КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі [Мигель де Сервантес Сааведра] (epub) читать онлайн

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

ХІТРЫ ГІДАЛЬГА ДОН КІХОТ ЛАМАНЧСКІ
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Раздзел I, які апавядае аб нораве і спосабе жыццяслаўнага гідальга Дон Кіхота Ламанчскага
Раздзел II, які апавядае аб першым выездзе хітрага Дон Кіхота з яго ўладанняў
Раздзел III, у якім расказваецца аб тым,якім забаўным спосабам Дон Кіхот быў пасвячоны ў рыцары
Раздзел IV. Аб тым, што здарылася з рыцарам нашым,калі ён пакінуў заезны дом
Раздзел V, у якім працягваецца аповед аб ліхой прыгодзе нашага рыцара
Раздзел VI. Аб другім выездзе добрага нашага рыцара Дон Кіхота Ламанчскага
Раздзел VII. Аб слаўнай перамозе, атрыманай доблесным Дон Кіхотам у жахлівай і да гэтага часу нечуванай бітве з ветранымі млынамі,як і аб іншых падзеях, аб якіх мы не без прыемнасці ўпамянём
Раздзел VIII. Аб дасціпнай размове, якую вялі між сабой Дон Кіхот і яго збраяносец Санча Панса
Раздзел IX. Аб тым, што адбылося паміж Дон Кіхотамі казапасамі
Раздзел Х, у якім апавядаецца аб злашчаснай прыгодзе Дон Кіхота з бесчалавечнымі янгуасцамі63
Раздел XI. Аб тым, што здарылася з хітрым гідальгаў заезным доме,які ён палічыў за нейкі замак
Раздзел XII, які змяшчае заўвагі,што выказаў Санча Панса свайму пану Дон Кіхоту, і апавядае аб розных падзеях,вартых упамінання
Раздзел XIII. Аб глыбакадумных развагах, якія Санча выказаў свайму пану, аб прыгодзе з мёртвым целам, таксама як і аб іншых незвычайных здарэннях
Раздзел XIV. Аб дасюль нябачаным і нечуваным подзвігу,якога ніводзін славуты рыцар на свеце не здзяйсняў з найменшай для сябе небяспечнасцю,чым доблесны Дон Кіхот Ламанчскі
Раздзел XV, які апавядае аб вялікай прыгодзе,азначанай каштоўным набыткам у выглядзе Мамбрынава шлема, а таксама і аб іншых прыгодах, што здарыліся з нашым непераможным рыцарам
Раздзел XVI. Аб тым,як Дон Кіхот вызваліў многіх няшчасных,якіх сілком вялі туды, куды яны не мелі ніякага жадання ісці
Раздзел XVII. Аб тым, што здарылася з праслаўленым Дон Кіхотам каля Сьера-Марэны90, і аб яго пакаянні па прыкладзе Змрочнага Прыгажуна
Раздзел XVIII, што апавядае аб тым, якім забаўнымі хітрым спосабам закаханы наш рыцар быў пазбаўлены ад вельмі жорсткага пакаяння,прыдуманага ім для сябе
Раздзел XIX, які апавядае аб знаходлівасці чароўнай Даратэі і яшчэ аб сім-тым,вельмі прыемным і цікавым
Раздзел XX. Аб цікавай размове,якую вялі паміж сабою Дон Кіхоті яго збраяносец Санча Панса, таксама як і аб іншых здарэннях
Раздзел XXI, у якім размова ідзе аб жорсткай і нечуванай бітве Дон Кіхота з бурдзюкамі чырвонага віна,таксама як і аб іншых рэдкіх здарэннях,што адбыліся ў заезным доме
Раздзел XXII, які змяшчае працяг гісторыі слаўнай інфанты Мікаміконы і апавядае аб іншых забаўных прыгодах
Раздзел XXIII, у якім прыводзіцца цікавая прамова Дон Кіхота аб вайсковай справе і вучонасці
Рaздзел XXIV, у якім канчаткова здымаюцца сумненні наконт Мамбрынава шлема і сядла,а таксама з усёй магчымаю праўдзівасцю апавядаецца аб іншых прыгодах
Раздзел XXV. Аб тым,якім незвычайным спосабам быў зачараваны Дон Кіхот, а таксама і аб іншых незабыўных падзеях
Раздзел XXVI, у якім прыводзіцца дзелавітая размова паміж Санча Пансам і яго панам Дон Кіхотам
Раздзел XXVII. Аб дасціпнай спрэчцы, якая адбылася паміж Дон Кіхотам і канонікам,і аб надзвычайнай прыгодзе з паломнікамі,якую Дон Кіхот, добра папацеўшы,давёў да пераможнага канца
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Раздзел I. Аб размове, якую свяшчэннік і цырульнік вялі з Дон Кіхотам адносна яго хваробы
Раздзел II, які апавядае аб вартай увагі спрэчцы Санча Пансы з пляменніцай і ключніцай Дон Кіхота, а таксама і аб іншых забаўных рэчах
Раздзел III. Аб пацешнай размове, якая адбывалася паміж Дон Кіхотам, Санча Пансам і бакалаўрам Самсонам Караскам
Раздзел IV, у якім Санча Панса адказвае на неўразумелыя пытанні бакалаўра Самсона Караскі, а таксама адбываюцца падзеі, аб якіх варта ведаць і расказаць
Раздзел V. Аб дасціпнай і забаўнай размове, якую вялі паміж сабой Санча Панса і яго жонка Тэрэса Панса,а таксама аб іншых здарэннях, аб якіх мы не без прыемнасці нагадаем
Раздзел VI. Аб размове Дон Кіхота са сваёю пляменніцаю і ключніцаю, і гэта адзін з самых важных раздзелаў ва ўсёй гэтай гісторыі
Раздзел VII. Аб чым размаўлялі паміж сабою Дон Кіхоті яго збраяносец, а таксама і аб іншых славутых падзеях
Раздзел VIII, у якім расказваецца аб тым, што адбылося з Дон Кіхотам па дарозе да сеньёры Дульцынеі Табоскай
Раздзел IX, у якім расказваецца аб тым,што з яго будзе відаць
Раздзел Х, у якім расказваецца аб тым, як спрытна ўдалося Санча зачараваць Дульцынею, а так сама і аб іншых падзеях, такіх жа смешных,як і сапраўдных
Рaздзел XI. Аб незвычайнай прыгодзе доблеснага Дон Кіхотаз калясніцай, гэта значыць з калёсамі Судзілішча Смерці
Раздзел XII. Аб незвычайнай прыгодзе доблеснага Дон Кіхота з адважным Рыцарам Люстэркаў
Раздзел XIII, у якім працягваецца прыгода з Рыцарам Люстэркаўі прыводзіцца разумная, мірная і незвычайная гутарка двух збраяносцаў
Раздзел XIV, у якім працягваецца прыгода з Рыцарам Люстэркаў
Раздзел XV, у якім расказваецца і паведамляецца аб тым,хто такія былі Рыцар Люстэркаўі яго збраяносец
Раздзел XVI, з якога вынікае, якіх вяршынь і межаў магла дасягнуць і дасягнула нечуваная мужнасць Дон Кіхота, і дзе расказваецца аб прыгодзе з ільвамі, якую Дон Кіхоту ўдалося шчасліва завяршыць
Раздзел XVII, у якім расказваецца аб прыгодзе з закаханым пастухом
Раздзел XVIII, у якім расказваецца аб вяселлі Камача Багатагаі аб прыгодзе з Басільё Бедным
Раздзел XIX, у якім працягваецца вяселле Камача і адбываюцца іншыя цікавыя падзеі
Раздзел XX, у якім расказваецца аб вялікай прыгодзеў пячоры Мантэсінаса, у самым сэрцы Ламанчы,аб прыгодзе, якая для доблеснага Дон Кіхота Ламанчскага ўвянчалася поўным поспехам
Раздзел XXI. Аб дзіўных рэчах, якія, па словах неўтаймоўнага Дон Кіхота, давялося яму бачыць у глыбокай пячоры Мантэсінаса
Раздзел XXII, у якім завязваецца прыгода з асліным ровам і забаўная прыгода з нейкім раешнікам, а таксама прыводзяцца незабыўныя прадказанні малпы-прадказальніцы
Раздзел XXIII, у якім працягваецца забаўная прыгода з раешнікам і расказваецца аб іншых сапраў ды цудоўных рэчах
Раздзел XXIV, у якім тлумачыцца, хто такія былі маэсе Педраі яго малпа, і расказваецца аб няўдалым для Дон Кіхота зыходзе прыгоды з асліным ровам, якая скончылася не так,як ён хацеў і разлічваў
Раздзел XXV. Аб падзеях, якія стануць вядомы таму, хто аб іх прачытае, калі толькі ён будзе чытаць уважліва
Раздзел XXVI. Аб слаўнай прыгодзе з зачараванаю лодкаю
Раздзел XXVII. Аб тым, што адбылося паміж Дон Кіхотамі вельмі прыгожай аматаркай палявання
Раздзел XXVIII, які апавядае аб многіх вялікіх падзеях
Раздзел XXIX. Аб тым, як Дон Кіхот адказаў свайму ганьбавальніку, а таксама і аб іншых здарэннях,і важных і забаўных
Раздзел XXX. Аб прыемнай размове герцагіні і яе пакаёвак з Санча Пансам, якая заслугоўвае, каб яе прачыталі і адзначылі
Раздзел XXXI, у якім расказваецца аб тым, як быў вынайдзены спосаб расчараваць непараўнальную Дульцынею Табоскую, што з’яўляецца адной з найславутых прыгод ва ўсёй гэтай кнізе
Раздзел XXXII, у якім працягваецца аповед аб тым, як Дон Кіхотдаведаўся пра спосаб вызваліць ад чараў Дульцынею, а таксама і аб іншых і дзіўных здарэннях
Раздзел XXXIII. Аб парадах, якія Дон Кіхот даў Санча Пансу перад тым, як той адправіўся кіраваць востравам,а таксама і аб іншых вельмі важных рэчах
Раздзел XXXIV. Аб другой частцы парад, дадзеных Дон Кіхотам Санча Пансу
Раздзел XXXV. Аб тым, як прамудры Санча Панса стаў уладаром свайго вострава і як пачаў кіраваць ім
Раздзел XXXVI, у якім працягваецца аповед аб тым, як Санча Панса паводзіў сябе на пасадзе губернатара
Раздзел XXXVII. Аб тым, што здарылася з Санча Пансам, пакуль ён дазорам абыходзіў востраў
Раздзел XXXVIII, у якім апавядаецца аб тым, як паж герцагіні даставіў пісьмо Тэрэсе Панса,жонцы Санча Пансы
Раздзел XXXIX. Аб тым, як Санча Панса губернатарнічаў далей,а таксама і аб іншых сапраўды славутых падзеях
Раздзел XL. Аб злашчасным канцы і выніку губернатарства Санча Пансы
Раздзел XLI. Аб тым, што адбылося з Санча ў дарозе, таксама які аб іншых найцікавых рэчах
Раздзел ХLII. Аб тым, што здарылася з Дон Кіхотампа дарозе ў Барселону
Раздзел XLIII. Аб тым, што здарылася з Дон Кіхотам пры ўездзеў Барселону, таксама як і аб іншых рэчах,цалкам праўдападобных з усёй іх бачнай недарэчнасцю
Раздзел XLIV, які апавядае аб прыгодзе, што прынесла Дон Кіхоту больш гора, чым усе, якія ў яго былі да гэтага часу
Раздзел XLV, у якім паведамляецца аб тым, хто быў Рыцарам Белага Месяца
Раздзел XLVI. Аб тым, як Дон Кіхот прыняў рашэнне стаць пастухом і да заканчэння гадавога тэрміну жыць сярод палёў, таксама як і аб іншых рэчах, сапраўды прыемных і цудоўных
Раздзел XLVII. Аб тым, што здарылася з Дон Кіхотам і яго збраяносцам Санча, калі яны ехалі ў сваю вёску
Раздзел XLVIII. Аб знаках, якія сталіся пры ўездзе Дон Кіхотаў яго вёску, таксама як і аб іншых падзеях,што служаць упрыгажэннемі большай праўдападобнасцю вялікай гэтай гісторыі
Раздзел XLIX. Аб тым, як Дон Кіхот занядужаў, аб пакінутымім завяшчанні і аб яго смерці


Мігель дэ Сэрвантэс Сааведра 


Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі


раман

Усе правы абаронены. Любое капіяванне, публічнае размяшчэнне і тыражаванне ў камерцыйных мэтах забаронена.

ТАА "Электронная кнігарня", 2015


ЧАСТКА ДРУГАЯ


Раздзел I. Аб размове, якую свяшчэннік і цырульнік вялі з Дон Кіхотам адносна яго хваробы

Свяшчэннік і цырульнік амаль цэлы месяц не былі ў Дон Кіхота, каб не выклікаць і не аднаўляць у яго памяці мінулых падзей; аднак жа яны заходзілі да пляменніцы і ключніцы і прасілі клапаціцца аб ім і даваць яму што-небудзь пажыўнае і карыснае для сэрца і мозгу, дзе, без усялякага сумнення, і караніцца, маўляў, усё яго няшчасце. Жанчыны сказалі, што яны так і робяць і будуць рабіць з асаблівай стараннасцю і гатоўнасцю: яны, мабыць, ужо заўважаюць, што часам іх пан выяўляе ўсе прыметы цвярозага розуму, чаму тыя вельмі ўзрадаваліся, а таксама таму, як добра яны прыдумалі — прывезці яго, зачараванага, на валах, аб чым апавядаецца ў апошнім раздзеле першай часткі гэтай, такой жа вялікай, як і праўдзівай, гісторыі. Улічваючы гэту акалічнасць, вырашылі яны наведаць яго і пераканацца на свае вочы, ці сапраўды яму лепш, што здавалася ім, зрэшты, амаль неверагодным, і дамовіліся між сабой не чапаць гэтай яго яшчэ свежай і такой дзіўнай раны, а пра вандроўнае рыцарства нават не заікацца.

Такім чынам, яны прыйшлі да Дон Кіхота і засталі яго ў ложку, дзе ён сядзеў у зялёным байкавым камзоле і чырвоным таледскім каўпаку, і быў да таго худы і знясілены, што нагадваў мумію. Ён прыняў іх з выключнай гасціннасцю; яны запыталіся пра яго здароўе, і ён расказаў ім аб сабе і аб сваім здароўі вельмі разумна і самымі далікатнымі выразамі; нарэшце размова зайшла аб так званых дзяржаўных справах і спосабах кіравання, прычым некаторыя злоўжыванні нашы суразмоўцы выкаранялі, некаторыя — асуджалі, адны звычаі выпраўлялі, іншыя ліквідоўвалі, і кожны адчуваў сябе ў гэты час новаяўленым заканадаўцам: другім Лікургам128 або новаспечаным Салонам129; і так яны ўсю дзяржаву перайначылі, што здавалася, быццам яны кінулі яе ў горан, a калі вынялі, то яна была ўжо зусім іншай; Дон Кіхот аб усіх гэтых рэчах разважаў надзвычайна разумна, і ў абодвух наведвальнікаў не засталося сумненняў, што ён цалкам здаровы і ў поўным розуме.

У час гэтай размовы прысутнічалі пляменніца і ключніца і безупынна дзякавалі богу за тое, што іх пан зусім абразуміўся; аднак жа свяшчэннік, памяняўшы сваё першапачатковае рашэнне — не закранаць рыцарства, захацеў канчаткова пераканацца, ці сапраўды Дон Кіхот ачуняў ці ж гэта папраўка несапраўдная, і з гэтай мэтай спакваля перайшоў да сталічных навін і, між іншым, сказаў як дакладнае, што турэцкі султан з вялізным флотам выйшаў у мора, але якія яго намеры і дзе іменна гэта жахлівая навальніца грымне, гэтага, маўляў, ніхто не ведае; і што, як быццам зноў, як амаль кожны год, увесь хрысціянскі свет перапалоханы і б’е трывогу, а яго вялікасць кароль загадаў умацаваць берагі Неапаля, Сіцыліі і вострава Мальты130. Дон Кіхот жа на гэта сказаў:

— Умацаваўшы загадзя свае ўладанні, каб вораг не застаў знянацку, яго вялікасць зрабіў як самы прадбачлівы воін. Аднак жа, калі б яго вялікасць звярнуўся за парадай да мяне, я б яму параіў прыняць такія меры перасцярогі, аб якіх ён цяпер, пэўна, і не здагадваецца.

Цырульнік спытаў Дон Кіхота, якія менавіта меры перасцярогі ён лічыць неабходна прывяць.

— Ах ты божа мой! — усклікнуў тут Дон Кіхот. — Ды што значыць яго вялікасці загадаць праз вяшчальнікаў, каб усе вандроўныя рыцары, якія толькі блукаюць па Іспаніі, у прызначаны дзень сабраліся ў сталіцы? Хаця б нават іх з’явілася не больш як тузін, сярод іх можа быць такі, які адзін знішчыць усю султанаву моц. Слухайце мяне ўважліва, вашы міласці, і сачыце за маёй думкай. Няўжо гэта для вас навіна, што адзін-адзінюткі вандроўны рыцар здольны перарэзаць войска колькасцю дзвесце тысяч чалавек, як калі б ва ўсіх у іх было адно горла ці калі б яны былі зроблены з марцыпана? He, сапраўды, скажыце: ці не на кожнай старонцы любога рамана сустракаюцца такія цуды? Даю галаву на адсячэнне, сваю ўласную, a не чыю-небудзь чужую, што калі б жыў цяпер славуты дон Бельяніс або хтосьці са шматлікіх нашчадкаў Амадыса Гальскага, адным словам, калі б хтосьці з іх дажыў да нашых дзён і паквітаўся з султанам, скажу шчыра, не хацеў бы я быць у шкуры султанавай! Зрэшты, бог не пакіне свой народ і пашле яму каго-небудзь, калі і не такога грознага, як ранейшыя вандроўныя рыцары, то ўжо, ва ўсякім выпадку, такога, які не саступіць ім у цвёрдасці духу. Потым — бог мяне разумее, а я змаўкаю.

— Ах, — усклікнула тут пляменніца. — Забіце мяне, калі мой дзядзечка не задумаў зноў зрабіцца вандроўным рыцарам!

Дон Кіхот жа ёй ва гэта адказаў:

— Вандроўным рыцарам я памру, а султан турэцкі можа, калі яму ўздумаецца, выходзіць і прыходзіць з якім хоча вялізным флотам. Паўтараю: бог мяне разумее.

Тут умяшаўся цырульнік:

— Калі ласка, вашы міласці, дазвольце мне расказаць адну невялікую гісторыйку, якая адбылася ў Севільі. Яна будзе зараз якраз да месца, і таму мне не церпіцца яе расказаць.

Дон Кіхот выказаў згоду, свяшчэннік і ўсе астатнія падрыхтаваліся слухаць, і цырульнік пачаў так:

— У севільскім вар’яцкім доме знаходзіўся адзін чалавек, якога туды пасадзілі сваякі, таму што ён страціў розум. Правёўшы там некалькі год, ён уявіў, што апамятаўся і знаходзіцца пры поўным розуме, і таму напісаў архіепіскапу пісьмо. Зусім цвяроза разважаючы, ён пераканаўча прасіў архіепіскапа дапамагчы яму выйсці з таго гаротнага становішча, у якім ён знаходзіцца, бо з ласкі божай ён, маўляў, апамятаўся, аднак сваякі з мэтай завалодаць яго доляй спадчыны трымаюць яго, маўляў, тут і насуперак праўдзе жадаюць, каб ён да канца дзён сваіх заставаўся псіхічнахворым. Архіепіскап, перакананы яго шматлікімі пасланнямі, што сведчылі аб разважнасці яго і розуме, урэшце паслаў капелана даведацца ў наглядчыка дома псіхічнахворых, ці праўда тое, што піша хворы, а таксама паразмаўляць з самім звар’яцелым, і калі, маўляў, ён убачыць, што той цяпер пры сваім розуме, то няхай вызваліць яго адтуль і выпусціць на волю. Капелан так і зрабіў, і наглядчык яму сказаў, што хворы па-ранейшаму не помніць сябе і што хоць ён часта разважае як чалавек вялікага розуму, аднак жа потым пачынае гаварыць бязглуздзіцу, і яна ў яго такая ж частая і такая ж незвычайная, як і яго разумныя думкі, у чым можна будзе пераканацца на вопыце, варта толькі з ім паразмаўляць. Капелан захацеў правесці гэты дослед і, зачыніўшыся з вар’ятам, прагаварыў з ім больш за гадзіну, і за ўвесь гэты час звар’яцелы не сказаў нічога бязглуздага ці недарэчнага, наадварот: ён выявіў такую разважнасць, што капелан вымушаны быў паверыць, што хворы паправіўся; між іншым, звар’яцелы аб’явіў, што наглядчык на яго паклёпнічае, бо не жадае пазбаўляцца хабару, які яму даюць сваякі хворага: як быццам за хабар наглядчык, маўляў, і працягвае запэўніваць, што хворы ўсё яшчэ не пры сваім розуме, хоць часам і настае прасвятленне; галоўная ж бяда хворага — гэта, кажа, яго багацце, бо злоснікі, каб завалодаць ім, ідуць на ўсялякія падвохі і сумняваюцца ў той ласцы, якую зрабіў яму бог, зноў ператварыўшы яго з жывёліны ў разумную істоту. Карацей кажучы, наглядчыка ён паказаў чалавекам, які не заслугоўвае даверу, сваякоў — своекарыслівымі і бессаромнымі, a сябе самога — такім разважлівым, што капелан урэшце вырашыў узяць яго з сабой, каб архіепіскап мог ва ўсім пераканацца на свае вочы. Паверыўшы хвораму на слова, добры капелан папрасіў наглядчыка выдаць яму адзенне, у якім ён сюды прыбыў; наглядчык яшчэ раз параіў капелану добра падумаць, бо той, без усялякага сумнення, усё яшчэ, маўляў, ненармальны. Аднак, нягледзячы на ўсе перасцярогі і перакананні наглядчыка, капелан застаўся непахісны ў сваім жаданні павезці хворага з сабой; наглядчык падпарадкаваўся, тым больш што распараджэнне ішло ад архіепіскапа131; хворага апранулі ў яго ўласнае адзенне, новае і прыстойнае, і калі той убачыў, што ён адзеты, як чалавек здаровы, а бальнічны халат з яго знялі, то папрасіў капелана дазволіць яму ў выглядзе асаблівай паслугі развітацца са сваімі таварышамі-вар’ятамі. Капелан сказаў, што яму таксама хочацца пайсці паглядзець на вар’ятаў. Адным словам, яны пайшлі, a разам з імі і яшчэ сёй-той; і як толькі ачунялы наблізіўся да клеткі, дзе сядзеў шалёны вар’ят, які, зрэшты, быў тады ціхі і спакойны, то звярнуўся да яго з такімі словамі: “Скажыце, дружа, ці не патрэбна вам чаго-небудзь? Я ж адыходжу дадому, бо гасподзь бог, з бясконцай яго міласэрнасці і любові да чалавека, пажадаў вярнуць мне, нявартаму, розум: цяпер я зноў пры сваім розуме і цвёрдай памяці, бо для ўсёмагутнасці божай няма нічога немагчымага. Спадзявайцеся вельмі і спадзявайцеся на бога: калі ён мяне вярнуў у ранейшы стан, то верне і вас, толькі даверцеся яму. Я пастараюся паслаць вам што-небудзь смачнае, а вы глядзіце абавязкова з’ежце, — адважуся вас запэўніць, як чалавек, які зведаў гэта на сабе, што ўсе нашы вар’яцтвы вынікаюць з пустаты ў страўніку і ад паветра ў галаве. Будзьце ж мужным, будзьце мужным: хто падае духам у няшчасці, той шкодзіць свайму здароўю і набліжае свой канец”.

Усё гэта выказванне чуў іншы вар’ят, які сядзеў у іншай камеры, насупраць шалёнага; падняўшыся са старой цыноўкі, на якой ён ляжаў голы, гэты вар’ят гучна спытаў, хто гэта вяртаецца дадому пры сваім розуме і цвёрдай памяці. Ачунялы яму адказаў так: “Гэта я адыходжу, дружа, мне больш няма чаго тут заставацца, за што я і бясконца ўдзячны небу, якое зрабіла мне такую вялікую ласку”.

“Кіньце, як бы з вас чорт ні пажартаваў, — сказаў вар’ят, — спяшацца вам няма куды, сядзіце сабе ціхенька на месцы, усё роўна потым давядзецца вяртацца назад”.

“Я ўпэўнены, што я здаровы, — настойваў той, — мне няма чаго вяртацца сюды і нанова пераносіць усе пакуты”.

“Гэта вы здаровы? — сказаў вар’ят. — Ну што ж, пажывём — пабачым. Ідзіце сабе з богам, але клянуся вам Юпітэрам, веліч якога ўвасабляю на зямлі я, што за адзін грэх, які цяпер робіць Севілья, выпускаючы вас з гэтага дома і прызнаючы вас здаровым, я яе так пакараю, што памяць аб гэтым застанецца на векі вечныя, амінь! Я — Юпітэр Грамавержац, што трымае ў руках вогненныя маланкі, якімі магу і маю звычку пагражаць свету і разбураць яго. Але гэты грубы горад я пакараю інакш: клянуся тры гады запар, пачынаючы з таго дня і той гадзіны, калі я выказваю гэту пагрозу, не паліваць дажджом не толькі сам горад, але і акругу яго і наваколле. Як, ты — на волі, ты — пры сваім розуме, ты — пры цвёрдай памяці, а я — вар’ят, я — не помню сябе, я — пад замком?.. Ды я хутчэй павешуся, чым пашлю дождж!”

Прысутныя ўсё яшчэ слухалі выкрыкі і выказванні вар‘ята, як раптам вызвалены, звярнуўшыся да капелана і схапіўшы яго за руку, прамовіў: “He засмучайцеся, васпан мой, і не надавайце значэння словам гэтага вар’ята, бо калі ён — Юпітэр і ён не стане паліваць вас дажджом, то я — Нептун, бацька і бог вады, і я буду паліваць вас колькі патрэбна і калі захачу”.

Капелан жа на гэта сказаў: “Разам з тым, пан Нептун, нельга гнявіць пана Юпітэра: заставайцеся ж вы тут, а ўжо мы як-небудзь іншым разам, калі нам будзе больш з рукі і больш свабодна прыйдзем па вашу міласць”.

Наглядчык і ўсе прысутныя фыркнулі, але капелан на іх раззлаваўся. Хворага распранулі, і застаўся ён у вар’яцкім доме, і на гэтым гісторыя заканчваецца.

— Гэта і ёсць тая самая гісторыя, сеньёр цырульнік, якая так быццам бы адпавядала моманту, што вы не маглі яе не расказаць? — спытаў Дон Кіхот. — Ах, сеньёр цырульнік, сеньёр цырульнік, да чаго ж людзі іншым разам бываюць няўмелыя! Няўжо ваша міласць не ведае, што параўнанне аднаго розуму з іншым, адной доблесці з іншай, адной прыгажосці з іншай і аднаго знатнага роду з іншым заўсёды непрыемнае і выклікае незадавальненне? Я, сеньёр цырульнік, не Нептун і не бог вады і, не будучы разумным, за разумнага сябе не выдаю. Адзінае, чаго я дамагаюся, — гэта растлумачыць людзям, як памыляюцца яны, не аднаўляючы шчаслівых тых часоў, калі дзейнічала вандроўнае рыцарства. Аднак жа наша сапсаванае стагоддзе нявартае атрымліваць асалоду ад такога вялікага шчасця, якім цешыліся ў тыя стагоддзі, калі вандроўныя рыцары лічылі сваім абавязкам і бралі на сябе абарону каралеўстваў, дапамогу няшчасным і малалетнім, пакаранне ганарліўцаў і ўзнагароджванне пакорлівых. Большасць рыцараў, якія дзейнічаюць цяпер, лічаць за лепшае шамацець шаўкамі, парчою і іншымі дарагімі тканінамі, чым звінець кальчугаю. Цяпер ужо няма такіх рыцараў, якія пагадзіліся б у любое надвор’е, узброеныя з галавы да ног, начаваць пад адкрытым небам, і ніхто ўжо па прыкладзе вандроўных рыцараў не торкае, як кажуць, носам, абапёршыся на кап’ё і не злазячы з каня. Знайдзіце мне хоць аднаго такога рыцара, які, выйшаўшы з лесу, узабраўшыся потым на гару, а затым спусціўшыся на пустынны і бязлюдны бераг мора, вечна бурнага і неспакойнага, і бачачы, што да берага прыбіла лядашчы човен без вёслаў, мачты і снасцей, бясстрашна кінуўся б туды і аддаўся на волю няўмольнага зыбання бяздоннага мора; а хвалі то ўзнясуць яго да неба, то скінуць у бездань, рыцар жа грудзі свае падстаўляе неўтаймоўнай буры; і не паспявае ён азірнуцца, як ужо аказваецца больш чым за тры тысячы міль ад таго месца, адкуль адплыў, і вось ён крочыць па невядомай і далёкай зямлі, і тут з ім адбываюцца здарэнні, вартыя таго, каб пра іх напісалі не толькі на пергаменце, але і на медзі. Між тым у наш час лянота бярэ верх над стараннасцю, бяздзейнасць — над працавітасцю, загана — над дабрачыннасцю, нахабнасць — над храбрасцю і мудрагельства — над вайсковым майстэрствам, якое непадзельна панавала і квітнела ў залаты век і ў век вандроўных рыцараў. He, праўда, скажыце: хто больш цнатлівы і адважны за славутага Амадыса Гальскага? Хто больш разважлівы за Пальмерына Англійскага? Хто больш памяркоўны і ўжыўчывы за Тыртана Белага? Хто больш далікатны за Лізуарта Грэчаскага? Хто атрымліваў і наносіў больш удараў, чым дон Бельяніс? Хто больш бясстрашны за Перыёна Гальскага132, хто вытрымаў больш выпрабаванняў, чым Фелісмарт Гірканскі, і хто больш шчыры за Эспландыяна? Хто больш удалы за дона Сіранхіла Фракійскага? Хто больш мужны за Радамонта133? Хто больш прадбачлівы за караля Сабрына? Хто больш адважны за Рынальда? Хто больш непераможны за Раланда? Усе гэтыя рыцары, а таксама многія іншыя, якіх я мог бы назваць, былі, сеньёр свяшчэннік, рыцарамі вандроўнымі, красою і гонарам рыцарства. Вось такіх якраз і падобных на іх рыцараў я і меў на ўвазе: яны не з-за страху, а па сумленні паслужылі б яго вялікасці, султану ж давялося б ірваць на сабе валасы. Ну а мне, відаць, давядзецца застацца дома, калі капелан мяне з сабой не бярэ. Калі ж Юпітэр, як нам сказаў цырульнік, не пашле дажджу, дык я сам буду яго пасылаць, калі мне захочацца. Кажу я гэта, каб сеньёр Таз-для-галення ведаў, што я яго зразумеў.

— Сапраўды, сеньёр Дон Кіхот, у мяне было зусім іншае ў галаве, — запярэчыў цырульнік. — Намеры ў мяне былі добрыя, як перад богам кажу, так што ваша міласць дарэмна злуецца.

— Дарэмна ці не дарэмна — гэта ўжо справа мая, — адрэзаў Дон Кіхот.

Але тут умяшаўся свяшчэннік:

— Да гэтага часу я не сказаў і двух слоў, але мне ўсё ж хацелася б вырашыць адно сумненне, якое непакоіць мяне і точыць мне душу, а ўзнікла яно ў сувязі з тым, што нам зараз сказаў сеньёр Дон Кіхот.

— Што перашкаджае? — прамовіў Дон Кіхот. — Калі ласка, сеньёр свяшчэннік, падзяліцеся сваім сумненнем, — нядобра, калі на душы нешта ёсць.

— Дык вось, з вашага дазволу, — пачаў свяшчэннік, — сумненне маё заключаецца ў наступным: я ніяк не магу дапусціць, каб уся гэта процьма вандроўных рыцараў, якіх вы, сеньёр Дон Кіхот, пералічылі, каб яны сапраўды існавалі на свеце, як жывыя людзі. Наадварот, я лічу, што ўсё гэта выдумкі, байкі і небыліцы, што ўсё гэта сны, аб якіх людзі расказваюць пасля таго, як прачнуцца, або, дакладней сказаць, у паўсне.

— Вось яшчэ адзін памылковы погляд, да якога прыходзілі многія, хто не верылі, што на свеце былі такія рыцары, — запярэчыў Дон Кіхот, — я ж шмат разоў, у размове з рознымі людзьмі і ў розных абставінах, стараўся растлумачыць гэту амаль усеагульную памылку, прычым часам мне гэта не ўдавалася, а часам, начапіўшы яе на дрэўка ісціны, я мэты сваёй дасягаў. Між іншым, ісціна гэта бясспрэчная, і я гатоў сцвярджаць, што бачыў Амадыса Гальскага ўласнымі вачамі і што ён быў высокага росту, з белым тварам, з прыгожаю чорнаю барадою, з паўласкавым-паўсуровым позіркам, скупы на слова, гневаўся не раптоўна і лёгка астываў. І гэтак жа дакладна, як я абмаляваў Амадыса, я мог бы, здаецца мне, паказаць і апісаць усіх выведзеных у раманах вандроўных рыцараў, якія калі-небудзь вандравалі па свеце, бо, прыняўшы пад увагу, што яны былі іменна такімі, як аб іх пішуць у раманах, ведаючы іх нораў і подзвігі, заўсёды можна з дапамогай правільных вывадаў вызначыць іх рысы, колер твару і рост.

— Сеньёр Дон Кіхот, а якога росту быў, па-вашаму, велікан Маргант? — спытаў цырульнік.

— Адносна веліканаў існуюць розныя меркаванні, — адказаў Дон Кіхот. — Хто кажа, што яны былі, хто кажа, што не, аднак жа ў свяшчэнным пісанні, дзе ўсё да апошняга слова — поўная праўда, маецца сведчанне таго, што яны былі, бо свяшчэннае пісанне расказвае нам гісторыю гэтага дужага філістымляніна Галіяфа134, які быў ростам сем з паловай локцяў, гэта значыць велічыні празмернай. Затым, на востраве Сіцыліі былі знойдзены галёначныя і плечавыя косці, і па іх памерах відаць, што яны належаць веліканам ростам з высокую вежу. Аднак жа, разам з тым, я не магу сказаць з упэўненасцю, якой велічыні дасягаў Маргант, хаця лічу, што наўрад ці быў ён вельмі высокі. Прыйшоў жа я да такога вываду, прачытаўшы адну кнігу, прысвечаную яго подзвігам, у якой асобна падкрэсліваецца тая акалічнасць, што ён часта начаваў пад дахам, а калі ж знаходзіліся такія дамы, дзе ён мог размясціцца, значыць памеры яго былі не надта вялізныя.

— Вось яно што! — прамовіў свяшчэннік.

Яму прыносіла задавальненне вялікая гэта бязглуздзіца, і таму ён спытаў, як уяўляе сабе Дон Кіхот вонкавы выгляд Рынальда Мантальванскага, Раланда і іншых пэраў Францыі, бо ўсе яны былі вандроўнымі рыцарамі.

— Адважуся сцвярджаць, — адказаў Дон Кіхот, — што Рынальд быў шыракатвары, з мітуслівымі крыху лупатымі вачамі, самалюбівы і запальчывы да немагчымасці, вадзіўся з разбойнікамі і цёмнымі людзьмі. Што ж тычыцца Раланда, то я лічу і сцвярджаю, што росту ён быў сярэдняга, шыракаплечы, злёгку крываногі, смуглы тварам, рыжабароды, целам валасаты, з позіркам грозным, скупы на слова, аднак жа вельмі далікатны і добра выхаваны.

Тут на двары пачуліся гучныя крыкі ключніцы і пляменніцы, якія яшчэ раней выйшлі з пакоя, і ўсе выбеглі на шум.


Раздзел II, які апавядае аб вартай увагі спрэчцы Санча Пансы з пляменніцай і ключніцай Дон Кіхота, а таксама і аб іншых забаўных рэчах

Такім чынам, Дон Кіхот, свяшчэннік і цырульнік пачулі галасы ключніцы і пляменніцы, якія крычалі на Санча Пансу; Санча дамагаўся, каб яго прапусцілі да Дон Кіхота, а яны яму заступалі ўваход.

— Што гэтаму валацугу тут трэба? Выбірайся прэч, братка, пакуль цэлы: гэта ж ты, а не хто іншы, спакушаеш і зманьваеш майго пана і цягаеш яго па розных ветрах.

Санча ж на гэта адказаў так:

— Чортава ключніца! Зманьвалі, спакушалі і цягалі па розных нетрах мяне, а не вашага пана: гэта ён пацягнуў мяне блукаць па белым свеце, — так што вы абедзве трапілі пальцам у неба, — гэта ён хітрыкамі выцягнуў мяне з дому, паабяцаўшы востраў, якога я да гэтага часу чакаю.

— Каб ты праваліўся з паскудным тваім востравам, пракляты Санча! — умяшалася пляменніца. — І што гэта яшчэ за астравы? Што, ты іх есці будзеш, ласун, абжора ты гэтакі?

— Ды не есці, а валодаць імі і кіраваць, — запярэчыў Санча, — і яшчэ лепш, чым дзесяць гарадскіх саветаў і дзесяць сталічных алькальдаў135.

— А ўсё ж такі ты, ёмішча заган і гнездзішча хітрасці, сюды не ўвойдзеш! — аб’явіла ключніца. — Ідзі кіруй сваім домам, ары свой кавалак зямлі і забудзь пра ўсе астравы і чортастравы на свеце.

Свяшчэнніка і цырульніка нямала пазабаўляла гэта сварка; Дон Кіхот жа, баючыся, як бы Санча не набалбатаў і не намалоў усялякага шкоднага глупства і не закрануў чагосьці такога, што магло б кінуць цень на яго, Дон Кіхота, добрае імя, паклікаў яго і загадаў жанчынам замаўчаць і прапусціць наведвальніка. Санча ўвайшоў, а свяшчэннік і цырульнік развіталіся з Дон Кіхотам, на выздараўленне якога яны цяпер страцілі ўсялякую надзею: так упарціўся ён у сваіх дзівацкіх меркаваннях аб гэтым злашчасным рыцарстве і так прастадушна быў паглыблены ў свае развагі аб ім, а таму свяшчэннік сказаў цырульніку:

— Вось убачыце, шаноўны дружа: аднаго дня сябар наш зноў дасць цягу.

— He сумняваюся, — адклікнуўся цырульнік. — Аднак жа мяне не столькі здзіўляе вар’яцтва рыцара, колькі прастадушнасць збраяносца: ён так паверыў у свой востраў, што ніякія расчараванні, лічу я, не выб’юць у яго гэтага з галавы.

— Няхай дапаможа ім бог, — сказаў свяшчэннік, — a мы будзем на варце: паглядзім, да чаго прывядзе ўвесь гэты ланцуг дзівацтваў як рыцара, так і збраяносца. Сапраўды, іх абодвух быццам адлілі ў адной і той жа форме, і вар’яцтва пана без глупства слугі не варта было б ломанага гроша.

— Вы праўду кажаце, — заўважыў цырульнік. — І цікава было б ведаць, аб чым яны зараз размаўляюць.

— Я ўпэўнены, — сказаў свяшчэннік, — што пляменніца ці ключніца нам потым раскажуць: у іх жа такі звычай — усё падслухоўваць.

Між тым Дон Кіхот зачыніўся з Санча ў сваім пакоі і, застаўшыся з ім удвух, загаварыў:

— Мяне вельмі засмучае, Санча, што ты сцвярджаў і сцвярджаеш, быццам я прымусіў цябе пакінуць наседжанае месцейка, але ж ты ведаеш, што і я не заставаўся на месцы: адправіліся мы ўдвух, удвух паехалі, удвух і вандравалі, і тая ж доля і той жа лёс напаткалі нас абодвух: калі цябе адзін раз падкідвалі на коўдры, то мяне сто разоў лупцавалі, вось і ўсе мае перад табой перавагі.

— Ды гэта ж звычайная рэч, — запярэчыў Санча, — самі ж вы, ваша міласць, кажаце, што няшчасці — гэта хутчэй для вандроўных рыцараў, чым для збраяносцаў.

— Ты памыляешся, — заўважыў Дон Кіхот, — калі баліць галава, то баліць і ўсё цела, а паколькі я твой пан і сеньёр, то я — галава, ты ж — частка майго цела, бо ты мой слуга, вось таму калі бяда здарылася са мною, то яна адбіваецца на табе, а на мне — твая.

— Гэта ўсё так, — сказаў Санча, — аднак жа калі мяне, частку вашага цела, падкідвалі на коўдры, то галава мая знаходзілася за плотам, глядзела, як я ўзлятаў у паветра, і не адчувала пры гэтым ніякага болю, а калі цела павінна балець разам з галавою, то і галава павінна балець разам з целам.

— Ты хочаш сказаць, Санча, што мне не было балюча, калі цябе падкідвалі на коўдры? — спытаў Дон Кіхот. — Дык вось, калі ты гэта хочаш сказаць, то не кажы так і не думай, бо душа мая балела тады мацней за тваё цела. Аднак жа пакінем пакуль што гэту размову, потым мы ўсё гэта яшчэ абмяркуем і ўзважым. А цяпер скажы, дружа Санча, што кажуць пра мяне ў вёсцы? Што кажуць пра мяне простыя людзі, гідальга і кавальера? Як успрымаюць маю храбрасць, мае подзвігі і маю ветлівасць? Якія ходзяць чуткі аб маім пачынанні — аднавіць і зноў заснаваць ва ўсім свеце даўно забыты рыцарскі ордэн? Адным словам, я жадаю, каб ты расказаў мне, Санча, усё, што наконт гэтага ты пачуў. І ты павінен мне гэта паведаміць не тоячыся і без прыхарошвання, бо верныя васалы павінны гаварыць сеньёрам сваім усю чыстую праўду, не перабольшваючы яе ліслівасцю і не змяняючы фальшывай павагай. І ты павінен ведаць, Санча, што калі б да вушэй гасудароў даходзіла голая праўда, не аздобленая ліслівасцю, то насталі б іншыя часы і мінулыя вякі ў параўнанні з нашым пачалі б здавацца жалезнымі; тады як наш, трэба меркаваць, падаўся б залатым. Няхай жа гэтыя мае словы будуць табе навукай, Санча, каб ты сумленна і талкова далажыў мне ўсю праўду аб тым, што мяне, як табе вядома, хвалюе.

— Я гэта зраблю з вялікай ахвотай, васпан мой, — сказаў Санча, — з умовай, аднак жа, што ваша міласць на мае словы не раззлуецца, калі жадае, каб я выставіў усю праўду голай, не апранаючы яе ні ўва што, апрача таго адзення, у якім яна дайшла да мяне.

— І не падумаю злавацца, — сказаў Дон Кіхот. — Можаш, Санча, гаварыць свабодна і без акалічнасцей.

— Ну, дык, па-першае, я вам скажу, — пачаў Санча, — што народ лічыць вашу міласць самым сапраўдным вар’ятам, а я, маўляў, таксама прыдуркаваты. Гідальга кажуць, што звання гідальга вашай міласці падалося мала і вы прыставілі да свайго імя дон і, хоць у вас усяго дзве-тры вінаградныя лазы, а зямліцы — валу павярнуцца няма дзе, узвялі сябе ў кавальера. Кавальера кажуць, што яны не любяць, калі з імі цягаюцца гідальга, асабліва такія, якім падыходзіць хіба што конюхамі быць і якія абутак чысцяць сажай, а чорныя панчохі цыруюць зялёным шоўкам.

— Гэта да мяне не адносіцца, — сказаў Дон Кіхот, — адзеты я заўсёды прыстойна, лапленага не нашу.

— Адносна ж храбрасці, далікатнасці, подзвігаў і пачынанняў вашай міласці, — працягваў Санча, — то на гэты конт існуюць розныя меркаванні. Адны кажуць: “Вар’ят, але забаўны”, другія: “Смяльчак, але няўдачнік”, трэція: “Далікатны, але дурны”, і ўжо як пачнуць абгаворваць, дык і вашай міласці і мне ўсе костачкі перамыюць.

— Прымі вось што да ўвагі, Санча, — загаварыў Дон Кіхот. — Варта толькі дабрадзейнасці дасягнуць значнай вышыні, як яе пачынаюць ужо даймаць. Ніхто ці амаль ніхто са славутых дзеячаў мінулага не пазбег ганебнага праклёну. Юлія Цэзара, самага бясстрашнага, самага прадбачлівага і самага адважнага палкаводца, папракалі ў славалюбстве і несумленнасці. Аб Аляксандры, які подзвігамі сваімі здабыў сабе назву “вялікага”, кажуць, быццам бы ён быў пестуном. Пра дона Галаара, брата Амадыса Гальскага, ходзяць чуткі, быццам бы ён празмерна быў сварлівы, а што яго брат — быццам бы плакса. А таму, о Санча, сярод шматлікіх плётак пра славутых людзей плёткі пра мяне пройдуць незаўважна, калі толькі ты чагосьці не ўтоіў.

— У тым якраз уся загваздка, не бачыць бацьку майму царства нябеснага! — усклікнуў Санча.

— Значыць, гэта яшчэ не ўсё? — спытаў Дон Кіхот.

— Ягадкі яшчэ наперадзе, — адказаў Санча, — а пакуль што гэта былі ўсяго толькі кветачкі. Калі ж ваша міласць хоча ведаць паклёпы, што распаўсюджваюцца пра вас, то я мігам прывяду аднаго чалавека, і ён вам іх выкладзе ўсе да адзінай, вось чаго не ўпусціць. Учора вечарам прыехаў сын Барталаме Караскі, той, што вучыўся ў Саламанцы136 і стаў бакалаўрам, і я пайшоў павіншаваць яго з прыездам, а ён мне сказаў, быццам выйшла ў свет гісторыя вашай міласці пад назвай Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі, і яшчэ ён сказаў, быццам мяне там вывелі пад маім уласным імем — Санча Пансы, і сеньёру Дульцынею Табоскую таксама, і быццам там ёсць усё, што адбывалася між намі двума, так што я ад страху пачаў хрысціцца: адкуль, думаю, усё гэта стала вядома аўтару?

— Запэўніваю цябе, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — што наш летапісец — гэта, ужо дакладна, які-небудзь мудры вяшчун: ад такіх, аб чым бы яны ні пажадалі пісаць, нічога не схаваецца.

— Дык вось, — сказаў Санча, — калі ваша міласць пажадае, каб я прывёў сюды бакалаўра, то я па яго жыва злятаю.

— Я буду табе вельмі ўдзячны, дружа мой, — сказаў Дон Кіхот. — Ты мне загадаў загадку, і я не буду ні піць, ні есці, пакуль усяго не разведаю.

— Ну, дык я па яго схаджу, — паўтарыў Санча.

І, пакінуўшы свайго пана, ён пайшоў да бакалаўра і неўзабаве разам з ім вярнуўся, і тут паміж імі трыма пачалася вельмі забаўная размова.


Раздзел III. Аб пацешнай размове, якая адбывалася паміж Дон Кіхотам, Санча Пансам і бакалаўрам Самсонам Караскам

Бакалаўр хоць і зваўся Самсонам137, аднак жа быў невысокага росту, затое незвычайна хітры; колер твару ў яго быў пазбаўлены жыцця, затое розумам ён вызначаўся вельмі жывым; гэты дваццацічатырохгадовы малады чалавек быў круглатвары, кірпаносы, велікароты, што выдавала насмешлівы нораў і схільнасць да забаў і жартаў. Гэтыя самыя ўласцівасці ён і выявіў, як толькі ўбачыў Дон Кіхота; ён адразу ж апусціўся перад ім на калені і сказаў:

— Ваша вялікасць, сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі, падайце мне вашы рукі, бо ваша міласць — адзін з найславутых вандроўных рыцараў, якія калі-небудзь з’яўляліся ці яшчэ з’явяцца на зямной паверхні, і няхай будзе благаслаўлёны той, хто напісаў гісторыю вялікіх вашых спраў!

Дон Кіхот папрасіў яго ўстаць і сказаў:

— Значыць, мая гісторыя і сапраўды напісана?

— Чыстая праўда, сеньёр, — адказаў Самсон, — і я нават ручаюся, што ў гэты час яна аддрукавана колькасцю больш за дванаццаць тысяч кніг138. Калі не верыце, запытайце Партугалію, Барселону і Валенсію, дзе яна друкавалася, і яшчэ ходзяць чуткі, быццам бы яе зараз друкуюць у Антверпене, і мне здаецца, што хутка не застанецца такога народу, які не прачытаў бы яе на сваёй роднай мове.

— Нішто не можа прынесці чалавеку дабрадзейнаму і славутаму такога поўнага задавальнення, — сказаў на гэта Дон Кіхот, — як усведамленне, што дзякуючы друкаванаму слову добрая аб ім пагалоска яшчэ пры яго жыцці гучыць на мовах народаў. Я кажу: добрая пагалоска, бо калі наадварот, то з гэтым ніякая смерць не параўнаецца.

— Што тычыцца добрай славы і добрага імя, — падхапіў бакалаўр, — то ваша міласць пераўзыходзіць усіх вандроўных рыцараў, бо пісьменнік пастараўся самымі маляўнічымі выразамі апісаць малайцаватасць вашай міласці, вялікую мужнасць вашу ў хвіліну небяспекі, стойкасць у няшчасцях, цярплівасць у час нягод, a таксама пры раненнях і, нарэшце, чысціню захаплення вашай міласці сеньёраю доннай Дульцынеяй Табоскай.

— Я ніколі не чуў, каб сеньёру Дульцынею звалі донна, — умяшаўся тут Санча, — яе завуць проста сеньёра Дульцынея Табоская, так што ў гэтым пісьменнік памыляецца.

— Тваё пярэчанне неістотнае, — заўважыў Караска.

— Вядома, не, — адклікнуўся Дон Кіхот. — Аднак жа скажыце мне, сеньёр бакалаўр: якія з подзвігаў маіх асабліва праслаўляюцца ў гэтай гісторыі?

— На гэты конт, — адказаў бакалаўр, — існуюць розныя меркаванні, бо розныя ў людзей густы. Адны маюць схільнасць да прыгод з млынамі, якія ваша міласць палічыла за веліканаў, іншыя — да прыгод з сукнавальнямі; хто — да апісання дзвюх рацей, якія потым аказаліся авечымі чародамі, хто захапляецца прыгодай з мёртвым целам, якое везлі хаваць у Сеговію; адзін кажа, што самая лепшая прыгода з вызваленнем катаржнікаў, іншы — што над усім узвышаецца прыгода з двума веліканамі — бенедыктынцамі і схватка з доблесным біскайцам. Мудрэц нічога не пакінуў на дне чарнільніцы, ён закрануў усё і аб усім расказаў, нават аб тым, як добры Санча куляўся на коўдры.

— Hi на якой коўдры я не куляўся, — запярэчыў Санча. — У паветры, праўда, куляўся, і нават больш, чым мне таго хацелася.

— Як я разумею, — загаварыў Дон Кіхот, — у кожнай свецкай гісторыі павінны быць свае нягоды, асабліва ў такой, у якой размова ідзе аб рыцарскіх подзвігах, — не можа ж яна апісваць адны толькі ўдачы.

— Як бы там ні было, — сказаў бакалаўр, — некаторыя чытачы кажуць, што ім больш спадабалася б, калі б пісьменнік скараціў бясконцую колькасць гэтых удараў, якія ў час розных сутычак сыпаліся на сеньёра Дон Кіхота.

— Гісторыя павінна быць праўдзівай, — заўважаў Санча.

— І ўсё ж можна было б прамаўчаць аб гэтым з пачуцця справядлівасці, — запярэчыў Дон Кіхот, — бо няма патрэбы апісваць здарэнні, якія хоць і не парушаюць і не скажаюць праўды гістарычнай, аднак жа могуць зняважыць героя. Сказаць шчыра, Эней не быў такі набожны, як яго паказаў Вергілій, а Уліс — такі хітры, як яго прадставіў Гамер.

— Так, — пагадзіўся Самсон, — але адна справа — паэт, а другая — гісторык. Паэт, расказваючы аб падзеях або апяваючы іх, можа паказаць іх не такімі, якімі яны былі на самай справе, а такімі, якімі яны павінны былі быць; гісторыку ж патрэбна апісваць іх не такімі, якімі яны павінны былі быць, а такімі, якія яны былі сапраўды, нічога пры гэтым не апускаючы і не прыдумваючы.

— Калі ўжо пісьменнік выклаў усю праўду, — заўважыў Санча, — значыць, сярод удараў, якія атрымаў мой пан, абавязкова лічацца і тыя, што атрымліваў я, бо не было яшчэ такога выпадку, каб, здымаючы мерку са спіны майго пана, не знялі заадно і з усяго майго цела. Зрэшты, тут няма нічога дзіўнага: мой пан сам жа кажа, што галаўны боль аддаецца ва ўсіх членах.

— Ну і шэльма ж вы, Санча! — прамовіў Дон Кіхот. — На што, на што, а на тое, што вам выгадна, у вас, сапраўды, нядрэнная памяць.

— Ды калі б я і хацеў забыць пра дубінкі, якія па мне прайшліся, — запярэчыў Санча, — дык усё роўна не мог бы з-за сінякоў: да рэбраў жа маіх і цяпер не дакрануцца.

— Памаўчыце, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — і не спыняйце сеньёра бакалаўра, я ж са свайго боку прашу яго працягваць і расказаць усё, што ў згаданай гісторыі гаворыцца пра мяне.

— І пра мяне, — уставіў слова Санча, — кажуць жа, я адзін з яе галоўных прэсанажаў.

— Персанажаў, а не прэсанажаў, дружа Санча, — паправіў Самсон.

— Яшчэ адзін строгі настаўнік знайшоўся! — сказаў Санча. — Калі мы будзем за кожнае слова чапляцца, то ніколі не скончым.

— Няхай маё жыццё будзе няшчасным, калі ты, Санча, не з’яўляешся ў гэтай гісторыі другой асобай, — аб’явіў бакалаўр, — і знаходзяцца нават такія чытачы, якім прыносіш ты больш задавальнення сваімі выказваннямі, чым самая важная асоба ва ўсёй гэтай гісторыі. Хоць, урэшце, некаторыя кажуць, што ты выявіў празмерную даверлівасць, паверыўшы ў магчымасць стаць губернатарам на востраве, які быў табе паабяцаны прысутным тут сеньёрам Дон Кіхотам.

— Час яшчэ ёсць, — зазначыў Дон Кіхот, — і чым больш будзе Санча ўваходзіць ва ўзрост, тым больш з гадамі ў ягонабярэцца вопыту, тым больш здольным і ўмелым будзе ён губернатарам.

— Далібог, сеньёр, — сказаў Санча, — не губернатарнічаў я на востраве ў тым узросце, у якім знаходжуся цяпер, і не губернатарнічаць мне там і ва ўзросце Мафусаілавым139. Бяда не ў тым, што ў мяне нестае кемнасці, каб кіраваць ім, а ў тым, што сам гэты востраў невядома куды дзеўся.

— Даверцеся богу, Санча, — прамовіў Дон Кіхот, — і ўсё будзе добра, і, магчыма, нават яшчэ лепш, чым вы чакаеце, бо без волі божай і ліст на дрэве не зварухнецца.

— Абсалютная праўда, — зазначыў Самсон, — калі бог захоча, то да паслуг Санча будзе не тое што адзін, a цэлая тысяча астравоў.

— Набачыўся я гэтых самых губернатараў! — сказаў Санча. — Па-мойму, яны мне падноска не варты, a ўсё ж такі іх называюць ваша правасхадзіцельства і ядуць яны на срэбры.

— Гэта не губернатары астравоў, — запярэчыў Самсон, — у іх іншыя вобласці, прасцейшыя, — губернатары астравоў павінны ведаць, у крайнім выпадку, арыфметыку.

— З арэхамі якраз я ў ладах, — сказаў Санча, — a вось што такое метыка — тут ужо я ні ў зуб нагой, не разумею, што гэта можа азначаць. Аднак жа перададзім лёсы астравоў у рукі божыя і няхай пашле мяне бог туды, дзе я больш за ўсё магу спатрэбіцца. Я ж вам вось што скажу, сеньёр бакалаўр Самсон Караска: я вельмі задаволены, што аўтар гэтай гісторыі, расказваючы аб маіх прыгодах, не гаворыць пра мяне ніякіх непрыемных рэчаў, таму, слова гонару збраяносца, калі б расказаў ён пра мяне штосьці такое, што не да твару такому паважанаму чалавеку, як я, то мой голас пачулі б і глухія.

— Гэта быў бы цуд, — зазначыў Самсон.

— Цуд не цуд, — адрэзаў Санча, — а толькі кожны павінен думаць, што ён гаворыць або што піша аб прэсонах, а не ляпаць без разбору ўсё, што прыйдзе ў галаву.

— Адным з недахопаў гэтай гісторыі, — працягваў бакалаўр, — лічыцца тое, што аўтар забыў нагадаць, што зрабіў Санча з той сотняй эскуда, якую ён знайшоў у чамадане ў Сьера-Марэны. Аўтар аб гэтым прамаўчаў, а між іншым многім хацелася б ведаць, што Санча на іх зрабіў і як ён імі распарадзіўся, — вось гэтай істотнай падрабязнасці ў кнізе і нестае.

Санча на гэта адказаў так:

— Мне, сеньёр Самсон, зараз не да падлікаў і не да справаздач: у мяне такая слабасць у страўніку, што калі я не глыну для бадзёрасці моцнага віна, то высахну як трэска. Дома ў мяне ёсць віно, мая найдаражэйшая палавіна мяне чакае, я толькі перакушу, a потым вярнуся і задаволю вашу міласць і кожнага, хто толькі ні пажадае мяне спытаць, на што я зрасходаваў сто эскуда.

І, не чакаючы адказу і ні слова больш не сказаўшы, Санча пайшоў дадому.

Дон Кіхот пачаў прасіць і ўгаворваць бакалаўра застацца і перакусіць з ім чым бог паслаў. Бакалаўр даў згоду на запрашэнне і застаўся; як дадатковая страва была пададзена пара галубоў; за сталом размаўлялі аб рыцарстве; Караска падтакваў гаспадару; банкет закончыўся, усе ляглі падрамаць, Санча вярнуўся, і спыненая гутарка аднавілася.


Раздзел IV, у якім Санча Панса адказвае на неўразумелыя пытанні бакалаўра Самсона Караскі, а таксама адбываюцца падзеі, аб якіх варта ведаць і расказаць

Санча вярнуўся да Дон Кіхота і, аднаўляючы перапыненую размову, сказаў:

— Сеньёр Самсон гаворыць, што яму цікава ведаць, што ж сталася з сотняй эскуда. Я зрасходаваў іх на сябе асабіста, на жонку і на дзяцей, і толькі дзякуючы ім я і не атрымаў ад жонкі наганяю за тое, што, знаходзячыся на службе ў майго пана Дон Кіхота, аб’ездзіў усе шляхі-дарожкі. A то, калі б я праз столькі часу заявіўся дамоў з пустымі рукамі, мяне б чакала незайздросная доля. Калі ж вы яшчэ штосьці жадаеце ведаць пра мяне, то я да вашых паслуг, гатовы адказваць хоць перад самім каралём, перад уласнай яго прэсонай, ды і нікога гэта не тычыцца — прывёз я грошы ці не прывёз, зрасходаваў ці не зрасходаваў, бо калі б за ўсе кухталі, якіх мне надавалі за час майго падарожжа, разлічваліся грашыма, хаця б па чатыры мараведзі за кожны, дык не тое што ста, але і двухсот эскуда не хапіла б, каб разлічыцца толькі за палавіну, і няхай кожны спытае спачатку сваё сумленне, a потым ужо белае называе чорным, а чорнае белым: мы ж усе такія, якімі нас гасподзь бог стварыў, а бывае, што і таго горш.

— А ці не збіраецца, чаго добрага, аўтар выдаць другую частку? — спытаў Дон Кіхот.

— Як жа, збіраецца, — адказаў Самсон. — Але толькі некаторыя кажуць: “Другая частка ніколі не бывае ўдачнай”, а іншыя: “Пра Дон Кіхота напісана ўжо дастаткова”, так што гэта яшчэ пад сумненнем, ці выйдзе другая частка. Зрэшты, людзі не панурыя, a жыццярадасныя просяць: “Давайце нам яшчэ прыгоды Дон Кіхота, няхай ён змагаецца, а Санча Панса меле, расказвае аб чым хоча — мы ўсім будзем задаволены”. Да таго ж аўтар не столькі за пахвалой гоніцца, колькі за прыбыткам.

На гэта Санча яму адказаў:

— Так, значыць, аўтар прагны да грошай, да прыбытку? Ну, тады гэта проста цуд будзе, калі ён напіша ўдала: яму ж давядзецца фастрыгаваць жывой ніткай, як усё роўна краўцу перад самым Вялікаднем, творы ж, напісаныя спехам, ніколі не дасягаюць належнага майстэрства. He, няхай жа гэты самы аўтар пастараецца, а мы ўжо з маім панам наконт прыгод і розных здарэнняў не паскнарнічаем, так што ён не толькі другую, але і цэлых сто частак напісаць зможа. Ён якраз, небарака, мусіць, думае пра нас: маўляў, як сыр у масле плаваюць, а паглядзеў бы, у якім дастатку мы тут жывём, — бадай, ад такога дастатку ножкі выцягнеш. А пакуль вось што я скажу: калі б паслухаўся мяне мой пан, мы б ужо даўно былі ў чыстым полі, выкаранялі б зло і выраўноўвалі б крыўду, як гэта прынята і як гэта заведзена ў добрых вандроўных рыцараў.

He паспеў Санча вымавіць гэта, як да іх данеслася ржанне Расінанта. Дон Кіхот палічыў гэта за вельмі добрую прыкмету і вырашыў дні праз тры ці чатыры зноў адправіцца ў паход. Ён узяў з бакалаўра слова трымаць гэта ў тайне ад усіх, у прыватнасці ад свяшчэнніка і маэсе Нікаласа, а таксама і ад пляменніцы і ключніцы, каб яны не перашкодзілі высакароднаму і смеламу яго пачынанню. Караска паабяцаў. Пасля гэтага, развітваючыся з Дон Кіхотам, ён звярнуўся да яго з просьбай пры выпадку паведамляць яму аб усіх удачах і няўдачах. І тут яны рассталіся, а Санча пайшоў рыхтавацца да ад’езду.


Раздзел V. Аб дасціпнай і забаўнай размове, якую вялі паміж сабой Санча Панса і яго жонка Тэрэса Панса,а таксама аб іншых здарэннях, аб якіх мы не без прыемнасці нагадаем

Санча вярнуўся дадому радасны і вясёлы, настолькі, што жонка, адчуўшы гэту весялосць на адлегласці арбалетнага выстралу, спытала:

— Што з табой, дружа Санча, чаму ты такі вясёлы?

А Санча ёй на гэта адказаў:

— Была б на тое божая воля, жонка, я б куды ахвотней так не радаваўся.

— Я цябе не разумею, мужычок, — сказала жонка, — не дабяру розуму, што ты хочаш гэтым сказаць: была б, маўляў, на тое божая воля, ты б значна ахвотней не радаваўся. Я хоць жанчына цёмная, а ўсё ж такі не магу сабе ўявіць, як гэта можна быць задаволеным таму, што не атрымліваеш задавальнення.

— Слухай, Тэрэса, — сказаў Санча, — я вясёлы таму, што вырашыў вярнуцца на службу да пана майго Дон Кіхота, які мае намер трэці раз выехаць на пошукі прыгод, і я зноў паеду з ім: мяне на гэта штурхае беднасць разам з радаснай надзеяй а раптам я знайду яшчэ сто эскуда для замены ўжо зрасходаваных; хоць, з другога боку, мяне засмучае расстанне з табой і з дзецьмі. І вось, калі б бог так захацеў, каб я зарабляў на кавалак хлеба без асаблівых клопатаў і ў сябе дома, не цягаючыся па гіблых мясцінах ды па раздарожжах, — а богу ж гэта нічога не каштуе, толькі б захацець, — весялосці маёй, зразумела, была б іншая цана, а то ж да яе прымешваецца гаркота расстання з табой. Вось і выходзіць, што я меў рацыю, калі казаў, што была б на тое божая воля, я больш ахвотна б радаваўся.

— Паслухай, Санча, — сказала Тэрэса, — з таго часу як ты стаў праваю рукою вандроўнага рыцара, ты так пятляеш, што цябе ніхто не можа зразумець.

— Дастаткова і таго, жонка, што мяне разумее гасподзь бог, а ён усё на свеце разумее, — запярэчыў Санча. — Ну добра, пакінем гэта. Вось што, матухна: табе давядзецца на працягу трох дзён добра даглядаць шэрага, каб прывесці яго да баявой гатоўнасці: падвой яму порцыю аўса, агледзь сядло і іншае прыладдзе, — мы ж не на вяселле едзем, нам давядзецца бадзяцца па свеце, вытрымліваць сутычкі з веліканамі і пачварамі, чуць шыпенне, рык, роў і лямант, і ўсё гэта, аднак жа, адно глупства ў параўнанні з янгуасцамі.

— Ды ўжо я бачу, мужычок, — сказала Тэрэса, — што хлеб вандроўных збраяносцаў — гэта хлеб працоўны, і я буду бога маліць, каб ён найхутчэй пазбавіў цябе ад такіх напасцяў.

— Я табе прама кажу, жонка, — сказаў Санча, — калі б я не разлічваў у хуткім часе стаць губернатарам вострава, мне б і жыццё зрабілася нямілым.

— Ну не, мужычок, — запярэчыла Тэрэса, — жыві, жыві, певунок, хоць і на языку ціпунок, і ты сабе жыві, і няхай чорт забярэ ўсе губернатарствы на свеце: не губернатарам выйшаў ты з лона маці, не губернатарам пражыў да гэтага дня і не губернатарам ты сядзеш, ці, дакладней, цябе пакладуць у труну, каліна тое будзе божая воля. He ўсе ж на свеце губернатары — і нічога: людзі як людзі, жывуць сабе і жывуць. Сама лепшая прыправа — гэта голад, і ў беднякоў яго заўсёды ўдосталь, таму якраз яны і ядуць у ахвоту. Але толькі ты глядзі ў мяне, Санча: калі ты незнарок выскачыш у губернатары, то не забудзь пра мяне і пра дзяцей. Памятай, што Санчыка ўжо споўнілася пятнаццаць і яму ў школу пара. Яшчэ памятай, што дачка твая, Марысанча, зусім нават не супраць выйсці замуж, — мне здаецца, што яна думае пра мужа не менш, чым ты аб губернатарстве.

— Клянуся гонарам, — прамовіў Санча, — калі бог пашле мне штосьці накшталт губернатарства, то я, мілая жоначка, выдам Марысанчу за такую высокую асобу, што яе пачнуць называць не інакш, як ваша яснавяльможнасць.

— Ну не, Санча, — запярэчыла Тэрэса, — выдай яе за раўню, гэта будзе справа лепшая, a то калі замест драўляных чаравікаў яна абуе туфлікі, замест таннай сукеначкі апране шаўковую ды з фіжмамі і замест Марыка, ты ўсе пачнуць называць яе донна такая вось і ваша яснавяльможнасць, дык дзяўчынка разгубіцца, на кожным кроку пачне трапляць у няёмкае становішча, і тут якраз па пражы адразу будзе відаць тоўстае і грубае радно.

— Маўчы, дурніца! — сказаў Санча. — Годзікі два-тры ёй патрэбна будзе трохі прызвычаіцца, а там панскія замашкі і важнасць падыдуць ёй якраз, а не падыдуць — што за бяда? Толькі б ёй стаць вашай яснавяльможнасцю, а ўсё астатняе — лухта.

— Рабі ў адпаведнасці са сваім уласным званнем, Санча, — сказала Тэрэса, — не лезь у знаць і завучы прыказку: “Вытры нос суседскаму сыну і бяры яго да сябе зяцем”. Падумаеш, якое шчасце — выдаць Марыку за якога-небудзь графіня ці там дваранчыка, каб ён затым даймаў яе і ледзь што абзываў дзеравеншчынай: бацька, маўляў, у цябе просты мужык, а маці — праля! He, дружа ты мой, нізашто! Ці для таго я яе гадавала? Лепш, Санча, прывозь жа хутчэй грошай, a выдаць яе замуж — гэта мая справа: у мяне на прыкмеце сын Хуана Точа, Лопэ Точа, моцны, дужы хлопец, усе мы яго ведаем, і дзяўчына, відаць, яму спадабалася: вось з ім якраз, таму што ён раўня, яна і будзе шчаслівая, і будуць яны заўсёды ў нас перад вачамі, і будзем мы жыць адной сям’ёй, бацькі і дзеці, зяці і ўнукі, у згодзе, і благаславенне божае вечна будзе з усімі намі, і не смей ты мне аддаваць яе ў сталіцу ці ў які-небудзь вялізны палац: там і людзі яе не зразумеюць і яна нікога не зразумее.

— Ах ты дурніца! — усклікнуў Санча. — Ну якая табе карысць — не даваць мне засватаць дачку за такога чалавека, каб унукаў маіх называлі ваша яснавяльможнасць? Вось што, Тэрэса, мне часцяком даводзілася чуць ад старых: хто не здолеў выкарыстаць шчасце, калі яно само ў рукі давалася, той няхай, маўляў, не скардзіцца, калі яно прайшло міма. Вось і нядобра будзе, калі мы цяпер зачынім дзверы, калі яно само да нас стукаецца: вецер дзьме спадарожны, няхай жа ён нас і нясе. Кажы, неразумнае стварэнне, чым жа гэта дрэнна, калі я прыбяру да рук якое-небудзь выгаднае губернатарства і дзякуючы яму мы ўсе выйдзем у людзі? Дай Марысанчы падчапіць, каго я пажадаю, і ты ўбачыш, што ўсе цябе пачнуць зваць доннай Тэрэсай Панса, і ў царкве ты, на злосць і на зайздрасць нашым дваранкам, будзеш сядзець на дыванах, ды на падушках, ды на шоўку. А не, дык і тарчы на адным месцы, ні туды ні сюды, як усё роўна царкоўная статуя! І досыць размоў, — як ты сабе хочаш, a Марысанча будзе графіняй.

— Ты разумееш, што кажаш, мужычок? — усклікнула Тэрэса. — Ды ж я чаго баюся: што гэта самае графства пагубіць маю дачку. Рабі як ведаеш, выдавай яе хоць за герцага ці за прынца, але толькі я прама кажу: не будзе на тое волі маёй і згоды. Я, дружа ты мой, заўсёды была за роўнасць і цярпець не люблю, калі без дай прычыны пачынаюць важнічаць. Пры хрышчэнні мне далі імя Тэрэса, імя простае і чыстае, без усялякіх гэтых дамешкаў, штуковін і фінціфлюшак — усялякіх там донаў і распрадонаў, бацька мой — па прозвішчы Каскаха, а мяне, паколькі я твая жонка, завуць Тэрэсай Панса, і я сваім імем задаволена, і не трэба мне ніякай донны,a то гэта такая цяжкая даважка, што мне не пад сілу будзе яе насіць, і не хачу я, каб пра мяне шушукаліся, калі я выйду расфуфыраная, як графіня ці як губернатарша, — ужо абавязкова скажуць: “Глядзіце, як зазналася наша мурза! Учора яшчэ не разгінаючы спіны лён часала, а ў царкву хадзіла, накрыўшыся падолам замест накідкі, a цяпер бач ты — фіжмы да засцежкі, і нос задзірае, як быццам яна ведаць нас не ведае”. Пакуль гасподзь богне пазбавіў мяне не то сямі, не то пяці пачуццяў адным словам, усіх, колькі іх у мяне павінна быць, — а сябе да такога сораму не давяду. Ты, васпан, можаш станавіцца губернатарам ці нейкім там востравам і напускаць на сябе важнасць, колькі душа пажадае, a мая дачка і я — клянуся памяццю маёй маці — нікуды з вёскі нашай не паедзем: жанчыне сумленнай — за калаўротам месца, а дзяўчыне сціплай свая хаціна — палац. Едзь са сваім Дон Кіхотам па прыгоды, а нам пакінь нашы няшчасці. Калі будзем жыць па-боску, дык і з намі што-небудзь добрае станецца.

— He, у цябе проста чорт усяліўся! — аб’явіў Санча. — Бог з табой, жонка, чаго ты толькі не нагарадзіла без усялякага сэнсу і толку! Ну што агульнага паміж засцежкамі, фінціфлюшкамі, прыказкамі, важнічаннем і тым, што я табе сказаў? Слухай ты, невук і тупіца (інакш цябе не назавеш, таму што ты слоў маіх не разумееш і не разумееш свайго шчасця): калі б я сказаў, што мая дачка павінна скокнуць з вежы ці пайсці бадзяцца па белым свеце, вось тады ты мела б права са мной не пагадзіцца, але калі я — раз-два і гатова, так што ты ахнуць не паспееш — прышпілю ёй донну і ваша яснавяльможнасць, і з гразі выведу ў князі. І будзе яна хадзіць у шоўку ды аксаміце, то чаму б табе не пагадзіцца і што табе яшчэ патрэбна?

— Ведаеш, мужычок, чаму я не згодна? — адказала Тэрэса. — Таму што, як кажуць: “Сукенка цябе апранае, сукенка цябе і распранае”. Таму што людзі акінуць бедняка позіркам — і добра, а на багацея яны вочы свае так і вытарашчваюць, і калі гэты багацей быў некалі бедняком, тут якраз злыя языкі і давай мянціць язык, а такіх у нашай вёсцы куды ні плюнь, як усё роўна пчол у вуллі.

— Пачакай, Тэрэса, — перапыніў яе Санча, — слухай, што я табе зараз скажу. Такога ты яшчэ зроду не чула, ды гэта і не мае словы: тое, што я маю намер табе сказаць, — гэта выказванні айца-прапаведніка, які ў мінулым годзе ў час вялікага посту ў нашай вёсцы прапаведаваў. І вось гэты самы прапаведнік, наколькі я памятаю, казаў так: усё, што, маўляў, мы бачым перад сабой цяпер, значна лепш укладваецца і змяшчаецца і значна мацней запамінаецца, чым тое, што было калісьці. Адсюль вынікае, што калі мы бачым асобу прыбраную, у дарагім адзенні і з ёю шмат слуг, то, нібы падахвочаныя нейкай сілай, мы міжвольна пранікаемся да яе павагай, хоць у той жа момант памяць падказвае нам, што раней гэту асобу мы бачылі абяздоленай, і ўсё ж такі гэтай ганьбы, чым бы яна ні была выклікана ці то беднасцю, ці то паходжаннем, — калі яна ўжо ў мінулым, не існуе, а існуе толькі тое, што мы бачым у гэту хвіліну. І калі той, каго лёс з бруду яго нікчэмнасці (а гэта дакладны выраз свяшчэнніка) узнёс на вяршыні дабрабыту, акажацца чалавекам добра выхаваным, шчодрым і з усімі прыязным і не пачне цягацца з вельмі даўняй знаццю, можаш быць упэўнена, Тэрэса, што ніхто і не ўспомніць, кім ён быў раней, а будуць шанаваць яго такім, які ён ёсць цяпер, апрача, хіба, зайздроснікаў; ну, ды ад іх ніякі шчаслівы лёс не ўратуецца.

— He разумею я цябе, мужычок, — сказала Тэрэса. — Рабі як ведаеш і не забівай мне галавы сваім балаканнем і пустаслоўем. І калі ўжо табе так забесхацелася…

— Захацелася трэба казаць, жонка, а не забесхацелася, — паправіў Санча.

— He спрачайся са мной, мужычок, — запярэчыла Тэрэса, — я кажу, як мне бог падказвае, без усялякіх гэтых выдумак. Дык вось што я хачу сказаць: калі ўжо табе так далося гэта губернатарства, то вазьмі з сабой свайго сына Санчыка і прама з гэтага часу прывучай яго губернатарнічаць, — гэта ж добра, калі дзеці ідуць па слядах бацькі і навучаюцца яго рамяству.

— Калі я буду губернатарам, — аб’явіў Санча, — то пашлю па яго паштовых коней, а табе прышлю грошай, якія ў мяне заўсёды знойдуцца, бо заўсёды знойдуцца ахвотнікі пазычаць губернатару, калі той сядзіць без гроша. Сына ж ты прыбяры так, каб не было заўважна, хто ён такі, а было відаць, якім яму варта быць.

— Прышлі толькі грошай, — сказала Тэрэса, — а ўжо ён у мяне будзе разадзеты вельмі шыкоўна.

— Ну, адным словам, — закончыў Санча, — мы з табой дамовіліся, што дачка наша павінна быць графіняй.

— У той дзень, калі яна стане графіняй, — запярэчыла Тэрэса, — я буду лічыць, што я яе пахавала. Але толькі я яшчэ раз скажу: рабі, як ты хочаш. Такая наша, жаночая, доля — ва ўсім падпарадкоўвацца мужу, хоць бы і бязглуздаму.

І тут яна залілася такімі слязамі, быццам Марысанча і сапраўды памерла і ўжо пахавана. Тады Санча, суцяшаючы, сказаў ёй, што хоць ён абавязкова зробіць сваю дачку графіняй, але толькі адкладзе гэта на як мага доўгі тэрмін. На гэтым і скончылася іх размова, і Санча вярнуўся да Дон Кіхота, каб канчаткова ўмовіцца аб ад'ездзе.


Раздзел VI. Аб размове Дон Кіхота са сваёю пляменніцаю і ключніцаю, і гэта адзін з самых важных раздзелаў ва ўсёй гэтай гісторыі

Пакуль Санча Панса і яго жонка Тэрэса вялі паміж сабой вышэйпрыведзеную бесталковую размову, пляменніца і ключніца Дон Кіхота не заставаліся незанятымі: па многіх прыкметах здагадаўшыся, што дзядзька іх і пан, які знемагаў ад прагі рыцарскіх, як яны лічылі, памылак, а не прыгод, мае намер трэці раз вырвацца ад іх, яны ўсімі магчымымі спосабамі спрабавалі адцягнуць яго ад такой шкоднай думкі, але толькі марна лямантавалі ў пустыні і кавалі халоднае жалеза. Разам з тым ключніца, якая доўга спрачалася з Дон Кіхотам, між іншым сказала яму:

— Сапраўды, васпан мой, калі вы не ўседзіце на месцы і зноў пачнеце бадзяцца па гарах і раўнінах, нібы непрыкаяны, і шукаць гэтай самай... як яе называюць... палёгкі, а я яе называю непрыемнасцю, то я паскарджуся богу і каралю і буду крычаць не сваім голасам, каб яны вам не дазволілі.

Дон Кіхот жа ёй на гэта адказаў:

— Ключніца, мне невядома, што гасподзь бог адкажа на твае скаргі, як невядома мне і тое, што адкажа яго вялікасць. Ведаю толькі, што калі б я быў каралём, то не стаў бы адказваць на ўсю гэту процьму недарэчных просьбаў, якія штодзень ідуць на яго імя, бо з усіх цяжкіх абавязкаў, што выконвае яго вялікасць, самы цяжкі — гэта ўсіх выслухоўваць і ўсім адказваць, вось чаму мне б не хацелася, каб яму надакучалі з маімі справамі.

Ключніца ж на гэта адказала:

— Хіба, сеньёр, пры двары яго вялікасці ёсць рыцары?

— Ёсць, — адказаў Дон Кіхот, — і нават многа, і гэтаму ёсць прычына, бо яны служаць бліскучым упрыгажэннем двара і падтрымліваюць веліч каралеўскага трона.

— Дык чаму б і вам, ваша міласць, не паслужыць каралю, свайму пану, седзячы мірна пры двары?

— Вось што, дарагая мая, — адказаў Дон Кіхот, — не ўсе рыцары могуць быць прыдворнымі, як не ўсе прыдворныя могуць і павінны быць вандроўнымі рыцарамі: у жыцці бываюць патрэбныя і першыя і другія. І хоць і ўсе мы — рыцары, аднак жа ёсць паміж намі вялізныя адрозненні. Прыдворныя, не выходзячы са сваіх пакояў і не пераступаючы цераз парог палаца, разгульваюць па ўсім свеце, гледзячы на карту, і гэта ім не каштуе ні граша і яны не церпяць ні спёкі, ні сцюжы, ні голаду, ні смагі, у той час як мы, рыцары вандроўныя ў поўным сэнсе гэтага слова, у спякоту, у холад, у буру, у непагадзь, ноччу і днём, пешшу і конна, з канца ў канец асабіста абыходзім дазорам зямлю. І мы ведаем ворагаў не толькі на малюнках, але і на справе, і пры кожнай сустрэчы і пры першым выпадку мы на іх нападзём, не ўлічваючы правілаў паядынку і ўсялякіх дробязей, напрыклад: ці не карацейшае ў аднаго з ворагаў кап’ё або шпага, і што ў праціўніка схавана на грудзях — рэліквія ці гэта які-небудзь тайны падвох, і як падзяліць паміж сабой сонечнае святло140, і іншых на іх падобных цырымоній, якіх звычайна прытрымліваюцца ў час адзінаборстваў і якія ты не ведаеш, а я ведаю. І яшчэ табе трэба ведаць вось што: добры вандроўны рыцар і перад дзесяццю веліканамі, чые галовы не толькі дакранаюцца да аблокаў, але і хаваюцца за імі і ў кожнага з якіх замест ног— дзве вельмі вялізныя вежы, рукі нагадваюць мачты вялікіх і магутных суднаў, а вочы — як млынавыя жорны і гараць, як шклоплавільныя печы, зусім не палохаецца. Наадварот, прыняўшы самавітую паставу, з душою, напоўненай адвагай, ён кідаецца на іх, б’ецца з імі, а надарыцца магчымасць, то ў імгненне вока адольвае і разбівае нашчэнт, хоць бы яны былі пакрыты луской нейкай асаблівай рыбы, — луской, кажуць, быццам бы цвярдзейшай за алмаз, — а замест шпаг узброены вострымі шаблямі з дамаскай сталі ці жалезнымі булавамі з наканечнікамі таксама са сталі, такія булавы мне асабіста даводзілася бачыць неаднойчы. Усё гэта, дарагая мая ключніца, я кажу для таго, каб ты зразумела розніцу паміж першымі і другімі рыцарамі. І, па-справядлівасці, гасудары павінны былі б больш цаніць разрад рыцараў вандроўных, сярод якіх, сцвярджае гісторыя, мы сустракаем і такіх, што выратавалі не адно, а шмат каралеўстваў.

— Ах, сеньёр! — усклікнула тут пляменніца. — Ды зразумейце ж вы нарэшце, ваша міласць: усё, што расказваюць аб вандроўных рыцарах, — гэта суцэльная хлусня і небыліцы, а кнігі пра іх варта было б спаліць або, у крайнім выпадку, надзець на іх санбеніта141, а яшчэ можна ставіць на іх асаблівыя знакі, каб усім было зразумела, што гэта бессаромныя баламуты і бунтаўшчыкі.

— Клянуся тварцом, — усклікнуў Дон Кіхот, — што калі б ты не была маёю роднаю пляменніцай, гэта значыць дачкой маёй роднай сястры, я так бы цябе правучыў за блюзнерскія твае словы, што чутка аб тым прайшла б па ўсім свеце. Ці можа быць, каб дзяўчына, якая і з каклюшкамі яшчэ не ўмее як трэба абыходзіцца, адважвалася мянціць языком і асуджаць кнігі аб вандроўных рыцарах! Што сказаў бы сеньёр Амадыс, калі б ён гэта пачуў? Зрэшты, ён, вядома, дараваў бы табе, бо гэта быў самы рахманы і далікатны рыцар свайго часу і да таго ж яшчэ вялікі абаронца дзяўчат, але калі б пачуў хто-небудзь іншы, то табе было б дрэнна, бо не ўсе рыцары аднолькава ветлівыя і пачцівыя, — ёсць сярод іх няветлівыя і грубыя. He ўсе ж, хто называе сябе рыцарамі, з’яўляюцца такімі ў поўнай меры: некаторыя зроблены з сапраўднага золата, іншыя — з падробнага, і трэба валодаць тонкім розумам, каб адрозніваць гэтыя два роды рыцараў, такія падобныя па назве і такія розныя па спосабе дзеянняў.

— Божа ты мой! — усклікнула пляменніца. — Вы так многа ведаеце, дзядзечка, што па неабходнасці маглі б узысці на кафедру і прапаведаваць дзе захочаце. І разам з усім гэтым слепата ваша такая вялікая і зацямненне такое відавочнае, што вы ўпэўнены ў сваёй адвазе, з’яўляючыся на самай справе старым, у сваёй сіле — з’яўляючыся слабым, што вы выраўноўваеце крыўду, між тым як самі сагнуліся пад цяжарам гадоў, а галоўнае ў тым, што вы — рыцар і кавальера, на самай справе не з’яўляючыся такім, бо хоць гідальга і могуць стаць кавальера, але не бедныя ж!..

— У тваіх словах, пляменніца, ёсць вялікая доля праўды, — зазначыў Дон Кіхот, — з гэтымі родамі — блытаніны не пазбегнеш, і толькі тыя роды сапраўды вялікія і славутыя, прадстаўнікі якіх даказваюць гэта сваімі добрымі справамі, багаццем сваім і шчодрасцю, бо несумленны ўладар — гэта ўсё роўна што ўладарны падманшчык, а няшчодры багацей — гэта ўсё роўна што ўбогі скнара: шчасце ж уладальніка багацця заключаецца не ў тым, каб валодаць ім, а ў тым, каб яго расходаваць з толкам, а не абы-як. Беднаму ж рыцару застаецца толькі адзін шлях, на якім ён можа паказаць, што ён — рыцар, гэта значыць шлях дабрадзейнасці, а для гэтага яму патрэбна быць ветлівым, добра выхаваным, пачцівым, далікатным і паслужлівым, не пагардлівым, не фанабэрлівым і не паклёпнікам; галоўнае ж, яму патрэбна быць спагадлівым, бо, з вясёлым настроем падаўшы беднаму два мараведзі, ён выявіць шчодрасць не меншую, чым той, які аб сваёй добрай справе раззвоньвае ва ўсе званы. І калі ён будзе вызначацца ўсімі пералічанымі добрымі рысамі, то хто б з ім ні сутыкнуўся, кожны, нават не маючы аб ім ніякіх звестак, прызнае і палічыць яго за чалавека высакароднага паходжання, а калі не прызнае, то гэта будзе надзвычай дзіўна, бо пахвала служыць нязменнай узнагародай дабрадзейнасці і людзей дабрадзейных нельга не хваліць. На свеце ёсць, дзеці мае, два шляхі, якія вядуць да багацця і пашаны: адзін з іх ніва навукі, другі — ваенны. Я — чалавек хутчэй вайсковы, чым вучоны, і, мяркуючы па маёй схільнасці да вайсковага майстэрства, трэба лічыць, нарадзіўся пад знакам Марса, так што я ўжо нібы па неабходнасці іду гэтым шляхам і буду ім ісці, нават калі б увесь свет на мяне апалчыўся, і пераконваць мяне, каб я не жадаў таго, чаго пажадала само неба, што загадвае лёс, чаго патрабуе розум і, галоўнае, да чаго скіравана ўласная мая воля, — гэта з вашага боку марная праца, бо хоць я дакладна ведаю пра шматлікія цяжкасці, звязаныя з подзвігам вандроўнага рыцара, аднак жа я ведаю і пра бязмежныя выгады, якія дастаюцца таму, хто здзейсніў гэты подзвіг. І яшчэ я ведаю, што дарога дабрадзейнасці вельмі вузкая, а дарога заганы шырокая і прасторная, і ведаю таксама, што мэты іх і межы розныя, бо шлях заганы, шырокі і прасторны, заканчваецца смерцю, шлях жа дабрадзейнасці, цесны і цяжкі, заканчваецца жыццём, але не тым жыццём, якое само рана ці позна заканчваецца, а тым, якому не будзе канца. I яшчэ я ведаю, што, як сказаў знакаміты наш кастыльскі паэт142,

Па гэтых стромах нас вядзе сцяжына

Да ўзвышанага храма неўміручасці,

Куды дарогай іншай трапіць немагчыма.

— Якая ж я няшчасная! — усклікнула пляменніца. — Мой дзядзька, у дадатак да ўсяго, яшчэ і паэт! Усё якраз вы ведаеце, усё якраз вы разумееце! Ручаюся, што калі б пажадалі вы толькі стаць мулярам — вам гэтак жа лёгка было б пабудаваць дом, як іншаму змайстраваць клетку.

— Запэўніваю цябе, пляменніца, — сказаў Дон Кіхот, — што калі б думкі аб рыцарстве не валодалі ўсімі маімі пачуццямі, то не было б нічога такога, чаго б я не змог зрабіць, і не было б такой мудрагелістай штучкі, да якой я не прылажыў руку.

У гэты час у дзверы пастукалі, і на пытанне, хто там, Санча Панса адказаў, што гэта ён; і, пазнаўшы яго па голасе, ключніца ў тую ж хвіліну выскачыла з пакоя, толькі каб яго не бачыць, — такі ён быў ёй агідны. Дзверы Санча Пансу адчыніла пляменніца. Сеньёр Дон Кіхот прыняў яго ветліва, потым яны зачыніліся, і тут у іх пачалася гутарка ніколькі не горшая за папярэднюю.


Раздзел VII. Аб чым размаўлялі паміж сабою Дон Кіхоті яго збраяносец, а таксама і аб іншых славутых падзеях

Ключніца, убачыўшы, што Дон Кіхот зачыніўся з Санча Пансам, адразу ж сцяміла, аб чым яны могуць весці перамовы; здагадаўшыся, што на гэтай нарадзе будзе вырашана арганізаваць трэці паход, яна схапіла сваю накідку і, засмучаная і занепакоеная, пабегла да бакалаўра Самсона Караскі, бо ёй падалося, што той, як чалавек красамоўны, з якім яе пан да таго ж толькі што пасябраваў, зможа ўгаварыць яго пакінуць такую недарэчную задуму. Бакалаўр у гэты час праходжваўся на сваім двары, і, убачыўшы яго, ключніца, потная і задыханая ад хвалявання, прыпала да яго ног. Караска ж, бачачы, што яна такая засмучаная і ўстрывожаная, спытаў:

— Што з вамі, сеньёра ключніца? Што з вамі робіцца? Можна падумаць, што ў вас душа з целам расстаецца.

— Са мной якраз нічога, галубок мой сеньёр Самсон, а вось пан мой уцякаць збіраецца, абавязкова ўцячэ!

— Адкуль жа ў яго цячэ? — спытаў Самсон. — Што ён, разбіўся, ці што?

— Ён сам уцячэ праз вароты свайго вар’яцтва, — адказала ключніца. — Я хачу сказаць, даражэнькі сеньёр бакалаўр, што ён наважыўся яшчэ раз, і гэта будзе ўжо трэці раз, павандраваць па белым свеце і пашукаць гэтых самых, як ён іх называе палёгак, — не магу зразумець, чаму ён іх так называе. Першы раз, калі вам яго вярнулі, ён быў увесь пабіты і ляжаў упоперак асла. На другі раз яго пасадзілі ў клетку і прывезлі дадому на валах, а ён сабе ўявіў, што яго зачаравалі. І меў ён такі мізэрны выгляд, што яго б родная маці не пазнала: бледны, худы, вачэй зусім не відаць. Гэта ж каб крыху яго падлячыць, я адных яек больш за шэсцьсот у яго ўсадзіла, — бяру ў сведкі госпада бога, усю нашу акругу ды яшчэ маіх курэй: мае куры могуць гэта пацвердзіць.

— У гэтым я поўнасцю перакананы, — зазначыў бакалаўр, — яны ў вас такія слаўныя, такія тлустыя і такія выхаваныя, што хутчэй лопнуць, чым скажуць няпраўду. Значыць, сеньёра ключніца, уся справа і ўся бяда ў тым, што задумаў Дон Кіхот, і гэтага менавіта вы і баіцеся?

— Менавіта гэтага, сеньёр, — пацвердзіла ключніца.

— У такім выпадку, не турбуйцеся, — аб’явіў бакалаўр. — Ідзіце з богам дадому і прыгатуйце мне чаго-небудзь гарачанькага перакусіць, а па дарозе прачытайце малітву святой Апалінарыі, калі вы яе ведаеце, я ж зараз да вас прыйду, і ўсё вельмі добра ўладзіцца.

— Ах ты, якая прыкрасць! — усклікнула ключніца. — Вы кажаце, ваша міласць, малітву святой Апалінарыі прачытаць? Ды гэта ж калі б у майго пана зубы балелі, а ў яго галава не працуе.

— Я ведаю, што кажу, сеньёра ключніца. Ідзіце і не спрачайцеся са мною, — вы ж ведаеце, які я прамоўца, таму вам усё роўна мяне не перакрычаць, — прамовіў Караска.

Пасля гэтага ключніца пайшла, а бакалаўр тут жа накіраваўся да свяшчэнніка пагаварыць з ім наконт таго, аб чым у свой час будзе сказана.

Між тым Дон Кіхот і Санча, застаўшыся ўдвух, абменьваліся меркаваннямі, якія з вялікай дакладнасцю прыводзяцца ў нашай гісторыі. Санча сказаў свайму пану:

— Сеньёр, я ўжо засвятліў маю жонку, так што яна адпусціць мяне з вашай міласцю, куды вам захочацца.

— Прасвятліў патрэбна казаць, Санча, а не засвятліў, — зазначыў Дон Кіхот.

— Разы два, калі не памыляюся, — сказаў Санча, — я прасіў вашу міласць, каб вы мяне не папраўлялі, калі вам зразумела, што я хачу сказаць, а калі не разумееце, скажыце толькі: “Санча, ці там чорт, д’ябал, я цябе не разумею”. І вось калі я не змагу растлумачыць, тады і папраўляйце: я ж чалавек памяроўны...

— Я цябе не разумею, Санча, — перапыніў яго тут Дон Кіхот, — я не ведаю, што азначае я — чалавек памяроўны.

— Памяроўны — гэта значыць: які ўжо я ёсць, — патлумачыў Санча.

— Зараз я цябе яшчэ менш разумею, — прызнаўся Дон Кіхот.

— Калі вы мяне не разумееце, то я ўжо і не ведаю, як вам утлумачыць, не ведаю — і ўсё, — адрэзаў Санча.

— Чакай, чакай, я ўжо здагадаўся, — прамовіў Дон Кіхот, — ты хочаш сказаць, што ты такі памяркоўны, мяккі і падатлівы, што будзеш ва ўсім мяне слухаць і рабіць, як я табе скажу.

— Іду ў заклад, — сказаў Санча, — што вы яшчэ першапачаткова зразумелі мяне, а толькі хацелі збіць з панталыку, каб я яшчэ немаведама якой лухты нагарадзіў.

— Магчыма, — сказаў Дон Кіхот. — Ну, дык што ж усё-такі гаворыць Тэрэса?

— Тэрэса гаворыць, — адказаў Санча, — каб я не даў маху, дамова, маўляў, даражэйшая за грошы, а пасля, кажа, зняўшы галаву, па валасах не плачуць, і лепш, маўляў, сініца ў руках, чым журавель у небе. І хоць я і ведаю, што жанчыны мелюць глупства, а ўсё-такі не слухаюць іх адны дурні.

— І я тое ж кажу, — згадзіўся Дон Кіхот. — Ну, дружа Санча, далей: цяпер у цябе што ні слова — то перл.

— Справа вось у чым, — працягваў Санча. — Ваша міласць лепш за мяне ведае, што ўсе людзі паміраюць: сягоння мы жывыя, а заўтра памёрлі, і гэтак жа недалёка ад смерці птушанё жаўтаротае, як і дзед сівабароды, і ніхто не можа паручыцца, што пражыве на гэтым свеце хоць на гадзіну больш, чым вызначана богам, таму смерць глухая, і калі яна стукае ў дзверы вашага жыцця, то вечна спяшаецца, і не ўтрымаць яе ні просьбай, ні сілай, ні скіпетрам, ні мітрай, — такая аб ёй, ва ўсякім разе, пагалоска і слава, і так нам кажуць з амбону.

— Усё гэта справядліва, — заўважыў Дон Кіхот, — толькі я не разумею, да чаго ты хіліш.

— Хілю я да таго, — адказаў Санча, — каб ваша міласць мне дакладна сказала, якое вы маглі б назначыць мне ў месяц жалаванне, пакуль я ў вас служу, і ці не можаце вы належнае жалаванне выплачваць наяўнымі, a то служыць за ўзнагароды я не згодзен, бо яны ці позна прыходзяць, ці не ў час, ці і зусім не прыходзяць, а са сваімі кроўнымі я кум каралю. Адным словам, ці мала, ці многа, а я хачу ведаць, колькі я зарабляю: курачка па зярнятку дзяўбе і тым корміцца; а потым: трошкі, ды яшчэ трошкі — аж глядзі, і многа, і ўсё ж гэта — у дом, а не з дому. Вядома, калі так здарыцца (хоць я ўжо не веру і спадзяюся), што ваша міласць падорыць мне абяцаны востраў, то не такі ж я няўдзячны і не такія ў мяне заграбушчыя рукі, каб пры падлічэнні дакладнай сумы даходу з гэтага вострава я не згадзіўся адпаведную долю прытрымаць.

— Зразумела, дружа Санча, прытрымаць для сябе заўсёды больш выгадна, чым утрымаць на карысць каго-небудзь іншага, — заўважыў Дон Кіхот.

— Ах, так, — сказаў Санча, — вядома, мне патрэбна было сказаць: утрымаць, а не прытрымаць, — ну, нічога, вы ж, ваша міласць, і так мяне зразумелі.

— Зразумеў, зразумеў, — сказаў Дон Кіхот, — усе твае тайныя думкі наскрозь бачу і ведаю, у які агарод ляцяць каменьчыкі шматлікіх тваіх прыказак. Паслухай, Санча: я з задавальненнем назначыў бы табе жалаванне, калі б хоць у якім-небудзь рамане аб вандроўных рыцарах я адшукаў прыклад, які паказаў бы, колькі звычайна зараблялі збраяносцы ў месяц або ў год. Аднак жа я перачытаў усе ці амаль усе раманы і не магу прыгадаць, каб які-небудзь вандроўны рыцар назначыў свайму збраясносцу пэўнае жалаванне. Я дакладна ведаю, што ўсе збраяносцы служылі за ўзнагароды і аднаго разу іх сеньёры ў выпадку ўдачы даравалі ім востраў, або штосьці раўнацэннае, ці, сама меней, тытул і званне. Калі вы, Санча, гэтымі надзеямі і разлікамі задаволіцеся і захочаце вярнуцца да мяне на службу, то калі ласка, а каб я стаў парушаць і ламаць старажытны звычай вандроўнага рыцарства, — гэта рэч немагчымая. Так што, дарагі Санча, ідзіце дадому і аб’явіце вашай Тэрэсе аб маім рашэнні, калі яна і вы дасце згоду служыць мне за ўзнагароды, то цудоўна, калі ж не, то мы расстанемся сябрамі: было б зерне на галубятні, а галубы якраз знойдуцца. І яшчэ прыміце да ведама, сын мой, што добрая надзея лепшая за дрэнны маёнтак і добры іск лепшы за дрэнны плацеж. Кажу я так для таго, Санча, каб паказаць вам, што і я не горш за вас магу карыстацца прыказкамі. На завяршэнне ж я хачу вам сказаць і скажу вось што: калі вы не хочаце ісці да мяне на службу за ўзнагароды і зазнаць маю долю, дык заставайцеся з богам, а ўжо потым крыўдуйце на сябе, я ж знайду сабе збраясносца больш паслухмянага і стараннага за вас і не такога нязграбнага і не такога балбатлівага, як вы.

Цвёрдае рашэнне Дон Кіхота так уразіла Санча, што ў яго пацямнела ў вачах і крылы яго храбрасці апусціліся, бо да гэтага ён быў упэўнены, што яго пан не адправіцца без яго ў паход ні за якія багацці ў свеце; і ён усё яшчэ знаходзіўся ў стане разгубленасці і заклапочанасці, калі ўвайшоў Самсон Караска, а за ім ключніца і пляменніца, якім цікава было паслухаць, як бакалаўр будзе ўгаворваць Дон Кіхота не ехаць на пошукі прыгод. Вядомы жартаўнік Самсон наблізіўся да Дон Кіхота, абняў яго, як і ў мінулы раз, і загаварыў гучным голасам:

— О краса вандроўнага рыцарства! О прамяністае свяціла воінства! О гонар і люстэрка народа іспанскага! Прашу ўсёмагутнага бога, каб той або тыя, хто намагаюцца перашкодзіць і не дапусціць трэці твой выезд, заблудзілі ў лабірынце ўласных жаданняў і так і не дачакаліся выканання таго, што ім больш за ўсё хочацца.

Затым ён звярнуўся да ключніцы:

— Сеньёра ключніца смела можа не маліцца больш святой Апалінарыі, бо мне вядома, што такое беспаваротнае рашэнне нябесных сфер, каб сеньёр Дон Кіхот працягваў ажыццяўляць высокія свае і непараўнаныя задумы. І мяне замучыла б сумленне, калі б я не заахвочваў і не ўгаворваў гэтага рыцара спыніць нарэшце бяздзейнасць і скаванасць доблеснай яго рукі і паказаць веліч найбадзёрага духу яго, бо прамаруджванне гэта пазбаўляе яго магчымасці выраўноўваць крыўду, дапамагаць няшчасным, ахоўваць гонар дзяўчат, заступацца за ўдоў, служыць апорай замужнім і ўсё іншае прыблізна такое, што ўваходзіць у кола абавязкаў ордэна вандроўнага рыцарства, што яму належыць, што яму пасуе і падыходзіць. Такім чынам, цудоўны і адважны сеньёр Дон Кіхот, няхай міласць ваша і ваша веліч адправіцца ў дарогу не заўтра, а сягоння ж, і калі вам чаго-небудзь для гэтага нестае, то да вашых паслуг я сам і мая маёмасць, і калі вашаму хараству патрэбен збраяносец, то я са свайго боку палічыў бы за найвялікшае для сябе шчасце паслужыць вам.

Тут Дон Кіхот звярнуўся да Санча і сказаў:

— Ці не казаў я табе, Санча, што ў збраяносцах у мяне недахопу не будзе? Глядзі, хто прапаноўвае мне свае паслугі: не хто іншы, як непараўнальны бакалаўр Самсон Караска, першы забаўнік і гарэза сярод саламанскіх шкаляроў, здаровы целам, жвавы ў рухах, не балбатлівы, які ўмее трываць спёку і сцюжу, голад і смагу, які валодае ўсімі якасцямі, што патрабуюцца ад збраяносца вандроўнага рыцара. Аднак жа нябёсы не дапусцяць, каб я дзеля ўласнага задавальнення падрыў гэты слуп вучонасці, разбіў гэту пасудзіну ведаў і падсек высокую гэту пальму прыгожых і вольных мастацтваў. Няхай жа гэты новы Самсон застаецца на сваёй радзіме і, праславіўшы яе, праславіць таксама сівізну састарэлых бацькоў сваіх, я ж задаволюся любым збраяносцам, калі Санча не зробіць ласку мяне суправаджаць.

— He, зраблю ласку, — расчулены, заліваючыся слязамі, аб’явіў Санча і прадоўжыў: — Пра мяне ніхто не скажа, васпан мой: “Наеўся — напіўся — і на сяброўства забыўся”, сярод маіх сваякоў няўдзячных не было. Усе на свеце, асабліва ў нашай вёсцы, ведаюць, якімі былі Пансы, ад якіх я паходжу, ды і пасля, па многіх вашых добрых справах і яшчэ больш добрых словах, я зразумеў і сцяміў, што ваша міласць мае намер мяне ўзнагародзіць. Калі ж я і пусціўся ў падлікі адносна жалавання, то толькі каб дагадзіць жонцы, бо калі ёй што ўб’ецца ў галаву, то ўжо яна гваздае, як усё роўна малаток па абручах бочкі, каб было так, як яна хоча. Аднак жа мужчына павінен быць мужчынам, а жанчына — жанчынай, і раз я мужчына, то я жадаю быць мужчынам і ў сваім доме, як яна там сабе хоча, а таму вашай міласці патрабуецца толькі скласці завяшчанне з апіскай, так каб яго нельга было аспрэчыць, — і хутчэй у дарогу, каб адпусціць душу сеньёра Самсона на пакаянне: ён жа кажа, што сумленне яго загрызе, калі ён не рушыць вашу міласць — ці як гэта кажуць: падбухторыць, ці што? — трэці раз падарожнічаць па белым свеце. Я ж зноў даю вашай міласці абяцанне служыць вам верай і праўдай, ніколькі не горш, а, бадай, нават і лепш за ўсіх збраяносцаў вандроўных рыцараў, колькі іх ні было раней і колькі іх ні ёсць цяпер.

Бакалаўра здзівілі выразы і моўныя звароты Санча Пансы, бо хоць ён і прачытаў першую частку гісторыі яго пана, аднак жа ніяк не мог дапусціць, што Санча сапраўды такі забаўны, якім яго там паказваюць; калі ж Санча замест завяшчанне з прыпіскай сказаў: завяшчанне з апіскай, то бакалаўр паверыў усяму, што аб ім чытаў, і, упэўніўшыся, што перад ім адзін з самых круглых дурняў нашага стагоддзя, падумаў, што такіх двух вар’ятаў, як гэты пан і слуга, яшчэ не бачыў свет. Урэшце Дон Кіхот і Санча абняліся і зноў сталі сябрамі, і ў адпаведнасці з парадай і благаславеннем вельмі разумнага Караскі, на якога яны глядзелі цяпер як на аракула, было вырашана, што ад’езд адбудзецца праз тры дні. За гэты час можна было паспець запасціся ўсім неабходным у дарогу і падшукаць шлем з забралам, а без шлема Дон Кіхот, па яго словах, ніяк не мог абысціся. Самсон узяўся раздабыць яго, бо ведаў, што такі ёсць у яго сябра і што той яму не адмовіць у просьбе, таму што сталь гэтага шлема не толькі не зіхацела і не была начышчана да бляску, але наадварот: пацямнела ад іржы і цвілі. Праклёнам, якімі ключніца і пляменніца асыпалі бакалаўра, не было канца; абедзве жанчыны рвалі на сабе валасы, драпалі твар і, як сапраўдныя плакальшчыцы, аплаквалі ад’езд Дон Кіхота, быццам гэта быў не ад’езд, а смерць. Аб мэце ж, якую меў на ўвазе Самсон, угаворваючы Дон Кіхота яшчэ раз выступіць у паход, будзе сказана далей, — так яго падвучылі свяшчэннік і цырульнік, з якімі ён раіўся да гэтага.

Карацей кажучы, на працягу трох дзён Дон Кіхот і Санча запасліся ўсім, што лічылі для сябе неабходным; і пасля таго як Санча супакоіў сваю жонку, a Дон Кіхот пляменніцу і ключніцу, аднойчы пад вечар, употай ад усіх, за выключэннем бакалаўра, які падрадзіўся праводзіць іх з паўмілі, рушылі яны па дарозе да Табоса: Дон Кіхот — на добрым сваім Расінанце, а Санча — усё на тым жа асле, прычым дарожная торба ў Санча была набіта ежай, а кашалёк — грашыма, якія Дон Кіхот уручыў яму на ўсякі выпадак.

Самсон абняў Дон Кіхота і папрасіў паведамляць яму аб усіх яго ўдачах і няўдачах, каб ён, Самсон, парадаваўся няўдачам, ад удач жа, як таго, маўляў, патрабуюць законы сапраўднага сяброўства, зажурыўся. Дон Кіхот паабяцаў, Самсон вярнуўся ў вёску, а два верхавыя працягвалі свой шлях у накірунку да вялікага горада Табоса.


Раздзел VIII, у якім расказваецца аб тым, што адбылося з Дон Кіхотам па дарозе да сеньёры Дульцынеі Табоскай

Такім чынам, Дон Кіхот і Санча засталіся ўдвух, і не паспеў Самсон знікнуць з вачэй, як Расінант пачаў ржаць, а асёл — раўці, што было прынята абодвума, і рыцарам і збраяносцам, як добрая прымета і самае шчаслівае прадвесце, хоць, па праўдзе сказаць, стогны і крыкі асла ўзялі верх над ржаннем клячы, з чаго Санча зрабіў вывад, што яго шчаслівая доля перасягне і пакіне далёка ззаду шчаслівую долю яго пана. Дон Кіхот жа яму сказаў:

— Дружа Санча, ноч застала нас у дарозе, і ўжо так сцямнела, што мы, бадай, не паспеем на світанні трапіць у горад Табоса, які я маю намер наведаць да таго, як адпраўлюся на пошукі іншых прыгод, і дзе я атрымаю благаславенне і міласцівае пажаданне непараўнальнай Дульцынеі. А я ж лічу і цалкам упэўнены, што з такім пажаданнем я давяду да пераможнага канца любую небяспечную прыгоду, бонішто ў гэтым жыцці не дадае вандроўным рыцарам такой адвагі, як зычлівасць іх дам.

— І я гэтак жа лічу, — адгукнуўся Санча. — Толькі сумняваюся, што ваша міласць зможа з ёй паразмаўляць або ўбачыцца ў такім, да прыкладу, месцы, дзе б вы маглі атрымаць ад яе благаславенне, хіба праз агароджу жывёльнага двара, праз якую я з ёю ў мінулы раз і бачыўся, калі адвозіў пісьмо з весткамі аб тым, як ваша міласць дурэе і шалее ў самым сэрцы С’еры Марэны.

— Дык табе, Санча, на тым месцы, дзе, ці больш дакладна, праз якое ты бачыўся з гэтай чароўнасцю і прыгажосцю, што вышэйшая за ўсялякую пахвалу, здалася агароджа жывёльнага двара? — прамовіў Дон Кіхот. — He, гэта была, пэўна, галерэя, балкон ці — як гэта называецца? — порцік раскошнага каралеўскага палаца.

— Усё можа быць, — пагадзіўся Санча, — аднак жа мне гэта падалося агароджай, калі толькі мяне не падводзіць памяць.

— Як бы там ні было, едзем туды, Санча, — сказаў Дон Кіхот. — Мне зусім усё роўна, як мне давядзецца ўбачыцца з ёю: ці праз агароджу, бо кожны прамень сонца яе прыгажосці, які дасягне маіх вачэй, асвеціць мой розум і ўмацуе мой дух, і тады ва ўсім свеце не знойдзецца роўных мне па розуме і адвазе.

— Сказаць сумленна, сеньёр, — запярэчыў Санча, — калі я бачыў гэта самае сонца, гэта значыць сеньёру Дульцынею Табоскую, то яно было не такое ўжо яркае і ніякіх промняў не пасылала, — напэўна, таму, што яе міласць, як я вам ужо дакладваў, прасейвала зерне, і густы пыл воблакам стаяў вакол яе і засцілаў твар.

— Дык ты, Санча, усё яшчэ працягваеш сцвярджаць, думаць, верыць і стаяць на тым, што сеньёра Дульцынея прасейвала зерне, — спытаў Дон Кіхот, — хоць гэта работа і занятак ніколькі не адпавядаюць таму, што звычайна робяць і павінны рабіць асобы знатныя, створаныя і прызначаныя для іншых заняткаў і забаў, па якіх іх знатнасць угадваецца на адлегласці арбалетнага выстралу?.. Дрэнна ж ты памятаеш, Санча, тыя вершы нашага паэта, у якіх ён апісвае, чым займаліся там, у хрустальных сваіх палацах, чатыры німфы: як яны выйшлі з вады любімага Таха і, усеўшыся на зялёным лужку, пачалі вышываць каштоўныя тканіны, што, па словах хітрага паэта143, былі выраблены і вытканы з золата, жэмчугу і шоўку. І тым жа, трэба меркаваць, была занята і мая пані, у той час як ты яе ўбачыў, калі толькі які-небудзь злы чараўнік, зайздросцячы маім подзвігам, не падмяніў яе і не ператварыў, як і ўсё, што мяне радуе, у нешта зусім іншае. Я нават баюся, як бы ў гісторыі маіх учынкаў, якая быццам бы выйшла з друку, аўтар яе, у выпадку калі гэта варожы мне чараўнік, не падтасаваў падзеі, не прымяшаў да праўды безліч небыліц і не захапіўся аповедам аб іншых здарэннях, што не адносяцца да працягу гэтай праўдзівай гісторыі. О зайздрасць, корань незлічоных бед, чарвяк, які падточвае дабрачыннасць! Кожная загана, Санча, тоіць у сабе асаблівую асалоду, але зайздрасць нічога не тоіць у сабе, апрача непрыемнасці, нянавісці і злосці.

— Я таксама гэта заўсёды кажу, — падхапіў Санча, — і здаецца мне, што ў гэтай самай кніжцы, якая, калі верыць бакалаўру Караску, быццам бы пра нас напісана, гонару майму, ужо дакладна, дастаецца, як таму ўпартаму парсюку, які не хоча ісці, а яму і справа і злева, як кажуць, дастаюцца штурхалі, аж пыл слупам. А між тым, сапраўды, я ні пра аднаго чараўніка нічога кепскага не сказаў, ды і багацця ў мяне не так шмат, каб мне можна было зайздросціць. Праўда, я крыху хітры і не супраць іншы раз змахляваць, але хоць я і хітраваты, ды затое праставаты, і прастата мая — ад прыроды, а зусім не напаказ. Зрэшты, няхай сабе кажуць што хочуць, — голым я нарадзіўся, голым увесь свой век пражыць умудрыўся, і што пра мяне пішуць у кнігах і цяпер будуць па ўсім свеце бузаваць маё імя, на гэта мне напляваць: няхай кажуць усё, што ім уздумаецца.

— І ўсё ж, Санча, жаданне праславіцца моцнае ў нас да неверагоднасці, — сказаў Дон Кіхот. — Што, па-твойму, прымусіла Гарацыя144 з поўным узбраеннем кінуцца з моста ў глыбіню Тыбра? Што прымусіла Муцыя145 спаліць сабе руку? Што падштурхнула Курцыя146 кінуцца ў бяздонную прорву, якая адкрылася пасярод Рыма? Што падштурхнула Юлія Цэзара, насуперак усялякім дрэнным прыкметам, перайсці Рубікон147? Усе гэтыя і іншыя вялікія і разнастайныя подзвігі былі, ёсць і будуць учынкамі славы, слава ж уяўляецца смертным як своеасаблівае бяссмерце, і яны жадаюць яе як належнай узнагароды за свае славутыя подзвігі. Наш абавязак — у асобе веліканаў знішчаць ганарыстасць, зайздрасць перамагаць велікадушнасцю і добрасардэчнасцю, гнеў — непарушнасцю і спакоем душэўным, абжорства — стрыманасцю ў ежы і рухавасцю, ляноту ж — вандраваннямі па ўсіх краінах свету ў пошуках выпадкаў, дзякуючы якім мы можам стаць і сапраўды становімся славутымі рыцарамі. Вось якія, Санча, сродкі заслужыць самую высокую пахвалу, якую заўсёды прыносіць слава.

У такіх і да іх падобных размовах прайшлі ў іх ноч і наступны дзень, без якіх-небудзь вартых увагі здарэнняў, што вельмі засмуціла Дон Кіхота. Нарэшце на другі дзень пад вечар іх вачам адкрыўся вялікі горад Табоса, убачыўшы які, Дон Кіхот павесялеў, Санча ж паў духам, бо ён не меў аніякага ўяўлення, дзе жыве Дульцынея; і ніяк не мог Санча прыдумаць, што яму зрабіць, калі сеньёр пашле яго ў Табоса. Урэшце Дон Кіхот вырашыў не ехаць у горад да наступлення ночы, і часова яны размясціліся ў дуброве паблізу Табоса, а калі вызначаны тэрмін прыйшоў, то ўехалі ў горад, і тут з імі здарылася тое, што абавязкова павінна было здарыцца.


Раздзел IX, у якім расказваецца аб тым,што з яго будзе відаць

У самую глухую поўнач148, а магчыма, і не ў самую, Дон Кіхот і Санча пакінулі гай і ўехалі ў Табоса. Міная цішыня панавала ў гарадку, таму што ўсе жыхары адпачывалі і, як кажуць, спалі без задніх ног. Ноч выдалася даволі светлая, аднак жа Санча палічыў бы за лепшае, каб яна была вельмі цёмная, бо цемра магла паслужыць апраўданнем яго тупасці. Ва ўсім горадзе чуўся толькі сабачы брэх, невыносны для вушэй Дон Кіхота і які палохаў Санча. Час ад часу роў асёл, рохкалі свінні, мяўкалі каты, і ў начной цішыні ўсе гэтыя галасы, якія гучалі па-рознаму, здаваліся яшчэ больш гучнымі; закаханы рыцар палічыў гэта за дрэнную прымету, аднак жа, разам з тым, ён сказаў Санча:

— Сын мой Санча, паказвай мне дарогу ў палац Дульцынеі, — магчыма, яна ўжо прачнулася.

— Якога чорта ў палац, калі я бачыўся з яе веліччу ў маленькім дамку! — усклікнуў Санча.

— Трэба лічыць, — заўважыў Дон Кіхот, — што на той час яна разам са сваімі прыдворнымі дамамі пайшла ў малыя пакоі свайго замка, як гэта прынята і як гэта заведзена ва ўсіх знатных сеньёр і прынцэс.

— Сеньёр, — сказаў Санча, — калі ўжо ваша міласць на злосць мне жадае, каб дом пані Дульцынеі быў замкам, то чаму тады вароты яго ў такі час аказаліся адчынены? І ці да твару нам з вамі барабаніць, каб нас пачулі і адчынілі? Гэтак мы ўвесь народ перапалохаем і ўзбударажым.

— Толькі і клопату — адшукаць замак, — запярэчыў Дон Кіхот, — а там я табе скажу, Санча, як нам належыць зрабіць. Ды ты глядзі, Санча: ці я дрэнна бачу, ці, можа, вунь той цёмны гмах і ёсць палац Дульцынеі.

— Ну, дык вы і едзьце наперад, ваша міласць, — падхапіў Санча, — магчыма, гэта і так, але калі нават я ўбачу гэты палац на свае вочы і абмацаю ўласнымі рукамі, усё ж такі я паверу, што гэта ён, не больш чым таму, што зараз белы дзень.

Дон Кіхот рушыў першы і, праехаўшы крокаў дзвесце, наблізіўся ўшчыльную да цёмнага гмаху і ўбачыў высокую вежу, і тут толькі здагадаўся ён, што гэта не замак, а сабор. І тады ён сказаў:

— Мы наткнуліся на царкву, Санча.

— Я ўжо і бачу, — адгукнуўся Санча. — Ды і потым, калі памяць мяне яе падводзіць, я ж вашай міласці казаў, што дом гэтай сеньёры знаходзіцца ў тупіку.

— Пабойся ж ты бога, дурань! — усклікнуў Дон Кіхот. — Дзе ты бачыў, каб замкі і каралеўскія палацы будаваліся ў тупіках?

— Сеньёр, — запярэчыў Санча, — у кожнай краіне свой звычай: відаць, тут, у Табоса, заведзена будаваць палацы і вялізныя будынкі ў завулках, а таму будзьце ласкавы, ваша міласць, пусціце мяне паездзіць па бліжэйшых вуліцах і завулках, можа здарыцца, што ў якім-небудзь закавулку я і наткнуся на гэты палац, каб яго сабакі з’елі, гэтак ён нас закружыў і заганяў!

— Выказвайся больш пачціва, Санча, аб усім, што тычыцца маёй пані, — сказаў Дон Кіхот. — He будзем гарачыцца і не будзем траціць апошняга розуму.

— Пастараюся трымаць сябе ў руках, — аб’явіў Санча, — але толькі якое ж трэба мець цярпенне, калі ваша міласць патрабуе, каб я з першага разу на ўсё жыццё запомніў дом нашай гаспадыні і адшукаў яго апоўначы, калі вы самі, ваша міласць, не можаце яго адшукаць, а вы ж якраз яго, напэўна, тысячу разоў бачылі!

— Ты даводзіш мяне да адчаю, Санча, — сказаў Дон Кіхот. — Паслухай, ерэтык: ці не казаў я табе шмат разоў, што я ніколі не бачыў непараўнальную Дульцынею і не пераступаў цераз парог яе палаца і што я закахаўся ў яе толькі па чутках, бо да мяне дайшла гучная слава аб прыгажосці яе і розуме?

— Цяпер я ўсё зразумеў, — прамовіў Санча, — і павінен прызнацца: калі ваша міласць ніколі яе не бачыла, то я і тым больш.

— He можа гэтага быць, — запярэчыў Дон Кіхот. — Прынамсі, ты сам мне казаў, што бачыў, як яна прасейвала зерне, і прывёз мне адказ на пісьмо, якое я пасылаў ёй з табой.

— На гэта вы асабліва не напірайце, сеньёр, — аб’явіў Санча, — бо патрэбна вам ведаць, што я і бачыў яе і адказ прывёз таксама па чутках, і якая яна з выгляду, сеньёра Дульцынея, мне гэтак жа лёгка сказаць, як трапіць пальцам у неба.

— Санча, Санча, — прамовіў Дон Кіхот, — часам і пажартаваць можна, а часам кожны жарт становіцца нядобрым і недарэчным. І калі я сказаў, што ніколі не бачыўся і не размаўляў з валадаркай маёй душы, то гэта не азначае, што і ты павінен казаць, быццам ніколі не размаўляў з ёю і не бачыўся, бо ты сам ведаеш, што гэта не так.

У той час як яны размаўлялі аб гэтым, насустрач ім, ведучы двух мулаў, ішоў нейкі чалавек і па скрыгату плуга, які цягнуўся па зямлі, Дон Кіхот і Санча зрабілі вывад, што гэта хлебароб, які прачнуўся да світання і цяпер адпраўляецца на свой участак. Так яно і было на самай справе.

Хлебароб наблізіўся, і Дон Кіхот аклікнуў яго:

— Памагай бог, дарагі дружа! Ці не можаце вы мне сказаць, дзе тут палац непараўнальнай прынцэсы донны Дульцынеі Табоскай?

— Сеньёр, — адказаў хлопец, — я нетутэйшы, я тут усяго некалькі дзён, наняўся на палявыя работы да аднаго багатага землеўладальніка, а вось у доме насупраць жывуць свяшчэннік і дзяк; хтосьці з іх, a то і абодва, падкажуць вам наконт гэтай сеньёры прынцэсы, бо ў іх запісаны ўсе жыхары Табоса, хоць мне здаецца, што ва ўсім Табоса ніводнай прынцэсы не знойдзеш. Паненак, праўда, шмат, ды яшчэ і важных: у сваім доме ўсе прынцэсы.

— Дык вось, дружа мой, — падхапіў Дон Кіхот, — сярод іх і павінна быць тая, аб якой я пытаю.

— Усё можа быць, — прамовіў хлопец, — а цяпер бывайце, ужо світае.

І, не чакаючы далейшых роспытаў, ён пагнаў сваіх мулаў. Санча, бачачы, што яго пан азадачаны і вельмі незадаволены, сказаў:

— Сеньёр, вось ужо і дзень настае, і нядобра, калі сонца застане нас на вуліцы; лепш было б нам выехаць з горада: вы, ваша міласць, схаваліся б у бліжэйшым лесе, а я дзяньком вярнуся ў горад і пачну шнарыць па ўсіх закавулках, пакуль не знайду не то дом, не то замак, не то палац маёй пані. І ўжо гэта асаблівая будзе няўдача, калі я яго не знайду, а калі знайду, дык я пагавару з яе міласцю і скажу, дзе і ў якім настроі ваша міласць чакае яе ўказання, як бы гэта сустрэцца з ёю, не зрабіўшы шкоды яе гонару і добраму імені.

— Ты ўмудрыўся, Санча, замкнуць мноства думак у кола невялікай колькасці слоў, — заўважыў Дон Кіхот. — Я з вельмі вялікай ахвотай прымаю тваю параду і гару жаданнем выканаць яе. Значыць, сын мой, паедзем у лес, і там я і пабуду, ты ж, як абяцаў, вернешся ў горад, адшукаеш маю пані, пабачышся і паразмаўляеш з ёю, а з яе розумам і прыязнасцю мы павінны чакаць ад яе незвычайнай ласкі.

Санча, каб не ўсплыў падман з уяўным адказам Дульцынеі, які ён нібы прывёз у Сьера-Марэну, жадаў вывезці з Табоса свайго пана і таму пастараўся паскорыць ад’езд, які і на самай справе адбыўся вельмі хутка. І вось за дзве мілі ад гарадка адшукалі яны лес, ці, дакладней, гай, дзе Дон Кіхот і застаўся на той час, пакуль Санча з’ездзіць у горад пагаварыць з Дульцынеяй. З пасланцом жа нашым адбыліся па дарозе падзеі, якія патрабуюць асаблівай увагі.


Раздзел Х, у якім расказваецца аб тым, як спрытна ўдалося Санча зачараваць Дульцынею, а так сама і аб іншых падзеях, такіх жа смешных,як і сапраўдных

Як толькі Дон Кіхот схаваўся не то ў гаі, не то ў дуброве, не то ў лесе, паблізу вялікага Табоса, дык загадаў Санча вярнуцца ў горад і не паказвацца яму на вочы, пакуль той не перамовіцца ад яго імя з яго пані і не даб’ецца міласцівай яе згоды пабачыцца з верным ёй рыцарам і благаславіць яго, каб у будучым ён мог спадзявацца на самы найшчаслівы вынік усіх бітваў і цяжкіх пачынанняў.

Санча абяцаў выканаць усё, што яму загадана, і прывезці такі ж прыемны адказ, як і ў мінулы раз.

— Едзь жа, сын мой, — прамовіў Дон Кіхот, — і не саромейся, калі паўстанеш перад прамяністай прыгажосцю, да якой я пасылаю цябе. О самы найшчаслівы з усіх збраяносцаў на свеце! Напруж сваю памяць, і няхай не сатрэцца з яе, як мая пані цябе прыме: ці зменіцца з твару, пакуль ты будзеш пераказваць ёй маю просьбу; ці ўстрывожыцца і засаромеецца, пачуўшы маё імя; ці адкінецца на падушкі ў выпадку, калі яна ў адпаведнасці з высокім сваім становішчам будзе сядзець на багата прыбраным узвышэнні; калі ж прыме цябе стоячы, то паназірай, ці не паўторыць свой адказ двойчы або тройчы; ці не ператворыцца з ласкавай у суровую або, наадварот, з панурай у прыветлівую; ці падыме руку, каб паправіць валасы, хоць бы яны і былі ў яе ў поўным парадку. Адным словам, сын мой, назірай за ўсімі дзеяннямі яе і рухамі, бо калі ты выкладзеш мне ўсё дакладна, то я ўгадаю, якія ў глыбіні душы мае яна да мяне пачуцці. Павінен ты ведаць, Санча, калі толькі ты гэтага яшчэ не ведаеш, што дзеянні і знешнія рухі закаханых, калі размова ідзе аб іх сардэчных справах, з’яўляюцца самымі дакладнымі пасланцамі, якія прыносяць весткі аб тым, што адбываецца ў тайніках іх душы. Едзь жа, дружа мой, хай будзе зорка твая больш шчаслівай за маю, і дамажыся большых поспехаў, чым якіх я ў горкай маёй адзіноце і пакутнай трывозе магу чакаць.

— Ну, я паеду і хутка вярнуся, — аб’явіў Санча, — a вы, ваша міласць, успомніце, як гэта кажуць: храбрае сэрца ліхую долю ламае, а бадлівай карове бог рагоў не дае, і яшчэ кажуць: ніколі не ведаеш, дзе знойдзеш, дзе згубіш. Кажу я гэта да таго, што ноччу мы так і не знайшлі ні палацаў, ні замкаў маёй пані, затое цяпер, сярод белага дня, я лічу, што якраз зусім нечакана я іх і знайду, і дайце мне толькі знайсці, a пагавару ўжо я з ёю — лепш не трэба.

— Сапраўды, Санча, — зазначыў Дон Кіхот, — ты заўсёды надзвычай удала ўстаўляеш свае прыказкі. Дай бог і мне такую ж удачу ў маіх справах.

Пры гэтых словах Санча павярнуў і пагнаў свайго шэрага, а Дон Кіхот вярхом на кані, уставіўшы ногі ў страмёны і абапёршыся на кап’ё, паглыбіўся ў сумныя і невыразныя мары; і тут мы яго і пакінем і паедзем з Санча Пансам, які, пакідаючы свайго пана, таксама быў разгублены і задумлівы — настолькі, што як толькі ён выехаў з лесу, то, азірнуўшыся і пераканаўшыся, што Дон Кіхота не відаць, саскочыў з асла, усеўся пад дрэвам і загаварыў сам з сабой: “Скажыце ж, брат Санча, куды гэта міласць ваша хоча накіравацца? Мажліва, вы згубілі асла, а цяпер яго шукаеце?” — “Вядома, не”. — “Дык куды ж вы едзеце?” — “Я еду ні больш ні менш як да прынцэсы, а прынцэса гэта — сонца прыгажосці і ўсё неба, разам узятае”. — “А дзе ж, Санча, усё гэта, па-вашаму, знаходзіцца?” — “Дзе? У вялікім горадзе Табоса”. — “Добрa! А хто вас туды паслаў?” — “Мяне паслаў доблесны рыцар Дон Кіхот Ламанчскі, той самы, які выраўноўвае крыўду, корміць сасмаглых і поіць галодных”. — “Вельмі добра. А вы ведаеце, Санча, дзе яна жыве?”—“Мой пан кажа, што яна жыве не то ў каралеўскім двары, не то ў багатым замку”. — “А вы яе калі-небудзь бачылі?” — “He, ні я, ні мой пан ні разу яе не бачылі”. — “А ці не здаецца вам, што калі жыхары Табоса пачуюць, што вы з’явіліся сюды для таго, каб пераманьваць іх прынцэс і непакоіць іх дам, то з іх боку будзе зусім разумна і справядліва, калі яны збягуцца, адлупцуюць вас палкамі і не пакінуць жывога месца?”— “Па праўдзе кажучы, яны будуць поўнасцю мець рацыю, калі толькі не прымуць пад увагу, што я — усяго толькі пасланец”. — “Heспадзявайцеся на гэта, Санча, бо ламанчцы такія ж зласлівыя, як і сумленныя і цярпець не могуць, калі іх закранаюць. Гатоў перахрысціцца: калі выведуць яны вас на чыстую ваду, то вам кепска будзе”. — “Адстань, д’ябал! Наша месца святое! І чаго гэта мяне панесла нялёгкая дзеля чужога задавальнення па птушынае малако? Чорт, чорт ублытаў мяне ў гэту справу — не хто іншы!”

Вось так разважаў сам з сабой Санча; вывад жа ён зрабіў з гэтага наступны: “Ну добра, усё на свеце можна выправіць, апрача смерці, — хочаш не хочаш, а ў ярмо смерці ўсім нам у канцы жыцця давядзецца ўпрэгчыся. Мой пан, па ўсіх прыкметах, самы сапраўдны вар’ят, ну, ды і я яму таксама не ўступлю, у мяне гэтай самай прыдуркаватасці яшчэ больш, чым у яго, калі я за ім следам езджу і служу яму, а не дарэмна ж кажуць: скажы мне, з кім ты водзішся, і я скажу, хто ты; і яшчэ ёсць іншая прыказка: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. І вось, паколькі ён вар’ят, то і разважае аб рэчах пераважна як і так і белае прымае за чорнае, а чорнае — за белае, і так гэта з ім і здаралася, калі ён казаў, што ветраныя млыны — гэта веліканы, мулы манахаў — вярблюды, чароды авечак — варожыя полчышчы, і іншае да таго падобнае, а значыць, няцяжка пераканаць яго, што першая сустрэчная сялянка і ёсць сеньёра Дульцынея, а калі ён не паверыць, я паклянуся, а калі і ён паклянецца, я зноў паклянуся, a калі ён заўпарціцца, то я яшчэ больш, а як у мяне такое правіла — абы толькі сказаць апошнім, то яшчэ невядома, чым гэта справа скончыцца. Магчыма, сваёй упартасцю я дамагуся таго, што ён больш не стане пасылаць мяне з такімі даручэннямі: убачыць, што пасланец з мяне дрэнны, а можа, падумае — і, бадай, так яно і будзе, — што адзін з гэтых ліхіх чараўнікоў, якія быццам бы яго ненавідзяць, знарок папсаваў асобу яго закаханай, каб зрабіць яму прыкрасць і прычыніць непрыемнасць”.

Думка гэта падбадзёрыла Санча Пансу, і, вырашыўшы, што ён сваю справу зрабіў, прасядзеў ён тут да вечара, каб у Дон Кіхота былі ўсе падставы меркаваць, быццам у Санча быў час з’ездзіць у Табоса і вярнуцца назад; і Санча так пашанцавала, што не паспеў ён устаць і ўзабрацца на шэрага, як убачыў, што з Табоса насустрач яму едуць тры сялянкі не то на аслах, не то на асліцах, а ўбачыўшы сялянак, шпаркім крокам накіраваўся да пана свайго Дон Кіхота, які ў гэты час уздыхаў і скардзіўся на свой лёс закаханага. Убачыўшы Санча, ён спытаў:

— Ну што, дружа Санча? З добрымі весткамі?

— З такімі добрымі, — падхапіў Санча, — што вашай міласці застаецца толькі прышпорыць Расінанта і выехаць насустрач сеньёры Дульцынеі Табоскай, якая з дзвюма сваімі прыдворнымі дамамі едзе да вас на спатканне.

— Злітуйся, божа! Што ты кажаш, дружа Санча? — ускрыкнуў Дон Кіхот. — Глядзі толькі не падманвай мяне і не спрабуй уяўнай радасцю развеяць непрытворную маю журбу.

— Якая мне карысць падманваць вашу міласць, тым больш што вам нічога не значыць упэўніцца самому! — запярэчыў Санча. — Прышпорце Расінанта, сеньёр, і паехалі, вы адразу ўбачыце нашу прынцэсу, прыбраную і ўпрыгожаную, як ёй, адным словам, належыць. І яна сама і яе прыдворныя дамы ў золаце, як жар гараць, унізаныя жэмчугам, усыпаныя алмазамі ды рубінамі, усё на іх з парчы больш за дзесяць нітак таўшчынёю, валасы — па плячах, вецярок з імі гуляе ўсё роўна як з сонечнымі промнямі, а самае галоўнае—едуць яны на стракатых свінаходцах, такіх, што проста любата.

— Ты хочаш сказаць інаходцах, Санча.

— Розніца невялікая: што свінаходцы, што інаходцы, — запярэчыў Санча. — Адным словам, на чым бы яны ні ехалі, а толькі едуць самыя шыкоўныя дамы, якіх толькі можна сабе ўявіць, асабліва мая пані Дульцынея Табоская — самлець можна.

— Паехалі, дружа Санча, — аб’явіў Дон Кіхот, — і ва ўзнагароду за такія ж неспадзяваныя, як і добрыя весткі я аддам табе лепшы трафей, які мне ўдасца захапіць пры першай жа прыгодзе, а калі ты гэтым не задаволішся, то я аддам табе жарабят, якіх у гэтым годзе народзяць мне тры мае кабылы, — ты ж ведаеш, што яны ў нашай вёсцы на грамадскім выгане і хутка павінны ажарабіцца.

— Мне больш даспадобы атрымаць жарабят, — сказаў Санча, — таму я не зусім упэўнены, што трафеі першай прыгоды будуць вартыя.

Тут яны выехалі з лесу і ўбачылі паблізу трох сялянак. Дон Кіхот прабег вачамі па ўсёй Табоскай дарозе і, не заўважыўшы нікога, апрача сялянак, вельмі збянтэжыўся і спытаў Санча, ці сапраўды Дульцынея і яе прыдворныя дамы выехалі з горада.

— Як жа не выехалі! — усклікнуў Санча. — Ды што, у вашай міласці вочы на патыліцы, ці што? Хіба вы не бачыце, што гэта яны і ёсць — тыя, што едуць насустрач і ззяюць, як сонца апаўдні?

— Я нікога не бачу, Санча, апрача трох сялянак на аслах, — прамовіў Дон Кіхот.

— Амінь, рассыпся! — усклікнуў Санча. — Дзе ж гэта бачна, каб трох інаходцаў, — ці як іх там, — белых, як снег, ваша міласць прымала за аслоў? Бог ты мой, ды я гатовы бараду сабе выдраць, калі гэта і сапраўды аслы!

— Ну, дык я павінен табе сказаць, дружа Санча, — аб’явіў Дон Кіхот, — што гэта самыя што ні ёсць аслы ці асліцы і што гэта такая ж праўда, як тое, што я — Дон Кіхот, а ты — Санча Панса, — прынамсі, такімі яны мне ўяўляюцца.

— Памаўчыце, сеньёр Санча, — не кажыце такіх слоў, а лепш пратрыце вочы і адпраўляйцеся сведчыць пашану ўладарцы вашых намераў — вунь яна ўжо як блізка.

І, сказаўшы гэта, Санча выехаў насустрач сялянкам, затым спешыўся, узяў асла адной з іх за аброць, упаў на калені і прамовіў:

— Каралева, і прынцэса, і герцагіня прыгажосці, няхай зробіць ласку ваша пагарда і веліч літасціва і дабрадушна сустрэць адданага вам рыцара — вунь ён стаіць, як слуп, сам не свой: гэта ён замёр перад выглядам чароўнасці вашай. Я — яго збраяносец, Санча Панса, а ён сам вандроўны рыцар Дон Кіхот Ламанчскі, інакш — Рыцар Журботнага Вобраза.

Тут і Дон Кіхот апусціўся на калені побач з Санча і, шырока расплюшчыўшы вочы, накіраваў узрушаны позірк на тую, якую Санча называў каралевай і герцагіняй; а таму што Дон Кіхот бачыў у ёй усяго-наўсяго вясковую дзяўчыну, да таго ж не надта прыемнага выгляду, круглатварую і кірпаносую, то быў ён здзіўлены і азадачаны і не адважваўся вымавіць ні слова. Сялянкі таксама дзівіліся, бачачы, што два чалавекі, ніколькі не падобныя адзін на другога, стаяць на каленях перад адной з іх і загароджваюць ёй дарогу; аднак тая, што трапіла ў засаду нарэшце не вытрымала і грубым і злосным голасам крыкнула:

— Прэч з дарогі, сякія-такія, дайце ж праехаць, нам няма часу!

На гэта Санча адказаў так:

— О прынцэса і ўсеагульная табоская ўладарка! Няўжо высакароднае сэрца ваша не памякчэе пры выглядзе гэтага стаўпа і сцвярджэння вандроўнага рыцарства, які стаў на калені перад высокапастаўленым вашым вобразам?

Паслухаўшы такія выказванні, іншая сялянка сказала:

— А, ды ну вас, чхаць мы на вас хацелі! Паглядзіце на гэтых паночкаў: надумалі з сялянак насміхацца! Дудкі, мы таксама па слова ў кішэнь не палезем. Едзьце сваёй дарогай, а да нас не чапляйцеся, і бывайце здаровы.

— Устань, Санча, — сказаў тут Дон Кіхот. — Я бачу, што зноў прагне няшчасцяў маіх лёс149 і што ён адрэзаў усе шляхі, па якіх якая-небудзь радасць магла б прабрацца ў збалелую гэту душу, што знаходзіцца ў маім целе. А ты, найвышэйшая доблесць, аб якой толькі можна марыць, мяжа высакародства чалавечага, адзінае суцяшэнне змучанага майго сэрца, якое любіць цябе, паслухай мой голас: вераломны чараўнік, што даймае мяне, затуманіў і заслаў мне вочы, і толькі для мяне аднаго пабляк твой непараўнальнай прыгажосці выгляд і ператварыўся ў аблічча беднай сялянкі, але калі толькі мяне не ператварылі ў якую-небудзь пачвару, каб я стаў невыносны для вачэй тваіх, то зірні на мяне пяшчотна і ласкава, і па гэтым маім пакорлівым кленчанні перад скажонай тваёй прыгажосцю ты зразумееш, як пакорна душа мая любіць цябе.

— Вось яшчэ пакаранне! — адрэзала сялянка. — Знайшлі ахвотніцу шуры-муры тут з вамі заводзіць! Кажуць вам па-добраму: дайце дарогу, прапусціце нас!

Санча даў дарогу і прапусціў яе, вельмі задаволены, што не яму давялося расхлёбваць кашу, якую ён заварыў. Сялянка, якую прымалі за Дульцынею, бачачы, што шлях свабодны, у той жа момант кальнула свайго свінаходца вострым канцом палкі, якую трымала ў руках, і пагнала яго наперад. Аднак жа ўкол гэты быў, трэба лічыць, больш адчувальны, чым звычайна, таму што асліца пачала падкідваць заднія ногі і нарэшце скінула сеньёру Дульцынею на зямлю; убачыўшы гэта, Дон Кіхот кінуўся яе падняць, а Санча — паправіць і падцягнуць сядло, што з’ехала асліцы на жывот. Калі ж сядло было прыведзена ў парадак, Дон Кіхот надумаўся падняць зачараваную сваю сеньёру на рукі і пасадзіць на асліцу, аднак сеньёра пазбавіла яго ад такога клопату: яна паднялася самастойна, адышла крыху назад і, узяўшы нядрэнны разбег, абедзвюма рукамі ўперлася ў крыж асліцы, а затым лягчэй за сокала ўскочыла ў сядло і села вярхом па-мужчынску. І тут Санча сказаў:

— Клянуся святым Роке, наша пані — лягчэйшая за ястраба! Яна яшчэ самага спрытнага кардаванца ці мексіканца150 можа павучыць верхавой яздзе! Адныммахам пераляцела цераз заднюю луку сядла, а цяпер без шпораў гоніць свайго інаходца, як усё роўна зебру. І прыдворныя дамы ад яе не адстаюць: імчацца віхрам.

І сапраўды: убачыўшы, што Дульцынея ўжо ў сядле, сяброўкі яе пагналі сваіх асліц следам за ёй, і яны скакалі амаль паўмілі, ні разу не азірнуўшыся. Дон Кіхот праводзіў іх вачамі, а калі яны зніклі з поля зроку, то звярнуўся да Санча і сказаў:

— Санча, што ты скажаш наконт гэтых чараўнікоў, якія так мне назаляюць? Падумай толькі, да чаго даходзяць іх вераломства і злосць: яны ж дамовіліся пазбавіць мяне радасці, якую павінна была мне прынесці сустрэча з маёй сеньёрай. Відаць, і сапраўды я з’явіўся на свет як прыклад няшчаснага, каб служыць цэллю і мішэнню, у якую ляцяць і трапляюць усе стрэлы ліхой долі. І яшчэ звярні ўвагу, Санча, што вераломныя гэтыя істоты не задаволіліся тым, каб проста змяніць маю Дульцынею і памяняць яе аблічча, — не, яны надалі ёй нізкі выгляд і непрыгожы твар гэтай сялянкі і адначасова адабралі ў яе тое, што так уласціва знатным сеньёрам, якія жывуць сярод кветак і духмянасцей, а іменна: прыемны пах. Між тым, павінен прызнацца, Санча, што калі я наблізіўся да Дульцынеі, каб падсадзіць яе на інаходца, як ты яго называеш, хоць ён мне бачыцца асліцай, то ад яе так павеяла часнаком, што да горла ў мяне падступіла млоснасць і мне ледзь не стала нядобра.

— Ах, шэльмы! — ускрыкнуў тут Санча. — Ах, чараўнікі вы няшчасныя, шкодныя! Падчапіць бы вас усіх, як сардзінак, пад жабры ды нанізаць на чарацінку! Шмат вы ведаеце, шмат можаце і шмат зла робіце. Хопіць вам, нягоднікі, што вы ператварылі жамчужныя вочы маёй пані ў чарнільныя арэшкі, валасы яе, як з чыстага золата, — у руды бычыны хвост і, нарэшце, прыгожыя рысы твару яе — у пачварныя, дык хоць бы паху не чапалі: па адным жа гэтым мы маглі б здагадацца, што хаваецца пад гэтай грубай карой, хоць, праўду сказаць, я ніякай пачварнасці ў ёй не заўважыў, — я бачыў адну толькі прыгажосць.

— А скажы мне, Санча: тое самае, што я палічыў за ўючнае сядло і што ты прыладжваў, што гэта такое — простае сядло ці дамскае?

— He, не, — адказаў Санча, — гэта сядло з кароткімі страмёнамі і з такой жа важнай гунькай, якая каштуе не менш за паўцарства.

— А я ўсяго гэтага не бачыў, Санча! — усклікнуў Дон Кіхот. — Паўтараю і яшчэ тысячу разоў буду паўтараць, што я — самы няшчасны чалавек на свеце!

Хітрун Санча, слухаючы, якую лухту меле яго пан, так спрытна абведзены ім вакол пальца, ледзь мог утрымацца ад смеху. Нарэшце, пасля доўгіх размоў, абодва селі на сваіх чатырохногіх, і далей з імі здарылася столькі вялікіх і нечуваных падзей, што аб іх варта напісаць і варта прачытаць.


Рaздзел XI. Аб незвычайнай прыгодзе доблеснага Дон Кіхотаз калясніцай, гэта значыць з калёсамі Судзілішча Смерці

Дон Кіхот, паглыблены ў глыбокі роздум, ехаў далей, успамінаючы злы жарт чараўнікоў, якія ператварылі сеньёру Дульцынею ў брыдкую сялянку, і ўсё не мог прыдумаць, як бы вярнуць ёй першапачатковы выгляд, і да таго ён быў гэтымі думкамі заняты, што не заўважыў, як выпусціў павады, а Расінант, адчуўшы свабоду, штохвіліны спыняўся і скуб зялёную траўку, якой навакольныя палі былі багатыя. З гэтага самазабыцця вывеў Дон Кіхота Санча Панса, які звярнуўся да яго з такімі словамі:

— Сеньёр, непрыемнасці створаны не для жывёлы, а для людзей, але толькі калі людзі празмерна бядуюць, то ператвараюцца ў жывёлін. Ану ж, ваша міласць, саўладайце з сабой, вазьміце сябе ў рукі, падбярыце Расінантавы павады, падбадзёрцеся, страпяніцеся і будзьце малайцом, як належыць вандроўнаму рыцару. Што гэта яшчэ за чартаўшчына? Навошта так нудзіцца? Дзе мы: у сябе дома ці ў Францыі? Ды каб іх чорт узяў, усіх Дульцыней на свеце, — здароўе аднаго вандроўнага рыцара каштуе даражэй, чым усе чарадзействы і ператварэнні, якія толькі ёсць на зямлі!

— Замаўчы, Санча, — даволі цвёрда прамовіў Дон Кіхот, — замаўчы, кажуць табе, і не вымаўляй блюзнерскіх слоў аб зачараванай нашай сеньёры, — у яе няшчасці і напасці вінаваты я, а не хто іншы, бо яе беды выкліканы той зайздрасцю, якую маюць да мяне ліхадзеі.

— Я гэтак жа лічу, — прамовіў Санча. — У каго б сэрца не зайшлося, хто бачыў, якой яна была і якой стала!

— Ты можаш так гаварыць, Санча, — зазначыў Дон Кіхот, — ты бачыў яе прыгажосць ва ўсёй яе цэласнасці, дзеянне чараў на цябе не распаўсюдзілася: яны не затуманілі твайго позірку і не схавалі ад цябе яе хараства, уся сіла гэтай атруты была накіравана толькі супраць мяне і маіх вачэй. Аднак жа, разам з тым, вось якое ў мяне падазрэнне: пэўна, ты дрэнна апісаў яе прыгажосць. Калі не памыляюся, ты сказаў, што вочы ў яе, як жэмчуг, між тым вочы, якія нагадваюць жамчужыны, хутчэй бываюць ў рыбы, чым у жанчын, а ў Дульцынеі, як я сам уяўляю, павінен быць прыгожы разрэз вачэй, самі ж вочы — быццам зялёныя ізумруды пад вясёлкамі замест броваў, так што гэтыя самыя жамчужыны ты ў вачэй забяры і перадай зубам, — па ўсёй верагоднасці, ты пераблытаў, Санча, і вочы палічыў за зубы.

— Усё можа быць, — пагадзіўся Санча, — таму мяне так уразіла яе прыгажосць, як вашу міласць яе брыдкасць. Будзем жа спадзявацца на бога: ён адзін ведае ўсё, што здарыцца ў гэтым месцы пакуты, у нашым грэшным свеце, дзе нічога не бывае без дамешку подласці, падману і махлярства. Адно, васпан мой, мяне турбуе больш за ўсё астатняе, а іменна: што рабіць, калі ваша міласць адолее якога-небудзь велікана або рыцара і загадае яму з’явіцца перад светлымі вачамі сеньёры Дульцынеі, — дзе гэты небарака велікан або небарака і гаротнік пераможаны рыцар пачнуць яе шукаць. Я іх адсюль бачу: сноўдаюцца, як дурні, па ўсім Табоса і ўсё шукаюць сеньёру Дульцынею, і калі нават яны яе прама на вуліцы сустрэнуць, усё роўна гэта будзе для іх што Дульцынея, што мой родны тата.

— Мажліва, Санча, — зазначыў Дон Кіхот, — чараўніцтва з непазнаваннем Дульцынеі не распаўсюджваецца на веліканаў і рыцараў, якіх я перамагаю і якія паўстаюць перад Дульцынеяй, а таму з адным ці з двума з тых, каго я ў першую чаргу пакару і пашлю да Дульцынеі, мы праробім дослед: убачаць яны яе ці не, і я загадаю ім вярнуцца і далажыць мне, як у іх з гэтым было.

— Мне ваша думка, скажу я вам, сеньёр, падабаецца, — прамовіў Санча. — Калі пайсці на такую хітрасць, то ўсё, што нам пажадана ведаць, і калі будзе так, што сеньёра Дульцынея ўсім відаць, апрача вас, то гэта ўжо бяда не столькі яе, колькі вашай міласці. Толькі б сеньёра Дульцынея была жывая-здаровая, a ўжо мы тут як-небудзь прыстасуемся і пацерпім, будзем сабе шукаць прыгоды, а ўсё астатняе аддадзім бегу часу: час — лепшы доктар, і ён больш небяспечныя хваробы вылечвае, а ўжо пра гэту і казаць не даводзіцца.

Дон Кіхот хацеў адказаць Санча Пансу, але гэтаму перашкодзілі калёсы, што выехалі на дарогу і былі бітком набіты самымі разнастайнымі і незвычайнымі істотамі і фігурамі, якія толькі можна сабе ўявіць. Сядзеў за фурмана і паганяў мулаў нейкі брыдкі дэман. Павозка была зусім адкрытая, без палатнянага верху і плеценых сценак. Першаю фігураю, якую ўбачыў Дон Кіхот, была сама Смерць з тварам чалавека; побач з ёю ехаў Анёл з вялікімі расфарбаванымі крыламі; з другога боку стаяў Імператар у кароне, на выгляд залаты; каля ног Смерці прымасціўся бажок, так званы Купідон151, без павязкі на вачах, але затое з лукам, калчанам і стрэламі; тут жа ехаў Рыцар, узброены з галавы да ног, толькі замест шышака на ім быў капялюш з рознакаляровымі пёрамі; і яшчэ тут ехала шмат усялякіх істот у разнастайным адзенні і рознага аблічча. Нечаканае гэта відовішча злёгку азадачыла Дон Кіхота і спалохала Санча, але Дон Кіхот адразу ж павесялеў сэрцам: ён вырашыў, што яго чакае новая небяспечная прыгода, і з гэтаю думкаю, з душою, гатоваю да любой небяспекі, ён спыніўся перад самымі калёсамі і гучна і пагражальна загаварыў:

— Хто б ты ні быў — вазак, фурман ці сам чорт, — зараз жа далажы мне: хто ты такі, куды едзеш і што за народ вязеш у сваім фургоне, які, дарэчы кажучы, больш падобны на лодку Харона152, чым на звычайную павозку.

Тут Чорт нацягнуў лебцы і лагодна адказаў:

— Сеньёр, мы акцёры. Мы ігралі ў вёсцы, што вунь за тым узгоркам, Дзейства аб судзілішчы Смерці153,a вечарам нам трэба іграць вось у гэтай вёсцы — яна відаць адсюль. Нам тут блізка, і каб дваццаць разоў не пераапранацца, мы і едзем прама ў тых касцюмах, у якіх іграем. Гэты юнак стварае вобраз Смерці, той — Анёла, гэта жанчына — Каралевы, вунь той — Салдата, гэты — Імператара, а я — Чорта, адну з галоўных дзеючых асоб: я ў нашай трупе на першых ролях. Калі ж вашай міласці патрэбны яшчэ якія-небудзь аб нас звесткі, то звярніцеся да мяне, і я дам вам самы дакладны адказ: я ж Чорт, я ўсё магу.

— Клянуся гонарам вандроўнага рыцара, — загаварыў Дон Кіхот, — калі я ўбачыў вашу павозку, то падумаў, што мяне чакае нейкая вялікая прыгода, але цяпер я разумею, што варта толькі дакрануцца рукой да таго, што табе падалося і падман адразу ж рассейваецца. Едзьце з богам, добрыя людзі, давайце вашы спектаклі і падумайце, ці не магу я чым-небудзь быць вам карысны, — я вельмі ахвотна і з поўнай гатоўнасцю саслужу вам службу, бо акцёрскае майстэрства паланіла мяне, калі я быў яшчэ зусім маленькі, а ў юнацтве я не выходзіў з тэатра.

У час гэтай размовы па недарэчным жаданні лёсу выйшаў наперад адзін з камедыянтаў, апрануты ва ўбор блазна з мноствам бразготак і які трымаў у руках палку з трыма надзьмутымі бычынымі пузырамі на канцы. Гэты самы блазан, наблізіўшыся да Дон Кіхота, пачаў размахваць палкай, ляпаць па зямлі пузырамі і звонячы бразготкамі, высока падскокваць. Страшнае гэта відовішча так напалохала Расінанта, што колькі ні стараўся Дон Кіхот утрымаць яго, ён закусіў цуглі і памчаўся са шпаркасцю, якой зусім нельга было чакаць ад такога шкілета. Санча, сцяміўшы, што яго пану пагражае небяспека быць скінутым, саскочыў з асла і з усіх ног кінуўся яму на дапамогу. Але калі ён прымчаўся, той ляжаў ужо на зямлі, а побач з ім выцягнуўся Расінант: звычайны канец і мяжа Расінантавай адвагі і самавольства.

He паспеў Санча пакінуць шэрага і падбегчы да Дон Кіхота, як Чорт, што скакаў з пузырамі, ускочыў на асла і пачаў лупцаваць яго пузырамі па спіне; асёл жа, не столькі ад болю, колькі ад страху, які выклікала ў яго гэта ляпанне, пусціўся ў бок вёскі, дзе павінен быў адбыцца спектакль. Санча глядзеў на асла, які ўцякаў, і на зваленага пана і не ведаў, якому гopy дапамагчы спачатку, але паколькі ён быў верным збраяносцам і адданым слугой, то любоў да свайго пана ўзяла верх у ім над любоўю да шэрага, хоць кожны раз, як пузыры падымаліся і апускаліся на крыж асла, ён адчуваў смяротны страх і смяротную пакуту; ён палічыў бы за лепшае, каб яго самога адляпалі так па вачах, чым дакрануліся да кончыкаў валасоў на хвасце яго шэрага. У стане пакутлівай разгубленасці наблізіўся ён да Дон Кіхота, які ўяўляў сабой больш жахлівае відовішча, чым ён сам таго хацеў бы, і, падсаджваючы яго на Расінанта, сказаў:

— Сеньёр, Чорт украў шэрага.

— Які чорт? — пацікавіўся Дон Кіхот.

— З пузырамі, — адказаў Санча.

— Нічога, я ў яго адаб’ю, — прамовіў Дон Кіхот, — хоць бы ён схаваўся з ім у самых глыбокіх і змрочных астрогах пекла. Ідзі за мной, Санча, калёсы едуць павольна, і страту шэрага я кампенсую муламі.

— Вам няма чаго турбавацца столькі, сеньёр, — запярэчыў Санча, — стрымайце гнеў, ваша міласць: мне здаецца, што Чорт ужо пакінуў шэрага і ён ідзе назад.

І сапраўды: па прыкладзе Дон Кіхота і Расінанта, Чорт ужо грымнуўся на зямлю і пайшоў у вёску пешшу, а шэры вярнуўся да свайго гаспадара.

— З усім тым, — аб’явіў Дон Кіхот, — за нахабнасць гэтага чорта варта было б правучыць кагосьці з тых, хто едзе ў павозцы, хоць бы, напрыклад, самога Імператара.

— Выкіньце гэта з галавы, — запярэчыў Санча, — і прыслухайцеся да маёй парады: ніколі не трэба звязвацца з камедыянтамі, — усе яны веселуны і штукары, а таму ўсе ім спрыяюць, усе ім дапамагаюць, усе за іх заступаюцца і ўсе іх улагоджваюць.

— Што б там ні было, — зрабіў вывад Дон Кіхот, — камедыянцкі Чорт так лёгка ад мяне не адкруціцца, хоць бы ўвесь род чалавечы за яго заступаўся.

І, сказаўшы гэта, ён дагнаў калёсы, якія амаль пад’ехалі да вёскі, і крыкнуў:

— Стойце, пачакайце, зборышча веселуноў і штукароў! Я хачу навучыць вас, як патрэбна абыходзіцца з асламі і іншымі жывёлінамі, на якіх ездзяць збраяносцы вандроўных рыцараў!

Дон Кіхот крычаў так гучна, што ўсе на калёсах пачулі і зразумелі яго словы; і варта было ім адчуць іх сэнс, як адразу ж з павозкі саскочыла Смерць, а за ёю Імператар, вазак-Чорт і Анёл, не ўседзелі і Каралева з бажком Купідонам — усе як адзін, узброіліся камянямі, пастроіліся ў адну шарэнгу і падрыхтаваліся сустрэць Дон Кіхота пальбою камянямі. Дон Кіхот,бачачы, што яны ў поўным баявым парадку паднялі рукі з тым, каб запусціць у яго камянямі, нацягнуў павады і задумаўся, як бы гэта павесці наступленне з найменшай для сябе рызыкай. А пакуль ён раздумваў, да яго далучыўся Санча і, бачачы, што ён збіраецца напасці на гэты атрад, выстраены па ўсіх правілах вайсковага майстэрства, сказаў:

— Трэба зусім з’ехаць з глузду, каб пачынаць такую справу! Прыміце пад увагу, васпан мой: супраць такіх важкіх каменьчыкаў няма іншага абарончага сродку, апрача як прыгнуцца і накрыцца медным звонам. А потым, вось яшчэ што патрэбна зразумець: нападаць аднаму на цэлае войска, у якім знаходзіцца сама Смерць, у якім уласнай персонай змагаюцца імператары і якому дапамагаюць добрыя і злыя анёлы, — гэта не столькі смела, колькі безразважна. Калі ж гэтыя довады вас не спыняюць, то няхай вас спыніць дакладнае паведамленне, а іменна: кім толькі гэтыя людзі ні з’яўляюцца — і каралямі, і прынцамі, і імператарамі, — а вандроўнага рыцара сярод іх ніводнага няма.

— Вось цяпер, Санча, ты трапіў у самую кропку, — аб’явіў Дон Кіхот, — і гэта можа і павінна прымусіць мяне адмовіцца ад цвёрдага майго намеру. Як я ўжо неаднойчы табе казаў, я не магу і не павінен вынімаць меч супраць тых, хто не пасвячоны ў рыцары. Гэта табе, Санча, калі ты жадаеш адпомсціць за крыўду, нанесеную твайму шэраму, належыць з імі схапіцца, я ж буду здаля дапамагаць табе словамі ўхвалення і выратавальнымі перасцярогамі.

— Помсціць нікому не варта, сеньёр, — запярэчыў Санча, — добраму хрысціяніну не да твару помсціць за крыўды, тым больш што я ўгавару майго асла аддаць яго крыўду маёй добрай волі, а мая добрая воля — мірна пражыць дні, адведзеныя мне ўсявышнім.

— Ну, Санча добры, Санча разважлівы, Санча-хрысціянін, Санча дабрадушны, — прамовіў Дон Кіхот, — калі такое тваё рашэнне, то пакінем у спакоі гэтыя пудзілы і пашукаем лепшых і больш вартых прыгод, мноства якіх, і прытым самых што ні на ёсць цудоўных, мяркуючы па ўсім, іменна тут якраз нас і чакае.

З гэтымі словамі ён павярнуў каня, Санча ўзабраўся на свайго шэрага, Смерць і ўвесь яе лятучы атрад зноў размясціліся на павозцы і паехалі далей, і такім чынам страшная гэта прыгода з калясніцаю Смерці закончылася шчасліва толькі дзякуючы выратавальнай парадзе, дадзенай Санча Пансам свайму пану, якога заўтра чакала новая прыгода, з нейкім закаханым вандроўным рыцарам, не менш надзвычайная, чым папярэдняя.


Раздзел XII. Аб незвычайнай прыгодзе доблеснага Дон Кіхота з адважным Рыцарам Люстэркаў

Ноч пасля сустрэчы са Смерцю Дон Кіхот і яго збраяносец правялі пад высокімі і галінастымі дрэвамі, дзе, здаўшыся на ўгаворы Санча, Дон Кіхот перш за ўсё з’еў той ежы, якой быў нагружаны асёл; і ў час вячэры Санча сказаў свайму пану:

— Сеньёр, якім бы я застаўся дурнем, калі б выбраў сабе ва ўзнагароду трафеі першай прыгоды вашай міласці, а не жарабят ад трох вашых кабыл! Вось ужо, што называецца, лепш сініца ў руках, чым журавель у небе!

— Аднак, Санча, — запярэчыў Дон Кіхот, калі б ты даў мне распачаць бой, як я хацеў, то ў выглядзе трафея табе дасталіся б сама меней залатая карона Імператрыцы і расфарбаваныя крылы Купідона. Я даў бы гэтай кампаніі добрага дыхту, і ўсе іх пажыткі дасталіся б табе.

— Скіпетры і кароны імператараў камедыянцкіх ніколі не бываюць з чыстага золата, а ці з мішуры, ці з бляхі, — зазначыў Санча.

— Справядліва, — адгукнуўся Дон Кіхот: — тэатральныя ўпрыгажэнні не павінны быць добрымі, яны павінны быць уяўнымі і толькі ўяўнымі, як сама камедыя154. І ўсё ж мне б хацелася, каб ты, Санча, ацаніў і палюбіў камедыю, а значыць, і тых, хто яе паказвае, і тых, хто яе піша, бо ўсе яны — сродкі, якія прыносяць дзяржаве вялікую карысць: яны неперастанна з’яўляюцца для нас люстэркам, у якім ярка адлюстроўваюцца справы людскія, і ніхто так выразна не пакажа нам розніцу паміж тым, якія мы ёсць, і тым, якімі нам патрэбна быць, як камедыя і камедыянты. He, праўда, скажы мне: хіба ты не бачыў на сцэне камедый, дзе паказваюцца каралі, імператары, папы, рыцары, дамы і іншыя дзеючыя асобы? Адзін стварае вобраз нягодніка, другі — ашуканца, трэці — купца, чацвёрты — салдата, пяты — кемлівага прасцяка, шосты — дабрадушнага закаханага, але як толькі камедыя заканчваецца і акцёры здымаюць з сябе касцюмы, усе яны паміж сабою роўныя.

— Як жа, бачыў, — адказаў Санча.

— Тое ж самае адбываецца і ў той камедыі, якую ўяўляе сабой кругаварот нашага жыцця, — працягваў Дон Кіхот. — І тут адны іграюць ролю імператараў, іншыя — пап, словам, усіх дзеючых асоб, якія толькі бываюць у камедыі, а калі наступае развязка, гэта значыць калі жыццё заканчваецца, смерць ва ўсіх забірае касцюмы, якімі яны адрозніваліся адно аддругога, і ў магіле ўсе становяцца паміж сабою роўнымі.

— Выдатнае параўнанне, — заўважыў Санча, — толькі ўжо не новае, і мне неаднойчы і па розных падставах даводзілася чуць яго, як і параўнанне нашага жыцця з гульнёю ў шахматы: пакуль ідзе гульня, кожная фігура мае сваё асаблівае прызначэнне, а калі гульня скончылася, усе фігуры перамешваюцца, ператасоўваюцца, ссыпаюцца ў кучу і трапляюць у адзін мяшок, падобна да таго, як усё жывое сыходзіць у магілу.

— З кожным днём, Санча, ты становішся ўсё менш праставатым і ўсё больш разумным, — зазначыў Дон Кіхот.

— Дык жа штосьці ды павінна ж перайсці да мяне ад вашай звышмудрасці, — сказаў Санча. — Зямля сама па сабе можа быць неўрадліваю і сухою, але калі яе ўдобрыць і апрацаваць, яна пачынае даваць добры ўраджай. Я хачу сказаць, што гутаркі вашай міласці былі тым удабрэннем, якое трапіла на неўрадлівую глебу сухога майго розуму, а ўвесь той час, што я вас слухаў і з вамі размаўляў, быў для яго апрацоўкай, дзякуючы чаму я спадзяюся даць багаты ўраджай, і ўраджай гэты не сыдзе і не ўхіліцца са сцяжынак добрага выхавання, якое міласць ваша праклала на высахлай ніве майго разумення.

Дон Кіхот пасмяяўся з напышлівасці Санча, аднак жа не мог не прызнаць, што той на самай справе падае надзеі, бо сваёй манерай выказвацца часта вельмі здзіўляў яго; зрэшты, кожны ці амаль кожны раз, калі Санча пачынаў размаўляць на вучоны ці на сталічны лад, мова яго ўрэшце падала з вышынь прастадушнасці ў бяздонне невуцтва; асаблівая ж зграбнасць яго мовы і добрая памяць выяўляліся ў тым, як ён дарэчы і недарэчы ўжываў прыказкі, што на працягу ўсёй нашай гісторыі чытач, па ўсёй верагоднасці, бачыў і заўважаў неаднойчы.

У такіх і да іх падобных размовах прайшла ў іх большая палова ночы, і нарэшце на Санча напала ахвота адправіцца на бакавую, як ён казаў, калі яго хіліла на сон, і, рассядлаўшы шэрага, ён даў яму поўную волю мець асалоду ад багатай травою пашы. З Расінанта ж ён не зняў сядла, па асаблівым распараджэнні Дон Кіхота, які не дазваляў рассядлоўваць каня, пакуль яны вядуць паходнае жыццё і начуюць пад адкрытым небам; старадаўні звычай, які быў устаноўлены і няўхільна выконваўся вандроўнымі рыцарамі, дазваляў здымаць аброць і прывязваць яе да седлавой лукі, але здымаць сядло — ні ў якім выпадку! Санча так і зрабіў і даў магчымасць Расінанту вольна пасвіцца разам з ослікам; а між ослікам і Расінантам існавала сяброўства цеснае і бяспрыкладнае: ледзь толькі абодва чатырохногія сходзіліся разам, Расінант клаў сваю шыю на шыю шэрага, пры гэтым з другога боку яна выступала больш чым на паў локця, і абодва, задумліва гледзячы ў зямлю, звычайна прастойвалі так дні па тры, ва ўсякім выпадку ўвесь той час, які яны для гэтай мэты мелі, а таксама калі голад не вымушаў іх шукаць корму.

Нарэшце Санча заснуў каля падножжа пробкавага дуба, Дон Кіхот жа задрамаў пад дубам звычайным, але магутным, аднак праз невялікі час яго разбудзіў шум, які пачуўся ў яго за спіной. Адразу падскочыўшы, ён пачаў узірацца і прыслухоўвацца, намагаючыся вызначыць, што гэта за шум, і ўбачыў двух коннікаў, адзін з якіх саскочыў на зямлю і сказаў свайму спадарожніку:

— Злазь, дружа, і раскілзай коней, мне здаецца, што травы тут для іх будзе ўдосталь, а для любоўных маіх дум — удосталь цішыні і самоты.

Сказаўшы гэтыя словы, незнаёмец у адзін момант выцягнуўся на траве; калі ж ён паваліўся на зямлю, пачуўся звон даспехаў, і для Дон Кіхота гэта быў яўны знак, што перад ім вандроўны рыцар. З гэтай прычыны Дон Кіхот наблізіўся да соннага Санча, пацягнуў яго за руку і, з вялікай цяжкасцю разбудзіўшы яго, сказаў яму на вуха:

— Брат Санча, прыгода!

— Дай бог, каб паспяховая, — адазваўся Санча. — A дзе ж яна, васпан мой, гэта самая шматпаважаная прыгода?

— Дзе прыгода, Санча? — перапытаў Дон Кіхот. — Павярні галаву і паглядзі: вунь там ляжыць вандроўны рыцар, і, наколькі я разумею, ён не надта вясёлы. Я бачыў, як ён саскочыў з каня і, быццам у адчаі, паваліўся на зямлю, і ў гэты час зазвінелі яго даспехі.

— Чаму ж ваша міласць думае, што гэта прыгода? — пацікавіўся Санча.

— Я не хачу сказаць, што гэта ўжо і ёсць прыгода, — гэта толькі яе пачатак, бо прыгоды пачынаюцца іменна так, — адказаў Дон Кіхот. — Але ціха: здаецца, ён настройвае не то лютню, не то гітару, адкашліваецца, прачышчае горла, — відаць, збіраецца спяваць.

— Слова гонару, так яно і ёсць, — сказаў Санча. — Напэўна, гэта закаханы рыцар.

— Вандроўны рыцар не можа быць закаханы, — зазначыў Дон Кіхот. — Паслухаем жа яго і па шарсцінцы песні даведаемся пра аўчынку яго намераў.

Санча хацеў быў запярэчыць свайму пану, але яму перашкодзіў голас рыцара, голас не надта кепскі, але і не вельмі прыемны.

Нарэшце рыцар, уздыхнуўшы, здавалася, з глыбіні душы, скончыў сваю песню, а неўзабаве загаварыў голасам жаласным і журботным:

— О самая найцудоўная і самая няўдзячная жанчына ва ўсім свеце! Няўжо, святлейшая Касільдэя Вандальская155, ты дапусціш, каб адданы табе рыцар змарнеў і загінуў у бясконцых вандраваннях і ў суровых і жорсткіх выпрабаваннях ? Няўжо табе недастаткова таго, што дзякуючы мне цябе прызналі першаю прыгажуняю ў свеце ўсе рыцары Навары, Леона, Тартэсіі, Кастыліі і, нарэшце, Ламанчы?

— Ну ўжо не! — прамовіў тут Дон Кіхот. — Я сам рыцар Ламанчскі, але ніколі нічога такога не прызнаваў, ды і не мог і не павінен прызнаваць нічога, што магло б гэтак прынізіць прыгажосць маёй пані, і цяпер ты бачыш, Санча, што рыцар гэты трызніць. Зрэшты, паслухаем яшчэ: пэўна ж, ён выкажацца больш поўна.

— Яшчэ як выкажацца, — падхапіў Санча, — ён, відавочна, падрыхтаваўся выць цэлы месяц без перадыху.

Аднак жа здарылася не так. Пачуўшы, што хтосьці паблізу размаўляе, рыцар спыніў сваё спяванне, стаў на ногі і звонкім і прыветлівым голасам прамовіў:

— Хто там? Што за людзі? Ці належыце вы да ліку шчаслівых або журботных?

— Журботных, — адгукнуўся Дон Кіхот.

— У такім выпадку, падыдзіце да мяне, — прамовіў рыцар, — і ведайце, што вы набліжаецеся да ўвасобленай журбы і тугі.

Пачуўшы такі кранальны і пачцівы адказ, Дон Кіхот наблізіўся да рыцара, а за Дон Кіхотам падышоў і Санча.

Рыцар, які скардзіўся, схапіў Дон Кіхота за руку і сказаў:

— Сядайце, сеньёр рыцар. Каб здагадацца, што вы рыцар і належыце да ордэна рыцараў вандроўных, мне дастаткова было сустрэць вас у гэтым месцы, дзе з вамі дзеляць вольны час толькі адзінота ды вячэрняя раса — звычайны прытулак і прыродны ложак вандроўных рыцараў.

На гэта яму Дон Кіхот адказаў так:

— Я — рыцар і якраз гэтага самага ордэна, і хоць смутак, беды і няшчасці звілі ў душы маёй трывалае гняздо, аднак жа ад яе не адляцела спагада да чужых няшчасцяў. З песні вашай я зрабіў вывад, што вашы няшчасці — любоўнага характару, гэта значыць, што яны выкліканы вашым любоўным гарачым пачуццём да няўдзячнай прыгажуні, імя якой вы ўпаміналі ў скаргах вашых.

Так, у згодзе, вялі яны паміж сабой размову, седзячы на голай зямлі, і хто б мог падумаць, што не паспее заняцца дзень, як яны ўжо займуцца адзін другім на полі бітвы!

— Ужо ці не закаханы, часам, і вы, сеньёр рыцар? — спытаў Дон Кіхота яго суразмоўца.

— На няшчасце, так, — адказаў Дон Кіхот. — Зрэшты, калі выбар мы зрабілі варты, то пакуты, якія ён прычыняе, нам патрэбна лічыць за асаблівую міласць, а ніяк не за напасць.

— Вы маеце рацыю, — заўважыў рыцар, — але толькі пагарда нашых уладарак, ад якой мы трацім разважлівасць і здаровы розум, такая вялікая, што хутчэй нагадвае помсту.

— Мая пані ніколі не пагарджала мною, — запярэчыў Дон Кіхот.

— Вядома, не, — падхапіў Санча, які знаходзіўся паблізу, — мая пані пакорлівая, як авечка, і мяккая, як масла.

— Гэта ваш збраяносец? — спытаў рыцар.

— Так, збраяносец, — адказаў Дон Кіхот.

— Упершыню бачу, каб збраяносец адважваўся перабіваць свайго пана! — зазначыў рыцар. — Прынамсі, мой збраяносец, — вунь ён стаіць,калі размаўляю я, як вады ў рот набярэ.

