КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Плацiнавы абруч [Вольдемар Бааль] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Вольдемар Бааль Плацiнавы абруч

1

Ёсць такое слова «мiтусенне». Яно вось i лезе ў галаву, калi чуеш i справа i злева пра гэтых амiкантактах i хосцiкантактах, гэта значыць, выходзiць, прыязных i непрыязных адносiнах з iншагасцямi. Не дае цяпер людзям супакою даволi вядомая Н-6813! Планета — не планета, штучная — натуральная, i адкуль толькi яна ўзялася ў вашай сiстэме, i хто такiя ноблы, што яе засяляюць, i чаму ноблы, i што iм ад нас трэба. Дыскусii, гiпотэзы… Лепш бы людзям працаваць, а не мiтусiцца. Але працаваць, мабыць, i няма калi — раней трэба, бачыце, пра назвы i разуменнi дамовiцца… Божа! А цi стануць больш таннымi штаны ў краме, калi яны не «ноблы», а «барбы», чэрцi, д'яблы?..

I чэшуць жа языкi — каму не лень, каб толькi выхвалiцца: мы таксама, бачыце, не лыкам шытыя, не цураемся «апошняга слова». Але гэтых i браць пад увагу не варта — iм абы звон ды знешнi выгляд. Але тыя, што рухаюць прагрэс, свяцiлы i прыхiльнiкi, яны хiба не ў той жа моды, не ў таго ж мiтусення пад абцасiкам, пад гэтай лакiраванай шпiлькай, што цокае сабе i цокае па тратуарах, зменiцца пакаленне i — зноў цокаць, як цокала i стагоддзе i два таму назад?.. Вучоныя дзеячы, паважаныя i славутыя, — а калi разабрацца, то суцэльная гульня словамi, як у малых дзяцей. А цi не больш карысна, дазвольце запытацца, прыдумаць формулу, каб, напрыклад, суседзi жылi мiрна?

Не, я не супраць навукова-тэхнiчнай рэвалюцыi цi там прагрэсу, бог з iм, няхай сабе мудрацы адкрываюць розныя часцiнкi, а свяцiлы выводзяць заканамернасцi i чытаюць галаваграмы. Але наўрад, наўрад цi якраз гэта найважнейшы паказчык узроўню нашага быцця. Я — просты, сярэднi грамадзянiн, звычайны член грамадства, i хiба маё самаадчуванне, маё пачуццё такi ўжо другарадны гук у аркестры жыцця?

Назавiце гэта лiрычным адступленнем — але-але, так i лiчыце: пачаў з лiрычнага адступлення. Ваша справа. Не шмат iх тут сабе я дазволiў. Бо я усяго толькi апавядальнiк, i ўсё наступнае — не больш як апавяданне, якога я не мог не напiсаць, бо вельмi паважаю Пасвячонага, гэтага дастойнага i заслужанага чалавека i вучонага, чые «Запiскi» мне пашанцавала трымаць у руках. Калi б не было яго «Запiсак», не было б i гэтага апавядання. Але мушу заявiць, што яго не было б i ў тым выпадку, калi б прыхiльнiкi так званага амiкантакту не паспяшалiся заявiць у адзiн голас, што «Запiскi» — вада на iх млын.

Мала хто чытаў «Запiскi» — большасцi гэта проста недаступна: увесь тыражок пайшоў на гэты iх сiмпозiум (мне экземплярчык дасталi); таму вось больш звону, чым уяўлення — часцей за ўсё мяркуюць па чутках.

Проста здзiўляешся, колькi пустых клопатаў у чалавека! А спытайся, «нашто табе гэта трэба», — i адказаць яму няма чаго. «Усе, маўляў… Ну, i я…» Або пачне што-небудзь пра пярэднi край навукi. Патрэбны ён яму, гэты пярэднi край…

Паўтараю: я паважаю Пасвячонага. Ён — чалавек самавiты, аўтарытэтны, яму вунь рэдкiмi прыладамi дазваляюць карыстацца. I не мне, вядома, тлумачыць i каментаваць яго словы. Але апавядаць, няхай i з лiрычнымi адступленнямi, я ўсё-такi адважыўся. Потым, (каб, з аднаго боку, спынiлiся плёткi, а з другога — астыў запал прыхiльнiкаў розных легкадумных амiкантактаў.

Амiкантакт, разумееце, гэта — сусветнае каханне… А ноблы, мiж iншым, да нас практыкантаў засылаюць…

2

Дык вось у гэтай гiсторыi з дафнiямi замешаны менавiта ноблы, i тым карысныя «Запiскi» Пасвячонага, што якраз i паказваюць, хто яны такiя i чым любяць займацца.

Што мы ведалi?

Мы ведалi, што планету (або што яно там) занесла да нас у суседзi гадоў шэсцьдзесят таму назад, што яна, вiдаць, можа кiравацца, што на сiгналы не адказвае i сама маўчыць, ну i яшчэ дзве-тры дробязi. А цi мы ведаем, з якой мэтай яна з'явiлася ў нашай сiстэме? А цi ведаем, на што нам спадзявацца, калi яны ўздумаюць высадзiць эскадрыллю? А цi зразумела iм будзе, што мы гуманоiды?.. Нiчога мы не ведаем!

Вунь наша Служба Назiрання ў сваiм бюлетэнi пiша: «Н-6813 наблiжаецца да нас i адыходзiць, зусiм знiкаючы з поля дасягальнасцi з перыядычнасцю ад двух да шасцi месяцаў». А мiж тым той жа бюлетэнь у 2036 годзе пiсаў, што Н-6813 «адсутнiчала» цэлых дзесяць месяцаў. Вось дык перыядычнасць!

Пасвячоны даказвае, што ноблы добра пра нас iнфармаваныя i iх намер, як ён лiчыць, «дакладна вызначыць немагчыма». Пры ўсёй павазе, прызнацца, не ўсё мне тут зразумела, не да ўсяго, што расказаў гэты вучоны муж, ляжыць маё сэрца, а некаторыя вывады, шчыра скажу, засмучаюць душу. З гэтай прычыны фразу пра намеры ноблаў, якiя «дакладна вызначыць немагчыма», я ўспрымаю як сур'ёзную перасцярогу.

Пасвячоны бачыў iх не раз яшчэ да той сумятнi з дафнiямi, сумятнi дзiкай i непраўдападобнай, на падставе якой розныя разумнiкi, аматары слоўцаў, адразу ж паспяшалiся абгрунтаваць iдэю пра «арбэвалюцыю» (развiццю па кругу) у супрацьвагу старой «гелэвалюцыi» (развiццю па спiралi). Пасвячоны пiша, што хоць яны падобныя да нас рашуча ўсiм, ён умее пазнаць нобла сярод сотнi чалавекападобных. Перад iх ведамi ён, мабыць, стаiць навыцяжку (няхай не прымуць за непачцiвасць у адносiнах да шаноўнага Пасвячонага). А мне зразумела адно: планета iх перагружана, iм трэба кудысьцi рассяляцца, а ўмовы ў нас i на Н-6813 амаль аднолькавыя. Вось i падумайце, з якiмi намерамi яны круцяцца вакол нас i нават адважваюцца на экскурсii сюды i, пры гэтым, адчуваюць сябе тут вельмi нават упэўнена.

У тым вось i справа, што не толькi Пасвячоны iх бачыў. Прагледзьце добра прэсу апошнiх гадоў, будзьце ласкавы, пагартайце — такi цiкавы малюначак адкрыецца!

3

Цi гэта ўжо ў Пасвячонага нейкi там свой метад, цi гэта звышдакладныя разлiкi, цi гэта асаблiвы нюх, — як бы яно нi было, а менавiта ён стаў сведкам таго, як аднаго дня на казачным поўднi, на паляне сярод джунгляў, цiхiм раннiм часам пагусцела крыху паветра, паднялося лёгкае воблачка пылу, i вось — нi адсюль, нi адтуль — на траву апускаецца невялiчкi апарат калачападобнай формы, i з люка вылазяць двое.

Трэба адзначыць, што дзiўны iх карабель з'явiўся менавiта бясшумна i незаўважна: гэта значыць, яны прызямлiлiся i толькi потым сталi бачныя. Вось яна якая тэхнiка, абскурацыя гэта самая, якая дазваляе рабiцца нiбы адсутным, калi на самай справе ты ёсць. Але хто мае вочы, той бачыць.

Значыць, яны прызямлiлiся, паказалiся i пачалi аглядвацца. А ўжо да iх з узлеску спяшаецца трэцi, i апрануты ён, не ў прыклад гэтым — у зiхатлiвых камбiнезонах, а зусiм як чалавек у той краiне: саламяны капялюш лейкай, падкасаныя па каленi штаны, хустачка на шыi. I яшччэ здалёк пачалi яны гаварыць, але так па-чужому, што Пасвячонаму давялося, само сабой, уключыць свой транскамунiкатар (апарат, якi выдаецца, мiж iншым, па асаблiвым дазволе), i толькi тады ён пачаў разумець iх тарабаршчыну.

Аднак дадзiм слова самому Пасвячонаму.

* * *
Яны прывiталiся, — пiша ён, — стрымана, нават суха, але твары iх задаволена свяцiлiся ад сустрэчы. Тыя, што прыляцелi, былi дужа маладыя, а хто сустрэў — сярэднiх гадоў.

— Вiтаем Настаўнiка, — вымавiлi юнакi, i старэйшы адказаў:

— Вiтаю пасланцоў Студыi Прагнозаў.

Студыёзусы пачалi моцна мiтусiцца, нiбы яны адразу мусiлi прыступiць да неадкладнай справы; старэйшы ж далiкатна стрымлiваў iх, запрашаючы спачатку сесцi i выслухаць яго, а ўжо потым брацца за тое, дзеля чаго яны прыляцелi.

Якiя былi iх намеры, я ў першыя хвiлiны не мог здагадацца. Аднак хутка зразумеў: юныя пасланцы Студыi Прагнозаў Н-6813 — свайго роду практыканты, кажучы нашай мовай, i накiраваныя на Зямлю для збору пэўных звестак, чым надзвычай ганарылiся; а Настаўнiк, таксама зразумеў я, жыве тут ужо даволi доўга, ведае пра нас усё i знаходзiўся сярод нас, мабыць, з мэтай асвойтацца, каб потым прымаць практыкантаў. Няма сумненняў, што iх Студыя Прагнозаў рыхтуе спецыялiстаў па Зямлi, якiх iм, нягледзячы на рознабаковую пра iх iнфармацыю, тым не менш не хапае. Магчыма, паняццi «вычарпальная iнфармацыя» i ў iх i ў нас не супадаюць.

Настаўнiк пасадзiў нарэшце сваiх падапечных, i яны надзелi на галовы зiхатлiвыя абручы (прылады для хуткага i глыбокага засваення, як я здагадаўся), i такiм чынам пачаўся першы ўрок для iх па Зямлi ўжо непасрэдна на Зямлi.

Цяжка перадаць, што я перажыў, назiраючы гэты ўрок. Здзiўленне? Збянтэжанасць? Захапленне?.. Настаўнiк мала гаварыў, скупымi i сцiслымi фразамi-формуламi вызначаючы толькi пэўныя вехi, абагульненнi; затое яго мiмiка, позiрк, якi бурна мяняўся, былi настолькi разнастайныя i багатыя i неслi, як вiдаць, такое мноства iнфармацыi i з такой iнтэнсiўнасцю, што мой транскамунiкатар адразу ж перагрэўся, я ўжо нiчога не разумеў i вымушаны быў выключыць машыну. Усё было ясна: Настаўнiк — унiкальны выкладчык i прадмет ведае, вядома, выдатна, на зайздрасць кожнаму з нас.

Яны знялi свае абручы, урок скончыўся, пачалi спрачацца. А тут i мой транскамунiкатар паспеў астыць, i я ўключыў яго i зноў пачаў разумець iх размову.

Гасцей, як высветлiлася, цiкавiла разумная iстота гэтай планеты, якую яны, мiж iншым, называлi «Хi», што ў перакладзе з iх мовы азначае «яйка». Такое было яго заданне — яны жадалi неадкладна ўбачыць гэту разумную iстоту, прасачыць з дапамогай спецыяльных прыладаў яго эвалюцыю, а таксама разлiчыць, як яна скончыцца. Трэба сказаць, што самым дзiвосным з iх дзiвоснай апаратуры быў эвальвентар, гэта значыць расшыфравальнiк, узнаўляльнiк чаго-небудзь ад пачатку да канца, няхай гэта «што-небудзь» пачалося нават мiльён гадоў таму назад. Да эвальвентара падключаўся дэкуртар, або скарачальнiк, якi паскараў працэс, а таксама — амнiвiзар, з дапамогай якога ёсць мажлiвасць усё выразна назiраць — прызначэнне гэтых апаратаў я зразумеў пазней. Адным словам, узброены яны былi казачна, i не цярпелася iм сваё ўзбраенне выпрабаваць на справе. Але Настаўнiк прасiў не спяшацца, вывучыць напачатку хоць бы флору i фаўну гэтай вось паляны. I яны да часу пакiнулi свае грозныя апараты i разбрылiся, а выкладчык iх сядзеў з усё тым жа пяшчотна-сумным выразам твару.

А мне было цiкаўна назiраць, як маладыя рухаюцца па паляне, раз-пораз робячы вялiкiя скачкi (гэту асаблiвасць ноблаў я ведаў яшчэ з першай сустрэчы з iмi васемнаццаць гадоў таму назад), якiм пазайздросцiлi б самыя славутыя нашы спартсмены.

I вось адзiн з iх, вышэйшы, якога ў далейшым мы будзем называць «Першы», наткнуўся на адзiнокi пень, убачыў лужыну каля яго, зачэрпнуў далонню, прыгледзеўся i здзiўлена вымавiў:

— Лон!

— Так, — сказаў Настаўнiк — Па-мясцоваму будзе «дафнiя».

— Як тут апынуўся наш лон? I такi дробненькi! I чаму ён плавае?

— Тут жывуць таксама сухапутныя лоны, якiя скачуць, — адгукнуўся Настаўнiк. — Яны таксама дробныя. I паразiтуюць на жывых.

— I разумных? — спытаўся Другi, якi падышоў.

— I разумных.

— Нашы ў сто адзiн раз больш.

— У сто адзiн i шаснаццаць сотых, — паправiў Настаўнiк. — I нашы на нас не паразiтуюць.

— Гэта i немагчыма, — засмяяўся Другi.

— Ты верыш у той стары прымiтыў? — насупiўся Першы.

— Тэорыя Спiу не прымiтыў, - з лагоднай усмешкай вымавiў Настаўнiк. — Яна была стройная.

I яны зноў пачалi спрачацца, i з iх спрэчак я зрабiў вывад, што нейкi iх мудрэц Спiу ў свой час распрацаваў тэорыю, у якой даводзiлася, што ноблы паходзяць ад лонаў, гэта значыць ад iх дафнiяў: сведчаннем таму некаторыя iх старыя эмблемы, статуэткi, культ насякомых у продкаў, а таксама ўменне ноблаў цудоўна скакаць. Далей я ўразумеў, што тэорыя iх мудраца была з часам адрынутая, аб'яўленая лжэнавуковай i аддадзеная забыццю, а новая гаварыла, што ноблы паходзяць ад ноблаў, i гэта цяпер лiчылася настолькi аксiёматычным, што, нават маючы на ўзбраеннi такiя разумныя машыны, як эвальвентар, амнiвiзар i iншыя, з дапамогай якiх можна было б за самы кароткi час аднавiць i прасачыць на экране iх эвалюцыю, яны адмаўлялiся ад такога доследу, бо падобнае расцэньвалася як учынак невуцкi, а то i амаральны, а таму правесцi такi дослед проста нiкому i ў галаву не прыходзiла. Ноблы паходзяць ад ноблаў — гэта зразумела i дзiцяцi, гэта быў абсалют.

Аднак на Зямлi, удалечынi ад сваiх, яны дазвалялi сабе паразважаць, як бачым, на тэмы, на якiя не маглi гутарыць дома, i нават спрачалiся. Першы нешта ўжо вельмi ўпарта паўтараў аб прымiтыўнасцi i лжэнавуковасцi старой тэорыi, а другi, трымаючыся, вядома ж, агульнапрынятага пункта погляду, пасмейваўся тым не менш, жартаваў з свайго прыяцеля, нiбы пацяшаючыся яго ўпартасцю i ўпэўненасцю. Настаўнiк зноў жа ветлiва i тонка наводзiў на думку, што ўсякi пункт гледжання правiльна было б, увогуле, паважаць, — вядома, без шкоды для дамiнуючага, — таму што калi ўжо ён, гэты пункт гледжання, запаланiў у свой час галовы, то, зразумела, невыпадкова: ён, трэба думаць, быў доказны i развязваў шмат якiя вузлы. Ён нагадаў маладым iншапланецянам, што мiсiя iх пакуль што выключна вучэбная i ў гэтых умовах усякае папаўненне ведаў заслугоўвае пахвалы, а значыць, каб прыступiць да асноўнага эксперыменту, яны могуць правесцi некалькi падрыхтоўчых, i чаму, напрыклад, не заняцца тымi ж дафнiямi: такi вось вопыт мог быць павучальны.

— Настаўнiк! — прамовiў Першы. — Мы нiколi не эксперыментавалi над лонамi. Гэта лiчыцца…

— Глупствам, — перапынiў весела Другi. — Але як хочацца адпачыць на гэтай утульнай Хi i пазаймацца глупствам.

— Гэта не мае сэнсу, — сказаў Першы.

— Хто сказаў, што лоны i дафнii — аднаго роду iстоты? — спытаўся Настаўнiк. — Хiба вас не вучылi, што падабенства формы не заўсёды мае на ўвазе падабенства зместу?

Так, ён пераканаў iх! Яны пачалi рыхтавацца да эксперыменту i правялi яго — эксперымент небывалы, якi нельга ўявiць, i я ўдзячны лёсу, што стаў сведкам гэтага.

Яны настроiлi сваю апаратуру. Каля пня былi ўстаноўлены эвальвентар, дэкуртар, амнiвiзар i iншыя апараты, якiм пакуль што i назвы няма на чалавечай мове. I калi ўсё было гатова, Настаўнiк сказаў:

— Не забудзьцеся пра стымулятар, разлiчыце час падключэння.

О, гэта ўжо не былi ранейшыя спрытныя, дураслiвыя юнакi, энергiя якiх рабiла iх такiмi падобнымi на нашых зямных; гэта былi суровыя, сталыя iстоты з засяроджанымi тварамi.

— Абскуратам кiрую я, — сказаў Настаўнiк.

I эксперымент пачаўся…

* * *
Як тут яе пазайздросцiць Пасвячонаму, якi ўбачыў такое? I шкада, што «Запiскам» не стае падрабязнасцяў. Цi ведаў гэты Настаўнiк аб прысутнасцi нашага Пасвячонага? Ды як не ведаць, цяжка нават i ўявiць, што не ведаў, калi ён здольны бачыць праз тоўшчу вякоў. А тут — усяго толькi метраў сто. Але ж хмызняк. Ды што такое хмызняк для праклятага нобла, што кiруе эвальвентарамi… Ведаў, як мы ўбачым, добра ведаў. Але глядзi вось, дапусцiў прысутнасць чужынца, дазволiў яму, праўда, з купюрамi — не ўсё. Значыць, лiчыў магчымым адкрыць, ды не ўсе свае сакрэты. Але ж часткова ўсё-такi адкрыў! Для чаго?.. Пасвячоны, вядома, тлумачыць…

А чортавы ноблы, вiдаць, i сапраўды далёка абагналi нас, калi на такую аперацыю юнакоў паслалi i называюць гэта вучэбнай практыкай. Што ж у iх тады «не практыка», што сур'ёзная справа? Нават страшна падумаць, немагчыма ўявiць!

Але дадзiм далейшы ход дзеянню i як можам перакажам «Запiскi» Пасвячонага, каб карацей было.

Значыцца, яны пачалi сваю справу.

4

Пасярод лесу ў маленькiм балотцы жыла Маленькая Дафнiя. Гэта было ўжо i не балотца, а ўсяго толькi маленькае акенца каля старога пня, лужына, невялiчкi вадаёмчык, адным словам, а балота даўно высахла i зарасло. Пад пнём вось i жыла тая Дафнiя.

