сланёў вады!
Для цябе — усё золата, каторае скопіць
                        таджыр-лог — народ купцоў
Для цябе расьце ух-х — цукровы чарот,
Точыць яд вялікі зьмей — Мах-наг,
Уначы душыць людзей Сванг — злы дух.
Рух каравану падобен быў-бы, бадай, на прагулку, калі-б няраўнасьць яго ўдзельнікаў, з якіх адзін быў нявольнікам, а другія — яго вартаўнікі. Дзьмуў лёгкі вецер, дапамагаўшы пераносіць дзённую гарачыню. Коні і мулы ішлі прыемнай рысьсю. Іншы раз я даваў шэнкелі каню, і мы гналіся навыперадкі з адным з канвойных па спадзістай кручы.

Увечары з гор папаўзьлі туманы і мокрыя цені. Стала халаднавата. Зьнікла сонца, сьвет стаў шчыльным і цёмным; засьвяціліся зоркі; жабы-сьвістуны ў чаротах завялі свае мэлёдыі; паказаўся месяц. Месяц зацягнула хмарамі; стала цёмна, як у студні. Мы ехалі, згрудзіўшыся і ня бачачы адзін аднаго. Недзе на ўзгорках забрахаў шакал, усхліпваючы і насьміхаючыся над намі. Дарога кудысьці зьвярнула, і з усіх бакоў надыйшлі дзіўныя, нязграбныя велічы. Мы прыехалі ў цясьніну.

— Тхель, Тхель! — крычаў у цемнаце Бірк, стараючыся захаваць парадак каравану.— Дзе дарога ў рабат (ваенны пост на горнай дарозе)? Я пасаджу пад арышт правадніка. Дзе мы?

— Саіб, — адказваў нехта,— ганіце караван. Вашу сварку пачуюць дрэнныя людзі, чужыя людзі, якія жывуць тут... Тхель, тхель!

Гэты голас пасьля аднекуль са змроку і абарваўся таксама раптоўна, як пачаўся. Можна было падумаць, што гаварыўшы захлябнуўся ці праваліўся ў ноч. Коні навастрыліся і захраплі, брыкаючыся і штурхаючы адзін аднаго клубамі. Андекуль уперадзе, з усіх бакоў раздаўся цяжкі воўчы вый. Я пачуў бязладную страляніну. Салдаты стралялі ў паветра, не разьбіраючы кірунку.

— Парадак! Парадак! — надрываўся субалтэрн-афіцэр.

Яго ніхто ня слухаў. Коні з пужлівым іржаньнем забіліся і сталі рвацца, стрымліваемыя натужнымі крыкамі салдат, цягнуўшых павады.

Я адпусьціў повад, і конь паляцеў кудысьці ўверх, па нябачанай воку сьцежцы, ламаючы сухія кусты і скідваючы каменьні па дарозе. Воўчы вый раздаўся амаль над самай маёй галавой.

— Дзе конь рускага? — у апошні раз пачуў я голас Бірка, ішоўшы здалёку і зьнізу.

Раздаўся залп, і па-новаму, злосна завылі ваўкі. Мой конь, цяжка і няроўна дыхаючы, кінуўся ўверх па адкосу, зрываючыся, коўзаючыся капытамі. Увесь адкос быў завален каменьнямі, якія хутка засланілі мяне ад атраду.

Крыкі і стрэлы сталі чуваць глушэй. Зажурчэла вада нейкай крыніцы, якая выбівалася з-пад каменьняў, захлюпала вада, заструілася пад нагамі каня, і ён, храпучы, спыніўся. Далей, як відаць, дарогі ня было. Я асьцярожна зьлез, пашчупаў рукамі вузкі, як шчыліна праход, дзе з шумам працякаў ручай. Тут, бадай, я мог-бы прайсьці пехатой. Я адвязаў падпінак сядла і скінуў яе ў ваду. Тое самае я зрабіў з халатам, для таго, каб прысьледвальнікі маглі дапусьціць, што я скінуўся ў гэтай начной скачцы ў бяздоньне. Затым я зьняў мяшок з харчамі, схаваны ў пераметнай сумцы кожнага каня каравана, і, прыкруціўшы яго да сьпіны, пачаў узьбірацца ў гару па руслу халоднага ручаю.

Я ішоў па пояс у вадзе, хапаючыся за вострыя каменьні і разьбіваючы каленьні ў кроў. Я ня ведаў, колькі гадзін гэта цягнулася. Мне стала холадна. Я бег, падаў, уставаў на ногі, падаў, поўз на чацьвярэньках над ручаём, зрываўся, падаў і ўвесь час рухаўся ўверх. Нарэшце ручай скончыўся. Каля вытоку яго кіпеў бурлівы ключ. Я апынуўся на нейкай палянцы, пакрытай мяккай травой. Блізка забрахалі сабакі.