Тут збраяносец рыцара-песняпеўца ўзяў Санча за руку і сказаў:

— Давайце адыдзем убок і пагаворым шчыра, як збраяносец са збраяносцам, а нашы паны няхай сабе спрачаюцца і расказваюць адзін аднаму аб сардэчных сваіх акалічнасцях, — ручаюся галавой, што яны яшчэ і дзень прыхопяць, ды і то, бадай, не скончаць.

— Няхай сабе на здароўе, — пагадзіўся Санча, — а я раскажу вашай міласці, хто я такі, і вы ўбачыце, што мяне нельга ставіць на адну дошку з іншымі балбатлівымі збраяносцамі.

Тут абодва збраяносцы адышлі і паміж імі пачалася гутарка, настолькі ж забаўная, наколькі важная была гутарка іх сеньёраў.


Раздзел XIII, у якім працягваецца прыгода з Рыцарам Люстэркаўі прыводзіцца разумная, мірная і незвычайная гутарка двух збраяносцаў

— Цяжка і не соладка жывецца нам, гэта значыць збраяносцам вандроўных рыцараў, васпан мой, — загаварыў слуга другога рыцара. — Вось ужо сапраўды ў поце чала нашага ядзім мы хлеб, а гэта ж адзін з праклёнаў, якім гасподзь бог пакараў нашых пра бацькоў.

— З такім жа поспехам можна сказаць, — падхапіў Санча, — што мы ядзім яго ў холадзе нашага цела, бо хто больш за няшчасных збраяносцаў вандроўнага рыцарства пакутуе ад спёкі і сцюжы? І не так было б крыўдна, калі б мы гэты хлеб елі, бо з хлебам і гора не бяда,а то ж іншы раз дні па два харчуемся адным толькі пералётным ветрам.

— Усё гэта яшчэ можна знесці і перанесці ў чаканні ўзнагарод, — зазначыў другі слуга, — бо калі толькі вандроўны рыцар, у якога служыць збраяносец, не з самых няўдачлівых, то крыху пазней ён яму ўжо абавязкова падаруе губернатарства на якім-небудзь дарагім востраве або якое-небудзь прыгожае графства.

— Я ўжо казаў майму пану, што з мяне і губернатарства на востраве дастаткова, — аб’явіў Санча, — і ён быў такі высакародны і такі шчодры, што неаднаразова і па розных прычынах даваў абяцанні ўзнагародзіць мяне востравам.

— А я быў бы задаволены, калі б за бездакорную маю службу мяне зрабілі канонікам, — сказаў другі слуга. — І мой пан мне ўжо абяцаў прыход, ды яшчэ які!

— Ваш пан, як відаць, рыцар па царкоўнай галіне і мае права аказваць такія міласці верным сваім збраяносцам, —заўважыў Санча. — Ну а мой — самы звычайны свецкі, хоць, зрэшты, я прыгадваю, што адны разумныя людзі, якіх я, праўда, лічыў вераломнымі, спрабавалі ўгаварыць яго стаць архіепіскапам, аднак жа ён, апрача імператара, ні аб чым слухаць не хацеў, а я тады баяўся: а раптам яму захочацца пайсці па духоўнай галіне? Я ж кіраваць царкоўным прыходам не падыходжу, — патрэбна вам ведаць, ваша міласць, што хоць я і падобны на чалавека, але толькі царкве што ад мяне, што ад жывёлы — адна карысць.

— На самай справе, ваша міласць, вы памыляецеся, бо не ўсе астравы зграбна скроены, — запярэчыў другі слуга. — Трапляюцца сярод іх і крывыя, і бедныя, і маркотныя, і нават з самым роўным і стройным той няшчасны, каму ён дастанецца, клопатаў і непрыемнасцей не абярэцца. Куды б лепш нам кінуць гэту праклятую службу і разысціся па дамах! А ўжо дома мы б заняліся больш прыемнымі справамі, — скажам, паляваннем ці рыбнай лоўляй, бо ў якога самага што ні ёсць беднага збраяносца няма сваёй канякі, пары хартоў і вуды, каб было чым заняцца ў вёсцы?

— У мяне ўсё гэта ёсць, — аб’явіў Санча. — Канякі, праўда, няма, але затое ёсць асёл — удвая лепшы, чым конь майго пана. He сустрэць мне радасна вялікдзень, бліжэйшы, які павінен быць, калі я калі-небудзь памяняю майго асла на гэтага каня, хоць бы ў дадатак мне далі не адну фанегу156 аўса. Вы не паверыце, ваша міласць, які ў мяне цудоўны шэры. Ну а з сабакамі затрымкі не будзе: сабак у нас у вёсцы колькі хочаш.

— Шчыра кажучы, сеньёр збраяносец, — сказаў другі слуга, — я надумаўся і вырашыў кінуць гэту рыцарскую лухту, вярнуцца ў сваю вёску і гадаваць дзяцей: у мяне іх трое, і ўсе — нібы перлы Усходу.

— А ў мяне двое, — сказаў Санча, — ды такія, што паднось іх на талерцы хоць самому рымскаму папе, асабліва дзяўчынка. Я яе, з божай дапамогай, рыхтую ў графіні, хоць і насуперак маці.

— А колькі ж гадоў гэтай сеньёры, якая павінна стаць графіняй? — пацікавіўся другі слуга.

— Каля пятнаццаці, — адказаў Санча, — але ростам яна з кап’ё, свежая, як красавіцкая раніца, а моцная, як усё роўна падзёншчык. І я малю бога, каб ён прывёў мяне ўбачыцца з сям’ёй і пазбавіў ад смяротнага граху, гэта значыць ад небяспечнай службы збраяносца. Звязаўся ж я з ёю другі раз таму, што мяне спакусіў і звёў кашалёк з сотняй дукатаў, які я аднойчы знайшоў у самым сэрцы Сьера-Марэны, а цяпер чорт раз-пораз махае ў мяне перад вачамі мяшком з дублонамі157, — то тут, то там, аж гляджу, не там, а вунь дзе, — і мне ўсё падаецца: вось я яго хапаю рукамі, прыціскаю да грудзей, нясу дамоў, купляю зямлю, здаю яе ў арэнду і жыву сабе як той прынц, і варта мне аб гэтым падумаць, як мне ўжо здаюцца лёгкімі і цярпімымі тыя пакуты, што мне даводзіцца цярпець з-за майго прыдуркаватага пана, якога я лічу не столькі рыцарам, колькі дзіваком.

— Вось таму якраз і кажуць, што ад зайздрасці вочы разбягаюцца, — заўважыў другі слуга. — Але калі ўжо размова зайшла аб дзіваках, то большага дзівака, чым мой пан яшчэ не бачыў свет, бо гэта пра такіх, як ён, кажуць: чужыя клопаты і асла загубяць. Бо для таго, каб іншы рыцар абразуміўся, ён сам стаў вар’ятам і цяпер раз’язджае ў пошуках таго, што пры сустрэчы можа яму яшчэ выйсці бокам.

— А ён, часам, не закаханы?

— Закаханы, — адказаў другі слуга, — у нейкую Касільдэю Вандальскую, такую крутую і непрамешаную асобу, якіх свет не бачыў. Але толькі крутым норавам яго не проймеш, і неўзабаве гэта выявіцца.

— На самай роўнай дарозе трапляюцца бугаркі і калдобіны, — заўважыў Санча. — У людзей яшчэ толькі вараць боб, а ў мяне яго поўныя катлы; у вар’яцтва, значыць, больш спадарожнікаў ды прыслужнікаў, чым у мудрасці. Аднак жа, калі нездарма кажуць, што лягчэй на свеце жыць, маючы таварыша па няшчасці, то і мне ваша міласць будзе суцяшэннем: ваш жа пан — такі ж дурань, як і мой.

— Дурань, ды затое хват, — запярэчыў другі слуга, — і не такі ён дурны і хвацкі, як хітры.

— А мой не такі, — аб’явіў Санча. — Я хачу сказаць, што ў майго хітрасці зусім няма, душа ў яго наросхрыст, ён нікому не здольны зрабіць зло, ён робіць толькі дабро, вераломства гэтага самага ў яго ні на волас няма, кожнае дзіця пераканае яго, што зараз ноч, хоць бы гэта была сярэдзіна дня, і вось за гэту яго дабрадушнасць я і люблю яго больш за жыццё і, нягледзячы ні на якія яго дурыкі, пры ўсім жаданні не магу ад яго пайсці.

— Як бы там ні было, дружа і васпан мой, — сказаў слуга рыцара-песняпеўца, — калі сляпы вядзе сляпога, то абодва зваляцца ў яму. Лепш было б нам бадзёрым крокам — у родныя мясціны,а то ж прыгоды не заўсёды бываюць прыемныя.

Санча штохвілінна сплёўваў сліну, на выгляд ліпкую і даволі густую, і, заўважыўшы гэта, спагадлівы збраяносец другога рыцара прамовіў:

— Па-мойму, мы так шмат гаварылі, што ў нас у горле перасохла. Ну, ды ў мяне прывязаны да седлавой лукі такі добры сродак, які прамочвае, — проста цуд!

Сказаўшы гэта, ён падняўся і неўзабаве вярнуўся з вялікім бурдзюком віна і пірагом даўжынёю з паў локця, і гэта не перабольшванне, бо то быў пірог з трусом такой велічыні, што Санча, дакрануўшыся да яго і вырашыўшы, што гэта нават не казлёнак, а цэлы казёл, звярнуўся да другога збраяносца з пытаннем:

— І вы гэтакае возіце з сабой, сеньёр?

— А вы што ж думалі? — адгукнуўся той. — Ці, па-вашаму, я ўжо такі ўбогі збраяношка? На крыжы майго каня больш запасаў забеспячэння, чым у генерала, калі ён адпраўляецца ў паход.

He прымусіўшы сябе доўга ўгаворваць, Санча пачаў есці і, спехам глытаючы кавалкі велічынёю з млынавы камень, сказаў:

— Ваша міласць — вось ужо сапраўды верны і адданы збраяносец, сапраўды раскошны і багаты, як паказвае гэты банкет, які вы арганізавалі, быццам чараўнік, — не тое што я, збраяносец нікчэмны і няўдачлівы, у якога ў перакідных торбах толькі і ёсць што крыху сыру, такога цвёрдага, што ім нічога не значыць разбіць галаву велікану, ды звыш таго паўсотні салодкіх стручкоў, ды столькі ж лясных і грэцкіх арэхаў. А ўсё таму, што мой пан бедны і яшчэ таму, што ён прытрымліваецца той думкі і трымаецца таго правіла, быццам вандроўныя рыцары павінны падмацоўвацца і харчавацца аднымі толькі сухімі пладамі ды палявымі травамі.

— Па шчырасці, братка, — аб’явіў другі слуга, — мой страўнік няздольны пераварваць чартапалох, дзікія грушы і драўляныя карані. Ну іх к чорту, нашых паноў, з усімі іх меркаваннямі і рыцарскімі законамі!Няхай сабе ядуць што хочуць — я вязу з сабой халоднае мяса, а да седлавой лукі ў мяне на ўсякі выпадак прывязаны вось гэты бурдзюк, і я яго так люблю і абагаўляю — ну нават хвілінкі не магу прабыць, каб не абняць яго і не прыпасці да яго вуснамі.

Сказаўшы гэта, ён сунуў бурдзюк у рукі Санча, і той, нахіліўшы яго і пацягваючы з горлейка, каля чвэрткі гадзіны разглядваў зоркі.

Доўга яшчэ два слаўныя збраяносцы размаўлялі і выпівалі, пакуль нарэшце сон не звязаў ім языкі і не зменшыў іх смагу, наталіць жа яе было немагчыма; так яны і заснулі, трымаючыся за амаль пусты бурдзюк, з недажаванымі кавалкамі пірага ў роце, і цяпер мы іх часова пакінем, каб расказаць, аб чым размаўлялі паміж сабою Рыцар Люстэркаў і Рыцар Журботнага Вобраза.


Раздзел XIV, у якім працягваецца прыгода з Рыцарам Люстэркаў

Пасля працяглай размовы з Дон Кіхотам другі рыцар звярнуўся да яго з такімі словамі:

— А цяпер, сеньёр рыцар, ведайце, што не столькі па волі лёсу, колькі па сваёй добрай волі мне собіла закахацца ў непараўнальную Касільдэю Вандальскую. Я называю яе непараўнальнай таму, што ніхто не можа з ёю параўнацца ні па велічнасці целаскладу, ні па радавітасці, ні па прыгажосці. І вось гэта Касільдэя, аб якой я кажу, за ўсе мае сумленныя намеры і высакародныя пачуцці адплаціла тым, што, па прыкладзе мачахі Геркулеса158, загадала мне вытрымаць шматлікія выпрабаванні, і ў канцы кожнага яна давала мне слова, што ў канцы наступнага спраўдзяцца мае спадзяванні. А між тым пакуты мае нанізваюцца адна на адну, і нельга іх злічыць, і цяпер ужо я ведаю, якая з іх будзе апошняй і паложыць пачатак ажыццяўленню маіх добрых пажаданняў. Аднойчы яна загадала мне выклікаць на паядынак вядомую севільскую веліканшу Хіральду159, мажную і здаравенную, нібы вылітую з медзі, і хоць яна заўсёды на адным месцы, самую зменлівую і непастаянную жанчыну ў свеце. Я прыйшоў, убачыў, перамог160 яе, загадаў стаяць спакойна і не круціцца. Яшчэ неяк загадала мая валадарка ўзважыць старажытных каменных Быкоў Гісанда161, а яны ж такія цяжкія, што гэта хутчэй падышло б грузчыкам, чым рыцарам. Яшчэ неяк загадала яна мне скінуцца ў прорву Кабра162, — справа страшная і нечуваная, — а затым падрабязна далажыць ёй аб тым, што ў змрочнай той прорве тоіцца. Я спыніў кручэнне Хіральды, узважыў Быкоў Гісанда, кінуўся ў прорву і даследаваў тое, што таілася на яе дне, а надзеі мае як не збываліся, так і не збываюцца, загады ж яе і пагарда — гэта ўсё сваім парадкам. Бо вось ужо зусім нядаўна загадала яна мне аб’ехаць усе іспанскія правінцыі і дамагчыся прызнання ад усіх вандроўных рыцараў, якія толькі блукаюць, што прыгажосцю сваёю яна пераўзышла ўсіх жанчын на свеце, а што я — самы адважны і закаханы рыцар ва ўсім свеце, і па яе распараджэнні я ўжо аб’ехаў амаль усю Іспанію і перамог рыцараў, якія адважваліся мне пярэчыць. Але больш за ўсё я ганаруся і выхваляюся тым, што перамогу адзінаборстве славутага рыцара Дон Кіхота Ламанчскага і прымусіў яго прызнаць, што мая Касільдэя Вандальская прыгажэйшая за Дульцынею, і лічу, што гэта раўназначна перамозе над усімі рыцарамі ў свеце, бо іх усіх перамог згаданы мною Дон Кіхот, a калі я яго перамог, то яго слава, гонар і заслугі пераходзяць да мяне і пераносяцца на маю асобу, таму незлічоныя подзвігі названага мною Дон Кіхота цяпер ужо прыпісваюцца мне і становяцца маімі.

Са здзіўленнем слухаў Дон Кіхот разважанні другога рыцара і не аднойчы гатовы быў сказаць яму, што ён хлусіць; слова “хлусня” так і круцілася ў яго на языку, аднак жа ён колькі мог стрымліваў сябе,каб той канчаткова заблытаўся ва ўласнай хлусні, і таму спакойна зазначыў:

— Што ваша міласць, сеньёр рыцар, перамагла ледзь ці не ўсіх вандроўных рыцараў Іспаніі і нават усяго свету, тут я нічога не магу сказаць, але што вы перамаглі Дон Кіхота Ламанчскага — гэта я стаўлю пад сумненне. Магчыма, гэта быў хтосьці іншы, на яго падобны, хоць, зрэшты, мала хто на яго падобны.

— Як гэта — іншы? — ускрыкнуў рыцар. — Клянуся небам, якое раскінулася над намі, што я схапіўся з Дон Кіхотам, адолеў яго і вымусіў здацца. Гэта чалавек высокага росту, падгалісты і сухарлявы, тварам хударлявы, валасы ў яго з сівізною, нос арліны, з ледзь прыкметнай гарбінкай, вусы вялікія, чорныя, уніз апушчаныя. Ваюе ён пад іменем Рыцара Журботнага Вобраза, а ў збраяносцах у яго знаходзіцца нейкі хлебароб Санча Панса, ездзіць і гарцуе ён на кані, якога называе Расінантам, і, нарэшце, валадаркаю яго з’яўляецца нейкая Дульцынея Табоская, якую раней называлі Альдонсаю Ларэнса, падобна да таго, як маю валадарку завуць на самай справе Касільдаю і родам яна з Андалусіі, а я яе на гэтай падставе называю Касільдэяй Вандальскаю. Калі ж усіх гэтых прыкмет недастаткова, каб вы пераканаліся ў маёй праўдзівасці, то пры мне мой меч, а ён і сам недавер прымусіць паверыць.

— Супакойцеся, сеньёр рыцар, і выслухайце мяне, — сказаў Дон Кіхот. — Вы павінны ведаць, што гэты Дон Кіхот, аб якім вы гаворыце, — мой самы лепшы сябар, і ў нас з ім такое цеснае сяброўства, што мы як бы складаем адно цэлае, прыкметы ж, якія вы мне паведамілі, такія дакладныя і бясспрэчныя, што я не магу не прызнаць, што вы перамаглі іменна яго. З іншага боку, мой уласны зрок і адчуванне даказваюць мне ўсю немагчымасць таго, што гэта быў ён, калі толькі хтосьці са шматлікіх варожых яму чараўнікоў (дакладней за ўсё, хто пастаянна яго даймае) не прыняў яго аблічча і не даў сябе адолець, каб пазбавіць яго славы, якую ён высокімі сваімі рыцарскімі подзвігамі ва ўсіх вядомых нам краінах заслужыў і здабыў. І для большай пераканаўчасці я хачу яшчэ давесці да вашага ведама, што згаданыя чараўнікі, яго нядобразычліўцы, дні два таму назад ператварылі цудоўную Дульцынею Табоскую ў простую і грубую сялянку, і, трэба лічыць, гэтак жа яны змянілі выгляд і самога Дон Кіхота. Калі ж усяго гэтага недастаткова, каб вы ўпэўніліся ў правільнасці слоў маіх, то перад вамі сам Дон Кіхот, які сваю праўду будзе адстойваць са зброяй у руках, ці то на кані, ці то злезшы з каня, ці то як вам захочацца.

Сказаўшы гэта, ён устаў і ў чаканні, што зробіць другі рыцар, узяўся за меч, а той не менш спакойна звярнуўся да яго з такімі словамі:

— Спраўны плацельшчык залогу не баіцца. Каму аднойчы, сеньёр Дон Кіхот, удалося перамагчы вас ператворанага, той мае падставу спадзявацца адолець вас сапраўднага. Аднак жа рыцарам не да твару здзяйсняць ратныя подзвігі ўпоцемку, мы не разбойнікі і ліхадзеі, пачакаем да раніцы, і няхай будзе сонца сведкам нашых спраў. Умовай жа нашага паядынку я стаўлю наступнае: пераможаны здаецца на літасць пераможцы, і той вольны зрабіць з ім што захоча, з тым, аднак жа, каб загады яго не былі для пераможанага зневажальнымі.

— Такая ўмова і пагадненне мяне цалкам задавальняюць, — аб’явіў Дон Кіхот.

Затым абодва рыцары накіраваліся да сваіх збраяносцаў і ўбачылі, што яны пахрапваюць у тых самых позах, у якіх іх заспеў сон. Рыцары іх разбудзілі і загадалі рыхтаваць коней, бо на світанні паміж імі, маўляў, павінна адбыцца кровапралітнае, непараўнанае і бяспрыкладнае адзінаборства. Санча пры гэтым паведамленні абамлеў і збянтэжыўся, бо ад збраяносца другога рыцара ён шмат наслухаўся аб адвазе рыцара і цяпер баяўся за жыццё свайго пана. Як бы там ні было, збраяносцы, ні слова не кажучы, накіраваліся да свайго табуна, — трэба зазначыць, што ўсе тры кані і асёл паспелі абнюхаць адзін аднаго і не расставаліся.

Па дарозе збраяносец рыцара-песнапеўца сказаў Санча:

— Ведайце ж, што ў андалузскіх задзірак такі звычай: калі трапіў у сведкі, то не сядзі склаўшы рукі, пакуль б’юцца спрачальнікі. Цяпер, значыць, вы папярэджаны, што калі гаспадары нашы б’юцца, то і нам патрэбна біцца так, каб шматкі ляцелі.

— Няхай сабе, сеньёры збраяносцы, прытрымліваюцца гэтага звычаю і выконваюць яго падбухторшчыкі і забіякі, а каб збраяносцы вандроўных рыцараў — гэта ўжо дудкі, — запярэчыў Санча. — Я, у крайнім выпадку, не чуў ад майго пана аб такім звычаі, а ён усе правілы вандроўнага рыцарства ведае. І няхай нават гэта праўда і на самай справе існуе такое правіла, каб збраяносцы біліся, калі б’юцца іх паны, я ўсё роўна не буду яго выконваць, а лепш заплачу пеню, якая накладаецца на такіх ціхамірных збраяносцаў, як я. Гэта мне, напэўна, абыдзецца танней за корпію на лячэнне галавы, — я ж перакананы, што ў бойцы мне яе абавязкова рассякуць напалам. І яшчэ таму не магу біцца, што ў мяне няма мяча, ды я яго і ў рукі ж зроду не браў.

— Гэта ўладзіць лёгка, — прамовіў другі збраяносец. — У мяне з сабой два аднолькавыя палатняныя мяшкі; вы возьмеце адзін, я — другі, і мы на роўных умовах пачнем лупцаваць адзін аднаго мяшкамі.

— Гэта калі ласка, — сказаў Санча, — такая бойка нас не параніць, а пыл павыбівае.

— He, так не пойдзе, — запярэчыў другі збраяносец. — Каб вецер не знёс мяшкі, трэба пакласці ў іх па паўтузіна прыгожанькіх гладзенькіх галышоў, па вазе аднолькавых, вось мы і пачнем перыць адзін аднаго без асаблівай шкоды і ўрону для абодвух.

— Ах ты, каб яго нячыстая ўзяла! — усклікнуў Санча. — Што і казаць, добрыя сабаліныя футры і баваўняныя валокны жадае ён пакласці ў мяшкі, каб не рассячы адзін аднаму чэрап і каб з нашых касцей не атрымалася кашы! Ды хоць бы вы, васпан мой, шаўкоўнічнымі коканамі іх набілі, усё роўна, ведайце, я не буду біцца! Няхай б’юцца нашы паны, каб іх бог забраў, а мы будзем жыць-пажываць ды вінцо папіваць. Час жа і так пастараецца нас замарыць, а нам самім не варта клапаціцца, каб век наш скончыўся да пары да тэрміну: выспеем, тады і павалімся.

— І ўсё ж нам хоць з паўгадзіны, а давядзецца пабіцца, — запярэчыў другі збраяносец.

— Не, — адрэзаў Санча, — я не такі грубіян і не такі няўдзячны, каб распачынаць хоць бы лёгкую сварку з чалавекам, з якім мы разам елі і пілі. Тым больш, ён мяне нічым не ўгнявіў і не ўзлаваў, дык якога ж чорта я ні з таго ні з сяго палезу ў бойку?

— Я і гэта бяруся ўладзіць, — сказаў другі збраяносец, — і вось якім чынам: перад пачаткам сутычкі я вельмі спакойна падыду да вашай міласці і дам дзве-тры аплявухі, так што вы паваліцеся, і гэтым я разбуджу ў душы вашай гнеў, нават калі вы больш санлівы, чым сурок.

— Супраць гэтай выхадкі ў мяне знойдзецца ніколькі не горшая, — аб’явіў Санча: Я схаплю дубіну і, перш чым ваша міласць пачне будзіць мой гнеў, так усыплю вам, што прачнецца ён хіба на тым свеце. А на тым свеце, напэўна, ведаюць, што наступаць сабе на нагу я нікому не дазволю. І ўсім нам патрэбна трымаць вуха востра, а галоўнае — не будзіць чужога гневу, няхай ён спіць, бо чужая душа — цёмны лес: пойдзеш па шэрсць — аж, глядзіш, самога пастрыглі; ды ж і гасподзь благаславіў мір, а сваркі пракляў. І сапраўды: зацкаваны, загнаны, прыціснуты да сцяны кот ператвараецца ў ільва, ну а я ж чалавек, дык я бог ведае ў каго магу ператварыцца, а таму я вас, сеньёр збраяносец, папярэджваю: за ўсю шкоду і ўрон ад нашай бойкі адказваеце вы, і ніхто іншы.

— Добра, — прамовіў другі збраяносец. — Пераначуем, болей пачуем.

Між тым на дрэвах ужо зашчабяталі хары птушачак вясёлкавага апярэння; у сваіх шматгалосых і вясёлых песнях яны праслаўлялі і віталі халаднаватую раніцу, якая ўжо прыгожа заружавелася на ўсходзе, і пачынала абтрасаць са сваіх валасоў безліч вільготных перлаў, і абмытыя прыемнай гэтаю вільгаццю травы былі нібы пакрыты і абсыпаны самым найтонкім белым бісерам; вербы пахлі салодкай маннай, смяяліся крыніцы, журчалі ручаі, радаваліся дубравы, і ў самы дарагі свой убор прыбраліся на досвітку лугі. Калі ж развіднела і можна было бачыць і адрозніваць прадметы, то першым прадметам, які ўбачыў Санча Панса, быў нос збраяносца Рыцара Люстэркаў, такі вялікі, на ўсё збраяносцава цела. Сапраўды, нос быў неверагоднай велічыні, з гарбінкай на сярэдзіне, усеяны бародаўкамі, ліловы, як баклажан, і звісаў ніжэй рота на цэлых два пальцы, і яго велічыня, колер, бародаўкі і крывізна да таго збрыдзілі збраяносца, што Санча, убачыўшы вышэй апісаны нос, заматляў рукамі і нагамі, як дзіця, з якім здарыўся радзімец, і даў сабе слова атрымаць лепш дзве сотні аплявух, чым будзіць гнеў у такога страшыдла, а потым з ім біцца. Тым часам Дон Кіхот акінуў позіркам свайго праціўніка, але той ужо надзеў шлем і апусціў забрала, так што твару яго нельга было разгледзець; Дон Кіхот, аднак жа, заўважыў, што гэта чалавек каржакаваты і не вельмі высокага росту. На даспехі ён надзеў камзол, сатканы нібы з нітак самага чыстага золата і суцэльна ўсыпаны зіхатлівымі люстэркамі ў выглядзе малюсенькіх месяцаў, што надавала яго ўбору незвычайную пышнасць і хараство; на шлеме развявалася мноства зялёных, жоўтых і белых пёраў; яго кап’ё, прыстаўленае да дрэва, было велізарнае і тоўстае, з жалезным наканечнікам велічынёю каля пядзі.

Дон Кіхот усё гэта заўважыў і разглядзеў і з усяго ўбачанага і заўважанага зрабіў вывад, што згаданы рыцар, напэўна, добры асілак; аднак гэта не нагнала на яго жаху, як на Санча Пансу, — ён звярнуўся да Рыцара Люстэркаў з вытрыманай і смелай прамовай:

— Калі баявы запал не ўзяў верх над вашай, сеньёр рыцар, пачцівасцю, то я звяртаюся да яе і прашу вас падняць крыху забрала, каб я пераканаўся, што мужнасць твару вашага адпавядае мужнасці вашага целаскладу.

— Ці выйдзеце вы, сеньёр рыцар, з гэтага выпрабавання пераможцам, ці будзеце пераможаны, — запярэчыў Рыцар Люстэркаў, — у вас яшчэ будзе час мяне разглядзець, а зараз я не магу выканаць вашага жадання толькі таму, што, думаецца мне, я вельмі пакрыўджу цудоўную Касільдэю Вандальскую, калі буду траціць час на тое, каб падымаць забрала, між тым як мне патрэбна вымусіць вас прызнацца ў тым, чаго, як вам вядома, я дамагаюся.

— Як бы там ні было, — запярэчыў Дон Кіхот, — пакуль мы будзем садзіцца на коней, вы паспееце мне сказаць, ці сапраўды я той самы Дон Кіхот, якога вы быццам бы перамаглі.

— На гэты ваш запыт адказваем, — прамовіў Рыцар Люстэркаў, — што вы як дзве кроплі вады падобны на пераможанага мною рыцара, але вы ж самі кажаце, што чараўнікі строяць яму падкопы, а таму я не адважваюся сцвярджаць станоўча, ці з’яўляецеся вы гэтай падследнай асобай, ці не.

— Цяпер для мяне зусім зразумела, што вы памыляецеся, — заўважыў Дон Кіхот, — аднак жа, каб вы разупэўніліся цалкам, няхай пададуць нам коней, — з дапамогай госпада бога, маёй пані і ўласнай маёй рукі я ўбачу ваш твар хутчэй, чым калі б вы пачалі падымаць забрала, вы ж убачыце, што я той пераможаны Дон Кіхот, за якога вы мяне прымаеце.

Тут, перапыніўшы размову, селі яны на коней, і Дон Кіхот павярнуў Расінанта, каб спачатку разагнаць яго, а затым рынуцца на свайго непрыяцеля, і гэтак жа дакладна зрабіў Рыцар Люстэркаў. Але не паспеў Дон Кіхот ад’ехаць і на дваццаць крокаў, як Рыцар Люстэркаў, таксама на паўдарозе, спыніўся і крыкнуў яму:

— Памятайце ж, сеньёр рыцар, што па ўмове нашага паядынку пераможаны, яшчэ раз паўтараю, здаецца на міласць пераможцы!

— Я ведаю, — адгукнуўся Дон Кіхот, — з той, аднак жа, агаворкай, што пераможанаму не будзе прад’яўлена патрабаванняў і дадзена загадаў, якія супярэчаць рыцарскаму статуту.

— Само сабой разумеецца, — прамовіў Рыцар Люстэркаў.

Тут Дон Кіхот звярнуў увагу на незвычайны нос збраяносца і не менш за Санча яму падзівіўся, настолькі, што нават палічыў гэтага збраяносца за нейкую пачвару, за чалавека іншай пароды, якая да гэтага часу не сустракалася на зямлі. Санча, бачачы, што яго пан намерваецца ўзяць разбег, не пажадаў застацца сам-насам з насатым: ён баяўся, што калі той хоць адзін раз стукне яго сваім носам па носе, то гэтым уся іх бітва і скончыцца, бо ад сілы ўдару, а то і ад страху ён абавязкова выцягнецца, — таму якраз, ухапіўшыся за Расінантава стрэмя, рушыў услед за сваім панам; калі ж, як ён меркаваў, настаў час павярнуць назад, то сказаў:

— Зрабіце ласку, васпан мой, пакуль яшчэ з непрыяцелем не схапіліся, дапамажыце мне ўзлезці на гэты дуб, — там мне будзе больш зручна, чым на зямлі, назіраць за той гарачай схваткай, якая зараз пачнецца паміж вашай міласцю і вунь тым рыцарам.

— Па-мойму, Санча, — запярэчыў Дон Кіхот, — ты проста хочаш падняцца на падмосткі, каб глядзець на бой быкоў, знаходзячыся ў поўнай бяспецы.

— Па праўдзе сказаць, — прызнаўся Санча, — мяне ашаламіў і спалохаў вялізны нос гэтага збраяносца, і я баюся з ім заставацца.

— Hoc у яго сапраўды такі, што калі б я быў іншым чалавекам, ён бы і мяне перапалохаў, — сказаў Дон Кіхот. — Ну што ж, лезь, я цябе падсаджу.

Пакуль Дон Кіхот важдаўся, дапамагаючы Санча ўзабрацца на дуб, Рыцар Люстэркаў узяў які яму хацелася разбегі, мяркуючы, што Дон Кіхот паспеў зрабіць тое ж самае і не чакаючы ні гуку трубы, ні якога-небудзь іншага знака, павярнуў свайго каня, такога ж знатнага і жвавага, як Расінант, і з усіх яго сіл, гэта значыць дробным трушком, рушыў на збліжэнне з непрыяцелем; бачачы, аднак жа, што Дон Кіхот забавіўся з падсаджваннем Санча, Рыцар Люстэркаў пацягнуў павады і на паўдарозе спыніўся, за што конь быў яму вельмі ўдзячны, бо ён ужо выдыхнуўся. Дон Кіхоту між тым падалося, быццам непрыяцель ужо на яго налятае, — ён моцна ўваткнуў шпоры ў худыя бакі Расінанта, так яго гэтым расшавяліўшы, што Расінант упершыню перайшоў на буйную рысь (а то ж звычайна ён толькі бег трушком) і з небывалай шпаркасцю памчаў свайго седака прама на Рыцара Люстэркаў. Рыцар жа ў гэты час утыкаў свайму каню шпоры да самага каблука, але конь і на палец не зрушыў з таго месца, дзе яго бег быў спынены. Пры такіх вось спрыяльных абставінах і да такой ступені своечасова напаў Дон Кіхот на свайго праціўніка, які валтузіўся з канём і ці то не здолеў, ці то не паспеў узяць кап’ё наперавес. He звяртаючы ўвагі на гэтыя яго цяжкасці, Дон Кіхот без усялякай для сябе рызыкі і зусім беспакарана так хапіў Рыцара Люстэркаў, што таму воляй-няволяй давялося скаціцца па крыжы каня на зямлю, і да таго зухавата ён пры гэтым пляснуўся, што, быццам мёртвы, не мог паварушыць ні рукой, ні нагой.

Як убачыў Санча, што рыцар зваліўся, дык тут жа спусціўся з дуба і вельмі жвава накіраваўся да свайго пана; той жа, злезшы з каня, паспяшаўся да Рыцара Люстэркаў і, развязаўшы яму стужкі ад шлема, каб упэўніцца, жывы ён ці мёртвы, і каб яму лягчэй было дыхаць у выпадку, калі жывы, убачыў... Але як сказаць, каго ён убачыў, не здзівіўшы, не ўразіўшы і не жахнуўшы чытачоў? Ён убачыў твар, выгляд, рысы, вобраз і аблічча самога бакалаўра Самсона Караскі, і як толькі ўбачыў, то залямантаваў гучным голасам:

— Сюды, Санча! Зараз ты павінен будзеш убачыць тое, чаму ты не павінен верыць! Спяшайся ж, сын мой, і пераканайся, на што здольна чараўніцтва і на што здольны ведзьмары і чараўнікі!

Санча наблізіўся і, убачыўшы твар бакалаўра Караскі, пачаў старанна хрысціцца і не менш старанна звяртацца да бога. Увесь гэты час пацярпелы рыцар не падаваў прымет жыцця, а таму Санча сказаў Дон Кіхоту:

— Я лічу, васпан мой, вашай міласці на ўсякі выпадак варта было б усунуць меч у пашчу вось гэтага, які прыкінуўся бакалаўрам Самсонам Караскам: магчыма, вы такім чынам прыкончыце аднаго з варожых вам чараўнікоў.

— Ты маеш рацыю, — заўважыў Дон Кіхот, — бо чым менш ворагаў, тым лепш.

І ён ужо выняў меч, каб выканаць параду і навучанне Санча, але тут да яго падскочыў збраяносец Рыцара Люстэркаў, ужо без гэтага брыдкага носа, і гучна ўсклікнуў:

— Падумайце, сеньёр Дон Кіхот, што вы робіце! Бо каля вашых ног бакалаўр Самсон Караска, ваш сябар, а я — яго збраяносец.

Санча ж, бачачы, што ён не такая пачвара, як раней, спытаў:

— А дзе ж нос?

На што той адказаў:

— Ён у мяне тут, у кішэні.

З гэтымі словамі ён засунуў руку ў правую кішэню і выцягнуў падробны, з лакіраванага кардону, нос вышэйапісанага ўзору. Санча доўга прыглядаўся да збраяносца і нарэшце гучна і са здзіўленнем усклікнуў:

— Прасвятая багародзіца, выратуй нас! Ды гэта ж Таме Сесьяль, сусед мой і кум!

— А хто ж яшчэ! — падхапіў ужо бязносы збраяносец. — Так, я Таме Сесьяль, дружа мой і кум Санча Панса, і я табе потым раскажу пра вашы паскудствы, хітрыкі і каверзы, з-за якіх я тут апынуўся. А зараз прасі і малі свайго пана, каб ён не чапаў, не крыўдзіў і не забіваў Рыцара Люстэркаў, які ляжыць каля яго ног, бо, безумоўна, гэта адважны і легкадумны бакалаўр Самсон Караска, наш аднавясковец.

Тым часам Рыцар Люстэркаў апрытомнеў. Тады Дон Кіхот прыставіў да яго твару вастрыё вынятага мяча і сказаў:

— Смерць вам рыцар, калі вы не прызнаеце, што непараўнальная Дульцынея Табоская вышэйшая па прыгажосці за вашу Касільдэю Вандальскую, а акрамя таго, вы павінны мне паабяцаць (калі толькі пасля гэтай сутычкі і падзення вы застанецеся жывы), што паедзеце ў горад Табоса, з’явіцеся да Дульцынеі і скажаце, што вы ад мяне, а ўжо што яна з вамі зробіць, на тое яе поўная воля; калі ж яна поўную волю прадаставіць вам, то вам усё ж давядзецца мяне адшукаць (знойдзеце вы мяне па слядах маіх спраў, якія прывядуць вас да месца майго знаходжання) і паведаміць, аб чым вы з ёю размаўлялі. Такія мае ўмовы, і яны адпавядаюць нашай умове перад бітваю і не супярэчаць статуту вандроўнага рыцарства.

— Прызнаю, — сказаў скінуты рыцар, — што ўзлахмачаныя, хоць і чыстыя валасы Касільдэ і не вартыя парваных і брудных чаравікаў сеньёры Дульцынеі Табоскай і абяцаю з’ездзіць да яе, вярнуцца ад яе да вас і зрабіць самую поўную і падрабязную справаздачу, якую толькі вы ад мяне запатрабуеце.

— Яшчэ вы павінны прызнаць і паверыць, — дадаў Дон Кіхот, — што той рыцар, якога вы адолелі, не быў і не мог быць Дон Кіхотам Ламанчскім, што гэта быў хтосьці іншы, на яго падобны. Я ж, са свайго боку,прызнаю і веру, што хоць вы і падобны на бакалаўра Самсона Караску, аднак жа вы — не ён, а нехта іншы, на яго падобны, і што непрыяцелі мае надалі вам яго аблічча, каб я стрымаў і суцішыў парыў лютасці, якая ахапіла мяне, і каб я спакойна пажынаў плады перамогі.

— Усё гэта я прызнаю, прымаю да ведама і ўсведамляю, — адказаў выбіты з сядла рыцар. — А цяпер, зрабіце ласку, дазвольце мне ўстаць. Зрэшты, не ведаю, ці змагу: я сур’ёзна разбіўся, калі падаў.

Дон Кіхот і збраяносец Таме Сесьяль пачалі падымаць яго, а Санча вачэй не зводзіў са свайго земляка і закідваў яго пытаннямі, з адказаў на якія вынікала, што гэта і сапраўды Таме Сесьяль; аднак жа словы Дон Кіхота аб тым, што чараўнікі замянілі аблічча Рыцара Люстэркаў абліччам бакалаўра Караскі, запалі ў душу Санча, і ён не адважваўся прызнаць за ісціну тое, у чым яго пераконваў яго ж уласны зрок. Урэшце пан і яго слуга так і не пераканаліся ў адваротнасці, а Рыцар Люстэркаў і яго збраяносец, незадаволеныя і панурыя, рассталіся з Дон Кіхотам і Санча і адправіліся шукаць месца, дзе б можна было ўправіць і перавязаць рэбры рыцару, які пацярпеў. Дон Кіхот і Санча зноў рушылі ў дарогу, і тут мы іх і пакінем, каб паведаміць, хто такія Рыцар Люстэркаў і самы насаты яго збраяносец.


Раздзел XV, у якім расказваецца і паведамляецца аб тым,хто такія былі Рыцар Люстэркаўі яго збраяносец

Дон Кіхот быў надзвычай задаволены, горды і захоплены сваёю перамогаю над такім адважным рыцарам, якім яму ўяўляўся Рыцар Люстэркаў. Паверыўшы яго сумленнаму рыцарскаму слову, ён спадзяваўся даведацца ад яго дакладна, ці зачаравана ўсё яшчэ сеньёра Дульцынея, бо такі пераможаны рыцар, на думку Дон Кіхота, не мог не давесці да яго ведама, як ён з ёю сустракаўся, інакш гэта не быў бы рыцар. Але так думаў Дон Кіхот, ды не так думаў Рыцар Люстэркаў, бо, як ужо было сказана, усе намеры яго былі цяпер скіраваны да таго, дзе б палячыцца. Патрэбна заўважыць, што бакалаўр Самсон Караска, перш чым падштурхнуць Дон Кіхота аднавіць перапыненыя яго рыцарскія прыгоды, раіўся са свяшчэннікам і цырульнікам наконт таго, якія неабходна прыняць меры, каб Дон Кіхот ціха і спакойна сядзеў дома і каб злашчасныя пошукі прыгод больш яго не спакушалі; на гэтай нарадзе было аднадушна вырашана і, у прыватнасці, такім было меркаванне самога Караскі, што Дон Кіхота патрэбна адпусціць, бо ўтрымаць яго ўсё роўна немагчыма, а што Самсон пад выглядам вандроўнага рыцара яго дагоніць, завяжа з ім бой, зачэпка для якога заўсёды знойдзецца, і атрымае над ім перамогу (такая перамога ўяўлялася ўдзельнікамі нарады справай няцяжкай); паміж байцамі ж павінен, нібы, існаваць папярэдні ўгавор і пагадненне, па якім пераможаны абавязаны здацца на літасць пераможцы, і вось на гэтай падставе пераапрануты рыцарам бакалаўр загадвае пераможанаму Дон Кіхоту вярнуцца ў родную вёску і ў родны дом і нікуды не выязджаць на працягу двух гадоў або надалей да асобага яго распараджэння, прычым усе, хто ўдзельнічаў у нарадзе, былі цалкам упэўнены, што Дон Кіхот не праміне выканаць гэта з’яўленне, каб не ісці супраць законаў рыцарства і не парушаць іх, і, можа быць, што ў зняволенні ён, маўляў, забудзе свае дзівацтвы, ці адшукаецца які-небудзь адпаведны сродак ад яго вар’яцтва.

Караска ўсё гэта ўхваліў, а збраяносцам да яго папрасіўся Таме Сесьяль, кум і сусед Санча Пансы, весялун і пустальга. Вышэй было сказана, як сабраўся Самсон, а Таме Сесьяль прыладзіў да натуральнага свайго носа ўжо згаданы штучны і падробны, каб яго не пазнаў кумок, калі яны сустрэнуцца, і паехалі Караска з Сесьялем па той жа самай дарозе, што і Дон Кіхот, зусім былі дагналі яго ў час прыгоды з калясніцаю Смерці і ўрэшце сутыкнуліся з ім у лесе, дзе і адбылося з імі ўсё тое, аб чым уважлівы чытач ужо ведае. Таме Сесьяль, бачачы, якім няўдалым атрымалася іх пачынанне і які змрочны канец іх дарогі, звярнуўся да бакалаўра з такімі словамі:

— Сказаць шчыра, сеньёр Самсон Караска, так нам і трэба: не хітра штосьці задумаць і выканаць, ды часцей за ўсё цяжка бывае ўцячы. Дон Кіхот вар’ят, мы з вамі здаровыя, ён сабе цалюткі, ды яшчэ пасміхваецца, а вы вунь які, ваша міласць: пабіты і сумны. Цяпер давайце падумаем, хто больш звар’яцелы: той, які іншым і быць не можа, ці безразважны па асабістым жаданні.

На гэта яму Самсон адказаў так:

— Розніца паміж гэтымі двума вар’ятамі заключаецца ў тым, што вар’ят нехаця вар’ятам і застанецца, вар’ят жа добраахвотна ў любы час можа ператварыцца ў чалавека здаровага.

— Калі так, — падхапіў Таме Сесьяль, — то я добраахвотна з’ехаў з глузду, пажадаўшы пайсці да вашай міласці збраяносцам, цяпер я, гэтак жа добраахвотна, жадаю абразуміцца і вярнуцца дадому.

— Гэта твая справа, — зазначыў Самсон, — а я, пакуль не адлупцую Дон Кіхота, ні ў якім разе не вярнуся і цяпер я пачну даймаць яго не з мэтай абразуміць, а толькі ў мэтах помсты, бо моцны боль у рэбрах вымушае мяне адмовіцца ад больш чалавекалюбівых намераў.

Працягваючы такую размову, даехалі яны да адной вёскі, і тут імпашчасціла знайсці кастаправа, які і дапамог няшчаснаму Самсону. Таме Сесьяль пакінуў яго і вярнуўся дадому, Самсон жа, застаўшыся адзін, пачаў абдумваць план помсты, і ў свой час гісторыя наша да яго яшчэ вернецца, а цяпер ёй хочацца падзяліць з Дон Кіхотам яго радасць.


Раздзел XVI, з якога вынікае, якіх вяршынь і межаў магла дасягнуць і дасягнула нечуваная мужнасць Дон Кіхота, і дзе расказваецца аб прыгодзе з ільвамі, якую Дон Кіхоту ўдалося шчасліва завяршыць

Радасны, шчаслівы і горды, як ужо было сказана, працягваў Дон Кіхот свой шлях. Яму здавалася, што атрыманая перамога зрабіла яго самым адважным рыцарам свайго часу; ён лічыў усе прыгоды, якія толькі могуць чакаць яго ў будучым, ужо завершанымі і даведзенымі да пераможнага канца; ён ужо пагарджаў і чараўнікамі і самім чараўніцтвам; ён ужо забыўся і пра шматлікія пабоі, якія за час рыцарскіх яго прыгод давялося яму прыняць, і пра камень, што выбіў яму палавіну зубоў, і пра няўдзячнасць катаржнікаў, і пра тую грубасць, з якою янгуасцы лупцавалі яго дубінамі; быццам ён казаў сабе, што калі б прыдумаў ён толькі хітрасць, прыём ці спосаб, каб вызваліць ад чараў сеньёру Дульцынею, то ўжо не стаў бы зайздросціць найвялікшай удачы, якая калі-небудзь выпадала на долю няўдачлівага вандроўнага рыцара мінулых часоў. Ён усё яшчэ быў заняты гэтымі думкамі, калі Санча сказаў яму:

— Як вам гэта падабаецца, сеньёр? У мяне так і стаіць перад вачамі вялізны, празмерны нос майго кума Таме Сесьяля.

— Няўжо ты і на самай справе думаеш, Санча, што Рыцар Люстэркаў — гэта бакалаўр Караска, а яго збраяносец — твой кум Таме Сесьяль?

— Heведаю, што вам на гэта адказаць, — прамовіў Санча, — ведаю толькі, што ніхто, апрача гэтага збраяносца, не мог бы паведаміць мне такія дакладныя прыметы майго дома, жонкі і дзяцей, твар жа ў яго без падробнага носа зусім як у Таме Сесьяля, а з Таме Сесьялем я, калі жыў у вёсцы, бачыўся часта, ды і дамы нашы — побач, зноў жа і размаўляе ён якраз як Таме Сесьяль.

— Давай разважым добра, Санча, — сказаў Дон Кіхот. — Паслухай: ну дзеля чаго бакалаўру Самсону Караску пераапранацца вандроўным рыцарам, браць з сабой зброю як для абароны, так і для наступлення і выклікаць мяне на бой? Хіба я яго вораг? Хіба я чымсьці наклікаў на сябе яго гнеў? Хіба я яго сапернік? Хіба ён заняўся вайсковай справай і зайздросціць той славе, якую я на гэтай ніве здабыў?

— А што вы скажаце, сеньёр, аб незвычайным падабенстве гэтага рыцара, хто б ён ні быў, з бакалаўрам Караскам, а яго збраяносца — з маім кумам Таме Сесьялем? — запярэчыў Санча. — І калі гэта, па-вашаму, чараўніцтва, то чаму ж чараўнікі захацелі быць падобнымі на гэту парачку?

— Усё гэта падкопы іхітрыкі вераломных чараўнікоў, якія даймаюць мяне, — адказаў Дон Кіхот. — Прадбачачы тое, што мне наканавана атрымаць у гэтай схватцы перамогу, яны падстроілі так, што пераможаны рыцар зрабіўся падобным на майго сябра бакалаўра, каб сяброўская мая прыхільнасць да яго, стаўшы паміж вастрыём майго мяча і няўмольнасцю маёй рукі, суцішыла справядлівы гнеў майго сэрца, — ім патрэбна было выратаваць жыццё таму, хто хітрасцю і падманам спрабаваў забіць мяне. І табе, Санча, доказы не патрэбны, бо ты сам ведаеш з вопыту, а вопыт ніколі не хлусіць і не падманвае, што чараўнікам нічога не значыць замяніць адзін выгляд іншым: прыгожы — пачварным, а пачварны — прыгожым. Два дні таму назад ты сваімі вачамі бачыў прыгажосць і станістасць непараўнальнай Дульцынеі ва ўсёй яе цэласнасці і ў поўнай адпаведнасці сапраўднаму яе выгляду, я ж бачыў перад сабой нязграбную, грубую, простую сялянку з цьмянымі зрэнкамі і з дрэнным пахам з роту, і калі ганебны чараўнік адважыўся на такое гнюснае ператварэнне, то нядзіўна, што ён жа ператварыў рыцара ў Самсона Караску, а яго збраяносца у твайго кума, каб пазбавіць мяне гонару пераможцы. Але, як бы там ні было, я суцешаны, таму што, нягледзячы на яго аблічча, перамога ўсё ж дасталася мне.

— Адзін бог ведае, дзе тут праўда, — заўважыў Санча.

А паколькі Санча ведаў, што ператварэнне Дульцынеі адбылося дзякуючы яго ўласным хітрыкам і махлярству, то ён не мог быць задаволены здагадкамі свайго пана, аднак жа пярэчыць не стаў, каб не прагаварыцца і самому не выкрыць свой падман.

Трохі счакаўшы, Санча звярнуў з дарогі, каб папрасіць малака ў пастухоў, якія даілі непадалёку авечак, а Дон Кіхот між тым падняў галаву і ўбачыў, што насустрач едзе павозка, расквечаная каралеўскімі сцяжкамі, і, вырашыўшы, што гэта, ужо дакладна, якая-небудзь новая прыгода, ён гучна пачаў крычаць Санча Пансу, каб той падаў яму шлем. Санча якраз у гэты час купляў у пастухоў тварог; настойлівы кліч пана збіў яго з панталыку, і ён не ведаў, што з гэтым тварагом рабіць і ў чым яго везці; расстацца з ім было шкада, бо грошы за яго былі ўжо заплачаны, і таму вырашыў ён сунуць яго ў шлем свайго пана. З гэтымі якраз слаўнымі дарамі накіраваўся ён да Дон Кіхота, каб даведацца, што яму патрэбна, а той пры яго набліжэнні прамовіў:

— Дружа мой, падай мне шлем. Ці я мала разумею ў прыгодах, ці ж тое, што там віднеецца, уяўляе сабою такую прыгоду, якая павінна прымусіць мяне, і ўжо прымушае, узяцца за зброю.

Санча не паспеў выняць са шлема тварог і таму вымушаны быў падаць яго як ёсць. Дон Кіхот узяў шлем і, не звярнуўшы ўвагі, ці ёсць што ўнутры, з вялікай жвавасцю надзеў яго на галаву; таму што тварог зляжаўся і адціснуўся, то па ўсім твары і барадзе Дон Кіхота пацякла сыроватка; гэта акалічнасць нагнала жаху на Дон Кіхота, і ён сказаў Санча:

— Што б гэта азначала, Санча? He то ў мяне размякчыўся чэрап, не то растапіўся мозг, не то я ўвесь змок ад поту? Але калі я і сапраўды ўспацеў, то, ужо вядома, не ад страху, хоць я і не сумняваюся, што прыгода, якая чакае мяне, жахлівая. Дай мне чым-небудзь абцерціся, — пот такі спорны, што я нічога не бачу.

Санча падаў яму хустку, у думках усхваляючы госпада бога за тое, што яго пан не зразумеў, у чым справа, Дон Кіхот выцерся і зняў шлем, каб паглядзець, чаму гэта стала холадна галаве, а як толькі ўбачыў унутры шлема белую кашку, то паднёс яе да носа і, панюхаўшы, сказаў:

— Клянуся жыццём сеньёры Дульцынеі Табоскай, ты, здраднік, махляр і непачцівы збраяносец, паклаў мне сюды тварог!

На гэта Санча, прыкінуўшыся зусім спакойным, адказаў так:

— Калі гэта тварог, дык дайце яго мне, ваша міласць, я яго з’ем... Ды не, няхай яго чорт з’есць, — гэта ж ён, відаць, сунуў яго ў шлем. Ды хіба я адважуся запэцкаць шлем вашай міласці? Знайшлі якога смельчака! Сумленна вам скажу, сеньёр: я сваім слабым розумам, мне богам дадзеным, цямлю так, што ў мяне таксама, пэўна, ёсць гэтыя самыя чараўнікі, і яны мяне даймаюць, таму што я — ваша стварэнне і плоць ад вашай плоці, і сунулі яны туды гэту гадасць, каб вывесці вас з цярплівасці і прымусіць пералічыць мне, як гэта вамі заведзена, рэбры. Аднак жа на гэты раз яны, слова гонару, пралічыліся: я спадзяюся на цвярозы розум майго пана, — мой пан зразумее, што няма ў мяне ні тварагу, ні малака, нічога падобнага, a калі б у мяне штосьці такое і было, то я хутчэй знайшоў бы яму месца ў сваім уласным страўніку, чым у вашым шлеме.

— І сапраўды, — зазначыў Дон Кіхот.

Тут ён выцер галаву, твар і бараду, выцер шлем і надзеў яго, выцягнуўся на страмёнах і, агледзеўшы меч і ўзяўшы ў рукі кап’ё, прамовіў: што будзе, тое будзе, у мяне хопіць мужнасці схапіцца з самім чортам.

Тым часам павозка са сцяжкамі пад’ехала бліжэй, і тут выявілася, што, апрача паганятага вярхом на адным з мулаў і яшчэ аднаго чалавека на перадку павозкі, ніхто больш яе не суправаджаў. Дон Кіхот выехаў наперад і прамовіў:

— Куды, браткі, кірунак бераце? Што гэта за павозка, што вы ў ёй везяце і што гэта за сцягі?

Паганяты ж яму на гэта адказаў так:

— Павозка мая, а вязу я клетку з двума лютымі львамі, якіх губернатар Аранскі адсылае да двара ў падарунак яго вялікасці, сцягі ж гаспадара нашага караля ў знак таго, што вязём мы яго маёмасць.

— А ці вялікія гэтыя львы? — пацікавіўся Дон Кіхот.

— Такія вялікія, — адказаў чалавек, які сядзеў на перадку, — што большых за іх ці нават такіх, як яны, яшчэ ні разу з Афрыкі ў Іспанію не прывозілі. Я львіны вартаўнік, шмат ільвоў перавёз на сваім вяку, але такіх, як гэтыя, яшчэ не даводзілася. Гэта леў і львіца; леў у пярэдняй клетцы, а львіца ў задняй, і зараз яны галодныя, бо з раніцы яшчэ нічога яе елі, так што, ваша міласць, вы ўжо нас прапусціце, нам патрэбна хутчэй дабрацца да якой-небудзь вёскі і пакарміць іх.

Дон Кіхот жа, ледзь прыметна ўсміхнуўшыся, яму на гэта адказаў:

— Ільвят супраць мяне? Цяпер супраць мяне — ільвят? Ну, дык гэтыя сеньёры, якія паслалі іх сюды, вось як перад богам кажу, зараз убачаць, ці такі я чалавек, каб спалохацца львоў! Злазь з павозкі, добры чалавек, і калі ты вартаўнік, то адчыні клеткі і выпусці звяроў — на злосць і насуперак тым чараўнікам, якія іх на мяне нацкавалі, я зараз пакажу, хто такі Дон Кіхот Ламанчскі!

Вазак, бачачы, што гэта ўзброенае пудзіла поўна рашучасці, прамовіў:

— Васпан мой, будзьце вельмі ласкавы, злітуйцеся вы нада мной і загадайце выпусціць ільвоў не раней,чым я распрагу мулаў і не адвяду іх у небяспечнае месца, інакш, калі львы іх разарвуць, то мне тады ўсё жыццё давядзецца пакутаваць: мулы ж і павозка — і гэта ўсё маё багацце.

— Во малавер! — усклікнуў Дон Кіхот. — Злазь, распрагай мулаў, адным словам, рабі як ведаеш, — зараз ты ўбачыш, што дарэмна турбуешся і што ўсе старанні твае без патрэбы.

Вазак спешыўся і, ніколькі не марудзячы, распрог мулаў, а вартаўнік між тым загаварыў гучным голасам:

— Заклікаю ў сведкі ўсіх тут прысутных, што я супраць волі і па прымусу адчыняю клеткі і выпускаю львоў, і аб’яўляю гэтаму сеньёру, што за ўрон ад гэтых звяроў адказвае ён, і ён жа аплаціць мне маё жалаванне і тое, што я маю звыш жалавання. Вы, сеньёры, ратуйцеся ўцёкамі перш чым я адчыню, a наконт сябе я ўпэўнены, што звяры мяне не крануць.

Тут Санча са слязамі на вачах звярнуўся да Дон Кіхота, каб ён адмовіўся ад гэтай справы, у параўнанні з якой прыгода з ветранымі млынамі і жахлівая прыгода з сукнавальнямі, а таксама і ўсе подзвігі, якія ён у сваім жыцці здзейсніў, гэта, маўляў, толькі кветачкі.

— Зразумейце, сеньёр, — казаў Санча, — тут няма чараўніцтва, нічога такога тут няма: праз рашотку я разглядзеў кіпцюр сапраўднага льва і зрабіў вывад, што калі ў гэтага льва такі кіпцюр, то сам леў, ужо дакладна, больш за гару.

— Ад страху ён табе і з паўсвету мог падацца, — запярэчыў Дон Кіхот. — Адыдзі, Санча, і пакінь мяне. Калі ж я загіну, то ты ж ведаеш наш ранейшы ўгавор: паспяшайся да Дульцынеі, — усё астатняе зробіцца само сабой.

Да гэтага Дон Кіхот дадаў шмат такога, што адняло ў прысутных усякую надзею адгаварыць яго ад такой недарэчнай задумы. Санча прышпорыў свайго шэрага, вазак — сваіх мулаў, і абодва яны стараліся як мага далей ад’ехаць ад павозкі, раней чым ільвы выйдуць з клетак. Санча загадзя аплакваў гібель свайго пана, бо на гэты раз ніколькі не сумняваўся, што быць яму ў ільвіных кіпцюрах; ён праклінаў свой лёс і той час, калі яму прыйшло ў галаву зноў паступіць на службу да Дон Кіхота, зрэшты, скаргі і слёзы не перашкаджалі нахвостваць шэрага, каб ён хутчэй бег ад павозкі. Калі ж вартаўнік нарэшце ўпэўніўся, што ўцекачы далёка, ён пачаў маліць і заклінаць Дон Кіхота, але Дон Кіхот яму сказаў, што няхай, маўляў, вартаўнік не абцяжарвае сябе просьбамі і заклінаннямі, бо ўсё гэта марна, а няхай лепш, маўляў, паспяшаецца.

Пакуль вартаўнік валтузіўся з першай клеткай, Дон Кіхот абдумваў, як больш разважліва весці бітву — пешым або на кані, і, паразважаўшы, вырашыў, што пешым, бо львы маглі напалохаць Расінанта. Ён саскочыў з каня, кінуў кап’ё, схапіў шчыт, выняў меч і, поўны незвычайнай адвагі і смеласці, важнай хадой рушыў прама да павозкі, цалкам даручаючы сябе спачатку богу, а потым пані сваёй Дульцынеі.

Як толькі вартаўнік убачыў, што Дон Кіхот ужо напагатове і што ад боязі наклікаць на сябе гнеў запальчывага і бясстрашнага кавальера яму не мінуць выпусціць ільва, ён насцеж расчыніў дзверцы першай клеткі, дзе, паўтараем, знаходзіўся леў, велічыні, як аказалася, празмернай, — пачварны і страхатлівы леў. Перш-наперш леў павярнуўся ў сваёй клетцы, выставіў лапы і пацягнуўся ўсім целам, затым разявіў пашчу, соладка пазяхнуў і языком амаль каля дзвюх пядзяў даўжынёю працёр сабе вочы і аблізаў пысу; пасля гэтага ён высунуўся з клеткі і паглядзеў па баках вачамі, якія гарэлі, як вугалі: яры гэтым выгляд яго і рухі маглі б, здаецца, навесці страх на саму смеласць. Аднак Дон Кіхот глядзеў яму ў вочы, — ён з нецярплівасцю чакаў, калі ж нарэшце леў саскоча з павозкі і ўступіць з ім у рукапашную, а ён пасячэ льва на кавалкі.

Вось да якой крайнасці дайшло яго да гэтага часу нябачанае вар’яцтва. Аднак высакародны леў, не такі адважны, як пачцівы, паглядзеў, як ужо было сказана, па баках і, не звяртаючы ўвагі на дзяцінства і маладзецтва Дон Кіхота, павярнуўся і, паказаўшы яму зад, вельмі спакойна і не спяшаючыся зноў выцягнуўся ў клетцы; тады Дон Кіхот загадаў вартаўніку стукнуць яго, каб раззлаваць і выгнаць з клеткі.

— Гэтага я рабіць не буду, — запярэчыў вартаўнік: — бо калі я яго раздражню, то ён спачатку разарве на кавалкі мяне. Няхай ваша міласць, сеньёр кавальера, задаволіцца ўжо зробленым, бо лепшай храбрасці і жадаць немагчыма, выпрабоўваць жа лёс двойчы не варта. У клетцы ў ільва дзверцы адчынены: ён вольны выходзіць ці не выходзіць, але калі ж ён да гэтага часу не выйшаў, значыць і да вечара не выйдзе. Цвёрдасць духу вашай міласці ўжо даказана, — ад самага храбрага байца, наколькі я разумею, патрабуецца толькі выклікаць непрыяцеля на паядынак і чакаць яго на полі бою, калі ж непрыяцель не з’явіўся, то ганьба яму, а пераможны вянок дастаецца таму, які чакаў.

— І сапраўды, — прамовіў Дон Кіхот. — Зачыні, сябра, дзверцы і ў найлепшай форме засведчы ўсё, што тут на тваіх вачах адбылося, а іменна: як ты адчыніў ільву, як я яго чакаў, а ён не выйшаў, як яго зноў пачаў чакаць, а ён зноў не выйшаў і зноў улёгся. Мой абавязак выкананы, прэч вядзьмарскія чары, і няхай дапаможа гасподзь розуму, ісціне і сапраўднаму рыцарству, ты ж зачыні, паўтараю, клетку, а я тым часам знакамі паклічу тых, якія ўцяклі і адсутнічалі, каб яны пачулі з тваіх вуснаў аб маім подзвігу.

Вартаўнік так і зрабіў, а Дон Кіхот, начапіўшы на вастрыё кап’я хустку, якой ён выціраў твар пасля тварожнага дажджу, пачаў клікаць уцекачоў, якія ўсё яшчэ імчаліся і штохвілінна азіраліся; калі ж Санча ўбачыў, што Дон Кіхот махае белай хусткай, то сказаў:

— Забі мяне, калі мой пан не адолеў гэтых дзікіх звяроў, — ён жа нас кліча!

Уцекачы спыніліся і пераканаліся, што рабіў знак не хто іншы, як сам Дон Кіхот; гэта іх крыху падбадзёрыла. Яны асцярожна паехалі назад, і неўзабаве да іх ужо выразна данесліся крыкі Дон Кіхота, які іх клікаў. Урэшце яны наблізіліся да павозкі, і тады Дон Кіхот сказаў вазаку:

— Запрагай, братка, сваіх мулаў і адпраўляйся ў дарогу, а ты, Санча, выдай яму два залатыя — адзін для яго, другі для вартаўніка — за тое, што я ў іх адняў час.

— Выдаць якраз я ім з вялікім задавальненнем выдам, — сказаў Санча, — але, аднак жа, што здарылася з ільвамі? Жывыя яны ці мёртвыя?

Тут вартаўнік грунтоўна і з прыпынкамі пачаў расказваць аб выніку схваткі, перабольшваючы як мог і ўмеў доблесць Дон Кіхота, пры адным выглядзе якога леў быццам бы спужаўся і не пажадаў і не адважыўся выйсці з клеткі, хоць дзверцы доўгі час заставаліся адчыненымі; і толькі пасля таго, як ён, вартаўнік, сказаў гэтаму кавальера, што дражніць ільва і сілком гнаць з клеткі — азначае выпрабоўваць доўгацярплівасць божую, а кавальера, маўляў, менавіта дамагаўся, каб ільва раздражнілі, ён вельмі неахвотна дазволіў зачыніць клетку.

— Што ты на гэта скажаш, Санча? — спытаў Дон Кіхот. — Якое чараўніцтва выстаіць супраць сапраўднай адвагі? Чараўнікі вольныя асуджаць мяне на няўдачы, але зламаць маю ўпартасць і мужнасць яны не маюць улады.

Санча выдаў грошы, вазак запрог мулаў, а вартаўнік пацалаваў Дон Кіхоту рукі за зробленую добрую справу і паабяцаў расказаць пра слаўны гэты подзвіг самому каралю, калі прыедзе ў сталіцу.

— Калі ж яго вялікасць запытае, хто гэты подзвіг здзейсніў, скажыце, што Рыцар Ільвоў, бо я хачу, каб ранейшае маё празванне, Рыцар Журботнага Вобраза, змянілі, перамянілі, замянілі і памянялі на гэта, і тут я прытрымліваюся старадаўняга звычаю вандроўных рыцараў, якія мянялі імёны, калі ім гэтага хацелася або калі гэта напрошвалася само сабой.

Павозка паехала сваёю дарогаю, а Дон Кіхот і Санча — сваёю.


Раздзел XVII, у якім расказваецца аб прыгодзе з закаханым пастухом

Дон Кіхот не так яшчэ далёка ад’ехаў, калі яму сустрэліся ці то дзве духоўныя асобы, наколькі можна было меркаваць па адзенні, ці то два студэнты163, а з імі два вяскоўцы; усе чатыры ехалі вярхамі на жывёлінах аслінай пароды. Адзін са студэнтаў вёз, як можна было заўважыць, штосьці белае, суконнае, загорнутае разам з дзвюма парамі шарсцяных панчох у зялёным палатне, якое замяняла яму дарожны мяшок; другі студэнт не вёз нічога, апрача дзвюх новенькіх вучэбных рапір са скуранымі наканечнікамі. Сяляне ж везлі з сабой іншыя прадметы, якія яскрава сведчылі, што іх уладальнікі едуць з якой-небудзь вялікай вёскі: там яны ўсё гэта купілі, а цяпер вяртаюцца да сябе ў вёску. І вось гэтыя самыя студэнты, а таксама і сяляне падзівіліся з Дон Кіхота гэтак жа, як дзівіліся ўсе, хто ўпершыню з ім сутыкаўся, і ўсім ім вельмі захацелася даведацца, што гэта за чалавек, такі не падобны на звычайных людзей. Дон Кіхот пакланіўся ім і, даведаўшыся, што едуць яны туды ж, куды і ён, прапанаваў ехаць разам і папрасіў прытрымаць асліц, бо конь яго не мог за імі паспець; пры гэтым ён ад цікаўнасці растлумачыў ім коратка, хто ён такі, якое ў яго прызванне і чым займаецца — што ён, маўляў, вандроўны рыцар, які шукае прыгоды ва ўсіх частках свету. Яшчэ ён ім сказаў, што сапраўднае яго імя Дон Кіхот Ламанчскі, па мянушцы ж ён Рыцар Ільвоў. Для сялян гэта было ўсё роўна, як калі б з імі размаўлялі на мове грэчаскай або ж тарабарскай, але не для студэнтаў, бо яны хутка сцямілі, што ў Дон Кіхота розум за розум зайшоў; аднак жа, з усім тым, яны глядзелі на яго з пачцівым здзіўленнем, і адзін з іх яму сказаў:

— Калі ваша міласць, сеньёр рыцар, па звычаю шукальнікаў прыгод, не мае пэўнага месца прызначэння, то паедземце, ваша міласць, з намі: вы ўбачыце такое вясёлае і такое багатае вяселле, якога ні ў Ламанчы, ні ва ўсёй акрузе нашай ніколі яшчэ не спраўлялі.

Дон Кіхот пацікавіўся, ці не вяселле гэта якога-небудзь уплывовага князя, раз студэнт так яго хваліць.

— He, не князя, — адказаў студэнт, — а селяніна і сялянкі, першага багача ва ўсім нашым наваколлі і прыгажуні, да гэтага часу нябачанай.

Падрыхтаванні да вяселля робяцца незвычайныя і бяспрыкладныя: справа якраз у тым, што вяселле хочуць згуляць на лузе каля вёскі нарачонай, — нявесту, дарэчы сказаць, называюць Кітэрыяй Цудоўнай, а жаніха Камача Багатым. Ёй васемнаццаць год, яму — дваццадь два. Пара яны выдатная, хоць, зрэшты, усёведы, якія любую радаслоўную ведаюць назубок, пераконваюць, што цудоўная Кітэрыя паходзіць з лепшай сям’і, чым Камача, але гэта не важна: багацце любую загану прыкрые. І сапраўды, Камача шчодры: яму прыйшло ў галаву завесіць увесь лужок шатром з галінак, каб сонцу нялёгка было дабрацца да муравы. Яшчэ ў яго падрыхтаваны танцы са шпагамі, а таксама з бразготкамі; сярод аднавяскоўцаў ёсць зухаватыя танцоры, якія выдатна ўмеюць звінець і трэсці імі, а пра такіх, якія паляпваюць сябе па падносках, і казаць няма патрэбы, —іх у яго, як чутно, набрана незлічоная сіла. Аднак жа застанецца ў памяці гэта вяселле не з-за таго, аб чым я вам расказаў, і не з-за шмат чаго іншага, аб чым я не нагадаў, а, па маім разуменні, з-за таго, як будзе сябе паводзіць забіты горам Басільё. Басільё — гэта пастух з той жа вёскі, што і Кітэрыя, яго дом — сцяна да сцяны з домам яе бацькоў. Басільё з малых гадоў, з самага пяшчотнага ўзросту, адчуваў да Кітэрыі сардэчную прыхільнасць, яна ж адорвала яго цнатліваю добразычлівасцю, так што па ўсёй вёсцы толькі і размовы было, што аб дзіцячым гэтым каханні Басільё і Кітэрыі. Як толькі ж абое падраслі, то бацька Кітэрыі вырашыў не пускаць Басільё да сябе ў дом і задумаў выдаць сваю дачку за багача Камача, выдаць жа яе за Басільё не захацеў, бо той больш шчодра надзелены дарамі прыроды, чым дарамі Фартуны. Аднак жа калі гаварыць палажыўшы руку на сэрца, без найлепшага дамешку зайздрасці, то Басільё — самы спрытны хлопец, якога я толькі ведаю: здорава кідае бару, добры барэц, з мячом гуляе цудоўна, бегае, як алень, скача, як сарна, кеглі збівае, нібы які чараўнік, спявае, як жаваранак, гітара ў яго проста так і размаўляе, а галоўнае, шпагай ён валодае — лепш нельга.

— З-за аднаго гэтага, — прамовіў тут Дон Кіхот, — названы вамі юнак заслугоўвае ажаніцца не толькі з цудоўнай Кітэрыяй, але нават з каралевай.

— Едзьце скажыце аб гэтым маёй жонцы! — умяшаўся Санча Панса, які да гэтага часу слухаў моўчкі. — Яна стаіць на тым, што кожны павінен жаніцца з раўнёй, па прыказцы: адзін другога варты. А мне б хацелася, каб добры гэты Басільё, які мне ўжо спадабаўся, ажаніўся з сеньёрай Кітэрыяй.

— Калі б усе закаханыя бралі шлюб, — запярэчыў Дон Кіхот, — то бацькі былі б пазбаўлены права выбару і права жаніць сваіх дзяцей, калі яны гэта палічаць прыстойным. І калі б дочкі самі выбіралі сабе мужоў, то адна выскачыла б за слугу сваіх бацькоў, другая — за першага сустрэчнага залётніка і задзіру, які паланіў бы яе сваёю самаўпэўненасцю і маладзецтвам. Бо каханне і захапленне без цяжкасці накладваюць павязку на вочы розуму, так неабходныя, калі справа ідзе аб якім-небудзь рызыкоўным кроку, у выбары ж спадарожніка жыцця вельмі лёгка памыліцца. Каб шлюб выйшаў удачным, патрэбна большая асцярожнасць і асабліва ласка божая. Дапусцім, хтосьці жадае адправіцца ў далёкае падарожжа: калі ён чалавек разумны, то, перш чым накіравацца ў дарогу, ён падшукае сабе надзейнага і прыемнага спадарожніка, — чаму ж не ўзяць з яго прыклад тым, каму патрэбна разам ісці ўсё сваё жыццё, а такою спадарожніцаю і з’яўляецца для мужа яго жонка? Жонка не з’яўляецца таварам, які можна купіць, а пасля вярнуць назад, памяняць ці замяніць іншым, — яна з’яўляецца неразлучным спадарожнікам, які не пакіне вас да таго часу, пакуль вас не пакіне жыццё. Можна было б яшчэ доўга разважаць наконт гэтага, але мучыць жаданне ведаць, што яшчэ сеньёру ліцэнцыяту засталося дадаць пра Басільё.

— Мне засталося дадаць толькі вось што: з таго часу, як Басільё даведаўся, што цудоўная Кітэрыя выходзіць за Камача Багатага, ён ужо больш не смяецца і разумнага слова не вымавіць; цяпер ён вечна сумны і задуменны, размаўляе сам з сабой (відавочная і бясспрэчная прымета таго, што ён страціў розум), есць мала і спіць мала, а калі і есць, то адны толькі плады, спіць жа ён, калі толькі гэта можна назваць сном, не інакш як у полі, на голай зямлі, нібы дзікі звер, часам падымае вочы да неба, часам утароплівае іх у зямлю і застывае на месцы, так што, гледзячы на яго, можна падумаць, быццам перад вамі апранутая статуя, чыё адзенне развявае вецер. Карацей кажучы, па ўсіх прыметах, ён гарыць каханнем, і мы, яго знаёмыя, усе як адзін перакананы, што калі заўтра цудоўная Кітэрыя скажа Камача “так”, то для Басільё гэта будзе смяротным прысудам.

— Беражы яго бог! — прамовіў Санча. — Гасподзь пасылае рану, гасподзь жа яе і загоіць. Ніхто не ведае, што наперадзе: да заўтра яшчэ далёка, а дастаткова ж адной гадзіны, нават адной мінуты, каб цэлы дом абваліўся, я бачыў на свае вочы: дождж ідзе, і тут жа табе свеціць сонца; кладзешся спаць здаровы, прачнуўся — ні войкнуць, ні ўздыхнуць. Дайце мне толькі ўпэўніцца, што Кітэрыя кахае Басільё ўсёй душой і ад чыстага сэрца, і я яму галавой паручуся за поспех, бо каханне, як я чуў, носіць такія акуляры, праз якія медзь здаецца золатам, а беднасць — багаццем.

— Ды ці замоўкнеш ты нарэшце, Санча, праклятая сіла? — закрычаў Дон Кіхот. — Ты як пачнеш сыпаць сваімі прыказкамі ды прымаўкамі, дык цябе сам чорт не спыніць!

Ужо сцямнела; аднак калі яны пад’язджалі да вёскі Кітэрыі, адкуль і студэнты і сяляне былі родам, ім усім падалося, быццам неба над ёю ўсеяна мірыядамі яркіх зорак. У той жа час да іх данесліся невыразныя, ціхія гукі розных музычных інструментаў: ражкоў, тамбурынаў, гусляў, жалеек, бубнаў і бразготак, а калі яны пад’ехалі бліжэй, то ўбачылі, што зроблены каля ўезда ў вёску драўляны шацёр — увесь у ліхтарыках, і вецер не задзімаў іх, бо ад ласкавага яго павеву не варушылася нават лісце на дрэвах. Музыканты весялілі гасцей, якія з’явіліся на вяселле і там і сям тоўпіліся на прыветлівым гэтым лузе: адны танцавалі, другія спявалі, трэція ігралі на згаданых разнастайных інструментах. Здавалася, быццам на гэтым лужку носіцца сама Радасць і скача сама Весялосць. Мноства людзей будавала падмосткі, каб заўтра гасцям зручней было глядзець на вяселле і танцы, якія павінны былі быць у гэтым месцы, падрыхтаваным для вясельнай урачыстасці багацея Камача і для пахавання Басільё. Дон Кіхот не пажадаў уехаць у гэту вёску, як ні ўгаворвалі яго спадарожнікі: больш чым дастатковай для гэтага падставай служыла, на яго погляд, тая акалічнасць, што ў вандроўных рыцараў было заведзена начаваць у палях і гаях, але не ў вёсках, хоць бы і пад пазалочаным дахам.


Раздзел XVIII, у якім расказваецца аб вяселлі Камача Багатагаі аб прыгодзе з Басільё Бедным

Светлая Аўрора толькі яшчэ давала згоду, каб бліскучы Феб гарачымі промнямі сваімі асушыў вільготныя пацеркі ў залацістых яе кучарах, калі Дон Кіхот падняўся і паклікаў збраяносца свайго Санча, які ўсё яшчэ пахрапваў. Убачыўшы, што Санча спіць, Дон Кіхот, перш чым будзіць яго, прамовіў:

— О, ты самы найшчаслівы з усіх, хто жыве на зямлі, самы найшчаслівы, бо ты спіш са спакойнай душой, не адчуваючы зайздрасці і ні ў кім яе не абуджаючы; цябе не даймаюць чараўнікі і не хвалюе варажба! Дык спі ж, кажу я і гатоў паўтарыць сто разоў, бо цябе не прымушаюць вечна не спаць пакуты рэўнасці пры думцы аб каханні і ад цябе не адганяюць сну думы аб тым, чым ты будзеш плаціць даўгі і чым ты будзеш заўтра харчавацца сам і карміць сваю маленькую гаротную сям’ю. Прагнасць да славы цябе не трывожыць, марнасць людская цябе не стамляе, бо жаданні твае не выходзяць за межы клопатаў пра твайго асла, клопаты ж пра тваю асобу ты ўсклаў на мае плечы: гэта ўжо сама прырода сумесна са звычаем пастараліся для раўнавагі ўскласці цяжар гэты на паноў. Слуга спіць, а пан не спіць і думае аб тым, як пракарміць слугу, як аблегчыць яго долю, чым яго ўзнагародзіць. Смутак з прычыны таго, што неба зрабілася каменным і не палівае зямлю гаючаю расою, сціскае сэрца не слугі, а пана, бо таго, хто служыў у яго ў год урадлівы і ўраджайны, ён павінен пракарміць і ў год неўрадлівы і галодны.

Санча нічога на гэта не адказаў, таму што спаў, і ён бы так хутка і не прачнуўся, калі б Дон Кіхот кончыкам кап’я не развеяў яго сон. Нарэшце ён прачнуўся, сонным і безудзельным позіркам ахапіў навакольныя прадметы і сказаў:

— Калі я не памыляюся, з боку гэтага шатра ідзе дух і пах не столькі нарцысаў і кмену, колькі смажанага сала. Калі вяселле пачынаецца з такіх прыемных пахаў, то, вось вам крыж, усё тут будзе раскошна і ўсяго будзе ў дастатку.

— Замаўчы, абжора! — сказаў Дон Кіхот. — Паедзем жа лепш на вяселле, паглядзім, што будзе рабіць адхілены Басільё.

— Што хоча, тое няхай і робіць, — заўважыў Санча. — Калі б не быў бедняком, дык і ажаніўся б з Кітэрыяй, а то бачыш ты: у самога хоць шаром пакаці, a дрэва сячэ не пад сілу. Шчыра кажучы, сеньёр, мая думка такая: што бедняку даступна, тым і будзе задаволены, няма чаго на дне марскім шукаць грушы. Я руку аддам на адсячэнне, што Камача можа засыпаць грашыма Басільё, а калі так, то дурная ж была б Кітэрыя, калі б прамяняла ўборы і каштоўнасці, якімі яе, вядома, ужо надзяліў і яшчэ надзеліць Камача, на спрытнасць, з якою Басільё кідае бару і б’ецца на рапірах. За ўдачны кідок або за выдатны выпад і паўкварты віна не дадуць у таверне. Калі здольнасці і талент не прыносяць даходу, то якому чорту яны патрэбны? А вось калі лёс надумае паслаць талент чалавеку, у якога каліта тугая, дык тут ужо і сапраўды зайздрасць возьме. На добрым фундаменце і будынак бывае добры, а лепшы фундамент і катлаван — гэта грошы.

— Богам прашу, Санча, — усклікнуў тут Дон Кіхот, — заканчвай ты сваю прамову! Я ўпэўнены, што калі не прыняць разважанняў, у якія ты штохвілінна пускаешся, то ў цябе не застанецца часу ні на ежу, ні на сон: увесь твой час пойдзе на балбатню.

— Калі б у вашай міласці была добрая памяць, — запярэчыў Санча, — то вы павінны былі б помніць усе пункты пагаднення, якое мы з вамі заключылі перад апошнім нашым выездам. Адзін з яго пунктаў гаворыць, што мне дазваляецца гаварыць усё, што захачу, калі толькі гэта не ганьбіць блізкага майго і не зневажае вашай міласці, і, па-мойму, да гэтага часу я згаданага пункта ні разу не парушыў!

— Я не памятаю такога пункта, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — але калі нават гэта і так, усё ж я хачу, каб ты замоўк і паехаў услед за мной: музыка, якую мы ўчора вечарам слухалі, зноў весяліць даліны, і, зразумела, вяселле будзе адсвяткавана халаднаватай раніцай, а не ў спякотлівы поўдзень.

Санча выканаў распараджэнне свайго пана, і як толькі ён асядлаў Расінанта і шэрага, то абодва селі вярхамі і павольным крокам уехалі пад навес. Першае, што ўбачыў Санча, — гэта цэлы бычок, насаджаны на ражон з суцэльнага вяза і які смажыўся на агні, дзе гарэла шмат дроў, шэсць жа катлоў, што стаялі вакол агню, формаю сваёю не нагадвалі звычайныя катлы, хутчэй гэта былі бочкі, здольныя ўмясціць кучы мяса: яны так непрыкметна ўбіралі ў сябе і паглыналі авечыя тушы, быццам гэта былі не авечыя тушы, а галубы; ужо аблупленых зайцоў і абскубеных курэй, што віселі на дрэвах і чакалі свайго пахавання ў катлах, нельга было злічыць; вельмі многа бітай птушкі і разнастайнай дзічыны было развешана на дрэвах, каб правяліць яе. Санча налічыў звыш шасцідзесяці бурдзюкоў ёмістасцю больш за дзве аробы кожны і, як высветлілася пасля, з віном лепшых гатункаў; беласнежны хлеб быў звалены ў кучы, як звычайна звальваюць зерне на гумне; сыры, складзеныя, як цэгла, утваралі цэлую сцяну; два вялікія чаны з алеем служылі для выпякання вырабаў з цеста; падпечанае цеста выцягвалі вялізнымі лапатамі і кідалі ў чан з мёдам, які стаяў тут жа. Повараў і паварых было больш за пяцьдзесят, і ўсе яны, як на падбор, былі акуратнымі, кемлівымі і задаволенымі. У прасторным чэраве бычка было зашыта дванаццаць маленькіх маладзенькіх парасят, ад чаго мяса яго павінна было стаць яшчэ больш смачным і больш прыемным. У вялікай скрыні знаходзіліся вострыя прыправы ўсіх гатункаў: відаць было, што іх куплялі не фунтамі, а цэлымі аробамі. Адным словам, вясельны пачастунак быў чыста вясковы, але затое такі багаты, што яго хапіла б на цэлае войска.

Санча Панса ўсё гэта разглядваў, усё гэта сузіраў і ўсім гэтым любаваўся. Спачатку яго паланілі і спакусілі катлы, з якіх ён з найвялікаю ахвотаю наліў бы сабе чыгунок. Затым бурдзюкі паланілі яго сэрца і, нарэшце, вырабы з цеста, што пякліся, зусім неспадзявана, не на патэльнях, а ў пузатых чанах. Цярпець далей і рабіць інакш было вышэй за яго сілы, a таму ён наблізіўся да аднаго са старанных повараў і на мове галоднага, хоць і зусім пачцівага чалавека папрасіў дазволу абмакнуць у адзін з катлоў лустку хлеба. Повар жа яму на гэта сказаў:

— На сягоння, браток, дзякуючы багачу Камача голад атрымаў адстаўку. Злазь з асла, пашукай чарпак, вылаві адну-дзве курачкі, ды і еж сабе на здароўе.

— Я нідзе не бачу чарпака, — аб’явіў Санча.

— Пачакай, — сказаў повар. — Гора мне з табой! Які ты, відаць, зломак і няўмека!

З апошнім словам ён схапіў каструлю, акунуў яе ў бочку, вылавіў тры курыцы і дзве гусі і сказаў Санча:

— Еж, прыяцель, падмацуйся пакуль да абеду гэтымі пеначкамі.

— Мне няма куды іх палажыць, — запярэчыў Санча.

— Дык вазьмі з сабой і каструльку, — сказаў повар, — багацце і шчасце Камача кампенсуюць любыя страты.

Пакуль Санча вёў гэту размову, Дон Кіхот назіраў за тым, як пад шацёр уязджалі дванаццаць сялян, усе як адзін у яркіх святочных строях, вярхом на цудоўных кабылах, якія цешылі вока багатай сваёй збруяй з мноствам званочкаў на нагрудніках. Стройны гэты атрад некалькі разоў з вясёлым шумам і гамам прагарцаваў па лужку.

— Няхай жывуць Камача і Кітэрыя! — выгуквалі сяляне. — Ён такі ж багаты, наколькі яна прыгожая, a яна прыгажэйшая за ўсіх на свеце!

Паслухаўшы іх, Дон Кіхот падумаў: “Можна сказаць з упэўненасцю, што яны ніколі не бачылі маёй Дульцынеі Табоскай, таму што калі б яе бачылі, то збавілі б тон у пахвале гэтай самай Кітэрыі”.

Неўзабаве з розных бакоў пачалі збірацца пад шацёр удзельнікі розных танцаў, і, між іншым, дваццаць чатыры выканаўцы танца з мячамі, усе маладзец да малайца, у адзенні з тонкага беласнежнага палатна, у галаўных уборах з добрага рознакаляровага шоўку. Адзін з коннікаў спытаў кіраўніка танцораў, зухаватага хлопца, ці не параніўся хто-небудзь з іх.

— Слава богу, да гэтага часу ніхто не параніўся, усе мы жывыя-здаровыя.

І тут, уцягваючы за сабою сваіх таварышаў і вытвараючы розныя каленцы, ён пачаў да таго спрытна кружыцца, што хоць Дон Кіхоту не раз даводзілася бачыць такія танцы, аднак жа гэты спадабаўся яму больш за ўсіх.

Спадабаўся яму і танец вельмі прыгожых дзяўчат, такіх юных на выгляд, што кожнай з іх можна было даць сама меней чатырнаццаць год, а сама болей васемнаццаць; прыбраліся яны ў сукенкі з зялёнага сукна; валасы ў вянках з язміну, ружаў, амаранту і бружмелю, такія залацістыя, што маглі сапернічаць з сонечнымі промнямі, у адных былі заплецены ў косы, у другіх распушчаны. Кіраўнікамі іх былі масціты стары і паважаная матрона, не па гадах, аднак жа гнуткія і рухавыя. Танцавалі яны пад валынку, як лепшыя ў свеце танцоўшчыцы, і ногі іх былі настолькі ж быстрыя, наколькі сціплым быў выраз іх твараў.

Тут Санча Панса звярнуўся да Дон Кіхота з такімі словамі:

— Хто як, а я за Камача.

— Адным словам, — зазначыў Дон Кіхот, — зараз відаць, Санча, што ты мужык, ды яшчэ з тых, якія падлізваюцца да моцных.

— He ведаю, да каго я падлізваюся, — запярэчыў Санча, — ведаю толькі, што з катлоў Басільё ніколі мне не зняць такіх прыгожых пенак, якія я зняў з катлоў Камача.

Тут ён паказаў Дон Кіхоту каструлю з гусямі і курамі, выцягнуў адну курыцу, з вялікай асалодай і ахвотай пачаўшы ўмінаць яе, прамовіў:

— Ану яго к усім чарцям, гэтага Басільё, і з усімі яго здольнасцямі! Колькі маеш, столькі ты і каштуеш, і столькі каштуеш, колькі маеш. Мая нябожчыца бабуля часта гаварыла, што ўсе людзі дзеляцца на багатых і бедных, і яна сама аддавала перавагу багатым, а ў наш час, васпан мой Дон Кіхот, багацеям куды больш прывольна жывецца, чым грамацеям. Асёл, накрыты золатам, лепшы за асядланага каня. Вось чаму я яшчэ раз паўтараю, што стаю за Камача, з яго катлоў можна зняць нямала пенак, гэта значыць гусей, курэй, зайцоў і трусоў, а ў катлах Басільё дно відаць, а на дне калі што і ёсць, дык хіба адна жыжка.

— Ты скончыў сваю прамову, Санча? — спытаў Дон Кіхот.

— Павінен буду скончыць, — адказаў Санча, — бо вашай міласці, як відаць, яна не па душы, а калі б не гэта, я б яшчэ дні тры салаўём разліваўся.

— Дай бог, Санча, каб ты знямеў, пакуль я яшчэ жывы, — сказаў Дон Кіхот.

— Справы нашы такія, — зазначыў Санча, — што я яшчэ пры жыцці вашай міласці дастануся чарвякам на корм і тады, ужо дакладна, зусім знямею і не вымаўлю ніводнага слова да самага канца свету ці сама меней да страшнага суда.

— Калі б нават усё гэта так і адбылося, — запярэчыў Дон Кіхот, — усё роўна тваё маўчанне, Санча, не параўнялася б з тым, што ты ўжо нагаварыў, гаворыш цяпер і яшчэ нагаворыш у сваім жыцці. Прытым куды больш натуральна дапусціць, што я памру раней за цябе, вось чаму я не змагу разлічваць, што ты пры мне знямееш хоць бы на той час, калі ты п’еш ці спіш, а пра большае я ўжо і не мару.

— З чыстым сумленнем скажу вам, сеньёр, — аб’явіў Санча, — на кірпатую спадзявацца не даводзіцца, гэта значыць, вядома, на смерць: для яе што жаўтаротае птушаня, што сівабароды стары — усё адно, а ад нашага свяшчэнніка я чуў, што яна гэтак жа часта зазірае ў высокія каралеўскія вежы, як і ва ўбогія бядняцкія хаціны. Гэта пані больш любіць паказваць сваю сілу, чым сарамлівасць. Яна ніколькі не пераборлівая: усё есць, нічым не грэбуе і набівае торбу людзьмі ўсіх узростаў і званняў. Яна не з тых жней, якія любяць падрамаць апоўдні: яна ў любы час жне, і прытым любую траву — і зялёную і сухую і, мусіць, не разжоўвае, а проста так жарэ і глытае што ні трапіла, бо яна галодная, як сабака, і ніколі не наядаецца ўволю, і хоць у яе жывата няма, а ўсё ж такі можна падумаць, што ў яе вадзянка, таму яна з такой прагнасцю выцэджвае жыццё з усіх, хто жыве на свеце, нібы гэта карэц халоднай вады.

— Спыніся, Санча, — перапыніў яго тут Дон Кіхот. — Трымайся на гэтай вышыні і не падай. Прызнайся, тое, што ты па-вясковаму проста сказаў аб смерці, мог бы сказаць лепшы прапаведнік. Кажу табе, Санча: калі б да тваіх добрых схільнасцей дадаць вастрыню розуму, то табе заставалася б толькі ўзяць кафедру падпаху і пайсці захапляць свет сваім майстэрствам.

— Жыві праўдзіва — вось самая лепшая пропаведзь, а іншага багаслоўя я не ведаю, — аб’явіў Санча.

— Ніякага іншага багаслоўя табе і не патрэбна, — зазначыў Дон Кіхот. — Але толькі вось чаго я не магу зразумець і ўцяміць: калі пачатак мудрасці — страх божы, то адкуль жа ў цябе такія веды, калі ты любой яшчаркі баішся больш, чым госпада бога?

— Разважайце, сеньёр, аб справах вашага рыцарства і не бярыцеся разважаць аб чужой палахлівасці і чужой храбрасці, —адрэзаў Санча, — наконт страху божага я каго хочаце за пояс заткну. Затым дазвольце мне, ваша міласць, паласавацца гэтымі самымі пеначкамі, а ўсё астатняе — пустаслоўе, за якое з нас на тым свеце спытаюць.

І, сказаўшы гэта, ён з такою самаахвярнаю адвагаю рынуўся на прыступ каструлі, што, гледзячы на яго, загарэўся адвагай і Дон Кіхот і, без сумнення, падтрымаў бы яго, але гэтаму перашкодзілі пэўныя акалічнасці, аб якіх давядзецца расказаць далей.


Раздзел XIX, у якім працягваецца вяселле Камача і адбываюцца іншыя цікавыя падзеі

У той час як Дон Кіхот і Санча вялі паміж сабою размову, прыведзеную ў папярэднім раздзеле, пачуліся гучныя галасы і вялікі шум; паднялі ж гэты шум і крык сяляне, што прыехалі сюды на кабылах: цяпер яны на ўсю моц імчаліся насустрач маладым, якія з натоўпам музыкантаў і забаўнікаў набліжаліся ў суправаджэнні свяшчэнніка, сваякоў і найбольш важных жыхароў навакольных вёсак, і ўсе ўдзельнікі шэсця былі ў святочных уборах. Як толькі Санча ўбачыў нявесту, то ўсклікнуў:

— Пацвердзіць бог, адзета яна не па-вясковаму, a як сталічная модніца! Праўду кажу, на ёй не патэны164, а, калі толькі вочы мае мяне не падманваюць, дарагія каралы і не таннае зялёнае сукно, а самы лепшы аксаміт! А белая аблямоўка, думаеце, з простага палатна? Але ж не — далібог, з атласу! А пярсцёнкі, скажаце, гагатавыя? Дзе там, прападзі я пропадам, калі гэта не залатыя пярсцёнкі, ды яшчэ якія залатыя — якраз з жамчужынамі, белымі, быццам сыракваша? Кожная такая жамчужына даражэйшая за вока! А валасы ж, госпадзі. Калі толькі яны не накладныя, то я такіх доўгіх і такіх залацістых зроду не бачыў. Ану ж, паспрабуйце адшукаць загану ў стройным яе стане! Ды гэта ж як дзве кроплі вады, пальма, у якой галіны ўсыпаны фінікамі, а на фінікі падобныя ўсе гэтыя фінціфлюшкі, што ў валасах у яе і на шыі.

Дон Кіхотана смяшыла гэта вясковая манера хваліць, аднак жа і ён прыйшоў да заключэння, што, не лічачы яго пані Дульцынеі Табоскай, ён ніколі яшчэ не бачыў такой прыгажуні. Лёгкая бледнасць пакрывала твар цудоўнай Кітэрыі — відаць, таму, што яна, як усе нявесты, рыхтавалася да шлюбу і дрэнна спала ў гэту ноч. Шэсце накіравалася да змайстраванага непадалёку, на гэтым жа самым лужку, і ўпрыгожанага галінкамі і пакрытага дыванамі памоста, дзе павінна было праходзіць вянчанне і адкуль можна было глядзець на гульні і танцы; і толькі ўсе наблізіліся да памоста, як ззаду пачуўся гучны голас, які агучыў наступныя словы:

— Спыніцеся, людзі паспешлівыя і неразважлівыя!

Пачуўшы гэты голас і гэтыя словы, усе павярнулі галовы і ўбачылі, што гэта да іх звярнуўся мужчына ў чорным камзоле з шаўковымі, верагодна, нашыўкамі ў выглядзе языкоў полымя. На галаве ў яго (як гэта неўзабаве заўважылі) быў жалобны вянок з галінак кіпарысу; абапіраўся ён на доўгі посах. Як толькі ён наблізіўся, усе пазналі ў ім малайца Басільё і, адчуўшы, што яго з’яўленне ў такую хвіліну прадказвае нядобрае, замёрлі ў чаканні, не разумеючы, да чаго вядуць гэтыя выкрыкі і словы.

Нарэшце, выбіўшыся з сіл і задыхаўшыся, ён спыніўся насупраць маладых, уторкнуў у зямлю посах са сталёвым наканечнікам, пабялеў, накіраваў позірк на Кітэрыю і загаварыў хрыплым і перарывістым голасам:

— Ты добра ведаеш, бессардэчная Кітэрыя, што па законах святой веры, якой мы прытрымліваемся, ты, пакуль я жывы, ні за кога выйсці замуж не маеш права. Ты ж, парушыўшы свой абавязак у адносінах да сумленнага майго намеру, хочаш аддаць сябе ў распараджэнне іншага, хоць павінна належыць мне, — у распараджэнне чалавека, які настолькі багаты, што нават шчасце, а не толькі зямныя даброты можа сабе купіць. І вось, каб шчасце яго было поўным (хоць я не думаю, каб ён яго заслужваў, але відаць, так ужо хоча неба), я сваімі ўласнымі рукамі знішчу перашкоды, якія замінаюць яго шчасцю, і пайду прэч з дарогі. Добрага здароўя на многія гады багатаму Камача з бяздушнай Кітэрыяй, і няхай памрэ бядняк Басільё, якога ўвагнала ў магілу беднасць, што падрэзала крылы яго шчасцю.

З гэтымі словамі Басільё ўхапіўся за ўторкнуты ў зямлю посах, пасля чаго ніжняя яго частка засталася ў зямлі, і тут выявілася, што гэта ножны, а ў ножнах схавана кароткая шпага; уторкнуўшы ж у зямлю адзін канец шпагі, які ўяўляў сабою яе ручку, Басільё з шалёнай імклівасцю і непахіснай рашучасцю кінуўся на вастрыё. Праз імгненне скрываўленае сталёвае лязо ўвайшло ў яго да палавіны і працяла наскрозь, і няшчасны, праколаты ўласнай сваёй зброяй, абліваючыся крывёю распасцёрся на зямлі.

Ліхая доля Басільё і жахлівы выпадак, што здарыўся з ім, кранулі сэрцы яго сяброў, і яны адразу паспяшаліся яму на дапамогу; Дон Кіхот, пакінуўшы Расінанта, таксама кінуўся да яго, падняў юнака на рукі і пераканаўся, што ён ледзь дыхае. Хацелі былі выцягнуць шпагу, аднак жа свяшчэннік, які тут прысутнічаў, сказаў, каб да споведзі не даставалі, інакш, маўляў, калі выцягнуць шпагу, Басільё адразу ж сканае. Між тым Басільё пачаў падаваць прыметы жыцця і прамовіў жаласным і слабым голасам:

— Калі б ты пажадала, бессардэчная Кітэрыя, у смяротны мой час аддаць мне сваю руку ў знак згоды стаць маёю жонкаю, я памёр бы з думкаю аб тым, што безразважнасць мая мае апраўданне, бо дзякуючы ёй я дасягнуў шчасця быцьтваім.

На гэта свяшчэннік сказаў Басільё, што ён павінен думаць аб выратаванні душы і горача маліць бога дараваць яму яго грахі і адчайны крок. Басільё, са свайго боку, аб’явіў, што ён ні за што не будзе спавядацца, пакуль Кітэрыя не аддасць яму сваёй рукі, бо толькі гэта радасць умацуе, маўляў, волю яго і дасць яму сілы для споведзі.

Дон Кіхот, пачуўшы словы параненага, гучна аб’явіў, што просьба яго цалкам законная і разумная і да таго ж лёгка выканальная і што калі сеньёр Камача возьме шлюб з сеньёрай Кітэрыяй як з удавой доблеснага Басільё, то ён будзе карыстацца такой жа павагай, як калі б прынялі яе з рук бацькі:

— Зараз патрабуецца толькі сказаць “так”, і вымавіць гэта слова нявесту ні да чаго не абавязвае, таму што для жаніха шлюбным ложкам з’явіцца магіла.

Камача ўсё гэта чуў, і ўсё гэта настолькі здзіўляла і бянтэжыла, што ён не ведаў, як быць і што адказваць; аднак жа сябры Басільё так настойліва дамагаліся яго згоды на тое, каб Кітэрыя аддала смяротна параненаму руку, а інакш, маўляў, Басільё няўцешным адыдзе на той свет, загубіць сваю душу, што ўрэшце ўгаварылі, а больш дакладна, прымусілі яго аб’явіць, што калі Кітэрыя згодна, то ён, са свайго боку, супраць не будзе, бо ажыццяўленне яго жаданняў будзе адкладзена толькі на імгненне.

Тут усе падбеглі да Кітэрыі і — хто просьбамі, хто слязамі, хто важкімі довадамі — паспрабавалі пераканаць яе аддаць руку беднаму Басільё; яна ж здавалася больш бяздушнай за сам мармур і больш нерухомай за статую і, як відаць, не ведала, што гаварыць, ды і не магла і не хацела адказваць, і так бы і не адказала, калі б свяшчэннік ёй не сказаў, што патрэбна вырашаць, бо ў Басільё душа ўжо расстаецца з целам, і што няпэўнасці гэтай пара палажыць канец. Тады цудоўная Кітэрыя, ні слова не кажучы, разгубленая, на выгляд сумная і ахопленая раскаяннем, накіравалася да Басільё, а той, ужо закаціўшы вочы, дыхаў перарывіста часта, шаптаў ледзь чутна імя Кітэрыі і, па ўсіх прыкметах, збіраўся памерці як язычнік, а не як хрысціянін. Кітэрыя наблізілася да яго, апусцілася на калені і без слоў, знакамі, папрасіла яго працягнуць ёй руку. Басільё расплюшчыў вочы і, гледзячы ёй у твар, прамовіў:

— О Кітэрыя, ты прыйшла даказаць, якая ты спагадлівая, у той міг, калі спагада твая з’явіцца для мяне нажом, які спыняе маё жыццё, бо я не ў сілах адчуць асалоды шчасця ад думкі, што я твой абраннік, як не ў сілах я спыніць мае пакуты, бо злавесны цень смерці паспешна засцілае мне вочы. Аб адным я малю цябе, о фатальная зорка мая: калі ты просіш у мяне маю руку і жадаеш аддаць мне сваю, то няхай гэта будзе не па міласці і не для таго, каб зноў падмануць мяне, — не, прызнай і аб’яві, што ты добраахвотна працягваеш мне яе, як законнаму свайму мужу, бо нядобра ў такую хвіліну мяне падманваць і прыкідвацца перада мной, між тым як я заўсёды быў з табою праўдзівы да канца.

Вымаўляючы гэтыя словы, ён неаднаразова страчваў прытомнасць, і прысутныя кожны раз непакоіліся, што яшчэ адна такая непрытомнасць — і ён аддасць богу душу. Кітэрыя, уся ўвасобленая сціпласць і сарамлівасць, улажыла правую руку ў руку Басільё і сказала:

— Ніякая сіла ў свеце не магла б зламаць маю волю. Такім чынам, я добраахвотна аддаю табе руку ў знак згоды стаць законнай тваёю жонкаю і прымаю тваю, калі толькі ты мне яе аддаеш па ўласным жаданні і розум твой не страчаны праз тое няшчасце, якое церпіш з-за паспешнага свайго рашэння.

— Я аддаю табе сваю руку, — адказаў Басільё, — не будучы ні разгубленым, ні звар’яцелым, але ў тым цвярозым розуме, якім неба пажадала надзяліць мяне, і вось такім я аддаюся і давяраюся табе як твой муж.

— А я — як твая жонка, — падхапіла Кітэрыя, — усё роўна, ці пражывеш ты шмат гадоў, ці цябе з маіх абдымкаў перанясуць у магілу.

— Для цяжкапараненага гэты хлопец надта шмат размаўляе, — заўважыў тут Санча Панса. — Скажыце яму, каб ён спыніў прызнанні ў каханні, няхай лепш аб душы падумае: мне здаецца, што яна ў яго не жадае расставацца з целам, а ўсё круціцца на языку.

Такім чынам, Басільё і Кітэрыя ўзялі адно аднаго за рукі, а свяшчэннік, расхваляваны да слёз, благаславіў іх і пачаў маліцца аб супакаенні душы маладога, малады ж, як толькі атрымаў благаславенне, з нечаканай лёгкасцю ўскочыў і з незвычайнай жвавасцю выцягнуў шпагу, ножнамі для якой было яго ўласнае цела. Усе прысутныя здзівіліся з гэтага, а некаторыя, якія вылучаліся не столькі кемлівасцю, колькі прастадушнасцю, пачалі гучна крычаць:

— Цуд! Цуд!

Аднак жа Басільё аб’явіў:

— He “цуд, цуд”, а хітрасць, хітрасць!

Свяшчэннік, разгублены і збіты з панталыку, кінуўся да яго і, памацаўшы абедзвюма рукамі, выявіў, што лязо прайшло не праз мякаць і рэбры, а праз жалезную трубачку, у гэтым месцы па-майстэрску прыладжаную і напоўненую крывёю, якая, як пасля высветлілася, не гусцела, таму што была адмыслова зроблена.

Урэшце свяшчэннік, Камача і амаль усе прысутныя здагадаліся, што іх абдурылі і пакінулі з носам. Нявесту жарт гэты, як відаць, не засмуціў, — наадварот, пачуўшы размовы, што шлюб яе адбыўся падманным шляхам і таму не можа лічыцца сапраўдным, яна аб’явіла, што не бярэ свайго слова назад, з чаго ўсе зрабілі вывад, што Кітэрыя і Басільё самі ўсё гэта задумалі і былі адно з адным у змове; Камача ж і яго сведкі раззлаваліся і, вырашыўшы прымяніць зброю, каб адпомсціць саперніку, вынялі шпагі і рынуліся на Басільё, аднак у тое ж імгненне на абарону Басільё было вынята амаль столькі ж шпаг, і сам Дон Кіхот, вярхом на кані, з кап’ём у руках і як мага лепш загарадзіўшыся шчытом, пралажыў сабе дарогу і выехаў наперад. Санча, якога такія нядобрыя справы ніколі не радавалі і не цікавілі, схаваўся за катламі, з якіх ён толькі што зняў смачныя пенкі, бо ён быў упэўнены, што гэта месца святое і павінна выклікаць да сябе глыбокую павагу. Дон Кіхот між тым гучным голасам загаварыў:

— Спыніцеся, сеньёры, спыніцеся: ніхто не мае права помсціць за крыўды, якія чыніць нам каханне, і прыміце да развагі, што каханне і вайна — гэта адно і тое ж. Гэтак жа як на вайне прымяняць хітрасць і пасткі, каб адолець ворага, — справа зусім дазволеная і звычайная, так і ў схватках і спаборніцтвах любоўных дапускаецца прымяняць хітрыкі і падвохі для дасягнення жаданай мэты, калі толькі яны не зневажаюць і не ганьбяць каханага чалавека. Кітэрыя была наканавана Басільё, а Басільё — Кітэрыі: такім было справядлівае і спрыяльнае рашэнне нябёсаў. Камача багаты, і тое, што яму спадабаецца, ён можа купіць дзе, калі і як яму захочацца. У Басільё ж, як кажуць, адна-адзіная авечка, і ніхто не мае ўлады адняць яе ў яго, якім бы магутным ён ні быў, бо што бог спалучаў, таго чалавек няхай не разлучае, а хто паспрабуе гэта зрабіць, таму спачатку трэба зведаць вастрыё майго кап’я.

І тут ён з такой сілай і спрытнасцю пачаў размахваць сваім невялікім кап’ём, што нагнаў жаху на ўсіх, хто яго не ведаў. І так глыбока запала ў душу Камача знявага, якую выказала да яго Кітэрыя, што ён імгненна выкінуў яе з сэрца, і таму ўгаворы свяшчэнніка, чалавека разважлівага і вельмі прыстойнага, мелі поспех і падзейнічалі на Камача і яго прыхільнікаў такім чынам, што яны ўціхамірыліся і супакоіліся, у знак чаго паўкладвалі шпагі ў ножны, а багач Камача, каб паказаць, што ён не злуецца на жарт і не надае яму значэння, надумаўся прадоўжыць весялосць, як калі б гэта на самай справе было б яго вяселле; аднак жа Басільё, яго нявеста і ўсе іх прыхільнікі не пажадалі прысутнічаць на гэтым свяце і накіраваліся ў вёску, дзе жыў Басільё, бо і ў беднякоў, калі толькі яны людзі дабрадзейныя і разважлівыя, знаходзяцца сябры, якія іх суправаджаюць, паважаюць і абараняюць гэтак жа, як у багацеяў заўсёды знаходзяцца падлізы і прыхвасні.

Дружына Басільё запрасіла да сябе і Дон Кіхота,бо ўбачыла, што гэта чалавек дастойны і зусім не з баязлівага дзесятка. Адзін толькі Санча заняпаў духам, пераканаўшыся, што яму не пабыць на багатым святочным банкеце ў Камача, гэты банкет, дарэчы сказаць, працягваўся пасля да позняй ночы. Засмучаны і пануры, ехаў ён услед за сваім панам і за ўсёй кампаніяй, вобраз якога, аднак жа, нёс у душы, бо пенкі, што вёз з сабою ў каструлі, пенкі, з якімі ён ужо амаль справіўся і якія амаль прыкончыў, увасаблялі для яго ўсю пышнасць і багацце страчаных даброт; і так, задумлівы і пахмурны, хоць і не галодны, вярхом на шэрым рухаўся ён следам за Расінантам.


Раздзел XX, у якім расказваецца аб вялікай прыгодзеў пячоры Мантэсінаса, у самым сэрцы Ламанчы,аб прыгодзе, якая для доблеснага Дон Кіхота Ламанчскага ўвянчалася поўным поспехам

Вялікія і шматлікія ўшанаванні аказвалі Дон Кіхоту заручаныя ў аддзяку за тое, што ён быў на іх баку, і, аднолькава захапляючыся як яго храбрасцю, так і яго мудрасцю, прызнавалі яго за другога Сіда ў сэнсе доблесці і за другога Цыцэрона165 ў справе красамоўства. Добры Санча трое сутак панстваваў за кошт маладых, якія, між іншым, аб’явілі, што аб прытворным раненні цудоўная Кітэрыя загадзя не ведала, што гэта задума прыйшла ў галаву аднаму Басільё, і ён спадзяваўся, што ўсё выйдзе менавіта так, як яно і здарылася на самай справе; зрэшты, ён агаварыўся, што сяму-таму з сяброў ён усё ж задуму сваю паведаў, з тым, каб у патрэбную хвіліну яны падтрымалі яго пачынанне. Нарэшце Дон Кіхот папрасіў былога свайго спадарожніка-ліцэнцыята даць ім правадніка, які давёў бы іх да пячоры Мантэсінаса, бо ён мучыўся жаданнем прабрацца туды і пераканацца на справе, ці праўду расказваюць ва ўсёй акрузе аб яе цудах. Ліцэнцыят сказаў, што ён пашле з імі свайго дваюраднага брата, выдатнага студэнта і вялікага аматара рыцарскіх раманаў, і гэты студэнт, маўляў, вельмі ахвотна давядзе іх да самага спуска ў пячору. Неўзабаве і сапраўды паявіўся студэнт вярхом на асліцы, сядло якой было накрыта не то стракатым дываном, не то страката расфарбаваным радном. Санча асядлаў Расінанта, падрыхтаваў шэрага, набіў сваю торбу, да якой цяпер яшчэ далучылася торба студэнта, таксама добра напакаваная, і, памаліўшыся богу і развітаўшыся з гаспадарамі, падарожнікі рушылі ў накірунку да знакамітай пячоры Мантэсінаса. На ноч яны спыніліся ў невялікай вёсцы, і тут студэнт сказаў Дон Кіхоту, што адсюль да пячоры Мантэсінаса не больш за дзве мілі і што калі ён не памяняў свайго рашэння ў яе пранікнуць, то патрэбна запасціся вяроўкамі, каб потым, абвязаўшыся імі, спусціцца ўніз. Дон Кіхот аб’явіў, што хоць гэта была не пячора, а прорва, ён павінен дабрацца да самага яе дна; з гэтай мэтай купілі яны каля ста брасаў166 вяроўкі і назаўтра, у дзве гадзіны па поўдні, дабраліся да пячоры, спуск у якую, шырокі і прасторны, хавала і ўтойвала ад вачэй сцяна густога і непраходнага цярноўніку, бур’яну, дзікага інжыру і ажынніку. Наблізіўшыся да пячоры, студэнт, Санча і Дон Кіхот спешыліся, пасля чаго першыя два як наймацней абвязалі Дон Кіхота вяроўкамі. І ў той час калі яго падпяразвалі і сцягвалі, Санча звярнуўся да яго з такімі словамі:

— Падумайце толькі, васпан мой, што вы робіце! He хавайце вы сябе жывым і не станавіцеся падобным да бутлі, якую спускаюць у калодзеж, каб астудзіць. Сапраўды, ваша міласць, не ваша гэта справа і не ваш клопат — даследаваць пячору, якая, напэўна, горш за любое падзямелле.

— Вяжы мяне і маўчы, — сказаў Дон Кіхот. — Гэты подзвіг, дружа Санча, чакае толькі мяне.

Пасля таго як Дон Кіхота абвязалі (і не па даспехах, а па камзоле), ён сказаў:

— Мы праявілі неабачлівасць: не ўзялі з сабой званочка. Прывязаць бы яго да вяроўкі, і я б званіў і даваў вам сігнал, што я яшчэ жывы і працягваю спускацца. Але калі гэта немагчыма, то я цалкам спадзяюся на бога і давяраю яму мой шлях.

Тут ён апусціўся на калені, напаўголасу прачытаў малітву, папрасіў у бога дапамогі, памаліўся аб шчаслівым выніку гэтай, як відаць, небяспечнай і незвычайнай прыгоды, а затым загаварыў гучна:

— О валадарка ўсіх маіх спраў і памкненняў, найяснейшая і непараўнальная Дульцынея Табоская! Калі гэта магчыма, каб просьбы і малітвы шчаслівага твайго паклонніка дайшлі да тваіх вушэй, то нябачанаю тваёю прыгажосцю заклінаю — выслухай мяне: я ж ні аб чым іншым не прашу, апрача як аб дапамозе тваёй і заступніцтве, якія мне цяпер, больш чым калі-небудзь, патрэбны. Я маю намер упасці, зрынуцца і кінуцца ў прорву, якая тут перада мной адкрылася, кінуцца толькі для таго, каб увесь свет даведаўся, што калі ты спрыяеш мне, то няма такога, вышэйшага за чалавечыя магчымасці, подзвігу, які я не ўзяў бы на сябе і не здзейсніў.

З гэтымі словамі ён накіраваўся да абрыву, але, пераканаўшыся, што пралажыць сабе дарогу да спуска ў пячору можна толькі пры дапамозе рук і клінка, выхапіў меч і пачаў крышыць і сячы зараснікі, якія загароджвалі доступ да пячоры. З прычыны ўтворанага ім шуму з пячоры вылецела вельмі многа вялікіх варон і галак; ляцелі яны хмарамі з неверагоднай шпаркасцю і ўрэшце збілі Дон Кіхота з ног, таму калі б ён быў такім жа прымхлівым чалавекам, якім дбайным быў ён католікам, то палічыў бы гэта за дрэнную прымету і перадумаў забірацца ў такія мясціны.

Нарэшце ён устаў і, бачачы, што з пячоры больш не вылятаюць ні вароны, ні кажаны, якія таксама разам з варонамі выляталі адтуль, загадаў студэнту і Санча паслабіць вяроўку, а сам пачаў спускацца на дно страшнай пячоры; перад самым спускам Санча благаславіў яго, тысячу разоў перахрысціў і сказаў:

— Няхай беражэ цябе бог, о краса, вяршкі і пенкі вандроўных рыцараў! Наперад, першы ўдалец у свеце, сталёвае сэрца, медная рука! Няхай аберагае цябе бог, кажу я, і няхай выведзе ён цябе свабодным, здаровым і цэлым на святло нашага жыцця, якое цяпер ты пакідаеш дзеля гэтага змроку, куды цябе так і цягне апусціцца!

Амаль такія ж малітвы і заклінанні казаў і студэнт.

Дон Кіхот усё крычаў, каб адпускалі вяроўку, і Санча са студэнтам мала-памалу яе адпускалі, калі ж крыкі, што даносіліся з глыбіні пячоры, перасталі да іх даносіцца, яны заўважылі, што ўсе сто брасаў вяроўкі ўжо разматаны, і вырашылі пачаць зацягваць Дон Кіхота наверх, таму што вяроўка ў іх ужо скончылася. Аднак з паўгадзіны яны яшчэ пачакалі, а затым пачалі цягнуць вяроўку, што было для іх так лёгка, быццам на ёй адсутнічаў груз, і яны зрабілі вывад, што Дон Кіхот застаўся ў пячоры. Санча пры адной гэтай думцы заплакаў горкімі слязамі і, каб разупэўніцца, з падвоенай сілай пачаў цягнуць вяроўку; і вось, калі яны, па іх разліках, выбралі ўжо каля васьмідзесяці брасаў, то раптам адчулі цяжар, і гэта іх невымоўна ўзрадавала, нарэшце, калі заставалася ўсяго толькі дзесяць брасаў, яны выразна ўбачылі Дон Кіхота, і Санча крыкнуў яму:

— Са шчаслівым вяртаннем, васпан мой! Мы ўжо думалі, што вас там пакінулі на развод.

Дон Кіхот, аднак, не адказваў ні слова; калі ж яны яго канчаткова выцягнулі, то ўбачылі, што вочы ў яго заплюшчаны, як у соннага. Яны палажылі яго на зямлю, развязалі, але ён усё не прачынаўся; тады яны пачалі пераварочваць яго з боку на бок, варушыць і трэсці, і праз даволі доўгі час ён усё ж апрытомнеў і пачаў пацягвацца так, быццам прачынаўся ад глыбокага і моцнага сну, а затым, нібы жахнуўшыся, азірнуўся па баках і прамовіў:

— Няхай даруе вам бог, сябры мае, што вы пазбавілі мяне самага чароўнага жыцця і самага захапляючага відовішча, якім калі-небудзь жыў і якое калі-небудзь назіраў хто-небудзь са смертных. На самай справе, цяпер я цалкам пераканаўся, што ўсе радасці гэтага свету праходзяць, як цень і як сон, і вянуць, як палявыя кветкі.

З вялікай увагай слухалі студэнт і Санча словы Дон Кіхота, якія, відаць, з найвялікаю мукаю вырваліся з глыбіні яго душы. Нарэшце яны звярнуліся да яго з просьбай растлумачыць сэнс яго выказванняў і расказаць, што яму ў гэтым пекле давялося бачыць.

— Вы называеце гэту пячору пеклам? — спытаў Дон Кіхот. — He называйце яе так, яна такой назвы не заслугоўвае, і вы ў гэтым пераканаецеся неадкладна.

Дон Кіхота мучыў голад, і ён папрасіў даць яму чаго-небудзь перакусіць. Спадарожнікі яго разаслалі на зялёнай траўцы радно, якое захапіў з сабою студэнт, дасталі з сумкі ежу, уселіся ўтрох і ў спагадзе і згодзе паабедалі і павячэралі адначасова. Калі радно было складзена, Дон Кіхот Ламанчскі аб’явіў:

— He ўставайце, дзеці мае, і слухайце мяне ўважліва.


Раздзел XXI. Аб дзіўных рэчах, якія, па словах неўтаймоўнага Дон Кіхота, давялося яму бачыць у глыбокай пячоры Мантэсінаса

Адсюль а чацвёртай гадзіне па поўдні сонца схавалася за аблокі, святло яго стала менш яркім, а промні менш пякучымі, і гэта дазволіла Дон Кіхоту, не знемагаючы ад спёкі, паведаміць высокапаважаным слухачам, што ён бачыў у пячоры Мантэсінаса. I пачаў ён так:

— У гэтым падзямеллі, справа, на глыбіні ці то дванаццаці, ці то чатырнаццаці сажняў, знаходзіцца такая западзіна, дзе магла б размясціцца вялікая павозка з муламі. Слабае святло пранікае туды праз шчыліны або расколіны, якія ідуць далёка, да самай зямной паверхні. Западзіну гэту і прастору я заўважыў якраз калі, падвешаны і завіслы на вяроўцы, пачаў ужо выбівацца з усіх сіл, і мяне пачаў раздражняць спуск у гэта царства цемры, спуск наўгад, без дарогі, а таму я вырашыў дабрацца ў гэту западзіну і трохі адпачыць. Я крыкнуў вам, каб вы перасталі апускаць вяроўку, пакуль я не скажу, але вы, пэўна, мяне не чулі. Падабраўшы вяроўку, якую вы працягвалі спускаць, і зрабіўшы з яе пятлю, я на ёй усеўся і, вельмі заклапочаны, пачаў абдумваць, як мне спусціцца на дно, раз ніхто мяне цяпер не трымае; і вось, калі я знаходзіўся ў задуменнасці і разгубленасці, мяне раптоўна і не па маёй волі апанаваў найглыбейшы сон, а потым я нечакана-негадана, сам не ведаючы, як, што і чаму, прачнуўся на такім цудоўным і дзівосным лузе, прыгажэйшага за які не можа стварыць прырода, a самае жывое ўяўленне чалавечае — уявіць. Я страпянуўся, працёр вочы і пераканаўся, што не сплю і што ўсё гэта адбываецца са мной у сапраўднасці. Усё ж я памацаў галаву і грудзі, каб пераканацца, ці я гэта знаходжуся на лузе або пярэварацень, аднак і дотык, і пачуцці, і звязнасць думак, якія прыходзілі мне ў галаву, — усё даказвала, што там і тады я быў зусім такі ж, які я тут перад вамі. Затым перад маімі вачамі паўстаў ці то пышны каралеўскі палац, ці то замак, сцены якога, здавалася, былі зроблены з чыстага і празрыстага хрусталю. Расчыніліся вялізныя вароты, і адтуль выйшаў і накіраваўся да мяне нейкі паважны стары ў доўгім плашчы з цёмна-ліловай байкі, што цягнуўся па зямлі; зверху плечы і грудзі яму прыкрывала стужка з зялёнага атласу, на галаве ён насіў чорную шапачку; беласнежная барада была яму да пояса; у руках ён трымаў не якую-небудзь зброю, a ўсяго толькі ружанец, пацеркі якога былі большымі за сярэдняй велічыні арэхі, а кожная дзесятая бусінка — з невялікае страусавае яйка; пастава старога, яго хада, важнасць і незвычайная велічнасць — усё гэта, разам узятае, здзівіла і ўразіла мяне. Ён наблізіўся і перш за ўсё абняў мяне, а затым ужо прамовіў: “Шмат гадоў, доблесны рыцар Дон Кіхот Ламанчскі, мы чакаем цябе ў зачараваным гэтым бязлюддзі, каб ты расказаў свету, што трымае і хавае ў сабе глыбокая пячора, якую называюць пячораю Мантэсінаса, куды ты забраўся, здзейсніўшы такім чынам наканаваны табе подзвіг, на які толькі ты з неадольнаю тваёю адвагаю і дзівоснаю стойкасцю і мог асмеліцца. Ідзі ж следам за мной, шаноўны сеньёр, я хачу паказаць табе цуды, якія схаваны ў празрыстым гэтым замку, а я — яго галоўны захавальнік, бо я і ёсць Мантэсінас, імем якога названа гэта пячора. Сярод іншых шматлікіх славутасцей і цудаў, якія мне паказаў Мантэсінас, я ўбачыў трох сялянак: яны скакалі і гарэзнічалі, як козачкі, і як толькі я на іх зірнуў, то адразу ж пазнаў у адной з іх непараўнальную Дульцынею Табоскую, a ў дзвюх іншых — тых самых сялянак, што ехалі разам з ёю і якіх мы сустрэлі паблізу Табоса. Я спытаў Мантэсінаса, ці ведае ён іх; ён адказаў, што не, але што, на яго думку, гэта нейкія зачараваныя знатныя сеньёры, якія зусім нядаўна паявіліся на гэтым лузе, і што гэта, нібы, не павінна мяне здзіўляць, бо ў гэтых краях знаходзяцца многія іншыя сеньёры як часоў мінулых, так і часоў цяперашніх, і сеньёрам гэтым чараўнікі надалі разнастайныя і незвычайныя абліччы; сярод гэтых жанчын ён, Мантэсінас, пазнаў каралеву Джынеўру і прыдворную яе даму Кінтаньёну, тую самую, чыё віно піў Ланцэлот, што з Брытаніі прыехаў.

Санча слухаў гэты аповед, і яму здавалася, што ён зараз звар’яцее ці лопне ад смеху; хто-хто, а ўжо ён якраз ведаў сапраўдную падаплёку несапраўднай зачараванасці Дульцынеі; сам жа ён быў і чараўніком і адказным сведкам, а таму цяпер у яго не засталося рашуча ніякіх сумненняў наконт таго, што яго пан канчаткова з’ехаў з глузду і страціў розум, і звярнуўся да яго Санча з такімі словамі:

— Пры неспрыяльных умовах і зусім ужо не ў пару і ў злашчасны дзень спусціліся вы, дарагі мой гаспадар, у падземнае царства, і не ў добры час сустрэліся вы з сеньёрам Мантэсінасам, які так вас абдурыў. Сядзелі б вы, ваша міласць, тут, наверсе, не страчвалі розуму, які вам падараваны богам, усіх павучалі б і штохвілінна давалі парады, а цяпер вось і вярзеце лухту несусветную.

— Я цябе добра ведаю, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — а таму не звяртаю ўвагі на твае словы.

— А я — на словы вашай міласці, — адрэзаў Санча, — хоць бы вы мяне скалечылі, хоць бы вы мяне прыкончылі за тыя словы, якія я вам ужо сказаў і якія маю намер сказаць, калі толькі з вашых слоў не будзе вынікаць, што вы выправіліся і ўзяліся за розум. Але пакуль яшчэ мы з вамі не пасварыліся, скажыце, калі ласка, ваша міласць: як, па якіх прыметах пазналі вы нашу гаспадыню? Ці была ў вас з ёю размова, і аб чым вы яе распытвалі, і што яна вам адказвала?

— Пазнаў я яе вось па якой прымеце, — зазначыў Дон Кіхот: — на ёй была тая ж самая сукенка, як у той дзень, калі ты мне яе паказаў. Я быў загаварыў з ёю, але яна не адказала мне ні слова, павярнулася спінай і так пусцілася, што яе і страла б не дагнала. Я хацеў кінуцца за ёю і, вядома, кінуўся б, але Мантэсінас параіў мне не абцяжарваць сябе, бо гэта, маўляў, усё роўна дарэмна, ды і потым, мне пара ўжо было вылазіць з пячоры. Яшчэ Мантэсінас сказаў, што праз некаторы час ён мне паведаміць, што мне патрэбна зрабіць, каб расчараваць усіх, хто тут знаходзіцца. Калі Мантэсінас вёў са мной гэту размову, да мяне незаўважна наблізілася адна з дзвюх спадарожніц злашчаснай Дульцынеі і з поўнымі слёз вачамі, ціхім, перарывістым ад хвалявання голасам прамовіла: “Пані мая Дульцынея Табоская цалуе вашай міласці рукі і настойліва просіць яе паведаміць, ці здаровы ён па-ранейшаму. А паколькі яна мае вялікую патрэбу, то звяртаецца да вашай міласці яшчэ з адною вельмі пакорнаю просьбаю: ці не зробіце вы ласку пазычыць ёй пад залог гэтай яшчэ зусім новенькай спадніцы, што ў мяне ў руках, шэсць або колькі можна рэалаў, — яна дае слова гонару, што вельмі хутка вам іх верне”. Просьба гэта здзівіла мяне і азадачыла, і, звярнуўшыся да сеньёра Мантэсінаса, я ў яго запытаўся: “Сеньёр Мантэсінас, хіба зачараваныя знатныя асобы церпяць нястачу?” Ён жа мне на гэта адказаў: “Паверце, ваша міласць, сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі, тое, што мы называем нястачай, сустракаецца паўсюль, на ўсё абсалютна распаўсюджваецца, усіх закранае і не шкадуе нават зачараваных, і калі сеньёра Дульцынея Табоская просіць у вас пазычыць шэсць рэалаў і прапаноўвае, наколькі я разумею, нядрэнны заклад, то ў вас няма падстаў ёй адмовіць: без сумнення, яна знаходзіцца ў вельмі абмежаваных умовах”. — “Закладу я не вазьму, — сказаў я, — але і патрэбнай сумы даць не магу, таму што ў мяне ў самога ўсяго толькі чатыры рэалы”. Я працягнуў гэтыя грошы сяброўцы Дульцынеі (тыя самыя грошы, якія ты, Санча, гэтымі днямі выдаў мне для раздачы жабракам, калі такія сустрэнуцца нам на дарозе) і сказаў: “Перадайце, мая мілая, пані вашай, што яе цяжкасці крояць мне душу і што я хацеў бы стаць Фугерам167, каб з гэтага цяжкага становішча яе вывесці. Паведаміць ёй таксама, што, паколькі я пазбаўлены магчымасці любавацца чароўным яе выглядам і атрымліваць асалоду ад яе дасціпных выказванняў, я не магу і не павінен добра адчуваць сябе і што я пакорна прашу яе міласць, ці не зробіць яна ласку пабачыцца і паразмаўляць з адданым сваім слугою і засмучаным рыцарам. І яшчэ скажыце ёй наступнае: аднаго разу да яе дойдзе вестка, што я даў абяцанне і клятву па прыкладзе маркіза Мантуанскага, які, знайшоўшы ў гарах паміраючага пляменніка свайго Балдуіна, пакляўся адпомсціць за яго, а пакуль, маўляў, не адпомсціць, абыходзіцца ў час трапезы без абруса і яшчэ шмат розных дробязей ён да гэтага дадаў. Гэтак жа якраз і я паклянуся ніколі не адпачываць і аб’язджаць увесь свет да таго часу, пакуль не вызвалю ад чараў сеньёру Дульцынею Табоскую”. — “Вы яшчэ і не тое абавязаны зрабіць маёй пані,”—сказала мне на гэта дзяўчына. Затым яна схапіла чатыры рэалы і замест паклону падскочыла на два локці ад зямлі.

— Божа міласэрны! — гучна закрычаў тут Санча. — Дзе ж гэта бачна, каб чараўнікі і чарадзейнае вядзьмарства мелі на белым свеце такую сілу? І як гэта ім удалося ператварыць ясны розум майго пана ў ні на што не падобнае вар’яцтва? Ах, сеньёр, прашу богам, апамятайцеся, ваша міласць, паберажыце свой гонар і не верце ўсяму гэтаму глупству, ад якога вы крануліся з розуму.

— Ты так разважаеш, Санча, таму, што жадаеш мне дабра, — сказаў Дон Кіхот, — але паколькі ты ў жыццёвых справах не спрактыкаваны, то ўсё, што табе хоць крыху цяжка зразумець, ты лічыш неверагодным. Паўтараю, аднак жа, што з цягам часу я раскажу табе яшчэ аб сім-тым з таго, што мне давялося ўбачыць пад зямлёю, і тады ты паверыш гэтаму майму аповеду, праўдзівасць якога бясспрэчная і несумненная.

Працягваючы такую размову, яны ўбачылі, што насустрач ім хтосьці шпарка крочыць і гоніць мула, наўючанага коп’ямі і алебардамі. Параўняўшыся з імі, падарожнік пакланіўся і прайшоў далей, Дон Кіхот жа аклікнуў яго:

— Спыніцеся, добры чалавек! Вы ідзяце, патрэбна лічыць, хутчэй, чым гэтага хацелася б вашаму мулу.

— Я не магу спыняцца, сеньёр, — запярэчыў незнаёмец, — таму што зброя, якую, як вы бачыце, я вязу, спатрэбіцца заўтра ж, і я не маю права спыняцца, a цяпер бывайце. Калі ж вы хочаце ведаць, навошта я вязу яе, то ведайце, што я збіраюся начаваць у бліжэйшым заезным доме, так што калі вы едзеце туды ж, то мы сустрэнемся, і я вам раскажу дзівосы. А пакуль яшчэ раз бывайце здаровы.

І незнаёмец так пагнаў мула, што Дон Кіхот не паспеў нават спытаць, якія дзівосы збіраецца ён расказаць.

Ужо сцямнела, калі нашы падарожнікі дабраліся да заезнага дома, і, на радасць Санча, Дон Кіхот палічыў яго не як звычайна — за нейкі замак, а за самы сапраўдны заезны дом. Як толькі яны зайшлі ў дом, Дон Кіхот спытаў гаспадара, ці тут той чалавек, які вёз алебарды і пікі; гаспадар адказаў, што ён у стайні рассядлоўвае мула. Студэнт і Санча паставілі туды ж сваіх аслоў, а Расінанту былі адведзены лепшая кармушка і лепшае месца ў стойле.


Раздзел XXII, у якім завязваецца прыгода з асліным ровам і забаўная прыгода з нейкім раешнікам, а таксама прыводзяцца незабыўныя прадказанні малпы-прадказальніцы

Дон Кіхот, як кажуць, спаў і бачыў, ці нельга хутчэй паслухаць і даведацца пра дзівосы, аб якіх яму абяцаў расказаць чалавек, што вёз зброю. Ён пайшоў туды, куды пакіраваў гаспадар, і сапраўды там яго адшукаў і папрасіў не адкладваць, а абавязкова зараз жа расказаць аб тым, аб чым ён у яго пытаўся на дарозе. Чалавек жа яму на гэта сказаў:

— Расказваць аб такіх дзівосах патрэбна седзячы і ў вольны час. Дайце мне, ваша міласць, пан шаноўны, задаць корму маёй жывёліне, а потым я вам раскажу такія рэчы, што вы здзівіцеся.

— Калі справа толькі ў гэтым, то я вам зараз дапамагу, — прамовіў Дон Кіхот.

І ён тут жа пачаў прасейваць авёс і чысціць кармушку, чалавек жа, крануты такой пакорлівасцю, выказаў поўную гатоўнасць расказаць тое, аб чым яго прасілі, і, усеўшыся на лаве каля варот, побач з Дон Кіхотам, і звяртаючыся да шаноўнага сходу ў асобе студэнта, Санча Панса і гаспадара заезнага дома, пачаў свой аповед так:

— Ведайце, вашы міласці, што за чатыры з паловай мілі адсюль у адной вёсцы здарылася так, што ў рэхідора168 прапаў асёл, а ўсяму віной — ашуканства хітрай дзяўчынкі, яго служанкі, але аб гэтым доўга расказваць, і што рэхідор ні рабіў, каб знайсці асла, усё было марна. Мінула каля двух тыдняў з таго часу, як прапаў асёл — так, прынамсі, кажуць і расказваюць у вёсцы, — і вось аднойчы стаіць гэты рэхідор на плошчы, раптам падыходзіць да яго іншы рэхідор, яго аднавясковец, і кажа: “Рыхтуй мне, дарагі дружа, падарунак за радасную вестку: твой асёл адшукаўся”. — “Падарунак за мной, шаноўны дружа, і прытым добры, — прамовіў той, — толькі спачатку скажы, дзе ж ён адшукаўся”. — “Я бачыў яго сягоння раніцай у лесе, без сядла і без усякай вупражы, — сказаў іншы рэхідор, — і такі ён худы, што жаласна на яго глядзець. Хацеў быў я прыгнаць яго да цябе, ды ён так здзічэў і такі стаў палахлівы, што толькі я да яго падышоў, a ўжо ён — наўцёкі і прама ў самы гушчар. Калі хочаш, пайшлі дашукаем удвух, толькі спачатку дай мне адвесці дамоў маю асліцу — я адразу ж вярнуся”. — “Ты мне гэтым вельмі ўслужыш, — сказаў гаспадар асла, — і я пастараюся адплаціць табе той жа манетай”. Гэтак жа якраз і з такімі ж падрабязнасцямі расказваюць пра гэта здарэнне ўсе, каму яно вядома дакладна. Карацей кажучы, два рэхідоры разам накіраваліся пешшу ў лес, аднак жа ў той частцы лесу і на тым месцы, дзе яны разлічвалі знайсці асла, яго не аказалася, і хоць яны ўсё навокал абшукалі, але яго так і не было. Нарэшце, выявіўшы, што асла нідзе няма, рэхідор, які бачыў яго раніцай, сказаў таму, які пацярпеў страту: “Паслухай, дарагі дружа, я прыдумаў адну рэч, і цяпер мы, без усялякага сумнення, знойдзем гэту жывёліну, хоць бы яна схавалася глыбока ў зямлі, a не тое што ў глыбіні лесу. Я ж цудоўна ўмею раўці аслом, і калі толькі і ты трошкі ўмееш, то ў нас усё ў парадку”. — “Ты кажаш “трошкі”, шаноўны дружа? — усклікнуў першы рэхідор. — Ды мяне ў справе рову, бог сведка, ніхто не пераможа, нават самі аслы!” — “Зараз мы ў гэтым пераканаемся, — прамовіў другі рэхідор. — Я вось што надумаў: ты пойдзеш па лесе ў адзін бок, а я у другі, і так мы яго абыдзем кругом і час ад часу будзем раўці, то ты, то я, а твой асёл, калі толькі ён у лесе, ужо дакладна, пачуе нас і адгукнецца”. На гэта гаспадар асла яму сказаў: “Прызнаюся, шаноўны дружа, выдатная гэта думка робіць гонар твайму вялікаму розуму”. Тут яны, як дамовіліся, разышліся ў розныя бакі, і трэба ж было здарыцца так, што зараўлі яны амаль адначасова; лічачы ж, што асёл адшукаўся, бо кожны з іх быў падмануты ровам другога, яны кінуліся адзін другому насустрач, і, убачыўшы другога рэхідора, рэхідор, які згубіў асла, усклікнуў: “Няўжо, шаноўны дружа, гэта не асёл роў?” — “He, гэта я роў”, — адказаў той. “У такім выпадку, шаноўны дружа, — працягваў гаспадар асла, — між табою і аслом у справе рову няма абсалютна ніякай розніцы, — я, прынамсі, ніколі не чуў, каб так па-майстэрску імітавалі асла”. — “Гэта пахвальба і ўзнясенне больш падыходзяць і пасуюць табе, дарагі дружа, чым мне, — адклікнуўся той, хто ўсё гэта задумаў. — Клянуся богам, ты дасі два ачкі наперад найлепшаму і самаму вопытнаму равуну на свеце: гук у цябе высокі, ты вытрымліваеш тэмп і не збіваешся з такту, равеш на розныя лады і часта іх мяняеш. Адным словам, я прызнаю сябе пераможаным і за тое, што ты высока трымаў сцяг дзівоснага свайго майстэрства, аддаю табе пальму першынства”. — “Ну, дык я табе на гэта скажу, — прамовіў гаспадар асла, — што з гэтага часу я буду сябе больш цаніць і паважаць, буду думаць, што і я на што-небудзь варты, калі ў мяне такі дар. Праўда, я і сам ведаю, што раву нядрэнна, аднак жа да гэтага часу мне ні ад кога не даводзілася чуць, што мой роў — гэта верх дасканаласці”. — “А я табе на гэта вось што скажу, — падхапіў другі рэхідор: — шмат рэдкіх здольнасцей гіне на свеце і не знаходзіць належнага сабе прымянення, таму што людзі не ўмеюць карыстацца імі”. — “Але ж нашы здольнасці, — запярэчыў той, які згубіў асла, — могуць саслужыць нам службу хіба вось у такіх выпадках, як сягоння, ды і то дай бог, каб яны нам дапамаглі”. Тут яны зноў разышліся ў розныя бакі і пачалі раўці; пры гэтым яны раз-пораз памыляліся і беглі адзін другому насустрач і нарэшце вырашылі ў якасці ўмоўнага знака, каб не было сумненняў, што гэта яны равуць, а не асёл, раўці два разы запар. Так, штохвілінна выдаючы двухкратны роў, абышлі яны ўвесь лес, а згублены асёл усё не адгукваўся. Ды і як яму, беднаму і гаротнаму, было адгукнуцца, калі ўрэшце рэхідоры знайшлі яго з’едзенага ваўкамі, у самым гушчары! І, убачыўшы яго, гаспадар сказаў: “А я ж здзіўляўся, што ён не адклікаецца! Жывы, ён бы адгукнуўся, як толькі нас пачуў: на тое ён і асёл. Усё ж я лічу, шаноўны дружа, што клопаты мае па вышуку асла, хоць я і не застаў яго ў жывых, не прапалі марна, бо затое я чуў найадмысловы твой роў”. — “Калі так, то слава богу, — прамовіў другі рэхідор. — Зрэшты, мы з табой адзін другога вартыя”. Так, ні з чым і толькі ахрыпнуўшы, вярнуліся яны да сябе ў вёску і расказалі сябрам сваім, суседзям і знаёмым аб усім, што з імі здарылася, калі яны шукалі асла, прычым кожны расхвальваў адмысловы роў другога, так што чутка аб тым прайшла і распаўсюдзілася па ўсіх навакольных вёсках; а чорт, які ніколі не дрэмле, таму што ён любіць усюды сеяць і распальваць сваркі і смуту, распускаць плёткі і рабіць з мухі слана, выкарыстаў і ўстроіў так, што як толькі хто з іншай вёскі ўбача нашых, адразу давай раўці аслом: гэта яны з рэхідораў нашых насміхаюцца. I хлопчыкі туды ж. Адным словам сказаць, трапілі ў лапы і ў пашчу да ўсіх чарцей пекла: асліны роў перакочваецца з вёскі ў вёску, і жыхароў нашай, равучай, вёскі ўсе распазнаюць гэтак жа лёгка, як распазнаюць неграў і адрозніваюць іх ад белых. І так далёка зайшоў гэты злашчасны жарт, што абсмеяныя ўжо неаднойчы ў поўным баявым парадку і са зброяй у руках апалчаліся супраць насмешнікаў, і тады ім усё хоць бы што. Мне думаецца, мае аднавяскоўцы, равуны, заўтра-паслязаўтра выступяць у паход супраць іншай вёскі, якая за дзве мілі ад нас і якая асабліва з іх здзекуецца, і каб нам было з чым выступаць, я закупіў алебарды і пікі. Вось пра гэтыя якраз дзівосы я і абяцаў вам расказаць, а калі гэта, па-вашаму, не дзівосы, то выбачайце: іншых я не ведаю.

І на гэтым добры селянін скончыў свой аповед, і тут на двор увайшоў чалавек, на якім усё — і панчохі, і шаравары, і куртка — было з вярблюджай шэрсці, і гучна спытаў:

— Сеньёр гаспадар, спыніцца ў вас можна? Са мной малпа-прадказальніца і раёк, які паказвае вызваленне Мелісэндры.

— Ух, чорт, ды гэта ж сеньёр маэсе Педра! — усклікнуў гаспадар. — Значыць, мы сягоння вечарам павесялімся.

Мы забыліся сказаць, што ў вышэйназванага маэсе Педра левае вока і амаль палавіна шчакі былі заклеены пластырам з зялёнай тафты — прымета таго, што ўвесь гэты бок яго твару быў пашкоджаны нейкай хваробай. А гаспадар між тым працягваў:

— Калі ласка, сеньёр маэсе Педра! Дзе ж ваша малпачка і раёк? Штосьці я іх не бачу.

— Яны тут, блізка, — адказаў чалавек у вярблюджай шэрсці, — я пайшоў наперад даведацца, ці можна спыніцца.

— Ды я б самому герцагу Альбе169 адмовіў, а ўжо сеньёра маэсе Педра пусціў! — прамовіў гаспадар. — Вязіце хутчэй і малпачку і раёк, сягоння ў мяне такія пастаяльцы, якія паглядзяць раёк і фокусы малпачкі і з задавальненнем вам заплацяць.

— Вось і выдатна! А цану я збаўлю, — падхапіў чалавек з пластырам, — няхай толькі аплацяць выдаткі, я і тым буду задаволены. Зараз схаджу па каляску з лялькамі і па малпачку.

З гэтымі словамі ён выйшаў за вароты.

Дон Кіхот неадкладна звярнуўся да гаспадара з пытаннем, хто такі маэсе Педра і што гэта за раёк і малпачка. Гаспадар жа яму адказаў так:

— Гэта славуты раешнік, які ўжо даўно раз’язджае па Ламанчы і дае спектакль, як слаўны дон Гайферас вызваліў Мелісэндру170, і трэба заўважыць, што нашы краі ніколі не забудуць такой цікавай і так спрытна разыгранай гісторыйкі. Возіць ён з сабой і малпачку, ды такую майстрыцу, якіх рэдка можна сустрэць не толькі сярод малпачак, але нават сярод людзей: калі яе аб чым-небудзь пытаюць, яна ўважліва слухае, затым ускоквае на плячо да свайго гаспадара і, нахіліўшыся да самага яго вуха, шэпча адказ, а маэсе Педра тут жа абвяшчае яго. Дарэчы, мінулае яна ведае лепш, чым будучае, і хоць яна і не заўсёды патрапляе, а ўсё-такі прамашкі ў яе рэдкія, так што мы ўсе ўпэўнены, што ў ёй сядзіць чорт. Калі малпачка вам адкажа, гэта значыць, я хачу сказаць, калі гаспадар адкажа за яе пасля таго, як яна пашэпча яму на вуха, то за сваё пытанне вы павінны заплаціць два рэалы. Таму вось і лічыцца, што ў маэсе Педра грошай куры яе клююць. Жыве ён як душа жадае, гаворыць за шэсць, п’е за дванаццаць — і ўсё за кошт свайго языка, малпачкі і балаганчыка.

Тым часам вярнуўся маэсе Педра і прыкаціў каляску, у якой размяшчаліся раёк і вялікая бясхвостая малпа з задам, як з лямцу, зрэшты даволі мілавідная; і, ледзь толькі ўбачыўшы яе, Дон Кіхот звярнуўся да яе з пытаннем:

— Ну, пані прадказальніца, дык як жа? Што з намі адбудзецца? Зараз вы атрымаеце два рэалы.

Потым ён загадаў Санча выдаць два рэалы маэсе Педра, а маэсе Педра адказаў за яе так:

— Сеньёр, гэта жывёліна не дае адказаў і нічога не паведамляе адносна будучыні. Вось аб мінулым ёй сёе-тое вядома і трохі — аб сучасным.

— Далібог, — усклікнуў Санча, — я ломанага гроша не дам за тое, каб мне ўгадалі маё мінулае! Бо хто ж ведае яго лепш, чым я? І плаціць за тое, каб мне сказалі, што я і сам ведаю, гэта дурней за дурное. Але калі ўжо тут ведаюць і сучаснае, то вось, калі ласка, мае два рэалы, а цяпер скажыце, ваша высокамалпства: што робіць зараз мая жонка Тэрэса Панса і чым яна займаецца?

Маэсе Педра не пажадаў узяць грошы і сказаў:

— Я не хачу атрымліваць узнагароду наперад: спачатку патрэбна яе зарабіць.

Тут ён двойчы ляпнуў сябе правай рукой па левым плячы, услед за тым малпачка адным скачком узабралася да яго, нахілілася да яго вуха і пачала хутка-хутка ляскаць зубамі, а неўзабаве другім такім жа скачком апынулася на зямлі, і тады маэсе Педра з надзвычайнай паспешлівасцю апусціўся перад Дон Кіхотам на калені і, абдымаючы яго ногі, загаварыў:

— Я абдымаю ногі вашы гэтак жа якраз, як абдымаў бы Геркулесавы слупы171, выдатны ўваскрашальнік забытага вандроўнага рыцарства! О рыцар Дон Кіхот Ламанчскі, чые заслугі вышэйшыя за ўсякую пахвалу, падбадзёрванне слабых, апора тых, якія падаюць, рука дапамогі тым, якія ўпалі, апора і суцяшэнне ўсіх няшчасных!

Дон Кіхот аслупянеў, Санча здзівіўся, студэнт быў разгублены, селянін з равучай вёскі збянтэжыўся, гаспадар не разумеў, — словам, выказванні раешніка ашаламілі ўсіх, той між іншым працягваў:

— А ты, о добры Санча Панса, лепшы збраяносец лепшага рыцара ў свеце, узрадуйся, бо добрая жонка твая Тэрэса здаровая, і ў гэты час яна чэша лён. А каб у цябе не заставалася сумненняў, я яшчэ дадам, што злева ад яе стаіць збан з адбітым горлачкам, і каб весялей было прадаваць, віна ў ім зусім не на донцы.

— Гэтаму я ахвотна веру, — сказаў Санча. — Тэрэса ў мяне малайчына на ўсе рукі. І потым яшчэ, мая Тэрэса з тых, у якіх сягоння густа, а заўтра пуста.

— Вось цяпер я магу сказаць: хто шмат чытае і шмат вандруе, той шмат бачыць і шмат ведае, — умяшаўся тут Дон Кіхот. — Кажу я гэта вось чаго: якія запэўненні былі б дастатковымі для таго, каб мяне запэўніць, што ёсць на гэтым свеце малпы, якія прадказваюць так, як я толькі што чуў на свае ўласныя вушы? Я ж той самы Дон Кіхот Ламанчскі, пра якога гаварыла гэта слаўная жывёліна, толькі яна мяне некалькі перахваліла; аднак жа, які б я ні быў, я ўдзячны небу за тое, што яно стварыла мяне з душою мяккаю і спагадліваю, схільнаю ўсім рабіць дабро і нікому не рабіць зла.

— Ну, а цяпер, — сказаў маэсе Педра, які паспеў ужо ўстаць з каленяў, — з павагі да сеньёра Дон Кіхота і каб задаволіць яго, я пайду падрыхтую раёк і бясплатна пацешу ўсіх, хто знаходзіцца ў заезным доме.

Пры гэтых словах гаспадар надзвычай узрадаваўся і паказаў, дзе лепш за ўсё расставіць раёк, што ў той жа момант і было зроблена. Дон Кіхот быў не вельмі задаволены прадказаннямі малпачкі, бо прытрымліваўся таго меркавання, што малпачцы не падыходзіць угадваць ні будучае, ні мінулае, а таму ў той час, як маэсе Педра расстаўляў раёк, ён адвёў Санча ў вугал стайні, каб ніхто не мог чуць яго, і сказаў:

— Паслухай, Санча, я ўважліва вывучаў незвычайнае майстэрства гэтай малпы і пераканаўся, што ў маэсе Педра, як гаспадара, вядома, ёсць сакрэтны саюз з д’яблам, дзякуючы чаму малпа атрымлівае гэту здольнасць, гаспадар жа зарабляе сабе на жыццё, a затым, калі ён разбагацее, яму давядзецца аддаць чорту душу, бо ворагу роду чалавечага толькі гэта і патрэбна.

— З усім тым, — прамовіў Санча, — мне хацелася б, каб ваша міласць загадала маэсе Педра спытацца ў малпы, ці праўда тое, што з вашай міласцю адбывалася ў пячоры Мантэсінаса, бо я стаю на тым, не ў крыўду вашай міласці кажучы, што ўсё гэта было насланнё і падман, у лепшым выпадку — сон.

— Вельмі магчыма, — сказаў Дон Кіхот, — і я прыслухаюся да тваёй парады, хоць і не без нейкага дакору сумлення.

У гэты час па Дон Кіхота зайшоў маэсе Педра і сказаў, што ён просіць яго міласць пайсці паглядзець, бо раёк, маўляў, варты таго. Дон Кіхот выказаў яму сваё жаданне і папрасіў зараз жа звярнуцца да малпы з пытаннем, у сне здараліся з ім розныя прыгоды ў пячоры Мантэсінаса ці ў сапраўднасці, яму ж, маўляў, здаецца, што тут было ўсялякае. Маэсе Педра, ні слова не кажучы, схадзіў па малпу, пасадзіў яе перад Дон Кіхотам і Санча і сказаў:

— Паслухайце, пані малпа, гэты рыцар хоча ведаць, праўда ці не тое, што адбывалася ў так званай пячоры Мантэсінаса.

Тут ён падаў свой звычайны знак, малпа ўскочыла да яго на левае плячо і як быццам бы штосьці пашаптала яму на вуха, а затым маэсе Педра аб’явіў:

— Малпа кажа, што частка таго, чаму ваша міласць была сведкам і што з вамі ў згаданай пячоры адбылося, несапраўдная, частка ж праўдападобная, і да вышэй сказанага яна нічога больш дадаць не можа. Калі ж ваша міласць пажадае ведаць больш падрабязна, то ў бліжэйшую пятніцу яна вам адкажа на ўсе пытанні, а зараз яе здольнасць угадваць скончылася і раней пятніцы, як яна сказала, да яе не вернецца.

— А што я вам казаў? — усклікнуў Санча. — У мяне ў галаве не ўкладвалася, каб усё ці хоць бы палавіна таго, што, васпан мой, нарасказвалі аб падзеях у пячоры, было праўдай.

— Будучыня пакажа, Санча, — запярэчыў Дон Кіхот, — бо ўсёвыпрабавальны час нічога не пакідае пад спудам — усё выцягвае на сонейка нават з зямных нетраў. А цяпер досыць аб гэтым, пойдзем паглядзім раёк добрага маэсе Педра, — мне здаецца, што ён рыхтуе якую-небудзь навіну.

— Якую-небудзь? — усклікнуў маэсе Педра. — У маім райку шэсцьдзесят тысяч навінак! Адважуся вас запэўніць, сеньёр Дон Кіхот, што мой раёк — адна з самых цікавых рэчаў на свеце. Такім чынам, пачынаем: час позні, а нам нямала патрэбна яшчэ зрабіць, расказаць і паказаць.

Дон Кіхот і Санча падпарадкаваліся і пайшлі глядзець раёк, а раёк ужо быў устаноўлены, адкрыты, і вакол яго гарэлі васковыясвечкі, ад якіх ён увесь зіхацеў яркім бляскам. Маэсе Педра схаваўся за сцэнай, бо яму патрэбна было перамяшчаць лялькі, a наперадзе размясціўся хлапчук, памочнік маэсе Педра, у абавязкі якога ўваходзіла тлумачыць тайны гэтага відовішча і паказваць палачкай на лялькі.

І вось, калі некаторыя насельнікі заезнага дома ўселіся, некаторыя засталіся стаяць проста насупраць райка, а Дон Кіхот, Санча і студэнт занялі лепшыя месцы, памочнік пачаў тлумачыць, а што іменна — пра гэта пачуе ці даведаецца той, хто паслухае хлапчука або прачытае наступны раздзел.


Раздзел XXIII, у якім працягваецца забаўная прыгода з раешнікам і расказваецца аб іншых сапраў ды цудоўных рэчах

Гледачы, усе як адзін, так і глядзелі ў рот тлумачальніку балаганных цудаў, і раптам за сцэнай пачуліся гукі мноства труб і літаўраў, загрымелі гарматы, аднак жа неўзабаве шум спыніўся, і тады хлопчык павысіў голас і пачаў так:

— Праўдзівая гэта гісторыя, якую мы прапаноўваем увазе вашых міласцей, цалкам узята з французскіх хронік і тых іспанскіх рамансаў, якія перадаюцца ў нас з вуснаў у вусны, так што нават малыя дзеці ведаюць іх на памяць. У ёй расказваецца аб тым, як сеньёр дон Гайферас вызваліў жонку сваю Мелісэндру, якая знаходзілася ў палоне ў маўраў у Іспаніі, у горадзе Сансуэнні, — так у тыя часы называлася Сарагоса. Паглядзіце, вашы міласці, вось і сам Гайферас гуляе ў шашкі, як аб тым спяваецца ў рамансе:

Сядзіць гуляе ў шашкі дон Гайферас,

Забыўся ён зусім пра Мелісэндру.

Але тут з’яўляецца іншая дзеючая асоба, з каронай на галаве і скіпетрам у руцэ: гэта імператар Карл Вялікі, прытворны бацька Мелісэндры; раззлаваўся на зяця за бяздзейнасць і бесклапотнасць, ён пачынае яго прабіраць. Звярніце ўвагу, як ён гарачыцца і абураецца, — можна падумаць, што вось зараз ён стукне яго скіпетрам па галаве; некаторыя творцы сцвярджаюць, што ён і сапраўды яму ўсыпаў, і вельмі нават хвацка. Ён доўга яму даводзіў, што калі той не паспрабуе вызваліць сваю жонку, то зняславіць сябе, а затым быццам бы прамовіў:

Я сказаў — вы вырашайце.

Цяпер вы бачыце, вашы міласці, што імператар паварочваецца да дона Гайфераса спінай і выходзіць, а цяпер глядзіце, як дон Гайферас у запальчывасці і ад прыкрасці шпурляе і дошку і шашкі, загадвае неадкладна падаваць яму зброю і звяртаецца да свайго дваюраднага брата Раланда з просьбай даць яму часова меч Дзюрандаль172, але Раланд не пагаджаецца, a замест гэтага выказвае жаданне падзяліць з донам Гайферасам цяжар гэтай справы, аднак жа смяльчак гнеўна адмаўляецца ад яго паслуг: ён, маўляў, адзін здолее вызваліць сваю жонку, нават калі б яна знаходзілася глыбока пад зямлёю, і тут ён узбройваецца і неадкладна пускаецца ў дарогу. Цяпер, вашы міласці, накіруйце свае позіркі вунь на тую вежу: мяркуецца, што гэта адна з вежаў сарагоскага замка, вядомага сягоння пад назвай Альхаферыі, а дама ў маўрытанскім адзенні, якая стаіць на балконе, — гэта і ёсць непараўнальная Мелісэндра. Яна часта глядзіць адсюль на дарогу, што вядзе ў Францыю, успамінае Парыж, свайго мужа і тым цешыць сябе ў сваім зняволенні. A цяпер перад вамі новая справа, бадай што і нечуваная. Вы бачыце гэтага маўра? Вось ён крадком, цішком, прылажыўшы палец да губ, набліжаецца ззаду да Мелісэндры. Ну, а цяпер глядзіце, як ён цалуе яе прама ў губы і як яна адразу ж пачынае адплёўвацца, выцірае губы рукавом белай сваёй кашулі, скардзіцца і з гора рве на сабе прыгожыя свае валасы, як быццам гэта яны вінаваты ў ліхадзействе. Цяпер паглядзіце вунь на таго важнага маўра, што стаіць на галерэі: гэта кароль Сансуэнскі Марсілій; ён быў сведкам грубасці маўра, і хоць маўр — яго сваяк і набліжаны, ён тут жа загадвае схапіць яго, даць яму дзвесце палак і правесці па шматлюдных вуліцах горада

З вешчунамі спераду

І з дубіншчыкамі ззаду.

Глядзіце: вось ужо ўсе ідуць прыводзіць прысуд у выкананне. А вунь той коннік у гасконскім плашчы — гэты і ёсць дон Гайферас, а вунь яго жонка: адпомшчаная за грубасць закаханага ў яе маўра, яна з праяснелым і больш спакойным выразам твару выходзіць на балкон, перагаворваецца адтуль са сваім мужам, мяркуючы, што гэта нейкі вандроўнік, і звяртаецца да яго з тымі самымі словамі і просьбамі, якія падаюцца ў вядомым рамансе, напрыклад:

Калі вы будзеце ў Парыжы,

Toпра Гайфераса спытайце,

і якія я не збіраюся прыводзіць цалкам, бо шматслоўе звычайна выклікае нуду. Дастаткова бачыць, як Гайферас расхінае плашч, і па тым, якія радасныя рухі робіць Мелісэндра, мы зараз здагадваемся, што яна яго пазнала. Яшчэ імгненне — і яна спускаецца з балкона, каб сесці на каня і памчацца з мілым сваім мужам. Але о жах! Падол яе спадніцы зачапіўся за жалезны выступ балкона, і Мелісэндра павісла ў паветры. Але глядзіце, як літасцівае неба выручае нас у самых небяспечных сітуацыях: дон Гайферас кідаецца да яе і, не звяртаючы ўвагі на тое, што яе дарагая спадніца можа падрацца, хапае яе, адным махам апускае на зямлю, затым, не марудзячы ні секунды, садзіць вярхом, па-мужчынску, на каня і загадвае ёй трымацца мацней і, каб не зваліцца, абедзвюма рукамі абхапіць яго стан,а то ж сеньёра Мелісэндра да такога роду язды не прывыкла. Але чуеце! Гэта конь заржаў ад радасці, што ў яго такая высакародная і прыгожая ноша: яго пан і яго пані. Вось яны паварочваюць, выязджаюць з горада і, шчаслівыя і радасныя, накіроўваюцца па дарозе ў Парыж. У добры час, о па-сапраўднаму закаханая пара — не раўня ўсім закаханым на свеце! Вяртайцеся шчасліва ў жаданую вашу айчыну, і няхай не спыняе Фартуна добрага вашага шляху!

Тут падаў голас маэсе Педра:

— Прасцей, малы, не лятай так высока, бо напышлівасць заўсёды непрыемная.

Тлумачальнік нічога яму не адказаў і працягваў:

— Ад позіркаў цікаўных, якія звычайна ўсё заўважаюць, не схавалася, як Мелісэндра спускалася з балкона і садзілася на каня, аб чым яны і данеслі каралю Марсілію, і кароль загадаў адразу ж біць трывогу. Глядзіце, як усё гэта ў іх хутка: вось ужо на ўсіх мячэцях зазванілі ў званы, і горад дрыжыць ад звону.

— Ну, ужо гэта вырашым, — умяшаўся тут Дон Кіхот. — Наконт званоў маэсе Педра памыліўся: у маўраў не бывае званоў, а ёсць літаўры і штосьці накшталт нашыхг абоеў, а каб у Сансуэнні званілі званы — гэта відавочная і неймаверная лухта.

Пасля такіх слоў маэсе Педра перастаў званіць і сказаў:

— He прыдзірайцеся, сеньёр Дон Кіхот, да дробязей і не патрабуйце дасканаласці, усё роўна вы яе нідзе не знойдзеце. Хіба ў нас скрозь і ўсюды не іграюць камедый, дзе ўсё — суцэльная недарэчнасць і бяссэнсіца? I, аднак жа, поспехам яны карыстаюцца надзвычайным, і гледачы ў поўным захапленні ім апладзіруюць. Працягвай, хлопчык, і нікога не слухай, няхай у гэтым маім спектаклі будзе столькі ж недарэчнасцей, колькі пясчынак на дне марскім, — у мяне адзін клопат — напхаць кашалёк.

— Вы маеце рацыю, — пагадзіўся Дон Кіхот.

А хлопчык працягваў:

— Глядзіце, колькі бліскучай конніцы выступае з горада і накіроўваецца ў пагоню за хрысціянскай парай. А трубы трубяць, а літаўры грымяць, а барабаны б’юць. Я баюся, што маўры дагоняць уцекачоў, прывяжуць да хваста каня і прывядуць назад, — жахлівае відовішча!

А Дон Кіхот, убачыўшы перад сабою ўсю гэту маўрытаншчыну і пачуўшы гэты грукат, вырашыў за лепшае дапамагчы ўцекачам, і, ускочыўшы з месца, ён загаварыў гучным голасам:

— Пакуль я жывы, я не дапушчу, каб у маёй прысутнасці гэтак каварна абыходзіліся з такім слаўным і бясстрашным рыцарам, якім з’яўляецца Гайферас! Стойце, подлыя стварэнні! He смейце за ім гнацца, не тое я выклічу вас на бой!

І, перайшоўшы ад слоў да справы, ён выняў меч, і з нябачанаю хуткасцю і лютасцю пачаў лупцаваць лялечных маўраў: адных скідваў на зямлю, іншым адсякаў галовы, гэтых калечыў, тых сек на кавалкі і ў самы разгар бітвы так ударыў наводмаш, што калі б маэсе Педра не прыгнуўся, не скурчыўся і не прытаіўся, Дон Кіхот зняў бы яму галаву з такой жа лёгкасцю, як калі б яна ў яго была з марцыпана. Маэсе Педра крычаў:

— Спыніцеся, сеньёр Дон Кіхот, і зразумейце, што вы раскідваеце, сечаце і забіваеце не сапраўдных маўраў, а кардонныя фігуркі! Вось грэх цяжкі! З-за яго ж уся мая маёмасць загіне і пойдзе прахам!

А Дон Кіхот па-ранейшаму шчодра раздаваў удары і наносіў іх то абедзвюма рукамі, то плазам, то наводмаш. Карацей кажучы, ён у адзін момант разбурыў раёк і пакрамсаў і пасек усе лялькі і ўсе прыстасаванні; кароль Марсілій быў цяжка паранены, а ў імператара Карла Вялікага і карона і галава рассечаны на дзве часткі. Найшаноўная публіка спалохалася, малпачка ўцякла на дах, студэнт перапужаўся, нават Санча Пансу ахапіў найвялікі страх, бо — як ён сам запэўніваў, калі бура ўжо сціхла — ён яшчэ ні разу не бачыў, каб яго пан так буяніў. Разбіўшы ўвесь раёк нашчэнт Дон Кіхот крыху супакоіўся і сказаў:

— Хацеў бы я зараз паглядзець на тых, якія не вераць і не жадаюць верыць, што вандроўныя рыцары прыносяць людзям вялікую карысць. Падумайце, што было б з добрым донам Гайферасам і цудоўнай Мелісэндрай, калі б мяне тут не аказалася: ужо дагналі б іх і прычынілі ім зло. Такім чынам, няхай жыве вандроўнае рыцарства і няхай узнясецца яно вышэй за ўсё, што сягоння жыве на зямлі!

— Няхай сабе жыве, — дрыготкім голасам адклікнуўся тут маэсе Педра, — а мне пара паміраць, бо я такі няшчасны, што мог бы сказаць разам з каралём Радрыга173:

Учора валодаў дзяржавай...174

Сягоння нават вежы

Ужо няма ў мяне!

Яшчэ паўгадзіны, яшчэ паўхвіліны назад я лічыў сябе ўладаром каралёў і імператараў, у маіх стайнях, куфрах і мяшках было вельмі многа коней і ўбораў, a цяпер я даведзены да галечы і зняважаны, бедны і ўбогі, а галоўнае, у мяне больш няма малпачкі, і пакуль я яе злаўлю, у мяне, слова гонару, вочы на лоб вылезуць. І ўсё гэта з-за неразважлівай лютасці сеньёра рыцара, а пра яго ж гавораць, што ён абараняе сірот, выраўноўвае крыўду і робіць усякія іншыя добрыя справы, — толькі на мяне аднаго не распаўсюдзілася яго велікадушнасць, няхай будзе благаславёны і вельмі ўслаўлены гасподзь бог, які сядзіць на троне славы сваёй! Відаць ужо, Рыцару Журботнага Вобраза на раду было напісана знявечыць мае лялькі і засмуціць мяне самога.

Словы маэсе Педра кранулі Санча Пансу, і ён сказаў:

— He плач, маэсе Педра, і не бядуй,а то ў мяне сэрца надрываецца! Ведай жа, што мой пан Дон Кіхот — хрысціянін заўзяты і добрасумленны, і калі толькі ён зразумее, што прычыніў страты, то абавязкова захоча і зможа заплаціць табе і кампенсаваць іх з лішкам.

— Калі б сеньёр Дон Кіхот заплаціў за частку перабітых ім лялек, то я застаўся б задаволены і сумленне яго міласці было б чыстае, бо не выратаваць сваю душу таму, хто забраў сабе чужую ўласнасць насуперак жаданню ўладальніка і не ўзнагародзіў яго.

— Гэта праўда, — пагадзіўся Дон Кіхот, — але мне ўсё ж незразумела, маэсе Педра, што з вашай уласнасці я забраў сабе.

— Як жа не забралі? — усклікнуў маэсе Педра. — A гэтыя рэшткі, што валяюцца на гэтай голай і неўрадлівай зямлі, — хто іх параскідаў і знішчыў, як не грозная сіла магутнай вашай рукі? Чые ж гэта рэчы, як не мае? Чым жа я яшчэ карміўся, як не імі?

— Цяпер я поўнасцю пераканаўся ў тым, у чым мне ўжо не раз даводзілася пераконвацца, — загаварыў Дон Кіхот, — а іменна: што чараўнікі, якія мяне даймаюць, спачатку паказваюць мне чыё-небудзь сапраўднае аблічча, а затым падмяняюць яго і ператвараюць у што ім захочацца. Паслухайце, сеньёры, кажу вам сумленна, што мне падалося, быццам усё, што тут адбываецца, адбываецца сапраўды, што Мелісэндра — гэта Мелісэндра, Гайферас — Гайферас, Марсілій — Марсілій, Карл Вялікі — Карл Вялікі. Вось чаму ўва мне прачнуўся гнеў, і каб выканаць абавязак вандроўнага рыцара, я вырашыў выручыць і абараніць уцекачоў і, ахоплены гэтым добрым намерам, зрабіў усё тое, сведкамі чаго вы з’явіліся. Калі ж выйшла не так, як я хацеў, то вінаваты не я, а ліхадзеі, якія даймаюць мяне, і хоць я дапусціў промах гэты ненаўмысна, аднак жа я сам сябе асуджаю да кампенсацыі страт. Скажыце, маэсе Педра, колькі вы хочаце за паламаныя лялькі? Я гатоў зараз жа заплаціць вам добрай кастыльскай манетай, якая знаходзіцца ў абарачэнні.

Маэсе Педра пакланіўся і сказаў:

— Менш я і не чакаў ад нечуванай хрысціянскай дабраты доблеснага Дон Кіхота Ламанчскага, сапраўднага абаронцы і памочніка ўсіх бедных і абяздоленых людзей, а сеньёр гаспадар і добра вядомы Санча прымуць на сябе абавязкі ацэншчыкаў і пасрэднікаў паміж вашай міласцю і мною і ўстановяць, колькі каштуюць ці, больш дакладна, колькі маглі каштаваць паламаныя лялькі.

Гаспадар і Санча пагадзіліся, і маэсе Педра адразу падняў з зямлі абезгалоўленага караля Марсілія Сарагоскага і сказаў:

— Кожны пацвердзіць, што караля ўжо не ўваскрэсіць, а таму, з вашага дазволу, я хацеў бы атрымаць за яго смерць і скананне чатыры з палавінаю рэалы.

— Далей, — сказаў Дон Кіхот.

— Вось за такое рассяканне зверху данізу, — працягваў маэсе Педра, узяўшы ў рукі рассечанага імператара Карла Вялікага, — не шмат узяць пяць з чвэрткай рэалаў.

— І не мала, — уставіў слова Санча.

— He, не многа, — запярэчыў гаспадар. — Я, як пасрэднік, прапаноўваю: для роўнага падліку — пяць.

— Дайце яму ўсе пяць з чвэрткай, — сказаў Дон Кіхот, — на чвэртку рэала больш ці менш — вынікі сённяшняй незабыўнай бяды ад гэтага не зменяцца. Толькі заканчвайце хутчэй, маэсе Педра: пара вячэраць, і мне ўжо хочацца есці.

— За гэту бязносую і аднавокую ляльку, якая раней была прыгожаю Мелісэндраю, я прашу сумленна два рэалы дванаццаць мараведзі, — аб’явіў маэсе Педра.

— Каб мяне чорт узяў, — сказаў Дон Кіхот, — калі Мелісэндра са сваім мужам цяпер ужо, ва ўсялякім выпадку, не праехалі граніцы Францыі: іх конь, здавалася, не бег, а ляцеў па паветры. Так што няма чаго мне ўпіраць ката за зайца і паказваць нейкую бязносую Мелісэндру, між тым як сапраўдная, калі ўсё добpa, напрапалую весяліцца цяпер са сваім мужам у Францыі. Бог кожнаму адплачвае ад сваіх шчодрасцей, сеньёр маэсе Педра, нам жа належыць хадзіць дарогай прамою і не крывіць душою. А цяпер працягвайце.

Маэсе Педра, бачачы, што на Дон Кіхота зноў найшло і ён узяўся за ранейшае, і, баючыся, як бы ён не выслізнуў ад яго, сказаў наступнае:

— Ужо сапраўды, гэта не Мелісэндра, а адна з яе служанак. Дайце мне за яе шэсцьдзесят мараведзі, і я буду лічыць сябе задаволеным і шчодра ўзнагароджаным.

Так ён вызначыў цану і ўсім іншым паламаным лялькам, гэта цана была потым зніжана трацейскімі суддзямі, і ісцец і адказчык памірыліся ўрэшце на сарака рэалах і трох чвэртках; Санча тут жа іх вылажыў, аднак маэсе Педра запрасіў звыш таго яшчэ два рэалы на пражытак, пакуль ён не адшукае малпу.

— Дай яму, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — калі не на пражытак, дык на харчаванне, а яшчэ дзвесце рэалаў я даў бы ва ўзнагароду таму, хто мог бы сказаць дакладна, што сеньёра донна Мелісэндра і сеньёр дон Гайферас ужо ў Францыі, у роднай сям’і.

— Ніхто не мог бы даць вам больш дакладных звестак, чым мая малпа, — сказаў маэсе Педра, — але цяпер яе сам чорт не зловіць. Зрэшты, мне думаецца, што прыхільнасць да гаспадара і голад возьмуць сваё і ноччу яна пачне шукаць мяне, а раніцай мы з ёю, бог дасць, убачымся.

Словам, бой з лялькамі скончыўся, і ўсе ў згодзе і злагадзе павячэралі за кошт Дон Кіхота, шчодрасць якога была бязмежная.

Яшчэ да світанку паехаў селянін з пікамі і алебардамі, а калі ўжо зусім развіднела, да Дон Кіхота прыйшоў развітацца студэнт: ён вяртаўся дамоў. Маэсе Педра ўстрымаўся ад далейшых спрэчак з Дон Кіхотам — для гэтага ён надта добра яго ведаў; ён падняўся калі яшчэ і на дзень не займалася і, сабраўшы рэшткі свайго райка і падхапіўшы малпачку, таксама паехаў шукаць прыгод. Гаспадар раней не быў знаёмы з Дон Кіхотам і таму не мог надзівіцца як яго дурыкам, так і яго шчодрасці. Санча па распараджэнні свайго пана, вельмі добра яму заплаціў, і гадзін у восем раніцы, развітаўшыся нарэшце з гаспадаром, рыцар і яго збраяносец пакінулі заезны дом і рушылі ў дарогу; і пакуль мы іх пакінем, бо тут дарэчы будзе даць чытачу некаторыя звесткі, неабходныя для правільнага разумення знакамітай гэтай гісторыі.