Сонца туды амаль не пранiкала, толькi тоненькiя праменьчыкi прарывалiся часам праз карэннi i зараснiкi, i тады каля пня рабiлася светла i прыемна, усё ажывала i пачынала рухацца. Маленькая Дафнiя нiколi не прамiнала такога моманту. Яна выплывала з ценю проста на праменьчык, замiрала i грэлася. Яна нават ненадоўга засынала — так ёй было добра. Вакол у тым промнi вiселi i драмалi iншыя дафнii i таксама рухалiся ўслед за сонцам. Не спалi толькi вартаўнiкi; яны размяшчалiся наўкола i сачылi, цi не з'явiцца раптам небяспека.

Моладзь здзiўлялася: якая небяспека? адкуль? гэтыя казкi пра Чорнага Жука? Заўсёды старыя перабольшваюць, вераць усялякай лухце…

Потым прамень знiкаў, рабiлася змрочна. I тады дафнii амаль не сустракалiся адна з адной, бо кожная жыла ў сваiм куточку, а калi нехта некаму i трапляўся па дарозе ў часе палявання, дык адразу ж кiдаўся прэч, бо ў цемры цяжка пазнаць, сябра сустрэўся цi вораг, а таму пазбегнуць спаткання заўсёды больш надзейна. Быў у Маленькай Дафнii свой куток: у самай цемры пад тоўстым коранем. Там яна спала, там жа трымала харчовыя запасы, а на промысел па амёбы i хларэлы адплывала недалёка. Ёй жылося добра: нiхто не трывожыў, харчоў хапала, а цемра — што ж! — праменьчык хутка зноў прыйдзе, i святла будзе ўволю.

Адным пахмурным днём пад коранем з'явiўся нейчы цень. Ён заплываў у чужы дом бясшумна i павольна, як страшэнна стомленая iстота цi драпежны рабаўнiк. Маленькая Дафнiя спачатку спалохалася i стаiлася ў шчылiне кораня, але потым разгледзела, што гэта не чужаземец i не рабаўнiк, а ўсяго толькi вялiкая Старая Дафнiя, якая ледзь рухалася, такая яна была бездапаможная i трухлявая.

— Не бойся, — вымавiла яна слабым голасам. — Я кепскага не зраблю. А прыйшла прасiць прытулку. У мяне ўжо даўно няма сваёй хаты, усе блiзкiя i сваякi адвярнулiся ад мяне i адусюль выгналi. Прымi мяне, у цябе добрае сэрца.

Маленькая Дафнiя супакоiлася i, усцешаная, запрасiла:

— Уваходзь, калi ласка, месца хопiць на дзвюх.

Яна дапамагла бабульцы дабрацца да шчылiны, паслала ёй цiны i пачала ганяцца за калаўроткамi i iнфузорыямi, каб накармiць госцю. Але тая спынiла яе:

— Не трэба. У маiх гадах ужо не ядуць. Старыя жывуць думамi i памяццю. Клапацiся аб сабе — табе сiлы больш патрэбныя.

А калi надышла ноч, Старая Дафнiя сказала, што адчувае блiзкую смерць i таму ёй трэба спяшацца — ёсць таямнiца, якой нельга памерцi разам з ёю.

— Падыдзi да мяне, — сказала яна, — будзь побач. Нас нiхто не павiнен пачуць. Ты была добрая i ласкавая, таму сваю таямнiцу я адкрыю табе. Слухай…

I Старая Дафнiя расказала такую гiсторыю.

Даўным-даўно, калi бабулi было столькi гадоў, колькi цяперашняй яе слухачцы, ёй расказалi казку. Iх лужына каля пня нiбы зусiм не лужына, а глыбокая студня, i вось на дне яе ляжыць Плацiнавы Абруч.

— Зусiм невялiкi абруч — самая маленькая дафнiя магла б абабегчы яго ў адзiн момант. Але нiколi не зможа гэтага зрабiць, бо бясконца будзе апiсваць кола, не помнячы, адкуль пачаўся бег. У дафнiй, мая родная, кепская памяць: яны забываюць пра мiнулае i, каб утаiць гэта, выдумляюць усялякiя небылiцы.

Дык вось, значыцца, паводле яе слоў выходзiла, што Абруч той — незвычайнай уласцiвасцi: варта да яго дакрануцца i сказаць жаданне, як яно адразу ж збудзецца. Кожнае жаданне! Бяссiльны быў Абруч толькi ў двух выпадках: ён не выконваў аднаго i таго ж жадання двойчы i не мог адмянiць выкананага. I яшчэ Абруч не ў стане быў даць суцяшэння.

Старая Дафнiя ў маладосцi была натурай уразлiвай i летуценнай i таму запомнiла казку, i ёй нават снiўся гэты Абруч.

Жыццё ў iх тады было нялёгкае: у вадаёме вадзiўся Чорны Жук, ненажэрнае драпежнае стварэнне, ад якога дафнiям не было ратунку — нават калi ён не нападаў, а толькi здалёк прымерваўся, кроў стыла ў жылах i не было сiл уцякаць i ратавацца. Тады вось i з'явiлiся вартаўнiкi, каб своечасова папярэджваць легкадумную моладзь аб наблiжэннi Чорнага Жука.

Аднойчы гэта дафнiя, грэючыся ў сонечным праменьчыку, убачыла, як вокамгненна мiльгнуў чорны цень i побач з ёю ў жахлiвай пашчы захрабусцелi панцыры яе суседак. Яна самлела ад страху.

— Я забiлася ў нейкi кут, — апавядала яна, — i наваколле знiкла для мяне. Я захварэла. Трызненне змянялася явай, гарачка — дрыжыкамi; часам здавалася, што храбусценне панцыраў — жахлiвы сон. Перамяшалiся днi i ночы. А калi я нарэшце ачуняла i выглянула са свайго сховiшча, то адразу ж адчула, што на мяне скiраваны бязлiтасны i ненажэрны позiрк. На гэтым мая маладосць i скончылася… Магчыма, Маленькая Дафнiя, шмат што з гэтага табе расказвалi як старыя плёткi. Але Чорны Жук — не плётка… Ён быў бязлiтасны i з'яўляўся ўсюды. Кiдаўся iмклiва i дакладна. А мы не былi арганiзаваныя. У нас не хапала вопытных вартаўнiкоў, кожны дрыжаў за сябе i нiчога не ведаў пра iншага. Страх быў нашай доляй. I племя наша няспынна змяншалася. Бачачы такое, астатнiя паддалiся роспачы i панiцы, i я тады зразумела, што калi так будзе далей, то хутка карычневых дафнiй залiчаць у разрад знiклых вiдаў. I вось я асмелiлася на самы важны крок у сваiм жыццi. Доўга раздумвала, раней, чым пачаць выкананне свайго плана, пастаралася ўлiчыць усе дробязi i нарэшце прыйшла да адзiнага вываду…

Яна, бачыце, вырашыла праверыць казку пра Плацiнавы Абруч. I вось што прыдумала: знайшла каменьчык, дабралася па травiнцы да сярэдзiны вадаёмчыка, адчапiлася i кiнулася ўнiз.

I набралася яна ў часе гэтага пагружэння страху: цяпло змянiлася пякучым холадам, ад хуткасцi падзення кружылася галава, ды ў дадатак да ўсяго апраметная цемра. Падарожнiца была амаль беспрытомная, як апусканне раптам запаволiлася i знiзу блiснула святло: яно было белае i нiбы струменiлася. Каменьчык ужо не iмчаўся, а павольна асядаў, як асядала паднятая маладымi дафнiямi муць у сонечным промнi. I вось нарэшце ён спынiўся, i дафнiя ўпала каля белага зiхатлiвага круга. Гэта быў Плацiнавы Абруч.

— Ты — малая i дурненькая казяўка, — гаварыла далей Старая Дафнiя, — i з гэтай прычыны табе зараз шмат чаго не зразумець, Але калi-небудзь… калi-небудзь… Ты, вядома, як мага хутчэй хочаш даведацца, што было далей, i табе зусiм не цiкавыя мае разважаннi. Гэта ўжо так: старыя пацiху мудруюць сабе, маладыя спяшаюцца… Ну што ж! Я здзейснiла сваю задуму. Дакранулася да Абруча i папрасiла яго зрабiць так, каб знiк з нашага вадаёма жахлiвы Чорны Жук, а народ мой быў у далейшым згуртаваны i стойкi i каб пазбавiўся ад легкадумнасцi i страху. Вось якое было маё жаданне. А потым я папрасiла Абруч яшчэ пра адно. «Дай мне, — сказала я, — магчымасць вярнуцца дамоў».

Пасля гэтага яе пачало паднiмаць над Абручом, iмклiва пацягнула ўверх, святло прапала, i ў наступны момант яна была выкiнута да самай паверхнi iх жылля.

Суродзiчы адразу яе заўважылi i акружылi. I яна здзiвiлася iх позiркам, якiя зрабiлiся змрочнымi, нiбы яна прынесла iм бяду. Нарэшце адна з былых сябровак вымавiла:

— Вось яна, баязлiўка i дэзерцiрка! Заяўляю ад iмя ўсiх: з гэтага часу ў цябе не будзе нi сяброў, нi спраў нiякiх. Жывi як хочаш!

Наша Дафнiя разгубiлася, падумала, што сяброўка жартуе.

— Чаго ты?! Цi што-небудзь здарылася?

— Ха-ха-ха! Здарылася! Гляньце на гэту прытвору!

— Прытвора! — паўтарылi ўсе. — Прытвора i здраднiца! — Нiхто не жартаваў.

— Што ж, — сказала яна. — Судзiце, калi вiнаватая.

— Судзiць! — зноў засмяялася сяброўка. — Ты сама сябе асудзiла! Подлая манюка! Лепш скажы, у якой нары ты адседжвалася, пакуль мы распраўлялiся з Чорным Жуком! Ганьба!

I ўсе паўтарылi: «Ганьба!» I асуджаная паплыла ў сваю хату… Ёй было крыўдна i горка, але яна плакала ад радасцi, што збылося яе жаданне: няма больш Чорнага Жука, i народ яе будзе жыць, i нiхто не залiчыць карычневых дафнiй у разрад вымерлых вiдаў.

Яна, якой выраклiся, жыла вельмi доўга, амаль у тры разы перажыла сваiх равеснiц. Ёй было цяжка, бо да яе iмя ставiлiся з пагардай. Праўда, з пакалення ў пакаленне пагарда гэта слабела, але нават слабая пагарда усё-такi пагарда.

— Хiба ты не чула легенды аб здраднiцы? Дык вось, гэта легенда пра мяне. Але ўсё ж я нiколi нi на момант не пашкадавала аб зробленым. Вядома, усё можна было б змянiць — варта расказаць пра Плацiнавы Абруч. Але я разумела, што гэтага рабiць нельга. Нехта не паверыў бы, нехта (i гэта страшней за ўсё) сам рызыкнуў бы выпрабаваць сiлу Абруча, i невядома, чым бы скончылася яго спроба…

5

Старая Дафнiя склала свае антэны.

— Маленькая Дафнiя, — цiха прамовiла яна, — цяпер гэта твая таямнiца, i я магу спакойна памерцi. Захоўвай яе строга, не паддавайся спакусам i карыстайся ёю толькi ў выпадку вялiкай патрэбы — дробнае i пустое само па сабе вырашыцца. Не апагань чараўнiчай сiлы Плацiнавага Абруча! Але калi нашым зноў стане кепска — ты ведаеш, што зрабiць? I перадай таямнiцу вартаму.

З гэтымi словамi яна лягла на бок i сцiхла.

Маленькая Дафнiя пахавала яе ў вузкай шчылiне суседняга кораня, вярнулася да сябе i пачала думаць.

Спачатку яна падумала: «Ах, якая мужная Старая Дафнiя!» Потым яна падумала: «Якая ж яна дурная, гэта Старая Дафнiя…» Але тут надышла ранiца, пад пень зазiрнуў праменьчык, i Маленькая Дафнiя паплыла гуляць — яе сяброўкi ўжо збiралi карагод.

6

— Эксперымент скончаны? — сказаў Першы i выключыў эвальвентар.

— Усё?! — Другi быў вiдавочна расчараваны. — Зараз яны там пачнуць бурна размнажацца, з'явяцца кланы, якiя сапернiчаюць, пачнуцца змаганнi за жыццёвую прастору… Так, стары Спiу быў вялiкiм казачнiкам.

— Стары Спiу валодаў цярпеннем, — прамовiў Настаўнiк.

Маладыя ноблы пераглянулiся.

— Магчыма, стымуляцыя была недастатковая? — палiчыў Першы.

— Плацiнавы Абруч — надзейны стымулятар, — сказаў Настаўнiк. — Мы бачылi толькi пралог. Эвалюцыя наперадзе. Выведзi дэкуртар на поўную магутнасць…

I тут запiс нашага Пасвячонага абрываецца. Прадоўжаны ён толькi праз некаторы час, на працягу якога, напэўна, ноблы фокуснiчалi са сваiмi апаратамi, i Пасвячонаму хутчэй за ўсё не належала гэтага бачыць…

Вольнаму воля, але цi варта было так засмучацца: ах, маўляў, якая прыкрасць, што скрытнiчаюць? Не ў дакор будзе сказана, а толькi прыгадаю як факт «Запiскi» Пасвячонага напоўнены такiмi «засмучэннямi» i шкадаваннямi.

Ну як тут усумнiцца, што толькi чыстая цiкаўнасць рухае чалавекам, няхай ён будзе неабчасаны маладзён цi паважных гадоў мужчына?.. Здавалася б, што яму трэба? Сядзi, назiрай, матай на вус, як кажуць, каб уразумець, якая небяспека ад гэтага iншапланетнага наслання. Дык не: шкада, бачыце, што хаваюцца яны, не ўсё дазваляюць разгледзець, не цалкам улагоджваюць маёй дапытлiвасцi. (Ды яшчэ раз няхай даруюць мне…)

О цiкаўнасць — мацi пачуццяў зямных! Ты — слiзкая горка, i нясе па табе ўнiз злоўленых табою, i няма за што iм зачапiцца. I ўсё нiжэй i нiжэй iмчыць у туманную далiну ганарлiвых вучоных забабонаў. I называецца гэта «прагрэс». Калiсьцi, расказваюць, зямлю не аблытвалi жалезныя i бетонныя iстужкi, неба было светлае i цiхае, у модзе былi спрадвечныя чалавечыя словы: хлеб, вада, паветра…

Цiкаўнасць — той Абруч, той iх стымулятар пракляты, а ўсё астатняе дададзена тлумачальнiкамi.

7

Увогуле, эксперымент iх паехаў далей. I Маленькая Дафнiя вырасла настолькi, што пачала, як часта здараецца ў пэўным узросце, лiчыць сябе самай дужай, самай разумнай, самай смелай i прыгожай. Ёй, значыцца, хацелася, каб пра яе ўсе гаварылi, захаплялiся яе талентам i ўмельствам. I таму, што гаварылi зусiм не тое, яна пачала грубiянiць, чапляцца да ўсiх узапар, выкiдваць бясконцыя штучкi. Яна па-залiхвацку насiлася па вадаёме, усчынала страшэнны вэрхал, разладжвала заадно розныя зборы i сходы, разбурала жыллё i нават некаторых калечыла.

Дарослыя старалiся яе ўцiхамiрыць, усяляк абразумлялi, але нiякай рады не далi — павучэннi i заўвагi на яе не дзейнiчалi, нiкога яна не чула, нiкога не бачыла.

— Нiкчэмныя казяўкi, я вас не баюся! — крычала яна. — Кожную правучу! Я лепшая за ўсiх!

Само сабой, у яе з'явiлiся староннiкi, падабралася кампанiя, i пачалося такое… Казалi нават, што i ў часы Чорнага Жука было крыху лепш. I тады вырашыла грамада: гэту гарлапанку i хулiганку перад усiмi пакараць.

Суд, якi быў у карычневых дафнiй, караў вiнаватага маўчаннем: асуджаны мусiў моўчкi i нерухома праплыць праз увесь строй — усе толькi з дакорам глядзелi. Да-сведчаныя, мiж iншым, кажуць, што падобны вопыт у сiстэме выхавання — сапраўднае катаванне, у параўнаннi з якiм нават бiзун — дробязь.

Вось гэта i здарылася з нашай паддоследнай. Праўда, яна праплыла скрозь строй з горда паднятымi антэнамi, а пасля, у сябе дома, залiлася слязьмi ад крыўды i ўнiжэння. Кепска было яшчэ i тое, што па дарозе дахаты ёй сустрзлася суседка, абазвала няшчаснай балбатухай i ўшчыпнула балюча за ножку. I вось Маленькая Дафнiя сядзела самотна i плакала, i думалася ёй, што свет пабудаваны паскудна, што дафнii — лютае племя, i яна ўпершыню пашкадавала, што сама дафнiя. Яна не ведала, кiм бы хацела быць, — ды хоць цыклопам якiм-небудзь, хоць павучком пачварным, толькi б не дафнiяй. Тут яна ўспомнiла пра нейкую вялiзную Белую Рыбу — з дзiцячых, вядома, казачак, — i адразу ж ёй уявiлася нешта магутнае, вольнае i прыгожае. I раптам думка наткнулася на Плацiнавы Абруч.

8

— Настаўнiк, — прагаварыў Другi, — гэта ж гульня? Мне яна падабаецца, толькi цi залiчыць Савет Студыi…

— Савет Студыi Прагнозаў залiчыць вашу паслядоўнасць, — адклiкнуўся той.

— Ты казаў нам пра папярэднiя эксперыменты, Настаўнiк, — адклiкнуўся Першы, — пра падрыхтоўчую працу, але тое, што мы робiм, цяжкавата назваць падрыхтоўкай да галоўнага эксперыменту. Яго праўда: гэта — гульня.

— Вывады пакуль што заўчасныя. Дачакаемся вынiкаў.

— Мы не атрымаем правiльных вынiкаў. Мы паскараем працэс стымулятарам, значыць — скажаем.

— Мы не паскараем працэсу, а спрасоўваем яго.

— Настаўнiк! — працягваў Першы. — Мы бывалi ў мясцiнах больш далёкiх i неспрыяльных, чым гэта Хi. Нiколi нам не даводзiлася займацца такой… працай!

— Ты хацеў сказаць «такой бяссэнсавай працай»?

— Так.

— Трэба было сказаць — «такой важнай», — далiкатна ўдакладнiў старэйшы. Мы прыступiлi ўжо да галоўнага эксперыменту.

— Нам патрэбны вышэйшы, якi валодае вышэйшым розумам.

— Вышэйшае пазнаецца праз нiжэйшае.

— Ты хочаш сказаць, што гэтыя лоны вядуць да вышэйшага? — асцярожна спытаўся Першы.

— Я хачу сказаь: гульня — выпрабаваны сродак для зразумення сутнасцi.

— Настаўнiк! — сказаў Другi. — За намi назiраюць. Мой iндыкатар сiгналiць з самага пачатку.

— Мой таксама, — кiўнуў Першы.

— Так, — адказаў Настаўнiк.

— Калi гэта назiранне, — то ў межах допуску. Але я лiчу, што гэта спецыфiчныя токi планеты Хi.

— Ты даў два адказы!

— Такая асаблiвасць Хi, — сказаў Настаўнiк. — Далей…

* * *
Ах, гэтыя ноблы, гэтыя абскуранты-абскуратары-зацямняльнiкi. Нават розуму недаступна — яны тут, i ў той самы час iх нiбы няма: шчоўк — i прапалi. А вось чалавеку як? Ведаць, што цябе бачаць, увесь як на далонi, што зусiм побач стаiць нехта i глядзiць i ўсё яму пра цябе вядома, — ведаць гэта i нiчога не бачыць, i няма куды падзецца… Самi, самi вiнаватыя. Навучылiся, наадкрывалi, насiгналiлiся ў белы свет, i цяпер вось — будзьце ласкавы расхлёбваць. А хто ж прымушаў? Ды нiхто. Нецярпенне прымушала. А цяпер вось аказваешся на сваёй уласнай планеце, у сваiм доме на становiшчы той жа паддоследнай казяўкi: захочуць — пакажуць табе фокус, не захочуць — адключаць. Спачатку, значыць, з казяўкай управяцца, потым возьмуцца за цябе самога, за вышэйшага, пракруцяць, разгорнуць ва ўсю шырыню i даўжыню, ад прашчураў да фiнiты, i ўбачаць яны навылет, як там з табою было i як будзе i цi надаешся ты да ўжытку…

Дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што за апошнi час нашы мудрацы i так, дзякуй богу, прымоўклi. Нiхто ўжо без аглядкi не распiнаецца пра ўсяленскае дабро, пра «спрыяльныя i прыхiльныя адносiны да нас нязведанага», няхай гэта будзе космас або што iншае. Цяпер, прынамсi, скемiлi, што калi ён калi-небудзь i адбудзецца, гэты самы кантакт, то вынiк можа быць розны, усякi, а не вось такi канкрэтна, пераважна, вядома, прыемны, калi нам так хочацца. Нам, дабракам. Сапраўды: не таi зла на другога, але не таi i пiльнасцi.