Уначы непраходнай чарнатой цямнелі дрэвы. Тут быў пасёлак раскіданы, які грамазьдзіўся вузлаватымі каменьнямі і ценямі садоў да вялікай гары, засьцілаўшай палову начнога неба. Побач са мной і ўперадзе заліліся азьвярэлыя сабакі. Са змроку залапаталі разбуджаныя галасы. Мне здалося, што гавораць на таджыкскай мове.

— Што там за лай? — данеслася да мяне старэчае бурчэньне.— Ах, божа, што за новыя госьці.

— Памажыце! — закрычаў я ў адказ.— Адганіце сабак! Прыдзіце на дапамогу!

На мой покліч у гары, проста перада мной, адчыніліся дзьверы, і я ўбачыў уваход у пяшчэру, асьветленую ўторкнутымі ў зямлю чорнымі лучынамі. У пяшчэры сядзелі і паўляжалі нейкія людзі. Гэта было ўбогае памяшканьне паўдзікіх горцаў, астатняя ступень у тым кругу выраджэньня, якое заканчвалі плямёны, загнаныя ў горныя нетры Індыі.

Я зрабіў крок наперад. У твар мне пахнула салодкім і прыкрым пахам. Падлога пяшчэры была заслана разарванымі зьвярынымі скурамі. Пасярод, на каменным ачагу, тлелі вуглі. Паветра было поўна жоўтага дыму, і я адразу ня змог нават разабраць, колькі чалавек сядзела і ляжала на падлозе. Яны курылі опіум.

Разьбіты, стомлены, я кінуўся на зямлю пяшчэры.

— Я — падарожнік. Мой конь і клунак уваліліся ў ваду,— сказаў я па-таджыкску.— Я з далёкіх месц. Еду на Памір. Заблудзіўся ў горах. Дапамажыце мне. Заўтра я пайду далей.

Усе маўчалі. Гэтыя людзі глядзелі на мяне, і я ня мог зразумець па іх тварах, ці было гэта маўчаньне варожым ці прыяцельскім. Затым адзін з ляжаўшых на зямлі, рэдкабароды стары сказаў мне, выскробваючы перагар з опійнай трубкі:

— Ты заблудзіўся? Для чаго на табе жоўтая сарочка, адзеньне палонных? Для чаго на нагах чырвоныя кругі, сьляды калодак?

Я не адказваў.

— Ты не абмануў нас,— прадаўжаў стары,— хто-б ты ня быў, нам усёроўна. Мы не пашлем цябе да праклятых салдат канджуцкага хана. Ён наш вораг. Ён адабраў нашу зямлю, спрадвечную зямлю індыйскіх таджыкаў, загнаў нас у горы. Ты хочаш на Памір? Мы дамо табе правадніка. Ці ёсьць у цябе грошы?

Я адмоўна паківаў галавой.

— Нічога няма ў мяне,— сказаў я,— у мяне ёсьць толькі запас яды на дарогу.

Я разьвязаў мяшок, які я зьняў з каня. У сярэдзіне ляжаў нейкі чамаданчык. Чорт вазьмі! ў цемнаце я зблытаў мяшкі пераметнай сумкі і захапіў пакунак субалтэрн-афіцэра. Гэта быў маленькі чамаданчык, дзе ляжалі люстэрка, шчоткі і залаты брытвенны набор выслаўленай лёнданскай маркі «Фрэнсіс Дэйк».

Бедны субалтарн Бірк! Як ён павінен быў праклінаць мяне, калі толькі ён ня трапіў на вячэру ваўкам! Яму не давядзецца галіцца да самага Пешавару. Во, гэтыя цырульні ўсходніх гарадоў, дзе голяць бяз мыла, плююць на лязо і, усунуўшы ў рот свой брудны і смуродны палец, адцягваюць губу чыстакроўнага брытанца.

Раніцой, абходнай сьцежкай, я ізноў набліжаўся да граніцы.


Заўвагі

1

Адвін пао (мерка) — поў-анна (10 кап.).

(обратно)

2

Хавальдар — прапаршчык.

(обратно)

3

Пандытамі ў Індыі называюцца адукаваныя браміны, Англійскі ўрад шмат разоў скарыстоўваў іх для шпіёнскай і адміністрацыйнай работы на граніцах, у якой патрабуецца інтэлігэнтнасьць і веданьне туземнага насельніцтва. Пандыты складалі апісаньне Лхасы ў тыя гады, калі яна была забароненым для эўропейцаў горадам, пад выглядам купцоў вандравалі па Аўганістане і па Бухары, пранікалі як урачы да задумлівых і падкупных пагранічных раджаў.

(обратно)

Оглавление

  • БАРЫС ЛАПІН ДВАЦЦАЦЬ ДЗЁН У ІНДЫІ
  • УСТУПНЫ РАЗЬДЗЕЛ
  • РАЗЬДЗЕЛ I Памірская служба
  • РАЗЬДЗЕЛ II Крадзеж
  • РАЗЬДЗЕЛ ІІІ Да вышнявін ракі Інд
  • РАЗЬДЗЕЛ IV Рускі ў Індыі
  • *** Примечания ***