Раздзел XXIV, у якім тлумачыцца, хто такія былі маэсе Педраі яго малпа, і расказваецца аб няўдалым для Дон Кіхота зыходзе прыгоды з асліным ровам, якая скончылася не так,як ён хацеў і разлічваў

Усе, хто чытаў першую частку гэтай гісторыі, павінны добра помніць Хінэса дэ Пасамонтэ: разам з іншымі катаржнікамі Дон Кіхот вызваліў яго ў Сьера-Марэны, а гэтыя шкодныя і нядобрыя людзі за добрую справу, зробленую для іх, вельмі пагана яго аддзячылі і яшчэ горш яму адплацілі. Гэты самы Хінэс дэ Пасамонтэ, якога Дон Кіхот назваў Хінесільё дэ Абрабавальё, і ўкраў у Санча Пансы асла, аднак жа пасля Санча адабраў свайго шэрага. Дык вось, гэты самы Хінэс, баючыся апынуцца ў руках улад, якія вышуквалі яго, каб пакараць за бясконцае махлярства і шматлікія злачынствы, якіх лічылася за ім столькі і састаў якіх быў такі, што ён сам напісаў аб іх вялікі том, — гэты самы Хінэс вырашыў перабрацца ў каралеўства Арагонскае, заклеіць сабе левае вока і заняцца рамяством раешніка, а па гэтай справе, таксама як і наконт спрытнасці рук, быў ён вялікі майстар.

У нейкіх хрысціян, якія вярталіся з берберыйскага палону175, купіў ён выпадкова малпу і навучыў яе па пэўным знаку ўскокваць да яго на плячо і рабіць выгляд, што шэпча яму аб чымсьці на вуха. І цяпер, перш чым размясціцца з малпаю і балаганчыкам у якой-небудзь вёсцы, ён у суседняй вёсцы або ўвогуле ў людзей дасведчаных выпытваў, што там асаблівага адбылося і з кім іменна; усё гэта добра запомніўшы, ён звычайна пачынаў са спектакля: адзін раз пакажа адну гісторыйку, на другі раз — іншую, але ўсе яны былі ў яго забаўныя, займальныя і карысталіся папулярнасцю. Пасля спектакля ён паказваў майстэрства сваёй малпы, папярэджваючы, аднак жа, гледачоў, што яна ўгадвае мінулае і сучаснае, а што наконт будучыні яна, маўляў, не мастак. За кожны адказ ён браў два рэалы, а з некаторых яшчэ менш, у залежнасці ад таго, хто задаваў пытанне; калі ж ён заходзіў да людзей, аб якіх ведаў усю паднаготную, то хоць бы яны, не жадаючы плаціць, ні аб чым у яго не пыталіся, ён усё роўна рабіў малпе знак, а затым аб’яўляў, што яна яму сказала вось гэта і вось гэта, і трапляў у самую кропку. Гэтым ён здабыў сабе славу незвычайную, і ўсе за ім хадзілі натоўпам. У некаторых выпадках, будучы чалавекам знаходлівым, ён прыдумляў адказы з галавы, і адказы амаль адпаведныя, а паколькі ніхто да яго не прыставаў і не прыдзіраўся, што гэта, маўляў, за такая дзівосная малпа — без памылкі і хібы, то ён усім пускаў туман у вочы і толькі напіхваў кашэль. Прыбыўшы ж у заезны дом, ён адразу ж пазнаў Дон Кіхота і Санча Пансу, і, дзякуючы ранейшаму знаёмству з імі, яму няцяжка было ўразіць і Дон Кіхота, і Санча Пансу, і ўсіх астатніх насельнікаў заезнага дома; але гэта каштавала б яму нятанна, калі б Дон Кіхот, адсякаючы галаву каралю Марсілію і знішчаючы конніцу, як аб тым было сказана ў папярэднім раздзеле, узмахнуў мячом крыху ніжэй.

Вось і ўсё, што патрабавалася паведаміць аб маэсе Педра і яго малпе. Што ж тычыцца Дон Кіхота Ламанчскага, то, выехаўшы з заезнага дома, ён надумаў наведаць берагі ракі Эбра і яе навакольную мясцовасць. З гэтай мэтай ён рушыў у дарогу, і на працягу двух дзён дарогі з ім не адбылося нічога вартага быць занесеным у летапісы. На трэці ж дзень, падымаючыся на ўзгорак, ён пачуў трубны гук, барабанны бой і аркебузныя выстралы. Перш за ўсё ён падумаў, што гэта ідуць салдаты, і, каб паглядзець на іх, прышпорыў Расінанта і падняўся на верх узгорка; апынуўшыся на ўзвышшы, ён убачыў, што каля падножжа ўзгорка тоўпіцца, як яму падалося, больш за дзвесце чалавек, узброеных чым папала: невялікімі коп’ямі, самастрэламі, сякерамі, пікамі і алебардамі, у сяго-таго былі аркебузы, у многіх — круглыя шчыты. Дон Кіхот спусціўся з узгорка і пад’ехаў да дружыны так блізка, што яму добра былі відаць сцягі, і ён адрозніў іх колеры і разгледзеў эмблемы, якія ўпрыгожвалі іх, з якіх адна, што звяртала на сябе асаблівую яго ўвагу, намаляваная на штандары, ці, больш дакладна, на шматку белага атласу, надта натуральна ўяўляла сабой маленькага осліка з паднятаю галавою, разяўленай зяпай і выгнутым языком, — адным словам, які набыў такое становішча і меў такі выгляд, як быццам бы ён раве, а вакол вялікімі літарамі было напісана наступнае двухрадкоўе:

Два алькальды не без мэты

Па-аслінаму раўлі.

Гэта адметная адзнака навяла Дон Кіхота на думку, што народ, які сабраўся тут, — з равучай вёскі, і ён сказаў аб гэтым Санча і растлумачыў яму, што напісана на сцягу. Дон Кіхот яшчэ дадаў, што той, хто расказваў яму аб гэтым здарэнні, відаць, памыліўся, сцвярджаючы, што раўлі асламі два рэхідоры; а між тым вершы на сцягу гавораць, што гэта былі алькальды. Санча Панса ж яму на гэта сказаў:

— Сеньёр, гэтаму не трэба надаваць асаблівай увагі. Вельмі можа быць, што рэхідоры, якія тады раўлі па-аслінаму, з цягам часу сталі алькальдамі, а значыць, іх можна называць і так і гэтак. Тым больш, што дакладнасць гэтай гісторыі не залежыць ад таго, хто іменна роў: алькальды або рэхідоры. Важна, што хтосьці з іх на самай справе роў, а зараўці аслом што алькальду, што рэхідору заўсёды ёсць ад чаго.

Адным словам, яны зразумелі, што абсмеяная вёска выйшла на бой з іншай вёскай, якая абсмяяла яе, не ведаючы меры і не па-добрасуседску.

Дон Кіхот рушыў прама да вяскоўцаў, што для Санча было вельмі непрыемна, бо не аматар ён быў такіх прыгод... Дружына, лічачы, што гэта яе прыхільнік, расступілася перад Дон Кіхотам. Дон Кіхот падняў забрала і з выглядам рашучым і незалежным ушчыльную пад’ехаў да сцяга з выявай асла, і тут яго акружылі военачальнікі, у якіх ён выклікаў якраз такое ж здзіўленне, якое выклікаў ва ўсіх, хто бачыў яго ўпершыню, і здзіўлена на яго ўтаропіўся. Заўважыўшы, што яны з цікавасцю яго разглядаюць, не загаворваючы з імі і ні аб чым у яго не пытаючыся, Дон Кіхот вырашыў выкарыстаць гэта маўчанне і, парушыўшы сваё ўласнае, гучным голасам загаварыў:

— Вашы міласці, вельмі пераканаўча вас прашу не перапыняць тую прамову, з якою я намерваюся да вас звярнуцца, пакуль яна вам не абрыдзіць і не надакучыць. Калі ж надакучыць, то мне дастаткова будзе самага найменшага з вашага боку знака, каб палажыць пячаць на вусны і прытрымаць язык.

Усе аб’явілі, што ён можа гаварыць прамову і што яны ахвотна яго выслухаюць. Атрымаўшы дазвол, Дон Кіхот працягваў:

— Я, вашы міласці, вандроўны рыцар, мая справа ратная, мой абавязак — заступацца за тых, хто мае патрэбу ў заступніцтве, і выручаць прыгнечаных. Некалькі год таму назад я даведаўся аб вашым няшчасці і аб тым, што прымушае вас штохвілінна брацца за зброю, каб адпомсціць ворагам вашым. І вось, унікнуўшы як трэба ў сутнасць вашай справы, я зрабіў вывад, што ў адпаведнасці з правіламі аб паядынку, у вас няма падстаў лічыць сябе зняважанымі, бо прыватная асоба не можа зняважыць цэлае грамадства, калі толькі ўсяму гэтаму грамадству не кінута абвінавачванне ў здрадзе, калі невядома дакладна, хто іменна ў здрадзе вінаваты. Паколькі ж адна асоба не можа зняважыць цэлае каралеўства, правінцыю, горад, дзяржаву, а тым больш вёску, то зразумела, што няма чаго помсціць за знявагу, быццам бы нанесеную вам, бо знявагі якраз ніякай і няма. Добрая была б справа, калі б жыхары вёскі Ла Рэлоха штохвілінна біліся з тымі, хто іх дражніць гадзіншчыкамі, а таксама і “каструльнікі”, “баклажаннікі”, “кіталовы”, “мылавары” і іншыя вяскоўцы, мянушкі якіх на вуснах у кожнага хлопчыка і ва ўсякай драбязы! Няма чаго сказаць, добрая была б справа, калі б усе гэтыя паважаныя грамадзяне крыўдзіліся на мянушкі і помсцілі, а іх шпагі з-за кожнай дробязі так і хадзілі ўзад і ўперад у ножнах, быццам высоўнае калена ў трамбоне! He, не, захавай, божа, і злітуйся! Разумныя мужчыны і добраўпарадкаваныя дзяржавы бяруцца за зброю, вынімаюць шпагі і рызыкуюць сабою, сваім жыццём і ўласнасцю сваёй толькі ў чатырох выпадках: па-першае, для абароны нашай каталіцкай веры, па-другое, для абароны ўласнага жыцця, бо так загадвае закон боскі і такое наша прыроднае права; па-трэцяе, для абароны гонару свайго, сям’і і маёмасці; па-чацвёртае, служачы каралю на ратным полі, калі ён вядзе вайну справядлівую, і, калі хочаце, назавём яшчэ і пяты выпадак, — яго, зрэшты, можна лічыць другім, — а іменна: абарона радзімы сваёй. Да гэтых пяці асноўных падстаў мы маем права далучыць некалькі іншых, каб узяцца за зброю. Але аб тых, хто бярэцца за яе з-за нейкага глупства, якое хутчэй можа служыць падставай для смеху і вясёлага баўлення часу, чым для крыўды, можна падумаць, што яны зусім пазбаўлены здаровага розуму. Да таго ж помста несправядлівая (а справядлівай помсты ўвогуле не існуе) супярэчыць нашай рэлігіі: рэлігія ж загадвае нам рабіць дабро ворагам і тым, хто ненавідзіць нас, запаведзь гэта ўяўляецца цяжка выканальнай толькі тым, хто думае больш аб людскім, чым аб боскім, і для каго плоць важнейшая за дух, бо Ісус Хрыстос, сапраўдны богачалавек, які ніколі не хлусіў і не мог і не можа хлусіць, сказаў, даючы нам свой закон, што ярмо яго — дабро і цяжар яго лёгкі, а значыць, ён не мог запаведаць нам нічога непасільнага. Такім чынам, васпане мае, па ўсіх законах божых і чалавечых выходзіць, што вы павінны ўціхамірыцца.

“Няхай мяне чэрці знясуць, — сказаў тут сам сабе Санча, — калі мой пан не багаслоў. Ва ўсякім выпадку, ён падобны на багаслова як дзве кроплі вады”.

Дон Кіхот крыху перадыхнуў і, бачачы, што натоўп захоўвае маўчанне і мае намер слухаць яго і далей, хацеў быў працягваць сваю прамову; і ён бы яе, ужо дакладна, прадоўжыў, калі б з уласціваю яму жвавасцю розуму не ўмяшаўся Санча і, бачачы, што яго пан пераводзіць дух, не ўзяў слова замест яго:

— Мой пан Дон Кіхот Ламанчскі, які адзін час называў сябе Рыцарам Журботнага Вобраза, а цяпер называе сябе Рыцарам Ільвоў, — вельмі адукаваны ідальга, — сказаў Санча, — у валоданні латынню і іспанскай мовай ён любому бакалаўру не ўступіць, ва ўсім, што ён гаворыць і раіць, зараз відаць славуты воін, і ўсе, як называецца, правілы-законы паядынку ён ведае назубок, так што вам застаецца толькі прыслухацца да яго, — ручаюся, што не прагадаеце. Тым больш, вы самі чулі: з-за аднаго толькі аслінага рову крыўдзіцца неразумна. Помніцца, будучы хлапчуком, я роў па-аслінаму калі і колькі мне хацелася, і прытым па асабістым пачыну, ды так па-майстэрску і так падобна, што на мой роў адклікаліся ўсе аслы: якія толькі былі ў вёсцы, і ўсё-такі мяне лічылі не вырадкам, а вартым сынам сваіх бацькоў, людзей вельмі паважаных. Праўда, майстэрству майму зайздросцілі многія вясковыя франты, але я на іх чхаў. А калі вы хочаце пераканацца, што я не хлушу, то пачакайце і паслухайце. Гэта ж майстэрства — усё роўна што плаванне: раз навучышся — век не забудзеш.

З гэтымі словамі ён прыставіў руку да носа і зароў так, што ва ўсіх навакольных далінах адгукнулася рэха. Але тут адзін з вяскоўцаў, які стаяў побач з ім, уявіўшы сабе, што ён з іх насміхаецца, узмахнуў дубінкай і так яго агрэў, што Санча Панса не ўтрымаўся на нагах і грымнуўся на зямлю. Дон Кіхот, бачачы, што з Санча так дрэнна абыходзяцца, узяў кап’ё наперавес і рынуўся на задзіру, але столькі чалавек у той жа момант загарадзілі яго, што адпомсціць не ўяўлялася магчымым. Больш таго: бачачы, што градам ляцяць камяні і што яму пагражае вялікая колькасць нацэленых на яго самастрэлаў і столькі ж аркебуз, Дон Кіхот павярнуў Расінанта і на ўвесь яго мах памчаўся прэч ад натоўпу, з глыбіні душы звяртаючыся да бога, каб ён пазбавіў яго ад небяспекі, бо Дон Кіхот кожную секунду чакаў, што яго параняць навылёт, і раз-пораз затойваў дыханне, прыслухоўваючыся, ці праляцела куля міма. Аднак дружыннікі задаволіліся відовішчам яго ўцёкаў і так і не адкрылі стральбы. Беднага ж Санча, ледзь ён апамятаўся, яны палажылі ўпоперак асла і дазволілі яму ехаць за сваім панам, але Санча быў не ў стане кіраваць, і шэры сам пабег трушком услед за Расінантам, без якога ён не мог пражыць ніводнага імгнення. Дон Кіхот між тым ад’ехаў на даволі значную адлегласць, а потым азірнуўся і, убачыўшы, што Санча едзе за ім, і пераканаўшыся, што пагоні няма, вырашыў пачакаць яго.

Дружыннікі прабылі там да ночы, паколькі праціўнікі іх на бітву не выйшлі, то яны, радасныя і вясёлыя, вярнуліся дамоў.


Раздзел XXV. Аб падзеях, якія стануць вядомы таму, хто аб іх прачытае, калі толькі ён будзе чытаць уважліва

Калі храбрэц уцякае, значыць ён разгадаў ваенную хітрасць праціўніка, а разумныя мужчыны павінны берагчы сябе для больш важных выпадкаў. Справядлівасць гэтага палажэння пацвердзілася на прыкладзе Дон Кіхота: даўшы вяскоўцам поўную волю гневацца, а лютай іх дружыне — ажыццяўляць нядобрыя яе намеры, ён кінуўся наўцёкі і, не думаючы аб Санча і аб небяспецы, што пагражала яму, скакаў да таго часу, пакуль не адчуў, што баяцца няма чаго. Санча, як было сказана, ехаў за ім упоперак асла. Дагнаў ён яго, будучы ўжо ў поўнай прытомнасці, і, увесь пабіты і маркотны, зваліўся з шэрага да ног Расінанта. Дон Кіхот злез з каня, каб агледзець яго раны, але, агледзеўшы яго з ног да галавы і пераканаўшыся, што той цэлы і здаровы, даволі злосна загаварыў:

— Выбралі ж вы час, Санча, раўці аслом. Адкуль вы ўзялі, што ў доме павешанага патрэбна гаварыць аб вяроўцы? І хіба дубіны — не самы адпаведны акампанемент для вашых асліных трэляў?

— Я не ў стане адказваць, — сказаў Санча, — таму ў мяне такое пачуццё, быццам не язык, а спіна. Давайце сядзем вярхамі ды паедзем сваёй дарогай, і раўці аслом я ўжо больш не буду, але затое не буду і маўчаць аб тым, што вандроўныя рыцары ўцякаюць і пакідаюць добрых сваіх збраяносцаў на расправу ворагам, а тыя малоцяць іх быццам зерне.

— Адступленне не з’яўляецца ўцёкамі, — заўважыў Дон Кіхот. — Трэба табе ведаць, Санча, што смеласць, якая не трымаецца на абачлівасці, называецца безразважнасцю, подзвігі ж безразважнага хутчэй павінны быць прыпісаны простай удачы, чым яго храбрасці. Такім чынам, я прызнаю, што адступіў, але я не ўцякаў; узорам жа мне служылі многія смельчакі, якія бераглі сябе для лепшых часоў, і ў раманах шмат такіх прыкладаў, але пераказваць іх я не буду, бо і табе гэта карысці не прынясе і мне задавальнення не дасць.

Між тым Санча з дапамогай Дон Кіхота ўсеўся вярхом, Дон Кіхот сеў на Расінанта, і яны не спяшаючыся рушылі да гаю, што віднеўся на адлегласці чвэрткі мілі. Санча час ад часу глыбока ўздыхаў і цяжка стагнаў; калі ж Дон Кіхот пацікавіўся прычынай такога змрочнага настрою, то ён адказаў, што ў яго моцна баліць спіна ад самага кончыка пазваночніка да патыліцы, проста да млосці.

— Боль гэты выкліканы, без сумнення, тым, — сказаў Дон Кіхот, — што дубіна, якой цябе стукнулі, была доўгая і прамая, і яна агрэла ўсе гэтыя ўчасткі спіны, якія ў цябе баляць, а калі б яна шырэй узяла, табе было б яшчэ больш балюча.

— Клянуся богам, ваша міласць вырашыла глыбокае маё сумненне ды яшчэ якімі цудоўнымі выразамі ўсё растлумачыла! — усклікнуў Санча. — Але ты, каб я спрах, ды няўжо гэта такая загадка, чаму ў мяне баліць спіна, і патрабуецца яшчэ тлумачыць, што ў мяне баляць усе тыя месцы, да якіх дастала дубіна? Калі б у мяне забалела шчыкалатка, я б яшчэ, магчыма, трохі задумаўся, чаму гэта яна ў мяне баліць, а што ў мяне баліць там, дзе мяне агрэлі, тут думаць ды гадаць не даводзіцца. Сапраўды, высокапаважаны сеньёр мой, чужую бяду рукамі развяду, і з кожным днём мне ўсё больш зразумела становіцца, што ад кампаніі з вамі карысць невялікая: сягоння вы далі мяне пабіць, a потым, зноў не слава богу, пачнецца падкідванне на коўдры і іншыя дзіцячыя забавы. Сягоння я спінай расплаціўся, а заўтра як бы не давялося расплачвацца вачамі. Куды лепш было б мне, — вось толькі я сапраўдны варвар, і нічога добрага ад мяне не чакай, — куды лепш было б мне, кажу я, вярнуцца дамоў, да жонкі і да дзетак, гадаваць іх і чым бог пашле карміць, а не блукаць услед за вашай міласцю па бесталковых шляхах і ўхабістых дарогах, мала піўшы і зусім нічога не еўшы. А ўжо наконт сну і гаварыць няма чаго! Адмерайце сабе, дарагі збраяносец, сем пядзяў зямлі, а калі хочаце, дык яшчэ столькі ж, тут вы самі сабе пан, і размяшчайцеся з усімі выгодамі. Каб ён згарэў на вогнішчы і каб яго попел развеяў вецер, — я разумею першага чалавека, які пачаў гарадзіць агарод вандроўнага рыцарства, або, у крайнім выпадку, першага, хто пажадаў стаць збраяносцам такога ёлупня, якімі, напэўна, былі ранейшыя вандроўныя рыцары. Аб сучасным я нічога не кажу: калі ваша міласць з іх ліку, значыць я павінен адносіцца да іх з павагай, бо ў галіне розуму і красамоўства ваша міласць самому чорту нос утрэ.

— Я ахвотна пайшоў бы з вамі ў заклад, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — што вось зараз, калі вы лапочыце не перастаючы, у вас нідзе нічога не баліць. Гаварыце, васпан, усё, што вам прыйдзе ў галаву і што круціцца ў вас на языку, абы ў вас нічога не балела, я ж без нараканняў сцярплю вашу грубасць. Вам не церпіцца вярнуцца дамоў да жонкі і дзяцей — беражы бог, каб я гэтаму перашкаджаў. Грошы мае ў вас, падлічыце, колькі дзён мінула з таго часу, як мы трэці раз выехалі з вёскі, прыкіньце, колькі вы можаце і павінны зарабіць за месяц, і выдайце сабе самі.

— Калі я служыў ў Таме Караскі, бацькі бакалаўра Самсона Караскі, якога ваша міласць добра ведае, — сказаў Санча, — я зарабляў два дукаты за месяц, не лічачы харчоў, а колькі мне ўзяць з вашай міласці, гэтага ўжо я не ведаю, — ведаю толькі, што ў збраяносца ці вандроўнага рыцара больш спраў, чым у вясковага батрака. І праўда ж, калі мы батрачым, то як бы днём ні працавалі, як бы нам не даводзілася часам крута, а ўсё-такі вечарам мы ядзім поліўку і кладземся спаць у ложак, а з таго часу як я паступіў на службу да вашай міласці, я пра ложак і думаць забыў. Калі не лічыць таго банкету, які я сабе наладзіў з пенак катлоў Камача, і ўсяго, колькі я наеў, напіў і наспаў у доме Басільё, увесь астатні час я спаў на голай зямлі,пад адкрытым небам, цярпеў усялякія, як іх называюць, стыхійныя бедствы, харчаваўся крошкамі сыру і скарынкамі хлеба і піў ваду з ручаёў і крыніц, якія нам трапляліся ў нетрах.

— Прызнаю, Санча, што вы кажаце шчырую праўду, — прамовіў Дон Кіхот. — Наколькі ж, па-вашаму, больш, чым Таме Караска, я павінен вам заплаціць?

— Я лічу, — адказаў Санча, — калі ваша міласць надбавіць па два рэалы за месяц, то гэта будзе па-боску. Але гэта толькі маё жалаванне, а за тое, што вы далі слова і абяцалі зрабіць мяне ўладаром вострава, трэба б накінуць яшчэ па шэсць рэалаў, так што ўсяго толькі трыццаць рэалаў.

— Выдатна, — сказаў Дон Кіхот. — Выехалі мы з дому дваццаць пяць дзён таму, дык вось, Санча, зыходзячы з той сумы, якую вы сабе вызначылі, будзьце ласкавы падвесці агульны вынік, падлічыце, колькі я вам павінен, і, як я ўжо сказаў, заплаціце сабе ўласнаручна.

— Э, не! Бач вы які! — усклікнуў Санча. — Ваша міласць вельмі нават памыляецца ў сваіх разліках, бо за абяцаны востраў патрэбна лічыць з таго дня, як ваша міласць мне яго абяцала, і па сягонняшні дзень уключна.

— Колькі ж мінула, Санча, з таго часу, як я вам яго абяцаў? — спытаў Дон Кіхот.

— Калі памяць мяне не падводзіць, — адказаў Санча, — ужо напэўна, гадоў дваццаць з хвосцікам.

Дон Кіхот ляпнуў сябе па лбе, весела рассмяяўся і сказаў:

— Ды я ж прыехаў у Сьера-Марэну і ўвогуле прабыў у паходах каля двух месяцаў, а ты кажаш, Санча, што я абяцаў табе востраў дваццаць гадоў таму! Ну, дык вось што я на гэта скажу: ты хочаш, каб усе грошы, якія я здаў табе на захаванне, пайшлі на выплату твайго жалавання. Што ж, калі ты гэтага так хочаш, я табе іх аддам зараз жа, бяры на здароўе, я лічу за лепшае застацца жабраком, без адзінага гроша, абы пазбавіцца ад такога агіднага збраяносца. Але скажы мне, парушальнік законаў, што тычыцца збраяносцаў вандроўнага рыцарства, дзе ты бачыў або чытаў, каб які-небудзь збраяносец вандроўнага рыцара прыставаў да свайго пана. “Колькі вы мне будзеце плаціць за месяц?” Паглыбся, паглыбся, разбойнік, нягоднік, пачвара, бо ты іменна такі, апусціся, кажу я, у бяскрайняе мора рыцарскіх раманаў, і калі табе трапіцца, што хто-небудзь са збраяносцаў сказаў ці нават падумаў тое, што зараз сказаў ты, дык можаш выразаць мне гэтыя словы на лбе і ў дадатак уляпіць штук пяць добрых пстрычак. Такім чынам, падбяры павады і едзь дамоў — са мною разам ты не зробіш больш ні кроку. Вось яна ўдзячнасць за мой хлеб! Вось каго я збіраўся ўзнагародзіць! Вось у кім больш жывёльнага, чым чалавечага! Як, у той самы час, калі я намерваўся так цябе ўзнесці, каб усе насуперак тваёй жонцы называлі цябе ваша яснавяльможнасць, ты са мной развітваешся? Як, ты пакідаеш у той самы час, калі я цвёрда і беспаваротна вырашыў прызначыць цябе губернатарам лепшага вострава ў свеце? Словам, ты сам калісьці сказаў, што некаторых жывёлін мёдам не кормяць. Асёл ты ёсць, аслом ты і будзеш, і быць табе аслом да самага скону, бо я ўпэўнены, што нітка твайго жыцця перарвецца раней, чым ты здагадаешся і зразумееш, што ты жывёліна.

Пакуль Дон Кіхот прабіраў Санча, той не зводзіў з яго вачэй і нарэшце адчуў такія мукі сумлення, што ён расплакаўся і слабым і жаласным голасам загаварыў:

— Васпан мой, я разумею, што мне нестае толькі хваста,а то быў бы я поўным аслом. Калі ваша міласць захоча мне яго прывесіць, то я буду лічыць, што ён вісіць на месцы, і ў якасці асла буду служыць вам да канца маіх дзён. Даруйце мне, ваша міласць, і пашкадуйце мяне, — я ж сапраўднае дзіця і дрэнна ва ўсім разбіраюся, і балбачу я шмат ненаўмысна: такая ўжо ў мяне слабасць, а хто грашыць ды каецца, таму грахі адпускаюцца.

— Я здзівіўся б, Санча, калі ты не ўставіў у сваё выказванне якую-небудзь гэтакую прымавачку. Што ж, раз ты раскайваешся, то я табе дарую, з умовай, аднак, каб надалей ты клапаціўся не толькі аб уласнай выгадзе. Будзь больш спагадлівым і з бадзёраю і смелаю душою чакай выканання маіх абяцанняў, якія, праўда, запазняюцца, але магчымасць якіх зусім не выключана.

Санча адказаў, што так яно і будзе і што ён абавязкова возьме сябе ў рукі.

Тут яны ўехалі ў гай, і Дон Кіхот размясціўся каля падножжа вяза, а Санча — каля падножжа бука. Санча правёў пакутлівую ноч, бо ад начной расы ў яго яшчэ мацней разбалеліся месцы, па якіх прайшлася дубіна, а Дон Кіхот, па звычцы, паглыбіўся ў свае мары. Аднак урэшце сон звёў павекі абодвух, а на досвітку яны паехалі да берагоў слаўнага Эбра, і там з імі здарылася тое, аб чым будзе расказана ў наступным раздзеле.


Раздзел XXVI. Аб слаўнай прыгодзе з зачараванаю лодкаю

Выехаўшы з гаю, Дон Кіхот і Санча праз два дні мерным і ўмераным крокам дабраліся да ракі Эбра, сузіранне якой прынесла Дон Кіхоту вялікае задавальненне. Ён любаваўся прыветлівымі яе берагамі, светлымі яе струменямі, мірнай плынню поўных і люстраных яе вод, і гэта прыемнае відовішча навеяла Дон Кіхоту безліч радасных успамінаў. Асабліва выразна ўспомнілася яму ўсё тое, што ён бачыў у пячоры Мантэсінаса, і хоць малпа маэсе Педра сказала яму, што толькі частка ўсіх гэтых здарэнняў праўда, а астатняе, маўляў, падман, ён усё ж схільны быў прызнаць іх не за падман, а за ісціну, у супрацьлегласць Санча, які лічыў, што ўсё гэта пустое летуценне. Ехалі яны, ехалі і раптам заўважылі лодачку без вёслаў і снасцей, прывязаную да ствала ўзбярэжнага дрэва. Дон Кіхот агледзеўся па баках, але не заўважыў ніводнай душы; тады ён не доўга думаючы, саскочыў з Расінанта і загадаў Санча саскочыць з асла і мацней прывязаць абедзвюх жывёлін да ствала ці то ўзбярэжнай таполі, ці то ўзбярэжнай вярбы. Санча пацікавіўся аб прычыне такога раптоўнага спешвання і прывязвання, Дон Кіхот жа яму адказаў так:

— Ведай жа, Санча, што вось гэта лодка яўна і бясспрэчна заклікае мяне і вымушае ўвайсці ў яе і адправіцца на дапамогу якому-небудзь рыцару або іншай пакутнай знатнай асобе, якую напаткала вялікае няшчасце, бо гэта поўнасцю адпавядае духу рыцарскіх раманаў і духу чараўнікоў, што ў гэтых раманах і разважаюць і дзейнічаюць. Калі хтосьці з рыцараў у бядзе і выручыць яго можа толькі які-небудзь іншы рыцар, але іх раздзяляе адлегласць за дзве-тры тысячы міль,а то і больш, чараўнікі садзяць гэтага другога рыцара на воблака або даюць у яго распараджэнне лодку і імгненна перапраўляюць па паветры ці морам туды, дзе патрэбна яго дапамога. Дык вось, Санча, гэта лодка прычалена тут з той жа самай мэтай, і ўсё гэта такая ж праўда, як тое, што зараз дзень, і пакуль яшчэ не звечарэла, прывяжы шэрага і Расінанта — і з богам.

— Калі так, — загаварыў Санча, — і калі ваша міласць мае намер на кожным кроку рабіць, можна сказаць, глупства, то мне застаецца толькі падпарадкавацца і схіліць галаву па прыказцы: “He пойдзеш свайму пану насуперак — будзе табе ад яго на пракорм”. Аднак для ўласнага заспакаення адважуся далажыць, што, па маім разуменні, гаспадары гэтай лодкі не якія-небудзь там зачараваныя, а проста мясцовыя рыбакі: у гэтай жа рэчцы водзіцца найлепшая шалёнка176.

Санча разважаў, а сам у гэты час прывязваў чатырохногіх, на вялікі свой сардэчны жаль, пакідаючы іх пад абаронай і заступніцтвам чараўнікоў.

— Ну добра, прывязаў, — аб’явіў ён. — А цяпер што мы будзем рабіць?

— Што будзем рабіць? — сказаў Дон Кіхот. — Перахрысцімся і аддадзім якар, гэта значыць сядзем у лодку і перарэжам вяроўку, якой яна прывязана да берага.

З гэтымі словамі ён скокнуў у лодку, Санча — следам за ім, затым была перарэзана вяроўка, і лодка пачала павольна аддаляцца. І вось, калі Санча ўбачыў, што ён ужо на адлегласці прыкладна двух локцяў ад берага, то ў прадчуванні непазбежнай гібелі задрыжаў усім целам; але асабліва ён зажурыўся, пачуўшы роў асла і ўбачыўшы, што Расінант з сіл выбіваецца, каб сарвацца з прывязі, і тут ён сказаў свайму пану:

— Асёл зароў ад тугі па нас, а Расінант стараецца вырвацца на волю, каб потым кінуцца за намі наўздагон. Супакойцеся, мілыя сябры, я думаю, мы хутка зразумеем, што пакідаць вас было проста безразважна, абразумімся і вернемся да вас!

І пры гэтым ён так горка заплакаў, што Дон Кіхот ад гарачнасці і раздражнення яму сказаў:

— Чаго ты баішся, баязлівае стварэнне? Аб чым ты плачаш, сэрца з каровінага масла? Хіба цябе хто-небудзь даймае, хто-небудзь за табой гоніцца, пацучыная ты душа? Чаго нестае табе, хто знаходзіцца на поўным забеспячэнні? Магчыма, ты крочыш пешшу і басанож па Рыфейскіх гарах177, а не сядзіш на лавачцы, быццам эрцгерцаг, і цябе не нясе спакойная плынь цудоўнай гэтай ракі, адкуль мы ў хуткім часе выйдзем у адкрытае мора? Э, ды мы, здаецца, ужо выйшлі ў мора і праплылі, прынамсі, семсот, а то і восемсот міль! Была б са мной астралябія, я б змераў вышыню полюса і сказаў бы табе дакладна, колькі мы з табой праехалі міль. Зрэшты, магчыма, я ў гэтым зусім нічога не разумею, але мне здаецца, што мы ўжо праехалі ці вось-вось праедзем лінію раўнадзенства, якая на роўнай адлегласці ад супрацьлеглых полюсаў перасякае і на дзве часткі дзеліць Зямлю.

— А калі мы дасягнем гэтай, як вы яе называеце, лініі раўнадушша, то колькі ж мы тады праедзем? — спытаў Санча.

— Шмат, — адказаў Дон Кіхот, —бо, у адпаведнасці з вылічэннямі Пталемея, найвялікшага з усіх вядомых нам касмографаў, паверхня вады і сушы на нашай планеце роўна тромстам шасцідзесяці градусам, мы ж з табою, дасягнуўшы гэтай лініі, праедзем якраз палавіну.

— Вось ужо, далібог, ваша міласць, — прамовіў Санча, — знайшлі каго браць у сведкі і з кім сябраваць: з нейкім не то Ні-бэ-ні-мэем, не то Пустамелем, — самі ж вы абзываеце яго касавокім, ды яшчэ, калі я вас правільна зразумеў, жулябіяй.

Пасмяяўся Дон Кіхот з такога тлумачэння імя і роду заняткаў касмографа Птелемея, а таксама прыбора астралябіі.

Між тым лодка павольна слізгацела па рацэ, і прыцягвала яе зусім не якая-небудзь таямнічая сіла ці нябачны чараўнік, а проста ціхая ў той час і спакойная плынь.

Нарэшце падарожнікі ўбачылі вялікія млыны, што стаялі пасярод ракі, і, як толькі заўважыў іх, Дон Кіхот гучным голасам сказаў Санча:

— Глядзі, глядзі! Вунь там, о дружа мой, віднеецца ці то горад, ці то замак, ці то крэпасць, у якой, ужо дакладна, знаходзіцца зняволены рыцар, а магчыма, нейкая зняважаная каралева, інфанта ці прынцэса, і вось дзеля таго, каб дапамагчы ім, я сюды і дастаўлены!

— Пра які, каб яго чорт, горад, пра якую крэпасць і пра які замак вы, васпан мой, гавораце? — залямантаваў Санча. — Хіба вы не бачыце, што гэта вадзяныя млыны, на якіх мелюць зерне?

— Маўчы, Санча! — сказаў Дон Кіхот. — Яны толькі здаюцца млынамі, але гэта не млыны. Я ўжо табе казаў, што чары валодаюць уласцівасцю падмяняць і скажаць сапраўдную сутнасць любога прадмета. Я не хачу сказаць, што адзін прадмет ператвараецца ў іншы на самай справе, — не, падмена адбываецца толькі ў нашым уяўленні, як гэта паказаў выпадак з ператварэннем маёй Дульцынеі.

Тым часам лодка трапіла ў самую быстрыню і пачала рухацца наперад хутчэй, чым раней. Мукамолы, якія працавалі на млынах, заўважыўшы, што па рацэ рухаецца лодка і што яе нясе прама ў вір, утвораны млынавымі коламі, схапілі доўгія шасты і выбеглі на плаціну, каб спыніць лодку; а паколькі твары іх і адзенне былі ў муцэ, то выгляд у іх быў даволі страшны. Яны гучна крычалі:

— Чэрці вы гэтакія! Куды вы праце? Вам што, жыццё надакучыла? Вы што хочаце — утапіцца ці трапіць пад колы, каб вас размалола ў пыл?

— Ці не казаў табе, Санча, — прамовіў тут Дон Кіхот, — што мы дасягнем тых мясцін, дзе мне давядзецца паказаць, чаго можа дамагчыся доблесная мая рука? Глядзі, колькі ліхадзеяў і нахабнікаў выбегла мне насустрач, глядзі, колькі страшыдлаў стала мне ўпоперак дарогі, глядзі, як морды крывяць нам гэтыя пачвары!.. Ну, пачакайце ж вы мне, нягоднікі!

Тут ён падняўся на ўвесь рост і, павысіўшы голас, пачаў гразіць мукамолам:

— Злашчасны і шкодны зброд, адпусціце на волю і дайце поўную свабоду той асобе, якая пасаджана ў гэту вашу ці то крэпасць, ці то турму, усё роўна — якога яна роду і звання і высокая або нізкая яе доля. Я — Дон Кіхот Ламанчскі, інакш Рыцар Ільвоў, і мне самім усёмагутным небам наканавана давесці гэту прыгоду да пераможнага канца.

І, сказаўшы гэта, ён выхапіў меч і пачаў размахваць ім перад носам у мукамолаў; тыя ж хоць і чулі яго бязглуздыя звароты, але так і не зразумелі іх і ўсё спрабавалі спыніць сваімі шастамі лодку, якую так і цягнула ў вір пад коламі млыноў.

Санча апусціўся на калені і пачаў гучна маліцца богу, каб ён пазбавіў яго такой яўнай небяспекі. І так яно і здарылася дзякуючы спрытнасці і кемлівасці мукамолаў, якія ўперліся шастамі ў лодку і ўрэшце спынілі яе. Але лодка ўсё ж перакулілася, і Дон Кіхот разам з Санчам апынуліся ў вадзе; у Дон Кіхота была тая перавага, што ён плаваў, як качка, але з-за цяжкіх даспехаў ён усё ж двойчы апускаўся на дно, таму калі б мукамолы не кінуліся ў ваду і не вынеслі іх абодвух амаль на руках, то гэта месца было б для іх Трояй178. Калі ж іх выцягнулі, да такой ступені напоеных вадой, што ніякае пітво не спадабалася б ім цяпер, Санча стаў на калені і, склаўшы рукі і ўтаропіўшыся ў неба, звярнуўся да бога з доўгай і гарачай малітвай, каб на будучае ён пазбавіў яго ад рызыкоўных задум і пачынанняў яго пана.

У гэты час з’явіліся рыбакі, уладальнікі лодкі, якую, дарэчы сказаць, млынавыя колы разбілі на трэскі, і, убачыўшы, што лодка разбіта, напалі на Санча і пачалі распранаць яго, а з Дон Кіхота запатрабавалі кампенсацыі ўрону. Дон Кіхот жа, як нічога і не было, з вялікім спакоем аб’явіў мукамолам і рыбакам, што ён вельмі ахвотна заплаціць за лодку, але пры ўмове, што яны без усялякіх выкрутасаў вызваляць тую асобу або асоб, якія зняволены ў іх у замку.

— Пра якіх гэта асоб і пра якія замкі ты гаворыш, дурная галава? — усклікнуў адзін з мукамолаў. — Ты што, хочаш павезці з сабой тых людзей, якія прыехалі сюды малоць зерне?

“Досыць! — сказаў сабе Дон Кіхот. — Старацца просьбамі схіліць гэту чэрнь на добрую справу — гэта ўсё роўна што лямантаваць у пустыні. Відаць, у гэтай прыгодзе сутыкнуліся два магутныя чараўнікі, і адзін з іх разбурае задумы другога: адзін паслаў па мяне лодку, а другі перакуліў мяне ў ваду. Тут толькі бог можа дапамагчы, бо ўвесь свет — клубок падкопаў і супярэчлівых задум. Я ж нічога не мог зрабіць”.

Затым ён павысіў голас і, павярнуўшыся тварам да млыноў, прамовіў:

— Хто б вы ні былі, сябры мае, укінутыя ў гэту турму, даруйце мне: на няшчасце для мяне і для вас, я не магу выручыць вас з бяды. Пэўна, подзвіг гэты прызначаны якому-небудзь іншаму рыцару.

Сказаўшы гэта, ён дамовіўся з рыбакамі і заплаціў ім за лодку пяцьдзесят рэалаў. Санча выдаў грошы вельмі неахвотна, зазначыўшы пры гэтым:

— Яшчэ адно такое катанне ў лодачцы — і ўсе нашы грошы пойдуць на дно.

А рыбакі і мукамолы здзіўляліся, гледзячы на гэтыя дзве фігуры, такія не падобныя на звычайных людзей, і ўсё не маглі дабраць розуму, аб чым гаварыў і чаго прасіў Дон Кіхот; нарэшце, вырашыўшы, што гэта вар’яты, яны пакінулі іх у спакоі і разышліся па сваіх млынах і рыбацкіх лодках. Неразумныя ж Дон Кіхот і Санча вярнуліся да неразумных сваіх жывёлін, і на гэтым прыгода з зачараванаю лодкаю скончылася.


Раздзел XXVII. Аб тым, што адбылося паміж Дон Кіхотамі вельмі прыгожай аматаркай палявання

Замаркочаныя, з дрэнным настроем наблізіліся рыцар і збраяносец да сваіх чатырохногіх, асабліва Санча, якога брала за сэрца кожны раз, калі даводзілася аддаваць гаспадарскія грошы; у яго было пры гэтым такое пачуццё, як быццам ён не з грашамі расстаўся, а застаўся без вачэй. Урэшце моўчкі селі яны вярхамі і пакінулі берагі слаўнай ракі, і тут Дон Кіхот паглыбіўся ў любоўныя свае думкі, а Санча — у думкі аб сваім узвышэнні, якое цяпер уяўлялася яму больш далёкім, чым калі-небудзь: хоць і быў ён праставаты, але ўсё ж вельмі добра разумеў, што ўчынкі яго пана, усе ці амаль усе, неразумныя, і ён толькі шукаў выпадку, не беручы разліку і нават не развітваючыся са сваім панам, аднаго дня даць цягу і вярнуцца дамоў; аднак жа лёс распарадзіўся зусім інакш, і апаска яго была небеспадстаўная.

Здарылася так, што на другі дзень на захадзе сонца Дон Кіхот, выехаўшы з лесу, акінуў позіркам зялёны лугі ў самым канцы яго заўважыў вялікую колькасць людзей; наблізіўшыся, ён здагадаўся, што гэта сакалінае паляванне. Тады ён пад’ехаў яшчэ бліжэй і ўбачыў станістую даму на беласнежным інаходцы; збруя на ім была зялёная, сядло ж — сярэбранае. Дама таксама была ва ўсім зялёным, і адзенне яе было такім багатым і такім элегантным, што здавалася, быццам гэта сама элегантнасць. На левай руцэ ў яе сядзеў сокал, і па гэтай прымеце Дон Кіхот здагадаўся, што перад ім нейкая знатная асоба, іншыя ж паляўнічыя — яе світа, і так яно і было на самай справе; і па гэтай прычыне ён сказаў Санча:

— Бяжы, дружа Санча, і скажы гэтай сеньёры на белым кані і з сокалам на руцэ, што я, Рыцар Ільвоў, падаю ніц перад яе хараством і што калі яе вялікасць дазволіць, то я набліжуся, каб пацалаваць ёй рукі і выканаць усё, што толькі ў маіх сілах і што б яе светласць мне ні загадала. Але толькі глядзі, Санча, не нагавары лішняга і не ўздумай аздабляць пасольскую сваю мову любімымі тваімі прыказкамі.

— Знайшлі якога аздабляльніка! — запярэчыў Санча. — He турбуйцеся, калі ласка! Слава богу, мне не ўпершыню ехаць паслом да высокапастаўленых і важных сеньёраў!

— За выключэннем таго выпадку, калі я пасылаў цябе да сеньёры Дульцынеі, — заўважыў Дон Кіхот, — я не помню, каб ты калі-небудзь выконваў пасольскія абавязкі, прынамсі, знаходзячыся на службе ў мяне.

— Ваша праўда, — прамовіў Санча. — А ўсё-такі спраўнаму плацельшчыку заклад не страшны, і дзе багата жывуць, там мігам на стол падаюць. Я хачу сказаць, што нічога мне не патрэбна растлумачваць і ні аб чым не патрэбна мяне папярэджваць: у мяне ў самога хопіць кемлівасці, я сам што-нішто ў гэтых справах разумею.

— Я ў гэтым упэўнены, Санча, — сказаў Дон Кіхот. — Ну, у добры час, з богам.

Санча пагнаў шэрага на ўсю моц і, пад’ехаўшы да вельмі прыгожай аматаркі палявання, спешыўся, упаў на калені і сказаў:

— Чароўная сеньёра, вунь той рыцар, якога завуць Рыцарам Ільвоў, — гэта мой пан, а я яго збраяносец, і дома мяне завуць Санча Пансам. Дык вось, гэты самы Рыцар Ільвоў, які яшчэ нядаўна называўся Рыцарам Журботнага Вобраза, паслаў мяне папрасіць вашу вялікасць, каб вы зрабілі ласку дазволіць яму з’явіцца з вашага дазволу і згоды сюды і выканаць яго жаданне, а жадае ён, як ён сам гаворыць, ды і я гэтак жа думаю, толькі аднаго: служыць вашаму высокапалётнаму сакольніцтву і хараству. І вось, калі такі дазвол будзе дадзены, то ваша яснавяльможнасць ад гэтага толькі выйграе, а ён палічыць гэта за асаблівую-найасаблівую міласць і прыемнасць.

— Сапраўды, добры збраяносец, — прамовіла ў адказ сеньёра, — ты нічога не прапусціў з таго, што патрабуецца пры выкананні такіх даручэнняў. Устань жа: збраяносцу такога вялікага рыцара, якім з’яўляецца Рыцар Журботнага Вобраза, аб якім мы тут ужо шмат чулі, непрыстойна стаяць на каленях. Устань жа, дружа мой, і перадай свайму пану, што ён прыехаў якраз своечасова і што я і мой муж, герцаг, запрашаем яго ў наш летні палац.

Санча падняўся з каленяў: яго столькі ж уразіла прыгажосць добрай сеньёры, колькі прыязнасць яе і прыветлівасць, але больш за ўсё ён быў здзіўлены тым, што, аказваецца, яна ўжо чула пра Рыцара Журботнага Вобраза; праўда, Рыцарам Ільвоў яна яго не назвала, але, відаць, таму, што Дон Кіхот узяў сабе гэту назву зусім нядаўна. Між тым герцагіня (імя яе даведацца пакуль не ўдалося) звярнулася да Санча з пытаннем:

— Скажы, паважаны збраяносец, ці не пра твайго пана напісана кніга пад назвай Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі і ці не з’яўляецца валадаркай яго душы нейкая Дульцынея Табоская?

— Гэта ён і ёсць, сеньёра, а збраяносец, які выведзены ці, у крайнім выпадку, павінен быць выведзены ў гэтай кнізе і якога завуць Санча Пансам, гэта я, калі мяне не падмянілі ў калысцы, гэта значыць, я хачу сказаць у друкарні.

— Усё гэта мяне вельмі радуе, — аб’явіла герцагіня. — Дык едзь жа, дружа мой Панса, і перадай свайму пану, што ён будзе дарагім і жаданым госцем у маіх уладаннях і што большага задавальнення, чым яго наведванне, мяне нішто на свеце не магло б задаволіць.

Атрымаўшы такі прыхільны адказ, Санча з пачуццём глыбокага задавальнення накіраваўся да свайго пана, перадаў яму ўсё, што сказала гэта знатная сеньёра, і на свой вясковы лад узнёс да нябёс незвычайную яе прыгажосць, вялікую прыемнасць і далікатнасць. Дон Кіхот прыняў самавітую паставу, выцягнуўся на страмёнах, паправіў забрала, даў шпоры Расінанту і з вельмі незалежным выглядам паехаў цалаваць герцагіні рукі; герцагіня ж, пакуль Дон Кіхот ехаў, паклікала свайго мужа, герцага, і расказала пра пасла; а паколькі муж і жонка чыталі першую частку гісторыі Дон Кіхота і ведалі з яе аб яго дзівацтвах, то з вялікаю радасцю чакалі яго і жадалі з ім пазнаёміцца, загадзя вырашыўшы, што яны будуць патураць усім яго дзівацтвам, падтакваць яму і ўвесь той час, што ён у іх прагасцюе, абыходзіцца з ім, як з вандроўным рыцарам, выконваючы ўсе цырымоніі, якія звычайна апісваюцца ў прачытаных імі рыцарскіх раманах, да якіх яны былі вялікія аматары.

Тым часам Дон Кіхот з паднятым забралам наблізіўся да кавалькады і падаў Санча знак, што мае намер злезці з каня; Санча рынуўся быў падтрымаць яму стрэмя, але на бяду, калі саскокваў са свайго шэрага, зачапіўся адной нагой за вяроўку ад сядла;выблытацца яму так і не ўдалося, і, прыпаўшы тварам і грудзьмі да зямлі, ён павіс на вяроўцы. Дон Кіхот прывык да таго, каб, калі ён злазіў з каня, яму трымалі стрэмя, і цяпер ён, лічачы, што Санча ўжо тут, перагнуўся і пацягнуў за сабою сядло Расінанта, сядло ж, па ўсёй верагоднасці, было дрэнна падцягнута, бо ён, вельмі збянтэжаны, разам з сядлом грукнуўся на зямлю, у думках праклінаючы злашчаснага Санча, нага якога ўсё яшчэ была заціснута. Герцаг загадаў сваім егерам дапамагчы рыцару і збраяносцу; тыя паднялі Дон Кіхота, Дон Кіхот жа моцна ўдарыўся пры падзенні і накульгваў, аднак жа паспрабаваў быў цераз сілу стаць на калені перад герцагам і герцагіняй, але герцаг рашуча гэтаму запярэчыў — ён саскочыў з каня, абняў Дон Кіхота і сказаў:

— Мне вельмі шкада, сеньёр Рыцар Журботнага Вобраза, што прыезд у маё герцагства адзначаны для вас такой няўдачай. Зрэшты, нядбайнасць збраяносцаў бывае іншы раз прычынаю і больш непрыемных здарэнняў.

— Здарэнне, з якім звязана сустрэча з такім слаўным вяльможам, як вы, нельга прызнаць няўдачным, — запярэчыў Дон Кіхот. — Нават калі б я зваліўся на самае дно прорвы, мяне вызваліў бы адтуль і ўзнёс гонар сустрэчы з вамі. Мой збраяносец, каб яго бог пакараў, значна лепш умее развязваць свой язык, каб адпускаць розныя жартачкі, чым прывязваць і падцягваць сядло, каб яно мацней трымалася. Але ў любым становішчы, скінуты або падняты, пешы або конны, я заўсёды да паслуг вашых і сеньёры герцагіні, шаноўнай вашай жонкі, вартай называцца першавыбранніцай прыгажосці і першавярхоўнай заканадаўчай пачцівасці.

— Чакайце, чакайце, сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі! — прамовіў герцаг. — Там, дзе царуе сеньёра донна Дульцынея Табоская, нельга ўсхваляць чыю б там ні было прыгажосць.

Між тым Санча Панса ўжо вызваліў нагу з пятлі і,наблізіўшыся, паспяшаўся адказаць за свайго пана:

— Нельга адмаўляць, наадварот — трэба пацвердзіць, што сеньёра Дульцынея Табоская вельмі нават прыгожая, але ж заяц выбягае, калі паляўнічы не чакае, і потым я яшчэ такое чуў: тое, што мы называем прыродай, — гэта, кажуць, накшталт ганчара, які вырабляе посуд з гліны, і калі ён зляпіў адну прыгожую пасудзіну, значыць можа зляпіць іх і дзве, і тры, і цэлую сотню. Кажу я гэта да таго, што сеньёра герцагіня, сапраўды, не горшая за маю гаспадыню, сеньёру Дульцынею Табоскую.

Дон Кіхот звярнуўся да герцагіні і сказаў:

— Прыміце да ведама, ваша вялікасць, што ніводзін вандроўны рыцар не меў такога гаваркога і вечна балбатлівага збраяносца, як я, і калі вашаму высокаправасхадзіцельству захочацца, каб я паслужыў вам хоць некалькі дзён, то вы ў гэтым пераканаецеся на справе. Герцагіня ж яму на гэта сказала:

— Калі добры Санча — жартаўнік, то мне гэта вельмі падабаецца, бо гэта даказвае, што ён не дурны: людзям тупым, як вы самі выдатна ведаеце, сеньёр Дон Кіхот, жарты і кпіны не даюцца, а паколькі добры Санча — жартаўнік і вастраслоў, то я зараз жа гатова прызнаць яго за разумніка.

— І за балбатуна, — дадаў Дон Кіхот.

— Тым лепш, — падхапіў герцаг: — вялікая дасціпнасць з нешматслоўнасцю не ўжываецца. Ну, а зараз без лішніх слоў будзьце ласкавы, вялікі Рыцар Журботнага Вобраза...

— Рыцар Ільвоў трэба гаварыць, ваша светласць, — уставіў Санча: — скончыліся ўсе гэтыя вобразы ды бязвобразы — цяпер толькі львы.

— Такім чынам, запрашаю вас, сеньёр Рыцар Ільвоў, у мой замак, — працягваў герцаг, — ён адсюль недалёка, і там вы сустрэнеце прыём, на які такая высокая асоба, як вы, мае поўнае права разлічваць і які мы з герцагіняю маем звычку рабіць усім тым вандроўным рыцарам, што бываюць у нас у гасцях.

За гэты час Санча паспеў прывесці ў належны парадак і добра падцягнуць сядло свайго пана, той зноў сеў на Расінанта, герцаг — на свайго цудоўнага каня, герцагіня апынулася паміж імі, і ўсе рушылі да замка. Герцагіна, аднак жа, загадала Санча ехаць з ёю побач, бо разумныя яго выказванні прыносілі ёй невымоўнае задавальненне. Санча не прымусіў сябе доўга ўпрошваць, уціснуўся ў гэту тройцу і на правах чацвёртага суразмоўцы прыняў удзел у агульнай размове, чым вельмі ўзрадаваў герцага і герцагіню, якія за вялікую ўдачу палічылі тую акалічнасць, што могуць прыняць у сябе вандроўнага рыцара і гаваркога збраяносца.


Раздзел XXVIII, які апавядае аб многіх вялікіх падзеях

Санча быў у поўным захапленні, бо ўявіў, што знаходзіцца ў ласцы ў герцагіні, і спадзяваўся знайсці ў яе замку тое ж, што і ў доме Басільё; ён любіў дастатак, і, як толькі яму надараўся выпадак пацешыцца жыццём, ён няўхільна хапаў яго за віхор.

Да таго як усе наблізіліся да летняга палаца, герцаг паехаў наперад і аддаў распараджэнне ўсім сваім слугам, як патрэбна абыходзіцца з Дон Кіхотам, так што калі Дон Кіхот разам з герцагіняй пад’ехаў да замкавых варот, то насустрач выйшлі два не то лёкаі, не то конюхі ў доўгім да пят, так званым ранішнім адзенні з выдатнага пунсовага атласу, і не паспеў ён азірнуцца, як яны падхапілі ўжо яго на рукі і сказалі:

— Зрабіце ласку, ваша вялікасць, дапамагчы сеньёры герцагіні сысці з каня.

Дон Кіхот хацеў быў ёй дапамагчы, але тут паміж ім і герцагіняй адбыўся працяглы абмен кампліментамі; герцагіня, аднак жа, настаяла на сваім і выказала цвёрдае жаданне спусціцца з каня толькі з дапамогай герцага, бо яна,маўляў, адчувае, што не заслугоўвае турбаваць дарэмна такога вялікага рыцара. Урэшце падышоў герцагі дапамог ёй спешыцца; калі ж усе ўвайшлі ў прасторны двор, дзве прыгожыя дзяўчыны накінулі Дон Кіхоту на плечы цудоўную пунсовую мантыю, і ў той жа міг ва ўсіх галерэях з’явіліся слугі і служанкі і пачалі гучна ўсклікваць:

— Сардэчна запрашаем, краса і гонар вандроўнага рыцарства!

I пры гэтым усе яны, ці амаль усе, апырсквалі з флаконаў герцага, герцагіню і Дон Кіхота духмянай вадкасцю, што вельмі здзівіла Дон Кіхота; і тут ён упершыню канчаткова пераканаўся і паверыў, што ён не ўяўны, а самы сапраўдны вандроўны рыцар; бо ўсе абыходзіліся з ім гэтак жа дакладна, як абыходзіліся з такімі рыцарамі ў мінулыя часы, аб чым ён ведаў з раманаў. Затым яму прапанавалі падняцца па лесвіцы і правялі ў залу, увешаную каштоўнаю парчою і залататканымі дыванамі; шэсць дзяўчат знялі з яго даспехі і пачалі прыслужваць яму, як пажы, — усе яны былі навучаны і папярэджаны герцагам і герцагіняю, што ім трэба рабіць і як неабходна абыходзіцца з Дон Кіхотам, каб ён уявіў і пераканаўся, што яго прымаюць за вандроўнага рыцара. Калі з Дон Кіхота знялі даспехі, ён, худы, высокі, падгалісты, з такімі запалымі шчокамі, што здавалася, быццам яны цалуюць адна другую знутры, застаўся ў вузкіх шараварах і ў камзоле з вярблюджай шэрсці, і выгляд у яго быў такі, што калі б дзяўчаты не рабілі над сабой намаганняў, каб не пырснуць (а на гэты конт яны атрымалі ад сваіх паноў асаблівы наказ),то, ужо дакладна, зайшліся б ад смеху. Ніколькі не марудзячы, Дон Кіхот прайшоў разам з Санча ў суседні пакой, памяняў кашулю, падперазаўся мячом, накінуў на плечы пунсовую мантыю, на галаву надзеў берэт з зялёнага атласу, пададзены яму прыслужніцамі, і ў такім выглядзе выйшаў у прасторную залу, дзе яго ўжо чакалі дзяўчаты, якія выстраіліся ў два рады і трымалі пасудзіны для абмывання рук; увесь гэты абрад быў выкананы з вялікай колькасцю паклонаў і розных цырымоній. Затым з’явіліся дванаццаць пажаў і з імі дварэцкі, каб адвесці Дон Кіхота ў сталовую, дзе яго чакалі ўладальнікі замка. Абступіўшы Дон Кіхота, пажы ўрачыста і вельмі пачціва правялі яго ў другую залу, дзе стаяў багата прыбраны стол, накрыты ўсяго толькі на чатырох чалавек. Каля парога сустрэлі яго герцаг, герцагіня і нейкі важны свяшчэннік з ліку тых, якія ва ўладарных князёў з’яўляюцца духоўнікамі; з ліку тых, якія, не будучы князямі ад нараджэння, аказваюцца бяссільнымі навучыць прыродных князёў, як трэба паводзіць сябе ў гэтым званні; з ліку тых, якія імкнуцца да таго, каб веліч высокапастаўленых асоб вымяралася іх уласным духоўным убоствам; з ліку тых, якія, жадаючы навучыць духоўных дзяцей сваіх памяркоўнасці, робяць з іх скупых, — вось што, па ўсёй верагоднасці, уяўляў сабой гэты важны свяшчэннік, які разам з герцагскай парай выйшаў насустрач Дон Кіхоту. Герцаг прапанаваў Дон Кіхоту заняць ганаровае месца; той спачатку аднекваўся, але ўрэшце здаўся на ўгаворы. Духоўнік сеў насупраць Дон Кіхота, герцаг жа і герцагіня — справа і злева ад яго.

Санча, які прысутнічаў тут, быў ашаломлены і агарошаны тымі ўшанаваннямі, якімі такія знатныя асобы сустракалі яго пана; і калі ён убачыў, якія цырымоніі давялося разводзіць герцагу, каб угаварыць Дон Кіхота сесці на ганаровае месца, то сказаў:

— Калі вашы міласці мне дазволяць, я раскажу, што здарылася аднойчы ў нас у вёсцы, калі зайшла спрэчка аб месцах за сталом.

Пры гэтых словах Дон Кіхот уздрыгнуў, відаць, ён спалохаўся, што Санча збалбатне якое-небудзь глупства.

— Дык вось, — працягваў Санча, — я хачу вам расказаць шчырую праўду, ды і потым мой пан Дон Кіхот, які тут прысутнічае, усё роўна не дасць мне схлусіць.

— Па мне, — адклікнуўся Дон Кіхот, — хлусі колькі хочаш, Санча, я не буду цябе перапыняць, але толькі спачатку падумай, што ты маеш намер расказаць.

— Я ж думаў і перадумаў, сем разоў адмяраў і толькі на восьмы адрэзаў, і зараз вы ў гэтым пераканаецеся на справе.

— Добра, калі б вашы светласці прагналі гэтага боўдзілу, — сказаў Дон Кіхот, — а то ён бог ведае чаго нагаворыць.

— Клянуся жыццём майго мужа, — сказала герцагіня, — што Санча не адыдзе ад мяне ні на крок! Я яго вельмі люблю і ведаю, што ён вельмі разумны.

— Дай бог вашай святасці век свой пражыць з розумам за добрае пра мяне меркаванне, хоць я яго і не заслужыў, — аб’явіў Санча. — А расказаць я хачу вось што. Запрасіў да сябе адзін гідальга з нашай вёскі, вельмі багаты і знатны, бо ён з роду Аламас дэ Медзіна дэль Кампа, і жанаты з доннай Менсіяй дэ Кіньёнес, дачкой дона Алонса дэ Мараньён, дона Алонса, які ўтапіўся ў Эрадуры і з-за якога некалькі год таму назад у нашай вёсцы пачалася сварка, у якой, наколькі мне вядома, удзельнічаў і мой пан Дон Кіхот, і тады ж яшчэ пабілі Тамасільё Абібоку, сына каваля Бальбастра... Ну, што, шаноўны мой гаспадар, хіба гэта не праўда? Дзеля ўсяго святога, скажыце, што праўда, інакш сеньёры могуць падумаць, што я хлус і балбатун.

— Да гэтага часу ты мне здаваўся больш балбатуном, чым хлусам, — умяшаўся духоўнік. — Зрэшты, не ведаю, кім ты будзеш пасля. Ты называеш столькі імён, Санча, і столькі прымет, што я міжволі вымушаны прызнаць, што, відаць, ты гаворыш праўду. Аднак працягвай і скараці свой аповед, бо, мяркуючы па пачатку, ты гэтак не скончыш і праз два дні.

— He, няхай не скарачае, калі хоча прынесці мне задавальненне, — запярэчыла герцагіня, — насупраць, няхай расказвае, як умее, хоць бы не скончыў і за шэсць дзён; калі ж яму і на самай справе столькі спатрэбіцца, то гэта будуць самыя прыемныя дні ў маім жыцці.

— Такім чынам, васпане мае, — працягваў Санча, — гэтага самага гідальга я ведаю як свае пяць пальцаў, бо ад мяне да яго дома рукой падаць. І вось, значыць, запрасіў ён да сябе аднаго сумленнага, але беднага селяніна...

— Хутчэй, браток! — перапыніў яго тут свяшчэннік. — Калі ты так будзеш распавядаць, то і да другога прышэсця не скончыш.

— бог дасць, задоўга да гэтага тэрміну паспею расказаць, — адрэзаў Санча. — Дык вось, такім чынам, прыходзіць селянін у госці да гэтага самага гідальга, царства яму нябеснае, — ён жа памёр ужо, і кажуць, быццам паміраў, як святы; праўда, сам я не бачыў, я тады касіў у Тэмблецы...

— Богам прашу, сын мой, вяртайся ты як мага хутчэй з Тэмблекі і абыдзіся без пахавання гідальга, a то, пакуль ты скончыш, як бы кагосьці з нас не пахавалі!

— Ну, дык вось, — працягваў Санча, — збіраюцца яны абодва садзіцца за стол, — я іх зараз бачу...

Вялікае задавальненне прынесла герцагскай пары тое яўнае незадавальненне, якое выклікалі ў духоўнай асобы адступленні і замінкі ў аповедзе Санча, а ў душы ў Дон Кіхота кіпелі абурэнне і лютасць.

— Дык вось, — працягваў Санча, — пара, значыць, садзіцца за стол; тут селянін і заладзіў: няхай, маўляў, на ганаровае месца садзіцца гідальга, а гідальга заладзіў: няхай туды садзіцца селянін, у яго, кажа, у доме ўсё павінна быць, як ён загадае. Аднак жа селяніну хацелася вызначыцца сваёй ветлівасцю і добрым выхаваннем, і ён — ні за што. Нарэшце гідальга раззлаваўся, схапіў селяніна за плечы, сілком усадзіў яго і сказаў: “Ды сядай жа ты, дубіна! Куды б я ні сеў, маё месца будзе больш ганаровым за тваё”. Вось і ўвесь мой аповед, і, шчыра кажучы, я ўпэўнены, што прыйшоўся ён якраз дарэчы.

У Дон Кіхота ўвесь твар пакрыўся чырвонымі плямамі, якія выступілі на яго смуглай скуры. Між тым гаспадары, баючыся, як бы Дон Кіхот, які, ужо дакладна, зразумеў намёк Санча, не пакрыўдзіўся і на іх, набылі важны выгляд. Каб змяніць размову і каб Санча перастаў вярзці лухту, герцагіня спытала Дон Кіхота, ці ёсць у яго звесткі ад сеньёры Дульцынеі і колькі веліканаў і ліхадзеяў адаслаў ён ёй у падарунак за апошні час, бо, па ўсёй верагоднасці, ён над многімі, маўляў, з іх паспеў атрымаць перамогу. Дон Кіхот ёй на гэта адказаў так:

— Сеньёра, мае няшчасці пачаліся, аднак жа канца ім не прадбачыцца. Я перамагаў веліканаў, я адсылаў да яе душагубаў і ліхадзеяў, але як маглі яны яе адшукаць, калі яна зачаравана і ператворана ў сялянку, больш нязграбнай за якую і ўявіць сабе немагчыма?

— He ведаю, — умяшаўся Санча Панса, — мне падалося, што прыгажэйшай за яе няма нікога на свеце. Ва ўсялякім выпадку, магу ручацца, што па лёгкасці і скачках яна ніякаму канатаходцу не дасць спуску. Слова гонару, сеньёра герцагіня, яна проста з зямлі на асліцу ўскоквае, як усё роўна кошка.

— А хіба ты бачыў яе зачараванай, Санча? — спытаў герцаг.

— Яшчэ як бачыў! — адказаў Санча. — А які ж чорт, калі не я, раней за ўсіх трапіў на гэту вудачку з чараўніцтвам? He, не, яна і на самай справе зачаравана... гэтак жа, як мы з вамі!

Духоўнік, які слухаў усю гэту размову пра веліканаў, душагубаў і чараўніцтва, здагадаўся, што гэта і ёсць Дон Кіхот Ламанчскі, гісторыю якога герцаг чытаў пастаянна, між тым духоўнік ганіў яго за гэта шматразова і пераконваў, што неразумна з яго боку чытаць такую лухту, і вось цяпер, поўнасцю пераканаўшыся ў правільнасці сваіх меркаванняў, ён з найвялікім гневам загаварыў з герцагам:

— Ваша светласць! Вам, васпан мой, давядзецца даваць адказ богу за выхадкі гэтага малайца. Я схільны думаць, што гэты самы Дон Кіхот, Дон Асталоп ці як яго там, не такі ўжо прыдуркаваты, якім яго ўяўляе сабе ваша светласць, а таму і не варта вам патураць яго дурыкам і дзівацтвам.

Затым ён звярнуўся да Дон Кіхота і сказаў:

— Паслухайце, вы, пустая галава, хто гэта вам убіў у галаву, што вы вандроўны рыцар і што вы перамагаеце веліканаў і бераце ў палон ліхадзеяў? Апамятайцеся і ўспомніце маё слова і вяртайцеся да сябе дамоў, гадуйце дзяцей, калі яны ў вас ёсць, займайцеся гаспадаркай і перастаньце блукаць па свеце, лавіць у небе жураўля і смяяцца з усіх добрых людзей, знаёмых і незнаёмых. Адкуль вы ўзялі, што былі на свеце і зараз яшчэ ёсць вандроўныя рыцары, не проці ночы ўспамінаць іх? Дзе ж гэта ў Іспаніі жывуць веліканы і ўся гэта безліч лухты, якая пра вас напісана?

Дон Кіхот уважліва выслухаў гэтага паважанага чалавека, а калі той замоўк, то, нягледзячы на сваю пашану да герцагскай пары, ускочыў з месца і, усім сваім выглядам выяўляючы гнеў і абурэнне, загаварыў...

Зрэшты, адказ яго заслугоўвае асобнага раздзела.


Раздзел XXIX. Аб тым, як Дон Кіхот адказаў свайму ганьбавальніку, а таксама і аб іншых здарэннях,і важных і забаўных

Такім чынам, Дон Кіхот ускочыў з месца, увесь затросся і, задыхаючыся ад хвалявання, загаварыў:

— Тое месца, дзе я знаходжуся, прысутнасць высокіх асоб і павага, якую я заўсёды адчуваў і адчуваю сягоння да сану вашай міласці, скоўваюць і ўтрымліваюць у межах справядлівы мой гнеў. Дык вось, з прычыны таго, аб чым я зараз гаварыў, і памятаючы аб тым, што вядома ўсім, а іменна: што людзі вучоныя не валодаюць ніякай іншай зброяй, апрача зброі жаночай, гэта значыць языка, я якраз да гэтай зброі і звярнуся і на роўных падставах уступлю ў бой з вашай міласцю, ад якой, дарэчы сказаць, не грубай лаянкі, а добрых парад патрэбна было б чакаць. Ганьбаванне душавыратавальнае і з добрых меркаванняў выказваецца пры ўсіх іншых абставінах і ў іншы час. Ва ўсякім выпадку, ганьбуючы мяне публічна і прытым так сурова, вы тым самым выйшлі за межы добрага ганьбавання, бо яно грунтуецца не столькі на суровасці, колькі на мяккасці, і нядобра, выкрываючы грахі, аб якіх вы ўяўлення не маеце, ні з таго ні з сяго абзываць грэшніка прыдуркаватым і асталопам. На самай справе, я прашу вашу міласць адказаць: якія ж гэта вы знайшлі ў мяне дурыкі, што даюць вам права бічаваць мяне, ганьбіць і пасылаць дамоў займацца гаспадаркай і клапаціцца аб жонцы і дзецях, хоць вы нават не ведаеце, ці ёсць яны ў мяне? Няўжо дастаткова на правах духоўніка ўцерціся ў чужую сям’ю, няўжо дастаткова атрымаць выхаванне ў якім-небудзь танным пансіёне, бачыць свет не далей як на дваццаць — трыццаць міль у наваколлі, каб так, з налёту, дыктаваць законы вандроўнаму рыцарству і меркаваць аб вандроўных рыцарах? Ці, па-вашаму, гэта марны занятак і пустое баўленне часу — вандраваць па свеце, адмаўляючыся ад яго ўцех і ўзбірацца па стромах, па якіх доблесныя ўзыходзяць да прыстанку бяссмерця? Калі б мяне назвалі прыдуркаватым рыцары або бліскучыя і велікадушныя вяльможы, я палічыў бы гэта за нязмыўную для сябе знявагу, a калі мяне не абзываюць дурнем розныя букваеды, якія ніколі не былі вандроўнымі рыцарамі, то я не надаю гэтаму амаль ніякага значэння: я — рыцар і, калі будзе на тое воля ўсявышняга, рыцарам і памру. Адны ідуць шырокім полем ганарлівага славалюбства, другія ідуць шляхам нізкай і рабскай уродлівасці, трэція — дарогаю хітрай крывадушнасці, чацвёртыя — шляхам сапраўднай веры; мяне ж вядзе мая зорка, я іду вузкай сцяжынай вандроўнага рыцарства, дзеля якога я пагрэбаваў жыццёвымі дабротамі, але не гонарам. Я заступаўся за зняважаных, выраўноўваў крыўду, караў грубасць, перамагаў веліканаў і зневажаў пачвар. Я нязменна імкнуся да добрых мэт, а іменна: усім рабіць дабро і нікому не рабіць зла. Мяркуйце ж цяпер, вашы светласці, высакародныя герцагі герцагіня, ці можна абзываць неразумным таго, хто так думае, так робіць і так гаворыць.

— Далібог, выдатна сказана! — усклікнуў Санча. — І больш вы, сеньёр і пан мой, нічога не кажыце, апраўдваючы сябе, усё роўна лепш не скажаш, не прыдумаеш і не пераканаеш. І потым, калі гэты сеньёр запэўнівае, быццам вандроўных рыцараў раней не было і зараз няма, то хіба ён хоць штосьці ў гэтых справах разумее?

— А ты, паважаны, ужо ці не Санча Панса, аб якім пішуць, быццам Дон Кіхот абяцаў падараваць яму востраў?

— Я самы, — адказаў Санча, — і заслужыў я гэты востраў не горш за кожнага іншага. Пра такіх, як я, кажуць: “Да добрых людзей прыстанеш — сам добрым станеш”, а потым яшчэ: “З кім павядзешся, ад таго і набярэшся”, і яшчэ: “Добрага дрэва засень абяцае табе добры цень”. Вось я да добрага сеньёра і прыляпіўся. Ужо некалькі месяцаў, як я пры ім знаходжуся, і, бог дасць, хутка сам стану падобным на яго, і яму добра і мне добра: што там ні кажы, быць яму імператарам, a мне — губернатарам.

— Зразумела, дружа Санча, — перапыніў яго тут герцаг: — з павагі да сеньёра Дон Кіхота я перадам табе ва ўладанне адзін свабодны востраў даволі добрай якасці.

— На калені, Санча! — сказаў Дон Кіхот. — Прыпадзі да ног яго светласці за зробленую табе ласку.

Санча падпарадкаваўся. Тут свяшчэннік ускіпеў і, устаўшы з-за стала, звярнуўся да герцага з такімі словамі:

— Мой сан загадвае мне сказаць вам, ваша светласць, што вы гэтак жа якраз звар'яцелі, як і гэтыя грахаводнікі. Ды як жа ім і не быць вар’ятамі, калі людзі з цвярозым розумам патакаюць іх вар’яцтвам! Прымайце іх у сябе, ваша светласць, а я, пакуль яны будуць у вас, пабуду ў сябе і перастану ганьбаваць тое, што выпраўленню не паддаецца.

I, не дадаўшы больш ні слова і так і не закончыўшы абедаць, духоўнік пайшоў, нягледзячы на ўгаворы герцага; зрэшты, герцаг асабліва не настойваў, таму што недарэчны гэты выбух моцна яго смяшыў. Нарэшце, перастаўшы смяяцца, ён павёў з Дон Кіхотам такую размову:

— Ваша міласць, сеньёр Рыцар Ільвоў, так выдатна за сябе пастаяла, што цяпер ужо не варта патрабаваць задавальнення.

— Ваша праўда, — зазначыў Дон Кіхот. — Адзінае, аб чым я шкадую, — гэта што сеньёр свяшчэннік не пабыў з намі; я б яму ўсё ж даказаў, як ён памыляецца, думаючы і сцвярджаючы, што вандроўных рыцараў не было і няма. Калі б штосьці такое пачуў Амадыс або хто-небудзь са шматлікіх яго сваякоў, то, вядома, яго міласці не паздаровілася б.

— Гэта ўжо беспамылкова! — падхапіў Санча. — Рассеклі б яго адным махам зверху данізу, як усё роўна гранат ці пераспелую дыню. Гэтыя людзі жартаваць не любілі! Б’юся аб заклад, што калі б Рынальд Мантальванскі паслухаў разважанні гэтага чалавечка — гатоў перахрысціцца, ён даў бы яму па зубах, што той цэлых тры гады потым маўчаў бы. Паспрабаваў бы ён толькі з імі схапіцца, сам быў бы не рад!

Слухаючы Санча, герцагіня памірала ад смеху, і здавалася ёй, што ён яшчэ больш забаўны і яшчэ больш дзівацкі, чым яго пан, ды і многія іншыя прытрымліваліся тады гэтага меркавання. Урэшце Дон Кіхот супакоіўся, абед скончыўся, і калі прыбралі са стала, з’явіліся чатыры дзяўчыны: адна з сярэбраным тазам, другая са збанам, таксама сярэбраным, трэцяя з двума раскошнымі беласнежнымі ручнікамі, перакінутымі цераз плячо, а чацвёртая, закасаўшы да локця рукавы, трымала ў сваіх белых руках круглае неапалітанскае мыла. Першая дзяўчына зграбным і спрытным рухам падставіла таз пад самую бараду Дон Кіхота, a Дон Кіхот моўчкі здзівіўся гэтай цырымоніі, лічачы, што такі, відаць, мясцовы звычай — мыць не рукі, a бараду; ён колькі мог выцягнуў шыю, услед за гэтым са збана палілася вада, а дзяўчына, якая трымала ў руках мыла, пачала з усіх сіл, узнімаючы снежныя камякі (такой асляпляльна белай была мыльная пена), церці пакорнаму рыцару не толькі падбародак, а ўвесь твар і нават вочы, так што ён міжволі зажмурыўся. Герцагі герцагіня ніколькі не былі ў гэтым вінаваты, і цяпер яны, усхваляваныя, чакалі, чым скончыцца гэта абмыванне. Між тым дзяўчына, якая мыла бараду, густа намыліўшы Дон Кіхота, зрабіла выгляд, што вада скончылася, і паслала па яе дзяўчыну са збанам, а сеньёру Дон Кіхоту давядзецца, маўляў, чакаць. Дзяўчына са збанам пайшла па ваду, Дон Кіхот жа застаўся чакаць, і больш дзіўнага і смешнага выгляду, чым у яго ў гэту хвіліну, немагчыма было ўявіць.

Прысутныя, — а іх было нямала, — усе як адзін утаропіліся на яго, ён жа сядзеў з заплюшчанымі вачамі і намыленаю барадою, на паўаршына выцягнуўшы сваю вельмі смуглую шыю, і гэта было вялікае дзіва і вялікая з іх боку далікатнасць, што яны не засмяяліся; гарэзы-дзяўчаты не адважваліся падняць вачэй на сваіх паноў, а ў душы ў паноў гнеў змагаўся са смехам, і яны не ведалі, што рабіць: пакараць дзяўчат за дзёрзкасць або аддзячыць ім за прыемную магчымасць паглядзець на Дон Кіхота ў такім смешным становішчы. Нарэшце дзяўчына прынесла вады і абмыванне Дон Кіхота завяршылася, і тады дзяўчына, якая трымала ручнікі, з вялікай асцярожнасцю суха-насуха выцерла яму твар, і ўсе чатыры дзяўчыны нізка і пачціва яму пакланіліся і накіраваліся да выхаду; аднак жа герцаг, каб Дон Кіхот не здагадаўся, што гэта жарт, паклікаў да сябе дзяўчыну, якая трымала таз, і сказаў:

— А цяпер ідзі вымый мяне, але толькі глядзі, каб у цябе хапіла вады.

Кемлівая дзяўчына падышла і падставіла герцагу таз зусім гэтак жа, як яна падстаўляла яго Дон Кіхоту, іншыя спрытна і старанна намылілі і вымылі яму твар, потым насуха выцерлі і з паклонам выйшлі. Пасля герцаг прызнаўся, што ён даў сабе слова, у выпадку калі яны не памыюць яго гэтак жа дакладна, як Дон Кіхота, пакараць іх за дзёрзкасць, але яны згладзілі сваю віну тым, што разважліва згадзіліся вымыць з мылам і герцага.

Санча ўважліва сачыў за цырымоніяй і казаў сабе: “Бач ты, як здорава! А што, калі тут існуе звычай мыць бараду не толькі рыцарам, але і збраяносцам? Клянуся богам і выратаваннем душы, гэта было б для мяне вельмі істотна, і выдатна, калі б яны завяршылі добрую справу і прайшліся яшчэ лязом.

— Што ты там мармычаш, Санча? — спытала герцагіня.

— Я вось што кажу, сеньёра, — адказаў ён. — Мне неаднойчы даводзілася чуць, быццам пры двары ў некаторых вяльможаў пасля абеду прынята мыць рукі, а не бароды. Выходзіць, такім чынам: век жыві — век вучыся. Зрэшты, кажуць яшчэ: даўжэй пражывеш на свеце, больш гора ты зазнаеш, хоць вось так памыцца — гэта не гора, а адно задавальненне.

— He засмучайся, дружа Санча, — прамовіла герцагіня: — я скажу дзяўчатам, каб яны не толькі абмылі цябе, а калі спатрэбіцца, то і памылі.

— І за адну толькі бараду я б дзякуй сказаў, — запярэчыў Санча, — пакуль што гэтага дастаткова, а там як бог дасць.

— Дварэцкі, вы чулі, аб чым просіць добры Санча? — сказала герцагіня. — Вы павінны дакладна выканаць яго пажаданне.

Дварэцкі, аб’явіўшы, што ён гатоў слугаваць сеньёру Санча, пайшоў абедаць і павёў яго з сабой. Між тым герцаг, герцагіня і Дон Кіхот, седзячы за сталом, працягвалі размаўляць аб розных рэчах, якія не мелі адносін да вайсковай справы і да вандроўнага рыцарства.

Герцагіня, выказаўшы сваё здзіўленне цудоўнай памяці Дон Кіхота, звярнулася да яго з просьбай апісаць і абмаляваць прыгажосць і рысы твару сеньёры Дульцынеі Табоскай, бо калі, маўляў, верыць чуткам аб яе прыгажосці, то можна падумаць, што гэта — найчароўнае стварэнне ва ўсім свеце і нават ва ўсёй Ламанчы. Выслухаўшы просьбу герцагіні, Дон Кіхот уздыхнуў і сказаў:

— Калі б я мог выняць маё сэрца і вылажыць яго на талерку, вось на гэтым самым стале, прама перад вашай вялікасцю, то язык мой быў бы пазбаўлены ад турбот гаварыць аб тым, аб чым толькі можна падумаць, бо тады перад вачамі вашай светласці паўстаў бы яе цэльны вобраз, захаваны ў маім сэрцы. Але хіба я ў сілах перадаць і апісаць падрабязна, да самай маленькай рысачкі, прыгажосць непараўнальнай Дульцынеі?

— Аднак жа, з усім тым, сеньёр Дон Кіхот, — загаварыў герцаг, — вы прынеслі б нам вялікае задавальненне, калі б згадзіліся апісаць Дульцынею Табоскую: няхай гэта будзе толькі беглы накід, усё роўна, я ўпэўнены, рысы яе ў ім так выразна абазначацца, што ёй пазайздросцяць першыя прыгажуні свету.

— Я, вядома, зрабіў бы такі накід, — прамовіў Дон Кіхот, — калі б вобраз яе не быў сцёрты з маёй памяці тым няшчасцем, якое з ёй нядаўна здарылася, няшчасце ж гэта такое вялікае, што я хутчэй гатоў аплакваць яе, чым апісваць. Павінны вы ведаць, вашы светласці, што некалькі дзён таму я адправіўся пацалаваць ёй рукі і папрасіць у яе благаславення, дазволу і згоды на трэці свой паход. Але яна аказалася зусім не такою, якою я спадзяваўся сустрэць яе: аказалася, што яе зачаравалі і з прынцэсы ператварылі ў сялянку, з прыгажуні — у пачвару, з анёла — у чорта, з духмяністай — у смярдзючую, з салодкамоўнай — у грубіянку, з паважнай — у круцёлку, з прамяністай — у параджэнне пекла, адным словам, з Дульцынеі Табоскай — у сялянку адкуль-небудзь з Сайяга.

— Божа мой! — усклікнуў тут герцаг. — Які вораг роду чалавечага гэта зрабіў? Хто адняў у людзей магчымасць любавацца яе прыгажосцю, яе вясёлым норавам і яе добрапрыстойнасцю, якая ўзвышала іх ва ўласных вачах?

— Хто? — перапытаў Дон Кіхот. — Хто ж яшчэ, як не каварны чараўнік, адзін з многіх зайздроснікаў, якія даймаюць мяне? Гэты пракляты вылюдак з’явіўся да нас, каб ахінаць змрокам і ператвараць у нішто подзвігі праведнікаў і асвятляць і ўзвышаць справы грэшнікаў. Чараўнікі мяне даймалі, чараўнікі мяне даймаюць і будуць мяне чараўнікі даймаць. Пакуль не скінуць і мяне і смелыя мае рыцарскія подзвігі ў глыбокую бездань забыцця, і раняць яны мяне і наносяць удары ў самыя адчувальныя месцы, бо адняць у вандроўнага рыцара яго даму — гэта ўсё роўна што пазбавіць яго зроку, адняць у яго сонечнае святло, пазбавіць яго харчавання. Я шмат разоў ужо гэта казаў і паўтараю зноў: вандроўны рыцар без дамы — гэта ўсё роўна што дрэва без лістоты, будынак без падмурка або цень без таго цела, якое яго адкідвае.

— Усё гэта бясспрэчна, — заўважыла герцагіня, — але, з усім тым, калі верыць кнізе пра сеньёра Дон Кіхота, якая не так даўно выйшла ў свет і атрымала ўсеагульнае адабрэнне, то, мне думаецца, нельга не зрабіць вываду, што ваша міласць у вочы не бачыла сеньёру Дульцынею і што такой сеньёры на свеце няма, што яна — істота выдуманая, дзіця і вынік вашай фантазіі, якой вы надалі ўсе якасці і дасканаласці, якія вам толькі хацелася.

— З гэтай нагоды многа можна было сказаць, — запярэчыў Дон Кіхот. — Адзін бог ведае, існуе Дульцынеяна свеце або не існуе, выдумана яна або не выдумана, — у падобных даследаваннях нельга заходзіць надта далёка. Я не выдумваў маю пані і не ствараў яе ў сваім уяўленні, аднак жа ўяўляю яе сабе такою, якой належыць быць сеньёры, што валодае ўсімі дасканаласцямі, здольнымі ўдастоіць яе ўсеагульнага пакланення, а іменна: яна бездакорная прыгажуня, велічная, але не ганарлівая, прыветлівая ў сілу сваёй пачцівасці, пачцівая ў сілу сваёй добрай выхаванасці.

— Ваша праўда, — заўважыў герцаг. — Аднак жа дазвольце мне, сеньёр Дон Кіхот, выказаць тую думку, на якую мяне навяла гісторыя вашых подзвігаў. Дапусцім, што Дульцынея сапраўды існуе і жыве ў Табоса або дзе-небудзь у іншым месцы і што яна такая цудоўная, як вы яе апісваеце, аднак у сэнсе знатнасці яна не вытрымлівае параўнання з Арыянай, Аластрахарыяй, Мадасімай і іншымі да іх падобнымі дамамі, аб якіх мы чытаем на кожнай старонцы добра вядомых вам раманаў.

— На гэта я вам скажу, — зноў загаварыў Дон Кіхот, — што Дульцынею патрэбна ацэньваць па яе справах, што кроў робяць высакароднай добрыя пачынанні і што большай павагі заслугоўвае нерадавіты прапаведнік, чым знатны грэшнік. Між тым Дульцынея валодае такімі якасцямі, дзякуючы якім яна можа стаць поўнаўладнай каралеваю: вартасці цудоўнай і добра выхаванай жанчыны здольны рабіць цуды надзвычайныя і калі не яўна, то, у крайнім выпадку, у скрытым стане змяшчаюць у сабе найвышэйшае шчасце.

— Я бачу, сеньёр Дон Кіхот, — заўважыла герцагіня, — што кожнае ваша слова — вынік доўгіх разважанняў. Вы, як кажуць, глядзіце ўглыб рэчаў, і цяпер я цалкам веру і прымушу паверыць усіх дамашніх маіх і нават, у выпадку неабходнасці, самога герцага, майго валадара, што ёсць у Табоса такая Дульцынея, што яна прыгожая і радавітая і што яна зусім вартая, каб такі рыцар, як сеньёр Дон Кіхот, ёй служыў, а ў маіх вуснах гэта найвышэйшая пахвала. Адна толькі акалічнасць усё ж мяне бянтэжыць і выклікае крыху нядобразычліваепачуццё ў адносінах да Санча Пансы. Бянтэжыць жа мяне вось што: у згаданай кнізе гаворыцца, што Санча Панса, прыехаўшы да сеньёры Дульцынеі з пісьмом ад вашай міласці, застаў яе за прасейваннем зерня, а ў дадатак да ўсяго сцвярджаецца, што зерне было нізкага гатунку, і гэта якраз і выклікае ў мяне сумненне ў знатнасці яе роду.

На гэта Дон Кіхот адказаў так:

— Васпані мая, ведайце, ваша вялікасць, што са мной заўсёды ці амаль заўсёды здараюцца рэчы, зусім не падобныя на тыя, што звычайна здараюцца з вандроўнымі рыцарамі, хто б гэтыя падзеі ні наладжваў: неспазнаная воля лёсу або каварства зайздроснага чараўніка. Ужо ўстаноўлена, што ўсе ці амаль усе славутыя вандроўныя рыцары валодалі якой-небудзь шчаслівай асаблівасцю. Аднаго немагчыма было зачараваць, іншых у сілу непрапушчальнасці іх скуры нельга было параніць, як, напрыклад, славутага Раланда, аднаго з Дванаццаці Пэраў Францыі; аб ім існуе паданне, што яго нельга было нікуды паразіць, акрамя пяткі левай нагі, і ніякай іншай зброяй, апрача вострай тоўстай шпількі, так што калі Бернарда дэль Карп’ё перамог яго ў Рансэвале, то, пераканаўшыся, што булат над ім не ўладарны, і ўспомніўшы, як Геркулес умярцвіў Антэя, лютага велікана і нібыта сына Зямлі, ён падняў Раланда на рукі і задушыў. З гэтага я раблю вывад, што, магчыма, я таксама валодаю якой-небудзь такой асаблівасцю, але толькі, ва ўсякім выпадку, не непаражальнасцю, — бо я шматразова пераканаўся на вопыце, што скура ў мяне пяшчотная і вельмі паражальная, — і не непадуладнасцю чарам, бо аднойчы мяне пасадзілі ў клетку, куды ніякая сіла, апрача сілы чараўніцтва, не магла б мяне заняволіць, але паколькі неўзабаве я ўсё ж выйшаў на волю, то хочацца думаць, што ніякія новыя чары мне ўжо не пашкодзяць. І па гэтай прычыне чараўнікі, бачачы, што іх падкопы на мяне не дзейнічаюць, спаганяюць сваю злосць на той, што мне даражэй за ўсё: яны здзекуюцца з Дульцынеі, дзеля якой я толькі і жыву на свеце, і такім чынам спрабуюць увагнаць мяне ў магілу, і гэта дае мне падставу лічыць,што калі мой збраяносец з’явіўся да яе ад мяне з даручэннем, то яны ператварылі яе ў сялянку і вымусілі выконваць такую чорную работу, як прасейванне зерня. Зрэшты, як я ўжо меў выпадак зазначыць, гэта былі не зярняты, а перлы Усходу. І ў доказ таго, што гэта шчырая праўда, я хачу вам сказаць, вашы высокасці, што нядаўна я быў у Табоса, але так і не знайшоў палаца Дульцынеі, а на другі дзень яна з’явілася да збраяносца майго Санча ў сапраўдным сваім абліччы, гэта значыць у абліччы першай прыгажуні ва ўсім свеце, a перада мной яна паўстала ў выглядзе нявыхаванай, пачварнай і не вельмі разважлівай сялянкі, хоць на самай справе яна змяшчае ў сабе ўсю мудрасць свету. І калі я сам не зачараваны і, калі ўдумацца, не магу быць зачараваны, то, значыць, зачараванаю, зняважанаю, ператворанаю, скажонаю і падмененаю з’яўляецца яна, і на ёй спаганялі злосць мае ворагі, вось чаму я буду пастаянна яе аплакваць да таго часу, пакуль яна не з’явіцца перада мною ў першапачатковым сваім стане. Усё гэта я кажу для таго, каб аповед Санча аб Дульцынеі, якая прасейвала і правейвала зерне, нікога не бянтэжыў: калі ж яна паўстала падмененаю перада мною, то нядзіўна, што скажонаю з’явілася яна і перад ім. Дульцынея знатнага і высакароднага паходжання; доля ж яе, вядома, не саступіць жэрабю шматлікіх старадаўніх і вельмі паважаных дваранскіх родаў Табоса, бо толькі дзякуючы непараўнальнай Дульцынеі горад гэты і стане славутым і праславіцца ў вяках, гэтак жа як Трою праславіла Алена, толькі слава Дульцынеі будзе яшчэ больш гучная. Яшчэ трэба вам сказаць, вашы светласці, што Санча Панса — самы пацешны з усіх збраяносцаў, якія калі-небудзь служылі вандроўным рыцарам. Праставатасць яго бывае падчас вельмі дасціпнай, і ўгадваць, праставаты ён або хітры, прыносіць немалое задавальненне. Некаторыя яго хітрасці выяўляюць у ім круцяля, некаторыя промахі прымушаюць думаць, што ён дурань. Ён ва ўсім сумняваецца і ўсяму верыць. Іншы раз думаеш, што дурнейшага за яго нікога на свеце няма, і раптам ён штосьці так разумна скажа, што проста ахнеш ад захаплення. Адным словам, я не прамяняў бы яго ні на якога іншага збраяносца, хоць бы ў дадатак мне прапаноўвалі цэлы горад. І ўсё ж я сумняваюся, ці варта пасылаць яго кіраваць востравам, які ваша вялікасць яму падаравала, хоць і бачу ў ім пэўныя здольнасці да кіравання. Яму б толькі добра прачысціць мазгі, і тады ён справіцца з любым губернатарствам не горш, чым кароль з падаткамі. Тым больш, мы ведаем з доўгай практыкі: для таго каб быць губернатарам, не патрэбна ні вялікага ўмення, ні вялікай вучонасці. Колькі такіх губернатараў, якія і чытаюць нават па складах, каб яны былі прасякнуты добрымі намерамі і каб яны сумленна адносіліся да справы, дарадчыкі ж і настаўнікі ў іх заўсёды знойдуцца: невучоныя ж губернатары з дваран судзяць абавязкова з дапамогай засядацеля. Я, са свайго боку, параіў бы Санча хабару не браць, але і падаткаў не ўпускаць, і яшчэ сёе-тое берагу ў запасе, і ў свой час усё гэта будзе мною выкладзена — на карысць Санча і на карысць вострава, якім яму прызначана кіраваць.

Такую размову вялі паміж сабой герцаг, герцагіня і Дон Кіхот, як раптам за дзвярыма пачуліся гучныя крыкі і шум, і ўслед за гэтым у залу ўварваўся перапалоханы да смерці Санча, замест сурвэткі ў Санча быў падвязаны мяшок са шчолаччу, а за Санча бегла шмат чалядзінцаў, дакладней сказаць — паварчукоў і іншых людзей, прычым адзін з іх цягнуў таз з вадой, у якой, мяркуючы па яе колеры і не надта чыстым выглядзе, верагодна, мылі посуд; паварчук гэты гнаўся за Санча па пятах і з усіх сіл стараўся падставіць яму таз пад самы падбародак, а другі быў апанаваны імкненнем вымыць яму бараду.

— Што гэта азначае, сябры мае? — спытала герцагіня. — Што гэта азначае? Што вы прысталі да гэтага добрага чалавека? Вы забыліся, што ён прызначаны губернатарам?

На гэта паварчук, які імкнуўся вымыць бараду, адказаў ёй так:

— Гэты сеньёр не жадае мыцца, а ў нас жа такі звычай, — сам герцагі яго ўласны пан толькі што мыліся.

— He, жадаю, — з вялікім гневам вымавіў Санча, — але толькі мне б хацелася, каб ручнікі былі больш чыстыя, вада больш празрыстая і каб рукі ў іх былі не такія брудныя: не такая ж вялікая розніца паміж мной і маім панам, каб яго абмывалі святой вадзіцай, а мяне абдавалі чортавымі гэтымі памыямі! Звычаі розных краін і княжацкіх палат тады толькі і добрыя, калі яны не прычыняюць непрыемнасцей, ну, a гэты абрад абмывання, які тут устаноўлены, горшы за ўсякае самабічаванне. Барада ў мяне чыстая, і ў такім асвяжэнні я не маю патрэбы, а хто адважыцца мяне мыць, таму я, прабачце за выраз, мазгаўню звярну набок, таму ўсе гэтыя антымоніі, то бок цырымоніі, з намыльваннем больш падобныя на здзек, чым на догляд гасцей!

Бачачы гнеў Санча і слухаючы яго выказванні, герцагіня памірала ад смеху; аднак жа Дон Кіхот не быў у захапленні ад таго, што на Санча замест ручніка красавалася брудная ануча і што кухонная чэлядзь з яго насміхалася, а таму, нізка пакланіўшыся іх светласцям у знак таго, што жадае выказацца, ён голасам, поўным рашучасці, загаварыў, звяртаючыся да ўсёй гэтай шушары:

— Гэй вы, вашы міласці, пакіньце чалавека ў спакоі і ідзіце, адкуль прыйшлі або куды вам уздумаецца! Збраяносец мой не бруднейшы за ўсіх іншых, і гэты таз — зусім непрыдатная і зневажальная для яго пасудзіна. Прыслухайцеся да маёй парады і пакіньце яго, бо ні ён, ні я такіх жартаў не любім.

Санча падхапіў і развіў гэту думку:

— Так толькі з бяздомных валацуг можна жартаваць! He буду я Санча Пансам, калі гэта сцярплю! Прынясіце грабянец ці што-небудзь накшталт гэтага і паскрабіце мне бараду і калі знойдзеце ў ёй штосьці такое, што зневажае вашу ахайнасць, то няхай мяне тады “лесвічкай” пастрыгуць.

Тут, усё яшчэ смеючыся, загаварыла герцагіня:

— Санча Панса мае рацыю ва ўсім, і што б ён ні сказаў, ён заўсёды будзе мець рацыю. Ён чысты і, па яго словах, у мыцці не мае патрэбы і калі звычай наш яму не па душы, то вольнаму воля. Вы ж, ахоўнікі чысціні, зрабілі неабдумана і неразважліва, каб не сказаць — груба, прапанаваўшы такой асобе замест таза і збана з чыстага золата і ручнікоў нямецкай работы нейкія пасудзіны, драўляныя карыты і ручнікі для выцірання посуду. Зрэшты, вы — людзі дрэнныя, нявыхаваныя і настолькі подлыя, што не можаце схаваць сваёй нянавісці да збраяносцаў вандроўных рыцараў.

He толькі кухонных спраў майстры, але і сам дварэцкі падумаў, што герцагіня не жартуе, а таму яны знялі з Санча анучу і, збянтэжаныя і часткова нават прысаромленыя, пакінулі яго ў спакоі і пайшлі. Санча ж, бачачы, што гэта даволі грозная, у яго ўяўленні, небяспека мінула, апусціўся перад герцагіняй на калені і сказаў:

— Ад вялікіх сеньёр вялікія і ласкі, вы ж, ваша светласць, зрабілі мне такую ласку, што я магу адплаціць за яе не іначай, як выказаўшы гатоўнасць быць пасвячоным у вандроўныя рыцары, каб потым да самай смерці служыць такой высокай сеньёры. Я — селянін, завуць мяне Санча Пансам, я жанаты, у мяне ёсць дзеці, служу я збраяносцам, і калі я чым-небудзь з гэтага магу быць вашай вялікасці карысным, то вам варта толькі загадаць — і я да паслугвашай светласці.

— Зараз відаць, Санча, што ты вучыўся быць ветлівым у школе самой пачцівасці, — заўважыла герцагіня. — Зараз відаць, хачу я сказаць, што цябе выпеставаў сеньёр Дон Кіхот, а ён, вядома, верх далікатнасці і ўзор цырымоній, або, як ты выказваешся, антымоній. Хвала і пашана такому сеньёру і такому слугу, бо адзін — пуцяводная зорка для ўсяго вандроўнага рыцарства, а другі — светач для ўсіх верных збраяносцаў. Устань, дружа Санча. За сваю пачцівасць ты будзеш узнагароджаны: я папрашу герцага, майго валадара, каб ён як мага хутчэй падараваў табе абяцанае губернатарства.

На гэтым размова скончылася, і Дон Кіхот пайшоў адпачыць пасля абеду, а герцагіня звярнулася да Санча з просьбаю, калі толькі, маўляў, яму не вельмі хочацца спаць, пабыць з ёй і з яе пакаёўкамі ў вельмі халаднаватай зале. Санча адказаў, што хоць летам ён, шчыра кажучы, прывык спаць пасля абеду гадзінак пяць запар, аднак жа, у аддзяку герцагіні за яе дабрату, прыкладзе ўсе намаганні, каб выканаць яе распараджэнне і не спаць сягоння зусім, і з гэтымі словамі пайшоў. Герцаг жа зноў загадаў сваім слугам абыходзіцца з Дон Кіхотам, як з вандроўным рыцарам, і цвёрда прытрымлівацца таго звычаю, якога быццам бы прытрымліваліся вандроўныя рыцары старадаўніх часоў.


Раздзел XXX. Аб прыемнай размове герцагіні і яе пакаёвак з Санча Пансам, якая заслугоўвае, каб яе прачыталі і адзначылі

Такім чынам, Санча пасля абеду не адпачываў: ён стрымаў сваё слова і, паабедаўшы, з’явіўся да герцагіні; герцагіня ж, прадчуваючы прыемнасць паслухаць яго, прапанавала яму сесці каля яе на нізкі табурэт. Аднак жа Санча, як чалавек у поўным сэнсе слова добра выхаваны, ад такога гонару адмовіўся, але герцагіня аб’явіла, што ён можа сядзець як губернатар, а размаўляць як збраяносец. Санча паціснуў плячамі і пакорна сеў, усе ж пакаёўкі і дуэнні герцагіні акружылі яго і, захоўваючы поўнае маўчанне, уважліва падрыхтаваліся слухаць. Аднак жа герцагіня загаварыла першая і пачала так:

— Зараз мы адны, ніхто нас не чуе, і мне б хацелася, каб сеньёр губернатар вырашыў некаторыя сумненні, што ўзніклі ў мяне пры чытанні гісторыі вялікага Дон Кіхота, якая нядаўна выйшла ў свет. Адно з гэтых сумненняў заключаецца ў наступным: калі добры Санча ні разу Дульцынею не бачыў, гэта значыць, прабачце, сеньёру Дульцынею Табоскую, і пісьма ад сеньёра Дон Кіхота ёй не перадаваў, таму што яно засталося ў запісной кніжцы ў Сьера-Марэне, то як жа ён дазволіў сабе прыдумаць за яе адказ і выдумаць, быццам ён застаў яе за прасейваннем зерня? Усё ж гэта хлусня і падман і толькі ганіць добрую славу непараўнальнай Дульцынеі, а таксама прыніжае годнасць добрага збраяносца і не вяжацца з абавязкам вернасці.

Пры гэтых словах Санча Панса моўчкі падняўся з табурэта, сагнуўся ў тры пагібелі, прыставіў палец да вуснаў і, заглядваючы за ўсе фіранкі, ціхім крокам абышоў залу; пасля гэтага ён зноў усеўся і аб’явіў:

— Вось цяпер, васпані мая, калі я пераканаўся, што ніхто, апрача прысутных, нас не падслухоўвае, я без усякага страху і хвалявання адкажу на ваша пытанне, а таксама і на ўсё, аб чым бы вы мяне ні спыталі. І перш за ўсё я вам скажу: на мой погляд, пан мой Дон Кіхот — невылечны вар’ят, хоць іншы раз здараецца яму гаварыць такія правільныя рэчы і так пераканаўча, што, на маю думку, ды і на думку ўсіх, хто б яго ні слухаў, сам чорт лепш не скажа. Аднак жа калі гаварыць сумленна і палажыўшы руку на сэрца, то я цалкам упэўнены, што ў яго не ўсе дома. А ўжо калі я гэта набраў сабе ў галаву, то і адважваюся пераконваць яго ў тым, што, сапраўды, на нагах не стаіць, накшталт адказу на пісьмо. А потым гэта самае, што было тыдзень таму, — таму гэта і ў кнігу не трапіла, — наконт зачараванасці сеньёры донны Дульцынеі: я ж запэўніў майго пана, што яна зачараваная, а гэта ж лухта несусветная!

Герцагіня папрасіла расказаць ёй аб гэтай выхадцы з чараўніцтвам, і Санча расказаў усё як было, чым нямала пацешыў слухачоў; герцагіня ж, працягваючы пачатую размову, прамовіла:

— Пасля таго як я выслухала аповед добрага Санча, на душы ў мяне з’явілася новае сумненне, і нейкі голас мне шэпча: “Калі Дон Кіхот Ламанчскі — вар’ят, страціў памяць, дуркаваты, а яго збраяносец Санча Панса пра гэта ведае і, аднак, працягвае служыць яму, усюды суправаджае яго і ўсё яшчэ верыць яго неажыццявімым абяцанням, то, без усялякага сумнення, ён яшчэ большы вар’ят і дурань, чым яго пан. А раз так, то глядзі, сеньёра герцагіня, як бы ты не пралічылася, даверыўшы Санча Пансу кіраванне востравам: калі ж ён сам з сабой не можа ўправіцца, то як жа ён будзе кіраваць іншымі?”

— Далібог, сеньёра, — адказаў Санча, — сумненне гэта з’явілася ў вас не дарэмна, толькі скажыце вашаму голасу, каб ён гаварыў гучней, а зрэшты, як яму захочацца, — я ж ведаю, што гаворыць ён праўду: калі б у мяне была галава, то я даўно б кінуў майго пана. Але такі ўжо, відаць, лёс і такая горкая доля, інакш не магу, павінен я яго суправаджаць, і ўсё тут: мы з ім аднавяскоўцы, ён мяне карміў, я яго люблю, ён гэта цэніць, нават аслянят мне падараваў, а галоўнае, я чалавек верны, так што, апрача магілы, ніхто нас з ім разлучыць не можа. А калі ваша высакалёцтва не зробіць ласкі падараваць мне абяцаны востраў, значыць, гэта гасподзь бог стварыў мяне такім нешчаслівым, а можа, для душы маёй яно яшчэ выйдзе на карысць: я хоць і праставаты, а ўсё-такі цямлю, што азначае прыказка: “На бяду ў мурашкі крылы выраслі”, і бадай, што Санча-збраяносец хутчэй трапіць у рай, чым Санча-губернатар. Свет не клінам сышоўся на губернатарстве, ды і потым, ноччу ўсе кошкі шэрыя, і самы няшчасны той чалавек, у якога да дзвюх гадзін папаўдні макавай расінкі ў роце не бывае, і так на свеце не заведзена, каб у аднаго пуза было на цэлую пядзю шырэйшае, чым у іншага, а напхаць яго можна чым хочаш, як кажуць: хоць саломаю, хоць жытам, а вось птушачак нябесных сам бог корміць і сілкуе, і чатыры аршыны тоўстага куэнкскага сукна лепш грэюць, чым чатыры аршыны тоненькага сегавійскага, а калі мы паміраем і нас закопваюць у зямлю, то і прынц і чорнарабочы ідуць па аднолькавай вузкай сцяжыне, і цела рымскага папы займае столькі ж месца ў магіле, колькі і дзяка, хоць той значна вышэйшы за яго: калі нас апускаюць у яму, усе мы скурчваемся, ці, дакладней, нас, хочаш не хочаш, скурчваюць — і добрай ночы! І я яшчэ раз кажу: калі ваша светласць не захоча падараваць мне востраў, таму што я дурны, то я і не войкну — і буду разумным.

— Добры Санча, пэўна ж, ведае, — запярэчыла герцагіня, — што калі дваранін што-небудзь паабяцаў, то пастараецца гэта выканаць нават цаной уласнага жыцця. Герцаг, мой муж і валадар, хоць і не з вандроўных рыцараў, а ўсё ж рыцар, і таму стрымае сваё слова адносна абяцанага вострава насуперак зайздрасці і злосці ўсяго свету. Такім чынам, Санча, ажыві духам: аднаго разу ты будзеш узведзены на трон свайго вострава і дзяржавы, прымеш стырно ўлады, і дай бог табе жыць, пажываць ды дабра нажываць. Адзінае, што я стаўлю табе ў абавязак — гэта як мага лепш кіраваць сваімі васаламі: папярэджваю цябе, што ўсе яны — людзі сумленныя і высакародныя.

— Наконт таго, каб кіраваць па-добраму, мяне прасіць не трэба, — аб’явіў Санча: — душа ў мяне добрая, і беднякоў шкадую, а хто самі месяць ды пякуць, у тых акрайца не крадуць, і бог сведка, пры мне ніхто карты не падтасуе, я стары верабей: мяне на мякіне не ашукаеш, я ведаю, калі трэба вуха востра трымаць, і ў гразь тварам не ўдару, бо я ведаю, дзе сабака закапана, і кажу я ўсё гэта да таго, што для добрых людзей я ў блін распляскаюся, а для дрэнных — вось бог, а вось парог. І здаецца мне, што ў кіраванні краінай цяжкі толькі пачатак, і, магчыма, тыдні праз два я так налаўчуся губернатарнічаць, што буду разбірацца ў ім больш, чым у хлебаробстве, хоць я і хлебароб ад маладых ногцяў.

— Твая праўда, Санча, — заўважыла герцагіня: — вучоным ніхто не нараджаецца, нават епіскапы робяцца з людзей, а не з камянёў. Але вернемся да таго, аб чым мы толькі што размаўлялі, а іменна: да зачараванасці сеньёры Дульцынеі. Мне ўяўляецца несумненным і больш чым пэўным, што ўся гэта задума Санча, які намерыўся пажартаваць са свайго пана і пераканаць яго, быццам сялянка — Дульцынея, а калі, маўляў, ён яе не пазнае, дык гэта таму, што яна зачаравана, — усё гэта падкопы кагосьці з чараўнікоў, якія даймаюць сеньёра Дон Кіхота. Мне ж з надзейных крыніц дакладна вядома, што сялянка, якая ўскочыла на асліцу, была і ёсць Дульцынея Табоская і што добры Санча, разлічваючы падмануць іншага, сам даў сябе падмануць. І, да ведама сеньёра Санча Пансы, у нас тут таксама ёсць свае чараўнікі, якія нас любяць і якія шчыра і праўдзіва, без выкрутасаў і хітрыкаў, дакладваюць нам, што робіцца на белым свеце. І няхай ён мне паверыць, што сялянка-круцёлка была і ёсць Дульцынея Табоская і што яна гэтак жа зачаравана, як мы з вамі, і аднойчы яна паўстане перад намі ў сапраўдным сваім абліччы, і тады Санча зразумее, як ён памыляўся.

— Вельмі мажліва, — зноў загаварыў Санча, — і цяпер ужо я гатоў паверыць усяму, што мой пан расказваў пра ўбачанае ў пячоры Мантэсінаса: быццам бы ён там бачыў сеньёру Дульцынею Табоскую і ў тым самым адзенні і ўборы, у якім быццам бы бачыў Дульцынею я, калі на мяне раптам найшоў дур яе зачараваць. Найсці якраз найшоў, ды атрымалася ўсё па-іншаму, — ужо сапраўды, так, як вы, васпані мая, кажаце, бо ад маёй цёмнай галавы нельга і не патрэбна чакаць, каб яна ў адзін момант прыдумала такую спрытную штуку, ды і не настолькі, думаецца, мой пан непрытомны, каб мае няцвёрдыя і слабыя довады маглі пераканаць яго ў тым, што неверагодна. Але ўсё-такі, сеньёра, такая доўбня, як я, не павінна бачыць наскрозь таемныя думкі і каверзы праклятых чараўнікоў, — я ўсё гэта прыдумаў, каб пазбегчы папрокаў сеньёра Дон Кіхота, а не затым, каб яму пашкодзіць, а калі выйшла наадварот, то бог жа там, на небе, ведае сэрцы нашы.

— І то праўда, — зазначыла герцагіня. — А цяпер скажы мне, Санча, што гэта ты казаў пра пячору Мантэсінаса, мне вельмі цікава гэта ведаць.

Тут Санча Панса ва ўсіх падрабязнасцях расказаў аб прыгодзе, якая апісана раней. Герцагіня ж, выслухаўшы яго, сказала:

— З гэтага здарэння можна зрабіць вось які вывад: калі шаноўны Дон Кіхот сцвярджае, што бачыў там тую самую сялянку, якую Санча бачыў каля Табоса, то, вядома, гэта і ёсць Дульцынея, і, значыць, чараўнікі — народ у вышэйшай ступені шустры і спрытны.

— Вось і я тое ж кажу, — падхапіў Санча Панса: — калі сеньёра Дульцынея Табоская зачаравана, то тым горш для яе, а я не намераны звязвацца з непрыяцелямі майго пана: іх, відаць, безліч, і ўсе як на падбор лютыя. Кажучы сумленна, я бачыў сялянку і за сялянку яе палічыў і за сялянку яе лічу, а калі гэта была Дульцынея, то я тут ні сном ні духам, і мне да гэтага ніякай справы няма, інакш я ўзлуюся. Што гэта на самай справе, так і ходзяць за мной па пятах, і ўсё: “Шу-шу-шу, шу-шу-шу, Санча сказаў тое і тое, Санча зрабіў тое і тое, Санча пайшоў, Санча прыйшоў”, як быццам Санча — гэта невядома хто, а не той самы Санча Панса, пра якога ўвесь свет даведаўся з кніжак, — так, прынамсі, мне казаў Самсон Караска, a ён жа ў Саламанцы ўсім бакалаўрам бакалаўр, а такія звычайна не хлусяць, хіба толькі як ім вельмі захочацца ці ўжо вельмі спатрэбіцца. Так што няхай пакінуць мяне ў спакоі, а калі слава пра мяне добрая, — прытым жа я чуў ад майго пана, што добрае імя даражэйшае за ўсякае багацце, — то прыстасуйце мне губернатарства, і вы ўбачыце, якіх я цудаў нараблю! І то сказаць: добры збраяносец не можа быць дрэнным губернатарам.

— Я думаю, — сказала герцагіня. — Ну, а цяпер, Санча, ідзі адпачні, потым мы яшчэ больш падрабязна аб усім паразмаўляем і прымем меры, каб табе хутчэй прыстасавалі, як ты гаворыш, губернатарства.

Санча зноў пацалаваў герцагіні рукі і папрасіў у выглядзе асаблівай ласкі паклапаціцца пра яго шэрага, бо гэта, маўляў, святло яго вачэй.

— Пра якога шэрага? — пацікавілася герцагіня.

— Пра майго асла, — адказаў Санча. — Каб не называць яго гэтым імем, я звычайна кажу “шэры”.

— Ужо калі Санча так над ім трасецца, я буду берагчы яго як зрэнку вока, — аб’явіла герцагіня.

— Дастаткова, калі вы будзеце берагчы яго проста як асла, — запярэчыў Санча. — Мы з маім аслом — людзі простыя, і мы лепш пагодзімся, каб нас кінжалам пырнулі, чым быць цяжарам для вас. Праўда, мой пан гаворыць, што ў выказванні пачцівасці лепш перасаліць, чым недасаліць, а ўсё-такі калі размова ідзе пра іх аслейніцтвы, то тут трэба вытрымліваць меру і трымацца сярэдзіны.

— Вазьмі ж ты асла з сабой, Санча, калі адправішся кіраваць, — сказала герцагіня, — там ён у цябе будзе дагледжаны і працаваць яму не давядзецца.

— А што вы думаеце, сеньёра герцагіня? — сказаў Санча. — Я сам не раз бачыў, як пасылалі аслоў кіраваць, так што калі я вазьму з сабой свайго, то нікога гэтым не здзіўлю.

Словы Санча зноў рассмяшылі і пацешылі герцагіню, і, паслаўшы яго адпачываць, яна накіравалася да герцага, каб перадаць яму ўсю размову; і паміж імі дваімі было вырашана і ўмоўлена, што яны выдатна пажартуюць з Дон Кіхота і прытым цалкам у духу рыцарства; і яны, праўда, пажартавалі гэтак з яго не адзін, а шмат разоў, вельмі дарэчы і востра, што ўяўляе сабой лепшыя з прыгод, якія толькі ёсць у гэтай вялікай гісторыі.


Раздзел XXXI, у якім расказваецца аб тым, як быў вынайдзены спосаб расчараваць непараўнальную Дульцынею Табоскую, што з’яўляецца адной з найславутых прыгод ва ўсёй гэтай кнізе

Вялікую прыемнасць прыносілі герцагу і герцагіні гутаркі з Дон Кіхотам і Санча Пансам; і, цвёрда намерыўшыся пажартаваць з яго па-прыгодніцку, вырашылі яны, каб устроіць прыгоду сапраўды славутую, ухапіцца за нітку аповеду Дон Кіхота пра пячору Мантэсінаса (зрэшты, герцагіню больш за ўсё ўразіла прастадушнасць Санча, якая даходзіла да таго, што ён прызнаў за непарушную ісціну, быццам Дульцынея Табоская зачаравана, хоць сам жа ён выступаў у якасці чараўніка і сам жа ўсё гэта падстроіў). І вось праз шэсць дзён пасля прыбыцця Дон Кіхота ў замак герцагі герцагіня, даўшы слугам належныя распараджэнні, павезлі яго на псовае паляванне, у якім прымала ўдзел столькі загоншчыкаў і выжлятнікаў, колькі можа быць толькі на каралеўскім паляванні. Дон Кіхоту прапанавалі паляўнічы ўбор, а таксама і Санча — зялёны, з выдатнага сукна, аднак жа Дон Кіхот ад убору адмовіўся, аб’явіўшы, што хутка яму неабходна будзе вяртацца да суровага паходнага жыцця і што ён не мае магчымасці вазіць з сабой гардэроб і ўсялякія іншыя пажыткі. Санча ж узяў адзенне з разлікам прадаць яго пры першым выпадку.

Такім чынам, у прызначаны дзень Дон Кіхот надзеў свае даспехі, а Санча пераапрануўся і вярхом на шэрым, з якім ён не пажадаў расстацца, нягледзячы на тое, што яму прапаноўвалі знатнага каня, далучыўся да загоншчыкаў; затым выйшла разадзетая герцагіня, і Дон Кіхот, як пачцівы і ветлівы кавалер, не дазволіў герцагу ёй дапамагчы і адразу ж узяў яе інахоцца за аброць. Нарэшце наблізіліся яны да лесу, які рос паміж дзвюх вельмі высокіх гор, і пасля таго як усе лазы, стаянкі і паляўнічыя хаткі былі размеркаваны і людзі разышліся па розных месцах, пачалося паляванне і ўсчаліся неймаверны шум, гам і цюгаканне, так што з-за брэху сабак і гуку рагоў людзі не чулі адзін аднаго.

Герцагіня сышла з каня і, трымаючы ў руках востры дроцік, стала там, дзе, наколькі ёй было вядома, звычайна прабягалі кабаны. Герцагі Дон Кіхот таксама злезлі з коней і сталі справа і злева ад яе: Санча ж выбраў сабе месца за ёю і так і не злез з асла: ён не адважваўся пакінуць яго, баючыся, як бы з ім не выйшла чагосьці дрэннага; і ледзь толькі герцаг, герцагіня і Дон Кіхот са шматлікай чэляддзю выстраіліся ў рад, як раптам проста на іх, увесь у пене, ляскаючы зубамі і клыкамі, выскачыў велізарны кабан, якога цкавалі сабакі і гналі выжлятнікі. Убачыўшы яго, Дон Кіхот загарадзіўся шчытом, выхапіў меч і рушыў яму насустрач, герцаг з дроцікам у руках за ім, герцагіня ж, калі б не ўтрымаў яе своечасова герцаг, абавязкова аперадзіла б іх абодвух. Адзін толькі Санча пры выглядзе велізарнага звера саскочыў з шэрага, на злом галавы кінуўся наўцёкі і паспрабаваў ускарабкацца на высокі дуб, але гэта яму не ўдалося; дабраўшыся да сярэдзіны дрэва, ён ухапіўся быў за галіну, каб затым дасягнуць вяршыні, аднак жа яму не пашчасціла і не пашанцавала, бо галіна зламалася, і ён паляцеў уніз, зачапіўшыся за сук і не будучы ў стане дастаць нагамі да зямлі, павіс у паветры. Апынуўшыся ў такім становішчы, бачачы, што яго зялёны паўкафтан трашчыць па ўсіх швах, і ўявіўшы, што калі страшны звер пабяжыць у гэты бок, то абавязкова яго дастане, ён пачаў так гучна крычаць і так настойліва клікаць на дапамогу, што ўсе тыя, хто чуў яго, але не бачыў, былі перакананы, што ён у пашчы дзікага звера. Нарэшце ікласты кабан, прабіты мноствам дроцікаў, паваліўся; тады Дон Кіхот, пазнаўшы Санча па голасе, павярнуўся ў той бок, адкуль даносіліся крыкі, і ўбачыў, што Санча ўверх нагамі вісіць на дубе, а каля яго стаіць шэры, які не захацеў пакінуць гаспадара ў бядзе.

Дон Кіхот пад’ехаў і зняў Санча з дрэва, і як толькі Санча адчуў, што ён свабодны і што пад ім цвёрдая глеба, то зірнуў на свой падзёрты паляўнічы паўкафтан, і сэрца ў яго сціснулася, бо ён лічыў, што такі ўбор каштуе вельмі дорага.

Тым часам вялізную кабанову тушу ўзвалілі на мула, прыкрылі галінкамі размарыну і мірту і, як пераможны трафей, даставілі ў прасторную палатку, разбітую на лясной паляне; там ужо былі парасстаўляны сталы і прыгатавана такая багатая і шыкоўная трапеза, што па ёй адной можна было меркаваць аб шчодрасці і раскошы гаспадароў. Санча паказаў герцагіне дзіркі на сваім адзенні і сказаў:

— Калі б мы палявалі на зайцоў або на птушак, то я ручаюся, што мой паўкафтан не меў бы такога выгляду. He разумею, што за ўцеха чакаць звера, які калі парне іклом, дык з вас душа вон. Помніцца, у адной старадаўняй песні ёсць такія словы:

Хай цябе з’ядуць мядзведзі,

Як вялікага Фавілу.

— Гэта раманс пра гоцкага караля, — патлумачыў Дон Кіхот. — Яго на паляванні загрыз мядзведзь.

— Я гэта і хацеў сказаць, — працягваў Санча. — He люблю я, калі вяльможы і каралі ідуць на такія небяспекі быццам бы дзеля задавальнення, ды і задавальнення ж я ніякага не знаходжу ў забойстве ні ў чым не вінаватай жывёліны.

— He, Санча, ты памыляешся, — запярэчыў герцаг, — бо няма занятку больш адпаведнага і больш неабходнага для каралёў і вяльможаў, чым псовае паляванне. Паляванне — гэта правобраз вайны: на паляванні таксама ёсць свае ваенныя хітрасці, засады і пасткі, каб можна было без рызыкі для сябе перамагчы праціўніка. На паляванні мы церпім і дзікі холад і пякучую спёку, пагарджаем і сном і раскошай, умацоўваем свае сілы, практыкуем наша цела, каб яно зрабілася больш гнуткім, — адным словам, гэты занятак шкоды нікому не прычыняе, а задавальненне прыносіць многім. Такім чынам, Санча, змяні сваё меркаванне, і калі будзеш губернатарнічаць, то займайся паляваннем, і ты сам убачыш, што гэта пойдзе табе на карысць.

— Ну ўжо не! — запярэчыў Санча. — Губернатар сумленны — сядзі дома і ні з месца. Добрая справа: да яго прасіцелі па самай патрэбнай справе, а ён сабе забаўляецца ў лесе! Ды гэтак у яго ўся дзяржава разваліцца! Шчыра вам скажу, сеньёр: паляванне і ўсякія іншыя забавы — гэта хутчэй для гультаёў, чым губернатараў. Я ж для баўлення часу па вялікіх святах буду гуляць “сваімі козырамі”, а па нядзелях і ў невялікія святы — у кеглі, а ўсе гэтыя паляванні не для мяне, ды і сумленне мне гэтага не дазволіць.

— Дай бог, Санча, каб так яно і было. На словах жа мы ўсе, як на гуслях.

— Што вы там ні кажыце, — запярэчыў Санча, — a спраўнаму плацельшчыку заклад не страшны, і не ў таго справа ідзе спарней, хто на досвітку ўстаць не лянуецца, а каму ад бога падмога, і не ногі ж кіруюць пузам, а пуза нагамі. Я хачу сказаць, што калі бог мне дапаможа і я сумленна буду выконваць свой абавязак, то, без сумненняў, з мяне выйдзе арол, а не губернатар. Мне палец у рот не кладзі!

— А каб ты згінуў, нячыстая сіла! — усклікнуў Дон Кіхот. — Калі ж ты, Санча, пачнеш гаварыць без прыказак, плаўна і складна, як я цябе столькі разоў вучыў? А вы, васпане мае, лепш не чапайце гэтага боўдзілу, ён вам духі выматае сваімі прыказкамі: у яго іх не дзве і не тры, а невядома колькі, і карыстаецца ён імі, дай бог яму здароўя, а заадно і мне, калі толькі я згаджуся яго слухаць, заўсёды так своечасова і так дарэчы, што проста сіл ніякіх няма!

— Мне прыказкі Санча падабаюцца, — заўважыла герцагіня.

Размаўляючы аб такіх і да іх падобных забаўных рэчах, пакінулі яны палатку і накіраваліся ў лес, і ў аглядзе паляўнічых хатак і стаянак прайшоў у іх увесь дзень, і непрыкметна надышла ноч, аднак жа не тая ясная і ціхая ноч, якія звычайна стаяць у гэту пару, гэта значыць, у сярэдзіне лета; між тым паўімгла, якая ахінула прадметы, вельмі спрыяла задуме герцага і герцагіні, і вось калі прыцемкі згусціліся, раптоўна, нібы з усіх канцоў, запалаў лес, і ўслед за тым справа і злева, там і сям пачуліся гукі мноства ражкоў і іншых вайсковых інструментаў, быццам па лесе рухалася незлічоная конная раць. Зіхаценне агнёў і гукі вайсковай музыкі асляпілі і аглушылі ўсіх прысутных, нават саміх удзельнікаў змовы. Затым з усіх бакоў пачало даносіцца: “Ала іл ала!”, як звычайна крычаць маўры, калі кідаюцца ў бой, загучалі трубы і кларнеты, забілі барабаны, заспявалі флейты, усе амаль адначасова, несціхана і гучна, так што толькі бяздушны чалавек мог бы застацца не ўзрушаным нястройнымі гукамі такой колькасці інструментаў. Герцаг анямеў, герцагіня была ўражана, Дон Кіхот вельмі здзівіўся, Санча Панса затросся, нават удзельнікі змовы — і тыя спалохаліся. Ад страху ніхто не мог вымавіць слова, і тут перад імі паўстаў ганец: апрануты ён быў чортам, а замест карнета ў яго быў неверагодных памераў з вялізнай дзіркай рог, які выдаваў хрыплыя і злавесныя гукі.

— Гэй, паважаны ганец, — аклікнуў яго герцаг, — хто ты такі, куды едзеш і што гэта за войска нібы рухаецца па лесе?

На гэта ганец грамавым і жахлівым голасам адказаў так:

— Я — чорт, я шукаю Дон Кіхота Ламанчскага, а па лесе едуць шэсць атрадаў чараўнікоў і вязуць на трыумфальнай калясніцы непараўнальную Дульцынею Табоскую. Яна едзе сюды зачараваная, разам з храбрым французам Мантэсінасам, каб паведаміць Дон Кіхоту, якім чынам можна яе вызваліць ад чараў.

— Калі б ты быў чортам, як ты запэўніваеш і як гэта можна зрабіць вывад па тваёй мордзе, ты б ужо даўно здагадаўся, што Дон Кіхот Ламанчскі — вось ён, перад табой.

— Клянуся богам і сваім сумленнем, я яго не заўважыў! — прамовіў чорт. — У мяне так забіта галава, што галоўнае якраз я і выпусціў з-пад увагі.

— Значыць, гэты чорт — чалавек паважаны і добры хрысціянін, — заўважыў Санча, — інакш бы ён не пакляўся богам і сваім сумленнем. Я пачынаю думаць, што і ў пекле можна сустрэць добрых людзей.

Тут чорт, не злазячы з каня, павярнуўся тварам да Дон Кіхота і сказаў:

— Да цябе, Рыцар Ільвоў (каб ты трапіў да іх у кіпцюры), паслаў мяне няшчасны, але адважны рыцар Мантэсінас і загадаў перадаць, каб ты чакаў яго на тым самым месцы, дзе я з табою сустрэнуся: ён вязе з сабой так званую Дульцынею Табоскую і павінен табе расказаць, што трэба зрабіць, каб вызваліць яе ад чараў. А паколькі няма аб чым мне больш з табой размаўляць, то і няма чаго мне тут заставацца. Значыць, чэрці — з табой, такія ж якраз, як я, а з вамі, сеньёры, — добрыя анёлы.

Вымавіўшы гэтыя словы, ён затрубіў у свой страшэнны рогі, не чакаючы адказу, павярнуў каня і знік.

Усе зноў здзівіліся, асабліва Санча і Дон Кіхот: Санча — таму, што ўсе насуперак ісціне аднагалосна сцвярджалі, што Дульцынея зачаравана, Дон Кіхот жа — таму, што ён сам не быў упэўнены, ці сапраўды адбываліся з ім розныя падзеі ў пячоры Мантэсінаса. І ён усё яшчэ быў заняты гэтымі думкамі, калі герцаг спытаў яго:

— Вы намераны чакаць, сеньёр Дон Кіхот?

— А як жа інакш? — адказаў Дон Кіхот. — Калі нават на мяне ўсё пекла апалчылася, я ўсё роўна буду чакаць — бясстрашна і непахісна.

— Ну а калі мне давядзецца ўбачыць яшчэ аднаго чорта і пачуць другі такі рог, — аб’явіў Санча, — то я ўжо буду чакаць дзе-небудзь у Фландрыі.

Тым часам стала зусім цёмна, і ў лесе замільгалі агеньчыкі, падобныя да таго як у небе мільгаюць сухія зямныя выпарэнні, якія нашаму позірку ўяўляюцца знічкамі. Услед за тым пачуўся жахлівы шум, нібы зарыпелі колы павозак, запрэжаных валамі, кажуць, быццам бы гэта несціханае і пранізлівае рыпенне палохае нават ваўкоў і мядзведзяў. Да гэтага бедства далучылася новае, горшае за ранейшае, а іменна, прысутным падалося, быццам на ўсіх чатырох канцах лесу адначасова адбываюцца сутычкі і бітвы, бо вунь у тым баку чуўся цяжкі і пагражальны грукат гарматаў, там ішла частая страляніна з мушкетаў, дзесьці зусім блізка гучалі воклічы байцоў, здалёку даляталі няспынныя крыкі маўраў: “Ала іл ала!” Адным словам, карнеты, паляўнічыя рогі, ражкі, кларнеты, трубы, барабаны, гарматы, аркебузы, а галоўнае, жахлівы рып павозак — усё злівалася ў такі бязладны і такі страшэнны гук, што Дон Кіхоту, каб не завагацца, давялося сабраць усю сваю мужнасць, між тым як Санча схібіў і непрытомны паваліўся на зямлю. Герцагіня загадала пырснуць яму ў твар вадой. Яго апырскалі, і апрытомнеў ён якраз у тую хвіліну, калі паказалася адна з павозак на рыпучых колах.

Павозку цягнула чацвёрка лянівых валоў, накрытых чорнымі гунькамі; да рагоў кожнага з іх быў прывязаны вялікі запалены факел з воску, а на самой калясніцы было прыладжана высокае сядзенне, на якім размясціўся паважны стары з доўгаю, ніжэй пояса, барадою, бялейшай за снег, адзеты ў шырокую хламіду з чорнага палатна; калясніца была ярка асветлена, а таму адрозніць і заўважыць усё, што на ёй было, не з’яўлялася цяжкасцю. Абавязкі вазака выконвалі два пачварныя дэманы, апранутыя ў такія ж палатняныя балахоны, і морды ў іх былі такія агідныя, што Санча, ледзь зірнуўшы, адразу ж зажмурыўся, каб больш іх не бачыць. Калі ж калясніца параўнялася са стаянкай, паважны стары падняўся са свайго высокага сядзення і, выцягнуўшыся на ўвесь рост, гучна закрычаў:

— Я мудрэц Ліргандэй179!

Больш ён нічога не сказаў, і калясніца пакаціла далей. Затым паказалася другая такая ж калясніца са старым на троне; стары падаў знак, калясніца спынілася, і тады ён не менш урачыста, чым першы, абвясціў:

— Я — мудрэц Алкіф, шчыры прыяцель Урганды Няўлоўнай!

І паехаў далей.

Услед за тым гэткім жа чынам пад’ехала трэцяя калясніца, аднак жа на гэты раз на троне сядзеў не стары, а рыжы дзяцюк з разбойніцкай мордай; пад’ехаўшы, ён падняўся з месца, як і тыя два, і яшчэ больш хрыплым і злосным голасам сказаў:

— Я чараўнік Аркалай180, закляты вораг Амадыса Гальскага і ўсіх падобных на яго!

І паехаў далей.

Ад’ехаўшы крыху ўбок, усе тры калясніцы спыніліся, дакучлівы рып колаў заціх, у лесе ўсталявалася поўная цішыня, і тады загучала музыка, пяшчотная і гарманічная, ад чаго Санча ўзрадаваўся, бо палічыў гэта добрай прыметай; і тут ён звярнуўся да герцагіні, ад якой увесь гэты час не адыходзіў ні на крок і ні на адно імгненне, з такімі словамі:

— Сеньёра, дзе іграе музыка, там не можа быць нічога дрэннага.

— Гэтак жа якраз і там, дзе ўспыхваюць агеньчыкі і дзе светла, — адклікнулася герцагіня.

Санча ж ёй запярэчыў:

— Успышкі — гэта ад пальбы, а святло бывае ад вогнішчаў, вось як зараз вакол нас, і яны яшчэ выдатна могуць нас падсмажыць, а ўжо дзе музыка — там, напэўна, святкуюць і весяляцца.

— Гэта яшчэ невядома, — сказаў Дон Кіхот, які чуў усю гэту размову.

І ён меў рацыю, як гэта будзе відаць з наступнага раздзела.


Раздзел XXXII, у якім працягваецца аповед аб тым, як Дон Кіхотдаведаўся пра спосаб вызваліць ад чараў Дульцынею, а таксама і аб іншых і дзіўных здарэннях

Тут усе ўбачылі, што пад гукі гэтай прыемнай музыкі да іх набліжаецца штосьці накшталт трыумфальнай калясніцы, запрэжанай шасцерыком гнядых мулаў, накрытых белымі гунькамі, і на кожным з мулаў сядзеў у белым адзенні, з вялікім запаленым васковым факелам у руцэ чалавек, які каяўся. Была гэта калясніца разы ў два,а то і ў тры большая за ранейшыя, на самой калясніцы і па краях яе размяшчалася яшчэ дванаццаць чалавек, якія каяліся, у беласнежным адзенні і з запаленымі факеламі, такое відовішча захапляла і палохала, а на высокім троне сядзела німфа пад мноствам пакрывалаў з серабрыстай тканіны, цалкам усыпаных залатымі бліскаўкамі, што надавала не надта багатаму яе ўбору асаблівую яркасць. Твар яе быў прыкрыты празрыстым і лёгкім газам, праз яго складкі праглядвалі чароўныя дзявочыя рысы, а мноства факелаў, якія асвятлялі яе, дазвалялі меркаваць аб прыгажосці яе і ўзросце, — узрост жа яе, відаць, не дасягаў дваццаці год і быў не меншы за сямнаццаць. Побач з ёю сядзела фігура пад чорным пакрывалам, у адзенні, якое даходзіла да пят, з доўгім шлейфам.

Калясніца спынілася перад герцагам, герцагіняю і Дон Кіхотам, і ў тое ж імгненне на ёй змоўклі гукі габояў, арфаў і лютняў, фігура ж паднялася з месца, расхінула сваё доўгае адзенне, адкінула пакрывала, і тут усе выразна ўбачылі, што гэта сама Смерць, кашчавая і пачварная, зірнуўшы на якую, Дон Кіхот здрыгануўся, Санча спужаўся, і нават герцагу з герцагіняй стала не па сабе.

Падняўшыся і выцягнуўшыся на ўвесь рост, гэта жывая Смерць крыху сонным голасам і языком, які злёгку заплятаўся, загаварыла так:

Я той Мярлін181, што, паводле паданняў,

Быў чортавым сынам (і гэта хлусня

Праз многа стагоддзяў укаранілася),

Нягледзячы ж на тое, што чараўнікам, 

І ведзьмакам, і магам уласцівы

Суровы, рэзкі, жорсткі нораў, 

Пяшчотны я, лагодны, шчадралюбны 

І рад дабро рабіць заўсёды людзям.


Да неасвечаных пячораў Дзіта182,

Дзе паглыбляўся дух мой у абрысы

Шматлікіх ромбаў і пісьмёнаў,

Данёсся сумны голас найцудоўнай 

І незямной Табоскай Дульцынеі.

Я зразумеў, што страшным чараўніцтвам

Са знатнай дамы ператворана

Яна ў сялянку. І, шкадуючы яе,

Да вас прыехаў палажыць канец

Нягодзе гэтай цяжкай, нечуванай.

Даведайся, о дзеяч спраў высокіх,

Заслужана праслаўлены, прачуй,

Адважны і разумны Дон Кіхот, 

Іспаніі святло, Ламанчы золак,

Што каб вярнуўся выгляд той ранейшы

Да сонечнай Табоскай Дульцынеі,

Твой верны Санча сам сабе павінен

Тры тысячы і трыста бізуноў уклёіць,

Ды па магутных ягадзіцах голых

Дзесь на прасторы вольным, толькі ж так,

Каб аж пякло, свярбела і шчыпала.

З высноваю такою згодны ўсе,

Хто вінаваты ў гораснай бядзе яе, І з гэтым я прыйшоў, мае сеньёры.

— Ды ну цябе! — ускрыкнуў тут Санча. — Якое там тры тысячы, — для мяне і тры ўдары бізуном усё роўна што тры ўдары кінжалам. Ідзі ты к чорту з такім спосабам вызваляць ад чараў! He разумею, якія адносіны маюць мае ягадзіцы да чараў! Далібог, калі толькі сеньёр Мярлін не знойдзе іншага спосабу зняць чары з сеньёры Дульцынеі Табоскай, то няхай яна і ў магілу сыдзе зачараваная!

— А вось я зараз схаплю вас, дрэнь паганая, — загаварыў Дон Кіхот, — у чым маці нарадзіла прывяжу да дрэва і не тое што тры тысячы трыста бізуноў, а і ўсе шэсць тысяч шэсцьсот уляплю, ды так, што курчыцеся вы хоць тры тысячы трыста разоў, яны ўсё роўна не адлепяцца. І не думайце пярэчыць, інакш я з вас душу вытрасу!

Але тут умяшаўся Мярлін:

— He, так нельга! На гэту лупцоўку добры Санча павінен пайсці добраахвотна, а не прымусова, і прытым — калі ён сам пажадае, бо ніякага пэўнага тэрміну не ўстаноўлена. Апрача таго, лупцоўка будзе скарочана ўдвая, калі толькі ён дасць згоду, каб другую палову ўдараў нанесла яму чужая рука, хоць бы і важкая.

— Hi чужая, ні ўласная, ні важкая, ні бязважкая, — аб’явіў Санча, — ніякая рука не павінна мяне чапаць! Хіба я нарадзіў сеньёру Дульцынею Табоскую? Дык чаму ж мне сваімі ягадзіцамі даводзіцца расплачвацца за яе грэшныя вочы? Вось мой пан ужо сапраўды з’яўляецца часткай яе самой, бо ён бесперапынна называе яе сваім жыццём, душою, апорай і падтрымкай, і ён можа і павінен адхвастаць сябе дзеля яе і зрабіць усё, абы толькі яна была пазбаўлена ад чараў, але каб я сябе пачаў хвастаць?.. Нізашто!

Толькі паспеў Санча гэта сказаць, як серабрыстая німфа, якая сядзела побач з духам Мярліна, ускочыла, адкінула тонкае пакрывала, пад якім быў незвычайнай прыгажосці твар, і, звяртаючыся непасрэдна да Санча Пансы, з нібы мужчынскай бесцырымоннасцю і не вельмі пяшчотным голасам загаварыла:

— О няшчасны збраяносец, барановая твая галава, дубовае сэрца, каменныя і крамянёвыя вантробы! Калі б табе загадалі, нахабная морда, кінуцца з высокай вежы на зямлю, калі б цябе папрасілі, вораг чалавечага роду, зжэрці тузін жаб, два тузіны яшчарак і тры тузіны змей, калі б цябе ўгаворвалі па-зверску зарэзаць жонку і дзяцей крывою і востраю шабляю, то тваё крыўлянне і адвільванне нікога б не здзівілі, але надаваць значэнне тром тысячам тромстам бізунам, у той час як любы паганы хлапчук штомесячна атрымлівае столькі ж, — вось што здзіўляе, уражвае, жахае ўсе добрыя душы, якія слухаюць тут твае словы, і жахне яшчэ ўсіх тых, якія з цягам часу аб гэтым даведаюцца. Утароп, гнюсная, бяздушная жывёліна, утароп, кажуць табе, свае лупачы, як у перапалоханага філіна, на мае вочы, падобныя да зіхоткіх зорак, і ты ўбачыш, як плынь за плынню і ручай за ручаём струменяцца з іх слёзы, утвараючы прамывіны, канаўкі і дарожкі на прыгожых раўнінах маіх шчок. Злітуйся, шэльма і шкодная пачвара, над квітнеючымі маімі гадамі, якія да гэтага часу не перавалілі за другі дзесятак: мне ж усяго толькі дзевятнаццаць, а дваццаці яшчэ няма, і вось я чэзну і вяну пад грубай мужчынскай абалонкай, і калі я зараз не здаюся мужычкаю, то гэта дзякуючы прысутнаму тут сеньёру Мярліну, які зрабіў мне асаблівую ласку толькі для таго, каб мая прыгажосць цябе кранула, бо слёзы тужлівай прыгажуні ператвараюць скалы ў бавоўну, а тыграў — у авечак. Сцябай жа, сцябай сябе па мясу,жывёліна неймаверная, разбудзі сваю адвагу, якая скіравана ў цябе на абжорства, і вярні мне пяшчоту скуры, лагоднасць нораву і прыгажосць твару! Калі ж дзеля мяне ты не пажадаеш памякчэць і прыйсці да разумнага рашэння, то адважся хоць бы дзеля няшчаснага гэтага рыцара, што стаіць каля цябе, гэта значыць дзеля твайго пана, душа якога мне зараз відаць: яна засела ў яго ў горле на адлегласці дзесяці пальцаў ад губ і мае намер, у залежнасці ад таго, якім будзе твой адказ — ці суровы, ці спрыяльны, — вылецець з яго вуснаў або вярнуцца да яго ў чэрава.

Пры гэтых словах Дон Кіхот памацаў сабе горла і, звяртаючыся да герцага, сказаў:

— Клянуся богам, сеньёр, Дульцынея гаворыць праўду: душа і сапраўды засела ў мяне ў горле, быццам арбалетнае ядзерца.

— Я б хацеў ведаць, — загаварыў Санча, — дзе гэта мая пані сеньёра донна Дульцынея Табоская чула, каб так прасілі: сама ж дамагаецца ад мяне, каб я згадзіўся сабе шкуру спусціць, і абзывае мяне пры гэтым барановай галавой, жывёлінай неймавернай і лае на чым свет стаіць, так што сам чорт выйшаў бы з цярплівасці. Ды што, на самай справе, цела ў мяне каменнае або мяне хоць трохі тычыцца, зачаравана яна ці не? Іншая, каб задобрыць, кошык бялізны з сабой прывезла б, кашуль, хусцінак і чаравікаў, хоць я іх і не нашу, а гэта толькі і ведай сварыцца. Відаць, забылася, як у нас кажуць: наўюч асла золатам — ён табе і на гару бягом пабяжыць, а падарункі скалу прабіваюць, а ў бога прасіць не саромейся, але і папрацаваць для яго не лянуйся, і сініца ў руках лепш за жураўля ў небе. А тут яшчэ мой пан, замест таго каб мяне ўлагодзіць і па шэрстцы пагладзіць, — ён, маўляў, тады стане мяккі, як воск, ляпі з яго што хочаш, — аб’яўляе, што схопіць мяне, прывяжа голым да дрэва і ўсыпле двайную порцыю розгаў. І няхай усе гэтыя сумныя сеньёры зразумеюць, што яны дамагаюцца лупцоўкі не якога-небудзь там збраяносца, а губернатара, — падымай, як кажуць, вышэй. He, ліха іх вазьмі, няхай спачатку навучацца прасіць, навучацца ўгаворваць і стануць больш ветлівымі,а то дзень да дня не падобны, і не заўсёды чалавек у настроі бывае. Я зараз гатовы лопнуць ад прыкрасці, што мой зялёны паўкафтан у шматках, а тут яшчэ мяне просяць, каб я даў сябе выхвастаць па ўласным жаданні, а мне гэтага так хочацца, як усё роўна ператварыцца ў касіка183!

— Скажу табе шчыра, дружа Санча, — прамовіў герцаг, — што калі ты не зробішся мякчэйшым за спелы інжыр, то не атрымаеш вострава. Хіба ў мяне хопіць сумлення паслаць да маіх астравіцян бессардэчнага губернатара, чыё каменнае сэрца не крануць ні слёзы пакутных дзяўчат, ні просьбы разумных, магутных і старажытных чараўнікоў і мудрацоў? Адным словам, Санча, ці ты сам сябе адхвошчаш, ці цябе адхвошчуць, ці не быць табе губернатарам.

— Сеньёр, — сказаў Санча, — ці нельга даць мне два дні тэрміну, каб я падумаў, як лепш зрабіць?

— Hi ў якім разе, — запярэчыў Мярлін. — Гэта справа павінна быць вырашана тут жа і ў гэту хвіліну: альбо Дульцынея вернецца ў пячору Мантэсінаса і зноў набудзе выгляд сялянкі, альбо ў тым выглядзе, які яна мае зараз, яе ўзнясуць у Елісейскія палі, і там яна будзе чакаць, пакуль належная колькасць розгаў не будзе адлічана поўнасцю.

— Ну ж, добры Санча, — сказала герцагіня, — набярыся храбрасці і адплаці дабром за хлеб, які ты еў у свайго пана Дон Кіхота. Усе мы абавязаны рабіць яму паслугі і ўлагоджваць яго за добры нораў і высокія рыцарскія ўчынкі. Дай жа, дружа, сваю згоду і не бойся: ты ж сам добра ведаеш, што храбрае сэрца злую долю ламае.

Замест адказу Санча павёў такую недарэчную размову:

— Будзьце ласкавы, сеньёр Мярлін, растлумачце мне: сюды пад выглядам ганца з’яўляўся чорт і ад імя Мантэсінаса сказаў майму пану, каб той чакаў яго тут, бо ён сам, маўляў, сюды прыбудзе і навучыць, як вызваліць ад чараў сеньёру донну Дульцынею Табоскую, але да гэтага часу мы ніякага Мантэсінаса ў вочы не бачылі.

Мярлін жа яму на гэта адказаў так:

— Дружа Санча, гэты чорт — невук і вельмі вялікі нягоднік: я пасылаў яго да твайго пана з даручэннем зусім не ад Мантэсінаса, а ад сябе самога, Мантэсінас жа сядзіць у сваёй пячоры і, можна сказаць, чакае не дачакаецца, каб яго вызвалілі ад чараў, так што ён і рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Калі ж ён у цябе ў даўгу альбо калі ў цябе ёсць да яго справа, то я хутка табе яго прывязу і адвяду, куды скажаш. А пакуль што згаджайся хутчэй на лупцоўку, — запэўніваю цябе, што гэта будзе табе вельмі карысна як для душы, так і для цела: для душы — таму што ты тым самым робіш добрую справу, а для цела таму што, наколькі мне вядома, ты чалавек паўнакроўны і лёгкае кровапусканне не можа табе пашкодзіць.

— Надта многа лекараў развялося на свеце: чараўнікі — і тыя лекарамі зрабіліся! — зазначыў Санча. — Ну, калі ўсе мяне ўгаворваюць, хоць сам жа я гляджу на гэту справу па-іншаму, так і быць, я згодзен нанесці сабе тры тысячы трыста ўдараў бізуном з умовай, аднак жа, што я буду сябе лупцаваць, калі мне гэтага захочацца, і што ніхто мне не будзе ўказваць дзень і час. Я ж, са свайго боку, пастараюся справіцца з гэтым па магчымасці хутчэй, каб усе маглі палюбавацца прыгажосцю сеньёры донны Дульцынеі Табоскай, а яна ж, звыш чакання, відаць, і на самай справе прыгажуня. Яшчэ я стаўлю ўмовай, што я не абавязаны хвастаць сябе да крыві і што калі іншыя ўдары толькі мух спудзяць, усё-такі яны будуць мне залічаны. Таксама, калі я саб’юся з ліку, то няхай сеньёр Мярлін, які ўсё ўмее, патурбуецца падлічыць і паведаміць мне, колькі не хапае або колькі лішку.

— Пра лішак паведамляць не давядзецца, — запярэчыў Мярлін, — як толькі належная колькасць удараў будзе адлічана, сеньёра Дульцынея раптоўна вызваліцца ад чараў і з пачуццём удзячнасці з’явіцца падзякаваць добраму Санча і нават узнагародзіць яго за добрую справу. Так што ні пра лішак, ні пра недахоп ты не турбуйся, ды і неба не дазволіць мне хоць на волас цябе падмануць.

— Ну, дык госпадзі благаславі! — усклікнуў Санча. — Я скараюся горкай маёй долі.

Толькі Санча паспеў гэта вымавіць, як зноў затрубілі трубы, зноў затрашчалі незлічоныя аркебузныя выстралы, а Дон Кіхот кінуўся Санча на шыю і пачаў цалаваць яго ў лоб і ў шчокі. Герцагіня, герцагі ўсе іншыя выказалі сваё захапленне, і калясніца кранулася з месца; і пры ад’ездзе Дульцынея пакланілася герцагу з герцагіняй і асабліва нізка — Санча Пансу.

А між тым на небе ўсё ярчэй разгараўся досвітак, радасны і ўсмешлівы, палявыя кветкі паднімалі галоўкі, а хрустальныя воды ручайкоў, што журчалі паміж белых і жоўтых каменьчыкаў, панеслі сваю даніну рэкам, якія чакалі іх. Радасная зямля, яснае неба, празрыстае паветра, яркае святло — усё гэта і разам і паасобку абвяшчала, што дзень, які імкнуўся ўслед за Аўрорай, абяцае быць ціхім і ясным. Герцаг жа і герцагіня, задаволеныя паляваннем, а таксама і тым, як дасціпна і шчасліва дасягнулі яны сваёй мэты, вярнуліся да сябе ў замак з намерам распачаць што-небудзь новае, бо гэта было для іх самае вялікае задавальненне.


Раздзел XXXIII. Аб парадах, якія Дон Кіхот даў Санча Пансу перад тым, як той адправіўся кіраваць востравам,а таксама і аб іншых вельмі важных рэчах

На другі дзень герцагіня спытала Санча, ці пачаў ён прынятае ім на сябе пакаянне, неабходнае для таго, каб вызваліць ад чараў Дульцынею. Санча адказаў, што пачаў і мінулай ноччу ўжо нанёс сабе пяць удараў. Герцагіня спытала, чым іменна ён іх нанёс. Санча адказаў, што рукою.

— Гэта пляскач, а не лупцоўка, — заўважыла герцагіня. — Я пераканана, што такая мяккасць абыходжання з самім сабой не спадабаецца мудраму Мярліну. Добры Санча, выберы ж ты для сябе бізун з шыпамі або з вузламі, — так будзе больш адчувальна. Нездарма ж сцвярджае прыказка, што і для навучання карысна хвастанне, а свабоду такой знатнай асобы, як Дульцынея, так танна, такой мізэрнай цаной здабыць нельга. І яшчэ прымі да ведама, Санча, што добрыя справы, якія робяцца вяла і гультаявата, не залічваюцца і зусім нічога не варты.

На гэта Санча адказаў так:

— А вы дайце мне, ваша светласць, бізун або вяроўку, якую лепшую, і я буду сябе сцябаць, толькі не вельмі балюча, бо ведайце, ваша міласць, што хоць я і просты чалавек, а цела ў мяне не з палатна, а хутчэй з бавоўны, і калечыць сябе дзеля чужой карысці — гэта не справа.

— У добры час, — сказала герцагіня. — Заўтра я выберу бізунчык якраз па табе, і тваёй пяшчотнай скуры ён палюбіцца, як родны брат.

Затым Санча сказаў герцагіні:

— Да ведама вашай светласці, дарагая мая сеньёра, я напісаў пісьмо маёй жонцы Тэрэсе Панса і паведаміў ёй аб усім, што са мной адбылося, з таго часу як мы з ёю рассталіся. Пісьмо ў мяне тут, за пазухай, застаецца толькі надпісаць адрас, і мне б хацелася, каб ваша разважлівасць яго прачытала, бо мне здаецца, што яно напісана па-губернатарску, гэта значыць так, як павінны пісаць губернатары.

— А хто ж яго прыдумаў? — пацікавілася герцагіня.

— Хто ж, як не я, грэшны? — сказаў Санча.

— I сам жа і напісаў? — працягвала дапытвацца герцагіня.

— Дзе там! — адказаў Санча. — Я не ўмею ні чытаць, ні пісаць, я магу толькі паставіць свой подпіс.

— Ну што ж, паглядзім, — прамовіла герцагіня. — Я ўпэўнена, што ў гэтым пісьме ты выказаў свае бліскучыя разумовыя здольнасці.

Санча дастаў з-за пазухі і працягнуў герцагіні незапячатанае пісьмо, у якім змяшчалася наступнае:

Пісьмо Санча Пансы яго жонцы, Тэрэсе Панса “Хоць і добра мяне адлупцавалі, затое я добра вярхом пракаціўся; хоць і будзе ў мяне добры востраў, але за гэта не мінуць мне добрай лупцоўкі. Зараз ты ўсяго гэтага не зразумееш, мілая Тэрэса, але потым я табе растлумачу. Хай будзе табе вядома, Тэрэса, цвёрдае маё рашэнне: табе патрэбна ездзіць у карэце184, інакш табе не падыходзіць, бо ездзіць як-небудзь па-іншаму — гэта для цябе цяпер усё роўна што поўзаць ракам. Ты жонка губернатара, глядзі ж: у цябе ўсё павінна быць так, каб камар носа не падтачыў! Да гэтага дадаю зялёны паляўнічы кафтан, які мне падарыла сеньёра герцагіня, — прыкінь, ці не выйдуць з яго спадніца і кофта для нашай дачкі. У тутэйшых мясцінах кажуць, што мой пан Дон Кіхот — звар’яцелы разумнік і забаўны дзівак і што я яму выдатная пара. Пабывалі мы ў пячоры Мантэсінаса, а мудры Мярлін наконт вызвалення ад чараў Дульцынеі Табоскай, якую, зрэшты, усе яе землякі завуць Альдонсай Ларэнса, выбраў мяне: мне неабходна нанесці сабе тры тысячы трыста ўдараў, за вылікам тых пяці, што я ўжо нанёс, і тады яна будзе цалкам вызвалена ад чараў, не горш за нас з табой. Аб гэтым ты нікому не кажы,а то вынесеш смецце з дому і пойдуць плёткі. Праз некалькі дзён я адпраўляюся губернатарнічаць з велізарным жаданнем зарабіць грошы, — мне казалі, што ўсе нановапрызначаныя кіраўнікі адбываюць з такім жа якраз жаданнем. Я там агледжуся і тады адпішу, варта табе прыязджаць ці не. Шэры здаравусенькі і нізка табе кланяецца, а я яго ні за што не кіну, хоць бы мяне зрабілі султанам турэцкім. Сеньёра герцагіня тысячу разоў цалуе твае ручкі, а ты ёй пацалуй дзве тысячы разоў, бо, як кажа мой пан, пачцівасць — гэта самая танная рэч на свеце, якая ні да чаго не абавязвае. Бог не пажадаў паслаць мне яшчэ адзін чамаданчык з сотняй эскуда, як у мінулую паездку, але ты, мілая Тэрэса, не засмучайся: казла пусцілі ў агарод, і на пасадзе губернатара мы сваё возьмем. Адно толькі моцна мяне непакоіць: кажуць, калі гэтага хоць аднойчы паспытаеш, то язык праглынеш, і вось, калі так яно і будзе, то губернатарства не танна мне абыдзецца. Зрэшты, калекам і ўбогім падаюць столькі міласціны, што яны жывуць, як канонікі. Вось і выходзіць, што не так, дык гэтак, а ты ў мяне, трэба спадзявацца, разбагацееш. Няхай пашле табе бог шчасця, а мяне няхай беражэ ён дзеля цябе.

Пісана ў гэтым замку 1614 года

ліпеня 20 дня.

Твой муж, губернатар

Санча Панса”.

Герцагіня прачытала пісьмо і сказала Санча:

— У двух месцах вы, добры губернатар, крыху памыліліся. Па-першае, вы паведамляеце і тлумачыце, што губернатарства было вам падаравана за тое, што вы згадзіліся сябе адлупцаваць, а між тым вы самі добра ведаеце і не пачнеце адмаўляць, што калі мой муж, герцаг, абяцаў вам губернатарства, то ніякая лупцоўка вам яшчэ і ў сне не снілася. Па-другое, вы тут выказалі празмерную карыслівасць. Але ж пагонішся за прыбыткам, а вернешся са стратай, і прагны кіраўнік вершыць несправядлівы суд.

— Я зусім не тое хацеў сказаць, сеньёра, — заўважыў Санча, — і калі ваша міласць лічыць, што пісьмо напісана не так, як трэба, то мы яго ўмомант парвём і напішам новае, але толькі яно можа выйсці яшчэ горшым, калі я даверуся сваёй уласнай кемлівасці.

— He, не, — запярэчыла герцагіня, — гэта добрае пісьмо, я хачу паказаць яго герцагу.

Герцаг быў у захапленні ад пісьма. Ён сказаў Санча, каб той прывёў сябе ў належны парадак і быў гатовы заняць пасаду губернатара, бо астравіцяне чакаюць яго, маўляў, як майскага дожджыку.

— Я дару табе самы сапраўдны востраў, вельмі ўрадлівы і багаты, — дадаў герцаг.

— Я не дзеля карыслівасці нацэльваюся ў высокія начальнікі і залятаю ў панскія палацы, — зазначыў Санча, — проста мне хочацца паспрабаваць, якое яно, гэта губернатарства.

— Раз паспрабуеш, Санча, — язык праглынеш, — запярэчыў герцаг, — бо няма нічога саладзейшага — камандаваць і бачыць, што табе падпарадкоўваюцца. Maгy ручацца, што калі твой пан зробіцца імператарам, — а мяркуючы па тым, як ідуць яго справы, ён будзе ім абавязкова, — то гэтага сану ніякімі сіламі ў яго ўжо не адбярэш, і ў глыбіні душы ён будзе шкадаваць і крыўдаваць, што так позна стаў імператарам.

— Сеньёр, — аб’явіў Санча, — я лічу, што камандаваць заўсёды прыемна, хоць бы нават авечай чарадой.

— У нас з табой, Санча, густы супадаюць, і ва ўсім жа ты разбіраешся, — зазначыў герцаг. — Я спадзяюся, што і кіраваць ты будзеш гэтак жа мудра, як мудра выказваешся. Ну, вось пакуль і ўсё, помні толькі, што ты адправішся кіраваць востравам не пазней як заўтра, а сягоння вечарам табе выдадуць адпаведнае твайму новаму званню адзенне і збяруць у дарогу.

— Няхай апранаюць як хочуць, — сказаў Санча, — я ў любым уборы застануся Санча Пансам.

— І то праўда, — згадзіўся герцаг. — Але ўсё-такі адзенне павінна адпавядаць роду заняткаў і займаемай пасадзе: так, напрыклад, заканазнаўцу няёмка апранацца як салдат, а салдату — як свяшчэннік. Ты ж, Санча, будзеш апрануты напалову як судзейскі, а напалову як военачальнік, бо на тым востраве, які я табе дару, вайскоўцы гэтак жа патрэбны, як і вучоныя, а вучоныя — гэтак жа, як і вайскоўцы.

— Вось па вучонай справе я якраз слабаваты, — прызнаўся Санча, — я нават азбукі — і той не ведаю. Зрэшты, добры губернатар павінен умець замест подпісу крыжык паставіць — і добра. Калі ж мне выдадуць зброю, то, з божай дапамогай, я не выпушчу яе з рук, пакуль не павалюся.

— Заўсёды прытрымлівайся гэтых высокіх меркаванняў, Санча, і ты пазбегнеш памылак, — заўважыў герцаг.

У гэты час увайшоў Дон Кіхот і, даведаўшыся, аб чым ідзе размова, і што Санча спешна прымае стырно ўлады, узяў яго за руку і з дазволу герцага павёў да сябе, каб даць парады, як яму на той пасадзе належыць сябе паводзіць.

Такім чынам, увайшоўшы ў свой пакой, ён зачыніў дзверы, амаль сілай усадзіў Санча побач з сабою і знарок павольна загаварыў:

— Я бясконца ўдзячны богу, дружа Санча, за тое, што перш чым шчасце ўсміхнулася мне, на цябе звалілася такая ўдача. Я спадзяваўся, што шчаслівы выпадак дапаможа мне ўзнагародзіць цябе за верную службу, і вось я толькі-толькі пачынаю дабівацца поспехаў, а твае надзеі раней часу і насуперак разумнаму сэнсу ўжо збыліся. Некаторыя ідуць на подкуп, дакучаюць, хадайнічаюць, устаюць на досвітку, выпрошваюць, упарта дамагаюцца — і мэты сваёй, аднак жа, не дасягаюць, а іншы, невядома як і чаму, адразу атрымлівае пасаду і службу, якой дамагаліся вельмі многія і тут дарэчы і да месца будзе прывесці прыказку, што, як, маўляў, ні старайся, а на ўсё — лёс. Па мне, ты — даўбешка і нічога больш, ты на досвітку не ўставаў, дапазна не заседжваўся, ты пальцам не паварушыў, але да цябе дакрануўся дух вандроўнага рыцарства і вось ты ўжо, без дай прычыны, губернатар вострава. Усё гэта, Санча, я кажу для таго, каб ты не прыпісваў уласным сваім заслугам зробленую табе ласку, — не, раней падзякуй усявышняму, які бацькоўскай рукою ўсё накіроўвае да дабра, а затым падзякуй ордэну вандроўнага рыцарства, поўны найвысокага высакародства. Такім чынам, пастарайся ўсім сэрцам успрыняць тое, што я табе сказаў, а затым, о сын мой, выслухай уважліва свайго Катона, які хоча даць табе парады і быць тваім павадыром і пуцяводнай зоркай, якая накіравала і вывела б цябе да ціхага прыстанку з таго бурнага мора, куды ты намерваешся выйсці, бо пасады і высокія прызначэнні — не што іншае, як бяздонны вір смуты.

Перш за ўсё, сын мой, табе трэба баяцца бога, бо страх перад богам змяшчае мудрасць; будучы ж мудрым, ты пазбегнеш памылак.

Па-другое, зазірні ў сябе і пастарайся сябе пазнаць, пазнанне ж гэта — найцяжэйшае з усіх, якія толькі могуць быць. Пазнаўшы самога сябе, ты ўжо не будзеш надзімацца, быццам жаба, якая захацела зраўняцца з валом; калі ж будзеш, то, як паўлін, які збянтэжана хавае свой пышны хвост, гледзячы на свае нязграбныя ногі, ты міжволі будзеш хаваць хвост безразважнай сваёй ганарыстасці пры думцы аб тым, што ў родным краі ты некалі пасвіў свіней.

— Справядліва, — згадзіўся Санча, — але ў той час я хлопчыкам быў, а калі падрос крышку, то ўжо гусей пасвіў, а не свіней. Але толькі, думаецца мне, гэта да справы не адносіцца: не ўсе ж кіраўнікі з каралеўскага роду.

— Твая праўда, — заўважыў Дон Кіхот, — і вось чаму людзям паходжання нязнатнага, якія займаюць важныя пасады, неабходна праяўляць мяккасць і памяркоўнасць, што ў спалучэнні з разважлівай асцярожнасцю пазбаўляюць ад злоснага паклёпу, а інакш ад яго ні на якой пасадзе не ўберажэшся.

Аб сваёй нязнатнасці, Санча, гавары з гонарам і прызнавайся не чырванеючы, што ты з сялян, бо нікому не прыйдзе ў галаву цябе гэтым сарамаціць, калі ты сам гэтага не саромеешся; увогуле імкніся да таго, каб стаць лагодным праведнікам, а не пыхлівым грэшнікам. Безліч людзей, народжаных беднымі, дасягнулі найвысокіх прыступак і былі ўзведзены ў сан першасвяшчэнніцкі або імператарскі, прыкладаў чаго я мог бы прывесці столькі, што ты стаміўся б мяне слухаць.

Помні, Санча: калі ты станеш на шлях дабрадзейнасці і будзеш старацца рабіць добрыя справы, то табе не давядзецца зайздросціць справам князёў і сеньёраў, бо кроў атрымліваецца ў спадчыну, а дабрадзейнасць набываецца, і яна мае каштоўнасць самастойную, у адрозненне ад крыві, якая такой каштоўнасці не мае.

А раз так, то ў выпадку, калі хтосьці са сваякоў тваіх надумае наведаць цябе на тваім востраве, то не выганяй яго і не крыўдзі, а наадварот, прымі з гонарам і ласкава, — гэтым ты дагодзіш богу, які не любіць, калі грэбуюць кім-небудзь з яго стварэнняў, і разам з тым выканаеш мудры закон прыроды.

А прывядзеш з сабою жонку (бо нядобра, калі людзі, закліканыя да выканання службовых сваіх абавязкаў на доўгі тэрмін, знаходзяцца ў расстанні з жонкамі), то павучай яе, навучай і шліфуй прыродную яе грубасць, бо што разумны губернатар набыў, тое можа пагубляць і марна страціць неразумная і грубая жонка.

Калі ты аўдавееш (што заўсёды можа здарыцца) і дзякуючы свайму становішчу больш выгадна ажэнішся, то глядзі, як бы новая твая жонка не ператварылася ў вудачку з кручком і не пачала прыгаворваць: “Лавіся, лавіся, рыбка вялікая і маленькая”. Шчыра кажу табе, што за ўвесь хабар, які вымагае жонка суддзі, у дзень страшнага суда адкажа яе муж, і пасля смерці ён у чатырохкратным памеры заплаціць за тыя пабочныя крыніцы даходу, на якія ён пры жыцці не звяртаў увагі.

Hi ў якім разе не трымайся закону асабістага самавольства: гэты закон вельмі распаўсюджаны сярод невукаў, якія выдаюць сябе за разумнікаў.

Няхай слёзы бедняка выклічуць у цябе пры аднолькава моцным пачуцці справядлівасці больш спагады, чым скаргі багацея. Усяляк старайся выявіць ісціну, што б табе ні абяцаў і ні падносіў багацей і як бы ні рыдаў і ні прасіў бядняк.

У тых выпадках, калі можа і павінна мець месца паблажка, не асуджай вінаватага па ўсёй строгасці закону, бо слава суддзі суровага нічым не горшая за славу суддзі літасцівага.

А надарыцца, што калі-небудзь жазло правасуддзя сагнецца ў тваіх руках, то няхай гэта адбудзецца не пад цяжарам дароў, але пад націскам спагады.

Калі ж табе калі-небудзь давядзецца разбіраць судовую справу непрыяцеля твайго, то адганяй ад сябе ўсялякую думку аб нанесенай табе крыўдзе і думай толькі аб тым, на чыім баку праўда.

Няхай не асляпляе цябе пры разборы спраў асабістая прыхільнасць, інакш ты дапусціш памылкі, якія ў большасці выпадкаў немагчыма бывае выправіць, a калі і магчыма, то на шкоду добраму твайму імю і нават твайму багаццю.

Калі якая-небудзь прыгажуня будзе прасіць, каб ты за яе заступіўся, то адвядзі вочы ад яе слёз і вушы ад яе плачу і спакойна ўнікні ў сутнасць яе просьбы, інакш розум твой патоне ў яе слязах, а дабрадзейнасць твая — у яе ўздыхах.

Калі ты пакараеш каго-небудзь дзеяннем, то не карай яго яшчэ і словам, бо з няшчаснага дастаткова пакуты цялеснага пакарання і дадаваць да яе суровыя словы няма ніякай патрэбы.

Глядзі на вінаватага, які паўстане перад тваім судом, як на чалавека, вартага жалю, схільнага да слабасцей сапсаванай нашай прыроды, і, па магчымасці, не на страту супраціўнаму боку, будзь з ім літасцівы і добры, бо хоць усе ўласцівасці боскасці роўныя, аднак жа ў нашых вачах уласцівасць міласэрнасці больш прыгожая і больш цудоўная, чым уласцівасць усёправеднасці.

Калі ж ты, Санча, павучанні гэтыя і правілы выканаеш, то дні твае будуць доўгія, слава твая будзе вечная, узнагароду атрымаеш ты вялізную, шчасце тваё будзе невымоўнае, дзяцей ты ажэніш як захочаш, дзеці твае і ўнукі будуць мець ганаровае званне, і лёсам тваім будзе мір і ўсеагульная прыязнасць, a затым, у пару ціхай тваёй і глыбокай старасці, у вызначаны час па цябе з’явіцца смерць, і пяшчотныя, мяккія ручкі праўнукаў тваіх закрыюць табе вочы. Усе гэтыя павучанні павінны паслужыць для ўпрыгажэння тваёй душы, а цяпер паслухай павучанні, якія маюць сваёй мэтай упрыгажэнне цела.


Раздзел XXXIV. Аб другой частцы парад, дадзеных Дон Кіхотам Санча Пансу

Хто б з тых, хто чуў вышэйпрыведзеныя выказванні Дон Кіхота, не палічыў яго за чалавека зусім цвярозага розуму і поўнага самых добрых намераў? Але, як гэта на працягу нашай вялікай гісторыі не раз было зазначана, ён пачынаў плесці лухту, толькі калі размова заходзіла аб рыцарстве, разважаючы ж аб любым іншым прадмеце, ён выяўляў розум ясны і шырокі, так што ўчынкі яго нязменна разыходзіліся з яго меркаваннямі, а разважанні — з учынкамі; што ж тычыцца другой часткі правілаў, якім ён навучаў Санча, то тут ён выявіў дасціпнасць надзвычайную і ў разважлівасці сваёй і ў сваім вар’яцтве дайшоў да найвышэйшай кропкі. Санча слухаў яго з неаслабнай увагай і стараўся ўтрымаць у памяці яго парады: відаць было, што ён мае намер добра запомніць іх, каб з іх дапамогай нараджэнне новага губернатара прайшло паспяхова. Дон Кіхот між іншым працягваў:

— Адносна таго, як належыць трымаць свой дом і самога сябе, Санча, то перш за ўсё я раю табе прытрымлівацца чысціні і стрыгчы пазногці, а ні ў якім разе не адгадоўваць іх, як гэта робяць некаторыя, якія па некультурнасці сваёй уяўляюць, быццам доўгія пазногці ўпрыгожваюць рукі, між тым як калі не абстрыгаць брудныя гэтыя нарасці, то яны падобны да кіпцюроў драпежнай птушкі; гэта пачварная гадасць і неахайнасць.

Ніколі не хадзі, Санча, расперазаным і неахайным: бязладдзе ў адзенні — прымета расслабленасці духу.

Вызначы з наймагчымай дакладнасцю, наколькі важная твая пасада, і калі становішча, якое ты займаеш, дазваляе людзям тваім насіць ліўрэі, то паклапаціся, каб гэтыя ліўрэі былі не столькі яркія і пышныя, колькі добрыя і трывалыя, і размяркуй іх паміж сваімі лёкаямі і жабракамі, гэта значыць замест таго, каб апрануць шэсць слуг, лепш адзень трох слугі трох жабракоў, і тады ў цябе будуць слугі і на зямлі і на небе: гэты новы спосаб размеркавання ліўрэй не даступны разуменню людзей фанабэрыстых.

He ўжывай ні часнаку, ні цыбулі, каб па паху нельга было здагадацца, што ты з мужыкоў.

Хадзі павольна, гавары выразна, але не да такой ступені, каб можна было падумаць, быццам ты сам сябе слухаеш, бо ўсякая напышлівасць брыдкая.

У час абеду еш мала, а на вячэры яшчэ менш, бо здароўе ўсяго цела куецца ў кузні нашага страўніка.

У меру пі з тых меркаванняў, што чалавек, які выпіў лішняе, не захоўвае тайнаў і не выконвае абяцанняў.

He ўздумай, Санча, жаваць абедзвюма сківіцамі адразу, а таксама эрутаваць у прысутнасці каго б там ні было.