Урэшце — далей.

9

Такiм чынам, Маленькая Дафнiя ўспомнiла пра Плацiнавы Абруч. А на другi дзень, калi сяброўка, якая засталася добразычлiўкай, прыйшла праведаць i супакоiць яе, жыллё было пустое. Чуткi пра гэта разышлiся па ўсiм вадаёме, знiклую пачалi шукаць, абшукалi ўсе зацiшныя куточкi, але так i не знайшлi. I вырашылi, што бедалага або ўтапiлася, або схавалася куды-небудзь, каб памерцi галоднай смерцю. Пачалося замяшанне, шмат каго грызла сумленне, пасыпалiся ўзаемныя папрокi ў бессардэчнасцi. Асаблiва дасталося законнiцы, якая першая прапанавала пакаранне маўчаннем — цяпер яе абвiнавачвалi ў тым, за што ўчора ўзносiлi: сумленнасць яе аб'яўлялася фанабэрыстасцю, рашучасць — нахабнасцю. I ўрэшце «Закон аб пакараннi маўчаннем» быў адменены назаўсёды. Дафнii гэтай ноччу спалi дрэнна: кожнай блюзнiлася, што менавiта яна вiнаватая ў пагiбелi Маленькай Дафнii.

А праз дзень невядома адкуль уварваўся вялiзарны i страшны Чорны Жук i сажраў зганьбаваную напярэдаднi законнiцу, а потым — тую самую суседку, што ўшчыпнула Маленькую Дафнiю. А яшчэ праз дзень дафнiй ахапiла яшчэ большая жудасць: з'явiўся другi Чорны Жук, i пачалiся, як кажуць, беды вялiкiя…

Аднак, хоць Пасвячоны i спыняецца вельмi падрабязна на гэтых бедах, нас пакуль што цiкавяць iншыя сферы.

Няма сэнсу расказваць, як уладальнiца таямнiцы дасягнула дна вадаёма (паўтарыць вопыт Старой Дафнii не складала, вiдаць, вялiкай цяжкасцi) i адсыпалася каля Плацiнавага Абруча. Толькi была яна ўжо не карычневай Маленькай Дафнiяй, а вялiкай Белай Рыбай.

Ачнуўшыся, яна ўбачыла ў Абручы сваё адлюстраванне i засталася задаволеная. Без шкадавання прыпомнiлася ёй лужына каля пня, прыгадалiся блошкi-дафнii, iх дробныя справы, дробненькiя жаданнi — усё iх дробнае-дробнае жыццё…

Белая Рыба пакружыла каля Абруча, апрабавала свае плаўнiкi i хвост i, задаволеная i гордая, паплыла па цячэннi, i яе панесла ў невядомыя краiны.

Яна пабывала ў вялiзарных вадаёмах, дзе багацейшая раслiннасць i такi разнастайны i дзiвосны свет новых суродзiчаў, што немагчыма было не здзiўляцца часам, калi сустракалася якая-небудзь пачвара — таксама рыба i з якой па непiсаных падводных законах трэба было прывiтацца.

Яна зведала прэсныя i салёныя воды; больш ёй спадабалася ў прэсных — тут да таго ж было i спакайней. Самым жа лепшым месцам аказаўся зацiшны куточак дзе-небудзь у стаячай вадзе, дзе чарот i цiна, дзе цень i злёгку пахне балотам. Трэба сказаць, што прыстойнасць патрабавала пагарды да падобных закуткаў, але што зробiш з натурай? Калi яе бачылi тут свае, яна рабiла выгляд, што заплыла сюды выпадкова, а калi была адна, то ўпiвалася асалодай, цiшынёй i змрокам або палявала на ўсялякi дробны зброд — сталых жыхароў гэтых мясцiн: жучкоў, лiчынак, павучкоў. Асаблiва ж яна адрознiвала дафнiй — яны тут былi не карычневыя, але гэта не мяняла справы: Белая Рыба цярпець не магла гэтай бесталкоўшчыны, што шныпарыла, гэтых убогiх стварэнняў, якiя нават плаваць як след не ўмелi. Яна iх жэрла сотнямi i не таму, што была такая ненасытная, — яе страшэнна раздражняў iх выгляд.

Калi-нiкалi Белая Рыба наведвала Плацiнавы Абруч, яна пакутлiва ўзважвала, што б яшчэ выпрасiць у яго, але далей багатай i смачнай ежы нi да чога не дадумвалася.

Ад Абруча да населеных вадаёмаў вёў вузкi i цёмны калiдор, а Белая Рыба так разбылася, што ўжо ледзь працiскалася праз яго, i таму здагадалася папрасiць Абруч перамясцiць самога сябе ў адну з яе любiмых затокаў, дзе было асаблiва цiха i заценена. Iншыя рыбы не любiлi сюды заплываць, такiм чынам, Плацiнавы Абруч быў i пад рукой, як кажуць, i надзейна схаваны ад пабочных вачэй.

Колькi б працягвалася яе такое жыццё, сказаць, вядома, цяжка. Але аднойчы яна наткнулася на Шчупака, якога бачыла ўпершыню, i, разгледзеўшы драпежны i галодны бляск варожых вачэй, кiнулася ўцякаць, не разбiраючы дарогi, i Шчупак доўга гнаўся за ёй, ляскаючы скiвiцамi i выдаючы жудасны свiст, ад якога мутнеў розум. Нарэшце Шчупак адстаў, але тут раптам выскачылi дзве выдры, якiх Белая Рыба таксама бачыла першы раз. Яна адчула, што i гэта — ворагi, i, сабраўшы апошнiя сiлы, нырнула ў глыбiню i iмчалася ўнiз, пакуль не ўрэзалася ў дно. Вакол было змрочна — так глыбока яна яшчэ не апускалася. Белая Рыба паляжала на глеi, сяк-так аддыхалася i пачала, трымаючыся ценю i зараснiкаў, рухацца ў бок дому. Але няшчасцi не пакiдалi яе: яна заблудзiлася.

Не будзем затрымлiвацца на ўсiх калдобiнах яе падарожжа. Выбiраць правiльны напрамак ёй дапамаглi падслуханыя размовы iншых жыхароў падводнага царства; часам яна нават адважвалася распытаць пра дарогу. Але самае галоўнае: яна ж разумела мову дафнiй, не магла яе забыцца, як нi старалася, i цяпер яна ёй ах як спатрэбiлася. Дафнii, вядома, языкатыя: заўсёды ў iх нейкiя дыспуты i абмеркаваннi, заўсёды — плёткi i крыватолкi пра таямнiчыя воды, незвычайныя здарэннi i iншае глупства; i ў большасцi выпадкаў яны не маюць нiякага ўяўлення аб тэме размовы. Белая Рыба непрыкметна прыстройвалася дзе-небудзь поблiзу i лавiла кожнае слова i такiм чынам даведвалася пра шмат карысных дробязей. Яна слухала чарговую дыскусiю, а потым яе ўдзельнiкаў з'ядала i плыла сабе далей. Аднойчы, напрыклад, дафнii гаманiлi пра тое, што нiбыта недзе ў невядомых краях таксама жывуць дафнii, ды толькi, бачыце, карычневыя. Жывуць яны, значыцца, у лужыне каля пня — уяўляеце сабе?! — i быццам даводзiцца iм туга: знiшчаюць iх два лютыя Чорныя Жукi, ужо зусiм, бедалагаў, мала засталося. I гэтак далей, i да таго падобнае…

Белая Рыба слухала, i нешта ёй прыгадалася — не асаблiва прыемнае. I каб не псаваць нерваў, яна накiнулася на шумны гурт i цалкам праглынула яго.

Iншым разам яна заўважыла жука, якi ёй нешта дужа нагадваў. Яна i яго з'ела, але ён быў на рэдкасць каляны i нясмачны.

Так яна, урэшце, i дабралася да сваёй затокi.

10

Плацiнавы Абруч быў на месцы. Ён сляпуча зiхацеў, а вакол стоўпiлася такая колькасць разявак, што вада аж кiпела. Яны заўважылi Белую Рыбу i ў панiцы пачалi разбягацца; яна ўрэзалася ў самую гушчу, аглушальна чвякнула, вытрашчыла вочы i так гакнула хвастом, што чорная муць паднялася густым воблакам i ў iм, як у пекле, знiклi ўсе цiкаўныя. Не трацячы часу, Белая Рыба падплыла да Абруча, дакранулася да яго i вымавiла:

— Хачу быць Шустрай Выдрай!

I адразу ж зрабiлася ёю.

Не, яна не захацела ператварыцца ў Шчупака — ёсць iстота, якой i Шчупак баiцца, i гэтая iстота — Выдра.

З гэтага часу пачалася паласа дзiвосных ператварэнняў былой Маленькай Дафнii. Па меры таго як яна рабiлася больш моцнай i дасканалай, больш моцнымi i дасканалымi рабiлiся яе жаданнi. Яе жыццёвы вопыт няспынна ўзбагачаўся, запасiлiся веды, розум. Пераходзячы з аднаго вiду ў другi, яна, вядома, запамiнала мовы, звычкi, схiльнасцi i такiм чынам рабiлася ўсё больш грозным працiўнiкам нiжэйшых вiдаў, з якiх сама паходзiць. Ды i для сваiх яна была не менш небяспечнай, бо ведала больш, думала глыбей i, значыцца, была разумнейшая за iх.

Першы вывад, якi яна зрабiла пасля некалькiх ператварэнняў, быў такi: у кожнага ёсць вораг больш дужы i лепш прыстасаваны да жыцця; але i ў гэтага ворага ёсць свой вораг, i ў таго — свой, i дзе канец — невядома.

I другi вывад зрабiла былая Дафнiя: жаданням — мяжы няма: дасягнуўшы аднаго, адразу хочацца другога, новага, i гэта таксама бясконца. Калi высвятлялася, што нехта дужэйшы за яе, яна неадкладна займала яго месца. I не толькi не хацела залежаць ад каго-небудзь або кагосьцi баяцца — яна ўжо не мiрылася i з роўнымi сабе.

А вось i трэцi вывад: немагчыма ўявiць нiчога больш вартага жалю i ўбогага, як тая Старая Дафнiя, якая першая знайшла Плацiнавы Абруч…

Яна па чарзе перабывала ў ролi Шыпучай Змяi, Змрочнай Пантэры, Раз'юшанага Вепра, Клыкастага Воўка i iншых ролях. Потым: нарэшце ператварылася ў Грознага Мядзведзя, бо ў трох краях не было нiкога больш магутнага i грознага, чым ён. Але толькi першы час яна адчувала задавальненне ад становiшча Грознага. Бо калi i Мядзведзь — мяжа, дык гэта вельмi сумна. Што бегае за мяжой?..

Так ён, цар лесу, i блукаў па гарах i далiнах, i не давала яму супакою думка: што далей?

11

Тры ноблы, паведамляе нам далей зачараваны Пасвячоны, спакойна глядзелi на экран.

— Якая алагiчная эвалюцыя, — нарэшце сказаў Першы. — Не, гэта не нашы лоны, нiчога нават прыблiзна падобнага няма.

— Што мы ўжо адзначылi, — адклiкнуўся Другi.

— Ты, выходзiць, лiчыш, — звярнуўся Настаўнiк да Першага, — што калi б гэта былi нашы лоны цi падобныя да нашых, то яны эвалюцыянавалi б у нас?

— Так, не думаў, што стары Спiу так звязаў цябе, — весела заўважыў Другi.

Першы сумеўся.

— Даўно… У першыя гады Студыi… Адным словам, тады я патаемна раскруцiў лонаў. Настаўнiк! Яны вымерлi! Нашы лоны вымруць!

— Мабыць, ты карыстаўся недасканалым, вучнёўскiм эльвентарам, — спакойна прамовiў старшы. — Гэта так?

— Так… Некалькi стадый прамiльгнула… Я ведаю — я не павiнен быў… Але такi вынiк… Вымiранне!.. Я гатоў сваю вiну…

— Спецыфiчныя токi планеты Хi, на якой ты не паспеў яшчэ адаптавацца, выклiкаюць парой перабольшанае пачуццё вiны.

— Спецыфiчныя токi Хi, — нiбы рэха, адклiкнуўся Другi.

Першы апусцiў галаву…

* * *
На экране брыў па лясным гушчары калматы чорны мядзведзь; ён быў змрочны i сумны. I раптам паказалiся маляўнiчае возера, травянiсты беражок, сонечнае неба i на беразе — тры iстоты.

Гэта было апоўднi. Iстоты сядзелi колам, пiлi нешта, любавалiся прыродай i гутарылi. Усе тры — мужчыны.

Адзiн пiў гарбату з чарнiчным сочывам i ўпэўнена казаў, што ўсё на свеце грунтуецца на iнстынктах, бо iнстынкты непераходныя.

— Адсюлека што выходзiць? — пытаўся ён. — Што i як? А тое выходзiць, што немагчыма пра iнсцiкт сказаць, што гэны вось, значыцца, добры, а гэны — цьфу. Дык гэныя самыя яны, як адзiн, цi, па-вашаму, добрыя ўсе, — нiкудышныя.

Другi пiў гарбату з мёдам i нiзашто не згаджаўся з iм.

— Гэнта твая кансэпцыя няправiльная. Як кажуць, ва ўсёй сваёй паўнаце. Тут жа, да прыкладу, калi ж па-тваёму, то акурат выходзiць, што ўсё ўсем можна. Так? Так. А як жа так вось можна? Гэнтыя самыя, як ты кажаш, iсцiнты нельга пушчаць на самацёк. Вунь, возьмем, баба ў мяне…

— Iовi энд бовi! — усклiкнуў трэцi з прыяцеляў. — Каралi i капуста! Усё так. — Ён быў самы худы i стары i самы нязграбны з трох; ён пiў гарбату, падлiваючы ў свой кубак нешта з фляжкi, якую вымаў з унутранай кiшэнi i хаваў назад. — Iовi энд бовi.

— Бач? — сказаў той, што пiў з мёдам. — Падтрымлююць мяне. Калi ж для карысцi вобчаства, дык трэбаць гэнтыя iсцiнты падзялiць. Каторыя карысныя туды, — i ён паставiў свой кубак перад худым, — а каторыя некарысныя або, як кажуць, шкадлiвыя, гэнтыя пушчай iдуць сюды. — I кубак худога апынуўся перад прамоўцам, i той адразу спорна адпiў.

— А хто ж табе скажаць, якi iнсцiкт карысны, а якi храновы? — усмiхнулася чарнiчнае сочыва.

— Дык трэба ж глядзецi, глядзецi! — загарачыўся мёд. — Глядзецi! А як жа? Добраму — калi ласка, просiм. А каторы кепскi — стоп, хэндэ хох. А то адзiн гэны толькi хавус выйдзець. Баб вунь распусцiлi…

— Аддай мой кубак, — сказаў худы i заплакаў.

Злоўлены пакрыўдзiўся, сказаў, што манiпуляцыя з кубкамi патрэбна была для нагляднасцi, адпiў яшчэ крыху, потым аднавiў статус кво i панура працягваў:

— Бабам волю дай, iм дай волю…

— Воля, — усё яшчэ ўсхлiпваючы, працягваў худы. — Iнсургенты. Iовi энд бовi.

— Ну а мужыкам яе дай? — спытаўся вiноўнiк спрэчкi. — Дай iм, i што будзе?

— А нашто яна мне? На якi? Куды я пайду? А баба пойдзець — нiшто не ўтрымаець…

— Воля! — яшчэ раз паўтарыў худы, супакоiўся, лёг на спiну i дадаў з палёгкай: — Вунь у каго воля! Вунь ён! Арол-бацюхна. Кружыць сабе! Паглядвае! Прасторнанаверсе. I нi да чога нашага справы няма. Гэта — воля! — I, скончыўшы, ён адразу заснуў як забiты.

— Ты яво беражы, — сказала чарнiчнае сочыва. — Высокага палёту быў.

— Быў ды сплыў, - помслiва ўсмiхнуўся мёд.

— Ты за iм як за каменнай сцяной.

— А ты?

— Я маўчу.

— Каторыя маўчаць, ваны не падзуджваюць.

— Хто ж падзуджаiць?

— А пра iсцiнты хто пачаўшы? Думаеш, я не паняўшы? Iсцiнты! Ваны вось яво i даканаўшы. А за iм i нас з табою.

— А ты мяне з сабою не раўняй!

— Ах-ах, цаца!

— Гэта паскудства, калега! — пакрыўджана змянiлася чарнiчнае сочыва. — Я ж знарок пачаў зусiм пабочную гаворку, каб адцягнуць яго ўвагу ад думак пра ўласнае падзенне, а вы…

— Ад паскуды чую, калега, — не застаўся ў даўгу мёд. — Вы не стамiлiся аплакваць сябе, я ведаю. I вам не церпiцца каго-небудзь абвiнавацiць у сваiх няўдачах.

— Гэта вы няўдачнiк, а ў мяне вынаходнiцтвы ёсць!

— Якая ж цана вашым талентам, калi вы трымалiся толькi дзякуючы яму.

— Я папрасiў бы вас заткнуцца, бездар вы i зайздроснiк жаўтушны!

— А вы — паразiтуючы неўрастэнiк!

— А вы — жабрак i лёкай!

— Iовi энд бовi, — пралепятаў спячы. — Арол-бацюхна… Лунае сабе… Воля…

— Божа! — журботна вымавiла чарнiчнае сочыва. — Як агiдна завяршаецца так удала пачаты эксперымент…

За кустамi сядзеў мядзведзь i назiраў. Ён, вядома, мог бы iх адразу ўсiх задраць — гэта ў яго на пысе напiсана, — але быў сыты. Ён проста выйшаў са сховiшча i зароў, i прыяцеляў як ветрам здзьмухнула. Мядзведзь даеў мёд i сочыва, а запаветную бiклажку так i не знайшоў: гаспадар яе, вiдаць, не пажадаў з ёю разлучыцца, нават рызыкуючы жыццём.

* * *
Экран працягваў мiгцець. Мядзведзь сунуўся берагам.

— Што гэта? — здзiўлена спытаўся Першы. — Хто яны?

— Гэта фiлосафы, — сказаў Настаўнiк.

12

Над вольнай раўнiнай, над шырокiм стэпам плыў Магутны Арол. Ён ляцеў так высока, што там не адчувалася гарачынi нават самай спякотнай парой; паветра свежае i мяккае, як пярына, i рухi Магутнага Арла былi плаўныя. Ён то хiлiўся на крыло i планiраваў, робячы кругi i млява прыплюшчваючы вочы, то складваў крылы i падаў, маючы асалоду ад ветру i хуткасцi, а потым зноў узносiўся i зноў лунаў, пазiраючы на сонца.

Нiжэй — дыстанцыя была раз i назаўсёды вызначана — ляцеў ад'ютант i целаахоўнiк Старэйшы Сокал, а яшчэ нiжэй кружылi чароды шулёнкаў — гэта была ахова. Шулёнкi не маглi намнога адарвацца ад зямлi (ды гэта i не дазвалялася) i знемагалi ад спякоты i смагi. Дзякуючы востраму зроку яны бачылi, што робiцца на зямлi: кiшачых мышэй, разнастайных птушак, сiнiя ручаiны i даўганогiх кулiкоў, на мелiзне нават бачылi рыбак, якiя абгрызалi сцяблiнкi трысця або проста раскашавалiся ў цiхiх затоках каля самай паверхнi. Усё гэта было як на далонi, але нi адзiн з шулёнкаў не меў права нават падумаць пажывiцца — Старэйшы Сокал надзвычай зоркi i пiльны. Ахоўваць бяспеку i спакой Магутнага Арла — вось такi iх абавязак, i нiчога iншага на свеце не павiнна было для iх iснаваць. Яны то згуртоўвалiся ў непрыступнае карэ, то перастройвалiся ў iмклiвы клiн, то размяшчалiся кругам, нi на секунду не выпускаючы з-пад увагi нi ад'ютанта, нi самога ўладара, нi вельмi мiзэрных змяненняў вакол iх — у паветры або ўнiзе. Яны не ведалi, ад якiх ворагаў трэба ахоўваць Магутнага Арла, яны толькi ведалi, што трэба ахоўваць, i ахоўваць пiльна. Час ад часу камандзiр шулёнкаў, самы дужы i натрэнiраваны з iх, адрываўся ад чарады i прабiваўся ўверх, да Старэйшага Сокала. Зразумела, ён не мог дасягнуць вышынi целаахоўнiка, не кажучы ўжо пра вышыню Магутнага Арла; ён падымаўся ўсяго настолькi, каб быць пачутым, i, задыхаючыся, крычаў:

— Ваша сцярвятнiцтва! На захадзе навальнiчная хмара!

Старэйшы Сокал у сваю чаргу таксама ўзлятаў, наколькi мог, i перасцярога перадавалася галоўнаму адрасату.

Магутны Арол даўно ўжо бачыў хмару, якая не была не толькi навальнiчнай, а нават i дажджавой i да таго ж праходзiла бокам. Ён пагардлiва пакасiўся ўнiз i адказаў:

— Бачу. Ты — вольны.

I Старэйшы Сокал iмклiва знiжаўся, i гэтак жа iмклiва ныраў унiз камандзiр шулёнкаў i, з палёгкай расслабiўшыся, займаў месца ў чарговым пастраеннi.

Бывалi — праўда, дужа рэдка — выпадкi, калi хто-небудзь з ахоўнiкаў, заўважыўшы суслiка, якi разлёгся на санцапёку, забываўся (спакуса брала сваё) i стрымгалоў кiдаўся на ахвяру. Але ён не паспяваў нават адчуць смаку свежага мяса — сабраццi адразу разрывалi суслiка на кавалкi. Пасля гэтага парушаны строй аднаўляўся i служба працягвалася.

А Магутны Арол цiхамiрна лунаў у вышынi. Вядома, ён часам заўважаў хвiлiннае замяшанне ў шэрагах ахоўнiкаў, але не надаваў гэтаму значэння.

«Няхай, — усмiхаючыся, думаў ён. — У iх там свас клопаты». Было светла на душы, думкi цяклi спакойна, як цiхая рака або як гэты вецер, халаднаваты i плаўны.

Час, калi ён хваляваўся, аглядваўся, выпрабоўваў моц крылаў i прызвычайваўся да вышынi, даўно мiнуў. Так, калiсьцi новае сваё становiшча ён прымаў яшчэ як дар лёсу. Ён ацэньваў сябе збоку, каб пазбавiцца шмат якiх звычак, што iшлi ад мiнулага, прыслухоўваўся да шматлiкiх галасоў у сабе i ўважлiва аглядваў кожнага, хто трапляўся на вока. Усё гэта даўно мiнула. Ён убачыў, што больш магутнага за яго няма, i яму ўжо не трызнiлася пра «дар лёсу», ён паверыў, што заўсёды быў такi, як цяпер, i што лёс да гэтага не мае дачынення. Ён цяпер не залежаў нi ад чога i нi ад кога; наадварот — усё жывое, з яго клопатамi, намерамi i iнтарэсамi, з яго сённяшнiм i будучым, падуладна толькi яму, Магутнаму Арлу, i цалкам залежыць толькi ад яго аднаго. Ён ужо не ўпiваўся сваёй магутнасцю, як спачатку, не даказваў яе на кожным кроку — яна ўжо i так была вiдавочная i непахiсная. «Усталяваны парадак, — горда думаў Магутны Арол, — адзiна магчымы. Ён справядлiвы. I калi б я нават сам нешта хацеў змянiць, дык не змог бы, бо гэта немажлiва».

Кожнай ранiцай ён вылятаў прагуляцца: прымаў паветраныя ванны, рабiў размiнку, каб не здранцвелi мускулы i не аслаблi крылы, аглядаў свае ўладаннi i думаў. Ён думаў пра сваё птушынае царства, але часцей за ўсё — аб прыгажосцi свету. Яго, само сабой, не цiкавiлi дробязi — з вялiзарнай арлiнай вышынi ён акiдваў зямлю пiльным позiркам, i яна была блакiтная i зялёная. Яна заўсёды была блакiтная i зялёная, i гэта яшчэ раз пацвярджала нязменнасць i непарушнасць сутнасцi. Часам — вядома, вельмi рэдка — у блакiтнасцi i зелянiне ўзнiкалi нейкiя пабочныя плямы, але iх iснаванне было кароткачасовае.

Пасля прагулкi, якая працягвалася дзве з паловай гадзiны, Магутнаму Арлу дакладвалi, што надыходзiць час абеду. Гэта таксама ўваходзiла ў абавязкi Старэйшага Сокала — па ўстаноўленай форме ён адчаканiў:

— Ваша Недаступнасць! Час абеду наблiжаецца, як пра гэта Вашай Недаступнасцi вядома лепш за мяне.

I тут шулёнкi ўнiзе размяшчалiся такiм чынам, што атрымлiвалася слова «АБЕД». Магутны Арол рэзка ўзмахваў крыламi, закiдваў галаву насустрач сонцу i потым плаўна знiжаўся да свайго жылля. А крыху нiжэй, у гэтым жа напрамку, ганiбалаўскiм паўмесяцам рухалася ахова.

У непрыступных скалах, на галавакружнай вышынi стаяў палац Магутнага Арла. Гэта быў моцны i велiчны замак, выкладзены знутры i ўсярэдзiне каштоўнымi камянямi. Яго складалi шматлiкiя залы, пакоi, калiдоры; iх было такое мноства i так мудрагелiста яны злучалiся памiж сабою, што не толькi выпадковы наведвальнiк, але i самi жыхары лёгка маглi заблудзiцца i трапiць у непрыемную гiсторыю, калi б iм, напрыклад, захацелася пацiкавiцца, куды вядзе такi вось, скажам, праход або што знаходзiцца ў тым вось замкнутым пакоi. Не заблудзiўся б у гэтым лабiрынце толькi сам Магутны Арол i яго верны вартавы Старэйшы Сокал. I яшчэ адзiн жыхар замка не заблудзiўся б тут — брамнiк Старажытны Крумкач, якi хоць i быў простым брамнiкам i не меў ключэй, акрамя ўваходных, але затое меў добрую памяць, бо стары i мудры быў i шмат чаго пабачыў на сваiм вяку.

Вось ён вылазiць са сваёй каморкi, бразгаючы ключамi, блiзарука жмурыцца з-пад крыла, заўважае стройную чароду шулёнкаў i, пакульгваючы, iдзе адмыкаць вароты. Шулёнкi падлятаюць, садзяцца ў дзве шарэнгi, i Крумкач кажа iм, уздыхаючы:

— Намарылiся, бедненькiя. Спякота! У цяньку б у такi час хавацца, а тут служба. Ах, кра-кра-кра…

— Маўчаць! — крычыць у такiх выпадках Старэйшы Сокал. — Чым балбатаць, старая здыхля, лепш бы падмёў каля варотаў!

— Усё робiцца ў адпаведнасцi з Улажэннем, ваша сцярвятнiцтва, — адказвае Старажытны Воран.

— А балбатня з аховай таксама ў адпаведнасцi з Улажэннем?

Яны заўсёды пачыналi сварыцца, бо даўно не любiлi адзiн аднаго, i спынялася сварка, як толькi з'яўляўся пан. Свiст ветру ў яго крылах заглушаў галасы, грозны грукат кiпцюроў аб каменную плiту ставiў кропку ўсялякiм спрэчкам. Крумкач кланяўся. Старэйшы Сокал адступаў убок i таксама схiляў галаву, i Яго Недаступнасць Магутны Арол, велiчна склаўшы крылы, нетаропка накiроўваўся ў замак.

13

На абед часцей за ўсё падавалiся жывая рыба або трус. Магутны Арол сядзеў у пуховым крэсле, побач стаяў Старэйшы Сокал, а каршуны-кухары падавалi стравы. Яны ставiлi iх перад уладаром i, не ўзнiмаючы позiрку, выходзiлi. I як толькi за iмi зачынялiся дзверы, Старэйшы Сокал вырываў з кожнай стравы па кавалку, праглытваў i чакаў. Магутны Арол сачыў за iм. Такiм чынам правяралася прыгоднасць ежы — яна ж магла быць i атручаная: цi мала што здараецца, калi на свеце жывуць зайздроснiкi. Магутны Арол паназiраў некалькi хвiлiн за сваiм слугой i пачынаў есцi. Калi рыбу прыносiлi ў акварыуме, ён удыхаў пах вады, i ў яго галаве лёгкiм хмелем усплывалi цьмяныя вобразы; ён заплюшчваў вочы i нейкi час сядзеў нерухома. Потым быццам апамятаўся i ўпiўся ў самую вялiкую рыбiну. Яна хацела вырвацца i круцiлася ў яго кiпцюрах, па пругкiм целе струменiлася i капала ў ваду кроў, i толькi Магутнаму Арлу быў зразумелы маўклiвы рыбiн крык: «Хутчэй — хутчэй…»

Шчупакi, мiж iншым, паводзiлi сябе iнакш. Яны не кiдалiся, як нейкiя там язi цi галаўлi, на сценку акварыума, а ў кiпцюрах Магутнага Арла ўсё старалiся ўкусiць велiчную асобу, бiлi хвастом i калолiся плаўнiкамi. I нi разу Магутны Арол не чуў, каб шчупак крыкнуў.

Труса падавалi асвежанага, i есцi яго ў такiм выглядзе не было, шчыра кажучы, нiякай цiкавасцi, i калi б не правiлы i этыкеты, магутны Арол загадаў бы падаваць труса жывога.

Абед канчаўся, i Яго Недаступнасць у суправаджэннi целаахоўнiка iшоў на зацемненую веранду, каб пачысцiць дзюбу i прыгладзiць узлахмачаныя пёры. Тут жа ён драмаў хвiлiн пятнаццаць-дваццаць, каб канчаткова прыняць прыстойны выгляд i сабрацца з думкамi — асаблiва шчупакi заўсёды псавалi яму настрой. Потым пачыналася дзелавая частка дня.

Гэта, па праўдзе кажучы, была аўдыенцыя. Прыходзiлi птушыныя мiнiстры, чыноўнiкi ўсiх рангаў, пасланцы, просьбiты i — пад канец — госцi.

Яго Недаступнасць Магутны Арол — Аквiла Рэгiя Iнвiктус Юстус[1] — сядзеў на высокiм залатым троне, асляпляючы царскiм адзеннем i велiчнай паставай. Па правы бок стаяў самы верны i адданы яго слуга Старэйшы Сокал, па левы — самы першы i любiмы сябар Строгi Сарыч — мiнiстр птушынага настрою i парадку.

Вышэйшыя чыны ўваходзiлi па адным, дакладвалi, як iдуць справы, слухалi ўказаннi i адыходзiлi ўбок. Такiм чынам, зала паступова папаўнялася i да канца аўдыенцыi, перад забаўнай часткай, была поўная да адказу.

Прыходзiў Горны Грыф, галоўны фiлосаф, а таксама намеснiк Паўднёвых абласцей, якога жартам называлi проста Гэ-Гэ. У яго было нямала заслуг, што адзначалася ў спецыяльных Улажэннях, у адным з якiх, у прыватнасцi, гаварылася, што гэтага мужа трэба ў далейшым называць «Грыфус Мантанус Прэдзiтус».[2] Ён быў павольны i спакойны, тым не менш лiчыўся карысным членам птушынага сената, прыемным субяседнiкам, а акрамя таго, даводзiўся Яго Недаступнасцi далёкiм сваяком. Гэ-Гэ ўваходзiў, кланяўся i пачынаў гаварыць пра тое, што ўсё зямное праходзiць i ўсялякае мiтусенне — доказ слабасцi жывых; не праходзяць толькi мудрасць i сiла Вялiкага.

— Вера ў светлы i мудры вобраз уладара, у бязмежную яго справядлiвасць i клопаты выклiкае ў падданых бадзёрасць духу. Гэта вось i ёсць маральная аснова, Ваша Недаступнасць, гэта вось i паказвае кожнаму сваё месца i становiшча, таксама як i сферу i меру ўжытку здольнасцяў. I гора таму, хто забудзецца пра сцежку, якая яму вызначана. Бо справядлiвасць i цудоўнае заўсёды перамогуць — ваша крыло гэтаму сведка, Ваша Недаступнасць. Каб не быць галаслоўным, заўтра ж я пакажу вам, Ваша Недаступнасць, новы трактат…

Прылятаў Спрытны Каршун — першы сувязны. Ён iмклiва падбягаў да трона, кланяўся i дакладваў што-небудзь важнае, што лiчыў адпавядаючым настрою ўладара. Потым ён станавiўся побач з Гэ-Гэ i, яшчэ не аддыхаўшыся, пачынаў нешта шаптаць яму, але той, як правiла, ужо беспрабудна спаў.

Прылятала Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi. Заiкаючыся i папраўляючы акуляры, яна так блытана i таропка сыпала лiчбамi, што Старому Сарычу даводзiлася выразна паўтараць за ёй, iнакш бы ўладар нiчога не зразумеў.

Завiтваў Пануры Фiлiн, старэйшы пажарнiк. Ён запэўнiваў, што пажараў нiдзе няма i меры супроць узнiкнення гэтакiх увесь час прымаюцца.

Уваходзiў Зоркi Кондар, наглядчык рэсурсаў, маляваў шырокую карцiну стану матэрыяльна-харчовага становiшча; як заўсёды, ён не мог устрымацца ад крытыкi ў адрас Вялiкай Княгiнi.

— Склады не праветрываюцца, Ваша Недаступнасць, дзiркi ў падлогах не забiваюцца, што робiцца, як я думаю, з мэтай развядзення мышэй для асабiстых патрэб яе блiзарукасцi…

Разам з'яўлялiся Верны Сапсан i Адданы Крэчат, адпаведна старшынi Першай i Другой канцылярый, якiя загадвалi метэаралогiяй i турызмам.

Уваходзiлi i заляталi яшчэ доўга. Але вось аб'яўляўся перапынак, i цяпер наведвальнiкам дазвалялася гучна размаўляць, шчабятаць, клекатаць, шыпець i свiстаць, а таксама звяртацца да Яго Недаступнасцi з важнымi пытаннямi i прапановамi. I потым пачыналася другая, неафiцыйная частка прыёму.

Залятаў Элегантны Сокал-Каршачок, ахоўнiк мастацтва, прыводзiў сябе ў парадак, прыгожа падыходзiў да трона i гаварыў што-небудзь прыемнае.

З паветра прыплыў Важны Бусел, першы захавальнiк навiн, станавiўся адразу ўбаку i, калi яго пра нешта пыталiся, адказваў жэстамi, так што немагчыма было адрознiць «так» ад «не». Другi ж захоўнiк навiн, Спрытная Сарока, ужо з парога пачынала такую траскатню, што яе адразу даводзiлася хапаць пад крылы, адцягваць у самы дальнi кут i там паiць сокам, каб канчаткова не зарапартавалася.

З'яўляўся Бадзёры Страўс, галоўны фiзкультурнiк; Нясмелы Пелiкан, заканадаўца мод; Задуменны Журавель, мiнiстр уяўлення. I, нарэшце, выступаў Жвавы Певень, старэйшы весялун, празваны, як i Гэ-Гэ, жартам, Пэ-Пэ. I ў зале рабiлася цесна i шумна, сур'ёзныя справы адыходзiлi на другi план — пачыналася гулянка. Пэ-Пэ гойсаў усюды, прыдумваючы на хаду гульнi i анекдоты, складаў жарты, заводзiў арагоды; гэта значыць, стараўся на ўсю моц, каб нiхто не сумаваў. Грымеў смех, гучалi ўрачыстыя «ўра» i «брава». А магутны Арол мiж тым слухаў Цiхага Дзятла, якi сядзеў у ценю яго крыла на падлакотнiку трона i прывычна выстукваў сваёй доўгай дзюбай нешта ўмоўнае, зразумелае толькi яму i яго пану.

Але вось адчынялiся бакавыя дзверы, i ў суправаджэннi стройных дзяўчат-соек уваходзiла жонка Магутнага Арла — Прыгожая Галубка. Яна прыветлiва ўсмiхалася свайму ўладару, стрымана адказвала на паклоны царадворцаў i гасцей; каля залатога трона ўстанаўлiвалi маленькi срэбны тронiк, дзяўчаты-сойкi падсаджвалi на яго сваю панi i станавiлiся за яе спiной паўколам. Гэта быў апагей свята.

Грымела музыка, кружылiся пары, гулянка бурлiла ракой. Паэты Шпак i Драч чыталi новыя вершы, прысвечаныя царскiм асобам i прыгажосцi прыроды; спевакi Салавей i Кенар выконвалi гiмны i ўрачыстыя арыi; жартаўнiк Цецярук выдумляў каламбуры, часам засланяючы самога Пэ-Пэ, так што царыца смяялася да слёз. Памiж гасцямi мiтусiлiся спрытныя афiцыянты, разносячы марожанае i напiткi. I нiхто ў гэтай радаснай гамане не заўважыў, што ў нiшы над самым тронам сядзiць Галоўная Аракулька-Зязюля i спакойна прарочыць нешта абыякавым аднастайным голасам.

Здаралася, праўда, што Аракульку ўсё ж заўважалi, i тады па знаку Магутнага Арла ў нiшу пасылаўся адзiн з шулёнкаў.

— Яго Недаступнасць, — гаварыў Зязюлi пасланец, — загадзаюць вашай асобе пакiнуць залу i больш не паказвацца без асобнага распараджэння Яго Недаступнасцi.

— Ку-ку! — адказвала Аракулька. — Прадбачу ў мурашнiку дзён кармiнавыя аблокi…

— Дык вы пакiнеце залу цi не?!

— Кармiнавыя аблокi з чатырох бакоў. Вецер сухi, сярэднi, паўднёва-ўсходнi; тэмпература ўночы плюс два, днём мiнус адзiн…

Стражнiк ляцеў да Старэйшага Сокала i дакладваў, што «Зязюля не хоча пакiдаць залу i мармыча пра нейкiя аблокi, мурашак i пахаладанне».

— Яна звар'яцела, ваша сцярвятнiцтва!

Старэйшы Сокал нахiляўся да ўладара i шаптаў:

— Зязюля балбоча пра мурашак, Ваша Недаступнасць. Не iнакш з глузду з'ехала.

— Гнаць вон, — моршчыўся Магутны Арол i адварочваўся.

А свята ўсё грымела.

Нарэшце, калi госцi стамлялiся, музыкi знясiльвалiся, паэты хрыпелi, Пэ-Пэ выдыхаўся, Цецярук напiваўся, а Прыгожая Галубка пачынала пазяхаць, прыступалi да чытання новых Улажэнняў. Строгi Сарыч разгортваў жоўты скрутак, i пад скляпеннi залы ўзлятаў яго звонкi, чысты голас.

— «Iмем Яго Недаступнасцi Адзiнага Вялiкага Магутнага Арла, Аквiлы Рэгii Iнвiктуса Максiмуса Юстуса з гэтага дня i назаўсёды загадаць…»

У гэту хвiлiну станавiлася цiха на зямлi i на небе — нават вецер супакойваўся, нават рэкi запавольвалi свой бег, нават пракляты дзiкi кот, якi нiчога на свеце не разумее, замiраў дзе-небудзь у шчылiне, i страх скоўваў яго члены. Госцi i прыдворныя стаялi з выцягнутымi шыямi, не маючы права паварухнуцца нi адзiным пёркам, не мiргаючы i не дыхаючы.

— «Упамiнанне iмя Яго Недаступнасцi скорагаворкай, або невыразна разглядаць як абгавор з адпаведнымi адсюль вывадамi…»

— «Разважаннi пра справы i Ўлажэннi Яго Недаступнасцi ў неадпаведным месцы i кепскiм настроi лiчыць нядбалым легкадумствам з усiмi выцякаючымi вынiкамi…»

— «За руплiвасць i стараннасць на службе Яго Сцярвятнiцтва Старэйшага Сокала надзялiць асаблiвай увагай i ў далейшым называць „яго высокасцярвятнiцтва Старэйшы Сокал Магнiфiкус Альцiволанс…“»[3]

Бывалi i iншыя Ўлажэннi — iх назапасiлася вельмi многа, i ўсе яны выдавалiся на жоўтых скрутках, якiя потым захоўвалiся ў Стальным Куфры Галоўнай Канцылярыi.

Пасля прачытання Ўлажэнняў чулася гучнае ўхвальнае клекатанне, i госцi пачыналi разыходзiцца. Як толькi адыходзiў апошнi, Магутны Арол саскокваў з трона i пад крыло з Прыгожай Галубкай iшоў у спальню. Дзяўчаты-сойкi разыходзiлiся па залах, змешвалiся з кавалерамi-папугаямi i вялi свабодны лад жыцця, адпачываючы ад нялёгкiх абавязкаў фрэйлiн.