— Я не разумею, што азначае эрутаваць, — аб’явіў Санча.

Дон Кіхот жа яму патлумачыў:

— Эрутаваць, Санча, азначае адрыгваць; але гэта адно з самых грубых слоў ва ўсёй іспанскай мове, хоць яно і вельмі выразнае, а па гэтай прычыне людзі з пяшчотным слыхам выкарысталі латынь і слова адрыгваць замянілі словам эрутаваць, слова ж адрыгванне — словам эрутацыя.

— Слова гонару, сеньёр, — прамовіў Санча, — з усіх вашых парад і павучанняў я асабліва пастараюся запомніць вось гэта, наконт таго, каб не адрыгваць, таму што са мной гэта часта здараецца.

— He адрыгваць патрэбна гаварыць, Санча, а эрутаваць, — паправіў яго Дон Кіхот.

— З сённяшняга дня пачну гаварыць эрутаваць, — сказаў Санча, — не хвалюйцеся, я не забуду.

— Таксама, Санча, пакінь звычку ўстаўляць у сваю мову безліч прыказак, бо хоць прыказкі — кароткія выслоўі, аднак жа ты ў большасці выпадкаў прыцягваеш іх за валасы, вось чаму ў тваіх вуснах яны ўяўляюцца ўжо не выслоўямі, а проста-такі бязглуздзіцай.

— Ад гэтага адзін бог здольны мяне пазбавіць, — запярэчыў Санча, — бо ў галаве маёй больш прыказак, чым у кніжцы, і калі я гавару, яны круцяцца ў мяне на языку ўсе адразу, пхаюцца, кожную так і цягне зляцець раней за іншыя, аднак жа язык выбалботвае першую, якая трапляецца, хоць бы і зусім недарэчы. Ну, а цяпер я ўсё-такі пастараюся прыводзіць такія прыказкі, якія не прынізяць майго гонару, бо дзе багата жывуць, там імгненна і на стол падаюць, і каму здаваць, таму ўжо не тасаваць, і хто ў звон б’е, той ужо на пажар не ідзе, і хто розумам здатны, той сябе ў крыўду не дасць.

— Правільна, Санча! — усклікнуў Дон Кіхот. — Уплятай, нанізвай, накручвай прыказкі — ніхто цябе за язык не трымае! Маці з бізуном, а я сабе ўсё з ваўчком! Я табе кажу, каб ты пазбягаў прыказак, а ты за адну секунду насыпаў іх цэлы воз, хоць яны і падыходзяць да прадмета нашай размовы, як карове сядло. Зразумей, Санча, я зусім не супраць прыказак, што прыводзяцца да месца, але калі ты нагрувашчваеш і нанізваеш іх як давядзецца, то мова твая становіцца сумнай і расцягнутай.

Калі сядзіш на кані, не адкідвайся на заднюю луку сядла, не выцягвай і не расстаўляй ног, а трымай іх бліжэй да конскага жывата, і не сядзі раскаракам, нібы едзеш на сваім шэрым, бо па тым, як чалавек сядзіць на кані, заўсёды можна вызначыць, хто ён: знатны коннік або просты конюх.

Спі ў меру: хто не ўстае разам з сонцам, той не ведае радасці дня; прымі да ведама, Санча, што стараннасць — маці ўдачы, вораг жа яе, лянота, заўсёды перашкаджае дасягненню добрай мэты.

Апошняя мая парада, якую я табе зараз дам, не адносіцца да ўпрыгажэння цела, і ўсё ж я хачу, каб ты свята захаваў яе ў сваёй памяці, бо лічу, што яна будзе табе не менш карысная, чым папярэднія. Такім чынам, ніколі не аспрэчвай знатнасці чыйго-небудзь роду, ва ўсякім выпадку не параўноўвай адзін род з іншым, таму што пры параўнанні адзін род міжвольна будзе больш знатным, і той, каго ты зняважыў, зненавідзіць цябе, той жа, каго ты ўзвысіў, нічым табе не аддзячыць.

Адзенне тваё павінна складацца з доўгіх штаноў, даўгаполага камзола і яшчэ больш доўгага плашча; аб шараварах жа і не думай, бо шаравары не да твару ні рыцарам, ні губернатарам.

Вось пакуль і ўсё, аб чым мне прыйшло ў галаву пагаварыць з табой, Санча. З цягам часу, у залежнасці ад абставін, я дам табе новыя парады, ты ж пастарайся паведамляць мне аб стане тваіх спраў.

— Сеньёр, — загаварыў Санча, — я выдатна разумею, што ваша міласць вучыць мяне рэчам добрым, святым і карысным, але ці могуць яны мне спатрэбіцца, калі я іх усе да адной забуду? Зрэшты, наконт таго, каб не адгадоўваць пазногцяў і жаніцца другі раз, калі надарыцца выпадак, — гэта ўжо я ўбіў сабе ў галаву, але ўсе іншыя хітраспляценні, выкрутасы і закавыкі мне не запомніліся, і буду я аб іх помніць, як аб мінулагодніх хмарах, а таму не перашкаджала б вам запісаць усё гэта на паперцы і даць мне; праўда, я сам ні чытаць, ні пісаць не ўмею, але я перадам паперу майму духоўніку, — няхай ён па меры неабходнасці паўтарае і нагадвае мне аб гэтым.

— Бяда мне з табой! — усклікнуў Дон Кіхот. — Як дрэнна, калі губернатар не ўмее ні чытаць, ні пісаць! Патрэбна табе сказаць, Санча, што калі хто не ведае граматы, то гэта азначае адно з двух: або ён з вельмі сціплай ці нават простай сям’і, або ён сам па сабе настолькі сапсаваны і дурны, што на яго не маглі зрабіць уплыву ні добры прыклад, ні добрае навучанне. Гэта твой вялікі недахоп, і мне б хацелася, каб ты, прынамсі, навучыўся падпісваць сваё прозвішча.

— Паставіць жа свой подпіс я ўмею, — сказаў Санча. — А потым я заўсёды магу зрабіць выгляд, што ў мяне аднялася правая рука, і я загадаю каму-небудзь падпісвацца за мяне; усё на свеце можна паправіць, апрача адной смерці, а паколькі я буду там цар і бог, то, значыць, маё слова — закон. Нездарма кажуць: у каго бацька — алькальд, той на суд ідзе весела. А я ж і не які-небудзь там алькальд, а цэлы губернатар, са мной жарты дрэнныя! Ану, паспрабуй, крані мяне: ідзеш па шэрсць — глядзі, як бы самога не абстрыглі,а каго бог палюбіць, таго ён на дне мора знойдзе. I потым: неразумныя размовы багацея сыходзяць за мудрыя выказванні, а я ж буду багаты, калі стану губернатарам, і, да таго ж, я маю намер быць губернатарам шчодрым, а значыць, усе мае недахопы будуць незаўважаны. He, мы таксама хітрыя. “Колькі маеш, столькі ты і варты”, — часта казала мая бабуля. З чалавекам вялікага дастатку сварыцца не соладка.

— А каб ты згінуў, Санча! — усклікнуў тут Дон Кіхот. — Каб цябе шэсцьдзесят тысяч чарцей узялі з усімі тваімі прыказкамі! Цэлую гадзіну ты імі сыплеш, а для мяне гэта як павольнае катаванне. Можаш мне паверыць, што аднаго разу гэтыя прыказкі давядуць цябе да шыбеніцы. З-за прыказак цябе звергнуць твае васалы; яны не працерпяць гэтага і ўзбунтуюцца. Скажы, невук, дзе ты іх бярэш і як ты іх прымяняеш, дурань? Для мяне ж успомніць хоць бы адну прыказку і да месца яе прывесці — гэта катаржная праца.

— Далібог, гаспадар, вы злуеце з-за чыстай пусцяковіны. Каб яго чорт узяў, вам шкада, што я карыстаюся ўласным багаццем. А ў мяне ж толькі і багацця, і маёмасці, што прыказкі ды прыказкі. Вось і зараз круціцца ў мяне на языку адразу некалькі, і да таго падыходзяць яны да нашай размовы — проста як усё роўна для гэтага прыдуманы, але толькі я вам іх не скажу. “За добрае маўчанне ўсе цябе будуць зваць Санча”185.

Дон Кіхот жа яму на гэта запярэчыў:

— Ты — Санча, ды не той: ты не толькі добры маўчун — ты агідны балбатун і да агіднасці ўпарты. Але ўсё ж мне цікава ведаць, якія такія прыказкі прыгадаліся табе, і быццам бы дарэчы; я пакапаўся ў сваёй памяці, — а яна ж у мяне нядрэнная, — але так і не мог прыпомніць нічога адпаведнага.

— Ды што можа быць лепшым за гэтыя прыказкі, — сказаў Санча: — “Глядзі-паглядвай: пад зуб мудрасці пальца не падкладвай”, і яшчэ: “Скажуць табе: “Ану, пакуль цэлы, і з жонкай маёй каб ні паўслова!” — ты рот на замок і маўчок”, і яшчэ: “Пугай абуха не пераб’еш”. Ну, хіба яны сюды не падыходзяць? Ніколі не звязвайся з губернатарам і ні з якім іншым начальнікам, не тое — завыеш, усё роўна як калі падлажыць палец пад зуб мудрасці, — зрэшты, мудрасць не абавязковая, уся справа ў карэнным зубе. Затым, што б губернатар ні сказаў, пярэчыць яму нельга, усё роўна як калі табе скажуць: “Ану, пакуль цэлы, і з жонкай маёй каб ні паўслова!” А наконт пугі і абуха — гэта і сляпому зразумела. Вось яно як. А хто заўважае сучок у воку блізкага свайго, таму не шкодзіць заўважыць бервяно ў сваім уласным, каб пра цябе не сказалі: “Спалохалася нябожчыца забітай”. Прытым жа вашай міласці добра вядома, што дурань у сваім доме лепш цяміць, чым разумнік у чужым.

— Ну ўжо не, Санча, — запярэчыў Дон Кіхот: — дурань ні ў сваім, ні ў чужым доме нічога не сцяміць па той прычыне, што на аснове дурасці разумнага будынка не пабудуеш. І досыць аб гэтым, Санча: будзеш дрэнна кіраваць — у адказе ты, а ганьба на мне. Зрэшты, я суцяшаю сябе тым, што зрабіў усё ад мяне залежнае і пастараўся надзяліць цябе парадамі глыбакадумнымі і па магчымасці больш разумнымі. Я выканаў свой абавязак і сваё абяцанне. Няхай дапаможа табе бог, Санча, няхай кіруе ён табою ў тваім кіраванні і няхай суцішыць ён маю трывогу, а трывожуся я аб тым, як бы ты аднойчы не паляцеў разам з усім сваім востравам уверх пяткамі, між тым я мог бы гэта прадухіліць, адкрыўшы герцагу, хто ты такі, і растлумачыўшы яму, што, нягледзячы на сваю мажнасць, самавітасць, ты не што іншае, як мяшок, напханы прыказкамі і хітрыкамі.

— Сеньёр, — запярэчыў Санча, — калі ваша міласць думае, што я не варты быць губернатарам, то я тут жа, не сыходзячы з месца, адмоўлюся ад гэтага звання, бо малюсенькая часцінка маёй душы, велічынёю з чорны кончык пазногця, мне даражэйшая за ўсё маё цела: застануся ж я проста Санча, і на адным хлебе з цыбуляй я пражыву не горш за губернатара з усімі яго курапаткамі ды каплунамі. І то сказаць: калі мы спім, мы ўсе роўныя — і начальнікі і падначаленыя, і бедныя і багатыя. І калі вы, ваша міласць, над гэтай справай падумаеце, то, вядома, успомніце, што самі ж вы і падбілі мяне на губернатарства, а я ва ўсіх гэтых губернатарствах і астравах разбіраюся, як свіння на саладзінах, і калі вы лічыце, што з-за губернатарства мяне чорт схопіць, то я лічу за лепшае як просты Санча адправіцца ў рай, чым губернатарам — у пекла.

— Далібог, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — я лічу, што за гэтыя апошнія твае словы цябе можна прызначыць губернатарам тысячы астравоў. У цябе добрае сэрца, a без гэтага ж ніякая навука на карысць не пойдзе. Даручы сябе госпаду богу і старайся не ўхіляцца ад першапачатковага свайго рашэння: я хачу сказаць, што ты павінен узяць сабе за правіла і цвёрда вызначыць сваю мэту — дабівацца свайго ў любой справе, а неба заўсёды спрыяе добрым пажаданням. Цяпер пойдзем абедаць, — мяркую, што гаспадары нас ужо чакаюць.


Раздзел XXXV. Аб тым, як прамудры Санча Панса стаў уладаром свайго вострава і як пачаў кіраваць ім

Пасля абеду Дон Кіхот пачаў запісваць тыя парады, якія ён даў Санча, для таго каб потым хто-небудзь мог іх яму прачытаць; аднак жа не паспеў ён уручыць яму гэту паперу, як Санча яе згубіў, і яна трапіла ў рукі герцага, герцаг прачытаў яе герцагіні, і абое зноў падзівіліся з вар’яцтва і розуму Дон Кіхота; далей, працягваючы свае задумы, яны ў той жа вечар адправілі Санча са шматлікай світай у гарадок, якому належала быць замест вострава. Правадніком жа Санча да месца яго прызначэння аказаўся аканом герцага, чалавек вельмі дасціпны і вялікі забаўнік (зрэшты, недасціпных забаў не бывае), той самы, які выдаваў сябе за Мярліна; і вось, валодаючы такімі ўласцівасцямі, ды яшчэ навучаны гаспадарамі, як патрэбна абыходзіцца з Санча, ён бліскуча справіўся са сваёю задачай.

Такім чынам, Санча выехаў; яго акружала шматлікая світа, на ім быў касцюм, які носяць важныя судзейскія, верхняе адзенне, вельмі шырокае, было пашыта з рыжаватага ўзорчатага камлоту, а на галаве ў яго красавалася з такой жа матэрыі шапачка; сядзеў ён на муле, а за мулам, па асаблівым распараджэнні герцага, ішоў шэры ў новай шаўковай збруі і адпаведных аслінаму яго званню аздабленнях. Час ад часу Санча азіраўся на асла, у кампаніі з якім ён адчуваў такое вялікае задавальненне, што ён не памяняўся б месцамі з самім імператарам германскім. Развітваючыся з герцагам і герцагіняю ён пацалаваў ім рукі, a затым папрасіў свайго пана благаславіць яго, і той благаславіў яго са слязамі, Санча ж прыняў яго благаславенне, вось-вось гатовы расплакацца.

Урэшце ён з усёй сваёю світаю прыбыў у гарадок, які налічваў да тысячы жыхароў і з’яўляўся адным з лепшых уладанняў герцага. Санча Пансу паведамілі, што востраў называецца Баратарыя186: магчыма, назва гэта была ўтворана ад назвы гарадка, а магчыма, яна намякала на тое, што губернатарства дасталося Санча Пансу танна. Як толькі губернатар са світай наблізіўся да варот абнесенага сцяною горада, насустрач выйшлі мясцовыя ўлады, зазванілі званы, жыхары, якія аднадушна выказвалі сваё захапленне, з вялікай урачыстасцю павялі Санча ў сабор, і там было праведзена падзячнае набажэнства, а затым з пацешнымі цырымоніямі ўручыў яму ключы ад горада і аб’явілі яго пажыццёвым губернатарам вострава Баратарыя. Адзенне, барада, жывоцік і нізкаросласць новага губернатара здзіўлялі не толькі тых, хто ўяўлення не меў, у чым тут загваздка, але нават і людзей праінфармаваных аб усім, а такіх было шмат. Нарэшце з сабора Санча Пансу правялі ў судовую палату, пасадзілі ў крэсла, і тут герцагскі аканом сказаў:

— На нашым востраве, сеньёр губернатар, спрадвеку вядзецца звычай: хто пачынае ўладарыць слаўным гэтым востравам, таму задаюць некаторыя пытанні, часам даволі заблытаныя і цяжкія, ён жа абавязаны на іх адказаць, і па гэтых адказах гараджане мяркуюць аб кемлівасці новага свайго губернатара і радуюцца яго прыбыццю або, наадварот, засмучаюцца.

Пакуль аканом гэта гаварыў, Санча разглядваў доўгі надпіс, выведзены буйнымі літарамі на сцяне прама насупраць крэсла; а паколькі ён чытаць не ўмеў, то спытаў, што гэта там намалявана. Яму адказалі наступным чынам:

— Сеньёр, там запісаны і адзначаны дзень, калі ваша правасхадзіцельства пажадала пачаць уладарыць востравам, а гаворыць гэты надпіс наступнае: “Сягоння, такога вось чысла, месяца і года, пачаў уладарыць гэтым востравам сеньёр дон Санча Панса, многія яму леты”.

— А каго гэта завуць дон Санча Панса? — спытаў Санча.

— Вас, ваша правасхадзіцельства, — адказаў аканом, — бо на наш востраў не прыехаў ніякі другі Панса, апрача таго, які зараз сядзіць на гэтым крэсле.

— Ну дык запомні, братка, — аб’явіў Санча, — што я не дон і ніхто ў маім родзе не быў донам: мяне завуць проста Санча Пансам, і бацьку майго звалі Санча, і Санча быў мой дзед, і ўсе былі Пансы, без усялякіх гэтых донаў ды распрадонаў. І мне здаецца, што на вашым востраве донаў куды больш, чым камянёў. Ну але добра, бог мяне разумее, і калі толькі мне ўдасца пагубернатарнічаць хоць бы некалькі дзён, я ўсіх гэтых донаў павыводжу: калі іх тут так многа, то яны, ужо сапраўды, надакучылі ўсім горш за камароў. A цяпер, сеньёр аканом, задавай хутчэй свае пытанні, я адкажу на іх як магу, а гараджане хочуць — сумуюць, хочуць — не сумуюць, гэта іх справа.

У гэты час у судовую палату ўвайшлі два чалавекі: адзін з іх быў апрануты, як селянін, другі быў апрануты, як кравец, і трымаў у руках нажніцы; ён якраз і загаварыў:

— Сеньёр губернатар, мы з гэтым селянінам з’явіліся да вашай міласці вось з-за чаго: учора гэты маладзец прыйшоў да мяне ў майстэрню (я, прабачце за выраз, кравец і, слава табе госпадзі, майстар сваёй справы), тыцкае мне ў рукі кавалак сукна і пытае: “Сеньёр, выйдзе мне каўпак з гэтага кавалка?” Я прыкінуў, кажу: “Выйдзе”. Тут, здаецца мне, ён, напэўна, падумаў, і падумаў не так сабе, што я, вядома, хачу невялікую крыху сукна ў яго ўкрасці, — або гэта ён меркаваў па сабе, або ўжо такая паганая слава ідзе аб краўцах, — і вось ён мне і кажа: “Паглядзі, маўляў, ці не выйдзе двух каўпакоў”. Я сцяміў, што ён пра мяне падумаў: “Выйдзе”, кажу. Ён жа, пераканаўшыся ў сваёй першапачатковай і зняважлівай для мяне думцы, пачаў усё прыбаўляць ды прыбаўляць каўпакі, а я ўсё: “Выйдзе” ды “Выйдзе”, і нарэшце дайшлі мы да пяці. Сягоння ён па іх прыйшоў, я яму іх выдаў, a ён адмаўляецца плаціць за работу, ды яшчэ патрабуе, каб я яму заплаціў або вярнуў сукно.

— Ці так усё гэта было, братка? — спыніў Санча.

— Так, сеньёр, — пацвердзіў селянін, — але толькі загадайце яму, ваша міласць, паказаць усе пяць каўпакоў, якія ён мне пашыў.

— З маім задавальненнем, — прамовіў кравец.

Ніколькі не марудзячы, ён выслабаніў з-пад плашча руку, на кожным пальцы якой было надзета па каўпачку, і сказаў:

— Вось усе пяць каўпачкоў, якія мне заказаў гэты чалавек, і больш у мяне, клянуся богам і сумленнем, ні кавалачка сукна не засталося, я гатоў прад’явіць маю работу на разгляд цэхавых старшынь.

Колькасць каўпачкоў і незвычайнасць самой спрэчкі насмяшылі ўсіх прысутных; Санча ж, крыху падумаўшы, сказаў:

— Я лічу, што нам з гэтай справай затрымлівацца не выпадае: вырашым яе зараз жа, як нам падказвае здаровы розум. І вось які будзе мой прысуд: краўцу за работу не плаціць нічога, селяніну сукна не вяртаць, каўпачкі ахвяраваць зняволеным, і канец.

Затым да губернатара з’явіліся два старыя; аднаму з іх палка замяняла посах, другі ж, зусім без посаха, пачаў такую размову:

— Сеньёр, я пазычыў гэтаму чалавеку дзесяць залатых, бо хацеў уважыць пакорную яго просьбу, з умовай, аднак жа, што ён мне іх верне па першым патрабаванні. Час ідзе, а я ў яго доўгу не патрабую: баюся паставіць яго гэтым у яшчэ больш складанае становішча, чым у якім ён знаходзіўся, калі ў мяне пазычаў. Нарэшце бачу, што ён і не збіраецца плаціць доўг, ну і пачаў яму напамінаць, а ён мала таго, што не вяртае, але яшчэ і адмаўляецца — кажа, быццам ніколі я яму гэтых дзесяці эскуда не пазычаў, а калі, маўляў, і быў такі выпадак, то ён мне іх даўным-даўно вярнуў. У мяне няма сведкаў ні пазыкі, ні вяртання, ды і не думаў ён аддаваць мне доўг. Ці нельга, ваша міласць, прывесці яго да прысягі? І вось калі ён і пад прысягай скажа, што аддаў мне грошы, то я яму дарую неадкладна, вось тут, перад тварам госпада бога.

— Што ты на гэта скажаш, старычына з посахам? — спытаў Санча.

Стары ж яму адказаў так:

— Сеньёр, я прызнаю, што ён пазычыў мне гэту суму, — апусціце жазло, ваша міласць, ніжэй, — і калі ён давярае маёй клятве, то я клянуся ў тым, што сапраўды вярнуў і заплаціў яму доўг.

Губернатар апусціў жазло, пасля чаго стары з посахам папрасіў другога старога патрымаць посах, пакуль ён будзе прысягаць, як быццам посах яму вельмі замінаў, а затым палажыў руку на крыж губернатарскага жазла187 і аб’явіў, што яму, сапраўды, пазычылі дзесяць эскуда, якія сягоння з яго сыскваюць, але што ён іх перадаў пазыкадаўцы з рук у рукі, пазыкадаўца ж, маўляў, памылкова некалькі разоў потым патрабаваў з яго доўг. Тады вялікі губернатар спытаў пазыкадаўцу, што той можа запярэчыць супрацьлегламу боку, а пазыкадаўца сказаў, што даўжнік, безумоўна, кажа праўду, бо ён, пазыкадаўца, лічыць яго за чалавека прыстойнага і за добрага хрысціяніна, што, відавочна, ён забыўся, калі і як той вярнуў яму дзесяць эскуда, і што больш ён іх у яго не запатрабуе. Даўжнік узяў свой посах і, пакланіўшыся,накіраваўся да выхада; тады Санча, бачачы, што даўжнік хоць бы што адыходзіць, а ісцец пакорна на гэта глядзіць, апусціў галаву на грудзі і, прыставіўшы ўказальны палец правай рукі да броваў і пераносіцы, паглыбіўся ў роздум, але вельмі хутка падняў галаву і загадаў вярнуць старога з посахам, які паспеў ужо выйсці з судовай палаты. Старога прывялі. Санча ж, убачыўшы яго, сказаў:

— Дай жа мне, добры чалавек, твой посах, ён мне патрэбны.

— З вялікім задавальненнем, — сказаў стары, — наце, сеньёр.

І ён аддаў яму посах. Санча ўзяў посах, перадаў яго другому старому і сказаў:

— Ідзі з богам, табе заплачана.

— Як гэта, сеньёр? — спытаў стары. — Хіба гэта палка каштуе дзесяць залатых?

— Каштуе, — адказаў губернатар, — а калі не каштуе, значыць дурнейшага за мяне нікога на свеце няма. Зараз вы ўбачыце, варты я кіраваць цэлым каралеўствам ці не варты.

І тут ён загадаў на вачах усіх зламаць і раскалоць палку. Як сказана, так і зроблена. І ў сярэдзіне знайшлі дзесяць залатых. Усе здзівіліся і прызналі губернатара за наваяўленага Саламона. Да Санча звярнуліся з пытаннем, як ён здагадаўся, што дзесяць эскуда схаваны ў гэтай палцы. Санча ж адказаў так: бачачы, што стары, якому неабходна было прысягнуць, даў патрымаць посах на час прысягі істцу, а пакляўшыся, што сапраўды вярнуў доўг, зноў узяў посах, ён, Санча, западозрыў, што запатрабаваны доўг знаходзіцца ўсярэдзіне палкі. Адсюль, маўляў, вынік, што колькі б кіраўнікі самі па сабе ні былі бесталковыя, аднак вяршыць суд дапамагае ім, відаць, ніхто, як бог; прытым пра такі выпадак ён, Санча, чуў ад свайго свяшчэнніка, памяць жа ў яго добрая, і калі б толькі ён не меў звычкі забываць якраз тое, аб чым яму часам патрэбна бывае ўспомніць, то другой такой памяці нельга было б адшукаць на ўсім востраве. Нарэшце стары прысаромлены і стары задаволены выйшлі з судовай палаты, тыя, што засталіся, былі здзіўлены, той жа, каму было даручана запісваць словы, дзеянні і рухі Санча, усё яшчэ не мог вырашыць: прызнаваць і лічыць Санча за дурня або за разумніка.


Раздзел XXXVI, у якім працягваецца аповед аб тым, як Санча Панса паводзіў сябе на пасадзе губернатара

З залы суда Санча правялі ў пышны палац, у адной з вялізных палат якога быў накрыты багаты па-каралеўску стол; і толькі Санча з’явіўся ў гэтай палаце, як зайграла музыка і насустрач яму выйшлі чатыры лёкаі, трымаючы напагатове ўсё неабходнае для абмывання рук, абрад якога Санча выканаў з вялікай годнасцю. Музыка сціхла, і Санча сеў на старшынскае месца; зрэшты, ніякіх іншых месцаў за сталом і не было, як не было на абрусе ніякага іншага прыбора. Каля Санча стаў нейкі чалавек з палачкай з кітовага вуса ў руцэ, — як стала вядома пасля, доктар. Са стала знялі вельмі дарагую белую тканіну, якая закрывала садавіну і вялікае мноства талерак з разнастайнымі стравамі. Яшчэ адзін незнаёмец, з выгляду — духоўнага звання, благаславіў трапезу, слуга завязаў Санча карункавую сурвэтку, а другі слуга, які выконваў абавязкі дварэцкага, на першае падаў яму талерку з садавінай. Аднак не паспеў Санча за яе ўзяцца, як да талеркі дакранулася палачка з кітовага вуса, і яе тут жа з маланкавай хуткасцю забралі са стала; тады дварэцкі падставіў яму іншую талерку. Санча хацеў быў паспытаць страву, аднак жа, перш чым ён да яе пацягнуўся і рассмакаваў, да талеркі ўжо дакранулася палачка, і лёкай панёс яе з такім жа якраз спрытам, як і першую. Санча здзівіўся і, агледзеўшы прысутных, спытаў, што гэта азначае: ці хочуць накарміць яго абедам, ці паказаць спрытнасць рук. На гэта чалавек з палачкай адказаў наступнае:

— Сеньёр губернатар, так заведзена і так патрэбна абедаць на ўсіх астравах, дзе толькі ёсць губернатары. Я, сеньёр, — доктар, я служу ў губернатараў гэтага вострава і атрымліваю за гэта жалаванне, і ўжо клапачуся я аб здароўі губернатара больш, чым аб сваім уласным. Я назіраю за губернатарам удзень і ўночы,вывучаю яго склад, каб здолець вылечыць, калі ён захварэе; галоўны ж мой абавязак заключаецца ў тым, што я прысутнічаю ў час яго абедаў і вячэр, дазваляю яму есці толькі тое, што палічу магчымым, і адхіляю тое, што, на маё разуменне, можа прычыніць яму шкоду і сапсаваць страўнік. Так, я загадаў забраць са стала талерку з садавінай, бо ў садавіне ўтрымліваецца надта шмат вільгаці, і яшчэ адну страву я таксама загадаў забраць, таму што празмерна гарачая і прыпраўлена разнастайнымі вострымі прыправамі, якія выклікаюць смагу, між тым хто шмат п’е, той знішчае ў сабе і змяншае запас першаасноўнай вільгаці; а ад яе якраз і залежыць наша жыццяздольнасць.

— Значыць, вунь тая страва са смажанымі курапаткамі, на выгляд вельмі смачная, ужо дакладна, не прычыніць мне ніякай шкоды.

Але доктар на гэта сказаў:

— Пакуль я жывы, сеньёр губернатар да яе не дакранецца!

— Гэта чаму ж? — спытаў Санча.

Доктар адказаў яму:

— Таму што настаўнік наш Гіпакрат188, светач і пуцяводная зорка ўсёй медыцыны, у адным са сваіх афарызмаў гаворыць: “Кожнае пераяданне шкоднае, пераяданне ж курапаткамі больш за іншыя”.

— Ну, калі так, — вырашыў Санча, — выберыце мне, сеньёр доктар, з усіх страў, якія ёсць на стале, самую карысную і найменш шкодную, не біце па ёй палачкай і дайце мне яе спакойна з’есці, бо, клянуся жыццём губернатара, дай бог мне пажыць даўжэй, я паміраю з голаду, і што б вы там ні гаварылі, сеньёр доктар, і хочаце вы гэтага ці не хочаце, але, забіраючы ў мяне ежу, вы не толькі не прадоўжыце, а хутчэй скароціце мой век.

— Ваша праўда, сеньёр губернатар, — заўважыў доктар, — а таму я лічу, што вам не трэба есці вунь тое рагу з трусоў, бо яно дрэнна ператраўляецца. Вось гэтай цяляціны, калі б толькі гэта была не смажаная цяляціна і прытым без падліўкі, вам яшчэ можна было б пакаштаваць, але ў такім выглядзе не раю.

Санча ж сказаў:

— А вунь там, далей, стаіць вялікая талерка, і ад яе пар валіць. Мне здаецца, што гэта олья падрыда, a ў олью падрыду кладуць шмат розных рэчаў, і я, дакладна ўжо, знайду сабе там што-небудзь смачнае і карыснае.

— Ганіце прэч ад сябе такія небяспечныя думкі! — усклікнуў доктар. — Няма на свеце больш шкоднай ежы, чым олья падрыда! Няхай яе падаюць у канонікаў, у рэктараў вучэбных устаноў або на вясковым вяселлі, але ёй не месца на абедзенным стале губернатара, дзе ўсё павінна быць верхам дасканаласці і вытанчанасці, не месца таму, што простым стравам усюды аддаюць перавагу над састаўнымі: у простай страве памыліцца нельга, а ў састаўной можна, бо нічога не значыць пераблытаць колькасць рэчываў, якія ўваходзяць у яе. Вяртаючыся ж да таго, што можа зараз з’есці сеньёр губернатар, калі жадае захаваць і ўмацаваць сваё здароўе, я скажу: сотню вафляў і некалькі тоненькіх скрылікаў айвы, — гэта ўмацоўвае страўнік і садзейнічае страваванню.

Паслухаўшы такія разважанні, Санча адкінуўся на спінку крэсла, паглядзеў доктару ў вочы і строгім тонам спытаў, як яго завуць і дзе ён навучаўся.

Доктар жа яму на гэта адказаў так:

— Мяне, сеньёр губернатар, завуць доктар Педра Нясцерпна дэ Навука, я ўраджэнец мястэчка Ціртэафуэра189, што паміж Каракуэлем і Альмадаварам дэль Кампа, толькі крыху правей, атрымаў жа я ступень доктара ва універсітэце Асунскім190.

Тут Санча, палаючы гневам, усклікнуў:

— Ну, вось што, сеньёр доктар Педра Нясцерпна дэ Дакука, ураджэнец мястэчка Ціртуфуэра або Учортанарагера, якое застанецца справа, калі ехаць з Каракуэля ў Альмадавар дэль Кампа, і які атрымаў ступень y Асуне: ідзіце адсюль вон, а не то, ручаюся галавой, я вазьму дубіну і, пачаўшы з вас, выганю з вострава ўсіх лекараў, якія толькі дзе ёсць, па крайняй меры ўсіх тых, якіх я прызнаю невукамі, дактароў жа разумных, талковых і адукаваных я буду берагчы і шанаваць як святыню. Яшчэ раз паўтараю: прэч з вачэй маіх, Педра Нясцерпна, а не то я схаплю вось гэта самае крэсла, на якім сяджу, паламаю яго аб вашу галаву і буду апраўданы судом: я скажу, што забіць дрэннага лекара, ворага ўсёй дзяржавы, — гэта справа богаўгодная. А цяпер накарміце мяне або забярыце губернатарства, бо пасада, якая не можа пракарміць таго, хто яе займае, не варта і двух струкоў бобу.

Бачачы, што губернатар так разышоўся, доктар збянтэжыўся і вырашыў уцячы хоць бы і к чорту на рогі, але ў гэту хвіліну на вуліцы загудзеў паштовы ражок, дварэцкі вызірнуў у акно, а затым, наблізіўшыся да Санча, аб’явіў:

— Прыбыў ганец ад сеньёра герцага, і, як відаць, з важнай дэпешай.

Увайшоў ганец, потны, устрывожаны, і, дастаўшы з-за пазухі пакет, уручыў яго губернатару. Санча, у сваю чаргу, адразу перадаў яго герцагскаму аканому і загадаў прачытаць адрас; адрас жа быў такі: “Дону Санча Пансу, губернатару вострава Баратарыя, ва ўласныя рукі або ў рукі яго сакратара”. Тут Санча спытаў:

— А хто тут мой сакратар?

На гэта яму адзін з прысутных адказаў:

— Я, сеньёр: я ўмею чытаць і пісаць.

— Распячатайце пакет і паглядзіце, што там напісана, — прамовіў Санча.

Новаспечаны сакратар падпарадкаваўся і, прачытаўшы пасланне, аб’явіў, што гэта справа сакрэтная. Санча загадаў ачысціць залу, папрасіўшы застацца толькі герцагскага аканома і дварэцкага, іншыя ж, у тым ліку доктар, выйшлі. І тады сакратар агучыў пісьмо наступнага зместу: “Мне стала вядома, сеньёр дон Санча Панса, што ворагі мае і Вашы маюць намер імкліва атакаваць уночы Ваш востраў, калі іменна — не ведаю, Вам жа неабходна не спаць і быць на варце, каб Вас не захапілі знянацку. Яшчэ я даведаўся праз маіх надзейных лазутчыкаў, што чатыры зламыснікі, пераапрануўшыся, прабраліся на ваш востраў з намерам пазбавіць Вас жыцця, бо мудрасць Ваша іх палохае. Будзьце напагатове, аглядвайце наведвальнікаў Вашых і адмаўляйцеся ад усіх страў, якія Вам будуць прапанаваны. Калі Вы будзеце знаходзіцца ў небяспецы, я падтрымаю Вас, Вы ж дзейнічайце, як Вам падкажа розум. Напісана ў нашым замку, жніўня шаснаццатага дня, у чатыры гадзіны раніцы.

Ваш сябар Герцаг”.

Пісьмо агарошыла Санча, прысутныя таксама, здавалася, былі здзіўлены; звярнуўшыся да аканома, Санча сказаў:

— Перш за ўсё неабходна, і прытым неадкладна, засадзіць у турму доктара Нясцерпна, бо калі хто і збіраецца мяне забіць, дык гэта ён, і да таго ж смерцю павольнай і найгоршай, іначай кажучы — галоднай смерцю.

— Лічу, аднак жа, — заўважыў дварэцкі, — што вашай міласці не патрэбна дакранацца ні да адной стравы, якія стаяць на стале: іх гатавалі манахіні, а нездарма ж гавораць, што за крыжам стаіць сам чорт.

— Згодзен, — прамовіў Санча, — але ўсё-такі дайце мне пакуль што акраец хлеба і некалькі фунтаў вінаграду: у гэтым атруты быць не можа. На самай справе, не магу ж я нічога не есці, тым больш мы павінны быць гатовы да будучых баёў, значыць, нам патрэбна падмацавацца: страўнік жа садзейнічае адвазе, а не адвага страўніку. Вы ж, сакратар, адкажыце сеньёру герцагу і напішыце, што ўсё, што ён загадаў, будзе выканана іменна так, як ён загадаў, без аніякай хібы. Перадайце таксама сеньёры герцагіні, што я цалую ёй ручкі і прашу не забыць паслаць нарачнага да маёй жонкі Тэрэсы Панса з пісьмом і клуначкам ад мяне: гэтым яна зробіць мне вялікую паслугу, а ўжо я ёй потым аддзячу чым толькі змагу. Заадно, каб мой пан Дон Кіхот Ламанчскі не падумаў, што я чалавек няўдзячны, можаце ўставіць, што я цалую яму рукі, а да гэтага вы, як добры сакратар, можаце дадаць ад сябе ўсё, што вам уздумаецца і захочацца. Ну а цяпер няхай прыбяруць са стала і прынясуць мне чаго-небудзь іншага, а ўжо я спраўлюся з усімі лазутчыкамі, забойцамі і чараўнікамі, якія толькі нападуць на мяне і на мой востраў.


Раздзел XXXVII. Аб тым, што здарылася з Санча Пансам, пакуль ён дазорам абыходзіў востраў

Як толькі тайная нарада ў сувязі з пісьмом герцага скончылася, доктар Педра Нясцерпна вярнуўся ў залу і сказаў, што вечарам ён абавязкова дазволіць губернатару павячэраць, хоць бы і ў парушэнне ўсіх прадпісанняў Гіпакратавых. Губернатар гэтым быў задаволены і з вялікай нецярплівасцю пачаў чакаць, калі настане вечар і час вячэры, і хоць у яго было такое пачуццё, быццам час спыніўся і з месца не рухаецца, аднак жа доўгачаканы момант усё ж настаў, і яму падалі на вячэру тушаную цяляціну з цыбуляй і вараныя цялячыя ножкі ўжо не першай маладосці. Санча аддаў усяму гэтаму больш вялікую ўвагу, чым калі б яго частавалі міланскімі цяцёркамі, рымскімі фазанамі, сарэнцкай цяляцінай, маронскімі курапаткамі або лавахоскімі гусямі, і ў час вячэры ён звярнуўся да доктара з такімі словамі:

— Паслухайце, сеньёр доктар, надалей не трэба старацца частаваць мяне далікатнымі стравамі і вытанчанай ежай, — гэта толькі расстроіць мой жывот: ён жа прывык да казляціны, да ялавічыны, да свініны, да ветчыны, да рэпы і да цыбулі, і калі вы пачнеце набіваць яго ўсякімі прыдворнымі стравамі, то яны не спадабаюцца, а ад некаторых яго ванітаваць будзе. Прынёс бы мне лепш дварэцкі так званай ольі падрыды, гэта значыць упрэлай гародніны, і чым больш у ёй гэтай самай прэлі, тым больш прыемны ад яе пах, і дварэцкі можа напхнуць туды і намяшаць чаго захоча, абы толькі гэта было прыдатным для ўжывання, a я яму за гэта падзякую і калі-небудзь узнагароджу, a вось здзекавацца з сябе я нікому не дазволю, іначай у нас справа на лад не пойдзе. Давайце ж усе жыць і есці ў згодзе: чаго мы з вамі не падзялілі? Я так буду кіраваць гэтым востравам, каб падаткаў не дараваць, але і хабару не вымагаць, а вы ў мяне будзеце цішэй вады, ніжэй травы, бо, ведайце, мы за сябе пастаім і ў выпадку чаго наробім цудаў: глядзіш, на звера якраз і лавец прыбяжыць.

— Вядома, сеньёр губернатар, — сказаў дварэцкі, — ваша міласць поўнасцю мае рацыю, і я ад імя ўсіх жыхароў нашага вострава даю абяцанне, што мы будзем служыць вам з усёй магчымай стараннасцю, бо той мяккі спосаб кіравання, якога ваша міласць пачала прытрымлівацца з самага пачатку, не дае нам падстаў не толькі зрабіць, але нават задумаць штосьці вашай міласці непажаданае.

— Спадзяюся! — заўважыў Санча. — Дурні б вы былі, калі б штосьці такое зрабілі або задумалі. Значыць, я яшчэ раз паўтараю: не забудзьце наконт харчоў для мяне і для майго шэрага, з усіх спраў гэта самая важная і неадкладная, а ў вызначаны час мы пойдзем з вамі ў абход, я хачу ачысціць востраў ад усялякай дрэні — ад валацуг, гультаёў і шалапутаў. Патрэбна вам ведаць, сябры мае, што бадзяцкі люд у дзяржаве — гэта ўсё роўна што трутні ў вуллі, якія з’ядаюць мёд, сабраны пчоламі-працаўніцамі. Я маю намер абараняць сялян, ахоўваць асаблівыя правы гідальга, узнагароджваць людзей дабрадзейных, а самае галоўнае — адносіцца з павагай да рэлігіі і шанаваць духавенства. Ну як, сябры? Правільна я кажу або блюзню?

— Вы так гаворыце, сеньёр губернатар, — адказаў аканом герцага, — што я, сапраўды, здзіўляюся: такі непісьменны чалавек, як вы, ваша міласць, — наколькі мне вядома, вы ж граматы зусім не ведаеце, — і раптам гаворыць столькі навучальных і павучальных рэчаў! Hi тыя, хто нас сюды паслаў, ні мы самі ніяк не маглі ад вас чакаць такой разважлівасці. Кожны дзень прыносіць нам штосьці новае: пачынаецца справа з жарту — заканчваецца сур’ёзна, хацеў абдурыць — глядзі, сам у дурнях застаўся.

Такім чынам, настаў вечар, і з дазволу сеньёра доктара Нясцерпна губернатар павячэраў. Затым быў пасланы дазор; разам з губернатарам адправіліся ў абход аканом, сакратар, дварэцкі, летапісец, якому было даручана заносіць дзеянні Санча на скрыжалі гісторыі, і цэлы атрад альгуасілаў191 і судзейскіх. Санча з жазлом у руцэ вельмі важна крочыў пасярэдзіне; і вось, калі яны ўжо прайшлі некалькі вуліц, пачуўся бразгат шабляў, якія скрыжоўваліся: усе кінуліся ў той бок і ўбачылі, што б’юцца ўсяго толькі два чалавекі, тыя, заўважыўшы прадстаўнікоў улады, спынілі бойку, а адзін з іх усклікнуў:

— Іменем бога і караля! Што ж гэта за бязладдзе робіцца ў нашым горадзе: нападаюць проста пасярод вуліцы і рабуюць пры ўсіх добрых людзях!

— Супакойся, добры чалавек, — прамовіў Санча, — і раскажы мне, з-за чаго вы пасварыліся: я — губернатар.

Тут умяшаўся супраціўны бок:

— Сеньёр губернатар, я вам усё раскажу як мага карацей. Да ведама вашай міласці, гэты пан толькі што выйграў у ігральным доме, вунь у тым, што насупраць, больш за тысячу рэалаў, і адзін бог ведае, якім чынам. Я пры гэтым прысутнічаў і ў шэрагу няпэўных выпадкаў, хоць і насуперак сумленню, прысуджаў на яго карысць. Ён згроб свой выйгрыш, і я спадзяваўся, што атрымаю ад яго магарыч хоць бы ў памеры аднаго эскуда: гэта ўжо так заведзена — узнагароджваць такіх важных асоб, як я, якія сочаць за правільнасцю хадоў, садзейнічаюць беззаконнасці і прадухіляюць сваркі, а ён схаваў грошы і пайшоў. Я ўзлаваўся, дагнаў яго і ў самых пяшчотных і далікатных выразах папрасіў падарыць мне хоць бы восем рэалаў, а ён жа ведае, што я чалавек сумленны і што я пасады ніякай не займаю і даходаў ніадкуль не атрымліваю, бо мае бацькі нічому мяне не вучылі і нічога мне не пакінулі, але гэты махляр не пажадаў даць мне больш за чатыры рэалы. Падумайце, сеньёр губернатар, якая бессаромнасць і якое нахабства! Слова гонару, ваша міласць, калі б вы не падаспелі, я б у яго выйгрыш з горла вырваў, я б яго абразуміў!

— А ты што на гэта скажаш? — спытаў Санча.

Той адказаў, што супраціўны бок гаворыць праўду і што ён, сапраўды, не хацеў даваць больш за чатыры рэалы, таму што гэта, маўляў, ужо не ўпершыню; далей ён зазначыў, што людзям, якія чакаюць магарыч, неабходна быць ветлівымі і з вясёлым выглядам браць, што даюць, таргавацца ж з тымі, хто выйграў, ім не варта, калі толькі яны не зусім упэўнены, што гэта шулеры і што іх выйгрыш — выйгрыш несумленны; a што ён, ігрок, не пажадаў адорваць вымагальніка, — гэта, нібы, і ёсць лепшы доказ, што ён чалавек прыстойны, а не жулік, як запэўнівае той, бо шулеры вечныя даннікі такіх вось выведнікаў, якія ведаюць, што тыя падмяняюць карту.

— Гэта праўда, — пацвердзіў аканом. — Сеньёр губернатар, мы чакаем вашых указанняў, што нам рабіць з гэтымі людзьмі.

— З гэтымі людзьмі патрэбна зрабіць вось што, — аб’явіў Санча. — Ты, які выйграў, усё роўна — сумленна, несумленна ці ні так, ні гэтак, ты зараз жа выдасі гэтаму задзіраку сто рэалаў, а яшчэ трыццаць рэалаў ахвяруеш на зняволеных. Ты ж, што пасады не маеш і даходаў не атрымліваеш, а толькі смуродзіш свет, бяры хутчэй сто рэалаў і не пазней як заўтра раніцай адпраўляйся з нашага вострава ў выгнанне на дзесяць гадоў, а парушыш маю волю — будзеш адбываць свой тэрмін на тым свеце, бо я ўласнаручна павешу цябе на слупе, у крайнім жа выпадку гэта зробіць кат па маім загадзе. І ні той, ні другі не адважвайцеся мне пярэчыць,а то я вас!..

Першы праціўнік выняў грошы, другі іх узяў, адзін адправіўся ў выгнанне, другі пайшоў дамоў, а губернатар сказаў:

— Чаго б гэта ні каштавала закрыю ўсе ігральныя дамы.

У гэты час да іх наблізіўся паліцэйскі, які цягнуў за руку нейкага хлопца, і сказаў:

— Сеньёр губернатар, гэты малойчык ішоў нам насустрач, але, убачыўшы паліцыю, крута павярнуў і кінуўся наўцёкі. Так робяць адны злачынцы. Я пабег за ім, аднак жа калі б ён не спатыкнуўся і не паваліўся, ніяк бы мне яго не дагнаць.

— Ты чаму, маладзец, уцякаў? — спытаў Санча.

Хлопец жа яму на гэта адказаў так:

— Сеньёр, паліцыя мае звычку доўга распытваць, a мне не хацелася адказваць.

— Чым ты займаешся?

— Я ткач.

— Што ж ты тчэш?

— З дазволу вашай міласці, наканечнікі для коп’яў.

— Глянь, ды ты жартаўнік! Выскаляннем, значыць, займаешся? Добра! А куды гэта ты накіроўваўся?

— Праветрыцца, сеньёр.

— А дзе ж у вас тут, на востраве, праветрываюцца?

— А дзе вецер дзьме.

— Добра! Ты па слова ў кішэнь не лезеш. Адразу відаць, што разумны хлопец. Але толькі ўяві сабе, што вецер — гэта я, і дзьму я табе проста ў спіну і падганяю прама да самай турмы. Ану, вазьміце яго і адвядзіце! Няхай жа ён гэту ночку паспіць у турме і на гэты раз абыдзецца без праветрывання.

— Далібог, ваша міласць, вам лягчэй зрабіць мяне каралём, чым прымусіць спаць у турме! — запярэчыў хлопец.

— Гэта чаму ж я не прымушу цябе спаць у турме? — спытаў Санча. — He маю ўлады я, ці што, у любую хвіліну схапіць цябе або адпусціць?

— Якая ні вялікая ўлада вашай міласці, — запярэчыў хлопец, — а ўсё-такі вы мяне не прымусіце спаць у турме.

— Як гэта не? — закрычаў Санча. — Адвядзіце яго ў турму, там ён жыва зразумее, што памыляецца; калі ж начальнік турмы ў карыслівых мэтах зробіць яму паблажку і дазволіць хоць бы на крок ад турмы адысці, я на таго начальніка налажу пеню ў памеры дзве тысячы дукатаў.

— Жартуеце, — зазначыў хлопец. — He нарадзіўся яшчэ на свет такі чалавек, які прымусіў бы мяне спаць у турме.

— Гавары ж, чорт ты гэтакі! — ускрыкнуў Санча. — Ды хто цябе, хіба анёл, выведзе з турмы і разаб’е кайданы, якія я загадаю на цябе надзець?

— Вось што, сеньёр губернатар: давайце ўнікнем у сутнасць справы, — з чароўнай прыемнасцю загаварыў юнак. — Дапусцім, ваша міласць загадае адправіць мяне ў турму, там на мяне надзенуць кайданы і ланцугі — і пад замок, а начальнік турмы, каб пазбегнуць суровага пакарання, выканае ваш загад і не выпусціць мяне, — усё роўна, калі я не захачу спаць і ўсю ноч не заплюшчу вачэй, то ці зможаце вы, ваша міласць, з усёй сваёй уладай прымусіць мяне заснуць, калі я не жадаю?

— Вядома, не! — умяшаўся сакратар. — Хлопец спрытна выкруціўся.

— Значыць, — спытаў Санча, — ты не пачаў бы спаць таму, што табе проста не хочацца, а не для таго, каб пярэчыць мне?

— У мяне і ў думках таго не было, сеньёр, — адказаў хлопец.

— Ну, тады ідзі з богам, — вырашыў Санча, — ідзі дамоў спаць, няхай пашле табе гасподзь прыемныя сны, я ж пазбаўляць цябе сну не маю намеру. Але толькі надалей раю з уладамі не жартаваць,а то нарвешся яшчэ на каго-небудзь, дык цябе за такія жартачкі па галоўцы не пагладзяць.

Хлопец пайшоў, і на гэтым абход вострава закончыўся, праз два дні закончылася і само губернатарства, а з ім разам праваліліся і разляцеліся ўсе планы Санча, як гэта будзе відаць з далейшага.


Раздзел XXXVIII, у якім апавядаецца аб тым, як паж герцагіні даставіў пісьмо Тэрэсе Панса,жонцы Санча Пансы

Між тым герцагіня адправіла таго самага пажа, які прыкідваўся Дульцынеяй і патрабаваў, каб яго вызвалілі ад чараў (аб чым Санча Панса з-за розных дзяржаўных спраў паспеў цалкам забыць), да жонкі Санча, Тэрэсы Панса, з пісьмом ад яе мужа, з пісьмом ад сябе і з вялікай ніткай цудоўных каралаў у выглядзе падарунка. Паж, юнак талковы, кемлівы і паслужлівы, з найвялікай ахвотай паехаў у вёску Санча; пад’язджаючы да вёскі, ён аклікнуў жанчын, якія сабраліся каля ручая і паласкалі бялізну, і спытаў, дзе жыве жанчына па імені Тэрэса Панса, жонка нейкага Санча Пансы, збраяносца рыцара, які называе сябе Дон Кіхотам Ламанчскім. Пачуўшы гэта пытанне, адна з дзяўчат, якія паласкалі бялізну, падняла галаву і адказала:

— Тэрэса Панса — гэта мая маці, згаданы вамі Санча — гэта мой тата, згаданы ж вамі рыцар — гэта наш пан.

— У такім выпадку, дзяўчына, — прамовіў паж, — правядзі мяне да сваёй маці: я вязу ёй пісьмо і падарунак ад твайго таты.

— З найвялікім задавальненнем, васпан мой, — аб’явіла дзяўчына, якой на выгляд можна было даць гадоў чатырнаццаць.

Бялізну яна пакінула сяброўцы і, не абуўшыся і не падабраўшы валасоў, як была, босая і растрапаная, падскочыла да пажа і сказала:

— Едзьце прама, ваша міласць, наш дом крайні, маці зараз дома, і ўжо вельмі яна бядуе, што ад таты даўно няма ніякіх вестак.

— Затое я прывёз такія добрыя весткі, — падхапіў паж, — што твая маці павінна дзякаваць богу.

Дзяўчына подскакам кінулася дамоў і яшчэ з парога крыкнула:

— Матухна, ідзі сюды, хутчэй, хутчэй! Да нас едзе нейкі сеньёр і вязе пісьмы і розныя цацкі ад майго таты.

На крык выйшла яе маці, Тэрэса Панса, з матком пражы ў руцэ. Яна не рабіла ўражання старой, хоць зараз было відаць, што ёй пайшло на пяты дзесятак, зрэшты, гэта была здаровая і загарэлая жанчына; убачыўшы сваю дачку і пажа на кані, яна спытала:

— Што такое, дачка? Хто гэты сеньёр?

— Пакорны слуга сеньёры донны Тэрэсы Панса, — адказаў ганец.

Ён імгненна саскочыў з каня і вельмі пачціва апусціўся на калені перад сеньёрай Тэрэсай.

— Прашу вашы ручкі, сеньёра донна Тэрэса, — працягваў паж, — каб пацалаваць іх вам, як законнай уласнай жонцы сеньёра дона Санча Пансы, вярхоўнага губернатара вострава Баратарыя.

— Ах, васпан мой, досыць, пакіньце! — загаварыла Тэрэса. — Я ж не прыдворная дама, я бедная сялянка, дачка простага хлебароба і жонка вандроўнага збраяносца, а зусім не нейкага там губернатара.

— Ваша міласць, — запярэчыў паж, — з’яўляецца самай дастойнай жонкай самага найдастойнага губернатара, і ў якасці доказу вось вам, ваша міласць, пісьмы і падарунак.

Тут ён дастаў з кішэні нітку каралаў з залатымі засцежкамі і, надзеўшы яе на шыю Тэрэсы, працягваў:

— Гэта пісьмо ад сеньёра губернатара, а другое разам з караламі прасіла вам перадаць сеньёра герцагіня, якая і паслала мяне да вашай міласці.

Тэрэса абамлела, дачка яе таксама. Нарэшце дзяўчына сказала:

— Забіце мяне, калі ва ўсім гэтым не замешаны наш пан сеньёр Дон Кіхот! Ужо дакладна, гэта ён падараваў бацьку ці то губернатарства, ці то графства, — ён жа яму столькі разоў яго абяцаў.

— Так яно і ёсць, — пацвердзіў паж: — дзякуючы заслугам сеньёра Дон Кіхота сеньёр Санча цяпер прызначаны губернатарам вострава Баратарыя, як гэта будзе відаць з пісьма.

— Прачытайце мне пісьмо, зрабіце ласку, — папрасіла Тэрэса: — прасці якраз я майстрыца, а вось наконт чытання — ні ў зуб нагой.

— Я таксама, — сказала Марысанча. — Пачакайце, я зараз паклічу якога-небудзь грамацея: або самога свяшчэнніка, або бакалаўра Самсона Караску, — яны з радасцю прыйдуць, ім, ужо дакладна, захочацца даведацца пра тату.

— Няма чаго іх клікаць, — запярэчыў паж. — Я, праўда, не ўмею прасці, затое чытаць умею і прачытаю вам пісьмо.

І ён яго, сапраўды, прачытаў ад пачатку да канца, але паколькі яно было ўжо прыведзена, то тут мы яго не змяшчаем, а затым ён дастаў з кішэні пісьмо ад герцагіні вось такога зместу: “Сябар мой Тэрэса! Выдатныя якасці душы і розуму мужа Вашага Санча падштурхнулі мяне і прымусілі папрасіць мужа майго, герцага, каб ён прызначыў яго губернатарам аднаго са шматлікіх астравоў. Да мяне дайшлі звесткі, што гэта сапраўдны арол, а не губернатар, чаму я і, само сабой зразумела, мой муж, герцаг, вельмі рады. Я горача дзякую богу, што не памылілася ў выбары губернатара, бо няхай будзе Вам вядома, сеньёра Тэрэса, што добрыя кіраўнікі рэдка сустракаюцца на свеце, Санча ж так добра кіруе, што дай бог мне самой быць такой жа добрай.

Пасылаю Вам, мая мілая, нітку каралаў з залатымі засцежкамі; я з большым задавальненнем падарыла б Вам перлы Усходу, ну, ды чым багаты, тым і рады. З цягам часу мы з Вамі пазнаёмімся і пасябруем; зрэшты, усё ў руках божых. Кланяйцеся ад мяне Вашай дачцэ Марысанчы і скажыце, каб яна была гатова: аднаго разу я яе выдам за якога-небудзь знатнага чалавека.

Я чула, што мясціны Вашы багатыя на буйныя жалуды: прышліце мне дзесяткі два, яны будуць асабліва дарагія тым, што іх збіралі Вы. Напішыце падрабязна, як Вы сябе адчуваеце і як пажываеце; калі ж у чым-небудзь маеце патрэбу, то Вам варта толькі слова сказаць, і ўсё будзе як пажадаеце. А цяпер няхай беражэ Вас бог.

Напісана ў маім замку.

Любячы Вас сябар

Герцагіня”.

— Ах, — усклікнула Тэрэса пасля таго, як пісьмо было прачытана, — якая ж гэта добрая, простая і сціплая сеньёра! З такімі сеньёрамі можна жыць душа ў душу, гэта не тое што нашы дваранкі, якія ўяўляюць, што калі яны дваранкі, дык ужо на іх каб і пылінкі не садзіліся, а калі ў царкву ідуць, да таго ганарлівыя — сапраўды, падумаеш, каралевы; зірнуць на сялянку — і то ўжо, здаецца, для іх ганьба, а тут глядзіце, якая мілая сеньёра: сама герцагіня, а мяне называе сваім сябрам і піша мне, як роўнай, і за гэта дай бог ёй стаць роўнай з самай высокай званіцай ва ўсёй Ламанчы. А жалудоў, васпан мой, я пашлю яе светласці цэльную меру, і ўжо якіх буйных: усім на заглядзенне і на здзіўленне. А пакуль што, дачка, па дагаджай сеньёру, дагледзь яго каня, прынясі з хлява яек і сала нарэж пабольш — ды пачастуем яго, як князя, ён гэта заслужыў: надта добрыя весткі нам прывёз, ды і сам добры, а я тым часам збегаю да суседак, падзялюся з імі сваёй радасцю, а потым да нашага свяшчэнніка і да цырульніка, маэсе Нікаласа: яны заўсёды былі сябрамі твайму тату, сябрамі і засталіся.

— Слухаю, матуля, — сказала Марысанча, — але толькі цур: палову караляў мне, — сеньёра герцагіня, ужо напэўна, не такая дурніца, каб усе каралі пасылаць табе адной.

— Яны ўсе твае будуць, дачушка, — сказала Тэрэса, — дай мне толькі некалькі дзён іх панасіць, — у мяне, слова гонару, сэрца скача ад радасці, калі я на іх гляджу.

— Вы абедзве не менш абрадуецеся, — падхапіў паж, — калі зазірнеце вось у гэту дарожную торбу; там ляжыць кафтан з выдатнага сукна: губернатар толькі адзін раз апранаў яго на паляванне, а цяпер пасылае сеньёры Марысанчы.

— Дай бог, каб ён служыў мне тысячу гадоў, — прамовіла Марысанча, — а таму, хто прывёз, жадаю пражыць столькі ж, а калі будзе ахвота, дык не адну, a дзве тысячы гадоў.

Пасля гэтага Тэрэса, з каралямі на шыі, выскачыла з дому і пабегла, пастукваючы пальцамі па пісьмах, быццам гэта быў бубен; выпадкова сустрэліся ёй свяшчэннік і Самсон Караска, і тут яна пачала прытанцоўваць і прымаўляць:

— Сягоння і на нашай вуліцы свята! Мы цяпер губернатары! He верыце, — прывядзіце сюды самую што ні на ёсць важную птушку з дваранак, я і ёй утру нос!

— Што гэта значыць, Тэрэса Панса? Што гэта за дурыкі і што гэта за паперы ў цябе ў руках?

— Ніякія гэта не дурыкі, а ў руках у мяне пісьмы ад герцагінь і губернатараў, на шыі — цудоўныя каралы, і сама я — губернатарша.

— Бог ведае што ты кажаш, Тэрэса! Мы адмаўляемся цябе разумець!

— Ану, зірніце, — сказала Тэрэса.

I з гэтымі словамі яна працягнула ім пісьмы. Свяшчэннік прачытаў іх уголас Самсону Караску, затым яны ад здзіўлення пераглянуліся, а бакалаўр спытаў, хто прывёз гэтыя пісьмы. Тэрэса прапанавала ім пайсці да яе і паглядзець на ганца: гэта, маўляў, не хлопец, а золата і прывёз, кажа, ён ёй яшчэ адзін падарунак, якому цаны няма. Свяшчэннік зняў з яе шыі каралі, разгледзеў іх з усіх бакоў і, пераканаўшыся, што гэта сапраўдныя каралы, зноў здзівіўся і сказаў:

— Клянуся маім санам, я не ведаю, што сказаць і што падумаць аб гэтых падарунках: я бачу і адчуваю на дотык сапраўдныя каралы і разам з тым чытаю, што нейкая герцагіня просіць прыслаць ёй два дзесяткі жалудоў.

— Вось тут і разбярыся! — заўважыў, са свайго боку, Караска. — Ну што ж, хадземце пазнаёмімся з пасланцом: магчыма, ён выведзе нас са складанай сітуацыі.

Так яны і вырашылі зрабіць, і Тэрэса павяла іх да сябе дамоў. Калі яны ўвайшлі, паж прасейваў авёс для свайго каня, а дзяўчынка рэзала сала для яечні, каб пакарміць госця, выгляд і адзенне якога зрабілі добрае ўражанне на свяшчэнніка і бакалаўра; яны пачціва пакланіліся яму, ён — ім, і тады Самсон спытаў, што чутно пра Дон Кіхота і пра Санча Пансу: яны, маўляў, прачыталі пісьмы Санча і сеньёры герцагіні, але ўсё ж здзіўлены і не могуць зразумець, якое гэта ў Санча губернатарства, ды яшчэ на востраве, між тым як усе ці амаль усе астравы на Міжземным моры належаць яго вялікасці. Паж яму на гэта адказаў так:

— Што сеньёр Санча Панса — губернатар, гэта ніякаму сумненню не падлягае. Дзе іменна ён губернатарнічае — на востраве або яшчэ дзе, у гэта я не ўнікаў. Дастаткова сказаць, што ў яго валоданні знаходзіцца горад, які налічвае больш за тысячу жыхароў. Што тычыцца жалудоў, то сеньёра герцагіня — такая простая і да таго не гордая...

Адным словам, папрасіць у сялянкі жалудоў, — гэта яна, маўляў, лічыць ні за што, ёй нават надаралася пасылаць у бліжэйшую вёску з просьбай даць ёй на нейкі час грэбень.

— Патрэбна вам ведаць, вашы міласці, што нават самыя знатныя дамы ў нас ў Арагоне зусім не такія фанабэрыстыя і ганарыстыя, як у Кастыліі: з людзьмі яны абыходзяцца — прасцей нельга.

Ад свяшчэнніка і бакалаўра не магло схавацца, што паж забаўляецца, аднак з яго жартамі ніяк не вязаліся сапраўднасць каралаў і паляўнічы ўбор, які Тэрэса ўжо паспела ім паказаць, а ніжэйпрыведзеныя выказванні Тэрэсы іх насмяшылі:

— Сеньёр свяшчэннік, зрабіце ласку, даведайцеся, ці не едзе хто з нашай вёскі ў Мадрыд або Таледа: я хачу папрасіць купіць мне круглыя фіжмы, і каб самыя лепшыя і па апошняй модзе. Павінна ж я па сіле і магчымасці падтрымліваць гонар майго мужа, губернатара, а то аднаго разу раззлуюся і сама паеду ў сталіцу, ды яшчэ карэту завяду, каб усё было як у людзей.

— Дай табе бог, матуля, хутчэй яе завесці, — сказала Марысанча, — а там няхай пра мяне кажуць, калі я буду ездзіць разам з маёй матуляй, пані губернатаршай: “Бач ты, такая-сякая, брудная мужычка, расселася, развалілася ў карэце, быццам папеса!” Нічога, няхай сабе шлёпаюць па гразі, а я — ногі вышэй, і буду сабе раз’язджаць у карэце. Напляваць мне на ўсе злыя языкі, колькі іх ні ёсць: мне б цёпла ды ўтульна, а людзі няхай што хочуць, тое і плявузгаюць. Правільна я кажу, матуля?

— Ужо як правільна, дачушка! — сказала Тэрэса. — І ўсе гэтыя нашы радасці і нават сёе-тое яшчэ лепшае добры мой Санча мне прадказваў. Вось убачыш, дачушка: я яшчэ і графіняй буду, удачы — яны ж так адна за адной і ідуць. Я шмат разоў чула ад добрага твайго бацькі, а яго ж можна таксама назваць бацькам усіх прымавак: далі табе кароўку бяжы хутчэй па вяроўку, даюць губернатарства бяры, даюць графства — хапай, кажуць: “На, на!” і працягваюць добрую штучку — кладзі ў кішэнь. А раз не хочаш — спі і не адгукайся, калі шчасце і дабрабыт стукаюцца ў браму твайго дома.

— І якая мне будзе справа да таго, што пра мяне кажуць, калі ўжо я заважнічаю і заганаруся? — уставіла Марысанча. — “Дайце сабаку штаны надзець, ён з сабакамі не будзе вадзіцца”.

Паслухаўшы такія выказванні, свяшчэннік сказаў:

— Відавочна, у сям’і Панса ўсе так і нараджаюцца з мяшком прыказак: я не ведаю ніводнага з іх, хто б ні сыпаў прыказкамі ды прымаўкамі ў любы час і пры кожным выпадку.

— Справядліва, — заўважыў паж. — Сеньёр губернатар Санча таксама ўвесь час гаворыць прыказкамі, і хоць не ўсе падыходзяць да месца, аднак жа задавальняюць нязменна, і герцаг з герцагіняй вельмі іх адабраюць.

— Такім чынам, васпан мой, — загаварыў бакалаўр, — вы працягваеце сцвярджаць, што Санча і сапраўды губернатар і што ёсць на свеце такая герцагіня, якая піша пісьмы яго жонцы і шле ёй падарункі? Між тым, хоць мы і мацалі гэтыя падарункі і чыталі пісьмы, нам, аднак жа, не верыцца, і мы лічым, што ўсё гэта выдумкі нашага земляка Дон Кіхота: ён жа перакананы, што з ім усё адбываецца па чараўніцтву. Дык вось, мне б, уласна кажучы, хацелася абмацаць вас, каб пераканацца, хто вы такі: прывідны пасол ці чалавек з крывёю ў жылах.

— На гэта я магу вам толькі сказаць, сеньёры, — адказаў паж, — што я пасол сапраўдны, што сеньёр Санча Панса сапраўдны губернатар, што мае паны,герцагі герцагіня, мелі магчымасць падараваць і на самай справе падаравалі яму губернатарства і што, як я чуў, згаданы Санча Панса кіруе ім як мае быць. A ўжо ці ёсць тут што-небудзь звышнатуральнае ці не — мяркуйце, вашы міласці, самі, я ж нічога больш не ведаю і клянуся ў тым не чым іншым, як жыццём маіх бацькоў, а яны ў мяне яшчэ жывыя, і я іх люблю і шаную.

— Магчыма, гэта і так, — сказаў бакалаўр, — а ўсё ж міжволі ўзнікае сумненне.

— Сумнявайцеся, калі хочаце, — заўважыў паж, — a толькі ўсё, што я сказаў, — праўда, і праўда заўсёды ўсплывае над хлуснёй, як алей над вадою, а калі не верыце мне, верце справам маім. Няхай хто-небудзь з вас паедзе са мной, і вочы яго ўбачаць тое, чаму не вераць яго вушы.

— He, ужо лепш я паеду, — аб’явіла Марысанча. — Падсадзіце, сеньёр, на крыж вашага каня: мне сіл нестае, хочацца пабачыцца з татам.

— Губернатарскім дочкам не пасуе ездзіць адным, без вялікай колькасці слуг, без карэт, без насілак.

— Далібог, мне ўсё роўна: што вярхом на асліцы, што ў карэце, — запярэчыла Марысанча. — Вось ужо я ніколечкі не пераборлівая!

— Маўчы, дачушка, — сказала Тэрэса, — ты сама не ведаеш, што гаворыш! Сеньёр казаў справядліва. Часы мяняюцца: калі бацька твой — проста Санча, дык і ты — Марысанча, а калі ён — губернатар, дык і ты — сеньёра. Здаецца, я правільна разважаю.

— Сеньёра Тэрэса разважае нават правільней, чым гэта ёй здаецца, — зазначыў паж. — Дайце ж мне перакусіць і адпусціце, я маю намер вярнуцца яшчэ дацямна.

Тут свяшчэннік яму сказаў:

— Прашу пакорна вашу міласць са мной паесці,а то сеньёра Тэрэса пры ўсім жаданні наўрад ці зможа як мае быць пачаставаць такога дарагога госця.

Паж спачатку адмовіўся, але ўрэшце вырашыў, што так будзе лепш, і свяшчэннік павёў яго да сябе, радуючыся магчымасці распытаць ганца ў вольны час пра Дон Кіхота і яго справы.

Бакалаўр прапанаваў Тэрэсе напісаць за яе пісьмы ў адказ, аднак жа ёй не хацелася, каб бакалаўр лез у яе справы, бо яна ведала яго як насмешніка, а таму аднесла буханачку хлеба і пару яек пісьменнаму царкоўнаму служку, і той напісаў ёй два пісьмы, на якіх ляжыць адбітак Тэрэсінай разважлівасці: адно — да мужа, другое — да герцагіні, і з тых, якія прыводзяцца ў гэтай вялікай гісторыі, яны зусім не самыя горшыя, што будзе відаць з далейшага.


Раздзел XXXIX. Аб тым, як Санча Панса губернатарнічаў далей,а таксама і аб іншых сапраўды славутых падзеях

Дзень змяніў тую ноч, у якую губернатар абыходзіў свой востраў. Калі ж сеньёр губернатар захацеў устаць, па распараджэнні доктара Педра Нясцерпна яму было прапанавана на сняданак крыху варэння і некалькі глыткоў халоднай вады, што Санча ахвотна прамяняў бы на лусту хлеба і гронку вінаграду; аднак жа, бачачы, што выбар страў не ад яго залежыць, ён, на вялікі жаль сваёй душы і пакуту для свайго страўніка, пакарыўся і пранікся довадамі Педра Нясцерпна, які сцвярджаў, што ўмераная і лёгкая ежа садзейнічае ажыўленню разумовай дзейнасці, у чым асабліва маюць патрэбу асобы, якія стаяць каля стырна ўлады і займаюць важныя пасты, што патрабуюць не столькі сіл фізічных, колькі духоўных.

Нягледзячы на такую сафістыку, Санча адчуваў голад, і пры гэтым такі пакутлівы, што ў глыбіні душы праклінаў і губернатарства і таго, хто яму яго падараваў. З’еўшы варэнне і не суцішыўшы голаду, ён, аднак, зноў пачаў чыніць суд, і першым да яго з’явіўся нейкі прыезджы і ў прысутнасці аканома і ўсіх іншых чалядзінцаў сказаў наступнае:

— Сеньёр, нейкі маёнтак падзяляе на дзве палавіны мнагаводная рака (прашу вашу міласць выслухаць мяне ўважліва, таму што справа гэта важная і даволі цяжкая). Дык вось, цераз гэту раку перакінуты мост, і тут жа, з краю, стаіць шыбеніца і знаходзіцца штосьці накшталт суда, у якім звычайна засядаюць чатыры суддзі, і судзяць яны на падставе закона, выдадзенага ўладальнікам ракі, моста і ўсяго маёнтка і састаўленага такім чынам: “Кожны, хто праходзіць па мосце цераз раку, павінен аб’явіць пад прысягаю, куды і чаго ён ідзе, і хто скажа праўду, тых прапускаць, а хто схлусіць, тых без усялякай паблажкі адпраўляць на шыбеніцу, якая знаходзіцца тут, і караць”. З таго часу, калі гэты закон ва ўсёй сваёй строгасці быў абнародаваны, многія паспелі прайсці цераз гэты мост, і як толькі суддзі пераконваліся, што прахожыя гавораць праўду, то прапускалі іх. Але вось аднойчы нейкі чалавек, прыведзены да прысягі, пакляўся і сказаў: ён, маўляў, прыйшоў для таго, каб яго павесілі вось на гэту самую шыбеніцу, і ні па што іншае. Клятва гэта прывяла суддзяў да разгубленасці, і яны сказалі: “Калі дазволіць гэтаму чалавеку бесперашкодна ісці далей, то гэта будзе азначаць, што ён парушыў клятву і, у адпаведнасці з законам, заслугоўвае смерці; калі ж мы яго павесім, то ён жа кляўся, што прыйшоў толькі таму, каб яго павесілі на гэту шыбеніцу, такім чынам клятва яго, выходзіць, не лжывая і на падставе таго ж самага закону неабходна прапусціць яго”. І вось я пытаюся ў вас, сеньёр губернатар, што рабіць суддзям з гэтым чалавекам, бо яны да гэтага часу не могуць зразумець і вагаюцца. Пачуўшы ж аб высакародным і вострым розуме вашай міласці, яны паслалі мяне, каб я ад іх імя звярнуўся да вас з просьбай выказаць сваё меркаванне наконт гэтай заблытанай і няяснай справы.

Санча яму на гэта адказаў так:

— Слова гонару, паны суддзі смела маглі не пасылаць цябе да мяне, бо я чалавек хутчэй тупы, чым востры, аднак жа з усім тым выкладзі мне яшчэ раз гэту справу, каб я зразумеў яе сутнасць: глядзіш, і патраплю ў цэль.

Прасіцель расказаў усё з самага пачатку, і тады Санча вынес сваё меркаванне:

— Я, думаецца мне, вырашыў бы гэту справу ў адзін момант, а іменна: згаданы чалавек клянецца, што прыйшоў для таго, каб яго павесілі, калі ж яго павесіць, то, значыць, клятва яго не лжывая і па законе яго патрэбна прапусціць на той бераг, а калі не павесіць, то выходзіць, што ён схлусіў і па тым жа законе яго патрэбна павесіць.

— Сеньёр губернатар разважыў вельмі разумна, — зазначыў пасланы, — лепш зразумець і ахапіць паўней гэту справу проста немагчыма, у гэтым няма ніякага сумнення.

— Дык вось, я і кажу, — працягваў Санча, — тую палову чалавека, якая сказала праўду, няхай прапусцяць, а тую, што схлусіла, няхай павесяць, і такім чынам правілы пераходу цераз мост будуць захаваны па ўсёй форме.

— У такім выпадку, сеньёр губернатар, — запярэчыў пасланы, — давядзецца разрэзаць гэтага чалавека на дзве часткі, на праўдзівую і на хлуслівую; калі ж яго разрэзаць, то ён абавязкова памрэ, і тады ні той, ні другі артыкул закону не будзе выкананы, між тым закон патрабуе, каб яго выконвалі на ўсю паўнату.

— Паслухай, шаноўны, — сказаў Санча, — магчыма, я ёлупень, але толькі, па-мойму, у гэтага твайго прахожага столькі ж падстаў для таго, каб памерці, колькі і для таго, каб застацца жывым і перайсці цераз мост, бо калі праўда яго выратуе, то, з іншага боку, хлусня асуджае яго на смерць, а калі так, то вось маё меркаванне, якое я прашу перадаць сеньёрам, што накіравалі цябе да мяне: паколькі падстаў у іх для таго, каб асудзіць яго, і для таго,каб апраўдаць, якраз пароўну, то няхай лепш яны яго прапусцяць, бо рабіць дабро заўсёды больш правільна, чым зло. І ўсё, што я зараз сказаў, гэта я не сам прыдумаў, мне ўспомнілася адна з тых шматлікіх парад, якія я пачуў з вуснаў майго пана Дон Кіхота напярэдадні ад’езду на востраў, гэта значыць: у няпэўных выпадках трэба прыслухоўвацца да голасу міласэрнасці, і вось, слава богу, я зараз аб гэтай парадзе ўспомніў, а яна якраз падыходзіць да нашай справы.

— Так, — прамовіў аканом, — я ўпэўнены, што сам Лікург, які даў законы лакедэманянам192, не вынес бы больш мудрага рашэння, чым вялікі Панса. На гэтым мы закончым ранішняе наша пасяджэнне, і я неадкладна дам распараджэнне, каб сеньёру губернатару прынеслі на абед усё, што ён сам пажадае.

— Вось гэта мне і патрэбна, скажу вам шчыра, — аб’явіў Санча. — Дайце мне толькі пад’есці, а там няхай на мяне сыплюцца ўсякія цёмныя і заблытаныя справы — я іх хутка вырашу.

Аканом слова сваё стрымаў: яму не дазваляла сумленне марыць голадам такога разважлівагагубернатара, тым больш што па задуме яго пана, яму заставалася пажартаваць з Санча апошні раз, і на гэтым ён намерваўся паставіць кропку. І вось здарылася так, што калі Санча, наеўшыся, насуперак усім правілам і парадам доктара Учортанарагеры, уставаў з-за стала, з’явіўся ганец з пісьмом ад Дон Кіхота да губернатара. Санча загадаў сакратару прачытаць яго спачатку сам сабе, і калі ў пісьме не будзе нічога сакрэтнага, то прачытаць уголас. Сакратар так і зрабіў і, прабегшы пісьмо, сказаў:

— Гэта пісьмо можна прачытаць уголас, бо ўсё, што сеньёр Дон Кіхот піша вашай міласці, заслугоўвае быць напісаным залатымі літарамі. Вось аб чым тут ідзе размова:

Пісьмо Дон Кіхота Ламанчскага да Санча Пансы, губернатару вострава Баратарыя “Я чакаў пачуць аб тваіх недахопах і памылках, дружа Санча, а замест гэтага пачуў аб тваёй дасціпнасці, за што і асабліва падзякаваў госпаду богу, які з пылу падымае беднага, а дурня ператварае ў разумнага. Мне паведамілі, што ты кіруеш як сапраўдны чалавек, але што, будучы чалавекам, ты пакорлівасцю сваёю нагадваеш стварэнне маўклівае; і, аднак жа, патрэбна табе ведаць, Санча, што ў многіх выпадках да твару і нават неабходна дзеля ўмацавання сваёй улады рабіць насуперак пакорлівасці свайго сэрца, таму што асобе, якая займае важную пасаду, належыць паводзіць сябе ў адпаведнасці са сваім высокім становішчам і не слухацца таго, што ёй падказвае яе нерадавітасць. Апранайся добра, таму што і дубіна, калі яе ўпрыгожыць, перастае здавацца дубінай. З гэтага не вынікае, што табе падыходзіць абвешвацца бразготкамі і франціць, і што, будучы суддзёй, ты абавязаны апранацца як вайсковец, — табе неабходна апранацца, як таго патрабуе займаемая табою пасада, a іменна: чыста і ахайна.

Каб заслужыць любоў народа, якім ты кіруеш, табе, між іншым, патрэбна памятаць аб дзвюх рэчах: па-першае, табе неабходна быць з усімі прыветлівым (зрэшты, аб гэтым я ўжо з табой размаўляў, а па-другое, табе неабходна клапаціцца аб вялікай колькасці харчовых прадуктаў, бо нішто так не робіць жорсткімі сэрцы беднякоў, як голад і дарагавізна.

He выдавай надта шмат указаў, а ўжо калі задумаеш выдаць, то старайся, каб яны былі дзелавымі, галоўнае, сачы за тым, каб іх трымаліся і выконвалі, бо калі ўказы не выконваюцца, то гэта раўназначна таму, як калі б яны не былі выдадзены зусім; больш таго: такое становішча наводзіць на думку, што ў кіраўніка хапіла розуму і ўсведамлення сваёй улады, каб выдаць указы, але не хапіла смеласці, каб прымусіць выконваць іх, закон жа, які пагражае, але не ажыццяўляецца, падобны на доўбню, цара жаб193: спачатку ён наводзіў на іх жах, але потым яны пачалі ставіцца з пагардай да яго і папіхаць ім.

Будзь родным бацькам для дабрачыннасці і айчымам для заган. He будзь ні пастаянна суровым, ні пастаянна мяккім, — выбірай сярэдзіну паміж гэтымі дзвюма крайнасцямі, бо ў сярэднім гэтым шляху і знаходзіцца вышэйшая мудрасць. Аглядвай турмы, бойні і рынкі, бо наведванне губернатарам такіх месцаў — рэч надзвычай важная: губернатар суцяшае вязняў, якія спадзяюцца на хуткае завяршэнне іх спраў, ён — пудзіла мяснікоў, якія ў яго прысутнасці перастаюць абважваць, і па той жа прычыне ён — пагроза ўсіх гандлярак. У выпадку, калі ты карыслівец і ласун (чаго я, зрэшты, не думаю), то не паказвай гэтага, бо калі народ і твае набліжаныя даведаюцца аб яскрава выяўленай тваёй схільнасці, то пачнуць цябе за гэта даймаць і ўрэшце звергнуць. Прыглядвай і пераглядвай, прадумвай і перадумвай тыя парады і правілы, якія я даў табе ў пісьмовым выглядзе перад тваім ад’ездам на востраў, і калі будзеш іх прытрымлівацца, то ўбачыш, якую неацэнную дапамогу акажуць яны табе ў пераадоленні тых перашкод і цяжкасцей, якія на кожным кроку ўзнікаюць перад валадарамі. Напішы герцагу і герцагіні і выкажы ім сваю ўдзячнасць, бо няўдзячнасць — дачка гордасці і адзін з найвялікіх грахоў, што толькі існуюць на свеце; ад чалавека ж, які адчувае ўдзячнасць да сваіх дабрадзеяў, можна чакаць, што ён выкажа ўдзячнасць і госпаду богу, які пасылаў яму і пасылае такую вялікую ласку.

Сеньёра герцагіня адправіла да тваёй жонкі Тэрэсы Панса пасыльнага з кафтанам і з падарункам ад яе самой; адказу чакаем з хвіліны на хвіліну.

Бог з табой.

Твой сябар

Дон Кіхот Ламанчскі”.

Санча слухаў з асаблівай увагай, усе прысутныя пахвалілі пісьмо і прызналі, што яно вельмі разумна напісана. Затым Санча ўстаў і, паклікаўшы свайго сакратара, зачыніўся з ім у сваім пакоі, а паколькі ён вырашыў зараз жа, не адкладваючы, адказаць сеньёру Дон Кіхоту, то загадаў сакратару запісваць слова ў слова ўсё, што ён, Санча, будзе яму гаварыць. Сакратар падпарадкаваўся, і пісьмо ў адказ было складзена наступным чынам:

Пісьмо Санча Пансы да Дон Кіхота Ламанчскага “Я так заняты справамі, што ў мяне няма часу ні пачухаць галаву, ні нават абрэзаць пазногці, і таму яны ў мяне такія доўгія, што хоць крычы каравул. Гэта я вам пішу, дарагі сеньёр, каб міласць Ваша не турбавалася, што я да гэтага часу не паведаміў Вам, як мне жывецца на востраве. Дык вось, галадаю я на гэтым самым востраве больш, чым калі мы з Вамі ўдвух блукалі па лясах і пустынях.

Днямі сеньёр герцаг пісаў мне і паведамляў, што да нас на востраў прабраліся нейкія лазутчыкі і хочуць мяне забіць, але да гэтага часу мне ўдалося выявіць толькі аднаго, нейкага лекара, якому тут плацяць жалаванне, каб ён усіх новапрызначаных губернатараў адпраўляў на той свет. Завуць яго доктар Педра Нясцерпна, а родам ён не то з Ціртэафуэры, не то з Учортанарагеры: адно імя чаго варта, Ваша міласць, міжволі будзеш баяцца, як бы ён цябе не замарыў! Ён сам пра сябе гаворыць, што не лечыць хваробы, a толькі папярэджвае, лекі ж у яго адны: дыета ды дыета, пакуль хворы так схуднее — у чым толькі душа трымаецца, як быццам знясіленне не больш шкоднае за гарачку! Словам, ён морыць мяне голадам, а я паміраю ад прыкрасці: я ж думаў, калі збіраўся губернатарнічаць, што буду есці гарачае, піць прахаладжальнае, песціць сваё цела на галандскіх прасцінах ды на пухавіках, а прыехаў — і пачаў весці такое строгае жыццё; ну, якраз пустэльнік, а паколькі гэта не па маёй добрай волі, то баюся я, што аднойчы адпраўлюся к чорту.

Да гэтага часу мне яшчэ ні падаткаў не прыносілі, ні падарункаў не дарылі, і я не магу зразумець, што б гэта азначала, бо я тут ад сяго-таго чуў, што звычайна, калі прызначаецца новы губернатар, то яшчэ да яго прыбыцця на востраў жыхары дораць яму або пазычаюць шмат грошай і што звычай гэты існуе ва ўсіх выключна валадароў, а не толькі ў тутэйшых.

Рынкі я наведваю, як Ваша міласць мне раіла, і ўчора пры мне адна жанчына гандлявала арэхамі, быццам бы свежымі, а я даказаў, што свежыя арэхі яна мяшае са старымі, пустымі і гнілымі; я загадаў аддаць усе гэтыя арэхі ў сіроцкую школу — там разбяруцца, гандлярцы ж забараніў на працягу двух тыдняў з’яўляцца на рынку. Гавораць, што я зрабіў правільна. Да ведама Вашай міласці, пра гандлярак у нашым горадзе ідзе такая няслава, што горшых за іх нікога на свеце няма, бо яны народ бессаромны, бессардэчны і нахабны, і я таксама гэтак лічу: я ж на іх нагледзеўся ў іншых мясцінах.

Я вельмі задаволены, што сеньёра герцагіня напісала пісьмо маёй жонцы Тэрэсе Панса і, як Вы паведамляеце, паслала ёй падарунак, і з цягам часу пастараюся аддзячыць ёй; пацалуйце ёй за мяне ручкі, Ваша міласць, і перадайце, што я ў яе ў даўгу не застануся, — у гэтым яна пераканаецца на справе.

Калі прыйдзе пісьмо ад маёй жонкі Тэрэсы Панса, то заплаціце, Ваша міласць, за дастаўку194 і перашліце сюды: мне, сіл нестае, хочацца даведацца, што ў мяне робіцца дома, як там жонка і дзеці. А цяпер няхай беражэ Вас бог ад шкодных чараўнікоў, а мне няхай дапаможа пайсці адсюль дабром і з мірам, у чым я, аднак жа, сумняваюся, бо, па ўсёй верагоднасці, давядзецца мне на гэтым самым востраве скласці свае косці — так добра лечыць мяне доктар Педра Нясцерпна.

Слуга Вашай міласці

Губернатар Санча Панса".

Сакратар запячатаў пісьмо і неадкладна адправіў ганца ў зваротную дарогу, змоўшчыкі ж, якія дурылі Санча, сабраліся і пачалі раіцца, як бы гэта ім адправіць адсюль самога губернатара. А губернатар увесь гэты дзень прымаў меры для паляпшэння дзяржаўнага ладу ў даверанай яму вобласці, якую ён прымаў за востраў; так, напрыклад, ён забараніў рознічны перапродаж харчовых прадуктаў ва ўсёй дзяржаве і дазволіў увоз віна адкуль бы гэта ні было, з той, аднак жа, агаворкай, што павінна ўказвацца месца яго вырабу і што цана на яго павінна ўстанаўлівацца ў адпаведнасці з яго сапраўдным коштам, якасцю і маркаю, тым жа прадаўцам, якія будуць выкрыты ў разбаўленні віна вадою, а таксама і ў падробцы ярлычкоў, губернатар устанавіў смяротную кару; ён знізіў цэны на абутак, галоўным чынам на чаравікі, што каштавалі, на яго думку, неймаверна дорага; вызначыў памеры жалавання слугам, якія ў сваёй карыслівасці не ведалі ўпыну; устанавіў строгія спагнанні для тых, хто — усё роўна, днём або ноччу — надумаў бы спяваць непрыстойныя і гарэзлівыя песні; забараніў сляпым спяваць аб цудах, калі толькі ў іх няма бясспрэчных доказаў, што цуды гэтыя сапраўды адбываліся, бо ён прытрымліваўся той думкі, што большасць цудаў, аб якіх спяваюць сляпыя — цуды ўяўныя і толькі падрываюць веру ў сапраўдныя; і, нарэшце, прыдумаў і ўвёў новую пасаду альгуасіла па справах беднякоў, не для таго, аднак жа, каб даймаць іх, а для таго, каб правяраць, ці сапраўды яны бедныя,а то ж бывае іншы раз і так, што калекаю прыкідваецца злодзей, у якога абедзве рукі цалюткія, і выстаўляе напаказ выдуманыя раны здаравенны п’яніца. Адным словам, ён увёў столькі паляпшэнняў, што яны да гэтага часу не страцілі ў тых мясцінах сваёй сілы і да сягонняшняга дня называюцца “Законапалажэннямі вялікага губернатара Санча Пансы”.


Раздзел XL. Аб злашчасным канцы і выніку губернатарства Санча Пансы

Між тым Дон Кіхот прыйшоў да думкі, што яго жыццё ў гэтым замку ідзе ў разрэз з усім ладам рыцарства і вырашыў папрасіць у герцагскай пары дазволу пакінуць іх прытулак і накіравацца ў Барселону, дзе неўзабаве павінна было адбыцца свята, а на гэтым свяце ён спадзяваўся заваяваць сабе даспехі, якія ў такіх выпадках звычайна даюць ва ўзнагароду. I трэба ж было здарыцца так, што ў гэты самы дзень, калі ён, седзячы за сталом разам з іх светласцямі, хацеў быў выканаць свой намер і папрасіць дазволу ад’ехаць, дзверы ў вялікую залу раптоўна адчыніліся і ўвайшоў паж, які адвозіў пісьмо і падарункі жонцы губернатара Санча Пансы, Тэрэсе Панса.

Іх светласці ўзрадаваліся яго прыезду невымоўна, бо ім цікава было ведаць, як жа ён з’ездзіў; калі ж яны яго аб тым спыталі, ён зазначыў, што коратка, ды яшчэ пры пабочных асобах, гэтага не раскажаш, і папрасіў дазволу адкласці аповед да таго часу, калі ён застанецца з іх светласцямі сам-насам, а пакуль, маўляў, няхай яны пацешацца пісьмамі. І тут ён дастаў два пісьмы і ўручыў герцагіні. На адным з іх было напісана: “Пісьмо да сеньёры герцагіні, не ведаю, як яе завуць”, а на другім: “Мужу майму Санча Пансу, губернатару вострава Баратарыя, дай бог яму пражыць даўжэй, чым мне самой”. Герцагіні, як кажуць, не сядзелася на месцы — гэткую моцную цікаўнасць абуджала ў ёй пісьмо Тэрэсы; адкрыўшы ж яго і прабегшы вачамі, яна палічыла, што пісьмо цалкам можна прачытаць уголас у прысутнасці герцага і ўсіх астатніх, і таму прачытала яго ўслых.

Пісьмо Тэрэсы Панса да герцагіні “Вялікую радасць прынесла мне, васпані мая, пісьмо Вашай светласці. Нітка каралаў вельмі добрая, ды і паляўнічы кафтан майго мужа не горшы. А што Ваша светласць прызначыла мужа майго Санча губернатарам, то ўся наша вёска вельмі нават гэтаму рада, хоць усе ў гэтым сумняваюцца, асабліва свяшчэннік, цырульнік маэсе Нікалас і бакалаўр Самсон Караска, ну, а мяне гэта ніколькі не хвалюе: абы так яно ўсё было, а там няхай сабе гавораць што хочуць; зрэшты, калі ўжо на тое пайшло, каб не каралы і кафтан, то я б і сама не паверыла, бо ўсе ў нас прымаюць майго мужа за дурня, а паколькі ён да гэтага часу нічым, апрача чарады коз, не кіраваў, то і не могуць зразумець, ці варты ён кіраваць яшчэ чым-небудзь. Дапамажы яму бог. Няхай папрацуе на карысць дзеткам.

А я, дарагая мая сеньёра, вырашыла, з дазволу Вашай міласці, пакуль шчасце само плыве ў рукі, адправіцца ў сталіцу і пакатацца ў карэце, каб у зайздроснікаў маіх, — а зайздроснікаў у мяне цяпер шмат, — лопнулі вочы; вось я і прашу Вашу светласць: скажыце майму мужу, каб ён прыслаў мне колькі-небудзь грошай, ды асабліва не квапіўся, бо ў сталіцы расходы вялікія: адна буханка хлеба каштуе рэал, а фунт мяса — трыццаць мараведзі. Гэта ж проста жах! А калі ён не захоча, каб я ехала, то няхай хутчэй адпіша, бо мне так і карціць пусціцца ў дарогу: сяброўкі і суседкі мяне пераконваюць, што калі мы з дачкой, прыбраныя ў пух і прах, важныя — не падступіцца, прыкоцім у сталіцу, то хутчэй я праслаўлю майго мужа, чым ён мяне, бо ўжо абавязкова многія пачнуць дапытвацца: “Што гэта за сеньёры едуць у карэце?” A мой слуга ў адказ: “Гэта жонка і дачка Санча Пансы, губернатара вострава Баратарыя”. Дык і Санча майму будзе слава, і мне пашана, і ўсім добра.

Нельга выказаць, як мне шкада, што жалуды ў гэтым годзе ў нас не ўрадзілі, але ўсё-такі пасылаю Вашай светласці паўмеры; сама па адным жолудзе збірала ў лесе і сваімі рукамі абцірала, ды вось бяда: больш буйных не знайшлося, а мне б хацелася, каб яны былі памерам як страусава яйка.

He забудзьце, Ваша высокаўрачыстасць, мне адпісаць, а ўжо я не праміну вам адказаць і адпішу пра сваё здароўе і пра ўсе нашы вясковыя навіны, а пакуль што малю бога, каб ён бярог Вашу вялікасць і мяне не пакінуў. Дачка мая і сынок цалуюць Вашай міласці ручкі.

Слуга Ваша Тэрэса Панса,

якой больш хочацца пабачыць

Вашу міласць, чым пісаць Вам”.

Вялікую радасць прынесла ўсім пісьмо Тэрэсы Панса, асабліва іх светласцям, герцагіня ж звярнулася да Дон Кіхота з пытаннем, ці лічыць ён прыстойным распячатаць пісьмо на імя губернатара, якое, здавалася ёй, абяцае быць дзівосным. Дон Кіхот сказаў, што каб дагадзіць прысутным, ён сам гатоў распячатаць пісьмо; і ён так і зрабіў і прачытаў наступнае:

Пісьмо Тэрэсы Панса да мужа яе Санча Пансы “Пісьмо тваё, дарагі ты мой Санча, я атрымала і клятвенна цябе запэўніваю, што ледзь з глузду не з’ехала ад шчасця. Сапраўды, міленькі, як пачула я, што ты губернатар, ну, думаю: вось зараз павалюся як нежывая ад адной толькі радасці, а ты ж ведаеш, як гэта кажуць: нечаканая радасць забівае, як усё роўна вялікае гора. А дачка твая Марысанча ад захаплення нават абмачылася. Убор, які ты мне прыслаў, ляжаў перада мной, каралы, якія мне прыслала сеньёра герцагіня, віселі ў мяне на шыі, у руках я трымала пісьмо, ганец быў тут жа, а мне, аднак, здавалася і мроілася, быццам усё, што я бачу і да чаго дакранаюся, — гэта сон і нічога больш. І то сказаць: хто б мог падумаць, што казапас раптам стане губернатарам вострава? Помніш, дружа, што казала мая маці: “Хто многа пражыве, той многа і ўбачыць”? Гэта я да таго, што спадзяюся ўбачыць яшчэ больш, калі толькі суджана мне яшчэ пажыць. He, праўда, я не супакоюся да таго часу, пакуль не ўбачу цябе арандатарам або адкупшчыкам, а хто на такім месцы, той хоць і можа трапіць да чарцей у пекла, калі будзе дапускаць злоўжыванні, а без грошай усё-такі ніколі не сядзіць. Сеньёра герцагіня табе перадасць, што ў мяне з’явілася ахвота з’ездзіць у сталіцу; падумай і адпішы мне, ці згодзен ты, а я ўжо буду там раз’язджаць у карэце і пастараюся цябе не зняславіць.

Свяшчэннік, цырульнік, бакалаўр і нават псаломшчык ніяк не могуць паверыць, што ты — губернатар, і гавораць, што гэта насланнё або чараўніцтва, як і ўсё, што тычыцца твайго пана Дон Кіхота, а Самсон кажа, што ён цябе адшукае і выб’е ў цябе з галавы губернатарства, з Дон Кіхота ж выб’е яго дзівацтва, a я з гэтага толькі пасміхаюся ды паглядваю на нітку каралаў і прыкідваю, якая сукенка выйдзе з твайго кафтана для нашай дачушкі.

Паслала я сеньёры герцагіні крыху жалудоў, — ужо як бы мне хацелася, каб яны былі залатыя! Калі ў вас на востраве носяць жамчужныя каралі, то некалькі такіх караляў прышлі мне.

Навіны ў нас у вёсцы такія: Беруэка выдала сваю дачку за нейкага ўбогага маляра, які прыехаў у нашу вёску маляваць што давядзецца; савет наш заказаў яму намаляваць каралеўскі герб над варотамі аюнтам’ента195 — ён запрасіў два дукаты, яму далі іх наперад, ён з тыдзень прапоркаўся, але так нічога і не намаляваў: мне, кажа, столькі ўсякай усячыны намаляваць не пад сілу. Грошы вярнуў, а жаніцца ўсё-такі ажаніўся: паспеў пыл пусціць у вочы, што ён добры майстар; на самай жа справе пэндзалі ён цяпер закінуў, узяўся за рыдлёўку і ходзіць сабе ў поле, быццам памешчык. У гэтым годзе алівы ў нас не ўрадзілі, ды і воцату ва ўсёй вёсцы не знойдзеш ні кроплі. Дачка вяжа карункі, зарабляе восем мараведзі ў дзень гатоўкай і хавае ў капілку — збірае на пасаг, ну а паколькі яна цяпер губернатарская дачка, то і няма патрэбы ёй дзеля гэтага працаваць: ужо ты дасі ёй на пасаг. Фантан у нас на плошчы высах; у ганебны слуп ударыла маланка; дай бог, каб усім гэтым слупам быў такі ж канец.

Чакаю адказу на гэта пісьмо і рашэння адносна маёй паездкі ў сталіцу. А цяпер няхай пашле табе бог больш гадоў жыцця, чым мне самой, ці, лепш, столькі ж,а тоне хацелася б мне пакідаць цябе аднаго на белым свеце.

Твая жонка

Тэрэса Панса”.

Пісьмы гэтыя выклікалі захапленне, смех, пахвалу і здзіўленне, а тут яшчэ ў дадатак да ўсяго з’явіўся ганец, той самы, з якім Санча паслаў пісьмо да Дон Кіхота, і пісьмо гэта таксама было прачытана ўголас, пасля чаго дурасць губернатара была пастаўлена пад сумненне. Герцагіня павяла да сябе ганца, каб распытаць, як яго прымалі ў вёсцы Санча, і той, нічога не прапусціўшы, падрабязна выклаў усе акалічнасці; затым ён даў герцагіні жалуды і сыр, што таксама ёй паслала Тэрэса, якая лічыла той сыр вельмі добрым. Герцагіня прыняла сыр з вялікай радасцю, і тут мы яе і пакінем, каб расказаць, чым скончылася губернатарства вялікага Санча Пансы, красы і люстэрка астраўных губернатараў.

Згаданы Санча на сёмую ноч свайго губернатарства, сыты не хлебам і віном, а судовым разборам, вынясеннем прысудаў, складаннем кодэксаў і выданнем надзвычайных законаў, знаходзіўся ў ложку і сон знарок і насуперак голаду пачынаў ужо сплюшчваць яго павекі, як раптам пачуліся такія шумныя крыкі і такі аглушальны гул званоў, што можна было падумаць, быццам востраў правальваецца скрозь зямлю. Санча сеў на ложку і пачаў прыслухоўвацца, спрабуючы ўгадаць, якая прычына такога вялікага перапалоху;аднак жа ён так і не здагадаўся, наадварот: неўзабаве да шуму галасоў і гулу званоў прымяшаліся трубны гук і барабанны бой, і тут Санча канчаткова збянтэжыўся і перапалохаўся; ён ускочыў, абуў туфлі, бо падлога ў спальні была халодная, і, не паспеўшы нават накінуць халат ці штосьці падобнае, наблізіўся да дзвярэй і ўбачыў, што па калідоры бягуць больш за дваццаць чалавек з запаленымі факеламі і вынятымі шпагамі ў руках; пры гэтым усе яны гучна крычалі:

— Да зброі, да зброі, сеньёр губернатар! Да зброі, бо незлічоная сіла ворагаў уварвалася на наш востраў! Мы загінем, калі толькі ваша знаходлівасць і стойкасць нас не выратуюць!

З гэтымі крыкамі, раз’юшаны і збянтэжаны натоўп дабег да Санча, здзіўленага і ашаломленага ўсім, што ён бачыў і чуў, і, дабегшы, адзін з натоўпу сказаў:

— Узбройвайцеся, ваша правасхадзіцельства, калі не хочаце загінуць самі і загубіць увесь наш востраў!

— Ды навошта мне ўзбройвацца! — усклікнуў Санча. — Хіба я што-небудзь разумею ва ўзбраенні і ў абароне? Гэту справу лепш за ўсё ўскласці на майго пана Дон Кіхота, — ён бы імгненна з гэтым пакончыў і адбіў напад, а я, грэшны чалавек, у такой сумятні губляю галаву.

— Ах, сеньёр губернатар! — усклікнуў другі. — Ці дарэчы такая бесклапотнасць? Узбройвайцеся, ваша міласць, мы вам прынеслі зброю як для наступлення, так і для абароны. Выходзьце на плошчу, будзьце нашым важаком і палкаводцам, бо вам, нашаму губернатару, справядліва належыць гэты гонар.

— Добра, узбройвайце мяне, — прамовіў Санча.

У тую ж хвіліну былі прынесены два шчыты, дзеля гэтага загадзя прызапашаныя, і прыстаўлены да грудзей і да спіны Санча проста на кашулю, надзець жа яшчэ што-небудзь яму не дазволілі; рукі яму прасунулі ў знарок для гэтага зробленыя дзіркі, а затым вельмі моцна сцягнулі яго вяроўкамі, так што ён быў сціснуты і, не маючы магчымасці сагнуць ногі ў каленях або зрабіць крок, трымаўся прама, як палка. У рукі яму далі кап’ё, і каб утрымацца на нагах, ён на яго абапёрся. Калі ж ён быў такім чынам адзеты ў даспехі, яму сказалі, каб ішоў наперад, вёў за сабой іншых і падымаў дух войска і што калі, маўляў, ён дасць згоду быць іх пуцяводнаю зоркаю, кнотам і светачам, то ўсё скончыцца добра.

— Ды як жа я, няшчасны, пайду, — запярэчыў Санча, — калі я не магу нават паварухнуць каленнымі чашачкамі, таму што мяне не пускаюць вось гэтыя дошкі, якія проста прыліплі да маёй скуры? Адзінае, што вам застаецца, — гэта ўзяць мяне на рукі і ўставіць старчма або наўскасяк у якую-небудзь брамку, і я буду яе абараняць кап’ём або ўласным целам.

— Ідзіце, сеньёр губернатар, — сказаў хтосьці з натоўпу, — вас не пускаюць не столькі дошкі, колькі страх. Саўладайце сабой і паспяшайцеся,а то будзе позна: вораг усё прыбывае, крыкі ўзмацняюцца, небяспека ўзрастае.

Урэшце ўгаворы і ганьбаванні падзейнічалі: бедны губернатар зрабіў быў спробу крануцца з месца, але тут жа з усяго размаху грымнуўся аб падлогу, так што ў яго іскры з вачэй пасыпаліся. Ён застаўся ляжаць на падлозе, быццам чарапаха, замураваная паміж верхнім і ніжнім шчытом, ці нібы кумпяк паміж дзвюма бляхамі, або, нарэшце, як лодка, якая ўрэзалася носам у пясок; між тым у насмешнікаў яго падзенне не выклікала ніякай літасці, наадварот: яны патушылі факелы і яшчэ гучней закрычалі, з яшчэ большай настойлівасцю пачалі заклікаць да зброі і, пераскокваючы цераз беднага Санча, з такой лютасцю забарабанілі мячамі па яго шчытах, што калі б гаротны губернатар не падкурчыў ногі і не ўцягнуў галаву пад шчыты, то яму б не паздаровілася; абмежаваны і сціснуты да немагчымага, ён абліваўся потам і горача маліўся богу, каб ён пазбавіў яго ад гэтай навалы. Адны на яго натыкаліся, іншыя падалі, а нехта нават узлез на яго і, нібы з вартаўнічай вышкі, пачаў камандаваць войскам і крычаць на ўсю моц:

— Гэй, нашы, сюды! Праціўнік больш за ўсё адціскае нас з гэтага боку! Ахоўвайце гэты ўваход! Зачыніце вароты! Загарадзіце лесвіцы! Цягніце сюды запальныя прылады, ліце вар і смалу ў катлы з кіпячым алеем! Перагарадзіце вуліцы матрацамі!

Словам, ён старанна пералічваў усялякія вайсковыя рэчы, разнастайныя гарматы і баявыя прыпасы, неабходныя для таго, каб адстаяць горад, між тым як моцна пабіты Санча ўсё гэта слухаў, цярпеў і гаварыў сабе: “О божа, зрабі так, каб востраў як мага хутчэй быў узяты, а мяне ці забілі, ці вызвалілі з гэтай лютай бяды!” Неба пачула яго просьбы, бо неспадзявана пачуліся крыкі:

— Перамога! Перамога! Вораг разбіты! Сеньёр губернатар, а сеньёр губернатар! Уставайце, ваша міласць! Спяшайцеся выкарыстаць вынікі перамогі і размеркаваць трафеі, захопленыя ў праціўніка, дзякуючы цвёрдасці і смеласці вашага духу!

— Падыміце мяне, — слабым голасам прамовіў змучаны Санча.

Яму дапамаглі ўстаць, і, падняўшыся з падлогі, ён сказаў:

— Плюньце мне ў вочы, калі я і сапраўды кагосьці перамог. He жадаю я размяркоўваць трафеі, я прашу і малю аб адным: хто-небудзь з вас, будзьце сябрам, дайце мне глыточак віна, а то ў мяне ўсё ў горле перасохла, і вытрыце мяне, а то я ўвесь змок ад поту.

Калі ж Санча абцёрлі, прынеслі яму віна і знялі з яго шчыты, ён сеў на ложак і тут жа ад страху, хвалявання і стомленасці страціў прытомнасць. Нашых жартаўнікоў пачынала ўжо мучыць сумленне, што забава іх аказалася такой пакутлівай для Санча, аднак Санча хутка ачуняў, і гэта іх суцешыла. Санча пацікавіўся, колькі часу; яму адказалі, што ўжо днее. Ён ні аб чым больш не пытаўся і без усякіх размоў, захоўваючы поўнае маўчанне, пачаў апранацца. Прысутныя глядзелі на яго і не маглі зразумець, якая мэта такога паспешнага апранання. Нарэшце ён апрануўся і, ледзь перастаўляючы ногі, бо ён быў моцна пабіты і рухаўся з цяжкасцю, накіраваўся да стайні, а за ім пайшлі ўсе іншыя; ён жа наблізіўся да шэрага, абняў яго, і ў знак прывітання пацалаваў у лоб і, праслязіўшыся, загаварыў:

— Прыйдзі да мяне, мой таварыш і сябар, які дзяліў са мною клопаты і беды! У той час, калі я з табой вадзіўся і не меў іншых турбот, апрача рамонту тваёй збруі і падтрымання жыцця твайго, гадзіны мае, дні і ночы праходзілі шчасліва, але варта было мне цябе пакінуць і ўзысці на вежы славалюбства і ганарлівасці, як мяне пачалі даймаць тысячы нягод, тысячы пакут і некалькі тысяч турбот.

Вымаўляючы такія словы, Санча адначасова сядлаў асла, ніхто з прысутных яго не перапыняў. Як толькі ён асядлаў шэрага, то з немалой цяжкасцю і з немалымі пакутамі залез на яго і, звярнуўшыся да аканома, сакратара, дварэцкага, доктара Педра Нясцерпна і да многіх іншых, якія прысутнічалі тут, пачаў так:

— Дайце дарогу, васпане мае, і дазвольце мне вярнуцца да ранейшай маёй волі. Я не народжаны быць губернатарам і абараняць астравы і гарады ад нашэсця варожых полчышчаў. Я куды лепш умею араць і капаць зямлю, падразаць і адсаджваць вінаград, чым выдаваць законы і абараняць правінцыі і каралеўствы. Кожны павінен займацца той справай, для якой ён народжаны, і мне больш да твару трымаць у руцэ серп, чым жазло губернатара. Лепш мне ўволю есці поліўку, чым залежыць ад скнарлівасці нахабнага лекара, які морыць мяне голадам. І я аддаю перавагу ў летні час разваліцца пад дубам, а зімой накрыцца шкурай двухгадовага барана, але толькі ведаць, што ты сам сабе пан, чым пад прыгнётам губернатарства спаць на прасцінах з галандскага палатна і насіць сабаліныя футры. Заставайцеся з богам, вашы міласці, і скажыце сеньёру герцагу, што голым я нарадзіўся, голым увесь свой век пражыць умудрыўся: я хачу сказаць, што заняў я пасаду губернатара без гроша ў кішэні і без гроша адсюль адыходжу — у процілегласць таму, як звычайна ад’язджаюць з астравоў губернатары. А цяпер адыдзіце і прапусціце мяне: я еду лячыцца пластырамі,а то ў мяне, відаць, ніводнага здаровага рабра не засталося па міласці ворагаў, якія сягоння ноччу па мне прайшлі.

— Дарэмна, сеньёр губернатар, — запярэчыў доктар Нясцерпна, — я дам вашай міласці пітво ад удараў і пераломаў, і вы адразу ж падужэеце і паправіцеся. Што ж тычыцца ежы, то я абяцаю вашай міласці выправіцца і буду дазваляць вам есці што захочаце.

— Трэба было раней думаць! — адрэзаў Санча. — Я хутчэй ператваруся ў турка, чым адмяню свой ад’езд. Добрага па трошкі. Клянуся богам, я і тут, у вас, не застануся губернатарам і ніякага іншага губернатарства не прыму, хоць бы мне яго на талерцы паднеслі, і гэта ў такой ступені дакладна, як тое, што на неба без крылаў не паляціш. Я з роду Пансаў, а Пансы, усе як адзін, упартыя, і калі хто з нас сказаў: “Няцот”, хоць бы на самай справе быў цот, дык усяму свету на злосць і будзе стаяць на сваім: няцот, ды і толькі. Адным словам, далей за ложак ногі не выцягвай, a цяпер дайце мне дарогу: час жа позні.

На гэта аканом яму сказаў:

— Сеньёр губернатар, мы цалкам згодны адпусціць вашу міласць, хоць ваш ад’езд вельмі для нас сумны, бо разважлівасць ваша і хрысціянскія ўчынкі такія, што мы не можам вас не шкадаваць. Аднак вы павінны былі ведаць, што кожны губернатар, перш чым выехаць з даверанай яму вобласці, абавязаны зрабіць справаздачу. Дык вось, ваша міласць, спачатку падайце справаздачу за дзесяць дзён вашага губернатарства, а тады едзьце з богам.

— Ніхто не мае права патрабаваць ад мяне справаздачы, — запярэчыў Санча, — за выключэннем асобы, якая мае на тое паўнамоцтвы ад самога сеньёра герцага, а я якраз да герцага і еду і падам яму справаздачу па ўсіх правілах. Тым больш, ад’язджаю я адсюль галышом, а гэта самы лепшы доказ, што кіраваў я, як анёл.

— Далібог, шаноўны Санча мае рацыю, — прамовіў доктар Нясцерпна, — і я стаю за тое, каб яго адпусціць, герцаг жа будзе вельмі рады яго бачыць.

Усе далучыліся да доктара і адпусцілі Санча, прапанаваўшы яму папярэдне ахову, а таксама ўсё неабходнае для задавальнення яго асобы і для зручнасці ў дарозе. Санча сказаў, што ён нічога не мае супраць атрымаць крыху аўса для шэрага, а для сябе — паўгалавы сыру і паўбуханкі хлеба: шлях, маўляў, недалёкі, а таму лепшых і больш шчодрых запасаў забеспячэння не патрэбна. Усе пачалі яго абдымаць, ён са слязамі на вачах абняў кожнага і нарэшце пусціўся ў дарогу, яны ж доўга яшчэ дзівіліся як яго выказванням, так і непахіснаму і такому разумнаму яго рашэнню.


Раздзел XLI. Аб тым, што адбылося з Санча ў дарозе, таксама які аб іншых найцікавых рэчах

Санча забавіўся ў дарозе і не паспеў у той жа дзень дабрацца да герцагскага замка: ён ужо быў ад яго за паўмілю, калі надышла ноч, цёмная і непраглядная, а паколькі было лета, то ён не надта гэтым засмуціўся і, вырашыўшы чакаць да раніцы, звярнуў з дарогі; але такая ўжо была яго горкая і няшчасная доля, што, шукаючы, дзе б зручней размясціцца, ён і яго шэры праваліліся ў глыбокае і вельмі змрочнае падзямелле, якое знаходзілася сярод нейкіх надта старажытных руін, і ў час падзення Санча пачаў горача маліцца богу, лічачы, што ляцець яму цяпер да самага пекла. Аднак выйшла не так, бо на адлегласці крыху больш за тры сажні ад зямной паверхні шэры адчуў пад сабою цвёрдую глебу, Санча ж утрымаўся на яго спіне, не атрымаўшы не толькі ніякага калецтва, але нават пашкоджання. Ён, затоіўшы дыханне, абмацваў сябе, каб пераканацца, ці ў цэласці ён і ці няма дзе якой драпіны; калі ж ён упэўніўся, што жывы і здаровы, то вельмі доўга потым дзякаваў богу за зробленую ласку: да гэтага ж ён быў цалкам перакананы, што ад яго застанецца мокрае месца. Затым ён абмацаў рукамі сцены падзямелля, каб пераканацца, ці нельга выбрацца адсюль без чужой дапамогі; сцены, аднак жа, аказаліся гладкія, без аніякага выступу, што вельмі засмуціла Санча, асабліва калі пачуў, што шэры ціха і жаласна стогне; і стагнаў ён не проста так, не ад дрэннай звычкі, а таму, што і на самай справе зваліўся не вельмі ўдачна.

— Ах! — усклікнуў тут Санча Панса. — Колькі нечаканых здарэнняў на кожным кроку адбываецца з тымі, што жывуць на гэтым няшчасным свеце! Ці прыйдзе каму ў галаву, што чалавек, які ўчора яшчэ займаў пасаду губернатара вострава і распараджаўся сваімі прыслужнікамі і васаламі, сягоння будзе пахаваны ў яме і не знойдзецца нікога, хто б яго выручыў, не знойдзецца такога слугі і такога васала, які прыйшоў бы яму на дапамогу! Відаць, гібнуць нам тут ад галадухі, і мне і майму аслу, калі толькі мы раней яшчэ не памром, ён — ад сваіх удараў і калецтва, а я — ад тугі. Hе, ўжо, мне не будзе такой удачы, як майму пану Дон Кіхоту Ламанчскаму: у пячоры зачараванага Мантэсінаса, куды ён сышоў і спусціўся, яго прынялі лепш, чым ва ўласным доме. Перад яго вачамі паўсталі ў гэтай пячоры цудоўныя здані, якія супакойваюць, а я тут убачу, мабыць, адных толькі жаб ды змей. Няшчасны я чалавек! Вось да чаго мяне давялі недарэчныя мае задумы! Адсюль ужо — калі бог захоча, каб мяне знайшлі — дастануць толькі мае костачкі, гладкія, белыя і абгрызеныя, разам з косткамі добрага майго шэрага, і вось па іх якраз, магчыма, і здагадаюцца, хто мы такія. Прынамсі, здагадаюцца тыя, якія ведаюць, што Санча Панса ніколі не расставаўся са сваім аслом, а асёл — з Санча Пансам. Зноў скажу: гаротныя мы з маім аслом! Відаць, ужо такі наш няшчасны лёс: не суджана нам памерці на радзіме, сярод сваіх блізкіх. Калі б і там з імі здарылася бяда непапраўная, то ўсё-такі знайшліся б людзі, якія нас пашкадавалі б і ў смяротны наш час закрылі б нам вочы. Ах, таварыш і сябар мой, як дрэнна я табе аддзячыў за верную тваю службу! Даруй мне і як толькі можаш прасі лёс, каб ён пазбавіў нас абодвух ад нясцерпнай гэтай напасці: за гэта я абяцаю ўскласці табе на галаву лаўровы вянок, так што ты будзеш падобны на ўвянчанага лаўрамі паэта, і пачну выдаваць табе падвоеную порцыю аўса.

Так бедаваў Санча Панса, асёл жа слухаў яго, не рэагуючы — у такім цяжкім і гаротным становішчы знаходзілася няшчаснае чатырохногае. Уся ноч прайшла ў іх у цяжкіх стогнах і слёзных скаргах, і нарэшце надышоў дзень, пры бляску і ззянні якога Санча пераканаўся, што выбрацца з гэтага калодзежа без чужой дапамогі зусім неверагодна, і ён зноў пачаў стагнаць і крычаць, лічачы, што хто-небудзь ды пачуе яго. Але крык яго быў марным лямантам у пустыні, бо ва ўсёй акрузе не было каму яго пачуць, і тады Санча страціў усякую надзею на выратаванне. Шэры па-ранейшаму ляжаў дагары, — Санча Панса ледзь падняў яго, бо шэры з цяжкасцю мог трымацца на нагах; затым Санча дастаў з дарожнай торбы, якая падзяліла яго лёс і звалілася разам з ім, кавалак хлеба і працягнуў яго аслу, асёл жа ад такога падарунка не адмовіўся, а Санча яму пры гэтым казаў, быццам той у стане быў яго зразумець:

— З хлебцам хоць бы што і гора.

У гэты самы час ён заўважыў у сцяне падзямелля адтуліну, у якую, скурчыўшыся, мог пралезці чалавек. Санча Панса кінуўся да гэтай сцяны і, скурчыўшыся, пралез у адтуліну, а пралезшы, убачыў, што яна доўгая і чым далей, тым становіцца шырэйшай; разглядзець жа адтуліну яму ўдалося дзякуючы сонечнаму промню, які, прабіваючыся як бы праз дах, усё ўсярэдзіне асвятляў. Яшчэ ён убачыў, што далей адтуліна расшыраецца і пераходзіць у іншую прасторную пячору; убачыўшы ўсё гэта, ён вярнуўся да свайго асла, а затым пачаў каменем прачышчаць адтуліну, і яна так павялічылася, што неўзабаве праз яе лёгка можна было правесці асла; ён узяў асла за аброць і рушыў падземным ходам наперад у разліку на тое, што з іншага боку будзе выхад. Часам ён ішоў у паўзмроку, часам — у поўнай цемры, і ўвесь час — баючыся. “Божа ўсемагутны, дапамажы мне! — гаварыў ён сам сабе. — Для мяне гэта сапраўднае няшчасце, а для пана майго Дон Кіхота гэта, трэба меркаваць, было б даволі добрай прыгодай. Ён бы, ужо дакладна, палічыў гэтыя прорвы і падзямеллі за квітнеючыя сады і палацы і цешыў надзею, што за гэтымі змрочнымі цяснінамі перад ім адкрыецца квітнеючы луг, а я, злашчасны, прыдуркаваты і маладушны, я кожную секунду чакаю, што пад нагамі ў мяне нечакана раскрыецца новая бездань, яшчэ глыбейшая за гэту, і мяне праглыне. Бяда, калі прыходзіць адна, — гэта яшчэ не бяда”.

Такім вось чынам і з такімі думкамі Санча прайшоў, як яму падалося, крыху больш за паўмілю і нарэшце заўважыў слабое святло, падобнае на дзённае: невядома адкуль прабіваючыся, яно паказвала на тое, што шлях гэты, які ўяўляўся Санча шляхам на той свет, на самай справе свабодны.

Тут мы яго пакінем і вернемся да Дон Кіхота. Дон Кіхоту ж выпала неяк раніцай, каб папрактыкавацца, выехаць з замка і пагнаць Расінанта кар’ерам, ці, больш дакладна, кароткім галопам, і Расінантавы капыты неўзабаве апынуліся каля самага падзямелля, так што калі б не нацягнуў Дон Кіхот з усіх сіл павады, ён зваліўся б туды немінуча. Так ці інакш, ён утрымаў Расінанта і не зваліўся; пад’ехаўшы ж крыху бліжэй, ён, не злазячы з каня, пачаў аглядваць яму, і, у той час, калі яе аглядваў, знізу да яго даляцелі гучныя крыкі; тут ён насцеражыўся і ўрэшце ўлавіў і разабраў, што іменна крычалі з глыбіні:

— Эй вы, там, наверсе! Няўжо не знойдзецца сярод вас хрысціяніна, які б мяне пачуў, або спагадлівага рыцара, які злітаваўся б над жывым пахаваным грэшнікам, над няшчасным губернатарам без губернатарства?

Дон Кіхоту падалося, што гэта голас Санча Пансы, і гэта яго здзівіла і азадачыла; і, колькі мог павысіўшы голас, ён спытаў:

— Хто там унізе? Хто гэта лямантуе?

— Каму ж тут быць і каму яшчэ лямантаваць, — пачулася ў адказ, — як не беднаму Санча Пансу, за свае грахі і на сваё няшчасце прызначанаму губернатарам вострава Баратарыя, а да гэтага збраяносцу славутага рыцара Дон Кіхота Ламанчскага?

Гэтыя словы так здзівілі Дон Кіхота, што ён аслупянеў: ён уявіў, што Санча Панса памёр і што ў гэтым падзямеллі пакутуе яго душа; і, усхваляваны гэтай думкай, ён загаварыў:

— Заклінаю цябе ўсім, чым толькі можа заклінаць прававерны хрысціянін: скажы мне, хто ты такі, і калі ты — непрыкаяная душа, то скажы, што я магу для цябе зрабіць, бо хоць прызванне маё ў тым, каб заступацца і дапамагаць няшчасным, якія жывуць на гэтым свеце, аднак жа я гатоў распаўсюдзіць яго і на тое, каб вызваляць і выручаць бяздольных, што адышлі на той свет, калі толькі яны самі не могуць сабе дапамагчы.

— Пазнаю па выказваннях майго пана Дон Кіхота Ламанчскага, — пачулася ў адказ, — ды і голас, не сумняваюся, яго.

— Так, я той самы Дон Кіхот, прызванне якога — вызваляць і выручаць з бедаў жывога і мёртвага, таму скажы мне, хто ты такі.

— Клянуся, чым толькі міласць ваша, сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі, пажадае, — пачулася ў адказ, — што я — збраяносец ваш Санча Панса і што я за ўсё маё жыццё ні разу яшчэ не паміраў; мне толькі давялося пакінуць губернатарства па прычынах і абставінах, аб якіх зараз не час расказваць, а сягоння ноччу я зваліўся ў гэта падзямелле разам з маім шэрым, — ён можа гэта пацвердзіць: ён жа тут у наяўнасці.

І што б вы думалі: асёл, быццам зразумеўшы, што гаворыць Санча, у тую ж секунду зароў, ды так гучна, што рэха адгукнулася ва ўсёй пячоры.

— Выдатны сведка! — усклікнуў Дон Кіхот. — Я пазнаю яго роў, як калі б ён быў маім родным сынам, ды і твой голас, мілы Санча, мне таксама знаёмы. Пачакай, я зараз паеду ў герцагскі замак — ён адсюль недалёка — і прывяду з сабой людзей: яны цябе выцягнуць з гэтага падзямелля, куды ты трапіў, трэба меркаваць, за грахі.

— Едзьце, ваша міласць, — прамовіў Санча, — і, богам прашу, вяртайцеся хутчэй: я не магу перажыць гэтай думкі, што я жывым пахаваны, і паміраю ад страху.

Дон Кіхот з ім расстаўся і, прыехаўшы ў замак, расказаў іх светласцям аб здарэнні з Санча Пансам, чым вельмі здзівіў іх; яны адразу здагадаліся, што Санча праваліўся ў адну з адтулін, якія вялі ў падземны ход, пракладзены ў тых мясцінах яшчэ ў даўнія часы; але яны не маглі зразумець, як гэта Санча расстаўся з губернатарствам, не паведаміўшы ім аб сваім прыездзе. Пры дапамозе вяровак і канатаў, а таксама вялікімі намаганнямі мноства людзей урэшце ўдалося дастаць і шэрага і Санча Пансу з цемры на сонечнае святло. Адзін студэнт паглядзеў на Санча і сказаў:

— Вось так варта было б праганяць з пасад усіх дрэнных валадароў — якраз як гэтага грэшніка, які вылез з глыбокай прорвы: ён галодны, бледны і, наколькі я разумею, без адзінага гроша ў кішэні.

Санча, паслухаўшы такое меркаванне, прамовіў:

— Дзён восем ці дзесяць таму назад я, пан паклёпнік, прыняў кіраванне востравам, які быў мне падараваны, і за ўвесь гэты час я нават хлеба — і таго ўдосталь не бачыў. За гэты час мяне змучылі лекары, а ворагі пераламалі мне ўсе косці. Я і хабару не браў і падаткаў не збіраў, а калі так, то, думаецца мне, я заслужыў, каб са мной рассталіся па-іншаму. Ну, ды чалавек разлічвае, а бог распараджаецца. Бог ведае, што для нас лепш і што кожнаму з нас патрэбна, даюць — бяры, а б’юць — уцякай, а грэх ды бяда ў каго не бываюць, бо зараз у цябе дом — у поўным дастатку, а потым надарыцца — хоць шаром пакаці. І досыць аб гэтым: бог праўду бача, а я лепш памаўчу, хоць мог бы яшчэ сёе-тое сказаць.

— He злуйся, Санча, не засмучайся: ці мала што хочуць, спрабаваць жа прывязаць языкі пляткарам — гэта ўсё роўна што заперці поле варотамі. Калі валадар пакідае сваю пасаду багатым, кажуць, што ён злодзей, а калі — бедным, то кажуць, што ён разявака і дурань.

— Maгy ручацца, — зазначыў Санча, — што каго-каго, а мяне якраз, гэта ўжо дакладна, прызнаюць за дурня, а не за злодзея.

У суправаджэнні хлопчыкаў і розных іншых людзей Дон Кіхот і Санча, усё яшчэ працягваючы гэту размову, наблізіліся да замка, дзе іх ужо чакалі ў галерэі герцагі герцагіня, аднак Санча спачатку сам асабіста паставіў шэрага ў стойла і толькі пасля гэтага падняўся на галерэю да герцагскай пары і, укленчыўшы перад ёю, загаварыў:

— Сеньёры, не за якія-небудзь з майго боку заслугі, а толькі таму, што такою была воля вашых светласцяў, я быў прызначаны ўладарыць вашым востравам Баратарыя, і як галышом я туды з’явіўся, так галышом і знік. Ці добра, ці дрэнна я кіраваў — на гэта ёсць сведкі: што ім бог на душу пакладзе, тое яны вам і раскажуць. Я вырашаў спрэчныя пытанні, выносіў прысуды і вечна быў галодны, таму што на гэтым настойваў доктар Педра Нясцерпна, родам з Учортанарагеры, лекар астраўны і губернатарскі. Ноччу на нас напалі ворагі, небяспека была вялікая, але ўрэшце астравіцяне, няхай пашле ім бог столькі здароўя, колькі ў іх словах праўды, аб’явілі, што дзякуючы цвёрдасці майго духу яны сваёй свабоды не аддалі і атрымалі поўную перамогу. Карацей кажучы, за гэты час я ўзважыў усе цяжкасці і абавязкі, звязаныя з пасадай губернатара, і прыйшоў да вываду, што плечы мае не вытрымаюць: гэта ношка не для майго хрыбта і стрэлы гэтыя не для майго калчана, вось чаму я надумаў, перш чым мяне скінуць, самому пакінуць губернатарства, і ўчора раніцай я пакінуў востраў такім, якім убачыў яго ўпершыню, — з тымі ж самымі вуліцамі, дамамі і дахамі, якія былі, калі я туды прыехаў. Пакінуў я яго без усякай світы, — уся мая світа складалася з аднаго толькі шэрага, — па дарозе зваліўся ў падзямелле, пачаў адтуль выбірацца і нарэшце сягоння раніцай пры святле сонца адшукаў выхад, але толькі не надта зручны, так што калі б не паслаў мне бог сеньёра Дон Кіхота, я б там застаўся да канца жыцця. Ну дык вось, вашы светласці, перад вамі губернатар ваш Санча Панса, які з тых дзесяці дзён, што ён прагубернатарнічаў, атрымаў толькі адзін прыбытак, а іменна: ён даведаўся, што кіраванне не тое што адным востравам, а і ўсім светам не заслугоўвае меднага гроша. Набыўшы ж такія веды, я цалую ногі вашых міласцей, а затым, як у дзіцячай гульні, калі гавораць: “Ты — скок, а я сюды — скок”, скок з майго губернатарства — і пераходжу на службу да майго пана Дон Кіхота.

На гэтым скончыў шматслоўную сваю прамову Санча, Дон Кіхот жа ўвесь час баяўся, як бы ён не нагаварыў немаведама колькі рознай лухты; але калі Дон Кіхот пераканаўся, што Санча ўжо скончыў, a лухты нагаварыў зусім мала, то ў думках падзякаваў богу. Герцаг між тым абняў Санча і сказаў, што ён вельмі шкадуе, што Санча так хутка пайшоў з пасады губернатара, але што ён са свайго боку прыме меры, каб у яго ўладаннях для Санча падшукалі якую-небудзь іншую пасаду, менш складаную і больш выгадную. Герцагіня таксама абняла Санча і загадала яго накарміць, бо ў яго быў выгляд чалавека не надта бадзёрага і яшчэ менш сытага.


Раздзел ХLII. Аб тым, што здарылася з Дон Кіхотампа дарозе ў Барселону

Іх светласці з самага пачатку не раскайваліся, што пажартавалі з Санча Пансы, даўшы яму пагубернатарнічаць; калі ж да іх у той самы дзень з’явіўся аканом і падрабязна далажыў амаль аб усіх выказваннях і ўчынках, зробленых і здзейсненых за гэтыя дні губернатарам, а ў заключэнне маляўніча апісаў набег варожага войска, перапалох Санча і яго ад’езда, то яныатрымалі ад усяго гэтага вялікае задавальненне.

Дон Кіхоту між тым пачало надакучаць яго бяздзейнае жыццё ў замку; ён лічыў, што з яго боку гэта вялікі грэх — ленавацца і бяздзейнічаць, праводзіць дні ў бясконцых банкетах і забавах, якія для яго, як для вандроўнага рыцара, наладжваліся гаспадарамі, і схільны быў думаць, што за бяздзейнасць і марнасць бог з яго строга спытае, — вось чаму аднойчы ён папрасіў у іх светласцей дазволу паехаць. Іх светласці дазволілі, не прамінуўшы, аднак жа, выказаць сваё глыбокае шкадаванне ў сувязі з яго ад’ездам. Герцагіня аддала Санча Пансу пісьмо ад жонкі, і той, абліваючы яго слязамі, сказаў сабе:

— Хто б мог падумаць, што смелыя мары, якія нарадзіліся ў душы маёй жонкі Тэрэсы Панса, калі яна даведалася пра маё губернатарства, скончацца тым, што я зноў вярнуся да згубных прыгод майго пана Дон Кіхота Ламанчскага! А ўсё-такі я задаволены, што мая Тэрэса ў гразь тварам не ўдарыла і паслала герцагіні жалудоў, таму што калі б яна іх не паслала, a тут я яшчэ вярнуся не ў настроі, то выйшла б няветліва. Радуе мяне і тое, што падарунак гэты нельга назваць хабарам: калі яна яго пасылала, я ўжо быў губернатарам, і тут нічога такога няма, калі чым-небудзь аддзячыць за добрую справу, хоць бы і дробяззю. Ды ж і сапраўды: галышом я прыняў пасаду губернатара, галышом і пайшоў, і магу сказаць шчыра, а шчырасць — гэта вялікая справа: “Галышом я нарадзіўся, галышом увесь свой век пражыць умудрыўся”.

Так разважаў з самім сабой Санча ў дзень свайго ад’езду, Дон Кіхот жа, напярэдадні вечарам развітаўшыся з іх светласцямі, на досвітку, апрануты ў даспехі, паявіўся на плошчы перад замкам. З галерэі на яго пазіралі ўсе жыхары замка; герцагі герцагіня таксама выйшлі на яго паглядзець. Санча сядзеў на сваім шэрым, пры ім знаходзіліся яго дарожная торба, чамадан і харчовыя прадукты, і быў ён вельмі рады, таму што герцагскі аканом уручыў яму кашалёк з двума сотнямі залатых на дарожныя выдаткі.

Пачціва пакланіўшыся герцагу з герцагіняй, а таксама і ўсім прысутным, Дон Кіхот павярнуў Расінанта і ў суправаджэнні Санча вярхом на асле, выехаў за вароты замка. І калі ён выехаў у адкрытае поле, то адчуў сябе ў сваёй стыхіі, адчуў, што ў яго зноў з’явіліся душэўныя сілы для таго, каб працягваць справу рыцарства, і тут ён павярнуўся тварам да Санча і сказаў:

— Свабода, Санча, гэта — адна з самых каштоўных шчодрасцей, якія неба пасылае людзям: з ёю не могуць параўнацца ніякія скарбы — ні тыя, што захоўваюцца ў зямных нетрах, ні тыя, што схаваны на дне марскім. Дзеля свабоды, гэтак жа якраз як і дзеля гонару, можна і трэба рызыкаваць жыццём, і, наадварот, няволя — самае найвялікае з усіх няшчасцяў, якія толькі могуць здарыцца з чалавекам. Кажу ж я гэта, Санча, вось чаму: ты бачыў, як нам слугавалі і якім акружалі дастаткам у тым замку, які мы толькі што пакінулі, і, аднак жа, нягледзячы на ўсе гэтыя багатыя стравы і прахаладжальныя напіткі, мне асабіста здавалася, быццам я пакутую ад голаду, бо я не еў іх з тым жа пачуццём свабоды, як калі б усё гэта было маё, між тым абавязацельствы, якія вынікаюць з дабрадзейнасці і ласкі, уяўляюць сабой путы, што ўціскаюць свабоду чалавечага духу. Шчаслівы той, каму неба пасылае кавалак хлеба, за які ён нікому не павінен дзякаваць, апрача самога неба!

— А ўсё ж такі, — адклікнуўся Санча, — што б вы ні казалі, нядобра гэта будзе з нашага боку, калі мы не адчуем удзячнасці за кашалёк з дзвюма сотнямі залатых, які мне паднёс герцагскі аканом: я яго, быццам супакойлівы пластыр, нашу каля самага сэрца, — ці мала што можа быць: не заўсёды ж нам трапляюцца замкі, дзе нам дагаджаюць, здараецца заязджаць і ў заезныя дамы, дзе нас лупцуюць.

У дарозе з Дон Кіхотам даўно не адбывалася нічога такога, што заслугоўвала б апісання, але вось аднойчы яго застала ноч у баку ад вялікай дарогі, у нетрах дубовага лесу.

Пан і слуга спешыліся і размясціліся пад дрэвамі, пасля чаго Санча, які паспеў у той дзень добра перакусіць, імгненна шмыгануў у веснічкі сну; затое Дон Кіхот, якому не столькі голад не даваў спаць, колькі яго думкі, ніяк не мог сплюшчыць вочы і ў думках пераносіўся ў мясціны самыя разнастайныя. To яму ўяўлялася, быццам ён знаходзіцца ў пячоры Мантэсінаса, то здавалася яму, быццам ператвораная ў сялянку Дульцынея падскоквае і садзіцца на асліцу; то ў вушах яго гучалі словы мудрага Мярліна, які выкладваў умовы і спосабы вызвалення ад чараў Дульцынеі. Яго прыводзілі ў адчай нядбайнасць і бессардэчнасць збраяносца Санча, які, наколькі Дон Кіхоту было вядома, нанёс сабе ўсяго толькі пяць удараў, гэта значыць, колькасць мізэрную і непараўнальную з той шматлікай колькасцю ўдараў, якія яму яшчэ заставалася сабе нанесці; і думка гэта прывяла Дон Кіхота ў такі неспакой і раздражненне, што ён пачаў з самім сабой разважаць: “Аляксандр Вялікі рассек гордзіеў вузел196 са словамі: “Што рассячы, што развязаць — усё адно”, і гэта перашкодзіла яму стаць непадзельным валадаром усёй Азіі; значыць, не менш спрыяльны вынік можа мець выпадак з вызваленнем ад чараў Дульцынеі, калі я, насуперак жаданню Санча, яго адхвастаю. Адзіная ўмова гэтага пачынання заключаецца ў тым, каб Санча атрымаў тры тысячы з лішкам удараў, а калі так, то ці не ўсё роўна, хто іх яму нанясе: ён сам або нехта іншы? Важна, каб ён іх атрымаў, а як гэта адбудзецца, мяне не тычыцца”.

З гэтай мэтай, захапіўшы Расінантаву аброць і склаўшы яе такім чынам, каб можна было ёю хвастаць, ён наблізіўся да Санча і пачаў расшпільваць яму падцяжкі, дакладней адну пярэднюю, на якой толькі і трымаліся яго шаравары; але ледзь толькі Дон Кіхот дакрануўся да Санча, як з таго імгненна саскочыў сон.

— Што гэта? — спытаў Санча. — Хто мяне чапае і распранае?

— Гэта я, — адказаў Дон Кіхот. — Я прыйшоў выправіць тваю памылку і аблегчыць тваю пакуту: я прыйшоў лупцаваць цябе, Санча, і дапамагчы табе хоць бы часткова выканаць сваё абавязацельства. Дульцынея гіне, ты ніякіх мер не прымаеш, я паміраю ад кахання да яе, дык вось зрабі ласку па асабістым жаданні зняць штаны, бо маё жаданне заключаецца ў тым, каб адлічыць табе ў гэтым зацішным месцы не менш за дзве тысячы ўдараў.

— Ну ўжо не! — адгукнуўся Санча. — Супакойцеся, ваша міласць, а не то, бог сведка, я за сябе не ручаюся. Удары, якія я абавязаўся сабе адлічыць, павінны быць добраахвотнымі, а не гвалтоўнымі, а зараз мне зусім не хочацца сябе хвастаць. Я даю вашай міласці слова адлупцаваць і выхвастаць сябе, калі мне прыйдзе ахвота, і хопіць вам.

— Нельга разлічваць на тваю ласку, Санча, — запярэчыў Дон Кіхот, — таму што сэрца ў цябе чэрствае, a цела, хоць ты і дзеравеншчына, пяшчотнае.

І з гэтай прычыны ён з усіх сіл стараўся зняць з яго штаны. Урэшце Санча ўскочыў, кінуўся на свайго пана, схапіўся з ім і, даўшы яму падножку, паваліў на зямлю; затым наступіў яму правым каленам на грудзі і сціснуў рукі так, што Дон Кіхот не мог ні паварухнуцца, ні ўздыхнуць.

— Як, здраднік, — крычаў Дон Кіхот, — ты паўстаеш супраць свайго пана і прыроджанага сеньёра? Ты падымаеш руку на таго, хто цябе корміць?

— Абяцайце, ваша міласць, паводзіць сябе спакойна і не прыставаць да мяне з лупцоўкай, тады я вас вызвалю і адпушчу, — аб’явіў Санча.

Дон Кіхот даў абяцанне і пакляўся ўсімі сваімі запаветнымі намерамі не чапаць нават нітачкі на адзенні Санча, аддаўшы лупцаванне яго добрай волі і жаданню. Санча ўстаў і адышоў на даволі значную адлегласць; калі ж ён надумаў задрамаць пад іншым дрэвам, то адчуў, што хтосьці быццам дакрануўся да яго галавы; ён падняў рукі і наткнуўся на дзве чалавечыя нагі ў чаравіках і панчохах. Санча затросся ад страху; ён кінуўся яшчэ да аднаго дрэва, але і тут з ім адбылося тое ж самае. Ён паклікаў на дапамогу Дон Кіхота. Дон Кіхот з’явіўся, і на пытанне, што здарылася і чаго ён так перапалохаўся, Санча адказаў, што тут усе дрэвы ўвешаны чалавечымі нагамі. Дон Кіхот абмацаў дрэвы і, адразу здагадаўшыся, што гэта такое, сказаў Санча:

— Табе няма чаго баяцца, таму што гэтыя ногі, якія ты адчуваеш, хоць і не бачыш, вядома, належаць злачынцам і разбойнікам, павешаным на гэтых дрэвах: улады, калі вылавяць іх, звычайна вешаюць іменна тут, па дваццаць, па трыццаць чалавек адразу. З гэтага я раблю вывад, што мы недалёка ад Барселоны.

І сапраўды, меркаванне Дон Кіхота аказалася правільным. Калі на небе загарэлася зара, падарожнікі паглядзелі ўверх і ўбачылі, што на дрэвах гронкамі вісяць целы разбойнікаў.

Між тым усё святлела і святлела, і калі спачатку іх палохалі нябожчыкі, то не меншы страх ахапіў іх затым пры выглядзе больш як сарака жывых разбойнікаў, якія раптоўна іх акружылі і загадалі ім стаяць ціха і не рухацца з месца да таго часу, пакуль не прыбудзе атаман. Дон Кіхот быў пешы, конь яго быў раскілзаны, кап’ё прыстаўлена да дрэва, — словам, ён быў безабаронны, а таму вырашыў за лепшае, захоўваючы сілы для добрых часоў і для больш спрыяльнага збегу абставін, скласці рукі і схіліць галаву.

Разбойнікі паспяшаліся абшукаць асла і забраць усё, што знаходзілася ў перакідной торбе, а таксама і ў чамадане, але, на шчасце для Санча, грошы, якія яму падараваў герцаг, разам з тымі, якія ён узяў з сабой, адпраўляючыся з роднай вёскі ў паход, былі схаваны ў яго поясе; і ўсё ж гэтыя людзі не абмінулі б абмацаць яго з галавы да ног, каб пераканацца, ці няма ў яго чаго-небудзь паміж скурай і мясам, калі б у гэты самы час не падаспеў атаман. Яму можна было даць гады трыццаць чатыры, рост ён меў вышэйшы за сярэдні, быў шырокі ў плячах, на выгляд змрочны, тварам смуглы. Пад ім быў магутны конь, адзеты ён быў у сталёвую кальчугу, па баках у яго віселі чатыры пісталеты (такія пісталеты ў тых мясцінах носяць назву краменевікоў). Убачыўшы, што разбойнікі намерваюцца рабаваць Санча Пансу, ён загадаў не чапаць яго, і яны адразу падпарадкаваліся. Так быў выратаваны пояс з грашыма. Атаман здзівіўся, убачыўшы кап’ё, якое стаяла каля дрэва, шчыт, што ляжаў на зямлі, і апранутага ў даспехі самога Дон Кіхота, які аб чымсьці разважаў з такім журботным выразам твару, быццам ён быў увасабленнем журбы. Наблізіўшыся да яго, атаман загаварыў:

— He журыцеся, добры чалавек: вы трапілі да Роке Гінарта197, які не такі жорсткі, колькі міласэрны.

— Журба мая, — адказаў Дон Кіхот, — выклікана не тым, што я апынуўся пад тваёй уладай, о доблесны Роке Гінарт, слава аб якім у гэтым свеце не ведае мяжы, але тым, што з-за сваёй бесклапотнасці я даў сябе захапіць знянацку тваім воінам, між тым па статуту вандроўнага рыцарства, да якога я належу, мне неабходна знаходзіцца ў стане вечнай трывогі, быць заўсёдным вартавым для самога сябе. Няхай будзе вядома табе, вялікі Роке, што калі б воіны твае напалі на мяне коннага і пры мне знаходзіліся кап’ё і шчыт, ім не так лёгка было б са мною справіцца, бо я — Дон Кіхот Ламанчскі, славай аб подзвігах якога поўніцца зямля.

Тут Роке Гінарт здагадаўся, што Дон Кіхот перш за ўсё вар’ят, а потым ужо храбрэц, і хоць яму даводзілася аб ім чуць, аднак жа подзвігам яго не верыў і не дапускаў думкі, каб такія дурыкі здольны былі авалодаць чалавечым сэрцам; і ён быў вельмі рады гэтай сустрэчы, бо дзякуючы ёй мог убачыць блізка тое, аб чым да яго здалёку даходзілі чуткі. Ён загадаў сваім людзям аддаць Санча ўсё, што яны знялі з шэрага, а затым пастроіў іх у рад і загадаў павыкладваць адзенне, каштоўнасці, грошы — словам, усё, што было імі нарабавана з часу апошняй дзяльбы здабычы. Ён хутка правёў ацэнку і, перавёўшы на грошы кошт таго, што дзяльбе не паддавалася, размеркаваў здабычу паміж усімі, хто быў у яго шайцы, у вышэйшай ступені справядліва і дакладна. Пасля таго як усе былі задаволены, улагоджаны і ўзнагароджаны, Роке, звярнуўшыся да Дон Кіхота, патлумачыў:

— Калі не праяўляць такой дакладнасці, то з імі немагчыма было б ужыцца.

На гэта Санча зазначыў:

— Мяркуючы па тым, што я зараз бачыў, справядлівасць — гэта такая добрая рэч, што яе і са злодзеямі прытрымлівацца патрэбна.

Адзін з разбойнікаў гэта пачуў і замахнуўся на Санча прыкладам сваёй аркебузы, якім ён, без сумнення, праламаў бы яму галаву, калі б Роке Гінарт не спыніў яго вокрыкам. Санча абамлеў і даў сабе слова не раскрываць рота, пакуль будзе знаходзіцца ў кампаніі гэтых людзей.

У гэты самы час прыбег адзін з тых разбойнікаў, якіх ставяць, як вартавых, на дарогах, каб яны сачылі за ўсімі, хто праходзіць і праязджае і аб усім дакладвалі свайму важаку, і сказаў:

— Сеньёр, непадалёку, на Барселонскай дарозе, паказалася шмат народу.

Роке яго спытаў:

— А ты не разглядзеў, якія гэта людзі: з ліку тых, што палююць на нас, або з ліку тых, на каго палюем мы?

— З ліку тых, на каго палюем мы, — адказаў той.

— У такім выпадку, выходзьце ўсе, — загадаў Роке, — і як мага хутчэй прывядзіце іх сюды, ды глядзіце, каб ніхто з іх не выслізнуў.

Разбойнікі пайшлі, а Дон Кіхот, Санча і Роке пачалі чакаць, каго яны прывядуць. Роке тым часам звярнуўся да Дон Кіхота з такімі словамі:

— Незвычайнымі павінны былі падацца сеньёру Дон Кіхоту тое жыццё, якім мы жывём, нашы прыгоды, — незвычайнымі і небяспечнымі, і гэта мяне не здзіўляе, бо я і сам усведамляю, што няма спосабу жыцця больш неспакойнага і поўнага турбот, чым наш. Мяне на гэта падштурхнула няўтольная прага помсты, а гэта ж прага і мае ўласцівасць абураць самыя спакойныя сэрцы. Ад прыроды я чалавек справядлівы і спагадлівы, але, як я ўжо сказаў, жаданне адпомсціць за адну нанесеную мне знявагу аказалася настолькі мацнейшым за добрыя мае схільнасці, што я, насуперак розуму, закаранеў у гэтым сваім запале. І ўсё ж я не губляю надзеі выбрацца з гэтага лабірынту і дасягнуць ціхага прыстанку.

Са здзіўленнем слухаў Дон Кіхот добрыя і разумныя словы Роке, бо раней ён быў упэўнены, што сярод тых, хто займаецца рабаваннем, забойствам і разбоем, нельга сустрэць чалавека, здольнага разумна разважаць, і павёў ён з атаманам такую размову:

— Сеньёр Роке, веданне сваёй хваробы і гатоўнасць прымаць лекі, якія прапісвае ўрач, — гэта ўжо пачатак выздараўлення. Вы, ваша міласць, хворы, ведаеце сваю хваробу, і неба, ці лепш сказаць, гасподзь бог, які з’яўляецца нашым урачом, прызначыць вам лекі, ад якіх вы паправіцеся, — лекі, што вылечваюць паступова, але не раптам і не цудам. Да таго ж грэшнікі разумныя бліжэй да выпраўлення, чым неразумныя, а паколькі ваша міласць выявіла ў сваіх выказваннях мудрасць, то вам застаецца толькі не страчваць бадзёрасці і спадзявацца на аблягчэнне хваробы вашага сумлення. Калі ж ваша міласць жадае скараціць шлях і як мага хутчэй выйсці на дарогу выратавання, то едзьце за мной: я навучу вас быць вандроўным рыцарам, — вандроўны ж рыцар пераносіць столькі цяжкасцей і няшчасцяў, што, з’яўляючыся для яго пакаяннем, яны прыводзяць яго прама ў рай.

Выслухаўшы параду Дон Кіхота, Роке ўсміхнуўся. Тым часам вярнуліся разбойнікі, якія хадзілі на промысел і прыгналі двух верхавых на мулах, двух пешых паломнікаў, карэту, у якой ехалі нейкія дамы і якую суправаджалі чалавек шэсць слуг, пешых і конных, і, нарэшце, двух паганятых, што слугавалі коннікам. Разбойнікі ачапілі іх усіх, пры гэтым і пераможаныя і пераможцы захоўвалі поўнае маўчанне, чакаючы, што скажа сам Роке Гінарт. Атаман жа спытаў коннікаў, што яны за людзі, куды шлях трымаюць і колькі ў іх з сабой грошай. На гэта яму адзін з коннікаў адказаў так:

— Сеньёр, мы абодва — афіцэры іспанскай пяхоты, часці нашы стаяць у Неапалі, мы ж накіроўваемся ў Барселону, адкуль, наколькі нам вядома, павінны адысці галеры ў Сіцылію. Грошай у нас не то дзвесце, не то трыста эскуда, і мы лічылі сябе багатымі і былі задаволены лёсам: салдаты ж звычайна такія бедныя, што пра большыя скарбы яны і марыць не адважваюцца.

З тымі ж самымі пытаннямі звярнуўся Роке да паломнікаў, — яны яму адказалі, што маюць намер адплыць у Рым і што ў іх абодвух, бадай, набярэцца шэсцьдзесят рэалаў. Затым Роке пацікавіўся, хто едзе ў карэце, куды іменна і колькі вязуць з сабой грошай, на што адзін з конных слуг адказаў так:

— У карэце едзе мая пані, донна Гіямар дэ Кіньёнас, жонка вярхоўнага суддзі ў Неапалі, а з ёю малалетняя яе дачка, служанка і дуэння. Суправаджаюць іх шэсць слуг, а грошай у іх з сабой шэсцьсот эскуда.

— Такім чынам, — разважыў Роке Гінарт, — у нас тут усяго дзевяцьсот эскуда і шэсцьдзесят рэалаў, людзей жа ў мяне каля шасцідзесяці. Праверым, колькі дастанецца на брата, а то ж я лічыльнік дрэнны.

Тут разбойнікі дружна ўсклікнулі:

— Шмат гадоў жыць Роке Гінарту на гора ўсім нягоднікам, што шукаюць яго пагібелі!

Афіцэры былі, відаць, засмучаны, жонка вярхоўнага суддзі зажурылася, ды і паломнікі зусім не павесялелі, даведаўшыся, што грашовыя сродкі будуць у іх адабраны. З хвіліну Роке трымаў усіх у стане пакутлівай невядомасці, затым, вырашыўшы не мучыць іх далей, — а мучэнне было напісана на іх тварах, — звярнуўся да афіцэраў і зноў загаварыў:

— Панове афіцэры, будзьце ласкавы, дайце мне, калі ласка, шэсцьдзесят эскуда, а ў жонкі вярхоўнага суддзі я папрашу восемдзесят, — так мае людзі будуць задаволены. Вы ж самі ведаеце: потым жыве, што малітвы спявае. А затым вы можаце спакойна і бесперашкодна працягваць свой шлях: я вам выдам ахоўную грамату, каб у выпадку, калі вас спыніць яшчэ які-небудзь з маіх атрадаў, раскіданых па ўсёй акрузе, ён вас не чапаў, бо крыўдзіць воінаў, а таксама жанчын не ўваходзіць у мае намеры.

Афіцэры бясконца і самымі далікатнымі выразамі дзякавалі Роке за тое, што ён так ветліва і велікадушна пакідае ім іх жа ўласныя грошы. Сеньёра донна Гіямар дэ Кіньёнас хацела была выскачыць з карэты і пацалаваць славутаму атаману рукі і ногі, але ён гэтаму рашуча запярэчыў, больш таго: ён сам папрасіў яе дараваць яму тую непрыемнасць, якую ён вымушаны быў прычыніць ёй, бо таго вымагала няшчаснае яго рамяство. Жонка вярхоўнага суддзі загадала аднаму са сваіх слуг неадкладна выдаць належныя ад яе восемдзесят эскуда, афіцэры ж адлічылі шэсцьдзесят. Паломнікі ж, са свайго боку, таксама гатовы былі расстацца з мізэрнымі сваімі грашамі, але Роке сказаў, каб яны не турбаваліся, а затым, звярнуўшыся да сваіх людзей, распарадзіўся:

— Кожны з вас атрымае з гэтых грошай па два эскуда, застаецца дваццаць: дзесяць з іх мы аддадзім паломнікам, а астатнія дзесяць — слаўнаму спадарожніку гэтага рыцара, каб ён не ўспамінаў ліхам сягонняшнюю прыгоду.

Калі Роке падалі пісьмовыя прыналежнасці, якія ён усюды вазіў з сабой, ён склаў ахоўную грамату на імя важакоў усіх сваіх атрадаў, а затым, развітаўшыся з палоннымі, адпусціў іх з мірам. Пасля гэтага ён адышоў убок і напісаў пісьмо да свайго барселонскага сябра, у якім паведамляў яму аб тым, што зараз у яго знаходзіцца шаноўны Дон Кіхот Ламанчскі, той самы вандроўны рыцар, аб якім столькі існуе аповедаў, даводзіў да яго ведама, што гэта самы цікавы і самы разважлівы чалавек на свеце і што праз некалькі дзён, а іменна ў дзень святога Іаана Хрысціцеля, ён, Роке, даставіць яго ў поўным узбраенні, вярхом на Расінанце на барселонскую набярэжную, а разам з ім і яго збраяносца Санча Пансу вярхом на асле. Пісьмо гэта Роке аддаў аднаму са сваіх таварышаў, і той, памяняўшы разбойніцкае адзенне на сялянскае, прабраўся ў Барселону і ўручыў пісьмо па прызначэнні.


Раздзел XLIII. Аб тым, што здарылася з Дон Кіхотам пры ўездзеў Барселону, таксама як і аб іншых рэчах,цалкам праўдападобных з усёй іх бачнай недарэчнасцю

Тры дні і тры ночы правёў Дон Кіхот у кампаніі Роке, але калі б пражыў ён з ім і трыста гадоў, усё роўна не пераставаў бы са здзіўленнем назіраць, як жывуць разбойнікі. Прачыналіся яны ў адным месцы, абедалі ў іншым; то раптам уцякалі, не ведаючы ад каго, то невядома чаго чакалі. Спалі яны на хаду, штохвілінна перапыняючы сон і бесперапынна вандруючы. Увесь час яны высылалі разведчыкаў, выслухоўвалі дазорных, раздзьмухвалі кнаты аркебуз, — зрэшты, аркебуз у іх было няшмат, амаль усе разбойнікі былі ўзброены крамянёвымі пісталетамі. На ноч Роке адасобліваўся ў ціхія мясціны, нікому з яго людзей невядомыя, бо шматлікія ўказы барселонскага віцэ-караля198, у якіх была ацэнена галава атамана, трымалі яго ў стане вечнай трывогі і страху; ён нікому не давяраў, ён баяўся, што яго заб’юць або выдадуць уладам свае ж. Сапраўды нікчэмнае і цяжкае жыццё!

Нарэшце даўно няезджанымі дарогамі, глухімі і патаемнымі сцяжынамі Роке, Дон Кіхот і Санча разам з шасцю разбойнікамі дабраліся да Барселоны. На набярэжную яны прыехалі ўночы напярэдадні Іаана Хрысціцеля, і тут Роке, абняўшы спачатку Дон Кіхота, а затым Санча, пасля доўгіх узаемных пачцівасцей паехаў.

Роке знік, а Дон Кіхот як быў, вярхом на кані, застаўся чакаць світання. І сапраўды: неўзабаве ў вокнах усходу паказаўся светлы твар Аўроры. У тую ж самую хвіліну слых Дон Кіхота і Санча быў прыемна здзіўлены гукамі мноства труб і барабанаў, звонам бразготак і крыкамі людзей: “Расступіся! Расступіся!”, што даносіліся, відаць, з боку горада. Аўрора ўступіла сваё месца сонцу, і твар яго, большы за шчыт, пачаў паволі падымацца над гарызонтам.

Дон Кіхот і Санча, азірнуўшыся па баках, упершыню ў жыцці ўбачылі мора, і яно падалося ім вялізным і бясконцым. Каля прыстані стаялі галеры; тэнты на іх былі спушчаны, і вока адрознівала мноства вымпелаў і сцягоў, якія развяваліся на ветры і нібы дакраналіся да вады; з галер даносіліся гукі ражкоў, труб і габоеў, і паветра як паблізу, так і далёка напаўнялася то пяшчотнымі, то ваяўнічымі мелодыямі. Але вось па ціхай вадзе заслізгацелі судны: пачалася забаўная марская бітва, а ў гэты самы час на беразе незлічоная сіла ўпрыгожаных коннікаў, якія прыбылі з горада на цудоўных конях, распачалі гэту пацеху. На галерах чулася несціханая пальба, адначасова стралялі з гарадскіх сцен і з фартоў. Крапасная артылерыя жахлівым сваім грукатам трэсла паветра, радасная зямля, празрыстае паветра, якое толькі часам зацягваў гарматны дым, — усё гэта выклікала і нараджала ў сэрцах людзей бурнае захапленне. Санча ж адмаўляўся разумець, адкуль у гэтых гмахах, што рухаюцца па вадзе, бярэцца столькі ног.

Тым часам коннікі з шумнымі і радаснымі крыкамі падскакалі ўшчыльную да здзіўленага і ашаломленага Дон Кіхота, і адзін з іх, той самы, якому пісаў Роке, звярнуўся да Дон Кіхота і гучна ўсклікнуў:

— Калі ласка, у наш горад, люстэрка, маяк, светач і пуцяводная зорка вандроўнага рыцарства, доблесны Дон Кіхот Ламанчскі!

Дон Кіхот не адказаў на гэта ні слова, ды коннікі і не сталі чакаць адказу; яны гарцавалі і выкідвалі вольты разам з іншымі. Дон Кіхот жа, вакол якога адбываліся самыя сапраўдныя скачкі, звярнуўся да Санча і сказаў:

— Гэтыя людзі, па ўсёй верагоднасці, нас пазналі. Б’юся аб заклад, што яны прачыталі праўдзівую аповесць пра нас.

Коннік, які вітаў Дон Кіхота, зноў наблізіўся да яго і сказаў:

— Сеньёр Дон Кіхот, паехалі, ваша міласць, з намі: мы — пакорныя вашы слугі і шчырыя сябры Роке Гінарта.

— Вядзіце мяне куды вам захочацца, — адказаў Дон Кіхот, — мая воля — гэта ваша воля.

Той адказаў яму не менш далікатна, а затым коннікі, акружыўшы Дон Кіхота з усіх бакоў, пад гукі труб і барабанаў разам з ім накіраваліся ў горад; калі ж яны ўязджалі ў горад, то, падбухтораныя злым духам, які толькі і робіць, што сее зло, два гарэзлівыя і адважныя хлопчыкі, — а хлопчыкі бываюць іншы раз хітрэйшыя за самога чорта, — прабраліся праз натоўп і, задраўшы хвасты осліку і Расінанту, сунулі туды па пучку дзікага цёрну. Адчуўшы гэты новы від шпораў, бедныя жывёліны падцялі былі хвасты, але ад гэтага непрыемныя адчуванні толькі ўзмацніліся. Яны пачалі адчайна брыкацца і ўрэшце скінулі сваіх седакоў на зямлю. Дон Кіхот, засаромлены і збянтэжаны, паспяшаўся выцягнуць гэты плюмаж з-пад хваста сваёй клячы, Санча ж прыйшоў на дапамогу шэраму. Тыя, хто суправаджаў Дон Кіхота, хацелі былі пакараць хлопчыкаў за іх звышсвавольства, але ім гэта не ўдалося, таму што гарэзы ўціснуліся ў натоўп іншых хлопчыкаў, якія беглі следам за імі.

Дон Кіхот і Санча зноў селі вярхамі і пад гукі ўсё той жа музыкі і ўсё гэтак жа ўрачыста пад’ехалі да дома іх важатага, вялікага і прыгожага, адным словам, такога, якімі бываюць дамы багатых кавальера, і тут мы Дон Кіхота і Санча часова пакінем.


Раздзел XLIV, які апавядае аб прыгодзе, што прынесла Дон Кіхоту больш гора, чым усе, якія ў яго былі да гэтага часу

Дон Антоньё Марэна — так звалі гаспадара Дон Кіхота — быў кавальера багаты і дасціпны, аматар прыстойных і прыемных забаў; заманіўшы Дон Кіхота да сябе дамоў, ён пачаў шукаць спосабы выяўлення перад усімі яго вар’яцтва, але толькі так, каб самому Дон Кіхоту ніякай шкоды ад гэтага не атрымалася, бо жарт, ад якога становіцца балюча, гэта ўжо не жарт, і нікуды не варта тая забава, ад якой бывае шкода іншаму. Перш-наперш ён загадаў зняць з Дон Кіхота даспехі, а затым, калі той застаўся ў вузкім вярблюджым камзоле, вывеў яго на балкон, які выходзіў на адну з самых людных вуліц горада, напаказ усяму народу і хлопчыкам, што глядзелі на яго, як на малпу. Перад вачамі Дон Кіхота зноў загарцавалі коннікі, і, гледзячы на іх, можна было падумаць, што прыбраліся яны так для яго аднаго, а не з выпадку свята. Санча між тым радаваўся: яму ўяўлялася, што ён бог ведае якім лёсам зноў трапіў ці то на вяселле да Камача, ці то ў герцагскі замак.

У гэты дзень у дона Антоньё абедалі яго сябры, і ўсе яны адносіліся да Дон Кіхота як да вандроўнага рыцара з асаблівай пашанай, Дон Кіхот жа, набыўшы горды і велічны выгляд, быў у невымоўным захапленні. Досціпы Санча былі такія, што ўсе чалядзінцы, а таксама і ўсе яго слухачы без выключэння, так і глядзелі яму ў рот. За сталом дон Антоньё звярнуўся да Санча з такімі словамі:

— Дарагі Санча, да нашага ведама дайшло, быццам ты вялікі аматар курніка, а таксама фрыкадэлек і нібы калі ты ўжо сыты па горла, ты хаваеш іх сабе за пазуху на чорны дзень.

— He, сеньёр, гэта няпраўда, — запярэчыў Санча. — Я чалавек ахайны і зусім не такі ненажэра, — мой пан Дон Кіхот, тут прысутны, можа пацвердзіць, што былі часы, калі мы абодва цэлымі тыднямі харчаваліся жменяй жалудоў ці арэхаў. Праўда, іншы раз, калі мне абяцаюць кароўку, я хутчэй бягу па вяроўку: я хачу сказаць, што карыстаюся выпадкам і ем тое, што мне даюць. Калі ж вы пачуеце ад каго, што я ненажэра і неахайны, то лічыце, што гэты чалавек не ўгадаў, — я мог бы інакш сказаць, ды баюся зняважыць слых такой шаноўнай кампаніі.

— He падлягае сумненню, — аб’явіў Дон Кіхот, — што ўмеранасць і ахайнасць Санча ў ежы варты быць адзначанымі і занатаванымі на медзі, каб гэтыя вартасці яго вечна жылі ў памяці будучых пакаленняў. Праўда, калі ён галодны, то бывае злёгку пражэрлівы: у такіх выпадках ён жвава працуе сківіцамі і ўплятае за дзве шчакі, затое ў справе ахайнасці ён бездакорны, больш таго, калі ён быў губернатарам, то навучыўся есці асаблівым манерам: ён еў вілкай нават вінаград і гранатавыя зярняткі.

— Як! — усклікнуў дон Антоньё. — Санча быў губернатарам?

— Так, — адказаў Санча, — губернатарам вострава Баратарыя. Дзесяць дзён я кіраваў ім на свой погляд, і за гэтыя дзесяць дзён я страціў душэўны спакой і навучыўся пагарджаць усімі формамі кіравання, якія толькі ёсць на свеце. Я ўцёк адтуль, па дарозе зваліўся ў падзямелле, думаў — канец мне, але ўсё ж такі цудам выратаваўся.

Дон Кіхот падрабязна расказаў гісторыю Санчава губернатарства, чым прынёс слухачам вялікае задавальненне.

У той жа вечар Дон Кіхота спакусілі праехаць да горадзе, але толькі ўгаварылі яго зняць даспехі і адправіцца ў выхадным адзенні і ў плашчы са светла-карычневага сукна, пад якім у тую пару года спацеў бы нават лёд. Каб Санча застаўся дома, слугам было загадана забаўляць яго. Дон Кіхот сядзеў не на Расінанце, а на магутным, багата прыбраным муле, у якога крок быў роўны. Да плашча Дон Кіхота незаўважна для яго прычапілі ззаду пергамент, на якім буйнымі літарамі было напісана: “Дон Кіхот Ламанчскі”. На працягу ўсёй прагулкі надпіс гэты нязменна прыцягваў да сябе ўвагу прахожых, — яны чыталі ўслых: “Дон Кіхот Ламанчскі”, а Дон Кіхот не пераставаў здзіўляцца: хто, маўляў, на яго ні зірне, кожны пазнае яго і называе па імені; і, звярнуўшыся да дона Антоньё, які ехаў з ім побач, ён нарэшце сказаў:

— Вялікай перавагай валодае вандроўнае рыцарства: усім, хто дзейнічае на гэтай ніве, яно прыносіць сусветную вядомасць і славу. На самай справе, сеньёр дон Антоньё, падумайце: у гэтым горадзе нават хлопчыкі — і тыя ведаюць мяне, хоць ніколі раней не бачылі.

— Гэта праўда, сеньёр Дон Кіхот, — пацвердзіў дон Антоньё. — Гэтак жа як полымя нельга схаваць і затаіць, доблесць не можа знаходзіцца ў невядомасці, тая ж доблесць, якую выяўляюць на ратным полі, бярэ верх над усімі іншымі доблесцямі.

Здарылася, аднак жа, так, што калі Дон Кіхот з вышэйапісанай урачыстасцю ехаў па горадзе, нейкі кастылец, прачытаўшы на яго спіне надпіс, крыкнуў:

— Каб цябе чорт узяў, Дон Кіхот Ламанчскі! І як гэта ты сюды дабраўся, не здох па дарозе ад шматлікіх удараў, якія на цябе так і сыпаліся? Ты вар’ят, і калі б ты вар’яцеў адзін на адзін з самім сабой, замкнёны ў сваім вар’яцтве, гэта б яшчэ куды ні ішло, але ты валодаеш здольнасцю зводзіць з розуму і збіваць з панталыку ўсіх, хто толькі з табою мае зносіны і размаўляе, — дастаткова паглядзець на гэтых сеньёраў, якія цябе суправаджаюць. Едзь, прыдурак, дадому, займіся гаспадаркай, клапаціся аб жонцы і дзецях і пакінь сваё глупства, якое толькі збядняе мозгі мучыць розум!

— Ідзіце ж, браток, сваёй дарогай, — сказаў дон Антоньё, — і не давайце парад, калі ў вас іх не просяць. Сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі — чалавек вельмі разважлівы, ды і мы, хто яго суправаджае, не дурні. Доблесць заўсёды патрэбна шанаваць, дзе б яна ні сустрэлася. Прэч к чорту і не ў сваю справу не лезьце!

— А вы ж, далібог, маеце радыю, — заўважыў кастылец: — раіць штосьці гэтаму малайцу — усё роўна што ваду ў ступе таўчы. Аднак жа з усім тым мяне бярэ злосць, што такі ясны розум, які, як я чуў, ва ўсім астатнім праяўляе гэты вар’ят, растрачвае сябе на вандроўнае рыцарства. Але толькі хутчэй я сам і ўсе мае нашчадкі, як зрабіла ласку выказацца ваша міласць, пойдзем прэч к чорту, чым надалей — калі пражыву я нават больш за Мафусаіла — я каму-небудзь дам параду, хоць бы ў мяне яе і прасілі.

Дарадчык пайшоў далей; прагулка працягвалася; аднак хлопчыкі і кожны іншы так старанна чыталі надпіс, што дон Антоньё ўрэшце вырашыў лепш зняць яго, зрабіўшы, зрэшты, выгляд быццам ён здымае штосьці іншае.

Аднойчы раніцай Дон Кіхот, апрануты ва ўсе свае даспехі, бо ён любіў паўтараць, што яго ўбор — гэта яго даспехі, а ў лютай бітве — яго спакой, і таму не расставаўся з імі ні на імгненне, выехаў прагуляцца па набярэжнай і раптам убачыў, што насустрач яму едзе рыцар, узброены, як і ён, з галавы да ног, пры гэтым на шчыце ў яго быў намаляваны зіхоткі месяц; наблізіўшыся на такую адлегласць, адкуль яго можна было пачуць, рыцар павысіў голас і звярнуўся да Дон Кіхота з такой прамовай:

— Найславуты і яшчэ недастаткова ацэнены рыцар Дон Кіхот Ламанчскі! Я той самы Рыцар Белага Месяца, бяспрыкладныя справы якога, ужо дакладна, ты памятаеш. Я маю намер пазмагацца з табой і выпрабаваць моц тваіх рук, каб ты прызнаў і пацвердзіў, што мая пані, хто б яна ні была, бясконца прыгажэйшая за тваю Дульцынею Табоскую, і калі ты адкрыта ў гэтым прызнаешся, то сябе самога пазбавіш ад смерці, мяне ж — ад клопату забіваць цябе. Калі ж ты пажадаеш са мною біцца і я цябе адолею, то ў выглядзе задавальнення я запатрабую толькі, каб ты склаў зброю і, адмовіўшыся ад далейшых пошукаў прыгод, вярнуўся ў родную сваю вёску і адасобіўся тэрмінам на адзін год і, не дакранаючыся да мяча, пачаў жыць у мірнай цішыні і дабрадзейным спакоі, бо таго патрабуюць рост дастатку твайго і выратаванне тваёй душы. Калі ж ты мяне адолееш, то ў гэтым выпадку ты можаш адсячы мне галаву, даспехі мае і конь дастануцца табе, слава ж пра мае подзвігі дабавіцца да тваёй славы. Такім чынам, выбірай любое і з адказам не марудзь, таму што я маю намер сягоння ж з гэтай справай пакончыць.

Дон Кіхот быў здзіўлены і азадачаны як дзёрзкім тонам Рыцара Белага Месяца, так і прычынаю выкліку, і ён строга, зрэшты захоўваючы знешні спакой, яму адказаў:

— Рыцар Белага Месяца, пра подзвігі вашы я да гэтага часу нічога не чуў, і я гатоў паклясціся, што вы ніколі не бачылі самай яснавяльможнай Дульцынеі Табоскай: я перакананы, што калі б вы яе бачылі, то ўстрымаліся б ад такога выкліку, бо, убачыўшы перад сабой яе, вы адразу ж упэўніліся б, што не было і не можа быць на свеце прыгажуні, якая зраўнялася б з Дульцынеяй. Таму я не буду гаварыць, што вы хлусіце, а скажу, што вы памыляецеся; выклік жа, які вы мне зрабілі, я на ўказаных вамі ўмовах прымаю і прапаноўваю правесці бой зараз жа, не адкладваючы на іншы дзень. Адзінае, з чым я не магу пагадзіцца, — гэта каб слава пра вашы подзвігі перайшла да мяне, бо мне невядома, якія яны і што сабой уяўляюць; з мяне дастаткова маіх, якія б яны ні былі. Выбірайце ж любое месца на полі бою, я выберу сабе, а там што бог дасць.

У горадзе ўжо заўважылі Рыцара Белага Месяца і паведамілі віцэ-каралю як пра самога рыцара, так і пра тое, што ён распавёў размову з Дон Кіхотам Ламанчскім. Віцэ-кароль разам з донам Антоньё і вялікай колькасцю іншых кавальера паспяшаўся на набярэжную і прыбыў туды якраз у тую хвіліну, калі Дон Кіхот паварочваў Расінанта, каб разагнацца. Убачыўшы, што коннікі вось-вось наляцяць адзін на другога, віцэ-кароль стаў паміж імі і спытаў, што за прычына такой раптоўнай бітвы. Рыцар Белага Месяца адказаў, што спрэчка ў іх зайшла аб тым, хто першая прыгажуня ў свеце, і, сцісла паўтарыўшы ўсё тое, аб чым ён ужо казаў Дон Кіхоту, пералічыў умовы паядынку, прынятыя абодвума бакамі. Віцэ-кароль наблізіўся да дона Антоньё і ціха спытаў, ці ведае ён, хто такі Рыцар Белага Месяца, і ці не намераны ён пажартаваць з Дон Кіхота. Дон Антоньё яму адказаў, што рыцара ён не ведае і не ведае таксама, жартам або па-сапраўднаму выклікае ён Дон Кіхота на паядынак. Адказ дона Антоньё збянтэжыў віцэ-караля, і ён вагаўся, дазволіць ці забараніць адзінаборства; і ўсё ж ён не мог дапусціць думкі, што гэта не жартоўны паядынак, а таму ад’ехаў убок і сказаў:

— Сеньёры кавальера, раз у кожнага з вас няма іншага выйсця, апрача як прызнаць слушнасць свайго праціўніка або памерці, між тым сеньёр Дон Кіхот працягваў настойваць на сваім, а ваша міласць, Рыцар Белага Месяца, — на сваім, то пачынайце з богам.