Вечарам Магутны Арол часцей за ўсё раiўся са Строгiм Сарычом i старшынямi канцылярый, а глыбокай ноччу — зноў з Цiхiм Дзятлам. Потым ён iшоў у свае пакоi, i ў замку запаноўвала цiшыня.

14

Часам у бурную непагадзь, калi цемру асвятлялi маланкi i грукатала неба, нiбы абвальвалiся скалы, Магутнаму Арлу рабiлася тужлiва i адзiнока ў вялiзарным замку сярод прывычных асоб. Ён адмяняў справы i вясёлыя вiдовiшчы, садзiўся ў царскую нiшу ў адной з верхнiх вежаў i так сядзеў пры свячы адзiн, задумлiва ўглядаючыся ў навальнiчную ноч. Нават Старэйшага Сокала не было побач — ён стаяў за дзвярыма, бо ў такiя хвiлiны нiхто не павiнен бачыць уладара.

Ён углядаўся ў ноч, i хiсткiя думкi праносiлiся ў яго галаве. «Чаго я дасягнуў? — думаў Магутны Арол. — Да чаго прыйшоў? А цi ўсё гэта, што магчыма смертнаму? А калi гэта ўсё, дык чаму турбуюць думкi? Я маю ўсё, што можна мець, няма каму са мной мерацца нi сiлай, нi славай, нi багаццем, я наймагутны, i воля мая свабодная, i няма перашкодаў для яе. Нават для вады ёсць перашкода — сонца, нават для ветру — скалы, нават для святла — самая маленькая рэч на яго шляху. А для маёй волi няма перашкодаў. У мяне няма ворагаў, у мяне няма i сяброў — мой розум вышэйшы за дружбу або нянавiсць. Дык што ж вярэдзiць душу, што перашкаджае пiць асалоду з зямных радасцяў?»

Так разважаў Магутны Арол, а вецер iрваў i трапаў полымя свечкi, i ў нiшы мiтусiлiся чорныя ценi.

— Сокал!

Вокамгненна той быў побач.

— Сорак шулёнкаў.

— Ёсць, Ваша Недаступнасць!

Ад'ютант не цiкавiўся задумай пана, не стрымлiваў ад начнога мерапрыемства, не думаў пра яго вынiкi — ён выконваў, бо выконваць было вышэйшай патрэбнасцю яго духу, самай салодкай яго ежай.

На халодным ветры на самай высокай вежы збiралiся шулёнкi. Яны спрасонку азiралiся, курчылiся i нервова варушылi крыламi, бо iх чакала штось таямнiчае.

— Ты застанешся тут, — сказаў Магутны Арол Сокалу.

— Ёсць! — адклiкнуўся той, прызначыў камандзiра атрада i рэцiраваўся.

I чарада кiдалася ў цемру.

Шулёнкi прыцiскалiся да самай зямлi, iх строй раз-пораз парушаўся ветрам, але яны яго адразу ж аднаўлялi пад кiраўнiцтвам свайго камандзiра, i палёт працягваўся. Нiхто не ведаў, куды iх вёў уладар, — вядома было адно: з такiх палётаў нiхто не вяртаўся.

А Магутны Арол ляцеў уверсе. Ён грудзьмi ўразаўся ў вецер, рассякаў яго крыламi — яму падабалася гэта барацьба.

Яны прыляцелi на бераг мора, дзе шум i грукат дасягалi такой сiлы, што здавалася, нiбы трэскаецца неба.

— Дваццаць — убок! — камандаваў Магутны Арол, i дваццаць шулёнкаў адляцелi i схавалiся пад скалой. Тут было цiха, i, збiўшыся ў гурт, яны чакалi наступнага загаду i адпачывалi. А тым, хто застаўся на беразе, загадалi капаць; крыламi i кiпцюрамi яны ўзялiся рыць пясок. Вецер валiў з ног, дождж сек па вачах, пярун аглушаў, i маланкi асляплялi, а мора, коцячы чарговы вал, разбурала краi ямы, i ўсё трэба было пачынаць спачатку. Шулёнкi выстраiлiся перад ямай жывой сцяной: частка стрымлiвала целамi нацiск мора, другая частка працягвала капаць.

Магутны Арол стаяў збоку i чакаў. Калi шулёнкi закопвалiся на дастатковую глыбiню, ён камандаваў: «Адставiць», i тыя зноў выстройвалiся перад уладаром, якi загадваў:

— Цяпер вы павiнны памерцi. Такая мая воля.

— Ёсць, Ваша Недаступнасць! — адказаў дружны хор. I тут жа камандзiр, як самы адданы, зрабiў над сабой намаганне i звалiўся мёртвы. Яго прыклад пераймалi iншыя, а тых, хто не валодаў такой уладай над сабой, магутны Арол бiў дзюбай у галаву, i яны клалiся побач з таварышамi. Потым ён скiнуў iх целы ў мора i саскочыў у яму. Яму заставалася саскрэбцi толькi невялiчкi слой, i ноч азаралася белым дрыготкiм святлом — на дне ямы ляжаў зiхатлiвы Плацiнавы Абруч. Магутны Арол доўга сядзеў каля яго, ахоплены пакутлiвым хваляваннем, i засяроджана перабiраў у памяцi, чаго б яшчэ папрасiць; магутнасць, смеласць, непаражальнасць, багацце — усё было ўжо даўно дадзена, i прыдумаць новую просьбу не хапала фантазii, а паўтарацца нельга было: Плацiнавы Абруч двойчы не выконваў таго самага або падобнага жадання.

— Сiлы! — шаптаў Магутны Арол, дакранаючыся да халоднага металу. Зоркасцi!.. Упэўненасцi!.. Моцы крылаў!..

Але Абруч нiяк не адклiкаўся — не было ў яго бляску таго характэрнага напружання i iскрэння, якiя б сведчылi, што просьба прынята i выканана. I Магутны Арол разумеў — прыляцеў сюды дарэмна.

Прыгнецены i стомлены, ён закiдваў Абруч пяском, каб святло не пранiкала наверх, потым выбраўся з ямы i грозна загадаў:

— Да мяне!

I шулёнкi, што засталiся, умомант былi перад iм; яны не пыталiся, куды падзелiся iх таварышы, — пытацца было парушэннем Улажэння i, значыць, злачынствам.

— Закапаць.

Такая работа звычайна заканчвалася за некалькi хвiлiн.

— А цяпер вы павiнны памерцi. Такая мая воля.

— Ёсць, Ваша Недаступнасць! — пачуўся дружны адказ.

Магутны Арол застаўся адзiн, узняўся ў паветра i, не зважаючы на непагадзь, кружыўся над гэтым месцам. Бура ўрэшце ўлягалася, гром аддаляўся, вецер супакойваўся. Мора паступова залiзвала сляды працы; вось ужо зусiм гладкi пясок, вось хвалi перакочваюцца цераз мелiзну i дасягаюць скалы, дзе нядаўна хавалiся шулёнкi, а далёка на ўсходзе пачынае матавым адценнем свяцiцца неба. Iдзе прылiў…

* * *
Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховiшча. «Гэта мая начная туга ў бурлiвае надвор'е — ад хвалявання стыхiй у прыродзе, як правiльна тлумачыць Гэ-Гэ, — разважаў ён. — Бо я — увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калi мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, i няма больш таго, чым я валодаю, i не трэба большага жадаць». А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросцiў Плацiнаваму Абручу: «Я ж магу i сам зрабiць тое, што захачу цi што будзе неабходна, я — Аквiла Рэгiя, непераможны i найвялiкшы, — iнакш што ж я за „непераможны i найвялiкшы“, калi толькi i прашу дапамогi ў нейкага абруча?»

Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, i тады… Цяжка было ўявiць, што будзе тады…

15

Бяссоннiца прыходзiла часам i ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную цiхую пагоду, калi па зямлi разлiвалася цёплая млявасць i свет шчаслiва замiраў, быццам упiваючыся сваёй бязмежнасцю i дасканаласцю, i зоркi гарэлi асаблiва блiзка i ярка. Магутны Арол запiраўся ў адным з самых аддаленых пакояў i сюды-туды крочыў там у адзiноце, знемагаючы ад хворых дум i незразумелых жаданняў. У гэтыя хвiлiны ён ужо не лiчыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасцiпнасцi i мудрагельства Гэ-Гэ здавалiся яму пустой балбатнёй. I вось, калi туга ўжо пагражала перайсцi ў роспач, ён выклiкаў Аракульку, i яны гутарылi.

— Што такое жыццё? — пытаўся ён, i яна адказвала:

— Жыццё — гэта рух.

— Ад чаго да чаго?

— З аднаго месца на другое.

На такiя тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай — яшчэ нi разу падобная размова не прыносiла супакаення. Але слухаць гадкую лiслiвасць i пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.

— Што рухае?

— Неабходнасць.

— Адкуль неабходнасць?

— Ад жаданняў.

— Адкуль жаданнi?

— Ад неабходнасцi рухацца.

— Дзе ж тут пачатак i дзе канец?

— Няма нi пачатку, нi канца.

— А смерць?

— Смерць — вяха.

— Што пасля?

— Цемра.

— Ах! — усклiкнуў аднойчы Магутны Арол. — Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. I калi смерцi не будзе…

— Будзе, — прагучаў адказ.

— Але я магу стаць бессмяротны!

— Жывы труп…

— Пайшла вон!

Ранiцай ён раiўся са Строгiм Сарычом, i той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталi горш выглядаць.

— Так нядоўга i да хваробы…

— Што ж, — усмiхнуўся Магутны Арол, — па-твойму, я магу памерцi?

— Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасцi лепшыя на свеце.

— Лекары, — паўтарыў Магутны Арол i паморшчыўся.

— Можа, — спачувальна сказаў сябра i дарадчык Строгi Сарыч, — Вашай Недаступнасцi неабходна было б на час адкласцi справы, гэтыя бясконцыя клопаты…

— Што ты называеш «на час адкласцi справы»?

— Паляванне! — Вочы Строгага Сарыча загарэлiся. — Паляванне — найвялiкшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзiвосныя паляны, i пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглi б загадаць…

Праз дзень вылецелi. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала i Строгага Сарыча, тут былi яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ i Элегантны Сакол-Каршачок, i ўсю групу эскартавалi стройныя чароды шулёнкаў, цювiкаў i канюкоў.

Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвiлiся i адпачывалi шматлiкiя статкi разнастайнай жыўнасцi. Узлятаў i каменем падаў на ахвяру Строгi Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кiдаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, iмклiвы, дакладны, грозны i статны. Ахвяра супрацiўлялася яму адзiн толькi мiг i адразу ператваралася ў крывавыя шматкi. Ён адзiн разарваў не менш за сотню трусоў i павалiў каля пяцiдзесяцi ланяў i коз. Галоўным у яго здзiўляючым таленце было — раптоўнасць. Стрымгалоў кiдаўся ён на цэль, свiдраваў яе позiркам, збiваў з ног, i ў наступнае iмгненне дзюба, кiпцюры i крылы завяршалi работу.

Эскорт, разбiўшыся на атрады, шнырыў па ўсiм лесе, шыпеннем i клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнiчалi нястомныя паляўнiчыя. Пабоiшча цягнулася некалькi гадзiн, i да полудня ўся паляна была завалена трупамi. Стомленыя байцы сядзелi на ўзлеску i цiха гутарылi. Гэ-Гэ, якi не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крывi, мiрна кiнуўся ў фiласофiю, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, i падводзiў пад культ вiдовiшчаў маральную аснову. I толькi Магутны Арол маўчаў. Ён не стамiўся, адчуваў у гэты час лёгкасць i супакой, нiбы выпiў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькi гадоў. «Вось, — думаў ён. — Можна, значыць, абысцiся i без Абруча…»

У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.

З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.

16

Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.

— Мы хочам асвоiць планету Хi, — прамовiў Настаўнiк. — Такая галоўная мэта?

— Так, — прашаптаў Першы. — Ты ведаеш…

— Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.

— Так…

— У такiм разе што цябе прыгнятае?

— Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца…

— Паляванне наладзiў былы лон, — з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?

— Мы не ад лонаў! — з роспаччу запярэчыў Першы.

— Хто гэта даказаў?

— Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў…

— Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi…

— У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!

— Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.

— Не трэба такiх спрэчак! — строга вымавiў Настаўнiк. — Яны не памогуць нам.

— Хi — дзiкая планета! — не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы. — Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi…

— Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.

— Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!

— А мне падыходзiць гэта планета, — задумлiва сказаў Другi. — Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.

— Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў…

— У нас урок, — сказаў Настаўнiк. — Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.

— Я хачу бачыць вышэйшых! — упарцiўся Першы.

— Ты iх ужо бачыў, - адказаў Другi.

— Тыя тры на беразе?

— Урок не скончаны! — Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.

«I зноў замiльгаў экран, — пiша Пасвячоны, — i жахлiвы iх урок працягваўся…»

* * *
«Жахлiвы ўрок»… Прызнае, такiм чынам, што жахлiвы. А вось каб перашкодзiць iм… Цi слушнасцi няма, цi этыка навуковая не дазваляе. А калi разабрацца, дык на якой падставе, па якiм праве нейкiя страшыдлы прылятаюць на нашу Зямлю, як да сябе дамоў (юнаку, бачыце, «падыходзiць гэта планета»!), i спакойненька, на вачах, разыгрываюць свае забавы?! Смальнуць бы з лазернай гарматкi, каб дарогу сюды забылiся. Вось i быў бы iм эксперымент.

Але ўжо працягнем, i няхай не пакрыўдзiцца Пасвячоны, што перапыняю яго апавяданне на свой манер.

17

Нягледзячы на ўсялякiя меры i засцярогi, у вотчыне грознага Аквiлы Рэгii пачалi адбывацца неверагодныя рэчы. Нечакана-негадана раптам высветлiлася, што Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi, не чыстая на руку i што, значыцца, начны спосаб яе жыцця ўвогуле, папулярна кажучы, павiнен быць лепшы ва ўсiх адносiнах.

Следства скончылася за самы кароткi час, «а калi яшчэ, — пiша Пасвячоны, мець на ўвазе хуткасць, з якой гэта дэманстраваў наш цудадзейны эвальвентар ноблаў, дык выйдзе толькi кароткае iмгненне». Факты, адным словам, пацвердзiлiся цалкам, нават з лiшкам, i Яго Недаступнасць асабiста распарадзiўся лёсам злачынкi: сарваў з яе акуляры, шпурнуў у фiзiяномiю i тупнуў так, што задрыжалi скляпеннi замка.

— Цяжка ўявiць! Неверагодна! У маiм уладаннi! У маiм доме! На маёй службе!!! Погань ненасытная! — Ён у знямозе павалiўся на трон i зайшоўся ў нервовым кашлi. — Лiквiдаваць!

Вялiкую Княгiню прыбралi ў чорнае адзенне, прывязалi на шыю камень, занеслi на мора i кiнулi ў самым глыбокiм месцы. Перад пакараынем яна паспела толькi пралепятаць:

— Перадайце гэтаму даўганосаму падлюгу, што… — Але дагаварыць не паспела.

Галоўны фiлосаф Грыфус Мантанус Прэдзiтус з прычыны гэтага сумнага здарэння нiбы сказаў, што ў гады росквiту i дабрабыту, у хвiлiну зацiшша пiльнасць асаблiва патрэбная. Бо ўсе, бачыце, клопатаў не ведаюць, усе радуюцца сытасцi i цiшынi, i святочны стан распаўсюджваецца падобна эпiдэмii. А гэта, сказаў ён, вельмi небяспечны i шкодны стан.

Уладар абазваў яго балбатуном, а цiкаўная Аракулька выдала сваё спакойнае «ку-ку».

А сiтуацыя мiж тым развiвалася далей.

Не паспела зацiхнуць гамонка пра складскiя справы, як з Заходнiх лясоў прыйшла вестка пра бясчынствы драздоў: збiралiся вялiкiмi чародкамi, наладжвалi шумныя i недапушчальныя банкеты, у часе якiх абгаворвалi Яго Недаступнасць, а таксама апаганьвалi мясцiны палявання. Каб навесцi парадак, прыйшлося паслаць туды эскадрыллю шулёнкаў. Авохцi! — неўзабаве нешта ж падобнае адбылося i на Паўднёвых Пласкагор'ях, у вотчыне Гэ-Гэ; гэтым разам вызначылiся перапёлкi. Гэтыя пайшлi яшчэ далей: зрабiлi чучала свайго гаспадара-фiлосафа, вiлiся вакол яго i выкрыквалi (лiтаральна так), «што не хочуць падпарадкоўвацца ўсялякiм калматым жывадзёрам». Акрамя таго, яны знеслаўлялi Прыгожую Галубку, абзываючы яе рознымi брыдкiмi словамi. Над гэтымi нахабнiкамi зрабiлi паказальны суд.

А Зязюля-Аракулька не стамлялася прадказваць смуты, хоць ужо i так было зразумела, што птушыны мацярык перажывае крызiс. Пасля перапёлак слухалася справа аб хабарнiцтве гракоў; потым на павальным браканьерстве папалiся кулiкi, а ў дадатак нешта з вадаплаўнымi… I так — адно за адным… Ды ўсё ж яшчэ можна было мiрыцца, калi б не гэта жахлiвая навiна пра змову. Так-так! у самым палацы рыхтавалася змова, i на чале — хочаце верце, хочаце не — стаяў нiхто iншы, як фанабэрысты Строгi Сарыч.

Спачатку было два-тры сiгналы, якiм уладар не надаў значэння, бо лiчыў гэта чыстай лухтой. Але прыйшоў Яго Непазбежнасць Выпадак — ён заўсёды, урэшце, прыходзiць, i — вочы раскрылiся.

Было так. Магутны Арол iшоў калiдорам, i раптам з пакояў Прыгожай Галубкi пачуўся шчаслiвы смех. Магутны Арол прыслухаўся i пазнаў голас свайго сябра i мiнiстра настрою i парадку. Сумненняў не было, бо ён пазнаў бы гэты цудоўны голас сярод тысячы падобных — столькi Ўлажэнняў было iм зачытана! А праз некалькi хвiлiн адчынiлiся дзверы, i мiнiстр з'явiўся ўласнай персонай. Без адзiнага гуку ўладар адразу сам арыштаваў яго. На допыце Строгi Сарыч прызнаўся, што задумваў пераварот. Калi афiцыйная частка закончылася, Магутны Арол наведаў зняволенага ў камеры.

Строгi Сарыч быў распасцёрты на падлозе i нагадваў хутчэй бясформенную кучу зваляных пёраў, чым жывое цела. Магутны Арол сеў i закрыў вочы крыламi: яму было цяжка бачыць свайго нядаўняга любiмца, якi так нiзка паў.

— Нiколi, Сарыч, — прамовiў ён з болем, — нiколi я не паверыў бы, што ты… — I заплакаў.

— Я невiнаваты, Ваша Недаступнасць, — пачуўся млявы хрып; голас, гэты цудоўны голас, загiнуў назаўсёды (Строгаму Сарычу праламалi горла), i Магутны Арол заплакаў яшчэ мацней.

— Я невiнаваты…

— Так-так, Сарыч. Несумленны i перад смерцю манiць.

— Невiнаваты…

— Ты ж прызнаўся, Сарыч. Нашто цяпер упарцiцца? Ад страху?

— Я не баюся, Ваша Недаступнасць. Але так памерцi…

— Як жа ты думаў памерцi?

— На полi бiтвы.

— На полi бiтвы… Добранькае ж поле ты нагледзеў сабе… Гэтак подла ашукаць мяне… А ты ж быў сябрам. Сокал, той — мой сабака, а ты быў сябрам. Ты памятаеш нашы паляваннi? Ты, значыць, для таго ўгаворваў мяне адлучацца з замка, каб плесцi сеткi здрады? Так, вiдаць, такi настаў час, Сарыч, што i сябрам веры няма. Бывай жа. Памры стойка.

I з гэтымi словамi Магутны Арол выйшаў, выцiраючы слёзы.