Рыцар Белага Месяца далікатнымі і дасціпнымі выразамі падзякаваў віцэ-каралю за тое, што ён ім дазволіў правесці бой, і з такой жа прамовай звярнуўся да віцэ-караля Дон Кіхот. Затым, цалкам аддаўшы сябе заступніцтву сіл нябесных, а таксама і заступніцтву Дульцынеі (як гэта ён звычайна рабіў перад пачаткам кожнай бітвы), Дон Кіхот зноў узяў невялікі разбег, бо заўважыў, што яго праціўнік таксама бярэ разгон, пасля чаго, без трубнага гуку і без якога-небудзь іншага сігналу да бою, рыцары адначасова павярнулі коней і рынуліся насустрач адзін другому. Але конь Рыцара Белага Месяца аказаўся шпарчэйшым і паспеў прабегчы дзве трэці адлегласці, якая падзяляла іх, і тут Рыцар Белага Месяца, не пускаючы ў ход кап’я (якое ён, відаць, знарок падняў уверх) з такой лютай сілай наляцеў на Дон Кіхота, што той разам з Расінантам грымнуўся на зямлю. Рыцар Белага Месяца імгненна апынуўся каля яго і, прыставіўшы да яго забрала кап’ё, прамовіў:

— Вы пераможаны, рыцар, і вы памраце, калі не пажадаеце выканаць умовы нашага паядынку.

Дон Кіхот, выцяты і аглушаны падзеннем, не падымаючы забрала, слабым і глухім голасам, які нібы даносіўся з падзямелля, сказаў:

— Дульцынея Табоская — самая прыгожая жанчына ў свеце, я ж — самы няшчасны рыцар, але маё бяссілле не можа пахіснуць гэтай ісціны. Утыкай жа кап’ё сваё, рыцар, і забяры ў мяне жыццё, бо гонар ты ў мяне ўжо адняў.

— Hi ў якім разе, — аб’явіў Рыцар Белага Месяца, — няхай усё гэтак жа ідзе па свеце слава аб прыгажосці сеньёры Дульцынеі Табоскай. Я задаволюся тым, што шаноўны Дон Кіхот вернецца ў свой маёнтак на год, — словам, у далейшым да асобнага майго распараджэння, аб чым у нас было дамоўлена перад пачаткам сутычкі.

Усё гэта чулі віцэ-кароль, дон Антоньё і многія іншыя, хто прысутнічаў тут, і чулі яны таксама адказ Дон Кіхота, які аб’явіў, што раз нічога зневажальнага для Дульцынеі ад яго не патрабуюць, то ён, будучы рыцарам добрасумленным, усё астатняе гатоў выканаць. Выслухаўшы гэта прызнанне, Рыцар Белага Месяца павярнуў каня і, пакланіўшыся віцэ-каралю, паскакаў кароткім галопам у горад.

Віцэ-кароль папрасіў дона Антоньё паехаць за ім і чаго б гэта ні каштавала дапытацца, хто ён такі. Дон Кіхота падхапілі на рукі, і калі паднялі яму забрала, то ўсе ўбачылі яго бледны і пакрыты потам твар. Расінант жа знаходзіўся ў такім цяжкім стане, што ўсё яшчэ не мог зрушыцца з месца. Санча, зажураны і засмучаны, не ведаў, што сказаць і як быць; яго ахапіла такое пачуццё, быццам усё гэта адбываецца ў сне і ўсё гэта суцэльная чартаўшчына. На вачах Санча яго пан прызнаў сябе пераможаным і абавязаўся на працягу цэлага года не брацца за зброю, і здавалася Санча, што слава аб вялікіх подзвігах Дон Кіхота гасне і што яго ўласныя надзеі, якія ажывіліся дзякуючы нядаўнім абяцанням Дон Кіхота, знікаюць, як дым на ветры. Ён баяўся, ці не пашкоджаны косці ў Расінанта, і яшчэ ён баяўся, што ў яго пана прайшло пашкоджанне розуму (а між тым якое гэта было б шчасце!). Урэшце Дон Кіхота панеслі ў горад на насілках, якія былі сюды дастаўлены па загадзе віцэ-караля, а за ім паехаў віцэ-кароль, бо яму цікава было ведаць, хто такі Рыцар Белага Месяца, які так бязлітасна абышоўся з Дон Кіхотам.


Раздзел XLV, у якім паведамляецца аб тым, хто быў Рыцарам Белага Месяца

Дон Антоньё Марэна паехаў следам за Рыцарам Белага Месяца, і яшчэ беглі за ім гуртам і, можна сказаць, праследавалі яго хлопчыкі да таго часу, пакуль ён не схаваўся ў адной з гарадскіх гасцініц. Падахвочаны жаданнем пазнаёміцца з ім, дон Антоньё таксама ўвайшоў туды. Рыцара сустрэў слуга, каб зняць з яго даспехі; рыцар прайшоў у залу, а за ім — дон Антоньё, якому карцела даведацца, што ж гэта за чалавек. Заўважыўшы, што кавальера ад яго не адстае, Рыцар Белага Месяца звярнуўся да яго з такімі словамі:

— Я бачу, сеньёр, што вы прыйшлі даведацца, хто я такі, а паколькі мне хавацца няма чаго, то пакуль слуга будзе здымаць з мяне даспехі, я вам раскажу ўсё без утойвання. Ведайце, сеньёр, што я — бакалаўр Самсон Караска, аднавясковец Дон Кіхота Ламанчскага, вар’яцтва і прыдуркаватасць якога выклікаюць шкадаванне ва ўсіх яго знаёмых, і да ліку тых, хто асабліва аб гэтым бядуе, належу я. Мяркуючы ж, што залог яго выздараўлення — спакой і што яму неабходна пажыць на радзіме і ў сваім доме, я прыдумаў спосаб, як прымусіць яго вярнуцца. І вось месяцы тры таму, пераапрануўшыся вандроўным рыцарам і назваўшыся Рыцарам Люстэркаў, я дагнаў яго па дарозе: у мяне быў намер схапіцца з ім і не прычыніўшы яму ніякай шкоды, адолець; пры гэтым я разлічваў біцца на такіх умовах, што пераможаны здаецца на літасць пераможцы, а запатрабаваць я ад яго хацеў (я ж загадзя лічыў яго пераможаным), каб ён вярнуўся ў родную вёску і нікуды адтуль не выязджаў на працягу года, а за гэты час ён, маўляў, паправіцца. Аднак жа лёс распарадзіўся інакш, гэта значыць адолеў не я, а ён, — ён выбіў мяне з сядла, і такім чынам задума мая правалілася: ён паехаў далей, а я, пераможаны, зняслаўлены, аглушаны падзеннем, якое, трэба заўважыць, магло дрэнна для мяне скончыцца, вярнуўся дамоў. І ўсё ж у мяне не прапала ахвота зноў яго адшукаць і адолець, што мне і ўдалося дасягнуць сягоння ў вас на вачах. А таму што ён строга прытрымліваецца законаў вандроўнага рыцарства, то, зразумела, для выканання дадзенага ім слова абавязкова падпарадкуецца майму патрабаванню. Вось, сеньёр, і ўсё, больш мне вам сказаць няма чаго, але толькі я вас прашу: не выдавайце мяне, не кажыце Дон Кіхоту, хто я такі, інакш не ажыццявіцца добры мой намер вярнуць розум чалавеку, які ўмее так цвяроза разважаць, калі справа не тычыцца ўсяго гэтага рыцарскага глупства.

— Ах, сеньёр! — усклікнуў дон Антоньё. — Няхай даруе вам бог за тое, што вы наносіце такую вялікую шкоду ўсяму свету, імкнучыся абразуміць самага забаўнага вар’ята на свеце! Няўжо вы, сеньёр, не разумееце, што карысць ад здаровага розуму Дон Кіхота не можа ісці ні ў якое параўнанне з тым задавальненнем, што прыносіць яго дзівацтва? Зрэшты, я лічу, што ўся ваша вынаходлівасць, сеньёр бакалаўр, акажацца бяссільнай вярнуць розум чалавеку, такому безнадзейна хвораму. Вядома, нядобра так казаць, але мне б хацелася, каб Дон Кіхот застаўся вар’ятам, таму што варта яму выздаравець — і для нас ужо навекі страчаны забаўныя выхадкі не толькі яго самога, але і яго збраяносца Санча Пансы, а кожная ж з іх здольна развесяліць саму меланхолію. Але ўсё ж я буду маўчаць і нічога не скажу Дон Кіхоту, — пагляджу, ці збудуцца мае меркаванні, што з усіх вашых старанняў, сеньёр Караска, зусім нічога не выйдзе.

Караска на гэта адказаў, што справа яго, несумненна, ідзе добра і што ён цвёрда верыць у шчаслівы яе зыход. Дон Антоньё аб’явіў, што ён заўсёды да яго паслуг, пасля чаго яны развіталіся, і Самсон Караска, загадаўшы наўючыць свае даспехі на мула і не затрымліваючыся больш ні хвіліны, на тым самым кані, што ўдзельнічаў у сутычцы з Дон Кіхотам, выехаў з горада і прыбыў у родныя мясціны, прычым у дарозе з ім не адбылося нічога такога, аб чым варта было б упамянуць на старонках гэтай праўдзівай гісторыі. Дон Антоньё перадаў віцэ-каралю ўсё, што яму расказаў Караска, пачутае не прывяло ў захапленне віцэ-караля, бо ён лічыў, што ад’езд Дон Кіхота дадому пазбавіць радасці ўсіх, хто меў магчымасць атрымліваць звесткі аб яго дзівацтвах.

Дон Кіхот, аслаблы, маркотны, задумлівы і пануры, праляжаў у ложку шэсць дзён, і ўвесь гэты час яго неадступна даймала думка пра злашчасную гэту бітву, якая скончылася яго паражэннем. Санча колькі мог суцяшаў яго і, між іншым, сказаў яму наступнае:

— Вышэй галаву, васпан мой, пастарайцеся развеяцца і падзякуйце богу за тое, што, зваліўшыся з каня, вы ніводнага рабра сабе не зламалі. Вядома, што дзе даюць, там жа і б’юць, дом з выгляду — поўная чаша, а зойдзеш — хоць шаром пакаці. Дык вось, значыць, наплюйце на ўсіх лекараў, бо ніякага лекара для вашай хваробы не патрэбна, і паедзем жа дамоў, а пошукі прыгод у невядомых краях і незнаёмых мясцінах давайце ж кінем. І калі ўдумацца, то больш за ўсё ў гэтай справе пацярпеў я, хоць, зрэшты, даставалася больш вашай міласці. Калі я пакінуў сваё губернатарства, то ў мяне прапала ўсякая ахвота яшчэ калі-небудзь губернатарнічаць, але затое мяне не пакінула жаданне стаць графам, а якраз гэтаму ўжо не быць, таму што ваша міласць пакідае рыцарскае поле дзейнасці, а значыць, вам ужо не быць каралём: вось і выходзіць, што надзеям маім, як відаць, не збыцца.

— Пакінь, Санча! Ты ж ведаеш, што маё зняволенне і пустэльніцтва працягнецца не больш за год, а затым я зноў вярнуся да майго паважанага занятку і не праміну здабыць сабе каралеўства, а табе графства.

— У добры час сказаць, у дрэнны — памаўчаць, — зазначыў Санча. — Мнечасцяком даводзілася чуць, што лепш на штосьці добрае спадзявацца, чым мець у руках штосьці паганае.

Дон Кіхот усё ніяк не мог ачуцца пасля свайго падзення, а таму ён і Санча выехалі з горада толькі праз некалькі дзён: Дон Кіхот — без зброі, у дарожным адзенні, а Санча — пешшу, таму што на шэрага наўючаны былі даспехі.


Раздзел XLVI. Аб тым, як Дон Кіхот прыняў рашэнне стаць пастухом і да заканчэння гадавога тэрміну жыць сярод палёў, таксама як і аб іншых рэчах, сапраўды прыемных і цудоўных

Ад’язджаючы з Барселоны, Дон Кіхот азірнуўся і, кінуўшы позірк на тое месца, дзе ён зваліўся з каня, усклікнуў:

— Тут была Троя! Тут мая нядоля, а не мая баязлівасць украла здабытую мною славу. Тут Фартуна паказала мне, якая яна зменлівая, тут пацямнеў бляск маіх подзвігаў, — адным словам, тут зайшла мая шчаслівая зорка і ніколі ўжо больш не заззяе!

Паслухаўшы такія словы, Санча сказаў:

— Доблесным сэрцам, васпан мой, гэтак жа неабходна быць цярплівымі ў часіну бедстваў, як і радаснымі ў час поспехаў, і гэта я мяркую па сабе: калі я быў губернатарам, то быў вясёлы, але і цяпер, калі я ўсяго толькі пешы збраяносец, я таксама не журуся, бо я чуў, што так званая Фартуна — гэта п’яная і бязглуздая жанчына і ў дадатак яшчэ сляпая: яна не бачыць, што робіць, і не ведае, каго яна скідае, а каго ўзносіць.

— Ты вялікі філосаф, Санча, — зазначыў Дон Кіхот, — ты вельмі разумна разважаеш, не ведаю толькі, ад каго ты гэтаму навучыўся. Лічу, аднак жа, не за лішняе заўважыць, што ніякай Фартуны на свеце няма, а ўсё, што на свеце робіцца, добрае або дрэннае, адбываецца не выпадкова, а па асаблівым прадвызначэнні неба, і вось адкуль вядомае выслоўе: “Кожны чалавек — каваль свайго шчасця”. Я таксама быў кавалём свайго шчасця, але я не выявіў неабходнай разважлівасці, мяне падвяла мая саманадзейнасць: я ж павінен быў зразумець, што худы мой Расінант не ўстаіць супраць магутнага і вялізнага каня Рыцара Белага Месяца. Словам, я адважыўся, сабраў усю сваю мужнасць, мяне збілі з каня, і хоць я страціў гонар, але затое не страціў ды і не мог страціць дабрадзейнасці, якая заключаецца ў вернасці свайму слову. Калі я быў вандроўным рыцарам, смелым і адважным, я ўласнаю рукою, сваімі подзвігамі даказваў, які я на справе, сягоння ж, калі я стаў звычайным гідальга, я выканаю сваё абяцанне і тым дакажу, што я пан свайму слову. Такім чынам, наперад, дружа Санча: мы правядзём гэты год выпрабавання дома, назапасім сіл за час нашага зняволення і зноў кінемся на ратнае поле дзейнасці, павек незабыўнае.

— Сеньёр, — прамовіў Санча, — плесціся пешшу зусім не так прыемна, і я ніколькі не гару жаданнем рабіць вялікія пераходы. Давайце ж павесім даспехі на дрэва замест разбойніка; калі ж я ўладкуюся на спіне шэрага і ногі мае перастануць дакранацца да зямлі, мы зможам ажыццяўляць любыя пераходы, якія толькі ваша міласць запатрабуе і прызначыць. А каб я пешшу адмерваў вялікія адлегласці — гэта рэч немагчымая.

— Ты маеш рацыю, Санча, — зазначыў Дон Кіхот. — Няхай мае даспехі вісяць у выглядзе трафея, а пад імі ці дзесьці побач мы выражам на драўлянай кары такі ж якраз надпіс, які быў пазначаны на трафеі Раландавым, што складаўся з яго даспехаў:

Дакранецца да іх толькі той,

Хто з Раландам адважыцца кінуцца ў бой.

— Цудоўна! — зазначыў Санча. — І калі б Расінант не патрэбен быў нам у дарозе, то і яго нядрэнна было б падвесіць!

— Не, — сказаў Дон Кіхот, — нельга падвешваць ні Расінанта, ні мае даспехі,а то стануць пра мяне казаць: “Вось гэтак плаціць ён за верную службу!”

— Абсалютная праўда, ваша міласць, — пагадзіўся Санча. — Разумныя людзі лічаць, што не трэба віну асла перакладваць на сядло; у тым жа, што адбылося, вінавата ваша міласць, а таму і карайце самога сябе, але яе спаганяйце сваю злосць ні на паламаных і акрываўленых даспехах, ні на спакойным Расінанце, ні на маіх пяшчотных нагах і не патрабуйце, каб яны тупалі больш, чым павінны.

Размаўляючы такім чынам, ехалі яны сваёй дарогай і нарэшце ўбачылі луг. Дон Кіхот акінуў яго позіркам і сказаў Санча:

— Калі ты нічога не маеш супраць, Санча, то давай станем пастухамі хоць бы на той час, які мне неабходна правесці дома. Я куплю авечак і ўсё, што патрэбна пастухам, назавуся пастухом Кіхоцісам, ты назавешся пастухом Пансіна, і мы, то распяваючы песні, то наракаючы, будзем блукаць па гарах, гаях і лугах, праганяючы смагу бруістым хрусталём ключоў, светлых ручайкоў або паўнаводных рэк. Дубы шчодра надзеляць нас найсалодкімі сваімі пладамі, наймоцныя ствалы дубоў пробкавых прапануюць нам сядзенні, вербы — свой цень, ружы падораць нам свой духмяністы водар, неабсяжныя лугі — шматкаляровыя дываны, празрыстае і чыстае паветра надоіць нас сваім дыханнем, месяц і зоркі падораць нам сваё святло, якое перамагае начную цемру, песні прынясуць нам задавальненне, слёзы — радасць, Апалон натхніць нас на вершы, a каханне падкажа нам такія задумы, якія абяссмерцяць нас і праславяць не толькі ў гэтым стагоддзі, але ў стагоддзях наступных.

— Далібог, мне такое жыццё якраз даспадобы! — прызнаўся Санча. — Ды не толькі мне: дайце на нас паглядзець бакалаўру Самсону Караску і цырульніку маэсе Нікаласу, і яны адразу ж да нас далучацца і зробяцца пастухамі, а там, глядзіш, і сам свяшчэннік завітае да нашага шалаша: ён жа ў нас весялун і любіць розныя забавы.

— Думка правільная, — зазначыў Дон Кіхот. — Бакалаўр Самсон Караска, калі толькі ён уступіць у нашу пастухову суполку, — а ён, вядома, уступіць, — можа называцца пастухом Самсаніна ці пастухом Карасконам, а цырульнік Нікалас можа называцца Нікулоса. Вось толькі не ведаю, якое б нам імя прыдумаць свяшчэнніку. Зрэшты, як вытворнае ад яго сану, яму можна даць імя пастуха Прэсвітэрыямбра. Між тым падабраць імёны для пастушак, у якіх мы закахаемся, — гэта вельмі проста, а паколькі імя маёй пані аднолькава падыходзіць і для пастушкі і для прынцэсы, то і няма чаго абцяжарваць сябе пошукамі больш удалага імя, ты ж, Санча, падбяры для сваёй пастушкі якое пажадаеш.

— Я буду зваць яе толькі Тэрэсонай, — аб’явіў Санча, — гэта якраз падыдзе да яе сапраўднага імя: яе ж завуць Тэрэсай. Мала таго: я яшчэ буду апяваць яе ў вершах і тым дакажу, што я — чалавек дабрадзейны.

— Госпадзі ты божа мой, якое жыццё мы будзем з табой весці, дружа Санча! — усклікнуў Дон Кіхот. — Якіх толькі кларнетаў, валынак, тамбурынаў, бубнаў і равеляў мы з табой не наслухаемся! А што калі да гэтых разнастайных інструментаў прымяшаюцца яшчэ гукі альбогаў? Словам, у нас будзе амаль поўны набор пастухоўскіх музычных інструментаў.

— А што такое альбогі? — пацікавіўся Санча. — Я зроду пра іх не чуў і ніколі ў жыцці не бачыў.

— Альбогі, — патлумачыў Дон Кіхот, — гэта металічныя прадметы, падобныя на медныя падсвечнікі: калі іх стукаюць адзін аб другі, то дзякуючы таму, што пустыя, яны выдаюць пэўны гук, праўда не надта пяшчотны і меладычны, але, увогуле, хутчэй прыемны для слыху і які падыходзіць да няхітрых вясковых інструментаў, такіх, як валынка і тамбурын. A каб мы маглі паказаць сябе на новай ніве з найлепшага боку, то нам тут істотна дапаможа вось такая акалічнасць: я ж, як ты ведаеш, часткова паэт, бакалаўр жа Самсон Караска — паэт вельмі добры. Пра свяшчэнніка я нічога не магу сказаць, аднак жа гатоў біцца аб заклад, што ён папісвае вершы. Heсумняваюся, што грашыць гэтым і маэсе Нікалас, таму што ўсе ці амаль усе цырульнікі — гітарысты і вершаплёты. Я пачну наракаць на расстанне, ты пачнеш апяваць сваё пастаянства ў каханні, пастух Караскон будзе скардзіцца на тое, што ён не прызнаны, свяшчэннік Прэсвітэрыямбра выбера сабе тое, што яму больш за ўсё спадабаецца, — словам, усё выйдзе як нельга лепш.

Санча ж яму на гэта сказаў:

— Я, сеньёр, чалавек няўдачлівы і, баюся, не дажыву да такога жыцця. А якіх бы драўляных лыжак я нарабіў, калі б стаў пастухом! Якія б у нас былі грэнкі, якія вяршкі, якія вянкі, словам, усякая была б у нас усячына, якая толькі ёсць у пастухоў, так што, разумнікам я, бадай што, і не стаў бы, а штукаром гэта ўжо напэўна.

— Аднак досыць аб гэтым, — заўважыў Дон Кіхот. — Ужо сцямнела, давай жа звернем з бальшака і заначуем дзе-небудзь паблізу, — пераначуем — болей пачуем.

Яны звярнулі ўбок, і вячэра выйшла ў іх позняя і бедная, што надта засмуціла Санча, у думках якога зноў паўсталі ўсе нягоды, звязаныя з полем дзейнасці вандроўнага рыцарства і з блуканнямі ў лясах і гарах і толькі часам якія змяняюцца дастаткам у замках і дамах, як, напрыклад, на вяселлі ў багача Камачы і ў гасцях у дона Антоньё Марэны. Аднак жа, прыняўшы да ведама, што як дню, так і ночы бывае канец, Санча палічыў за лепшае выспацца, пан жа яго вырашыў не спаць.


Раздзел XLVII. Аб тым, што здарылася з Дон Кіхотам і яго збраяносцам Санча, калі яны ехалі ў сваю вёску

Ноч была даволі цёмная. Месяц, праўда, узышоў, аднак жа знаходзіўся не на такім месцы, адкуль яго можна было бачыць: трэба ведаць, што іншы раз пані Дзіяна199 адпраўляецца на прагулку да антыподаў200, горы ж пакідае ў змроку і даліны ў цемры. Дон Кіхот аддаў даніну прыродзе, і першы сон адолеў яго, затое ўжо другі нічога не мог з ім зрабіць. У Санча ж усё было інакш: у яго ніякага другога сну і не магло быць, таму што сон яго цягнуўся бесперапынна, ад ночы да раніцы, што сведчыла аб добрым яго здароўі і бесклапотнасці.

Між тым турботы адагналі ад Дон Кіхота сон, і, разбудзіўшы Санча, ён сказаў:

— Мяне здзіўляе, Санча, бесклапотны твой нораў; можна падумаць, што ты зроблены з мармуру або з трывалай медзі, бо і той і другая нерухомыя і раўнадушныя. Я не сплю, у той час як ты спіш, я плачу, у той час як ты спяваеш, я знясільваю сябе постам, a ты наядаешся да таго, што табе цяжка бывае рухацца і дыхаць. Добры слуга павінен дзяліць з панам яго няшчасці і хоць бы дзеля прыліку гараваць разам з ім. Звярні ўвагу, якая ціхая стаіць ноч, як вакол нас пустэльна, — усё гэта заклікае нас чаргаваць сон з няспаннем. Дык будзь жа добры: устань, адыдзі ўбок і, напоўніўшыся чалавекалюбствам, удзячнасцю і адвагай, адлічы сабе ўдараў трыста-чатырыста з той агульнай колькасці, ад якой залежыць вазваленне Дульцынеі ад чараў. На гэты раз я абмяжоўваюся просьбай і маленнем, другі раз схоплівацца з табой урукапашную я не намераны, бо выпрабаваў на сабе цяжар тваёй рукі. А калі ты скончыш сябе лупцаваць, мы правядзём астатак ночы ў спяванні: я буду спяваць аб расстанні, ты — аб сваёй вернасці, і так мы распачнём той пастухоўскі спосаб жыцця, які будзем весці ў сваёй вёсцы.

— Сеньёр, — запярэчыў Санча, — я — не манах, каб уставаць сярод ночы і пачынаць умярцвяць сваё цела, тым больш нельга, думаецца мне, пасля розгаў, калі табе яшчэ страшэнна балюча, адразу пераходзіць да спеваў. Дайце мне паспаць, ваша міласць, і не прыставайце да мяне з лупцаваннем, інакш я дам вам клятву, што ніколі не дакрануся да ворсу на сваім адзенні, а не толькі што да свайго цела.

— О чэрствая душа! О бессардэчны збраяносец! Ці я цябе не карміў, ці я не асыпаў цябе ласкамі і не намерваўся асыпаць імі і ў далейшым! Дзякуючы мне ты стаў губернатарам, дзякуючы мне ў цябе ёсць усе падставы спадзявацца на атрыманне графскага тытулу або чаго-небудзь раўназначнага, і надзеі гэтыя збудуцца не пазней чым праз год.

— Я ведаю адно, — сказаў Санча: — калі я сплю, я нічога не баюся, ні на што не спадзяюся, не сумую і не радуюся. Дай бог здароўя таму, хто прыдумаў сон: гэта ж плашч, які прыкрывае ўсе чалавечыя думкі, ежа, якая праганяе голад, вада, якая наталяе смагу, агонь, які сагравае холад, холад, які суцішвае гарачыню, — словам сказаць, гэта адзіная для ўсіх манета, на якую можна купіць усё, гэта вагі і гіра, якія ўраўноўваюць караля з пастухом і прастака — з разумнікам. Адным толькі, кажуць людзі, сон нядобры: ёсць у ім падабенства са смерцю, бо паміж спячым і мёртвым розніца невялікая.

— Ніколі яшчэ, Санча, ты так зграбна не выказваўся! — заўважыў Дон Кіхот. — Цяпер я пачынаю разумець, наколькі праўдзівая тая прыказка, якую ты прыводзіў неаднаразова: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся.

— Вось так яно, дарагі мой пан! — усклікнуў Санча. — Цяпер ужо не я сыплю прыказкамі, — цяпер яны ў вас так і злятаюць з языка, лепш, чым у мяне! Розніца, як відаць, толькі ў тым, што прыказкі вашай міласці да месца, а мае — неўпапад, ну а калі разабрацца, то і тыя і другія — прыказкі.

У час гэтай размовы раптоўна пачуўся невыразны шум і нейкія непрыемныя гукі, якія разносіліся далёка навокал. Дон Кіхот падскочыў і схапіўся за меч, Санча ж забраўся пад свайго шэрага, а з бакоў загарадзіўся даспехамі і ўючным сядлом, і быў ён гэтак жа напалоханы, як усхваляваны Дон Кіхот. Шум узмацняўся і станавіўся ўсё больш выразным для слыху запалоханых, — зрэшты, не для двух, а толькі для аднаго, бо мужнасць другога добра вядома. Справа, аднак жа, заключалася вось у чым: некалькі чалавек накіроўваліся ў гэты час на кірмаш і гналі на продаж больш за шэсцьсот свіней, і вось гэтыя якраз свінні віскатам сваім і рохканнем утваралі той шум, які аглушыў Дон Кіхота і Санча, так што яны не маглі зразумець, што б гэта азначала. Вялізны статак наляцеў з рохканнем на Дон Кіхота і Санча і, не звяртаючы ўвагі ні на таго, ні на другога, разбурыў Санчавы загароды, збіў з ног не толькі Дон Кіхота, але і, у дадатак да ўсяго, Расінанта і прайшоў па рыцару і па збраяносцу. Раптоўнасць і імклівасць нападу гэтых гнюсных стварэнняў, а таксама і рохканне іх збянтэжылі і звалілі на зямлю шэрага, Расінанта, Санча і Дон Кіхота, непадалёк ад іх валяліся сядло і даспехі. Санча сяк-так падняўся і папрасіў у свайго пана меч, аб’явіўшы, што мае намер закалоць штук шэсць гэтых непачцівых паноў свіней, а што па ім прайшлі менавіта свінні, гэта было для яго цяпер відавочна. Дон Кіхот, аднак жа, яму сказаў:

— Пакінь іх, мой дружа: гэта знявага паслана мне як пакаранне за мой грэх, бо ў тым якраз і заключаецца справядлівае пакаранне нябёс, якое спасцігае пераможанага вандроўнага рыцара, што на яго нападаюць шакалы, джаляць восы і топчуць свінні.

— Што тычыцца нябеснага пакарання, якое спасцігае збраяносцаў, што служаць пераможаным рыцарам, — падхапіў Санча, — то яно, як відаць, заключаецца ў тым, што іх кусаюць мухі, ядуць вошы і мучыць голад. Добра б, калі мы, збраяносцы, даводзіліся рыцарам роднымі сынамі або блізкімі сваякамі, — тады не крыўдна было б, што нас караюць за іх грахі нават да чацвёртага калена, але ў якім такім сваяцтве знаходзяцца Кіхоты і Пансы? Ну добра, давайце ўладкуемся зручней і паспім да раніцы, а там справа відаць будзе.

— Спі, Санча, — прамовіў Дон Кіхот, — ты народжаны для таго, каб спаць, я ж, народжаны не драмаць, у гэтыя гадзіны, што засталіся да надыходу дня, дам волю маім думкам і выкажу іх у невялікім мадрыгале, які я без твайго ведама мінулай ноччу склаў у галаве.

— Мне здаецца, што для песенькі асабліва шмат думак не патрабуецца, — зазначыў Санча. — Спявайце сабе, ваша міласць, колькі жадаеце, а я пасплю, колькі мне ўдасца.

Услед за тым, заняўшы столькі месца, колькі яму захацелася, Санча скруціўся клубочкам і заснуў сном праведніка, які не парушаўся ні клопатамі аб даўгах і паручыцельствах, ні душэўнымі нягодамі.

А тым часам Дон Кіхот, прыхінуўшыся да дрэва, пад акампанемент уласных уздыхаў заспяваў:

Каханне, з думкай млявай

Аб тым, як я пакутую балюча,

Я крочу да кашчавай,

Каб развітацца з мукаю пякучай.

Ды ўсё ж каля магілы,

Нібыта ў непагадзь ва ўтульнай хаце,

Я гэтак поўны шчасцем,

Што акрыяў, сканаць не маю сілы.

Жыццём спрэс умярцвёны,

Я ў смерці набываю ажыванне.

О дзіўнае змаганне,

Дзе смерць з жыццём —

У бітве несканчонай.

Кожны радок ён суправаджаў мноствам уздыхаў і даволі вялікімі слязамі, якія сведчылі аб тым, што сэрца ў яго напоўнена гаркотай і разрываецца на часткі ад думкі пра паражэнне і пра расстанне з Дульцынеяй.

Тым часам настаў дзень. Сонца біла Санча прама ў вочы і ўрэшце разбудзіла яго, — ён пацягнуўся, страпянуўся і выпрастаў свае распешчаныя ногі і рукі; затым, вызначыўшы шкоду, нанесеную свіннямі яго прыпасам, ён спярша аблаяў статак, а потым і сяго-таго вышэйшага. Нарэшце Дон Кіхот і Санча паехалі далей, і дарогаю пераможаны і прыгнечаны лёсам Дон Кіхот звярнуўся да Санча з такімі словамі:

— Калі, дружа Санча, ты захочаш платы за лупцаванне для вызвалення Дульцынеі ад чараў, то я табе добра заплачу, хоць і не ўпэўнены, ці патрэбна такое лячэнне аплачваць; я нават баюся, як бы ўзнагарода не паўплывала дрэнна на ўздзеянне лекаў. З усім тым, як я разумею, купіў не купіў, а патаргаваць можна: і, ніколькі не марудзячы, пачынай лупцаванне, а пасля сам жа сабе заплаці наяўнымі, таму што грошы мае ў цябе.

Гэта прапанова прымусіла Санча вытрашчыць вочы і развесіць вушы, і, у думках вырашыўшы адхвастаць сябе сумленна, ён сказаў свайму пану:

— Так і быць, сеньёр, я гатоў дагадзіць вашай міласці і прынесці вам задавальненне, з карысцю, аднак жа, і для сябе: з любові да дзяцей і да жонкі міжволі станеш срэбралюбівым. А скажыце, ваша міласць, колькі ж вы мне заплаціце за кожны ўдар?

— Калі б я меў намер узнагародзіць цябе, Санча, — адказаў Дон Кіхот, — у адпаведнасці з сілай і дзейнасцю гэтага сродку, то мне не хапіла б усіх скарбаў Венецыі201 і россыпаў Патосі202. Прыкінь, колькі ў цябе маіх грошай, і сам вызначы цану.

— Усяго павінна быць тры тысячы трыста з лішкам удараў, — сказаў Санча, — з іх я ўжо нанёс сабе пяць, астатнія за мною; гэтыя пяць няхай пакрыюць лішак, значыць давайце лічыць усяго тры тысячы трыста. Дык вось, калі заплаціць па адным куарцільё203 за кожны ўдар (а ўжо меней я не вазьму ні за што на свеце), то ўсяго выйдзе тры тысячы трыста куарцільё, тры тысячы куарцільё — гэта паўтары тысячы паўрэалаў, ці семсот пяцьдзесят рэалаў, трыста ж куарцільё складаюць паўтары сотні паўрэалаў, гэта значыць семдзесят пяць рэалаў, і вось калі да сямісот пяцідзесяці рэалаў дадаць гэтыя семдзесят пяць, то атрымліваецца ўсяго восемсот дваццаць пяць рэалаў. Гэту суму я вылічу з грошай вашай міласці і вярнуся дамоў багатым і задаволеным, хоць і як мае быць адлупцаваным. Ну, ды рыбкі захочаш — штаны памочыш.

— О благаславёны Санча! О найдарагі Санча! — усклікнуў Дон Кіхот. — Пасля гэтага мы з Дульцынеяй будзем лічыць, што мы ў цябе ў даўгу да канца нашых дзён! Калі толькі Дульцынея набудзе страчаны выгляд (а я і не ўяўляю сабе, каб магло быць інакш), яе няшчасце ператворыцца ў шчасце, а маё паражэнне стане самай славутай урачыстасцю. Такім чынам, Санча, я чакаю ад цябе адказу, калі ты пачнеш самалупцаванне, — для паскарэння справы я гатоў прыбавіць яшчэ сто рэалаў.

— Калі? — перапытаў Санча. — Сягоння ноччу, можаце быць упэўнены. Пастарайцеся, ваша міласць, каб мы правялі гэту ноч у полі, пад адкрытым небам, a ўжо я сябе спаласую — толькі трымайся!

Вось нарэшце і настала ноч, якую Дон Кіхот чакаў з незвычайнай нецярплівасцю, бо яму здавалася, быццам колы Апалонавай калясніцы204 паламаліся і што дзень цягнецца больш, чым звычайна: у гэтым выпадку ён нічым не адрозніваўся ад усіх закаханых, якія не ўмеюць трымаць сябе ў руках. Нарэшце яны ўехалі ва ўтульны гай, непадалёк ад дарогі, і, рассядлаўшы Расінанта і шэрага, расцягнуліся на зялёнай траўцы і павячэралі тым, што было прызапашана ў Санча; затым упамянуты Санча зрабіў з аброцей Расінанта і шэрага хвосткі і гнуткі бізун і адышоў крокаў на дваццаць ад свайго пана, пад засень букаў. Заўважыўшы, з якім рашучым і бясстрашным выглядам ён крочыць, Дон Кіхот сказаў яму:

— Глядзі, дружа мой, не лупцуй сябе да непрытомнасці, рабі перапынкі, не выяўляй празмернай гарачлівасці, інакш ты выдыхнешся на паўдарозе. Я хачу сказаць, каб ты сябе пашкадаваў, інакш адправішся на той свет раней, чым дасягнеш жаданай мэты. A каб ты ні перасаліў, ні недасаліў, я стану тут жа, побач, і пачну адлічваць на пацерках удары, якія ты будзеш наносіць. Няхай дапаможа табе гасподзь бог ажыццявіць добры твой намер.

— Сапраўднаму плацельшчыку залог не страшны, — аб’явіў Санча. — Я буду біць сябе балюча, але не да смерці: у гэтым жа якраз увесь сэнс цуда і заключаецца.

Тут ён распрануўся да пояса і, схапіўшы раменны бізун, пачаў сябе хвастаць, а Дон Кіхот заняўся падлікам удараў. Санча ўжо дайшоў прыкладна да васьмі ўдараў, а затым, сцяміўшы, што гэта справа нежартоўная і што цану ён узяў пусцяковую, прыпыніў самалупцаванне і сказаў свайму пану, што ён прадзешавіў і што кожны такі ўдар павінен каштаваць не куарцільё, а паўрэала.

— Працягвай, дружа Санча, і не хвалюйся, — прамовіў Дон Кіхот, — я заплачу табе ўдвая.

— Калі так, — падхапіў Санча, — божа благаславі. Ох, я ж табе зараз і ўсыплю!

Аднак хітрун перастаў хвастаць сябе па спіне і пачаў хвастаць па дрэвах, што, зрэшты, не перашкаджала яму часам так гучна стагнаць, што здавалася, быццам разам з кожным такім стогнам з яго цела вылятае душа. Між тым у Дон Кіхота душа была добрая, і ён баяўся, як бы Санча не прыбіў сябе насмерць, з-за ўласнай безразважлівасці так і не дасягнуўшы сваёй мэты, — вось чаму ён сказаў Санча:

— Зрабі ласку, дружа мой, перапыні на гэтым месцы свой занятак: сродак гэты мне ўяўляецца празмерна моцным, для яго патрабуецца перадышка. Нездарма кажуць: Самору доўга асаджалі205, а з налёту ніколі б не ўзялі. Калі толькі я не аблічыўся, ты ўжо нанёс сабе больш за тысячу ўдараў, пакуль што дастаткова. Груба кажучы, асла нагружай, нагружай — ён і не войкне, а перагрузіў — падохне.

— He, не, сеньёр, — запярэчыў Санча, — не жадаю я, каб пра мяне казалі: “Грошыкі атрымаў — і ручкі склаў”. Адыдзіце, ваша міласць, крыху далей, дайце я нанясу сабе хаця б яшчэ адну тысячу: мы менш чым за два заходы з гэтай справай не скончым, а скончыў справу — гуляй на славу.

— Ну, калі ўжо ў цябе такі прыліў бадзёрасці, сцябай сябе, а я адыду ўбок.

Санча з такім стараннем зноў пачаў выконваць урок, што хутка на многіх дрэвах кара была паздзірана — да таго жорстка ён сябе лупцаваў. Нарэшце, з усіх сіл хвастануўшы бізуном па ствале бука, ён гучна ўсклікнуў:

— Тут загінуў Самсон і ўсе філістымляне!

Пачуўшы жахлівы гук удару і гэты жаласны голас, Дон Кіхот падбег да Санча і, выхапіўшы ў яго перавіты рэмень аброці, які служыў збраяносцу бізуном, сказаў:

— Лёс не дапусціць, дружа Санча, каб, стараючыся мне дагадзіць, ты засек сябе да смерці: ты патрэбен жонцы і дзецям, а Дульцынея пацерпіць да іншага разу. Я ж, спадзяючыся на блізкі канец гэтай справы, пачакаю, пакуль ты набярэшся сіл і на агульнае шчасце яе завершыш.

— Калі ўжо вам, васпан мой, так хочацца, то няхай будзе па-вашаму, — пагадзіўся Санча, — толькі накіньце мне на плечы вашу накідку,а то я спацеў і баюся прастудзіцца: хто ўпершыню сябе лупцуе, таму гэта вельмі нават проста.

Дон Кіхот так і зрабіў і, застаўшыся ў адным камзоле, аддаў накідку Санча, Санча ж праспаў да таго часу, пакуль яго не разбудзіла сонца, і тады яны зноў рушылі ў дарогу.

— Скажы мне, Санча, — спытаў Дон Кіхот, — ці маеш ты намер у бліжэйшую ноч адлічыць сабе яшчэ адну порцыю бізуноў і ці жадаеш ты, каб гэта было пад дахам або пад адкрытым небам?

— Далібог, сеньёр, — прамовіў Санча, — гэтым займацца можна ўсюды: хочаш — дома, хочаш — у полі. Зрэшты, я б усё-такі аддаў перавагу хвастацца пад дрэвамі: у мяне такое адчуванне, быццам яны са мной заадно і здорава мне дапамагаюць.

— He, дружа Санча, я перадумаў, — аб’явіў Дон Кіхот: — табе неабходна набрацца больш сіл, таму мы і адкладзём гэта да вяртання ў сваю вёску, а мы ж прыедзем самае позняе паслязаўтра.

Санча сказаў, што справа, маўляў, гаспадарская, але што ён бы са свайго боку хацеў пакончыць з гэтай справай, пакуль жалеза яшчэ гарачае і пакуль свярбяць рукі, бо прамаруджванне часта бывае небяспечней за ўсё, і ў бога прасіць не саромейся, але і папрацаваць для яго не лянуйся, і адно “Вазьмі!” лепш за два абяцанні, і лепш сініца ў руках, чым журавель у небе.

— Досыць прыказак, Санча, самім Хрыстом прашу! — пачаў прасіцца Дон Кіхот. — Ты, здаецца, зноў бярэшся за ранейшае. Гавары проста, ясна, без хітрыкаў, як я ўжо неаднаразова цябе вучыў: лепш менш, ды лепш.

— Ужо і не ведаю, што гэта за няўдача, — сказаў Санча, — я без прыказкі ці прымаўкі слова не магу сказаць, і кожная прымаўка ці прыказка здаецца мне словам разумным. Аднак жа я ўсе старанні прыкладу, каб выправіцца.

Наступную ноч Дон Кіхот правёў таксама сярод дрэў, каб даць магчымасць Санча пакончыць з яго ўрокам; Санча і на гэты раз выконваў яго тым жа самым шляхам, што і мінулай ноччу, гэта значыць у непараўнальна большай ступені за кошт букавай кары, чым за кошт уласнай спіны, якую ён да гэтага аберагаў так, што нават муху не маглі б з яе сагнаць удары, якія ён наносіў. Падмануты Дон Кіхот ні разу не памыліўся ў падліку і вырашыў, што разам з учарашнімі агульная колькасць бізуноў дасягае трох тысяч дваццаці дзевяці. Сонца, здавалася, узышло ў гэты дзень раней, толькі для таго, каб зірнуць на гэта ахвярапрынашэнне, і з першымі яго промнямі Дон Кіхот і Санча паехалі далей.

Увесь гэты дзень, таксама як і наступную ноч, яны правялі ў дарозе, і за гэты час з імі не здарылася нічога такога, што заслугоўвала б апісання, за выключэннем хіба таго, што ноччу Санча выканаў свой урок, што вельмі ўзрадавала Дон Кіхота, — ён з нецярплівасцю пачаў чакаць світанак, таму што днём, здавалася яму, ён абавязкова павінен сустрэць ужо вызваленую ад чараў сваю валадарку Дульцынею; і, працягваючы свой шлях, ён не прапускаў ніводнай жанчыны без таго, каб не паглядзець — ужо ці не Дульцынея гэта Табоская, а што Мярлін мог не выканаць свайго абяцання — гэта ўяўлялася яму неверагодным. Заняты такімі думкамі і марамі, ён разам з Санча ўз’ехаў на ўзгорак, з вяршыні якога адкрываўся від на іх вёску, і тут Санча, апусціўшыся на калені, усклікнуў:

— Адкрый вочы, жаданая радзіма, і зірні на сына свайго Санча Пансу: ён вяртаецца да цябе не надта багаты, але затое надта спаласаваны бізунамі. Раскрый абдымкі і прымі таксама сына свайго Дон Кіхота: яго адолела рука іншага, але затое ён пераадолеў самога сябе, а гэта ж ён мне і казаў, што больш доблеснай перамогі немагчыма сабе пажадаць. Я вяртаюся з грашамі, бо хоць і добра мяне адлупцавалі, затое я слаўна вярхом пракаціўся.

— Хопіць дурыцца! — сказаў Дон Кіхот. — Дай бог нам шчасліва ўехаць у нашу вёску, а ўжо там, у вольны час, наша выдумка прыйдзе нам на дапамогу, і мы складзём план пастухоўскага жыцця, якое намерваемся весці.

Тут яны спусціліся з узгорка і рушылі ў накірунку да сваёй вёскі.


Раздзел XLVIII. Аб знаках, якія сталіся пры ўездзе Дон Кіхотаў яго вёску, таксама як і аб іншых падзеях,што служаць упрыгажэннемі большай праўдападобнасцю вялікай гэтай гісторыі

Калі ж яны ўязджалі ў вёску, то Дон Кіхот убачыў, што каля гумна сварацца два хлопчыкі, адзін з якіх крыкнуў другому:

— Дарэмна ты сілы расходуеш, Перыкільё, — больш ты яе ніколі ў жыцці не ўбачыш.

Тут Дон Кіхот сказаў Санча:

— Ты звярнуў увагу, дружа мой, што сказаў хлапчук: “Больш ты яе ніколі ў жыцці не ўбачыш”?

— Ну і што ж тут такога? — запярэчыў Санча. — Ці мала што скажа хлапчук?

— Як — што ж тут такога? — усклікнуў Дон Кіхот. — Хіба ты не разумееш, што калі прымяніць гэтыя словы да мяне, то выйдзе, што мне не бачыць больш Дульцынеі?

Санча толькі хацеў быў яму адказаць, як убачыў, што па полі бяжыць заяц, якога гналі шматлікія паляўнічыя і харты, і вось гэты самы заяц ад перапуду шмыгануў і забіўся пад пуза да шэрага. Санча спаймаў яго голымі рукамі і паднёс Дон Кіхоту, але Дон Кіхот сказаў:

— Дрэнны знак! Дрэнны знак! Заяц уцякае, за ім гоняцца харты, — не ўбачу я Дульцынеі!

— Дзіўны вы чалавек, ваша міласць, — заўважыў Санча. — Дапусцім, што гэты заяц Дульцынея Табоская, а харты, якія яго гоняць, — гэта ліхадзеі-чараўнікі, што ператварылі яе ў сялянку: яна ўцякае, я яе лаўлю і аддаю ў рукі вашай міласці, а вы трымаеце яе ў абдымках і лашчыце. Якая ж гэта дрэнная прымета і ў чым жа тут можна бачыць дрэннае прадвесце?

Два хлапчукі, якія толькі што паспрачаліся, падышлі паглядзець на зайца, і аднаго з іх Санча спытаў, з-за чаго яны сварыліся. На гэта хлапчук (той самы, які сказаў: “Больш ты яе ніколі ў жыцці не ўбачыш”) адказаў Санча, што ён адняў у свайго таварыша клетку з цвыркунамі і больш ніколі яму не аддасць. Санча дастаў з кішэні чатыры куарты206 і ўручыў іх хлапчуку, а ў яго ўзяў клетку і, перадаўшы яе Дон Кіхоту, прамовіў:

— Справа зроблена, сеньёр: усе гэтыя прадвесці разбураны і развеяны ўшчэнт, хоць, зрэшты, да нашых спраў яны маюць такое ж якраз дачыненне, як мінулагоднія хмары, — гэта нават і я разумею, хоць я і недалёкага розуму чалавек. І калі памяць мяне не падводзіць, я чуў ад нашага свяшчэнніка, што шчырым хрысціянам і да таго ж яшчэ людзям адукаваным не да твару надаваць значэнне такім дробязям. Значыць, і няма чаго нам тут з-за гэтага марудзіць, паедзем далей, прама да сябе ў вёску.

Пад’ехалі паляўнічыя, запатрабавалі свайго зайца, і Дон Кіхот ім яго аддаў; Дон Кіхот і Санча паехалі сваёй дарогай і, уязджаючы ў вёску, убачылі, што на лужку чытаюць малітвы свяшчэннік і бакалаўр Караска. Свяшчэннік і бакалаўр адразу ж пазналі абодвух падарожнікаў і кінуліся да іх з распасцёртымі абдымкамі. Дон Кіхот спешыўся і моцна абняў іх, вясковыя ж хлапчукі, якія збегліся гуртам, склікалі адзін аднаго:

— Гэй, хлопцы, паглядзіце на асла Санча — які ён прыбраны, і на гэту клячу Дон Кіхота — у яе ж цяпер усе рэбры відаць!

Нарэшце, акружаныя хлапчукамі і ў суправаджэнні свяшчэнніка і бакалаўра, Дон Кіхот і Санча ўехалі ў вёску і накіраваліся да дома Дон Кіхота, на парозе якога стаялі ключніца і пляменніца, ужо інфармаваныя аб іх прыездзе. Пачула аб гэтым і жонка Санча, Тэрэса Панса; растрапаная, паўапранутая, схапіўшы за руку дачку сваю Марысанчу, яна пабегла сустракаць мужа; калі ж убачыла, што ён не так прыбраны, як, па яе ўяўленні, належала губернатару, то сказала яму:

— Што гэта з табой, мужычок? Вяртаешся дадому нібыта пешшу і прытым яшчэ ледзь чыкільгаеш. Сапраўды, выгляд у цябе не як у губернатара, а быццам ты ўжо ад губернатарнічаў.

— Маўчы, Тэрэса! — сказаў Санча. — Па розуму сустракаюць, па адзенні праважаюць. Дай толькі дадому дайсці: ужо наслухаешся цудаў. Я прывёз грошай, гэта самае галоўнае, і нажыў я іх уласнай кемлівасцю, a каб некага пакрыўдзіць — божа барані.

— Давай сюды грошыкі, дарагі мужычок, — разважыла Тэрэса, — а нажыты яны могуць быць усяляк. Як бы ты іх ні нажыў, гэтым ты нікога не здзівіш.

Дачка абняла бацьку і спытала, што ён ёй прывёз. Відаць было, што чакала яна яго, як майскага дожджычку. Затым яна ўхапілася за яго пояс, а асла ўзяла за аброць, жонка з другога боку ўзяла Санча за руку, і ўсе яны накіраваліся да сябе дамоў; Дон Кіхот між тым застаўся дома — пад наглядам ключніцы і пляменніцы, а таксама ў кампаніі свяшчэнніка і бакалаўра.

He даўшы нікому апамятавацца, Дон Кіхот адразу зачыніўся з бакалаўрам і свяшчэннікам і коратка расказаў ім аб сваім паражэнні і аб тым, што ён прыняў на сябе абавязацельства на працягу года не выязджаць з вёскі; абавязацельства гэта ён, маўляў, мае намер выконваць абавязкова, не адыходзячы ад яго ні на ёту, як і належыць вандроўнаму рыцару, які свята прытрымліваецца свайго статуту, і што ён збіраецца на гэты год стаць пастухом і пайсці ў бязлюдныя палі, дзе можна даць поўную волю сваім любоўным думам, працуючы на ніве дабрадзейнага пастухоўскага жыцця; і ён, маўляў, просіць свяшчэнніка і бакалаўра, калі толькі яны не вельмі заняты і ім не перашкодзяць больш важныя справы, да яго далучыцца, ён, маўляў, мае намер набыць чараду авечак, зусім дастатковую для таго, каб ім усім мець права называцца пастухамі; а яшчэ, маўляў, ён даводзіць да іх ведама, што галоўнае ўжо зроблена, бо імёны для іх ён падабраў, і прытым вельмі прыдатныя. Свяшчэннік пацікавіўся, якія іменна. Дон Кіхот адказаў, што сам ён будзе называцца пастухом Кіхоцісам, бакалаўр — пастухом Карасконам, свяшчэннік — пастухом Прэсвітэрыямбра, а Санча Панса — пастухом Пансіна. Гэты новы прадмет вар’яцтва Дон Кіхота ўразіў свяшчэнніка і бакалаўра, аднак жа, каб ён зноў, дзеля рыцарскіх подзвігаў, не пусціўся ў падарожжы і ў надзеі на тое, што за гэты год ён, магчыма, паправіцца, яны гэту новую яго задуму ўхвалілі і, вар’яцкую яго думку прызнаўшы цалкам разумнаю, згадзіліся разам з ім пачаць працаваць на новым полі дзейнасці.

— І вось яшчэ што, — дадаў Самсон Караска: — усім вядома, што я знакаміты паэт, дык вось, я ўвесь час буду пісаць вершы, каб нам не сумна было бадзяцца ў нетрах. Але самае важнае, васпане мае, каб кожны з нас прыдумаў імя для пастушкі, якую ён мае намер апяваць, і няхай не застанецца ніводнага дрэва з самай трывалай карой, на якім мы гэтыя імёны не напісалі б і не выразалі, як гэта прынята і як гэта заведзена ў закаханых пастухоў.

— Усё гэта правільна, — зазначыў Дон Кіхот, — але толькі мне асабіста няма неабходнасці прыдумваць імя для ўяўнай пастушкі, калі ў мяне ёсць непараўнальная Дульцынея Табоская, слава навакольных берагоў, упрыгажэнне нашых палёў, светач прыгажосці, мяжа зграбнасці, — словам, тая, якую можна хваліць бясконца, не баючыся перабольшання.

Свяшчэннік яшчэ раз паабяцаў праводзіць з Дон Кіхотам увесь той час, які будзе ў яго заставацца пасля выканання непасрэдных яго абавязкаў. На гэтым ён і бакалаўр з Дон Кіхотам развіталіся, а перад адыходам звярнуліся да яго з просьбай берагчы сваё здароўе і параілі звярнуць асаблівую ўвагу на харчаванне.

Пляменніца і ключніца па волі лёсу чулі гэту размову, і калі свяшчэннік з бакалаўрам пайшлі, яны ўвайшлі ўдзвюх да Дон Кіхота, і тут пляменніца павяла з ім такую размову:

— Што гэта азначае, дзядзечка? Мы былі ўпэўнены, што вы вярнуліся дадому назаўсёды і збіраецеся весці спакойны і дастойны спосаб жыцця, а вас, аказваецца, цягне ў новыя нетры. He ўжо, гады вашы не тыя!

Тут умяшалася ключніца:

— Ды хіба паўдзённая спёка — летам, начная сырасць і ваўчынае выццё — зімою, хіба гэта для вас, ваша міласць? Зразумела, не: гэта поле дзейнасці і занятак для людзей моцных, загартаваных, прывучаных да гэтай справы, можна сказаць, з пялёнак. Калі ўжо з дзвюх бед выбіраць, дык лепш быць вандроўным рыцарам, чым пастухом. Сапраўды, сеньёр, прыслухайцеся вы да маёй парады, — я ж вам яе даю не з п’яных вачэй, а ў цвярозым розуме, і я нездарма пражыла на свеце паўстагоддзя, — заставайцеся дома, займайцеся гаспадаркай, часцей спавядайцеся, дапамагайце бедным, і калі гэта не пойдзе вам на карысць, то грэх будзе на маёй душы.

— Годзе, дочкі, — сказаў Дон Кіхот, — я сам ведаю, як мне належыць жыць. Улажыце мяне ў ложак, бо я адчуваю пэўнае недамаганне, і памятайце, што кім бы я ні быў — ці вандроўным рыцарам, ці пастухом, — я вечна буду пра вас клапаціцца, у чым вы пераканаецеся на справе.

І тут абедзве мілыя дачкі (а ключніца ж і пляменніца і сапраўды былі яму як дочкі) улажылі яго ў ложак і пастараліся як мага лепш накарміць яго і пачаставаць.


Раздзел XLIX. Аб тым, як Дон Кіхот занядужаў, аб пакінутымім завяшчанні і аб яго смерці

Нішто на зямлі не вечнае, усё з самага пачатку і да апошняга імгнення набліжаецца да канца, асабліва жыццё чалавечае, а паколькі неба не надзяліла жыццё Дон Кіхота адметным дарам замядляць свой ход, то смерць яго наступіла зусім для яго нечакана. Магчыма, ён моцна засумаваў пасля свайго паражэння або так распарадзілася неба, ды толькі ён захварэў на гарачку, якая пратрымала яго шэсць дзён у ложку, і ўвесь гэты час хворага наведвалі сябры: свяшчэннік, бакалаўр і цырульнік, добры ж збраяносец Санча Панса не адыходзіў ад яго. Сябры, мяркуючы, што так на яго падзейнічала горкае ўсведамленне свайго паражэння і свайго бяссілля вызваліць Дульцынею і пазбавіць яе чараў, усяляк стараліся развесяліць Дон Кіхота, a бакалаўр усё гаварыў, каб ён пераламаў сябе, устаў з ложка і пачаў весці пастухоўскае жыццё, таму што ён, бакалаўр, ужо купіў у кінтанарскага жывёлавода на ўласныя грошы двух выдатных сабак, каб сцерагчы чараду, аднаго з якіх клічуць Муругім, а другога Птушкаловам. Аднак жа ўсё гэта не магло развеяць сум Дон Кіхота.

Сябры паслалі па лекара; той памацаў пульс, застаўся ім незадаволены і параіў Дон Кіхоту на ўсякі выпадак падумаць аб духоўным здароўі, бо фізічнаму яго здароўю пагражае, маўляў, небяспека. Дон Кіхот выслухаў яго спакойна, але не так аднесліся да гэтага ключніца, пляменніца і збраяносец, — яны горкімі слязамі заплакалі, быццам Дон Кіхот быў ужо мёртвы. Лекар выказаўся ў тым сэнсе, што Дон Кіхота губяць туга і маркота. Дон Кіхот папрасіў пакінуць яго аднаго, бо ён, маўляў, хоча спаць. Жаданне гэта было выканана, і ён праспаў больш за шэсць гадзін запар, як кажуць, без прачынання, так што ключніца і пляменніца ўжо занепакоіліся, ці не памёр ён у сне. Аднак жа пасля таго як мінуў указаны час, ён прачнуўся і гучна ўсклікнуў:

— Благаславёны ўсемагутны бог, які зрабіў мне такую вялікую ласку! Міласэрнасць яго сапраўды бясконцая, і грахі чалавечыя не маюць улады ні абмежаваць яе, ні вычарпаць.

Пляменніца слухала дзядзьку свайго ўважліва, і словы яго падаліся ёй разумнейшымі, чым звычайна, ва ўсякім выпадку тых, што ён гаварыў у час хваробы, а таму яна звярнулася да яго з наступнымі словамі:

— Аб чым гэта вы гаворыце, дзядзечка? Здаецца, гэта штосьці новае? Аб якой такой міласэрнасці і аб якіх чалавечых грахах вы кажаце?

— Аб той самай міласэрнасці, пляменніца, якую ў гэты міг, нягледзячы на мае грахі праявіў да мяне бог, — адказаў Дон Кіхот. — Розум мой пасвятлеў, цяпер ён ужо свабодны ад густога змроку невуцтва, у які яго апусціла злашчаснае і пастаяннае чытанне агідных рыцарскіх раманаў. Цяпер я бачу ўсю іх недарэчнасць і фальшывасць, і адзінае, што мяне засмучае, — гэта што працверажэнне настала надта позна і ў мяне ўжо няма часу выправіць памылку і пачаць чытаць іншыя кнігі, якія з’яўляюцца светачамі для душы. Паслухай, пляменніца: я адчуваю, што паміраю, і мне б хацелася памерці так, каб людзі пераканаліся, што жыў я не дарэмна, і каб за мной не засталася мянушка вар’ята, — няхай я і быў такім, аднак жа смерцю сваёй я хачу даказаць адваротнае. Пакліч, галубка, добрых маіх сяброў: свяшчэнніка, бакалаўра Самсона Караску і цырульніка маэсе Нікаласа, — я хачу паспавядацца і скласці завяшчанне.

Пляменніцы, аднак жа, не давялося па іх бегчы, бо якраз у гэты час усе тры ўвайшлі да Дон Кіхота ў пакой. Калі Дон Кіхот іх убачыў, то павёў з імі такую размову:

— Павіншуйце мяне, дарагія мае: я ўжо не Дон Кіхот Ламанчскі, а Алонса Кіхана, за свой нораў і звычай названы Добрым. Сягоння я вораг Амадыса Гальскага і процьмы яго нашчадкаў, сягоння мне агідныя бязбожныя кнігі аб вандроўным рыцарстве, сягоння я, з ласкі божай, навучаны горкім вопытам і праклінаю гэтыя кнігі.

Тры наведвальнікі, выслухаўшы такія словы, вырашылі, што Дон Кіхот, відаць, страшэнна захапіўся ўжо чымсьці іншым. І тут Самсон сказаў яму:

— Як, сеньёр Дон Кіхот, іменна цяпер, калі ў нас ёсць звесткі, што сеньёра Дульцынея вызвалена ад чараў, ваша міласць адракаецца? Цяпер, калі мы ўжо зусім сабраліся стаць пастухамі і пачаць жыць па-княжацку, з песняй на вуснах, ваша міласць запісалася ў пустэльнікі? Перастаньце, богам прашу, апамятайцеся і кіньце гэта глупства.

— Я называю глупствам тое, што было да гэтага часу, — запярэчыў Дон Кіхот, — глупствам, сапраўды для мяне згубным, аднак з божай дапамогай я перад смерцю перавярну іх сабе на карысць. Я адчуваю, сеньёры, што вельмі хутка памру, а таму жарты ўбок, зараз мне патрэбен духоўнік, бо я хачу паспавядацца, а затым пісец, каб скласці завяшчанне. У такую хвіліну чалавек не можа жартаваць сваёю душою, вось я і прашу вас: пакуль сеньёр свяшчэннік будзе мяне спавядаць, пашліце па пісца.

Прысутныя пераглянуліся — гэтак здзівіў іх Дон Кіхот, і хоць і не без ваганняў, аднак жа ўсе былі схільныя паверыць у яго словы; і гэта раптоўнае ператварэнне вар’ята ў разумнага падалося ім яўнай прыметай таго, што смерць яго блізка, бо да вышэйпрыведзеных слоў ён дадаў яшчэ і іншыя, такія звязныя, такія прасякнутыя хрысціянскім духам і такія разумныя, што ўсе іх сумненні ўрэшце развеяліся і яны цалкам упэўніліся, што розум да Дон Кіхота вярнуўся.

Свяшчэннік папрасіў усіх выйсці і, застаўшыся з Дон Кіхотам адзін на адзін, паспавядаў яго. Бакалаўр пайшоў па пісца і праз некаторы час вярнуўся разам з ім і з Санча Пансам; Санча ж яшчэ раней даведаўся ад бакалаўра, у якім стане знаходзіцца яго пан, і цяпер ён, бачачы, што ключніца і пляменніца плачуць, скрывіў твар і заліўся слязамі. Пасля споведзі свяшчэннік выйшаў і сказаў:

— Алонса Кіхана Добры, сапраўды, памірае і, сапраўды, знаходзіцца ў здаровым розуме. Пойдзем усе да яго, зараз ён будзе складаць завяшчанне.

Словы гэтыя выклікалі новы парыў адчаю ў ключніцы, пляменніцы і добрага збраяносца Санча Пансы: з вачэй у іх, і без таго ўжо вільготных, так і хлынулі слёзы, а з грудзей бесперапынна вырываліся глыбокія ўздыхі, бо і на самай справе, як ужо было заўважана, Дон Кіхот заўсёды, будучы проста Алонса Кіхана Добрым, таксама як і Дон Кіхотам Ламанчскім, вызначаўся лагодным норавам і прыязнасцю ў абыходжанні, за што яго любілі не толькі дамашнія, але і ўсе, хто яго ведаў. Разам з іншымі да яго зайшоў і пісец, і пасля таго, як ён напісаў загаловак завяшчання, Дон Кіхот, памаліўшыся богу і прытрымліваючыся ўсяго, што неабходна было ў гэтым выпадку па хрысціянскім абрадзе, прыступіў да складання завяшчання і пачаў так:

— Item207, я жадаю, каб грошай маіх, што знаходзяцца ў Санча Пансы, якога я ў час майго вар’яцтва ўзяў збраяносцам, у яго не забіралі і справаздачы на іх не патрабавалі, таму што ў нас з ім свае падлікі; калі ж за вылікам сумы, якая належыць яму, штосьці з іх застанецца, то няхай ён гэту рэшту возьме сабе: грошы невялікія, а яму яны спатрэбяцца, і ўжо калі я ў стане вар’яцтва садзейнічаў таму, што яго зрабілі губернатарам вострава, то цяпер, знаходзячыся ў здаровым розуме, я падараваў бы яму, калі б мог, цэлае каралеўства, бо прастадушнасць яго і адданасць цалкам гэтага заслугоўваюць.

Тут ён звярнуўся да Санча і сказаў:

— Даруй, дружа мой, што з-за мяне ты таксама праславіўся як вар’ят і, як і я, памыліўся і паверыў, што былі на свеце вандроўныя рыцары і існуюць як быццам і дагэтуль.

— Ах! — са слязамі ўсклікнуў Санча. — He памірайце, васпан мой, прыслухайцеся да маёй парады: жывіце шмат гадоў, бо самае вялікае чалавечае вар’яцтва — узяць ды ні з таго ні з сяго і памерці, калі цябе ніхто не забіваў і ніхто не зжываў са свету, апрача хіба адной маркоты! Хопіць вам на ложку качацца, уставайце ж, апранайцеся пастухом — і пайшлі ў поле, як у вас было вырашана: глядзіш, дзе-небудзь за кустом адшукаем вызваленую ад чараў сеньёру Дульцынею, а ўжо гэта куды б лепш! Калі ж вы паміраеце ад засмучэння, што вас адолелі, то спіхніце ўсё на мяне, маўляў, вы зваліліся з Расінанта таму, што я дрэнна падцягнуў папругу, ды і потым, ваша міласць ведае з рыцарскіх кніг, што гэта самая звычайная рэч, калі адзін рыцар скідае іншага на зямлю: сягоння яго адолелі, а заўтра — ён.

— Вядома, — сказаў бакалаўр, — добры Санча Панса цалкам мае рацыю.

Годзе, сеньёры, — прамовіў Дон Кіхот, — новым птушкам на старыя гнёзды не садзіцца. Я быў вар’ятам, а цяпер я здаровы, я быў Дон Кіхотам Ламанчскім, а сягоння, паўтараю, я — Алонса Кіхана Добры. Шчырым сваім раскайваннем я спадзяюся зноў заслужыць тую павагу, якой я некалі ў вас карыстаўся, вы ж, пан пісар, пішыце далей. Item, завяшчаю ўвесь мой набытак прысутнай тут пляменніцы маёй Антоніі Кіхана, з той, аднак жа, умовай, каб папярэдне з яго была забрана частка, прызначаная мною для іншых мэт; і, перш за ўсё, я хачу, каб ключніцы маёй было выплачана належнае ёй жалаванне за ўвесь той час, што яна ў мяне праслужыла, а звыш таго прашу выдаць ёй дваццаць дукатаў на адзенне. Душапрыказчыкамі маімі прызначаю пана свяшчэнніка і пана бакалаўра Самсона Караску, тут прысутных. Item, жадаю, каб пляменніца мая Антонія Кіхана, калі яна надумаецца выйсці замуж, выходзіла за такога чалавека, пра якога ёй было б загадзя вядома, што ён аб рыцарскіх раманах нічога не ведае; калі ж будзе ўстаноўлена, што ён іх чытаў, а пляменніца мая ўсё ж захоча выйсці за яго замуж і сапраўды выйдзе, то ў гэтым выпадку я пазбаўляю яе спадчыны і прашу маіх душапрыказчыкаў выкарыстаць багацце, паводле свайго меркавання, для добрых спраў.

На гэтым Дон Кіхот закончыў сваё завяшчанне і, страціўшы прытомнасць, выцягнуўся на ложку. Усе з перапуду кінуліся яму на дапамогу. І на працягу трох дзён, якія Дон Кіхот яшчэ пражыў пасля таго, як склаў завяшчанне, ён штохвілінна страчваў прытомнасць. Увесь дом быў у трывозе; зрэшты, гэта зусім не перашкаджала пляменніцы есці, а ключніцы — прыкладвацца да шкляначкі, ды і Санча Панса сябе не забываў: патрэбна прызнацца, што думка аб спадчыне заўсёды змяншае і развейвае тую міжвольную скруху, якую выклікае ў душы ў нашчадкаў той, хто памірае. Нарэшце, пасля таго як над Дон Кіхотам былі праведзены ўсе таемнасці і пасля таго як ён, прывёўшы шмат важкіх доказаў, асудзіў рыцарскія раманы, надышоў яго апошні час. Пісар, які прысутнічаў пры гэтым, заўважыў, што ні ў адным рыцарскім рамане не даводзілася яму чытаць, каб хтосьці з вандроўных рыцараў паміраў на сваім ложку так спакойна і так па-хрысціянску, як Дон Кіхот; усе прысутныя працягвалі бедаваць і аплакваць яго, Дон Кіхот жа ў гэты час спусціў дух, па-простаму кажучы — памёр.

1 “У нейкім сяле ламанчскім…” – радок з іспанскага народнага раманса (песні). ->

2 Г і д а л ь г а – дробнамаянтковы дваранін. ->

3 О л ь я (олья падрыда) – іспанская нацыянальная страва, род гарачага вінегрэту з мяса, сала і розная гародніны. ->

4 К і х а д а – па-іспанску сківіца. ->

5 К е с а д а – па-іспанску пірог з сырам. ->

6 Ф е л і ц ы я н а д э С і л ь в а – аўтар многіх рыцарскіх раманаў. ->

7 К а в а л ь е р а – асоба дваранскага паходжання; у прыватнасці, прадстаўнік сярэдняга дваранства. ->

8 А р ы с т о ц е л ь (384-322 гады да н. э.) – грэчаскі філосаф. ->

9 Д о н Б е л ь я н і с – герой рыцарскага рамана “Гісторыя Бельяніса Грэчаскага”. ->

10 С і г у э н с а – невялікі правінцыйны гарадок, у якім знаходзіўся універсітэт другаснага значэння. ->

11 П а л ь м е р ы н А н г л і й с к і – герой рыцарскага рамана “Магутны рыцар Пальмерын Англійскі”. ->

12 А м а д ы с га л ь с к і – герой рыцарскага рамана “Смелы і доблесны рыцар Амадыс, сын Перыёна Гальскага і каралевы Элісены”. ->

13 М а э с е – майстар. ->

14 Р ы ц а р Ф е б а – мянушка Амадыса Грэчаскага, героя аднайменнага рыцарскага рамана. ->

15 С і д Р у й Д з і я с (1043-1099) – іспанскі нацыянальны герой; яго подзвігі апеты ў шматлікіх народных раманах і паэмах. ->

16 Р ы ц а р П а л ы м я н а га М я ч а – мянушка Амадыса Грэчаскага. ->

17 Б е р н а р д а д э л ь К а р п’ ё – легендарны герой сярэдневяковага іспанскага эпасу. ->

18 Ге р к у л е с, А н т э й (міф.) – Г е р к у л е с – сын Юпітэра і Алкмены, які вызначаўся вялікай фізічнай сілай; А н т э й – сын Пасейдона, бога мораў, і Геі, багіні зямлі. Згодна міфу, пакуль Антэй кранаўся зямлі, сваёй майі, ён быў непераможны, але Геркулес падняў яго ў паветра і ў такім становішчы задушыў яго. ->

19 Р а л а н д – герой паэмы італьянскага паэта Арыёсты (1474-1553) “Люты Раланд” і многіх сярэдневяковых паданняў. ->

20 М а р г а н т – герой паэмы італьянскага пісьменніка Пульчы “Маргант Велікан”, люты велікан-язычнік, якога Раланд схіляе да хрысціянства, пасля чаго Маргант мяняецца: становіцца велікадушным, пачцівым, высакародным. ->

21 Б у ц э ф а л – паводле падання, любімы конь Аляксандра Македонскага (356-323 гады да н. э.) ->

22 Б а б’ е к а – паводле падання, любімы конь Сіда Руй Дзіяса. ->

23 Р а с і н а н т – састаўное слова: “расін” – “кляча”, “антэ” – “раней” і “наперадзе”, гэта значыць “тое, што калісьці было клячай”, а таксама: “кляча, якая ідзе наперадзе ўсіх”. ->

24 С е н ь ё р а – пані, уладарка. ->

25 Д у л ь ц ы н е я – вытворнае ад слова dulce – салодкая, пяшчотная. ->

26 Т а б о с а – мястэчка ў Ламанчы. ->

27 Ф е б (міф.) – бог сонца. ->

28 А ў р о р а (міф.) – багіня ранішняй зары. ->

29 Ц я с н і н а Л а п і с е – знаходзіцца ў Ламанчы. ->

30 “Мой убор – мае даспехі, у лютай бітве – мой спакой…” – словы з іспанскага народнага раманса. ->

31 “Пасцель вашай міласці – цвёрды камень, пільнаванне да золку – ваш сон” – перафразаваны радок з таго ж раманса. ->

32 Л а н ц а л о т – адзін з рыцараў Круглага Стала, закаханы ў Джынеўру, жонку караля Артура, у гонар якой ім было здзейснена шмат подзвігаў; рыцарамі Круглага Стала называліся паплечнікі легендарнага караля Артура, якія збіраліся за круглым сталом у банкетнай зале яго замка. Вышэй у тэксце прыводзяцца вершы са старадаўняга раманса пра Ланцалота. ->

33 Р э а л – старадаўняя іспанская сярэбраная ці медная манета; адзін сярэбраны рэал раўняўся двум медным. ->

34 Д о н н а. – Донна, дон – званне асоб дваранскага саслоўя. ->

35 “Што адбылося паміж Балдуінам і маркізам Мантуанскім…” – у іспанскім народным рамансе расказваецца аб тым, што маркіз Мантуанскі, які адстаў ад сваёй світы ў час палявання, знайшоў у лесе Балдуіна, смяртэльна параненага сынам Карла Вялікага – Карлотам. Маркіз пакляўся не расчэсваць барады, не з’яўляцца ў горадзе і не расставацца са зброяй ні днём, ні ноччу да таго часу, пакуль ён не адпомсціць забойцы Балдуіна. ->

36 Р а д р ы г а д э Н а р в а э с – першы алькайд (камендант) горада Антэкера пасля адваявання гэтага горада іспанцамі ў маўраў у 1410 годзе. ->

37 А б і н д а р а э с. – Гісторыя Абіндараэса і Харыфы расказана ў адной з устаўных навел рамана іспанскага пісьменніка Хорхе дэ Монтэмаёра (XVI стагоддзе) “Дзіяна”. ->

38 А б е н с е р а г– прадстаўнік аднаго са знатных маўрытанскіх родаў у Гранадзе. ->

39 Д в а н а ц ц а ц ь П э р а ў Ф р а н ц ы і – так называлі дванаццаць легендарных рыцараў, паплечнікаў Карла Вялікага (Раланд, Рынальд Мантальванскі і іншыя). ->

40 Д з е в я ц ь Д з е я ч а ў С л а в ы. – У сярэднія стагоддзі “дзеячамі славы” лічыліся: Ісус Навін, цар Давід, Іуда Макавей, Аляксандр Македонскі, Гектар Траянскі, Юлій Цэзар, кароль Брытаніі Артур, Карл Вялікі і Готфрыд Булонскі. ->

41 Л і ц э н ц ы я т – першая навуковая ступень, якая прысуджалася ў іспанскіх універсітэтах. ->

42 А л к і ф – муж Урганды, чараўніцы з рыцарскага рамана “Амадыс Гальскі”. ->

43 А ў т а д а ф э – акт знішчэння ахвяр інквізіцыя на вогнішчы. ->

44 “П о д з в і г і Э с п л а н д ы я н а”. – Поўны загаловак гэтага рыцарскага рамана: “Подзвігі вельмі дабрадзейнага рыцара Эспладыяна, сына Амадыса Гальскага”. ->

45 “А м а д ы с г р э ч а с к і” – рыцарскі раман, напісаны як перайманне “Амадыса Гальскага”. ->

46 “Д о н А л і в а н т Л а ў р с к і”. – Поўная назва гэтага рамана: “Аповед пра непераможнага рыцара Алювантэ Лаўрскага, прынца Македонскага, які стаў дзякуючы дзівосным сваім подзвігам імператарам Канстанцінопальскім”. ->

47 “Га л а т э я”. – Раман Сервантэса “Галатэя” выйшаў у 1585 годзе пад назвай “Першая частка Галатэі, падзеленая на шэсць частак”. Сервантэс абяцаў напісаць працяггэтай аповесці, але абяцання гэтага не выканаў. ->

48 А р х і е п і с к а п Т у р п і н. – Згодна сярэдневяковым паданням, архіепіскап Турпін – адзін з уцалелых удзельнікаў бітвы ў Рансевальскай цясніне. ->

49 Р ы н а л ь д М а н т а л ь в а н с к і – адзін з дванаццаці пэраў Францыі ў шматлікіх сярэдневяковых паэмах. ->

50 Ф р э с т а н, ц і Ф р ы с т а н, - адзін з персанажаў рамана “Дон Бельяніс Грэчаскі”. ->

51 Б р ы я р э й (міф.) – старукі велікан. ->

52 Д’ е га П е р э с д э В а р га с (XIII стагоддзе) – славуты воін, які вызначыўся ў барацьбе з маўрамі, апеты ў народных рамансах. ->

53 Ц ы к о р н а я в а д а. – Медыцына таго часу лічыла цыкорны напітак снатворным сродкам. ->

54 “…схавацца ў… царкве”. – У тыя часы як служкі культу, так і асобы, якія карысталіся заступніцтвам царквы, не былі падсуднымі свецкага суда. ->

55 С в я т о е б р а ц т в а – так называлася ў эпоху Сервантэса паліцыя інквізіцыі. ->

56 Б а л ь з а м Ф’ е р а б р а с а. – Ф’ е р а б р а с – герой старадаўняй паэмы, сын егіпецкага эміра, які валодаў, згодна легендзе, цудадзейным бальзамам. ->

57 А с у м б р а – мера вадкасці, крыху большая за два літры. ->

58 Ш л е м М а м б р ы н а. – М а м б р ы н – адзін з персанажаў паэмы Арыёсты, маўрытанскі цар, уладальнік цудадзейнага залатога шлема, які засцерагаў ад раненняў. ->

59 С а к р ы п а н т – персанаж з той жа паэмы, сінонім напышлівага выхвальнага чалавека. ->

60 С а б р а д ы с а – фантастычная дзяржава, якая ўпамінаецца ў “Амадысе Гальскім”. ->

61 Ц і р с к і п у р п у р – пурпуровая матэрыя, якая выраблялася ў Ціры, старажытная сталіцы Фінікіі; карысталася вялікай славай. ->

62 Р а в е л ь – музычны інструмент у выглядзе трохструннай скрыпкі са смычком. ->

63 Я н г у а с ц ы – жыхары вёскі Янгуас, у правінцыі Сеговія. ->

64 Б о г в а й н ы (міф.) – Марс. ->

65 С і л е н (міф.) выхавальнік і пастаянны спадарожнік Вакха, бога віна і вінаробства. Аповед аб яго ўрачыстым уездзе ў суправаджэнні натоўпу п’яных сатыраў і фаўнаў у грэчаскі горад Фівы карыстаўся ў часы Сервантэса вялікай папулярнасцю. На гэты аповед робіць намёк Дон Кіхот, блытаючы грэчаскія Фівы з Фівамі ў Егіпце. Сілен, у адпаведнасці з міфам, уехаў не ў егіпецкія Фівы, якія мелі, паводле падання, сто варот (стоваротныя), а ў грэчаскія Фівы, якія называліся “сяміваротнымі”. ->

66 К а р д о ў с к і П о т р а – прадмесце ў паўднёвай частцы горада Кордавы. ->

67 С е в і л ь с к і К і р м а ш – прадмесце Севільі. ->

68 А л і ф а н ф а р о н – празмерны хвалько. ->

69 Т р а п а б а н а – замест Тапрабана (старажытная назва вострава Цэйлон). ->

70 га р а м а н т ы – народ, які жыў на поўдзень ад Нумідыі (Алжыра). ->

71 К с а н ф (грэч. – “жоўты”) – рака Скамандр у Малой Азіі. ->

72 М а с і л і й с к і я л у г і – мясцовасць на ўсход ад Алжыра. ->

73 Ф е р м а д о н т – рака ў Малой Азіі, якая ўпадае ў Чорнае мора. ->

74 П а к т о л – залатаносная рака ў Малой Азіі, паблізу Сардау, праток Герма (цяпер Сарабат). ->

75 Б е т ы с – старажытная назва ракі Гуадалківір (па-арабску – “вялікая рака”). ->

76 Т а х а – рака ў Іспаніі. ->

77 Т а р т э с і й с к і я д а л і н ы. – Т а р т э с – старажытны фінікійскі горад у паўднёва-заходняй Іспаніі, у вусці ракі Гуадалківір. Т а р т э с і я – старажытная назва Андалусіі. ->

78 Е л і с е й с к і я п а л і – паводле вераванняў старажытных, палі блажэнных, месца замагільнага жыцця герояў. ->

79 П і с э р га – рака у Іспаніі. ->

80 гу а д ы я н а – рака у Іспаніі, якая ў сваёй плыні некалькі разоў хаваецца пад зямлёй, а затым з’яўляецца зноў на паверхні. ->

81 Б а к а л а ў р – асоба, якая атрымала дыплом аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы. ->

82 “Сід Руй Дзіяс зламаў стул каралеўскага пасланніка…” – Эпізод гэты расказаны ў адным з іспанскіх рамансаў, прысвечаных Сіду. Увайшоўшы аднойчы ў царкву і заўважыўшы, што стул французскага караля стаіць побач са стулам рымскага папы, а стул іспанскага караля размяшчаецца ніжэй, Сід адпіхнуў нагой стул французскага караля і на гэта месца паставіў стул свайго валадара. За гэты ўчынак папа адлучыў яго ад царквы, але Сід прыгразіў папу непрыемнымі наступствамі, і той адмяніў акт адлучэння. ->

83 Б о г к а в а л ь с к а га р а м я с т в а (міф.) – Вулкан, бога гню і кавальскай справы. Паводле міфа, не Вулкан выкаваў гармату для Марса, а Марс – для Вулкана. Падбухтораны Венерай, ён зрабіў гармату з нядобраякаснага матэрыялу. ->

84 “Выкраданне Алены” (міф.). – А л е н а – жонка грэчаскага цара Менелая, якая лічылася першай прыгажуняй Грэцыі; яе выкраў траянец Парыс, і, згодна з паданнем, гэта з’явілася зачэпкай для Траянскай вайны. ->

85 І н ф а н т а – прынцэса, дачка караля. ->

86 Д у э н н я – пажылая жанчына дваранскага паходжання са збяднелай сям’і, якая прыслужвала маладой дзяўчыне ў сям’і знатных асоб і выконвала пры ёй абавязкі гувернанткі ці пакаёўкі. ->

87 Г р а н д – прадстаўнік вышэйшага дваранства ў Іспаніі. ->

88 Г а л е р ы – старажытныя парусна-вяслярныя судны. У Іспаніі злачынцы, асуджаныя на катаржныя работы, адбывалі пакаранне ў якасці весляроў на галерах. Асуджаных прыкоўвалі ланцугамі да бартоў і прымушалі іх веславаць да знямогі. ->

89 “Л а с а р ы л ь ё з б е р а го ў Т а р м е с а” – іспанская аповесць невядомага аўтара, надрукаваная ў 1554 годзе, у якой давалася злосная сатыра на шэрагз’яў грамадскага жыцця. ->

90 С ь е р а – М а р э н ы – горны хрыбет у паўднёвай Іспаніі. ->

91 М а р а в е д з і – старадаўняя дробная іспанская медная манета. -

92 У л і с (міф.) – Адысей, цар вострава Ітакі. Пра яго дзесяцігадовыя вандраванні пасля падзення Троі апавядаецца ў “Адысеі” Гамера. ->

93 “Вергілій у асобе Энея…” – Э н е й – галоўны герой паэмы рымскага паэта Вергілія (70-19 гады да н. э.) “Энеіда”. ->

94 В я с к о в ы я б а г і (міф.). – Н а п е і – німфы лясоў і далін; д р ы я д ы – німфы дрэў; с а т ы р ы – лясныя і палявыя багі з казлінымі нагамі і хвастамі. ->

95 Б а р а – гульня, якая заключаецца ў тым, што кідаюць у цэль жалезны брусок. ->

96 Л у к р э ц ы я – рымлянка з роду Тарквініяў, якія праславіліся мужнасцю і цнатлівасцю. ->

97 “Па Тэзеевай нітцы ў лабірынце…” (міф.) – Т э з е й – афінскі цар, муж Арыядны; трапіўшы ў Крыцкі лабірынт, ён выбраўся адтуль пры дапамозе ніткі, якую яму дала Арыядна. ->

98 Ф а ў н ы, с і л ь в а н ы (міф.) – багі палёў і лясоў. ->

99 Р э х а (міф.) – німфа, якая, будучы праклята Юнонай, ператварылася ў камень, але пры гэтым у яе захаваўся голас.

100 “Часоў караля Вамбы” – гэта значыць у незабыўныя гады (адпавядае рускаму выразу “часы цара Гароха”). В а м б а – гоцкі кароль, які кіраваў Іспаніяй з 672 па 680 год. ->

101 “Ну і што ж такога, што васаламі маімі будуць негры?” – Гандаль афрыканскімі неграмі, якіх накіроўвалі затым у Новы Свет, быў шырока распаўсюджаны ў Іспаніі ў XVI – XVII стагоддзях. ->

102 М е а т ы й с к а е в о з е р а – старадаўняя назва Азоўскага мора. ->

103 П е с а. – У Амерыцы ў той час з-за недахопу грошай ужываліся зліткі каштоўных металаў пэўнай вагі (“песа” па-іспанску абазначае “вага”). Песа раўняўся унцыі серабра, ці васьмі сярэбраным рэалам. ->

104 “Пацалавала… Усклала сабе на галаву”. – Па звычаі таго часу, атрымліваючы каралеўскае і папскае пасланне, яго спачатку цалавалі, а затым ускладалі сабе на галаву. ->

105 “Д о н С і р а н х і л Ф р а к і й с к і” – рыцарскі раман, які выйшаў у свет у 1545 годзе. ->

106 “Ф е л і с м а р т г і р к а н с к і” – рыцарскі раман, які выйшаў у свет у 1556 годзе. ->

107 Г а н с а л а Ф е р н а н д а с К а р д о ў с к і – знакаміты іспанскі палкаводзец канца XV стагоддзя, празваны “вялікім палкаводцам”. ->

108 Д’ е га га р с і я д э П а р э д а с – адзін з паплечнікаў Гансала Фернандаса Кардоўскага. ->

109 С ц ы л а і Х а р ы б д а. – С ц ы л а – скала на італьянскім баку Сіцыліяскага праліва, насупраць віру; Х а р ы б д а – вір на сіцылійскім баку. У міфалогіі – пачвары, якія пагражалі суднам, што тут праходзілі: сінонім небяспекі. ->

110 К а л е т – від верхняга адзення з белага сукна. ->

111 Н е п т у н о в ы п а д в о д н ы я ў л а д а н н і (міф.). – Н е п т у н – бог мора. ->

112 Э с к у д а – старадаўняя залатая ці сярэбраная манета, на якой былі адлюстраваны шчыт (эскуда) і дзяржаўны герб. ->

113 А г р а м а н т – маўрытанскі цар, персанаж паэмы Арыёсты “Люты Раланд”. Міжусобіца, якая ўпамінаецца, падрабязна апісана ў XXVII песні паэмы. Выраз “міжусобіца ў стане Аграманта” стаў прымаўкай у іспанскай мове. ->

114 “Панавалі цішыня і спакой часоў Актавіянавых…” – гэта значыць часоў панавання рымскага імператара Актавіяна Аўгуста (27-14 гады да н. э.); на працягу яго царавання не было войнаў. ->

115 К а н о н і к – каталіцкі саборны свяшчэннік. ->

116 “На зямлі… Іаана Індыйскага…” – Царства легендарнага Іаана Індыйскага летапісцы змяшчалі то ў Сярэдняй Азіі, то ў Эфіопіі, то ў Індыі ці Кітаі. ->

117 П т а л е м е й (ІІ стагоддзе н. э.) – грэчаскі географ. ->

118 М а р к а П о л а (XIII – XIV стагоддзі) італьянскі падарожнік. ->

119 А х і л (міф.) – адзін з галоўных герояў “Іліяды” Гамера. ->

120 Ге к т а р (міф.) – абаронца Троі, забіты Ахілесам у адзінаборстве. ->

121 С і н о н (міф.) — грэк, які падманным шляхам пераканаў траянцаў увесці драўлянага каня, усярэдзіне якога былі схаваны ўзброеныя грэчаскія воіны, што прывяло да гібелі Троі. ->

122 Э ў р ы я л – моцнае сяброўства траянцаў Эўрыяла і Ніса апісана ў “Энеідзе” Вергілія. ->

123 Т р а я н (98-117 гады н. э.) – рымскі імператар. ->

124 З а п і р – знатны перс, які садзейнічаў заваяванню Вавілона персідскім царом Дарыем. ->

125 К а т о н – Марк Порцый Катон (232-147 гады да н. э.), рымскі дзяржаўны дзеяч. ->

126 С в я ш ч э н н ы г р а а л ь – паводле сярэдневяковых паданняў, цудадзейная чаша з цэльнага каштоўнага каменя, з якой Хрыстос піў на тайнай вячэры. У шматлікіх рыцарскіх раманах і паданнях расказваецца аб подзвігах і самаахвяраванні рыцараў, якія накіроўваліся на пошукі гэтай чашы. ->

127 Т р ы с т а н і І з о л ь д а – героі сярэдневяковага падання, у якім апавядаецца аб каханні каралевы Ізольды і Трыстана, пляменніка брытанскага караля. ->

128 Л і к у р г – напаўлегендарны заканадавец старажытнай Спарты (IX стагоддзе да н. э.); сінонім мудрага і справядлівага заканадаўца. ->

129 С а л о н (VII – VI стагоддзі да н. э.) – афінскі заканадавец і філосаф; імя яго стала хадзячай назвай справядлівага і непадкупнага заканадаўца. ->

130 Н е а п а л ь, С і ц ы л і я, М а л ь т а – складалі ў той час іспанскія ўладанні. Турэцкі флот пагражаў ім у першую чаргу. ->

131 “Распараджэнне ішло ад архіепіскапа…” – У той час у Іспаніі ўсе бальніцы, сірочыя дамы і дамы пагарды знаходзіліся пад наглядам царквы. ->

132 П е р ы ё н га л ь с к і – бацька Амадыса, галоўнага героя рыцарскага рамана “Амадыс Гальскі”. ->

133 Р а д а м о н т – адзін з персанажаў паэмы Арыёсты “Люты Раланд”; тып ліхога ваякі, ганарлівага і фанабэрыстага. ->

134 Г а л і я ф – паводле біблейскага падання, велікан Галіяф быў забіты ў адзінаборстве юным Давідам, будучым царом іудзейскім, калі ён яшчэ быў пастухом. ->

135 А л ь к а л ь д – галава вясковай ці гарадской управы з паўнамоцтвамі суддзі. ->

136 С а л а м а н к а – горад, у якім знаходзіўся буйнейшы універсітэт. ->

137 “Зваўся Самсонам…” – Самсон, паводле біблейскага падання, быў чалавекам вялізнага росту і магутнага целаскладу. ->

138 “Колькасцю больш за дванаццаць тысяч кніг…” – Першая частка “Дон Кіхота” выйшла ў свет у 1605 годзе ў Мадрыдзе і адразу атрымала вялікую папулярнасць. У тым жа годзе выйшла другое выданне “Дон Кіхота”, а таксама два выданні ў Валенсіі і Лісабоне. У 1607 годзе раман быў выдадзены ў Бруселі, у 1608 годзе – у Мадрыдзе, у 1610 годзе – у Мілане; у 1611 годзе выйшла яшчэ адно выданне ў Бруселі. ->

139 М а ф у с а і л – легендарны біблейскі патрыярх, які пражыў нібыта каля тысячы гадоў. ->

140 “Як падзяліць паміж сабой сонечнае святло…” – гэта значыць выбраць дуэлянтам такія месцы, каб сонечнае святло не біла ім у вочы. ->

141 С а н б е н і т а – кашуля жоўтага колеру з выявай пунсовага крыжа, якую апраналі на тых, каго інквізіцыя прыгаворвала да “пакаяння”. ->

142 К а с т ы л ь с к і п а э т – выдатны іспанскі паэт Гарсіласа дэ ла Вега (1503-1536). Вершы запазычаны з адной яго элегіі. ->

143 Х і т р ы п а э т – Гарсіласа дэ ла Вега, які апеў у адным са сваіх вершаў рукадзельныя работы німф ракі Таха. ->

144 Г а р а ц ы й – Публій Гарацый Коклес, легендарны рымскі герой, які абараняў падыход да Рыма ў час вайны з этрускамі (V стагоддзе да н.э.). ->

145 М у ц ы й – рымскі юнак Кай Муцый, які прабраўся ў варожы стан і спрабаваў забіць караля этрускаў Парсену. Парсена ўзяў Муцыя ў палон і пагражаў яму жорсткімі катаваннямі, патрабаваў ад яго выдаць паплечнікаў. Але юнак палажыў у яго прысутнасці руку на жароўню і заявіў, што цела мае малое значэнне для тых, хто любіць славу. Стойкасць Муцыя прымусіла Парсену заключыць з рымлянамі мір. Рымляне празвалі Муцыя Сцэволай, што абазначае “ляўша”. ->

146 К у р ц ы й – паводле падання, у 362 годзе да н. э. пад рымскім форумам раптоўна ўтварылася прорва. Жрацы заявілі, што прорва самкнецца толькі ў тым выпадку, калі Рым ахвяруе лепшым, што ў яго ёсць. Тады юнак Марк Курцый кінуўся на кані з усёй амуніцыяй у прорву; і яна тут жа самкнулася над ім. ->

147 Р у б і к о н – рака, якая аддзяляла гальскія ўладанні ад Італіі. Пасля таго як рымскі Сенат пазбавіў Цэзара паўнамоцтваў камандуючага рымскай арміі, ён вырашыў адкрыта выступіць супраць Сената. Гэта рашэнне ён выказаў словамі: “Жэрабя кінута”, з якімі перайшоў Рубікон, развязаўшы тым самым грамадзянскую вайну. ->

148 “У самую глухую поўнач…” – радок з народнага раманса. ->

149 “Зноў прагне няшчасцяў маіх лёс…” – радок з верша Гарсіласа дэ ла Вегі. ->

150 “Самага спрытнага кардаванца ці мексіканца…” – Прыхільнасць жыхароў Кордавы да верхавой язды і перавага мексіканскіх коннікаў уваходзілі тады ў прымаўку. ->

151 К у п і д о н (міф.) – бог кахання, які звычайна меў выяву ў выглядзе крылатага хлопчыка з лукам і стрэламі і павязкай на вачах. ->

152 Х а р о н (міф.) – перавозчык мерцвякоў цераз падземную раку Сцікс у пекла. ->

153 “Д з е й с т в а а б с у д з і л і ш ч ы С м е р ц і” – аднаактовая п’еса, у аснову якой быў пакладзены папулярны ў сярэднія стагоддзі сюжэт “танца смерці” з удзелам прадстаўнікоў усіх саслоўяў, дастаткаў і становішчаў. Перад суддзёй – смерцю – у п’есе выкрываліся заганы імператара, вяльможы, багача і г. д. ->

154 К а м е д ы я. – Пад словам “камедыя” тут маецца на ўвазе драматычны твор увогуле. ->

155 К а с і л ь д э я В а н д а л ь с к а я – гэта значыць Андалуская, па імені племя вандалаў, якія некалі валодалі паўднёвай часткай Іспаніі. ->

156 Ф а н е га – мера ёмістасці (5,5 літра). ->

157 Д у б л о н – старадаўняя іспанская залатая манета, вартасцю два ці чатыры эскуда. ->

158 М а ч а х а г е р к у л е с а (міф.). – Геркулес, сын Юпітэра і Алкмены, якога даймала яго мачаха Юнона, вымушаны быў паступіць ->

159 В е л і к а н ш а Х і р а л ь д а (хіральда – “якая верціцца”) – статуя вялізнай вышыні, якая ўстаноўлена на адной з вежаў сабора ў Севільі ў 1568 годзе і якая ўяўляла сабой каласальны флюгер. ->

160 “Прыйшоў, убачыў, перамог” – словы Юлія Цэзара з яго данясення аб перамозе над Фарнакам, царом Баспорскага царства (63-47 гады да н. э.), якая дасталася яму лёгка. ->

161 Б ы к і г і с а н д а – чатыры вялізныя статуі, якія знаходзяцца ў наваколлі Гісанда (каля горада Авілы). ->

162 П р о р в а К а б р а – бездань у наваколлі вёскі Кабра (у правінцыі Кордава), якую прымхлівыя людзі прымалі за адзін з уваходаў у пекла. ->

163 “Духоўныя асобы… ці то два студэнты…” – Адзенне свяшчэннікаў і студэнтаў было ў той час аднолькавым: доўгая сутана, шырокі капялюш і плашч. ->

164 П а т э н ы – чатырохвугольныя ці круглыя металічныя пласцінкі з выявай “святога”, якія служылі ўпрыгажэннем у сялянак. ->

165 Ц ы ц э р о н (106-43 гады да н. э.) – рымскі палітычны дзеяч і аратар. ->

166 Б р а с – мера даўжыні (1,67 метра). ->

167 Ф у г е р ы – буйнейшыя нямецкія банкіры, якія фінансавалі іспанскіх каралёў пад залогсярэбраных руднікоў і ртутных капальняў. ->

168 Р э х і д о р – член сельскай ці гарадской управы. ->

169 Г е р ц а г А л ь б а (1508-1582) – крывавы ўціхамірнік Нідэрландаў. ->

170 Г а й ф е р а с, М е л і с э н д р а – героі старадаўніх іспанскіх рамансаў. га й ф е р а с – пляменнік Карла Вялікага, М е л і с э н д р а – дачка апошняга, суджаная Гайфераса. Незадоўга да вяселля яе ўкралі маўры, і на працягу многіх гадоў яе месцазнаходжанне было невядома. ->

171 Г е р к у л е с а в ы с л у п ы – горы на абодвух берагах Гібралтара: гара Кальпе – на еўрапейскім беразе, гара Абіла – на Афрыканскім. ->

172 М е ч  Д з ю р а н д а л ь – назва дзівоснага мяча Раланда. ->

173 Р а д р ы га – апошні гоцкі кароль (170-711) на Пірэнейскім паўвостраве, пры якім арабы ўварваліся на паўвостраў. ->

174 “Я ўчора валодаў дзяржавай…” – вершы з папулярнага народнага раманса, які перадае скаргі караля Радрыга, сведкі разбурэння дзяржавы. ->

175 Б е р б е р ы й с к і п а л о н – гэта значыць палон у маўраў. Берберыяй у той час называлася Паўночная Афрыка. ->

176 Ш а л ё н к а – род сялёдкі. ->

177 Р ы ф е й с к і я го р ы – казачныя горы на паўночным краі зямлі. ->

178 “Было б для іх Трояй” – гэта значыць месцам канчатковага разбурэння і гібелі, як гэта здарылася калісьці з Трояй, ад якой засталіся адны руіны. ->

179 Л і р га н д э й – чараўнік, дзеючая асоба рыцарскага рамана “Люстэрка князёў і рыцараў”. ->

180 А р к а л а й – дзеючая асоба рамана “Амадыс Гальскі”; ён зачараваў галоўнага героя. ->

181 М я р л і н – герой старажытных брытанскіх паданняў, магі чараўнік. ->

182 Д з і т (міф.) – тое ж, што Плутон, бог падземнага царства. П я ч о р ы Д з і т а – пячоры падземнага царства. ->

183 К а с і к – правадыр індзейскіх плямёнаў у Амерыцы. ->

184 “Ездзіць у карэце…” – Захапленне карэтамі было ў той час вельмі распаўсюджана. Карэтамі абзаводзіліся ўсе – і дваране і плебеі, якія разбагацелі. У літаратуры гэта мода жорстка высмейвалася. ->

185 “За добрае маўчанне ўсе цябе будуць зваць Санча” – намёк на іспанскую прыказку: “Хто ўмее маўчаць, таго завуць Санча” (па сугуччы слоў: “санта” – “святы” і “Санча”). ->

186 Б а р а т а р ы я – ад іспанскага слова barato – танны. ->

187 “Крыж губернатарскага жазла…” – Верхняя частка гэтага жазла мела форму крыжа, які на судзе служыў для прысягі. ->

188 Г і п а к р а т (памёр каля 370 года да н. э.) – славуты ўрач старажытнасці. У афарызме Гіпакрата на самай справе размова ідзе не аб курапатках, а аб хлебе. ->

189 Ц і р т э а ф у э р а (літаральна: “пайшоў вон”) – назва вёскі ў правінцыі Таледа. ->

190 У н і в е р с і т э т А с у н с к і – універсітэт другаснага значэння. ->

191 А л ь г у а с і л – паліцэйскі чыноўнік, наглядчык. ->

192 Л а к е д э м а н я н е – жыхары Лакедэмона (старажытнай Спарты). ->

193 “Доўбню, цара жаб…” – намёк на байку “Жабы, якія просяць цара”. ->

194 “Заплаціце… за дастаўку…” – У той час за дастаўку плаціў той, хто атрымліваў карэспандэнцыю. ->

195 А ю н т а м’ е н т а – гарадскі ці сельскі савет. ->

196 Г о р д з і е ў в у з е л. – Паводле падання, Гордзій, бедны селянін, стаўшы царом Фрыгіі, прысвяціў у аддзяку за гэта Юпітэру сваю павозку, на ярме якой быў скручаны складаны вузел. Калі Аляксандр Македонскі, ажыццяўляючы паход супраць Дарыя, зайшоў у храм, у якім захоўваўся вузел Гордзія, яму перадалі прадказанне аракула, што ўладаром Азіі стане той, хто разблытае гэты вузел. Пасля марных спроб развязаць вузел Аляксандр проста рассек яго мячом. ->

197 Р о к е г і н а р т, ц і П е д р а Р о к а г і н а р д а, - у 1607-1611 гадах узначальваў узброеныя сялянскія атрады, якія выступілі супраць феадальных памешчыкаў і дзейнічалі ў ваколіцах Барселоны. Імя Роке Гінарта карысталася вялікай папулярнасцю ў народзе. ->

198 Б а р с е л о н с к і в і ц э – к а р о л ь – намеснік іспанскага караля ў Каталоніі. ->

199 Д з і я н а (міф.) – багіня месяца; тут – у значэнні месяца. ->

200 А н т ы п о д ы (міф.) – жыхары супрацьлеглых паўшар’яў. ->

201 “Скарбаў Венецыі…” – Як буйнейшы гандлёвы цэнтр на Сярэдняземным моры, Венецыя ў XVI стагоддзі была адным з самых багатых гарадоў. ->

202 П а т о с і – багатае месцанараджэнне каляровых і каштоўных металаў у Паўднёвай Амерыцы (Балівія), таму Патосі стала сінонімам багацця і шчасця. ->

203 К у а р ц і л ь ё – дробная манета. ->

204 А п а л о н а в а к а л я с н і ц а (міф.) – калясніца, на якой Апалон, бог сонца, аб’язджаў небасхіл, асвятляючы і саграваючы зямлю. ->

205 “Самору доўга асаджалі…” – іспанская прымаўка, заснаваная на гістарычным эпізодзе доўгагадовай асады Саморы (у XII стагоддзі) каралём Санча ІІ Кастыльскім. Асада гэта працягвалася і пасля смерці караля, які загінуў ад рукі здрадніка Вельіда Дальфонса. ->

206 К у а р т а – медная манета, вартасцю чатыры мараведзі. ->

207 Item (лац.) – таксама, апрача таго. ->


ЧАСТКА ПЕРШАЯ


Раздзел I, які апавядае аб нораве і спосабе жыццяслаўнага гідальга Дон Кіхота Ламанчскага

У нейкім сяле ламанчскім1,назву якога я нават не хачу нагадваць, не так даўно жыў-быў адзін з тых гідальга2, чыя маёмасць складалася з фамільнага кап’я, старадаўняга шчыта, худой клячы і харта. Олья3, часцей з ялавічынай, чым з баранінай, вінегрэт, які амаль заўсёды замяняў яму вячэру, яечня з салам па суботах, сачавіца па пятніцах, голуб, як дадатковая страва, па нядзелях — усё гэта паглынала тры чвэрці яго даходаў. Астатняе трацілася на паўкафтан з тонкага сукна, аксамітавыя штаны і такія ж чаравікі, што было яго святочным уборам, а ў будныя дні ён франціў у камзоле таннага, але вельмі добрага сукна. Пры ім знаходзіліся ключніца, якой пераваліла за сорак, пляменніца, якой не споўнілася і дваццаці, і слуга для хатніх спраў і палявых работ, які ўмеў і каня сядлаць і з садовымі нажніцамі абыходзіцца. Узрост нашага гідальга набліжаўся да пяцідзесяці гадоў; быў ён моцнага складу, целам сухарлявы, тварам хударлявы, аматар уставаць на досвітку і заўзяты паляўнічы. Некаторыя сцвярджалі, што прозвішча яго было Кіхада4, — іншыя Кесада5, — у гэтым выпадку аўтары, якія пісалі аб ім, разыходзяцца; аднак жа ў нас ёсць усе падставы лічыць, што яго прозвішча было Кіхана. Зрэшты, для нашага аповеду гэта не мае істотнага значэння: важна, каб апавядаючы аб ім, мы ні на крок не адступілі ад праўды.

Трэба ведаць, што вышэйзгаданы гідальга ў вольны час — а вольны час цягнуўся ў яго амаль ці не ўвесь год — чытаў рыцарскія раманы з такім запалам і захапленнем, што амаль зусім закінуў не толькі паляванне, але нават сваю гаспадарку; і так далёка зайшлі яго цікаўнасць і вар’яцтва на гэтых кнігах, што, каб набыць іх, ён прадаў некалькі дзесяцін ворнай зямлі і такім чынам сабраў у сябе ўсе раманы, якія толькі яму ўдалося дастаць. Аднак больш за ўсё любіў ён творы знакамітага Феліцыяна дэ Сільвы6, таму што бліскучы стыль і мудрагелістасць выразаў гэтага творцы здаваліся яму ўзорам дасканаласці, асабліва ў любоўных пасланнях і ў выкліках на паядынак, дзе нярэдка можна было прачытаць: “Разважлівасць вашай неразважлівасці да маіх разумных довадаў да таго азмрочвае мой розум, што я лічу цалкам разумным выказаць скаргу на вашу пышнасць”. Або, напрыклад, такое: “...усёмагутныя нябёсы, якія з дапамогай зорак чароўна ўзвышаюць вашу чароўнасць, робяць вас вартаю тых вартасцей, якіх удастоена ваша веліч”.

Над такімі моўнымі зваротамі бедны кавальера7 ламаў сваю галаву і не спаў начамі, намагаючыся зразумець іх і дабрацца да іх сэнсу; хоць сам Арыстоцель8, калі б ён знарок дзеля гэтага ўваскрэс, не разблытаў бы іх і не зразумеў. He лепшай была справа і з тымі ўдарамі, якія наносіў і атрымліваў дон Бельяніс9, бо яму здавалася, што, якім бы майстэрствам ні валодалі ўрачы, што лячылі рыцара, твар яго і ўсё цела павінны былі быць у рубцах і метках. Усё ж ён хваліў аўтара за тое, што той закончыў сваю кнігу абяцаннем прадоўжыць гэту вельмі доўгую гісторыю, і ў яго самога неаднойчы ўзнікала жаданне ўзяцца за пяро і дапісаць за аўтара канец; менавіта так ён, без усялякага сумнення, і зрабіў бы і выдатна справіўся б з гэтым, калі б яго не адцягвалі іншыя, больш важныя і заўсёдныя намеры. Неаднойчы даводзілася яму спрачацца з мясцовым свяшчэннікам, чалавекам адукаваным, які атрымаў вучоную ступень у Сігуэнсе10, аб тым, які рыцар лепшы: Пальмерын Англійскі11 ці Амадыс Гальскі12. Аднак маэсе13 Нікалас, цырульнік з таго ж сяла, сцвярджаў, што ім абодвум далёка да Рыцара Феба14 і што калі хто і можа з ім параўнацца, дык гэта дон Галаар, брат Амадыса Гальскага, бо ён усім узяў: ён не крыўляка і не такі плакса, як яго брат, у маладзецтве ж ніколькі яму не ўступіць.

Адным словам, гідальга наш цалкам аддаўся чытанню, і сядзеў ён над кнігамі з раніцы да ночы і з ночы да раніцы; і вось таму, што ён мала спаў і шмат чытаў, мозгу яго пачаў высыхаць, так што ўрэшце ён і зусім страціў розум. Уяўленне яго было захоплена ўсім тым, аб чым ён чытаў у кнігах: чараўніцтвам, сваркамі, бітвамі, выклікамі на паядынак, раненнямі, прызнаннямі ў каханні, сардэчнымі пакутамі і розным неверагодным глупствам; і так засела ў яго галаве думка, быццам усё гэта нагрувашчванне бязглуздых выдумак — чыстая праўда, што для яго ва ўсім свеце не было ўжо нічога больш верагоднага. Ён казаў, што Сід Руй Дзіяс15 — вельмі добры рыцар, але што яго ніяк нельга параўнаць з Рыцарам Палымянага Мяча16, які адным ударам рассек напалам двух лютых і пачварных веліканаў. Ён аддаваў перавагу Бернарду дэль Карп’ё17, таму што той, ужыўшы хітрасць Геркулеса18, які задушыў у сваіх абдымках сына Зямлі Антэя, умярцвіў у Рансевальскай цясніне зачараванага Раланда19. Вельмі хваліў ён Марганта20, які хоць і паходзіў з ганарыстага і дзёрзкага роду веліканаў, аднак жа, адзіны з усіх, вызначаўся ветлівасцю і выдатнай пачцівасцю.

І вось, калі ён ужо канчаткова з’ехаў з глузду, у галаву яму прыйшла такая дзіўная думка, якая яшчэ не прыходзіла ніводнаму вар’яту на свеце, а менавіта: ён палічыў разумным і нават неабходным як для сваёй славы, так і на карысць бацькаўшчыне стаць вандроўным рыцарам, сесці на каня і са зброяй у руках накіравацца на пошукі прыгод, пачаць займацца тым жа, чым, як гэта яму было вядома з кніг, усе вандроўныя рыцары, блукаючы па свеце, звычайна займаліся, гэта значыць выкараняць усякага роду няпраўду і ў змаганні з усемагчымымі выпадковасцямі і небяспекамі здабыць сабе неўміручае імя і пашану. Небарака ўжо ўяўляў сябе ўвенчаным за свае подзвігі не менш як каронай Трапезундскага царства, і, увесь запалонены такімі радаснымі марамі, якія прыносілі яму незвычайную асалоду, паспяшаўся ён ажыццявіць тое, да чаго імкнуўся. Перш-наперш пачаў ён чысціць даспехі, што належалі яго продкам і некалі былі звалены абы-як у кут, пакрытыя іржой і цвіллю. Калі ж ён вельмі старанна вычысціў іх і адрамантаваў, то заўважыў, што нестае адной надта важнай рэчы, а менавіта: замест шлема з забралам ён знайшоў звычайны шышак; але тут яму дапамагла яго вынаходлівасць: змайстраваўшы з кардону паўшлем, ён прымацаваў яго да шышака, і атрымалася штосьці накшталт закрытага шлема. He схаваем, аднак жа, што калі ён, маючы намер выпрабаваць яго трываласць і ўстойлівасць, выхапіў меч і нанёс два ўдары, то першым жа ўдарам за адно імгненне знішчыў працу цэлага тыдня. Лёгкасць, з якой забрала разляцелася на кавалкі, асаблівага задавальнення яму не прынесла; каб прадухіліць такую небяспеку, ён зрабіў яго нанава, падклаўшы ўнутр жалезныя пласцінкі, так што ўрэшце застаўся задаволены яго трываласцю, і, больш не выпрабоўваючы, прызнаў яго цалкам прыгодным для выкарыстання і вырашыў, што гэта сапраўдны шлем з забралам на дзіва тонкай работы.

Затым ён агледзеў свайго каня і, хоць гэта была кляча, што называецца — скура ды косці, палічыў, што ні Буцэфал21 Аляксандра Македонскага, ні Баб’ека22 Сіда не маглі б з ім цягацца. Некалькі дзён думаў ён, як яго назваць, бо, казаў ён сабе, каню такога доблеснага рыцара, ды яшчэ такому добраму каню, нельга не даць якога-небудзь дастойнага імя. Наш гідальга цвёрда быў перакананы ў тым, што калі адбылася перамена ў становішчы гаспадара, то і конь павінен змяніць імя і атрымаць новае, слаўнае і гучнае, у адпаведнасці з новым санам і новым полем дзейнасці гаспадара, — вось ён і стараўся знайсці такое, якое само паказвала б, што ўяўляў сабой гэты конь да таго, як стаў канём вандроўнага рыцара, і што ён уяўляе сабой цяпер. Такім чынам, ён доўга прыдумваў розныя імёны, капаючыся ў памяці і напружваючы фантазію, — адхіляў, адмятаў, перарабляў, зноўку пачынаў складаць, — і нарэшце спыніўся на Расінанце23, імені, на яго думку, высакародным і гучным, якое тлумачыла, што раней конь гэты быў звычайнай клячай, цяпер жа, апярэдзіўшы ўсіх астатніх, стаў першай клячай у свеце.

Так удала, як яму здавалася, назваўшы свайго каня, надумаўся ён падшукаць імя і для сябе самога і, патраціўшы на гэта яшчэ тыдзень, назваўся нарэшце Дон Кіхотам, — адсюль, паўтараем, і зрабілі вывад аўтары праўдзівай гэтай гісторыі, што сапраўднае яго прозвішча, бясспрэчна, было Кіхана, а зусім не Кесада, як запэўнівалі іншыя. Аднак жа, згадаўшы, што доблесны Амадыс не пажадаў называцца проста Амадысам, але далучыў да гэтага імя назву свайго каралеўства і бацькаўшчыны, каб тым праславіць яе, і назваўся Амадысам Гальскім, вырашыў ён, што і яму, як сапраўднаму рыцару, трэба дадаць да свайго імя назву сваёй радзімы і стаць Дон Кіхотам Ламанчскім, чым, на яго думку, ён адразу дасць зразумець, з якога ён роду і з якога краю, і пры гэтым акажа гонар сваёй айчыне.

Вычысціўшы даспехі, зрабіўшы з шышака сапраўдны шлем, выбраўшы імя для свайго канякі і ахрысціўшы самога сябе, ён прыйшоў да вываду, што яму застаецца толькі знайсці даму, у якую ён мог бы закахацца, бо вандроўны рыцар без кахання — гэта ўсё роўна што дрэва без пладоў і лісця або цела без душы.

Калі пакараннем за мае грахі або на маё шчасце, казаў ён сабе,сустрэнецца мне дзе-небудзь адзін з тых веліканаў, з якімі вандроўныя рыцары сустракаюцца нярэдка, і я знішчу яго ў першай жа сутычцы, ці рассяку напалам, ці, нарэшце, перамогшы, прымушу прасіць літасці, то хіба дрэнна мець на гэты выпадак даму, якой я мог бы паслаць яго як дарунак, з тым, каб ён, увайшоўшы, упаў перад маёй лагоднай пані на калені і пакорліва прамовіў: “Сеньёра24, я — велікан Каракульямбр, валадар вострава Маліндраніі, пераможаны на паядынку рыцарам Дон Кіхотам Ламанчскім, яшчэ не ацэненым у належнай меры. Ён і загадаў мне з’явіцца да вашай міласці, каб ваша веліч распараджалася мной, як пажадае”.

О, як радаваўся наш добры рыцар, вымаўляючы гэтыя словы, асабліва ж калі ён знайшоў, каго назваць сваёй дамай! Патрэбна заўважыць, што, наколькі нам вядома, у бліжэйшым сяле жыла вельмі мілавідная вясковая дзяўчына, у якую ён нейкі час быў закаханы, хоць яна, само сабой разумеецца, аб гэтым не падазравала і не звяртала на яго ніякай увагі. Звалі яе Альдонсаю Ларэнса, і вось яна якраз і падалася яму вартай тытула валадаркі яго думак; і, выбіраючы для яе імя, якое не надта рэзка адрознівалася б ад яе ўласнага і ў той час нагадвала і набліжалася б да імя якой-небудзь прынцэсы ці знатнай сеньёры, вырашыў ён назваць яе Дульцынеяй25Табоскаю, — бо родам яна была з Табоса26, — імем, на яго думку, прыемным для слыху, далікатным і глыбакадумным, як і ўсе раней прыдуманыя ім імёны.


Раздзел II, які апавядае аб першым выездзе хітрага Дон Кіхота з яго ўладанняў

Скончыўшы ўсю гэту падрыхтоўку, наш гідальга вырашыў неадкладна ажыццявіць сваю задуму, бо ён лічыў, што кожнае прамаруджанне з яго боку можа згубна адбіцца на чалавечым родзе: колькі беззаконнасці трэба будзе яму ліквідаваць, колькі крыўды суцешыць, несправядлівасці згладзіць, злоўжыванняў выкараніць, колькі гаротных задаволіць! І вось на досвітку аднаго ліпеньскага дня, які абяцаў быць вельмі гарачым, нікому ні слова не сказаўшы аб сваім намеры і застаўшыся незаўважаным, адзеў ён усе свае даспехі, сеў на Расінанта, так-сяк прымацаваў нязграбны свой шлем, узяў шчыт, прыхапіў кап’ё і, непамерна шчаслівы і задаволены тым, што ніхто не перашкодзіў яму ўзяцца за выкананне добрых яго жаданняў, праз вароты жывёльнага двара выехаў у поле. Але як толькі ён апынуўся за варотамі, у галаве яго мільганула страшная думка, настолькі жахлівая, што ён ужо гатовы быў адмовіцца ад задуманага мерапрыемства, і вось чаму: ён прыгадаў, што яшчэ не пасвячоны ў рыцары і што, выходзіць, па законах рыцарства, яму нельга і не трэба біцца ні з адным рыцарам. Гэтыя роздумы пахіснулі яго рашучасць, аднак жа безразважнасць перамагла ўсе довады, і, як і многія рыцары, аб якіх ён чытаў у тых самых раманах, што давялі яго да такога стану, намерыўся ён звярнуцца з просьбай аб пасвячэнні да першага сустрэчнага; і, вырашыўшы так, працягваў свой шлях, — дакладней, шлях, абраны яго канём, бо Дон Кіхот лічыў, што менавіта гэтак і патрэбна шукаць прыгоды.

Ехаў шляхам-дарогай наш наваяўлены рыцар і сам з сабой разважаў:

— Калі-небудзь з’явіцца на свет праўдзівая аповесць аб маіх славутых справах, і той вучоны дзеяч, які будзе іх апісваць, дайшоўшы да майго першага і вельмі ранняга выезду, без усялякага сумнення пачне свой аповед так: “Залатакудры Феб27 толькі яшчэ распускаў па твары шырокай і прасторнай зямлі светлыя ніткі сваіх раскошных валасоў, а стракатыя птушачкі пяшчотнай і салодкай гармоніяй арфападобных сваіх галасоў толькі яшчэ сустракалі румяную Аўрору28, калі слаўны рыцар Дон Кіхот Ламанчскі, пагрэбаваўшы раскошай пярын, ускочыў на слаўнага свайго каня Расінанта і рушыў у дарогу па старажытнай і славутай Манцьельскай раўніне”.

Сапраўды, менавіта па гэтай раўніне ён і ехаў.

— Шчаслівыя часы і шчаслівы той век, — працягваў ён, — калі ўбачыць свет мае славутыя подзвігі, вартыя таго, каб быць вычаканенымі на медзі, высечанымі на мармуры і адлюстраванымі на палатне для навучання нашчадкаў! Хто б ні быў ты, о мудры чараўнік, якому суджана стаць летапісцам незвычайных маіх прыгод, малю: не забудзь добрага Расінанта, вечнага майго спадарожніка, які вандруе разам са мною па ўсіх дарогах.

Потым ён загаварыў так, як быццам сапраўды быў закаханы:

— О прынцэса Дульцынея, валадарка майго сэрца, якое вы пакарылі! Горка пакрыўдзілі вы мяне тым, што, асыпаўшы папрокамі, выгналі мяне і ў парыве гневу загадалі не паказвацца мне на вочы прыгажосці вашай! Заклінаю вас, сеньёра: пашкадуйце адданага вам сэрцам, якое, кахаючы вас, церпіць вельмі цяжкія пакуты!

На гэтыя недарэчнасці ён нагрувашчваў іншыя, якраз як у яго любімых раманах, імкнучыся пры гэтым па меры магчымасці пераймаць іх стыль, і таму ехаў ён паволі, сонца ж стаяла цяпер так высока і гэтак бязлітасна паліла, што калі б у галаве Дон Кіхота яшчэ заставаўся мозг, то растапіўся б немінуча.

Па сутнасці, за ўвесь гэты дзень з ім не адбылося нічога, аб чым варта было б расказаць, і яго ўжо ахопліваў адчай, бо яму хацелася як мага хутчэйсустрэцца з кім-небудзь такім, на кім ён мог бы праявіць сваю моц. Адны аўтары першай яго прыгодай лічаць выпадак, які адбыўся ў цясніне Лапісе29, іншыя — выпадак з ветракамі; тое ж, што ўдалося ўстанавіць мне і чаму я знайшоў пацвярджэнне ў летапісах Ламанчы, зводзіцца да наступнага. Увесь гэты дзень Дон Кіхот правёў у дарозе, а пад вечар ён і яго кляча стаміліся і вельмі прагаладаліся. Тады, азірнуўшыся па баках з надзеяй заўважыць які-небудзь замак, гэта значыць будан пастуха, дзе б можна было падмацавацца і даць адпачыць целу, запрымеціў ён непадалёку ад дарогі заезны дом. Ён крануў павады і паехаў туды, якраз тады, калі пачало змяркацца.

Выпадкова за браму заезнага дома выйшлі дзве дзяўчыны лёгкіх паводзін; разам з паганятымі мулаў яны накіроўваліся ў Севілью, але тыя вырашылі тут заначаваць; а паколькі нашаму шукальніку прыгод здавалася, быццам усё, аб чым ён думаў, усё, што ён бачыў ці маляваў сабе, створана і адбываецца па вобразу і падабенству вычытанага ім у кнігах, то, убачыўшы заезны дом, ён тут жа ўявіў, што перад ім замак з чатырма вежамі і бліскучымі сярэбранымі шпілямі, з абавязковым пад’ёмным мостам і глыбокім ровам, — адным словам, з усімі неад’емнымі прыметамі, з якімі падобныя замкі прынята апісваць. За некалькі крокаў ад заезнага дома, або ўяўнага замка, ён нацягнуў павады і спыніўся ў чаканні, што вось зараз між зубцамі сцяны пакажацца карлік і, абвяшчаючы аб прыбыцці рыцара, затрубіць у трубу. Але карлік марудзіў, Расінанту ж не цярпелася прабрацца ў стойла; тады Дон Кіхот пад’ехаў бліжэй і, убачыўшы дзвюх дзяўчын, вырашыў, што каля замка гуляюць цудоўныя дамы. Патрэбна ж было здарыцца так, каб у гэты самы час нейкі свінапас, зганяючы з іржышча статак свіней, — прашу мяне прабачыць, але іншай назвы ў гэтай жывёлы няма,затрубіў у ражок, на гукі якога тыя былі прывучаны збягацца; і тут Дон Кіхот, палічыўшы, што чаканае ім адбылося, — а менавіта, што карлік абвясціў аб яго прыбыцці, — не помнячы сябе ад радасці, накіраваўся да дзяўчат; але дзяўчаты, з жахам заўважыўшы, што да іх набліжаецца коннік, адзеты ў такія дзіўныя даспехі, са шчытом і кап’ём, кінуліся наўцёкі. Тады Дон Кіхот, здагадаўшыся, што гэта ён спалохаў іх, падняў кардоннае забрала, якое хавала худы і запылены яго твар,і з самым прыветлівым выглядам спакойна прамовіў:

— He ўцякайце ад мяне, сеньёры, і не палохайцеся нічога, бо рыцарам таго ордэна, да якога я належу, не пасуе і не да твару крыўдзіць каго б там ні было, a тым больш такіх знатных, мяркуючы па вашым выглядзе, дзяўчат.

Дзяўчаты ўтаропіліся на незнаёмца, спрабуючы разгледзець яго твар, на які зноў спаўзло паганае забрала, але, пачуўшы, што ён называе іх знатнымі дзяўчатамі, пачалі рагатаць, ды так, што Дон Кіхот адчуў сябе няёмка.

— Прыгажосць павінна спалучацца з паважнасцю, — сказаў ён, — беспрычынны ж смех — прымета вельмі абмежаванага розуму. Зрэшты, усё гэта я кажу не дзеля таго, каб зняважыць вас ці сапсаваць вам настрой, бо я, са свайго боку, схільны да таго, каб служыць вам.

Уласцівая нашаму рыцару манера выказвацца, нязвыклая для слыху абедзвюх дам, і несамавітая яго знешнасць усё больш і больш смяшылі іх. Дон Кіхот жа ўсё больш злаваўся, і невядома, чым бы гэта скончылася, калі б у гэты самы час не з’явіўся гаспадар заезнага дома, чалавек надта поўны і таму вельмі лагодны; але нават і ён, убачыўшы перад сабой нязграбную фігуру і ўсе гэтыя разнародныя прадметы, як: цяжкае кап’ё і лёгкі скураны шчыт, такі ж лёгкі скураны панцыр і цяжкую збрую, траха не далучыўся да вельмі вясёлых дзяўчат; аднак жа, настрашаны гэтай кучай даспехаў, вырашыў лепш быць з незнаёмцам больш прыязным і звярнуўся да яго з такімі словамі:

— Калі ваша міласць, сеньёр кавальера, шукае начлегу, то вы не знойдзеце тут толькі ложка, — ложка, праўда, у мяне няма ніводнага, — затое ўсяго астатняга ў вялікай колькасці.

Пачцівы тон каменданта (патрэбна заўважыць, што гаспадара наш рыцар палічыў за каменданта, а заезны дом — за крэпасць) супакоіў Дон Кіхота,

— Я ўсім буду задаволены, сеньёр, — сказаў Дон Кіхот, — бо мой убор — мае даспехі, у лютай бітве — мой спакой30 і гэтак далей.

— Значыць, — падхапіў гаспадар, — пасцель вашай міласці — цвёрды камень, пільнаванне да золку — ваш сон31. А калі так, то вы смела можаце тут спыніцца: запэўніваю вас, што ў гэтай хаціне вы знойдзеце колькі хочаце прычын не тое што адну ноч — увесь год не заплюшчваць вачэй.

З гэтымі словамі гаспадар ухапіўся за стрэмя, і Дон Кіхот злез з каня, хоць для гэтага спатрэбілася яму нямала намаганняў, таму што ён цэлы дзень пасціў.

Затым ён папрасіў гаспадара не пакінуць па-за ўвагай і паклапаціцца пра яго каня, бо, з яго слоў, гэта было лепшае з траваедных. Гаспадар, зірнуўшы на Расінанта, не ўбачыў і палавіны тых добрых якасцей, якія адзначаў у ім Дон Кіхот, аднак жа адвёў каня ў стойла і адразу вярнуўся даведацца, ці не трэба чаго-небудзь госцю; з госця ж дзяўчаты, якія паспелі з ім памірыцца, здымалі даспехі, прычым зняць нагруднік і наплечнік ім удалося, а расшпіліць каральнік і сцягнуць агідны шлем, да якога былі прышыты зялёныя стужкі, яны так і не змаглі; па-сапраўднаму патрэбна было разразаць стужкі, бо развязаць вузлы дзяўчатам аказалася не пад сілу, але Дон Кіхот ніяк з гэтым не пагадзіўся і так потым да самай раніцы і прахадзіў у шлеме, выяўляючы сабой штосьці ў вышэйшай ступені дзіўнае і забаўнае; і пакуль дзяўчаты здымалі з яго даспехі, ён, думаючы, што гэта знатныя сеньёры, жыхаркі замка, з вялікай прыемнасцю дэкламаваў ім вершы:

Яшчэ ніколі дамы так пяшчотна

He клапаціліся пра паладзіна,

Як клапаціліся пра Дон Кіхота,

Які прывандраваў сюды з радзімы:

Слугуюць фрэйліны яму ахвотна, 

І скакуну ягонаму — графіні.

Гэта значыць, Расінанту, бо так завуць майго каня, сеньёры, мяне ж завуць Дон Кіхот Ламанчскі, і хоць я павінен быў бы паведаміць вам сваё імя не раней, чым яго паведамяць подзвігі, якія я маю намер здзейсніць, каб паслужыць вам і быць для вас карысным, аднак жа спакуса прымяніць старадаўні раманс аб Ланцалоце32 ў гэтых абставінах прымусіла мяне расказаць вам, хто я такі, раней часу. Зрэшты, надыдзе пара, калі вашы светласці будуць загадваць мне, я ж буду вам падпарадкоўвацца, і доблесная мая рука паведаміць аб маёй гатоўнасці служыць вам.

Дзяўчаты, якія не прывыклі да такой пышнай рыторыкі, маўчалі; яны толькі пацікавіліся, ці не жадае ён перакусіць.

— З’есці што-небудзь я не супраць, — прызнаўся Дон Кіхот, — і, здаецца мне, гэта было б вельмі дарэчы.

Справа, як знарок, адбывалася ў пятніцу, і ва ўсім заезным доме не знайшлося нічога, апрача невялікага запасу траскі, якую ў некаторых мясцінах называюць фарэлькай. Гаспадар запытаў у Дон Кіхота, ці не пажадае яго міласць, з прычыны адсутнасці іншай рыбы, пакаштаваць фарэлек.

— Пабольш бы гэтых самых фарэлек, тады яны заменяць адну фарэль, — рассудзіў Дон Кіхот, — бо ці не ўсё роўна: дадуць мне восем рэалаў33дробяззю, ці адну манету вартасцю восем рэалаў? Прытым вельмі мажліва, што фарэлька настолькі ж больш прыемная за фарэль, наколькі цяляціна больш прыемная за ялавічыну, а малады козлік больш прыемны за казла. Як бы там ні было, нясіце іх хутчэй: бо калі не задаволіць настойлівай патрэбы страўніка, то і цяжару турбот, а значыць і цяжкіх даспехаў на сабе не пацягнеш.

Стол паставілі каля брамы, проста на свежым паветры, а затым гаспадар прынёс Дон Кіхоту порцыю дрэнна вымачанай і яшчэ горш прыгатаванай траскі і кавалак хлеба, не менш чорнага і не менш заплеснелага за яго даспехі.

І як жа тут было не засмяяцца, гледзячы на Дон Кіхота, які, наадрэз адмовіўшыся зняць шлем з паднятым забралам, не мог з-за гэтага паднесці да рота ніводнага кавалка! Патрэбна было камусьці іншаму слугаваць яму і класці ў рот страву, і гэты абавязак узяла на сябе адна з дам. А ўжо напаіць яго не было ніякай магчымасці, і так бы ён і не напіўся, калі б гаспадар не пракруціў у чарацінцы дзірачку і не ўставіў адзін канец яму ў рот, а ў другі не пачаў ліць віно; рыцар жа, каб не рэзаць стужак, пакорна цярпеў усе гэтыя нязручнасці.

У гэты час у заезны дом надарылася зайсці канавалу. Зайшоўшы, ён некалькі разоў дзьмухнуў у сваю свістульку, пасля чаго Дон Кіхот зусім упэўніўся, што знаходзіцца ў нейкім славутым замку, што на банкеце ў яго гонар іграе музыка, што траска — фарэль, што хлеб — з беласнежнай мукі, што дзяўчаты лёгкіх паводзін — знатныя дамы, што гаспадар заезнага дома — уладальнік замка, і першы яго выезд, гэтак жа, як і сама думка адправіцца ў вандроўкі, падаліся яму на рэдкасць удалымі. Адно толькі бянтэжыла яго: тое, што ён яшчэ не пасвячоны ў рыцары, а хто не належаў да якога-небудзь рыцарскага ордэна, той, на яго меркаванне, не меў права шукаць прыгод.


Раздзел III, у якім расказваецца аб тым,якім забаўным спосабам Дон Кіхот быў пасвячоны ў рыцары

Гэта думка не давала Дон Кіхоту спакою, і ён, хутка скончыўшы сваю бедную карчомную вячэру, паклікаў гаспадара, пайшоў з ім у стайню, упаў на калені і сказаў:

— Доблесны рыцар, я не скрануся з месца да таго часу, пакуль вы, шаноўны, не дасце згоды выканаць маю просьбу. Выкананне ж таго, аб чым я прашу, прынясе вам неўміручую славу, а таксама паслужыць на карысць усяму чалавечаму роду.

Убачыўшы, што госць апусціўся перад ім на калені, і пачуўшы такія словы, гаспадар збянтэжыўся: ён не ведаў, што рабіць і што казаць, а затым пачаў пераконваць яго падняцца з калень, але той падняўся толькі пасля таго, як гаспадар даў слова выканаць яго просьбу.

— Меншага, васпан мой, я і не чакаў ад вашай невымоўнай велікадушнасці, — заўважыў Дон Кіхот. — Такім чынам, ведайце, што просьба, з якой я да вас звярнуўся і якую ваша чалавекалюбства абяцала выканаць, заключаецца ў тым, каб заўтра раніцай вы пасвяцілі мяне ў рыцары. Ноч я правяду ў капліцы вашага замка не заплюшчыўшы вачэй над зброяй, a заўтра, паўтараю, збудзецца тое, чаго я так прагну, і я атрымаю законнае права аб’язджаць усе чатыры кірункі свету, шукаць прыгод і абараняць пакрыўджаных, тым самым выконваючы абавязак усяго рыцарства, а таксама абавязак вандроўнага рыцара, якім я з’яўляюся і які павінен імкнуцца да здзяйснення названых мной подзвігаў.

Гаспадар, як даволі вялікая шэльма, часткова здагадваўся, што госць не пры сваім розуме, пры гэтых жа словах ён цалкам у тым пераканаўся і, вырашыўшы патакаць усім яго дзівацтвам, каб весела правесці ноч, сказаў Дон Кіхоту наступнае: намер яго, маўляў, і просьба больш чым разумныя, і зусім зразумела і законна, што ў такога знатнага, наколькі можна меркаваць па яго выглядзе і ганарлівай паставе, рыцара з’явілася высокае жаданне; ды і ён, гаспадар, у маладосці сам аддаваўся гэтаму значнаму занятку: у пошуках прыгод вандраваў па розных краінах, развіваў спрытнасць рук і ногі выяўляў незвычайную шкадлівасць, так што слава яго грымела па ўсіх іспанскіх судах і судзілішчах; урэшце ж пайшоў на спачынак у гэты свой замак, дзе і жыве за свой і чужы кошт, прымаючы ў сябе ўсіх вандроўных рыцараў, незалежна ад іх звання і багацця, выключна з асаблівай любові да іх і з умовай, каб у аддзяку за яго гасціннасць яны дзяліліся з ім сваім набыткам. Да гэтага гаспадар дадаў, што ў яго замку няма капліцы, дзе б можна было не спаць над зброяй, бо старую ён знёс, каб на яе месцы пабудаваць новую, але, наколькі яму вядома, у крайнім выпадку не спаць над зброяй дазваляецца ўсюды, таму Дон Кіхот можа правесці гэту ноч на двары, а заўтра, бог дасць, усе адпаведныя выпадку цырымоніі будуць ажыццёўлены, і ён стане сапраўдным рыцарам, ды яшчэ такім, якога свет нават не бачыў.

Затым ён пацікавіўся, ці ёсць у Дон Кіхота грошы; той адказаў, што ў яго няма ні гроша, бо ні ў адным рыцарскім рамане яму не даводзілася чытаць, каб хто-небудзь з вандроўных рыцараў меў пры сабе грошы. На гэта гаспадар сказаў, што ён памыляецца, бо аўтары не лічаць патрэбным упамінаць аб такіх простых і неабходных рэчах, як, напрыклад, грошы ці чыстыя кашулі, аднак жа з гэтага зусім не вынікае, што ў рыцараў ні таго, ні другога не было; наадварот, яму дакладна вядома, што ва ўсіх вандроўных рыцараў, аб якіх настваралі столькі раманаў, кашалькі на ўсякі выпадак былі туга набіты; бралі яны з сабой і чыстыя кашулі, а таксама слоічкі з маззю, якой загойвалі свае раны: бо не заўсёды ж у палях і пустынях, дзе яны біліся і дзе ім наносілі раны, быў у іх пад рукой лекар, — хіба толькі хтосьці з іх сябраваў з мудрым чараўніком, які неадкладна саджаў на воблака і накіроўваў да яго па паветры карліка з бутэлечкай вады такой гаючай уласцівасці, што варта было рыцару выпіць некалькі кропель — і ўсіх яго болек і ран як не было; калі ж не было такой дапамогі, ранейшыя рыцары лічылі разумным паклапаціцца аб тым, каб іх збраяносцы мелі грошы і іншыя неабходныя рэчы, як, напрыклад, корпія і лячэбныя мазі; у каго з рыцараў па якой-небудзь прычыне збраяносца не было — выпадак рэдкі, можна сказаць, выключны, — тыя самі вазілі ўсё гэта ў невялікіх торбачках, якія яны прывязвалі да конскага крыжа і, быццам нейкую каштоўнасць, стараліся як мага лепш схаваць. На заканчэнне гаспадар параіў Дон Кіхоту — хоць, па сутнасці, ён меў права загадваць яму, бо той неўзабаве павінен быў стаць яго хроснікам — у далейшым без грошай і згаданых рэчаў і зелля не адпраўляцца ў дарогу: ён сам, маўляў, убачыць, што калі-небудзь яны яму спатрэбяцца.

Дон Кіхот паабяцаў дакладна выканаць усё, што яму раіў гаспадар, а затым пачаў рыхтавацца да ночы, якую яму патрэбна было правесці на вялікім жывёльным двары на варце са зброяй; ён сабраў усе свае даспехі, расклаў іх на вадапойным карыце, якое стаяла каля калодзежа, і, схапіўшы кап’ё і шчыт, з вельмі незалежным выглядам пачаў хадзіць узад і ўперад; і толькі ён пачаў прагульвацца, як надышла ноч.

Гаспадар расказаў сваім пастаяльцам аб вар’яцтве Дон Кіхота, аб яго намеры правесці ноч на варце са зброяй і аб клопатах, якія прадбачацца з пасвячэннем яго ў рыцары. Прысутныя падзівіліся з такога незвычайнага стану разумовага расстройства і пайшлі паглядзець на Дон Кіхота здалёку. А Дон Кіхот між тым то паважна праходжваўся, то, абапёршыся на кап’ё, утаропліваўся на свае даспехі і доўга потым не адводзіў ад іх вачэй. Стаяла глухая ноч, аднак ясны месяц цалкам замяняў дзённае святло, якому ён абавязаны сваім ззяннем, так што ўсе рухі новаспечанага рыцара добра былі відаць гледачам. У гэты час адзін з паганятых, які начаваў у заезным доме, захацеў напаіць мулаў, для чаго неабходна было зняць з вадапойнага карыта даспехі нашага рыцара; і, як толькі ўбачыў паганятага, Дон Кіхот адразу ж загаварыў гучным голасам:

— Хто б ты ні быў, о дзёрзкі рыцар, які адважыўся дакрануцца да зброі самага доблеснага з усіх вандроўных рыцараў, якія калі-небудзь насілі меч, падумай аб тым, што ты робіш, і не дакранайся да яе, іначай ты жыццём заплаціш за сваю нечуваную выхадку!

Паганяты і ў вус сабе не дзьмуў, — а між тым лепш было б, калі б ён дзьмуў: па крайняй меры, яго самога тады б не аддубасілі, — ён схапіў даспехі і пастараўся зашпурнуць іх як мага далей. Тады Дон Кіхот узняў вочы да неба і, відаць, звяртаючыся ў думках да пані сваёй Дульцынеі, сказаў:

— Дапамажы мне, пані мая, адпомсціць за знявагу, якая ўпершыню нанесена майму сэрцу. Цяпер чакае мяне першае выпрабаванне — не пазбаўляй жа мяне абароны сваёй і заступніцтва.

Працягваючы заклікаць на дапамогу сваю даму, Дон Кіхот адклаў убок шчыт, абедзвюма рукамі падняў кап’ё і з такой сілай апусціў яго на галаву паганятага, што той паваліўся як мёртвы, так што калі б за гэтым ударам адбыўся другі, то яму ўжо не спатрэбілася б звяртацца да ўрача. Пасля гэтага Дон Кіхот падабраў свае даспехі і як нічога і не было зноў пачаў прагульвацца. Крыху пазней другі паганяты, не падазраючы аб тым, які лёс напаткаў першага, бо той усё яшчэ ляжаў непрытомны, захацеў напаіць мулаў, але як толькі наблізіўся ён да вадапойнага карыта і, каб вызваліць месца, пачаў здымаць даспехі, Дон Кіхот, ні слова не кажучы, і на гэты раз ні ў кога не папрасіўшы дапамогі, зноў адклаў убок шчыт, зноў падняў кап’ё і так стукнуў другога паганятага, што не кап’ё разляцелася на кавалкі, а чэрап паганятага раскалоўся нават не на тры, а на чатыры часткі. На шум збегліся насельнікі заезнага дома, у тым ліку гаспадар. Тады Дон Кіхот, адной рукой схапіўшы шчыт, a другой прытрымліваючы меч, усклікнуў:

— О царыца прыгажосці, сіла і моц зняможанага майго сэрца! Пара табе накіраваць позірк сваёй велічы на адданага табе рыцара, на якога насоўваецца такая грозная небяспека!

Тут ён адчуў у сабе рашучасць, што калі б сюды з усяго свету набеглі паганятыя, усё роўна, здавалася яму, не адступіў бы ён ні на крок. Таварышы параненых паганятых, убачыўшы іх у такім цяжкім стане, пачалі здалёку асыпаць Дон Кіхота градам камянёў. Той па меры магчымасці закрываўся шчытом, але, не жадаючы пакідаць на волю лёсу свае даспехі, ад карыта не адыходзіў. Гаспадар крычаў на паганятых і ўгаворваў іх не чапаць рыцара: бо ён жа, маўляў, папярэджваў іх, што гэта вар’ят, а з вар’ята, хоць бы ён тут усіх перабіў, як з казла малака. Але Дон Кіхот крычаў яшчэ гучней: паганятых ён абзываў здраднікамі і прадажнікамі, а ўладальніка замка за тое, што той дапускае, каб з вандроўнымі рыцарамі так абыходзіліся, — маладушным і непачцівым кавальера, ды яшчэ дадаваў, што калі б ён, Дон Кіхот, быў пасвячоны ў рыцары, то ўладальнік замка адказаў бы яму за сваё вераломства.

— А гэтай паскуднай і гнюснай чэрню я пагарджаю! Шпурляйцеся камянямі, падыходзьце бліжэй, нападайце, рабіце са мной усё што хочаце — зараз я расквітаюся за вашу безразважнасць і нахабства!

У яго голасе чулася такая грозная адвага, што паганятых апанаваў неадольны жах; і, часткова ад страху, часткова ж пранікнутыя довадамі гаспадара, яны перасталі кідаць у яго камяні, а ён, дазволіўшы забраць параненых, усё гэтак жа велічна і спакойна ўзяўся ахоўваць даспехі.

Гаспадару надакучылі выхадкі госця, і, каб пакончыць з імі, намерыўся ён зараз жа, пакуль не здарылася горшая бяды, справіць над ім гэты пракляты абрад пасвячэння. Падышоўшы да яго, ён папрасіў прабачэння за тое, што гэта подлая чэлядзь без яго ведама так па-грубіянску абышлася з ім, і паабяцаў строга пакараць нахабнікаў. Затым яшчэ раз паўтарыў, што капліцы ў замку няма, але што цяпер усякая неабходнасць у ёй адпала: наколькі ён ведае цырыманіял рыцарства, абрад пасвячэння заключаецца ў тым, каб даць па карку і нанесці ўдар шпагай па спіне, — вось, маўляў, і ўся хітрасць, — а гэта і сярод поля з поспехам можна прарабіць; што тычыцца аховы зброі, то з гэтым пакончана ўжо, таму што не спаць патрэбна ўсяго толькі дзве гадзіны, а Дон Кіхот не спіць ужо больш за чатыры. Дон Кіхот усяму гэтаму паверыў. Ён аб’явіў, што гатовы падпарадкавацца, толькі прапануе як мага хутчэй справіць абрад, а пасля дадаў, што калі яго, Дон Кіхота, пасвяцяць у рыцары, то ў выпадку, калі на яго зноў нападуць, ён нікога тут не пакіне жывымі, — зрэшты, за каго ўладальнік замка заступіцца, тых ён з павагі да яго пашкадуе.

Перапалоханы ўладальнік замка, не будучы дурнем, адразу збегаў па кнігу, дзе ён запісваў, колькі аўсу і саломы выдадзена паганятым, і разам са слугой, які трымаў у руцэ агарак свечкі, і дзвюма згаданымі дзяўчынамі падышоў да Дон Кіхота, загадаў яму стаць на калені, зрабіў выгляд, што чытае нейкую свяшчэнную малітву, і тут жа з усёй сілы стукнуў яму па карку, а затым, усё яшчэ мармычучы сабе пад нос штосьці накшталт малітвы, добра агрэў рыцара па спіне ягоным жа ўласным мячом. Пасля ён загадаў адной з дзяўчат падперазаць гэтым мячом рыцара, што тая і зрабіла, выявіўшы пры гэтым незвычайны спрыт і далікатнасць. На самай справе, зайздроснае майстэрства патрабавалася для таго, каб падчас гэтай цырымоніі ў любую хвіліну не лопнуць ад смеху. Зрэшты, пры адным нагадванні аб нядаўніх подзвігах нованазванага рыцара смех міжвольна заміраў на вуснах у прысутных.

— Хай памагае бог вашай міласці стаць самым шчаслівым сярод рыцараў і няхай пашле ён вам удачу ва ўсіх бітвах, — падпярэзваючы яго мячом, сказала паважаная сеньёра.

Дон Кіхот аб’явіў, што ён павінен ведаць, хто так хораша паспрыяў яму, а таму просіць яе назваць сябе, бо мае намер падзяліць з ёю ўшанаванні, якія ён спадзяецца заслужыць доблеснай сваёй рукой. Яна ж вельмі сціпла адказала яму, што завуць яе Непаседа, што яна дачка шаўца, ураджэнца Таледа, які цяпер жыве ў гандлёвых радах Санча Б’енайі, і што з гэтага часу, дзе б ні знаходзілася, яна заўсёды гатова яму служыць і лічыць сваім панам. Дон Кіхот папрасіў яе зрабіць адну ласку, а менавіта: дзеля павагі да яго дадаць да свайго прозвішча донна34 і надалей называцца доннай Непаседаю. Яна паабяцала. Тады другая дзяўчына надзела на яго шпоры, і з ёю ён пачаў размаўляць амаль гэтак жа, як і з той, якая падперазала яго мячом. Ён запытаўся, як яе завуць, яна ж адказала, што яе завуць Ветрагона і што яна дачка паважанага антакерскага млынара. Дон Кіхот, прапанаваўшы ёй свае паслугі і заступніцтва, папрасіў яе далучыць да свайго прозвішча донна і надалей называцца доннай Ветрагонаю.

Дон Кіхоту не цярпелася дачакацца хвіліны, калі можна будзе зноў сесці на каня і накіравацца на пошукі прыгод, і пасля таго як былі завершаны ўсе гэтыя раней нябачаныя цырымоніі, якія адбыліся вельмі хутка і паспешліва, ён адразу ж асядлаў Расінанта, сеў вярхом і, абняўшы гаспадара, такімі мудронымі выразамі выказаў яму сваю падзяку за пасвячэнне ў рыцары, што перадаць іх нам было б не па сілах. У адказ гаспадар ад радасці, што адкараскаўся ад яго, выказаўся не менш напышліва і, нічога не ўзяўшы за начлег, адпусціў яго з мірам.


Раздзел IV. Аб тым, што здарылася з рыцарам нашым,калі ён пакінуў заезны дом

Ужо бралася на золак, калі Дон Кіхот, радасны, шчаслівы і горды ад усведамлення, што яго пасвяцілі ў рыцары, падскокваючы ад задавальнення ў сядле, выехаў за браму заезнага дома. Але, згадаўшы неўзабаве парады гаспадара, вырашыў ён вярнуцца дадому, каб запасціся ўсім неабходным, галоўнае — грашыма і кашулямі; збраяносцам сваім ён меркаваў узяць аднаго хлебароба, свайго аднавяскоўца, беднага шматдзетнага, які, аднак, для выканання такіх абавязкаў вельмі падыходзіў. З гэтай мэтай ён павярнуў Расінанта ў бок сваёй вёскі, і Расінант, быццам адчуўшы роднае стойла, паказаў такую шпаркасць, што, здавалася, быццам капыты яго не дакранаюцца да зямлі.

Ледзь паспеў Дон Кіхот крыху ад’ехаць, як раптам справа, з ляснога гушчару, да яго данесліся ціхія жальбы, быццам хтосьці стагнаў, і, як толькі пачуў іх, ён адразу ўсклікнуў:

— Хвала нябёсам за тую ласку, якую яны мне выказалі, — за тое, што так хутка далі магчымасць выканаць мой рыцарскі абавязак і ўбачыць плён маіх добрых жаданняў! He падлягае сумненню, што гэта стогне які-небудзь безабаронны ці безабаронная, якім патрабуецца дапамога мая і абарона.

З гэтымі словамі ён тузануў павады і паскакаў туды, адкуль даляталі стогны. Праехаўшы крыху па лесе, убачыў ён каня, прывязанага да дуба, а побач, да другога дуба, прывязаны быў голы да пояса хлапчук гадоў пятнаццаці. І вось гэты якраз хлапчук і стагнаў, і стагнаў недарэмна, бо нейкі дужы вясковец бязлітасна хвастаў яго рамянём, суправаджаючы кожны ўдар папрокамі і павучаннямі.

— Будзь пільным, а язык трымай за зубамі! — прымаўляў ён.

А хлапчук галасіў:

— Больш не буду, гаспадар, Хрыстом-богам клянуся, не буду! Абяцаю вам не зводзіць вачэй са статка!

Убачыўшы, што тут адбываецца, Дон Кіхот грозна выкрыкнуў:

— Непачцівы рыцар, як вам не сорамна нападаць на таго, хто не ў сілах сябе абараніць! Сядайце на каня, вазьміце кап’ё (трэба заўважыць, што ў вяскоўца таксама было кап’ё: ён прыставіў яго да таго дуба, да якога быў прывязаны конь), і я вам дакажу ўсю нікчэмнасць вашага ўчынку.

Вясковец, убачыўшы над сваёй галавой адзетую ў даспехі фігуру, якая перад самым носам размахвала кап’ём, падумаў, што прыйшла яго смерць.

— Сеньёр кавальера, — ліслівым голасам загаварыў ён, — я караю хлапчука, майго слугу, які пасвіць тут чараду маіх авечак; з-за гэтага разіні я кожны дзень не далічваюся авечкі. І караю я яго за разгільдзяйства, дакладней, за махлярства, а ён кажа, што я ад скупасці паклёпнічаю — каб не плаціць яму жалавання, але я клянуся богам і выратаваннем душы, што ён хлусіць.

— Паскудны грубіян! — усклікнуў Дон Кіхот. — Клянуся сонцам, якое ўсіх нас асвятляе, што я зараз вось гэтым самым кап’ём праткну вас наскрозь! Без усялякіх размоў заплаціце яму, не тое, хай будзе мне сведкам усявышні, я з вамі распраўлюся і заб’ю, на месцы! Ану, адвязвайце яго хутчэй!

Вясковец, апусціўшы галаву, моўчкі адвязаў свайго слугу. Тады Дон Кіхот запытаўся ў хлапчука, колькі яму павінен гаспадар. Хлапчук адказаў, што ўсяго за дзевяць месяцаў, лічачы па сем рэалаў за месяц. Дон Кіхот падлічыў, што сума гэтых грошай складае шэсцьдзесят тры рэалы, і сказаў вяскоўцу, каб ён неадкладна раскашэльваўся, калі ён толькі даражыць жыццём. На гэта спалоханы вясковец запярэчыў, што доўг яго зусім не такі вялікі, бо трэба прыняць у разлік і адлічыць кошт трох пар абутку, якія знасіў пастух, ды яшчэ адзін рэал за два кровапусканні, што былі яму зроблены, калі ён занядужаў.

— Гэта ўсё так, — запярэчыў Дон Кіхот, — аднак вы ні за што ні пра што адлупцавалі яго рамянём, — няхай жа гэта будзе аплатай за абутак і кровапусканні: бо калі ён падраў скуру на чаравіках, якія вы яму купілі, то вы, у сваю чаргу, падралі яму ўласную яго скуру. І калі цырульнік пускаў яму кроў у час яго хваробы, то вы пускаеце яму кроў, калі ён здаровы. Такім чынам, тут вы з ім разлічыліся.

— Бяда ў тым, сеньёр кавальера, што я не ўзяў з сабой грошай, — давядзецца Андрэсу пайсці са мной, і дома я выплачу яму ўсё да апошняга рэала.

— Каб я з ім пайшоў? — усклікнуў хлапчук. — З кожнай гадзінай не лягчэй! He, сеньёр, нізашто на свеце! Калі я застануся з ім сам-насам, то ён злупіць з мяне скуру, як злупілі яе некалі са святога Варфаламея ці з кагосьці там яшчэ.

— Ён гэтага не зробіць, — запярэчыў Дон Кіхот. — Я яму загадаю, і ён не адважыцца мяне не паслухаць. Няхай толькі ён паклянецца тым рыцарскім ордэнам, да якога належыць, і я адпушчу яго на ўсе чатыры бакі і паручуся, што ён табе заплаціць.

— Ды што вы, сеньёр, кажаце! — усклікнуў хлапчук. — Мой гаспадар зусім не рыцар і ні да якога рыцарскага ордэна не належыць! Гэта Хуан Альдуда, багаты селянін з вёскі Кінтанар.

— Гэта нічога не азначае, — запярэчыў Дон Кіхот, — і Альдуды могуць быць рыцарамі. Тым больш што аб кожным чалавеку патрэбна меркаваць па яго справах.

— Гэта правільна, — пагадзіўся Андрэс, — але, у такім выпадку, як скажаце думаць пра майго гаспадара, калі ён адмаўляецца плаціць мне жалаванне, якое я зарабіў, абліваючыся потам?

— Брат мой Андрэс, ды хіба я адмаўляюся? — зноў загаварыў вясковец. — Зрабі ласку, пойдзем са мной! Клянуся ўсімі рыцарскімі ордэнамі, колькі іх ні развялося на свеце, што заплачу табе, як я ўжо сказаў, усё да апошняга рэала, з радасцю заплачу!

— Можна і без радасці, — сказаў Дон Кіхот. — Заплаціце толькі тую суму, якую вы яму завінаваціліся, — гэта ўсё, што ад вас патрабуецца. Але бойцеся парушыць клятву, інакш, клянуся той жа самаю клятваю, я адшукаю вас і пакараю. Калі б вы былі спрытнейшым за яшчарку, я ўсё роўна вас знайду, куды б вы ні схаваліся. Калі ж вы жадаеце ведаць, ад каго атрымалі такі загад, каб яшчэ больш старанна ўзяцца за яго выкананне, то ведайце, што я — доблесны Дон Кіхот Ламанчскі, абаронца пакрыўджаных і прыгнечаных. А цяпер заставайцеся з богам і пад страхам страшнага пакарання, якое пагражае вам, не забывайце абяцанага і замацаванага клятваю.

З гэтымі словамі ён прышпорыў Расінанта і пачаў хутка аддаляцца. Вясковец паглядзеў яму ўслед і, пераканаўшыся, што ён мінуў гай і знік з вачэй, павярнуўся да слугі свайго Андрэса і сказаў:

— Хадзі сюды, сынок, зараз я выканаю распараджэнне гэтага абаронцы пакрыўджаных і выплачу табе доўг.

— Я ў гэтым ніколі не сумняваюся, ваша міласць, — заўважыў Андрэс. — У вашых жа інтарэсах выканаць загад добрага рыцара, хай дае бог яму пражыць тысячу гадоў: ён такі храбры і такі справядлівы, што, калі вы не заплаціце, клянуся святым Роке, ён абавязкова вернецца і выканае сваю пагрозу.

— Я таксама ў гэтым не сумняваюся, — сказаў вясковец, — але я так люблю цябе, мой хлопчык, што хачу яшчэ больш табе завінаваціцца, каб затым пабольш заплаціць.

Тут ён схапіў хлапчука за руку і, зноў прывязаўшы яго да дуба, усыпаў яму столькі гарачых, што той ледзь жывы застаўся.

— Цяпер клічце абаронцу пакрыўджаных, сеньёр Андрэс, паглядзім, як ён за вас заступіцца, — сказаў вясковец. — Лічу, зрэшты, што я вас яшчэ недастаткова пакрыўдзіў, — у мяне свярбяць рукі спусціць з вас скуру, чаго вы якраз і асцерагаліся.

Аднак жа ўрэшце ён адвязаў яго і дазволіў адправіцца на пошукі свайго абаронцы. Пастушок з кіслаю мінаю пайшоў, даўшы клятву адшукаць доблеснага Дон Кіхота Ламанчскага і з усімі падрабязнасцямі расказаць яму аб тым, што адбылося, каб ён прымусіў гаспадара заплаціць спаўна. Як бы там ні было Андрэс пайшоў заліваючыся слязамі, а гаспадар пасмейваўся. Тым часам доблесны Дон Кіхот, заступіўшыся такім чынам за пакрыўджанага, у захапленні ад гэтага здарэння, якое яму падалося цудоўным і шчаслівым пачаткам яго рыцарскіх подзвігаў, і вельмі задаволены сабою, ехаў у сваю вёску і напаўголасу гаварыў:

— Па праву можаш ты называцца самай шчаслівай з усіх жанчын, якія зараз жывуць на зямлі, о прыгажэйшая з прыгожых Дульцынея Табоская, бо лёсам наканавана было ператварыць у паслухмянага выканаўцу ўсіх капрызаў тваіх і пажаданняў такога адважнага і такога слаўнага рыцара, якім з’яўляецца і якім будзе заўсёды Дон Кіхот Ламанчскі! Усім вядома, што толькі ўчора ўступіў ён у рыцарскі ордэн, a сягоння ўжо выкараніў найвялікшае зло і найвялікшую беззаконнасць, якія калі-небудзь разам з жорсткасцю вытварала няпраўда, — сягоння ён вырваў рэмень з рук гэтага вылюдка, які катаваў ні ў чым не вінаватага слабага падлетка.

Тут ён наблізіўся да таго месца, дзе перакрыжаваліся чатыры дарогі, і ўявіў адразу вандроўных рыцараў, якія мелі звычку спыняцца на раздарожжы і разважаць аб тым, па якой дарозе ехаць. І, беручы з іх прыклад, ён таксама пастаяў крыху, а затым, падумаўшы, апусціў павады і цалкам даверыўся Расінанту; Расінант жа не памяняў першапачатковага свайго намеру, гэта значыць выбраў шлях, які вёў прама ў яго стайню.

Дон Кіхот праехаў ужо каля дзвюх міль, калі ўбачыў наперадзе вялікую колькасць людзей. Як высветлілася пасля, гэта былі таледскія купцы, што накіроўваліся па шоўк у Мурсію. Іх было шэсць, і ехалі яны пад парасонамі, у суправаджэнні сямі слуг, чатыры з якіх сядзелі на конях, а тры ішлі пехатой і паганялі мулаў. Заўважыўшы іх, Дон Кіхот тут жа ўявіў, што яго чакае новая прыгода; між тым ён задаўся мэтай па магчымасці дзейнічаць так, як дзейнічаюць у раманах, таму і палічыў, што якраз дарэчы адзін з такіх учынкаў ажыццявіць цяпер жа. Ён выцягнуўся на страмёнах, сціснуў у руцэ кап’ё, загарадзіўся шчытом і ў чаканні вандроўных рыцараў, за якіх ён прымаў паважаных таледскіх купцоў, з вельмі незалежным і гордым выглядам спыніўся на самай дарозе; калі ж тыя пад’ехалі так блізка, што маглі бачыць і чуць яго, Дон Кіхот набыў ваяўнічую паставу і гучна прамовіў:

— Усе, колькі вас ні ёсць,ні з месца да таго часу, пакуль усе, колькі вас ні ёсць, не прызнаюць, што, колькі б там ні было прыгажунь на свеце, прыгажэйшая за ўсіх ламанчская імператрыца Дульцынея Табоская.

Пачуўшы гэтыя словы і ўбачыўшы чалавека такога дзіўнага выгляду, які да іх звярнуўся, купцы спыніліся; хоць па яго звароту і выглядзе яны адразу здагадаліся, што ён вар’ят, аднак жа ім захацелася выведаць у яго спакваля, навошта спатрэбілася яму прызнанне, якога ён ад іх дамагаўся; і тут адзін з купцоў, вялікі хітрун, схільны да выскаляння, сказаў:

— Сеньёр кавальера, мы не ведаем, хто гэта шаноўная асоба, пра якую вы гаворыце. Пакажыце нам яе, і калі яна на самай справе такая цудоўная, як вы сцвярджаеце, то мы ахвотна і дабравольна выканаем ваш загад і засведчым гэту ісціну.

— Калі я вам яе пакажу, — запярэчыў Дон Кіхот, — то што вам будзе каштаваць засведчыць бясспрэчную ісціну? Уся справа ў тым, каб не бачачы, паверыць, засведчыць, пацвердзіць, прысягнуць і стаць на абарону, а іначай я выклічу вас на бой, грубы і фанабэрысты зброд! Выходзьце па адным, як таго патрабуе рыцарскі статут, або, як гэта робяць падобнага сорту нікчэмныя людзі, верныя дурной сваёй звычцы, нападайце ўсе разам: з поўным усведамленнем сваёй справядлівасці я сустрэну вас грудзьмі і дам належны адпор.

— Сеньёр кавальера, — зноў загаварыў купец, — ад імя ўсіх прысутных тут вяльмож я звяртаюся да вас з пакорнай просьбай: каб нам не абцяжарваць сваё сумленне сведчаннем на карысць асобы, якую мы ніколі не бачылі і аб якой зусім нічога не чулі, калі ласка, ваша міласць, пакажыце нам хоць які-небудзь партрэт гэтай асобы, хоць бы велічынёю з пшанічнае зерне, — бо па шчацінцы мяркуеш аб свінцы, — тады мы зусім упэўнімся, палічым сябе цалкам задаволенымі і, у сваю чаргу, не застанемся ў вас у даўгу і задаволім вас. Прызнаюся, мы і без таго ўжо зачараваныя ёю, і калі б нават, зірнуўшы на партрэт, мы ясна зразумелі, што згаданая асоба на адно вока сляпая, а з другога ў яе сочацца кінавар і сера, усё роўна, каб дагадзіць вашай міласці, мы прызнаём якія хочаце яе вартасці.

— Подлае стварэнне! — палаючы гневам, крыкнуў Дон Кіхот. — Гэта нябеснае дзіва пахне толькі амбрай і мускусам! І зусім яна не сляпая і не гарбатая, а стройная, як ледзяная іголка Гуадарамы. Вы ж мне зараз заплаціце за найвялікшае блюзнерства, бо вы зняславілі чароўную прыгажосць маёй валадаркі!

З гэтымі словамі ён узяў кап’ё наперавес і з такой лютасцю і жорсткасцю кінуўся на свайго суразмоўцу, што калі б, на шчасце грубага купца, Расінант не спатыкнуўся і не паваліўся, то яму б не паздаровілася. Такім чынам, Расінант паваліўся, а яго гаспадар адляцеў далёка ўбок; хацеў падняцца і не мог: кап’ё, шчыт, шпоры, шлем і цяжкія старадаўнія даспехі звязалі яго па руках і нагах. Між тым, дарэмна імкнучыся падняцца, ён усё яшчэ крычаў:

— Стойце, нікчэмныя баязліўцы! Няшчасныя халопы, пачакайце! Я ж не вінаваты, што зваліўся, a вінаваты мой конь!

Тут адзін з паганятых, які не вылучаўся, відаць, пакорлівасцю, не вытрымаў і замест адказу надумаў пералічыць яму рэбры. Ён падскочыў да яго, выхапіў у яго з рук кап’ё, паламаў на кавалкі і адным з гэтых кавалкаў, нягледзячы на даспехі, пабіў яго так, быццам гэта быў сноп пшаніцы. Гаспадары сунімалі паганятага, але паганяты хапаў адзін кавалак кап’я за другім і лупцаваў няшчаснага рыцара, які выцягнуўся на зямлі; рыцар жа, між тым як на яго сыпаўся град удараў, не замаўкаў ні на секунду, пагражаючы адпомсціць небу, зямлі і купцам, якіх ён лічыў цяпер за душагубаў. Нарэшце паганяты стаміўся, і купцы, атрымаўшы на ўвесь час падарожжа тэму для размоў, якой павінен быў ім служыць бедны пабіты рыцар, паехалі далей. А рыцар, застаўшыся адзін, зноў паспрабаваў падняцца; але калі ўжо ён не мог устаць, будучы цэлым і здаровым, то ці мог ён зрабіць гэта цяпер, калі яго пабілі да паўсмерці? І ўсё ж яму здавалася, што ён шчаслівы, — ён лічыў, што гэта звычайная ліхая прыгода вандроўнага рыцара, у якой да таго ж вінаваты быў конь. Вось толькі ён ніякімі намаганнямі не мог падняцца — надта ж балелі ў яго ўсе косці.


Раздзел V, у якім працягваецца аповед аб ліхой прыгодзе нашага рыцара

Пераканаўшыся, што ён сапраўды не можа паварушыцца, рыцар наш вырашыў выкарыстаць звычайны свой сродак, а менавіта: прыгадаць якое-небудзь з тых здарэнняў, што апісваюцца ў раманах. І тут у расхваляваным яго ўяўленні паўстала ўсё, што адбылося паміж Балдуінам і маркізам Мантуанскім35 пасля таго, як Карлота параніў Балдуіна ў гарах, — гісторыя, добра вядомая дзецям, памятная юнакам, якая карыстаецца поспехам у старых, таксама схільных верыць ёй, і, аднак жа, не больш праўдзівая, чым байкі аб цудах Магамета. Паміж гэтай самай гісторыяй і тым, што адбылося з ім самім, Дон Кіхот знайшоў нешта агульнае; і вось, вельмі хвалюючыся, пачаў ён качацца па зямлі і ціхутка вымаўляць словы, быццам бы некалі сказаныя параненым Рыцарам Лесу:

О, прыйдзі, мая сеньёра,

Збіла з ног мяне бяда.

Падзялі са мною гора,

Ці мяне нат не шкада?

І гэтак, чытаючы на памяць прыгаданы раманс, дайшоў ён нарэшце да вершаў:

Валадар наш Мантуанскі,

Дзядзька родны і васпан!

У той час калі Дон Кіхот чытаў гэтыя вершы, па той жа самай дарозе надарылася ехаць яго аднавяскоўцу, які вяртаўся з млына, куды вазіў зерне; і як толькі ўбачыў ён, што на зямлі ляжыць чалавек, то наблізіўся да яго і запытаўся, хто ён такі, што ў яго баліць і чаму ён так жаласна стогне. Дон Кіхот, вядома, уявіў, што гэта і ёсць маркіз Мантуанскі, яго дзядзька, і таму замест адказу зноў пачаў распавядаць аб сваім няшчасці, слова ў слова, як аб тым спяваецца ў рамансе.

Земляроб са здзіўленнем выслухаў гэту бязглуздзіцу, затым зняў з Дон Кіхота забрала, што зламалася ад удараў, абцёр з яго твару пыл; абцёршы ж, адразу пазнаў яго і сказаў:

— Сеньёр Кіхана (так звалі Дон Кіхота, пакуль ён яшчэ не страціў розуму і з паважанага гідальга не ператварыўся ў вандроўнага рыцара), хто ж гэта вас так пабіў?

Але Дон Кіхот на ўсе пытанні адказваў вершамі з таго ж самага раманса. Тады добры земляроб, каб пераканацца, ці не паранены ён, з вялікай асцярожнасцю зняў з яго нагруднік і наплечнік, аднак жа ні крыві, ні якіх-небудзь сінякоў не заўважыў. Ён падняў яго і, мяркуючы, што асёл — больш спакойная жывёліна, не без цяжкасці пасадзіў на свайго асла. Затым падабраў зброю, нават абломкі кап’я, усё гэта прывязаў да сядла Расінанта, узяў яго і асла за аброць і, паглыблены ў роздум, прапускаючы міма вушэй тое, што плёў Дон Кіхот, пакрочыў у накірунку да сваёй вёскі. Дон Кіхот таксама задумаўся. Пабіты да паўсмерці, ён ледзь мог трымацца ў сядле і час ад часу глыбока ўздыхаў, таму земляроб урэшце зноў вымушаны быў запытацца, што ў яго баліць. Але Дон Кіхоту нібы сам д’ябал нашэптваў розныя казкі, прыдатныя да яго ўласных прыгод, бо ў гэту хвіліну ён, ужо забыўшыся пра Балдуіна, успомніў аб тым, як антакерскі алькайд Радрыга дэ Нарваэс36 узяў у палон маўра Абіндараэса37 і прывёў яго ў свой замак. І калі земляроб зноў задаў яму пытанне, як ён маецца і як сябе адчувае, ён звярнуўся да яго з тымі ж словамі, з якімі ў прачытанай ім некалі кнізе Хорхе дэ Монтэмаёра Дыяна, дзе апісваецца гэта гісторыя, палонны Абенсераг38 звяртаецца да Радрыга дэ Нарваэса. І так умела здолеў ён прымяніць гісторыю з маўрам да сябе, што, слухаючы гэту бязглуздзіцу, земляроб неаднойчы ўспомніў чорта; менавіта гэта бязглуздзіца і навяла земляроба на думку, што аднавясковец яго звар’яцеў, і каб хутчэй адкараскацца ад Дон Кіхота, які надакучаў яму сваім шматслоўем, вырашыў ён паскорыць крок. Дон Кіхот жа аб’явіў у заключэнне:

— Ведайце, ваша міласць, сеньёр Радрыга дэ Нарваэс, што цудоўная Харыфа, аб якой я вам зараз расказваў,гэта і ёсць чароўная Дульцынея Табоская, дзеля якой я здзяйсняў, здзяйсняю і здзейсню такія подзвігі, якіх яшчэ не бачыў, не бачыць і так ніколі і не ўбачыць свет.

Земляроб яму на гэта адказаў:

— Гора мне з вамі, ваша міласць! Ды зразумейце ж, сеньёр, што ніякі я не Дон Радрыга дэ Нарваэс і не маркіз Мантуанскі, а ўсяго толькі Педра Алонса, ваш аднавясковец. Гэтак жа дакладна і ваша міласць: ніякі вы не Балдуін і не Абіндараэс, а паважаны гідальга, сеньёр Кіхана.

— Я сам ведаю, хто я такі, — запярэчыў Дон Кіхот, — і яшчэ я ведаю, што маю права называцца не толькі тымі, аб кім я вам расказваў, але і ўсімі Дванаццаццю Пэрамі Францыі39, а таксама ўсімі Дзевяццю Дзеячамі Славы40, бо подзвігі, якія яны здзейснілі і разам і паасобку, ніяк нельга параўнаць з маімі.

Працягваючы такую размову, пад вечар дабраліся яны да сваёй вёскі; аднак жа пабіты гідальга ледзь трымаўся ў сядле, таму земляроб, каб ніхто не ўбачыў яго, вырашыў лепш дачакацца цемры. А калі ўжо зусім сцямнела, ён накіраваўся прама да дома Дон Кіхота, дзе ў гэты час панавала вялікая разгубленасць і адкуль даносіўся гучны голас ключніцы, якая размаўляла з двума самымі блізкімі сябрамі нашага рыцара, свяшчэннікам і цырульнікам:

— Што вы скажаце, сеньёр ліцэнцыят41 Пера Перэс (так звалі свяшчэнніка), аб ліхіх прыгодах майго пана? Вось ужо тры дні, як зніклі і ён, і конь, і шчыт, і кап’ё, і даспехі. Якая я няшчасная! Адно магу сказаць, і гэта сапраўды так, як тое, што ўсе мы спачатку нараджаемся, а потым паміраем: начытаўся ён гэтых праклятых рыцарскіх кніжак, вось яны і звялі яго з розуму. Цяпер якраз я прыгадваю, што, разважаючы сам з сабой, ён не раз выказваў жаданне стаць вандроўным рыцарам і дзеля прыгод пачаць бадзяцца па ўсім белым свеце. Няхай Сатана і Варава забяруць гэтыя кнігі, калі з-за іх зацямніўся светлы яго розум, — бо іншага такога не адшукаеш ва ўсёй Ламанчы!

Пляменніца далучылася да яе.

— Ведаеце, сеньёр маэсе Нікалас, — загаварыла яна, звяртаючыся да цырульніка, — дзядзечку майму не раз надаралася двое сутак запар чытаць паганыя гэтыя раманы ліхіх прыгод. Потым, бывала, кіне кнігу, схопіць меч і давай тыкаць у сцены, пакуль не выб’ецца з сіл. Я, скажа, забіў чатырох веліканаў, а кожны з іх — ростам з вежу. Пот з яго градам, а ён кажа, што гэта кроў цячэ: яго, бачыце, паранілі ў баі. Ну, a потым вып’е поўны коўш халоднай вады, адпачне, супакоіцца: гэта, маўляў, каштоўны напітак, які яму прынёс мудры — як там яго? — не то Алкіф42, не то Паф-Піф, вялікі чарадзей і верны яго сябар. He, гэта я ва ўсім вінаватая, калі б я загадзя паведаміла вам, што ў дзядзечкі не ўсе дома, то вашы міласці не далі б яму дайсці да такой крайнасці: вы спалілі б усе гэтыя паганыя кнігі, бо ў яго безліч такіх, якія даўно пара ўсё роўна, як пісанне ерэтыкаў, кінуць у вогнішча!

— Я згодзен з вамі, — заўважыў свяшчэннік, — і даю вам слова, што заўтра ж мы ўстроім аўтадафэ43 і спалім іх, каб надалей яны не падбівалі чытачоў на такія справы, якія, відаць, вытварае зараз добры мой сябар.

Земляроб і Дон Кіхот чулі гэту размову, і тут земляроб, цалкам зразумеўшы, якая хвароба авалодала яго аднавяскоўцам, пачаў гучна крычаць:

— Вашы міласці, адчыніце дзверы сеньёру Балдуіну, цяжка параненаму маркізу Мантуанскаму і сеньёру Абіндараэсу, якога вядзе ў палон антэкерскі алькайд, доблесны Радрыга дэ Нарваэс!

На крык выбеглі ўсе, і як толькі мужчыны пазналі свайго сябра, а жанчыны — дзядзьку свайго і пана, які ўсё яшчэ сядзеў на асле, бо не мог злезці, то кінуліся абдымаць яго. Ён жа сказаў ім:

— Пачакайце! Я цяжка паранены па віне майго каня. Аднясіце мяне на ложак і, калі можна, паклічце мудрую Урганду, каб яна агледзела і загаіла мае раны.

— Якое няшчасце! — усклікнула ключніца. — Адчувала маё сэрца, на якую нагу закульгаў мой гаспадар! Злазьце з богам, ваша міласць, мы і без гэтай Пагады зможам вас вылечыць. Да чаго ж давялі вас гэтыя рыцарскія кніжкі, няхай будуць яны тройчы праклятыя!

Дон Кіхота аднеслі на ложак,агледзелі яго, аднак ран на ім не знайшлі. Ён жа сказаў, што проста выцяўся, бо, змагаючыся з дзесяццю волатамі, такімі страшнымі і грубымі, якіх яшчэ не бачыў свет, ён разам са сваім канём Расінантам грымнуўся вобземлю.

— А-я-яй! — усклікнуў свяшчэннік. — Справа ўжо і да волатаў дайшла? Пакарай мяне бог, калі заўтра ж, яшчэ да захаду сонца, усе яны будуць спалены!

Дон Кіхота закідалі пытаннямі, але ён, не пажадаўшы адказваць, папрасіў толькі, каб далі паесці і паспаць, што яму цяпер, маўляў, асабліва патрэбна. Жаданне яго было выканана, а затым свяшчэннік пачаў падрабязна распытваць земляроба аб тым, як яму ўдалося знайсці Дон Кіхота. Калі ж земляроб расказаў яму ўсё, не ўтаіўшы і той лухты, якую малоў наш рыцар, качаючыся на зямлі і па дарозе дадому, ліцэнцыят загарэўся жаданнем як мага хутчэй ажыццявіць тое, што ён сапраўды назаўтра і ажыццявіў, а менавіта: зайшоў да свайго сябра, цырульніка, маэсе Нікаласа, і разам з ім накіраваўся да Дон Кіхота.

Той усё яшчэ спаў. Свяшчэннік папрасіў у пляменніцы ключ ад пакоя, дзе знаходзіліся гэтыя шкодныя кнігі, і яна з найвялікшай гатоўнасцю выканала яго просьбу; калі ж усе ўвайшлі туды, у тым ліку і ключніца, то ўбачылі больш за сотню вялікіх кнігу вельмі дарагіх вокладках, а таксама іншыя кнігі, меншых памераў, і ключніца, акінуўшы іх позіркам, стрымгалоў выбегла з пакоя, але адразу ж вярнулася з кубкам святой вады і з крапілам.

— Калі ласка, ваша міласць, сеньёр ліцэнцыят, акрапіце пакой, — сказала яна, — а то яшчэ хто-небудзь з чараўнікоў, якія хаваюцца ў гэтых кнігах, зачаруе нас, каб адпомсціць за тое, што мы збіраемся зжыць іх усіх са свету.

Пасмяяўся ліцэнцыят з прастадушнасці ключніцы і прапанаваў цырульніку такі парадак: цырульнік будзе перадаваць яму гэтыя кнігі па адной, а ён, маўляў, зоймецца іх аглядам, — можа быць, некаторыя з іх і не заслугоўваюць смерці.

— Не, — запярэчыла пляменніца, — ніводная з іх не заслугоўвае даравання, усе яны прынеслі нам зло. Іх патрэбна выкінуць у акно, скласці ў кучу і падпаліць. А яшчэ лепш аднесці на жывёльны двор і там раскласці з іх вогнішча, тады і дым не будзе нас трывожыць.

Ключніца да яе далучылася — абедзве яны горача жадалі пагібелі гэтых бязвінных пакутнікаў. Аднак жа свяшчэннік настаяў на тым, каб спачатку чытаць хоць бы назвы. І першае, што ўручыў яму маэсе Нікалас, — гэта Амадыса Гальскага ў чатырох частках.

— У гэтым ёсць штосьці знамянальнае, — сказаў свяшчэннік. — Наколькі мне вядома, перад намі — першы рыцарскі раман, які выйшаў з друку ў Іспаніі, і ад яго бяруць пачатак і вядуць сваё паходжанне ўсе астатнія, а таму, мне здаецца, як пачынальніка гэтай богаадступніцкай лухты, павінны мы яго без усялякага шкадавання спаліць.

— He, сеньёр, — запярэчыў цырульнік, — я чуў іншае: кажуць, што гэта лепшая з усіх кніг, кім-небудзь напісаная ў гэтым плане, а таму, у выглядзе асаблівага выключэння, трэба яго памілаваць.

— Ваша праўда, — згадзіўся свяшчэннік, — прымем гэта да ведама і часова падорым яму жыццё. Паглядзім цяпер, што там стаіць побач з ім.

— Подзвігі Эспландыяна44, законнага сына Амадыса Гальскага, — абвясціў цырульнік.

— Дзеля справядлівасці патрэбна заўважыць, што заслугі бацькі на сына не распаўсюджваюцца, — сказаў свяшчэннік. — Вазьміце, сеньёра ключніца, адчыніце акно і выкіньце яго, — няхай ён пакладзе пачатак кучы кніг, з якіх мы распалім вогнішча.

Ключніца з асаблівым задавальненнем выканала гэта: добры Эспландыян паляцеў на двор і там вельмі цярпліва пачаў чакаць пакарання, якое пагражала яму.

— Далей, — сказаў свяшчэннік.

— За ім ідзе Амадыс Грэчаскі45, — сказаў цырульнік. — Ды, па-мойму, у гэтым радзе адны толькі Амадысавы сваякі і стаяць.

— Вось мы іх зараз і выкінем на двор, — сказаў свяшчэннік.

— І я такой жа думкі, — сказаў цырульнік.

— І я, — сказала пляменніца.

— А калі так, — прамовіла ключніца, — давайце іх сюды, я выкіну іх на двор.

Ёй далі вялікую колькасць кніг, і яна, шкадуючы, відаць, лесвіцу, павыкідала іх праз акно.

А гэта яшчэ што за таўстун? — запытаўся свяшчэннік.

— Дон Алівант Лаўрскі46, — адказаў цырульнік.

— Кніга грубая і недарэчная, а таму — на двор яе, — вырашыў свяшчэннік.

— А што рабіць з маленькімі кніжкамі? — запытаўся цырульнік. — Вось, напрыклад, Галатэя47 Мігеля дэ Сервантэса.

— З гэтым самым Сервантэсам я з даўніх часоў у вялікім сяброўстве, — адказаў свяшчэннік, — і мне добра вядома, што ў вершах ён атрымаў менш перамог, чым на яго галаву сыплецца бед. Сёе-тое ў яго кнізе прыдумана ўдала, сёе-тое ён задумаў, але нічога не давёў да канца. Пачакаем абяцанай другой часткі, можа быць, ён выправіцца і заслужыць нарэшце ласку, у якой мы адмаўляем яму зараз. А да таго часу трымайце яго ў сябе ў зняволенні.

— З задавальненнем, дарагі дружа, — сказаў цырульнік.


Раздзел VI. Аб другім выездзе добрага нашага рыцара Дон Кіхота Ламанчскага

У гэты самы час пачуўся голас Дон Кіхота.

— Сюды, сюды, адважныя рыцары! — крычаў ён. — Пара вам паказаць сілу доблесных вашых рук, інакш прыдворныя рыцары возьмуць верх на турніры!

Давялося спыніць агляд кнігасховішча і бегчы на шум і грукат. Увайшоўшы да Дон Кіхота ў пакой, сябры і дамашнія яго ўбачылі, што ён падняўся ўжо з ложка; здавалася, ён і не збіраўся спаць — такі ён быў ажыўлены: па-ранейшаму шумеў, вар’яваўся, тыкаў ва ўсе бакі мячом. Яго схапілі і сілком паклалі на ложак. Тут ён крыху супакоіўся і, звярнуўшыся да свяшчэнніка, прамовіў:

— Якая ганьба, ці не праўда, сеньёр архіепіскап Турпін48, што так званыя Дванаццаць Пэраў ні з таго ні з сяго ўступілі пальму першынства, тады як мы, вандроўныя рыцары, тры дні запар пажыналі плады перамогі!

— Годзе, ваша міласць, годзе, дарагі сябар, — загаварыў свяшчэннік. — Бог дасць, усё абыдзецца — што прапушчана сягоння, тое заўсёды можна нагнаць заўтра, а цяпер, ваша міласць, падумайце аб сваім здароўі; здаецца мне, вы вельмі стаміліся, а магчыма, нават і паранены.

— Якраз я не паранены, — запярэчыў Дон Кіхот, — a што мяне пабілі і аддубасілі, у гэтым няма сумнення: на мяне кінуўся з дубінай Раланд і ўсё ад зайздрасці, бо адзіны, хто не ўступіць яму ў храбрасці, гэта я. Але не буду я Рынальдам Мантальванскім49, калі, падняўшыся з гэтай пасцелі, я яму не адпомшчу, нягледзячы на ўсе яго чары!.. А пакуль што прынясіце мне паесці — зараз мне нішто не патрэбна так, як ежа, а ўжо пастаяць за сябе я і сам змагу.

Жаданне Дон Кіхота было выканана: яму прынеслі паесці, а затым ён зноў заснуў. Усе яшчэ раз падзівіліся з яго вар’яцтва.

Той жа ноччу ключніца спаліла датла ўсе кнігі: і тыя, што валяліся на двары, і тыя, што яшчэ заставаліся ў пакоі; па ўсёй верагоднасці, разам з імі згарэлі і такія, якія патрэбна было здаць на вечнае захаванне ў архіў, але гэтаму перашкодзілі лёс і нядбайнасць таго, хто рабіў агляд, — нездарма сцвярджае прыказка, што з-за грэшнікаў вельмі часта пакутуюць і праведнікі.

Свяшчэннік з цырульнікам вырашылі, што першы сродак ад хваробы, якая авалодала іх сябрам, — гэта закласці і замураваць уваход у кнігасховішча, каб, устаўшы з ложка, ён не знайшоў яго (калі, маўляў, ліквідаваць прычыну, то вынікі, магчыма, знікнуць самі сабой), а затым аб’явіць яму, што нейкі чараўнік разам з усімі кнігамі ўкраў і пакой. І ўсё гэта было ажыццёўлена вельмі хутка. Праз два дні Дон Кіхот устаў з ложка і перш за ўсё пайшоў зірнуць на свае кнігі, але, не знайшоўшы памяшкання, у якім яны знаходзіліся, пачаў хадзіць і шнарыць па ўсіх пакоях. Некалькі разоў падыходзіў да таго месца, дзе раней былі дзверы, абмацваў сцяну, моўчкі абводзіў вачыма пакой. Нарэшце, пасля доўгіх пошукаў, ён запытаўся ў ключніцы, дзе знаходзіцца яго кнігасховішча. Ключніцу ж навучылі, як трэба адказваць.

— Аб якім такім кнігасховішчы вы кажаце, ваша міласць? — у сваю чаргу запыталася яна. — Няма ў нас цяпер ні кніг, ні сховішча, усё забраў д’ябал.

— Зусім не д’ябал, а чараўнік, — запярэчыла пляменніца. — Пасля таго, як вы ад нас паехалі, ваша міласць, наступнай жа ноччу ён прыляцеў сюды на воблаку, саскочыў з дракона, на якім сядзеў вярхом, і прабраўся ў кнігасховішча. He ведаю, што ён там рабіў, толькі неўзабаве, гляджу, вылятае праз дах, а ў пакоях поўна дыму. Пайшлі мы паглядзець, што ён там нарабіў, а ўжо ні кніг, ні пакоя няма нідзе. Адно толькі, што мы абедзве вельмі добра памятаем: адлятаючы, гэты злосны стары гучна крыкнуў, што па злосці, якую ён тайна мае да ўладальніка кнігі памяшкання, ён нанёс яго дому ўрон і што ўрон гэты пасля будзе заўважаны. Яшчэ ён сказаў, што завуць яго мудры Муньятан.

— He Муньятан, а Фрэстан50, — паправіў яе Дон Кіхот.

— Heто Фрэстан, не то Фрытан, — умяшалася ключніца, — помню толькі, што імя яго заканчваецца на тан.

— Так, так, — падхапіў Дон Кіхот, — гэта адзін мудры чараўнік, самы злосны мой вораг: ён мяне ненавідзіць, бо вядзьмарскія чары і тайнапіс адкрылі яму, што з цягам часу мне давядзецца змагацца з рыцарам, якога ён абараняе, і што, нягледзячы на ўсе яго падкопы, я атрымаю над гэтым рыцарам перамогу; вось таму ён з усіх сіл і стараецца зрабіць мне прыкрасць. Але няхай ведае, што ні парушыць, ні абысці наканаванага небам яму не падуладна.

— Якія ж тут могуць быць сумненні! — усклікнула пляменніца. — Але толькі вось што, дзядзечка: хто загадае вашай міласці лезці ў бойку? Ці не лепш спакойна сядзець дома, чым блукаць па свеце і лавіць у небе жураўля, забываючы аб тым, што калі ідзеш па шэрсць, глядзі, каб самога не абстрыглі?

— Ах, пляменніца! — усклікнуў Дон Кіхот. — Як мала ты ва ўсім гэтым разбіраешся! Перш чым мяне абстрыгуць, я сам выскубу і вырву бараду кожнаму, хто адважыцца дакрануцца да кончыка майго воласа.

Абедзве жанчыны, бачачы, што ён злуецца, вырашылі больш яму не пярэчыць. Як бы там ні было, цэлых два тыдні сядзеў ён спакойна дома, нічым не выяўляючы жадання зноў распачаць блуканні, і на працягу гэтых двух тыдняў у яго неаднойчы былі ў вышэйшай ступені забаўныя размовы з двума яго сябрамі, свяшчэннікам і цырульнікам. Ён пераконваў іх, што ў наш час свету ніхто так не патрэбны, як вандроўныя рыцары, і што вандроўнаму рыцарству наканавана ўваскрэснуць у яго асобе. Свяшчэннік, мяркуючы, што яго можна абразуміць не інакш, як праз хітрасць, у адных выпадках спрачаўся з ім, у іншых — пагаджаўся.

Адначасова Дон Кіхот распачаў перамовы з адным сваім аднавяскоўцам. Гэта быў чалавек прыстойны (калі толькі такое вызначэнне падыходзіць да людзей, якія не могуць пахваліцца вялікай колькасцю ўсялякага дабра), аднак жа галава ў яго была з дурыкамі. Дон Кіхот такога яму нагаварыў, такога наабяцаў і так змог яго пераканаць, што ўрэшце бедны хлебароб даў слова адправіцца разам з ім у якасці яго збраяносца. Між іншым, Дон Кіхот раіў яму асабліва не марудзіць, бо зусім, маўляў, можа здарыцца, што ён, Дон Кіхот, у адзін момант заваюе які-небудзь востраў і зробіць яго губернатарам гэтага вострава. Такія абяцанні спакусілі Санча Пансу, — так звалі нашага хлебароба, — і ён згадзіўся пакінуць жонку і дзяцей і стаць збраяносцам свайго аднавяскоўца.

Затым Дон Кіхот узяўся раздабываць грошы: сёе-тое прадаў, сёе-тое залажыў з вялікай для сябе стратай і ўрэшце сабраў значную суму. Апрача таго, ён узяў часова ў аднаго са сваіх сяброў круглы шчыт і, адрамантаваўшы як мог разбіты свой шлем, папярэдзіў збраяносца Санча аб дні і гадзіне выезду, каб той паспеў запасціся ўсім неабходным, а галоўнае, не забыўся ўзяць з сабой дарожную торбу. Санча даў слова, што не забудзе, але, спаслаўшыся на тое, што ён не мастак хадзіць пехатой, аб’явіў, што ў яго ёсць вельмі добры асёл і што ён паедзе на ім. Гэта акалічнасць злёгку азадачыла Дон Кіхота: ён перабіраў у памяці, ці не быў у каго з вандроўных рыцараў такі збраяносец, які перамяшчаўся на асле, але так і не прыпомніў; аднак жа ў надзеі, што яму неўзабаве надарыцца выпадак адбіць каня ў першага ж непачцівага рыцара, які сустрэнецца па дарозе, і перадаць гэтае куды больш паважанае чатырохногае свайму збраяносцу ва ўладанне, ён дазволіў Санча Пансу ўзяць асла. Як параіў гаспадар заезнага дома, Дон Кіхот запасся кашулямі і ўсім, чым толькі мог. Калі ж усё было гатова і прыведзена ў належны выгляд, Дон Кіхот, не развітаўшыся ні з пляменніцай, ні з ключніцай, у суправаджэнні Санча Пансы, які таксама не развітаўся ні з жонкай, ні з дзецьмі, аднойчы ноччу ўпотай выехаў з вёскі; і за ноч ім удалося ад’ехаць на вельмі значную адлегласць, так што на світанні яны адчулі сябе ў поўнай бяспецы: калі б і паслалі каго ў пагоню за імі, то ўсё роўна ўжо не дагналі б іх.

Санча Панса не забыўся прытарочыць торбу і бурдзюк, і цяпер ён, згараючы жаданнем зрабіцца губернатарам абяцанага яму вострава, нібы які патрыярх, сядзеў на асле. Між тым Дон Кіхот абраў той жа самы шлях і рушыў па той жа дарозе, па якой ехаў ён у мінулы раз, гэта значыць па Манцьельскай раўніне, толькі цяпер ён адчуваў сябе непараўнальна больш бадзёра, бо час быў яшчэ ранні і касыя сонечныя промні не вельмі яго турбавалі. Якраз тут і звярнуўся Санча Панса да свайго пана:

— Глядзіце ж, ваша міласць, сеньёр вандроўны рыцар, не забудзьцеся, што вы мне абяцалі наконт вострава, а я ўжо з якім хочаце востравам упраўлюся.

Дон Кіхот яму на гэта сказаў:

— Патрэбна табе ведаць, сябар мой Санча Панса, што ў былыя часы вандроўныя рыцары мелі звычку прызначаць уладарамі заваяваных імі астравоў сваіх жа ўласных збраяносцаў, а ўжо за мной затрымкі не будзе, бо я вырашыў аднавіць пахвальны гэты звычай. Больш таго, я маю намер пайсці яшчэ далей: раней рыцары іншы раз, а бадай, нават і кожны раз чакалі, пакуль іх збраяносцы пастарэюць, і толькі праз шмат трывожных дзён і яшчэ менш спакойных начэй, калі тым ужо не па сілах станавілася служыць, прысвойвалі ім тытул графа ці ў лепшым выпадку маркіза і давалі ім у валоданне зямлю, ці якую-небудзь заняпалую правінцыю. Калі ж мы з табой будзем жывыя і здаровыя, то лёгка можа здарыцца, што не пройдзе і тыдня, як я ўжо заваюю каралеўства, якому падуладныя яшчэ некалькі каралеўстваў, і якое з іх табе спадабаецца, тым я цябе, каранаваўшы, і ўзнагароджу. І няхай гэта цябе не здзіўляе: з рыцарамі робяцца справы незвычайныя і адбываюцца выпадкі непрадбачаныя, так што мне нічога не будзе каштаваць узнагародзіць цябе яшчэ чым-небудзь звыш таго, што я абяцаў.

— Выходзіць, значыць, так, — зрабіў вывад Санча Панса. — Бо калі б нават гасподзь зрабіў так, каб каралеўскія кароны сыпаліся на зямлю, як дождж, і тады, я думаю, ніводная з іх не падышла б памерам маёй жонцы. Запэўніваю вас, сеньёр, што каралевы з яе ніяк не выйдзе. Графіня — гэта яшчэ так-сяк, ды і то бабка надвае варажыла.

— Спадзявайся, Санча, не на якуюсьці невядомую бабку, а на бога, — сказаў Дон Кіхот, — і ён узнагародзіць тваю жонку тым, што ёй больш за ўсё падыходзіць. Ты ж не губляй сваёй годнасці і рыхтуйся заняць пасаду генерал-губернатара, а на меншае ні ў якім выпадку не згаджайся.

— Нізашто не згаджуся, васпан мой, — сказаў Санча. — Такі важны пан, як вы, ваша міласць, заўсёды зможа выбраць для мяне што-небудзь такое, што будзе мне па плячы і даспадобы.


Раздзел VII. Аб слаўнай перамозе, атрыманай доблесным Дон Кіхотам у жахлівай і да гэтага часу нечуванай бітве з ветранымі млынамі,як і аб іншых падзеях, аб якіх мы не без прыемнасці ўпамянём

Неўзабаве яны ўбачылі наперадзе не то трыццаць, не то сорак ветраных млыноў, што стаялі сярод поля, і як толькі паўсталі яны перад вачыма Дон Кіхота, то ён звярнуўся да свайго збраяносца з такімі словамі:

— Лёс кіруе намі як нельга лепш. Паглядзі, дружа Санча Панса: вунь там віднеюцца трыццаць, калі не больш пачварных веліканаў, — я маю намер уступіць з імі ў бой і перабіць іх усіх да аднаго, трафеі ж, якія нам дастануцца, будуць асновай нашага дабрабыту. Гэта вайна справядлівая: сцерці паганае насенне з зямлі — значыць верай і праўдай паслужыць богу.

— Дзе вы бачыце веліканаў? — запытаўся Санча Панса.

— Ды вунь яны, з велізарнымі рукамі, — адказаў яго пан. — У некаторых з іх даўжыня рук дасягае амаль дзвюх міль.

— Ды што вы, сеньёр, — запярэчыў Санча, — тое, што там віднеецца — зусім не веліканы, а ветраныя млыны, тое ж, што вы прымаеце за іх рукі, — гэта крылы: яны круцяцца ад ветру і прыводзяць у рух млынавыя жорны.

— Адразу відаць, што ты нявопытны шукальнік прыгод! — заўважыў Дон Кіхот. — Гэта веліканы. І каліты баішся, то ад’язджай убок і памаліся, а я тым часам уступлю з імі ў жорсткі і няроўны бой.

З апошнім словам, не слухаючы Санча, які папярэджваў яго, што не з веліканамі едзе ён змагацца, а, без усялякага сумнення, з ветранымі млынамі, Дон Кіхот прышпорыў Расінанта. Ён быў цалкам упэўнены, што гэта веліканы, а таму, не звяртаючы ўвагі на крыкі збраяносца і не бачачы, што перад ім, хоць знаходзіўся зусім блізка ад млыноў, гучна выгукнуў:

— Стойце, баязлівыя і подлыя стварэнні! На вас жа нападае толькі адзін рыцар!

У гэты час падзьмуў лёгкі ветрык, і, заўважыўшы, што велізарныя крылы млыноў пачынаюць круціцца, Дон Кіхот усклікнуў:

— Махайце, махайце рукамі! Калі б у вас іх было больш, чым у велікана Брыярэя51, і тады давялося б вам паплаціцца!

Сказаўшы гэта, ён цалкам аддаўся заступніцтву пані сваёй Дульцынеі, звярнуўся да яе з просьбай дапамагчы яму вытрымаць такое цяжкае выпрабаванне і, загарадзіўшыся шчытом і пусціўшы Расінанта галопам, уваткнуў кап’ё ў крыло бліжэйшага млына; але ў гэты час вецер з такой лютай сілай павярнуў крыло, што ад кап’я засталіся адны шчэпкі, а крыло, падхапіўшы і каня, і конніка, які апынуўся ў такім бездапаможным становішчы, скінула Дон Кіхота на зямлю. На дапамогу яму на ўвесь асліны мах паскакаў Санча Панса і, наблізіўшыся, пераканаўся, што ён не можа паварушыцца — так грымнуўся з Расінанта.

— Ах ты госпадзі! — усклікнуў Санча. — Ці не казаў я вашай міласці, каб вы былі больш асцярожным і што гэта ўсяго толькі ветраныя млыны? Іх ніхто б не зблытаў, хіба той, у каго ветраныя млыны круцяцца ў галаве.

— Памаўчы, дружа Санча, — сказаў Дон Кіхот. — Павінен адзначыць, што няма нічога больш зменлівага за ваенныя абставіны. Да таго ж, я мяркую, і не без падстаў, што мудры Фрэстан, той самы, які выкраў у мяне кнігі разам з памяшканнем, ператварыў веліканаў у ветраныя млыны, каб пазбавіць мяне плёну перамогі, — так ён мяне ненавідзіць. Але рана ці позна злыя яго чары не ўстаяць перад сілай майго мяча.

— Гэта ўжо як бог дасць, — зазначыў Санча Панса.

Ён дапамог Дон Кіхоту ўстаць і пасадзіў яго на Расінанта, які таксама быў ледзь жывы. Працягваючы абмяркоўваць нядаўняе здарэнне, яны паехалі па дарозе да Цясніны Лапісе, бо Дон Кіхот не мог прапусціць шмат разнастайных прыгод, што, па яго словах, чакалі іх на гэтым людным месцы; адно толькі засмучала яго — што ён застаўся без кап’я, і, паведаміўшы пра гора сваё збраяносцу, ён сказаў:

— Памятаецца, я чытаў, што адзін іспанскі рыцар па імені Д’ега Перэс дэ Варгас52, страціўшы ў баі свой меч, адламаў ад дуба вялізны сук і аддубасіў і перабіў у гэты дзень столькі маўраў, што яму потым далі мянушку Дубас, і з таго часу ён і яго нашчадкі называюцца Варгас-Дубас. Усё гэта я кажу таму, што я таксама маю намер адламаць сук ад першага ж дуба, які патрапіцца мне па дарозе, такой жа велічыні, якой, на маё ўяўленне, павінны быў быць у Варгаса, і пры дапамозе гэтага сука здзейсніць такія подзвігі, што ты палічыш сябе абраннікам лёсу, бо ўдастоіўся гонару быць відавочцам і сведкам учынкаў, якія пасля могуць падацца неверагоднымі.

— Усё ў руках божых, — заўважыў Санча. — Я веру ўсяму, што кажа ваша міласць. Толькі сядзьце прамей,а то вы ўсё як быццам спаўзаеце набок — відаць, таму, што пабіліся, калі падалі.

— Твая праўда, — сказаў Дон Кіхот, — і калі я не стагну ад болю, то выключна таму, што вандроўным рыцарам у выпадку якога-небудзь ранення стагнаць не дазволена, нават калі б у іх вывальваліся кішкі.

— Раз так, то ў мяне пярэчанняў няма, — сказаў Санча, — але што тычыцца мяне, то я пачну стагнаць ад самага нязначнага болю, калі толькі гэты закон нераспаўсюджваецца і на збраяносцаў вандроўных рыцараў.

Дон Кіхот не мог не пасмяяцца з прастадушнасці свайго збраяносца, а затым аб’явіў, што той жа можа стагнаць, калі і колькі яму надумаецца, як па неабходнасці, так і без усялякай неабходнасці, бо ў рыцарскім статуце нічога аб гэтым не сказана. Санча нагадаў Дон Кіхоту, што пара перакусіць. Дон Кіхот сказаў, што яму пакуль не хочацца, а Санча можа есці, калі захоча. Атрымаўшы дазвол, Санча зручна размясціўся на асле, выняў з торбы тое, што ў ёй было, і пачаў перакусваць. Ён цягнуўся дробнай хадой за сваім панам, час ад часу смачна пацягваў з бурдзюка, і пошукі прыгод, няхай нават небяспечных, здаваліся яму ўжо не цяжкай павіннасцю, а суцэльным святам.

Гэту ноч яны правялі пад дрэвамі. Ад аднаго з іх Дон Кіхот адламаў засохлы сук і прымацаваў да яго жалезны наканечнік — такім чынам у яго атрымалася штосьці накшталт кап’я. Стараючыся ва ўсім браць прыклад з рыцараў, якія, наколькі гэта яму было вядома з кніг, не спалі начамі ў лясах і пустынях, цешачы сябе марай аб сваіх уладарках, Дон Кіхот усю ноч не заплюшчыў вачэй і думаў аб пані сваёй Дульцынеі. Зусім па-іншаму правёў яе Санча Панса: напоўніўшы свой жывот далёка не цыкорнай вадой53, ён праспаў як забіты да раніцы, і калі б не разбудзіў яго Дон Кіхот, ён яшчэ не хутка прачнуўся б, хоць сонца даўно ўжо біла яму прама ў вочы, а мноства птушак вясёлым шчэбетам вітала новы дзень. Нарэшце Санча падняўся і, не замарудзіўшы глынуць з бурдзюка, заўважыў, што бурдзюк злёгку асеў з учарашняга дня; гэта вельмі засмуціла яго, бо ён разумеў, што ў бліжэйшы час наўрад ці магла ў яго ўзнікнуць магчымасць папоўніць запас. Дон Кіхот не пажадаў снедаць як ужо было сказана, ён жыў аднымі салодкімі марамі. Абодва выехалі на дарогу, і каля трох гадзін папаўдні ўдалечыні паказалася Цясніна Лапісе.

— Тут, брат Санча, — убачыўшы цясніну, сказаў Дон Кіхот, — мы, што называецца, да локця запусцілі рукі ў прыгоды. Але папярэджваю: якая б небяспека мне ні пагражала, ты не павінен брацца за меч, хіба толькі ты ўбачыш, што на мяне нападаюць людзі нізкага звання, — у гэтым выпадку ты можаш дапамагчы мне. Калі ж гэта будуць рыцары, то, па законах рыцарства, ты не павінен і не маеш ніякага права заступацца за мяне, пакуль ты яшчэ не пасвячоны ў рыцары.

— Наконт гэтага можаце быць упэўнены, сеньёр: я не аслухаюся, — сказаў Санча. — Тым больш нораў у мяне ціхі: лезці ў бойку, пачынаць перапалку — гэта не мая справа. Вось калі хтосьці закране маю асобу, тут ужо я, па праўдзе сказаць, на рыцарскія законы не пагляджу, бо і божыя і чалавечыя законы нікому не пярэчаць абараняцца.

— З гэтым я цалкам згодзен, — сказаў Дон Кіхот. — Табе давядзецца стрымліваць натуральныя свае парывы толькі ў тым выпадку, калі на мяне нападуць рыцары.

— Абавязкова стрымаю, — сказаў Санча. — Для мяне гэта ўстаноўка будзе свяшчэннай, як нядзельны адпачынак.

Яны ўсё яшчэ працягвалі размаўляць, калі наперадзе паказаліся два манахі-бенедыктынцы вярхом на вярблюдах — менавіта на вярблюдах, інакш не скажаш, такой неверагоднай велічыні дасягалі іх мулы.

Манахі былі ў дарожных акулярах і пад парасонамі. Два слугі ішлі пешшу і паганялі мулаў, а ззаду ехала карэта ў суправаджэнні не то чатырох, не то пяці верхавых. Як высветлілася пасля, у карэце сядзела дама з Біскайі; ехала яна ў Севілью, да мужа, які збіраўся ў Амерыку, дзе яго чакала вельмі ганаровая пасада, манахі ж былі яе выпадковымі спадарожнікамі, а зусім не праваднікі. Але Дон Кіхот, як толькі заўважыў іх, адразу ж сказаў свайму збраяносцу:

— Калі я не памыляюся, нас чакае самая дзівосная прыгода, якую толькі можна сабе ўявіць. Вунь тыя чорныя страхоцці, што паказаліся ўдалечыні, — гэта, само сабой зразумела, чараўнікі: яны выкралі прынцэсу і вязуць яе ў карэце, мне ж, чаго б гэта ні каштавала, патрэбна разладзіць гэту злосную задуму.

— Як бы не атрымалася горш, чым з ветранымі млынамі, — зазначыў Санча. — Годзе, сеньёр: гэта ж браты-бенедыктынцы, а ў карэце, напэўна, едуць якія-небудзь падарожнікі. Праўда, ваша міласць, паслухайце вы мяне і адумайцеся,а то вас зноў нячысты спакусіць.

— Я ж казаў табе, Санча, што ты яшчэ нічога не разумееш у прыгодах, — запярэчыў Дон Кіхот. — Я поўнасцю маю рацыю, і ты зараз у гэтым пераканаешся.

Тут ён выехаў наперад, спыніўся пасярод дарогі і, калі манахі апынуліся на такой блізкай адлегласці, што маглі яго пачуць, гучным голасам загаварыў:

— Шалёныя пачвары, зараз жа вызваліце высакародных прынцэс, якіх вы сілком вязеце ў карэце! A інакш рыхтуйцеся прыняць хуткую смерць, як заслужанае пакаранне за свае злачынствы!

Манахі нацягнулі павады і, спалоханыя выглядам Дон Кіхота і яго словамі, адказалі яму так:

— Сеньёр кавальера, мы не шалёныя пачвары — мы бенедыктынскія манахі, едзем па сваіх патрэбах, і ці ёсць у карэце выкрадзеныя прынцэсы ці няма, пра гэта мы не ведаем.

— Салодкімі прамовамі вы мяне не ўлагодзіце! Ведаю я вас, вераломных нягоднікаў! — сказаў Дон Кіхот.

He чакаючы адказу, ён прышпорыў Расінанта і з кап’ём наперавес, не помнячы сябе ад лютасці, адважна рынуўся на аднаго з манахаў, так што калі б той загадзя не зляцеў з мула, то ён прымусіў бы яго зрабіць гэта сілай, ды яшчэ ў дадатак цяжка параніў бы, a можа, і проста забіў. Другі манах, бачачы, як абыходзяцца з яго спадарожнікам, уткнуў пяткі ў бакі добрага свайго мула і памчаўся хутчэй за вецер.

Тым часам Санча Панса імгненна саскочыў з асла, кінуўся да чалавека, які ляжаў на зямлі, і пачаў здымаць яго адзенне. У той жа момант да яго падбеглі два паганятыя і запыталіся, навошта ён распранае яго. Санча Панса адказаў, што гэтыя трафеі па праву належаць яму, бо бітву выйграў яго пан Дон Кіхот. Паганятыя жартаў не разумелі і не мелі ніякага ўяўлення аб тым, што такое бітвы і трафеі; выкарыстаўшы тое, што Дон Кіхот пад’ехаў да карэты і пачаў размаўляць з падарожніцай, яны кінуліся на Санча, збілі яго з ногі надавалі яму такіх выспяткаў, што ён, непрытомны і нерухомы, застаўся ляжаць на зямлі. Перапалоханы ж і збянтэжаны манах, бледны, як палатно, не губляючы каштоўнага часу, сеў на свайго мула і паскакаў туды, дзе, здалёку назіраючы за ўсёй гэтай сумятнёй, чакаў яго спадарожнік, а затым абодва, не чакаючы развязкі, паехалі далей і пры гэтым так старанна хрысціліся, нібы ўслед за імі гнаўся чорт.

Між тым Дон Кіхот, як ужо было сказана, пачаў размову з дамай, якая сядзела ў карэце.

— Сеньёра, — так пачаў ён, — ваша хараство можа цяпер распараджацца сабой як яму захочацца, бо фанабэрыстасць вашых выкрадальнікаў змецена і знішчана дашчэнту магутнаю маёю рукою. А каб вы не пакутавалі тым, што не ведаеце імя свайго выратавальніка, я вам скажу, што я — Дон Кіхот Ламанчскі, вандроўны рыцар і шукальнік прыгод, зачараваны непараўнальнаю прыгажуняю Дульцынеяй Табоскаю. І ва ўзнагароду за аказаную вам паслугу я хачу аднаго: едзьце ў Табоса, да маёй пані, скажыце ёй, што вы ад мяне, і паведаміце ёй аб усім, што я зрабіў, дамагаючыся вашага вызвалення.

Ледзь паспеў Дон Кіхот вымавіць гэта, як адзін са слуг, якія суправаджалі даму, родам біскаец, бачачы, што Дон Кіхот не прапускае карэту і патрабуе, каб яны вярталіся назад і ехалі ў Табоса, наблізіўся да яго і, схапіўшыся за яго кап’ё, на дрэнным кастыльскім і агідным біскайскім дыялектах сказаў яму наступнае:

— Хадзі прэч, кавальера, каб табе няма дарогі! Клянуся тварцом: не выпускаць карэту, дык я цябе заб’еш, няхай не буду я біскаец!

Дон Кіхот выдатна зразумеў яго.

— Калі б ты быў не варты жалю халоп, а кавальера, — спакойна заўважыў ён, — я б цябе пакараў за тваю неразважнасць і нахабства.

Біскаец жа яму на гэта адказаў:

— Я — не кавальера? Клянуся богам, ты хлусіш, як хрысціянін! Ану кідай кап’ё, хапай меч — будзем глядзець, хто каго! Біскаец — ён табе і на сушы, і на моры, і чорт яго ведае дзе, — гідальга. Наадварот скажаш — хлус будзеш.

— Ну, гэта мы яшчэ паглядзім, — прамовіў Дон Кіхот.

Шпурнуўшы кап’ё далоў, ён выхапіў меч, загарадзіўся шчытом і з цвёрдым намерам забіць біскайца кінуўся на яго. Біскаец жа, сцяміўшы, што справа прымае дрэнны кірунак, хацеў быў спешыцца, бо мул, на якім ён падарожнічаў, благі наёмны мул, не выклікаў у яго даверу, але ён паспеў толькі выхапіць меч. Па шчаслівай выпадковасці, ён знаходзіўся каля самай карэты; выкарыстаўшы гэта, ён выхапіў падушку і прыкрыўся ёю, як шчытом. Тыя, хто пры гэтым прысутнічалі, дарэмна імкнуліся іх памірыць, — біскаец крычаў на сваёй ламанай мове, што калі яму не дадуць уступіць у бой, то ён заб’е сваю пані і ўсіх, хто стане яму ўпоперак дарогі. Дама, якая сядзела ў карэце, здзіўленая і перапалоханая тым, што адбывалася, загадала фурману ад’ехаць убок і пачала назіраць за жорсткай бітвай.

Рашучы выгляд, з якім Дон Кіхот перайшоў у наступленне, яскрава сведчыў аб гневе, што авалодаў ім, а таму біскаец палічыў неабходным падрыхтавацца да абароны. Ён прыціснуў падушку да грудзей, але з месца не зрушыў, бо ні туды ні сюды не мог павярнуць свайго мула, які ад вялікай зморанасці і ад непрывычкі да такіх дурыкаў не ў сілах быў паварушыць нагой. Словам, як ужо было сказана, Дон Кіхот, высока падняўшы меч, каб рассячы вёрткага біскайца напалам, наступаў на яго, біскаец абараняўся падушкай і таксама высока падняў меч. Спалоханыя гледачы з заміраннем сэрца чакалі, што будзе, калі апусцяцца гэтыя мячы, якія пагражалі знішчальным ударам адзін аднаму, між тым як дама ў карэце разам са сваімі служанкамі заклікала на дапамогу сілы нябесныя і давала богу абяцанне ахвяраваць на ўсе святыні і ўнесці ўклад ва ўсе іспанскія манастыры, толькі б ён адвёў ад біскайца і ад іх саміх такую вялікую небяспеку.

Першы нанёс удар запальчывы біскаец, і пры гэтым з такой сілай і лютасцю, што, калі б не павярнуўся ў яго руцэ меч, адзін гэты ўдар мог бы скончыць жорсткую сутычку і ўсе прыгоды нашага рыцара; але добры лёс, які ахоўваў Дон Кіхота для больш важных спраў, павярнуў меч у руцэ яго ворага так, што хоць удар і быў нанесены па левым плячы, аднак жа асаблівай шкоды не зрабіў, за выключэннем хіба таго, што сарваў з левага боку даспехі і мімаходам рассек яму вуха і шлем. Даспехі з жахлівым грукатам зваліліся долу, і ў гэту хвіліну рыцар наш выглядаў вельмі бездапаможна.

Божа ты мой, ці ёсць на свеце такі чалавек, які мог бы знайсці адпаведныя выразы, каб перадаць гнеў, які ахапіў нашага ламанчца, калі ён убачыў, як з ім абышліся! He, лепш за ўсё прачытаць аповед далей. Такім чынам, Дон Кіхот зноў прыўстаў на страмёнах, і, яшчэ мацней сціскаючы абедзвюма рукамі меч, з такой раз’юшанасцю ўдарыў біскайца наводмаш па падушцы і па галаве, што, нягледзячы на гэту надзейную абарону, у біскайца было такое пачуццё, быццам на яго абвалілася гара; кроў хлынула ў яго з носа, з вушэй, ён пахіснуўся і, безумоўна, зляцеў бы з мула, калі б яму не ўдалося абхапіць яго за шыю; але ў гэты самы час ногі выслізнулі ў яго са страмёнаў, рукі ён раскінуў, а мул, напалоханы моцным ударам, адчайна брыкаючыся, памчаўся наперад і вельмі хутка скінуў седака далоў.

Дон Кіхот з самым спакойным выглядам пазіраў на гэта; калі ж біскаец зваліўся, ён саскочыў з каня, імгненна апынуўся каля свайго ворага і, паднёсшы вастрыё мяча да яго вачэй, загадаў здавацца, прыгразіўшы ў адваротным выпадку адсячы яму галаву. Біскаец быў такі ашаломлены, што не мог вымавіць ні слова; і яму, сапраўды, не паздаровілася б (бо Дон Кіхот быў у шаленстве ад гневу), калі б жанчыны, якія знаходзіліся ў карэце і да гэтага часу ў разгубленасці сачылі за бойкай, не падышлі да нашага рыцара і не пачалі неадступна прасіць яго зрабіць для іх такую ласку злітавацца над іх слугой. Дон Кіхот жа ім на гэта з вялікай годнасцю і важнасцю адказаў:

— Цудоўныя сеньёры! Вядома, я вельмі ахвотна выканаю вашу просьбу, але з адной умовай і агаворкай: рыцар гэты павінен мне паабяцаць, што ён адправіцца ў горад, які называецца Табоса, да непараўнальнай донны Дульцынеі, і скажа, што гэта я паслаў яго да яе, а ўжо яна вырашыць, што з ім рабіць.

Перапалоханыя і засмучаныя дамы, не ўнікаючы ў тое, чаго ён ад іх патрабаваў, і нават не даведаўшыся, хто такая гэта Дульцынея, абяцалі, што слуга дакладна выканае яго загад.

— Ну добра, веру вам на слова, — сказаў Дон Кіхот. — Больш я не зраблю яму зла, хоць ён яго вельмі заслугоўвае.


Раздзел VIII. Аб дасціпнай размове, якую вялі між сабой Дон Кіхот і яго збраяносец Санча Панса

Тым часам Санча Панса, з якім не вельмі прыязна абышліся слугі манахаў, стаў на ногі і, уважліва сочачы за паядынкам, звярнуўся ў думках да бога: ён прасіў яго падарыць Дон Кіхоту перамогу і дапамагчы яму заваяваць востраў, уладаром якога, згодна з дадзеным яму абяцаннем, павінен быў стаць яго збраяносец. Калі ж сутычка скончылася і Дон Кіхот накіраваўся да Расінанта, Санча кінуўся падтрымаць яму стрэмя, і не паспеў рыцар наш сесці на каня, як ён апусціўся перад ім на калені, схапіў яго руку, пацалаваў яе і сказаў:

— Калі ласка, сеньёр Дон Кіхот, зрабіце мяне губернатарам вострава, які дастаўся вам у гэтым жорсткім баі. Які б вялікі ні быў гэты востраў, усё ж я здолею на ім губернатарнічаць не горш за любога губернатара, які толькі ёсць на свеце.

Дон Кіхот жа яму на гэта адказаў:

— Май на ўвазе, брат Санча, што сённяшняя прыгода, гэтак жа, як і ўсе на яе падобныя, толькі дарожныя прыгоды, але не астраўныя, і тут ты заўсёды можаш разлічваць на тое, што табе праломяць чэрап ці адсякуць вуха, але ні на што большае. Дай тэрмін — будуць у нас і такія прыгоды, якія дадуць мне магчымасць зрабіць цябе не толькі губернатарам вострава, але і ўзвысіць яшчэ вышэй.

Санча горача падзякаваў Дон Кіхоту і, яшчэ раз пацалаваўшы яму руку і край кальчугі, падсадзіў яго на Расінанта, сам жа ўскочыў на асла і рушыў услед за сваім панам, а той, ні слова больш не вымавіўшы падарожніцам і нават не развітаўшыся з імі, шпаркім крокам паехаў у бліжэйшы гай. Санча ехаў трухам на ўвесь асліны мах, але Расінант нечакана памчаўся з усіх сіл так, што збраяносец не мог за ім паспець, і ўрэшце ён вымушаны быў крыкнуць свайму пану, каб той пачакаў яго. Дон Кіхот выканаў просьбу знясіленага збраяносца і нацягнуў павады; той жа, дагнаўшы яго, прамовіў:

— Вось што я вам скажу, сеньёр: не шкодзіла б нам схавацца ў якой-небудзь царкве54. Мы ж пакінулі чалавека, з якім вы змагаліся, у самым бядотным становішчы, таму, так і чакай, наляціць Святое брацтва55 і нас з вамі схопяць. А пакуль мы выйдзем на свабоду, у нас, слова гонару, вочы на лоб вылезуць.

— Памаўчы, — сказаў Дон Кіхот. — Дзе ты бачыў ці чытаў, каб вандроўнага рыцара прыцягвалі да суда за кровапраліцці, колькі б ён іх ні ўчыніў?

— Наконт кровапраліцця я нічога не чуў і зроду ні на кім не спрабаваў, — адказаў Санча. — Ведаю толькі, што тых, хто распачынае на бальшаках бойкі, Святое брацтва па галоўцы не гладзіць, астатняе мяне не тычыцца!

— He бядуй, дружа мой, — сказаў Дон Кіхот, — я цябе вырву з рук халдзеяў, не тое што з рук Брацтва. Але скажы мне сумленна: сустракаў ты дзе-небудзь у вядомых нам краінах больш адважнага рыцара, чым я? Ці чытаў ты ў кнігах, каб які-небудзь рыцар смялей за мяне нападаў, мужней абараняўся, больш умела наносіў удары, больш імкліва збіваў ворага?

— Па праўдзе сказаць, я за ўсё сваё жыццё не прачытаў ніводнай кнігі, таму што не ўмею ні чытаць, ні пісаць, — прызнаўся Санча. — Але магу пайсці ў заклад, што ніколі ў жыцці не служыў я такому храбраму пану, як вы, ваша міласць, і дай бог, каб вам не давялося разлічвацца за вашу храбрасць у тым месцы, аб якім я ўжо ўпамінаў. Аб адным прашу вашу міласць: вам абавязкова патрэбна палячыцца — кроў так і цячэ ў вас з вуха, а ў мяне ў торбе ёсць корпія і крыху белай мазі.

— Ва ўсім гэтым не было б ніякай неабходнасці, — заўважыў Дон Кіхот, — калі б я не забыўся захапіць у дарогу пасудзіну з бальзамам Ф’ерабраса56: адна кропля гэтага бальзаму зберагла б нам час і зелле.

— Што гэта за пасудзіна і што гэта за бальзам? — запытаўся Санча Панса.

— Рэцэпт гэтага бальзаму я ведаю на памяць, — адказаў Дон Кіхот, — з ім няма чаго баяцца смерці і не страшныя ніякія раны. Дык вось, я прыгатую яго і аддам табе, ты ж, убачыш, што мяне ў гарачцы бою рассеклі напалам, — а такія выпадкі з вандроўнымі рыцарамі бываюць пастаянна, — не доўга думаючы, беражліва падымі тую палову, што звалілася на зямлю, і, пакуль яшчэ не загусцела кроў, з найвялікшай асцярожнасцю прыстаў да той, якая засталася ў сядле, — пры гэтым патрэбна так ухітрыцца, каб яны самы раз падышлі адна да адной. Затым дай мне толькі два глыткі памянёнага бальзаму, і я зноў прадстану прад табой свежым і бадзёрым.

— Калі так, — сказаў Панса, — то я раз назаўсёды адмаўляюся ад кіравання востравам і ў якасці ўзнагароды за маю старанную і верную службу прашу аднаго: дайце мне, ваша міласць, рэцэпт гэтай незвычайнай вадкасці. Ручаюся, што за адну яе унцыю, дзе захочаш, дадуць не менш за два рэалы, а ўжо на гэтыя грошы я змагу пражыць свой век сумленна і без гора. Аднак спачатку трэба даведацца, ці дорага каштуе яго прыгатаванне.

— Тры асумбры57 абыдуцца менш за тры рэалы, — сказаў Дон Кіхот.

— Бяда мне з вамі, ваша міласць! — усклікнуў Санча. — Чаго ж вы чакаеце, чаму ж вы самі яго не вырабляеце і мяне не навучыце?

— Маўчы, дружа мой, — сказаў Дон Кіхот. — Я табе яшчэ і не такія тайны адкрыю і не такімі ласкамі асыплю. А цяпер давай лячыцца, бо вуха ў мяне баліць мацней, чым мне б хацелася.

Санча дастаў з торбы корпію і мазь. Але тут Дон Кіхот зірнуў на разбіты свой шлем — і ледзь не страціў прытомнасць; затым паклаў руку на ручку мяча і, пазіраючы ў неба, прамовіў:

— Клянуся тварцом неба і зямлі і чатырма святымі евангеллямі, што з гэтага часу я буду весці такі спосаб жыцця, які вёў вялікі маркіз Мантуанскі пасля таго, як пакляўся адпомсціць за смерць свайго пляменніка Балдуіна, а менавіта: клянуся ў час трапезы абыходзіцца без абруса і яшчэ чагосьці не рабіць — дакладна не памятаю, але ўсё гэта ўваходзіць у маю клятву, — да таго часу, пакуль не адпомшчу таму, хто мяне так зняважыў.

Санча ж яму на гэта сказаў:

— Прыміце пад увагу, сеньёр Дон Кіхот, што калі гэты рыцар выканаў ваш загад і з’явіўся да сеньёры Дульцынеі Табоскай, значыць ён выканаў свой абавязак і не заслугоўвае новага пакарання, хіба толькі ўчыніць новае злачынства.

— Твае разважанні і заўвагі цалкам справядлівыя, — сказаў Дон Кіхот, — таму я адмяняю клятву зноў адпомсціць майму ворагу. Затое я зноў даю клятву і пацвярджаю, што буду весці той спосаб жыцця, аб якім я ўжо казаў, да таго часу, пакуль не адбяру ў каго-небудзь з рыцараў такі ж выдатны шлем, як гэты. І не думай, Санча, што я кідаю словы на вецер: мне ёсць з каго браць прыклад — літаральна тое ж здарылася са шлемам Мамбрына58, які вельмі дорага абышоўся Сакрыпанту59.

— Ах, васпан мой, ды пашліце вы к чорту ўсе гэтыя клятвы! — усклікнуў Санча. — Ад іх толькі шкода здароўю і на душы грэх. Падумайце самі: а калі мы яшчэ не хутка сустрэнем чалавека ў шлеме — што нам тады рабіць? Няўжо вы застанецеся верным сваёй клятве, нягледзячы на ўсе нягоды і нязручнасці, звязаныя з ёю? Вам жа давядзецца спаць адзетым, начаваць пад адкрытым небам і прайсці праз шматлікія іншыя выпрабаванні, аб якіх гаворыць гэты звар’яцелы стары маркіз Мантуанскі, чые абавязацельствы вы зараз надумалі ўзяць на сябе! Ды што вы, сеньёр, па гэтых жа дарогах ездзяць не ўзброеныя людзі, а вазакі ды паганятыя, якія не толькі не носяць шлемаў, а бадай, і слова такога з роду не чулі.

— Ты памыляешся, — запярэчыў Дон Кіхот. — He пройдзе і дзвюх гадзін, як дзе-небудзь на раздарожжы нам сустрэнецца вялікае мноства ўзброеных людзей.

— Ну добра, няхай будзе па-вашаму, — сказаў Санча. — Дай бог, каб усё шчасліва абышлося і каб хутчэй настаў час заваяваць гэты востраў, які мне вельмі дорага каштуе, а там можна і памерці.

— Я ўжо казаў табе, Санча, каб ты наконт гэтага не турбаваўся: не будзе вострава — знойдзем якую-небудзь дзяржаву накшталт Даніі ці Сабрадысы60, на тваю вялікую радасць, бо гэтыя дзяржавы мацерыковыя, і таму ты будзеш адчуваць сябе цалкам у сваёй талерцы. А пакуль што пакінем гэту размову. Паглядзі лепш, ці няма ў тваёй торбе чаго-небудзь паесці: мы перакусім і адразу ж накіруемся на пошукі замка, дзе б нам можна было пераначаваць і прыгатаваць бальзам, аб якім я табе казаў, — клянуся богам, у мяне вельмі баліць вуха.

— У мяне ёсць цыбуліна, крыху сыру і некалькі сухіх скарынак, — аб’явіў Санча, — але такому доблеснаму рыцару, як вы, ваша міласць, такія стравы есці не падыходзіць.

— Як мала ў гэтым ты разумееш! — усклікнуў Дон Кіхот. — Дык ведай, Санча, што вандроўныя рыцары за асаблівы для сябе гонар лічаць цэлы месяц нічога не есці ці харчавацца чым давядзецца. І калі б ты прачытаў столькі кніг, колькі я, то для цябе гэта не было б навіной, а я хоць і шмат іх прачытаў, аднак жа ні ў адной з іх не знайшоў указанняў, каб вандроўныя рыцары што-небудзь елі, хіба выпадкова, у час шыкоўных банкетаў, якія наладжваліся для іх, у астатні ж час яны харчаваліся тым, што бог пашле. Само сабой зразумела, не маглі ж яны зусім нічога не есці, бо, па сутнасці кажучы, гэта былі такія ж людзі, як мы, але, з іншага боку, яны амаль усё жыццё праводзілі ў лясах і пустынях, а кухараў у іх не было — значыць, з такім жа поспехам можна меркаваць, што звычайнай іх ежай была ежа грубая, як тая, якую ты мне зараз прапаноўваеш. А таму няхай не засмучае цябе, дружа Санча, тое, што прыносіць задавальненне мне, не заводзь ты ў чужым манастыры свайго статута і не збівай вандроўнага рыцара з правільнага шляху.

— Выбачайце, ваша міласць, — сказаў Санча, — але я ўжо вам казаў, што я ні чытаць, ні пісаць не ўмею, і правілы рыцарскіх паводзін — гэта для мяне цёмны лес. Аднак жа надалей, калі вы рыцар, я буду вас забяспечваць сушанымі пладамі, а сябе самога, калі я не рыцар, — усялякай жыўнасцю і ўвогуле сім-тым больш істотным.

— Я зусім не кажу, Санча, — запярэчыў Дон Кіхот, — што вандроўныя рыцары абавязаны задавальняцца аднымі сушанымі пладамі, а толькі хачу сказаць, што яны складалі звычайна іх харчаванне ды яшчэ некаторыя палявыя травы, у якіх усе рыцары, як і я, разбіраліся.

— Разбірацца ў раслінах — гэта вялікая справа, — заўважыў Санча, — таму, мяркую я, калі-небудзь вашы веды нам вельмі спатрэбяцца!

Тут ён расклаў свае прыпасы, і абодва ў добрай згодзе пачалі есці. Але паколькі абодвум не цярпелася дабрацца да начлегу, то яны імгненна з’елі свае бедныя і чэрствыя прыпасы. Затым зноў селі вярхом і, каб завідна дабрацца да сяла, шпаркім крокам паехалі далей; аднак сонечныя промні неўзабаве згаслі, a разам з імі згасла і надзея нашых падарожнікаў дасягнуць жаданага, — згаслі якраз калі яны ехалі міма буданоў казапасаў, і таму яны вырашылі тут заначаваць. І наколькі сумна было Санча Пансу з-за таго, што яны не дабраліся да сяла, настолькі ж радасна было Дон Кіхоту думаць, што ён правядзе гэту ноч пад адкрытым небам: такія выпадкі, здавалася яму, з’яўляюцца яшчэ адным доказам таго, што ён сапраўдны рыцар.


Раздзел IX. Аб тым, што адбылося паміж Дон Кіхотаміказапасамі

Казапасы сустрэлі яго гасцінна. Санча ж, уладкаваўшы з усімі выгодамі Расінанта і свайго асла, памкнуўся быў у той бок, адкуль даносіўся пах казляціны, якая гатавалася ў катле на агні: яго цягнула адразу пераканацца, ці не пара перакласці яе з катла ў страўнік, але ён не паспеў ажыццявіць свой намер, бо ў гэты самы час казапасы знялі кацёл з агню і, разаслаўшы аўчыны, спехам падрыхтавалі вясковую сваю вячэру, а затым з самым ветлівым выглядам прапанавалі абодвум падарожнікам павячэраць з імі. Усе шэсць пастухоў, якія пільнавалі загон, селі ў кружок на аўчыны, папярэдне з нязграбнай цырымоннасцю паказаўшы Дон Кіхоту месца на перавернутым уверх дном вадапойным карыце. Дон Кіхот сеў, а Санча стаў ззаду за сваім панам, каб падаваць яму зроблены з рога кубак. Бачачы, што ён працягвае стаяць, Дон Кіхот звярнуўся да яго з такімі словамі:

— Каб ты ўцяміў, Санча, наколькі дабрадзейная справа, якая называецца вандроўным рыцарствам, і што тыя, хто так ці інакш гэтай справе служаць, у самы кароткі тэрмін і ў любую хвіліну могуць заслужыць усеагульную павагу і пашану, я хачу пасадзіць цябе побач з сабой, сярод гэтых добрых людзей, і мы будзем з табою, як роўны з роўным; я, твой пан і прыроджаны сеньёр, і ты, мой збраяносец, будзем есці з адной талеркі і піць з адной пасудзіны, бо аб вандроўным рыцарстве можна сказаць тое ж, што звычайна гавораць аб каханні: яно ўсё на свеце ўраўноўвае.

— Вельмі ўдзячны, — сказаў Санча, — аднак жа адважуся паведаміць вашай міласці, што калі толькі ў мяне ёсць што з’есці, я з такім жа і нават з большым задавальненнем буду есці стоячы і сам-насам, чым седзячы за адным сталом з імператарам. Калі ўжо на тое пайшло, дык я, вядома, аддам перавагу ў сябе дома, без усялякіх крыўлянняў і цырымоній, умінаць хлеб з цыбуляй, чым есці індычку ў гасцях, дзе я павінен павольна жаваць, увесь час выціраць рот, піць з аглядкай, дзе не смей чхнуць, не смей кашлянуць, не смей яшчэ што-небудзь зрабіць — такое, што цалкам дапускаюць свабода і адасабленне. А таму, васпан мой, зрабіце ласку ператварыць тую пашану, якою вы надумалі ўшанаваць мяне за тое, што я маю адносіны да вандроўнага рыцарства і знаходжуся ў яго на службе і што я збраяносец вашай міласці, у нешта больш даходнае і прыбытковае. А за пашану я вам вельмі ўдзячны, але адмаўляюся ад яе на векі вечныя.

— Як бы там ні было, табе давядзецца сесці, бо хто сябе прыніжае, таго гасподзь узвысіць.

Узяўшы Санча за руку, Дон Кіхот пасадзіў яго побач з сабой.

Казапасы нічога не ведалі аб тым, што такое збраяносцы і вандроўныя рыцары, — усё гэта было для іх тарабаршчынай; яны моўчкі елі і пазіралі на гасцей, якія з найвялікшай ахвотай і смакам засоўвалі ў рот кавалкі казляціны велічынёю з кулак. Пасля таго як мяса было з’едзена, гаспадары высыпалі на аўчыны процьму жалудоў і паставілі паўгалавы сыру, такога цвёрдага, нібы ён быў зроблены з вапны. Кубак між тым таксама не заставаўся без справы: то поўны, то пусты, быццам вядро вадаліўнай машыны, ён так часта абыходзіў круг, што яму без цяжкасці ўдалося апаражніць адзін з двух бурдзюкоў, выстаўленых казапасамі. Наеўшыся ўволю, Дон Кіхот узяў жменю жалудоў і, уважліва іх разглядваючы, пачаў разважаць:

— Шчаслівыя часы і шчаслівае тое стагоддзе, якое старажытныя людзі называлі залатым, — і не таму, што золата, у якім у наш жалезны век мы бачым такую вялікую каштоўнасць, у той шчаслівы час даставалася дарма, а таму, што людзі, якія тады жылі, не ведалі двух слоў: тваё і маё. У тыя благаславёныя часы ўсё было агульнае. Для таго каб здабыць сабе харчаванне на дзень, чалавеку варта толькі было працягнуць руку да магутных дубоў, і галіны іх цягнуліся да яго і салодкімі, спелымі сваімі пладамі шчодра ўзнагароджвалі. Шпаркія рэкі і светлыя крыніцы праганялі яго смагу багаццем прыемнай на смак і празрыстай вады. Мудрыя і працавітыя пчолы засноўвалі свае дзяржавы ў расколінах скал і ў дуплах дрэў і шчодра частавалі кожнага, хто прасіў, багатым плёнам салодкай сваёй працы. Каржакаватыя пробкавыя дубы здымалі з сябе шырокую сваю і лёгкую кару не ў якіх-небудзь карысных мэтах, а толькі ад спрыяльнасці, і людзі накрывалі ёй свае хаціны, якія трымаліся на неабцясаных слупах, — накрывалі не дзеля чагосьці, а толькі для таго, каб засцерагчыся ад непагадзі. Тады ўсюды панавалі дружба, мір і згода. Тады па ўзгорках і далінах гулялі прыгожыя і шчырыя пастушкі ў сціплым адзенні, з непакрытаю галавою, у вянках з сакавітых лістоў трыпутніку і плюшчу замест модных у апошні час убораў, аздобленых цірскім пурпурам61 і шоўкам, што праходзіць праз розныя пакуты, і ў гэтым сваім убранні яны былі, пэўна, такія ж велічныя і зграбныя, як і свецкія нашы дамы з іх мудрагелістымі і дзіўнымі задумамі, на якія штурхае іх мітуслівая бяздзейнасць. Тады пачуцці закаханага сэрца выказваліся гэтак жа проста і натуральна, як узнікалі, без усялякіх штучных украс і акалічнасцей. Праўдзівасць і шчырасць свабодныя былі ад прымесі хлусні, крывадушша і хітрасці. Карыслівасць і заўзятасць не былі такія моцныя, каб адважыцца зняважыць ці збіць з правільнага шляху тады яшчэ ўсёмагутнае правасуддзе, якое яны так зневажаюць, уціскаюць і выпрабоўваюць цяпер. Закон асабістага самавольства не вісеў над думкамі суддзі, бо тады яшчэ не было каго і за што судзіць. Аднак з цягам часу свет усё больш і больш поўніўся злом, — вось чаму і заснавалі нарэшце ордэн вандроўных рыцараў, у абавязкі якога ўваходзіць дапамагаць няшчасным і бедным. Да гэтага ордэна належу і я, браты пастухі, і цяпер я ад свайго імя і ад імя майго збраяносца не магу не падзякаваць вам за пачастунак і гасціннасць. Праўда, садзейнічаць вандроўным рыцарам прамы абавязак усіх, хто жыве на свеце, аднак жа, ведаючы загадзя, што вы, і не чуўшы пра гэты свой абавязак, усё ж прытулілі мяне і пачаставалі, я шчыра хвалю вас за вашу непрытворную гасціннасць.

Рыцар наш сказаў гэту доўгую прамову толькі таму, што, зірнуўшы на жалуды, якімі яго пачаставалі, ён успомніў аб залатым стагоддзі, і яму захацелася падзяліцца сваімі разважаннямі з казапасамі, а тыя слухалі яго моўчкі, з выцягнутымі тварамі, што выяўлялі поўнае здзіўленне. Санча таксама маўчаў; ён еў жалуды і раз-пораз наведваўся да другога бурдзюка, які пастухі, каб віно не награвалася, падвесілі на дубе.

Вячэра даўно закончылася, а Дон Кіхот усё яшчэ не пераставаў гаварыць. Нарэшце адзін з казапасаў звярнуўся да яго з такімі словамі:

— Каб вы, ваша міласць, сеньёр вандроўны рыцар, палажыўшы руку на сэрца, маглі прызнаць, што мы і сапраўды прынялі вас шчыра і гасцінна, мы папросім аднаго пастуха, які з хвіліны на хвіліну павінен быць тут, пазабаўляць вас і парадаваць асалодным спевам.

Толькі паспеў казапас вымавіць гэтыя словы, як раптам да іх даляцелі гукі равеля62, а крыху пазней з’явіўся і той, хто на ім іграў. Гэта быў юнак гадоў дваццаці двух, вельмі прыемнага выгляду. Таварышы запыталіся, ці вячэраў ён; юнак адказаў, што вячэраў. Тады той пастух, які толькі што гаварыў аб ім, звярнуўся да яго:

— У такім выпадку, Антоньё, парадуй нас, праспявай што-небудзь, няхай наш шаноўны госць пераканаецца, што і ў лясах, і ў гарах можна сустрэць людзей, якія разбіраюцца ў музыцы.

— Ахвотна, — адказаў юнак.

Калі ж ён скончыў, Дон Кіхот папрасіў яго яшчэ што-небудзь выканаць, але Санча Панса, які больш хацеў спаць, чым слухаць песні, запярэчыў.

— Даўно пара вашай міласці выбраць сабе месца для начлегу, — сказаў ён свайму пану. — Яны і так за дзень натаміліся, куды ж яшчэ спяваць па начах!

— Я цябе разумею, Санча, — заўважыў Дон Кіхот. — Вядома, што паходы да бурдзюка павінны быць узнагароджаны сном, а не музыкай.

— Божа міласцівы, каму што! — усклікнуў Санча.

— He адмаўляю, — сказаў Дон Кіхот. — Такім чынам, ты можаш уладкоўвацца, дзе табе падабаецца, мне ж, прымаючы пад увагу абраны мной характар заняткаў, больш прыстойна не спаць, чым спаць. Разам з тым не дрэнна было б табе, Санча, яшчэ раз перавязаць мне вуха, таму што яно баліць мацней, чым трэба.

Санча пачаў быў перавязваць, але адзін з пастухоў, агледзеўшы рану, сказаў збраяносцу, каб той не турбаваўся, бо ў яго ёсць лекі, ад якіх яна хутка загоіцца. Навокал было шмат размарыну; пастух сарваў некалькі лісточкаў, разарваў іх, змяшаў з соллю, прыклаў да вуха і, умелай рукой перавязаўшы яго, аб’явіў, што іншага сродку і не спатрэбіцца. І так яно пасля і аказалася.


Раздзел Х, у якім апавядаецца аб злашчаснай прыгодзе Дон Кіхота з бесчалавечнымі янгуасцамі63


Развітаўшыся з казапасамі, Дон Кіхот і яго збраяносец неўзабаве ўехалі ў бліжэйшы лес і, гадзінкі дзве праблукаўшы, апынуліся нарэшце на зялёным лузе, дзе нячутна струменіўся ручай, які вабіў падарожнікаў сваёй прахалодай і спакушаў іх правесці тут гадзіны нясцерпнай паўдзённай спякоты, што ўступіла да таго часу ў свае правы. Дон Кіхот і Санча спешыліся і, пусціўшы асла і Расінанта на луг, каб яны паласаваліся на волі густою травой, заняліся даследаваннем сваёй дарожнай торбы, пасля чаго пан і яго слуга, не цырымонячыся, у поўнай згодзе пачалі перакусваць тым, што ў іх знайшлося.

Санча не здагадаўся стрыножыць Расінанта — да таго ён быў у ім упэўнены. Аднак жа лёс сумесна з д’яблам, які далёка не заўсёды дрэмле, зрабілі так, што да той жа самай даліны наблізіліся ягуасцкія паганятыя з табуном галісійскіх коней, а паколькі яны маюць звычку палуднаваць у мясцінах, багатых пашамі і вадою, то даліна, дзе размясціўся Дон Кіхот, падалася ім вельмі добрай. І вось здарылася так, што Расінанту захацелася прыўдарыць за панямі жарабіцамі, і, без дазволу гаспадара, ён пабег чуллівым трушком, але жарабіцы адразу ж пачалі брыкаць яго і кусаць. У дадатак да ўсяго прыбеглі з дубінамі паганятыя і так яго адлупцавалі, што ён ледзь жывы паваліўся на зямлю.

Між тым Дон Кіхот і Санча, бачачы, што Расінанта б’юць, з усіх ног кінуліся да яго.

— Зараз відаць, дружа Санча, — сказаў Дон Кіхот, — што гэта не рыцары, а подлая чэрнь, нікчэмныя людзі. Кажу я гэта для таго, каб ты ведаў, што маеш поўнае права дапамагчы мне і справядліва адпомсціць за тое зло, якое яны на нашых вачах адважыліся прычыніць Расінанту.

— Якая тут, к чорту, помста, — усклікнуў Санча Панса, — калі іх больш за дваццаць, нас жа ўсяго толькі два, а дакладней сказаць, паўтара!

— Я адзін варты сотні, — запярэчыў Дон Кіхот.

He доўга думаючы, выхапіў ён свой меч і рынуўся на янгуасцаў, і, падахвочаны і захоплены яго прыкладам, дакладна гэтак жа зрабіў Санча Панса; і пры першым жа націску Дон Кіхот рассек на адным з паганятых скураны паўкафтан, адхапіўшы пры гэтым даволі вялікі кавалак пляча.

Але тут паганятыя, бачачы, што іх так многа, a тых, якія нападаюць, усяго толькі два, пабралі дубінкі і, акружыўшы абодвух праціўнікаў, з незвычайным запалам і гарачнасцю пачалі лупцаваць іх. Па праўдзе сказаць, дастаткова было двух удараў для таго, каб Санча распластаўся на зямлі, і такая ж доля напаткала і Дон Кіхота, нягледзячы на выяўленыя ім спрыт і прысутнасць духу; пры гэтым лёсам пажадана было, каб Дон Кіхот паваліўся да ног Расінанта, які ўсё яшчэ не мог устаць і яскрава сведчыў, якую шалёную сілу набываюць дубіны ў руках раззлаваных вяскоўцаў. Убачыўшы ж, што яны нарабілі, янгуасцы з вялікай жвавасцю рушылі ў дарогу, пакінуўшы двух шукальнікаў прыгод у самым бядотным становішчы і яшчэ ў горшым настроі. Санча Панса ачнуўся першы. Заўважыўшы, што яго пан ляжыць побач з ім, ён слабым і жаласным голасам аклікнуў яго:

— Сеньёр Дон Кіхот, а сеньёр Дон Кіхот!

— Чаго ты, брат Санча? — такім жа знясіленым і самотным голасам запытаўся Дон Кіхот.

— Будзьце вельмі ласкавы, ваша міласць, — працягваў Санча Панса, — калі ёсць у вас бальзам гэтага... як яго там... Ператраса, дайце мне глыточкі два: можа, ён і ад пераломаў дапамагае не горш, чым ад ран.

— Няма, на бяду маю! — усклікнуў Дон Кіхот. — Калі б бальзам Фьерабраса быў у мяне пад рукой, то нам нічога больш і не патрэбна было б жадаць. Але клянуся табе гонарам вандроўнага рыцара, Санча Панса, што не пройдзе і двух дзён, калі толькі лёс не распарадзіцца інакш, як я здабуду яго, або ў мяне адсохнуць рукі.

— А як вы лічаце, ваша міласць, калі ў нас пачнуць рухацца ногі? — запытаўся Санча Панса.

— Што тычыцца мяне, то я не змагу сказаць, калі менавіта, — адказаў пабіты рыцар. — Але вінаваты ва ўсім я: не трэба было мне вымаць меч супраць тых, хто не пасвячоны ў рыцары. І вось, каб пакараць за тое, што я парушыў законы рыцарства, бог вайны64 і дапусціў, думаецца мне, такую кару, што напаткала мяне. А таму, Санча Панса, надалей ты павінен кіравацца тым, што я зараз скажу, — гэта можа паслужыць на карысць нам абодвум. Ну дык вось: як толькі ты ўбачыш, што такі зброд прычыняе нам зло, то не чакай, каб я выхапіў меч, — ты гэтага ўсё роўна не дачакаешся, — а бярыся за свой і карай іх паводле свайго меркавання. Калі ж на выручку ім падаспеюць рыцары, то я заўсёды змагу выручыць цябе з бяды і абрушыць на іх усю сваю моц, — у сіле ж доблеснай маёй рукі ты меў шмат выпадкаў пераканацца, бо праяўляў я яе пры табе неаднаразова.

Бедны наш сеньёр, як відаць, усё яшчэ ганарыўся перамогай над храбрым біскайцам. Санча Панса, аднак жа, не прызнаў наказ свайго пана такім разумным, каб прамаўчаць.

— Сеньёр, — запярэчыў ён, — я чалавек ціхі, спакойны, міралюбівы, я гатовы выцерпець любую знявагу, таму што мне патрэбна жонку карміць і дзяцей вывесці ў людзі. Так што вось вам мой сказ, ваша міласць, — сказ, а не ўказ, бо павучаць вас я не маю права: нізашто я не выму мяча ні супраць рыцара, ні супраць простага чалавека і як перад богам кажу, што раз і назаўсёды дарую ўсім, хто калісьці пакрыўдзіў ці павінны мяне пакрыўдзіць, незалежна ад іх чыну і звання, незалежна ад таго, хто іменна мяне крыўдзіў, крыўдзіць ці яшчэ калі-небудзь пакрыўдзіць высакародны чалавек ці нерадавіты, багацей ці бядняк, дваранін ці халоп.

На гэта яго пан адказаў:

— У мяне дух спірае, і мне цяжка гаварыць, і да таго ж яшчэ не прайшоў боль у баку, а то я растлумачыў бы табе, Панса, якую ты ерась вярзеш. Слухай, грахаводнік: калі б вецер Фартуны, да гэтага часу такі для нас неспрыяльны, змяніўся спадарожным і мы на напятых ветразях нашых спадзяванняў шчасліва і бесперашкодна прысталі да вострава, які я табе абяцаў, то што ж было б з табой, калі б я заваяваў яго і аддаў табе ва ўладанне? Ды ты нічога з ім не мог бы зрабіць, раз ты не рыцар і не жадаеш ім быць — не жадаеш развіваць у сабе мужнасць, помсціць за абразы і адстойваць свае правы. Трэба табе ведаць, што ў нядаўна заваяваных каралеўствах і правінцыях звычайна назіраецца хваляванне грамадскай думкі і далёка не ўсе жыхары бываюць задаволеныя сваім уладаром, з прычыны чаго заўсёды можна асцерагацца, што хто-небудзь, жадаючы зноў усё памяняць і, як кажуць, паспрабаваць шчасця, задумае зрабіць пераварот, — вось чаму новы кіраўнік павінен умець валодаць сабою і быць дастаткова мужным для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сябе ці перайсці ў наступленне.

— Надоечы з намі адбыўся такі выпадак, што я не супраць быў бы валодаць гэтай самай мужнасцю і ўменнем, — падхапіў Санча. — Але клянуся гонарам бедняка, што ў гэты час я маю патрэбу больш у пластырах, чым у павучаннях. Паспрабуйце падняцца, ваша міласць, а затым давайце паможам Расінанту, хоць ён гэтага і не заслугоўвае, таму што менавіта ён з’явіўся галоўным віноўнікам нядаўняга пабоішча. He чакаў я гэтага ад Расінанта: я думаў, ён такі ж міралюбівы, як я. Відаць, праўду кажуць людзі, што чужая душа — цёмны лес і што ўсё на свеце змяняецца. Хто б мог падумаць, што пасля знішчальных удараў мяча, якія вы нанеслі гэтаму няшчаснаму вандроўнаму рыцару, так хутка наступіць вельмі моцны град палачных удараў, што пасыпаліся на нашы спіны!

— Твая спіна, Санча, пэўна, прывыкла да такіх напасцяў, — запярэчыў Дон Кіхот, — мая ж, прывучаная да вельмі тонкага галандскага палатна, вядома, павінна мацней адчуваць боль. І калі б я не дапускаў... ды што я кажу — “дапускаў”, — калі б я не ведаў, што ўсе гэтыя непрыемнасці непарыўна звязаны з паходным жыццём, то я тут жа памёр бы ад прыкрасці.

— Сеньёр, — зноў загаварыў збраяносец, — калі такія няшчасці і ёсць той ураджай, што здымаюць рыцары, то ці не можаце вы сказаць, ваша міласць, ці часта яны паўтараюцца, а можа, для іх існуюць вядомыя тэрміны? Бо пасля двух такіх ураджаяў зняць трэці, думаецца мне, нам будзе ўжо не пад сілу, калі толькі гасподзь бог, па бясконцай міласэрнасці сваёй, нам не дапаможа.

— Ведай, дружа Санча, — адказаў Дон Кіхот, — што жыццё вандроўных рыцараў звязана з бясконцым мноствам небяспек і ліхіх прыгод, але затое, як паказвае вопыт многіх рыцараў, разнастайныя прыгоды якіх мне добра вядомы, у іх заўсёды ёсць магчымасць стаць каралямі ці імператарамі. І калі б не боль у баку, я расказаў бы табе аб тым, як некаторыя з іх дасягнулі згаданых мною высокіх ступеняў толькі дзякуючы доблесным сваім рукам, хоць і да і пасля гэтага ім здаралася цярпець няшчасці і нягоды. Так, напрыклад, доблесны Амадыс Гальскі аднойчы патрапіў у рукі свайго смяротнага ворага, чараўніка Аркалая, і той, узяўшы яго ў палон, адразу ж прывязаў да слупа пасярод двара, схапіў павады і адлічыў яму больш за дзвесце ўдараў, аб чым у мяне ёсць самыя праўдзівыя звесткі. А яшчэ адзін невядомы аўтар, які, аднак, заслугоўвае поўнага даверу, апавядае аб тым, як Рыцара Феба ў нейкім замку заманілі ў пастку: падлога пад ім правалілася, і ён паляцеў у глыбокую яму, і там, у гэтым падзямеллі, яму, звязанаму па руках і нагах, паставілі клісцір з ледзяной вады і пяску, з-за чаго ён ледзь не адправіўся на той свет. І не мінуць бы ліха нашаму беднаму рыцару, калі б у гэтай вялікай бядзе яму не дапамог нейкі чараўнік, яго добры сябар. І вось калі ўжо такім паважаным людзям трэба было папакутаваць, то мне і тым больш. Прытым іх так нечувана зневажалі, як нас з табой да гэтага часу яшчэ не зневажалі. Ведай, Санча, што раны ад зброі, якая выпадкова трапіла пад руку, гонару не закранаюць, бо ў правілах аб паядынку зразумела сказана, што калі адзін шавец стукне другога калодкай, якую ён трымае ў руцэ, то хоць гэта і драўляная калодка, аднак жа з гэтага не вынікае, што пацярпеўшаму нанеслі ўдар палкай. Кажу я гэта таму, што хоць нас і адлупцавалі, але гонар наш, ведай гэта, застаўся незаплямленым, бо прылады, якія гэтыя людзі трымалі ў руках і якімі яны нас пабілі, — усяго толькі дубінкі, тады як рапір, шпагі кінжалаў, наколькі я помню, не было ні ў кога.

— Яны не далі мне разгледзець, — сказаў Санча. — Толькі хацеў я ўзяцца за булатны мой меч, а ўжо яны — каламі па плячах, ды так ахрысцілі, што ў мяне іскры з вачэй пасыпаліся і ногі падкасіліся, і я выцягнуўся на тым самым месцы, дзе ляжу і да гэтага часу, і баліць у мяне не душа — пры думцы аб тым,заплямілі мой гонар палачныя ўдары ці не заплямілі, а баліць цела — ад іхніх дубінак, якія з такой жа сілай урэзаліся ў маю памяць, з якой урэзаліся яны ў маю спіну.

— Разам з усім гэтым павінен ты ведаць, Панса, — заўважыў Дон Кіхот, — што няма такога няшчасця, якое не сцёр бы з памяці час, і няма такога болю, які не спыніла б смерць.

— Што можа быць горшым за ліхую прыгоду, якую нішто, акрамя часу, спыніць не можа і якую адна толькі смерць здольна сцерці з памяці? — запярэчыў Панса. — Калі б нашаму гopу можна было дапамагчы двума пластырамі, то гэта яшчэ дзе наша не прападала, але я бачу, што ўсе пластыры, колькі іх не назапашана ў бальніцы, не паставілі б нас цяпер на ногі.

— He думай аб гэтым, Санча, бяры прыклад з мяне і не падай духам, — сказаў Дон Кіхот. — Лепш паглядзім, што з Расінантам: здаецца, нябогу напаткала не менш горкая доля.

— У гэтым няма нічога дзіўнага, — заўважыў Санча, — ён жа не проста жывёліна, а жывёліна вандроўная. Мяне здзіўляе іншае: чаму гэта ў майго асла рэбры цалюткія, тады як нам іх пералічылі ўсе да аднаго?

— З кім бы ні здарылася бяда, лёс абавязкова падкажа выйсце, — заўважыў Дон Кіхот. — Кажу я гэта таму, што твая жывёліна цяпер можа замяніць мне Расінанта і давезці мяне да якога-небудзь замка, дзе мне дапамогуць загаіць раны. Зняважыць жа мяне такая верхавая жывёліна не можа, бо, помніцца мне, я чытаў, што добры стары Сілен65, выхавальнік і настаўнік вясёлага бога смеху, уехаў у Стоваротны горад, седзячы вярхом на вельмі добрым асле, і адчуваў сябе пры гэтым цудоўна.

— У тым вось і справа, што седзячы вярхом, як вы самі мелі ласку заўважыць, ваша міласць, — запярэчыў Санча. — Адна справа — сядзець вярхом, а іншая — ляжаць упоперак сядла, быццам мяшок з пацярухай.

На гэта Дон Кіхот адказаў так:

— Раны, атрыманыя ў баі, хутчэй могуць праславіць, чым зняславіць. Таму, дружа Санча, не спрачайся са мной, а набярыся моцы і ўстань, аб чым я ўжо цябе прасіў, а затым уладкуй мяне на асле, як ты палічыш патрэбным, — мы павінны рушыць у дарогу, перш чым надыдзе ноч і застане нас у гэтых пустэльных мясцінах.

— Вы ж самі казалі, ваша міласць, — запярэчыў Панса, — што вандроўныя рыцары амаль ці не ўвесь год начуюць звычайна ў пустэльных і бязлюдных месцах, ды яшчэ і за вялікую ўдачу гэта лічаць.

— Гэта ў тых выпадках, калі ім нічога іншага не застаецца ці калі яны закаханыя, — сказаў Дон Кіхот. — Але досыць аб гэтым, Санча, пара і ў дарогу, a то, чаго добрага, і з аслом здарыцца няшчасце, накшталт як з Расінантам.

— Чаго добрага! — адгукнуўся Санча.

Трыццаць разоў войкнуўшы, шэсцьдзесят разоў уздыхнуўшы, сто дваццаць разоў аблаяўшы таго, каму ён абавязаны быў сваёй ліхой прыгодай, і, паслаўшы на яго галаву столькі ж праклёнаў, ён устаў, але на паўдарозе яго скурчыла накшталт турэцкага лука, так што ён доўга потым не мог выпрастацца. І вось з такімі якраз жахлівымі пакутамі закілзаў ён сяк-так свайго асла, таксама злёгку агарошанага падзеямі гэтага надта бурнага дня, а затым падняў Расінанта, які, калі б толькі ўмеў скардзіцца, напэўна, перасягнуў бы ў гэтым майстэрстве і Санча Пансу і яго пана. Урэшце Санча ўладкаваў Дон Кіхота на асле, Расінанта прывязаў ззаду і, узяўшы асла за аброць, рушыў, прыкладна ў тым кірунку, дзе, па яго разліках, павінна была пралягаць вялікая дарога. І не прайшоў ён і адной мілі, як лёс, які ўсё рабіў найлепш для яго, вывеў на гэту дарогу, і ён тут жа заўважыў заезны дом, але Дон Кіхот, наперакор меркаванню Санча і на радасць самому сабе, вырашыў, што гэта замак. Санча пераконваў, што гэта заезны дом, а яго пан — што гэта незаезны дом, а замак; і так доўга яны спрачаліся, што, не закончыўшы спрэчак, паспелі за гэты час дабрацца да заезнага дома, куды Санча, не падумаўшы нават даведацца, што ж гэта на самай справе такое, і накіраваўся са сваім караванам.


Раздел XI. Аб тым, што здарылася з хітрым гідальгаў заезным доме,які ён палічыў за нейкі замак

Гаспадар заезнага дома, бачачы, што Дон Кіхот ляжыць упоперак асла, запытаўся ў Санча, што з ім здарылася. Санча адказаў, што нічога асаблівага, што ён зваліўся са скалы і злёгку пашкодзіў бок. Жонка гаспадара не была падобнаю на карчмарку: гэта была натура спагадлівая, якая шчыра спачувала пакутам свайго блізкага. Яна адразу пачала аглядаць Дон Кіхота і загадала дачцэ сваёй, маладзенькай і вельмі прыгожай дзяўчыне, дапамагчы ёй даглядаць пастаяльца. Служанкай у гаспадара была дзяўчына родам з Астурыі, шыракатварая, кірпатая, са зрэзанай патыліцай і на адно вока сляпая, — зрэшты, другое вока таксама было ў яе не ў парадку. Праўда, складзена яна была выдатна, і гэта згладжвала ўсе іншыя яе недахопы: калі б памераць яе ўсю, ад галавы да ног, то не набралася б і сямі чвэрцяў, а празмерна высока паднятыя плечы прымушалі яе больш уважліва глядзець сабе пад ногі, чым гэтага вымагала неабходнасць. Гэта самая красуня пачала дапамагаць гаспадарскай дачцэ, і абедзве яны змайстравалі Дон Кіхоту вельмі дрэнны ложак у каморы, што, як відаць, на працягу многіх гадоў замяняла адрыну. Ён складаўся з чатырох негабляваных дошак, пакладзеных на дзве не надта роўныя лаўкі, матраца, такога цвёрдага, што калі б з яго дзірак не вылазіла шэрсць, то камякі гэтай шэрсці навобмацак можна было б палічыць за камяні, двух прасцірадлаў, сшытых, напэўна, з той жа самай скуры, што выкарыстоўваецца для вырабу шчытоў, і шарсцяной коўдры, шарсцінкі якой пры жаданні няцяжка было б пералічыць, і пры гэтым вы ні разу не збіліся б з ліку.

Дон Кіхот лёг на гэты пракляты ложак, і тут гаспадыня з дачкой пачалі лячыць яго, так што ён у хуткім часе з галавы да ног быў аблеплены пластырамі, а Марыторнес — так звалі астурыйку — ім свяціла. Заняўшыся яго лячэннем і ўбачыўшы, што ён увесь у сіняках, гаспадыня сказала, што сінякі гэтыя, па ўсёй верагоднасці, ад пабояў, а не ад падзення.

— He, не ад пабояў, — запярэчыў Санча. — Бяда ў тым, што скала трапілася вострая, уся ў выступах, і кожны такі выступ пакінуў на целе па сіняку. Адважуся вас запэўніць, сеньёра, — дадаў ён, — што калі ў вас застанецца хоць трохі гэтага пакулля, то ахвотнікі на яго знойдуцца: у мяне самога штосьці ломіць паясніцу.

— Значыць, вы таксама, напэўна, паваліліся? — запыталася гаспадыня.

— He, я не падаў, — адказаў Санча. — Але я быў так напалоханы падзеннем майго пана, што ў мяне да гэтага часу ўсё цела баліць, быццам мяне адлупцавалі палкамі.

— Гэта бывае, — сказала дзяўчына. — Мне самой часта сніцца, быццам я падаю з вежы і ўсё ніяк не магу даляцець да зямлі, а калі прачнуся, то адчуваю сябе такой разбітай і такой змучанай, нібы я і сапраўды звалілася.

— У тым якраз і справа, сеньёра, — запярэчыў Санча, — што я зусім не ў сне, але, будучы яшчэ свяжэйшы і больш бадзёры, чым зараз, перажыў такое пачуццё, быццам мне наставілі амаль гэтулькі ж сінякоў, колькі майму пану Дон Кіхоту.

— Як завуць гэтага кавальера? — запыталася астурыйка Марыторнес.

— Дон Кіхот Ламанчскі, — адказаў Санча Панса. — Ён вандроўны рыцар, адзін з самых адважных магутных рыцараў, якія калі-небудзь жылі на свеце.

— Што такое вандроўны рыцар? — спытала служанка.

— Ды вы што, толькі ўчора нарадзіліся? — усклікнуў Санча Панса. — Вандроўны рыцар — гэта, ці ведаеце, сястрыца, такая штука! Толькі зараз яго пабілі, — не паспееш азірнуцца, як ён ужо імператар. Сёння больш беднага і больш няшчаснага за яго няма нікога на свеце, а заўтра ён прапануе збраяносцу на выбар дзве,а то і тры каралеўскія кароны.

— Чаму ж вы ў такога добрага пана, як відаць, нават графства — і таго не заслужылі? — умяшалася гаспадыня.

— Надта хутка захацелі, — адказаў Санча. — Мы ўсяго толькі месяц шукаем прыгод, і пакуль што ніводнай вартай увагі прыгоды ў нас не было. Бывае ж і так, што пойдзеш па адно, а знойдзеш зусім іншае. Але калі толькі мой пан Дон Кіхот паправіцца пасля ран, гэта значыць пасля ўдараў, і я сам не застануся на ўсё жыццё калекам, то даю вам слова, што я на самага знатнага іспанскага вяльможу не захачу глядзець.

Дон Кіхот вельмі ўважліва прыслухоўваўся да гэтай размовы, а затым, зрабіўшы намаганне, прыўзняўся, узяў гаспадыню за руку і сказаў:

— Паверце, цудоўная сеньёра: вы павінны быць шчаслівымі, што прытулілі ў сябе ў замку такую асобу, як я, бо калі я сябе і не хвалю, то толькі таму, што, як кажуць, самаўсхваленне зневажае, але мой збраяносец раскажа вам пра мяне. Я ж скажу толькі, што паслуга ваша ніколі не забудзецца і што я буду вам удзячны да канца майго жыцця. І калі б па волі ўсёмагутных нябёсаў законы кахання яшчэ так моцна не авалодалі мной і вочы жорсткай прыгажуні, імя якой я вымаўляю зараз у думках, мяне яшчэ не заняволілі, то свабодаю маёю завалодалі б вочы гэтай дзівоснай дзяўчыны.

Гаспадыня, яе дачка і добрая Марыторнес слухалі вандроўнага рыцара з такім неўразуменнем, як быццам бы ён гаварыў па-грэчаску.

Адно толькі яны ўлавілі — што ён вельмі хваліць іх і выказвае адданасць, і ўсё ж, нязвыклыя да такіх моўных зваротаў, яны глядзелі на яго і дзівіліся: яны прымалі яго за чалавека зусім з іншага свету. Нарэшце, выказаўшы на сваёй карчомнай мове падзяку нашаму рыцару за яго пачцівыя словы, гаспадыня з дачкой пайшлі, астурыйка ж Марыторнес узялася лячыць Санча, які меў у гэтым патрэбу не менш, чым яго пан.

Пад раніцу Дон Кіхот звярнуўся да свайго збраяносца:

— Калі толькі гэта табе не цяжка, Санча, схадзі да каменданта крэпасці і пастарайся дастаць у яго крыху алею, віна, солі і размарыну, каб я мог прыгатаваць гаючы бальзам.

Гаспадар надзяліў Санча ўсім, што толькі яму патрэбна было, і той аднёс гэта Дон Кіхоту. Дон Кіхот змяшаў зелле, потым пачаў падаграваць гэту сумесь і зняў яе з агню толькі тады, калі яму падалося, што бальзам гатовы. Затым ён папрасіў пляшачку, каб пераліць у яе бальзам, аднак ва ўсім заезным доме не знайшлося ніводнай пляшачкі; тады ён вырашыў выкарыстаць для гэтай мэты бляшанку з-пад аліўкавага алею. Гаспадар падарыў яму бляшанку, пасля чаго Дон Кіхот, пры кожным слове жагнаючыся і як бы бласлаўляючы бляшанку, прачытаў над ёю больш за восемдзесят разоў “Ойча наш” і прыблізна столькі ж разоў некаторыя іншыя малітвы; цырымонію гэту назіралі Санча і гаспадар. Пасля заканчэння абраду Дон Кіхот, пажадаўшы адразу ж выпрабаваць на сабе гаючыя ўласцівасці гэтага каштоўнага бальзаму, выпіў амаль усё, што не ўвайшло ў бляшанку і заставалася ў чыгунку, у якім гэта зелле варылася, гэта значыць з паў асумбры, але варта было яму сербануць з чыгунка — і яго тут жа пачало рваць, ды так, што ў страўніку літаральна нічога не засталося; і ад стомы, і ад напружання ён вельмі спацеў, з прычыны чаго ён папрасіў накрыць яго і пакінуць аднаго. Просьба яго была выканана, і ён праспаў больш за тры гадзіны, а калі прачнуўся, то адчуў ва ўсім целе незвычайную лёгкасць, і боль у касцях амаль не даваў аб сабе знаць, так што ён адчуў сябе зусім здаровым і пранікнуўся перакананнем, што яму сапраўды ўдалося прыгатаваць бальзам Фьерабраса і што з гэтым зеллем яму няма ўжо чаго баяцца любых, нават самых небяспечных, бітваў, сутычак і схватак.

Цудоўнае вылячэнне Дон Кіхота здзівіла яго збраяносца, і ён папрасіў дазволу асушыць чыгунок, а там яшчэ заставалася даволі вялікая колькасць бальзаму. Дон Кіхот даў згоду. Тады Санча, абедзвюма рукамі прытрымліваючы чыгунок, з гарачай верай і найвялікшай ахвотай прыклаўся да яго і выпіў не менш за свайго пана. Але страўнік у небаракі Санча быў не такі далікатны, як у Дон Кіхота: перш чым яго вырвала, прыпадкі і позывы, пот і галавакружэнне давялі яго да такога стану, што ён ужо ніколькі не сумняваўся, што прыйшоў яго апошні час; змучаны і прыгнечаны, ён праклінаў сам бальзам і таго ліхадзея, які пачаставаў яго гэтым бальзамам. Бачачы, як ён пакутуе, Дон Кіхот сказаў:

— Я лічу, Санча, што табе стала дрэнна таму, што ты не пасвячоны ў рыцары, — я цалкам упэўнены, што гэта вадкасць не прыносіць карысці тым, хто не ўступіў у рыцарскі ордэн.

— Калі ваша міласць пра гэта ведала, то чаму ж, каб спрах я сам і ўся мая радня, вы дазволілі мне яго паспрабаваць?

Але тут напітак нарэшце падзейнічаў, і няшчасны збраяносец так імкліва пачаў апаражняцца, што цыноўка, на якую ён паваліўся, і нават коўдра, якой ён накрываўся, зрабіліся зусім непрыгоднымі. Яго выварочвала навыварат, ён абліваўся потам, біўся ў сутаргах, таму не толькі ён сам, але і ўсе прысутныя вырашылі, што ён пры смерці. Гэта бура і гэта няшчасце працягваліся каля дзвюх гадзін, пасля чаго нашаму збраяносцу не палягчэла, — у процілегласць свайму пану, ён адчуў сябе такім разбітым і прыгнечаным, што не мог стаяць на нагах. Між тым Дон Кіхот, як вядома, паправіўся і падбадзёрыўся, і цяпер ён гарэў жаданнем накіравацца на пошукі прыгод, бо яму здавалася, што затрымацца ў дарозе — значыць пазбавіць чалавечы род і ўсіх, хто мае ў ім, Дон Кіхоце, патрэбу абароны і заступніцтва; да таго ж ён цвёрда верыў у цудадзейную сілу свайго бальзаму. І вось, ахоплены гэтым жаданнем, ён уласнаручна асядлаў і наўючыў абедзвюх верхавых жывёлін, дапамог свайму збраяносцу апрануцца і пасадзіў яго на асла. Затым сеў на Расінанта і, ад’ехаўшы за пабудовы, прыхапіў невялікае кап’ё, якое там стаяла і якое цяпер павінна было замяніць яму кап’ё, страчанае ў сутычцы.

Калі ж рыцар і збраяносец пад’ехалі да ганка, Дон Кіхот, звярнуўшыся да гаспадара, спакойна і важна сказаў:

— Дабрадзейнасць, якой вы, сеньёр алькайд, у гэтым замку акружылі мяне, такая вялікая і разнастайная, што я адчуваю сябе перад вамі ў даўгу і век гэтага не забуду. У аддзяку я хацеў бы адпомсціць за вас якому-небудзь ганарліўцу, які вас чымсьці пакрыўдзіў, бо ведайце, што мой прамы абавязак у тым іменна і заключаецца, каб дапамагаць безабаронным, помсціць за пакрыўджаных і караць вераломных. Пакапайцеся ў памяці, і калі з вамі штосьці падобнае на гэта здарылася, то вы смела можаце звярнуцца да мяне: клянуся рыцарскім ордэнам, да якога я належу, што вы будзеце задаволены і аддзякаваны ў адпаведнасці з вашым жаданнем.

Гаспадар адказаў яму гэтак жа спакойна:

— Сеньёр кавальера, я зусім не маю патрэбы ў тым, каб ваша міласць помсціла маім крыўдзіцелям, я і сам у выпадку чаго здолею ім адпомсціць. Я хачу аднаго: каб ваша міласць заплаціла мне за начлегу маім заезным доме, гэта значыць за салому і авёс для жывёлы, а таксама за вячэру і за дзве пасцелі.

— Як, хіба гэта заезны дом? — запытаўся Дон Кіхот.

— I прытым вельмі прыстойны, — адказаў гаспадар.

— Значыць, я да гэтага часу памыляўся, — сказаў Дон Кіхот. — Шчыра кажучы, я лічыў, што гэта замак і да таго ж не з горшых, але калі гэта не замак, a заезны дом, то адзінае, што я магу зрабіць, — гэта звярнуцца да вас з просьбай не браць з мяне нічога: я ж не маю права парушаць статут вандроўных рыцараў. A між тым я ведаю пэўна — і для доказу магу спаслацца на які хочаце раман, — што ў заезных дамах яны ніколі не плацілі ні за начлег, ні за штосьці іншае, бо ўсе павінны і абавязаны прымаць іх з радасцю за нечуваныя пакуты, якія яны церпяць, шукаючы прыгод, шукаюць жа яны іх удзень і ўночы, зімой і летам, у сцюжу і ў спёку, пешыя і конныя, згаладалыя і сасмаглыя, не ахаваныя ад бед і зняможаныя пад цяжарам зямных турбот.

— Гэта мяне не тычыцца, — запярэчыў гаспадар. — Плаціце грошыкі — вось вам мой сказ, а казкі аб рыцарах раскажыце каму-небудзь іншаму. Мая справа атрымаць з вас за пастой.

— Вы тупы і грубы карчмар, — заўважыў Дон Кіхот.

Прышпорыўшы Расінанта і паклаўшы ўпоперак сядла кап’ё, ён бесперашкодна пакінуў межы заезнага дома, і нават калі ад’ехаў на даволі значную адлегласць, то і тут не паглядзеў, ці едзе за ім яго збраяносец. Між тым, бачачы, што рыцар паехаў не расплаціўшыся, гаспадар вырашыў атрымаць за пастой з Санча Пансы, але той аб’явіў, што калі яго пан не пажадаў плаціць, то і ён не заплаціць, бо ён, Санча, з’яўляецца збраяносцам вандроўнага рыцара і абавязаны прытрымлівацца тых жа правілаў і законаў, што і яго пан, гэта значыць зусім нічога не плаціць як у карчмах, так і ў заезных дамах. Гаспадара гэта вельмі абурыла, і ён прыгразіў, што калі Санча яму не заплаціць, то ён усё роўна сваё возьме, але толькі выкарыстае такі спосаб, што той не абрадуецца. Санча яму на гэта адказаў, што ў адпаведнасці са статутам рыцарскага ордэна, да якога належыць яго пан, ён не заплаціць ні гроша, хоць бы яму гэта каштавала жыцця, бо ён не збіраецца ламаць слаўны і старажытны звычай вандроўных рыцараў і не жадае, каб будучыя збраяносцы наракалі на яго і папракалі за парушэнне такога справядлівага закону.

На новае няшчасце беднага Санча сярод тых, хто ў гэты час знаходзіўся ў заезным доме, былі чатыры сегавійскія сукнаробы, тры ігольшчыкі з кардоўскага Потра66 і два з севільскага Кірмашу67— усе, як на падбор, жартаўнікі, выдумшчыкі, гарэзы і пракуды; і вось якраз гэтыя самыя людзі, быццам па дамоўленасці ці па камандзе, падышлі да Санча, сцягнулі яго з асла, павалілі на гаспадарскую коўдру, па якую не паленаваўся збегаць адзін з іх, а затым, падняўшы вочы і ўбачыўшы, што павець надта нізкая для задуманай імі справы, вырашылі перайсці на жывёльны двор, дах якому замяняў небасхіл, і там, палажыўшы Санча на коўдру, пачалі дурэць і падкідваць яго, як сабаку ў час карнавалу.

Немыя крыкі няшчаснага летуна данесліся да яго пана. Той спыніўся, прыслухаўся і спачатку падумаў, што гэта якая-небудзь новая прыгода, а затым, выразна адрозніўшы голас свайго збраяносца, павярнуў назад, цяжкім галопам падскакаў да заезнага дома, але, заўважыўшы, што брама запёрта, з мэтай як-небудзь туды прабрацца вырашыў аб’ехаць яго вакол; аднак жа не паспеў ён наблізіцца да агароджы, якой быў абнесены жывёльны двор — дарэчы сказаць, не вельмі высокай, — як раптам убачыў, што з яго збраяносца здзекуюцца. На яго вачах Санча то ўзлятаў, то апускаўся, і пры гэтым з такой хуткасцю і лёгкасцю, што калі б Дон Кіхот у гэты момант не быў вельмі раззлаваны, то ён, ужо дакладна, зайшоўся б ад смеху. Паспрабаваў быў ён пераскочыць з сядла на агароджу, але адчуваў сябе такім слабым і такім разбітым, што не мог нават спешыцца, а таму абмежаваўся тым, што, не злазячы з каня, пачаў лаяць і зневажаць тых,хто падкідваў Санча Пансу; аднак лятун Санча па-ранейшаму стагнаў, чаргуючы стогны з просьбамі і пагрозамі, а свавольнікі працягвалі рагатаць і займацца сваёй справай, бо ўсё гэта на іх не дзейнічала; адпусцілі ж яны ўрэшце Санча толькі тады, калі стаміліся яго падкідваць. Затым яны падвялі асла, пасадзілі Санча і накінулі на яго пыльнік, а спагадлівая Марыторнес, бачачы, як ён змучаны, вырашыла, што неабходна збегаць да калодзежа і прынесці яму збан халоднай вады. Санча ўзяў збан і ўжо паднёс да рота, як раптам пачуў гучныя крыкі свайго пана:

— Сын мой Санча, не пі вады! Сын мой, не пі вады яна цябе загубіць. Глядзі, вось жыватворны бальзам (тут ён паказаў яму бляшанку), прымі дзве кроплі, і я ручаюся, што ты паправішся.

Санча скоса зірнуў на яго і ў адказ яшчэ гучней крыкнуў:

— Ды хіба вы забыліся, ваша міласць, што я не рыцар? Ці вы хочаце, каб я выванітаваў тыя вантробы, якія ў мяне яшчэ засталіся пасля ўчарашняй ночы? Няхай ім лечацца чэрці, а мяне збаўце.

Сказаўшы гэтыя словы, ён імгненна прыклаўся да збана, але, упэўніўшыся пасля першага ж глытка, што гэта проста вада, не стаў больш піць і папрасіў Марыторнес прынесці яму віна, што тая вельмі ахвотна і выканала, заплаціўшы за яго са сваёй кішэні. Выпіўшы віно, Санча адразу ж падагнаў асла, насцеж расчыніў браму і ў захапленні ад таго, што так нічога і не заплаціў і ўсё ж вырваўся адсюль, — хоць гэта радасць азмрочылася тым, што за яго расплаціліся звычайныя яго паручыцелі, гэта значыць яго ж уласныя бакі, — выехаў з двара. Зрэшты, не толькі бакі — гаспадар паклапаціўся аб тым, каб аплатай за начлег стала яго дарожная торба, але Санча ад хвалявання нават не заўважыў гэтага. Пасля таго як ён паехаў, гаспадар вырашыў заперці браму на засаўку, аднак жа мучыцелі нашага збраяносца адгаварылі яго; гэта былі такія хваты, што не палічыліся б не толькі з Дон Кіхотам, але і з Рыцарам Круглага Стала.


Раздзел XII, які змяшчае заўвагі,што выказаў Санча Панса свайму пану Дон Кіхоту, і апавядае аб розных падзеях,вартых упамінання

Санча не мог нават падагнаць асла — у такім стане ён знаходзіўся, калі пад’ехаў да свайго пана. Бачачы, што ён такі слабы і прыгнечаны, Дон Кіхот сказаў яму:

— Цяпер, добры мой Санча, я цалкам пераканаўся, што гэты замак, гэта значыць заезны дом, сапраўды зачараваны. На самай справе, тыя, хто з цябе так жорстка здзекваліся, — хіба гэта не прывіды і не выхадцы з таго свету? Кажу я гэта на той падставе, што калі я глядзеў цераз агароджу і назіраў за ходам тваёй змрочнай трагедыі, то я не мог не толькі пераскочыць цераз агароджу, але нават злезці з каня, таму што, па ўсёй верагоднасці, быў зачараваны. Клянуся гонарам, калі б я быў у стане пераскочыць цераз агароджу ці спешыцца, я б за цябе адпомсціў гэтым грубіянам і ліхадзеям, ды так, што раз назаўсёды адбіў бы ў іх ахвоту здзеквацца з людзей, хоць бы дзеля гэтага мне давялося парушыць законы рыцарства, якія, аб чым я ўжо неаднаразова табе казаў, дазваляюць рыцару падымаць руку на таго, хто такім не з’яўляецца, толькі ў выпадку надзвычайнай і вострай неабходнасці — калі замахваюцца на яго жыццё і асобу.

— Калі б я мог, я б і сам за сябе адпомсціў, хоць я і не пасвячоны ў рыцары, ды ў тым якраз і справа, што не мог. А ўсё ж такі я сцвярджаю, што тыя, хто з мяне здзекваўся, — гэта не бесцялесныя прывіды і не зачараваныя, як пераконвае ваша міласць, а такія ж людзі, як мы з вамі. І ў кожнага з іх ёсць імя. Яны падкідвалі мяне, а самі перагаворваліся, і тут я даведаўся, што аднаго завуць Педра Марцінас, другога — Тэнар’ё Эрнандас, а гаспадар Хуан Паламеке, па мянушцы Ляўша. Так што, сеньёр, пераскочыць цераз агароджу і злезці з каня вам перашкодзіла не чараўніцтва, а штосьці іншае. Усё гэта яскрава сведчыць, што прыгоды, якіх мы шукаем, урэшце прывядуць нас да такіх бед, што мы сваякоў не пазнаем. І лепш і больш спакойна было б нам, на маю думку, вярнуцца дадому: цяпер самы час жніва, дарэчы заняцца гаспадаркай, а мы з вамі блукаем, як непрыкаяныя, і кідаемся, што называецца, з агню ды ў полымя.

— Як дрэнна ты разбіраешся ў тым, што тычыцца рыцарства, Санча! — усклікнуў Дон Кіхот. — Маўчы і набярыся цярплівасці: настане дзень, калі ты на свае вочы пераканаешся, як ганарова дзейнічаць на гэтай ніве. He, сапраўды, скажы мне: што можа быць вышэйшым за шчасце і што можа параўнацца з радасцю выйграваць бітвы і перамагаць ворага? Вядома, нішто.

— Дапусцім, што так, хоць я гэтага сам не зведаў, — сказаў Санча. — Я ведаю адно: з таго часу як мы сталі вандроўнымі рыцарамі, — ці, дакладней, вы, ваша міласць, бо ў мяне няма ніякіх правоў на такі высокі сан, — мы яшчэ не выйгралі ніводнай бітвы, калі не лічыць схваткі з біскайцам, ды і то ваша міласць страціла ў гэтым баі паўвуха і палову шлема. Дык вось з таго часу мы бесперапынна атрымліваем пабоі і кухталі, а мяне ў дадатак яшчэ і падкідвалі — і, як на злосць, нейкія зачараваныя асобы: я ж ім нават адпомсціць не магу і так ніколі і не даведаюся, ці сапраўды вялікае задавальненне ад перамогі над ворагам, як запэўнівае ваша міласць.

— Менавіта гэта мяне і засмучае і павінна засмучаць і цябе, Санча, — заўважыў Дон Кіхот. — Аднак жа ў недалёкай будучыні я пастараюся здабыць сабе меч, так па-майстэрску зроблены, што таму, хто ім валодае, не страшныя ніякія чары. А магчыма нават, лёс падорыць мне меч Амадыса, той самы, які служыў яму ў тыя часы, калі яго называлі Рыцарам Палымянага Мяча, а гэта быў адзін з лепшых мячоў, якімі хоць калі-небудзь валодалі рыцары, бо, апрача названай уласцівасці, ён рэзаў, як брытва, і самая трывалая або зачараваная браня не магла перад ім устаяць.

— Мне так шанцуе ў жыцці, — сказаў Санча, — што калі б гэта збылося і ваша міласць падшукала для сябе такі меч, то выявілася б, што ён можа зрабіць паслугу і прынесці карысць толькі рыцарам, як гэта здарылася з бальзамам, збраяносцам жа, відаць, на раду напісана пахмелле ад чужога вяселля.

— He журыся, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — хутка неба злітуецца і над табой.

Абодва працягвалі размову ў тым жа настроі, як раптам Дон Кіхот заўважыў, што насустрач ім рухаецца па дарозе велізарнае воблака пылу; убачыўшы гэта воблака, Дон Кіхот звярнуўся да Санча з такімісловамі:

— Надышоў дзень, о Санча, калі лёс будзе вельмі спрыяльным для мяне. У гэты дзень, кажу я, як ніколі, выявіцца ўся моц маёй рукі, і я здзейсню подзвігі, якія будуць упісаны ў кнігу славы на вечныя часы. Ці бачыш ты, Санча, воблака пылу? Дык вось, гэты пыл узнімае шматлікая рознапляменная раць, што ідзе нам насустрач.

— Калі ўжо на тое пайшло, дык не адна, а цэлых дзве раці, — зазначыў Санча, — таму што з супрацьлеглага боку ўзнімаецца якраз такое ж воблака пылу.

Азірнуўшыся, Дон Кіхот пераканаўся, што Санча гаворыць праўду. Ён надзвычай узрадаваўся і быў упэўнены, што войскі маюць намер сустрэцца і распачаць бітву на гэтай шырокай раўніне. Трэба заўважыць, што фантазіі яго ўвесь час і неадступна не давалі спакою бітвы, чары, прыгоды, усялякія недарэчнасці, каханне, выклікалі на паядынак усё, аб чым пішуць у рыцарскіх раманах, і гэтым вызначаліся ўсе яго ўчынкі, вакол гэтага круціліся ўсе яго думкі і на гэта ён зводзіў усе размовы. На самай жа справе пыл, які ён заўважыў, узнімалі дзве вялікія чарады авечак і бараноў, што рухаліся па дарозе насустрач адна другой, але за пылам іх не было відаць да таго часу, пакуль яны не падышлі зусім блізка. Аднак Дон Кіхот з такім запалам даказваў, што гэта два войскі, што Санча ўрэшце паверыў яму і сказаў:

— Што ж нам рабіць, сеньёр?

— Што рабіць? — перапытаў Дон Кіхот. — Дапамагаць слабым і безабаронным і абараняць іх. І ведай, Санча, што войска, якое рухаецца нам насустрач, вядзе вялікі імператар Аліфанфарон68, уладар вялікага вострава Трапабаны69, а той, што ідзе за намі, — гэта яго вораг, кароль гарамантаў70 Пентапалін Закасаны Рукаў, названы так таму, што перад боем ён заўсёды агаляе правую руку.

— Чаму ж гэтыя два сеньёры так неўзлюбілі адзін аднаго? — запытаўся Санча.

— А таму, — адказаў Дон Кіхот, — што Аліфанфарон, закаранелы язычнік, закахаўся ў дачку Пентапаліна, прыгожую, чароўную дзяўчыну і да таго ж хрысціянку, а бацька не жадае аддаваць яе за язычніцкага караля да таго часу, пакуль той не адрачэцца ад закону лжэпрарока Магамета і не прыме хрысціянства.

— Далібог, Пентапалін мае рацыю! — усклікнуў Санча. — Я са свайго боку гатовы зрабіць для яго ўсё, што магу.

— І ты зробіш як належыць, Санча, — сказаў Дон Кіхот. — Бо для таго каб распачаць такі бой, можна і не мець рыцарскага звання.

— Гэта я выдатна разумею, — сказаў Санча, — але толькі куды б нам дзець асла, каб потым не шукаць яго, калі сутычка закончыцца? Таму, думаецца мне, наўрад ці хто распачынаў бой, гарцуючы на асле.

— Твая праўда, — заўважыў Дон Кіхот. — Адзін выхад — гэта кінуць яго на волю лёсу: прападзе дык прападзе, бо калі мы пераможам, то ў нас будзе столькі коней, што і Расінант не пазбегне небяспекі атрымаць адстаўку. А цяпер слухай мяне ўважліва і глядзі сюды, — я хачу назваць табе галоўных рыцараў, якія знаходзяцца ў шэрагах гэтых войск. А каб ты іх лепш разгледзеў, я прапаноўваю паехаць на той узгорак, і абодва войскі, ужо дакладна, будуць нам добра відаць.

Як сказана, так і зроблена: Дон Кіхот і Санча ўз’ехалі на ўзгорак, адкуль абедзве чарады, якія наш рыцар ператварыў у войска, былі б добра відаць, калі б узняты імі пыл не засцілаў зроку і не сляпіў вачэй; аднак жа Дон Кіхот, фантазія якога ўяўляла тое, чаго на самай справе не было, загаварыў гучным голасам:

— Вунь той рыцар у ярка-жоўтых даспехах, на шчыце якога адлюстраваны венцаносны леў, распасцёрты каля ног дзевы, — гэта доблесны Лаўркальк, уладальнік Сярэбранага моста. Той, чые даспехі расфарбаваныя залатымі колерамі і на шчыце якога па сінім полі намаляваны тры сярэбраныя кароны, — гэта грозны Мікаколемб, вялікі герцаг Кіроскі. Справа ад яго, вунь той рыцар волатаўскага целаскладу, — гэта бясстрашны Брандабарбаран дэ Балічэ, уладар трох Аравій; адзенне на ім са змяінай скуры, а шчытом яму служаць дзверы, — паданне сцвярджае, што гэта адны з дзвярэй таго храма, які разбурыў Самсон, калі ён цаной уласнага жыцця адпомсціў сваім ворагам. A цяпер азірніся і паглядзі ў іншы бок: наперадзе другога войска — усёперамагаючы і нікім не пераможны Ціманэль Каркахонскі, уладар Новай Біскайі, у даспехах з сінімі, зялёнымі, белымі і жоўтымі палоскамі, і на шчыце ў яго на жоўта-бурым полі намалявана залатая кошка, а пад ёю напісана: Мяў — гэта скарочанае імя яго дамы, або, калі верыць чуткам, непараўнальнай Мяўліны, дачкі герцага Альфеньікена Альгарвскага. Той, пад цяжарам якога згінаецца яго жвавы конь, у якога беласнежныя даспехі і белы шчыт без усялякага дэвізу, — гэта нядаўна пасвячоны ў рыцары француз па імені П’ер Папен, уладар баронстваў Утрэхцкіх. Той, у даспехах, пакрытых блакітнай эмаллю, які ўтыкае жалезныя шпоры ў бакі паласатай і хутканогай зебры, — гэта ўсемагутны герцаг Нербійскі, Эспартафілард дэль Боске; на шчыце ў яго пучок спаржы і дэвіз, напісаны па-кастыльску: Сачы за маім лёсам.

Так, захоплены ўласным уяўленнем, пазначаным адбіткам яго да гэтага часу непрыметнага вар’яцтва, ён працягваў гаварыць несціхана і пералічваць рыцараў абедзвюх уяўных рацяў, тут жа прыдумваючы дэвізы і мянушкі і для кожнага з іх асаблівы колер і асаблівую форму даспехаў.

— Войска, якое ідзе нам насустрач, складаюць разнастайныя плямёны. Тут можна сустрэць тых, што п’юць салодкія воды славутага Ксанфа71; тых, хто топчуць масілійскія горныя лугі72; тых, што прасейваюць самы тонкі залаты пыл шчаслівай Аравіі; тых, што ўпіваюцца асалодай на дзівосных прахалодных берагах светлага Фермадонта73; тых, што рознымі спосабамі здабываюць залаты пясок са дна Пактола74; здрадлівых нумідыйцаў; персаў, якія славіліся сваімі лукамі і стрэламі; парфян і мідзян, якія змагаліся на бягу; арабаў з іх качавымі шатрамі; скіфаў, якія славіліся як сваёю жорсткасцю, так і белізной скуры; эфіопаў з праколатымі губамі. І яшчэ я бачу і пазнаю безліч плямёнаў, але толькі не магу ўспомніць іх назваў. У шэрагах другога войска знаходзяцца тыя, што праганяюць смагу празрыстымі струменямі Бетыса75, акружанага аліўкавымі гаямі; тыя, што мыюць і асвяжаюць твар вільгаццю заўсёды паўнаводнага і залатаноснага Таха76; тыя, што топчуць тартэсійскія даліны77 з іх багатымі пашамі; тыя, што весяляцца на Елісейскіх палях78 Хераса; багатыя ламанчцы ў вянках з залатога калосся; тыя, што закаваны ў латы — апошнія нашчадкі старажытных готаў; тыя, што купаюцца ў водах Пісуэргі79, якая славіцца спакойнай сваёй плынню; тыя, што пасвяць статкі на бяскрайніх лугах звівістай Гуадыяны80, якая славіцца патаемным сваім рэчышчам; што дрыжаць ад холаду ў лясах Пірэнеяў і якіх абсыпаюць снежныя камякі на вяршынях Апенінаў, — адным словам, усе плямёны, што насяляюць і напаўняюць сабою Еўропу.

Госпадзі ты божа мой, якія толькі краіны не назваў Дон Кіхот, увабраўшы ў сябе ўсё, што ён вычытаў у хлуслівых раманах, і ўзрушаны гэтым да глыбіні душы, якія толькі народы не пералічыў, у адзін мoмант надаўшы кожнаму з іх асаблівыя прыкметы! Санча Панса слухаў Дон Кіхота, разявіўшы рот, сам жа не казаў ні слова і толькі час ад часу азіраўся — ці не відаць рыцараў і веліканаў, якіх пералічваў Дон Кіхот, але паколькі ён нікога з іх не заўважыў, то звярнуўся да свайго пана з такімі словамі:

— Сеньёр, напэўна, чорт панёс усіх нашых веліканаў і рыцараў, я, ва ўсякім выпадку, іх не бачу: яны таксама, мусіць, зачараваныя не горш за ўчарашніх прывідаў.

— Як ты можаш так казаць! — усклікнуў Дон Кіхот. — Хіба ты не чуеш конскага ржання, трубных гукаў і барабаннага бою?

— Я чую толькі бляянне авечак і бараноў, — адказаў Санча.

І сапраўды: абедзве чарады падышлі ўжо зусім блізка.

— Страх, што авалодаў табою, Санча, асляпляе і аглушае цябе, — заўважыў Дон Кіхот, — бо ў тым якраз і заключаецца ўздзеянне страху, што ён бянтэжыць нашы пачуцці і прымушае нас лічыць усе прадметы не за тое, што яны ёсць на самай справе. І вось, калі ты так напалоханы, то ад’язджай убок і пакінь мяне аднаго, я і адзін змагу зрабіць так, каб перамога дасталася тым, каму я дапамагу.

Сказаўшы гэта, ён прышпорыў Расінанта і, узяўшы кап’ё наперавес, з хуткасцю маланкі спусціўся з узгорка.

Санча закрычаў яму ўслед:

— Вярніцеся, сеньёр Дон Кіхот! Клянуся богам, вы нападаеце на авечак і бараноў! Вярніцеся! Божа, і навошта толькі я на свет нарадзіўся! Ці маеце вы розум, сеньёр? Агляніцеся: няма тут ніякіх веліканаў, рыцараў, катоў, даспехаў, шчытоў, ні рознакаляровых і аднакаляровых, ні колеру нябеснага блакіту, — ні чорта тут няма! Ды што ж ён робіць? Які цяжкі грэх!

Але Дон Кіхот і не думаў вяртацца назад, — якраз у гэты час ён гучна ўсклікнуў:

— Смялей, рыцары, — вы, што ідуць і змагаюцца пад сцягамі доблеснага імператара Пентапаліна Закасаны Рукаў, — рухайцеся следам за мною, і вы ўбачыце, якую хуткую расправу ўчыню я над яго ворагам Аліфанфаронам Трапабанскім!

З гэтымі словамі ён урэзаўся ў авечую чараду і так адважна, і так люта пачаў біць кап’ём, быццам гэта і сапраўды былі яго смяротныя ворагі. Пастухі спрабавалі спыніць яго; аднак, пераканаўшыся, што гэта нічога не дае, яны адвязалі свае прашчы і пачалі цешыць яго слых свістам камянёў велічынёю з кулак. Але Дон Кіхот, не звяртаючы ўвагі на камяні, насіўся ўзад-уперад па полі і крычаў:

— Дзе ты, фанабэрысты Аліфанфарон? Выходзь да мяне! Я рыцар, які жадае адзін на адзін памерацца з табою сіламі і забіць цябе, пакараўшы за тое, што ты быў ледзь не забіў доблеснага Пентапаліна Гараманцкага!

У гэты самы час камень трапіў яму ў бок і ўціснуў два рабры. У яго пацямнела ў вачах ад болю, і Дон Кіхот уявіў, што ён забіты ці сама меней цяжка паранены; але тут ён успомніў пра бальзам, схапіў бляшанку, паднёс яе да рота і пачаў піць усю вадкасць; аднак не паспеў ён прыняць неабходную, на яго думку, дозу, як другі камень, надзвычай трапна запушчаны, патрапіў яму ў руку, прабіў бляшанку наскрозь, мімаходам выбіў яму не то тры, не то чатыры зубы, у тым ліку некалькі карэнных, і ў дадатак скалечыў два пальцы на руцэ. І такія былі гэтыя два ўдары, што няшчасны наш рыцар зляцеў з каня. Да яго падбеглі пастухі і, вырашыўшы, што яны забілі небараку, вельмі паспешліва сабралі статак, узвалілі сабе на плечы забітых авечак, якіх было не менш як сем, і без доўгіх разважанняў рушылі ў дарогу.

Санча ўвесь гэты час знаходзіўся на ўзгорку і, сочачы за вар’яцкімі выхадкамі свайго пана, рваў на сабе валасы і праклінаў той дзень і час, калі лёс звёў яго з ім. Убачыўшы ж, што Дон Кіхот грымнуўся на зямлю, а пастухі зніклі, ён спусціўся з узгорка, наблізіўся да яго і, пераканаўшыся, што яго здорава пабілі, хоць і не да беспрытомнасці, сказаў:

— Ці не прасіў я вас, сеньёр Дон Кіхот, каб вы не ўступалі ў бой, а вярталіся назад, таму што гэта не войска, а чарада авечак?

— Вось на якія хітрыкі і падробкі здольны гэты паскудны чараўнік, мой вораг. Ведай, Санча, што такім, як ён, нічога не значыць падмануць нас, і вось гэты ліхадзей, што не дае мне спакою, пазайздросціўшы славе, якую я павінен быў здабыць у баі, ператварыў варожую раць у чараду авечак. Калі ж ты ўсё яшчэ сумняваешся, Санча, то, каб ты паверыў і прызнаў маю слушнасць, я вельмі прашу цябе зрабіць наступнае: сядай на асла і не спяшаючыся едзь услед за імі, — ты ўбачыш, што, адышоўшы на нязначную адлегласць, яны зноў набудуць першапачатковы свой выгляд і з авечак зноў ператворацца ў самых сапраўдных людзей, аб якіх я табе расказваў. Але толькі ты пачакай, бо зараз мне патрэбны твая дапамога і падтрымка. Падыдзі бліжэй і паглядзі, колькі мне выбілі карэнных і пярэдніх зубоў, — па-мойму, у мяне ніводнага не засталося.

Санча так блізка да яго нахіліўся, што ледзь не дакрануўся галавой да рота; але ў гэты самы час пачаў уздзейнічаць на рыцара бальзам, і якраз калі Санча зазірнуў Дон Кіхоту ў рот, рыцар наш з хуткасцю мушкетнага выстралу вывернуў усё, што было ў яго ўнутры, прама на бараду спагадлівага збраяносца.

— Прасвятая багародзіца! — усклікнуў Санча. — Што ж гэта такое? Значыць, бедалага смяротна паранены, калі яго рве крывёю!

Аднак, прыгледзеўшыся больш уважліва, ён па колеры, паху і смаку здагадаўся, што гэта не кроў, a бальзам, які Дон Кіхот на яго вачах піў з бляшанкі; але тут Санча адчуў такую агіду, што страўнік у яго вывернула навыварат, і ён абванітаваў свайго пана,так што выгляд у абодвух быў цяпер хоць куды. Санча кінуўся да свайго асла, каб дастаць з торбы што-небудзь такое, чым бы можна было абцерціся і перавязаць Дон Кіхота, але, заўважыўшы, што торбы няма, раз’юшыўся; ён зноў пачаў сыпаць праклёны і ў думках даў сабе слова кінуць свайго пана і вярнуцца дадому, хоць бы яму давялося адмовіцца і ад заробленага жалавання і ад намеру калі-небудзь зрабіцца ўладаром абяцанага вострава.

Дон Кіхот між тым стаў на ногі і, левай рукою прытрымліваючы рот, каб не вылецелі апошнія зубы, а другою ўзяўшы за аброць Расінанта, які не адыходзіў ні на крок ад свайго пана (такі гэта быў верны і выхаваны конь), накіраваўся да збраяносца; збраяносец жа, паставіўшы локаць на асла і падпёршы шчаку даланёю, быў у задуменнасці. Бачачы, што ён зажурыўся, Дон Кіхот сказаў:

— Ведай, Санча, што толькі той чалавек узвышаецца над іншымі, хто робіць больш за іншых. Буры, якія нам давялося перажыць, — гэта знак таго, што хутка настане цішыня і справы нашы пойдуць на лад. Гора такое ж недаўгавечнае, як і радасць; выходзіць, калі паласа нягод цягнецца надта доўга, гэта абазначае, што радасць блізка. Такім чынам, няхай не засмучаюць цябе няшчасці, якія напаткалі мяне, тым больш што цябе яны не закранулі.

— Як гэта не закранулі? — усклікнуў Санча. — A той, каго ўчора падкідвалі на коўдры, — хто ж ён, па-вашаму, як не родны сын майго бацькі? А цяпер у мяне прапала торба з усімі каштоўнасцямі, — ці яна чужая, а не мая?

— Як, Санча, хіба ў цябе прапала торба? — запытаўся Дон Кіхот.

— Ну так, прапала, — адказаў Санча.

— Значыць, нам давядзецца сёння пагаладаць, — зрабіў вывад Дон Кіхот.

— Давялося б, — запярэчыў Санча, — калі б на гэтых лугах не раслі травы, якія, як пераконвае ваша міласць, вам добра вядомы, і якія ў такіх выпадках цалкам задавальняюць такіх няўдачлівых вандроўных рыцараў, як вы, ваша міласць.

— Аднак, — заўважыў Дон Кіхот, — я аддаў бы перавагу скібцы хлеба і дзвюм сардзінкам перад усімі травамі. Як бы там ні было, сядай на свайго асла, мой добры Санча, і едзь за мной, — гасподзь, які ўсіх на свеце корміць, не пакіне і нас, тым больш што мы так аддана служылі яму, а ён жа не пакідае і мошак, якія кружацца ў паветры, і чарвякоў, якія жывуць пад зямлёю, і апалонікаў, якія плаваюць у вадзе, і, па вялікай міласэрнасці сваёй, загадвае сонцу ўзыходзіць над злоснымі і добрымі і пасылае дождж на праведных і грэшных.

— Вашай міласці больш падыходзіць быць прапаведнікам, чым вандроўным рыцарам, — заўважыў Санча.

— Вандроўныя рыцары, Санча, усё ўмелі рабіць і абавязаны былі ўмець, — запярэчыў Дон Кіхот. — У мінулыя часы вандроўны рыцар гаварыў пропаведзь ці прамову дзе-небудзь у стане воінаў не горш за любога доктара Парыжскага універсітэта, адсюль можна зрабіць вывад, што ніколі яшчэ кап’ё не прытупляла пяра, а пяро — кап’я.

— Ну добра, няхай будзе па-вашаму, — сказаў Санча. — А цяпер давайце рушым у дарогу і пашукаем начлегу, толькі дай бог, каб там, дзе мы спыняемся, не было ні коўдраў, ні майстроў у справе падкідвання на коўдры, ні прывідаў, ні зачараваных маўраў, — адным словам, ні ўсёй гэтай чартаўшчыны, іначай прападзі ўсё пропадам.

— Памаліся богу, сын мой, і вядзі мяне куды хочаш, — сказаў Дон Кіхот, — на гэты раз права выбару начлегу я перадаю табе. Але толькі спачатку працягні руку і памацай пальцам, колькі пярэдніх і карэнных зубоў няма ў мяне з правага боку на верхняй сківіцы, бо мне тут баліць.

Санча засунуў яму пальцы ў рот і, памацаўшы, спытаў:

— Колькі бабак было ў вашай міласці з гэтага боку?

— Чатыры, — адказаў Дон Кіхот, — і, не лічачы зуба мудрасці, усе да адной былі цэлыя і здаровыя.

— Прыпомніце добра, сеньёр, — сказаў Санча.

— Кажуць табе, чатыры, калі не ўсе пяць, — пацвердзіў Дон Кіхот. — За ўсё жыццё ў мяне ні разу не было запалення дзясны, ніколі мне не вырывалі ні пярэдніх, ні карэнных зубоў, і самі яны не выпадалі і не псаваліся.

— Ну а цяпер у вас унізе з гэтага боку ўсяго дзве з паловай бабкі, — аб’явіў Санча, — а зверху нават палавінкі — і той няма: уся верхняя сківіца гладкая, як далонь.

— Вось бяда! — выслухаўшы ад збраяносца гэту сумную навіну, усклікнуў Дон Кіхот. — Лепш бы мне адсеклі руку, толькі не тую, у якой я трымаю меч. Трэба табе ведаць, Санча, што рот без карэнных зубоў гэта ўсё роўна, што млын без жорнаў, і кожны зуб неабходна берагчы, як алмаз. Зрэшты, хто даў суровы зарок рыцарства, тыя павінны ўсе нягоды цярпець без нараканняў. Такім чынам, сядай на асла, дружа мой, і вызначай шлях, а я паеду за табой, куды ты захочаш.

Санча так і зрабіў, і не зварочваючы з бальшака, які ў гэтым месцы не паварочваў ні ўправа, ні ўлева, рушыў у той бок, дзе, па яго разліках, можна было знайсці прыстанак.

І вось, у той час, калі яны абодва ледзь цягнуліся, таму што боль у сківіцах не давала Дон Кіхоту спакою і перашкаджала яму ехаць хутчэй, Санча, каб яго пан развеяўся і павесялеў, надумаў распачаць з ім размову аб розных рэчах і, між іншым, сказаў штосьці такое, аб чым вы даведаецеся з наступнага раздзела.


Раздзел XIII. Аб глыбакадумных развагах, якія Санча выказаў свайму пану, аб прыгодзе з мёртвым целам, таксама як і аб іншых незвычайных здарэннях

— Здаецца мне, васпан мой, што беды, якія сыплюцца на нас усе гэтыя дні, дакладней за ўсё, пасланы нам як пакаранне за вашы грахі — за тое, што ваша міласць парушыла свой рыцарскі статут і не выканала клятвы, а кляліся вы абыходзіцца без абруса і яшчэ многа чаго не рабіць, у чым ваша міласць таксама клялася, да таго часу, пакуль вы не адбярэце ў каго-небудзь шлем гэтага... як яго... Маландрына... я ўжо забыўся, як завуць таго маўра.

— Ты маеш рацыю, Санча, — заўважыў Дон Кіхот. — Шчыра кажучы, я не забыў гэту клятву. Больш таго: ты можаш быць упэўнены, што ўся гэта гісторыя з коўдрай адбылася толькі таму, што ты своечасова мне аб гэтым не нагадаў. Але я загладжу свой грэх, бо ў статуце рыцарства сказана, як загладзіць любую віну.

— А хіба я таксама ў чым-небудзь кляўся? — спытаў Санча.

— Гэта не важна, кляўся ты ці не, — сказаў Дон Кіхот. — Усё роўна, наколькі я разумею, цябе няцяжка западозрыць у саўдзеле. Так ці інакш, нам патрэбна выправіць памылку.

— Калі справа ідзе такім чынам, — сказаў Санча, — глядзіце, ваша міласць, не забудзьце яе паправіць, як забыліся вы на сваю клятву, а што калі прывіды надумаюць яшчэ раз паздзеквацца з мяне ды і з вашай міласці, калі яны ўбачаць, што вы такі ўпарты.

Тым часам як яны ўсё яшчэ вялі гэту размову, у дарозе іх застала ноч, перш чым яны паспелі знайсці ці хоць бы заўважыць які-небудзь прыстанак; на бяду, абодвух мучыў голад, таму што разам з дарожнай торбай зніклі іх харчы. І ў дадатак да ўсяго іх чакала на гэты раз ужо не ўяўная, а самая сапраўдная прыгода.

Вось як гэта было. Ноч выдалася даволі цёмная, але нягледзячы на гэта, яны працягвалі рухацца па дарозе, бо Санча быў цалкам упэўнены, што на бальшаках заезныя дамы трапляюцца не радзей, чым праз кожныя дзве мілі. Такім чынам, ехалі-ехалі галодны збраяносец і яго пан, які таксама хацеў есці, і раптам заўважылі, што да іх набліжаецца вялікая колькасць агнёў, падобных на рухомыя зоркі. Убачыўшы іх, Санча збянтэжыўся, а Дон Кіхот не паверыў уласным вачам. І той і другі нацягнулі павады і пачалі пільна ўзірацца, імкнучыся зразумець, што б гэта магло быць; нарэшце, абодва заўважылі, што агні рухаюцца прама на іх і па меры свайго набліжэння ўсё павялічваюцца ў памерах. Тут Санча задрыжэў, як асінавы ліст, а ў Дон Кіхота валасы дуба сталі; затым, злёгку падбадзёрыўшыся, ён сказаў:

— Сумненняў няма, Санча: гэта адна з найвялікіх і небяспечных прыгод, і я павінен буду сабраць усе свае сілы і паказаць усю сваю мужнасць.

— Які я няшчасны! — усклікнуў Санча. — Па ўсім відаць, што гэта зноў прывіды, а калі так, то дзе ж я вазьму рэбры, каб расплаціцца за гэту прыгоду?

— Няхай гэта нават з прывідаў прывіды, усё роўна я не дазволю ім дакрануцца і да варсінкі на тваім адзенні. Мінулы раз яны паздзекваліся з цябе толькі таму, што я не ў сілах быў пераскочыць цераз агароджу, але цяпер мы ў чыстым полі, і я магу даць майму мячу поўную свабоду дзеянняў.

— А калі яны яго зачаруюць і прыкуюць да месца, як у мінулы раз, то якая нам будзе карысць ад таго, што мы ў адкрытым полі? — спытаў Санча.

— Ва ўсякім выпадку, не страчвай самавалодання, Санча, прашу цябе, — сказаў Дон Кіхот, — а я са свайго боку пакажу табе прыклад.

— Бог дасць, не страчу, — адклікнуўся Санча.

Абодва ад’ехалі ўбок і пачалі пільна ўзірацца, намагаючыся зразумець, што гэта такое, гэтыя блукаючыя агні, і праз некаторы час ім удалося распазнаць мноства фігур у белых балахонах. Гэта жахлівае відовішча так падзейнічала на Санча Пансу, што ён зусім страціў самавалоданне: у яго зуб на зуб не трапляў, быццам яго трэсла ліхаманка. Але як жа ён закалаціўся і як застукалі ў яго зубы, калі абодва яны нарэшце выразна распазналі, што гэта такое! Яны ўбачылі каля дваццаці верхавых у балахонах, якія ехалі з запаленымі факеламі ў руках, наперадзе пахавальных дрогаў, а за панарадам ехалі яшчэ шэсць чалавек у доўгім жалобным адзенні, якое звісала ледзь ці не да капытоў мулаў, — мяркуючы па іх павольным кроку, гэта былі менавіта мулы, а не коні. Балахоны нібы перагаворваліся паміж сабой ціхімі і жаласнымі галасамі. Незвычайнае відовішча, што паўстала перад вачыма нашых падарожнікаў у такі позні час і ў такім пустэльным месцы, магло навесці страх не толькі на Санча, але і на яго пана. Усё залежала ад Дон Кіхота, бо ў Санча даўно ўжо душа ў пяткі ўцякла, але, на жаль, Дон Кіхот перажываў супрацьлеглае пачуццё: у гэту самую хвіліну ён выразна ўявіў адну з тых прыгод, якія апісваюцца ў яго любімых раманах.

Ён уявіў, што пахавальны панарад — гэта жалобная калясніца, на якой вязуць цяжкапараненага ці забітага рыцара, і што адпомсціць за яго наканавана не каму-небудзь, а менавіта яму, Дон Кіхоту; не доўга думаючы, поўны адвагі і рашучасці, ён выпрастаўся ў сядле, выехаў на сярэдзіну дарогі, па якой абавязкова павінны былі праехаць балахоны, і як толькі яны наблізіліся, загаварыў гучным голасам:

— Рыцары вы ці не рыцары, усё роўна, — спыніцеся і далажыце мне, хто вы такія, адкуль і куды едзеце і каго вязеце вы на гэтай калясніцы. Па ўсіх прыкметах, вы некага пакрыўдзілі ці, наадварот, вас пакрыўдзілі, і я павінен абавязкова ведаць гэта, для таго каб пакараць вас за ўчыненыя вамі злачынствы або адпомсціць тым, хто быў у нечым несправядлівы з вамі.

— Мы спяшаемся, — адказаў адзін з балахонаў, — a да заезнага дома далёка, і нам няма часу падрабязна тлумачыць.

З гэтымі словамі ён хвастануў мула і хацеў быў праехаць міма. Але Дон Кіхот, да глыбіні душы зняважаны такім адказам, схапіў мула за аброць і сказаў:

— Спыніцеся, будзьце больш ветлівымі і адказвайце на мае пытанні, інакш я ўсіх вас выклічу на бой!

Мул быў палахлівы, і калі яго схапілі за аброць, ён да таго спалохаўся, што стаў на дыбкі і скінуў седака на зямлю. Слуга, які ішоў пешшу, бачачы, што адзін з балахонаў зваліўся з мула, пачаў лаяць Дон Кіхота; тады Дон Кіхот, і так ужо раздражнёны, без доўгіх разважанняў узяў кап’ё наперавес і, рынуўшыся на аднаго з апранутых у жалобнае адзенне, цяжка параніў яго і выбіў з сядла; затым ён кінуўся на яго спадарожнікаў, і патрэбна было бачыць, як імкліва ён на іх нападаў і прымушаў уцякаць! Здавалася, у Расінанта выраслі крылы — такі жвавы і ганарлівы скок нечакана паявіўся ў яго. Людзі ў балахонах, народ баязлівы і да таго ж яшчэ няўзброены, імгненна, не аказаўшы ніякага супраціўлення, пакінулі поле бітвы і, з палымянымі факеламі ў руках, памчаліся ў розныя бакі так, што, гледзячы на іх, можна было падумаць, што гэта пераапранутыя распачалі вясёлую гульню ў святочную ноч. Што ж тычыцца апранутых у жалобнае адзенне, то яны, заблытаўшыся ў доўгай сваёй вопратцы, не маглі зрушыць з месца, з прычыны чаго Дон Кіхот зусім беспакарана адлупцаваў іх усіх да аднаго, і яны хочаш не хочаш вымушаны былі адступіць з поўнай упэўненасцю, што гэта не чалавек, а сам д’ябал, які з’явіўся з пекла, каб забраць у іх мёртвае цела, якое ляжала на панарадзе.

Санча глядзеў на ўсё гэта і, здзіўляючыся смеласці свайго пана, казаў сабе: “Значыць, мой пан і на справе такі ж храбры і моцны, як на словах”. Побач з тым, каго скінуў мул, ляжаў запалены факел, і, убачыўшы яго пры святле гэтага факела, Дон Кіхот пад’ехаў да яго, наблізіў вастрыё кап’я да яго твару і загадаў здавацца, прыгразіўшы ў адваротным выпадку забіць яго. Пераможаны яму на гэта адказаў:

— Куды ж мне яшчэ больш здавацца, калі я не магу зрушыцца з месца: у мяне ж зламана нага! Прашу вас, ваша міласць, калі толькі вы хрысціянін, то не забівайце мяне, бо гэта будзе найвялікшае святатацтва, — я ж ліцэнцыят, мяне пасвяцілі.

— Калі вы духоўная асоба, то які ж чорт вас сюды занёс? — спытаў Дон Кіхот.

— Што мяне сюды занесла, сеньёр? — перапытаў пераможаны. — Мой горкі лёс.

— Ён стане яшчэ горшым, — запярэчыў Дон Кіхот, — калі вы не дасце мне здавальняючых тлумачэнняў, якіх я ў вас з самага пачатку запатрабаваў.

— Зараз я вам усё растлумачу, — сказаў ліцэнцыят. — Такім чынам, ведайце, ваша міласць, што хоць я з пачатку сказаў, што я ліцэнцыят, на самай справе я ўсяго толькі бакалаўр81, а завуць мяне Алонса Лопес; родам я з Алькабендаса; еду з горада Баэсы разам з адзінаццаццю свяшчэннаслужыцелямі, тымі самымі, што ўцяклі з факеламі ў руках; едзем жа мы ў горад Сеговію: мы суправаджаем мёртвае цела, што ляжыць на гэтым панарадзе, — цела нейкага кавальера, які памёр у Баэсе і там жа быў пахаваны, а цяпер, як я ўжо сказаў, мы перавозім яго астанкі ў Сеговію, адкуль ён родам і дзе знаходзіцца яго фамільны склеп.

— А хто яго ўмярцвіў? — спытаў Дон Кіхот.

— Гасподзь бог пры дапамозе гнілой гарачкі, якая яго і даканала, — адказаў бакалаўр.

— Значыць, гасподзь пазбавіў мяне ад абавязку помсціць за яго смерць, — зрабіў вывад Дон Кіхот, — абавязку, які я вымушаны быў бы ўзяць на сябе, калі б яго забілі. Але калі ён памёр менавіта так, як вы расказваеце, то мне застаецца толькі моўчкі развесці рукамі, бо калі б мне самому была паслана такая смерць, то я паступіў бы якраз гэтак жа. Патрэбна вам ведаць, ваша прападобнасць, што я рыцар Ламанчскі, а завуць мяне Дон Кіхот, і мой спосаб дзеянняў заключаецца ў тым, што я вандрую па свеце, адольваючы крыўду і абараняючы пакрыўджаных.

— Які ў вас спосаб дзеянняў і як вы там адольваеце крыўду, гэта мне невядома, — запярэчыў бакалаўр, — а мяне вы самым сапраўдным спосабам пакалечылі, бо з-за вас я зламаў нагу, і цяпер мне яе не выпрастаць да канца маіх дзён. Абараняючы ж пакрыўджаных, вы мяне так пакрыўдзілі, што крыўду гэту я буду помніць усё жыццё, і таму сустрэча з шукальнікам прыгод з’явілася для мяне сапраўдным няшчасцем.

— Раз на раз не прыходзіцца, — заўважыў Дон Кіхот. — Уся бяда ў тым, сеньёр бакалаўр Алонса Лопес, што вы ехалі ноччу, у жалобным адзенні, з запаленымі факеламі і штосьці мармыталі — ну як з таго свету выйшлі. Міжволі падумаеш, што тут справа нячыстая. Вядома, я не мог не выканаць свайго абавязку і напаў на вас, і я напаў бы на вас, нават калі б ведаў дакладна, што вы д’яблы з пекла, за якіх я і лічыў вас да апошняй хвіліны.

— Відаць, ужо такая мая доля, — рассудзіў бакалаўр. — Але калі вы, сеньёр вандроўны рыцар, абышліся са мной зусім не па-рыцарску, то, прынамсі, дапамажыце мне, прашу вас, выбрацца з-пад мула: у мяне ж нага захрасла паміж стрэмем і сядлом.

— Вось табе на! — усклікнуў Дон Кіхот. — Што ж вы мне раней не сказалі?

Ён тут жа паклікаў Санча Пансу, але той і вухам не павёў: яго ўвага была захоплена разгрузкай абознага мула, якога гэтыя добрыя людзі як мае быць наўючылі харчамі. Санча зрабіў са свайго пыльніка мяшок, запхнуў у яго ўсё, што толькі магло туды ўвайсці, наўючыў свайго асла і, толькі пасля гэтага з’явіўшыся на кліч Дон Кіхота, дапамог сеньёру бакалаўру выбрацца з-пад мула і сесці на яго вярхом, a затым падаў яму факел. Дон Кіхот параіў бакалаўру адправіцца ўслед за яго спадарожнікамі і папрасіў перадаць ім прабачэнні за тое зло, якое ён ім зрабіў па незалежных ад яго прычынах, а Санча да гэтага яшчэ дадаў:

— У выпадку, калі гэтыя сеньёры пажадаюць даведацца, хто такі гэты ўдалец, які нагнаў на іх такога страху, то скажыце, ваша міласць, што гэта Дон Кіхот Ламанчскі па мянушцы Рыцар Журботнага Вобраза.

Калі ж бакалаўр паехаў, Дон Кіхот спытаўся ў Санча, чаму ён вырашыў раптам, ні з таго ні з сяго, назваць яго Рыцарам Журботнага Вобраза.

— Зараз вам скажу, — адказаў Санча. — Таму я вам даў гэту назву, што калі я зірнуў на вас пры святле факела, які павёз з сабой гэты гаротнік, то ў вас быў такі жаласны выгляд, якога я штосьці ні ў кога не заўважаў. Відаць, вас стаміла бітва, а можа, гэта таму, што вам выбілі карэнныя і пярэднія зубы.

— He ў гэтым справа, — запярэчыў Дон Кіхот. — Напэўна, той вучоны дзеяч, якому наканавана напісаць гісторыю маіх учынкаў, палічыў неабходным, каб я абраў сабе якую-небудзь мянушку, бо так рабілі ўсе ранейшыя рыцары: аднаго называлі Рыцарам Палымянага Мяча, другога — Рыцарам Адзінарога, трэцяга Рыцарам Дзеў, каго Рыцарам Птушкі Фенікс, каго Рыцарам Грыфа, каго Рыцарам Смерці, і пад гэтымі імёнамі і мянушкамі яны і набылі папулярнасць ва ўсім сусвеце. Вось я і лічу, што менавіта ён, вучоны дзеяч, абудзіў у цябе думку як-небудзь мяне назваць, і падказаў саму назву: Рыцар Журботнага Вобраза, і так я і буду называцца ў далейшым. А для таго каб гэта мянушка да мяне прывілася, я пры першым зручным выпадку загадаю намаляваць на шчыце які-небудзь вельмі журботны твар.

— Няма чаго траціць час і грошы на тое, каб вам намалявалі нейкія твары, — запярэчыў Санча. — Вам варта толькі падняць забрала і паказаць уласны свой твар, і тады без усякіх размоў і без усякіх малюнкаў на шчыце кожны назаве вас Рыцарам Журботнага Вобраза. Паверце, што я не памыляюся. Слова гонару, сеньёр, хай не ў крыўду вам будзе сказана, ваша міласць, — ад голаду і адсутнасці карэнных зубоў вы так паблажэлі, што, паўтараю, вы смела можаце абысціся без журботнага малюнка.

Жарт Санча насмяшыў Дон Кіхота. І ўсё ж ён не адмовіўся ні ад мянушкі, ні ад прыдуманага ім самім малюнка.

— Па ўсёй верагоднасці, Санча, — зноў загаварыў ён, — мяне ўжо адлучылі ад царквы за тое, што я падняў руку на свяшчэннаслужыцеля, хоць, па сутнасці кажучы, я падняў не руку, а вось гэта самае невялікае кап’ё. Да таго ж я і не здагадваўся, што нападаю на свяшчэннаслужыцеляў і духоўных асоб, якіх я, як дбайны хрысціянін і католік, шаную і паважаю, — мне здавалася, што гэта нейкія пачвары, выхадцы з таго свету. Але няхай нават мяне і адлучылі: наколькі я памятаю, Сід Руй Дзіяс зламаў стул каралеўскага пасланніка82 ў прысутнасці яго святасці папы і той адлучыў яго за гэта, і ўсё ж слаўны Радрыга дэ Вівар зрабіў тады, як і належала высакароднаму і смеламу рыцару.

Дон Кіхот захацеў пераканацца, што іменна ляжыць на панарадзе: мёртвае цела ці што-небудзь іншае. Санча, аднак жа, не пагадзіўся.

— Сеньёр, — сказаў ён, — гэта небяспечная прыгода закончылася для вашай міласці больш удала, чым усе іншыя, сведкам якіх я быў, але можа здарыцца, што людзі, якіх вы перамаглі і рассеялі, здагадаюцца, што перамаглі вы іх адзін, і, раззлаваныя і засаромленыя, спахопяцца, зноў прыедуць сюды і зададуць нам дыхту. Асёл наўючаны як мае быць, голад не цётка, a таму давайце ж бадзёрым крокам рушым наперад, бо, як кажуць, мёртваму месца ў труне, а жывому — каля бохана.

Узяўшы асла за аброць, ён прапанаваў свайму пану ехаць за ім, і той, пагадзіўшыся з ім, без усякіх пярэчанняў паехаў следам.

Хутка, аднак жа, убачыўшы перад сабой шырокую і ціхую даліну, яны спыніліся, і Санча тут жа разгрузіў асла, а паколькі ў абодвух слінка цякла ад голаду, то, прылёгшы на зялёнай траве, яны наладзілі сабе снеданне, абед і вячэру адразу і набілі страўнікі вялікай колькасцю халодных закусак — тых самых закусак, што складалі ношу мула паноў свяшчэннікаў, якія, як вядома, рэдка калі не паклапоцяцца аб сабе. Але тут іх зноў напаткала няўдача, а іменна: у іх не было ні віна, ні вады, так што ім не ўдалося прамачыць горла. Тады, знемагаючы ад смагі, Санча заўважыў, што даліна густа зарасла дробнай зялёнай траўкай, і звярнуўся да Дон Кіхота са словамі, якія будуць прыведзены ў наступным раздзеле.


Раздзел XIV. Аб дасюль нябачаным і нечуваным подзвігу,якога ніводзін славуты рыцар на свеце не здзяйсняў з найменшай для сябе небяспечнасцю,чым доблесны Дон Кіхот Ламанчскі

— Гэта трава, васпан мой, гаворыць не аб чым іншым, як аб тым, што дзесьці паблізу ёсць крыніца або працякае ручай, які поіць яе сваёй вільгаццю, а таму нам варта было б прайсці крыху далей: ужо дакладна, мы знойдзем дзе прагнаць страшэнную смагу, якая, вядома, прымушае нас пакутаваць больш за голад.

Дон Кіхот паслухаўся яго парады. Ён узяў за аброць Расінанта, Санча ўзяў за аброць асла, папярэдне нагрузіўшы яго рэшткамі вячэры, і абодва пакрочылі наўздагад, бо начная цемра перашкаджала ім распазнаваць прадметы; але не прайшлі яны і больш за дзвесце крокаў, як раптам пачуўся моцны шум вады, быццам яна падала з высокіх і стромых скал. Узрадаваліся яны надзвычай; калі ж спыніліся, каб вызначыць, з якога боку гэты шум далятае, то раптам пачулі дзіўныя гукі, і гукі гэтыя адразу расхаладзілі падарожнікаў, якія пачалі ўжо марыць аб халоднай вадзе, асабліва Санча Пансу па прыродзе сваёй баязлівага і маладушнага. І сапраўды: чуліся нейкія мерныя ўдары і як быццам бразгат ланцугоў і жалеза, якія зліваліся з магутным шумам вады. Аднак усё гэта магло нагнаць жаху на каго хочаш, толькі не на Дон Кіхота. Ноч, як ужо было сказана, выпала цёмная, а ім у гэты час надарылася праходзіць пад дрэвамі, лісце якіх злавесна і ціха шапацела ад лёгкага павеву ветрыку. Словам, пустэльная мясцовасць, змрок, шум вады, шапаценне лісця — усё міжвольна наганяла жах і выклікала дрыжыкі, тым больш удары не спыняліся, вецер не сціхаў, а раніца не надыходзіла; у дадатак да іх няшчасцяў абодва не мелі ніякага ўяўлення аб тым, дзе яны знаходзяцца. Аднак жа Дон Кіхот, у грудзях якога білася бясстрашнае сэрца, ускочыў на Расінанта, схапіў шчыт, і, паклаўшы невялікае кап’ё ўпоперак сядла, прамовіў:

— Дружа Санча, ведай, што я па волі неба нарадзіўся ў наш жалезны век, каб адрадзіць залаты. Я — той, каму лёсам наканаваны небяспекі, вялікія справы, смелыя подзвігі. Яшчэ раз паўтараю: я — той, хто закліканы ўваскрэсіць Рыцараў Круглага Стала, Дванаццаць Пэраў Францыі, Дзевяць Дзеячаў Славы, засланіць Плаціраў, Таблантаў, Алівантаў, Тырантаў, Фебаў, Бельянісаў і ўсё мноства славутых вандроўных рыцараў былых часоў, бо ў тым стагоддзі, у якім наканавана жыць мне, я здзейсню такія вялікія і незвычайныя подзвігі, перад якімі паблякне ўсё самае бліскучае, што было зроблена імі. Звярні ўвагу, верны і адданы мой збраяносец, якая змрочная гэта ноч, якая незвычайная пануе цішыня, як глуха і невыразна шумяць дрэвы, з якім жахлівым ровам вада, на пошукі якой мы накіраваліся, падае і звальваецца нібы з гіганцкіх гор, як рэжуць і раздзіраюць наш слых несціханыя гэтыя ўдары.

Усе гэтыя з’явы і разам і паасобку здольныя выклікаць боязь, страх і жах у сэрцы самога Марса, a тым больш — у сэрцы таго, хто не прывык да такіх небяспек і прыгод. Ну, а я не такі: усё, што я табе намаляваў, толькі мацуе і бадзёрыць мой дух, — у мяне нават сэрца гатова выскачыць з грудзей, так моцна я прагну гэтай прыгоды, якія б цяжкасці яна не прынесла. Такім чынам, падцягні папругу на Расінанце, заставайся з богам і чакай мяне тут не больш як тры дні, і калі я за гэты час не вярнуся, то вяртайся ў нашу вёску, а затым, пакорна цябе прашу, схадзі ў Табоса і скажы непараўнальнай маёй пані Дульцынеі, што верны ёй рыцар ахвяраваў жыццём дзеля таго, каб здзейсніць подзвіг, якім бы ён заслужыў яе каханне.

Пры гэтых словах Санча Панса заплакаў горкімі слязамі.

— Сеньёр, — сказаў ён, — я не магу зразумець, навошта спатрэбілася вам гэта жахлівая прыгода! Зараз ноч, ніхто тут не бачыць, мы смела можам звярнуць з дарогі і такім чынам пазбегнем небяспекі, хоць бы для гэтага нам давялося тры дні запар цярпець смагу. І калі ніхто нас не бачыць, то і няма каму, значыць, папракнуць нас у баязлівасці, а я сам колькі разоў чуў, як наш вясковы свяшчэннік, якога ваша міласць добра ведае, казаў з амвону: хто шукае небяспекі, той ад яе і загіне. Дык вось, не патрэбна выпрабоўваць божае доўгацярпенне такімі грэшнымі справамі: бо ад расплаты за іх вас можа выратаваць толькі цуд. Неба і так шмат для вас зрабіла: яно выратавала вашу міласць ад падкідвання на коўдры, якога не суджана было пазбегнуць мне, і яно ж дапамагло вам адолець столькі ворагаў, што суправаджалі нябожчыка, і застацца пасля бою свабодным і здаровым. Калі ж усё гэта не кранае і не змякчае вашага каменнага сэрца, то няхай яно палагаднее ад думкі пра тое, што не паспее ваша міласць паехаць адсюль, як я ад страху аддам сваю душу першаму, хто пажадае яе ўзяць. Я пакінуў родныя мясціны, жонку і дзяцей, каб служыць вам, бо я разлічваў, што буду мець хутчэй барышы, чым панясу страты. Аднак сквапнасць, ад якой, як вядома, вочы разбягаюцца, загубіла ўсе мае надзеі, і сапраўды: якраз калі ў мяне асабліва моцная была надзея завалодаць гэтым праклятым і злашчасным востравам, які ваша міласць мне абяцала, вы ўзамен у лік доўгу вырашылі развітацца са мной у такім месцы, дзе я жывой душы не сустрэну. Дзеля самога Хрыста, васпан мой, не рабіце мне такой горкай крыўды, а ўжо калі вы, чаго б гэта ні каштавала, маеце намер здзейсніць гэты подзвіг, то адкладзіце яго, прынамсі, да раніцы, і вось чаму: навука, якую я вывучаў, калі быў пастухом, падказвае мне, што да світання застаецца не больш за тры гадзіны, бо пашча Малой Мядзведзіцы — над самай нашай галавой і лінія яе левай лапы паказвае, што зараз поўнач.

— Дзе ты бачыш, Санча, гэту сваю лінію, пашчу і патыліцу? — спытаў Дон Кіхот. — Ноч цёмная, і на небе ніводнай зорачкі не відаць.

— Так яно і ёсць, — адказаў Санча, — ды ў страха вочы вялікія, і яны бачаць усё, што робіцца пад зямлёй, а ўжо пра неба і казаць няма чаго. Зрэшты, калі сур’ёзна разважыць, і без таго няцяжка здагадацца, што хутка раніца.

— Хутка ці не хутка, — заўважыў Дон Кіхот, — a пра мяне ні зараз, ні калі-небудзь яшчэ ніхто не скажа, што слязамі і просьбамі мяне можна ўтрымаць ад таго, чаго ад мяне патрабуюць правілы рыцарскіх паводзін. А таму, Санча, калі ласка, памаўчы, бо гасподзь, які цяпер напоўніў маё сэрца прагай гэтай нябачанай і жахлівай прыгоды, паклапоціцца аб маім здароўі і суцешыць цябе ў тваім горы. Твая справа — як мага лепш падцягнуць папругу на Расінанце і чакаць мяне, а я хутка вярнуся, жывы ці мёртвы.

Санча, бачачы, што Дон Кіхот няўмольны і што слёзы, парады і просьбы на яго не дзейнічаюць, вырашыў пайсці на хітрасць і паспрабаваць затрымаць яго да раніцы: падцягваючы папругу, ён спрытна і непрыкметна спутаў заднія ногі Расінанта аброццю свайго асла, таму калі Дон Кіхот пажадаў рушыць у дарогу,то яму гэта не ўдалося, бо конь мог рабіць цяпер толькі скачкі. Санча Панса, пераканаўшыся, што яго задума ўвянчалася поўным поспехам, сказаў:

— Глядзіце, сеньёр: неба, расчуленае маімі слязамі і малітвамі, загадала Расінанту не рухацца. Упарціцца ж, утыкаць яму шпоры ў бакі і хвастаць яго — значыць наклікаць на сябе гнеў лёсу і, як кажуць, прабіваць ілбом сцяну.

Дон Кіхот прыходзіў у адчай: як ні прышпорваў ён каня, той усё стаяў на месцы. Нарэшце, так і не здагадаўшыся, што Расінант стрыножаны, ён вырашыў лепш змірыцца са сваёй доляй і пачакаць, пакуль пачне світаць ці пакуль у Расінанта зноў узнікне здольнасць перамяшчацца.

Так мінула ноч. Нарэшце, бачачы, што да раніцы засталося нядоўга, Санча ціхутка распутаў Расінанта. Расінант звычайна не вызначаўся асаблівай жвавасцю, але тут, адчуўшы свабоду, ён падбадзёрыўся, a паколькі, не ў крыўду яму кажучы, курбетаў ён рабіць не ўмеў, то абмежаваўся тым, што пачаў перабіраць нагамі. Дон Кіхот жа, гледзячы на Расінанта, падумаў, што гэта добры знак — знак таго, што настаў час распачаць жорсткі бой.

Золак між тым займаўся, і навакольныя прадметы можна было адрозніць, і тут Дон Кіхот убачыў, што знаходзіцца ён пад высокімі дрэвамі, што гэта каштаны і што яны адкідваюць густы цень. Яшчэ ён заўважыў, што ўдары не спыняюцца, але не мог зразумець, у чым тут справа, а таму, ніколькі не марудзячы, прышпорыў Расінанта і зноў, развітаўшыся з Санча, пацвердзіў свой загад чакаць яго не больш як тры дні; калі ж ён, маўляў, да гэтага часу не вернецца, значыць богу захацелася, каб ён загінуў у гэтым небяспечным баі. Затым ён яшчэ раз паўтарыў тое, што Санча павінен перадаць і сказаць ад яго імя сеньёры Дульцынеі; што ж тычыцца ўзнагароджання за паслугі, то няхай, маўляў, Санча не турбуецца, бо ён, Дон Кіхот, перад тым, як выехаць з вёскі, склаў завяшчанне, якое прадугледжвала выплату жалавання за ўвесь час, што ён у яго праслужыў; калі ж гасподзь дапаможа яму выйсці з небяспечнага бою здаровым, цэлым і жывым, то Санча можа лічыць, што абяцаны востраў у яго руках. Зноў, пачуўшы жаласныя словы добрага свайго пана, Санча заплакаў і вырашыў не пакідаць яго да канца і завяршэння справы.

Спагадлівасць збраяносца кранула яго пана, аднак жа не да такой ступені, каб ён паддаўся слабасці, — наадварот, ён і выгляду не паказаў, што расчуліўся і адразу ж паехаў у тым кірунку, адкуль, як яму падалося, даляталі шум вады і ўдары. Санча рухаўся за ім пешшу, як звычайна ведучы на повадзе вернага свайго спадарожніка — асла, які дзяліў з ім і гора, і радасць. Спачатку шлях іх ляжаў пад каштанамі і іншымі цяністымі дрэвамі, а затым яны апынуліся на лужку, каля падножжа высокіх скал, з якіх падалі бурлівыя і магутныя патокі. Каля падэшвы скал ляпіліся старыя халупы, больш падобныя на разваліны, чым на хаты, адкуль, як відаць, і даносіўся гэты няспынны стук і грукат. Шум вады і ўдары напалохалі Расінанта, але Дон Кіхот супакоіў яго і пачаў паволі набліжацца да хацін, цалкам аддаючыся заступніцтву пані сваёй Дульцынеі і просячы даць яму сілы для гэтага страшнага паходу і справы, а заадно молячы госпада бога, каб ён не пакінуў яго. Санча ішоў прама за сваім панам; ён выцягваў шыю і напружваў зрок — ці не відаць нарэшце тое, што выклікала здзіўленне і апаноўвала жахам. Затым яны яшчэ прасунуліся крокаў на сто, і вось тут якраз, абагнуўшы выступ скалы, яны і ўбачылі адзіную прычыну таго злавеснага, жахлівага груку, які ўсю ноч палохаў іх і не даваў ім спакою. Гэта былі — толькі ты не злуйся і не засмучайся, чытач! — шэсць сукнавальных молатаў, і яны якраз і выклікалі гэты грукат мернымі сваімі ўдарамі.

Убачыўшы, што гэта такое, Дон Кіхот знямеў і застыў на месцы. Санча зірнуў на яго — і ўбачыў, што ён збянтэжана апусціў галаву. Дон Кіхот, у сваю чаргу, зірнуў на Санча — і ўбачыў, што шчокі ў яго надзьмутыя, што яго душыць смех і што па ўсіх прыкметах ёнвось-вось фыркне, і не так ужо неадольна авалодала ім маркота, каб, зірнуўшы на Санча, ён сам мог утрымацца ад смеху. А Санча, як убачыў, што яго пана таксама разбірае смех, пачаў так нястрымна рагатаць, што, каб не лопнуць, вымушаны быў уперціся рукамі ў бакі. Некалькі разоў ён супакойваўся і зноў, у такім жа бурным парыве весялосці, пачынаў рагатаць, так што Дон Кіхот ужо ўспомніў чорта і нарэшце зусім разлютаваўся, калі пачуў, што Санча быццам бы перадражнівае яго:

— Дык ведай, о дружа мой Санча, што я па волі неба нарадзіўся ў наш жалезны век, каб адрадзіць залаты. Я той, каму лёсам наканаваны небяспекі, вялікія справы, смелыя подзвігі...

І так паўтарыў ён усю ці амаль усю прамову, якую сказаў Дон Кіхот, калі пачулі яны гэтыя страшэнныя ўдары.

Бачачы, што Санча з яго здзекуецца, Дон Кіхот падняў кап’ё і, не помнячы сябе ад сораму і лютасці, двойчы так моцна стукнуў яго, што калі б гэтыя ўдары трапілі не па спіне, а па галаве, то жалаванне збраяносца, магчыма, атрымалі б за яго нашчадкі, толькі не сам збраяносец. Санча сцяміў, што жарты не давядуць яго да добрага. Баючыся, як бы яго пан не зайшоў надта далёка, ён у вышэйшай ступені коратка загаварыў:

— Супакойцеся, ваша міласць. Клянуся богам, я пажартаваў!

— Вы жартуеце, ну а мне не да жартаў, — запярэчыў Дон Кіхот. — Паслухайце, пан весялун: няўжо вы лічыце, што калі б замест сукнавальных молатаў мяне чакала якая-небудзь небяспечная прыгода, то я не паказаў бы цвёрдасці духу, патрэбнай для таго, каб пачаць і скончыць справу? І хіба я, рыцар, абавязаны ведаць і адрозніваць гукі і ўгадваць, молаты гэта ці не молаты? А што калі я ніколі іх нават не бачыў? Гэта вы, гадкі мужык, сярод іх нарадзіліся і выраслі. Вы б лепш ператварылі гэтыя шэсць молатаў у шэсць веліканаў, і няхай яны тады па адным,а то і ўсе адразу сунуцца ў бойку, і вось калі яны ўсе, як адзін, не паляцяць у мяне дагары нагамі, тады і жартуйце з мяне колькі ўлезе.

— Досыць, васпан мой, — сказаў Санча. — Я прызнаю, што занадта развесяліўся. Ну а цяпер, калі мы памірыліся, — і дай бог, каб вы з усіх прыгод выходзілі жывым і здаровым, як выйшлі з гэтай, — скажыце мне, ваша міласць: тое, што мы нацярпеліся такога страху, — гэта ж сапраўды смешна і тут ёсць аб чым расказаць? Я, прынамсі, нацярпеўся. Што ж тычыцца вашай міласці, то мне вядома, што вы не ведаеце і не адчуваеце ні боязі, ні страху.

— Я не адмаўляю, што тут ёсць чаму пасмяяцца, — сказаў Дон Кіхот. — Аднак жа расказваць аб тым, што з намі адбылося, не варта, бо не ўсе людзі разумныя і не ўсе маюць правільны погляд на рэчы.

— У каго правільны погляд на рэчы, дык гэта ў вашага кап’я, — сказаў Санча, — таму яно пазірала прама на маю галаву. Праўда, вы трапілі мне па спіне, але гэтым я абавязаны госпаду богу і той спрытнасці, з якой я ўхіліўся. Ну, нічога, перамелецца — мука будзе. Нездарма кажуць: “Каго люблю, таго і б’ю”. Тым больш у звычках знатных паноў — спачатку аблаяць слугу, а потым адразу ж падарыць яму штаны. Вось толькі я не ведаю, што прынята дарыць пасля пабояў: напэўна, вандроўныя рыцары, адкалашмаціўшы збраяносца, тут жа дораць яму востраў ці каралеўства дзесьці на сушы.

— Справа можа набыць такі шчаслівы кірунак, што ўсё, аб чым ты кажаш, ажыццявіцца, — заўважыў Дон Кіхот. — Забудзь жа тое, што паміж намі адбылося, — ты ж не дурны і павінен ведаць, што чалавек не можа кіравацца першымі рухамі пачуцця, — і няхай гэта будзе табе добрым урокам, каб у далейшым ты не дазваляў сабе так шмат балбатаць. Між іншым, я не памятаю, каб у рыцарскіх раманах, якія мне давялося прачытаць, хтосьці са збраяносцаў так шмат размаўляў са сваім панам, як ты. Шчыра кажучы, я бачу тут недагляд і з майго і з твайго боку; твой недагляд у тым, што ты быў недастаткова са мною пачцівы, мой жа — у тым, што я не патрабаваў ад цябе большай пачцівасці. А таму цяпер мы будзем адносіцца адзін да другога з большай павагай і перастанем адзін з другога жарты строіць, бо ў чым бы мой гнеў ні выявіўся, усё роўна вам будзе не соладка. Абяцаныя ж мною ласкі і ўзнагароды з’явяцца ў свой час, а калі і не з’явяцца, то жалаванне, ва ўсякім разе, ад вас нікуды не дзенецца, аб чым я ўжо вам казаў раней.

— Усё гэта вельмі добра, — заўважыў Санча, — аднак жа мне б хацелася ведаць — на той выпадак, калі час вашай ласкі так ніколі і не настане і патрэбна будзе падумаць аб жалаванні, — колькі ў мінулыя часы вандроўны рыцар плаціў свайму збраяносцу і ці разлічваўся ён з ім ад месяца ці ад дня, як, напрыклад, з мулярамі.

— Я мяркую, што збраяносцам тады не выплачвалі жалавання, яны атрымлівалі ўзнагароды, — адказаў Дон Кіхот. — Я ж упамянуў цябе ў замацаваным пячаткай завяшчанні, якое засталося ў мяне дома, проста так, на ўсякі выпадак: яшчэ невядома, што ў наш складаны час чакае рыцарства, і я б не хацеў, каб з-за нейкай дробязі мая душа пакутавала на тым свеце. І ведай, Санча, што на гэтым свеце няма занятку больш небяспечнага, чым пошукі прыгод.

— І гэта так, — сказаў Санча. — Даволі было стуку молатаў, каб збянтэжыць і ўстрывожыць дух такога доблеснага вандроўнага шукальніка прыгод, як вы, ваша міласць. Але цяпер вы можаце быць упэўнены, што калі я аднойчы і раскрыю рот, то не для таго каб пасміхацца з прыгод вашай міласці, а толькі для таго каб ушанаваць вас, як свайго пана і прыроджанага сеньёра.

— І для цябе настане спакойнае жыццё, — падхапіў Дон Кіхот, — бо пан — гэта другі бацька, а таму яго і патрэбна шанаваць нароўні з бацькам.


Раздзел XV, які апавядае аб вялікай прыгодзе,азначанай каштоўным набыткам у выглядзе Мамбрынава шлема, а таксама і аб іншых прыгодах, што здарыліся з нашым непераможным рыцарам

Тым часам пачаў накрапваць дождж, і Санча захацеў увайсці ў адну з сукнавальняў. Аднак жа гэты горкі здзек лёсу выклікаў у Дон Кіхота такую моцную агіду да іх, што ён не пажадаў туды ўвайсці, a павярнуў направа і выбраўся на дарогу накшталт той, па якой яны ехалі напярэдадні. Неўзабаве Дон Кіхот заўважыў верхавога з нейкім прадметам на галаве, што зіхацеў, нібы золата; і як толькі ўбачыў яго, ён звярнуўся да Санча і сказаў:

— Я лічу, Санча, што кожная прыказка перадае ісціну, бо ўсе яны — афарызмы, дабытыя з вопыту, бацькі ўсіх навук, асабліва тая, што гаворыць: “Адны дзверы зачыніліся, іншыя адчыніліся”. Кажу я гэта таму, што яшчэ ўчора выпадак зачыніў перад намі дзверы да прыгоды, якую мы шукалі, бо нас увёў у зман грукат сукнавальняў, а сёння ён насцеж расчыніў перад намі іншыя дзверы, якія вядуць да іншай, лепшай і на гэты раз бясспрэчнай прыгоды. І вось, калі я ў іх не змагу ўвайсці, то ўжо тут я буду кругом вінаваты і спасылкі на начны змрок і на недастаткова блізкае знаёмства з сукнавальнямі мне не дапамогуць. Гэта я кажу таму, што, калі не памыляюся, насустрач нам рухаецца нехта са шлемам Мамбрына на галаве — тым самым шлемам, наконт якога, як табе вядома, я даваў клятву.