Тры днi правёў ён на адзiноце ў патаемным пакоi, на чацвёрты iм раптам авалодаў небывалы прыступ лютасцi. Ён уварваўся ў спальню Прыгожай Галубкi (яна якраз займалася перадабедзенным туалетам), выгнаў соек i раз'юшана закрычаў:

— Распуснiца! Здраднiца! I ты з iм заадно? Ты, якую я падабраў на сметнiку i зрабiў царыцай, хоць у паскудных тваiх жылах няма нi кроплi арлiнай крывi! Ты, якая стала б звычайнай дзеўкай у карчме трэцяга разраду! I ты пасмела зганьбiць маё iмя! — I тут ён пачаў зрываць з яе царскае ўбранне.

— Мiлы, — шаптала яна, ледзь не трацячы прытомнасцi, — Ваша Недаступнасць! Памылка… малю… выслухайце…

— Маўчаць!!!

I на гэтым бiяграфiя Прыгожай Галубкi «мела, як пiша Пасвячоны, свой канец». А фрэйлiны яе былi аддадзены на пацеху iнтэндантам-канюкам, а потым пасланыя ачышчаць лясы ад шкодных жучкоў.

Надышлi цяжкiя часы. Прыёмы i аўдыенцыi былi адменены, установы, дзе можна было б прыемна пасядзець i весела прабавiць час, — замкнутыя, ранiшнiя прагулкi не практыкавалiся. На месца Старога Сарыча, з захаваннем ранейшых абавязкаў, быў прызначаны яго раўнадушнасць Зоркi Кондар, якi адразу выдаў Улажэнне, што забараняецца па начах запальваць святло. I толькi працягвалiся выхады на паляванне. Тут Магутны Арол адпачываў душой i целам.

18

Пад скляпеннямi замка часцей пачаў снаваць Цiхi Дзяцел; ён вызначаўся здзiўляючай здольнасцю з'яўляцца i знiкаць у самых нечаканых месцах i самым нечаканым чынам. Яго баялiся ўсе. Але разам з тым лiчылi, што ён выконвае працу дужа надзвычайную ў дадзенай сiтуацыi — Строгi Сарыч меў нямала сваякоў, i нiчога асаблiвага не было ў тым, што адзiн за адным выяўлялiся ўсякага роду казнакрады i лiхадзеi, хлусы i прайдзiсветы, якiмi былы вяльможа ў свой час шчодра сябе акружыў. I Цiхаму Дзятлу старалiся па магчымасцi дапамагаць.

За кароткi час сышлi са сцэны Верны Сапсан i Адцаны Крэчат, якiя выкарысталi службовае становiшча ў мэтах кантрабанды, Важны Бусел, што парушыў «Улажэнне пра самаўпраўства», Бадзёры Страўс за тое, што спрасонку прагаварыўся аб нейкiх «iншых мацерыках», i яшчэ многiя.

Чарга дайшла, нарэшце, i да Гэ-Гэ. Пры ўважлiвым вывучэннi яго трактатаў высветлiлася, што ўсе да аднаго яны спiсаны з чужых, што ён толькi тым i займаўся, што хвалiўся сваiм сваяцтвам з уладаром, быў дужа пражэрлiвы, многа спаў i прысвойваў сабе чужыя думкi. Калi нарэшце ўсё раскрылася i Гэ-Гэ пра гэта даведаўся, ён тут жа памёр ад разрыву сэрца.

Пасля гэтых мер аднавiлася адносна здаровая абстаноўка.

19

Да гэтага часу не магу зразумець, чаму яны прычапiлiся да гэтых шалапутаў, што п'юць гарбату на беразе возера. Ну наткнулiся выпадкова, а потым чаго чапляцца?

Пасвячоны пераконвае, што гэта нездарма i што бесклапотны юны нобл Другi, значыць, — якi патрабаваў яшчэ i яшчэ раз вярнуцца да «трох фiлосафаў», зусiм не такi ўжо бесклапотны, бо ён, бачыце, улавiў нейкую там сувязь памiж тымi галубчыкамi i дафнiямi i не быў абвергнуты Настаўнiкам. Першаму ён у сваёй жартаўлiвай манеры сказаў, што, значыцца, нiякiя гэта не мясцовыя «вышэйшыя», а, вiдаць, ноблы, якiя аклiматызавалiся на планеце Хi, i прыяцель яму адказаў, што не чакаў такога легкадумства.

I вось яны, нягледзячы на пратэсты Першага, пачалi ганяць свой эвальвентар сюды i туды, i «фiлосафы» з'яўлялiся то зусiм галадранцамi, то ў касмiчным адзеннi, i мова iх, якая толькi што была грубая i непiсьменная, раптам рабiлася культурнай, а то i настолькi перасыпанай вучонымi слоўцамi, што, далiбог, я i ў апiсаннi Пасвячонага нiчога амаль не мог зразумець.

Не ведаю, нашто iм — Другому i яго Настаўнiку — патрэбна была гэта камедыя. Але нарэшце высветлiлася, што iх «фiлосафы» цi нейкiя акцёры, цi дыялектолагi, якiм трэба было апусцiцца, каб здабыць, бачыце, некаторыя спецыяльныя веды. А потым Другi хiтра ўсмiхнуўся i сказаў, што ўлоўлiвае падабенства старэйшага з «фiлосафаў» з iх Вялiкiм Магiстрам (загадчыкам, цi што, гэтай Студыi Прагнозаў?) i што той нiбы таксама носiць з сабой нейкую там пасудзiну. На што Першы адказаў, што гэта ўжо поўны здзек i ў такiх умовах вучэбную практыку праходзiць немагчыма. Другi раптам сур'ёзна запярэчыў, што практыка — самая найлепшая, што нiколi, бачыце, перад iм не паўставала столькi значных пытанняў, як цяпер.

Мне няма нiякай справы да ноблаў i iх праклятай студыi, а таксама да тамашнiх парадкаў i магiстраў. Але мне дзiўна, што Пасвячоны так падрабязна, так акуратна i не без замiлавання нават (ды няхай ён мне прабачыць, калi я чаго-небудзь не зусiм зразумеў) апiсвае ўсё гэта.

Далей — болей.

Маладыя ноблы заспрачалiся пра тое, чым растлумачыць такое iх падабенства з «жыхарамi Хi», гэта значыць з намi. Першы рабiў упор, значыцца, на тое, што нiбы тут выпадковае супадзенне; Другi ж пачаў фантазiраваць, што яны (гэта значыць ноблы) ужо калiсьцi пабывалi на Хi, а то i ўвогуле Хi — iх прарадзiма, i проста яны ў свой час пакiнулi яе i падалiся ў космасу пошуках жыццёвага прастору. I Настаўнiк не пярэчыў фантазii свайго падапечнага.

— Калi мы — Хi, — сказаў абураны Першы, — дык чаму яны такiя адсталыя? Чаму дзiчэюць?

— Можа, мы дзiчэем? — з запалам спытаўся Другi. — Мы, перанасычаныя тэхнiчнымi i навуковымi ведамi, адсталыя i дзiкiя ў параўнаннi з iмi?

— Веды i дзiкасць несумяшчальныя!

— Лягчэй давесцi адваротнае!..

20

Ну, тут мне няма чаго рабiць са сваiмi каментарыямi, прапусцiм гэта месца з «Запiсак» Пасвячонага, тым больш, што нiякiх, запэўнiваю вас, адносiн да тэмы, як кажуць, iх спрэчка не мае, а так — адна пустая грызня: хто каго пераканае, хто каго перакрычыць.

Прапусцiм дзесяткi тры старонак i зноў вернемся ў птушынае царства.

Зацiшша там, як i трэба было чакаць, было нядоўгае. Не паспелi, як кажуць, атрымаць ад яго асалоду, як на табе! — зноў навiна: скампраметавалi сябе Фiлiн, Каршун i Сакол-Каршачок, а таксама кухары-каршуны. Прычым у абвiнаваўчых актах на гэты раз фiгуравалi такiя словы, як «сладастраснасць», «скажэнне смакавых адчуванняў», «цяга да неўласцiвай птушкам ежы» (Элегантны Сакол-Каршачок нiбыта нават наладзiў патаемную вытворчасць i гандаль мёдам).

Магутны Арол з цяжкасцю ўзышоў на троннае месца i мутным позiркам аглядзеў залу. Змрочнай пустатой дыхнула на яго, час нiбы застыў, ашчэрылiся бязгучныя пашчы вокнаў. Трэба было ляцець да Плацiнавага Абруча. Але чым дапаможа ён на гэты раз? Адновiць парадак? Верне адданых саратнiкаў? Супакоiць?.. Але ж Абруч не дае суцяшэння.

Магутны Арол паклiкаў Цiхага Дзятла i спытаўся пра новыя факты беззаконня i вось якi пачуў адказ.

— Памылкi няма, Ваша Недаступнасць. I не можа быць. Калi кожны з iх невiнаваты, дапусцiм, яўна, дык вiнаваты скрыта, — гэта iсцiна. Перад дадзенай iсцiнай усе законы i Ўлажэннi — поўная бездапаможнасць. Бо вiна, Ваша Недаступнасць, павiнна вызначацца не цяжкасцю ўжо зробленых правiннасцяў, не выкрывальнымi фактамi, а ступенню магчымасцi ўзнiкнення iх. Усе магутныя ўладары ўсiх часоў толькi таму цярпелi крах, што не ведалi гэтай iсцiны або не жадалi яе засвоiць. Кожны з падданных Вашай Недаступнасцi ў рознычас дапускаў такое, што наводзiла мяне на роздум. Аднак я да часу чакаў, каб не быць галаслоўным перад Вашай Недаступнасцю. Памяркуйце самi! Вось, напрыклад, яго неўтаймаванасць Спрытны Каршун, якi, як вядома, стаў над канцылярыямi пасля «Справы 666». Неаднойчы я чуў, што ён, адрываючыся ад працы i апускаючы галаву на паперы, казаў: «Ах вы, клопаты-клопаты…» Вось i прааналiзуем… Чаму ён так казаў?.. Чаму ён так казаў;.. i чаму ён так казаў? Да таго ж, вядома, Вашай Недаступнасцi не трэба тлумачыць, што стаiць за гэтым «ах вы, клопаты…». А калi б Ваша Недаступнасць магла чуць, з якiмi iнтанацыямi ён вымаўляў… Акрамя таго, гэтае скажэнне смакавых адчуванняў?.. А кухары? Вечныя перашэптваннi на кухнi, патаемныя азiраннi па баках, i нешта хаваюць пад крыло… я не здзiвiўся б, калi б яго высокасцярвятнiцтва, дэгустуючы, аднойчы павалiўся мёртвы… Дужа баяўся сведак яго раўнадушнасць Зоркi Кондар — варта мне паказацца, як ён злосна праганяў мяне, называючы мярзотнiкам i подлай жывёлiнай. Зразумела, я здагадваўся аб прычыне: ён як быццам сваяк Вашай Недаступнасцi… А Фiлiн як стрыечны брат Вялiкай Княгiнi…

— Пачакай, — перапынiў яго Магутны Арол. — Ты кажаш, што кожны мой падданы дапускаў такое. Значыць, i ты?

— Я вось таму i служу Вашай Недаступнасцi, каб выкрываць такое.

— Але ж i ты мог дапусцiць такое. Мог жа. Можа, твае рапарты толькi нагаворы, каб я ўзвышаў цябе перад iншымi, га? Бо ты пташка, якая любiць пашану!

— Але хiба я калi-небудзь пра што-небудзь такое прасiў Вашу Недаступнасць? Мая служба…

— А навошта яна ўвогуле патрэбна, твая служба, калi ты i сам прызнаёш, што за кожным водзiцца такое, гэта значыць, калi ўжо ўсё загадзя вядома?

— Я ўвесь ва ўладзе Вашай Недаступнасцi, i калi Ваша Недаступнасць мяркуе, што я i мае абавязкi, а больш дакладна, калi Ваша Недаступнасць лiчыць iх…

Магутны Арол ужо не чуў Дзятлавага мармытання. Лютасць ускаламуцiла яго душу, як раптоўны абвал ускаламучвае спакойнае возера.

— Усiх! — закрычаў ён. — Усiх да аднаго — зволiць, зволiць! Кухараў, капельмайстраў, астролагаў, пажарнiкаў… Усiх! Гэта не царскi дом, а прыстанiшча мярзотнiкаў…

— Ёсць! — адказаў Старэйшы Сокал, якi з'явiўся ў дзвярах.

I з гэтага моманту ў замку ўсталявалася поўная цiшыня.

Па пустых калiдорах i залах гуляў вецер, бясшумна варушылiся выцвiлыя шторы, па падлозе тут i там слiзгалi розныя паперкi, шматкi адзення, абрыўкi пер'я i iншая дробязь. Па пустых кабiнетах нячутна рухаўся Цiхi Дзяцел, выстукваў сцены, падаконнiкi, ножкi сталоў i падлакотнiкi крэслаў, заглядваў у пустыя куты, пазяхаў i, сумуючы, кiраваўся далей.

Каля варотаў драмаў адзiнокi Старажытны Крумкач; прачынаючыся, ён блiзарука жмурыўся на сонца i ўздыхаў.

Цiшыня парушалася толькi зрэдку: у нiшы над пустым тронам абуджалася Аракулька, i тады па замку гулка разносiлася:

— У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу… у су-мя-тнi дзён… У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу… Ку-ку… ку-ку…

Крумкач, бразгаючы ключамi, заглядваў у залу i сумна гаварыў:

— Змоўкла б ужо, далiбог…

— Ку-ку, — адказвала Аракулька, i эха разлягалася ў дальнiх памяшканнях, i ўздрыгвалi на верхнiх вежах шулёнкi, чакаючы загаду, i зноў апаноўвала iх адранцвенне, бо загаду не было.

Магутны Арол амаль не пакiдаў сваiх пакояў. Ежу яму прыносiў Старэйшы Сокал, пасцель ён засцiлаў сам. Справы ўжо не цiкавiлi яго.

А ў лясах i далiнах (магчыма, i ў вынiку частых паляванняў) стала мала жыўнасцi, ды i тая, што ўцалела, гiнула ад засухi i хвароб або перасялялася ў далёкiя i змрочныя нетры, так што шулёнкам усё больш цяжка было здабываць ежу сабе i свайму пану. У дадатак на лясы раптам напала казявачная эпiдэмiя амаль нябачныя кузуркi i чарвячкi пажыралi не толькi хвою i лiсце, але i кару, i лясы хутка пачарнелi, пачалi гнiць, i нясцерпны смурод iшоў ад iх. А дзяўчат-соек там даўно i след прастыў.

Магутны Арол, седзячы на падаконнiку, пазiраў удалечыню, i цяжкiя думкi маршчынiлi яго лоб. «Вось, — думаў ён, — вось да чаго я дайшоў. Я — Аквiла Рэгiя Iнвiктус Максiмус Юстус — павiнен перажыць крушэнне самога сябе…»

Ён паклiкаў Аракульку.

— Я — вялiкi?

— Ага.

— Чым?

— Магчымасцямi.

— Якiмi?

— Iмем.

— А велiч духу?

— Прах.

— А свабода?

— Лухта.

— А ўлада?

— Ку-ку.

— Але я быў патрэбны!

— Чарадзе.

— Я — замяняльны?

— Ага.

— Хлусiш, праклятая вяшчунка! — крычаў Магутны Арол i, адвярнуўшыся, закрываўся крылом, каб Зязюля не бачыла перакрыўленага пакутамi позiрку.

— Хто можа замянiць мяне?

— Кожны.

— А iмя?

— Дадуць.

— Хто?

— Чарада.

— Тая, якую я…

— Тая.

— Хлусiш!

— Ку-ку.

— Я — люты?

— Адносна.

— Я варты жалю?

— Адносна.

— Я хворы?

— Адносна.

— Можа, вернецца страчанае?

— Не.

— А што сталася?

— Жыццё.

I заўсёды, пасля паўзы, ён задаваў апошняе пытанне:

— Што мяне чакае?

I адказ заўсёды быў адзiн i той самы:

— Бяссмерце.

Гэтае слова ўпiвалася ў яго, як страла, i ён, пакутуючы, праганяў Зязюлю. «Што мне ад бяссмерця? — думаў ён. — Цi лягчэй ад усведамлення таго, што iмя тваё ўвойдзе ў вякi? У такiм вось веку, скажа нейкi паважны нашчадак, у такiх вось краях жыў-быў Магутны Арол. Але я не ўбачу твару гэтага нашчадка, не пачую, якiм голасам вымавiць ён гэтыя словы… Хто iм раскажа, як шмат у канцы сваiх дзён перажыў той, якому не было роўных? Адзiнокi, непатрэбны…»

Часам авалодвала iм прага дзейнасцi. Ён пакiдаў замак i ляцеў над зямлёй. I хоць яна не была ўжо блакiтная i зялёная, а цалкам чорная, ён дзелавiта аглядваў яе з вышынi, прыкiдваў, як яе змянiць.

— Мы збяром тых, хто застаўся, — казаў ён вернаму свайму целаахоўнiку. Мы ўсё iм адкрыта скажам, i яны пачуюць свайго пана i сябра! Мы аздаровiм рэкi i стэпы, звядзём гэтых праклятых кузуркаў, якiя нiшчаць лясы. Мы забаронiм паляванне — няхай звяры нараджаюцца нанова i пасяляюцца, дзе хочуць…

I вось ужо далёкiя думкi, падобныя свежаму ветру, пранiзвалi яго. «I тады ў мяне будзе новы двор, новыя слугi, я знiшчу ўсе старыя Ўлажэннi i выдам новыя, i абнародаваць iх будзе роўным прыгожым голасам малады Сарыч. Падрасце моладзь, я выберу лепшых для здзяйснення задумаў, мы перабудуем палац, i ў часе шумных прыёмаў маладая царыца будзе сядзець побач са мной на новым троне. А гэтага праклятага Дзятла я загадаю пасадзiць у клетку i кармiць цераз дзень казуркавай падлай…»

Ён так захапляўся, што забываў, куды ляцiць, а калi схамянаўся, то бачыў: унiзе чарнее зямля, а ўдалечынi чарнее лес, а ў абмялелых рэках кiшаць усялякiя стварэннi i цьмянае сонца садзiцца за далягляд, выпраменьваючы злавеснае i напышлiвае святло. Ляцець да Абруча? Усё паўтарыць нанова?

Магутны Арол апiсаў круг i ляцеў у замак. «Не, — казаў ён сам сабе стомлена. — Не будзе паўтарэння. I не трэба паўтараць…»

Неяк уночы ён раптам прачнуўся, нiбы нехта яго паклiкаў. Цi гэта яму прыснiлася, цi хваравiты стан выпадкова выдаў той вокрык — у першыя секунды нiчога немагчыма было зразумець. Ён устаў, прайшоўся, выглянуў праз акно: ноч была цёплая i месячная, стаяла мёртвая цiшыня. Ён падышоў да дзвярэй — за iмi стукала сэрца Старэйшага Сокала i Магутны Арол зразумеў, што трэба рабiць. Цела яго ныла i хвалявалася, нiбы ён вось-вось мусiў кiнуцца на ворага.

— Сокал? — гучна, як калiсьцi раней, паклiкаў ён.

— Ёсць, Ваша Недаступнасць!

— Дваццаць шулёнкаў! — Ён не адважыўся загадаць «сорак», як раней: колькасць iх ужо значна зменшылася.

— Ёсць…

I ўсё было па-ранейшаму: палёт, мора, чаканне i — спакойны голас: «А цяпер вы павiнны памерцi…» Толькi ўмяшання пана ўжо не трэба было — усе шулёнкi памерлi самi, такiя яны былi слабыя: невялiкая натуга, сутарга i — канец… Ён прыпаў да Абруча i прастагнаў:

— Хачу бяссмерця! Хачу бачыць вочы далёкага нашчадка, калi ён вымавiць маё iмя! Хачу ведаць гэта невядомае «потым»…

I святло Абруча напружылася i заiскрылася.

21

«Яны зноў, - чытаем у Пасвячонага, — прывялi ў дзеянне свой абскуратар i знiклi, i, такiм чынам, я застаўся ўбаку. Трэба думаць, яны стамiлiся i пажадалi зрабiць перапынак i неабходныя манiпуляцыi для аднаўлення сiл, манiпуляцыi, сведкам якiх я не мушу быць.

Кожны раз, калi яны „знiкалi“, мяне здзiўляла не тое, што яны не рызыкуюць даверыць мне пэўных сваiх ведаў, але тое, што яны дасканала ведаюць, чаго мне ведаць нельга, а што — можна. Мне дазвалялася быць сведкам сапраўдных цудаў ноблы не баялiся iх паказваць, цвёрда верачы, што я не зразумею прынцыпу. I раптам — абскуратар! Значыцца, зараз адбудзецца нешта такое, што, можа, i я зразумею. Значыцца, яны хацелi засланiць ад мяне даступнае. Што?

Раскрываючы свае „цуды“, ноблы не баялiся i здзiвiць мяне, гэта значыць выклiкаць у мяне пачуццё звышнатуральнасцi, — яны былi перакананыя, што не выклiчуць; iнакш кажучы — проста ведалi, што я не зразумею, але не стану шукаць звышнатуральных прычын, што мы, зямляне, не палiчым незразумелае за звышнатуральнае i не будзем падаць нiц, як падалi перад зiхаценнем маланак i ўдарамi перуноў нашы далёкiя продкi. Так, добра яны ведаюць нас, гэтыя ноблы. I цяжка iм было памыляцца адносна мяне, iстоты, якая назiрае з транскамунiкатарам у руках — вядома, недасканалым з iх пункту гледжання, але ўсё ж здольным аўтаматычна перакладаць незнаёмую мову.

Такiм чынам, яны зрабiлiся нябачныя, а я пачаў чакаць iх з'яўлення i пакуль што раздумваў над убачаным i пачутым. Я думаў над гiпотэзай — „ноблы прэтэндуюць на нашу Зямлю“. Магчыма, Н-6813 меншая за Зямлю i ноблаў, па ўсёй верагоднасцi, менш, чым нас. Аднак узровень ведаў i тэхнiчныя магчымасцi робяць iх намнога больш магутнымi. I м у сябе цесна, i гэта сур'ёзная акалiчнасць. Адсюль наша задача: хутчэйшае i мацнейшае аб'яднанне на падставе лепшага, што ёсць у лепшых з нас. „За рукi возьмемся, сябры“, як сказаў паэт мiнулага веку.

Але ёсць i другая гiпотэза: „ноблы шукаюць з намi кантакту, якi разумеюць адпаведна сваёй лагiчнай сiстэме“. I калi яны пакуль яшчэ не iдуць на непасрэдны дыялог, то таму толькi, што не маюць дакладных i поўных, на iх думку, ведаў пра нас. Адным словам, праяўляюць асцярожнасць.

Магчыма (i да гэтага я схiляюся ўсё больш), справа не ў адной асцярожнасцi, а i ў тым, што ноблы неаднолькавыя, гэта значыць — мысляць неаднолькава. Адны больш ваяўнiчыя, кажучы нашай мовай, i прагнуць атрымаць жыццёвую прастору сiлай, другiя ж, мяркуючы па ўсiм, настроены iнакш. Гэта значыць, памiж першымi i другiмi няма поўнай згоды, што, трэба думаць, таксама затрымлiвае ажыццяўленне iх планаў.

Такi вывад напрасiўся ў мае разважаннi, калi я думаў пра Настаўнiка юнакоў, якi пажыў ужо на Зямлi i якога немагчыма адрознiць ад чалавека. Яго погляд, паводзiны, яго словы… Няма сумнення, што ён належыць да другiх у маiм умоўным, прыблiзным iх падзеле.

Я ўвесь час адчуваю, што памiж iм i мною нiбы тэлепатычная сувязь. Ён заўсёды як быццам падказвае мне: вось тут трэба засяродзiць увагу, а тут аслабiць, зразумейце маю працу правiльна, гэта сур'ёзна. А я быццам падтакваю, прашу тут запаволiць, там паскорыць…

Урэшце, час: я адчуў невыразны сiгнал, зараз яны працягнуць…»

* * *
Божа мой, яны яму марочаць галаву, а ён iм падтаквае.

Цяжкавата тут, паслягэтага месца «Запiсак», не западозрыць нашага Пасвячонага ў залiшняй даверлiвасцi i мяккасардэчнасцi. Але што зробiш: ён Пасвячоны.

22

Магутны Арол перажываў першыя днi бяссмерця. Цялесных змяненняў нiякiх не было, толькi ўсярэдзiне нiбы нешта спынiлася i зацвярдзела. Не адчувалася i прылiву сiл, на якi ён так разлiчваў. Затое з'явiлiся дасюль незнаёмыя, якiя нарасталi, быццам прыступы, адчуваннi пазачасавасцi i абыякавасцi да ўсяго. Ён ужо не харашыўся перад люстэркам, не сачыў за сваёй знешнасцю, а хадзiў з апушчаным хвастом i валочачы крылы; апярэнне яго звалялася i набыло той неканкрэтны колер, якi звычайна лiчыцца адзнакай або поўнай адлучанасцi ад надзённага, або — хваробы. Ён ужо амаль не выходзiў са спальнi, i спатрэбiлася зусiм мала часу, каб ён яшчэ адвык мыцца, праветрываць пакой i лiчыцца з тым, што ад яго кепска пахне. Цiхi Дзяцел збянтэжана адварочваў сваю доўгую дзюбу i даваў iнфармацыю, амаль не раскрываючы яе. Ён даносiў на Аракульку, але Магутны Арол адмахваўся:

— Не мароч мне, нарэшце, галавы.

I той таропка пакiдаў яго.

Спачатку Магутны Арол цешыў сябе думкай, што будзе жыць вечна, ВЕЧНА! Аднак неўзабаве ён так асвойтаўся, што пачуццё «вечнасцi» зусiм прапала, i замест яго ўзнiклi пустата i холад, а ўсё, што адбываецца наўкола, здавалася мiражом або выдумкай. I яму было дзiўна, што нехта ўваходзiць, кажа «Ваша Недаступнасць», прыносiць абед, i толькi потым аслаблая памяць падказвала iмя таго, хто ўваходзiў, - «Сокал».

А ўладаннi яго канчаткова заняпалi: амаль усё жывое вымерла, рэкi перасохлi, як быццам яны тут i не цяклi нiколi. Потым пайшлi яшчэ i пажары: у адным месцы загарэлася ад навальнiцы i так полымя пачало шугаць ва ўсе бакi, што не суняло яго нi дажджом, нi паводкай. Пасля гэтага зямля зрабiлася роўная, чыстая i цёмная. Дарэмна над папялiшчам рыскалi шулёнкi — нi адно стварэнне не трапляла на вочы, нi адзiн рух жыцця не ажыўляў пустынi. Толькi вецер паднiмаў слупы попелу i пылу, i яны, упiраючыся ў неба, ламаючыся i ўючыся, неслiся да мора. I шулёнкi прыляталi нi з чым, ачмураныя спякотай i жахам, i Старэйшы Сокал забiваў каго-небудзь з iх i нёс Яго Недаступнасцi на абед. З гэтай прычыны шулёнкi пачалi ў вялiкiм страху разлятацца: адны старалiся прабiцца за мора, другiя — праз пажарышча, але большая частка гiнула, бо прасторы былi шырокiя, а шулёнкi знясiленыя.

Тады Старэйшы Сокал замкнуў астатнiх, хто не ўцёк, у падземныя казематы, выводзiў па адным, забiваў i нёс пану; рэшткi ж царскай трапезы пажыраў сам. А шулёнкi, каб не памерцi з голаду, рылi ў казематах зямлю i харчавалiся карэннямi, гнiллю i мышамi, калi яны траплялiся. Яны зусiм адзiчэлi i, мабыць, неўзабаве пачалi б пажыраць адзiн аднаго, як пацукi, калi б Старэйшы Сокал не здагадаўся трымаць iх кожнага асобна.

Невядома, чым жывiўся Старажытны Крумкач; невядома таксама, як гiбела Зязюля, затое дакладна вядома, што Цiхаму Дзятлу жылося прывольна. У замку развялася процьма насякомых: яны тачылi ўсё, што паддавалася тачэнню, мноства iх поўзала, лётала, скакала па ўсiм замку, i Дзятлу заставалася iх спакойна глытаць.

Магутны Арол тым часам зрабiўся абыякавы да ўсяго. Ён гаманiў толькi са Старэйшым Сокалам i толькi пра самае звычайнае; часцей жа ён сядзеў i драмаў i нi пра што не думаў. Нi голад, нi прага яго не даймалi — бо нi галодная i нiякая смерць яму не пагражала: яна не можа пагражаць бессмяротнаму. Таму прынашэннi Старэйшага Сокала з'ядалiся лянiва, па звычцы, без нiякага задавальнення.

А ўвогуле ён не адчуваў нiякай няёмкасцi, яму было проста ўсё роўна. I так днi iшлi i iшлi, але нiчога не мянялася.

23

Аднойчы вечарам, калi Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелi, за дзвярыма пачулiся галасы.

— Нельга! — чаканiў Старэйшы Сокал.

— Вельмi важна! — настойлiва казаў цiхi голас.

— Яго Недаступнасць адпачываюць!

— Прэч!

Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся i крыкнуў:

— Сокал! Пусцi Дзятла!

I не паспеў Цiхi Дзяцел пераступiць парог, як апынуўся ва ўчэпiстых кiпцюрах уладара. Магутны Арол i сам быў здзiўлены такому спрыту i прылiву гневу i энергii, але раздумваць не стаў.

— Дрэнь! — закрычаў ён лютым голасам. — Колькi, Дрэнь, ты будзеш трывожыць душу? Дакуль будзеш мучыць мяне?! — I з гэтымi словамi шпурнуў яго ў сцяну так, што ў таго перад вачыма павiсла вясёлка. Але здзiўленне i страх былi настолькi вялiкiя, што Дзяцел умомант апамятаўся i залепятаў:

— Крумкач, Ваша Недаступнасць… Запiскi… Сшытак…

Але пан гэтым разам не захацеў выслухаць свайго надзвычайнага слугу: ён зрабiў крок наперад i наступiў на Дзятла, i той расплюшчыўся. Вось так сумна скончылася жыццё Дзятла.

А Магутны Арол адшпурнуў яго цела i, яшчэ калоцячыся ад злосцi, праклекатаў:

— Выкiнь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есцi не стану. — I Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.

Толькi потым, калi ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомнiў перадсмяротныя словы з'едзенага — успомнiў, задумаўся i зразумеў, што будзе бяссонная ноч.

Ён падбадзёрыўся, пачысцiўся, наколькi гэта было магчыма без пабочнай дапамогi, i стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калi размаўляў з падначаленымi.

— Сокал! — паклiкаў ён i, калi той з'явiўся, сказаў: — Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзiн не здрадзiў мне ў маiх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух — гэту дурнiцу з нiшы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакiнеш мяне, што б нi здарылася?

— Я не iсную без волi i клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! — адразу адказаў целаахоўнiк.

— Я люблю цябе, Сокал. А цяпер iдзi i прывядзi Крумкача.

I вось перад вачыма Яго Недаступнасцi Магутнага Арла стаяў брамнiк замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання i таму быў спакойны.

Доўга моўчкi пазiраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў i сказаў такiя словы:

— Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслiвасцi. Ты перажыў многiх, хто быў важнейшы i больш знатны за цябе. Перажыў, а мог i не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?

— Разумею, Ваша Недаступнасць, — адказваў Крумкач. — Мне, праўду кажучы, i самому дзiўна, як гэта дасюль так абыходзiлiся са мной.

— Так, Крумкач, я заўсёды ведаў, што ты разумная птушка. Але вось скажы, будзь ласкавы, цi кепска табе жылося ў мяне?

— Ды не, Ваша Недаступнасць. Акрамя таго, што сцярвятнiкi Вашай Недаступнасцi два разы разбурылi маё гняздо i перабiлi крумкачанят ды аднойчы зламалi крыло маёй старой, ужо нябожчыцы, нiчога дрэннага не было.

— Можа, ты кепска еў або цвёрда спаў? Цi праца была не па сiле?

— Дзякуй богу, па сiле, Ваша Недаступнасць, не скарджуся. I еў-спаў няблага. Як вядома, мы народ непераборлiвы.

— Ну а можа, ты якую асабiстую крыўду таiў?

— Не, Ваша Недаступнасць, асабiстай крыўды не было.

— Дык якога ж ты, Крумкач, чорта пiшаш нейкiя там запiскi? Завёў сшытак, тоiшся, i я даведваюся пра гэта толькi цяпер!

Тут Старажытны Крумкач усмiхнуўся, паглядзеў проста ў гордыя вочы ўладара i прамовiў:

— Я гатоў. I хачу пазбавiць Вашу Недаступнасць ад лiшнiх пытанняў. Але гаварыць буду толькi з вока на вока.

— Сокал, выйдзi! — пачулася неадкладнае распараджэнне.

I потым Старажытны Крумкач сказаў сваё слова, якое мы прыводзiм дакладна, як расказваецца ў «Запiсках» Пасвячонага.

«— Арол! Ты магутная i вольная птушка. I я табе служу, як служыў твайму папярэднiку, якога ты перамог у лютым баi. Але служыў я i папярэднiку твайго папярэднiка, i яшчэ раней, i нават тады, калi ты не быў не толькi Магутным Арлом, але i Грозным Мядзведзем, але i Змрочнай Пантэрай, але i Белай Рыбай, а быў звычайнай Маленькай Дафнiяй з пароды карычневых, што мiрна жылi каля старога пня сярод гнiлога балота. Крумкачы, як бачыш, доўга жывуць, таму шмат i ведаюць. Ты быў радавой дафнiяй i адрознiваўся ад астатнiх хiба што выдатным здароўем ды ўпартым норавам. Але цябе загубiла славалюбства. Яно напаiла ядам тваю гордасць, гордасць кiнула цябе ў вiр крыўды, крыўда выгадавала помсту, помста спарадзiла зайздрасць, а тая — прагу ўлады. Цi памятаеш ты, Арол, што табе, памiраючы, расказала Старая Дафнiя? Яна перасцерагала цябе. Але зернi мудрасцi ўпалi на бясплодную глебу — памылiлася старая. У тваiм уладаннi апынуўся Плацiнавы Абруч — ды цi разумееш ты, якая рэдкая доля табе выпала?! Бо твой Абруч — ключ да Праўды. А ты з яго зрабiў цацку. Ты пакiнуў сваiх сародзiчаў i здрадзiў iм. З помсты ты наслаў на iх Чорнага Жука, ад продка якога iх выратавала Старая Дафнiя, якая даверылася табе. I табе мала здалося аднаго, дык ты напусцiў i другога. I цяпер няма больш дафнiй каля старога пня, Ваша Недаступнасць, нiводнай не засталося. Чорныя Жукi зрабiлi сваю справу. Яны самi загiнулi: нечым было жывiцца i, раз'юшаныя i галодныя, яны накiнулiся адзiн на аднаго i забiлi самi сябе. Пачварныя iх шкiлеты ляжаць на дне сажалкi, на тым самым месцы, дзе ляжаў Плацiнавы Абруч. I зарастае мясцiна карычневых дафнiй розным пустазеллем. Цябе ж, Арол, прага ўлады пацягнула ўсё вышэй i вышэй i ўсё далей ад Праўды. Так, ты дасягнуў вялiкiх вышыняў, ты стаў магутны i славуты. Але скажы, цi быў ты хоць хвiлiну шчаслiвы? Цi быў па-сапраўднаму i свабодна шчаслiвы? О, як жа ты, дурань, не датумкаў, як не здагадаўся! Ты патрабаваў i патрабаваў, тваiм убогiм жаданням не было канца, а Плацiнавы Абруч даваў i даваў. Але ж тое, што давалася, не магло быць суцяшэннем. Абруч жа не дае суцяшэння. Ён адмаўляе ў iм — такая ўмова! I Старая ж Дафнiя, якая папрасiла вызвалiць сваiх, не была суцешана — яе ацуралiся i абвiнавацiлi ў палахлiвасцi i здрадзе, не ведаючы, што выратавальнiца — яна; жыццё яе скончылася ў галечы i невядомасцi. Абруч выканаў яе жаданне, але не суцешыў! А табою атрыманае суцешыла цябе? I ты нi разу не задумаўся — чаму? Ты нiчога не зразумеў, Арол… Суцяшае дабро. Але ты яго нiколi i нiкому не рабiў. Суцяшае дружба, суцяшае каханне. Але не было побач з табою нi дружбы, нi кахання… Не, ты нiчога не змог зразумець нi ў пачатку, бо быў дурной i ганарыстай Маленькай Дафнiяй, не разумееш ты i цяпер, бо — дурны, стары, бездапаможны Арол.

А скажы, што ты пакiнуў пасля сябе? Якую частку дабрынi можна вымераць? Якую справу назавуць тваiм iмем?.. Разбурэннi. Дык колькi ж каштуюць воля твая i велiч твая? У iмя чаго яны? У iмя чаго ты?..

Я ведаю — ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробiцца горкiм, вялiкiм цяжарам. I так будзе заўсёды. Такi шлях твой сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацiнавы Абруч, як табе вядома, не забiрае назад бяссмерця, ён можа яго толькi даць.

Так, я запiсаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць i давялося яму пахiтраваць. А напiсаў — для навукi каму-небудзь. Хто ведае: можа, калi-небудзь хто знойдзе Плацiнавы Абруч i, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго i выказаць жаданне. I вось памятай, Арол: хоць ты i мацнейшы за мяне, а запiсак маiх табе не бачыць. Ты нiколi не знойдзеш iх, калi нават перакапаеш усё сваё царства… А цяпер воля твая, Ваша Недаступнасць…»

Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.

Нарэшце ўладар узняў змрочны позiрк, абвёў сваю спачывальню i, спынiўшыся на брамнiку, сказаў:

— Уважлiва слухаў я цябе, Крумкач… Шкада, не ведаў, што ты гэткi забаўны выдумшчык, а то паклапацiўся б раней… I за тое, што ты не пабаяўся расказаць такую гiсторыю праўдзiва i чэсна, вось табе мая воля: iдзi i жывi, нiхто цябе не кране. I мiрна пiшы далей, я не пярэчу.

Усмiхнуўся Старажытны Крумкач, пакланiўся i выйшаў.

Той жа ноччу царскi брамнiк раптоўна сканаў у сваёй каморцы.

24

Мiнуў час.

Старэйшы Сокал аслеп ад старасцi. Ён дзяжурыў ужо не за дзвярыма, а ў самой царскай спачывальнi. Як i раней, ён выконваў усе — ужо рэдкiя цяпер даручэннi свайго пана, карыстаючыся адным толькi сваiм нюхам, так што страта зроку хоць i недахоп, але ўжо не такi, каб дужа засмучацца. Ён адчуваў кожны рух уладара, кожнае жаданне Магутнага Арла адразу рабiлася i яго жаданнем, кожнае слова найвышэйшага было адзiным, што мела сэнс i значэнне. Магчыма, Старэйшы Сокал дагэтуль не памёр толькi таму, што на гэта не было загаду, а значыць, i права.

Шулёнкi скончылiся — Старэйшы Сокал выцягнуў з каземата апошняга.

— Iх больш няма, Ваша Недаступнасць. Магутны Арол паглядзеў на ўбогую кучачку пер'я i грэблiва адвярнуўся.

— Можаш з'есцi яго сам.

I целаахоўнiк адразу адказаў: «Ёсць!»

I з таго часу для харчавання пачаў лавiць мышэй. Калi ўжо i мышы ўсе перавялiся, ён прапанаваў на абед сябе.

Магутны Арол пачаў яго супакойваць, загадаў не падаць духам i спадзявацца, што заўтра з мышамi пашанцуе. Але Старэйшы Сокал упершыню за шматгадовую службу запярэчыў пану:

— Ваша Недаступнасць павiнны абедаць… I калi я нiчога не знайшоў…

Бачачы, што спрачацца справа марная, Магутны Арол абяцаў падумаць, i ад'ютант у сваiм куточку каля дзвярэй змоўк, i нiшто больш не трывожыла яго душы.

Ён чакаў увесь дзень i ўсю ноч, i наступны дзень, i наступную ноч, але ўладар нiякiх адзнак голаду не выказваў.

Праз тры днi Старэйшага Сокала апанавала забыццё, яму здавалася, што ён у вялiкай светлай зале, а вакол — безлiч тоўстых тлустых мышэй, i ўсе яны глядзяць на яго i навыперадкi просяць iх з'есцi. Ён зрабiў крок да блiжэйшай, але закружылася галава, падкасiлiся ногi, i ён павалiўся, раскiнуўшы крылы. Адразу ўсё знiкла, i Старэйшы Сокал прыпомнiў, дзе знаходзiцца, i зразумеў, што памiрае.

— Хто там? — пачуўся грозны воклiч.

Ён хацеў устаць, але сiл хапiла толькi на тое, каб падцягнуць крылы.

— Гэта ты? — спытаўся Магутны Арол i нахiлiўся над iм.

— Я зараз, Ваша Недаступнасць, — прашаптаў ён, i слёзы пацяклi з яго невiдушчых вачэй, нiколi за сваю доўгую службу ён не быў перад Яго Недаступнасцю ў такiм бездапаможным становiшчы.