— Удумайцеся, ваша міласць, у тое, што вы кажаце, а галоўнае, у тое, што вы маеце намер зрабіць, — заўважыў Санча. — А раптам гэта зноў сукнавальні, толькі такія, якія пачнуць нас з вамі качаць і паб’юць да непрытомнасці?

— Ідзі ты к чорту! — сказаў Дон Кіхот. — Што агульнае паміж шлемам і сукнавальнямі?

— He ведаю, — адказаў Санча. — Але толькі калі б мне было дазволена гаварыць, як раней, то я, слова гонару, прывёў бы вашай міласці такія доказы, што вы, бадай, зразумелі б вашу памылку.

— Ды ў чым жа мая памылка, агідны малавер? — закрычаў Дон Кіхот. — Скажы, хіба ты не бачыш, што насустрач едзе коннік на шэрым у яблыкі кані і што на галаве ў яго залаты шлем?

— Я нічога не бачу і не распазнаю, — адказаў Санча, — апрача чалавека вярхом на рабым асле, зусім такім жа, як мой, а на галаве ў гэтага чалавека штосьці блішчыць.

— Гэта і ёсць шлем Мамбрына, — сказаў Дон Кіхот. — Адыдзі ж і пакінь мяне з ім удваіх, — ты ўбачыш, што я, марна часу не трацячы, без лішніх слоў скончу гэту справу, і шлем, аб якім я марыў, будзе мой.

— Ды я ўжо абавязкова адыду, — сказаў Санча. — A ўсё ж такі мне страшна: ну а калі сукнавальні — гэта кветачкі, а ягадкі, не дай бог, яшчэ наперадзе?

— Я ж вам сказаў, шаноўны, каб вы не строілі дурня і не дурылі мне галавы сваімі сукнавальнямі, інакш я з вас душу вытрасу! — адрэзаў Дон Кіхот.

Санча замоўк, баючыся, што яго пан выканае клятву, якая зляцела ў яго з языка — важкую, быццам камень.

А між тым, вось што сабой уяўлялі шлем, конь і коннік, якія здаліся Дон Кіхоту: патрэбна заўважыць, што непадалёку адсюль знаходзіліся дзве вёскі, пры гэтым у адной з іх і аптэка і цырульня былі, а ў суседняй, зусім маленькай, іх не было; з гэтай прычыны цырульнік з вялікай вёскі абслугоўваў і маленькую, куды ён цяпер, узяўшы з сабою медны таз, і накіроўваўся пусціць кроў хвораму і пагаліць іншага жыхара вёскі; аднак жа лёс распарадзіўся так, што цырульнік трапіў пад дождж, і каб не прамок яго капялюш, — па ўсёй верагоднасці, новы, — ён надзеў на галаву таз, так старанна вычышчаны, што бляск яго відаць быў за паўмілі. Ехаў ён на рабым асле, як і казаў Санча, а Дон Кіхоту гэтыя акалічнасці далі падставу лічыць, што тут перад ім і шэры ў яблыкі конь, і коннік, і залаты шлем, бо ўсё, што ні трапляла яму на вочы, ён надзвычай лёгка прыводзіў у адпаведнасць са сваім празмерным захапленнем рыцарамі і з няўдалымі сваімі выдумкамі. І вось, калі ён убачыў, што няшчасны верхавы ўжо блізка, то, не пачынаючы з ім перамоў і маючы намер праткнуць яго наскрозь, з кап’ём наперавес памчаўся на ўвесь Расінантаў мах; аднак жа на ўсім скаку ён паспеў крыкнуць:

— Абараняйся, нікчэмнае стварэнне, або добраахвотна аддай тое, што па праву павінна належыць мне!

Цырульнік не думаў, не гадаў сутыкнуцца нос у нос з гэтым прывідам, аднак жа ён не разгубіўся і, каб вастрыё кап’я не закранула яго, вырашыў лепш саскочыць з асла, а затым, як толькі апынуўся на зямлі, падхапіўся і памчаўся хутчэй за лань, так, што яго не дагнаў бы і вецер. Таз застаўся на зямлі, а Дон Кіхот, задаволены гэтым, зазначыў, што язычнік зрабіў разумна. Затым ён загадаў Санча падняць шлем, і той, узяўшы яго ў рукі, сказаў:

— Далібог, добры таз, такі павінен каштаваць не менш як восем рэалаў, гэта ўжо дакладна.

Ён уручыў шлем свайму пану, Дон Кіхот адразу ж надзеў яго на галаву і пачаў пакручваць то ў адзін, то ў другі бок, але, так і не ўбачыўшы забрала, сказаў:

— У язычніка, па мерцы якога ў свой час выконвалі гэты слаўны шлем, напэўна, была велізарная галава. А горш за ўсё тое, што ў гэтага шлема не стае палавіны.

Пачуўшы, што таз для галення называецца шлемам, Санча не мог утрымацца ад смеху; аднак жа гнеў пана ён яшчэ памятаў і таму хутка асекся.

— Чаму ты ўсміхаешся, Санча? — запытаў Дон Кіхот.

— Мне стала смешна, калі я ўявіў сабе, якая велізарная галава была ў язычніка, уладальніка шлема: бо гэта ж якраз таз для галення.

— Ведаеш, аб чым я падумаў, Санча? Відаць, гэты выдатна выраблены цудадзейны шлем па капрызе лёсу трапіў у рукі чалавека, які не разабраўся ў яго прызначэнні і не здолеў ацаніць яго па заслугах. І вось, бачачы, што шлем з чыстага золата, ён, не ведаючы, што робіць, хутчэй за ўсё расплавіў адну палавіну, каб атрымаць з гэтага прыбытак, а з другой палавіны змайстраваў тое самае, што нагадвае табе таз для галення. Але гэта неістотна: хто-хто, а я ўжо ведаю, чаго ён варты, і яго ператварэнне мяне не бянтэжыць. У першай жа вёсцы, дзе ёсць каваль, я яго перакую, і тады ён будзе не толькі не горшы за шлем, выкаваны і выраблены богам кавальскага рамяства83 для бога вайны, але яшчэ і лепшы. А пакуль што ён мне і так спатрэбіцца, бо ўсё ж гэта лепш, чым нічога. Тым больш што ад камянёў ён цалкам можа мяне ахаваць.

— Вядома, пры ўмове, калі камяні будуць ляцець не з прашчаў, — запярэчыў Санча, — як гэта здарылася, калі завязаўся бой паміж двума войскамі і калі вашай міласці пералічылі зубы і прабілі бляшанку з бласлаўлёным бальзамам, ад якога ў мяне ледзь не вывернула нутро.

— Я не вельмі бядую ад гэтай страты, — зазначыў Дон Кіхот. — Ты ведаеш, Санча, што рэцэпт яго я добра памятаю.

— Я таксама, — сказаў Санча. — Але калі я хоць раз у жыцці прыгатую і паспрабую гэты бальзам, то мне канец. Зрэшты, не думаю, каб ён мне калі-небудзь спатрэбіўся, бо я ўсе свае пяць пачуццяў буду трымаць пільна, каб нікога не параніць і каб не паранілі мяне самога. Вось наконт падкідвання на коўдры гэта іншая размова: ад такіх няшчасцяў, бадай, не ўберажэшся, і калі яны здараюцца, то ўжо тут нічога не застаецца, як уцягнуць галаву ў плечы, затоіць дыханне, заплюшчыць вочы і аддаць сябе волі лёсу і коўдры.

— Ты дрэнны хрысціянін, Санча, — выслухаўшы яго, зрабіў вывад Дон Кіхот, — бо ты ніколі не забываеш аднойчы зробленага табе зла. Але ведай жа, што сэрцы высакародныя і велікадушныя на такія дробязі не звяртаюць увагі. Што, табе перабілі нагу, ці зламалі рабро, ці праламалі галаву, што ты ніяк не можаш забыць гэты жарт. Па сутнасці кажучы, гэта быў менавіта жарт, вясёлае баўленне часу, таму што калі б я зразумеў гэта інакш, то абавязкова вярнуўся б і, помсцячы за цябе, нанёс бы больш адчувальны ўрон, чым грэкі, якія помсцілі за выкраданне Алены84. Дарэчы, можна сказаць з упэўненасцю, што калі б жыла яна ў наш час або мая Дульцынея — у часы Алены, то яна, Алена, не славілася б так сваёй прыгажосцю.

Тут ён кінуў позірк на неба і глыбока ўздыхнуў. A Санча сказаў:

— Ну, няхай гэта будзе жарт, калі мы не маем магчымасці адпомсціць па-сапраўднаму, хоць я ж выдатна ведаю, было гэта напраўду або жартам, і яшчэ я ведаю, што ўсё гэта навечна запала ў маю памяць, таксама як і ў мае косці. Але хопіць аб гэтым. Скажыце лепш, ваша міласць, што нам рабіць з шэрым у яблыкі канём, падобным на рабога асла і пакінутым тут без нагляду гэтым самым... як яго... Мам... Мартынам, якога ваша міласць скінула на зямлю. Мяркуючы па тым, як ён даваў лататы, і як у яго мільгалі пяткі, наўрад ці ён калі-небудзь па яго вернецца. A конь жа, дальбог праўда, нядрэнны!

— Я не прывык рабаваць пераможаных, — запярэчыў Дон Кіхот, — ды і не ў звычках рыцарства забіраць коней і прымушаць праціўніка ісці пешшу, калі толькі пераможца не страціў свайго ў час сутычкі: у гэтым выпадку рыцар можа ўзяць каня ў пераможанага ў якасці трафея, захопленага ў справядлівым баі. А таму, Санча, пакінь гэтага каня ці асла, — называй як хочаш, — і калі гаспадар убачыць, што мы паехалі, то ён па яго вернецца.

— Адзін бог ведае, як бы я хацеў узяць яго сабе ці, у крайнім выпадку, абмяняць на майго! — прызнаўся Санча. — Ён жа майму не раўня. На самай справе суровыя законы рыцарства, калі яны не дазваляюць абменьваць аднаго асла на другога. А скажыце, калі ласка, збрую хоць абмяняць можна?

— У гэтым я не вельмі ўпэўнены, — адказаў Дон Кіхот. — Пытанне, па праўдзе кажучы, складанае, але паколькі я ў гэтым недасведчаны, то пакуль я дазваляю табе правесці абмен, калі толькі ты маеш у гэтым пільную патрэбу.

— Такую пільную, — зазначыў Санча, — што калі б гэта збруя патрэбна была мне самому, то і тады я не так бы па ёй сумаваў.

Атрымаўшы дазвол, ён тут жа зрабіў абмен, і надзіва прыбраны ім асёл да таго адразу пахарашэў, што на яго вельмі прыемна было паглядзець. Пасля гэтага яны пакончылі з ежай, якая была ў свой час знойдзена на абозным муле, і напіліся з ручая, ні разу пры гэтым не павярнуўшы галавы ў бок ненавісных сукнавальняў, што выклікалі ў іх такі неадольны страх.

Нарэшце, супакоіўшыся і нават павесялеўшы, яны селі вярхамі, а паколькі ў вандроўных рыцараў бадзяцца без мэты было звычкай, то яны і рушылі без усялякай пэўнай мэты, даверыўшыся волі Расінанта, якой звычайна падпарадкоўвалася не толькі воля гаспадара, але і воля асла, які ішоў за імі ўсюды без пачуцця таварыскасці. Як бы там ні было, яны зноў выбраліся на бальшак і паехалі наўдачу, не маючы на ўвазе нічога пэўнага.

Адным словам, ехалі яны, ехалі, як раптам Санча звярнуўся да свайго пана з такімі словамі:

— Сеньёр, мажліва, вы дазволіце мне трошкі з вамі паразмаўляць? А то ж з таго часу, як вы налажылі на мяне гэты цяжкі зарок маўчання, у маім страўніку згніло каля пяці тэм для размовы, і мне б не хацелася, каб апошняя, якая круціцца ў мяне на языку, таксама без пары без часу сканала.

— Ну, гавары, — сказаў Дон Кіхот, — але толькі будзь немнагаслоўным, бо шматслоўе нікому задавальнення не прыносіць.

— Дык вось, сеньёр, — пачаў Санча, — я ўжо некалькі дзён разважаю аб тым, які гэта нявыгадны і малапрыбытковы занятак — вандраваць у пошуках прыгод, якія ваша міласць шукае ў пустэльных мясцінах і на раздарожжах, дзе, колькі б вы ні атрымлівалі перамогі з якіх бы небяспечных прыгод ні выйшлі з гонарам, усё роўна ніхто гэтага не ўбачыць і не даведаецца, таму, насуперак жаданню вашай міласці, подзвігі вашы будуць вечна акружаны маўчаннем, хоць, вядома, яны заслугоўваюць лепшага лёсу. А таму лепш было б нам — калі толькі ваша міласць не пярэчыць — паступіць на службу да імператара або да якога-небудзь іншага магутнага пана, які з кімсьці ваюе. І вось на гэтай ніве ваша міласць і магла б выявіць сваю храбрасць, дзівосную сваю моц і яшчэ больш дзівосныя разумовыя здольнасці, а ўладарны князь, у якога мы будзем знаходзіцца на службе, бачачы такую вашу стараннасць, не праміне адплаціць кожнаму па заслугах, і ўжо дакладна, знойдзецца там чалавек, які навечна занясе ў летапісы подзвігі вашай міласці. Аб маіх уласных подзвігах я прамаўчу, бо збраяносцу за кола яго прамых абавязкаў выходзіць не прынята. Зрэшты, адважуся вас запэўніць, што калі б у рыцараў існаваў звычай апісваць подзвігі збраяносцаў, то аб маіх наўрад ці было б сказана мімаходам.

— Часткова ты маеш рацыю, Санча, — заўважыў Дон Кіхот. — Аднак жа, перш чым дабіцца такога гонару, рыцару ў выглядзе выпрабавання неабходна вандраваць па свеце ў пошуках прыгод, каб, выйшаўшы пераможцам, здабыць сабе славу і пашану, таму ў час свайго з’яўлення пры двары ён павінен быць ужо вядомым сваімі справамі настолькі, што хлопчыкі, бачачы, што ён уязджае ў гарадскія вароты, адразу ж збягуцца, абступяць яго і пачнуць крычаць: “Вунь Рыцар Сонца”, ці: “Вунь Рыцар Змяі”, гледзячы на тое, пад якім імем стаў ён вядомы вялікімі сваімі подзвігамі. “Гэта ён, — скажуць яны, — у нечуванай бітве адолеў страшэннага велікана Бракабруна, небывалага волата, гэта ён вызваліў ад чараў мамелюка Персідскага, які быў зачараваны каля дзевяцісот гадоў”. І гэтак з вуснаў у вусны пачне пераходзіць вестка аб яго справах, і сам кароль, пачуўшы крыкі хлопчыкаў і шум натоўпу, падыдзе да акна свайго каралеўскага палаца і, зірнуўшы на рыцара, адразу пазнае яго па даспехах або па дэвізе на шчыце і абавязкова скажа: “Гэй вы, мае рыцары! Колькі вас ні ёсць пры двары, выходзьце сустракаць красу і гордасць рыцарства, якая сёння наведала нас”. І па яго загадзе выйдуць усе, a сам кароль спусціцца нават да сярэдзіны лесвіцы, прыцісне рыцара да сваіх грудзей і, робячы ласку, пацалуе яго ў шчаку, а затым возьме яго за руку і адвядзе ў пакоі сеньёры каралевы, і там яго сустрэнуць яна і яе дачка, інфанта85, само сабой зразумела, такое цудоўнае і дасканалае стварэнне, якіх у вядомых нам краінах калі і можна адшукаць, то з найвялікшай цяжкасцю. У той жа момант яна зверне свой позірк на рыцара, рыцар — на яе, і кожнаму з іх падасца, быццам перад ім не чалавек, а ангел, і, самі не разумеючы сутнасці, што, як і чаму, яны немінуча заблытаюцца ў хітрасплеценай любоўнай сетцы, і сэрца ў іх заные, бо яны не будуць ведаць, як выказаць свае пачуцці і пакуты. Затым рыцара, вядома, адвядуць у адзін з палацавых пакояў, багата абсталяваны, і там з яго здымуць даспехі і апрануць у раскошную пунсовую мантыю, і калі ён і ўзброены здаваўся прыгажуном, то гэткім жа і нават яшчэ больш прыгожым падасца ён без зброі. Вечарам ён сядзе вячэраць з каралём, каралеваю і інфантаю і ўпотай ад сатрапезнікаў сваіх будзе лавіць яе позіркі, а яна з не меншай небяспекай будзе глядзець на яго, бо, як я ўжо сказаў, гэта ў вышэйшай ступені прыстойная дзяўчына. Затым усе ўстануць з-за стала, і тут незнарок увойдзе ў залу пачварны маленькі карлік, а за ім — вельмі прыгожая дуэння86 ў суправаджэнні двух веліканаў, і дуэння гэта, прапанаваўшы выпрабаванне, прыдуманае якім-небудзь старажытным мудрацом, аб’явіць, што пераможца будзе прызнаны першым рыцарам у свеце.

Кароль адразу ж загадае ўсім прысутным паспрабаваць свае сілы, але, да большай славы сваёй, выстаіць да канца і вытрымае гэта выпрабаванне адзін толькі рыцар — госць, чым невымоўна парадуе інфанту, і інфанта адчуе сябе шчаслівай і ўзнагароджанай за тое, што яна так высока накіравала і ўтаропіла позіркі сваёй душы. Але гэта яшчэ не ўсё. Кароль ці князь, усё роўна, хто б там ні быў, — вядзе кровапралітную вайну з іншым, такім жа магутным, як і ён, і рыцар-госць праз некалькі дзён, праведзеных ім пры двары, папросіць у яго дазволу паслужыць яму на полі бітвы. Кароль вельмі ахвотна пагодзіцца, і рыцар у аддзяку за зробленую ласку пачціва пацалуе яму руку. У тую ж ноч ён развітаецца са сваёй пані-інфантаю праз садовую рашотку, куды выходзяць вокны яе спальні, праз тую самую рашотку, праз якую ён ужо неаднойчы з ёю размаўляў з ведама і пры садзейнічанні служанкі, якая карысталася асаблівым яе даверам. Ён уздыхне, ёй стане млосна, служанка прынясе вады і, баючыся за гонар сваёй пані, будзе моцна бедаваць, бо раніца, маўляў, блізка і іх могуць убачыць. Нарэшце інфанта апамятаецца і праз рашотку працягне рыцару белыя свае рукі, і той асыпле іх пацалункамі і акропіць слязамі. Яны ўмовяцца між сабою, як ім паведаміць адно аднаму аб усім добрым і дрэнным, што з імі здарыцца, і прынцэса пачне прасіць яго вярнуцца як мага хутчэй. Рыцар дае ўрачыстае абяцанне, зноў цалуе ёй рукі і адыходзіць ад яе ў такім адчаі, што здаецца, быццам ён вось цяпер памрэ. Ён вяртаецца да сябе, кідаецца на свой ложак, але туга расстання гоніць ад яго сон, і ён устае на золку і ідзе развітацца з каралём, каралеваю і інфантаю. Але вось ён развітаўся з каралём і з каралеваю, і тут яму кажуць, што сеньёра інфанта дрэнна сябе адчувае і не можа яго прыняць. Рыцар здагадваецца, што прычынай таму — боль ад расставання з ім, і сэрца ў яго разрываецца на часткі, і яму каштуе вялікіх намаганняў не выдаць сябе. Тут жа знаходзіцца служанка-любіміца, — яна ўсё заўважае і спяшае далажыць сваёй пані, і тая сустракае яе са слязамі на вачах і гаворыць, што ёй так цяжка не ведаць, хто яе рыцар і каралеўскага ён роду ці не. Служанка пераконвае яе, што пачцівасць, зграбнасць і храбрасць, выяўленыя яе рыцарам, — гэта прыметныя ўласцівасці чалавека, які належыць да знатнага каралеўскага роду. Зняможаная інфанта суцешылася. Каб не выклікаць падазрэнняў у бацькоў, яна перасільвае сябе і праз два дні выходзіць на людзі. Рыцар між тым ужо ад’ехаў. Ён змагаецца на вайне, перамагае ворагаў караля, заваёўвае шмат гарадоў, выйграе шмат бітваў, вяртаецца да двара, бачыцца са сваёю ўладаркай ва ўмоўленым месцы і паведамляе ёй, што ва ўзнагароду за зробленыя паслугі ён мае намер прасіць у караля яе рукі. Кароль не згаджаецца выдаць яе за яго, бо не ведае, хто ён такі. З усім тым, ці то ён выкраў яе, ці то якім-небудзь іншым шляхам, але толькі інфанта становіцца яго жонкаю, і бацька яе ўрэшце палічыў гэта за вялікае шчасце, бо яму ўдаецца даведацца, што рыцар гэты — сын доблеснага караля нейкага там каралеўства, — думаю, што на карце яно не пазначана. Кароль памірае, інфанта — пераемніца, рыцар у адзін момант становіцца каралём. Вось калі наступае час асыпаць ласкамі збраяносца і ўсіх, хто дапамог яму дасягнуць такога высокага становішча: ён жэніць збраяносца са служанкай інфанты, зразумела, з той самай, якая была пасрэдніцай у іх сардэчных справах, — пры гэтым высвятляецца, што яна дачка вельмі радавітага герцага.

— Гэтага якраз я і дамагаюся, скажу вам сумленна, на гэта я і ўскладаю надзеі, — прызнаўся Санча.

— Ты смела можаш спадзявацца, — зазначыў Дон Кіхот, — бо такім шляхам і па тых жа самых прыступках вандроўныя рыцары і ўзыходзілі на каралеўскі і імператарскі троны. Цяпер нам застаецца толькі даведацца, хто з хрысціянскіх ці язычніцкіх каралёў вядзе вайну і ў каго з іх ёсць прыгажуня-дачка. Але аб гэтым у нас яшчэ будзе час падумаць, бо, як я ўжо сказаў, перш чым з’яўляцца пры двары, неабходна праславіцца дзесьці ў іншай мясціне. Прытым мне яшчэ сяго-таго нестае. Дапусцім нават, ёсць на свеце такі кароль, які ваюе і мае прыгажуню-дачку, а неверагодная мая слава прагрымела на ўвесь сусвет, але я сабе не ўяўляю, ці можа так атрымацца, што я акажуся прынцам крыві ці на крайні выпадак траюрадным братам імператара. Кароль жа, не атрымаўшы верагодных звестак, не пажадае выдаць за мяне сваю дачку, хоць бы славутыя мае ўчынкі заслугоўвалі большага. І вось з-за гэтага недахопу я рызыкую страціць тое, што я цалкам заслужыў сваёю доблесцю. Праўда, я паходжу са старажытнага дваранскага роду, я — памешчык і землеўладальнік, і вельмі магчыма, што той вучоны дзеяч, які возьмецца напісаць маю гісторыю, да такой ступені дакладна ўстановіць маё сваяцтва і паходжанне, што я акажуся ўнукам караля ў пятым ці шостым калене. Патрэбна табе ведаць, Санча, што радаслоўныя бываюць двух відаў: адны вядуць сваё паходжанне ад уладарных князёў і манархаў, аднак род іх з цягам часу паступова бяднее і звужаецца, нібы перавёрнутая ўніз вастрыём піраміда; другія выйшлі з простых людзей, але мала-памалу паднімаюцца з прыступкі на прыступку і нарэшце становяцца знатнымі панамі. Такім чынам, розніца паміж імі тая, што адны былі калісьці тым, чым яны ўжо не з’яўляюцца цяпер, а другія цяпер з’яўляюцца тым, чым яны не былі раней. І можа быць, што я належу да першых, гэта значыць высветліцца нарэшце, што продкі ў мяне былі вялікія і славутыя, і кароль, мой цесць, якім яму належыць стаць, безумоўна, гэтым задаволіцца. А калі і не будзе задаволены, то ўсё роўна інфанта так горача пакахае мяне, што насуперак бацькоўскай волі і хоць бы яна ведала напэўна, што я сын вадавоза, назаве мяне сваім уладаром і мужам. Калі ж не, то самы правільны спосаб — выкрасці яе і завезці куды мне ўздумаецца, а бацькоўскі гнеў утаймуюць час і смерць.

— Значыць, правільна кажуць іншыя нягоднікі: “He прасі сумленна таго, што можна ўзяць сілай”, — заўважыў Санча. — Зрэшты, сюды яшчэ больш падыходзіць іншая прымаўка: “Удалы наскок лепш за малітву добрых людзей”. Кажу я гэта таму, што калі сеньёр кароль, цесць вашай міласці, не пажадае выдаць за вас сеньёру інфанту, то давядзецца, як сцвярджае ваша міласць, выкрасці яе і кудысьці адправіць. Ды вось бяда: пакуль вы не памірыцеся і пакуль не пачнецца ваша мірнае цараванне, бедны збраяносец у чаканні ласкі будзе, бадай, ляскаць зубамі. Хіба толькі служанка-любіміца, будучая яго жонка, паедзе з інфантай, і ён, пакуль неба не распарадзіцца інакш, пачне дзяліць з ёй гора напалам, — яго ж пану, мяркую я, нічога не каштуе зрабіць так, каб служанка тут жа ўзяла з ім законны шлюб.

— Ніякіх перашкод да таго я не бачу, — зазначыў Дон Кіхот.

— А калі так, — падхапіў Санча, — то нам застаецца толькі даручыць сябе волі божай і даверыцца лёсу, a ўжо ён сам прывядзе нас да лепшага.

— Няхай жа выканае гасподзь маё жаданне, — прамовіў Дон Кіхот, — і няхай жа пашле ён і табе, Санча, тое, у чым ты маеш патрэбу. А калі я займу каралеўскі трон, ты ў мяне адразу ж атрымаеш дваранскі тытул, і табе не давядзецца ні купляць, ні выслужваць яго. Варта мне надаць табе тытул графа, і вось ты ўжо і дваранін, а там, няхай гавораць што хочуць, гонарам клянуся, што кожны воляй-няволяй пачне называць цябе ваша сіяцельства.

— А я ўжо графскай пагоднасці не зняслаўлю, можаце быць упэўнены, — сказаў Санча.

— Годнасць трэба казаць, а не пагоднасць, — паправіў яго Дон Кіхот.

— Няхай будзе так, — пагадзіўся Санча Панса. — Я хачу сказаць, што выдатна змагу да яго прынаравіцца. Мне некалі, далібог не хлушу, давялося прыслужваць у адным брацтве, і адзенне служкі мне вельмі нават пасавала, і ўсе казалі, што з маёй паважнай паставай мне ў самы час у тым самым брацтве быць галоўным. А калі я накіну сабе на плечы герцагскую мантыю, пачну хадзіць у золаце ды жэмчугу, што твой чужаземны граф? Галавой ручаюся, што тады з усіх канцоў пачнуць збірацца, толькі каб на мяне паглядзець.

— Выгляд у цябе будзе прыстойны, — сказаў Дон Кіхот. — Аднак табе давядзецца часцей галіць бараду,а то яна ў цябе густая, узлахмачаная і растрапаная, і калі ты не возьмеш сабе за правіла галіцца па крайняй меры праз дзень, то на адлегласці мушкетнага выстралу будзе відаць, хто ты на самай справе.

— Ды куды прасцей наняць цырульніка і трымаць яго пры сабе на жалаванне! — сказаў Санча. — Пры неабходнасці ён за мной па пятах хадзіць будзе, усё роўна як стайнік за грандам87.

— Адкуль жа ты ведаеш, што стайнікі ходзяць за грандамі? — спытаў Дон Кіхот.

— Зараз вам скажу, — адказаў Санча. — Некалькі год таму я пражыў месяц у сталіцы, і там мне давялося бачыць, як прагульваўся адзін надта нізенькі пан, хоць аб ім казалі, што ён — асоба вельмі высокапастаўленая, і куды б ён ні павярнуў — усюды за ім хвастом нейкі чалавек вярхом на кані. Я запытаўся, чаму гэты чалавек ніколі не параўняецца з ім, а ўсё трымаецца ззаду. Мне адказалі, што гэта яго стайнік і што ў грандаў такая звычка — усюды цягаць стайніка за сабой. І так я тады моцна запомніў гэтыя словы, што яны ў мяне і да гэтага часу захаваліся ў памяці.

— Павінен сказаць, што ты маеш рацыю, — зазначыў Дон Кіхот, — і што ў цябе ёсць падставы для таго, каб за табой хадзіў цырульнік. Да таго ж той, хто голіць бараду, — асоба больш давераная, чым той, хто сядлае каня.

— Што тычыцца цырульніка, то гэта ўжо мае клопаты, — сказаў Санча, — а клопаты вашай міласці — пастарацца стаць каралём і надаць мне тытул графа.

— Так яно і будзе, — пацвердзіў Дон Кіхот.

Тут ён падняў вочы і ўбачыў штосьці такое, аб чым размова пойдзе ў наступным раздзеле.


Раздзел XVI. Аб тым,як Дон Кіхот вызваліў многіх няшчасных,якіх сілком вялі туды, куды яны не мелі ніякага жадання ісці

Такім чынам, слаўны Дон Кіхот Ламанчскі, абмяняўшыся са сваім збраяносцам Санча Пансам думкамі, якія прыводзяцца ў канцы папярэдняга раздзела, падняў вочы і ўбачыў, што насустрач яму па той жа самай дарозе ідуць пехатой чалавек дванаццаць, налыганыя, быццам пацеркі, на доўгі жалезны ланцуг, абматаны вакол іх шыі, усе да аднаго ў наручніках. Ланцуг гэты суправаджалі два верхавых і два пешых: верхавыя — з самапаламі, пешыя ж — з коп’ямі і мячамі; і Санча Панса, як толькі заўважыў іх, прамовіў:

— Гэта катаржнікі і каралеўскія нявольнікі, іх гоняць на галеры88.

— Як нявольнікі? — перапытаў Дон Кіхот. — Хіба кароль прымушае каго-небудзь сілай?

— Я не гэта хацеў сказаць, — заўважыў Санча. — Я кажу, што гэтыя людзі прыгавораны за свае злачынствы на прымусовую службу каралю на галерах.

— Адным словам, як бы там ні было, — запярэчыў Дон Кіхот, — гэтыя людзі ідуць на галеры па прымусе, а не па сваёй добрай волі.

— Вось-вось, — пацвердзіў Санча.

— У такім выпадку, — зрабіў вывад яго пан, — я павінен выканаць свой абавязак: ліквідаваць гвалт і дапамагчы няшчасным, заступіцца за іх.

— Прыміце пад увагу, ваша міласць, — сказаў Санча, — што правасуддзе, гэта значыць сам кароль, не чыніць гвалту над гэтымі людзьмі і не робіць ім зла, a толькі карае іх за злачынствы.

У гэты час наблізіўся ланцуг катаржнікаў, і Дон Кіхот вельмі далікатна папрасіў канвойных зрабіць адну паслугу, а іменна: сказаць і растлумачыць яму, што за прычына, ці больш дакладна, што за прычыны прымушаюць іх весці гэтых людзей такім спосабам. Адзін з верхавых адказаў, што гэта катаржнікі, людзі, якія знаходзяцца ў распараджэнні яго вялікасці, і што накіроўваюцца яны на галеры, — гэта, маўляў, усё, што ён можа яму паведаміць, а больш яму і ведаць не належыць.

— З усім тым, — запярэчыў Дон Кіхот, — я б хацеў ведаць, якая бяда здарылася з кожным з іх паасобку.

Пасля гэтага ён нагаварыў канвойным столькі кампліментаў і прывёў столькі разумных доказаў, каб схіліць іх выканаць яго просьбу, што другі коннік нарэшце сказаў:

— Хоць мы і вязём з сабой справы ўсіх гэтых гаротнікаў, аднак нам няма калі спыняцца, даставаць іх і чытаць. Распытайце іх самі, ваша міласць, — яны вам раскажуць, калі пажадаюць, а яны, ужо дакладна, пажадаюць, бо любімы занятак гэтых малайцоў — ашукаць і расказваць аб сваіх ашуканствах.

Атрымаўшы дазвол, — зрэшты, калі б не атрымаў яго Дон Кіхот, дык сам бы сабе гэта дазволіў, — рыцар наш наблізіўся да ланцуга і спытаў першага катаржніка, за якія грахі ён вымушаны быў абраць такі нязручны спосаб падарожжа. Той адказаў, што падарожнічае ён такім чынам таму, што быў улюбёны.

— Толькі таму? — усклікнуў Дон Кіхот. — Ды калі б усіх улюбёных ссылалі на галеры, то я ўжо даўным-даўно павінен быў бы ўзяцца за вёслы.

— Ваша міласць зусім пра іншую любоў кажа, — заўважыў катаржнік. — Маё захапленне было асаблівага роду: мне так спадабаўся кошык, напоўнены бялізнай, і я так моцна прыціснуў яго да грудзей, што калі б не забрала ў мяне правасуддзе сілай, то па сваёй добрай волі я да гэтага часу не выпусціў бы яго з рук. Мяне злавілі на месцы злачынства, катавання не спатрэбілася, і мне тут жа вынеслі прысуд: спіну маю аздобілі з дапамогай сотні розгаў, у дадатак я атрымаў раўнюсенька тры птушкі — і канец справе.

— Што значыць тры птушкі? — пацікавіўся Дон Кіхот.

— Гэта значыць тры гады галер, — растлумачыў катаржнік.

Гэта быў хлопец гадоў дваццаці чатырох, ураджэнец, як ён сказаў, П’едраіты. З тым жа пытаннем Дон Кіхот звярнуўся да другога катаржніка, але той, маркотны і сумны, нічога яму не адказаў; аднак жа за яго адказаў першы. Ён сказаў:

— Гэтага, сеньёр, гоняць за тое, што ён быў канарэйкай, гэта значыць, за музыку і спевы.

— Што гэта такое? — працягваў дапытвацца Дон Кіхот. — Хіба музыкантаў і спевакоў таксама ссылаюць на галеры?

— Так, сеньёр, — адказаў катаржнік. — Горш няма, калі хто заспявае з гора.

— Я чуў наадварот, — запярэчыў наш рыцар: — хто песні спявае, той сум-тугу разганяе.

— Ну а тут па-іншаму, — сказаў катаржнік: — хто хоць аднойчы заспявае, той потым усё жыццё плакаць будзе.

— Нічога не разумею! — сказаў Дон Кіхот.

Але тут да яго звярнуўся адзін з канвойных:

— Сеньёр кавальера, — спяваць з гора на мове гэтых паганцаў абазначае прызнацца ў час катаванняў. Гэтага грэшніка катавалі, і ён прызнаўся ў сваім злачынстве, а іменна ў тым, што займаўся канакрадствам, іначай кажучы, краў коней, і як толькі ён прызнаўся, то яго прыгаварылі да шасці гадоў галер і звыш таго да двух сотняў розгаў, якія яго спіна ўжо адчула. Задумлівы ж ён і сумны таму, што іншыя ашуканцы — як тыя, што засталіся ў турме, так і яго спадарожнікі — крыўдзяць і зневажаюць яго і ні ў грош яго не ставяць, таму што ён ва ўсім прызнаўся і не меў духу адперціся. Бо, разважаюць яны, у слове не амаль столькі ж літар, колькі ў слове так, і злачынец мае тую істотную перавагу, што жыццё яго і смерць залежаць не ад сведак і доказаў, а ад яго ўласнага языка. Я ж, са свайго боку, лічу, што яны недалёкія ад ісціны.

— І мне так здаецца, — сказаў Дон Кіхот.

Наблізіўшыся да трэцяга, ён спытаў аб тым жа, аб чым пытаўся ў іншых, і той жвава і без усякага сораму яму адказаў:

— Я іду на пяць гадоў да сеньёр птушак за тое, што ў мяне не было дзесяці дукатаў.

— Ды я з вялікім задавальненнем дам дваццаць, толькі б выручыць вас з бяды! — сказаў Дон Кіхот.

— Гэта тое ж самае, — запярэчыў катаржнік, — як калі б хтосьці апынуўся ў адкрытым моры, маючы грошы, і паміраў ад голаду таму, што яму няма дзе купіць харчы. Кажу я гэта да таго, што калі б ваша міласць своечасова прапанавала мне гэтыя самыя дваццаць дукатаў, то я падмазаў бы пяро страпчага і натхніў бы на выдумкі майго паверанага, так што гуляў бы я цяпер у Таледа, а не па гэтай дарозе, быццам узяты на павадок хорт. Ну, ды бог не без ласкі. Цярплівасць, а там відаць будзе.

Ззаду за ўсімі ішоў мужчына гадоў пад трыццаць, вельмі прыемнага выгляду, калі не лічыць таго, што адно яго вока ўсё пазірала ў бок другога. Скованы ён быў не так, як яго спадарожнікі: на назе ў яго быў ланцуг, такі доўгі, што яго хапіла на тое, каб абвіць усё яго цела, а шыю аблягалі два кольцы: адно — прыпаянае да ланцуга, і другое — так званае сцеражы сябра, або сяброўскія абдымкі, якое пры дапамозе двух жалезных прутоў злучалася каля пояса з наручнікамі, што былі замкнёны цяжкімі замкамі, так што ён не мог ні рук паднесці да рота, ні апусціць галавы на рукі. Дон Кіхот спытаў, чаму на гэтым чалавеку больш ланцугоў, чым на іншых. У адказ канвойны яму сказаў, што ён адзін учыніў больш злачынстваў, чым усе астатнія, разам узятыя, і што хоць ён і скованы па руках і нагах, аднак варта, ведаючы яго дзёрзкасць і пранырлівасць, не можа за яго паручыцца і ўсё яшчэ баіцца, як бы ён ад яе не ўцёк.

— Якія ж гэта злачынствы ён учыніў, калі яго прыгаварылі ўсяго толькі да ссылкі на галеры? — запытаў Дон Кіхот.

— Так, але на дзесяць гадоў, — запярэчыў канвойны. — Досыць сказаць, што гэты душа-чалавек не хто іншы, як славуты Хінес дэ Пасамонтэ, а яшчэ яго завуць Хінесільё Абрабавальё.

— Сеньёр камісар, прыкусіце язык, — умяшаўся катаржнік, — не будзем перабіраць чужыя імёны і мянушкі. Мяне завуць Хінес, а не Хінесільё, і я з роду Пасамонтэ, а не Абрабавальё, як запэўнівае ваша благароддзе. He перашкаджае сяму-таму азірнуцца на сябе, — гэта было б куды больш карысна.

— Збаўце ж тон, сеньёр першаразрадны разбойнік, — прыкрыкнуў на яго камісар, — калі не хочаце, каб я сілай прымусіў вас замаўчаць!

— Вядома, чалавек мяркуе, а бог распараджаецца, — зазначыў катаржнік, — але ўсё ж такі праз нейкі час некаторыя даведаюцца, называюся я Хінесільё дэ Абрабавальё ці не.

— Ды хіба цябе не так завуць, шэльма? — закрычаў канвойны.

— Завуць-завуць, ды і перастануць, — адказаў Хінес. — Сеньёр кавальера, калі вы маеце намер нам штосьці ахвяраваць, то ахвяруйце і едзьце з богам, — вы нам ужо абрыдлі сваёй надакучлівай цікаўнасцю да чужога жыцця. Калі ж вам цікава даведацца пра маё жыццё, то ведайце, што я Хінес дэ Пасамонтэ і што я апісаў яго ўласнаручна.

— Гэта так, — пацвердзіў камісар, — ён на самай справе напісаў сваю біяграфію, ды так, што лепш нельга, толькі кніга гэта за дзвесце рэалаў заложана ў турме.

— Але я абавязкова выкуплю яе, хоць бы з мяне запатрабавалі дзвесце дукатаў, — аб’явіў Хінес.

— Такая яна каштоўная? — запытаўся Дон Кіхот.

— Яна такая каштоўная, — адказаў Хінес, — што ў параўнанні з ёю Ласарыльё з берагоў Тармеса89 і іншыя кнігі, якія падобныя на гэту, ці якія яшчэ калі-небудзь будуць напісаны, нічога не вартыя. Адважуся вас запэўніць, ваша высакароддзе, што ўсё ў ёй праўда, але настолькі займальная і забаўная, што ніякая выдумка за ёю не ўгоніцца.

— А як называецца кніга? — пацікавіўся Дон Кіхот.

— Жыццё Хінеса дэ Пасамонтпэ, — адказаў катаржнік.

— І яна завершана? — запытаўся Дон Кіхот.

— Як жа яна можа быць завершана, калі не скончана маё жыццё? — запярэчыў Хінес. — Я пачаў прама з дня нараджэння і паспеў давесці мае запіскі да той самай хвіліны, калі мяне апошні раз накіравалі на галеры.

— Значыць, вы ўжо там разок пабывалі? — спытаў Дон Кіхот.

— Мінулы раз я праслужыў там богу і каралю чатыры гады і паспытаў і сухароў і бізуноў, — адказаў Хінес. — І я не вельмі шкадую, што мяне зноў адпраўляюць туды ж, — там у мяне будзе час завяршыць кнігу. Мне ж яшчэ пра многае патрэбна расказаць, а ў тых, хто трапляе на іспанскія галеры, вольнага часу больш чым дастаткова. Хоць, зрэшты, для маіх пісанняў асабліва працяглага вольнага часу і не патрабуецца: усё гэта яшчэ я добра памятаю.

— Спрытны ж ты, як я пагляджу! — сказаў Дон Кіхот.

— І няшчасны, — прамовіў Хінес, — бо людзей таленавітых няшчасці даймаюць неадчэпна.

— Няшчасці даймаюць нягоднікаў, — паправіў яго камісар.

— Я ўжо вам сказаў, сеньёр камісар, каб вы прыкусілі язык, — зноў загаварыў Пасамонтэ. — Начальства ўручыла вам гэта жазло не для таго, каб вы крыўдзілі нас, гаротных, а для таго, каб вы даставілі нас да месца, прызначанага каралём. Інакш даю галаву на адсячэнне... Ну, добра, калі-небудзь адальюцца кошцы мышыныя слёзкі. А пакуль маўчок, будзем адносіцца адзін да аднаго з павагай, выказвацца яшчэ больш пачціва, і пара ў дарогу: хопіць, на самай справе, дурыцца!

У адказ на такія пагрозы камісар замахнуўся жазлом, але Дон Кіхот, загарадзіўшы Пасамонтэ, папрасіў не крыўдзіць яго з-за гэтага, невялікая бяда, калі ў чалавека са звязанымі вельмі моцна рукамі крыху развязаўся язык. І, звяртаючыся да ўсяго ланцуга, сказаў:

— З усяго, што вы мне паведамілі, даражэнькія браткі, я раблю вывад, што хоць вы пацярпелі не бязвінна, аднак жа пакаранне, якое прадбачыцца, вам не вельмі падабаецца і вы ідзяце адбываць яго вельмі неахвотна і зусім не па добрай волі. І можа быць, што маладушнасць, выяўленая адным у час катавання, безграшоўе ў другім выпадку, адсутнасць заступнікаў у кагосьці яшчэ і, нарэшце, няправільнае рашэнне суддзі сталі прычынаю вашай гібелі і таго, што вы не здолелі апраўдацца. Усё гэта вельмі добра ўяўляецца майму позірку ў думках і быццам угаворвае, пераконвае, больш таго — падбухторвае мяне даказаць вам, што неба падаравала мне жыццё, каб я прыняў зарок рыцарства і даў клятву абараняць пакрыўджаных і прыгнечаных тымі, хто мае ўладу. Аднак жа, ведаючы, што адна з прымет мудрасці — не браць сілай таго, што можна ўзяць па-добраму, я хачу папрасіць сеньёраў вартавых і камісара аб адной паслузе, а іменна: раскаваць вас і адпусціць з мірам, бо заўсёды знойдуцца іншыя, якія паслужаць каралю пры больш спрыяльных абставінах, ператвараць жа ў рабоў тых, каго гасподзь і прырода стварылі свабоднымі, бачыцца мне вельмі жорсткім. Тым больш, сеньёры канвойныя, — працягваў Дон Кіхот, — што тыя няшчасныя асабіста вам нічога дрэннага не зрабілі. Няхай кожны сам адкажа за свае грахі. На небе ёсць бог, і ён нястомна карае зло і ўзнагароджвае дабро, і людзям прыстойным не падыходзіць быць катамі сваіх блізкіх, якія, дарэчы сказаць, іх і не хвалююць. Я кажу вам аб гэтым мяккім і спакойным тонам, каб, калі вы выканаеце маю просьбу, мне было за што дзякаваць вам. Калі ж вы не выканаеце яе па сваім жаданні, то гэта кап’ё і гэты меч разам з моцнаю маёю рукою прымусяць вас да гэтага сілай.

— Што за недарэчны жарт! — усклікнуў камісар. — Да добранькіх жа рэчаў дагаварыўся гэты забаўнік! Ён, ці бачыце, жадае, каб мы выпусцілі каралеўскіх нявольнікаў, як быццам мы маем права вызваляць іх, а ён — аддаваць належныя распараджэнні! У добры час, ваша міласць, папраўце на галаве таз, едзьце па сваёй дарозе і перастаньце, сеньёр, лезці на сцяну.

— Я вас самога прымушу на сцяну лезці, нягоднік! — закрычаў Дон Кіхот.

І, не доўга думаючы, ён так рашуча напаў на камісара, што той, не паспеўшы падрыхтавацца да абароны, прабіты кап’ём свайго ворага, грымнуўся вобземлю; і гэта была незвычайная для Дон Кіхота ўдача, бо толькі камісар і быў узброены мушкетам. Іншых канвойных такое нечаканае здарэнне ашаламіла і азадачыла; аднак, апамятаўшыся, верхавыя ўзяліся за мячы, пешыя — за коп’і, і ўсе разам напалі на Дон Кіхота, — Дон Кіхот жа з найвялікшым спакоем іх чакаў; і яму б, ужо дакладна,не мінуць ліха, калі б катаржнікі, скеміўшы, што ім даруецца магчымасць атрымаць свабоду, не зрабілі спробы выкарыстаць яе і не паспрабавалі парваць ланцуг, на які яны былі налыганы. Усчалася неверагодная мітусня; канвойныя то кідаліся да катаржнікаў, якія ўжо разблытвалі ланцуг, то адбіваліся ад напорыстага Дон Кіхота — і ўсё без толку. Санча са свайго боку пасадзейнічаў вызваленню Хінеса дэ Пасамонтэ, і той, — першы, хто скінуў ланцугі і вырваўся на волю, — падбег да пераможанага камісара, выхапіў у яго з рук шпагу і мушкет і пачаў цэліцца ў канвойных і рабіць выпады, але так і не адкрыў агню, бо ў тое ж імгненне на полі бою не засталося ніводнага канвойнага: усе яны далі цягу, запалоханыя мушкетам Пасамонтэ, таксама, як і градам камянёў, якім іх асыпалі іншыя катаржнікі, што ўслед за ім вырваліся на волю. Здарэнне гэта вельмі засмуціла Санча Пансу, бо ён лічыў, што канвойныя паведамяць аб усім Святому брацтву і яно заб’е ў званы і зоймецца пошукамі злачынцаў. Аб сваёй боязі ён сказаў Дон Кіхоту і параіў яму як мага хутчэй паехаць адсюль і схавацца ў бліжэйшых гарах.

— Добра, добра, — сказаў Дон Кіхот, — я сам ведаю, як патрэбна зрабіць.

Затым ён склікаў катаржнікаў, якія паспелі ўжо да ніткі абабраць камісара і разышліся па полі, і яны абступілі яго, чакаючы, што ён ім скажа. Ён жа распачаў з імі такую размову:

— Выхаваныя людзі лічаць неабходным аддзячыць таму, хто зрабіў ім паслугу, бо з усіх грахоў, які найбольш гневіць госпада — гэта няўдзячнасць. Кажу я гэта таму, што вы, сеньёры, на ўласным вопыце, на свае вочы пераканаліся, што я зрабіў паслугу. І вось я б хацеў, — і такая мая воля, — каб у аддзяку за гэта, вы, абцяжаныя ланцугом, ад якога я вас пазбавіў, зараз жа рушылі ў дарогу і, прыбыўшы ў горад Табоса, з’явіліся да сеньёры Дульцынеі Табоскай, перадалі ёй прывітанне ад яе рыцара, гэта значыць ад Рыцара Журботнага Вобраза, і вельмі падрабязна расказалі ёй аб гэтай слаўнай прыгодзе, аж да таго моманту, калі вы атрымалі жаданую волю. А пасля вы можаце накіроўвацца куды вам хочацца, на ўсе чатыры бакі.

Хінес дэ Пасамонтэ адказаў за ўсіх.

— Ваша міласць, васпан і выратавальнік наш, — сказаў ён, — патрабуе ад нас немагчымага, бо не гуртам неабходна нам хадзіць па дарогах, а толькі адасоблена і па адным, прычым усе мы будзем рады скрозь зямлю праваліцца, каб нас не адшукала Святое брацтва, якое, тут няма ніякага сумнення, ужо арганізавала за намі пагоню. Няхай лепш ваша міласць, — і гэта будзе найбольш правільна, — загадае нам замест хаджэння на паклон да сеньёры Дульцынеі Табоскай прачытаць некалькі разоў “Багародзіцу” і “Верую”, і мы іх прачытаем з думкай пра вас. Вось гэта даручэнне можна выконваць і ўдзень, і ўночы, і ўцякаючы, і адпачываючы, як у мірны час, так і ў час вайны. Але ўяўляць, быццам мы зноў захочам паспытаць райскага шчасця, гэта значыць зноў начэпім ланцугі, а потым пакрочым па дарозе да Табоса, — гэта ўсё роўна што ўяўляць, быццам зараз ноч, тады як на самай справе яшчэ і дзесяці гадзін раніцы няма, і звяртацца да нас з такой просьбай — гэта тое ж самае, што на вязе шукаць грушы.

— У такім выпадку, я клянуся, — са злосцю ўсклікнуў Дон Кіхот, — што вы, дон Хінесілья дэ Нарабавальё, ці як вас там, нягоднік вы гэтакі, адправіцеся туды адзін, з падцятым хвастом і цягнучы на сабе ўвесь ланцуг!

Пасамонтэ ні ў якім разе не вылучаўся доўгацярплівасцю, апрача таго, ён хутка сцяміў, што Дон Кіхот ненармальны, інакш ён не зрабіў бы такога глупства і не вызваліў бы іх; і вось, бачачы, што з ім так абыходзяцца, ён падміргнуў таварышам, пасля чаго ўсе яны адышлі ўбок, і тут на Дон Кіхота пасыпалася столькі камянёў, што ён не паспяваў закрывацца шчытом, а небарака Расінант не звяртаў ніякай увагі на шпоры, быццам ён быў драўляны. Санча схаваўся за свайго асла і загарадзіўся ім ад градавой хмары камянёў, якой суджана было абдаць іх абодвух. Дон Кіхот быў не так ужо і надзейна ахаваны, каб некалькі камянёў не трапіла ў яго, і пры гэтым з такой сілай, што ён зваліўся з каня; і толькі ён зваліўся, як на яго насеў адзін з катаржнікаў, сарваў з галавы таз, тры ці чатыры разы агрэў ім Дон Кіхота па спіне, столькі ж разоў стукнуў яго аб зямлю і ледзь не разбіў. Услед за гэтым катаржнікі сцягнулі з Дон Кіхота паўкафтан, які ён апранаў на даспехі, і хацелі былі зняць і панчохі, але гэтаму перашкодзілі накаленнікі. З Санча яны сцягнулі пыльнік і, абабраўшы яго начыста і падзяліўшы паміж сабой астатнюю здабычу, заклапочаныя не столькі тым, як бы зноў начапіць на сябе ланцугі адправіцца да сеньёры Дульцынеі Табоскай, колькі тым, як бы не трапіць у лапы Брацтва, разбрыліся хто куды.

Засталіся толькі асёл і Расінант, Санча і Дон Кіхот. Асёл, задумлівы і пануры, лічачы, што ўраган камянёў, які яшчэ даймаў яго слых, усё не спыняецца, час ад часу стрыг вушамі; Расінант, збіты з ног адным з камянёў, выцягнуўся каля свайго гаспадара; Санча, у чым маці нарадзіла, дрыжэў ад страху ў чаканні Святога брацтва; Дон Кіхот жа быў вельмі засмучаны тым, што людзі, якім ён зрабіў так многа добрага, гэтак дрэнна з ім абышліся.


Раздзел XVII. Аб тым, што здарылася з праслаўленым Дон Кіхотам каля Сьера-Марэны90, і аб яго пакаянні па прыкладзе Змрочнага Прыгажуна

Бачачы, што з ім так дрэнна абышліся, Дон Кіхот сказаў свайму збраяносцу:

— Мне часта даводзілася чуць, Санча, што рабіць дабро мужланам — гэта ўсё роўна што ваду рэшатам чэрпаць. Калі б я прыслухаўся да тваёй парады, я б пазбег гэтай напасці. Але справа зроблена. Цярплівасць, і ў далейшым будзем больш асцярожнымі.

— Хутчэй я ператваруся ў турка, чым ваша міласць стане больш асцярожным, — не пагадзіўся Санча. — Але вы кажаце, што калі б вы мяне паслухалі, то пазбеглі б гэтай бяды, — у такім выпадку паслухайце мяне цяпер, і вы пазбегнеце яшчэ горшай, бо адважуся вас запэўніць, што Святое брацтва на ваша рыцарскае абыходжанне не паглядзіць, яму на ўсіх вандроўных рыцараў напляваць, і ведаеце што: у мяне як быццам ужо ў вушах гудзіць ад яго стрэлаў.

— Ты баязлівец па прыродзе, Санча, — заўважыў Дон Кіхот. — Зрэшты, каб ты не казаў, што я ўпарты і ніколі не прытрымліваюся тваіх парад, на гэты раз я маю намер зрабіць так, як ты мне раіш, і ўхіліцца ад гневу, якога ты баішся. Але толькі з адной умовай: каб ты ніколі, як пры жыцці, так і пасля смерці, нікому не казаў, што я з-за боязі схаваўся і ўцёк ад небяспекі, — я проста паблажліва адношуся да тваіх просьбаў. Калі ж ты гэта скажаш, то ты схлусіш і я раз і назаўсёды выкрываю цябе ў хлусні і аб’яўляю, што ты хлусіш і будзеш хлусіць кожны раз, калі аб тым падумаеш або каму-небудзь скажаш. І не пярэч мне, бо пры адной думцы, што я ўцёк і схаваўся ад небяспекі, ды яшчэ ад такой, якая, напэўна, толькі таму і ўзнікла, што некаторым ад страху штосьці падалося, я ўжо гатовы застацца тут адзін і чакаць не толькі прыгаданае табой Святое брацтва, якое наганяе на цябе жах, але і брацтва ўсіх дванаццаці кален ізраілевых, сямі братоў Макавеяў, Кастара і Полукса, а таксама ўсіх братоў і ўсе брацтвы, якія толькі існуюць на свеце.

— Сеньёр, — зноў загаварыў Санча, — схавацца — не азначае ўцячы, і неразумна чакаць, калі небяспека вельмі вялікая, мудрыя ж павінны пакідаць штосьці на заўтрашні дзень, а не растлумачыць аднойчы ўсе свае сілы. І ведайце, што хоць я чалавек некультурны і цёмны, аднак жа я маю пэўнае ўяўленне аб тым, што такое высакародныя паводзіны, а таму вы не раскайвайцеся, што выкарысталі маю параду, — лепш сядайце на Расінанта, калі толькі вам гэта пад сілу, a калі не, то я вас падсаджу, і едзьце за мной, бо, паварушыўшы мазгамі, я раблю вывад, што ногі нам цяпер больш патрэбны, чым рукі.

Дон Кіхот без усялякіх размоў сеў на каня і, на чале Санча вярхом на асле, неўзабаве апынуўся ў тым месцы Сьеры Марэны, якое было бліжэй да іх. Санча ж меў намер схавацца на некалькі дзён разам з Дон Кіхотам дзе-небудзь у цясніне, каб іх не спаймалі ў выпадку, калі Брацтва паспрабуе іх злавіць. Жаданне гэта ў ім узмацнілася, як толькі ён убачыў, што харчы, якія ён вёз на асле, пасля сутычкі з катаржнікамі не зніклі. Гэту акалічнасць збраяносец палічыў за цуд, прыгадаўшы тое, як шукалі катаржнікі і колькі яны забралі з сабой.

Пад вечар дабраліся яны да самага сэрца Сьера-Марэны, дзе Санча і вырашыў правесці гэту ноч і яшчэ некалькі сутак, ва ўсякім выпадку прабыць да таго часу, пакуль у іх не скончацца прадукты, а таму яны размясціліся на начлег паміж скал, сярод мноства пробкавых дубоў. Аднак жа немінучы лёс зрабіў так, што Хінес дэ Пасамонтэ, славуты ашуканец і махляр, пазбаўлены ад ланцугоў дабратой і вар’яцтвам Дон Кіхота, уцякаючы ад Святога брацтва, якога ён меў усе падставы баяцца, задумаў схавацца ў гарах, доля ж і страх прывялі яго туды, дзе знаходзіліся Дон Кіхот і Санча Панса, у такую пару і ў такі час, калі ён яшчэ мог пазнаць іх, і ў той самы момант, калі яны, не маючы перашкод з яго боку, пачыналі засынаць; a паколькі злодзеі ўсе як адзін няўдзячныя і цяжкае становішча з’яўляецца для іх дастатковай падставай, каб ужыць забароненыя сродкі, то Хінес, чалавек няўдзячны і несумленны, задумаў украсці ў Санча Пансы асла, Расінант жа, будучы зусім непрыгоднай здабычай як для закладу, так і для продажу, не прыцягнуў яго ўвагі. Санча Панса спаў; Хінес украў асла і, каб яго не дагналі, яшчэ да світання паспеў ад’ехаць вельмі далёка.

Досвітак абрадаваў зямлю і засмуціў Санча Пансу, бо ён заўважыў знікненне асла; і вось, зразумеўшы, што асла з ім больш няма, ён усчаў да немагчымасці журботны і жаласны плач, чым разбудзіў Дон Кіхота, і пачуў, як ён галосіць:

— Ах ты, дзіцятка маё мілае, у маім доме народжанае, забава маіх дзетак, уцеха маёй жонкі, зайздрасць маіх суседзяў, палёгка маёй ношы і да таго ж карміцель паловы маёй асобы, бо дваццаць шэсць мараведзі91, якія ты зарабляў у дзень, складалі палавінную долю таго, што я траціў, каб пракарміцца!

Пачуўшы плач і даведаўшыся аб прычыне, Дон Кіхот суцешыў Санча як мог, папрасіў яго крыху пацярпець і паабяцаў выдаць распіску, па якой у яго ўласнасць пяройдуць тры аслы з тых пяці, што былі ў Дон Кіхота ў маёнтку.

Санча гэтым суцешыўся, выцер слёзы, стрымаў рыданні і падзякаваў Дон Кіхоту за гэту ласку. Дон Кіхот жа, як толькі апынуўся ў гарах, павесялеў душой, бо мясціны гэтыя падаліся яму прыдатнымі для прыгод, якіх ён шукаў. Ён успамінаў незвычайныя выпадкі, што здараліся ў дзікіх цяснінах з вандроўнымі рыцарамі, і, захоплены і зачараваны імі, ён думаў толькі аб іх, а ўсё астатняе вылецела ў яго з галавы. У Санча таксама быў цяпер адзін клопат, як толькі ён адчуў сябе ў небяспецы: як бы прагнаць голад рэшткамі харчоў, якія яны адбілі ў духоўных асоб; па вядомых абставінах, наўючаны ўсім, што павінен быў везці яго ослік, ён, ідучы ўслед за сваім панам, запускаў руку ў мяшок і набіваў сабе жывот; і такую прагулку ён не прамяняў бы ні на якую іншую прыгоду.

Але раптам ён падняў вочы і ўбачыў, што яго пан, спыніўшы Расінанта, спрабуе канцом невялікага кап’я падняць з зямлі нейкі цюк, і гэта відовішча прымусіла яго падбегчы да рыцара на той выпадак, калі яму спатрэбіцца дапамога. Але падбег ён у тую самую хвіліну, калі Дон Кіхот падымаў ужо на вастрыі кап’я падушку і прывязаны да яе чамадан, якія напалову ці нават зусім згнілі і разваліліся, аднак жа дастаткова цяжкія. Дон Кіхот загадаў яму паглядзець, што ляжыць у чамадане. Санча выявіў надзвычайную спрытнасць, і замок і ланцужок не перашкодзілі яму разгледзець, што ляжаць у гэтым прагнілым чамадане чатыры кашулі з тонкага галандскага палатна і яшчэ сёе-тое з бялізны, такое ж чыстае, як і дарагое, а ў насоўцы ён знайшоў даволі вялікую кучку залатых манет, і, убачыўшы іх, адразу ўсклікнуў:

— Хвала небу за тое, што яно паслала нам такую выгадную прыгоду!

Дон Кіхот адмовіўся ад грошай на карысць Санча. Санча пацалаваў яму рукі за гэту ласку і напхаў бялізнай свой мяшок з правізіяй. Затым зноў агледзеў чамадан, і ва ўсім чамадане, таксама як і ў падушцы не засталося ніводнага куточка, які ён не абшукаў бы, не вывучыў і не даследаваў, ніводнага шва, якое ён не распароў бы, ніводнага касмыля шэрсці, які ён не растрапаў бы, каб нічога не прапусціць па сваёй неахайнасці ці памылцы, — да таго разласаваўся ён, знайшоўшы больш як сто залатых манет. І хоць звыш знойдзенага яму больш нічога не ўдалося адшукаць, аднак ён прыйшоў да думкі, што і палёты на коўдры, і вывернуты напітак, і дубінкі, якімі яго аддубасілі, і кулакі паганятага, і знікненне дарожнай торбы, і крадзеж пыльніка, а таксама голад, смага і зморанасць, якія ён зведаў на службе ў добрага свайго пана, — усё гэта было недарэмна, бо нашаму збраяносцу падалося, што яго з лішкам узнагароджвае ласка, якую зрабіў яму Дон Кіхот, адмовіўшыся на яго карысць ад гэтай знаходкі. Дон Кіхот жа, дарма часу не губляючы, паехаў далей — тою дарогаю, якую выбраў Расінант, a іменна тою, дзе Расінант у стане быў праехаць, — і яго перапаўняла ўпэўненасць, што ў нетрах гэтых без якой-небудзь незвычайнай прыгоды справа не абыдзецца.

Нарэшце яны дасягнулі самых што ні ёсць стромаў, і Санча вельмі захацелася паразмаўляць са сваім панам, але, баючыся не паслухацца яго, ён чакаў, каб той пачаў гаварыць першы. Аднак, не вытрымаўшы надта працяглага маўчання, ён распачаў так:

— Сеньёр Дон Кіхот, благаславіце мяне, ваша міласць, і адпусціце з мірам: я зараз жа маю намер вярнуцца дадому, да жонкі і дзяцей. З імі я, у крайнім выпадку, душу адвяду і нагаваруся ўволю, а патрабаваць, каб я дзень і ноч бадзяўся з вашай міласцю ў гэтай глушы, ды яшчэ і маўчаў, калі мне ахвота паразмаўляць, — гэта ўсё роўна што жыўцом закапаць мяне ў зямлю. He ў кожнага ж хопіць цярплівасці ў жыцці вандраваць у пошуках прыгод, якія заключаюцца ў тым, што цябе б’юць нагамі, падкідваюць на коўдры, асыпаюць камянямі, учыняюць над табой кулачную расправу, а ў цябе рот на замку, і ты, быццам нямы, не маеш права загаварыць аб тым, што ў цябе на сэрцы.

— Я цябе разумею, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — табе нясцерпна хочацца, каб я зняў забарону, якую налажыў на твае вусны. Лічы, што яна ўжо знята, і кажы ўсё, што табе захочацца, з умовай аднак жа, што зняцце гэта будзе сапраўдным да таго часу, пакуль мы не мінём горы.

— Ну, добра, — згадзіўся Санча, — мне б толькі цяпер пагаварыць, а там што бог дасць. Дык вось: што гэта за мудрае рыцарскае правіла, — блукаць у гарах без шляху, без дарогі?

— Дык ведай, Санча сказаў Дон Кіхот, — што ў гэтыя мясціны мяне цягне жаданне здзейсніць тут нейкі подзвігі дзякуючы яму здабыць сабе неўміручую славу і пашану ва ўсіх вядомых нам краінах.

— А што, гэты подзвіг вельмі небяспечны? — запытаўся Санча Панса.

— Не, — адказаў Рыцар Журботнага Вобраза. — Хоць да нас можа прыйсці такая карта, што мы прайграемся нашчэнт. Зрэшты, усё залежыць ад тваёй стараннасці.

— Ад маёй стараннасці? — перапытаў Санча.

— Так, — сказаў Дон Кіхот, — бо калі ты хутка вернешся адтуль, куды я маю намер цябе паслаць, то і нягоды мае скончацца хутка і затым пачнецца пара маёй велічы. Аднак нельга трымаць цябе больш у няведанні адносна таго, што я пад усім гэтым маю на ўвазе, а таму ведай жа, Санча, што славуты Амадыс Гальскі быў адным з лепшых рыцараў у свеце. He, я не так сказаў: не адным за адзіным, першым, непераўзыдзеным, які ўзвышаўся над усімі, хто толькі жыў у той час на свеце. Hе бачыць яму дабра, гэтаму дону Бельянісу і тым, хто запэўніваў, быццам ён у чымсьці з ім зраўнаваўся, — гэта адны размовы, даю табе слова. Скажу яшчэ, што мастак, які прагне славы, стараецца пераймаць творы адзіных у сваім родзе мастакоў, і правіла гэта распаўсюджваецца на ўсе важныя заняткі і рамёствы, якія садзейнічаюць упрыгажэнню дзяржавы. Вось чаму кожны, хто жадае праславіцца разважлівым і стойкім, павінен браць і бярэ прыклад з Уліса92, у асобе якога Гамер, апісаўшы перанесеныя ім беды, паказаў нам увасабленне стойкасці і разважлівасці, так, як Вергілій у асобе Энея93 паказаў добрыя справы пачцівага сына і прадбачлівасць храбрага і шматвопытнага военачальніка. Пры гэтым абодва стваралі вобразы сваіх герояў і апісвалі іх не такімі, якімі яны былі, а такімі, якімі яны павінны былі б быць, і тым самым паказалі наступным пакаленням іх доблесць як прыклад, які неабходна пераймаць. Гэтак жа якраз і Амадыс быў пуцяводнаю зоркаю, яркім свяцілам, сонцам адважных і закаханых рыцараў, і мы ўсе, хто змагаецца пад сцягам любові і рыцарства, павінны браць з яго прыклад. Такім чынам, дружа Санча, я лічу, што той з вандроўных рыцараў у найбольшай ступені набліжаецца да ўзору рыцарскіх паводзін, які больш чым хто-небудзь пераймае Амадыса Гальскага. Але асаблівую разважлівасць, доблесць, адвагу, вынослівасць, стойкасць і сілу пачуцця выявіў Амадыс, калі, пасля таго як яго выраклася сеньёра Арыяна, ён пакаяўся і сышоў на бедную Строму, даўшы сабе імя Змрочнага Прыгажуна, імя, якое, вядома, мела глыбокі сэнс і адпавядала таму спосабу жыцця, які ён з найвялікшай ахвотай абраў. А што тычыцца мяне, то мне лягчэй пераймаць яго ў гэтым, чым сячы веліканаў, сцінаць галовы драконам, прымушаць уцякаць войскі, пускаць на дно флатыліі і разбураць злыя чары. І калі гэта вельмі зручнае месца для такіх спраў, як мая, то няма чаго прапускаць зручны выпадак.

— А дазвольце даведацца, што ж іменна ваша міласць мае намер здзейсніць у такой глухой мясцовасці? — пацікавіўся Санча.

— Хіба я табе не казаў, — прамовіў Дон Кіхот, — што я маю намер браць прыклад з Амадыса і рабіць выгляд, што страціў розум і надзею, бо знаходжуся ў роспачы.

— Здаецца мне, — сказаў Санча, — што ў рыцараў была прычына прыкідвацца дурнем. Ну а па якой прычыне ваша міласць страчвае розум?

— У гэтым якраз і ўся соль, — адказаў Дон Кіхот, — у гэтым якраз і заключаецца незвычайнасць задуманай мною справы. Хто з вандроўных рыцараў па якой-небудзь прычыне страціў розум, той ні ўзнагароды, ні падзякі не дачакаецца. Увесь фокус у тым, каб звар’яцець без дай прычыны і даць зразумець маёй даме, што калі я ні з таго ні з сяго з’ехаў з глузду, то што ж будзе, калі мяне да гэтага давядуць? Прытым у мяне ёсць дастатковыя для гэтага падставы — я маю на ўвазе доўгае расстанне з Дульцынеяй Табоскай, якая навек заняволіла мяне, а ў расстанні чалавек усяго баіцца і ўсё яму прычыняе боль. А таму, дружа Санча, не губляй часу на тое, каб адгаварыць мяне ад такога своеасаблівага, такога радаснага і такога незвычайнага пераймання. Я звар’яцеў і буду такім да таго часу, пакуль ты не вернешся з адказам на пісьмо, якое я маю намер паслаць з табой пані маёй Дульцынеі. Аддасць яна належнае маёй вернасці — тут і канец майму вар’яцтву і пакаянню. Калі ж не, то я, і сапраўды, звар’яцею і, звар’яцеўшы, ужо нічога не буду адчуваць. Адным словам, што б яна ні адказала, так ці інакш скончыцца тэрмін выпрабавання, якое чакае мяне, і пройдзе гэты стан трывогі, у якім ты мяне пакідаеш цяпер: бо калі ты прынясеш мне радасць, то я ўп’юся ёю, таму што я буду тады пры сваім розуме, калі ж прычыніш мне боль, то я не адчую яго, таму што застануся вар’ятам. А што, Санча, ці цэлы ў цябе шлем Мамбрына? Ты ж на маіх вачах падабраў яго пасля таго, як гэты няўдзячны ледзь быў не разбіў яго, але ўсё ж такі і не разбіў, з чаго вынікае, якой моцнай ён загартоўкі.

Санча яму на гэта адказаў так:

— Клянуся богам, сеньёр Рыцар Журботнага Вобраза, з вашай міласцю ўсялякую цярплівасць страціць можна — такія рэчы вы часам кажаце! Ды я пачынаю здагадвацца, што ўсё, што вы мне расказвалі аб рыцарстве, аб заваёвах каралеўстваў і імперый, аб раздачы астравоў і іншых ласак і ўзнагарод, што ўсё гэта, відаць, байкі і хлусня, што ўсё гэта аніхея, ці ахінея, — не ведаю, як правільна. Таму, калі хто даведаецца, што ваша міласць таз для галення называе шлемам Мамбрына і ўжо некалькі дзён памыляецца адносна гэтага, то што ж іншае могуць пра вас падумаць, як не тое, што чалавек, які гэта сцвярджае і адстойвае, відаць, крануўся з розуму? Таз у мяне ў мяшку, увесь пагнуты, аднак дома я яго папраўлю і прыстасую для галення, калі толькі, гасподзь дасць, я калі-небудзь убачуся з жонкай і дзецьмі.

— Паслухай, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — клянуся табе тою ж самаю клятваю, якою толькі што кляўся ты, што ні ў кога з нябожчыкаў збраяносцаў і ў тых, якія цяпер жывуць, розум не быў такі кароткі, як у цябе! Як магло здарыцца, што, столькі вандруючы разам са мной, ты яшчэ не пераканаўся, што ўсе рэчы вандроўных рыцараў уяўляюцца несапраўднымі, недарэчнымі, ні на што не падобнымі і што ўсе яны як бы вывернуты навыварат? Аднак на самай справе гэта не так, на самай справе нас усюды суправаджае рой чараўнікоў, — вось яны якраз і перайначваюць і падмяняюць іх і вяртаюць у такім стане, у якім палічуць за неабходнае, у залежнасці ад таго, маюць яны намер зрабіць нам дабро або засмуціць. Вось чаму тое, што табе ўяўляецца тазам для галення, мне бачыцца шлемам Мамбрына, а іншаму — чымсьці яшчэ. І гэта было незвычайна прадбачліва з боку майго чарадзея-апекуна зрабіць так, каб самы сапраўдны, дакладны шлем Мамбрына ўсе лічылі за таз. Бо гэта такая вялікая каштоўнасць, што на яе кожны паквапіўся б, a калі бачаць, што гэта проста таз, то і не спрабуюць адабраць яго ў мяне, у чым вы маглі пераканацца на прыкладзе таго чалавека, які спачатку надумаўся разбіць шлем, а затым шпурнуў яго на зямлю і так і пакінуў. Можаш мне паверыць, што калі б ён ведаў яму цану, то ні за што б з ім не расстаўся. Беражы ж яго, дружа, а мне ён пакуль не патрэбен, — наадварот, мне трэба зняць усе даспехі і застацца ў такім выглядзе, у якім я з’явіўся на свет.

Размаўляючы такім чынам, наблізіліся яны да падножжа высокай гары, якая, амаль як стромая скала, адзінока стаяла сярод многіх іншых, што абступалі яе. Па яе схілу сцякаў ціхі ручаёк, а луг, які акружаў яе, быў да таго зялёны і травяністы, што вочы міжволі на ім адпачывалі. Шматлікія дрэвы, расліны і кветкі надавалі гэтаму куточку асаблівую прыгажосць. Гэты лужок Рыцар Журботнага Вобраза і абраў месцам свайго пакаяння, — убачыўшы яго, ён, быццам звар’яцелы, гучным голасам загаварыў:

— Гэтыя мясціны, о неба, я выбіраю і прызначаю для таго, каб выплакаць пасланае мне табою няшчасце. Тут, у гэтым куточку, ад вільгаці маіх вачэй разальецца гэты ручаёк, а ад маіх безупынных і глыбокіх уздыхаў не перастане гайдацца лісце горнага лесу — як знак і сведчанне таго, што збалелае маё сэрца пакутуе. Хто б ні былі вы, о вясковыя багі94, што жывуць у гэтым пустэльным краі, прыслухайцеся да енкаў няшчаснага закаханага, якога доўгае расстанне і раўнівыя мары цягнуць у гэтыя цясніны наракаць і скардзіцца на жорсткі нораў цудоўнай мучыцелькі, якая з’яўляецца верхам і мяжой зямной прыгажосці! О напеі і дрыяды, што маюць звычку пасяляцца ў лясістых гарах, няхай не парушаюць ваш салодкі спакой хутканогія сатыры, якія безнадзейна вас кахаюць, вы ж заплачце разам са мною з гаротнай маёй долі ці, прынамсі, нястомна слухайце мой плач! О Дульцынея Табоская, дзень маёй ночы, асалода пакуты маёй, вяха маіх дарог, зорка лёсу майго, няхай узнагародзіць цябе неба лёсам шчаслівым і няхай пашле яно табе ўсё, што ты ў яго ні папросіш, ты ж, малю, паразважай аб тым, у якім месцы і ў якім стане я знаходжуся з прычыны расстання з табою, і вернасці маёй адплаці па заслугах! О самотныя дрэвы, з гэтага часу сябры маёй адзіноты, падайце мне знак лёгкім трымценнем галін, што прысутнасць мая вам не дакучае! О ты, мой збраяносец, мілы мой спадарожнік, які дзеліць са мной удачы і непрыемнасці, запомні ўсё, што я зараз зраблю, запомні, каб расказаць і паведаміць аб гэтым адзінай віноўніцы ўсяго, што адбываецца!

З гэтымі словамі ён злез з каня і, у адзін момант сцягнуўшы з Расінанта аброць і сядло, ляпнуў яго па крыжы і сказаў:

— Той, хто сам пазбаўляецца волі, дорыць яе табе, о конь, чые справы такія ж непераўзыдзеныя, як абдзелены ты лёсам!

На гэтых словах яго перапыніў Санча:

— Хтосьці, дай бог яму здароўя, пазбавіў нас ад клопатаў рассядлоўваць шэрага,а то б я яго таксама паляпаў і, можаце быць упэўнены, нагаварыў бы ўсялякіх прыемных рэчаў. Зрэшты, калі б ён быў тут, я б нікому не дазволіў яго рассядлоўваць, таму няма чаго: звычкі закаханых і засмучаных яму не ўказ, бо не яны яму гаспадары, яго гаспадаром калісьці, у незабыўныя часы, быў я. І, шчыра кажучы, сеньёр Рыцар Журботнага Вобраза, калі толькі мой ад’езд і вар’яцтва вашай міласці — усё гэта напраўду, не шкодзіла б асядлаць Расінанта: такім чынам, ён замяніў бы шэрага, і гэта мне і туды і назад скараціла б час,а то калі я пайду пехатой, то ўжо і не ведаю, калі прыбуду, калі вярнуся: бо хадок жа я, уласна кажучы, кепскі.

— Вось што я скажу табе, Санча, — аб’явіў Дон Кіхот:— няхай будзе па-твойму, думка твая, як мне здаецца, правільная. І яшчэ скажу табе, што ты паедзеш праз тры дні, бо я жадаю, каб за гэты час ты ўбачыў і пачуў усё, што я дзеля яе зраблю і скажу, затым ты раскажаш аб гэтым ёй.

— Ды я ж такога набачыўся, што пасля гэтага што ж мне яшчэ застаецца ўбачыць? — запярэчыў Санча.

— Глядзі ты, які бывалы чалавек! — заўважыў Дон Кіхот. — Зараз я раздзяру на сабе адзенне, раскідаю даспехі, пачну біцца галавой аб скалы і іншае на гэта падобнае, што павінна вельмі здзівіць цябе.

— Хрыстом богам прашу, — сказаў Санча, — глядзіце, ваша міласць, паберажыце вы сваю галаву,а то яшчэ нападзеце на такую скалу і на такі выступ, што з першага ж разу ўся гэта валтузня з пакаяннем скончыцца. I калі вы лічыце, што біцца галавой неабходна, а без гэтага, маўляў, ніяк, я б на вашым месцы задаволіўся, — балазе ўсё гэта адно прытворства, жарт і падробка — задаволіўся б, кажу я, біццём галавы аб ваду ці яшчэ аб што-небудзь мяккае, накшталт бавоўны, а астатняе пакіньце мне: я скажу маёй пані, што вы біліся галавой аб вяршыню скалы, якая цвярдзейшая за алмаз.

— Дзякуй табе за добрую параду, дружа Санча, — сказаў Дон Кіхот, — аднак жа трэба табе ведаць, што ўсё гэта я раблю не жартам, а зусім сур’ёзна, бо інакш я парушыў бы законы рыцарства, якія прыраўноўваюць хлусню да ерасі, а рабіць жа адно замест другога азначае хлусіць. Такім чынам, задуманае мною біццё галавой аб скалы — гэта будзе біццё сапраўднае, без усялякага дамешку чагосьці прытворнага ці паказнога. I ты абавязкова пакінь мне крыху корпіі для лячэння, калі ўжо лёс захацеў, каб мы засталіся без бальзаму, які згубілі.

— Горш за ўсё, што мы згубілі асла, — адгукнуўся Санча, — таму разам з ім прапала корпія і ўсё астатняе. Але толькі я прашу вас, ваша міласць: забудзьце вы пра гэты пракляты напітак, — пры адным напамінанні аб ім у мяне не тое што ўся душа, але і нутро пераварочваецца. І яшчэ прашу вас: уявіце сабе, што трохдзённы тэрмін, які вы далі мне для таго, каб я нагледзеўся на вашы вар’яцтвы, ужо скончыўся, што я ўжо бачыў іх, што ўсё гэта, як кажуць, вырашана і падпісана, а ўжо маёй пані я раскажу пра вас цуды. Ну дык вось, пішыце пісьмо і адпраўляйце мяне неадкладна: мне да смерці хочацца як мага хутчэй вярнуцца, каб вызваліць вас з гэтага чысцілішча, у якім я вас пакідаю.

— Ты называеш гэта чысцілішчам, Санча? — спытаў Дон Кіхот. — Больш правільна было б параўнаць гэта з пеклам ці яшчэ з чымсьці горшым, калі толькі ёсць на свеце штосьці горшае за пекла.

— Адным словам, я паеду ў Табоса, прама да пані маёй Дульцынеі, і столькі ёй нагавару пра тое, як вы рабілі і працягваеце рабіць глупства і шалееце, — а гэта ж адно і тое ж, — што яна стане мякчэйшай за пальчаткі, хоць бы да гэтага яна была цвярдзейшай за дуб, і з яе пяшчотным і мядовым пасланнем у адказ я, быццам чараўнік, прылячу сюды па паветры і вызвалю вашу міласць з гэтага чысцілішча, якое нагадвае пекла, аднак жа, не з’яўляецца, бо ёсць надзея адсюль выбрацца, надзея, якой пазбаўлены тыя, хто ў пекле, наконт чаго ваша міласць наўрад ці пачне спрачацца.

— Твая праўда, — згадзіўся Рыцар Журботнага Вобраза. — Такім чынам, паклапаціся аб тым, каб у першым жа сяле, якое сустрэнецца па дарозе, табе перапісаў маё пісьмо на добрай паперы і прыгожым почыркам школьны настаўнік, калі такі там ёсць, а калі няма, тады дзяк, толькі не давай пісарам — іх росчыркі ды закруткі сам чорт не разбярэ.

— А як жа быць з подпісам? — пацікавіўся Санча.

— Амадыс ніколі не ставіў свайго подпісу, — адказаў Дон Кіхот.

— Добра, — сказаў Санча, — але толькі змацаваць подпісам ваш загад наконт аслоў неабходна, таму што калі ён будзе перапісаны, то скажуць, што подпіс падроблены, і я застануся без аслоў.

— Загад будзе змацаваны маім подпісам, і калі ты пакажаш яго пляменніцы, то яна без пярэчанняў выканае маё распараджэнне. Што ж тычыцца любоўнага паслання, то ты загадай падпісаць яго так: “Ваш да скону Рыцар Журботнага Вобраза”. А што хтосьці іншы падпішацца за мяне, то гэта неістотна: наколькі я памятаю, Дульцынея не ўмее ні чытаць, ні пісаць і ні разу ў жыцці не бачыла майго почырка і ніводнага майго пісьма, бо і маё і яе пачуццё заўсёды было платанічным і далей за пачцівыя позіркі не заходзіла. Ды і позіркамі мы рэдка-рэдка абменьваліся, і я магу клятвенна сцвярджаць, што вось ужо дванаццаць гадоў, як я кахаю яе больш за святло маіх вачэй, якія рана ці позна будуць засыпаны зямлёю, і за ўсе гэтыя дванаццаць гадоў я бачыў яе разы тры. І прытым зусім магчыма, што яна ні разу і ўвагі не звярнула, што я на яе гляджу, — такой дабрадзейнаю выхавалі яе бацька, Ларэнса Карчуэла, і маці, Альдонса Нагалес.

— Ну і ну! — усклікнуў Санча. — Значыць, дачка Ларэнса Карчуэла, інакш кажучы — Альдонсы і Ларэнса, і ёсць сеньёра Дульцынея Табоская?

— Яна самая, — пацвердзіў Дон Кіхот, — і яна ж вартая быць уладальніцай усяго сусвету.

— Ды я яе выдатна ведаю, — сказаў Санча, — і магу сказаць, што бару95 яна кідае не горш як самы здаравенны хлопец з усёй нашай вёскі. Дзяўчына вой-вой-вой, з ёю не жартуй: і швачка, і жняя, і майстрыца на дудзе іграць і за сябе пастаяць, і кожны вандроўны рыцар або той, які яшчэ збіраецца вандраваць, будзе з ёй як за мураванай сцяной. А ўжо горла, а ўжо галасішча! Забралася яна неяк, зрабіце ласку бачыць, на нашу вясковую званіцу і давай склікаць бацькавых парабкаў, і хоць яны працавалі ў полі, ад якога больш за паўмілю да вёскі, а чулі яны яе, як быццам яны ўнізе, пад самай званіцай стаялі. А галоўнае, яна зусім не крыўляка, вось што дорага: з усіх яна пасміхнецца, усюды з ёю весела і пацешна. Цяпер я прама скажу, сеньёр Рыцар Журботнага Вобраза, што вам не толькі можна, але і патрэбна вар’явацца з-за яе, бо ў вас ёсць усе падставы для таго, каб адчаіцца і павесіцца, і кожны, хто пра гэта даведаецца, абавязкова скажа, што вы зрабілі правільна, хоць бы вас пасля зацягнуў да сябе д’ябал. І я ўжо хацеў бы быць у дарозе для таго толькі, каб пабачыць яе, — я ж даўно яе не бачыў, яна, напэўна, вельмі змянілася: з раніцы да вечара ў полі, на сонцы, на паветры, а ад гэтага колер твару ў жанчын псуецца. І цяпер ужо я вам прызнаюся, сеньёр Дон Кіхот: да гэтага часу я зусім не ведаў, я шчыра і цвёрда верыў, што сеньёра Дульцынея, у якую ваша міласць закахалася, — гэта якая-небудзь прынцэса, увогуле якая-небудзь важная асоба, вартая тых шчодрых дароў, якія ваша міласць ёй пасылала то ў выглядзе, напрыклад, біскайца, то ў выглядзе катаржнікаў, і яшчэ шмат чаго вы ёй, напэўна, паслалі, таму, відаць, шмат перамог ваша міласць атрымала ў той час, калі я яшчэ не быў збраяносцам. Але калі паразважаць добра, то якая карысць сеньёры Альдонсе Ларэнса, то бок Дульцынеі Табоскай, што пераможныя, якіх ваша міласць да яе пасылае і мае намер пасылаць у далейшым, упадуць перад ёю на калені? Бо можа ж так здарыцца, што сустрэча адбудзецца тады, калі яна будзе часаць лён ці малаціць на таку, і вось тут якраз, убачыўшы яе, як бы ім не сумецца, а яна з вашага падарунка пачне здзеквацца, ды яшчэ і пакрыўдзіцца.

— Я табе і раней шмат разоў казаў, Санча, — зазначыў Дон Кіхот, — што ты найвялікшы балбатун, і хоць ад прыроды ты тупы, а ўсё ж такі вечна спрабуеш вастрасловіць. He ўсе ж дамы, якіх апяваюць паэты і якім яны даюць імёны па сваім жаданні, існуюць у сапраўднасці. Большасць з іх паэты выдумалі, каб было аб кім пісаць вершы і каб іх саміх лічылі людзьмі закаханымі, вартымі кахання. Вось чаму мне дастаткова ўяўляць і верыць, што добрая Альдонса Ларэнса прыгожая і чыстая, а да яе паходжання мне мала бяды. Ты павінен ведаць, Санча, калі толькі гэтага яшчэ не ведаеш, што больш за ўсё астатняе абуджаюць каханне дзве рэчы: вялікая прыгажосць і добрае імя, а Дульцынея мае права ганарыцца і першым і другім, бо ў прыгажосці яна не мае саперніц і толькі ў вельмі нямногіх такое ж добрае імя, як у яе. Карацей кажучы, я сабе ўяўляю, што ўсё сказанае мною зараз — гэта чыстая праўда і што тут нельга дадаць або адняць ніводнага слова, і ў маім уяўленні яна паўстае такой, якой я хачу яе бачыць: і ў адносінах прыгажосці, і ў адносінах знатнасці, і з ёю не параўнаецца Алена, і да яе не ўзвысіцца Лукрэцыя96 і ніякая іншая са славутых жанчын мінулых стагоддзяў — такой, як яна, не знойдзеш ні ў грэкаў, ні ў лацінян, ні ў варвараў. А людзі няхай кажуць што хочуць, бо калі невукі пачнуць мяне ганьбаваць, то строгія суддзі мяне абеляць.

— Павінен прызнацца, што вы маеце рацыю, ваша міласць, а я — асёл, — сказаў Санча. — Вось толькі я не ведаю, навошта ў мяне з языка зляцела слова “асёл”, — у доме ж павешанага аб вяроўцы не кажуць. Ну, рыхтуйце пісямко, а затым шчасліва заставацца, я адпраўляюся ў дарогу.

Дон Кіхот, адышоўшы ўбок, паглыбіўся ў складанне пісьма; потым, скончыўшы пісаць, паклікаў Санча і сказаў, што мае намер прачытаць пісьмо ўслых, каб ён вывучыў яго на той выпадак, калі згубіць па дарозе, бо з яго няўдачлівасцю ўсяго чакаць можна. Санча ж яму на гэта сказаў:

— Ды вы некалькі разоў перапішыце яго, ваша міласць, і дайце мне, а я дастаўлю яго ў цэласці і захаванасці, але каб я завучыў яго на памяць — гэта пустая лухта, у мяне такая дрэнная памяць, што я скрозь забываю, як мяне завуць. Аднак жа прачытайце пісьмо, ваша міласць, — вельмі хочацца паслухаць: ужо, напэўна, з яго, усё роўна як з песні, слова не выкінеш.

— Дык вось аб чым тут ідзе размова, — сказаў Дон Кіхот.

Пісьмо Дон Кіхота Дульцынеі Табоскай “Усемагутная і высакародная сеньёра!

Той, каго параніла вастрыё расстання і чыя душа працята болем, жадае табе, найсаладзейшая Дульцынея Табоская, здароўя, якое ён сам страціў. Калі прыгажосць твая грэбуе мною, калі твае сябры — мае ворагі, калі твая пагарда ўзмацняе маю журбу, то хоць я і шмат перажыў, аднак гэтай пакуты ўжо не вынесу: яна мала таго што моцная, дык яшчэ і вельмі працяглая. Добры мой збраяносец Санча падрабязна а піша табе, о няўдзячная прыгажуня, каханая варагіня мая, той стан, да якога ты давяла мяне. Калі ты палічыш за лепшае прыйсці мне на дапамогу — я твой, калі ж не — рабі, як табе захочацца; я ж, паквітаўшыся з жыццём, тым самым суцішу і тваю жорсткасць і сваё гарачае каханне.

Твой да скону

Рыцар Журботнага Вобраза”.

— Даю галаву на адсячэнне, — паслухаўшы, сказаў Санча Панса, — што нічога больш узвышанага я за ўсё сваё жыццё не чуў. Ах ты, каб я спрах! І як гэта вы, ваша міласць, змаглі сказаць у гэтым пісьме ўсё, што вам неабходна, і як усё гэта добра падведзена да подпісу Рыцар Журботнага Вобраза! Далібог, ваша міласць, вы д’ябал, а не чалавек, — няма нічога такога, чаго б вы не ведалі.

— Усё можа спатрэбіцца для той справы, якой я служу, — заўважыў Дон Кіхот.

— Ну а цяпер, ваша міласць, — сказаў Санча, — чырканіце на адвароце запісачку наконт трох аслоў і падпішыцеся як мага разборлівей, каб кожны, як зірне, пазнаў вашу руку.

— З задавальненнем, — прамовіў Дон Кіхот.

Ён напісаў запіску, а затым прачытаў яе ўслых ад слова да слова:

— “Будзьце так ласкавы, ваша міласць, сеньёра пляменніца, выдаць падаўцу гэтага аслінага вэксаля, збраяносцу майму Санча Пансу, трох аслоў з ліку пяці, якіх я пакінуў у сябе ў маёнтку і якія знаходзяцца пад наглядам вашай міласці. Вышэйадзначаных трох аслоў загадваю выдаць яму платай за трох іншых, якіх я ў яго тут атрымаў наяўнымі і якія з прычыны гэтага вэксаля і яго, Санча, распіскі, павінны лічыцца пагашанымі. Напісана ў сэрцы Сьера-Марэны дваццаць другога жніўня гэтага года”.

— Выдатна, — сказаў Санча. — Падпішыцеся, ваша міласць.

— Падпісвацца неабавязкова, — запярэчыў Дон Кіхот: — патрабуецца толькі мой росчырк, — гэта ж усё роўна што подпіс, і гэтага не толькі для трох, але і для цэлых трохсот аслоў будзе дастаткова.

— Я вам веру, ваша міласць, — сказаў Санча. — A цяпер, дазвольце, я пайду асядлаю Расінанта, вы ж, ваша міласць, будзьце гатовы мяне благаславіць, — я ж зараз адразу і ў дарогу і на вашы дзікія выхадкі глядзець не буду: я на іх столькі, скажу, нагледзеўся, што ўжо больш не пад сілу.

— Ва ўсякім выпадку, я хачу, Санча, — бо так патрэбна, — я хачу, кажу я, каб ты паглядзеў, як я голы разоў дваццаць пяць павар’юю, прычым усё гэта я за якіх-небудзь паўгадзіны здолею паказаць. У далейшым жа, калі ты ўсё гэта бачыў сваімі вачамі, ты можаш палажыўшы руку на сэрца паклясціся, што бачыў і іншыя мае выхадкі, якія табе захочацца дадаць. Але запэўніваю цябе, што колькі б ты іх ні апісаў, усё ж такі ў мяне іх будзе больш.

— Дзеля ўсяго святога, васпан мой, — не распранайцеся пры мне,а то я пачну вельмі шкадаваць вашу міласць і абавязкова расплачуся! А ўчора я так плакаў па сваім шэрым, што ў мяне і зараз яшчэ галава трашчыць і я не маю ахвоты зноў плакаць. А калі ваша міласць хоча, каб я паглядзеў на некаторыя вар’яцтвы, то вар’юйце адзеты, ды хутчэй і прытым абы як. Тым больш, мне ўсё гэта не трэба, і, як я ўжо сказаў, пажадана паскорыць маё вяртанне з весткамі, якіх ваша міласць чакае і заслугоўвае. А ў выпадку чаго — сцеражыцеся, сеньёра Дульцынея! Калі яна не адкажа як належыць, то я гатовы даць якое хочаце клятвеннае абяцанне, што выспяткамі і кухталямі выцягну з яе прыхільны адказ. Таму дакуль жа гэта можна трываць, каб такі славуты вандроўны рыцар, як вы, ваша міласць, страчваў розум невядома з-за чаго!

— Сапраўды, Санча, розум у цябе, як мне здаецца, не намнога здаравейшы, чым у мяне, — зазначыў Дон Кіхот.

— Я не такі вар’ят, — запярэчыў Санча, — я толькі больш запальчывы. Але пакінем гэту размову, — скажыце лепш, чым ваша міласць думае харчавацца ў далейшым да майго вяртання.

— Аб гэтым ты не турбуйся, — сказаў Дон Кіхот, — калі б нават у мяне і было што есці, я харчаваўся б аднымі травамі і пладамі, якімі надзеляць мяне гэтыя дрэвы і луг: незвычайнасць майго пачынання ў тым іменна і заключаецца, каб нічога не есці і трываць іншыя да таго падобныя нягоды. Ну, з богам!

— А ведаеце, ваша міласць, чаго я баюся? Што не траплю я зноў на тое ж самае месца — надта ўжо тут глуха.

— Запамінай навакольныя прадметы, — сказаў Дон Кіхот, — а я пастараюся далёка адсюль не адыходзіць і нават не палянуюся ўзбірацца на самыя высокія скалы і пазіраць, ці не едзеш ты назад. Апрача таго (і гэта будзе як мага лепш), каб ты мяне не згубіў і не заблудзіў, раю табе нарэзаць жаўтазелю, — яго тут процьма, — і раскідваць яго па дарозе да таго часу, пакуль не выедзеш на роўнае месца, і па гэтых вяхах і прыметах, быццам па Тэзеевай нітцы ў лабірынце97, ты і адшукаеш мяне на зваротным шляху.

— Так я і зраблю, — сказаў Санча Павса.

Ён нарэзаў жаўтазелю і, папрасіўшы ў свайго пана благаславення, развітаўся з ім, пры гэтым і той і другі расплакаліся. Затым Санча сеў на Расінанта, аб якім Дон Кіхот даручыў яму клапаціцца, загадаўшы даглядаць яго, як самога сябе, і накіраваўся ў бок раўніны, час ад часу, як параіў яму пан, кідаючы галінкі жаўтазелю. І як ні прыставаў да яго Дон Кіхот, каб ён паглядзеў па крайняй меры хоць на два яго вар’яцтвы, ён працягваў свой шлях. Аднак, не ад’ехаўшы і на сто крокаў, ён усё ж вярнуўся і аб’явіў:

— Я хачу сказаць, сеньёр, што вы цалкам маеце радыю: каб я мог са спакойным сумленнем паклясціся, што бачыў вашы вар’яцтвы, нядрэнна было б паглядзець хоць на якое-небудзь з іх, — зрэшты, адно тое, што вы тут засталіся, — гэта ўжо вялікае з вашага боку вар’яцтва.

— А што я табе казаў? — ажывіўся Дон Кіхот. — Пачакай, Санча, ты азірнуцца не паспееш, як я ўжо што-небудзь учыню.

Тут ён з незвычайнай хуткасцю зняў штаны і, застаўшыся ў адной кашулі, ніколькі не марудзячы, двойчы перакуліўся ў паветры — уніз галавой і ўверх пятамі, пасля чаго Санча, задаволены тым, што мог цяпер засведчыць вар’яцтва свайго пана, тузануў павады.


Раздзел XVIII, што апавядае аб тым, якім забаўнымі хітрым спосабам закаханы наш рыцар быў пазбаўлены ад вельмі жорсткага пакаяння,прыдуманага ім для сябе

Між тым Дон Кіхот, ад пояса да пят голы і ад пояса да галавы адзеты, бачачы, што Санча, не пажадаўшы больш затрымлівацца дзеля яго дзівацтваў, паехаў ужо, адразу забраўся на вяршыню высокай гары і пачаў думаць аб тым, аб чым думаў шмат разоў, хоць пакуль яшчэ ні да якога цвёрдага рашэння не прыйшоў, а менавіта: што лепш і што больш мэтазгодна — пераймаць шалёнае вар’яцтва Раланда або меланхалічнага Амадыса. І, з самім сабой разважаючы, ён казаў:

— Агульнае меркаванне такое, што Раланд быў слаўным і храбрым рыцарам, але што ж у тым дзіўнага? Як-ніяк, ён быў зачараваны, і забіць яго можна было толькі ўваткнуўшы яму ў пятку шпільку, а ён пастаянна насіў боты з сямю жалезнымі падноскамі. Зрэшты, хітрасці гэтыя яго не выратавалі, бо Бернарда дэль Карп’ё іх разгадаў і задушыў яго ў сваіх абдымках у Рансевале. Аднак даволі аб яго храбрасці, — пяройдзем да таго, як ён страціў розум, — а ён бясспрэчна яго страціў, калі даведаўся, што Анжаліка яму здраджвала. І калі ён гэтаму паверыў, то з глузду з’ехаць яму нічога не значыла, але як жа я буду пераймаць яго вар’яцтвы, калі ў мяне адсутнічае такая прычына? Бо я адкрыта зняважыў бы Дульцынею Табоскую, калі б, западозрыўшы яе ў здрадзе, абраў той від разумовага расстройства, якім пакутаваў шалёны Раланд. З іншага боку, я ведаю, што Амадыс Гальскі, не страціўшы розуму і без усялякіх вар’яванняў, здабыў сабе неўміручую славу адной толькі сілай свайго пачуцця, бо, згодна з гісторыяй, ён абмежаваўся тым, што калі Арыяна пагрэбавала ім і загадала не паказвацца ёй на вочы, пакуль не дазволіць яна сама, накіраваўся разам з адным самотнікам на Бедную Строму, і там ён знемагаўся ад слёз і горача маліўся богу, пакуль нарэшце неба злітавалася над ім у тое самае імгненне, калі ён асабліва сумаваў і бедаваў. А калі гэта так, то навошта мне браць на сябе клопат распранацца дагала, надакучаць дрэвам, якія мне нічога дрэннага не зрабілі, і абураць празрыстую ваду ручаёў, якія пры неабходнасці мяне напояць? Няхай жыве памяць пра Амадыса і няхай бярэ з яго прыклад у чым толькі можа Дон Кіхот Ламанчскі! І хоць Дульцынея Табоская не адвергла мяне і не аднеслася з пагардай да мяне — паўтараю: досыць і таго, што я з ёю разлучаны. Такім чынам, за справу! Прыйдзіце мне на памяць, дзеянні Амадыса, і навучыце мяне, з чаго неабходна пачаць перайманне вас. Зрэшты, я ўжо ўспомніў, што найбольш старанна ў параўнанні з іншым ён маліўся і даручаў сябе богу... Так, але што ж я буду рабіць без ружанца?

Але ён тут жа здагадаўся, як з гэтым быць, а іменна: адарваў ад краю кашулі, што матляўся, вялікі кавалак і зрабіў на ім адзінаццаць вузельчыкаў, з якіх адзін — трохі большы, і вось гэты самы кавалак і замяняў яму ружанец на працягу ўсяго часу, што ён тут правёў і якога яму злішкам хапіла на тое, каб мільён разоў прачытаць “Багародзіцу”. Аднак жа ён быў вельмі засмучаны той акалічнасцю, што тут не было самотніка, які паспавядаў бы яго і суцешыў, а таму ён бавіў час наступным чынам: гуляў па лузе і бясконца выразаў на драўлянай кары і пісаў на дробным пяску вершы, у якіх пераважна выліваў сваю тугу, a таксама апяваў Дульцынею. Але калі нарэшце Дон Кіхота адшукалі, то з усіх яго вершаў, як паказалі далейшыя пошукі, аказаліся цэлымі і лёгкімі для чытання толькі вось гэтыя: 

Дрэвы, хмызнякі і травы,

Прыгажосць гары маёй,

Да мяне калі ласкавы

Яркай квеценню густой,

Спеў паслухайце яскравы.

Каб не мелі вы турбот

З жальбай, што схаваць не смею.

Я скажу: не без прыгод

Тут рыдае Дон Кіхот

З думкаю пра Дульцынею,

Што з Табоса.

У кустоўі тут схаваны

Ад сеньёрыных вачэй

Самы верны закаханы.

Сорам жа каго пячэ,

Вінен хто — гадаць не стану.

І прабіты навылёт

Пачуццём, што ўсё мацнее,

Страхатлівы, быццам чорт,

Тут рыдае Дон Кіхот

З думкаю пра Дульцынею,

Што з Табоса.

Гучных прагнучы здарэнняў

Пасярод суровых скал, 

Ён у полымі мучэнняў

Толькі гора адшукаў

Між кустоўя і камення.

Сыпануў яму Эрот

Бізуноў як ліхадзею.

Дні і ночы напралёт

Тут рыдае Дон Кіхот

З думкаю пра Дульцынею,

Што з Табоса.

Так у вершапісанні, ва ўздыхах, у гучных зваротах да фаўнаў і сільванаў98навакольных дуброў, да рачных німфаў, да нуднага Рэха99, — у плачы аб тым, што яны выслухалі яго, суцешылі і адгукнуліся, і праходзіў у яго час, а таксама ў пошуках траў, якімі ён меў намер харчавацца да вяртання Санча; варта заўважыць, што калі б той адсутнічаў не тры дні, a тры тыдні, то Рыцар Журботнага Вобраза так змяніў бы свой спосаб жыцця, што яго б не пазнала родная маці.

Але няхай ён сабе складае вершы і ўздыхае, мы ж раскажам, што здарылася за гэты час з Санча Пансам. А здарылася з ім вось што. Выбраўшыся на бальшак, накіраваўся ён у бок Табоса і на другі дзень пад’ехаў да таго самага заезнага дома, дзе адбывалася злашчаснае падкідванне на коўдры; і не паспеў Санча лепш разглядзець, як раптам падалося яму, быццам ён зноў лятае ў паветры, і яму не захацелася там спыняцца, нягледзячы на тое, што пад’ехаў ён у такі час, калі гэта можна і трэба было зрабіць, бо час быў абедзенны, самая пара задаволіць сваю патрэбу ў гарачым,а ён жа даўным-даўно ўжо харчаваўся ўсухамятку.

Патрэба прымусіла яго наблізіцца да заезнага дома, хоць ён усё яшчэ вагаўся, спыняцца яму ці не спыняцца. Але ў гэты час адтуль выйшлі два чалавекі і адразу пазналі яго. І адзін з іх сказаў другому:

— Паслухайце, сеньёр лідэнцыят, вось гэты верхавы — ці не Санча Панса, той самы, які, па расказах ключніцы нашага шукальніка прыгод, паехаў разам са сваім панам у якасці яго збраяносца?

— Так, гэта ён, — адказаў ліцэнцыят, — і едзе ён на кані нашага Дон Кіхота.

Яны таму адразу пазналі яго, што гэта былі яго аднавяскоўцы — свяшчэннік і цырульнік, тыя самыя, якія правялі агляд кніг Дон Кіхота і вынеслі ім канчатковы прысуд. І вось, пазнаўшы Санча Пансу і Расінанта, узрушаныя жаданнем распытаць пра Дон Кіхота, яны наблізіліся да яго, і тут свяшчэннік, назваўшы яго па імені, прамовіў:

— Дружа Санча Панса, дзе твой пан?

Санча Панса адразу пазнаў іх і вырашыў утаіць тое месца і той стан, у якім знаходзіўся Дон Кіхот, a таму адказаў, што пан яго дзесьці заняты надзвычай важнай для яго справай, а якой іменна — гэтага ён, Санча, хай лопнуць яго вочы, адкрыць не можа.

— He, не, Санча Панса, — запярэчыў цырульнік, — калі ты нам не скажаш, дзе ён, мы падумаем, — ды ўжо і пачынаем думаць, — што ты забіў яго і абрабаваў, калі едзеш на яго кані. На самай справе, вярні нам гаспадара гэтага каня, іначай я табе задам.

— Вы мне не пагражайце, я не такі чалавек, каб каго-небудзь рабаваць і забіваць. Мой пан для свайго задавальнення каецца зараз у гарах.

І тут Санча адным духам усё і выпаліў і расказаў аб тым, у якім стане пакінуў ён Дон Кіхота, якія былі ў яго пана прыгоды і як ён, Санча Панса, паехаў з пісьмом да сеньёры Дульцынеі Табоскай, гэта значыць да дачкі Ларэнса Карчуэла, у якую яго пан закахаўся па вушы. Здзівіліся свяшчэннік і цырульнік з таго, што пачулі з вуснаў Санча Пансы, і хоць для іх не з’яўлялася тайнай, што Дон Кіхот з’ехаў з глузду і якім іменна відам разумовага расстройства ён пакутаваў, аднак гэта не перашкаджала ім кожны раз здзіўляцца. Яны папрасілі Санча Пансу паказаць ім пасланне, якое ён вёз сеньёры Дульцынеі Табоскай. Той сказаў, што пасланне напісана на адным з лісткоў запісной кніжкі і што Дон Кіхот загадаў аддаць яго перапісаць у першым жа сяле; свяшчэннік, аднак жа, папрасіў паказаць пісьмо — ён, маўляў, выдатным почыркам яго перапіша. Санча Панса ўсунуў руку за пазуху і пашукаў кніжку, але так і не знайшоў, ды нават калі б ён шукаў яе да сённяшняга дня, то ўсё роўна не знайшоў бы, таму што яна засталася ў Дон Кіхота і той забыўся яму перадаць, а Санча няўцям было нагадаць.

Калі Санча заўважыў, што кніжкі няма, ён збялеў, як смерць, і, зноў пачаўшы вельмі паспешліва сябе абмацваць, зноў прыйшоў да вываду, што кніжкі няма, і, у адзін момант запусціўшы абедзве рукі сабе ў бараду, палову вырваў, а затым у вокамгненне разоў шэсць запар стукнуў сябе кулаком па твары, так што з носу ў яго пацякла кроў. Убачыўшы гэта, свяшчэннік і цырульнік запыталіся, што з ім здарылася і за што ён так на сябе накінуўся.

— Што са мной здарылася? — усклікнуў Санча. — A тое, што за адзін, як гэта кажуць, узмах, я ахнуць не паспеў, у мяне ўжо не стала трох аслоў, кожны з якіх варты цэлага замка.

— Як гэта? — спытаў цырульнік.

— Я згубіў запісную кніжку, — патлумачыў Санча, — з пісьмом да Дульцынеі Табоскай і з загадам, падпісаным маім панам, у якім ён распарадзіўся пляменніцы выдаць мне трох з тых чатырох ці пяці аслоў, што засталіся ў яго маёнтку.

І тут ён паведаміў ім аб знікненні шэрага. Свяшчэннік пачаў суцяшаць яго і сказаў, што калі ён адшукае свайго пана, той напіша другі загад, але ўжо на вялікім лісце паперы, у адпаведнасці з існуючымі правіламі і законамі, бо вэскаль, напісаны на лістку з запісной кніжкі, ніхто не прыме і не аплоціць.

Санча гэтым суцешыўся і сказаў, што калі так, то прапажа пісьма да Дульцынеі не вельмі яго засмучае; тым больш што ён ведае пісьмо амаль на памяць і па яго словах яны могуць запісаць гэта пасланне калі і дзе ім уздумаецца.

— Кажы ж, Санча, — сказаў цырульнік, — а мы будзем запісваць.

Намагаючыся прыгадаць змест пісьма, Санча Панса пачухваў патыліцу, пераступаў з нагі на нагу, то паднімаў, то апускаў вочы, згрыз паўногця на пальцы, і даволі шмат часу пратрымаўшы ў няведанні свяшчэнніка і цырульніка, якія чакалі, што ён скажа, нарэшце аб'явіў:

— Калі толькі памяць мяне не падводзіць, там было так... калі толькі мяне не падводзіць памяць: “З’едлівы, і бяссонны, і паранены цалуе вашай міласці рукі, няўдзячная і нікому не вядомая прыгажуня” і штосьці яшчэ наконт здароўя і хваробы, чаго ён ёй жадае, — адным словам, шмат усяго было падпушчана, а заканчвалася наступным чынам: “Ваш да скону Рыцар Журботнага Вобраза”.

Нямала пазабавіла абодвух спадарожнікаў выдатная памяць Санча Пансы, і яны выказалі яму сваё захапленне і папрасілі яшчэ двойчы прачытаць пісьмо, каб яны, у сваю чаргу, маглі запомніць яго і пры выпадку запісаць. Санча яшчэ тройчы прачытаў пісьмо і нагаварыў нямала рознай бязглуздасці. Затым ён расказаў аб справах свайго пана, прамаўчаўшы, аднак жа, аб тым, як яго самога падкідвалі ў гэтым заезным доме, куды ён цяпер не адважыўся папрасіцца на пастой. Яшчэ ён сказаў, што яго пан, прадбачачы станоўчы адказ ад сеньёры Дульцынеі Табоскай, ужо нацэліўся на імператарскі ці, у крайнім выпадку, на каралеўскі трон, што так, маўляў, яны ўмовіліся і што гэта справа няхітрая, калі ўзяць пад увагу Дон Кіхота i моц яго рукі; і што як толькі гэта збудзецца, то Дон Кіхот ажэніць яго, Санча, бо ён да таго часу стане ўдаўцом, гэта ўжо як піць даць, і сасватае яму любіміцу імператрыцы, наследніцу вялізнага і багатага маёнтка, але толькі на мацерыку, без усялякіх гэтых астравоў і чортастравоў, бо яны яму ўжо не падабаюцца. Усё гэта Санча вымавіў вельмі спакойна, час ад часу прачышчаючы нос і з такім недарэчным выглядам, што яго аднавяскоўцы зноў здзівіліся, падумаўшы аб тым, якім палкім павінна быць вар’яцтва Дон Кіхота, калі захапіла яно здаровы розум небаракі Санча. Аднак жа яны не патурбаваліся растлумачыць яго памылку: на душы ў яго, маўляў, будзе больш спакойна, калі ён застанецца пры сваёй думцы, а ім і ўвогуле адно задавальненне слухаць, як ён вярзе лухту. А таму яны сказалі, каб ён маліўся богу аб здароўі пана, бо з цягам часу стаць імператарам, ці сама меней архіепіскапам, або атрымаць які-небудзь іншы высокі сан — гэта рэч магчымая і вельмі нават лёгка ажыццявімая. Санча ж ім на гэта сказаў:

— Сеньёры, а што калі лёс паверне справу так, што майму пану прыйдзе ў галаву стаць не імператарам, а архіепіскапам, дык вось я хацеў бы ведаць загадзя: чым звычайна ўзнагароджваюць сваіх збраяносцаў вандроўныя архіепіскапы?

— Звычайная ўзнагарода, — адказаў свяшчэннік, — гэта прыход з выкананнем абавязкаў духоўніка або без таго, ці прызначаюць іх псаломшчыкамі, а псаломшчыкі атрымліваюць добрае жалаванне, не ўлічваючы такіх жа вялікіх пабочных даходаў.

— Але для гэтага неабходна, — запярэчыў Санча, — каб збраяносец не быў жанаты і каб ён, у крайнім выпадку, умеў прыслужваць у царкве. А калі так, то ўсё прапала, таму, перш-наперш, я жанаты, а па-другое, непісьменны! І што толькі са мной будзе, калі майму пану захочацца стаць архіепіскапам, а не імператарам, як гэта прынята і як гэта заведзена ў вандроўных рыцараў?

— He турбуйся, дружа Санча, — загаварыў цырульнік, — мы папросім твайго пана, адраім яму, скажам, што ён зробіць сумленна, калі стане імператарам, а не архіепіскапам. Ды гэта яму і лягчэй, таму што ён больш храбры, чым адукаваны.

— Мне таксама так здаецца, — заўважыў Санча, — хоць павінен вам сказаць, што ён на ўсе рукі майстар. Я ж са свайго боку буду маліць бога накіраваць майго пана ў такі бок, дзе б ён і самому сабе дагадзіў і мяне ашчаслівіў.

— Ты разважаеш як чалавек з цвярозым розумам, — сказаў свяшчэннік, — і маеш намер зрабіць як сапраўдны хрысціянін. Але зараз неабходна абмеркаваць, як нам пазбавіць твайго пана ад гэтага недарэчнага пакаяння, аб якім ты нам расказаў. І каб абдумаць, як гэта ажыццявіць, і каб падмацавацца, — бо ўжо пара, — няблага было б зайсці ў заезны дом.

Санча сказаў, што няхай, маўляў, яны зойдуць, a ён пачакае тут, — пасля, нібы, ён ім растлумачыць, чаму не зайшоў і чаму не варта яму туды заходзіць, — але што ён просіць вынесці яму чаго-небудзь гарачага, а Расінанту — аўса. Яны пайшлі, ён застаўся, a неўзабаве цырульнік вынес яму паесці. Пасля гэтага свяшчэннік з цырульнікам доўга яшчэ разважалі, як ім дасягнуць жаданага, і нарэшце свяшчэннік прыйшоў да думкі зусім пад густ Дон Кіхота і якая цалкам адпавядала іх намерам, а іменна — ён сказаў цырульніку, што прыдумаў вось што: ён, маўляў, пераапранецца вандроўнай дзяўчынкай, а цырульнік прыкладзе ўсе намаганні, каб як мага лепш прыбрацца яе слугою, і ў такім выглядзе яны паедуць да Дон Кіхота, і ён, свяшчэннік, прыкінуўшыся пакрыўджанаю і безабароннаю дзяўчынаю, папросіць яго аб адной паслузе, у якой той, як належыць доблеснаму рыцару, зразумела, яму не адмовіць. Паслуга гэта заключаецца ў тым, каб Дон Кіхот паехаў з дзяўчынаю і адпомсціў за знявагу, нанесеную ёй нейкім злым рыцарам; апрача таго, дзяўчына папросіць у яго дазволу не здымаць маскі і нават не адказваць яму, як толькі ён пачне яе аб чым-небудзь распытваць, пакуль ён не расправіцца як мае быць з тым злым рыцарам. На заканчэнне ж свяшчэннік выказаў цвёрдую ўпэўненасць, што Дон Кіхот пры такіх умовах пойдзе на ўсё і што такім чынам яны вызваляць яго адтуль і прывязуць у вёску, а там ужо яны паспрабуюць адшукаць сродак ад такога незвычайнага вар’яцтва.

Цырульнік не толькі не адхіліў задумы свяшчэнніка, але, наадварот, цалкам ухваліў, і яны адразу ўзяліся за яе выкананне. У гаспадара заезнага дома яны раздабылі жаночае адзенне і галаўны ўбор, а ў заклад пакінулі новенькую свяшчэннікаву сутану. Цырульнік зрабіў сабе доўгую бараду з бычынага хваста, у які гаспадар заезнага дома меў звычку ўторкваць грэбень. Гаспадыня спытала, навошта спатрэбіліся ім гэтыя рэчы. Свяшчэннік, коратка расказаўшы ёй аб вар’яцтве Дон Кіхота і паведаміўшы, што ў гэты час ён знаходзіцца ў гарах, патлумачыў, што ўвесь гэты маскарад патрэбен ім для таго, каб вызваліць яго адтуль. Гаспадар і гаспадыня адразу здагадаліся, што звар’яцелы — гэта іх былы пастаялец, вынаходнік бальзаму, пан таго самага збраяносца, які лятаў тут на коўдры, і расказалі свяшчэнніку аб усім, што з ім здарылася ў іх заезным доме, не ўтаіўшы і таго, што так старанна ўтойваў Санча. Нарэшце гаспадыня апранула свяшчэнніка так, што лепш і жадаць нельга было: надзела на яго суконную спадніцу, на якой былі нашыты палосы чорнага аксаміту шырынёю з далонь, усе да адзінай з прарэзамі, і аздоблены белым атласам гарсаж з зялёнага аксаміту, гэтак жа, як і спадніца, — часоў караля Вам бы100. Аднак замест жаночага галаўнога ўбору свяшчэннік пажадаў надзець свой палатняны падшываны начны каўпак, лоб ён абвязаў куском чорнай тафты, а з іншага куска зрабіў маску, і яна найлепшым чынам закрыла яму і твар і бараду. Зверху ён нацягнуў капялюш, такі вялікі, што ён мог бы замяніць парасон, і, надзеўшы накідку, на дамскі манер сеў вярхом на мула, тым часам як на іншага мула сеў цырульнік з доўгаю, да пояса, барадою, зробленаю з бруднага бычынага хваста.

Яны развіталіся з усімі, у тым ліку і з добраю Марыторнес, якая тут жа паабяцала памаліцца, каб гасподзь паслаў ім удачу ў гэтай вельмі нялёгкай і сапраўды хрысціянскай справе. Але не паспелі яны ад’ехаць ад заезнага дома, як раптам свяшчэнніку прыйшло ў галаву, што ён зрабіў дрэнна, апрануўшыся такім чынам, бо непрыстойна свяшчэннаслужыцелю так прыбірацца, няхай нават гэта цалкам адпавядае яго мэце; і выказаўшы свае меркаванні цырульніку, ён прапанаваў яму памяняцца адзеннем, бо найбольш правільна, маўляў, будзе, калі цырульнік апранецца безабароннай дзяўчынай, а ён — яе слугой, — пры гэтай умове ён, нібы, не так апаганіць свой сан; калі ж цырульнік на гэта не пагодзіцца, то ён далей не паедзе, хоць бы Дон Кіхота зацягнуў да сябе чорт. У гэты час да іх наблізіўся Санча і, паглядзеўшы на іх убранне, не мог стрымацца ад смеху. Цырульнік між тым даў свяшчэнніку поўную згоду, і той, развіваючы свой план, пачаў павучаць яго, як ён павінен сябе паводзіць і што павінен сказаць Дон Кіхоту, каб падахвоціць і прымусіць яго паехаць з імі і пакінуць нетры, якія той абраў месцам безвыніковага свайго пакаяння. Цырульнік на гэта запярэчыў, што ён і без павучанняў зробіць усё найлепшым чынам. Вырашыўшы не пераапранацца, пакуль яны не пад’едуць да той цясніны, дзе знаходзіўся Дон Кіхот, ён склаў сваё ўбранне, а свяшчэннік прыладзіў бараду, і, на чале Санча Пансы, яны працягвалі свой шлях. Санча расказаў аб усім, што з ім самім і яго панам здарылася ў гарах, аднак жа пра чамадан і ўсё, што ў ім было, нічога не сказаў, бо хоць і праставаты быў наш маладзец, а да грошай ахвочы.

На другі дзень убачылі яны галінкі, якія раскінуў Санча, каб па гэтай прымеце вызначыць месца, дзе ён пакінуў свайго пана; пазнаўшы ж мясцовасць, ён аб’явіў, што тут пачынаюцца цясніны і што самы час ім пераапранацца, калі толькі гэта і сапраўды неабходна для выратавання сеньёра Дон Кіхота; трэба адзначыць, што яны ўжо растлумачылі Санча, наколькі гэта важна паўстаць перад Дон Кіхотам у такім убранні, і што толькі так і можна вымусіць яго змяніць гэты жахлівы спосаб жыцця на іншы, і вельмі строга загадалі не казаць яму, хто яны такія і што ён іх ведае; калі ж ён спытае, — а ён, маўляў, абавязкова спытае, — ці ўручыў Санча пісьмо Дульцынеі, то сказаць, што ўручыў, але паколькі яна непісьменная, то і адказала яму на словах і загадала пад страхам наклікаць на сябе яе гнеў і адразу ж па вельмі важнай справе з’явіцца да яе; да гэтага яны яшчэ сёе-тое дададуць ад сябе і такім чынам, без сумнення, выведуць яго туды, дзе яго чакае лепшая доля, і з іх дапамогаю ён неадкладна рушыць па дарозе калі не да імператарскага, то ўжо, ва ўсялякім выпадку, да каралеўскага трона, — архіепіскапства ж, маўляў, баяцца не трэба. Санча ўсё гэта выслухаў, добра запомніў і падзякаваў ім за намер параіць яго пану стаць імператарам, а не архіепіскапам, бо ён быў глыбока перакананы, што імператар хутчэй можа чым-небудзь узнагародзіць свайго збраяносца, чым вандроўны архіепіскап. Яшчэ ён сказаў, што лепш за ўсё, калі ён паедзе наперад і перадасць Дон Кіхоту адказ яго ўладаркі, — магчыма, гэтага будзе дастаткова для таго, каб выцягнуць яго адтуль, і ім не спатрэбіцца так турбавацца. Думка Санча падалася ім слушнай, і яны вырашылі пачакаць, пакуль ён вернецца з весткамі пра свайго пана.

Санча знік у адной з расколін, яны ж засталіся ў іншай, дзе працякаў ціхі ручаёк у прахалодным і вабным цяньку скал і дрэў, што раслі і там і сям. Спякотлівы дзень (варта заўважыць, што справа адбывалася ў жніўні, калі тут стаіць моцная спёка), час, a іменна: тры гадзіны папаўдні, — усё гэта рабіла куток, які паўстаў перад іх вачыма, яшчэ больш прывабным і ўзмацняла спакусу дачакацца тут вяртання Санча, і яны так і вырашылі. І вось, калі падарожнікі адпачывалі ў цяньку, да іх слыху даляцеў журботны голас, якім былі сказаны такія словы:

— О божа, няўжо я адшукала нарэшце месца, якое можа быць тайнаю грабніцаю для цяжкага ярма майго цела — ярма, якое я супроць волі сваёй цягну? Так, адшукала, калі толькі мяне не падманвае цішыня навакольных гор.

Свяшчэннік і цырульнік пачулі і зразумелі гэтыя словы, і падалося ім, — ды так яно і было на самай справе, — што гавораць дзесьці зусім блізка ад іх, a таму яны пайшлі на пошукі чалавека, які вымаўляў гэтыя словы, але не прайшлі яны і дваццаці крокаў, як за скалой у засені ясеня ўбачылі вельмі прыгожую дзяўчыну. Як толькі яна заўважыла іх, то адразу ўскочыла і кінулася наўцёкі; аднак жа пяшчотныя яе ногі не вынеслі дотыку вострых камянёў, і, прабегшы ўсяго толькі некалькі крокаў, яна павалілася. Тут свяшчэннік і цырульнік наблізіліся да дзяўчыны, і першы загаварыў з ёю свяшчэннік:

— Хто б вы ні былі, сеньёра, ні кроку далей, бо адзінае жаданне тых, каго вы бачыце перад сабою, — гэта дапамагчы вам. Дарэмна вы стрымгалоў кінуліся ад нас уцякаць, усё роўна вашы ногі не вынесуць гэтага, ды і мы гэтага не дапусцім.

Разгубленая і збянтэжаная, яна не сказала ні слова. Тады яны падышлі да яе яшчэ бліжэй, і, узяўшы яе за руку, свяшчэннік зноў загаварыў:

— Пераадолейце ж, мая сеньёра, страх, які мы выклікалі ў вас сваім з’яўленнем, і раскажыце нам аб шчасці сваім або няшчасці, і ў нас абодвух, разам узятых, і ў кожнага з нас паасобку, вы сустрэнеце спачуванне вашаму гopy.

Яна не прымусіла сябе доўга ўгаворваць і расказала аб тым, як нейкі знатны кавальера, па імені дон Фернанда, яе падмануў і як яна ў адчаі ўцякла ад бацькоў у горы.

У гэты час пачуліся крыкі, і свяшчэннік з цырульнікам здагадаліся, што гэта крычыць Санча Панса, — не знайшоўшы іх там, дзе пакінуў, ён гучна цяпер клікаў іх. Яны пайшлі яму насустрач, і на іх пытанне пра Дон Кіхота ён адказаў, што Дон Кіхот у адной кашулі, схуднелы, бледны, галодны, уздыхае аб пані сваёй Дульцынеі і што хоць ён, Санча, яму сказаў аб загадзе Дульцынеі пакінуць гэтыя мясціны і ехаць у Табоса, дзе яна яго чакае, але той аб’явіў, што не паўстане перад яе прыгажосцю, пакуль не здзейсніць подзвігаў, вартых яе ласкі. “І калі так будзе працягвацца, — прамовіў Санча, — то Дон Кіхот рызыкуе застацца не толькі без імперыі, заваяваць якую ён абавязаўся, але нават без архіепіскапства, зрэшты, архіепіскапства — гэта толькі з-за адсутнасці лепшага, а таму, чаго б гэта ні каштавала, патрэбна вызваліць яго адсюль”. Ліцэнцыят сказаў, што ён можа не турбавацца: Дон Кіхот як сабе хоча, а ўжо яны, маўляў, вызваляць яго адсюль. Затым ён паведаміў Даратэі (так звалі дзяўчыну), што ён і цырульнік задумалі для таго, каб вылечыць Дон Кіхота ці ўжо, у крайнім выпадку, адправіць дадому; Даратэя ж яму на гэта сказала, што яна лепш за цырульніка сыграе безабаронную дзяўчыну, — да таго ж у яе ёсць адпаведны ўбор, таму ў яе гэта выйдзе больш праўдзіва і няхай, маўляў, ёй даручаць зрабіць усё што трэба для таго, каб іх справа ўвянчалася поспехам, бо яна прачытала шмат рыцарскіх раманаў і добра ведае, як размаўляюць пакрыўджаныя дзяўчаты, калі просяць дапамогі ў вандроўных рыцараў.

— У такім выпадку, — заўважыў свяшчэннік, — нам застаецца толькі ўзяцца за справу.

Тут Даратэя дастала са свайго клунка шырокую сукенку і мантылью з цудоўнай зялёнай тканіны, а з куфэрка каралі і іншыя каштоўнасці і, надзеўшы іх на сябе, імгненна ператварылася ў багатую і знатную сеньёру. Усё гэта, як яна сказала, і яшчэ сякія-такія рэчы яна ўзяла з сабою на ўсялякі выпадак, але да гэтага часу такога выпадку не траплялася. Усе былі ў захапленні ад найвялікшай яе зграбнасці, прыгажосці і чароўнасці і аб’явілі, што дон Фернанда, відаць, нічога не разумее, калі адштурхнуў ад сябе такое хараство; аднак жа больш за ўсіх быў зачараваны Санча Панса, — яму здавалася (ды так яно і было на самай справе), што за ўсё сваё жыццё не бачыў ён такога чароўнага стварэння, а таму ён з вялікім хваляваннем спытаў свяшчэнніка, хто гэта прыгожая сеньёра і каго яна ў гэтай глушы шукае.

— Гэта цудоўная сеньёра, брат Санча, — адказаў свяшчэннік, — з’яўляецца, між іншым, непасрэднай наследніцай па мужчынскай лініі вялікага каралеўства Мікаміконскага, а шукае яна твайго пана, каб звярнуцца да яго з просьбай аб заступніцтве і аб помсце за нанесеныя ёй нейкім злым веліканам крыўду і знявагу, слава ж пра такога добрага рыцара, якім з’яўляецца твой пан, ідзе па ўсёй зямлі, і прынцэса гэта прыехала з Гвінеі, каб яго адшукаць.

— Шчаслівыя пошукі і шчаслівая знаходка, — сказаў на гэта Санча Панса, — асабліва калі на долю майго пана выпадзе такая ўдача, што ён заб’е гэтага гада-велікана, пра якога ваша міласць кажа, і тым самым адпомсціць за крыўду і знявагу, а ўжо ён абавязкова яго заб’е, калі толькі з ім сустрэнецца і калі толькі гэта не прывід, таму што супраць прывідаў майму пану не ўстаяць. Але, між іншым, сеньёр ліцэнцыят, вось аб чым я хачу папрасіць вашу міласць: каб у майго пана не з’явілася ахвота стаць архіепіскапам, чаго менавіта я і асцерагаюся, парайце яму, ваша міласць, як можна хутчэй ажаніцца з гэтай прынцэсай, — тады ўжо яму не надасі сан архіепіскапа і ён без асаблівай цяжкасці даможацца імператарскай кароны, а я ажыццяўлення сваіх жаданняў. Я ж доўга над гэтым ламаў галаву і прыйшоў да вываду, што не з рукі гэта мне — каб мой пан станавіўся архіепіскапам: я для царквы чалавек бескарысны — я жанаты, а прасіць мне цяпер разводу, каб мець права атрымліваць нейкія там царкоўныя даходы, таму што ў мяне, значыць,ёсць жонка і дзеці, — гэта справа безнадзейная. Такім чынам, сеньёр, уся штука ў тым, каб мой пан хутчэй ажаніўся з гэтай сеньёрай, — я з яе міласцю яшчэ не знаёмы, а таму і не называю па імені.

— Яе завуць прынцэсай Мікаміконай, — адказаў свяшчэннік, — бо калі каралеўства яе называецца Мікаміконскім, то зразумела, што і ёй належыць называцца гэтак жа.

— Вядома, — пагадзіўся Санча. — Мне часта даводзілася сустракаць людзей, якія ўтваралі свае імёны і прозвішчы ад той мясцовасці, дзе яны нарадзіліся, — напрыклад, Педра дэ Алькала, Хуан дэ Убеда, Д’ега дэ Вальядалід, — напэўна, і ў Гвінеі існуе такі звычай, каб каралевы называліся па імені сваіх каралеўстваў.

— Напэўна, — сказаў свяшчэннік. — А што тычыцца жаніцьбы твайго пана, то я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць.

Словы гэтыя настолькі ўзрадавалі Санча,наколькі здзівіла свяшчэнніка яго прастадушнасць і тое, як трывала засела ў яго галаве бязглуздзіца, што займала ўяўленне яго пана, — той жа, вядома, быў упэўнены, што стане імператарам.

Тым часам Даратэя села на свяшчэннікава мула, a цырульнік прыладзіў бараду з бычынага хваста, і яны загадалі Санча правесці іх да Дон Кіхота, папярэдне наказаўшы яму не прагаварыцца, што гэта цырульнік, бо ўся, маўляў, штука ў тым, каб Дон Кіхот не пазнаў іх, — нібы ад гэтага залежыць — быць яму імператарам ці не быць. Свяшчэннік вырашыў не суправаджаць іх проста таму, што прысутнасць яго была цяпер ужо лішняй, і вось тыя паехалі наперад, а ён не спяшаючыся пайшоў за імі ўслед. Ён не прамінуў зрабіць Даратэі павучанне, як ёй патрэбна дзейнічаць, але тая яму на гэта адказала, што ён можа не турбавацца: усё, маўляў, выйдзе без сучка і задзірынкі, так, як гэтага патрабуюць і як гэта паказваюць рыцарскія раманы. Верхавыя нашы праехалі тры чвэрці мілі, як раптам сярод грувасткіх скал убачылі Дон Кіхота, ужо адзетага, але яшчэ не ўзброенага, і як толькі Даратэя заўважыла яго і атрымала пацвярджэнне ад Санча, што гэта і ёсць Дон Кіхот, то хвастанула свайго інаходца, а следам за ёю паскакаў барадаты цырульнік; калі ж яны наблізіліся да Дон Кіхота, то цырульнік саскочыў з мула і хацеў быў падхапіць Даратэю, але тая, з незвычайнай лёгкасцю злезшы з мула, кінулася перад Дон Кіхотам на калені; і хоць Дон Кіхот намагаўся падняць яе, яна, не ўстаючы, загаварыла так:

— Я не ўстану з каленяў, о доблесны і магутны рыцар, да таго часу, пакуль дабрата і ласкавасць вашы не зробяць мне ласку, якая яшчэ больш узвысіць пашану і любоў да вашай асобы і будзе карыснай самай няўцешнай і самай пакрыўджанай дзяўчыне ва ўсім сусвеце. І калі доблесць магутнай вашай рукі такая ж велічная, як і голас вашай неўміручай славы, то ваш абавязак — заступіцца за няшчасную, якая прыйшла з далёкіх краін на агонь славутага вашага імя, каб прасіць вас дапамагчы яе гopy.

— Я не раскрыю вуснаў сваіх, цудоўная сеньёра, — адказаў Дон Кіхот, — і не прыслухаюся да вашых просьбаў да таго часу, пакуль вы не ўстанеце.

— Я ўстану, сеньёр, — запярэчыла журботная дзяўчына, — не раней, чым ваша міласць зробіць мне ласку, якой я прашу.

— Я згодзен вам яе зрабіць, — аб’явіў Дон Кіхот, — калі толькі ад гэтага не будзе шкоды і ўрону майму каралю, маёй бацькаўшчыне, а таксама той, хто валодае ключамі ад сэрца майго і волі.

— Hiшкоды, ні ўрону ім ад гэтага не будзе, добры мой сеньёр, — адказала пакутная дзяўчына.

У гэты час Санча Панса наблізіўся да свайго пана і сказаў яму на вуха:

— Сеньёр, ваша міласць смела можа абяцаць зрабіць ёй гэту ласку, таму што забіць нейкага там веліканчыка — гэта для вас дробязь, а просіць аб гэтым высакародная прынцэса Мікамікона, каралева вялікага каралеўства Мікаміконскага ў Эфіопіі.

— Хто б яна ні была, — запярэчыў Дон Кіхот, — я зраблю так, як абавязаны зрабіць і як мне падказвае маё сумленне.

І, звяртаючыся да дзяўчыны, прамовіў:

— Устаньце, о чароўная прыгажуня, — я згодзен зрабіць вам ласку, якую вы просіце.

— Я прашу аб тым, — сказала дзяўчына, — каб ваша самаадданасць паехала за мною неадкладна, папярэдне паабяцаўшы мне не шукаць ніякіх іншых прыгод і не выконваць нічыіх просьбаў, пакуль не адпомсціць здрадніку, які, парушыўшы законы божыя і чалавечыя, захапіў маё каралеўства.

— Паўтараю: я выканаю вашу просьбу, — аб’явіў Дон Кіхот, — а таму, сеньёра, вам зараз жа патрэбна скінуць з сябе гнятлівы цяжар скрухі і ўдыхнуць новыя сілы і мужнасць у знямоглую вашу надзею, бо з дапамогай божай і з дапамогай рукі маёй вам хутка будзе вернута каралеўства і вы сядзеце на старажытны і вялікі трон вашай дзяржавы — на злосць і насуперак нахабнікам, якія адважыліся яго аспрэчваць. І — за справу, бо прамаруджванне, як кажуць, самае небяспечнае.

Безабаронная дзяўчына надта настойліва спрабавала пацалаваць Дон Кіхоту руку, але ён, як у вышэйшай ступені пачцівы і ветлівы рыцар, гэтага не дапусціў; наадварот, ён з выключнаю пачцівасцю і ветлівасцю абняў і падняў яе, а затым загадаў Санча падцягнуць на Расінанце падпругу і зараз жа падаць даспехі. Санча адвязаў даспехі, якія віселі, быццам трафеі, на дрэве, і, падцягнуўшы падпругу, за адну хвіліну надзеў іх на свайго пана; пан жа яго, надзеўшы даспехі, прамовіў:

— Такім чынам, госпадзі благаславі, рушым на абарону гэтай знатнай сеньёры.

Цырульнік усё яшчэ стаяў на каленях, прыкладваючы вялікія намаганні да таго, каб не фыркнуць, і прытрымліваючы рукою бараду, падзенне якой магло б ім усім перашкодзіць ажыццявіць добрае іх пачынанне, аднак жа, бачачы, што паслуга ўжо паабяцана і што Дон Кіхоту не церпіцца яе зрабіць, ён устаў і, падтрымліваючы другою рукою Даратэю, разам з Дон Кіхотам дапамог ёй сесці на мула; пасля гэтага Дон Кіхот сеў на Расінанта, цырульнік узабраўся на жвавага свайго каня, а Санча пайшоў пехатой, і тут ён, зноў адчуўшы, як яму нестае шэрага, успомніў аб яго згубе; аднак цяпер ён да гэтага аднёсся лёгка, — ён суцешыў сябе тым, што яго пан ужо ў дарозе да таго, каб зрабіцца імператарам, і вось-вось гэта спраўдзіцца: ён жа, зразумела, быў упэўнены, што Дон Кіхот ажэніцца з гэтай прынцэсай і стане сама меней каралём Мікаміконскім. Адно толькі засмучала яго — тое, што каралеўства гэта знаходзіцца ў краіне неграў і што людзі, якіх прызначаць яго васаламі, будуць чарнаскурыя; зрэшты, фантазія яго тут жа падказала яму нядрэннае выйсце, і ён падумаў: “Ну і што ж такога, што васаламі маімі будуць негры?101 Пагрузіць іх на караблі, прывезці ў Іспанію, прадаць іх тут, атрымаць за іх наяўнымі, купіць на гэтыя грошыкі тытул ці пасаду — вось і ўсё, а там дажывай сабе бесклапотна свой век! He хвалюйцеся, мы не праваронім, у нас хопіць кемнасці ўладзіць гэту выгадную справу і ў адзін момант прадаць трыццаць ці там дзесяць тысяч васалаў. Далібог, я іх хутка спушчу, усіх гуртам ці ўжо як там давядзецца, але толькі прадам усё ж я чорных, а вернуцца яны да мяне сярэбранымі ды залатымі. Так што я не такі дурны, як вы думаеце!” І так усё гэта яго займала і радавала, што ён забываў аб нязручнасці пешай хады.

Калі Дон Кіхот са сваімі спадарожнікамі выбраўся на раўніну, свяшчэннік пачаў уважліва да яго прыглядацца. Знакамі даючы зразумець, што пазнае яго, і толькі праз некаторы час, з распасцёртымі рукамі кінуўшыся да яго, усклікнуў:

— Добры дзень, люстэрка рыцарства, добры мой зямляк Дон Кіхот Ламанчскі, верх і мяжа высакародства, абарона і апора бяздольных, краса вандроўных рыцараў!

Гаворачы так, ён сціскаў у абдымках калена левай нагі Дон Кіхота, а той, ашаломлены словамі і рухамі гэтага чалавека, уважліва ва яго паглядзеў і, пазнаўшы, нібы самлеў, убачыўшы яго, і напружыў намаганні, каб злезці з каня, аднак жа свяшчэннік гэтага не дапусціў, і тады Дон Кіхот сказаў:

— Дазвольце, ваша міласць, сеньёр лідэнцыят, мне няёмка ехаць на кані, у той час калі такая вельмі паважаная асоба ідзе пехатой.

— Я гэтага ні ў якім выпадку не дапушчу, — сказаў свяшчэннік: — ваша веліч павінна заставацца на кані, бо, застаючыся на кані, вы нарэшце здзейсніце такія ратныя подзвігі, якіх яшчэ ніколі не бачыў наш век, — мне ж, нявартаму павагі свяшчэннаслужыцелю, трэба ўзабрацца на крыж мула.

— Я ўпэўнены, — зазначыў Дон Кіхот, — што сеньёра прынцэса з любові да мяне будзе так ласкава, што загадае свайму слугу ўступіць вашай міласці сядло, a ён можа ўладкавацца на крыжы свайго мула, калі толькі той вытрымае.

— Па-мойму, вытрымае, — сказала прынцэса. — Я са свайго боку ўпэўнена ў тым, што мой слуга загадаў не чакае: ён у мяне такі ветлівы, уважлівы і нізашто не дапусціць, каб духоўная асоба ішла пехатой, калі яна можа ехаць.

— Абсалютная праўда, — пацвердзіў цырульнік.

Ён імгненна спешыўся і ўступіў месца свяшчэнніку, і той, не заставіўшы сябе доўга ўгаворваць, сеў у сядло. Аднак жа, на бяду, гэта быў наёмны мул, a сказаць “наёмны” — тое ж самае, што сказаць “паганы”; і калі цырульнік пачаў узбірацца на яго крыж, ён прыпадняў заднія ногі і двойчы падбрыкнуў імі, так што калі б патрапіў маэсе Нікаласу ў грудзі або ў галаву, той, ужо пэўна, паслаў бы к чорту сваю паездку за Дон Кіхотам. Як бы там ні было, цырульнік ад перапуду зваліўся, і калі ён падаў, яму ўжо было не да барады, а таму яна ў яго адразу ж адвалілася; і тут ён, бачачы, што застаўся без барады, не прыдумаў нічога лепшага, як закрыць твар рукамі і крыкнуць, што ў яго выбіты зубы. Дон Кіхот жа, заўважыўшы, што на значнай адлегласці ад слугі, які пацярпеў няўдачу, валяецца пук барады без сківіцаў і без крыві, усклікнуў:

— А божа ты мой, што гэта яшчэ за цуд! Так акуратна вырваць бараду і шпурнуць яе на зямлю можна толькі знарок!

Свяшчэннік, бачачы, што іх задуме пагражае небяспека быць раскрытай, падбег да барады і кінуўся з ёю да маэсе Нікаласа, які ўсё яшчэ быў распасцёрты на зямлі і крычаў немым голасам, а затым, не доўга думаючы, палажыў яго галаву сабе на грудзі, прыставіў бараду і пачаў штосьці мармытаць, папярэдне патлумачыўшы, што гэта асаблівая малітва ад выпадання барады і што ў цудадзейнай яе сіле яны неўзабаве пераканаюцца; прыставіўшы ж яму бараду, ён адышоў, і стаў наш слуга, як раней, здаровы і барадаты, што вельмі ўжо здзівіла Дон Кіхота, і ён папрасіў свяшчэнніка ў вольны час навучыць яго гэтай малітве, бо ён, маўляў, лічыць, што дзеянне яе зводзіцца не толькі да прырошчвання барод, — на месцы ж выдранай барады павінны заставацца раны і струпы, і калі малітва ўсё гэта зажыўляе, то зразумела, што яна дапамагае не толькі пры выпаданні барады.

— Справядліва, — сказаў свяшчэннік і абяцаў навучыць яго гэтай малітве пры першым зручным выпадку.

Вырашылі яны, што цяпер сядзе на мула толькі свяшчэннік. Калі ж трое селі вярхом, гэта значыць Дон Кіхот, прынцэса і свяшчэннік, а два пайшлі пешшу, гэта значыць цырульнік і Санча Панса, Дон Кіхот звярнуўся да дзяўчыны:

— Ваша вялікасць, пані мая, вядзіце мяне, куды вам патрэбна.

Але, перш чым яна паспела адказаць, загаварыў ліцэнцыят:

— У якое каралеўства нас павядзе ваша светласць? Ужо ці не ў Мікаміконскае? Дакладней за ўсё, што туды, або я нічога не разумею ў каралеўствах.

Даратэя была з ім у змове,а таму яна хутка сцяміла, што павінна адказваць, і сказала яму наступнае:

— Так, сеньёр, шлях мой ляжыць да гэтага каралеўства.

— А калі так, — падхапіў свяшчэннік, — то мы праедзем праз маю вёску, адтуль ваша міласць накіруецца ў Картахену, і там вы з божай дапамогай сядзеце на карабель. І калі вецер будзе спадарожны, а мора спакойнае і бязбурнае, то гадоў праз дзевяць вы апыняцеся каля вялікага возера Піспісійскага... то бок Меатыйскага102, а ўжо адтуль крыху больш за сто дзён дарогі да вашага каралеўства.

— Вы памыляецеся, васпан мой, — запярэчыла прынцэса. — He мінула і двух гадоў, як я выехала адтуль, і даю вам слова, надвор’е ўвесь час было паганае, і ўсё ж я ўбачыла таго, да каго я так імкнулася, а іменна сеньёра Дон Кіхота Ламанчскага, слава якога дайшла да маіх вушэй, ледзь толькі я ступіла на бераг Іспаніі, і падштурхнула мяне адшукаць яго, каб даручыць сябе яго высакароднасці і даверыць справядлівую маю справу доблесці непераможнай яго рукі.

— Досыць, не расхвальвайце мяне больш, — перапыніў яе Дон Кіхот, — я не люблю розныя ліслівасці, і хоць бы гэта і не было ліслівасцю, а ўсё ж мой цнатлівы слых зневажаюць такія выказванні. Адно магу сказаць вам, пані мая: якая б ні была мая доблесць, калі яна ў мяне так ці інакш ёсць, я абавязаны служыць вам, не шкадуючы ўласнага жыцця. Але ўсяму свой час, а цяпер я папрашу вас, сеньёр ліцэнцыят, растлумачыць мне, як вы апынуліся ў гэтых мясцінах, адзін, улегцы і без слуг, — сапраўды, мяне гэта здзіўляе.

— На гэта я адкажу вам коратка, — адказаў свяшчэннік. — Дык ведайце, ваша міласць, сеньёр Дон Кіхот, што я і маэсе Нікалас, наш агульны сябар і наш агульны цырульнік, накіроўваліся ў Севілью па грошы, якія мне даслаў мой сваяк, які шмат гадоў таму перасяліўся ў Амерыку, і грошы немалыя: шэсцьдзесят тысяч паўнаважкіх песа103 — гэта вам не кот наплакаў. І вось, калі мы ўчора тут праязджалі, на нас напалі разбойнікі і адабралі ўсё — нават бароды. І так яны нас абчысцілі, што цырульніку давялося надзець бараду накладную. Слухайце далей: мясцовыя жыхары сцвярджаюць у адзін голас, што абрабавалі нас катаржнікі, якіх нібы вызваліў, і амаль ці не на самым гэтым месцы, нейкі чалавек, такі дзёрзкі, што, нягледзячы на камісара і варту, ён адпусціў іх на ўсе чатыры бакі. І, зразумела, гэта які-небудзь вар’ят ці такі ж прапашчы нягоднік, як і яны, увогуле чалавек, у якога ні сораму, ні сумлення: ён жа пусціў ваўка на авечак, лісіцу на курэй, муху на мёд. Відаць, задумаў ён абысці правасуддзе і падняць бунт супраць караля, прыроднага свайго пана, калі парушыў мудрае яго распараджэнне. Відаць, кажу, задумаў ён пазбавіць галеры весляроў і перапалохаць Святое брацтва, якое ўжо шмат гадоў адпачывае ад спраў сваіх. Адным словам, за такі ўчынак і душы яго не абмінуць пагібелі, ды і целу будзе не соладка.

Санча паспеў расказаць свяшчэнніку і цырульніку аб здарэнні з катаржнікамі, якое закончылася для большай славы яго пана, і свяшчэннік таму цяпер аб гэтым расказваў, каб паглядзець, як будзе паводзіць сябе Дон Кіхот. А Дон Кіхот мяняўся з твару пры кожным яго слове, але ўсё не адважваўся прызнацца, што ён, а не хтосьці іншы вызваліў гэту цёплую кампанію.

— Дык вось хто нас абрабаваў, — закончыў свяшчэннік. — Ты ж, госпадзі, па міласэрнасці сваёй даруй таму, хто адвёў ад іх належную кару.


Раздзел XIX, які апавядае аб знаходлівасці чароўнай Даратэі і яшчэ аб сім-тым,вельмі прыемным і цікавым

He паспеў свяшчэннік дагаварыць, як умяшаўся Санча:

— Праўду кажучы, сеньёр ліцэнцыят, подзвіг гэты здзейсніў мой пан, а я ж яго папярэджваў і прасіў, каб ён падумаў аб тым, што робіць і што грэх выпускаць іх на свабоду, бо гоняць іх туды як заўзятых нягоднікаў.

— Дурань! — сказаў яму на гэта Дон Кіхот. — У абавязкі вандроўных рыцараў не ўваходзіць дазнавацца, за што такім чынам гоняць і так мучаюць тых зняважаных, закутых ланцугамі і прыгнечаных, якія сустракаюцца ім на шляху, — за іх злачынствы або за іх добрыя ўчынкі. Справа вандроўных рыцараў — дапамагаць гаротным, прымаючы пад увагу іх пакуты, a не іх брыдоты. Мне трапіўся цэлы ружанец, цэлая нізка няшчасных і зняможаных людзей, і я зрабіў у адпаведнасці з дадзеным мною зарокам, а там няхай нас рассудзіць бог. І я сцвярджаю, што каму гэта не падабаецца, — зразумела, я раблю выключэнне для свяшчэннага сану сеньёра ліцэнцыята і яго вельмі паважанай асобы, — той нічога не разумее ў рыцарстве і хлусіць, як апошні паганец. І я яму гэта дакажу з дапамогай майго мяча так, калі б гэты меч ляжаў перада мной.

Сказаўшы гэта, ён прыўстаў на страмёнах і насунуў на лоб шышак, таз жа для галення, які ён лічыў за шлем Мамбрына, да часу, пакуль не будуць ліквідаваны нанесеныя яму катаржнікамі пашкоджанні, вісеў у яго на пярэдняй луцэ сядла.

Даратэя ведала, што ў Дон Кіхота зайшоў розум за розум і што ўсе, за выключэннем Санча Пансы, з яго пасмейваюцца, а таму, як дзяўчына знаходлівая і вельмі дасціпная, яна не пажадала адстаць ад іншых і, бачачы, што Дон Кіхот гневаецца, звярнулася да яго з такімі словамі:

— Сеньёр рыцар, падумайце аб той паслузе, якую вы абяцалі мне зрабіць, а таксама аб тым, што ў адпаведнасці з дадзеным абяцаннем, вы не маеце права ўдзельнічаць у іншых прыгодах, нават калі б удзел ваш быў вельмі неабходным. Змяніце ж гнеў на міласць: калі б сеньёр ліцэнцыят ведаў, што катаржнікі вызвалены неадольнай вашай рукой, ён тройчы зашыў бы сабе рот і тройчы прыкусіў язык, перш чым вымавіць слова, якое вам не спадабаецца.

— Клянуся, — пацвердзіў свяшчэннік. — Я б яшчэ і вус сабе вырваў!

— Я замаўчу, пані мая, — сказаў Дон Кіхот, — і прыглушу праведную злосць, якая паднялася ў маёй душы, і буду ціхі і міралюбівы, пакуль не выканаю свайго абяцання. Але калі толькі вам гэта не цяжка, у якасці ўзнагароды за добрыя мае намеры я прашу вас сказаць мне, аб чым вы бядуеце, як шмат, хто такія і што за яны, тыя людзі, супраць каго я павінен накіраваць праведную, належную і бязлітасную помсту.

— Я ахвотна выканаю вашу просьбу, — прамовіла Даратэя, — калі толькі вам не надакучыць аповед пра няшчасці і нягоды.

— He надакучыць, пані мая, — сказаў Дон Кіхот.

Даратэя ж на гэта сказала:

— Калі так, то я прашу вашай, сеньёры, увагі. Перш за ўсё ведайце, васпаны мае, што завуць мяне...

І тут яна запнулася, таму што забылася, якое імя даў ёй свяшчэннік. Але той, сцяміўшы, што іменна з’явілася перашкодай, паспяшаўся на дапамогу і сказаў:

— Нядзіўна, пані мая, што ваша вялікасць саромеецца і адчувае сябе няёмка, расказваючы пра свае напасці. Такая ўжо ў напасцяў уласцівасць — адбіраць памяць у тых, каго яны даймаюць, так што людзі нават уласныя свае імёны забываюць, як гэта здарылася з вашай светласцю, бо вы забыліся, што завуць вас прынцэсай Мікаміконай і што вы законная наследніца вялікага каралеўства Мікаміконскага. Ну а цяпер, пасля гэтага напамінку, ваша вялікасць без вялікіх намаганняў зможа аднавіць у сваёй смутнай памяці ўсё, што вы жадаеце нам расказаць.

— Гэта праўда, — зазначыла дзяўчына, і я мяркую, што больш мне ўжо не трэба будзе нагадваць і праўдзівую маю гісторыю я паспяхова раскажу да канца. Гісторыя ж мая наступная. Бацька мой, кароль Тынакрый Мудры, як яго называюць, быў вельмі спрактыкаваны ў майстэрстве, якое называецца магіяй, і вось, дзякуючы сваім ведам, адкрыў ён, што маці мая, каралева Харамілья, памрэ раней за яго і што праз непрацяглы час наканавана і яму перайсці на той свет, мне ж — круглаю застацца сіратою. Аднак усё гэта не так яго засмучала, як хвалявала яго тое, што амаль побач з нашым каралеўствам пачварны велікан, пра якога ён чуў ад верных людзей, кіруе адным вялікім востравам, а завуць яго Пандафіланд Цемнавокі. Усе ведаюць, што хоць вочы ў яго ў парадку і на месцы, аднак жа ён усё пазірае ўбок, нібы касавокі, і робіць ён гэта знарок, каб наганяць страх і жах на тых, хто на яго глядзіць. Ну, адным словам, бацька мой даведаўся, што гэты велікан, пачуўшы пра маё сіроцтва, направіць незлічонае войска на маё каралеўства і захопіць яго, так што ў мяне не застанецца і маленькай вёсачкі, дзе б я магла прыхінуць галаву. Разам з тым бацька мой сцвярджаў, што бедства гэтага і разарэння можна пазбегнуць, калі толькі я пажадаю выйсці за велікана замуж, але што, як добра ён разумее, я ні пры якіх абставінах на такі няроўны шлюб не адважуся. І ён меў рацыю, бо ў мяне і ў думках ніколі не было выходзіць замуж за велікана — ні за гэтага, ні за іншага, ні за самага што ні ёсць велізарнага і празмернага. І завяшчаў мне бацька, каб пасля яго смерці, калі Пандафіланд уварвецца ў маё каралеўства, я не надумала абараняцца, бо гэта значыць аддаць сябе на пагібель, але добраахвотна пакінула межы каралеўства, калі толькі я жадаю ўберагчы ад смерці і поўнага знішчэння маіх добрых і верных васалаў, бо з такім страшэнна дужым веліканам мне ўсё роўна, маўляў, не справіцца, і каб без лішніх роздумаў з кім-небудзь з маіх набліжаных накіравалася ў Іспанію, дзе я і знайду нарэшце збавенне ад усіх бед,як толькі сустрэну нейкага вандроўнага рыцара,чыя слава да таго часу пройдзе па ўсім гэтым каралеўстве, а завуць яго, калі памяць мяне не падводзіць, не то Дон Канавод, не то Дон Самаход.

— Напэўна, ён сказаў: Дон Кіхот, сеньёра, — паправіў яе Санча Панса, — ці, інакш, Рыцар Журботнага Вобраза.

— Твая праўда, — прамовіла Даратэя. — Яшчэ ён сказаў, што рыцар гэты высокага росту і з сухарлявым тварам. І, зразумела, добры мой бацька не памыліўся, і я зрабіла правільна, звярнуўшыся да сеньёра Дон Кіхота. А ён жа і ёсць той самы, пра каго мне расказваў бацька, бо рысы твару ў гэтага рыцара якраз такія, як аб тым гаворыць погаласка не толькі ў Іспаніі, але і ва ўсёй Ламанчы. Бо не паспела я высадзіцца ў Асуне, як да мяне дайшла вестка аб шматлікіх яго подзвігах, і тут сэрца маё падказала, што ён і ёсць той самы, каго я шукаю.

— Якім жа чынам ваша міласць высадзілася ў Асуне, калі гэта не марская гавань? — спытаў Дон Кіхот.

Аднак жа, перш чым Даратэя паспела што-небудзь адказаць, узяў слова свяшчэннік і сказаў:

— Сеньёра прынцэса, відаць, хоча сказаць, што, высадзіўшыся ў Малазе, яна ўпершыню пачула аб вашай міласці ў Асуне.

— Я гэта і хацела сказаць, — пацвердзіла Даратэя.

— Вось так будзе зразумела, — сказаў свяшчэннік. — Працягвайце ж, ваша вялікасць.

— Працяг будзе складацца толькі з таго, — сказала Даратэя, — што шчасце мне нарэшце ўсміхнулася і я адшукала сеньёра Дон Кіхота. І цяпер я ўжо магу лічыць сябе каралевай і ўладаркай усяго майго каралеўства, бо ён быў настолькі велікадушны і прыязны, што абяцаў зрабіць мне паслугу і адправіцца разам са мной, куды я яго павяду, — павяду ж я яго прама да Пандафіланда Цемнавокага, каб ён забіў яго і вярнуў мне тое, што Пандафіланд так беззаконна ў мяне адабраў. І ўсё гэта павінна адбыцца як па пісаным, бо так прадказаў мой бацька Тынакрый Мудры, які да гэтага яшчэ дадаў і запісаў не то халдзейскімі, не то грэчаскімі літарамі, — я іх так і не разабрала, — што калі гэты прадказаны мне рыцар, сцяўшы галаву велікану, пажадае ўзяць са мной шлюб, то я не марудзячы і без усялякіх размоў павінна стаць яго законнаю жонкай і перадаць яму ўладу над маім каралеўствам, a таксама і над маёй асобай.

— Як табе гэта падабаецца, дружа Санча? — звярнуўся тут Дон Кіхот да свайго збраяносца: — Бачыш, як ідзе справа? А што я табе казаў? Вось у нас ужо і каралеўства і каралева — хоць зараз бяры стырно ўлады і жаніся.

— Клянуся, што гэта падобна на праўду! — усклікнуў Санча. — І які ж сабачы сын пасля гэтага не скруціць шыі пану Ні складу ні ладу і не ажэніцца! Aкаралева ж якраз, далібог, прыгожая.

З гэтымі словамі ён, не ў сабе ад захаплення, двойчы падскочыў, а затым схапіў мула Даратэі за аброць і, спыніўшы яго, кінуўся перад ёй на калені і папрасіў дазволу пацалаваць ёй рукі ў знак таго, што ён прызнае яе сваёю каралеваю і пані. Ну каго б, сапраўды, не насмяшыла вар’яцтва пана і прастадушнасць слугі? Даратэя між тым дала яму пацалаваць рукі і абяцала зрабіць яго вяльможам у сваім каралеўстве, як толькі неба злітуецца над ёю і яна зноў будзе ім валодаць і правіць. Санча ў такіх выразах пачаў выказваць ёй сваю ўдзячнасць, што ўсе зноў засмяяліся.

— Такая, сеньёры, мая гісторыя, — працягвала Даратэя. — Мне застаецца толькі дадаць, што з усёй світы, якую я вывезла з майго каралеўства, уцалеў адзін гэты барадаты слуга, а ўсе астатнія ўтапіліся ў час жахлівай буры, якая заспела нас на падыходзе да гавані, мы ж з ім цудам дабраліся на дзвюх дошках да берага. Ды і ўсё жыццё, як вы, відаць, заўважылі, гэта — суцэльны цуд і таямніца. Калі ж я дазволіла сабе штосьці лішняе або непатрэбнае, то не асуджайце ў гэтым мяне і ўспомніце, што сказаў у пачатку майго аповеду сеньёр лідэнцыят, а іменна — што бясконцыя і незвычайныя выпрабаванні адбіраюць памяць у таго, каму яны выпадаюць.

— Толькі не ў мяне, о высакародная і доблесная сеньёра, якімі б шматлікімі, цяжкімі і надзвычайнымі ні былі тыя выпрабаванні, што пашле мне лёс, пакуль я буду служыць вам! — усклікнуў Дон Кіхот. — І я зноў пацвярджаю сваё абяцанне і клянуся, што пайду за вамі хоць на край свету, каб паквітацца з лютым вашым ворагам, якому я спадзяюся з дапамогай божай і з дапамогай маёй рукі зняць шалёную галаву лязом гэтага... на жаль, не магу сказаць: “гэтага добрага мяча”, бо Хінес дэ Пасамонтэ ў мяне яго ўкраў.

Апошнія словы ён вымавіў праз зубы, а затым працягваў:

— А як толькі я здыму з яго галаву і зраблю вас уладаркай дзяржавы вашай, то вы будзеце мець права распараджацца сабою як вам захочацца, бо я і падумаць не магу пра жаніцьбу з кім бы там ні было.

Словы Дон Кіхота аб тым, што ён не хоча жаніцца, так не спадабаліся Санча, што ён павысіў голас і вельмі злосна загаварыў:

— Клянуся вам, ручаюся вам, ваша міласць, сеньёр Дон Кіхот, што ў вас не ўсе дома, таму што як жа можна вагацца, калі размова ідзе аб жаніцьбе з такой высакароднай прынцэсай! Ці вы думаеце, што такія ўдачы, як сягоння, на падлозе валяюцца? Ці, па-вашаму, пані Дульцынея прыгажэйшая? Вядома, не, гэта ўдвая прыгажэйшая, я гатовы паклясціся, што Дульцынея і падноска яе не варта. Калі ж ваша міласць будзе лавіць у небе жураўля, то дзе там я буду графам. Ды жаніцеся вы, жаніцеся, ліха вас бяры, і не ўпускайце каралеўства, якое само плыве вам у рукі, станавіцеся каралём і рабіце мяне маркізам або намеснікам, а там няхай усё ляціць к чорту!

Дон Кіхот не мог дапусціць, каб пры ім зневажалі сеньёру Дульцынею, а таму ён узмахнуў кап’ём і, нічога не кажучы, два разы запар так стукнуў Санча, што той зваліўся кулём, і калі б Даратэя яго не засарамаціла, ён, ужо пэўна, вытрас бы з яго душу.

— Вы думаеце, брыдкі грубіян, — праз некаторы час загаварыў Дон Кіхот, — што вы заўсёды вось так нахабна будзеце сябе са мной трымаць і ўсё на свеце блытаць, а я буду вам дараваць? Дык не ж, пракляты нягоднік, — бо вы, сапраўды, нягоднік, калі язык ваш закрануў непараўнальную Дульцынею. Ды ці ведаеце вы, цяльпук, даўбешка, абібок, што калі б яна не ўлівала сілу ў маю руку, то я не забіў бы і блыхі? Ану, кажыце, насмешнік з языком змяі, хто, па-вашаму, заваяваў гэта каралеўства, адсек галаву велікану і зрабіў вас маркізам (я ж лічу, што ўсё гэта ўжо адбылося, што гэта, як кажуць, вырашана і падпісана), — хто, як не доблесць Дульцынеі, якая выбрала маю руку сваёй зброяй? Яна змагаецца ўва мне і перамагае мною, а я жыву і дыхаю ёю, і ёй абавязаны я жыццём і ўсім маім быццём. О падлюга, нягоднік, які ж вы няўдзячны! Вас узнеслі з праху і прылічылі да тытулаванай знаці, а вы дабрадзейцы сваёй плаціце зласлоўем!

— Годзе, кіньце, — умяшалася Даратэя. — Хутчэй, Санча, пацалуй свайму пану руку і папрасі ў яго даравання, а ў далейшым будзь асцярожным з пахвалой і асуджэннем, не кажы дрэнна аб сеньёры Табосе, якую я не маю гонару ведаць, хоць і гатова да яе паслуг, і спадзявайся на бога, а ўжо ўладанні ў цябе абавязкова будуць, і зажывеш ты па-княжацку.

Санча, апусціўшы галаву, падышоў да свайго пана і папрасіў падаць руку, і той велічна яе падаў; калі ж Санча пацалаваў руку, Дон Кіхот благаславіў яго і загадаў ісці за ім, — яму патрэбна, маўляў, распытаць яго і пагаварыць з ім аб вельмі важных рэчах. Санча так і зрабіў, і, праехаўшы наперад, Дон Кіхот звярнуўся да яго з такімі словамі:

— З таго часу калі ты вярнуўся, у мяне не было магчымасці і выпадку падрабязна распытаць цябе ні аб пасольстве, з якім ты выехаў, ні аб адказе, які ты павінен быў прывезці, але цяпер, калі па волі лёсу, у нас ёсць для гэтага і час і месца, ты не маеш права пазбавіць мяне шчасця пачуць добрыя весткі.

— Пытайцеся аб чым хочацца, ваша міласць, — сказаў Санча.

Але тут яны ўбачылі, што насустрач ім едзе нейкі чалавек вярхом на асле, і, калі ён пад’ехаў бліжэй, ім падалося, што гэта цыган; аднак жа варта было Санча Пансу, які перад кожным сустрэчным аслом станавіўся сам не свой, угледзецца ў гэтага чалавека, і ён адразу здагадаўся, што гэта Хінес дэ Пасамонтэ, і па адной гэтай цыганскай шарсцінцы распазнаў аўчынку ўласнага свайго асла, і распазнаў беспамылкова, бо Пасамонтэ, сапраўды, ехаў вярхом на яго шэрым. Варта адзначыць, што згаданы Пасамонтэ, каб яго не пазналі і каб прадаць асла, апрануўся так, як апранаюцца цыганы, на мове якіх, гэтак жа, як і на іншых мовах ён размаўляў не горш, чым на сваёй роднай. Санча ўбачыў яго і пазнаў, а ўбачыўшы і пазнаўшы, адразу ж закрычаў немым голасам:

— Эй, злодзей Хінесільё! Аддай мне маё дабро, адпусці маю душу на пакаянне, не пазбаўляй мяне спакою, пакінь майго асла, вярні мне маю радасць! Ідзі прэч, сабака, згінь, разбойнік, не смей браць чужога!

Уласна кажучы, у такой колькасці абразлівых слоў не было неабходнасці, бо пры першым жа з іх Хінес саскочыў з асла і, адразу перайшоўшы на вялікую рысь, імгненна знік з вачэй. Санча падбег да шэрага і, абняўшы яго, прамовіў:

— Ну, як ты без мяне жыў, скарб мой, прыгажун мой, сябручок мой шэранькі?

І пры гэтым ён цалаваў і лашчыў яго, як чалавека. Асёл маўчаў; ён прымаў пацалункі і ласкі Санча, але ў адказ не вымаўляў ні слова. Пад’ехалі астатнія і павіншавалі Санча з вяртаннем шэрага, а Дон Кіхот, які асабліва ўзрадаваўся за свайго збраяносца, аб’явіў, што ён не адмяняе рашэння адносна перадачы трох аслоў. Санча падзякаваў яму.

У той час калі Дон Кіхот і Санча між сабой размаўлялі, свяшчэннік, звярнуўшыся да Даратэі, адзначыў вялікае яе майстэрства, што выявілася як у самім аповедзе, так і ў яго сцісласці і падабенстве з тымі, якія сустракаюцца ў рыцарскіх раманах. Даратэя яму на гэта сказала, што яна захаплялася рыцарскімі раманамі, але не мае ўяўлення, дзе знаходзяцца розныя правінцыі і марскія гавані, і таму сказала наўгад, што высадзілася ў Асуне.

— Я так і зразумеў, — сказаў свяшчэннік, — і паспяшаўся ўмяшацца, пасля чаго ўсё ўладзілася. Але хіба не дзіўна, што няўдачлівы гэты гідальга так лёгка верыць усялякім байкам і небыліцам толькі таму, што іх стыль і лад нагадваюць недарэчныя яго раманы? І тут жа вось яшчэ якая акалічнасць: добры гэты гідальга кажа глупства, толькі калі размова заходзіць аб прычыне яго вар’яцтва, але калі з ім загавораць аб чым-небудзь іншым, ён разважае ў вышэйшай ступені цвяроза і паказвае ва ўсіх адносінах светлы і ясны розум, так што кожны, хто не закране гэтай яго рыцаршчыны, прызнае яго за чалавека вельмі разумнага.

У той час калі яны вялі гэту размову, Дон Кіхот, працягваючы размаўляць з Санча, казаў:

— Такім чынам, дружа Панса, сваркі нашы к чорту, і ты мне, не помнячы ні злосці, ні крыўды, скажы: дзе, як і калі бачыў ты Дульцынею? Чым яна займалася? Што ты ёй сказаў? Што яна табе адказала? Які ў яе быў твар, калі яна чытала маё пасланне? Хто табе яго перапісваў? Адным словам, раскажы мне ўсё, што, на тваю думку, заслугоўвае ў гэтым выпадку ўвагі, пытання і адказу, — раскажы, нічога не дадаючы і не прыдумваючы дзеля таго, каб задаволіць мяне, а галоўнае, нічога не прапускаючы, інакш ты пазбавіш мяне задавальнення.

— Сеньёр, — адказаў Санча, — шчыра сказаць, ніхто мне нічога не перапісваў, таму што ніякага пісьма я з сабою не браў.

— Гэта праўда, — зазначыў Дон Кіхот, — запісную кніжку я заўважыў у сябе праз два дні пасля твайго ад’езду, і гэта мяне вельмі засмуціла, бо я не ведаў, што ты будзеш рабіць, калі ўбачыш, што пісьма няма, і я ўсё разлічваў, што ты вернешся, як толькі заўважыш сваю памылку.

— Так бы яно і было, — запярэчыў Санча, — калі б я не запомніў яго на памяць, ваша ж міласць мне яго чытала, так што я пераказаў яго псаломшчыку, і той здорава, слова ў слова, мне яго запісаў, ды яшчэ дадаў, што такога цудоўнага паслання ён за ўсё сваё жыццё не бачыў і не чытаў.

— І ты ўсё яшчэ памятаеш яго, Санча? — спытаў Дон Кіхот.

— He, сеньёр, — адказаў Санча, — я пераказаў яго, a потым бачу, што яно мне больш не спатрэбіцца, — ну, і пачаў забываць, я толькі і памятаю, што найпраклятая... то бок усёмагутная сеньёра і потым у канцы: ваш да скону Рыцар Журботнага Вобраза. А ў сярэдзіну я ўставіў штук трыста ўсялякіх там “душ”, “жыццяў” ды “вачэй маіх”.


Раздзел XX. Аб цікавай размове,якую вялі паміж сабою Дон Кіхоті яго збраяносец Санча Панса, таксама як і аб іншых здарэннях

— Пакуль што я задаволены, — сказаў Дон Кіхот, — працягвай. Вось ты прыйшоў, — чым у гэты час займалася царыца прыгажосці? Хутчэй за ўсё, нізала жэмчуг або залатымі ніткамі вышывала дэвіз для адданага ёй рыцара?

— Не, — адказаў Санча, — яна прасявала зерне на сваім двары.

— Дык вось ведай жа, — сказаў Дон Кіхот, — што зярняты, да якіх дакраналіся яе рукі, ператвараліся ў жамчужыны. А ты не звярнуў увагі, дружа мой, якое гэта было зерне? Пэўна, самай лепшай пшаніцы?

— А вось і не, самай што ні ёсць таннай, — адказаў Санча.

— Ну, дык я цябе запэўніваю, — сказаў Дон Кіхот, — што з зерня, прасеянага яе рукамі, без усякага сумнення, атрымліваецца самы чысты белы хлеб. Але працягвай. Калі ты ўручыў ёй маё пасланне, ці пацалавала яна яго? Ці ўсклала сабе на галаву104? Ці выказала цырымоніі, якія заслугоўвала маё пісьмо? Адным словам, што яна зрабіла?

— Калі я перадаваў ёй пісьмо, — адказаў Санча, — яна з захапленнем трэсла рэшата, у якім была даволі вялікая колькасць пшаніцы, і сказала мне: “Палажы, мілы чалавек, пісьмо на мяшок, — пакуль усё не прасею, я яго чытаць не буду”.

— О мудрая сеньёра! — усклікнуў Дон Кіхот. — Ужо, пэўна, гэта яна для таго, каб прачытаць у вольны час і атрымаць поўнае задавальненне. Далей, Санча. A пакуль яна займалася сваёй справай, аб чым яна размаўляла з табою? Ці пыталася пра мяне? І што ты ёй адказаў? Ну дык, расказвай усё як было, кроплі не пакідай на дне чарнільніцы!

— Яна ў мяне ні аб чым не пыталася, — адказаў Санча, — але я ёй усё расказаў: так, маўляў, і так, мой пан, каб паслужыць вам, забраўся ў горы, нібы дзікун, і, голы да пояса, каецца, спіць на зямлі, у час трапезы абыходзіцца без абруса, барады не чэша, плача і кляне лёс.

— Наконт таго, што я кляну лёс, гэта ты няўдала сказаў, — заўважыў Дон Кіхот, — наадварот, я яго благаслаўляю і буду благаслаўляць усё жыццё за тое, што я аказаўся вартым пакахаць такую высокую асобу, якой з’яўляецца Дульцынея Табоская.

— Яна высокая, — сказаў Санча, — вяршкі на тры з лішкам вышэйшая за мяне будзе, клянуся гонарам.

— Як гэта, Санча? — спытаў Дон Кіхот. — Хіба ты з ёю мераўся?

— Вось як я мераўся, — адказаў Санча, — я падрадзіўся дапамагчы ёй узваліць на асла мяшок з зернем і стаў з ёю побач, тут якраз я і заўважыў, што яна вышэйшая за мяне на пядзю.

— І хто адважыцца сцвярджаць супраць відавочнасці, — усклікнуў Дон Кіхот, — што не адпавядае высокаму яе росту і не ўпрыгожвае яе вельмі вялікае душэўнае хараство! Але ты, ужо дакладна, не пачнеш адмаўляць, Санча, адну рэч: калі ты падышоў да яе вельмі блізка, ці не адчуў ты нейкі чароўны водар, нейкую духмянасць, нешта незвычайна прыемнае, для чаго я не магу падабраць адпаведнага выразу? Адным словам, што ад яе пахне, як у лепшай з модных крам?

— На гэта я магу толькі сказаць, што яна, відаць, шмат рухалася, ну і, вядома, спацела, — адказаў Санча.

— Хопіць хлусіць! — запярэчыў Дон Кіхот. — У цябе, напэўна, быў насмарк. Я ж ведаю, як прыемна пахне гэта ружа без калючак, гэта палявая лілея, гэты раствор амбры. Такім чынам, яна ўжо прасеяла зерне і адправіла на млын. Што яна сказала, калі прачытала пасланне?