— Ану, — сказаў Магутны Арол, — супакойся. Ты знясiлеў ад голаду. Зараз я пайду i пашукаю табе чаго-небудзь. Усё мiнецца. Хочаш, я прынясу табе Зязюлю? А то мы зусiм забылiся пра гэтую падлюгу-манюку. Дык вось я i прынясу табе яе, чаго з ёй цырымонiцца!

— Я памiраю, — ледзь вымавiў Старэйшы Сокал i заплакаў яшчэ мацней. Няхай Ваша Недаступнасць даруюць мне за такую подласць, што пакiдаю Вашу Недаступнасць у адзiноце. Але я сумленна служыў… - Слёзы яго былi горкiя i пякучыя.

— Ах, сябра мой, сябра, — вымавiў Магутны Арол i пагладзiў памiраючага крылом. — Сапраўды, ты служыў мне шчыра, ты адзiны, хто быў бескарыслiвы i адданы мне да канца. Бывай жа, мой верны таварыш.

I яго высокасцярвятнiцтва Старэйшы Сокал Магнiфiкус Альцiволанс суцешыўся i заплюшчыў вочы.

Так Магутны Арол застаўся адзiн.

Адзiчэлы, ён сноўдаўся па замку — то ў поўным бяспамяцтве, то хаваючыся ад неiснуючых ворагаў i клiчучы на дапамогу неiснуючых сяброў. Часам ён ужо не цямiў, хто ён i што вакол яго. А калi памяць прасвятлялася, ён мярцвеў ад думкi, што гэтак будзе заўсёды, заўсёды…

Ён прыгадаў Аракульку i радаваўся, што не аддаў яе з'есцi свайму ад'ютанту ў хвiлiну душэўнай расслабленасцi. Хадзiў па ўсiх пакоях, заглядваў ва ўсе нiшы, клiкаў, але дарэмна — Зязюля хавалася ад яго. Заходзiў у былую залу прыёмаў, глядзеў на пачарнелы трон, пакрытыя плесняй сцены i абваленую столь i нiяк не мог успомнiць, якое гэта памяшканне.

— Ку-ку! — гучала ўвышынi i сцiхала пад скляпеннямi.

— Аракулька! — старэчым голасам загадваў Магутны Арол. — Зараз жа iдзi сюды! Чуеш? Я патрабую!

— Ку-ку!

— Аракулька! — прасiў ён. — Не бойся! Я ж пажартаваў, прапануючы цябе Сокалу. Гэта былi толькi словы, я ж заўсёды адносiўся да цябе па-сяброўску. I мне цяпер дужа трэба пагаварыць з табою…

— Ку-ку! — адклiкалася цiшыня, i са столi сыпалася парахня.

— Аракулька! — упрошваў Магутны Арол, не выцiраючы слёз. — Злiтуйся! Я проста вар'яцею ад суму. Ну папрасi чаго-небудзь! Хочаш, я дам табе бессмяротнасць? Ты ведаеш, я ж бессмяротны! I вось я згодны перадаць гэта табе. Хочаш?

I толькi непарушнае маўчанне было адказам…

— Не! — як паранены, крычаў Магутны Арол. — Памыляўся гэты стары бязмозгi iдыёт Крумкач. Памыляўся! Плацiнавы Абруч не ключ да Праўды… Якая ж яна сама, гэта Праўда! Яна ж халодная i жахлiвая. Яна мёртвая… Аракулька, скажы, скажы, колькi яна каштуе, такая Праўда? Колькi яна каштуе, калi ёю не карыстацца…

* * *
I тут, на жаль, зноў пропуск: ноблы знiклi. Затое потым, да самага канца, Пасвячоны бачыў усё вельмi добра.

25

Аднойчы ясным павольным ранкам Магутны Арол, несвядома блукаючы па замку, выпадкова забрыў у кабiнет, дзе калiсьцi была Галоўная Канцылярыя. Ад крэслаў i сталоў засталося толькi ламачча, каваныя шафы аселi, заржавелi i раскляпалiся, з прагнутых палiц спаўзалi стосы тоўстых папак. Па сценах сцякала брудная слiзь, капала са столi, усё было зацягнута густым i лiпкiм павуцiннем. Адна з папак была раскрыта, i праз плесню i гнiль неразборлiва праглядвала наступнае:

«…высо…ша загадваю ў…лейшым назы…ць поўн… iмем аквiла рэгiя iнвiктус максi….ма векi…оў…».

Ён апусцiўся на падлогу, побач з папкай. Прамiльгнула здзiўленне: няўжо гэта было калi-небудзь важна?

Доўгi час ён быў у нерухомым стане. Потым устаў i выйшаў. Хада яго была нечакана цвёрдая, позiрк мэтанакiраваны.

Ён падняўся на адну з яшчэ ўцалелых вежаў, стаў на ветры i пачаў абтрасацца, счышчаць з сябе гразь, i гэта заняло нямала часу. Нарэшце ён скончыў i зычна гукнуў унiз:

— Бывай, Аракулька! Бывай, Зязюля!

Потым узмахнуў крыламi, упэўнiўся, што моц у iх яшчэ ёсць, i ўзняўся ў паветра.

Было цiха i бязвоблачна. Ён ляцеў хутка, набiраючы вышыню, i ўбачыў нарэшце спераду палоску мора.

Мора было спакойнае. Адлiвам агалiлiся карычневыя камнi i блiшчэлi на сонцы. Пясчаная каса пад скалой ужо ўся выйшла з вады i абсыхала.

Ён апусцiўся на пясок i пачаў разграбаць яго. Выцягнуў Плацiнавы Абруч, абтрос i паклаў на пясок, далей ад ямы. Потым перадыхнуў, узяў Абруч у кiпцюры i паляцеў над морам.

Ляцеў ён да самага вечара. I калi сонца ўжо садзiлася на ваду, пачаў кругамi знiжацца. I вось за некалькi метраў ад паверхнi ён галавой дакрануўся да Плацiнавага Абруча i сказаў сваё апошняе жаданне:

— Хачу быць дафнiяй. Але дай мне арлом даляцець да маёй радзiмы.

I з гэтымi словамi ён раскрыў кiпцюры.

* * *
«Цуд! Адбыўся цуд, — паведамляе Пасвячоны. — Уяўляю супярэчлiвасць i ненавуковасць дадзенага слова, але не магу не вымавiць яго: так, адбыўся цуд. I я хоць i чакаў яго, i быў гатовы, але ў першыя iмгненнi не мог паверыць сваiм вачам: мы прыйшлi да зыходнага. А больш дакладна…»

26

Каля старога пня ў далёкiм лесе было спакойна i ўтульна. Вiлiся мяккiя водарасцi, цвiў па краях мох, пузырылася цiна. У вялiкiм мностве пасвiлiся ў вадзе амёбы, iнфузорыi i драпежныя цыклопы; яны здабывалi ежу, гулялi i грэлiся ў сонечным праменьчыку, калi той з'яўляўся.

I жыла памiж iмi дужа старая Вялiкая Дафнiя, якой гэтыя амёбы нiколi не баялiся, бо яна нiкога не чапала i ўвогуле паводзiла сябе так, нiбы нiкога не бачыла. Жыла яна ў шчылiне кораня i выходзiла з дому, толькi калi прыходзiў сонечны прамень. Яна складвала антэны i ножкi — атрымлiваўся такi вось шэры камячок — i, перасоўваючыся разам з промнем, драмала.

Ёй снiлiся дзiўныя сны. То мроiлася, што яна — Белая Рыба i жыве ў светлай рацэ, то, што яна — Шыпучая Змяя, то — вялiзарны Грозны Мядзведзь, i тады аднекуль даляталi галасы нейкiх разумнiкаў, якiя разважалi пра iнстынкты, i адзiн з iх плакаў. Часам жа ёй снiлася, што яна — Магутны Арол, якi лунае высока ў небе i горда аглядае зямлю, а зямля скрозь — блакiтная i зялёная. Але тут жа, у сне, адбывалася дзiўнае раздваенне; яна жыла нiбыта ў двух тварах: адзiн, што спiць, перажываў неверагодныя ператварэннi, а другi, што не спiць, назiраў за першым i добра разумеў, што гэта — няпраўда.

— Вядома, няпраўда, — мармытала сонная Дафнiя. — Бо заўсёды ж была непераадольная цяга да стаячай вады. Праўда, гэты вось, з дзюбай, дык ён саромеецца прызнавацца i на ўсе лады маскiруецца. Але ж я ўсё бачу i ўсё пра яго ведаю…

Яна мармытала нешта яшчэ, усмiхалася i прачыналася. Сон пужаў яе сваёй невымернасцю, у свядомасцi яшчэ плавалi адгалоскi незразумелага i зусiм выразна чуўся нейчы строгi голас…

«Ах ты, мой божа, — кожны раз, уздыхаючы, думала Вялiкая Дафнiя. — I што за напасць: адно i тое самае, адно i тое самае… I пра бессмяротнасць нейкая лухта…»

I тут памяць глухла канчаткова, Дафнiя пераварочвалася на другi бок i падстаўляла яго сонцу i зноў засынала, рухаючыся разам з промнем.

27

Калi замак разбурыўся настолькi, што не заставалася нiводнай нiшы, дзе можна было спакойна пасядзець, Зязюля вылецела з развалiнаў i ляцела да таго часу, пакуль уладаннi Магутнага Арла не засталiся далёка ззаду.

Тут зноў быў лес, i светлыя паляны, i цiхiя рэкi, якiя кiшэлi рыбай i iншай жыўнасцю. А пасярод лесу было зарослае балота са старым пнём. Зязюля пражыла тут нейкi час, знесла яйка i падклала яго ў чужое гняздо. А калi пераканалася, што яму тут няма нiякай пагрозы, яна пакiнула гэтыя краi i ўжо нiколi сюды больш не вярталася.

28

«Спынiўся эвальвентар, замерлi iншыя апараты, пагаслi экраны — эксперымент быў скончаны» — так пiша Пасвячоны.

Ноблы, сцвярджае ён, выглядалi цяпер змарнелымi, нават нiбы пастарэлi так абвастрылiся рысы iх твараў. Настаўнiк выняў з кiшэнi штаноў бамбукавую люльку i распалiў яе ад лазернай запальнiчкi. Маладыя пераглянулiся.

— Гэта, — растлумачыў ён спакойным голасам, у якiм, аднак, улоўлiвалася прыўзнятасць, — мясцовы звычай адзначаць канец працы.

Другi паглядзеў прасiцельна; Настаўнiк даў люльку; юнак зацягнуўся, выпусцiў дым.

— Гэта незвычайна, Настаўнiк.

— Пасля некалькiх сеансаў гэта робiцца жаданым.

— Настаўнiк! — Другi ўсмiхнуўся. — Што з сябе ўяўляюць «спецыфiчныя токi планеты Хi», пра якiя ты так часта ўпамiнаў?

— Iх вельмi многа — катэгорыi, падкатэгорыi, разрады, класы. Усё разам называецца словам «страхi». Iх можна адчуваць. Мы далёкiя ад такiх спраў, аднак жыхары Хi моцныя на розныя страхi.

— Па-мойму, я ўжо адчуваю…

— Настаўнiк! — стомлены позiрк Першага спынiўся на старэйшым. — Ты атрымаў i экранiзаваў iнфармацыю гэтай дзiўнай птушкi!

— Запiскi Крумкача? — задуменна перапытаў Настаўнiк. — У такiм разе як жа быць з той часткай экранiзацыi, якая iдзе за смерцю брамнiка?

— У птушкi былi меркаваннi, прагноз. Ты экранiзаваў гэты прагноз. З таго, што зафiксавалася ў яе мозгу, лёгка стварыць лагiчны ланцуг. I калi ён абарваны, не цяжка будзе яго ўзнавiць.

— Нас вучылi, Настаўнiк, што ты можаш усё, — смеючыся, сказаў Другi.

— Вы, мабыць, вырашылi, што я ашукаў вас?

— Не, — сумеўся Другi. — У цябе, вiдаць, была пэўная вучэбная мэта.

— У цябе была мэта, — згадзiўся Першы.

— Так, — сказаў Настаўнiк. — У мяне была вучэбная мэта. Вы сталi сведкамi эвалюцыi нiжэйшага. Падрыхтоўчы этап скончаны. Што цябе бянтэжыць? — звярнуўся ён да Першага. — Эвалюцыя лонаў Хi не скапiравала эвалюцыi нашых лонаў, якую табе прадэманстраваў вучнёўскi эвальвентар? А табе хацелася б, каб скапiравала?

— Не.

— Дык што ж цябе бянтэжыць? Ты ж цяпер пераканаўся, што нашы лоны i гэтыя — розняцца. На жаль, у цябе былi прабелы — вучнёўскi эвальвентар быў недасканалы, i ты не ўбачыў пiка эвалюцыi. Затое ты ўбачыў пiк гэтай эвалюцыi. Так, вынiкi супалi. Але ж гэта не азначае, што i пiкi супадаюць, цi не так? Або цябе бянтэжыць магчымасць экранiзацыi чыёй-небудзь iнфармацыi i прагнозаў. Урэшце, цi чыстая тут работа эвальвентара або экранiзацыя паслядоўнай iнфармацыi — у любым выпадку ты ўбачыў сапраўдны малюнак. Што ж усё-такi цябе бянтэжыць?

— Я, — цiха прашаптаў Першы i апусцiў вочы, — i тады бачыў пiк. Мой вучнёўскi эвальвентар працаваў нармальна.

— Значыць, ты ведаў! — радасна ўсклiкнуў Другi. — Ведаў, што тэорыя Спiу правiльная?!

— Ён ведаў, - мякка сказаў Настаўнiк, пыхкаючы люлькай. — Ён бачыў пацвярджэнне тэорыi Спiу, але не верыў сваiм вачам. Так, мы паходзiм ад лонаў. Шматмiльённагадовая эвалюцыя зрабiла нас такiмi, якiя мы ёсць. Мы рынулiся на планету Хi. Але тут нам па незразумелых прычынах здрадзiлi наша мэтанакiраванасць, наша стойкасць i рашучасць. Мы чамусьцi зрабiлiся вялыя i маларухомыя, мы пачалi дапускаць шматзначныя адказы на пытаннi, намi авалодалi «страхi», мы пачулi ў сабе незразумелыя хваляваннi, нашу iснасць пачалi хваляваць гукi, пахi i фарбы, малюнкi прыроды, якiя мяняюцца. Але гэтыя акалiчнасцi не прыгняталi нас, а, наадварот, як бы вызвалялi ад чагосьцi пакутлiвага i цяжкога. Спецыфiка планеты?.. Урэшце, многiя з нас пазбавiлiся ваяўнiчых памкненняў i змяшалiся з мясцовымi, а iншыя, хто спалохаўся такiх дзiўных зменаў, пайшлi назад, дамоў, i там вымерлi. Ты гэта бачыў, мой хлопчык?

— Так, Настаўнiк, — нiбы паўсонны, адклiкнуўся Першы. — I таму тут апынулiся лоны… Але я не мог зразумець, як мы, якiя настолькi пераўзыходзiм iх ва ўсiх галiнах ведаў, як мы аказалiся пераможанымi? Што гэта за невядомая зброя, дзякуючы якой яны перамаглi?

— Гэта — каханне, — сказаў Настаўнiк.

Яны доўга маўчалi. Нарэшце Першы прагаварыў:

— Я не быў гатовы да палёту. Але не мог прызнацца нi табе, нi Савету Студыi.

— Ты быў гатовы, — кiўнуў Настаўнiк. — Быў гатовы.

— Нам далi няправiльную iнфармацыю! Мы нiчога не ведаем пра жыхароў Хi!

— Мы ведаем аднабакова. I няма нiчога горшага за аднабаковыя веды. Каб ведаць iх, трэба жыць з iмi.

Другi сеў на траву, потым лёг.

— Настаўнiк! Я не чую, пра што ў вас гаворка. Я не хачу слухаць. I не магу зразумець, чаму гэта так. Ты навучыў нас iх мове, iх звычам, iх манерам адчуваць i выказваць сваё адчуванне. I мне хочацца сказаць на iх мове: мне добра тут… Ты казаў «фарбы, гукi, каханне…». Пакажы ж нам яго — я не хачу нiякiх эксперыментаў.

Настаўнiк паглядзеў на Першага.

— У нас ёсць заданне! — вымавiў той.

Другi заплюшчыў вочы, дыханне яго стала глыбокае i роўнае.

— У нас ёсць заданне! — паўтарыў Першы. — Калi вернемся нi з чым, нас дысквалiфiкуюць. Назаўсёды.

— Ты павiнен падумаць i выбраць, — цiха прагаварыў Настаўнiк. — Ты свабодны ў выбары.

— Нам патрэбна эвалюцыя разумнага Хi!

— Ты яе атрымаеш.

У гэты час з шамаценнем расхiнулiся кусты на ўскрайку лесу i на паляну выйшла дзяўчына. Першы здзiўлена паглядзеў на свайго Настаўнiа, — чаму, бачыце, той не ўключае абскуратара, — i сам пацягнуўся да апарата. Але Настаўнiк затрымаў яго руку. Другi ўсхапiўся. Усе тры пачалi глядзець на дзяўчыну.

А тая стаяла ў светлым адзеннi. Яна была статная i лёгкая. Тварык адкрыты i прыветлiвы, з ледзь-ледзь раскосымi вачыма; з-пад лейкападобнага капялюшыка спадалi на шыю блiскучыя чорныя валасы. Яна нешта напявала. Потым азiрнулася, нiчога, мабыць, што б магло яе бянтэжыць, не заўважыла i спакойна пачала рваць кветкi.

— Хто гэта? — шэптам спытаўся ў Настаўнiка Першы.

— Гэта — чалавек.

I тут Другi iмгненна пераапрануўся: замест блiскучага аблягаючага камбiнезона на iм былi закасаныя, як у Настаўнiка, штаны, белая кашуля, хустачка вакол шыi i гэткi ж капялюш лейкай. Ён паглядзеў на таварышаў, адвярнуўся, расставiў рукi i пайшоў насустрач дзяўчыне, напяваючы ў тон ёй няхiтрую мелодыю.

Першы напружыўся, нiбы хацеў кiнуцца следам, але зiрнуў на старэйшага i застаўся на месцы; рукi яго павiслi ўздоўж цела.

— Ён не вернецца, — сказаў Настаўнiк.

Другi адыходзiў усё далей; дзяўчына заўважыла яго, узмахнула букетам i засмяялася.

— Я мушу даць яму апошнi наказ, — сказаў Настаўнiк. — Я зараз вярнуся, i мы зоймемся эвалюцыяй разумнага Хi. Цяпер ты бачыў яго.

Ён адышоў толькi на некалькi крокаў, як раптам нешта шчоўкнула. Настаўнiк павярнуўся: Першы адчынiў люк астралёта i нырнуў у яго. У наступнае iмгненне паветра над тым месцам стала гусцейшае, здрыганулася, паднялося лёгкае воблачка пылу i — усё знiкла.

Доўгiм позiркам глядзеў Настаўнiк у неба, а калi апусцiў вочы, на паляне нi дзяўчыны, нi Другога ўжо не было.

«Паспяшаўся далей ад гэтых мясцiн i я, — пiша Пасвячоны, — бо заставацца тут далей не было патрэбы. Хаваючыся за кустамi, цягнучы за сабой ужо не патрэбны цяпер транскамунiкатар, я выбраўся туды, дзе стаяла замаскiраваная мая ракетка. I ўжо калi набраў вышыню i iмклiва ляцеў у патрэбным мне напрамку, я ўвесь час нiбы адчуваў на сабе нейчы далёкi ўсёбачны позiрк; у свядомасцi ўзнiкалi цьмяныя вобразы, сэнс якiх быў добры. I я зразумеў, што гэта — Настаўнiк-нобл развiтваецца са мною».

* * *
Да сказанага дадаць няма чаго, акрамя хiба таго, што, паводле чутак, наш Пасвячоны ўступiў з нобламi ў непасрэдны кантакт (праз гэтага Настаўнiка, трэба меркаваць) i ў хуткiм часе мы даведаемся аб вынiках гэтага кантакту.

Примечания

1

Арол царственны, непераможны, найвялiкшы, справядлiвы (лац.).

(обратно)

2

Грыф горны, таленавiты (лац.).

(обратно)

3

Цудоўны, якi высока ляцiць (лац.).

(обратно)

Оглавление

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • *** Примечания ***