— Пасланне яна не прачытала, — адказаў Санча, — яна сказала, што не ўмее ні чытаць, ні пісаць. Яна яго парвала на кавалачкі і сказала, што баіцца, як бы хто ў вёсцы яго не прачытаў і не даведаўся пра яе сакрэты, — з яе, маўляў, хопіць і таго, што я перадаў ёй на словах наконт кахання, якое ваша міласць да яе мае, і таго незвычайнага пакаяння, якое вы дзеля яе прыдумалі. А затым яна загадала перадаць вашай міласці, што цалуе вам рукі і што ёй больш хочацца з вамі сустрэцца, чым пісаць вам пісьмы, а таму яна, маўляў, просіць і патрабуе, каб, атрымаўшы гэта распараджэнне, вы перасталі дурэць і, выбраўшыся з гэтых нетраў, калі толькі што-небудзь больш важнае вас не затрымае, ніколькі не марудзячы накіраваліся ў Табоса, таму што ёй вельмі хочацца пабачыцца з вашай міласцю. Яна шчыра смяялася, калі я ёй сказаў, што ваша міласць называе сябе Рыцарам Журботнага Вобраза. Спытаў я, ці заходзіў да яе незабыўны біскаец, — яна сказала, што заходзіў і што ён добры чалавек. Яшчэ я спытаў яе пра катаржнікаў, але яна сказала, што пакуль яшчэ ніхто з іх да яе не заходзіў.

— Пакуль усё ідзе добра, — заўважыў Дон Кіхот. — Але скажы мне, якую каштоўную рэч дала яна табе на развітанне за весткі пра мяне? Бо ў вандроўных рыцараў і дам здаўна заведзена дарыць збраяносцам, любіміцам і карлікам, якія прыходзяць з весткамі пра дам ды рыцараў або пра рыцараў ды дам, якую-небудзь каштоўную рэч, дзякуючы ім за выкананае даручэнне.

— Вельмі мажліва, і, па-мойму, гэта звычай пахвальны. Але толькі гэта, напэўна, раней так было, a цяпер заведзена дарыць кавалак хлеба з сырам, таму толькі гэта і падала мне цераз плот пані мая Дульцынея, калі я з ёю развітаўся, ды і сыр жа ў дадатак авечы.

— У вышэйшай ступені шчодрая міласэрнасць, — запярэчыў Дон Кіхот, — і Дульцынея не падарыла табе якой-небудзь залатой рэчы, па ўсёй верагоднасці, толькі таму, што ў яе нічога не знайшлося пад рукой, аднак падарункі дарагія не толькі на свята, — я з ёю ўбачуся, і ўсё ўладзіцца. Але ведаеш, што мяне здзіўляе, Санча? Мне здаецца, што ты злётаў туды і назад па паветры: на тое, каб з’ездзіць у Табоса і вярнуцца назад, ты затраціў тры дні з лішкам, а адсюль жа да Табоса больш за трыццаць міль. З гэтага я раблю вывад, што мудры чараўнік, які клапоціцца пра мяне і мае да мяне сяброўскія пачуцці, — а такі ў мяне, вядома, ёсць, ды і не можа не быць, інакш я не быў бы славутым вандроўным рыцарам, — што згаданы чараўнік непрыкметна дапамагаў табе ў дарозе. Іншы ж з такіх чараўнікоў схопіць вандроўнага рыцара, калі той спіць на сваім ложку, і рыцар сам не ведае, як, што і чаму, а толькі на другі дзень прачынаецца за тысячу міль ад таго месца, дзе лёг спаць. А калі б не чараўнікі, вандроўныя рыцары не маглі б выручаць адзін аднаго з бяды, як гэта яны робяць пастаянна. Бывае іншы раз так, што хто-небудзь з рыцараў змагаецца ў гарах Арменіі з ліхой пачварай або з іншым рыцарам. Раптам, ні адсюль, ні адтуль, у самы жахлівы для яго момант бітвы, калі ён ужо на валасок ад смерці, прылятае туды на воблаку або на вогненнай калясніцы рыцар, яго сябар, які толькі што перад тым знаходзіўся ў Англіі, кідаецца на яго абарону і выратоўвае ад смерці, а вечарам гэты рыцар ужо ў сябе дома і з вялікім апетытам вячэрае, а да яго хаты можа быць дзве, а то і тры тысячы міль. І ўсім гэтым рыцары абавязаны майстэрству і мудрасці мудрых чараўнікоў, якія клапоцяцца пра доблесных рыцараў. Вось чаму, дружа Санча, мне цяжка паверыць, што ты за такі кароткі час паспеў звярнуцца, бо, як я ўжо сказаў, нейкі мудры апякун перанёс цябе па паветры, a ты гэтага і не заўважыў. Але досыць аб гэтым. Як жа мне, па-твойму, патрэбна цяпер зрабіць, калі мая пані загадвае мне з’явіцца да яе? Я лічу сябе абавязаным выканаць яе распараджэнне і разам з тым не магу не зрабіць абяцанай ласкі той прынцэсе, што едзе з намі, ды і па законах рыцарства я павінен спачатку выканаць сваё абяцанне, а потым ужо думаць аб уцехах. З аднаго боку, мяне даймае і мучыць жаданне ўбачыцца з маёй пані, з іншага боку, мяне цягнуць і заклікаюць дадзенае абяцанне і тая слава, якую гэта пачынанне мне абяцае. Але вось што я прыдумаў: я зараз паеду і пастараюся як мага хутчэй дабрацца да гэтага велікана, прыехаўшы ж, адсяку яму галаву і паспяхова вярну прынцэсе ўладанне яе краінаю, а затым, не губляючы ні імгнення, памчуся да святланоснай уладаркі, якая асвятляе маю душу, і назаву ёй такія ўважлівыя прычыны, што яна не асудзіць мяне за спазненне. Яна ўбачыць, што ўсё гэта служыць толькі для большай славы яе і вышэйшага гонару, бо ўсё, чаго я сілай зброі дасягаў, дасягаю і яшчэ калі-небудзь у гэтым свеце дасягну, вынікае ад добразычлівасці і маёй вернасці.

— Ах, ваша міласць, да чаго ж у вас галава не ў парадку! — усклікнуў Санча. — Ну скажыце мне, сеньёр: няўжо ваша міласць збіраецца дарма правандраваць і ўпусціць і правароніць такую багатую і знатную нявесту, у пасаг якой даюць цэлае каралеўства, якое — слова гонару, я сам чуў — мае звыш дваццаді тысяч міль па акружнасці, значыць большае за Партугалію і Кастылію, разам узятых і багатае на ўсё, што неабходна для таго, каб падтрымліваць чалавечае існаванне? І не пярэчце вы мне, богам прашу, — лепш пасаромейцеся сваіх слоў, паслухайце маю параду і, не ў крыўду вам кажучы, павянчайцеся ў першай жа вёсцы, дзе толькі будзе свяшчэннік, або да вашых паслуг наш лідэнцыят, — ён вас павянчае лепш не прыдумаеш. І яшчэ прыміце пад увагу, што ў маім узросце можна даваць парады, што гэта мая парада як мага больш слушная і што лешп сініцу ў рукі, чым жураўля ў небе. Бо хто шукае ад дабра дабра, таму ці доўга да бяды? А за адну бяду — як гэта кажуць? — сем адказаў бывае.

— Паслухай, Санча, — сказаў Дон Кіхот, — калі ты раіш мне ажаніцца толькі таму, што, забіўшы велікана, я адразу ж зраблюся каралём і мне зручней будзе асыпаць цябе ўзнагародамі і падарыць абяцанае, то ведай, што мне і нежанатаму не цяжка выканаць тваё пажаданне. Перш чым распачаць бой, я дамоўлюся, што ў выпадку маёй перамогі, нават калі я не ажанюся, мне аддадуць частку каралеўства, каб я мог падарыць яе каму захачу. А калі яна мне дастанецца, то каму ж я яе падару, як не табе?

— Гэта якраз зразумела, — адказаў Санча, — але толькі глядзіце, ваша міласць, выбірайце бліжэй да мора, каб, у выпадку калі мне там не спадабаецца, я мог пагрузіць маіх чорных васалаў на караблі, а затым зрабіць з імі тое самае, што я ўжо наважыўся зрабіць. Так што, ваша міласць, не надумайце наведваць пані маю Дульцынею цяпер жа, а едзьце забіваць велікана, і мы з вамі ўладзім выгадную справу, — клянуся богам, мне здаецца, што яна будзе для нас вельмі ганаровай і надта выгаднай.

— Кажуць табе, Санча, што ты можаш быць вельмі спакойным, — сказаў Дон Кіхот, — я зраблю так, як ты раіш і паеду спачатку з прынцэсай, а затым ужо наведаю Дульцынею. Але май на ўвазе: аб нашым з табой рашэнні і дамоўленасці нікому ні слова, нават нашым спадарожнікам, бо калі Дульцынея такая стрыманая, што нікому не жадае давяраць свае думкі, то і мне, a таксама і каму-небудзь іншаму непрыстойна іх выдаваць.

— У такім выпадку, — заўважыў Санча, — навошта ж вы, ваша міласць, адпраўляеце ўсіх пераможаных вашай рукою да пані маёй Дульцынеі? Значыць, вы распісваецеся ў тым, што вы ў яе закахаліся і што яна ваша каханая? А калі ўжо так неабходна, каб усе, хто да яе адпраўляецца, станавіліся перад ёю на калені і аб’яўлялі, што іх паслала ваша міласць і што яна можа поўнасцю імі распараджацца, то ці могуць пасля гэтага і вашы і яе думкі заставацца тайнымі?

— Які ты дурыла, які ж ты разявака! — усклікнуў Дон Кіхот. — Няўжо ты не разумееш, Санча, што ўсё гэта садзейнічае яе ўзвышэнню? Ды ведай жа, што, па нашым рыцарскім разуменні, гэта вялікі для дамы гонар, калі ёй служыць не адзін, а шмат вандроўных рыцараў і калі яны мараць толькі аб тым, каб служыць ёй дзеля яе самой, не чакаючы іншай узнагароды за ўсе свае добрыя намеры, апрача яе пажадання прыняць іх у лік сваіх рыцараў.

— Такой любоўю павінны любіць толькі госпада бога, такую я чуў пропаведзь, — сказаў Санча, — любіць дзеля яго самога, не спадзеючыся на ўзнагароду і не ад боязі быць пакараным. Хоць я асабіста палічыў бы за лепшае любіць яго і служыць яму за што-небудзь.

— Ах ты, каб цябе чорт узяў! — усклікнуў Дон Кіхот. — Мужык, мужык, а якія разумныя рэчы іншы раз кажаш! Сапраўды, можна падумаць, што ты з адукацыяй!

— Шчыра вам скажу, я нават чытаць — і то не ўмею, — аб’явіў Санча.

Тут маэсе Нікалас крыкнуў ім, каб яны пачакалі, бо ўсе хочуць зрабіць прывал каля крыніцы. Дон Кіхот спыніўся, на немалую радасць Санча, які ўжо стаміўся хлусіць і ўсё баяўся, як бы Дон Кіхот не падлавіў яго на памылцы. Спешыўшыся каля крыніцы, усе, праўда, злёгку, заспакоілі голад, які мучыў іх, тым, што свяшчэннік раздабыў у заезным доме. У гэты самы час па дарозе ішоў нейкі хлапчук; вельмі ўважліва агледзеўшы тых, хто размясціўся каля крыніцы, ён з усіх ног кінуўся да Дон Кіхота і, абняўшы яго за калені, знарок жаласна заплакаў і сказаў:

— Ах, васпан мой! Вы не пазнаяце мяне, ваша міласць? Паглядзіце добра, я той самы хлопчык Андрэс, які быў прывязаны да дуба і якога вы, ваша міласць, вызвалілі.

Дон Кіхот пазнаў яго і, узяўшы за руку, звярнуўся да прысутных з такімі словамі:

— Каб вашы міласці ўпэўніліся ў тым, як важна, каб жылі на свеце вандроўныя рыцары, якія помсцяць за крыўды і ўціск, што чыняць бессаромныя і злыя людзі, вашы міласці павінны ведаць, што зусім нядаўна, праязджаючы па лесе, пачуў я жаласныя крыкі і стогны, — так стагнаць магла толькі зняважаная і безабаронная істота. Падахвочаны пачуццём абавязку, я паспяшаўся туды, адкуль, як мне падалося, даляталі слёзныя гэтыя стогны, і ўбачыў прывязанага да дуба хлопчыка, таго самага, які цяпер стаіць перад вамі, чаму я ад душы рады, бо ён можа пацвердзіць, што ўсё гэта шчырая праўда. Такім чынам, голы да пояса, ён быў прывязаны да дуба, і яго хвастаў павадамі нейкі вясковец, як я даведаўся пасля — яго гаспадар. Убачыўшы гэта, я адразу спытаў, што за прычына такой бязлітаснай лупцоўкі. Грубіян адказаў, што лупцуе ён яго таму, што гэта яго слуга і што некаторыя промахі хлапчука вынікаюць не столькі ад яго бесталковасці, колькі ад жульніцтва, на што падлетак гэты запярэчыў: “Сеньёр, ён б’е мяне толькі за тое, што я прашу ў яго сваё жалаванне”. Гаспадар пачаў апраўдвацца і залівацца салаўём, я ж выслухаць яго выслухаў, але апраўданняў не прыняў. Карацей кажучы, я загадаў адвязаць хлопчыка і ўзяў з вяскоўца клятву, што ён пойдзе з ім дамоў і заплаціць яму ўсе да апошняга рэала, ды яшчэ з падзякай. Ці не так, мілы Андрэс? Ці заўважыў ты, якім уладарным тонам аддаў я гэта распараджэнне і з якім угодлівым выглядам абяцаў ён выканаць тое, што я загадаў, прадпісаў і запатрабаваў? Адказвай, не саромейся і не бойся. Раскажы гэтым сеньёрам усё, як было, каб яны зразумелі і прызналі, якая гэта вялікая карысць, што на бальшаках можна сустрэць вандроўных рыцараў.

— Усё гэта шчырая праўда, ваша міласць, — пацвердзіў хлопчык, — вось толькі скончылася гэта справа не так, як ваша міласць мяркуе, а якраз наадварот.

— Чаму наадварот? — спытаў рыцар. — Хіба вясковец табе не заплаціў?

— He толькі не заплаціў, — адказаў хлопчык, — а як толькі ваша міласць выехала з лесу і мы засталіся ўдваіх, ён зноў прывязаў мяне да таго ж самага дуба і так мне ўсыпаў, што ў мяне ледзь скура не лопнула, накшталт як у святога Варфаламея. І лупцаваў ён мяне з жартамі, прыгаворкамі і ўсё пасмейваўся з вас, так што калі б не боль, я заходзіўся б ад смеху. Урэшце агідны мужык так бязлітасна мяне адхвастаў, што, з яго ласкі, я да сённяшняга дня праляжаў у бальніцы. А вінаваты ва ўсім гэтым вы, васпан мой: ехалі б вы сваёй дарогай, не лезлі, куды вас не просяць, і не ўмешваліся ў чужыя справы, тады мой гаспадар ад сілы разоў дваццаць пяць хвастануў бы мяне, затым адвязаў і заплаціў бы мне доўг. Але таму, што ваша міласць ні з таго ні з сяго зняважыла яго і нагаварыла грубасцей, то ён загарэўся злосцю, а з прычыны таго, што спагнаць яе на вас, васпан мой, ён не мог, то калі вы паехалі, уся хмара вылілася на мяне, і застануся я, відаць, цяпер на ўсё жыццё калекам.

— Памылка мая заключаецца ў тым, што я паехаў, не пачакаўшы, пакуль ён табе заплаціць, — сказаў Дон Кіхот, — бо мой вялікі вопыт павінен быў бы мне падказаць, што просты чалавек ніколі не трымаецца слова, калі гэта яму нявыгадна. Але ж ты памятаеш, Андрэс, я ж кляўся, што калі ён табе не заплаціць, то я пачну шукаць яго і знайду, хоць бы ён хаваўся ў чэраве кітовым.

— Абсалютная праўда, — пацвердзіў Андрэс, — ды які толк!

— Вось ты ўбачыш, які з гэтага толк, — прамовіў Дон Кіхот.

З гэтымі словамі ён усхапіўся і загадаў Санча зацугляць Расінанта, які пасвіўся, пакуль яны перакусвалі.

Даратэя спытала, што ён надумаў зрабіць. Ён адказаў, што мае намер адправіцца на пошукі смерда, каб пакараць яго за такі дрэнны ўчынак і на злосць і насуперак усім смердам на свеце прымусіць заплаціць Андрэсу ўсе да апошняга мараведзі; яна ж, нагадаўшы Дон Кіхоту, што ў адпаведнасці з дадзеным ім абяцаннем, ён не мае права займацца іншымі справамі, пакуль не давядзе да канца яе справу, дадала, што ўсё гэта ён павінен ведаць лепш, чым хтосьці іншы, а таму няхай, маўляў, ён стрымае свой запал, калі яшчэ не адваяваў каралеўства.

— І сапраўды, — сказаў Дон Кіхот. — Давядзецца Андрэсу пацярпець, пакуль я, як вы дазволілі заўважыць, сеньёра, адваюю каралеўства. Але я яшчэ раз абяцаю і клянуся, што не супакоюся да таго часу, пакуль не адпомшчу за яго і не прымушу яму заплаціць.

— He веру я вашым клятвам! — аб’явіў Андрэс. — Лепш за любую помсту на свеце для мяне, каб было зараз з чым дабрацца да Севільі, калі знойдзецца ў вас што-небудзь з’есці, дайце мне з сабой, і заставайцеся з богам, ваша міласць, і ўсе вандроўныя рыцары, каб з імі ўсе так рыцарствавалі, як яны парыцарствавалі са мной.

Санча выдзеліў са сваіх запасаў кавалак хлеба і кавалак сыру, аддаў іх хлапчуку і сказаў:

— На, братка Андрэс, — нам усім выпала такая ж горкая доля.

— Якая ж доля выпала вам? — спытаў Андрэс.

— Вось гэта самая доля хлеба і сыру, — адказаў Санча. — Ды яшчэ хто ведае, магчыма, у мяне і хлеба з сырам не будзе, таму, дружа, ведай, што нам, збраяносцам вандроўных рыцараў, даводзіцца цярпець і мукі голаду, і ўдары лёсу, і розныя іншыя рэчы, вельмі адчувальныя і якія вельмі цяжка перадаць.

Андрэс схапіў хлеб і сыр і, бачачы, што ніхто яму больш нічога не дае, панурыў галаву і, як кажуць, пайшоў адмерваць крокі. Зрэшты, на развітанне ён сказаў Дон Кіхоту наступнае:

— Богам прашу, сеньёр вандроўны рыцар, калі вы яшчэ калі-небудзь са мной сустрэнецеся, то хаця б мяне рэзалі на кавалкі, не абараняйце і не выручайце мяне і не вызваляйце з бяды, бо ваша заступніцтва накліча на мяне яшчэ горшую, няхай вас бог пракляне, а разам з вашай міласцю і ўсіх вандроўных рыцараў, якія калі-небудзь з’яўляліся на свет.

Дон Кіхот хацеў быў устаць, каб правучыць яго, але Андрэс так пусціўся, што ніхто не адважыўся кінуцца за ім у пагоню. Аповед Андрэса вельмі расхваляваў Дон Кіхота, і прысутныя вымушаны былі моцна трымаць сябе ў руках, каб не рассмяяцца і не збянтэжыць яго канчаткова.


Раздзел XXI, у якім размова ідзе аб жорсткай і нечуванай бітве Дон Кіхота з бурдзюкамі чырвонага віна,таксама як і аб іншых рэдкіх здарэннях,што адбыліся ў заезным доме

Добра перакусіўшы, яны адразу ж асядлалі сваіх скакуноў і на другі дзень без якіх-небудзь вартых увагі прыгод дабраліся да заезнага дома — гэтай гразы нашага збраяносца; і колькі ні стараўся ён уцячы, а ўсё ж давялося яму ўвайсці. Гаспадар, гаспадыня, іх дачка і Марыторнес, убачыўшы Дон Кіхота і Санча, выйшлі ім насустрач у самым добрым настроі, і Дон Кіхот, набыўшы важны і горды выгляд, загадаў падрыхтаваць яму лепшую пасцель, чым у мінулы раз; гаспадыня ж яму на гэта сказала, што калі ён заплаціць лепш, чым у мінулы раз, то яна падрыхтуе яму царскую пасцель. Дон Кіхот абяцаў, і яму змайстравалі прыстойны ложак у той жа самай каморы, і ён адразу ж лёг, бо адчуваў ва ўсім целе страшэнную слабасць і дрэнна цяміў.

He паспеў ён зачыніць дзверы, як гаспадыня кінулася да цырульніка і, схапіўшы яго за бараду, пачала крычаць:

— Як перад крыжом кажу, не зрабіць вам больш сабе барады з гэтага хваста, вы мне яго зараз жа аддайце!

Цырульнік не аддаваў, а яна цягнула хвост да сябе. Нарэшце лідэнцыят сказаў, каб ён аддаў хвост, бо цяпер ужо, маўляў, няма патрэбы ў гэтым вынаходніцтве, наадварот: ён можа паўстаць у сапраўдным сваім абліччы, а Дон Кіхоту можна будзе растлумачыць, што, ратуючыся ўцёкамі ад катаржнікаў, якія іх абрабавалі, ён схаваўся ў заезным доме; калі ж Дон Кіхот спытае, дзе слуга прынцэсы, то адказаць, што яна паслала яго наперад апавясціць падданых яе, што яна вяртаецца ў сваё каралеўства, а з ёю агульны іх збавіцель. Пранікнуўшыся довадамі свяшчэнніка,цырульнік з вялікай ахвотай аддаў гаспадыні хвост, і разам з хвастом яны вярнулі ёй усе прыналежнасці, якія яна давала ім для таго, каб вызваліць Дон Кіхота. Свяшчэннік распарадзіўся падаваць на стол усё, што ёсць, і гаспадар з надзеяй на лепшую плату мігам падрыхтаваў неблагі стол. А Дон Кіхот між тым усё яшчэ спаў, але ўсе вырашылі, што будзіць яго не трэба, бо сон яму цяпер больш карысны за ежу. У час абеду падарожныя ў прысутнасці гаспадара, яго жонкі, іх дачкі і Марыторнес распачалі размову пра незвычайнасць разумовага расстройства, ад якога пакутаваў Дон Кіхот, і аб тым, як яны яго адшукалі. Калі ж свяшчэннік выказаў меркаванне, што Дон Кіхот звар’яцеў таму, што начытаўся рыцарскіх раманаў, у размову ўмяшаўся гаспадар:

— He разумею, як гэта магло здарыцца. На мой погляд, лепшага чытва на ўсім свеце не знойдзеш, слова гонару. Ды ў мяне самога разам з рознымі паперамі захоўваецца некалькі раманаў, дык яны мне сапраўды ўпрыгожваюць жыццё, і не толькі мне, але і многім іншым: у час жніва ў мяне тут па святах збіраюцца жняцы, і сярод іх заўсёды знойдзецца грамацей, і вось ён якраз і бярэ ў рукі кнігу, а мы, чалавек трыццаць, садзімся вакол і з вялікім задавальненнем слухаем, так што нават слінка цячэ. Пра сябе, у крайнім выпадку, магу сказаць, што калі я чую пра гэтыя лютыя і жахлівыя ўдары, што направа і налева раздаюць рыцары, то мне самому ахвота каго-небудзь стукнуць, а ўжо слухаць пра гэта я гатовы дзень і ноч.

— Ды і я іх не менш за цябе люблю, — сказала гаспадыня, — таму ў мяне ў доме толькі і бывае ціха, калі ты сядзіш і слухаеш чытанне, — ты тады проста ў захапленні і нават забываеш са мной палаяцца.

— Вось што, гаспадар, — сказаў свяшчэннік, — прынясіце ж вашы кнігі, я іх пагляджу.

— З задавальненнем, — прамовіў гаспадар.

Ён пайшоў у свой пакой і, вярнуўшыся адтуль са старым куфэркам, адчыніў яго і дастаў тры тоўстыя тамы. Першая кніга была Дон Сіранхіл Фракійскі105, другая — Фелісмарт Гірканскі106, а трэцяя — Гісторыя вялікага палкаводца Гансала Фернандаса Кардоўскага107 з дадаткам жыццяпісу Д’ега Гарсіі дэ Парэдас108. Як толькі свяшчэннік прачытаў першыя дзве назвы, то звярнуўся да цырульніка і сказаў:

— Тут нам нестае толькі ключніцы нашага таварыша і яго пляменніцы.

— Нічога не значыць, — запярэчыў цырульнік, — я сам змагу аднесці іх на жывёльны двор або кінуць у печку, — дарэчы, вунь як у ёй полымя шугае.

— Што такое? Ваша міласць збіраецца спаліць мае кнігі? — спытаў гаспадар.

— Толькі дзве, — адказаў свяшчэннік, — Дона Сіранхіла і Фелісмарта.

— Што ж, па-вашаму, — працягваў дапытвацца гаспадар, — яны ерэтычныя ці флегматычныя, калі вы хочаце іх спаліць?

— Схізматычныя патрэбна казаць, дружа мой, a не флегматычныя, — заўважыў цырульнік.

— Няхай будзе так, — сказаў гаспадар. — Толькі калі вы абавязкова хочаце што-небудзь спаліць, то паліце ўжо лепш Вялікага палкаводца і Д’ега Гарсію, — я хутчэй дазволю спаліць уласнага сына, чым якую-небудзь іншую.

— Дружа мой, — запярэчыў свяшчэннік, — гэтыя дзве кнігі хлуслівыя, у іх шмат усялякай бязглуздзіцы і лухты, а кніга пра вялікага палкаводца — гэта гісторыя праўдзівая, і апісваюцца ў ёй дзеянні Гансала Фернандаса Кардоўскага, якога за шматлікія і вялікія подзвігі ўвесь свет назваў вялікім палкаводцам, і гэта славутае і гучнае імя толькі ён адзін і заслужыў. А Д’ега Гарсія дэ Парэдас — гэта знатны кавальера, які нарадзіўся ў эстрэмадурскім горадзе Трухільё, найадважны воін, якога прырода надзяліла такой сілай, што ён адным пальцам спыняў млынавое кола на поўным хаду. А неяк аднойчы стаў ён са шпагай у руцэ каля ўвахода на мост і адзін перагарадзіў дарогу незлічонаму войску.

— Падумаеш, якая справа! — усклікнуў гаспадар. — Гэтым вы нас не здзівіце: спыняе, маўляў, млынавое кола! Далібог, ваша міласць, пачытайце ж вы пра Фелісмарта Гірканскага: ён жа адным махам рассек напалам пяць веліканаў. А ў іншы раз ён уступіў у бітву з велізарным і вельмі магутным войскам, якое налічвала адзін мільён шэсцьсот тысяч салдат, узброеных з галавы да ног, і вымусіў іх усіх уцякаць, быццам чараду авечак. А што вы скажаце пра слаўнага Дона Сіранхіла Фракійскага, смельчака і ўдальца, аб якім напісана ў кніжцы, што калі ён плыў па рацэ, то з вады вынырнуў вогненны змей, і, убачыўшы змея, ён адразу ж на яго кінуўся, сеў вярхом на яго лускаватую спіну і абедзвюма рукамі з усіх сіл сціснуў яму горла, так што змей, адчуваючы, што рыцар вось-вось задушыць яго, вырашыў лепш апусціцца на дно і пацягнуў за сабою рыцара, які так і не выпусціў яго з рук? Затое пад вадой ён убачыў перад сабою палацы і сады, прыгожыя на здзіўленне, і тут змей ператварыўся ў вельмі старога дзеда і расказаў яму такія рэчы, што проста заслухаешся. He кажыце, сеньёр, — калі б вы толькі паслухалі, вы страцілі б розум ад захаплення. Чаго вартыя пасля гэтага ваш вялікі палкаводзец і Д’ега Гарсія!

Паслухаўшы такое выказванне, Даратэя сказала напаўголасу:

— Яшчэ крыху — і наш гаспадар стане другім Дон Кіхотам.

— Сын мой, — зноў загаварыў свяшчэннік, — ды не было ж на свеце ніякага Фелісмарта Гірканскага, Дона Сіранхіла Фракійскага і падобных на іх рыцараў, аб якіх апавядаюць рыцарскія раманы. Усё гэта адна гульня фантазіі, і прыдумваюць іх нічым не занятыя разумныя людзі для таго, каб, як вы самі кажаце, чытачы забаўляліся, вось як забаўляюцца, слухаючы іх, вашы жняцы. Але я вас клятвенна запэўніваю, што такіх рыцараў на свеце не было і такіх недарэчных подзвігаў ніхто не здзяйсняў.

— Гэта вы каму-небудзь іншаму раскажыце, — заўважыў гаспадар. — Мы самі з вусамі, здаецца, не першы год на свеце жывём. Досыць вам, ваша міласць, з мяне дурня строіць, — далібог, не на такога напалі. Бач, чаго захацелі, ваша міласць: пераканаць мяне, быццам усё, аб чым пішуць у гэтых добрых кнігах, — бязглуздзіца і лухта! Ды надрукавана ж гэта з дазволу сеньёраў з дзяржаўнага савета, а яны не такія людзі, каб дазваляць друкаваць столькі глупства адразу — і пра бітвы, і пра чараўніцтва, ад якога галава круціцца!

— Я ж вам сказаў, дружа мой, што ўсё гэта робіцца для таго, каб заняць пустыя нашы галовы. І як у добраўпарадкаваных краінах дазваляецца гуляць у шахматы, у мяч і на більярдзе, каб заняць тых, хто не жадае, не павінен ці не можа працаваць, гэтак жа якраз дазваляецца друкаваць і выпускаць у свет такія кнігі, бо мяркуецца, ды так яно і ёсць на самай справе, што ва ўсім свеце няма такога невука, які прызнаў бы адну з гэтых гісторый за праўду. І калі б мне дазволілі і слухачы добры рыцарскі раман, — магчыма, гэта было б карысна, а сяму-таму нават і прыемна. Але я спадзяюся калі-небудзь пагаварыць з людзьмі, здольнымі запоўніць гэты прабел, а пакуль што, пан гаспадар, вы ўжо мне паверце, і вось вам вашы кнігі, — вырашайце самі, што ў іх праўда і што хлусня, чытайце іх сабе на здароўе, але барані божа вас, каб не закульгаць на тую нагу, на якую закульгаў пастаялец ваш Дон Кіхот.

— Ну не, — сказаў гаспадар, — я розуму не страчваў і вандроўным рыцарам быць не збіраюся. Я выдатна разумею, што цяпер ужо не тыя часы, калі вандравалі па свеце славутыя гэтыя рыцары.

У гэту хвіліну з каморы, дзе адпачываў Дон Кіхот, з крыкамі выбег перапалоханы Санча Панса:

— Бяжыце, сеньёры, хутчэй і дапамажыце майму гаспадару — ён уступіў у самы жорсткі і люты бой, які калі-небудзь бачылі мае вочы. Як секане ён велікана, ворага сеньёры прынцэсы Мікаміконы, дык галава ў таго адвальваецца, быццам рэпа, як перад богам кажу!

— Што ты, братка мой, кажаш? — усклікнуў свяшчэннік. — Ды ты пры сваім розуме, Санча? Як магла здарыцца ўся гэта чартаўшчына, калі велікан знаходзіцца за дзве тысячы міль адсюль?

У гэты час у каморы ўсчаўся найвялікі шум і пачуліся крыкі Дон Кіхота:

— Ні з месца, злодзей, разбойнік, баязлівец! Цяпер ты ў маіх руках і твой ятаган табе не дапаможа!

Пры гэтым ён, відаць, з усіх сіл стукнуў мячом па сцяне. Санча ж сказаў:

— Няма чаго вам стаяць і слухаць, — або разніміце задзірак, або падтрымайце майго пана. Зрэшты, патрэбы ў гэтым ужо няма, таму што велікан, зразумела, ужо забіты і цяпер дае адказ богу за ўсё сваё пагана пражытае жыццё. Я бачыў, як лілася кроў і як адляцела ўбок яго адсечаная галава, вялікая. Як бурдзюк з віном.

— Забіце мяне, — закрычаў тут гаспадар заезнага дома, — калі гэты чортаў Дон Кіхот не прапароў адзін з бурдзюкоў з чырвоным віном, якія вісяць над яго галавой, а гэты дурань, відаць, палічыў за кроў віно, што выцекла!

З гэтымі словамі ён увайшоў у камору, за ім усе астатнія, і перад іх вачыма паўстаў Дон Кіхот у самым дзіўным убранні, якое толькі можна сабе ўявіць. Быў ён у адной вельмі кароткай кашулі, яго доўгія і худыя ногі былі далёка не першай чысціні, на галаве ў яго чырванеў зашмальцаваны начны каўпак, які належаў гаспадару, на левую руку ён накруціў коўдру, што выклікала ў Санча зусім не неўсвядомленую непрыязнасць, а ў правай трымаў выняты меч, якім ён тыкаў ва ўсе бакі, вымаўляючы пры гэтым такія словы, як калі б ён сапраўды змагаўся з веліканам. A лепш за ўсё, што вочы ў яго былі заплюшчаны, бо ён спаў і гэта яму прыснілася, што ён б’ецца з веліканам; фантазіі яго так выразна ўяўлялася будучая прыгода, што яму падалося, быццам ён ужо прыбыў у каралеўства Мікаміконы і змагаецца з яе ворагам; і, лічачы, што ён наносіць удары мячом велікану, ён прапароў бурдзюкі, таму ўсё памяшканне было заліта віном. Тут гаспадар так раззлаваўся, што кінуўся на Дон Кіхота з кулакамі і так яго пачаў біць, што калі б не свяшчэннік, то вайну з веліканам Дон Кіхоту давялося б спыніць навечна, а між тым бедны рыцар усё не прачынаўся. Нарэшце цырульнік схадзіў да калодзежа, прынёс вялікі кацёл халоднай вады і абліў яго з галавы да ног, пасля чаго Дон Кіхот прачнуўся.

Санча па ўсёй падлозе шукаў галаву велікана, але, так і не адшукаўшы яе, сказаў:

— Ведаю я гэты дамок — не дом, а суцэльнае насланнё. Вось цяпер прапала галава, а я ж на ўласныя вочы бачыў, як яе адсеклі, — кроў біла фантанам!

— Якая там кроў і які фантан, вораг ты бога і ўсіх святых! — закрычаў гаспадар. — Хіба ты не бачыш, ашуканец, што бурдзюкі крыві свішчуць з праткнутых фантанаў... гэта значыць я хацеў сказаць наадварот, — што ўсё тут плавае ў чырвоным віне, каб у таго душа ў пекле плавала, хто ўмудрыўся іх праткнуць!

— Нічога не разумею, — адказаў Санча. — Ведаю толькі, што разняшчасны буду я чалавек, калі не знайду гэтай галавы, бо графства маё тады растане, як соль у вадзе.

Нядрэмны Санча быў яшчэ горшы, чым сонны Дон Кіхот — так яму запалі ў душу абяцанні яго пана. Гаспадара прыводзілі ў шаленства буянства Дон Кіхота і спакой збраяносца, і ён кляўся, што цяпер яны так лёгка не адкруцяцца, як у мінулы раз, калі яны пакінулі дом, не заплаціўшы, — цяпер асаблівыя правы рыцарства ім не дапамогуць, яны разлічацца і за тое, і за гэта і, апрача ўсяго іншага, кампенсуюць кошт лат для прарваных бурдзюкоў.

Свяшчэннік трымаў Дон Кіхота за рукі, а той, лічачы, што прыгода скончылася і што перад ім прынцэса Мікамікона, апусціўся перад свяшчэннікам на калені і сказаў:

— З гэтага часу, ваша вялікасць,высакародная і славутая сеньёра, вы можаце быць упэўнены, што гэта паскудная істота не прычыніць вам больш зла. Я ж з гэтага часу магу лічыць сябе свабодным ад дадзенай мной клятвы, бо з ласкі ўсёмагутнага бога і пад апекай той, дзеля якой жыву і дыхаю, я як нельга лепш яе стрымаў.

— А што я вам казаў? — пачуўшы такія словы, ускрыкнуў Санча. — Heп’яны ж я быў, на самай справе! Добра дасталася велікану ад майго пана, можаце мне паверыць! Адным словам, справа ідзе на лад, графства маё не за гарамі!

Хто б не пасмяяўся з глупства абодвух, пана і слугі? Усе і засмяяліся, апрача гаспадара, які жадаў, каб іх чорт забраў. Нарэшце свяшчэнніку і цырульніку цаной вялікіх намаганняў удалося палажыць знямоглага ад стомленасці Дон Кіхота на ложак, і той заснуў. Даўшы яму магчымасць выспацца, яны выйшлі на ганак суцешыць Санча Пансу, які так і не знайшоў галавы велікана; зрэшты, яшчэ цяжэй было ім уласкавіць гаспадара, якому раптоўная “смерць” яго бурдзюкоў прынесла непазбыўнае гора. А гаспадыня між тым лямантавала і галасіла:

— He ў добры час і не ў пару з’явіўся ў мой дом гэты вандроўны рыцар, вочы б мае яго не бачылі, так дорага ён мне абышоўся! Мінулы раз ён паехаў, так і не разлічыўшыся за начлег: ні за вячэру, ні за пасцель, ні за салому, ні за авёс для сябе самога, для свайго збраяносца, для каня і для асла, — ён, маўляў, рыцар, шукальнік прыгод (каб з ім цяжкая бяда здарылася, з ім і з усімі шукальнікамі прыгод, якія толькі ёсць на свеце), і таму плаціць, маўляў, не абавязаны, і так, кажа, гэта запісана ў статуце вандроўнага рыцарства. А ў дадатак да ўсяго — прадзіравіць мае бурдзюкі і выпусціць з іх віно, каб яму так усю кроў павыпускалі! Але толькі нідзе ён не дзенецца, — клянуся прахам бацькі і памяццю маці, ён заплаціць мне ўсё да апошняга гроша, або мяне не так завуць і я не дачка сваіх бацькоў!

Вось што з вялікім гневам казала гаспадыня заезнага дома, а добрая служанка Марыторнес ёй падтаквала. Дачка маўчала і толькі час ад часу ўсміхалася. Свяшчэннік усё ўладзіў, паабяцаўшы поўнасцю аплаціць страты. Даратэя суцешыла Санча Пансу тым, што як толькі будзе даказана, што яго пан, сапраўды, адцяў галаву велікану, то, адразу пасля ўстанаўлення міру ў каралеўстве, яна аддасць яму самае лепшае графства. Санча гэта суцешыла і ён пачаў запэўніваць прынцэсу, што без усялякага сумнення бачыў галаву велікана і нават запомніў такую падрабязнасць, што барада ў велікана была да пояса, а знікла галава, маўляў, толькі таму, што ўсё ў гэтым доме адбываецца чараўнічым манерам, у чым ён, Санча, мінулы раз меў магчымасць пераканацца. Даратэя сказала, што яна думае гэтак жа і каб ён не засмучаўся, бо ўсё ўладзіцца да лепшага і пойдзе як па масле.

У гэты час гаспадар, які стаяў каля брамы, сказаў:

— А вунь цэлая кампанія: чатыры мужчыны вярхом і два пешыя слугі.

— Яны ўжо блізка? — спытаў свяшчэннік.

— Зусім блізка, зараз пад’едуць, — адказаў гаспадар.

Усе тыя, аб кім ён гаварыў, сапраўды спыніліся каля заезнага дома, і тут Даратэя падняла вочы і ўбачыла дона Фернанда, таго самага, які яе падмануў; і як толькі яна пазнала яго, дык з глыбіні яе душы вырвалася працяглае і журботнае ax!,а дон Фернанда адразу пазнаў Даратэю і замёр на месцы. Тады Даратэя сказала яму наступнае:

— Я — тая ціхмяная сялянка, якую ты пажадаў назваць сваёю. Я — тая, якая, не выходзячы за межы сціпласці, цешылася жыццём, пакуль нарэшце на кліч твайго, здавалася, шчырага пачуцця не адчыніла дзвярэй самоты маёй і не ўручыла табе ключы ад сваёй свабоды, ты ж за маю шчодрасць заплаціў мне чорнаю няўдзячнасцю. Але я малю цябе, адвядзі ад маіх бацькоў такую горкую старасць: яны ж, як добрыя васалы, не з-за страху, а па сумленні служылі тваім бацькам і маюць права чакаць ад цябе іншага. Калі ж ты лічыш, што, ажаніўшыся са мной, ты гэтым самым зняважыш свой род, то прымі да ведама, што сапраўднае высакародства заключаецца ў дабрадзейнасці, і калі ты такі нядобры, што адкажаш мне ў тым, на што я маю поўнае права, значыць, я больш высакародная за цябе. На заканчэнне ж, сеньёр, я павінна табе сказаць, што сярод тваіх весялосцяў немінуча пачуецца маўклівы голас твайго сумлення і, нагадаўшы выказаную мною праўду, спудзіць самыя прыемныя ўцехі твае і забавы.

Доўга яшчэ гаварыла пакутная Даратэя з такім пачуццём і слязамі, што заплакалі нават спадарожнікі дона Фернанда і ўсе прысутныя. Дон Фернанда слухаў, не спыняючы яе ніводным словам, — ён глядзеў на яе доўгім і ўважлівым позіркам і нарэшце, збянтэжаны і здзіўлены, сказаў:

— Ты перамагла, чароўная Даратэя, ты перамагла!

I, сказаўшы гэта, ён з незвычайна пяшчотным пачуццём абняў Даратэю і пацалаваў яе, і яму давялося зрабіць над сабой вялікае намаганне, каб апошнім неаспрэчным доказам яго раскаяння не з’явіліся яго слёзы, між тым як ва ўсіх астатніх слёзы цяклі ручаямі, так што, гледзячы на іх, можна было падумаць, быццам усіх іх напаткала цяжкае гора.


Раздзел XXII, які змяшчае працяг гісторыі слаўнай інфанты Мікаміконы і апавядае аб іншых забаўных прыгодах

Санча слухаў усё гэта не без душэўнага смутку, бо надзеі яго на атрыманне тытула разляцеліся і развеяліся як пыл: чароўная прынцэса Мікамікона ператварылася ў Даратэю, а між тым яго пан, нічога не падазраючы, спіць сабе моцным сном.

З панылым выглядам з’явіўся Санча да свайго пана, які ў гэту якраз хвіліну прачнуўся, і сказаў:

— Ваша міласць, сеньёр Журботны Вобраз, можа спаць колькі хоча: ніякага велікана цяпер забіваць не патрэбна і не патрэбна вяртаць прынцэсе яе каралеўства, — усё ўжо зроблена і ўсё скончана.

— Я гэтаксама лічу, — сказаў Дон Кіхот, — бо ў мяне завязаўся з веліканам такі люты і гарачы бой, падобнага на які, бадай, больш не выпадзе на маю долю. Я яму раз! — і галава з плячэй далоў, а крыві выцекла з яго столькі, што яна струменілася ручаінамі па ўсёй падлозе, быццам вада.

— Скажыце лепш — быццам чырвонае віно, ваша міласць, — запярэчыў Санча. — Было б вам вядома, ваша міласць, калі вы гэтага не ведаеце, што забіты велікан — гэта прадзіраўлены бурдзюк, кроў — гэта шэсць ароб чырвонага віна, якое было ў ім, і ну іх усіх к чорту!

— Што ты кажаш, вар’ят! — закрычаў Дон Кіхот. — Ці пры сваім ты розуме?

— Устаньце, ваша міласць, — сказаў Санча, — і паглядзіце, што вы нарабілі і колькі нам давядзецца заплаціць, а заадно паглядзіце і на каралеву, якая ператварылася ў самую звычайную даму па імені Даратэя, і яшчэ тут здарылася шмат такога, што калі толькі вы ў гэта ўнікніце, то, напэўна ж, здзівіцеся.

— Мяне нічога не здзівіць, — запярэчыў Дон Кіхот. — Можа, ты помніш, я яшчэ ў мінулы раз, калі мы тут спыняліся, сказаў табе, што ўсё, што ў гэтым доме адбываецца, — гэта чараўніцтва, і няма нічога дзіўнага ў тым, што і цяпер тое ж самае.

— Я б усяму гэтаму паверыў, — аб’явіў Санча, — калі б і маё лятанне на коўдры было такой жа справай, але ў тым якраз і штука, што гэта было самае сапраўднае і пэўнае лятанне. І я на ўласныя вочы бачыў, як гэты ж гаспадар трымаў за адзін канец коўдру і весела дыспрытна падкідваў мяне ледзь не да неба, і смех яго быў такі ж магутны, якімі магутнымі былі рухі яго цела. І хоць я чалавек просты і грэшны, а ўсё ж такі я прытрымліваюся таго, што калі ты гэтых людзей ведаеш, значыць няма ніякага чараўніцтва, а ёсць вялікая лупцоўка і найвялікая няўдача.

— Ну, нічога, бог дасць, усё наладзіцца, — заўважыў Дон Кіхот. — Падай мне апрануцца, і я пайду даведаюся, што гэта за здарэнні і пераўтварэнні, аб якіх ты расказваеш.

Санча падаў яму адзенне, а пакуль ён апранаўся, свяшчэннік расказаў дону Фернанда і ўсім прысутным аб вар’яцкіх выхадках Дон Кіхота і аб той хітрасці, на якую яны пусціліся, каб вызваліць яго з Беднай Цясніны, куды, як яму здавалася, ён паехаў з-за таго, што яго сеньёра аднеслася да яго з пагардай. Далей свяшчэннік расказаў амаль аб усіх прыгодах, аб якіх ён чуў ад Санча, і ўсе шмат здзіўляліся з іх і смяяліся і ўрэшце прыйшлі да заключэння, да якога прыходзіў кожны, хто сутыкаўся з Дон Кіхотам, а іменна: што ніводзін расстроены розум не пакутаваў яшчэ такім незвычайным вар’яцтвам.

У гэты час увайшоў Дон Кіхот пры поўным баявым рыштунку, з пагнутым шлемам Мамбрына на галаве, трымаючы ў руках шчыт і абапіраючыся на сваё жэрдкападобнае кап’ё. Ён уразіў дона Фернанда і ўсіх астатніх сваім дзіўным выглядам: тварам з паўмілі даўжынёю, змарнелым і бледным, разнастайнасцю сваіх даспехаў і сваёй важнасцю, і ўсе прымоўклі ў чаканні, што ён скажа. А ён надзвычай урачыста і спакойна, накіраваўшы свой позірк на чароўную Даратэю, сказаў:

— Мой збраяносец, чароўная сеньёра, давёў да майго ведама, што ваша веліч правалілася і што вы такой перасталі існаваць, бо з каралевы і знатнай сеньёры ператварыліся ў звычайную дзяўчыну. Калі гэта здарылася па волі вашага бацькі, караля-чарнакніжніка, які баяўся, што я не дапамагу вам як мае быць, то запэўніваю вас, што ён не ведае нічагуткі і што ў рыцарскіх гісторыях ён разбіраецца дрэнна. Калі б ён чытаў і вывучаў іх гэтак жа ўважліва і доўга, як вывучаў і чытаў іх я, то на кожным кроку знаходзіў бы ў іх прыклады таго, як іншыя рыцары, менш славутыя, чым я, вырашалі больш складаныя задачы, a забіць нейкага там веліканчыка, няхай нават самага дзёрзкага, — тут яшчэ нічога мудронага няма. Я ж з ім сустрэўся ўсяго некалькі гадзін таму назад — і ўжо... але я лепей памаўчу, каб не сказалі, што я хлушу. Аднак час, які выдае ўсе тайны, аднаго разу адкрые і маю тайну.

— Вы сустрэліся з двума бурдзюкамі, а не з веліканам, — умяшаўся гаспадар.

Але дон Фернанда загадаў яму маўчаць і ні ў якім разе не перапыняць Дон Кіхота, а Дон Кіхот працягваў:

— На заканчэнне я хачу вам сказаць, высакародная і развянчаная сеньёра, што калі бацька ваш зрабіў з вамі гэту метамарфозу па названай ужо мною прычыне, то ні ў якім выпадку не верце ёй, бо няма на свеце такой небяспекі, праз якую мой меч не праклаў бы дарогі, і з дапамогай гэтага ж мяча, што сцяў галаву вашаму ворагу і зваліў яго на зямлю, я вам на галаву ўскладу ў хуткім часе карону вашай роднай зямлі.

Дон Кіхот замоўк, чакаючы, што скажа прынцэса, а тая з вялікай важнасцю і прыемнасцю загаварыла:

— Хто б ні сказаў вам, доблесны Рыцар Журботнага Вобраза, што сутнасць мая змянілася і стала іншаю, ён сказаў няпраўду, бо я і сягоння тая ж, якой была ўчора. Своеасаблівая перамена ўва мне на самай справе адбылася дзякуючы пэўнай удачы, што выпала на маю долю, і лёс мой стаў цяпер лепшым, чым я магла чакаць. Але гэта не азначае, што я перастала быць такой, якой была раней, і што я адмовілася ад пастаяннай маёй думкі звярнуцца да дапамогі вашай магутнай і непераможнай рукі. А таму, васпан мой, будзьце ласкавы зняць з майго роднага бацькі падазрэнне і прызнайце, што ён быў чалавек мудры і праніклівы, бо дзякуючы сваёй навуцы адкрыў ён такі лёгкі і надзейны спосаб выручыць мяне з бяды: я ж пераканана, што калі б не вы, сеньёр, то не бачыць бы мне таго шчасця, якое мне дасталося цяпер. І ўсё гэта могуць пацвердзіць непрадузятыя сведкі майго шчасця, гэта значыць большасць тут прысутных сеньёраў. Нам толькі давядзецца адправіцца ў дарогу заўтра, бо сягоння мы ўсё роўна шмат не праедзем; што ж тычыцца паспяховага завяршэння пачатай справы, то тут я спадзяюся на бога і на вашу смеласць.

Так гаварыла разумніца Даратэя, і, выслухаўшы яе, Дон Кіхот звярнуўся да Санча і злосна сказаў яму:

— Вось што я табе скажу, паршывец Санча: другога такога паскудніка, як ты, няма ва ўсёй Іспаніі! Гавары, злодзей-валацужка, ці не ты мне толькі што аб’явіў, што прынцэса ператварылася ў дзяўчыну, па імені Даратэя, і ўсёй гэтай лухтой так мяне азадачыў, як гэта яшчэ нікому не ўдавалася? Клянуся, — тут ён падняў вочы да неба і сціснуў зубы, — што я гатоў скрышыць цябе, каб надалей непанадна было ўсім хлуслівым збраяносцам, якія калі-небудзь завядуцца ў вандроўных рыцараў!

— Супакойцеся, васпан мой, — сказаў Санча. — Вельмі можа быць, што я памыліўся наконт пераўтварэння сеньёры прынцэсы Мікаміконскай, ну а наконт галавы велікана, дакладней сказаць, наконт прадзіраўленых бурдзюкоў і наконт таго, што кроў — гэта чырвонае віно, то ўжо тут я, далібог, не памыліўся, таму што — вунь яны, худыя бурдзюкі, каля ўзгалоўя вашай міласці, а віна на падлозе — цэлае возера. Пачакайце, стукне гэта вас па кішэні, тады паверыце, гэта значыць, я хачу сказаць, паверыце, калі яго міласць сеньёр гаспадар падасць вам рахунак. А што сеньёра каралева як была, так і засталася, то я гэтаму шчыра рады, значыць, маё мяне не пакіне.

— Вось што я табе скажу, Санча, — аб’явіў Дон Кіхот, — даруй мне, але ты дурань, і ўсё.

— Усё, — падхапіў дон Фернанда, — не будзем больш аб гэтым гаварыць. І калі сеньёра прынцэса хоча, каб мы паехалі заўтра, бо сягоння ўжо позна, значыць так таму і быць, і ўсю ноч да раніцы мы можам правесці ў прыемнай размове, а на світанні выедзем і будзем суправаджаць сеньёра Дон Кіхота, бо ўсе мы жадаем быць відавочцамі смелых і нечуваных подзвігаў, якія яму належыць здзейсніць у мэтах выканання дадзенага ім вялікага зароку.

— Гэта мне трэба служыць вам і суправаджаць вас, — запярэчыў Дон Кіхот. — Я вельмі вам удзячны за вашы добрыя да мяне адносіны і за вашу добрую думку пра мяне, якую я абавязкова пастараюся апраўдаць, хоць бы гэта каштавала мне жыцця, і нават яшчэ даражэй, калі толькі штосьці можа каштаваць даражэй.

Між тым надышоў вечар, і, па распараджэнні спадарожнікаў дона Фернанда, гаспадар прыклаў усю сваю руплівасць і старанне, каб вячэра ўдалася на славу. І калі настаў час, усе селі за стол, і на ганаровае, старшынскае месца, хоць ён і аднекваўся, пасадзілі Дон Кіхота. Дон Кіхот жа выказаў жаданне, каб побач з ім села сеньёра Мікамікона, бо ён лічыў сябе яе целаахоўнікам. Насупраць іх селі дон Фернанда і іншыя кавальера і, нарэшце, свяшчэннік, але яшчэ больш парадаваў іх Дон Кіхот. Зноў ахоплены натхненнем, як у час вячэры з казапасамі, калі ён сказаў вельмі доўгую прамову, ён раптам перастаў есці і загаварыў:

— Паразважаўшы добра, васпане мае, міжволі прыходзіш да вываду, што тым, хто належыць да ордэна вандроўных рыцараў, надараецца быць сведкамі вялікіх і нечуваных падзей. На самай справе, хто з тых, што жывуць на свеце, калі б ён уехаў зараз у вароты гэтага замка і ўбачыў нас такімі, якія мы ёсць, палічыў і прыняў бы нас за тых, кім мы сапраўды з’яўляемся? Хто б мог падумаць, што сеньёра, якая сядзіць побач са мной, — усім нам вядомая вялікая каралева, а я — той самы Рыцар Журботнага Вобраза, чыё імя на вуснах у самой Славы? Цяпер ужо не падлягае сумненню, што гэта майстэрства і занятак перавышае ўсе майстэрствы і заняткі, вынайдзеныя людзьмі, і што яно тым больш заслугоўвае павагі, што звязана з найбольшымі небяспекамі. Няхай мне не гавораць, што вучонасць вышэйшая за поле дзейнасці вайсковае, — хто б ні былі гэтыя людзі, я скажу, што яны самі не ведаюць, што гавораць. Бо доказ, які яны звычайна праводзяць і які ім самім уяўляецца найбольш важкім, заключаецца ў тым, што разумовая праца вышэйшая за працу цялесную, а на вайсковым, маўляў, полі дзейнасці практыкуецца адно толькі цела, як быццам воіны — гэта звычайныя падзёншчыкі, якім неабходна толькі вялікая сіла, як быццам у тое, што мы, воіны, называем вайсковым майстэрствам, не ўваходзяць таксама смелыя подзвігі, для здзяйснення якіх патрабуецца незвычайны розум, як быццам думка палкаводца, якому даверана цэлае войска ці даручана абарона абложнага горада, працуе менш, чым яго цела! Вы толькі падумайце: ці можна з дапамогай адных толькі цялесных сіл зразумець і разгадаць намеры праціўніка, яго задумы, ваенныя хітрасці, заўважыць пасткі, прадухіліць небяспекі? He, усё гэта залежыць ад разумення, а цела тут ні пры чым. Такім чынам, для вайсковай справы неабходны розум не менш, чым для вучонасці. Давайце глянем цяпер, чыя думка працуе больш: думка вучонага чалавека або думка воіна, а гэта будзе відаць з таго, якая мэта кожнага з іх, бо тая думка вышэйшая, якая накіравана да больш высакароднай мэты. Мэта навук заключаецца ў тым, каб устанавіць справядлівае размеркаванне багаццяў, даць кожнаму тое, што належыць яму па праву, і сачыць і прымаць меры, каб добрыя законы выконваліся. Мэта, без сумнення, высокая і высакародная, вартая вялікай пахвалы, але ўсё ж не такой, якой заслугоўвае вайсковае майстэрства, мэта і мяжа імкненняў якога — мір, а мір — самае высокае з усяго лепшага на зямлі. I таму першай добрай весткай, якую пачулі зямля і людзі, была вестка, прынесеная анёламі, якія загінулі ў вышыні той ноччу, што для ўсіх нас ператварылася ў дзень: “Слава ў вышніх богу і на зямлі мір, у людзях зычлівасць”. І лепшы настаўнік зямлі і неба запаведаў чыстасардэчным сваім і абраным пры ўваходзе ў чый-небудзь дом вітаць яго, гаворачы: “Мір дому гэтаму”. І шмат разоў казаў ён ім: “Мір пакідаю вам, мір мой даю вам; мір вам”, і сапраўды гэта каштоўнасць і скарб, дадзеныя і пакінутыя такою рукой, — каштоўнасць, без якой ні на зямлі, ні на небе нічога добрага быць не можа. Дык вось мір і ёсць непасрэдная мэта вайны, а калі вайны, то, значыць, і воінаў. Прызнаўшы ж ісцінай тое, што мэта вайны ёсць мір і што таму яна вышэйшая за мэты навук, пяройдзем да цялеснага цяжару вучонага чалавека і ратніка і паглядзім, чый большы.

У такім духу і так красамоўна гаварыў Дон Кіхот, і цяпер ніхто са слухачоў не палічыў бы яго за вар’ята, — наадварот, большасць іх складалі кавальера, гэта значыць, людзі, якія выраслі на ратным полі, і яны слухалі яго з найвялікшаю ахвотаю, а ён між тым працягваў:

— Такім чынам, цяжкасці студэнта ў наступным: па-першае, беднасць (зразумела, не ўсе яны бедныя, я знарок бяру горшы выпадак); сказаўшы ж, што студэнт жыве ў бядоце, я, думаецца мне, усё сказаў аб яго няшчасці, бо жыццё бедняка беспрасветнае. Ён церпіць розныя нястачы: і голад, і холад, і галізну, a часам і ўсё адразу. Зрэшты, ён усё ж такі харчуецца, хоць і крыху пазней звычайнага, хоць і рэшткамі са стала багацеяў, што з’яўляецца ў студэнтаў прыметай поўнай галечы, і ў каго-небудзь ды знойдзецца для іх месца каля ачага, дзе яны калі і не саграваюцца, то, ва ўсякім выпадку, не мерзнуць, і, нарэшце, спяць яны пад дахам. Я не буду спыняцца на дробязях, як напрыклад: на адсутнасці кашуль і няхватцы абутку, на вельмі паношаным верхнім адзенні, якое даволі рэдка, дарэчы, у іх з’яўляецца, і на той прагнасці, з якой яны накідваюцца на пачастунак, які шчаслівы выпадак ім часам пасылае. І вось апісаным мной шляхам, цярністым і цяжкім шляхам, раз-пораз спатыкаючыся і падаючы, падымаючыся для таго, каб зноў паваліцца, яны і даходзяць да жаданай вучонай ступені. Нарэшце ступень дасягнута, пясчаныя мелі, Сцылы і Харыбды109 пройдзены, як калі б прыхільная Фартуна перанесла іх на крылах, і вось ужо многія з іх, седзячы ў крэслах, на нашых вачах правяць і камандуюць светам, і, як вартая ўзнагарода за іх прыстойнасць, голад зрабіўся для іх сытасцю, холад — прахалодай, галізна — франтаўством, спанне на цыноўцы — адпачынкам на галандскім палатне і дамаскім шоўку. Але супастаўце і параўнайце іх цяжкасці з цяжкасцямі воіна, і, як вы адразу ўбачыце, яны застануцца далёка ззаду.


Раздзел XXIII, у якім прыводзіцца цікавая прамова Дон Кіхота аб вайсковай справе і вучонасці

Далей Дон Кіхот сказаў наступнае:

— Мы пачалі з разбору відаў беднасці студэнта, — паглядзім, ці багацейшы за яго салдат. І вось аказваецца, што бяднейшага за салдата няма нікога на свеце, бо існуе ён на жабрацкае жалаванне, якое яму выплачваюць са спазненнем, ды часам і зусім не выплачваюць, або на тое, што ён сам здолее нарабаваць — з яўнай небяспекай для жыцця і ідучы насуперак сумленню. З адзеннем жа ў яго часам бывае так дрэнна, што падраны калет110 служыць яму адначасова і параднай формай і кашуляй, і ў зімовую сцюжу ў адкрытым полі ён саграваецца звычайна ўласным сваім дыханнем, а я перакананы, што наперакор законам прыроды, дыханне, калі ў чалавека пуста ў страўніку, павінна быць халодным. Але пачакайце, ад непагадзі ён зможа схавацца з наступленнем ночы, бо яго чакае пасцель, якую чалавек непераборлівы ніколі вузкай не называе, — на голай зямлі ён зможа як хоча выцягваць ногі або варочацца з боку на бок, не баючыся памяць прасціны. Але вось нарэшце надыходзіць дзень і час атрымання ступені, якая існуе ў вайскоўцаў: надыходзіць дзень бітвы, і тут яму апранаюць пашытую з корпіі доктарскую шапачку ў выпадку, калі куля патрапіла яму ў галаву; калі ж не ў галаву, то, значыць, пашкодзіла яму руку ці нагу. Калі ж гэтага не здарыцца і міласэрнае неба зберажэ яго і захавае і ён застанецца жывым і здаровым, то ўсё роўна наўрад ці ён разбагацее, і наперадзе ў яго яшчэ не адна сутычка і не адна бітва і з усіх бітваў ён павінен выйсці пераможцам, каб крыху прасунуцца па службе, але такія цуды здараюцца рэдка. На самай справе, сеньёры, скажыце, ці задумваліся вы над тым, што ўзнагароджаных на вайне значна менш, чым тых, якія загінулі? Вы, вядома, скажаце, што гэта непараўнальнае, што мёртвых безліч, а колькасць узнагароджаных жывых у трохзначнай лічбе. А вось у судзейскіх усё ідзе па-іншаму: ім якраз абавязкова прывязуць харчаванне не з пярэдняга, дык са знадворнага ганку, — такім чынам, праца салдата цяжэйшая, а ўзнагарода меншая. Могуць, урэшце, запярэчыць, што лягчэй узнагародзіць дзве тысячы судзейскіх, чым трыццаць тысяч салдат, бо першыя ўзнагароджваюцца пасадамі, якія па неабходнасці павінны быць прадстаўлены людзям адпаведнага роду заняткаў, салдат жа можна ўзнагародзіць толькі са сродкаў таго сеньёра, якому яны служаць, гэта ж толькі пацвярджае маю думку. Аднак пакінем гэта, бо з такога лабірынту выбрацца нялёгка, і вернемся да перавагі вайсковай справы над вучонасцю — пытання, якое да гэтага часу не вырашана, бо кожны з бакоў вышуквае ўсё новыя і новыя доказы на сваю карысць. І між іншым, вучоныя людзі сцвярджаюць, што без іх не маглі б існаваць вайскоўцы, бо і ў вайны ёсць свае законы, якім яна падпарадкоўваецца, і складанне іх гэта ўжо справа навук і людзей вучоных. Вайскоўцы нa конт гэтага сцвярджаюць, што без іх не было б і законаў, бо гэта яны бароняць дзяржаву, ахоўваюць каралеўства, абараняюць гарады, сцерагуць дарогі, ачышчаюць моры ад карсараў, — адным словам, калі б іх не было, у дзяржавах, каралеўствах, манархіях, гарадах, на наземных шляхах — усюды назіраліся б жахі і беспарадкі, якія маюць месца ў час вайны, калі ёй дадзены асаблівае права і ўлада. А тое ж, што дорага дастаецца, тое цэніцца і павінна цаніцца даражэй, — гэта ўсім вядома. Каб стаць добрым законнікам, патрэбны час, неабходна ўседлівасць, трэба адмаўляць сабе ў адзенні і ежы, не звяртаючы ўвагі на галавакружэнні, на нястраўнасць, і яшчэ сёе-тое нешта падобнае патрэбна для гэтага, часткова мною ўжо названае. Але каб стаць у сваю чаргу добрым салдатам, для гэтага патрэбна ўсё, што патрэбна і студэнту, але толькі ўзведзенае ў такую ступень, што параўнанне тут ужо немагчыма, бо салдат кожную секунду рызыкуе жыццём. На самай справе, што такое страх перад беднасцю і галечай, якія апаноўваюць і даймаюць студэнта, у параўнанні з тым страхам, які авалодвае салдатам, калі ён у абложанай крэпасці стаіць на варце і адчувае, што вораг вядзе падкоп, а яму ніяк нельга пакінуць пост і пазбегнуць такой грознай небяспекі! Адзінае, што ён можа зрабіць, — гэта даць знаць свайму начальніку, і начальнік пастараецца адвесці пагрозу контрмінаю, а яго справа стаяць смірна, з хваляваннем чакаючы, што вось-вось ён без дапамогі ўзляціць пад аблокі або зусім яе па сваёй добрай волі зваліцца ў бездань. А калі і гэта, па-вашаму, небяспека невялікая, то не менш страшна, а бадай, нават і страшней, калі ў адкрытым моры дзве галеры ідуць на абардажны прыступ, сыдуцца, счэпяцца ўшчыльную, а салдату даводзіцца стаяць на таране шырынёю каля двух футаў. Ды прытым яшчэ ён бачыць перад сабой столькі ж пагражальных прыслужнікаў смерці, колькі з варожага боку наведзена на яго агнястрэльных гармат, якія знаходзяцца на адлегласці кап’я, усведамляе, што адзін неасцярожны крок — і ён адправіцца аглядаць Нептуновы падводныя ўладанні111, і ўсё ж з пачуццём гонару бясстрашна падстаўляе грудзі пад кулі і спрабуе па вузенькай дошчачцы прабрацца на варожае судна. Але яшчэ больш дзіўнае вось што: варта аднаму зваліцца туды, адкуль ён ужо не выберыцца да сканчэння веку, і на яго месца становіцца іншы, a калі і гэты знікне ў марской бездані, якая падсцерагае яго, быццам ворага, на змену яму кінуцца яшчэ і яшчэ, і не заўважыш, як яны гэтак жа непрыкметна згінуць. Сапраўды, такой смеласці і адвагі ні ў якім іншым баі не ўбачыш! Благаславёныя, шчаслівыя часы, што не ведалі страшэннай лютасці гэтых д’ябальскіх гармат, вынаходнік якіх, я ўпэўнены, атрымаў узнагароду ў пекле за сваё жахлівае вынаходніцтва, з дапамогай чаго чыя-небудзь баязлівая і подлая рука можа адабраць цяпер жыццё ў доблеснага кавальера. Ён поўны рашучасці і адвагі, гэты кавальера, той адвагі, што запальвае і натхняе храбрыя сэрцы, і раптам, ні адсюль, ні адтуль, шалёная куля (выпушчаная чалавекам, які, магчыма, сам спалохаўся ўспышкі ад выстралу з гэтай праклятай гарматы і ўцёк) імгненна абрывае і губіць нітку думак і само жыццё таго, хто варты быў жыць з асалодай доўгія гады. І вось я вымушаны прызнацца, што, прыняўшы ўсё гэта да ведама, у глыбіні душы я раскайваюся, што абраў справу вандроўнага рыцарства ў наш подлы час, бо хоць я не баюся ніякіх небяспек, а ўсё ж сумняваюся, калі падумаю, што свінец і порах могуць пазбавіць мяне магчымасці здабыць доблеснаю маёю рукой і вастрыём мяча пашану і славу ва ўсіх вядомых нам краінах. Але на ўсё воля неба, і калі толькі мне ўдасца ажыццявіць усё, што я задумаў, то мяне вельмі ўшануюць, бо я сустракаюся твар у твар з такімі небяспекамі, з якімі вандроўныя рыцары мінулых стагоддзяў да гэтага яшчэ не сустракаліся.

Увесь гэты доўгі ланцуг разважанняў разгортваў Дон Кіхот у той час, калі іншыя вячэралі, сам жа ён так і не дакрануўся да ежы, хоць Санча Панса неаднаразова нагадваў яму, што зараз, маўляў, час вячэраць, а пагаварыць ён паспее потым. Слухачы зноў пашкадавалі, што чалавек, які, відаць, так цвяроза разважае і так добра ва ўсім разбіраецца, ледзь толькі размова зойдзе аб праклятым гэтым рыцарстве, безнадзейна губляе розум.


Рaздзел XXIV, у якім канчаткова здымаюцца сумненні наконт Мамбрынава шлема і сядла,а таксама з усёй магчымаю праўдзівасцю апавядаецца аб іншых прыгодах

Раніцай каля брамы заезнага дома пачуліся гучныя крыкі і вось з якой прычыны: два пастаяльцы, якія начавалі тут, задумалі паехаць не заплаціўшы, аднак жа гаспадар, якога больш займалі асабістыя справы, чым чужыя, спаймаў іх каля брамы, запатрабаваў платы і асудзіў іх злосны намер такімі выразамі, што тыя замест адказу пусцілі ў ход кулакі; і вось пачалі яны яго біць, ды так, што няшчаснаму гаспадару давялося гучна прасіць дапамогі. Гаспадыня і яе дачка палічылі, што лепш за ўсіх дапамагчы можа Дон Кіхот, а таму дачка звярнулася да яго з такімі словамі:

— Дапамажыце, ваша міласць, сеньёр рыцар, калі вам такі дар пасланы богам, беднаму майму бацьку, якога два ліхадзеі малоцяць, нібы пшаніцу.

Выслухаўшы яе, Дон Кіхот надта марудна і вельмі спакойна загаварыў:

— Чароўная дзяўчына, зараз я не магу даць станоўчага адказу на вашу просьбу, бо не маю магчымасці прымаць удзел у якой-небудзь іншай прыгодзе, пакуль не завяршу таго, да чаго мяне прымушае дадзенае мною слова. Вось, аднак жа, якую службу я магу саслужыць вам: бяжыце і скажыце вашаму бацьку,каб ён як мага больш стойка трымаўся ў гэтым баі і не здаваўся ні ў якім разе, а я тым часам папрашу дазволу ў прынцэсы Мікаміконы дапамагчы яму ў бядзе, і калі яна мне дазволіць, то можаце быць упэўнены, што я яго выручу.

— Які цяжкі грэх! — усклікнула прысутная тут Марыторнес. — Пакуль ваша міласць атрымае гэты самы дазвол, мой пан будзе ўжо на тым свеце!

— Дайце мне атрымаць дазвол, — запярэчыў Дон Кіхот, — а будзе ён тады на тым свеце ці не, гэта неістотна, бо я вызвалю яго адтуль, нават калі ўвесь той свет не згадзіцца з гэтым, ці, у крайнім выпадку, так адплачу тым, хто яго туды накіраваў, што вы атрымаеце поўнае задавальненне.

І, не доўга думаючы, ён укленчыў перад Даратэяй і на сваёй вандроўна-рыцарскай мове выклаў ёй просьбу аб тым, каб яе веліч зрабіла ласку дазволіць яму паспяшацца на дапамогу ўладальніку гэтага замка, які ў вялікую траліў бяду. Прынцэса ахвотна дала сваю згоду, і Дон Кіхот, засланіўшыся шчытом і выхапіўшы меч, кінуўся да брамы, дзе два пастаяльцы ўсё яшчэ па-гаспадарску распраўляліся з гаспадаром, але, наблізіўшыся, ён спыніўся і застыў на месцы, хоць Марыторнес і гаспадыня крычалі яму, каб ён не марудзіў і абараніў нарэшце іх пана і мужа.

— Я маруджу, — сказаў Дон Кіхот, — бо я не маю права агаляць меч супраць служылых людзей. Паклічце сюды майго збраяносца Санча, бо такая абарона і помста — гэта яго справа і яго клопат.

Размова гэта адбылася каля брамы заезнага дома, а ў найвышэйшай ступені трапныя кухталі і зубатычыны сыпаліся тут жа без упынку, прычыняючы нямалую шкоду гаспадару і распальваючы гнеў Марыторнес, гаспадыні і яе дачкі, якіх прыводзіла ў адчай маладушша Дон Кіхота, а таксама напасць, што спасцігла іх пана, мужа і бацьку.

Аднак жа ўрэшце пастаяльцы, на якіх падзейнічалі не столькі пагрозы, колькі словы пераканання і разумныя довады Дон Кіхота, замірыліся з гаспадаром і заплацілі яму спаўна, але ў гэту хвіліну, падбухтораны вечна нядрэмным д’яблам, на двор заезнага дома зайшоў той самы цырульнік, у якога Дон Кіхот адабраў шлем Мамбрына, а Санча Панса забраў збрую ў абмен на сваю. Цырульнік, ставячы свайго асла ў стойла, убачыў, што Санча Панса валтузіцца з уючным сядлом, і, адразу пазнаўшы сваё сядло, набраўся храбрасці і кінуўся на Санча з крыкам:

— А, шэльма ты гэтакі, папаўся! Давай сюды мой таз для галення, сядло і ўсю збрую, якую ты ў мяне сцягнуў!

Зведаўшы такі раптоўны напад і пачуўшы, што яго так бэсцяць, Санча адной рукой ухапіўся за сядло, a другою даў цырульніку па зубах, пасля чаго той адразу адчуў, што ў яго поўны рот крыві; але, нягледзячы на гэта, цырульнік не выпусціў з рук здабычы, якой з’явілася для яго сядло, — наадварот, ён так павысіў голас, што шум і лаянка прыцягнулі ўсіх насельнікаў заезнага дома.

— Правасуддзе, сюды, імем караля! — крычаў ён. — Я сваю маёмасць адбіраю, а гэты злодзей, гэты разбойнік з бальшака хоча мяне забіць!

— Хлусіш, — запярэчыў Санча, — я не разбойнік з бальшака, — гэта здабыча дасталася майму пану Дон Кіхоту ў сумленным баі.

Дон Кіхот быў ужо тут як тут; з вялікім задавальненнем гледзячы, як абараняецца і нападае яго збраяносец, ён раз назаўсёды вырашыў, што гэта варты чалавек, і даў сабе слова пры першым жа зручным выпадку пасвяціць яго ў рыцары, бо яму здавалася, што для рыцарскага ордэна Санча будзе каштоўным набыткам. У час сваркі цырульнік, між іншым, аб’явіў:

— Што сядло — маё, сеньёры, гэта ў такой жа ступені дакладна, як тое, што богпашле мне смерць, і ведаю я сваё сядло так, быццам сам яго нарадзіў. Прытым, тут жа, у стойле, — мой асёл: ён можа гэта пацвердзіць, а не верыце, дык прымерайце, і калі сядло не падыдзе яму ў самы раз, то я падлюга. Гэтага мала: у той самы дзень, калі ў мяне прапала сядло, я заўважыў прапажу новенькага меднага таза, — я яго яшчэ не паспеў абнавіць, а заплаціў я за яго ні многа ні мала адзін эскуда112.

Тут Дон Кіхот не вытрымаў і, стаўшы паміж імі і разняўшы іх, палажыў сядло на зямлю так, каб яно было ва ўсіх перад вачамі да таго часу, пакуль не ўдасца ўстанавіць ісціну, і сказаў:

— Памылковая думка, якую сцвярджае добры гэты збраяносец, не можа не высветліцца перад вашымі міласцямі з поўнай яснасцю і відавочнасцю, бо ён называе тазам для галення тое, што было, ёсць і будзе шлемам Мамбрына, які я захапіў у яго ў сумленным баі і законным і паўнапраўным уладальнікам якога я стаў. Што ж тычыцца ўючнага сядла, то ў гэта я не ўмешваюся. Я ведаю адно: збраяносец мой Санча звярнуўся да мяне з просьбай дазволіць яму зняць гуньку з каня, які належаў пераможанаму гэтаму баязліўцу, і ўпрыгожыць ёю свайго. Я яму дазволіў, і ён яе зняў, а якім чынам гунька ператварылася ва ўючнае сядло, гэта тлумачыцца вельмі проста: перад намі адна з тых метамарфоз, якія ў рыцарскім свеце назіраюцца пастаянна. Для большай жа пераканаўчасці збегай, дружа Санча, і прынясі сюды шлем, які гэты добры чалавек прымае за таз цырульніка.

— Далібог, сеньёр, — заўважыў Санча, — калі ў нас няма іншых доказаў нашай невінаватасці, апрача тых, якія ваша міласць ужо назвала, то цырульнікаў таз такі ж шлем гэтага... як там яго... Сукін-сына, як гунька гэтага добрага чалавека — уючнае сядло.

— Рабі, што табе кажуць, — сказаў Дон Кіхот, — не ўсё ж у гэтым замку зачаравана.

Санча збегаў па таз, і як толькі Дон Кіхот убачыў яго, то ўзяў у рукі і сказаў:

— Паразважайце, вашы міласці, з якім тварам гэты збраяносец адважваецца сцвярджаць, што гэта таз для галення, а не згаданы мной шлем. Я ж клянуся рыцарскім ордэнам, да якога належу, што гэта той самы шлем, які я ў яго адабраў, і што я нічога не дадаў да яго і не адняў.

— Гэта не падлягае сумненню, — зазначыў са свайго боку Санча, — таму з таго часу, як мой пан яго заваяваў, ён змагаўся ў ім усяго адзін раз, калі вызваляў закутых у ланцугі гаротнікаў, і калі б не гэты тазашлем, то яму, ужо дакладна, не паздаровілася б, бо непрыяцель старанна асыпаў нас камянямі.

— He, як вам падабаюцца, сеньёры, гэтыя малайцы? — усклікнуў цырульнік. — Яны ж настойваюць на тым, што гэта не таз для галення, а шлем!

— А хто сцвярджае адваротнае, — падхапіў Дон Кіхот, — то, калі ён рыцар, я дакажу яму, што ён хлусіць, калі ж збраяносец — то што ён тысячу разоў хлусіць.

Наш цырульнік, які прысутнічаў тут і якому быў добра вядомы нораў Дон Кіхота, рашыўся, каб павесяліць народ, устроіць з гэтага пацеху і падтакнуць яму, і звяртаючыся да іншага цырульніка, загаварыў:

— Сеньёр, калі не памыляюся, цырульнік, ведайце, што я — ваш сабрат па рамяству, вось ужо дваццаць з лішкам гадоў, як я атрымаў дыплом, і ўсе прылады для галення я ведаю як свае пяць пальцаў, у маладосці ж мне, з вашага дазволу, давялося быць салдатам, і я цямлю таксама, што такое шлем, што такое шышак, што такое забрала і іншыя прадметы, якія адносяцца да вайсковай справы, інакш кажучы — усе віды зброі мне знаёмы. І вось я адважваюся сцвярджаць, а калі што не так, то вы мяне паправіце, — што гэты прадмет, які знаходзіцца ў руках у добрага гэтага сеньёра, зусім не таз для галення і гэтак жа ад яго адрозніваецца, як белы колер ад чорнага, а праўда — ад хлусні. Мяркую, зрэшты, не пашкодзіць заўважыць, што хоць гэта і шлем, аднак жа не цэлы.

— Зразумела, не, — сказаў Дон Кіхот, — яму нестае палавіны, а іменна — падбародніка.

— Справядліва, — заўважыў свяшчэннік, які здагадаўся аб задуме свайго сябра-цырульніка.

Далучыўся да цырульніка і дон Фернанда са сваімі спадарожнікамі.

— З намі сіла крыжа! — усклікнуў абдураны цырульнік. — Дзе ж гэта бачана, каб столькі паважаных людзей запэўнівалі, быццам гэта не таз для галення, а шлем! Ды тут жа цэлы універсітэт пры ўсёй сваёй вучонасці, бадай, ахнуў бы ад здзіўлення! Што там разважаць: калі гэты таз — шлем, значыць, і сядло — гунька, на чым настойвае гэты сеньёр.

— Па-мойму, гэта сядло, — заўважыў Дон Кіхот. — Зрэшты, я ўжо сказаў, што ў гэта я не ўмешваюся.

— Сядло ці гунька — гэта павінен вызначыць сеньёр Дон Кіхот, — аб’явіў свяшчэннік, — бо ў веданні рыцарскага рыштунку і гэтыя сеньёры і я мы ўсе яму ўступаем.

— Клянуся богам, васпане мае, — зноў загаварыў Дон Кіхот, — што ў гэтым замку, дзе я спыняўся двойчы, са мною здаралася столькі незвычайных рэчаў, што я не адважуся даць станоўчы адказ ні на адно з пытанняў, якія тычацца згаданага замка, бо я здагадваюся, што ўсё, што тут робіцца, адбываецца праз чараўніцтва. Вось чаму выказваць сваё меркаванне з нагоды ўсёй блытаніны было б з майго боку неразважліва. Тым, хто сцвярджаў, што гэта таз, а не шлем, я ўжо адказаў; адносна ж таго, што гэта такое: сядло ці гунька, я не адважваюся выказаць штосьці пэўнае, а аддаю гэта на вырашэнне вашых міласцей: магчыма, менавіта таму, што вы не пасвячоны ў рыцары, як я, мясцовыя чараўнікі нічога не могуць з вамі зрабіць, і насуперак майму меркаванню аб усім, што ў гэтым замку адбываецца, вы можаце выказаць меркаванне дакладнае і адпаведнае рэчаіснасці.

— Няма сумнення, — умяшаўся дон Фернанда, — сеньёр Дон Кіхот гаворыць вельмі слушна! Сапраўды, вырашыць гэта пытанне нам да гонару, а для большай грунтоўнасці я тайна збяру меркаванні гэтых сеньёраў і аб тым, што атрымаецца, дам поўны і ясны адказ.

Хто ведаў аб дзівацтвах Дон Кіхота, тыя рагаталі да ўпаду, іншым жа ўсё гэта было несусветнай бязглуздзіцай, у тым ліку тром чалавекам, якія ў гэты самы час пад’ехалі да заезнага дома і былі падобныя на стражнікаў, кім яны, дарэчы сказаць, і з’яўляліся. Але больш за ўсіх абурыўся цырульнік, на вачах у якога яго ж уласны таз ператварыўся ў Мамбрынаў шлем, а ўючнае сядло, без усялякага сумнення, збіралася ператварыцца ў раскошную гуньку; а між тым усе заходзіліся ад смеху, назіраючы, як дон Фернанда збірае меркаванні: да кожнага падыходзіць і шэптам просіць сказаць яму па сакрэту, што сабой уяўляе гэта каштоўнасць, за якую ідзе такая жорсткая барацьба: уючнае сядло ці гуньку; сабраўшы ж меркаванні ўсіх, хто ведаў Дон Кіхота, ён для агульнага ведама аб’явіў:

— Вось што, дарагі, я ўжо стаміўся выпытваць меркаванні, каго аб гэтым ні папросіш, усе кажуць, што зусім гэта не аслінае сядло, — гэта, маўляў, лухта, — a гунька з каня, ды яшчэ з каня пародзістага. Так што ўжо тут нічога не паробіш, бо, як гэта вам і вашаму аслу ні непрыемна, гэта гунька, а не ўючнае сядло, і ўсе вашы довады і доказы прызнаны памылковымі.

— He трапіць мне ў царства нябеснае, калі памыляюся я, а не вашы міласці! — залямантаваў небарака цырульнік. — Няхай душа мая не паўстане перад тварам божым, калі прада мною не ўючнае сядло, ну, ды законы не для каралеўск... ох, маўчу, маўчу! — персоны, і я ж, слова гонару, не п’яны: у чым іншым грэшны, а снедаць яшчэ не снедаў.

Глупства, якое малоў цырульнік, насмяшыла ўсіх не менш, чым бязглуздзіца Дон Кіхота, які якраз у гэты час аб’явіў:

— Цяпер застаецца толькі кожнаму ўзяць сваё.

Тут адзін з новапрыбыўшых стражнікаў, які прысутнічаў у час гэтай сваркі і разладу, запальчыва і раздражнёна прамовіў:

— Гэта такое ж якраз сядло, як я — родны сын майго бацькі, а хто кажа ці скажа іншае, той, відаць, п’яны да непрытомнасці.

— Вы хлусіце, як апошні нягоднік, — аб’явіў Дон Кіхот.

Тут ён падняў невялікае сваё кап’ё, якое ніколі не выпускаў з рук, і наважыўся апусціць яго на галаву стражніка з такой сілай, што калі б той не ўхіліўся, то паваліўся б немінуча. Кап’ё, стукнуўшыся аб зямлю, разляцелася на кавалкі. Іншыя ж стражнікі, бачачы, як дрэнна абыходзяцца з іх таварышам, пачалі гучна клікаць на дапамогу Святому брацтву.

Гаспадар, які таксама служыў у Брацтве, імгненна збегаў па жазло і шпагу і далучыўся да сваіх сабратаў; цырульнік, бачачы, што ўсчалася сумятня, ухапіўся за сядло, і тое ж самае зрабіў Санча; Дон Кіхот выхапіў меч і кінуўся на стражнікаў; свяшчэннік лямантаваў; гаспадыня крычала; яе дачка бедавала; Марыторнес выла; Даратэя стаяла ў разгубленасці. Цырульнік дубасіў Санча; Санча лупцаваў цырульніка; дон Фернанда збіў з ног аднаго са стражнікаў, пасля чаго пачаў старанна частаваць яго выспяткамі; гаспадар не сваім голасам клікаў на дапамогу слуг Святога брацтва, — адным словам, увесь заезны дом стагнаў, крычаў, выў, мітусіўся, жахаўся, біў трывогу, перажываў беды, скрыжоўваў шпагі, раздаваў зубатычыны, лупіў дубінкамі, біў нагамі і ліў кроў. І вось, калі гэта смута, блытаніна і бесталкоўшчына дасягнулі сваёй мяжы, фантазіі Дон Кіхота ўявілася, што ён здуру ўблытаўся ў міжусобіцу, якая ўзнікла ў стане Аграманта113, і з-за гэтай акалічнасці крыкнуў так, што ва ўсіх зазвінела ў вушах:

— Стой! Мячы ў ножны! Смірна! Слухаць мяне, калі вам жыццё дарагое!

Грамавы яго голас наставіў на розум усіх, а ён працягваў:

— Ці не казаў я вам, сеньёры, што замак гэты зачараваны і што ў ім, ужо дакладна, жыве легіён чарцей? Пацвярджэннем жа гэтага я хачу засяродзіць вас на той акалічнасці, што міжусобная бойка ў стане Аграмантаў на вашых вачах толькі што перакінулася сюды і ўспыхнула паміж намі. Палюбуйцеся: усе мы б’ёмся і адзін другога не разумеем. Заключым жа мір, бо — клянуся ўсёмагутным богам — гэта найвялікшая ганьба, што мы, людзі такога высакароднага паходжання, з-за аднаго глупства забіваем адзін другога.

Стражнікі, якія не разумелі Дон Кіхота, але адчувалі, што дон Фернанда і яго спадарожнікі добра ім усыпалі, не сунімаліся; цырульнік, наадварот, суняўся адразу ж, бо ў бойцы пацярпелі яго барада і сядло; Санча, як верны слуга, падпарадкаваўся закліку свайго пана, а гаспадар стаяў на тым, каб дзёрзкасць гэтага вар’ята, які толькі і робіць, што баламуціць заезны дом, была пакарана. Нарэшце шум мала-памалу заціх, ва ўяўленні ж Дон Кіхота ўючнае сядло так да другога прышэсця і засталося гунькай, таз — шлемам, a заезны дом — замкам. Аднак вораг згоды і ненавіснік міру, адчуўшы сябе зняслаўленым і абдураным і бачачы, што ўсе яго намаганні пасеяць смуту прынеслі даволі мізэрныя вынікі, адважыўся яшчэ раз паспрабаваць шчасця і выклікаць новыя сваркі і хваляванні.

А адбылося наступнае. Ледзь толькі да стражнікаў дайшло, што б’юцца з імі людзі не простыя, як баявы іх запал адразу ж астыў і яны пакінулі месца бойкі: яны хутка сцямілі, што, чым бы ўсё гэта не скончылася, адказваць будуць яны; але адзін з іх, той самы, якога біў і частаваў выспяткамі дон Фернанда, успомніў, што сярод указаў аб затрымцы злачынцаў у яго ёсць указ, які непасрэдна тычыцца Дон Кіхота, якога Святое брацтва пастанавіла затрымаць за тое, што ён вызваліў катаржнікаў, менавіта такога ўказа Санча вельмі слушна і асцерагаўся. Такім чынам, успомніўшы аб гэтым, стражнік пажадаў пераканацца, ці супадаюць прыметы Дон Кіхота з тымі, якія значыліся ва ўказе, і з гэтай мэтай выняў з-за пазухі грамату і адшукаў патрэбнае месца. А паколькі ён да ліку вялікіх грамацеяў зусім не належаў, то пачаў чытаць па складах, з кожным словам пазіраючы на Дон Кіхота і супастаўляючы прыметы, пералічаныя ва ўказе, з яго выглядам, і нарэшце знайшоў, што гэта, без усялякага сумнення, той самы, каго меў на ўвазе ўказ. Калі ж ён пераканаўся, то скруціў указ і пераклаў яго ў левую руку, а правай схапіў Дон Кіхота за каўнер, так што ў яго перахапіла дыханне, і што было сілы крыкнуў:

— На дапамогу Святому брацтву! А каб вы ўсе пераканаліся, што я заклікаю не дарэмна, прачытайце гэты ўказ, які прадпісвае мне затрымаць гэтага разбойніка з бальшака.

Свяшчэннік узяў указ і пераканаўся, што стражнік гаворыць праўду і што прыметы Дон Кіхота супадаюць; Дон Кіхот жа, бачачы, што з ім так дрэнна абыходзіцца гэты подлы мужчына, разлютаваўся і, хоць у яго самога трашчалі косці, абедзвюма рукамі ўпіўся стражніку ў горла, так што, калі б не выручылі стражніка таварышы, ён развітаўся б з жыццём раней, чым Дон Кіхот развітаўся б са сваёю ахвяраю. Гаспадар паслужбовых абавязках павінен быў дапамагаць сваім сабратам, а таму ён адразу ж кінуўся на дапамогу да стражніка. Гаспадыня, убачыўшы, што муж яе зноў у баі, зноў завяла тую ж самую песню, адразу ж падхопленую яе дачкой і Марыторнес, якія заклікалі на дапамогу неба і ўсе нябесныя сілы. Санча паглядзеў, што тут робіцца і сказаў:

— Святы божа, усё, што мой пан гаворыць наконт чараўніцтва ў гэтым замку, — гэта шчырая праўда, таму тут гадзіны спакойна нельга пражыць!

Дон Фернанда разняў стражніка і Дон Кіхота, на задавальненне ім абодвум расціснуўшы пальцы першага, які ўчапіўся за каўнер другога, і пальцы другога, якія ўпіліся ў горла першага; разам з усім гэтым стражнікі працягвалі дамагацца выдачы злачынцы і настойваць, каб ім дапамаглі звязаць яго і перадалі яго ў поўнае іх распараджэнне, да чаго, маўляў, абавязваюць законы караля і Святога брацтва, ад імя якога яны зноў запатрабавалі падтрымаць іх і пасадзейнічаць ім у лоўлі гэтага рабаўніка і разбойніка з бальшакоў і малых дарог. Дон Кіхот, слухаючы такія выказванні, спачатку толькі пасмейваўся, а затым вельмі спакойна загаварыў:

— Ідзіце сюды, нязнатныя і непачцівыя стварэнні! Вы называеце разбойнікам з бальшака таго, хто дорыць свабоду калоднікам, выпускае вязняў, прыходзіць на дапамогу няшчасным, працягвае руку паўшым, узнагароджвае абдзеленых? О гнюсны зброд, нізкі і подлы ваш розум не заслугоўвае з дапамогай неба пазнаць веліч, якой ахоплена вандроўнае рыцарства, і ўсвядоміць тое, якія ж вы невукі і грэшнікі, калі не ведаеце, што нават цень каго б там ні было з вандроўных рыцараў павінна выклікаць у вас павагу, а тым больш яго прысутнасць! Самі вы стражнікі з бальшака, якія займаюцца разбоем з дазволу Святога брацтва, — дык вось ідзіце сюды і скажыце: хто гэты невук, які падпісаў указ аб затрыманні такога рыцара, як я? Хто ён, які не ведае, што вандроўныя рыцары нічыёй юрысдыкцыі не падлягаюць, што іх закон — меч, іх юрысдыкцыя — адвага, іх кодэкс — уласная добрая воля? Хто гэты ёлупень, кажу я, які на падазрае, што ніводная дваранская грамата не дае столькі льгот і пераваг, колькі атрымлівае вандроўны рыцар у той дзень, калі ён уступае ў рыцарскі ордэн і пасвячае сябе нялёгкай рыцарскай справе? Хто з вандроўных рыцараў плаціць падаткі і пошліну? Хіба кравец бярэ з яго за пашыў адзення? Хіба ўладальнік замка прымае яго ў сябе бясплатна? Хто з каралёў не садзіць яго за свой стол? І, нарэшце, ці быў, ці ёсць, ці будзе такі вандроўны рыцар, у якога не хапіла б смеласці рукамі ўляпіць чатырыста палачных удараў чатыром сотням стражнікаў, якія стануць яму ўпоперак дарогі?


Раздзел XXV. Аб тым,якім незвычайным спосабам быў зачараваны Дон Кіхот, а таксама і аб іншых незабыўных падзеях

У той час як Дон Кіхот гаварыў гэту прамову, свяшчэннік угаворваў стражнікаў прыняць да ведама, што Дон Кіхот ненармальны, аб чым яны могуць меркаваць па яго словах і ўчынках, і спыніць гэту справу, бо калі нават яны яго і затрымаюць і павядуць, то ўсё роўна ім потым давядзецца адпусціць яго, як вар’ята, на што стражнік, у якога быў указ, заўважыў, што вырашаць, звар’яцелы Дон Кіхот ці не, ён не абавязаны; яго справа — выканаць распараджэнне начальства і на гэты раз абавязкова затрымаць Дон Кіхота, а там няхай яго хоць трыста разоў выпускаюць.

— Разам з тым, — сказаў свяшчэннік, — на гэты раз вы яго не затрымаеце, ды і ён, я лічу, не дасць сябе затрымаць.

Урэшце свяшчэннік такога ім наплёў, а Дон Кіхот нарабіў столькі глупства, што стражнікі былі б двойчы вар’ятамі, калі б не прызналі вар’яцтва Дон Кіхота; такім чынам, яны вырашылі лепш суцішыцца і нават выступіць пасрэднікамі паміж цырульнікам і Санча Пансам, якія ўсё яшчэ надта злосна лаяліся. Нарэшце яны ў якасці прадстаўнікоў правасуддзя ўмяшаліся ў гэту справу і вынеслі рашэнне, якое калі і не цалкам абодва бакі прымірыла, то ўсё ж часткова задаволіла іх: Санча і цырульнік абмяняліся сёдламі, а падпругі і аброці засталіся пры іх; што ж тычыцца Мамбрынава шлема, то свяшчэннік тайком, так, каб Дон Кіхот гэтага не заўважыў, даў цырульніку за яго таз восем рэалаў, а той напісаў яму распіску, у якой даваў абяцанне не скардзіцца на падман ні цяпер, ні павек, амін. Гаспадар заўважыў, што свяшчэннік надзяліў і ўзнагародзіў цырульніка, і ён, даўшы клятву, што не выпусціць з двара ні Расінанта, ні Санчаваасла, пакуль яму не будуць аплачаны ўсе страты і выдаткі, запатрабаваў, каб Дон Кіхот заплаціў яму за пастой, а таксама за пашкоджаныя бурдзюкі і за вылітае віно. Свяшчэннік і гэта ўладзіў: за ўсё заплаціў дон Фернанда, і вось дзякуючы гэтаму ў заезным доме ўсталяваліся мір і спакой, такім чынам, цяпер ён ужо не быў падобны на стан Аграманта, які раздзірала міжусобная бітва, як сказаў Дон Кіхот. Цяпер тут панавалі цішыня і спакой часоў Актавіянавых114, за што ўсе аднадушна палічылі сябе ўдзячнымі асаблівай добразычлівасці і красамоўнасці свяшчэнніка, a таксама непараўнальнай шчодрасці дона Фернанда.

А Дон Кіхот, адчуўшы, што ён вольны і пазбаўлены ад спрэчак, якія ўзнікалі то з-за яго збраяносца, то з-за яго самога, вырашыў, што пара працягваць пачаты шлях і завяршыць вялікую справу, і таму з самым рашучым выглядам апусціўся перад Даратэяй на калені, але тая не дазволіла вымавіць яму слова, пакуль ён не ўстане. Ён жа, каб дагадзіць ёй, устаў і сказаў:

— Стала прыказкай, чароўная сеньёра, выказванне: “Настойлівасць — маці ўдачы”, і вопыт паказвае, што ў многіх і важных жыццёвых выпадках ад стараннасці істца залежыць станоўчы вынік самай няпэўнай судовай справы, але нідзе гэта ісціна не выступае так наглядна, як на вайне, дзе хуткасць і націск блытаюць усе планы ворага і перамога дасягаецца раней, чым праціўнік падрыхтаваўся да абароны. Усё гэта, высакародная і неацэнная сеньёра, я кажу таму, што далейшае наша знаходжанне ў гэтым замку, на мой погляд, дарэмнае, а аднаго разу можа стаць для нас і вельмі згубным. Хто ведае — магчыма, праз сваіх тайных і заўзятых шпіёнаў ваш вораг-велікан ужо даведаўся, што я іду знішчыць яго, і за гэты час умацаваўся ў якім-небудзь непрыступным замку або ў крэпасці, які не адолеюць мой запал і моц нястомнай маёй рукі. А таму, як я ўжо сказаў, пані мая, няхай апярэдзіць наш запал яго задумы, паедзем жа ў добры час, і час, такі для вашай вялікасці жаданы, не замарудзіць настаць, як толькі я з ворагам вашым сустрэнуся твар у твар.

Дон Кіхот змоўк, ні слова больш не дадаў і з найвялікшым спакоем пачаў чакаць адказу чароўнай інфанты; яна ж з велічным выглядам, пераймаючы стыль Дон Кіхота, сказала наступнае:

— Дзякуй вам, сеньёр рыцар, за выказанае вамі жаданне дапамагчы мне ў вялікай маёй бядзе, — жаданне, уласцівае сапраўднаму рыцару, які павінен абараняць няшчасных і безабаронных, і няхай спраўдзіцца з ласкі божай агульнае наша жаданне, каб вы пераканаліся, што ёсць яшчэ на свеце высакародныя жанчыны. Што тычыцца ад’езду, то паедзем зараз жа, бо намеры нашы супадаюць, — я поўнасцю давяраюся вашаму рашэнню: тая, якая аднойчы даверыла вам абарону сваёй асобы і даручыла вам вярнуць ёй яе ўладанні, яе адважыцца пайсці насуперак таму, што загадвае ваша мудрасць.

— З богам! — сказаў Дон Кіхот. — Калі я бачу, што якая-небудзь сеньёра на маіх вачах церпіць знявагі, я не магу прапусціць выпадак узвысіць яе і аднавіць яе права на атрыманне ў спадчыну трона. Такім чынам, паехалі зараз жа, бо, як кажуць, прамаруджванне небяспечнае больш за ўсё, і пры адной думцы аб гэтым я згараю ад нецярплівасці як мага хутчэй накіравацца ў дарогу. І пакуль неба яшчэ не стварыла, a пекла не бачыла такога чалавека, які напалохаў бы мяне ці застрашыў, то сядлай Расінанта, Санча, закілзай свайго асла і інаходца каралевы, развітаемся з уладальнікам замка, з гэтымі сеньёрамі і — прамой дарогай да мэты!

Санча, які прысутнічаў тут, пакруціў галавой і сказаў:

— Ах, сеньёр, сеньёр, ды ў нашай жа вёсачцы, не ў крыўду кажучы прыгожаму полу, больш брыдкага, чым аб тым балбочуць!

— Няхай нават гэта брыдкае адбываецца не ў адной нейкай вёсцы, а і ва ўсіх гарадах свету, — чаму ж гаворкі аб гэтым могуць мяне ганьбіць, невук?

— Калі ваша міласць злуецца, то я замаўчу, — зазначыў Санча, — і не скажу таго, што абавязаны быў бы сказаць як верны збраяносец і што кожны адданы слуга павінен казаць свайму пану.

— Кажы што хочаш, — сказаў Дон Кіхот, — твае словы не нагоняць на мяне жаху. Ты адчуваеш яго таму, што такога ўжо ты звання чалавек, а я не адчуваю яго таму, што я іншай пароды.

— Божа літасцівы, ды я зусім не пра тое! — усклікнуў Санча. — Мне дакладна вядома, што гэта сеньёра, якая выдае сябе за каралеву вялікага каралеўства Мікаміконскага, такая ж каралева, як мая нябожчыца маці, таму што каралева не цалавалася б з адным з нашай кампаніі.

Пачуўшы гэтыя словы, Даратэя загарэлася чырванню, бо, шчыра кажучы, дон Фернанда ўпотай ад чужых позіркаў не раз цалаваў яе ў вусны, таму цяпер ёй было чаго запярэчыць Санча і не магла яна перапыніць яго балбатню. А ён між тым працягваў:

— Кажу я гэта вось чаму, сеньёр: аб’ездзім мы з вамі ўсе дарогі і сцяжыны, а пасля мноства неспакойных начэй і яшчэ менш спакойных дзён раптам выявіцца, што плён нашай працы пажаў той самы, які мілуецца з ёю тут, на двары заезнага дома, — значыць, няма чаго мне спяшацца сядлаць Расінанта, інаходца і асла.

Божа мой, як жа абурылі Дон Кіхота нясціплыя выказванні яго збраяносца! Так абурылі, што ён, захліпаючыся і запінаючыся ад хвалявання і бліскаючы вачыма, усклікнуў:

— О подлы смерд, нясціплы, непачцівы, некультурны, коснаязыкі, нахабнік, нагаворшчык і паклёпнік! Што за дзёрзкія думкі адважыўся ты ўбіць у галаву? Прэч з вачэй маіх, вырадак прыроды, кладоўка хлусні, скарбонка небыліц, сутарэнне гнуснасці, арганізатар падкопаў, распаўсюджвальнік бязглуздзіцы, які не адчувае ніякай павагі да асоб каралеўскага роду! Прэч, не паказвайся мне на вочы пад страхам наклікаць на сябе мой гнеў!

Злосць, якая кіпела ў яго ўнутры, выяўлялася яшчэ ў тым, што ён насупліваў бровы, надзімаў шчокі, круціў вачамі і, нарэшце, з усіх сіл тупнуў правай нагой. А Санча, наслухаўшыся такіх слоў і наглядзеўшыся на такія парывы гневу, так перапалохаўся, што калі б у гэты міг пад яго нагамі расчынілася зямля і праглынула яго, то ён быў бы толькі гэтаму рады, і вырашыў ён, што лепей уцячы і схавацца ад разлютаванага свайго сеньёра. Аднак жа кемлівая Даратэя, для якой нораў Дон Кіхота зусім не з’яўляўся загадкай, сказала, каб суцішыць яго гнеў:

— He сярдуйце, сеньёр Рыцар Журботнага Вобраза, на добрага вашага збраяносца за тое, што ён гаварыў глупства, бо, можа быць, гаварыў ён так не без прычын. Ведаючы яго цвярозы розум і сапраўды хрысціянскую душу, цяжка западозрыць, каб ён мог каго-небудзь абгаварыць. А таму, адкінуўшы ўсялякія сумненні, трэба меркаваць, што калі ў гэтым замку, як вы самі, сеньёр рыцар, казалі, усё адбываецца і збываецца па чараўніцтву, то, можа быць, кажу я, што ўсё, што Санча, як ён пераконвае, бачыў і што так знеслаўляе мой гонар, было толькі д’ябальскім насланнём.

— Клянуся ўсёмагутным богам, ваша вялікасць трапіла ў самы раз! — усклікнуў тут Дон Кіхот. — Ужо пэўна, якая-небудзь погань так падстроіла, што гэты грахаводнік Санча ўбачыў тое, што можна ўбачыць толькі чараўнічым шляхам, сумленнасць жа і шчырасць гэтага няшчаснага мне добра вядомы, і зняславіць каго-небудзь ён не здольны.

— Што праўда, тое праўда, — заўважыў дон Фернанда, — а таму, сеньёр Дон Кіхот, даруйце яму і вярніце яго ў лона сваёй ласкі, перш чым ён не з’ехаў з глузду ад такіх уяўленняў.

Дон Кіхот аб’явіў, што даруе яму. Тады свяшчэннік пайшоў па Санча, і той з вельмі пакорлівым выглядам з’явіўся, стаў на калені і папрасіў у свайго пана руку, і пан яму яе даў і, пасля таго як збраяносец яе пацалаваў, благаславіў яго і сказаў:

— Цяпер, сын мой Санча, ты павінен канчаткова пераканацца, што я меў рацыю, калі столькі разоў табе казаў, што ўсё ў гэтым замку адбываецца чараўнічым спосабам.

— Я таксама лічу, што ўсё, — заўважыў Санча, — апрача падкідвання на коўдры, якое адбывалася звычайным спосабам і на самай справе.

— Дарэмна ты так лічыш, — запярэчыў Дон Кіхот, — таму што калі б гэта было так, то я б за цябе адпомсціў або тады ж, або цяпер, але я і сёння не магу знайсці, як не мог знайсці і тады, каму належыць адпомсціць за нанесеную табе крыўду.

Усе пажадалі даведацца, што гэта за падкідванне, і тады гаспадар расказаў з усімі падрабязнасцямі аб лятанні Санча Пансы. Аповед гаспадара не столькі насмяшыў усіх астатніх, колькі зусім ужо было не засарамаціў Санча, калі б яго пан зноў не пачаў запэўніваць яго, што гэта было насланнё. Зрэшты, прастадушнасць Санча мела свае межы, і ён усё ж не мог палічыць за непарушную і бясспрэчную ісціну без усялякага дамешку падману, што яго падкідвалі жывыя людзі, а не прывіды, якія прымроіліся яму, як лічыў і як запэўніваў яго пан.

Ужо два дні ўся гэта далікатная кампанія знаходзілася ў заезным доме, і як толькі падарожнікі палічылі, што пара збірацца ў дарогу, то вырашана было пазбавіць Даратэю і дона Фернанда ад паездкі з Дон Кіхотам у яго вёску, быццам бы для вызвалення земляў каралевы Мікаміконы, на той падставе, што свяшчэннік і цырульнік самі могуць яго адвезці і там, на месцы, узяцца за яго лячэнне. Яны дамовіліся з адным чалавекам, якому надарылася ехаць міма на валах, што ён яго адвязе, але адвязе вось як: яны змайстравалі з палак, прыбітых крыж-накрыж адна да адной, нешта накшталт клеткі, у якой Дон Кіхот мог размясціцца з усімі выгодамі, пасля чаго дон Фернанда са сваімі спадарожнікамі, стражнікі і сам гаспадар у мэтах выканання загаду і задумы свяшчэнніка надзелі маскі і апрануліся хто як мог, каб Дон Кіхот іх не пазнаў. Затым усе, захоўваючы поўнае маўчанне, увайшлі ў памяшканне, дзе ён спаў і адпачываў пасля нядаўніх трывог.

У той час як ён, не думаючы аб будучай падзеі, спакойна спаў, яны наблізіліся да яго і, трымаючы яго, як наймацней звязалі яму рукі і ногі, так што калі ён з перапуду прачнуўся, то не мог паварушыцца і толькі разгублена і збянтэжана глядзеў на дзіўныя стварэнні; і ў адпаведнасці з тым, што ўяўлялася яго нястомнай і хворай фантазіі, ён уявіў, што ўсё гэта прывіды з зачараванага замка і што ён сам, без усялякага сумнення, зачараваны, бо не ў стане ні рухацца, ні абараняцца, — адным словам, усё выйшла так, як разлічваў свяшчэннік, які задумаў гэту важданіну. З усіх прысутных адзін толькі Санча быў пры сваім розуме і без маскі; і хоць ён быў вельмі недалёкі ад таго, каб захварэць той жа хваробай, што і яго гаспадар, аднак жа адразу здагадаўся, хто гэтыя пераадзетыя, але да часу маўчаў, бо яшчэ не мог зразумець, чым закончыцца паланенне яго пана; пан жа яго таксама як вады ў рот набраў у чаканні канца свайго няшчасця, а канец гэты заключаўся ў тым, што ў памяшканне ўнеслі клетку, пасадзілі яго туды і так моцна прыбілі палкі, што іх, і прыклаўшы намаганні, немагчыма было б ададраць.

Пераадзетыя ўзвалілі клетку на плечы, але ў тое самае імгненне, калі яны выносілі яе з пакоя, пачуўся страшны голас, такі страшны, які толькі мог быць у цырульніка, але не ва ўладальніка сядла, а ў другога:

— О Рыцар Журботнага Вобраза! Heмучайся, што паланілі цябе, бо так патрэбна для таго, каб як мага хутчэй скончылася прыгода, на якую цябе падштурхнула вялікая твая храбрасць. Скончыцца ж яна, як толькі люты Ламанчскі леў і лагодная Табоская галубка пачнуць жыць разам і не раней, чым гордыя іх шыі ўпрагуцца ў мяккі шлюбны хамут, ад нечуванага саюза якіх народзяцца на свет драпежныя дзеці, якія ўнаследуюць учэпістыя кіпцюры доблеснага свайго бацькі. А ты, о найвысакародны і найпаслухмяны са збраяносцаў, не тужы і не бядуй, што на тваіх вачах вывозяць такім чынам красу вандроўнага рыцарства, бо хутка, калі будзе на тое воля тварца свету, ты так высока ўзнясешся і ўзвялічышся, што сам сябе не пазнаеш, і абяцанні добрага твайго пана не застануцца марнымі. І ад імя мудрай Наўраліі я клятвенна цябе запэўніваю, што жалаванне будзе табе выплачана, у чым ты пераканаешся на справе. Такім чынам, ідзі па слядах гэтага доблеснага і зачараванага рыцара, бо табе патрэбна ісці за ім аж да таго месца, дзе абодва вы спыніцеся. А паколькі я не павінен штосьці да гэтага дадаваць, то шчаслівай вам дарогі, а куды вярнуся я — гэта аднаму мне толькі вядома.

У канцы гэтага прароцтва цырульнік спачатку моцна павысіў голас, а затым панізіў яго і пусціў такую пяшчотную трэль, што нават тым, хто быў з ім у змове, ледзь усяму гэтаму не паверылі.

Дон Кіхота суцешыла цырульнікава прадказанне, бо ён цалкам зразумеў яго сэнс і зрабіў вывад з яго, што яму наканавана ўзяць законны шлюб са сваёй каханай Дульцынеяй Табоскай і што яго сыны на векі вечныя праславяць Ламанчу; і, без аніякіх сумненняў палічыўшы гэта за праўду, ён глыбока ўздыхнуў і, павысіўшы голас, загаварыў:

— Хто б ні быў ты, які прадказаў мне такое вялікае шчасце, малю цябе, папрасі ад майго імя мудрага чараўніка, што клапоціцца пра мяне, каб ён не даў мне загінуць у клетцы, у якой цяпер мяне павязуць, пакуль не спраўдзяцца прынесеныя табой радасныя і бяспрыкладныя весткі, бо калі толькі яны збудуцца, то пакуты астрога я палічу за шчасце, ланцугі, якія мяне прыкавалі — за палёгку, а турэмная падлога, на якой мяне кінулі, падасца мне не жорсткім полем бітвы, а мяккім ложкам. Што ж тычыцца слоў, сказаных табой для суцяшэння збраяносца майго Санча Пансы, то я ўпэўнены, што, сумленны і прыстойны, ён ні ў радасці, ні ў горы мяне не пакіне. Калі ж яму ці мне так не пашчасціць, што я не ў стане буду падараваць яму востраў ці што-небудзь раўнацэннае, то жалаванне яго, ва ўсялякім выпадку, не прападзе, бо ў складзеным ужо мною завяшчанні я, зыходзячы не са шматлікіх і важных яго паслуг, а толькі з маіх сродкаў, вызначыў, што іменна яму належыць.

Санча Панса з вялікай павагай нахіліўся і пацалаваў яму абедзве рукі, — пацалаваць жа якую-небудзь адну ён не мог пры ўсім жаданні, бо яны былі звязаны разам.

Затым прывіды зноў узвалілі клетку на плечы і перанеслі яе на калёсы, запрэжаныя валамі.

Дон Кіхот, бачачы, што яго пасадзілі ў клетку і пагрузілі на калёсы, сказаў:

— Шмат дзівосных гісторый давялося мне чытаць аб вандроўных рыцарах, але ніколі я не чытаў і не чуў, каб зачараваных рыцараў так адвозілі — з той марудлівасцю, якой можна чакаць ад гэтых лянівых і непаваротлівых жывёлін. Звычайна рыцараў з дзіўнай лёгкасцю пераносяць па паветры, захутаных шэрым або чорным воблакам, на вогненнай калясніцы ці на якім-небудзь звяры, але адвозіць на валах — далібог, я нічога не разумею! Урэшце, магчыма, рыцарства і чараўніцтва нашага часу ідуць не па той дарозе, па якой яны ішлі ў даўніну. І яшчэ можа быць, што калі я — рыцар новага часу, першы рыцар у свеце, які аднавіў даўно забытую справу рыцарства і шукае прыгод, то з’явіліся і новыя віды чараўніцтва і новыя спосабы выкрадання зачараваных. Як ты на гэта глядзіш, сын мой Санча?

— Я сам не ведаю, як на гэта гляджу, — адказаў Санча, — бо я ж не такі начытаны ў прыгодніцкіх пісаннях, як ваша міласць. Разам з тым я гатовы даць клятву, што прывіды, якія тут блукаюць, — народ зусім не набожны.

— Набожны? Ды бог з табой! — усклікнуў Дон Кіхот. — Дзе там набожны, — гэта сапраўдныя дэманы, якія ператварыліся ў прывіды, каб давесці мяне да такога цяжкага становішча! Калі ж ты хочаш пераканацца ў гэтым, то дакраніся да іх і абмацай, і ты пераканаешся, што целы ў іх з паветра і што ўсё гэта адзін толькі выгляд.

— Далібог, сеньёр, я ўжо іх кратаў, — прызнаўся Санча, — і вунь той д’ябал, які ўсё ўвіхаецца, — ён гладкі, і яшчэ ёсць у яго адна ўласцівасць, супрацьлеглая той, якой валодаюць чэрці: кажуць жа, што чэрці смярдзяць серай і ўсялякай дрэнню, а ад яго за паўмілі пахне амбрай.

Санча меў на ўвазе дона Фернанда, ад якога, як ад знатнага сеньёра, напэўна, пахла чымсьці накшталт гэтага.

— Цябе гэта не павінна здзіўляць, дружа Санча, — запярэчыў Дон Кіхот. — Ведай жа, што чэрці — вялікія майстры: яны распаўсюджваюць смурод, але самі нічым не пахнуць, бо яны — духі, а калі і пахнуць, то гэта не добры пах, а брыдкі і агідны. Прычынай жа гэтаму тое, што пекла неадступна з імі, і няма ім адкуль чакаць палёгкі сваім пакутам, а паколькі прыемны пах прыносіць задавальненне, то яны і не могуць прыемна пахнуць. Калі ж табе здаецца, што чорт, пра якога ты кажаш, пахне амбрай, то або ты сам памыліўся, або ён надумаў цябе падмануць, каб ты не лічыў яго за чорта.

Вось аб чым размаўлялі паміж сабою пан і слуга. Дон Фернанда ж, баючыся, як бы Санча канчаткова не разгадаў іх задуму, да чаго той быў ужо вельмі блізкі, вырашыў паскорыць ад’езд і, адклікаўшы гаспадара ўбок, загадаў сядлаць Расінанта і Санчава асла, што гаспадар з вялікай жвавасцю і выканаў. Тым часам свяшчэннік дамовіўся са стражнікамі, што яны правядуць Дон Кіхота да месца і што з імі будуць разлічвацца падзённа. Да седлавой лукі Расінанта з аднаго боку падвесілі шчыт, з другога — таз для галення; Санча знакамі было загадана сесці на асла і весці на повадзе Расінанта, а двум стражнікам з мушкетамі ісці побач з павозкай: аднаму з правага боку, другому з левага. Але, перш чым павозка кранулася, гаспадыня, яе дачка і Марыторнес з такім выглядам, быццам яны аплакваюць няшчасце, якое напаткала Дон Кіхота, выйшлі з ім развітацца. Дон Кіхот жа сказаў ім:

— He плачце, добрыя мае сеньёры, бо ўсе гэтыя нягоды неразлучныя з тымі, хто дзейнічае на ніве, на якой дзейнічаю я. І калі б са мной такіх ліхіх прыгод не здарылася, я не лічыў бы сябе за славутага вандроўнага рыцара, бо з рыцарамі невядомымі і нічым не знакамітымі такіх здарэнняў ніколі не бывае, вось чаму ніхто іх і не памятае, з доблеснымі ж — бываюць, бо многія гасудары і многія рыцары зайздросцяць іх дабрадзейнасці і адвазе і спрабуюць усялякімі каварнымі спосабамі зжыць іх са свету. Аднак жа дабрадзейнасць сама па сабе настолькі магутная, што на злосць усёй чорнай магіі выйдзе з гонарам з усіх выпрабаванняў і заззяе на зямлі, як сонца ў небе. Даруйце мне, цудоўныя дамы, калі я чым-небудзь вас зняважыў, — вядома, міжвольна, бо знарок і наўмысна я нікога ніколі не зневажаў, — і памаліцеся богу, каб ён вывеў мяне з турмы, куды нейкі зламысны чараўнік мяне пасадзіў. Калі ж я выйду на волю, то з памяці маёй давеку не сатрэцца ваша ласка, якой вы акружылі мяне ў замку, і я вам аддзячу і ўзнагароджу вас.

Пакуль Дон Кіхот размаўляў з жыхарамі замка, свяшчэннік і цырульнік развіталіся з Даратэяй, донам Фернанда і яго спадарожнікамі і ўмовіліся, што будуць паведамляць адзін другому аб сабе. Дон Фернанда паведаміў свяшчэнніку, куды патрэбна пісаць яму аб тым, што будзе з Дон Кіхотам, і запэўніў яго, што яму гэта вельмі цікава ведаць. Свяшчэннік абяцаў дакладна выканаць яго просьбу. Затым ён і яго сябар-цырульнік селі вярхамі, абодва ў масках, бо не хацелі, каб Дон Кіхот пазнаў іх, і паехалі ўслед за павозкай. Працэсія рухалася ў такім парадку: наперадзе ехала павозка, якой кіраваў яе ўладальнік; па баках, як ужо было сказана, крочылі стражнікі з мушкетамі; за імі, ведучы за повад Расінанта, ехаў на асле Санча, а ззаду ўсіх, хаваючыся, як ужо было сказана, у масках, з выглядам важным і спакойным, сувымяраючы крок магутных сваіх мулаў з маруднай хадой валоў, ехалі свяшчэннік і цырульнік. У клетцы ж, выцягнуўшы ногі і прыхінуўшыся да рашоткі са звязанымі рукамі сядзеў Дон Кіхот, такі пакорлівы і ціхі, быццам гэта быў не жывы чалавек, а каменная статуя. Так, моўчкі і не спяшаючыся, праехалі яны каля дзвюх міль і нарэшце наблізіліся да даліны, якая падалася вазаку прыдатным месцам для адпачынку і для кармлення валоў; аднак жа цырульнік, параіўшыся са свяшчэннікам, прапанаваў яму яшчэ крыху праехаць, бо ён ведаў, што за ўзгоркам, які быў відаць непадалёк, ёсць больш травяністы луг, значна лепшы за той, дзе збіраўся спыніцца гаспадар валоў. Меркаванне цырульніка атрымала перавагу, і падарожнікі паехалі далей.

Але тут свяшчэннік азірнуўся і ўбачыў, што ззаду едуць вярхамі чалавек шэсць ці сем, добра апранутыя і сабраныя, і людзі гэтыя падарожнікаў нашых хутка дагналі, бо ехалі яны не на валах, да ўсяго абыякавых і непаваротлівых, а на такіх мулах, якія бываюць у канонікаў115, і, трэба лічыць, імкнуліся яшчэ да паўдня размясціцца ў заезным доме, што відаць быў на адлегласці менш за мілю адсюль. Дагнаўшы працэсію, скараходы ветліва раскланяліся з марудамі, і адзін з іх, як высветлілася пасля, таледскі канонік і пан спадарожнікаў сваіх, акінуўшы позіркам павозку, стражнікаў, Санча, Расінанта, свяшчэнніка з цырульнікам і, нарэшце, запалоненага і пасаджанага ў клетку Дон Кіхота, усю гэту незвычайную працэсію, не мог стрымацца, каб не спытацца, чаму гэтага чалавека вязуць такім чынам, хоць па знаках заслуг, якія ён заўважыў у стражнікаў, ён зразумеў, што гэта які-небудзь страшны разбойнік, наогул які-небудзь злачынец, чыя справа падсудная Святому брацтву. Адзін са стражнікаў, да якога ён звярнуўся з гэтым пытаннем, адказаў так:

— Сеньёр, няхай гэты кавальера сам скажа, чаму яго так вязуць, а мы нічога не ведаем.

Пачуўшы, аб чым ідзе размова, Дон Кіхот сказаў:

— Магчыма, вашы міласці ведаюць толк і разбіраюцца ў тым, што такое вандроўнае рыцарства? Калі так, то я раскажу вам аб сваіх няшчасцях, калі ж не, то мне няма чаго абцяжарваць сябе аповедам аб іх.

У гэты час свяшчэннік і цырульнік, бачачы, што падарожнікі пачалі размаўляць з Дон Кіхотам Ламанчскім, пад’ехалі бліжэй з намерам у выпадку чаго так растлумачыць, каб хітрасць іх засталася неразгаданай. Канонік на пытанне Дон Кіхота адказаў так:

— Шчыра сказаць, сын мой, рыцарскія раманы я ведаю лепш, чым працы іншых багасловаў. А таму, калі справа толькі за гэтым, вы смела можаце расказаць мне ўсё, што хочаце.

— Слава богу! — прамовіў Дон Кіхот. — Калі так, то няхай будзе вядома, сеньёр кавальера, што мяне зачаравалі і пасадзілі ў клетку, а віной таму зайздрасць і вераломства злых чараўнікоў, бо дабрадзейнасць мацней ненавідзяць грэшнікі, чым любяць праведнікі. Я — вандроўны рыцар, але не з тых, чые імёны Слава ні разу не прыгадала і не ўвекавечыла, а з тых, каму наканавана на злосць і насуперак самой зайздрасці напісаць сваё імя ў храме неўміручасці, каб яно паслужыла прыкладам і ўзорам для далёкіх нашчадкаў і каб вандроўныя рыцары будучыні ведалі, якія шляхі вядуць да самай высокай пашаны ў ратнай справе.

— Сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі кажа праўду, — заўважыў на гэты конт свяшчэннік. — Ён, сапраўды, едзе зачараваны на гэтай павозцы, і не праз грахі і правіннасці, але праз зламыснасць тых, каму дабрадзейнасць непераносная, а доблесць абрыдлая. Гэта, сеньёр, Рыцар Журботнага Вобраза, аб якім вы, магчыма, ужо ад каго-небудзь чулі і смелыя подзвігі і вялікія справы якога будуць вычаканены на трывалай бронзе і высечаны на несакрушальным мармуры, колькі б зайздрасць ні старалася іх ачарніць, а хітрасць — схаваць.

Калі канонік пачуў, якім стылем гавораць і палонны, і той, што знаходзіўся на свабодзе, то ледзь не перахрысціўся ад здзіўлення, — ён не мог зразумець, што гэта такое, і не меншае здзіўленне выклікала гэта ў яго спадарожнікаў. Тут Санча Панса, пад’ехаўшы паслухаць, аб чым гавораць, і адважыўшыся ўнесці ў гэту справу поўную яснасць, сказаў:

— Вось што, сеньёры: як сабе хочаце, але толькі мой пан Дон Кіхот гэтак жа зачараваны, як мы з вамі. Ён цалкам пры сваім розуме, есць, п’е і выконвае свае патрэбнасці не горш за іншых, гэтак жа, як ён гэта рабіў учора, калі яго яшчэ не саджалі ў клетку. А калі так, то чым жа вы можаце мне даказаць, што ён зачараваны? Я ж ад многіх чуў, што зачараваныя не ядуць, не спяць, не гавораць, а мой пан, калі толькі яго не спыніць, нагаворыць цэлы мех.

І, звярнуўшыся да свяшчэнніка, працягваў:

— Ах, сеньёр свяшчэннік, сеньёр свяшчэннік! Няўжо ваша міласць думала, што я вас не пазнаў і што я не здагадваюся і не цямлю, куды вядуць гэтыя новыя чараўніцтвы? Але ж не, даведаўся, скажу вам, колькі б вы не хаваліся пад маскай, і раскусіў, ведайце, колькі б вы не ўтойвалі свае падкопы. Адным словам сказаць, дзе пануе зайздрасць, там няма месца для дабрадзейнасці, а са скнарлівасцю не ўжываецца шчодрасць. Каб яго чорт узяў, калі б не ваша прападобнасць, то мой пан быў бы ўжо жанаты з інфантай Мікаміконай, а я быў бы сама меней графам, бо зарукай таму дабрыня майго Рыцара Журботнага Вобраза, таксама як і важнасць зробленых мною паслуг. Але я бачу, што нездарма ў нас людзі кажуць: кола Фартуны больш паваротлівае, чым млынавое, і хто ўчора быў вельмі высока, той цяпер ляжыць у зямлі. Шкада мне жонкі і дзяцей: у іх жа былі ўсе падставы спадзявацца, што іх бацька вернецца дадому губернатарам вострава або — як там яго? — птушка-каралём якога-небудзь каралеўства, а замест гэтага ён вернецца конюхам. Усё гэта, сеньёр свяшчэннік, я кажу толькі для таго, каб вы, ваша высокапрападобнасць, раскаяліся ў дрэнным абыходжанні з маім панам,а то глядзіце, як бы бог на тым свеце не спагнаў з вас за тое, што вы яго зняволілі, і не асудзіў вас за тое, што мой пан Дон Кіхот не ажыццявіў за час палону ніводнай добрай справы і нікому не дапамог.

— Якія ён кулі адлівае! — сказаў на гэта цырульнік. — Напэўна, Санча, ты са сваім панам аднаго поля ягада? Далібог, я пачынаю думаць, ці не пасадзіць і цябе ў клетку да яго за кампанію і ці не пабыць табе разам з ім на становішчы зачараванага, таму што табе перадаліся яго замашкі і яго рыцаршчына. He ў добры час спакусіў ён цябе сваімі абяцанкамі і не ў пару ўбіўся ў галаву табе гэты востраў, аб якім ты так марыш.

— Усё залежыць ад чалавека, — запярэчыў Санча. — Значыць, калі я чалавек, то магу стаць папам, а не толькі губернатарам вострава; астравоў жа гэтых самых мой пан можа заваяваць столькі, што і раздаваць іх не будзе каму. Думайце, што вы кажаце, ваша міласць, сеньёр цырульнік, гэта вам не бараду галіць і нельга мераць усіх на адзін капыл. Кажу я гэта таму, што ўсе мы тут адзін аднаго ведаем, і няма чаго мне галаву дурыць. А што мой пан быццам бы зачараваны, то бог праўду бача, а мы пакуль памаўчым, таму лепш гэтага не чапаць.

Цырульнік, баючыся, што з-за прастадушнасці Санча адкрыецца тое, што ён і свяшчэннік так рупна стараліся схаваць, не стаў адказваць яму; і з гэтай жа самай прычыны свяшчэннік прапанаваў каноніку праехаць з ім наперад, — ён, маўляў, паведае яму тайну таго, хто сядзеў у клетцы і раскажа яшчэ сёе-тое забаўнае. Канонік выказаў згоду і, праехаўшы разам са сваімі слугамі і свяшчэннікам наперад, уважліва выслухаў усё, што той расказаў аб званні, нораве, спосабе жыцця і вар’яцтве Дон Кіхота, коратка спыніўшыся на першапрычыне яго вар’яцтва, а таксама на ўсіх яго прыгодах, аж да таго, як ён быў пасаджаны ў клетку, і расказаўшы каноніку аб сваім намеры адвезці яго дамоў і там ужо ўзяцца за яго лячэнне. Слухаючы незвычайную гісторыю Дон Кіхота, канонік і яго людзі дзівіліся; паслухаўшы ж яе, канонік сказаў:

— Прызнаюся, сеньёр свяшчэннік, я цалкам упэўнены, што так званыя рыцарскія раманы прыносяць дзяржаве шкоду. І хоць, апанаваны пустой і падманнай цікаўнасцю, я прачытаў пачаткі амаль усіх выдадзеных раманаў, але так і не мог прымусіць сябе дачытаць хоць бы адзін з іх да канца, бо я лічу, што ўсе яны ўвогуле на адзін манер і ў адным — тое ж, што і ў другім, а ў другім — тое ж, што і ў трэцім. Асноўная мэта такіх раманаў — прыносіць асалоду, але наўрад ці яны яе дасягаюць, бо ў іх шмат неверагоднай бязглуздзіцы. Між тым душа атрымлівае асалоду толькі тады, калі ў з’явах, што паўстаюць перад вачамі нашымі ці ўяўленнем, яна бачыць і сузірае прыгажосць і стройнасць, а ўсё пачварнае і неадпаведнае ніякага задавальнення прынесці не можа. А калі так, то якая ж можа быць прыгажосць і адпаведнасць частак з цэлым і цэлага з часткамі ў рамане ці аповесці, дзе велікана ростам з вежу шаснаццацігадовы юнак разразае мячом напалам, быццам ён з пернікавага цеста, і дзе сам аўтар, апісваючы бітву, паведамляе, што сілы ворага складаліся з мільёна воінаў, але таму што супраць іх выступіў галоўны герой, то мы хочам ці не хочам, воляй-няволяй павінны верыць, што рыцар гэты дасягнуў перамогі адной толькі доблесцю магутнай сваёй рукі? Хто, апрача абмежаваных розумам і грубых, атрымае задавальненне, чытаючы аб тым, што велізарная вежа з рыцарамі плавае па моры, быццам карабель пры спадарожным ветры, і начуе ў Ламбардыі, світанак сустракае на зямлі прэсвітэра Іаана Індыйскага116,а то яшчэ і на такой, якую ні Пталемей117 не апісваў, ні Марка Пола118 не бачыў? Мне могуць запярэчыць, што аўтары рыцарскіх раманаў так і пішуць іх, як рэчы прыдуманыя, а таму яны, маўляў, не абавязаны прытрымлівацца ўсіх тонкасцей і гнацца за праўдападобнасцю, — я ж на гэта скажу, што выдумка тым лепшая, чым яна больш праўдападобная, і тым больш радасная, чым больш у ёй магчымага і верагоднага. Творы, заснаваныя на выдумцы, павінны быць даступнымі для разумення чытачоў, іх патрэбна пісаць так, каб спрашчаючы неверагоднасці, згладжваючы перабольшванні і прыцягваючы ўвагу, яны здзіўлялі, захаплялі, зачароўвалі і забаўлялі такім чынам, каб здзіўленне і захапленне ішлі поруч. Але ўсяго гэтага не можа дасягнуць той, хто пазбягае праўдападабенства ды імітацыі прыроды, а ў іх якраз і заключаецца дасканаласць твора. Я не ведаю ніводнага рыцарскага рамана, дзе б усе часткі апавядання складалі адзінае цела, так, каб сярэдзіна адпавядала пачатку, а канец — пачатку і сярэдзіне, — усе яны складаюцца з такой колькасці частак, што здаецца, быццам пісьменнік замест добра складзенай фігуры задумаў стварыць нейкае страшыдла або пачвару. Апрача таго, стыль у такіх раманах грубы, подзвігі непраўдападобныя, ветлівасць нязграбная, бітвы стамляльныя, развагі недарэчныя, падарожжы бязглуздыя, — адным словам, з разумным мастацтвам яны нічога агульнага не маюць і з гэтай прычыны падлягаюць выгнанню з хрысціянскай дзяржавы нароўні з людзьмі бескарыснымі.

Свяшчэннік выслухаў яго вельмі ўважліва і вырашыў, што гэта чалавек разумны і што ён мае рацыю, а таму аб’явіў, што прытрымліваецца такога ж меркавання і што ад нянавісці да рыцарскіх раманаў, ён, свяшчэннік, спаліў усе кнігі Дон Кіхота, якіх было вельмі многа. І тут ён расказаў каноніку, як аглядаў іх і якія з іх спаліў, а якія памілаваў; канонік жа нямала смяяўся, а затым выказаў тую думку, што рыцарскія раманы з усімі адзначанымі ім недахопамі валодаюць адной станоўчай уласцівасцю: яны дазваляюць сталаму розуму праявіць сябе, бо яны адкрываюць перад ім шырокі і вольны прастор, дзе пяро можа бегчы свабодна, апісваючы караблекрушэнні, буры, паядынкі, бітвы; паказваючы доблеснага палкаводца, які валодае ўсімі неабходнымі для таго, каб быць такім, якасцямі: прадбачлівага, калі патрэбна разгадаць хітрыкі ворага, красамоўнага, калі патрэбна пераканаць салдат, мудрага ў сваіх парадах, быстрага ў рашэннях, такога ж храбрага ў абароне, як і ў нападзе; апісваючы то сумныя і трагічныя выпадкі, то падзеі радасныя і нечаканыя, то найчароўную даму, дабрадзейную, разважлівую і абачлівую, то рыцара-хрысціяніна, адважнага і пачцівага, то бессаромнага і грубага выхваляку, то ветлівага гасудара, доблеснага і добра выхаванага; апісваючы прыстойнасць і вернасць васалаў, веліч і шчырасць сеньёраў. Пісьменнік вольны паказаць, што ён ведае астралогію, што ён і цудоўны касмограф, і музыкант, і ў дзяржаўных справах дасведчаны. Ён можа паказаць хітрасць Уліса, бог абаязлівасць Энея, мужнасць Ахіла119, беды Гектара120, здраду Сінона121, сяброўскую адданасць Эўрыяла122, шчодрасць Аляксандра Македонскага, доблесць Цэзара, міласэрнасць і праўдзівасць Траяна123, пастаянства Запіра124, мудрасць Катона125, — адным словам, усе тыя якасці, якія робяць славутых дзеячаў дасканалымі, і надзяліць імі аднаго героя або размеркаваць іх паміж некалькімі. І калі пры гэтым яшчэ чысціня стылю і выразнасць фантазіі, якая стараецца трымацца як мага бліжэй да ісціны, то яму бясспрэчна ўдасца вырабіць тканіну, сатканую з рознакаляровых і цудоўных нітак, — тканіну, якая ў закончаным выглядзе будзе адзначана адбіткам дасканаласці і прыгажосці, і такім чынам ён дасягне вышэйшай мэты пісьменніцтва, a іменна, як ужо было сказана, навучаць і прыносіць асалоду адначасова.


Раздзел XXVI, у якім прыводзіцца дзелавітая размова паміж Санча Пансам і яго панам Дон Кіхотам

У гэты час размову каноніка са свяшчэннікам перапыніў цырульнік, які, дагнаўшы іх, сказаў свяшчэнніку:

— Сеньёр лідэнцыят, вось тое месца, дзе і нам, як я ўжо казаў, не дрэнна было б папалуднаваць, і валы знойдуць сабе пашу, багатую свежай травой.

— І я гэтак жа мяркую, — зазначыў свяшчэннік.

Ён паведаміў аб сваім намеры каноніку; канонік,зачараваны краявідам багатай даліны, які адкрываўся яго вачам, сказаў, што ён таксама застаецца. I вось, каб атрымаць асалоду ад гэтага краявіду, а таксама ад размовы са свяшчэннікам, да якога ён адчуў сімпатыю, а таксама каб даведацца ва ўсіх падрабязнасцях аб подзвігах Дон Кіхота, загадаў ён некалькім сваім слугам дайсці да заезнага дома, што знаходзіўся непадалёк адсюль, і прынесці для ўсіх чаго-небудзь з ежы, бо палуднаваць ён, маўляў, мае намер тут; слуга ж яму на гэта сказаў, што абозны іх мул, напэўна, цяпер на двары заезнага дома, харчоў жа на ім, нібы, дастаткова, таму ў заезным доме давядзецца купіць толькі аўса для мулаў.

— Тады так, — сказаў канонік, — адвядзіце туды ўсіх нашых мулаў, а сюды прывядзіце абознага.

Пакуль яны размаўлялі аб гэтым, Санча, бачачы, што свяшчэннік з цырульнікам, якія былі для яго падазронымі, адлучыліся і што цяпер яму самы час паразмаўляць з Дон Кіхотам, наблізіўся да клеткі, дзе сядзеў яго пан і сказаў:

— Сеньёр, для ўласнага заспакаення я павінен з вамі пагаварыць наконт вашай зачараванасці. Справа заключаецца ў тым, што вунь тыя, у масках, не хто іншыя, як свяшчэннік з нашай вёскі і цырульнік, і мне здаецца, што гэта яны ад зайздрасці надумалі так адвезці вас, таму што слаўныя вашы подзвігі не даюць ім спаць. Калі ж мая здагадка справядлівая, то выходзіць, што вас не зачаравалі, а абдурылі.

— Што тычыцца таго, быццам тыя два, якія едуць з намі, — свяшчэннік і цырульнік, нашы знаёмыя і суайчыннікі, — сказаў Дон Кіхот, — то зусім можа быць, што яны табе такімі здаюцца, але ты ні ў якім разе не павінен думаць, што гэта і на самай справе так. Ты павінен думаць і павінен зразумець, што калі яны, па-твойму, падобныя на свяшчэнніка і цырульніка, значыць тыя, хто мяне зачараваў, набылі аблічча іх і падабенства. Чараўнікам нічога не варта набыць любое аблічча, аблічча ж нашых сяброў яны набылі для таго, каб прымусіць цябе думаць так, як ты на самай справе і думаеш, і завесці цябе ў лабірынт летуценняў, з якога табе не выбрацца, хоць бы ў руках у цябе была Тызеева нітка. І яшчэ для таго яны гэта зрабілі, каб розум мой памутнеў і я не мог здагадацца, адкуль на мяне звалілася гэта няшчасце. Калі ж, з аднаго боку, ты мне кажаш, што мяне суправаджаюць цырульнік і свяшчэннік з нашай вёскі, а, з другога боку, я бачу, што мяне трымаюць у клетцы, і цвёрда ведаю, што толькі звышнатуральныя сілы, але ніяк не чалавечыя маглі пасадзіць мяне ў клетку, то ці магу я штосьці яшчэ сказаць ці падумаць, апрача таго, што спосаб, якім мяне зачаравалі, перавышае ўсё, што мне даводзілася чытаць у кнігах аб тым, як зачароўвалі вандроўных рыцараў? І, зыходзячы з гэтай акалічнасці, ты смела можаш пра гэта забыць і не думаць, бо яны такія ж свяшчэннік і цырульнік, як я турак.

— Прасвятая матка боская! — немым голасам закрычаў Санча. — Няўжо вы, ваша міласць, такі тупіца і такі бесталковы, што не разумееце, наколькі я маю рацыю і што ў вашым паланенні і няшчасці вінавата больш вераломства, чым чараўніцтва? Няўжо вы будзеце адмаўляць, што калі чалавеку нездаровіцца, то пра яго звычайна кажуць так: “He ведаю, што з ім такое, не есць, не п’е, не спіць, адказвае неўпапад, нібы хто яго зачараваў”? Значыць тыя, хто не ядуць, не п’юць, не спяць, тыя і ёсць зачараваныя, а зусім не такі чалавек, які, як, напрыклад, ваша міласць, п’е, калі яму даюць, есць, калі ў яго што-небудзь ёсць, і адказвае на любыя пытанні?

— Гэта праўда, Санча, — заўважыў Дон Кіхот. — Але я ўжо табе казаў, што існуе шмат спосабаў чараўніцтва, і можа быць, што з цягам часу яны змяніліся іншымі і што цяпер прымяняецца такі, пры якім зачараваныя робяць усё, што раблю я і чаго не рабілі раней. Так што супраць духу часу ісці не варта і няма патрэбы рабіць з гэтага якія-небудзь вывады. Я ведаю і стаю на тым, што я зачараваны, і таму сумленне маё спакойнае, а яно ж з’едліва ставілася б да мяне, калі б я лічыў, што я не зачараваны, а проста ад ляноты з-за боязі не выходжу з клеткі і тым самым пазбаўляю абароны многіх бяздольных і прыгнечаных, якія адчуваюць у гэты самы час вялікую і надзённую патрэбу ў маёй дапамозе і ў заступніцтве.

— Як бы там ні было, — запярэчыў Санча, — для большага ж дабрабыту і спакою вашай міласці добра, калі б вы пастараліся выйсці з гэтай турмы, — а я са свайго боку абавязваюся зрабіць усё, што ад мяне залежыць і нават уласнаручна вызваліць вас адсюль, — і паспрабавалі зноў сесці на добрага свайго Расінанта, які таксама, як відаць, зачараваны; вунь ён які сумны і панылы. А потым мы зноў паспрабуем шчасця і пашукаем прыгод. Калі ж нам не пашанцуе, то вярнуцца ў клетку мы заўсёды паспеем, і я абяцаю вам, як належыць добраму і вернаму збраяносцу, сесці ў клетку разам з вашай міласцю ў выпадку, калі вы, ваша міласць, будзеце такім няўдачлівым, а я такім прастаком, што ў нас нічога не атрымаецца.

— Я не супраць зрабіць так, як ты прапаноўваеш, брат Санча, — зазначыў Дон Кіхот, — і як толькі ў цябе з’явіцца магчымасць вызваліць мяне, я поўнасцю і цалкам падпарадкуюся табе. І ўсё ж ты пераканаешся, Санча, у памылковасці свайго ўяўлення аб маім няшчасці.

У такім духу размаўлялі вандроўны наш рыцар і яго збраяносец, які таксама быў дзіваком, і нарэшце прыбылі туды, дзе, ужо пазлазіўшы з мулаў, іх чакалі свяшчэннік, канонік і цырульнік. Вазак адразу ж распрог валоў і пусціў іх пагуляць на волі ў гэтым зялёным і прыветлівым полі, прахалода якога вабіла нацешыцца ёю такіх зачараваных асоб, як Дон Кіхот, і такіх разважлівых і разумных, як яго збраяносец, які папрасіў свяшчэнніка дазволіць яго пану выйсці часова з клеткі. Свяшчэннік сказаў, што ён вельмі ахвотна выканаў бы яго просьбу, калі б не баяўся, што яго пан, апынуўшыся на свабодзе, зноў возьмецца за сваё — і толькі, маўляў, яго і бачылі.

— Я ручаюся, што ён не ўцячэ, — сказаў Санча.

— Я таксама, — сказаў канонік, — асабліва калі ён дасць мне слова рыцара без нашага дазволу нікуды адсюль не ісці.

— Даю, — прамовіў Дон Кіхот, які чуў усю гэту размову. — Тым больш што чалавек зачараваны, як, напрыклад, я, сабе не належыць, бо той, хто яго зачараваў, можа зрабіць так, што ён трыста гадоў прастаіць на адным месцы, а калі і ўцячэ, то яго ўсё роўна вернуць назад па паветры.

Канонік узяў яго за руку і пад слова гонару выпусціў з клеткі, чаму той невымоўна і надзвычай узрадаваўся; перш за ўсё ён пацягнуўся, а затым наблізіўся да Расінанта і, пагладзіўшы яго, сказаў:

— Я ўсё ж спадзяюся, што богі прачыстая яго маці хутка выканаюць нашы з табой жаданні, о краса ілюстэрка коней, і ты зноў будзеш вазіць на сабе свайго пана, а я вярхом на табе зноў пачну справу, дзеля якой бог нарадзіў мяне на свет.


Раздзел XXVII. Аб дасціпнай спрэчцы, якая адбылася паміж Дон Кіхотам і канонікам,і аб надзвычайнай прыгодзе з паломнікамі,якую Дон Кіхот, добра папацеўшы,давёў да пераможнага канца

Канонік глядзеў на Дон Кіхота, і незвычайнасць вялікага гэтага вар’яцтва здзіўляла яго, бо ўсе разважанні і адказы Дон Кіхота мелі цвярозы сэнс; толькі калі справа тычылася рыцарства, ён, як ужо не раз было сказана, пачынаў несці бязглуздзіцу. І вось, калі ў чаканні харчоў, што былі ў каноніка, усе размясціліся на зялёнай траўцы, ён, спачуваючы Дон Кіхоту, загаварыў з ім:

— Няўжо, сеньёр гідальга, чытанне агідных і пустых рыцарскіх раманаў так на вас падзейнічала, што вы з глузду з’ехалі і ўявілі, быццам хтосьці вас зачараваў і іншае да таго падобнае, такое ж далёкае ад сапраўднай рэчаіснасці, як хлусня далёкая ад ісціны? І як мог чалавечы розум дапусціць, што была калісьці цэлая прорва ўсялякіх Амадысаў, гэтых найславутых рыцараў, што былі ўсе гэтыя імператары Тралезундскія, Фелісмарты Гірканскія, інаходцы, вандроўныя дзяўчаты, змеі, веліканы, небывалыя прыгоды, усялякія чараўніцтвы, бітвы, гарачыя сутычкі, мудрагелістыя ўборы, закаханыя прынцэсы, прызнанні ў каханні, смелыя жанчыны — словам, розная лухта, якою напоўнены рыцарскія раманы? Пра сябе магу сказаць, што пакуль я іх чытаю, не думаючы аб тым, што ўсё гэта — хлусня, што ўсё гэта — пустое, я яшчэ атрымліваю пэўнае задавальненне, але як толькі я сабе ўяўлю, што гэта такое, то мне тады нічога не каштуе стукнуць лепшы з іх аб сцяну, а калі б у мяне ў гэту хвіліну гарэў агонь, я б і ў агонь іх пашпурляў. I яны на самай справе заслугоўваюць такога пакарання, бо ўсё гэта — выдумкі і небыліцы, і паводзіны іх герояў неадпавядаюць рэчаіснасці; бо яны ствараюць новыя секты і новыя правілы жыцця; бо некультурная чэрнь верыць усёй гэтай лухце і прымае яе за ісціну. I аўтары гэтых раманаў яшчэ маюць нахабства бянтэжыць розумы разважных і высакародных гідальга, як гэта мы бачым на прыкладзе вашай міласці, бо яны давялі вас да такой крайнасці, што давялося засадзіць вас у клетку і везці на валах, накшталт таго, як возяць з месца на месца тыграў і львоў і паказваюць іх за грошы. Досыць жа, сеньёр Дон Кіхот, пашкадуйце сябе, вярніцеся ў лона розуму і скіруйце на дабро свае светлыя веды, якімі неба надзяліла вас!

З вялікай увагай слухаў Дон Кіхот разважанні каноніка, і калі той скончыў, ён паглядзеў на яго працяглым позіркам і сказаў:

— Здаецца мне, сеньёр гідальга, што міласць ваша вяла размову да таго, каб пераканаць мяне, быццам вандроўных рыцараў ніколі не было, быццам усе рыцарскія раманы — суцэльная выдумка і хлусня, а для дзяржавы яны бескарысныя і нават шкодныя, і нядобра, маўляў, з майго боку, што я чытаў іх, яшчэ горш — што верыў ім і зусім дрэнна — што браў з іх прыклад, стаўшы на нялёгкі шлях вандроўнага рыцарства, на які яны скіроўваюць, бо, па-вашаму, не было на свеце абодвух Амадысаў — ні Гальскага, ні Грэчаскага — і нікога з рыцараў, якімі творы гэтыя напоўнены.

— Ваша міласць вельмі правільна зразумела маю думку, — сказаў на гэта канонік.

— Я ж са свайго боку лічу, — працягваў Дон Кіхот, — што звар’яцеў і зачараваны не я, а ваша міласць, бо вы дазволілі сабе вывергнуць ганьбу на штосьці такое, што ўвесь свет прызнае і лічыць за ісціну. Хто ж гэта адмаўляе, — а ваша міласць гэта адмаўляла, — той заслугоўвае якраз такога ж пакарання, якім ваша міласць, як вы самі сказалі, карае раманы, што вам не спадабаліся. Бо пераконваць каго б там ні было, што Амадыс не існаваў, а таксама ўсе іншыя рыцары, якія шукалі прыгод, такіх жа, як на старонках раманаў, — гэта тое ж самае, што спрабаваць даказаць, быццам сонца не свеціць, лёд не халодзіць, а зямля не трымае. І ці адшукаецца такі чалавек, які здолее каму-небудзь даказаць, нібы ўсё, што ў часы Карла Вялікага здзейсніў на Мантыбльскім мосце Ферабрас, быццам усё гэта няпраўда, тады як я душу сваю аддам у заклад, што гэта такая ж праўда, як тое, што зараз дзень? А калі гэта хлусня, значыць не было ні Гектора, ні Ахіла, ні Траянскай вайны, ні Дванаццаці Пэраў Францыі, ні караля Артура Англійскага, які быў ператвораны ў крумкача і не вызвалены ад чараў да гэтага часу, між тым як у родным каралеўстве яго чакаюць з хвіліны на хвіліну. Бадай, адважацца таксама сцвярджаць, што небыліцы — пошукі свяшчэннага Грааля126, што непраўдзівае каханне Трыстана і каралевы Ізольды127, таксама як Джынеўры і Ланцэлота. Значыць, гэтыя кнігі, што друкаваліся з дазволу каралёў, ухваленыя тымі, каму яны былі аддадзены на прагляд, і якія з аднолькавым задавальненнем і пахвалой чытаюць і старыя і малыя, і бедныя і багатыя, і вучоныя і невукі, і плебеі і дваране, адным словам, людзі розных чыноў і званняў — суцэльная хлусня, нягледзячы на ўсё іх праўдападабенства, нягледзячы на тое, што мы ведаем бацьку, маці, сваякоў, месца нараджэння, узрост таго ці іншага рыцара і нам падрабязна, дзень за днём, апісваюць яго жыццё і подзвігі з абавязковым вызначэннем месца, дзе яны былі ажыццёўлены?

Досыць, ваша міласць, не блюзнерце! Паверце, што да парады, якую я вам даў, павінен прыслухацца кожны разумны чалавек. Лепш перачытайце іх, і вы ўбачыце, якое задавальненне прыносіць такое чытанне. He, праўда, скажыце, што можа быць больш захапляльным, калі мы нібы бачым перад сабой велізарнае возера спякотнай булькатлівай смалы, у якім плаваюць і кішаць незлічоныя змеі, вужы, яшчаркі і многія іншыя страшныя і лютыя гады, а з глыбіні яго даносіцца голас, поўны глыбокай тугі: Хто б ні быў ты, о рыцар, які глядзіць на гэта жахлівае возера, — калі хочаш здабыць скарбы, што схаваны пад яго чорнаю вадою, то пакажы веліч бясстрашнага твайго духу і апусціся ў гэту вогненную і чорную вільгаць, бо толькі пры гэтай умове зможаш ты ўбачыць дзіўныя цуды, што знаходзяцца ў сямі фей, якія жывуць у гэтай змрочнай бездані”? Варта рыцару пачуць гэты дрыготкі голас, і ён, не разважаючы і не думаючы аб небяспеках, нават не вызваліўшыся ад цяжару сваіх даспехаў, даручыўшы сябе богу і сваёй пані, кідаецца ў глыбіню бурлівага возера, і раптам нечакана-негадана перад ім — квітнеючыя палі, пасля якіх на палі Елісейскія і глядзець не захочаш. І здаецца яму, што неба тут больш празрыстае, сонечнае святло — першароднай яркасці, перад вачамі паўстае ўтульны гай, дзе зялёныя і галінастыя дрэвы лашчаць сваёй лістотай, а слых песціць салодкі і жывы спеў шматлікіх стракатых маленькіх птушачак, якія пырхаюць у гушчары. Тут заўважае ён крыніцу, халаднаватыя струмені якой, быццам імклівы крышталь, бягуць па дробным пяску і белых каменьчыках, падобных на прасеянае золата і чысты жэмчуг. Вось штучны вадаём з рознакаляровай яшмы і паліраванага мармуру, а вунь другі, у выглядзе грота, дзе параскіданыя бязладна дробныя ракавіны і выгнутыя белыя і жоўтыя домікі куклянак упярэмешку з кавалачкамі бліскучага крышталю і падробнымі ізумрудамі разам утвараюць мудрагелісты ўзор, такі, што здаецца, быццам мастацтва, наследуючы прыродзе, у той жа час перамагае яе. Тут раптам паўстае перад позіркам умацаваны замак або раскошны палац, сцены якога — з літога золата, зубцы — алмазы, вароты — з гіяцынту, і хоць ён збудаваны не з чаго-небудзь, а з алмазаў, карбункулаў, рубінаў, жэмчугу, золата і ізумрудаў, аднак жа цудоўная яго пабудова заслугоўвае яшчэ большага здзіўлення. Што ж яшчэ пасля ўсяго гэтага нам застаецца ўбачыць? Хіба дзяўчат, якія доўгім гужам выходзяць з варот замка і адзенне якіх адрозніваецца такім багаццем і пышнасцю, што калі б я ўзяўся апісаць іх на манер аўтараў рыцарскіх раманаў, то ніколі б не скончыў, і як самая з іх, відаць, галоўная возьме за руку рыцара, што адважна кінуўся ў булькатлівае возера, і моўчкі адвядзе яго ў дзівосны палац, дзе так прыгожа накрыты сталы, што ён толькі любуецца і здзіўляецца? Як на рукі льюць яму ваду з дамешкам амбры і соку духмяных кветак? Як садзяць яго ў крэсла са слановай косці? Як прыслужваюць яму ўсе дзяўчаты, захоўваючы глыбокае маўчанне? Як прыносяць яму мноства страў, такіх смачных, што не ведаеш, да якой з іх працягнуць руку? Хіба паслухаць яшчэ музыку, што іграе на гэтым банкеце, прычым невядома, хто іграе і адкуль яна даносіцца? Нарэшце, калі баляванне скончыцца і са сталоў прыбяруць, паглядзець яшчэ хіба, як знянацку выйдзе дзяўчына, прыгажэйшая за тых, якіх ён бачыў раней, сядзе з ім побач і пачне расказваць, які гэта замак, як яе тут зачаравалі і аб многім іншым, і аповед яе выкліча ў рыцара здзіўленне, а чытачоў гэтай гісторыі прывядзе ў захапленне? Я не хачу больш аб гэтым доўга гаварыць, бо сказанага мною дастаткова, каб зрабіць вывад, што любая частка кожнай кнігі аб вандроўных рыцарах можа прынесці задавальненне і асалоду кожнаму чытачу. Так што вы, ваша міласць, мне паверце і — яшчэ раз паўтараю — раманы гэтыя перачытайце, і яны развеюць ваш сум і вы павесялееце, калі да гэтага ў вас быў дрэнны настрой. Пра сябе магу сказаць, што з таго часу як я стаў вандроўным рыцарам, я храбры, прыязны, шчодры, добра выхаваны, велікадушны, пачцівы, адважны, рахманы, цярплівы і пакорліва пераношу і палон, і цяжкасці, і чараўніцтва. І хоць зусім нядаўна мяне палічылі за вар’ята і пасадзілі ў клетку, усё ж я спадзяюся, калі толькі неба будзе да мяне прыхільным і не варожай Фартуна, з дапамогай доблеснай маёй рукі не доўга стаць каралём. Вось калі ўсе ўбачаць, які я спагадлівы і шчодры, бо, шчыра кажучы, сеньёр, шчодрасць — гэта такая дабрачыннасць, якую бядняк ні на кім праявіць не здольны, хоць бы яна была рысай яго характару, спагадлівасць жа, якая далей за добрыя намеры не ідзе, такая ж мёртвая, як мёртвая вера без спраў. Таму я і хацеў бы, каб Фартуна як мага хутчэй дала мне магчымасць стаць імператарам, — я б тады паказаў, якое ў мяне сэрца, і ашчаслівіў маіх сяброў, асабліва небараку Санча Пансу, майго збраяносца, найцудоўнага чалавека, якога я толькі ведаю, і мне б хацелася падараваць яму графства, якое я даўно яму абяцаў, — вось толькі я баюся, што ў яго няма кемнасці, каб ім кіраваць.

Санча пачуў толькі гэтыя апошнія словы свайго пана і сказаў яму:

— Вы толькі патурбуйцеся, сеньёр Дон Кіхот, выдзеліць мне гэта графства, якое ваша міласць так цвёрда мне абяцала і якога я вельмі чакаю, а ўжо я вам ручаюся, што ў мяне хопіць кемнасці ім кіраваць. A калі не хопіць, то я чуў, што ёсць на свеце такія людзі, якія бяруць у арэнду маёнткі сеньёраў, некалькі там плацяць за гэта ў год і бяруць на сябе абавязкі кіраваць імі, сеньёр жа ляжыць сабе на баку, жыве за кошт арэнднай платы і ні аб чым не клапоціцца. Вось так я і зраблю: дурыць сабе галаву не буду, а тут жа здам усе справы і буду жыць на арэндную плату, як той герцаг, а ўжо яны там як хочуць.

— Так разважаць можна толькі аб даходах, брат Санча, — запярэчыў канонік, — але суд чыніць абавязаны сам уладальнік маёнтка. I вось тут якраз неабходны кемнасць і цвярозы сэнс, а галоўнае, шчырае жаданне вырашыць справу па справядлівасці: калі ж яго не мець у самым пачатку, то і ў сярэдзіне і ў канцы выйдзе блытаніна, таму што бог садзейнічае добрым жаданням прастадушных і губіць нядобрыя жаданні мудрацоў.

— Гэта філасофія — не майго розуму справа, — заўважыў Санча Панса. — Я ведаю адно: толькі б мне атрымаць графства, а ўжо кіраваць якраз я ім здолею, — душы ў мяне столькі, колькі ва ўсіх, а цела нават больш, і кіраваў бы я сваім маёнткам не горш за любога караля; стаўшы ж каралём у сваім маёнтку, я буду рабіць што хачу, робячы ж што хачу, я буду жыць для сваёй асалоды, жывучы ж для сваёй асалоды, я буду на вышыні шчасця, таму і жадаць няма чаго, a калі няма чаго жадаць, дык і справе канец, і каб толькі хутчэй графства, а там сляпы сказаў: “Паглядзім”.

— Што тычыцца тваёй філасофіі, Санча, то яна нядрэнная, аднак жа, разам з тым, наконт графства многае яшчэ можна было б сказаць.

Але Дон Кіхот запярэчыў каноніку:

— He ведаю, што тут яшчэ можна сказаць. Я асабіста прытрымліваюся прыкладу вялікага Амадыса Гальскага, які зрабіў свайго збраяносца графам вострава Мацерыковага. Такім чынам, я без усялякага сораму магу рабіць графам Санча Пансу, аднаго з лепшых збраяносцаў, якія калі-небудзь знаходзіліся на службе ў вандроўных рыцараў.

Каноніка ўразіла тая звязная бязглуздзіца, якой з’яўляліся разважанні Дон Кіхота, і тое, як ён апісваў прыгоды Рыцара Возера, і тое ўражанне, якое зрабілі на яго хітрасплеценыя небыліцы, якіх ён начытаўся, і яшчэ здзіўляла каноніка прастадушнасць Санча, які так прагна жадаў атрымаць графства, абяцанае яму яго панам. Тым часам вярнуліся слугі каноніка, якіх той пасылаў у заезны дом па абознага мула, і каб вазак, як ужо было сказана, выкарыстаў гэту выдатную пашу, усе размясціліся ў цяньку і пачалі перакусваць, прычым абедзенны стол замянялі ім дыван і зялёная лугавая трава. І вось у час трапезы нечакана пачулі яны гук трубы, такі нудны, што ўсе міжволі павярнулі галовы ў той бок, адкуль ён далятаў; аднак жа больш за ўсіх перапалохаўся, пачуўшы яго, Дон Кіхот. Ён ускочыў, павярнуў галаву, куды і ўсе, і раптам убачыў, што з узгорка спускаецца шмат людзей у белым. Трэба адзначыць, што ў той год доўгі час не было дажджу і ва ўсіх навакольных вёсках наладжваліся працэсіі, адбываліся малебны і пакаянні, каб бог адчыніў дзверы міласэрнасці сваёй і паслаў дождж; з гэтай акалічнасці жыхары бліжэйшай вёскі ажыццяўлялі паломніцтва да адной шануемай імі капліцы, што стаяла на горцы.

У Дон Кіхота, як толькі ён звярнуў увагу на незвычайнае іх адзенне, вылецела з галавы, што яму неаднойчы даводзілася бачыць такія працэсіі, — наадварот, ён уявіў сабе, што тут пахне прыгодай, у якой яму, як вандроўнаму рыцару, належыць прыняць самы дзейсны ўдзел; і яшчэ больш умацавалася ў ім гэта меркаванне, таму што статую пад жалобным покрывам, якую неслі гэтыя людзі, ён палічыў за нейкую знатную сеньёру, якую выкрадаюць нахабнікі і пачварныя ліхадзеі; і як толькі гэта яму прыйшло ў галаву, ён з надзвычайнай лёгкасцю падбегда Расінанта і, звяртаючыся да ўсіх прысутных, гучным голасам прамовіў:

— Зараз, цёплая кампанія, вы зразумееце, як важна, каб на свеце існавалі кавальера, якія належаць да ордэна вандроўнага рыцарства! Зараз, паўтараю, з’явіўшыся сведкамі вызвалення шаноўнай гэтай сеньёры, якую вядуць у палон, вы ўцяміце, ці заслугоўваюць павагі вандроўныя рыцары.

З гэтымі словамі ён з-за адсутнасці шпор уваткнуў пяткі ў бакі Расінанту, і той стрымгалоў паскакаў насустрач працэсіі, нягледзячы на тое, што свяшчэннік, канонік і цырульнік усяляк стараліся яго ўтрымаць, але, зразумела, марна, бо на яго не падзейнічалі нават крыкі Санча, які заклікаў яго:

— Куды вы, сеньёр Дон Кіхот? Якія чэрці ў вас усяліліся і падбухторваюць ісці супраць нашай каталіцкай веры? Ды зразумейце ж вы, ліха мяне бяры, што гэта звычайная працэсія і што сеньёра, якую нясуць на падстаўцы, — гэта свяшчэнны вобраз найбязгрэшнай дзевы. Падумайце, сеньёр, што вы робіце — на гэты раз дакладна можна сказаць, што вы самі таго не ведаеце.

Санча стараўся дарэмна, бо яго пан быў так захоплены думкай хутчэй пад’ехаць да балахонаў і вызваліць адзетую ў жалобу сеньёру, што не чуў ніводнага слова, а калі б нават і чуў, то ўсё роўна не павярнуў бы назад, хаця б гэта яму загадаў сам кароль. Нарэшце ён наблізіўся да працэсіі і спыніў Расінанта, які ўжо цешыў сябе надзеяй на адпачынак, і хрыплым ад хвалявання голасам прамовіў:

— Вы, якія хаваюць свае твары, па ўсёй верагоднасці таму, што ў вас заплямлена сумленне, слухайце ўважліва тое, што я вам зараз скажу.

Тыя, што неслі статую, спыніліся першыя, а адзін з чатырох псаломшчыкаў, які заўважыў дзіўны выгляд Дон Кіхота, худзізну Расінанта і іншыя выяўленыя і прыкмечаныя ім смешныя рысы Дон Кіхота, адказаў так:

— Сеньёр мой і брат, калі вы хочаце нам штосьці сказаць, то кажыце хутчэй, бо мы не можам, ды і няма чаго нам спыняцца і нешта там слухаць, хіба штосьці вельмі кароткае, такое, што можна сказаць у двух словах.

— Ды я вам гэта ў адным слове скажу, — запярэчыў Дон Кіхот, — а іменна: ніколькі не марудзячы, вызваліце чароўную гэту сеньёру, чые слёзы і сумны выгляд ясна паказваюць, што вы несяце яе гвалтам і што вы яе нечым глыбока зняважылі; я ж, з’явіўшыся на свет для таго, каб выкараняць такія злачынствы, не дазволю вам і кроку зрабіць, пакуль, абараняючы яе, не вярну ёй жаданую і заслужаную свабоду.

Пачуўшы такое, усе зрабілі вывад, што перад імі вар’ят, і зайшліся ад смеху, смех жа гэты падліў масла ў агонь гневу Дон Кіхота: ні слова не кажучы, рыцар наш выхапіў меч і рушыў да насілак. Адзін з тых, хто нёс статую, памяняўшыся з таварышам і трымаючы над галавой шост, якім падпіраюць насілкі, калі хтосьці з тых, хто нясуць, жадае адпачыць, выйшаў да Дон Кіхота насустрач; і вось па гэтым якраз шасце і прыйшоўся моцны ўдар мяча Дон Кіхота, які рассек яго напалам; аднак жа насільшчык абломкам, што застаўся ў яго руках, так стукнуў Дон Кіхота па той руцэ, у якой ён трымаў меч і якую шчыт не мог закрыць ад грубай сілы, што бедны Дон Кіхот у вельмі бездапаможным стане зваліўся з каня. Санча Панса, які на ўсю моц гнаўся за ім, бачачы, што ён зваліўся, крыкнуў яго праціўніку, каб той больш не біў, бо гэта, маўляў, зачараваны рыцар, які за ўсё сваё жыццё нікому не зрабіў ніякай шкоды. Аднак жа вяскоўца спынілі не крыкі Санча, а тое, што Дон Кіхот не варушыў ні рукой, ні нагой; з гэтай акалічнасці, вырашыўшы, што Дон Кіхот забіты, ён падабраў крыссе свайго балахона і з хуткасцю аленя кінуўся наўцёкі.

Тым часам падаспелі і ўсе астатнія спадарожнікі Дон Кіхота.

Удзельнікі ж працэсіі, бачачы, што тыя лятуць прама на іх, а з імі ўзброеныя стражнікі, і, сцяміўшы, што справы кепскія, скупіліся вакол статуі; і, надзеўшы капюшоны, моцна трымаючы ў руках бізуны, а псаломшчыкі — падсвечнікі, чакалі непрыяцеля з цвёрдым намерам адбіць яго націск, а калі атрымаецца, то і самім перайсці ў наступленне; аднак жа лёс распарадзіўся лепш, чым можна было чакаць, бо Санча, уявіўшы, што пан яго мёртвы, прыпаў да яго цела і вельмі жаласна і пацешна над ім загаласіў. Нашага ж свяшчэнніка пазнаў іншы свяшчэннік, які ішоў з працэсіяй, і гэта акалічнасць супакоіла абодва аднолькава напалоханыя воінствы. Наш свяшчэннік у двух словах растлумачыў іншаму, хто такі Дон Кіхот, і тады той пайшоў паглядзець, ці жывы бедны рыцар, а за ім гуртам павалілі іншыя вяскоўцы і пачулі, што Санча Панса са слязамі на вачах галосіць:

— О краса рыцарства, нітку каштоўнага жыцця якой абарваў адзін толькі ўдар дубінай! О гонар свайго роду, краса і гордасць усёй Ламанчы і ўсяго свету, які пасля тваёй смерці напоўніцца ліхадзеямі, бо ўсе іх злачынствы з гэтага часу будуць заставацца беспакаранымі! О ты, больш шчодры, чым усе Аляксандры на свеце, бо ўсяго толькі за восем месяцаў, што я ў цябе праслужыў, ты падараваў мне лепшы з астравоў, які амывае і акружае мора! Ты глядзеў небяспецы прама ў вочы, не нудзіўся ў бедах, закахаўся ні ў кога, пераймаў добрае, выкараняў дрэннае, караў нягоднікаў, — адным словам, вандроўны рыцар, бо гэтым усё сказана!

Плач і енкі Санча ажывілі Дон Кіхота, і першымі яго словамі былі:

— Хто знаходзіцца ў расстанні з вамі, найсалодкая Дульцынея, той і не такія яшчэ няшчасці церпіць. Дапамажы мне, дружа Санча, сесці на зачараваную павозку, бо я не ў стане трымацца ў Расінантавым сядле па той прычыне, што плячо ў мяне раструшчана.

— З вялікім задавальненнем, васпан мой, — сказаў Санча, — і паедзем жа прама да нас у вёску разам з гэтымі сеньёрамі, якія вам жадаюць дабра, а там ужо мы задумаем новы паход, такі, каб нам ад яго было больш карысці і больш славы.

— Ты маеш рацыю, Санча, — зазначыў Дон Кіхот. — З нашага боку будзе вельмі разважліва, калі мы пачакаем, пакуль міне шкодны ўплыў свяцілаў, якія дзейнічаюць цяпер.

Канонік, свяшчэннік і цырульнік аб’явілі, што лепшага ён нічога не мог бы прыдумаць, і, у поўным захапленні ад прастаты Санча Пансы, пасадзілі Дон Кіхота ва тую ж самую павозку, на якой ён ехаў раней. Удзельнікі працэсіі зноў рушылі стройнымі радамі; стражнікі адмовіліся ехаць далей і свяшчэннік заплаціў ім спаўна. Кавонік папрасіў свяшчэнніка паведаміць яму аб тым, што будзе з Дон Кіхотам: ці вернецца да яго розум, ці ж ён будзе сваволіць і далей, і потым паехаў сваёй дарогай. Адным словам, усе раз’ехаліся ў розныя бакі і хто куды, засталіся толькі свяшчэннік і цырульнік, Дон Кіхот, Санча Панса і добры Расінант, які гэтак жа пакорна пераносіў усё, што б з ім ні здарылася, як і яго гаспадар.

Вазак запрог валоў, пасадзіў Дон Кіхота на ахапак сена і з характэрным для яго спакоем паехаў па той дарозе, якую яму паказаў свяшчэннік, і праз шэсць дзён яны дабраліся да вёскі Дон Кіхота і ўехалі ў яе сярод белага дня, а было гэта якраз у нядзелю, і плошча, праз якую ехала павозка Дон Кіхота, была запоўнена народам. Усе кінуліся глядзець, а нейкі хлапчук пабег сказаць ключніцы яго і пляменніцы, што іх дзядзьку і пана, бледнага і худога, вязуць на валах, подсцілу ж ніякага, апрача ахапка сена. Немагчыма было без шкадавання глядзець на гэтых добрых жанчын, якія галасілі, білі сябе па галаве і пасылалі новыя праклёны гэтым рыцарскім раманам, і ўсё гэта паўтарылася з новай сілай, як толькі ў дзвярах паказаўся Дон Кіхот.

Пачуўшы аб тым, што Дон Кіхот вярнуўся, прыбегла і жонка Санча Пансы, якая ведала, што муж яе паехаў з ім у якасці збраяносца, і, убачыўшы Санча, яна перш за ўсё пацікавілася, ці здаровы асёл. Санча адказаў, што асёл здаравейшы за свайго гаспадара.

— Дзякуй табе, божа, за вялікую тваю ласку, — сказала яна. — Ну а цяпер скажы ж мне, дружочак, ці многа ты зарабіў на сваёй збраяносцы? Абноўку ж ты мне прывёз? А чаравікі дзеткам?

— Нічога такога я, жоначка, не прывёз, — адказаў Санча, — затое я прывёз штосьці больш важнае і істотнае.

— Вось гэтаму я вельмі рада! — заўважыла жонка. — Пакажы ж, дружочак, гэта важнае і істотнае, я хачу паглядзець, тады мая душа будзе задаволена,а то пакуль ты сам бадзяўся цэлую вечнасць, я вельмі замарылася і змучылася.

— Дома пакажу, жонка, — аб’явіў Панса, — а пакуль што суцешся: калі мы, бог дасць, яшчэ раз паедзем шукаць прыгоды, то ты ўбачыш, што я хутка стану графам або губернатарам вострава, ды не якога-небудзь там заняпалага, а самага лепшага.

— Хай бог дае, мужычок, — гэта нам яшчэ як спатрэбіцца. А толькі скажы мне, што такое востраў, я чамусьці не магу дабраць розуму.

— Асла мёдам не кормяць, — адрэзаў Санча. — Прыйдзе час — даведаешся, ды яшчэ рот разявіш, калі твае васалы пачнуць называць цябе ваша яснавяльможнасць.

— Што ты вярзеш, Санча? Якія такія яснавяльможнасці, астравы і васалы? — усклікнула Тэрэса Панса.

— He ўсё адразу, Тэрэса, не спяшайся, досыць і таго, што я сказаў табе праўду, і пакуль трымай язык на прывязі. Між іншым, магу табе сказаць, што няма нічога больш прыемнага, чым быць шаноўным збраяносцам вандроўнага рыцара, шукальніка прыгод. Праўда, часцей за ўсё выпадаюць прыгоды не такія, якіх бы табе хацелася, таму ў дзевяноста дзевяці выпадках са ста ўсё атрымліваецца шыварат-навыварат. Гэта я на сабе зведаў, бо ў адных выпадках мяне падкідвалі на коўдры, у іншых — лупцавалі. Аднак, разам з тым, да чаго ж добра ў чаканні здарэнняў скакаць па гарах, блукаць у лясах, узбірацца на скалы, наведваць замкі, спыняцца ў якіх хочаш заезных дамах і пры гэтым зусім не плаціць за начлег!

Такую размову вялі паміж сабой Санча Панса і яго жонка, а ў гэты час ключніца і пляменніца Дон Кіхота даглядалі яго, распраналі і ўкладвалі на стары ложак. Ён глядзеў на іх блукаючым позіркам і ніяк не мог зразумець, дзе ён знаходзіцца. Свяшчэннік, паведаміўшы пляменніцы, чаго каштавала прывезці яго дамоў, сказаў, каб яна як мага лепш клапацілася пра дзядзьку і каб яны абедзве былі пільнымі,а то ён, маўляў, зноў уцячэ. Тут зноў усчалі яны страшны крык, зноў пачалі праклінаць рыцарскія раманы, зноў пачалі маліць бога, каб аўтары такой хлусні і бязглуздзіцы праваліліся скрозь зямлю. Адным словам, свяшчэннік пакінуў іх збянтэжанымі і перапалоханымі, бо яны лічылі, што як толькі справа пойдзе на папраўку, дзядзька іх і пан адразу ж знікне. І тое, чаго яны баяліся, якраз і здарылася.